«Знак аховы»

330

Описание

Ствараючы новае, ахоўваць тое, што ўжо створана, заваёвана барацьбой і пакутамі, зберагаць жыццё і мір на зямлі, ашчаджаць чалавечае ў чалавеку, шанаваць памяць продкаў і ўсведамляць адказнасць перад нашчадкамі — такі асноўны грамадзянскі напрамак новай кнігі Уладзіміра Някляева «Знак аховы». У кнігу ўключана таксама паэма «Маланка» — аповесць пра каханне.



Настроики
A

Фон текста:

  • Текст
  • Текст
  • Текст
  • Текст
  • Аа

    Roboto

  • Аа

    Garamond

  • Аа

    Fira Sans

  • Аа

    Times

Знак аховы (fb2) - Знак аховы 172K скачать: (fb2) - (epub) - (mobi) - Владимир Прокофьевич Некляев

Уладзімір Някляеў ЗНАК АХОВЫ

Падрыхтаванае на падставе: Уладзімір Някляеў, Знак аховы: Вершы. — Мінск: Мастацкая літаратура, 1983. — 85 с.

Рэдактар: В. В. Спрынчан

© OCR: Камунікат.org, 2010

© Інтэрнэт-версія: Камунікат.org, 2010 

ЯК ЛІСТ ПЕРАД ТРАВОЙ

ДАВЕДКА АБ НАРАДЖЭННІ

Судовая справа
1. Год пасляваенны. Год работны. Шчэ з руін не выветрыўся дым, А на танцах, звыклыя да поту, Кірзачы і хромавыя боты Рэжуць полькі крокам страявым. Год надзейны. Год пасляваенны. Шчэ падлікі страт не паіменныя — I маўчаць хатынскія званы, І да мёртвых — літара за літарай З плачам, галашэннямі, малітвамі — Пісьмы йдуць На той канец Вайны. Год пасляваенны. Год гаротны. Шчэ жыццё паўзводнае, паротнае, Хлеб па картках і па картках соль, I людзей — хоць ёсць таварыш Сталін, Хоць перамаглі і адстаялі — Аніяк не адпускае боль. Ён — нібы пад рэйкамі ўзрыўчатка. 2. Касавіца. Ліпень напачатку. Не да святаў. Хутка час жніву. Старшыня пахукаў на пячатку, Пляснуў па даведцы — I жыву. Першы сорт. Пасляваенны выраб. Чым прырода апраўдала выбар: Быць альбо не быць мне на зямлі? Як неверагодны выйгрыш выпаў? Бацьку Снайпер выбіваў — не выбіў, Маці ў роў вялі — не давялі. Вось з вайной мая прамая сувязь, Лёсаў і крыві густая сумесь, Што праз марлю год не працадзіць. Памяццю сваёй Я не свабодны: Сутыкненне нацый і народаў Вырашала — быць мне ці не быць. А душа мая Шукала цела. 3. Быць хацела! Дыхаць ува мне! Ля траншэй цвіла рамонкам кволенькім, Калй дотаў стракатала конікам...— Не! - Новенькі, Бліскучы, З меткай «супер», Не з'явіўся — выжыў я насуперак Вайне. На прамежжы Азіі з Еўропай Як хачу свячу ружовай попай, Знаць не знаю пра сваё жыццё, Крэўны сын Някляева Пракопа, Стасі Магер Роднае дзіцё. 4. Трое нас. Ніводны не забіты. 5. Сорак шосты. Даспявае жыта. Час вялікіх спраў — не да малых!.. Нават чарку кінуў недапітай Схаршыня на хрэсьбінах маіх. Старшыня — начальнік адмысловы. Франтавік. Герой. Гвардзеец. Франт. Казыраў ён нетутэйшым словам «Факт» — I парыпваў кабурою новай, Медалямі, слепячы, звінеў... Ён сказаў на хрэсьбінах прамову. Вось што я з прамовы зразумеў: Факт, Што набірае моц Радзіма. Факт, Што ў нашых ворагаў інфаркт. Факт, Што жыта сёлета ўрадзіла. Нарадзіўся я — таксама Факт. Факт яшчэ, што банда паліцаяў Не дабіта ў Суцькаўскім бары... «Ды пра паліцаяў — абяцаю»,— Шчоўкнуў старшыня па кабуры. Той парою Шчоўкалі заўзята... 6. Ноччу бралі Кабянка Ігната, Першага бандыта на раён. Узялі. Вяскоўцам паказалі. — Ён? — спыталі. — Гэты,— адказалі. А сівы Стапуль сказаў: — Не ён. 7. Трох красунь-нявестак Стапулёвых На суках таполевых, вясновых Весела Ігнат павесіў быў: Першую — бо мела кроў чужую, Бо хавала першую — другую, Трэцюю...— Бо троіцу любіў. З імі побач, на суках кляновых Трох сыноў-асілкаў Стапулёвых Кабянкова банда падняла: Першага — бо выкраў вартавога, Бо не выдаў першага — другога, Трэцяга...— Каб троіца была. Тры начы і дні гайдаў іх вецер... 8. Ці на вецці ружавее квецень, Ці лісты асеннія ляцяць,— Гэтыя тры клёны, Тры таполі Дзень і ноч на Стапулёвым полі Шэпчуцца, Калышуцца, Шумяць. 9. А Стапуль сваё: — Не ён. Не гэты. 10. Сорак шосты. На зыходзе лета. Сад. Калыска. Вечар. Ля вулля Падаюць самлелыя ранеты. Роіцца натоўп ля сельсавета. Суд сягоння. Судзяць Стапуля. Суд у фрэнчах. Хросны мой за сведку. Ён суду паказвае даведку З дзірачкай ад кулі на ражку. Холадна ў прасцяг глядзіць ахова. Кожнае тут сказанае слова З хаты ў хату йдзе па ланцужку. 11. СУД Прагакольны запіс Хросны (то запнецца, то саб'ецца):* * Заўвага судовага сакратара — Па законах новых, па савецкіх Я панёс малога ў сельсавет. Г о л а с Мог і без малога. X р о с н ы Дык не ведаў. Думаў, як хрысціць... С у д Адзін? X р о с н ы З суседам. С у д Стась Стапуль сваяк вам? X р о с н ы Так, сусед. С у д Дык сусед або сваяк? Г о л а с Суседзі. Х р о с н ы Старшыні няма. «Чакайце, едзе...» А ў мяне і час быў, як знарок. Ну, сядзім. Чакаем. Словы доім... С у д Што? X р о с н ы Гамонім. Уваходзяць двое: Старшыня і гэны... Кабянок. С у д Без канвою? X р о с н ы Той пасля заскочыў. Старшыня счарнелы — нават вочы Быццам з галавешкамі на дне. Кажа: «Факт. Пазналі гада дома». Я кажу: «Дык чалавек вядомы». А Стапуль як ёсць упёрся: «Не». Старшыня ўдыбкі — і на старога: «Пакажы мне Кабянка другога! Ворага шкадуеш, маць тваю!..» С у д Далікатней... Тут жанчыны, дзеці. С т а п у л ь Прызнаю ўсё існае на свеце. У звярах людзей не прызнаю. X р о с н ы От, сказаў ён так — і я паверыў. С у д Дзе Стапуль сякеру ўзяў? X р о с н ы Сякеру?.. Каля печы, мусіць... Каля дроў. Г о л а с Сам прынёс! Якія летам дровы! X р о с н ы Кабянок жа гэны — звер здаровы. С т а п у л ь Без сякеры нельга ля звяроў. С у д Так. Далей? X р о с н ы Ён кінуўся на Гната. С у д Хто? X р о с н ы Стапуль. С у д А вы? X р о с н ы Я вінаваты. За руку схапіў: «Чакай, сусед!» Старшыня адразу з пісталетам; Кабянок — убок, і скок... і гэта: Выбіў старшынёвы пісталет. З крыку і дзіця загаласіла. Кабянок, нячыстая ён сіла, Цэліцца ў яго: «Хто зробіць крок...» Я яму: «Ігнат, пабойся бога...» Старшыня загарадзіў малога. Кабянок націснуў на курок. I тады Стапуль яго сякерай... Тут ужо набеглі... Насцеж дзверы... Выскачыў з малым я — ледзь стаю... С т а п у л ь Вінаваты ў старшынёвай смерці... Прызнаю ўсё існае на свеце. У звярах людзей Не прызнаю. Г о л а с А даведка? X р о с н ы Ды была гатова: Вось, знайшлі ў кішэні старшынёвай.. Нічыёй паперка стала б, каб... 12. Мне даведку тую не вярнулі; Падшывалі — Шчэ адну праткнулі Дзірачку, такую ж, як ад кулі, Там якраз, дзе прыназоўнік «аб». 13. Зноў шумяць Тры клёны, Тры таполі. Зноў бяда на Стапулёвым полі. Хата ссірацелая гарыць. Год пасляваенны. Год суровы. Шэпча вёска Стапулёвы словы. Я яшчэ вучуся гаварыць. Я пакуль не ведаю, што лёсам Звязаны з сусветам, Што за лесам Столькі вышыні і шырыні, I што ўсім жыццю я абавязаны, А яно, як сноп той, перавязана Перавяслам лёсу старшыні. 14. ...Я аднойчы ўстану сярод ночы I зусім спакойна гляну ў вочы Горкай, перакручанай, сірочай Стапулёвай праўдзе. I мане. А пакуль жыву, нібы ў разведцы: Кабянок скрозь дзірачку ў даведцы З пісталета цэліцца ў мяне.

