Валеры ГАПЕЕЎ НОЧ ЦМОКА
Раман
(Журнальная редакция)
1.
Калі непрыемнасці пачынаюцца з раніцы — значыць, гэта будуць вялікія непрыемнасці.
Палова на сёмую. Гарадок пусты. Я іду па праезнай частцы, бо на гэтай вуліцы, якая сцелецца ўздоўж высачэзнай сцяны-агароджы калоніі, няма ходніка. Цёмна-шэрая, амаль чорная ад вільгаці стужка асфальту бяжыць уніз, да скрыжавання. Там цяпер міргае жоўтым святлафор. Ад святлафора прайсці паўсотні крокаў — і вось ён, светла-шэры будынак пракуратуры. А далей шаша перакульваецца цераз скрыжаванне і пачынае ўздымацца ўверх, зноў нырцуе ўніз і ўпіраецца ў сучасны будынак царквы з чорнымі купаламі.
Заўсёдны бомж ля трох смеццевых кантэйнераў педантычна перабірае іх змесціва. Яго я бачу шгораз толькі са спіны, ён ніколі не паварочваецца на мае крокі. Робіць сваю справу бязгучна, наваг шкляныя бугэлькі дасгае і пакуе ў свае горбы без адзінага дзінькання. На бамжы добра зношаныя, але чысгыя джынсы, велікавагыя. Чырвоныя красоўкі на нагах, моладзевыя. Шэрая куртка з капюшонам, які цяпер насунуты на галаву. Куртка, відаць, падабаецца бамжу, бо яна адна засгаецца на ім вось ужо колькі месяцаў, ад зімовых халадоў. Штаны і абутак ён мяняе, як зносяцца ці забрудзяцца. Бомж не зважае на людзей, а для мяне ён стаўся прадметам вуліцы, бы нейкі дадатковы антураж да кантэйнернай смеццевай пляцоўкі.
Вартавы на вышцы ў куце агароджы, высока над зямлёй, стаіць у драўляным акенцы, плечуком і галавой прыціснуўшыся да вушака. Расплюшчвае вочы на мае крокі, глядзіць лянотна і абыякава і зноў заплюшчвае іх — яму хочацца спаць… Проста над вакенцам будкі ашчэрылася вастрыямі спіраль калючага дроту, якая мацуецца над высокай агароджай, і я зноў думаю пра тое, што калі з той вышкі глянуць удалеч праз сярэдзіну спіралі, бы праз трубу, дык пабачыш якраз вялікі чорны купал царквы з жоўтым крыжам. Але ж не будзеш прасіць вартавога, каб зірнуў і праверыў…
Гэты вартавы і тое, што я іду па правай частцы дарогі да пракуратуры, адно і пераконваюць: прайшло больш за дванаццаць гадзінаў. І хоць цяпер гэтак жа хмурна і шэра, як было надвячоркам, гэтак жа бязлюдна і мярцвяна ціха, учарашні вартавы на вышцы быў не сонным, а я ішоў у другім напрамку. Значыць, цяпер не ўчора, а сёння…
Адзін дзень падобны да другога, ранкі не розняцца ад надвячоркаў, начэй без зорак. Мне здаецца, такое надвор’е — пахмурнае, без дажджоў, іншым разам з мокрым пылам у паветры — было тут заўсёды і будзе заўсёды. Некалькі сонечных дзён, калі цвілі вішні, здаліся кароткімі і сарамлівымі, прамільгнулі, быццам іх і не было, нібыта школьніцы-выпускніцы прабеглі тратуарам, свецячы вакол сябе незагарэлай маладой скурай высока адкрытых ног.
Не, я не злуюся на надвор’е, мне быццам усё роўна, але я здзіўлены, што вельмі доўга яно трымаецца вось такое: ціхае, шэрае і не халоднае. І адначасова дзіўлюся сам з сябе праз тое, што я дзіўлюся надвор’ю. Хіба раней я звяртаў на яго ўвагу? І ці задумваўся: чаму так, а не іначай? Было разоў колькі, калі нечаканая непагадзь магла сапсаваць нашую студэнцкую вылазку на прыроду, але мы заўсёды мелі на такі выпадак запасны варыянт у выглядзе якой сядзібы. А вось цяпер на мяне неяк цісне, мякка, але няўмольна ахутвае лёгкай незразумелай тугой нашая штодзённая шэрасць…
Мне спадабаўся райцэнтр пасля тлумнага Мінска: варта выйсці на працу ўсяго на паўгадзіны раней — і табе ніхто не сустрэнецца наперадзе, ніхто не будзе даганяць ззаду. Нечакана для сябе я зрабіў адкрыццё: тут можна пабыць самотным без асаблівых высілкаў. Увесь горад жыве паводле аднаго вялізнага нябачнага будзільніка. Праз хвілінаў трыццаць — сорак з’явяцца першыя аўтамабілі, пасля — веласіпедысты, потым тратуары пачнуць запаўняцца мінакамі. А пакуль — цішыня, адно мае крокі. Вечарамі ў нейкі момант вуліцы імкліва пусцеюць, цішэюць, нешматлікія пары-тройкі моладзі ў пагусцелай шэрасці, якая глушыць гукі, брыдуць з аддаленых куткоў у цэнтр — там іх месцы тусоўкі, там некалькі ліхтароў і лавы ў ценю.
Яшчэ мяне прывабіў правінцыйны гарадок сваім адчуваннем прасторы.
Тут няма старых вуліц жыдоўскай забудовы, дзе дарогу шырынёй толькі каб аўто праціснуцца, падпіраюць сцены дамоў, і ты ідзеш міма вакон, бы які злодзей — на адлегласці выцягнутай рукі ад пакрытых пылам шыбаў. Вуліцы прыватнай забудовы ў райцэнтры шырокія, ад краю дарогі да хат — добры дзясятак метраў. Няма ў гарадку і сучасных вышэзных дамоў, вузкіх двароў. Тут самы высокі шматпавярховік — на пяць паверхаў, двары проста велічэзныя, у сталіцы на такой плошчы яшчэ б тры-чатыры гмахі ўціснулі. І таму тут прывольна. Нават аўтамабілям хапае месца. Праз самы кароткі час пасля мінскай таўкатні і даўкі да цябе вяртаецца адчуванне тваёй асабістай прасторы, амаль фізічнае адчуванне, і людзі вакол таксама заўважаюць яе. Тут усе быццам маюць асаблівы зрок, бачаць воблака твайго працягу вакол цябе. І нават калі падыходзяць на вуліцы, спыніўшы, — не парушаюць, не разрываюць гвалтам нябачную тваю абалонку і берагуць сваю. І ты таксама не лезеш нахабам у чужы свет, нават калі перад табой твой сябар.
Хаця, па праўдзе, сяброў у мяне тут пакуль няма. У пракуратуры я не толькі самы малады, але, бадай, усім магу дацца ў сыны па ўзросце. Хіба акрамя сакратаркі Зіначкі, трыццацітрохгадовай крэпенькай жанчыны невысокага росту з завялікімі для яе танкарысага твару пульхнымі грудзьмі.
…Тэлефон у кішэні ўздрыгвае, непрыемна, са штучнай бадзёрасцю гучыць у ранішняй застыласці электронная мелодыя. Трэба выбраць іншую…
Тамара! Хваляванне разганяе думкі: што здарылася? Ведаю я свае абавязкі, вось і выйшаў раней… Надзвычайнае нешта? Не, не можа быць… Нават калі здарылася забойства, Тамара наўрад ці пачне турбаваць за паўтары гадзіны да пачатку работы. Бо куды спяшацца? Калі недзе труп — дык пачакае, не збяжыць жа…
Трупаў у нас год ад году па-рознаму. Калі не лічыць «недапалкаў» — аматараў пакурыць п’янымі ў ложку, абгарэлыя косткі якіх пасля знаходзяць у тых жа ложках, — такіх да дзесяці за год бывае. А па крымінальнай частцы — тры-чатыры. П’яныя бойкі… І сын бацьку, і сужыцелька мужыка, і між сабой сябры-таварышы не падзеляць чаго, як перап’юць. Хаця, калі ўзняць справы хоць бы пяцігадовай даўніны, хапае і сапраўдных трагедый. Ды вось два гады таму жанчына мужа былога — касой і ў калодзеж. Не анекдот, так і было: якраз прынёс сусед наклёпаную касу — ёй і шмарганула па шыі мужыка, калі той прылёг у двары на лаўцы адпачыць пасля няўдалае спробы гвалтавання. Расследаваць, па сутнасці, не было чаго: калі з сухога калодзежа суседняга закінутага двара пачало смярдзець мярцвячынай, жанчына прызналася ва ўсім. Запісваў яе паказанні, старонка за старонкай паўставала перада мной яе жыццё, і не верылася, вось далібог, не верылася, каб дэградацыя чалавека (то я пра яе былога мужа кажу) магла праходзіць з такой неймавернай хуткасцю… З жанчынай, якую цікавіла цяпер толькі адно — будучыня дачкі, падоўгу размаўляла сама Тамара. Пасля выкурвала ў сваім кабінеце па дзве цыгарэты запар.
— Законы. Законы! — выгуквала яна, страсала попел так, што той ляцеў ва ўсе бакі ад попельнічкі. — Сістэматычна збіваў, двойчы гвалтаваў пасля разводу ўжо, зневажаў прылюдна, апошні раз збіў і амаль згвалтаваў на вачах дванаццацігадовай дачкі, — а нельга кваліфікаваць яе дзеянні станам афекту!
Так, нельга было. Тым больш, пасля таго, як адхрыпеў і заціх мужык, яна разам з дачкой зацягнула труп на суседскі падворак і перакінула ў высахлы калодзеж. Яшчэ і галлём зверху прыкінула… Жанчына сядзела ў маім кабінеце, не жанчына, а бясполая істота з толькі адным жывым інстынктам — мацярынскім, бы і не чалавек ужо, і сам я злаваўся немаведама на што: жанчыне цяпер трэба доктар, сапраўднае лячэнне, а яе чакае зона гадоў на дзесяць…
«Дзясятку» яна і атрымала, але праз паўгода ўнеслі змяненні ў азначэнне таго самага стану афекту. Ніколі раней не бачыў такой радаснай Тамары:
— Я даўно казала, даўно: стан афекту можа быць выкліканы шэрагам падзей, разнесеных у часе, і доўжыцца не хвіліны, а дні і тыдні! Дайшло да іх, нарэшце! Гэтулькі жыццяў скалечылі!
Яна сама вярнула справу жанчыны-забойцы на паўторны разгляд у суд. І жанчыну вызвалілі на судовым працэсе.
Чамусьці менавіта той выпадак згадваецца мне між позіркам на высвечаны нумар і націсканнем кнопкі адказу.
— Слухаю, Тамара Сяргееўна.
— Васіль, ты ідзеш? — хрыпата пытае пракурор.
— Іду, Тамара Сяргееўна! — асцярожна адказваю я, імкнуся па тоне ўгадаць прычыну нечаканага званка. — Дзесяць хвілінаў — і буду.
— Ага, давай. Не пужайся, усё добра. Я тут сяджу, чакаю. заходзь да мяне адразу.
На душы лягчэе. Ну і цудоўна. А чакае. ну, няхай пачакае. Галоўнае — голас спагадлівы і дадала, што ўсё добра. Наша Тамара не з тых начальнікаў, якія хаваюць камяні за пазухай. Калі што не па ёй, яна не будзе выбіраць час і месца, трымаць нешта на ўсякі выпадак. Сказала не пужацца — значыць, учорашняе застолле не нясе для мяне непрыемнасцяў.
Калі мне паведамілі, што накіроўваюся следчым у пракуратуру, якую ўзначальвае жанчына сарака пяці гадоў, асаблівых эмоцый у мяне не ўзнікла. Бо жанчыны-пракуроры — даўно вядомая практыка. І, як сведчыла неафіцыйная статыстыка, ступень іх сцярвознасці ніколькі не пераўзыходзіла ступень ссучанасці мужчын-пракурораў. Карацей, як пашанцуе, то і з жанчынай-начальнікам можна жыць, а як не — дык не.
Мне пашанцавала. Тамара Сяргееўна, ростам вышэй за сярэдні, худая бы дошка, амаль без грудзей, з худым скуластым тварам, глыбока запалымі вачыма і тонкімі, злёгку падфарбаванымі вуснамі, падстрыжаная, як на мой густ, вельмі коратка для жанчыны, пры знаёмстве мне не ўсміхалася, але пасля кароткага запрашэння прысесці і такога ж аднаслоўнага загаду добра зачыніць дзверы палезла ў свой невялікі сейф і выцягнула адтуль пачатую бутэльку каньяку.
— Сядай, — зусім па-хатняму стомлена запрасіла яна (быў канец працоўнага дня), дастала з шуфляды два стограмовыя кілішкі, нейкія занадта старыя, з зялёнага шкла, расшыраныя кверху, з выкручастым узорам па краях. Наліла па траціне, кіўнула: — Бяры, не саромся. У нас тут па-простаму.
Паводзіны пракурора, яе знешні выгляд нечакана выклікалі ў мяне асацыяцыю з некалі прачытанай гісторыяй пра царыцу Тамару. Як выявілася, такое было не толькі ў мяне, таму ў пракуратуры Тамару Сяргееўну за вочы так і клікалі, нязвычна па імені — Тамара, быццам падкрэслівалі кароткім зваротам уладнасць і вялікаснасць асобы гэтай жанчыны.
Выпілі, яна тут жа закурыла (вялікая цяжкая попельніца з зялёнага шкла займала на яе стале такое ж пачэснае месца, як і перакідны каляндар) і паўтарыла:
— У нас тут па-простаму. Калі будзеш даносіць — пачынай адразу, вось табе і першы факт, — без усмешкі кіўнула яна на бутэльку. — Будзеш свалачыць — вылічу і выкіну. Тут толькі адна сволач можа жыць — я сама. Мужчынам не дарую аднаго — калі ратуюць сваю скуру, топячы іншых. Астатняе можна зразумець. Налівай цяпер сам.
І насамрэч, у пракуратуры адносіны былі дастаткова простымі і празрыстымі. Першую праверку на вашывасць я прайшоў ужо праз тыдзень: у маім кабінеце выпівалі, ужо не помню з якой нагоды, усім складам. Мне патлумачылі два простыя правілы: першае — выпіваць будуць заўсёды ў кабінеце самага малодшага, другое — прыбіраць пасля выпіўкі дазволена толькі раніцай і толькі гаспадару кабінета. Калі першае было дастаткова зразумелым, то слушнасць другога я дапяў, калі назаўтра прыйшоў за гадзіну да пачатку работы, адчыніў фортку і стаў прыбіраць. Дарэмна было ўспамінаць, як і калі так атрымалася, але ж на факсе тэлефанаграмы ляжалі некалькі скрылікаў падсохлага сычужнага сыру. Учора яны б дакладна апынуліся разам з дакументам у сметніцы. Шукаў бы потым.
Заскочыў у свой кабінет, адчыніў фортку: смурод з сумесі тытунёвага дыму, гарэлкі, часночнай каўбасы (яе чамусьці вельмі паважаюць у пракуратуры) і яшчэ не разабраць чаго быў густым, хоць па сценках размазвай. Прымкнуў дзверы і пайшоў на другі паверх да Тамары. Як і думаў, яна сядзела за сваім сталом і курыла. Заўважыла мяне, махнула рукой — прычыні дзверы, нахілілася і дастала бутэльку.
— Кажуць, не станеш алкаголікам, пакуль не навучышся піць адзін, — казала яна, наліваючы ў тыя самыя шклянкі з узорам па краях. — Безумоўна, гэта глупства, але ж вось не магу адна. А пахмяліцца трэба. Старая стала зусім, колькі там учора выпіла, а галава, як цэбар, і ў роце страшна. Бяры!
Мы выпілі, Тамара пасунула мне попельніцу.
— Ты справу па трупеню-тапельцу закончыў?
Тое, што яна пачала размову са справы, падказала: патэлефанавала яна не толькі з жадання пахмяліцца разам.
— Закончыў, — кіўнуў у адказ. — Заключэнне паправіць крыху.
— Паправіш. — Тамара паказала позіркам на бутэльку: — Давай яшчэ па адной. і больш не будзем. Выклікала кіроўцу, паедзем зараз.
— Трупень?
— Ён самы. Ты так і жывеш без дзеўкі? — неспадзявана спыталася Тамара.
— Ды неяк часу на іх няма, — адмахнуўся я.
— Ну, вось і пазаймаешся, — без усмешкі пажартавала Тамара. — Каб не забыўся, як баба выглядае… Вясковую маладзіцу, 27 гадоў, знайшлі голай на ячменным полі. Як табе?
— Ого! — здзівіўся я. — Цікава. А дзе такія жарсці?
— Ляўдок. Ведаеш?
— Не давялося пакуль пабыць.
— Дваццаць кіламетраў па трасе, крыху ўбок. Была вёска сярод лесу, засталося пяць хат жывых. Але ж гадоў восем таму нехта першы аблюбаваў сабе хатку пад дачу. Ну і панеслася. Хоць ніяк не зразумею, дзе там цікавае: лес ды поле. Рачулка — вераб’ю па калена. Але факт: сёння там невялікі дачны пасёлак; праўда, дамкі сціплыя. Збіраюцца, адпачываюць, памідоры-трускалкі.
Завібраваў тэлефон на стале, Тамара зірнула, ціснула кнопку і коратка адказала: «Чакай».
Сама наліла яшчэ па колькі ў чаркі.
— Кіроўца прыехаў. Ты скажы, як мы на ўмоўнасцях пападаемся. От кажуць: трэба тры выпіць. І спыняцца на дзвюх ужо і няправільна, супраць нечага ідзеш. Давай, налі і чайнік уключы. Кавы пап’ем. Аператыўнікі выехалі паўгадзіны таму. Зараз, адзванюся ім.
Праз паўгадзіны мы ўязджалі роўнай лясной дарогай у вёсачку Ляўдок. Нас сустрэў ля першай хаты ўчастковы, мужчына гадоў сарака, з вялікім пукатым жыватом, мажны, амаль лысы. Фуражку ён трымаў у руцэ, не стаў яе надзяваць, калі мы прыпыніліся. Лысіна ягоная была ў дробных кропельках, хоць дажджу не было, роўнае шэрае неба ўзнялося вышэй.
— Добрай раніцы, Тамара Сяргееўна, — павітаўся ён.
— Здароў, Тумар, — адказала пракурор. — Добрыя ты нам раніцы падганяеш. Гэта мой следчы.
— Ведаем, ведаем, — участковы моцна паціснуў мне руку, і яго далонь, насуперак майму прадчуванню, аказалася сухой і шурпатай.
— Далёка яшчэ? — пацікавілася Тамара.
— Тут пешкі трэба, метраў пяцьсот, Тамара Сяргееўна, — завінаваціўся ўчастковы, быццам ён адказваў за тое, дзе цяпер знаходзіцца труп.
— Аператыўнікі там?
— Там. Чакаюць.
— Чаго чакаць? — у спіну ўчастковаму, які павярнуў на сцяжынку ўздоўж агарода, строга спытала Тамара. — Мамку?
— Ды там. там пабачыце, Тамара Сяргееўна, — незразумела адказаў участковы, але Тамара, на здзіўленне, пытанняў задаваць не стала. Мабыць, доўгая практыка падказвала: калі нечага чакаюць — так, значыць, і трэба.
— Забітая — мясцовая, з вёскі, — казаў, гучна заглытваючы паветра, участковы. — Жыла з бацькам, той зусім стары, даглядала. Не замужам, 27 гадоў. Працавала санітаркай у бальніцы. Нідзе не была заўважана, ціхая, нават дзікая. Ды яны з бацькам жылі. асобна ад усіх. Труп пабачыла першай гаспадыня поля, іх суседка, старая баба. Выйшла да ветру за хлеў — ляжыць.
Спыніліся.
Тры аператыўнікі стаялі, як мне падалося, у крыху разгубленым чаканні, на мяжы ячменнага поля. Бліжэй да нашай мяжы, метраў за дзесяць ад яе, сярод невысокіх тонкіх парасткаў ячменю на жываце ляжала жанчына. Левая рука выкінутая далёка наперад, правая сагнутая ў локці, адведзеная крыху назад. Правая нага сагнутая ў калене, левая — выцягнутая. Твару не відаць, галава павернутая на левую руку. Чорныя валасы, кароткая стрыжка. Маладое, дужае цела быццам раптоўна застыла ў кароткім перадыху.
— Не дапаўзла, — услых агучыла маю думку Тамара. — А што здарылася яшчэ, чаго стаіцё, не працуеце?
— Ды вось. — кіўнуў на труп начальнік крымінальнага вышуку. — Слядоў няма. Учора бабця паскародзіла ячмень.
І ўжо разам з намі, невядома ў каторы раз некалькі пар вачэй пільна ўглядваліся ў ляжачую жанчыну і лапік зямлі вакол. Да яе і назад ішоў толькі адзін ланцужок слядоў — кагосьці з аператыўнікаў. А больш — нідзе не слядочка. Пабаранаванае поле з парасткамі было роўненькім, як кантрольна-следавая паласа на дзяржаўнай мяжы.
— Ну не з неба ж яна ўпала, — раздражнёна запярэчыла Тамара — яна заўсёды раздражнялася, калі чамусьці не магла знайсці тлумачэння, — і пачала абыходзіць труп па коле на вялікай, у некалькі метраў, адлегласці.
— Няма слядоў. — ужо без здзіўлення і раздражнення канстатавала яна, калі вярнулася на месца. — Што скажа мой малады геній вышуку? — спытала без усмешкі.
— Трэба. вынесці труп на мяжу. пасля фатаграфавання, — прапанаваў я. — Са слядамі потым разбярэмся.
— Ага, разбярэмся, — пагадзілася Тамара, дастала цыгарэты. — Хлопчыкі, прымайцеся за справу… Першы раз пачынаю з нейкай чартаўні, — Тамара выдыхнула дым. — А якая крамяная дзеўка, га, Васіль? Чаму забіваюць прыгожых?
Яна не чакала адказу, дый што я мог адказаць? Што не абавязкова прыгожых? Розных бачылі.
2.
Нават калі вельмі доўга хадзіць па крузе, вынікам стане толькі вытаптаная сцежка.
З адным аператыўнікам мы хадзілі вакол трупа па спіралі, усё пашыраючы кола, і ўважліва ўглядаліся сабе пад ногі. Роўная зямля з характэрнымі бароздкамі пасля баранавання. Ячмень яшчэ не падняўся высока, ды і пасеяны быў радкамі, у ім не магло хоць нешта схавацца ад нашых позіркаў. Нідзе не тое што следу, а нават намёку, што тут нехта хадзіў.
За нашым кружляннем па полі з маўклівым дакорам назірала ад свайго хлява гаспадыня — бабулька сталага веку, апранутая ў чорную сукню. Стаяла, крыху прыгнуўшыся наперад, абапіраючыся на таўставаты кіёк. Было сорамна: топчам усходы. Мабыць жа, учора бабулька нямала пабегала, каб знайсці гаспадара з конікам, нямала ўлагоджвала, каб выскарадзіў чыста зелле, а ячмень каб не пацярпеў. І вядома ж, ставіла бутэльку на стол, смажыла яечню, кроіла тоўстымі кавалкамі магазінную каўбасу, якую так і не навучылася рэзаць па-гарадскому — тонкімі акуратнымі скрылікамі. Ды і навошта вучыцца, калі кавалак павінен быць на кавалак падобным, каб было што ў рот пакласці рабочаму мужчыну. А мы вось цяпер топчамся, ходзім па яе полі, як па сваім двары.
— Ну як? — узняла на мяне вочы Тамара, калі падышоў да яе пасля таго, як наша спіраль дайшла да ўтравелага ўзмежжа.
— Д’ябальшчына нейкая, — шчыра прызнаўся я ў сваёй няздольнасці хоць нешта патлумачыць. — Слядоў аніякіх. Нішто не паказвае на тое, што сляды, калі яны былі, нехта пасля заграбаў. З бараной ганяліся ад краю туды і назад па другім баку… Малюнак пасля зубцоў паўсюдна роўны, нідзе нічым не перапынены. Труп з’явіўся на ўжо пабаранаваным полі, — сказаў, каб нешта яшчэ сказаць, бо мне і самому падалася дурной думка пра тое, быццам нехта ўчыніў злачынства, пакінуў труп на полі, а сам стаў тое поле спакойна баранаваць.
— Будзем лічыць: з неба ўпала, — спакойна рэзюмавала Тамара, дастала цыгарэты. — А голая таму, што якраз на мятле ляцела, як тая. як яе, Маргарыта, так?
Я цішком глянуў на Тамару — жартуе яна ці што? Як яе разумець?
— Тады мятлу знайсці трэба.
— Халера з ёй, кажу, — загадна прамовіла Тамара і пільна паглядзела на мяне. — Не тлумі галаву тым, што не можаш патлумачыць адразу, тым больш, ніякай карысці з таго тлумачэння не будзе.
— Чаму не будзе? — заўпарціўся я.
— Таму. Відавочна: смерць напаткала яе тут. Значыць, на поле прыйшла сама. Неяк прыйшла, але сама. Калі б яе сюды прынеслі — павінны, па — першае, несці ўдвух, бо не такая яна худзенькая. А калі б і адзін нёс, дык тут не сляды засталіся б, а яміны. І няма сэнсу несці забітую на чыстае поле, класці пад вочы людзям, ды яшчэ рукі-ногі выкладаць узорам. Усё лухта. Адкуль яна ішла? Вось пытанне, дзе ўсе адказы. Шукай.
— Ды разумею, — павініўся я.
Калі бачыў многа трупаў, не мёртвых у трунах, а менавіта трупаў, застылых у сваіх апошніх рухах, то лёгка адрозніць мёртвага чалавека ад проста знерухомелага. Асабліва труп без адзення. Але жанчына на мяккай посцілцы баранаванай зямлі ўдавала з сябе жывую. Настолькі жывую, што цягнула падысці і прыкрыць сваім пінжаком яе аголеныя сцёгны. Было няёмка. Здаровыя мужыкі стаяць над голай маладзіцай, якая сцішылася, утаймоўвае сваё дыханне, бо бачна ж, як цяжка даліся ёй апошнія метры поўзання па полі.
Але ж. невялікая дзірка ў вобласці рэбраў з кароткім засохлым крывавым падцёкам падказвала ўсім нам, хто не першы раз бачыў такія раны: жанчына — мёртвая.
Кажуць, калі чалавек памірае на руках, дык момант смерці вельмі проста вызначыць: цела яго раптоўна становіцца больш важкім. Не было ў мяне выпадку праверыць тое на практыцы, ведаю адно: мярцвяк заўсёды цяжкі. Смерць напаткала гэтую жанчыну зусім нядаўна: яшчэ ніколькі не спруцянелі мышцы яе рук і ног, яны лёгка разагнуліся, калі мы перавярнулі труп на спіну.
Цяпер я зразумеў сапраўднасць Тамарыных слоў наконт прыгожых, якіх забіваюць. Стан дзяўчыны быў бездакорны. Праўда, нехта мог бы давесці, што яна залішне тоўстая для свайго ўзросту, але менавіта такіх прыгажунь, кажучы сённяшняй мовай, рэкламаваў Кустодзіеў: паўнацелых, здаровых ва ўсіх сэнсах, калі і сцёгны — каб дзяцей нараджаць без страху, і грудзі — каб малака хапіла на тройню. Адно валасы каротка падстрыжаныя.
І спакойны твар. Заплюшчаныя вочы, сціснутыя вусны. Далібог, так паміраюць у сне, без болю і тугі.
— Вось дык маеш… — прысвіснуў старшы з аператыўнікаў. — Тамара Сяргееўна, рана скразная. Уваход з правага боку, а выхад — вось, — аператыўнік пацягнуў труп за руку і павярнуў цела на правы бок.
Другая невялікая рана была амаль без слядоў крыві, але дастаткова выразнай, каб казаць пра тое, што яна звязана з ранай на правым баку.
— І што такое можа быць? — Тамара амаль не выказала свайго здзіўлення, памацала рану пальцам. — Не надта вострае, атрымліваецца, скуру быццам парвала, а не разрэзала.
— Ды вось першае ў галаву прыйшло, — шомпал, — адказаў аператыўнік.
— Тады хутчэй нейкі самаробны шампур. Насадзілі яе, як кавалак мяса, — не згадзілася Тамара. — Уваходная адтуліна велікаватая для шомпала. Дакладна эксперт скажа. Прыкрыйце чым яе. — нечакана папрасіла Тамара. — Занадта яна. жывая.
Пракурор павярнулася да мяне з працягнутымі рукамі, я дастаў з кішэні пачак вільготных сурвэтак і выцягнуў дзве — сабе і ёй.
Калі труп загрузілі ў машыну аператыўнікаў, Тамара прысела на вялікі шэры камень, які відавочна выцягнулі на ўзмежжа з поля, і коратка прапанавала:
— Выказваемся.
— Маем труп голай бабы, няйначай ведзьмы, — скрывіўся ў спробе ўсміхнуцца адзін з аператыўнікаў.
— Ну, яна не ведзьма, — нечакана ўмяшаўся ўчастковы Тумар. Ён працёр сваю вільготную лысіну, але фуражку чамусьці не надзяваў. — Ва ўсякім разе, людзі нічога такога не казалі пра яе. А вось бацька — так.
— Што — так? — папрасіла ўдакладніць Тамара.
— Бацька яе — у мінулым вядомы вядзьмак, лячыў людзей, а больш — скаціну. Дзяцей ад спалоху адшэптваў. Казалі, мог і зелле для жанчын прыгатаваць, каб мужыка ўтрымаць ля сябе, — нехаця распавёў Тумар. — Ды не глядзіце на мяне так! Вядзьмак — ён і ў нас вядзьмак, і ў Афрыцы. Сам у яго гадоў колькі таму з жыватом быў. Так хапіла было жывот — нічога рады даць не магло, і дактары рукамі развялі.
— І чым лячыў? Шаптаў можа? — пакпіў нехта.
Тумар зірнуў на аператыўніка, які задаў пытанне, сарваў травінку і стаў, кусаючы яе, расказваць з лёгкай крыўдай, бы дзіця, якому не вераць:
— Як чалавек здаровы — ён з усяго смяяцца можа. А як прыцісне, калі стане не да смеху — пабяжыш, папаўзеш хоць да ведзьмака, хоць да чорта лысага. Кажу праўду: так скруціла было — ні халеры не дапамагала. На хуткай прыехалі, праверылі: апендыцыту — няма, тэмпературы — няма, панос не ганяе. Ляжы, цярпі, будзем назіраць незразумелую клінічную карціну! Ага, уляжыш. Мяне зяць у машыну закінуў — і паехалі. Зміцер. ну, вядзьмак, бацька вось забітай, мне адвару нейкага даў папіць, бы з грушак. А пасля на печ загнаў. І кажа: злазь, галавой і рукамі наперад.
— Як? Спаўзаў?
— Ну так, спаўзаў. З печы — на палок, з палка — на падлогу, тады ўжо ўстаў.
— І як? — першы раз за ранне ўсміхнулася тонкімі сухімі вуснамі Тамара.
— Ды пайшоў, як нованароджаны, — бы нехаця закончыў Тумар, і зірнуў на Тамару: — Не верыце?
— Чаму тут не верыць? — паціснула плечукамі Тамара. — Мая бабця свайго сына, майго дзядзьку так лячыла. Нескладанае вядзьмарства. Так лечаць, калі пуп надарвеш. Цяпер ужо і не ведаюць мужыкі, як тое і дзе — пуп надарваць. А раней. Так, давайце бліжэй да справы. Вядзьмак не ўцячэ ад нас. Адна-адзінюткая рана, ніякіх сінякоў, драпінаў. Голая. З’явілася ноччу. Значыць, шукаем мужчыну. І думаем, чым такім маглі ўдарыць. Давай, Тумар, кажы найперш пра яе каханка.
— Не скажу, — паморшчыўся Тумар, бы ад кіслага. — Не было ў яе каханка.
— Такая жанчына вабная — і каб кавалера не было?
— Ды яна мужык мужыком была! — адчайна выгукнуў Тумар прызнанне, быццам сам быў вінаваты. — На косы яе гляньце — пад хлопца падстрыжаная. Яна такой і хадзіла, як мужык апраналася. Калі яшчэ зусім дзеўкай была, дык адно з дзяўчатамі сябравала. Тады ўжо на яе паглядалі з насцярогай, маткі дзяўчатам казалі, каб з ёй не сябравалі. Пару разоў было, хлопцы да яе спрабавалі падысці-пад’ехаць на гулянках, дык дарэмна. Не, я колькі за ёй назіраю.
— І з чаго ты за ёй назіраць стаў? — перапыніла Тамара.
— Ды. — не разгубіўся Тумар, — цікава ж. То чытаеш, кіны глядзіш, дык там усе гэтыя. ненармальнасці толькі ў гарадскіх бываюць. А тут вось — хутар забіты, лес вакол, і такое.
— Прырода не выбірае: горад ці вёска, — умяшаўся старшы аператыўнік.
— Значыць, маем актыўную лесбіянку.
— І трэба шукаць сяброўку…
— І сябровак не было ў яе, — цяпер ужо са шкадаваннем паведаміў Тумар.
— Цураліся яе. Хоць вось са мной яна была вельмі паважнай. Разумніца.
— Трэба капаць сярод знаёмых.
— Не спадзявайцеся на прастату, — Тамара ўзнялася, абтрэсла-абцягнула вузкую спадніцу. — Працуйце, ведаеце самі, што рабіць. Мне праз гадзіну ў турму, на разбіральніцтва скаргаў. Будзеце анатаміраваць, запрасіце загадчыцу гінекалагічнага аддзялення нашай бальніцы Раісу Ананьеўну. Бацьку распытайце асабліва.
— Ужо як атрымаецца, — уздыхнуў Тумар. — Слабы зусім. Амаль і не гаворыць. А як там з яго галавой і чаму верыць…
Мы заехалі ў сельвыканкам, я папрасіў сакратара, каб падрыхтавалі і да вечара перадалі звесткі пра ўсіх жыхароў вёскі. Папярэднія размовы з мясцовымі і з бацькам забітай будуць весці аператыўнікі. Мяне чакаў кабінет: папяровая работа, трэба было тэрмінова заканчваць заключэнне па тапельцу, а найперш прыбрацца. Хоць сонца і не было відаць, у паветры адчувальна пацяплела. Жах падумаць, якія водары там.
Але, на здзіўленне, пах у кабінеце быў амаль нармальным: выцягнула ўсё праз фортку. На навядзенне парадку патраціў хвілінаў дваццаць, нават бутэлькі паспеў вынесці, балазе, вялікі кантэйнер для смецця стаяў непадалёку ад будынка пракуратуры. Яшчэ з гадзіну выпраўляў-дадрукоўваў паперы. Невядома, як цяпер закруцяцца справы з забойствам…
Папярэдне дамовіўшыся з галоўурачом Віктарам Паўлавічам пра сустрэчу, бліжэй да абеду паехаў у раённую бальніцу.
Мне ўжо даводзілася сутыкацца з Віктарам Паўлавічам і па справе, і ў неафіцыйных абставінах. Імпанавала яго манера трымацца — інтэлігентна, сціпла, і адначасова з годнасцю. Хударлявы, заўсёды чыста выгалены і акуратна, каротка падстрыжаны, з вялікай залысінай. Нягледзячы на сваю адміністрацыйную занятасць, займаецца хірургічнай практыкай. Дарэчы, мясцовае насельніцтва яго паважае: кажуць — як галоўурач разрэжа, дык зажыве хутка. Паважаюць яго і ў бальніцы, прынамсі сярэдні і малодшы медперсанал. Адна з рыс галоўурача — заўсёды вітаецца з усімі ў аддзяленнях: аднойчы спытаўшы прозвішча і імя, адразу запамінае, і ў наступны раз звяртаецца па імю, а тое вельмі падабаецца і маладым медсёстрам, і распаўнелым санітаркам.
Асаблівую павагу сярод моладзі і пэўнай часткі разумнейшых немаладых супрацоўнікаў Віктар Паўлавіч здабыў у мінулым годзе. Тады стаяла неймаверная гарачыня, медсёстры ў бальніцы мусілі ратавацца, надзяваючы свае халаты на голае цела. А тыя халаты — з сінтэтыкі белай, то не касцюмы ўрачоў са шчыльнай зялёнай тканіны. Дык трусы і станікі жанчын, якія дастаткова сэксуальна падкрэслівалі вабныя формы ў большасці медработнікаў, выклікалі ў асобных пурытан, як мужчынаў, так і жанчын, літаральныя прыступы шаленства. Дайшло да таго, што пасыпаліся скаргі ад найбольш пільных грамадзянаў у райвыканкам.
Тамара расказвала, што на адной апаратнай нарадзе старшыня райвыканкама, той яшчэ самадур, накінуўся на галоўурача: развёў бардэль, медсёстры амаль голыя ходзяць. На гэта Віктар Паўлавіч выслухаўшы з’едлівыя абвінавачанні і патрабаванні неадкладна навесці парадак, спакойна адказаў: «Згодна з санітарнымі нормамі, медыцынскі персанал павінен пераапранацца ў спецадзенне, знімаючы сваю вопратку. Мы атрымалі тыя медыцынскія халаты па лініі гуманітарнай дапамогі пяць гадоў таму. Грошай, якія былі выдзеленыя на спецадзенне за мінулыя пяць гадоў, хапіла толькі на касцюмы пяці маладым урачам. Іншыя даношваюць старыя ці купляюць пры выпадку касцюмы за свае грошы. Калі мне сёння пералічаць патрэбныя мільёны (тут галоўурач назваў суму з дакладнасцю да рубля), заўтра ўвесь медперсанал будзе апрануты згодна з патрабаваннямі санітарыі і дыенталогіі. У адваротным выпадку медсёстры будуць насіць тыя самыя празрыстыя халаты, якія сталі празрыстымі з прычыны цалкам выпрацаванага рэсурсу і распаўзаюцца літаральна на вачах». Кіраўнік раёна быў уражаны менавіта дакладнай лічбай і, каб годна выйсці з сітуацыі, тут жа падняў начальніка фінаддзела і запатрабаваў знайсці хоць колькі грошай. Пазней нехта казаў, што сам галоўурач крадком заахвоціў медперсанал насіць халаты на голае цела, каб нарэшце атрымаць грошы, якія выбіваў пяць гадоў.
Віктар Паўлавіч сустрэў мяне ў сваім кабінеце з ужо прынесенай на яго загад асабістай справай. Яшчэ калі я тэлефанаваў яму, ён ужо ведаў пра смерць сваёй работніцы. І цяпер выглядаў вельмі засмучаным.
— Грыцук Насця. Вельмі шкада, шчыра кажу. Моцная маладая жанчына, не грэблівая. Угаварылі працаваць у хірургічным аддзяленні, там і сіла ў руках трэба, і самі разумееце, якія бываюць людзі пасля аперацыі, — пасля паціскання рукі прапанаваў мне сесці галоўурач, і пасунуў да мяне тонкую папку — асабістую справу. — Там усё чыста.
— Віктар Паўлавіч, мне, самі разумееце, пакуль трэба як мага больш даведацца пра. вашу былую работніцу.
— Асабіста магу адзначыць толькі станоўчае: старанная, выключная выканаўца, ніякіх заўваг па рабоце, ніякіх эксцэсаў з хворымі. Працуе. працавала пяць гадоў. Сустракаўся з ёй я часта, бо мой профіль — хірургічны. Маўклівая, няўсмешлівая, але ветлівая. Вы б хацелі пагаварыць з усім персаналам, як я разумею? Магу саступіць вам свой кабінет, тут не перашкодзяць.
— Дзякуй вам, Віктар Паўлавіч, напачатку я хацеў бы пагаварыць са старшай медсястрой.
— Я запрасіў і яе, і загадчыцу аддзялення. Яны павінны падысці. — галоўурач пацягнуўся да кнопкі апарата: — Андрэеўна, калі ласка, запрасіце да мяне старшую медсястру хірургічнага аддзялення. І загадчыцу адразу, — аддаў ён распараджэнне сакратарцы.
У расчыненых дзвярах з’явілася жанчына гадоў сарака ў белай шырокай куртцы і такіх жа белых шырокіх штанах, і я не мог для сябе не адзначыць тое, як галоўурач прыўзняўся, жэстам паказаў жанчыне на крэсла ля стала:
— Праходзьце, Ганна Антонаўна. Гэта, — ён павярнуўся да мяне, — следчы пракуратуры. Ганна Антонаўна — старшая медсястра хірургічнага аддзялення. Прычыніце дзверы, калі ласка.
Я прыўстаў таксама, і, унутрана задаволены сваім выхаваннем, злёгку нахіліў галаву, вітаючы жанчыну.
— Ганна Антонаўна, вы, думаю, здагадваецеся, з якой прычыны ў нас такія. госці і чаму я вас паклікаў. Мне вас пакінуць сам-насам? — зірнуў на мяне Віктар Паўлавіч.
— Не, дзякуй, не трэба. Тут не допыт, хачу папярэдне пагутарыць. Праўда, фармальнасці нейкія трэба выканаць, таму прашу вас, — звярнуўся я да жанчыны, — ваша прозвішча, дзе жывяце, пасада.
Ведаю, наколькі такі вось момант напружвае і часам нервуе чалавека — калі ты пачынаеш уносіць у ліст апытання біяграфічныя даныя. Мне і самому не падабаецца, але трэба.
— Ганна Антонаўна, Віктар Паўлавіч коратка, але дастаткова змястоўна выказаўся наконт Насці Грыцук. Што вы можаце сказаць пра яе як работніка, як чалавека?
— Ды добрая работніца. была, — уздыхнула з усхліпам зусім па-бабску медсястра. — Ніяк не верыцца. Адказная. Ніколі не трэба было падганяць. Зноў жа, як да хворых, дык не заўважалася, каб адным увага, а другім абы зрабіць. Для яе ўсе роўныя былі — ці малады хлопец з грыжай, ці стары дзед з гемароем. Дужая, сама амаль заўсёды спраўлялася, калі пад цяжкім кім прасціны памяняць ці самога памыць. Не, не магу нічога дрэннага згадаць.
— А які яна была чалавек? Як у калектыве?
— Ну што. звычайна. Не канфліктавала. Ну. папраўдзе, яна ні з кім асабліва не сябравала. Убаку ад усіх, хоць калі які стол агульны на свята, дык не цуралася. Трошкі дзікаватая як быццам. Але не сквапная. Не гаваркая, але ж і не маўчун які, бяседу падтрымае. Такая вось. ціхая, спакойная. Можа, занадта спакойная. Надта не пасмяецца, але і раздражнёнай яе не бачылі. Усё больш у сабе хавала, відаць, былі ў яе нейкія іншыя цікавасці. Сярод санітарак толькі яна ў такім узросце, астатнія — амаль пенсіянеры. Ну, а з медсёстрамі. У нас, ведаеце, ёсць трошкі такое. ведаеце, прафесійнае. Калі медсёстры больш між сабой, малодшы персанал — між сабой.
— Зразумела, дзякуй. А як жанчына? Яна не была замужам. А жанчына ж статная, на твар — прыгожая. Характар, як вы кажаце, роўны, спакойны. Чаму яна не была замужам? У яе быў мужчына, не ведаеце? Прыходзіў да яе хто?
— Ой, тут і не ведаю, як казаць, — замарудзіла з адказам медсястра.
— Кажыце, як ёсць, — супакоіў-падахвоціў я. — Для нас самая нязначная дробязь можа стаць важным фактам. Кажыце, як думаеце, калі не ведаеце.
— Дык не было ў яе мужчыны, дакладна, — з уздыхам, асцярожна пачала Ганна Антонаўна. — Як прыйшла была пяць гадоў таму, то пыталіся ў яе часам, жартавалі: давай табе хлопца знойдзем. А потым. не ведаю, ці казаць. Заўважыла я аднойчы, выпадкам, як яна глядзела на адну медсястру, калі пераапраналіся, на змену прыйшоўшы.
— Як глядзела?
— Ды так вось. Як мужчыны глядзяць, — зноў уздыхнула Гана Антонаўна. — А пасля і нашы ўсе пагаворваць сталі, што. ну, цікавіцца Насця жанчынамі. Дык з ёй трошкі асобна сталі трымацца. Бо дзіка ж. Пасля прывыклі, ды яна і не прыставала ні да кога. з нашых, не заўважалі. Але вось як пераапранацца, дык з ёй неяк і саромеліся. Адна яна заставалася.
Жаночы голас праз селектар перапыніў нашу размову:
— Віктар Паўлавіч, тут Святлана Мікалаеўна чакае.
Галоўурач запытальна павярнуўся ў мой бок, і я паспешліва кіўнуў:
— Запрасіце.
Святлана Мікалаеўна — як я зразумеў, загадчыца аддзялення — зайшла ў кабінет. Глыбока пасаджаныя вочы і выразныя цёмныя кругі з адвіслымі складкамі пад вачыма надавалі яе твару стомлены, нават непрыгожы выгляд. Больш за тое, мільганула думка: жанчына толькі выйшла з запою. Але пастава яе, тое, як яна прысела на крэсла — упэўнена, але не з нахабнай самаўпэўненасцю, — а больш яе ўважлівы, прафесійна-дапытлівы позірк падказвалі мне, што паўкружжы пад вачыма — ад захворвання, магчыма, нешта з ныркамі. Ці сапраўды, ад стомы. Пасля таго, як я запісаў дадзеныя, асцярожна спытаў наконт цікавасці Насці Грыцук да жанчын.
— Так, я ў курсе яе сэксуальнай арыентацыі. Але Насця выключна сціплая ў гэтым плане. Яна — дастаткова разумная маладая жанчына.
— Была, — паправіў нехаця галоўурач.
— Так, была, — нечакана ціха пагадзілася загадчыца аддзялення і зірнула на мяне: — У Насці Грыцук не было ворагаў, я дакладна ведаю. Сяброў блізкіх не было таксама, але і ворагаў, хто б пайшоў на смертазабойства, не было. А што яе знайшлі, як тут кажуць, цалкам аголенай на полі — тое ўвогуле з вобласці ірэальнага.
— На жаль, рэальнасць, — паправіў я доктарку. — Мне трэба будзе паразмаўляць з кожным работнікам вашага аддзялення. Няўжо ў вашай санітаркі не было хоць якой сяброўкі, якой бы яна больш-менш давярала, з кім дзялілася сваім набалелым?
— Яе сяброўкі — у інтэрнэце, — упэўнена адказала Святлана Мікалаеўна. — Некалькі разоў я бачыла, як яна там бавіла час, карыстаючыся сваім тэлефонам. Звярнула ўвагу: у яе быў самы сучасны тэлефон. Яна мне пра тое сама казала, калі я пацікавілася. Шукайце там яе сяброў…
Мабыць, сакратаркі не было на месцы, бо дзверы асцярожна прыадчыніліся, галоўурач зірнуў на іх і тут жа запрасіў:
— Заходзьце, Раіса Ананьеўна…
Загадчыца гінекалагічнага аддзялення, невысокая жанчына перадпенсійнага веку, зайшла і разгублена агледзела прысутных, затрымаўшы позірк на мне.
— Следчы пракуратуры, — патлумачыў ёй галоўурач.
— Я тады скажу, усё адно яму даложаць, — нібыта сама сабе прамовіла жанчына, быццам набіралася смеласці, бо разумела: выдае прафесійную тайну. Аднак у навіне, якую прынесла ўрач, было нешта вельмі істотнае для яе самой, для кіраўніцтва і калектыву бальніцы, што здавалася больш важкім, чым правілы невыдавання.
Яна не стала сядаць і пасля кароткай паўзы прамовіла:
— Мяне выклікалі. Анатаміравалі нашу санітарачку. Дык вось. Насця Грыцук нарадзіла сама больш за трое-чацвёра сутак да сённяшняга дня. Маса маткі больш за 600 грамаў, невялікія разрывы яшчэ не зацягнуліся.
Яна абвяла позіркам усіх прысутных у кабінеце, і ў ім чыталіся выразныя асуджэнне і абвінавачанне.
Войкнула, не ўтрымаўшыся, старшая медсястра. Галоўурач нечакана густа пачырванеў, устаў і ціха спытаў, і было бачна, што спакойныя словы даюцца яму з цяжкасцю:
— Святлана Мікалаеўна, як так магло здарыцца? Я падпісваў паўтара месяцы таму яе заяву на два тыдні адпачынку без утрымання — у яе вельмі слабы бацька, так Насця патлумачыла ў заяве. А пасля ў яе быў планавы адпачынак. Цяжарнасць. Яна павінна б была стаяць на ўліку ды і. Як не заўважылі?
Я назіраў за тварам загадчыцы аддзялення, на якім акрамя ўвагі да субяседніка нічога не адбілася. Яна адказала спакойна і ўпэўнена:
— Віктар Паўлавіч, калі жанчына пажадае, ёй няцяжка схаваць сваю цяжарнасць ад непатрэбных вачэй. Тым больш такой жанчыне, як наша Насця. У яе буйныя формы цела, пэўнае павелічэнне аб’ёму жывата лёгка прыкрыць адзеннем. Яна насіла касцюм, які даваў практычна поўную гарантыю трымаць цяжарнасць у таямніцы. Да пэўных тэрмінаў, зразумела, хоць ведаю выпадкі, калі жанчыны прыхоўвалі свой стан да апошняга тыдня. Трэба ўлічыць, дзеля спецыфічных адносінаў да Насці ў жаночым калектыве, яна, наколькі я ведаю, пераапраналася без сведкаў. Таму я не здзіўляюся факту ўтойвання цяжарнасці. Здзіўляюся таму, што яна зацяжарыла. улічваючы яе відавочныя лесбійскія схільнасці.
І ў той момант быццам нехта нябачны збоку нашаптаў мне прама ў галаву: калі б Насця Грыцук не нарадзіла, яна б засталася жыць.
3.
Нават самы бязглузды на першы погляд рытуал некалі быў важным і асэнсаваным дзеяннем.
Для Тамары курэнне даўно стала і патрэбнасцю, і рытуалам — я ў гэтым быў перакананы. Варта было толькі пабачыць, як яна нетаропка дастае наступную цыгарэту, нейкі час круціць яе ў руках, потым бярэ ў левую руку запальнічку, пстрыкае і зноў нейкае імгненне марудзіць, глядзіць на язычок полымя, і толькі потым прыкурвае. Зацягваецца, заўсёды два разы запар, і павольна выпускае дым тонкім струменем праз сціснутыя вусны. Потым адкладвае цыгарэту ў попельніцу, падсоўвае на сярэдзіну стала патрэбны ёй дакумент, апускае з ілба на вочы невялікія, у тонкай жоўтай аправе акуляры. Чытае, цыгарэта дыміць, дым выцягваецца ў расчыненае вакно.
Курыць яна пачала гадоў сем таму, адразу пасля разводу. Мясцовым пляткаркам развод пракурора з мужам, начальнікам буйнога ПМК, даў мала навінаў для плётак: няхай сабе Тамара і злавіла свайго мужа, як кажуць, на гарачым — нечакана завітала на дачу, дзе ён бавіў час са сваім эканамістам, — але скандалу ніякага не ўчыняла. Больш за тое, развяліся яны так, як даўнія сябры маглі б разабраць падстрэленага на паляванні секача: спакойна, памяркоўна падзялілі кватэру і іншую маёмасць, дамовіліся аб пытаннях далейшай дапамогі дзецям — старэйшая дачка ўжо працавала на той час у сталіцы настаўніцай, ёй збіралі грошы на кватэру, а малодшы сын вучыўся ва ўніверсітэце на трэцім курсе юрыдычнага факультэта. Праз год пасля разводу былы муж з усіх сілаў дапамагаў Тамары на дачы: прывозіў гной, шукаў гаспадара з конікам, каб узараць зямлю пад грады. Тамара большую частку зямлі засеяла травой, зрабіла адмысловую зону адпачынку з альтанкай і мангалам, але парнік з памідорамі быў заўсёдным на яе ўчастку У пракуратуры пасля чэрвеня аж да позняй восені мы частаваліся памідорамі з таго парніка. Іншым разам Тамара брала ў былога мужа іх некалішні агульны аўтамабіль, а яму давала ключы ад дачы — на выхадныя ці ў які іншы дзень. І пры праверках выканання працоўнага заканадаўства яго ПМК не ставілася Тамарай пад асабліва жорсткі кантроль. Карацей, як кажуць у такіх выпадках, разведзеныя муж і жонка засталіся сябрамі. Праўда ці не, але гуляла пагалоска, што адну ўмову Тамара паставіла надзвычай жорстка: муж перад разводам мусіў знішчыць усё з асабістых рэчаў, якія мелі дачыненне да іх сямейнага жыцця. Пачынаючы ад падараванай ручкі з сапраўдным залатым пяром і заканчваючы ношанымі шкарпэткамі і бялізнай. А вось ці захавала сама Тамара што-колечы са свайго мінулага замужняга жыцця, тое нікому не вядома. Як заставалася тайнай і яе асабістае жыццё пасля разводу: ніхто не бачыў пракурора ў кампаніі якога мужчыны ці ў горадзе, ці за горадам. Ну, калі не лічыць сустрэч па пракурорскіх справах.
Як мне расказвалі, Тамара практычна ніяк не змянілася, калі засталася адна ў кватэры. Такая ж, як і была: дзе трэба — стрыманая, дзе можна — дазваляла сабе разняволіцца. І адносіны да мужчынаў у пракуратуры не змяніліся. Толькі адно было новым: Тамара пачала курыць. І за апошнія гады, як сцвярджала наша сакратарка, звычка адбілася на Тамарыным твары: скура стала тонкай і дарэшты страціла сваю ружовасць, яшчэ больш завастрыліся скулы, нос і падбародак.
Уся сухаватая, з тонкімі кісцямі рук, са схуднелым тварам Тамара нагадвала драпежную птушку. І цяпер я міжволі ўзгадаў гэтае параўнанне: Тамара схіліла галаву над заключэннем медэксперта, і здавалася, яна не чытаць яго ўзяла, а вышукваць штосьці карыснае, ядомае, прыдатнае…
Тамара раз-пораз брала цыгарэту, зацягвалася, потым доўга дробным пастукваннем пальца па цыгарэце страсала попел — і ўсё чытала. Не, не чытала, я быў упэўнены: разважала. Нарэшце акуратна, бы шкляныя, паклала лісты заключэння медэксперта падалей ад сябе, наколькі хапала яе рукі. Як я і падумаў, дастала пляшку з рэшткамі каньяку і чаркі. Разліла ўвесь напой, зірнула ў акно, быццам там мог быць вывешаны дазвол на піццё. Міжволі я таксама зірнуў — за вакном выразна пашарэла, здавалася, вось-вось пойдзе дождж, але гэта было падманам, да якога немажліва было прывыкнуць.
— І што думаеш? — Тамара ўзяла чарку, не прапаноўваючы мне зрабіць тое ж: не маленькі, колькі мяне трэба запрашаць.
Я пацягнуўся за сваёй доляй, пакруціў кілішак у руках, каторы раз разглядваючы няроўны ніцяны ўзор:
— Мяне напружвае толькі адзін момант — чым яе забілі.
Тамара ўважліва глянула на мяне, быццам хацела ўпэўніцца, ці кажу я сур’ёзна, і працытавала на памяць радкі з заключэння:
— Уваходная адтуліна раны дазваляе зрабіць вывад, што прадметам яе нанясення стаў металічны, злёгку загнуты па дузе стрыжань круглай ці авальнай у разрэзе формы, каля двух сантыметраў таўшчыні, на канцы крыху завостраны. З улікам таго, што рана — скразная, прадмет меў даўжыню не менш за сорак сантыметраў. Што цябе непакоіць?
— Не магу даўмецца, які такі прадмет.
Тамара хмыкнула, адпіла крышку з чаркі.
— Вось што значыць не жыць у вёсцы. А той факт, што ўваходная адтуліна раны забруджаная рэшткамі самага звычайнага гною, табе нічога не падказвае?
— Тамара Сяргееўна! — усклікнуў я. — Не лічыце ж вы, быццам жанчыну насадзілі на гаспадарчыя вілы! У тых зубы ў два разы карацейшыя, адно. А другое. У целе толькі адна рана, аднак там як ні калі, астатнія зубы — мінімум яшчэ адзін — павінны былі пакінуць след.
— Ну і што? — паціснула плячыма Тамара. — Чаго ты чапляешся да ўсякай непатрэбнай на цяперашні момант дробязі? То адсутнасць слядоў табе спакою не дае. то вілы табе давай асаблівыя. Ну, кажу як ёсць: забойца мае вось такія вялізныя вілы. імі і забіў. А пасля ўзяў прыхаваны ў хляве паветраны шар, на ім прынёс і скінуў на поле цела. Разабраліся, будзем лічыць. Што па астатнім?
— Ну, калі так. — я пабоўтаў вадкасць у шклянцы, выпіў залпам, дастаў цыгарэты і, трошкі ніякавеючы ад сваёй нахабнасці, закурыў. — Калі так, то Насця Грыцук — інкубатар.
Тамара толькі незразумела паківала галавой, ці то згаджаючыся са мной, ці то асуджаючы маю думку.
— Працягвай, — прамовіла яна мякка, не загадна. — Што маем?
— Маем. Насця Грыцук, 27 гадоў, санітарка. Адзіная дачка ў сям’і. Маці памерла рана з-за траўмы ад падзення. Жыла з бацькам, простым вяскоўцам, работнікам мясцовага калгаса. Вучылася добра, але нічым асаблівым не вылучалася. Характарызуюць Насцю станоўча, падкрэсліваюць яе адасобленасць ад калектыву, хоць яна сябе калектыву не супрацьпастаўляла. Сяброў не было. Пасля школы пабыла на курсах ад цэнтра занятасці, уладкавалася ў краму прадавачкай. Працавала ў прыватніка, потым у райспажыўсаюзе. Характарыстыкі таксама добрыя. Сумленная, ураўнаважаная, халаднаватая ў адносінах. Ва ўсякім разе не ішла першая на кантакт. Пяць гадоў таму нечакана ўладкавалася ў бальніцу санітаркай.
— Чаму нечакана? — перапыніла мяне Тамара. — Для каго нечакана?
— Нечакана з пункту гледжання здаровай логікі, — спакойна адрэагаваў я. — Маладая жанчына без фізічных заганаў ідзе працаваць туды, дзе ад безвыходнасці знаходзяць сабе месца жанчыны, не здольныя больш ні на якую працу. У райцэнтры поўна сёння самых розных магазінаў і шапікаў, дзе такая, як Насця Грыцук, магла знайсці месца. Далей.
— Твая здаровая логіка мае сэнс у межах такіх жа здаровых абставінаў. Але мы, па сутнасці, а правільней, згодна з нашай агульнай логікай, маем справу не са здаровай жанчынай, забыўся? — нечакана жорстка перабіла мяне Тамара і, нібы перапрашаючы за сваю рэзкасць, закончыла ціха: — Насця Грыцук была лесбіянка. У нашых умовах ёй нічога не заставалася.
— Не разумею, — шчыра разгубіўся я. — А яе арыентацыя тут якую ролю адыграла?
— Ой, Васіль, Васіль, — са скрухай прамовіла Тамара. — Табе, як дзіцю, расказваць пра адносіны ў нашым грамадстве да асобаў з нетрадыцыйнай арыентацыяй? Ды яшчэ ў нашым горадзе, дзе калонія на пяць тысяч зэкаў і кожны школьнік ведае значэнне слова «апушчаны». Ты паглядзі на яе характарыстыку. Яна паўсюль заставалася адна. Значыць, ведала пра сваю схільнасць змалку. Мяркую, гэта той самы выпадак, калі ў жаночым целе жыў праўдзівы мужчына. Вунь як участковы яе апісаў — мужык мужыком яна была ў сваёй хаце. Такое не схаваеш. Партнёра яна сабе відавочна знайсці тут не магла, а хутчэй, баялася пагалоскі. Працаваць санітаркай — значыць, мець магчымасць кантакту з жывым целам. Мужчынскім і жаночым, маладым і ва ўзросце. Яна такім чынам задавальняла свае патрэбы, наколькі магла.
— І вы лічыце, дзеля гэтага яна пайшла на такую работу?
Пракурор узняла на мяне вочы, у якіх нечакана для сябе я пабачыў самы сапраўдны сум.
— Ты вось, я ведаю, з суседкай-развядзёнкай зрэдку спіш. Не пужайся, справа твая, безумоўна, але такое не схаваеш. у нашым горадзе. А колькі ты без жанчыны змог бы абыходзіцца? А бабы, думаеш, з іншага цеста зроблены? Дык жа з рабра мужчыны. І хочуць таго ж і гэтак жа. Ты, у выпадку чаго, ды і я, і яшчэ тысячы такіх, як мы, — пацерпім, бо ведаем: свайго дачакаемся. Нам — не праблематычна, для нас няма нічога заганнага ў тым, каб скарыстаць адзін аднаго і за грошы. А для іх? Што такім насцям рабіць? А потым. ёй менавіта там, у бальніцы, пры доглядзе хворых і можна было знайсці тую жанчыну, цела якой адгукнулася б на яе рукі. Ды і такія людзі, вымушаныя хавацца ад усіх, адчуваюць сабе падобных. Там жа, акрамя ўсяго, вялікі жаночы калектыў. Думаеш, мала ў нас такіх, з нетрадыцыйнай, як кажуць, арыентацыяй? Ды хапае. Так, перапыніла я цябе, але затое не будзем вяртацца. Упэўнена: Насця Грыцук пайшла працаваць у бальніцу толькі дзеля сваёй схільнасці. Ты супраць? Ёсць думкі?
— Не супраць, — уздыхнуў я. — Мушу прызнацца, маеце рацыю. Не падумаў як след.
— Проста жыццёвы вопыт, — даравала мне Тамара. — Працягвай.
— Дык вось. Насця Грыцук — фізічна цалкам здаровая жанчына, і з вельмі добрымі знешнімі данымі. Патэнцыйная маці здаровых дзяцей. Узрост самы спрыяльны для нараджэння. З улікам таго, што яна пачувала сябе больш мужчынам, чым жанчынай; з улікам адсутнасці ў яе жыцці мужчыны; з улікам захавання цяжарнасці, калі б яна была выпадковай; з улікам утойвання цяжарнасці да апошняга і запланаваных наперад адпачынкаў можна зрабіць толькі адзін вывад: яна выношвала дзіця для некага.
— Мужчыны не было. А калі яе згвалтавалі? Два з трох згвалтаванняў скрываюць.
— Чаму тады ёй не зрабіць аборт, тым больш, працуе ў бальніцы, тым больш.
— А калі яна катэгарычна супраць забойства дзіцяці?
— Тамара Сяргееўна, — усміхнуўся я. — Ярымі праціўнікамі абортаў выступаюць, як правіла, альбо тыя, хто нечакана паверыў у Бога, альбо жанчыны, якія зрабілі як мінімум адзін аборт і таксама раптоўна адчулі неабходнасць замольваць у цэрквах свае грахі. Ну, не вам мне пра такое казаць.
— Мы не ведаем, ці рабіла раней аборт Насця Грыцук.
— Але мы ведаем: яна нічым ніколі не выявіла сваіх хрысціянскіх поглядаў. У чорнай хустцы не хадзіла. Больш за тое, як я сёння пачуў, яна не асабліва святкавала той жа Вялікдзень — ні ў адзін год не прыносіла фарбаваныя яйкі на працу, хоць тое і традыцыйна для іх хірургічнага аддзялення, як я даведаўся з размоваў. Карацей, я перакананы: выношванне дзіцяці было абавязкам для Грыцук. Дарэчы, згода Грыцук на сурагатнае мацярынства магла быць абумоўленая яе жаданнем атрымаць грошы — і зрабіць пластычную аперацыю.
— Пакуль складна, — кіўнула Тамара. — Што адсюль вынікае?
— Матыў забойства.
— Забілі, каб не плаціць?
— Тут цяжка адказаць. Грошы найперш, асабліва калі яна мела справу не з непасрэдным заказчыкам, а з пасярэднікам. Калі пачытаць, дык справы такія абстаўляюць у большасці выпадкаў менавіта так: жанчына не ведае, для каго нараджае, а тыя, хто атрымлівае дзіця, не ведаюць, хто нарадзіў. Практычна і бяспечна для абодвух бакоў. Пры ўмове сумленнага пасярэдніка, зразумела.
— Калі грошы найперш, якія яшчэ матывы і прычыны?
— Нязгода аддаць дзіця.
— І за гэта забіваць? — Тамара прымружылася, пільна глянула на мяне.
— Скажу табе, у нашым правінцыйным райцэнтры адна жанчына нарадзіла дваіх дзяцей. на заказ. Аднаго аддала. А другога адмовілася.
— Ого, — не ўтрымаўся я. — Не ведаў.
— Ну, не здзіўляйся, справу абставілі так, каб ніякага крыміналу нідзе не было. Цяжарнасць хавала да апошняга, два месяцы адпачынку невядома дзе, вяртаецца пахудзелай і з грашыма. Другую цяжарнасць раскрыла напрыканцы. Вярнула грошы, ёй авансам выдалі палову сумы. Прыязджалі да яе. І пагрозы былі. Ведаю з яе вуснаў, бо ў маладосці з яе маці сябравалі, вось яна і прыйшла да мяне параіцца. Адбіліся, карацей. Там пасярэднікаў не было. Няшчасная, хоць і заможная, сям’я з Прыбалтыкі. Жанчына павінна была паехаць туды на тры месяцы, ёй рабілі візу, стваралі ўмовы пражывання. Там нарадзіць і вярнуцца. А яна адмовілася. Дарэчы, развядзёнка. так вось. Значыць, калі быў пасярэднік, то, магчыма, і забойства адбылося праз нязгоду аддаць дзіця? Правярай. Аператыўнікі забралі з дому забітай яе ноўтбук, сумачку. Тэлефона не знайшлі. Гэта незразумела. Падрыхтуй запыт на праверку асабістых рахункаў у банках. Пайшлі ўжо? — Тамара зноў зірнула на акно. — Трэба нешта згатаваць дома, мабыць. Развучылася боршч варыць. А ты ўмееш?
