«Прыручэнне вясны»

558

Описание

Паэтэса ярка і ўсхвалявана піша пра людзей, багатых душэўным святлом, пра іх натхнёную працу.



Настроики
A

Фон текста:

  • Текст
  • Текст
  • Текст
  • Текст
  • Аа

    Roboto

  • Аа

    Garamond

  • Аа

    Fira Sans

  • Аа

    Times

Прыручэнне вясны (fb2) - Прыручэнне вясны 298K скачать: (fb2) - (epub) - (mobi) - Нина Иосифовна Матяш

Мацяш Н. Прыручэнне вясны

Падрыхтаванае на падставе:  Мацяш Н. Прыручэнне вясны: Вершы.—Мн., Маст. літ., 1979.— 80 с., іл.

Рэдактар Хв. М. Чэрня

Мастак М. М. Селяшчук

Copyright © 2013 by Kamunikat.org

Сёстрам

Ані і Марыі

І ТОЛЬКІ ШЛЯХ…

ТРЫ ДУДКІ Ах, чароўныя дудачкі з матчынай казкі!.. Падзьмеш у адну — і высахнуць слёзы; У другую падзьмеш — засмяешся знячэўку; Возьмеш трэцюю — пусцішся ў скокі... Ах, чароўныя дудачкі з матчынай казкі! Паўжыцця давялося схадзіць, Каб здабыць вас, І цяжка даць веры яшчэ, Што ў руках у мяне вы. Але ў першую дудку таямнічага слова падзьму — Высыхае слязіна; Паднясу другую да вуснаў — і ўсміхацца гатова; А на трэцяй зайграю — смех паклоніцца нізка слязе За спатканае шчасце. 1975 * * * Шчэ не журуся я па харастве, Якое параскрадваюць маршчыны. Смуткую: без мяне мае сцяжыны Марнеюць па пяску і па траве. Па мураве, па камені, вадзе Мной не адкрыты свет мяне гукае, І з немагчымасцю ўсё не звыкаю, Пакуль мне Парка ніць сваю прадзе. Пакуль яе не абарве няўзнак, Мне столькі трэба зведаць і пабачыць Людзей у працы, весялосці, плачы, Каб зразумець, што так, а што не так, Што не па-людску складваю ў жыцці. Падчас і па чужых краях журуся, А хопіць і куточка Беларусі, Каб цэлы век свой да яе ісці. 1977 БАЛАДА РУХУ Біты шлях пад нагамі ці ні следу няма? То імгла, то прызыўна далягляд замаячыць, Быццам змрок расхінае святлістая доля сама Рукою гарачай. Пагражальна правіслі над зямлёй правады — Чалавека хітае ад смяртэльнай напругі Шчасцятворнай, пакутнай, самаахвярнай хады За другі. Быць не можа ў братэрства нічыйных палос, Між людзей быць не можа старонняга болю! Даўжынёй у стагоддзі дарога; толькі днець пачало Над доляй. 1975 АРЭХІ