ДАМБАЙ

Так блізка да неба — хоць зоры ў папаху зграбай. Узняўшыся ўверх па сцяжыне абрывістай, коўзкай: «Дамбай!» —- я гукнуў. Пракацілася рэха: «Дамба-а-й»*. * Дамбай (карачаеўск.) — зубр. Гара на Каўказе. I ценем прайшоў па вярніынях Мікола Гусоўскі. — Куды вы? спытаў я. — Нікуды. — Адкуль? — Ніадкуль. Прайшлі альпіністы — Элітныя дзеці прагрэсу. — Са мной ты ці з імі?.. Рашай, як захочаш, пакуль Кастры не пагаслі I песні спяваюць чаркесы. Мы рушылі побач На полымя дальніх кастроў. Як страшна ісці з несмяротным Хадою смяротнай! — Скажы ты мне: Зараз палююць у вас на зуброў? — Палююць,— зманіў я. I ён усміхнуўся гаротна. Чабан ля кастра, прывітаўшы, Падаў нам айран: — Пітво без атруты... Напітак нязвыклы для Рыму. — Пра што ты, чабан? — Пра жыццё. Пра людзей я, алан** ** Алан (карачаеўск.) — сябар, дружбак Што толькі кахаюць Ды шчэ паміраюць без грыму. Мы доўга маўчалі. На поўначы ветах патух. Ступалі планеты сваім урачыстым парадам. Ні хто мы, Ні што мы — пра нас не пытаўся пастух. I ўстаў я ісці. А Гусоўскі прамовіў: «Няпраўда». — Няпраўда,— сказаў ён.— Без грыму наш пот. Мазалі. Чабан не спрачаўся: — Я байку адну вам разбаю. Жыў бай на Дамбаі. Наладзіў ён рай на зямлі — З віном і гульбою — як рай той спатрэбіўся баю. Ён зеллем апойваў сваіх ненадзейных служак, I найміты везлі іх, сонных, пад шаты Дамбая. I там ім казалі: «Вы трапілі ў рай не за так — За верную службу, За вечную працу на бая». Тры дні ім дарылі на райскія гульні. Пасля Зноў зеллем паілі, да бая прывозілі ўночы. — Джыгіты мае! Пасівела ад гора зямля, Калі вас не стала! I слёзы спалілі мне вочы! Я неба маліў! I пачуў мяне бог: «Забірай Батыраў сваіх...» Вас малітвы мае ажывілі! Служыце мне верна — I кожны з вас вернецца ў рай! Служыце мне верна!..— I верна батыры служылі. — Знаёмая байка... Ды я не служыў каралю: Служыў я Вялікаму княству, адзінай Айчыне. Зрабіў, што паспеў; Што не здолеў — яшчэ адраблю: На славу Айчыне ёсць новая песня ў зачыне. Адно разгадаў ты: вялікі я зведаў падман. Ды праўдзе не здрадзіў, Збіраў сваю праўду па жменьцы!.. — Дык хто ж вы такія? — спытаўся нарэніце чабан. I я прамаўчаў. А Гусоўскі сказаў: «Чужаземцы». Падзякаваў ён чабану за айран, за агонь. — Пара мне!.. На ловы гукаюць дубровы, на роздум.— I свіснуў у пальцы. I ўстаў, як укопаны, конь. I прывідам знік чужаземец, Што з Гусава родам. — Сапраўдны джыгіт! Не паверу ніколі, што госць...— Апошнія іскры у кастры чабана балявалі. — Скажы, чужаземец, паэты ў краях вашых ёсць? — Бывалі,— сказаў Я,— Калі на зуброў палявалі. Бывайце... — Бывай. Калі нешта не так, выбачай... Даспелі на досвітку Зор залатыя арэхі. Зграбаў я ў папаху іх, Клікаў прастору: «Дамба-а-й!..» Далёка кацілася, тупала, цокала, шорхала рэха...

ЗАКОН БЛУКАННЯ

МАЙСТРЫ ВЯСНЫ

1. Дрыжаць азёраў ледзяныя вейкі, Пралескамі прашыты край лясны. На рыштаваннях дзён Майстры вясны! Цягнік зімы павёз вузкакалейкай Снягі на поўнач, Рушыўшы рыўком... Прабіта неба першым жаўруком. I трутні ажываюць... Павукі... Ну што ж: прырода... Гэты факт не новы. Шыбуй, вясна! Няхай твае палкі Зялёны сцяг вядзе на заваёвы. Дай полю — колас, Песню — салаўю, Каб лес шумеў лістотай, луг — травою... Шчыруй, вясна! Няхай жыве жывое! Я ўсё жывое радасна люблю. Гайдай, вясна, Гадоў імклівых лодкі, Качай грамы бухматыя ў траве!.. Хай горкі дым, Айчыны дым салодкі Над знойдзеным і страчаным плыве. 2. Плыві, плыві, Айчыны дым салодкі... Паводка ачышчае лік зямлі — I па рацэ праносяцца з паводкай Сухія дрэвы, мёртвыя камлі. Над крыгаломам Сталі круталоба Нязломныя бетонныя масты... Жалоба страт — кароткая жалоба. Майстры вясны — вясёлыя майстры. Ах, як яны смяюцца белазуба, Вады і ветру вольныя сыны; Прабіў іх час! — і гэты час яны Не аддадуць на страту і на згубу. Яны ідуць Калона за калонай, Работнікі вясны і ўладары, Аратыя, Паэты, Змагары, Людской красы і моцы чэмпіёны. Мне па нутру крутыя іх натуры, Густы блакіт, замешаны ў вачах. На іх руках Забранзавела скура, На іх руках Пляцоўкі Байканура, Краіна ўся — ад Буга да Амура — На чэсных іх, мазолістых руках. Я веру ім. Вітаю іх кагорты, Раўняю крок да іхняе хады... Напоўнены вясною іх аорты! Яны ідуць — і ведаюць, куды...

* * *

Мне трыццаць. Час настаў такі, Калі — ні ў вучні, ні ў настаўнікі. Яшчэ шкалярскі доўг плачу Купалу, Танку, Куляшову, А ўжо з Глыбоччыны хлапчук Прысуднага чакае слова. Мой родны!.. Бог табе суддзя. Суды сабе падобных лепяць. Якая песня ў лебедзя? Як лебедзь. Ах, лебедзяў прыгожа б'юць! Як выжыць — я магу параіць. А вершы пішуць — як жывуць. Як дыхаюць. Як паміраюць. Хлапчук маланкі тушыць вейкамі, Яму здаецца — ён паэт! — Што я хаваю тайну нейкую, Што ў ёй паэзіі сакрэт! Наросхрыст ён ідзе па вуліцы, Ён казку ўспамінае вусцішна: «Пад дубам куфар ёсць, там вуціца, Не лебедзь — вуціца, а ў той Яйко з іголкай залатой...» Галосіць дуб пустымі дупламі!. Хлапчук ледзь пераводзіць дух. «Пра што і як пісаць?» — ён думае. ...Лягчэй, што думаем удвух.

ПАЛЯВАННЕ

Збілі на ўзлёце... Падала, хісткім крылом Неба чапляла... Здабыча ўжо... Птушка былая.. Па Вертыкалі павёў мой таварыш ствалом: — Міма, бадай, цябе... Міма, халера!.. — Бывае. — Ты малайчына. Дзе насабачыўся, чорт?.. Цэзар, апорт!.. А яна яшчэ доўта ляцела, Покуль ударыла ў цёмны асенні чарот Водгукам стрэлу... Дзеля таварыша злосць можна выдаць за жарт, Хоць і таварыш былы — Птушка былая. — Ды зразумей ты; Гэта спрадвечны азарт... Не разумею азарт, які дабівае! Памяць мая! Ты пухлінамі часу баліш, Продкаў злачынствы катуюць пячорны мой розум... Што ў ім спрадвечнае? Што яму дадзена звыш?.. Рана — пытанні, адказы знаходзяцца позна. Ах, як над возерам Птушка свабодна пяе! Песня знямее — I ўночы разбудзіць, як выбух! Ісціна — вечнае. Звыці — толькі выбар яе. Выбраўшы вечнае, ісціну можна не выбраць. Гэтая птушка... Іншая быць не магла... Хто растлумачыць мне сувязь між ёю і мною? Толькі пытанні між намі, толькі імгла, Толькі пячорная памяць крыла за спіною. ...Мы На зямлі Месца Найлепшае Выбралі. Шклянкі напоўнілі: — Ну, будзь здароў... — Будзь здароў... I пад нябёсамі, дзе спадарожнікі зыркалі, Возера гойдала Водбліскі нашых кастроў;

СЕМЯ

...I сціраўся лягчэй, чым сціраецца след ад алоўка, На імклівай вадзе чаратамі запісаны лёс... Ён ішоў наўздагад; да хрыбта прыкарэла ватоўка. У хусцінцы шаўковай ён семя таемнае нёс. Як ад смерці ратуюцца, ён ад жыцця ратаваўся, I жыццё абмінала, і смерць не шукала яго. Тры разы пакідаў, тры разы да каханай вяртаўся, На чацвёрты вярнуўся — ды ўжо не было да каго. Ён на полі пустым тры начы прастаяў нерухома, На чацвёртую ноч кінуў семя з хусцінкі ў раллю. I зямля скаланулася, быццам ад нізкага грому,— I адрынула семя... Тады ён пакінуў зямлю. У чатыры канцы ён ляцеў у здабытай прасторы — I нікога за ім, і нічога прад ім не было. ...На абражаным полі зраселі апалыя зоры, I паўночнае ззянне паўліным хвастом расцвіло...

ПАКІНУТЫ ВЕРАГ

Перад зярнятамі, што прападалі, Схілімся долу. Не выпадае, не выпадае Вылічыць долю. З берага ветрам пакошаных траў Цягне да неба. Толькі ў вышынях, куды прарастаў, Цёмна і нема. ...Зорка зрываецца, як з далані Кропля блакітная... Не падмані, не падмані, Бераг пакінуты.