— Што? — разгубіўся я.
— Боршч варыць умееш?
— Не.
— І не вучыся. А то не ажэнішся.
4.
Найлепшае, што здараецца з намі, ніколі намі не прадбачылася.
Я вяртаўся той самай вуліцай, якой ішоў ранкам на працу, і яна была такой жа пустой — палова на дзясятую вечара. І ўжо амаль цёмнай.
Тамара развярэдзіла мае думкі сваім напамінам пра жанчыну, меркаваннем пра тое, што і яны з такога ж цеста. А мне ж дваццаць сем. Гэтулькі, колькі было і забітай. І столькі ж гадоў Надзеі.
З Надзеяй мы ў блізкіх адносінах усяго месяц. Не чакаў, што пра іх будуць ведаць. Ва ўсякім разе, не чакаў, што так хутка. Ды і якія там адносіны! Яна, разведзеная, без дзяцей (дзіця памерла на другі дзень пасля родаў, саму яе ледзь уратавалі), была звычайнай жанчынай, якая засумавала без мужчынскай увагі. Мы — суседзі. У яе невялікі дом, застаўся ад бацькоў, а я здымаю палову дома, які мяжуе з Надзеіным.
Сюды я пераехаў, калі зразумеў: больш не магу трываць у інтэрнацкім пакойчыку. Колькі сябе помню, мне заўсёды патрэбны быў такі свой куточак, дзе б я мог застацца зусім-зусім адзін. Студэнцкі інтэрнат стаў для мяне на час вучобы сапраўдным выпрабаваннем, і ратаваўся я ў горадзе: калі ўзнікала вострая, амаль фізічна адчувальная неабходнасць пабыць аднаму, пазбавіцца ад хоць чыёй увагі, я садзіўся ў любы тралейбус і, праехаўшы колькі прыпынкаў, выходзіў і блукаў. У вялікім горадзе ўсе адзінокія, калі толькі ты не ідзеш з некім па шматлюднай вуліцы. А ў нашым невялікім райцэнтры так не атрымліваецца: ужо месяцы праз тры са мной сталі вітацца на вуліцах людзі. Тут твой няспешны шпацыр можа быць перапынены ў любую хвіліну, а галоўнае, ты заўжды застаешся пад увагай, бо заўсёды знойдзецца нехта, хто паглядзіць табе ўслед са сваімі здагадкамі: бач, следчы пракуратуры задумаўся, пэўна, справу расследуе — мабыць, пра нядаўняе згвалтаванне. Могуць спыніць і спытаць з вельмі спачувальным выглядам: што, браце, задумаўся? Ды адпачываю, адпачываю я! Так іншы раз хочацца крыкнуць: «Адпачываю ад вас, ад вашых твараў, словаў, позіркаў.»
У рабочым інтэрнаце я быў адзіны халасцяк на ўвесь доўгі і цёмны, як глыбокая труна, паверх. Можа, неяк прызвычаіўся б да дзіцячага плачу-смеху, страляніны і беганіны, да сямейных сварак і п’яных спеваў ці крыку штовечар, да кухонных звад. Але праз тыдзень мяне ўжо запрашалі то ў адзін пакой — рыбкі прывезлі, то ў другі — ад цешчы свежына. Мае катэгарычныя адмовы зусім не дапамагалі: раз на тыдзень у дзверы грукалі добра захмялелыя мужчыны і сілай цягнулі да сябе. Пазбавіцца іх дакучлівасці было немагчыма, але і злавацца на іх я не мог, бо бачыў — рабацягі-сямейнікі шчыра хацелі пачаставаць мяне нечым смачным, яны дружна лічылі сваім абавязкам разнастаіць мае вечары і стараліся «забяспечыць добрай бабай на ноч, галоўнае — акуратнай».
У той час у мяне была жанчына, якую можна было б назваць пастаяннай. Мы пазнаёміліся, калі я заканчваў універсітэт, а ёй заставалася вучыцца два гады. Тады мы сустракаліся часта, а потым яна па размеркаванні патрапіла ў наш аблвыканкам, дзе заняла пасаду юрыста. Я прыязджаў да яе амаль штотыдзень, мы праводзілі разам дзень у горадзе і ноч на яе вузкім ложку ў пакойчыку інтэрната. І расставаліся. Дзіўна, але мы ні разу не павялі гаворку пра будучае сумеснае жыццё, быццам яно магло пачацца толькі тады, калі яна ці я абзавядземся сваім жытлом. Ці гаварылі мы пра будучыню ўвогуле — ужо і не помню. Я ўстрымліваўся прапаноўваць ёй нешта праз сваю сарамлівасць, ды і куды мне было прывесці маладую жонку — у той інтэрнацкі пакой? Ашчаджаў грошы, каб купіць сваё жытло. А потым з’явілася нейкая крыўда і рэўнасць: чаму яна не загаворвае пра магчымую сям’ю, пра дзяцей? У апошні год выхадныя ў яе часта атрымліваліся занятымі, мы сустракаліся і радзей, і без той жарсці, якой былі запоўненыя ранейшыя ночы. Сэкс стаўся амаль механічным заняткам, дзе ў яе былі свае абавязкі, у мяне — свае, пры іх выкананні мы абое атрымлівалі жаданае задавальненне — і ўсё заканчвалася. Апошнія разы мы амаль і не цалаваліся ў вусны, абыходзілася без доўгіх гарачых любошчаў. А раніцай мы развітваліся, я — з сарамлівай палёгкай (выканаў абавязак, хутчэй дадому, у цягніку чакае такая жаданая адзінота, і, дасць бог, спакойна будзе ў інтэрнаце, пачытаю, пасплю пару гадзінаў.). І бачыў — гэтага не маглі схаваць яе вочы, — і яна гатовая была ўздыхнуць з палёгкай. Яна перастала праводзіць мяне на вакзал мо з год таму, калі аднойчы быў дождж і я прапанаваў ёй не мокнуць. У наступны раз яна не пачала збірацца, нават калі я быў ужо на парозе, і я, адчуўшы ў дуты пустату, не стаў пытацца, чаму яна не ідзе…
А аднойчы я не паехаў сам, ці то спрабуючы на смак свае адчуванні ад такога рашэння, ці то ставячы эксперымент над ёй: што скажа? Яна нават не патэлефанавала, і мяне тое непрыемна разанула, мне стала крыўдна і шкада самога сябе. Вось жа, а калі б мяне дзе зэкі парэзалі ці забілі — а ёй, глядзі ты, усё роўна. І я таксама не стаў званіць ёй. І ў панядзелак стрымаў сябе, і ў аўторак. А ў чацвер яна прыслала эсэмэску: на выхадныя едзе з сябрамі на нечую дачу адзначаць нечае вяселле на два дні. Не пыталася, ці я жывы, як у мяне справы, чаму не прыехаў.
Пасля кароткай крыўды мне стала нечакана весела. І лёгка.
Надзея, суседка, была невысокага росту, крыху паўнаватая, але дужая і ўвішная — гэта я найперш заўважыў. Бо ўжо на другі дзень пасля свайго засялення пабачыў, як яна шчыравала з рыдлёўкай на сваіх градах. Што здзівіла мяне: яна была ў белых шортах і кароткай жоўтай майцы — тады якраз надарыліся апошнія сонечныя дзянькі перад цяперашняй хмурнасцю. Я выйшаў з кубкам кавы праз заднія веснічкі і хацеў усесціся на лаўцы пад яблыняй (там гаспадары дома зрабілі куточак для адпачынку). Надзея, штохвілінна згінаючыся, дэманстравала мне свае пругкія клубы і аголеныя ногі, якія ўжо добра пачырванелі пад зыркім травеньскім сонцам. Да яе было метраў сем, мабыць, і яна адчула мой далёка не цнатлівы позірк, бо разагнулася, паправіла валасы і павярнулася да мяне.
— Вельмі бянтэжу вас сваім голым задам? Страшна на лаўку сесці?
Пытанне было нечаканым для мяне, таму я адказаў не адразу. Глядзеў у яе прымружаныя вочы, дзе хавалася прыязная гарэзлівая ўсмешка (ды амаль насмешка!), разгублена маўчаў і адчуваў, як чырванею, ды злаваў на сябе: ну чаму я маўчу! А яна абаперлася на ўторкнутую ў зямлю рыдлёўку іпрацягнула:
— То ўжо пацярпіце, мне мала засталося. Бо перадам павярнуцца не магу.
— Чаму? — няўклюдна запытаўся я.
— Ды цыцкі вам на вочы вывальвацца будуць, — засмяялася яна, і толькі цяпер я звярнуў увагу на глыбокі выраз яе майкі і поўныя грудзі, якія без станіка дэманстравалі пухлінкі смочкаў пад тонкай тканінай.
— Дык я ж не аналой у царкве і ўзростам не хлопчык, якога грэх спакушаць, — нарэшце знайшоўся я і тут жа прапанаваў: — Давайце я вас кавай пачастую. за бясплатна атрыманае задавальненне ад сузірання вашых ног.
— Ногі як ногі. — трошкі засаромелася жанчына, мабыць, не чакала ад мяне такога спрыту. — За запрашэнне дзякуй, але іншым разам.
Не ведаю, чым яна прывабіла мяне ў той момант, хутчэй за ўсё ўва мне зайграла мужчынскае самалюбства. Гаспадары перад тым, як здаць мне палову дома і з’ехаць у сталіцу, трохі распавялі пра суседзяў. Я загадзя ведаў, што маю суседку завуць Надзея, яна развядзёнка, але за ёй «дрэннага не заўважалі». І таму адмова ад запрашэння ў той момант была расцэненая мной на ўзроўні падсвядомасці як мой асабісты пройгрыш, як поўная адсутнасць цікавасці з боку жанчыны да мяне, і гэта балюча драпнула маё самалюбства. Таму я мусіў паспрабаваць працягнуць гутарку:
— Надзея, вы ж самі ведаеце — у жыцці часта атрымліваецца так, што іншага разу і не бывае. Чайнік у мяне гарачы, заходзьце, балазе плоту між намі няма.
Жанчына пільна паглядзела на мяне, не паказала і кроплі здзіўлення, што я ведаю яе імя, і ў сваю чаргу прадэманстравала мне сваю дасведчанасць:
— Не, таварыш следчы пракуратуры, не магу, бо трэба дакончыць градку, пасадзіць гарох. потым памыцца і бегчы, бо мяне чакаюць, спазняцца не магу.
— Давайце дапамагу, — вырвалася ў мяне.
— О не, другі раз у дом зайшлі, а ўжо да развядзёнкі пабеглі — пачнуць казаць? Тут жа вачэй і вушэй — у кожнага куста.
— Ну, тады заходзьце самі. заўтра бліжэй да вечара, — не мог супакоіць я сваё мужчынскае эга, якое патрабавала ад мяне дабіцца ад жанчыны хоць нейкай згоды хоць на нешта.
— Добра, зайду, — нечакана проста для мяне згадзілася Надзея.
Чаму мяне так расхвалявала першая кароткая сустрэча, тут загадкі вялікай не было — круглыя клубы, паўнаватыя, крыху шырокія сцёгны, затое вельмі акуратныя (вось толькі цяпер успомніў!) «бутэлечныя» лыткі Надзеі ўспыхнулі перад вачыма, калі клаўся спаць. Што ні кажы, а мая ранейшая сяброўка прывучыла мяне да рытмічнага сэксуальнага жыцця, а цяпер ужо амаль два месяцы, як я без жанчыны. І жаданне, якое ўспыхнула ўва мне, было нежартоўным. Далібог, калі б яна не пайшла некуды (я пабачыў праз акно), то знайшоў бы спосаб яшчэ раз загаварыць з ёй.
Праўда, раніцай учарашняя карцінка не выглядала такой спакушальна — салодкай. Я пастараўся прыпомніць твар Надзеі: амаль круглай формы, невялікі падбародак, характэрны нос — востры, тонкі, з шырокімі трапяткімі крыламі, якія варушыліся ад яе адсопвання. Нічога асаблівага. Толькі позірк — вось што сапраўды хвалявала. Гарэзлівы, іскрысты. Яе вочы не абяцалі нічога, але быццам прапаноўвалі: заслужы, не пашкадуеш!
У той дзень здарыўся пажар у далёкай вёсцы, у нежылым доме. На падлозе пасля тушэння знайшлі труп: бамжыха, даўно вядомая ў вёсцы шасцідзесяцігадовая алкагалічка не змагла дапаўзці да выратавальных дзвярэй. Адзенне на бамжысе згарэла ўшчэнт, спіна яе і плечы абгарэлі да костак. Справы ўмомант выціснулі з галавы думкі пра Надзею.
Выгляд голага закуродымленага трупа немаладой жанчыны, які ляжаў перада мной на зялёным, у жоўтых кветках дзьмухаўцоў лужку, выклікаў мноства пачуццяў, але над усім дамінавала адчуванне жорсткай несправядлівасці, алагічнасці жыцця. Пакуль эксперт аглядаў труп на магчымую наяўнасць знешніх пашкоджанняў (раптам нехта пырнуў старую нажом?), мяне як зачапіла, так і не адпускала адна думка: вось гэта, страшнае ў сваёй недагледжанасці, бруднае, азызлае цела было раней самым жаданым для некага. Нехта некалі з жарсцю цалаваў яго, гэтыя брыдкія цяпер грудзі былі неверагодна спакушальнымі, іх смочкі з асалодай хапалі роцікі немаўлят і цалавалі вусны каханага. Мы ўжо ведалі: у бамжыхі раней былі муж, сын і дачка. Яе пазбавілі бацькоўскіх правоў у трыццацігадовым узросце.
Саладкавы смурод гарэлага чалавечага цела чуўся мне паўсюль да вечара, быццам ён уеўся ў маю скуру, не толькі ў адзенне. Вяртаўся дадому спустошаным, як ніколі. І толькі адно радавала цяпер — прадчуванне хуткай адзіноты, ціхай гадзіны ў садзе з кубкам кавы. Дзівіўся сам з сябе: не першы труп бачу за сваю практыку, але чаму так глыбока закрануў мяне гэты выпадак? Бо жанчына? Ці гісторыя яе пустога жыцця, якая ўмясцілася на паўстаронкі тэксту?
Я зусім забыўся пра ўчарашні дзень і сваю спакуслівую суседку, таму яе постаць ля дома выклікала ў мяне амаль здзіўленне. Умомант успомнілася маё запрашэнне на каву, і з лёгкай прыкрасцю я падумаў пра тое, што зараз давядзецца апраўдвацца: мне не хацелася ні з кім дзяліць рэшту часу да ночы.
Але адбылося тое, чаго я ніяк не чакаў. Ці то на маім твары было столькі тугі, ці то Надзея ўжо ведала пра здарэнне і неяк уяўляла тое, з чым мне давялося сутыкнуцца, але ў яе вачах, калі я прыпыніўся ля сваіх веснічак, каб павітацца з ёй, пабачыў спагаду. Такую незвычайную, цёплую, што ажно разгубіўся: так глядзеў на мяне толькі адзін чалавек — мама. Але мамы два гады як няма.
— Несалодкі быў дзень? — замест прывітання клапатліва пацікавілася Надзея і патлумачыла: — Такія навіны ў нас хутка разносяцца.
— Несалодкі, — шчыра падзяліўся я. — Цяжка прызвычаіцца да смерці, тым больш вось такой. Вечар добры вам.
— І вам таго ж. Выгляд у вас.
— Страшны? — квола пажартаваў я.
Ніяк не чакаў, што выразная спагада жанчыны падасца мне самым неабходным з таго, што я хацеў бы адчуць зараз. І кіруючыся менавіта жаданнем атрымаць яшчэ колькі момантаў сапраўднай увагі і разумения, я наколькі мог бадзёра дадаў:
— Спадзяюся, аднак, не такі страшны, каб вы перадумалі выпіць са мной кавы пад тымі яблынямі. Заадно паглядзім, ці не прараслі кінутыя ў глебу зярняты.
Яна стаяла ля кута свайго плоту, я — ля сваіх веснічак. Абое адчувалі сябе на сваёй тэрыторыі. Старая вуліца, пабудаваная ў пасляваенны час, шырокая, зарослая паабапал кустамі бэзу і язміну, была бязлюднай.
— Зарана для прарастання, — без усмешкі адказала Надзея, і было нешта двухсэнсоўнае ў яе строгасці. — Вы хоць елі нешта сёння?
Наколькі пытанне было неспадзяваным для мяне, настолькі яно падалося незвычайна цёплым, чалавечым і дарэчным цяпер, і яно раптоўна зрабіла гэтую жанчыну маім быццам ужо і блізкім сябрам. Падсвядома тарганулася думка: мне ўжо многія гады ніхто не задаваў такога простага пытання з сапраўдным клопатам.
— А вы як думаеце, калі пытаецеся?
Мне захацелася вось такой моўнай гульні, неабавязковай, лёгкай, дзе можна схавацца за паўжартам, дзе дапускалася двухсэнсоўнасць, а ўся гульня ахутвалася воблакам неабавязковасці, робленай раўнадушнасці — маўляў, як будзе, так і добра.
— Думаю, апетыт у вас наўрад ці быў, — зноў сур’ёзна адказала Надзея.
— І зараз няма, — развёў я рукі ў бакі.
Сапраўды, я не мог думаць пра ежу, мне здавалася, быццам ад мяне і цяпер тхне тым смуродам з пажарышча. І ўявіць сабе які кавалак каўбасы, што будзе сквірчэць на патэльні, — не, тое было ўжо амаль выпрабаваннем, якое мне над сабой не хацелася ладзіць. — Але кавы пап’ю з вамі з задавальненнем. Вось толькі абмыю працоўны пыл і копаць. — вырвалася ў мяне прызнанне. Пятнаццаць хвілінаў — і я вас чакаю. Вы абяцалі ўчора, — нагадаў я строга.
— Абяцала, значыць, прыйду, — паціснула плячыма Надзея, быццам я засумняваўся ў нечым непахісна стабільным і моцным. — Ідзіце, мыйцеся.
Яна пастукала ў расчыненыя дзверы і зайшла ў пакой, калі я, прыняўшы душ і пераапрануўшыся ў свой стары спартовы касцюм, ставіў чайнік.
Мае паўдома, якія я здымаў, складаліся з невялічкай веранды з двума выхадамі — на вуліцу і ў агарод, і даволі вялікага пакоя, частка якога была адгароджаная лёгкай фіранкай з тканіны — тут стаяў стол, два крэслы, газавая пліта і мыйка. Атрымлівалася нібыта кухня. Тут жа ў куце быў устаноўлены сучасны душ, на сцяне вісеў вялізны электрычны воданагравальнік. Як кажуць, усе выгоды, акрамя яшчэ адной, якая знаходзілася ў самым дальнім куце садка, сярод двух вялізных, бы копы сена, кустоў чорных парэчак. У пакоі — вялікая канапа, першая набытая мной асабістая рэч з нерухомасці, а таксама два фатэлі, часопісны столік і вялікі стол з кампутарам — усе мае набыткі. Старая плеценая з лазы этажэрка засталася ад гаспадароў — яны прапаноўвалі прыбраць яе, як будзе замінаць, але мне этажэрка спадабалася: яна вельмі ўмяшчальная для кніг, ды і было ў ёй нешта самавітае. Пэўна, матэрыял — лазовыя пруткі рознай таўшчыні — выклікаў пачуццё датычнасці да мінулага, нечага сапраўднага.
Надзея зайшла з пакетам і, не пытаючыся, стала выкладаць на стол бохан хлеба, бутэльку гарэлкі і нешта ў цэлафанавым мяшэчку.
— Навошта вы? — па-сапраўднаму разгубіўся я.
— Ну, будзем лічыць, на ўлазіны прыйшла, першы раз у вашай хаце, нельга ж з пустымі рукамі. Як раней людзі хадзілі: хлеба бохан цэлы абавязкова. Ну, а гарэлка. Вам выпіць трэба, мабыць, дык паясце трохі. Я катлет сёння нарабіла, не разагравала. мне самой смачна іх халоднымі есці, можа і вам даспадобы будзе. закусіце.
— Я люблю халодныя катлеты. Дастанеш такую з каструлі ў халадзільніку, на ёй тонкая белаватая паска застылага тлушчу. Смаката! А вось разагрэтыя не люблю. Як гарачыя — дык толькі каб адразу з патэльні, — зачасціў я, каб схаваць сваю ўзрушанасць, наразаючы хлеб і дастаючы талеркі. — А ў мяне. няма чарак, — разгублена ўсміхнуўся я Надзеі. — Але ёсць два кубкі. для кавы.
— Ух ты, які асаблівы мужчына, — пляснула ў ладкі яна, ці то сапраўды надта здзіўленая, ці то прыкідваючыся. — Зараз прынясу.
Я не паспеў запярэчыць, як яна павярнулася і выйшла. І толькі цяпер я заўважыў, а правільней — зразумеў сапраўдную прычыну свайго ўзрушэння і хвалявання: на ёй была апранутая сукенка! Няхай не новая, не святочная, але не тая майка і спартовыя штаны, у якіх яна стаяла ля плота чвэрць гадзіны таму. «Эх ты, следчы.» — паўшчуваў я сам сябе, хутка пераапрануўся ў джынсы і чыстую сарочку з кароткімі рукавамі. Паспеў аднесці ўсё на часопісны столік — тут нам будзе зручна ў крэслах.
Надзея быццам і не заўважыла майго пераапранання. Мы выпілі, і я пачаў есці, адчуўшы сапраўдны голад. Яна ж толькі злёгку прыкусіла.
— Вы ешце, не саромейцеся мяне, мы ж суседзі.
Потым падхапілася:
— Ой, на салату забылася!
З поўным ротам я замахаў рукамі, але яна ўжо была ля дзвярэй. Вярнулася хутка — з салатай са свежых агуркоў.
Мы вячэралі, выпівалі; правільней, еў і піў больш, натуральна, я, бо Надзея з’ела адно палову катлеты і колькі скрылікаў агурка ў смятане. У двух словах расказаў пра сябе, слухаў Надзею. Яна не многа расказвала ў той вечар, кароткімі рысамі. Вывучылася на настаўніцу, але пасля нараджэння і смерці дзіцяці працуе прадавачкай у прыватніка.
Многа пазней, у нетаропкіх і шчырых размовах пад старой яблыняй перада мной пакрысе, бы з асобных пазлаў, складвалася Надзеіна мінулае жыццё. Замужжа ў дзевятнаццаць гадоў — ці то закахалася, ці то падалося, бо ўсё было ў першы раз: і само ўспыхнулае пачуццё, і хлапечыя заляцанні, і абдыманні, і пацалункі, і першая, пякучая ад сарамлівасці і страшная ад няведання сапраўднай глыбіні адчуванняў, блізкасць. Кінулася пасля вяселля ствараць свой сямейны куточак, перавялася на завочнае аддзяленне — вучылася на гістарычным факультэце. Жылі ў Мінску, закончыла вучобу — пераехалі сюды, на сваю радзіму, бо тут мужу бацькі купілі і падарылі аднапакаёўку. І раней здараліся крыўдныя спрэчкі быццам на пустым месцы, а тут варожасць свякрухі стала адкрытай — тая ад пачатку не ўпадабала выбар сына, надта ж незалежнай ёй падалася нявестка, ганарлівай. То калі пераязджалі ў кватэру, Надзею папярэдзілі: жыллё падоранае, а значыць, яе адсюль у любы момант могуць выкінуць. Змаўчала. Уладкавалася настаўніцай, выкладала гісторыю. Муж пайшоў у будаўнічую арганізацыю кіроўцам. Яго старыя сяброўскія сувязі добрай справы не зрабілі — пачыналася два разы на тыдзень партыямі ў більярд у кавярні, а пазней перайшло ў амаль штовечаровыя пасядзелкі ці ў кавярні, ці недзе ў інтэрнацкіх пакоях, іншы раз муж вяртаўся толькі пад раніцу. Спрабавала ўтрымаць — і адданай пяшчотай, ласкай, цярпеннем, і ўсёдазволенасцю ложку, — ды хутка адчула, што перад ёй нібыта не муж, а яго бяздушны вялізны грузавік, які яна нічым спыніць не зможа. Яна стала аднойчы на яго шляху, а пасля доўга не магла ачомацца. І не з-за болю ў пабітых спіне і галаве, а таму, што раптоўна стала пуста ў душы — так пуста, так холадна, што фізічны боль фактычна не заўважаўся, а на сінякі на твары яна ўвагі не звяртала. Добра, тое здарылася летам — не трэба было ісці ў клас да вучняў. Надзея ляжала на канапе доўгія вечары, амаль фізічна адчуваючы пустату ўнутры. Муж не прыходзіў некалькі дзён, але яна, падпарадкаваная галоўнаму правілу гаспадыні — якая б у сям’і ні была сварка, а абед павінен быць, — гатавала. У нейкі дзень, стоячы ля пліты, адчула, як невыносна смуродзіць смажаная рыба. Яе званітавала. Спуджаная, выйшла з туалета, а ў нос шыбанулі ў тысячу разоў узмоцненыя брыдотныя пахі такой знаёмай кухні. І ў чарговы раз укленчыўшы ў спазмах над унітазам, яна ўспомніла пра свае месячныя — і здагадка агаломшыла яе. У яе вось ужо другі тыдзень — затрымка. Надзея не спяшалася казаць пра цяжарнасць мужу і не памылілася: ён амаль ніяк не адрэагаваў на навіну. У тыя дні ён рэдка бываў цвярозым. Амаль усю сваю цяжарнасць Надзея праляжала ў гінекалогіі праз пагрозу выкідыша. Муж іншы раз наведваў яе, часцей нападпітку, колькі разоў яна не выходзіла да яго, бо ёй пераказвалі: моцна п’яны. І там жа вырашыла: народзіць — адразу да бацькоў. Нарадзіла. Парвалася вельмі, ледзь спынілі кроў. Хлопчык памёр; і дзякуй Богу, што забраў яго маленькім, такога… А яна пайшла да маці. Муж і не паказваўся, нават не званіў. І на развод не прыходзіў, суддзя зачытаў яго заяву-просьбу разглядаць справу ў яго адсутнасць і згоду на скасаванне шлюбу. І вось Надзея адна пяць гадоў. Цяпер зусім адна: нядаўна памерла маці, бацьку пахавалі раней.
Усё гэта я даведаўся пазней. А ў той вечар яна доўга не затрымалася, спасылаючыся на маю стомленасць. Не дала мне выпіць кавы: «Спаць не будзеце». Пайшла, і я, як кажуць, вырубіўся — заснуў, ледзь прыпаў тварам да падушкі, спаў усю ноч, і вось дзіва — нічога не снілася. Зазвычай жа пасля выезду на месца забойства мне снілася ўсялякая дрэнь.
На працягу месяца мы амаль штодзень сустракаліся з Надзеяй, віталіся, перакідваліся парай словаў, часам разам пілі каву ў садку ці вячэралі ў мяне ў пакоі. Мы абое жадалі сустрэч, наталяючы сябе мяккімі адчуваннямі ўтульнасці і спакою за вячэрнім сталом, шчырых сяброўскіх стасункаў. Не ведаю, як так атрымалася, але пасля аднаго вечара ў садзе я адчуў: у наступны раз у нас будзе сэкс, і яна таксама адчула, я быў упэўнены ў гэтым. Мы дасягнулі ў сваіх адносінах такой напоўненасці, калі магчымая блізкасць рабілася не нечым надзвычайным, а ўсяго толькі абавязковым завяршальным штрыхом. І мы развіталіся тады першы раз кароткім сціплым, напалову жартоўным, напалову сяброўскім пацалункам у куткі вуснаў, быццам стрымліваючы сябе да заўтрашняга і адначасова абяцаючы адно аднаму будучы вечар.
Так і атрымалася. Не будзённа-банальна, але і не як дасягненне нейкай вышыні пачуццяў, як кажуць, з эмацыйным выбухам. Мы быццам ішлі разам праз лес пакручастай сцежкай, якая вяла ўверх досыць строма, віхляла між старых дрэваў, нырцавала ў густы зараснік, спускалася ў балотца, караскалася на выспу жоўтага пяску з чэзлым сасоннікам; ішлі, даверліва трымаючыся за рукі, і нам абаім важна было не проста дайсці да роўнай паверхні, а дайсці з тым сяброўскім даверам і чалавечай павагай, з якімі мы рушылі ў дарогу.
Тады Надзея выйшла з майго душа, загорнутая ў вялікі ручнік, прысела на ўскрайчык канапы і прамовіла ціха:
— Ты выбачай. Прыкідвацца з табой не буду… У мяне пасля разводу не было мужчын… — І тут жа прымружылася, у вачах успыхнулі агеньчыкі:
— Забылася, што ўмела! Але і стрымлівацца не буду, як успомню!..
Сённяшняя гвалтоўная смерць маладой жанчыны была другой за час маёй працы ў пракуратуры. Вяртаўся дадому і думаў: як добра, што ёсць Надзея! За кароткі час я зразумеў, як многа яна значыць у маім жыцці. І не толькі як жанчына, а дакладней, зусім не столькі, а больш як сябар, якога паважаеш за яго розум, умение слухаць, патрапляць у размове з табой на адну хвалю, разумець пачуцці і жаданні і не крыўдаваць, калі яны не супадуць з тваімі.
Пабачыў Надзею здалёк — на ёй была яе заўсёдная для работ на агародзе яркая жоўтая майка. Яна палівала грады са шланга: хмурныя дні ішлі адзін за другім без дажджу, вільготнасць часам вісела ў паветры, але зямля сохла. Абапёрся аб агароджу, павітаўся, адзначаючы для сябе: у такі позні час Надзея спецыяльна выйшла паліваць агарод — чакае мяне.
Яна кінула шланг, абцерла рукі аб запэцканыя шорты, падышла.
— Чайнік пастаўлю. Пасядзіш са мной?
Я не проста запрашаў, Надзея не магла не адчуць у маіх словах сапраўдную просьбу.
— Выпіць ты выпіў, а чым закусваў? — строга спытала яна. — Пачакае чайнік. Давай да мяне заходзь, я зварыла суп фасолевы з грыбамі. Заходзь, не мніся, не панясу ж я каструлю да цябе!
Я падпарадкаваўся. У Надзеінай хаце я ўжо быў два разы, то рушыў смела.
Яна не пыталася ні пра што, сядзела насупраць, глядзела, як я еў. Пасля супу паставіла на стол талерку з бульбяным пюрэ і кавалкам смажанай курыцы.
— Я наеўся, — квола засупраціўляўся я.
— Еш! — строга загадала Надзея, і дадала мякчэй: — Ты ж галодны ўвесь дзень…
— Ты, пэўна, чула пра сённяшняе?
— Знаю, расказвалі, — са скрухай уздыхнула Надзея. — Так шкада.
— Ты ведала Насцю Грыцук? — здагадаўся я аб прычыне скрухі.
— Так, — сумна пацвердзіла Надзея. — Ведзьма ведзьму ведаць павінна.
— Ты пра што? — са здзіўленнем зазірнуў я ў Надзеіны вочы.
— Я ж сказала табе: ведзьма ведзьму ведае. Насця — ведзьма, дачка ведзьмака. І я ведзьма, калі верыць былой свякрусе. Бо я чары навяла на яе сына, і той дапіўся да белай пены і сутаргаў…
Надзея памаўчала трошкі, сустрэла мой дапытлівы позірк і дадала:
— У мяне бабка, мама бацькі, казалі, была вядзьмаркай. Вучыла жанок рознаму, каб сваіх мужыкоў утрымліваць, каб сурокі наводзіць на разлучніцу. Вось, бачыш, як я цябе хутка да сябе прыманіла, — усміхнулася сумна, а потым дадала сур’ёзна: — Мы некалі разам у адным кіёску працавалі прадавачкамі. Пасябравалі. Яна мне спадабалася, хоць і была трошкі. дзіўная. Дарэчы, ты не смейся, я дык нічога не ўмею, ва ўсякім разе, не вучылася і мяне не вучылі, але нешта ад бабулькі мне перадалося. Я ў Насці адразу сілу пачула. І яна мяне адразу адчула. Мы трошкі сакрэтнічалі. Бацька яе многаму навучыў.
— Надзюш. Надзюшка, — працягнуў я ўмольна. — Мяне такое не цікавіць, ты ж разумны чалавек. У мяне не нейкія там сурокі — у мяне труп. Рэальны. Мне нецікавыя такія казкі.
— Ды я ведаю, нецікавыя, — не пакрыўдзілася Надзея. — Я толькі папрашу цябе даць мне нумар свайго мабільніка.
Што праўда, мы да гэтай пары не абмяняліся тэлефоннымі нумарамі. Дарэчы, мне было і няблага. Навошта добраахвотна здаваць сябе пад яўны кантроль, каб у любы момант цябе маглі спытаць: ты дзе? з кім? чаму? Але цяпер я не задумваючыся прадыктаваў нумар, Надзея ўвяла лічбы ў тэлефон, патэлефанавала і адключылася.
— Запішаш нумар. Я не буду званіць без патрэбы, не бойся.
— Не баюся.
— А я за цябе баюся, — зазірнула мне ў вочы Надзея.
— І адкуль страх? — ажно псіхануў я. — Ты — чалавек з вышэйшай адукацыяй, ты ў школе.
— Васіль. Прабач мне. Я цябе толькі папрашу: будзь асцярожным!
— Я заўсёды асцярожны!
— Ну, не крыўдуй, — Надзея ўстала, падышла да мяне, паклала свае далоні мне на галаву, прыціснула да сваіх грудзей, якія пад тонкай тканінай былі цёплымі. — У бабы ж не розум, у бабы сэрца. Вось маё сэрца так радасна трапяталася, як ты сюды засяляўся. А цяпер яно шчыміць. Не крыўдуй. Проста будзь асцярожны.
— Добра, буду.
5.
Наўрад ці сёння хоць адзін звычайны чалавек падазрае, наколькі ён наіўны ў сваіх жаданнях мець асабістае, быццам бы схаванае ад іншых жыццё.
Насця Грыцук была зарэгістраваная толькі ў адной сацыяльнай сетцы, дакладней, на сайце знаёмстваў. У гісторыі браўзера больш не знайшлося ніякіх анлайн-сэрвісаў. Як я і спадзяваўся, пароль быў захаваны ў браўзеры, і сам ноўтбук не запатрабаваў пароля для ўваходу. Сайт знаёмстваў Насця скарыстоўвала адно для асабістай перапіскі, больш ніякай актыўнасці не праяўляла. У яе анкеце быў толькі адзін фотаздымак, звычайны, без ценю нейкай эратычнасці, бы фота на пашпарт. Паведамленняў ад розных наведвальнікаў было дастаткова многа, недзе за сотню, але перапіска з усімі заканчвалася з ініцыятывы Насці на другім-трэцім лісце. Па шчырасці, я пачаў ужо страчваць надзею знайсці хоць штосьці значнае: больш за дзве траціны прагледжаных ліставанняў не далі і каліва патрэбнай інфармацыі. Але неба пачула мае малітвы: з адной жанчынай Насця перапісвалася літаральна з першага дня рэгістрацыі — больш за год, як паказваў профіль, і амаль кожны дзень.
Паўдня я чытаў перапіску Насці з дзяўчынай з імем Руслана. Так, Насця Грыцук была мёртвай, але Руслана заставалася жывой, і інтымная перапіска дзвюх закаханых жанчын, шчымліва-шчырая, выклікала ў мяне пачуццё агіды да самога сябе і сваіх дзеянняў. Старонка за старонкай — мо за пяць соцень паведамленняў — адкрывалі перада мной нязвыклы, незразумелы мне свет лесбійскіх адносінаў. Упершыню ў жыцці я чытаў лісты, у якіх была сапраўдная пачуццёвасць, якія адрасаваліся толькі каханаму чалавеку і таму былі напісаныя з бязмежнай шчырасцю. Лісты ўтрымлівалі сэксуальныя і фізіялагічныя падрабязнасці, ад якіх мне рабілася сорамна. Усцешвала адно: як вынікала з перапіскі, жанчыны не сустракаліся ў рэальным жыцці, іх адносіны заставаліся віртуальнымі, а значыць, мне не трэба будзе шукаць гэтую Руслану і прызнавацца ёй: я чытаў яе лісты да забітай — лісты, напоўненыя такімі пачуццямі, што і не ведаю, як бы я размаўляў з жанчынай наяве. І пра што б яшчэ пытаўся. Чытаў амаль па дыяганалі, але не мог прапусціць ні радка — абавязак патрабаваў…
Сорам пёк. Я хаваўся ад яго за шчыт прафесійнай неабходнасці, вышукваў у тэкстах самыя нязначныя дэталі, якія б маглі мець дачыненне да смерці Насці, і тым ратаваўся. Уздыхнуў з палёгкай, калі дайшоў да апошніх паведамленняў. Адзначыў: жанчыны перапісваліся ў апошні вечар жыцця Насці. Вельмі істотна…
У перапісцы засталіся без адказу тры паведамленні ад Русланы, апошняе, учарашняе — поўнае горкай роспачы: чаму Насця не адказвае? Разлюбіла? Я стрымаў сябе, каб не адказаць: Насці няма сярод жывых, адказвае следчы пракуратуры.
Не, не трэба, няхай застаецца, як ёсць. Бязгрэшнае няведанне часта лягчэйшае за святую праўду…
Цікавага для справы ў перапісцы было нямнога. Па-сапраўднаму мяне ўзрушыў толькі адзін сказ у паведамленні Насці: «Я павінна нарадзіць цмока.» Але больш нідзе не было ні слова пра цмока, абавязак і цяжарнасць, і я зазлаваў на невядомую Руслану: чаму яна не стала распытваць пра такое ў Насці? Чаму замест пытанняў — каму абавязаная, які там цмок незразумелы, калі павінна нарадзіць, ад каго — яна прыдуркавата пытаецца, ці не кіне яе Насця пасля выканання свайго абавязку? Вось жа логіка ў жанчын. Зрэшты, як быццам зразумела: цмок у маім разуменні — той, які смокча кроў. Значыць, дзіця, якое насіла Насця, насамрэч было для яе абавязкам, цяжкай працай, у нечым і пакутай. Вось чаму — цмок.
Другую палову дня патраціў на аператара мабільнай сувязі. Я паведаміў кіраўніцтву салона, што ў сувязі з расследаваннем крымінальнай справы з пракуратуры ўжо накіраваны афіцыйны запыт на дазвол атрымання неабходнай інфармацыі, але абставіны патрабуюць неадкладных дзеянняў. Згоду я атрымаў адразу. Святлана, гаспадыня салона, маладая цяжарная жанчына, пачала раздрукоўваць і перадаваць мне аркушы паперы. Я папрасіў усю інфармацыю аб актыўнасці Насці Грыцук за перыяд, калі яна стала абанентам аператара — трошкі больш за год. І як жа быў здзіўлены, калі мне раздрукавалі ўсяго тры аркушы!
Тут жа запрасіў звесткі пра ўсіх абанентаў, з кім камунікавала Насця. Не здзівіўся, калі пабачыў: практычна ўсе званкі — яе і да яе — датычыліся толькі некалькіх чалавек. Найчасцей, як я і прадчуваў, Насця размаўляла са старэйшай медсястрой, яшчэ некалькі абанентаў — санітаркі з хірургічнага аддзялення, — усе яны былі падключаныя на карпаратыўны тарыф бальніцы.
Толькі адзін тэлефонны нумар, за якім стаяў абанент, імя і прозвішча якога мне нічога не казалі, выклікаў цікавасць. Званкоў было толькі два: адзін уваходны — атрыманы дзевяць месяцаў таму, — і адзін зроблены самой Насцяй на гэты нумар — з тыдзень таму.
Поўная нечаканасць была прыхаваная ў канцы: Насця атрымала дванаццаць эмэмэсак ад розных абанентаў на працягу адной гадзіны чатыры дні таму вечарам. Адзін абанент быў знаёмы — той самы невядомы мужчына, які тэлефанаваў дзевяць месяцаў таму. Прозвішчы астатніх невядомыя. Мужчыны, жанчыны.
— Відавочна, яе віншавалі з нараджэннем дзіцяці, — выказала слушную думку Тамара, калі я расказаў ёй пра свае здабыткі. — Супадае дакладна.
— Але тады вынікае, што дванаццаць чалавек ведалі пра цяжарнасць Насці, — развёў я рукамі.
— Гэта цябе здзіўляе?
— Так, мае думкі наконт Насці як сурагатнай маці — памылковыя. Бо не можа быць, каб такая справа, як нараджэнне дзіцяці на заказ, было вядомае столькім людзям, ды яшчэ — гляньце на нумары — нашым, не замежнікам.
— Дарэчы, што за людзі? — Тамара пачала, пасунуўшы акуляры на нос, праглядваць спіс з дванаццаці абанентаў.
— Пакуль толькі палову ўстанавілі, — адказаў я. — Незвычайна нешта. Усе розныя, працуюць у розных месцах. Доктар гістарычных навук, рэдактар часопіса, мастачка. Дворнік, але і паэт па сумяшчальніцтве — дарэчы, як кажа Вікіпедыя, досыць вядомы ў сваіх колах.
— Зараз-зараз, — нечакана Тамара ўзрушылася, адклала мой аркуш з прозвішчамі абанентаў, пацягнулася да стоса папер на краю свайго вялікага стала. — Дзе ён тут быў, — мармытала яна, хутка перабіраючы лісты. — Ага! Вось табе сюрпрыз!
Яна трымала ў руках аркуш з нейкім спісам, працягнула мне мой ліст і загадала:
— Чытай прозвішчы!
Я падпарадкаваўся. Чытаў, а яна выгуквала: «Ёсць», — і крэсліла ў сваім спісе. Усе дванаццаць.
— Вось табе такое! — Тамара працягнула спіс мне. — Усе яны тут!
На старонцы было дваццаць тры прозвішчы. З іх названыя мной дванаццаць былі падкрэсленыя Тамарай. Унізе стаяла сіняя пячатка сельвыканкама, а ў шапцы ліста значылася: «Спіс жыхароў населенага пункта Ляўдок».
— І гэта трэба разумець так: цяжарнасць Насці была сакрэтам для ўсіх, але толькі не для пералічаных жыхароў вёскі. Дарэчы, яны ўсе — дачнікі, не мясцовыя.
— Значыць, яна знайшла там сяброў.
— І альбо яна мела з усімі імі самыя цесныя стасункі паасобку, альбо ўсе дачнікі — самыя шчырыя сябры між сабой. — услых падумаў я, трохі разгублены нашай знаходкай.
— Вось заўтра і разбірайся, — прапанавала-загадала Тамара. — Дарэчы, будзеш дапытваць Зміцера Грыцука, бацьку Насці, будзь вельмі настойлівым. Бо з запісу папярэдняй размовы вынікае, — яна зноў пакорпалася ў паперах, узяла ў рукі і з выразным незадавальненнем паклала назад ліст папярэдняга апытання, якое рабіла аператыўная група, — вынікае, што стары з галавой дружыць, але размаўляць зусім не хоча. Націсні там на яго. акуратна. Яшчэ?
— Пра цмока, якога павінна была нарадзіць Грыцук, я ўжо казаў. Мяне зацікавіў яшчэ адзін запіс у перапісцы. У палове на адзінаццатую вечара Насця піша апошнія словы — пра тое, што ёй трэба зараз «трошкі пажартаваць». Цалкам усё выглядае так. — я знайшоў аркуш з выпісаным дыялогам: — «Насця: Выбачай, любая. Бягу, трэба мне тут пажартаваць. Руслана: Вой, ты там з некім жартуеш? Хто ён? Насця: Ды ёсць адна сволач… Руслана: Не разумею… Навошта табе жарты з нейкай сволаччу? Насця: Не думай нічога дрэннага пра мяне. Калі сволач, дык і жарты ў мяне адпаведныя. Каб ведаў…» Вось такое, і больш ніякіх тлумачэнняў. Ці не стаў жарт прычынай смерці? Размова відавочна ідзе пра мужчыну. Ці не ў выніку гэтага незразумелага жарту яна і апынулася голай? — выказаў я здагадку.
— Усё можа быць, — думаючы пра нешта сваё, адказала Тамара, і потым дадала нечаканае для мяне: — Не падабаецца мне ўсё. Трэба хутчэй заканчваць.
— Як заканчваць? — разгубіўся я.
— Прыдумай, — Тамара ўзняла на мяне позірк, у яе вачах быў звычайны жаночы сум. — Вось чую я, няма тут па-сапраўднаму ніякага крыміналу, смерць — няшчасны выпадак.
— Але ж разабрацца трэба, — заўпарціўся я. — Лесбіянка раптам зацяжарыла, хавала гэта ад усіх, акрамя дачнікаў, нарадзіла. Дзе дзіця? І праз два дні пасля нараджэння няма ёй большай справы, як недзе з некім жартаваць. распрануўшыся цалкам!
— Разбірайся, — кіўнула згодна Тамара, — але надта не ўпірайся, не той, кажу, выпадак.
— Ну добра, — разгублена прамармытаў я. Мяне бянтэжыў настрой пракурора — яна заўсёды вельмі прынцыповая да следства, і раптам такое.
Тамара ўзнялася з-за стала, падышла да вакна, абаперлася на падваконне, нейкі час маўчала.
— Мне б хто лепш далажыў, калі сонца будзе. Хана маім памідорам, нейкія глісты растуць — тонкія, кволыя, дзыбатыя. Падаюць ужо.
Павярнулася да мяне, я ўстаў.
— Ты лепш, Васіль, пра жывых жанчын думай. Надзька твая ў самым часе раджаць. Ды і табе. Думаеш, лёгка нам, бабам, цераз людскія пагалоскі пераступіць?
Здаецца, я пачырванеў — адчуў, як прыліла кроў да твару.
— Ты выбачай, — Тамара шчыра павінілася. — Калі баба не хоча ні з кім жыць, дык ніхто і ведаць не будзе, з кім яна спіць. Вось пра мяне хто скажа хоць слова? Ці ты думаеш, за час пасля разводу ў мяне мужыкоў не было? А калі табе, не хаваючыся, жанчына есці гатуе, дык павінен разумець. Не кіпі, я табе як маці кажу. Надзея твая — добрая жанчына, ведаю яе.
— Ды неяк разбяруся сам, — прамармытаў я.
— Ага, разбярэшся, — згадзілася Тамара і ўсміхнулася з незвычайным для яе твару клопатам. — Але як жанчына хачу табе сказаць. Мужчына выбірае сабе жанчыну, якая нечым падобная да яго маці, выбірае жанчыну для сябе. А вось жанчыны выбіраюць сярод мужчын не сабе каханка ці гаспадара, а бацьку для сваіх дзяцей. Тая цябе па-сапраўднаму кахае, якая хоча ад цябе нарадзіць. Ну ўсё, не буду больш цябе вучыць жыць. Ідзі, чакае яна цябе. Шчаслівы ты, зразумей нарэшце: цябе штовечар чакаюць.
Я выходзіў з пракуратуры з цяжкім і прыкрым пачуццём: Тамара мела рацыю, больш за тое, яна кранула самае балючае, тое, пра што я стараўся не думаць. Справа ў тым, што нашыя адносіны з Надзеяй зайшлі ў тупік. З аднаго боку, усё было добра: мы бачыліся практычна кожны вечар, ужо двойчы бавілі разам выходныя. Ездзілі разам на рынак у суседні райцэнтр — Надзея была заявіла, што я зусім абнасіўся, трэба займець мне колькі сарочак на лета, джынсы і касцюм. Сабе набірала рознай драбязы. Гатавала есці — і на мяне амаль штодня. Сэкс у нас хоць і стаўся бадай рэгулярным заняткам, але не страціў той самай першай радасці валодання жаданым целам. І я з асаблівай уцехай адзначаў: Надзея радуецца мне ў ложку, ёй прыемна не столькі атрымліваць, колькі аддаваць мне — ласку, пяшчоту. Зрэшты, для мяне і самога незаўважна стала галоўным даць як мага больш Надзеі. І тут не мужчынская гордасць самім сабой, не задавальненне ад выніку былі галоўным: вось, маўляў, які я спраўны і ўмелы мужчына — жанчына са мной у ложку штораз узнімаецца на пік асалоды кахання. Не, мяне апаноўвала невытлумачальнае шчасце сузіраць яе крышку ашалелай ад пачуцця ў такія імгненні, хацелася доўжыць такія хвіліны. Невыказна цёпла было сустрэць яе глыбока пяшчотны позірк, калі пасля мы ляжалі сцішаныя побач і ўглядваліся адно ў аднаго, быццам бачыліся першы раз, і старанна вывучалі кожную рысачку на тварах. Мне не хацелася думаць нейкімі высокімі катэгорыямі, але я ўпершыню ў жыцці сапраўды адчуваў шчасце ад таго, што я — даю і атрымліваю ўзамен такое ж: мне аддаюць, і жанчына шчаслівая, што аддае.
Я не думаў пра тое, як называць цяпер нашыя адносіны, не казаў і не думаў казаць Надзеі пра каханне. Неяк занадта будзённа ў нас усё пачалося і развівалася, дасягнула вяршыні. Дакладней — тупіка. Я адчуваў — тупіка. Бо вось жа пачыналася, быў нейкі рух, была мэта, было куды і да чаго рухацца, а цяпер мы дайшлі да таго пункта ў адносінах, за якім павінна пачацца нешта якасна новае.
Карацей, альбо жыць далей ужо як муж і жонка, альбо. разбягацца.
Надзея ніводным словам не намякнула на тое, што ў нашых адносінах павінна з’явіцца нейкая яснасць, яны павінны перайсці ў новую фазу. Але Тамара мела рацыю, ды і я сам не мог не разумець: Надзея чакае, верыць у працяг. Было ясна, што яшчэ месяц-два — і Надзея стоміцца быць адданай каханкай, і блізкасць урэшце страціць галоўнае — пачуццё самаахвярнасці, стане проста актам задавальнення патрэбы. Гэта звычайная дыялектыка: колькасць павінна пераходзіць у якасць, усё мусіць развівацца, а застыласць — для мёртвага.
А з другога боку, адкуль мне ведаць? Я ўмею чытаць думкі Надзеі? Фізічна здаровая жанчына, са мной у ложку яна навучылася поўнай бессаромнасці (дарэчы, і я таму навучыўся), атрымлівае ад нашых з ёй хвілінаў усё, што можа атрымаць. Усклала на сябе невялікі абавязак іншы раз гатаваць для мяне нешта са страў, дазволіла карыстацца сваёй пральнай машынай-аўтаматам (праўда, пад яе кіраўніцтвам. ды па шчырасці, я больш стаю збоку). Але ж і я нечым дапамагаю ў яе гаспадарчых справах: ужо корпаўся на агародзе, рамантаваў водаправод, памяняў выключальнік… Карацей, пакуль у нас атрымліваецца гэткае бяскрыўднае суіснаванне, амаль сімбіёз. І галоўнае — ні я перад Надзеяй, ні яна перада мной не маем ніякіх абавязкаў! Хіба ж не адсутнасць абавязкаў і ёсць галоўны ўмацавальны фактар нашых адносінаў? Хіба не таму мы стараемся не пакрыўдзіць і не абразіць адно аднаго, бо нічога нас не трымае, акрамя нашай прыязнасці? Проста супала так: мы суседзі, падыходзім адно аднаму. А калі разбяжымся, хіба праблема — знайсці новага партнёра?
Але на гэтым месцы маіх разваг — не маіх нават, а нейкага бескампраміснага і цынічнага аналітыка, які часам прачынаўся ўва мне — я спатыкаўся.
Таму што — праблема.
Надзея пражыла без каханка некалькі гадоў пасля разводу. І зусім не пераймалася праз адсутнасць у яе жыцці мужчыны. І сам я, падсвядома адзначаючы сярод сустрэтых мной жанчын тых, якія патэнцыйна мне падыходзілі, не запомніў ніводнай, ніводная не захвалявала.
Пакуль не сустрэліся з Надзеяй. Я з ёй і яна са мной.
Мае сумневы тлумачыліся проста. У вёсцы, дзе я рос, выбар імёнаў быў надзіва небагаты. Сярод жанчын было па некалькі Надзяў, Таццян, Тамар. Сярод мужчынаў было тры Васілі, два Шуркі і ажно пяць Міколаў. Таму зазвычай кожны з вяскоўцаў меў дадатак да свайго імя. Надзька Пецькава (па імені мужа) і Надзька Прэдкава (па прозвішчы мужа). Шурка Кузьмоў — бо бацька быў Кузьма — і Васіль Таньчын, Шурка Тамарын. Доўгі час я не звяртаў на тое ўвагі, задумаўся толькі на трэцім курсе ўніверсітэта, калі нам чыталі лекцыю пра прозвішчы, мянушкі і падобнае.
А і сапраўды: чаму Надзька была Пецькавай, а Васіль — Таньчыным? Пытанне не столькі захапіла, колькі вярэдзіла сваёй нявырашанасцю. То прыехаў на вакацыі і спытаўся ў тады яшчэ жывой мамы. Тлумачэнне аказалася надзіва простым: Надзька была Пецькавай, бо прыйшла жыць да Пецькі, у пабудаваны ім дом. А Васіль быў Таньчыным, як і Шурка — Тамарыным, бо яны прыйшлі жыць у дамы сваіх жонак. І іх жонкі пасля замужжа зваліся па-вясковаму гэтаксама, як і да яго: Танька была Дуньчынай (так звалі яе маці) — і засталася Дуньчынай, Тамара — Грышкавай (па бацьку), хоць і выйшла замуж за Шурку. Васіль і Шурка былі прымакамі. І якімі б яны ні былі гаспадарамі, як бы ні шчыравалі на зямлі і ў двары, як бы ні перараблялі дамы, ды прымачы хлеб — сабачы. Не сталі яны гаспадарамі ў вачах вяскоўцаў, і не іхнімі сталіся жонкі, а яны — жончынымі мужамі.
Добра помню дзядзьку Шурку, суседа нашага. Здаравенны мужчына, першым хапаўся за самую цяжкую работу, за траіх касіў і сек. Васіль быў дзядзькам сціплым, але майстравым, на многія справы здатным. І паважалі іх вяскоўцы, і не чуваць было ў іх бок слоў асуджэння, ды назаўсёды загучала ў іх імёнах нечым здзеклівая, у нечым грэблівая прывязка залежнасці ад іх жонак…
Надзьчын Васіль — так і мяне могуць некалі назваць у нашым паўмёртвым шэрым райцэнтры, і мяне зробяць не гаспадаром, а дадаткам да гаспадаркі адзінокай жанчыны. Хоць які там той дом — невялічкі, стары, у два пакоі, але ж — не мой, а яе. І пасля скажуць пра Надзею: «Прывяла сабе мужыка», і тут будзе гучаць ухваленне разумнай жанчыны і погляд на мяне, як на істоту, якую выбралі недзе ў базарны дзень…
Мабыць, яшчэ і з гэтай прычыны я ніколі не заставаўся ў Надзеі на ўсю ноч. Не ведаю чаму, але і Надзея, застаючыся з вечара ў мяне, хоць пад самы ранак, аднак вызвалялася з маіх абдымкаў, нацягвала на голае цела сукенку ці шорты з майкай, заціскала ў жменю станік і трусы, хутка цалавала ў вусны, дзячыла і спяшалася праз агарод у свой дом.
Пасля трэцяй нашай сумеснай ночы я думаў пра тое, што добра б было запрасіць Надзею да сябе, пажыць разам. тым самым грамадзянскім шлюбам. Чаму б і не? Але ж як мне запрашаць яе з асабістага дома, які побач, жыць да мяне на здымную кватэру? Ды каб на кватэру — у пакойчык! Не, тое было недарэчна, нават смешна. Ісці самому проста пажыць, паспрабаваць? О, не.
Была яшчэ адна акалічнасць, няхай і не вельмі істотная, але яна непрыемна казытала душу і сілкавала мае сумненні. Надзея нейкі час працавала настаўніцай. Цяпер жа яна — іпэшніца, гандлюе таннымі спажывецкімі таварамі. Сама закупляе тавар, мае месца на рынку. Два дні на тыдзень Надзея ў «камандзіроўцы» — ездзіць закупляцца, у суботу яна гандлюе на рынку, а ў іншыя дні да яе прыходзяць-прыязджаюць розныя людзі, грукаюць у дзверы ў любы час дня і ночы. І яна кідае мяне ў такія хвіліны, бо «людзі ж прыехалі, ім трэба».
Мне вядома, як, гандлюючы толькі адзін дзень на тыдзень, можна атрымліваць неблагія грошы. Надзея закупляе тавар на аптовым складзе, там усё — падпольнай вытворчасці, вельмі таннае, адпаведнай якасці. Прадаецца ж тавар ураздроб, часам з дзесяціразовай накруткай, але ўсё адно атрымліваецца нядорага. Тут Надзею вінаваціць нельга, яна мусіць трымацца тых цэнаў, якія склаліся на рынку: там існуе кругавая парука, і нельга скінуць цану, каб прадаць хутчэй, бо адразу нажывеш ворагаў сярод такіх жа гандляроў, як і яна сама. А вось як людзі прыязджаюць да яе дамоў, тады Надзея прадае значна танней — бяруць памногу.
Гэта сучасны рацыяналізм — і нічога супрацьпаставіць яму я не мог, бо разумеў асаблівасці нашага вычварнага рынку і няпростага жыцця. Хіба заробіць столькі настаўніца гісторыі? Надзея вунь ужо заказала сабе новы аўтамабіль. Але, шчыра кажучы, мяне гадзіў занятак Надзеі. Я не хацеў бы, каб са мной жыла жанчына, якая, па сутнасці, займаецца спекуляцыяй. Купіла — прадала.
І яшчэ. Няхай я — мужчына, якому ад жанчыны трэба толькі ўцеха ў ложку ды каб есці гатавала. Дапусцім, я такі, і тады становіцца зразумела, чаму я не прапаноўваю разам думаць пра будучыню, чаму маўчу пра тое, дзе і як збіраюся жыць далей. Але ж яна — жанчына! Калі яна, як кажа Тамара, угледзела ўва мне бацьку сваіх дзяцей, чаму ніколі не заікнулася пра тое, што хацела б мець дзяцей? Чаму сама не кажа пра тое, як збіраецца жыць далей? Выходзіць, яе ўсё задавальняе вось так, як ёсць? Надакучу, і тады пойдзе сама аднойчы, сказаўшы млява: «Не хачу, каб ты прыходзіў», — і нічога тлумачыць не стане.
На апошніх думках дайшоў да дому. Непрыемна адзначыў для сябе: Надзеі нідзе не відаць, а дзверы ў яе дом шчыльна прычыненыя — значыць, няма, бо яна амаль ніколі не зачыняе іх да канца, калі дома. І міжволі варухнулася ў душы непрыемнае: вось жа, раней штодня сустракала, выглядвала, а цяпер ведае — нікуды не ўцяку, бо добра прывязала сваімі катлетамі і ласкамі ўначы, дык можна і не папярэджваць. А яшчэ нумар мабільніка брала. Быццам назло ўсё.
6.
Чуў, што жанчына застаецца жаданай, пакуль не перастае здзіўляць. Як па мне, дык здзіўленне павінна адбывацца толькі на кухні.
Апошнія дні я стаў заходзіць у свой пакой з боку агарода, не ведаю нават чаму, вось і цяпер абышоў веранду і — разгублена прыпыніўся: дзверы былі адчыненыя, праём прыкрыты пачэпленым на цвічкі цюлем — каб мухі не ляцелі. А да мяне даносілася сквірчэнне нечага на патэльні.
Умомант успомніў, як паказваў Надзеі, дзе я кладу запасны ключ ад дзвярэй. Яна тады пажартавала быццам, што раптам ёй захочацца згатаваць мне вячэру, пакуль я буду на працы.
У маім маленькім закуточку, які служыў кухняй, спінай да мяне стаяла Надзея. На ёй былі звыклыя белыя шорты (хоць дні нельга было назваць спякотнымі, але Надзея летам ходзіць толькі з аголенымі нагамі, яны ў яе не баяцца холаду), майка з кароткімі рукавамі і павязаны выцвілы фартух.
Хваля пяшчоты, якая падкаціла з сярэдзіны жывата пад горла, спыніла мяне ў дзвярах, змыла прыкрыя думкі, і мне стала пякуча сорамна, што хвіліну назад думаў нешта дрэннае пра Надзею. Яна не чула маіх крокаў і рухаў, завіхалася. Памешвала ў патэльні і, мабыць, нешта напявала сама сабе, бо лёгка прытупвала босай нагой.
Мне захацелася прысесці і пацалаваць лытку гэтай гарэзлівай нагі. Зрэшты, я так і зрабіў.
Надзея ўскудлаціла мае валасы, захапіла іх у жменю і пацягнула мяне, каб устаў. Пацалавала ў вусны і, роблена крыўдуючы, упікнула:
— Мае лыткі — самае зацалаванае табой месца. Я супраць! Нішто не павінна быць абдзеленым!
— Складзі спіс таго, чаму не хапіла і ў якой колькасці, — працягнуў я гульню. — Сёння ж справядлівасць будзе адноўлена, усім хопіць!
— Мне цябе ніколі не хопіць, — з лёгкай сарамлівасцю ціха прызналася Надзея, прытулілася тварам да маіх грудзей. — Мый рукі, сядай! — ператварылася ў строгую гаспадыню і падштурхнула мяне.
Позна ўночы мы пілі гарбату на верандзе. У апошні час мы часта так рабілі, бо калі мне адразу пасля любошчаў, як любому мужчыну, хацелася спаць, дык Надзея ўсчынала гаворку пра абы-што. Перапоўненая пяшчотай, яна магла доўга і замілавана гладзіць мае грудзі, шыю, твар — і гаварыць, гаварыць. А мне былі не вельмі прыемнымі яе пагладжванні, вось мы і вырашылі — будзем адпачываць і супакойвацца на верандзе за гарбатай.
Я расказваў Надзеі пра Насцю Грыцук, пра тое, як яна выношвала і нараджала дзіця відавочна на замову для некага. Зразумела, гэта вельмі непрафесійна з майго боку — адкрываць ход следства старонняму чалавеку, але Надзея. Надзея была мне сваёй. Я не першы раз расказваў ёй пра сваё, прафесійнае, быццам самому сабе, пры гэтым сам сябе слухаў, аналізаваў — і амаль штораз у мяне нараджалася новая думка. Цяпер я разумеў, чаму Тамара-пракурор так часта просіць усіх выказвацца ўголас па праблеме. Агучаная праблема дакладна хавае ў сабе рашэнне.
Любая крымінальная справа — справа чалавечая. Пачні шукаць прычыну — і становіцца страшна ад той бездані, у якую зрынаюцца чалавечыя дуты, гідка ад тых істотаў, у якіх ператвараюцца людзі. Не мог я не падзяліцца з Надзеяй — бо яна ж жанчына! — нядаўняй гісторыяй пра згвалтаванне непаўналетняй. Дзяўчынцы ўсяго трынаццаць, на яе гвалтаўніка заява паступіла ад настаўніцы. Пачалі разбірацца. Дзяўчынка жыве з маці, тая, кажучы мовай пратакола, вядзе амаральны лад жыцця, хоць адбіраць у яе дзіця відавочных прычынаў не было: дом больш-менш дагледжаны, працуе ў мясцовым калгасе. Выпівае? Так, здараецца. Але ж дзіця як быццам і апранутае не горш за іншых, і накормленае. Пакойчык свой мае, умовы адносна добрыя. Не была ж настаўніца ў тым доме начамі са свечкай, не бачыла, як маці займалася сэксам з чарговым сваім госцем за выпіўку, а дачка сачыла за ўсім са свайго пакоя, бо маці не зачыняла дзверы — глядзі за цікавай дарослай гульнёй. Неяк загадала дачцэ падысці ды «памацаць у дзядзі» — і дзядзька дасць грошай.
З таго пачалося. Мацала яна, мацалі яе пажадлівыя дарослыя рукі. Аднойчы той самы дзядзька, які ноччу мяў пад сабой яе маці на старой канапе і мацаў саму яе, завітаў днём, калі дзяўчынка толькі вярнулася са школы, а маці яшчэ не прыйшла з работы. Прынёс і стаў выкладаць на стол пячэнне, цукеркі, два жоўтыя бананы. Яна дазволіла сябе распрануць, каб дзядзька зноў, як мінулай ноччу, гладзіў, сціскаў небалюча яе цела. Потым дзядзька сказаў, што яна зусім дарослая і, калі яна зробіць як яе маці («Ты ж бачыла?»), зусім па-даросламу, ён дасць ёй многа грошай. І папраўдзе даў грошай, але папярэдзіў, каб яна не прызнавалася маці.
Трэба адзначыць, у свае трынаццаць год дзяўчынка выглядала даволі сталай: высокая і не худзенькая, цыцачкі ўжо адскочылі досыць адчувальна, круглявы азадак і плечы. Праз месяц вопытны мужчына зрабіў з падлетка сапраўдную німфетку. Як бясхітрасна і амаль безэмацыйна расказвала на допыце дзяўчына, дзядзька вельмі стараўся, каб ёй спадабалася, і яна сапраўды пачала атрымліваць фізічнае задавальненне ад «таемнай гульні». Прычым пачала нават прагнуць яго. Аднойчы разам з маці, якая была моцна п’янай, прыйшоў незнаёмы мужчына, амаль цвярозы, у чыстым адзенні, акуратны. Маці пацягнула яго да сваёй канапы, пачала бязладна распранацца.
