«Ліпеньскія навальніцы»

646

Описание

Жывое, непасрэднае адчуванне роднай прыроды, любоў да людзей працы, захапленне гераічным і мужным — такія асноўныя тэмы новага зборніка паэтэсы.



Настроики
A

Фон текста:

  • Текст
  • Текст
  • Текст
  • Текст
  • Аа

    Roboto

  • Аа

    Garamond

  • Аа

    Fira Sans

  • Аа

    Times

Ліпеньскія навальніцы (fb2) - Ліпеньскія навальніцы 99K скачать: (fb2) - (epub) - (mobi) - Ольга Михайловна Ипатьева

Вольга Іпатава ЛІПЕНЬСКІЯ НАВАЛЬНІЦЫ

Вершы

Падрыхтаванае на падставе: Вольга Іпатава, Ліпеньскія навальніцы: Вершы — Мінск: Мастацкая літаратура, 1973. — 96 с.

© OCR: Камунікат.org, 2010

© Інтэрнэт-версія: Камунікат.org, 2010 

ПРЫГАЖОСЦЬ

Расквечана ружова-сінім неба, Рамонкі ўвысь пялёсткі узнялі, А гэта значыць — прыгажосць патрэбна Усяму жывому на маёй зямлі. Зямлі, што спавівае нас туманам, Сячэ завеяй, сцюжаю пячэ, Дзе мы жывём так многа і так мала, Жадаючы бясконцага «яшчэ». Свет мітусіцца, быццам у гарачцы, Нясуцца над планетай спрэчкі, свіст; ...У ціхай рэчцы між кустоў гарлачык Кладзе галоўку на зялёны ліст.

СОН-ТРАВА

За сіняю, сіняю даллю, Ісці і не год, і не два, Расце для мяне жаданая, Чароўная сон-трава. Ліловы пялёсткаў россып, Зялёны вільготны мох... Знайду — і не прыйдзе ростань На роздум маіх дарог. Не прыйдзе ніколі гора I нечы крыўдны папрок, I буду жыць без дакору На скрыжаванні дарог. I зачыню свае дзверы, Спакойная, не захачу Пра лёсы чужыя, нявер'е I крыўду чужую чуць. Ды, пэўна, у млявым спакоі I тыдня не пражыву... Не стану шукаць ніколі Чароўную сон-траву...

ЗАБЕЛЛЕ

Паміж азёр, як ветразь карабельны, Плыве на ўзвышшы вёсачка Забелле. Шумяць вятры жытамі навакол, Пяюць у чарацінкі азярныя. Жанкі пасля даення рукі мыюць, I пахнуць луг і поле малаком. I там маё дзяцінства засталося: Русалка, распускаючы валоссе, Над возерам сядзела на вярбе, Прываблівала хлопцаў да сябе. Яны ўжо, раскрываючы раты, Збіраліся за ёй абы куды. У вечнай рэўнасці жанчын маленькіх Мы заціскалі іх кашулі ў жменькі I прэч цягнулі — далей ад бяды. Да нас, свавольнікаў, не раз рука З кустоў цягнулася Лесавіка. ...Бабулін свет! Ён у маіх вачах Я сыну казкі баю па начах I абяцаю звесці ў той прастор Да тых бароў, да сініх тых азёр, Дзе белая, як ветразь карабельны, Плыве на ўзвышшы вёсачка Забелле...

ПОШУК

Можа, і няўмела, і наіўна Я шукаю сэнс жыцця даўно. Мокра на руках трапечуць ліўні — Шэрае тугое палатно. Абдзімае цёплы пыл калені, Ногі ў кроў збіваю зноў і зноў. Ападаюць кніжныя ўяўленні Туманамі ў глыб дзіцячых сноў. Знаю — мне вучыцца і вучыцца! Гаманкія абысці палі, Неадкрытыя шукаць крыніцы, Піць, прыпаўшы прагна да зямлі...

* * *

Драўляная гаць пад Мядзелем Прапахла шчаўем і мятаю, Ды дзёгцем, ды ботам рыбачым. Пружыняць дошкі гарачыя. Праз луг, дзе дрэмлюць алешыны, Вуліца тая няспешная. А луг той зарос асокаю, А неба над ім — высокае... У сіне-духмяным марыве Стагоддзі сплываюць марамі — Вуліцай крочу драўлянаю, Што продкамі збіта — славянамі, Якія тут гаці пракладвалі I першыя вулкі выгадвалі. Валіліся дрэвы каляныя, Назвалі продкаў — драўлянамі... Крочу сваёй радзімай.                                           Яна Для трох народаў адзіная, На свеце самая мяккая Вада ў азёрах пад Мядзелем...