ТУРАЎ

Дзе храм калісьці быў — цяпер піўная... Цыган вясёлы скача і спявае, Удала ўкраў каня — удала збыў I грэх запіў! Тут храм калісьці быў... Правінцыя! Люблю твае кантрасты! Люблю твой люд скуласты і гарласты, Прастор, прапахлы небам і зямлёй!.. Але нашто, скажы мне, калі ласка, ты, Крышыць муры гісторыі сваёй?.. Цыган шалее! Млеюць мужыкі. Гісторыя мая. Палешукі. Нальюць па шклянцы — сціснуць кулакі. Як піларамы, ходзяць жаўлакі. — Ты, можа, расстараўся б, га, Сымонка? За першай і гамонка не гамонка... Сымон не зломак — За другой, За трэцяй Пайшла размова пра жыццё на свеце. — А што жыццё?.. Ідзе, якое ёсць. Мы госці ўсе — і ты таксама госць. Адзін швейцар вунь, як у горле косць. Дурны мужык... Давай, яму на злосць... Швейцар цікуе — вокам не міргне, Ён знае сам, што ісціна ў віне, Але на службе прэ з яго натура Барацьбіта за сервіс і культуру. «Панас! Давай да нас, швейцарскі цар!..» Усмешкай, як маланкай, блісне твар З той цемры, дзе схаваны ад людзей Сузор'і і галактыкі надзей. Рагоча жартаўнік —аж стогнуць міскі. Да Гомля — го!.. Яшчэ далей да Мінска... Цыган танцор і праўда не благі! — Чаго сядзіш?! Устаў не з той нагі?.. Правінцыя! Пранізлівасць тугі, Глухія каля Турава снягі, А некалі... Але было даўно, Правінцыя! Прагорклае віно, Правінцыя! Маленства сон чароўны!.. Я толькі тут сабе самому роўны, Правінцыя! Як быць мне, як мне жыць — Не выказаць, што на душы ляжыць... Смяецца дзеўка, поўная грудзей. У круг яе! Да люду! Да надзей! І-эх, шкада, што кашы з ёй не зварыш — Ты што, таварыш?.. — Захмялеў таварыш. — Ды не чапайце, хай сабе паспіць... Правінцыя! Як соладка баліць! Качаю па стале змакрэлы мякіш: Ёсць, дзякуй богу, Тураў, Зэльва, Мядзель!.. Цыган крычыць: — Ты не гароцься, госць! Не прападзём! Яшчэ, брат, коні ёсць!

СУСТРЭЧА

...Як зрэз на дрэве, набрынялы сокам Цяжкім, што кроў... «Мой ясны сокал! Мой высокі сокал!» А галубы ляцелі з рукавоў, I зіхацелі пацалункі ў дзюбах — Пярсцёнкі залатыя вуснаў любых. Накормлены — брывом не зварухнуць! На спіны галубятнікі валіліся... А я не мог бязбоязна дыхнуць Паветрам тым, гпто ля цябе свяцілася. Той дождж, што пырскаў у тваю далонь, Я піў набожна, як ваду святую, I як паганцы верылі ў агонь, Паверыў цёмна ў навальніцу тую, Калі з-за хмар, бы ў меднае вядро, Грамы шпурлялі за ядром ядро, I мы ўдваіх лавілі ўратавана Маланкі асляпляльнае пяро, Бліскучы меч Ізольды і Трыстана! — ...Дык што ж той меч? — Ступеў ва ўжытку хатнім... — А галубы?.. — Жывуць на галубятні.

АРМЕНІЯ

Круты абрыс біблейскіх гор. Зарніц спалохі... Над Арменіяй Сусветнае Знішчэнне Зор... А зор не менее. Закон Ахоўвае матэрыю. А кроў святла на спад лавінаю, Як перарэзалі артэрыі Над Арарацкаю далінаю. У коп'ях неба I ў мячах — Пектаграфічны заніс эпасу. Дух вояў-продкаў не ачах! — Пад пацінаю на шчытах Арэс і Эрас. Не вынішчаецца любоў... Зноў небасхіл, як выраб Палеха. I слоў не менее Ад слоў, У горне ночы ў попел спаленых. Як доказ іх магічнай сілы З-за Крабавіднае туманнасці Глядзяць на люлькі і магілы Густыя вочы Туманяна.

АКЫН

Сядзеў панура, Згорблена, I раптам — песня горлам. Скакаў табун, таптаў палын, Шакалы вылі следам. Ніхто не ведаў — Што акын. Ды ён і сам не ведаў. Свістала і хрыпела Жалоба і вуда, Як з крана з'іржавелага Гарбатая вада. Нібы замоваю лячыў, Спяваў. Пра ўсё. Нічога. Была За песняй Далячынь. Пустэча. Стэп. Дарога. Турысты пырскалі: — Выццё... — Саліст ансамбля «Пенсія». Адна дамбра. Адно жыццё. I смерць адна. I песня.

СЛОВЫ ЗАМОВЫ

Колас. Купала... У гуках імён іх люлянку я чую, Якую матуля калісь над калыскай маёю спявала Колас. Купала... Мелодыю мовы славянскай я чую, Той мовы, якую агнямі палілі, Ды з попелу Страцімам-птахам яна паўставала —- Колас. Купала... Я чую ў іх звонкія гуслі I гулкасць Той сілы, Якая ў былінах сівых гусляроў ракатала Колас! Купала!.. Адвечную песню народа, Што горда Жыла ў ім I кленчыць прад ворагам не дазваляла! — Колас. Купала. Падобны на словы замовы Імёны, Якімі паэтаў сваіх Беларусь называла — Колас... Купала... I грозна, сурова гучала іх слова, Калі над Айчынай чумы навісала навала Колас! Купала! Яно падымала да зораў і ў нетры зямныя кідала...- На вечныя векі Вятры намялі Курган вашай славы На роднай зямлі — Паэзія... Колас. Купала.

ЧЭЦІ

Валілася неба на вышчапы гор, Апошнія зоры страсаючы ў зморы. А сонца ўставала, нібыта сабор. Званілі ў саборы. У Чэці ў мячэці маліўся стары... На твары — адчаю кінжальная мета. «Алах! Магамет не прыйшоў да гары - Гара пракляла Магамета. Алах, я сівы ўжо... Я хутка памру. Прашу на мяжы твайго вечнага царства: Алах, пакарай за бунтарства гару! Алах! Магамету даруй за бунтарства...» Ён гэту малітву тварыў да пары, Пакуль не сабраліся хмары над светам... Грамніца слізнула на вышчап гары — Лавіна Раструшчыла Дом Магамета...

РУБЕЖ

Направа залева, Налева залева, Матор «Масквіча» ліхаманка заела — Давай, ну давай, калымага старая!.. Нутро выгарае. Нутро выгарае... Патопныя воды на шкло ветравое; Дарога назад — Да шумераў? да Троі? Дарога наперад — Да пекла? да раю? Давай, ну давай, калымага!.. Стараю- чыся з усіх сіл, перагрэты, Ляцеў «Масквічок» мой па ўскрайку планеты, Спірала дыханне на страшнай спіралі, Дзве сілы — Крыж-накрыж — сусвет распіралі: Круціліся ў бездані левыя колы — На правых праколы! На правых праколы! I покуль машыну завальвала ўлева, Я бачыў, як справа святлела залева, Хіліліся горы, і слаліся травы Направа, направа, направа, направа,— Дзе вечарам вецер патупвае ў сенцах, Шалее салоўка на шостым каленцы, Званамі аглухлымі падаюць бэры На попел цяпельца любові і веры, Дзе пахне атаваю луг за ракою, Дзе мама насустрач махае рукою I з ціхай надзеяй пытае пра справы... Завальвае ўлева! Аблокі — направа, Направа звяры ўсе, і рыбы, і гады, Мой снежань направа, мае лістапады. Направа ўзлятаюць — Ілона і Ева — Дзве птушкі з галін радаслоўнага дрэва Направа — сілкамі пакоры і гневу — Усё, што я ўспомніў, зірнуўшы налева У зорную прорву, дзе вечнасць клубіцц Дзе некалі сон гэты будзе мне сніцца...

АПОШНІ ВЕРШ

Хай будзе жыццё! Гэта ноша па мне! Па мне гэта доля сустрэч і расстанняў, Я ведаю: зоймецца хутка ў акне Апошні світанак майго існавання. Ну што ж, гэта ноша таксама па мне. Спакойна змяняю я долю на волю — I толькі хіснуся, як цень на сцяне, I толькі на момант хаду запаволю...

ЛЯЎКІ

Дарога вяла на Ляўкі. Праз ніву. Праз лес. Праз вякі. Цяжарна ўздыхала ралля. Храплі на аселіцах Коні. Свістала ў прасторы Зямля — Каля небасхілу, Каля Той жылкі, што б'ецца на скроні. Дарогу ўздымала гара, I там, дзе дарога знікала, Над вечнай вадою Дняпра Стаяў нерухомы Купала. Кацілася шляхам сваім Рака — Як магла, Як хацела. Быў страшны Купала — На ім, Яшчэ даваенным, жывым, Святочна кашуля гарэла. Хісталіся цені жуды Сляпымі маланкамі ў змроку... Адзін толькі крок да вады! Не зробіць ён гэтага кроку. Ён скуру здзярэ, як луску, I рушыць на вольны гасцінец... Ён пройдзе яшчэ праз Маскву Па цьмяных прыступках гасцініц. Ён будзе на сходках начных Спяваць, Зратаваных ад кулі Сяброў абдымаць — I на іх Святочна запальваць кашулі. Ён будзе! . ...Кружыла Зямля. Храплі на аселіцах коні. Усё гэта будзе — пасля. Усё гэта будзе — ніколі. Пасля — у мальбе і праклёнах. Ніколі — у спратах віны. ...Адзін I адзіны З мільёнаў, Адзін і адзіны, спалёны На росстанях смутных Вайны...

* * *

Прызнаць віну, якой не варты вы,— Адчэпка толькі для суда людскога... Калі душа, як за сцяной астрога, I сочыш ты за ёй, як вартавы,— Не абвяшчай: я вінаваты ў тым, Што ёсць мана, што пыл яе і дым Твар праўды захінае, як аблога. Не словамі, а справай пачынай: Астрог паруш — і ў сэрцы паламай Нож асцярогі, зброю вартавога.

АБ'ЯВА АБ НАЙМЕ КВАТЭРЫ

Губернскі пісар Стэфан Дастаеўскі (Каліграфічнай вырабкі памешчык) Адчайна спрабаваў пісаць раманы I меўся Увайсці ў літаратуру; Яшчэ ў яго арэндаваў маёнтак Купалаў бацька, Дамінік Луцэвіч; Так праз жылплошчу лішнюю — не тое Каб зведаў славу сына Дамініка, Аднак у часе не прапаў бясследна Каліграфічнай вырабкі памешчык, Губернскі пісар Стэфан Дастаеўскі.

