«Узмах крыла»

376

Описание

Аснову новай паэтычнай кніжкі Генадзя Бураўкіна склалі вершы, напісаныя ў апоўнія гады, калі ён жыў у Нью-Йоркў, прадстаўляючы родную рэспубліку ў Арганізацыі Аб'яднаных Нацый. Туга па Радзіме, шчыры водгук на няпростыя падзеі ў Беларусі, шчымлівы роздум над трывожным сённяшнім днём — вось іх асноўныя.матывы. У зборнік увашлі таксама «чарнобыльская» нізка «Брагінская вясна - 1986», «Запісы з дальняй шуфляды», якія па цэнзурных прычынах не маглі быць, надрукаваны ў свой час, і новыя лірычныя радкі аб каханні.



Настроики
A

Фон текста:

  • Текст
  • Текст
  • Текст
  • Текст
  • Аа

    Roboto

  • Аа

    Garamond

  • Аа

    Fira Sans

  • Аа

    Times

Узмах крыла (fb2) - Узмах крыла 136K скачать: (fb2) - (epub) - (mobi) - Генадзь Мікалаевіч Бураўкін

Генадзь Бураўкін УЗМАХ КРЫЛА

Падрыхтаванае на падставе: Генадзь Бураўкін, Узмах крыла. Новыя вершы, — Мінск: Мастацкая літаратура, 1995. — 111 с.

