«Выратавальная шхуна»

1828

Описание

отсутствует



Настроики
A

Фон текста:

  • Текст
  • Текст
  • Текст
  • Текст
  • Аа

    Roboto

  • Аа

    Garamond

  • Аа

    Fira Sans

  • Аа

    Times

Джэк Лондан Выратавальная шхуна

— Але яны ня возьмуць на ўвагу ніякіх просьбаў і выбачэньняў. Вы перайшлі забароненую мяжу, і гэтага даволі. Яны вас забяруць. Вам простая дарога ў Сібір і ў саляныя капальні. Ну, а дзядзька Сэм… як ён пра гэта даведаецца? Ніводнага слаўца не даляціць да Штатаў. — «Мэры Томас», — напішуць газэты, — загінула разам з усімі пасажырамі. Мабыць, у час тайфуна[1] ў Японскім моры. Вось што скажуць газэты, ды, напэўна, і людзі. Вы трапіце ў Сібір і ў саляныя капальні. Памрыцё для ўсіх блізкіх і родных, нават, калі і пражывеце, можа, яшчэ з паўвеку.

Такое зрабіў заключэньне Джон Льюс, якога звалі «Морскім Законьнікам».

Справа была вельмі сур’ёзная. І пра гэта ведалі ўсе, што сабраліся ў кубрыку[2] «Мэры Томас». Як толькі камайда ў кубрыку пачала абмяркоўваць гэтае сур’ёзнае пытаньне, зараз-жа спусьціліся ўніз вартавыя і далучыліся да каманды. Было ціха, і з гэтай прычыны ўсе матросы маглі пакінуць работу; толькі адзін рулявы застаўся на месцы, бо ён ня меў права адыходзіцца. Нават «Буб» Руссэль, юнга[3], праціснуўся наперад, каб паслухаць, што гавораць. І гэтыя хвіліны сапраўды былі цяжкія і сур’ёзныя. Матросы нахмурыліся і апусьцілі галовы. Тры месяцы «Мэры Томас», — судно для лоўлі цюленяй, — плавала ўздоўж берагоў Японіі і на поўнач да Бярынгавага мора і лавіла цюленяй. Тут, на азіяцкім баку мора, яны вымушаны былі адмовіцца ад лоўлі, ня ісьці далей, бо там далей стаялі рускія крэйсэры, якія не дазвалялі пераходзіць забароненую мяжу, за якою цюлені маглі вольна пладзіцца.

Тыдзень таму назад судно трапіла ў густы туман. І з таго часу туман не разьвейваўся, лёгкі ветрык ледзь-ледзь калыхаў паверхню мора. Пры іншых умовах гэта ня так і кепска, — шхуны[4], што ловяць цюленяй, ніколі не сьпяшаюцца, пакуль ёсьць здабыча; але бяда ў тым, што ў гэтым месцы вялікая плынь адцягвала шхуну на поўнач. Такім чынам, «Мэры Томас» міжвольна пераступіла забароненую мяжу і заходзіла ўсё далей і далей у небясьпечныя часткі мора, дзе на варце стаяў рускі крэйсэр. Ніхто ня ведаў, як далёка яна зайшла. Праз увесь тыдзень ня відаць было ні сонца, ні зораў, і шкіпер[5] ня мог ведаць, дзе знаходзіцца судно. Кожную хвіліну іх мог захапіць рускі крэйсэр і зацягнуць усю каманду ў Сібір. Гэтая небясьпека была добра вядома паляўнічым на цюленяй — вось чаму ўсе маракі былі такімі сумнымі.

— Мае вы тарагія прыяцелі,—загаварыў адзін з рулявых, немец, — спрафа фельмі кепска. Якраз, калі мы зрапілі вялікі лоўля, прышоў бяда. Рускі забяруць нас, і нашы шкуры, і наша шхуна, і пашлюць у Сібір. Эх, спрафа фельмі кепска.

— Але, у гэтым вось уся бяда, — казаў далей «Морскі Законьнік». — Паўтары тысячы пасоленых цюленевых шкур, здабытых чэснаю працаю, — усё будзе забрана. Бывай, шчасьлівая здабыча! Другая справа, каб мы займаліся машэньніцтвам, а то-ж лоўля была законная, у дазволенай вадзе.

