«Лісты ў Хельсінкі»

1209

Описание

отсутствует



Настроики
A

Фон текста:

  • Текст
  • Текст
  • Текст
  • Текст
  • Аа

    Roboto

  • Аа

    Garamond

  • Аа

    Fira Sans

  • Аа

    Times

Лісты ў Хельсінкі (epub) - Лісты ў Хельсінкі 2994K (книга удалена из библиотеки) (скачать epub) - Рыгор Иванович Бородулин

Рыгор Барадулін

ЛІСТЫ Ў ХЕЛЬСІНКІ

Гэта ў 1979 годзе сядзім на парозе бацькоўскае хаты Васіля Выкава, што ў вёсцы Бычкі, адкуль пайшоў ён у сьвет пакуты й славы. 

З нашай Вушаччыны й стольнага Менску пісаў я Васілю лісты ў Хельсінкі — у змушаны вырай майго высокага сябра.

Малюнкі Васіля Выкава — самавіты водгалас на вершалісты.

Рыгор Барадулін

Кажуць, эпісталярны жапр цяпер не ў модзе. Ліставаньне, якое цягам стагодзьдзяў было ці не адзіным сродкам зносінаў між людзьмі, саступае новым, электронным сродкам. Слова папяровае ўсё часцей мяняецца на візуальны вобраз — болей багаты і даступны для ўспрыманьня. I калі што трымаецца старых людзкіх звычак, дык гэта паэзія. Думка і пачуцьцё ўпарта ня хочуць зьнікаць з традыцыйных, гутэнбергаўскіх радкоў, надта яны паядналіся ў чалавечай сьвядомасьці і пакуль што трымаюцца адзін аднаго.

Так, паэзія ня можа абысьціся без напісанага (выдрукаванага) радка, таму Рыгор Барадулін паўтара гады пісаў вершаваныя лісты ў Фінляндыю. Вядома, што ростань абвастрае пачуцьці — да каханай, сябра або Радзімы — і часам нараджае шэдэўры вершаванай паэтычнай думкі. У гэтай невялічкай кніжцы безьліч самых сур'ёзных думак і самай высокай паэзіі чалавечага існаваньня. Натуральна, што празаік у гэтым сэнсе ня можа спаборнічаць звыклымі сродкамі і абраў ня надта традыцыйны спосаб дыялогу — выяўленчы. Атрымалася ня дужа гарманічна і стылёва (можа, нават дызгарманічна), але часам і ў дызгармоніі ёсьць свой лад і прывабнасьць. Зрэшты, пра тое ўжо меркаваць не аўтарам, — хай памяркуе чытач, калі такі патрапіцца на нашым пакуль яшчэ не зусім абязлюдзелым чытацкім шляху.

Васіль Быкаў люты 2000 г.

ЛІСТЫ З ВУШАЧЫ

ЛІСТ ПЕРШЫ

Дажджы й дажджы, I хмары, і самота, I глухата З усходу да заходу. А ў сэрца ўпотай Просіцца пяшчота, I смутак цягне, Як мядзьведзь калоду, Дзе пчолы рупнасьці Яшчэ жывыя. Яшчэ імгненьне — I душа завые...

3 ліпепя 1998 г.

ЛІСТ ДРУГІ

Сякера, малаток ды абцугі — Прывычнае музычнае начыньне. Высокая мэлёдыя тугі У незабытным краі Ціха стыне. Сякера ўсё злуецца на сукі, Што ўкамянелі зоркамі ў бярвеньні. Крамяняцца рудыя смалякі. Праменьню трэскі падстаўляюць жмені. I малаток — Няўрымсьлівы пастух — У хлеў Жалезны статак заганяе. Ды прыпявяе стыла: стук-пастук. Чакае з цемрай хмара праліўная. I клопату хапае абцугам, Ня хоча прачынацца цьвік пагнуты, I дрэвы, верныя сваім багам, Маўчаць, Дрывамі стаўшы ад пакуты...

8 ліпеня 1998 г.