МОЙ ГОРАД

Л. Шайкоўскаму,

першаму сакратару

камсамольскай арганізацыі

ў Гродна

Жыву я ў гэтым горадзе, Свой адкрываю Сусвет, I зорак далёкіх горыч, I дом, дзе жыве сусед. У радасці і у горы, У дождж, спякоту ці снег, Я адкрываю свой горад, У якім жылі да мяне... * Ранак ціўкнуў першай сініцай, Першым крокам змены рабочай. Чалавеку ж усё не спіцца, Ён бяссонна па вуліцах крочыць. I ў ранішняй чуйнай цішыні Кожны камень ледзь чутна звініць. Камень, вышчарблены часам і дажджамі, I ўспаміны на вусны просяцца самі... Пачынаўся жыццёвы дзень Вось тут — у старой Слабадзе. ...Уліваецца плач пахавальны У адвечны віскат дзяцей. I на плечы каменні навальвае Кожны новы галодны дзень. Ён падрос і тады зразумеў, Што не самае страшнае — голад. Што страшней духоўна знямець, Калі хочацца крыкнуць уголас, Калі стыне ў глотцы праўда Камяком халоднай ілжы. Чалавек, без адвечнага права — Права вольнасці — можаш ты жыць? * На ўсіх скрыжаваннях вісела: «Свабода! Свабода ў нас для народа!» Свабода друку? Што ж, давайце! Пісалі ярасна шпікі, I былі словы, як цвікі, Што ў дамавіну забіваюць. Усё, што лепшага наўкола — Свабода, шчырасць і пратэст Скажаліся ў судовы тэкст, Заносіліся ў пратаколы. Свабода слова? У астрогах — У Слоніме, Лукішках, Гродна Забітых аддавалі родным I дараваць прасілі ў бога. О правакатараў разгул! І ўсё ж народнага сумлення Нястрымнай прагай вызвалення Даносіўся падземны гул. * Супраць плыні — вёслы на ўключыны. А бязвольнага плынь панясе. Як ішлі яны ў рэвалюцыю! Як у казку нязнаную — ўсе. I Пышкі*, як сцяжкі зялёныя, На кашулях лёс вышываў. Дэфензіва над кожным — праклёнамі, З дзесяці адзін выжываў. I ўсё ж у сценах астрожных, Захлынаючыся ў барацьбе, Усё гучала неасцярожнае, Непадсуднае — КПЗБ! У вузкіх вуліцах гродзенскіх білася I гудзела, як грозны набат, I не ўпітвалі кроў забітых Пліты з надпісам «Магістрат»... Узышоў над краінай распятай, Як промень, трыццаць дзевяты... * Цішыня на світальных вуліцах, Толькі сэрца агнём гарыць. Вось да клёнаў прымоўклых туляцца Маладосці ягонай сябры. I блішчаць на далонях скутых росы цёплыя, як сляза. Выжыў ён. I прайшоў скрозь пакуты, Каб патомкам пра іх расказаць... Сваёй прыналежнасцю гордыя Да няскоранай гэтай зямлі, Адкрываем мы новы горад, У якім да нас жылі... * Пышкі — лясны масіў, дзе збіраліся падпольшчыкі.

* * *

Водгук рэха, як рык ласіны. Вераснёвага лісця іржа. Пругка ў кошыку журавіны, Як астылыя зоркі, ляжаць, Аб купіны ўсе ногі збіла — Боты цяжкія ў дзесяць гадоў. Восень стройная, як арабіна, Загарнула мяне ў падол. На плячы яе павуцінка — Я прапала навек у лясах. I заблыталіся журавінкі У светла-русых маіх валасах.

В'ЕТНАМСКАЯ ГЕРАІНЯ НГУЕН ТХІ ЦЯУ Ў МІНСКУ

Тут — цішыні ўтульнасць глыбокая, Звініць пад вокнамі мінскі трамвай. А там расціскаюць каханага ботамі Здарова-тупыя джы-ай. Ужо не ўстаць яму болей, здаецца, А ён, як народ неўміручы, ўстае. I кожны ўдар там, далёка, кладзецца На тонкія кволыя плечы яе. А сэрца шчыміць, а сэрца змагаецца. Туды, на радзіму! Дні, як вякі... I нават у сне не расціскаюцца Маленькія смуглыя кулачкі...

КІРГІЗІЯ

Я сасню цябе, я сасню Арыкаў сінюю глыбіню, Вавоўны белую гарачыню, Прахалоду блакітных гор, Рэха дальняе наўздагон, Радзіму бацькі майго.., Што кліча часамі мяне Кіргізскай песняй у сне, Шалёнай грывай мільгне. Буйнасць макаў у шызай траве, Там прытульна тваёй галаве, Там даўжэй чалавечы век...

* * *

Ад бабулі, што клікалі Вольгай, Я імя панесла у вечнасць... Мне яна ўяўляецца вольхай, Што раскінула рукі над рэчкай, Уплялася ў зямлю карэннем, I такая ў ёй прага жывая, Што і я, гараджанка, нярэдка Кожнай жылкай яе адчуваю, Калі з рэчкай зліваюся кожнай, Калі кнігаўкай плачу ў полі, Калі ўвосень раскінуся пожняй, Што чужынцы не стопчуць ніколі...

* * *

Жыве ў Светлагореку Жэнька. Дзетдомаўка Кузьміна. А можа, яна Бажэна, А можа, Грэтхен яна? Ляжала мёртвая маці Ля хутара Альтэнштос, Дзіця загарнуўшы ў халацік З канцлагерных сініх палос. З якіх была далячыняў I хто? Адказу няма. Прывёз у дзетдом дзяўчынку Малодшы сержант Кузьма. Думалі ўсе — загіне: Соскі не брала ў рот. Сядзела нянька Аўгіння Тры ночы над ёй напралёт. ...Жыве ў Светлагорску Жэнька Па прозвішчу Кузьміна. А можа, яна Бажэна, А можа, Грэтхен яна? Ведала тое вайна...