У вянок Любе

Знаёма-новы, Ледзь абжыты дом. Мне абжываць яго. І ты Заходзіш. Не прывідам — Жывая. Пытаешся, ці я ўзяла вазон — Без кветкі ў хаце, Як без гаспадыні... З патайным хваляваннем Я дзялюся Арэхамі з табой. Ты ўсміхаешся, бярэш... А неўзабаве, Цябе схаваўшы похапкам за дзверы, Аўтобус, Перапоўнены людзьмі, У пільную дарогу вырушае. Праз шыбу шызую Твая відаць мне постаць. Ды ты ўжо не звяртаеш Увагі на мяне. Сачу шчымліва, Як прападае ў далечы Аўтобус... Вяртаюся ў той звычна-новы дом, У ледзь абжыты: З краю на стале — ТАБОЙ ПАКІНУТЫЯ МНЕ АРЭХІ... 1976 * * * Надзея, патрабуй жыцця! Хай здані логікі і явы Шабасяць — Ты на іх управа, Адной табой хварэе права Паверыць у вясны працяг, У сэнс бязлітасны быцця, — Надзея, патрабуй жыцця! 1976 * * * Што ведаем Пра бліжніх нашых мы? Адзін другому пазычаем грошы, Соль і запалкі, І на святы ходзім У госці, П’ем віно, Спяваем песні — Як водзіцца між добрымі суседзьмі. Мы помнім іх памер пантофлі, Мы ведаем любімы колер іх. ...Якая пыха — Ганарыцца, быццам Мы разумеем іх, Бо — знаем іх!.. Не ўсведамляючы, Што ўмеем спасцігаць Мы толькі абалонкі бліжніх нашых... Ты поруч, Я павінна быць шчаслівай. А я ў адчаі: Ты такі далёкі!.. Між намі роўна трыдзевяць зямель, Трыдзевяць гор і трыдзевяць лясоў, — Як захаваць суадпаведнасць Пытанням нашым і адказам? Павінна быць шчаслівай я: Ты поруч... 1976 * * * ...Трапечаш між людзьмі — Ліст у лістве густой. Расіначку садзьмі — І ліст ужо не той. І ўжо інакшы свет, Інакшы ў часу твар. Пакуль ты у лістве, І ты — яна, ліства. У слотнае радні І ўлік свой, і правы. ...Чуць, як лістком адным Балюча куст жывы... 1976 ЛЯСНЫ МУРАШ З чарнічніку галінкі ўпаў На стол кухонны, Імкліва бегчы рынуўся — Куды?! Разгублена замёр на міг на месцы, Памкнуўся ў бок адзін, Пасля ў другі І завадзіў вусамі ашалела: Што гэта сталася? Куды прапаў Густы, разнамаіты дух лясны, Дзе з мноства пахаў Найрадней і ўтульней Жывіцы пах, Пах мурашовых сцежак — Каб родны дом свой не згубіць, Вярнуцца Каб да заходу сонца да сваіх? — Такой пустое, Прэснае дарогі Мураш не помніў на сваім вяку... Вялікі, рыжы і Бездапаможны, Ён мітусіўся на стале кухонным, Пакуль навобзем з канта не сарваўся, І знік У цёмнай шчыліне ў падлозе. А сонца ўжо на захадзе было, І дзесьці ў мурашовай пірамідзе Завершвалі свой дзень гаспадары; Спяшайцеся ў пару сваю дадому! Хто вас, На ноч Ці назаўжды спазнелых, Палічыць і прыпомніць сярод тысяч Такіх Банальна рыжых Мурашоў?! ...Сярод цямноты Летняе начы Прынесены з чарніцамі мураш Са шчыліны ў падлозе сумна выпаўз І запытаў, І ўсё мяне дапытваў; — Ты не мураш? Ты чалавек? Ты мудры? Ты ўмееш і лічыць, І помніць здольны, Бо страт было ў цябе — Не мурашовых?.. Чаму ж дагэтуль ты не навучыўся І што ж цябе тады ўжо і навучыць Такім, як сам — Кажнюткім! — Даражыць, Скажы?.. І цяжка варушыў вусамі... 1976 * * * Здаецца ж, і лес наш не цёмны, І час не глухі наш, не позні, — Канае самотнае рэха: Гукаем, Ці чуем адказ? Блукаем. І зноў спадзяемся. Ігліцаю коле туга, Каб нам у ваколле ўзірацца Напружаней і пільней. Часцей пераходзяць дарогу І зорка, і рыбіна, й звер, Каб мы адшукалі нарэшце Сябе — Чалавека. 1976 * * * Адна... Яна яшчэ здалёк відна: На выгарбку, вятрам усім адкрытым, Стаіць сухая, чорная сасна, Як даўкі сімвал тлену і нябыту. Ні дрэўца, ані кусціка — Вакол Крыжы ды цёмны камень надмагілля. Ды сухастоіна, нібы дракон З вычварна пакручастым мёртвым крыллем... Так давялося на вяку сасне Быць сведкай толькі гора ды няшчасця, Што сіл няма ўжо ні зазелянець Хоць голькаю адной, Ні ўпасці. 