ЛІСТ ТРЭЙЦІ

Край перакуленых нябёсаў — Гэта там, Дзе першы гром Куляецца на лугавіне, Дзе ў сівяроў і ў падарожных Позірк сіні, Дзе рэчка нанач Нешта шэпча чаратам. Край перакуленых нябёсаў — Гэта там, Дзе стынуць Чарамі вітальнымі вазёры. Зь іх вечнасьць пье нагбом, Адзьдзьмухваючы зоры. Дзе на жагнаньне зьвесьціся Суцешна кстам. Край перакуленых нябёсаў — Гэта там, Дзе родна туляцца Магіла пры магіле, Куды самім вярнуцца Хочацца на схіле Нам...

12 ліпепя 1998 г.

ЛІСТ ЧАЦЬВЕРТЫ

Сум — нацыяналіст. Душа — касмапалітка. Радзіма — незачыненая хата. Шпачыны шчыры сьвіст I туманкова сьвітка Блуканцу нагадаецца зацята. З усіх дарог адна Жаданая — дадому — I ў багацея, і ў нябогі-старца. Чакае ўсіх яна. Ня дай Гасподзь нікому Бяз дарагой дарогі той застацца...

8 жнівеня 1998 г.

ЛІСТ ПЯТЫ

Іспас, Што яблычным імем завецца. Прапахлі яблыкамі крыжы. Шапчу сваёй палахлівай вейцы: Ня калышы слязу, ня дрыжы. Сьлязою яблык дрыжыць на галіне. Раса дрыжыць на смутнай траве. Хмурынка лёгкая на ўспаміне У памяць незабыцьця плыве...

19 жнівеня 1998 г.

ЛІСТ ШОСТЫ

Багоўка — Кропелька вясёлкі — Пагойдваецца на траве. Стаміўся дождж, А ўсё ж жыве Настрой перадсьвітальны, Золкі. I хмелем, Што трываліць зёлкі, Упіцца хочацца асьве. I сьніцца цэлы дзень саве Багоўка — Кропелька вясёлкі...

22 жнівеня 1998 г.

ЛІСТ СЁМЫ

Здасцца хата ўбогая палацам, Толькі дасьць ступіць На родны дол Згадлівым заступцам і дарадцам Сыну блуднаму Сьвяты анёл. Колькі б доля пражы ні напрала, Ў шлях апошні йдзеш Гол як сакол. Дзе б душа на сьвеце ні блукала,— Назіркам за ёй Сьвяты анёл. Цяжка дагадзіць зямной лагодзе. У выгоды рэдкі частакол. Чалавек датуль З жыцьцём у згодзе, Покуль зь ім Яго сьвяты анёл...

23 жнівеня 1998 г.

ЛІСТ ВОСЬМЫ

У сьвет усьлед за намі йдзе яна, Рака маленства, верная мясьцінам, Якімі і ў апошніх снах ісьці нам, Раку гаркоты выпіўшы да дна. Рака маленства, перад ёй усе Мы — дзеці, і сіўцы, і маладзёны, I паркі ўпарта круцяць верацёны, Рака сама халодна лёс нясе. Рака надзеі чуліць чаўнара, Які вядзе свой човен да вытокаў. I шэпчуць хвалі, Каб ня чулі крокаў Той, што прашэпча кожнаму: пара...

11 лістапада 1998 г.

ЛІСТ ДЗЕВЯТЫ

Каб хоць неяк замаліць грахі I свае й сякеры, Я, магчыма, Папрашуся ў ветра ў пастухі — Пасьвіць лес зялёнымі вачыма. Дрэвы мяне прымуць. А ці не, — Буду я сачыць За імі ўсімі У маёй апошняй старане, Покуль позірк мой Ня стане сіні...

6 ліпеня 1999 г.

ЛІСТ ДЗЕСЯТЫ

А над Вушачаю аблокі Цябе чакалі два гады, I закідалі невады, I вабілі абшар высокі, Каб лёгка вёў твае сьляды Туды, дзе першы сум чакае I пад ільдом, I пад травой, Дзе захлынае з галавой Усё як ёсьць нудзьга начная Палыннай хваляю сівой. Ці хвалі мы, Ці толькі крокі, Што набліжаюць да бяды, Хоць і чакалі два гады, Адказу не дадуць аблокі. Адказ расьце. Ен малады.

18 ліпеня 1999 г.