ТАЛІН

Невыразнае жаданне Лета. Ластавак. Вяртання. Лесвіцаю успамінаў З нізкіх долаў успамінаў. Гнёзды свецяцца ў байніцах. Проста ўсё, што ў таямніцы. Толькі ты — бы ўзмах крыла, I яна — бы ўзмах крыла!.. Толькі снежань з-пад крыла — Ды на снезе след расталы... Недзе музыка была. Вось і музыкі не стала. Выстыў Талін. След змяло. Толькі што было — было. Там, з Вышгорада, З апетай Даўняй вежы Ценем лета Цёнькне Ластаўкі крыло... Дзень — святло, I ноч — святло.

* * *

Не дазволь пайсці мне... Затрымай... Рукі на грудзях скрыжуй стамлёна... Хай сабе не варты я праклёну — Праклінай. Праклінай, галосячы пра страты, Адзіноту, здраду і тугу. Не магу я Быць Не вінаватым! Чуеш, не магу. У імя няўмольнага расстання Над бяздоннем, На апошнім дні — Не карай мяне ўсёдараваннем! Злітуйся... Даруй мне... Пракляні...

ЛЕСНІЧОЎКА

Прагінае вецер кроквы. Мёртвы снег пластае дах. Пуста. Гулка. Крыкі, крокі У завеяных палях. — Мама, хто там? — Спі. Нікога. Вецер... Снег... — Зірні ў акно; Ваўкалак! — Пабойся бога! — Нехта ёсць усё адно! Крык. — Ты чула? — Падалося... Стрэл. — Ты чуеш? — Гром... — Зімой? Мама, Мама, ён галосіць! — Гэта сцюжа, хлопчык мой. Кожнай дошкай стогне хата. Клямка бразгае сама. — Мама, страшна... Дзе наш тата? — Тата ў горадзе... Зіма. Пуста. Гулка. Крыкі. Крокі. Зноўку стрэл. I крык. I ціш. Леснічоўка. Край далёкі. Шлях далёкі. Снег глыбокі. Дні. Гады. Стагоддзі. — Спіш? ...Ён заснуў, нібыта згінуў. Ваўкалак трубіў у рог. Раніцою вецер кінуў Шапку бацькі на парог...

* * *

Праводзіла з дому... На ўзмежку бацькоўскага поля: «Сынок мой... — сказала, — які ж мне наказ табе даць? Ніколі не збочваць з дарогі — зайздросная доля. Ды хай не міне цябе доля дарогу губляць. Хай зведаеш ты Нежалобную долю блуканняў, Хай знойдзеш — і знішчыш, Хай дойдзеш — і кінешся прэч, Спазнаеш Сустрэчу У час спусташальных расстанняў, Спазнаеш Расстанне У час невыносных сустрэч. Хай страціш ты многа, Каб долі сапраўднай не страціць». Ён жыў гэтай доляй. Кахаў. Расставаўся. Блукаў. Дадому вярнуўся: «Сынок мой,— спыталася маці,— Знайшоў ты ці страціў?..» Заплакаў — I ў ногі Упаў.

* * *

Вачэй тваіх сумненне. Зноў ноч не спіць. Рака неразумення. Яе не пераплыць, Калі гудуць вірамі Мана, лухта, Калі між берагамі Ніводнага маста... Бывай, мая чароўная! Рака гудзе... Бязвёсельныя чоўны Сплываюць па вадзе.

* * *

Руіны замка. Дзікая зямля. Ды чэзлыя наўкол кусты шыпшыны. А на сцяне ўцалелай — твар жанчыны, Наложніцы старога караля. Была яна наложніцай ці не, Ды ўладаром валодала красою — Ён загадаў лічыць яе святою I ўвекавечыць На глухой сцяне. Свавольны быў кароль той, як дзіця. Не ведаў межаў шчодрасці і злосці... Даўно струхнелі ўладаровы косці Пад чэзлымі шыпшынамі жыцця. Імя яго забыта ў тых краях, Дзе ён сваволіў і хадзіў вайною На ўсіх суседзяў, Каб агнём, Маною Пакору аднаўляць у іх I страх... Ды не астыў вачэй блакітны вар Жанчыны той! — Ліецца на абшары... I свеціцца Тугой былых пажараў Драпежна-вольны палачанскі твар.

* * *

Сцакусы яблык даспеў на яблыні. Спакойна, Ева. Вачыма талымі, Губамі грэшнымі не спакусі, Атруту яблыка не надкусі. Яна ўсміхаецца: вучы вучоную!.. Ды ёсць жа душы незамучоныя, Крынічна чыстыя, амаль святыя!.. Смяецца Ева: «У нас не тыя». Яна крычыць мне: «Ідэаліст!..» А ў садзе падае апошні ліст, I снежнай квеценню халадзее Святая яблыня Маёй надзеі.

* * *

Апраметная. Эдэм. Мост разведзены. Да сярэдзіны ідзем. Да сярэдзіны. Ад пачатку. Ад канца. Злева. Справа. Да сярэдзіны: вянца справы. ...Ты не згодны? Крывіш рот? Жэст асобы. Да сярэдзіны — народ. Ты асобна. Ты — прарок. Месія. З тым Стань над масай. «Гэй, з партфелем! (Цябе пытаюць, чаго акуляры вылупіў?!) Колькі часу на тваім на залатым?..»

* * *

Выйшаў. Хіснулася поле За небасхіл неадольны. «Любая, што гэта?» «Воля». «Волі не ведае вольны». Біўся. Вяртаўся дахаты. Голаў качаў на падоле. «Любая, што гэта?» «Краты». «Знаю. За кратамі — воля».

* * *

Скончылася лета... Не сумуй! Звыклаю хадою час прастуе. Ад спакою ён цябе ўратуе, Ад самоты — сам сябе ратуй. Не сумуй... Яшчэ ў тваіх гадах Верасень — не першая прыкмета. Падаюць антонаўкі ў садах. Скончылася, скончылася лета! Вывесілі жоўтыя сцягі, Высахлым бульбоўнікам канае... Не сумуй!.. Шырэй за берагі Рэчак не бывае. Прызвычайся рэчышчам цячы I, імгненнем будучым багаты, Страчанае стратай не лічы. Шчасны будзь, што меў такія страты.

КУЛІНА

Вярнуцца ў маленства пры гомане дня — I ўспомніць, як ссекчы на дрэве галіну: Была сярод іншых гульняў Гульня Дражніць старую Куліну. — Куліна, Куліна, хто твая матка? — Кулініна матка — спадніца ў латках. — А хто, Куліна, твая свякроў? — Куліне свякроў — ліхая кроў. — Куліна, Куліна, а хто твой муж? — Кулінін муж — стары капялюш. — Куліна, Куліна, а хто твае дзеці? — Кулініны дзеці — палёўкі ў клеці. Нядаўна было... А прайшлі, праплылі Гады мае ранкамі роснымі... Дзяцінства не ведае жалю, калі Не помняць спагады дарослыя. «Вядзьмарка!..» — і рогат ляцеў над табой, Дзяцінства маё!.. Праз аер і маліну — Гаротай сваёй, басатой, галыцьбой — Цябе даганяла Куліна. Заблытвала ногі ў траве ля бяроз, Зноў бегла, матляючы торбаю сачыка... Ніхто не даруе нам крыўды і слёз — Адплаціцца ўсё і адплачацца. Няўмысную крыўду грахом не лічу... I ўсё ж — як дамоў прывядуць каляіны — Хаваючы вочы, няўклюдна маўчу, Сустрэўшы старую Куліну, Яна ўжо даўно мяне не пазнае... Але, быццам памяці лютая спадчына, Мне чуецца скрогатны голас яе: «Адплаціцца ўсё і адплачацца!» Спытаю: «Куліна, якая віна Мая прад табою?!.» Адказ не пачую... За што ж тады ўслед мне ўсё шэпча яна Дражнілаўку тую, Дражнілаўку тую?.. Жыцця палавіна... Жыцця палавіна... Старая Куліна... Старая Куліна...

* * *

Паедзем у Цхіву, Карын... У Цхіву, лазой вінаграднай спавітую, У Цхіву, дзе сонца, Нібы мандарын, Салодкае і сакавітае, Паедзем, Карын! Нас чакае сястра — Таполька, Тугою касой, Бы лазой вінаграднай, Павітая. Як добра было з ёй сядзець ля кастра I слухаць размову, Дзе напіыя словы З грузінскімі зблытаны. Паедзем, Карын... Брату нельга сястру забываць, I мне з ёй сустрэцца — душа набалела Сумую, Карын... I хачу паўтараць: Натэлла... Натэлла... Натэлла... Паедзем у Цхіву, Карын...

* * *

...Брат, забывай, што малады Па балынаку скакаў найпершы. Твае крылатыя сляды Затопчуць пешыя. На свяце ліпеня шыкуй — Ды чуй ад студзеня, Здалёку: Дарога не па балыпаку. Дарога збоку. Яна вядзе цябе за край Звычайных змен святла і цемры. Ты вобмацкам яе шукай,— Дарогу веры. Не гніся — лінію дабра Направа выгнуць ці налева, Нібы з Адамава рабра Выточваць пацеркі для Евы. I выняньчаць цябе Рака, Ігліца, Дзьмухавец і рута, Калі ты пылам балынака Дыхнуў атрутна.

ХАРЭІ

Што, Валодзька?.. Зноў, здаецца, З каляіны выбіла... Ах, як выбалела сэрца! Ах, як выбалела. Таргаваў на кірмашы Весела ранетамі... Вершаў сумных не пішы, Дурань гэтакі. Ах, зялёным лоннем вод Вочы дзеўчыны!.. Не пішы святочных од. Сні пра вечнае. Вам — за вочы і касу — Яблыкі найлепшыя... Рыфмай лозунгі не псуй. Смешна. Пакацілася — трымай! — Сэрца яблыкам... Вось пра гэта і спявай Ямбамі.

* * *

Жанчына... Каханая ўстала над цёмнай ракой. Жанчына... Каханая доўга глядзела ў ваду. На поплаве дальнім Я потым русалку знайду, Русалчыны вочы закрыго спакойнай рукой. Пасля я — аслеплы — па беразе Буду Ісці. I будуць дзве чорных гадзюкі За мною Паўзці. Дагоніць адна з іх — Ударыць маланкаю лютай. Дагоніць другая — I высмакча з раны атруту.

