Маўчанне травы: Паэма лёсу

Жанр:

«Маўчанне травы: Паэма лёсу»

426

Описание

 Гэты твор пра лёс чалавека, селяніна, які праз усё жыццё нясе праўду сваёй мірнай працы, праўду хлеба. Нялёгкі і няпросты шлях героя, як нялёгкая і няпростая сама гісторыя, на скрыжаваннях якой — часцінкай народа — жыве невялікая беларуская вёсачка Ўзбор'е.



Настроики
A

Фон текста:

  • Текст
  • Текст
  • Текст
  • Текст
  • Аа

    Roboto

  • Аа

    Garamond

  • Аа

    Fira Sans

  • Аа

    Times

Маўчанне травы: Паэма лёсу (fb2) - Маўчанне травы: Паэма лёсу 450K скачать: (fb2) - (epub) - (mobi) - Васіль Зуёнак

Васіль Зуёнак Маўчанне травы

Маўчанне травы: Паэма лёсу.— Мн.:Маст. літ., 1980.— 192 с., 8 л. іл.

Рэдактар В.Б. Спрынчан

Мастацкія рэдактары Е.М. Малышава, В.П. Жыжэнка

Copyright © 2013 by Kamunikat.org

1 Запросіны Палёўкай пры лесе — Узбор'е — Вёска — сорак двароў: На захад — жытное горне, На ўсход — перазовы бароў. Куды пахінуцца — гадае, Напэўна, тысячу год: На захад — дзень хлебадайны, На ўсходзе — песні ўмалот. Ледзь певень абудзіць падвор'е — Не ломіць ніхто караля: Не ведае стомы Узбор'е, Спрадвеку жыве з мазаля. Вяснуецца ў полі з сяўнёю, П'е жніўнем з ламоткіх крыніц I боханам — сонцу раўнёю — Узыходзіць на покут святліц. Ля борцяў узятак цікуе, Румуе калоды на сплаў, Цяслярыць і скрыпкі штукуе — Ніхто не прыліпне да лаў! Вось так і трывае паціху, Не звыклая часу лічыць, З прымоўем: няўродзіца — ліха I ліха — як песня маўчыць. Купалка, вяснянка, калядка, Талочніца, жніўка, кума, Скакуха, любоўніца-звадка І тая — каб сват не драмаў... Я слухаў вас. Хай пазайздросцяць, Каму не ўдалося пачуць!.. Ляжаць спевакі на пагосце... А песні?.. Ды лепш памаўчу... Бываюць жа цуды зямныя! I ёсць паміж ix старана: То баравая заные, То жніўная ў сэрцы струна. 2 Карчма Дарог на свеце мноства, Ды дзве любы куток Скрыжоўваюць наўпроста: Аснова і уток. Аснова весніх крокаў, Уток гадоў-надзей: Ніхто не пройдзе бокам — I ў шчасці, і ў бядзе... Усё і ў нас, як трэба: Узбор'е — на крыжах,— Цягні свой воз пад небам, Нібы на двух гужах... Адна раскашавала Дарога ўсцяж палёў, Другая прышывала Узбор'е да бароў. На ростані, прагорклай Ад часу й палыну, Буяла Веснагорка Паганствам штовясну: Спяванкі, жарты, скокі, Арэлі, карусель, Пад поўняй аднавокай — Трава ды жаўтазель... A ўзбоч — карчма стаяла, I рэй тут вёў Абром, Збіваў машну памалу, Скупляючы дабро. Жытам, аўсам ды грэчкам Даваў дарогу ён I сала не адпрэчваў, Абы ўзрастала ў плён! Каб сухавей не яхкаў, Каб спорыўся ўмалот, Абром маліўся Яхве, Хрысту — мужыцкі род. Дабpo на стол заморскі Сплывала па Дзвіне. У Рызе пот узборскі Чырвонцамі звінеў. Ды там ужо кілзалі Гешэфт тузы з тузоў... Абром жа, мы б сказалі, Beў працу між нізоў. А Хана карчмавала — Не быў манахам стол — Варыла, шынкавала Ды брала на засол. І чарка вам, і закусь, І драбяза-тавар: Істужка, булка з макам,— Так і гусцеў навар. Усіх вітала Ханка — Хто зблізку, хто здалёк: Падкочвала фурманка, Туліўся хатулёк... За грошы і ў пазыку — Ніхто не меў заган: Вандроўныя музыкі І канакрад цыган. Чаляднікі медзь трэслі, І ў шклянцы вус мачыў Ляснік, што ўчора ў лесе Пні-свежакі злічыў. Ды вэрхалу найболей І выручкі было, Калі ў карчме застолле Нядзельнае гуло. Збіралася бяседа На прыцемку — тады, Як вечар за абедам На нюх лавіў сляды. Ішлі сабе няўзнакі: Адзін — прадаць авёс, Другі — стральнуць табакі, A трэці — байку нёс. Па кроплі і яшчэ раз Сагрэтая душа З ярма нядолі шэрай Прасілася спярша. І гойдалася нізка Ў дыме гамана, Пакуль сляпы Аніска Жалейку не кранаў. Тады скакала ў пяткі Вясёлая душа, Хоць за душой і ў святкі Не мела ні граша. Скакала не ад страху, Скакала не сп'яна, Скідала апранаху І гнала ў дол яна Ўдарамі абцаса І гора, і нуду. І кідала тым часам Прыпеўку на хаду: Авохці мне, Злая доля прыгне — А я не зламлюся, А я разагнуся! З падкрутам і ўпрысядку І з грукатам грамніц Душа скакала ў пятках Пад гойданне масніц. Не зналася з мяжою — Дзе неба, дзе зямля! Душа была душою Яўсея-каваля. А з лаўкі ў лад, з прысвістам Ішоў на круг Васіль — То высцілаўся лістам, То пеўнем калясіў. І любаваўся ўпотай (Былі ў арлах, былі!), Як бліскаўкамі боты Ў прыдробачку плылі. Каб на абцас узбіцца, Каб лапцем не слядзіць, Прыйшлося да сталіцы Ў зарабкі хадзіць. Сезонілі з Яўсеем Яны аж тры гады. А сёлета аселі Ля жонак маладых. Абутак зухаваты Даў Піцер на разлік I адаслаў дахаты, А сам — як прывід знік. Былі ў арлах… Ды годзе — Адлёталі спаўна! Арліц не ўкарагодзіш — Адна ў душы, адна. Адна чакае ў хаце, Адна ўначы не спіць, Адна — яшчэ не маці — Ды хутка мае быць... Ах, Васілёва зорка,— Пад сэрцам стыне лёд: І побач з ёю горка, І тут — зусім не мёд. Глядзіць з кутка зацята, Пузырыцца Сямён: Хоць выраклася брата, Ды брат жа ўсё-ткі ён. «Жыць буду хлебам-соллю, І ваша ўся зямля...» — Супроць сямейнай волі Пайшла за Васіля. «Што чмур напаў на дзеўку — Наскрозь яго віна: Пад'ехаў неўспадзеўку...— I п'e Сямён да дна.— Пагрэць задумаў рукі?.. Не выйдзе, пустазвон!..— I гнецца чорным крукам Над селядцом Сямён.— I я,— пячэцца ў злосці,— Страляны верабей. Не тую грэблю мосціш! Жаніўся — і гібей. Зямлі маёй не ўхопіш!..» Зямля, зямля, зямля... Як ты няшчадна топіш, Як смокчаш кроў пасля... Няўжо адкрасавала, Завяла ўсё, як цвет, Калі і ёй замалым Пачаў здавацца свет. Якраз на той кавалак, Якраз на той шнурок, Што моўчкі прыхавала Пад сэрцам, дзе сынок. Не знаў бы ён галоты, Як людзі, меў зямлі, Калі б не тыя боты: Яны ў спадман звялі. Яны, ды стан, ды сіла, Ды казытлівы чуб... Усё тады забыла, Як быў і міл, і люб... Калі ж ацверазела, Апаў з вачэй туман — «І з гэтым булкі б ела, І той жыве, як пан...» Зямля, зямля... Ні разу І думкай пра надзел Каханне на абразу Не даў Васіль нідзе. Таму і цяжка дома, А на людзях — цяжэй. І б'е абцас няўтомна — Барзджэй, барзджэй, барзджэй. A ўжо напітым вокам — Не бачыць каваля — Сямён — панура — бокам Ідзе на Васіля. Як быццам той на полі Дзярэ яго мяжу: — Далоў,— крычыць,— даволі! Сыдзі з тачка, кажу! I нож чырвоным бліскам Ударыў пад крыло. I лёгкаю калыскай Усё плыло... плыло... 3 Прэлюдыя жалезнай птушкі ...І лёгкаю калыскай Усё... плыло... плыло... Ляцела птушка нізка — Жалезнае крыло. Ляцела да пазіцый, Як люты змей з-пад хмар, Каб Хірасіме сніцца Кашмарамі ахвяр. Каб праз дзесяцігоддзі Ў наш свінцовы лес З крутых піке заходзіць На вогненны пакос. Каб узнімацца сонцам, Дзе захад быў заўжды, Над рыбаком-японцам Праз вадародны дым. Каб рэбрамі — будынкі З-пад чорных крумкачоў, Каб дзень і ноч — абдымкі Жалезных абручоў... Ляцела, як хацела, Бо роўных не было. Агнём пыхцела цела I ў дрыжыках гуло. На дол усіх здзімала — Нібыта ў сто вятроў, Жалезам палівала Жалезнае нутро. Усё перад вачыма Пранеслася ў той міг, Як пад выццём ваўчыным Салдат упаў, прыціх. «Бывай, сям'я і хата...» А потым — як праклён: «Хоць сам ты вінаваты, Але прабач, Сямён... За ўдар не расквітаўся, Не ўспеў. І на круку Твой дзень вісець застаўся Ў маім драбавіку. Прабач...» I бомба з віскам Ні флангаў, ні тылоў. І лёгкаю калыскай Усё… плыло... плыло. 4 Веснагорка Веснагорка... Хто і як звязаў Тут сцяжын патайных першапуткі? Хто спыніцца родзічам сказаў I назаўтра не трубіў пабудкі? На пагорку, сцішаны, стаяў I вясну адхукваў у далонях — Кветку-сон, дзіўнейшую з праяў, Што з блакітным жаўранкам гамоніць. Веснагорка. Горка ля дарог. Выраю стамлёнае гайданне. Праз тысячагоддзі я збярог Воблік той, што ўбачыў продак даўні. Праз тысячагоддзі ў сэрцы нёс Вёснаў шум на рэках крыгаломных, Восеньскую тайну чорных лоз I снягоў суровую бязмоўнасць. Веснагорка. Сонца і слата, Смех сустрэч і развітання слёзы. Веснагорка. Горкая вярста Пачынала шлях свой ля бярозы. Шлях бацькоў, мужоў, сыноў, братоў — Да казённых вестак у канверце. Веснагорка... Ростань... І ніхто Нe замоўлен ад агню і смерці... Край мой родны, хата на крыжах, На распяцці войнаў і разбояў. У цямнотах курганоў ляжаць Зерні дум, пасеяных табою. Веснагорка, маці Беларусь, І адкуль, скажы, не пёрла намець?.. На крыжах — Скарына і Кастусь, Лёс народа, сэнс яго і памяць. На крыжах кружыў з усіх Еўроп Вецер злы з крывавым чадам Азій. Ды знаходзіў люд мой чарнатроп І да сонца зноў і зноў вылазіў. Скрыжаванне планаў — «ост» і «вест» — Над табой пятляла праз стагоддзі. Хто ваўком, а хто гадзюкай лез,— Як ты выжыў, адкажы, народзе? На крыжах гісторыі дзяцей Кідаў кат у студні галавою. Зерні душ, адвеяных ад цел, Узыходзяць па вясне травою. Веснагорка, сэрца на крыжах, Мова, што спрадвеку мы гаворым, Нематы неспапялёны жах Hа скрыжалях мужнасці і гора. Беларусь, славян бялявы край, Край бяскрыўдных самых і рахманых,— Для дзяцей і ўнукаў каравай Мроіўся прыблудам з-за туману. I чаму, чаму рашылі ўсе, I адкуль пагудка йдзе такая, Што гурок з цыбуляй на лясе Іx, узняўшы чарку, сустракае, Што жыве тут у рацэ шчупак І ніяк не можа дачакацца, Каб хутчэй ускочыць у чарпак І камусьці на абед падацца... Што народ у нас — дзе ўстаў, там лёг,— І хапаць не пнецца зорак з неба, Мяккі і спажыўны, як мурог,— Толькі, кажа, ласкай не пагрэбуй. А жанкі — глядзі ды выбірай: Налюбкі любая — як да густу. І, між іншым, тут не край, а рай: І ў кубёлку і ў засеку густа. Веснагорка... Горка, дзе вясна Абуджэнне траў штогод вітае. Веснагорка... Горкая вясна, Што надзеі сцішана вяртае... Тaк было... Тады Васіль прыйшоў Да цябе з таго амаль што свету: За арла з дзюбатым спарышом Два гады праглухшы ў лазарэтах. Царскай той апошняе вайны Датлявалі дымна галавешкі. Бадыллём буялі палыны На шнурах узборскіх і на ўзмежках. Веснагорка... Дні вясны сплылі, Промня не пакінуўшы на потым. Веснагорка... У зямлю звялі Жонку ці сухоты, ці згрызоты... Адшукаў на могілках грудок, Пастаяў Васіль, як развітаўся... Вось яно і ўсё цяпер, браток: І аджыўся, і адваяваўся. Дзякуй Сёмку, што на гэты час Немаўлятка-сірату прыгледзеў... Дзякуй Сёмку, хоць яшчэ не раз Шавяльнецца шал пад сэрцам недзе. Зашчыміць нясплачаны рубец, Што ў карчме тады адзычыў Сёмка... Але ўсё. Было — сплыло. Канец. Не да брыку ў гэтакіх пастронках. Крыўду з горам чаркай запілі, Аб жыцці-быцці памужавалі... Што там Сёмкі, што там Васілі — Не з такой турботай межавалі!.. Ападала шэрая туга Дзён зімовых. Бралася на ясень. I вясны бунтоўная смуга Ад зямлі да неба разлілася. Над пазелянелаю страхой Водгулле акопаў асядала. З пухіра кантузіі глухой Вырывацца стаў Васіль памалу. Жаўранка пачуў — як першы раз! Заскакаў ад радасці няўтрымнай: Жаўранак! прабіўся! не завяз! Жаўранак у небе бомбай грымнуў! Веснагорка... Дзіўна Васілю Слухаць гэты свет балюча-звонкі I зайздросціць моўчкі ручаю, Што бяжыць з вясной наперагонкі. Скочваюць завеі свой сувой, Ды не зыч вясны ўдаўцу, вяснянка: Між дзядзькоў — як быццам ты не свой — I хлапцом не ўляжаш на гулянку. Не памкнецца дзеўчына ў твой бок, Уздыхне надозір маладзіца, Бабка скажа ўслед: «Не дай жа бог Два разы сяліцца і жаніцца...» Снег мой, снег — і ў сквар не растае… Пачакай з вясною, Веснагорка. Сцежкі незваротныя твае Замятае вецер, вецер горкі... Кліча поўня зорак драбязу На папас. Парыпвае калодзезь. Загуменнем прыцемкі паўзуць. І Васіль за веснічкі выходзіць. Не такая ўжо сваты радня, Хоць заўсёды зваліся — на святы,— Што ж так цягне Васіля штодня На гасціны да Якіма ў хату? Ну каб Змітра бег — малодшы брат, Дык яно і звыкла ўсім і ясна: Тут, у гэтай хаце акурат, Жонкай абзавёўся ён уласнай. А Васіль? Як сябра ці як сват? Ці прычына іншая якая?.. Ах, Кулінка, што ж ты неўпапад То смяешся раптам, то змаўкаеш?.. Бяроза, бярэзінка, Белая сярэдзінка, Ветрам нахілёная, Сонцам зелянёная. Дарога, дарожанька, Лятуць самі ножанькі, Лятуць не спыняюцца, Нясуць не стамляюцца. Водзіць Веснагорка карагод, Толькі песня сёння як чужая... «Што ж ён, дзе збіраецца народ, Што ж мяне зусім не заўважае?..» Бяроза крылатая З дарогаю сватала. Бяроза-патайніца, Ці станеш вяртальніцай? Дзяўчына, дзяўчыначка, Куліна, Куліначка, Хлопцы заглядаюцца, Сэрца захлынаецца... «Ці мне людзі, ці мне цэлы свет Сталіся б зламоўнай перашкодай?.. Страшна як, што з'едлівы твой смех Абарве надзею назаўсёды...» На Кулінку пазіраў тайком, Праклінаў пакутную нясмеласць. Быццам зноў рабіўся юнаком I не ўсё згарэла-адбалела. Веснагорка... Салаўіны чад... Ці ты знала-ведала, Кулінка, Як няўзнак адстанеш ад дзяўчат Усяго на нейкую хвілінку, На той самы момант, каб Васіль Да рукі рукою дакрануўся I знямелы — раптам, назусім, Назаўсёды — свет перавярнуўся!.. — Аддэхнеш, як здэхнеш! — Крычаў палячок.— Не ў келіху грэх наш,— I ладзіў смычок. Пан Цяцерскі лад у скоках знаў, Бо на ўсю акругу быў маэстра. У маёнтку, пры двары, іграў, Аж пакуль той двор ушчэнт не трэснуў. Адгуляў сваё, адсмакаваў Свет стары пад скрыдлам маткі боскай. Адыходны марш адсмыкаваў Пан Цяцерскі і пайшоў па вёсках. Дзе вяселле, хрэсьбіны, кірмаш — Не з апошніх там яго пасада: Чарку выстаў ды смычок падмаж — І скачыце, госцейкі, да ўпаду! Рэжа, бо стамляцца не прывык, «Юрачку», «Лявоніху», «Трасуху». A ў самога вусы — хоць на смык — Рыжай шчэццю падпіраюць вуха. Пан Цяцерскі!.. Так сябе любіў Велічаць маэстра пры народзе. I хоць корань прашчурскі згубіў, А з-пад Вільні,— значыць, пан, і годзе! Ды не лез вышэй за мужыка І не дужа тлусты меў кавалак... … Лётае над струнамі рука, Каб тры дні вяселле шыкавала. А з маэстрам побачкі сядзіць — У жалейку жаліцца Аніска — І відушча ўпоцемку глядзіць На прыскокі з гэпаннем і віскам. Жанішок, вясёлы зух, Каго садзіш на кажух? Міла з прыгажэйшаю, А мілей з дужэйшаю. Прыгажэйшая збяжыць — Зух на печы ляжыць, А з дужэйшай прыпячэ — Дык і зух уцячэ! Так вірыла хата і гула, Быў не скуп Васіль на частаванні: Пяць разоў сядалі да стала — Прамачыць задуху ад гуляння. Пяць разоў па пяць браціна ўкруг Завітала да гасцей з паклонам. Хто стараўся — ды яшчэ за двух — Быў травой пад тынам паланёны. Хто да конца келіх прыгубляў — Той і ў скоках быў і ў песнях здораў! Хто ашчадзіў — той, лічы, губляў, Хто не піў — той сам сабе быў вораг. Любаваўся ціхенька Васіль На Кулінку і не мог паверыць, Што вясна і шчасце назусім З ім вось тут, і не ўцячэ за дзверы. А вясна хінулася шчакой Да пляча і позірк не ўзнімала, Калі ўсё застолле талакой «Горка!», «горка!» маладым гукала... Саладзей жа, чара, саладзей! Налівайся сокам спелых вішняў, Закрывай туманам ад людзей Свет, дзе толькі Ён адзін не лішні. А з вяселля раненька Заіграла сонейка, У чыстых росах памылася, У густых лозах сушылася. Заіграла весела Ды над нашай песняю, Ды над вашай ніваю, Каб была ўрадлівая, Ды над вашай доляю, Каб цвіла шчаслівая! Ах, сонца, сонца світальнае, Ах, чарачка развітальная... Выйшла з хаты песня на сяло: «А дадому, госцейкі, дадому...» І хоць ногі не туды вяло — Галасы яшчэ не зналі стомы. ...Паваліў на мяжу, А што потым — не скажу... ...За траву, траву Трымалася, А трава, трава Ірвалася... За лясамі ранак прамянеў, Залачаў у аблачыннай гронцы... I было далека да мяне, Як далека мне да зор і сонца... 5 Дзяльба Усё ва Ўзбор’і з веку ў век Было не без прычыны. Вось я: пануры чалавек,— Чаму? З якога чыну? А скажам проста: у карчму Мяне ў той час прынеслі, Калі ўжо там вясёлы чмур Не заляцаўся з песняй. Бо што карчма без карчмара, Без дудкі і басэтлі? Як той кажух без каўняра, Як лапсардак без петляў… Як без кілішка бубнаў гром Альбо Абром без пейсаў… Які Абром? Ды наш Абром!.. Вось тут, брат і засмейся… Была карчма, гула карчма — Гаротніцкая ўцеха — Аддаў Абром ледзь не дарма І ў служачыя з’ехаў. Такі ўжо наваліўся час — Штодня з бядой мяжуеш: «Ці абагульвайся ў калгас, Ці спішам, як буржуя». Павохкаў ціхенька Абром, Пачухаў з тыдзень грыву, Адсек усё, як тапаром: «Жыві, Васіль, шчаслівы!» Дзябёлы дым стаяў стырчма, Агонь патэльню сватаў. Была карчма, гула карчма, А стала нашай хатай… Вось так: з пялёнак — і ў карчму! Ды трэба ж — запазніўся… Відаць, і хмуры я таму, Таму і занудзіўся… Яшчэ ж, магчыма, і таму Характар невясёлы, Што маці несла, бы ў турму, I галасіла ўголас: «I несвянцоная ж яна, Вядзьмарская харчэўня, I чэрці жэняцца сп'яна Ў ёй да трэціх пеўняў...» A ў бацькі — смутку ні сляда, Смяецца: «Дзякуй богу, Што блаславення ён не даў На дальнюю дарогу...» А хто быў — ён? Відаць, не бог, А свой вясковец — Лосік, Што Васіля перасцярог: — Глядзі, каб не прыйшлося... Надзелы — тры, а двор адзін: Кулацкія размахі. Яшчэ раз я кажу: «Глядзі! Тут і Сібірам пахне». — Дык едакоў жа — тры сям'і, Дзяцей вунь — печ забіта. А гэта ж, брат, не салаўі, Не будуць песняй сыты. — Ты пра дзяцей нам не талкуй — Стругаць і мы не жмоты. Затое ў поле талаку Выводзіш на работу. Не-е, тры браты яшчэ не факт. Зямелькі ж — мнагавата. Яй-богу, на сібірскі тракт Глядзіць твая ўжо хата. — Ну й прычапіўся. Як асцё... Тры жонкі ж — не падробка. — Раз з аднаго гаршка ясцё — Адна сям'я. І кропка. — Няўжо ж яно, калі дабром, Кулацтва ў той пасудзе? — Мяркуй як хочаш. Грымне гром — Хрысціцца позна будзе. — Ды што ты мне надзеў аброць I цягнеш, нібы гіцаль. Сам падзялюся. Не супроць. У шыю не ганіце, А вось што з раю вы паслы, Дык дай аб тым разважыць. Падумаць дай. Няўжо вузлы Мы самі не развяжам? А як дзяліцца?.. З братам брат Даўно вялі гаворку: Яно як гуртам — дык і лад І ў добры час, і ў горкі. Ці то падчэпіць недарод, Ці град здратуе ніву, А пуставаць не будзе рот, Хоць не густое мліва. Спарней усё-ткі збажына, Калі ў адным засеку. І сала брус, і здарына — Не толькі як на лекі. І малако: аж з трох кароў Ды ўсё ў адну дайніцу,— Не так ужо каб будзь здароў, А дзецям ёсць напіцца. І падсмятаніць блін які, І маслам хлеб памазаць... «Не-е,— гаманілі і жанкі,— Усё ж выгодней разам...» Хоць трое ix было ў двары — Ніхто грызні не бачыў. А гэта, як ні гавары, Таксама нешта значыць! Жылі наўздзіў — душа ў душу — Нявесткі маладыя. Адно ўзнімалі гвалт і шум Назольнікі малыя. Ды што паробіш: цесната, Зімой жа — асабліва, А хіба ўсадзіш па кутах Анёлаў дураслівых? Вось і гарэзуюць яны I хлопцаў падбіваюць: «Калі ўжо ты надзеў штаны, Дык хай і клопат маюць!..» Гарцуй, бузуй!.. Аднак, глядзі, І меру знай, мой браце: Ты ж тут пакуль што не адзін Пан-распіхан у хаце. Угрэе цётка трапкачом, То жаліцца не мерся: Не стрэпе маці калачом — Тут схопіш і паверсе. Усё агулам, заадно — Ні спрэчкі і ні звады. І слёз ніколі не відно: Жывуць нявесткі ладам. A ўдарыць прыпар — заўсягды Працуецца прыспорней: Адна прыгледзіць тры гнязды — Наварыць і накорміць. I ў полі лад, і ў печы лад: Серп не гуляў, і віўся Вясёлы дым — снядання брат... Васіль і той дзівіўся: «Звычайна ў сем'ях на дзяльбу Штурхаюць маладзіцы, А тут — адно табе дзяўбуць: «Навошта нам дзяліцца?» Ды ўсё ж зануда-чарвячок Штоноч тачыўся ў думкі, І дзёр, як гэбель пад сучок, Душу бяссонак тлумкі. Тады ўжо раніцай Васіль Братам выводзіў скутак: — Ці ты прасі, ці не прасі — Схапіўся Лосік крута... Само сабой, ішла далей Развагі ніць тым часам: — Заяву, кажуць, Сілівей Назад забраў з калгаса. — Забраў, a ў Сёмкі не бяруць... — Адзін Арцюх рагоча: «Лацвей там жыць: там ручку круць — І еш — што пуза хоча!» — У рот не ўскоча сам пірог. — Але і горш не будзе, Адно пераступіць парог... — Пабачым, як там людзі… — Даўно казаў і кагадзе: Той запяе іначай, Хто на чужым гарбе сядзеў Ці век свой пралайдачыў. Хай ён калоціцца. А ў нас — Ды сціхніце вы, бабы! — Лічы, даўно ўжо ёсць калгас — Сямейнага маштабу. Жылі так з год пасля таго — Ні дома, ні ў замужжы. А падзяліў братоў агонь, Хістанні ўсе адужаў. Пажар успыхнуў пад абед, Калі былі ўсе ў полі,— Адлучка не за дальні свет, Але й таго даволі. Сухмень да звону давяла Сасновае бярвенне. Кіпела ў прожылках смала. Крышылася каменне. Салома з пылам парахні Спрасованая спала. Тут не падпальвай, a дыхні — І ўдараць іскры валам. Ніхто не бачыў, дзе крыло Чырвоны птах расправіў — Усё трашчэла і гуло Ў пякельнай той патраве. Уздоўж Узбор'я акурат Віхор круціў заломы, На стрэхах аж праз дзесяць хат Агонь хапаў салому. Гуляў пажар, каціў сувой, На полымі сатканы, Шалёна гнаў перад сабой Узборцаў плач зляканы. Сіпелі ў сквары галасы, Кашулі лубянелі, За дзвесце сажняў валасы На галаве смылелі. Старыя світкі, армякі, Гарнушкі, матавілы,— Няўцям выносілі жанкі Дзе што рука схапіла. Пакуль прыбег Васіль у двор, Дык паўсяла прашастаў Той ненажэрлівы віхор, Той вогненна-вушасты. Уратаваны скарб грудком Сіроціўся на ўзмежку, І комін між былых куткоў Глядзеў на галавешкі... A звіў гняздо чырвоны птах У Сёмкавых харомах. Адтуль і выскачыў на дах I ўгору бухнуў строма. Ды ўміг спружыніста прысеў, Клубком завіўся шызым, Яшчэ раз гупнуў па страсе I закуляўся нізам. Пакінуў ззаду жменьку хат, Астатнія — на неба... Не плакаў Сёмка, звёў пагляд Ад вёскі: «Так і трэба». Ці хто падпёк, ці сам спаліў — Усё пайшло да бога. Сабраў з сям'ёю хатулі: Адна ў Сібір дарога. Той год з апошняю сасной Расстаўся бор над Начай. Пажар на памяці лясной Апошні крыж пазначыў. Адбудавалася сяло: Наспех і лепшым чынам. А нам — як шчасце прыплыло: Карчму Абром падкінуў. Хоць зналі: хата на крыжах — Няхай сабе і з хлебам — Заўжды, як сэрца на нажах, Ды жыць, брат, неяк трэба... 6 Тры крыжы развітання Жменьку зерня ў засеку Браў на досвітку ён: Ці Сібір там, ці пекла — Будзе сеяць Сямён! Побач з крыжам на грудзі Той вузельчык вязаў: Як праклён, жыта будзе Прарастаць на слязах. Вам праклён, камісары, Галадранцы,— праклён! — На сібірскім папары Будзе сеяць Сямён. Будзе поўнай сяўнёю — Узыходзь і руней! На размах — пяцярнёю,— Налівайся, паўней! Будзе ў хмар i ў завею, У спякоту i ў золь, Як цяжкую надзею, Як няўтолены боль,— Хай усохне, знямее — Але з гэтай рукі Будзе сеяць і сеяць Праклён праз вякі. Як выводзіў гнядога За вароты Васіль, Жонцы вымавіў строга: — Плач, ды не галасі.— I былому ў падсечку: — Што я — Сёмку раўня? — Тузануў за вуздэчку Злую контру — каня. Пугу з поцегам выцяў Па хрыбціне крутой,— Быў учора карміцель, А цяпер — як ніхто... Нават горш таго — сёння Як спакуснік, як змей: Гляне вока-прадонне — Быць тут цвёрдым сумей... Быць свядомым патужся, Калі цягне ў той вір, Калі позірк — удушшам Запятляў да крыві... Ды і хто зацугляны — Ці Васіль, ці гняды?.. Не стрымаў — зноўку глянуў, Як прывёў да вады,— Глянуў стоена ў вочы, Адвярнуўся ў слязах: «Быццам нешта мне хоча, Ды баіцца сказаць... Косю, мілы мой косю, Толькі ведаеш ты, Колькі нам адлілося I дажджоў і слаты. Колькі нам адзвінела Па вясне жаўрукоў, Колькі нам адбалела На спіне круглякоў. Колькі сохлі ды моклі Ад палынных патоў... Колькі ўспомнім на покліч Кірмашовых гуртоў...» Шыю цяжка рукою Пагладзіў, абняў — І павёў з вадапою Абагульваць каня... Здаў усё, як адрэзаў,— Нават пута з пянькі. Крокам цвёрдым, жалезным Пайшоў нацянькі. Па шнурах, дзесяцінах Аж паўдня калясіў. A вярнуўшыся, з тыну Зняў падкову Васіль. Сыржавелы абносак Доўга цёр жарсцвяком, Покуль той, як на досыць, Бліснуў маладзіком. І на прыцемку шэрым, Каб чый зірк не ўгубіў, Да сцяны заімшэлай Падкову прыбіў: «Хай, калі што якое, Дык мой косю ізноў Хай па гэтай падкове Шлях успомніць дамоў — Дa свайго прыстаронку, Да ясляў сваіх...» — І ўжо тупат нязвонкі Чуў Васіль у той міг... Ні замоў, ні прышэптаў — Толькі дума была: Як жа выйдзе ён, хлеб той, Новы хлеб для сяла? Ці ўзаўецца трубою, Ці пачэзне ў мятлюк З той шырокай сяўбою, Дзе палоскам — каюк. Як усё яно будзе — З хлеўчука не відно. Кажуць рознае людзі, Але ясна адно: Як бы доля ні секла, Ні валіў гарапад — Над вясною, над векам Будзе праўда зярнят! У паперах Савелій, Сілівей між людзей — Саўка ў дурні не цэліў: Праляжаў цэлы дзень. Як зваліўся на печы Падчарэўкам уніз, Дык азваўся пад вечар: «Што я вам — сацаліст?!» — І на дзверы камусьці Памахаў кулаком, Пры нішчымнай капусце Сеў на покуць крадком. «Чорт іх знае, прыкмецяць, Што ва здравіі я — І пайшло ўсё на вецер: Гаспадарка, сям'я. Абагуляць, як бачыш, І курэй, і дзяцей... Дзякуй, здохла хоць кляча — Ёй цяпер там лацвей. Ад бясоння і думак Галава не баліць. Ні заяў тых, ні тлуму — Спіць, як пані, ды спіць. Во дзе жызня! Маліна... І канца не відаць...» — Зноў на печ вокам кінуў І пачаў пазяхаць. Ды якраз тут знячэўку Шусь Яўсей на парог: — Ах, ядры тваю дзеўку, А казалі ж, ты здох!.. — Што «казалі, казалі» — Дух во ледзьве ліпіць, Бы трыбух завязалі: Ані есці, ні піць... Глянуў Ёха на міску: — Гэта ўсё ад нуды. Пэўна, смерць твая блізка Валачэ невады. А шкада: не паспееш Абагуліцца, брат,— Як сыпнуў Сілівею Вуголля пад зад... I падсыпаў яшчэ раз: — Ты тут з печы не чуў — Лосік з міліцанерам Вунь дае кулаччу: І Сямён — па этапе, І гняздо ўсё за ім. Дзіўна: ты як не трапіў З дэзерцірствам сваім?..