ЛІСТ АДЗІНАЦЦАТЫ

Мясьціны родныя Штогод далей З вачэй тваіх У памяць уцякаюць. Дзе вір круціла, Захрасае глей I туманы Цюкуюцца цюкамі. Ты сам свае мясьціны Кожны раз Зьнішчаеш, бо Ня крыўдзіцца ня ўмееш На той, што Адыйшоў з табою, час. Гаворыць забыцьцё. А ты нямееш...

23 ліпеня 1999 г.

ЛІСТ ДВАНАЦЦАТЫ

Свабодны ад будкі і ад ланцуга Сабака брэша ў ноч глухавата. Нібы пытае, чыя чарга Завыць, каб забыць, Што жыцьця нябагата. Завыць, каб забыць На брахню, на грызьню, На здрадную строму, На верную яму. А можа, я ў хаце Заціхлай прысьню Вясёлага бацьку, Шчасьлівую маму?..

2 жнівеня 1999 г.

ЛІСТ ТРЫНАЦЦАТЫ

I радзіма можа Стаць чужынай, Мачыхай, Што пасынкаў сваіх Аюбіць падбадзёрыць Аютай кпінай, Покуль іхны голас Ня заціх. А вініць радзіму Ці дарэчы? Сядзе сум У сэрца на куце. Гэта на радзіме Для сустрэчы Ціха маці-й-мачыха Цьвіце. I выгнанец Хоча на радзіму, Хоць счужэлую, Але сваю. Зябка ў сьцюжу Коміну бяз дыму. Бяз гнязда Самотна салаўю...

6 жнівеня 1999 г.

ЛІСТ ЧАТЫРНАЦЦАТЫ

За каўнер небасьхілу Змрок сьцюдзёна цячэ. Рэшткі дня цэдзіць сад Празь зялёнае сіта. Маладая суседка Ахрапье сячэ. Дыспут вечны сабакі Вядуць дваравіта. Цені прашчураў смутна Снуюць нада мной. Я вярнуўся ў сябе Маладога, былога. I яшчэ год адзін Павярнуўся сьпіной Да мяне. I пакарацела дарога...

9 жнівеня 1999 г.

ЛІСТ ПЯТНАЦЦАТЫ

Звужаецца радзіма ды паціху Перамяшчаецца ў тваю душу, Як маці зь вёскі на зіму да сына У горад, дзе ўжо рупіцца ня трэба Пра дровы, пра ваду. I год ад году Зьмяркаюцца і вечарэюць межы Ўспамінаў ранішніх, Пакуль аднойчы Радзіма абмяжуецца грудком, Які травой ахвотна зарастае...

12 жнівеня 1999 г.

ЛІСТ ШАСНАЦЦАТЫ

Лагода восеньская пазная Разьліта ціха і задуменна. Туга Палетак свой дажынае. Сябе травою ў снах Бачыць сена. Як стол жалобны, Усё наўкольле. Успомніць лета Якраз нагода. Маўчыць прырода. I як ніколі Гадоў сваіх незваротных Шкода...

29 жнівеня 1999 г.

ЛІСТЫ ЗЬ МЕНСКУ

ЛІСТ ПЕРШЫ

I думкі, і ўспаміны ёсьць, Якія Забыцца хочацца, а немагчыма. I прывядзе язык дапытны ў Кіеў Альбо ў вастрог З шырокімі плячыма. З-за кратаў думкі вырвуцца на волю. Сябе ўспаміны ўспомняць адмыслова. Душа ахвотна дасьць прытулак болю. I да пары маўчаць згадзіцца слова. Ня раскладзеш развагі па паліцах, Бяздапаможныя драты і ліны, Каб у катоўнях памяці, ў цямніцах Трымаць надзейна Думкі і ўспаміны...

28 жнівеня 1998 г.

ЛІСТ ДРУГІ

Час возьмецца хрумстаць салому, Калі мурог даскубе. Ніхто не патрэбен нікому, Апроч самога сябе. Патрэбен, Каб з ціхай журбою Адно зразумець-такі, Што людзі ўсе Спаміж сабою — Халодныя сваякі...

9 верасьня 1998 г.