1977 СКАРГА ДЗІКАЙ ЯБЛЫНІ Я ў сад хачу! У той прасторны сад, Дзе вішанна, і яблычна, і грушна, — Мне тут, на ўзмежку вольным гэтым, Душна. Мне млосна ад прасторы навакол, Між быльнягу учэпістага стыну: Там, Блізкай дзе няма душы, — Пустыня. Я ў сад хачу! Я клопату хачу! Бязглузда ж усыпаць пладамі вецце, Каб іх стаптаў, Каб змарнаваў іх Вецер. Я ў сад хачу! 1977 ЗАБЫЦЬ СЯБЕ Забыць сябе... ...Паглянь, як спадарожнік — Малюсенькая зорачка рухомая Між плоймы ўяўна нерухомых зор, — Як пругка, Як упэўнена ён торыць Свой мэтаносны шлях! Адолена зямное прыцяжэнне! ...Забыць сябе. Забыць недасканаласць Уласную, І тленнасць, і мінанне, — Забыць сябе! Пераадолець! Вырвацца! Як спадарожнік На высозную арбіту, Каб зоры — поруч, Вечнасць — твар у твар! ...Зямное, Як ты ўелася ў зямнога І як таленавіта Умееш ты прыкідвацца Нябесным!.. Адолена? Кім? Дзе? Калі? Не мной. Пакуль не мной. Яшчэ не мной... Забыць сябе!.. 1976 * * * — Дзе завязваюцца ветры, Тыя, Што прыносяць буру У чалавечую душу? — У пустынях адзіноты. 1976 * * * Ненавіджу святочныя дні, І таму Свята жадаю ўсім, хто мне дораг: Паэту, Чый затоены смутак Збірае пяшчотна людзей Пад сузор'ямі вершаў, Каб адчулі яны адзінства сваё І збавіліся адзіноты; Суседу — Маўкліваму столяру — Які ўсё жыццё Ювелірна Камень халодны новых кватэр Устаўляе ў аправу цёплую З бярозы, сасны і яліны, Каб помнілі навасёлы Пра сувязь карэння і кроны; Сябру маленства майго — Трактарысту — Рудому ад сонца і ветру, Быццам камяк палескай зямлі, Добраахвотна падданаму і ўладару Бяссоннай турботы — Сеяць; І яшчэ, І яшчэ, І яшчэ, — Іх многа, хто мне дарагі І хто ведае гэта, І таму пералік не патрэбен, — Жадаю сапраўднага свята: Каб любою парою года Чырвоная лічба У душы распускалася ўзнёсла Дрэўцам маёвым, І зялёнаю моваю ўся істота Узрушана сцвердзіла: Падзяляю Агульную радасць быцця! 1977 * * * Дзе твае межы, дабрата? (3 крывёю повязі ірвуцца...) Своечасова б забрытаць, Каб злом табе не абярнуцца... Каб шчодрасць годная твая Не стала дробязнай апекай, З якою робіцца ўтрая І пуста й душна чалавеку. Ён паспрабуе ўсё прыняць, Даць усяму сваё найменне, Ды не даруе, дабрыня, Спагадлівага прыніжэння. 1977 * * * ...I прыпасе нялёткае імгненне: Зноў змрочна, глуха. А ты не маеш права на сумненне, На стому духу. Не маеш права ты ў нявер'і горкім Шукаць прычалу, — Не прабачаюць здраду нашы зоркі, Не прабачаюць. 1977 * * * Цуд не бывае нечаканы, Не спраўдзіцца яму раптоўна: Жаданы пасля ночы ранак, З карэньчыка ідуць бутоны. Зялёнай клеткай хларафілу Завяжацца першапрычына, — Хай выстарчыць бунтоўнай сілы Зрабіць рэальнасцю магчымасць!.. А хто не меў тут дачынення, Слязы ні ўсмешкі не патраціў, Той цудам назаве здзяйсненне... Была ж, як выклік, праца. Праца! 1977 * * * Ловяць далягляд гады імклівыя, — Таямнічы, непазбежны дар... Чалавек адно датуль шчаслівы, Покуль сам умее шчасце даць. І адвеку будні нашы ўпарта Цвердзяць, новы беручы рубеж: Дай нам, лёс, таго, чаго мы вартыя, Каб не здрадзіць нам самім сабе. 1977 * * * Хто вас прымаў калі, парады: «Будзь асцярожней, тут асцюк»? Удзячна колкаму жыццю, Што выхварэла гэту праўду: Там сэрцу засень адшукаць, Дзе сонца смаліць без патолі. ...I каласуе маё поле Пад горным знакам васілька. 1977 * * * Дэкаратыўная свяча На століку; а на марозе — Напята-белая бяроза... Адкрэсліць! Занава пачаць! Што адцвіло — таму сатлець, І ўжо няма другога выйсця, Як толькі — пераможна смець Шукаць лістотай новай высяў. І не баяцца перамен У лёсе, гэтак, бы ў прыродзе! Як выдых: Хай былое — тлен, І як удых: Няхай зародзіць! 1977