«А дзядзечка такі прыгожы, дужы, мне так шкада яго стала, бо мама такая п’яная, непрыгожая, старая. Я дзядзьку да сябе паклікала, калі мама заснула, я ўжо ўсё умею.»
Тамара хапалася за галаву ў час допыту. І не вытрымала, калі дзяўчынку вывелі, павярнулася да яе маці, застылай на стуле, безуважнай да ўсяго, і голасна вылаялася: «Поскудзь! З якім задавальненнем я б цябе зараз прыдушыла!»
Назначаная экспертыза выявіла ў дзяўчынкі лёгкую ступень дэбільнасці, яе адправілі ў інтэрнат. З гвалтаўніком, які, як выявілася, быў чарговым кліентам дзяўчынкі-прастытуткі, разбіраўся суд. А маці, пазбаўленая бацькоўскіх правоў, вярнулася ў свой дом. І працуе там жа, і жыве гэтаксама. Хіба што вылічваюць з заробку на ўтрыманне дачкі.
— Мне шкада цябе, — прамовіла тады Надзея, калі я замаўчаў.
— Чаму? — здзівіўся я.
— Бо ты бачыш, якімі мы робімся. Ты бачыш той бок жыцця — вычварны бок, — які людзі хаваюць ад чужых вачэй і ад саміх сябе. Мы ж у большасці сваёй адмахваемся ад такіх вось здарэнняў і з’яў. Бо яны — не з намі здараюцца, нас не датычацца. Мы вось на чарговы канцэрт падзівімся, на чарговае свята народнае сходзім. А тая брыда — дык то не пра нас. Цяжка табе.
— Цяжка чаму?
— Цяжка бачыць у людзях светлае, калі ведаеш, на што здольны чалавек, як глыбока можа ўпасці. Мы жывем, бы тэлесерыял дзівімся праз замочную шчылінку. І ўсё міма нас праходзіць, як нешта і блізка здарыцца, дык ахнем-войкнем — і забыліся. Абы не з намі. А ты. ты да самой сутнасці даходзіш, ты бачыш прычыны і следства, ты з гэтым жывеш, табе нельга забывацца, бо любая такая падзея становіцца для цябе наўпрост часткай нашага жыцця. І ты не можаш ад яе адмахнуцца, як адмахваемся ўсе мы, астатнія.
Я быў не тое што здзіўлены — уражаны словамі Надзеі. І не тым, што яна паспачувала мне, хоць і спачуванне мела для мяне вялікае значэнне, а тым, як яна пабачыла мяне ў маім крымінальным свеце. Сам я ніколі так глыбока не задумваўся над сваёй работай, з Надзеяй мы ўвогуле не размаўлялі на тэмы, якія б вымагалі наяўнасці ведаў і здольнасці да аналітыкі на ўзроўні, вышэйшым за. узровень гандляркі. Так, мне тады стала сорамна, далібог. Раптоўна я пабачыў іншую Надзею — разумную, адукаваную і здольную дакладна сфармуляваць і выказаць сваю думку, прычым — слушную, цвярозую і на такую складаную тэму.
— Мне няпроста, так, — прыціснуў я да сябе Надзею. — Але ж у мяне ёсць жанчына з такім шматзначным імем, мой светлы і чысты куточак жыцця. Тут я і ратуюся.
Мае словы гучалі як просьба прабачыць. Мабыць, тады і Надзея адчула, зразумела, што першы раз за наш час разам яна выказвалася зусім не як простая жанчына, спекулянтка з рынку. Бо і сама крышку зніякавела, быццам засаромелася.
Зазвычай Надзея слухала ўважліва, але ўтрымлівалася ад каментарыяў, калі я яе не пытаў. І цяпер, расказваючы-разважаючы пра Насцю Грыцук, якая для некага нарадзіла дзіця і была забітая, я сачыў за тварам Надзеі, бачыў у яе вачах не проста цікавасць, а суперажыванне і боль.
— Але ж ты так і не ведаеш дакладна: Насця нараджала для некага спецыяльна? То твае здагадкі? — ціха спытала яна, калі я замаўчаў.
— Так, здагадкі, — мусова згадзіўся я. — На жаль, нават у прыватнай перапісцы са сваёй сяброўкай Насця адно напісала, што павінна нарадзіць цмока. Але каму і чаму.
— Цмока? — нечакана здзіўлена выгукнула Надзея.
— Ну так, — паціснуў я плячыма. — Дзіўна? Як я зразумеў, так яна звала дзіця, якое насіла. Бо жыў у ёй, сілкаваўся яе сокамі. Піў кроў.
— Цмокі не п’юць крыві, — сур’ёзна запярэчыла Надзея.
— Надзюш. Ну алегорыя ж. Так яна выказалася. А хто, па-твойму, цмок?
Надзея неяк дзіўна паглядзела на мяне, быццам шукала на твары падказку для свайго рашэння: казаць сур’ёзна далей ці абысціся нязначным удакладненнем. Я заставаўся сур’ёзным — мне сапраўды было цікава, якога цмока ведае Надзея.
— Ведаеш. У час майго студэнтцтва быў у нас выкладчык. Ён літаральна заразіў мяне і яшчэ некалькі чалавек з нашае плыні любоўю і цікавасцю да гісторыі. Да сваёй, айчыннай. Тады былі. самыя лепшыя мае гады. Самыя напоўненыя. Я адкрыла для сябе столькі ўсяго. Дык вось, Цмок — адно з самых загадкавых міфалагічных стварэнняў нашых продкаў. Невядома, як ён выглядаў, якая была яго роля ў жыцці людзей. З тых паданняў, якія захаваліся, можна зрабіць вывад: ён быў лятучым, мог спапяліць агнём са сваёй пашчы. Карацей, можна лічыць, то быў дракон.
— Ну вось, хіба ж я памыляюся тады? — перапыніў я і радасна дадаў: — Успомніў! Ёсць жа абраз такі — святы Юры забівае змея ці цмока. Так жа?
— Так, — пяшчотна ўсміхнулася Надзея і патлумачыла, бы настаўніца дзіцёнку: — Святы Юры забівае Цмока. Алегорыя, сімвал перамогі хрысціянства над паганствам, разумеет? Той змей на абразе — не нейкае стварэнне з Пекла, не д’яблава дзіця. Менавіта Цмок. І ён там увасабляе старажытную веру нашых продкаў, якая была вынішчана хрысціянствам. Тая ж казка пра Кашчэя Бессмяротнага — гэтаксама гісторыя змагання хрысціянскай царквы з паганствам. Можаш уявіць, на якім месцы ў пантэоне паганства знаходзіўся Цмок, калі смерць над ім зафіксавана ў абразах. Цмок. Цмок быў незалежнай, вольнай істотай. Але калі чалавек аднойчы ўстанаўліваў добрыя стасункі з Цмокам, то той забяспечваў яго бязбеднае існаванне: прыносіў яму скарбы, бараніў ад ворагаў, сцярог дом ад бяды.
— І як можна. нарадзіць Цмока? — прыдуркавата спытаўся я. — Ад каго?
— От не ведаю, — з усмешкай развяла рукі Надзея. — І ніхто не ведае. Хрысціянствам паступова было знішчана ўсё, што мела дачыненне да старажытнай веры. Вынішчалася агнём у прамым сэнсе. Засталіся толькі паданні. іншым разам і вельмі супярэчлівыя. Паводле адных, Цмока можна прывабіць, калі спячы для яго яечню без солі і тлушчу і аднесці той пачастунак на гарышча. Паводле іншых, Цмока можна было выгадаваць. Напачатку дачакацца, калі чорны певень знясе яйка. Пасля тое яйка павінен насіць мужчына пад пазухай некалькі гадоў. І з яйка вылупіцца маленькі Цмок. Карміць зноў жа яечняй без солі.
— Цікава! — не схаваў я захаплення. — А чаму Цмок не любіць солі?
— Солі не любяць усе, хто жыве ў пазасвеце. ну, не сярод людзей. Соль. яна як абярэг. Прыкмета ж вось ёсць: рассыплеш соль — да сваркі ў сям’і. Таму, што соль у тыя часы была вельмі рэдкая, каштоўная, яе ашчаджалі, бераглі. Таму ў яе і такія якасці абярэга.
Нейкі час я маўчаў, раздумваючы над тым, што з пачутага можа прыдасца практычна. Ведаць, безумоўна, цікава, але ж Насця Грыцук не была чорным пеўнем. Я ўсміхнуўся сваім думкам і спытаў:
— А хіба не недарэчна гучыць умова нараджэння Цмока: напачатку певень павінен знесці яйка?
— Ты таму і пасміхаўся? — трошкі раўніва спытала Надзея.
— Ды ўспомніў дзіцячую загадку: знёс певень яйка на кітайска-савецкай мяжы. Каму дастанецца: кітайцам ці савецкім?
— Ага, помню і я, — пасур’ёзнела Надзея. — А знаеш… пустое доўга не жыве.
— У сэнсе?
— У тым сэнсе, калі нешта мае пад сабой доўгую гісторыю жыцця ў казцы, міфе, то там заўсёды схаваны глыбокі сэнс, зашыфраваныя веды, сапраўдная гісторыя.
— Ты перакананая, што за кожнай небыліцай нешта хаваецца?
— А ты зменшыш свой скепсіс, калі я нагадаю табе, як была раскапана Троя? Да Шлімана нават ніхто і не сумняваўся: выдумка, казка, легенда, міф! А лабірынты Мінатаўра? Яшчэ прыклады хочаш?
Якой прыгожай стала Надзея ў сваім узбуджэнні! Яна падалася наперад, прымружаныя вочы ззялі, нават невялікая складка на лбе не псавала твару, а надавала яму энергіі. Трапяткія ноздры вострага носа ўздрыгвалі. Я ўпершыню бачыў Надзею такой: сапраўды ўзрушанай, зацікаўленай, крышку нават агрэсіўнай, якая казала пра сваё, роднае і блізкае, бараніла яго. Міжволі ўсміхнуўся.
— Чаго ты смяешся? — разгублена спыніла сябе Надзея, неяк адразу асела, быццам птушка крылы склала.
— Прабач, калі ласка, — я прыгарнуў Надзею да сябе, пальцы правай рукі запусціў у яе валасы — ад скроні далей, нібы расчэсваў. Ведаў — яна любіла, калі я так рабіў. — Ты зараз мне так нагадала нашу сакратарку ў адзін дзень. Да яе прыйшла сяброўка, нешта пачалі гаварыць пра дзяцей. У сакратаркі двое, звычайныя дзеці, без асаблівых талентаў. І вось сяброўка неяк няўклюдна ўпікнула нашу Зіначку, маўляў, дзеці твае ні ў музычнай школе, ні ў мастацкай. О, як усхапілася Зіначка! Яна так бараніла сваіх, у тры сказы даказала, што яе дзеці — найлепшыя! Вось. І ты так бараніла сваё. свайго Цмока.
Крануўся вуснамі лба Надзеі. Удыхнуў пах яе валасоў. І нечакана Надзея застыла напружаная. Упершыню я адчуў такую незразумелую нерухомасць Надзеі, і мяне трывожна казытнула: нешта здарылася?
— Васіль. Можна я нараджу ад цябе дзіця?
Надзея вымавіла сваё пытанне, асцярожна, просячыся, вызвалілася з маіх рук, нейкае імгненне сядзела, схіліўшы галаву, потым узняла на мяне вочы.
Я пацягнуўся па цыгарэты.
Калі ў нас здарылася блізкасць, у той самы першы раз, неяк адным словам Надзея дала мне зразумець: мне не трэба непакоіцца пра наступствы. І мы ўвесь час не засцерагаліся.
— Я не разумею, як так атрымалася. — крыху нервова прагаварыў я, мнучы цыгарэту.
Унутры мяне пачынала дробна трэсці. Раптоўна я зразумеў, як жыццё, тое, якое ёсць сёння, можа абрынуцца, і замест яго ўзнікне нешта новае, пакуль чужое для мяне, а галоўнае — без майго жадання. Як жа так? Чаму яна вырашыла падмануць мяне?
— Вой, дурненькі! — весела-адчайна ўсклікнула Надзея. Саслізнула на калені перада мною, абхапіла мае ногі, паклала на іх галаву і зноў зірнула на мяне, знізу наверх, але з неверагоднай пяшчотнай перавагай.
— Дурненькі, — паўтарыла яна з усмешкай. — Нічога не здарылася. І не магло здарыцца. А ты падумаў? Падумаў?
І стаў тухнуць, знікаць цёплы агеньчык у яе вачах. Яна зразумела: я падумаў менавіта так, больш за тое, яна адчула, што ў мяне такая навіна выклікала ніяк не радасць.
Надзея не стала чакаць ад мяне нейкіх словаў. Яна зразумела? Зразумела, што я разгубіўся, спалохаўся? Зразумела, як у мяне маланкай пранеслася думка: вось, заляцела — нікуды не дзенешся, мусіш ажаніцца?
Зрэшты, усё было няважна. Бо Надзея зноў пачала казаць ціха, вінавацячыся:
— Я хачу нарадзіць дзіця. Вельмі хачу. Мне ўжо наўрад ці замуж выйсці. А ад абы-каго нараджаць не хачу. Васіль. няхай яно народзіцца ад цябе. Хочаш, я напішу і падпішу паперу, што не буду мець ніякіх прэтэнзій да цябе?
Я быў не разгублены — мяне літаральна аглушыла. Мноства думак, пачуццяў узарвалі свядомасць. Не было магчымасці за нешта зачапіцца. І толькі адна, самая недарэчная думка, пульсавала ў скронях: вось Насця Грыцук — для некага нараджала, а ты — будзеш такім жа сурагатным бацькам.
— Надзюш. — хрыпата пачаў я, так і не прыпаліўшы цыгарэту. — А ты. Чаму ты не хочаш вярнуцца ў школу?
Яна зноў села побач, але не прыхіналася, усміхнулася, як павінілася:
— Табе прыкра, бо ты, следчы пракуратуры, інтэлігент, спіш з гандляркай з рынку?
Так, яна не абвінавачвала мяне, а менавіта прасіла прабачэння, быццам сама адчувала сябе чалавекам другога гатунку, жанчынай, якая прыдатная для мяне хіба як палюбоўніца, але не як. Не як жонка, не як маці маіх дзяцей.
Я не ведаў, што адказаць. Я не ведаў, што рабіць далей, як выйсці з сітуацыі, чым завяршыць размову. Не ведаў, наўпрост не ведаў.
У пакоі зайграў тэлефон, як сапраўдны паратунак для мяне. Я падхапіўся з невыказнай палёгкай, нават не здзівіўшыся такому позняму званку. Абы толькі не памыліліся нумарам. Няхай любое надзвычайнае здарэнне, няхай хоць што, абы толькі.. Абы толькі не працягваць размову. Мне трэба час, мне трэба пабыць аднаму.
— Васіль? — вінавата спытаўся голас пракурора. — Выбачай, разумею, на які момант магла патрапіць. Праз дзесяць хвілінаў будзем у цябе, апранайся.
— Апранаюся, — адказаў я, выдыхнуўшы. — У двух словах можна даведацца, што здарылася, Тамара Сяргееўна?
— Можна, — пагадзілася Тамара. — На трасе, на выездзе з Ляўдка — ДТЗ: фура збіла легкавы аўтамабіль. Пакуль там даішнікі разбіраюцца. У багажніку легкавіка знойдзена скрыня. Дакладней, невялікая труна. У ёй труп нядаўна народжанага дзіцяці.
— Кіроўца, пасажыры легкавіка?
— Пасажыраў не было. Кіроўца мёртвы.
— Зразумела. Чакаю.
Я апрануўся хвілінаў за пяць, выйшаў на веранду, прысеў, каб нарэшце закурыць. Усе хваляванні ад прапановы Надзеі зніклі. Пасля, усё пасля.
Надзея выйшла на веранду, трымаючы ў руцэ кубак з кавай.
— Папі. Ноч будзе доўгай?
— Ага, дзякуй табе, — шчыра адказаў я, крануты яе клапатлівай здагадлівасцю — вельмі добра зараз кубак кавы. І час ёсць. — Не ведаю, наўрад ці занадта доўга. Хочаш пачакаць? — прымусіў сябе жартам спытаць я.
— Калі табе будзе прыемна — пачакаю, — адказала Надзея з усмешкай на куточках вуснаў.
— Тады тут чакай! — паставіў я ўмову быццам усур’ёз, бо не мог іначай у гэтыя хвіліны, і вось такая гульня ў сур’ёзнасць была маёй выратавальнай кладкай між упэўненым у сабе чалавекам і цалкам разгубленым мужчынам.
— Тады буду тут чакаць, — пакорліва згадзілася Надзея ці то насамрэч, ці то жартам.
На верандзе заставалася гарэць нязыркае святло, калі я выходзіў з веснічак. Тамара ні пра што не пыталася, моўчкі кіўнула, калі я ўсеўся. Мы паехалі, і я думаў пра тое, як нязвыкла, калі мужчыну жанчына прапаноўвае стаць бацькам яе дзіцяці. А можа, у будучым гэта будзе заместа прапановы ажаніцца?
7.
Добра, што ёсць ночы — у іх пачварнасць і жах выглядаюць цалкам натуральнымі.
— Божа, не дай Бог маці такое нарадзіць і пабачыць. — голас Тамары быў зусім не пракурорскім, яна казала, як звычайная кабета, уражаная відовішчам.
У невялікай драўлянай труне, якая была зроблена з абрэзкаў «вагонкі», хоць і груба, але дастаткова акуратна, ляжала мёртвае немаўля з вялізнай, выцягнутай даверху, амаль у свае паўроста, галавой. Гідрацэфал…
Я дастаў скарчанелае цельца. Нечакана цяжкое, яно падалося мне жалезнай лялькай, абцягнутай тоўстым латэксам. Цалкам разгарнуў вялікую мяккую пялюшку. Хлопчык…
— Пупавіна адпала. Некалькі дзён, — Тамара не кранулася мёртвага дзіцяці. — Вось і ўсе адгадкі.
— Не думаю, што ўсе, — неахвотна запярэчыў я.
Мне насамрэч не хацелася ні спрачацца, ні думаць пра нешта. Так недарэчна супала — просьба Надзеі нарадзіць ад мяне дзіця і мёртвае немаўля. І такое ж можа нарадзіцца. Мы так мала бачым на вуліцах хворых людзей, што думаем, быццам усе нараджаюцца здаровымі, фізічна беззаганнымі.
— Больш нам наўрад ці трэба, — настойліва працягнула Тамара. — Ніякага заказу на дзіця не было. Быў мужчына, выпадковая цяжарнасць, нараджэнне хворага дзіцяці. У мужыкоў заўсёды хапае розуму абвінаваціць у такім няшчасці жанчыну. Відавочна, быў канфлікт. Раніцай пашукаем на дачы кіроўцы. Знойдзем і тое, на што напаролася Насця.
— Напаролася? — здзівіўся я.
— Напаролася, — упэўнена кіўнула Тамара. — Не шукай таго, чаго не было. Магла бегчы, спатыкнуцца, упасці…
Накрапваў дождж. Мігалка машыны даішнікаў рэзала вочы, я раздражнёна думаў над тым, чаму яны не выключаюць яе, чаму Тамара не загадае тое зрабіць. Пад’ехалі нарэшце выратавальнікі на сваёй «газелі» з абсталяваннем. З блытанага аповеду кіроўцы фуры вынікала, што сутыкненне адбылося адразу пасля таго, як ён размінуўся з сустрэчнай. Кіроўца аўто, якое выязджала з павароту на Ляўдок, прапусціў гэтую сустрэчную і адразу выехаў на шашу. Ад удару машыну адкінула на металічны слуп і літаральна абгарнула вакол яго.
Моцна завуркатаў рухавік, пасля зароў, потым пасыпаліся іскры пад тонкі вісклівы гук — выратавальнікі разразалі жалеза, каб дастаць труп кіроўцы.
Участак дарогі, асветлены фарамі аўтамабіляў і жоўта-сінімі мігалкамі машын даішнікаў і «хуткай», выглядаў у абсалютнай чарнаце ночы ўрачыста-злавесна. Рэдкія машыны на трасе сцішвалі ход, праязджалі амаль бязгучна. Я адышоў падалей за куст на дарозе на Ляўдок, закурыў, глядзеў на постаці. Ні пра што не хацелася думаць.
У паветры віселі, таўкліся, як жамяра, дробныя кропелькі вільгаці, ліплі да твару і шыі. Быццам нешта нябачнае, вялізаранае, бясформеннае, але жывое хавалася ў цемры, на правах гаспадара бессаромна абмацвала кожнага і ўсё, што трапіла ў яе ўладанні. Яно, мокрае і чорнае, тут гаспадар. І нават калі прыйдзе ранне, яно распаўзецца туманом, прыўзнімецца да нізкіх аблокаў — агромністае, бяздушнае і халоднае.
— Што задумаўся? — Тамара падышла да мяне. — Запальнічку не ўзяла. Трэба ж, колькі ўзнімалі сярод ночы, ніколі нічога не забывала.
— Некалі ўсё здараецца ўпершыню, — я пстрыкнуў, пачакаў, пакуль Тамара дастане з пачка цыгарэту, паднёс у жмені жоўты агеньчык да яе скуластага твару. — Значыць, ніхто нашую Насцю не думаў скарыстоўваць у якасці інкубатара.
— Адказы на большасць пытанняў бываюць вельмі простымі, — нібыта ўсцешваючы, заўважыла Тамара. — Вось разбярэшся заўтра з кіроўцам. Можа, у яго была сапраўдная любоў. Насця магла паспрабаваць — ад адчаю, ад цікавасці — стаць нармальнай жанчынай. Раптам цяжарнасць яе змяніла? Калі мужчына кахае па-сапраўднаму, ён на многае пойдзе. Мог і ўгаварыць Насцю, каб нарадзіла яму.
— А мне вось прапанавалі бацькам стаць. сурагатным.
Словы вырваліся самі сабой. Не збіраўся аніяк, не думаў нават, што скажу Тамары пра тую просьбу, ды яшчэ ў такі момант і такім тонам, быццам прашу парады.
Тамара маўчала, як не пачула маіх слоў. Не перапытвала, не спынялася раз-пораз зацягвацца. Нарэшце яна дакурыла, адышла на ўзбочыну, кінула і прытаптала нагой акурак. Я зрабіў тое ж. Мы моўчкі пайшлі да месца аварыі.
— І ты адказаў? — нечакана запытала Тамара.
Я ўздрыгнуў.
— Не паспеў.
— Толькі не ўздумай цяпер адказваць, — насмешліва-жорстка папярэдзіла Тамара.
— Чаму? — разгубіўся я, больш ад таго, што Тамара не забылася на мае словы, думала пра іх і вось цяпер вучыць. Як школьніка перад экзаменамі.
— Таму. Такія прапановы — як тэст. Калі задумаўся мужык — ад яго трэба бегчы. Што б ты цяпер ні адказаў — тэст ты праваліў. І ведаеш. — Тамара прыпынілася, бо мы ўжо амаль падышлі да машыны, а ёй, мабыць, неабходна было дадаць колькі словаў. — Вось ты меркаваў, што Насцю скарысталі як інкубатар. Ты лёгка са словам абыходзішся. Скарыстаць — зусім не тое. Скарыстаць — узяць і не аддаць узамен. Вось ты Надзькай карыстаешся месяц. Маўчы. Паехалі.
«А яна мной не карыстаецца!?» — захлынуўся я воклічам, але падпарадкаваўся Тамары, трымаў у глотцы свае словы. Жанчыны заўсёды бароняць жанчын. Бач, я скарыстоўваю. А яна мяне? Хіба Надзея не карыстаецца мной, як мужчынам? Яна хіба мала ад мяне атрымлівае? Гэтулькі гадоў не ведаць элементарнай мужчынскай ласкі і цяпер бярэ напоўніцу ўсё ад мяне! А я ж даю ўсё, што магу! Ці была б яна з некім больш шчаслівай? Сама ж прызнавалася: са мной, менавіта са мной адчула ўпершыню тое, што падалося ёй стратай самой сябе, калі, здавалася, сэрца спынілася ад неспазнанай раней асалоды, пра якую і думаць не магла, у якую не верыла. Хіба яна не захлынулася тады шчаслівымі слязьмі ўдзячнасці, хіба не цалавала мяне апантана, не шаптала бясконца самыя пяшчотныя словы?..
— Дай запальнічку!
Зазвычай Тамара не курыла ў салоне аўтамабіля, а тут павярнулася да мяне, пацягнулася тонкімі вузлаватымі пальцамі.
Я разгублена ляпаў па кішэнях: куды засунуў запальнічку? І нечага баяўся глядзець у вочы пракуроркі. Ды прыйшлося. Як і чакаў: у гэтых вачах застыў папрок. Абвінавачанне нават.
— Не крыўдуй. Сам падумай, — нечакана ціха сказала Тамара.
Ну чаго яна лезе? Якое яна мае права ўвогуле нешта мне ўказваць? Знайшла суб’ект для выхавання? Сумна адной стала?
— Віктар вось ведае, — Тамара лёгка кіўнула прыпаленай цыгарэтай у бок нашага кіроўцы, маўклівага, мне іншы раз здавалася, быццам ён нямы. Яшчэ і знешнасць такая непрыкметная, сцішваецца сам недзе ў куточку прыёмнай, калі вольны, тры словы пра яго не скажаш. — Тваёй Надзеі хапіла ўсяго.
— Я ведаю, — трохі крыўдліва ўставіў я.
— І пра звальненне са школы ведаеш? Пра даносы на яе ва ўсе інстанцыі, нават у КДБ, — ведаеш? Пра допыты? Пра ператрусы?
Тамара не паварочвалася да мяне, страсянула попел праз адчыненае вакно.
— Дык ведаеш?
— Не, — ціха адказаў я, агаломшаны пачутым. — Былая свякруха помсціла?
— Дурняў і без свякрух хапае, — уздыхнула Тамара. — Калегі так званыя. Надзея ж гісторыю выкладала. Некаму вельмі не спадабалася, як яна пра… як яго там. Касцюшку, пра якога ў падручніку няма нічога, вучням расказвала. Пайшоў першы данос — маўляў, настройвае дзяцей супраць славянскага братэрства, ставіць пад сумненне значнасць адзінай саюзнай дзяржавы. Атрымала па пошце кнігі — пайшоў данос пра атрыманне нейкай незаконнай друкаванай прадукцыі, налепак, бо якраз дзятва дурэла, на канікулы са сталіц папрыязджалі, ляпілі ўсякае на слупы. А ў яе самой не хапала хітрасці змаўчаць пра сваё стаўленне да таго Княства Літоўскага, да Пагоні той. Вось і папрасілі са школы. На маё імя, пакуль яна выкладала, васемнаццаць лістоў прыйшло. Адно нават з подпісамі бацькоў, не паленаваліся. У чым толькі не абвінавачвалі яе! Нават у стварэнні падпольнай арганізацыі дзеля звяржэння мясцовай улады. А ты не смейся, — нечакана павысіла голас Тамара, і цяпер я заўважыў, як яна паглядвае на мяне ў люстэрка задняга бачання. Я ж і праўда міжволі ўсміхнуўся: няўжо не дурнота — пісаць такое?
— Ды. якая багатая фантазія ў чалавека, — апраўдаўся я.
— Багатая. У мужыкоў, якіх мы, бабы, пасылаем з іх жаданнем залезці нам у трусы, фантазія багатая, — жорстка загаварыла Тамара. — Я таго пісара хутка вылічыла, Надзея распавядала мне пра свае справы школьныя і не школьныя. Настаўнік. Бач, развядзёнка не захацела спатоліць яго прагу. Карацей, Надзея намі, і не толькі намі, правераная ці не рэнтгенам. Чыстая душа, няхай сабе і любіць тое, што лепш у наш час не любіць. Але няма ў яе ні камянёў за пазухай, ні дулі ў кішэні. Яна нацярпелася. то мы яе ў крыўду не дадзім. Праўда ж, Віктар? — Тамара злёгку ляпнула па плечуку кіроўцы.
— Не дадзім, — ледзь чутна адказаў кіроўца. — Суседа дачку паўгода ва ўніверсітэт рыхтавала, рубля не ўзяла. Дзяўчына на бюджэт паступіла.
— Чуў? — Тамара спыталася ўжо з усмешкай у голасе і дадала: — У яе абаронцаў многа ў горадзе. Цяпер во раз у квартал за бесцань раздае рэшткі тавару, бачыў жа? Некалькі шматдзетных сямей адзеннем забяспечвае. Вельмі шчыры, адданы чалавек. І кахаць умее, — зусім ужо нечакана зазначыла Тамара і замоўкла.
Не чакаў, што апошнія словы бы які молат бэхнуць па мазгах. Жанчыне можа быць бясконца добра з мужчынам зусім не таму, што ён — атлет і ўмелец, а проста таму, што яна яго кахае. І яна шчаслівая, бо побач з ёй — каханы, бо яна дорыць яму сябе. Вось такая нечаканая думка.
Надзея кахае мяне?
Ніколі не думаў. Чаму не думаў? Чаму я за сваё жыццё ўвогуле ніколі не думаў пра каханне? Баяўся гэтага слова? Ці чакаў?
Так, чакаў. Бо недзе там, у мазгах, як на складзе, адклалася, задубела-праржавела аксіёма: каханне — выбуховае пачуццё, шквал пачуццяў і эмоцый, нешта такое, якое ні з чым не зблытаеш.
А ў нас з Надзеяй усяго сэкс?
Але ж калі толькі сэкс, дык хіба я не атрымліваю ў ложку аднолькава з Надзеяй? А калі не толькі сэкс, дык што яшчэ?
Паглядзі на сябе збоку, казаў я сам сабе. Выключаем з размоваў сэкс, тут раўнавага. Далей глядзім.
Гатуе вячэру? Гатуе. А ты гатаваў на дваіх? Ні разу. А, каву запарваў. А яна? Таксама запарвала.
Посуд мые? Мые. Ты заўважаў, як паспявае працерці пыл, нешта паставіць, пераставіць. У цябе былі два кубкі, два відэльцы, каструлька ды патэльня. А сёння? Ты заўважыў новы чайны сервіз? Яна прынесла, быццам у яе іх некалькі. Посуду стала колькі? Урэшце, якой стала твая «кухня»?
Яна паспела памыць вокны, быццам між справай. Мые тваю бялізну… мые, ты ж толькі побач стаіш ля пральнай машыны. Прыбірае. Колькі ўсяго новага ў тваім пакоі? Яшчэ камплект бялізны. Настольная лямпа. Попельніца крышталёвая. Сурвэткі. Твой пакой стаў утульным, у які табе хочацца вяртацца.
А што ты даў ёй матэрыяльнага? Замяніў выключальнік і падкруціў гайку на водаправодзе?
Яна выслухоўвала цябе пасля работы. Спачувала, суцяшала, суперажывала. Яна ведае, колькі ты зарабляеш, ведае твае цяжкасці, пыталася пра планы і мары.
А ты? Ты ведаеш, чым яна жыве?
Яна ж для цябе гандлярка з рынку днём, хатняя гаспадыня вечарам і каханка ўначы. Усё! Ты хоць раз пацікавіўся яе турботамі? Спытаў, як справы? Ага, табе прыкра пытацца пра тавар ды грошы. А ты ведаеш, якімі бываюць дарогі ў Маскву па тавар? Ведаеш, як жанчыне двое сутак абыходзіцца без выгод і гарачай вады? Гідзяць цябе такія сітуацыі? А новыя майкі на лета, якія яна табе прывезла — вось такая брудная і смярдзючая, — не гідзяць?
…Я не разумеў, што са мной адбываецца. То быў нейкі акт мазахізму, я адчуваў ці не салодкі боль ад жорсткіх пытанняў самому сабе. Мо першы раз за сваё жыццё я ацэньваў свае паводзіны без адзінай спробы апраўдання. О, я б знайшоў апраўданне ўсяму, я б запярэчыў. Але не сёння.
— Падкіньце мяне да «Дзяжурнага», — папрасіў я.
«Дзяжурны» — магазін на прывакзальнай плошчы, які працуе кругласутачна.
Развітаўся з пракурорам і кіроўцам, перабег плошчу. На ганку магазіна стаялі два маладзёны, мабыць, некага чакалі. У магазіне было гулка і пуста, ззяла плітка толькі што памытай падлогі. Прадавачка ўзнялася аднекуль з-за вітрыны і глянула на мяне незадаволена, імгненна вызначыўшы: пакупнік у сціплай вятроўцы і ношаных джынсах возьме адно цыгарэты. Хіба сумка ў яго скураная, быццам не танная.
Я і насамрэч спытаў пачак цыгарэт, пасля — дзве шакаладкі і толькі потым — бутэльку белага віна і бутэльку каньяку. Дзяўчына заўсміхалася, рухі яе сталі ветліва-папераджальнымі, нават прамармытала нешта кшталту «калі ласка».
Віно паклаў у сумку, каньяк нёс у руцэ.
Ранейшыя маленькія кроплі нябачна віселі ў паветры, ліплі да твару. З асветленага ганка я ступіў у цемру за рог магазіна, і дарогу мне перакрылі двое.
Тыя самыя маладзёны. «Пэтэвэшнікі», — адзначыў я для сябе. Прыязджаюць з суседніх райцэнтраў, будучыя трактарысты і зваршчыкі, нахабныя, дурныя, не хочуць нікога ведаць у твар.
— Мужык, накінь на бутэльку піва, — сказаў адзін, амаль ветліва сказаў.
— Заўтра аддамо, — рагатнуў.
Я перахапіў бутэльку ў руку, у якой трымаў і сумку, палез па партманет.
— І колькі табе? — спытаў з усмешкай. А чаму б і не даць? Няхай п’юць, такіх ужо не перавыхаваеш.
— Пяцёрку, — гыгыкнуў другі і насмешліва, але нервова працягнуў: — Кашалёк давай, доўбня.
Убаку пачуўся шоргат, я глянуў — у двух кроках быў трэці. Ён стаяў увесь у цемры, толькі вузкая палоска святла падала на яго грудзі і жывот. Ён трымаў рукі прыўзнятымі і вастрыём нажа ляніва калупаў пазногці. Твар было не разгледзець, але ўся пастава яго — спакойная, упэўненая і адначасова наструненая — казалі пра тое, што ён галоўны. І яшчэ пра многае. Я спыніў руку ў кішэні, прыглядаўся.
— Аглух, мужык? — запсіхаваў першы маладзён. — Усё давай, і сумку сваю… патрымаем.
На што яны разлічвалі? Я не запомню ні твараў, ні постацяў? Не, хлопчыкі, памыліліся.
— Не трэба крыўдзіць маладых, — здзекліва-павучальна працягнуў раптам трэці, рухі яго рук спыніліся, і я заўважыў тое, што і чакаў пабачыць — пяць кропак на руцэ, татуіроўка. «Я і чатыры вышкі».
І толькі цяпер я зразумеў: мяне, следчага пракуратуры, «бяруць на гоп — стоп» два маладзёны. Якіх нацкоўвае раней судзімы. Нож у яго руках — не запалохванне, а папярэджанне. Цяпер каля дзвюх гадзінаў ночы, плошча пустая, нават таксі няма: цягнік пройдзе толькі раніцай. Не, наўрад ці спрацуе нож. Двух маладых на мяне аднаго — дастаткова. Дзыбатыя, дужыя. А калі я адпушчу зараз сумку, бутэлькай каньяку агрэю аднаго, вось тады можа спрацаваць і нож. Калі былы зэк вывеў на паляванне сваіх маладых ваўкоў, ён павінен давесці справу да канца, прычым такога, у якім ён будзе пераможцам.
Закрычаць: «Я — следчы пракуратуры!»? Дзяцінства, дарэмна. Сорамна. Не спрацуе, яны не пабягуць уцякаць.
А недзе на далёкай адгэтуль ціхай вуліцы ў маім пакоі ў крэсле спіць Надзея. Зачакалася мяне, заснула. Ці не спіць? Сядзіць і глядзіць у цемру вуліцы — раптам там з’явіцца мая постаць?
Як жа гэта далёка.
Я не даставаў руку з кішэні. Да мяне пацягнуўся адзін з маладзёнаў, ён стаяў блізка, я бачыў яго твар: напружаны, застылая ўсмешка перакрывіла вусны. Нос бульбінай, вочы крыху пукатыя, скулы невыразныя, шырокія надброўныя дугі, вострае падбароддзе.
— Рукі!
З такімі трэба размаўляць жорстка. Яны разумеюць толькі тую мову, у якой загад і папярэджанне.
— Даўно адкінуўся? — я крыху павярнуўся ў бок таго, трэцяга, пытаўся ўпэўнена, нават з выразнай перавагай. — Пацаноў на гоп-стоп нашпігоўваеш? Не занадта маладыя? Глядзі.
Юнакі разгубіліся, азірнуліся на свайго настаўніка. Я скарыстаў момант, спакойна дастаў партманет, выцягнуў купюру, здаецца, дзясятку, працягнуў у бок маладых:
— Трымай на сваё піва. Заўтра да абеду прынясеш, знойдзеш мяне ў пракуратуры.
— Атас, — ціха, але жорстка прагучала каманда ад трэцяга, нож знік з яго рук, яны апусціліся ўздоўж ног. — Выбачай, начальнік, памылка, просім прабачэння.
І раптоўна знік у цемры, ступіўшы назад, бязгучна, бы здань.
Маладзёны сарваліся з месца, гучна тупаючы, пабеглі чамусьці да асветленага ўваходу ў магазін, потым крута звярнулі ўбок.
Толькі цяпер мяне затрэсла. Паставіў сумку і пляшку на зямлю, закурыў. Вось дык маеш: следчага пракуратуры маглі абрабаваць нейкія пэтэвэшнікі. Заўтра ж падыду туды — у мяне выбітная памяць на твары. Аднаго я запомніў — ноччу пазнаю. Выпаўзкі, гадзяняты.
Дом сустрэў мяне чорнымі вокнамі і закрытымі дзвярыма. Адчуваючы, як пуста і холадна робіцца ўнутры, я адамкнуў дзверы сваім ключом, знарок не стаў глядзець, ці ёсць другі ў схованцы, уключыў святло і ціха зазірнуў у пакой.
Не было Надзеі.
Было чыста, усё прыбрана, нават пасцель на канапе перасцеленая.
Сеў у крэсла, пацягнуў на сябе попельніцу. Глядзеў на бутэлькі з віном і каньяком і думаў: навошта я браў іх? Што я збіраўся сказаць Надзеі? А можа і лепш, што яна пайшла? Не трэба нічога тлумачыць. І годзе саплівых думак! Выпіць зараз? Аднаму, нагбом, з рыльца?
Не, мне раніцай трэба ў Ляўдок…
Курыў, глядзеў на бутэлькі.
І раптоўна прыйшла з ніадкуль упэўненасць у тым, што Надзея ніколі больш сюды не прыйдзе. Ніколі.
І ці прыходзіла ўвогуле?
Не, з рыльца я піць не буду. У мяне ёсць ажно шэсць кілішкаў. Надзея прынесла.
8.
Раніцы, як і жанчыны, бываюць непрадказальнымі.
На небе былі аблокі. Я нават прыпыніўся на ганку, зачыняючы дзверы, задраў галаву. Так, аднастайная шэрая пахмурнасць неба цяпер была разарваная на цямныя і светлыя аблокі, якія насоўваліся адно на другое, плылі ў розныя бакі: нізкія, больш цёмныя і калматыя, — у адзін, светлыя, нейкія плоскія, — у процілеглы. І хоць сонца па-ранейшаму не было відаць, у рэдкіх і невялікіх разрывах праглядвала баязлівая, хваравітая сінеча.
Не мог не зірнуць на дом Надзеі. Ён падаўся мне змярцвела-маўклівым. «Усё прэч», — загадаў я сабе. Так, усё прэч. Не дачакалася, не патэлефанавала. Няхай сабе, па меркаванні Тамары, я і праваліў тэст. Надзея абавязана была прамовіць хоць слова. Абавязана!
Вартавы на вышцы, бомж ля сметніц, стужка шашы. Чорныя купалы царквы. Чаму яны мне падаюцца такімі злавеснымі? А як неба вызваліцца цалкам ад аблокаў, ці стане ўрачыста-блакітным? Хто прыдумаў пакрываць купалы меддзю, якая імгненна чарнее і надае будынку такую неверагодную вусцішнасць? Які бог згодзіцца жыць у храме пад чорным дахам?
Ды навошта яно мне?! Пра што я думаю? Здаецца, хмель ад выпітага каньяку не прайшоў. Я выцадзіў палову бутэлькі. Спаў у крэсле, цяпер баліць шыя. Колькі спаў? Чатыры гадзіны, не болей. Нават на гадзіннік не глядзеў, усё чакаў хоць эсэмэскі.
Ну і няхай. няхай ідзе на ўсе чатыры бакі! Быццам цяжка тут знайсці каго. на ноч! Вось жа д’ябальшчына: чаму я думаю пра Надзею? Нейкі месяц больш-менш разам. Грызе мяне самалюбства, бо не я, а яна пайшла без тлумачэнняў? Хіба так. Не вельмі прыемна быць кінутым. Нічога. Яшчэ пабачым.
Ля дзвярэй пракуратуры сустрэўся з сакратаркай Зіначкай.
— Нешта выгляд у вас, Васіль, не вельмі, — пасля вітання паспачувала мне яна. — Зайдзіце на каву. спецыяльную, — з загадкавай усмешкай дадала, падзячыла кіўком галавы за тое, што прытрымаў дзверы, упускаючы яе ў будынак.
Мне падалося, ці яна спецыяльна з асаблівым імпэтам віхляе сёння азадкам, абцягнутым заўсёднай чорнай кароткай спадніцай? Прываблівы ён у яе. Акуратны, не апушчаны ўніз, сцёгны не тоўстыя, клубы бы жывуць асобна ад цела. У свае трыццаць тры Зіначка ззаду ўдае падлеткам. Рухавая, гнуткая. Зрэшты, і спераду яна нічога, хіба грудзі вялікія, здаецца, вызвалі са станіка і расплывуцца пад пахі, як ляжа на спіну. Ці не расплывуцца, а выставяць дагары спакуслівыя смочкі?
Уяўленне было незвычайна моцным, у нейкі момант мне захацелася, каб Зіначка павярнулася і я змог пабачыць яе схаваныя цяпер пад тканінай грудзі і пераканацца: яны не павіслыя, яны пругкія, прахалодныя.
І яна азірнулася:
— Дык заходзьце!
Муж Зіначкі на заробках у Расіі, тое ў пракуратуры ведаюць: яна ці не штотыдзень расказвае пра свае няўдалыя спробы справіцца з побытавымі праблемамі, якія патрабуюць мужчынскіх рук. Часам вызвоньвае па тэлефоне камунальную службу: то ёй электрык патрэбны, то слесар. Кватэра ў старым доме, жанчына збірае грошы на капітальны рамонт, бо ўсё, пачынаючы ад праржавелых труб і заканчваючы аблупленай столлю, патрабуе працы і грошай. А тут яшчэ двое дзяцей, школьнікі, дай і дай. Нейкае імгненне я вагаўся: мо гатаваць самому каву? Але ж Зіначка запрасіла, і я не адмовіў. Значыць, згадзіўся. Ну, няхай пачастуе яна, не першы ж раз.
Падняўся на другі паверх — там кабінеты Тамары і яе намесніка, Антона Шабацькі, мужчыны пяцідзесяці гадоў, сівога як лунь, але падцягнутага, сухарэбрага нават. Цікавы чалавек: ведае процьму ці то анекдотаў, ці то сапраўдных кур’ёзаў. Як ні збяромся, так бы мовіць, у неафіцыйных абставінах, ад яго абавязкова гісторыя, і да месца. Апавядальнік ён адмысловы: паўзу вытрымае, голас бясстрасны, сам не ўсміхнецца нават, калі іншыя хапаюцца за бакі ад рогату. Тры гады таму ў яго памерла жонка — рак страўніка. Калі выявілі, было ўжо позна, ажно чацвёртая, апошняя стадыя. Са скаргамі на жывот яна не адзін раз звярталася ў бальніцу, але там ставілі дыягназ «запушчаны гастрыт», што часткова і было праўдай… У нейкі момант малады ўрач, які ўсяго год як працаваў, адправіў яе на абследаванне мэтанакіравана на рак. Паўгода пасля гэтага яна толькі і пражыла. Шабацька, казалі, хворую апошні месяц насіў на руках, даглядаў цалкам сам, бо яна ўжо ляжала дома. У іх трое дзяцей, усе дарослыя, як кажуць тут, прыпучаныя: два сыны ажаніліся, дачка замужам. Прычакалі і ўнукаў. Сорак дзён пасля пахавання жонкі Шабацька прыходзіў на працу пакамечаным, з моцным перагарам, які стараўся прыхоўваць, пырскаючы на сябе раз-пораз адэкалонам (парфума была ў шуфлядзе ягонага стала). У другой палове дня ён піў купленую ў час абеду бутэльку гарэлкі і іншым разам засынаў за сталом. Але так працягвалася менавіта сорак дзён. Пасля іх ён аднойчы працверазеў і стаў такім, як і быў да смерці жонкі.
Мінуў год і адзін дзень пасля пахавання — і Шабацька прывёў у сваю кватэру жанчыну. Мяне вось гэта і здзіўляла ў Антоне: ён у жыцці кіраваўся дакладнымі правіламі, агульнапрынятымі нормамі, быццам не меў свайго асабістага стаўлення. Вось кажуць, што трэба мужу жонку дагледзець, — дагледзеў, трэба вытрымаць сорак дзён жалобы і год аднаму пажыць, — вытрымаў і пажыў.
Мажліва, менавіта штучнасцю паводзінаў, якую я падазраваў у Шабацьку, ён і быў мне несімпатычны. А яшчэ немаведама чаму ён лічыў, быццам Зіначка — яго асабістая сакратарка. Нават Тамара сама сабе часцяком гатавала каву, ці мыла свае зялёныя стограмоўкі, а Шабацька ў пяць хвілінаў на дзевятую штодня чакаў, калі Зіначка, цокаючы абцасікамі, прынясе яму каву. Калі нехта бачыў, як яна выходзіла з яго кабінета пасля, то не мог не здагадацца па запунсавелых Зіначчыных шчоках і іскрынках у вачах, што жанчына ў знак падзякі атрымала паляпванне па клубах і двухсэнсоўны камплімент наконт яе шыкоўных цыцак.
Я ўзняўся наверх у прыёмную-канцылярыю. Чайнік якраз забулькатаў.
— Зараз-зараз, — сустрэла мяне такой яскрава-лагоднай усмешкай Зіначка, аж мне стала трошкі ніякавата, але адначасова і прыемна. — Сядайце во! — запрасіла.
Я прысеў да сцяны — тут стаялі крэслы для наведвальнікаў. Зіначка заліла кіпнем кубак з кавай, але толькі напалову, пабоўтала лыжачкай, пасля прысела ля вялікай канцылярскай шафы. Яе сцёгны адкрыліся высока, быццам вынырнулі з-пад спадніцы — тугія, у тонкай тканіне празрыстых калготак. Зіначка пакорпалася ў ніжняй шуфлядзе (ох, як доўга яна корпалася!) і, не ўстаючы, павярнула галаву да мяне, трымаючы ў руцэ ля свайго амаль аголенага цалкам сцягна невялічкую бутэльку. Па-змоўніцку прымружыла вочы, падміргнула мне знізу ўверх, і я гатовы быў ісці ў заклад, што змоўніцкі агеньчык у яе вачах тычыўся не толькі бальзаму, які яна дастала.
— Выдатна лечыць! — Зіначка даліла да поўнага цёмнай вадкасці ў кубак, падала мне: — Бярыце і на здароўе!
Заварыла кавы сабе і таксама дадала, але з напарстак усяго, бальзаму. Бутэлечку закруціла, цяпер ужо чыста па-жаночы, ахайна і хутка, прысела і схавала яе.
Яно і праўда: пасля першага глытку пахучай вадкасці я адчуў, як мне палепшала, хоць галава не была цяжкай ці мяне нудзіла. Лягчэй рабілася на дуты. Прасцей.
— Ой, дзякую, ці то напітак чароўны, ці то ад сэрца згатавалі, — падзякаваў я, зрабіўшы трэці глыток, парушаючы трохі няўтульную цішыню.
— І тое, і другое, і трэцяе, — выпаліла Зіначка.
— А што трэцяе? — здзівіўся я.
— А я на ўдзячнасць разлічваю, — прызналася яна без усмешкі. — Бабе без мужчыны ў хаце як без рук. Столькі ўсяго за дзень здараецца — хоць у акно вылазь ды крычы, кліч мужыкоў.
— Клікалі? — смехам пацікавіўся я.
— Ат, з тых, хто адразу адгукаецца, толку на адзін шкалік гарэлкі. За ёй і бягуць, — Зіначка ад прыкрасці зморшчыла свой невялічкі акуратны нос. — У суседа рукі растуць не з таго месца. Шабацьку ягоная сужыцелька раўнуе, бы законная жонка. А мне — хоць на курсы якія запісвайся!
— Такія пільныя справы, што і мужа не дачакаюцца?
— Той муж. не дуж, калі і з’явіцца праз тры месяцы. Ды рознага хапае. То лямпачка ў люстры стрэліла, святло не запальвалася. То акно адчыніць не магла. Ага, смешна, дробязі, а знаеце, як прыкра, калі нічога зрабіць не можаш і няма каму дапамагчы? Вось учора: тэлевізар не ідзе! Піша: няма кабелю. Я ўжо і там пакратала, і там — няма кіна. Хай мне мой серыял, дык жа дзецям — іхнія мульцікі давай! Замучылі вечарам, а майстроў выклікаць — толькі на аўторак. А сёння ж пятніца..
Я зразумеў, пра «трэцяе», адчуў: вось цяпер Зіначка чакае адказу, зрабіў глыток і бадзёра выдыхнуў:
— Зробім! Дзякуй вялікі, Зіначка! Проста выдатная кава!
Насамрэч я за гэтыя колькі хвілінаў адчуў сябе куды больш бадзёра.
Жыццё падавалася зразумелым дарэшты. Як і запрашэнне на каву з бальзамам, выразнае дэманстрацыя свайго спакушальнага азадка, просьба.
— Дык я тады буду чакаць! Як вызваліцеся, прыходзьце. І замінаць не будзе каму: дзеці сёння да бабы пабягуць, заўтра на лецішча паедуць зранку.
І яна ўсміхнулася мне, гледзячы ў вочы. Там, у яе вачах, я прачытаў тое, пра што не кажуць жанчыны, калі клічуць мужчыну да сябе нібыта па справе. У вачах было абяцанне і чаканне, такое выразнае, што мне стала крыху няёмка. Паспяшаўся адказаць:
— Канечне, ніякіх праблем! Я вольны. Мяне раўнаваць няма каму, і рукі як быццам растуць з патрэбнага месца, — я асмялеў і закончыў ужо гулліва.
Зіначка зноў усміхнулася мне, цяпер як сапраўднаму змоўніку, адказала прыцішана:
— Пабачу, пабачу.
Ну і схаджу, пагляджу, той кабель. Дробязь, відаць, дзеці гуляліся, штосьці шмаргнулі. Вячэрай, мабыць, накорміць. Не трэба будзе вячэру гатаваць. Усё будзе добра.
Я спускаўся па лесвіцы, адчыняў свой кабінет, уключаў кампутар, а ў вачах стаялі высока вызваленыя ад тканіны спадніцы сцёгны Зіначкі і яе знарочыстая марудлівасць, калі яна даставала бальзам для пачастунку. Не задумваўся над тым, ці маю я права лезці да замужняй жанчыны.
Сакратарка не рабіла сакрэтаў, што мужа няма дома па месяцу і больш, і што хутчэй за ўсё, у яго там, у Расіі, ёсць жанчына, што сям’я фактычна не існуе: тыдзень, як муж дома, праходзіць у сварках.
Зіначка далёка не адзінокая ў сваёй бядзе. Заробкі ў Расіі — з’ява звычайная для нашага райцэнтра, бо месцаў, дзе можна нармальна зарабляць, не хапае і на чвэрць жадаючых. Мужыкі з’язджаюць на месяцы два-тры, жывуць там адзіным сваім клопатам: папрацаваў-паеў-паспаў. Вяртаюцца сюды, у сем’і, з грашыма, адчуваюць сябе героямі здабытчыкамі. Іх тут так і прывячаюць жонкі і дзеці, але ж жыццё — не суцэльнае свята. І праз тыдзень даводзіцца мужыку ўпрагацца ў хатнія праблемы, якіх, аказваецца, процьма: тут кран пацёк, тут адвалілася плітка, тут трэба тое, тут — сёе і далей, далей. А ён жа адвык ад падобнага. Яго раздражняе звычайная будзённасць клопатаў, праблемы дачкі ў школе, сына — у садку. Два тыдні вытрымае — і ляціць зноў у тую Расію. А там робіць, да прыкладу, рамонт у якім доме-кватэры, дзе гаспадыня адзінокая, масквічка. Ветлівая ды выхаваная, а галоўнае — па мужчынскай ласцы так засумавала, што ні робы той пакамечанай, зашмальцаванай не бачыць, ні паху рабочага не адчувае. І пры грашах яна. І ўсё ў яе ёсць, усё ў жыцці склалася, вось каб мужчыну яшчэ. Хоць на месяц які. І лёгка згаджаюцца мужыкі на такія прапановы. Бо тут ад іх якраз нічога не патрабуюць, акрамя аднаго занятку, самага мужчынскага — улагодзіць гаспадыню, даць ёй ноч любошчаў ці хоць колькі хвілінаў, але каб пасля — на тваім плячы ёй заснуць, а раніцай табе каву згатаваць з такім нязвычным для цябе амлетам. Няма чаго дзівіцца, калі і распадаюцца сем’і, у каторых мужыкі больш дурныя. Які разумны дык гадамі жыве сабе, лічы, з дзвюма жонкамі. І тых нямала, якія дзяцей нарабляюць і сваёй, законнай, і масквічцы. Пасля выбіраюць, дзе спыніцца. Масква перамагае часцей.
Зінчын мужык не з самых разумных: колькі разоў ужо намякаў ёй, каб была больш лагоднай і падатлівай, а то яму ёсць куды ісці. Неяк, злёгку падпіўшы, Зіначка, не тоячыся, расказвала пра апошнія сямейныя сцэны і храбрылася: «А няхай шагае страявым да тае масквічкі! Я дзяцей выгадую і без мужыка не застануся!» Наўрад ці хто сумняваўся ў праўдзівасці яе намераў у той момант. І падыме, і знойдзе. Толькі па гадах Зіначка за мяне старэйшая, а побач паставіць, дык ніяк не скажаш. Маленькая, мякенькая ўся, бы тая котка.
А што мне губляць? Згублена. Дый. Надзея была трэцяй жанчынай у маім жыцці. І яна была іншай… У поўным сэнсе слова, нават, калі ўжо шчыра казаць, фізіялагічна іншай. Зусім не такой, як мае першая і другая. І тыя былі рознымі. І вось адкрыццё, што жанчыны розняцца не толькі характарам, паводзінамі, але і целам, мяне хвалявала. А самым хвалюючым, самым чаканым — я цяпер дакладна ведаў — у маіх адносінах з жанчынамі б^ілі вось гэтыя першыя хвіліны, рубікон, праз які пераходзіш — і настае тое незваротнае. Зыркі, напружаны да спынення стуку сэрца момант, момант ісціны: яна твая ці не? І з кожнай было па-рознаму! Такія моманты перажываць — сапраўдная асалода. Вось і Зіначка. з ёй павінна быць цікава. Як у нас будзе? Адразу з парога яна ўпадзе ў абдымкі, прыціснецца, працягне рукі за спіну і шчоўкне замком? Ці будзе доўгая знарочыстая гульня, аж да нейкага моманту выпадковага, а пасля — імгненны выбух страсці? А можа, як з Надзеяй, па-сямейнаму цёпла, па-сяброўску шчыра і аддана? Як ні будзе, але будзе новае. А якая яна ў ложку?
Усё, хопіць. Ведаю я сябе: заўжды пасля таго, як перап’ю і не працверазею добра, вось такі сексуальна-заклапочаны настрой. Трэба супакоіцца, выкінуць з галавы Зіначчыны сцёгны і цыцкі. Не ўцякуць яны, ужо не ўцякуць. Хутчэй бы вечар!
Адчыніў фортку, закурыў. Радыё прапікала — восем гадзінаў. І адразу пасля кароткага стуку прачыніліся дзверы.
— Дазвольце?
Тумар, участковы.
— Канечне, заходзьце! Сядайце. Кавы, можа?
У глыбіні душы я зарадваўся таму, што мае думкі пра жаночыя вабноты нарэшце прагоніць будзённая справа.
— Ды я больш гарбату простую, — нечакана сумеўся ўчастковы міліцыянер, быццам быў вінаваты ў тым, што не любіць каву. Ён прайшоў у кабінет, прысеў на стул.
Я усміхнуўся: зноў ён трымаў сваю фуражку ў руках. Уключыў чайнік, раптам адчуўшы, што мне самому хочацца менавіта чаю — моцнага, без цукру. Каб сэрца затахкала. Бо ў роце пасля кавы з бальзамам пакрысе рабілася саладкавата-ліпка.
— І я сабе гарбату зраблю! — выгукнуў я, дастаў кубкі, цукар.
— Няма Сяргееўны? — спытаў участковы пра пракурора. — Калі яна нас адправіць?
— У выканкаме зранку, — адказаў я. — Сёння пасяджэнне, ёй выступаць.
— Засядаюць, засядаюць, — уздыхнуў Тумар. — Каб жа па справе што вырашылі…
— Напрыклад? — я пацікавіўся дзеля ветлівасці. Заварыў гарбату, пасунуў кубак участковаму.
— Што тут казаць? У мяне тры магазіны на сельсавет. Учора палучка была ў калгасе — і ва ўсе тры магазіны прыперлі таннага чарніла — ажно пяці гатункаў! А каўбаса ў адным толькі была, два гатункі, пельменяў не было. От так. А яшчэ сшыткі вексельныя заводзяць.
— Гэта якія? — не зразумеў я.
— Ды такія, — Тумар зморшчыўся, бы ад кіслага, загаварыў з выразным раздражненнем: — Пазычаюць чарніла і гарэлку мужыкам прадаўцы, у сшыткі запісваюць. А ўчора ішлі мужыкі з палучкай і палову за даўгі аддавалі. А жанкі ля магазінаў каравулілі. Тры бойкі, адна свайму галаву цаглінай рассекла.
— Жывы?
— Ды жывы. Схавалі ад мяне. Ды я надта не ўмешваюся, толку ніякага. Співаецца народ.
— Так… — я ўспомніў учарашні начны інцыдэнт, сваё абяцанне самому сабе знайсці рабаўнікоў і цяпер млява падумаў пра тое, што нікога шукаць не буду: дарэмна ж, сапраўды. — Вас як зваць, а то й не пазнаёміліся як след.
— Пятровіч. Сцяпан. — Тумар прыўзняўся і працягнуў руку, я паспяшаўся зробіць тое ж. Яшчэ раз пераканаўся: шырокая рука міліцыянера моцная.
— Васіль. Проста Васіль, — адказаў я. — Раскажыце мне, Пятровіч, пакуль няма Сяргееўны, пра Ляўдок.
Прысеў за стол, пасунуў да сябе чыстыя аркушы паперы. Тумар пачкаў, пакуль я падрыхтуюся, і стаў расказваць, зрэдчас пасёрбваючы гарачую гарбату, нетаропка, каб я паспеў запісаць патрэбнае.
— Значыць, сёння там дваццаць тры жыхары. Чатырнаццаць хат. Некалі — ого! — вёска была знакамітая! Тут майстры-кушняры жылі. Ну, шкуры выраблялі: зайцоў, лісаў, ваўкоў, баброў. Але ж во за нейкіх дваццаць гадоў апошніх бы мятлой вымела. Старыя паўміралі, маладыя выехалі. То сваіх засталося чатыры сядзібы. Значыць, самы блізкі да лесу дом: Зміцер-вядзьмак і яго дачка. Жыла з ім.
— А жонка? Вы казалі, ён слабы зусім. Дык жа Насця не была ў такім сталым узросце. Позна нарадзілі дачку?
— Дык. казалі, Зміцер, пакуль ведзьмаком сапраўдным быў і лячыў гавяду, коней, людзей, не жаніўся, бо яму быццам нельга было. Так казалі. А ўзяў ён куды маладзейшую за сябе жанчыну, аднекуль прывёз. Яна хворая зусім была, ён яе лячыў, от яна яму і нарадзіла. Але ж доўга не пажыла: дачцэ, Насці значыць, дзесяць было, як памерла. Казалі. рознае казалі, але ўголас не асмельваліся, бо вядзьмак жа, хай сабе і нібыта на пенсіі. Дык вось, шапталіся, нібыта пабіў жонку Зміцер надта. А за што якое — не ведаю.
— Ого! — я здзівіўся з дасціпнасці Тумара. — Інфармацыя адкуль? Бы побач жылі.
— Ды распытаў трохі. Маці мая жывая, у памяці, хоць і не ўстае. Мы ў суседняй вёсцы жывём, аграгарадок цяпер. А вядзьмак жа заўсёды навідавоку. Так, значыць, суседка Зміцера — Сцёпчыха. Адзінокапражываючая, ёй каля васьмідзесяці. Дзеці раз’ехаліся, мужык памёр даўно. Усё жыццё ў калгасе, звычайная такая цётка. На яе агародзе знайшлі Насцю. Далей жыве адзінокая Марыля, такога ж узросту, як і Сцёпчыха, бадай. Манашкай мы яе клічам, яна пры царкве ўсё была, зараз слабая, далёка хадзіць не можа, ногі баляць. Замуж не выйшла, дзяцей не нарадзіла. Пенсія мізэрная ў яе была, з агарода адно і жыла. Ну, людзі нечым дапамагалі, бо раней жа і папоў не было нідзе, а яна хоць колькі малітваў ведала, кнігі ў яе гэтыя былі. То як паміраў хто — Марылю клікалі. Яна хоць нейкі парадак падтрымлівала, ноч усю малітвы ды яшчэ там якое трэба чытала над нябожчыкам. Цяпер гоніць самагонку, дачнікам. Але толькі сваім прадае, чужым ніяк. Добрая самагонка. Ну і далей трохі па вуліцы — хата Калтуневічаў, пенсіянеры: ён, Уладзіслаў і яна, Сонька. Дзеці, двое сыноў, на сядзібе жывуць, свае сем’і. Уладзіслаў раней у міліцыі працаваў, пакуль не пакалечыўся п’яны на матацыкле, цяпер кульгае. А Сонька яго партыйнай была, дэпутаткай нават выбіралі. Язык падвешаны дай бог, але і розум мае. на свой манер. Маё даведачнае бюро — усё пра ўсіх ведае, ранак пачынае з таго, што суседзяў аббяжыць, распытае-раскажа навіны. На другім краі, таксама пад лес, стаіць хата Міхася Падлужнага. Яму, здаецца, пяцьдзясят пяць ці болей трохі. Жыве бабылём. Колькі разоў прывозіў жанок сабе — не ўжываліся з ім, з’язджалі. То зараз на лета наймае з горада зазвычай дзвюх жанчын: у яго гаспадарка вялікая, трымае ці не два дзясяткі галоў гавяды. Хлявоў наставіў, суседні ўчастак яму сельсавет аддаў, плошчу пад пашу выдзелілі. Вось жа лёс які ў чалавека: і працавіты, не п’яніца, спакойны нібыта, а з жанчынамі ніяк, сям’і няма. Раней з сястрой жылі, тая замужам была, дзіця мела. Жылі разам, хата вялікая, яшчэ прыбудавалі трысцен. Нешта не склалася, кажуць, надта ж характарам няпросты Міхась. Ну, сястра з мужам і дзіцём з’ехала на сядзібу. А той застаўся. Упарты. Днюе і начуе на сваёй «ферме». Трактарок мае, бабулькам тут падможа, зноў жа — дачнікі і гной купяць, і па малако прыйдуць. Але нейкі няўдачлівы, ніяк яму не шчасціць: цяляты дохнуць, каровы на мастыт захворваюць ці яшчэ якая трасца, малако перастаюць даваць, ён тых прадае, купляе новых. Круціцца без продыху, а няма толку. Вось, усе свае.
— Зразумела, — я прачытаў запісанае, — сваіх сямёра… было, з Насцяй. Пяць хат. Значыць, астатнія хаты — дзевяць — і астатнія людзі — шаснаццаць — тыя самыя дачнікі?
— Ну, хто дачнік, а нехта жыве стала ўвесь год, — згадзіўся Тумар.
— Чым жа іх, дачнікаў, Ляўдок прывабіў?
— Ды месца, мабыць, ціхае, зручнае. — падумаў уголас Тумар. — Траса недалёка. А лес побач надта на грыбы шчодры, нават на агародах баравікі растуць. А крыху далей — арэшнік стары. Яшчэ я малым быў, дык штогод мы па арэхі туды хадзілі. Гэта цяпер прысмакі магазінныя якія хочаш, а тады ляшчыну сушылі — ого, якое смакоцце было ўзімку! Ды і як на Каляды без арэхаў?
— Зразумела. Пятровіч, а дачнікі гэтыя хто? Як яны? Не турбуюць?
— Ды прыстойныя! — упэўнена пахваліў участковы невядомых мне людзей. — Мінчане ў асноўным, інтэлігенты. Ад вясны да самай позняй восені Ляўдок ажывае. З дзецьмі, унукамі прыязджаюць. Дамы падрамантавалі, якія куплялі, нехта і новы паставіў. Між сабой дружныя.
— Сябруюць?