— От жа гад, нібы шашаль, Точыць Саўку нутро І смяецца праз кашаль: — Мы вас мігам сатром! Як узвіўся тут з лавы Саўка ў бой на той суд: — А ў мяне вось заява! Я назад аднясу!— За абраз — хапцам-лапцам — А паперы няма. Плюнуў Ёха і лапцем Перакрэсліў: «Турма». Глянуў са спачуваннем — І за дзверы гайда, Нават на развітанне Pукі не падаў... Нібы тая папера, Саўка сам белы стаў: Зноў за богам праверыў, У дзяцей распытаў. Жонку з прызбы паклікаў: Шук-ды-пошук — дарма... Пашумеў для прыліку — А паперы няма. Што рабіў бы тут Саўка, Каб не жончын падказ: — Ты, нібыта заяўку, Пеўня здай у калгас. Скокні ціхенька зараз Ды ў той хлеў падпусці. Заўтра Лосік прыжарыць — З парога хрысці: «Я таксама ў агуле: Певень — знаеш — мой дзе?!» …Збегаў Саўка... Паснулі, Як у добрых людзей. Дзе бярозы світанне — Між нябёс і зямлі — Тры крыжы развітання Над Узбор'ем плылі. Першы — значыў для Сёмкі Шлях далей і далей. Крыж другі — сталлю звонкай Аціхаў між балей. Ну a трэці — як грымнуў У калгасным хляве: Што там сонцавы гімны, Калі певень жыве! Крыллем молада шастаў, Ладзіў зычны свой бас — I пад спеў той гарласты Прачынаўся калгас. 7 Касьба — Hу, я ж яго, нягодніка, падсмажу! — Аж холад браў раённага дарадцу.— Не для таго сюды я ўпаўнаважан, Каб хлапчуком за старшынёй ганяцца! Калі ўжо ты кіраўніком прызначан, Дык на пасту трымайся, каля пульта. Тым болей — час цяпер такі гарачы!.. У зводку — знай — куды паставіць нуль той? Ці ў вас «нуль цэлых» ці ў вас «нуль дзесятых»? Пад кіпцікам усё ў маленькай коскі: Пасунь яе направа — і дахаты! I сто працэнтаў! I спраўляй дакоскі! А тут яшчэ і гонар, і пашана. «Вось гэта ўпаўнаважаны!» — сказалі б. Скакаў дарадца па куп'і імшаным, Ляцелі скараходамі сандалі. І ад разваг салодкіх астывала І бралася мітрэнга на запоры, Што зводку ўраз не вывернуў з правала, Бо не застаў віноўніка ў канторы. А старшыня тым часам, забарсаўшы Яшчэ з начы адмочаныя лапці, Замест прамоў на рукі папляваўшы, Сваю касу мянташкаю крылаціў. Каб лётала ў руках, нібы пушынка, І пяткавала і наском галіла У кожнага: хто мацаваўся шынкай І хто нішчымнай бульбай клікаў сілу. З касой — яно фацэція такая: Калі не ў лад мянташкаю памажаш, Дык самаго пад корань падсякае — За дзень прыб'ешся і ў пракосе ляжаш. Ты на яе не насядай мядзведзем — Не дугі гнеш, каб жыліцца ўсім целам: На касаўі далёка не заедзеш — Касу тачы, каб брала і хацела! А перад гэтым адкляпаць на бабцы Яе прыладзь, каб лопавак на джала — На валасок ляза — праз хапцам-лапцам З-пад малатка твайго не наскакала... Той надвячорак ходзіць пагалоскай, Што ў лузе свята будзе на дасвецці: Сталёвы звон вяселіцца над вёскай I ластавак лякае з-пад павецяў. Паслухаеш — і нібы ўсе суседзі Раскажуць — цераз хаты і парканы, Хто заўтра з чым на сенажаць паедзе, З якой абновай у пракосы стануць. Вунь Сілівею і шасцёркі хопіць, Якім — заядлы: ён мятроўку клепе, А там — акосак б'е Яўсееў хлопец: Адзін пруток, а джгае — нельга лепей! Нібы знаёмцаў даўніх павітанні, З канца ў канец — над вёскай перазвоны. I раптам нетутэйшым сакатаннем Ускочыў нехта ў гутарку з разгону. Усе, як па камандзе, пазмаўкалі, У сто пытанняў цішыня трубіла. І толькі «Хто такая?», «Хто такая?» Гугнявіў дзесьці малаток-дзяўбіла. Нібы з сяла далёкага нявестка — Людзям нязвычна і самой няёмка — Не ў меру бойка і злякана-рэзка Наўспешкі гаманіла незнаёмка. Ды ўжо і тут лавіліся на вуха Адзнакі чысціні і загартоўкі. Адкуль жа ты ўзялася, сакатуха? Па голасу — дык пэўна што літоўка. Зрэдчас такія з Вільні дападалі — Каму Абром, а хто і сам прывозіў: Як быццам не старэлі — і з гадамі Яшчэ ямчэй рабіліся ў пракосе. Каса ўжо дык каса!.. Ды годзе слухаць! Дазнаем заўтра, што там за літоўка: Пабачым у рабоце маладуху — Вось там няхай усё і скажа толкам. І зноўку малаткі загаманілі, Бо ўжо расой запахла ў агародзе І ноч паціху развінае крылле,— А выспацца перад касьбой не шкодзіць!.. Яшчэ і птушкі не прыспалі вока, І дым начлежны не паспеў асесці, A ўжо ў чырвоным ложку светлабока Дзень павярнуўся там, за лесам дзесьці. І ўжо на хмарцы страпянуўся сонна Не, не праменьчык — толькі прадчуванне, І ўскочыў певень: «Не праспаць бы сонца!», Ды зноў прыціх пад жонак чартыханне. І ўжо святлеюць зорныя валокны, I ціха размываецца трымценне, I ўжо ca сцен прабельваюцца вокны, І з палісадаў адступае цемень. Кусты бяруцца просінню на ўзвалах, Ірвуцца з чарнаты, як з путаў вязні, А на сырых балоцістых прагалах Туман таўчэцца, быццам пара ў лазні. Праз гарлавіны вузкіх расцяробаў Паціху выпаўзае да выжарын, Нясе перадсвітальную аздобу — Расы мільёнасонцую цяжарнасць. Пластуецца туман і асядае. Вось-вось зайграе буйна-золкі россып, I ў перамешку з небам — маладая — Трава жахнецца зелена пад косы. Смялей, смялей, крутога дня хаўруснік, Смялей, праменьчык, сонечная птушка! Пад дзюбкай шкарлупіна ночы хрусне, I на разломе ўсход успыхне стужкай. Плывуць касцоў галовы над туманам І косы, перапоўненыя звонам. Ані гамонкі — стоена, ціхмяна, Ані пасмеху на сцяжынцы соннай. На сэрцах і трывожна і ўрачыста, «Хутчэй, хутчэй» — ірдзяцца дух і мускул. Сажнёвы крок — у рослых і плячыстых, Хто карацейшы — коціцца ўпрытруску. І вось ён — луг, пакатая аблога Ад сценкі лесу і да самай Начы. Спыніліся — нібы перад парогам, I кожны ўсё як першы раз пабачыў: Зялёную раскрыленасць прылесся I лукавін завоіны крутыя, Дзе драч згубіў сем дудак і сто песень,— Такія травы параслі густыя; І сухадол, дзе скрыпень ціха скрыпаў, Дзе лісахвост ірваўся ўверх трубою, Дзе рабацінкі казялец рассыпаў На шчэці белазорага падбою; Збуялае дзядоўнікам стажар'е, Лажок, дзе пурпурова да крыніцы Ятрышнік, як раз'ятраны пажарнік, Без вёдзер па ваду штодня імчыцца; Блакітнага званца шкляную крохкасць, Рамонкаў белых бесклапотны россып, Лісцё капытніка, дзе конь зялёны лёгка — Расы не збіў — наўскапыта пранёсся... Траў раўнапраўе — разнатраўе луга, Спакойная і мудрая адвечнасць, Дзе ходзяць косы непатольным кругам, Як непазбежнасць і як недарэчнасць. Усё змахнуць, аголяць пад нулёўку — Сталёвы бог не знаецца з дакорам. Атава пойдзе — падгаблююць зноўку. Усё як ёсць. Ды застаецца корань. Травы маўчанне — у густых пракосах, У копах, пунях, рэзгінах, кармушках. Травы дыханне — сытнае і ўдосыць На скібе масла, малако ў гарнушках. Травы пакуты — зледзянелы люты, Снягоў завейных белая магіла. Хто разарве, хто скрышыць злыя путы — Ці знойдзецца, ці ёсць у свеце сіла? Травы надзея — цішыня зямная, Дзе прагнуць сонца стомленыя сокі, Дзе кожнае зярнятка ўспамінае Свой дом пад небам сінім і высокім. I — выбух — днём вясновым акрылёны! Выбух травы — Надзея травы — Пакуты травы — Дыханне травы — Маўчанне травы,— Жыве, Жыве, Жыве народ зялёны! А косы ходзяць, свішчуць сакавіта, Вядуць касцы ланцуг да самай Начы. Навідавоку ўсё, усё адкрыта — І схібіць тут нягожа, і злайдачыць. Наперадзе Васіль махае роўна, За ім Яўсей з кавальскім духам пляжыць, А потым — з артылерыяй галоўнай — Якім з мятроўкай «заграбае» сажань. Размах, разгон! Ці тое, як бывала — На вузенькай палосцы ў два заходы: Касу ўгамоньвай, каб не спудлавала I да суседа не залезла ў шкоду. Як пашырэў ты сёння, луг без межаў! Бяры пракос, наколькі просіць хватка, Не замінай адно, а то падрэжуць — Няхай сабе і старшынёвы — пяткі! Не, недарма даецца грамадою Вось гэта права — першага пракоса... Як слыннасць мудрага: будзь тройчы з барадою За так не выпрасіш у пасівелых вёсак. Цяжкое права і цяжкая слыннасць Старэйшага — і ў працы, і ў развазе: Паміж сыноў знаходзіць вёска сына, Што хват у прыпар і душой не блазен. Знаходзіць, каб аддаць яму ўсе тайны І мудрасць земляробскае навукі. I скажа так: «Паміж палёў расстайных Мой запавет пакінь сваім унукам». Знаходзіць — праз яго сябе засведчыць, Свой дух і воблік выявіць пад сонцам. І скажа так: «Ты — мой. Мая адвечнасць, Мая крывінка і мая бясконцасць». І не адпусціць. Радасці і гора На ўсё жыццё адмерыць поўнай мерай. I скажа так: «Бурліць людское мора, А ты пры мне шукай — і знойдзеш бераг». I да яго — разважыць і парадзіць — Усіх пашле трывожнымі часамі. I скажа так: «Дапамажы. А здрадзяць — Усё сцярпі, бо гэта — я таксама». I ноччу будзе над ягонай хатай Трывожнымі сузор'ямі хіліцца. I прамаўчыць: «Узносіць вал дзевяты, Ды не дае да берага прыбіцца». Стараецца Васіль. Хоць і парадкам Касу вядзе — размашыста і лёгка, A ўжо, глядзі, распарыўся ў лапатках, I ўжо карціць туды, дзе Начы плёхкат. Ды ранавата песціцца — апоўдні Вада ўскіпіць ад перасмяглых целаў, I залаты карась халоднай поўняй Праблісне ў твань, ад рогату здзічэлы. А покуль — толькі косы маюць гонар I радасць, як да берага даходзяць, Пад хвалю раз ці два нырнуць з разгону — Ажно заломіць стан у прахалодзе! Абмыюцца, каб злей мянташка брала, Зірнуць крадком, ці блізка да суседа, Падправяць косы з'едзенае джала — I на плячы да лесу моўчкі едуць. А дзе ж літоўка — маладая госця? Шукайце там, дзе ўжо адным заходам Знямогся Трыхан, пабялеў у млосці, Кляне касу — змяіную пароду. Ну а яна — то хопіць без аглядкі: Не пацягнуць, бароды застаюцца, То ў купіну зашыецца да пяткі, I хоць завый, а з месца не скрануцца... Тады назад рукою адбівае. Сваю літоўку з чарназёму Трыхан: «Ды й качаргі ж тупейшай не бывае! A ўсе хвалілі. На якое ліха?! Каб падсмяяць і пацвяліцца хорам? Кулацкія падкопы! Здзекі проста! Касу ж не так далі, а як селькору. Сказалі: «Будзь і ты вось гэткім вострым!» Нервуецца касец, каса трасецца... Ды тут Якім далонь прыклаў да вуха: — Гукае хто, ці, можа, мне здаецца? — А-у!..— з-за хмызу вырвалася глуха. — Ды нехта ж ёсць,— ужо не меркавалі — Далі адказ. І неўзабаве выйшаў — Брыль на макушцы, у руцэ сандалі, І па калені ў брудзе, нават вышай... «Ды то ж з суда... Папсуеў... Выканаўца...» — Шапнуў Васіль, падаўся насустрэчу. І хоць ніхто на той казённай лаўцы Не быў, ды ўсе падумалі аб нечым. А госць ішоў, разгневаны і злосны. Руку не даў, адно прамовіў крыва: — Прыехаў я па справе сенакоснай. Дакуль сядзець вы будзеце ў прарыве? — Ды не сядзім, здаецца вось, а косім... — А дзе працэнт, пытаю? Не прыкмеціў... — Ды ў нас, таварыш, так здаўна вялося: Ісці ў касу, як травы ў самым цвеце. Што ж дратаваць, калі яны не ў сіле, Ні сонца шчэ, ні соку не набралі? Вунь у суседзяў рана пакасілі, А на вясну — са стрэх салому дралі. Дзе малако ўжо там — абы жывое Пры гэткім харчы засталося быдла... — Ды мне пляваць на стрэхі! Я пра тое, Што адставанне вашае абрыдла! Для гэтага сюды і ўпаўнаважан. А каб усё было ў найлепшым стане — Націснем, грамадзяне, падналяжам! — Дык хто б супроць — а мы супроць не станем... Наперабой усе загаманілі.— Лацвей цяпер касіць — такім агулам. Адно давайце — не губляць ні хвілі, Бо сонца ўжо на поўдзень павярнула. Зацмокаліся з косамі мянташкі: Ад пяткі да сярэдзіны — працяжна, З наском — між іншым, так сабе, не важна — Як пасмяюцца там ці перадражняць. І пацяклі зялёнымі руччамі Да Начы кветкаломныя пракосы... І толькі тут убачыў госць з адчаем, Што ён стаіць перад народам босы. Вось так, як маеш — у руцэ сандалі, Штаны аж да каленяў закасаны... Да рэчкі шмыгнуў, ад вачэй падалей, Адмыўся, вылез: гладкі, прычасаны. На старшыню зірнуў — рукамі пляснуў: Той — у лапцях! Дык што ж гэта за прыклад?! Дзе новы лад, дзе новы быт калгасны, Каб ногі зволіць ад лапцей апрыклых? Не вытрымаў і на заходзе новым Да Васіля з пытаннем падступіўся: — Ці вам тут контра точыцца ў галовы, Ці погляд класавы да рэшты прытупіўся? Не зразумеў Васіль. Тады Папсуеў На ўсю грудзіну — узарваўся быццам — Гукнуў сярдзіта: — Лапці галасуюць Твае за што?! За перажыткі ў быце? «Ага, дык вось куды начальства хіліць...» — Тады ўжо старшыня пачаў тлумачыць: Яшчэ не ўсюды лапці адхадзілі, Хоць і абутак як бы той жабрачы. Вазьміце сенакосныя работы: Тут суха, a ніжэй — вада плюскоча,— Як без лапцей? Ні басанож, ні ў ботах Ды і ў валёнках, думаю, не ўскочыш... A ў гэтых — лыкавых ці хай сабе лазовых — Нага, як пані важная якая: Як дзе балота — мокра, ды не золка. Ступіў на сушу — і вада сцякае. Цяпер да Начы нітачку прадоўжым (Душа, між намі, рыбкі запрасіла): З таптухай у лапцях ідзі, бо зноў жа — Вада не вісне на нагах грузілам. Ці ў лес паедзеш... Спрытна і не мулка, Ні корч, ні чорт табе ў лапцях не страшан...— І засмяяўся: — Пры абцасе гулкім Ямчэй у скоках. Ці на бруку вашым... А госць маўчаў. Як бы ў душу сумненне Наконт варожасці лапцей пранікла. Нарэшце, мовіў — мудра, без адценняў: — Яно, канечне... Але ўсё-ткі прыклад… Калі ішлі палуднаваць у засень, Дзе з-пад карча бруілася крыніца, Дык мімаволі кожны запыняўся — На сенажаць маўкліва падзівіцца. — Яшчэ б такія тэмпы ды пагода Хоць дзён пяток над Начай пагасцілі — І сто працэнтаў вам было б як лёду, А нам — сянцо, што ў самай добрай сіле. Яно, як мёд, калі скасіў парою І ў пуню звёз ці ў стог сухое скідаў,— Казаў Васіль Папсуеву і кроіў Скрылямі сала, што кубёлак выдаў — З таго бруска, які нарос ля хіба І да касьбы ашчадзіўся мужчынам, Каб пад касой сівец не прогся дыбам, A палягаў, як пад агнём шчаціна. Ды бачыў старшыня: мацунак з торбы, Ружова-белы, даставаў не кожны. Са злой цыбуляй — ажно носам сёрбаў — Еў хлеб Макар і ахаў пераможна. I думаў старшыня: «Касіць — агулам, А есці — дзе што жонка адшукала... Сюды б цяпер баранчыка з адгулу»,— I Макару падсунуў сала кавал. Прытомлена жавалі, мужавалі... А думка зноў: «Паставім на праўленні...» ...Як шчупакі, узнятыя з-пад хвалі, Ляжалі косы, зелянелі цені. 8 Ёха Балюе снег з макрэчай: Дзень — лета, дзень — зіма. Кот ціснецца да печы, I хата — як турма. Дым не загнаць у комін — З чалесніка плыве: Надвор'е, нібы комін, Стаіць на галаве. Усё перавярнула Асенняя гульба. І вецер зябкім гулам Гудзе, што ўсім труба. У сто дажджоў прабіта Шпачынае жытло — Размецена, размыта Зялёнай песні тло. Асверыцца над студняй Абшчыпаны гусак. Гарбуз на градцы нуднай — Адзін — нібы гузак. Ды ўзбоч — галоў цвярозых Зялёная ірдзень: Калі качан з марозам — У дзежцы саладзей! Аздоба шэрых вулак — Маркоціцца вярба. Здаецца, нават шулы Пагнуліся ў гарбах. Намоклыя вароты Абвіслі на круках, Нібы ў ліхой галоты Падкрыссе армяка. На выгане, ля кузні, Прыладжвае спраўней Каваль, агню саюзнік, Падрэзы да саней. Яўсей, вясёлы Ёха, Штукарыць не на смех: Тады не ўхопіш чохам, Калі паваліць снег. Крылом цяпла прасветлен Стары кузнечны двор. За ім — аджыткаў летніх Туманіцца дакор: Над фермай, як апостал, Тырчыць громаадвод, І пудзілава постаць Вартуе агарод. А што далей, за вёскай, Нічога не відно: Усё — без пагалоскі — Усё пайшло на дно. Паўсвету аблажыла Імжыстая нуда, Плыве ў зямлі па жылах Свінцовая вада. I кожны дзень — свінцовы — Агледзіны снуе. Свінцовы — не свянцоны: Не пірагі дае, Не яйка, што ў лушпайках Цыбульных чырваняць,— Сляды казённай пайкі На даланях смыляць. Сляды скупой паперы, Што з пасыльным ляціць I патрабуе меры Крутыя закруціць. За дзень раённай лёхі Дэпешы той размах Набіў дыхтоўна Ёху Аскому на зубах. Хоць ростам з кукіш гулькін Праела, як вухналь, Вантробы ўсе пісулька Аб тым, што ён, каваль, За аргумент бутылі З кулацкага стала Капыт скалечыў сіле, Што цяглавай была. Нібыта клаў падкову, A ў мыслях шнырыў дух: Сарваць сяўбы аснову — Ударны тэмп і рух. Разбор вядомы з контрай: «Згадай, калі забыў!..» Пашчасціла, што конь той Непадкаваны быў. Цану паперам Ёха Зазнаў з тае пары. Здаецца, што там — кроха, Шматок, каб закурыць. А так табе ўпячэцца, Прыцісне так пятой, Што ты і той, здаецца, I ў той жа час — не той. «Браточкі,— хочаш крыкнуць,— Ды тут жа ўсё — мана!» A ўжо і крыкнуць прыкра, Бо ўжо ўваччу — яна. І так табе даводзіць — Паверыць сам гатоў, Што ты і чмут, і злодзей, І з д'яблавых братоў. Хоць літары, як блышкі, Ды не збягуць дабром. Напісана — і крышка. Не счэшаш тапаром. «І гадзяць жа, сабакі...» — Сеў Ёха на парог, Дастаў капшук з табакай, Скруціў казіны рог. Раздзьмуўшы шчокі, пухнуў, Нібы кавальскі мех. Развеяць дымам скруху Хацеў, ды, як на грэх, Раённая газетка, З якой шматок аддзёр, Зірнула ў твар заметкай: «Патрэбен пракурор!» Чытаў хоць скокам-бокам, Ды складна разабраў: Прывыкла, значыць, вока Да гэткага дабра. Шкада, саму аб'яву Паспеў ужо скурыць — Якога ж там разяву Рашылі абкарыць? А можа, зноў шпіёна?.. Ды пыл разваг пагас: Прыехаў госць з раёна — Да Васіля якраз. А калі так — цыгарку Не надта, брат, цягні,— Раздзьмухвай качагарку І молатам звіні! Я помню, дзядзька Ёха, Вясковы пралетар, Як новую эпоху Ты ўзносіў вышай хмар. Узносіў звонкай песняй Жалеза і агню — Насустрач хвалі весняй I заўтрашняму дню. Мы бегалі паслухаць Дзіўнейшую з праяў: «Баец» кувалдай бухаў А ты ўпадзвон спрыяў. То іскрамі сініцы, То жарам жаўрука, То смуткам жураўліцы Шчадрылася рука. Твой малаточак лёгкі Ў лад хадзіў-гуляў I шматпудовы вохкат Уладна акрыляў. Бывала, чуўся богам, Хто выспеў у цане: «Каго б тут на падмогу?..» Часцей за ўсё — мяне! Таму што не старонні, Бо з кузняю — сусед!.. Сняданак правароніш, Забудзеш на абед... Што мамін кліч — папруга Тут з месца не скране, Калі раздзьмухваць вугаль У горне скажуць мне! Калі прысом асверыш, Пампуеш як мага, Каб кволенькі аперыш Жар-птахам зашугаў. Калі струмень гарачы Віруе і гудзе І пругка іскры скачуць У зыркай барадзе. Калі глядзіш, як дзюбай Сціскаюць ком агню І ставяць клешчы рубам Пад молат цішыню. Калі расцеш пад неба: На ўсё — твае правы, Бо ты ўжо не хто-небудзь, A Ёхаў гарнавы! І як бы ўжо ля тайны Ты не зусім чужы, Не лішні і не крайні — А на адной мяжы. I ўжо ты мог — хоць збоку, У Ёхі з-за пляча, Пакоўку браць на вока, Раздумліва маўчаць. Маўляў, і мы не лыкам Пашытыя цяпер!.. Хадзіў з паклонам звыклым Уніз-уверх асвер. Чарнеў малатабойца, Са скрыпам дыхаў мех, I зубы ў нашай тройцы Свяціліся, як снег! A ўжо з глыбінь жалезных Тым часам праступаў Абрыс кляўца-гарэзы, Нарога ці сярпа. I Ёха тонкім звонам Даваў кувалдзе знак, I тая ў кут з наклонам Ішла спачыць усмак. Бо знала, што і як тут, Хто на віду ў той міг I чый вясёлы яхкат Лагодзіў Ёхаў слых. I мы таксама зналі: Хто зараз цар і бог, Каму ў тугім метале Адкрыўся той парог, Куды ступіць — ды дзе там! — Куды зірнуць хоць раз Не дадзена сакрэтаў Пакуль нікому з нас. Дзе на правах асобых Каваль штукуе цуд: Здаецца, тут ён, побач, A ўжо зусім не тут. A ўжо ідзе за плугам Духмянай баразной, І птушкі дружным цугам Бягуць, як за вясной. A ўжо ён там, дзе постаць Займае жніўны серп, Дзе да ракі наўпроста Каса свой цешыць сверб... Тады трымайся ціха, Рот на замок бяры, Адно што толькі дыхай Да нейкае пары. Ды стоена дзівіся З паўзмрочнага кутка, Як песні звонкі высеў Ляціць з-пад малатка. Як водбліск палыхае Ў Ёхі на ілбе, Забыты, патухае Акурак на губе. Як, нібы ў тыя клешчы, Бярэ ён свой запал, I ўжо не махам плешча, А слухае метал. Пакруціць, памяркуе — Цяпер ягоны час! Як быццам і святкуе, Але адзін, без нас. Агульным будзе свята Для кузні ўсёй тады, Калі той серп насаты Паедзе да вады. Паедзе знакаміта Ў стомленых кляшчах І дасць нырца ў карыта, Каб шал агню ачах. Каб гарт сталёвай сілай Наскрозь яго скрыжаў, Каб жыта каласіла, A ён увішна жаў. ...Балюе снег з макрэчай... Плыве ад кузні звон — Як сум нечалавечы... Нарэшце сціх і ён. Ноч асядае цяжка На восеньскі прыгон. За вёскай калымажка Кіруецца ў раён. Шматкі абхмаркаў частых, Як наўздагон, плывуць. Нацягвае начальства Башлык на галаву. Ды пугаю красае Жарэбчыка з ляўшы: Рэсурсы вытрасае З той конскае душы. Шпурляюць каляіны То ўперад, то набок: Вось-вось цераз драбіны, Глядзі, зляціць яздок. «Куды ж ён супраць ночы? Дзівуецца Яўсей.— Відаць, мітрэнга точыць I ў бездар аж нясе». Выпадак незвычайны, Каб пад вячэры звон Спяшаўся так начальнік Паехаць у раён... I Ёха на хвіліну Да Васіля забег — Спытаць, што ж не пакінуў Ён госця на начлег. Дый старшыню праведаць Даўным-даўно пара: Наколькі ж дамаседам Прыліп ён да двара? За трох натужваў жылы, А тут, сказаць, уміг Хвароба аблажыла. Прыціх Васіль, прыціх. На бульбяным палетку Ўгрэўся ля буртоў, А ветрам неўпрыкметку Хапіла — і гатоў. Ды так — ні стаць ні легчы... — Здароў! — Здароў, Яўсей... — Чаму ж твой госць улегцы Праз ноч душу трасе? — Як не з пapoгу Ёха Загадку ўзяў за хвост. — Ды, знаць, што напалохаў Яго вось гэты тост,— Падаў Васіль газетку Дзе нехта «Наш селькор» Гукаў на ўсю заметку: «Патрэбен пракурор!» — Ды бачыў я і думаў: Kaгo ж ён так скубе? I от жа сыч, патлумак,— Няўжо, брат, пра цябе? — А пра каго ж іначай — Хто бульбу пагнаіў? — Якую? — Тую, значыць, Што ён вось аднавіў. Даўно ўжо свінні з'елі Дзесятак тых пудоў, Што нанач не паспелі Пасцягваць да буртоў. Назаўтра ж я зваліўся Ды падаспеў мароз... Убралі ўсё — хваліўся. А вось — і тыц пад нос. Прывезлі пяць фурманак, А вырасла ў сто тон: Сыпнуў пяску на раны... — І хто ж гэта той Ён? Мяне нядаўна збэсціў, Узяўся за цябе. Дазнацца б ды патрэсці — Засек бы на ілбе. — Здаецца мне, што Трыхан Да справы гэтай хват. Трывае быццам ціха, Нутром — кіпіць, як гад. Пакрыўджан, бач, на вёску, Што не дае партфель. А ён гатоў: з абноскаў Прыдбаў вунь галіфэ, I фрэнч такога ж крою, І на грудзях значок. Глядзіш — герой героем, A ўнікні — чарвячок. Любой бядзе ён рады: У сорак ног грабе, Як быццам і за праўду, Але — каб для сябе. Сказаў бы хай з трыбуны — Дык з-за вугла ўсё ён: Яшчэ не ўспееш плюнуць, А знае ўвесь раён. Вось так і баламуціць, З дня ў дзень ваду таўчэ... Ды чорт з ім, з гэтай муццю!.. На ногі б стаць хутчэй. А госць, што ўцёк, ты кажаш, Дык той — ні даць ні ўзяць — A быў упаўнаважан З мяне дазнанне зняць. Ну, ясна ж, ён з падследным За стол не мог сядаць. Хоць, дзякуй, адпаведна, Давёў, у чым бяда. «Што ж,— кажа,— тут паробіш Сам ушчаміў хваста: Круць-верць, а на хваробу Няма ў цябе падстаў». Ляжы, брат, колькі ўлазіць, Але на кожны дзень Патрэбна ў гэткім разе Мець, кажа, біліцень. Не гэткі толькі, кажа, Што ў выбары даюць: Для розніцы тут важна Знаць, дзе паставіць «ю». Калі ён ад хваробы, Дык трэба «і» пісаць. A ў тым — закон асобы: Там «ю» павінна стаць. Вось тут і раскумекай! Нагарадзіў пляцень: Які дзе чалавеку Паможа «біліцень»?.. А раз ніхто не чомаў У справе той ладней, Рашылі: «Ён вучоны, Яму, як ёсць, відней. Ды «білі», брат, ці «бюлі» — Адна ўжо помач тут. Не выкруцішся... Скулле!.. Відаць, што будзе суд». 9 Дарога Збірацца выпала вясною, Як збольшага хваробу змог... Сустрэў бярэзнік белізною І лотаццю — зялёны лог. З палону хатняга збавення, Дзе дні брылі, як бацяны,— Палон імглістага трымцення Наўзбоч дарогі ў дзве сцяны! Ці павітацца з першым лістам, Ці замаліць ад наслання — Перад бярэзнікам прачыстым Васіль маўчком спыніў каня. «Здаецца, многае пабачыў, Але бывае дзіўны час: На гэты светлы цуд над Начай Глядзіш заўжды, як першы раз. Аж захлынае прыгажосцю, Хоць век жыві, не памірай... Відаць, такое будзе штосьці, Калі зямны збудуем рай,— Падумаў, весела прыкінуў: — Вось гэта вам аўтарытэт: Нядаўна елі хлеб з мякінай, А тут — сусветны райсавет!..» Плыла дарога, бы ў тумане, Кружыўся белы карагод — Бярозы! — на завейным стане Чарнявых крапінак разлёт. І зблізку снежна, і здалёку, Нібы зіма ўладарыць спрэс. Але, пабач, як прагне соку Матыль, дзе пеніцца надрэз. Вясна! Вясна — у цэлым свеце. Яе не возьмеш на падман. Дыхне палямі лёгкі вецер — Спадзе бярозавы туман. Асмажыць горыччу палыннай Крушын настоены гусцяш. I ўжо наперадзе — раўніна I даль, адкрытая наўсцяж... Адно ад песні засталося: Апошні подых, успамін, Бароў і пушчаў адгалоссе — Бярозавы купчасты клін. Нібы пад сэрца клін тужлівы, Узмах асенніх журавоў: У вырай залятуць, мажліва, Але ці вернуцца дамоў?.. Руччамі змытая дарога, Травы напорыстая шчэць... Сасняк налева — здань былога — Там-сям тапырыцца яшчэ. А праваруч заходзіць поле — За гай — падковай ярыны. Няўзнак, няўспех, пачуўшы волю, Стрыжэ нагамі вараны. «Спяшацца, брат, няма прычыны», Разводзіць думу старшыня... Гайдаюць ціха каляіны Зямлю, і неба, і каня. Пад жаўруковаю дугою Званок рассыпаў цішыню. А з-за бярэзніку — другое Спяванне прыпарнаму дню. Грыміць палёў абнова — трактар, На слух вядзе з ім баразну, Турбуецца Васіль: а як там — Ці скора ўлашчыць плуг вясну: Прыкрые цёпла і надзейна, Каб жніўнем узышла яна, Каб будні сталіся нядзеляй — За ўсё аддзякаваць спаўна... «Калі раскіпяціцца сёння Ў падлессі поле ўзняць Іван, Лічы, што першымі ў раёне На пасяўной закрыем план»...