— Ну, а калі мы нічога кепскага не рабілі, хіба яны могуць зрабіць што-небудзь з намі? — запытаўся Буб.

— Не гадзіцца, каб хлапчук тваіх гадоў умешваўся ў гутарку старэйшых, — неспадабаў гэтага матрос — ангелец, які ляжаў на краю свайго ложку.

— Няпраўда, Джэк, — сказаў «Морскі Законьнік». — Ён мае права пытацца, бо-ж яму пагражае страта пэнсіі, як і ўсім іншым.

— І трох пэнсаў за яго ня даў-бы, — фыркнуў у адказ Джэк. Ён спадзяваўся пасьля, калі атрымае пэнсію, паехаць дадому ў Чэльсі і пабачыцца з сям’ёю. Цяпер-жа пасьля такога здарэньня ўсе пляны маглі раскідацца, бо, як відаць з усяго, можна было чакаць страты ня толькі пэнсіі, але і волі. Таму матрос Джэк і быў такі злосны.

— Адкуль яны ведаюць, што мы не машэньнікі,—сказаў «Законьнік» у адказ на пытаньне Буба. — Мы тут у забароненай вадзе. Хіба ім вядома, што папалі сюды нехаця. Справа ў тым, што мы тут і на шхуне ў нас паўтары тысячы шкур. Адкуль ім ведаць, што мы іх здабылі ў іншым месцы, а ня тут. Разумееш, Буб, усе доказы супроць нас. Каб ты злавіў у сваім садзе чалавека, у якога кішэні напакаваны яблыкамі такімі-ж, якія растуць на тваіх яблынях, дык што-б ты падумаў? Ён-бы адмаўляўся, што нічога ня мог зрабіць, — яго як-бы ветрам занесла сюды, а яблыкі зусім іншага саду, але ты што падумаеш, га?

Пасьля такога вобразнага адказу Буб як ня трэба лепш зразумеў усё і сумна матнуў галавою.

— Лепш нам памерці, чым папасьціся ў Сібір, — сказаў адзін з грабцоў.—Яны вышлюць нас на саляныя капальні і прымусяць працаваць да самай сьмерці. І сьвету белага ня ўбачыш. Я чуў пра аднаго. чалавека, які быў прыкуты ланцугамі да свайго таварыша, а таварыш памёр. І яны абодвы былі скутыя разам. А не, дык вышлюць на капальні па здабываньні жывога срэбра, а там ад сьліны памрэш. Хай мяне павесяць, а сьлініцца не хачу.

— Чаму сьлініцца? — запытаўся Джэк і нават выпрастаўся на сваім ложку, пачуўшы пра новыя жахі.

— Дык-жа жывое срэбра табе ў кроў пралезе, таму яно так і выходзіць. А дзясны ўсе апухнуць, нібы ў цябе цынга, толькі яшчэ горш, і зубы пачынаюць калыхацца. I на раны паб’е. Так і памрэш пакутнаю сьмерцю. Самы здаровы чалавек, і той доўга не пражыве ў капальнях па здабываньні жывога срэбра.

Усе замоўклі.

— Кепска спрафа, — горка паўтарыў немец. — Кепска спрафа! I чаму я не ў Іокогаме? Га? Гэта яшчэ што?

Судно раптам нахілілася, палуба ўзьнялася. Малая міска з грукатам і звонам скацілася па нахіленай дошцы. Зьверху пачуліся, як захлюпалі парусы і задрыжаў бакавы лік-трос[6]. Потым голас штурмана[7] закрычаў у люк:

— Усе на палубу, стаўце парусы!

Ніколі яшчэ так ня слухаліся такога загаду, як цяпер. Цішыня мінулася. Узьняўся вецер, які адгоніць іх на поўдзень у вольнае мора. З радаснымі крыкамі ўсе кінуліся на палубу. Працавалі скора і акуратна. Пакуль яны зьбіраліся з адпраўкай, туманная заслона разьвеялася і маракі ўбачылі чорны купал неба, усыпаны зоркамі. Калі ўсё было скончана, «Мэры Томас» борзда паімчалася на поўдзень.

— Агні параходу сьпераду, сэр! — крыкнуў вартавы.

