Таццяна МУШЫНСКАЯ
У ПРАСТОРЫ СЯМІ НОТ
Дакументальная аповесць
Спяваюць — усе!
Калі азіраюся назад і згадваю дзяцінства, складваецца ўражанне, што музыка вакол і побач са мной была заўжды. Любіла спяваць мама, Тамара Фёдараўна, хоць заўсёдныя клопаты прафесійныя, настаўніцка-школьныя, і побытава-хатнія, магчыма, не надта таму спрыялі. Мамін голас не вельмі моцны, але чысты і вельмі шчыры. А сама манера выканання адлюстроўвае далікатнасць унутранага свету. Нячаста, але спяваў бацька, Міхась Іосіфавіч, найперш народныя песні — кшталту «Ой, сівы конь бяжыць» або славуты раманс «Ты не пришла, а я так ждал...». Вельмі любіла спяваць бабуля Марыя Іванаўна. Цікава, што на Грушаўцы, дзе нарадзілася мама, спявалі часцей, чым у Быхаве, на бацькавай радзіме.
Увогуле калі за святочным сталом збіраліся госці, абавязковай, а магчыма, лепшай часткай сустрэчы аказваліся вядомыя народныя або папулярныя эстрадныя творы. Ты таксама падпяваеш, «падцягваеш»... І адчуванне сябе ўнутры згуртаванай грамады блізкіх людзей, якія пяюць і яднаюцца не толькі галасамі, але суладдзем эмоцый, агульнага душэўнага ладу, — яно па вялікім рахунку мацуе дух. Уплывае на тое, як будзеш бачыць і чуць навакольны свет усе наступныя гады. А галоўнае, застаецца ў глыбінях памяці праявай неабдымнай, зіхоткай радасці, памножанай на колькасць выканаўцаў.
Згадваю, музыка ў той час літаральна панавала ў прасторы паўсядзённага жыцця. Прычым, творы розныя і першакласныя. Яны гучалі з радыёпрыёмнікаў, якія ў гарадскіх кватэрах і вясковых хатах не выключаліся цэлы дзень. Яркімі мелодыямі, таленавітымі музычнымі сачыненнямі былі прасякнутыя фільмы і тэлеперадачы. Цяперашняй моладзі цяжка ўявіць, але новыя оперныя і балетныя пастаноўкі часта трансліраваліся з маскоўскага Вялікага або ленінградскага Кіраўскага тэатраў. Яны суправаджаліся каментарыямі музыказнаўцаў, якія перад пачаткам дзеі прайгравалі на раялі вядомыя тэмы, знакамітыя арыі і дуэты. Тлумачылі, распавядалі — увогуле захаплялі нязмушаным падарожжам у свет геніяльных твораў.
Комментарии к книге «У прасторы сямі нот», Татьяна Михайловна Мушинская
Всего 0 комментариев