ЛІСТ ТРЭЙЦІ

Спартанцы зьбіраліся на вайну — Вайстрылі мечы, Прымервалі латы. З усімі стаў у шарэнгу адну Спартанец нягеглы, Падслепаваты. — Куды ты, нашто ты Такі на вайне? — Спытаўся нехта. Нябога прызнаўся: — Як іншай карысьці няма — Аб мяне Варожы затупіцца меч Прынамсі... I ў дні, Калі душы падпальвае змрок, Калі цяжарнее Жахам калосьсе, Прымаюць сьмерць I паэт, і прарок, Каб меней У ворага куль засталося!

27 верасьня 1998 г.

ЛІСТ ЧАЦЬВЕРТЫ

Усіх пакараньняў Ня зьлічаць вякі. I людзі ня зьлічаць самі. Дзе грэх, як пух, Дзе, як камень цяжкі? Дзе вязьні зь ціхімі галасамі? Пьяніць Нявіннай віны віно. Гняце немата Стараны нялюдзімай. Цяжэйшае ўсё ж Пакараньне адно — Пакараньне Радзімай...

28 верасьня 1998 г.

ЛІСТ ПЯТЫ

Трымалі агонь у жалезнай клетцы, А ён вырываўся на волю хутчэй I, клопатам неабцяжараны, Ўлегцы Гуляў у прадоньні вачэй і начэй. Агонь тушылі, агонь душылі, Агонь лавілі, А ён выжываў. А ён абвіваўся ў рэха ля шыі I за падстрэшшамі віжаваў. Агонь ніколі ня ўмеў вініцца I сыпаў ж а р У далоні хлусьні. ...I ўсе разлады і таямніцы Палілі самі сябе на агні...

20 лістапада 1998 г.

ЛІСТ ШОСТЫ

У душы мае свой закутак I туды ня пускае нікога Катаржнік пажыцьцёвы — Смутак. Недзе блізка жыве трывога. Недзе блізка радасьць рагоча. Гурбы выгарбілі першапутак. Ды пра волю і думаць ня хоча Закаханы ў пакуту смутак...

19 сьнежаня 1998 г.

ЛІСТ СЁМЫ

Час зьнянацку зьмесьціцца ў зярнятку I засьне ў настылай баразьне, Каб прачнуцца руньню па вясьне, Даганяць сябе Пачаць спачатку. Сьвету Цесна думаць у зярнятку — Ў вечнасьці ў маленькім кулачку. Ціха йскрыпка жаліцца смычку. Хоча гук сябе Пачуць спачатку. Час аднойчы Зьмесьціцца ў зярнятку...

27 сьнежаня 1998 г.

ЛІСТ ВОСЬМЫ

Чалавечае сэрца Меншае за гняздо салаўя, Яшчэ меншае сэрца настрою. Ды ў іх, Пачынаючы ад позірку і кап'я, Нацэлена зброя Усіх часін, Усіх народаў, I зброя заклёнаў і кпін Да ўзьнёслых одаў. Ужо зьнішчуць, здаецца, А сэрца б'ецца Наўздрыж. Як салаўіная песьня Аб крыж...

4 студзеня 1999 г.

ЛІСТ ДЗЕВЯТЫ

Памяць — Цямніца суровая — Вязьняў не адпускае, У хмары іх замуроўвае, Як у жывыя скалы. Успаміны — Вязьні жывучыя — Помняць сьцяжыну на волю, Там, Дзе над соннай кручаю Радасьць старэе ўдавою. Мроіцца — Долу бразнулі Ўсе ланцугі, Каб разьбіцца. Поўніцца ціхімі вязьнямі, Покуль ня рухне, Цямніца.

11 студзеня 1999 г.

ЛІСТ ДЗЕСЯТЫ

На радзіме расьце трава Няпрытуленага блуканьня. На радзіме ня сьпіць сава Дакараньня і дараваньня. На чужыне цьвіце язьмін Перазяблага захапленьня. На чужыне жыве ўспамін Незаўважанага імгненьня. Птушка смутку ў смузе растае. Воўк зьняверу ў працягласьць вые. На радзіме чужыя — свае, На чужыне свае — чужыя...

11 лютага 1999 г.