Рэдактар: Р. I. Барадулін

Copyright © 2015 by Kamunikat.org

Маўклівая, цярплівая душа

* * * Якое шчасце — Жыць на белым свеце, Піць водар траў і цішыню бароў, Твар падстаўляць пад чабаровы вецер I мець сям'ю, работу і сяброў! Якое шчасце — Жыць зусім звычайна: Браць кнігі з перапоўненых паліц, I наліваць вадой крынічнай чайнік, I ў садзе лісце прэлае паліць! Якое шчасце — Даланёй сялянскай Адчуць слухмянасць гэбля і касы I з нечаканай прадзедаўскай ласкай Расчулена пагладзіць каласы, У засені схавацца за адрыну, Дзе дуб калыша свой зялёны шум, I сцішанаю песняю адрынуць I адзіноту, і бетонны сум, Аднойчы выйсці ў поле на дасвецці, Каб зразумець — Да ачышчальных слёз,— Якое шчасце — Жыць на белым свеце Сярод вясёлак, птушак і бяроз!.. Малітва Мы здалёку ўбачылі свабоду I яшчэ не вырваліся з пут... Божа, Не дабаў майму народу Пошасці, Няпраўды I пакут. У чужым нялюдскім землятрусе Хіба ў нечым мелі мы віну?.. Божа, Адвядзі ад Беларусі Здраду, Вераломства I вайну. Смутнаю парою нелюдзімай, Калі ўсё наўкол ідзе на злом, Божа, Захіні маю Радзіму Мудрасцю, Спакоем I цяплом! * * * Вы, хто сягоння на крутой арбіце, Хто пазаймаў чужыя рубяжы, Збалелую душу маю вазьміце I разапніце на сваім крыжы. Вам хочацца зрабіць яе пакутнай — Даўно ў мяне пакутная яна. Няўдзячнасцю людскою, як атрутай, Скалечана, прапалена да дна. Навошта ж вам цяпер яна такая? — Ні славы не дадасць, ні барыша. Як ранішняя свечка, патухае Маўклівая, цярплівая душа. Вам хочацца забіць яе навекі. Няўжо ў вас мала без яе граху? у ...I душы растаптаныя — як вехі На вашым інквізітарскім шляху. * * * Маім зацятым крытыкам Зайздросьце, любыя, зайздросьце, Што ў гэты невясёлы час Я прыязджаю толькі ў госці — I, зразумела, не да вас,— Што ў мітынговай калатнечы Я дараванняў не прашу I маю гонар чалавечы I незламаную душу, Што мілай Бацькаўшчыны справа Дае мне радасць і спакой (Хаця вам гэта нецікава У вашай лютасці сляпой). I не забудзьце, ягамосьці,— Вам час расплату прынясе: Ва ўласнай зайздрасці і злосці Пазахлынаецеся ўсе. * * * Адгудуць гады перабудовы Адляцяць расчараванняў дні. I калі не скруцяць нам галовы, Мы яшчэ збяжымся пры агні. Дружна памаўчым не без прычыны, Крыўды і абразы праглынём I ўдыхнём глыбей дымок айчыны, Што віецца ціха над агнём. Глуха прашумяць над намі дрэвы, Крактануць замшэлыя камлі. Зразумеем мы, Што памудрэлі, Толькі вось не ўсіх мы збераглі. Хоць былі і ў копаці, і ў пыле I жыццё пашкуматала нас, Ні сяброўскіх сцежак не забылі, Ні агонь агульны не пагас. * * * На нашай зямлі ад помнікаў цесна, Цесна ад лозунгаў і трыбун. Ламаюць, Мяняюць высокія крэслы Пад крыкі: «Грамі!» «Абвяргай!» «Патрабуй!» Столькі напору! Столькі эмоцый! Аж падгінаюцца ножкі ў сталоў. Носяць і носяць, Колькі ёсць моцы, Груды Праектаў, Дэпеш, Пастаноў. Месяць паседжанняў прэснае цеста, Не прыпыняючыся ні на міг. Цесна ад сходаў. Ад мітынгаў цесна. Цесна ад планаў I клятваў дурных. Змоўклі б хаця Мегафоны і горны I блаславёны спакой надышоў. Стала б для думак, Для працы прасторна, Стала б прасторна Для цёплых дажджоў. Ну а калі каму трэба, Каб цесна I надалей, як заўсёды, было,— Цесна хай будзе Ад кветак і песняў, Цесна ад шчасця I споведных слоў. Некалькі новых штрыхоў да знаёмых партрэтаў I Меней слоў і паболей справы! — Заклікае імклівы час. Ды ўхмыляецца злева і справа Бюракратаў тупая арава, Не адпраўленая ў запас. Затаіцца для іх — не нова. Ціха плодзяць на даўні лад Пастанову за пастановай, За дакладам — чарговы даклад. У паперы ўлягаюць зацята, Развярэджваюць сверб стары — Ужо з новых прамоў цытаты Засцілаюць прывычна сталы. Зноў стагуюць інструкцый салому Кабінетныя бугаі. Так ім хочацца па-старому У бясконцых нарад гаі. Б'юць у грудзі, наперад пнуцца — Толькі б страціць пасад паменш I загнаць у вятрак рэзалюцый Свежы вецер крутых перамен. Балабонства іх не стаміла — Кожны ўсмак шчыраваць прывык. I раскручваюць з новай сілай Канцылярскі цяжкі махавік... II Час перамен нялёгкі і няпросты. З душы змываюць ліпкі глей гады... I чалавек, які галёкаў тосты, Цяпер маўчыць, набраўшы ў рот вады. Ён чуйна ловіць строгія прамовы, Паслужліва ківае неўпапад. I ён змяніцца, як і ўсе, гатовы. Ды як мяняцца,— не прыйшоў загад. Яшчэ свярбіць бяздумнасці кароста, Пяршыць у горле зычнае «ура!», За перамены ён бы грымнуў тосты, Але для тостаў адышла пара... III Як толькі новы паварот Зрабіць наш час збіраецца, Ён тут жа разяўляе рот I не змаўкаць стараецца. Сваё пагарднае ныццё Ліе ў любую тэму, Хвастае здзекліва жыццё, Начальства і сістэму. Ажно калоціцца, бядак, За цэлы свет маркоціцца, Што ўсё не гэтак і не так I да адхону коціцца. Ён бачыць хітрыкі наскрозь I з праўдай параўноўвае. Паслухаць гэткага — дык вось Хто ўрэшце сцвердзіць новае I здолее рашуча ўраз Усё дурное вымесці — Адно каб атрымаць ад нас Падтрымку і магчымасці... Ды што за дзіва — галубок, Ледзь час да спраў скіроўвае, Паціху адлятае ў бок Зусім не той, дзе новае. Ён, што не шкадаваў грымот На шэры дзень аджылы, Не хоча ліць салёны пот, Ірваць не хоча жылы. Незадаволена сапе Салідна і прывычна I па-старому пад сябе Грабе сістэматычна. Каб сілы захаваць свае, Хвалюецца нячаста I прынародна прызнае Сістэму і начальства. Не лямантуе, не кіпіць, Не сніць суда суровага... Ён будзе злосць сваю капіць Да павароту новага. 1986 * * * Ах, балбатлівыя прарокі, Бяздумна ўзрушаны атрад! З вас кожны знае шлях шырокі, Але чамусьці ўсё — назад. Пра ўнукаў думайце, Пра ўнукаў. За імі — Будучыні час. Яны сумленнем і навукай Яшчэ не раз правераць нас. Спакойна пройдуць нашым следам Былое правядуць праз нас... Не дай вам Божа, Калі дзеда Ім будзе сорамна прызнаць... * * * Цяжкі застой на Беларусі Каторы год. I разважаюць людзі: Мусіць, Такі народ. Чужым і ўласным дармаедам Глядзіць у рот I паслухмяна крочыць следам — Такі народ. Як ні гукай адчайна: — Людцы! Ганіце зброд! Яны ў адказ адно смяюцца. Такі народ. Не хочуць мець парадак новы. Наадварот, Гатовы жыць без роднай мовы. Такі народ. Хаця прывык да ўсякай працы, Шукае брод, Каб не дай Бог не вытыркацца. Такі народ. Трываць дурныя кпіны будзе I недарод... Няўжо і праўду кажуць людзі — Такі народ?.. * * * Я ведаю: Нядобрых моў няма, У кожнай мілагучнасць ёсць і сіла, Якая песняроў ускаласіла I мудра зберагла, Каб не скасіла Іх ні хлусня, Ні слава, Ні турма. Я слаўлю мову, Што яднання дар Дала і акадэміку, і цеслю. I ў думках нават я не перакрэслю Чужую споведзь і чужую песню, Якія зразумець мне лёс не даў. Як самая дакладная з навук, Нам мова праз стагоддзі захавала Пах палыну I тонкі звон металу, Арліны клёкат, Гулкі гул абвалу — Усё, што пераліта ў кожны гук. I правіла прыдумалі не мы, Што там, Дзе не шануюць роднай мовы, Мялеюць рэкі, Нішчацца дубровы, Каля магілак пасвяцца каровы, Народ там мёртвы, А той край — нямы. Быць у пустэльні не жадаю я. I не хачу я мець сяброў бязмоўных, Бо на зямлі ў нас столькі моў чароўных, Малення поўных I здзіўлення поўных, Усіх пявучых I усіх — галоўных. I толькі так — Як роўная між роўных — Жыць можа мова родная мая... * * * Бязбожнікі былыя ўсё часцей Прыходзяць да царкоўнага парога. (Калі дабра не бачыш ад людзей, Знайсці спагаду спадзяешся ў Бога.) Няўмела свечкі ставяць за ўпакой, Гатовы сарамліва прычасціцца. Баяцца вочы ўзняць — Над галавой Увысь анёлы ўзносяць таямніцы. Нязвыкла словы даўнія гучаць, Аж халадок перапаўняе грудзі, Нібы спыніўся і змяніўся час — Ці то ўжо ўсё было, Ці толькі будзе. З даверам, Без папрокаў і маны, Са сцен глядзяць прасветленыя твары. I ў сэрцы будзяць гулкія званы Раскаянне і прадчуванне