— Так. Яны розныя гулі ладзяць, з сядзібы моладзь у Ляўдок калі — нікалі збіраецца.
— Якія гулі? — здзівіўся я. — Дыскатэкі?
— Ды не, — усміхнуўся Тумар. — Нядаўна во гулялі. Дзяўчаты адны, маладзіцы: у вянках, сукенках прыгожых, песні спявалі. Там сцэнарый цэлы, мне то не асабліва цікава, але ж прыгожа. Тады многа прыехала было народу, нашы мясцовыя ў Ляўдок прыходзяць кожны раз, ім цікава. От на Купалле прыгожа робяць: у іх там і музыкі ёсць — на дудах іграюць. Значыць, жанчыны строі апранаюць, бы з музеяў, мужчыны — кашулі вышываныя, падпяразаныя, як некалі хадзілі. І ідуць вечарам ад вёскі на выган з паходнямі пад музыку. Там вогнішча запальваюць, спектакль цэлы ладзяць. І сур’ёзныя такія, бы не дзіцячая забаўка, а справа важная ў іх. Помніцца, у пазамінулым годзе людзей шмат прыйшло, дык іх там папярэдзілі: мерапрыемства атрымліваецца, значыць, трэба ўсякія моманты арганізацыйныя забяспечыць. То ў мінулым годзе мяне запрасілі. ну, для аховы парадку. І медычка была, як патрабуецца. Але вельмі акуратна там усё. Ні п’яных, ні дурных.
— Значыць, дачнікі між сабой сяброўства водзяць? І нехта старшы ў іх ёсць?
— Ёсць, як жа без галоўнага? Федарук прозвішча, Алесь Тарасавіч. Вучоны. Усё піша нешта. На зямлі працаваць дык я яго і не бачыў, жонка шчыруе, худзенькая, невялічкая. Ім абаім за пяцьдзясят. Дачка ёсць, замужам, прыязджае іншы раз з мужам. Прыгажуня, скажу. Валасы льняныя, доўгія. У мінулым годзе дзівіўся: у сукенцы белай, з вяночкам на галаве з кветак, а валасы распушчаныя па плячах, ідзе лугам босая пад тую дуду, а з бакоў дзецюкі з паходнямі запаленымі. Бы тая русалка ці яшчэ хто. Прыгожа. Хай бы ўсе так во святы спраўлялі. А то.
— Федарук. Федарук. — я дастаў нататнік са сваімі запісамі. Вось ён — Федарук А. Т. Той самы, хто тэлефанаваў Насці і каму тэлефанавала яна. Ну так: працуе ва ўніверсітэце, гісторык. — Дзякуй, Пятровіч, ужо лягчэй. Слухайце, вы казалі, Насця ў вёсцы была. якой?
— Ды нармальна яна жыла. Паважалі яе. Ну, як пагалоскі пайшлі раней, дык глядзелі скоса, а пасля пабачылі, што чалавек яна спагадлівы, добры. Ды яшчэ ў бальніцы робіць.
— Ці былі канфлікты ў яе з кім-небудзь?
— От не скажу. Здаецца, не было.
Мы пачакалі яшчэ хвілінаў дзесяць, і Тамара зазірнула ў кабінет, павіталася.
— Усё, можаце ехаць. Машына сёння нікому не трэба, то хай кіроўца дзе паспіць там у цяньку, бо не спаў жа ноч. Васіль, вось табе дадзеныя на ўчарашняе ДТЗ. Андрэй Янавіч Дылько, трыццаць два гады, разведзены, дзяцей няма. Веб-журналіст (сам разбярэшся, дзе ён там журналіст), паэт. Жыў адзін, дачу набыў два гады таму. Пятровіч, дзе гэты паэт жыў, ведаеш?
— Дык можна паглядзець, я тут у сельсавеце. значыць, замаляваў. — Тумар заспяшаўся, стаў расшпільваць сваю планшэтку.
— Мне не трэба, — спыніла яго Тамара. — Пачынайце з яго хаты. І каб панятыя былі спачатку, а не пасля таго, як у хату зойдзеце.
9.
Нават калі зусім няма чаго чакаць, ёсць дзень і ноч, хмары і сонца, зіма і лета.
Мы каторы тыдзень чакаем тут сонца. Здаецца, дачакаемся: ранішнія хмары распаўзліся па ўсяму небу, і яно цяпер зацягнута нечым густым, але не шэрым, а белым. Сонца высвечваецца вялікай круглай плямай, зыркай ужо. Такое ўражанне, што нас тут накрыла вялізным купалам, пад які напусцілі нейкага белага газу, ён узняўся ўверх, і там, уверсе недзе гарыць магутная белая лямпачка.
— Панятымі возьмем давайце Калтуневічаў, — прапанаваў Тумар, і я моўчкі згадзіўся.
Уладзіслаў, ці Уладзя, як звярталася да яго жонка, — мужчына каржакаваты, гадоў сямідзесяці, але відавочна яшчэ моцны. Спакойны, позірк адкрыты і амаль абыякавы. «Вам трэба — шукайце. Трэба — пабуду», — чыталася ў вачах, і амаль тое ж ён выказаў услых:
— Як трэба, дык трэба. Час ёсць, пільнай справы няма.
Ягоная жонка Сонька выглядала маладзейшай за мужа гадоў на дзесяць. Невысокая — па плячо мужу, вяртлявая, нават крыху мітуслівая, яна сустрэла нас з участковым на сваім двары амаль з радасцю:
— Заходзьце, заходзьце, Пятровіч, я кваску прынясу, папіце. А то нешта задуха сёння. Вой, можа, хоць нешта зменіцца. Каб даў Бог добры дождж ды сонца нарэшце. Што ж ета робіцца цяперака? — і ўжо знікла ў сенцах, праз момант з’явілася на парозе з вялікім пластыкавым кубкам і двумя шклянкамі. — Піце, піце на здароўе, тут нічога-нічога, толькі бярозавік і хлеб. Во нарабілася ў нас, хто ж ета думаў, жылі ціха. А Насці ж як шкада, такая прыгожая дзеўка, і добрая, не адмовіць ніколі, уколы мне рабіла, і лепш за фельчара ў медпункце, не балела зусім. От, звялі са свету, звялі! Каму яна замінала? Ды ж во, знайшоўся злыдзень. Бач, чакаў моманту, чакаў. — часціла Сонька, пакуль налівала нам у шклянкі і мы з Тумарам пілі халодны бярозавік, які біў у нос густым пахам хлеба.
Не было цяжка зразумець, чаму цётка ўзбуджана-радасная: такая падзея для яе — падстава для размоў на год і болей. А вось Насці ёй зусім, здаецца, і не шкада, бо кажа яна пра яе без жаночага нават спачування, так, быццам трымаецца традыцыі. І распірае яе ўсю — ёй падаецца, ведае яна многа-многа, і толькі адна ведае, і даўно ведае, — і вось выдалася нарэшце нагода, цяпер яе веданне станецца самым галоўным для следства, яна ў гэтым упэўнена. Бач, нават не сумняваецца, што гвалтоўнай смерцю памерла Насця.
— Сарока, не верашчы, — без злосці спыніў Соньку муж. — Будуць пытаць людзі — тады будзеш адказваць.
Жанчына махнула рукой у бок мужа, бы адганяючы муху, але замаўчала.
Дом, які скарыстоўваў пад дачу загінулы ў начным ДТЗ Андрэй Дылько, ад дарогі быў схаваны вялізнымі кустамі бэзу. Бэз зацвітаў, але дробна, нясмела, быццам і ён чакаў сапраўднага сонца. Гаспадар не надта клапаціўся пра стан дома, нічога не стаў перарабляць, адно ўезд у двор быў цалкам вызвалены ад рэшткаў старога плота, а трава на месцы, дзе ставіўся аўтамабіль, была выкашана трымерам ажно да жоўтых каранёў. Дзверы ў сенцы былі зачынены вялікім вісячым замком, старадаўнім. Відаць, застаўся ад ранейшых гаспадароў. Віктар, наш кіроўца, манціроўкай лёгка выцягнуў прабой, ён хоць і быў загнаны глыбока ў вушак, але ж дрэва састарылася, пабралася глыбокімі трэшчынамі і не трымала моцна жалеза ў сабе.
У першай палове невялікай хаты быў паўзмрок. На падлозе валяліся абрэзкі вагонкі, бярэмца гэтага матэрыялу ляжала на прыпечку печы. Электрычная піла-паркетка, малаток, цвікі на стале, дрыль, шурупы — усё паказвала на тое, дзе рабілася труна для дзіцяці.
Уладзя Калтуневіч застыў ля парога, падпёршы вушак, паказваючы сваім выглядам, што ён не цікавіцца асабліва тут ні чым, але як трэба — то паклічце, падыду. А ягоная Сонька не адступала ад мяне літаральна ні на крок, з прагай галоднага чалавека дзівілася з чужога жытла, вочы яе бегалі, бегалі па хаце, прыкмячаючы і брудныя шыбы акна, і павуцінне ў куце на столі, і засохлы кавалак хлеба, і крошкі на старым халадзільніку. Я не стаў казаць ёй, каб стала побач з мужам, хай насычаецца…
Нічога, што магло б паказаць на знаходжанне тут жывога дзіцяці хоць колькі дзён, не было. Уся вопратка — мужчынская. У халадзільніку — кавалак сала, колькі падсохлых зялёных агуркоў, тушонка ў бляшанках, пачатая пляшка гарэлкі і мінералка. Набор кавалера.
У другой палове дома, справа ад уваходу, за абшарпанай, даўно не беленай грубкай, стаяла канапа, на ёй — складзеныя пасцельныя рэчы. Злева — вялізнае скураное крэсла, чорнае, бліскучае, на выгляд мокрае і ліпкае, да яго быў прыткнуты сучасны часопісны столік. На ім шкляная попельніца з недакуркамі, адкрыты пачак цыгарэт, запальнічка і мабільны тэлефон. Ну вось, адна рэч адшукалася: на месцы аварыі мы тэлефона не знайшлі. Значыць, нябожчык спяшаўся, не ўзяў яго з сабой. Тэлефон працаваў. Апошні званок быў уваходным ад нейкага «Капітана». Я паглядзеў на лічбы. Як і чакаў, гэта быў той жа нумар, што і на тэлефоне Насці. Алесь Федарук, старшы тут.
Круглы стол на крывых нагах, старадаўні, я бачыў такія — стальніца рассоўваецца, у прамежак укладаюцца ўстаўкі — і стол робіцца авальным, вялікім. Цяпер ён быў складзены, не засцелены цыратай. Ляжалі ў беспарадку кнігі, розныя: тонкія, тоўстыя, новенькія і патрапаныя. На сярэдзіне стаяў ноўтбук, адкрыты. Праз роўныя прамежкі часу ўспыхваў светадыёд на тарцы — кампутар быў у «рэжыме сну». Я тыцнуў на кнопку ўключэння, манітор засвяціўся. Браўзер. Фэйсбук. Так і ёсць, устаўлены «трыджык», ноўтбук і цяпер быў далучаны да інтэрнэту. З нудой я падумаў пра тое, як мне зноў давядзецца калупацца ў асабістай перапісцы незнаёмага мне чалавека.
Больш нічога.
Выцягнуты ў даўжыню агарод зарос травой, вішняком, дальні кут — непралазнымі сліўкамі. Адзіная ўскапаная градка, доўгая і вузкая, выглядала тут чужой і яшчэ раз падкрэслівала нежаданне гаспадара ўмешвацца ў прыродны рух. Я абышоў крок за крокам увесь сад, аблазіў слівоўнік, зазірнуў у будку прыбіральні. Нідзе нічога. Ні нейкага клунка, ні свежакапанай зямлі. Быццам дзіця мёртвым прынеслі ў гэты дом, паэт зрабіў труну з прывезеных спецыяльна (відавочна!) дошчачак і павёз. Хаваць, бо Ляўдок не меў сваіх могілак, бліжэйшыя — за пяць кіламетраў на цэнтральнай сядзібе, ён якраз і ехаў туды.
Склаў пратакол, распісаліся панятыя: Уладзя — са сцішанай палёгкай, Сонька — з адчуваннем важнасці сваёй справы. Мы вярнуліся разам да дома Калтуневічаў, прыселі на лаўцы перад хатай — я і цётка Сонька.
— Гэта не допыт, Соф’я Андрэеўна, — патлумачыў я. — Папярэдняе апытанне, размова простая. Я заўважыў, вы нешта ведаеце пра Насцю, дакладней пра яе адносіны з некім, хто мог бы. быць яе ворагам. Раскажыце, калі ласка. Але напачатку: ці ведалі вы, што Насця была цяжарная?
— Здагадвалася! — выгукнула задаволеная цётка. Ёй, зразумела, вельмі імпанавала з’яўленне не абы-якога слухача, яна быццам падабралася ўся, усё адно як збіралася выступаць з трыбуны. — Апошні раз, значыць, як пабачыла, як Насця ідзе — гэтак павольна, асцярожна, не-не ды кране рукой жывата, — і здагадалася. Але ж во ніяк не ўцяміла, што раджаць ёй хутка. От, тут прагледзела.
— Ці бачылі вы Насцю і гаспадара дома, дзе мы толькі былі, разам? Якія ў іх адносіны былі?
— От гэтага не было, дакладна. Той дзівак адзін жыў. Насця яго цуралася.
— Па чым было заўважна?
— А неяк я бачыла, як яна ішла, а ён — насустрач (малако нёс, купляў у Падлужнага), то Насця і дарогу перайшла, хоць там сцежкі няма. Быццам да Марылі павярнула, а не зайшла ж да яе. От.
— А з кім з дачнікаў Насця сябравала, сустракалася?
— Ды яна зналася з імі ўсімі, яны яе мінулым годам у сваё свята ўзялі, восенню. Апранулі так дзіўна, абкружылі з усіх бакоў, стужкамі абвязалі і вялі ў лес. Там гулялі.
— А ні з кім канкрэтна не бачылі яе?
— Не, не бачыла. Ды гэтыя дачнікі ні пры чым! — упэўнена, але напаўголасу, павярнуўшыся да мяне, адказала Сонька.
— А хто пры чым? — не мог я схаваць здзіўлення.
— Нашы! Яны Насцю са свету звялі, я ўсё ведаю!
— У чым яна вінаватая так? Давайце па парадку, Соф’я.
— Якая я табе Соф’я, Сонька я, такой і памру. Усё жыццё Сонькай прабыла, нат калі грамату давалі, дык старшыня так і казаў — Соня. Адна я тое ведаю і паклялася была маўчаць да смерці, ды во смерць Насці мне рукі развязвае. Ты слухай, я табе ўсё расказваць буду, а ўжо сам маракуй, тое табе трэба ці іншае.
— Ну, давайце так, — не змог я схаваць сваёй цікавасці ў голасе.
— Дык от. Ганначка, ета колішняя жонка Зміцера, сама не наша, з суседняга нават раёна. І яна сябравала з сястрой Міхася-Стаяка.
— Чакайце, чакайце, — перапыніў я цётку, хоць напачатку сабраўся яе толькі слухаць, не перабіваць, бо вопыт падказваў: чым менш пытанняў задаеш такім людзям, тым больш кароткі і змястоўны іх аповед.
— Ну дык ета мы так Падлужнага клічам. Сорам казаць маладому, але ж во скажу, — перайшла на хуткі шэпт Сонька. — Казалі, кара яму — цяпер як з жанчынай надараецца яму спаць, дык стаіць і стаіць. Ну, мужчынская сіла такая, ніяк не падае.
Я не змог стрымаць усмешку.
— Дык якое там пакаранне? Узнагарода.
— Ага. — прыкусіла пакрыўджана вусны Сонька, мабыць, ёй было крыўдна, што адну з яе таямніц, такую простую ісціну, я не змог зразумець ці зразумеў няправільна. — Ён жа і сам мучыцца, і жанок мучыць! — акрэсліла яна праблему Міхася Падлужнага. — То колькі ні было баб — ніводная не сцярпела. От цяпер думай: кара ета ці дарунак.
— Так, зразумела, — мусіў я згадзіцца, — канечне ж, пакаранне. Дык а далей?
Сонька пакоўзалася на лавачцы, бы выбіраючы сухім азадкам больш мяккае месца, хоць лаўкай была адна шырокая цёмная ад часу дошка.
— Перапыніў ты мяне. Ага, Ганначка сябравала з Міхасёвай сястрой. Да Падлужных яна прыязджала, а заадно каб да Зміцера схадзіць, бо Ганначка была слабаю зусім, з твару бледная, худзенькая, бы дошка, нат цыцкі віселі. Бачыла я, мыліся дзеўкі за хлявом, як бульбу прапалолі. Вось Зміцер і пачаў лячыць Ганначку: травянымі настоямі паіў, голую прымушаў па расе качацца. Ой, я от раз зусім незнарок пайшла. Іду сабе і бачу: сарамата якая — голая дзеўка качаецца вар’яткай па лузе! Але, брахаць не буду, стала Ганначка папраўляцца. Месяц яна тут прабыла. Шчыравала на агародзе разам з сястрой Міхася і ім самім, траву каровам рвала, даіла. І от праз месяц больш жвавая стала, паружавела крыху.
А я табе яшчэ во скажу: Міхась тады якраз нежанаты быў. І хай бы от тады ён на Ганначку паглядзеў на поўныя вочы. А то толькі крывіўся: які з тае дзеўкі толк — скура ды косці, такую пад сабой прыдушыш і не заўважыш, казаў. Ага. Ганначка прыязджала яшчэ разоў колькі, на дзень — другі. Увішная, на работу здатная. І ля печы гаспадыня — квасок хоць з трасок. А Падлужны сабе бабу прывёз гэткую. торбу. Сядзе ля каровы — сама карова, расцячэцца па зэдліку, ажно да зямлі ляжкі.
Паўгода Ганначка ездзіла, ноч-другую начавала ў Падлужных, хата ж, бачыце, во, дзе груша-дзічка, на самым краёчку леса? Вялікая хата, на два трысцены, хапала месца. І я знаю: сястра Міхася, Анюта, надта ж хацела, каб Ганначка засталася ды за Міхася пайшла. Яны якраз па гадах у пару сходзіліся, а Ганначка характарам мяккая, добрая душа. Ага. Але Міхась нос вярнуў, пасмейваўся. Праўда, тую торбу ці то выгнаў, ці то сама збегла.
От, значыць, Зміцер Ганначку лячыў-лячыў, а потым сам злёг, два тыдні на людзях не было. Ачомаўся, папрасіў у Падлужнага коніка, запрог і паехаў. І што ты думаеш? Прывёз Ганначку. Аказваецца, сірата яна круглая засталася, жыла зусім адна. Малакроўе ў яе было. Чым яе Зміцер ратаваў, то ён адзін знае. Казалі, як прывёз ён Ганначку і ўзяў сабе за жонку, нельга ўжо яму стала лячыць. А я другое скажу: усю сілу сваю ён на Ганначку патраціў, от і не мог больш нічога, таму і сам лёгма ляжаў два тыдні.
Я не змог не перапыніць цётку, бо помніў пра тыя характарыстыкі, якія даваў мне раніцай Тумар на ляўдокцаў і на яе ў тым ліку:
— Выбачайце, я вас хачу спытаць…
Сонька зіркнула на мяне, падціснула вусны, быццам я перапыніў яе на самым цікавым месцы маналогу, з якім яна выступала перад гледачамі.
— Пытайся. Я ж усё па парадку кажу.
— Не, я трошкі не па тэме, можа быць. Дык вось, я ведаю: вы былая камуністка, былы савецкі работнік.
— І білет свой парцейны нікому не здавала і з партыі не выходзіла! — з гонарам хутка перапыніла мяне цётка.
— Ну вось, тым больш. — Я пастараўся схаваць свой сарказм і спытаць як мага мякчэй: — Вы ж камуністка, а тут кажаце пра ведзьмака нейкага так, быццам пра. урача-хірурга, і цалкам верыце ў яго здольнасці.
Цётка нейкі час глядзела на мяне, а ў вачах яе (надзіва чыстага васільковага колеру) збіраўся лёгкі сум і дакор.
— От, хлопча. А хіба калі я ў партыю ўступіла, дык Зміцер перастаў ведзьмаком быць? Якая яму розніца: я парційная ці не? Ён ведзьмаком быў, ім і заставаўся. І карова мая не глядзела на мой парцейны білет, як захварэла. Лекам тым ці ёсць розніца з чыіх рук у каравячы рот ліцца: з парцейных ці з непарцейных? Ці камуністка я, ці ў Бога веру — Богу ўсё роўна, ён быў і будзе. Так і Зміцеру: хай бы ўсё сяло парцейным стала, яго сілу які чалавек адбярэ?
Шчыра кажучы, я разгубіўся. Мне не было чым крыць вось гэтую на першы погляд наіўную, але ж цалкам здаровую логіку. І насамрэч: верым мы ці не ў тых марсіян, факт іх існавання ад гэтага не залежыць.
— Выбачайце, расказвайце далей, — сур’ёзна папрасіў я, перагарнуў старонку нататніка, на якім больш дзеля прыліку нешта крэсліў час ад часу. Хай цётка нацешыцца.
— Ага. Падзівіліся напачатку: бо ці не ўдвая Зміцер старэйшы за Ганначку, ды скрыпучае дзерава доўга стаіць, а яны наўздзіў гэтак ладна жыць сталі. Тут Ганначка і панесла хутка. Цяжарнай пакруглела ўся, адкуль і нарасло — і клубы, як у бабы, а не хлапчука, і цыцкі спраўныя. І я табе прама скажу: от з таго часу і стаў сачыць Падлужны за Ганначкай. Вочы яму засцілі крутазадыя, а цяпер угледзеў, што на характар дзівіцца трэба, а не на нешта там.
Ага. Добра жылі Ганначка і Зміцер, Насцечка нарадзілася харошанькая, расла такім ужо дзіцяткам цікаўным, але ж паслухмяная была. І вот што ета з Падлужным зрабілася, адзін чорт ведае. Стаў ён Ганначку прама праследаваць. Я з ёй пасябравала, нас жа тут баб, каторым даверыцца можна, дзве на тры хлявы. Дык мне жалілася Ганначка: перастрэне яе на дарозе адну, схопіцца за адзежу, на калені ўпадзе: «Кідай Зміцера, ідзі да мяне!» Во найшло, каб яму не адышло! А Падлужны палюе ды палюе, усё выгадвае, каб хоць на хвіліначку з вока на вока сустрэць дзеўку. І такія словы кажа, глядзі, зараз грудзіну разарве, дастане сэрца, адно спытай.
А я табе так скажу: бабе як? І дай — абгавораць, і не дай — абгавораць.
Ты сабаку добрае слова скажы — хвастом завіляе, а тут чалавек… Ганначка дзе смехам дзе спехам, вырывалася, уцякала. Ну, і не будзеш жа чалавека ганіць ды клясці, які на цябе так запаў, во гатовы ногі табе мыць і ваду тую пасля піць. То й усміхнецца яму Ганначка, пакпіць дзе жартам. Хто ж ета думаў, што да таго дойдзе?
І вот у адно лета (а было Насці акурат дзесяць гадкоў) Зміцера старшыня калгасны на ферму павёз — тамака нешта з каровамі зрабілася, на ногі ўпалі, цэлы хлеў. Бо як бяда, прыйдзеш і да ведзьмака. Дык я табе скажу, адпаіў Зміцер тады каровы, адно на тое поле схадзіў, дзе ім траву касілі, усё скеміў. Ага. А Ганначка з Насцяй дома была, якраз бялізну мыла. Во як маім агародам ісці, там такая канава невялікая, мой Уладзя месца адно пашырыў-паглыбіў, кладку зрабіў — так добра паласкаць мытае. Зацішна, берагі вербалозам абраслі. Яшчэ табе скажу перад етым: Насцечка з рук Зміцера мо гадоў да трох не сходзіла. Як дачка побач — так і хапае на рукі. Любіў ён яе сказаць няма як. І яна, як яго пабачыць: «Татачка, татачка!» Кветкі яму збірала, вяночкі пляла. А той Зміцер з ёй быў сам бы дзіця малое. Ага.
Дзень тады спякотны быў, а калі баба бялізну палошча, сам знаеш: тут спадніцу падтыкне, каб не мокла, ногі голыя, ліфіка не кладзе. А вада пырскае, усё да цела ліпне. От. Упільнаваў Падлужны — хай на яго чэрці палююць — Ганначку, як Насцечка да дому пайшла. Прыйшоў, пачаў зноў казаць сваё казанне. А Ганначка што ж. Не пагнала яго адразу, пасмейвалася, падначвала, бялізну паласкала. Адны быццам на свеце, кусты стаяць вакол, загарадзілі ад людзей і ад розуму. Нагнецца над вадой, дык хоць спераду паглядзець — цыцкі амаль голыя, хоць ззаду — азадкам свеціць. Падлужны і не ўцярпеў. Здаровы ж, ды яшчэ дурніца ў галаву стрэліла. Схапіў Ганначку з кладкі, на плячо закінуў і пацёг у кусты вербалозу. От етага яна ніяк не чакала. А можа, і чакае кожная баба над сабой вось такога гвалту.
Спадніцу, кохту — усё сарваў, паскідаў, такі юр яго ахапіў, каб ты так піць хапаў, ды не напіваўся. Цалаваў, як ашалелы, усё цела і ці не павіскваў шчанюком, так яго перахапіла. Ганначка білася-баранілася, ды куды ёй. Ды і баба ж, і прызналася яна мне: як абхапіў-ашчаперыў, сціснуў, пакрыў усю пацалункамі, то й свет белы знік. Упадабала яна яго раней, напачатку, от дзе бяда. Да яго ж ездзіла спярша, а ён — сляпак чортаў. Няма чаго доўга казаць. Насцечка як прыбегла, дык і пабачыла, от.
Цётка замаўчала. Маўчаў, некалькі разгублены, і я, бо не мог пакуль зразумець: навошта мне гэтая даўняя гісторыя пра любошчы на лужку ў вербалозе?
— А далей як было? — падахвоціў я цётку, дастаў тэлефон і дэманстратыўна паглядзеў на час, каб паказаць старой, што ў мяне нямала яшчэ пільных спраў.
— Ды тое і было. Ганначцы б адразу ва ўсім Зміцеру прызнацца — ён бы прабачыў, згатаваў адвар які, каб прыйшла яна ў розум. Ды баялася. Мне пераказвала ўсё, плакала-плакала. Кажу: «Ідзі, упадзі на калені, павініся!» Ды во дзе яшчэ бяда: Насцечка ж бачыла ўсё. Казала Ганначка, як скамянела дзяўчынка, трэсла адно яе і мову адняло. К вечару ліхаманка яе біць пачала, Зміцер спалохаўся, хапаўся за свае травы сушаныя, тоўк у ступцы, гатаваў зелле. Тры дні прайшло — дзіця ў гарачцы. Не спалі абое ля дачкі. А потым адпусціла. Ачомалася дзяўчынка, бацьку пазнала.
Ганначка булён звараны астудзіла, нясе Насцечцы, а тая ў крык немы: «Не кранайся мяне!» То ўжо Ганначка застыла слупам. Бачыла я, як ішла яна да той канавы вечарам. Без нічога ішла. Пайшла за ёй. Счарнела яна тварам, выла, траву грызла, па зямлі качалася. Хоць ты за руку яе бяры ды вядзі, а не будзеш жа мяшацца. Ды і сам знаеш: Зміцер мог такое ўтварыць — зажыва б згніў Падлужны. О, гэта не жартачкі — ведзьмаку дарогу перайсці, жонку яго ссільнічаць. То етага й баялася Ганначка: каб грэх цяжкі на сябе Зміцер не ўзяў. От і засілілася назаўтра.
— Як засілілася? — я ажно прыўстаў ад нечаканасці. — Памерла ж яна! І быццам Зміцер яе пабіў. — выклаў я сваю дасведчанасць перад цёткай.
— Засілілася яна, — ціха, з пякучым жалем у вачах паўтарыла цётка. — У хляве на бэльку вяроўку завязала, ды кароткая была вяроўка, а бэлька высока. Дык услончык узяла з сабой і яшчэ табурэтку. Зміцер у час спахапіўся, як яна ў хляве зачынілася, ён праз хвіліну і выскачыў з хаты. І з нажом у руках. Ці то па-свойму, па-вядзьмарску ён пра ўсё даведаўся, ці то Насцечка яму паспела расказаць, аж во пайшоў цікаваць за жонкай.
Яна ў яго на вачах з услончыка ступіла. Зміцер як скочыў уверх (адкуль той спрыт і сіла) і нажом па вяроўчыне. Перасек. Ды ж наканавана было ўсё, нічога не паробіш. Ганначка сарвалася, упала на табурэтку, а тая табурэтка ўверх ножкамі ўпала. От і ўдарыла пячонку, адбіла. Кровазліццё ўнутранае, не ўратавалі. Пакуль хуткая ехала, яна яшчэ жыла, мяне заклінала напрамілы Бог: не казаць нічога Зміцеру. Нічога-нічога. Не знаю, як там Зміцер у міліцыі казаў, бо пыталіся ў яго многа, і Насцечку пыталі, сама бачыла. Мімаходзь ішла, а яны якраз у двары яе дапытвалі.
— Дык Зміцер так і не даведаўся? — уражаны, спытаў я.
— Мабыць, здагадаўся. Ну, што было ў Ганначкі з Падлужным. Толькі не ведаў, што віны Ганначчынай адна макавінка. Не чапаў ён Падлужнага. А той дурань быў напіўся (ета як сталі казаць, быццам Ганначка памерла ад удару, быццам Зміцер яе выцяў моцна) і давай да Зміцера, біцца. І напраўду, ударыў з-за вуха. Мужыкі побач стаялі, схапілі, а то б забіў нагамі. А Зміцер і змаўчаў. Дзівіліся ўсе, і я во дзівілася. Ніяк у яго злосці не было — ні ў вачах, ні ў руках.
— Дык а Насця? — падагнаў я старую.
— Гадоў дзесяць таму Зміцер усю сваю сілу Насці перадаў.
Я хмыкнуў. Але сцярпеў, не стаў нічога казаць. Цётка ўздыхнула глыбока, быццам набірала паболей паветра ў грудзі і працягнула:
— Вяселле гулялі ў нас, у адных тут, яны ўжо даўно з’ехалі. Насцечцы ці не шаснаццаць было. Падлужны жыў з жанчынай адной ужо гады два, праўда, дзяцей нешта не заводзілі. Гуляў з ёй на вяселлі. І Насцечку пазвалі: сябравала яна з нявестай. А Насцечка, я табе скажу, рана паспела. Клубы шырокія, пругкія. Падлужны падпіў добра, ведама ж, чаго мужыкі на гулянкі ходзяць. На двор стол вынеслі ды стоячы ў карты гулялі. Насцечка міма ішла з дзяўчатамі. Ён і ляпнуў ёй услед: «Бач, вядзьмарскае семя паспела, хутка хлопцы ў чаргу станавіцца будуць!» Ды заржаў. Не любіў ён яе, на дух не пераносіў. А я во побач была якраз, прыпынілася. Насцечка павярнулася. Тварам страшная стала. Бы не яе твар, такі. не скамянелы, а як жалезны, шэры, крывіначкі няма. І вочы прымружыла, так глянула — ажно вусцішна ўсім стала. Мужыкі і на карты забыліся. А Насцечка ўсміхнулася так нядобра і гавора: «Дзякуй за пажаданне. Хай сабе стаіць чарга. І вам таго ж — няхай у вас стаіць і не падае». І адкуль кветка ў яе руках узялася, далібог не бачыла. Рамонак. Яна і кінь той рамонак Падлужнаму. Ён і спаймаў, так во выйшла. А праз месяц ці меней яго жанчына ўпрочкі пайшла. Падлужны пасля пачаў да адной нашай мясцовай, развядзёнкі, старэйшай намнога, падыходзіць. Яна і не супраць была: чаго адной векаваць? І быццам пачалі жыць разам, ды разбегліся хутка. Яна збегла. От тады і пайшлі пагалоскі і сталі казаць на Падлужнага Стаяк…
Старая замаўчала. З хвіліну я думаў пра пачутае. Нічога карыснага. Канечне, цікавая гісторыя. Насця магла пранесці праз усё жыццё нянавісць да чалавека, які знішчыў яе шчасце. Тут няма сумненняў. Але не прымаць жа сур’ёзна яе нібыта вядзьмарства, ды яшчэ такое. фізіялагічнае.
— Дзякуй вам вялікі, — я закрыў нататнік. — Калі нешта яшчэ ўспомніце, звяртайцеся.
— Ды не ўсё яшчэ, куды ты? — заспяшалася цётка. — Гэтае, з бабамі, мо й перажыў бы Падлужны. Насця ж яму ніяк жыць не давала!
— І як? — без цікавасці ўсміхнуўся я.
— А вось так! Ты думаеш, з-за спрэчак якіх сястра з сям’ёй з бацькоўскага дому з’ехала? Яны ж столькі грошай уклалі, каб прасторна было ўсім жыць! Яны ж разам, як можна стала, кароў пачалі трымаць, цэлы гурт! Апарат гэты купілі для даення, швагер Падлужнага трактар набыў. Ферма цэлая была, зямлі многа. На капейку выбіліся. Ды ўсё абы-як ісці стала.
— Насця ўмяшалася? — не змог я схаваць сарказму.
— А ты не смейся, — зіркнула на мяне амаль злосна Сонька. — Ведзьме малако ў каровы забраць — як майму Ўладзю самакрутку звярнуць.
— І як? — больш з-за ветлівасці спытаў я, бо мне, па праўдзе, стала шкада часу.
— А во прыйдзе кубак малака папытаецца — і ўсё забярэ. Даёнку папросіць, збанок, лазінай карову сцебане. У ведзьмы штукарстваў хопіць, каб чалавека звесці, не тое што карову.
— Зразумела.
Я ўстаў з лаўкі, цётка таксама падхапілася, кранула мой рукаў, прытрымала:
— Паджлужны гэта… — зашаптала яна таропка. — Месяц таму ён адну за другой чатыры свае лепшыя каровы (самыя малочныя, казала работніца з яго фермы) на мясакамбінат мусіў здаць. Напіўся тады. Як вярнуўся, дык крычаў: «Закалю суку! Патрапіць на вілы!» І закалоў от!
— Вы самі чулі?
— Чула! Са шчаўя вярталася, на канаве збірала, ужо адскочыў першы, маладзенькі, а Падлужны на двары сваім крычаў!
— Ясна. Разбяромся, — аўтаматычна адказаў я. — Дзякуй, вы мне вельмі дапамаглі!
Хата Міхася Падлужнага ад вуліцы была агароджана высокім плотам, шчыльным, у дзе дошкі, уваходная брамка не была зашчэплена знутры. З участковым мы зайшлі на двор. Забрахаў сабака, прывязаны ў куце на доўгі ланцуг. На сенцах вісеў замок. Яшчэ адзін уваход у хату, куды мы прайшлі пад раз’юшаны сабачы брэх, таксама быў зачынены, на ўнутраны замок.
За домам быў шырокі двор, стаяў просты воз без пярэдніх колаў, пад невялікім навесам — адмысловая брычка, амаль новая, на сапраўдных рысорах. Вялізны хлеў пуставаў, яшчэ адна гаспадарчая пабудова была зачынена на замок. Далей — агарод з роўненькімі радамі парасткаў буракоў, якія цягнуліся далёка, да самага ўзлеску. З правага боку агарод таксама межаваў з лесам, у які ў далёкім канцы глыбока ўразалася паляна. На ёй пад разгалістым, не вельмі высокім дубам стаялі два леташнія рудыя стажкі, ужо і не пазнаеш — сена ці саломы. Між імі — нейкая гаспадарчая тэхніка.
— Мабыць, з каровамі на пашы, — выказаў думку Тумар. — А работніца, якая кароў доіць, вечарам прыходзіць.
— Сам пасе?
— Пакуль сам. Пачнуцца ў дзяцей канікулы — іх наймае. Мясцовым п’яніцам няма даверу.
Мы завярнулі назад. Позірк мой зноў зачапіўся за стажкі, дакладней за тое, што было між імі. Я пазнаў гэтую прыладу — конныя граблі. Два вялізныя колы, сядзенне, аглоблі. І ззаду — шэраг паўкруглых металічных зубоў.
— Стой! — усхвалявана гукнуў я, пацягнуў за сабой Тумара. — Глянем.
Граблі былі даўнішнія, метал добра паела ржа. Праўда, аглоблі нядаўна памянялі на новыя. Я абышоў ззаду. Металічны паўкруглы шэраг быў падобны на стары хворы рот — тут не хапала больш за трэць зубоў.
Няўжо гэта? Усхваляваны, я ўшчыльную падышоў да драпежна ўзнятага раду. Вось адзін асобны. З гэтага боку няма трох, з гэтага — двух. Якраз хапае, каб умясціцца чалавеку. На тым канцы — а граблі метры на тры — яшчэ такі ж асобны зуб. Не вельмі востры на канцы, з сантыметр ці трохі больш у дыяметры, паўкруглы.
— Тумар. Калі я зараз лягу вось тут, а ты там адкінеш нейкі рычаг, гэты зубец лёгенька праткне мяне. як Насцю?
— І лёгка нават, — паціснуў плячыма ўчастковы і пачаў старанна ўглядацца ў вострыя канцы зубцоў. — Толькі не надта падобна. А зубцы быццам усе спецыяльна выцерлі, — з лёгкім узрушэннем заключыў ён, калі прайшоў уздоўж.
— І не проста выцерлі, а добра пашаравалі, — я правёў асцярожна пальцамі па адным зубе, які, відавочна, зусім нядаўна дбайна пачысцілі шліфавальнай шкуркай. Метал быў хоць і з рудымі эразійнымі плямамі, але з чыстай гладкай паверхняй.
— Бо я ўчора рамантаваў грабалку, чысціў цэлыя і здымаў паламаныя зубы! — злосць, нянавісць і абурэнне сабраліся ў адным ускрыку, і іх было так многа, што я міжволі ўздрыгнуў. — І асцярожней тут, рычаг слаба трымае, сарвацца можа, з дзіркамі ў нагах пашыбуеце назад!
Мужчына гадоў пяцідзесяці ці крыху больш стаяў за некалькіх крокаў ад нас, глядзеў насуплена, зусім не прыязна. «Падлужны», — здагадаўся я.
Мабыць, на зямлі, фермерамі, павінны працаваць менавіта такія мужыкі: рослыя, здаровыя, з вялікімі і дужымі рукамі, упэўненыя. Ён стаяў неяк незвычайна, быццам ціснуў сваёй вагой на зямлю, а яна паслухмяна прасядала пад ім. Падлужны зрабіў яшчэ крок да нас — цяжкі, гаспадарскі.
— Тумар, ты мяне ведаеш! Заўтра атрымаеш скаргу ў пракуратуру! — голасна, але без пагрозы звярнуўся Падлужны да ўчастковага. Мяне ён быццам не заўважаў.
— Ды во, пракуратура на месцы, — спакойна адказаў Тумар. — Следчы.
— А мне пляваць! — цяпер ужо злосна адказаў Падлужны. — Я свае правы ведаю і парадкі вашы таксама. Чаго лезеце без дазволу ў маё жытло?
— Каб было зачынена, то б не лезлі, — умяшаўся я. — Я следчы пракуратуры. Мне трэба з вамі пагаварыць.
— Вось гукнеш сваёй паперкай — тады і будзем размаўляць у тваім кабінеце, — раздражнёна перапыніў мяне Падлужны. — А цяпер вымятайцеся! Мне некалі.
Толькі зараз я звярнуў увагу на гаспадарчыя вілы ў руках Падлужнага: яны былі відавочна не лёгкія, але трымаў ён іх у адной руцэ бы пярынку. Чатырма вастрыямі на нас. Злёгку паўкруглыя, яны металічна ледзь паблісквалі на канцах.
— Тады будзем па закону, — без эмоцый завяршыў я размову, хоць унутры закіпала злосць. — Чакайце павестку. А паляна гэтая вось. здаецца, не твая зямля, так? То ідзі сабе адсюль, цябе не затрымліваюць.
Дзіўна, але мужчына спакойна павярнуўся і пакрочыў у напрамку свайго двара.
— Не гасцінны таварыш, — заўважыў я.
— Ды такі вось, — згадзіўся Тумар. — Пакурым?
— Пакурым.
Мы адышлі колькі крокаў — пад дуб. Апусціліся ля камля, я паўлёг, выцягнуўшы ногі. І нечакана адчуў усё хараство гэтага месца.
Хату Падлужнага закрывалі стажкі і невялікі, але густы зараснік маладых бярозак трохі далей. З трох іншых бакоў паляны шчыльна стаяў лес з густым падлескам. Тут было не проста зацішна — тут было на дзіва спакойна, утульна. Нават неяк інтымна, далібог. У такім месцы добра сустракацца з жанчынай. А хата таго паэта, Дылько — вось жа, цераз дарогу, насупраць хаты Падлужнага амаль!
Тут, пад дубам, можа, занадта адкрыта, а калі падысці бліжэй да тых маладзенькіх бярозак, там нібыта і трава больш густая, зялёная. Я падхапіўся. Тумар здзіўлена глянуў на мяне.
— Пятровіч. Прызнайся, табе зараз пра жанчыну не падумалася?
Тумар хмыкнуў, прытаптаў недакурак абцасам.
— Некалі. у лес з жонкай хадзілі на сваю паляну. Было.
Белы поліэтыленавы пакет у бярэзніку я заўважыў адразу: ён ляжаў толькі ледзь прыкрыты леташняй лістотай. Я перавярнуў і патрос яго. Выпалі белыя жаночыя трусы, джынсы і майка. І мабільны тэлефон.
10.
Самая істотная інфармацыя часам хаваецца ў адказах на самыя бяскрыўдныя, другасныя пытанні.
Алесь Федарук, мужчына з вялікай залысінай, акуратнай бародкай, невысокі, хударлявы, але з выразным «прафесарскім» пузам, апрануты ў шэрую кашулю з кароткімі рукавамі і выцвілыя блакітныя, але чыстыя джынсы, стаяў перад намі ў двары свайго дома крыху разгублены, хоць (я гатовы быў паспрачацца) ён рыхтаваўся да сустрэчы з намі, у любым выпадку — ведаў, што мы прыйдзем да яго. Ён быў інтэлігентам не ў першым пакаленні — такое не нажываецца за адно жыццё. Ва ўсёй яго паважлівай, але адначасова годнай паставе, у насцярожаным позірку разумных вачэй, у злёгку падціснутых, напружаных вуснах праяўлялася яго жаданне быць нам карысным, не пакрыўдзіць нас і адначасова — хутчэй застацца ў спакоі. Апошняе праяўлялася нават залішне: ён, пакуль мы прадстаўляліся, азірнуўся на вокны хаты, быццам прыслухоўваючыся да нечага.
— Алесь Тарасавіч, думаю, вы здагадваецеся… — пачаў я, калі гаспадар запрасіў нас прысесці тут жа, ля хаты, на лаўку.
— Канечне-канечне, — хутка адказаў Федарук, сам застаўся стаяць, ці то выяўляючы залішнюю павагу і гатоўнасць адказваць на ўсе пытанні, ці то дэманструючы сваю занятасць і тое, што яму бракуе часу, каб яшчэ траціць яго на нас.
— Вы ведалі Насцю Грыцук?
— Так-так. Адзіная. не старая тут жанчына, вялікая разумніца, спагадлівая.
— Якія ў вас былі адносіны?
— Ды. ніякіх. Проста сябравалі.
— Вы абменьваліся з ёй нумарамі мабільных тэлефонаў?
— Так… — з ледзь заўважным выдыхам прызнаўся Федарук.
— Тады, выбачайце, такое пытанне. Вось вы — выкладчык універсітэта, вучоны, гісторык. Насця Грыцук — звычайная вясковая маладзіца, санітарка ў бальніцы. На чым трымаўся ваш інтарэс адзін да аднаго? Згадзіцеся, сёння абмяняцца нумарамі мабільных тэлефонаў — гэта.
— Згодзен, тут ёсць нават нешта інтымнае, — падказаў мне, усміхнуўшыся, Федарук. — Мы быццам дазваляем чалавеку турбаваць нас у любы час.
— Дык што такога было між вамі? — настойваў я.
— Як вам патлумачыць? Ведаеце, малады чалавек.
— Я следчы пракуратуры.
— Перапрашаю. Дык вось, таварыш следчы пракуратуры, у людзей самых розных сацыяльных саслоўяў, матэрыяльнага становішча незалежна ад адукацыі, месца жыхарства, прафесійнага занятку могуць быць агульныя інтарэсы.
— Вось яны мяне і цікавяць.
— Любоў, — з нясмелай усмешкай прамовіў Федарук.
— І каго вы агулам любіце? — не схаваў я свайго здзіўлення.
— Ды ўсё! — развёў рукамі ўшыркі, быццам хацеў абхапіць паветра, Федарук, у вачах яго была ўжо не вінаватасць, а ўсведамленне старанна прыхаванай уласнай перавагі.
— Выбачайце, але мне б менш абстракцый, а больш канкрэтыкі, — нецярпліва заўважыў я.
— Канечне, канечне, выбачайце, — заспяшаўся Федарук, зіркнуў нам за спіны, на акно, замаўчаў, быццам прыслухаўся, і загаварыў, спяшаючыся:
— Любоў да зямлі, да роднага, да свайго. А сваё ў нашым канкрэтным выпадку… Як вам прасцей патлумачыць? Мінулае — гэта таксама наша, у ім мы самі, нашы карані. Выбачайце, кажу такія банальныя рэчы. Дык вось, Насця ведала шмат таго, што страчана людзьмі яе пакалення, ды і майго.
— Што страчана? — пачаў я псіхаваць.
— Калі ласка, не крыўдуйце, гэта няпроста ўявіць чалавеку… далёкаму ад усяго гэтага. Дык вось. Узаемаадносіны людзей з прыродай, з навакольным асяроддзем зацвярджаюцца ў традыцыях, вераваннях, легендах, міфах, калі хочаце. У абрадах. Мы шмат страцілі канчаткова, галоўнае — страцілі сэнс, да нас дайшлі толькі формы, знешнія атрыбуты. Мне як гісторыку, этнографу, надзвычай цікава ўсё. І лічу не проста цікавым, але карысным, проста неабходным для нас усіх. А Насця ведала шмат, бо вельмі шмат ведае яе бацька. Ды ён не ахвочы быў да размоў, а Насця расказвала нам надзвычай многа істотнага, такога, што мы не ведалі раней, яно нідзе не зафіксавана. Гэта вельмі каштоўна для навукі, этнаграфіі, для народа, урэшце.
— Зразумела… — працягнуў я, некалькі раздражнёны шматслоўным і, па сутнасці, пустым адказам. — Вы сказалі «вам». Каму?
— Ну, разумееце. Усім тым, каму. Мы тут, так атрымалася, розныя па занятках, узросце, але вось цікавасць да мінулага нас аб’ядноўвае, многіх. Вось мы і бавім час разам.
— Ладзіце святы, адраджаеце абрады? — вырашыў я на гэты раз паказаць Федаруку, што ведаю трохі больш, чым пытаюся. Мне было не дзіўна, калі ён разгубіўся крыху пры пытанні аб нумарах мабільных тэлефонаў: у нас жа многія і не здагадваюцца нават, што пра чалавека столькі ўсяго можна даведацца за самы кароткі тэрмін! Не, ён яўна не падазрае, што я ведаю пра яго званкі да Насці, пра атрыманыя ёй эсэмэскі. Такі наіўны.
— Ну так, нам гэта цікава, а дзецям, моладзі — тым больш, ім — забаўка, свята. Ці многа ў нас святаў? А хіба ў гэтым ёсць нешта дрэннае? Вось жа няхай Сцяпан Пятровіч вам скажа, — з просьбай у голасе Федарук павярнуўся да ўчастковага.
Міжволі я ўсміхнуўся — мужчыны былі так подобны знешне адзін да аднаго, быццам Федарук быў зменшанай копіяй Тумара: такія ж залысіны, круглыя твары. Хіба бародка.
— Ды не перажывай ты, Тарасавіч, — заспакоіў, бы малое дзіця, адказам участковы, і я зразумеў: адносіны ў іх даволі блізкія, сяброўскія. — То ж парадак такі, трэба нам усё высветліць. Сам разумеет, дзяўчына загінула, тут кожная дробязь.
— Канечне, канечне. Чым яшчэ магу дапамагчы?
— Я б хацеў паразмаўляць з усімі вашымі. аматарамі абрадаў, — агучыў я просьбу.
Хвіліну таму я нічога такога не думаў, а вось цяпер рашэнне прыйшло і падалося мне вельмі лагічным і правільным. Калі іх сабраць разам і задаць пытанні. Федарук не здагадваецца пра тое, колькі я ведаю. Як і астатнія, трэба разумець. Не ведае, да прыкладу, што ў спісе тэлефонаў загінулага паэта ён пазначаны як «Капітан».
Мне трэба ўсё ведаць пра цяжарнасць Насці.
Калі ў іх тут сапраўды нейкі гурток па інтарэсах, падчас размовы з усімі многае ўсплыве супраць іх жадання. Толькі прадумаць добра тактыку.
Алесь Федарук нецярпліва пацёр рукой руку, зноў кінуў кароткі позірк на акно і прамовіў з вінаватасцю:
— Выбачайце, мне зараз трэба. Я вельмі заняты, тут такі момант якраз.
— Канечне, — я падняўся. — Я мушу выклікаць вас для допыту ў пракуратуру як сведку. Перад гэтым. Заўтра ў нас субота, я так разумею, на выхадныя вашы сябры з’едуцца? Маглі б мы дзе сабрацца, каб пагаварыць разам?
— Так-так, у нас ёсць адзін дом. Вялікі, мы там збіраемся іншы раз, калі абмяркоўваем нешта. Але заўтра не ва ўсіх вольны дзень, то толькі бліжэй да вечара збяруцца ўсе.
— Выдатна. Я вас папрашу сабраць усіх, скажам, а восьмай гадзіне вечара. Гэта прымальна?
— Так-так. Мы збяромся.
— Тады да пабачэння.
Мы выйшлі за веснічкі і накіраваліся ў другі канец вёсачкі — да хаты Зміцера, бацькі забітай.
Непазбежнасць смерці вёскі крыецца ў буянні зелені. Ляўдок, зарослы травой ад платоў да сярэдзіны дарожных каляін, проста патанаў у кустах бэзу, які пачынаў набрыняць белымі і ліловымі колерамі пухнатых суквеццяў. Не было каму ў мінулым годзе, не будзе каму і цяпер ламаць пахкія галінкі — вунь як вольна разрастаюцца кусты, суквецці хіляцца ажно да зямлі…
— Зміцер амаль не ўстае, хіба да ветру сам ідзе. Яго наша манашка, Марылька, даглядае, — расказваў мне Тумар. — Дарэчы, давайце-ка да яе заглянем, хлеба спытаем. Час ужо абедзенны, у мяне сала кавалак з сабой, — Тумар прыўзняў сваю планшэтку, якую насіў увесь час у левай руцэ. — Перакусім. Можна будзе і галаву вам палячыць.
— Ды галава як быццам нічога, — адказаў я, практычна прымаючы прапанову, бо чаго тут было саромецца ці хітрыць — есці я хацеў. І тое праўда: у роце было шурпата, і напамін пра кароткі перадых за сталом раптоўна выклікаў у свядомасці шклянку халоднай вады. Каб аж зубы заходзіліся. Мы за гэты час мінулі не адну студню, якая абяцала мне збавенне ад сухасці ўнутры, але мусіў цярпець, бо цяперашняя смага і яе наталенне падаваліся мне, лічы, нечым інтымным. Усё ж зразумеюць. Добра хоць, прапанавала адразу Сонька бярозавіку.
— У Марылі самагонка вельмі добрая, — не спыняў сваю тэму Тумар.
— На травах, лёгкая, і паху пасля ніякага.
— Дзіўныя тут у вас парадкі, — без абвінавачвання заўважыў я — участковы ведае і, выходзіць, пакрывае самагонаварэнне.
— Нармальныя, — уздыхнуў Тумар. — Каб паўсюль так. Чалавечыя. Марылька травы ведае, настойвае. Гоніць нямнога, так, каб суседу было прадаць пры выпадку ці разлічыцца за якую паслугу. Спрадвеку так жылі… Во на сядзібе два кадры ёсць. Кожны трапляўся, штрафы неміласэрныя. А не кідаюць справу: прыбытковая!
— Гоняць?
— Адзін-то гоніць, бо сваяк на цукровым заводзе — галоўная сыравіна бясплатная. А другая прадае нейкую брыду, сын спірт пастаўляе. Да гэтай не падступіцца. Недзе ў вобласці плечы добрыя. Ну, во і Марыліна хата.
Мы прыпыніліся перад старэнькім невялічкім домам, які сваімі акенцамі амаль урос у зямлю. Колькі яму гадоў? Мабыць, як паставілі пасля вайны, так і не чапалі, хіба вось шыферам перакрылі дах. Нешаляваныя сцены, бярвёны шэрыя, у глыбокіх доўгіх трэшчынах. Агароджа спрахла, і яе прыбралі, засталіся толькі два, мабыць жа, дубовыя, тоўстыя і крываватыя слупы. Між імі ад вуліцы ў траве ўгадвалася вузенькая сцяжынка.
Дзверы ў сенцы расчыніліся перад намі. Худая, у чорным усім: доўгай спадніцы, кофце і хусцінцы, завязанай акуратным вузельчыкам пад бараду, — стаяла старая. У нейкі момант яна падалася бы намаляванай — настолькі лялечна-акуратна ўсё на ёй ляжала, і сам тварык, дробны, з тонкай застылай усмешкай, і занадта спагадлівы позірк вачэй, і запалыя шчокі, і васковага колеру скура рабілі яе падобнай да лялькі. Але яшчэ два крокі насустрач — і я пабачыў жывы агеньчык у гэтых вачах, асаблівы, цёплы і трохі сумны, у якім было не тое што адчуванне перавагі над намі, нашым быццём, а веданне яго нязначнасці. «От, ходзіце, марнуецеся, перажываеце з-за пустога, спяшаецеся, маркоціцеся з-за нібыта няўдач, а ўсё ж — мітусня, супыніцеся.»
— Здароў была, цётка Марыля, — павітаўся Тумар.
— Добры дзень, — паспяўшаўся і я.
— І вам хай Бог дае добрага здароўечка і ладу, — адказала старая, і голас яе прагучаў нечакана чыста для мяне, без старэчай задыхі, звонка, бы дзяўчынка малая вітала нас.
— Ці можна хлеба пазычыць, цёць? — спытаўся Тумар. — Затрымаліся во, а спраў яшчэ многа.
— Хадзіце, хадзіце ў хату, — адступіла ў сенцы старая, запрашаючы.
Унутры хата падалася яшчэ меншай, чым звонку. Вялікая печ з паўгрубкай займала ці не траціну ўсёй прасторы, далей у куце быў драўляны ложак, засцелены пярэстай саматканай посцілкай. Ложку было ніяк не меней гадоў, чым яго гаспадыні: драўляныя спінкі патачыў шашаль, яны пацямнелі да чорнага. Далёкі ад нас кут нагадваў царкоўны амбон: невялікі круглы стол з дзвюма патрапанымі кнігамі, свечкамі ў падсвечніку, шклянцы і стале; над ім — сапраўдны іканастас, дзе свяцілася жоўтая іскрынка агеньчыку ў лампадцы. Амаль насупраць печы — стол з лавай ад сцяны і два зэдлікі, самаробныя, драўляныя.
Мы прыселі за стол, засцелены некалі жоўтай у чырвоныя і зялёныя кветкі цыратай, якая ў тым месцы, дзе, відавочна, ела старая, была выцерта да белага. Гаспадыня, нічога ў нас не пытаючыся, амаль бясшумна і хутка снавала туды-сюды. На стале з’явіліся хлеб, дзве талеркі з халадніком, цыбуля, дошчачка. Тумар дастаў і парэзаў ладнымі кавалкамі мяккае сала.
— Дай, цётачка, калі не грэх сёння, дык і для апетыту. Але сваёй, жоўценькай, — па-свойску папрасіў ён яшчэ, і старая адгукнулася хуткім:
— Не грэх, не грэх. Рабіць не грэх, есці не грэх.
— А ў чым грэх? — не стрымаўся я, спытаў, калі старая прынесла і паставіла на стол два шкалікі і бутэльку сапраўды жоўтай, але празрыстай самагонкі.
— Грэх зло рабіць. Ці сабе, ці людзям, — без павучання адказала яна.
— А што зло? — вырвалася ў мяне.
— Ці ў іншых адняць, ці сабе лішняга ўзяць, — зноў гэтак жа, не задумваючыся, патлумачыла цётка Марыля, быццам я пытаўся аб нечым надзвычай простым і зразумелым. — Ешце, я падбягу да Зміцера.
— Не ўстае? — пацікавіўся Тумар.
— Не ўжо, — з жалем на гэты раз уздыхнула старая. — Каб жа Бог прыбраў, не даў пакутаў.
Старая слізганула за дзверы.
Тумар узяў бутэльку, не пытаючыся, наліў па амаль поўным шкаліку.
— Неяк вы… бы ў роднай.
— Ды… — Тумар выпіў, занюхаў хлебам. — А хто ў іх ёсць, акрамя мяне? У Марылькі вось, у Сцёпчыхі? У Калтуневічаў? Дзеці і ўлада далёка. Служба сацыяльная? Тая не бароніць. А бараніць трэба. То з горада наляціць саранча, цягнуць усё металічнае, хоць алюміній, хоць чыгун. Ні патэльні, ні чыгунка не пакінуць на двары. Цыганы завітаюць — знойдуць і выцягнуць грошы хоць з трусоў на табе. Чужы нехта падазроны з’явіцца, мне адразу і тэлефануюць. Як яна вось кажа, я чужога не бяру і лішняга сабе не патрабую. Гоніць цётка самагон — хай гоніць, не на зло ж іншым. Не першы раз у яе хаце. Тры гады таму яе абразы былі сцягнулі. Бачыце, якія?
Я ўзняў вочы, зірнуў для прыліку, нічога ўражальнага не пабачыў: цёмныя ад часу намаляваныя на дошках святыя. Звычайныя, мне не цікавыя.
— Як па мне, дык нічога каштоўнага, — шчыра прызнаўся я.
— У кожнага свае каштоўнасці, — зазначыў Тумар. — Ешце, ды яшчэ па кроплі.
Нейкі час мы елі моўчкі. Тумар не перабольшваў наконт гарэлкі: напітак быў мяккім і прыемным на смак, ніякага паху сівухі. Я назіраў за Тумарам: твар увачавідкі набрыняў чырванню, быццам яго фарбавалі знутры. Ён заўважыў мой позірк, няёмка апраўдаўся:
— Ды гэта хутка пройдзе… Такі вось урадзіўся. Як хоць нешта з градусамі — твар у чырвань кідае. Пройдзе.
— Зміцер пасля смерці дачкі злёг? — праз некалькі хвілінаў маўчання запытаў я.
— Ды ён жа і так не малады, — пачаў разважаць Тумар. — Калі Насця нарадзілася, яму ці не пад пяцьдзясят было. Як я ведаю, ён апошні год многа ляжаў, гады ж бяруць сваё. Ну а тут, канечне… Падкасіла старога. Хоць на пахаванні стаяў, хай з кійком, а вытрымаў. Твар бы скамянелы быў, скура на чэрапе жоўтая, як з паперы. Не дай Бог каму такое — хаваць сваіх дзяцей.
— А ў вас дзеці ёсць? — вырвалася ў мяне.
— Двое, — адгукнуўся Тумар. — Хлопец і дзеўка. У дзясятым і восьмым класе. Выдатнікі, разумнікі і добрыя.
— Шчаслівы бацька.
— Бацька — дык шчаслівы, — нечакана шчыра прамовіў Тумар з непрыхаваным болем, і я зразумеў гэтую шчырасць як гатоўнасць падзяліцца сваім, мужчынскім.
— А муж не асабліва? — асцярожна канстатаваў я з адначасовым пытаннем.
— Бо дурань быў, — няхмушана адгукнуўся на пытанне Тумар. — Дзеля дзяцей і жыву адно.
— Цяжка ж так, — падумаў я ўслых.
— Цяжка цяпер. Было прасцей некалі. — Тумар памаўчаў, быццам разважаючы, казаць далей ці не, і пачаў гаварыць, мне падалося, больш самому сабе, зазіраючы ў сябе, углядаючыся ў сваё мінулае, успамінаючы:
— А цяпер во зразумеў: ёсць і па праўдзе тое каханне. І стала цяжка. Як былую аднакласніцу сустрэў. Сціплая была, шэрая мышка. Я яе калі і падкалупліваў, калі і на танцах запрашаў — для смеху. Усур’ёз ніяк да яе не ставіўся, у нас у класе такія прыгажуні былі! А яна мяне кахала. Усе ведалі: яна па мне сохла, пацвельвалі. І я смяяўся. Дазваляў сабе іншы раз абы-што.
Аказалася, яна ўсё жыццё тое каханне ў сабе несла. Замуж выйшла, канечне, як надзею згубіла адносна мяне, бо сям’ю хацела стварыць, дзетак нарадзіць. У яе маці памерла, як ёй ці то васемнаццаць было, ці больш трохі. Бацька надта гараваў. У ладзе яны жылі. Ім усе зайздросцілі: ніколі не сварыліся на людзях і да дзяцей толькі з ласкай. Вось і. і мая Верачка хацела такую сям’ю. Звіла гняздзечка, утульнае, цёплае. Лічы, з сябе пух ірвала, усцілала. Мужык еў, піў, спаў — увесь ягоны занятак дома. А потым пачаў да іншых цягацца. Свая надакучыла, ды яшчэ ў клопатах як глядзець за сабой? А чужыя — яны сустракаюць вабнымі. Пакінуў яе з дзецьмі, падняла адна дваіх. Сербанула гора праз край, але здужала. І во сустрэліся мы цяпер. У мяне бы вочы адкрыліся. Усё да кучы змяшалася: і віну сваю адчуў, што такім слепаком быў, і ўдзячнасць да яе, і павагу. І хоць ваўком цяпер вый. Другі год няма спакою. От калі зразумеў, што значыць у каханні жыць, што ёсць насамрэч такія сем’і, якім так пашчасціла. Мы з ёй. выпадкова. Камандзіравалі мяне ў вобласць, дажынкі там былі, у ачапленні тры дні. Вось там сустрэліся. Дзве ночы ў яе начаваў. А яна сама перапужалася пасля, маўляў, насланнё найшло, улезла ў чужую сям’ю, хто ж я пасля гэтага? І кінуў бы ўсё, далібог! Але ж — дзеці. А яшчэ. Верачка перасцерагла: не рабі, кажа, глупстваў. Бо калі кінеш сям’ю, я сабе не дарую, а цябе аніяк не змагу прыняць. Не будзе мне тады даравання. І цяпер. Гоніць яна мяне. Плача сама, а гоніць. Адно просіць: даруй. «Больш не змагу прыняць. І хачу да болю, а не магу», — так мне кажа. А сам я. Як табе лепш патлумачыць? Некалі давялося мне па-сапраўднаму тры дні сядзець галоднаму. Малады яшчэ зусім быў, застаўся без грошай, а знаёмага — ніводнага ў горадзе. Чакаў у пустым інтэрнаце. Сорамна было ў каменданта пытаць, ды і не далі б. Хто міліцыянеру верыць? І вось на трэці дзень я куды ні ішоў, чым ні займаўся — думаў пра хлеб. Не, нават не думаў — хлеб быў пастаянна ў маёй галаве, ва ўсім! Я чуў яго пах. Адчуваў смак, пальцамі мацаў шурпаты бачок. Не, не трызніў, а вось. са мной той хлеб, са мной неадступна! Дык вось цяпер згадаў я той хлеб — мне ім Верачка стала. Не думаю я пра яе — яна проста са мной і са мной. Дні, тыдні, месяцы і ўжо вось два гады. Уначы баюся назваць яе імя. От якая справа, Васіль. Ты вось следчы, ведаеш прычыны ды наступствы, дапамажы разабрацца. — ужо зусім нечаканай для мяне просьбай, ды яшчэ з пераходам на ты закончыў участковы.
Я зірнуў уважліва на яго твар. І толькі цяпер пабачыў смутак — у апушчаных уніз вугалках вуснаў, у раўнадушным позірку. Тое, што я прымаў за службовую тактоўнасць Тумара — ён за ўвесь час са мной не прамовіў ніводнага лішняга слова, не імкнуўся разумнічаць і вучыць мяне прамудрасцям вясковага жыцця, не ўмешваўся, не пёрся падказаць, забегчы наперад, — аказалася яго абыякавасцю толькі.
— Сапраўды, думаеце, я змагу даць рады вашай бядзе? — з сумнай усмешкай адказаў я, усё ж трошкі непрыемна крануты яго тыканнем.
— Ты выбачай за маё ты. Я вось жыццё пражыў, быў у мяне адзіны сябра. Спіўся. Дакладней, жонка дапамагла дапіцца да чорцікаў, у вар’ятню сплавіла, бо любошчам яе замінаў. От з ім я мог падзяліцца. А цяпер больш няма з кім. А яно ж унутры цябе сядзіць, у галаве такі вэрхал, такая рэвалюцыя. А нельга нікому расказаць. У нас. у міліцыянераў сяброў няма. У нас — служба. Для вяскоўцаў я ў большасці — мент паганы, падлеткі толькі так і клічуць, нават у вочы. Смелыя. А што іх маткі да трэціх пеўняў бягуць да мяне з крывавым плачам: «Дапамажы, супакой мужыка!» — дык тое не лічыцца. На мяне і з нажом выходзілі, мазгі адпіўшы, адзін раз — з віламі, было — з рыдлёўкай. Шварцнэйгер доўбаны патрапіўся дык бензапілу завёў і давай агароджы рэзаць. І з той пілой мяне сустрэў. А я ж пісталет нават ні разу не дастаў. А ўсё адно — мент паганы.
