ФАРБЫ ПАРАЛЕЛЬНАГА СВЕТУ Мікола Дзядок
.
Уступ
Яшчэ ў дзяцінстве ва ўступе да нейкага твора я прачытаў трапную заўвагу: «Варта інтэлігенту правесці ноч у паліцэйскім участку, як ён адразу напіша пра гэта кнігу». Не ведаю, ці магу лічыць сябе інтэлігентам, ды і ў кіпцюрах Сістэмы я правёў нашмат больш, чым адну ноч, але гэта выказванне здаецца мне даволі ўдалым. Сапраўды, турма, няволя і ўсё з ёй звязанае, даюць чалавеку такую гаму пачуццяў і ўражанняў, якую ён мала дзе яшчэ атрымае. А для таго, хто прывык крытычна аналізаваць убачанае, гэта яшчэ і звышздатная глеба для назірання, рэфлексій і глыбокага роздуму.
Па задумцы, якую, спадзяюся, мне ўдасца рэалізаваць, гэты зборнік апавяданняў — толькі прамежкавы этап на шляху да больш грунтоўнага аповеду, агульны нарыс на палатне, якое яшчэ належыць запоўніць фарбамі: ён дае агульнае ўяўленне, але не дазваляе адчуць усю паўнату карціны. Такой карцінай, спадзяюся, стане ў будучыні кніга-гісторыя, якая раскажа аб маім зняволенні ад першага дня да апошняга.
Чаму ж я вырашыў напісаць «Фарбы паралельнага свету»? Па-першае, улады баяліся і баяцца агалоскі ўсяго, што робіцца ў карных установах, адмыслова робячы іх настолькі закрытымі, наколькі гэта магчыма. Гэта значыць, што агалоска можа нанесці ім рэпутацыйную і маральную шкоду. І, калі магчымасць нанесці такую шкоду ў нас ёсць, мы павінны яе выкарыстоўваць. Кожны злодзей імкнецца схаваць свае дзеянні ці, калі не атрымалася, апраўдаць іх чым заўгодна: законам, правам моцнага, «рэвалюцыйнай неабходнасцю», мараллю… Казаць жа праўду і выкрываць злачынствы — гэта імператыў, маральны абавязак кожнага чалавека. Па-другое, расказваць аб тым, што мы пабачылі і адчулі, важна таксама і дзеля дакументавання. Бо ніхто і нішто не вечнае. І многія ў будучыні могуць сказаць: «А мы нічога не рабілі… Мы толькі выконвалі загад», альбо: «Мы не ведалі, што гэта робіцца, а інакш абавязкова прынялі б меры!» Альбо ўвогуле пачнуць адмаўляць усё: «Гэта хлусня, не было такога! Дзе пацвярджэнні?» І калі нават над імі ніколі не адбудзецца суд народны ці нават дзяржаўны, куды больш важны суд гісторыі.
Пра турму ўжо сказана і напісана даволі многа. І часам здаецца, што тут цяжка распавесці нешта новае, бо няволя ёсць няволя, і ва ўсіх краінах свету ад дыктатур Азіі да буржуазных дэмакратый Захаду турмам уласціва адно і тое ж: адчай, азлобленасць, страх, боль, а таксама подласць і самаахвяраванне, сяброўства і здрада, міласэрнасць і жорсткасць і, вядома, інстытуцыяналізаваны гвалт, які з’яўляецца своеасаблівай мовай турмы. Ці змагу я стаць наватарам у гэтай сферы? Калі глядзець глабальна, то, вядома, не, бо беларуская турма не ёсць нечым унікальным, асабліва для постсавецкага рэгіёна, а агульная логіка і філасофія турмы, як я ўжо казаў, аднолькавыя паўсюль. Але ў лакальным маштабе, думаю, так. Без ілжывай сціпласці магу сказаць, што мой досвед у маштабах Беларусі быў унікальны. Мае сябры і я сталі першымі анархістамі ў Беларусі з моманту атрымання ёю незалежнасці, асуджанымі да пазбаўлення волі за палітычныя акцыі. Не менш унікальнымі былі і ўмовы нашага вызвалення. Не ведаю, ці ёсць яшчэ ў сусветнай гісторыі прыклады, каб вышэйшыя афіцыйныя асобы еўрапейскіх дзяржаў, да прэзідэнтаў і прэмьер-міністраў, да сенатараў ЗША, патрабавалі ад іншай дзяржавы вызваліць палітвязняў-анархістаў (!), асуджаных за акцыі прамога дзеяння (і, што цікава, у выніку ў тым ліку гэтых патрабаванняў мы сапраўды былі вызваленыя), прытым, што ў гэтых краінах сядзіць нямала «сваіх» анархістаў.
За пяць гадоў свайго зняволення я пабываў у чатырох турмах і трох калоніях. Такі лёс выпадае вельмі нямногім арыштантам у Беларусі. Больш за год агулам правёў у адзіночнай камеры, змог зблізу пабачыць крымінальны свет і яго прадстаўнікоў — прафесійных злачынцаў, «бродяг», як яны самі сабе называюць; стаў другім вязнем за дваццацідвухгадовую гісторыю магілёўскай крытай, асуджаным там па артыкуле 411 Крымінальнага кодэкса;[1] адчуў на сабе ўсе без выключэння метады «выпраўлення» (ад пазбаўленыя перадач да адпраўлення ў турму строгага рэжыму) і паспрабаваў усе без выключэння метады турэмнага пратэсту (ад напісання скаргаў да галадовак і членашкодніцтва). Таму я спадзяюся, што мой вопыт і тая інфармацыя, якую я вынес з засценкаў, будуць карысныя і запатрабаваныя: камусьці для таго, каб у будучыні трываць выпрабаванні, камусьці для таго, каб не паўтараць маіх памылак, камусьці, магчыма, у мэтах сацыялагічных ці антрапалагічных даследванняў.
З арыштанцкага жаргону ў рускую мову перайшло некалькі соцень, калі не тысяч, словаў. У беларускую мову, здаецца, аніводнага. Адпаведных жаргонных эквівалентаў «турэмным» словам ў беларускай мове не існуе (прынамсі, ніколі іх не чуў). Таму я вырашыў не вынаходзіць ровар і пакінуў арыштанцкі жаргон як есць — у пачатку кнігі вы знойдзеце невялічкі слоўнік.
Дзякуй Вам, што дачыталі да гэтага моманту. Спадзяюся, гэта невялічкая кніга будзе Вам лёгкай для чытання.
х х х
За ўзнікненне гэтай кнігі магу падзякаваць маім бацькам і маім паплечнікам: за тое, што дзякуючы іх высілкам, я змог выйсці на паўгода раней, чым павінен быў па прысуду; майму выкладчыку Уладзіславу Іванову — за падбадзёрванні і ўменне матываваць; маёй жонцы Леры — за рэцэнзіі і крытыку; падпалкоўніку ГУБАЗіК Аляксандру Георгіевічу Ліцвінскаму, дзякуючы помслівасці і нянавісці якога я пабываў там, дзе пабываў, і пабачыў тое, што пабачыў. Таксама хачу падзякаваць усёй карнай сістэме ДВП МУС, татальны дэбілізм і антыгуманнасць якой былі і будуць для мяне крыніцай натхнення.
Спіс скарачэнняў і жарганізмаў
БМ — бяспечнае месца. Камера, звычайна ШІЗА ці ПКТ, дзе ўтрымліваюць асуджаных, якія не могуць утрымлівацца з агульнай масай зэкаў. Звычайна гэта тыя, што рабілі нейкія несамавітыя ўчынкі: кралі, не расплаціліся па доўгу і гэтак далей, але часта і ахвяры мянтоўскіх правакацый. Згодна з КВК, любы асуджаны можа быць пераведзены ў бяспечнае месца пасля пісьмовай просьбы.
Баландзёр — супрацоўнік гаспадарчай абслугі, зэк, які разносіць ежу тым, хто сядзіць у камерах ШІЗА, ПКТ, крытай.
Вертухай (продольный) — турэмны наглядчык, кантралёр.
Вязаныя — асуджаныя, якія, прыбыўшы ў лагер, падпісалі паперу аб тым, што яны абавязуюцца «добра сябе паводзіць», не парушаць правілы і стаць на шлях выпраўлення. Падпісваюць 99 % арыштантаў.
ДВП — дэпартамент выканання пакаранняў. Структура МУС, адказная за ўсе карныя ўстановы Беларусі.
«Двушкі» — цыгарэты сярэдняй цэнавай катэгорыі, напрыклад «Карона», «Мінск». Па лагерных расцэнках, два пачкі «двушак» — гэта адзін пачак сіняга «Вінстана».
ДПНК — дзяжурны памочнік начальніка калоніі. Афіцэр, адказны за шэраг адміністрацыйных спраў у зоне: пасяленне ці вывад з ШІЗА, прыём этапаў, вывад на прамысловую зону і гэтак далей. Яшчэ яго называюць «ночной хозяин», паколькі ён цалкам кіруе калоніяй ноччу, калі адсутнічае начальнік калоніі.
Заласуднік — зэк, які атрымаў часткай свайго тэрміну турэмны рэжым і накіраваўся адбываць яго проста з залы суда. Асуджаныя па асабліва цяжкіх артыкулах у шэрагу выпадкаў па прысудзе суда да пяці гадоў праводзяць у турэмнай камеры і толькі потым накіроўваюцца ў калонію (арт. 57 КК).
Заўхоз — казёл, прызначаны адміністрацыяй для кантролю над зэкамі ў якой-небудзь сферы (напрыклад, заўхоз каранціна, атрада, прамзоны). Як правіла, гэта асуджаны з вялікім тэрмінам.
ІЧУ — ізалятар часовага ўтрымання. Месца, дзе вязень знаходзіцца ў стане падазронага да этапавання ў следчы ізалятар (СІЗА).
Казлы (козлы — в русских текстах) — асуджаныя, якія адкрыта супрацоўнічаюць з адміністрацыяй калоніі. У іх абавязкі ўваходзіць кіраваць іншымі зэкамі, трымаць іх у паслушэнстве, даносіць на іх мянтам і гэтак далей. Таксама «казламі» лічаць гаспадарчую абслугу турмы (сантэхнікаў, электрыкаў, зэкаў, што працуюць на кухні).
Кармушка — фортка ў дзвярах камеры, праз якую арыштантам падаецца ежа і адбываецца большасць гутарак паміж арыштантам і адміністрацыяй.
КВК — крымінальна-выканаўчы кодэкс.
Кешарка — месца захоўвання асабісты рэчаў арыштанта.
Кліфт — верхняе адзенне арыштанта. Афіцыйна называеца «куртка хэбэ».
Конь — асуджаны, які выпаўняе ролю слугі ў іншых асуджаных за цыгарэты ці гарбату. Часта — у якасці адпрацоўкі картачнага доўгу.
Крыса — асуджаны, які краў у іншых асуджаных.
Крытая — асобная турма ці яе корпус, якая выкарыстоўваецца для ўтрымання асуджаных, што рэгулярна парушалі рэжым у калоніях; выкарыстоўваецца таксама для прэсінгу «непажаданых» асуджаных: крымінальнікаў, якія адмаўляюцца падпарадкоўвацца мянтоўскім парадкам, палітычных вязняў, а таксама вязняў, што скардзяцца ў дзяржустановы на ўмовы ўтрымання. У «крытую» адпраўляюць на тэрмін да трох гадоў па рашэнні суда.
Мойка — лязо ад бяспечнага станка для галення. Вельмі вострая палоска сталі прыкладна нуль цэлых пяць дзясятых на чатыры сантыметры.
Певень (обиженный, опущенный, гребень) — ніжэйшая каста ў нефармальнай турэмнай іерархіі, «недатыкальны».
ПК — «папраўчая» калонія (бяру слова «папраўчая» ў двукоссі, бо насамрэч гэтыя калоніі выконваюць не папраўчыя, а карныя мэты), яна ж лагер.
ПКТ — памяшканне камернага тыпу, камеры для парушальнікаў рэжыму ўнутры калоніі. Звычайна тая ж камера, што і ШІЗА, але ў ёй арыштанту дазволена болей асабістых рэчаў: лісты, кнігі, часопісы, большая колькасць адзення, пакупкі ў лагернай краме і гэтак далей. У ПКТ змяшчае начальнік калоніі на тэрмін да шасці месяцаў.
Прадол — турэмны калідор, па абодва бакі якога знаходзяцца камеры.
ПУ — «папраўчая» ўстанова.
ПУР — Правілы ўнутранага распарадку. Пастанова МУС, якая падрабязна пералічвае, што можна і чаго нельга рабіць арыштанту.
Рэжымнікі — супрацоўнікі рэжымнага аддзела ПУ, сочаць за выкананнем зэкамі Правілаў унутранага распарадку, праводзяць вобыскі і гэтак далей.
СІЗА — следчы ізалятар. Турма, у якой знаходзіцца вязень у стане абвінавачанага — да вынясення прысуду. Пасля вынясення прысуду вязень накіроўваецца адбываць тэрмін у калонію.
Хата — камера.
ШІЗА (кіча) — штрафны ізалятар. Камеры для парушальнікаў рэжыму ўнутры калоніі. У ёй забаронены ўсе асабістыя рэчы, адсутнічае матрац для сну, прагулкі. У ШІЗА змяшчае начальнік калоніі на тэрмін да дзесяці сутак.
Шмон — вобыск.
ШІЗА
«Хто не быў на “губе”, той не служыў у арміі», — часта кажуць былыя салдаты. Аналагічна можна сказаць: «Хто не быў у ШІЗА, той не сядзеў у турме».
Без разумення таго, што сабой уяўляе штрафны ізалятар, альбо, як яго яшчэ называюць, кіча, немагчыма зразумець сутнасць турэмнай сістэмы і многія паводзіны вязняў.
Згодна з ПУР і КВК, штрафны ізалятар — адна з найцяжэйшых мер дысцыплінарнага спагнання, якая павінна прымяняцца толькі за грубыя парушэнні рэжыму. А паколькі вызначэння «грубага» парушэння ніхто не даваў, яно цалкам ляжыць на сумленні начальніка калоніі, які і прызначае гэта пакаранне.
Што такое ШІЗА? На тэрыторыі калоніі за дадатковым радам калючага дроту і КСП,[2] як на выспе, знаходзіцца асобны барак — барак ШІЗА/ПКТ, які з’яўляецца своеасаблівай лагернай спецтурмой. У гэтым бараку (у выпадку турэмнага ШІЗА — гэта проста падвал), як і ў звычайнай турме, знаходзяцца камеры. У адну з такіх камер пасля «дысцыплінарнай камісіі» і заводзяць парушальніка.
Уявіце памяшканне даўжынёй прыкладна два метры і шырынёй метр з нечым. Дашчаная падлога. На гэтай невялічкай плошчы знаходзяцца: нары, прышпіленыя да сцяны (адшпільваюцца кантралёрам звонку, з прадолу), табурэтка, столік «для прыёму ежы», прыбіральня (унітаза няма, ёсць «очко», абгароджаная з аднаго боку сценкай каля метра вышынёй, умывальнік, невялікія палічкі на сценах. Часта яны размешчаны так, што па камеры нельга зрабіць і двух крокаў, каб на нешта не наткнуцца. Пад столлю вісіць лямпачка, ёсць і «акно», калі яго можна так назваць. Паміж свежым паветрам і вамі — шкло ў раме, краты з унутранага боку і металічныя жалюзі са знешняга, каб вязні не маглі «срабатываться» — перадаваць нешта з камеры ў камеру, а таксама для большага псіхалагічнага ціску, каб не было бачна сонца і неба. Але адміністрацыя часта праяўляе вынаходлівасць і робіць у «вокнах» ШІЗА дадатковая краты. Рэкардсменамі лічу мянтоў ПК-9 (Горкі), якія зрабілі ў акне ажно чацвёра кратаў плюс шкло — сонечны свет у камеру амаль не трапляў, — так што, цалкам магчыма, заслужылі пахвалу ад правяраючых з ДВП.
Перад заходам у ШІЗА вязня чакае абавязковы шмон. Самае важнае — браць з сабой нельга практычна нічога, з адзення толькі сваё «форменнае» (у некаторых калоніях і «форменнае» нельга — у ізалятары выдаюць асобае, з надпісам «ШИЗО» на ўсю спіну). Вам дазволяць узяць толькі ручнік, мыла, зубную пасту, зубную шчотку і туалетную паперу. Нават станкі для галення можна не паўсюль. У тых жа Горках, напрыклад, тым, хто знаходзіцца ў ШІЗА, галіцца ў лазні не даюць, каб не разабралі станкі на «мойкі» і не скарысталі іх, напрыклад, для таго, каб ускрыцца (вядома, ніхто не думае пра паляпшэнне жыцця зэкаў, каб яны перасталі ўскрывацца — прасцей забараніць галіцца). Як вынік, вязні выходзяць з ШІЗА зарослыя, як бармалеі.
Усё астатняе, што б вы ні захацелі з сабой пранесці (ежу, цыгарэты, паперу, ручку, лісты, газеты, кнігі), не дазволена. У ШІЗА вы павінны застацца сам-насам з сабой і, па задуме турэмшчыкаў, напэўна, «думаць пра свае паводзіны».
Праўда, хітрыя зэкі, якія не хочуць пазбаўляцца цыгарэт на дзесяць ці больш сутак, робяць так званыя «тарпеды» — скруткі з цыгарэт, герметычна запакаваныя ў некалькі слаёў цэлафану, што потым запіхваюцца ў прамую кішку. Вядома, шмат цыгарэт так не ўлезе, таму ўпакоўваць іх у «тарпеду» трэба вельмі шчыльна — гэта цэлая тэхналогія. У выніку сярэдняя тарпеда з сарака цыгарэтамі мае дыяметр тры-чатыры сантыметры. Большасць зэкаў не можа ўзяць з сабой больш за тры тарпеды, але даводзілася чуць аб умельцах, якія бралі да дзевяці штук. Пасля «растарпедавання» цыгарэты трэба недзе захоўваць, каб на планавым шмоне ў камеры іх не знайшлі і не забралі. Гэта таксама патрабуе ад зэка пэўнай кемнасці і спрыту.
У кармушку камеры ШІЗА тройчы на дзень прыносяць ежу. Лыжку і міску мець таксама нельга — іх выдаюць, а як паеў — забіраюць. Да 1998 г. зэкаў у ШІЗА кармілі так: адзін дзень давалі ежу па зніжанай норме (менш, чым у атрадах), а другі дзень — толькі хлеб і ваду. «Дзень лётны, дзень нялётны», — так называлі гэты парадак арыштанты, большасць з якіх выходзілі з ізалятара пасля пятнаццаці сутак пакарання, трымаючыся за сценку. У 1998 г. закон памяняўся, але зніжаная норма харчавання ў ізалятарах была пакінутая да 2010 г. Зараз зэкаў кормяць аднолькава як у ШІЗА, так і ў атрадзе. Гуманізацыя!
Трохразовае харчаванне — амаль адзінае, па чым, седзячы ў ШІЗА, можна больш-менш дакладна дазнацца колькі зараз часу. Бо гадзіннік у ШІЗА таксама забаронены. Таксама як і ўсё, што можа дапамагчы бавіць час. З ШІЗА не выводзяць на спатканні і тэлефонныя званкі. Там нельга атрымліваць перадачы, пасылкі, бандэролі і лісты. На прагулку не выводзяць — дваццаць чатыры гадзіны ў суткі знаходзішся ў бетоннай каморцы. На ўвесь рост перад вязнем паўстае пытанне: чым заняцца? Адказ на яго ён мусіць знайсці, па-першае, калі не хоча звар’яцець, па-другое, каб час для яго не цягнуўся з такой пакутлівай павольнасцю. Сітуацыю ўскладняе тое, што сядзяць у ШІЗА звычайна па адным. Мянты ведаюць, што робяць, бо яшчэ Дзюма заўважыў: «Турма, падзеленая з кім-небудзь, ужо толькі напалову турма». Адміністрацыя лагера з задавальненнем дасць вам адчуць сябе вязнем замка Іф і пасадзіць да вас суседа толькі тады, калі ўсе іншыя камеры будуць занятыя.
Тыя, што кураць, вырашаюць праблему адносна лёгка: пакуль дастанеш цыгарэты з «нычкі», пакуль дачакаешся, каб кантралёр прайшоў міма вочка, пакуль пакурыш у акенца, потым ручніком развееш дым па хаце, каб не «спаліцца» — ужо які-ніякі занятак. Чатыры-пяць цыгарэтак за дзень — час бяжыць. Тым, што не кураць, яшчэ складаней. Але ў любым выпадку амаль усе формы баўлення часу ў ШІЗА забаронены ПУР. За іх можа атрымаць дадатковае спагнанне — напрыклад, прадаўжэнне тэрміну ў ШІЗА. Размаўляць з суседзямі праз сцены, акно ці каналізацыю — забаронена, чытаць-пісаць — забаронена (нават калі вы цудам нешта пранеслі — у вас гэта забяруць на першым жа «шмоне»), спаць — забаронена, а калі вас двое і вы вылепіце з хлеба шашкі і вырашыце ў іх згуляць, то і за гэта на вас могуць накласці спагнанне. «Не положено!»
Застаецца няшмат: хадзіць па камеры з кутка ў куток, калі «мэбля» дазваляе (звычайна гэта пяць маленькіх крокаў у адзін бок), займацца спортам (калі можна назваць «спортам» практыкаванні ў памяшканні, куды амаль не трапляе свежае паветра) ці проста, седзячы, думаць… Асабіста мяне ратавала ёга, медытацыя, мары аб будучыні і доўгія «пешыя прагулкі».
Але тое — удзень. Самае цікавае ў ШІЗА пачынаецца ноччу. Згодна з ПУР, матрас, як і іншыя пасцельныя рэчы, вязням у ШІЗА не выдаюцца, замест гэтага на ноч ад сцяны адшпільваецца нара. Вязні ж на ёй ніколі не спяць — спяць на падлозе, бо там цяплей. Калі на вуліцы не трыццаць і болей градусаў цяпла, то ноччу вас чакае выдатная прыгода пад назвай «Паспрабуй паспі». Мала таго, што спаць прыйдзецца на дошках, што цяжкавата з непрывычкі, галоўнае — холад рэдка дасць вам заснуць больш чым на трыццаць-сорак хвілін. Паспаўшы якія паўгадзіны (залежыць ад тэмпературы ў камеры), вы прачнецеся ад дрыжыкаў і зразумееце, што больш спаць не можаце, і хутка зразумееце, навошта на «шмоне» з вас знялі ўсё цёплае адзенне! Інстынкт выжывання беспамылкова падкажа вам: калі немагчыма падняць тэмпературу навакольнага асяроддзя, трэба падняць хаця б тэмпературу ўласнага цела, і вы пачнеце рабіць практыкаванні са школьнага курса фізкультуры, каб хоць трошкі разагнаць кроў па задубелых канечнасцях. Калі вы паспяхова справіцеся з гэтай задачай, то зможаце паспаць яшчэ паўгадзіны. І чаргаваць спорт са сном вам давядзецца да самага пад’ёму, калі на снеданне баландзёр прынясе вам гарачай (калі пашанцуе) гарбаткі і міску кашы.
З цягам часу набіраешся досведу: заходзячы ў камеру, залепліваеш акно туалетнай паперай (хоць няма свежага паветра, зато цяплей), знаходзіш месцы, дзе спаць зручней за ўсё (я вылічваў іх па сцёртасці фарбы на падлозе: дзе фарба самая сцёртая, там і трэба класціся спаць, бо гэтая сцёртасць кажа аб тым, што там спалі ўсе да мяне), запраўляеш штаны ў шкарпэткі, каб зберагчы кропелькі цяпла, а таксама робіш са сваіх тапачак і скрутку туалетнай паперы выдатную падушку.
У любым выпадку прачнецеся вы разбітым, і ўвесь дзень вам будзе хацецца спаць. Нарэшце, паддаўшыся гэтаму памкненню, вы прыляжаце на падлогу, і кантралёр з радасцю напіша на вас акт аб парушэнні. (Яшчэ не забылі? Спаць удзень забаронена!) А праз колькі дзён адчыняцца дзверы, і вам паведамяць: «Такого-то числа во столько-то осужденный такой-то спал на полу камеры номер такой-то штрафного изолятора, чем нарушил пункт такой-то Правил внутреннего распорядка». І прапануюць распісацца яшчэ за дзесяць сутак. Асаблівым шыкам у мянтоў лічыцца прынесці такую паперу ў апошнія гадзіны, нават хвіліны, да вызвалення, калі ты ўжо наперад смакуеш, як вось-вось пап’еш у атрадзе гарачай кавы з шакаладкай і будзеш спаць гэту ноч у цёплай і мяккай пасцелі.
Колькі ж можна трымаць вязня ў штрафным ізалятары? Да 2008 года гэты тэрмін складаў пятнаццаць сутак. Потым з чарговай хваляй «гуманізацыі» яго знізілі да дзесяці, але дэ-факта гэта нічога не змяніла, бо гаворка ідзе аб «аднаразовым» пакаранні, за адно парушэнне. А за «парушэнні ў ШІЗА» вязня могуць утрымліваць там колькі заўгодна доўга. «Спаў на падлозе» — не адзіная нагода. У кожным лагеры свая тыповая адпіска, якая фабрыкуецца на арыштанта, каб прадоўжыць яго тэрмін у ШІЗА. Дзесьці гэта «не произвел уборку», дзесьці «расстегнутая пуговица»… Ніколі не забуду, як у ПК-17 у Шклове, дзе трапіў у ШІЗА праз дзве гадзіны пасля таго, як прыехаў у калонію, вырашыў: ну, зараз не дам ім нагоды, буду рабіць усё па статуце! Не будзе чаго прычапіцца, і выпусцяць праз дзесяць сутак! Малюсенькай анучкай вычысціў усю камеру: прыбраў павуцінне, пыл, бруд, нават у тых месцах дзе, упэўнены, яго не прыбіралі з моманту будавання барака. Вячэрняя праверка. Адчыняюцца дзверы. У цесную камеру літаральна ўрываюцца адразу тры кантралёры ды яшчэ і ДПНК і пачынаюць азвярэла матляць галавамі па баках, праводзіць рукамі па паліцах, рэбрах нараў, батарэі, століка, нахіляцца, залазіць пад столік і ледзь не на карачках поўзаць, вышукваючы пыл і хоць якую часцінку бруду. Усё беспаспяхова — камера «зіхаціць». Тады адзін з кантралёраў, той, што перад гэтым праводзіў рукой па паліцы, на якой часткова аблупілася старая фарба, націснуў рукой і расцёр яе, часцінкі фарбы засталіся на ягоных руках:
— О! А вот и пыль! Составляем на тебя документ!
Што я ім адказаў, ужо не помню. Але той выпадак канчаткова пахаваў веру ў тое, што палітвязню ў зоне можна «жыць-каб-цябе-не-чапалі».
Іншы выпадак з ПК-9 (Горкі). Хлопец, які ведаў, што мянты на яго злыя і хутчэй за ўсё захочуць працягнуць ягоны тэрмін знаходжання ў ШІЗА, наўмысна паводзіў сябе прыкладна — зашпільваў кліфт на апошні гузік, не спаў удзень і гэтак далей. І вось чарговы дзень. Прайшоў абед. Некалькі хлопцаў, што сядзелі з ім у хаце (ён быў не адзін), разлягліся на падлозе і «даюць храпака». Адчыняюцца дзверы, у хату заходзіць ДПНК. На тых, хто спіць, ён не звяртае аніякай увагі. Паміж ім і «прыкладным зэкам» адбываецца такая размова:
— А ты чего не спишь?
— А я не нарушаю распорядок дня!
— Не нарушаешь, да?.. Ну тогда бумага на тебя, бумага!
І потым на дысцыплінарнай камісіі арыштант можа колькі заўгодна даказваць, што ён не спаў ці яшчэ нешта не парушаў. Я не чуў і не бачыў аніводнага выпадку, каб гэтыя тлумачэнні хоць раз дапамаглі камусьці хаця б знізіць пакаранне, не тое што пазбегнуць яго.
У ПК-17 (Шклоў) яшчэ ў былыя часы, калі ў зоне часта можна было сустрэць мабільныя тэлефоны, аператыўнікі даводзілі да зэкаў: за валоданне мабілай — трыццаць сутак ШІЗА! А як жа трыццаць, калі законам дазволена максімум пятнаццаць? Атрымліваецца, чалавек яшчэ не трапіў у ШІЗА, а мянты ўжо ведаюць, што ён зробіць там «парушэнне рэжыму» і прыйдзецца дакінуць яму яшчэ пятнаццаць сутак!
Нахабнасць мянтоў і звыкласць да беззаконнасці ў зэкаў даходзяць да камічнага абсурду. Адзін з былых прабывальнікаў ПК-8 (Орша), распавядаў мне, як дадавалі суткі ў ШІЗА там. На праверцы ў камеру заходзіць ДПНК, звярае колькасць людзей у камеры па спісе. Глядзіць, хто ў камеры па раскладзе дзяжурны, і калі гэта той самы, каго аператыўнікі загадалі «адстрэліць», кажа, нават не падымаючы галавы ад спіса: «Иванов, паутинка!» — і выходзіць. Гэта значыць, што ў камеры пад столлю вісіць павуцінне (ці ДПНК лічыць, што вісіць — а есць яно сапраўды ці не, не іграе ніякай ролі), і ў гэтым вінаваты дзяжурны па камеры, які дрэнна ў ёй прыбраў. Гэта значыць, што на яго складуць акт аб парушэнні, які будзе разгледжаны начальнікам калоніі на дысцыплінарнай камісіі, дзе супрацоўнікі калоніі, у сваю чаргу, будуць вырашаць пытанне аб накладанні на Іванова дысцыплінарнага спагнання. Але вязню такое доўгае тлумачэнне без патрэбы. Слова «паутинка» пасля яго прозвішча азначае адно: ягонае прабыванне ў ШІЗА працягваецца як мінімум на дзесяць сутак. Але падчас гэтага спектаклю ніхто нават не задае пытанняў, поўнае ўзаемаразуменне!
Колькі я ні шукаў — не знайшоў прававога акта, які б абмяжоўваў тэрмін знаходжання вязня ў ШІЗА без выхаду. Максімальны тэрмін, колькі я знаходзіўся там без выхаду — дваццаць сутак, а агульны мой «стаж» на момант вызвалення падышоў да паўгода. Былы палітвязень Яўген Васьковіч правёў у ШІЗА магілёўскай крытай трыццаць сутак, а агулам адбыў там год. Пры мне аднаго хлопца трымалі ў ізалятары шэсцьдзясят сутак без выхаду — проста за тое, што ён не хацеў падпісваць «Обязательство о правопослушном поведении».
А мой сукамернік па ўсё той жа «крытай» у 2005 годзе выседзеў у ШІЗА без выхаду сто восемдзесят сутак! Раз у пятнаццаць дзён яго выводзілі ў штаб, каб там выпісаць чарговае спагнанне, і адразу заводзілі назад. І так дванаццаць разоў…
Таму, калі вам калі-небудзь давядзецца пачуць ад мянта, былога або дзейнага, ці ад дзяржаўнага журналіста, ці ад прадажнага псеўдаправаабаронцы аб гуманных і еўрапейскіх стандартах утрымання ў беларускіх турмах, проста раскажыце ім пра начныя адцісканні, сто восемдзесят сутак у бетоннай каморцы і «паутинку»…
Ліпень 2016
ОПЕР
Феномен савецкай і, на жаль, постсавецкай рэальнасці. Слова, знаёмае кожнаму, хто пазбаўлены ці некалі быў пазбаўлены волі. Той, хто пазначаны гэтым словам, можа быць усмешлівым маладзёнам з хітрым прыжмурам ці перадпенсійнага ўзросту мужыком з сівізною ў валасах і стомленым поглядам, крыкуном з мітуслівымі вачыма ці ветлівым інтэлігентам, які глядзіць на цябе спакойна і засяроджана, слабавольным гультаём ці фанатычным прафесіяналам — сутнасць яго была й застаецца адна.
Опер.
За часамі імперскай Расіі яны зваліся жандарамі, потым проста супрацоўнікамі «ЧК», «УгРо» і да таго падобных структураў, зараз яны — «оперупаўнаважаныя». Цікава, а як клічуць іх у іншых краінах? Агент? Інспектар паліцыі? Дэтэктыў? І ці цягнецца за імі такі ж крывавы след, які на працягу без малога стагоддзя валачэ за сабою «наш» опер?
Афіцыйныя абавязкі опера, прапісаныя ў прыгожых законах, — збіраць аператыўную інфармацыю, кантраляваць аператыўную абстаноўку і тым самым садзейнічаць выяўленню злачынстваў, ахоўваючы… «правы і законныя інтарэсы грамадзян» (смех у зале). Але рэальная дзейнасць гэтых хлапцоў з «халоднай галавой і гарачым сэрцам» (партрэты аўтара гэтай метафары — садыста Дзяржынскага — да гэтае пары з’яўляюцца абавязковым атрыбутам кожнага опернага кабінета), канечне ж, палягае далёка за межамі гэткіх сухіх і нецікавых фармулёвак.
Першая сустрэча з апярамі адбылася 4 верасня 2010 года ў кабінетах ІЧУ на вуліцы Акрэсціна, на наступны дзень пасля затрымання. Два супрацоўнікі з учэпістым позіркам і звычкамі гаспадароў жыцця, Сакалоў і Ярошык, на працягу шматгадзінных гутарак спрабавалі давесці мне, што стаць мярзотай і здраднікам нашмат лепей, чым шмат гадоў сядзець у турме. Адзін за адным абкатваліся псіхалагічныя прыёмы: мне распавядалі, што яны і так ужо «ўсё ведаюць» і мне трэба толькі палегчыць сваю долю, сказаўшы «ўсю праўду»; што ўсе сябры мяне ўжо здалі; што мяне выкарыстоўваюць, але яны хочуць мне дапамагчы (ах, класіка!), адзін нават прызнаўся, што ў глыбіні душы падзяляе анархісцкія перакананні. З гэтага пазней пачаў гутаркі і кадэбэшнік — відаць, такі іхні шаблон для працы з палітычнымі. Сканчалі ж яны, як правіла, жывапісаннем жахаў, якія мяне чакаюць у турме і зоне, у чарговы раз прапаноўваючы мне здрадзіць сябрам дзеля ўратавання ўласнае шкуры.
Але што такое дзесяць-пятнаццаць гадзін допытаў у параўнанні з пяццю гадамі, у якія апяры сталі маімі пастаяннымі спадарожнікамі?
Турэмны опер і опер з крымінальнага вышуку і КДБ — па сутнасці, адзін і той жа біялагічны від. Яны ідэнтычныя і ўзаемазамяняльныя, але тут я раскажу вам непасрэдна пра турэмна-зонаўскага опера, паколькі менавіта ў паўсядзённым кантакце з ім можна ўвабраць порамі, адчуць і, выпакутаваўшы, зразумець і на ўсё жыццё запомніць ролю і месца гэтых істотаў у нашым свеце.
За часамі ГУЛАГа зэкі, завербаваныя операм у лагеры, падслухоўвалі чужыя гутаркі альбо самі, заціраючыся ў давер, выклікалі чалавека на шчырасць, вынікам чаго станавіліся новыя крымінальныя справы аб «контррэвалюцыйных змовах», «антысавецкай агітацыі», «падрыхтоўцы да ўцёкаў» і да т. п. У выніку ахвяра оперскіх выкармышаў атрымлівала новы тэрмін у даважку да старога ці расстрэльвалася. І хоць зараз такога ўжо няма, метады і сутнасць оперскай работы засталіся такімі ж. Опер у турме і ў зоне — цар і Бог. Ён вырашае, дзе і з кім будзе жыць зэк, ці будзе ён атрымліваць перадачы, мець спатканні з блізкімі, «катацца» ў ШІЗА, і ўвогуле, будзе яму ў зоне добра ці кепска. Атрадны опер праз завербаваных ім зэкаў (сук) тузае за нітачкі грамадскую думку, і яму нічога не значыць зрабіць так, каб няўгоднага загналі ў касту «пакрыўджаных» або проста пачалі сістэматычна гнабіць. У вядомым сэнсе опер значыць нават больш, чым начальнік калоніі, бо начальнік жа — далёка, а опер заўжды тут, побач. У негалоснай іерархіі адміністрацыі «папраўчай» установы — рэжымнага, аператыўнага, медыцынскага аддзелаў, спецаддзела, аддзела папраўпрацэсу — аператыўны аддзел стаіць на самым версе. Опер можа ўсё. «Чтоб жить в радости и счастье, дерни ручку оперчасти», «Запомни сам, скажи другому: путь в оперчасть — дорога к дому», — іранізуе арыштанцкі фальклор.
Опер — гэта карнік для таго, хто, паводле яго пераканання, павінен пакутаваць, і гарант усемагчымых дабротаў ды прывілеяў для сваіх сук. На ПК-15 (Магілёў) опер пасадзіў мяне на пяць сутак у ШІЗА за «няправільную» размову з прыезджым губазаўцам. Фармальнай падставай стала тое, што я зайшоў да яго ў кабінет у расшпіленым кліфце, то бок лагернай куртцы (хоць усе і заўсёды да яго так заходзілі).
На ПК-17 (Шклоў) нейкі час зэкам было дазволена выносіць са спатканняў неабмежаваную колькасць гародніны й садавіны. Потым рэжымны аддзел забараніў — у межах звычайнага і бесперапыннага ўзмацнення жорсткасці рэжыму ў зоне. А опер праз сваіх падручных пусціў па зоне чутку: «Гэта Дзядка бацька паскардзіўся, вось мы й забаранілі». Цяжка ўявіць сабе больш подлы спосаб пасварыць чалавека з калектывам.
