Можам шмат небылiц расказаць,
Як чысцейшую праўду,
Ды, калi схочам,
I праўду расказваць мы можам.
Гесiёд, VIII ст. да н. э.Жывуць Сонца i Кiсларод!
Воклiч грамадзян Iндаэўрапейскай Канфедэрацыi,223 год Вялiкай Эры Плюралiзму IЗазванiў, а дакладней, забэкаў тэлефон. Сёння ён падрабляў голас маладога баранчыка, у якога толькi што прарэзалiся рожкi. Гай Дубровiч узяў трубку.
— Спадар Гай, — прыглушана сказалi на тым канцы, — табе тэлефануе Радзiвiл Сiротка. Якi ў цябе крывяны цiск i што ты бачыў у апошнiм сне?
Такой была форма вiтання на 223 годзе Вялiкай Эры Плюралiзму — замест "добры дзень", або "добрай ранiцы" адразу ж цiкавiлiся крывяным цiскам i апошнiм сном суразмоўнiка.
"Хто такi гэты Радзiвiл Сiротка? — напружыў памяць Гай Дубровiч. — З Iндаэўрапейскага тэлебачання? З Лiгi барацьбы супраць мутантаў? А можа, сусед па 7-й верталётнай пляцоўцы?
Можна было нацiснуць зялёную кнопку на слухаўцы i адразу ж убачыць твар таго, хто званiў, але не хацелася гэта рабiць. У жыццi i ў прыродзе амаль не засталося таямнiцаў, няхай жа будзе хоць гэта, мiкраскапiчная.
— Цiск сто дваццаць пяць на восемдзесят чатыры. У апошнiм сне бачыў, як цалаваўся са сваёй колiшняй аднакласнiцай, — прыглушыў голас Гай Дубровiч i азiрнуўся — цi няма побач жонкi: — Якi ў цябе крывяны цiск i што ты бачыў у апошнiм сне?
— Сто пяцьдзесят тры на дзевяноста шэсць, — паныла адказала слухаўка. А ў сваiм апошнiм сне я, прабач, спадар Гай, бачыў, прабач зноў, цябе i ў вельмi недарэчнай, вельмi цьмянай сiтуацыi.
"Што ён вярзе? — здзiвiўся Гай Дубровiч. — Я яго зусiм не ведаю, не магу ўспомнiць, што гэта за чалавек, а ён, бачыце, снiць аба мне, тэлефануе мне. Але ж у сны прыходзiць толькi тое, аб чым думаеш, або некалi думаў".
Тут Гай Дубровiч зноў палахлiва азiрнуўся, ды жонкi ў пакоi не было. Хоць на 223 годзе Вялiкай Эры Плюралiзму рэўнасць на Ўсеiндаэўрапейскiм рэферэндуме прызнана i зацверджана станоўчай эмоцыяй, з жонкаю на такую тэму лепш не заводзiць гаворку. Жаночы гнеў часам бывае мацней за Ўсеiндаэўрапейскi рэферэндум, жанчыны, як казаў яшчэ бацька Гая Бор Дубровiч, менш плюралiстычныя.
— Дык цьмяна я цябе бачыў, невыразна, але ў даволi рызыкоўнай, даволi небяспечнай сiтуацыi, — бубнiла мiж тым тэлефонная трубка.
Комментарии к книге «Чалавек з брыльянтавым сэрцам», Леанід Дайнека
Всего 0 комментариев