ЛІСТ АДЗШАЦЦАТЫ

Хапае на гэтым сьвеце сьвятла, I цемры хапае. I ўсіх нас адсюль Вымятае мятла Сьляпая. Пабыць бы яшчэ і яшчэ На сьвятле. Хай цемра чакае. Мы ведаем, хто Той смале, што ў катле, Патакае. Ды клопат даскуб Дзён вясёлых стагі Ў хаўрусе зь вякамі. Паціху самота Да змоўклай тугі Звыкае, Звыкае, Звыкае...

17 лютага 1999 г.

ЛІСТ ДВАНАЦЦАТЫ

На зямлі, дзе продкі спачываюць, Сьцены памагаюць у бядзе. Крумкачы I тыя спачуваюць. Сьцежка кожная дамоў вядзе. I сівеюць, як сады, дакоры. Каб труною стаць, Сасна расьце. Сына блуднага шукаюць зоры На далёкай ад кута вярсьце. Вечны небасхіл трымае круча. Перапёлка смутку гнёзды ўе. Адчуваюць крэўнікі балюча Забыццё тваё й гады свае. Сьнег забраць свой Зімы забываюць. Вёснам рупіць ашукаць свой сон. На зямлі, дзе продкі спачываюць, Дзе б ні быў, Жывеш да скону дзён...

12 сакабіка 1999 г.

ЛІСТ ТРЫНАЦЦАТЫ

Памяць —дзікі зьвер, Што чуе гукі, Сочыць цемру й маладзіць сьляды У твае забытыя гады, Дзе, здаецца, ня было прынукі. Памяць — дзікі зьвер, Яго нікому Ня ўдалося прыручыць нідзе. Зьвер, што ціхім назІркам ідзе За табой, Пацьвельваючы стому. Восені пазной лІсу рудую Можа, й ня перахітрыць яму. Памяць — дзікі зьвер, Відаць, таму Ён усіх прыручаных шкадуе...

27 сакавіка 1999 г.

ЛІСТ ЧАТЫРНАЦЦАТЫ

Упала зь неба хмурынка, Як вейка. Бо загадала душа на сьвятло. — Хрыстос уваскрос! — Кажа ўсім салавейка. Хрыстос уваскрос — Вялічка прыйшло. Маўчаў, чакаў, Каб абнашчыцца сьпевам, I дачакаўся сьвятога дня. Хрыстос уваскрос — Вольна птушкам і дрэвам. Хрыстос уваскрос — Ажыла дабрыня. Уваскрасае вера й надзея. Сьвятлее тварам I думкамі лёс. Смуга радзее, сьвет маладзее. Хрыстос уваскрос! Хрыстос уваскрос!

11 красавіка 1999 г.

ЛІСТ ПЯТНАЦЦАТЫ

Блізка гучыць Родны голас здалёку, Падаючы самоце руку. Аж затуманіцца хочацца воку, Як на зьнявераным скразьняку. У галасах Ён згубіцца ня можа, Голас, Які твой гадуе настрой. А ці з выгнаньня, ці з падарожжа Ён прылятацьме смутнай парой. Стомленасьць, Як памяркоўная пані, Ціха ступае па гулкай жарсьцьве. Голас жыве — I жыве спадзяваньне. Голас жыве — I трывога жыве...

12 красавіка 1999 г.

ЛІСТ ШАСНАЦЦАТЫ

А як будзеце мёд-гарэлку піць, Успомніце пра мяне: А дзе ж тая сіраціначка На чужой старане... З вушацкае песьні Няхай і недалёкая яна, Але завецца старана чужою. Бо яе сагрэта роднаю душою. Дамоў з-за слёзаў сьцежка ня відна. Туга ў спакоя на руцэ засьне. Але глыбей трывогу прыхавае. I камень, Як падушка пухавая. Мароз цяплейшы ў роднай старане. I думка Ластаўкай ляціць дамоў, Дзе хмара з градам Здасцца хлебам з сольлю. I зажурыцца хочацца застольлю Па тых, Хто на бяседу ня прыйшоў!

23 красавіка 1999 г.

ЛІСТ СЯМНАЦЦАТЫ

Вось і першы дождж веснавы Шэпча нешта нябеснае долу. Я дажыў да зялёнай травы — Дзякуй ахоўцу — анёлу! I да жаўталісту цяпер, I да белых зорак завеі Я дажыць маю пэўны намер. I намерам тым маладзею.

30 травеня 1999 г.