У магілёўскай крытай (турма-4) я неяк быў паскардзіўся оперу з прыгожым прозвішчам Ліхута, што цэнзар, які працуе пад яго непасрэдным кіраўніцтвам, не прапусціў мне шэсць паштовак са Швейцарыі. «Як так? — кажу. — Там жа нічога такога, звычайныя паштоўкі з віншаваннямі!» — «Добра, разбяромся», — быў адказ.
На працягу наступнага тыдня цэнзар выняў тры самыя звычайныя лісты ад бацькі і жонкі. Фірменная фішка магілёўскай турмы: пусты канверт, а на ім стэплерам прымацаваны аркушык з надпісам: «Письмо не прошло цензуру». Гэта быў намёк у аператыўным стылі: будзь задаволены тымі лістамі, якія атрымліваеш, а то і гэтага пазбавім.
Опер — гэта езуіт. Майму паплечніку Ігару Аліевічу на допыце ў КДБ апяры, «знатакі» анархізму, даводзілі недарэчнасць анархісцкай тэорыі: «Ты ж займаешся каратэ. Яно іерархічнае!» — каб хоць неяк расхістаць стомленую свядомасць вязня, падарваць ягоную веру ў сваю рацыю. Аналагічна і мне ў першыя дні пасля затрымання, пабачыўшы, што «лабавая атака» не спрацавала, апяры казалі: «А мы возьмем дый напішам на Індымедыі, што ты ўсіх здаў!» Ужо памянёны Ліхута праводзіў са мной гутарку, калі мне заставалася, як я думаў, тры з паловам месяцы да вызвалення: «Ну і якія ў цябе планы на волю? …Паедзеш, так? А працаваць дзе?.. Дык там жа ўсё дорага». Жадаў удачы з добрай усмешкай. Крыху пазней я даведаўся, што на момант размовы ён ужо чатыры дні як накіраваў на мяне дакументы ў Следчы камітэт для ўзбуджэння крымінальнай справы паводле артыкула 411, — то бок выдатна ведаючы, што я атрымаю яшчэ год, ён вырашыў пацвяліць мяне марамі аб хуткай волі, каб навіна пра дадатак да тэрміну аказалася для мяне яшчэ больш балючай. Прыклад таго, як чалавек можа вычарпальна ахарактарызаваць сябе адным толькі ўчынкам.
Опер — гэта лгун. Хлусня — яго асноўная і любімая прылада для падпарадкавання іншых і здабыцця «аператыўнай інфармацыі». «Толькі скажаш нам тое й тое — адразу цябе адпускаем. Даю слова афіцэра!» — часта кажуць апяры падазраваным на допытах. Колькі наіўных і даверлівых людзей купіліся на гэта, агаварыўшы сябе, а часам, самі таго не жадаючы, і іншых! І вось чалавек атрымлівае свае пяць, дзесяць, колькі заўгодна гадоў — але не дзякуючы таму, што следства сабрала пераканаўчыя доказы ягонае віны, а дзякуючы сваёй даверлівасці. Опер дасць любое слова, паклянецца, паабяцае ўсё, што хочаш, назаве цябе сябрам, скажа, што падзяляе твае ідэі, паспачувае, аблае ўладу — абы атрымаць ад цябе тыя паказанні, што патрэбны яму, незалежна ад таго, праўдзівыя яны ці не. А атрымаўшы, загадае адвесці цябе назад у камеру. Ты цяпер — адпрацаваны матэрыял, а твой душэўны боль ад падманутага даверу нікога не цікавіць, галоўнае, што справа клеіцца. Колькі дзякуючы такім падманам зляпана — на роўным месцы! — крымінальных страваў, колькі «вісякоў» даведзена да суда! А купляюцца ж на такое, што відавочна, ніяк не закаранелыя злачынцы, а легкаверныя і больш-менш прыстойныя людзі, якія не мелі раней праблемаў з законам і не падазраюць, што ягоныя служкі могуць гэтак цынічна лгаць.
Аднаго опера на ПК-15 (Магілёў), які вечна запэўніваў, што ён «не мае дачынення» да таго, што мяне ў зоне прасуюць, я аднойчы наўпрост папракнуў: «Гэта няпраўда, ...евіч. Вы мяне пастаянна падманваеце». На што той, усміхнуўшыся, адказаў: «Падманваць — гэта мая прафесія».
Пры сваёй бесчалавечнай натуры опер не можа не быць яшчэ і расістам.
Адыёзны губазавец Літвінскі, гутарачы са мной на ПК-15 (Магілёў), пусціўся ў крытыку скінхэдаў сказаўшы спачатку, што ў яго «дзед ваяваў», а потым дадаў: «Я неграў таксама не люблю. Але я ж іх не б’ю!» Опер Шамёнаў з ПК-17 (Шклоў) доўга распавядаў мне пра сваё бачанне тэракту Андэрса Брэйвіка: «Вось да чаго мультыкультуралізм даводзіць! — і ганарліва дадаваў: — А ў Беларусі я магу хадзіць па вуліцы і быць упэўненым, што мяне хачы не адп*здзяць!» Па чутках, гэты супрацоўнік быў пазней пераведзены ў КДБ.
Опер — кат чалавечых душаў. На ПК-15 (Магілёў) адзін хлапчук скардзіўся мне, што опер схіляе яго да супрацоўніцтва, патрабуючы дакладаць, пра што гутараць зэкі, дзе ў каго «запрет» ляжыць і да т. п. Іначай абяцаў «жыцця не даць». І не дарма опер пачаў ціснуць менавіта на яго: таму хлопцу скрай патрэбна было УДВ — на волі застаўся маленькі сын, а жонка… сядзела на Валадарцы. Ён жа з усіх сілаў пазбягаў парушэнняў, старанна ўкалваў на промцы і цэлымі днямі перажываў за сваіх родных. Опер, безумоўна, усё гэта ведаў і таму спыніў выбар менавіта на ім. Я бачыў маральныя пакуты і мітусенні таго зэка: паміж сям’ёй і сумленнем, дабрабытам родных і магчымымі наступствамі ператварэння ў суку. Ён спрабаваў выкруціцца, распавядаў оперу нейкія малазначныя і агульнавядомыя рэчы. Але гэты варыянт не пракаціў. Неўзабаве мяне вывезлі з той зоны, і я так і не даведаўся, чым скончылася гэтая маленькая драма. Спадзяюся, той хлопец усё ж зразумеў, што здраднікам нельга быць напалову.
Баяцца патрэбна не тых, хто можа забіць цела, а з душой нічога не можа зрабіць, але тых, хто забівае душу, — разумееш з досведам. У сістэме МУС ёсць як забойцы целаў, так і забойцы душаў. Усе яны — каты з растрэльных камандаў і «оперупаўнаважаныя» — атрымліваюць грошы кожны за сваё забойства.
Так, опер пакідае жывым цела, арганізм, што жыве на інстынктах ды базавых патрэбах, але гэта ўжо і не асоба ў поўным сэнсе гэтага слова. Нюанс у тым, што калі ў характары чалавека, які трапіў у зону, ад пачатку ёсць хоць найменшая гнільца, зерне подласці і несумленнасці, то пад пільным наглядам опера і ягонымі намаганнямі яно абавязкова разрасцецца і высмакча з чалавека ўсё добрае, што ў ім ёсць. Гэтаму садзейнічае сама атмасфера зоны, яе маральны клімат з імператывам: «плюнь в ближнего, пня нижнего». А опер, без сумневаў, паскорыць рост гэтых усходаў, падбіраючы ўгнаенне кожнаму індывідуальна, у залежнасці ад асаблівасцяў характару: камусьці гэткім стане лішняя свіданка з жонкаю, камусьці — страх за ўласную бяспеку, камусьці — аўтарытэт, камусьці — УДВ, камусьці дастаткова пакунка гарбаты і пачка цыгарэтаў. Але вынік заўжды адзін: чалавек выходзіць на свабоду наскрозь прагнілым, беспрынцыпным, ні ў што не верачы. У ягоным светаўспрыманні сцёртыя межы паміж дабром і злом. Усё гэта — вынік працы «аператыўнага аддзела папраўчай установы».
Часам я думаю: а якія яны ў звычайным жыцці? Не ўсе ж яны б’юць сваіх жонак, дзяцей, ашукваюць сяброў… Напэўна, і яны здольныя любіць блізкіх, клапаціцца пра іх, быць добрымі для сваіх жонак і мацярок, ад душы смяяцца, сябраваць, карацей — адчуваць чалавечыя пачуцці. Падчас святаў, застолляў яны, напэўна, цалкам шчыра вяселяцца. Абдымаючы сяброў і калег, спяваюць любімыя песні з келіхам у руцэ: «Да! И если завтра будет круче, чем вчера, “Прорвемся!” — ответят опера».
Вядома, прарвяцеся. Бадзёрым маршавым крокам.
У пекла.
Сакавік 2015
РЭЖЫМ
Ёсць з’явы жорсткія. Ёсць з’явы бессэнсоўныя. Але любыя з’явы і рэчы падаюцца больш жорсткімі, калі яны бессэнсоўныя. Менавіта да такой катэгорыі паняццяў і адносіцца турэмны рэжым — Малох, у ахвяру якому прыносяцца псіхалагічны і фізічны камфорт вязняў, іх душэўны спакой і самапавага.
Чалавек, які ўпершыню трапляе ў турму, першы час знаходзіцца ў стане разгубленасці, збянтэжанасці. Сваім розумам нармальнай, вольнай асобы ён не можа ўсвядоміць тых рэчаў, якіх ад яго патрабуюць турэмшчыкі, спасылаючыся на загадкавае «так положено».
Усё пачынаецца са шмону. Здзіўленне пачынае пераследаваць вязня яшчэ ў ІЧУ, калі на шмоне перад пасяленнем у камеру ў яго забіраюць паясны рэмень і шнуркі ад абутку. Ён пытаецца: «А чаму мне іх нельга?» «Не положено!» — рыкае ў адказ мент. Пазней ад дасведчаных сукамернікаў ён дазнаецца, што ўвесь час падцягваць штаны і хадзіць у красоўках, як у смешных разлапістых шлёпанцах, будзе таму, што на рэмені ці шнурках можна павесіцца. Але самае цікавае яго чакае ў СІЗА, калі родныя пачынаюць насіць яму перадачы. Цыгарэты? Павінны быць выняты з пачка і пакладзены ў празрысты пакет. Гарбата? Таксама толькі перасыпаная ў празрысты пакет. Цукеркі? З кожнай павінна быць знята абгортка (уявіце, колькі трэба зрабіць, каб перадаць трыццацікілаграмовую перадачку). Газіроўку? Нельга! Тварог, малако, сыркі, сметанковае масла — нельга! Мёд? Нельга! Чаму? «Не положено!» Нешта ў шклянай бутэльцы? Барані Божа! «Они же перережут друг друга!» Кансервы ў бляшаных банках — нельга, «заточку сделают».
І калі раптам родныя пойдуць па рознага роду начальніках ды пачнуць скардзіцца, то ім пакажуць доўгі спіс рознага кшталту пастаноў і загадаў, пакажуць ПУР (Правілы ўнутранага распарадку) і патрабаванні санстанцыі, з якіх яны даведаюцца, што малочныя прадукты нельга, бо баяцца эпідэмій, цыгарэты трэба перакладваць, бо «раптам вы там нешта схавалі», па той жа прычыне трэба здымаць абгортку з кожнай цукеркі, па той жа прычыне кожны яблык, апельсін, любая садавіна ці агародніна, што вы перададзіце вязню, будзе праткнутая шылам (і не важна, што «пражыве» яна пасля гэтага толькі пару дзён), любая вакуумная ўпакоўка — прадзіраўленая, любая шакаладка — паламаная ледзь не да крошкі.
Але што СІЗА! У калоніі, куды арыштант едзе пасля прысуду, яго чакаюць новыя адкрыцці і новыя здзіўленні. Па прыездзе — абавязковы шмон. Усё «лішняе» адбіраюць і кладуць на склад, дзе яно будзе ляжаць да таго моманту, як чалавек вызваліцца. Гэта вельмі драматычны момант для любога вязня: усё нажытае за год, а то і болей, усё нагружанае сукамернікамі, якія збіралі яго на этап, «ляціць» на склад альбо ў сметніцу. Калі гэта ежа — яшчэ паўбяды. Але найбольш крыўдна, калі гэта адзенне ці абутак, набытыя роднымі. У СІЗА, ІЧУ і некаторых зонах дазволены абутак толькі без металічных супінатараў — бо з іх, зноў жа, можна зрабіць заточку. Для таго каб даведацца, ці ёсць у абутку супінатары, вертухаі неміласэрна згінаюць красовак ці бот, ламаюць падэшву і прасвечваюць яе металадэтэктарам. Калі гэта твой адзіны абутак, выдадуць зменны (так званыя «каранцінкі»), калі ж ён куплены роднымі і яны намагаюцца яго табе перадаць, яго папросту вернуць назад — грошы патрачаны дарма.
ПУР ПУ (Правілы ўнутранага распарадку папраўчых устаноў) пабудаваны вельмі хітрым чынам. У іх замест таго, каб пералічыць спіс рэчаў, якія арыштанту мець забаронена, пералічваюць рэчы, якія дазволена мець арыштанту. Адпаведна ўсё астатняе — забаронена, і за валоданне рэчамі, якіх няма ў спісе, можна трапіць у ШІЗА.
Сказаць, што спіс дазволенага недастатковы для нармальнага, годнага існавання, асабліва для тых, у каго доўгія тэрміны, — гэта нічога не сказаць. Узяць хаця б такую дробязь: кожны асуджаны павінен перамяшчацца па тэрыторыі лагера ў форменным адзенні (у робе, афіцыйна: у «костюме хэбэ»). Гэта ўстаноўленая «форма адзення арыштанта». Але ж робу трэба час ад часу мыць. І калі памыў яе, яна павінна высахнуць. У чым тады хадзіць у сталовую, на працу ды і проста па лакальным участку каля барака? Застаецца спартыўны касцюм. Але вось калізія: надзенеш спартыўны касцюм — «парушэнне формы адзення». Атрымаеш акт аб парушэнні і можаш загрымець у ШІЗА. І нікога не цікавіць, што твая роба проста памытая і вісіць мокрая на вяроўцы. Але і не мыць нельга. Калі цябе пабачаць у бруднай робе, то і за гэта могуць скласці дакумент аб парушэнні, бо «осужденный должен иметь опрятный внешний вид». Вось і круцяцца зэкі, як могуць, каб і чыстымі хадзіць, і ў ШІЗА не трапіць: хто «пятляе» ў сталовую ў сярэдзіне шэрага, каб не трапіцца на вочы кантралёрам, хто просіць робу панасіць у кагосьці з суатраднікаў. Дарэчы, мець дзве робы таксама забаронена, знойдуць на шмоне — забяруць, ды яшчэ акт могуць скласці (зноў маячыць перспектыва ШІЗА). Гэтай праблеме — у чым хадзіць, калі памыў адзенне, — ужо шмат гадоў, але ўсім — ад начальнікаў атрадаў да кіраўніцтва ДВП — пляваць на нязручнасці жыцця нейкіх там зэкаў. Прасцей дзесяць, дваццаць, трыццаць чалавек «спецконтингента» адпраўляць штогод у ШІЗА, чым адзін раз змяніць пару сказаў у ПУР.
Эпапея з адзеннем на гэтым не заканчваецца. За некалькі гадоў да майго вызвалення літаральна ва ўсіх зонах кіраўніцтва развярнула цэлыя «кампаніі» барацьбы: з курткамі на замках-маланках, са світэрамі і масцеркамі пад «костюмами хэбэ». Барацьба з маланкамі вялася проста так, каб уніфікаваць адзенне вязняў. Да пары да часу ў лагеры людзі хадзілі ў чорных куртках на замках-маланках, перададзеных роднымі з волі, пакуль нейкі чын з ДВП не прыехаў з інспекцыяй і не запытаўся: «А чего это у вас осужденные ходят не по форме?» Бо «па форме» — гэта значыць у нязграбнай целагрэйцы (якая не грэе ні кроплі) на гнілой ваце, у якой адвальваюцца гузікі. І тут жа пачаўся шал, спачатку на адной зоне, потым на іншых: нармальныя «вальнячыя» курткі пачалі «адмятаць», замест іх выдаваць целагрэйкі, тых, хто спрабаваў узбунтоўвацца, саджалі ў ШІЗА. Барацьба ж з галоўнымі ворагамі «исправительного процесса» — світэрамі ды масцеркамі выглядала так. Восень (ці вясна), на вуліцы холад. Атрад зэкаў выходзіць на працу на прамзону і стаіць на КПП у чаканні шмону. Кожнага шманаюць па чарзе і прымушаюць расшпіліць «костюм хэбэ». Калі раптам пад ім масцерка ці світэр — ідзі ў атрад, здымай. Пачынаеш абурацца — у ШІЗА. І не важна, што на вуліцы плюс дзесяць, а пад тваёй «курткай хэбэ» толькі лёгкая цішотка. І не важна, што пасля такой праверкі зэкі на прамзоне будуць увесь дзень трэсціся ад холаду і паўатрада пабяжыць у санчасць з прастудай ці грыпам. Затое любое начальства, наведаўшы зону, будзе задаволена: «Форма одежды соблюдена!»
Такія кампаніі на кожнай зоне распачынаюцца часта, хаатычна і непрадказальна. Пстрыкне нешта ў галаве Дарошкі[3] — па зонах ідзе цыркуляр, і грамадзяне начальнікі гатовыя дэманстраваць службовы імпэт. Сёння — маланкі на куртках, заўтра — боты «неуставного образца», паслязаўтра — сталёвыя лыжкі (ва ўсіх павінны быць алюмініевыя!), затым — кампанія па барацьбе з «выносом хлеба из столовой» (гэта калі выдаюць дысцыплінарныя спагнанні за тое, што сваю пайку хлеба панёс са сталовай у атрад) і гэтак далей… Зэкі вызначаюць гэтыя кампаніі па доўгіх чэргах на КПП, дзе па шэрагах чуецца раздражнёны шэпт: «Опять?.. Что, б***ь, в этот раз?.. Бирки на трусах проверяют, что ли? Сука, за****и…»
На ПК-17 (Шклоў) намеснікам начальніка калоніі быў, а можа, і сёння ёсць, калі не пайшоў на павышэнне, вельмі старанны служака, Павел Мікалаевіч Егулеўскі, па мянушцы Мерседэс. У час адной з такіх кампаній (тады змагаліся са штанамі няправільнага фасону) ён стаяў з канцылярскім нажом і проста на КПП уздоўж рэзаў штаніны зэкам. І аднаму з іх такім чынам разрэзаў нагу да крыві. Хлопец аказаўся не з самых «прыбітых», пайшоў на прынцып і пачаў адстойваць свае правы, а яго родныя скардзіліся ў розныя інстанцыі. Але ніякага выніку гэта так і не прынесла, Мерсу ўсё сышло з рук.
Далей — болей. Тэндэнцыя да ўзмацнення рэжыму прабіраецца ў кожную шчыліну паўсядзённага жыцця арыштанта. У кожнага зэка ёсць прыложкавая тумбачка. Думаеце, там можна захоўваць тыя рэчы з дазволеных, якія табе хочацца? А як жа! Некалькі гадоў таму ў кожным спальным памяшканні павесілі спіс таго, што можна мець кожнаму зэку ў тумбачцы. Спіс вельмі сціслы: ручка (адна), сшытак (адзін), дзве кніжкі, канверт (адзін ці два, ужо не памятаю), адзін пачак цыгарэт і адна ўпакоўка гарбаты.
Усё! Прадуктаў харчавання ў гэтым спісе няма. Вы запытаецеся: а дзе ж захоўваць усе астатнія рэчы? Для гэтага, згодна з мудрымі пастановамі мусароў ДВП, у кожным атрадзе існуе «комната хранения личных вещей», альбо па-зэкаўску «кешарка», «бобовня», «каптерка». Загадвае гэтым пакоем капцёр — зэк, у якога маюцца ключы ад яго. Улада капцёра і прывілеяванасць навідавоку. Сябраваць з ім — значыць мець сапраўдны блат у атрадзе. «Але што з таго, што там ляжаць рэчы? Што можа быць прасцей, — скажаце вы, — зайшоў у любы момант і ўзяў тое, што табе патрэбна, — няма чаго спальнае памяшканне захламляць». Усё так, але адкрываецца гэты пакой… двойчы ў дзень, на дваццаць-трыццаць хвілін. І вы, вядома, не адзіны з сотні зэкаў атраду, хто хоча зайсці туды і нешта ўзяць — новую пару шкарпэтак, шматок сала, кніжку ці пачак цыгарэт. «В комнату хранения личных вещей заходить по одному человеку!» — вісіць аб’ява на дзвярах. Нарэшце вы падлавілі момант, калі капцёр зайшоў у капцёрку, адстаялі сваю чаргу і прарваліся ў запаветны пакой, каб адкрыць свой «кешер» і дастаць адтуль шакаладку, каб папіць гарбаты з прыяцелем, ці кніжку, каб правесці вечар у адзіноце. Схапіў рэч, закрыў сумку і пайшоў? А як жа! У кожнай сумцы ляжыць вопіс асабістых рэчаў, вамі ж складзены пры прыездзе ў атрад. У ім запісана ўсё, ад стрыжняў для ручак да ніжняй бялізны, карамелек, часопісаў ці нейкага іншага няхітрага скарбу, нажытага ў лагеры. Калі ўзяў нешта — выкраслі са спіса, калі паклаў — абавязкова ўпішы. Галоўнае — не забыцца гэта зрабіць, бо кожныя колькі месяцаў мае быць «режимное мероприятие», а менавіта «смотр внешнего вида с выносом вещей». Атрад выстройваецца на лакальным участку, кожны са сваімі сумкамі, і начальнік атрада правярае, у каго вопіс не супадае са зместам. Калі што не так, складаецца акт аб парушэнні. Прыклад, які стаў у свой час хрэстаматыйным: Міколу Статкевіча пасадзілі ў ШІЗА за тое, што колькасць ягоных насовак у вопісе не адпавядала колькасці іх у кешары.
Нярэдка, як у любой бюракратычнай і іерархічнай сістэме, патрабаванні розных начальнікаў уваходзяць у супярэчнасць адно з адным. Гэта добра ілюструе выпадак з ПК-4 (Горкі). У кожнай камеры ПКТ ці ШІЗА стаіць радыёкропка (яна ўключаецца ці выключаецца з пульта кантралёра), але без рэгулятара гучнасці: будзеш слухаць радыё на той гучнасці, на якой уключыў кантралёр. Але раптам ва ўстанову прыехала чарговая праверка з ДВП. Вялікі начальнік паглядзеў на радыёкропкі ў камерах і запытаўся: «А чаго яны ў вас без рэгулятараў? Непарадак!» І адразу пасля яго ад’езду казлы і гаспадарчая абслуга пад кіраўніцтвам адміністрацыі наладзілі літаральна ў кожнай камеры рэгулятары. Зэкі сядзелі задаволеныя! Але прайшоў час, прыехаў ужо іншы начальнік з таго ж ДВП. Паглядзеў наверх і самлеў: «Вы что это им, регуляторы громкости поставили? С ума сошли, что ли?» У яго разуменні гэта быў проста недапушчальны камфорт, вакханалія геданізму і разбэшчанасці. Праз лічаныя гадзіны абслуга (тыя ж зэкі, вядома, што і ставілі гэтыя рэгулятары) ужо выдзіралі іх з кожнай амаль з дваццаці камер ШІЗА/ПКТ.
Але наіўна было б думаць, што рэжым закранае толькі матэрыяльны аспект, тое, што можна ці нельга мець вязням. Як я ўжо казаў, ягоны сэнс у тым, каб пранікаць ва ўсе сферы жыцця. Статутам рэгламентаваныя пад’ём і адбой. Замарудзіўся на колькі хвілін — атрымаў акт і, магчыма, ШІЗА. І калі ў лагеры гэта яшчэ можна неяк рацыянальна растлумачыць (атраду трэба ісці ў сталовую, на працу), то ў СІЗА строгая наяўнасць пад’ёму і адбою не паддаецца тлумачэнню, асабліва калі камеры перапоўненыя і палова насельніцтва не мае магчымасці спаць ноччу і спіць удзень. Не тое што спаць, нават ляжаць на ложках удзень таксама забаронена. І мозг чалавека, які толькі трапіў у турму, адмаўляецца разумець: чаму? Каму будзе горш ад таго, што арыштант у СІЗА (віна якога нават не даказаная, ён яшчэ абвінавачаны, а не асуджаны), прыляжа на ложак удзень, паспіць? Ды і што яшчэ рабіць у камеры? Але не, толькі паспрабуй, пільны кантралёр адразу грукне нагой у дзверы: «Не спать!!!» У Жодінскім СІЗА мянты ідуць яшчэ далей — на ложку нельга сядзець з нагамі (!). Але сядзець з нагамі на падлозе нязручна — у ложкаў жалезныя ражкі, якія ўпіваюцца ў ногі. Уся астатняя «мэбля», калі яе можна так назваць, відавочна, прызначаная для каго заўгодна, але не для людзей. Абабітая жалезам, цвёрдая, рассохлая, ці занадта высокая, ці занадта нізкая. Але прызвычаішся, нічога не зробіш…
У камеры пры кожным заходзе адміністрацыі зэк павінен зрабіць даклад. Выглядае ён так: «Гражданин начальник, в камере номер такой-то столько-то осужденных. Санитарное состояние в норме. Дежурный по камере такой-то. Жалобы и заявления отсутствуют» (у розных установах тэкст нязначна адрозніваецца). Асабліва смешна дадзены даклад гучыць у адзіночнай камеры, калі ледзь не гадамі сядзіш адзін і два разы надзень па праверцы кажаш: «Дежурный по камере осужденный Дедок…» Нібы ўчора дзяжурыў нейкі іншы асуджаны…
Пры позірку збоку ўзятыя асобна ўсе гэтыя правілы і патрабаванні могуць падацца нязначнымі. Ну, сапраўды, падумаеш, праблема: зашпіліць гузік, калі праходзіш міма вертухая, пацярпець нязручнасці з мыццём робы, зрабіць даклад ці прыбраць лішняе з тумбачкі, тым больш, што гэта ж турма, а не санаторый! Але гэта толькі на першы погляд. Жыццё арыштанта складваецца вось з такіх дробязей. Іх сотні. І чым далей, тым больш яно рэгламентуецца рэжымам, што ўскладняе і без таго не вельмі салодкае жыццё арыштанта. І вось ужо не застаецца месца, дзе ты мог бы дзейнічаць спантанна, нават у тым, што датычыцца засцілання ложка ці баўлення вольнага часу, якога і так няшмат. Кожную хвіліну табе трэба азірацца і думаць: «А ці правільна я зрабіў? Ці не пакараюць мяне за гэта?» Вядома, на многія адхіленні ад рэжыму вертухаі не звяртаюць увагі да пары да часу, пакуль не прыйдзе разнарадка аб тым, што ў ШІЗА мала народу, альбо пакуль пэўны зэк не пачне адстойваць свае правы. Тады табе хутка прыгадаюць і тое, што ў цябе лішняя ручка ў тумбачцы, і што няголены, і што павуцінне ў камеры вісіць. Калі ж ты палітычны зняволены, то гэта табе пачнуць прыгадваць з самага пачатку. Фармаванне рэжымных патрабаванняў такім чынам, як яны ёсць зараз, значна палягчае задачу адпраўкі любога зэка ў ШІЗА і ўвогуле ўсебаковага прэсінгу. Не трэба нічога выдумляць, фальсіфікаваць, проста пачакай пару гадзін — зэк сам нешта парушыць, бо жыць цалкам па правілах немагчыма. Логіка рэжымнікаў прымушае зэкаў успрымаць любы мінімальны камфорт і любую магчымасць рэалізаваць свае патрэбы як прывілей, для захавання якога трэба паводзіць сябе цішэй вады, ніжэй травы.
З іншага боку, рэжым існуе для таго, каб прынізіць арыштантаў, прымусіць іх адчуць сябе бяспраўнымі і залежнымі ад адміністрацыі нават у самых элементарных патрэбах. Як вы думаеце, чаму ў СІЗА КДБ («амерыканцы») у палове камер няма санвузлоў? Няўжо няма сродкаў ці магчымасцей іх паставіць, і ў дваццаць першым стагоддзі ў камерах стаіць «параша», а «по-большому» выводзяць два разы на дзень? Адказ просты: арыштант павінен адчуць, што нават спраўленне ягоных натуральных патрэб цалкам залежыць ад адміністрацыі, таму падпарадкавацца ёй у астатнім — найлепшы выбар з магчымых.
І так ва ўсім. Ніколі не забуду, як стрыглі ногці ў камеры Валадаркі. Каб зрабіць гэту няхітрую гігіенічную працэдуру, якая на волі не зойме вашай увагі ні на грам, там трэба было правярнуць цэлую аперацыю. У нас у камеры былі кусачкі для ногцяў (вядома, забаронены прадмет). Спачатку іх трэба было незаўважна для вертухая, які мог у любы момант паглядзець у вочка, дастаць з хованкі, потым пранесці ў прыбіральню («мёртвую зону», што не праглядвалася з вочка), там — адкрыць краны і толькі потым пачынаць стрыгчы ногці. Краны адкрываліся для таго, каб шум вады замінаў вертухаю пачуць характэрныя гукі «пстрык! пстрык!» і здагадацца, што ў камеры — забароненая рэч. Потым кусачкі трэба было такім жа чынам пакласці на месца.
Паказальна, што на афіцыйным узроўні кожную забарону мянты намагаюцца тлумачыць нейкімі рацыянальнымі прычынамі: рамяні нельга, каб не павесіліся; тварог нельга, каб не патравіліся; адзенне з маланкамі нельга, бо ўсе павінны выглядаць аднолькава; харчаванне ў тумбачках нельга, бо «антысанітарыя» і гэтак далей. Але не кожную забарону падвядзеш пад рацыянальную прычыну, як ні біся. Навошта дакладваць: «В камере один осужденный, дежурный по камере осужденный такой-то (он же)»? Чаму не дазволіць зэкам сядзець з нагамі на ложку? Хіба гэта ставіць кагосьці ў небяспеку? Адказы на гэтыя пытанні можна знайсці. На дапамогу прыходзяць унутраныя дакументы ПУ, змест якіх мне давялося пачуць асабіста. У час знаходжання ў ПКТ на ПК-17 (Шклоў), нам, зноў жа, «па рэжыме», уключалі вытрымкі з Правілаў унутранага распарадку і розных іншых нарматыўных прававых актаў. Сёе-тое з гэтага я запісаў даслоўна. На жаль, не памятаю дакладна назву гэтай пастановы. Вось сядзіш сабе ў адзіночцы, а металічны голас праз дынамік вяшчае:
«Режим исправительных учреждений […] Исправительная функция режима состоит в отношении осужденного в установлении запретов и ограничений. Цель запретов и ограничений состоит в причинении осужденному страданий и переживаний, которые призваны заставить его задуматься о своем прошлом поведении».
Калі я першы раз пачуў гэта — не паверыў сваім вушам. А як жа Крымінальны кодэкс, у якім чорным па белым напісана, што «наказание и иные меры уголовной ответственности не имеют своей целью причинение физических страданий или унижение человеческого достоинства»? Нарэшце, ва «ўнутраных» прававых актах Сістэма сама зрывае маскі і дэманструе, што ёсць сапраўднай мэтай рэжыму. І ў зэка, які з першых дзён зняволення задаецца пытаннем: навошта ўсе гэтыя правілы, якія ніяк нельга растлумачыць, апраўдаць ці рацыяналізаваць, усё становіцца на свае месцы. Яны для таго, каб ты пакутаваў. А ўся афіцыёзная балбатня вертухаяў пра «антисанитарию», «меры безопасности» і гэтак далей — не больш чым пыл у вочы, які пускаецца для таго, каб надаць хоць якую бачнасць легітымнасці і гуманнасці людажэрнай і бесчалавечнай сістэме, мэта якой адна: зламаць тваю волю праз прычыненне пакут.
Цікава, што рэжым і ягоныя патрабаванні робяць сапраўднымі ідыётамі і без таго не надта разумных супрацоўнікаў ПУ. Аднойчы ў жодзінскай турме нам удалося-такі зацягнуць тэлевізар у камеру. Але ў бетоннай каробцы ён вельмі дрэнна лавіў сігнал, а перацягнуць яго бліжэй да акна было немагчыма: шнур быў кароткі, а падаўжальнік, вядома, «не положено». Так і застаўся ён у нас пасярод камеры. Але, калі ён стаяў на падлозе, яго не было бачна з іншых бакоў камеры, трэба было яго неяк прыўзняць. Выбар у нас быў невялікі, і мы паставілі яго на перагорнуты тазік. Праз некаторы час у камеру заходзяць рэжымнікі са шмонам. У галоўнага нахабны погляд, круціць галавой, шукае, да чаго прычапіцца. Натрэніраваны погляд заўважае адхіленне ад нормы — тэлевізар на перагорнутым тазіку:
— А что это у вас телевизор там стоит, на тазике?
— Не видно же его, когда на полу, а до стола шнур не дотягивается.
Выраз твара мянта робіцца незадаволеным. Адступленне ад шаблону, нерэгламентаваная сітуацыя, трэба тэрмінова рэагаваць:
— Так это ведь тоже!.. — на секунду твар адлюстроўвае напружаную работу думкі, пошук рэлевантнай і праўдападобнай прыдзіркі. — Износ тазика идет!
Калі зачыніліся дзверы, мы рагаталі з гэтага мянта яшчэ паўгадзіны — ён зрабіў наш дзень. Падсумавалі: вось гэта лёс, дажыць да трыццаці з капейкамі, каб шастаць па камерах і расказваць зэкам пра «износ тазика». Што ж, такім можна толькі паспачуваць. Яны стваралі гэты рэжым для нас, але зараз яны, ягоныя носьбіты, яшчэ менш вольныя, чым многія зэкі ў турме.
Ліпень 2016
НЕДАТЫКАЛЬНЫЯ Ў ТУРЭМНАЙ ІЕРАРХІІ
Тэма турэмнай каставай сістэмы пастаянна падымаецца ў СМІ, асабліва ў тых, што пішуць пра палітычных зняволеных. Аднак амаль усе, хто піша на гэтую тэму, ведаюць аб прадмеце ў лепшым выпадку з расповедаў былых сядзельцаў, у горшым — з распаўсюджаных у грамадстве стэрэатыпаў. Як вынік, часта мае месца мноства грубых памылак і ўвядзенне чытачоў у зман. Менавіта таму я вырашыў напісаць гэты артыкул, мэта якога — праліць святло на некаторыя аспекты такой складанай і шматскладнікавай з’явы, як нефармальная іерархія ў турмах Беларусі. На гэтую тэму напісаныя не тое што артыкулы (/Тюремные_касты_в_странах_бывшего_СССР), але нават цэлыя навуковыя працы. І вядома, я не імкнуся ў межах аднаго артыкула разгледзець усю з’яву ў яе разнастайнасці. Гаворка пойдзе галоўным чынам аб адной турэмнай касце, існаванне якой вельмі моцна характарызуе сістэму агулам і веды пра якую крытычна важныя для любога, хто трапляе ў беларускую турму, асабліва палітзняволенага. Гэта так званыя пеўні — «петухи» («обиженные», «опущенные», «гребни» і г. д.). Разгледзець гэтую тэму ў адрыве ад усёй турэмнай сістэмы, не паглыбляючыся ў дэталі арганізацыі карнага апарату і сацыяльных роляў кожнай з турэмных кастаў, дастаткова цяжка. Але ўсё ж паспрабую.
Такім чынам, з гэтага тэксту вы даведаецеся:
- як з’явілася каста апушчаных у турмах;
- якім чынам у яе трапляюць;
- якое становішча гэтых людзей у турме і на зоне (у папраўчай калоніі);
- якія функцыі выконваюць гэтыя людзі ў месцах пазбаўлення волі;
- чаму існаванне гэтай касты жыццёва важнае супрацоўнікам адміністрацыі папраўчых установаў.
Скончу я шэрагам парадаў мужчынскай частцы чытачоў, бо для любога мужчыны, які жыве ў Беларусі, веды пра турму лішнімі не будуць, асабліва калі ён займаецца пратэставай актыўнасцю.
Як з’явілася каста пеўняў
Пачнём з экскурсу ў гісторыю. Каста г. зв. пеўняў традыцыйна асацыюецца з гомасексуальнасцю. І калі падыходзіць з гэтага пункту гледжання, то ўсё проста: праявы гомасексуальнасці ў месцах пазбаўлення волі былі заўсёды — і ў царскіх турмах, і ў ГУЛАГу. З прычыны скрайне мачысцкага і гамафобнага характару турэмных паняццяў і арыштанцкай субкультуры становіцца ясна, чаму гомасексуал у турме аўтаматычна заносіцца ў ніжэйшую касту апушчаных — мачызму ўласціва пагарда да ўсяго жаночага, абрынання жанчынаў да ўзроўню недалюдзей, істотаў, што не маюць права на ўласную волю. Гэтае стаўленне пераносіцца і на гомасексуалаў. Уласна гомасексуалы — гэта меншая частка касты «пакрыўджаных», у яе ўваходзіць вялікая колькасць людзей, якія здзейснілі ўчынкі супраць нефармальнага турэмнага закону — «паняццяў».