— I ўжо, нібыта ўвачавідкі, Нібы ў бязгучным тым кіно, На палатне, жывым і плыткім, Пабачыў, як Іван стырно Славажна, велічна трымае, Нібы на стол нясе пірог, Ці свет — на лейцах — сунімае, Як, не раўнуючы, сам бог: Айцец, і сын, і дух машынны... Такім Васіль яго сустрэў I ў першы дзень, калі нахлынуў Увесь народ — аж пыл курэў! Як дзеці — кожны лез памацаць, Пагладзіць дымнага каня. — Ды ён, кажу вам, не для цацак,— Іван буркліва адганяў. Калі ж натоўп глядзець прышпарыў, Як трактар выйдзе на загон, Дык тут Івана нават з твару Было не ўзнаць... Як вырас ён! І як узвысіўся, узнёсся Над тым абшарам, над зямлёй!.. Ірваў, змятаў цераспалоссе, Дзе тупаў басанож раллёй, Дзе кожны камячок на дотык Ды і на пах знаёмы быў, Дзе ласкаю, не толькі потам, Радніўся з нівай дзень сяўбы... А тут — разгон жалезных крокаў! Што там былінка ці грудок, Калі адразу паўвалокі Ён плугам ворыва валок. Нібы пад шнур — барознаў скібы, I сама ў меру глыбіні, І ні агрэхаў, і ні хібаў, І не стамляецца ані. Конь добры, кажучы няўрокам. Але здалося Васілю: Глядзіць як быццам бы звысоку Араты на сваю зямлю. А хіба з ёю гэтак можна? А не пакрыўдзіцца яна?.. ...Нібы ірвалася трывожна Між сэрцам і зямлёй струна. Пад успамінаў перамовы Дарога вывела на лог, Дзе з ліпы бусел местачковы Вышыні ўладныя сцярог. Яшчэ адзін пад'ём — за рэчкай, I ўжо на ўзвалку з-за прысад Пагрозна вырасла мястэчка — Хоць ты варочайся назад. Ды не спыніўся, не вярнуўся, Адно не паганяў каня. Няспешна, ціха азірнуўся, Як бы душой усё абпяў... Напіцца кнігаўкі прасілі, Хоць Нача выйшла з берагоў. Касым крылом касынкі сіняй Махнула сойка наўздагон. Адгрукатаў каменным брукам Пад коламі раённы пляц... Завулак. Цішыня. Ні гуку... «І што ён скажа, гэты Сац?..» Пачнём з таго, што, пэўна, Сацу Не грэх бы пакланіцца тут: Паўгода толькі прымуспрацы Адмерыў Васілю нарсуд. Бо павярнуў суддзя разборы І следства на праўдзівы след: Сказаў адно: «Які ён вораг?..» — А Васілю адкрыўся свет. Які ён вораг... Але ж толькі Матрона сведчыла суду, Як бульбу ён згнаіў і колькі Свіных згубіць наймеўся душ. І расказала, як на ферме, Дзе быў яго загад прамы, Жывёле па-шпіёнску перлі З падсуднай бульбы той кармы. Адно забылася: з якою Разведкай звязан быў Васіль, Назад зірнула з неспакоем: «І як жа ён сказаць прасіў?» — Вачыма Трыхана шукала: «Каб ты з вучонасцю той спрах!..» Ды позірк Ёхаў напаткала — І мову з'еў авечы страх. Хоць потым і падначыў Трыхан Гукнуць: «Няправільны суддзя!» — Сац адмахнуўся, як ад ліха, Сказаў — да ўвагі грамадзян: «Прашу падтрымліваць парадак!..» Астатніх сведак распытаў I прыгавор пасля нарады Аб прымуспрацы зачытаў... «Ну што ж — не прывыкаць, адроблю...» — З развагаю не-старшыня Задком заводзіў у аглоблі Не-старшынёўскага каня. А з ганка люд валіў агулам: Яўсей трымаўся ля парэнч, З прыскокам Мотра прашмыгнула, I Трыханаў прадыбаў фрэнч. Васіль Яўсея зваў пад'ехаць, Ды той па крамах клопат меў. А фрэнч ля Мотры, як бы нехаць, Ухмылкай сцэджваў люты гнеў. Смяяўся, пэўна, для прыліку, A ў пекле цёмнае душы Гарэла гарам, што артыкул Не змог аб шкодніцтве падшыць. Не загрымеў Васіль як вораг, Хоць старшынёўскі збілі чын... Грызуць і Мотру смутак з горам. На гэта многа ёсць прычын... Усю спектаклю заваліла, Што сёння па дарозе ў суд З каханкам назубок зубрыла: Як што сказаць, каб збыўся цуд. «Каб у руках мець старшынёўства, Былі б і мы ў перадавых. Яно ж і так, сказаць, геройства З тваёй красой — і ў радавых. Ды ты б, як ружачка, сядзела Ў канцылярыі ca мной...» I вось — сама! — згубіла, з'ела Ўсё шчасце там, за той сцяной... Цяпер адвернецца, няйначай, Ад саракоўкі Трыханок: Што маладому — парыбачыў I далей невад павалок. Хіба не знойдзе заляцанак, Калі паставяць старшынёй?!. Ды і пасады абяцанай Цяпер не дачакацца ёй. Не пасядзець у сакратарках, Дзяржавай не пакіраваць... Зноў тыя ж вёдры, вілы, таркі, I той жа муж прыпрэцца спаць. А гэтак марыла, чакала... Хоць працаднямі не цвіла: Ледзь-ледзь на мінімум хапала — На сходах першаю была. Лікбез канчала, дэлегаткай Раней хадзіла ў сельсавет, Між актывістак, пры выпадку, Глядзеўся і яе партрэт. Ды раскусілі Мотру людзі: Грыміць на ходзе халастым. Таму і кінулася ў суддзі, Каб зноў павысіць свой актыў. I трэба ж гэтак — спудлавала... Дурніца — нават на вырост. Нібыта ў роце кляп,— маўчала. Усё... Усё кату пад хвост. З такой прычыны-распрычыны: «А каб вас там пагнула ў крук!..» — На суд зірнула, дзе ляйчынай Васіль вярнуў каня на брук. «Ат, што ты возьмеш з гэтай бабы...» — На Мотру ён і не злаваў: Валоссе доўгае, ды слаба Капусту варыць галава. Адно што ў звадах — памялішчам За пяць кабет заўжды мяце,— Ну і язык: паганы прышчык І той уссесці не хацеў!.. I ўсё заўсёды ёй вядома, Пра ўсіх даложыць неўспадзеў: І дома што, і што за домам, I чый задворак чым смярдзеў. Калі зачэпіцца ля студні Язык вось гэткі за язык, Глядзі, што дзень наступіць судны, Пакуль прамоў аціхне зык. Да лапця лапаць — вось і пара: Аж пот курыцца над губой! Таўкуць, і трэплюць, і сячкараць Адна другой наперабой. I ўжо агонь асядзе ў печы, I галавешкі дадымяць — Яны ж — каромыслы на плечы — Пустымі вёдрамі грымяць. На луг каня сцяжынай тупкай Адводзіў поцемкам Васіль, З раёна выслухаўшы трубку: «Пячатку Плеўкіну здасі». А хто быў Плеўкін — добра ведаў I ў тэлефона не пытаў: Цыган свядомы і аседлы, Што так — нясеянае жаў. Сказаць, які вандроўны вецер Занёс яго з якіх дарог На каланчу пры сельсавеце,— Цыганскі бог і той не мог. Пачаў з таго брандмайстар бравы, Што ноччу ў лютаўскі мароз З прысад — для ацяпляльнай справы — Беразняку нацюкаў воз. Калі ж дарожнік неўспадзеўкі Праз дзень агледзеў той прагал, Дык сам з сябе дзівіўся Плеўкін: «Нельзя?! Да как же я не знал!..» Другое з сельскай гаспадаркай Знаёмства даў законны шлюб: Зайшоў у прымы да свінаркі, Перад касой схіліў свой чуб. Цяпер на ферме быў не госцем, Хваліў: «Какой свиной малыш!..» Ды прытка кідалася штосьці На ўцёкі парасё-скавыш. Мажны, высокі, кучаравы. Грудзіна — хоць абоддзе гні! Шынель, гармонікам халявы — Усё як ёсць для старшыні. Што ж, хай бярэцца, хай кіруе, Абы не Трыхан уздужэў. Час пракурацтвы ўсім даруе, А з подласцю — яно цяжэй. Не змыеш і не адпрасуеш, Калі на фрэнчы тым яна, Як вош, паўзе, і галасуе, І сведчыць: вось твая цана. Хоць з Плеўкіна не надта клёку, Але ж усе не без заган. Хлеб старшынёўскі — хлеб не лёгкі Хай паспытае і цыган! Калі разважыць тут цвяроза, Дык Васілю — гара з плячэй. Як людзі кажуць, баба з воза — Бяды не шмат — каню лягчэй. Ішоў Васіль і вольна дыхаў, Як травы, кветкі і зямля. І думаў: на якое ж ліха Жыццё вось гэта азаляць?.. Праныры, злоснікі, пыхліўцы, Майстры зняславіць і падбіць, З чырвонай жычкай нежычліўцы,— З якіх яны ляцяць арбіт? Адкуль паганыя стварэнні Заўжды бяруцца між людзей? Адкуль ix цягнуцца карэнні I ў ствол атрутны сок ідзе? Адкуль яны так хіжа пруцца? Як выжывае нораў той У землятрусе рэвалюцый І поплеч з праўдаю святой? I выжывае, і пладзіцца, І не марнуецца ў тузе. То стаяком ідзе, то ніцма, То на карачках падпаўзе. Няўжо так свет наш змайстраваны На ўсе вякі, на ўсе «заўжды», Што немагчыма без паганак, Як без паветра і вады? Не-е, брат, не верыцца, хоць трэсні. Дастойны акрыляе шлях! Не можа быць пад небам цесна, Калі ты з небам у грудзях. З такім глыбокім і бязмежным, Як над Узбор'ем над маім: Палёт і воля зорных сцежак — Свяці, хапае месца ўсім. Няўжо ён толькі там — для неба — Высокі строй і дружны лад? I не ўзрасце на чэрствай глебе, Не прыйдзе і да нашых хат? Дармо! — вузлы і мы развяжам, Каб лес не зарастаў быллём. Народ сваё па-свойму скажа: Хто песняю, хто мазалём. Як Млечны Шлях, і ў нас дарога. Высока праўду мы нясём. Дарога... Абяцае многа. Дарога... Забірае ўсё... 10 Ноч летняга сонцастаяння Сляпенькая чорная лазня — А колькі людзей абяліла! Каб чуўся хоць трошкі князем — Адпарыла і адмыла. Каб знаў, што прыходзіць субота I цела, і дух абнядзеліць, Каб скінуў турботы, згрызоты З кашуляй, ад поту зрудзелай, Каб венікам стому спляжыў I да халадзёнкі лютай З палка, нібы чорт падсмажыў, Куляўся ў тры перакруты, Каб зноў на свет нарадзіўся, Каб шчодра вада жывая Вярнула назад гады ўсе,— На тое і лазня бывае! Яна пачынаецца з поўдня... І нам тут якраз верхаводзіць: Цабэрак ca студні, як поўня, На вочапе плытка ўзыходзіць. Напоўняцца вёдры — і зноўку Асвер галаву апускае, Як быццам гусак жыроўку Ў рэчцы на дне шукае. Ваду цягаем у кадзі, Хоць, праўда, я збоку-прыпёку: Цягаць — яно Зіне і Каці, А мне — дурэць ды галёкаць! Падкрасціся ды знячэўку Смяшлівымі пырскамі чохнуць, Хоць сёстры ў адказ на зачэпку З вядра апрастаюць — і сохні. Ды мне гэта сама што ў меру: Я зараз пачну качагарыць. Рыпіць смаляк пад сякерай — Таўстун пакручасты з выжарын. Яго — на падпал. А на топку — Бярозавых дроў ды альховых, Каб дух быў, як бульбіна, сопкі, Каб сыпаўся з венікаў новых, Каб мокрым не ліпнуў абкваччам, А суха качаўся па спінах, Адскокваў, як мячык гарачы, З альховай гарчынкай палыннай. Тапіць — во мужчынская праца! I я ўжо ад лазні — ні кроку. Лацвей на мураўцы валяцца,— Як хочаш: спіною ці бокам! Адно паглядай, каб не звёўся, Каб вогненна ў каменцы дыхаў Той бог і той дух, што сваё ўсё Пад венікам выкажа з пыхам. Схапіўшы наводмаш паветра, Нібы для нырца з абрыва, Сагнуся і ў дымныя нетры Ўскочу знадворку імкліва. Шыбаю, шурую паленне, Дзе полымя б'ецца здзічэла, Пакуль не падыдзе каменне: З чырвонага зробіцца белым. Вось толькі назолаю даўкай Падсунуцца сёстры заўсёды. Як быццам без ix тут няўпраўка, Без гэтай жаночай пароды! Ну хай сабе маці сказала, Каб мне давяралі не вельмі, Дык гэта ж каменне — не сала, Не ўспыхне агнём на патэльні. Трымаюся я незалежна, Хоць знаю: не зводзяць вока, Мужчынскі гонар у клешні Бяруць, не ўзляціш высока. Ды мне напляваць! Я дровы Цягаю маўчком з-пад павеці, Каб выгукнуць: — Лазня гатова! — Найлепшая ў сельсавеце. Схазаць, дык па сёння адгадкі Я пэўнай не знаў і не знаю, Калі, пры якіх парадках Асеў ён у нашым краі — Той дзень з бярозавым культам, Што нас на палок узносіць? І сверб маладзецкі адкуль той, Што духу тры меркі просіць? Відаць, тут Купала віноўнік, Купала, што дзевак выводзіў I голых, пад голаю поўняй У росах качаў, ды не шкодзіў. Купала — ахоўнік Узбор'я — У рэчках купаў і ў крыніцах. Таму ледзь не ў кожным падвор'і Суботняе свята дыміцца. Не Рым, дзе патрыцыі ў лазнях Дзяржаўныя справы вяршылі,— Узборац змагаўся тут з граззю І ніжай і вышай ад шыі. Не мылам і маслам заморскім — Жарствою наводзіў глянец. З ахвотай-якотай узборскай Адмыецца — люба глянуць! І сам — хоць стаўляй на покуць, І дзеткі звіняць, як арэшкі. Аднак жа — не ўкусіш за локаць — Вясёлая ходзіць пасмешка: «— І скуль ты, бялюсь, аб'явіўся, Сусед да суседа рагоча,— Як лут, на каляды памыўся, Яшчэ й на вялікдзень хоча». Калі хто пагудку такую Ў фальклорны падсуне зборнік Ці мудры трактат адштукуе,— Дык то не пра наша Ўзбор'е. Яно ў нас — вясёла спрадвеку — Вясёлай суботы чакала, Бо ў нас кум і брат чалавеку Любому — Іван Купала. Шугай жа, агонь мой, узвейна, У дыме панурым не вязні! Ад спін, на палку збранзавелых, Святлей, мая чорная лазня!.. Тым часам каменне паспела. I ўтраплена так, калі з працы Вяртаецца бацька, бо смелых Няма, каб за клешчы брацца. Я змог бы, ды сілы не ўдосталь: Заціснуць і выхапіць камень З пякельнага жару не проста. Таму і сяджу. І чакаю. Праходзяць дарогай мужчыны, А бацька звярнуў — праз выган Прастуе да лазні... Чын чынам Я ўсё праясніў яму мігам. — Ну што ж, калі разам, дык разам, — Дашчаныя ўзяў дзве лапаткі — Прымерыўся, каб не прамазаць, І першую сціснуў хватку. І нёс — гарэлі кляшчыны, І трэскаўся суха камень, І з бочкі вада аблачынна Ў столь выбухала клубкамі. Аж пот халодны ад жаху Ў мяне выступаў на носе — Як раптам распарыста жахне, А клешчы ў бакі так і носіць! Ды бацька не садзіць таропка Той вогненны кавал у бочку, Бо так не збярэш і клёпкі — Усё разнясе на драбочкі! Спачатку тройчы макае — Хай крышку пагасне шаленства, Затым прытрымае камень: «Не рвіцеся, ваша каменства!..» А той аж ламае клешчы, Гатоў заіржаць — і галопам! Вада віруе і плешча — Вось-вось абручы лопнуць. Калі ўжо буянства ачахне, І дробнаю пойдзе дрыготкай, І ўжо пасвятлее ў вачах мне — Вынырваюць клешчы, як плоткі. А камень на дне вуркоча, Сярдзітымі б'ецца кругамі І, каб шаравацца было чым, Жарству расцірае нагамі. Ну вось і вада нагрэта, І каменка пухне ад духу, І венік, прапахлы летам,— Зганяй на палку галадуху!.. То вухкае, то якоча, То просіць паддаць яшчэ раз — Яўсей, заўсёды ахвочы Збіць з каменкі першы інтэрас. Каўганку падкінуць з пытаннем: «Ну як, галава не лысее?» Другую сустрэнуць маўчаннем: Тут жарты благія з Яўсеем. Калі ж пасля трэцяй меры З грудзей яго вырвецца клёкат — Слабейшыя пнуцца за дзверы, А мы — на падлозе ўпокат. І плечы гараць, і вушы, Займае і дух, і мову. А зверху, бы молатам, глушыць Яўсееў венік дубовы. Бярозавых ён не прымае: «Не паранне з ім, а забава. Бяроза — яна для маю Ды хату падмесці бабам». Згаджаўся Васіль, што мускул Цвярдзее з дубовым лістам, Ды ўсё ж для душы беларускай Радней той вязанак бруісты — Той хвалісты, з шэптам зялёным, Што ў летняй гуллівай павазе З пагоркаў бяроз нахілёных Прыбег ручаінамі ў лазню. І вось ужо грудзі і плечы Лясною абкатвае плынню: То ўспомніць ласкава аб нечым, То сонцам спякотным нахлыне. I ўсе тым дыханнем сагрэты, Лістота шуміць гаманкая — Каму адзвінела ўжо лета I тым, каго вёсны гукаюць. Зялёнага веніка смага, Зялёнае сонца бярозы! У цела ўліваецца брага — П'янее самы цвярозы! I ўжо халадзёнкаю з дзежкі Задуху не згоніш тую: Хто наўскач, а хто ўперабежку — Усе да рэчкі прастуем. Тут, праўда, мужчын не багата: Куляюцца дзеці, як гyci, Ды пара падлеткаў цыбатых, Чый сорам хавацца не мусіць. Ды з полымем за плячамі, Хоць плаваць вучыўся ў сякеры, Бяжыць Сілівей і адчайна Нырае, аж ёкае бераг. Хвала табе, чорная лазня! Хвала табе, светлы Купала, Што быў ты з намі не блазнам: Гарэзваў, ды клёку хапала. Хапала разважнасці мудрай Нам песню ўдыхнуць у грудзі I выправіць не лахудрай Душу народную ў людзі. Каб яснай была і чыстай, Як белы кужаль абруса, Каб днём не згасала імглістым Яна, душа беларуса. Вось гэтак, ці прыкладна гэтак, Ці, скажам, у гэтым кірунку Мой бацька з вяршыні лета Глядзеў на быцця малюнкі. Бо ў лазні памыўшыся, кожны Філосафам робіцца трохі, Хоць клопат будзённа-абложны Ў жменьку сціскае эпохі. І думка шкрабецца паціху Аб тым, што вось тут, на парозе, Казаў той, і ліха не ліха, Як едзе ў далёкім возе. Сваё — і журыць, і вяселіць, I сушыць, і гоніць смагу,— Сцяжынкамі ўзборскіх аселіц Ідуць Васілёвы развагі. Адсеяцца толькі што ўспелі, А тут сенакос падступае, I конік турбуецца ў зеллі: «Касу адкляпаў ці тупая?» І драч мянташкай сухою Ўсю ноч за кустамі шаргоча, І сталь у цяньку пад страхою Без працы вісець больш не хоча!.. Зграбеш, устагуеш надрэчча — І колас, глядзі, загукае. Сярпы маладзіцам на плечы Пасядуць маладзікамі... Гайдаецца думак човен, З палёў у хату вяртае — Да кніжак вунь тых вучоных, Што ўпрыцемку дочкі чытаюць. Сказаў: «Пакіньце сляпіцца», А сам сабе моўчкі прыкмеціў: «Ось дня не хапае быццам — Пайшлі, брат, вучоныя дзеці...» І хоць на чытанне з павагай Заўсёды Васіль дзівіўся, Ды ўсё ж мужыка-бедалагу Ўзносіў пры гэтым увысі. Вучонаму што: не сёння — Даробіць праз год, праз дзесяць. А не дачытае спрасоння, Дык воўк не падохне ў лесе! Ці халепа ўдарыць, ці спёка — Ніхто з цябе не спытае: Хлеб лёгкі ад поля далёка, Хлеб лёгкі на крыльцах лунае. Вунь Зіна чытала, як Пушкін Пару падбіраў да густу: То гразка, то мошкі ды мушкі — I ў сэрцы, бачыце, пуста. З настроем не ладна — і з вершам Выходзіць штосьці не тое: Паэт — па Расіі найпершы,— А вось і ў яго прастоі. З адным толькі бацька — хоць трэсні — Не мог пагадзіцца начыста, Што восенню бралася песня, А не вясною квяцістай. Ды з Пушкіна спыт асобы. Ён Пушкін — і з ім не раўняйся. А вось жа і іншым собіць Сядзець на нейкім Парнасе. Захочаш — пішы там вясною, Не хочаш — увосень дапісвай — І ўсё на адной аснове: Круці галавою лысай. A ў нас цябе так закруціць Ды так уссядзе на плечы, Што будзь ты хоць тройчы труцень — Не ўлежыш на цёплай печы. Вясной у пару не пасееш, Дык трасцу збярэш увосень, І стань, брат, прарокам Майсеем, Як есці кішка запросіць! Пакуль памудруеш ніцма, Дык пэўна ўжо там, наверсе, Пакоціцца сонца лісіцай — За хвост ухапіць не мерся! І год — не конік сівенькі, Прывязаны да агарожы. І часу былога хоць жменьку Ніхто табе даць не зможа. Не купіш вясну на базары I ў бога не выпрасіш плачам. Пасеяць — дык толькі зараз. Ніяк не выходзіць іначай. Так думаў мой бацька... А недзе За тысячу вёрст ад лазні Хвіліны заглытваў нелюдзь І з часу гадзюкай вылазіў. Над летнім сонцастаяннем Адзін, неадкладны, шалёны — Таксама клопат — груганіў: Мільёны, мільёны, мільёны. «Пад грэбень — усю Еўропу, Пад грэбень — аж да Ўрала. Яўрэі — найпершы клопат: Дзесяць мільёнаў. Мала! Пад грэбень — спагады ніякай! — Каб нам прасторы хапала. Дваццаць мільёнаў— палякі. Мала! Мала! З крыві— ад самых пялёнак Арда Чынгіс-хана ўставала. Рускія — сто мільёнаў. Мала! Мала! Мала! Германія! Новы бераг Вялікай, сусветнай, дзяржавы!» Перад вачыма Герынг Танец чыніў крывавы. Скакаў на стале, а фюрэр Прарочыў уладу над светам: «Яшчэ не такія фігуры Станцуем,— пад боты, планета! Пад кулю — любое пытанне, Пад кулю — позірк няветлы! На шары зямным — наш танец. Скачы ў крыві, планета! Час! Ні хвіліны спазнення! Германія! Хопіць цясніцца!» «Дортмунд!» — сігнал наступления, «Дортмунд! — зрывае граніцы. І гоніць затвор у патроннік Германію, дух стагоддзяў... Адною дарогаю сёння 3абойца і сейбіт ходзяць. Два клопаты, а планета Адна, і другой не будзе... Не зналі той ноччу аб гэтым Hi бацька, ні ўзборскія людзі. Не знаў і я, зразумела... Напіўшыся сырадою, Я ў сне паміж красак белых Сцяжынку праз луг адольваў. Вы бегалі так хоць аднойчы? Вы зведалі тую праяву? Ляціш нерухома, a ў вочы — Сонца, і кветкі, і травы. Чаму ж яны белыя толькі?! Ага! Малако збіраюць! І чуецца: мама з дойкі Гарлач напаўняе з краем. «Вось гэта,— кажа,— ад цёткі, Што Дзятлінкаю завецца»,— I пеніцца кубак салодкі I мёдам у рот ліецца. «А гэта ад дзядзькі Рамонка: ён трохі гарчынкі дабавіў»,— I ў сне я прыцмокваю звонка, Прыпухлымі ў красках губамі. Я ўсіх пазнаю, хто жыве тут, I сваркі няма ў нас ніколі. Мы — дзеці. I наша планета — Вось гэты луг пад шчакою. Кацілася ў сонцастаянне Ноч мігатліваю знічкай. Ды дзе ж яно, дзе світанне? Гадзіннік стаміўся адлічваць. Гадзіннік задыхана стукаў Дню летняму ў светлыя дзверы. Кароткая ноч — прыступкай Ты стала для чорнага звера. Прыступкай у ноч другую: Тры ўкоптур гады — на стагоддзі — Той звер дзень за днём — адстагуе, Дзе з чорнай касою пройдзе. Тры чорных гады вісела Ноч над сонцам высокім. Світанне ў агні згарэла, І дзень быў далёка-далёка... Чэрвень. Дваццаць другое. Сэрцы, сейсмографы свету, Хавальнікі ран незагойных, Вы помніце ноч гэту? Вы не забыліся, Што пачалося?.. 11 Днёўка Камбат над картай раз і два схіляўся, Красаў запалкі: — Што за чартаўшчына! Пазначан лес — а дзе ён падзяваўся? Адны хмызы з імхамі па лагчынах. Так і заднюеш на патэльні гэтай. Ісці ж далей — як ёсць, самазабойства: Прастрочыць самалёт — і песня спета. Тут і прывал табе, і ўсё геройства. І слава — што травою прарастае, Сухменным летам зеляніцца горна — Адметная — крамяная, густая, Дзе хтосьці твар зямлёю твой прыгорне... Рашыў камбат: ці добра там ці блага, A днёўку ў вёсцы аб'явіць падворна, Папоўніць харч, вадой заліць біклагі І ногі астудзіць ад вёрстаў чорных. Давёў сігналы, выставіў дазоры І хату выбраў— першую ад шляху. А праз гадзіну сном тараніў змору З прысвістамі пад Васілёвым дахам. Даўно ўжо так не слалася камбату — Як быццам у маленстве апынуўся... Расплюшчыў вочы, азірае хату. І раптам ад здагадкі страпянуўся. Ды і Васіль цішком дзівіўся збоку: «Чупрына тая ж, толькі пасівела, З гарбінкай нос, і той жа шрам ля вока...» Нарэшце ўсё-ткі запытаў нясмела: — Хачу дазнацца, выбачай, таварыш, У грамадзянскую вы не бывалі ў нас тут? — Ды я і сам наўкол вачыма шару: Знаёмая будыніна — і баста! Карчма, здаецца? — Ды яна, а як жа. Перакупіў вясёлыя харомы. — Яшчэ тут побач, помніцца, кулак жыў... Ну й рэзаліся ж мы тады ў Аброма! Васіль не раз прыгадваў тыя спрэчкі: Танула ў дыме газавая лямпа, Абром круціў на барадзе калечкі, А Сёмка па стале далонню ляпаў: — Ніхто не вольны ў гэтым вольным свеце. Адна зямля — карміцелька і ўлада. З якога боку ні падзьмуў бы вецер — Яна не ўважыць: ёй давай парадак. Яе ўзары, гнайку трусіць не грэбуй, Дажджу пад корань выпрасі ў нябёсаў, Сажні, збяры — і маеш лусту хлеба: Хай не ад пуза, але ўсё ж удосыць. Быў камандзір бязвусы і гарачы, Штораз нервова шморгаў партупею І Сёмку рэвалюцыю тлумачыў: — Ты вось пад'еў, а беднякі — гібеюць! — Якія беднякі?! Зямлі — валока, Не менш, як і ў мяне, ды і не горшай,— А вунь ляжыць Арцюх на печы бокам Ды пасвіць, як на ўбой, пад світкай вошы. Зямлю дала савецкая ўлада? Дала. А ён? А ён — і не ў аглоблі. Зямля яму, скажу, як чорту ладан. Ён жджэ, відаць, што клін той я аброблю. — А ты, Сямён, дарэмна лямантуеш. На кім араць? — Васіль тады зазначыў. — На кім, пытаеш? Дай зямлю мне тую Дык я ўспушу рукамі, на карачках. — Ну, скажам, на карачках ты не надта... — А хто ж зрабіў шнуры, як той каберац? — Сямён устаў і пальцы, нібы краты, Нягнутка перад лямпай склаў аберуч.