* * *

Праплыў перон і знік. I колы зачасцілі. Дрымотны праваднік Разносіць чай астылы. Салдат... Жанчына... Дзед... Дзяўчынка (ў сёмым классе). Ніяк не ўспомню, дзе Я з імі сустракаўся. Калышацца вагон Чаёва, вечарова... Шануй дарожны сон Да станцыі чарговай. Пацягне скразняком... Жалеза праляскоча... Махне нам дзед кійком, Па цаліку пакроча. Запорхае за ім Дзяўчынка, як сняжынка... Сцячэ з адхону дым — I захіне сцяжынку.

* * *

Не з першага крыку, Не з першай слязіны, Не з першага смеху Пачаўся быў я, а пачаўся быў с першага снегу Над плошчай вакзальнай, дзе ты мяне ціха гукнула, I перш чым гукнула — Пазнала, Прызнала, Пачула, I перш чым сляды нашы, збегшыся, рушылі побач, I перш чым у дом наш прыйшла варажбіткаю поўнач, I перш чым цябе анідзе Назаўсёды не стала — Сняжына апошняя Першага снегу Растала...

У САДЗЕ НАД РАКОЙ

Несупадзенне дат. Несупадзенне вех. Вяртаецца назад Даўно забыты снег. Узняў забыты дождж Блакітнае крыло. Усё было — і ўсё ж, Што будзе — не было. I ў садзе над ракой, Чырвоным ад калін, Пружынай Пад рукой Напружанне галін. Галінку адпушчу — Мільгне за далягляд, I вернецца назад, I вернецца назад.

КВАДРЫ МАРСА

ГАРМАНІСТ

«Слухай, давай мы з табой пагамонім. Сядзем ды вып'ем віна. Я паіграў бы табе на гармоніку, Каб не вайна. Ах, быў гармонік! Басовыя — з жоўцю, З цёмным блакітам — галасавыя... Чуў бы ты, як па руках маіх жонка Дзень галасіла I ноч галасіла. Яна ўспаміны не люты Будзем мужчынамі. Толькі бываюць мінуты — Жыць немагчыма. Ты не падумай!.. Хоць выжыў на мізеры — З просьбамі ў пояс нікому не кланяўся. А немагчыма — калі ў тэлевізары Рукі і клавішы. Памяць мая травянее ў акопе, Міны ўзрывае... А на гармоніку кожную кнопку Помню. Іграю. Так, брат, накоціць, агорне, ахутае! — Толькі не вернеш... Дай, калі ласка, далоні. Пахукаю. Пальцы Замерзлі».

НА КАТЭРЫ «ГРОЗНЫ»

На Волга-Балтыйскім канале Замерзлая чайка Канала. Ну што там, здавалася б... Птушкі Штодзённа канаюць і гінуць, Бы суцрацьптушыныя міны Птушынае дрэва цярушаць. I гэтая птушка не лепшая, З усіх нашых птушак не першая. Адкрыліла, колькі паспела, Вяслуе крылом набалелым, Знікаючы ў хвалі за катэрам, Як з ніткі сарваная пацерка. Самкнулася нема вада. Ну што там, дальбог, за бяда! Ды раптам — бы выбухнуў кратэр! — Хіснуўся і ўздыбіўся катэр, Сінечай Марознае Сталі гарматныя рулі паўсталі, I падалі з неба, як грушы, Птушыныя вечныя душы!

ФОТАЗДЫМАК

Сцяна расстрэлу. Стаць пад той сцяной I карніка ўявіць сябе насупраць, Цябе насупраць, Нас дваіх насупраць, I не жахнуцца: смерць і ты са мной! ...Той дзень лістком змакрэлым Прыліп да аб'ектыву... Які я быў шчаслівы Каля сцяны расстрэлу!

ДАЖДЖЫНКА

З мільёнаў кропелек Складаюцца дажджы, Дажджынка кожная — асобная планета, Красуюць там нябачныя сады, I птушкі непачутыя спяваюць; Дажджынка кожная Ціхутка нешта шэпча, Калі па валасах тваіх сцякае, Зіхоткая, у чоўнікі далоняў, Твае далоні — поўныя планет; Як перакласці іх шчаслівы шэпт На мову плачаў? Лямантаў? Загадаў?.. Дажджынка ўпала.

ТРУНА

...I ляжала яна, нежывая, Не чужая яму, не чужая. Адышоў, да дзвярэй прываліўся. Не чужы ёй цяпер, ці чужы? Нешта помніў — а болей забыўся. Азірнуўся назад: міражы. Азірнуўся наперад: нікога. Ні тугі не адчуў, ні бяды. Толькі збітая ў камень дарога, На якой пазнікалі сляды. Так стаяў, сам сабою замглёны, I глядзеў за абрысы зямлі, Па якой I ў якую мільёны Невядома і грозна ішлі. Толькі ў час, як выносілі з дому, I калі яго ўбок павяло, Невядомае стала вядомым, А вядомага — як не было.

БЯРОЗА БОЛЮ

Начую на палях вайны. Неверагоднасць лёсу мрою. Хатынь! Мне не даюць спакою Твае званы. Прад пеклам не перахрысціцца. Мне сёння сніцца, Заўтра сніцца, Як прагінаюцца масніцы, Як соль бялее на паліцах У хатах спаленых тваіх... Палі. Паліцы. «Стась! Паліцыя!!!» «Па нас?» «Па ўсіх!!!» Па ўсіх... Па ўсіх... Дабру, даверу — насцеж дзверы! Давер апошні барані, Прыцісні да грудзей аберуч I рук Не разамкні ў агні, Глядзі, як гаснуць вачаняты... Дымы над хатамі! Грамы над хатамі! Лёг сейбіт на свае барозны Счарнелым тварам Дагары... Стаяць над сейбітам бярозы, Шумяць, святлеюць тры бярозы. Маўчыць чацвёртая... Гарыць... Эпоха!.. Анекдот салоненькі Паспела з цукрам перацерці?! Свет задыхаецца сімволікаю Смерці! Вайна, Ты мяса не нажэрлася?!. Па волі д'яблавай Ці боскай Растуць сярод гарматных жэрлаў Бярозкі? Да іх прымераны Сякеры, Але ў прыродзе — Дабру, Даверу насцеж дзверы, Як на ўваходзінах! Хатынь!.. Твае нябёсы выцвілі... Як рэха стрэлу — ветру пошчак. Я не затым прыйшоў, каб выціснуць Слязу На вогнішча. Я ніцма ўпаў на поле мёртвае, На попел поля — Пад залатую, пад чацвёртую Бярозу болю.