І тут варта адзначыць, што пеўні як каста са строгімі законамі ўваходу ў яе і выхаду (дакладней, немагчымасці выхаду) з’явілася не так даўно. Яна, напрыклад, не была ўласцівая царскім турмам і турмам ГУЛАГа. Мяркуючы па тых крыніцах, якія чытаў я, з’яўленне касты турэмных недатыкальных (у якую і ўваходзяць гомасексуалы) адносіцца да познесавецкага перыяду. Шэраг даследчыкаў лічыць, што з’яўленне касты зняволеных, да якіх нельга датыкацца рукамі, ёсць своеасаблівай рэакцыяй зладзейскага свету на «сучыную вайну» () — каб захаваць сябе, зладзеям было неабходна выдумаць альтэрнатыўны забойству спосаб пакарання тых, хто завінаваціўся. Іншыя пішуць, што гэта стала рэакцыяй на перапаўненне следчых ізалятараў: у варунках скучанасці і знаходжання на вачах у сукамернікаў у рэжыме 24/7 найбольш эфектыўным і жорсткім відам пакарання будзе з’яўляцца ўсеагульная пагарда і астракізм, экстрэмальная форма ігнаравання.
Пра масці: невялікі лікбез
Гістарычна ў крымінальным свеце існуе толькі тры масці (або лады жыцця): злодзей, мужык, певень. Па гэтых прыступках можна спускацца ўніз, ад вышэйшай (злодзей) да ніжэйшай (певень). Уверх падняцца нельга. У сучаснай крымінальнай субкультуры ў Беларусі зняволеныя падзяляюцца на трохі іншыя касты, а менавіта: блатны («бродяга», «порядочный»), мужык, казёл, певень.
Блатныя — гэта прафесійныя злачынцы, якія жывуць злачынным промыслам на волі. Іхняя задача — прасоўваць «зладзейскую («воровскую») ідэю», дзе б яны ні знаходзіліся, наладжваць «чорны ход» (садзейнічаць карупцыі супрацоўнікаў адміністрацыі, пераводзіць жыццё арыштантаў з рэчышча афіцыйных правілаў і ўстановак у рэчышча зладзейскіх паняццяў) і г. д. Згодна з паняццямі, толькі яны маюць права перавесці зэка ў касту апушчаных. Аднак з-за таго, што далёка не ва ўсіх беларускіх калоніях ёсць блатныя («зладзейскі рух» Беларусі наогул знаходзіцца ў стане скрайняга заняпаду), гэтага правіла не прытрымліваюцца і ў пеўні пераводзіць хто папала: аператыўнік, казёл, а то і проста мужыкі пасля калектыўнага рашэння.
Мужыкі — асноўнае насельніцтва турмы. Мужык нікуды не лезе, ходзіць на работу, нічым не цікавіцца, апроч таго, як сысці на УДВ. Знаходзіцца пад «перакрыжаваным камандаваннем» адразу некалькіх сілаў: блатных (калі яны ёсць), казлоў і адміністрацыі ПУ.
Казёл (актывіст) — зняволены, які супрацоўнічае з адміністрацыяй адкрыта. Гэта зэк, як правіла, з вялікім тэрмінам, якога адміністрацыя ставіць на пасаду і дае сякую-такую ўладу над іншымі зэкамі. Наколькі вялікая гэтая ўлада, залежыць ад ступені гультаістасці супрацоўнікаў ПУ. Мне вядомыя выпадкі, калі казлы складалі на іншых зэкаў акты аб парушэннях, супрацоўнікі ж адміністрацыі іх толькі падпісвалі. Часта казлам дазваляюць біць іншых арыштантаў для падтрымкі субардынацыі. І, вядома, цалкам афіцыйна ў абавязкі казлоў уваходзіць даносіць на іншых зняволеных. У ПК-17 (Шклоў), напрыклад, адзін казёл мне шчыра прызнаўся: «Мне мусары сказалі за табой глядзець». Яшчэ як мінімум двое не прызнаваліся, але «работу» сваю выконвалі дужа актыўна. У маёй дысцыплінарнай справе аб адпраўцы на турэмны рэжым (крытую) ляжаць пісьмовыя паказанні майго суседа па пакоі, у якіх падрабязна запісана, як мяне прывялі ў барак, як я сябе паводзіў, з кім стасаваўся, з кім спрачаўся, на якія тэмы выказваўся і г. д.
Ёсць нюанс
Гаворачы пра касту пеўняў, абавязкова трэба сказаць, што, акрамя яе, існуе адна сумежная падкаста — так званыя «отсаженные до выяснения», тыя, хто знаходзіцца «на кружцы». Тлумачу, у чым сутнасць: дапусцім, супраць чалавека выставілі падазрэнне ў тым, што ён, да прыкладу, меў гомасексуальныя кантакты на волі. Але важкіх доказаў гэтаму падазрэнню няма, ёсць толькі чуткі. У такім выпадку, пакуль не назбіраюцца пацвярджэнні або абвяржэнні гэтага абвінавачвання, чалавек знаходзіцца «на кружцы»: ён есць асобна ад астатніх і толькі са свайго посуду (адсюль і фраза: «адсадзіць на кружку»), У такім становішчы чалавек можа знаходзіцца гадамі, да тае пары, пакуль блатны (казёл, або нават аператыўнік — у залежнасці ад установы) не пацвердзіць абвінавачванне — (г. зн. перавядзе яго канчаткова ў касту пеўняў) альбо не абвергне яго (г. зн. перавядзе афіцыйна ў касту мужыкоў). Становішча такога чалавека «на кружцы» вельмі блізкае да становішча пеўня, але не роўнае яму. Ён не можа піць гарбату з іншымі зэкамі і не мае права голасу, аднак назваць яго пеўнем ніхто не мае права. І гэта адзіны выпадак, калі можна перавесціся з ніжэйшай касты ў вышэйшую. Зэк «на кружцы» знаходзіцца як бы на каранціне — дзеля пазбягання фізічных кантактаў з іншымі асуджанымі: раптам ён певень і гэтымі кантактамі «зашкварыць» астатніх? Бо той жа, хто, напрыклад, папіў гарбаты з адсаджаным, сам аўтаматычна становіцца такім. У астатніх выпадках адсаджаны ці чалавек «на кружцы» роўны паняццю «певень», і трапіць у гэтую катэгорыю вельмі проста.
Якім чынам становяцца пеўнямі
Ідзём далей. Вось вам вычарпальны спіс выпадкаў, у якіх чалавека пераводзяць у касту «пакрыўджаных» («в петушатню», «в гарем»):
Пасіўны гомасексуалізм. Чалавек, які прызнаўся ў гомасексуальных кантактах, навечна атрымлівае ярлык «певень», «підар» і да т. п. Актыўны гомасексуалізм пры гэтым лічыцца нормай і ўвогуле не залічваецца да гомасексуалізму. Хоць варта адзначыць, што ў апошнія гадоў дзесяць і гэтае паняцце стала змяняцца — да тых, хто мае сексуальныя кантакты з пеўнямі, у зоне ставяцца насцярожана. Сам я неаднойчы чуў меркаванне, маўляў, «якая розніца, “хто каго”, — і той, і той підар». Аднак, вядома, актыўнага гомасексуала ніхто пеўнем назваць не мае права.
Любыя нетрадыцыйныя сексуальныя кантакты з жанчынай. Калі зэк прызнаецца, што рабіў дзяўчыне кунілінгус альбо яна рабіла яму мінэт, а пасля ён з ёю цалаваўся/еў/піў з аднаго посуду, — ён певень. Натуральна, даведацца пра гэта супраць волі самога чалавека амаль нерэальна, таму ў большасці выпадкаў людзі трапляюць у «петушатню» пасля сваіх шчыраванняў. Трэба разумець: ніхто не мае права ні пагрозамі, ні хітрасцю распытваць вас пра ваша сексуальнае жыццё. Аб гэтым, дарэчы, у 1990-я быў адмысловы прагон (малява, што ўтрымлівае прававое новаўвядзенне) ад зладзеяў у законе, якія такім чынам спрабавалі змагацца з празмернай колькасцю пеўняў у зонах. У некаторай ступені з падобнымі праблемамі спрабуюць змагацца і супрацоўнікі ПУ. Напрыклад, у жодзінскай турме перад тым, як увесці чалавека ў камеру, з ім размаўляе аператыўнік і навучае: «Запомни: х*й не сосал, п*зду не лизал!»
Сюды ж варта аднесці стасункі з гомасексуалам па волі. Калі нехта раптам абмовіцца, што ягоны сябар — гей, то гэтага чалавека самога імгненна вызначаць у пеўні.
Любыя кантакты з калам/мачой і змесцівам сметніц. Чалавек, абліты мачой, або той, які соваў рукі ва ўнітаз, аўтаматычна становіцца пеўнем. Таму, напрыклад, сантэхнікі на большасці зонаў лічацца адсаджанымі. Прыкладам можа стаць адзін дастаткова вядомы выпадак у ПК-5 (Івацэвічы). У адным з атрадаў быў заўхоз (галоўны казёл атрада), які доўга і ўпарта даставаў аднаго хлапчука, усяляк здзекуючыся з яго і трэціруючы. Той, у адместку, проста на ранішняй праверцы, набраўшы банку мачы, абліў яго перад усім шыхтом. Натуральна, хлопца збілі і пасадзілі ў ШІЗА (штрафны ізалятар). Лёс заўхоза, па ідэі, быў прадвызначаны, аднак у справу ўмяшаліся аператыўнікі, для якіх, відаць, той быў каштоўным кадрам. Яны абвясцілі зэкам, што заўхоза аблілі… зялёнай гарбатай. А хто будзе гаварыць, што ён певень, будзе збіты. Скончылася ўсё тым, што з заўхозам усё роўна амаль ніхто не меў стасункаў. Хлопца ж таго перакінулі на іншую зону.
Таксама я асабіста ведаў пеўня, які трапіў у сваю касту за тое, што яго падчас бойкі на малалетцы ўдарылі галавой аб унітаз.
Што датычыцца змесціва сметніц, то гэтым шляхам трапляюць у касту пеўняў тыя, хто празмерна хоча курыць ды шукае там бычкі. Сюды ж варта аднесці такія выпадкі, як ненаўмысны дотык да чыіх-кольвечы геніталіяў напрыклад, у людзей, што паслізнуліся ў лазні.
Дзеля праўды, варта сказаць, што для людзей з хваробай часам (у залежнасці ад адэкватнасці тых, хто мае права вырашаць) робіцца выключэнне. Напрыклад, калі ў чалавека нетрыманне мачы, яго не перавядуць у пеўні.
Выкананне любой пеўневай працы. Строга пеўневымі відамі работ лічыцца прыбіранне туалетаў (гэта адносіцца да калоніі; у СІЗА/крытай турме мыць прыбіральню ў сваёй камеры можа любы асуджаны), у некаторых зонах — яшчэ і ўмывальнікаў, а таксама вынясенне смецця. Выкананне гэтых дзеянняў аўтаматычна перанакіроўвае чалавека ў касту пеўняў.
Вось вам прыклад, які адбыўся ў ПК-15 (Магілёў) у маё знаходжанне там. Мужык стаяў на праверцы. Раптам яго прыпёрла — вельмі захацелася ў прыбіральню. Ён пабег што ёсць сілы, але не дабег — абгадзіўся, не дайшоўшы да ўнітаза. Будучы, відаць, чалавекам сарамлівым і сумленным, вырашыў за сабою прыбраць. Узяў швабру, анучу… Гэта ўбачыў нехта з зэкаў і паклікаў заўхоза, што называецца, у сведкі. Заўхоз прыйшоў і засведчыў пераход чалавека ў пеўні.
Нефармальная норма недапушчальнасці прыбіранняў туалетаў вельмі зручная для супрацоўнікаў ПУ, калі трэба пасадзіць якога-небудзь зэка ў ШІЗА (штрафны ізалятар). У кожным атрадзе існуе афіцыйны графік прыборак які не ўлічвае, зразумела, каставую сістэму. Пры гэтым усе ў курсе, што туалет прыбіраюць толькі пеўні. Палітзняволенага Ігара Аліневіча шмат разоў саджалі ў ШІЗА за адмову прыбіраць туалеты. Натуральна, любы зэк у здаровым розуме пагодзіцца лепш адседзець колькі заўгодна сутак у малюсенькай халоднай каморы і без асабістых рэчаў, чым стаць пеўнем. Супрацоўнікі ПУ гэта цудоўна ведаюць і з задавальненнем карыстаюцца такой зручнай прыладай для прэсінгу няўгодных.
Аналагічны выпадак адбыўся са мной у ПК-9 (Горкі). Калі я ў чарговы раз адседзеў у штрафным ізалятары, да мяне неўзабаве падышоў начальнік атрада і сказаў, што сягоння я па графіку прыбіраю ўмывальнік і выношу смецце. Яшчэ раней я пацікавіўся і даведаўся, што ў гэтай зоне прыбіраць рукамыйнікі можна толькі пеўням. Відаць, начальнік атрада думаў, што я гэтага не ведаю і зараз пайду чысціць умывальнік, таму ва ўрачыстай абстаноўцы, сабраўшы палову адміністрацыі калоніі і мясцовых казлоў у сведкі, ён паказаў мне на швабру і анучу, прапанаваўшы выканаць «дзяжурства па графіку». Натуральна, я адмовіўся, пасля чаго ён не менш урачыстым тонам паведаміў: «На вас будзе складзены дакумент аб адмове выканання дзяжурства». І хутка я ў чарговы раз адправіўся грэць сваім целам дошкі ў такім родным ужо штрафным ізалятары.
У «гарэм» амаль заўсёды трапляюць педафілы. Кажуць, што ў зонах гвалцяць гвалтаўнікоў — аднак гэта не так. Самае большае — з некаторымі гвалтаўнікамі нехта з зэкаў можа адмовіцца піць чай, але не больш за тое. Што ж датычыцца педафілаў то ў іх больш незайздросны лёс. Літаральна да нядаўняга часу іх прымусова пераводзілі ў касту пеўняў яшчэ ў СІЗА, нават не чакаючы прысуду. Аднак подых часу і трэнд «усё па законе» і тут адыгралі сваю ролю. Асабіста я сустракаў як найменш двух педафілаў, якія не былі адсаджаны і жылі амаль нароўні з астатнімі. Канечне, паводзілі яны сябе цішэй за ваду, ніжэй за траву, і не кожны зэк дазволіць такому прысесці на сваю нару альбо наогул з ім загаворыць. Аднак гэтая тэндэнцыя прысутнічае, асабліва ў зонах, дзе сядзяць першаходы (асобы, што раней не адбывалі пакарання ў калоніях).
У гарэм трапляе кожны, хто правёў некаторы час у камеры з пеўнямі. Канкрэтны перыяд часу тут вар’юецца. Нехта кажа пра гадзіну, хтосьці пра суткі. Паводле паняццяў, пры трапленні ў такую камеру неабходна зрабіць так, каб пеўні самі з яе ламіліся, пакінуўшы ў ёй мужыка. Аднак зразумела, што зрабіць гэта практычна нерэальна.
У пеўні пераводзіцца любы чалавек, які меў фізічны (акрамя сексуальнага) кантакт з пеўнем альбо які карыстаўся ягонымі асабістымі рэчамі. На практыцы гэта выглядае так: памылкова ўзяў у рукі посуд пеўня ці паеў з яго, пакарыстаўся сродкамі асабістай гігіены пеўня, абняў або павітаўся за руку, апрануў ягоную вопратку (спецыяльна або ненаўмысна) ці папіў з чалавекам гарбату, а ён аказаўся пеўнем — і ты аўтаматычна вызначаешся ў гэтую касту.
Даваць штосьці пеўню можна. Браць у яго што-небудзь — значыць самому стаць пеўнем. Аднак у гэтых правілах ёсць некаторыя паслабленні, асабліва ў зонах строгага рэжыму. Напрыклад, пеўні за цыгарэты мыюць рэчы мужыкоў, пеўню могуць дазволіць сесці на нару мужыка і г. д.
Часта пішуць або кажуць, што ў пеўні могуць вылучыць за нейкія заганныя ўчынкі супраць арыштанцкага этыкету. Раней так і бывала, але не цяпер. Прынамсі, я не назіраў ніводнага такога выпадку. Таго, хто крадзе ў сваіх, могуць абвесціць крысай і ўсяляк гнабіць, таго, хто здаў сваіх падзельнікаў на судзе, могуць за спінай называць сукай і гэтак далей, але «апусканні» за правіны — перажытак тых часоў, калі ў зонах Беларусі яшчэ былі моцныя зладзейскія паняцці.
Такім чынам, паняцце «закантактаванасці» нечым роднасна рытуальнай нечыстаце ва іўдэяў, мусульман і парсаў. І там, і там характэрнымі прыкметамі звычая з’яўляюцца ірацыянальнасць і прымхлівы страх перад «нечыстатой». Толькі калі, згодна з Торай, чалавек, што датыкнуўся, напрыклад, да мярцвечыны, будзе «нячысты да вечара», то паводле паняццяў чалавек, абліты мачою, будзе пеўнем да канца свайго жыцця, нават калі ён вызваліцца і заедзе назад у турму праз трыццаць гадоў.
Становішча пеўняў у ПУ
Што ўяўляе сабой жыццё пеўня ў зоне? Калі коратка, то гэта поўнае і беспрасветнае пекла. Згодна з паняццямі, певень не мае ніякіх правоў. Не мае права спрачацца, адказваць на абразы, адстойваць сваю годнасць, таму што лічыцца, што годнасці ў яго няма. Яго можна біць, прыніжаць, насміхацца. Калі па калідоры ідуць звычайны зэк і певень, апошні абавязаны прыхіліцца да сценкі, абы, крый Божа, не зачапіць мужыка, інакш ён можа быць збіты. Пеўні выконваюць усю брудную працу: мыццё прыбіральняў (а вы можаце ўявіць сабе, што такое 8–10 «талчкоў» на атрад у сто чалавек), вынясенне смецця і да т. п. Некаторыя пеўні аказваюць сексуальныя паслугі іншым зэкам, зарабляючы такім чынам сабе на чай і цыгарэты (праўда, трэба сказаць, што на тых зонах, дзе быў я, супрацоўнікі ПУ з гэтым змагаюцца і, калі знойдуць пеўня ды ягонага кліента, якія аддаюцца «аднаполаму каханню», абодвух пасадзяць у ШІЗА). Пеўням даюць жаночыя імёны, клічуць іх «яна» або «малая». Прызнаюся, даволі дзіка і агідна назіраць, як маладыя зэкі ржуць, звяртаючыся, напрыклад, да 60-гадовага бяззубага дзеда «Алёнка» або «Марына».
Пеўням ні на секунду не даюць забыцца пра тое, хто яны такія. У сталоўку яны заходзяць апошнімі, мыюцца ў лазні таксама апошнімі. У клубе і «ленкомнате» (пакоі, дзе глядзяць тэлевізар) для іх — асобная лаўка ў самым нязручным месцы. Зварот «сь*бал на*й отсюда» на іхні адрас — рэч абсалютна звыклая і паўсядзённая. Адзін крымінальнік мне ўпарта даказваў, што «пеўні — гэта не людзі».
Аднак яшчэ горш, чым зэкі, да пеўняў ставяцца супрацоўнікі адміністрацыі. Кантралёры, а часта і афіцэры, усяляк іх трэціруюць, публічна абражаюць, пагражаюць, а ў выпадку чаго могуць і збіць. Будучы бяспраўнымі людзьмі са зламанай воляй, пеўні яшчэ радзей, чым звычайныя зэкі, адстойваюць свае правы. Як вынік — больш за палову самазабойстваў, якія адбываліся пры мне ў турмах і зонах, учынялі менавіта пеўні, хоць у адсоткавым суаднясенні яны складаюць не больш за тры-пяць працэнтаў ад насельніцтва зоны. Што характэрна, не лепшая сітуацыя і ў СІЗА, дзе пеўні сядзяць у асобных камерах. На Валадарцы такой пеўневай камерай была 70-я. Як расказвалі хлопцы, якія доўга жылі па суседстве з ёй, яе насельнікі рэзалі сабе вены ледзь не штодзённа.
Чым яны займаюцца?
Жыццё «на дне», пастаянная нянавісць і прыніжэнні наўрад ці з кагосьці могуць зрабіць высокамаральнае стварэнне. Паводле маіх асабістых назіранняў, большасць пеўняў — людзі зусім беспрынцыпныя, подлыя, гатовыя на ўсё дзеля ўласнай выгады. Хоць, канечне, гэтыя якасці не рэдкія сярод зэкаў у цэлым, сярод пеўняў яны, бадай, распаўсюджаныя нашмат больш. Абсалютная большасць пеўняў працуюць на адміністрацыю: стукаюць, выконваюць «аператыўныя заданні», правакацыі і да т. п. Неабходнасць неяк выжываць у звышагрэсіўным і варожым асяроддзі лагера штурхае іх да саюзу з найбольш моцным бокам — супрацоўнікамі ПУ. Таму большасць функцыяў, якія выконваюць пеўні, так ці інакш навязаныя ім аператыўнікамі. У афіцыйныя абавязкі пеўняў уваходзіць прыбіранне туалетаў (ніхто, апроч іх, рабіць гэта не возьмецца) і вынясенне смецця. Многія з іх зарабляюць сабе на жыццё і прыбіраннем у пакоях. Пеўняў падзяляюць на «рабочых» і «нерабочых». Першыя — гэта тыя, хто за ўзнагароду (гарбата, цыгарэты, ласункі) аказвае сексуальныя паслугі іншым зняволеным. Другія — гэта тыя, якія гэтага не робяць, і, такім чынам, прымусіць іх нельга. Многія лічаць, што ў пеўні трапляюць праз згвалтаванне ў турме або на зоне. Пятнаццаць-дваццаць гадоў назад так яно й было. На сёння ж такое ў турмах Беларусі практычна не сустракаецца. Прынамсі, я не ведаю ніводнага такога выпадку, і ніхто з тых, хто сядзеў са мной, нічога падобнага не распавядаў. Таксама і выпадкаў згвалтавання пеўняў супраць іхняга жадання пры мне не было. Сённяшнія зоны ў нашмат большай ступені знаходзяцца пад кантролем адміністрацыі, чым раней, і певень, якога згвалцілі, можа проста напісаць заяву на гвалтаўніка, і таму накінуць тэрмін.
У чым выгада адміністрацыі?
Напэўна, пакуль чыталі гэты артыкул, у вас узнікла пытанне: а чаму дзяржава і, у прыватнасці, адміністрацыя ПУ дазваляе існаваць у месцах пазбаўлення волі дзікунскай сярэднявечнай каставай сістэме з яе недатыкальнымі, служкамі і прастытуткамі? Гэта ж негуманна, жорстка і, у рэшце рэшт, не па законе, бо згодна з ПУР ПУ ўсе зняволеныя павінны падпарадкоўвацца адным і тым жа патрабаванням, ні пра які падзел на касты не можа ісці й гаворкі. Няўжо супрацоўнікі ПУ не могуць гэта спыніць і ўсталяваць няхай строгую і жорсткую, але ўсё ж дысцыпліну?
Адказ просты: ім гэта не трэба.
За дастаткова доўгі тэрмін, праведзены ў карных установах, я паспеў шмат дзе пабываць і шмат каго пабачыць. Я пасядзеў у чатырох турмах і трох калоніях, стасаваўся з простымі мужыкамі і блатнымі, бандытамі, наркаманамі, комэрсамі і палажэнцамі (палажэнец — гэта «смотрящий», прызначаны на пасаду злодзеем у законе), махлярамі і забойцамі, казламі і нават пеўнямі, і, вядома ж, вельмі шмат стасаваўся з супрацоўнікамі ПУ. Шмат разважаючы над тым, як уладкавана карная сістэма Беларусі, я прыйшоў да адназначнай высновы: блатная і міліцэйская сістэмы кіравання карнымі ўстановамі ёсць два стаўпы, якія падтрымліваюць адзін аднаго. Нефармальная сістэма паняццяў, прыдуманая зладзеямі, і Правілы ўнутранага распарадку сёння хутчэй узаемна інтэграваліся, чым знаходзяцца ў стане вайны і супярэчнасці. Так, бясспрэчна, супрацоўнікі ПУ прымусова падчысцілі тую практыку паняццяў, якая перашкаджае кіраванасці і стварае ім нязручнасці. У прыватнасці — традыцыі ўзаемнай дапамогі і салідарнасці сярод зэкаў. У астатнім свет прафесійных крымінальнікаў і свет МУС някепска ладзяць. Яны атрымліваюць адзін ад аднаго тое, што ім патрэбна: супрацоўнікі ПУ — спакой ва ўстанове, адсутнасць надзвычайных здарэнняў і кіраванасць (навошта руліць сотняй зэкаў, калі можна руліць адным блатным/казлом, які трымае ў страху астатніх?), а блатныя/казлы атрымліваюць прывілеі і ўладу. Усе задаволеныя. Акрамя, канечне, мужыкоў, якія, як водзіцца, апынуліся паміж двух агнёў і знаходзяцца, дэ-факта, у падвойным падпарадкаванні.
Многія старыя арыштанты, якія сядзяць ужо больш за дзесяць гадоў і назіралі за тым, як прыкладна з 2005 па 2010 год усе беларускія зоны з «чорных» сталі «чырвонымі», казалі мне ў адкрытую прыблізна наступнае: «А зараз тое ж самае, што і раней. Толькі замест блатных — казлы. Калі раней гарэлка і мабільнікі былі ў бадзяг, то цяпер у актывістаў. Калі раней за касякі мужыкоў білі блатныя, то цяпер б’юць казлы».
Што характэрна, нават твары такіх нефармальных кіраўнікоў часцяком тыя ж самыя. Калі пачалася актыўная ломка зон і іх перафарбоўванне, як вы думаеце, адкуль аператыўнікі бралі верных і адданых актывістаў — заўкомаў і днявальных, гатовых выканаць любы загад? Іх набіралі з учорашніх блатных, якія вельмі хутка здраджвалі сваёй блатной ідэі, калі ім пагражалі, напрыклад, адпраўкай у крытую ці пазбаўленнем прывілеяў або проста некалькі разоў саджалі іх у ШІЗА. Як вынік, сёння беларускімі зонамі разам з адміністрацыяй кіруюць зняволеныя, «твердо вставшие на путь нсправления» — пры гэтым забітыя з ног да галавы зладзейскімі татуіроўкамі, з накачанымі вазелінам кулакамі.
Нягледзячы на знешнюю супярэчнасць у функцыях, зліццё крымінальнага свету і супрацоўнікаў ПУ заўважна не толькі на інстытуцыянальным, але і на лінгвістычным узроўні. Ні для каго з сядзельцаў не сакрэт, што супрацоўнікі адміністрацыі не менш актыўна, чым зэкі, выкарыстоўваюць турэмны жаргон. Як я ўжо пісаў, тых жа пеўняў яны прыніжаюць паболей, чым крымінальнікі. Ды што казаць: сярод саміх жа супрацоўнікаў ПУ існуюць свае адсаджаныя, што з’яўляюцца выгнаннікамі ў коле калегаў. У маю бытнасць на ПК-15 (Магілёў) там працаваў адсаджаны кантралёр. Калегі не пілі з ім гарбату, ён быў адзіны, хто мог шманаць (абшукваць) пеўняў. І такія выпадкі не адзінкавыя: на ПК-14 (Навасады), па расповедах аднаго майго сукамерніка, быў нават адсаджаны афіцэр, пра якога калегі праведалі, што ён «няправільна» займаўся сексам са сваёй жонкай. Як вынік — яны перасталі піць з ім гарбату і сталі дэманстратыўна пагарджаць, больш за тое, нават зэкі гнабілі гэтага афіцэра цалкам беспакарана. І такіх прыкладаў нямала.
Цікава, што многія зэкі на хвалі ўзмацнення жорсткасці рэжыму і адноснага паляпшэння становішча пеўняў (гадоў дваццаць таму іх білі нашмат часцей, маглі таксама згвалціць) выказвалі мне меркаванне, што хутка «пеўняў не будзе, бо ўсіх прымусяць прыбіраць талчкі». Пры гэтым часта дадаючы, што, маўляў, уладзе трэба «выглядаць прыстойна перад Еўропай» (так, трапляліся і такія палітычныя аналітыкі). Аднак мне здаецца, што гэтага бліжэйшым часам не адбудзецца. Прычына ўсё тая ж — існаванне касты пеўняў істотна палягчае кіраўніцтва зонай. Без усялякага сумневу, адміністрацыі беларускіх зонаў маглі б прымусіць усіх зняволеных прыбіраць туалеты і прымаць ежу за аднымі сталамі незалежна ад масці. Не будзе на гэтай падставе ні бунтаў, ні паўстанняў: максімум наступстваў, якімі пагражае такое новаўвядзенне, — гэта некалькі дзясяткаў асабліва ўпёртых прыхільнікаў паняццяў, якіх давядзецца перавесці ў крытую. Большасць жа зэкаў у Беларусі — настолькі забітая і бясслоўная маса, што прымусіць іх да чаго заўгодна не складзе вялікай цяжкасці. А калі яшчэ і паабяцаць за прыборку туалетаў УДВ — яны пабягуць прыбіраць іх навыперадкі. Аднак, як бачым, адміністрацыя не спяшаецца гэтага рабіць.
Яшчэ адзін немалаважны момант: існаванне такой касты аказвае супрацоўнікам ПУ неацэнную дапамогу ў прэсінгу зняволеных, якія адмаўляюцца падпарадкоўвацца. У любой зоне і турме заўсёды знаходзяцца асобныя людзі, якія адмаўляюцца гуляць паводле правілаў, усталяваных міліцыяй. Альбо гэта асацыяльныя асобы, якія «газуюць» (г. зн. спрабуюць жыць строга паводле зладзейскіх паняццяў), альбо зняволеныя, што спрабуюць адстойваць свае правы, напрыклад скардзячыся ў розныя інстанцыі, альбо тыя, хто адно па факту свайго статусу будуць падвяргацца ў турме ганенням, напрыклад палітзняволеныя. Дык вось, многіх з пералічаных катэгорый людзей ужо не запужаць ні пазбаўленнем перадачаў і спатканняў, ні ШІЗА, ні ПКТ, ні крытай, ні 411-м артыкулам КК. Пытанне: што ж з імі рабіць? І тут на дапамогу прыходзіць апошні аргумент — пеўневая каста. І тут нават тыя, хто не баіцца ні ізалятара, ні дубінак, безумоўна, задумаюцца. Бо жыццё ж у гэтай касце — самае горшае, што можа адбыцца з арыштантам. Чалавеку з пачуццём уласнай годнасці знаходзіцца ў калектыве, маючы такі статус, становіцца практычна нерэальна. А выхаду прэч з гэтай касты не існуе.
Мне даводзілася стасавацца з былым зняволеным ПК-2 (Бабруйск), якому начальнік калоніі, у адказ на патрабаванні прытрымлівацца закону і не парушаць ягоныя правы, сказаў: «Ты што, забыўся, дзе гарэм знаходзіцца?» І гэта далёка не адзінкавы прыклад. Пра выкарыстанне гэтай прылады супраць палітзняволеных і казаць не варта. Асабіста мне вядомыя найменей тры выпадкі, калі палітвязняў заганялі ў пеўневую касту проста за тое, што яны палітвязні. Ва ўсіх трох выпадках аператыўная камбінацыя была вельмі падобная: па прыездзе палітзняволенага ў зону знаходзіцца аўтарытэтны зэк (блатны або казёл), які высоўвае супраць таго абвінавачанне ў касяку: сядзеў у адной камеры з апушчаным, альбо піў з пеўневага кубка, альбо меў стасункі з пеўнем на волі. Натуральна, гэтае абвінавачанне не мае нічога агульнага з рэальнасцю. Але, як па ўзмаху чароўнай палачкі, з-пад зямлі вырастае адзін ці некалькі сведкаў, якія пацвярджаюць: «Так, піў-піў, я сам бачыў!», або «Так-так паласкаўся з підарам па волі, я сам бачыў!» — хоць «абвінавачваны» гэтых людзей і ведаць не ведае. І вось — можна выносіць рашэнне, усё па паняццях! Вынік: палітвязень адпраўляецца ў касту пеўняў, выканаўца (блатны ці казёл) атрымлівае падачку ў выглядзе спаткання або перадачы, а хітры аператыўнік, што распрацаваў увесь план, заслугоўвае заахвочванне ад начальства.
Мяне, на шчасце, гэткі лёс прамінуў, хоць спробы, як я пісаў вышэй, былі. Зрэшты, відавочна, дакладнай устаноўкі загнаць мяне ў гарэм у адміністрацыі не стаяла, інакш яны б неадменна гэта зрабілі.
Такое адзінадушша нефармальных турэмных элітаў з адміністрацыяй у дачыненні да палітзняволеных зноў дазваляе мне казаць пра тое, што іерархічная карная сістэма заўсёды дзейнічае ў адзіным рэчышчы, калі неабходна падаўленне і выцісканне чужародных элементаў — патэнцыйных бунтароў, якія могуць самастойна мысліць і адстойваць свае правы. І, вядома, самі сабой кладуцца ў гэтую канву аналогіі з 30–40-мі гадамі, калі крымінальнікі ўзялі жывы ўдзел у ліквідацыі «трацкістаў», «здраднікаў радзімы» і іншай «58-й» (гл.: В. Шаламов «Жульническая кровь», Э. Эппбаум «ГУЛАГ», А. Солженицын «Архипелаг ГУЛАГ», кніга З).
Так, гэтыя дзве галавы карнай гідры могуць часам грызціся паміж сабою, але, тым не менш, яны патрэбныя аднай адной, і ў момант, калі неабходна будзе знішчэнне падобных да нас, яны неадменна будуць разам.
Ці ёсць выйсце?
Тут, мяркую, будзе да месца даць некалькі парадаў, як паводзіцца ў выпадку, калі вы, знаходзячыся ў турме, бачыце, што вас за непадпарадкаванне ці за тое, што палітычны (што найчасцей), спрабуюць вылучыць ці ўжо вылучылі ў касту пеўняў
Першае і самае галоўнае — змяніць сваё стаўленне да таго, што адбываецца. Усіх нас, мужчын, вучылі, што «підарас» — гэта крыўдна і мярзота, што быць такім ганебна. І тут — калектыў дарослых і быццам бы ў здаровым розуме мужчын гаворыць вам, што вы менавіта такі. Вам жа неабходна ў першую чаргу зразумець, што ў вашым цяперашнім стане няма нічога брыдкага або такога, у чым вы павінны сябе вінаваціць. Вы — не педафіл, не гвалтаўнік і нават не гей. Проста супраць вас выкарысталі звярыныя каставыя нормы, што валадараць у турме, для таю каб зламаць вашу волю і панізіць ваш статус у вачах астатніх.
Што ж рабіць?
Калі працэс яшчэ не зайшоў у незваротную стадыю, напрыклад, вас закінулі ў пеўневую камеру, або калі зэкі публічна правакуюць, задаючы падступныя пытанні, мае сэнс супраціўляцца да апошняга — біцца, учыняць членашкодніцтва, правакаваць любыя канфлікты, абы выйсці з гэтай сітуацыі, паказаць сваю рашучасць ісці да канца, адказваць на агрэсію яшчэ большай агрэсіяй. Калі ж момант упушчаны і вы ўжо ў гэтай касце, то вам застаецца патрабаваць у адміністрацыі свайго законнага права на захаванне асабістай бяспекі (артыкул 11 Крымінальна-выканаўчага кодэкса Рэспублікі Беларусь) — пераводу вас у бяспечнае месца (як правіла, у адзіночную камеру).
Згодна з гэтым артыкулам «пры ўзнікненні пагрозы асабістай бяспецы асуджанага ён мае права звярнуцца з заявай аб захаванні асабістай бяспекі да любой службовай асобы ўстановы, якая выконвае пакаранне. У гэтым выпадку службовая асоба абавязаная неадкладна прыняць захады па захаванні асабістай бяспекі асуджанага». Мне невядома ніводнага выпадку, каб асуджанаму адмовілі ў такім патрабаванні. Аднак усё можа быць, і не выключана, што для мацнейшага эфекту чалавека, які абвешчаны адсаджаным і запатрабаваў вывесці яго з агульнага барака, могуць адмыслова там пакінуць — на ноч, напрыклад, каб той адчуў усе даброты пеўневага жыцця. У гэтым выпадку трэба быць гатовым і да прыніжэнняў, і да бойкі, і да чаго заўгодна. Зноў жа, гэта менавіта тая сітуацыя, калі варта ісці на крайнія меры ў выглядзе членашкодніцтва або самаабароны ўсімі даступнымі спосабамі. Варта памятаць: чым больш праблем вы створыце адміністрацыі, тым хутчэй яны гарантуюць вам бяспеку, бо пакуль што перад адміністрацыямі ПУ не стаіць мэта фізічнага вынішчэння палітзняволеных — гаворка ідзе толькі пра тое, каб зламаць маральна. Лішні труп або інвалід у зоне ім ні да чаго.
Канечне, неабходна разумець, што зварот да адміністрацыі з заявай аб тым, каб вас зачынілі ў адзіночку, таксама з’яўляецца касяком з пункту гледжання паняццяў. Такіх называюць «ломанувшимися», «закрывшимися» і да т. п. Згодна ж з паняццямі, вы, калі лічыце, што вас адсадзілі «по беспределу» (г. зн. несправядліва), павінны знайсці вышэйстаячага ў іерархіі крымінальніка («смотрящего» ці «Вора в законе») і звярнуцца да яго з апеляцыяй, а ўжо ніяк не патрабаваць ад адміністрацыі пасадзіць вас у бяспечнае месца. Рабіць так ці іначай — вырашаць вам. Аднак маё меркаванне такое: апеляваць да паняццяў, якія самі па сабе з’яўляюцца інструментам ламання нязгодных, як мінімум недальнабачна. Ды і аператыўнікі заўжды знойдуць падыход — «па-добраму» або «па-дрэннаму» — да любога крымінальніка, які прымае рашэнні. І паміж выратаваннем вашага лёсу і ўласным дабрабытам ён адназначна абярэ другі. Са мною, дарэчы, быў падобны выпадак у турме № 4 (магілёўскай крытай), дзе правілі баль блатныя. Праўда, гэтая гісторыя заслугоўвае асобнага аповеду.