кары. А Ойча бласлаўляе ўсё смялей Свавольную надзею маладую... Быць можа, не паможа Бог, Але I выслухае ўсіх, і пашкадуе. * * * Непрыкметна падступіла восень — Хутка пацямнела неба просінь, Выстылі маўклівыя прасторы, Не гарыць касцёр на касагоры I плывуць ад лесу і з прылукі Сумныя, прыцішаныя гукі. Гэта, змыўшы жнівеньскія цені, Несуцешна плача свет асенні. Плача вецер над зламанай слівай. Плача неба над нязжатай нівай. Над свінцовай роўнядцзю затокі Горка плача лебедзь адзінокі. А між іх душа мая няйначай Над самой сабой журботна плача. * * * Ад цякучкі бяздарнай, Ад будзённай трухі Сталасць клікне ўладарна На былыя шляхі — Поўны шчасця і болю, Я прайду па гадах, Па бацькоўскаму полю, Па юначых слядах. Па туманах і росах, Па траве, Па вадзе Юнай памяці посах Зноў мяне павядзе. Прыпынюся на полі, Дзе стаялі сябры,— Хай мне ногі наколе Іх іржэўнік стары. У службовых замотах Я не страціў правоў, Каб паслухаць самотна Іх сівых журавоў, Каб у хісткім спляценні Напамінаў і дат Іх знаёмыя цені Між рабін угадаць... Чмыхне спуджаны вожык, Нібы ўчуўшы бяду... Я ўжо даўняга, можа, Больш нідзе не знайду. Ды хіба гэта мала, Калі там пасяджу, Дзе вясёлая мама Серп схавала ў мяжу, Дзе я мчаў з хлапчукамі Да надрэчнай грады, Дзе стаяў з васількамі Бацька мой малады?.. * * * Шырока вокны расчыні — Хай лёгкі вецер уварвецца. Такой густой гарачыні Ніколі не было, здаецца. Ля сонца — Белыя кругі. Далёка хмаркі адляцелі. Вось-вось расплавяцца мазгі. I ліпкі пот цячэ па целе. На прызбе хоць абед вары — Так спёка дыхае нязвыкла. Замоўклі птушкі на двары. Трава сасмяглая панікла. Нясцерпнай духаты напал Не выпускае цень за дзверы Няўжо і ў небе — радыкал, Які не адчувае меры?.. Чэрвень 1991 года. Карпаты. * * * Як з тайнай смерці стане сувязь крэўнай, Спакойна зразумееш спакваля: Нявечныя і курганы, і дрэвы, Нявечная, напэўна, і зямля. I ўжо не будзеш з крыўдаю і страхам Пратэставаць, што ў вечнай барацьбе Усё памрэ і стане лёгкім прахам З табою, Пры табе Ці без цябе. Таму ці варта плакаць над сабою, Над свечкаю былога пачуцця, Над кволаю галінкай, Над слабою Крупінкаю нявечнага жыцця?.. Брагінская вясна — 1986 * * * Ад Чарнобыля ў небе плыве аблачынка. А па лузе ідуць хлапчанё і дзяўчынка. Вецер шастае колкі. Ліпкі дожджык імжыць... I хто ведае, Колькі Засталося ім жыць. Дзеўчанё яснавокае I хлапчук светла-русы — Па вясновай зямлі ідуць беларусы. Узіраюцца ў неба зусім без апаскі, Каля сцежкі зрываюць паніклыя краскі. I прагрэс перад позіркам іхнім дрыжыць. «А ці будзем мы жыць?» «А ці будзем мы жыць?!» З хронікі бяды ... Перазвоньваліся начальнікі: — Што чуваць? Што казаць? Што рабіць?.. — Вы галоўнае там — без панікі. Не надумайцеся трубіць... — На палях — трактары і людзі. Пасяўною занята сяло... — А што будзе, тое і будзе. Толькі б панікі не было! — Ходзяць чуткі... — Спыніць рашуча! — Кажуць фізікі... — Абвяргаць! I галоўнае — не накручваць I залішне не думаць... маць!.. ...Над загадамі і сакрэтамі, Быццам зрэбныя ніткі бяды, Працягнуліся між кабінетамі Тэлефонныя правады. А ўжо стома гняце свінцова. А ўжо ў горле засохлым пяршыць. I падумаць бы, як не прамову, А жыццё сваё завяршыць... Трубка стала перагравацца, Як гарматнае джарало: — Што вы лезеце з радыяцыяй?! Толькі б панікі не было!!! * * * Той чарнобыльскай ноччу, Як у жудасным сне, Напамінам прарочым Скаланула мяне — Бліскавіцай урану Можна свет спапяліць. I пякельнаю ранай Мне Чарнобыль баліць. Больш не радуюць кветкі I не клічуць грыбы. Не магу я Быць гэткім, Як да гэтага быў. Роздум змрочным тыранам Будзе роспач цвяліць. Незагойнаю ранай Мне Чарнобыль баліць. Што пакіну я ўнуку? Што я сыну скажу? На людзей і навуку Я іначай гляджу. I віной дараванай Гора не адбяліць. Невылечнаю ранай Мне Чарнобыль баліць. Як ва ўсім разабрацца Нам без жудасных сноў, Каб агонь радыяцый Не ўзвіхурыўся зноў, Каб не слалі праклёну Нам ні лось, ні мядзведзь?. Будзе, будзе да скону Мне Чарнобыль балець... * * * А пад раніцу глуха зямля задрыжала, I вятрыска не змог мерны гул пагасіць — Па маўклівых прасеках, палянах, прагалах Праімчалі задыханым статкам ласі. Хто ім значыў у шэрым тумане дарогі? Што на ногі ўзняло іхні кемлівы род?.. Аб старыя яліны ламаючы рогі, Гнаў важак іх няспынна на ўсход і на ўсход. У празорлівым воку ягоным сышліся Вечаровыя здані і пачварныя сны: Двухгаловыя рыбы, аблезлыя рысі I сляпыя бяздзюбыя бацяны. Ён інстынктам спрадвечным высочваў сцяжыны, Ад знаёмых азёр ласянят адганяў, Вёў і вёў у дрымучыя нетры чужыя, Быццам гналася следам ваўкадаваў гайня. Не даваў перадыху няўцямнаму спеху, Хоць халоднай расой спакушала трава, Вечнай памяццю продкаў адчуваў небяспеку, Ад нязнанай пагрозы статак свой ратаваў, Нёс па лесе На капытах Чарнобыльскі пыл I чарнобыльскі страх... Перасяленне Вось і прымусіў Раскуты, раз'юшаны атам На развітанне расстайнае Кланяцца пуням і хатам, Кланяцца студням, Дрывотням, Тынам, Азяродам, Зазелянелым садам I засеяным агародам. Вось і настала пара Развітацца З сабакам I з пеўнем, Гэткім вясёлым, Чырвонабародым I спеўным, Моўчкі пагладзіць — Ці ўдасца пабачыцца зноўку? — Дужа слухмяную, З чорным цяляткам, Кароўку... Нехта галосіць. А нехта бязладна ляпеча... Бабка ж Аўдоцця Ніяк не расстанецца з печчу. Перамаўляецца з ёй напаўголаса, Нібы з жывою, I да ляжанкі хінецца Сваёю сівой галавою. — Як жа ты будзеш адна, Без мяне, Мая любка? Ты ж не пліта, Не камін, Не буржуйка, Не грубка. Я ж цябе Толькі сухімі дрывамі Паліла I перад святамі Свежаю крэйдай Бяліла. Столькі гадкоў Мы жылі з табой Дружна і міла. Ты мяне грэла, Карміла, Не дужа дыміла. I засланіла не раз Перад смерцю самою. I засталася са мною Сяброўкай маёй I сям'ёю. Мужа забіла вайна, А блакада дзяцей загубіла. У галадуху Радню ўсю Забрала магіла. Толькі з табой I падзелішся Скрухай і горам. Мы і паплачам удзвюх, I паскардзімся, I пагаворым. А вось цяпер I зусім Давякую Адна я. Хто будзе з нас шчаслівейшы, I Бог сам не знае. Перахрышчу я, Дазволь, Цябе тройчы На ростань I абагрэю Здавён прыхаванай Бяростай... Двор свой пакінула бабка Спакойна і смела. Толькі з аўтобуса Доўга На родную вёску глядзела. Бачыўся ёй Пачарнелы ад часу дамок I, як дыханне, Над комінам Сіні дымок. Рахунак 904 З кожнаю бядою ўваскрасае Душ людскіх самаахвярны фронт. Сам сабою ўзнік галоўны самы Наш народны, наш гаротны фонд. Як і ў дні ваеннай небяспекі, Да людзей на выручку пайшлі Горкія дзіцячыя капейкі, Кроўныя рабочыя рублі. Папаўнялі шахты і арцелі Гэту надзвычайную казну, Быццам бы мы ўсе сплаціць хацелі Страшную агульную віну. Устарэлі ўсе арыенціры, Да якіх прывык наш сонны дом. Стаў рахунак дзевяцьсот чатыры Грозным і няпісаным судом. Мы яму навыперадкі неслі — Гэтак шчыра, можа, ўпершыню — Зберажэнні, прэміі і пенсіі, Міласэрнасць, боль і дабрыню. (Праўда, паспелі падсунуць пры гэтым Подлыя «ўзносы» спалох і спадман: Спеў салаўёў калыхалі газеты, I супакоем свяціўся экран, Страх журналісту вытрымку выеў, Выбіў разважлівасці тармазы: «Добра, што вецер дзьмуў не на Кк-у...» Дзьмуў ён на Гомель і на Мазыр. А на экране чыноўнік вучоны Не затуманіў спагадаю твар — Што яму вецер чарнобыльскі чорны! — «Тэхнічны прагрэс патрабуе ахвяр...») Наша воля не дала прыгладзіць, Апраўдаць нядбайніцтва і зло, Каб нідзе дзяржаўнае бязладдзе У бязлюддзе не перарасло. Больш, чым грошы, хай штодзённа поўняць Наш святы усенародны фонд Дзелавітасць, вера, прынцыповасць, Ясны розум і працоўны пот. I дурная куля ў зорным ціры Да мішэні хай не даляціць... Па рахунку дзевяцьсот чатыры Доўга-доўга нам яшчэ плаціць. * * *