РУЖА ВЯТРОЎ

Размова з аўтаінспектарам
Трава ў нізінах скошана марозам. Звініць на ўзлобках Слуцкая шаша. Кідаў дарэмна ў неба я пагрозы, Гайдаў зямлю, З крывёю змешваў слёзы: I кроў, і слёзы — як вада з каша... Нічога не спасціг пыхлівы розум, Апроч таго, што ведала душа, Што помніла — I помніць не хацела... Такой бяды! Вайну душы і цела Пачаў не я — Не я і завяршу... Я толькі свістам губы прыкушу, Праскочыўшы пагорак зледзянелы, Дзе між таполяў, збегшых на шашу, Хіснецца далеч, бы ў акне прыцэла... Шуміць шаша! Шыпяць шыпамі шыны... Мы ў хуткасць урастаем пакрысе, Мы гонім па сустрэчнай паласе, Мы самі — хуткасць, Самі ўжо — машыны!.. Які пастух жалезны нас пасе?.. Равуць маторы! Не спыніцца ў гонцы, Ні зблізку не разгледзець, ні здаля — Хто спрынтэры і хто тут марафонцы... Хутчэй, хутчэй! — хоць паліва на донцы. Сама пад колы Коціцца Зямля. Зямля, зямля, дзіцячых сноў калыска... Спакойна сплю начамі ўсё радзей. Былое — блізка. Будучае — блізка. Ярчэй гараць агні ля абеліскаў. Адна ў людзей надзея: на людзей. Выпадак нас цікуе на дарозе. Націснуць на адлігу маразы, Неспадзявана здрадзяць тармазы — I ты Злачынец... Ці спачнеш у бозе На непатрэбнай хуткай дапамозе. Замглёны шлях злачынцаў і ахвяр... Выпадак — і аслепне дзесь радар, I праз выпадак — атамнае пекла... Ёсць блакіроўка... Ёсць аўтаінспектар, Але і ён выпадку не ўладар. Вось ён спыняе. Дастаю правы I крочу — хістка, як ступіў на кладку... Я з ім ніжэй вады цішэй травы, Плачу рубель даглядчыку парадку, Ды не ідзе ўсё думка з галавы: Што даць, чым адкупіцца ад выпадку? Дзесь карабель... Ля кнопкі трое там... А раптам звар'яцеюць тыя трое, Націснуць кнопку... Не ўявіць такое?.. Слабыя людзі I сляпая зброя, Выпадак — і... — Правы вяртаю вам. — Інспектар, уявіце карабель. — Што? — Карабель. Там каля кнопкі трое... — Ніхто ў вас не пытаецца пра тое! Вазьміце лепш квіток на свой рубель — I раю шкло прачысціць ветравое. Найпершы знак — перасцярогі знак. Вы зразумелі? — Так, інспектар, так. Аднак былі выпадкі? — Там былі. — Інспектар, Скрозь выпадак на рабоце: Матросам ён плыве на караблі, Пілотам ён ляціць на самалёце. Яму і назвы ёсць: «ФАНТОМ». «МІРАЖ». Не называлі зброю так спрадвеку... Інспектар, на планеце зараз аж Тры тоны смерці... Тры На Чалавека. У бомбах — гэта сотні Хірасім I Нагасакі... Што там Хірасіма! — Тут лік ідзе на сотні Еўрасім! Вы чулі, што Еўропу Еўрасімай Назвалі сёння... — Мог назваць вар'ят. — Вар'яты разлічылі варыянт Маленькай бойні... свойскай, ціхай бойні: 500 000 000 чалавечых страт! — Уся Еўропа... — I налічаць болей, Ім не шкада... Але не ў гэтым страх, Не ў процьме процьмаў бомбаў вадародных, А ў тым, што ў спісе страт неверагодных Мы — толькі лічбы, Толькі знакі страт, Што недзе на дысплеях На касцёр Не людзі ахвяруюцца — працэнты... — Хто ж там сядзіць На вылічальных цэнтрах? — Не ведаю... Але былы акцёр У фільмах жахаў — ролю прэзідэнта Цяпер іграе... Вызначае шлях, Якім ісці планеце, А іначай Пакажуць нам кіно, чарцям сабачым!.. Ды фільмы жахаў — выдуманы жах. Сапраўдных Жахаў там ніхто не бачыў. — Во разышоўся... Слухай, ты не лектар? — Я ўсіх на свеце лектараў дырэктар. Інспектар, жах — Амерыка сама... Няма ў іх нашай памяці, інспектар. Усё ў іх ёсць, а памяці няма. Такой, як памяць-гора, памяць-боль, Што гоніць нас — калі касцёр запаляць — Па крупы, па запалкі і па соль... Як спадчына, ад продкаў наша памяць Галечы, перажытай на вяку, Ды попелу жытла і жыта ў полі... — Па што ж ты ў Слуцк?.. Няма ў сталіцы солі? — Ды не, інспектар. Проста ў тым баку Далей цагельні я не быў ніколі. — Аднак пра соль і крупы ты дарма... Калі па крамах бегаюць з мяшкамі, Не памяць гэта — паніка... Між намі, I ў нас пакуль Таго-сяго няма. I спаганяць за гэта трэба строга. — За што? — За ўсё. Пара за ўсё, браток... Трымай рубель свой — і вярні квіток. Падкінь да Селішч, тут непадалёк... — Сядай, інспектар... Коціцца дарога, Звініць на ўзлобках здрадлівы лядок. Чым больш машын — тым небяспечней траса, Тым верагоднасць большая сустрэць Сярод шафёраў экстра-класа Аса, У хованкі з якім гуляе смерць. Ён так ляціць — ажно шаша дыміцца, Ды віск адно, ды свіст на віражах... Хто страх не зведаў — той і не баіцца, А той, хто зведаў — не забудзе страх. Спалох за ім, нібыта воўк палюе, Грызе яго, Нібы сабака косць... — Скажы ты мне, інспектар, ці куплю я У Селішчах хаціну? — Хаты ёсць. I ў нас, і ў Самасеях, і ў Закружжы... Хапае скрозь пакінутых двароў. Нашто табе?.. Рашыў займець кароў? — Разводзіць кветкі... Ёсць такая ружа: Яна завецца ружаю вятроў. — Напрамак ветру? — Так, ягоны вектар. Не тое, каб закон, а ўсё ж закон. I шмат залежыць ад таго, інспектар, Скуль і куды накіраваны ён. — Залежыць што? — А тое... Раптам пекла... — Дык вунь яно куды твой страх бяжыць! — Не пра сябе я думаю, інспектар. Хаця каб дзеці засталіся жыць. — Пра тое ёсць каму паклапаціцца. Не, штосьці ты не даспадобы мне... — Хто страх не зведаў — той і не баіцца. — А дзе яго ты зведаў? — На вайне. На царскай — з дзедам, На Айчыннай — з бацькам. — Ты байкі бай, ды лапці не пляці. — Інспектар, я вучуся не баяцца Звычайна з дзевяці і да пяці. Ты не хвалюйся, хутка пасмялею, Табе яшчэ смялець дапамагу... Ды смерці не баяцца Я не ўмею, Не думаць я пра гэта Не магу, Дарма, што ашчадзіла нас прырода, Хоць вечныя мы ўсе, пакуль жывём... — Пакуль жывём, Што сеем — тое жнём: Сабе ўжыўляюць страху электроды Вар'яты, што размахваюць агнём. Дык хай яны калоцяцца, А нас Не запалохаць — не на тых напалі: Як нек'алі Еўропу ўратавалі — Так і Зямлю ўратуем... — Іншы час, Не той расклад, інспектар... Чалавецтва Сябе Баіцца — і калі яго Мы і ўратуем — толькі для калецтва... — А розум — што? А розум — для чаго?! — А розум ёсць і ў прайдзісветаў розных: Найлепшае, што маем на зямлі, Прыдумана для бойні, для вайны... Стварыць такое дурні не маглі, Разумнікі зрабілі ўсё, яны... Вось і спытайся: для чаго нам розум?.. — Ну, ты мяне не блытай... Прайдзісвет — Хто б ён ні быў — наскрозь не пройдзе свет, Яму хто-небудзь абламае рогі. I ўрэшце існуе закон дарогі: Ці «Жыгулі» ў цябе, ці драндулет — Хутчэй за хуткасць трасы не паедзеш... Да нас не звернеш?.. Можа, хату ўгледзіш? Дапамагу купіць праз сельсавет, Суседзьмі будзем... — Мы і так суседзі. Усе мы, як'ніколі, землякі. — То ў госці да мяне давай заедзем. — У госці можна... Вечныя замкі На кінутых, спусцелых хатах Селішч... — Інспектар, як завуць цябе? — Тарас. Як водзіцца яно, за стоп мы селі. — Шкада, што нельга... — Гэта ў іншы раз. — Заначаваць не хочаш? — Неспадручна. — А я сабе накапаю... Выключна У гонар госця... — Будзь, Тарас, здароў. — ...Халера, пахне ружаю вятроў. Скажы, а ты ўсур'ёз?.. — Пра што? — Пра ружу. — Калі запахла ёю, то ўсур'ёз. — Павесялеў... Надвор'е — на мароз: Глядзі, каб ружа не замерзла, дружа. — Жарт не без жару... — Не гараць, дальбожа, Адны перагарэлыя вуглі. Вар'яты з прайдзісветамі. Нягожа Нам іх баяцца. Быць таго не можа, Каб мы іх, гадаў, Пе перамаглі. — А як з выпадкам? — Рызыка, вядома... Ракетаносцы скрозь... Ракетадромы... На сушы зброя... Зброя пад вадой... Чорт ведае, што з неба можа ўпасці... — I што тады ўратуе? — Толькі шчасце.. Выпадак і ўратуе нас с табой. — Ты дыялектык, дружа мой Тарасе. Бывай Па часе... Коціцца па трасе Жалезнаю ракой імклівы век. Трашчыць лядок. Пазёмка нізам кружыць. Я еду ў Слуцк. Вязу на свята ружы. Там нарадзіўся новы чалавек. Ён сын маіх сяброў. Ён мой сучаснік: Адно ў нас неба. I зямля адна,— Сучаснік мой, Бо ў часе нас, на шчасце, Не раздзяліла Ні адна вайна. Яе віхуры нас не раскідалі... Ён вочы ўзняў на свет у першы раз — Што ўбачыць ён?.. Што будзе з ім, Тарас?.. Між ім і намі — пакалення далеч. Яму — пытацца, нам — трымаць адказ.