МЁДУ СЛЯЗІНАЧКА СВЕЦІЦЦА…

РУКІ МАЦІ Як соладка спіцца У роднай хаце, Калі пасцель табе Слала маці. Як хораша ранкам Прачынацца, Калі да сняданка Будзіць маці. Як рупна сонца З паўдня прыпякае, Нада мной узнятае Матчынымі рукамі. Ператомлена ўздрыгваюць Рукі маці: Як кара, шчасце Неба трымаць ім! На крокі твае, Як на песню, Галаву ўзнімаю. Пакуль іх чую, Мне жыць не страшна, Мама. 1977 ДЗЕВЯТАЕ МАЯ Доўга цень на долю падаў, Я свой ясны дзень шукала, — А яго закалыхала Ноч на белым голлі саду. Ледзь шчакой крануся вецця — Абсыпаюць цветам промні. Як цябе, глыбока помню: Мірам гэта ўсё завецца... 1977 ГАТЭЛЬ «МІНСК», 374 Тры дні і ночы праляцелі, як тры пчолкі, Як рупныя тры пчолкі, Што з венчыка да венчыка, З травінкі да сярожынкі, Ад коціка ракітнага Да сонцасходнага падбелу, Ад звішнявелай, прахалоднае кісліцы (Салодкай, як кляновік) Да полымя ліловага пралескі — Тры пчолкі шчыравалі — Тры дні і ночы — І неслі ў цёмны вулей майго сэрца Пылок — Сухі, гаркавы, залачавы — Нектар Маіх нябёсаў і зямлі: Прыхільнасць і любоў сябрыны. Мёду слязіначка свеціцца: Тры дні і ночы праляцелі, як тры пчолкі... 1977 * * * Вечар задуменна Сеў каля дзвярэй. Аказаўся вечар Раніцы мудрэй. Згінула няпэўнасць, Знаю, што чакаць. Ад слязы бяссільнай Высахла шчака. Хай вам светла будзе, Усім, каго люблю! Промнем вечаровым Смутак спапялю. Свет такі адзіны, Дык чаго ж яшчэ? Чарадою птушкам Весці лёт лягчэй. Шляху немінуча Сонцам набракаць. Прагай скрыжавання — Да рукі рука. І не размінуцца... Травы ці ў расе? Задуменна вечар Пад дзвярыма сеў. 1975 НАДЗЕІ, ЯКУЮ ПРЫВЯЛІ ЗА РУКАЎ Ты ўсё перамінаешся ў парозе? Шкада, не ўласнай воляю прыйшла... Ну што ж! Праходзь. З тваіх сясцёр цвіла Тут не адна, ды час іх памарозіў... Ах, тыя, хто прывёў цябе сюды, — На свеце найдарожшыя мне людзі. Хай кожны крок іх крокам шчасця будзе Праз доўгія, пагодныя гады! Прысядзь на хвілю. Я не затрымаю. Даруй, затрымваць — проста не хачу. За ўсё на свеце тут жыццём плачу. (Нібыта ў тым бальзакаўскім рамане, Шматок шчыгрыну менее ўваччу...) Ты мне — чужая, хоць цябе сюды Паслалі найдарожшыя мне людзі — Хай кожны крок іх крокам шчасця будзе Праз доўгія, пагодныя гады! Твая вясёлкавасць не ўскалыхне. Таму, хто яваю не ашуканы, Навошта мыліцы самападману? Пакінь мяне. 1975 * * * Забойства Адбылося. Што магло Прадухіліць яго, Калі Бяссільны сам апоўдзень аказаўся, А людзі Так былі сабой заняты, Што нават не заўважылі Няшчасця: Відушчасць — Дар бязлітасны да тых, Хто ім валодае; Таму і рэдкі... І лёталі разгублена стрыжы Над скамянелай постаццю Жанчыны, Замерлай Над надзеяю сваёй, Заўжды такою кволай І жывучай, Цяпер Імгненна гэтак Бездыханнай; Хапіла Аднаго аблічча той, Каго калісь кахаў Яе каханы, — Падчас Знішчальней смерці Хараство... А той, Хто для загубленай надзеі Ужо адным ёй існаваннем быў Уладаром вады Жывой і мёртвай, Не ведаў, Што Забойства Адбылося... 1976 ЗНІЧКА Дыпціх 1 Адны вучоныя сцвярджаюць: Не ў дваццаць першае стагоддзе, А ў пацяпленне на планеце Няўхільна чалавецтва йдзе. А беззаганныя машыны Адначасова і бясстрасна Вучоным іншым памагаюць Зямлі вылічваць халады. I, каб не стыць у адзіноце, Мы так стараемся наблізіць Да нашае планеты Зоркі. А людзям усё роўна золка, Так часта безнадзейна золка. 2 І ты мне зорку абяцаў, І падарыў яе ў шуканні Цяпла спагады і любові. І ў нас адліжнела на сэрцы, Бо мы не ведалі яшчэ, Што зорка тая наша — Знічка. Цяпер жа, ведаючы ўсё Пра справядлівасць нашай знічкі, Не хочам ведаць анічога, І ў страху перад халадамі Зноў прагнем зоркі — Сэрца друга. 1977 БЕЗ ЦЯБЕ А мне ўсё лепей без цябе. Працую — не гарую. Спакойнай сіле не слабець — Магу звярнуць гару я. Бясплённа дзень не праміне, На мары не патрачу. Смяюся, калі смешна мне, А плачацца — не плачу. Так, мне ўсё лепей без цябе. Жніво наспела ў часе. Ні тлуму, ні трывог цяпер. ...I ні хвіліны шчасця. 1977 * * * Абступіце мяне, людзі, атачыце, Ні на міг не выпускайце з свайго кола: Ваша тлумнасць неабходна, як ніколі, Каб забыць мне, што цвітуць валошкі ў жыце. Каб не помніць, каб не слухаць, каб не бачыць Сінім-сінія і свята, і гаркоту, Каб мінальнай іх не прагнуць мне спякоты З безразважнаю адвагаю дзіцячай. Не праходзіць для душы беспакарана Логікі і пачуцця несумяшчальнасць. — Ды цнатліва, і банальна, й незвычайна Перапёлку з васільком вянчае ранак! Абступіце мяне, справы, атачыце, Ні на міг не выпускайце з свайго кола: Ваша ўлада неабходна, як ніколі, Каб не помніць, што крычаць валошкі ў жыце... 1977 БЯЗЛАДНАЯ РАЗМОВА Пагаварыць з табою трэба мне, А я пакутна падбіраю словы: Зусім дзяўчынка ты ў маіх вачах, А я ў тваіх чытаю столькі болю... Як недарэчна, што душы мудрэць, Мужнець ёй толькі ад рубцоў уласных І раны, што скрывавілі мяне, Цябе не ўберагуць ад ран тваіх. Паслухай, сёння, калі што й скажу І прыгадаю пачуццё, якое Абразай падсякалі, як з абрэза, Не думай, што цябе хачу суцешыць Падобнасцю людскіх перажыванняў: Не ўсцешыла б мяне бяда чужая, Хай і ў мінулым гэтая бяда. Цяпер, калі па валасах маіх Усё натхнёней чыркае галубка Крылом з'інела-белым, Я хачу Упэўніцца, ці гэтак, бы ў юнацтве, Да новых ран маё гатова сэрца... 