Памяці герояў-пажарнікаў

Год за годам сеяць нам і жаць, На зямлі дагледжанай і добрай. А яны глыбока ў ёй ляжаць — Віцязі ў цяжкіх пажарных робах. Мяккая вясновая трава Ім не ўсцеле цесныя пасцелі. Мы іх не паспелі ўратаваць. Нас уратаваць яны паспелі. У свінцовых трунах леглі ў жвір - Шпаламі пад рэйкамі прагрэсу. Збераглі нам Кіеў і Мазыр. Збераглі нам Гомель і Адэсу. Першародны жытні пах раллі I ваду ў крыніцы прыдарожнай — Столькі для нашчадкаў збераглі, Што сягоння і злічыць няможна. Ні шаленства смерчаў агнявых, Ні бяссілле іх не збілі з тропу. Быў бы ў іх, каб азірнуцца, міг — За сабою ўбачылі б Еўропу. Ды яны не ўгледзелі як след Нават гібель позіркам юначым. Гэта мы неспапялёны свет Іх вачамі здзіўленымі бачым. Гэта нам прыгадваць зноў і зноў На асфальце ці на расцяробах, Што падмуркам нашых спраў і сноў — Віцязі ў цяжкіх пажарных робах... 1988

Ох, даўжэй пажыць бы пад Мілавіцай...