— А вось яны! — I ўсе туды глядзелі — На чорны і парэпаны дзесятак, Што прапусціць — нібы жалеза ў целе — Не мог ад лямпы ценяў ружаватых. I меркаваў Васіль сабе паціху: «Які буржуй з яго, калі спіною Ён сонца толькі й бачыць: без аддыху Гарбее, покуль выпраміць труною». А камандзір здавацца і не думаў: — Нутро тваё я вось як разумею: Абы ў трыбух, абы паменей шуму,— За жменьку гною прадасі ідэю. А беднякам — пара зграмадзіць сілы, І шлях цяпер адзіны ёсць — камуна,— Каб зацвіло ў ix ды закаласіла, Каб трохі і ў цябе пратросся шлунак. — Я жыць хачу, і вы жывіце з богам. Я чалавек такі: араў ды сеяў. Карміў людзей. І не забіў нікога. А ты мне ўсё «ідэя», «за ідэю». А што яна? З якім заморскім смакам? І з чым ядуць ідэю, мне скажы ты?.. Бяжы за ёй — а выйдзе кукіш з макам: Патопчаш лапці, не пасееш жыта... Стварыць тады не выпала камуну: Атрад пайшоў далей высмальваць банды. Прыціх Сямён, Абром лавіў фартуну, I пеніўся ў карчме вясёлы гандаль. Але прабыў тут камандзір не госцем — Зярнятка ў сэрца кожнае пасеяў: Каму — пачварнай і зацятай злосці, Каму — трывогі, а каму — надзеі. А перад маршам Васіля ўгаворваў Пад штык ізноў з куросання вярнуцца, Змахнуць з душы разгубленасць і змору Сусветным палыханнем рэвалюцый. Што адказаць? Васіль, як цень, хістаўся: Аж пяць гадоў — акопы, лазарэты, А бомба ўсё ляцела і гула ўсё, I выбух поўз услед яшчэ й дагэтуль. Кантужаны, да дзедаўскіх завалін — Абараніў цара, адваяваўся — Прыйшоў — даведацца, што жонку пахавалі, Што з дзіцем на руках ён тут застаўся... Даводзіў камандзір: — У нас — праграма. А ты прыліп тут да палоскі задам. Сказаў Васіль: — Зямлю араць таксама Камусьці ж трэба... І карміць уладу. — Я знаю ваша племя земляное: Хто з печы сцягне — рады ці не рады,— А з тым і пойдзеш і стаіш сцяною, Той для цябе і ўлада і парадак. — Улада? Можа й праўда. Але прагну Парадку іншага, што праз вякі — галоўны: Ну хто, скажы, мяне за крыссе цягне Вясной у поле, восенню да ёўні? Не толькі, брат, кішка, не толькі голад. Ёсць нешта і такое, што не знаю... Вось ты глядзеў, як тоненька і квола Расток зямную тоўшчу працінае І ўсё грабецца — да вясны, да неба?.. Дык знай тады: я — не сваяк гаротны, Я з полем звязан не кавалкам хлеба — Тут і жыццё, і смерць, і бессмяротнасць. — Ну, а зямля, дзе б сеяў і араў ты? — Зямля ўжо ёсць, дык што па свеце гойсаць... — А хто ж усё аберажэ, каб заўтра Ў парабках не быў ні твой, ні мой сын? Ці, думаеш, і бітва адшугала З тым, калі скінуў царскія пагоны? — Я думаю: а як бы ўсё трывала, Каб не мужык і каб не хлеб ягоны? Вось наша праўда: жыта сей паболей, Яно для ўлад — някепская затычка. Махнуў рукою камандзір: — Даволі! Тут з Сёмкам у цябе, па-мойму, змычка. Было — сплыло. Улеглася, асела. Даўно ў Сібіры Сёмка парыць косці. Было — сплыло... Ды новая прыспела Мітрэнга на парог нязваным госцем. Нібыта ўзняўся белы свет на ногі: З пажыткам — бежанцы, ваенныя — з віною — На ўсход, на ўсход — забіты ўсе дарогі, Запоўнены пакутамі, вайною. Свае даўно знядужаныя сілы Камбат глухімі сцежкамі адводзіў: «Пад самы корань каб не падкасіла, А прыйдзе час — і скажам немцу: «Годзе!» На ферме ўжо людзей стаяла купка, Калі Васіль прывёў туды камбата. Бычок-трацяк бакамі ўздрыгваў цупка I пазіраў на свет, як вінаваты. Адпасвіўся на поплаве, адзыкаў, Адгульбаваў сваё мычун падласы I паступіў да старшыны ў разлікі — Вайсковыя папоўніць харчзапасы. Бо як бы ні даводзілася крута, Знаў старшына — карміцель усявышні: Пры ўсім пры тым, што сказана статутам, Абед байцу таксама не залішні... I ўжо агонь ператухаў памалу, I ўжо з катла бычок укропам дыхаў, I ўжо пяхота лыжкі рыхтавала,— Узмылены, прыбег да фермы Трыхан. — З бычкамі тут, гляджу, у вас геройства! — Аж прасіпеў, як Васіля прыкмеціў.— А ці не пахне гэта самавольствам — Дабро чужое выкідаць на вецер? — Дык ці чужое ж тут? Бычок арцельны. І ўсё законна: грамадой рашалі. — А ён чыёй каровай быў ацелен — Бычок вось гэты — вы ў таго спыталі? Не помніце? Дык я скажу: мой бацька Яе ў калгас з двара свайго адправіў. — Дык ты бычку, выходзіць, як бы дзядзька? — Я гаспадар. I гаспадар па праве. Яшчэ скажу да ведама праўлення: Гатоў хоць зараз выявіць паштучна, З адрыны нашай дзе ляжыць бярвенне, Што я для фермы здаў уласнаручна. — Ці ты кляймо паставіў тут якое? — Аж плюнуў Ёха і расцёр падэшвай.— Ну а бычок — махні бычку рукою: Вантробы забірай хутчэй ды еш вунь. — I забяру. Маё дабро, не ваша. А старшына да Ёхі: — Извините: Мы вам расписку выдадим, папаша... — Распіску...— зыркнуў Трыхан.— Вы скажыце!..— I злосцю, нібы клоп крывёй, напоўнен, З кішок начынне вытрасаў густое.— Я запішу! Я гэта вам папомню! — Кіпеў зацята.— Гэта вам... не тое!.. — Эге, дык тут, выходзіць, не забыта, Хто варанога здаў, а хто гнядую?.. Паслухаць вас — у кожнага нібыта Па ўласніку за пазухай гняздуе. Прыгрэліся і моманту чакаюць,— Камбат дзядзькоў перапытаў вачыма.— Сядзіць у душах моцна гэта заедзь: Перакавалі, ды не ўсіх, магчыма... А можа, перакоўку гналі ўспешкі: Метал не разагрэлі, білі змаху... Звярнуць лягчэй з наезджанае сцежкі, Змяніць жа дух — не скінуць апранаху. Дай толькі знаць, калі падваліць час той, І шугане кулак-двайнік на волю, Зноў пад сябе ўпражэцца ўсё грабастаць: Зямлю, ваду і неба — як паболей... Маўкліва пазіралі ўбок вяскоўцы: «Бадай ты ад кішок ад гэтых спрахнуў!» А Трыхан пёр карыта на вяроўцы, I духам пралетарскім тут не пахла. Вясёлыя салдацкія абеды! Прывалу цень, сухі дымок і пара... Нямала ix Васіль калісьці зведаў — I ўзатаўку і голых, без навару. Але адзін у памяці і сёння Праз тоўшчу год дыханнем волі свеціць. ...Былі пайкі раскладзены на ўслоне, «Каму?» — байцы гукалі, нібы дзеці. A ўгадчык, адвярнуўшыся, адказваў... У гурце так дзяльба вядзецца часта. Ды раптам... Не, Васіль яшчэ ні разу Не чуў, каб гэтак з воінскім начальствам... Як адгадаў баец той: «Камандзіру!» — А порцыя — бадай што руля з косткай — Аслупянеў Васіль: «Нагарадзілі... Ну і разгон жа будзе, ну й пачостка!..» А камандзір — камбат вось гэты самы — Смяецца толькі, быццам так і трэба: — Ды тут жа мяса — пахне кілаграмам! Астатняе, браткі, надкіньце хлебам... Акопны бог і зух казармаў царскіх, Што ў сотню жыл падчас трымацца дуж быў, — Васіль дзівіўся явай пралетарскай: «Хоць служба службай, ды і дружба дружбай! І корань тут зусім, брат, не ў вантробе...» Пасля ж — даводзіў Ёху добрым ладам: — Вось гэтак рэвалюцыя і робіць: Па-роўнаму — і хлеб табе і ўлада. Вясёлыя салдацкія абеды!.. Ды сённяшні не весяліў нікога: Глядзелі ў вочы з кожнай лыжкай беды, Разгубленасць, няпэўнасць і трывога. Глядзелі ў вочы мацяркі і дзеці, Глядзелі вокны, птушкі, дрэвы, кветкі. Пакутнай хваляй біўся ў скроні вецер I ў сэрца — перасмяглыя палеткі. І што байцу сказаць на ўсё на гэта? Лягчэй маўчаць. Але куды схавацца Ад тых вачэй, якімі ўслед паўсвету Глядзіць і не асмеліцца спытацца. Дакуль? Дакуль? Камбат не знаў таксама, Дзе вораг перад сілай нашай стане. А Васілю, каб вера не згасала, Упэўнена сказаў на развітанне: — Падавіцца фашыст на Беларусі, Расію-матухну таптаць яму не ўдасца. Праз месяц-два, а чухаць зад прымусім Мы гэтую карычневую трасцу. 12 Пахаванне Капалі глыбока, Капалі да рання. Пры сонцы на локаць Было пахаванне. Пры сонцы на сажань Вярталіся ў вёску. Ніхто не заўважыў, Не дасць пагалоску. Дарога прамая — Туманам, туманам... Вачэй не ўзнімае Васіль на Івана. Натуры не слабкай — Іван — ані слова, Мазутную шапку Камячыць нервова. Тры дні і тры ночы Сядзеў за штурвалам, Не змогся, не збочыў — Дагнала навала... Па сэрцы рыдлёўка, Па думках рыдлёўка Скрыгоча жарсцвяна, Нібыта па ранах... Ляжыць сярод поля Глухая магіла, Не ўзвесніцца болей Сталёвая сіла. Конь верны стрыножан Не лыкавым путам — Пяском абняможан, Бязмоўем закуты. Бывай, дымнагрывы, Жыўцом закапаны,— Загонаў руплівых Не весці Івану. З табой зухавата Не пыхкаць цыгаркай, Калгасны араты Чалябінскай маркі. Сяброўскай рукою — Бо нельга іначай — Твой дзень перакроен, Твой лёс перайначан... Па сэрцы рыдлёўка, Па думках рыдлёўка Скрыгоча жарсцвяна, Нібыта па ранах... Хай сніцца, мой косю, Табе ў злым палоне, Як спее калоссе На сонечных гонях, Як жыта рунее, Як цепліцца глеба, Як песнямі жнеі Вітаюцца з хлебам... Што ўсё гэтак выйшла, Не мы вінаваты. Не жораў калыша Нябёсы над хатай. Не сейбіта ў поле Той вырай гукае: Над плачам, над болем Драпежнікаў зграя. Крыжуюць пагрозна Блакітныя высі. Кладзецца ў барозны Свінцовы ix высеў. I смерць узыходзіць, I смерць каласіцца, I п'е на выгодзе З чырвонай крыніцы. Рыдлёўка, Рыдлёўка... Чый лёс абарваны?.. Рыдлёўка, Рыдлёўка... Скрыгоча жарсцвяна. 13 Сустрэча У чэрвеньскім леце сузор'і Патухлі — не ix віна. Адно пад небам: Узбор'e, А насупроць — вайна. Дзве зоркі ў пустым сусвеце З цямна да цямна: Трывожна Ўзбор'е свеціць, Злавесна — вайна. Дзве сілы маўчаць да часу, А думаюць аб сваім: «А як жа з табой сам-насам?..» «Нам нельга, нам цесна дваім». «Кругом абкруціла, як вуж той, Чакае: глынуць ці не...» «Пабудзь у жывых пакуль што, Бо гэтак патрэбна мне». «Ад гарадоў далёка I ад вялікіх дарог... А можа, абыдзе бокам, А можа, і крые бог...» Ды бацька, стары служывы, Не надта верыў вайне: «Яна з цябе выцягне жылы, Пакруціць, зараза, памне. Яна табе выесць пячонкі За месяц за той ці за два»,— I горка смяяўся з жонкі, З яе надзей на падвал: «Вайна, брат, у дзюрку любую Праціснецца носам-штыком: Яна і прасёлкам шыбуе — Не толькі адным бальшаком. Давай, покуль ціха ад ліха, На вокны крыжы — ды на ўсход...» Заплакала Васіліха: «Ты бачыў, каб ехаў народ? Каб нехта дзе кінуў гняздоўе?.. Калі не дораг свой кут — Таўчыся па свеце, як доўбня, А я застануся тут». Васіль разумеў: па гарачцы Куліна той спеў завяла,— Каму ёсць ахвота бадзяцца Без хаты сваёй і сяла, Без печы, без лыжкі і міскі, Без дбайных дзяружак сваіх... І дзе ён, той свет няблізкі, Што ўцешыць прытулкам ix?.. Па праўдзе, Васіль і не ведаў, Дарогай якой уцякаць, Хоць віснуць над хатаю беды І ён тут на сёння — ЦК. Галоўны, адказнейшы самы За гэты маленькі сусвет: За нас за траіх, за маму,— Цэнтральнейшы камітэт! Ён тут... А далей? Абсягі З Узбор'я зусім не відны: Якія снуюцца працягі, Якія канцы у вайны? Ніхто не сказаў, не парадзіў. Сам Плеўкін запрог каня, Гукнуў Васілю: «Я на день В раён. А ты — за меня». (Васіль ужо з год брыгадзірыў, Быў правай рукой старшыні, Бо той — не ўгнятаўся мундзірам: Ba Ўзбор'і пускаў карані. Віхурыўся чуб кучаравы, I цямілі нават аслы, Адкуль хлапчукоў чарнявых Прыносілі ў вёску буслы). «А ты — за меня...» Усцешыў... А хто за мяне? — скажы? — Ля самых апошніх сцежак, Ля самай апошняй мяжы?.. Даходзілі чуткі: актыву — І як там, і што там, і дзе — З раёна былі дырэктывы... Ды Плеўкін — куды ж ён ix дзеў?.. Няма ні самога, ні вестак. Панікла Ўзбор'е ў смузе. I толькі навін пярэстых Ланцуг языкаты паўзе... I кожны — амаль што сведка: Хто побачкі дзесьці стаяў, Хто ўзбоч (але вельмі рэдка),— I ў кожнага — дудка свая. I кожны па-свойму іграе, Па-свойму пляце і чаўпе,— Як быццам аб'явы чытаюць На нейкім сусветным слупе. Загад, кажуць, быў, каб, уласна, I хаты, і нівы спаліць. Адно толькі, быццам, не ясна: А чым жа людзей карміць? Ці, можа, з пайком казённым Прыбудуць немцы? Якраз! У ix і дзярмо па зонах Даводзяць — не так, як у нас. Які-ніякі, а прыварак — Для рэйха прыдатна ўсё: I кучу ў цябе атавараць, І косці, і валассё. Другія плялі, што Гітлер Таксама стаіць за калгас. Ён толькі, вужака, хітры: З зямлі хоча выжыць нас. Таму і не ўступім. Скулле Хай з макам той немец глыне. Хай знае — хто і адкуль мы І дзе нам быць на вайне. Ці гэтак, ці так, але бацька Рашыў адступаць. Хоць маршрут Мякчэйшы выбраў — да дзядзькі Ў лясны балоцісты кут. Абы далей ад дарогі, Ад гэтых прабойных крыжоў, Дзе выйдзеш — і чорту на рогі, Як сала на той ражон. Павернуць цябе і падсквараць — З якога боку ямчэй... ...Мы выйшлі. І крокі, і твары — На ўсход. А ля самых плячэй Як хтосьці рукамі грабецца, За клункі трымае маўчком, Вось-вось упадзе, здаецца, Уздоўж дарогі нічком... Аб нейкай пакутнай страце Аж звон увушшу стаяў. І першай крыкнула маці: — А хатачка ж ты мая! Тады і мы зразумелі, Хто ўслед нам шаптаў здалёк, З-пад аканіц пасівелых Хто слёзы раняў на пясок. Чые — шкляныя, буйныя — Сцякаюць, нібыта ў пажар. I ногі чаму так ныюць, I плечы гняце цяжар. I зрэбная торбачка з соллю — Такі мне давераны груз — З тым цьмяным і мулкім болем Чаму ўступае ў саюз. З плячэй так і просіцца долу... А тут напярэймы — лаза, І рэчка, і луг наш вясёлы... І я: «Не пайду»,— сказаў. Якраз у канцы агарода, Дзе мятлік дзябёла дзічэў, Цярпенне змаглося ў народа — І рухнулі клункі з плячэй. Вось тут, пэўна, бацька і здаўся. Прысеў каля нашай гурмы: — Ці толькі ж на нас бяда ўся? Як людзі — так будзем і мы. І думкі цяжкія пыталі: «А Змітра ўцячэ ад бяды? А Пётравы дзеці з Наталляй — Без бацькі, сіроты — куды? А Ўзбор'е з крыжамі на ўзлоб'і? А цэлы, узяць, сельсавет? А потым — раён ды вобласць,— Куды ж яны пойдуць у свет?..» І ўсё ж вяртацца дахаты Бацька забараніў. Павёў нас да Змітры, да брата, На дзедаўскія карані... Ці з раю зямнога, ці з пекла — Прыкмечана ўсімі здавён, Што цягне бяда чалавека Туды, дзе радзіўся ён. Дзе бабіла бабка калісьці, Дзе пуп закапала яго... Туды ён — да першых ісцін — Плыве ад крутых берагоў. Туды, дзе ў патрэсканай столі Знаёмы кожны сучок, Дзе хтосьці маўчком, без болю Ўсе крыўды рассуне плячом. Дзе першым вянцом прадзед Клаў памяць драўляную хат: Нельга жывым здрадзіць, Мёртвым — нельга стократ. Няўмольна час пралятае, Ды ў сны прыходзяць заўжды Не новыя хаты, а тая, Што знала цябе тады, Калі ты ляжаў у калысцы I слухаў матчын напеў, Калі ты вучыў не па кніжцы І радасць, і слёзы, і гнеў. Не рвіцеся ж, мудрыя ніці, І ў чорны, і ў светлы час! Крылом сваім ахініце, Прапрашчуры, грэшных нас. Вось гэтак з сям'ёю на сховы Ішоў да сялібы бацькоў Наш бацька. А нам у галовах Сядзела адно: «Дамоў...» Навошта нам тыя канчане, Дзе Змітра, наш дзядзька, жыў... Народ мы, як ёсць, адчайны — Нам дорагі нашы крыжы! А бацька на суткі — не меней, Здавалася мне, назусім — Ад хаты нас вёў загуменнем, Няўмольны — прасі ні прасі... Жыгучка-крапіва казыча, Ігліцца дзядоўнік густы, Бо мы — па законах тактычных — Паўз рэчку ідзём, праз кусты. Яшчэ паўдарогі асіліць Не ўспелі, як раптам з лазы Гукнуў нехта сіпла: «Василий!» — I свіснуў наўзгон два разы. Сустрэча! — ды так неўспадзеўкі: У чорнай дрыгвянай бурдзе Ад ног да макаўкі — Плеўкін Над рэчкай панура сядзеў: «А я вот сейчас оттуда,— І з ботаў вада на пясок.— В Лукомле уж немец, паскуда, Считай, посадил в мешок. И узел сегодня, пожалуй, Завяжет. В Узнацке с утра От танков земля дрожала»,— I выдых, як стогн, з нутра. «Но мне туда всё-таки нужно: Ружьишко имеет тесть. Так вот: я в Узнацк, на ужин, А встретимся завтра. Здесь. Меня ты пока что не видел,— Махнуў Васілю рукой.— Коль что — так не будь в обиде»,— І знік у кустах за ракой. Цыганскага сонца акраец, Цыганскага неба шматок, Цыганскія зоры згараюць Над заваддзю рыбных заток. Туман асядае за грэбляй, Над рэчкаю ў дзесяць пален Масток перасушвае рэбры, Ля палі — шчупак, як бязмен. Адважвае скупа хвіліну — Апошнюю — карасю: У імя айца і сына Глынуў бы затоўку ўсю! На хвалях пад ветрыкам чуйным Усход пунцавее луской... Адкуль ён, адкуль ён, адкуль ён — Трывожны прыбег неспакой? Ці Плеўкін няўзнак зварухнуўся, Што пырхнуў спалохана дрозд? Ці гэтак шчупак ірвануўся, Што ўздрыгнуў на палях мост? Ці штосьці дарога спрасонку Цяжкое сваё загула? Ці сонца чырвонаю слонкай Ірвалася ў неба з сіла? Прыслухаўся Плеўкін — і мігам Усё зразумеў: яны. На Ўзбор'е свінцоваю крыгай Заходзіць крыло вайны. Плыве з-пад Узнацка, з усходу, Дзе ён Васіля чакаў. Дыхнуў бензінным смуродам Вусцішны павеў вецярка. Бліжэе, бліжэе ляскат, I вось — разрывае смугу: Зялёныя мотакаляскі, Як труны на колах, бягуць. І з кожнай тырчаць галовы, Жывыя, шкада, усе... Усе?! А яго — груганова — Што над кулямётам вісеў? Рагаты, шэры, зіркасты, Абнюхваў ён прагна кусты. На рулі запыленай раструб Душыўся ад нематы. «Что будет, то будет,— не знаю, А ты уж мертвец у меня»,— I Плеўкін на мушку ўзнімае Дзюбаты твар наслання. Ці паспяшыла ў гарачцы, Як порах, цыганская кроў? Ці грэбля выбоістай скачкай Хіснула каляску ў роў? Ці ўдарыў шротам птушыным, А трэба было на ваўка?.. ...Шалёныя чэргі прашылі Зялёную шчэць лазняка... Падскокваў,— відаць, начальнік: — Бандыт? Камісар? Жыд? I Плеўкін, і людзі — маўчалі. Тады загадаў: бяжы! Яны яшчэ добрыя сёння — Гумор па нутры гадаўю: «Няўдзячны!» — злуюцца і гоняць Вясёлую смерць даюць. Пабегчы? На радасць катам? Мішэнню?! Не кліч, прасцяг! Занадта высокая плата За дзве хвіліны жыцця. Ён ганьбе не дасць узборцаў! I крыкнуў крывёю рот У смех азвярэлы забойцаў: — Стреляйте! Пусть видит народ. 14 Завейны госць Свет панурым дыханнем поўнячы, Вецер пухкія хмары вазіў. Снег валіў і валіў да поўначы, Шчыраваў— як на дзесяць зім. А пад раніцу грукнула ў шыбу Цішыня незнаёмай рукой. Бацька доўга збіраўся, нібы Перад цяжкай дарогай якой. Крокі два — ад ложка да клямкі... «Ну й сяліба... Нікому як нам...» Свет чарнеў прахуканай плямкай Праз імглістую шэрань акна. Асцярожна адсунуў фіранку, Пальцам «вочка» шырэй прагрэў: Воз прыцёрся ля самага ганку, Палазнёю — падвей курэў... «Конь тутэйшы, ды, быццам, не з нашых: Хвост падсечан, грыва ў падрэз...» Хто ж ён там? Хрыпла бухаў кашаль, А яздок — у «вочка» не ўлез. Толькі стукаў. Цяпер ужо ў дзверы. Неяк суха,— відаць, пугаўём. Бацька ўсцягваў армяк, нібы мераў... Час не той, каб ляцець салаўём. Час не той, каб насустрач госцю — Ці ты сват, ці начлежнік які — Паспяшацца вароты распросціць, Як вялося ў людзей праз вякі. Час не той... І клямка не тая, I вушак — адступіў наўзбоч, І парог — як гapa крутая, Быццам хтосьці падняў за ноч. Сенцы холадам лёгка дыхнулі, Аж мурашкі пайшлі ля плячэй. — Хто там? — вусны гром скалыхнулі. — Ды свае — адкрывай хутчэй... Свой не свой — бургамістр з воласці, Азалелы сядзеў за сталом. I пяршак — не звыклы да кволасці — Напралом дзяліўся цяплом. Што ды як — не спяшаўся бацька, Дый ахвоты, сказаць, не было, Каб распытваць ці больш — назаляць каб. Толькі ў думках былое плыло... А былое было не за светам, Не за векам былое было, Як Захар, сакратар сельсавета, Бургамістрам прыджгаў у сяло. На кані старшынёўскім, што ў тэрмін Не паспелі мабілізаваць, На палях пагойсаў, на ферме I пайшоў па дварах гізаваць. Сход збіраў. Ля калгаснай канторы Ўпікаў спахмурнелых жанчын І на поле ківаў: — Ці ж не сорам: Асыпаецца жыта, лічы... Быў адказ — маўчанне. Ні гуку. Не ўзняла вачэй ні адна. — То няўжо адвучыліся рукі Серп трымаць? Ці не гнецца спіна? Ці імпэт без мужчынскае ласкі Гэтак хутка паспеў адсырэць? — Ты нам тут языком не ляскай, Гора бабскае не вярэдзь. А з работай — дык трэба ж парадкам,— І па ім — як нажом — правяла. Бургамістр пазнаў: дэлегатка, У селькоме не раз была. — Вось цябе кіраваць і прызначым,— Пэўна, клопат не так пагрызе. — А чаму гэта? — крыкнула з плачам.— Тут жа можна і ўсім — па чарзе. Ці мужчына хай правіць каторы. Вунь не зломак хаця б і Васіль. — Гэ-э, а дзе ж яны, дзе? Ля канторы Тых мужчын і не бачна зусім,— Толькі тут Захар схамянуўся: Шапкі дзве ці тры налічыў… Нават «Пан» за баб захінуўся... А чаму? Ды хапае прычын... Сто гадоў не здагадваўся Саўка, Што палітыка — тонкая рэч: Тут не выйдзе «гаў» — ды пад лаўку, А як дзеду — то, значыць, на печ. Тут і ён — чалавек бывалы — Ды глядзі ты, маху як даў... І прарвецца ж такая навала!.. Дзякуй, цэлая хоць барада... А было яно ўсё праз гэта: Ад эпохі Саўка адстаў I таварышаў з сельсавета Называў без усякіх падстаў, Як тады, пры царах,— панамі, Ну, і «з воласці» — дадаваў... «Пан» ды «пан» — гэтак, бачыце самі, І мянушку сабе зладзьбаваў. «Пан» ды «пан». І раптам ушпарыў — Быццам выскачыў даўні клін: Пры людзях — «з сельсавета таварыш» — Адваліў бургамістру чын. Тут Захар і раз'ятрыўся воўкам: «Табе што — не шкада барады?» Як, чаго — дзед не ўцяміў толкам — Сігануў за пляцень ад бяды... Вось і маеш: наперад бы выйшаў, Знаў бы гонар... Ды каб жа не «каб»... Стой цяпер, апусціўшы клышы, Ды хавайся, як нелюдзь, за баб. «А чаго?.. З-за якое прычыны?..» — Покуль Саўка развагі гартаў, Васіля адшукалі жанчыны — Як не свой прыйшоў да гурта. — Сход для ўсіх аб'яўляўся, здаецца,— З лёту гне бургамістр у рог. «А куды ж яно гэта хінецца?..» — Чуў Васіль, ды ўцяміць не мог. Чуў нутром — зацяваецца нешта, Бо адкуль гэты грозны зачын? «Што схаваўся ад сходу? Дык, зрэшты, Не прыбег жа ніхто з мужчын. Ix то, праўда, і ў вёсцы не надта — Той, хто спраўны, у войска пайшоў. Ды не ўсе. A прыслалі ад хаты Хто кабету, а хто — малышоў. Дый мая вунь стаіць, разведка, Хоць сказала б, што з'ехаў куды...» — Што ж ты, гэта, з двара, як наседка, Не вылазіш да грамады? — Зноў Захар закідвае вуду I смяецца.— Ката за хвост Я цягнуць не люблю і не буду — Так што пойдзем давай наўпрост. Жыту вунь да сяўбы недалёка, Пачакаеце — бульба згніе. Значыць, трэба — ці скокам ці бокам — А падумаць пра шлункі свае. Упрагайся, Васіль, у мажы: Тут і гонар табе, і давер. Брыгадзірыў ты ладна, кажуць,— Маеш старастам звацца цяпер. — Не на тога, Захарка, натрапіў,— Ком шалёны Васіль не суняў,— Мне вуздэчка твая не па храпе, Пашукай другога каня.— «Ах ты, чорт, што ж я — проста як з моста...» Спахапіўся, падправіў лад: — Адрабіў я сваё. I ўдосталь. Век не той: як бач, шэсцьдзесят. — Ты пасадай і ўладай не грэбуй,— Разгараўся Захар спакваля...— Тут, гляджу, агітацыя трэба,— I ў кантору павёў Васіля... Як было — не сказалі. A выйшлі — Белы — бацька, чырвоны — Захар... Што ж, закон — ён падобен дышлю: Хто паверне, той, значыць, і цар. Той і едзе, і правіць па-царску, А ў гуморы — частуе як след: Паднясе, нібы з мёдам чарку, Для настрою, пад нос, пісталет. I прышэпча — лагодна, як рану: Ты, Васіль, не пузырся дарма, Будзеш старастам — позна ці рана. Выйсці чыстым не ўдасца з дзярма. Нам тут свой чалавек пагрэбен. Зразумеў? — А чый гэга — свой? Хопіць мне: паскублі за грэбень, Пажыву нічыім — сам сабой. — Дык не выйдзе! Панюхай вось тэта — Тут не доўга стаць да сцяны,— Зноў Захар пакруціў пісталетам,— I ў расход — па законах вайны. Гавару не дзеля пагрозы,— Павярнуўся, нібыта адсек, Прыхаваў у кішэню свой «козыр»...— Я ж таксама, знай, чалавек.— І на ганак з канторы выйшаў. Больш прамовамі не назаляў. — Значыць, гэтак,— сказаў,— і запішам: Майце старастам Васіля. Так было... I ў «свае», глядзіце, Зацясаўся Захар насур'ёз. Рукавом твар спацелы выцер: — Ну, не страшны фрыцу мароз! — Рагатнуў і пляснуў па пузу.— Паработалі над сабой. Толькі конік з гэтакім грузам, Пэўна, хвост не ўзнясе трубой. Начаваў бы, ды поцемкам трэба Каб дадому прыспець хутчэй, Ды паспаць — галава, як цэбар: Двое сутак не зводзіў вачэй... А чаму ж не пытаеш, дзе быў я? — Што цікавіцца — ясна і так: У начальства дарогі любыя Ў рай вядуць. — А калі накасяк? Ды на шыбельню раптам пацэліш? «Як на злодзею — шапка гарыць,— Думаў бацька.— Хоць спрытна ты мелеш — Саладуху не ўдасца зварыць. Бач ты, фрыца прыплёў з марозам, Віжануў — і як быццам няўзнак: Раптам што на язык нецвярозы І ўляплю,— ды не выйдзе, аднак!..» — Бачу, бачу, не верыш ні слову,— Нахіліўся Захар над сталом.— З праўдай так: адвей ад паловы, Што язык мяце памялом. А каб думкі ў цябе не лыселі I ў здагадкі дарма каб не лез,— Ехаў я, сказаць, на вяселле, A гасцінцы — вазіў у лес. 15 Абшчына Я ішоў праз трыццаць год. Узбор'е Жыта надвячоркам дажынала. А мяне мільёнасэрцым болем Памяць несмяротная жагнала. Дух сяўбы займаўся, і ў разорах Вечнасцю вякоў зямля чарнела. Я ішоў праз трыццаць год — дакорам Дзён, дасюль у сэрцы не згарэлых. З-пад рукі крылом свяціла зерне, Як вякоў нязведаных юнацтва: Над раллёй, над цішынёй вячэрняй, Над людскім нялёгкім нашым брацтвам. На прадзім'і рунь зазелянее, За сяўбой — жніво паверне кола. Проста ўсё і ясна. Толькі мне як Не зрабіцца ў яснасці той кволым, Не скарыцца плыннасці спакойнай, Не паддацца зману летуценняў: Над зямлёю — войны, войны, войны, I над векам — цені, цені, цені... Я ішоў, а горкая палоска Прарастала зноў праз гул камбайнаў, I ўзыходзіў ветахам за вёскай Серп над паднявольнымі гарбамі. Гэта ўжо мы потым без агрэхаў У тамы грунтоўныя запішам, Як вайна прыходзіла пад стрэхі,— Бачна ўсё са шматгадовых вышак. Бачны карані і сэнс трагедый: Хто змагаўся, хто чакаў, хто здрадзіў. Я тады пра карані не ведаў, Толькі знаў: хлеб у мяне — украдзен. Я тады галодны быў штодзённа I штоночна, кожную хвіліну, Але бацька не ўгнявіў загона I ў зямлю апошні пуд укінуў. Бацька знаў мужыцкую заруку: Жыта сей, хоць сядзе смерць на плечы. Голада кашчавую задуху Толькі новым коласам адпрэчыш... Хто па клунку, хто па два — не болей Ухапілі збожжа ў тую восень. Ды і немец «удзяліў», каб поле На нішто ва Ўзбор'і не звялося. Ён стаяў, як гаспадар, пры свірне I насенне вызначаў падворна, Хоць не верыў: «Пажаруць жа, свінні, I зямлі ўсёй не ахопяць ворнай». — Знайце: зерне кожнае на ўліку. Хто паесць,— сказаў, як пуд адважыў,— Той супроць Германіі вялікай Ёсць бандыт і злосны сабатажнік.