1977 * * * «Прапашчы чалавек!..» — І адкаснуцца, З недаравальнасцю напагатоў, Уласнай цнотаю прыстойналюбца Надзейна асланіцца, як шчытом? А той дзівак, знявераны, знябыты, Спусцелы на нічыйнай паласе, Свой мулкі скарб, апошні, непрапіты — Сваё каханне — да цябе нясе... «Прапашчы чалавек...» Як бы не ўсе мы Па-свойму прападаем, хто з чаго... Часцей зусім не тое жнем, што сеем, Заместа жураўля — каб хоць шчыгол... Аднак, і па-над самай прорвай змрочнай, Калі няма ні волі ўжо, ні сіл, Ратуюць нас каханых нашых вочы, Каб да жыцця і сэнсу ўваскрасіць. Любоў мо й судзіць, ды з пляча не рубіць. Дык што ж, уяўна праведныя, мы Не думаем, а хто ж руку нялюбым Падасць у іх усёрашальны міг?.. 1978 ПЕРШЫ СНЕГ Над даляглядам вечар устае, У шыбы вецер апантана ляскае, І снег, і снег, як спозненая ласка. ...I гэтак жа, як ласка, растае. Яшчэ лісты самотныя гараць, Яшчэ не ўся трава ў зіму ўмарожана. Не гавары са мной неасцярожна, Пяшчотай выпадковаю не рань. На недавер мне сіл яшчэ стае, Не веснавосць з вясёлкавымі краскамі, — А снег, а снег, як спозненая ласка, І гэтак жа, як ласка, растае... ЖАРТ У шчасця майго Тваё аблічча, Твой голас, Твае вочы і ўсмешка. Нават дзверы не стамляліся Чакаць твайго стуку. І ён раздаўся нарэшце: «Гэта я, тваё шчасце. Адчыні!» Але што гэта?.. Не тое аблічча, І голас не той, І не тыя вочы і ўсмешка. Не паспела я Абурыцца такім самазванствам, Як пачула: «Ах, якая ты смешная! Жарту зноў не пазнала? Гэта ж я, Твая адзінота!» 1977 * * * Лякаюцца: вярнулася зіма... І ў доказ гэтай з'явы абуральнай Паказваюць на снег, як на замах На жаўруковы спеў світальны, На кані крык і на бусліны крок Па ўчора абагрэтай лугавіне, — А сёння покавак зялёных кроў Ад маразоў раптовых стыне. Вярнулася зіма? Так. Зацвіла Натхнёнай, апантанаю завеяй! Ды ў халады працяглыя, з крыла Буслінага страсаныя, не веру! Не марна прагнуў распусціцца бэз, На ледаход так галасілі кані Не марна: каб прачнулася ў табе, Што сонца ўсё-такі цябе шукае! 1977 * * * Жанчына вясну прыручала — У глечык ваду набірала І ставіла ў глечык галінку, Счарнелую ад маразоў. Жанчына вясну прыручала, Святлейшы куток выбірала, Каб зазелянела галінка, Счарнелая ад маразоў. І дзіўна было, і тужліва: Як мала для покаўкі трэба, Каб з сілай расплюшчыць павекі І цветам глянуць на свет. І дзіўна было, і тужліва: Як мала для покаўкі трэба, Так мала, як чалавеку, Каб цветам акінуўся свет. Жанчына вясну прыручыла, Што ненадоўга — знала, Што нерат сцюдзёны плесці Завеям яшчэ не раз. Жанчына вясну прыручала... Нема галінка крычала Белым суквеццем пра шчасце, І крык той у сэрцы не гас. 1976 АЛХІМІЯ Маўчаць твае словы... На раскрыллі карычневай страказы Насцярожаны час Неўтаймавана трапеча І абарочваецца Транзістарным голасам касманаўта, Які канстатуе, (Маўчаць твае словы...) Што наша планета ўся ў хмарах, Мноства хмар — І над сушай, І над акіянамі. (Маўчаць твае словы...) Мне здаецца, Я ведаю шлях, Па якому вяртаецца сонца! (Маўчаць твае словы...) З хваляваннем бяру: Промень пагляду, Каліва ўсмешкі, Даверлівасць рук, Ненатольнасць пацалунка, Злучаю ўсё гэта ў колбе сумнення, (Маўчаць твае словы...) Грэю, грэю дыханнем сваім, Аж пакуль не ўпадзе На раскрылле карычневай страказы Чыстае, быццам слязіна, «Люблю». 1976 * * * Трывалае, трывушчае ты, Сэрца. Цябе, Нібы стыхія першабытная, Смяротна перапоўніць пачуццё, Цябе, Як промнем лазерным, Пратне З бязлітаснаю асалодай Узаемнасць, А ты На гэтай прывіднай мяжы Неверагоднасці і явы — Ты тут адно і ўсведамляеш Сябе жывым! 1977 ПЕСНЯ МАТЧЫНАЙ МАЛАДОСЦІ Святлом і ценем хвілю працяло: Знарок ці незнарок? Сабе ці мне? — Вяртае мама песняй маладосць сваю: ...Насыпаў пшанца Аж па каленца, Наліў вадзіцы Аж па крыліцы. Галубка не есць, Галубка не п'е, На круту гару Усё плакаці йдзе. — Галубка мая, Шызакрылая, Якая ўдалася Ты журлівая! Ой, ёсць у мяне Семсот галубоў. Лятай, выбірай Па сэрцу любоў. — Ой, лятала я, Выбірала я. Не знайшла такога, Як страціла я... ...А на старой бярозе за акном Кажнюткі ліст імя тваё калыша. А за парогам кожная сцяжынка Звіваецца ў дарогу — да цябе І што ні міг, сваёй кажнюткай нотай Святло і цень складаюць гімн — табе. 1972 БЫЛО РАССТАННЕ Было расстанне назаўжды. Так трэба, ведалі абое. І два каменных гарады Нас падзялілі між сабою. Далоні ўладныя свае Раўніва ўсклалі нам на плечы, Сказалі: «Помніць недарэчы» — І ўкінулі ў віры свае. Міналі месяцы, гады. Сцяна няведання ўставала. Было расстанне назаўжды. Не ўспамінаў. Не ўспамінала. Вясну, хоць заплаці ўтрая, За восені слату не купіш, Дзе непрыкаянасць мая Уселася ў чырвоным куце. Было расстанне назаўжды. А колькі ж лютых мінавала? — І хваляй весняе вады Сцяну як маем змаявала. Чытаю твой кароткі ліст, Які, як парастак нязломны, Прабіўся з нашага калісь У дзён цяперашніх улонне. І змоўклі стражы-гарады, І на скрыжалях іх заззяла: Не забываў, Не забывала. Было расстанне. Назаўжды? 1977 ЗА СОСНАМІ—МОРА