МАНАЛОГ ЛЮДМІЛЫ СЕЧКІ, РАЗВЕДЧЫЦЫ АТРАДА ІМЯ КАТОЎСКАГА

Мяне даўно як быццам пахавалі. Я ж засталася ў любчанскіх барах. Стаю сасной, мядзяная, жывая, А побач даўні — партызанскі шлях. Зарос травой ён. I даўно ігліца Заслала ўсе сляды. А я жыву. Сякуць дажджы каля магільных плітаў Матуліну сівую галаву. Я не магу сказаць ёй ані слоўца. Галінкай хоць пастукаць па акне, Паслаць кагосьці, як калісьці. з хлопцаў З наказам: «Не турбуйся пра мяне!» ...Не турбуйся, мая матуленька, Маладая мая зязюленька. Мая светлая ты зараначка. Ты ж сама ў мяне партызаначка. Па лясных і цябе дарожаньках Неаднойчы вадзілі ножанькі... — Мама, хопіць пяшчотаў! Я ж не маленькая, што ты Плачаш, не адпускаючы, Рукі свае ламаючы. Хлопцы ў атрадзе харошыя, Ніколі не крыўдзяць мяне. Праўда, часам Сярожка, Нахабнік такі, падміргне, І то, як другія не бачаць. А ўбачаць — добра дадуць! ...Ну што ты, мамачка, плачаш — Хлопцы не падвядуць... * Мне здорава тады пашанцавала. За камсамол не расстралялі каты. Як быдла, нас з сяброўкамі загналі У эшалон фашысцкія салдаты. Замкнулі і павезлі ў шлях няблізкі, Куды вязуць — дарэмнае пытанне. Грукочуць колы. На руках вятрыскаў Ляцяць за памі родныя світанві. Няўжо яны, нібы прывіды, згаснуць Сярод чужых дарог, у горкім дыме? О, як раптоўна-востра спасцігаеш Сапраўдны твой, глыбінны сэнс, Радзіма! Праменні сонца ў холадзе крыніцы, Аер духмяны на скарынцы хлеба. Збан малака. Замшэлая званіца, Што мне здавалася ў дзяцінстве небам. Смех бесклапотны на сабраным стозе... ...Чужына блізка. Вось, за паваротам... Кроў на руках... Адтуліна ў падлозе... Халодна, Цёмна. Смерць або свабода? * У камісара атрада З камандзірам нарада. Неўпрыкметку стаю ля зямлянкі. Спрачаюцца да хрыпаты: — Жанчыну — у партызаны? — Што ж — выгнаць яе? Куды? Ад крыўды вусны кусаю: Забылі вы, колькі лясамі Хадзіла я сувязной? Чую амаль варожае: — Дзяўчына такая прыгожая Адна сярод хлопцаў? Вясной? Рашылі яны нарэшце (Рашаць было — гэткай бяды!), Што мне назад, у Чарэшлю, Нельга ісці сапраўды... * На паляне — туманы ціхія, Пасля бою раны глядзім. Пад адхон эшалон спусцілі мы, Гарнізон разграмілі адзін. ...Сечка, два крокі са строю! Ізноў у бой — упярод? Хопіць у нас герояў, Бачыш, які народ? Ізноў падняла ў атаку, Лезла ў пекла, як чорт? ...Чаго каштавала так мне Быць з вамі плячо ў плячо... А тут шчэ вымову гэткую Табе нізашто дадуць. I зараз ісці ў разведку, А ногі, здаецца, не йдуць... Хлопцы, каму праз Чарэшлю? Зайдзіце ў маё падстрэшша, Скажыце матулі, што ночку Спакойна праспала дочка. * Разведка — што востры ножык. Саслізне — і ў крыві рука. Душа ў калючках, як вожык, Ды ямачкі на шчаках: «Чаго іду па гораду? Ды вёска мне агорала! Прадам на рынку гавяду — Сукенку шоўкаву знайду, Як гляну з боку правага — Ссушу цябе, чарнявага! Нашто такога хмурага Трымаць на службе ў фюрара!» Душа ў калючках, як вожык, А ямачкі на шчаках... * ...Разамлела на сонцы, Лягла на жывот, У суніцах духмяных I рукі, і рот. Што ж, вайною — вайна, А жывому — жытло. Хоць памарыць аб тым, Чаго не было... ...Недзе, у травах росных, Плывуць у тумане стагі. Сэрцу становіцца млосна Ад ціхіх слоў дарагіх. Кашуля ў чырвоных крыжыках, Усё гарачэй, гарачэй... Нясмелае, кідае ў дрыжыкі: «Ідзі да мяне. Хутчэй». Ад усмешкі тваёй Да ўсмешкі жыву. Але горда трымаю Сваю галаву. Утрымаю і сэрца Няўрымслівы стук, Упадзе, разамкнецца Бярэмя рук. «Не спяшайся, Людміла!» Я ж прайду, як струна. Ды ўсё міма, ды міма, Адна і адна. ...Хай закончыцца, любы, вайна... * У суніцах зямля — Ляжы ды ляжы! Толькі ўскрыкнула раптам — Побач — чужы! «Дабрыдзень, Людачка, Мая ты вутачка, Дарма ты грэбуеш, Што паліцай! Дабром ці сілаю, А пойдзеш, мілая, Ці да гестапа ты, Ці да вянца». У вачах маіх лес Пацямнеў, пацямнеў... А нашто, прыгажосць, Ты дасталася мне? Для чаго тыя косы I сінь у вачах, Калі гэты, бялёсы, Ад іх не ачах, Калі порстка за мною Ламае кусты? «Памажыце, бярозы, Дубочкі-браты!» За спіною ўжо крык: «Так і гэтак тваю! Партызанская... ты, Стой, іначай заб'ю!» Толькі мне памагаў Ні то бог, ні то лёс — Маю кулю спаткаў Ён ля белых бяроз... * Зямля мая мілая, ты Мяне ў азяры прапалошчаш, Пасцелеш пад бок чараты, Пад голаў верас паложыш. I ціха пачнеш гайдаць, Шчыльней абгарнуўшы ватоўкай, Галінкі сасны, як дах, Над маёй вінтоўкай... Адзін шчаўчок — і няма Фігуркі людской у прарэзе. А я забіваю, ма, I рукі мае — у жалезе, I ў дыме парахавым, I ў аружэйным масле, Мне ж хочацца пахнуць жывым, Як пахне жанчына-маці, Калі, спелянаўшы дзіця, Ідзе лугавою сцежкай, I кружыць над некім бацян З новай ношай-пацешкай. ...Была мке вайна — гульнёй, Рамантыкай тая разведка, I смерць была — за сцяной, I страх перад ёю — рэдка. Ах, мамачка! Тая — яна За тры гады пасталела I зразумела — вайна Будзённае, страшнае дзела... * Чырвоная хусціначка, Гітара у руках. Наперадзе — сцяжыначка У мой апошні шлях. Заснежанаю пожняю Ізноў у бой іду. У гэты бой апошні мой, У маміну бяду. Перабіраю струны я, I слухае атрад. ...Няўжо, такая юная, Я не прыйду назад? Пад вёскай Лугаманічы У грудзі — разрыўной, У тым баю астанецца Каханы мой — са мной. * Хацелі ворагі распяць мяне, Мёртвую, на крыжы, Каб партызанскія вёскі страшыць... Кінулі, голых, у лёд і снег, Толькі снег і лёд растапіліся, Перад намі зямля расступілася... Гэта ворагаў косці струхлелі, нібы Порхаўкі пад нагой. Сябры ж мае — волаты ў лесе, дубы Адзін да аднаго. Ківаюць мне: «Сасоначка, Ну як жывеш, сястроначка?» А я кажу: «Зязюленька, Сядзь на плячо, кукуй. Пазнае мо матуленька Ува мне сваю дачку?» А вецер мне кажа: Закон такі У мудрай прыроды ёсць — Не пазнае маці ў табе дачкі, Як не кончыцца ў цябе маладосць, I толькі тыя, што са святлом Па дарозе сваёй прайшлі, Застануцца дрэвам, аблокам, сцяблом Жыць на Зямлі...