Самае першае, што трэба зрабіць у падобным выпадку, — гэта абнародаваць тое, што адбылося з вамі, паведаміўшы адвакату і родным, каб інфармацыя трапіла ў СМІ. Яны пакуль што яшчэ з’яўляюцца для палітвязьняў якім-ніякім шчытом ад адкрытага бязмежжа, таму неабходна наўпрост і адкрыта казаць аб усім, што з вамі адбылося, не саромеючыся расказваць і пра касты, і пра «паняцці», і пра правакацыі аператыўнікаў. Бо адміністрацыя ж, прасуючы зэкаў падобным чынам, якраз і грае на іхніх мужчынскіх пачуццях і адчуванні сораму за тое, што «я ж цяпер, як гомік». Дзякуючы гэтаму абсалютная большасць падобных гісторый, што адбываюцца, заўважу, не толькі з палітычнымі, ніколі не выходзяць на волю. Людзі проста саромеюцца пра іх гаварыць, гэткім чынам аднаўляючы заганнае кола маўчання і дазваляючы супрацоўнікам ПУ і далей выкарыстоўваць нефармальныя турэмныя правілы для ціску на няўгодных. Спыніць гэта можна, толькі пачаўшы гаварыць аб праблеме услых, пераадолеўшы цалкам не абгрунтаваныя сорам і страх.
Хоць пабываць у падобным становішчы мне не даводзілася, але верагоднасць таго, што па кадэбэшнай указцы мяне загоняць у гарэм, я разглядаў пастаянна. І шляхам доўгіх развагаў, назіранняў і аналізу чужога досведу прыйшоў да высновы, што ў выпадку чаго буду паводзіць сябе менавіта так, як апісана вышэй.
Падсумоўваючы, хацелася б завяршыць гэтае эсэ чым-небудзь аптымістычным і жыццесцвярджальным. Але рэальнасць дыктуе крыху іншыя таны. Колькасць людзей, што трапляюць у турмы за перакананні, паступова расце, а разам з імі расце і прэсінг у месцах пазбаўлення волі. Немалаважнай часткай гэтага прэсінгу якраз і з’яўляецца тая сістэма кастаў і нефармальнай іерархіі, якую я апісаў вышэй.
Ужо не індывідуальная, а масавая сістэма «адпрацоўкі» асаблівых катэгорый зэкаў абкатваецца на зняволеных-наркаманах. У зонах зрабілі новаўвядзенне: прафілактычны ўлік для «экстрэмістаў» — іх прымушаюць насіць жоўтыя біркі (). Лагічна выказаць здагадку, што ў святле радыкальнага пагаршэння сацыяльна-эканамічнага становішча ў краіне наступнымі пасля наркаманаў, для каго створаць асобныя зоны, як раз і будуць палітычныя.
Агулам кажучы, мяркую, што ўсім нам, тым, хто сёння стаіць за перамены і звяржэнне дыктатара, варта пакінуць ілюзіі і зразумець, што лягчэй не будзе — будзе толькі цяжэй. Безумоўна, адміністрацыі ПУ працягнуць выкарыстоўваць супраць палітзняволеных прэсінг з дапамогай зладзейскіх паняццяў — гэты інструмент зручны і неаднойчы даказаў сваю эфектыўнасць. Змяніць сітуацыю да лепшага можа толькі злом архаічнай каставай сістэмы, а для пачатку— злом маўчання і табу на абмеркаванне гэтай тэмы ў грамадстве.
12–16 чэрвеня 2016
ПАХ
Кожная турма пахне пасвойму.
Вывальваючыся з цеснага аўтазака са сваімі клункамі-кешарамі, першымі бачыш дапытлівыя пысы вертухаяў. На падсвядомым жа ўзроўні поры ўжо пачынаюць убіраць пах той турмы, якая стане на гэтыя месяцы ці гады тваім домам.
Валадарка набрыняла трывогай. Ад «кабінетаў» да «падлодкі», ад «зборкі» да «кічы», ад прагулачных дворыкаў да санчасткі, ад новага корпуса да «чырвонага корпуса» — яе бетонныя сцены, месцамі аздобленыя кафелем, дыхаюць трывожным чаканнем, непакоем за ўласны лёс, няўпэўненасцю ў заўтрашнім дні, страхатлівай невядомасцю. Куды ж опер кіне? У «брацкую» хату? У «мужыцкую»? Ці, можа, у «прэс-хату»? Слядак прыйшоў! Што там? Вочная стаўка? Падзельнік стаў мяне зліваць? Ці, можа, ужо будуць са справай знаёміць? Адвакат! Чаго ж гэтак рана? Нядаўна ж прыходзіў! Можа, у родных што здарылася?
Дваццаць чатыры гадзіны на суткі гэтае месца ўбірае душэўныя хваляванні і нервознасць тых, хто ў ім зняволены.
СТ-8, яна ж «Жодзіна», яна ж «Чорны бусел» (рамантычную мянушку далі турме, я так падазраю, для большага пафасу і важнасці, самі ж мянты па аналогіі з расійскім «Черным лебедем»), пахне страхам. Ён уеўся ў сцёртыя прыступкі, надраеныя падлогі, бетонна-металічныя камеры, пафарбаваныя ў бэжавае сцены і галовы арыштантаў. На Жодзіне зняволеных б’юць. Карпусныя і «рэзерв» б’юць за адмову станавіцца на расцяжку, за грубае слова на адрас кантралёра, турэмныя апяры б’юць за нежаданне даваць яўкі з павіннай і за абвяшчэнне галадоўкі. Жодзіна— «чырвоная» турма, напачатку 2000-х у ёй ламалі зладзеяў у законе ды размаітых турэмных аўтарытэтаў. Іхняя кроў працягвае пахнуць страхам, заражаючы ім ужо сённяшніх арыштантаў і ап’яняючы ўсёдазволенасцю вертухаяў.
Магілёўская крытая — афіцыйна «Турма № 4» — пахне сном. Персанал спакойны (хоць бываюць і выключэнні), на прадолах ціха, ніхто нікуды не спяшаецца: у паветры лунае сонная і флегматычная атмасфера. Прыблізна за гадзіну да адбою па кожным прадоле ў крытай расцілаецца даўжэзны дыван: каб заглушаць крокі кантралёра. Я так і не высветліў для сябе, навошта гэта робіцца: каб гучнымі крокамі не перашкаджаць зэкам спаць ці каб тыя ня чулі, як вертухай падкрадаецца да дзвярэй і падслухоўвае, пра што гутараць у камеры?
Ноччу на паверсе настолькі ціха, што, лежачы на нары, чуеш, як вертухай гатуе сабе гарбату. Вось ён закіпяціў электраімбрык, заліў кіпень, усыпаў цукру, размяшаў… сёрбнуў з кубка…
Цікава, і ў Магілёве ж зэкаў б’юць, і там жа нехта чакае новага тэрміну. Але ўсё ж — атмасфера зусім іншая. Магчыма, гэта ад таго, што палова тамтэйшага насельніцтва — людзі з тэрмінамі ад дзясяткі і болей? Ім ужо надакучыла баяцца, няма чаго нервавацца і няма чаго чакаць…
Ёсць такая праграма — «Бітва экстрасэнсаў». Аднойчы, пазіраючы на чараўнікоў, што робяць пасы рукамі і загадкава ўглядаюцца ўдалячынь, я падумаў: вось бы яны ўмелі на свае вочы бачыць энергетыку будынкаў і месцаў! Тады над кожным з гэтых збудаванняў: Пішчалаўскім замкам, былой псіхіятрычнай лякарняй, пераабсталяванай у магілёўскую турму, турмой у горадзе Жодзіне — у месцах, дзе злая воля людзей, што аднойчы ўчынілі боль сваім бліжнім, сустракаецца са злой воляй дзяржаўнай сістэмы, сінергічна памнажаючы адна адну, — яны б убачылі агромністую, на паўнеба, чорную прорву, якая секунда за секундай выцягвае жыццё з тых, хто пад ёю апынуўся.
Ліпень 2016
БУНТ СУПРАЦЬ БОСКАЙ ІЕРАРХІІ Ў СТАРАЖЫТНАГРЭЦКАЙ МІФАЛОГІІ
Гэты невялікі артыкул я напісаў прыблізна на трэці месяц знаходжання ў адзіночнай камеры ПКТ шклоўскай калоніі. Асновай для яго стала шырока вядомая ў мінулым кніга М. А. Куна «Легенды і міфы Старажытнай Грэцыі», у якой выкладзены шэраг старажытнагрэцкіх міфаў — няхай у дастаткова ўсечанай і месцамі цэнзураванай форме.
Знаходжанне ў адзіночнай камеры прыводзіць да таго, што ўся энергія чалавека скіроўваецца ўсярэдзіну: як правіла, на працэс мыслення. Без магчымасці абмеркаваць свае думкі з кімсьці арыштант вылівае іх на паперу. Тое ж было і ў мяне: з-за адсутнасці інтэлектуальных стасункаў і мажлівасці падзяліцца сваімі ідэямі я афармляў іх у нейкія артыкулы і нататкі, чым забіваў адразу двух зайцоў: не дазваляў мозгу дэградаваць і даваў выйсце празе дзейнасці.
Вядома, гэты артыкул не цягне на даследаванне, хутчэй, гэта проста невялікі аналітычны накід, рэфлексія аб прачытаным. І хоць тэматыка турмы наўпрост у ім не закранутая, я вырашыў уключыць яго ў зборнік: некаторыя з выказаных думак могуць аказацца некаму цікавымі. І няхай прафесійныя гісторыкі прабачаць мне крыху вольнае абыходжанне з міфалагічным матэрыялам.
Уступ
Старажытнагрэцкая міфалогія, будучы адначасова і рэлігіяй, безумоўна, выконвала і ідэалагічныя функцыі — тыя ж, што рэлігія ў любым класавым грамадстве: абгрунтаванне сацыяльнай няроўнасці, падтрыманне існуючага дзяржаўнага ўладкавання, замацаванне іерархіі ў розумах людзей.
Пра тое, што грэцкі Алімп і схема яго ўзаемадзеяння з зямным светам адлюстроўвае, як у люстэрку, зямное грамадства з яго сістэмай класавага панавання, сказана і напісана нямала. Падобна да зямных уладароў, багі Алімпа патрабуюць ад людзей безумоўнага прызнання сваёй перавагі, а таксама пакланення і матэрыяльных ахвяраў. У выпадку непадпарадкавання чалавека чакае жорсткая кара. Ды й на самім Алімпе роўнасці не назіраецца. Ёсць галоўныя багі і ёсць падначаленыя. На самым версе гэтай піраміды стаіць Зеўс.
Але, як і ў зямным жыцці, у грэцкай міфалогіі абавязкова знойдзецца белая варона, «дэструктыўны элемент», здольны разбурыць спрадвечны парадак. У нашым выпадку гэта альбо той, хто ад самаўпэўненасці і славалюбства заявіць, што ён роўны багам і ніколькі іх не баіцца, альбо той, хто ад імкнення да справядлівасці запатрабуе грамадскай роўнасці. І тое, і другое паводле тагачасных мерак — страшэннае блюзнерства. Любы бунт, няхай гэта паўстанне масаў, якія абараняюць свае правы, альбо прыватная ініцыятыва нізкароднага ўладалюбца, што ўзяў «не па рангу», падлягае ўціхамірванню, а сам інсургент — пакаранню. Аднак сам факт наяўнасці падобных сюжэтаў у старажытнагрэцкай міфалогіі сведчыць пра незнішчальнае імкненне чалавека, якое ідзе праз стагоддзі, — скінуць ярмо прыгнечання і несвабоды ў рэальным свеце, якім бы боскім арэолам гэтае ярмо ні ахіналася.
У старажытнагрэцкай міфалогіі, такім чынам, мы без цяжкасці знаходзім падзеі і персанажаў, якія не прызнаюць вярхоўную ўладу багоў і іхніх сваякоў-напаўбагоў, што з’яўляліся звычайна зямнымі ўладарамі. Разгледзім самыя характэрныя міфы гэтай тэматыкі.
Сыны Алаэя
От і Эфіяльт — сыны Алаэя, народжанага, у сваю чаргу, ад Пасейдона і Канакі. Два гэтыя сыны былі гордыя і не жадалі падпарадкоўвацца нікому. З дзяцінства яны былі смелымі і моцнымі, вызначаючыся пры гэтым незвычайным ростам. Сваё супрацьстаянне з багамі яны пачалі з таго, што скавалі ланцугамі і затачылі ў вязніцу Арэса, бога вайны. У вязніцы Арэс таміўся доўгіх трыццаць месяцаў, пакуль яго не вызваліў Гермес.
Асмялеўшы, От і Эфіяльт сталі пагражаць астатнім багам:
— Дайце нам только пасталець, мы нагрувасцім адна на адну горы Алімп, Пеліён і Гесу, узыдзем да вас і скрадзём у вас Геру і Артэміду!
Адказам на гэтыя, ужо нежартоўныя, пагрозы сталі стрэлы Апалона, якія працялі бунтаўнікоў. Адзначым адмыслова — сыны Алаэя былі з ліку смяротных.
От і Эфіяльт памерлі параўнальна хутка, і таму, як пабачым пазней, у параўнанні з іншымі нескаронымі ім яшчэ пашэнціла.
Арахна
Арахна — лідзійская ткачыха, чые працы славіліся на ўсё наваколле. Аднойчы ў запале славалюбства яна заявіла:
— Няхай прыходзіць сама Афіна Палада спаборнічаць са мной! Не перамагчы ёй мяне.
Афіна з’явілася да Арахны пад выглядам згорбленай старой, але, перш чым караць ткачыху, вырашыла паспрабаваць абысціся выхаваўчымі захадамі, а менавіта параіла Арахне спаборнічаць толькі са смяротнымі ды як найхутчэй маліць Афіну, каб тая прабачыла яе ганарлівыя словы. Арахна не паслухала парады старой, груба перапыніла яе і адно панаракала: «Чаго ж Афіна не ідзе?» Тады багіня прыняла сваё сапраўднае аблічча. Німфы і лідзійскія жанчыны тут жа схіліліся перад Афінаю і сталі яе праслаўляць. Але не такая была Арахна — яна праігнаравала багіню, не склаўшы ёй найменшага ўганаравання, і толькі настаяла на як мага хутчэйшым пачатку спаборніцтва. Звернем увагу: суддзяў на ім не было, яны не абіраліся і не былі прызначаныя, хоць, здавалася б, куды ў гэтай сітуацыі без іх.
Афіна спляла палатно з выяваю сваёй з Пасейдонам спрэчкі за ўладу над Атыкай. А па кутах палатна яна выткала карціны, як багі караюць людзей за непакору (празрысты намёк). Арахна, у сваю чаргу, выткала на палатне сцэны з жыцця багоў, дзе багоў намалявала апантанымі чалавечымі жарсцямі (а менавіта такімі багі, заўважым, і былі насамрэч) і зусім без належнай да іх павагі. Адзначаецца: твор Арахны па дасканаласці аніяк не саступаў твору Афіны. Што ж рабіць багіні? Як быць? Прызнаць сваю паразу? Зразумела, гэта было неймаверным. Рашэнне Афіны было простым, як вертыкаль улады. Яна ўдарыла Арахну чаўнаком, а палатно лідзійскай ткачыхі разарвала. Не вынесшы ганьбы, Арахна звіла вяроўку, зрабіла пятлю і павесілася. Аднак помслівай Афіне нават такі вынік здаўся недастаткова павучальным. Яна дастала Арахну з пятлі, ажывіла і ператварыла ў павука, асуджаючы гэтым на пажыццёвы занятак ткацтвам.
Увесь гэты міф — проста квінтэсэнцыя абуральнай несправядлівасці, заснаванай на «прыроднай» няроўнасці. Мяркуйце самі: Арахна, выклікаўшы Афіну на сумленны паядынак, разлічвала на тое, што паміж багамі і людзьмі мусяць быць адзіныя для ўсіх правілы гульні і што й ёй, смяротнай, можа дастацца перамога, калі аб’ектыўна яна атрымае верх. Такі погляд на рэчы мае на ўвазе вялікі давер да суперніка, бо, узгадаем, нават суддзяў на спаборніцтве не было. Такім чынам, учынак Афіны выглядае вераломным і здрадніцкім, што, зрэшты, саму Афіну ані не збянтэжыла. Багіня даступна паказала і Арахне, і ўсім навакольным, што яна не Русо і не Вальтэр і прынцып роўнасці ўсіх перад законам чужы ёй ад пачатку. Затое цалкам прымальнае «права моцнага». Бо, ужыўшы гвалт у выпадку, калі яе суперніца як мінімум не прайграла, Афіна падкрэсліла першапачатковую, «бясспрэчную» няроўнасць багоў і смяротных, у сувязі з якой іншыя не могуць разлічваць нават на найменшае каліва справядлівага стаўлення з боку першых. Гэты міф усім сваім зместам як бы сцвярджае: будзь ты хоць сямі пядзяў у ілбе, май ты рацыю хоць сто разоў, багі ўсё роўна могуць растаптаць цябе проста таму, што яны — багі.
Праметэй
Праметэй — тытан, сын багіні Феміды. У мінулым хаўруснік Зеўса ў бітве за ўладу на Алімпе, ён трапіў да грамавержца ў няміласць за прыхільнасць ідэалам гуманізму. Жывучы на Алімпе ў атмасферы вечнага свята, ні ў чым не маючы патрэбы, ён пашкадаваў простых смяротных. Бачачы пакуты, на якія яны асуджаны багамі, ён скраў з кузніцы свайго сябра Гефеста (дарэчы, сына Зеўса) агонь, пасля чаго даставіў яго людзям. Мала таго, Праметэй, спусціўшыся на зямлю, працягваў аказваць дапамогу смяротным: прыручыў дзікага быка, запрог каня ў калясніцу, навучыў людзей мастацтвам, чытанню, ліку, пісьму, суднабудаванню, адкрыў ім сілу зёлак.
Звернем увагу на тое, што Праметэй не проста даў людзям нейкі разавы інструмент для палягчэння жыцця, а дапамог ім уціхамірыць сілы прыроды, якія ў той час атаясамліваліся непасрэдна з сілай багоў. Тым самым Праметэй зрабіў іх нашмат больш незалежнымі. Ці ўваходзіла гэта ў планы Зеўса? Наўрад ці. Ягоныя служкі прывялі Праметэя да скалы, а прыкаваць яго да яе было даручана ягонаму ж сябру Гефесту, ён жа мусіў быў праткнуць грудзі Праметэя, прыбіўшы яго да скалы лязом. Пакутуючы ад згрызотаў сумлення, але не могучы супраціўляцца волі бацькі, Гефест выконвае ўсё гэта.
Але ёсць яшчэ адзін аспект, што не дае Зеўсу спакою, памнажае яго гнеў да Праметэя. Праметэй ведае таямніцу: як і калі Зеўсу суджана быць зрынутым з Алімпа, пазбавіўшыся ўлады. Зеўс разлічвае, вядома, выпытаць гэтую таямніцу ў Праметэя.
Адзін за адным наведваюць Праметэя разнастайныя божышчы: Акіян, Акіяніды, Гермес, на ўсе лады ўгаворваючы яго скарыцца ды адкрыць Зеўсу таямніцу. Але Праметэй застаецца непахісным. З Гермесам ён увогуле быў гранічна просталінейны:
— Я не прамяняю сваіх мукаў на рабскае служэнне Зеўсу. Мне лепш быць прыкаваным да гэтай скалы, чым стаць верным служкам тырана Зеўса. Няма такой кары, такіх пакутаў, якімі б мог ён застрашыць мяне і вырваць з маіх вуснаў хоць адно слова!
Ну чым не рэвалюцыянер?
За гэтую няскоранасць Зеўс зрынае скалу з Праметэем у вечны змрок, дзе той бавіць доўгія стагоддзі. Падняўшы яго зноў, Зеўс ужо рыхтуе Праметэю новую праверку на трываласць рэвалюцыйнага духу. Кожную раніцу да скалы прылятае арол і адлятае, толькі выдзеўбаўшы Праметэю пячонку. За ноч пячонка адрастае, і з раніцы катаванне паўтараецца. У той час, як зрынутыя Зеўсам у перыяд барацьбы за ўладу тытаны ўжо атрымалі прабачэнне й вернутыя з Тартара на паверхню, прызнаўшы ўладу грамавержца, Праметэй застаецца няскораным і з гонарам пераносіць свае пакуты. (Заўважым, лёс заядлых ворагаў Зеўса стаўся куды больш зайздросным за лёс хаўрусніка, які трапіў у няміласць…) Да яго прыходзіць маці — Феміда — і герой Геракл, і ўсе просяць аб адным: прызнаць Зеўса вярхоўным уладаром ды адкрыць яму Таямніцу. Па-рыцарску паставіўся да Праметэя Геракл: забіў арла, што так доўга мучыў тытана. Тут жа з Алімпа прыляцеў Гермес і ў чарговы раз паабяцаў Праметэю свабоду ў абмен на Таямніцу. І тут у барацьбіце за справядлівасць нешта надламалася. Праметэй сказаў Зеўсу, як пазбегнуць звяржэння: алімпійскаму альфа-самцу ўсяго толькі трэба трымацца падалей ад марской багіні Фетыды, бо любы сын, народжаны ёю, будзе больш магутны за бацьку.
Так Праметэй атрымаў свабоду ўзамен на выкананне волі Зеўса.
Міф аб Праметэі выбітны менавіта матывацыяй, якая штурхнула героя да злачынства супраць боскага парадку кіравання. Гэта не пажаднасць і не зачараванне сваёй маладзецкай сілай, як у Ота і Эфіяльта, не самалюбаванне, якое выклікана наяўнасцю дасканалых мастацкіх здольнасцяў, як у Арахны. У выпадку з Праметэем матывацыя — жывое спачуванне, любоў да людзей, пачуццё справядлівасці і непрыняцце рабства. І не важна, што Праметэй праз доўгія стагоддзі зламаўся, не вытрымаўшы пакутаў. Адзначым асабліва: будучы бессмяротным тытанам, ён меў усё, быў аблашчаны ўладаром і быў уваходжы ў найвышэйшыя эшалоны ўлады. Аднак усім гэтым ён ахвяраваў, каб крышку паменшыць пакуты людзей у гэтым свеце. Скажам наўпрост: Праметэй — першы вядомы нам гуманіст.
Тэрсіт
Вяршыняй эгалітарных эпізодаў міфалогіі Старажытнай Грэцыі, на мой погляд, з’яўляецца эпізод з Траянскага цыклу з ваяром на імя Тэрсіт у галоўнай ролі. Гутарка тут ідзе ўжо не пра індывідуальны бунт, а пра спробу падняць народнае паўстанне. Але аб усім па парадку.
Нагадаем фабулу Траянскага цыклу: сын цара Троі, Парыс, наведаўшы ў Лаканіі палац мясцовага цара Менелая, быў прыняты як ганаровы госць, ды вераломна звёз з палаца ягоную жонку — прыўкрасную Алену (дарэчы, пазашлюбную дачку Зеўса). Менелай стрываць такога прыніжэння не мог і, параіўшыся са сваім братам Агамемнанам, вырашыў пайсці вайной на Трою, каб адпомсціць Парысу і вярнуць сваю жонку. Прыцягнуць да гэтага паходу ў якасці хэдлайнераў яму ўдалося ці не ўвесь пантэон тагачасных герояў: братоў Аяксаў, Адысея, Ахіла і многіх іншых. Усе яны былі вышэйшай арыстакратыяй, сынамі ды ўнукамі цароў, а таксама багоў і напаўбагоў — звернем увагу на гэты факт, ён гранічна важны. Апроч іх у паходзе ўзялі ўдзел 100 тысячаў воінаў — відавочна, не арыстакратаў, а вольных гараджан ды землеўласнікаў. Аблога Троі цягнулася 10 гадоў. На дзясяты год якраз і адбылася падзея, якая нас цікавіць.
Агамемнан вырашыў у чарговы раз напасці на траянцаў пад сценамі горада. Аднак перш ён пажадаў праверыць свае войскі на адданасць. Склікаўшы народны сход з усіх наяўных ваяроў, ён звярнуўся да іх, гаворачы пра цяжкасці вайны, безвыніковасці аблогі і пра тое, што, відаць, багам заўгодна, каб грэкі перамаглі. Рэакцыя ваяроў была імгненнай: як мора, што ўскалыхнулася, яны кінуліся да караблёў, радуючыся магчымасці вярнуцца на радзіму. Яно і зразумела — просты хлапец з элінскай глыбінкі наўрад ці горача жадаў біцца і паміраць дзеля амурных пажаданняў мясцовага царка.
Тут на сцэну выйшла ўжо знаёмая нам Афіна Палада. Адзначым, дарэчы, важны момант: міф аб Троі — гэта не казка, не вынік фантазіі аўтара, а, хутчэй, міфалагізаваная гісторыя: ён, нягледзячы на наяўнасць казачных персанажаў, заснаваны на рэальных падзеях. Так што і разглядаць тое, што адбылося, у далейшым мы будзем як летапіс гістарычных падзеяў.
І вось, з’явіўшыся да Адысея, Афіна Палада гаворыць, каб той хутчэй вярнуў ваяроў на месца. Двойчы паўтараць Адысею не трэба. Выхапіўшы ў Агамемнана скіпетр (знак вярхоўнай улады), цар Ітакі пачаў актыўна пераконваць ваяроў вярнуцца на сход, гэтак актыўна, што скіпетр хадуном захадзіў па спінах ды галовах дэзерціраў.
Аўтар змоўчвае аб тым, ці былі ахвяры ад гэтага «пераканання», але мне ўяўляецца, што, не забіўшы аднаго ці некалькіх воінаў, Адысей наўрад ці мог спыніць такую грамаду людзей. А гэта ў яго атрымалася: ваяры вярнуліся на сход і сціхлі, і толькі адзін Тэрсіт не ўгаманіўся і стаў крычаць. Тэрсіт, паведамляе аўтар, заўсёды смела выступаў супраць цароў (дзеля праўды заўважым, што Тэрсіт сам быў сваяком Дыямеда, цара Аргаса). Гэтым разам ён апалчыўся супраць Агамемнана, кажучы, што той ужо ўзяў сабе шмат здабычы і нявольніц і пара б ужо насыціцца, а ім, простым ваярам, час вярнуцца на радзіму, Агамемнана ж пакінуць пад Трояю аднаго — няхай ваюе! А цяпер успомнім, кім прыходзіліся большасць цароў багам, і стане зразумела, як далёка замахнуўся Тэрсіт, на каго ўзвысіў голас. У прынцыпе, усё ў словах Тэрсіта было лагічна і справядліва, аднак далей пачынаюцца зусім ужо дзіўныя рэчы. Да Тэрсіта падышоў Адысей і сказаў:
— Не смей, дурань, бэсціць цароў, не смей казаць пра вяртанне на радзіму! Калі я яшчэ раз пачую, як ты, вар’ят, плявузгаеш на цара Агамемнана, то няхай лепш знясуць мне з магутных плячэй галаву, няхай не клічуць мяне бацькам Тэлемаха, калі не схаплю я цябе, не сарву з цябе ўсю вопратку і, збіўшы цябе, што заплачаш ад болю, не выганю з народнага сходу да караблёў.
У пацвярджэнне сваіх слоў Адысей агрэў Тэрсіта скіпетрам па спіне, ды так, што ў таго з вачэй пырснулі слёзы. Далей, па словах аўтара, усе гучна смяяліся і, пазіраючы на Тэрсіта, казалі:
— Шмат славутых спраў здзейсніў Адысей і ў радзе і ў баі, але гэта найслаўнейшы з ягоных подзвігаў. Як асадзіў ён крыкуна! Цяперака не адважыцца ён больш бэсціць любімых Зеўсам цароў.
Тут, мне думаецца, аўтар вельмі грашыць супраць ісціны, выстаўляючы ўсіх грэцкіх ваяроў безнадзейнымі ідыётамі без уласнага меркавання. Мяркуйце самі: яшчэ некалькі хвілін таму ваяры рваліся да сваіх караблёў, забыўшыся на «любімых Зеўсам цароў», і толькі грубая сіла і аўтарытэт Адысея змаглі вярнуць іх на месца. І тут жа тысячы воінаў, якія толькі што марылі зрабіць так, як прапаноўвае Тэрсіт, пачынаюць смяяцца з яго, хоць ён выказаў чаканні ўсіх і кожнага з іх. Не будзем забывацца, што часцяком гістарычныя падзеі ў летапісах ды міфах змяняюцца ва ўгоду пануючаму класу, у нашым выпадку — ва ўгоду царам-арыстакратам і іхняй радні, якія, вядома, былі зацікаўленыя ў тым, каб ачарніць Тэрсіта, выставіўшы яго гэткім фрыкам, крыкуном, якога б’юць дзеля смеху. Хутчэй за ўсё, учынку Адысея ўзрадаваліся і гучна хвалілі яго такія ж, як і сам ён: цары, «блакітная кроў» грэцкага войска, і, магчыма, набліжаныя да іх воіны з шарагоўцаў. Простыя ваяры, мне думаецца, з сумам глядзелі на гэтую сцэну, але не адважваліся адкрыта выступіць у падтрымку Тэрсіта: за дзевяць гадоў аблогі яны прызвычаіліся падпарадкоўвацца сваім правадырам, дый да таго ж цудоўна разумелі, што ў выпадку закалоту Адысея неадкладна падтрымае эліта арміі — выдатна экіпіраваныя і вопытныя воіны-арыстакраты ды іхнія набліжаныя. Таму менавіта сціснуўшы зубы ад злосці і страху, а не весела рагочучы, глядзелі шарагоўцы на прыніжэнне Тэрсіта; такая версія, на мой погляд, куды болей праўдападобная.
Але на гэтым гісторыя Тэрсіта не скончылася.
З далёкага Понта на дапамогу траянцам прыбылі амазонкі — у чарговы раз закіпеў бой, у якім жанчыны змагаліся пад кіраўніцтвам царыцы Пенсефіліі. У запале змагання яна была забітая Ахілам. Гледзячы на Пенсефілію, Ахіл разумее, што кахае яе, і ў смутку схіляе галаву над забітай. Тут бы Пенсефіліі расплюшчыць поўныя пачуцця вочы, Ахілу — знайсці пад яе тунікаю бронекамізэльку і пацалаваць каханую на тле разгарання бітвы, але ўсю маліну зноўку псуе недарэчна ўзніклы Тэрсіт. Падышоўшы да Ахіла, ён пачаў лаяць яго (праўда, з тэксту не зразумела, за што), а потым, відаць, вырашыўшы асабліва вытанчаным спосабам абразіць яго, узяў дзіду і праткнуў ёю вока мёртвай Пенсефіліі. Ачуняўшы ад шоку, Ахіл ударыў Тэрсіта па твары з такой сілай, што забіў яго на месцы. Бясслаўна скончылася жыццё гэтага персанажа, якога аўтар Траянскага цыклу гэтак старанна абліваў брудам.
Але паспрабуем і ў гэтым эпізодзе аб’ектыўна зірнуць на тое, што адбылося, кіруючыся здаровым сэнсам.
Па-першае, Ахіл належаў да герояў-напаўбагоў і быў кроўна зацікаўлены ў перамозе грэкаў над Трояй — гэтая перамога давала яму багатую здабычу (у тым ліку рабоў) і, пэўна ж, пашырэнне сваіх уладанняў, не кажучы ўжо аб славе і прэстыжы.
Па-другое, да ўступлення Ахіла ў бой (ён увязаўся ў бітву, калі яна ўжо ішла) амазонкі сур’ёзна цяснілі грэкаў — тыя сталі адступаць і ўжо амаль былі прыціснутыя да сваіх караблёў. Яшчэ трохі, і яны селі б у гэтыя караблі. А куды б яны паплылі, сеўшы ў іх, Ахілу было гранічна ясна. Для правадыроў склалася скрайне непрыемная сітуацыя… Дастаткова было найменшай іскрынкі, напрыклад закліку таго ж Тэрсіта, і войска, паказаўшы тылы, «робіць ручкай» сваім начальнікам: ваюйце, маўляў, самі, а мы — дамоў. Прэцэдэнт ужо быў, і ён, канечне, свежы ў памяці Ахіла. У гэтай сітуацыі арыстакратыя вырашыла дзейнічаць на апярэджанне, і ў мітусні бою Ахіл забівае такога нязручнага барацьбіта, як Тэрсіт, бо ён жа можа ў любы момант скарыстацца сітуацыяй ды ўзяць рэванш за нядаўнюю ганьбу. Аднак наўпростае забойства роўнага сабе было фармальна непрымальным нават для Ахіла (яму давялося потым нават плысці на Лесбас, каб ахвярапрынашэннямі Апалону і Артэмідзе ачысціцца ад граху пралітай крыві), і аўтару міфа-летапісу было жыццёва неабходна даць забойству дастойнае апраўданне, такое ж, якое, бачна, даў сам Ахіл у коле арыстакратаў: Тэрсіт-вар’ят здзекаваўся, маўляў, з мёртвага цела… На самай жа справе Ахіл папросту скарыстаўся (магчыма, нават па папярэдняй дамоўленасці з іншымі арыстакратамі) выпадкам, які ідэальна падыходзіў для ліквідацыі небяспечнага бунтаўніка. Не буду сцвярджаць, што гэтая версія падзеяў адзіна слушная, але, думаецца, яна цалкам мае права на існаванне.
Заключэнне
Усіх герояў-бунтаўнікоў з грэцкіх міфаў, як «простых смяротных», так і бессмяротных, аб’ядноўвае адно: усе яны, кажучы папростаму, кепска скончылі. Альбо вымушаны былі схіліцца перад воляю багоў і толькі таму атрымлівалі дараванне, альбо бязлітасна знішчаліся. Ніводзін не атрымаў перамогі ў гэтым супрацьстаянні. І гэта цалкам заканамерна, інакш і быць не магло — у старажытнагрэцкім міфе (дый, бадай, у старажытнагрэцкай свядомасці) проста не знайшлося б месца такому персанажу, ён выпадаў бы з сістэмы каардынатаў. Арахна перамагае ў спаборніцтве з Афінай, і тая, апусціўшы галаву, сыходзіць з «поля бою». От і Эфіяльт весела бавяць час з жонкаю Зеўса… Такое для старажытнагрэцкага міфа, канечне, неймаверна. Адсюль выцякае найважнейшая функцыя старажытнагрэцкай рэлігіі — выхаваўча-ідэалагічная. Міфы былі пакліканыя з усёй павучальнасцю паказаць: спрэчкі з багамі ды іхнімі намеснікамі на зямлі (царамі, знаццю) бессэнсоўныя, стратныя для таго, хто спрачаецца, а адзіным іх вынікам стане безумоўная перамога вышэйстаячай паводле іерархіі персоны. Так, праз падпарадкаванне правадырам нябесным, у людзях выпрацоўвалі звычку падпарадкоўвацца правадырам зямным.
Але, зазірнуўшы за шырму настаўлення і павучання, мы пабачым самае галоўнае — тое, што рухала Адысеем, які збіваў Тэрсіта, Зеўсам, які мучыў Праметэя, Афінай, што давяла Арахну да самазабойства. Мы пабачым страх. Страх багоў, здавалася б, магутных і непаражальных, перад вялізнай бяспраўнай масай смяротных, сярод якіх раз за разам нараджаюцца адважныя, што адкрыта выступаюць супраць «векавечнага» парадку. І тут становіцца зразумела: міфалогія толькі адлюстроўвае цалкам рэальны спрадвечны жах уладароў перад найменшай верагоднасцю народнага паўстання.
Зрэшты, як ні пужалі грэцкі народ павучальнымі міфамі, а ў ім непазбежна з’яўляліся і працягваюць з’яўляцца новыя Тэрсіты і Праметэі. І, хочацца верыць, аднойчы яны прымусяць Алімп здрыгнуцца.
Кастрычнік-лістапад 2012
. .
Хто уявіў сябе гаспадаром нябёс, Таго у пекла зрынуць яго ж дзеці. І з Хронасам, што меў усё на свеце, Так учынілі Пасейдон і Зеўс. Без страху прад Афінай стаючы, Яе Арахна кліча на двубой. Біў консулаў нядаўні гладыятар Да ўкрыжавання толькі сто гадоў… На лад паўстаць — для выбраных задача Услых сказаць, што змрочны ідал счах, І, хоць на свеце роўнасці не бачыў, Між грамавержцам і рабом паставіць «роўна» знак. Хоць і сягоння не сціхае плётак свіст, Героі эпасу, вы намі не забыты! У нэце мовяць новыя Тэрсіты І лье бензін ў бутэлькі новы Праметэй…Сакавік 2015
БОЖАЯ КАРА
Лета дзве тысячы трынаццатага. Спякота. Мы з Цыганом вырашылі схадзіць на штодзённую прагулку, змяніць пафарбаваны ў зялёнае бетон камерных сцен на шэры бетон прагулачнага дворыка. Наш сукамернік К. застаецца ў хаце.
Штодзённы знаёмы да болю маршрут. Дзверы расчыніліся, нам направа. Уніз па лесвіцы. Стомленая аўчарка, трое лягавых. Адзін лесвічны пралёт, другі, выходзім у дворыкі. Сем прагулачных дворыкаў магілёўскай крытай. Тыя ж камеры, але без мэблі і без столі. Замест столі — два рады сеткі з дроту. Рэжымнік Юра заводзіць нас у сёмы і зачыняе дзверы. Наша гадзіна пайшла.
Як звычайна, цешымся сонейкам. За гадзіну нашай прагулкі яно паспее спаўзці па сцяне на добры метр. Гаворым пра ўсялякую лухту, Цыган распавядае свае вяскова-наркаманскія гісторыі. Раптам чуем у суседнім дворыку гучны, залівісты, натуральны і шчыры смех:
— Ха-ха-ха-ха-ха! А-а-а-ха-ха-ха!