Дык от, Васіль, ты выбачай. Калі кажаш некаму ўслых пра сваю бяду, быццам збоку на яе глядзіш. І хоць парады просіш, ды сам хутчэй выйсце знойдзеш. Ну, і на ты звяртаюся. то як да сябе быццам. Вось, выбачайце.
— Ды ўсё нармальна, — шчыра супакоіў я ўчастковага. — На ты, дык на ты, мне не праблемна. А падказаць. Наўрад ці з мяне які дарадца ў такіх выпадках. А жонка твая?
— А для яе я мент ці не першы, — сумна ўсміхнуўся Тумар. — Бачыць жа, з чым і кім я справу маю, а вось. Палітыкай яна ў мяне надта цікавіцца. У нас быццам жа і ладам усё было, пакуль гэтая палітыка, выбары ды апазіцыя. Ледзь не развяліся былі падчас адных выбараў, два месяцы ў розных пакоях спалі.
— Яна хіба не бачыць розніцы між палітыкай і элементарнай службай? — здзівіўся я.
— Не, не бачыць, — адказаў Тумар і стаў прыбіраць са стала. — У нас большая частка людзей бачыць толькі чорнае і белае. Як ва ўладзе хто, значыць, падхалім, супраць народу. Калі ты не за, значыць супраць. Вось так і жывуць, лёгка для сябе вызначаючы каштоўнасці. Калі недзе міліцыянеры мітынгі разганяюць, дубінкамі лупцуюць, значыць, і ты тут — гэткі ж. І няважна, што я той дзень патраціў, каб украдзеных у Сцёпчыхі курэй знайсці, я ўсё адно тае масці, таго колеру, дубінку магу ў рукі ўзяць… Нічога, тры гадочкі — і я на пенсію, дзеці — у інстытуты. Знайду занятак.
— А цяпер не можаш?
— Навошта? — прыпыніўся ля стала Тумар. — Я толькі і ўмею быць участковым міліцыянерам. Я раблю амаль 20 гадоў. А больш — нічога. Ну, зямлю капаць — калі ласка. Але ж. мне падабаецца. Я бачу сэнс у сваёй працы. Хоць я і мент паганы, — нечкана ўсміхнуўся ён амаль весела. — Вось! На пенсію — і на развод. І паеду да Верачкі сваёй.
— Дык жа не прыме, гаварыла!
— Там пабачым. Усё пабачым. Пераначуем — і пачуем. Хадзем да Зміцера?
Марылю мы засталі ў сенцах Зміцеравай хаты, яна нешта памешвала ў каструлі на газавай пліце. Было заўважна, што тут, у сенцах, гаспадыняй была сучасная жанчына: новыя шафкі, добрая газавая пліта, асаблівая утульнасць і парадак.
— Не спіць? — спытаў Тумар пра Зміцера.
— Не, толькі папіў, — адказала старая.
Хата складалася з двух паловаў, Зміцер ляжаў у першай на канапе, якая стаяла за печчу ў прыцемку — невялікае акенца ў сцяне насупраць было дбайна занавешана. На нашае з’яўленне ён ніяк не адрэагаваў, не павёў нават вачыма, хоць тыя былі расплюшчаныя і скіраваныя ў столь. Толькі вочы і казалі пра тое, што чалавек не мёртвы — ніводная клетачка на твары больш не выглядала жывой. Скура твару, жаўтлявая, у мностве карычневых плямаў і плямкаў, парасла рэдкімі белымі валасамі, густаватымі і доўгімі ўжо на барадзе.
— Здароў, дзядзька Зміцер, — Тумар падышоў бліжэй да канапы. — Тут да цябе з пракуратуры, следчы. Хоча, каб ты яму дапамог знайсці таго, хто забіў Насцю.
Стары быццам не чуў гэтых слоў.
— Мы шукаем забойцу вашай дачкі, — голасна, афіцыйна пачаў я. — Вы можаце нам сказаць: ці былі ў яе ворагі? Чаму ў апошні вечар Насця пайшла з дому? Яна з кімсьці сустракалася?
Адказу не было.
— Пагаварылі.
Для мяне стала відавочным: мы толькі марнуем час.
Дзверы ў другую палову хаты былі зачыненыя. Я ведаў, аператыўнікі ў першы ж дзень старанна тут усё абшукалі. Больш дзеля цікавасці, чым у надзеі нешта знайсці, я адчыніў дзверы, зайшоў.
Тут было вельмі сціпла, але зусім не па-вясковаму. Хіба грубка злева ад уваходу. Сучасная мэбля, не дарагая, не новая, але падабраная з густам: канапа, два фатэлі, часопісны столік са крэслам. Вуглавы стол для кампутара, з дзясятак кніг на яго паліцах. Шафа і камода. Не, ператрасаць рэчы я не збіраўся. Кнігі. Жаночыя раманы, часопісы.
Вярнуўся ў пакой, зноў падышоў да старога, загаварыў гучней, чым раней (можа, ён недачувае?).
— Ваша дачка была цяжарнай і нарадзіла дзіця. Дзе яна нарадзіла? Хто бацька?
І тут ён паглядзеў на мяне. Зрэнкі ягоныя павольна змясціліся ў мой бок — і Зміцер зірнуў. Доўгім, пранізваючым усё маё нутро позіркам вачэй, якія былі амаль светла-шэрыя, так выцвілі з часам.
— Калі пайшла замуж за Яшчура, павінна была нарадзіць, — нечакана ціха скрыпучым шэптам прамовіў Зміцер аднымі вуснамі.
— За. за якога Яшчура? — перапытаў я, заікнуўшыся ад нечаканасці.
Зміцер маўчаў.
— Каго тут завуць Яшчурам? — павярнуўся я да Тумара.
— Ды халера ведае, — паціснуў той плячыма. — Можа, і таго паэта так звалі між сабой дачнікі.
— Вы бачылі гэтага Яшчура? Як ён выглядае? Колькі яму гадоў? Ён мясцовы ці гарадскі, дачнік?
Шэрыя плямы зрэнак зноў утаропіліся ў столь, потым старэчыя векі павольна апусціліся.
— Пайшлі. Будзем шукаць Яшчура заўтра, — махнуў я рукой Тумару.
— Падыдзі, — нечакана зноў захрыпеў Зміцер.
— Слухаю вас, — зрабіў я крок да канапы.
— Яшчура не чапай. Дзіця не чапай, — прагаварыў стары, не расплюшчваючы вачэй.
— Дзіця памерла. Яго вёз хаваць чалавек, ад якога магла нарадзіць ваша дачка, той самы Яшчур, — адкрыта стаў казаць я. — Хто такі Яшчур?
Вядзьмак не ўздрыгнуў, але нейкая быццам хваля, як сонечны зайчык ад акна насупраць, прабегла па яго твары і ўсім целе.
— Ты дурань яшчэ зусім, — прасіпеў ён. — Дзіця жывое. Яго вам не забіць…
— Ніхто не збіраўся яго забіваць, — разгублена прагаварыў я. — Яно само. Вы ведаеце, хто забіў Насцю? У яе былі ворагі?
Хвіліну стаяла цішыня.
— Дзед, ты нам што яшчэ скажаш ці не? — з настойлівай просьбай спытаў Тумар.
На твары старога не зварухнулася ні адна жылка.
11.
Тое, што ў нас іншым разам асабліва шануецца і завецца прастатой, можа быць усяго толькі прэсным прымітывам.
Зіначка ўжо збіралася дахаты: выключала камп’ютар, складвала паперы на стале. Усміхнулася мне і паведаміла проста, бы жонка мужу:
— На вячэру сёння амлет з курынай каўбасой! Не пазніся!
Я мусіў вяла ўсміхнуцца ў адказ. Зіначка заўважыла маю млявасць, насцярожана-клапатліва запыталася:
— Стаміўся?
— Больш эмацыйна, — як мог шчыра прамовіў я. — Амлет з курынай каўбасой — цікава. Маці, запечаная ў сваіх дзецях… — Што? — спуджана акругліла вочы Зіначка.
— Ды я смяюся, не палохайся, — супакоіў я і пашкадаваў пра сказанае. Не да месца такія дурныя жартачкі.
— Ну добра… Глядзі, Тамара нешта не ў гуморы.
— Нічога… Дзякуй, — я ўзяўся за ручку дзвярэй пракурорскага кабінета і прымусіў сябе яшчэ раз усміхнуцца і паабяцаць: — Амлет з’ем.
Пачуццё маёй залежнасці ад гэтай жанчыны выклікала супраціў. Бач, як хутка яна… Заўтра прынясе каву ў кабінет, дэманструючы свае правы на мяне. Трэба мякка прыпыніць гэты разгон уладарнай прагі.
Мая запланаваная сустрэча з ляўдоцкімі дачнікамі выклікала ў Тамары раздражненне:
— Што ты хочаш ад іх даведацца?
Ніяк не быў гатовы да такога пытання, да настрою пракурора. Здаецца ж, усё ідзе нармальна: месца забойства практычна вызначана, тое, чым была забіта Насця Грыцук, амаль вядома. Выклікаем на допыт Падлужнага як падазронага ў забойстве, націснем добра — усё раскажа. Не мог жа ён, калі і выціраў тыя зубы грабляў не спецыяльна, не заўважыць рудых плямаў крыві? І я павінен дакапацца да ісціны: з якога перапуду жанчына-лесбіянка вырашыла зацяжарыць і ўпотай ад усіх, акрамя гэтых дачнікаў, нарадзіць дзіця? І дзе яна яго нарадзіла? Дзе было дзіця гэты час? Што за Яшчур такі? Якая роля таго небаракі — паэта Дылько?
— Бо ён і быў бацькам, — безапеляцыйна адрэзала Тамара на мае разгубленыя пярэчанні. — І не прымай трызненне чалавека, якому заўтра пад бярозкі, за тэму для роздуму. Што табе яшчэ невядома? Уключы фантазію!
— Ну, няхай ён бацька… Але чаму ведаюць усе ў Ляўдку, усе чужыя, а не ведаюць калегі, таварышы па рабоце? Насця ж не магла не ведаць, у якія грошы, правільней, у якую згубу грошай абернецца для яе таемная цяжарнасць: на ўлік у час не стала.
— Значыць, так яна захацела. Можа, і не збіралася яна з ім жыць. Ды няважна…
— А адзенне яе? Хто сабраў яго ў пакет, калі нават дапусціць, што Насця і Андрэй Дылько займаліся на паляне пад дубам каханнем?
— Сама склала, — адмахнулася Тамара, быццам я спытаўся пра відавочнае. — Чаго ты на мяне дзівішся? Я ў маладосці любіла мужа сустрэць пасля работы голай. І Насця магла сустрэць так свайго Андрэя. Ноч, ніхто не бачыць, такое месца… Тым больш пра яе кажуць як пра ведзьму. Можа, і адна яна была, качалася па расе, падкацілася пад тыя граблі… Няшчасны выпадак.
— А сляды? Мы ж не пабачылі…
— Бо шукалі проста сляды, а не тыя, якія зацерлі.
— Хто зацёр? Ды мы так глядзелі!
Я пытаўся, як школьнік у настаўніка пра новую цалкам тэму. Я не разумеў, не мог ісці логікай пракурора.
— Той, хто нёс Насцю… А глядзелі дрэнна, — стомлена ўздыхнула Тамара і дастала цыгарэту.
Я замаўчаў, пераварваючы пачутае, пастараўся шчыра стаць на пазіцыю пракурора. Калі і сапраўды так?
— Тады… Тады Насцю мог несці ці Андрэй Дылько, ці Міхась Падлужны. Скажам, грымнулі граблі, забрахаў сабака — Падлужны выйшаў, пабачыў… А неслі да Зміцера, бо ці яна сама, яшчэ жывая, папрасіла, ці падумалі, ён, як вядзьмак, адно і дапаможа. Але памерла дарогай, не данеслі, то і кінулі на полі?
— Не іначай, — Тамара энергічна пастукала цыгарэтай аб край попельніцы. — Выклікай Падлужнага павесткай, але не запалохвай. Сам ён не мог забіць яе тымі граблямі. Не будзе ж яна голай ляжаць і чакаць, пакуль той нейкі рычаг адпусціць. Ды і прычыны няма. — Тамара яшчэ раз паглядзела на раздрукаваныя здымкі — агульны выгляд паляны, конныя граблі, зубы. — Так, эксперт толькі пацвердзіць, што гэтыя зубы і маглі пакінуць такія сляды. Сам бачыш, якая тут трава густая… Некалі мая бабуля казала, як па першай расе надта добра качацца, для здароўя карысна. Каб скура была свежай, не друзлай. І нейкія хваробы так лячылі. А на Купалле, каб ты знаў, яшчэ ў час маёй маладосці жанкі ў гадах качаліся, цішком ад моладзі і мужыкоў. Сама бачыла. Праўда, усяго з сябе не скідалі — ільняныя доўгія кашулі апраналі. Як у каго не было, дык па чарзе.
— Дык мне не ехаць заўтра на сустрэчу з гэтымі… аматарамі абрадаў?
— З’ездзі сабе, чаго ж не? — дазволіла раўнадушна Тамара. — Але машыны не дам — адпусціла, бо прасіўся Віктар, яму справы рабіць трэба свае. Дабярэшся неяк. Надта толькі не накручвай сябе. Бабы найчасцей робяць так, што мужчына ніколі са сваёй логікай не патлумачыць. Зрабіла
— і зрабіла. Бо так у той момант хацела. І шкадаваць не будзе ніколі, і тлумачыць не будзе, бо тлумачэння не бывае. Імпульс кароткі, настрой, ляйчына пад хвост… Так вось.
— Зразумела…
Я развітаўся і накіраваўся да дзвярэй. Зіначка ўжо сышла. Я зноў з прыкрасцю падумаў пра тое, што давядзецца ісці да яе. Так, ад ранішняй «сексуальнай заклапочанасці» не засталося і следу. Магчымыя любошчы ніяк не ўпісваліся ў мой настрой, гэта па-першае. Па-другое… Я вяртаўся нетаропкай хадой і думаў пра тое, што мяне зараз не чакае прыгатаваная вячэра, да якой я прывык за апошні тыдзень. І Надзея не чакае. Чакае Зіначка, але чакае, як сучка злучку, ёй трэба, яна возьме ад мяне тое, патрэбнае, і на гэтым усё… Ці яна думае мяне так прывабіць, каб застаўся з ёй жыць? Ну, не такая ўжо яна бязглуздая, каб спадзявацца, што я згаджуся стаць бацькам дваіх чужых дзяцей. Ды чорт іх ведае! Як там Тамара казала? Няма логікі. Ды Зіначка — лухта. І Надзея… Не, не лухта, але ж і на ёй жанчыны ў гэтым райцэнтры не закончыліся. Сама вінаватая: трэба было пачакаць. Ці хоць пакінуць слоўца якое, магла і элементарную эсэмэску адправіць. Хоць выбачыцца, бо ж не дачакалася, падманула. Бач, тэст я не прайшоў! Хіба я жывёла паддоследная?
Накручваў, стараўся раззлавацца, а падсвядома марыў: вось зараз Надзея будзе чакаць мяне ля сваіх веснічак. Мы ўсміхнёмся адно аднаму, павітаемся, яна спытаецца-ўпікне нязлосна, але з такім прыемным клопатам: «Зноў не абедаў?» — і я прамаўчу пра тое, што перакусілі з Тумарам яго тармазком. І быццам не было ўчарашняй ночы, яе нечаканага пытання, маёй ашалеласці. Мы разам павячэраем, яна будзе сядзець, як заўжды — нага за нагу, у сваіх звыклых шортах, а я буду есці і паглядаць на яе высока аголенае сцягно і не стрымаюся, як і раней, у нейкі момант спыню сваё жаванне, выцеру вусны, нахілюся і пацалую халаднаватую скуру, якая не мае для мяне ні паху, ні смаку, як вада, але ж і такая жаданая…
Надзея не стаяла ля веснічак — яна была ля ганку свайго дома, пра нешта размаўляла з мужчынам. А той павольна, паспяваючы адказваць, капаў яму якраз пад ганкам. Дзве палавінкі варот былі расчынены насцеж. Раптам выявілася, што й трымаліся яны добра толькі зачыненымі, калі былі разам, а цяпер, кожная паасобку, стаялі нахіленыя, ледзь не падалі, трымаючыся за слупы ржавымі скрыўленымі завесамі. У двары стаяў вялікі чорны аўтамабіль. Як кажуць тут, круты.
Я і так ішоў няспешна, а тут прыпыніўся, пацягнуўся ў кішэню па цыгарэты, хоць хвіліну таму выкінуў недакурак. Мяне апякло, твар запалаў, я не зразумеў пакуль, што адбылося, што я такое пабачыў. Быццам знянацку вось цяпер на вуліцы мне далі аплявуху. Пстрыкаў запальнічкай, напаўадвярнуўся, але бачыў, як Надзея знікла за дзвярыма і амаль адразу ж выйшла. З кубкам кавы. Мужчына спыніў сваю працу, узяў кубак, і яны прыселі разам на ганку, блізка-блізка адзін ля аднаго, кранаючыся плячыма. Больш за тое — Надзея прыпала да мужчыны даверліва, нават галаву схіліла, амаль паклала яе на мужчынскае плячо.
Я не мог прайсці міма, адвярнуўшы галаву: да іх было ўсяго нейкіх дзесяць крокаў. І я проста кіўнуў, як ківаюць знаёмым, не сябрам, а ўсяго толькі знаёмым, без усмешкі на твары, паказваючы гэтым маўклівым кіўком, што не маю ніякага жадання прыпыніцца і загаварыць, парушыць спакой чалавека. Простая выхаванасць, элементарная суседская ветлівасць. Яны кіўнулі мне ў адказ таксама моўчкі. Мужчына быў старэйшы за мяне. Гэта было заўважна.
Ну і добра, ну і добра… Стаяў пад струменямі душа, намыльваўся і змываў пахкую пену, зноў намыльваўся. Якая ж яна хуткая… Няўжо можна вось так: учора клала галаву на плячо мне, а сёння — іншаму? Як яны могуць так элементарна забывацца на ўсё? Ну і няхай…
Па пояс голы, у адных трусах, адкаркаваў бутэльку, наліў каньяку і выпіў, плюхнуўся ў крэсла. Ну і няхай! Яшчэ пабачым, ці так з табой было добра, як будзе сёння з Зіначкай…
І было прыкра. Да болю прыкра. Найбольш пякло за сябе, ранішняга, які ўяўляў сябе ў ложку, мнучы вялікія Зіначкіны грудзі і цалуючы іх смочкі. Маладушна спісваў той настрой на сваё пахмелле, на злосць. Дык жа і Надзея магла раззлавацца. Але каб вось так мне дэманстраваць… дэманстраваць мне сваю абыякавасць, нават сваю пагарду да мяне… Навошта яна так? Навошта яна зараз штурхае мяне да Зіначкі? Чаму яна не пачакала гэты дзень, усяго нейкіх дзесяць гадзін? Навошта яна так… адразу?
Выпіў яшчэ. Апрануўся ва ўсё свежае. Крадком выглянуў у акно — Надзея і мужчына сядзелі, як быццам прайшло не паўгадзіны, а хвіліна. Толькі пусты кубак стаяў на прыступцы ля мужчынскіх ног.
Я выйшаў, прымкнуў дзверы, не азіраючыся, не гледзячы ў іх бок, пайшоў, але патыліцай адчуваў: глядзяць яны, глядзяць! І перагаворваюцца. Вось жа не падалося, я чую нягучны мяккі смех Надзеі…
У кожнага ёсць выбар. Надзея выбрала. Я — таксама. Ніякіх прэтэнзій ні да кога. Як там паэт казаў: «Кожны выбірае па сабе».
Лухта! Нічога я не выбіраў. Я качуся, бы той шарык у некалішняй дзіцячай настольнай гульні: тут варотцы, тут слупок, тут канаўка. Адтуль адштурхнулі, там уціснуўся, адгэтуль — па дарожцы гатовай… Пра які я свой выбар? Вось Надзея выбрала. Мо думала пакутліва тыя гадзіны і вырашыла: хоць за зайца, абы яйцы. А я ці выбіраў? Надзея пайшла — ну і хай ідзе. Ці паспрабаваў спыніць-вярнуць? Зіначка задам павяла — пацёгся следам. Я ж і цяпер во іду не таму, што выбраў, а таму, што так склалася мая дарога.
І колькі ўжо я так іду? Колькі гадоў не сам вырашаю, а бязвольна качуся? Дзе і калі я выбіраў? З той першай? Дык жа не сам выплюнуў цягучую гумку адносінаў, а яна перастала жаваць і дала мне зразумець: хопіць. А Надзея? Дамагаўся я яе? Калі б не яе ініцыятыва, не яе жаданне, як бы было? Карыстаюся. Я карыстаюся тым, што мне падае ў рукі. Я — сляпы крот, якому яшчэ і ноздры забіла. Але шчаслівы, бо патрапіў у чужую, даўно закінутую нару. Поўзаю па ёй, падбіраю, што трапляецца. Ці маё гэта жыццё? Ці спрабаваў хоць раз я прарыць СВОЙ ход?
Ці шукаў месца работы перад заканчэннем вучобы? Ат, хай будзе, як будзе, махнуў тады рукой. А яшчэ раней, на першым курсе, калі на дыскатэцы пазнаёміўся з дзяўчынай, і так хораша было з ёй, і ўжо збіраўся ехаць з ёй на другі канец горада, правесці, ды спужаўся тых двух хлапцоў, якія падышлі ў прыбіральні. Папярэдзілі, маўляў, занятая прыгажуня, не лезь. І сёння агідна за той страх, за трымценне пад каленямі і лісліва-зухаватае: «Занятая, дык занятая. Хапае дабра такога!» І пайшоў, подленька радуючыся, што ўнікнуў бойкі, ненавідзячы сябе за маладушнасць, няздольнасць адстаяць сваё. Тады хутка, толькі адышоўся, знайшоў апраўданне: ды ну яе да д’ябла — ездзіць праз увесь горад да яе, дзе той час браць? Але грызла, не адпускала, і стаяў перад вачыма яе мілы вобраз. І вочы тых двух нахабнікаў… Ды якіх нахабнікаў! Адзін з іх дамагаўся свайго, гроб зямлю сваёй нары як умеў і як мог, а я спужаўся. Так лёгка і спакойна жылося, усё неабходнае само падала ў рукі, і знаходзіў добрае і смачнае ў гэтых паданцах. Дык чаго было лезці на стромкае дрэва, абдзіраць да крыві скуру на руках і твары ды яшчэ рызыкаваць без вачэй застацца?..
Я думаў пра тое дарогай, думаў у магазіне, пакуль выбіраў віно (якое браць: сухое ці напаўсалодкае?), цукеркі.
Вось і Зіначкін дом. Адзіная лаўка перад пад’ездам зламаная, ніхто не сядзіць. То і добра.
Прыпыніўся, прыпаліў цыгарэту, выдыхнуў дым. Згадалася: сусед па пакоі меў жорсткае правіла — за дзве гадзіны да планавай сустрэчы са сваёй дзяўчынай ці хоць з нейкай жанчынай кідаў курыць і запіхваў у рот гумку.
Лухта ўсё… Усе коцяцца, і ўсё коціцца. Гэта называецца лёсам. Як выпадае — так выпадае. Выбар, не выбар. Філасофія для аматараў унутранага капання. А мне капацца ў сабе няма калі. Мне трэба перакопваць чужыя лёсы і жыцці. Следчы я, а не гуманітарый са схільнасцямі да суіцыдальнага вершаскладання..
— Адкрыта! — выгукнула Зіначка з-за дзвярэй і тут жа расчыніла іх перада мной.
«Я любіла іншы раз мужа сустрэць голай» — здаецца, так гадзіну таму казала Тамара. Гэтыя словы ўсплылі ў свядомасці міжволі. Канешне, я чакаў, што Зіначка апранецца ў нешта такое, каб максімальна падкрэсліць свае вабноты. Можа, нейкі празрысты халацік без станіка. Ну не вісяць жа яе грудзі скуранымі мяшкамі, хай сабе і вялікія! Ці нейкую асаблівую сукенку з глыбокімі разрэзамі (каб можна было сесці і высока быццам незнарок загаліць сцягно), дэкальтаваную (тады лагчынка між грудзей, сціснутых адмысловым станікам, падасца самым спакуслівым месцам для вуснаў).
Але Зіначка была ў кароткіх цесных шортах белага колеру і жоўтай майцы. Як звычайна апранаецца Надзея. Мяне быццам нямоцна нешта штурхнула ў грудзі. Працягнуў пакет, сказаў найграна-абыякава:
— Выбачай, браў наўгад, не спадабаецца — выльеш мне на галаву. Можа, не аблысею.
— Ой, навошта ты траціўся? Цукеркі ж дарагія! А я не пераборлівая на віно, — нечакана для мяне без аніякага падтэксту, заклапочана, без усмешкі адказала Зіначка. — Праходзь.
— Давай фронт работы паказвай, — прапанаваў я, непрыемна крануты сустрэчай на парозе, у якой не было ніколькі выразнага праяўлення радасці, не было нават намёку на гарачую ноч у ложку. Зіначка была апранута па-хатняму, зусім па-хатняму, нават шорты і майка не былі свежымі, яна іх колькі дзён насіла, гэта ж так відаць! І я ўставіў пра «фронт работ» наўмысна, даючы ёй магчымасць адказаць гуллівай двухсэнсоўнасцю, якая б магла стаць прыемным і ўзбуджальным пачаткам.
— Які там фронт! — Зіначка вярнулася з кухні, куды аднесла віно і цукеркі. — Скідай абутак. Зараз пакажу. — і павяла мяне ў залу.
Тут не было накрытага на дваіх століка з чыстымі талеркамі, салатай і чысцюткімі ззяючымі фужэрамі. Канапа не была нават добра засцеленай, пярэстая пакрыўка ляжала прымятая.
— Во, глядзі! — Зіначка ўзяла з канапы пульт, павяла ў бок тэлевізара.
— Бачыш?
Экран засвяціўся, але тэкст на блакітным фоне паведамляў аб адсутнасці сігналу.
— Зразумела, — са штучнай бадзёрасцю адказаў я. — Зараз пашукаем…
— Ну, глядзі, я пайду гатаваць амлет, які абяцала, бо больш няма чаго.
Я застаўся адзін у пакоі, літаральна аглушаны сваёй думкай: а Зіначка ж мяне запрасіла менавіта і толькі для таго, каб я паправіў гэты пракля — ты тэлевізар! І больш нічога! То майму затуманенаму пахмеллем мозгу ўявілася, што мяне запрашалі на секс! Цьфу, ідыёт! Яна ж замужняя жанчына, хай сабе і на мяжы разводу, як сама кажа, хай без мужчынскай ласкі даўно, хай цела яе прагне любошчаў, ды не падстава гэта для маёй упэўненасці, быццам мяне тут чакае неўтаймаваная, выпушчаная на волю жарсць без усялякіх межаў! Самаўпэўнены дурань!
Праверыў злучэнні прыстаўкі і кабелю, прайшоўся па ўсёй яго даўжыні. Кабель ляжаў у жолабе пластыкавага плінтуса, не мог яго ніхто перагрызці. Дайшоў да вітальні. Пабачыў калодку злучэння. Так і ёсць: тут стаяла невялікая тумба для абутку, ці то шмарганулі незнарок, ці то ад часу загнуты назад кабель вылез з гнязда. Дастаў, пакратаў зусім слаба накручанае мацаванне. Заціснуў, усунуў на месца, закруціў бліскучую гайку-стопар. Праверыў — на экране з’явілася карцінка.
Зіначка выйшла на гук перадачы, задаволена цмокнула языком:
— Вой, не памылілася, рукі ў цябе растуць адкуль трэба! Ідзі іх мый і садзіся за стол.
Мы вячэралі. Мы проста вячэралі, як добрыя знаёмыя, як суседзі, як брат з сястрой — ніякага намёку нават не пабачыў, не пачуў ад Зіначкі, што ў гэтай вячэры будзе нейкі іншы працяг, чым той, які зазвычай бывае ў такіх сітуацыях: я зараз падзякую і пайду. Проста пайду, падмануты і зняважаны гэтым падманам.
Зіначка выпіла многа, але не захмялела. Не мянташыла языком, хіба толькі паружавела ды прымружыла вочы. Мы размаўлялі пра рознае, цікавае нам абаім: вунь Тамары Сяргееўне хутка на пенсію, а на яе месца нікога з нашых прызначаць не будуць; мяне паставілі на чаргу, у райцэнтры заклалі два новыя дамы, то ў трэці я патраплю абавязкова, у новы мікрараён, казалі, там кватэры прасторныя.
— Табе жаніцца трэба, абавязкова, лепш фіктыўна, — раіла Зіначка. — Толькі знайдзі жанчыну, каб пасля без праблем развёўся. Магу пазнаёміць, у мяне сяброўка ёсць. За які добры падарунак згодзіцца, а табе два пакоі будзе, а не адзін, — паказвала яна мне сваю жыццёвую дасведчанасць у пытаннях жылля. — Аднапакаёвых вельмі мала будуюць, будзеш чакаць гады чатыры.
Я згодліва ківаў галавой. Злосці на Зіначку ў мяне не было, я быў агідны самому сабе: ну няхай яна не запрашала мяне на ноч у ложак, але чаму я сам, вось цяпер, не магу паспрабаваць атрымаць ад яе большага, чым курыны амлет? Што мне замінае нагадаць смехам: я не толькі ўмею ладзіць тэлевізійны кабель? Баюся пачуць, напрыклад, такое: «Не сумняваюся, але будзеш дэманстраваць сваё ўменне ў іншым месцы з іншай жанчынай»? Баюся! Бо будзе канчаткова і беспаваротна, пасля чаго мне трэба будзе выйсці з-за стала, падзякаваць і перціся да парога. Ці насамрэч плюнуць ды пайсці, не кончуся ж я без сексу за гэтую ноч?
Гэта ж — расплата! Раптоўная думка і апаліла, і супакоіла. Ну так, расплата за здраду. Я ж ішоў здраджваць, мэтанакіравана ішоў!
На талерцы нічога не засталося.
— Дзякуй!
Я адкінуўся на спінку канапы, зірнуў на Зіначку. Мне цяпер адзінае было цікава: як яна будзе мяне выстаўляць за дзверы. Паўпарціцца? Маўляў, які ж то разлік — амлетам? Я тут увесь такі малады, здаровы, наглядзеўся на яе голыя ногі, баюся, як выйду, пачну кідацца на дзевак. Цікава, што яна адкажа.
— Каву зварыць? — падхапілася Зіначка. — У мяне ёсць «Лавацца», сяброўка прывезла з Польшчы, казала, смачная, я не адкрывала яшчэ, — гаварыла яна, адначасова прыбіраючы са стала ў ракавіну талеркі і відэльцы.
— Не, дзякуй, адразу, як паеў, не люблю піць, — адмовіўся я, пачынаючы сваю дурную гульню: вось, не збіраюся пакуль нікуды ісці. Цяпер жа ёй якраз і самы момант намякнуць. Не ўгадаў я.
— Ну, як сабе хочаш, — не засмуцілася Зіначка. — Тады хадзем, дапаможаш.
Я, больш заінтрыгаваны, чым разгублены новай просьбай, падняўся. Нават не стаў пытацца, чым дапамагаць. Зіначка прайшла ў залу, стала каля канапы.
— Гэтую бандуру трэба удваіх раскладаць. Бярыся! — і ўзялася за спінку і сядзенне.
Я аўтаматычна хапіўся гэтак жа, як і Зіначка, пацягнулі разам, выпрасталі. Яна прысела на край разложанай канапы, гледзячы на мяне знізу ўверх з вінаватай усмешкай, прагаварыла:
— Я ж не разведзеная. То ў спальню, выбачай, не магу цябе весці. Зараз я нам пасцялю, тут яшчэ вальней будзе, вунь колькі месца: будзеш круціць мяне, куды і як захочаш, хоць куляйся! Ты ідзі пакуль мыйся, ручнік бяры любы, я посуд спаласну, бялізну нам дастану.
Вось так! Ніякіх гульняў і двухсэнсоўнасцей. Дарослыя людзі — калі запрасіла вечарам прыйсці, значыць, мела на ўвазе ноч.
Падумаць пра тое, ці ёсць у вось такіх прастадушных, простых, як вясковая лапата пры печы, паводзінах Зіначкі нешта зневажальнае ці крыўднае для мяне, я не паспеў. У кішэні варухнуўся і прайграў кароткую мелодыю тэлефон. Я не мог не заўважыць, як напружылася, падабралася пры гэтых гуках Зіначка, які пакутлівы выраз хвалявання засвяціўся ў яе вачах. Я таропка дастаў тэлефон, зірнуў на тэкст эсэмэскі і вінавата развёў рукамі:
— Выбачай, Зіначка, неяк іншым разам.
— Сяргееўна? Нешта здарылася? — з сапраўдным адчаем запыталася Зіначка.
— Выклікаюць, — адказаў я, ступіўшы ў вітальню. Абуў туфлі, азірнуўся і як мог цёпла дадаў: — Дзякуй за вячэру.
— Ат! — Зіначка рэзка села на канапу. — Во ж адчувала! Ну чаму я такая няўдачлівая?! Такая ж ноч магла быць! Ты, як вызвалішся, прыходзь. Звані і прыходзь! Я буду чакаць да раніцы.
— Не абяцаю, — шчыра, з жалем да жанчыны адказаў я.
На вуліцы я дастаў тэлефон, яшчэ раз перачытаў тэкст эсэмэскі: «Застанешся на ноч у Зіначкі — задушу, так і ведай». Гэта пісала Надзея. Я набраў у адказ: «Не застаўся». Закурыў. І адчуў неверагоднае ўзрушэнне, блізкае да шчасця. Было так лёгка на душы, быццам я вырашыў найскладанейшае пытанне. Выбар! Першы раз за сваё жыццё я зрабіў выбар. І так імгненна. Нібыта чакаў штуршка.
Надзея патэлефанавала адразу:
— Можаш гаварыць?
— Так. Я на вуліцы. Іду дадому. Ці, можа, завярну папіць кавы.
— Пацерпіш, пакуль прыйдзеш. Пап’ём разам. Выбачай, ты так хутка пайшоў. Да мяне прыехаў мой стрыечны брат. Ён хоча папрасіць цябе, каб ты заўтра дапамог яму зварыць мне новыя вароты. А то гэтыя сёння ледзь утрымаліся, пакуль іх расчынілі: спарахнелі зусім. Ён варыць умее, кажа, будзе хутка. Там толькі патрымаць трэба. А ў мяне заўтра, сам ведаеш, базарны дзень.
— Пагаворым, — радасна адказаў я.
— Заходзь адразу.
Яны чакалі мяне ўдваіх, усё так жа седзячы на ганку, быццам і не сыходзілі.
— То пайшлі да мяне каву піць. Там больш утульна ў садку, — як старым знаёмым прапанаваў я. — Васіль, — працягнуў руку мужчыну.
— Сяргей, — адказаў той, прыўзняўся і паціснуў руку. — А мне нешта так добра на гэтым ганку. Сядзеў бы і сядзеў, — вінавата прызнаўся мужчына.
— Але калі спадарства жадае, мушу падпарадкавацца.
— Ды не, навошта, — паспяшаўся я. — Дзе вам больш зручна.
— Дык я нясу, — вырашыла Надзея, адным кароткім позіркам стрэліла ў мой бок — і я пабачыў там тое, чаго менш за ўсё чакаў, — дзявочую, не, нават дзіцячую гарэзлівасць: «Ага! Будзеш ведаць!»
— Сказала Надзея, што я брат яе? — спытаў Сяргей. Пабачыў мой маўклівы ківок, працягнуў: — Во так лёс склаўся — адны мы з ёй радня на свеце. Яе паўміралі, мае яшчэ жывуць, ды слабыя зусім. Прыехаў на тры дні. Праведаць, ну і дапамагчы дзе. Вось, вароты зварыць трэба. Метал сёння набылі, апарат зварачны ў мяне з сабой. Работа няцяжкая, адно патрымаць вам. Самі пабачыце, як хутка. Профіль я і адзін нашыю, калі ў вас справы.
— Ды я да вечара вольны як быццам, — згадзіўся дапамагаць я і тут жа папрасіў: — А вы мяне вечарам не закінеце ў адно месца? Недалёка, кіламетраў дваццаць.
— Добра, дамовіліся. Гэта хутчэй будзе, чым вароты зварыць.
— А вы зваршчык? — спытаўся я, каб працягнуць размову.
— Ды ну. Журналіст я, былы, праўда, — усміхнуўся без смутку Сяргей. — Апазіцыянер пракляты. Газету закрылі, а тут і жонку скарацілі на фабрыцы. Вось і падаўся ў заробкі. Два гады чорнарабочым быў, пасля навучыўся варыць. Усё лягчэй, чым цягаць на дзясяты паверх бетон вёдрамі. З таго часу і зарабляю вось так.
Надзея прынесла каву, яшчэ на падносе пірог.
— Ешце, мужыкі. Як справы, таварыш следчы, злавіў злачынцу?
— Ага, дваіх ужо, — адказаў я ў тон. — Першы быў Цмок, а цяпер во і другі знайшоўся — Яшчур.
— Ого! — шчыра здзівілася Надзея. — Хутка ты, Васіль, усіх нашых міфалагічных істот пасадзіш у турму.
— Дык і Яшчур — стварэнне інфернальнае, д’ябальскае?
— Табе праўда нешта падобнае гаварылі? — сур’ёзна запытала Надзея.
— Праўда.
— Ну і справы сёння ў следчага пракуратуры, — паблажліва, як мне падалося, усміхнуўся Сяргей.
— Вам смешачкі, а ў мяне галава дурэе ад гэтай чартаўшчыны.
— Выбачайце, але ж так нечакана, — павініўся Сяргей. — Якім чынам у крымінальнай справе могуць быць задзейнічаны Цмок ды Яшчур? Дзіўна вельмі. Хто сёння такія мянушкі бярэ?
— Не ведаю я, мянушкі гэта ці нешта іншае. А вы і пра Цмока штосьці сваё ведаеце, і пра Яшчура?
— Ды мяне во Надзея сваімі казкамі заразіла, — ласкава ўпікнуў Сяргей сястру. — Я ёй у рэдакцыі крадком цэлую кнігу набіраў.
— Вой, там ужо і кніга была.
— Ага, ледзь не папаўся сваёй гестапаўцы-рэдактаршы!
— То ж я табе заплаціла!
— Ага, пляшкай самагонкі.
— А больш і не каштавала!
— Чакайце, чакайце, калі ласка, — я ўмольна ўзняў далоні. — Што за Яшчур? Пра Цмока я ведаю: з яйка ад чорнага пеўня. А Яшчур?
Надзея пільна зірнула мне ў вочы, можа, каб упэўніцца яшчэ раз, ці не жартую я, і з уздыхам пачала тлумачыць:
— Вой, Васіль, калі Цмок яшчэ больш-менш вядомы, дык Яшчур у міфалогіі ўвогуле самая цёмная істота. Нідзе ніякага намёку на тое, як ён выглядаў і што рабіў. Да нас дайшло толькі адно — дзіцячая гульня. Дзеці абіралі сярод сваіх Яшчура, хлопца, садзілі яго зазвычай пад арэхавы куст. Дзяўчаты ў вянках вадзілі карагод, Яшчур выбіраў сабе дзяўчыну, забіраў яе вянок. І так — ва ўсіх. Пасля дзяўчынка павінна была выкупіць вянок: танцам, спевамі, пацалункам, нейкім іншым дзеяннем. Вось і ўсё, вядомае.
— І? Ад чаго пайшло? — збянтэжана запытаўся я. — Ну якім бокам гэта дзіцячая гульня звязана з маёй справай?
— Ды ніхто толкам не ведае, — вінавата ўсміхнулася Надзея. — Зазвычай дзіцячыя гульні заснаваны на сапраўдных абрадах, але сэнс гэтага не можа патлумачыць ніхто. Бо гульня не толькі спрашчае абрад, развіваючыся з яго, яна пазбаўляецца шмат якіх элементаў, губляе першапачатковую сутнасць. Адно дакладна: Яшчур звязаны з ахвярапрынашэннем — тыя ж дзявочыя вянкі. Ну і тут жа сексуальны кампанент.
— Во як?!
— Канешне: пацалункі, выкуп за жаданне, арэхавы куст. Арэх заўсёды атаясамліваўся ў нашых продкаў з палавым пачаткам. Загадка такая была: рос-рос, са штаноў вырас, галоўкай загаліўся — дзеўкам згадзіўся. Гэта ж арэх, ляшчына. Чытала адно меркаванне: Яшчур — нейкае вельмі ж страшнае бажаство, якому трэба было прыносіць у ахвяру маладую жанчыну, адначасова то быў і працэс ініцыяцыі, то бок, дзяўчат, якія дасягнулі палаваспеласці, пасвячалі такім чынам у жанчыны. Толькі навошта ахвяра — невядома. Можа, каб іншыя нараджалі. Сустракала і іншае тлумачэнне, няхай і вельмі прымітыўнае, частковае, але не пазбаўленае логікі. Яшчур насамрэч старэйшына племені ці вярхоўны жрэц, які праводзіў агледзіны дарослых дзяўчат. І карагод вадзілі яны голымі, а ён выбіраў сабе ці то памочніцу, ці то наложніцу. Адначасова з гэтым дазваляючы найбольш спелым выходзіць замуж у бягучым годзе.
— От жа добра таму жрацу жылося, — пацмокаў жартаўліва Сяргей. — Сядзі сабе ў кусце і выбірай. О, я б доўга выбіраў з таго карагода..
— Маўчы ўжо, толькі языком ты выбіраеш. Як ажаніўся, дык адной падавіўся, — адгукнулася Надзея.
— Нічога не зробіш, так лёс з мяне злосна пажартаваў — зрабіў адналюбам!
— Ну і добра. І мушу дадаць, я б табе не пазайздросціла як жрацу. Вось каб не выпала ў якім месяцы патрэбнага дажджу — цябе б хуценька, як няўмеку, на дно ракі ці возера адправілі, каб ты там дажджу прасіў.
— Надзея. слухай, — пачаў я сур’ёзна, і стала ціха. — Хай сабе і так: Яшчур выбіраў сабе маладую ды гожую. А ці нараджала яна? І вось кім станавілася дзіця Яшчура?
— Ой, не ведаю, — уздыхнула са шкадаваннем Надзея. — Я сёння параспытваю, у мяне засталіся сувязі ў Інтэрнэце.
— Тады спытай наўпрост: ці мог Цмок быць дзіцём Яшчура?
— Як? — Надзея акругліла вочы. — Вось дык паварот міфа.
— Ды вось так.
Павісла маўчанне. Потым Сяргей лёгка ўзняўся:
— Прайдуся. Пешкі. Як кароль.
Ён узняўся — і нечакана твар яго быццам успыхнуў чырванню.
— Ого! Сонца! — выгукнуў ён і азірнуўся, нечакана радасны, як хлапчук. — Сонца бачу!
І я, і Надзея ўзняліся таксама, зірнулі ў той бок, адкуль на твар Сяргея лілося чырвонае святло. На захадзе неба было нечакана чыстым і светлым, быццам нехта ўладна пацягнуў завесу хмар наверх, прыўзняў яе і даў сонцу паказаць сваё чырвонае кола людзям.
— Дасць Бог пагоду, — задумліва прамовіла Надзея. — Будзе вам добра працавацца.
— Можа, урэшце і лета стане падобным да лета, — дадаў я.
Сяргей паволі пайшоў у агарод. Я застыў у чаканні: Надзея павінна была патлумачыць хоць нешта. І яна не стала чакаць:
— Здзівіўся?
Я ўдыхнуў паветра, і тут зайграў тэлефон. Ад неспадзеўкі я ўздрыгнуў — так недарэчна было пачуць вось цяпер, у гэты момант выклік. «Зіначка! Вось жа смала! Не буду браць!» А Надзея глядзела на мяне. Я адчуваў: яна думае пра тое ж, што і я.
Асуджана выцягнуў з кішэні тэлефон. І быццам камень з душы спаў — тэлефанавала не Зіначка, а Антон Джэйгала, эксперт.
— Васіль, вечар добры. Я тут закончыў. І не змог утрымацца, каб табе не паведаміць.
— Што закончыў? Што паведаміць? — насцярожыўся я.
— Ну, па смерці таго немаўляці-гідрацэфала.
— Яго забілі?
— Калі цалкам, дык нічога асаблівага, смерць натуральная. Ён пражыў колькі дзён, памёр ад ацёку лёгкіх, задыхнуўся. Але вось які момант.
— Ну, не цягні ж ты, не дзяўчынка!
— Дык вось. У яго чацвёртая група крыві.
— І? У Насці… Чакай, а ў Насці?
— У Насці першая група. Я пераправерыў — так, дакладна першая.
— Ніякай памылкі? — я нервова адной рукой спрабаваў выцягнуць цыгарэту з пачка, Надзея заўважыла мае намаганні, узяла пачак і дастала мне сама.
— Ніякай памылкі, — сцвярджальным рэхам адказаў Антон. — У немаўляці чацвёртая група крыві. У верагоднай маці, забітай Насці Грыцук — першая група. І гэта значыць: знойдзенае мёртвае дзіця-гідрацэфал не яе.
12.
Самаўпэўненасць грунтуецца не на ведах, а на няведанні.
Вось жа дакладна ўяўляў сабе: як робяцца вароты з дзвюх створак. Металічная труба разразаецца на часткі, тыя зварваюцца між сабой, да кожнай часткі наварваюцца завесы. Пасля — слупкі, прыварваем да іх завесы, прытрымліваючы гатовыя створкі. Уся работа! Таму быў не проста здзіўлены, а больш разгублена таптаўся вакол Сяргея, калі той пачаў працаваць, і я пабачыў, што мы робім не вароты, а агароджу нібыта.
— Дык а чаму так? — не ўцярпеў я. — Хіба не прасцей разрэзаць-зварыць паасобку?
— Прасцей, — з усмешкай адказаў Сяргей. — Ды калі варыць з асобных частак, то роўныя не атрымаюцца — ад зваркі пойдзе касіна. Розныя кропкі па рознаму награваюцца, па рознаму астываюць. І створкі прымаюць кожная сваю форму.
— Як людзі — характар, — нечакана прыйшло на розум параўнанне.
— То дакладна, — згадзіўся Сяргей. — Таму так рэдка і сустрэнеш пару, быццам дзве палавінкі аднаго цэлага. Зварваем адну суцэльную, пасля разразаем акуратна. Вось тады будуць дзве аднолькавыя.
Работа была не цяжкая, але ж правошкаліся мы гадзін да трох дня. Якраз вярнулася з рынку Надзея, гукнула мыць рукі і садзіцца за стол. А палове восьмай гадзіны Сяргей падвёз мяне да першых хат Ляўдка.
Я павінен быў падумаць, прадбачыць той факт, што сярод мноства дачнікаў, дзе былі людзі самых розных прафесій, знойдзецца той, хто дастаткова поўна ўяўляе сабе магчымасці сучаснай тэхнікі, ведае пра абавязкі сацсетак і іншых рэсурсаў Інтэрнэта перад следчымі органамі. І той чалавек лёгка і пераканаўча давядзе астатнім, што я валодаю куды больш разгорнутай інфармацыяй, чым паказваю. Значыць, мяне чакаў не разгублены і запалоханы страшным словам «пракуратура» гурток аматараў старажытных беларускіх абрадаў, а дружны калектыў дарослых людзей, якія старанна абдумалі наперад, як будуць адказваць на пытанні. Варта было толькі перагледзець спіс гэтых дачнікаў — вось, калі ласка, журналістка. Ды яшчэ апазіцыйнага выдання. Такія пракурораў не баяцца, не тое што маладых следчых.
Сваю паразу я адчуў, як толькі сустрэўся позіркам з гісторыкам, «каштанам» Алесем Федаруком. Ён не хваляваўся. Быў такім жа ветлівым, далікатным нават, але — упэўненым. Я не мог нават заўважыць, каб мой візіт сюды і мая просьба хоць крышачку назалялі яму. Ён увесь быў сама тактоўнасць і гасціннасць.
— Рады бачыць вас! — сустрэў ён мяне ля веснічак, і яго словы прагучалі так, быццам ён пабачыў перад сабой даўняга сябра. — Нашы ўсе сабраліся, калі ласка, будзем вельмі рады быць вам карыснымі. Пойдзем адразу ці, можа, пап’еце чаго з дарогі? Кавы ці гарбаты? Бярозавік ёсць, праўда не свой, нас гэтым цудоўным пітвом забяспечвае цётка Соф’я, цудоўная жанчына. Выбачайце, у хату не запрашаю, там у мяне… непрыбрана вельмі. Ведаеце, я чалавек неахайны, адно слова — навуковец, — павініўся ён напрыканцы.
— Дзякуй, пакуль не хочацца нічога, — адмовіўся я, міжволі крануты такім клопатам і той акалічнасцю, што мае пажаданні цалкам спраўджаныя: людзі папярэджаныя і сабраныя ў адным месцы.
— Як пажадаеце. Там, дзе мы збіраемся, усё, канешне, таксама ёсць. Звычайная дача, а гаспадар там — адзінокая наша сяброўка. Дом ёй дастаўся вялікі, то яна займае адно пакойчык пярэдні, а другая палова — наша імправізаваная канферэнц-зала. Дарэчы, гаспадыня — выключная знаўца міфалогіі, наш самы аўтарытэтны эксперт. Яна этнограф, збіральніца. І яе работы вядомыя далёка за нашымі межамі. На жаль, толькі сярод спецыялістаў ды адзінак вось такіх. апантаных, — самакрытычна закончыў ён свой хуткі маналог.
— А трэба, каб ведалі ўсе? — скептычна заўважыў я.
— Вось! Вось гэтае пытанне я чую так часта! Скажыце, малады чалавек. выбачайце, таварыш следчы пракуратуры, чаму нашы малодшыя школьнікі ведаюць пра Зеўса, але Пярун для іх — усяго толькі моцны ўдар грому? Чаму знаюць, хто такая Афрадыта, а Ляля — лялька, дый годзе? Чаму Апалон, а не Вялес? Вы лічыце правільным — вучыць дзяцей захапляцца чужой культурай, вывучаць яе і ў той жа час літаральна замоўчваць сваю? Не-не, я за тое, каб дзеці і ўсе вакол ведалі як мага больш з гісторыі і культуры іншых народаў, але як можна быць культурнай нацыяй, не ведаючы сваіх падмуркаў?
— Магчыма, вы маеце рацыю, — згадзіўся я. — Мне вось таксама б не зашкодзіла што-небудзь даведацца. з вашай міфалогіі.
— З нашай, з нашай міфалогіі, — мякка паправіў мяне Федарук. — Пытайцеся, калі ласка, здолеем — патлумачым.
— Дзякуй, абавязкова скарыстаюся вашай гасціннасцю і дасведчанасцю, — паабяцаў я, і атрымалася ў мяне з дрэнна схаванай амаль пагрозай. Маўляў, пабачым мы, што вы там ведаеце.
Для мяне быў падрыхтаваны стол, на якім стаялі сапраўдны гліняны збанок і дзве шклянкі. У самім пакоі сабралася — я хутка палічыў — сямнаццаць чалавек. Зацікаўленыя, ветлівыя, насцярожаныя, добразычлівыя позіркі. Амаль усе — з відавочным лёгкім сумам. Так збіраюцца на пахаванні далёкія сябры: быццам і радасна ад сустрэчы, ды вось жа якая нагода. Але я не пабачыў ніводнага позірку з ценем страху ці разгубленасці, нервовасці нейкай. І цяпер ужо дакладна зразумеў: пра ўсё тут дамоўлена-прагаворана. Мабыць, пагуляем у гульню.
Бліжэй да мяне сядзела маладая жанчына гадоў дваццаці пяці, рудая, з носам бульбінай і пульхнымі вуснамі (але пры гэтым сімпатычная), з ёй побач жанчына гадоў шасцідзесяці, а то і больш, таксама рудая. Дачка і маці? Вельмі нават падобна. Толькі ў гэтай дзяўчыны на крыху рабаціністым твары я заўважыў прыкметы страху. Чаго яна баіцца?
— Вы не проста здагадваецеся, а ведаеце, чаму я папрасіў вас сабрацца сёння, — пасля прывітання і афіцыйнага прадстаўлення пачаў я. — Загінула маладая жанчына, жыхарка вашай вёскі, загінула пры загадкавых абставінах. Узнікла нямала пытанняў пры расследаванні справы. Я вас хачу папярэдзіць: дванаццаць чалавек з вас будуць выкліканы павесткай і афіцыйна дапытаны ў якасці сведкаў па справе. (Так-так, трэба іх трошкі прыпужнуць — вось, ужо крышачку пасумнелі позіркі. Ніхто не любіць слоў «допыт», «сведка», «справа».) І вы, я так думаю, разумееце, хто і чаму. Сёння ж у нас папярэдняя гутарка, яна больш для таго, каб вы не марнавалі ў маім кабінеце кожны па тры гадзіны (вось, яшчэ прыстрашым). Гэта неафіцыйная размова, мне важна як мага больш даведацца пра загінулую (я спецыяльна не зрабіў акцэнту на забойстве. Можа, у іх гатова свая версія?) Я нават нічога запісваць не буду, акрамя чыста рабочых паметак для сябе. Пачнём… Следства сёння мае звесткі пра тое, што прысутныя тут. Па спісе: Алесь Федарук, Ганна Латышонак… — я стаў зачытваць прозвішчы, і гэта выклікала ўражанне. У хаце стаяла выключная цішыня. Ніхто літаральна не варушыўся.
— Дык вось, яшчэ сярод названых павінен быць Андрэй Дылько, ён жа таксама ваш сябар?
— Сяброўства яго з намі не было вельмі моцным, — ціха адказаў за ўсіх Алесь Федарук. — Ён толькі нядаўна тут.
— Дзякую, зразумела. Дык вось, усе гэтыя людзі за чатыры дні да дня смерці Насці Грыцук адпраўлялі ёй эсэмэскі. Прыкладна ў адзін час, усе паведамленні прыйшлі ад 16:00 да 20:00. Упэўнены, вы помніце, пра напісанае. Думаю, не ўсе і сцерлі тыя паведамленні з папкі адасланых. Што было ў тэксце эсэмэсак? Ну… вось, калі ласка, Ганна Латышонак, скажыце калі ласка?
Жанчына з гэтым імем была самая маладая ў спісе. Так і ёсць, паднялася тая рудавалося дзяўчына і адказала без хвалявання:
— Калі ласка, вось я адкрыла зараз. Я пісала: «Віншую! Ты малайчына! Здароўя вам».
— З чым віншавалі?
— Вы ж ведаеце. Насця нарадзіла. Вось і віншавалі.
— Прабачце, а хто вам паведаміў?
— Мне?
— Так, вось вам хто сказаў гэтую навіну? Адкуль вы даведаліся?
Ганна Латышонак разгубілася. І я зразумеў: вось тое пытанне, якое яны не прадбачылі! Нічога дзіўнага. Калі мы да нечага рыхтуемся, мы можам прадумаць сотню дэталяў, а не ўлічыць таго, што ляжыць на паверхні. Так і тут: Насця нарадзіла. То як чуткі гарадскія, але ж было ўсяго дванаццаць, а цяпер — адзінаццаць чалавек, якія віншавалі. Тут праверыць лёгка, ад каго пайшло, тут не спрацуе «ўсе кажуць». Зараз проста па чарзе буду падымаць кожнага.
— Я не помню… — разгубілася дзяўчына. — Я праўда не помню.
— Тады ўспамінайце, калі ласка. Тут жа зусім нямнога людзей, праўда? — падахвоціў я дзяўчыну, зазірнуў у спіс — каго б узняць, хто гатовы пагуляць са мной у гульню і не папасціся? Зараз прыпужнём яшчэ трошкі. — Перад тым, як спытаць яшчэ некага з вас пра гісторыю з эсэмэскамі, я павінен нагадаць вам, што за лжывую інфармацыю прадугледжана адказнасць перад законам, і вельмі нават строгая.
— Ну, не трэба нас так запужваць, — азваўся Алесь Федарук. — Ніхто не збіраецца нешта ад вас утойваць. Так, мы ўсе віншавалі Насцю з нараджэннем дзіцяці. Адкуль ведалі? Ды вось. Антаніна Пятроўна, калі ласка, скажыце.
Зразумела, Федарук кіраваў. І яго зварот да жанчыны азначаў тое, што яны абгаворвалі, прадбачылі падобнае развіццё гутаркі. Цікава, што я пачую.
Узнялася з месца жанчына гадоў трыццаці пяці, падцягнутая, з вельмі сімпатычным, круглявым загарэлым тварам, які не псавала нават мноства тонкіх белых валаскоў па краях верхняй губы. Я паспеў зірнуць у спіс: сярод тых, хто віншаваў Насцю, ніякай Антаніны не было.
— Дазвольце патлумачыць, — падкрэслена ветліва звярнулася яна да мяне, назвала сябе: — Русецкая Антаніна Пятроўна, акушэрка. Усе ведалі пра роды ў Насці, бо іх прымала я, я паведаміла першаму, помніцца, Алесю Тарасавічу.
— Дзе вы прымалі роды ў Насці Грыцук?
— Яна нараджала ў маім доме. Там былі створаны ўмовы.
— Вы ўрач, вы не маглі яе пераканаць у неабходнасці ехаць у бальніцу?
— Я не ўрач, я акушэрка, — паправіла яна мяне досыць рэзка. — Жанчына мае права сама вырашаць у гэтым выпадку, тут нічога крымінальнага няма. Нехта едзе і на мора раджаць.
— Чым Насця тлумачыла сваё нежаданне класціся ў бальніцу?
— Яна не хацела агалоскі.
— Дзякуй вялікі вам, мне ўсё зразумела. Сядайце, калі ласка. Выбачайце, паважаныя. Не ведаюць калегі, не ведаюць родныя, нават бацька не ведаў пра цяжарнасць жанчыны, а вось вы ўсе ведалі. Можа, мне хто з вас патлумачыць: чаму так атрымалася?
— Я магу патлумачыць, — зноў стала ўзнімацца Русецкая, але я спыніў яе:
— Не трэба ўставаць, мы ж проста размаўляем.
— Дзякуй, — прысела яна на месца, упэўненым голасам стала расказваць:
— Недзе за месяц да родаў Насці мы ладзілі народнае свята тут, у Ляўдку. Было многа гасцей, спявалі песні, вадзілі карагоды. Усе прытаміліся. Але познім вечарам, калі госці раз’ехаліся, вырашылі паспяваць для сябе. І вось у карагодзе Насця (яна была з намі) згубіла прытомнасць. Перапалох, канешне, узнік, але для мяне такія справы не надта рэдкія, я была побач. Яшчэ калі Насцю па маім загадзе паклалі на спіну, на цвёрдае, я пабачыла яе выразны жывот. Яна была ў вышыванай доўгай сарочцы, таму раней не заўважалі. Жывот быў сціснуты карсетам. Я аслабаніла яго. Насця амаль адразу ж апрытомнела і схапілася аберуч. Вельмі характэрна схапілася, гэтага не падробіш, ды і навошта. Так, яна спужалася, вельмі захвалявалася. Мы зразумелі: яна хавае сваю цяжарнасць, і паабяцалі ўсе маўчаць. Яна паверыла нам, бо ведае нас нямала часу.
— Што ж, вельмі ўсё проста атрымліваецца… — я задумаўся на імгненне, працягнуў: — Я зразумеў так: вы ўсе, ваш гурток (так жа можна, думаю, назваць) прымалі Насцю як сваю, і віншавалі вы яе шчыра і аддана, як добрага сябра. Ясна. А вы ведалі пра бацьку гэтага дзіцяці?
Канешне, адказваць будзе гэты ўрач-гінеколаг, няма сумнення. А яна ж кажа няпраўду. Калі мне яе яшчэ раз перапытаць пра пачутае, яна паўторыць слова ў слова, бо казала па завучанаму! І зараз яна скажа, што Насця прызналася. што бацька — той самы небарака, паэт Андрэй Дылько.
— Не, Насця не захацела казаць, ад каго нарадзіла.
Я на момант разгубіўся. Не ўкладалася ў сістэму. Я памыляюся? Ім жа так добра настойваць на бацькоўстве Андрэя, загінулага мужчыны. Давай паслухаем далей.
— Вось як. Добра. А далей пасля нараджэння?
— Дзіця заставалася ў маім доме разам з Насцяй. Вы ж самі ўжо ведаеце. Тая страшная аварыя. Дзіця нарадзілася хворым, прычым смяротна хворым. Вадзянка галаўнога мозгу. Калі б Насця стала на ўлік, дык захворванне б выявілі на самай ранняй стадыі.
— І гэты час, да смерці, дзіця знаходзілася ў вас? І вы як урач, прабачце, як вопытны медык не павезлі яго ў бальніцу?
— Малады чалавек, не трэба мяне ўпікаць непрафесійнасцю ці бесчалавечнасцю, — падціснула свае сухаватыя вусны Русецкая. — У дзіцяці адсутнічала большасць рэфлексаў, нават глытальны. Ён жыў на глюкозе, пакуль не перасталі працаваць лёгкія. Дзіця было асуджана. Мозг яго быў пад страшэнным ціскам, ён не мог функцыянаваць нармальна.
— Добра, дзякуй, Антаніна Пятроўна. Значыць, менавіта ад вас Андрэй Дылько забраў мёртвае дзіця?
— Так, я яго папрасіла зрабіць невялікую труну і пахаваць дзіця. Няшчасны Андрэй.
— Насця ўвесь час была з вамі?
— Не, яна хадзіла дадому, варыла бацьку ежу, займалася па гаспадарцы.
— Вы бачылі Настассю ў апошні яе вечар жывой?
— Канечне, яна прабыла ў мяне да шасці гадзін вечара.
— Антаніна Пятроўна, буду чакаць вас у панядзелак, у любы час, прыходзьце, калі ласка, павестку я вам выпішу на месцы. Самі разумееце, трэба прытрымлівацца закону, вашыя ж сведчанні вельмі важныя для следства. І павінен заўважыць, вашыя дзеянні выклікаюць мноства пытанняў.
— Канечне, я ўсё разумею. Калі трэба, то адкажу па законе. Я прыйду.
Прыходзь, прыходзь, думаў я, робячы паметкі ў нататніку, больш дзеля таго, каб прадумаць далейшыя пытанні. Ах, як хочацца вось цяпер адкрыць табе праўду: дзіцяці-гідрацэфала не Насця Грыцук нарадзіла. Што ж ты тады адкажаш? Ты не паспела здаць кроў дзіцяці на аналіз, ты не прадбачыла, што ў яго можа быць такая рэдкая — чацвёртая — група крыві… Ці яны проста не здагадваюцца, якія аналізы судовы медэксперт праводзіць абавязкова?
А той факт, што Русецкая, якая ведае больш за ўсіх, хавае ад мяне праўду, спецыяльна маніць, сведчыць: справа тут вельмі ж непрыгожая. І гэтая мілая акушэрка можа быць якраз тым сувязным звяном між заказчыкам і сурагатнай маці. Каму ж, як не ёй? Нічога, ты раскажаш, дзе сапраўднае дзіця Насці і адкуль тут узяўся гэты няшчасны гідрацэфал.
Праверым мы цябе, Антаніна Русецкая, уважліва праверым. Твае сувязі, званкі, кантакты ў сацсетках. Заўтра ты будзеш як прышпілены ў калекцыі матылёк — усё пра цябе будзе вядома.
— Я спадзяюся, за гэты час, пакуль вы ведаеце. ведалі Настассю Грыцук, нехта з вас мог быць з ёй узаемна шчырым. Я вельмі прашу таго чалавека цяпер быць гэткім жа шчырым са мной. Мяне, канешне, цікавіць самае галоўнае пытанне: як загінула Насця? Хто-небудзь у тую ноч чуў нешта незвычайнае? Крык, шум? Да вас прыязджаў нехта чужы?
З хвіліну стаяла цішыня, потым загаварыў Алесь Федарук:
— Я павінен прызнацца, для ўсіх нас навіна пра смерць Насці была літаральна шокам. Мы самі. мы самі не адзін раз па хвілінах успаміналі тыя вечар і ноч. Не, нічога незвычайнага ніхто з нас не заўважыў. Паверце, мы былі шчырыя ў сваіх памкненнях. І павінен прызнаць, хоць мы любілі Насцю за ўзаемнасць адносінаў, яна. яна не была з намі адкрытая настолькі, каб мы маглі нешта распавесці сёння пра яе асабістае жыццё.
— Значыць, вы не ведаеце, хто мог нават тэарэтычна быць бацькам дзіцяці?
— Так. Дакладна можна канстатаваць адно: ніхто з нашых. сяброў.
— А хто такі Яшчур? — хутка спытаў я, гледзячы ў вочы Федаруку.
І ён разгублена маргнуў, потым адвёў позірк — у стол, зірнуў на дальні кут.
— Прабачце. а гэта мае нейкае дачыненне да. да нашай гаворкі?
— Калі я пытаюся, значыць, мае, — жорстка падкрэсліў я. — Дык каго вы тут завяце Яшчурам?
Нечакана для мяне Алесь Федарук усміхнуўся.
— Успомніў, вы ж хацелі папытацца нешта пра нашы міфы. Так жа? — з палёгкай, якую я не мог не заўважыць, спытаў ён. — Канешне ж, раскажам.