ЗАВІРУХА АСЕННІХ ЛІСТОЎ

Зазіруха імклівых лістоў.

Такі халодны асенні вечар! Я рукі грэю пад тваім паліто — Якія цёплыя ў цябе плечы! Я прыпаду да цябе галавой, Хаця б на імгненне забыўшы аб нечым. Адно пачуццё праз бяздум'я сувой — Якія цёплыя ў цябе плечы!

* * *

Як здорава, што мне жыццё дае, Хаця і зрэдку, гэтыя хвіліны: Цяжкія ад дажджу бяроз галіны, Ў далонях — рукі цёплыя твае. Так шчыра і спакойна на душы. Адзін на двух—дрыжыць пад ветрам плашчык. А мне — маўчаць і плечы твае лашчыць, I па ударах сэрца варажыць. Скубе спакойна мокры конь траву, I сонца звечарэлае садзіцца. I думаю — якое гэта дзіва — Вось для такой хвіліны я жыву...

* * *

Не хапае галоднаму кавалачка хлеба, Паміраючаму — глытка вады нестае. Ты не ведаеш сам, як мне гэта трэба Проста рукі твае. Проста вочы твае...

* * *

Мой любы, драмаць у падстрэшшы так цёпла... Як ластаўка, крылы складу і засну. Ды працінае вецер жыццёвы, Ды нельга мне жыць, не сустрэўшы вясну. Устрапянуся. Ўзлячу ад зямлі. I мне не хапаць толькі будзе для шчасця — Каб твае рукі побач былі, Якія мне не дадуць упасці.

* * *

I я на спатканне бегла. Быў бэз, пацалункі і зоркі, На лаве вялізнае сэрца і выразанка-страла. Часцей і часцей здаецца Чамусьці хвілінай горкай, Што ў дзверы зусім чужыя Я выпадкова зайшла...

* * *

Маё жыццё цяпер — адно чаканне. Час доўгі і цяжкі, нібыта камень. Над Нёманам бярозай гонкай стыну, I шэрань неба лістапад накінуў На плечы мне. I рве мяне за рукі. Лісты — апошнія вясны дарункі У сіні холад Нёмна ападаюць. А як было мне цёпла так нядаўна! Было свабодным неба і высокім, I, веснавым напоўненая сокам, «Кахаю!» — я спявала над абрывам. А можа, гэта ўсё было парывам? А можа, мне цяпло адно здалося, Была і ёсць на свеце толькі восень I буркатанне вербаў шэра-дымных: «Навыдумляюць нешта маладыя!» ...Задоўга не раблюся я дарослай, Ва ўсіх учынках холадна-цвярозай, I шчодрасць мая, розумам не ўзважаная, Магчыма, стала для цябе не важная? Якое невыноснае чаканне Твайго званка, твайго ліста, дыхання! Дрыжу на ветры злосным да камля... А ногі ціха грэе мне зямля...

ТРЫ ЗОРКІ

На ускраіне горада, у новым вялікім квартале, Дзе дамы, як грыбы, вырастаюць з зямлі, Ціхай ноччу вясновай тры зоркі блукалі, Ды таго, хто патрэбен ім быў, не знайшлі. Можа, спаў ён, стаміўшыся ў дзённых турботах, Можа, быў на спатканні другім да відна. А зямля плыла ў нястомнай рабоце, I блішчалі зоркі ў квадраце акна...

ЛІЛІТ

Не Ева — Ліліт была першай Жанчынай і жонкай Адама. Яна для каханага вершы I нават паэмы складала. А вечарам, як стамляўся Жвавы агонь у пячоры, Доўга, бывала, не ляжа — Глядзіць і глядзіць на зоры. I што зусім абурала Адама, адзінага сведку, - На свежых гаршках малявала Агністыя райскія кветкі. «Нашто табе кветкі тыя? Ад кветак гаршкі не мацнеюць!» Адкіне кудзеркі густыя: «А людзі ад іх разумнеюць!» Быў першы развод не гучны... Бог шкадаваў мужчыну: Сам ляпіў, як падручны, З ягоных рэбраў жанчыну. Ева была пакорай — У простых гаршках варыла, Дзяцей гадавала, пра зоры Ніколі не гаварыла. А толькі Адам начамі Хадзіў блукаць у тых далях, Дзе песні Ліліт гучалі, Гойдаўся човен на хвалях. Па сёння яму ўсё сніцца То росны слядок, то спевы. Па сёння Адам мітусіцца Паміж Ліліт і Евай...

* * *

Над зямлёй марознаю Ранкам побач месцяцца Месяц каля зоркі, Зорка каля месяца. Так праходзіць вечнасць, I няма расстання. Вучацца ў іх людзі Вернасці ў каханні. Вернасці у шчасці, Вернасці ў бядзе. Месяц ты мой, месяц, Дзе ж ты зараз, дзе?

