Франц Кафка
Нешчаслiвасць
Пераклад: Лявон Баршчэўскi
Калi мне ўжо ўсё апрыкрала - гэта было аднаго разу лiстападаўскiм надвячоркам - i я выбег з пакоя па вузкай дывановай дарожцы, як па той, што на iпадроме; раптам напалохаўшыся ўбачаных у завулку лiхтароў; пасля завярнуў быў назад, але ў глыбiнi пакоя, у вялiкiм трумо, згледзеў нешта яшчэ i закрычаў каб толькi чуць крык, на якi не адказваюць i якому не перашкаджае яго сiла, якi гэткiм чынам узмацняецца без супрацьдзеяння i не можа ацiхнуць, нават калi крычаць перастаюць; вось тады ў сцяне раптоўна адчынiлiся дзверы, вельмi паспешлiва, бо паспешлiвасць была патрэбная, i нават конi каля павозак, што стаялi ўнiзе на брукаванцы, як здзiчэлыя ў баi кавалерыйскiя конi, не шкадуючы сваiх горлаў, паднялiся на дыбкi.
Нiбы маленькi прывiд, выплыла дзiця з цёмнага-цёмнага калiдора, у якiм яшчэ не запальвалi лямпачку, i, выплыўшы, яно застыла на дыбачках, пасярэдзiне вузкай маснiцы, якая непрыкметна гайдалася. Адразу аслепленае прыцемкам пакоя, дзiця хацела хуценька схаваць твар у далонях, ды нечакана супакоiлася, зiрнуўшы ў акно, перад крыжам якога ўрэшце легла прыцiснутая паўзмрокам смужлiвая свецень вулiчных лiхтароў. Перад адчыненымi дзвярыма дзiця, памагаючы сабе правым локцем, выпрасталася наўздоўж сцяны, упусцiўшы звонку ў пакой паветра, што прайшло па суставах яго ног, вакол шыi i скроняў.
Я паглядзеў у той бок i сказаў: "Добры дзень"; потым узяў пiнжак, што вiсеў каля печы, - бо мне не хацелася быць паўголым. Нейкую хвiлю я не закрываў рота, каб праз яго з мяне выйшла ўсхваляванасць. У роце ў мяне было неяк дрэнна, на маiм твары ўздрыгвалi вейкi - карацей, мне не хапала толькi яшчэ гэтага - чаканага, зрэшты, - прыходу.
Дзiця ўсё стаяла на тым самым месцы каля сцяны, прыцiснуўшы да яе правую руку; i, ружовашчокае, яно нiяк не магло наталiцца з таго, што тынк на сцяне быў грубы i ўцiнаўся яму ў пальцы. Я сказаў: "Вы праўда хочаце сюды? Гэта не памылка? Няма нiчога лягчэйшага, як памылiцца ў гэтым вялiкiм доме. Мяне завуць Так-i-так, жыву я на чацвёртым паверсе. Цi я сапраўды той, да каго Вы хацелi прыйсцi?"
- Цiха! Цiха! - ускрыкнула дзiця, павярнуўшы голаў да мяне. - Усё, вядома, так, як трэба.
- Тады праходзьце ў пакой: я б хацеў зачынiць дзверы.
- Дзверы я толькi што зачынiў. Не турбуйцеся. Увогуле... супакойцеся.
Комментарии к книге «Нешчаслiвасць (на белорусском языке)», Франц Кафка
Всего 0 комментариев