— Ён не знаў, што ўсе былі бандыты І што з фондаў гэтых вось — германскіх Па-зладзейску ўсе цягнулі жыта, Лезлі ў сабатажнікі авансам. Бо трывога ўсіх сабрала мігам: «Едуць збожжа забіраць машыны. Вось вам і «суполка»! — з'ешце фігу... На развод мышам і то не кінуць». Дзе, калі і хто — народ не ведаў — Вестку нёс,— каму якая справа! Насыпай хутчэй!.. А ля абеда Падаспела з воласці аблава. І Захар на жарабцу прытрухаў, Мітусіўся і даводзіў немцу: «Вымецем ўсё — да пацярухі!» Той халодна пазіраў у шкельцы, Як бы і не чуў яго старання, Як бы адмахнуўся: «Трэба сеяць. Трэба сеяць зноў, паны сяляне». Тут Васіль і глянуў на Яўсея: Што ты скажаш, браце мой, на гэта? — Гаспадарскі клопат немца точыць... А Захар? Ну й гад жа несусветны... «Пад мятлу!» — і не глядзіць у вочы. A казаў жа, абяцаў: «Сажніце, Дзецям хоць збярыце на акрасу. Ды і самі зубы на паліцу Зімаваць не будзеце тым часам». Разумелі ўсе: яно і трэба, Але як тут жаць, з якою верай Падступіцца сёлета да хлеба: Чый ён будзе, да каго заверне? Быццам і сцяною, ды няпэўнай Хлеб стаіць. Каму ён скібу ўздыме? Каб знаццё, што немцу,— лепей пеўня Падпусціць — і хай ідзе ўсё дымам!.. А калі спячэш, а тут і нашы Вернуцца — на каравай згарэлы... Ды і ў сэрцы для такіх замашак Штосьці да канца не адбалела. Сейбіта рука — хіба магла ты Красануць запалку з лёгкім спрытам?.. Сейбіта рука — не вінавата, Што сцяною вымахала жыта... Пра жывое думаюць жывыя — I цішком Узбор'е выйшла ў поле. Не стаўлялі тычкі межавыя, Хоць падворна бралі жнеі долю. I ўмалот па хатах разлічылі, Але зерне ссыпалі агулам. Клець адна, ды і ніхто ляйчынай Не цягнуў да ўласніцкага шула. Хай на паратунак непадобна, A пажыць схітрылі так да часу: Быццам і калгасам, ды асобна, Быццам і асобна, ды калгасам... Я «суполку» падтрымаў таксама: Важкія снапы стаўляў у бабкі. Серп гарбаціўся ў руках у мамы, Ні на хвілю не даваў паслабкі. Гнуў і гнуў жняю стальной прынукай, Смехам гартаваным пасміхаўся: «Не адзін жа я сагнуўся крукам — Гнецца перад коласам зямля ўся». І заходзіў з постаці на постаць, Над іржэўем стомленыя плечы На паўдыха дазваляў выпростваць, Каб зірнуць, а ці далёка вечар... Ды скруціць тугое перавясла, Ды папіць знядужана вадзіцы... Быў і я ў той час калгасна-ўласны, Як здаецца, не апошняй спіцай. Бо якраз круцілася ўсё кола З-за мяне і да мяне падобных: Тая луста, што прыносіў колас, Дзецям нават вельмі даспадобы. Без яе, бывала, ані кроку — З малаком ці проста ўсухамятку — Ухапіў, апростаў і галёкай! Будзеш з ёй і радасны, і гладкі. Але выйшла так, што ўся «суполка», Перамазгаваная Ўзбор'ем,— Ні табе прыпёку, ні прымолку,— Ляснула з усім жытцом адборным. Пакаціла збожжа без аглядкі Чорту ў зубы, а дакладней — немцу. І ніхто яшчэ не меў здагадкі, Што праз ноч агнём яно ўзаўецца. Склад успыхнуў, дзе сабралі ў воласць Ворагі пабор'е з гаспадарак. «Хоць і ў нас прыпаску ні на волас, Ды й яны не нажыруюць карак»,— Так бадзёрыў бацька спахмурнелы, Калі я з мярзлушак напрадвесні Ўмінаў гацак акамянелы, Што не лез у горла, хоць ты трэсні. Той гацак не гоцаць, не да гульбаў Падбіваў — ён быў пасланы полем Падтрымаць жыццё. Прамёрзлай бульбе Кланяюся й сёння даўнім болем. Кланяюся шчаўю і мядункам З лугавой чырвонай канюшыны, Што былі вясновым паратункам — Голад абхітралі і глушылі. У палі, хмызы і сенажаці Бегаў я, бо з доўгім днём быў згодзен: Не ўгрызеш пустыя сцены ў хаце, А на волі што-нішто ды знойдзеш. Я на смак вясну сваю запомніў. Нюх і слых, і зрок — табе служылі, Галадухі злой пустая поўня, Што звінела глуха аб спажыве. Прэсны водар даўкай зеляніны, Слодыч і гаркота красавання,— Утрыманец травяной краіны — Перасмакаваў я ўсё дазвання... Восень і вясна. А паміж імі Старастоўства бацька мерыў здрадай: Хоць сілком, a ўжо і ты ў рэжыме Нейкі вінт і ўжо круціся з гадам. І цябе ўжо неўпрыкмет прышылі Гузікам да фрыцавай шырынкі, I жыві, як з каменем на шыі: Адпявай штодня свае памінкі. Стараста і ўсё. Затворам шчоўкнуць, Бухнуць стрэлам, як прагаласуюць. A ўжо там даводзь, што не гаршчок ты, Калі ў печ цябе на вілках сунуць. Хто ні прэцца — свой альбо ca свету — Кожнага узборцы, як з палёгкай, Шлюць да Васіля: лічы пры гэтым, Ці людзям, ці нелюдзям ты лёкай. Як тапелец — бо ўжо вірам збіла — Мусіць за саломінку хапацца, Так хацела перад чорнай сілай Вёска ўся за Васіля схавацца. A праўдзівей нават — захінуцца, Як за вугал: каб адтуль угледзець, Дзе лягчэй з бядою размінуцца І калі там двор яна аб'едзе. Ну а Васілю куды падацца, Дзе шукаць дарог ад ліхалецця? Крыл няма ад пекла адарвацца: Сам не бог і не анёлы дзеці. І хоць нанач накарміць ix трэба, Каб хоць там, у снах, не рэзаў голад. Толькі чым?.. Ні скварчыны, ні хлеба. Пакаці шаром — усюды гола. І Васіль караў сябе няшчадна: Гэта ж ён найбольш віноўны, можа, Што з дзяльбою выйшла так няскладна, Што не раздалі па хатах збожжа. «Як жа,— меркаваў,— супроць калгаса? Як паруйнаваць, што толькі ўзводзіў?» — І з людзьмі прыкідваў і сам-насам, A выходзіць, не бярог, a шкодзіў. Быў калгас для немца вунь як зручны! Хапнулі жытцо, як з той засады... А цяпер? Ізноўку хвост закручан: Кажуць, новы меціцца парадак. Так ляжаў Васіль пад гнётам думак У бяссонні аж да трэціх пеўняў І цягнуў праз ноч адзін ладунак У душы — разгубленасць, няпэўнасць... Раніцой, яшчэ ў смузе лагчыны Да ракі глухі туман кацілі, Выйшла ў поле на дзяльбу абшчына — Так цяпер Узбор'е ахрысцілі. Так цяпер завецца гаспадарка, Што калгас учора скасавала, Секанула сабатаж па карку Кругавой парукай, як завалам. Перакрыла смутныя хістанні: Рэйх зямлю дае, а вы — арыце, Сейце, жніце, вольныя сяляне,— Для сябе, ды пры адным карыце: Гамузам увесь прырост з нагулам Здайце рэйху па жалезных нормах. I пытайце ўсе з таго агулам, Хто падатак не ўнясе падворны. За яго ў адказе ўся абшчына... — Сейце, жніце, вольныя сяляне!..— Выступаў з паставай павучынай Немец на былым калгасным стане.— Як гэта яно па-беларуску: «Кожны панам у сваёй пасудзе»,— Толькі гультаям ніколі спуску Ды і сабатажнікам не будзе! I па-царску — велічна і лена, Гледзячы на новую абшчыну, Усміхаўся аграном ваенны. Усміхаўся, і не без прычыны: Толькі сам ён ведаў — Гольбах рыжы — Сэнс і мэту ўсмешкі гэтай царскай: «Гут!» — грызі нутро, уласнік хіжы, «Гут!» — грабіся, раб, па-гаспадарску, «Гут!» — каб глухлі ўроссып макам дробным, A вяроўка ўсіх адна цягнула: Быццам і асобна, ды агулам, Быццам і агулам, ды асобна... Дзе, з якіх канцоў пачаць нарэзы,— Першым Лосік, а за ім мужчыны — За рукой рука — у шапку лезуць, Цёмную адгадчыцу абшчыны. Мацаюць, гартаюць, як чытаюць... Сілівей, здаецца, нават слухаў: Што яна з той шапкі абяцае — Нумаркоў-паперак пацяруха? Лосік падганяў, бо ён пры ўладзе: Старастам прызначан у абшчыне. I здаецца, што зусім не вадзіць Быць яму пры гэтым самым чыне: — Што ты там, як жонку, выбіраеш, Мацаеш з усіх бакоў ды круціш? — Жонка — яна добра і старая, Калі сам пры ёй яшчэ не труцень,— Адмахнуўся Сілівей і ў шапку Зазірнуў.— А вось зямлі папросім... — Не перашкаджай! І на паслабку Не разлічвай,— зазлаваўся Лосік. Пацягнуў Якім, за ім — і Ёха І Васіль да шапкі падаліся. Васілю аж свята сёння троху: Гнёт начальніцтва з душы зваліўся. Прычапілі Лосіку — хай правіць: Ён-такі на ўладу цягавіты. Ну а мы цішком пры гэтай справе Нумарок бяром — і з немцам квіты. Як гару звярнуў, калі не болей: Без чыноў ды на сваім пяколку! Толькі чорт ix знае з гэтым полем — Ці не будзе, як тады з «суполкай». Праўда, той хамут сабе ж і ўздзелі Самі на сваю дурную шыю. Ну а тут? Як увапруць надзелы, Дык, лічы, да хамута прышыюць. Так навекі з ім і пабратуеш, Пазрастуцца і гужы і жылы. І не ступіш кроку ўхаластую: З ім табе ў аглоблі і ў магілу. Чалавек-хамут... Ды ўжо такая Доля мужыку наканавана: Плугам у зямлі яе шукаеш, У траве касой яе гукаеш, А яна глыбока закапана, А яна далёка захавана... Трыхан доўга і панура шарыў, Нібы ментуза паміж карэнняў, А загроб падзолак прыімшарны І скамячыў у дрыготкай жмені. Зноў да шапкі тузануўся тупа: — Што я вам які апошні лапаць?! — Ды не скочыў Трыхан вышай пупа, Не далі другі надзел зацапаць. Вось тады і прыгразіў мужчынам, З белага зрабіўшыся зялёным: — Вы мне, у імя айца і сына, Той зямлі адваліце з паклонам. I пайшоў, пакляўшыся святымі Ў тры паверхі. Як адрэзаў: «Годзе!..» ...Восень і вясна. А паміж імі Рабства выпаўзала з-пад стагоддзяў. I ўжо дзесьці на маё Ўзбор'е, Што цягнула нумаркі надзелаў, Нехта Гітлер, нехта Гес ці Борман, Як на стойла рабскае глядзелі. I ўжо я ў прыгонныя прыпісан Быў навечна ведамствамі ўсімі: Без імя, без чалавечых рысаў — Пры адной-адзінай рабскай сіле. Талакой цягнула плуг радзіна — На жардзіне — постаці крыжамі. На крыжах аралі, скарадзілі, На крыжах — крыжамі — да ўраджаю. Гэтак і задумана абшчына: Выбіць думку аб ярме ганебным, Каб усіх ураз адной ляйчынай Павярнуць калі і як патрэбна. У барознах коні не іржалі, Не рыпелі хамуты гужамі. На раллі — крыжамі ценяў чорных — Век дваццаты, новы век пячорны. 16 Ваенны аграном Горкім горам дарога выбіта: Цаліком, па сумётах, сляды. I кусты над крывавымі глыбамі, Як з біблейскіх песень сады. Цішыня на галінках снежыцца: Вецер сіверкі, пчол не садзьмі... Астывае магіла свежая, Цёпла дыхае яма грудзьмі. Цветам макавым, ягадай майніка Снег падталы з краёў асеў. I марозная пара ўзнімаецца, Душы ў неба жывыя нясе... Як было тут — ніхто не ведае. Толькі Трыхан хваліўся сп'яна: — ...А пасля — пад рамень паабедалі, Ну і шнапсу было спаўна. Далакопы не білі рыдлёўкамі Зледзянелай зямлі аршын. Вельмі мудра і вельмі лоўка Камендант усё парашыў: У гарэлле, дзе высмяглай восенню Торф зацята, глыбінна курэў, Да кар'ераў — раздзетыя, босыя — Выйшлі на кулямётны сугрэў — Местачкоўцы і ўсе, што рассеяны Па вакольных вёсках былі,— Тройчы клятае племя Майсеева — Бляхары і шытва каралі... Мацярок пасівелыя постаці — Не адвесці малітвай бяду... О, прарок, новай веры апосталы — Аўтаматы — дзяцей вядуць. Ці ты бачыш, як падаюць знічкамі Вачанят і вачэй спарышы? Ці ты ўпохапкі там падлічваеш, Колькі хто і як саграшыў?.. Колькі хто для гояў-нячысцікаў Сшапаваліў, палудзіў, пашыў, Хто бязбожжам якім начынены, Колькі пекла нясуць у душы?.. Чуеш — самі псалмы малітоўныя Аб правінах спяваюць яны. Дзеці плачам заходзяцца тоненькім Ля тарфянай слёзнай сцяны. Ты памог, каб яны паверылі: «Шлях пасцеле нябесная цвердзь: Да зямлі запаветнай вернемся Праз агонь, праз пакуты і смерць». Вось яна — грамада безбунтоўная — Твой пасеў на вуснах нясе... Кулямёт захліпаецца стогнамі... Што ж маўчыш ты, прарок Майсей?! Цішыня. Ні гуку, ні поруху. Толькі вецер крывёй набрыняў, Толькі пахне гарэлле порахам. А за гэтым за ўсім — цішыня. Цішыня... І хіба тут магло ўчыніць Справу чорную чорнае зло? Як нічога зусім ля Халопеніч Не было і быць не магло. Хмаркі ціха свяціліся просінню, Цішыні кацілі клубок... Толькі конік захроп і на просеку Ірвануўся з дарогі ўбок. На кусты натыкаўся, як сослепу, Ашалела вушамі стрыг. Ледзь стрымалі яго бацька з Лосікам, Узмакрэлі, пакуль аціх. — Кроў, як бачыш, пачуў,— і збянтэжана Бацька мусіў каня зацугляць, Скіраваў па дарозе няўезджанай,— Чым туды, лепей, брат, пакругляць... Хоць спазняцца, па Трыхану, нельга ім: «У дванаццаць — яволь!» — загад. Дзе тупчэй, дзе падвейка аблеглася, Конік сам павярнуў наўздагад. Цяжка выдыхнуў, нібы выкрыкнуў, Да гарэлля вока скасіў... Лосік буркнуў: «От жа нявыкрутка...» Прамаўчаў панура Васіль. Думаў: «Пэўна, самае страшнае На зямлі нарадзіцца і жыць, Калі столькі пакут назапашана Чалавеку на два рубяжы: Ад калыскі лёгкай і песеннай Да цяжкой і цеснай труны — Колькі будзе надзей закрэслена, Колькі спушчана за паўцаны... От жа нейкі Ніхто — ці як яго — Знаць не знае пра здзекі, пра боль. Ні вайны, ні смерці ніякае І ні гэтых «дванаццаць — яволь!..» І ні Трыхана з п'янай залеваю У вачах: — Прыструнім народ! Сабатажнікаў мы не пялегуем: Ледзьве што — адразу ў расход. Так і Гольбах сказаў: «Не міндальнічаць! Мы загадваць прыйшлі — не прасіць». — Дык цяпер жа я не ў начальніках. Што ж мне ехаць? — упёрся Васіль. — А паедзеш, сказана, з Лосікам: Ён з абшчыны, а ты — ад сяла. — Дык жа д'ябал адзін!.. Ды і досыць мне Ўласці той, каб ты спрахла была. — Не ламай мне адміністрацію. Як сказаў я, то і закон. От і выйшла паслабка, ды страчана. От і едуць удвух у раён. «І якога ж я чорта паскуджуся? Ёсць абшчына, і стараста ёсць... Што ж мне так — на раду прысуджана, Каб цягалі, як псіную косць? Быццам шпунт я ад бочкі кожнае, Каб заткнуць любое дзярмо... Хай Захар пажырае пожарам — Хопіць! Сёння ж адбой дамо». Трыхан ледзь не ад самае раніцы Пазіраў мітусліва паўз лог: «Першы раз нарада збіраецца, А яны — паўзуць, як без ног. Ну і людзі!.. Ні службы, ні сораму,— I пагляд свідраваў, нібы шчуп.— Ад Узбор'я пабуду для кворуму, А вярнуся — сем шкур спушчу». Ды нарэшце, не пешкі, a ў розвальнях, Толькі з іншага боку зусім, Прыцягнуліся. Трыхан пагрозліва Глянуў: — Дзе вас там чорт насіў? — Ды не чорт, а конік звярэдзіўся, Бач, на персях аж пеніцца соль. — Ладна, мігам заходзьце ўсярэдзіну, Бо, як лёду,— дванаццаць,— яволь! — І з кішэні фрэнча гадзіннікам Бліснуў, шчоўкнуў — і быццам гром — На далоні тоненька дзінькнула, І Васіль прашаптаў: «Абром...» Колькі раз пасля добрае выручкі, Закрываючы гульбішча, ён Бузацёру, што вочы вырачыў, Нёс паслухаць вось гэты звон. I гадзіннік сярэбраным пеўнікам «Во саду ль, в огороде» вёў. Больш гуляка бунтоўна не пеніўся I лапцей языком не плёў. Бо ў дванаццаць карчма замыкаецца I Абром спачываць ідзе. Голас тоненькі абрываецца: «Во саду ль, в огороде де...вицы...» — Яшчэ доўга ляціць з мяцеліцы Голас цёплага мужыка... «Во саду ль, в огороде девицы...» — Шчоўкнуў: — Ладна валяць дурака! Вы на месца, а я — да Гольбаха, Далажыць, што гатова ўсё,— Трыхан раптам асеў, прыгорбіўся, Аж падвіскнуў, як парасё, I пабег цераз плошчу подстрыкам — Столькі радасці, спрыту нёс, Быццам спераду — лычык востранькі I свярдзёлачкам ззаду хвост. «Толькі ж дужа нутро сабачае»,— Адвярнуўся Васіль, а з дзвярэй Ужо Лосік гукаў абачліва: — Не тапчыся, не псуй там рэй.— І рукой паказаў, ды хуценька, Нібы з кукішам, адхапіў І ў будынак, трохі прахуканы, З панадворку Лосік ступіў. А за ім і Васіль — азірнуўшыся: «Што ж там гэтак злякала яго?» — Ды цікаўнасцю хітра паднушканы, Плюнуў: «Суньма далей ад багоў...» Цераз плошчу марозна-пякельную Сам ваенны ішоў аграном: На вачах з ледзянымі шкельцамі, З палкай гумавай, як са стырном. Пустатою зала вялікая Перастыла дыхнула ў твар: Ці спяшалі не ўсе з пакліканых, Ці не ў ходзе прадажны тавар? Паўтыкаліся ў крэслы купкамі Армякі, плашчы, кажухі,— І не ўзнаеш адразу: хто куплены, А каго прывялі грахі, Хто прымусам, хто добраахвотнікам Да Халопеніч вёрсты лічыў... Між паплечнікаў-падлакотнікаў Паказаўся галоўны чын — Выйшаў спец гаспадаркі сельскае На трыбуну ў былым РДК: Крок сталёвы з лёгкай падсечкаю I гумоўкай гуляе рука. Пуза гладка раменіцца — з браўнінгам Ці яшчэ з якой трасцай на ім. Хоць і тоўсты, ды з выпраўкай браваю Аграном — палёў херувім, Апякун ураджаяў з пагонамі, Хлебаробаў новы патрон,— Узляцеў бы, святы, над загонамі, Толькі крыльцаў не мае барон. А таму дручком і размахвае: — Мы парадак сюды нясём. Рассыпаецца зернем макавым: — Вам дае Германія ўсё. Мы сабралі асоб давераных, Каб сказаць, што работаць пара, Каб яшчэ раз давесці да ведама Волю нашага правадыра. Больш не будзе над вамі начальнікаў: Сам сабе — прафсаюз і актыў, Хоць душа з абавязкам спрачаецца: Размагніціў людзей калектыў. Гонар кожнага — ў спрэчцы выстаяць. Ды і грэх цягнуцца ў хвасце, Бо зямля ў вас цяпер асабістая I ўраджаі — колькі ўзрасце. Безадказнасць забудзем калгасную, На стыхійных руінах яе Гаспадаркі ўзрасцім першакласныя, Не забудзьце заўважыць — свае! Хай паслужыць узорам для Остланда Ў сэнсе новых парадкаў раён, Скажам так: паказальна-доследны I спакойны — як быў здавён. Што такое германізацыя? Гэта цвёрды парадак і лад, Як у музыцы гарманізацыя — Гамарнічнага строю парад. Вы мяне хоць крыху разумееце? Я з народам люблю гаварыць. Ёсць у вас тут,— зыркнулі шкельцы,— Майстар смажыць, гросмайстар варыць. Мы шануем такіх і рухаем — І па службе, і так. Не ўтаю: Я, напрыклад, вось гэтаму кухару Іншы раз і руку падаю. Што яшчэ ёсць германізацыя? Вось другі вам канец вузла: Гэта — поўная стэрылізацыя, Ачышчэнне грамадства ад зла. Дык давайце ж той вузел развязваць. Хоць хваліцца як быццам не час, Ды няхай сёння будзе сказана: Тое-сёе зроблена ў нас. Апрацована група ворагаў: Сто яўрэяў, адзін цыган, Ну і рэштка — душэўнахворыя,— Як і быў даведзены план. I яшчэ: сёння змова адкрыта I ўдалося ліквідаваць Злога ворага, што бандытам Зброю тайна перадаваў. Перавозіў патроны поначы I хаваў пад карэннямі дрэў. Пэўна, не без ягонае помачы Хлеб таксама на складзе згарэў. З ім пакончана,— і аграномам Захарова названа імя. Нібы ўдарыла ў цемя громам Васілю — аж холад праняў... — Быў жа ён не адзін падвознікам — Кары строгай ніхто не міне! — І Васіль за немцавым позіркам Цікаваў: «Можа, ён пра мяне? Можа, лёс і мой, як на воласе? Заязджаў жа Захар начаваць, Прысылаў наказаць, што з воласці Едуць збожжа ў сяло забіраць...» Ну а Гольбах тым часам «давераных» Алавяным паглядам абвёў: «Дзікуны, забітыя, шэрыя...» Напаткаў і твар Васілёў — I падумаў: «Нічога арыйскага Ні на пфенінг няма, ні на грош. Даўганосы, смуглявы, з рысамі Паўмангола, а то і горш...» Скончыў Гольбах сухім папярэджаннем: — Кожны вораг у нас на віду. Зноў акінуў вачыма паседжанне І дадаў, узвышаючы дух: — Каб ніколі ваш край заарканены Пры Саветах ад слёз не слеп — Хлеб патрэбен вялікай Германії, У імя перамогі — хлеб! Па-святочнаму быў настроены Трыханок — загадаў пачакаць, Пахваліўся: — Трэба ж узброіцца: Сёння будуць вінтоўку ўручаць. — Дык мы што — пры табе за лёкаяў? — Лосік твар галодны скрывіў. А Васіль падумаў: «Нялёгкая ж Носіць гада,— шукае крыві». Не сцярпеў, запытаўся без промаху: — Як жа ты — галаруч губіў? Бач, з гадзіннікам ходзіш Абромавым — Значыць, працаю зарабіў. Жаўтазуба Трыхан асклабіўся: — Не страляў, але не гуляў. Я пры ix там служыў за рабіна, Як сказаць, на той свет бласлаўляў. Распранаў, разуваў i ca шчэлепаў Выдзіраць метал памагаў, Каб у неба ўзнімацца лягчэй было, Каб ляцелі хутчэй як мага. Эх, жытуха мая ўскаласіла! Я цяпер вам не драбяза. Знайце гэта, бо «знание — сила», Як часопіс адзін казаў. То чакайце! — I Трыхан па каменцы Грукнуў ботам, як чорт капытом: «Акрываўлены, а не спатыкаецца, Круціць брава задзёртым хвастом. Ды адплацяцца слёзы нявінныя... Быць не можа!» — адкрэсліў Васіль. — Там жратва ў ix з гарэлкай ды вінамі, А ты кукіш свой укусі,— Гэта Лосік думку галодную Ўсё цягнуў, як за хвост ката. — Дык бяжы ўслед за тым нягоднікам, Пі ад пуза і еш — любата!.. — Не, пакуль пацярплю,— і да розвальняў Збочыў — сена падкінуць каню. А Васіль патупаў марозліва: Прабягу — цяпло даганю. Ды й цікава было абачыцца: Што і як тут?.. Угледзеў здалёк: Каля школы — як будка сабачая, Толькі вышай. І з ганкам брылёк. Вартавы выглядае праз шыбіну,— Значыць, нейкі ваенны аб'ект. За аб'ектам — шыі дзвюх шыбеніц I вяровак марозны крэкт. А насупраць з лакейскай адрыжкаю Нейкі хітры, пранырлівы клоп Шыльду ўладзіў: «Галенне і стрыжка Афіцэраў і знатных асоб». З калаўрота ca звонам і шоргатам Бег у студню з вядром ланцуг. Анямеў Васіль: «Ды няўжо гэта?! Толькі твар... папаўнеў ці апух?..» Так і ёсць: — Рыва, ты?..— Страпянулася. — Як са свету таго прыйшла... Плачам здаўленым усміхнулася: — Я ж там, дзядзечка, шчэ не была... Прыгажуня Абромава, меншая, У вачах — сто пакутных спякот, Сто прадонных усходаў праменіцца, Сто спакус вядзе карагод. I трывога, і ўцеха матчына,— Каб не толькі цвіла ды расла, Ханка ўменне кухарыць па спадчыне Рыве ўпрытачкі перадала. Знала Ханка: «За мною — горліцай, Беднай птушкаю — без мяне... Да каго ж яна сэрцам прыгорнецца I галоўку сваю прыхіне?..» Знала Ханка: планіда горкая З прыгажосцю такою жыць. Прыглянулася Рыва Гольбаху: — Будзеш мне гатаваць і служыць. Ca слязьмі Васілю расказвала: — Пекла, дзядзечка, ў сто кругоў. — Ён жа толькі хваліўся, зараза, Што кухарыць мужчына ў яго... Рыва слухала — як не слухала: — Супакою ні ў дзень, ні ў ноч Ад яго няма... А пра кухара... Гэта ён для адводу воч... Жарэ пюрэ напоўніцу, Пакуль, як пук, напоўніцца, Разморана сапе. Абкладзены падушкамі, Дрымоту ўтомна гушкае Пад патэфонны спеў. Сваё нутро звярынае, Сагрэтае пярынамі, Дзе спаў Абром, Галінкаю Майсеевай Штоноч, Штоноч Абвейвае Ваенны аграном. Пажаднасцю ахоплены, Высмоктвае па кроплі ён I кроў, і боль. Ах мама, мама бедная, Няма пакут не зведаных,— Вазьмі з сабой... — Дык жа трэба ўцякаць... Ці што іншае... — А куды ж мне? Дзе той парог?..— На сябе паглядзела сцішана: Зверху ўніз, ад грудзей да ног. I Васіль міжвольна вачыма За яе паглядам правёў, I прыпухласці страшнай прычына Раптам выступіла да каранёў — У нягнуткай, цеснай акругласці Павузелага паліто, У прыўзнятай — пад гузікі — пругкасці: — Мне цяпер не паможа ніхто... Як былі яшчэ нашы ў жывых усе, Жах нямеў: «Дзеля ix пацярплю...» А цяпер — лес да рэшты выкляўся: Мне ўжо, дзядзечка, толькі ў пятлю... Тым жа следам дадому ехалі. Пацясніўшы назад Васіля, У галоўкі з прыдбанай бабэхалай Трыхан сеў. — А чаму кругаля? — Запытаўся. — Ды конь баіцца там Ля гарэлля. — А як жа нам — Каменданцкай камандзе з паліцыяй Вымятаць было гэты хлам? Бруднавата. Хоць і не клопатна. От жа племя, ядрона маць: Аж да ямы вушамі хлопалі — Ні адзін не пасмеў уцякаць. Ну а там ужо — енкі з песнямі,— Гэта моляцца ў ix, як пяюць. Ды крычы, распінайся, хоць трэсні — Тут праграму мы зналі сваю. І ніхто не мяняўся дарогамі, Не збягаў, як ваш конь-дзівак. — Коні, бачыш, чацвераногія, Ды з другой пароды, аднак,— Больш Васіль ані слова. А Трыхану Ўсё карцела вінтоўка, і ён То рамень мацаваў драцінкаю, То затворам ганяў патрон. На вінтоўку, на тую бабэхалу, Як Васіль ахрысціў маўчком, Пазіраў гаспадар з уцехаю, А мужчыны — крадком ды бачком. Але ўрэшце — язык з каростаю — Лосік зноў падпёк інтарэс: — Хоць кароткая, д'ябал, ды тоўстая, Пэўна, смаліць, як той абрэз. — Ух, аддача! Якому шыціку,— Паліцай у раготцы шчырэў,— У плячо садане — і з капыцікаў! Трэба ногі стаўлядь шырэй... Не ўнімаўся і Лосік з гаворкаю: — Глянуць — ворчык вісіць на гарбе. I патроны — як ладныя морквіны... Толькі ж мала ix нешта ў цябе. — А вось тут — два падсумкі з абоймамі, — Трыхан раптам аж зазлаваў.— Хоць французскі трафей, моц забойная — Вунь да той сасны — напавал. Зноў аціхлі: заела Лосіка — Ашчацініўся, нібы тхарок, Бо якраз ён і быў недарослікам, Пра якога казаў Трыханок. 