Голас яго быў устрывожаны. Капітан паслаў Буба ўніз па начны бінокль. Усе скучыліся на падветраным баку і глядзелі на ня вельмі жаданае для іх, незнаёмае судно. Ужо сталі вылучыцца з цемені яго нявыразныя контуры. У гэтай частцы мора амаль ніхто ня бывае, і мог быць адзін выпадак з тысячы, што перад імі ня рускае патрульнае судно. Шкіпер усё яшчэ з трывогай глядзеў у бінокль, калі на барту незнаёмага судна ўспыхнула полымя, а потым загрымеў гарматны стрэл. Так, гэта было патрульнае судно, якое страляла, каб прымусіць «Мэры Томас» спыніцца.

— Спыніць! — крыкнуў шкіпер рулявому; голас яго зусім перамяніўся. Потым ён аддаў загады камандзе.

Неўзабаве «Мэры Томас» сьцішыла ход.

Крэйсэр падышоў бліжэй і спусьціў шлюпку. Паляўнічыя за цюленямі глядзелі на ўсё гэта з жудасным маўчаньнем. Яны маглі бачыць белыя контуры шлюпкі, што павольна спускалася на ваду. Убачылі і людзей у шлюпцы, а потым да іх вушэй даляцела каманда афіцэраў. Шлюпка рванулася наперад і накіраваліся да іх. Падплыўшы блізка, афіцэр і два матросы па спушчанай вяроўцы ўзьлезьлі на судно. Потым шлюпка адплылася далей, — туды, дзе вада была спакайнейшая; вёслы былі ўзьняты над вадою, а на карме, каля руля, застаўся малады мічман[8].

Афіцэр спусьціўся ўніз са шкіперам «Мэры Томас», каб праверыць дакуманты. Праз некалькі хвілін ён вышаў на палубу. Яго матросы ўжо зьнялі брэзэнт з люку, і ён з ліхтаром спусьціўся ў трум, каб паглядзець на засоленыя шкуры. Перад яго вачыма ляжаў някепскі запас: паўтары тысячы сьвежых шкур — здабыча гэтага плаваньня; і, прымаючы ўсё пад увагу, ён мог зрабіць толькі адно заключэньне.

Вярнуўшыся на палубу, ён загаварыў на сапсутай ангельскай мове да шкіпера шхуны.

— Я вельмі шкадую, але мой абавязак патрабуе, каб я арыштаваў, імем цара, ваша судно, як захопленае ў забароненай вадзе са сьвежымі шкурамі. Вам павінна быць вядома, што гэта вас чакае турма.

Капітан «Мэры Томас» паціснуў плячыма, прыкінуўшыся зусім спакойным. Хоць такія мужныя людзі і ўмеюць хаваць свае пачуцьці, але дарэмная напасьць іншы раз можа давесьці іх траха не да сьлёз. А цяпер перад яго вачыма ўсплыло: маленькі домік у Каліфорніі, жонка і два бялявыя хлапчукі; нейкі дзіўны клубок вырас у горле, і яму стала страшна. Калі-б толькі ён паспрабаваў загаварыць, дык расплакаўся-б.

А на ім-жа была адказнасьць за ўсю каманду. Ён ня мог, не павінен быў паказаць сябе слабым, бо яго абавязак — быць цьвёрдым і мужным да канца, каб падтрымаць іх у бядзе. Ён ужо растлумачыў пра ўсё афіцэру і ведаў, што паратунку няма. Як сказаў «Морскі Законьнік», усе факты былі супроць іх. Капітан адвярнуўся і пачаў хадзіць узад і ўперад гіа шхуне, якою ён ужо не камандаваў.

