.
УступЯшчэ ў дзяцінстве ва ўступе да нейкага твора я прачытаў трапную заўвагу: «Варта інтэлігенту правесці ноч у паліцэйскім участку, як ён адразу напіша пра гэта кнігу». Не ведаю, ці магу лічыць сябе інтэлігентам, ды і ў кіпцюрах Сістэмы я правёў нашмат больш, чым адну ноч, але гэта выказванне здаецца мне даволі ўдалым. Сапраўды, турма, няволя і ўсё з ёй звязанае, даюць чалавеку такую гаму пачуццяў і ўражанняў, якую ён мала дзе яшчэ атрымае. А для таго, хто прывык крытычна аналізаваць убачанае, гэта яшчэ і звышздатная глеба для назірання, рэфлексій і глыбокага роздуму.
Па задумцы, якую, спадзяюся, мне ўдасца рэалізаваць, гэты зборнік апавяданняў — толькі прамежкавы этап на шляху да больш грунтоўнага аповеду, агульны нарыс на палатне, якое яшчэ належыць запоўніць фарбамі: ён дае агульнае ўяўленне, але не дазваляе адчуць усю паўнату карціны. Такой карцінай, спадзяюся, стане ў будучыні кніга-гісторыя, якая раскажа аб маім зняволенні ад першага дня да апошняга.
Чаму ж я вырашыў напісаць «Фарбы паралельнага свету»? Па-першае, улады баяліся і баяцца агалоскі ўсяго, што робіцца ў карных установах, адмыслова робячы іх настолькі закрытымі, наколькі гэта магчыма. Гэта значыць, што агалоска можа нанесці ім рэпутацыйную і маральную шкоду. І, калі магчымасць нанесці такую шкоду ў нас ёсць, мы павінны яе выкарыстоўваць. Кожны злодзей імкнецца схаваць свае дзеянні ці, калі не атрымалася, апраўдаць іх чым заўгодна: законам, правам моцнага, «рэвалюцыйнай неабходнасцю», мараллю… Казаць жа праўду і выкрываць злачынствы — гэта імператыў, маральны абавязак кожнага чалавека. Па-другое, расказваць аб тым, што мы пабачылі і адчулі, важна таксама і дзеля дакументавання. Бо ніхто і нішто не вечнае. І многія ў будучыні могуць сказаць: «А мы нічога не рабілі… Мы толькі выконвалі загад», альбо: «Мы не ведалі, што гэта робіцца, а інакш абавязкова прынялі б меры!» Альбо ўвогуле пачнуць адмаўляць усё: «Гэта хлусня, не было такога! Дзе пацвярджэнні?» І калі нават над імі ніколі не адбудзецца суд народны ці нават дзяржаўны, куды больш важны суд гісторыі.
Комментарии к книге «Фарбы паралельнага свету», Николай Дедок
Всего 0 комментариев