* * * Так знаёмы ўрочышчы і палеткі, А і яны складаюцца з таямніц: Таямніца атама, Таямніца клеткі, Таямніца зернетка і крыніц. У душы разгубленай праз напасці Беражна пранесены, Як абразы, Таямніца вернасці, Таямніца шчасця, Таямніца ўсмешкі і слязы. Як святое таінства на дасвецці Скрозь дзірван бяспамяцтва прараслі Таямніца вечнасці, Таямніца смерці, Таямніца неба і зямлі. Ох, даўжэй пажыць бы пад Мілавіцай, Каб паспець да лепшага свет змяніць, На зямныя дзіўнасці надзівіцца, Разгадаць хоць некалькі таямніц... * * * У Трускаўцы, як і раней, спяваюць Каля бювета цеснай грамадой, Нібы хваробы песняй адвяваюць Ад душ, акропленых жывой вадой. У паднябессе рвуцца падгалоскі. Іх узнімаюць беражна басы. Здаецца, з цэлай Украіны вёскі Сюды свае прыслалі галасы. Дзядзькі і цёткі зладжана спяваюць Пра Галю, пра крыніцу пад вярбой — I з твараў ператомленых змываюць Заўсёдны клопат і нядаўні боль. Вядзе свой рэй нястомны запявала. Прыціхлі гамана і мітусня. I песня ўсіх звяла і аб'яднала I парадніла хоць бы на паўдня. Як і заўсёды, Так яна дарэчы — Ці паліць сонца, Ці ідуць дажджы... I покуль людзі песняй душы лечаць, Яшчэ не страшна ў гэтым свеце жыць. * * * Хоць ты ў Антарктыку бяжы, Калі па ўсім вясновым краі Ідуць кіслотныя дажджы, Як быццам неба нас карае За спляжаны бяздумна лес, За гербіцыды і нітраты, За ўвесь бязлітасны прагрэс, Хоць ён зусім не вінаваты. На дымным ядзерным крыжы Прырода курчыцца пакутна. Ідуць кіслотныя дажджы, На сад выплёхваюць атруту. Цьмянее незабудак сінь. З лістоты піць не хочуць птушкі. I кроплі чорныя на ўсім — Нібыта д'яблавы вяснушкі. Беларусі 90-х гадоў Ты начулася ўдосталь прамоўцаў пустых, У якіх наяднаны хлусня і хвала, I чамусыхі даўно ўжо не слухаеш тых, Каму таленты раздала. А яны ж тваю сутнасць нясуць праз гады. Свет па іх вызначаць тваё месца прывык. Дзе ж стаіўся іх голас, Заўжды малады? I ў душы выспявае не просьба, а крык: «На цябе неаднойчы вастрылі нажы, Каб навекі цябе загубіць. Беларусь, Свае таленты беражы, Калі хочаш свабоднаю быць! У вар'яцкай яздзе, на сляпым віражы I дарогу няцяжка згубіць. Беларусь, Свае таленты беражы, Калі хочаш разумнаю быць! Ты аглухла сягоння ад песень чужых, А свае ўсе паспела забыць. Беларусь, Свае таленты беражы, Калі хочаш славутаю быць! Прагані з даляглядаў сваіх міражы I пабудку паспей пратрубіць. Беларусь, Свае таленты беражы, Калі хочаш магутнаю быць! Сіратліва не стой ля суседскай мяжы I не дай сваю памяць знябыць. Беларусь, Свае таленты беражы, Калі хочаш шчасліваю быць!» ...I разбілася думка мая яшчэ раз Аб каменную сценку людской глухаты. I яхідна ўсміхнуўся знявераны час... Ну няўжо не пачула і ты? Прысніўся сон матулі... Матулі зноў прысніўся дрэнны сон Пра сына. Пра каго ж яшчэ ёй сніцца? Нібыта ходзіць па кватэры ён, Ламаючы струхлелыя масніцы. А ёй карціць яму дапамагчы, Рвануцца напярэймы, Ды не можна. I сын, як здань, знікае уначы. I сэрца маці тахкае трывожна. Ёй не заснуць да раніцы цяпер, Не вымаліць душэўнай раўнавагі. I прадчуванне, як галодны звер, Ламацца будзе ў сумныя развагі. «Чаму масніцы? Ад чаго яны Рыпелі і ламаліся штохвілі, Калі ў яго паркет і дываны — Ні парахні, Ні шашалю, Ні цвілі? Так доўга не званіў і не пісаў. Мінулы год хварэлі ўнукі часта. А можа, недзе прастудзіўся сам? А можа, чым не дагадзіў начальству?..» Як толькі сонца бліснула ў акне, Яна спалох панесла да суседзяў, Каб нехта ў дзіўным, недарэчным сне I тайны сэнс, і тайны знак угледзеў. Зноў прыгадала ўсе свае гады, Усе свае сакрэты і прыкметы. Калі ён быў худы і малады, Дык на пабыўку прыязджаў штолета. Гарэў у печы весела агонь. Па хаце праплывалі кропу хвалі. I ціха пад ягонаю нагой Памытыя маснічыны спявалі... Вярнулася вясёлая. На ўслон Прысела, Перш чым корпацца ў гародзе. «I праўду кажуць: Глупства — гэты сон. Чаго не навярзецца ў адзіноце...» Палола, палівала цэлы дзень. Курэй у хлеў загнала на змярканні. Прылегла. А жаданы сон не йдзе. I сэрца распінаюць прадчуванні. На вуліцы не ціхнуць галасы. Пад коўдраю ніяк не прымасціцца... I ўсё ў вачах стаіць далёкі сын. I ўсё рыпяць старэнькія масніцы... * * * Ноч над лугамі, расою намоклымі, Хмаркі рассоўвае. Зноў і на сэрцы маім, і за вокнамі Ціша бяссонная. Нейкая птушка ніяк не ўгамоніцца, Пырхае, ціўкае. Можа, і ў птушкі старая бяссонніца Роспачнасць ціхая. Ці не хапае святла над разорамі, Ветру мурожнага? Ці і ў яе між зямлёю і зорамі Столькі трывожнага? Цьмяна заранка за вёскаю бліскае, Птушку палохае. Крылы слабыя. Надвор'е вятрыстае. Доля нялёгкая. I ўжо на выгане вырай збіраецца Купкаю рэдкаю... Вось і засні тут, чакаючы раніцу, З гэткай суседкаю... * * * Ён вечна быў мне казкай, Таемнай і прыгожай. Ды ўсё часцей З апаскай Я ў родны лес прыходжу. Мне злосны горкі роздум Вярэдзяць штохвіліны Разбураныя гнёзды, Зламаныя галіны. Засыпалі палянкі I барсуковы сцежкі Пагнутыя бляшанкі, Старыя галавешкі... Падораная Богам Уся краса лясная Ад варварства людскога Зняможана канае. Прыбраў сухое голле I здзёртую кару я... Няўжо і мне ніколі Лес родны не даруе? Вы за мяне, За грэшніка, Замоўце хоць бы слоўца, Ласкавы ліст арэшніку, Калючы куст ядлоўцу... * * * Каб паслухаць Белавежу, Я пайду па цаліку, Па марознаму бязмежжу, Па рыпучым шарпаку, Забяруся ў глуш такую, Дзе пануе белізна, Толькі рыжая мышкуе, Ды парыпвае сасна, Ды з вяршалін анямелых Абтрасае Вецер снег. I навокал — Бела-бела. I зацішна — Як у сне. Там высокія сумёты Паўпіраліся ў камлі, Нібы айсбергі самоты Прьгалылі з усёй зямлі. Пад ялінаю кашлатай Шышкі выслалі пасцель. Заварожаныя шаты Ад вачэй Схавалі цень. I праз выстыласць лясную, Праз глухое забыццё Нечакана я пачую Сэрца ўласнага біццё. I знайду сляды старыя, I ў бязмоўнасці снягоў Усхвалёвана адкрыю Вечнасць гэтага ўсяго... * * * Стаміўся ад бясконцай калатні, Ад пустазвонства заклікаў і хартый, Ад палітычнай шулерскай гульні, Ад мільгацення лозунгаў і партый. Заблытаўся ў настырнай чарадзе Празорцаў і апосталаў крыклівых, Што на людскім даверы і бядзе Сабе падрыхтавалі ўзлёт імклівы. З іх кожны разбіраецца як след, Куды дарога выведзе прамая. I кожны кліча за сабою ўслед. I кожны Бога новага ўзнімае. Яны крычаць пад крыламі сцягоў Аб волі, справядлівасці і хлебе... Мой Бог — народ. I больш няма багоў Ні на зямлі бязбожнай, Ні на небе. Яму, як цудадзейнаму ўрачу, Што воляй найвышэйшаю абраны, Сваю душу збалелую ўручу I ўсе мае абвугленыя раны. Ён прыбярог гаючасці запас. А тых, што зграяй лётаюць па краі,— Я веру, Непазбежна прыйдзе час,— Мой Бог за святатацтва пакарае... * * * Адкуль нам лёс яго прынёс, З якога пастырскага поля? Ён горда ўзняўся, Як Хрыстос, Над нашай горкаю юдоллю. У далечы, Дзе пыл і прах, Ён вокам праведным убачыў Святы выратавальны шлях З няволі нашай і нястачаў. Ён кліча вояў да сябе. Ён ведае, што заўтра будзе... I кулаком рашуча б'е У звонкія ад гневу грудзі. Сабе палёгкі не дае, Хоць да крыжа і не прыкуты, Вяшчуе гучна пра свае Выпрабаванні і пакуты. Ужо скрывавіўся кулак, Ужо нашчэнт разбіты грудзі... Але Хрыстом усё ніяк Яго назваць не хочуць людзі. * * * Наш парламент да дзівос ахвочы. Гэткага, відаць, не бачыў свет: Дэпутаты з асалодай топчуць Яшчэ кволы суверэнітэт. Ярлыкі расклейваюць сурова, Распаляюць пракурорскі сверб: То не даспадобы наша мова, То не тыя даўні сцяг і герб... Дабівайце край наш, Дабівайце Злосцю, Раўнадушшам, Глухатой. Толькі аб адным не забывайце, Што без Беларусі вы — ніхто. Не крычыце, Што займелі права Выбраць для сябе і лёс такі, Што ва ўсіх людзей — Свая дзяржава, Ну а мы — Нібыта прымакі. Так, Для вас мы — Смешныя тубыльцы, Неслухі з правінцыі глухой, Што павінны міласці дабіцца — Жыць з суседам пад адной страхой. Як карціць вам Вопытнаю хваткай Нам зламаць на ваш капыл жыццё Ну а што вы скажаце нашчадкам? Як вы ў вочы ім пагледзіцё?.. * * * Разгублена ўзіраецца Айчына — Што за дзівосы робяцца ў жыцці: Палітыкі і ўгледзець немагчыма. Ну а палітыкаў — хоць гаць гаці. Паміж старымі новыя пасталі. Аб'яўленыя, як правадыры. Хто — на трыбуне, Хто — на п'едэстале Ці то ў сталіцы, Ці ў сваім двары. Ад закліканняў — Розгалас шырокі. Ад смелых выкрыванняў Аж трасе. Усе — Першапраходцы і прарокі. Пакутнікі і праўдалюбы — ўсе. Даходзяць у запале да вар'яцтва — З душы вылазіць бессаромны звер. Адрынуты сяброўства і сваяцтва, Адкінуты сумленнасць і давер. Не могуць ні ачахнуць, ні спыніцца, Сляпыя самазванцы-каралі. I ўскач нясецца ўлады калясніца... Чым скончыцца ўсё гэта I калі? Сон Страшны кашмар Мяне мучыць да раніцы. Жудасны сон Зноў і зноў паўтараецца: Быццам бы воля злавесная нейчая Шэрых ваўкоў пасяліла з авечкамі. I пад аўчынаю Знікла адвечнае. Што тут — Ваўчынае? Што тут — Авечае? Ходзяць ваўкі кучаравыя Пашамі. Выюць авечкі З клыкастымі пашчамі. Не заўважаюць Ні сена, Ні зайцаў Б'юцца ілбамі, Штоміг агрызаюцца. Кожны лаўчыцца Іншага зжэрці I не шкадуе Ні шкуры, Ні шэрсці. А праз выццё I бляянне авечае Ясна чуваць Галасы чалавечыя: «Што ж не ў засценках Вы ўсе апынуліся — Проста за сцэнай Пераапрануліся? Вымелі вон Маніфесты з дакладамі, Робіце шмон З адрасамі дакладнымі. Сталі шпікамі З начнымі пагонямі. Пад пінжакамі — Мундзіры з пагонамі...» Зграя гырчыць, Не даруе, Не каецца I загрызае Усіх, Хто спаткаецца. Поўсць разлятаецца, Шкура крывяніцца... Не надыходзіць Жаданая раніца... ...Вые, Скавыча, У друзе качаецца... Жудасны сон мой Ніяк не канчаецца. * * * Што ж гэта такое З Радзімай адбываецца? Песні не спяваюцца. Вершы не складаюцца. Душы недалужныя Не здалелі выстаяць — Пад вятрамі сцюжнымі Даастатку выстылі, Хоць і не апальныя, Хоць і не галодныя, На чужыну дальнюю Рвуцца, як бязродныя. А за акіянам Ласка невялікая Для гасцей нязваных, Сваякоў някліканых. I сумленне ж мучае, Што так лёгка кінулі I бацькоў засмучаных, I садкі з калінамі... Покуль гэта ўцяміцца, Покуль песня вернецца, Колькі дум запляміцца, Колькі душ зняверыцца! Горка, Як дзяціна Ад хаты адбіваецца... Што ж гэта з Радзімай I з намі адбываецца?.. * * * У раённай ранішняй гасцініцы Першы промень шыбы залаціць. I здаецца, Вось акно расчыніцца I гарласты певень заляціць, Крыламі агністымі залопае, Горда ўскіне Звонкі свой кадык I ўзнясе над соннаю Еўропаю Першабытны пераможны крык... Хай нічога ў свеце не адбудзецца, Ды ўва мне, Як вечнае святло, Раптам Дзіва дзіўнае абудзіцца, Што дзіцячай яваю было. Дзе яно, Забытае, Далёкае, Даўняе, Схаванае ў душы — На палянах верасных галёкае Ці маўчыць у цёмным шалашы? Вабнае, Наіўнае, Няўлоўнае, Да якога зноў не дабрысці, Сёння, можа, самае галоўнае, Самае патрэбнае ў жыцці? Цяжка цісне скрухай беспрычыннаю Сэрца, пасталелае даўно... Свеціць сонца. I акно расчынена. Толькі пеўня штосьці не чутно... * * * Паўтараю, Як словы замовы, Шэпт з мінуўшчыны нашай сівой: Хто не ведае матчынай мовы, Той не любіць матулі сваёй.