Рускі афіцэр часова ўзяўся камандваць сам. Ён выклікаў на шхуну яшчэ некалькі сваіх матросаў і загадаў зьняць усе парусы. Калі гэта было зроблена, шлюпка падплыла да крэйсэра і вярнулася назад з цяжкою вяроўкаю; канец гэтай вяроўкі быў прывязаны за шхуну «Мэры Томас». Пакуль гэта рабілася, сумныя матросы стаялі групамі навокал. Нельга было і думаць пра вызваленьне, калі жаралы гарматаў былі так блізка, што ў іх можна было папасьці сухаром. Але памагаць яны адмаўляліся, а стаялі і маўчалі, як анямелыя. Скончыўшы з гэтаю работаю, афіцэр адаслаў сваіх матросаў назад у шлюпку, пакінуўшы толькі чацьвярых. Потым мічман — хлопчык гадоў шаснаццаці,—які выглядаў залішне дарослым і пажным у сваім мундзіры з корцікам, узьлез на борт, каб узяць каманду над захопленаю шхунаю. Перад самым адходам афіцэр выпадкова зірнуў на Буба. Ня кажучы ні слова, ён схапіў яго за руку і спусьціў цераз борт у лодку; потым махнуўшы на разьвітаньне рукою, накіраваўся і сам у лодку.

Зусім ясна, што гэта неспадзяванае здарэньне павінна было напалохаць Буба. Усе страшныяапавяданьні, якія ён чуў пра рускіх, цяпер здаваліся яму яшчэ страшнейшымі. Вельмі кепска, што яны захапілі шхуну, але забіраць яго ад таварышоў— такое здарэньне яму і ня сьнілася.

— Трымаў сябе добра, Буб! — крыкнуў яму шкіпер, калі лодка адплылася ад шхуны «Мэры Томас», — і кажы праўду!

— Так, так, сэр! — крыкнуў ён сьмела ў адказ.

У ім зашавяліўся нацыянальны гонар, ён саромеўся паказаць сябе баязьліўцам перад гэтымі невядомымі ворагамі,—гэтымі дзікімі рускімі мядзьведзямі.

— І будзь далікатным! — дадаў немец-рулявы.

Буб замахаў на разьвітаньне рукою і прысеў на баку лодкі, а’дкуль пачаў сачыць за афіцэрам.

Калі Буб добра прыгледзеўся, ён прышоў да думкі, што афіцэр па выгляду не такі ўжо дзікі,— ён вельмі падобны да іншых людзей, і матросы зусім такія ж, як і ўсе матросы з ваенных караблёў, якіх ён бачыў раней. Аднак, калі ён ступіў нагою на сталёвую палубу крэйсэра, яму здалося, што зайшоў за турэмныя вароты.

Спачатку яго ніхто не чапаў. Потым, крыху пачакаўшы, густыя клубкі чорнага дыму пакаціліся з трубаў і карабель рушыўся ў дарогу, — у Сібір, міжвольна падумаў Буб. Ён бачыў, як «Мэры Томас» пацягнулася за імі на нацягнутай вяроўцы, а яе бакавыя агні, чырвоны і зялёны, то ўзьнімаліся, то апускаліся, калі яна імчалася па хвалях мора.

Гледзячы на такі малюнак, вочы Буба затуманіліся і на іх паказаліся кроплі сьлёз. Але якраз у гэты час да яго падышоў афіцэр, каб завесьці ўніз да капітана. І Буб выпрастаўся, моцна сьціснуўшы губы, нібы ўсё гэта было для яго прывычнаю справаю і яго амаль ня кожны дзень высылалі ў Сібір. Каюта[9], дзе сядзеў капітан, здавалася, пасьля каютаў «Мэры Томас», цэлым палацам, а сам капітан важны, з залатымі нашыўкамі, здаваўся паважнаю асобаю. Ён ані ня быў падобны на просьценькага шкіпера шхуны «Мэры Томас».

Тут Буб скеміў, для чаго яго сюды забралі, і на ўсе пытаньні адказваў чыстую праўду. Праўда шкоды не рабіла; толькі хлусьня магла пашкодзіць яго справе. Ёе ведаў мала; ведаў, што лавілі яны цюленяй далёка на поўдні, у адкрытай вадзе, а потым, калі пачаўся штыль[10] і туман спусьціўся на іх каля забароненай мяжы, яны былі міжвольна занесены морам сюды, за мяжу. Ён горача даводзіў, што праз увесь тыдзень плаваньня ў забароненым моры яны ні разу ня спускалі лодкі і не забілі ніводнага цюленя. Але капітан ня верыў Бубу і абыходзіўся з ім груба, каб напалохаць яго.