Потым зноў.
Першая думка: нейкую вялікую хату вывелі гуляць, вось яны там і весяляцца. Але прыслухоўваемся і разумеем, што чалавек адзін. Адзін? А з чаго можна так гучна і натуральна смяяцца аднаму? І тут прыгадваем: у адзін час з намі часта водзяць гуляць Лёшу Гуза.
Аляксей Гуз — своеасаблівая легенда магілёўскай крытай. Былы курсант Акадэміі МУС, прафесійны спартсмен. Па чутках, у свой першы прыезд адлупцаваў цэлую змену мясцовых мусароў, калі яго заводзілі ў камеру. Тыя яму гэтага не даравалі і доўга потым здекваліся…
Дваццаць пяць гадоў тэрміну за выкраданне Завадскага, саўдзел у забойстве азербайджанскай сям’і з пяці чалавек і многае іншае… Амаль адзінаццаць гадоў ён правёў у адзіночцы.
Няўжо ён там адзін, у дворыку? З чаго тады так залівіста смяецца? Мы сталі прыслухоўвацца. Хутка смех змяніўся спевам:
На спящий город опускается туман, Шалят ветра по подворотням и дворам, А нам всё это не впервой, А нам доверено судьбой Оберегать на здешних улицах покой! Да! А пожелай ты им ни пуха ни пера. Да! Пусть не по правилам игра. Да! И если завтра будет круче, чем вчера, «Прорвёмся!» — ответят опера…Не, гэта было не так, як пяюць школьнікі на ўроках спеваў — абы пракрычаць тэкст. Голас быў цвёрды, упэўнены, фразы спяваліся з выразам, з душою, з нейкім патэтычным надрывам.
Мы з Цыганом пераглянуліся, усміхнуліся. Усё было зразумела без слоў. Праз некалькі хвілін, калі «Оперá» скончыліся, мы пачулі:
От улыбки хмурый день светлей, От улыбки в небе радуга проснётся, Поделись улыбкою своей, И она ещё не раз к тебе вернется!..Ён праспяваў песню цалкам. Ад першага да апошняга радка. Колькі там куплетаў ні было, але падобна на тое, што ўсе яны былі праспяваны. Па ўсім бачна, што ён яе завучваў.
Сонца зрушылася па бетоннай «шубе» на свой належны метр. Час прагулкі скончыўся. Загрукалі дзверы, Юра павёў дадому першыя дворыкі… Хлопанне дзвярэй, шарканне ног. Усе магчымыя гукі даўно вывучаныя — хутка і да нас дойдзе чарга, дзверы хлопаюць усё бліжэй. Выходзім. Назад нас вядзе толькі адзін лягавы. Гэта добра. Хачу ўпэўніцца, ці сапраўды ў суседнім дворыку быў Лёша Гуз. На пару секунд, праходзячы міма дзвярэй, адкрываю вочка і бачу: роўна пасярэдзіне бетонна-асфальтавага «пакою для прагулак» стаіць здаровы высокі барадаты мужык і, задраўшы галаву, глядзіць скрозь краты на сонца. Дзіўна — насіць бараду ў турме строга забаронена.
Я заплюшчыў вочы і падумаў: пяць чалавек, дваццаць пяць гадоў тэрміну, адзінаццаць гадоў у адзіночцы. Выпадковасцей не бывае, тым больш, калі справа датычыцца чалавечага жыцця. Цяпер я ведаю, як яна выглядае — Божая Кара.
Сакавік 2016
БУНТ У КАРАНЦІНЕ
Турэмны бунт — амаль заўжды паўстанне безнадзейных. Сілы бунтаўнікоў і карнікаў загадзя няроўныя, выступ будзе задушаны ў любым выпадку: праз ШІЗА, ПКТ, збіццё, накрутку новых тэрмінаў альбо нават забойства паўстанцаў. Пытанне толькі ў тым, які ўрон паўстанне прынясе існай сістэме і, як следства, ці стане верагоднасць новага бунту фактарам, што стрымае начальнікаў ад чарговага наступу на правы. У гэтым і ёсць сэнс турэмнага бунту. Такім чынам, кожнае паўстанне ў турме — гэта зачын і страхоўка, якія забяспечваюць наступным пакаленням арыштантаў крыху лепшыя ўмовы жыцця.
У беларускіх турмах сапраўдных бунтаў не было даўно. Часы, калі зэкі маглі збіць супрацоўнікаў адміністрацыі, ламаць платы і захопліваць баракі, засталіся ў 90-х. Таму сягоння, пры агульным спакоі ў зонах і турмах, пры паслухмянасці абсалютнай большасці зэкаў, нават простае непадпарадкаванне больш чым пары чалавек ужо расцэньваецца як бунт і надзвычайнае здарэнне.
x x x
На ПК-15 мяне прывезлі 12 чэрвеня 2011 года.
Усіх новапрыбылых у лагер на 2–3 тыдні змяшчаюць у каранцін — асобны атрад, ізаляваны ад іншых, з нашмат больш строгім рэжымам, без вываду на працу, але са шматлікімі штодзённымі дзяжурствамі: мыццём падлогі, надрайваннем рукамыйнікаў, падмятаннем дворыка па два разы на дзень і іншымі бессэнсоўнымі заняткамі. Мэта каранціну — даць зразумець зэку, «куды ён патрапіў», выявіць тых, хто мае намер «блатаваць» і не падпарадкоўвацца рэжыму. Робіцца гэта праз прымус зэка пераступіць праз нефармальныя табу, прынятыя ў «вараўскім» свеце, і падначаліць яго фармальнай мусарской дысцыпліне. Напрыклад, яшчэ 15–17 гадоў таму лакальны ўчастак («лакалку» — унутраны дворык барака) мялі альбо пеўні, альбо ўсялякія заняпалыя асобы. Нармальнаму мужыку гэта лічылася западло, не кажучы ўжо пра блатнога. Калі ў каранціне табе прапаноўвалі мяцёлку, ты мусіў ганарліва адмовіцца і прайсці ў ШІЗА — а потым ужо падымаўся ў атрад. Гэтае табу выкаранялася адміністрацыяй паступова, год за годам. І сёння лакалку мятуць 99 адсоткаў зэкаў, калі не больш. Калі ты не мяцеш — ты не падымешся ў атрад: наўпрост з каранціну цябе чакае дарога ў ШІЗА, ПКТ, а потым на крытую, альбо «раскрутка» па 411-м артыкуле. Мінулыя гады прыбіраць рукамыйнік маглі толькі пеўні (туды ж плююць!), сёння амаль ва ўсіх зонах гэта робяць мужыкі. Хоць гэтая праца паранейшаму лічыцца «непрэстыжнай». У працэсе адмірання гэтыя правілы часцяком праходзяць праз смешныя дэфармацыі: у ПК-15, напрыклад, у каранціне ўсе праходзяць праз прыбіранне рукамыйніка, але ў атрадзе той, хто гэта зрабіў аўтаматам, пераводзіцца ў пеўневую касту.
Адпаведна з больш строгім рэжымам, у каранціне выкарыстоўваюцца і больш строгія пакаранні да тых, хто яго парушыў. Шырока практыкуецца кругавая зарука. Напрыклад, калі нейкі зэк ноччу пакурыў у прыбіральні, то заўхоз каранціна даносіць на яго мусарам, тыя прыходзяць у каранцін і ўчыняюць усім яго жыхарам (гэта зазвычай 40–50 чалавек) «агляд знешняга выгляду» на гадзіну-паўтары: выганяюць усіх у лакалку разам з сумкамі і ўсімі пажыткамі, ператрэсваюць іхняе змесціва, прымушаюць там жа, стоячы пад сонцам або седзячы на кукішках з рукамі за галавой («поза этапу» — так гэта называюць мусары), паўгадзіны слухаць лекцыю пра «недапушчальнасць парушэння рэжыму».
Гісторыя, што адбылася са мной, наўпрост звязаная з ноў-хаў «пятнашкі»: за правіны нейкага аднаго выганяць увесь каранцін на пляц і прымушаць маршыраваць па коле — нага ў нагу.
Прыбыўшы ў зону, я з самага пачатку вырашыў, што «блатаваць» альбо правакаваць мусароў на рэпрэсіі не буду. Буду спакойна жыць паводле рэжыму, нікуды асабліва не лезці, пачытваць кніжкі і займацца сваімі справамі. Карацей кажучы, «не адсвечваць», як і раілі мне старыя вопытныя зэкі, з якімі я паспеў перасекчыся за восем месяцаў папярэдняй адседкі. Але даведаўшыся пра такія скоцкія калектыўныя спагнанні (нічога падобнага не прадугледжана законам: прымушаць зэкаў трымаць крок у нагу па коле — гэта звычайны здзек ад усёдазволенасці), я падумаў, што лепш ужо прыцягнуць да сябе ўвагу і быць пакараным, чым рабіць такія прыніжальныя рэчы.
Па шчаслівай выпадковасці, я быў у каранціне не адзіным палітычным. Са мной разам тады сядзелі яшчэ двое: Яўген Васьковіч, асуджаны на сем гадоў за падпал будынка КДБ у Бабруйску, і Яўген Сакрэт — вязень «Плошчы-2010», які атрымаў тры гады за тое, што тры разы ўдарыў АМАПаўца ломікам па шчыце. Акрамя нас, у каранціне было яшчэ некалькі нармалёвых хлопцаў, якія, выглядала, не гатовыя былі мірыцца з бязмежжам. Некалькі разоў перагаварыўшы з імі і абмеркаваўшы тое, што адбывалася, мы вырашылі, што адмаўляцца ад маршыраванняў трэба калектыўна. Заручыўшыся падтрымкай яшчэ двух пацаноў — Ромы і Ягора, — а таксама правёўшы сярод усіх нашых знаёмых у каранціне тлумачальную працу: «Калі выведуць на пляц — ніхто не маршыруе!» — я і Яўген сталі чакаць, калі мусары зноўку вырашаць скарыстаць сваю тактыку, каб дэманстратыўна адмовіцца і паказаць прыклад іншым. У Ягора, тым больш, была фармальная прычына для адмовы: у яго не было абутку; са сваім 47-м памерам нагі па каранціне ён хадзіў у тапках.
Доўга чакаць не давялося. Неўзабаве ў Ягора здарылася вусная сутычка з днявальным каранціну — дробязным і агідным казлом. Ягор паабяцаў яму ўсадзіць заточку ў бок. Пустая пагроза, канечне, але яе хапіла, каб днявальны пабег скардзіцца заўхозу каранціна — Барадзе. Барада — рэдкая, нават па лагерных мерках, мярзота, матаў сваю дваццацьпятку тэрміну і быў павязаны з мусарамі мноствам сумесна паламаных лёсаў. Таму за пагрозу свайму падапечнаму ён, не доўга думаючы, пабег да рэжымнікаў.
Прыйшлі двое рэжымнікаў: Рагаўцоў (мянушка яго «Разетка» — за смешны кірпаты нос) і Маскалёў («Сабака»), пачалі выганяць нас на пляц. Узяўшы томік Салжаніцына, які тады чытаў (у каранціне пакінуць рэчы няма дзе — удзень забаронена заходзіць у спальныя памяшканні, дзе стаіць твая тумбачка, таму ўсё сваё носіш з сабой), я пайшоў за астатнімі. З самай раніцы накрапваў дробны дождж.
Пашыхтаваўшы зэкаў у шэраг на пляцы каля каранціну, Сабака пачаў весці «прафілактычную гутарку»:
— Паглядзіце, каго вы слухаеце! Прыедуць — ні радзімы, ні сцяга — і спрабуюць вас на нешта падбіваць! А вы ведзяцеся! (У гэтыя дні ў каранціне было некалькі «крытчыкаў» з турмы № 4 — відаць, рэжымнік быў упэўнены, што менавіта пад іхнім уплывам адбыўся канфлікт з казламі.) Хто будзе канфліктаваць з актывам, парушаць, адразу паедзе ў ШІЗА! І УДВ вам тады не відаць! Зразумела?!
Ягор вырашыў яму запярэчыць — пакуль шыхт пакорна маўчаў. Маўляў, актывісты самі нарываюцца, паводзяць сябе нахабна, патрабуюць незразумела што. Але Сабака, як сапраўдны мент, не спрабаваў знайсці правых і вінаватых, а проста пачаў хаміць Ягору, вальяжна праходзячы ўздоўж шыхта. У перапалку ўмяшаўся Васьковіч:
— Вы не маеце права так размаўляць! Вы прыніжаеце яго чалавечую годнасць!
— У яго няма годнасці! — без ценю сумневу адказаў Сабака.
— Годнасць у яго ёсць! Яна ёсць у кожнага!
Такая працяглая сварка з зэкамі яўна не ўваходзіла ў планы Сабакі і падрывала ягоны аўтарытэт. У справу ўступіў Разетка:
— Так, ану пашыхтаваліся ўсе па пяцёра! — Рагаўцоў стаў шыхтаваць усіх на пачатку пляца.
Неяк вельмі няўчасна дождж ператварыўся ў залеву. У паветры запахла мокрым асфальтам і перспектывай штрафнога ізалятара.
Мы з Яўгенам і Ромам пераглянуліся.
На пляцы ўсе пашыхтаваліся па пяцёрках. Я — у другой пяцёрцы. У першай — Яўген і Ягор.
Сабака і Разетка вальяжна праходжваліся ўздоўж «каробачкі» зэкаў, прадчуваючы, як зараз будуць здзекавацца ды ўраготвацца з маршыруючага па коле статку.
— А цяпер маршыруем вунь да той лініі! І каб у нагу! З левай нагі пачынаем! І-і-і-і РАЗ! — камандуе Разетка.
Тры чалавекі рушылі па пляцы, няўклюдна імітуючы салдацкі крок. Ягор і Яўген засталіся стаяць. Мусары, крыху разгубіўшыся ад такога нахабнага непадпарадкавання, не ведалі, што рабіць, і проста адазвалі іх і загадалі абодвум устаць убаку ад шыхта.
Тым часам дайшла чарга да другой пяцёркі.
— Левай нагой! І-і-і РАЗ!
Я ўважліва назіраю за сваімі суседзямі па пяцёрцы. Адзін быў ужо занёс нагу, калі збоку прагучаў крык Яўгена: «Стаім!!!» Яго тут жа павалаклі ў кічу. Ніхто з нашай пяцёркі, апроч гэтага аднаго, не рушыў з месца.
Гляджу на Разетку: у яго вачах відавочнае неўразуменне. Ён, напэўна, думае, што яго недачулі:
— І-і-і РАЗ!!! — паўтарае яшчэ гучней.
Пяцёрка паранейшаму стаіць на месцы.
— Вы што, бл*дзь? Непадпарадкаванне?! — задыхаючыся ад злосці і раз’юшваючыся, раве Разетка.
Да яго далучаецца Маскалёў:
— Усім сесці на кукішкі!!! Рукі за галаву!!!
Шыхт не рушыць з месца.
— УСІМ СЕСЦІ НА КУКІШКІ, БЛ*ДЗЬ!!! — лямантуе, паўтараючы за ім, Разетка.
— Сам садзіся, — гучна і выразна кажу я.
— Хто гэта сказаў? — спакойна пытаецца Сабака.
— Я.
— Хадзі сюды.
Я падыходжу да яго не без пачуцця трывогі. Маскалёў і яшчэ пару падышоўшых мусароў (іх ужо нармалёва сабралася — у каранціне НП!) пачынаюць на мяне наязджаць, правакаваць і пагражаць. Я чакаю ўдару, але ён не адбываецца. Маўчу, нічога ім не адказваю. Чую ззаду шум — Разетка праходзіць паўз шыхт і з крыкам «СЯДЗЕЦЬ, БЛ*ДЗЬ!!!» б’е скрайніх па спіне, раздае ім кухталі. Я адварочваюся і працягваю слухаць наезды мусароў.
Неяк незаўважна паспеў закусіцца з лягавымі і Ягор — яго таксама пацягнулі ў ШІЗА.
Яны кажуць мне ісці на месца. Я разварочваюся і бачу, што ўвесь каранцін ужо сядзіць на кукішках. Падумаўшы, што адзін у полі не ваяр, саджуся і я (потым дакараў сябе за гэта: трэба было стаяць).
Залева не спынялася.
Наступныя дзесяць хвілін мы слухалі «выхаваўчы» лямант Разеткі ды пагрозы ўсіх перасаджаць у ШІЗА. Я сядзеў, накрыўшыся сваім томікам Салжаніцына. Разетка прайшоў паўз мяне, не забыўшыся кінуць камэнтарый:
— «Архіпелаг ГУЛАГ»? Чытайце, чытайце. Прыдасца!
«Які выдатны загаловак для “Радыё Свабода”», — падумалася мне…
Скамандавалі ўстаць.
— Што, яшчэ нехта ў ШІЗА захацеў? — намякаючы на Ягора і Яўгена, працягваў наступ Разетка. — Яшчэ хаця б адзін канфлікт з актывістамі — усіх туды закрыю, ясна?! А цяпер пастроіліся. І крокам руш — у каранцін. І-і-і РАЗ!
Я — у першай пяцёрцы. Ад нашага шэрагу да дзвярэй каранціна — метраў дваццаць. У маіх планах нічога не памянялася: дамовілімся з мужыкамі, значыць, трэба рабіць абяцанае. А што могуць закрыць у кічу, было ясна з самага пачатку.
Чатыры чалавекі з нашага шэрагу, смешна спрабуючы патрапіць у нагу, пайшлі ў накірунку каранціна. Я адзін застаўся стаяць. Маскалёў зноў паклікаў да сябе. Мяне абступіла цэлая плойма мусароў, якія сталі наперабой на мяне раўсці:
— Чё, блатуешь, да?!
— У нас блатныя адразу ў крытую едуць, ясна!
— Што за стацця? Тры-тры-дзевяць? Баклан?!
— Будзешь сядзець да званка!
— Ды акт на яго складзеш, хай у ШІЗА пасядзіць!
І да таго падобнае. Я не дужа іх слухаў — ужо моцна прамокнуўшы пад дажджом, калаціўся ад нерваў і шаленства — шэраг за шэрагам мае суседзі сыходзілі ў барак, бадзёра ўзмахваючы нагамі. Стаяць не застаўся ніхто.
x x x
Гэтая гісторыя хутка стала вядомая ўсёй зоне, мясцовыя «дзвіжэнцы» за нас радаваліся: «Каранцін бунтануў!» Зэкі прыколваліся: калі «нулявы атрад» (так нас называлі) нёс бачкі з ежай па цэнтральнай алеі, дэманстратыўна саступалі месца: «Прапусці, блатныя ідуць!»
Васьковіч і Ягор атрымалі свае суткі ШІЗА, выйшлі і былі намі дастойна сустрэтыя. Ягор хутка з’ехаў у ШІЗА па нейкіх новых абставінах.
Сам я дагэтуль здзіўляюся, чаму тады не быў адпраўлены ў кічу. Аднак наступствы ўсё ж напаткалі: спачатку мяне выклікаў у кабінет начальнік аперчасткі Слесараў (які стаў пазней намеснікам начальніка зоны), пагражаў крытай, 411-м артыкулам і прымяненнем фізічнай сілы ў выпадку далейшага непадпарадкаваныя (па іроніі, у наступныя 4,5 года тэрміну я зведаў усё вышэйпералічанае). Акрамя таго, мяне паставілі на нешта кшталту прафуліку — наступныя пару тыдняў кожны вечар да нас прыходзілі кантралёры «правяраць Дзядка»: ці не збег, ці не чыніць якіх непарадкаў.
Пасля ўсяго, што адбылося, у каранціне яшчэ не раз курылі ў прыбіральні, сварыліся з казламі і парушалі рэжым. Кагосьці саджалі за гэта ў ШІЗА, камусьці давалі дзяжурствы па-за чаргой. Пару разоў нават выводзілі ўвесь каранцін на пляц з асабістымі рэчамі.
Але болей ні разу не прымушалі маршыраваць.
МАЎГЛІ
Яго прывялі ў нашу сто пяцьдзясят другую хату ўвечары. Худая, зарослая, мурзатая істота гадоў шаснаццаці на выгляд, са спужаным позіркам — якраз як зацкаваны звярок. Першыя некалькі хвілін мы наогул нічога не маглі ад яго дабіцца. Хто такі? З якой хаты? Ён толькі неўпапад матляў галавой, разгублена лыпаючы вачыма з-пад ілба. Нарэшце пасадзілі яго за стол, напаілі гарбатай і выцягнулі-такі тое-сёе. Знаёмцеся: Саша К., дваццаць адзін год, сам з Чэрвеня. Сядзеў у хаце са страгачамі,[4] але тыя яго «паставілі на лыжы»[5] (забягаючы наперад, скажу, што далей мы добра зразумелі за што). Сядзіць за нейкі скрадзены заплечнік з фотаапаратам. Я жартам назваў яго Маўглі, бо ён і сапраўды быў нібы з лесу збегшы, да таго ж са смуглявым тварам. Мянушка хутка прыжылася.
Прайшло некалькі дзён. Сумеснымі высілкамі хата апранула, пастрыгла Маўглі і прымусіла памыцца — стаў больш падобны да чалавека. Пры сабе ў яго не было нічога, нават станка для галення, але ўсім неабходным мы яго забяспечылі. Саня не «грэўся» (нават лісты яму ніхто не пісаў), але, натуральна, еў, піў і паліў разам з усімі, бо жылі мы агульным.
Неяк незаўважна, трохі разняволіўшыся, пабачыўшы, што жывуць тут людзі, а не звяры, пачаў ён праяўляць сябе не з лепшага боку. То ўлезе ў чужую размову ды вярзе пры гэтым лухту, то каментуе, дзе не просяць, то лезе да кармушкі размаўляць з мянтамі, чаго рабіць зусім не ўмее, то агыркваецца на справядлівыя заўвагі. Пасля некалькіх такіх эпізодаў асноўным метадам размовы з ім стаў крык. На Маўглі сварыліся з ранку да вечара, бо не праходзіла гадзіны, каб ён што-небудзь не «накасячыў». Але Саню было хоць бы што.
Мяне ж ён зацікавіў як «рэдкі від». На волі, вядома, з такімі людзьмі мець зносіны не даводзілася, а тут — калі ласка, колькі заўгодна. Я быў у хаце, пэўна, адзіны, хто на яго не крычаў (ну, шчыра кажучы, амаль не крычаў) і размаўляў як роўны з роўным, хоць і было гэта няпроста. Хутка ў біяграфіі Маўглі высветлілася шмат цікавых рэчаў: бацька ягоны сядзеў шмат гадоў на Глыбокім (ПК-13), што з маці — няясна, ну а сам Маўглі жыве з цёткай, якая яго, відавочна, недалюблівае. Рос хлопец сам па сабе, прынамсі, прымет мэтанакіраванага выхавання ў яго асобе я не заўважыў. Ледзь не ўсё жыццё Сані прайшло на вуліцы: бухаў, «факаў» клей, краў. Па ягоных словах, скончыў ПТВ, але пры гэтым амаль не ўмеў пісаць, ды і прачытаць больш за некалькі радкоў для яго было непасільнай справай. Развіццё ягонае, па маёй ацэнцы, цягнула на ўзровень адзінаццаці-дванаццацігадовага. Часам я глядзеў на Маўглі і думаў: вось табе і дваццаць першае стагоддзе ў цэнтры Еўропы… Пад носам у хвалёных сацыяльных і адукацыйных службаў ды той жа інспекцыі па справах непаўналетніх вырас дзікун, які ў дваццаць адзін год не ўмее чытаць. І ўсё, што яны здолелі з ім зрабіць, гэта пасадзіць у турму. Зараз жа з верагоднасцю ў дзевяноста дзевяць працэнтаў ён будзе ўсё жыццё бухаць, сядзець, красці і калоцца. І ўсім усё роўна. Усім… Акрамя мясцовага РУУС, якому ён робіць статыстыку.
Але калі да Маўглі не было справы дзяржаве, дык была справа няўрадавым арганізацыям: Саня яшчэ падлеткам ездзіў у Італію па Чарнобыльскай лініі. Падрабязнасцей я ўжо не памятаю, толькі памятаю, як ён распавядаў аб сваім званку італьянцам адсюль, з Беларусі: «Звоню, она берет трубку… Ну я: “Привет!” Она: “Пронто! Пронто!” А я ей: “Х*ёнто!” — и бросил трубку!» На гэтым месцы Маўглі заліўся смехам, відавочна, задаволены сваім тонкім гумарам.
Яшчэ ў Маўглі была астма. Часам ён заходзіўся цяжкім кашлем і тады прасіў у кантралёра балончык з аэразолем, які яму не далі ў камеру (бо ён быў металічны), пакінулі ў ячэйцы на прадоле. Балончык, дарэчы, быў «ад італьянцаў». Але, нягледзячы на жудасныя прыступы, Саня і не думаў кідаць курыць.
Дні ішлі, Маўглі рабіўся ў хаце яўным ізгоем. Не ўмеючы паводзіць сябе прыстойна, Саня да таго ж увесь час «пароў касякі» — то «запарафініць» агульную рэч, то нап’ецца на ноч чыфіру і потым уначы ванітуе, не даючы іншым спаць. Акрамя таго, яго прыходзілася ўвесь час прымушаць мыць свае рэчы і ўдзельнічаць у прыбіранні хаты. Зразумела, на яго бясконца лаяліся. Першым часам я яго нават абараняў — шкада было глядзець, як ён скукожваўся ад грознага рыку і вылупленых вачэй сукамернікаў, — і сам спрабаваў не раз і не два размаўляць па-добраму, тлумачачы правілы жыцця ў хаце. Дапамагалі мае «душавыратавальныя» гутаркі ў лепшым выпадку на паўдня, таму пасля чарговай спробы я іх закінуў. Як сказана раней, «жорсткія» метады таксама не дапамагалі ў яго выхаванні. Да таго ж хутка мы зразумелі адзін цікавы псіхалагічны нюанс: Маўглі проста жыццёва неабходна было знаходзіцца ў цэнтры ўвагі, нават калі гэта ўвага выражалася выключна ў лаянцы і крыках. Дзеля таго каб быць «зоркай хаты» і цягам усяго дня чуць размовы пра сябе, ён гатовы быў цярпець і абразы, і напады, і пагрозы. Ужо ў наступныя гады я зразумеў, што гэта асобны тып людзей, які асабліва яскрава праяўляе сябе менавіта ў камернай сістэме. Яны знарок напружваюць тых, хто іх акружае, каб любым коштам замкнуць іх увагу на сабе.
Хутка ўсе шляхі выхавання (акрамя, бадай, фізічнага) скончыліся. Яго прасілі, на яго крычалі, усяляк пагражалі, пужалі, пазбаўлялі цыгарэт, спрабавалі ігнараваць. Але ўсё гэта толькі больш распаляла нашага Маўглі, бо ён яўна адчуваў, што намаганні ўсёй хаты, а значыць, і ўвага, скіраваныя на яго. Ён пачаў выказваць незадаволенасць: маўляў, да яго дрэнна ставяцца. Папярэджваў кантралёра, што «ўкрыецца», аб’яўляў галадоўку (якая доўжылася 15 хвілін, да першага баршчу, прынесенага баландзёрам), а аднойчы нават напісаў заяву оперу. На сшыткавым аркушыку хвалістымі радкамі, ледзь разборлівымі, неверагодна крывымі літарамі было напісана прыкладна наступнае (перадаю блізка да арыгінала):
заявлене
прашу пиривисти миня вдругую хату патамушта у миня 1000 касиков явсем мишаю наминя пастаяна арут
…і гэтак далей.
Праўда, заяву гэту ён так і не падаў. Затое працэс яе складання і абмеркаванне самога ўчынку Маўглі зацягнуліся на паўдня. А большага Саня і жадаць не мог.
Пасля Новага года (надышоў 2011 год) мяне адправілі ў бальнічны корпус жодзінскай турмы — лячыць уросшы ногаць на назе. Праз два тыдні я вярнуўся, але Маўглі ў хаце ўжо не было. І вось што мне распавялі пацаны. Амаль адразу пасля майго адыходу Саня нібы з ланцуга сарваўся: ці то ў яго адкрылася псіхічнае захворванне, ці то ён удала яго сімуляваў. А ў прыватнасці: барабаніў у сцены без дай нагоды, нёс лухту горш ранейшага, хаваўся за дзвярыма прыбіральні, краў рэчы з агульнага «катла», а потым наогул скраў і схаваў у сябе чужы ліст. Хутка ён пачаў атрымліваць ад хлопцаў «ляшчэй», бо трываць ужо не было ніякай магчымасці. У выніку мянты, пэўна, зразумелі, што з Санем нешта не так, і забралі яго ў санчасць.
Прайшло амаль тры гады. Я зноў у жодзінскай турме, але ўжо не ў рангу падследнага — перавялі з магілёўскай «крытай» лячыць страўнік, бо ў Жодзіне філіял Рэспубліканскай турэмнай бальніцы. Выклікаў опер, відаць, каб прабіць, што я за «пасажыр». На сцяне ў апярскім кабінеце фотаздымкі асуджаных з прафілактычным улікам. Прабягаючы вачыма па радку «Схільныя да суіцыду і членашкодніцтва», я сустракаюся позіркам з Маўглі. Вось табе на! Так, сапраўды ён. І прозвішча супадае. Пэўна, заехаў ужо, вызваліўшыся, па другім разе, а можа, ужо і па трэцім.
Вярнуўшыся ў хату, я стаў прыгадваць усё тое, што распавёў вам. Узгадаў балончык ад астмы, позірк ваўчаняці, суцэльна гнілыя ў дваццаць адзін год зубы, патлы, што падалі ў тазік з мыльнай вадой, калі мы галілі Маўгліну галаву… І чамусьці на розум прыйшло пытанне: а што з Санем станецца, калі ён памрэ? На жаль, было мала сумневу ў тым, што пражыве ён доўга, калі толькі не сядзе на доўгі тэрмін і турма яго не «закансервуе».
А хто па ім будзе плакаць?
Ці будзе каму несці ягоную труну?
Ці атрымаецца, як з бальзакаўскім «Айцом Горыа», які паміраў амаль у поўнай адзіноце, і патурбаваліся ягоным апошнім шляхам, лічы, чужыя людзі?
Родных у Маўглі няма, сябры ёсць наўрад ці, а калі ёсць — гэта яўна не лепшыя прадстаўнікі чалавечага роду… Падумалася, як жа сумна і няўтульна так не толькі жыць, але і паміраць, калі ты зусім адзін. А яшчэ падумалася, што той, хто кінуў мяне ў вязніцу за палітычнае злачынства, і той, хто зрабіў Маўглі крадуном і маргіналам на ўскрайку жыцця, — гэта адзін і той жа Левіяфан.
Сакавік 2015
АДЛЯЦЕЛЫЯ
Лета 2012 года. Горад Шклоў, ПК-17. Адзіночная камера ПКТ: адзін дзень змяняе другі такі самы — я сам выдумляю ім напаўненне, каб не засумаваць. Вось прайшоў абед, баландзёр забраў міскі. Рабіць няма чаго, настрою чытаць або вучыцца няма, затое паабедная спёка схіляе ў сон. Я паслаў свой кліфт пад столікам (каб у вочы не біла святло лямпы), пад галаву — падручнік арабскай і падрыхтаваўся прабавіць у сне яшчэ адну гадзіну яшчэ аднаго дня.
Уладкаваўшыся зручней, пачаў быў засынаць, як раптам у канцы прадола пачулася гудзенне электроннага замка, а потым ляскат металічных кратаў. «Кагосьці прывялі», — падумалася мне. Як раз каля 15 гадзін у зоне кожны дзень праходзяць «хрэсьбіны» (дысцыплінарная камісія), дзе начальнік зоны раздае зэкам суткі ШІЗА, месяцы ПКТ, а таксама пазбаўленні свіданак ды перадачаў.
…Тупат як найменш двух чалавек. Ага, атраднік прывёў свайго зэка. Цікава, у ШІЗА ці ў ПКТ? Тут з прадола раздаўся хрыплы пракураны голас, які роў што ёсць моцы:
Ра-а-асцветали яблони и груши! Зацвели туманы над рекой! Выходи-ила на берег Катюша…Усё ясна. Гэта Коля.
Коля — зэк, што паехаў дахам, мужык гадоў 50–55, а можа й маладзейшы — вельмі ўжо нездарова выглядаў. «Улетевший», як такіх часта называюць арыштанты. Пра яго, як і пра кожнага такога, хадзілі легенды: нібыта ходзіць па зоне без біркі, не голіцца, пасылае мянтоў на х*й, раве што яму ўздумаецца і дзе ўздумаецца. У моманты ж асаблівых абвастрэнняў яго і саджаюць у ШІЗА — каб зусім ужо не шалеў.
Далі Колю дзесяць сутак. Для яго яны, вядома, былі вясёлымі, але яўна не для астатніх зэкаў і не для мянтоў. Забаўляўся Коля тым, што пасля прыёму ежы не аддаваў баландзёру алюмініевую міску. Трымаць іх у сябе ў камеры ШІЗА або ПКТ было забаронена, таму пасля кожнага прыёму ежы іх забіралі. Але толькі не ў Колі. Часцяком пасля абеду, сняданку ці вячэры даводзілася чуць на прадоле такі дыялог:
Кантралёр: Пад’еў?
Коля: Пад’еў.
Кантралёр: Давай міску.
Коля: Пайшоў на х*й!
Кантралёр: Давай міску, сука підарас бл*дзь!
Коля: Пайшоў на х*й!!!
Далей ішлі спрэчкі на працягу хвілін пятнаццаці, пасля чаго раз’юшаны кантралёр адчыняў краты, сам забіраў міску, заадно даючы Колю па пячонцы.
Зэкі ж не любілі Колю за яго начныя фокусы. Удзень ён адсыпаўся, а ўначы браў ланцуг, якім прышпільвалася нара, і біў гэтым ланцугом па нары, ствараючы пякельны грукат на ўвесь барак, не даючы спаць ні зэкам, ні кантралёрам.
Адседзеўшы тую дзясятку (ужо не першую за тэрмін), Коля некуды падзеўся. Па чутках, яго вывезлі на ПА (псіхіятрычнае аддзяленне) — так зэкі клічуць турэмную псіхушку, што знаходзіцца на ПК-3, у Віцебску.
x x x
Страта чалавекам розуму ў турме — з’ява даволі частая. Мала таго, што ў турмы часта трапляюць людзі з «ограниченной вменяемостью» альбо разумова адсталыя, дык яшчэ і сама турма садзейнічае развіццю рознага кшталту псіхічных разладаў. Вось як пра гэта пісаў у «Запісках рэвалюцыянера» Пётр Крапоткін:
«Пада мною сядзеў селянін, па прозвішчы Гаваруха, знаёмы Сердзюкова, з якім ён перастукваўся. Супраць маёй волі часта нават у час працы я сачыў за іхнім перамаўленнем. Я таксама перастукваўся з ім. Але калі адзіночнае зняволенне без усялякай працы цяжкае для інтэлігентных людзей, то нашмат больш невыноснае яно для селяніна, які прывык да фізічнай працы і зусім не здольны чытаць увесь дзень запар. Наш прыяцель-селянін пачуваўся вельмі няшчасным. Яго прывезлі ў крэпасць, пасля таго як ён пасядзеў ужо два гады ў іншай турме, і таму ён быў ужо надламаны. Злачынства ягонае палягала ў тым, што ён слухаў сацыялістаў. Да вялікага майго жаху, я стаў заўважаць, што селянін часам пачынае загаворвацца. Паступова ягоны розум усё больш затуманьваўся, і мы абодва з Сердзюковым заўважалі, як крок за крокам, дзень за днём ён набліжаўся да вар’яцтва, пакуль размова яго не ператварылася ў сапраўднае трызненне. Тады з ніжняга паверха сталі даносіцца дзікія крыкі і страшэнны шум. Наш сусед памяшаўся, але яго тым не менш яшчэ некалькі месяцаў пратрымалі ў крэпасці, перш чым адвезлі ў вар'ятню, з якой няшчаснаму не судждана ўжо было выйсці. Прысутнічаць пры такіх умовах пры павольным разбурэнні чалавечага розуму — жудасна».
Не менш жудасна назіраць наступствы гэтага разбурэння.
На той жа ПК-17 (Шклоў) у ШІЗА пры мне сядзеў Кузя — певень. У ШІЗА ён сядзеў не ў якасці пакарання, а як на БМ-е. Туды яго схавалі ад зэкаў. Праблема Кузі была ў тым, што ён паводзіў сябе неадэкватна, у прыватнасці — гадзіў пад сябе і наогул дзе папала. Калі верыць расповедам зэкаў, такім ён стаў у выніку рэгулярнага збіцця ў атрадзе. Кузю білі да таго, як ён стаў срацца, — за тое, што певень, і, хутчэй за ўсё, за тое, што ненармальны. А потым працягнулі біць — ужо за тое, што сраўся і жыць з ім побач у бараку было невыносна. Акрамя збіцця былі і ўгаворы — яму шмат разоў давалі чыстую вопратку і пасцельную бялізну, але ўсё было марна. Ад граху падалей адміністрацыя знайшла «выдатнае» выйсце: пасадзіла Кузю ў «бяспечнае месца», якое па ўмовах утрымання адрознівалася ад ШІЗА толькі тым, што там на падлозе валяўся матрас. Кожныя некалькі дзён я чуў крыкі днявальнага, які лаяў Кузю на чым свет стаіць: матрас рэгулярна бываў абгаджаны. Кажуць, маці, прыехаўшы да Кузі на спатканне, была ў сапраўдным шоку і доўга патрабавала ад начальства растлумачыць, што яны зрабілі з яе сынам…
Там жа, на сямнаццатай, сядзеў яшчэ адзін персанаж — не памятаю ягонага імя. Яго пасадзілі ў адзіночку за тое, што той меў звычку красці ў іншых жыхароў барака. Некалькі разоў зэкі яго білі, пакуль ён сам не папрасіўся яго схаваць. На яго амаль кожны дзень находзіла буйства — ён пачынаў выдаваць з камеры моцныя невыразныя гукі і шумна мацюкацца незразумела на каго і на што. Гэта працягвалася гадзінамі. Але аднойчы ён нават стаў калаціць немудрагелістую пэкатэшную «мэблю», і толькі тады мяты заварушыліся — як жа, казённую маёмасць псуе! — і прыслалі доктара. Вертухаі скруцілі небараку, і доктар нешта яму ўкалоў, пасля чаго гукі пачалі паступова сыходзіць на нішто і праз паўгадзіны сціхлі зусім.