— Чакайце, мне не трэба казаць, што Яшчур — інфернальная, міфічная, загадкавая істота і ад яе засталася адно дзіцячая гульня. Вы мне скажыце, каго вы клічаце тут Яшчурам?
— Нікога, — з бачным расчараваннем развёў рукамі Федарук. — У нашым асяроддзі браць сабе падобныя мянушкі не прынята. З іншага боку, наўрад ці хто і носіць такое, бо для большасці людзей з гэтым словам атаясамліваецца хвароба жывёлы. У кожным разе.
— Ясна, — спыніў я Федарука. — выбачайце, перапыняю вас. Калі мы ўжо закранулі тэму міфалогіі…. Мяне заінтрыгаваў такі момант: у міфе пра Цмока ёсць вельмі складаны для разумения момант: ён нараджаецца з яйка, якое можа знесці толькі чорны певень. Вы можаце патлумачыць такую недарэчнасць? Гэта ж першапачаткова такая ўмова, якая не можа быць выканана.
— О, у вас такія веды ў нашай гісторыі, а вы казал і, што не маеце паняцця пра міфы, — разгублена, але і з лёгкім захапленнем глядзеў на мяне Алесь Федарук. — Першы раз бачу, каб следчы пракуратуры цікавіўся нараджэннем Цмока. Усё вельмі, вельмі няпроста.
— Тут не няпроста, тут немагчыма, — настойваў я, і нечакана аднекуль з кута раздаўся нецярплівы голас:
— Каб певень змог знесці яйка, ён павінен ад нараджэння быць курыцай!
Гаварыў малады чалавек, я не ведаў яго: у спісе тых, хто віншаваў Насцю-парадзіху, маладога мужчыны не было.
— Вось як? — хмыкнуў я. — Гэта нешта змяняе? Толькі яшчэ больш ускладняе.
Хутка загаварыў Федарук. Мне незразумела было, чаму ён так заспяшаўся, захваляваўся:
— Канешне, вельмі няпроста зразумець, трэба разгадваць. Не, тут не немагчымасць нараджэння Цмока, тут нейкія іншыя ўмовы, мы не ведаем пакуль, ніхто ж спецыяльна не аналізаваў. Міфы. Міфы такія — яны прымаюцца навукоўцамі як ёсць, параўноўваюцца з іншымі, аналізуюцца, але ніколі на прадмет, скажам так, рэальнага здарэння.
— Пакуль не знаходзяцца дзівакі, якія бяруцца за той міф як за сапраўдную гісторыю і адкопваюць Трою? — пакпіў я, дзякуючы ў думках Надзеі за прыклад, які яна прыводзіла мне нядаўна.
— Ну, здараецца і так, здараецца… — Алесь Федарук быў сканфужаны. І нават больш: ён быццам нечага спужаўся.
Я змяніў тэму:
— Як бы ні хавала Насця Грыцук сваё асабістае жыццё ад усіх, я не паверу, што вы не ведаеце, як ставіліся да яе мясцовыя жыхары, як яна адносілася да іншых. Хіба ні пра кога Насця не казала з нелюбоўю ці непрыязна? Хіба вы не заўважылі яе асаблівага стаўлення да некага з яе суседзяў?
— Яна не любіла фермера, — упэўнена загаварыла з месца акушэрка. — І мне аднойчы стала зразумелая ўзаемнасць яе пачуцця.
— Вы пра Міхася Падлужнага?
— Пра яго.
— Насця не выказвала нейкіх… скажам так, пагроз у бок Падлужнага?
— Не скажу, каб там была пагроза… — на гэты раз Русецкая шчыра задумалася. — Але быў выпадак, калі мы размаўлялі з ёй ля яе дома, я хадзіла па сушаныя зёлкі на гарбату, мне Насця іх збірала. Дык вось, праходзіў міма Падлужны, са мной асобна павітаўся, а з Насцяй — не. Ну і я чыста па-жаночы, спытала яе пра гэта. Тады Насця адказала, што яны — ворагі і такімі будуць, пакуль адзін з іх не памрэ. Такі вось дзіўны прысуд.
— Як часта вы сустракаліся асабіста з Насцяй, пра што гаварылі, што незвычайнае ў ёй заўважалі?
— Не вельмі часта, але пастаянна, бо, казала ўжо, Насця па маёй просьбе рабіла мне травяныя гарбаты. Яны мне вельмі падабаюцца.
Сустрэча зацягнулася — я паднімаў літаральна ўсіх, па коле, прасіў успамінаць: дзе, пры якіх абставінах пазнаёміліся, якія мужчынскія імёны Насця згадвала ў размовах. І пакрысе стала відавочным: цётка Сонька не нафантазіравала: Падлужны вельмі не любіў Насцю, а Насця літаральна лічыла фермера сваім ворагам. Ды нават калі прыняць пад увагу прычыны гэтай варожасці, матыў для забойства быў вельмі слабы. Хіба здаровы на галаву мужчына стане забіваць жанчыну, якая нібыта сапсавала сваім вядзьмарствам ягоныя інтымныя стасункі з жанчынамі? Ці адбірае малако ў кароў?
У любым выпадку сустрэча была для мяне вельмі карыснай: я ведаў цяпер, якія пытанні задаваць Падлужнаму на допыце. Шкада, Тамара не дазволіць арыштаваць яго, каб быў больш ахвотным да гаворкі, не зашкодзіла б. Падстаў для падазрэння ў забойстве хапае…
На развітанне мне шчыра прапанавалі паесці, але я, наколькі мог, ветліва адмовіўся, адно папіў травянога настою. Алесь Федарук упэўніваў у яго выключнай карыснасці. Не хацелася крыўдзіць адмовай, бо выгляд яго быў вартым жалю — ён здаваўся стомленым і знерваваным, і я злаваў на сябе, бо не разумеў прычыны яго стану.
13.
Іншы сон уплывае на свядомасць больш за рэальную падзею.
Мяне як штурхнуў нехта, і я прахапіўся ў роспачы: на момант мне падалося, што я спазніўся некуды, што мне нібыта трэба тэрмінова на станцыю, на цягнік, везці нейкія надзвычай важныя паперы, ад якіх залежыць так многа, лёсавызначальныя паперы, — і вось я спазніўся, я не паспею, бо цягнік пойдзе праз тры, праз колькі хвілін. Дрыжачымі рукамі дастаў мабільнік, зірнуў на час. Палова на дзясятую вечара. Пачало змяркацца. Мяне з усіх бакоў акружаў густы туман. Нейкі дзікі луг… Я сядзеў пад вялікай старой ігрушай. Чаму я тут? На якую станцыю мне трэба? Устаў і адразу аказаўся над туманам: яго шчыльнае месіва на ўзроўні маіх вачэй значна радзела. Агледзеўся. Далёка ў тумане з усіх бакоў віднеліся дрэвы. За крок ад мяне ў густой траве была прыкметная вузкая сцяжынка.
І свядомасць быццам чакала гэтай сцяжынкі — позірк пацягнуўся ў адзін бок, і там успыхнулі, як на вялізным палатне-экране, нядаўнія падзеі: я сярод дачнікаў, размова ў вялікім доме, мяне праводзяць за вёску, паказваюць сцяжынку, кароткую і зручную, якая павінна была вывесці мяне на трасу найкарацейшым шляхам. Тут, ля грушы, я адчуў сябе да немагчымасці знясіленым, вырашыў прысесці і пакурыць, даць спачын нагам, якія нечакана загулі цяжкай стомай. Тады сонца толькі зачапіла сваім яшчэ зыркім чырвоным колам вяршыні дрэў. Значыць… Значыць, я заснуў. І праспаў сама меней гадзіну.
У які бок ісці? Справа ці злева ад мяне, калі ішоў, была груша? Вось жа не ўспомніць. Сорамна будзе, як вярнуся ў Ляўдок. Але можна будзе павярнуць назад, як толькі пабачу першыя хаты вёскі. Калі траса недалёка, а цяпер вечар, дык гул машын, што праходзяць, павінен быць добра чутным. Паслухаем…
І толькі цяпер я адчуў вакол сябе нішто. Так, не цішыню, а адсутнасць усяго. Адсутнасць хоць нечага жывога. Вакол мяне не было нічога. Туман быццам увабраў у сябе не толькі гукі, а самі жыцці, вобразы і сутнасці. Тое, што было перад вачыма, было не сапраўдным, існым, а ўсяго толькі кволай карцінкай, сатканай з туману ж. Я зрабіў крок і другі да сцяжынкі, прайшоў па ёй і стаў, аглушаны не гукамі сваіх крокаў, а іх адсутнасцю. Трава не адгукалася на дотык! Сам здзівіўся са свайго выбуху злосці, але ж з сілай шархнуў па ёй нагой, быццам ударыў. Адчуў праз падэшву, як супраціўлялася трава, як шаргацела па тканіне. Але бязгучна, мёртва.
Прыгнуўся, пацягнуўся рукой, хапіў жмут, пацягнуў. Ірваліся зялёныя травяныя жылы, ламаліся сцяблінкі, выдзіраліся з зямлі карэнні — і бязгучна. Я прысеў, адчуваючы сябе на мяжы таго, каб не закрычаць. І разумеў, калі зараз так зраблю — крыкну ці хоць уголас скажу слова — і не пачую сябе, гэта будзе непапраўна страшным. З кволай надзеяй я паляпаў пальцамі адной рукі па далоні другой. І прымусіў сябе не ўскочыць ад жаху. Я не быў аглушаны, я чуў. Чуў цішыню вакол, я быў упэўнены: калі б зараз недзе далёка нешта грымнула, піснула, войкнула, зашумела ў траве, мой мозг улавіў бы гэтыя гукі. Але вакол мяне ўсё было бязгучным…
Спакойна, спакойна, загадваў я самому сабе. Сядзь. Успомні. Цябе правялі да сцяжынкі. Ты пайшоў… Перад гэтым? Што было перад гэтым? Гарбата? Так, я піў. Федарук… Алесь Федарук наліваў напой — сабе і мне, піў ён, піў я, дзівячыся з густога паху, гаркавага смаку.
Так, пітво. Неспадзяваная мая млявасць і стома, раптоўны сон і вось цяперашняя глухата — мяне адурманілі. Ён сам піў? Дробязь, мабыць жа, ёсць нейкая супрацьяддзе, яны ведаюць, як гатаваць. Сектанты…
Але які сэнс? Чаго яны хацелі дамагчыся? Ці яны насамрэч разлічвалі на большае, чым просты сон? У мяне нешта скралі? Я паляпаў па кішэнях: нататнік на месцы, мабільнік, партманет. Хацелі атруціць увогуле? Не, фантастыка. Што такога я мог даведацца там, каб мяне забіваць? Не, такія жарсці не для нашых краёў.
Прыйшло супакаенне. Я зноў азіраўся па баках. Блізка да зямлі туману не было, ён пачынаўся шчыльнай пульхнай коўдрай недзе на вышыні паўметра над травой, потым радзеў наверсе.
Трэба ісці. Устаў, не разважаючы асабліва, ці правільна іду, пакрочыў. У любым выпадку некуды выйду. Сцяжынку добра відаць. Галоўнае зараз — выйсці. Потым, усё потым. Разбяромся. Праз гадзіну не будзе туману, будзе мой утульны і звычны пакой, у якім ёсць зручны часопісны стол з патрэсканай лакіроўкай. Я згатую сабе кавы, прысяду, на асобных аркушах паперы выкладу ўсё, пачутае сёння, пра што даведаўся за гэтыя дні, пра што падумаў, што ўжо запланаваў. Я буду маляваць квадраты — гэта будуць падзеі, трохкутнікі — так абазначу людзей, у кружках пазначу матывы і прычыны. Буду праводзіць лініі са стрэлкамі на канцах і без стрэлак. Я буду складаць кавалкі карцінкі, і то будзе асаблівы акт, бо невядомы вынік. Нястрашна, калі не хапае аднаго ці нават некалькіх кавалкаў, я даведаюся іх малюнак, варта толькі старанна, без памылак сабраць аснову….
Я ішоў змярцвелым лугам, бы ў нейкім фантасмагарычным сне. Навакольная застыласць падавалася не варожай, а толькі чужой мне, дакладней, я адчуваў сябе варожым ёй, чуў, як прагне гэтая сцяжынка пазбавіцца маіх крокаў, як цярпіць шматпакутна. Як рассоўваецца грэбліва перада мной пласт туману, абы менш дакранацца мяне, як паспешліва, шчыльна збіраецца за спінай. І там, у глыбіні яго, зусім не халоднага, нешта вялікае стаілася ў чаканні: ці хутка я знікну?
Я міжволі паскорыў крок. Патыліцай я адчуваў не позірк, не, а амаль дыханне нечага ці некага вялікага, каму я перашкаджаў, для каго быў нежаданым. Мяне цярпелі, чакалі, калі я сыду.
Цёмныя плямы наперадзе я прыняў спачатку за канец затуманенага лугу. І яшчэ паскорыў крок з палёгкай: нарэшце. Але цёмныя плямы варушыліся, рухаліся. Не прама на мяне, але насустрач, забіраючы ў правы бок. Я застыў, адчуваючы прыкры холад у жываце. Плямы сталі ценямі, якія наблізіліся настолькі, што я змог пазнаць у іх постаці людзей. Дзіўныя, незразумелыя, яны набліжаліся, хутка, хутчэй, чым ідзе чалавек.
Страх прымусіў мяне імкліва прысесці. Я зірнуў наперад, у чысты прагал між зямлёй і коўдрай туману, і адчуў, як скура на галаве пачала прыкра сціскацца.
Там былі ногі, ногі некалькіх людзей. Яны набліжаліся. Аголеныя… Голыя людзі. Жанчыны. З апушчанымі да зямлі рукамі, распушчанымі валасамі. Яны ішлі, прыгнуўшыся наперад, хутка перабіраючы нагамі, шчыльнай купай, ішлі, у адным агульным парыве ўтаропленыя наперад.
І тады я пачуў гук. Гэта быў гук разрываемай сталлю жывой здзірванелай зямлі. У той жа момант зрок адшукаў крыніцу гуку, і я пабачыў плуг, а за ім — жанчыну, такую ж голую, як і тыя, што ішлі паперадзе яе.
Урэшце ўся карціна цалкам адкрылася перада мной: сем жанчын, аблытаных вяроўкамі, цягнулі плуг. Подбегам, у зацятым маўчанні, нават цяжкага дыхання іх не было чуваць. Толькі рваўся дзёран, стралялі карані, з лёгкім шалясценнем клаліся, прымінаючы свежую зелень, скібы перавернутай чорнай зямлі.
Яны былі перада мною некалькі імгненняў, потым аддаліліся, зніклі ў тумане. Мяркую, менавіта беззабаронная аголенасць жанчын вярнула мне разважлівасць. Яны былі жывыя, сапраўдныя. Я паспеў заўважыць сярод твараў два ці тры знаёмыя: іх я бачыў сёння на сходзе. Аратага я разгледзеў лепей за ўсіх. Без сумненняў — акушэрка Русецкая.
Усміхнуўся міжволі. Ну вось, пабачыў нейкі дзікунскі абрад. Дакладна, сектанты. І калі робяць такое. Калі ўсур’ёз аруць на сабе зямлю з нейкімі сваімі мэтамі, значыць… Значыць, могуць у сваёй апантанасці пайсці на нешта больш страшнае. І гэта трэба ўлічыць. Не, тут не проста гурток аматараў…
Я ўзняўся, азірнуўся — жанчын не было відаць. Рашуча пайшоў сцяжынкай. Наперадзе зачарнела нешта, і я зразумеў: баразна. Я набліжаўся да яе, а яна на маіх вачах быццам рабілася больш глыбокай і шырокай. Спачатку незразумелы неспакой, пасля невытлумачальная трывога запоўніла свядомасць. Недарэчная думка віхлялася ў галаве: я не змагу пераступіць цераз баразну, такая яна шырокая.
За тры крокі ад яе мяне апанаваў сапраўдны жах. Раптам зразумеў, адчуў: мне нельга, проста нельга пераступаць баразну! Пераступлю — страчу. Назаўсёды згублю нешта надзвычай важнае. Я адчуў, як захлынаюся ў хвалі панікі, і рэшткамі свядомасці зразумеў, што трэба адысці, хутчэй адысці ад баразны. Адступіў, з палёгкай адчуваючы, як мяне адпускае, як вяртаецца здольнасць думаць спакойна.
Што рабіць? Трэба ісці ўздоўж баразны. Калі немагчыма пераступіць цераз яе.
Ішоў хуткім крокам, потым пабег, трымаючы ў полі зроку чорны след на лузе. Хутчэй, хутчэй, падганяў я самога сябе, ужо прадчуваючы, але яшчэ баючыся думаць пра тое, што знаходжуся ў коле. Дагнаць жанчын…
Не дагнаў. Яны зніклі. Бег, няўклюдна блытаючыся ў высокай роснай траве, і прыбег на тое месца, з якога пачаў. Яшчэ раз у азарце бегу памкнуўся да баразны наперад, спадзеючыся: жах не спыніць мяне, калі з ходу пераскочу чорны шнур зямлі. Аднак мяне літаральна штурхнала ў грудзі жудасцю асэнсавання таго, што магло б здарыцца, скокні я. Спыніла, напружыла.
Адышоўся назад падалей, да той самай ігрушы, прысеў, абхапіўшы калені. Ужо зусім не смешна.
Мне тут заначаваць? Канешне, з дзённым святлом уся гэтая жуда знікне без следу. Вельмі нават верагодна, што ўсё яшчэ дзейнічае пітво. Так, я цяпер чую гукі, вось жа і крокі свае ў густой траве чуў, і цяпер чую сваё цяжкае дыханне. Але хіба дзеянне напітку на тым скончылася? Чым жа яны мяне так напаілі? Нейкі наркотык раслінны? Можа быць. Сапраўдныя траўнікі ведаюць мноства сакрэтных зелляў.
Трэба абаперціся спінай аб ігрушу. Быццам збоку, я назіраў за сваімі адчуваннямі і адзначаў, як мяне цяпер амаль што не хвалюе маё здарэнне. Здарылася, дык няхай. Падумаеш, усяго ноч перацярпець. Не змерзну… Лета ж…
Пацягнуўся па цыгарэты, але спыніў сябе: не хацелася курыць. Водар нечага прэснага з лёгкім балоцістым адценнем усё больш мацнеў, але ён не быў мярзотным ці нават непрыемным. Я заплюшчыў вочы.
І нечакана апынуўся нібыта ў сярэдзіне чорнага шара. Я павіс у бязважкасці, а аднекуль знізу падымаўся, павялічваўся ў памерах бліскучы рознакаляровы шар, бы мыльны пузыр, які граў вясёлкавымі адценнямі. Шар параўняўся са мною — і я пабачыў там пакой, драўляныя ложкі…
Дзіцячы садок… У некага з хлопчыкаў сёння дзень народзінаў, ягоная маці прынесла каробку цукерак. Нам раздалі па адной, загарнуўшы ў папяровыя сурвэткі, але есці забаранілі — да полудня. Зараз — пасляабедзенны сон, усе сцішыліся, большасць паснула, выхавальніца выйшла.
— Ты ж не з’еў сваю цукерку?
Ля майго ложка стаіць дзяўчынка, яе завуць Ларыска. Яна з пульхнымі шчочкамі, паўнаватымі рукамі. Яе светлыя кудзеркі, на якія мне так падабаецца глядзець, калі яны асветленыя сонцам і робяцца амаль празрыстымі, растрапаныя… Мне заўсёды хочацца дакрануцца да гэтых кудзерак, але я баюся. І яшчэ я злуюся на выхавальніцу — яна ніколі на прагулках не ставіць у пару мяне і Ларыску.
— Ты ж не з’еў? Цябе пытаю! — нецярпліва сіпіць шэптам Ларыска.
— Не, не з’еў, — усхвалявана невядома ад чаго шапчу я.
— Я табе зараз пакажу, што ў мяне ў трусіках, а ты мне аддасі цукерку!
Мы ўсе ведаем — Ларыска вельмі любіць салодкае. Выпрошвае, выменьвае ў тых, хто не паспявае з’ядаць.
— Ну? Хочаш пакажу? Ты ж хочаш, хочаш паглядзець, я знаю! — настойвае Ларыска.
Гэта ганьба — прызнацца ўголас, і я, ахоплены пачуццём сораму і жадання пабачыць забароненае, моўчкі ківаю галавой.
— Глядзі!
Ларыска падыходзіць да мяне блізка-блізка, і яе белыя трусікі з малюнкам зайчыка з моркаўкай апынаюцца перад самым маім тварам. Я бачу яе пульхныя пальчыкі, якія цягнуць тканіну ўніз, намаляваны зайчык зморшчваецца, складваецца. На адзін кароткі момант перад самым маім тварам паказваецца акуратная, быццам гумавая, лялечная похвачка, і я не паспяваю закрыць вочы ад пякучай сарамяжлівасці, а зайчык на трусіках ужо трымае сваю моркаўку.
Я заплюшчваю вочы, але не магу заснуць, я ўзрушаны і быццам шчаслівы: мне Ларыска даверылася, я бачыў, бачыў!
І вось ужо полудзень, я нясу загорнутую ў папяровую сурвэтку цукерку да століка, за якім сядзіць адна Ларыска. Я хачу ёй паабяцаць, што буду цяпер аддаваць ёй усе цукеркі, проста так аддаваць… Яна сустракае мяне сур’ёзным позіркам і загадвае:
— Кладзі!
Я працягваю руку да стала і бачу на ім мо з пяць такіх жа, як мая, цукерак. Кідаю сваю і выбягаю з пакоя. Адкуль яна ўзялася, гэтая крыўда, якая душыць мяне, выціскае роспачныя слязінкі з вачэй?
Мыльная бурбалка з маім першым болем узнімаецца ўверх, расце, расце і нягучна лопаецца, знікае, а знізу ўжо ўсплывае другі рознакаляровы шар.
…Я, першакурснік, вяртаюся з пошты — толькі атрымаў грашовы перавод ад маці. Ён вельмі дарэчы, ён доўгачаканы: у мяне ўжо некалькі пазык. За сотню метраў ад студэнцкага інтэрната мяне даганяе хлопец, гады на тры за мяне старэйшы, і просіць:
— Сябра, ратуй! З дзяўчынай пасварыўся! Вунь таксафон, я скажу табе нумар, а ты набяры, бо мой голас яна пазнае і кідае адразу трубку. Ты спытай Анжэлу, як адкажа, то перадай, маўляў я, Антон, буду яе чакаць у пераходзе ля ГУМа, на нашым месцы, а восьмай. Дапамажы, дружа!
Канешне, я згаджаюся.
Таксафон стары, яшчэ ў металічна-шкляной будцы. Мы ўціскаемся туды ўдвух, ён дыктуе нумар, я пачынаю набіраць і раптам чую яго злы хуткі шэпт:
— Грошы давай хутка, чмо!
Я слупянею ад нечаканасці, гляджу на яго, на дзверы, якія ён загарадзіў сабой, бачу за шклом яшчэ дваіх хлопцаў і разумею: яго хаўруснікі, бо яны падышлі вельмі блізка, быццам чакаюць чаргі. Адзін з іх прачыніў дзверы і загадаў жорстка:
— Дастаў пашпарт і выцягнуў грошы! А то застанешся без анічога!
А вакол — дзень, міма будкі праходзяць людзі, яны не разумеюць, што за паўметра ад іх адбываецца рабаванне. І тут я пазнаю трэцяга хлопца: ён стаяў у чарзе разам са мной на пошце. Яны цікавалі за мной. Яны ведаюць нават, колькі ў мяне грошай…
Антон (але ж хіба яго насамрэч завуць Антонам?) не вытрымлівае, хутка соўгае рукой ва ўнутраную кішэню маёй курткі, а другой моцна налягае мне на жывот, прыціскае да сценкі:
— Ціха, не трапячыся!
Ён нават пашпарт не дастае, імкліва выхоплівае грашовыя купюры — і ўсе трое знікаюць…
Пузыр лопаецца, абдае мяне пырскамі, здавалася, забытага назаўжды сораму.
Чарговы ўсамін паглынае мяне, ахутвае смуродам перагару і гарэлага мяса. Полымя вогнішча выхоплівае бляск вачэй дзяўчыны… Не помню яе імя, яно звычайнае, самае звычайнае, яна толькі нядаўна назвала яго. Дзявочы твар перакрыўлены п’янай усмешкай, яна блытана імкнецца мне нешта патлумачыць, ікае, я не разумею, бо самога мяне хістае над ёй, над яе аголеным целам. Хачу злавіць смочак яе невялікай цыцкі сваімі вуснамі, пляскаюся тварам у ліпкую скуру грудзей і адчуваю, як торгаецца пада мной дзяўчына. Яна гучна ванітуе, а пасля і мяне рве, я нават не паспяваю цалкам адвесці сваю неверагодна цяжкую галаву ўбок…
І зноў шар бязгучна ўзрываецца аскепкамі ганьбы, а мне. мне робіцца лягчэй, я пазбаўляюся нечага важкага, непрыстойнага, ад мяне адчэпліваецца гідкі бясформенны кавалак. Пузыры ўзнімаюцца, несучы мае ўспаміны, выбухаюць іншым разам і светлымі ўспышкамі непасрэднага шчасця, радасці, цнатлівага хвалявання. І мяне загойдвае пачуццё лёгкасці і неабавязковасці: нічога не патрэбна, усё добра, я не мушу нікуды спяшацца, нешта рабіць. Сядзець, пагойдваць бязважкую прыемнасць унутры. Толькі адно… Адно трэба зрабіць, нешта важнае… Ці не вельмі важнае, але трэба, я ж не давёў справу да канца, я не адказаў… Так, так: адказаць на пытанне, я павінен адказаць на пытанне. Каму? Дзяўчыне. Не, жанчыне. У яе. такі смешны, тонкі, з шырокімі трапяткімі крыламі нос, быццам акуратная дзюба невядомай птушкі. І позірк. Яна глядзіць, трошкі схіліўшы галаву, вочы мружацца, у іх скачуць такія светлыя іскрынкі.
Надзея! Пазваніць!
Цвярозасць вярнулася, амаль вярнулася. Бы згвалтаваная да паўсмерці дзеўка, яна стаяла за маёй спінай на дрыготкіх нагах, гатовая не проста ўпасці, а скласціся ўтрая ў любое імгненне.
Я гартаў тэлефонны даведнік, і было так незвычайна бачыць у ім запісы, якія мне не казалі нічога, абсалютна, быццам я трымаў у руках не свой мабільнік.
Гудок выкліку быў першым гукам не гэтай прыроды. У дзеўкі-цвярозасці за спінай перасталі трэсціся паджылкі. Я памахаў галавой, становячыся яшчэ больш цвярозым.
— Васіль?
Голас Надзеі прагучаў так усхвалявана і гучна, што я ўздрыгнуў. Чужы, варожы тут голас — і туман вакол, здаецца, хіснуўся драпежна.
— Ага, я, — выціснуў я з сябе гукі і ўзрадаваўся: магу, магу гаварыць. Толькі цяпер, пасля слоў, мне стала страшна ад думкі, што было б, калі я не змог бы вымавіць ні слова.
— Ты дзе? Што здарылася?
— Не ведаю. Нічога не здарылася. Тут дзеўкі голыя.
— Ты п’яны? — з жалем спытала Надзея, і я адчуў, як ёй балюча пра гэта думаць.
— Мабыць, п’яны, — павольна адказаў я. — Толькі я не піў гарэлкі. Нейкую. нейкі адвар. А дзеўкі голыя аралі поле. Мяне зааралі. Кругам. І я сяджу ля грушы. А, не, я не пра тое. Мне трэба табе сказаць.
— Стой! — Надзея закрычала роспачна, я ажно ўздрыгнуў. — Стой! Ты дзе? Дзе ты цяпер?
— Не ведаю. Я ішоў. мне паказалі сцяжынку. Ад Ляўдка праз лес прама да трасы. Заснуў ля грушы. А дзеўкі. Тут баразна. Мне трэба пераступіць яе. Ты мне кажы што-небудзь, мне зусім не страшна цяпер. Я вось іду.
Я сапраўды ўстаў і пайшоў да баразны, якая ледзь угадвалася ў прыкметна пагусцелай шэрані.
— Не хадзі! — зноў закрычала Надзея. — Будзь там. Там ігруша? Будзь там, ля яе. Нікуды не хадзі, нічога не рабі. Зараз я буду. Не спі! Не засынай. Гавары са мной. Гавары.
Праз тэлефон даносіліся гукі — Надзея некуды ішла, нешта казала, але ўжо не мне.
— Я хацеў табе сказаць. Я не помню… А табе трэба ведаць. Я дурань. Не, я не дурань. Я прыстасаванец. Не, не так. Я проста жыву. жыву, жыву.
— Усё будзе добра, Васіль, — праз уздыхі казала Надзея. — Зараз, пачакай мяне. Стой ля грушы. Закуры.
— Але я не хачу курыць. Тут так пахне. Так пахне, што не хачу курыць. О, я адкрыю фірму, якая будзе вазіць сюды тых, хто жадае кінуць курыць, — захіхікаў я. — Ты знаеш, тут такія грошы…
— Закуры! Зараз жа! — уладна загадала Надзея.
Тэлефон пікнуў коратка і адключыўся. Батарэя? Ну так, можа быць. Закурыць? Надзея загадвала, значыць, трэба. Які паскудны смак у цыгарэтнага дыму! Чаму я ніколі раней не адчуваў такой агіды?
Мяне ледзь не званітавала, але я зацягнуўся яшчэ раз. Галава неміласэрна закружылася, я ўчапіўся за шурпаты ствол ігрушы, устаяў. Зямля вагалася. Што ж я за дрэнь такую выпіў? Вось жа.
Я не помніў, колькі часу прайшло. Дзесяць, дваццаць хвілін? Яшчэ больш пацямнела, але адкрылася далеч: туман амаль знік, стаў бачным чорны лес. Я сузіраў усю паляну вакол сябе, раз-пораз натыкаючыся позіркам на чорную баразну, якая стала быццам яшчэ больш блізкай і глыбокай.
— Васіль! Васіль! — Надзея гукала недзе зусім блізка, я пайшоў у напрамку голасу. Яна бегла да мяне з лесу, светлая постаць на шэрым лузе.
— Ідзі да мяне, колькі зможаш.
Надзея стаяла па той бок баразны. І мне раптам падалося, што нам ніколі не зрабіць крок насустрач адзін аднаму: не дасць забітая, разрэзаная плугам зямля, якая сцякае тут чорнай кроўю.
Я паслухаўся, крокаў за пяць ад баразны спыніўся.
— Не магу далей. Жуда нападае.
— Не ідзі. Чакай.
Надзея аддыхалася. Яна стаяла так блізка ад мяне, — у светлай майцы, джынсах, такая ўзбуджаная, жаданая… За яе галавой раптам пасвятлела: гэта месяц высунуўся з-за зубцоў лесу. Так чароўна ўсё было, так незвычайна…
— Надзея… Там месячык свеціць…
— Добра, Васілька, добра, — ласкава адказала яна, расшпіліла і скінула з сябе джынсы, пасля такім вабным рухам — майку, на чорную траву паляцелі белымі скамечанымі птушкамі яе станік і майткі.
А мне стала так сорамна, так няёмка, быццам я, зусім яшчэ малы, выпадкова пабачыў перад сабой сваю аголеную маці. Але не змог адвесці вачэй, глядзеў, як Надзея прысела, пасля лягла ўздоўж баразны і пакацілася — з жывата на спіну, у баразну, з баразны наверх — і вось яна ўжо ля маіх ног. Схапіла мяне за ногі, прыўзнялася.
— Скідай адзенне, распранайся… Увесь…
А я баяўся даткнуцца да яе го лага цела, здавалася — мяне апячэ, бы токам ударыць. Немагчыма было перавесці позірк уніз, адно ратаванне — глядзець у яе вочы.
— Надзея, Надзюшка мая… — папрасіўся я.
— Маўчы цяпер, маўчы і цярпі, міленькі, — Надзея расшпільвала гузікі на маёй кашулі, сцягвала яе з плячэй. Тузала рэмень на джынсах, цягнула іх долу, прымусіла пераступіць нагамі… Хапіла мае транты, скамячыла ў адзін вузел і кінула цераз баразну. І раптоўна прыпала сваім прахалодным, такім жывым целам да мяне, цалкам голага, кожнай клетачкай прыціснулася, абхапіла за плечы.
— Абдымі мяне моцна, кладзіся на траву!
Апякло, аж закалаціла ўсяго, здаецца, і зубы заляскалі, а рэшткі свядомасці галасілі: «Сорам! Сорам які!» Але слухаўся, ужо цалкам прыняўшы Надзею за маці, а сябе за маленькага паслухмянага хлопчыка…
Раптам кульнулася зямля, раз і другі, мне падалося, мы ляцім у прорву, б’ёмся аб камяні. А Надзея ціснулася што моцы да мяне, і цяпер ужо адна думка калола недзе ў паўзабыцці: як жа балюча ёй можа быць.
Зямля ніяк не магла супакоіцца, гойдалася. Я адчуваў, як Надзея апранае мяне, потым чуў яе загад ісці, і яе дужыя рукі не давалі зямлі абрынуцца на нас, хілілі ў іншы бок…
У лесе мне стала крыху лепш, у кожным разе, я сам мог стаяць на нагах. Пабачыў аўтамабіль, ля яго мужчыну, пазнаў: Сяргей.
— А я — вось, — дурнавата пасміхнуўся яму.
— Сядай!
Мы ехалі нядоўга, спыніліся. Надзея адчыніла дзверцы, дапамагла мне выйсці. Павяла.
— А тут жыве вядзьмак Зміцер, — прамармытаў я.
— Пазнаў, Васілёк, так, Зміцер… — прыгаворвала Надзея, адчыняючы веснічкі, тузанула дзверы ў хату.
— Хто там? — пачуўся з цемры тонкі жаночы голас. Запалілася святло кволай лямпачкі.
— Мы да дзеда, — рашуча ступіла наперад Надзея, трымаючы мяне пад локаць, і баба Марылька зрабіла крок убок, даючы нам прайсці.
Стары Зміцер глядзеў на нас. Я бачыў яго вочы, на гэты раз у яго позірку было жыццё — там была і пагарда — да мяне, і цікавасць — да Надзеі.
— Прысядзь, — Надзея пабачыла табурэтку, падвяла мяне да яе, пасадзіла, павярнулася да старога і жорстка гукнула: — Дзед! Ты мяне ведаеш! Яму трэба зелле ад круга забыцця.
Стары маўчаў.
— Я не стану цябе прасіць, дзед Зміцер! — паўтарыла Надзея тым жа тонам. — Мне трэба, і я не сыду з хаты, пакуль не вазьму. У цябе ёсць. Змог прыгатаваць адно, гатуй і другое. Мне няцяжка будзе ператрэсці тут усё дашчэнту. Я выкіну цябе пад плот шалёным лісам, па цагліне разбяру печ, бервяна на бервяне не пакіну ад тваёй халупы, але знайду! Хочаш гэтага?
— Не знойдзеш, — прахрыпеў са шкадаваннем стары.
— Знайду!
— Ад круга не зелле трэба…
— А што? — Надзея падалася наперад, голас яе задрыжэў: яна адчувала, што прайграла. — Кажы!
Зміцер глядзеў на яе, скасіўшы вочы. Не, ён не ўсміхаўся пераможна, але не казаў ні слова.
— Добра, дзед Зміцер, — выгаворваючы кожнае слова паасобку, пачала сцішана Надзея. — Я прапаную табе людскую смерць. Я вазьму тваё.
— Вой, дзетачка, нашто табе, родная? — войкнула баба Марылька, перажагналася. — Табе ж жыць…
— Мне жыць, я адмалю, — адмахнулася Надзея, не паварочваючы галавы да старой. — Дзед! Ты згодзен? Я дам табе па-людску сканаць, — паўтарыла яна. — Ты не будзеш у пакутах маліць смерць прыйсці за табой. Ты ведаеш, які канец цябе чакае. Кажы мне!
— Вазьмі мяне за руку, — нарэшце папрасіў стары.
— Не бярыся, дзетачка, адумайся! З гэтай навукі адныя мукі, — зноў паспрабавала спыніць Надзею баба Марылька. Але тая бы не чула папярэджання, зрабіла крок да старога, узяла схуднелую руку, сціснула ў сваёй.
— Бяры, — выдыхнуў Зміцер, і Надзея ўздрыгнула ў наступны момант, па целе яе прайшлася кароткая хваля дрыжыкаў. Яна выпусціла старэчую руку, з хвіліну стаяла, заплюшчыўшы вочы, быццам прыслухоўвалася да сябе.
— Цяпер кажы, — нечакана знясіленым голасам папрасіла яна.
— На ваду пашапчы. Ты цяпер ведаеш, як шаптаць. З сабой пакладзі яго. Ваду з цыцкі дай, хопіць, каб толькі вусны памачыў. Няхай засне…
— Бывай, дзед Зміцер, — цяпер ужо спакойна, нават лагодна, развіталася Надзея, азірнулася да старой: — Добра начаваць, баба Марылька.
Мне здавалася, я бачу, адчуваю і разумею ўсё. І ўсё ўспрымаю з неверагодным спакоем, абыякавасцю нават, быццам нішто вакол не датычылася мяне. Дакладней, датычылася, але ж я ні пры чым, я — маленькі хлопчык, хіба можна мяне ў нечым абвінаваціць і потым пакараць? Не, гэта вышы дарослыя справы, дзікунскія справы…
Мы ехалі ў горад, я сядзеў на заднім сядзенні, мне было ўтульна і хораша. Так хораша… Нічога не турбавала, не было ні холадна, ні спякотна, не хацелася ні піць, ні есці. Адзінага жадалася: каб вось так ехаць праз ноч доўга-доўга, бясконца ехаць…
І зноў Надзея распранала мяне, мне зноў было пакутліва-сорамна стаяць пад струменьчыкамі вады ў дуты, а потым яшчэ вытрываць выціранне сухім мяккім ручніком. І толькі пах ручніка — тонкі, валошкавы, прыцярушваў, размываў вострыя абрысы сораму ў свядомасці.
Нарэшце я быў у ложку, і зямля зноў загайдалася, але цяпер лагодна, павольна, мяне закалыхвала. Я адчуў голае цела Надзеі побач са сваім, памкнуўся адсунуцца, але яна прыціснулася настойліва, паклала сваю руку мне пад галаву. Чуў яе шэпт, хуткі, гарачы, а потым ля майго рота апынуліся яе грудзі, да вуснаў дакрануўся халодны мокры смочак. Я яшчэ паспрабаваў абурыцца: як мне, такому даросламу ўжо, які разумее, што аголенага цела трэба саромецца, даюць смактаць цыцку? Ды нейкі непадуладны розуму інстынкт прымусіў схапіць вуснамі смочак — і на гэтым свет знік.
14.
У навальнічнай ночы ёсць глыбокая спрадвечная інтымнасць.
У памяць мне надоўга запала першая ў маім жыцці навальнічная ноч. Я быў тады ў бабулі Леаніды, Лёні, як клікалі яе вяскоўцы. Быў жывы і дзед Юзік. Адной ноччу мяне разбудзіў гром. Жыгалі маланкі, якія ўспыхвалі ў вачах нават праз прыплюшчаныя павекі. Было страшна расплюшчваць вочы, але яшчэ страшней было заставацца аднаму ў цемры, якая, гэта адчувалася, яшчэ больш гусцела пасля сполахаў маланак.
Я пабачыў маленькі кволы агеньчык свечкі, якая стаяла ў шклянцы з зернем на стале. На ўслоне сядзеў дзед Юзік у пінжаку, але ў сподніх нагавіцах, побач з ім у доўгай начной сарочцы — баба Лёня. Яны маўчалі. Дзед пазіраў за вакно, і я дзівіўся: нават ніводная жылка не ўздрыгвала на яго твары, калі бухаў пярун. А баба. Баба даверліва нахілілася да яго пляча, і вусны яе варушыліся: яна нешта хутка, але бязгучна прамаўляла.
Я першы раз пабачыў, як дзед і баба, ды яшчэ ў такой во адзежы, сядзяць побач. Так, я бачыў, як мама часам сядзела ля бацькі, схіліўшы яму галаву на плячо, але тут. У постацях бабы і дзеда было нешта большае за даверлівасць, непадуладнае майму дзіцячаму разумению, але тым не менш яскравае сваёй даросласцю, асаблівай пяшчотай, такой, якая мне і ў той час падалася асаблівай, якую трэба хаваць ад чужых вачэй, няхай сабе і вачэй унука.
Мабыць, баба адчула тады мой позірк, бо страпянулася, вызваліла сябе са свайго засяроджвання і падышла да мне.
— Спі, унучак, навальніца ўжо сціхае.
— А чаму вы не спіцё? — спытаў я шэптам.
— То дарослым нельга спаць у навальніцу, унучак, такое правіла. А ты спі, дзіцятка, ужо сціхае.
Гэтая навальнічная ноч увайшла ў маё жыццё адкрыццём: між мужам і жонкай нешта ёсць такое, пра што сорамна казаць і нельга бачыць каму — небудзь, акрамя іх дваіх.
Мяне разбудзіў гром. Яшчэ ў паўсне я зразумеў: я ляжу дома на сваёй канапе, побач са мной — Надзея, зараз ноч і за акном навальніца. І галоўнае: усё добра. Дакладней, амаль добра.
Праз тонкую скуру павек маланка асляпіла, я пачаў лічыць, як прывык з дзяцінства, каб пасля памножыць на трыста і даведацца: ці блізка ўжарыла. Далічыў адно да двух, і ўвесь дом скалануўся ад магутнага гуку, нейкага дзіўнага, сухога, быццам пад ударам сякеры расчапілася з узмоцненым у мільёны разоў трэскам яловае палена. Расплюшчыў вочы і зразумеў: Надзея не спіць.
Было незвычайна ціха. Шуму дажджу не было чуваць. Не было чуваць і Надзеінага дыхання.
Пад яе галавой была мая рука, ужо не першы раз яна так спала, але ніколі не адлежвала. Я ледзь пакратаў рукой, набліжаючы твар жанчыны да сябе, другой абняў. Надзея прыўзняла галаву, сама абхапіла мяне і моцна прыціснулася.
— Ты помніш? Ты ўсё-ўсё помніш? — клапатлівым шэптам, быццам у хворага, спытала яна.
— Помню. Усё помню, і мне сорамна, — адказаў я.
Я насамрэч помніў усё да самых малых дробязяў: туманную паляну, голых дзевак, запрэжаных у плуг, чорную баразну на дзікім лузе, свае страх, бяссілле і ачмурэнне, хату ведзьмака Зміцера, Надзеіна патрабаванне, яе мокры халодны смочак на сваіх вуснах. Прыпаў тварам да яе грудзей, удыхаў такі цёплы, такі жывы і родны мне пах.
— Дурненькі, чаму табе сорамна?
— Бо я быў слабым, — адказаў я, не адрываючы твару ад яе цела. — Ведаю: жанчыны прабачаюць дзівацтва і дурасць, але слабасць — ніколі.
— І яшчэ два разы дурненькі, — Надзея ўскудлаціла мне валасы, пачала гладзіць маю галаву сваёй мяккай далонню, супакойваючы. — Першы раз дурны, што ўсякаму чытанню верыш. Другі раз за тое, што палічыў сябе слабым. Ты не быў слабым, ты быў пераможаным. А перамагчы могуць і самага моцнага. Бо не заўсёды моц супрацьстаіць моцы, розум — розуму. Куды табе супраць такога ведзьмака, як Зміцер, і ягонага круга забыцця?
Мой пакой раптоўна нібыта ўспыхнуў неверагодна зыркім блакітам знутры. Мы замерлі, я лічыў уголас:
— Адзін, два, тры.
Ударыў гром, Надзея прыціснулася да мяне яшчэ мацней.
— Гэта. насамрэч нейкі круг? — я не мог не спытаць, бо мне трэба было зразумець: ці праўда Надзея пайшла на нешта страшнае дзеля мяне.
— Не думай пра яго, — яна лёгка дакранулася да маіх вуснаў сваімі, пацалавала стрымана. — Потым, усё — потым. Цяпер галоўнае — мы тут, — Надзея перайшла на хуткі ўзбуджаны шэпт.
— Галоўнае, так, — таксама шэптам адказаў я.
Зноў успыхнуў блакітам пакой, правуркатала-прагрымела, і раптоўна абрынуўся іншы шум — шум моцнага ліўня. Я быў упэўнены, што і Надзея ў гэтыя хвіліны сузірання непадуладнай стыхіі, як і я, адчувала асаблівую ўтульнасць цёплай канапы і абароненасць у абдымках. Там — грыміць і ліе, там шал стыхіі, а тут — ціхае шчасце асэнсавання сябе ў доме, пад дахам з любым чалавекам.
— Галоўнае — усё добра, усё добра, — Надзея зноў прыпала вуснамі да маіх і пацалавала з прыкметнай п’янлівай жарсцю, ды адхілілася, калі пабачыла, як я таксама пачаў распальвацца. Быццам дражніла. І я памкнуўся за ёй, раптоўна ўзбуджаны вільготнай мяккасцю яе вуснаў, яе перарывістым дыханнем.
Надзея напачатку быццам супраціўлялася. Не, не свайму жаданню, а таму пачуццю, якое пачало авалодваць намі абаімі. То была не простая жарсць. З кожнай бліскавіцай і ўдарам грому ў нас уваходзіла нешта адвечнае, абуджалася застылае, надзейна замураванае тысячагоддзямі цывілізаванасці. Той лівень за акном быццам прабіў дах, і цяпер струмені блакітнай у святле маланак вады змывалі з нас усе забароны, вызвалялі ад усіх норм і правіл. І мы ачысціліся, пазбавіліся апошніх путаў чалавечых умоўнасцей.
Стыхія віравала звонку, стыхія віравала ў нас. Не, мы самі былі стыхіяй — пяшчотнай і адначасова звярынай, непадуладнай розуму. Развагам тут не было месца, мы былі еднасцю, якая насычала сябе ўсёдазволенасцю і шалела ад бязмежжа сваёй фантазіі. І нельга было адрозніць у гэтым шаленстве гартанныя крыкі Надзеі ад майго рыку, вылучыць у перарывістым, цяпер амаль безупынным святле белых маланак нешта асобнае з распаленага клубка двух цел.
То быў не секс. Нельга назваць пачуццё поўнага зліцця, ажно да фізічнага адчування еднасці з іншым чалавекам, сексам. Людзі за доўгія гады свайго існавання так і не далі зразумелага тлумачэння каханню. Хіба ж можна падабраць слова, каб назваць ім каханне ў навальнічную ноч?
І гэта не мы спыніліся ўслед за сціханнем навальніцы ў сваёй празе насычэння адно адным, у імкненні даць адно аднаму максімум, на які здольны цалкам свабодны ў сваіх жаданнях чалавек, вызвалены ад сарамяжлівасці і штучнай прыстойнасці, гэта само неба, чуйнае і глыбокае, раптоўна апала ў сваім шаленстве ўслед за намі, і апошнія хвалі дрыжыкаў аргазму на целе Надзеі адгукаліся лагодным вуркатаннем грому, што не быў далёка, а проста над намі — невядомая істота, якая жыла, сілкавалася нашым шаленствам і піла з нашай жарсці.
Мы ляжалі колькі хвілін моўчкі, астываючы і супакойваючыся, не кажучы ні слова, бо яны ў гэты момант былі не проста непатрэбнымі — любое з іх было б фальшывым, бо язык чалавечы раптам апынуўся бясконца бедным, каб выказаць хоць малую кроплю ўдзячнасці і пяшчоты адно аднаму за гэтае бязмежжа шчырай жарсці.
Урэшце Надзея, мякка паціснуўшы мае пальцы сваёй рукой, слізганула з канапы, шчоўкнула свяцільняй. Узняла рукі ўгару, сплёўшы пальцы, пацягнулася і закружылася.
Першы раз яна так адкрыта, без аніякай сарамлівасці, дэманстравала перада мной сваё насычанае ласкай аголенае цела, менавіта дэманстравала, паварочваючыся павольна, гледзячы на мяне сваім мілым гарэзлівым позіркам.
— Я шчаслівая. Я самая шчаслівая. — Я самая-самая шчаслівая. — напявала яна.
Адчыніла шафу, дастала першую, якая патрапілася на вочы, маю кашулю, надзела, падкасала рукавы, зашпіліла гузік. Толькі адзін. Чацвёрты зверху. Стала, адставіўшы крыху адну нагу, уперла левую руку ў бок, правую закінула за шыю і схіліла галаву, прымружыла вочы:
— Я табе падабаюся? Кажы, я буду гатаваць табе каву!
— У кашулі маёй, адно на чацвёрты гузік зашпіленай, ты гатуеш мне каву, — прадэкламаваў я з нечаканым хваляваннем. — Людзі забываюць многае. Я не змагу цябе ніколі забыць у маёй кашулі.
— Паверу! Але праверу! — Надзея прайшла на «кухню».
Мы пілі каву на верандзе, адчыніўшы дзверы ў ноч, дзе шапатаў па лісці сцішаны дождж.
— Надзюш.
— Чую.
— Я пра круг хачу спытаць.
— Пытайся.
— Дык праўда?
— А чым гэта можа быць? — Надзея адставіла кубак, хітра прымружылася, нахілілася да мяне і загаварыла таямнічым шэптам: — Усё было не так! Я згаварылася, каб цябе спаілі наркатычным настоем на мухаморах, украла ў Падлужнага плуг, дзеўкі за літр каньяку наладзілі інсцэніроўку старажытнага абраду. Урэшце, мэта была дасягнутая: я завалакла цябе ў свой ложак і сёння зацяжарала! Сёння была ноч Цмока! Цяпер ты будзеш ведаць, як зараджаюцца Цмокі! І я нараджу яго — ён прынясе мне шчасце, а цябе з’есць!
— Надзюш. Не прыдурвайся. Дык праўда?
— Праўда тое, у што верыш.
— А ты верыш? Скажы!
— Я ведаю.
— Што ты ведаеш? — не адставаў я.
Надзея маўчала, быццам раздумвала, казаць ці не, і пачала апавядаць такой інтанацыяй, бы малому дзіцяці казку:
— Ведзьмакі ведаюць шмат якіх страшных спраў. Але многія рэчы робяцца агулам, вядзьмак тут толькі дапамагае. Круг забыцця — страшны. Калі з яго выскачыш, страх пераадолеўшы, то страціш усю памяць, забудзеш, хто ты ёсць. А калі ранка дачакаешся, то дакладна не будзеш помніць апошніх дзён. Жанчыны аруць баразну, а вядзьмак у гэты час нагаворвае закляцце: на колькі дзён чалавека пазбавіць памяці.
— Навошта? Які сэнс у гэтым? Няўжо яны хацелі, каб я на нешта забыўся?
— Значыць, хацелі.
— Не дражніся, — я прыцягнуў яе да сябе, захапіў яе прыпухлыя і знясіленыя ад нядаўніх пацалункаў вусны сваімі, але адпусціў, абмяк: — Што ты ўзяла… ад Зміцера?
— Глупства, — яна адказала быццам са смехам, але ж я не змог не адчуць падману.
— Зміцеру была наканавана страшная смерць? Чаму?
— Бо вядзьмак, — не ўтрымала ўздыху Надзея. — Нямала зла нарабіў, хоць і дабра таксама. Каго лячыў, а каго калечыў. Яны, ведзьмакі, пакуль у сіле, не хочуць думаць пра нейкія маральныя нормы. Ім усё адно: ці даць маладзіцы адвару, каб мужыка чужога прысушыла навек, ці зелле прыгатаваць, каб дзіця ачуняла, ці мужчынскую сілу вярнуць або забраць. Ім няважна. пакуль маладыя. Бо яны над людзьмі.
— І ты. узяла грахі Зміцера на сябе?
— Не. Грахі яго я не брала: яму за іх самому адказваць. Сілу яго ўзяла. І памрэ ён простым чалавекам, не будзе пакутаваць месяцы. Іначай яны не паміраюць — толькі праз страшэнныя мучэнні. То ім тут, на зямлі, ці то адплата за зло, што людзям нарабілі, ці то пакаранне за тое, што сілу сваю не перадалі.
— Стой, стой, — я прыўзняўся, нават сеў. — Ты цяпер вядзьмарка?
— Канешне! Я ёй і была, я ж табе казала! Таму і змог Зміцер мне сілу перадаць, абы каму не перадасі.
— Мне тамашняя цётка Сонька казала, нібыта Зміцер перадаў сілу дачцэ, Насці…
— Не, ён яе проста навучыў таму, чаму паспеў. Але цалкам сілу перадаць можна толькі перад смерцю.
— Слухаю цябе, і быццам я — не я. У мяне — законы, а я тут распытваю пра вядзьмарства, быццам пра апошнія змяненні ў крымінальным кодэксе… І ты зараз усё можаш, як ведзьма? І што можаш?
— Дзівак ты, Васілька, дзівак дурненькі, — Надзея пацягнулася і ўскудлаціла мне валасы. — Вядзьмарская сіла — той жа талент ад прыроды. Вось нарадзіўся таленавіты мастак. Але ж можа так і памерці, працуючы бухгалтарам. Разумеет? Талент — усяго толькі здольнасць. Але не ўменне. Трэба вучыцца, працаваць нястомна…
— А ты. ты будзеш вучыцца?
— Не! — жорстка адказала Надзея. — Не хачу. Ведаю, што ў экстрэмальных сітуацыях умение падсвядома прыйдзе. Як тое веданне прыйшло, каб цябе адшаптаць ад круга забыцця. Вось зараз я і паўтарыць не змагу. І не трэба. Калі лёсу будзе патрэбна — ён пакліча маю сілу. І я яе скарыстаю. Але ведаю дакладна: на зло не буду..
— Зло — не браць чужога, не браць лішняга… — успомніў я словы бабулькі Марылі.
— А ты — мой! Мой! — Надзея глядзела на мяне без усмешкі, адкрыта і неяк безабаронна. — Нікому не аддам. І мне цябе ніколі не будзе многа. Але. трымаць цябе сілай не буду. Захочаш пайсці — ідзі.
— Дык. няма куды, — няўклюдна аджартаваўся я.
— А да Зіначкі?
Рэўнасць, самая звычайная, жаночая, разанула ў Надзеіных словах, і я вінавацячыся, выдыхнуў:
— Даруй мне, калі ласка. Не за тое, што было ці магло быць. За тое, што пайшоў.
— І ты мне даруй. за тое пытанне. Так нельга было.
— Я праваліў тэст? — успомніў я словы Тамары.
— Ты нічога не правальваў. Так нельга было, я дурніца, — паўтарыла Надзея. — Пойдзем спаць? Нядзеля. Нікуды не трэба, мы будзем спаць доўга-доўга.
— А я. не засну.
— Я цябе прысплю, — паабяцала Надзея. — Буду спяваць табе калыханку.
Я памыліўся — заснуў адразу, бы праваліўся ў мяккую цёплую цемру, толькі дакрануўся да падушкі і пачакаў, пакуль Надзея пакладзе галаву на маю руку.
Мы і прачнуліся гэтак жа, не зварухнуўшыся за кароткі час сну. Здавалася, прайшло не больш за пяць-дзесяць хвілін, але ў пакоі было светла, а мая «кухня», акно якой выходзіла на ўсход, нязвычна ззяла ад сонечнага святла. На падлозе ля канапы вібрыраваў тэлефон Надзеі.
— Не буду браць, — не расплюшчваючы вачэй, прагаварыла Надзея.
— Не бяры, — падтрымаў яе я, абхапіў другой рукой, пацягнуў да сябе — цёплую, мяккую.
Тэлефон змоўк і адразу ж зноў пачаў гудзець.
— Выкінь яго!
— А гэта… гэта Сяргей, — усміхнулася Надзея, расплюшчыла вочы. — Мы збіраліся на досвітку на рыбу.
— Я сваю злавіў, хай едзе і ловіць сабе, — я прыціснуў Надзею да сябе.
— Задушыш! — яна вызвалілася з абдымкаў, села на канапе, падняла тэлефон.
— Усё, гатуй сняданак! — без лішніх слоў загадала яна, паслухала і дадала: — Табе няхай і абед, а нам — снеданне… Устаём, сорам які! — павярнулася да мяне, усміхнулася разгублена: — Ужо дзевяць! Пагавораць суседачкі…
Мы і сапраўды ўчора, пакуль майстравалі новыя вароты ў Надзеін двор, дамовіліся пра ранішнюю рыбалку сёння. Сяргей юнаком часта прыязджаў да сваёй цёткі, Надзеінай маці, і любіў тут хадзіць на рыбу. У яго на радзіме не было ні ракі, ні больш-менш добрай азярыны — адно копанкі, у якія дзятва запускала карасёў. Тыя пладзіліся і праз гадоў пяць выводзіліся — не раслі вялікімі, хіба на паўдалоні. А з заходняга боку нашага райцэнтра пачыналіся асушаныя балоты, цэлая сістэма каналаў і канаў. Рыбе хапала месца і ежы, то вяліся тут і паўсюдныя карасі, і ліні, і плоткі з акунямі. І шчупакі, канешне. Пра ўсё гэта мне расказваў Сяргей, смакуючы будучую рыбалку.
Аказваецца, у юнацтве Надзея была яго спадарожніцай па канавах, любіла не менш за свайго стрыечнага брата вудзіць рыбу, пры гэтым шанцавала ёй не меней за яго, хіба што бракавала спрыту і вытрымкі. Я напачатку здзівіўся, калі Надзея прызналася, што адну нядзелю ахвяруе рыбалцы з задавальненнем. А потым самому стала непрыемна ад свайго здзіўлення. Было прыкра з-за сваёй немагчымасці канчаткова вызваліцца ад свайго стэрэатыпу ўспрымання Надзеі як звычайнай гандляркі, для якой галоўнае ў жыцці — рынак і грошы. Добра хоць, устрымаўся, не паддаўся хвіліннаму здзіўленню, не выказаў яго ўголас, не лыпнуў вачамі…
Дарога, падалося, была вельмі доўгай. Пакінулі машыну і яшчэ ішлі ўздоўж адной канавы, зарослай па берагах густой ракітай, пераходзілі па даўно пакладзеным, але сёння патрэбным бадай адно вось такім рыбакам, як мы, мастку.
Тут былі сапраўды дзікія мясціны. Я быў не тое каб уражаны — перада мной быццам адкрыўся іншы свет, усё адно як перакінулі ў іншую краіну.
Балота. Сапраўднае беларускае балота пачыналася ад больш-менш цвёрдага берага канавы і слалася далёка-далёка роўнай паверхняй з рудой травой, невысокімі кустамі. Туман плямамі вісеў над асобнымі мясцінамі, у метраў за пяцьсот ён ужо здаваўся шчыльным покрывам, закрываў гарызонт. І хоць сонца ўзнялося высока, пачало адчувальна прыграваць, туман не знікаў, наадварот, як быццам гусцеў, пачаў варушыцца, узнімацца ўверх… Балота быццам выдыхала з сябе ледзь прыкметна сівую ўзвесь.
Сюды даўно не прыходзіў ніхто з рыбакоў, прынамсі ў гэтым годзе дык дакладна ніхто, хоць без цяжкасці ўгадваліся на беразе шырокай канавы наседжаныя некалі рыбацкія месцы.
Рыба быццам чакала нас. Сяргей сам насадзіў белых тлустых чарвякоў на кручок Надзеінай вуды, даў ёй, і, пакуль настройваў дзве свае, Надзея з ціхім войканнем захаплення выцягнула з застылай чорнай вады бліскучую рыбіну.
— Ого! Які лінёк! — Сяргеевы вочы заззялі ад азарту, ён хутка зняў рыбіну з кручка, паправіў прынаду: — Сама цяпер, успомніла ўсё? Я таксама хачу!
— І табе хопіць! — адказала Надзея з усмешкай, дадала весела: — А я ізноў першая рыбіну злавіла, ага! — і па-дзіцячы паказала язык.
Дзве гадзіны, пакуль сонца не ўзнялося высока, мы вудзілі рыбу, і мне не хапала часу думаць пра нешта іншае, акрамя паплаўка: ён і на дзесяць хвілін не застываў у нерухомасці. І хоць рыбак з мяне атрымаўся ўрэшце самы няўдалы — мае падсечкі у асноўным былі халастымі, дзясяткі з два карасёў, краснапёрак і плотак я выцягнуў. І даволі ладных, іх прыемна было адчуваць у руцэ. Потым паклёўкі сталі больш рэдкімі і вялымі, нарэшце паплаўкі ўсіх нашых вуд замерлі.
Я ўжо каторы раз паглядаў уздоўж канавы, якая бегла ў бясконцасць балота, гублялася ў кустоўі. Нарэшце папрасіў Сяргея, каб паназіраў за маёй вудай, пайшоў берагам. Чым далей я заходзіў у балота, тым вусцішней рабілася вакол. І хоць быў зыркі сонечны дзень, незразумелая трывога панавала ў наваколлі. Дзікая глуш — упершыню я зразумеў глыбінны сэнс гэтых слоў. Ісці ўздоўж канавы было ўсё цяжэй: кусты густа разрасліся на берагах, іх трэба было абыходзіць, а на два крокі ў бок пад нагамі было ўжо тваніста. Не ведаю, што мяне цягнула сюды.
Канава паступова меншала: балота, некалі ўстрывожанае чалавечым умяшаннем у сваю спрадвечную ціш, зарубцоўвала нанесеныя раны — канава зарастала, зацягвалася. Яшчэ паўсотня метраў — і яе не стала ўвогуле, наперадзе была плоская змрочная раўніна.
Тут ніколі не касіліся травы, тут не хадзілі людзі. Ногі ў гумавых ботах, якія мне даў Сяргей, былі па шчыкалатку ў чорнай вадзе, я рабіў крок — і зямля спружыніла пад нагамі, калыхалася, хвалямі разыходзіліся ваганні. Я адчуваў: стаю, нібыта на тоўстай травяной коўдры, не надта трывалай, а пад нагамі ў мяне — чорныя халодныя нетры.
Працяжна крыкнула нейкая птушка, я ўздрыгнуў ад неспадзеўкі. Крык быў незнаёмы мне, я не ведаў, хто так крычыць. Ці птушка ўвогуле? Глуш не проста заварожвала, яна быццам высмоктвала з мяне думкі і жаданні, насычала незразумелай трывогай. Я думаў над тым, як жа страшна тут можа быць чалавеку, аднаму, калі ён заблукае, згубіць сцежку. Тут жа згінуць — і ніхто ніколі нічога не даведаецца…
Мне раптам падалося, што я пачаў гразнуць. Павярнуўся, выцягнуў адну нагу і цяпер ужо сапраўды пабачыў — другая нага амаль па калена ў вадзе. Даследчык! Я вылаяў сябе, ступіў крок і другі да колішняга берага канавы, а цяпер усяго больш-менш цвёрдага грудка, і там закурыў.
Чаму я сюды ішоў? Чаго не бачыў? Што хацеў зразумець? Проста цікава было?
Не… Іншае цягнула. Той кантраст між жывым горадам і гэтым пустэльным балотам. Гэтая неакрэсленая дакладна лінія падзелу на жывое і мёртвае. Дакладней, на жывое і па-іншаму жывое, бо балота ж не было мёртвым — вось, зноў крыкнула птушка… Здавалася неверагодным: за нейкія дзесяць кіламетраў ёсць горад і асфальтаваныя вуліцы, па якіх бестурботна ходзяць людзі, дзе няма ціхага аднастайнага звону камароў, ад якіх перастаў ужо ратаваць рэпелент і якія нахабна лезуць у вочы. Іншае, невядомае, небяспечнае і варожае жыццё існавала тут, а адкуль яно пачыналася? Я вось цяпер стаяў на цвёрдым нібыта грудку, але дзе гарантыя, што пада мной — не тая ж прорва, што тут не проста больш тоўсты слой той расліннай коўдры? І што мяне трымае тут, на паверхні? Адмерлае жыццё. Мінулае балота.
І як далёка прорва распаўзаецца адсюль? Хіба не стаіць горад на гэтым мінулым, хіба не жывём мы ўсе над прорвай? Там яна не адчуваецца, а вось тут засведчыла сябе пад хісткай плёнкай амаль прывіднай цвёрдасці…
Я бачыў перад сабой нечаканы працяг штодзённага звыклага свету, быццам нехта ўзняў мяне над зямлёй, і я змог упершыню пабачыць усю ваколіцу свайго, нібыта цвёрдага месца. Іншае жыццё, жыццё незвычайнае, невядомае, існуе.
Я павярнуўся і пайшоў да сваіх.
Надзея і Сяргей чакалі мяне: на траве бялела разасланая хусцінка, на ёй ляжалі прыхопленыя з сабой бутэрброды, стаяў тэрмас.
— Ідзі, есці будзем, — гукнула Надзея.
Сяргей за гэты час змяняў некалькі месцаў, мяняў прынаду, сыпаў звараныя крупы ў канаву. І дамогся свайго: пакуль я блукаў ўздоўж канавы, выцягнуў тры краснапёркі, цяпер чакаў, пакуль на падкормленае месца збярэцца рыба.
Мне не хацелася зараз засяроджвацца на рыбалцы. Было спакойна на душы ад майго невялікага адкрыцця: жыццё рознае і насамрэч зусім не такое простае, як здаецца. Думка ўвайшла ў маю свядомасць аксіёмай, цяпер заставалася спакойна перабіраць факты-карцінкі, дапускаючы самую неверагодную ў выніку.
Я адышоў крокаў на колькі ад вады.
— Вудзь за мяне, — кіўнуў я Сяргею. — Паляжу крышку.
— Ну падрамі сабе, — з разумением згадзіўся ён.
Я не стаў тлумачыць Сяргею, што мне хацелася зусім не драмаць.