* * *

Вы думаеце, я не сплю начэй? Вы думаеце, я па ім гарую? Прымаю проста ісціну старую: Пайшоў — дык забываць яго лягчэй. На лекцыі з сябрамі ідучы, У шумным перапоўненым трамваі, Хвілінай летуценнай уначы Яго я забываю, забываю... Не дапускаю да сябе нуды: Ад спраў, званкоў і тлуму ледзь жывая! Праходзяць месяцы. Ідуць гады. А я ўсё забываю, забываю...

БАЛАДА ПРА ЛІЛЕЮ

У краі азёрным, Дзе чэрвень духмяны Абсыпаў суніцамі Бор і паляны, А дзеўчыны ў Нёман Кідаюць вяночкі, Расла я у бацькі Адзінаю дочкай. Казалі ўсе: «Рэчка Плыве, не мялее, Няма за цябе Прыгажэйшай, Лілея. Ды толькі і рэчку Затопчуць, замуцяць, Паны, як убачаць — Загубяць, закруцяць». Касу завязала Істужкаю сіняй. Сама ўпадабала Ды панскага сына. Ох, чэрвень ты, чэрвень, Бяссонныя ночы! Ад любага бегчы б, Ды сэрца не хоча... «Наш род каралеўскія Меў прывілеі! Пакінь майго сына, Ты чуеш, Лілея» Мой любы, твой бацька Кляне і шалее... «Чакай мяне сёння Пад вечар, Лілея!» Стаяла, чакала, А сэрцам ляцела, Нібы ўпершыню На свет божы глядзела. Спускаўся над долам Задумлівы вечар. А хто папіхнуў Мяне ззаду за плечы? У вір паляцела I быццам растала... Бялюткаю кветкай На рэчцы я стала... Як доўга кашуля Пад дубам бялее, Як доўга твой крык: «Адгукніся, Лілея!» За слова адно — Усё, што маю і мела! Ды я анямела, Ды я анямела... Праходзяць стагоддзі, I рэчка мялее, Я ж чую адно: «Адгукніся, Лілея!»

СЛОВА

У Гродна на плошчы

ў 1903 г. выў засечаны

казакамі рэвалюцыянер Голуб.

Пажоўклыя старонкі дакументаў Нябачна наліваюцца крывёй... Ну хто яго пад звон літараў медных Скрозь шэраг вернаподданых павёў? Павешаны быў брат? Забіта праўда? I спіны горбяцца штогод ніжэй? Падумай сам. Жыццё — яно за брата, За гонар і сумленне даражэй. А ён крычаў. Крычаў цераз галовы. Ўядаліся ў цела шаблі «Ы-ых!» Чаму ён аддаваў жыццё за слова, За слова, што прамоўлена услых?

МІХАСЮ ВАСІЛЬКУ

Цёмнай дажджліваю ноччу Шашаль шуфляду точыць. Газнічка скрыпіць з адчаем, Ты — грамату вывучаеш. Пад стомленымі рукамі Кладуцца вершы радкамі. Крамола ў хаце — вершы! I цэнзар твой самы першы — Пан камендант — смяецца: «Быдла ў паэты рвецца!» За кожны радок плаціў Нямногім, што меў у жыцці... Ападалі вячэрнія росы На дзявочкя косы. Табе не часта было іх кранаць — У пастарунках ад болю канаць. I верыць, у болю і крыўдзе, Што праўда ўсё-ткі прыйдзе... Як хочацца крыкнуць яму цяпер: «Прыйдзе яна! Ты толькі вер!» Ды сцяна, празрыстая, нібы шкло, Аддзяляе нас ад таго, што прайшло. ...Паэзія рвецца скрозь краты, Год тысяча дзевяцьсот трыццаты...

РАВЕСНІЦЫ

Каміле, дачцэ Дуніна-Марцінкевіча Равесніцы, ў светлых залах блішчыце Белай аголенасцю плячэй. Мой шлях другі. Я — бунтаўшчыца. Мой бацька таксама. Разам — лягчэй. Жандары з вамі — шарман, кавалеры. Са мною — жандары, і толькі яны. Мой шлях сярод іх — даносы, паперы, Холад і бруд турэмнай сцяны. Пісульку — у веер або ў пальчатку. Каханкам — забавы, гульня, смяшкі. А на маіх, перахопленых, скрозь пячаткі I надпіс: «Праверыў... унтэр... такі» На вас карсеты. Паветра не будзе — Хіба скрозь свецкі заўважыце шум? А ў мяне і так разрываюцца грудзі У краіне, дзе паліцэйскі на кожную чалавечую душу. Народзіце дзяцей. Памажы вам божа! Расціце іх да чыноў, эпалет. Мой шлях другі. Згару — дык, можа, Будзе нехта на кропельку жыць святлей...

УСЯСЛАЎ

Брачыслаў радасць з сабой прынёс: На руках — гайдануў высока. Прабівае белагаловае хлапчанё Галавой бярэмя аблокаў. Аж да Сонца ляціць! Зачапіўся нагой За штыкеціну Перуновага плота. Віцьба ўнізе кальчугаю дарагой Са сваім рукавом — Палотай Блішчыць на сонцы... Такі прастор! Хлебам і мёдам прапахлі нівы. Над Полацкім краем рукі прасцёр Хлопчык: «Будзеш шчаслівым!» Ды толькі нікому час не дае Свой лёс прачытаць, як у кнізе. Не бачыць і ён, як кроў праліе Братоў сваіх на Нямізе, Як будзе, насунуўшы нізка шалом, Сяброў сваіх косці пляжыць... Смяецца бацька. Падставіў далонь: «Здароў будзі, княжыч!»