17 Міша Зноўку чэрвень, пара красавання, Буйства колераў, сонца і траў. Зноўку чэрвень, пара крыжавання Над Узбор'ем: чаканне і страх. У трохкутніку трох гарнізонаў Сорак хат — астравок на юры: Стратэгічна-харчовая зона Ў трохгаловага змея ўнутры. То з раёна, то з воласці гэтай, То яшчэ наляцяць і з той,— І ніхто — ці зімою, ці летам — Не вяртаўся з фурманкай пустой. Дралі ўшчэнт, валаклі, вытрасалі, А найбольш налягалі на «шпэк»: Не зважалі — надворнік ці сальнік Кулю ў лоб — і з Узбор'я «авэк». Парадзела свіное царства: Ні смалення з дымком ля прысад, Ні кубёлкаў, ні матак вушастых З валтузнёй сысункоў-парасят. У адстаўцы былы галоўны Ходзіць войска свінога чын, Ходзіць Міша амаль беспрацоўны I амаль што галодны, лічы. Цяжка мрояцца Мішу начамі То бліны, то з косткаю суп,— Хоць жыццё і раней з калачамі Не было, ды не скардзіўся пуп. Перасельцам — ад вёскі да вёскі,— Дзе чужыя, а дзе радня: За паслугу ці ласкаю боскай Быў накормлены Міша штодня. Там нарэжа дроў, там наколе, Там бабульцы вады прынясе. А ва Ўзбор'і — пагнаў у поле I на год ля свіней асеў. Хоць сумненні былі спачатку: «Ну які з яго, людцы, пастух?.. Нанімай, а следам за статкам Шлі падпаска, а то і двух...» Ды адно грамаду суцяшала: «Не кароў жа яму аддаём. Хай таўчэцца сабе на галым, Каб не грызціся з ваўкаўём. А калі і падваліць шэры Згаладалы які з кустоў, Дык ля вёскі і дзеці звера Не адпусцяць з цэлым хвастом». Так за гэтым і парашылі. А каб Мішаў узвысіць чын, Самым шкодным пранырам на шыі Пачапілі з палак бічы. Не паджгаеш бягом з гэтай цацкай: Чым хутчэй — па каленях ямчэй Зацымбаліць. I ў шкоду знянацку Тут ужо не прымервай вачэй. Ходзіць Міша і пугай сырцовай Настаўляе свіней на лад, Квас пацягвае з флягі карцовай, Заглядаецца на дзяўчат. Тыя ў поле ідуць на працу Ці вяртаюцца — кожны раз Любяць з Мішам пазабаўляцца — Кавалерам на ўвесь калгас. То гуртом яго апануюць, То адну пачынаюць штурхаць, То пакоцяцца ўрассыпную, Калі Міша памкнецца абняць. — Ах, згубачка-загуба, Прысуха-сухата, Ах, Мішу дзеўкі любяць!.. А Міша рагатаў. Закрываўся рукой сарамліва, Потым волю пачуццям даваў I на ўцеху дзяўчатам смяшлівым Басанож «пад язык» танцаваў. Прысядаў і ўзносіўся пругка — Пыл з-пад чорных пятак шугаў. Ну а дзе не хапала груку, Там прыпеўкаю памагаў: — Ці не спіш ты, Маруська, Ці не дрэмлеш ты? Ці не даць табе буську, Каб прачнулася ты? Гэтым часам і мы ад патравы Забывалі варочаць гусей: Па чарзе на ікластым Каравым Хто вярхом, хто мяшком вісеў. Кныр падкідваў рахмана азадак, Валюхаўся і хібам трос. Разумеў, што тут — непарадак, Але ўсё-такі збольшага вёз. Прытаміўшыся, скурай пацепваў, Нібы мух, седакоў зганяў, I агеньчык з вачэй падслеплых Сведчыў: хопіць, абрыдла гульня. Тут ужо — сцеражыся, бо раптам Ірванецца — пачвара з пачвар — I пакажа свіны свой характар Так, што носам уздымеш папар. Ды і Міша якраз ад скокаў Павярнуўся да войска свайго: Пугу ў момант схапіў, загалёкаў, Ездакі — хто куды ад яго!.. А наогул, мы з Мішам сябруем, Міша ў крыўду не дасць малых. I за кепікі не сярдуе, Толькі дужа не любіць сквалыг. Сам апошнім падзеліцца з торбы — I яму гэтак сама аддзяч. А саскнарыш — уедны, як чорт, быў: Увагоніць любога ў плач. Моўчкі «сідар» твой прыхавае, Скажа: «Пэўна, сцягнуў Барбос...» A назаўтра з кустоў гукае: «Заяц хлеба з салам прынёс!» І падзеліць усім па-брацку, Усміхнецца гаспадару: «Бачыш: звер, а не жадзен сабрацца Пастушкоў падкарміць у пару»,— I падносіць віноўніку долю, Нават большую дасць — як на трох. I прызнацца ніхто ўжо ніколі, Што той «сідар» ягоны, не мог. Умінаў сваю лусту з прыцмокам, Разам з хлопцамі зайца хваліў, Што глядзеў з-за кустоў касавока І кісліцай нутро цвяліў. Добры, шэранькі, дробны, галодны, Дзякуй, зайчык, лясун-калясун, За навуку з акрайцам нязводным, Што бацькі нам нясуць і нясуць. Дзякуй, зайчык, за шчырую ласку, Дзякуй мудрасці светлай тваёй — Той, дарослай, што ведала казку, Той, дзіцячай, што верыла ёй. Мы спачатку знямела цішэлі, Толькі ў глотцы свярбеў каўток, Як выходзіў акраец з кішэні, А пры ім яшчэ — сала шматок. Потым шумна палонілі тату. Ён прыгадваў свой дальні пастой I паказваў, як заяц куртаты Мне наказваў — расці — аж пад столь. Маці брала армячную пару, Каб абтрэсці і абсушыць, І з малінніка несла адвару: «Адагрэй, Васілёк, на душы». A ў яго — ад сустрэчы лета! Цэлы месяц прабыў у цягле, A вярнуўся да хаты, да дзетак — Апынуўся, лічы, у цяпле. — Не спяшайцеся — кожнаму хопіць,— Тата ўсмешку хаваў у вус.— Зайчык наш не скнарысты хлопец,— І акрец клаў на абрус. Рэзаў тонка, на ўсіх пароўну, Зверху сала вабіў скрылькі I расказваў, як заяц галоўны Памагаў цягаць круглякі. На вусах пілавінне і шэрань,— Так мне бачыўся грузчык касы: Бервяно наабхват ашчаперыў — I на воз — аж рыпелі вязы! Хлеб асінай марознай палыніў, Сала знічка — як зайцаў хвост... Я кавалачак свой палавініў: Каб і заўтра быў добры рост. Бацька цёплай капустай вячэраў I мяне частаваў заадно. У камінку шугала карчэўе, I было на паўсвету відно... Дзякуй, зайчык, што ў снежную замець, Як астудны наваліцца час, Ты прыходзіш — і доля, і памяць — Паглядзець на сябе праз нас. Елі хлеб твой ратаі і цеслі, Плытагоны і песняры,— Хто падсмажаны, хто ацеслівы, Хто з прытрускай сухой кары... Елі хлеб твой шаўцы і міністры... Паглядзі праз туман гадоў: Хто ж і сёння душою чысты І акрайцу паверыць гатоў?.. Дзякуй, зайчык... Вяртай успаміны Зноў туды, дзе нічога не мог Ты прыслаць нам: слязою палыннай Спелі ростані ўзборскіх дарог. Не знаходзіў акрайцаў і Міша, Хоць штодня з намі ў полі блукаў,— Сам без войска і ў нас не лішак: Гусь ці пара — без гусака. Ды няўперышаў-гусянятак Валюхаста-жоўты пяток, Ці найбольш у каго — з дзесятак... Ды зацішны ля рэчкі куток,— Каб далей ад нямецкага вока: Калі што — зашывайся ў кусты,— Прыхаваюць гусей асокі, Пастушкоў ахінуць чараты. А ўбярэцца навалач з вёскі — Зноў на бераг пускаем гусей. Самі ж ціснемся, дзе палоскі Блізяць хлеб да нас пакрысе. Вось ён выглянуў каласкамі, Красаваннем набух, і пылок Хутка ўзветрыцца паласканнем — Нібы мора, як глянеш здалёк. А з-пад красак завяжуць зярняткі Самы першы вузельчык на хлеб І праклюнуцца, як птушаняткі, І прыціўкнуць ад сонца ўзаслеп. Потым вочкі здзіўлёна прабеляць З-пад разважлівага брыва І прашэпчуць: «Знямогся кубелец, То рыхтуйце дзяжу да жніва. Хлеб — не сала: за ногі не ўскінеш На фурманку жывыя скрылі, У рабунках звяліся свінні, Хлеб — нязводны, бо ён ад зямлі». Толькі голас той цешыў не надта. Хоць мы зналі, што колас не жмот, Ды злавалі: марудна зярняты Налівае нам на пражмо. А да хлеба — далёкія далі... Міша колас у шапку лажыў — Ён сваё, мы сваё загадалі,— Варажы нам, вусач, варажы. Мішу вызнай, ці любяць дзяўчаты, Сагравайся і ў нас не дарма: Закрасуеш — прыджгаем дахаты, А вайны і ў паміне няма. Так лучыліся з думкай таемнай У шапках жытнія каласы. Прарастала сонца праменна Праз віхрастыя валасы. Паглядалі мы нецярпліва: Ці праклюнуўся жоўты шнурок? Адгалоскам нязбытнага дзіва Асядаў на далонях пылок. Падагрэтыя, прабягалі Шлях тыднёвы навідавоч,— Каласы, каласы красавалі, А вайна завывала наўзбоч. Як не ўгледзелі мы, як не ўчулі: З дзвюх дарог, з двух бакоў да сяла Ланцугамі — зграяй нямчурнай — Безгалоса аблава паўзла. А за ёю і грукат машынны З-пад загрэбелля даляцеў. Жыта ўроссып чэргі прашылі З віскам жудасным на хвасце. Каласы ca сцяблін абляцелі, Дзе нічком я ў разоры ляжаў. Потым боты прашархацелі, Потым грукат аціх на крыжах. Я падняў галаву. На лузе Нікагуткі. Адно ля ракі Гусака майго немец валтузіў — Я пазнаў — толькі ў нас быў такі: Снегам белым займалася пер'е, Голас меў, як луджоны рог. Ні адзін у бойцы супернік Устаяць перад ім не мог. Ён і зараз не ўцёк ад статка — Шыю дзідай — малых акрыліў. A ўжо воддаль — шэрая матка Знерухомела на зямлі. Гусяняткі, бяскрылыя крошкі, Не каршун над вамі вісеў — Немец збоку зайшоў сцярожка, Натапырыўся, цяжка прысеў — І ў раскідку з мышастым фрэнчам Наваліўся на гусака, Потым грузна над ім укленчыў, Заганяючы шыю ў рукаў. Ап'янелы сваёй перамогай, Сіпла, тоненька зарагатаў, I на касцы бліскалі рогі I падкоўкі на капытах. Валюхаста ішоў да машыны, А з-пад пах і гусак гукаў — Зыгінастая білася шыя, Аж хадзіў хадуном рукаў. A малыя зашыліся купкай Каля берага ў асаку, Прыхінуліся — дзюбачка ў дзюбку, Як што шэпчуць — сябрук сябруку. Гусяняткі мае, жаўтаняткі, Я не выцерпеў, закрычаў. І на выручку без аглядкі Стрымгалоў да ракі паімчаў. — Пан, аддай! — Я ўчапіўся адважна За рукаў, дзе сядзеў мой гусак. Немец выспятка моўчкі адважыў I пагробся ў кабіну, як рак. Я ў канаву зляцеў, нібы мячык,— І дадому!.. Але не дабег, Бо на вуліцы Мішу ўбачыў, Што скакаў пад нямецкі смех. У зубах у танцора — акурак: Б'е падэшвы за дымны глыток. Збоку бацька стаіць пахмура, Лосік з Ёхам ды баб з пяток. Я хацеў пра гусей, але тата Адмахнуўся, Мішу спыніў: — Паскакаў — і маршыр дахаты, Хопіць тутака, брат, гульні. І плячом яго адціскае, Каб ад немцаў далей. Але тут Нейкі — старшы, відаць,— ківае І паказве пальцам: — Гут! — Зноў выходзь, маўляў.— I заўзята Немец просіць у ладкі біць. Сам жа пстрыкае апаратам — Будзе картачкі з Мішы рабіць. Ну а той рассядаецца ў скоках I ca злосцю да Васіля То спіною прытрэцца, то бокам, То наўкруг абыдзе пасля. Ах, згубачка-загуба, Крывавая пята,— Ах, немцы Мішу любяць... А Міша рагатаў... Васіля падпякаў адчайна, Каб у скокі з указам не лез: Тут ужо ніхто не начальнік — Тут у Мішы свой інтарэс. Мелі ўчора старшыню — Парушалі цішыню, Маем сёння старасту — Не баімся арышту! А Васіль аб адным зараз думаў: Як бы Мішу адвадзіць убок, Бо дабра з такога затлуму Не было і не будзе, браток... Знаць, не проста выйшлі аблавай,— Бацьку Гольбахаў чуўся даклад, Што за хворыя душы славай Увянчаў душагубцаў-салдат. Чуўся ў грукаце той машыны, Дзе «мой» немец сядзеў за рулём: Ён пад'ехаў — i ўсе заспяшылі I закаркалі вараннём. Пра бандытаў нейкіх пыталі: Ці былі, ці бачыў народ? Прафілактыкай называлі Свой знячэўны ваяцкі паход. Здагадаўся Васіль, што аблава З гэтым словам мудроным якраз, Пэўна, спрэгліся не для забавы: Чуўся Гольбахаў тут абцас. Чуўся грукат і пошчак жалезны, Страх наводзіў і перапалох... Праўда, немцы глыбока не лезлі: Чыстку тую вялі ўсцяж дарог. Чула ўсё Васілёва сэрца: Немец «мой» вясёлым кіўком Адчыніў у машыну дзверцы І паказвае Мішу: «Ком!..» Немец «мой» быў дужа харошы, Падмаргнуў, што пракоціць за лес. Ну а Мішу не трэба і ўпрошваць — Сам хутчэй, без прынукі, палез. Не ў кабіну, a ў дзверцы тыя, Што ў закрыты кузаў вялі. «Хто ахвочы яшчэ? — Мы застылі, Хоць смяяўся і клікаў: — Пайшлі!» Пакатацца б яно і не блага. Толькі бацька кіўнуў на сяло I ўхапіўся пагрозна за дзягу,— Хлапчукоў як ветрам змяло. Мы дамоў, а ён — да машыны, Просіць немца: — Навошта ж вы, пан?.. Ці ж замала яшчэ задушылі?.. Дзверцы ляпнулі, ні бы капкан... Ах, дым ударыў клубам,— Задуха-духата. Ах, немцы Мішу любяць... А Міша рагатаў... 18 Хлеб Пасад на паўкапы, У два рады пасад, І цокаюць цапы То складна, то не ў лад. А лад збіваю я — Чацвёрты малацьбіт: Яшчэ рука мая Не дужая на спрыт. Яшчэ не ўдосталь мой Настоен мускул быў Той сілаю крутой, Што камень — на драбы! Яшчэ цягнула ўслед Мяне за цапаўём. Яшчэ ад поту слеп, Цвяліўся мазалём. Яшчэ заносіў біч Мяне ва ўсе бакі, I над цапы — наўстыч — Я пляскаў не з рукі. Як тое гусяня, Што цягне травіну, Маўчком хістаўся я I знаў сваю віну. Наводзіў бацька лад — Дa жарту не скупы: — Ды ты паслухай, брат, Што кажуць нам цапы: Чорт у таку, Чорт у таку,— Змяні руку, Змяні руку. Стараўся я хвастаць Усім чарцям назло: Круціў ім так хваста, Аж цапаўё гуло. I тыя — хто куды! — Зламыснікі мае... Пасад у два рады, I малацьба пяе: Чорт за токам, Чорт за токам — З бітым бокам, З бітым бокам. Які там, праўда, ток — Кавалачак двара: Змялі наўзбоч пясок, Ход унялі курам,— Каб тут памаўзаваць Не ўздумалі яны, Каб сам памазгаваць Быў певень не ляны, Дзе падкарміць сваю Ў галодным тым віры Зрадзелую сям'ю — Чубатак чацвярых. «Як маеш галаву, Далей двара зірні — I пераб'еш траву Зярняткам на жніўі...» — Так павучаў Васіль I цэпам браў размах, Каб вязак паясы Трашчэлі на снапах. I радасна было: Хоць і скупы, а плён,— Вось, толькі што, сяло Ці ашчаслівіць ён... Папера — як загад — Да Лосіка прыйшла: Падатак — акурат Усё зжарэ датла. Да кроплі распісаў Ваенны аграном, За ўсіх падумаў сам, Якім здаваць дабром. Адмеран кругла год: На жыта, і авёс, Ні яйкі, і на мёд, І на сабачы хвост. Як маеш брахуна — Плаці, пакуль не здох: Сабачая цана На шалю перамог. Ды: ён не так сабе, Не дурань наш Барбос: Загаўкаў і пабег,— Сабаку ўсё пад хвост! Дазнайся, чый ён быў, Разнюхай па слядах: 3бег — і падатак сплыў. А з мёдам — тут бяда. Ні вулляў, ні калод, Ні пчол — а заплаці!.. Хоць па захлеўю мёд Ім той збіраць ляці. Аж плюнуў бацька ўбок, А варта б — на агонь, Што ўжо сушыў і пёк Ягоную далонь. Лічы, адзін за ўсіх Ён цэпам біў і біў, Бо мой зусім аціх І Кацін лад згубіў. Ды й мама ў добры час Адвыкла цэп трымаць. A Зіны паміж нас Як і зусім няма. Няма — і трэба жыць, Бо ёсць на свеце ты... Штодня гудуць крыжы, Паўзуць калон хвасты. Ці горкі лёс дзяўчат Ці сам палын гарчэй: Каб анікуды з хат, Далей ад злых вачэй... А бацька — цок ды цок: Хай з навіны праснак У печы смажыць бок, Каб мы паелі ўсмак. «Як будзем пры харчах — Хвост загудзе трубой»,— І гэханнем з пляча Стырнуе малацьбой. Падцокваем і мы, Хоць жываты звяло, Бо хлеба ад зімы Ў роце не было. Сутонне халадком Збівала стому з плеч. Духмяным праснаком Дыхнула ў душы печ. Патэльня — на загнет, А мы ўжо тут як тут. I мама толькі ўслед Выносіла прысуд. Паспела насушыць, Паспела намалоць, Цяпер адно крычыць: — Не пхніце жываглоць!.. Пячэ руку праснак, Гарачы, скача ў рот!.. I соладка размяк, Як ап'янеў, жывот, I цягне ўжо на бок, I вочы мружыць сон, I вогненны чубок Плыве, як парасон,— Ад лямпы ўсё далей, Шырэе і расце... Як дожджык-вадалей, Шуміць сянцом пасцель. Я дыхаю травой, Як самы траўны цар, I цёпла, з галавой, У сон даю нырца. Нарозмашкі грабу, A хтосьці ў глыбіні То дзьме, як у трубу, То камаром звініць. То адступае шум, То зноўку наплыве... I я наверх спяшу, І сон ляціць з павек. I той жa ў лямпе кнот Трапеча аганьком, I той жа мудры кот Пад лаваю клубком, I той жа... той... не-не — А чый жа гэта цень Сагнуўся на сцяне, І хто там — на куце?.. Над скрыпкаю шчака, Зажураны абрыс, I са смычком рука Ляціць то ўверх, то ўніз. A ўпобачкі — хлапчук, А ля сцяны — кіёк... «Аніска»,— я шапчу. — Паслухай, Васілёк... Дык вось хто з глыбіні Лягнуў наверх мяне,— То на басах бубніў, То стоена звінеў. Аніску я пазнаў. «Паслухай...» — гэта ён Да бацькі так сказаў I ўзяў ціхутка тон. І раптам: як узмах Забытага крыла, Як ноччу сонца гмах,— І хата ажыла. Яна ляцела ўслед За песеннай струной, І ўжо з надзеяй свет Схіляўся нада мной. І ўжо як для мяне Лавіў Аніска лад, I ў цемры палымнеў Яго сляпы пагляд. Яшчэ крануць струну Смычок не паспяваў, А голас — праз вайну, Праз жах і смерць — спяваў. І ў хаце паміж нас ён, Ён як жывы, стаяў, Бо ў сэрцах не пагас: «Страна... Москва моя...» I веяла цяплом I радасцю вясны. Далёка за сялом Мае блукалі сны... Суцішыла струну Аніскава рука, Спалохана зірнуў Васіль на хлапчука, Спазна перасцярог: — Ды дзеці ж тут якраз, Яшчэ, хай крые бог... — Ён хлопец свой у нас,— Аніска твар узняў.— Ды й твой жаўрук не спіць, Дыханне, бач, уняў,— Знаць, і яму карціць... І дзіўна мне адно Было: адкуль, чаму І ўсё яму відно І чутна ўсё яму? Але маўчу, ляжу. А бацька — шэп ды шэп,— І нешта пра дзяжу, І нешта ўсё пра хлеб. «Куліна, ты ж кабет Надзейных выбірай...» — I зноў пайшоў сакрэт...— «Вайна не каравай...» A ўголас маме сам Аніска гаварыў: — Як ападзе раса, На гэтым сухары Хлеб замясі ў дзяжы, А як спячэш, адзін Свой бохан накажы Размножыць на зачын. На сем часцін пакрой — Хай будзе сем па сем,— Хай гэткаю ж парой Замесяць хлеб усе. Хай потым і яны Зачын перададуць, Хай па шляхах вайны Твой бохан панясуць. Астатнія ўсе шэсць На сухары сушы, Каб той, хто крошку з'есць, Дужэў на тры душы. А хто ён будзе — той — Я не паспеў узнаць: Калі, якой вярстой Прыедзе ix узяць...— I ўжо ад мамы ўбок, Да бацькі, праз руку: — Мужчынам дай намёк, А бабы — хай пякуць... I потым — зноў услых: — Бывай жа, пасланец, Як дойдзеш да сваіх, Дык і вайне канец...— Паклаў на стол замес — Кавалак сухара: Вяртайся, брат, у лес, А мне,— сказаў,— пара. — Куды ж такі паспех? Ці гоніць хто праз ноч? — Яно, спачыць не грэх,— Аніска ўстаў наўзбоч, Намацаў свой кіёк I гэтак жа бачком Ступіў: — Пайшлі, сынок, Нам лепей цемнячком...— Праз хату наўскасяк Хіснуўся доўгі цень,— Мне ж, браце мой, няўзнак, Ці ноч у вас, ці дзень. А вочы вось мае,— Пагладзіў хлапчука,— Мы ўсюды з ім свае! Не ўпершыню блукаць...— Пявунню і смычок У торбу палажыў І тату за плячо Крануў: — Няхай ты жыў, Во толькі што нацям Прыйшло табе сказаць, Хоць мог бы ты і сам Вузельчык завязаць: «Чаму ж гэта на смык Жалейку ён змяняў?» — Ды я ўжо так прывык, Што ты на ўсім іграў. — Іграў, ды не мяняў. Жалейка ёсць, браток. А скрыпка... Ты пазнаў?.. Пазнаў ты, чый смычок? — Цяцерскага? — Яго... Пайшоў музыка наш Да іншых берагоў,— Бывай, зямны кірмаш... Памёр ад бізуна: Адзін галаварэз Ці здуру, ці сп'яна Ўсё з допытамі лез: «Дзе скарбы пан хаваў? Дзе быў ягоны спрат?..» A ён, Цяцерскі, знаў... Хоць і не вельмі шмат. Адкрыўся тайны схоў Музыку-лесніку: На выспе, між імхоў, Засечка на пяньку. A ўзбоч — стары капец. I пэўна, незнарок Круціўся там хлапец — Тваёй сястры сынок,— Аніска Васіля Схіліцца папрасіў I мовіў напасля: — Ён быццам там касіў. Але прыкінь, адкуль Хлапец вязьмо гранат Цягнуў — і памяркуй: Ні знаў Цяцерскі шмат?.. Ды толькі мне шапнуў. I скрыпку перадаў... Так з тыдзень працягнуў — «І ўсё,— сказаў,— гайда...» Вось гэткі, браце, спрат... Маўчаў Цяцерскі наш... А хто рабіў той склад, Слядоў, сказаць, нямаш... «3ахар!..— ледзь-ледзь Васіль Не ўсклікнуў, як праз сон...— Відаць, і калясіў У Падбярэззе ён... Відаць...» Ды сцяўся ком У горле: «Памаўчы... Не ляпай языком На вецер без прычын...» Пайшоў Аніска ў свет, Бяздомны цар дарог. І хто яму наўслед, Хто пазайздросціць мог?.. Ці квецень у гульбе, Ці вецер у быллі: Дарога — на гарбе, У зрэбным хатулі. Завейным цаліком, Двухжыллем каляін, Пякучым жарсцвяком — І сэнс, як свет, адзін: Ахвоч ці не ахвоч, Залева ці сухмень — Дарога — дзень і ноч, Дарога — ноч і дзень... Даўно і мой парог Сцяжынку адарваў,— Ніхто не асцярог, Ніхто не затрымаў. Сцяжынку, што вяла Мяне ў няблізкі рай: Ад горкіх дум сяла Ў лясны птушыны край. Ён быў за паўвярсты, Дзе цераз рэчку мост,— Драздовыя кусты, Крыжанак шызы плёс, Калыска салаўіх — Зялёная лаза,— Загадка дзён маіх, Што век не развязаць: Чаму, з якіх прычын, Як толькі сум кране, Парог, дарог зачын, Усё вяртае мне: Лазу, кусты і плёс — Вяртае — задарма, Ды ўслед смяецца лёс: Сцяжынкі той — няма. З блуканнямі сувой Ён кінуў мне ўзамен, Задзервяніў травой Мой след на сем кален. Праз сем людскіх вякоў — Сівых стагоддзяў дым — Вярнуся да высноў — Прыгожы, малады. I ў гэтым шчасце ёсць — Знаць, што ў нашчадках ты Паўторыш маладосць — Абраннік хваль крутых. А бераг мой, аднак, Усё далей, далей. I Млечны Шлях — як знак: Зямному паралель. I наяву, і ў сне — Парога пракляццё: Дарога — праз мяне, Дарога ўсё жыццё... Пайшоў Аніска ў ноч, I ўсё за ім пайшло: Кіёк і торба ўзбоч, Як зрэбнае крыло. Пайшоў, як і хадзіў, Да новых сёл і хат. Пайшоў — заўжды адзін, Усім — і сват і брат. Ні клопату, ні бед Няма і не было: Пайшоў Аніска ў свет, І ўсё за ім пайшло... На цэлы свет, відаць, Адзін Васіль вось так Падумаў і шаптаць Наўслед не стаў: «Бядак...» Правёў цераз прагон Гасцей да сасняку — І пазайздросціў ён Бяздомнаму кійку... То шэпчуць жорны ўсмак, То зойдуцца на хрып — Не праваронь той знак, Хутчэй зярнят падсып. Падсып, галодных сноў Хоць раз не спадмані — І завуркочуць зноў Спаважна камяні. Як шэры птах, вярхняк Ляціць за кругам круг, І мякка, наўскасяк, З-пад крыл снягурыць пух З-пад шэрых — белы пух, Як свята шэрых дзён... Злучыў руку і рух Да бляску гладкі млён. Нібыта ў забыцці Гайдаешся за ім. Круці, круці, круці — Усім жыццём сваім. Цяжкія камяні, А лес цяжэй стократ. Ды ў шэрай мітусні Святлее далягляд. Ляціць, як пух, мука, Надзею зычыць мне, I цягне млён рука: Канец, канец вайне. Той вечар быў не ў сон, Той вечар быў шчадрэц, Замес разводзіў ён: Вайне, вайне канец. З падбеленай шчакой — Я ў смутку не марнеў — Трымаў хатуль з мукой: Канец, канец вайне. Дзе ўдымлены ляжак Астуду піў з сянец, Шаптала мне дзяжа: «Вайне, вайне канец». На досвітку агонь У печы палымнеў, Я голас чуў яго: «Канец, канец вайне». З асенняга крыла Кляновы ліст-ядрэц Лапату высцілаў: Вайне, вайне канец. I каравай на под Садзіўся ў той цане, Што выплакаў народ: Канец, канец вайне... У зладнай грамадзе Не для пустых патрэб — На скон ліхой бядзе Спякло Ўзбор'е хлеб. На торбу сухароў З чаканнем я глядзеў. А ранкам — будзь здароў: Прапала неўспадзеў. Ні бойкі, ні ганца З усходняй стараны... Ні торбы, ні канца Праклятае вайны... 19 Сватанне Астравы бязлесся — гарнізоны... Вогненных лясоў мацерыкі... Супесі, суглінкі ды падзолы — Вёскі, вёскі — акіян людскі. Акіян пакутнага бяссмерця... З лубкі зерне цішыцца ў раллі, А з нябеснай, непадступнай цвердзі Бомбы прарастаюць да зямлі. Недзе ў пушчы, там, за Падбярэззем — Дваццаць вёрст на добрую нагу — Самалёт з-пад чэрава, як з рэзгін, Вытрасае той пякельны гул. З ім Васіль спазнаўся назаўсёды: Будзе сеяць ён ці скарадзіць — Гул цяжкі з парахавым смуродам, Неадступны, унутры сядзіць. Спраўдзіла крылатае прадвесце Даўні той, той д'ябальскі прылёт: Лёс у зерня — нівай уваскрэсці, А над ім — грымотны разварот. На кругі свае заходзіць «рама» — Не з вясёлкавым аконным шклом, Не букварная, што «мыла мама»,— З азбукаю смерці пад крылом. З паднябесся бог свінцовадайны Раздае сваіх дароў запас, Дзе б каго прывеціць, выглядае I нарэшце заўважае нас — Двух паганскіх, глініста-падзольных, Хлебадайных двух палевікоў З двухадзіным богам рук мазольных, З верай у зямлю наўсцяж вякоў. Тата сее, я — слядамі значу, Дзе кладзецца зерне: я ляшу. Лёгкую для «рамы» той удачу Абяцаю за сваю душу. I яна спакусы не стрывала: Жытняму сяўку наперахоп Глуха па раллі залапатала, Быццам з неба сыпануўся боб. Тут мая душа і спудлавала, Ірванула да беразняку. Нешта выла, нешта ўслед крычала, Нешта тузанула за руку. І над вухам: — Стой, табе гавораць! Ты бяжыш, а для яго — мішэнь. ...Толькі тут, кульнуўшыся ў разору, Сам сябе нагнаў я — і ўстрашэў. Толькі тут уцяміў, дзе і што я. Неба ўзвыла, вухнула зямля. А за грэх які? A ўсё за тое, Што не ён адзін, што ёсць і я. Бог свінцовы, а насупраць — жытні: Палявік, сявец, каласавік. Там — двухствольны, на зямлі — двухжыльны,— Хто каго — па роўніцы разлік. Неба і зямля. І паміж імі — Распластаны коціцца хлапчук. Неба і зямля. І межавымі — Два слупы: два выбухі ўваччу... Толькі тут усёй істотай зрэбнай — Жаўранкам у збэрсаным быллі — Я ўстрашэў: а як бы мне пад небам, Як бы мне без гэтае зямлі?.. Як бы мне без гэтае канаўкі, Што свінцовы суняла скразняк I ў грудзях маіх студзіла даўкі, Горача задыханы камяк?.. Толькі тут душу сваю нагнаў я,— Трапяткая, білася ў раллі. А над ёю знакам раўнапраўя Дзве вантробы спарышом плылі. Дзве паловы аднаго страшыдлы — «Рама» на разведным віражы. Цікавала, покуль не абрыдла: «Жыта сее? Значыць, хоча жыць?!» I засекла цэль, каб у рэестры Слаўных і вялікіх перамог Новы летапісец — анты-Нестар — І маю душу занесці мог. На сутонні, той гадзінай шарай, Што сціскала дзень з усіх бакоў, Хтосьці клямку ў сенцах доўга шарыў, Потым тройчы бухнуў кулаком: — Бач, навёў запоры ды завалы. Штосьці тут не тое... Чуе нос: Ці гарэлку п'юць, ці дзеляць сала... Ці кудысьці чорт усіх панёс. Зноў пачаў няцвёрда, незнаўма Грэбацца нязвычнаю рукой... I нарэшце: — ...бога маць, хто дома?! Як пабіла трасцаю якой. Тут ужо скаціўся я з пяколка... Дзверы насцеж — і цераз парог Трыханок глядзеў: пад носам «пчолка», Чуб набок залізана прылёг. Акурат як у таго — з партрэта: Касячком, да самага брыва. Злосна пахіснуўся: — Што ж ты гэта Тут, як мыш, сядзеў, не адкрываў? Ні старых, ні дзевак,— ці не рады Госцю ў хаце? Што маўчыш, як цень? — Сеў на лаву, грукнуўшы прыкладам, Ушчаміў вінтоўку між калень.— Дык няма нікога дома, кажаш? Т-а-а-к, а дзе ж яны, калі спытаць? — А яны — у полі, на Заўражжы,— Трэба там палоску дасяваць. — Э-э-э, глядзі, язык жа ёсць у роце, A маўчыш.— Здзіўлёна твар падняў: — Сеюць кажаш?.. Чорт жа падахвоціў Сеяць ноччу, быццам мала дня... Во яно, як вош свая ўкусіла: Сутак мала. Дзень і ноч грабуць. Вош свая на карку — злая сіла: Не заснеш: сасе вa ўсю губу. Не сцярпеў я, хоць не дужа ўцяміў: — І не вош зусім, а самалёт. Вуньдзека схавацца можна ў яме: Бамбануў— палоска ўразварот. — Го, дык ён і вас тут, кажаш, троху,— Трыхан жарабцом зарагатаў.— Гэта жартам, толькі падпалохаў. Самае — яно было вунь там,— I рукою паказаў на пушчу.— Во дзе ўпляжыў, во дзе дыхту даў: I касцей насек, і дроў натрушчыў, Ад бандытаў зараз — ні сляда. Нават і такіх не шкадавалі,— Галавою на мяне кіўнуў.— Ну а што там з імі тралі-валі — Покуль нож усадзіць у спіну?.. Сёння ён на дзве наздры саплівец, Заўтра — сігане да партызан. Лепш адразу: чык — і ашчаслівіць Нацыю. I па галовах план. Я не сёння ўсё прыдумаў гэта. Слова ў слова помню, як урок, Што за Кацяй паўтараў бязмэтна: «Юг» і «север», «запад» і «хвосток». Сёння ўсё я толькі перамерыў, Пераважыў, што ў нябыт сплыло. Сёння ўсё свядомасцю праверыў I сцвярджаю: так усё было. Сёння разумею: так нікому Не пасмеў бы Трыхан гаварыць: Толькі што сп'яна — і то малому — Асмялеў душу сваю адкрыць... — A мальцоў — за ногі ды аб сценку, Быццам на каляды парасят... Ну не ўсіх, вядома, з гэткім енкам, А на выбар — з партызанскіх хат. Збольшага падчысцілі заразу... Э-э, ды ты дрыжыш увесь, як ліст. У штаны, глядзі, не дай там газу. Ці і ты мо, гэта, камуніст? — Смехам захрыпеў, на ўсе заставы Рот адкрыўшы.