МАЛАНКА

Аповесць пра каханне
Прайшла віхура. Грому ляскат Аціх... I ў хату ад акна Ружовы шар з блакітным бляскам Паплыў... «Яна! Няўжо яна?..» Нібыта сэрца пульсавала У тым клубку, у шары тым, Як быццам болем шар сціскала, Як быццам радасць распірала... «Няўжо яна?..» Ён быў пустым, Той шар, Клубок той... Ён свяціўся Наскрозь — і ўсё-ткі ў глыбіні Спрадвечны змрок у ім клубіўся... «Я помню ўсё! На ўсё забыўся — I памяць спалена ў агні, Маланка! Асцярожна, людзі!..» I явай сон той быў ці не — Яна ўвайшла ў мяне праз грудзі I разарвалася ўва мне. ...Быў сон, які Маланкай звалі. Ці гэта яву звалі так?.. Была яна. Быў Ай-Кайлак, Дзе несуцешна білі хвалі У сцены гулкія пячор... Мы выбралі адну — Касцёр Там распалілі, скарб свой склалі — I жыць там пачалі... Мы зналі, Што гэта ўсё — забава, я?арт, Гульня свавольная, блазнота, Што не ўцячы ад адзіноты — I не знайсці яе... На жар Мы клалі мяса, палівалі Віном... Там ліўся вадаспад З пітвом вясёлым, рос там сад, Дзе вольныя звяры гулялі, I птушкі вольныя спявалі, I віўся дзікі вінаград... Там шмат гадоў таму назад — Жыццё назад і смерць назад! — Адно адное мы кахалі. Кахалі мы... О немач слоў! О гукі гэтыя пустыя! Каханне, шчасце, страсць, любоў...— Навала слоў! І ўсе — не тыя, Усе — як сатанінскі грыб, Што мае толькі назву грыба... Нямыя мы. Нямей ад рыб. А можа, мы і праўда рыбы, Якія мацерцы Вадзе Сэнс вечнасці ахвяравалі... Маланка берагам ідзе, Сляды яе цалуюць хвалі, З плячэй яе, з грудзей, з клубоў Святло — тугое, залатое — Сцякае... Шчасце, страсць, любоў! — Любое слова тут не тое, Калі за ёй ляцяць стрыжы, Плывуць, гукаючы, дэльфіны... — Гамер! Што бачыш ты, скажы?.. «Па беразе ідзе жанчына». Паэзія! Твой бог — сляпы! Сляпыя служкі ўсе! Нямыя!.. Стаяць блакітныя слупы Там, дзе Маланка косы мые. Яна пакуль на той мяжы, Дзе ўжо не суша, шчэ не мора... — Гамер, што бачыш ты, скажы? «Мяжу! — гукнулася прастора,— Мяжу, якой не бачыш ты Між выдыхам і рэхам слова...» — Гамер!.. Дэльфіны на хвасты Усталі ў варце ганаровай Каля яе... Нібы ў мальбе, Прыбой аб скалы б'ецца з гулам... Што словы тут!.. Яна іх чула!.. «Іх рэха вернецца к табе». Няхай вяртаецца... Апроч Таго, што маю — мець не трэба: Пячора. Мора. Скалы. Неба. З Маланкай — дзень, маланкай — ноч. ...Яна любіла ноч — і ўночы Любіла плаваць... З тых часоў Міраж я бачу: Цень жаночы Страсае зоры з валасоў, I падаюць пад ногі зоры... А цень — навослеп, па сцяне — У кропельках абдымкаўмора Ідзе ў абдымкі да мяне... О гэты самы першы дотык!.. Калі не помніш слова «досыць», Калі зусім не помніш слоў!.. Маланка! Срэбраная рыба! Калі любоў — яна любоў! Пагібель — дык яна пагібель! ...Хто мы такія? Скуль мы? Дзе Шукаць разгадку таямніцы?.. Куды нас грозны лёс вядзе?.. Бяжыць Маланка па вадзе — У нетрах мора Мрок клубіцца. Я сплю. Звяры і птушкі спяць. Дэльфіны спяць... Без дай прычыны Бяжыць — праз ноч, Праз лёс — жанчына, І зоры з валасоў ляцяць. — ...Чаму цябе завуць Маланкай? — Чаму Маланкай?.. Я паганка. — Паганка. — Так. — З якой пары? — А з той, калі адны звяры Жылі на свеце... Я тады была маланкаю сапраўднай, Дачкою Грому і Вады... Ты мне не верыш? Гэта праўда. — Я веру: праўда. Гавары. — Ты ведаеш паганцаў веру? — Ну так... Перасяленне душ... — Не толькі гэта... Я з намерам Размову пачала... Мой муж, Ну, будучы... — Магу азвацца... — Чакай! Са мной павінен ён У навальніцу абвянчацца... — Чаму? Нашто? — Каб зняць праклён. — З каго? — З усіх. Я варажбітка, Паганка... Сцежкі нас звялі, Каб мы ўдваіх праклён знялі З усіх, з усіх, хто на зямлі Жыве і памірае Брыдка. — Хто ж іх пракляў? — Пярун. Мой бацька. — За што? — Каб хто з іх ведаць мог!- — Дык Саваоф, біблейскі бог, Пракляў таксама... — Гэта цацкі! Што Саваоф! Дзядок увішны: Зрабіў — і ўжо пракляў тады... А тут: дзе знакі? дзе сляды? Няведама адкуль мы выйшлі, Ідзём няведама куды. Спакусы грэх — аброк ярэмны. Не спакушайся да вянца... А тут: праклятыя — і цемра. I ні пачатку, ні канца. — Дзе ж паратунак?.. Білі хвалі У Зямлю — Галгофу ўсіх галгоф... — Адам і Ева н е к а х а л і... , Таму пракляў іх Саваоф. Ты разумеені?.. Грэх — прычына... I зноў мы ўсюды і нідзе!.. I зноўку срэбная жанчына Бяжыць па месячнай вадзе. ...— I ўсё ж: Было спачатку слова, Пасля: святло, вада, зямля... — I сад пасля, I ў ім змяя, Прыдумаў нехта адмыслова Легенду гэту... Можа, свет Ствараў паэт?.. Сляпы паэт. — Чаму сляпы? Чаму, Маланка?.. — Я так, не слухай... Я паганка, Дачка Вады і Перуна, I я не веру ў казку гэту, Але — ці богам ці паэтам — Нашто стваралася мана, Нянавісць, хіжасць, зайздрасць, здрада?.. I што пам байкі з райскім садам, Калі мы цягнем з веку ў век Вось гэту нечысць, пошасць свету?.. — Тады спытайся ты ў паэта, Нашто ствараўся чалавек? — Я ведаю. Нашто пытацца... — Скажы. — Каб нехта мог смяяцца I плакаць мог, Каб на ілбе Ён нёс пазнання геній горды... Для нас стварыла нас прырода, Каб цераз нас Спазнаць сябе. — I ўсё ж... Далоні! Плечы! Губы! — Пасля: зямля, вада, святло... — Перш, чым нічога не было, Што ж называлі словы, любы?.. I што ў іх абалонках ёсць З таго, што ё сц ь,— скажы на ліха?.. Вось словы: «СОН». «Пячора». «Госць». А хто ён, госць?.. I нехта ціха Гукнуўся: — Я... – Касцёр патух, Маланку я ў суцемках страціў.  Я гаспадар пячоры. Дух. Нязваны госць на вашым свяце. — Ты бачыш нас?!. — Нашто мне зрок? Я — дух пячор. Сусветны змрок. Я цемрадзь — вечнасці статут... I ўсё ж, як ты святло лучыны, Святло маланак бачу: Тут Маланка ў вобразе жанчыны. Я дапытаюся ў яе Пра ўсё, што ты не дапытаўся... I голас голасу азваўся: — Чакай! Пакуль што не стае Адной умовы: ён не кляўся. Маланкі голас!.. Скуль?.. З нябёс? З адвечнасці?.. У цемру ўрос Я слыхам, зрокам і дыханнем: — Каму я клятву не прынёс?!. — Таму, што ты завеш каханнем. — Апамятайся! Хто ж кідаў Да ног тваіх за клятвай клятву, Калі не я?.. — Вось шоўк і дратва У двух клубках. Іх лёс спрадаў. Клубок шаўковы быў гарачы, А драцвяны — што ледзяны. — Але навошта мне яны? — Што-небудзь бачыш ты? — Не бачу. — Тады адзін з клубкоў — на ўдачу — Кідай у морак — і клубок, Калі ўгадаеш, спаліць змрок. — А не ўгадаю?.. — З цемрай вобдым Ты ў нрорву паляціш без дна, Бо клятвы ўсе твае — мана! I я шпурнуў клубкі абодва! I засвяцілася яна. — Маланка!.. — Тайна шаравая... Праменіцца, усім відна, А хто яна ці што яна — Ніхто не ведае, не знае. Так і каханне... апякае, Катуе, хмеліць, як віно, А хто яно ці што яно — Ніхто не ведае, не знае. I толькі я — адна на ўсёй, На ўсёй зямлі,— хай пакарае Мяне за гэта лёс, — я знаю: Яно — маланка шаравая. Кляніся мне. Кляніся ёй. — Клянуся! ...I адкрыўся зорны Сусвет над намі: вечны змрок Круціў зярняты зор, бы ў жорнах... — Чакайце...— дух шапнуў пячорны.— Тут ёсць яшчэ адзін клубок. ...— Ты спіш?.. Як хораша на ранку! — Я бачыў страшны сон, Маланка: Я кінуў разам два клубкі! — Ой-ёй, жахлівы сон які! — Не смейся... Значыць, ты паганка З душой агню, жывеш вякі, I ты павінна ў навальніцу Вянчацца?.. — Так, каб зняць праклён: Я — варажбітка, чараўніца... — Які ўсё ж дзіўны быў той сон!.. — I мне быў сон!.. Ды на Купалу, Не сёння... Быццам я скакала Цераз агонь, а той агонь Нібыта не агонь, а конь — Падняў мяне, узвіў... Прапала! — Паспела я падумаць... Нёс Мяне той конь сярод нябёс, Між бліскавіц, грамоў, аблокаў, Між зорак, сонцаў і планет, I там, дзе скончыўся сусвет, Спыніўся на мяжы са змрокам, Адкуль — з Нічога, з Небыцця! — Пачуўся голас, як з-пад века: — Кім хоча быць маё дзіця — Маланкаю ці чалавекам? — Кім быць хачу?.. А хто я ёсць? Нашто мне — Роспач, Радасць, Злосць?.. Куды і скуль мой шлях?.. Каб ведаць! — Вось шлях табе,— азваўся змрок.— Вось след табе. Ідзі па следу, Не саступай ні кроку ўбок... I ўпаў Пад ногі мне Клубок. — Клубок?! — Клубок агню: сціскала Яго, як болем, пульсавала У ім жывая кроў жыцця, I я — на голас Небыцця — За ім ступіла — і прапала. — Прапала? Як?.. — А так: не стала Мяне нідзе. Ні ў чым. Ні ў кім. Я стала небыццём самім, Але і ў небыцці — і ў ім Я не была. Не існавала. — Не разумею. — Зразумець Такое нельга. Гата — смерць. — Смерць бліскавіцьі? — Смерць людзей. — Выходзіць, і душа сканае?.. На што ж надзею мець? — З надзей Адна надзея ёсць... — Якая? — Любоў, маланка шаравая, Любоў: ад нашага ярма — Ад страху перад апраметнай Збавенне... Сэнс жыцця і мэта, I шлях, і след яго... Праз гэта Яна — маланка; I сама Маланкай стала я праз гэта, Там, за мяжой быцця Сусвету, Дзе пават небыцця няма. I нас праз гэта павянчаць Павінен лёс у навальніцу, Каб нам прад небам клятву даць: А паклянёмся мы кахаць Так, як кахаюць бліскавіцы! Кахаць адну і аднаго... I бацьку мы гукнём майго: Хай неба Грозна скаланецца, I зрушыцца зямля — і з трун Падыме ўсіх, каго Пярун Пракляў, Каму спаліў ён сэрцы Маланкамі, а тайну тых Схаваў у таямніцы смерці, У спратах, вечных для жывых. Так! — за мільёнамі мільён — Устануць дзеці ўсіх плямён, Усе, хто гэты час здавён Чакаў, як час выратавання!.. I сцішыць грознае дыханне Пярун... Ён здыме свой праклён! I для людзей адкрые ён Маланак тайну — дар кахання. ...Ты мне адкрыла гэты дар, Маланка! — кара перунова, Што ў вочы мне глядзіць сурова, Маўчыць-пытае: ці гатовы?.. Ты мне адкрыла гэты дар — Святы, святочны, каляровы: Табе я кіну шар ружовы — Мне вернецца Блакітны шар. ...Прырода — гулыіі бліскавіц. Прыроду ўмеем — да драбніц — Мы падрабіць... З пустой бляшанкі, Нібы сапраўдны гром грыміць. I можна падрабіць маланкі. Каханне можна падрабіць. З сапраўдным — страшна: найчасцей Сапраўднае маланкай слепіць!.. Калі насмерць заб'ецца лебедзь, Яно — сапраўднае — з касцей!.. З крыві!.. З падробным жыць прасцей. I паміраць куды як лепей. Ні вір не ўцягне з ім, Ні топка... Не падрабляйцеся! Таропка, За ноччу ноч і дзень за днём Вы падрабляеце падробку, Падробленую Перуном I кінутую на Зямлю У міг праклёну, гневу, кары... Зноў бліскавіца! З грому! З хмары! Агнём! Віхураю! Пажарам!.. Яе лаўлю. Яе люблю. ...Як мы кахалі! Гэты дар! Маланак жар нясцерпны гэты!.. Міналі дні... Наш каляндар Танчэў, няўмольна рухаў лета На схіл, на сход... Забранзавела, Звінела скура нашых цел — I не было спатолі целу... А непазбежнае ў прыцэл — Ды не! — ва ўпор ужо глядзела. ...Яна любіла ноч — і ўночы Любіла плаваць. З тых часоў Я прывід бачу: цень жаночы Страсае зоры з валасоў, Вымае з косаў срэбны месяц... Быў дзень дзевяты. Жнівень месяц. У гэты дзень — жыццё назад — Я нарадзіўся... З той нагоды Абкалацілі мы наш сад I вычарпалі вадаспад,— Сказаць дакладней: вінаспад, Бо ў ім бруіліся не.воды, А ў свеце лепшае віно!.. Ці зараз там бруіць яно — Не ведаю. Не быў даўно. Мы на вячэру запрасілі Свабодных птушак, рыб, звяроў, Усіх, каму было па сіле З сябрамі выпіць за сяброў... I выпілі яны, I дроў Нам наламалі — будзь здароў! Мы весяліліся... Ды штосьці У самых нетрах весялосці — Віна ў тым не было віны — Пад ноч зламалася, I госці — Такім гасцям няма цаны — Таропка сталі разбягацца Ды разлятацца, расплывацца... I засталіся мы адны. ...У той пячоры на сцяне Малюнак быў: Адам і Ева, Спакусы змей, пазнання дрэва... — Кахалі ўсё ж яны ці не? — Не ўведаць нам... Патоп. Залева. Маланка ўстала: — А яны? Што ён спазнаў?.. Яна спазнала?.. I раптам яблык — са сцяны! — Як з яблыні жывой, сарвала. I надкусіла. Пырснуў сок. I змей у змрок слізнуў з малюнка. — Маланка! — Што, мой галубок?.. Застаўся ты без падарунка — Лаві!.. I кінула Клубок. Той самы — сніцца ці не сніцца? Шаўковы! — сон ці ўжо не сон?.. — Мой падарунак — бліскавіца! — Чаму ж не свеціцца? — Свяціцца Не можа выкляты... Мільён Гадоў яшчэ да навальніцы, Калі Пярун дачцэ скарыцца I здыме страшны свой праклён. — Чаму мільён? — Лавіць не трэба Мяне на слове... Хай у час Калі мы ўстанем перад небам I неба павянчае нас — Яна засвеціцца... — Няўжо ты У тое верыш сапраўды?!. — Знайшла я ліст у садзе жоўты, Апалы першы ліст... Гады, Вякі мільгаюць, як імгненні, А вечнасць — гэты ліст асенні, Дрыготкі халадок вады, А вечнасць — гэты ліст апалы... На ім табе я напісала Пра нас, Пра ўсё, што не сказала... Ды не чытай! Пасля, Пасля... I нам паветра не хапала, I ў бездань падала зямля. ...О шал кахання, пал крамяны, О шэпт яго, замураваны У схоўных словах ТЫ і Я. «Абраны мой... Зачараваны...» «Адзіная...» «Ты мой, каханы?..» «Я твой, каханая мая». «Калі самкнуцца ў круг падману Твае сябры, Радня, Сям'я,— Каму паверыш, мой кахапы?..» «Табе, каханая мая». «Калі ад кулі нечаканай Хіснешся ты на схіле дня, Каго ты ўспомніш, мой каханы?..» «Цябе, каханая мая, Няхай зямля ў магіле ўлежыць — З труны, З магілы ўстану я На покліч твой...» «Табе належыць Жыццё маё. I смерць мая». — I смерць? — На слове ловіш зноў... Ты глянь: пакуты, крыўда, кроў, I на скрыжалях новай эры Старая пазалота слоў — Надзеі, любасці і веры. I цягне чалавек свой крыж, I сам на ім раскрыжаваны Спрадвечным выбарам Паміж Маной і праўдай... — Пакараны?.. — Так, пакараны чалавек. — У чым усё ж ён вінаваты, За што пакуты, крыўды, здзек?.. — Пракляты род людскі... — Пракляты... Чаму ж тады жыццё зямное Мне даражэй — з яго маною — За праўду вечнасці самой?.. — Таму што ты абраны мною. Адзіны мой. Каханы мой... I ў сховы таямніц, у сховы Зямлі, што свой клубок шаўковы Спрадае за вітком віток, Ляцеў я скрозь агонь на змрок, На цёмныя, гпухія словы: «Тут ёсць яшчэ адзін клубок». I госць паганы, Дух пячорны Клубок падкінуў з дратвы чорнай: — Ён з вечнай скручаны віны — Мой падарунак драцвяны, Які збярог я вам на свята... — Пакінь сабе яго! — Знарок Табе вяртаю твой клубок Падману. Ганьбы. Помсты. Здрады. Прыйшоў ты з цемрай — пойдзеш з ёю. I ўстаў на хвост клубок змяёю! Ёсць Танец Змей... Пацёк той танец Між пальцаў левае рукі... «Ты кінуў разам два клубкі,— Змяя шаптала...— Ашуканец... За гэта плацяць галавою. Ты станеш змрокам. Змрок — табою. Забудзь Маланку... Зараз я — Твая мана — твая каханка, Мой пацалунак — іскра, ранка — I ўсё...» Спружыніла змяя — I ўдарыла ў яе маланка! I ўпалі вобдым! I ў клубок Адзін, счапіўшыся, скруцілі Жыццё і смерць, Агонь і змрок, Скруцілі ўсё — і атруцілі, Змяшалі з цемрай, Замуцілі Дабра выток I зла выток... ...Я падхапіўся. Заліло Святло пустое ўсю пячору, Біў гром, На сушы і на моры Стагнала ўсё, гуло, раўло!.. Нідзе Маланкі не было. — Маланка! — крыкнуў я... Маланкі Цапамі білі па таку,— I раптам торгнула руку, Агнём скруціла пальцы... «Ранка!» Я высмактаў атруту сну, Акрайкам ночы губы выцер... «Вярніце мне яе! Вярніце! Яе адну! Яе адну!» Я з гэтым крыкам са скалы У мора рынуўся... Валы За мной сышліся з цёмным гулам, I голас мой — слабы, малы — Навек прадонне праглынула. «Адна яна ў мяне, адна!..» Ні следу не было, ні знаку!.. Я дакараскаўся да дна, Да апраметнай Ай-Кайлаку — I выплыў ледзь... Ужо не плакаў I не крычаў... На злы пясок Паклаў зубамі, як сабака, Яе сукенкі паясок. ...Праз дзень пра ліст успомніў. Не, Нічога там... Пакуль насіла Мяне віхура — мора змыла Ўсё Да слоў: «...вялікай сіла — У самай дробязнай мане. Ніхто з нас кары не міне... Але каб гром у час вянчання Нас не спаліў — Будзь роўны мне Сваім жыццём, сваім каханнем Будзь роўны мне...» I абарвала Яна радок. I ліст апалы Сказаў не многа і не мала, Але нічога, акрамя Таго, што цалавалі хвалі Сляды яе... Пасля забралі... I ў сховах вечнасці схавалі Яе паганскае імя. ...Выпадак быў яшчэ, казалі. Ён і яна жылі, кахалі, Кляліся ў вернасці... Калі ж — Ад клятвы ледзь астылі губы — З другою ён пайшоў да шлюбу,— Ударыла Маланка ў крыж. А ў небе чыстым хоць бы хмарка... Мана, дальбог... На тым спыню Аповесць, што пісаў маланкай На скрутках змроку і агню.