ЗДРАДА

Знікае з вуснаў гаркота дыму. За цёмным лесам ляжыць радзіма. Князь Курбскі, ратуючы галаву, Воўкам бяздомным бяжыць у Літву. Над ім маладзік чырвоны дрыжыць: «Няхай у чужыну. Затое — жыць». Ці ліхаманка ў душы, ці агонь? Капытамі змучана стукае конь. Чужыя хаты запахлі дымам. Цяпер за трыма лясамі радзіма. Не трэба думаць цяпер аб жыцці. А стрэмя чаму у руцэ трымціць? I ўласнае здрады раптоўна страла Атручаным джалам у сэрца ўвайшла. Уперадзе будзе любоў і сям'я, Гасціннасць ворагаў будзе былых... А толькі да скону не зможа ніяк Князь Курбскі той выцягнуць з сэрца стралы.

ІМ

Адмаўлялі маю радзіму, Ганьбавалі з усіх бакоў Краем лапцяў і курадыму, Краем невукаў і жабракоў. А цяпер, драпежныя, дзеляць, Як вялікі, каштоўнейшы прыз, Фаліянты старыя, што ў келлях Мае продкі спісалі калісь... У вялізных шумных сталіцах, Дзе шукаць цяпер адрасы? Як палонныя, на паліцах Дрэмлюць слуцкія паясы. Аж трымцяць, трымаючы, дзверы. Для забаў — хай зайздросціць Парыж! — У калекцыі мільярдэра Ефрасінні Полацкай крыж. Ім хацелася, мецэнатам, Тых калекцый папоўніць груз: У свае заморскія шаты Залучыць саму Беларусь. Адабраўшы даўняе гора, Зрабаваўшы слёзы і пот, Захацелі, каб на гісторыю Назаўжды забыўся народ. Вось чаму столькі год радзіму Ганьбавалі з усіх бакоў Краем лапцяў і курадыму, Краем невукаў і жабракоў...

* * *

Язычнікі маліліся ціха і ўпарта Чырвонаму Сонцу і Перуну. Лупіла на плошчах іх княжая варта — Па сотні лазін на спіну. Устане моўчкі дзяцюк зарослы, Устане, стогнучы, дзед гаваркі, А на дасвецці пойдуць па росах Да несціхана-бурлівай ракі. Да белых бяроз. Да пралесак сініх, I зноў да неба — рукі свае. Бо самі бачаць — жыццё і сілу Толькі гарачае Сонца дае...

* * *

Бывае азарэння момант дзіўны, Стралой ён задрыжыць ля самых ног; Параняць сэрца тонкія ільдзінкі I захлынецца, чуйнае, яно. I разам забываючы на рангі I на гадоў нямыя рубяжы, Ты спасцігаеш чалавека раптам Без накіпу прытворства і ілжы. Але знікае ўдачы прадчуванне, I зноў — яшчэ наіўна-малады Ідзеш, ідзеш, шукаючы пазнання, Якое прыйдзе, пэўна, праз гады...

* * *

Дрэва здрыганулася ад ветру, I ніхто — ні людзі, ні зямля — Не пачулі: празвінеў прыветна Ліст кляновы ціхай нотай «ля». Ледзь зямлі крануўся — і пячаткай Бот яго прыціснуў незнарок. Растаптаў сімфоніі пачатак Раўнадушны крок...

ЛІПЕНЬСКІЯ НАВАЛЬНІЦЫ

Піць! — шалясцяць перасохла палі, На сухі пагорак упасці б ніцма. I раптам загулі, нібы чмялі, Кроплі ліпеньскай навальніцы. А навакольных лясоў чубы Трашчаць, згінаюцца вінавата. Нібыта прымаюць цары-дубы За раўнадушную млявасць — расплату. Бярэмя лянівых разбіўшы сноў, Бягуць навалькіцы у новыя далі. I паўстае прырода ізноў Прыгожая. Моцная. Маладая.

* * *

Ранак дажджлівы ў сіняй смузе, Край небасхіла — дрымотна-нястрымны, Бы нехта па дрогкай дарозе вязе Вялізную шэрую хмару-пярыну. З трэскам прарвецца сяннік вузкі, I пад дажджамі па ўсіх аблогах Стануць прарэзвацца баравікі Туга, як зубкі ў малога.

* * *

Лісты, нібы хвіліны, ападаюць, Губляюцца ў суцэльнай жаўцізне. Здаецца, што таропіць час мяне. Няўзрушаная яснасць і складанасць Навекі, мусіць, у маёй душы Спляліся разам, быццам спарышы. Пытанні па палічках раскладаць? Шукаць мне ісціну ў чужых слядах? Лісты, нібы хвіліны, ападаюць...

* * *

Прайшлі ўжо, кажуць мне, твае гады, Каб бачыць свет скрозь шкельцаў каляровасць I верыць шчыра, што і сапраўды Ён сам такі, яго не шкельцы робяць. Прайшлі ўжо, кажуць мне, твае гады, Каб бегаць па расе вясновым раннем, I верыць шчыра, што і сапраўды Гавораць між сабой зямля і травы. Прайшлі ўжо, кажуць мне, твае гады, Каб ад людзей нічога не утойваць I верыць шчыра, што і сапраўды На дабрату адкажуць дабратою. Твае парады чую, Дабрабыт, У нормы, лічбы, правілы ўрастаю. А ўсё ж начамі бачу ў сне, нібы Над каляровым поплавам лятаю...

* * *

Жораў махне развітальна крылом — Сэрца услед ірванецца стралой I зноў — за волі ўласнае краты. Што гэта — Вернасць ці здрада? Лодка — уся ў серабрыстай расе Насуперак плыні цябе панясе Туды, ува што ты раптоўна паверыш... Што гэта — здрада ці вернасць?

* * *

Колькі было спатканняў У шаснаццаць, дваццаць гадоў! Пройдзена сцежак-блуканняў Па вулках начных гарадоў! Гарэлі агні неону, Падалі зоркі на плечы. I цёплым здавалася «Оля» На вуснах хлапечых. Сарамлівая сэрцаў злітнасць, Цуда няяснае — вечар... Цокалі «шпількі» на плітах, У косах блытаўся вецер. ...Абвіваюць ручкі сыноўнія Шыю, нібы вянок. Сталасць лістом кляновым Ападае ціха ля ног...