Ён то гразіўся Бубу, то спрабаваў гаварыць ласкаю, але яму так і не ўдалося парушыць цьвёрдасьці Буба; нарэшце, ён выгнаў Буба. Па недагляду Буба пакінулі аднаго і дазволілі бадзяцца па палубе. Сяды-тады матросы з цікавасьцю ўзіраліся на яго, але ўсё-ж ён быў гут вольным. На яго не маглі асабліва заглядацца, бо ён быў малы, ноч стаяла цёмная, а варта на палубе рабіла сваю работу. Памалу пацягнуўся ён па незнаёмай палубе ў той бок, адкуль відаць былі бакавыя агні «Мэры Томас», што неадступна плыла сьледам за крэйсэрам.

Доўга сачыў ён за шхунай, а потым схарцаваўся ў цемені, там, дзе была прывязана вяроўка, што цягнула на буксіры шхуны «Мэры Томас». Толькі адзін раз падышоў афіцэр і паглядзеў, ці не перацерлася нацягнутая вяроўка. Буб адпоўз у цень і яго не заўважылі. I тут ён надумаўся, каб вызваліць шхуну і пазбавіць ад страшнай бяды дваццаць два чалавекі і іх сем’і.

«Па-першае, — разважаў ён, — каманда невінавата, а ўсё-ж яе бяз жалю цягнуць у Сібір, у турму, пахаваюць там жывымі,—ён чуў такія апавяданьні і верыў ім. Па-другое, дваццаць два чалавекі з „Мэры Томас“ можна выратаваць. Іх стрымлівае толькі гэтая вяроўка. Яны ня могуць яе перарэзаць там, на шхуне, бо рускія, напэўна, паставілі свайго вартаўніка, але гэты канец… ах, гэты канец…»

Буб пакінуў разважаць. Ён блізка падпоўз да вяроўкі, выняў з кішэні свой складаны ножык і пачаў пілаваць. Нож быў тупаваты: Буб пераразаў столку за столкай, і з кожным шэлестам нажа ўсё больш выразьней і страшней маляваўся перад ім жудасны малюнак: Сібір, адзіноцтва, высылка. Нават у кампаніі таварышоў такое жыцьцё было-б зусім незавідным, але апынуцца ў такой бядзе аднаму здавалася жудасным. А апрача таго, яго ўчынак будзе спрыяць таму, што ён канешне ня міне самай найцяжэйшай кары.

Яго сумныя думкі былі спынены — нехта падыходзіў. Ён адпоўз у цень. Нейкі афіцэр спыніўся на тым самым месцы, дзе ён пілаваў, нагнуўся быў, каб агледзець вяроўку, потым перадумаў і выпрастаўся. Ён прастаяў тут некалькі хвілін, гледзячы на агні захопленай шхуны, а потым пашоў на нос крэйсэра.

Цяпер пара! Буб выпаўз і канчаў пілаваць. Ён перарэзаў дзьве столкі вяроўкі, потым яшчэ адну. Заставалася апошняя, але яна была так моцна нацягнута, што лопнула скора. Аясь! Адрэзаны канец паляцеў за борт параходу. Буб ляжаў ціха і прыслухоўваўся. Сэрца ў яго зайшло ў пяткі. Але на крэйсэры ніхто нічога ня чуў. Ён бачыў, як памутнелі чырвоны і зялёны агні «Мэры Томас». Потым над вадою празьвінеў слабы крык рускіх матросаў, што засталіся на шхуне, але і гэтага ніхто ня чуў. Дым, як і раней, валіў з труб крэйсэра, а машыны працавалі спраўна.

Што тварылася на «Мэры Томас»? Буб мог толькі здагадвацца, але адно было для яго ясным: яго таварышы дадуць рады справіцца з чатырма матросамі і мічманам. Праз некалькі хвілін ён пачуў слабы стрэл з рэвольвэра. А пасьля — о, радасьць! — і чырвоны агонь і зялёны зьніклі. «Мэры Томас» зноў была вольнаю.

На карме паказаўся афіцэр. Буб пралез наперад і схаваўся ў аднэй шлюпцы. Яшчэ хвіліна, і было-б позна. Далі трывогу. Зашавялілася каманда. Крэйсэр павярнуўся назад. Белыя праменьні электрычнага прожэктара забегалі па моры, але шхуны «Мэры Томас» ня відаць было.