Запісы з дальняй шуфляды

Пра паклёпнікаў Яны чамусьці сталі рана старыцца, Раптоўна прытаміліся крычаць. Вусы пазбрылі, Фрэнчы здзерлі «сталінцы». Ды на душы — Былых часоў пячаць. Яны і сёння ўсё на «бацьку» крывяцца Маўляў, без іх махаў ён тапаром. А ці не ў іх чыгунныя чарніліцы Сцякала з праржавелых пёраў кроў? Ці ж не яны халоднымі вужакамі Паўзлі к сябрам і ў сэрца, і ў пасцель?.. Іх, Што былі у Берыі служакамі, Я не забуду, Як бы ні хацеў. Хоць не мае бацькі ад іх загінулі, Я не дарую ім ні кроплі слёз... I на іх лягуць Пліты надмагільныя, Як іхні ж недапісаны данос... 1965 Мяшок з медалямі (казка-6ыль) Ішоў чалавек. У руках — мяшок. А ў ім — Бляшкі-рэгаліі. Сэрца дрыжыць — За штуршком штуршок — Каб толькі не адабралі! Гэта ж дажыўся У рэшце рэшт: Свая рука — Уладыка. Калі ніхто Мех не адбярэ, Чапляй адзнакі Без ліку. Глядзеў ён з нянавісцю Па баках — Горла гатоў перагрызці Нават у лепшага дружбака, З кім соллю дзяліўся Калісьці. Зайшоў чалавек У дрымучы лес, Сеў пад сасной зялёнай I асцярожна Рукой залез У мех, Поўны меднага звону. I выцягнуў ордэн. За ім — другі. А потым — Медаль блішчасты. I паплылі ў вачах кругі. I лес пахіснуўся ад шчасця. Ён вешаў на правы, На левы бок, Прышпіліць на спіну стараўся. Вакол, Як той зацкаваны воўк, Спалохана азіраўся. I вось ужо, З галавы да ног Абвешаны ўсімі рэгаліямі, Ён на нагах устаяць не змог — I грымнуўся На прагаліне. Ваўкі завылі непадалёк. На асінах залопала лісце... Але адшпіліць Хоць адзін медалёк Рукі не падняліся. А ў змроку Стары пугач галасіў, Яхкаў вяпрук галодны. I не было ў чалавека сіл Цягнуць на сабе ўзнагароды. Паклікаць людзей, Ад бяды ўцячы Не далі чалавеку Рэгаліі. I моўчкі ваўкі маладыя ўначы Ягоны шкілет абглыдалі... ...Таго чалавека Зусім не шкада. Ды недзе ж Ляжыць на выгодзе Яшчэ не пусты Той мяшок — I бяда, Калі яго нехта знойдзе... 1970 * * * Каб было усё гучней і ўрачысцей, Не тлуміся, рабі ўсё прасцей: Пляц расквець, ды трыбуну начысці, Ды пакліч ганаровых гасцей. I пасля малаці сябе ў грудзі, Не зважай, што ўсе ціхенька спяць, Распінайся, як добра ў нас будзе I праз год, і праз тры, і праз пяць. Можа, дурань які і паверыць. Толькі ты не хвалюйся дарма, Бо не прыйдзе ніхто, каб праверыць, З таго раю, якога няма. 1979 * * * Яны здзяцінелі даўно. Нібыта немаўляты тыя, То круцяць пра сябе кіно, То дзеляць Зоркі Залатыя. I паміж іх — Славуты самы, Наш новаспечаны айцец Махае ўзбуджана брывамі I ўсё не можа узляцець. 1981 * * * Сучасны свет бязлітасна старэе: Хто з барадою, Хто без барады — Дзяды ў Кітаі, I дзяды ў Карэі, I ў нас, куды ні кінешся, Дзяды. Мітынгаваць усё яшчэ ахвочыя, Хоць падпірае дыхаўку трыбух. Абвіслі шчокі. I патухлі вочы. Але нястомна рвуцца да трыбун. Бяссільнай зграяй збіліся з дарогі. Рыпяць, як перасмяглыя драчы. Памочнікі перастаўляюць ногі I замяняюць сківіцы ўрачы. Запоўнены трызненнямі і тлумам, Свет з імі занудзіўся і азяб... Калі ўжо аб жыцці не могуць думаць, Пра смерць сваю падумалі хаця б. Але няма для іх жыцця і смерці. Іх сцяў адзін — Уладу страціць — Жах. Трасуць галовамі — I цэлы свет трасецца I ўжо не хоча старасць паважаць. 1982 * * * Якая гаспадарка не аслабне, Як пакіруюць трэць стагоддзя ў ёй Мікіта-кукурузнік, Лёнька-бабнік I Косця-пісар З бандаю сваёй?! 1985