СЫНУ

Па зямлі, якою ты яшчэ не крочыш, Наліліся зернем каласы. Хай зямля мая хадзіць цябе навучыць, Як мяне вучыла некалі, мой сын. Роднай мовай, звонкай і пявучай, Размаўляюць з рэчкамі лясы. Хай зямля мая спяваць цябе навучыць, Як мяне вучыла некалі, мой сын. Медуніцай, што расце на кручах, У дзяўчат прапахлі валасы. Хай зямля мая любіць цябе навучыць, Як мяне вучыла некалі, мой сын...

СЛОВА ПРА МАЦІ

Матуля, цябе не помню я — Ні ласкі тваёй, ні жалю... Смяецца з магільнага помніка Жанчына чужая... Ды кажуць бабы вясковыя: «Аблічча ў аблічча!» Можа, не выпадкова мяне Марусяю клічуць? Мне маладзік падковаю Вісіць над сцежкай. Можа, не выпадкова я Жыву з усмешкай? Ці ж я без племені? Свой сум хаваю. У жанчыне кожнай Цябе адкрываю. Можа, не выпадкова мне Здаецца прадвеснем Песенька жаўруковая Тваёй песняй? * Мы сталі з табой равесніцы. Адной і далей мне жыць. Цяпер ужо стукнуць весніцы, А сэрца не задрыжыць. Нарэшце яно паверыла, Што з цёмнай тае начы, Любая, ты не вернешся — Крычы на ўвесь свет — не крычы. Даўно, як мяне насіла I светлага лёсу прасіла: «Хай будзе дачка прыгожай, Чыстаю, як крынічка, Хай знойдзе хлапца харошага Малая мая сунічка». Адвечныя матак замовы! I я гавару тыя словы, I аднаго баюся — адзін Сіратой каб не вырас мой сын. Я сама расла сіратой. Тэлеграфны завулак. Гродна. I дзяўчат гаманлівы строй, Не адразу мне стаўшы родным. Я там доўга была дзічком, Сярод белых качак — сініцай. Кволым, тоненькім кулачком Ад напасцяў хацела адбіцца. У салёных слязах, адна, Дрыжучы, як стрэлкі на шкалах, Колькі сонных начэй да відна Маці я з небыцця гукала! I, напэўна, ўжо з тых часоў, Жывучы па дзетдомаўскай мерцы, Боль надзей і гаркоту слоў Адкладаю глыбока ў сэрцы. * Не маглі адагнаць нас ад вокнаў, Хаця кожны ў даўцы войкаў. Навіна сапраўды была дзіўнай: Адшукалася маці у Дзімкі. Кожны ведаў — у дзетдоме сакрэтаў няма, Што прынесла яго нам на ганак зіма, У шыбу грукнуўшы, знікла ўначы назаўжды, I імгненна змяла завіруха сляды... ...Цыбаты хлапчук з падрапаным носам — Сцеражыце, дзяўчаткі, хвосцікі-коскі! Быў наш Дзімка занадта ў школе вядомы. Гаварылі ўсе: «Ведама, хлопец з дзетдома!» Толькі нехта падслухаў з нас нечакана, Як, пакрыўджаны, ціха ўсхліпваў ён: «Мама!» Мамы, мамы... Успомніць пра вас было грэшна. — Гэй ты, румза! — крычалі сяброўкі з насмешкай I ўсё ж па начах, у бяздоннай цішы, Кожны гэтым грашыў. Насмешнікі і задзіры, Ішлі мы цераз гады I марылі, як аб дзіве, Што прыйдуць маці сюды. Што сотні дарог яны пройдуць, Паўстануць хоць з небыцця, Толькі тая не вернецца, Што кінула ноччу дзіця. ...А яна вось прыйшла да сябе яго зваць. Дрыжучы, спрабавала пацалаваць. Гаварыла — цяпер адна. Той, даўнішні, цяпер пакінуў. Гаварыла, што ў горкіх снах Трызніла аб маленькім сыне. Што хацелася шчасця тады, У маладыя дурныя гады. ...Мы таілі дыханне за шклом, Мы судзілі істотай адзінай З бескампрамісным дзіцячым злом За сябе, а потым за Дзімку. Віншавалі яго і сябе Мы пасля: «Вось як трэба трымацца!» Толькі ён праз нядзелю збег, Напісаўшы: «Еду да маці». ...Тою ноччу дзетдом не спаў. Мы рашалі няўмольна і строга, Што ніхто нам права не даў У жыцці вырашаць за другога. * Ленка, можа, не ўспамінаць? Толькі нельга не ўспомніць гэта: Што зрабіла з маці тваёй вайна, Чорным дротам спавітае гета? Хто над ёй медынынай грашыў — «Хіба людзі яўрэйкі розныя?» Чорным дротам вайна на душы. Чорным дротам яна па розуму. Толькі сэрца ў яе не закуць. I прыходзячы ў свядомасць, Аднаго прасіла: «Дачку!» I цябе забіралі з дзетдома. На гадзіну ўсяго. Без паперкі. I сачылі маўкліва дзеці, Як вярталася ты з цукеркай, Што яна даставала недзе; I, напэўна, ужо тады Цераз гурбаў жыццёвых снежнасць Я панесла з сабой праз гады Мацярынскай любові бязмежнаспь. * Я панесла з сабой у гады Сум — тугі і няўмольны — па маці. Прагу — быццам глытка вады — Кволых цёплых ручак дзіцяці. Каб аддаць яму я магла Усё, па чым сама сумавала. Каб хапала яму цяпла, Бо ў мяне было яго мала. Каб нашчадкі мае назаўжды — Мае дзеці і дзеці сына — Праз свае пранеслі гады Слова маці, як «бацькаўшчына». На зямлі сёння — слёзы і кроў. Паўпланеты ў атамным зудзе. Слову гэтаму біцца ў шторме вятроў. Але хай яно вечна будзе!