Оглавление

  • Уладзімір Някляеў ЗНАК АХОВЫ
  • ЯК ЛІСТ ПЕРАД ТРАВОЙ
  •   ДАВЕДКА АБ НАРАДЖЭННІ
  •   ДАМБАЙ
  • ЗАКОН БЛУКАННЯ
  •   МАЙСТРЫ ВЯСНЫ
  •   * * *
  •   ПАЛЯВАННЕ
  •   СЕМЯ
  •   ПАКІНУТЫ ВЕРАГ
  •   ТУРАЎ
  •   СУСТРЭЧА
  •   АРМЕНІЯ
  •   АКЫН
  •   СЛОВЫ ЗАМОВЫ
  •   ЧЭЦІ
  •   РУБЕЖ
  •   АПОШНІ ВЕРШ
  •   ЛЯЎКІ
  •   * * *
  •   АБ'ЯВА АБ НАЙМЕ КВАТЭРЫ
  •   ТАЛІН
  •   * * *
  •   ЛЕСНІЧОЎКА
  •   * * *
  •   * * *
  •   * * *
  •   * * *
  •   * * *
  •   * * *
  •   * * *
  •   КУЛІНА
  •   * * *
  •   * * *
  •   ХАРЭІ
  •   * * *
  •   * * *
  •   * * *
  •   У САДЗЕ НАД РАКОЙ
  • КВАДРЫ МАРСА
  •   ГАРМАНІСТ
  •   НА КАТЭРЫ «ГРОЗНЫ»
  •   ФОТАЗДЫМАК
  •   ДАЖДЖЫНКА
  •   ТРУНА
  •   БЯРОЗА БОЛЮ
  •   РУЖА ВЯТРОЎ
  •   МАЛАНКА Fueled by Johannes Gensfleisch zur Laden zum Gutenberg

    Комментарии к книге «Знак аховы», Владимир Прокофьевич Некляев

    Всего 0 комментариев

    Комментариев к этой книге пока нет, будьте первым!

    РЕКОМЕНДУЕМ К ПРОЧТЕНИЮ

    Популярные и начинающие авторы, крупнейшие и нишевые издательства