ЛІСТ ВАСЕМНАЦЦАТЫ

Кінь наперад — Знойдзеш апазадзь. Шчодра кідаў Дні свае наперад. Неяк азірнуўся — Толькі верад На душы Ды камяні ляжаць. А наперадзе Карчы й вятры. Дні былосьці Сталі камянямі. Як з самім сабого Ня хітры — Камяні на дні Не памяняеш...

25 ліпеня 1999 г.

ЛІСТ ДЗЕВЯТНАЦЦАТЫ

Душа аблятае I высі і нізі, Але нідзе Не знаходзіць радні. Калі безвыходнасьць У сьне — прачніся. Калі ў жыцьці Безвыходнасьць — засьні...

3 верасьня 1999 г.

ЛІСТ ДВАЦЦАТЫ

Як мама зь усьмешкай казала некалі, — Знасілася галава. Гады маладыя адкукарэкалі. Чарсьцьвее сьцежак жарства. Няма ўтрапёнасьці ўжо тае, Якой шалянеў прасьцяг. Яшчэ трымаецца лісьце жоўтае. Яно таксама ў гасьцях...

17 верасьня 1999 г., 10-я лякарня

ЛІСТ ДВАЦЦАЦЬ ПЕРШЫ

Жыцьцё не азіраецца ніколі, Ідзе ды йдзе дарогаю адной. I да магілы за яго сьпіной Ты блізішся ці шпарка, ці паволі. Трымае радасьць дні свае ў прыполе. Жалоба ў чорнай хустцы плач нясе. Сябе паразгубляўшы пакрысе, Паскардзішся хіба што ветру ў полі. Твой лёс рунее на нябесным доле, Яго сажне маладзічковы серп. У твар жыцьцю зірнуць табе няўсьцерп. Жыцьцё ня азіраецца ніколі...

21 верасьня 1999 г., 10-я лякарня

ЛІСТ ДВАЦЦАЦЬ ДРУГІ

Нахмурыліся хмары на мяне, Што даўнавата не сачыў за імі. Плывуць сабе ў нябеснай старане Дарогамі бясьсьледнымі сваімі. Я імі перадаць хачу паклон Найдарагому сябру на чужыне. Сум асланіўшы, дагарае клён, Аддаўшы долу золатам даніну. Пастух нябесны, вецер, не гані Так хутка хмары, Дай ім запыніцца. Дай падзівіцца зь ціхай сьветлыні, Якая ў даўганоч выгнанцу сьніцца...

5 кастрычніка 1999 г., 10-я лякарня

ЛІСТ ДВАЦЦАЦЬ ТРЭЙЦІ

Дзе яна, айчына душы? Дзе яна, радзіма спакою? Мы на гэтай зямлі прыбышы, Што пайшлі за ракой гаманкою? За ракою жыцьця, што ўзяла Свой пачатак ад Млечнага Шляху. З тлену мы, а душа са сьвятла. I далучыцца цела да праху. I застыгнуць грахоў ледзяшы Пад нябеснай страхой някранута. Дзе яна, айчына душы? Ня адкажа Ні гнеў, ні пакута...

1 лістапада 1999 г.

ЛІСТ ДВАЦЦАЦЬ ЧАЦЬВЕРТЫ

А народу болей, чым людзей. Ды яно ня толькі на базары. Дзе яны, прасьветленыя твары, Душы годныя для добрых дзей? Год любы ўраджайны На народ. На людзей хапае недароду. Так і йдзе ўсё Цераз пень-калоду. Ружай хоча быць калючы дрот. Некалі налюдзіцца народ, Аюдна I на гэтым сьвеце стане. Выясьніцца сонца. Дзень настане. А пакуль усё наадварот.

27 лістапада 1999 г.

ЛІСТ ДВАЦЦАЦЬ ПЯТЫ

I ўзрушана Зямлю араў нарог, Каб сеяў лёс Журбу сваёй рукою. I сейбіту Спрыяў у працы Бог, Журба ўзыходзіла Каля дарог Сьцяна сьцяною. Мы ня жывем — Мы толькі жнем журбу, Цапамі нашай памяці Малоцім. Зажураныя, Ў неба шлем мальбу. Мяхі журбы Даем свайму гарбу I час наш блоцім. I кожны з нас Журбу ў сабе нясе. Дубам журба Маланкай крышыць кроны. I тоіцца Журба ў жывой красе. Журбою пахнуць Словы нашы ўсе, Наш хлеб надзённы.