Пасьля гэтага Буб неўзабаве заснуў і прачнуўся толькі на досьвітку. Аднастайна стукалі машыны, а па тым, як плюхала вада, ён здагадваўся, што мыюць палубу. Зірнуўшы навокал, ён убачыў, што крэйсэр адзін. «Мэры Томас» уцякла; калі ён высунуў галаву, матросы шчыра разрагаталіся. Нават у афіцэра, што загадаў паслаць яго ўніз і заперці, сьмяяліся вочы. Потым, седзячы арыштаваным, Буб часта думаў, што яны ня так ужо і ўзлаваліся на яго.

Ён быў блізка да праўды. У сэрцах людзей ёсьць некаторая далікатнасьць, якая прымушае іх дзівіцца са сьмелага ўчынку, хоць гэты ўчынак зроблены і ворагам. І рускія былі такімі-ж людзьмі, як і ўсе. Праўда, хлапчук іх перахітрыў; але караць яго яны не маглі, і ня ведалі, што з ім зрабіць. Зусім не да твару было цягнуць з сабою такога хлапчука, як адзінага прадстаўніка шхуны, якая ўцякла.

І праз два тыдні ваеннае судно Злучаных Штатаў, што выходзіла з Уладзівастоку, было спьшена сыгналамі з рускага крэйсэра. Шлюпка адплылася ад крэйсэра, і маленькі хлопчык пералез на амэрыканскае судно. Праз тыдзень яго выпусьцілі на бераг у Хакодаце. Тут яму выдалі дазвол на праезд да Іокогамы.

Проста са станцыі ён пабег па дзіўных японскіх вуліцах да гавані. Там ён наняў японца і загадаў завезьці яго на адно з суднаў, якое яму па знадворных адзнаках здалося знаёмым. Парусы гэтага судна былі ўзьняты; яно зьбіралася адплысьці назад у Злучаныя Штаты. Калі ён падплыўся бліжэй, некалькі матросаў выскачыла на борт, і якар пачаў узьнімацца.

— «Судно янкі ўніз па рэчцы!» — пачуўся голас «Морскага Законьніка», які запеў якарную песьню.

— «Цягнеце, хлопцы-малойцы!» — загрымелі ў адказ знаёмыя галасы, а постаці мужчын узьнімаліся і апускаліся пад рытм песьні.

Буб Русэль заплаціў японцу і ўзьлез на палубу. Пра якар забыліся. Матросы віталі яго радаснымі крыкамі; ён не пасьпеў і дыхнуць, як ужо стаяў на плячох капітана, акружаны таварышамі, і спрабаваў адначасна адказаць на дваццаць пытаньняў.

На другі дзень шхуна падплыла да японскай рыбацкай вёскі і высадзіла на бераг чатырох матросаў і маленькага мічмана і паплыла далей. Гэтыя людзі ня ведалі ангельскай мовы, але ў іх былі грошы і яны скора заехалі да Іокогамы. З таго дня японская вёска так нічога больш пра іх і ня чула, і аб гэтых людзях дагэтуль яшчэ ходзяць розныя байкі ды гутаркі.

Примечания

1

Тайфун — буры ў Кітайскім і Японскім морах.

(обратно)

2

Кубрык — памяшканьне для камандм.

(обратно)

3

Юнга — юнак, які рыхтуецца стаць матросам.

(обратно)

4

Шхуна — невялікае паруснае судно.

(обратно)

5

Шкіпер — начальнік судна.

(обратно)

6

Вяроўкі, якімі абшываюць канцы парусаў.

(обратно)

7

Штурман — праваднік судна, які наглядае за работай рулявых матросаў і загадвае сыгнальнай часткаю.

(обратно)

8

Мічман — ніжэйшы афіцэрскі чын.

(обратно)

9

Каюта — памяшканьне для пасажыраў.

(обратно)

10

Штыль — зацішша.

(обратно) Fueled by Johannes Gensfleisch zur Laden zum Gutenberg

Комментарии к книге «Выратавальная шхуна», Джек Лондон

Всего 0 комментариев

Комментариев к этой книге пока нет, будьте первым!

РЕКОМЕНДУЕМ К ПРОЧТЕНИЮ

Популярные и начинающие авторы, крупнейшие и нишевые издательства