Іншым разам пад дахам у ПК-17 збіралася адразу некалькі псіхічна нездаровых, і тады пачыналася сапраўдная весялосць. Уявіце сабе: прадол з дваццаццю чатырма камерамі, драўляныя дзверы, праз якія чутно ўсё, што адбываецца ўнутры, і бетонныя сцены, што ствараюць выдатную акустыку. Ты сядзіш у сваёй камеры адзін і слухаеш адначасова ўсё, што даносіцца з некалькіх бакоў:
— Э-э-э… э-э-э… ы-ы-ы… ы-ы-ы…
— Бл*дзь на*уй ё*аны в рот! Підары бл*дзь!!!!
— А-а-а-а-а-а!!! А-а-а-а-а-а!!! А-а-а-а-а-а!!!
… і так на працягу многіх гадзінаў — пакуль у таварышаў псіхаў не скончыцца запас энергіі. У такія моманты пачынаеш сумнявацца, што ты ў турме, а не ў дурдоме, — і пачынае здавацца, што сам паступова з’язджаеш з глузду.
Як я пісаў, многія адляцелыя становяцца сапраўднымі знакамітасцямі: праблемных зэкаў перакідаюць з зоны ў зону, і слава ідзе паперадзе іх. Да ліку такіх адносіцца Хакей — арыштант з ПК-15 Магілёва. Ссутулены мужык каля 40 гадоў, з пастаяннай шчацінай. Тэрмін — 25 гадоў. Як кажуць зэкі, за забойства кадэбэшніка. Першыя пяць гадоў, як асуджаны па асабліва цяжкай, ён праседзеў на гродзенскай крытай, дзе, відаць, і крануўся розумам — альбо кадэбэшнікі адбілі галаву. Падрабязнасцяў ніхто не ведае, бо блізка стасавацца з Хакеем немагчыма.
Адзін з самых вядомых прыколаў пра Хакея — радыёперадатчык у яго шапцы. Ён лічыць, што мянты ўсталявалі яму туды мікрафон, і таму яго часта можна сустрэць у прагулянках па лакалцы і бубненні ў шапку праклёнаў ды адборнай лаянкі на адрас міліцыі, дзяржавы й Лукашэнкі. Любіць Хакей аблаяць і беларусаў (за тое, што абралі Лукашэнку), асабліва падчас прагляду тэлевізара. Хоць сярод зэкаў прыхільнікаў Лукашэнкі наўрад ці знойдзеш, але за абразы на адрас беларусаў Хакей неаднойчы быў біты. Сам ён, дарэчы, расеец.
Ён любіць вынаходзіць мудрагелістыя лаянкі і занатоўваць іх у сшытак. У Хакея было шмат агульных сшыткаў, спісаных дробным почыркам ад пачатку і да канца. Тыя, хто меў магчымасць з імі азнаёміцца, гавораць, што гэта проста бяссувязная і невытлумачальная плынь свядомасці, лаянкі і трызнення.
Але самай невычарпальнай крыніцай весялосці для зэкаў было тое, як Хакей паводзіцца з мусарамі. Неяк ён набраў са сталоўкі кашы-сечкі і выклаў яе пасярод лакалкі на газетку, падпісаўшы: «Для Махоўні» (Махоўня — мянушка былога начальніка ПК-15 па прозвішчы Маханькоў). А аднойчы проста хадзіў па лакалцы, на ўвесь голас брыдкасловячы на адрас «Махані і Таўкачыхі». Яго выклікала да сябе адміністрацыя: начальнік калоніі Маханькоў і яго намеснік Талкачоў. Задалі пытанне:
— Хто такія Маханя і Таўкачыха?
— Гэта мае маскоўскія шлюхі! — Хакей сумленна паехаў у ШІЗА.
Аднойчы ў магілёўскую калонію прыехалі нейкія курсанты. Прайшоўшы па «цэнтральнай алеі», яны пайшлі далей — аглядаць зону, адзін курсант адстаў ды пачаў азіраць закратаваныя лакальныя ўчасткі вакол сябе. На ягонае няшчасце, у адным з іх стаяў Хакей. Учапіўшыся рукамі ў краты, ён утаропіўся ў курсанта вар’яцкімі вачыма і выцадзіў у ягоны бок нейкую непамысную лаянку:
— Чё смотришь, сука бл*дь… Приехали пидарасы, свинобыдло е*аное!..
Курсанцік палічыў за лепшае дагнаць сваіх…
Не ведаю, білі яго мяты на пятнаццатцы ці не, але ў ШІЗА ён катаўся рэгулярна. Зрэшты, на яго паводзіны гэта аніяк не ўплывала.
Але самым актыўным рассаднікам памяшальніцтва розуму сярод зэкаў з’яўляецца, безумоўна, крытая. У групе рызыкі — людзі з вялікімі тэрмінамі, як тыя, хто сядзіць у адзіночках, так і сядзельцы агульных хатаў. Сціснутая прастора, пастаянныя канфлікты, лаянка, напружаная атмасфера, страх, немагчымасць змяніць абстаноўку, правакацыі і здзекі з боку мянтоў, доўгія гады зняволення наперадзе і, як наступства, безвыходнасць вельмі гэтаму спрыяюць.
Адзіночак на ўсіх не хапае, таму адміністрацыя часта саджае «ненармальных» у кічу. Аднойчы, седзячы ў тамтэйшым ШІЗА (ён, да ўсяго, яшчэ й знаходзіцца ў падвале), позна ўвечары ў адной з суседніх камераў раптоўна пачалі раздавацца гучныя рытмічныя ўдары і дзікі лямант:
— Людзі!!! Людзі!!!
Удары не спыняліся добрую гадзіну, перемяжаючыся з крыкамі: «Выпусціце мяне адсюль!!!», пакуль карпусны не прыйшоў і не надаваў кухталёў буяну. На той дзень ён супакоіўся, але на наступны ўсё пачалося зноў. Я стаў цікавіцца ў пацаноў у суседніх камерах, што там адбываецца, але акрамя «ў кагосьці з нечысьці дах сарвала» так нічога й не дамогся. Сказаць, што я адчуваў да гэтага чалавека моцнае спачуванне, было б крывадушным. Але, паспрабаваўшы ўявіць узровень страху і адчаю, які прымусіў яго, седзячы ў падвале крытай турмы, малаціць нагою ў дзверы і клікаць «людзей», я пасапраўднаму жахнуўся. Аднастайнасць, безнадзейнасць, камера кічы, якая цісне, псіхічная хвароба і, напэўна, вялізны тэрмін наперадзе — гэта сапраўдная бездань.
Варта заўважыць, што ў большасці адляцелых памяшальніцтва праяўляецца перыядычна, час ад часу. Здараюцца і перыяды прасвятлення. Такім быў, напрыклад, Саня па мянушцы «Шрэк» — яшчэ адзін жыхар магілёўскай крытай. Гэтаму хлопцу не было і 30 гадоў. У дзяцінстве ён вучыўся ў школе для дзяцей з затрымкамі псіхічнага развіцця. Бацькі ў яго калі і былі, то ў турме не дапамагалі ніяк, і, адседжваючы свой тэрмін за забойства, «грэву» ён не атрымліваў наогул. Трымалі яго, як правіла, у адзіночцы, бо ні з кім не ўжываўся. Звычайна ў ягонай камеры было ціха, але час ад часу адтуль пачынала чуцца лаянка на адрас мусароў — як з нагоды, гэтак і без. Вымяшчаў сваю злосць ён, як правіла, на кантралёрах, якія зазіралі ў кармушку падчас раздачы ежы. Але горш за ўсё было, калі ў Шрэка сканчаліся цыгарэты. Паколькі грошай для атаварвання ў лаўцы ў яго не было, ён займаўся тым, што клянчыў іх у мянтоў. На дзень яму давалі каля пяці адзінак «Прымы». Калі даваць пераставалі, ён пачынаў лямантаваць і біць у дзверы, ламаць камерную мэблю, умывальнік, біць шкло ў аконнай раме. На знак пратэсту супраць сквапнасці мянтоў ён адмаўляўся ісці на прагулку, суправаджаючы гэта адборнай лаянкаю ў іхні бок.
Мяты білі Шрэка часта. Часам проста ў камеры, часам выводзячы на «зборку», але заўсёды — без асаблівага эфекту. У моманты асаблівага буйства, калі шум з ягонай камеры зусім ужо даставаў падольных, яны проста выклікалі лекара, які рабіў яму ўкол (як казалі зэкі — аміназіна), і на якіясьці суткі Шрэк супакойваўся.
Але як Хакей быў знакамітасцю ў ПК-15, так знакамітасцю магілёўскай крытай была Іра. Адна з нямногіх сустрэтых мной жанчын-крытчыц, яна сядзела са мной у суседняй камеры: я быў у 18-й, яна ў 19-й. Узровень памяшальніцтва, які яна дэманстравала, быў проста жахлівым. Штодня з 24 гадзін у суткі прыблізна пяць-шэсць гадзін — незалежна ад пары сутак, гэта магло быць і на досвітку, і позна ўночы — з яе камеры даносіўся бесперапынны бязладны тэкст, плынь хворай свядомасці. Аднавіць нават маленькую яго частку я ніяк не магу — памяць адмаўлялася гэта фіксаваць. Скажам так, яна пачынала гаварыць пра нешта, напрыклад пра самалёты, ці пра пабачанае па тэлевізары, ці пра планеты і галактыкі, гаварыла пра гэта некалькі сказаў, потым, чапляючыся за апошнія словы сказа, пачынала ад іх ужо новую тэму — і гэтак бясконца. Што было для мяне самым уражальным, яна не проста гаварыла, яна крычала, раўла настолькі гучна, што яе было чуваць на ўсім паверсе, а калі яна падыходзіла да акна — то й на ўсіх астатніх паверхах. Сваю прамову яна нязменна перамежвала пагрозамі і мацюкамі на адрас мусароў. Выкшталцона і мудрагеліста мацюкала іх, і калі яе выводзілі на прагулку. Разумнейшыя лягавыя проста маўчалі, іншыя пачыналі лаяць яе ў адказ.
Іра актыўна стасавалася з суседнімі хатамі праз рэшку — выпрошвала цыгарэты. І гора было той хаце, з якой на яе адрас была сказаная грубасць або праяўлена непавага: яна вылазіла на падваконне і гадзінамі бэсціла яе насельнікаў — і гэта слухала ўся турма. У адплату мянтам за тое, што не даюць цыгарэты, ці проста дзеля забаўкі яна магла стаць голай на штодзённай праверцы. Ці пачаць тарабаніць па батарэі глыбокай ноччу, пазбаўляючы сну, фактычна, увесь паверх. У такім выпадку прыходзіў доктар ды калоў Іры аміназін.
А вось тыя зэкі, хто з ёй перапісваўся, гаварылі, што, мяркуючы па цалкам асэнсаваных і нават літаратурных лістах-малявах, 39-гадовая Іра — зусім прыстойная жанчына з вышэйшай адукацыяй, у якой на волі засталася дачка. Менавіта імкнучыся забяспечыць яе, Іра, як кажуць, і ўзялася цягаць з Расіі наркотыкі, за што і атрымала 12 гадоў калоніі строгага рэжыму…
Чалавека, што страціў розум, адміністрацыя разглядае як прыкрае непаразуменне. Калі ён «ціхі», то бок сваім памяшальніцтвам не парушае рэжым утрымання (такіх поўна), на яго ўвогуле ніхто не зверне ўвагу. Ну з’ехаў з глуздоў чалавек — з кім не бывае? Ні аб якім лячэнні казаць не даводзіцца: у турэмнай аптэчцы ёсць толькі валяр’янка (ад усіх нервовых разладаў) ды аміназін для супакойвання буйных. Гаварыць аб прафілактыцы псіхічных расстройстваў у ПУ і зусім смешна. У кожнай папраўчай установе усяго адзін псіхолаг (дарэчы, мент у форме, што яўна не садзейнічае даверлівым адносінам паміж ім і зэкамі). У зонах, дзе работа са «спецкантынгентам» пастаўлена хоць на нейкі, няхай паказушны, узровень, ён сустракае прыбылых з этапа ды размаўляе з імі, часам можа арганізаваць наведванне малельнага пакоя ці царквы. На гэтым усё. Паводле рэжыму ён абавязаны праводзіць рэгулярныя гутаркі з кожным асуджаным, але ці рэальна гэта, калі ў калоніі, напрыклад, 1500 чалавек? У некаторых калоніях я за ўвесь час знаходжання там псіхолага не бачыў зусім. То бок чалавек лічыцца ў штаце, запаўняе нейкія паперкі, робіць выгляд, што нечым займаецца, атрымлівае за гэта зарплату — але пры гэтым рэальна не выконвае зусім нічога. Ну а далей ДВП дае справаздачу ў МУС аб «псіхалагічнай рабоце» і «індывідуальным падыходзе» да асуджаных, МУС, у сваю чаргу, «спявае» міжнародным арганізацыям, як якасна ды гуманна працуе ў Беларусі пенітэнцыярная сістэма, — і ўсе задаволеныя. Затое турмы і калоніі працягваюць перамолваць нечыя мазгі, рыхтуючы да выхаду на волю маральных інвалідаў. Карная сістэма збудаваная так, каб працаваць з наступствамі, а не з прычынамі. Павесіўся нехта ў камеры? Навошта высвятляць, што да гэтага прывяло, лепш адабраць па ўсёй турме шнуркі, папругі й ніткі — каб не змаглі павесіцца, нават калі вельмі захочуць. Некага сарвала з катушак і ён/яна стаў(ла) малаціць па дзвярах нагамі з дзікімі крыкамі? Укалоць аміназіну — няхай на іншай змене лямантуе, колькі хоча! І ўсім пляваць, у чым прычына: рэжымнікі адправілі назад перадачу ад сваякоў, на волі маці памерла ці проста адчай давёў да неадэквату.
Псіхічна хворых у турме ніхто не лечыць. На вядомае ПА ў ПК-3 (Віцебск) адпраўляюць толькі тых, хто ўжо цалкам страціў дзеяздольнасць — не можа працаваць альбо трымаць яго ў ШІЗА стала нявыгадна. Як і ў любым аспекце Сістэмы, іх хвалюе толькі твая функцыянальнасць: выконвай, што табе сказана, і не адсвечвай, будзь ты хоць сто разоў параноік, шызафрэнік або проста дурань. Пра якасць жа лячэння ў турэмнай дурцы ПК-3 мне меркаваць складана, але я яшчэ не бачыў ніводнага чалавека, які хацеў бы туды вярнуцца…
x x x
Восень 2012 года. Горад Шклоў, ПК-17. Я даседжваю свае апошнія месяцы ў ПКТ — наперадзе суд на крытую і этап у Магілёў. Скончыўся абед — сёння былі макароны, развараныя да стану аднароднай масы. Што ж, прыйшоў час паспаць. Падрыхтаваў сваю звыклую ляжанку, заплюшчыў вочы і ўжо пачаў быў адрубацца, як на пачатку прадола раздаліся звыклыя гукі — гудзенне электразамка. Каго на гэты раз? Даслухаўшы, калі зэка давядуць да дзяжуркі, я ўже амаль заснуў — і раптам быў выкінуты са стану напаўсну пранізлівым голасам, падобным да каркання вароны:
Ра-а-асцветали яблони и груши!Ліпень 2016
ЧАРАЎНІК
Уводзіны
ТУРЭМНЫ РЭЖЫМ[6]
Замкнёная прастора са спецыфічнымі этычнымі нормамі, вычварэнскім разуменнем маралі, дзе чалавечая істота, будучы скіраванай да адной толькі мэты — выжыць, спараджае мудрагелістыя прычынна-выніковыя сувязі.
Можна верыць або не верыць у лёс, у здольнасць Сусвету матэрыялізаваць нашыя думкі і жаданні, у карму, у правіла бумеранга, у біблейскае «што пасееш, тое і пажнеш», можна лічыць усё вышэйпералічанае праявай найвышэйшых сілаў ці лагічным наступствам нашых уласных учынкаў, аднак у пэўных кропках Зямнога шару гэтыя правілы праяўляюць сябе бясспрэчным і ультыматыўным фактам.
Адна з такіх кропак ёсць і на тэрыторыі Беларусі: установа пад назвай «турма № 4», больш вядомая сярод арыштантаў як магілёўская крытая.
Турэмны рэжым — адно з апошніх і самых жорсткіх дысцыплінарных пакаранняў, прадугледжаных КВК для «злосных парушальнікаў усталяванага парадку адбывання пакарання». Горш, бадай, толькі 411-ы артыкул КК. У крытую зэка могуць адправіць з папраўчай калоніі па рашэнні суда на тэрмін да трох гадоў. На турэмным рэжыме адбыванне пакарання працягваецца ва ўмовах камернай сістэмы: у камерах, дзе людзі гадамі знаходзяцца адзін з адным у рэжыме 24/7, ад трох да дванаццаці чалавек; гадзіна прагулкі на дзень, жорсткія абмежаванні па колькасці дазволеных рэчаў, адна перадача на год, і то далёка не ўсім (што, улічваючы колькасць пайкі, азначае, што крытчык знаходзіцца ў пастаянным стане напаўголаду), і адно спатканне на год: дзве гадзіны размовы праз шкло, якіх таксама нярэдка пазбаўляюць па рашэнні начальніка турмы.
Аднак цэнтральная фішка магілёўскай крытай не яе «галодны рэжым», а тое, кім яна кіруецца і па чыіх правілах жыве.
Першапачаткова турэмны рэжым быў народжаны папраўчай сістэмай для перапынення лагерных бунтаў і ізаляцыі тых, хто мог іх справакаваць: блатароў, зладзеяў у законе, прынцыповых і харызматычных палітзняволеных.
З пачатку так званай «крымінальнай рэвалюцыі» ў краінах СССР у памятныя 90-я крытыя сталі асяродкам тых самых «отрицал» — крымінальных аўтарытэтаў, што, жывучы паводле зладзейскіх паняццяў, стваралі галаўны боль для адміністрацыі лагераў; блатных, якіх не бралі ні лагерныя ШІЗА, ні ПКТ. Іхняя згуртаванасць, прыхільнасць да паняццяў і гатоўнасць да гвалту дзеля насаджэння сваіх парадкаў непазбежна патрабавалі іхняй ізаляцыі ва ўмовах камернай сістэмы.
Але часы памяняліся. Арганізаваная злачыннасць у Беларусі была перадушаная (не лічачы, канечне, Сям’і, што стаіць ля стырна). Часткова — ліквідаваныя эскадронамі смерці, часткова — здрабнелі і перагрызліся паміж сабой зладзеі ў законе, лагеры былі пастаўленыя пад кантроль адміністрацыі, у іх, выказваючыся мовай мусароў, была дасягнута «стабільная аператыўная абстаноўка». Па ідэі, крытыя мусілі знікнуць або, прынамсі, іхняя колькасць павінна была зменшыцца.[7] Аднак не такая бюракратычная савецкая, а значыць, і лукашысцкая логіка. Кожная крытая— не меней за сотню супрацоўнікаў ДВП МУС, стабільнае фінансаванне з бюджэту, што гэтаксама стабільна распілоўваецца адміністрацыяй, гэта і шырокія карупцыйныя магчымасці для кумоў і рэжымнікаў. Гэтак за раз узяць і прыкрыць гэта ўсё толькі таму, што ў Беларусі не стала крымінальных аўтарытэтаў? Ну ўжо не! Калі турма ёсць — нехта павінен у ёй сядзець! Сістэма абрала іншы шлях: раз сярэдні зэк стаў больш паслухмяны, мы проста знізім крытэры для адпраўкі туды — і крытыя зноў напоўняцца людзьмі! І вось ужо з сярэдзіны нулявых у магілёўскай, жодзінскай і гродзенскай турмах становіцца ўсё меней рознага кшталту звезеных з зонаў блатных і «смотрящих» і ўсё больш простых мужыкоў. Патрапіць у крытую стала магчыма, калі ты: пранёс на зону мабільнік, паставіў брагу, пасварыўся з начальнікам атрада, пісаў скаргі на адміністрацыю, адмовіўся месці лакальны ўчастак, проста пабіўся з іншым зэкам. Пры мне ў магілёўскую крытую заехаў хлапец за тое, што абліў заўхоза вадою ды сказаў, што гэта мача. Адміністрацыі зонаў сталі актыўна карыстацца крытай як звалкай для ўсіх праблемных элементаў. Хтосьці прайграў вялікую суму грошай? У крытую яго, каб у зоне галаву не набілі. Хтосьці скрысіў у іншых арыштантаў? Будуць чмырыць, павесіцца яшчэ… У крытую яго, ад граху падалей! Туды сталі адпраўляць нават звычайных пеўняў паводле нейкага нікому не вядомага прынцыпу.
Гэтак і магілёўская крытая, на момант майго прыезду туды, 7 снежня 2012 года, уяўляла сабою корпус турмы з насельніцтвам каля 220 чалавек, у якім уласна блатнымі — крымінальнымі аўтарытэтамі і прафесійнымі злачынцамі — з’яўляліся каля дваццаці. Астатнія ж, за невялікім выключэннем, уяўлялі кантынгент, пералічаны вышэй. Блатныя падзялялі з адміністрацыяй уладу ў турме, і ў гэтай дзяльбе мужыцкага пірага кожны атрымліваў сваё: адміністрацыя — кіраванне і адсутнасць эксцэсаў, блатныя — права збіраць свой абшчак, пачуццё ўласнай перавагі над шэрай масай вязаных і шматлікія прывілеі ад мусароў.
Частка 1
ЛЮСТЭРКАВЫ МАГ
Яго я заўважыў яшчэ на зборцы, калі наш этап новапрыбылых на турму крытчыкаў шманалі і вырашалі, хто ў якую хату пойдзе.
Рот не закрываецца. Звонкі голас. Рэдкае для нашых шыротаў грэцкае імя — Костас і армянскае прозвішча — Саркісян. Асабовая справа — таўшчэзная, нават таўсцейшая за маю (што рэдкасць).
— А я скаржнік, — ахвотна тлумачыць Костас усім цікаўным. — У мяне на мусароў… — называе нейкую завоблачную суму, — скаргаў! — у голасе непадробны гонар.
Стаім тварам да сцяны, рукі за спінай, чакаем шмону. А Костас тым часам ужо разгаварыўся з канвойнымі:
— Глядзі, што ў мяне ёсць! — дастае з кешара просты школьны сшытак і пачынае гартаць. Усе аркушы — у бурых плямах і незразумелых каракулях, падобных да подпісаў. — Гэта душы, — тлумачыць Саркісян. — Я купляў іх у зоне за пачак «двушак».
Прыгледзеўшыся, бачу, што купленыя душы ўяўляюць з сябе плямы крыві іхніх уладальнікаў і іхні ж подпіс побач.
— Яны чытаюць заклінанне і абвяшчаюць, што аддаюць сваю душу мне, Костасу Саркісяну, — задаволена растлумачвае ён, бліскаючы чорнымі, як вуголле, вачыма, — а я ім пачак «Фэста» або «Кароны». І ўсе задаволеныя! — Костас адну за адной гартаў старонкі з бурымі разводамі, даючы зразумець, што ахвочых да такой угоды было ў зоне хоць адбаўляй.
— І на*уя табе гэта? — здзіўляўся канвойны.
— А я ад іх падзараджаюся, як ад батарэек.
— Бл*, стромная нейкая х*йня, — баязліва заўважыў мент. — Не баішся ў гэта ўлазіць?
— Ха! Ды ў мяне бабка — самая моцная ведзьма Арменіі! Была. Я сам — магістр люстэркавай магіі. Дарэчы, — звярнуўся Костас ужо да іншага канвойнага, — ты чаго гэта з рыжанькаю палаяўся?
Мусар недаўменна пераглянуўся з калегам. Костас працягваў браць быка за рогі:
— Ну сяброўка ж у цябе ёсць?
— Ну ёсць.
— Рыжанькая, я ж бачу, — чараўнік прыжмурыўся, ва ўпор гледзячы на канвойнага. — Дык чаго пасварыўся?..
Пазіраючы на тое, як магістр люстэркавай магіі разводзіць канвойных, я задаўся пытаннем: цікава, ці палегчыць магія яго арыштанцкае жыццё ў такім няпростым і змрочным месцы, як крытая. Ці, наадварот, ускладніць?
«Ёсць ведзьмакі, ёсць магі. А я — чараўнік. Гэта зусім розныя рэчы!» — ладзіў Костас лікбез ужо не толькі мусарам, але і ўсяму этапу, што здзіўлена прыклеіў вушы да незвычайнай гутаркі. Ніхто з нас яшчэ не ведаў, што магілёўская крытая і сама чаруе паболей, чым Саркісян, і што на 2,5 года яна падрыхтавала яму з лішкам жорсткіх прыгодаў.
Пасля шмону мянты паднялі нас на трайнікі. Гэта— своеасаблівы турэмны каранцін. Восем камераў на тры чалавекі кожная, з больш строгім рэжымам і крыху наводшыбе — у бакавым рукаве ад асноўных турэмных калідораў. Там новапрыбыльцы знаходзіліся па 2–3 тыдні, маральна рыхтуючыся да жыцця ў камернай сістэме ды праходзячы ўсемагчымыя турэмныя рэгістрацыі: у доктара, псіхолага, опера і г. д.
Мы з Чараўніком (менавіта такое паганяла яму далі блатныя) апынуліся ў суседніх хатах. Я ў 150-й, ён — у 151-й. Канструктыўная асаблівасць трайнікоўскіх хатаў такая: тонкія сцены і санвузлы ўпрытык адзін да аднаго праз сценку. Гэта значыла, што, адчыніўшы зліў унітаза, можна было размаўляць, а прасунуўшы руку — лёгка перадаць не дужа тоўсты скрутак: сусед проста браў яго сваёй рукой, а ты аддаваў.
Не знайшоўшы шмат агульных тэмаў са сваімі сукамернікамі, я стаў інтэнсіўна камунікаваць з Чараўніком.
Трыццаць гадоў, сам родам з Гомеля. Тэрмін — стандартная васьмёрка па частцы трэцяй артыкула 328 (незаконнае абарачэнне наркатычных сродкаў). Прывезлі Чараўніка з «тройкі» (ПК-3, Віцьба). Там ён актыўна выносіў мозг мусарам і нястомна страчыў скаргі ва ўсе магчымыя інстанцыі: ад ДВП да КДБ. Але мясцовай знакамітасцю на «тройцы» ён стаўся не дзякуючы гэтаму, а, вядома ж, дзякуючы сваім магічным актыўнасцям. Ён не толькі скупляў у зэкаў душы, але і лячыў хворых, вырабляў магічныя амулеты, загаворваў, падзараджаўся энергіяй ад дрэваў, якія раслі ў лакалцы, а аднойчы нават узяўся наводзіць порчу на зампаліта зоны. Чытаючы заклінанні, ён на вачах усяго атрада пачаў убіваць у ягоныя сляды васковыя цвікі. Паводле чутак і сведчанняў іншых зэкаў з «тройкі», менавіта апошняе і стала рэальнай прычынай яго адпраўкі на крытую.
На трайнікі Чараўнік прыцягнуў цэлую кучу эзатэрычнай літаратуры: «Спакушэнне нячыстай сілай» Арлова, «Практычную магію» Папюса, зборнік кніг Кастанэды, разнастайныя раздрукоўкі пра мантры і чакры… Усім гэтым ён ахвотна дзяліўся са мной: убачыўшы ўва мне чалавека, трохі знаёмага са сферай ягоных зацікаўленняў (я тады ўжо год займаўся ёгай, дый амаль усе кнігі Кастанэды прачытаў яшчэ раней), ён пачаў пасвячаць мяне не толькі ў тонкасці сваёй магічнай прафесіі, але і ў камерцыйныя планы. У іх уваходзіла, выйшаўшы на волю, сабраць секту, абвясціўшы сябе, натуральна, прарокам, прасветленым ці кімсьці гэткага кшталту, і вучыць сваіх адэптаў «баявой магіі». Натуральна, за немалыя грошы. Без хітрыкаў прапанаваў мне супрацоўніцтва, абяцаючы баснаслоўныя прыбыткі пры мінімальных выдатках. Я тактоўна адмовіўся.
Асвоіўшыся ў сваім маленькім калектыве, Чараўнік прыступіў да магічных эксперыментаў. У хаце 151 пачаліся сеансы спірытызму. Костас намаляваў на аркушы паперы магічнае кола з літарамі алфавіту, заляпаў яго сваёй крывёю і, прачытаўшы заклінанне, трымаў над цэнтрам кола іголку, якая ўказвала на літары, — такім чынам дух з адчыненага Костасам партала камунікаваў з ім, адказваючы на пытанні. Па просьбах сукамернікаў Чараўнік ахвотна выклікаў на камунікацыю душы іх памерлых сваякоў, ну а ў дапамогу сабе — разнастайных архангелаў. Калі з суседняй хаты сталі скардзіцца на форткі, што адчыняліся самаадвольна, і жорсткія кашмары па начах, Чараўнік паабяцаў «зачыніць партал».
Неўзабаве падышоў да канца наш час на каранціне. Спачатку я, потым Костас падняліся на корпус. Тут перад Чараўніком разгарнулася шырокае поле для дзейнасці.
Частка 2
ДАРОГІ
Дарога — сродак зносінаў арыштантаў, на мове мусароў званы «міжкамернай сувяззю».
У турме бывае тры віды дарогаў: паветра, мокрая і кабура. Першыя дзве — гэта калі шляхам няхітрых інжынерных прыстасаванняў паміж камерамі нацягваецца вяроўка («конь») і з яе дапамогай праз вокны (па паветры) ці праз зліў каналізацыі (па мокрай) зэкі цягаюць шчыльна запакаваныя грузы і/або малявы. Але ў магілёўскай крытай асноўным сродкам зносінаў служылі кабуры — дзіркі ў сценах, столі ці падлозе, што дазвалялі звязвацца (працаваць) з суседнімі камерамі наўпрост. Прабіць кабуру у бетоннай сцяне ва ўмовах адсутнасці найменшага вартага металічнага інструмента, само сабой, займае неймаверную колькасць часу і сілаў, таму разумныя зэкі граматна маскіруюць кабуры і робяць усё, каб мянты іх не спалілі.
Ролю дарог і міжкамерных стасункаў арыштантаў у жыцці магілёўскай крытай цяжка пераацаніць. Штодзень у турме ў строга вызначаны час адбываліся чатыры спрацоўкі. Любы зэк мог напісаць любому: знайсці земляка, даведацца навіны з зоны, распытаць пра агульных знаёмых і г. д. Вязаныя маглі напісаць блатным з просьбай загнаць у хату «панеабходнаму» (чай-цыгарэты), патлумачыць нейкія моманты паняццяў ці зайсці і рассудзіць канфліктную сітуацыю ў камеры (нягледзячы на тое, што турэмны рэжым вымагае строгай ізаляцыі, блатныя карысталіся правам свабодна заходзіць у любыя камеры і чыніць у іх правасуддзе. Дзверы ім адчыняў асабіста старэйшы змены кантралёраў — карпусны).
Не меншае значэнне мае ў арыштанцкім побыце і малява. Як гучыць вядомае выказванне, «малява — твар арыштанта». Неабачліва ўжытае слова ў маляве можа прынесці ў крытай цэлы клубок прынцыпова невырашальных праблемаў, падвесці легкадумнага зэка пад жорсткае фізічнае пакаранне, абарваць кар’еру блатнога. Найбольш бывалыя крытчыкі не дазваляюць сабе ў малявах нават закрэсліванняў і выпраўленняў. Некаторыя кладуць у скручаную маляву вейку — каб адрасат ведаў, ці ўскрывалася яна па дарозе (блатныя практыкуюць такую перлюстрацыю дзеля кантралявання падазронай перапіскі вязаных).
«Што напісана пяром, таго не высечаш тапаром» — гэта пра малявы. У крытай вуснае і пісьмовае словы могуць як узвысіць, так і (што нашмат часцей) прынізіць таго, хто меў неасцярожнасць выпусціць іх у свет.
Чатыры разы на дзень зэк, які стаіць на дарозе, прымаў у сваю камеру і аддаваў з яе пошту — жмені маляваў, акуратна скручаных да памеру алоўкавага агрызка, шчыльна запакаваных у цэлафан папяровых капсул. Так, побач з яўным жыццём камерных калектываў, працякала, струменячыся рэгулярнымі плынямі па артэрыях-кабурах, таемнае эпісталярнае жыццё турмы.
Частка 3
СНЕГАВЫ КОМ
Падняўшыся ў камеру № 124, Чараўнік з захапленнем заняўся сваім звыклым рамяством: здымаў порчу з сукамернікаў, лячыў іх, падвяргаў сеансам гіпнозу, прымушаў глядзець сабе ў вочы, абяцаючы, што пакажа ім «іхняга дэмана», і гэтак далей. Больш за тое, стаў набіраць сабе вучняў — не толькі ў сваёй камеры, але, з дапамогай дарогі, і па ўсёй крытай, — завабліваючы тым, што адзін з ягоных вучняў нібыта выступаў на «Бітве экстрасэнсаў».
Прапаноўваў стаць сваім вучнем і мне. Для гэтага трэба было ўсяго толькі ўчыніць пэўныя маніпуляцыі са сваёй крывёй і люстэркам (бо ён жа люстэркавы маг) і, вядома, прачытаць клятву на вернасць самому Костасу.
Я тактоўна адмовіўся.
Жадаючых жа па крытай знайшлося дастакова: Чараўнік праводзіў актыўнае ліставанне з многімі і яскрава распісваў неабмежаваныя цудадзейныя якасці, якімі будуць надзеленыя яго вучні, стаўшы, пад ягоным мудрым кіраўніцтвам, «баявымі магамі». Маладыя крытчыкі былі ў захапленні, прыносілі яму клятву на вернасць і дасылалі з малявамі плямы сваёй крыві.
Некаторы час з Чараўніком перапісваўся і я: быццам бы на трайніках жа камунікавалі. Праўда, неўзабаве ў яго малявах я стаў адчуваць нейкі падвох. Шчыпаючыся словамі: «Здаравенька, брацішка!» або «Здарова, друг!», усе яны нязменна станчаліся: «Каляя, загані, калі не цяжка…» (асадкі, алоўкі, стрыжні, паштоўкі, кагорты — словам, усё тое, што на крытай у дэфіцыце і што ў мяне, як ён ведаў, мелася). Пару разоў я, вядома, дзяліўся, але апетыты Чараўніка толькі раслі, маляваў жа без просьбаў матэрыяльнага характару не прыходзіла зусім, і хутка я згарнуў ліставанне да мінімуму: такая «дружба» мне была без патрэбы.
Неўабаве мне давялося на два тыдні зайсці ў хату № 124 і ўвачавідкі пабачыць жыццё Чараўніка ў калектыве і яго чараўніцкія практыкі. Трэба сказаць, арыштанцкае жыццё ішло ў яго не так паспяхова, як магічнае. Нягледзячы на наяўнасць вучняў, якіх ён прывабліваў сваім красамоўствам і казачнымі абяцаннямі, у цэлым у камеры на шэсць чалавек ён, хутчэй, быў прадметам насмешак і прычынай пастаянных канфліктаў. Непамерная балбатлівасць і выхвальба, пастаянныя касякі (то залье вадою тэлевізар, то ляпне штосьці неўпапад у прысутнасці блатных, а церпіць потым уся хата), нежаданне «жыць турмой» не рабілі Костасу аўтарытэту. Ён спрабаваў навярстаць гэты рэсурс расповедамі пра сваю ўсёмагутную бабку, пра свае няздымныя пракляцці і пра тое, як яго аднойчы ў Гомелі пабілі два нядобразычліўцы і абодва неўзабаве трагічна загінулі. Атрымлівалася слаба. Затое з заходам у камеру новых людзей (мяне і яшчэ пары пацаноў) напоўніцу праявілася ягоная камерцыйная жылка. Раней ён даймаў сукамернікаў размовамі пра сваю будучую свінаферму, якая была паклікана азалаціць яго ў лічаныя гады, і нават знайшоў для гэтага бізнесу партнёраў проста ў хаце. А цяпер, выведаўшы пра тое, што ў майго сукамерніка, з якім мы разам часова перасяліліся ў 124-ю, ёсць нейкая нерухомасць на вёсцы, прапаноўваў перапісаць яе на сябе ў абмен на дараванне магічных здольнасцяў. Чамусьці вырашыўшы, што і я — уладальнік шматкаштоўнай маёмасці, ён прапаноўваў мне аддаць яму ўсё і атрымаць наўзамен амулет, з якім стане даступным ажыццяўленне любых жаданняў. Любых! Пытанне, чаму ж ён не зробіць сабе такі амулет і, напрыклад, не выйдзе з турмы, так і павісла ў паветры.