— Ладна, не бяда. Я во не спалохаўся. I права, Сама меней, маю на медаль. Ну а ён сюды якраз дарэчы,— На грудзях пагладзіў фрэнч.— Ого!.. Знаць, тады б стары твой не пярэчыў, Каб і Зіна за мяне, таго... А яна?.. Ці змог бы ты разнюхаць, З кім яна кахаецца? I мне Падшапнуць... А для падняцця духу Во цукерка. Еш, яны ў цане. Гэта як паёк такі на сёння — Да гарэлкі, за работу нам. Па руках? Сястру не правароніш? Калі што, дык во і стрэліць дам.— I заціснуў мне сілком у жменю Два — навелькі з гузік — сасунцы. Стаўбунок з астаткам у кішэню Палажыў... — Во і яны — сяўцы...— Зарыпелі сенечныя дзверы, Да акна схіліўся Трыханок. Тут і ўладзіў я кружкі ў цабэрак, Хоць пад языком гарчэў камок... — Ну а мы сядзім во ды гамонім,— Трыхан бацьку «здрастуй» працягнуў. Я, Васіль, сказаць, без цырымоній Да цябе, як бачыш, завярнуў. Проста так, па-свойску, па-суседску. A ў цябе во прыпар пацямку... Працаваць вучыся па-нямецку: Ні хвіліны лішняй — па званку. Во дзе ўсё адмерана дакладна: Пальцам па-пустому не махнеш. Нават у гарачцы ў той, блакаднай: Як абед — спыняй стральбу і еш. Кажуць, і цябе тут паганялі? Ды і я во толькі што адтуль: І наўздоўж, і па дыяганалі Прапяклі, не шкадавалі куль. Можа, спакайней цяпер во будзе. Гэта ж трэба: сон ужо не ў сон. Звечарэе, дык не ў ложак людзі,— Плюнуў Трыханок,— a ў гарнізон. — Ды яно як хто,— Васіль анучы На пяколку цёплым рассцілаў. — Ты не хтокай. Во, глядзі, прыжучаць Пабяжыш, аж затрашчыць кіла. Гэта ў нас пакуль што ціха ліха, Не дайшлі на ўзборскі астравок. Ды і то — як ноч — сядзі, не дыхай, Слухай кожны рып і кожны крок. Во на сёння можна ўжо спакойна: Цісканулі аж да Паліка,— За фіранкай мэднуў падаконнік — І з бутэлькай выплыла рука.— Я тут шнапсу прыхаваў ад хлопца, Каб дзяліць не давялося з ім,— Ласа падміргнуў.— Кульнём па стопцы! Што ж мы насухую ўсё галдзім? Дык сядай, Васіль. А ты, Куліна, Прыцягні які там агурок. Ну a дзеўкі што? Дзе ж тая Зіна? Дасяваць пакінулі шнурок? — Ды засела недзе на сяле вунь. Згледзіш ix — тут ёсць, а тут няма...— Я-то знаў, што Зіна ў цёткі Евы, Толькі на замку язык трымаў. Там яна цяпер заўжды начуе — Ад крыжоў далей, ад бальшака... Але ўсё-ткі мама: — Дзе-йта чуні? — Пагукала: — Памажы шукаць.— Гэта для адводу. А шапнула: «Ты ж маўчы, не дужа з ім, сынок... Каб яму не агурок, а скула Во такая на сабачы бок...» — Мы з табой, Васіль, адной вяроўкай Звязаны. Не разарве і чорт,— Трыханок да бацькі будзьздароўкнуў.— І ніхто не выкіне за борт. Без такіх, як мы з табой, улада Ні адна яшчэ не пражыла. На гарбе вязём любы парадак,— За шчакой у Трыхана жаўлак З агурком хадзіў... — Але не густа Возчыкаў такіх, як паглядзець... — А чаму? — рот захліпнуўся хрустам.— Бо ў запечку хочам прасядзець. Вось і ты грабешся ў дэзерціры,— Я прыкмеціў хітры твой шлагбаум: Старшынёй служыў не для блізіру, А парадак новы занядбаў. Толькі адкрудіцца ў нас не проста, Станеш супраць — вывернем каўбы. — Помніцца, сёй-той і старшынёўствам Васілёвым недавольны быў. — Ну-у, ты снег залеташні не згадвай. Ды і хто цяпер рассудзіць нас? Можа, ўсё рабілася для чаду, Каб не так стараўся на калгас. — Я стараўся для зямлі, для хлеба, Для жыцця стараўся. А цяпер, Пагляджу, дык і яны пад небам Не заўжды шануюць мой намер. Пошасці такой нагадавалі, Што за цэлы век не разграбеш... — Гэта ўсё тры грошы за міндалі. Час цяпер такі, што рэж ды еш. — Біць ды рэзаць — не мая навука. — Што, ...размаць, становішся на ўлік У святыя? Выціраеш рукі? — Не, у кроў макаць ix не прывык. — Кроў не кроў, а грэбаваць уладай Не рэкамендую. Кожны так Затуліць у кут ахвоч азадак. — Хопіць... Не для гандлю я пятак. Здаў падатак, нават і сабачы, I пясок на грэблю адцягаў, На абшчыну Лосік вунь прызначан,— Так што я вам болей не слуга. — Го! Паслужыш — ды яшчэ з прысвістам: Як мышэй, усіх пацягнем з нор. Кажаш вунь — падаткі здаў начыста, А ці чуў ты пра ваенны збор? Не? Дык знай: не сёння — заўтра новы Па абшчынах давядзём загад. Не застанься ж дурнем базгаловым I да ўлад не паварочвай зад. Во і Зіну ўзяць: чаму ж у дзеўках Ёй сядзець ды марнаваць узрост? — Трыханок да справы неўспадзеўку — Да галоўнай — павярнуў наўпрост.— Ці няма дастойных кавалераў? Думаю, што ёсць,— і Трыханок — Збоку — сам сваю паставу змераў, Даланёй прыгладзіўшы чубок.— Дык чаму во нам не парадніцца? Чым не зяць? Але Васіль на жарт: — Ты мяне тут сватаеш як быццам? — Жаніхоў перакруціў азарт.— Я ж не дзеўка. І твае ўгаворы Для мяне — як аб сцяну гарох. Я ў замужжы вунь ссівеў і спорна Працу гэту ладзіў, бачыць бог. Так што выбачай... — Не тую песню Запяяў і закруціў хвастом Не туды,— ca злосцю Трыхан трэснуў Кулаком, аж пахіснуўся стол.— Я канкрэтна. — Можна і патрэтна, Як ты кажаш... Зараз і патрэт Намалюю: смерць вісіць над светам — Не відаць, дзе той, дзе гэты свет. Што патрэт — крывёю рукі пахнуць. Тут не да вяселля... Трыханок Захлібнуўся нейкім п'яным жахам: — Я памыў. I ем во агурок. — Еш сабе, калі яшчэ ён лезе. Закусіць жа трэба: гэткі баль!.. — I балюю. Мне за Падбярэззе, Калі хочаш, выпадзе медаль,— Зноў на весялейшы троп узбіўся Трыханок і з твару памякчэў.— Я б, глядзі во, з ёю і злюбіўся I па-людску зажылі б яшчэ... Лялькаю была б. Павідла б ела, Розную там панскую яду... Мне зямлі цяпер хоць тры надзелы Выбірай — любую аддадуць. Ды і ты б, каб галавой кумекаў I трымаўся за мяне ямчэй, Стаў бы не апошнім чалавекам. — Дзе ўжо мне... Не для маіх плячэй Гэткія шнуры ды эпалеты... — Дбай пра Зіну, покуль у цане. Ці ў яе надзея на Саветы? Думае, што вернуцца? О не! Не дапусцім. А яна хай знае: Ёсць яшчэ і гэткі варыянт: З пункта А да пункта Б — прамая Напрасткі дарога ў фатэрланд. — Ну і што табе ў вясковай дзеўцы? На тваім бы месцы я не браў Згарача: далі пасаду немцы, То падкінуць нейкую і фраў. A ў цябе вакансіі не будзе... — Ты мялі паменей языком, Дык паменей, можа, напаскудзіш Сам сабе, бо Я цяпер закон. Ён сядзеў — закон,— хоць і плюгавы, Але страшнай сутнасці закон: Забіваць, паліць, таптаць нагамі Ўсё, што ў гэтым свеце ёсць не Ён. Што смяяцца, думаць, плакаць можа, Што па вольнай волі прарасло,— Не ў ягонай мудрай агарожы З частаколам кратаваных слоў. З века ў век — высокі, непралазны — Ён адною сілаю жыве, Дзе на кожны слуп — па сотні вязняў I на кожны кол — па галаве. — Як скажу, па-мойму ўсё і будзе. Наравістым падбяру гужы. Форс няхай свой збольшага астудзіць, Ну а ты ўжо ёй дапамажы. Не цябе вучыць, як гэта робяць,— Зад па лаўцы ссунуў з-за стала, «Хайль» паміж зубоў мышына-дробных Вылецеў у «пчолкі» з-пад крыла. — Дык запомні...— і падаўся ў дзверы. Праз акно ўжо бацька супыніў: — Сваццю забяры сваю, халеру!.. ...каб ты з ёй павіс на рамяні... 20 Збор Замірае кволым птушанём Дух зярнят у восеньскім дыханні. Дух зямлі агорне ўсё да рання, I слядоў не знойдзеш днём з агнём. Дух зярнят і дух зямлі — не ім Сёння ў жнівень адлятаць з далоні: Не ўзаўецца красавання дым, I жаўрук вясёлы не зазвоніць. Дух зярнят і дух зямлі праз ноч — Не для новых парасткаў яднанне. Крылы апускае цёмнай зданню Цішыня абманная наўзбоч. Выпаліла сэрца без агню, Без марозу гэта невядомасць. I ля цёплай хаты, як бяздомны, Ён стаяў. Стаяў не ўпершыню. Ды такім бяздомным, што за век, За нялёгкі свой, не быў ніколі. I не знаў: пакуты ўласнай воляй Вымярае кожны чалавек... Даланёю зачарпнуў зярнят, Нахіліўся бацька і панюхаў. I на зуб узяў: «Здаецца, суха, Не залезлі б толькі мышы ў спрат... Во цяпер на свой ваенны збор Фігі вытрасайце па кішэнях»,— I яшчэ схіліўся раз да жмені, Нібы слухаў жальбу ці дако'р. I перапрашаў, і думаў ён: «Дзе ж хоць кропля сэнсу ў гэтым пекле?..— Маўчыцё, нібы язык адсеклі,— Ці і ваша праўда — толькі сон?.. Чуеце, зярняты, я да вас: Пэўна ж, ёсць надзея,— адкажыце...» Цішыня. Як голас, што не ў жыце Вырастае праўда ў гэткі час. Што не заарэш у баразну Сэнс вайны вялікі і страшэнны. Праўда зерня стала на калені, І няма надзеі на вясну... Знае толькі вечар, толькі я Знаю, што збылося пад ігрушай, Ды патайку маладзік парушыў, З Васілём хвіліну пастаяў. I схаваўся. Пэўна, зразумеў, Што залішне цікаваць не трэба. Дух зямлі зліваўся з духам неба. Лістапад азябла бранзавеў. Зерне бацька закапаў, а збор Наваліўся з іншага кірунку — Вытрасаць прыехалі не клункі: Здаць кажух павінен кожны двор. Возьме і валёнкі немчура — Наўзамен, і цёплую вушанку,— Пойдзе ўсё, абы павысіць шанцы Ледзяшом не загрымець у рай. Вунь стаіць такі адзін. Яшчэ I зімы ўсяго — са снегу крупы, A ў яго ўжо з дзвюх свісцёлак хлюпаць Пачало, аж на губу цячэ. Мы яшчэ гадаем: басанож Цыгнуць ці шукаць які абутак, A ў яго за пазухаю люты Выганяе з цёплай хаты вош. А калі завея загудзе Ды мароз на сем кален ударыць?! Цяжка, цяжка немцу гаспадарыць У дзікунскай гэтай чарадзе. Дзе сістэма? Дзе які рэжым? Ні табе законаў, ні парадку... Нос прыкрыеш — стукнуць па азадку,— Стой над кулямётам і дрыжы: Ці адтуль, куды нацэлен ён, З тых кустоў, прасуне хтосьці рулю, Ці з-за тыну ўсодзіць раптам кулю?.. Не жыццё, a д'ябальскі праклён. Цыгарэтку немец суне ў рот, Пальцы зябка гнуцца для паслугі, Падае з пачырванелай глюгі Кропля на застылы кулямёт. Ды пагрэцца ёсць усё ж намер У абодвух: немцу й кулямёту Атрымаць спаўна сваё ахвота: Ці кажух, ці спапялення звер. Ён ужо абнюхвае страху, I вуглы, і сцены крайняй хаты. А за ёй — над кожнаю дзесятай Вогненную вызначыў вяху. Крайняй — значыць, нашай, як заўжды. Потым перабраць было ўжо лёгка: На другі дзесятак падаў Ёха, Сілівей — на трэці... А тады... Ды лічыць далей Васіль не змог: Ля варот спынілася фурманка, I, штурхнуўшы дзверы, проста з ганку Трыханок гукнуў цераз парог: — Што — чакаеш пеўня пад страху?! Падпякуць!.. Як жабу на агнішчы. Ці табе ладней на папялішчы Будзе зімаваць у кажуху? — Дзе кажух? Які цяпер кажух? Быў, ды ў немца абмяняў на газу. — Ты мне не адбрыквайся, зараза, Лепш нясі, пакуль дабром кажу,— I пабег. Як уцякаў з агню, Як пачуў, што ўжо нясе гарэлым, На каня галёкнуў азвярэла... А Васіль пайшоў на паграбню. Цеплынёй дыхнула жарало, Як з накрыўкі пацягнуў кажару: Будзь што будзе — мабыць, ад пажару Неяк і ўратуецца сяло. На дрывотню кінуў і дручком Вытрасаў кастру і пыл з аўчыны, Быццам шлункі выбіваў з нямчыны, Што качаўся перад ім нічком. То каротка ўрэжа па гарбе, То ніжэй лапатак перацягне,— Хто ён там: ці Кант які, ці Вагнер — Кожнаму загрывак паскубе! Водгулле за вёскаю плыло, Бы дручком нямецкі дух адвейваў. Хто ён там: ці з фугай, ці з ідэяй — Ix для Васіля як не было. Ix не знаў Васіль. Адно крыху «Пакуміўся» з немцам у акопах. Ды цяпер яшчэ во...— І з прыхлопам Зноў дручок хадзіў па кажуху. І душу адводзіў і руку — Біў Васіль, як цешыўся: ca смакам. Прымаўляў: — Так і стрыгуць сабаку: За хваста — ды палкай па баку. I пад пахай — на абшчынны воз, Што стаяў ля Лосікавай хаты, Нёс Васіль аўчынную адплату, Водкуп нёс — ваенны той узнос. Па дарозе Ёха супыніў, Задзівіўся: — Дык і ты на пару З Трыханком здаваць апратку шпарыш? — Шпару, каб не скварыцца ў агні. — Што ж, пагрэй дублёнкай немчуру, I яны цябе, глядзіш, прыгрэюць. А па мне — няхай там дзервянеюць: З гэтакіх лягчэй здымаць кару. — Ды заткнуць жа глотку гадаўю Хоць ашмоццем трэба?.. Па сакрэту... Плюнуў Еха і расцёр: — А гэтак З кажухом і душы прадаюць. — Ды паслухай ты: во развяжу Свой сакрэт — глядзі... Чырвоны грэбень Каб не ўскінуў певень, я з прыгрэб'я Накрыўку нясу, а не кажух,— І Васіль той скрутак разгарнуў, Збіты з дзюрак, дзюр і латак дробных.— Ён ім адагрэе ўсім вантробы, Ён паможа завяршыць вайну. — А дарэмна з пограба валок... — Ну а ты як? Падпякуць жа мігам. Засмяяўся: — Падпякуць? А фігу! Я лічыў: дзесяты Трыханок. — То хіба ж сябе падпаліць ён? Не, брат, песню ты пяеш не тую. Ды і хто твой хорам уратуе Ад пажару — дзе такі заслон? — Во! І я кажу: адзін клубок,— Ухапіўся за падказку Ёха.— Тут ужо абодвух спляжыць чохам. Хай пячэ!.. I свой падсмаліць бок. Павярнуўся Ёха і на двор — Як бы нават весела — пакрочыў, Як сказаў: паддайся так аднойчы, Пусцяць, нібы ліпку, на абдзёр. Не сцярпеў, з-за веснічак дадаў: — То нясі, калі нясеш,— ратуйся. Толькі ўжо хоць гэтак не пластуйся: Не галоўная яшчэ бяда... Як для нас, яно, і тут вайна, Ну а мой жа там, пад малацьбою... Што ж ты хочаш, каб і я з табою Супраць сына немца апранаў? Трыханок таксама панясе: Цэлы воз дабра прыгнаў з блакады. Ды спажыць ці ўдасца?.. Як ад гада, Людзі адварочваюцца ўсе. Вунь да Мотры ўнаначкі палез, Хустку прывалок на падарунак, Дык турнула з хаты: — Свой рабунак Іншым пасулі на інтарэс!.. Нават Мотра!.. Наўздагон Васіль Не сказаў нічога. Ды і Ёха Клямкай бразнуў, як адсек упохап Словы ўсе, апроч: «Нясі, нясі...» I пайшоў Васіль суняць падпал, Нёс кажух па вуліцы пустэльнай, На падмерзлы дол, як на патэльню, Дабяла нагрэтую, ступаў. Даўнавата не хадзіў сялом — Загароддзем больш ды загуменнем: Восенню дажджыла, па калені Лужы ўсцяж Узбор'я наліло. Размясілі гразь, што не прайсці. Ды цяпер марозам падцягнула, I зямля напоўнілася гулам, Лёд іскрыста лужы замасціў. Коўзанка амаль з канца ў канец... Ногі каля тыну ў Сілівея Як падсекла, ды ўтрымаўся неяк, Толькі прасла храснуў ля сянец. — Ах жа, хрэн табе на каўбасу! Наварочаў Сілівею шкоды... Ну, а той — нібы чакаў нагоды: — Зараз во — збіраюся, нясу,— Дзверы адчыніў, пазнаў: — Васіль? А я думаў, гэта ўжо страляюць...— От жа,— цмокнуў,— на хамут быў лямец!.. Ды і сам сто год яшчэ б насіў...— На валёнкі сумна паглядаў I казаў, як быццам тыя чулі: — Гэта ж вас яшчэ прыладзь у чуні, Дык ні снег не страшны, ні вада. Чуні ў Сілівея — проста шык: Склееныя з камеры ваеннай, Нават з дзвюх. Затое і ў паўцэнак Абышліся: бульбы два кашы. Чорны чунь — на левай шыкаваў, А на правай — быў з чырвонай гумы. Мог і памяняць, але, каб тлуму Не займець, парадак не ламаў. Як завёў — хай будзе. Балазе Па-салдацку вызначыць не цяжка Правую нагу і без прамашкі Адказаць, дзе левай быць назе... — Дык і я з табою паскачу,— Да грудзей хінуў свае валёнкі І прыцмокваў Сілівей: — Галёнкі Не нагрэе гэты чортаў чунь... Скок ды скок па грудзе, на лядку — То чырвоным каўзане, то чорным: — Гэта ж я збіраўся ix учора На валёнкі... А цяпер кукуй...— Уздыхнуў: — Цяпер во ледзяней Ці на печ бяжы адтайваць пяты... Хоць бы адкупіцца неяк з хатай, Хоць бы тая печ была пры мне.— І падсоўваў як мага шчырэй На фурманку збіты свой абутак: — Во, насіце... Глянуў Лосік крута: — Прэч адгэтуль, стары вычварэнь! Ну а той з нагі садраў свой чунь: — Сам во босы: костка азалела. — Прэч, кажу, пакуль жывы ды цэлы. — Айн мамент, таварышок, лячу!..— Мільгануў азяблаю нагой: — Во цяпер і чунь якраз да пары: I нагу нібыта хто апарыў — Чырванее... — Я сказаў: бягом!.. Рады Сілівей: валёнкі ўпёр І цяпер не лічыцца дзесятым. І Васіль адвёў агонь ад хаты, Хоць не дужа — на суседні двор. Праўда, зазлаваўся Трыханок, Як прыбег да воза ды агледзеў: — Хочаш адыграцца на суседзях? Што ты мне рыззё тут прывалок?! — Новага цяпер няма нідзе — Выбачай,— Васіль адводзіў вочы. — Ну а ты? — да Лосіка падскочыў Трыханок.— А ты куды глядзеў? — Пан жа немец, пэўна, не драмаў, Правяраў таксама,— буркнуў Лосік.— Ад агню — не проста ж так прыносяць... Пойдзе ўсё, як лепшага няма. — Пойдзе, пойдзе... Зачапі на сук — Пудзіла адно з такой апраткі. — Ты крычы, ды не ламай парадку: Хай пакуль што іншыя нясуць. I пайшла дзесятка па сяле Пераскокваць вогненнаю метай, І ніхто не быў ахвоч пры гэтым, Знацца з госцяй: адсылаў далей. Сцягвала абшчынна шыі ўсе, Як пятля, парука кругавая: Адкупіўся сам — сусед згарае, Калі збор у час не прынясе. Ад сябе той нумар адпіхнуў, Дык сусед лічыцца стаў дзесятым. А пачаць агню з якое хаты — Чорт адзін, бо не ўзвядзеш сцяну. Так падворна шастала бяда, Гнала здань пажару над абшчынай. І калі ўжо ты ўсяму прычына — З плеч здымі, апошняе аддай. Неслі немудроны водкуп свой, Толькі б хаты неяк ацалелі... Трыханок аж прогся: «На калені Ўсіх пастаўлю: час прыходзіць мой!.. Будзеце ля ног ніжэй травы — Вось ля гэтых — высцілацца шоўкам...» Перад немцам капытамі шчоўкнуў: «Хай пабачыць, перхаль тылавы, Што і мы тут не апошні хлам». — Во кажух, а во яшчэ валёнкі!.. Сцепануўся немец, як спрасонку, Ад знабы з агідай папалам... — Гэта асабіста ад мяне — У імя вялікай перамогі! — I дадаў: — Аднак, не шкодзіць рогі Збіць тут аднаму — і як раней! Каб на сабатаж не падаваў Для абшчыны прыкладу дурнога. — Сабатаж? — тут немец глянуў строга, Хоць пры возе быццам і драмаў, Хоць не ўсё і зразумеў. — Я-я,— Трыханок падтакнуў па-нямецку, Спіс узяў, алоўкам нешта спэцкаў, Перакрэсліў, быццам крыж стаўляў. — Вось ён — гэты,— немцу паказаў Прозвішча, памечанае ў спісе,— Сабатажнік...— Лёд падковай высек, Патранташ тужэй падперазаў: — То які загад аб'явіць пан? Да сцяны? Ці проста ўзяць пад арышт? — I трушком паперадзе пашпарыў, Хоць пакуль што і не ўцяміў план. Бо якраз пагрэцца завярнуў Да пляцёнай бутлі перакладчык (Трыханок гасцінна ўсё прадбачыў. Ды і сам не першую глынуў)... Так да Ёхі той паборны воз Падкаціў, спыніўся ля падворку, I талмач прыбег, навёў гаворку — Адагрэты, аж іскрыўся нос... — То які загад?.. Які загад: Змыўся Ёха, перакрэсліў планы. Трыханок звярэў: — Не выйдзе!.. Танна Ў мяне не выкруціш свой зад. Толькі дзе і як той зад шукаць: Змыўся Ёха — і сляды прастылі... А загад? Загад ранейшы ў сіле: Збор не здаў — паліць, а не страляць. Гэтак перакладчык і давёў Непахіснасць немцаву і волю. — Як паліць?! Ды то ж не ў голым полі: З ім жа во і я ўпрытык здавён! — Трыханок тлумачыў згарача Немцу з яго пэўнасцю цвярозай. A тады пусціў апошні козыр: — Во кажух — з уласнага пляча! Гэта за яго няхай ідзе. А пасля — звядзём і тут рахункі. ...Загуменнем, цераз ноч, з-за пунькі Выйшаў Ёха, як займаўся дзень... Мякка і нячутна падаў снег Светлаю і гулкаю абновай. Прарыкала ў цішыні карова, Адазваўся ёй сабачы брэх... Белым-белы хорам ад зямлі Аж да неба разгарнуў прасторы. І ні дзе ні слёз няма, ні гора. Ды і ці былі яны калі?.. Толькі гэты адзінокі рык — Што ж ён паласнуў такой жальбою? Што ж ён сэрца сціснуў гэткім болем, Быццам аб ратунку ўмольны крык? I прыспешыў Ёха нацянькі: «Што ж гэта пяклуецца Падласка? Ці сышоў мурог з мядовай краскай I падкінуў нехта асакі? Ці прашастаў воўк за хлеўчуком І на ўзвейку дух драпежны стыне? Ці заспала раптам гаспадыня, Ля дзяцей прыткнуўшыся бачком? А ці ўжо даіць няма каму І ніхто не просіць сырадою?..» Галасіў Падлашчын рык бядою, I сабака тураваў яму. Ёха ўзбег, задыханы, на двор I асеў ля весніц на палена: Пуста, глуха, снегу па калена — Толькі след мышыны, як узор, З-пад сянец, дзе на дзвярах замок Прычапіўся... Ёха ўстаў, паляскаў... І адтуль — ад Трыханка — Падласка Рыкнула... «Дабраўся, крывасмок... Але што ж я тут... А дзе ж яны? Дзе яны ўсе? — Схамянуўся Ёха.— Што ж я тут...— Шапнуў ён перасохла.— Во замок... А жонка дзе, сыны?..» Вуліцаю бег — яшчэ здалёк Васіля прыкмеціў каля студні,— Неяк сам сабой пайшоў марудней, Нават пацвярдзеў, як быццам, крок. А Васіль рукою ўжо махаў: — Ды ў мяне твае: баяцца дома... I Падласка ў новыя харомы Перайшла — заместа кажуха... — Гэта ўжо я сам во толькі чуў, Ды было, скажу, не да каровы... Дзякуй, што ўсе жывы і здаровы,— Аж святлей зрабілася ўваччу...— Усміхнуўся Ёха.— Нават снег Быццам во бялейшы стаў, як глянуць... А прыбег — паверыш, ногі вянуць... — I далёка ты куды забег? — Ды было... З гарачкі ірвануў Аж за дваццаць вёрст, калі не болей. Нават не падумаеш ніколі: Аж туды, у зону, збег... — Ды ну?! — Вось табе й «ды ну». А я за ноч Злётаў аж туды за дапамогай. Ды з начальства не сустрэў нікога — Павадзілі дзесьці так, наўзбоч. Пэўна, правяралі: што ды як... Я кажу: «Ад Трыханка ратуйце...», А яны сваё: «Не агітуйце: Рана ў тую пастку нам, зямляк. Днём не скочыш у такі мяшок, З гарнізонаў ды заслонаў сшыты...» А адзін аж ускіпеў сярдзіта: «Прыйдзе час! Сатром у парашок. Толькі самі не сядзіце там: Чуйцеся, як дома — не ў палоне». Гэта нейкі быў, відаць, з галоўных І яшчэ во пра цябе спытаў: «Як ён там — на печы ўсё ляжыць? — І ўсміхнуўся.— Немцы мігам згоняць. Дужа хісткі, кажа, пуць ягоны: Каб не здрадзіў, як захоча жыць...» «Камісар?!» — здагадка неўспадзеў Сняла дух, бы вышыня крутая, Ды звярнуў Васіль: — А як спытаюць, Дзе ты быў? — A ў стозе прасядзеў... Снег асенні — як трывожны сон: Цёплым ветрам над зямлёй дыхнула — I сплывае ўсё з вясновым гулам. Цёплы вецер... Што прарочыць ён?.. 21 Сцяжынка Мы ўсе адтуль, мы ўсе з вайны — Яе рабы, яе сыны. Яшчэ і сёння ў цішыню Ідзём адтуль — з яе агню. Пакуль не грымне новы бой, Не ўдарыць новы боль,— Бяссоннем памяці — яна На ўсіх адна: вайна. Яе крыла смяротны цень, Што нада мной ляцеў, Яшчэ і ўнук і праўнук мой Адчуюць над сабой. Як злы праклён праз пяць кален, Праз небыццё, праз часу тлен,— Гарыць на скронях сівізна Ba ўсіх адна: вайна. Мы ўсе адтуль — бацькі, сыны... А ён — з магілы, як з вайны. Зямлю капаў, раўняў брыжы: Збіраўся доўга-доўга жыць. Як хату ладзіў — на вякі, Каб і прастор на ўсе бакі I павярнуцца дзе было, Як людзі прыйдуць «на сяло» — Памужаваць, пагаманіць I чаркай новы свет абмыць. Але ці будзе там яна?.. Усё падчысціла вайна... Во, браце мой, ажно туды Забралася вяршыць суды. А хто ёй права гэта даў — Чапаць да страшнага суда, Трывожыць векавечны сон?.. А можа, памыліўся ён? А можа, там яе няма: Заслон магіл вайну стрымаў?.. Напэўна, ўсё ж там цішыня... Вось толькі як сюды радня Ў госці прыйдзе да яго: Дзе тыя могілкі — ого...— Як свет не той усё адно,— Зірнуў, a ўжо і не відно Прыстанку вечнага бацькоў, Дзядоў, суседзяў, землякоў... І толькі з ямы ўгледзець мог На стрэхах ззелянелы мох Ды вецце голае прысад...— Капай глыбей, хавайся, брат...— Васіль трызненне адганяў, Хоць добра ўжо і сам не знаў: Ён зараз ТАМ ці ТУТ яшчэ?.. Цячэ пясок... Як час, цячэ... З рыдлёўкі — дні, гады, вякі. Вышэй, вышэй узмах рукі... Зямны надзел — глыбей, глыбей. А неба ўсё вузей, вузей... Астылы дол. Апошні ліст — Бярозы крык. Рыдлёўкі бліск. Капай, задуху перасіль, Капай жытло сабе, Васіль. Упершыню ты хлеб чужы Прыйшоў адведаць на крыжы. Ва ўсіх работах быў, як бог — Адну рабіць не мог: Араў, касіў, лажыў стагі — Не мог капаць магіл. Капаў траншэі, рубяжы, Зямлянкі — пагарэльцам жыць, Калодзежы, ставы капаў I грэблі насыпаў... А вось прыйшлося на вяку І тут прынадабіць руку. Каня сталёвага — у дол Загнаў... I жыта пяць пудоў Прысыпаў на худы памол. Цяпер і сам туды — у дол. Капай глыбей адвечны спрат, Шляхоў адтуль няма назад... Адну сцяжынку выдаў бог, Але на ёй ты жыць не мог. ...Яны прыехалі ў абед: Адрузлы немец-кураед, Два паліцаі і вазак — Не толькі з лейцамі, аднак. За імі — наразмашку хлыст — Скакаў вярхом прапагандыст,— Так сам сябе іменаваў, А як ён прапагандаваў, Пра тое болей ведаў хлыст — Галоўнейшы прапагандыст. Васіль у момант зразумеў, Што справу кепскую займеў... Аж тарганулася рука З хлыстом нервовым: — Дзе дачка? А дзе дачка — ідзі шукай... — Яна ў гасцях, у сваяка. — Ці не ў таго, што кліча ў лес? — З каня рыўком дадолу злез, Халяву паласнуў хлыстом.— Ты не круці мне тут хвастом. Я знаю гэтых сваякоў. Ажыў і немец: — Матка, ком,— Паклікаў пальцам,— яйка, шпэк... «Каб ты наеўся ўжо навек,— Ды ўсё ж палезла мама ў спрат.— А можа, памякчэе гад...» У попеле ў старым гаршку З дзесятак яек на палку Ад ласых, збродлівых патраў Бярогся для пільнейшых спраў. Яны і выплылі на свет... — А камсамольскі дзе білет Дачка хавае? Чуеш, ты? Ці лекаў даць ад нематы? — I хлыст апёк шчаку агнём. — Ну! Не прыкідвайся ягнём. Да сценкі! — гаркнуў.— Што і як Успомніш момантам!.. — Я, я,— Затакаў немец,— партызан Страляйт...— Хусцінку падвязаў Пад бараду, губу прыцёр I яйка цокнуў аб затвор. Шкарлупку ногцем калупнуў, Для спробы каліва глынуў I раптам зморшчыўся... Размах — I яйкам па бандыту: — Бах!