Чаму мяне захацелі пазбавіць памяці? Пра што такое я даведаўся, што пачуў ад дачнікаў у Ляўдку, што можа быць небяспечным для іх? Акушэрка прызналася ў прыёме родаў? І яны зразумелі, што іх хлусня — быццам дзіця-гідрацэфал Насціна — лёгка можа быць раскрыта? Не, наўрад, яны ж загадзя прадумалі менавіта такое тлумачэнне. Тое непажаданае для іх было прамоўлена выпадкова… Яно не абмяркоўвалася перад сустрэчай. Яны чакалі ад мяне пытанняў пра жыццё і смерць Насці, пра іх адносіны з ёй, і рыхтавалі адказы. Якіх пытанняў яны не чакалі ад мяне? Успомнім…
Пэўная разгубленасць Федарука выявілася, калі я спытаў пра Яшчура. Занерваваўся? Так, крыху… Пра Цмока? Не, ён толькі здзівіўся, але адказваў, правільней, — збіраўся адказваць мне грунтоўна… Пераказваць міф. Стой! Тая рэпліка з месца перад гэтым! Федарук тады па праўдзе разгубіўся, заспяшаўся хутчэй нешта казаць. Так, я спытаў наконт дзіўнага месца ў іхнім міфе, калі там першапачаткова апісваецца абсурдная сітуацыя: певень не можа знесці яйка. І тады прагучалі словы… Як там было? «Тады пеўню трэба нарадзіцца курыцай». А калі гэта падказка, ключ?
Я рыўком устаў, на мяне азірнулася Надзея, усміхнулася запытальна.
— Усё добра, — кінуў я ёй. — Слухай, Сяргей, — гукнуў я, — кажуць, журналісты — самыя дасведчаныя людзі і ведаюць пра ўсё на свеце. Праўда?
— Няпраўда, — уздыхнуў ён, паклаў вуду, якую трымаў у руцэ, напружана сочачы за паплаўком, які ледзь-ледзь ляніва варушыўся. — Малькі гуляюць… Хопіць нам сёння рыбы, душа свята атрымала, згодныя?
— Не забывайцеся на ўмову: чысціце рыбу вы! — папярэдзіла Надзея, падышла да мяне, апусцілася побач на траву. — Таварыш следчы, якое пытанне замучыла?
Сяргей таксама падышоў і прысеў:
— Прафесія журналіста вымагае ведаць… вяршкі. Так во, нахапаешся ўсяго патроху. Пытайся, можа, некалі і ведаў ды забыў, паспрабую ўспомніць.
— А курыца можа стаць пеўнем? — сур’ёзна задаў я пытанне.
Сяргей нават не ўсміхнуўся, толькі глянуў на мяне пільна.
— Можа, — і пацвердзіў кіўком галавы. — Толькі не зусім.
— Гэта як? — насцярожыўся я ўнутры.
— Ну, значыць, будзе не зусім самцом, пісюн не вырасце, — усміхнуўся Сяргей. — Прырода — штука дзіўная. Вось сярод земнаводных змена полу — з’ява распаўсюджаная. Вядома, калі ўсіх самцоў трытонаў вынішчыць, дык некаторыя самкі ператворацца ў самцоў. Ёсць нейкія прыхаваныя механізмы і магчымасці…
— Дык а курыца? — нецярпліва вярнуў я Сяргея да сваёй тэмы.
— А курыца… Помніцца, было ў маёй практыцы такое. І пісалі мы нават пра такі выпадак. У адной бабулькі курыца стала пеўнем. Біёлагі тлумачаць лёгка, помніцца, шукаў абгрунтаванне. Калі ў вялікім гурце курэй няма пеўня, дык нейкая курыца можа пачаць сябе паводзіць як певень, робіцца лідарам. Пасля ў яе адрастае вялікі грэбень, хвост… Карацей, мяняецца знешнасць, яна набывае ўсе прыкметы пеўня. Адзінае — унутрана пеўнем не робіцца, апладняць іншых курэй не можа.
— Лесбіянка, — сам сабе радасна ўсміхнуўся я. — Але ж яна можа знесці яйка!
— Ну, мабыць, зможа, — паціснуў плячыма Сяргей. — А гэта важна?
— Важна, — замест мяне нечакана адказала Надзея. — Менавіта такая курыца і зможа знесці яйка, з якога народзіцца Цмок…
— І вельмі важна, што яна чорная, — пляснуў я ў далоні, падскочыў: — Я згодзен адзін пачысціць усю рыбу! Замест пляшкі, якую я вінен табе за такую інфармацыю, Сяргей.
— Ды калі ласка! Ведаеш, як добра думаецца пра забойствы, калі рыбу чысціш? Паехалі?
Дарогай я складаваў свае карцінкі-пазлы. Пакуль Сяргей разгружаўся, а Надзея рыхтавала посуд, адышоў да сябе, пераапрануўся і пазваніў той самай маладой дачніцы, Ганне Латышонак. Я быў упэўнены, што пасля нашай размовы, калі я злавіў яе на дробнай ілжы, яна будзе са мной максімальна шчырай. І яшчэ я званіў ёй таму, бо сярод тых сямі жанчын, якія цягнулі плуг, яе дакладна не было. Яна, відаць, замаладая для такога абраду.
Дзяўчыну, відавочна, спужаў мой сённяшні званок, але я знарок не стаў яе супакойваць, пакуль не распытаў пра ўсё, што яна магла ведаць. Многага, канешне, яна не магла мне распавесці, але галоўнае, яшчэ адзін пазл лёг на месца…
Чысцілі рыбу, смажылі на мангале, які Сяргей прывёз для Надзеі, але паставілі яго ў маім садку: усё ж тут было больш утульна. Піць было яшчэ зарана, пакінулі бутэльку каньяку на вечар. Праўда, Надзея хмыкнула ад такога нечаканага рашэння, але я папрасіў:
— А давайце яшчэ ў адно месца з’ездзім… Дык у знак салідарнасці з кіроўцам устрымаемся ўсе.
— Куды? — насцярожылася Надзея. Яна, відаць, разумела, якія думкі ў маёй галаве.
— Восенню мінулага года Насцю Грыцук святочна прыбіралі і вялі вуліцай вёскі ў карагодным коле пад абрадавыя песні ў гушчар лесу. Там, у старым кусце ляшчыны сядзеў Яшчур. Гэта мне толькі што паведаміла дзяўчына, адна з удзельніц абраду. І падказала прыблізна, у якім баку.
…Патрэбны стары куст ляшчыны мы пабачылі здалёк: на мностве тоўстых сцёблаў і маладых высокіх і гнуткіх парасткаў, з якіх некалі вясковыя хлапчукі рабілі хвацкія вудзільны, вісела мноства выцвілых ужо рознакаляровых стужак. Сам куст унізе меў дыяметр больш за метр, сярэдзіна яго была пустой. Ці то спецыяльна высеклі, ці то ад старасці спарахнелі, выгнілі ранейшыя сцёблы. Іх месца зараз займаў адмыслова высечаны з цэльнага бервяна, бадай, трон.
— Сяргей. А ну прысядзь, калі ласка, — папрасіў я. Ён паслухаўся без смешак, сам нямала ўражаны дзіўным відовішчам.
Кусты ляшчыны стаялі не блізка адзін ля другога, але ўся яны былі старымі, вялікімі, шырока раскідвалі свае галіны так, што ўверсе ўтваралася зялёная шапаткая столь. Сонца ўжо хілілася на захад, і тут быў амаль паўзмрок. Усё разам: нябачнасць неба над галавой, шэрая, амаль без расліннасці зямля пад нагамі, велічэзныя купы гнуткіх тоўстых і тонкіх сцёблаў нагадвала залу закінутага дзікунскага храма. Мы стаялі з Надзеяй побач, і нечакана я адчуў, як яна ўзяла мяне за руку, сціснула пальцы.
— Уражвае? — ціха спытаў я.
— Больш за тое, — ціха адказала Надзея. — Вось зараз я чую покліч скінуць з сябе адзенне і танцаваць перад ім. перад Яшчурам.
— Так і было. Мне расказала тая дзяўчына, сведка. Насця Грыцук у вялікім вянку, відаць, напоеная асаблівым адварам, кружылася тут у дзіўным танцы, аголеная. А ў кусце сядзеў Яшчур.
— І… хто ён? Ведаеш?
— Так. Яшчурам у той дзень быў Андрэй Дылько. Той самы паэт, які разбіўся, калі вёз труп немаўляці-гідрацэфала на могілкі. Тут быў абрад. Яшчуру перадавалі ва ўладу маладую цнатлівую жанчыну. Ён прыняў дар людзей. Тое было амаль роўна дзевяць месяцаў таму.
15.
Здольнасць да падману — найпершая здольнасць разумнай істоты, выпрацаваная інстынктам самазахавання.
Я прадчуваў, што акушэрка Антаніна Русецкая сёння не з’явіцца ў пракуратуру, і першы ж тэлефонны званок быў ад яе. Яна роблена павінілася і паведаміла: прыхварэла і зараз на бальнічным. Дзіўныя людзі: як яны спадзяюцца на гэты бальнічны літаральна ва ўсіх жыццёвых сітуацыях! Быццам паляжыш на бальнічным ложку, а невядомы дабрадзей у гэты час разгоніць хмары над тваёй галавой.
Тамара слухала мяне, гледзячы застылым позіркам за акно, не перабівала, нават не закурыла. Мяркуючы па ўсім, яна страціла ўсякую цікавасць да справы, і мне гэта было незразумела і прыкра. Нават факт пра групу крыві знойдзенага немаўляці яна ўспрыняла як чарговую непрыемнасць — ледзь варухнуліся куточкі яе вуснаў. Я нерваваўся, расказваў трохі блытана. Прамаўчаў пра здарэнне на лузе. Не хапала яшчэ пракурору ведаць пра тое, як мяне распранутага голая жанчына качала ў абдымках па зямлі.
— І што ты думаеш? — Тамара першы раз глянула на мяне. У вачах яе былі стома і абыякавасць.
— Зрабіць вобшук на дачы Федарука. Зараз жа.
— Няма сур’ёзных падстаў, — Тамара пакачала галавой. — Пасля паскардзіцца, а мне навошта вымовы перад пенсіяй? Ты фантазіруй менш, да зямлі бліжэй будзь, — ці то папрасіла, ці то папярэдзіла. — Паразмаўляй з ім яшчэ, ці дапытвай адразу. Вось калі знойдзецца нешта істотнае, тады і будзем абшукваць. Падлужнага выклікаў на допыт?
— На дванаццаць гадзін…
— Бяры машыну, едзь да Федарука. Прывязеш Падлужнага адразу. Усё чалавеку лацвей будзе, часу менш змарнуе.
Я выйшаў з кабінета раззлаваны. Я не разумеў, чаму так паводзіць сябе Тамара, але адчуваў, што яна ўжо прыняла нейкае невядомае для мяне рашэнне, каб хутчэй закрыць справу. Канешне, ёй не трэба «вісяк», а тут лёгка складваецца: маці загінула, бацька і дзіця — мёртвыя. Усё спішацца пры жаданні і ўменні. Пабачым!
Алесь Федарук чакаў мяне, сумненняў не было. Канешне, учора Ганна Латышонак паведаміла яму пра нашу з ёй размову. Я не збіраўся з’яўляцца перад Федаруком так, быццам вярнуўся з таго свету. У мяне хапала фактаў, каб без эфектнага з’яўлення прымусіць яго прызнаць паразу і больш не гуляць са мной. З тым я і ехаў у Ляўдок, настроены на жорсткую размову пераможцы з пераможаным. Шчыра кажучы, гэта цешыла маё самалюбства: я не мог не адчуваць раней перавагі Федарука ў розуме, інтэлігентнасці і не ўсведамляць, што мы з ім стаім на розных прыступках.
Я не паспеў вылезці з машыны, а Федарук ужо выйшаў з хаты і ішоў да веснічак — пачуў гук аўтамабіля. Мабыць, ён быў перакананы, што я не змагу патрапіць у дом. Дзівак.
— Прашу мне прабачыць, але ў нашым доме… — пачаў ён, але я спыніў яго, бо не збіраўся быць з ім ветлівым і далікатным:
— Вы збіраецеся чыніць перашкоды службовай асобе — следчаму пракуратуры? Вы за тое, каб я выклікаў нарад міліцыі?
Ён панурыўся, апусціў галаву, але не саступіў убок, загараджваючы сабою веснічкі. Узняў на мяне вочы — і я здзівіўся з яго позірку: у якім чыталіся пакутны боль і просьба.
— Я вельмі прашу вас выслухаць мяне, — выдыхнуў ён.
— Я пабачу ў вашым доме таго, каго там хаваеце. Паедзем у пракуратуру, і там вы будзеце гаварыць колькі захочаце, — жорстка паставіў я ўмову.
— Я вас вельмі прашу, вельмі. Прашу вас паслухаць мяне, і тады. тады прымайце рашэнне. Мой абавязак, апошняе, што я магу зрабіць, застаючыся ў рамках сваёй выхаванасці. А іначай. іначай вам давядзецца выклікаць нарад міліцыі. Я не змагу добраахвотна нікога пусціць у хату.
Алесь Федарук, інтэлігентны вучоны з акуратнай сівой бародкай і светлымі вачыма, гаварыў ціха і вельмі спакойна, і менавіта гэты спакой мяне пераконваў: так і будзе, ён не пусціць мяне. Абурэнне і злосць выбухнулі ў галаве — я выхапіў мабільнік, каб сапраўды зрабіць выклік. Зірнуў на Федарука і ў яго вачах цяпер прачытаў ужо не проста просьбу. Там была пакута: чалавек быццам падрыхтаваўся да смерці. І забойца — я. Гэтае імгненне зменшыла маю гняўлівасць, мільганула думка: «Я ж нічога не губляю, ніхто не ўцячэ. Можна пагуляць у велікадушнасць».
— Добра, давайце, я гатовы вас выслухаць.
— Тады, калі ласка, хадзем за дом. Там невялічкая альтанка, цянёк і зацішна, — з палёгкай, якую атрымаў асуджаны, прапанаваў-запрасіў Федарук, развярнуўся і пакрочыў. Я пайшоў следам. Праходзячы міма расчыненых дзвярэй, ён гукнуў у хату:
— Волечка, зрабі, калі ласка, каву, Два кубкі. Ці вам гарбаты лепш? — заклапочана павярнуўся да мяне.
— Каву, — машынальна адказаў я, дзівячыся з паводзін навукоўца. Не, зараз ён не гуляе. Яго прапанова — чыстая ветлівасць, прывітая тактоўнасць. Ён ведае: я зараз зруйную, вынішчу дашчэнту нешта невымерна важнае для яго, а глядзі — каву прапаноўвае…
У далёкім куце ўчастка, пад старой яблыняй з густой, шырока раскінутай кронай, стаяла новая альтанка, абгабляваныя сасновыя брускі яшчэ не згубілі сваёй смаляной жаўцізны. Невялічкая, але ўтульная, на нізкім століку стаяў адкрыты ноўтбук. Не для адпачынку бяздумнага, значыць, рабілася. Федарук жэстам прапанаваў мне месца — спінай да дома.
Некалі тут быў сад. За некалькі крокаў ад альтанкі заставаліся яшчэ дзве яблыні, вялікія і старыя. Цяпер такія ў садах не растуць, садзяць усё больш невысокія, кажуць, польскія. Трава расла вольна, густа аздобленая адцвілымі, рудымі кропкамі дзьмухаўцоў, якія праз дзень-другі спраўдзяць сваю назву лёгкімі пухнатымі галоўкамі. І праўда, тут было зацішна і ўтульна.
Пачуліся нягучныя крокі. Я азірнуўся і пабачыў амаль дзяўчынку з тварам сталай жанчыны — такая яна была маленькая і безабаронная. Падфарбаваныя валасы былі туга сцягнутыя на патыліцы ў вузел. Шыя тонкая, і ў глыбокім разрэзе светла-зялёнай сукенкі бледная скура была непрыгожа звялая, у сетцы тонкіх густых маршчын. Жанчына несла невялікі паднос з кубкамі, талеркай з печывам, збаночкам з малаком. І тое, як яна несла гэты паднос сваімі невялікімі рукамі з тонкімі пальцамі, выдавала ў ёй незвычайную для мяне шляхетнасць. Раптам успомнілася не да месца: вось такім жанчынам цалуюць рукі. Па праўдзе кажучы, у мяне ўзнікла імпульсіўнае жаданне дапамагчы ёй, але Федарук апярэдзіў мяне — ён устаў і прыняў паднос з рук жанчыны, паставіў яго на столік.
— Дзякуй, Волечка, мы тут самі далей. Мая жонка, Вольга Рыгораўна, — павярнуўся ён да мяне.
Я не чакаў ад сябе падобнай галантнасці, але раптам прыўзняўся і з лёгкім нахілам галавы прадставіўся жанчыне:
— Васіль Шайбак, следчы пракуратуры.
Вольга Рыгораўна адказала мне ветлай усмешкай куточкамі вуснаў. І хоць позірк яе цёмных вачэй быў хваравітым, там была спагада. Яна пайшла, дробна пераступаючы нагамі з маленькімі ступнямі. І толькі цяпер я звярнуў увагу: на ёй былі не пляжныя шлёпанцы, не стаптаныя пантофлі ці які іншы «дачны» абутак, а туфлікі. Яна толькі прыехала аднекуль?
— Адчувайце сябе смела, калі ласка, — запрасіў Федарук. — Цукар, малако.
— І што вы хацелі мне паведаміць? — я насамрэч расслабіўся, адчуваючы атмасферу шчырай добразычлівасці ў дадатак да сваёй упэўненасці.
— Патлумачыць усё, што вам неабходна, — цяпер ужо спакойна адказаў Федарук. — Я разумею, многае вам ужо вядома, але ж засталіся пытанні…
— Так, некаторыя пытанні ў мяне засталіся, — згадзіўся я. — І я хацеў бы пачуць на іх адказы. Але з адной умовай.
— З якой? — зацікаўлена глянуў на мяне Федарук.
— Адказвайце без усякай. містыкі.
— Цікава-цікава.
Федарук пабоўтаў лыжачкай у кубку, дастаў яе, паклаў асцярожна на край сподачка. Выпрастаўся, абапёрся на спінку лаўкі, склаў рукі на грудзях і хутка запытаўся:
— А што вы разумееце пад містыкай, малады чалавек?
Я ўсміхнуўся, даруючы яму гэтае імгненнае вяртанне ў свой звычны стан навукоўца. Трэба аддаць яму належнае — ён зразумеў маю ўсмешку, сеў, як і сядзеў, вінавата працягнуў:
— Прашу дараваць мне маю такую рэакцыю. Ведаеце, многа гадоў перад студэнтамі. Прабачце, як мне да вас звяртацца? Таварыш следчы?
Я паціснуў плячыма. Чаму б мне не пабыць велікадушным далей?
— Калі я ў вас частуюся кавай, называйце Васілём. проста Васілём — розніца ў гадах дазваляе.
— Дзякуй, дзякуй. Дык вось, Васіль, вы мне прабачце, але ж я хачу даведацца, каб пасля не звяртацца да містыкі, як вы кажаце. Што для вас містыка?
— Ды рознае вядзьмарства, у якое, бачу, ёсць многа ахвотных верыць, — патлумачыў я.
— Выбачайце, я падумаў, вы адносіцеся да так званага вядзьмарства трошкі з большай павагай. пасля некаторых падзей. Безумоўна, мне трэба прызнаць сваю віну за ўчарашні выпадак. Але пра яго можна пагаварыць пазней, калі пажадаеце, я вам усё патлумачу.
— Кіньце, Алесь Тарасавіч, — сам таго не заўважаючы, звярнуўся я да Федарука паважліва. — Я ачмурэў ад элементарнага наркатычнага настою. А голыя цёткі, плуг, баразна — антураж фокусніка.
Я не маніў сабе ў той момант: вось цяпер, у дзённым святле, мне і сапраўды так падавалася. Ноччу псіхіка не справілася з наркатычнай атрутай. Мне трэба было ўсяго толькі выспацца.
— Не буду, не буду вас пераконваць у іншым. Але скажу: містыка, як вы кажаце, — вакол! І зараз, тут, перад вамі.
— Напрыклад?
— Піце каву, астывае, — Федарук пацягнуўся сам да кубка, зрабіў глыток. — Прыкладаў процьма, паважаны Васіль. Містыка — гэта тыя з’явы ў жывым свеце, якія мы не можам вытлумачыць. Вось і завём іх такім словам. Містыка — катэгорыя пакуль неразгаданых сувязей прычын і наступстваў. Усё!
— Няхай так. Што наконт прыкладу тут і цяпер?
— Ага, прыклад… — Федарук сеў прама, пачаў хутка і дробна круціць галавой вакол. — Вось! Яблыня!
— Містычная? — усміхнуўся я, крыху заінтрыгаваны. Што ж такога містычнага ён мне тут пакажа?
— Яблыня, так, менавіта яблыня, — упарта пачаў Федарук. — Калі мы тры гады таму прыехалі сюды, усе яблыні амаль здзічэлі. Вы ж ведаеце гэты цікавы працэс: як толькі сядзіба пусцее, яблыні хутка дзічэюць. Менш цвітуць, плады робяцца дробнымі, страчваюць свой культурны смак. А вяртаецца чалавек — і праз колькі гадоў яблыня зноў робіцца, скажам так, хатняй. Вам жа тое вядома, так?
— Ну, так, — мусіў згадзіцца я.
— Дык хіба не містыка? Адкуль яблыня ведае пра тое, ці ёсць у яе гаспадар? Ні вачэй, ні вушэй. Расліна ўсяго. А яна вось так чуйна, няхай і марудна, але адгукаецца беспамылкова на прысутнасць гаспадара. Вы можаце патлумачыць?
— Не магу. А гэта важна?
— Як прыклад — важна! — упэўнена выгукнуў Федарук. — Дык вось, калі я скажу вам, што ў яблыневых семечках знаходзіцца рэчыва, якое літаральна атручвае глебу, атрута трапляе праз карані ў сістэму дрэва, што застанецца ад містыкі? Ніхто не прыбірае паданак — вось і ўся містыка.
— Не разумею пакуль ход вашых думак, — прызнаўся я. — Які з гэтага вынік?
— Тое вынікае, паважаны Васіль, што няма ні вядзьмарства, ні містыкі — а ёсць з’явы ў жывой прыродзе, у сістэме чалавечых адносін, якія маюць месца, але пакуль (звяртаю ўвагу — пакуль) не могуць быць намі патлумачанымі. Як і тыя ж забабоны і прымхі, над якімі мы сёння смяемся. Да прыкладу, вы ж ведаеце, напэўна: нельга нежанатым садзіцца на рог стала?
— Чуў, — усміхнуўся я. — Праўда нельга?
— Канешне! І патлумачылі тое, калі адкрылі статычную электрычнасць. Натуральная шэрсць і футры жывёл у адзенні — усё гэта вельмі моцна электрызавалася. А статыка мае ўласцівасць сцякаць да краю, вастрыя. Чалавек сядаў на кут і мог атрымаць электрычны разрад. Куды? Жанчына — у чэрава, мужчына — у вобласць прастаты. Ток невялікі, але ўдар мог быць вельмі моцным. Стрэс. бяздзетнасць. І калі вось так пільна глянуць на гэтыя нібыта забабоны, то высветліцца, што ўсе яны маюць сэнс, няхай пакуль і схаваны ад нас у большасці выпадкаў.
Шчыра кажучы, мяне ўразілі тлумачэнні сваёй нечаканасцю і прастатой з адначаснай дасканаласцю. Але рэаліст ува мне супраціўляўся:
— Вам засталося патлумачыць прарочыя сны.
— Прыйдзе час! І амаль прыйшоў, — быццам толькі і чакаў такі скепсіс Федарук. — Сённяшняя квантавая фізіка, вы ж ведаеце пра такую, літаральна з ног на галаву ставіць наша ўяўленне пра сусвет. Элементарная часцінка можа быць адначасова ў двух месцах, і значыць, існаванне паралельнага свету — не фантастыка. Нядаўнія эксперыменты выявілі: у мікрасвеце працэсы, якія мусяць адбыцца, уплываюць на існуючы стан рэчываў! Будучае ўплывае на сучаснасць! Навуковы факт. То чаму здзіўляцца, калі нашы продкі перадалі нам у карыстанне такую вядомую прыкмету: вернешся назад — чакай непрыемнасцей. Гадоў праз колькі механізм гэтай прыкметы будзе такі ж просты, як і прадказанне дажджу па ластаўках. Але многага пакуль нельга патлумачыць. Таму, калі я буду вам казаць, што чагосьці не ведаю, я прызнаюся ў гэтым шчыра. Я навуковец, мне нельга саромецца нечага не ведаць.
— Дзякуй за шчырасць.
— Няма за што дзякаваць, праўда. Ці магу я вас папрасіць? — Федарук пільна паглядзеў мне ў вочы, з павагай: — Вы ж зрабілі для сябе нейкія вывады з усёй. гісторыі. І не памыліліся пакуль, — тут ён уздыхнуў. — Мне цікава ведаць ход вашых думак, разважанняў. Прашу мне прабачыць, я не пытаюся пра нейкія сакрэты следства. Мне здаецца, вы не да канца прайшлі.
— Так, пакуль не да канца, — не стаў хаваць я праўды. — Але дайду.
— Не сумняваюся. Дык важнай падказкай стала рэпліка аднаго нашага сябра?
— Калі вы пра пеўня, які зможа знесці яйка, калі народзіцца курыцай, то так.
Федарук уздыхнуў, хоць асаблівага шкадавання я не заўважыў.
— Сталася, дык сталася. Рана ці позна. Вы маеце ўчэпісты розум. Калі вы ўспомнілі пра Трою, пра тое, што кожны міф можна разглядаць як завуаляваны факт, я зразумеў, што вы дойдзеце да ісціны.
— Так, тая рэпліка паскорыла следства, надала правільны кірунак, — згадзіўся я, адчуваючы прыемнае казытанне самалюбства. — Хоць, скажу вам шчыра, спачатку я быў перакананы, што вы ўсе звязаныя з нейкай сям’ёй ці, горш за тое, групай з іншай краіны, якая замаўляе тут дзяцей. А іх выношваюць сурагатныя маці. Усё падыходзіла: цяжарнасць у вялікай тайне, той факт, што Насця — лесбіянка, але выношвала дзіця.
Сумненні пачаліся пасля таго, як я даведаўся пра Цмока. Насця ў перапісцы са сваёй сяброўкай прызналася: ёй трэба нарадзіць гэтую істоту. Мне патлумачылі пра міф. Стары Зміцер, бацька Насці, нечакана сказаў, што калі дачка выйшла замуж за Яшчура, дык і мусіць нарадзіць Цмока. І тут вось гэтая падказка: каб певень знёс яйка, ён павінен нарадзіцца курыцай. У прыродзе, кажуць, здараецца, калі курыца можа прыняць выгляд пеўня, але не страчвае пры гэтым магчымасці несці яйкі. Атрымалася, у міфе нічога нерэальнага не было. Насця нарадзілася хлопчыкам у целе дзяўчынкі, ведаю, прырода іншы раз так жорстка жартуе з людзей.
— Значыць, вы, скарыстаўшы прыродны факт, паклалі міф на рэальную глебу.
— Калі хочаце, хай будзе глеба. Так, калі ў прыродзе чорная курыца можа ператварыцца знешне ў пеўня, значыць, у міфе пад ёй можа хавацца жанчына-лесбіянка. Чорная — у дадзеным выпадку не колер, а вядзьмарства, бо ведзьмакі — чорная сіла ў вачах хрысціянства. Такім чынам, Насця і была тым самым чорным пеўнем, які павінен быў знесці яйка. Вяскоўцы бачылі, як неяк восенню менавіта Насця стала цэнтральнай фігурай аднаго з абрадаў, якія вы тут ладзілі сваім гуртом. Аддалі яе Яшчуру. Ад восені да сёння — тыя самыя месяцы для выношвання дзіцяці. А пасля я атрымаў і пацвярджэнне сваіх разваг ад Ганны Латышонак, пабачыў і само месца. Прызнаюся: уразіла… Ведаю сёння, хто быў бацькам. Той паэт, Андрэй Дылько.
У мяне засталося некалькі пытанняў, і адказ на іх я хачу пачуць ад вас. Як я зразумеў, вы тут галоўны, «Капітан», значыць, вы прыдумалі гэтую казку з Яшчурам, абрадам, нараджэннем Цмока. Я хачу ведаць, з якой мэтай вы ўгаварылі няшчасную дзяўчыну ці купілі яе згоду вынасіць дзіця. У вас, вучоных, я ведаю, хай дзіўныя, але вельмі канкрэтныя мэты. Тое немаўля, труп якога вёз на могілкі паэт, не Насця нарадзіла. Жанчына з першай групай крыві не можа мець дзіця з чацвёртай. Паколькі за ўсім стаіце вы, то дзіця Насці павінна быць у вас. Чыё дзіця вёз Дылько?
Я замаўчаў, даючы зразумець Федаруку, што чакаю ад яго адказу. Ён памарудзіў з хвіліну, некалькі разоў змочваў вусны кавай з кубка.
— Не казка гэта, шаноўны Васіль, — нарэшце выдыхнуў ён, адставіў кубак. — Вось вы вельмі правільна паклалі частку міфа на рэальную глебу. Вы ўжо прабачце мне. Давайце разам паспрабуем гэтак жа разабрацца з астатнім у міфе. Вам жа расказвалі: Цмок — істота загадкавая. Як яго прыручыць, дык будзе ахоўваць, прыносіць скарбы, бараніць ад ворагаў. Давайце глянем з практычнага боку, уявім, Цмок — не нейкая міфічная істота, а рэальная. Хто ёй можа быць? Хто бароніць, ахоўвае чалавека і прыносіць яму дабрабыт? Пры гэтым улічым вось які факт. Вам як чалавеку адукаванаму, вядомыя ж ліштвы на вокнах вяскоўцаў у мінулым. Ды і сёння дзе-нідзе засталіся яшчэ старыя разьбяныя. Вось той выкручасты ўзор наверсе на многіх ліштвах — гэта, шаноўны Васіль, выявы Цмокаў. Так-так, дзе надта моцна стылізаваныя, а дзе без праблем пазнаюцца крылатыя змеі — Цмокі.
Я вам крышку патлумачу яшчэ. Акно для нашых прашчураў — асаблівая рэч, выйсце ў іншасвет. З чыста практычнага боку — самае небяспечнае месца, бо праз яго ворагу так лёгка патрапіць у дом. Міф кажа нам, што выява Цмока над вокнамі — шанаванне магутнай сілы і адначасова разлік на яе спагаду. А з практычнага боку? Калі і ты, і я, і ён маем адзін знак, значыць, мы належым да нейкай супольнасці, так? Значыць, мы разлічваем на адну нейкую істоту. Атрымліваецца, той самы Цмок — наша агульная абарона і надзея на шчасце. А сёння на каго мы разлічваем, з кім звязваем спадзяванні? Ёсць у нас нешта, што было б знакам нашай супольнасці, што можна павесіць, напрыклад, у хаце?
— Абразы, — паціснуў я плячыма. — Разлічваем на Бога.
— Так, канешне, але ж рэлігія тут не трэба. Мы цвяроза думаем, мы стаім на рэальнай глебе.
— Тады дзяржаўны сцяг, — усміхнуўся я.
— Менавіта! — нечакана радасна ўсклікнуў Федарук. — Менавіта так і ёсць — і Цмок над вокнамі быў тым самым сцягам, агульным знакам!
— Дык Цмок — кіраўнік дзяржавы? — з сарказмам запытаўся я. — От вы далі.
— Тады не было дзяржавы ў нашым разуменні, — мякка запярэчыў Федарук. — Не кіраўнік, але галоўны. На каго разлічвалі, хто карыстаўся агульным аўтарытэтам. Быў самым моцным, але не проста фізічна моцным, а духам, розумам.
— Лідар?
— Так, лідар. Бачыце, вы самі дайшлі да разумнага тлумачэння Цмока. За сотні гадоў вынішчэння паганства той самы лідар, на якога спадзяваліся, які сапраўды даваў людзям лепшае за ранейшае жыццё, ператварыўся ў чароўную істоту, дабрабыт звёўся да скарбаў, воля — да абароны.
Я асэнсоўваў пачутае і не верыў: няўжо ён кажа сур’ёзна? Няўжо навуковец, інтэлігент, разумны і адэкватны чалавек насамрэч вырашыў.
— Вы вырашылі з дапамогай Насці нарадзіць нашай краіне лідара? Будучага прэзідэнта?
Я быў настолькі ашаломлены агучанай высновай, што нават не ўсміхнуўся.
— Але ж Шліман паверыў у Трою, — без усмешкі адказаў Федарук. — Але ж чорны певень змог знесці яйка.
— Чакайце, чакайце. Вы сур’ёзна кажаце? Вы — навуковец.
— Менавіта таму, што я навуковец, я ўсё кажу і раблю сур’ёзна.
— Добра, няхай так. Значыць, план ваш цяпер ясны і зразумелы: Насця нарадзіла Цмока. Хто яе забіў?
Федарук уздрыгнуў ад майго жорсткага пытання.
— Не ведаю. Кажу праўду: мы самі вельмі. напужаныя. Мы не разумеем, хто і чаму яе забіў.
— Ну як жа? Забі маці Цмока — хто яго будзе гадаваць? Развальваецца ваш. эксперымент па гадаванні прэзідэнтаў.
— Вы ж помніце міф, паважаны Васіль, яйка, якое знёс чорны певень, трэба тры гады насіць мужчыну пад пахай. Тады вылупіцца Цмок.
— І гэта значыць нешта? Мне расхацелася разгадваць загадкі.
— Выбачайце, калі ласка, я вас перамучыў. Гэта значыць: дзіця да трох гадоў павінна расці пад наглядам мужчыны, сям’і. І ніхто з чужых не павінен ведаць і бачыць дзіця. Ніхто. Міф не кажа непасрэдна пра неабходнасць выхавання яго маці.
— Чаму да трох? — толькі і знайшоў што спытаць я.
— Бо да такога ўзросту фарміруецца асоба чалавека. Нашы продкі тое ведалі і нам пераказалі. Вучы дзіця, пакуль папярок лавы ляжыць. Тады былі шырокія лавы.
Я памаўчаў, запытальным рухам дастаў пачак цыгарэт, пабачыў згодлівы ківок Федарука і закурыў.
— А вас. не задавальняе сённяшні кіраўнік краіны?
— Не, — проста адказаў Федарук. — Каб вы не пыталіся чаму, патлумачу адразу. Я, як і большасць тых, хто разумее сутнасць з’яў апошніх дзесяцігоддзяў у нашай дзяржаве, бачу працэс знішчэння беларусаў як нацыі. Не буду вам нічога тлумачыць больш, і спрачацца не будзем, гэта маё не меркаванне, а перакананне. Цяпер над краінай ноч. Сапраўдная ноч.
— Вам дрэнна жывецца? — спытаў я і сам адчуў літаральна пошласць свайго пытання.
Федарук не стаў стрымлівацца — ён паморшчыўся, як ад кіслага:
— Паважаны Васіль, вы зараз спыталіся з узроўню бамжа ці зацюканай бабулькі. Не рабіце больш так. Калі людзі кажуць, што іх хвалюе страта нацыянальнага складніка грамадствам, недаравальна разумнаму чалавеку пытацца пра іх матэрыяльнае становішча ці іншыя выгоды.
Я пачаў злавацца, каб прыглушыць сваю прыкрасць.
— Я быў па-за палітыкай і па-за ёй буду заставацца. Ведаю дакладна адно: ніякае дасягненне шчасця для ўсяго чалавецтва не можа быць апраўдана, калі яно будзе прычынай хаця б адной слязы дзіцяці. Бо калі дазволім адну слязу сёння, заўтра дазволім слёзы тысяч дзяцей. А тут — забойства!
— Прабачце, Васіль, нават я са сваёй навуковай дзейнасцю, якая тычыцца мінулага, не магу быць па-за палітыкай. А вы — вы маеце самую непасрэдную справу з яе вынікамі. Бо палітыка — штодзённае наша жыццё, а не толькі маніфестацыі і плошчы. Я не паверу, быццам вы не бачыце, з якой хуткасцю дэградуе грамадства па ўсіх кірунках, не заўважаеце росту бесчалавечных, невытлумачальных з’яў, якія сустракаюцца непасрэдна ў вашай прафесійнай дзейнасці. Вас не бянтэжаць дзікунства ўчынкаў, паўсюдная бездухоўнасць? Ці вы думаеце, што вас тое не тычыцца? Сёння — так, пакуль вы і ваша жыццё належаць толькі вам аднаму. А прыйдзе ж час — у вас будзе сям’я, дзеці. Так, тады вы паглядзіце на прычыны і наступствы інакш. Прабачце за чытанне вам маралі. Не будзем больш пра гэта, бо я дакладна зразумеў: нельга нікога давесці да асэнсавання рэчаіснасці словамі. Толькі сам чалавек даходзіць, праз свой вопыт.
Мне трэба было пытацца далей пра тое дзіця-гідрацэфала. А я не мог прагнаць ад сябе крыўднае пачуццё сваёй непаўнавартаснасці — менавіта яго я адчуў пасля слоў Федарука пра палітыку. Ён меў рацыю, як бы я ні пераконваў сябе ў іншым: я як следчы пракуратуры, меў самае непасрэднае дачыненне да палітыкі, бо менавіта яна давала мне работу. Мімаволі ўсплылі ў памяці «недакуркі» і сярод іх бамжыха, якая згарэла ў закінутай хаціне, тая жанчына, якая зарэзала свайго былога мужа пасля гвалту з сябе, старшакласнік, які здзейсніў суіцыд, бо не мог больш трываць п’яныя скандалы дома. І падобнага не становіцца меней. Кожны студэнт юрфака ведае: у Ісландыі ў асобныя гады няма ніводнага злачынцы ў адзінай на краіну турме — няма работы следчым! А мяне наша палітыка корміць, поіць і апранае. Я здолеў праглынуць прыкрасць — няхай сабе думае як хоча, у мяне свая праўда. Ды ўсё ж перайсці непасрэдна да справы, не задаўшы пытання, якое вярэдзіла душу, не змог.
— Паслухайце. Не будзем, сапраўды, абмяркоўваць стан рэчаў. Пра іншае хачу спытаць. Як вы, разумныя людзі, паверылі ў такі вось казачны спосаб нараджэння і выхавання нацыянальнага лідара? Гэта ж. далібог, для дзяцей!
Федарук моўчкі глядзеў на мяне, быццам вывучаў асаблівасці твару, потым пацягнуў да сябе ноўтбук і, пстрыкаючы мышкай, загаварыў:
— Паважаны Васіль, вось вы — следчы пракуратуры. Вы за сваё жыццё адказвалі за дзясяткі лёсаў людзей. Каб стаць следчым, вы вучыліся, атрымалі адпаведнае выхаванне. Але не кожны можа стаць следчым, нават калі і вучыцца надта добра, праўда? А вось прэзідэнт краіны. Ён у адказе за лёс нацыі, народа. Амаль дзясятак мільёнаў жыццяў. Адчуваеце розніцу, так? А цяпер скажыце: добра было б, калі б на пасаду следчага выбіралі галасаваннем?
— Ну вы параўналі, — хмыкнуў я.
— А вы не спяшайцеся. Зазірніце ў гісторыю ўсіх часоў і народаў: хіба фараон мог нарадзіцца і вырасці ў простай сям’і? А рымскі імператар дзе выхоўваўся і кім нараджаўся? Каралі і цары?
— Выбачайце, шаноўны, але вы, здаецца, не бераце ў разлік звычайнае сённяшняе дэмакратычнае грамадства, — з сарказмам заўважыў я.
— Канешне, не бяру, — згадзіўся Федарук. — Бо ў сапраўды дэмакратычных краін — стогадовая эвалюцыя грамадскай супольнасці, якой наш народ у новым часе не ведаў зусім.
— І вы адзін вырашылі ратаваць нацыю.
— Не адзін, — нечакана горача загаварыў Федарук. — Вы думаеце, ідэя нацыянальнага лідара не жыве ў галовах і сэрцах людзей? Памыляецеся! Зірніце наўкола, на нашы палітычныя кампаніі — менавіта ад асэнсавання немагчымасці выбраць сапраўднага кіраўніка са свайго атачэння ў нас знікла вера ў змены! Мы ведаем, якія мы, — і разумеем: нікому з нас не стаць тым лідарам, які павядзе народ, якому павераць. Бо мы выраслі, скажам так, на аднолькавых дражджах. Мы слабыя, бо мы не верым самім сабе. Мы ніколі не рабілі нечага дзеля аддаленай будучыні, дзеля сваіх нашчадкаў, хіба што грошы адкладвалі на рахункі. У нас ніколі не было вялікай агульнай справы, такой, якая б захапіла хоць частку нацыі, хоць тую праслойку інтэлігенцыі. Справы, дзеля б якой ахвяравалі, у якую верылі так, каб ведаючы, што не пабачаць пладоў сваіх высілкаў, ды высільваліся дарэшты. І таму мы павінны ўспомніць вопыт нашых продкаў. Не смейцеся, калі ласка. Я не магу сёння патлумачыць, чаму менавіта так трэба рабіць, але перакананы: толькі так і трэба. Бо ў міфах — навука і вопыт… Вы пісалі калі-небудзь вершы? — нечакана спытаў ён. — Любіце паэзію?
— Не, не пісаў, — прызнаўся я. — А паэзію люблю. Некалі вельмі ўразіў верш Куляшова… пра каханне. Запомніў.
— Я да чаго. Паэты — амаль усе прарокі. А грамадзянская паэзія — выразнік не сфарміраванага канчаткова, не выказанага яшчэ словамі грамадскага памкнення, канцэнтрацыя думак. Я вам тое з усёй адказнасцю кажу. Дык вось, мне не так даўно трапіўся дзіўны верш. Паслухайце, калі ласка.
Ён нахіліўся блізка да экрана ноўтбука, мабыць, з-за блізарукасці, пачаў чытаць, сцішаным голасам, хоць кожны радок прамаўляў выразна, з прыхаванай экспрэсіяй:
Ты кажаш, голкай цэнзуры зашыты твой рот, і ванітоўней, чым сёньня, ужо ня будзе. А па мне, ўсё ў тваіх руках, пакладзеных на жывот: нарадзі прэзыдэнта, якога хочаш, — сабе і людзям. Ты кажаш, Народ і Мова заняпалі дашчэнту Дык за чым затрымка? Нарадзі прэзыдэнта. Скажы сабе: «Як спадарыні Лінкальн і Кенэдзі», — і нарадзі. І ён вырасьце й зможа ўсё зло на сьвеце змагчы: Папа Рымскі будзе сядзець ля яго зьлева, Голуб Міру будзе сядзець у яго на плячы, а ля ног яго — Брытанская каралева, — бо вы малайцом, мамаша, усё зрабілі, як трэба, і цяпер усё будзе іменем Айца і Сына, І арол дэмакратыі будзе лунаць над тваёй краінай, хоць, магчыма, там будзе банальнае мірнае неба. І ты — прычына таго, што здохла нешта вялікае ў лесе — прымаючы ў пасьляродавым журналістаў маленькімі групкамі, адмовішся ад вілы ў Ніцы й на радасьць кансэрватыўнай прэсе аддасі перавагу хутару недзе пад Крупкамі. Ты пасадзіш ля хаты півоні, флоксы і мак. Ён штурхаецца ножкай — гэта харошы знак. Адчуваеш — ва ўлоньні віруе плацэнта? Нарадзі прэзідэнта.Федарук замаўчаў, павярнуўся да мяне:
— Вы зразумелі?
— Што я павінен зразумець? — здзіўлена запытаў я. Па праўдзе кажучы, мне ўжо пачала надакучваць наша размова.
— Гэты верш. Яго напісала жанчына, маладая. І ў ім — тое падсвядомае імкненне ўсяго грамадства, гэткае калектыўнае падсвядомае: будучага кіраўніка трэба нарадзіць і вырасціць. Нам, мы ў адказе за яго нараджэнне і выхаванне. І жанчына выказала падсвядомае ў канкрэтных словах. Значыць, не толькі мы тут задумаліся над гэтым. Бяда ў тым, што мы баімся рабіць нават такі, не гвалтоўны, не рэвалюцыйны крок.
Я не мог не спытаць і спытаў, хоць пытанне было сугучнае з тым маім ранейшым пра тое, ці дрэнна яму жывецца:
— Прабачце, вы можаце пакрыўдзіцца, але шчыра не разумею, таму пытаюся: чаму вы? Незадаволеных — тысячы і больш. І ўсе чакаюць, спадзяюцца на нешта… ну, на нейкія дэмакратычныя, эвалюцыйныя працэсы. А вам навошта? Тут жа і рызыка пэўная.
— І рызыка, — лёгка, са скрухай згадзіўся Алесь Федарук, памаўчаў колькі, паціраючы сваю бараду, прадоўжыў: — Вось у вас, Васіль, ёсць такое разумение: няведанне законаў не вызваляе ад адказнасці, так?
— Так, канешне, гэта — адно з асноваў усіх заканадаўстваў свету.
— І лухта ўсіх заканадаўстваў, бо такая норма супярэчыць агульначалавечаму! — выгукнуў пераканаўча Федарук. — Яшчэ дзве тысячы гадоў таму Хрыстос данёс галоўныя для ўсіх законнікаў словы: «Прабачце ім, бо яны не ведаюць, што робяць». Разумееце, Васіль? Адказнасць ляжыць не на тым, хто робіць, але не разумее, што робіць, але на тым, хто разумее, ведае, усведамляе, але не робіць! Вось галоўны стрыжань жыцця чалавека, які думае. Ты больш ведаеш і глыбей разумеет — на табе большая адказнасць. Звярніце ўвагу: Хрыстос не казаў пра магчымасці, але толькі пра веданне. Значыць, няма апраўданняў таму, хто сваё бяздзеянне хавае за сцяной штучных межаў для дзеяння. — Федарук нечакана панурыўся, абхапіў рукамі галаву. — Нам Васіль, не вам, а нам — інтэлігенцыі, творчай найперш, за ўсё і адказваць. Прыйдзе час. Ці можа на тым нейкім свеце, няважна, як яно там выглядаць будзе, можа, Пятро спытае, можа — на чашу паставяць, на патэльню, у бочку апусцяць, але ж… Не спытаюць рабочага ад станка і селяніна з касой: чаму яны між «Пагоняй» і больш-менш стабільным жабрацкім існаваннем выбралі апошняе. З нас спытаюць — з тых, хто ведаў, да чаго вядзе такі выбар. І з мяне самы галоўны суддзя спытае — мой нашчадак: чаму я, такі разумны, які ведаў усю значнасць нацыянальнага, не патлумачыў, не давёў тым рабочым і сялянам, што выбіраць трэба найперш сваё існае, а каўбаса танная — тое другаснае. Вось чаму, Васіль.
— Зразумела, — з сухой жорсткасцю выціснуў я, даючы Алесю Федаруку зразумець: наша інтэлігентная размова на тэму лідараў і лёсаў нацый завершана. Неспадзявана мяне кранулі яго словы. Я ўрэшце дакладна пабачыў тую прорву, якая ляжала між мной і Алесем Федаруком. Не спадчынная інтэлігентнасць, не веды і адукацыя, не шляхецтва ў паводзінах, а менавіта здольнасць адчуваць у сабе адказнасць за іншых, за краіну. Гэта было незвычайна, але ў нейкі момант і мне захацелася прычыніцца да такой звышзадачы: лёс нацыі. І тут хавалася ўся дылема: адказнасць адначасова і ўзвышала ў асабістых вачах, але ж і абавязвала, рабіла залежным ад нечага, цалкам пакуль незразумелага. Я пачуваў сябе вельмі некамфортна, таму зазалаваў. — Я выслухаў вас. Вы сказалі ўсё?
— Так, здаецца, так. Калі ў вас няма пытанняў.
— У мяне ёсць пытанні, але, баюся, яны куды больш дробныя, чым ваша жаданне выратаваць нацыю, — я не стаў хаваць свайго скепсісу да ўсяго пачутага. — Вы вырашайце свае задачы, а я буду свае. І калі вы — у межах закону, дык вам няма чаго баяцца адказваць шчыра.
— Я насамрэч зрабіў усё, што мог, — са скрухай адказаў Федарук. — Мне вельмі шкада. Хоць я і прадбачыў такі вынік нашай размовы. Я гатовы адказваць шчыра.
— Добра. Вы для ажыццяўлення сваёй ідэі нараджэння будучага нацыянальнага лідара ўгаварылі Насцю Грыцук зацяжарыць і нарадзіць дзіця?
— Так. Насця згадзілася.
— Вы абяцалі ёй грошы?
— Не, яна, у адрозненне ад вас, паверыла ў сваю місію.
— Бацькам дзіцяці быў Андрэй Дылько?
— Так.
— Дзе дзіця Насці Грыцук?
— Вам тлумачыла акушэрка: яно памерла.
Я ўспыхнуў:
— Мы ж дамаўляліся! Вы ведаеце, па крыві памерлае немаўля не магло быць народжана Насцяй Грыцук! Зноў гульня?
— Не гульня, — ціха, але ўпарта прагаварыў Федарук. — Па дакументах, якія былі складзены акушэркай Антанінай Русецкай, дзіця нарадзілася. нежыццяздольным.
— Вось як? Баюся, вам давядзецца адказваць за ілжывасць сваіх слоў, калі будзеце ўпарціцца, — прыгразіў я. — У вас у хаце дзіця? Чыё яно?
— Наша. Маё і Волечкіна.
— Ваша? — я гатовы быў закрычаць на яго. — Вы… Вы нарадзілі дзіця ў такім узросце?
— Так, — без эмоцый, гледзячы за маю спіну, адказаў Федарук. — Волечка зацяжарыла. І нарадзіла вось тут, але афіцыйна была на ўліку, вы можаце праверыць.
— І не зрабіла аборт? Вы ж ведаеце, што нараджаць у такім узросце смяротна небяспечна для жанчыны, дый зношанасць арганізмаў мужа і жонкі, дзейнасць шкодных звычак за столькі гадоў жыцця, паломка генаў. Верагоднасць нараджэння здаровага дзіцяці менш за дзесяць працэнтаў, — заспяшаўся я, выказваючы сваё шчырае здзіўленне, і раптам змоўк — усё стала на месца. — Гэта ваша жонка нарадзіла гідрацэфала. А вы забралі сабе дзіця Насці.
Федарук маўчаў.
— Хадзем, — узняўся я.
— Куды? — з жывой цікавасцю зірнуў на мяне знізу Федарук.
— Да вашай жонкі.
— Яе няма. Яна хвілін колькі назад з сынам паехала адпачываць да нашых сяброў. Там лепшыя за нашы ўмовы, вада ў хаце гарачая.
— Як. паехала?
— На аўтамабілі. Сябра прыехаў і забраў, пакуль мы з вамі гаварылі.
Федарук зірнуў мне ў вочы. Не, там не было пераможнай радасці, толькі сум.
Я хутка выйшаў на вуліцу. Віктар паставіў машыну воддаль, у цянёк разлапістай ліпы. Ён драмаў, як звычайна.
— Да дома пад’язджаў аўтамабіль? — нервова спытаў я яго.
— Быў, — спакойна адказаў Віктар. — Сіні «мерс», стары. З дому выйшла жанчына з вялікай кашолкай, села ў яго і паехала. Хвілін пяць таму.
Я вярнуўся да альтанкі. Федарук нікуды не сыходзіў, заставаўся сядзець на месцы. Ссівелы, невялікага росту, самотны ў старым садзе, ён выклікаў у мяне цяпер адначасовае пачуццё жалю і гідлівасці. Інтэлігент, вучоны чалавек, а так сябе паводзіць.
— Вам не сорамна? — спытаў я прама.
— Не, — адказаў ён, узняўшы на мяне позірк. — Я ні ў чым вас не падмануў, быў шчырым.
Я прысеў і закурыў.
— Зрабіць яшчэ кавы? — прапанаваў Федарук.
— Не, дзякуй, — адмовіўся я. — А цяжарнасць вашай жонкі была зусім не выпадковай, так?
— Так.
— Дарослыя людзі. Сур’ёзныя. Навукоўцы. Будзеце хлусіць далей? Хавацца?
— Людзі, якія кахаюць адзін аднаго, зробяць усё, каб другі не лгаў.
Я памаўчаў. Разумеў словы Федарука: каб абараніць мужа, яго жонка можа з’ехаць у такое месца, пра якое ён сам ведаць не будзе. А далей?
Паўтарыў гэтыя думкі ў голас.
— Агульная бяда нашага народа, — са скрухай адгукнуўся Федарук, — не рабіць справу, а вышукваць складанасці, якія будуць потым. Не рабіць крок, а разважаць: ці будзе цвёрда пад нагамі. Ды што ўжо будзе, паважаны Васіль. Галоўнае — ёсць мэта. То і ісці да яе трэба. Кожны дзень, пакрысе. Пераадольваць цяжкасці тут і зараз, а не ламаць галаву над тым, чаго, магчыма, не будзе і праз месяц. У нас кожны — стратэг і тактык, таму не ідзём самі, а нас вядуць.
— Вам давядзецца вярнуць дзіця.
— Каму? — хутка спытаў Федарук.
— Дзяржаве. Там разбяруцца, — няўхільна адказаў я.
— Цмок не належыць дзяржаве. Дзяржава будзе належыць Цмоку, — Федарук прамовіў гэта з такой пранікнёнай пераканаўчасцю, як словы клятвы, і я ў той момант зразумеў: гэта галоўная справа яго жыцця.
— І што мне зараз рабіць з вамі? — з горкай усмешкай спытаў я. — Калі б вы сталі на маё месца?
— Кожны павінен быць на сваім месцы, — ухіліўся ад адказу Федарук.
— Адзінае я вам скажу яшчэ: мы з вамі гаварылі як. мужчыны, амаль па-сяброўску. У афіцыйных абставінах, мушу папярэдзіць, казаць магу іншае. Гледзячы што будзеце пытацца ў сваім кабінеце.
— Зразумела. Вы нікуды не збіраецеся знікаць сёння-заўтра?
— Не, абяцаю.
— Дзякуй. І апошняе тады: вы дакладна нічога не можаце патлумачыць адносна смерці Насці Грыцук?
— На жаль, не, — Федарук узняў на мяне вочы, нібыта для таго, каб я змог пераканацца ў шчырасці яго слоў. — Для мяне яе смерць сталася смерцю амаль дачкі.
— Няўжо для некага яна стала ворагам?
Федарук сеў прама, узняў галаву ўверх і сачыў за лістотай яблынь. Я чакаў. Нарэшце, не апускаючы галавы, ён прагаварыў:
— Пра цяжарнасць Насці ведалі толькі мы. Магчыма, нехта прагаварыўся. І даведаліся тыя, хто не хацеў нараджэння Цмока.
— Хто — тыя? Дык яна ж ужо нарадзіла! Які сэнс?
— Якое дзіця нарадзіла Насця, ведалі толькі чацвёра: яна сама, акушэрка, я і Волечка. Для астатніх яно памерла. Магчыма, Насцю, забілі, каб не паўтарылася спроба. Тыя забілі, хто, як і мы, ведаюць, што ў аснове міфа пра Цмока ляжыць ісціна.
16.
Жанчынам марна нешта даводзіць, нават калі ты следчы.
Тамара не стала слухаць мой аповед пра сустрэчу ў Ляўдку з Федаруком, не дала і слова сказаць:
— Потым. Падлужнага прывёз? Давай да мяне з ім.
Міхась Падлужны пачуваў сябе ў кабінеце пракурора вельмі няўтульна.
Зрэшты, гэта можна было патлумачыць. Вясковец, які прызвычаіўся да прасторы і сваіх простых і надзейных рэчаў, раптам апынуўся ў месцы, дзе адусюль дыхала строгай канцылярыяй: герб і сцяг, партрэт прэзідэнта, чорнае крэсла пракурора і сама Тамара Сяргееўна ў ім у сіняй форме — фрэнчы з пагонамі, безліч папер на стале, асобным стосікам — кодэксы. Яму, вялікаму і грузнаму, было цесна на стуле, ён не ведаў, куды падзець свае рукі, трымаў адна ў другой далоні і моцна паціраў. Мне падалося: яшчэ хвіліна — і мы пачуем рып скуры.
— Падлужны Міхась Сямёнавіч, вы дапытваецеся ў сувязі са смерцю Грыцук Настассі Дзмітрыеўны, — Тамара сама вяла допыт, яна пачала суха, без усякіх эмоцый і адценняў у голасе.
— А я што? Я не вінаваты ні ў чым.
— Якія ў вас былі адносіны з забітай?
— Ніякіх, хто яна мне? Жылі побач, ды ўсё.
— Нам вядома, што вы неаднаразова выказвалі пагрозы на адрас Насці Грыцук. Патлумачце, што было прычынай пагроз.
— Дык ці мала чаго скажаш? Так, са злосці…
— І што вы казалі? Казалі, што заколеце? За што?
— А што ж. — Падлужны нечакана замаўчаў, апусціў галаву долу і выдыхнуў шумна: — Ы-ых! А каб некаму іншаму яна тое зрабіла? Ён бы не пагражаў?
— Што зрабіла? Расказвайце! — Тамара загадала нечакана мякка, і я паморшчыўся. Чаму яна яго шкадуе?
— Кароў мне псавала.
— Якім чынам?
— Дык ведзьма ж! Ведзьма! — адчай і палёгка зліліся ў адным крыку. Падлужны насцярожана паглядзеў на Тамару: як яна зрэагуе на гэты вокліч?
— Добра, няхай яна была ведзьмай і псавала вам кароў. З якой прычыны яна магла шкодзіць вам?
Падлужны маўчаў больш за хвіліну, глядзеў сабе пад ногі, пасля павярнуў галаву да вакна.
— Я не вінаваты, от. Гэта і скажу. Больш. Больш нічога. Не вінаваты. А раней было — тое сплыло.
Пад правым вокам у яго пачала трапятаць скура, ён зараз сядзеў увесь чырвоны і напружаны, сціснуты, быццам спружына, хоць ногі торгаліся, а рукі ён цяпер не проста цёр — моцна сціскаў пальцы па чарзе.
— Падлужны, калі вы не вінаваты ні ў чым, чаму ж так нервуецеся? — насмешліва спытаў я. — Калі вы не помніце, што за нагода была ў ведзьмы псаваць вашых кароў, ці не хочаце казаць, дык мы вам можам дапамагчы. Нагадаць вам пра далёкія гады, пра дзяўчыну Ганначку, якая прыязджала да вашай сястры і лячылася ў Зміцера. Помніце?
Нечакана для мяне Падлужны супакоіўся, унурыўся і замёр, быццам яго выключылі, з цела выйшла ўся сіла. Зірнуў мне ў вочы. Дзіўны быў у яго позірк, я не паспеў разгледзець, што было ў ім: нянавісць да мяне ці адчай, як ён зноў утаропіўся ў падлогу.
Тамара маўчала, і я зразумеў, што магу працягваць: эфект жа ад маіх слоў быў відавочным.
— Тады пачнём з Ганначкі, з тых часоў, — жорстка прадоўжыў я. — Жанчына сімпатызавала вам, але вы тады яе ігнаравалі. І ад безвыходнасці, ад адзіноты — яна ж была сіратой, у яе з блізкай радні нікога не засталося ў краіне — дзяўчына згадзілася выйсці замуж за чалавека, удвая за яе старэйшага, але спагадлівага — за свайго лекара, вясковага ведзьмака Зміцера. Прайшло колькі гадоў, яна нарадзіла, стала прывабнай жанчынай. І вы раптам вырашылі, што яна вам падабаецца. Вы пачалі яе пераследаваць, шукаць з ёй сустрэч сам-насам, прапаноўвалі кінуць старога Зміцера і выйсці за вас. У вас было што-небудзь з Ганначкай, Міхась Сямёнавіч?
Фермер маўчаў.
— Падлужны, гэта не гульня ва ўспаміны! — прыгразіў я, зірнуў на Тамару і на нейкі момант разгубіўся: яна безуважна глядзела за вакно, на лісце старой таполі, што трымцела ля шкла. — Падлужны, чуеце? — мусіў працягнуць я. Ну, не спыняцца ж мне з-за незразумелых капрызаў Тамары!
— Не было, — скрозь зубы літаральна працадзіў Падлужны.
— Не было нічога, акрамя таго выпадку ля рэчкі?
Падлужны не выпростваўся — ён неяк незвычайна быццам вырастаў са стула, раздаваўся ў плячах, выцягваў шыю. Нават праз адзенне адчувалася, як напяліся ўсе ягоныя мышцы. Кроў адхлынула ад яго твару.
— Хто?! Адкуль? — ён крыкнуў, як звер, які трапіў у пастку, але мяне ў гэты момант здзівіла незвычайная рэакцыя Тамары: яна рэзка адкінулася на спінку крэсла, паморшчылася, як прафесійны тэатральны глядач ад самадзейнай гульні на вялікай сцэне.
— Цішэй, цішэй, Падлужны. Бач, пачуцці ў яго загаварылі! — Тамара ўзвысіла голас. — А дзе раней яны былі? Шаленства розум засціла? Жанчыну на той свет адправіў!
— Я? — Падлужны вылупіў вочы.
— Ты! — грэбліва адказала Тамара, вытрасла цыгарэту з пачка, прыпаліла, зацягваючы паўзу. — Ты адправіў. Нам вядома. Яна вешацца стала, яе Зміцер з пятлі выхапіў, ды ўпала так, што. Вось так было.
— То ж Зміцер! Зміцер, усе казалі, пабіў быў. Вядзьмак ён. І я спужаўся тады.
Падлужны апаў, бы спушчаны шар. Ён выклікаў гідлівасць. Здаравенны мужык мармытаў апраўданні, да ўсяго — гучна зашморгаў носам.
— Сволачы вы, а не мужыкі! — вынесла прысуд Тамара. — Ты маці на вачах дачкі, лічы, згвалтаваў.
— Няпраўда! — закрычаў Падлужны роспачна і бездапаможна. — Няпраўда, — ціха паўтарыў. — У нас… яна… Ганулька не вырывалася. Так, я настойваў, схапіў. Не сілай. Не змог бы.
— А я і не кажу пра згвалтаванне, — Тамара казала словы, як забівала цвікі. — А лепш было б, каб сапраўды згвалтаваў. Каб жанчына мужу хоць адкрылася, каб дзіця даравала маці, каб з табой па-свойму, па-вядзьмарску Зміцер разлічыўся!
— Са мной разлічыліся. Насця.
— І ты яе забіў?
— Калі б яна была чалавекам, не забіў бы, — стомлена, як з апошніх сіл, ціха прагаварыў Падлужны.
— А кім яна, па-твойму, была? — здзекліва перапытала Тамара. — Ведзьма не чалавек?
— Ласкай.
— Кім? — не вытрымаў, умяшаўся я.
— Ласачкай, — паўтарыў гэтак жа ціха Падлужны, стаў гаварыць, як кажуць пра сваю хваробу хранічна хворыя — без надзеі, але і без шкадавання: — Ласка ў хлеў забяжыць, па карове пачне бегаць. Той козытна, бегае ў агароджы, аж упадзе на ногі. Малако перагарае ўраз, мастыт потым. Уранні зойдзеш — у яе вочы чырвоныя, сама мокрая ажно, ледзь не кідаецца на цябе. Зміцер мог бы вылечыць, але ж не пойдзеш да яго. То адна дарога такой — на мясакамбінат. За апошнія гады чатырнаццаць кароў здаў. Купляў самых малочных у людзей спачатку, у тым годзе пародзістых набыў за валюту.
Начаваў у хляве. Тройчы ўпільноўваў, дык ці ты яе зловіш, ці чым патрапіш? Апошнія месяцы спакойна стала, я і падумаў: усё, перастала Насця мне помсціць. А тут бліжэй да поўначы неяк пайшаў да ветру, чую, як нервуецца карова. Заскочыў у хлеў. А яна так загулялася, што й мяне не пачула. І не збегла ў час. Вілы стаялі, як заўсёды, у куце, схапіў. Яна, ласачка, у той момант на сцяну кінулася, каб пад страху выскачыць, я і шпурнуў. І патрапіў таго разу. наскрозь зуб прайшоў. Спужаўся адразу. Яна. жывая яшчэ была. Панёс да Зміцера. Не хацеў я, каб яна памерла! Са злосці, з гарачкі шпурнуў вілы. Які ж гаспадар не шпурне? Да агарода Сцёпчыхі данёс, варушыцца пачала ў руцэ. Крыві амаль не было. Апусціў на мяжы ў траву, папаўзла. Я і пайшоў. пабег назад. Так было… — выдыхнуў стомлена Падлужны і замоўк.
Тамара таўкла недакуркам у попельніцы, маўчала. З хвіліну ў кабінеце было ціха, быццам тут нікога ўвогуле не было, нават нічыйго дыхання не было чуваць.
— Ідзі пасядзі ў прыёмнай, — загадала Падлужнаму Тамара. — Чакай там, нікуды не сыходзь.
Падлужны моўчкі выйшаў.
— Што ў цябе? — узняла на мяне вочы Тамара.
Я разгубіўся.
— Вы пра Федарука?
— А дзе ты яшчэ быў? — хмыкнула Тамара. — Коратка давай, я пасля паперы гляну.
— Я не апытваў яго. Размова была. Ён даў зразумець, што адмовіцца ад сваіх слоў. Амаль ад усяго.
— І многа ён нагаварыў?