У хуткім часе пасля майго вяртання ў ранейшую камеру адносіны з сукамернікамі ў Костаса абвастрыліся, і яму прыйшлося пераехаць у іншую. Гэтаму папярэднічаў заход у 124-ю камеру блатных, якія правялі з Чараўніком прафілактычную гутарку і афіцыйна наклалі яму забарону на чараўніцтва.
Але і ў новай, 120-й камеры Чараўнік прабыў нядоўга. Спрабуючы паказаць з сябе больш, чым ён ёсць, не прыжыўся ў калектыве, і яму далі зразумець, што пара шукаць сабе іншую хату. Тут варта заўважыць, што ў крытай, як і ў камернай сістэме ў цэлым, частыя пераезды з хаты ў хату скрайне негатыўна адбіваюцца на рэпутацыі зэка: лічыцца, што калі не змог прыйсці да ўзаемаразумення з адным калектывам, то не зможаш і з іншым. Кожная пройдзеная хата, такім чынам, павялічвае негатыўны рэпутацыйны багаж зэка.
Новым прыстанкам Чараўніка стала камера нумар 123 — адна з самых вялікіх на корпусе. Яна лічылася своеасаблівым адстойнікам, куды блатныя выпраўлялі сядзець тых, хто не ўжыўся ў іншых хатах, крытчыкаў «з адступленнямі» («фуфлыжнікаў», «крыс» і да т. п.), недалёкіх і не вельмі адэкватных зэкаў, а таксама тых, хто не мог «надаваць увагу ў агульнае» (гнаць блатным перадачы з чаем, цыгарэтамі ды інш.). Псіхалагічны клімат у такіх хатах быў адпаведны кантынгенту: напружаны, нядобры — агрэсіўнае, нават па мерках крытай, асяроддзе. Кожны сам за сябе.
Блатныя, як я пісаў, ладзілі перыядычныя абходы камераў, праведваючы сваіх вязаных падапечных, або казлоў, як яны іх часцей паміж сабой клікалі. У часе такіх абходаў хатам, якія мелі патрэбу, разносілася неабходнае (чай і цыгарэты), даводзіліся важныя весткі і новаўводзіны, даваліся ўстаноўкі аб тым, як паводзіць сябе з мусарамі, і, вядома, вяршылася правасуддзе: разбіраліся канфлікты, з тых, хто накасячыў, спаганялі фізічна ці рабілі строгае ўнушэнне. І, безумоўна, для нахабных, самаўпэўненых блатных такія абходы былі магчымасцю ў чарговы раз узвысіць сябе над вязанымі. Трое-чацвёра валацугаў развязнай хадою, у дарагіх вольных шмотках (у той час як усе былі абавязаныя насіць форменную робу), з самазадаволеным выглядам без папярэджання ўваходзілі ў камеру, перарываючы яе звыклы рытм жыцця, тут жа раздаючы здзеклівыя заўвагі ўсім, каму лічылі патрэбным. Запярэчыць ім нешта, адказаць альбо ўступіць у спрэчку ніхто не наважваўся. Найменшая спроба паставіць сябе на адзін узровень з блатнымі вяла, у лепшым выпадку, да нагадвання аб тваім статусе, у горшым — да ўдару па твары, таму большасць зэкаў кідаліся тут жа варыць гарбату ды даставаць з шафак адмыслова адкладзеныя на выпадак прыходу братвы цукеркі і дарагія цыгарэты. Блатныя бачылі, што іх баяцца, і гэта яшчэ больш падымала іх ва ўласных вачах.
У адзін з такіх абходаў, вясной 2014-га, блатныя зайшлі ў хату нумар 123. Чараўнік тады закусіўся з мусарамі і адбываў свае дзесяць сутак у падвале ШІЗА. У ходзе камунікавання блатныя — тонкія псіхолагі — хутка прыкмецілі: у хаце штосьці не тое. Недагаворкі. Запужаныя перагляды, дзіўныя адценні інтанацыяў не схаваліся ад іхняе ўвагі. Кубак чыфіру, што хадзіў па коле, не здымаў напружанасці. «Смотрящий» за турмой, Вова Лысы, вырашыў, што называецца, «прабіць паляну» напрасткі:
— У вас наогул… у хаце ўсё нармальна?
— Так, так, усё нармальна! — таропка заківалі вязаныя.
Але веры ім, вядома ж, няма. Нешта хаваюць.
— Разуменне прысутнічае?! — спадылба пазіраючы ў спужаныя вочы, паўтарае Лысы.
— Усё нармальна, Вова, усё нішцяк! — ківаюць зэкі, ужо разумеючы, што недзе быў дапушчаны пракол.
Тут улазіць Мартын, адзін з нядаўна заехаўшых у хату:
— Ды ў цэлым нармальна ўсё, на должным. Але ўвогуле разумення ў хаце не стае.
«Ну нарэшце», — напэўна, падумаў у гэты момант Лысы. Але Мартын не хоча тлумачыць, што ён мае на ўвазе, — баіцца. Тут жа падручны Лысага, Шара, пераводзіць Мартына ў іншую камеру, дзе той дае ўвесь расклад: у калектыве на 12 чалавек вылучыўся найбольш нахабны — Браканьер, заласуднік з 25 гадамі тэрміну. Хата й раней жыла, разбіўшыся на варагуючыя групкі, але ён парушыў і гэтую хісткую раўнавагу. Сабраўшы вакол сябе невялікую кучку сабе падобных, ён стаў адстойваць свае інтарэсы кулакамі і нагамі, збіваючы сукамернікаў пад рознымі падставамі: то шмат хлеба з’еў, то выказаўся не так. Да блатных гэтыя выпадкі не даносіліся — ці то па агульнай дамоўленасці, ці то з-за страху перад Браканьерам, хоць, згодна з усімі пастановамі братвы, пра падобнае мелася паведамляцца неадкладна. Так яны і жылі, б’ючыся за пайку і баючыся таго, у каго кулак большы. Зразумелая справа, такі стан рэчаў для блатных быў непрымальны. У зладзейскай сістэме, гэтак жа, як і ў дзяржаўнай, манаполія ўлады на гвалт ёсць момантам прынцыповым. Згодна з паняццямі, блатныя могуць біць вязаных, а вязаныя адзін аднаго — не.
Шара вяртаецца ў 123-ю, Лысы адтуль і не сыходзіў. Браканьера б’юць і выкідаюць з хаты на прадол.
На наступны дзень расследаванне працягваецца. Чараўніка тузаюць з ШІЗА ў камеру на першым паверсе. Даюць гарбаты, частуюць шакаладам. Бы незнарок Лысы цікавіцца, як яны жылі ў 123-й хаце.
— Нармальна жылі, усё клас, — адказвае, не чуючы падвоху, Чараўнік.
— Дакладна ўсё нармальна? — удакладняе Лысы. — А можа, былі праблемы якія?
— Ды не, Вова, не было праблем! Усё як звычайна! — працягвае Чараўнік тапіць сам сябе.
Але ў кічы фізічнае спагнанне забаронена паняццямі. Пасля сканчэння тэрміну ў ШІЗА Чараўніку даюць яшчэ пару дзён «на раскумарку» і, зноў прыйшоўшы ў 123-ю, даюць яму па твары з фармулёўкай «за падман братвы». Тут бы яму і супакоіцца, але, відаць, цалкам паверыўшы ў тое, што найвышэйшыя сілы яму спрыяюць, ён працягвае сваю гульню і піша маляву былому сукамерніку Мартыну (той ужо ў іншай хаце): чаму ты даў блатным увесь расклад, нашто зліў Браканьера, была ж дамоўленасць маўчаць? Мартын не разгубіўся, атрымаўшы маляву, і з усіх варыянтаў выбраў самы бяспройгрышны. Акуратненька закруціў яе ды выслаў блатным.
Лысы са сваімі набліжанымі доўга і старанна ўтоптвалі Чараўніка ў дашчаную падлогу 123-й камеры, выбілі два зубы і прымусілі з’есці злашчасную маляву. Вышэйпамянёны Шара так стараўся, лупіўшы ўдвая меншага па памерах Чараўніка, што парваў у працэсе красовак. Зрэшты, неўзабаве Костас, замольваючы свае грахі перад братвой, загнаў Шары ў перадачы пару новага абутку. То бок, вядома, сказаў сваім бацькам — і яны загналі.
Вызваліўся Костас Саркісян у траўні 2015 года і, наколькі ведаю, да самага вызвалення больш не чараваў.
Эпілог
З маленства і да самай смерці ўсё добрае, гарманічнае і праўдзівае, што ёсць вакол нас, дыктуе нам простыя і даступныя правілы чалавечага агульнажыхарства: не хлусі, не пажадай чужога, не хітры, не скарыстоўвай іншых людзей як інструменты. Агулам кажучы, абыходзься з іншымі так, як хочаш, каб абыходзіліся з табой. Пра тое ж цвердзяць літаральна ўсе сусветныя рэлігіі. Кожны з нас у большай ці меншай ступені парушае гэтыя правілы: неабходнасць выжываць сярод недасканалых людзей змушае ісці на кампрамісы з сумленнем. Аднак калі падман і карыслівасць робяцца цэнтральнай воссю, вакол якой круціцца ўся твая жыццядзейнасць, раней ці пазней ты непазбежна заблытаешся ў павуцінні ўласнай ілжы ды прыйдзеш да вельмі нешчаслівага канца. Не ў міфічным пекле — а тут, у гэтым жыцці. І той снегавы ком, які на цябе абрынецца, часцяком будзе знешне аніяк не знітаваны з тваімі ўласнымі ўчынкамі. «Шляхі Гасподнія неспавядзімыя», — скажа на гэты конт хрысціянін. «Ды проста не фартанула, ёпт», — скажа недалёкі злодзей. Але калі-небудзь, я ўпэўнены, вучоныя знойдуць тлумачэнне таму, чаму нашыя ўчынкі і нават намеры, зрабіўшы неспасцігальнае кола па нітачках сацыяльных сувязяў, нязмушана адштурхнуўшыся ад учынкаў і намераў іншых людзей, вяртаюцца да нас з патроенай сілай: мілымі падарункамі лёсу, калі першапачаткова былі добрымі, ці жорсткімі яе карамі, калі з самага пачатку неслі помслівасць, здобу і карысталюбства. А яшчэ, думаю, яны растлумачаць, чаму ў звычайным жыцці цыкл гэтага кола можа займаць дзесяцігоддзі, а ў некаторых — сапраўды зачараваных — месцах ён вершыцца з ашаламляльнай хуткасцю.
x x x
Я знайшоў Чараўніка «УКантакце» праз год з невялікім пасля вызвалення. На аватарцы — «загадкавая» карцінка з магам у стылі фэнтэзі. У статусе: «ЗА ДЕНЬГИ НЕ КОЛДУЮ!!! УЧЕНИКОВ ВЫБИРАЮ САМ!!!» Напісаў яму.
«Здарова, братка!» — піша ў адказ. «Як ты? Як здароўе, друг?» — ліслівыя эпітэты сыпаліся адзін за адным. «А дзе ты жывеш? А вось мой тэлефон, давай стэлефануемся!» — камунікатыўнасць проста зашкальвала. Пагаварылі пра крытую, пра агульных знаёмых, пра тую гісторыю. З яго словаў, спагналі з яго тады не за падман, а за чараўніцтва супраць турэмнага зампаліта (намесніка начальніка па выхаваўчай частцы), калі той выпісаў яму суткі ШІЗА. Чараўнік працягнуў да яго руку са словамі: «Будзь ты пракляты пракляццем сатаны. Няхай усе твае дзеці нараджаюцца мёртвымі!» — зампаліт Уладзіміравіч неадкладна пабег скардзіцца блатным, і тыя білі Костаса са словамі: «Будзеш яшчэ чараваць?!!»
Зрэшты, неўзабаве маг перавёў гутарку на больш прагматычныя рэйкі і распавёў мне, что зараз жыве ў Маскве і хоча заснаваць фірму па зняцці ўсіх грахоў з душаў. Поўнае «абязгрэшванне» адной душы будзе каштаваць 20 000 еўра, затое эфект проста ашаламляльны: на душы ніводнага граху, яна становіцца чыстай, як сляза немаўляці! Але Масква — толькі стартавая кропка бізнесплана. Ён зробіць філіі па краінах СНД, сам жа будзе сядзець у Еўропе ды грабці бабкі, а працаваць будуць ягоныя вучні, баявыя магі. «Усе, хто возьме ўдзел з самага пачатку, максімум на працягу года, стануць мільянерамі ў даляравай дэнамінацыі!» — пазней пісаў ён мне. Для запуску праекта Костасу не хапала адной толькі дробязі: стартавага капіталу (сам маг працаваў вартаўніком, жыў у сваякоў) — нешта каля 5000 даляраў. На маё недаўменнае пытанне, чым жа я магу яму ў гэтым дапамагчы, калі жыву на стыпендыю і журналісцкую падпрацоўку, ён адказаў не менш здзіўлена:
— Ну вас жа там вашыя палітолагі спансіравалі!
Мае спробы давесці, што палітолагі не спансіруюць анархістаў, ён выслухаў з густым недаверам у поглядзе і яшчэ настойліва параіў мне падумаць і ўкласціся ў ягонае прадпрыемства, бо ж мільянерам можна стаць «максімум на працягу года!».
Я тактоўна адмовіўся.
ЦІП ГУУС Мінгарвыканкама
30.03.2017–07.04.2017
ЖЫЦЦЁ ЦУДОЎНАЕ
Чарговыя дзесяць сутак ШІЗА ў шклоўскай калоніі № 17. Гэтым разам мне пашчасціла: я ў хаце не адзін, нас ажно трое. Гэтак і цяплей, бо батарэі амаль не грэюць, і весялей, бо ёсць з кім прабавіць час. Адзін мой сусед — маладзей з адным годам тэрміну, яму вызваляцца праз пяць дзён. Другі — Саня, па мянушцы Лётчык. Сівыя валасы, хаця самому яшчэ няма сарака гадоў. Стомлены голас. Погляд старога воўка. Сядзіць ужо трынаццаць гадоў, а наперадзе яшчэ сем — побытавае забойства. За тыя дзесяць сутак, што мы правялі разам, я пачуў ад яго шмат цікавага: як ён да пасадкі паспеў паслужыць у арміі (ягоная служба якраз прыпала на перыяд распаду Саўка); як на пачатку свайго тэрміну «блатаваў» на Оршы (ПК-8), дзе быў сведкам «чорнага ходу»: блатных разборак проста ў зоне, ледзь не вольнага карыстання мабіламі, застаў мянтоў, гатовых за грошы прынесці любую наркату. Ён памятаў, як раней сядзелі зэкі ў ШІЗА па прынцыпе «дзень лётны, дзень нялётны» (гэта значыць адзін дзень кармілі гарачай пайкай, а другі — кавалкам хлеба і кубкам кіпеню), і многае-многае іншае.
Але не гэтыя аповеды, а філасофія жыцця Лётчыка прымусіла ягоную асобу назаўжды ўрэзацца ў маю памяць.
Неяк я трохі прымаркоціўся. Не памятаю ўжо нагоды: ці то пасля чарговай бяссоннай ночы, ці то пасля чарговага мусарскога выбрыку, але раздражняльнасць, што назапашвалася шмат дзён, вырвалася з мяне вонкі з патокам нематываванай лаянкі на гэту ўстанову, на мянтоў і ўвогуле на наш сённяшні стан. Лётчык слухаў. А потым пагадзіўся:
— Да, базара нет. Зона здесь — петушок. То ли дело на «восьмерке»! Бывает с утра, пока все спят, выйду в локалку, сяду на скамеечку с чаем… Солнышко светит, птички поют. Настроение — за*бись… А ты не переживай. Скоро выйдешь обратно в ПКТ, заваришь чайку… Да и срока у тебя — понты. Не гони…
Ён памаўчаў, зірнуў на мяне сваімі стомленымі, крыху вар’яцкімі вачыма і дадаў:
— Жизнь прекрасна. Даже здесь…
Жыццё цудоўнае. Нават тут… Гэта фраза ў маёй галаве адначасова адбілася пячаткай і забіла звонам, выклікаўшы нябачны выбух у нейронных сетках. Я замаўчаў. З кожнай хвілінай яе сэнс даходзіў да мяне ўсё больш.
Уявіце сабе: душная, змрочная бетонная каробка, у якой ноччу адціскаешся і прысядаеш, каб сагрэцца і паспаць, у якой сядзіш столькі, колькі захоча начальнік зоны. За межамі «каробкі» — лагер, з агрэсіўным, у большасці здрадлівым і пакорлівым насельніцтвам, людзі, да якіх не варта паварочвацца спінаю, а таксама звыклыя да беспакаранасці мянты з садысцкімі схільнасцямі, якія не бачаць у табе чалавека. Няма правоў, няма волі, няма жонкі, якая б прыязджала на спатканні, няма дабрабыту і простых чалавечых радасцей. І так ужо трынаццаць гадоў, а яшчэ сем наперадзе. Але: «Жыццё цудоўнае. Нават тут…»
Гэта сіла волі, прага да жыцця ўразілі мяне і ўсялілі вялікую павагу да гэтага чалавека. Колькі жыццёвых сіл, імкнення да свабоды і духу трэба мець, каб гэтак разважаць у ягоным стане, і наколькі смешна пасля гэтага наракаць на свой лёс большасці з тых, хто лічыць, што ў яго ў жыцці праблемы!
х х х
Ужо потым, калі пасля «сямнашкі» мяне сустракала крытая са сваімі «блатнымі» і «аўтарытэтамі», калі цэнзары і оперы стосамі выкідалі мае лісты, ізалюючы ад навакольнага свету, калі ў Жодзіне «вертухаі» ставілі да сценкі, білі па нагах і закоўвалі ў кайданкі за тое, што «палітычны», калі ў той жа крытай па дваццаць сутак не вылазіў з ШІЗА, калі за пяць дзён да вызвалення дадалі яшчэ год тэрміну, калі ў Горках пазбаўлялі спатканняў з роднымі і адвакатам, кожны раз, раней ці пазней, калі мне вельмі хацелася разгубіцца, замаркоціцца і пашкадаваць сябе, перад вачамі ўсплываў твар Лётчыка і ягоныя словы:
— Жизнь прекрасна. Даже здесь…
Студзень 2016
АДКРЫТЫ ЛІСТ
У любой турме высілкі яе супрацоўнікаў скіраваныя на тое, каб не даць вязню змагацца за свае правы. Вялізную ролю ў гэтым іграе, акрамя фізічнай пагрозы, ізаляцыя ад соцыуму і крыніц інфармацыі. У сярэдзіне лістапада 2014 г., седзячы ў адзіночнай камеры магілёўскай крытай я даведаўся аб узбуджэнні супраць мяне новай крымінальнай справы па артыкуле 411 КК РБ, што значыла: замест хуткага вызвалення давядзецца сядзець яшчэ адзін год. Паўплываць на гэты факт я быў не ў стане, хіба толькі забіць сябе, каб не было каго судзіць. Адзіным даступным сродкам барацьбы заставаўся аркуш паперы і асадка. Я мусіў, наколькі гэта магчыма, прыцягнуць увагу грамадскасці, у тым ліку міжнароднай, да наяўнасці гэтага артыкула і практыкі яго прымянення супраць палітвязняў і простых крымінальных вязняў, што змагаюцца за свае правы. Так нарадзілася ідэя напісаць адкрыты ліст у СМІ.
Але напісаць — нават не палова справы, а адна дзясятая яе. Як пераправіць яго на волю? Турэмныя адміністрацыі рэдка выпускаюць нават афіцыйныя скаргі ў ДВП, не кажучы ўжо пра разгромныя лісты ў прэсу. Я мусіў пайсці на хітрасць, раскрываць якую тут не выпадае. Скажу толькі, што вынікам яе сталі ўзмоцненыя шмоны пры выхадзе да адваката, а таксама пагрозы перавесці мяне ў горшую камеру. Але гэта мяне ўжо мала турбавала — сваю справу я зрабіў.
Напісаны ў сакавіку 2015 г. ліст ужо ў красавіку дзякуючы маім бацькам і паплечнікам быў пераведзены на рускую і англійскую мовы, перададзены прадстаўнікам Еўразвяза ў Беларусі, дыпламатам з амерыканскага пасольства, апублікаваны ў газеце «Народная воля» і ў мностве беларускіх інтэрнэт-СМІ.
Вітаю!
Мяне завуць Мікалай Дзядок. Звяртаюся з гэтым лістом да ўсіх, для каго словы «справядлівасць», «гуманізм» і «чалавечая годнасць» не пусты гук.
26 лютага гэтага года я быў асуджаны па частцы 1 артыкула 411 Крымінальнага кодэкса на 1 год пазбаўлення волі. Назва гэтага артыкула — «Злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы». Прысуд мне вынесены ў турме за пяць дзён да заканчэння майго папярэдняга тэрміну — чатыры гады шэсць месяцаў. Адзначу таксама, што мне прызначана максімальнае пакаранне па гэтым артыкуле — адзін год з магчымага аднаго года. У 2012 г. па гэтым жа артыкуле быў асуджаны ўжо былы палітычны зняволены Зміцер Дашкевіч.
У чым жа складалася маё «злачынства»? У шаснаццаці дысцыплінарных парушэннях без нечага за два гады знаходжання ў турме № 4, у прыватнасці: нашэнне спартыўнага касцюма, перамовы з суседнімі камерамі і хаджэнне па камеры пасля 22 гадзін. Немалаважна тое, што за кожнае з гэтых шаснаццаці парушэнняў я ўжо быў пакараны ў дысцыплінарным парадку, атрымаўшы вымову або ад пяці да дзесяці сутак ШІЗА (штрафнога ізалятара), адседзеўшы ў штрафным ізалятары толькі ў гэтай турме шэсцьдзясят сутак.
У Канстытуцыі, Крымінальным і Крымінальна-выканаўчым кодэксах Рэспублікі Беларусь дэкларуецца мноства добрых прынцыпаў і правоў, але ўсе яны застаюцца затаптанымі ў гразь, пакуль у Беларусі дзейнічае артыкул 411 КК, які дазваляе адправіць чалавека ў калонію на адзін год (або на два — па частцы другой гэтага артыкула) за нашэнне ці ненашэнне прадмета адзення, за размову з суседам па камеры. Ці ёсць такая жахлівая і абсурдная прававая норма яшчэ дзе-небудзь у свеце?!
Першапачаткова артыкул 411 уводзіўся ў КК для барацьбы з крымінальнымі аўтарытэтамі ў месцах пазбаўлення волі і крымінальнымі «паняццямі», якія дасталіся Беларусі ў спадчыну ад крымінальнай супольнасці часоў СССР. Аднак сёння крымінальныя «паняцці» практычна паўсюдна пераможаны ўладай, а артыкул застаўся і ўсё больш актыўна ўжываецца да палітычных зняволеных і іншых зняволеных, якія хоць бы неяк змагаюцца за свае правы. Ужо сама фармулёўка артыкула адкрывае найвялікшую прастору для маральнага гвалту і зневажання чалавечай годнасці. Прыклад: турэмны кантралёр (наглядчык) плюе на асфальт і дае асуджанаму ў рукі швабру: «Прыбірай!» Той адмаўляецца: «Не буду!» Чатырох такіх адмоў дастаткова для ўзбуджэння крымінальнай справы! Гэты выпадак мне распавёў адзін з асуджаных, і нават калі ён у чым-небудзь непраўдзівы альбо перабольшаны — усё адбываецца ў рамках закона, і гэта самае страшнае. У поўнай адпаведнасці з законам зняволенага можна пасадзіць за чатыры адмовы выконваць работу, што прыніжае чалавека! І мне не вядомы яшчэ ні адзін выпадак апраўдання судом па артыкуле 411 КК.
Наогул, парушэнне правоў чалавека і здзекі ў беларускіх турмах дасягнулі такога размаху, што сталі сістэмай і звычкай, пра іх можна пісаць не ліст, а кнігу! Але ў гэтым звароце я не магу ахапіць усё і засяроджуся толькі на артыкуле 411 КК.
Такую прастору для самавольства адміністрацыі турмаў і калоній ствараюць напісаныя ў МУС Правілы ўнутранага распарадку (ПУР), якія абавязаны выконваць кожны асуджаны. Аднак асуджаных не знаёмяць з ПУР цалкам, толькі часткова, матывуючы гэта тым, што ПУР «для службовага карыстання», што не перашкаджае адміністрацыі патрабаваць іх выканання ад асуджаных. Самі ПУР складзены такім чынам, каб пакараць можна было любога асуджанага ў любы момант за такія рэчы, як няголенасць, бруднае адзенне ці абутак, незашпілены гузік на каўняры, за тое, што няправільна павітаўся ці не павітаўся з прадстаўніком адміністрацыі, не ўстаў у яго прысутнасці і за многае іншае. Нярэдка акты аб парушэннях проста фальсіфікуюцца, і паспрабуй потым дакажы, што твой абутак на самай справе быў чысты! За падобныя «парушэнні» працягваюць трапляць у ШІЗА, ПКТ (памяшканне камернага тыпу), пазбаўляцца спатканняў з роднымі беларускія палітычныя зняволеныя: Ігар Аліневіч,[8] Мікалай Статкевіч, Арцём Пракапенка, Яўген Васьковіч. Прычым строгага выканання ПУР патрабуюць выключна ад тых, хто неяк «вылучаецца»: ад палітычных зняволеных і тых, хто адважваецца гаварыць начальству пра свае правы. Астатнія жывуць больш-менш спакойна — пакуль маўчаць. Колькі разоў я назіраў прымяненне артыкула 411 КК, і заўсёды яно было помстай асуджанаму за нязломную волю, за адстойванне сваіх правоў і ніколі нічым іншым.
У афіцыйных выданнях чыноўнікі папраўчай (хоць правільней пісаць — карнай) сістэмы ўвесь час паўтараюць, што ўзялі лепшае ад савецкай папраўчай сістэмы. Гэта так, калі лепшым лічыць татальнае грэбаванне асобай, бязлітаснае падаўленне волі асуджаных, спрыянне падзелу іх на касты і ролі, выкарыстанне страху як адзінага метаду кіравання. Пры гэтым прэзідэнт Беларусі любіць паўтараць, што Беларусь — цэнтр Еўропы. Аднак чаму гэты «цэнтр» груба ігнаруе ўзятыя на сябе міжнародныя абавязацельствы — хоць бы Дэкларацыю правоў чалавека, якая гарантуе чалавеку павагу яго чалавечай годнасці, права на гуманнае стаўленне да яго і справядлівы суд? У Беларусі асуджаны — бяспраўная і залежная істота, чый лёс цалкам утрымліваюць у сваіх руках чыноўнікі папраўчай установы і ДВП (Дэпартамента выканання пакаранняў МУС). Захочуць — пасадзяць у ШІЗА, ПКТ, на турэмны рэжым, захочуць — знізяць статус асуджанага да таго, што ён перастане існаваць для іншых як асоба (для гэтых спраў ёсць лаяльныя адміністрацыі зняволеныя, якія выконваюць кожны загад), захочуць — дададуць тэрмін пакарання. Гэта пачуццё адчаю і бяспраўя цяжка перадаць — яго трэба перажыць самому.
Вядома, мне вельмі хацелася б крычаць на ўвесь свет аб несправядлівасці, якую здзейсніла і здзяйсняе са мной карная сістэма, але яшчэ больш я хачу стаць апошнім асуджаным па артыкуле 411 КК. Таму звяртаюся да міжнародных і беларускіх праваабарончых структур, да ўсіх зацікаўленых у захаванні правоў чалавека міжнародных арганізацый і да ўсіх неабыякавых людзей Беларусі з заклікам зрабіць усё магчымае для адмены артыкула 411 КК. Так, беларускае грамадства атамізаванае, скаванае страхам і канфармізмам, асобныя групы ў ім ледзь абараняюць свае эканамічныя правы, а тыя, хто спрабуе абараняць палітычныя правы, падвяргаюцца бясконцым рэпрэсіям. Аднак я перакананы, што беларусы павернуць твары і зразумеюць: «той, хто памяняў сваю волю на бяспеку, не заслугоўвае ні першага, ні другога», калектыўная воля людзей можа прымусіць дзяржаўную машыну прыслухацца да голасу розуму і пачаць выконваць свае міжнародныя абавязацельствы.
Безумоўна, увага ўсяго свету, і ў першую чаргу Еўропы, сёння прыкавана да Украіны, дзе людзі гінуць дзясяткамі і сотнямі, і ў параўнанні з гэтым здаецца, што пакуты нейкіх пяці палітычных зняволеных у адносна стабільнай і, галоўнае, мірнай Беларусі такія нязначныя, што не трэба аб іх казаць на ўсю краіну. Аднак узгадаем, што і падзеі ва Украіне пачаліся шмат у чым з-за адсутнасці ў аўтарытарнай улады павагі да чалавечай годнасці, з-за спроб навязаць грамадству жыццё ў страху і антыдэмакратычную сістэму каштоўнасцей. Тое ж мы назіраем і ў Беларусі, ці не праўда?
Таму я звяртаюся са сваім заклікам да вас і ўсіх, у каго ёсць сілы і магчымасць паўплываць на становішча, з надзеяй, што тое, што адбываецца са мной, больш не адбудзецца ні з кім у Беларусі.
Мікалай Дзядок
Турма № 4
Сакавік 2015 года
КРАЙНЯЯ МЕРА
«А што гэта за парэзы ў цябе на руках? Хацеў скончыць жыццё самагубствам?» — задаюць мне пытанні час ад часу. Многія не разумеюць, навошта, седзячы ў турме, калечыць сябе і які з гэтага можа быць толк.
У турэмным этыкеце ёсць паняцце «крайнія меры». Да іх адносіцца галадоўка і членашкодніцтва. Згодна з нефармальнымі турэмнымі правіламі крайнія меры ўжываюцца ў трох выпадках: пагроза жыццю, пагроза здароўю і пагроза асабістай годнасці. Логіка такіх дзеянняў простая: ставячы сваё жыццё пад пагрозу, арыштант вымушае адміністрацыю шпіталізаваць сябе і тым самым часова пазбягае крытычнай для сябе сітуацыі, бо за памерлага зэка начальства можа «вздрючить» вертухая ці іншага супрацоўніка: даць вымову, пазбавіць прэміі, часам нават звольніць.
Менавіта пагроза здароўю і прывяла мяне ў 2015 годзе да крайніх мер. Адносіны з адміністрацыяй у ПК-9 (Горкі), куды мяне прывезлі пасля асуджэння па артыкуле 411 і дабаўлення дадатковага года зняволення, не склаліся з самага пачатку, што нядзіўна — не для таго мяне туды прывезлі, каб я спакойна адбываў тэрмін. Сярод зэкаў Горкі лічацца «прэс-калоніяй», дзе асуджаных, якія неяк вытыркаюцца з агульнай масы (палітычных, некіраваных крымінальных аўтарытэтаў, аматараў паскардзіцца на ўмовы ўтрымання) прасуюць асабліва жорстка.
Не паспеў я прыехаць у калонію, як пачаліся прычэпкі: рана лёг у пасцель (за трыццаць хвілін да адбою), адмовіўся ад уборкі санвузла (гэта значыць не стаў рабіць «петушиную» работу), не так павітаўся і гэтак далей. «Десять суток ШИЗО», — толькі і чуў я ад начальніка калоніі. Але і ў ШІЗА ўсё было, мякка кажучы, не так гладка. Першы тэрмін я сядзеў з іншымі хлопцамі ў камеры, і ўжо там мяне ўразілі абыякавасць і цынізм адміністрацыі ў дачыненні да ўсяго, што датычыцца патрэб арыштантаў. Я думаў, што пасля чатырох з паловай гадоў турмы мяне ўжо нічым нельга здзівіць. Аказалася, можна. Напрыклад, пасля першых дзесяці сутак ШІЗА дзяжурны афіцэр вывеў мяне не тады, калі ў мяне скончыўся тэрмін — каля дзевятнаццаці нуль-нуль, а амаль на тры гадзіны пазней. Колькі сядзеў у ШІЗА ў іншых установах — нідзе такога не было. На мае заўвагі кантралёру пра тое, што ў мяне ШІЗА ўжо скончылася, — ніякай рэакцыі. Такім чынам, я павінен быў дайсці да атрада, пагаліцца, памыцца (бо нічога гэтага рабіць у ШІЗА толкам немагчыма) і паспець усё гэта да адбою, які ў дваццаць два нуль-нуль. Калі б я не паспеў, на мяне б зранку абавязкова склалі акт за тое, што непаголены (не кажучы ўжо аб тым, што не надта прыемна класціся спаць не памыўшыся). Але я вырашыў, што чысціня важнейшая за рэжым, і з-за таго, што прыводзіў сябе ў парадак, пайшоў спаць трошкі пазней чым у дваццаць два нуль-нуль, чаго і чакалі кантралёры, якія праз пяць хвілін пасля адбою прыйшлі ў атрад і склалі на мяне дакумент за «невыполнение команды “Отбой”». Вось вам і парушэнне, за якое зноў можна выпісаць новы тэрмін у ШІЗА! Такая нахабнасць мяне раз’юшыла. Мала таго, што пратрымалі ў ізалятары на тры гадзіны болей, чым маглі, дык яшчэ і наўмысна справакавалі на парушэнне!
Іншы непрыемны выпадак датычыўся горкаўскіх медыкаў. Згодна з законам, у ШІЗА двойчы ў дзень урач павінен рабіць абход, высвятляць, ці ўсе добра сябе адчуваюць. У ШІЗА ПК-9 урач рабіў адзін абход у дзень, і тое, акрамя нядзелі. Якраз у суботу, седзячы ў ШІЗА, я прастыў і на наступны дзень пачаў клікаць урача, каб хоць як дапамог, бо тэмпературыць і кашляць на дашчанай падлозе ў лёгкай робе — прыемнага мала. На ўсе мае просьбы ў кантралёра быў адзін адказ: «Врача нет, сегодня воскресенье!» Ды і зэкі пацвярджалі: па нядзелях урач не ходзіць. Але я ведаў, што гэта хлусня. У кожнай калоніі ў любы дзень тыдня і ў любую гадзіну часу ёсць дзяржурны ўрач, проста па скочкай завядзёнцы гэтай установы яму лянота вылазіць са свайго кабінета ў санчасці і ісці цэлых пяцьсот метраў толькі дзеля таго, каб прынесці таблеткі нейкаму там зэку — ану ж, да заўтра не здохне!
Але нават усё гэта — недастатковая нагода для ўжыцця крайніх мер. Нагода з’явілася пасля таго, як мяне пасадзілі ў ШІЗА за адмову ад работы. На гэты раз пасадзілі аднаго, і ў даволі спецыфічную хату — яна знаходзілася ў метры ад «дзяжуркі» кантралёра.
Для лепшага кантролю як быццам. Але галоўнае тое, што хата была кутняя — знаходзілася на рагу барака. Звонку можа здацца: якая розніца? Камера і камера. Але сталы наведвальнік ШІЗА добра ведае, у чым розніца. Ведаюць гэта і мянты. Справа ў тым, што кутнія камеры — самыя сырыя і халодныя. У іх холадна нават летам, а пра зіму няма чаго і казаць.[9]
Калі тады, дзевятнаццатага мая, мяне завялі ў камеру № 16, я адразу зачыніў акно, спадзеючыся, што да ночы «надыхаю» на больш-менш прымальную температуру. Але гэтыя спадзяванні не спраўдзіліся.
Далей пачалася самая цяжкая ноч у маім жыцці. Калі прыйшоў адбой і я прылёг на падлогу, то выявіў, што яна ніякая не дашчаная. Яна была настолькі халодная і цвёрдая, што мне спачатку падалося, што гэта бетон. Але, раскалупаўшы яе ў адным месцы, я зразумеў, што яна з ДСП, што ў сваю чаргу таксама парушэнне закону, бо згодна з рэгламентам усе падлогі ў ШІЗА і ПКТ павінны быць дашчанымі.
Першы «раўнд» сну цягнуўся ў мяне хвілін трыццаць. І ён жа быў самым доўгім. Далей у мяне не атрымлівалася паспаць больш чым пятнаццаць хвілін — не давала ўсёпранікальнае адчуванне холаду. У гэту ноч я зразумеў, наколькі ўедлівым і бязлітасным ён можа быць: адбіраючы адну за адной долі градусаў цяпла ад вашага цела, ён прымушае розум не думаць больш ні аб чым, акрамя як аб тым, як сагрэцца. Дакучлівая думка стукае ў галаве, як дзяцел, які ніяк не скончыць сваю работу, адчуваецца, як вечна галодны драпежнік, якога няма чым накарміць. Холадна, вельмі холадна. Холадна рукам, холадна нагам, холадна спіне, холадна носу і вушам. Запраўленыя ў шкарпэткі штаны і запраўленая ў штаны роба ўжо даўно не дапамагаюць. Дзесьці ў сярэдзіне ночы перасталі дапамагаць і традыцыйныя «саграванні» — адцісканні і прысяданні. У арганізма ўжо не было ў запасе свабодных калорый, каб перапрацаваць іх на цяпло. Мала таго, пасля некалькіх соцень адцісканняў і прысяданняў, не заставалася ўжо і сіл, каб рабіць іх далей. Сітуацыя станавілася ўсё больш безвыходнай. Бліжэй да ранку (як мне падавалася, бо гадзінніка, вядома, не было), пачаліся своеасаблівыя «сонныя галюцынацыі»: мне снілася, што я сплю ў сябе дома пад вялізнай цёплай коўдрай. Мне вельмі добра і камфортна, прыемна і лёгка… У галаве пралятае думка: і чаго гэта я турбаваўся, скакаў, адціскаўся і прысядаў, калі мне так добра спіцца? І тут мозг дае каманду на абуджэнне. Адкрываю вочы, і па ўсім целе праходзяць цяжкія і балючыя дрыжыкі: я нарэшце разумею, дзе я, і што зноў трэба ўставаць і спрабаваць выціснуць з сябе нейкія актыўныя рухі, каб павысіць тэмпературу цела і паспаць яшчэ хоць некалькі хвілін. Атмасферу і агульнае ўражанне дапаўняла яркае электрычнае святло адразу дзвюх лямпачак з-пад столі. Свет у ШІЗА на ноч не выключалі, і я адчуваў сябе ў нейкай сумесі вар’яцкага дома і катавальні.