1 сьнежаня 1999 г.

ЛІСТ ДВАЦЦАЦЬ ШОСТЫ

У якой душы на куце, А ў якой у парозе самым Бог жыве. I жыцьцё расьце, Заглушаючы цішу гамам. Знадакучыць кватараваць Богу ў цёмнай душы, I пакіне Халадэчу, I вандраваць Пойдзе Бог Па людзкой даліне. I пагрукаецца туды, Дзе чакаюць Яго прыходу. Дзе ўцалуюць тыя сьляды, Што ў душу прывялі лагоду.

3 сьнежаня 1999 г.

ЛІСТ ДВАЦЦАЦЬ СЁМЫ

I адплыло ў чаўне смугі цяпло. I на душу дыхнула сівярамі. Сініца сон згубіла за марамі. I пасівела ў крумкача крыло. Душы цяплей з прыходам халадоў. Свой гнеў сьціха астуджвае стыхія. Яшчэ ідуць апошнія сухія Асеньнія лісты з былых гадоў. А ў тых лістах Пра восень напамін I пра вясну ўспамін Яшчэ вясёлы. Душа цяплее. Калянеюць долы. Сьвятлеецца завей гусіны клін.

6 сьнежаня 1999 г.

ЛІСТ ДВАЦЦАЦЬ ВОСЬМЫ, НЕДАСЛАНЫ

Патрэскваюць кружэлкі старыя, Нібыта ў печы дровы сырыя. Завейна ўсплывае мэлёдыя З гадоў заплаканых, З захаканых халадоў. I цёпла халодае Ад забытых на сьнезе Птушыных сьлядоў. Нарожыста гоніць Баразёнкі чорныя йголка. Парасяты жартаў Папіскваюць у кашы. Успамінам галавакружна, Кужэльна, золка. I на іржышчы будзённасьці Колка Босай душы...

31 сьнежаня 1999 г.

ВОДГАЛАС

Маляваў Васіль Быкаў

Падрыхтаванае на падставе: Рыгор Барадулін, Лісты ў Хельсінкі — Мінск: Беларускі кнігазбор, 2000. — 84 с.

ISBN 985-6318-79-3

УДК 882.6-1

У зборнік увайшлі 26 дасланых і адзін недасланы вершаваны ліст Рыгора Барадуліня аго сябру пісьменніку Васілю Быкаву. Кніга ўтрымлівае таксама малюнкі, якія, па сутнасці, былі адказам на лісты ў вершах. Будучы ў эміграцыі у Фінляндыі народны пісьменнік Беларусі Васіль Быкаў вёў актыўнае жыццё, поўнае сустрэч, вандровак, рознага роду мерапрыемстваў, што і адлюстравана ў малюнках. У сваю чаргу Рыгор Барадулін дзяліўся з сябрам тым, што адбывалася на радзіме, што набалела на душы, былі таксама вершы-віншаванні з нагоды святаў. Чытаючы вершы і аглядаючы малюнкі, адкрываеш цэласную карціну, поўную гісторыю. Сяброўская падтрымка вельмі важная, асабліва, калі чалавек знаходзіцца здалёк ад дому і не мае магчымасці вярнуцца ў кожную хвіліну. Рыгор Барадулін стараўся па-свойму, па паэтыцку зрабіць гэты побыт на чужыне як мага менш тужлівым. Гэтыя вершы нельга не прачытаць, нельга абыйсці увагаю і малюнкі майстра слова.

Рэдактар: М. Наталіч

© OCR: Камунікат.org, 2010 © Інтэрнэт-версія: Камунікат.org, 2010 © PDF: Камунікат.org, 2010 © ePub: Камунікат.org, 2012

Fueled by Johannes Gensfleisch zur Laden zum Gutenberg

Комментарии к книге «Лісты ў Хельсінкі», Рыгор Иванович Бородулин

Всего 0 комментариев

Комментариев к этой книге пока нет, будьте первым!

РЕКОМЕНДУЕМ К ПРОЧТЕНИЮ

Популярные и начинающие авторы, крупнейшие и нишевые издательства