— Калі коратка: група апантаных ідэяй займець для краіны нацыянальнага лідара ўзяла на ўзбраенне нейкі стары міф пра Цмока. Насця Грыцук як лесбіянка павінна была нарадзіць дзіця. Мінулай восенню наладзілі абрад, на якім урачыста ажанілі Яшчура — таго самага Андрэя Дылько — з Насцяй. Яна зацяжарыла. Адначасова зацяжарвае, прычым спецыяльна, як мне прызнаўся Федарук, яго жонка. Яна, як і Насця, нарадзіла там, у Ляўдку, роды прыняла акушэрка, член іхняй групы. Дзіця Федарукоў з’явілася на свет з гідрацэфаліяй і памерла. Вам жа перадаў эксперт паперы: група крыві дзіцяці сведчыць пра тое, што яго не магла нарадзіць Грыцук. Сапраўднае дзіця Насці забралі сабе Федарукі. Яны вырашылі выхоўваць яго ўпотай ад усіх, таму жонка Федарука, пакуль я з разяўленым ротам слухаў яго байкі, уцякла ў невядомым кірунку разам з дзіцем. Вось такія. казачкі.
— Зразумела. Слухай, мне на пенсію дакладна пара, — нечакана ўздыхнула шчыра Тамара і дадала з жалем: — Першы раз за столькі гадоў забыла кашалёк. Выручы па-сяброўску — схадзі купі шакаладку якую прыкусіць, ну, і бутэльку. Без ста грам нам не разабрацца.
Я, збіты з панталыку, выйшаў у прыёмную. Зіначка не глядзела ў мой бок, зацята ціснула на кнопкі клавіятуры. Мне стала сорамна. Падлужны сагнуўся у куце на стуле, безуважны да ўсяго.
— Налівай сам, — загадала-папрасіла Тамара, калі я вярнуўся з бутэлькай, шакаладкай і прычыніў дзверы.
Мы выпілі моўчкі, Тамара не стала браць кавалак шакаладкі, якую я паламаў, адразу закурыла.
— Нарэшце распагодзілася, — гледзячы за вакно, загаварыла яна. — Паеду на дачу сёння. Стамілася. Слухай, час абедзенны, ідзі сабе, адпачні. Я тут падрамлю ў крэсле. Апошнія ночы не сплю амаль.
Я паслухаўся адразу ж, устаў і выйшаў. І праўда, адчуў голад. Пайшоў на кватэру.
Не хацелася разважаць, думаць пра нешта. Я стаў адчуваць, як справа з гэтым дзіўным нараджэннем дзіцяці, смерцю Насці пачынае адыгрываць у маім жыцці нейкую асаблівую ролю. Амаль фізічна яна навісала нада мной незразумелым цяжарам, небяспечным для мяне асабіста. Не ў фізічным сэнсе. То была небяспека для маіх прафесійных правіл, звычак і норм, майго стаўлення да навакольнага свету. Нехта быццам падказваў мне: сёння ці заўтра трывалы падмурак маіх уяўленняў ператворыцца ў тую самую травяную посцілку пад нагамі, гатовую прарвацца ў багністую бездань у любы момант, калі я зраблю крок не туды, куды трэба. Я стаміўся, далібог, фізічна і маральна стаміўся ад гэтай гісторыі. Хацелася хутчэй закончыць усё. Але як? Як можна браць у справу такія вось паказанні Падлужнага? Каб цябе палічылі вар’ятам? Каб зрабіцца пасмешышчам на ўсю краіну, а тваё прозвішча разам са справай стала байкай для будучых студэнтаў юрфака?
Трэба арыштоўваць Падлужнага. Пасядзіць у камеры дзень-другі без сваіх кароў — згадае да хвіліны тую ноч і што было насамрэч, якая там ласка бегала.
Вуліца нечакана падалася мне няўтульнай. Залітая сонцам, нагрэты асфальт. Ці то я так прызвычаіўся да шэрасці? Цягне хутчэй у халадок веранды.
Пакуль дайшоў, есці расхацелася. А вось кавы… Зрабіў, прысеў у крэсла. Глынуў два разы, закурыў і млява выцягнуўся наколькі мог — стала так утульна і хораша. Ды гары яно ўсё гарам! У Тамары — вопыт і права рашэння. Хай думае. Яна там дрэмле, і я падрамлю, хоць нейкія паўгадзіны.
Гэтых трыццаць хвілін хапіла, каб узняцца з крэсла лёгка і з настроем. Здаецца, ні пра што не думаў, а тут вырашыў катэгарычна, быццам гэты час прысвяціў гарачай спрэчцы з самім сабой і прыйшоў да высновы: я следчы, мне трэба шукаць рэальныя факты, запісваць паказанні сапраўдных сведкаў без усякай чартаўшчыны. І даводзіць справу да канца.
Магчыма, рашучасць лёгка чыталася на маім твары, бо Тамара без усмешкі заўважыла:
— Бачу — адпачыў, бадзёры. Ну слухай, — яна ўзяла аркуш з тэкстам, прабегла яго вачыма, адшукала патрэбны радок і зачытала: — Група крыві — трэцяя, рэзус — адмоўны. Гэта паўторнае заключэнне эксперта па тым дзіцяці. Бывае, памыліўся чалавек першы раз, пераправерыў. Тым больш падставы для сумненняў былі. Цяпер вось, чытай сам. — Тамара пасунула на край стала ў мой бок некалькі аркушаў. Я падышоў, узяў. Пратакол допыта Міхася Падлужнага.
«Я, Падлужны Міхаіл Сямёнавіч, наконт зададзеных мне пытанняў хачу паведаміць наступнае. У ноч з 5 на 6 чэрвеня мяне разбудзіў брэх майго сабакі. Я сплю чуйна, адразу прачнуўся і выйшаў з хаты на падворак. Было месячна. Паглядзеў, у які бок брэша сабака, загадаў яму замаўчаць, выйшаў на гарод. У святле месяца пабачыў дзве постаці каля сваіх стажкоў пад дубамі, яны былі без адзення. Былі чутны асобныя галасы, я разлічыў — мужчынскі і жаночы, слоў не разабраў. Але па голасе пазнаў жанчыну — Насцю Грыцук. Пасля мужчына быццам нешта голасна спяваў ці чытаў вершы нараспеў. Па голасе мне здалося нібыта дачнік, прозвішча не ведаю, клічуць Андрэем, ён жыў адзін. Там жа, між стажкоў, стаяла мая конная грабалка. Гэтыя мужчына і жанчына былі каля яе, качаліся ў траве. Я не стаў далей глядзець і пайшоў у хату. Калі заходзіў у дзверы, пачуў жалезны ляскат, зразумеў, што яны там ці то спецыяльна, ці то незнарок апусцілі рычаг. Хачу патлумачыць таксама, што рычаг апускання зубоў грабалкі быў ненадзейны, шмат зубоў было паламана, я збіраўся на днях заняцца рамонтам. Праз дзень я вырашыў заняцца грабалкай. Яе зубы, як я і думаў, былі апушчаны. Я іх падняў, зняў пагнутыя і паламаныя, астатнія зачысціў ад іржы. Адзін зуб быў нязначна запэцканы ў нешта рудое. Я выцер яго травой, не прыдаў значэння.»
Ці не ўпершыню я адчуў такую глыбокую пустэчу ўнутры. Ні думак, ні адчуванняў. Першы раз у маёй небагатай практыцы закрывалі справу, якая не была расследавана. Маю справу. І закрывалі не таму, што я не мог далей прасунуцца ні на крок, не таму, што наперадзе быў тупік, а…
— Чаму? — не ўздыхнуў, а хапнуў паветра, як пасля зацяжнога нырца, і ўзрадаваўся, адчуўшы, як пустэча ўнутры імкліва запаўняецца раздражненнем, злосцю, прагай супраціўлення — кактэйлем майго абражанага самалюбства.
— Таму, — неахвотна адказала Тамара. — Не маленькі.
— Ну няхай і памыліўся эксперт, а цяпер паправіўся. Дык трэба заказваць генетычную экспертызу…
Мне хацелася казаць упэўнена і горача, настойліва, важка і грунтоўна, а атрымалася бездапаможнае лепятанне, і я нічога, нічога не мог зрабіць са сваім голасам — ён не слухаўся мяне. Я змоўк на імгненне, удыхнуў — выдыхнуў паветра і прымусіў сябе вымаўляць літаральна па адным слове:
— Я ўпэўнены. Федарукі нарадзілі тое дзіця, якое памерла. Дзіця Насці Грыцук забрала Вольга Федарук. Знікла ў невядомым кірунку. Трэба. Правесці. Дзве генетычныя экспертызы.
Я не ведаў Тамару. Далібог, я прадбачыў, якую рэакцыю можа выклікаць маё супраціўленне, але ніяк не чакаў, каб Тамара, гэты прафармалінены канцыляршчынай сухар, раптам ператварылася ў самую звычайную жанчыну, якая невядома чаму нацягнула на плечы службовы фрэнчык з пагонамі. Ці то цень ад акна так упаў, ці то падалося, як высахлыя Тамарыны шчокі ўраз бездапаможна абвіслі, куточкі рота папаўзлі ўніз, вочы напоўніліся бабскім вільготным сумам.
— Сядзь бліжэй, — папрасіла Тамара, пацягнулася ў стол і дастала бутэльку, потым чаркі. Наліла сама ў дзве, тут жа выпіла адну. Нейкі ўнутраны супраціў стрымаў мяне, я не ўзяў сваёй. Тамара быццам не заўважыла майго жэста.
— Ведаеш, што б я змяніла, каб была Богам? — спытала яна і, не чакаючы адказу, працягнула: — Я б так зрабіла, каб вы, мужыкі, таксама нараджалі.
Я маўчаў.
— Тады б вы ведалі значэнне дзіця для маці. Чаго мне каштавала выбіць грошы ў мінулым годзе на генетычную экспертызу па згвалтаванні! А цяпер ты прапануеш патраціць шалёныя грошы, каб адабраць здаровае дзіця ў здаровай маці? І куды яго пасля? У дзіцячы дом? Так?
Тамара не абвінавачвала, не злавалася, яна дакарала, бы маці неразумнага сына. Наліла яшчэ раз сабе на донца, даліла ў маю некранутую чарку. Зноў, не прапаноўваючы мне, выпіла. На гэты раз я ўзяў чарку, пакруціў у руках і пасля зрабіў глыток.
— Ну, чаго ты маўчыш, Васіль?
— Бо няма чаго казаць, — я зноў адпіў і загаварыў больш смела: — Я павінен падпарадкоўвацца закону.
— А я — д’яблу? — хмыкнула Тамара. — Ёсць рэчы, якія вышэй за закон. Дзіцячыя жыцці, напрыклад. Бяры паперы, афармляй. Сам ведаеш.
Яна пачакала, пакуль я забяру аркушы, і наліла яшчэ:
— Як там: трэці за каханне? Дык во, слухай, я табе скажу пра каханне, Васіль… — неяк нязвыкла працяжна стала гаварыць Тамара, і я прысвіснуў у думках: а яна ж ап’янела!
— Слухаю вас, Тамара Сяргееўна, — як мог пачціва адгукнуўся.
— Вось, пра каханне. — Тамара трымала чарку перад сваімі вачыма, пагойдвала яе, сачыла пільна за калыханнем налітага каньяку. — Я табе так скажу. Ты, магчыма. Не, ты, канешне, зразумееш. Але не цяпер. Пасля. Як ажэнішся і прычакаеце дзіця. І ты тады зразумееш жанчыну настолькі, каб уцяміць: зараз я ўсё зрабіла правільна. Ідзі. Ага, стой яшчэ. Мне на пенсію хутка. Не пакрыўджуся, калі паскардзішся на мяне. Але. па-жаночы прашу: падумай і не рабі. Пасля дзякаваць будзеш.
Да канца рабочага дня я корпаўся з паперамі. Сказаць каму з боку, дык і не павераць, што ў справе следчага больш за тры чвэрці ад усёй работы — паперы. І як ні стараўся адагнаць ад сябе прыкрасць, яна не праходзіла. Раз-пораз абурэнне ўспыхвала ўнутры, замінала пісанню, не давала як след сканцэнтравацца. Даводзілася па некалькі разоў перачытваць напісанае, каб вымучыць з сябе наступную фразу. Але ўрэшце рабочы настрой перасіліў крыўду. Хіба адно не адпускала, вярэдзіла: было нешта значнае ў словах Тамары пра будучыя мае веды, ці то — звычайнае п’яное бурчание начальніцы, якая лічыць мяне нявопытным дзіцяцем? Што там такога больш складанага ў жанчыне, чым у мужчыне? Усе мы людзі.
Доўгая папяровая работа ўсё ж вярнула мне супакаенне і разважлівасць. Я быццам зноў апынуўся ў сваёй роднай і звыклай плыні спакойнай вады, і тут было бяспечна, не было віроў, я ведаў пра чыстае недалёкае дно і блізкі надзейны бераг. Просіць Тамара па-жаночы не звяртацца вышэй? Ну а я па-мужчынску і паслухаўся б. Але я следчы. Мая адзіная задача — адшукаць сапраўдныя прычыны ўчынкаў і іх вынікі. Мараль — у бок. Няхай, хто хоча, той і бярэ на сябе адказнасць вырашаць лёс хоць таго ж дзіцяці. Суддзя, урэшце, на тое ёсць. Вось яму, суддзю, я і выкладу факты — дзе чыё дзіця. І аднаўлю карціну смерці Насці Грыцук без вясковай казкі пра вядзьмарскія ператварэнні і ліпавых паказаннях пра любошчы пад месячыкам.
Была чвэрць на шостую, я заварыў сабе кавы, маючы намер пасядзець яшчэ з гадзіну і закончыць. Нечакана загуў вібрасігналам і варухнуўся на патрэсканай паліроўцы стала мабільнік. Зірнуў і са здзіўленнем націснуў кнопку адказу: тэлефанавала Ганна Латышонак.
— Вельмі прашу прабачыць мне, — павінілася дзяўчына. — Але вы казалі, як нехта нешта ўспомніць. Вось, я хачу з вамі падзяліцца, хоць, магчыма, і дробязь, але яна непакоіць мяне.
— Дзякуй за званок, Ганна, — падбадзёрыў я дзяўчыну. — У дробязях хаваецца д’ябал, таму нічога лішняга не будзе, калі яно звязана са смерцю Насці Грыцук. Што вы хочаце расказаць?
— Расказаць. І перадаць.
— Перадаць? — не змог я стрымаць усхваляванасці.
— Мой сябра настойвае, каб я. не размаўляла з вамі на гэту тэму па тэлефоне.
— Во як? Вы канспіратары, — пажартаваў я, хоць разумеў бязглуздасць сваіх слоў і рацыю невядомага сябра: мой тэлефон (што не было сакрэтам) у любы момант мог праслухоўвацца. — Добра, дзе мы сустрэнемся? — прадоўжыў я.
— Мы на вакзале, тут кавярня ёсць.
— Тады пятнаццаць хвілін пачакайце, калі ласка.
— Канешне.
Яны сядзелі ў напаўпустой кавярні (яшчэ не быў час для мясцовых) удваіх за столікам — Ганна і незнаёмы мне хлопец гадоў дваццаці пяці. Я павітаўся, прысеў.
— Давайце, я вазьму вам каву, а вы пакуль пагутарыце, — тут жа ўстаў хлопец.
— Дзякуй, але не каву, толькі папіў. Што-небудзь халоднае.
Ганна выцягнула з сумачкі руку, паклала яе на стол і раскрыла сціснуты кулак. На яе далоні ляжаў пластмасавы дракон. Зразумела, бірулька на ключы. На канцы хваста была дзірачка — для колца.
— Вось. Я знайшла.
— Ну, расказвайце.
Я пакруціў у пальцах бірульку. Адмысловая рэч: вельмі дэталёва зроблена, пластмаса дзіўная, не надта цвёрдая, снежна-белая, тлуставатая навобмацак. Фігурка не адліўка, выразалася ўручную, відаць адразу. Паклаў белага дракона на зялёную паверхню стала. Бірулька быццам павялічылася ў памерах — белая на зялёным.
— Я. З самага пачатку, — хвалюючыся, пачала Ганна. — Мінулагодняй вясной я сустрэлася з адным хлопцам. Яго імя Валянцін. Тады мы з сяброўкай былі ў парку ў Мінску, гулялі, і вось. Ён падышоў са сваім сябрам. Разгаварыліся. Аказалася, ён таксама захапляецца этнаграфіяй. Усё жартаваў: «Я паляўнічы на цмокаў!» Бірулька была на ягоных ключах, ён паказваў мне яе. Казаў, вось гэты белы цмок — беларускі. Мы сустракаліся. Ён быў вельмі ўважлівы, далікатны. Цікавіўся маім жыццём. Я расказвала пра нашу з мамай дачу тут, пра суседзяў, пра тое, як мы ладзім старадаўнія святы. Ён усё выбіраў час, каб прыехаць сюды, але ў яго не атрымлівалася.
— А дзе ён працуе, вучыцца?
Ганна ніякавата шморгнула носам.
— Выбачайце. Мяне Аляксей, гэта мой сябра, вунь, — яна азірнулася назад, да барнай стойкі, — таксама пытаў пра Валянціна, і я не змагла нічога ўспомніць. Так атрымалася, я нічога не ведаю пра яго. Ён паведаміў толькі, што вучыцца завочна і працуе. Але дзе, не прызнаўся, быццам яму сорамна было. Адмахнуўся, маўляў, няварты ўвагі занятак. Я нічога пра яго не ведаю. Апрача імя.
— Зразумела, так бывае, — супакоіў я Ганну. — Што было далей?
— Я так хацела, каб ён прыехаў да нас, пабачыў на свае вочы наша месца. А тут мы ладзілі абрад, рэканструкцыю рытуалу: збіраліся ахвяраваць дзяўчыну Яшчуру. Я запрасіла Валянціна. Ён загарэўся, стаў пытацца: каго, якую менавіта дзяўчыну. Я расказала яму пра Насцю, бо мы ведалі ўжо ролі. Мы з ёй амаль пасябравалі, я спадабалася ёй, ну, разумееце, я адразу заўважыла яе. незвычайнасць. Але я гэтага не спужалася, у мяне была сяброўка лесбіянка. Я спакойна аднеслася да ўвагі Насці, патлумачыла ёй, чаму не змагу быць. яе блізкай знаёмай. Яна мне давярала. І Валянціну я адкрыла гэты Насцін сакрэт. Мне хацелася яго зацікавіць, бо ж. не зусім звычайна.
— І ён прыехаў?
— Не. Ён абяцаў: будзе абавязкова, але не прыехаў. Пазваніў толькі праз тыдзень, быў нейкі. халодны і грубы. Быццам я яму надакучыла і ён знайшоў мне замену. Я зразумела ўсё, паплакала трошкі, — Ганна злёгку пачырванела ад сваёй шчырасці. — Больш мы не сустракаліся, і ён мне не званіў. Я тады выдаліла яго кантакты.
— І не помніце нумар, канешне? Хоць колькі лічбаў? Аператар?
— Так, сёння нічога не запамінаеш, — без ценю віны прызналася дзяўчына. — Дакладна помню, што той жа аператар, што і мой. А яшчэ ў нумары былі дзве чацвёркі побач. Вось, усё ад тых сустрэч.
Падышоў Аляксей, паставіў на стол дзве шклянкі, бутэльку колы, паверхня шкла якой паспела пакрыцца халодным туманам. Я падзякаваў, ён адышоў зноў.
— А бірулька? На памяць засталася? — кіўнуў я на пластмасавага дракона, наліў напой у шклянкі і з задавальненнем адпіў са сваёй ці не палову.
— Не. — Ганна марудзіла з адказам. Таксама адпіла колы, кранулася асцярожна, быццам жывога, дракончыка на стале. — Калі Насцю прывезлі мёртвую ў яе дом, мы прыходзілі. Мне стала дрэнна, пачало ванітаваць, я выскачыла за хату. І там знайшла.
— Знайшла? — не зразумеў я.
— Гэтага дракончыка знайшла. У траве ля самай хаты.
17.
У кожным канцы хаваецца новы пачатак.
Салон мабільнай сувязі яшчэ быў адчыненым. Цяжарная маладзіца помніла мяне, ветліва ўсміхнулася:
— Яшчэ нешта шукаць трэба?
— Так, праца такая ў мяне — шукаць. — Я пастараўся адказаць бестурботна, здаецца, атрымалася няблага, бо жанчына ўсміхнулася мне зноў, ужо спачувальна.
— Буду рада дапамагчы!
— Вельмі ўдзячны вам. Калі ласка, усё па гэтым тэлефоне ў перыяд з вясны мінулага года па восень. — Я дастаў мабільнік і прадыктаваў нумар Ганны Латышонак. — Мне можна пачакаць?
— Пачакайце, канешне, — жанчына засяродзілася на экране ноўтбука. — У мяне рабочы дзень скончыўся, але я вам дапамагу. Хвілін дзесяць, добра?
— Канешне! Якраз пакуру, — я выйшаў з салона, заспяшаўся да блізкага адсюль універсама. Неабходнасць аддзячыць жанчыну цукеркамі была відавочнай: і дзень працоўны скончыўся, дык і паперу з пячаткай не стала патрабаваць…
Чаму яна так засаромелася, калі я працягнуў ёй цукеркі, зразумеў не адразу. На хаду зазіраючы ў паперы, шукаючы там нумары з дзвюма лічбамі «4», раптам успомніў, як яна выразна пасунула па стале да мяне гэтыя аркушы — правай рукой. І пальцы яе былі без пярсцёнкаў. Жанчыны, жанчыны.
Вяртаўся на кватэру знаёмай мне ўжо да кожнай калдобіны на асфальце вуліцай, і гэтая дарога зноў выклікала ў мяне згадкі пра плынь. Сам не ведаю чаму, але бірулька-дракон заставалася ў маёй руцэ, я не стаў класці яе ў кішэню. Дзіўная пластмаса — не мокне ад утрымання ў далоні, хоць і тлуставатая. Быццам і цвёрдая, але пазногаць пакідае след, як добра націснуць. Значыць, рэжацца нажом. Кшталту замерзлага кавалка сала. Нічога падобнага я нідзе не бачыў, значыць, нешта рэдкае, спецыфічнае.
Чаму і як ён там апынуўся? Пачнём з самага бяскрыўднага. Найбольш верагодна: той хлопец займеў нейкія стасункі з Насцяй. Прыязджаў да яе. Тым больш, як казала Ганна, яна паказвала яму старонку Насці ў сацсетках. Можа, запаў. А тут яшчэ мужчынскае самалюбства закалола тылам у адным месцы: падумаеш, лесбіянка — не бачыла сапраўдных мужыкоў! Ёсць жа ў нас такое перакананне: жанчыны таму кахаюць жанчын, што мужыкоў, вартых кахання, не сустракаюць. Іншы варыянт: той Валянцін мог падарыць-перадаць свайго дракончыка іншай жанчыне. Яшчэ: падобная бірулька не адна была зроблена. Карацей, цалкам усё можа быць бяскрыўдным. Ці зусім не бяскрыўдным. Калі гэты дракончык — яго, і ён насамрэч яго згубіў тут.
Думкі млява чапляліся адна за другую, выцягваліся са свядомасці на паверхню той самай плыні. Я чакаў, пакуль яны распаўзуцца сярод многіх іншых, паверхня стане вольнай, бяспечнай і бесперашкоднай для мяне.
Ды атрымалася наадварот. Падумаў пра магчымыя стасункі Насці і іншых хлопцаў, думка пераскочыла на тое, што мне вельмі многае яшчэ невядома з жыцця гэтай жанчыны і адначасова — наколькі неспадзявана шырока адкрылася мне жыццё ўвогуле. Трэба прызнаць: за нейкі тыдзень мая такая спакойная плынь пачала прырастаць асобнымі дарожкамі-струменямі, пра якія я калі і ведаў, дык ніколі пільна да іх не прыглядаўся. А цяпер яны адчувальна кранаюць мяне, трывожаць, прымушаюць нервова азірацца па баках і мімаволі параўноваць.
Вунь бліжэй да абрывістага берага нясецца хутка, ажно віруе, халодная і цёмная вада. Але ж і вабіць тым, што яна чысцейшая за маю, больш жывая. Гэта Федарук і ягоны гурток этнаграфічны. Так, я нешта чуў пра апазіцыю ды іншыя палітычныя партыі, нездарма ж чыталі нам лекцыі сівагаловыя колішнія бальшавікі. Адзін нават сваім партыйным білетам хваліўся, які, аказваецца, збярог і гатовы быў нам прадэманстраваць. Але ж Федарук. Нельга не прызнацца самому сабе — паверыў я ў ягоную шчырасць, адчуў, што яму насамрэч баліць. Атрымліваецца, яны ёсць сапраўды — людзі, якіх турбуе жыццё іншых, жыццё краіны цалкам і непакоіць у такой ступені, баліць так моцна, што яны ахвяруюць сваім часам (ды і ці мала яшчэ чым!), нешта імкнуцца рабіць, няхай сабе і сваімі дзівацкімі спосабамі.
Вось са мной побач вада павольная, але ўпартая, у ёй адчуваецца прыхаваныя моц і пяшчота, і я зайздрошчу яе глыбіннай сіле. То Надзея, яе жыццё з яе забароненай любоўю. Навошта ёй, гандлярцы на рынку, ды няхай і настаўніцы ў мінулым, быў патрэбны той Касцюшка, герой забытай даўніны? Хіба нельга было ёй вырачыся сваіх прынцыпаў, жыць звычайным школьным жыццём правінцыйнай настаўніцы? Навошта ёй клопаты пра светапогляд падлеткаў? Ды ўсё роўна тры чвэрці з іх засмокча прага вялікіх грошай і славутага дабрабыту, мізэрная доля загрузіць свае мазгі кар’ерай і навукай, каб зноў жа, урэшце, атрымаць той дабрабыт і грошы, а астатнія пройдуць праз кабінет следчага і працягнуць «свае ўніверсітэты» за высачэзнай турэмнай агароджай.
У чым сэнс гэтых незразумелых змаганняў з сістэмай? Няўжо нельга проста жыць? Проста выконваць добрасумленна сваю справу, атрымліваць заробленыя грошы, уладкоўваць свой куток, засынаць з чыстым сумленнем, не баяцца начных тэлефонных званкоў і, галоўнае, не мучыць сябе пустымі і дарэмнымі пытаннямі, не ствараць сабе праблем? Няўжо не бачна, што сістэма мае свае законы развіцця, дзяржава ўрэшце рухаецца некуды…
Я задаваў апошнія пытанні Надзеі, калі яна, трохі знерваваная чаканнем, варыла мне пельмені, якія сама ляпіла. Выйшла насустрач мне (мабыць, сачыла праз акно), загадала ісці да яе вячэраць.
Дзяліўся з ёй сваімі думкамі пра гэтыя плыні, якія цяклі ў маім уяўленні, і мне хацелася, далібог, пачуць ад яе: я думаю правільна, трэба проста жыць, а не займацца выратаваннем нацыі і народа. І адначасова з тым я адчуваў, як уся мая перакананасць трымаецца адно на маім жаданні не жыць, а менавіта плыць — куды вынясе, у спакоі і без асаблівых турбот, а калі тыя надарацца, дык каб толькі прафесійныя, каб ільга было пакідаць іх у сваім кабінеце, зачыняць у пяць гадзін вечара на ключ — і да самага ранку. Так, я ніколькі не адмаўляўся ад сваёй перакананасці ў абавязковым знаходжанні кожнага на сваім месцы, але ж вось у чым была праблема: і Надзея быццам на сваім месцы, і Федарук, і акушэрка Русецкая, і Насця была пры справе, і кожны робіць сваё як можа і ўмее, але іх, у адрозненне ад мяне, яшчэ цікавяць рэчы па-за межамі іх прафесійных заняткаў, хатніх і асабістых турбот. Хвалюе тое, што быццам хваляваць не павінна. Яны могуць аддаваць гэтаму частку свайго жыцця. Таму я ўсім ім прайграю. Быццам у мяне нечага не хапае, у нечым значным я бяднейшы за іх. І мне крышку сорамна. А раптам я сапраўды не маю рацыі, то і мая справа — заўтра маёй краінай, яе людзей, гістарычнага мінулага?
— Еш.
Надзея прысела насупраць, падперла рукой шчаку, глядзела з сумам і замілаваннем.
— Цяжка мне табе патлумачыць, — уздыхнула яна. — То і не буду гэтага рабіць. Калі сам пачаў задаваць сабе пытанні — знойдзеш адказы. Адно скажу, і не будзем больш на гэтую тэму, добра? Дык вось. Ты пра дзяржаву кажаш так, быццам тое нейкая адмысловая сістэма, якая не падлягае крытыцы. А ведаеш, я табе параю: разбяры па элементах дзяржаву, гэтую сістэму. І пабачыш: уся яна складаецца з людзей. Самых звычайных людзей. Больш за тое, нехта туды трапляе зусім выпадкова. Памятаеш, старажытныя грэкі казалі пра ідэальнае грамадства, у якім кіраваць павінны вучоныя? Ведаеш чаму? Таму адказваць, напрыклад, за культуру краіны можа толькі той чалавек, які ведае не толькі сваю культуру, але і суседнія, і чужыя, далёкія. Вучоны разумее выключную значнасць культуры для развіцця грамадства. А калі прыйшоў той, для каго помнік драўлянага дойлідства — усяго толькі старая царква, якая не мае ніякай карысці, далягляд псуе, вока мазоліць? Такі кіраўнік закамандуе тую царкву знесці ды пабудаваць новую з сучасных матэрыялаў па сучасным праекце, каб прыгожа (у яго разуменні)! Катастрофа для культуры краіны. І так ва ўсім. У сімволіцы, мове, літаратуры. У адукацыю прыходзіць выпадковы чалавек — і вось панесліся эксперыменты: то дзесяць, то дванаццаць, то адзінаццаць гадоў навучання ў школе, то экзамены, то тэсты. Вось падручнікі перапісваюцца найперш па гісторыі, пасля — па літаратуры, вось ужо родная мова літаральна знікае са школ, вось вывучаюць яе па гадзінах столькі ж, колькі замежную. Дык як і каму іх спыніць? Знаеш, як баліць таму ж вучонаму, калі ён бачыць бездань, у якую коціцца краіна, а нічога зрабіць не можа?
— Што ты да культуры прычапілася? — паспрабаваў аджартавацца я, бо словы Надзеі сталі нечаканым і не самым прыемным адкрыццём для мяне. Неяк не думаў я раней вось так пра дзяржаўнае кіраванне, што ўсё — ад людзей, а людзі — розныя.
— Культура вызначае нацыю, народ… — мякка працягвала тлумачыць Надзея.
— Не будзе гэтай культуры, будзе іншая.
— Не будзе ніякай, калі сваю вынішчыць. Культура па загадах не з’яўляецца. І тады знікне народ.
— А якая ў прынцыпе розніца, кім мне тут звацца? Беларусам, бамбаросам, бульбарусым? — Я разгарачыўся, гаварыў гучна і не спыніўся, калі на кухню зайшоў Сяргей.
— Слушнае пытанне, — ён прысеў побач, узяў мой відэлец, начапіў пельменіну і акуратна зняў яе зубамі. Пракаўтнуў, пражаваўшы, працягнуў: — На яго няма чаго адказаць таму чалавеку, які такое пытанне задае. Тады ты сабе і стой убаку. Адно хоць не перашкаджай. Ты вось яшчэ зразумей і прымі: Надзея такая, якая ёсць, у яе гэты боль не адняць, ён з ёй будзе. Як і нос птушынай дзюбай. Калі яна табе мілая з такім носам, то прымі і з такім болем.
— Сяргей. Не трэба. Усе людзі розныя, — ціха прамовіла Надзея.
Мне захацелася пакрыўдзіцца: чым я магу перашкаджаць і каму? Але стрываў, пастараўся не прыдаваць значэння пачутаму: надта ж засмучанай выглядала Надзея, калі казала апошнія словы.
— Надзюш. Не крыўдуй на мяне, калі ласка, — павініўся я сам. — Зразумей: мяне вучылі сцерагчы законы, а не распавядалі пра значнасць культуры. Вельмі смачныя пельмені.
— Смачныя, пацвярджаю, — кіўнуў Сяргей, адправіў у рот яшчэ адну пельменіну, устаў і пайшоў да парога. — Не крыўдзі мне сястру, — ці то жартам, ці то ўсур’ёз прыгразіў.
— Ды я не крыўдую, — Надзея працягнула руку цераз стол, кранула далонню маю галаву, злёгку ўзвіхурыла валасы. — Помніш гісторыю? Варвары захапілі Рым. Але іх культура была настолькі слабой і неразвітай, а культура рымлян такой моцнай, што праз некаторы час варвары зніклі — а з’явіліся новыя рымляне. Можна заваяваць краіну, але нельга заваяваць народ. Ён проста можа знікнуць, калі яго культура растане ў іншай. Прабач, я табе так кажу, бы вучню… А пельмені звычайныя, то я ў іх мяса паклала сапраўднае.
— Вунь як! Я і ёсць вучань.
— Ну, тады яшчэ адзін факт майму вучню, — усміхнулася Надзея. — У краінах, дзе нацыянальная палітыка — адна з галоўных у дзяржаве, і жыць добра. Скандынаўскія краіны, напрыклад.
— А Ісландыя? — я ўспомніў сваю размову з Федаруком.
— Вось, Ісландыя. Там ці не самая жорсткая міграцыйная палітыка ў свеце, нацыянальнае ставіцца вышэй за ўсё…
— І ў Ісландыі іншы раз пустуе іх адзіная турма, — дадаў я.
— Вось бачыш… Даядай!
— Многа мне! — прызнаўся я, бо і сапраўды ўжо наеўся, а ў талерцы заставалася яшчэ трэць.
— Не еў жа ні халеры ўвесь дзень! — прыкрыкнула Надзея, і ў яе атрымалася так па-хатняму, так непасрэдна і цёпла, што я залыпаў вачыма.
— Крычыш так. Як на свайго.
— Крычу, пакуль магу. Пакуль тут і мой, — сказала Надзея і сарамліва апусціла вочы.
— Добра, даем. А паслухаеш мяне?
— Куды ад цябе падзенешся, паляўнічы на цмока.
Я ўздрыгнуў. Паляўнічы на цмока. Я ж сапраўды палюю зараз на цмока, я хачу знайсці яго і. пасадзіць у клетку — здаць у дзіцячы дом. Дастаў з кішэні бірульку, працягнуў Надзеі.
— Глядзі.
— Што гэта? — Надзея ўзяла дракончыка з відавочнай насцярогай у вачах.
Я прыўзняў палец угару з маўклівай просьбай пачакаць, бо якраз жаваў, хутка даеў пельмені, пасунуў ад сябе талерку. Надзея забрала яе і аднесла, пасля прысела побач са мной.
— Ну?
Я стаў расказваць ёй пра ўсё: пра размову з Федаруком, пра допыт Падлужнага, пра загад Тамары закрываць справу, пра сустрэчу з Ганнай Латышонак і яе знаходку.
— Бачыш — я маю ўсе шансы трапіць у падручнікі па следстве: нідзе яшчэ не апісаны выпадак забойства, калі забілі маленькага драпежнага звярка, а ў выніку на полі апынуўся труп жанчыны!
— Не верыш? — прыжмурылася Надзея. — А ты ж казаў, там слядоў аніякіх не было. Бачыш, і тлумачэнне адразу: слядоў ласкі нельга было заўважыць. Памерла — і стала чалавекам зноў, — уздыхнула яна.
— Ты здзекуешся? Вось так мне і запісаць: жанчына абярнулася ласкай. Ты зможаш у ласку ператварыцца? Ты ж таксама ведзьма!
— Эх ты, недаверак! — Надзея ўскудлаціла мае валасы, пасля захапіла іх, пацягнула назад, прымусіла мяне адкінуць галаву. Наблізіла свой твар да майго, зазірнула ў вочы. Яе зрэнкі былі так блізка, што абрысы расплыліся, яе вочы ператварыліся ў нябачанае раней бяздоннае і жывое мроіва. Надзея зашаптала горача і адначасова ўсмешліва, з абяцаннем і перакананай верай: — Недаверак мой любы. Калі жанчына кахае — яна ўсё можа. Дзіва хіба — стаць жанчыне ласачкай? Ды калі засумую без цябе, калі доўга пабачыць не змагу — лелькай-матыльком да цябе прылячу, самы капрызны вецер спадарожным зраблю, каб нёс мае тонкія крылы імкліва. Тым матыльком, паўлінавым вокам, ведаеш? Прылячу і тымі вачамі на аксамітных крылах у душу табе зазірну, да самага донца. Пабачу там каханне тваё, пабачу сябе ў тваіх зрэнках і вярнуся самай шчаслівай дадому…
Надзеіна дыхание ветрыкам казытала мой твар. Я памкнуўся наперад, сустрэўся сваімі вуснамі з яе, прыпаў, прытуліўшы мякка яе галаву да сябе.
— Пусці. Пра справу думай, таварыш следчы! — вызвалілася Надзея.
— Жанчына ўсё можа, ведай!
— Пачынаю верыць! — уздыхнуў я. — Яшчэ кавы кубачак з тваіх рук
— і запішуся ў апалагеты вядзьмарства! А зараз пакуру і зраблю адзін званочак, ага?
— Ага. Куры і звані. Кава хутка.
Прысеў на лавачку ля хаты, дастаў з кішэні аркушы з раздрукоўкай тэлефонных званкоў Ганны Латышонак. Акуратна выкрэсліваў тыя, які не падыходзілі ніяк. Патрэбны нумар — з дзвюма лічбамі «4» — быў толькі адзін. Па часе супадала — вясна-лета мінулага года.
Я захваляваўся. Не разумеў, чаму так адбылося, таму зазлаваў на сябе. Гэты званок мог нешта прынцыпова змяніць? Няўжо трэба ўсур’ёз думаць аб дачыненні невядомага «паляўнічага на Цмока» да смерці Насці?
Закурыў, набраўшы нумар, зрабіў некалькі зацяжак і толькі тады націснуў выклік.
Насуперак маім думкам пра тое, што пачую механічны голас пра абанента, які знаходзіцца па-за межам дзеяння сеткі, пайшоў выклік, другі і малады мужчынскі адказаў:
— Алё, слухаю!
— Добры вечар, — я павітаўся як мог бестурботна. — Валянцін?
— Хто пытае?
— Ды знаёмы.
— Які знаёмы? Такіх многа!
— Дык гэта Валянцін?
— Ну, Валянцін, Валянцін. Кажы, хто ты такі?
І тут я зразумеў: зрабіў глупства. Мне трэба было дачакацца заўтрашняга дня, «прабіць» патрэбны мне тэлефон, пасля сабраць усю адпаведную інфармацыю пра абанента. Але ж я не ўпэўнены, што невядомы мне Валянцін згубіў свайго дракончыка падчас злачынства! Яшчэ была магчымасць выйсці з сітуацыі без турбот: назваць сябе якім чужым імем, урэшце спісаць усё на памылкова набраны нумар. А заўтра рабіць усё як след. Але я, насуперак гэтым кволым думкам, пайшоў, што называецца, ва-банк:
— З вамі размаўляе следчы пракуратуры Васіль Шайбак. Мне неабходна задаць вам некалькі пытанняў у сувязі з адной крымінальнай справай, якую я расследую, — афіцыйна паведаміў я.
— …Тваю! — нечакана прасіпеў мацюком мой суразмоўца, пасля я пачуў прыглушанае (мабыць, мікрафон прыкрылі рукой) пытанне: — Прабілі? Васіль Шайбак? — і пасля доўгай паўзы голасна, з прыкрым расчараваннем мужчына павітаўся са мной: — Здароў быў, калега!
— Не разумею. — збянтэжыўся ад нечаканасці я.
— Следчы райаддзела Горбач. Вяду праверку па заяве адной грамадзянкі па факце знікнення ў невядомым кірунку яе кватаранта, далёкага адзінага родзіча нібыта Валянціна Манько.
— Нібыта?
— Так. Гэты Валянцін жыў паўгода ў сваёй стрыечнай цёткі, як яна патлумачыла. «Пляменнік» прыехаў, папрасіўся пажыць, абяцаў добра плаціць. Яе сястра жыла ў вёсцы на Віцебшчыне, памерла больш за дзесяць гадоў таму. Цётка ад таго часу не бачыла пляменніка. У яе свой дом, некалькі пакояў, пусціла пажыць. «Пляменнік» тым вечарам пайшоў, па яго словах, да банкамата па грошы і не вярнуўся. Рэчы, тэлефон засталіся на кватэры. Дакументаў ніякіх. Сапраўдны Валянцін Манько ў бацькоўскім доме. Правяраем.
Надзея прынесла каву, паставіла кубак побач са мной, пайшла.
— Сітуацыя, — уздыхнуў я ў тэлефон. — Мне б таксама з ім хацелася пагаварыць, з гэтым «пляменнікам».
— Сур’ёзнае нешта? — больш для ветлівасці пацікавіўся Горбач.
— Пакуль і не ведаю, — самому сабе прызнаўся я. — А па «пальчыках» не спрабавалі выйсці?
— Ды ніводнага ў доме цёткі, вось дзе дзіва. Нават на яго тэлефоне. Ну, поспехаў!
Сонца зайшло. Аднекуль пацягнула холадам, я пацепнуў плячыма, узяў у абедзве рукі гарачы кубак з кавай. Выйшла Надзея, прысела побач, прытулілася. Мы маўчалі.
Я дапіў каву, паставіў кубак, пацягнуўся па цыгарэты.
— Курыш многа, — заўважыла з абвінавачваннем Надзея. — Нельга так — адну за другой, здароўе не купленае.
Я не зазлаваў. Яна мела рацыю, а да ўсяго, мне быў прыемны яшчэ і вось такі клопат. Таму не прыкурыў.
— Што задумаўся? — зазірнула мне ў вочы Надзея. — Гэткі ў цябе выгляд.
— Які?
— Разгублены нейкі. Стаміўся вельмі? Ідзі, апаласніся ды паляжы. Пачытай.
— Ведаеш, Надзюшка. — я ўзяў Надзеіну руку ў сваю, пагладжваў пальцы. — Яшчэ два месяцы таму я і ўявіць не мог, як буду казаць некалі такое іншаму чалавеку. Усё было такім звычайным, спакойным, зразумелым. А цяпер я нібыта стаю на вялікім раздарожжы. І мне трэба выбіраць. Мне сапраўды трэба выбіраць, і я разумею, наколькі важны для мяне гэты выбар.
— Тады выбірай, — ціха параіла Надзея. — Любы асэнсаваны выбар — лепш, чым плыць па цячэнні.
— Так, плыць ужо не атрымаецца.
Я сапраўды думаў над нечакана асэнсаваным раздарожжам. Мне можна было цяпер забыцца на справу, закрыўшы яе, як настойвае Тамара. Можна насуперак ёй адшукаць жонку Федарука і дзіця Насці Грыцук, дабіцца генетычнай экспертызы і адабраць дзіця. І вось цяпер гэты Валянцін і бірулька. А калі яны — нейкая нітачка? Сапраўдная, самая сур’ёзная з усіх?
Ажыў мой тэлефон, я зірнуў — нумар быў не знаёмы. Мільганула думка не адказваць, быццам я прадчуваў нешта нядобрае, але націснуў на кнопку.
— Слухаю.
— Добры вечар! Васіль Шайбак, следчы пракуратуры раёна?
— Так. Хто мяне турбуе?
— З генеральнай пракуратуры. Мяне завуць Раман. Ці можна з вамі сустрэцца і пагаварыць? Размова не зойме многа часу.
— Канешне, можна, — заспяшаўся я, адчуваючы непрыемнае сцісканне ў жываце. Што трэба ад мяне генеральнай пракуратуры?
— Калі вы не супраць, то можна сустрэцца зараз. Мы тут праездам, а паразмаўляць хацелася б асабіста. Мы можам пад’ехаць. Дзе вы жывяце?
— А дзе вы зараз? — змог спытаць я.
— Каля вашай пракуратуры.
— То я падыду праз дзесяць хвілін.
— Выдатна, мы чакаем.
Я застыў у разгубленасці.
— Нешта здарылася? — устрывожылася Надзея, углядаючыся ў мой твар.
— Ды як быццам нічога, — супакоіў я яе і самога сябе. — Мне трэба прайсціся да пракуратуры. Там мяне чакаюць. Думаю, размова хвілін на дзесяць. З генпракуратуры. — дадаў я, пабачыўшы, як не на жарт устрывожылася Надзея.
— Я буду чакаць.
— Я нідзе не затрымаюся.
Калі я наблізіўся да пракуратуры, з аўтамабіля, які стаяў ля будынка, выйшаў мужчына, на выгляд — амаль майго ўзросту ці крыху старэйшы за мяне. Апрануты ў джынсы і кашулю з кароткімі рукавамі, ён ніяк не ўдаваў чыноўнікам высокага рангу. Ні вусоў, ні барады на твары, падстрыжаны амаль пад нуль, трохі вышэй сярэдняга росту і спартыўнага целаскладу. Гэткі мацак.
— Васіль? — сустрэў ён мяне пытаннем. Пабачыў мой згодны ківок, дастаў з кішэні кашулі пасведчанне, разгарнуў і паказаў мне: — Гэта я вам званіў. У мяне крыху далікатная справа. Можа пройдземся?
— Калі ласка, — адказаў я. — Можна вось вуліцай — да царквы і назад. Тут ціха зусім.
Пакуль я ішоў сюды, паспеў супакоіцца. Быў зараз больш заінтрыгаваны, чым узрушаны.
— Выдатна. Прабачце за турботы ў непрацоўны час, але справа амаль прыватная, — пачаў Раман.
— Няма праблем, — адказаў я.
— Смерць жанчыны па справе, якую вы расследуеце, як вы разумееце, выклікала немалы рэзананс у СМІ, самі ж разумееце — кідаюцца ўсе на смажанае. А тут яшчэ чуткі пра нетрадыцыйную сексуальную арыентацыю. Чыталі ж?
Мы ішлі па тратуары, які быў выкладзены невялікімі бетоннымі квадратамі, якія ад часу і маразоў месцамі пакрышыліся. Надыходзіла шарая гадзіна, даводзілася ступаць асцярожна, каб не спатыкнуцца на якую калдобіну.
— Чытаў, канешне, — адказаў я Раману. — Мусіў. Мы самі рыхтавалі кароткае паведамленне для мясцовых СМІ, але ж у журналістаў і свае каналы, і свае думкі. Іншы раз і яны нешта такое адкапаюць…
— Добра. — Раман зірнуў на мяне, быццам хацеў праверыць, ці можна было мне давяраць нейкія асаблівыя тайны. — Вы закончылі расследаванне? Ёсць пэўныя акалічнасці, па якіх справах зацікавіліся на ўзроўні, значна вышэйшым за ваш раённы.
Мы дайшлі да царквы, цяпер тут было пуста і нават вусцішна: чорныя купалы яе быццам нараджалі шэрань, якая скочвалася ўніз, распаўзалася і гусцела.
— Амаль закончыў, — кіўнуў я. — Курыце?
— Закурым, — пагадзіўся Раман.
Я прыпальваў і адчуваў, як ад хвалявання трапечуцца жылкі ў мяне на скронях. Вось ён, мой шанец! Цяпер выкласці ўсе вядомыя мне факты і сумненні. І заўтра будзе дастаткова адзінага званка адтуль — і Тамара нікуды не дзенецца, будзе генетычная экспертыза! І будзе мне дазвол і час на пошукі сведкаў смерці Насці, бо не бывае так, не можа так быць, каб ніхто нічога не бачыў, не чуў. Яшчэ раз усіх апытаць! Яшчэ раз прааналізаваць званкі і месцы знаходжання кожнага з жыхароў Ляўдка. Абсалютна не распрацаваны той мёртвы паэт Дылько: хто яго сябры, чым займаўся, дзе знаёмыя? Няпраўда, адшукаецца яшчэ нітачка. І Тамары крыўдаваць не будзе чаго: я ж не скаргу напісаў, не данос — я падзяліўся сваімі сумненнямі з чалавекам, якога цікавіць следства. З такім, з якім можна і трэба дзяліцца, бо намеснік генпракурора вышэй усё ж за пракурора раённага. Толькі што за акалічнасці? Спытаць? Але ж не скажа, калі адразу не сказаў, тут сумнявацца не варта, хай сабе пра раённы ўзровень прагучала ў яго словах пагарда ледзь улоўная, ды то было сігналам для мяне: не пытайся больш, чым табе сказалі.
— І якія высновы? — Раман зацягнуўся, выпусціў дым і стаў пільна глядзець на мяне.
Гэты позірк мяне непрыемна насцярожыў. Ён не проста глядзеў, ён быццам вывучаў мой твар. Раптам узнікла перакананне, што ён і слухаць уважліва не будзе, а будзе адсочваць мае пачуцці, якія павінны адлюстравацца на твары, аналізаваць іх, рабіць нейкія высновы.
— Выпадак насамрэч незвычайны. Ціхая вёсачка, забітая — маладая жанчына, вядомая яшчэ і нетрадыцыйнай сексуальнай арыентацыяй. Мёртвай яе знайшлі на суседнім з яе домам агародзе, цалкам аголенай, — пачаў я, адцягваючы для сябе момант, з якога мне трэба было зрабіць выбар.
— Сапраўдная завязка для трылера, — згадзіўся Раман. Ён глядзеў мне ў вочы. Пільна. Прафесійным позіркам. Ён казаў, усміхаўся куточкамі вуснаў, а вочы яго заставаліся засяроджанымі, яны нібыта падпарадкоўваліся іншай задачы, жылі асобна.
— Вывучэнне асабістай перапіскі Насці ў сацыяльных сетках нічога істотнага не дало, каб патлумачыць хаця б яе цяжарнасць, — працягнуў я. — У мяне ўзнікла версія выканання Насцяй ролі сурагатнай маці і канфлікту з заказчыкамі ў канцы, але тут у аварыю трапіў і разбіўся насмерць адзін дачнік (вёсачка стала дачным пасёлкам). Пры ім у машыне знайшлі труп дзіцяці ў маленькай, адмыслова зробленай труне…
— Насця нарадзіла за некалькі дзён да смерці? І пра дзіця ніхто не ведаў?
— Ляўдок — вёска з некалькіх хат, сваіх жыхароў там засталіся адзінкі. Насця з бацькам, які лічыўся раней знахарам-ведзьмаком, жылі адасоблена ад іншых, — патлумачыў я.
І тут віхурай узняліся думкі, якіх я ніяк не чакаў. Смерць праз некалькі дзён пасля родаў. Ці не гэта мела на ўвазе Тамара, калі даводзіла мне, што я даведаюся больш пра жанчын, калі аднойчы народзіць мая некалішняя жонка? Правільна, то ці не адзінае, з чым я не сутыкаўся яшчэ ў жыцці! Замільгацелі бачаныя дзесьці раней кадры нараджэння, успомніліся словы загадчыцы радзільнага аддзялення: «Невялікія разрывы яшчэ не зажылі». Вось жа! Роды для жанчын — траўма, наймацнейшы боль. Пра які секс, якія любошчы можа ісці гаворка праз лічаныя дні пасля родаў? Значыць… Сведчанне Падлужнага пра нейкія дзве аголеныя постаці пад дубам — брахня! Але і першая яго версія пра тое, быццам Насця абярнулася ў ласачку — таксама брахня, бо не да такіх жартачак парадзісе, нават калі і дапусціць, што яна магла такое рабіць. І значыць, Насця загінула неяк па-іншаму! Дык Тамара дакладна гэта зразумела? Але чаму вырашыла закрываць справу? Чаго яна спужалася? Пра нешта здагадвалася, ці ёй падказвала яе жаночая інтуіцыя: справа — далёка не просты крымінал? Федарук казаў: калі ёсць тыя, хто верыць у Цмока і жадае яго нараджэння, ёсць і тыя, якія таксама вераць, але супрацьстаяць гэтаму. Бірулька… «Паляўнічы на Цмока», які знік, бы пад ваду сышоў. Усё гэта пранеслася ў галаве адной кароткай асляпляльнай маланкай.
— І да чаго вы прыйшлі? — нагадаў пра сябе Раман.
Чаму мне так не падабаецца яго пранізлівы позірк? Ён хоча злавіць мяне на хлусні?
— Справу будзем закрываць, — нечакана для сябе цвёрда вымавіў я і адчуў абсалютную ўпэўненасць у тым, што гаварыў. — Відавочна, Насця зацяжарыла ад Дылько. Хутчэй за ўсё, яна паспрабавала стаць нармальнай жанчынай, цераз сілу згадзіўшыся на секс з мужчынам і нараджэнне дзіцяці. На жаль, не праверым, але ўскосна ўсё пацвярджаецца мёртвым дзіцем, якое вёз на могілкі гэты самы паэт.
— Дзіця дакладна тое, якое нарадзіла Насця Грыцук?
Пытанне было хуткім. Яно — галоўнае з таго, што хоча ведаць гэты Раман, зразумеў я. Бо я таксама следчы. Мяне таксама нечаму вучылі. Я не люблю, калі са мной гуляюць. Калі мяне скарыстоўваюць. Калі ад мяне нешта хаваюць.
— Больш няма якому быць, — паціснуў я плячыма, даючы зразумець субяседніку, што ў мяне няма ніякіх сумненняў на гэты конт. — Восенню мінулага года ў Ляўдку ладзіўся нейкі стары абрад. Там Насцю Грыцук ажанілі з гэтым паэтам.
— Цікава, які абрад такі? Хто ладзіў? Нешта сур’ёзнае? Хто там галоўны?
На гэты раз я канчаткова зразумеў мэту сустрэчы са мной гэтага Рамана — чаму яму трэба было абавязкова пабачыцца са мной, а не зрабіць кароткі афіцыйны запыт: ён хоча ведаць не столькі пра ход расследавання і яго вынік, колькі пра маё разумение сітуацыі, адносіны да справы. І другая мэта, канешне, — дзіця Насці.
— Дачнікам іншы раз няма чаго рабіць, вось яны і ладзяць то Купалле, то Дзяды, то нейкага Куста.
Я стараўся гаварыць максімальна пераканаўча, абыякава. Дакладна я не мог бы цяпер адказаць нават самому сабе, навошта мне было хавацца ад прадстаўніка генпракуратуры, чаму сваё першае памкненне распавесці яму пра ўсе мае сумненні я замяніў на цалкам адваротнае? Можа, таму, што я сам пакуль не мог вызначыцца: як я стаўлюся да таго Цмока? Таму, што не зразумеў яшчэ да канца імкненняў пэўнай часткі людзей нешта змяніць у жыцці? Так, я яшчэ не вызначыўся сам. Я сам не зразумеў. А яму, гэтаму Раману, трэба дзіця. І таму пакуль. пакуль мае сумненні павінны застацца са мной. Толькі са мной. Каб пасля не шкадаваць.
— Дык якім чынам загінула Насця?
Раман пытаўся, як і перад гэтым, хутка, прафесійна, і не пераставаў сачыць за выразам майго твару. Не, хлопча, я хоць і правінцыяльны следчы, але ж таксама навучаны…
— Смерць, хутчэй за ўсё, вынік няшчаснага выпадку. Адзін фермер прызнаўся, што ў тую ноч ля старой коннай грабалкі ён бачыў дзве аголеныя постаці — мужчыну і жанчыну. Відавочна, любошчы пад месячыкам. У грабалкі быў ненадзейны рычаг фіксацыі зубоў. Форма, даўжыня зуба суадносяцца з той ранай, якая была зафіксавана на целе трупа.
— Значыць, няшчасны выпадак? — на гэты раз задумліва спытаў Раман.
— Мы прыйшлі да такой высновы, — згодна кіўнуў я галавой. — Можна, канешне, фантазіраваць наконт наўмысных дзеянняў таго ж Дылько, але не мае сэнсу, тым больш ён мёртвы. Ды і той факт, што ён сам рабіў труну для памерлага дзіцяці, вёз патаемна яго на могілкі, кажуць на карысць менавіта няшчаснага выпадку…
Дзіўна, але мне і самому ў той момант такая версія падалася вельмі рэальнай. А чаму б такому і не быць? Можа, у Насці з такой выбуховай нечаканасцю абудзілася звычайная жанчына, што яна стала прагнуць пяшчоты і ласкі ад мужчыны кожную хвіліну, не зважаючы на нядаўнія роды?
— Зразумела, дзякуй, — Раман хутка падаў мне руку, коратка паціснуў, азірнуўся і махнуў рукой.
Я пабачыў той самы аўтамабіль, які стаяў ля пракуратуры, метраў за пяцьдзясят ад нас. Ён газануў і з лёгкім шумам колаў наблізіўся.
— Выбачайце за пературбацыю. Калі трэба будзе — званіце без аніякіх там, — казаў Раман, а сам усё вывучаў мае вочы. — Нам вядома, вашаму пракурору хутка на пенсію, іншы раз у такіх выпадках здараецца гэтакі мяккі, добразычлівы ціск на следства…
— Ды не, пакуль непаразуменняў не было, — пастараўся запэўніць я Рамана.
— Дзякуй за размову! Будзем чакаць ад вас паведамленняў, як знойдзеце нешта незвычайнае ці ўзнікнуць пытанні і складанасці.
Я не мог не адзначыць для сябе яшчэ адзін прафесійны штрых: аўтамабіль спыніўся на некалькі крокаў наперадзе, і, такім чынам, калі гэты Раман сядаў у машыну, я не пабачыў нічога ў салоне. Той факт, што мужчына сеў на задняе сядзенне, таксама нешта казаў.
Я вяртаўся прыцемкамі. Квола ўздрыгнуў тэлефон у кішэні. Дастаў, паглядзеў: Надзея тэлефанавала і тут жа выключылася. Не стаў перазвоньваць — вунь ужо бачны дом.
Яна сустрэла мяне ў веснічках, зазірнула ў вочы.
— Усё добра, — бадзёра ўсміхнуўся я. — Ідзём да мяне!
Мы зайшлі ў дом, і я паўтарыў усхвалявана-радасна:
— Усё добра! — прыгнуўся, абхапіў Надзею пад каленямі ў нечаканай хвалі пяшчоты, падняў на рукі.
— Дурны! Я ж табе не дзяўчынка, надарвешся! — запляскала яна далонямі па маіх плячах. Потым заціхла, я паволі апусціў яе, рукі слізгалі па пяшчотнай скуры яе ног.
— Сяргей твой яшчэ не спіць?
— Не, чытае. Але хутка будзе класціся, заўтра зноў збіраецца на рыбу: у яго яшчэ два дні вольныя, хоча паспець.
— Пакліч яго. І дай мне потым, калі ласка, свой тэлефон. Зраблю адзін званок.
Надзея ні пра што не пыталася. Пазваніла і прамовіла:
— Брацік, падыдзі да Васіля. ты патрэбны.
Адключылася, працягнула мабільнік мне. Я пагартаў свой даведнік, набраў нумар на Надзеіным тэлефоне.
Федарук доўга не адказваў, я зрабіў выклік яшчэ раз. Не дзіўна — незнаёмы для яго нумар. Нарэшце пачулася яго насцярожанае:
— Алё, слухаю. Хто мяне турбуе?
— Гэта следчы пракуратуры Васіль Шайбак, — прадставіўся я. — Выбачайце, не са свайго тэлефона. Я хацеў вам паведаміць: справа будзе закрыта.
— Дзякуй, — адказаў ён, і я міжволі ўсміхнуўся, уявіўшы яго ў гэты момант — настолькі разгублена прагучаў адказ.
— Жывіце спакойна, Алесь Тарасавіч, — працягнуў я. — Адно папрашу вас: калі вы заўважыце нешта істотнае для сябе ў плане, скажам так, бяспекі вашай сям’і, то патэлефануйце мне. Абавязкова патэлефануйце. І менавіта на гэты нумар. Дамовіліся? І яшчэ: я вас буду турбаваць час ад часу пытаннямі, ці ўсё добра. Абяцаеце мне адказваць шчыра і падрабязна?
— Так-так, канешне, — спешна згадзіўся Федарук, і я адключыўся.
— Кавы згатую? — ціха спыталася Надзея.
— Ага. На траіх. І каньяк будзем, ага?
— Ага, — пераадольваючы напружанне, усміхнулася яна, пайшла ставіць чайнік.
Сяргей пакруціў пластмасавага дракончыка ў руках колькі секунд, паклаў на стол.
— Што цікавіць следапыта?
— Што можаш путное прыдумаць, тое і цікавіць, — адказаў я і адкаркаваў бутэльку. — Мне трэба знайсці майстра. Абавязкова.
— З якога перапуду гуляем у такі час? Мне заўтра ўставаць на досвітку, — Сяргей кіўнуў незадаволена на бутэльку.
— Значыць, не ўставаць, — адказаў я. — Ты ж самы блізкі з радні Надзеі, вось і хачу ў цябе папрасіць дазволу на шлюб з ёй, — роблена ўрачыста, дурасліва назваў я прычыну.
— Ды ну? — хмыкнуў Сяргей, потым азірнуўся на Надзею: — Калі ён праўда табе нешта прапаноўваў, дык гані яго!
— Гэта чаму? — пагрозліва наблізіўся я да Сяргея, прыўзняўшы вышэй бутэльку.
— Бо наліваеш патроху ў такім выпадку!
— Затое часта! Тактыка ў мяне такая.
— Маўчы, тактык, — Сяргей спыніў нашу гульню, пасур’ёзнеў, узяў кілішак з каньяком. — Ваша здароўе! — Выпіў, закінуў у рот кавалак шакаладкі, пражаваў і стаў тлумачыць: — Давай па справе, мне ўставаць рана. Запамінай. Матэрыял — фтарапласт. Вельмі каштоўны тым, што хімічна ўстойлівы — раз. Два — не электрызуецца. Не зношваецца, хоць на выгляд і мяккі. У механізмах невялікіх і дакладных, у робататэхніцы, скажам, прымяняецца вельмі шырока: падшыпнікі, калёсікі, іншае. Дэталі з яго не дэфармуюцца. Першы раз я з ім пазнаёміўся на вытворчасці мікрасхем. Там яго вельмі шмат дзе. Што да бірулькі, дык яна велікаватая, каб быць зробленай з нейкай дэталі. Хутчэй за ўсё, рабілі непасрэдна з кавалка. Значыць, на заводзе па вытворчасці фтарапласту. У нас у краіне такіх няма, наколькі я ведаю. Але ёсць участкі па вытворчасці дэталяў з яго для патрэб той жа электроннай прамысловасці. Якасць работы. — Сяргей зноў узяў у рукі бірульку, стаў тлумачыць, кранаючы мезенцам асобныя месцы дракончыка: — Вялікія рэзы зроблены ўпэўнена, за раз ці два. Дробныя дэталі выкананы касым разаком, глыбока, упэўнена… Карацей, рабіў майстар-рэзчык па дрэве, тут няма пытанняў.
— Значыць, трэба шукаць майстра, які працуе на заводзе па вытворчасці дэталей з фтарапласту?
— Самы лёгкі варыянт, — уздыхнуў Сяргей. — А мог такі майстар быць суседам таго, хто працуе.
— Як думаеш, адзіная зробленая рэч?
— Наўрад, — Сяргей яшчэ раз уважліва агледзеў бірульку. — Ведаеш, глыбокія рэзы, дакладныя і ўпэўненыя. Не, яна не першая ў рэзчыка.
— Дзякуй.
Мы пасядзелі з паўгадзіны, Сяргей заспяшаўся спаць.
На вуліцы была ноч, праз адчыненае на верандзе вакно неслася стракатанне цвыркуноў. Надзея сядзела задуменная ў крэсле, не спяшалася прыбіраць са століка.
— Навошта ты так? — з крыўдай у голасе спытала яна.
— Што — навошта? — быццам не зразумеў, перапытаў я, але ў той жа момант вырашыў, што прыкідвацца нельга, гэта можа пакрыўдзіць да глыбіні душы жанчыну, і прызнаўся: — Ну, я і праўда хацеў спытаць. Сёння я зрабіў адзін крок. супраць сябе ранейшага, супраць свайго цячэння. Зрабіў вось гадзіну таму другі. Хачу зрабіць і трэці.
— Хочаш паспрабаваць пажыць разам? — напружана спытала Надзея.
— Не, — рэзка адказаў я, выпрастаўся, а пасля і падняўся з крэсла, стаў насупраць Надзеі: — Хачу, каб ты была маёй жонкай. Хачу, каб нарадзіла мне дзіця. Хачу, каб ты была гаспадыняй у нашым доме. Але ў мяне ёсць адна ўмова.
— Якая? — здзіўлена насцярожылася яна, пэўна, яшчэ не ўсведамляючы ўсё пачутае.
— Я не хачу быць прымаком.
— Дурны ты. У мяне стары дом, зусім стары. У ім холадна зімой. Ён маленькі. Давай пабудуем новы.
— Ты згодна?
Я апусціўся перад Надзеяй, схаваў твар у яе голыя калені, чакаў дотыку яе рукі на сваёй галаве. Яна і праўда паклала свае далоні мне на патыліцу, пачала перабіраць пальцамі валасы. З хвіліну мы маўчалі.
— У тую навальнічную ноч… Я не думала, што ў нас нешта атрымаецца. І не брала таблетак. А быў той самы час…
— Значыць, ты зацяжарыла? — я ўзняў позірк і спалохаўся на нейкае імгненне: з вачэй Надзеі цяклі слёзы, мокрыя бліскучыя дарожкі на яе шчоках у святле настольнай лямпы рухаліся, быццам жывыя.
— Калі якія дзеці і атрымліваюцца ў такой навальнічнай жарсці, дык хіба цмокі, — усміхнулася яна скрозь слёзы, шмыгнула носам. — Даруй, — выцерла твар адной далонню. — Ніколі не думала, што буду калі-небудзь плакаць ад шчасця…
Комментарии к книге «Ноч Цмока», Валерий Николаевич Гапеев
Всего 0 комментариев