Разлукі чашу выпіў я да дна

* * * Так ужо заведзена спрадвеку — Можа, прымха, Можа, Божы знак — Толькі на Радзіме чалавеку Ходзіцца і дыхаецца ўсмак. I заўжды здаецца нават зверу Найцяплейшай родная зямля. Гэта ўсё я на сабе праверыў, Даўшы па планеце кругаля. Не прыжыўся я за акіянам, Не прыняў замежны той рэжым Як прыехаў я туды нязваным, Так і з'ехаў я адтуль чужым. Лёгка збыў красу чужуго тую I пяшчотна да душы тулю Ціхую, змарнелую матулю — Родную, знябытую зямлю. * * * Як я рваўся дадому здалёк, Каб пабачыць вясёлыя вочы, Каб наслухацца полацкіх песень I напіцца з палескіх крыніц! А сустрэў Горкі сум, I няўцямлівы позірк сірочы, I халодны адчай, I зняважлівы смех чужаніц. Не пазнаць родны край, Дзе знаёмыя сцежкі і нівы, Дзе аздобіла вокны Налічнікаў тонкая вязь... Колькі ж можна цярпець? Колькі можна маўчаць палахліва? Колькі можна ўсміхацца, Калі цябе топчуць у гразь? Хто за нас нашы хаты ачысціць Ад хлуяу і бруду, Хто за нас Абароніць ад варвараў Нашых багоў, Калі грозна таўкуцца на плошчах Тупыя прыблуды I размахваюць Чорнымі крыламі царскіх сцягоў? Дзе яны, Нашы сонцам сагрэтыя высі? Дзе дарога, 76 Якая да шчасця вяла? Пэўна, пастыры нашы Да багатых дзядзькоў падаліся, Прагавіта збіраюць аб'едкі З чужога стала... Завадскія цяжкія муры Затаіліся безгалоса. Над засохлымі рэчкамі Вісне застойны смурод... Ну няўжо ты знябыўся Пад подлымі ўдарамі лёсу, Ну няўжо ты зусім змізарнеў, Мой адважны і горды народ? Не хадзіў ты ніколі па свеце З іржавай жабрацкаю місай, I чужога не браў, I разбой не чыніў у жыцці. Абудзіся ж ад сну, Азірніся наўкол, Схамяніся! I не дай Чорным глеем Крынічкам тваім зарасці. Як даўно і нясцерпна Людства вольнае хоча, Каб на поўныя грудзі Свабоды ўдыхнуць ты паспеў, Каб развесніў лагодаю Чыстыя сінія вочы I сагрэў весялосцю Свой зажураны спеў! * * * Калі цябе я, Край мой, Пакідаў, Я ведаў, Што за цёплым акіянам Мне будзе не хапаць Тваіх атаў, Тваіх суніц I яблыкаў крамяных. Разлукі чашу выпіў я да дна, Ператрываў тугу начэй бяссонных I зразумеў, Што кроў у нас адна, Адна душа I лёс адзін — Да скону. I я вярнуўся, Твой самотны сын, Хоць шлях няпросты быў і некароткі. I не змаглі ўбіць паміж намі клін Ні сыканне, Ні гіканне, Ні плёткі. Нічога, Што ты шчасця не паднёс I вочы твае поўныя журбою. Я не хаваю ачышчальных слёз. Я дома. Я з сябрамі. Я з табою. * * * Я ведаю, Мне дома будзе горш. Я ведаю, Мне дома будзе горка. Але ірвуся З сытага Нью-Ёрка У Мінск, Дзе гастраноміі — на грош. Зманю, Калі скажу: Не ўспомню больш Кавярні з вострым водарам цытрыны, Напоўненыя рэчамі вітрыны, Імклівыя бясшумныя машыны, Цэнтральны парк, Начны Брадвей... I ўсё ж... Ні варажбіт, Ні мудры экстрасенс У тым не знойдуць логікі асновы, Што так імкнуся ў бедны кут сасновы, Пакінуўшы ўбаку разумны сэнс. I мне ўжо ні пасада, Ні багацце Не перашкодзяць кінуцца туды, Дзе ля парога — Шэры цень бяды, Дзе нівы засыхаюць без вады I з ростані мяяе чакае маці... Што тут паробіш, Калі ўсе гады Я нёс, Нібы пракляцце і закляцце, Упартую адданасць роднай хаце I ўдзячнасць краю, Дзе жылі дзяды. * * * Як толькі ў густым вечаровым тумане Ускрыкне вавёрка ці птушка якая, Цяжкое халоднае прадчуванне Мне сэрца сціскае, Зноў сэрца сціскае. Далёкай Радзімы забытыя цені Выходзяць, нячутныя, з лесу старога. Ва ўсе спадзяванні, На ўсе летуценні Крадзецца трывога, Кладзецца трывога. У памяць заходзяць рашучай ступою То водбліск зарніцы, То водгулле грома. I думка адна не дае супакою: А як жа там дома? Ну як жа там дома?.. Няхай сабе ціха, Няхай сабе глуха — Імя Беларусі душа паўтарае. Няўжо не пачуе ніводнае вуха Ва ўсім родным краі, Па ўсім родным краі?.. * * * У брудным Брукліне ў Нью-Ёрку, Дзе доля горкая жыве, Я чую наскую гаворку I мову родную ў царкве. У кожным гуку так дарэчы Сярод глухіх чужых муроў Лаўлю я ўсплеск палескіх рэчак I гоман полацкіх бароў. Ашчадна захавалі ўсё-ткі Жывое слова землякі, Браслаўскія сівыя цёткі, Мажныя слуцкія дзядзькі. Звязала мова ім Набыткі I сцежкі ўсе ў клубку гадоў, Як тая суравая нітка, Што лучыць з кроснамі дзядоў. Ці не таму так лёгка Сэрца, Ледзь толькі памяць запалі, На ласку Бога адгукнецца I песню з матчынай зямлі?.. А я стаяў між малітоўцаў I зразумець ніяк не мог, Чаму па-нашаму ні слоўца У Мінску не гаворыць Бог?.. * * * Забуду трывогі і стому, Адкіну шаўкі і парчу, Як вольная птушка, Дадому Праз тысячу вёрст палячу. Аб вецер ламаючы крылы Высільвацца буду туды, Дзе родныя дрэмлюць магілы I спяць чараты ля вады, Дзе маці квяцістаю хусткай Махае з грады маладой. Абмыю сасмяглыя вусны Салодкай крынічнай вадой. Прысяду над плыткай ракою. Пачую начных салаўёў. I там я навек супакою Знямоглае сэрца сваё. * * * Ноччу сёння зноў крычалі гусі, Будзячы вярэдлівы ўспамін. Ведаю, Яны да Беларусі Не дацягнуць свой крыклівы клін. Толькі, можа, у смузе аблокаў На хвіліну спыняцца яны I разгледзяць хоць краёчкам вока Берагі зялёныя Дзвіны. Хай бы памаўчалі ў паднябессі I, нібыта боскую расу, На бары наддзвінскія атрэслі З цёплых крылаў Мой бяссонны сум. * * * Заморская вясна Парасчыняла скарбы, Рассыпала спаўна Свае густыя фарбы. Унізе і ўгары, Як выдумка былая, То жоўтае гарыць, То белае палае. Ды тыя фарбы штось Душа не заўважае. Чужая прыгажосць Яна і ёсць чужая. А ў сонны лес ідзеш — Пралеска дагарае. Някідкая, Але ж Такая дарагая. Пераміргнуцца з ёй Так проста і так добра: То ж сон зямлі маёй, Маёй журбы аздоба. Прыгожая яна Для сэрца і для вока, Як даўняя вясна, Што ад мяне далёка. * * * Над бясконцасцю акіяна Цьмяна ўспыхвае зараніца. Ад бяссонніцы акаяннай Мне да раніцы не адбіцца. Сярод скал бесхацінцам пахілым Адзінота згубілася недзе. Мне ж за выцвілым небасхілам Ні бароў, ні сяброў не разгледзець. Так далёка-далёка ад дому. Б'ецца сэрца трывожна і гулка. Настальгію сваю і стому Я схаваў пад падушкай мулкай. Дагарае апошняя знічка На чужым раўнадушным небе. А радзіма мяне не кліча. Я радзіме, відаць, не патрэбен. Што ж, ізноў, як сын нелюбімы, Застануся з надзеяй і болем... А мая дарагая радзіма Мне патрэбна ўсё болей і болей. * * * Пад стук вагонных колаў, Прымружу вочы ледзь, Гучыць унукаў голас: «Не трэба, дзед, Не едзь». Ён над вакзальным тлумам Махае мне рукой, Глядзіць з дарослым сумам I светлаю тугой. Не ўразумець адразу Яму законаў лес — Службовы абавязак, Дзяржаўны інтарэс. А я ў замежжы дальнім Вяртаю ўсё назад I позірк развітальны, I просьбу як загад. Калі ж адчай прыдушыць,— Маленькі мой мядзведзь, Ты мне шапні на вушка Здалёку: «Дзед, прыедзь!..» * * * Можа, за дзесятым небасхілам Край дзіцячай радасці і ўцех. Я б туды, Каб меў такія сілы, Птушкай пералётнай паляцеў. Крылы ж мне адлегласцю звязалі. I сярод бязадрасных размоў Я жыву, нібыта на вакзале, I чакаю цягніка дамоў. Хай то будзе учарашні жорсткі Ці імклівы сённяшні экспрэс, Толькі б ён спыніўся каля вёскі, Дзе рачулка чыстая і лес, Дзе над студняй — Журавель пахілы, Залатыя пчолы — Ля вулля, Дзе на ўзгорку — Родныя магілы, А навокал — Родная зямля. * * * У смугу акіянскую Неба Апускае вячэрні кумач... Гэтак многа сказаць хацеў бы, А не пішацца, Хоць ты плач. Як самотнікі па пустыні, Разбрыліся словы ў нудзе. Адбалелае сэрца стыне. Утрапенне ў радок не ідзе. Іншаземныя яркія дзівы Не ўзрушаюць зусім мяне... Вершы пішуцца на Радзіме. Сэрца цешыцца на Дзвіне. * * * Гартае восень жоўтыя лісты — Старую кнігу вечных успамінаў Пра беззваротны век свой залаты, Дзе доўгі спіс сакрэтаў і правінаў. Лагодна ціша селіцца ў душы, Але, з былым сустрэўшыся, няйначай, То светла заўсміхаецца ў цішы, То ачышчальна ўпотайкі заплача. Прылёг свавольны вецер 'на мяжы, Дзе колецца іржэўнік цёплай шчэццю, Дзе віснуць зоркі выспелых ажын I павуцінне серабрыста тчэцца. А цень лясоў ужо хавае стынь. З лагчын плыве туман сівы і рэдкі. Сціхае смех. I ападаюць кветкі... Гартае восень жоўтыя лісты... * * * Абыходжу родныя аселіцы, Строгія агледзіны раблю. Новыя суседзі дружна селяцца, Абжываюць глёўкую зямлю. Цёткі