Пляменніку Ланку

І Упарта, пругка сэрца мора б’ецца. У памяць — хвалю шызую — ступі: Разгубленасці ўзрост мінуў, здаецца — Трывогам месца саступіў. У цяглых сосен праз гушчэўе веек Глядзіць сцярожка неба сінізна. О, боязь за другога чалавека!.. Адна ты робіш чалавека з нас. Адна ты нешта ў гэтым свеце значыш. На поўдні зноў хмурына усплыла... На золку чайкі, як жанчыны, плачуць, Страсаюць цішу з белага крыла. II Дзень натхнёна вяслуе пунсовым вяслом, Выплываючы з мора. Колькі вас, для каго сёння не прынясло (Як і ўчора) Ані ўзнёслых мінут, ні жывучай тугі, Ні хвіліны жадання Нескарона рассунуць (хоць на крок) берагі Свайго існавання... След на ўбітым пяску ўвачавідкі зацёк Каляроваю пенай. Акунаюцца целы ў хвалі (лёсы ў быццё) Раўнадушна і лена. З сытай зморай гайдаюцца на ружовай вадзе. І спрасонак Ледзьве-ледзь адзначаюць: плыве міма дзень На вёслах пунсовых. III «Табе лягчэй: ты ўжо змірылася». ...Ківаю галавою згодна, Сачу, як цвёрда і лагодна Выводзіць мора штось кірыліцай. Такое мернае, пакорнае Сваім дыханнем галубіным. ...Трагічным знакам бур глыбінных — Палоска на ўзбярэжжы чорная. IV Хваля доўга вагалася ў незнаёмых глыбінях, Прымервалася, выбірала, Нарэшце — Спружыніста ўскочыла, Рассмяялася белазуба, Падалася ўсім целам — І вось Пасяродку ўтравелага лета, Як суніцы, Зоры збіраю, — Так ускінула хваля крутая мяне. Упіваюся сілай сваёй нечаканай, Халадзею ад думкі, Што гэта ўсяго на імгненне. Я падоўжу ўладу над часам! — Я замкну чароўную хвалю, Абгараджу, прыпыню! ...Ні прасторы галавакружнай, Ні зор. Смяецца над загародкамі Стыхія. V На ўзморы туман беспрасветна-густы, Аж сонцу на неба не ўзбіцца. Замкнёны рашуча на ключ залаты Чаканні, каторым не збыцца. І кінуты ключ залаты у ваду, У горкую продань марскую. І зманьвай не зманьвай цяпер — не прыйду, Гукай не гукай — не пачую... VI Не да мора прыбеглі сосны — З мора выбеглі свет паглядзець. У трывозе за лёс людзей Зелянеюць яны і сохнуць. VII Хвалюецца салёная разлога, Дзень, як бурштын, хаваючы на дне. Усё ўспамінам стане, і дарогу Перамяце, засыпле ранні снег. А ўдома загудзе на ветры голле, У волкай цемры цяжка зашуміць — І уваскрэсне, І падкоціцца да горла: Стрывожанае мора, Дзюны. Мы... 11-18.07.1975 Дубулты