Нарэшце прыйшла раніца. Паеўшы, я спадзяваўся паспаць, каб хоць неяк «адбіць» гадзіны, не дабраныя за ноч, і прывесці сябе ў норму. Кантралёр, вядома, напісаў на мяне акт за гэта (за які мне пасля дадалі яшчэ колькі сутак), але мне было ўжо ўсё роўна.
Пасля ранішняй праверкі я прылёг на падлогу і зразумеў, што мае спадзяванні былі дачаснымі: нават дзённая тэмпература ў камеры не дазваляла паўнавартасна спаць. Атрымліваецца, спаць нельга ні ўдзень ні ўначы… Я прыгадаў пакутлівую ноч і зразумеў, што ў мяне наперадзе яшчэ мінімум дзевяць такіх начэй, а хутчэй за ўсё больш, бо, бясспрэчна, начальнік зоны накіне яшчэ. І тады я зразумеў — трэба нешта рабіць.
Далей на працягу ўсяго дня я патрабаваў у ДПНК, які час ад часу прыходзіў у ШІЗА, пераводу ў іншую камеру. Аргументы: тэмпература ў ёй ніжэйшая, чым павінна быць згодна з заканадаўствам,[10] а падлога — ДСПшная, хаця павінна быць дашчаная, што таксама «не па законе». Але раз-поразу ён выслухоўваў і кідаў мне абыякавае «разберемся…» альбо «я уточню…», і сітуацыя не рухалася з месца. Я тым часам разумеў, што яшчэ дзевяць такіх начэй і выйсці з ШІЗА можна будзе з цэлым букетам захворванняў у дадатак да наяўных. Трэба выходзіць любымі метадамі. Я падрыхтаваў «мойку», якую пранёс з сабой у ШІЗА, нягледзячы на шмон (дзякуй парадам бывалых арыштантаў), пачаў складаць план. Першапачаткова ён быў такі: адразу пасля вячэрняй праверкі ўскрываю вены на абедзвюх руках і жывот. Галоўным момантам тут было ўскрыцца як след, а не проста падрапацца: наглядзеўся я на такіх, хто «ўскрываўся», ледзь падрапаўшы рукі, мянты з іх толькі смяяліся: перабінтуюць проста ў камеры і нават не запытаюцца, чаго хацеў. Каб больш не мёрзнуць у гэтай хаце, трэба рэзацца ўсур’ез, але ў той жа час і не «перабраць», бо, парэзаўшыся занадта моцна, можна замёрзнуць ужо назаўсёды. Вырашыў так: спачатку дабіраюся да вен на руках, раблю кропкавыя надрэзы, кроў акуратна сцэджваю ў свой паўлітровы кубак, набіраю поўны (чалавек можа выжыць, страціўшы да паловы крыві, а ва мне — каля пяці літраў), пасля чаго выліваю яе пад дзверы камеры (адразу пасля праверкі там будзе ДПНК і кантралёр — заўважаць, нікуды не падзенуцца), а пасля ўскрываю жывот (два пальцы ніжэй за пупок — так вучылі), пажадана да брушной поласці — тут ужо як болевы парог дазволіць.
У соты раз папрасіўшы перавесці мяне ў другую камеру, я зразумеў, што рабіць гэтага яны не будуць і што трэба пераходзіць да дзеянняў.
Планы з самага пачатку зблытаў нечаканы зрух у часе праверкі, у выніку чаго я вырашыў не чакаць і пачаў ускрывацца раней.
Схаваўся за «браню» (перагародка паміж прыбіральняй і астатняй хатай), каб мяне не было бачна з вочка, перахрысціўся, узяў «мойку» і нанёс першы парэз — па левай руцэ. Ці было страшна? Вядома, так. Але я разумеў, што і навошта раблю. Насуперак чаканню, кроў не пайшла фантанчыкам, замест гэтага выступіла некалькімі кроплямі, якія потым зліліся ў слабенькі ручаёк — я накапаў у кубак зусім нямнога. Тады пачаў наносіць па руцэ ўжо не проста парэзы, а парэзы-ўдары, каб тоненькае лязо «мойкі» ўвайшло як мага глыбей. Пару разоў біў лязом двойчы ў адзін і той жа парэз, каб яго пашырыць. Некаторыя парэзы атрымаліся даволі ўдалымі: добрыя паўсантыметра ў глыбіню і сантыметр у шырыню. Але крыві паранейшаму было вельмі мала. Можа, ад хвалявання яна адышла ад перыферыі цела ўнутр? Кажуць, ёсць такі біялагічны механізм прыстасавання да небяспекі… Тут каля маёй хаты пачалі таптацца лягавыя — праверка! Я схаваў рукі за спіну, выскачыў з-за «брані» і стаў навыцяжку, а-ля паслухмяны зэк. Зараз галоўнае, каб яны нічога не заўважылі — яшчэ рана!
— Добрый вечер, — кажа ДПНК.
— Добрый вечер. Дедок. Всё в порядке.
— Точно всё нормально? — у вачах мусара бачны недавер.
— Точно, — пасміхаюся.
Мусар падазрона аглядае камеру…
— А чего не по форме одежды? — пакуль яны заходзілі, я не паспеў надзець кліфт, стаяў у цішотцы.
— Да не успел надеть, вы так быстро зашли! — зноў пасміхаюся, а сам думаю: «Божа, толькі б кроплі на падлозе не заўважылі!»
Нарэшце дзверы зачыняюцца, і я ўнутрана смяюся з таго, як я іх правёў. Лашары!
Але тут мяне згубіла пільнасць кантралёра. Я адразу палез за «браню», а кантралёр, відаць, інтуітыўна адчуў нешта нядобрае і працягнуў глядзець у вочка замест таго, каб ісці да наступнай хаты. І, відавочна, убачыў ці то кроў, ці то маю руку, што вытыркалася з-за «брані». Крык за дзвярыма: «Он режется!!!», лічаныя секунды — мент адкрывае першы замок. Я разумею, што часу няма, перакладваю «мойку» ў другую руку і хутка, колькі ёсць сіл, паласую сябе ўжо па правай руцэ. Мент пачаў адкрываць другі замок, ад кратаў. Як добра, што ён вінтавы! Гэта дае мне яшчэ пару секунд, я прыспускаю гумку штаноў і з максімальна магчымым націскам праводжу сабе «мойкай» па жываце. Паспяваю зрабіць гэта тры разы, і лягавыя ўрываюцца ў камеру. Скідваю «мойку» ва ўмывальнік, ды так удала, што яна адразу трапляе ў зліў.
ДПНК і кантралёр стаяць, глядзяць. З абедзвюх рук і з жывата ў мяне цячэ кроў. Яны дастаюць кайданкі і закоўваюць мне рукі. Вядуць у прагулачны дворык — у той час там якраз ідзе прагулка. Я сяджу ў стане лёгкага шоку… Зараз галоўнае, каб выканалі патрабаванні.
Але шкадую, што ўсё адбылося не так, як я запланаваў. Ну ды ладна, што ўжо зробіш — як атрымалася, так атрымалася.
Праходзіць хвілін дзесяць. Размова двух вязняў (перакрыкваюцца з аднаго дворыка ў другі):
— Слушай, а что там за кипиш? Чего менты суетятся?
— А это Дедок вскрылся!
— Кто?
— Дедок!
— А кто это?
— Политический.
— Это я Дедок! — уступаю ў размову.
— Так а чего ты вскрылся?
Разгаварыліся з хлопцамі. Растлумачыў ім сваё агульнае становішча ў гэтай калоніі, паслухаў іх парады…
Тут у мой дворык заходзіць «тройка»: начальнік аператыўнага аддзела, начальнік рэжымнага аддзела і начальнік медыцынскай часці. Рэжымнік просіць распрануцца — мяне пачынаюць шманаць. Усіх цікавіць толькі адно пытанне: як я пранёс «мойку»? Вядома, я ім гэтага не кажу. Пасля таго як яны прамацалі ўсё, ажно да гумкі на маіх трусах, паглядзелі на мае пяты (раптам там нешта прылеплена), каб пераканацца, што болей «моек» у мяне няма, і толькі потым задалі пытанне: у чым прычына майго ўчынку?
І мяне прарвала: у эмацыянальнай форме пераказаў ім, што з выкананнем КДБшных загадаў яны відавочна перастараліся, і агучыў сваё патрабаванне: перавесці мяне ў любую іншую камеру. Яны паслухалі. Опер папрасіў усіх выйсці і скамандаваў зняць з мяне кайданкі. Мы засталіся з ім сам-насам. Дзверы дворыка зачыніліся, і ён раздражнёна пытае мяне:
— Чего ты хочешь? — згодна са сваёй сутнасцю опера ён не верыць, што мае патрабаванні тыя, якія я агучыў, думае, што трымаю на розуме нешта іншае.
Такое пытанне спачатку мяне трохі бянтэжыць.
— Чего я хочу, я вам не скажу, потому что вы тогда сделаете всё, чтобы я этого не получил, — быў мой адказ.
Не бачыў сэнсу ў яго яшчэ нечага прасіць — усё роўна добрых умоў утрымання мне ў гэтай зоне не дачакацца.
Выслухаў ад опера шматслоўныя паўнамёкі, тыпу: «Разве ты не понимаешь, кто ты?» (маўляў, будзем цябе прэсаваць у любым выпадку), «Есть определённые правила игры…» (што ён хацеў гэтым сказаць, я дагэтуль не зразумеў), а таксама спробы пераканаць мяне жыць па іх правілах — опер даводзіў, што ў іх нават былы злодзей у законе Галей — «уважаемый человек!» — ходзіць на прамзону і працуе. Цвёрдага абяцання перавесці мяне ў іншую хату я ад яго так і не пачуў.
Нарэшце мяне павялі да ўрача. Пааддзіралі ад рук і ад жывата тканіну адзення, якая ўжо амаль прысохла, а потым раіліся, зашываць парэзы ці дастаткова будзе перабінтаваць. Вырашылі перабінтоўваць — так здарэнне можна будзе кваліфікаваць як лёгкі інцыдэнт, бо калі б мяне зашывалі, гэта казала б аб тым, што раны сур’ёзныя. А гэта было нявыгадна мясцоваму начальству, якое, як я потым даведаўся, дакладвала аб сітуацыі на самы верх — да міністра МУС.
Пасля перавязкі мяне павялі ў камеру… Тую ж самую. І тут я зрабіў яшчэ адну памылку. Замест таго каб усімі сіламі ўпірацца і не ісці туды, я паверыў ДПНК, які сказаў, што пытанне аб маім пераводзе ў іншую камеру «вырашаецца». Камера была перавернутая ўверх дном: усе мае нямногія рэчы ператрэслі, вывернулі смеццевае вядро — проста на падлогу. Шукалі «мойку». Было каля дзевятнаццаці гадзін вечара…
Прыкладна кожныя паўгадзіны я пачынаў малаціць у дзверы і пытацца, чаму мяне не пераводзяць. Мяне кармілі абяцанкамі, што «вось-вось». Але, калі пачаў надыходзіць адбой, я зразумеў, што мяне падманулі: вырашылі пайсці на прынцып, маўляў, «ён да нас з ультыматумам, тады і мы не саступім».
На такі выпадак у мяне быў «План “Б”».
У шаснаццатай камеры да мяне сядзеў былы злодзей у законе Дзіма Балееў («Галей»), якога, каб пасадзіць у беларускую турму, экстрадыравалі са Швецыі — МУС нешта хацела ад яго ў сваіх крымінальных гульнях. Як вынік, камера была забіта рознымі рэчамі, якіх звычайна ў ШІЗА не бывае. Адну з іх я запрымеціў з самага пачатку — каля прыбіральні стаяла нейкая выгнутая палка незразумелага паходжання і прызначэння (хутчэй за ўсё для таго, каб «срабатываться» праз каналізацыю паміж камерамі). Я ўзяў анучу і закрыў вочка на дзвярах, каб кантралёр не бачыў, што я раблю. Узяў палку і прасунуў яе ў краты, што абкружалі лямпачку пад столлю. З яе дапамогай я спадзяваўся разбіць лямпачку, асколкам шкла ўскрыцца ў другі раз і парэзаць ногі — там вен болей, і месцяцца яны больш шчыльна, на гэты раз дакладна шпіталізуюць, нікуды не дзенуцца! Пасля некалькіх удараў лямпачка пачала разгойдвацца (яна вісела на провадзе), але біцца не спяшалася. Удар аб краты, другі — яна звініць, але паранейшаму не б’ецца. Размахнуцца палкай таксама не атрымаецца — яна абмежаваная «квадратам» сталёвых прутоў, у які я яе прасунуў. Прыбягае ДПНК і з крыкам «Баян качает! Открывай двери!» загадвае кантралёру адчыняць дзверы. Афіцэр і два кантралёры залятаюць у камеру і хутка разумеюць, што я задумаў. Хапаюць мяне за рукі і ставяць да сцяны. Ад злосці на іх падман і на тое, што мой план зноў не ўдаўся, я ўжо дрэнна сябе кантралюю: пачынаю крычаць на іх і пагражаць усімі смяротнымі карамі. ДПНК камандуе: «Доставай наручники!» Дастаюць кайданкі і спрабуюць мяне скруціць. Я супраціўляюся, як магу. Але іх трое. Літаральна ўбіваюць мае рукі ў кайданкі: у ходзе барацьбы ўсе свежыя перавязкі пазлазілі, зноў пайшла кроў. ДПНК хоча прышпіліць мяне кайданкамі да металічнай табурэткі. Вострых прадметаў у камеры няма, але нават калі б і былі, я разумею, што, прышпілены кайданкамі, я да іх не дацягнуся, таму вымушаны паабяцаць яму не ўскрывацца.
Лягавыя сыходзяць, пакідаючы мяне ў камеры ў кайданках. Прайграны бой, але не вайна. Праз паўгадзіны прыходзіць урач і перавязвае мяне па новай. Адбой прайшоў, і я кладуся спаць, як ёсць, «закаваны». Праз нейкі час мянты заходзяць і здымаюць «бранзалеты».
У тую ноч я зноў спаў вельмі цяжка — акрамя холаду, нагадваў аб сабе боль. Ды і з парэзанымі рукамі не надта паадціскаешся. Але прырода зрабіла мне падарунак — ужо на наступны дзень на вуліцы істотна пацяплела, і астатні свой тэрмін у ШІЗА я правёў больш-менш ніштавата.
А праз пару тыдняў мне паставілі яшчэ адзін прафілактычны ўлік. Акрамя прафуліку па катэгорыі «склонен к захвату заложников» я стаў «склонен к суициду». Лухта, вядома, калі б хацеў забіць сябе, то рэзаў бы вены ўздоўж, а не ўпоперак.
На наступны дзень гісторыя атрымала працяг: у ШІЗА закрылі «смотрящего» за зонай і ягонага памагатага, а па ўсім бараку ШІЗА/ПКТ правялі капітальны шмон, выкідаючы няхітрыя «запрещённые предметы» арыштантаў: таблеткі, часопісы, «лішняе» адзенне, ніткі, канацікі і падобнае, пры гэтым не забываючы даводзіць: гэта з-за таго, што «политический вскрылся». Такім простым метадам мяты нацкоўвалі вязняў на мяне.
х х х
Якая ва ўсім гэтым мараль? Мараль тут толькі адна: калі ідзеш у ШІЗА, бяры з сабой дзве «мойкі».
ВЫЗВАЛЕННЕ
Усім палітвязням прагрэсіўных поглядаў, учарашнім, сённяшнім і будучым, з верай у тое, што ўсе турмы будуць знішчаныя, — прысвячаецца.
Звычайны вечар на вуліцы Дабралюбава, 16 у горадзе Горкі. 14-я камера ПКТ. Папраўчая калонія № 9. Жнівень.
Вячэра прайшла, вячэрняя праверка таксама. У рэжымнай установе і ўвесь арганізм пачынае жыць па рэжыму: хацець спаць, есці, піць і хадзіць у туалет па раскладзе. Вось і мы з Грынем (мой сукамернік) на сваіх пяці квадратных метрах падрыхтаваліся прайсці традыцыйны рытуал — вячэрняе піццё гарбаты. Гарбаты і ласункаў хапае — тыдзень назад была атаварка. Мы падрыхтаваліся, назапашваючы «нішцякі», і прадчувалі, як усё гэта рубанём заўтра, у мой дзень народзінаў. У чатырох бетонных сценах, у поўнай аднастайнасці, радасцяў не так шмат, і кава з шакаладкай — гэта адна з тых рэчаў, якія хоць часам прымушаюць мозг зэка выкідваць у кроў эндарфіны.
Ледзь дапіўшы гарбату, мы пачулі лязг «тармазоў». Нешта дзіўнае. Было каля 18 гадзін вечара, і ў гэты момант ніхто не мусіў прыходзіць. Тармазы адкрываюцца, за імі — краты. На парозе стаяць двое афіцэраў — рэжымнік і ДПНК:
— Дзядок, збірай усё і збірайся. Пойдзем.
На душы стала трывожна. Звычайна такія змены нічым добрым не станчаюцца. Куды? І чаму ў такі час? Зразумела, выконваць загад не спяшаюся:
— Куды збірацца? Навошта? У іншую хату? Ці на этап? У чым справа?
— Збірайся хутчэй, потым усё скажам! Галоўнае — рэчы свае забірай, усе цалкам.
— Якое потым? Вы зараз скажыце! Куды збірацца? Я не пайду нікуды!
Але мянты адмаўляюцца казаць, хоць забі. Я не сыходжу, спрабую разгадаць гэты рэбус. У іншую хату? А сэнс? На этап і ў іншую зону? Але гэта робіцца зусім у іншы час і па іншай працэдуры. Можа, ПКТ мне нейкім цудам адмянілі і падымаюць назад у лагер? Але чаму тады не кажуць аб гэтым прама?
Пасля доўгіх спрэчак рэжымнік кажа:
— Коля, усё будзе нармальна. Вось пабачыш. Збірайся.
Мусарам, канешне, веры няма. Але гляджу яму ў вочы — здаецца, не хлусіць. Што рабіць, трэба ісці, калі захочуць — вынесуць. Сабраў амаль усе свае рэчы. Усе прысмакі, палову канвертаў, паштовак і стрыжняў пакінуў Грыню — ён не грэецца, яму патрэбней.
Выводзяць з ПКТ, ідзём на КПП (прапускны пункт паміж рознымі сегментамі зоны). Па дарозе яшчэ раз цікаўлюся у рэжымніка: куды?
— Дамоў, — кажа.
Вядома ж, не веру, наадварот, нарастае злосць: з такім нельга жартаваць.
Прыходзім на прапускны пункт, падымаемся на другі паверх. Я бачу — усе мае клункі, пакінутыя ў атрадзе (тое, што ў ПКТ «не положено»), стаяць тут. Мент кажа мне, што я вызвалены і зараз мяне выведуць за межы калоніі.
Гэта было як удар па галаве. Мне падавалася, што вакол мяне адбываецца нейкі спектакль, што зараз з-за дзвярэй выскачыць опер у касцюме клоуна і пачне рагатаць: «Падманулі дурачка на чатыры кулачка!» Але нічога не адбывалася. Я сеў і, напэўна, змяніўся ў твары. Рэжымнік, пабачыўшы мой стан, расхваляваўся, нават хацеў выклікаць доктара.
— Як вызвалены? На падставе чаго? Дзе дакумент? — я паспрабаваў прыйсці ў сябе і зразумець, што адбываецца.
— Нічога не ведаю, слухай… Мне сказалі цябе вызваліць — я вызваляю!
На КПП прыходзіць казёл, бярэ мае сумкі (усе я не выцягну) і даводзіць да КП на выхадзе з зоны. Мянты пасмейваюцца — для іх тое, што адбываецца, таксама нязвычны выпадак. На КП, што вядзе на волю, некалькі кодавых дзвярэй. Прайшлі адну. Перад другой у акенцы сядзіць яшчэ адзін лягавы, які пачынае правяраць маю асобу. Пытаецца імя, прозвішча, год нараджэння, адрас. На годзе нараджэння пачынаю блытацца ў месяцах і днях, перапытваць яго — мозг зусім іншым заняты. Мент барзее — пачынае на мяне пакрыкваць:
— Нармальна можаш казаць ці не?! Цябе пытаюся! Што незразумела?!
— Голас не павышай на мяне! Я на цябе не крычаў! Як узгадаю, так і скажу! І ўвогуле, у дакументах сваіх глядзі, што табе трэба!
Сварка цягнецца паўхвіліны, пакуль не ўмешваюцца мяты, што мяне выводзілі. Але на мой настрой гэтае хамства мусара ніяк не паўплывала — дзіўна, што яно ўвогуле засталося ў маёй памяці. Даюць даведку аб вызваленні. У графе «Нагода вызвалення» — «Указ Прэзідэнта “Аб памілаванні”». Ну, вось пазл і склаўся…
Адчыняюцца дзверы. Перада мной — вольны свет.
Радасць? Захапленне? Эйфарыя? Нічога падобнага. Я ў разгубленасці. Не разумею, што вакол мяне адбываецца. Трывога, адчуванне падазронасці. Шок. «Як рыба, якую выкінулі на бераг» — найлепшая метафара для таго стану, які я ў той момант перажываў. Падавалася б, варта радавацца, што тое, чаго я так доўга чакаў, ажыццявілася, прытым так нечакана і безумоўна. Але я ў разгубленасці. Я выйшаў з іншага свету, дзе поўная прадказальнасць, распарадак. Упэўненасць — не смейцеся — у заўтрашнім дні. Дзе батончыкі бабруйскай халвы ў атаварцы, бібліятэка раз на тыдзень, сукамернік Грыня са сваімі гісторыямі. Я ведаў, як рухацца, як жыць, у чым быць упэўненым, а ў чым — не. А зараз я — у новым сусвеце і не ведаю, што ад яго чакаць.
Перад уваходам стаіць патрыманая «Лада». Каля яе — два нейкія чувакі. Гэбэшнікі, вядома. Падыходзяць.
— Сядай, паехалі.
— Ну паехалі, — кідаю сумкі ў багажнік.
Спрабую іх разгаварыць. «З якой структуры? Мясцовыя, не мясцовыя?» Маўчаць. Сонца хіліцца на захад. Я гляджу ў акно, як зачараваны. Гэтага не можа быць. Палі, лясы… Каровы нейкія пасвяцца. Як быццам бы глядзіш фільм. Не, гэта адбываецца не са мной.
За ўсю паездку я ні разу не запытаўся іх, куды едзем. Палічыў, што альбо ў Оршу, альбо ў Магілёў. Прыехалі ў Оршу, на чыгуначны вакзал. Пайшоў у туалет, каб зняць лішняе адзенне — на мне была куча цёплай бялізны: амаль усё, што дазволена ў ПКТ, было на мне апранута. А тут — камфортна. Я не мерзну. У камернай сістэме не бывае камфортна. Амаль увесь час табе альбо надта холадна — і ты апранаешся, як капуста, альбо табе надта спякотна — і ты ходзіш у майтках. А тут — звычайна, і няма патрэбы ўцяпляцца… Прыйшлося зняць лішняе. Там жа, на месцы, выкінуў палову змесціва кешараў. Яшчэ перад выхадам з зоны хацеў пакінуць гэта тым, хто мае патрэбу, — ды хоць бы пеўням. Мусары не далі. Што ж, не цягнуць жа гэтае барахло дамоў! Старая целагрэйка, ватныя штаны (усё — хэндмэйд з крытай), тапкі, у якіх адтупацеў усе пяць гадоў, туалетная папера, некалькі пачкаў цыгарэт, наплаўлены пластыкавы кубак, аблезлая роба… Хаця не, робу пакіну на памяць. Сабраў сумку, але выкінуць рука не паднялася. У зоне гэта — цэлы скарб, а тут нікому не патрэбна. Пакінуў кешар побач са сметніцай — можа, які бяздомны забярэ. Усё ж такі целагрэечка не такая ўжо і дрэнная!
У нагруднай кішэні ў гэбэшніка бачу білет на цягнік. Зразумела — чакае, каб мяне адправіць. Спрабую выпрасіць білет: сам даеду, кажу, не прападу. Не дае. Загад, ясная справа…
Цягнік прыходзіць. Мяне суправаджаюць да самага вагона. Гэбіст дае білет. Праходжу ў вагон, азіраюся. У мяне дзве здаровыя клятчастыя сумкі. Падобны на сумесь беспрызорніка і чаўнака. Спрабую прыйсці ў сябе.
Потым быў званок родным з тэлефона спадарожнікаў: выпадковых, але вельмі добрых людзей, нявесткі і свякрові, што ехалі ў Кобрын. Даведаўшыся, што я толькі вызваліўся, узяліся паіць мяне гарбатай, карміць бананамі і снікерсамі. Праразмаўлялі з імі ўсю дарогу, і дзве з паловай гадзіны прайшлі незаўважна. Выходжу на перон. Там ужо стаіць гусёк у цывільным з відэакамерай. Хто б сумняваўся… З боку падземнага пераходу на мяне літаральна ляціць дзясятак чалавек: хто бягом, хто на ровары. Я кідаю кешары на асфальт і абдымаюся з усімі, з кожным па чарзе. Божа мой, як вы змяніліся… Ды і я, бадай, не меней. Некаторых пазнаў далёка не адразу. А людзі ўсё прыходзілі. Усе тыя, хто быў часткай майго папярэдняга жыцця, каго я не бачыў пяць год. Яны не забыліся на мяне. Яны прымчаліся на вакзал, у апошнюю хвіліну даведаўшыся, што мяне вызвалілі. Многіх не чакаў пабачыць: Вольга Мікалайчык, Дзмітры Дашкевіч. А вось і журналісты. Задаюць пытанні, я ў адказ нясу нейкія шаблонныя ўра-антырэжымныя глупствы. Але за адно пытанне гатовы літаральна прыбіць: «Якія вашыя планы?»
Якія яшчэ планы?! Я толькі што з бетоннай каморкі 2 х 2 метры, у мяне свет звузіўся ў кропку. Я яшчэ не зразумеў, дзе я. Мой мозг, душа і ўспрыманне дагэтуль у 14-й хаце. Яшчэ чатыры гадзіны таму мае планы былі: зранку прыбраць хату, зрабіць ёгу і ўзяцца за Джэка Лондана з бібліятэкі. Пра што вы ўвогуле пытаецеся?!
Так атрымалася, што на момант майго вызвалення нікога з родных не было ў Мінску. Але яшчэ да паўночы мы ўжо сустрэліся.
У тую ноч я ніяк не мог заснуць. Арганізмам авалодаў нейкі зусім незразумелы стан. Я хадзіў па кватэры і рабіў на аўтамаце нейкія рэчы, якія не рабіў гадамі: адкрываў халадзільнік, заходзіў у інтэрнэт, умываўся гарачай вадой. Рукі памяталі, як абыходзіцца з усім гэтым, а свядомасць — не. На разуменне факта таго, што я зараз жыву не ў турме, мне спатрэбілася чатыры дні. Да гэтага часу, калі б мяне вярнулі назад, я б проста нічога не адчуў — мой кароткатэрміновы выхад проста забыўся б, як шараговая прагулка ў дворыку ПКТ. Памяць проста выкрасліла б гэтае здарэнне, нібы яго і не было.
Але ў гэтым, калі прыгледзецца, ёсць глыбокі філасофскі сэнс. Бо ўсё, што адбылося са мной, — толькі пераход з адной турмы ў іншую. Жыццё, якое мы прывыклі лічыць вольным, насамрэч такім не з’яўляецца. Свабода — гэта як вялікі крэмавы торт, і яго немагчыма з’есці ў адзіночку — метафара не мая, але ж дужа трапная.
Пакуль несвабодны нехта адзін — несвабодныя ўсе мы. І адзінае, што нас між сабой адрознівае, хіба што рэжымы ўтрымання.
Вясна 2017
ЗАКАНЧЭННЕ
Ці шкадую я аб тым, што адбылося? Сёння, як мінуў час, можна адказаць на гэта пытанне адназначна: не. Я ні аб чым не шкадую. І калі б можна было павярнуць час назад, тады, на першых допытах, дзе вызначыўся мой лёс, я зрабіў бы ўсё гэтак сама.
Я абавязаны турме многім. Для тых, хто ставіць перад сабой мэту самаўдасканалення, турма — сапраўдная школа барацьбы са сваімі слабасцямі, школа разумення чалавечай псіхалогіі, школа пазнання меж сваіх магчымасцей, прасцей кажучы — школа жыцця. Такой яна стала і для мяне. Да таго ж, калі быць шчырым — сядзець у турме і трываць пакуты няцяжка, калі ведаеш, чаму і навошта ты сядзіш. Не за тое, каб прывесці да ўлады новага прэзідэнта, а потым скардзіцца, што ён здрадзіў народу, не за тое, каб дзяржава змяніла прарасейскую бюракратыю на празаходнюю, не за тое, каб працоўныя беларускіх прадпрыемстваў змянілі гаспадара з дзяржаўнага на прыватнага, і не за тое, каб справаводства ў карных установах КДБ і МУС замест рускамоўнага стала беларускамоўным, а дзеля таго, каб унесці свой, хай і мізэрна малы, унёсак у пабудову грамадства, у якім адна чалавечая асоба ніколі не будзе пазбаўляць волі, правоў і чалавечай годнасці іншую.
Анархісцкі лад, у якім знікнуць самі перадумовы для структурнай няроўнасці, забабонаў, іерархіі і эксплуатацыі чалавека чалавекам, саступіўшы месца роўнасці розных, талерантнасці, сапраўднай — прамой — дэмакратыі і вызваленню ад любога прыгнёту, многім здаецца ўтопіяй. Асабліва ў давядзенні «ўтапічнасці» анархізму ўпарцяцца дзяржаўныя прапагандысты. Але як па мне, то толькі такая мэта, як дасягненне гэтага ладу, можа стаць годнай прычынай для таго, каб паставіць на кон сваю свабоду, здароўе і нават жыццё. Усе астатнія мэты, кшталту пералічаных вышэй, — гэта паўмеры, якія вядуць да касметычнага рамонту Сістэмы, якая працягне ствараць вязняў і наглядчыкаў, эксплуататараў і эксплуатуемых, гаспадароў і халопаў. Сутнасць застанецца, зменіцца толькі фасад.
Сядзець за ідэю няцяжка, калі прыгадаеш барацьбітоў мінулага. Народнікаў царскай Расіі літаральна хавалі жыўцом у каменных сутарэннях турмаў — яны праводзілі там дзесяцігоддзі, і далёка не ўсе выходзілі жывымі. Белагвардзейцы ў грамадзянскую вайну смажылі на металічных лістах анархістаў-махноўцаў, захопленых у палон. У 1906 годзе дваццацідвухгадовую эсэрку Марыю Спірыдонаву, што страляла ва ўтаймавацеля сялянскіх паўстанняў, пры затрыманні збілі і згвалтавалі, а потым прысудзілі да пажыццёвай катаргі. У 1941 годзе венгерскіх анархістаў — «Гайдукоў Катоўскага», што сталі на абарону яўрэйскіх кварталаў ад пагромаў, — легіянеры, катуючы, забівалі на бойні, падвесіўшы на крукі для туш. Памяць пра тых, хто перажыў нашмат больш цяжкія выпрабаванні, чым ты, не давала ўпасці духам і знізіць патрабаванні да сябе. Яшчэ і таму не варта лічыць, што ты — адзіны ў свеце пакутнік за справядлівасць і пераацэньваць сваю ролю ў гэтай вайне.
У адным з твораў Карласа Кастанеды Дон Хуан кажа свайму вучню: «Галоўная перашкода на шляху воіна — лічыць сябе цэнтрам Сусвету». Сапраўды, свядомасць нас падманвае, прымушаючы ў пэўныя моманты адчуваць толькі свой боль і толькі свае цяжкасці. Прыроджаны эганцэнтрызм падштурхоўвае нас да таго, каб лічыць сябе нейкім унікумам, вартым вялікага спачування, учынкі якога — найгалоўнейшыя, а пакуты — найцяжэйшыя. Але гэта не так. Ты — толькі звяно ў ланцужку тысяч і мільёнаў, якія пакутавалі да цябе: у іх таксама былі сем’і, сябры, яны таксама хацелі дыхаць вольным паветрам і бавіць час з сябрамі замест сядзення ў сырых казематах. Твой боль нічым не большы за іхні. Гэта натхняе, бо дае табе, без перабольшванняў, прыналежнасць да Гісторыі, і гэта ж прымушае больш крытычна і патрабавальна ставіцца да сябе самога: пачынаеш разумець, што ў маштабах планеты ты толькі цагліна, якая мусіць быць скарыстаная Гісторыяй для будоўлі новага свету…
Мы ведаем, хто мы. І мы ведаем, чаго хочам. Няхай марыянеткі ва ўладзе прыдумляюць новыя метады барацьбы з «экстрэмізмам» і думаюць, што б яшчэ забараніць, няхай чэкісты піляць дзяржбюджэт, закупляючы новую апаратуру для кантролю за намі, няхай мянты запалохваюць нас сваімі вадамётамі, газавымі гранатамі і спецназамі, няхай ліюць бруд на нас з экранаў зомбаскрыні — мы ўсё роўна будзем ісці наперад, трымаючы за рукі ўсіх тых, хто ішоў па гэтым шляху да нас.
Бо толькі ў гэтым жыццё, і сэнс, і праўда.
. .
Мікола Дзядок — сябар арганізацыі беларускіх анархістаў. Нарадзіўся ў 1988 г. З сямі гадоў займаўся ўсходнімі адзінаборствамі. Пасля заканчэння юрыдычнага каледжа БДУ быў залічаны на З-і курс юрфака ўніверсітэта, але паступіў у ЕГУ на аддзяленне паліталогіі, вучыўся завочна і працаваў.
03.09.2010 затрыманы, 27.05.2011 асуджаны на 4,5 года пазбаўленыя волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму па ч. 2 арт. 339 КК РБ («Злоснае хуліганства, здзейсненае групай асобаў») — так званай «справе беларускіх анархістаў». Вядучымі праваабарончымі арганізацыямі Беларусі прызнаны палітычным вязнем.
26.02.2015, за некалькі дзён за заканчэння тэрміну, Мікалай Дзядок быў асуджаны дадаткова яшчэ да 1 года зняволення па арт. 411 КК РБ («Злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы»).
22.08.2015 вызвалены ў ліку шасці беларускіх палітвязняў згодна з падпісаным прэзідэнтам Лукашэнкам указам аб памілаванні.
«За пяць гадоў свайго зняволення я пабываў у чатырох турмах і трох калоніях. Такі лёс выпадае вельмі нямногім арыштантам у Беларусі. Больш за год агулам правёў у адзіночнай камеры, змог зблізу пабачыць крымінальны свет і яго прадстаўнікоў; адчуў на сабе ўсе без выключэння метады “выпраўлення” (ад пазбаўлення перадач да адпраўлення ў турму строгага рэжыму) і паспрабаваў усе без выключэння метады турэмнага пратэсту (ад напісання скаргаў да галадовак і членашкодніцтва)».
Блогі аўтара:
Фэйсбук: facebook.com/happymikola
Укантакце: vk.com/mikola_dziadok
Тэлеграм:
Кантакт з аўтарам: mikola@riseup.net
Падтрымаць аўтара:
valjalee@gmail.com — PayPal
Jd@q28w_^APmXFfMeeU6&T — Bitcoin
Примечания
1
«Злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы, якая выконвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі».
(обратно)2
Кантрольна-следавая паласа — перакапаная паласа зямлі, на якой бачны сляды.
(обратно)3
Тагачасны начальнік ДВП.
(обратно)4
Арыштанты, што ўжо адбывалі ў мінулым пакаранне ў месцах пазбаўлення волі.
(обратно)5
Прымусілі звярнуцца да мянтоў з просьбай перавесці ў іншую камеру.
(обратно)6
Некаторыя імёны дзеючых асобаў змененыя.
(обратно)7
На дадзены момант у Беларусі дзейнічае тры крытыя: у Магілёве (турма № 4), у Жодзіне (турма № 38) і ў Гродне (турма № 1). Ва ўсіх трох установах таксама ёсць СІЗА.
(обратно)8
У тым варыянце, які надрукавала «Народная воля» і іншыя СМІ, тэкст майго звароту быў зменены. Невядомы цэнзар, што чытаў рукапісны арыгінал, замест пераліку «Ігар Аліневіч, Мікалай Статкевіч, Арцём Пракапенка, Яўген Васьковіч» пачаў спіс палітвязняў з Мікалая Статкевіча, а Ігара Аліневіча паставіў другім у спісе. Хаця, здавалася б, якая розніца? Дробязь, але як добра яна характарызуе апазіцыйныя СМІ і палітыку як такую!
(обратно)9
Якраз зімой у магілёўскай крытай мне давялося паўтара месяца праседзець у камеры на рагу будынка. Дзякуючы сырасці на сценах з’яўляўся кандэнсат. Сцякаючы па сцяне ўніз, ён утвараў лядзяш у кутку камеры, які, калі яго не «ліквідаваць», вырастаў літаральна за дзень. Дваццаць чатыры гадзіны ў суткі мы жылі ў целагрэйках.
(обратно)10
Унутранымі прававымі актамі МУС устаноўлена, што ў ШІЗА павінна быць не менш за васямнаццаць градусаў.
(обратно)
Комментарии к книге «Фарбы паралельнага свету», Николай Дедок
Всего 0 комментариев