— Відаць, не свежае было.... Зайшоўся смехам. — Ах, мурло! Напружыў бацька сілы ўсе — Рывок — і на траву асеў. Збіваць умеў прапагандыст... Крыжы... Бяроза... Жоўты ліст... — Вось тут капай. Калі дачка Не з'явіцца — дзядоў гукай. Прасіла мама: — Пан, бяры — Во певень ёсць яшчэ ў двары... Пытала мама: — А за што ж?.. Смяяўся немец: — Кур карош!.. Капай глыбей, хавайся, брат... Глядзіць у яму аўтамат: «Ці шмат яшчэ таго жыцця?» А Васілю як і няўцям, Kaгo пытаў, каму гразіў Чужой сістэмы чорны зірк... Карцела думка неўпапад: «Якой жа маркі аўтамат, Што рылам пнецца да плячэй?..» Цячэ пясок... Як час цячэ. Адстаў, адстаў былы салдат,— Нічога ўжо не знаеш, брат... Чужы з чужымі на адзін, I свой адвернецца, глядзі... Не здрадзіў, быццам, не забіў, Ды волю вольную згубіў, Скарыўся духам...— Чуе, гад, Той невядомы аўтамат, Пацвельвае: «Капай, капай, А там — знаёміцца давай». Нібыта ўжо так важна знаць, Якой сістэме дзякуй слаць, Што ўміг ад свету адсячэ... Цячэ пясок... Як час, цячэ. Цячэ з рыдлёўкі ў Васіля... Сістэмы робяцца пасля. А наперш быў шалёны крык У Мюнхене пра Kampf i Krieg. Над рыжым куфлем — белы чуб. Над чорным Рурам — зеўрань труб. Хмель узбіваў трыбун піўны. Кіпела сталь: «Вайны, вайны!» Чакала сталь такіх сістэм, Каб сцвердзіць бюргерскі эдэм. Яму і дзякуй. Гэты рай Глядзіць у яму цераз край. Цячэ пясок... Як час, цячэ. На фронце — там яно лягчэй. Там сіла страшная нясе: Там не адзін ты — там усе I ты з усімі: бі, страляй, Ідзі ў атаку, адступай... Ні жонкі там і ні дзяцей — Там ясна ўсё. Там, брат, лацвей... Там як часцінка ты ў віры: Даюць каманду — хоць памры, Хоць выжыві — свая бяда, І страх — як з гусі той вада. А тут — адзін, і сіла ўся Ў табе адным, а вунь вісяць На шыі хата і сям'я, І сіла дзеліцца твая На ўсіх — па кроплі акурат... Капай глыбей, хавайся, брат... Вa ўсім суцеха, што душа Не збэшчана на барышах, Што не прадажная яна — Свая, апошняя, адна. Цячэ пясок... Як час, цячэ. Адна хвіліна ёсць яшчэ... Капай глыбей, хавайся, брат... Адна сцяжынка ёсць назад... Яе ніхто не мог стрымаць, Ніхто не мог уратаваць, Ніхто не мог адгаварыць — Сама ляцела ў кіпцюры. — А татка родны, любы мой, Бяры й мяне!.. мяне з сабой... Схапілі Зіну, павялі... Вылазь, Васіль, жывы з зямлі — На два гады яе пакут: Вылазь чыніць над бацькам суд... А ты, дачка, пазыч віны, Пазыч у бацькі сівізны... 22 Вясна ў снягах Ішоў вусаты чалавек,— Мы зналі, хто так ходзіць: Усцяж палёў, лясоў і рэк — І ў сцюжу, і ў разводдзе, I ў гуле жніўнае пары, I майскім ранкам траўным, I ўдзень, і ўноч, і на зары — Паходкаю дзяржаўнай. Ішоў вусаты чалавек — Надзея ўсіх народаў: На цэлы свет, на доўгі век,— Нязменнейшы і родны. I стогадовым, і малым — Ён быў заўжды адзіны Ўсім настаўнік, бацька ўсім — Не быў нікому сынам. Мы ведалі яго партрэт У гэтакай паставе. І ледзь не кінуліся ўслед: — А раптам гэга Сталін?! Ды каб з-за нас, з-за недарэк, Не вызналася тайна: Хто ён — вусаты чалавек,— Стрывалі мы адчайна. Тугой застылай з-пад павек Глядзелі ўслед знямела... Ішоў вусаты чалавек — Да веек заінелы... Пяршак-мароз быў у гульбе — Учэпісты і прыткі: У горле дзёр і на гарбе Тапырыўся пад світкай. Ступаў мацком ад берагоў, Лёд мацаваў на стрыжні, А потым коўзацца бягом Імчаўся з промнем рыжым. Як бы адгульваўся траскун Пасля адлігі млявай I ў Начы выганяў з пяску Пячкурыкаў-малявак. Не грукатаў у сто грамоў, Ваду не тоўк у ступе — A ладзіў нам падлёдны лоў I шчупакоў вышчупваў. Яны хадзілі, як пад шклом, У прозелені сіняй... Вось тут злаўчыся — і калом Лупі, што маеш сілы! І скаланецца звонкі лёд, І ў цішыні працятай Хіснецца белізной жывот — Надзей рыбацкіх свята. Пакуль аглушаны шчупак Не ладзіць з плаўнікамі, Лёд прабівай — і проста так Бяры за хвост рукамі. Ён момант нейкі паляжыць, Як выхапіш з палонкі, Ды нібы ўспомніць: «Трэба жыць!» Пачне ірваць пастронкі. Спружыніць, выгнецца дугой, Джганецца на паўметра Ўверх маланкаю тугой, Як дасць нырца ў паветра. Ударыць моцным плаўніком, Шукаючы апоры... Яшчэ раз узляціць рыўком — I аціхае ў зморы... Хоць не сказаць, што шчупакі Ішлі пад кол пудамі, Ды мелі ўлоў такі-сякі Мы з дзядзькавым Адамам. Я выглядаў, а ён глушыў, На спробу лёд падзыбваў: Калі ўжо той на ўвесь аршын — Якая, браце, рыба... Тут гэтак толькі і лавіць: Па першаку-марозу, Калі пакрэктвае, звініць І гнецца лёд з пагрозай. A ўжо як дно праз дым відно — Дарма калом не бухай: Шчупак не чуе на адно, Другое — глуха вуха. Цяпер жа — самая пара Была на гэты спосаб: Лёд — пальцы ў два, а на вірах Таней, ды моцы досыць. Трымае, як нічком паўзеш: Лёд з восені — хаўруснік, Надзейны лёд. Ды абамрэш, Калі пад локцем лусне. I ў суцяшэнні сэнс малы — Як пачынае вухкаць: «Вясною тоўсты, ды гнілы, А зараз крэкча пругка...» Дыханне здрадлівай мяжы: Ляжыш, а жылкай белай Па лёдзе трэшчына бяжыць — Як адразае бераг. I не стрываеш: нібы рак, Хутчэй назад пластуеш... А што шчупак? А ён і так Пакіне прорву тую. Ён выйдзе жыраваць на плёс, Як цень, з віроў цямнотных,— Яно не лішняе ў мароз... Ды й пагуляць ахвота, І пасваволіць, і пакпіць На дне з карча старога, I сонца трошачкі ўхапіць — Няхай сабе й скупога. Плыве — і я над ім паўзу. Прыціх — і я спынюся. Цікуе ўклейку-драбязу... Не, перадумаў, мусіць... Ну што ж, яшчэ не ўгаладаў, Чакае большы кавал... А гэта што за барада? Дзе і каго шукала?.. Шчупак узнаў. А я дык не. Гляджу... А каб ты згінуў! — Ды гэта ж корань-плывунец Зашыўся так у ціну. Сам травяны, але ж усмак Жучкоў глынуць умее: Лісткі нацэліў наўскасяк Многаязыкім змеем. Плыве далей шчупак на мель, Здабычу выглядае, Пажухлай раскі жаўтазель Хвастом тугім гайдае. I ўжо, здаецца, на мяне Ўставіў хіжа вока. I ўжо Адам акамянеў I кол занёс высока... I тут — вусаты чалавек. Ішоў сабе па грэблі, А нас ад лову як адсек... — Дамоў збірацца трэба...— Няпэўна працягнуў Адам.— Ці ўсю паловіш хіба? І я — рашучасці паддаў: — А чорт з ёй, з гэтай рыбай!.. Сабе во большую бяры,— Я знаў, што дзядзька Змітра Спытае: «Як там, у віры? — Застаўся самы хітры?» Дык хай не думае, што мы Такія ўжо разявы: Хоць шчупакі і не самы, Ды ёсць во для заправы. Прыспешваў, падганяў сакрэт: Сігалі мы з Адамам — I ўсё каб трапіць след у след З Ягонымі слядамі. За ім — ляцелі стрымгалоў, Як ветрам несла ногі. Прыбеглі з тайнаю дамоў, А там — ніхто нічога... А там — усё як і было, I знаць не знаюць нашы, Што Ён ішоў цераз сяло... — Глядзі, як лупіць кашаль!.. Напоўзаўся да цемнаты, Ссінеў, як пуп гусіны... На печ залазь, бяры шманты,— Загнала маці сілай. — Накрыйся добра там, казак, Грэй на чарэні пяты... I што казаць?.. Я не сказаў — Нікому. Нават тату. Маўчком узгробся я на печ, Адвару выпіў кубак... Ну а сакрэт — такая рэч, Што языкоў не любіць. Маўчу... Няхай сабе, няхай І не аб тым гаворка, І памыліўся я няхай, Ды крыўдна ўсё ж і горка... Ішоў вусаты чалавек I меў свае патрэбы. Ішоў, як ходзяць з веку ў век Пад гэтым вечным небам. Як пасмяяўся: «Я не я, Зусім не той, а гэты... І хата з краю тут мая, Што я вам не з партрэта». Ішоў вусаты чалавек — Ніхто і не прыкмеціў... А нас пакінуў, як на здзек, У гэтым страшным свеце... Аднекуль вечарам кажух З'явіўся. Тата з краю Прысеў, сказаў: — Ягоны дух Прастуду выганяе. Ён з печчу, браце мой, радня I самы першы лекар: Прасмаліць косці — і да дня Зноў станеш чалавекам...— Накрыў мяне: — Ну, грэйся, брат… Я пяткі ўпёр у чэрань I ўсім царам і кум і сват — Забыўся на вячэру. Я плыў, як рыба... Я ляцеў — Бо хто ж плыве ў паветры... Як ціхі спеў, як лёгкі цень, Лунаў над светам светлым. Мне сонца вогненны прамень У крылы аддавала, I праразаўся весні дзень, Як сон у снезе талым. Той сіні сон, што з-пад зямлі Нясе вясны цяпельца І ствол зімы трасе ў камлі, Звініць вясёлым шкельцам. І ўслед за кветкаю звінеў Жаўрук у небе сінім, І сонцакрылага мяне Маўчком лугі прасілі: «Ты ахіні і абагрэй Чаканне траў застылых»,— І я ляцеў — шырэй, шырэй Узмах напятых крылаў. I ахінаў, і саграваў Вясновыя надзеі, І абуджалася трава I здзіўлена глядзела: Паміж мяцеліц і снягоў Лугі ўсе затапіла Вясна! — ні меж, ні берагоў... I дагараюць крылы... І ападаю я ў траву, Жыву яе дыханнем, Яе вясновасцю жыву I вольным калыханнем... Схіліўся хтосьці нада мной... Ды гэта ж Ён,— няйначай!.. Мне прахалоднаю рукой Лоб астудзіў гарачы. Не абманіў, не абмінуў, Зайшоў і ў нашу хату — Цераз бяду, цераз вайну... Я прахапіўся... — Тата?!. — Цішэй, цішэй,— ляжы, сынок. Накрыйся во дзяружкай — Ачахні, дай мне кажушок, Перавярні падушку: Змакрэла ўся... З-за каптура Я выглянуў на хату: На самым цэнтры акурат Стаяў хлапец цыбаты І з бацькам прымяраў кажух. — Во, бачыш: як уліты, Сядзіць — не трэба лепш, кажу: Як на цябе пашыты. А гэты фрыцаў макінтош, Ці як там імянуеш, Кідай на пудзіла. — Ну што ж — Цяпер перазімуем! — І рукавамі па баках Хлапец, як певень крыллем, Заўзята лопнуў: — Ну, сука, Дастанем і ў магіле! «Сука»,— во гэтак і сказаў I памянуў кагосьці. Кажух рамнём падперазаў, Аж храбуснулі косці. 23 Вяртанне сухара Калі за акном пачынае залець Поўнач і тухне газніца, Маўчком узыходзяць на нашым стале Хлеб і з бяросты сальніца. Да раніцы звыклі чакаць яны: Вачэй не звядуць ніколі — Сонца і воблачка ў небе вайны — Бохан і жменька солі. Чакаюць сустрэчы яны з сухаром, З тым, што па лесе блукае... Стук асцярожны ў шыбу, як гром, Ударыць і пагукае. Толькі калі — не знае ніхто: Ні гэтыя двое, ні трэці, Што чуе бяссонна, як снежным хвастом Па вокнах шэрхае вецер... Слухае бацька якую ўжо ноч... Бохан чакае маўкліва, Лічыць драбочкі сальніца наўзбоч... Пытлюе мяцеліца мліва. У сотні шуфляў да дня награбе Сумёты роўныя з тынам... Чаканне, як мех, нясеш на гарбе: «Даўно б завітаць павінны...» Жывеш двайніком — ахвоч не ахвоч,— Разрэзаны напалавіну: Нямецкі дзень, партызанская ноч — Свая, хоць на дзве хвіліны. Трывожная, похапкам, ды свая, Як постук у чуйную шыбу. Не ўспееш агледзецца, што і як, А свет пацяплее нібы. І пэўна-ткі праўда вялікая ёсць У тым сухары скамянелым, Што ў хаце заўжды, як жаданы госць, Прывеціцца сэрцам збалелым. Прывеціцца боханам на стале, Прывеціцца жменькаю солі. Хоць чорным быць сухару, але Не быць адзінокім ніколі. Свінцовая сіла — нявольнік-дзень, Ды моцы ноч набірае: Ад немца хлеб у зямлю ідзе, А тут — на стале чакае. Стукнулі двойчы, ціхутка зусім — Як вецер шыбу пакратаў І прашаптаў з марозу: «Васіль!..» Выйшаў... Вярнуўся ў хату... Ніхто за ім не пратупаў услед, Як быццам усё здалося. — Што гэта ты ўсхапіўся чуць свет? — Нічога. Правесці просяць. Не запытала, куды і каго: Бохан і соль забірае — Ясна зрабілася без таго, Якая патрэба гукае. Даўно забытая між дарог — Дарога прашчураў — Нача: То хмызнякі, то куп'істы лог, То ўзвалак з сіўцом лядачым... Летнік у свет гайдаў на чаўне, Зімнік выносіў на санках, А сёння ўласныя ногі ў цане: Дарога ішла партызанкай. Вецер-падвей у трысці галасіў, Тырчаў расцяроб карчамі. Паперадзе сцежку значыў Васіль, Задыхана хлопцы маўчалі. Дваццаць адбухалі снежных вёрст, I ад Узбор'я дваццаць Яшчэ адмахаць — калі наўпрост, Каб да чыгункі дабрацца. Васіль у роспыты дужа не лез: Гэта ж не ў хаце з Ёхам. I толькі тады, як пачаўся лес, Загаманілі патроху. — Гэта мы, бацька, даваць канцэрт Сабраліся пад завею... — Загад не забыўся? То збаў на працэнт Разгон языка. — Разумею. — Во гэта не лішняе будзе якраз. Ідзеш не на паляванне,— Крыху пацяплеў асіплы бас. — Дык я ж у агульным плане. Ударым у бубны, а ты ўяві, Як скачуць фрыцавы косці, Ці, скажам, рукі яму адарві, Як будзеш цягнуць у госці... Хоць меў не шыкоўны час для размоў, Дарогу ж усё-ткі згладзіў... — Ну, дзякуй, бацька... Табе дамоў, А мы тут самі паглядзім. Заднюем, прыкрыемся на перадых, А ты там — нікому ні слова... Ускінем чарцей да самых святых — Ужо і малітва гатова. На во, трымай: калі ірване Вогненны слуп увысі, Тады ва ўзборскай сваёй старане Па гэтай кантычцы маліся,— Паперку падаў Васілю і сухар,— Назад не малая дарога, Дык пасілкуйся, бяры, гаспадар, Намеснік хлебнага бога. Ішоў. І сухар за пазухай нёс, Нібыта кавалачак сонца, Нібыта знак, што скарыўся лёс Яму — Васілю-узборцу. Што ён кагосьці ў сабе перамог — Хоць сёння, хоць на гадзіну. І праўда зярнят уступіла парог Той праўдзе, што ўзбоч хадзіла. Той страшнай і горкай, што смерцю наскрозь, Крывёй і слязьмі набрыняла... ...А некаму ж трэба зламаць гэту вось, Што коціць вайны навалу. Упасці пад кола, налегчы грудзьмі, Каб вывернуць з каляіны, Каб супраць нелюдзяў стацца людзьмі,— Нехта ж гэта павінен... ...Сам па сабе хацеў бы ты Пражыць без вайны і здрады. Ды ў свеце пануе закон круты I ёсць нейкі страшны парадак. Жалезнай пятой падамне, як траву, I праўды тваёй не спытае... ...Дык чым жа я гэта, мой браце, жыву, Калі, як былінку, гайдае...— Ад горасных дум схамянуўся Васіль, Аб вывараць збіўшыся з кроку... «Отче наш, иже еси...» Глядзеў на сябе, як збоку. Нібыта не сам блукаў па вузлах, А нейкі двайнік з люстра, Што першы раз не хаваўся ад зла, A выйшаў яму насустрач. Што слепам, няўцямна, але адчуў Страшэнны сэнс і вялікі Гэтай вайны: жыць — не як захачу, А гэтак, як ён паклікаў. І той, хто народжаны сеяць і жаць Ды плугам аблогу дзерці, Крывавую ношу павінен узяць: Забіваць у імя бяссмерця... I зноў спатыкнуўся: «Павінен?.. Я?.. О, свет азвярэлы, о, людзі, Навошта ж і неба і гэта зямля, Як вечна такое будзе?..» Ішоў цаліком, напрасткі, наўздагадзь — Ля трэціх, бадай што, пеўняў. Брусы і Мачыла, Запруддзе і Гаць — Чуццём вызначаў няпэўным. То Нача падкажа той шлях без слядоў, То вецер — у вочы жарствою... На згонах крынічных з падталым ільдом Прыснежаны пасткі завоін. Над берагам — з вецця зацішных лазін — Звісаюць сумёты-застрэшкі,— Хоць рыбу не раз тут у ямах бузіў, Ды гэту не вызнаў сцежку. З-пад ног абарвалася, шухнула ўніз — Як быццам нічога пад небам Не стала: нібыта ў пустэчы завіс, Няўцямна рукамі загрэбаў. Падскочыў, схапіўся за брыж ледзяны, Ды хрэснула зноўку апора. Хлебнага бога валок вадзяны Ў глухія свае каморы. З-пад ног каўзануўся заглеены жвір Падсечкай крутой пад кручай. Мёртва дыхнуў глыбінёю вір I лёс, як вяроўку, закручваў. Локці раскрылена на каўзаце Шукалі нагам палёгку, А лёд па-здрадніцку храбусцеў, А лёд абрываўся крохка. Пазногці крывава ўразаліся ў брыж, Натужна ірваліся жылы — На дно Васілёву душу, як барыш, Цягнула свінцовая сіла. Не крыкнеш: «Ратуйце!..» А крыкнеш — ніхто Не ўчуе: адкуль жа тут людзі... Яшчэ раз намогся — і цяжкім пластом На край наваліліся грудзі. Замёр на імгненне: туды ці сюды? — За куст ухапіўся аберуч... Грэбся з вады, грэбся з бяды, Грэбся Васіль на бераг. Грэбся хвіліну... Ці ўсё жыццё?.. Ці вечна?..— За бацьку і дзеда, За тых, што першы палілі касцёр, За нас і што прыйдуць следам. Грэбся Васіль сам ад сябе, Ад лёсу свайго, як ад здрады... Знясілена падаў у снежнай гульбе, Зноў узнімаўся і падаў. Схапіў па-сяброўску ў абдымкі мароз, Заціснуў, як абцугамі. Здавалася бацьку, што рос ён і рос І доўгімі дыбаў нагамі. Нібыта чужыя былі яны: Перастаўляў, як хадулі. Нібыта ў нягнуткі, у ледзяны Абутак яго абулі. За колькі хвілін — увесь злубянеў,— Грабіся, Васіль, грабіся!.. Армяк ад ветру крыссём звінеў, Аб ногі бляшана біўся. Адно ратавала: хоць падаў, ды бег I сам сабе цвёрда наказваў: Спынішся толькі ці сядзеш на снег — Закасцянееш адразу. I ў голым полі — жывы? нежывы? — Як слуп, застынеш пад небам: Ані падпора, ні знак межавы, А так — без усякай патрэбы... Пераваліўся цераз парог, Калі ўжо добра заднела. Хату не ўз'енчыў перапалох: Глянула і абамлела... Колькі разоў — не згадаць, не злічыць — Дзверы яму адчыняла, Грэла з марозу, у грубку карчы Весела падкідала. Колькі разоў ён вяртаўся з дарог, З плячэй атрасаў завіруху — Радасны, дужы... А тут — на парог Ступіў — і падкошана рухнуў... Першай да памяці мама прыйшла: Ціха пазваў: «Кулінка...» Выцягнуць, вызваліць сілу знайшла З-пад ледзяной скарынкі... Няўцямна шаптаў: «Адчапіся, Захар... А што ж гэта будзе цяперака?..» З-за пазухі выпаў чорны сухар, А следам за ім — паперка. Яе разгарнуў я тады ўжо, калі Тату адцёрлі, сагрэлі, Сям'ёю ўсёй паднялі, давялі, Паклалі, накрылі ў пасцелі. Я побач сядзеў — прынесці вады Ці так што падаць папросіць — I бэкаў размоклай паперы дым — Літар чарнільную просінь. Варажыны-варагі — Дзве рукі і дзве нагі. Варажылі ворагі Нас узяць нядорага. Налажылі цэны мы — Здорава пацэлілі: Варажыны-варагі — Ні рукі і ні нагі, Галава адна на трох, Зад і спражка «З намі бог». Ну й жывецца ворагу — Люба-дорага! К вечару толькі вочы адкрыў, Пазнаў мяне і паклікаў, І зашаптаў, як быццам хітрыў: «Гэта я ўсё для прыліку... Я ж, брат, здаровы — не плач у кулак Проста прыкінуўся трохі, Каб уваліцца ў хату няўзнак І жартам вас падпалохаць...» Доўга трымаўся гэты «спалох», За бацькам цягнуўся следам. З той вопраткі ён выдзіраўся, як мог, Вылузваўся аж да лета. З-пад снегу вылазілі травы на свет, I ён пакрысе адтайваў, I весніўся ў сэрцы зімовы сакрэт: «З вяртаннем, сухар, з вяртаннем!..» 24 Мезены палец Балада неспаленай вёскі Асядаў на зломе дня за вёскай Жніўнем далягляд іржыста-колкі. Вечар ахінаўся адгалоскам: «Ты не ві гняздзечка, перапёлка... Ты не ві гняздзечка ля дарогі...» Не, той песні сёння над палямі Не спяваў ніхто. Яна з былога Прарастала спаленымі днямі. Тры гады, як тры тысячагоддзі. «Да вайны» — нібы да нашай эры — Думаем, гаворым, спім і ходзім: Дух і час — усё вайною мерым. Тры гады — праз трыццаць — б'юць навылет, Тры гады крыві, агню, адчаю. Тры гады — пад сэрцам вы застылі I праз трыццаць будзіце начамі. Перад вамі, што ў нябеснай сіні Сталі чарадою аблачынак, Перад вамі, Лідзіцэ, Хатыні, Што апалі жменькаю дажджынак, Перад вамі, спаленыя людзі, Перад вамі, спаленыя хаты, Радасці і сонца мне не будзе, Перад вамі — вечна вінаваты. Спапялёных вёсак грозны кворум,— Як глядзець у гэты вочы смела, Што палаюць акіянам гора Над маім Узбор'ем ацалелым? Як жа мне хадзіць па тым бетоне, Калі ён на попеле замешан, Калі ён — прыслухайцеся — стогне, Як і звон, што ў коміне падвешан? Узляцець над горыччу і гневам? Не. Кружыць не змог тут нават бусел. Я таксама: над Хатынню неба Радасці крылом разбіць баюся. Адкажыце: гэта боль ці здрада, Што агнём не ўзняўся люд узборскі, Што не змог я расказаць баладу Пра Ўзбор'е — спаленую вёску... Я магу, ды не такую трохі. Я магу: і мы не пастаяльцы На шляхах бязветраных эпохі. Слухайце: балада пальца Ён быў маленькі, Вельмі маленькі, Нават самы маленькі — Мезены. Ён з краёчку Хінуўся да жменькі, Як сірата на хрэсьбінах: «Сарока-варона Дзеткам кашу варыла, На прыпечку студзіла, Памялом мяшала, Чапялой давала. Гэтаму дала, I гэтаму дала, I гэтаму дала, І гэтаму дала, А гэтаму не дала: — Ты, малы, круп не драў, Вады не насіў, Дзяжы не мясіў. Ідзі, малы, па вадзіцу, У сцюдзёную крыніцу...» Дык вось гэта быў якраз ён, Той самы Прымоўнічак, Ад якога смяшлівая мама Чакала помачы. Чакала, доўга чакала — I дачакалася: Дарога сына забрала — Не запыталася. Курсант праднавальнічнага Саракавога... «Ідзі, сынок, да крынічанькі...» Маўчыць строга. Маўчыць і вайна — Пакуль што. Прыцэл рэвальвера Курсант — сэрцабойным культам — Для фота прымераў. А побач, на тым жа здымку, Сябры баявыя — З надзеяй: У далечы дымнай Чыёсьці сэрца заные... Паслалі І, колькі чакаць ix, Сваім наказалі абранніцам... А сэрца заныла ў маці: Прыбегла да нас раніцай. За ёю — і дзядзька Змітра. Спаткнуўся цень ля пapoгa. На жонку — не то што сярдзіта — Зірнуў, як прасіў падмогі. Даводзіў: «Ну й розум жаночы! Ніяк не ўталкуеш: Ды той жа фатограф што хочаш На здымку ўраз адштукуе. Ды ён табе правую з левай Руку пераставіць можа». Не слухала цётка Ева, Плакала: «Божачка-божа!.. А дзе ж твой, сыночак, палец?.. Мая ж ты крывіначка ранняя... Стралялі тамака, стралялі I пэўна знячэўку Ранілі...» Схіліліся — дзеці, мужчыны I маладзіцы: На здымку курсанцка-гарэзлівым Пальцы лічылі — Няма, як пабег па вадзіцу Той самы, маленькі, Мезены. I кожны суцешыць ахвочы. Адны разважалі: «Падкурчыў», Другія: «Ды дзе вашы вочы — ён проста фасоніў для дзевак...» А цётка Ева Пякучай Слязою: «Сыночак, сыночак, А як жа табе балюча...» Пакуль грамацеі ў школе — Мяне пасадзіла на лаву, Бо літары я адолеў, На пісарства сцвердзіўшы права Сяджу за сталом і «друкую»: «А што ж там, Сямёнка, такое?» Дыктуе. А хто супакоіць?.. Ніхто і ніколі... Дваццаць гадоў чакала Адказу. Шчадрыла цыганкам сала — Не скрыўдзілі ані разу: «Жывы. А вось і дарога — Заедзе, Як вылучыцца нагода...» Пазелянелай меддзю Вынырнула з-пад нарога Ў Падмаскоўі гільза Сорак першага года. Прозвішча лейтэнанта І адрас дамашні,— Усё, што паперка згарнула. Прыпіска: «Нашли на пашне, Где насмерть стояли наши...» Усё, што вайна вярнула. Плакала цётка Ева, Вочы запалі. Плакала цётка Ева, Пакуль і яе пахавалі. Плакала перад сконам, На сынава фота глядзела. «А дзе ж той пальчык ягоны...» Сэрца шчымела. «А як жа табе балюча»,— Пошаптам гаварыла... «Кашку варыла, Дзетак карміла...» З-пад Масквы, Варшавы і Берліна Трыццаць год яны ішлі дадому Па бестэрміновых каляінах І па сцежках толькі ім вядомых. Доўга так ішлі, пакутна доўга,— Ці ішлі — забыліся ўжо нават... Зорны высеў ці пяску рудога Выбухі над вечнаю заставай?.. A прыйшлі — ніхто і не прыкмеціў... Ды спрадвеку чуйна спала маці: «Веснічкі ўздыхнулі... Пэўна, вецер...» — І агеньчык загарэўся ў хаце. А за першым — і другі, і трэці, І над вёскай — вогненнае мора: Млечны Шлях узборскі у сусвеце — Мацярок нявысненае гора. Аганькоў трывожных трапятанне, Дзверы незашчэпленыя ў хатах,— Гэта ix бясконцае вяртанне — Тых, хто не вярнуўся ў сорак пятым... Хто ідзе дарогай Перамогі Трыццаць год да роднага Ўзбор'я, Дзе даўно ўжо новыя парогі, Новыя сцяжынкі да падвор'я... Хто ідзе сюды зімой і летам Праз дажджы, спякоту і завеі, Праз віхуры атамнай планеты — Каб прынесці нам адну надзею, Што не стануць кантыненты цэллю Той пякельнай, той вайны бяскроўнай, Дзе гемаглабін згарае ў целе I апошнім сонцам ззяе поўнач... Вечнае вяртанне — як пракляцце, Вечнае вяртанне — як бяссмерце,— I Хатынь свая — у кожнай хаце, I Хатынь свая — у кожным сэрцы... 25 Замест развітання Шум бярозы — бацькаў сон трывожны На пагорку, дзе грудкі, грудкі, Дзе травінкай узыходзяць кожнай, Памяццю — дзяды і землякі. Дзе замшэла крылы развінае — Як абдымкі — крыж перада мной, Нібы знак, што да зямнога раю Ўсе ідуць дарогаю адной. Вось яна — з нізіны, ад Узбор'я, Жыта расхінае пад гару. Не збяжыць ніхто з яе ў міжзор'е I не абміне ў сваю пару. Тут усе. Як і на вёсцы — побач, I заўжды ў суседзей на віду, I заўжды гатовыя падсобіць, І з жывымі падзяліць бяду. Я не раз, не два сюды прыходзіў I вяртаўся ў думках зноў і зноў. Па крупінцы сам сябе знаходзіў, Бо няма высновы без асноў. Вы прабачце, што парой трывожу Вашы неразгаданыя сны: Мы яшчэ без вас ніяк не можам, Мы яшчэ на рубяжах вайны. Абсалютных не было ніколі I не будзе ў свеце перамог. Перамогу ўмець пераадолець — Самая цяжэйшая з дарог. Гэта ўжо не мы, а пакаленні Выклікаюць з будучыні нас, Каб не абрываліся карэнні, Каб агонь свяшчэнны не пагас. Ты прабач мне за пытанні, тата: Гэта ўсё працягваецца бой... Ты перада мной не вінаваты, Вінаваты я перад табой. Не зманю: хацелася парою Славаю хоць раз тваёй дыхнуць... Ды не ўсе дарогаю адною Подзвігі жыцця свайго нясуць. Нёс і ты свой лёс — травы маўчанне, Што да сонца праз мяцельны сум З-пад снягоў ірвалася з адчаем, Каб ізноў патрапіць пад касу. I пa даўняй той сялянскай мерцы — Сноп жніва ды каліва сяўбы — Паяднаць ты здолеў толькі смерцю Праўду зерня з праўдай барацьбы. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . На крыжах гісторыі адсутных Не бывае. I блуканняў марных Не бывае. Хто жыве пакутна, Не бясхмарна, Нам травы маўчанне адкрывае. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . Мы заўжды на пачатку дарог, Мы заўжды на пачатку эпох. Васіль, Сілівей, Ёха... Маўчанне травы, Эпоха. Зноўку Трыхан? Трыхан жывы?.. Пакуты травы... Сын мяне абганяе патроху... Надзея травы... Эпоха. 1974—1978

Оглавление

  • Васіль Зуёнак Маўчанне травы Fueled by Johannes Gensfleisch zur Laden zum Gutenberg

    Комментарии к книге «Маўчанне травы: Паэма лёсу», Васіль Зуёнак

    Всего 0 комментариев

    Комментариев к этой книге пока нет, будьте первым!

    РЕКОМЕНДУЕМ К ПРОЧТЕНИЮ

    Популярные и начинающие авторы, крупнейшие и нишевые издательства