ЗА СПАТКАНАЕ ШЧАСЦЕ…

* * * За сялом палавеюць жыты, Росна песня дзявочая ўзносіцца: «Твой пярсцёнак, ды твой залаты, Мне на ручаньку правую просіцца...» На свае нам пацэліць кругі — Непрамая дарога, няблізкая. Дар сярэбраны, дар дарагі На маёй ды на левай паблісквае. Ад Расстання да Стрэчы ляцець: Два прыстанкі ўвабралі прычалы ўсе. ...Над ваколлем трымціць залацень Жыта й песні, яна — не канчалася б!.. Пасярод наступальнай слаты Так раптова надарыцца просінцу! «Твой пярсцёнак, ды твой залаты, Мне на ручаньку правую просіцца...» 1977 ТЫ Быў. І не было. Пры выпадковых, Неназолістых спатканнях зрэдзь Бестурботна ападалі словы З доляю ні радаваць, ні грэць. Быў. І не было. Не бачна воку, Як карэнне дастае з зямлі Над ільдамі, камянямі сокі, Каб у дрэва песню лета ўліць. Дзёрзка выбухнула лістота — Твая пяшчота. Што яна шукала ў маім лёсе? Сцверджання? Бунтоўнай праваты? Што шукала — ці знайсці ўдалося? Быў. І не было. І раптам — Ты!.. 1976 ГАЛЬФСТРЫМ Раскавана дыхае Гальфстрым!.. I, як там, дзе шчодрыя пасаты Дотыкам да вычарнелых дрэў Квеценню абсыпалі сукі — Бачу я, як расцвітаюць людзі Лепшымі галінамі душы! Бо к табе, адзінаму на свеце, Вырваўшыся з даўкай нематы, Як Гальфстрым з Фларыдскае пратокі, Цяжка, безаглядна, як Гальфстрым, Хлынула к табе маё каханне. Хто ты мне? Нашто ты мне? Чаму Аддзяліць цябе ўжо немагчыма Ад жыцця майго, Як немагчыма Ад зямлі нябёсы аддзяліць? Ды хіба пытаюць у Гальфстрыма Пра ягоны выбар акіяна, Пра ягоны выбар берагоў... Ён бурліць — і адступаюць айсбергі, І ў далонях шыраты паўночнай Дарам найвышэйшай справядлівасці Фарбы поўдня дзёрзка раскашуюць! Ці ж не чуеш ты І ці ж не бачыш, Што— да недаўмення — перавернуты Свет сцюдзёных, непрытульных вод, Што ўжо незваротна-новы свет Явай непаўторнаю пануе?! Не змаўчы маўчаннем таго вострава, Дзе Гальфстрым знаходзіць сваю гібель — ...I ўсё роўна рвецца да яго! 1972 * * *