ФАРЭЛЬ

Прагучыць над ціхім борам рэха, У вадзе празрыстай задрыжыць. Гэтай дзіўнай рыбіне-фарэлі Толькі ў чыстых рэках можна жыць. Не — каб тлустым ілам задаволенай, Ёй малькоў даверлівых сячы. У імклівай плыні сіне-звонкая Ценямі на жоўтым дне імчыць. Рыбакі здалёк яе заўважаць. Я ж крычу — плыві яшчэ скарэй! У вярхоўях Ласасянкі нашай Незвычайная жыве фарэль...

ВОСЕНЬ

Позняй восенню ў бары цішыня. Толькі тонкія сініцы празвіняць. Толькі спознены ліст ападзе I самотай прашые дзень. Саслабелае сонца ў траву Хіліць жоўтую галаву. I — нібы прадчуванне бяды — Туманамі паўзуць халады...

МОСТ НАДЗЕІ

Ёсць масты нерухома-каменныя, Ёсць масточкі — кволыя дзеці. Перакінуты ў сэрцах нязменна Ад адчаю мост да Надзеі. Як скрозь бездань па ім прабрацца? Глянь уніз — душа халадзее. Ды заўсёды будуць старацца Людзі трапіць на мост Надзеі. Хай ад холаду сцісне дыханне, Хай зіма ў снежны полаг адзене, Хай усё супраць нас паўстане — Вы ідзіце на мост Надзеі!

ЛОЛА МАНТЭЗ

Дзявочы яе пратэст I слухаць ніхто не хацеў. I трапіла Лола Мантэз Да караля ў пасцель. Любоўніца караля! Ногі пячэ зямля... Шукаюць яе сябры, Знаходзяцца сваякі, I ласміхаецца Цюільры Толькі ў кулакі. Любоўніца караля! А гнеў і праклёны—пасля. Затое, калі барыкад Вырас на вуліцах лес. Пайшла ў паўстанчы атрад Красуня Лола Мантэз. Любоўніца караля! «Апомніся!» — пішуць здаля. Скрозь пыху раскошных дзвярэй Да сцятых ад страху вяльмож — Песня яе, вастрэй Чым меч каралеўскі ці нож, Ляціць яна скрозь — о-ля-ля! А смерць? Пра яе — пасля!

ЗВАНЕЦ

Вячэрні луг з канца ў канец Я слухаю: Звініць званец, звініць званец Са скрухаю. Звініць званец—пара касіць. Адвечна так... А драч натужліва скрыпіць. Каму, дзівак? Чаму ж той луг, здалося мне, Не скосіцца, А гэта лета не міне, Не скончыцца? Звініць званец, звініць званец Са скрухаю. Вячэрні луг з канца ў канец Я слухаю...

* * *

Як быццам на свеце не існуе Гарачага ветру, пагоні, Скубуць спакваля рацыёны свае Стрыножаныя коні. Паклон — за кожную жменьку травы, Каб спаць спакойна і сыта, Хоць вочы туманіць пах лугавы Ды нешта свярбяць капыты...

* * *

Бабінага лета павуцінкі З далячыняў вечных прыплылі. Першыя танюткія маршчынкі Ля вачэй усмешлівых ляглі. Хоць, здаецца, падаўжэлі ночы, Карацей як быццам сталі дні, Ды вясна, нястрымная, не хоча Загасіць купальскія агні.

* * *

Кожная вуліца — як радок Радасны ці нядобры... Самы маленечкі гарадок Да тоўстай кнігі падобны...

Оглавление

  • Вольга Іпатава ЛІПЕНЬСКІЯ НАВАЛЬНІЦЫ
  • ПРЫГАЖОСЦЬ
  • СОН-ТРАВА
  • ЗАБЕЛЛЕ
  • ПОШУК
  • * * *
  • МОЙ ГОРАД
  • * * *
  • В'ЕТНАМСКАЯ ГЕРАІНЯ НГУЕН ТХІ ЦЯУ Ў МІНСКУ
  • КІРГІЗІЯ
  • * * *
  • * * *
  • МАНАЛОГ ЛЮДМІЛЫ СЕЧКІ, РАЗВЕДЧЫЦЫ АТРАДА ІМЯ КАТОЎСКАГА
  • ЗАВІРУХА АСЕННІХ ЛІСТОЎ
  • * * *
  • * * *
  • * * *
  • * * *
  • * * *
  • ТРЫ ЗОРКІ
  • ЛІЛІТ
  • * * *
  • * * *
  • БАЛАДА ПРА ЛІЛЕЮ
  • СЛОВА
  • МІХАСЮ ВАСІЛЬКУ
  • РАВЕСНІЦЫ
  • УСЯСЛАЎ
  • ЗДРАДА
  • ІМ
  • * * *
  • * * *
  • * * *
  • ЛІПЕНЬСКІЯ НАВАЛЬНІЦЫ
  • * * *
  • * * *
  • * * *
  • * * *
  • * * *
  • СЫНУ
  • СЛОВА ПРА МАЦІ
  • ФАРЭЛЬ
  • ВОСЕНЬ
  • МОСТ НАДЗЕІ
  • ЛОЛА МАНТЭЗ
  • ЗВАНЕЦ
  • * * *
  • * * *
  • * * * Fueled by Johannes Gensfleisch zur Laden zum Gutenberg

    Комментарии к книге «Ліпеньскія навальніцы», Ольга Михайловна Ипатьева

    Всего 1 комментариев

    Ю

    Ольга Михайловна Ипатова. (ошибочно указано " Ипатьева"

    РЕКОМЕНДУЕМ К ПРОЧТЕНИЮ

    Популярные и начинающие авторы, крупнейшие и нишевые издательства