з цягавітасцю спрадвечнаю У дварах вядуць сялянскі рэй, А бабулі з шумнаю малечаю Разганяюць качак і курэй. Люстраю ці лямпай мадэрноваю Зырка свеціць кожнае вакно... Толькі вось парою вечароваю Гаманы на прызбах не чутно. У застоллях песні не спяваюцца, Як было ў ранейшыя гады. I пахмурна мужыкі співаюцца Ад нядбальства, тлуму і нуды. Замяло мае сады юначыя Скразнякоў сцюдзёнае крыло... Нешта горка, незваротна страчана. Нешта непрыкметна аджыло. Невядомасць віратлівай стромаю Рушыць мой запас душэўных сіл. I кажу суседу незнаёмаму: — Мне не чарку — Песню Паднясі. * * * Удача — Сяброўка такая, Што лішне ў адданасць не вер. То лашчыцца, А то ўцякае, Як позна прыручаны звер. То весела скача, То плача, То славіць цябе, То кляне. Чужая каханка — Удача Аднойчы была і ў мяне. Гуляла са мной I спявала, Збірала сяброў да стала I ноччу з пустога вакзала У сінім вагоне ўцякла. Як здань, адплыла ў наваколле, Растала ў сутонні бароў... А мне засталося вуголле Ад зыркіх бяседных кастроў... * * * Як вецер лісце шугане Па скверу, Ты засумуеш без мяне — Я веру. З-за хмар збяжыць змяркання міг Па промню. Як добра нам было ўдваіх, Я помню. Плыла ад поўні паласа Скразная. Ты страхам поўнілася ўся — Я знаю. На зоркі клаўся цень крыла Ціхутка. Ноч тая цёплая прайшла Так хутка. Ёй грэцца ў памяці маёй, Як цуду. Да скону дзён маліцца ёй Я буду. * * * Не перанось спатканне на пасля. Хто ведае, што заўтра нас чакае — Ці то ад шчасця спыніцца зямля, Ці напаткае нас бяда якая. Сагрэй мне вусны сённяшнім агнём. Абмый душу мне сённяшняю ўсмешкай. Хай кажуць, што жывём кароткім днём, А не халоднай вечнасцю няспешнай. Хвіліны нават не паўторыць час, Хоць папракай яго ты, хоць упрошвай. Што як сустрэча гэтая якраз Для нас галоўнай стане і... апошняй?.. * * * Непрыгожых жанчын не бывае. Паглядзі — Вунь насустрач ідзе Асляпляльная, Баявая, Як маланка, Як выклік нудзе. Ці плячом павядзе, Ці брывамі — Абрываецца сэрца на міг. Як світальнай расой аблівае, Ад халоднай зямлі адрывае I ўзнімае да зор агнявых. Непрыгожых жанчын не бывае. Паглядзі — Вунь насустрач ідзе Сарамяжліва — Снегавая, Як лілея на ціхай вадзе. Вочы ўзніме — I сінь палявая Павявае лагодай такой, Што глухая трывога сплывае, I пяшчота душу спавівае, I прыходзіць Шчаслівы спакой. На жніве, Ля ракі, У трамваі — Паглядзі — Прыгажунь не злічыць. То — нібы сон-трава баравая, То — як зорка Венера ўначы... Непрыгожых жанчын не бывае. Проста шмат невідушчых мужчын. * * * Расстайныя дарогі. Дзявочая туга. I месячык двухрогі. I зорак мітульга. I прывідныя цені. I крылаў мяккі ўзмах. I рук перапляценне. I горыч на губах. Разгойданае вецце. Цяжкі, самотны ўздых. I вечнасць. I бяссмерце... Жыцця кароткі міг. * * * Не пакідай мяне. Пабудзь яшчэ. Перашапчу табе ўсе казкі свету. I прачытаю тайнапіс вачэй. I зразумею ўсе твае сакрэты. Дазволь, Як пасля першага глытка, Забыць вясновай хмельнасці гарчынкі I залатым крылом маладзіка Разгладзіць твае лёгкія маршчынкі. Няхай расстання чорная жуда Нас не кране сваім агнём халодным. Не пакідай мяне. Не пакідай. Не пакідай I сёння, I заўсёды. * * * Так, я перад табою вінаваты За доўгія самотныя гады, За непаразуменні ўсе і страты, За майскія замоўклыя сады, За словы непатрэбныя і ўчынкі, За наш касцёр, што ледзьве не ачах, За сівізну і раннія маршчынкі I стому вечаровую ў вачах, За вольніцу і шумны хмель пракляты, За ростані і тайны недавер. А больш за ўсё бязмежна вінаваты, Што я цябе кахаю і цяпер. * * * А я не веру, Што пайшло каханне З гадамі маладымі на спачын, Што нашых вуснаў, Нашых душ яднанне Не можа сівізны перамагчы. Я і цяпер разгадваю, Як тайны, Твой кожны дотык, Кожны позірк твой. Ад старасці ахоўваю адчайна Святыя хвілі радасці жывой, Калі тваё спякотнае дыханне Сціхае ўранні на маім плячы... I я не клічу новае каханне. Мне б тое, Маладое, Зберагчы. * * * Ці ўспамінала ты мяне, Калі я доўга быў далёка? Хоць у нядзелю, Хоць у сне Ці ўспамінала ты мяне З пяшчотай і журбою лёгкай? Ці выглядала мілым вокам Мой цень у ранішнім акне, Ці чула ў незнаёмых кроках Маю хаду? Было ці не? Ці ўспамінала ты мяне? Было мне ў дальняй старане Тужліва так і адзінока, Што я паверу і мане, Што ўспамінала ты мяне, Калі я доўга быў далёка... * * * Чаму ты помніш сумнае адно? Было ж у нас вясёлае, здаецца, I ад кахання абмірала сэрца, I ноч нам зоркі сыпала ў вакно. Няўжо яно забылася даўно I ў памяці жывой не адзавецца, Як залатое поўнае вядзерца, Што нечакана ўпушчана на дно? А мне адно шчаслівае відно У далечы, што мараю завецца. Там і сягоння не закрыты дзверцы I не дапіта хмельнае віно. Хай не знайшлі мы дзіўнае руно, Але прайшлі сцягой адзінаверцаў, I на вячэрняй роздумнай паверцы Не ўспамінай журботнае адно... * * * Як цябе няма са мною побач, Белы свет халодны і пусты. I гукаю я тады на помач У адчаі: — Любая, дзе ты?! Хай вакол вірыць жыццё нястомна, Маладосць ад шчасця ў бубны б'е, Я ўсё роўна быццам непрытомны I асірацелы без цябе. Поспех, Слава, Дабрата зямная, Што ў душу завабілі вясну, Без цябе, Я гэта добра знаю, Трацяць сваю даўнюю цану. Адплываюць жураўліным клінам Летуценні, Песні I лісты... Можа, я пасля сябе пакіну Толькі крык мой: — Любая, дзе ты?! * * * Як мы патрэбны ўсе адзін другому — З усмешкай ветлай, З цеплынёю рук,— Я гэта зразумеў, Калі дадому Вярнуўся з самай клопатнай з разлук. Я прызнаваўся ў роспачы бяссоннай, Што для жыцця — Важнейшая з акрас, Калі ў ахрыплай трубцы тэлефоннай Знаёмы голас зловіш яшчэ раз. Як шчасце, ўспамінаю ўсе драбніцы Сямейных і сяброўскіх вечароў... Яно ж зусім няцяжка — Не забыцца Для маці, Для каханай, Для сяброў Агеньчык запаліць у беспрасвецці, Адклікнуцца далёкім жураўлём, Пакуль яшчэ жывём на гэтым свеце. Пакуль яшчэ жывём. Пакуль жывём... * * * Гэта тайна Спрадвечнай На свеце была: Паміж зоркай і свечкай Ёсць нітка святла. У начы безгалосай Шлях падкажуць і мне Зорка ў цёмных нябёсах, Свечка ў дальнім акне. Сумна ў сэрцы асядзе, Як і ў даўніх вяках,— Зорка ў мілым паглядзе, Свечка ў мёртвых руках. Дажывуся і сам я Да самотнай пары, Калі зорка згасае, А свечка гарыць, Кожнай кропляй гарачай Лье святло, як спакон... I не мне перайначваць Гэты вечны закон. * * * Не, я не здолею, напэўна, Прадбачыць свой апошні дзень, Калі садоў густая пена На дол абвалам упадзе I паплыве пустая лодка, Згубіўшы ў чаратах вясло, I стане вусцішна і лёгка Так, як ніколі не было... Я разумею, разумею — Нашто аб гэтым варажыць? Але жыцця ўсё меней, меней Да мне адведзенай мяжы. Як ні жартуй, Як ні храбрыся, Не абмінеш зямны статут. I там, За тою страшнай рысай, Сяброў ужо не менш, Чым тут. I колькі ў шчасці ні галёкай, Прыцісне чорная туга, Што недзе вельмі недалёка Мая чарга, Мая чарга. * * * У гаях пажаўцела трава I лісты ападаюць несмела. Пасівела мая галава, Пад вятрамі гадоў пасівела. Адзінокі, запознены госць, Я іду па зямлі апусцелай. Адшумела мая маладосць, На дарогах жыцця адшумела. Толькі хочацца сэрцу ўдвая I святла, I вясны, I надзеі... Чырванее рабіна мая, Як раней, у гаях чырванее... * * * Жаваранак дражніцца са мной — То наперадзе цвірчыць, то за спіной, То званком вісіць над галавой, То да ног мне спеў кідае свой. Я і ён — адны на ўвесь прастор. Нада мной ён крылцы распасцёр I звініць, што прыляцеў дамоў Праз завесы пылу і дымоў, Праляцеў праз пяць чужых дзяржаў — Трэба ж, каб хто-небудзь заўважаў... * * * Багоў сабе я выбраў сам — Свабоду I прыроду. Каму я верыў і пісаў? Бацькам, Сябрам, Народу.

Оглавление

  • Генадзь Бураўкін УЗМАХ КРЫЛА
  • Маўклівая, цярплівая душа
  • Ох, даўжэй пажыць бы пад Мілавіцай...
  • Запісы з дальняй шуфляды
  • Разлукі чашу выпіў я да дна Fueled by Johannes Gensfleisch zur Laden zum Gutenberg

    Комментарии к книге «Узмах крыла», Генадзь Мікалаевіч Бураўкін

    Всего 0 комментариев

    Комментариев к этой книге пока нет, будьте первым!

    РЕКОМЕНДУЕМ К ПРОЧТЕНИЮ

    Популярные и начинающие авторы, крупнейшие и нишевые издательства