Паводле Маі Львовіч

Хто ты мне? Як мне цябе назваць? Як гукаць? Па імені якому? Як цябе пытацца? Як казаць? Як твае шляхі абавязаць Непазбежнасцю — да майго дома? Хто ты мне? Майму ты сэрцу — хто? Як назваць... Нашто шукаць імёны? І пытацца, І казаць — нашто? Так табой азораны мой дом, Промню незамглёны. 1976 * * * «Палюбі мяне! Палюбі мяне...» — Прашаптаў і асек дыханне... Хістанулася ранне У расчыненым насцеж акне. Скаланулася да глыбінь На пагоду свежа і золка... «Палюбі мяне, палюбі!..» — Трапятнулі зраселыя зёлкі. Голас хутка мацнеў і рос, І ўжо там, дзе яснелі далі, — «Палюбі!..» — Светлякі бяроз Неба звон загайдалі! Ты, як промень, прыціхлы быў, А над нашым асмяглым летам — Страсны голас планеты: «Далюбі!.. Палюбі!.. » 1976 * * * Як мне прывыкнуць да самой сябе, Цяперашняй, невызначальна новай? Адкуль, З якой неспасцігальнай сховы, І рухі гэтыя мае, І словы? У рос пытаюся — Яны маўчаць. У зор пытаюся — Яны маўчаць. А прыйдзеш ты, Запознены, здарожаны, Шапне крывінка кожная: «Харошы мой!..» Пратрубіць безагляднасць раскавана! Як мне прывыкнуць да сябе — Каханай? У рос пытаюся — Яны маўчаць. У зор пытаюся — Яны маўчаць. А ты ўсміхаешся шчасліва... 1976 * * * Той краёчак далягляду І дагэтуль прад вачыма: Дзве ляцелі аблачыны Па краёчку далягляду! Паасобку, Ды суладна, Так напеўна, Так парыўна, Побач, поруч, Неадрыўна ад краёчка далягляду! Незліянае адзінства, Блізкасці, і меж улада, І нятоеная радасць — Па краёчку далягляду! Разам, — І падмен не трэба! Роднасць, — І даволі платы! На краёчку далягляду — У самым сэрцы свайго неба! 1977 * * * Я рада, што так адбылося (Як чыста ўзрунела трава!..). Я ўдзячна нялёгкаму лёсу: Я рада, што мне сумаваць, Што мне захлынацца тугою, Нязбытнай ні ўдзень, ні ўначы (Якое паветра тугое!..), Гадзіны і вёрсты лічыць І ведаць, што, позна ці рана, Кранеш маю пасму з брыва І ціха прамовіш: «Я рады, Я рады, што мне сумаваць...» 1977 * * * Кажы мне ласкавыя словы, Дары пяшчоту мне сваю, І прызабудуся вяснова, На ўскрайку шчасця пастаю... Хай хоць на момант ашукаю І немагчымасць, і бяду, Так хораша і нечакана Вакол мезенца абвяду! І сіл прыбудзе мне нанова, Прад непапраўнасцю ўстаю, — Кажы мне ласкавыя словы, Дары пяшчоту мне сваю. Не ўсё збываецца, і, мусіць, Пара змірыцца з гэтым нам. Але пакуль душа не хлусіць, Што песня ты ў мяне — адна, Мая апора і аслона У безнадзеі на краю — Кажы мне ласкавыя словы, Дары пяшчоту мне сваю. 1977 РОДНАСЦЬ Падумаць толькі, што нас падзяляла... Ты ж быў у маім лёсе! Ды цяпер Такое адчуванне, што не знала Ніколі я сапраўднага цябе. Падумаць толькі... Спела столькі часу Прыхільнага сяброўства цеплыня, Каб раптам натуральна так пачаўся Адлік інакшы новым нашым дням. Усё, жыло падспудна што, употай, Цяпер лунае, за вітком віток. Няпэўны сум свядомай стаў маркотай, І радасць адшукала свой выток. Падумаць толькі: мне ты не прысніўся, — Іначай як бы стацца так магло, Што страх набыў акрэсленыя рысы І яву спадзяванне набыло, Што знойдзе чалавек, чаго шукае, Пакуль, пакутай моцная, расце І ў сэрцы прага роднасці людская Не саступае месца пустаце. 1977 * * * Я люблю цябе... а ты — не слухай! Я люблю цябе... а ты — не чуй! Бэзам ускіпела завіруха, І пялёсткаў шчасця не лічу. Ні адна не ўваражыла кветка Рук тваіх, вачэй тваіх, ні губ. Ходзіць студзень непадкупным сведкам Самае раскошнае са згуб! І шугае маем завіруха, І пялёсткаў шчасця не лічу. Я люблю цябе... а ты — не слухай, Я люблю цябе... Быццам слоў такіх і не існуе, а ты — не чуй! Быццам і не сказаны былі... Радасць гэта нас перавяснуе На спрагнелай радасцяў зямлі. Нездарма шалее завіруха, І пялёсткаў шчасця не лічу! Я люблю цябе... а ты — не слухай, Я люблю цябе... а ты — не чуй! 1976 НЕ У РЫМ ВЯДУЦЬ ДАРОГІ Так хораша не можа доўга быць — Недаўгавечна шчасце чалавечае. Адказваць на каханне часта нечым, Хоць ненатольна прагнецца любіць. Так хораша не можа доўга быць. Пакуль адчужанасць не знае нас, Пакуль адно ў адно мы пераліты, Пакуль між трох мільярдаў на Зямлі ты Адзіны мне, і я ў цябе — адна. Адчужанасць яшчэ не знае нас. Не ў Рым дарогі ўсіх людзей вядуць, А да вякамі снёнай узаемнасці. Не бачыла, як ты масты свае масціў, Ды помніла, што я цябе знайду. Не ў Рым дарогі ўсіх людзей вядуць. 1976 * * * Сказала: «Лепей саматой». Не лепш. Сказала: «Так прасцей». Куды як проста!.. І хлеб, з табой не дзелены, — Не хлеб. І шлях — Абраны быццам не па росту. Гайдаў Сусвет. Упёрлася ў куток. Лячыў парыў. Прыгорбіла натома. Як ні рыхтуй сябе загодзь — Ніхто Не можа да самоты быць гатовы. А вёрсты ўсе ўмяшчаюцца ў адну Адлегласць — На працягнутую руку. Даверліва ўсміхнуцца. Працягнуць. І збаўлены ад адзіноты мукі. Звычайны рух. Магутней, і глыбей, І справядлівей той касмічнай прорвы, Якая Адрачэннем ад цябе Лядзяна зеўрае; «Не руш, Не роўня». Чым далей ад паверхні мы зямлі, Тым даступней нам яе глыбіні. Імя тваё мне Не перабаліць. Ніколі. Знаю. Быў і ёсць. Любімы. 1978 ВАСІЛЁК Само лета ў імені тваім, Само лета. Цэлы лёс наш аказаўся ім Абагрэты. А высокай радасці куток Не абжыты... Ходзіць хваляй, чыстай і крутой, Поле жыта. Расхінуцца раптам каласы — Проста ў вочы Таямніцай смутку і красы — Васілёчак... Столькі лета ў імені тваім! 1977 * * * Панянькавала за свой век нямала Мар, і памкненняў, і жаданняў я, А заклінаю так, як заклінала: Хай беражэ цябе любоў мая. Заступіць хай усе шляхі-дарогі Любой нягодзе і любой слаце, Каб, як хваробы, роспачнай знямогі Ніколі не спазнаў твой доўгі дзень. Якім ты ёсць і стаць якім гатовы, — Хай светлай будзе лёсу каляя! — Ад злой няўдачы, ад ліхой намовы Хай беражэ цябе любоў мая. За сэнс высокі, што жыццё займела, За мой вясёлкаю замкнёны круг, Дажджынкай шызай ці сняжынкай белай Я прыпаду к табе і паўтару: Дзе б ты ні быў, якой бы ні была я І кім бы для цябе ні стала я, — Хай над табою ластаўкай крыляе, Хай беражэ цябе любоў мая. 1977

Оглавление

  • Мацяш Н. Прыручэнне вясны
  • І ТОЛЬКІ ШЛЯХ…
  • МЁДУ СЛЯЗІНАЧКА СВЕЦІЦЦА…
  • ЗА СПАТКАНАЕ ШЧАСЦЕ… Fueled by Johannes Gensfleisch zur Laden zum Gutenberg

    Комментарии к книге «Прыручэнне вясны», Нина Иосифовна Матяш

    Всего 0 комментариев

    Комментариев к этой книге пока нет, будьте первым!

    РЕКОМЕНДУЕМ К ПРОЧТЕНИЮ

    Популярные и начинающие авторы, крупнейшие и нишевые издательства