Віктар ШНІП
ЗАЎТРА БЫЛА АДЛІГА-4
Верасень
***
1.09.2015. Вечарам перад сном, гледзячы на партрэты бацькоў, прыдумаў радкі:
Тата і мама глядзяць на мяне
З рамак партрэтных на шэрай сцяне.
Тата і мама — іконы мае.
Вас мне жывых, як святла, не стае
Тут на зямлі, дзе заўсёды святло
Нават у тым, што ў нябыт адышло...
***
2.09.2015. Загрымеў гром, узняўся вецер і ўміг з дрэў пасыпалася лістота, нібыта верасень узарваў сцены лета, за якімі хаваемся мы ад восені...
***
2.09.2015. Дзень карацее, як дарога да Млечнага Шляху.
***
2.09.2015. Прайшоў доўгачаканы дождж. І ў калюгах апалая лістота адчула сябе на сёмым небе.
***
3.09.2015. На кухні ўсе талеркі ўмеюць лётаць. Толькі пра гэта яны не ведаюць...
***
3.09.2015. Перад сном занатаваў: «Папера — гэта зімовае поле, на якім словы ўмярзаюць у вечнасць. Адны на час зімы, а іншыя да вогненнага патопу...» Раніцай прачытаў. І пайшоў на працу, дзе на сталах і на шафах ляжаць рукапісы, як на гарах снег, які не растае.
***
4.09.2015. Некаторыя перад люстэркам, як перад іконай...
***
5.09.2015. Поўня, як цыгарэтны попел, які прымёрз да чорнай цыраты неба.
***
5.09.2015. Больш як месяц таму ў Пугачах на свяце вёскі мы з Людмілай даведаліся, што нас запросяць на святкаванне 550-годдзя Ракава. Апошнія два тыдні я кожны дзень, дастаючы з паштовай скрынкі газеты, спадзяваўся, што атрымаю запрашэнні. І яны прыйшлі сёння ў дзве гадзіны дня, і нам стала вядома, што свята ў Ракаве ўжо ў самым разгары. Гэта наша пошта!!! Сумна. Нават ні кроплі не суцяшаюць радкі з майго верша, што змешчаны на запрашэнні:
Што нам Парыж далёкі, што нам Кракаў
І Амстэрдам, і Лондан той сівы! —
Мы маем гонар свой, мы маем Ракаў,
Дзе ўсе святлом касцёла і царквы
Асветлены і вечнасці слугуюць,
Ствараюць слову роднаму прасцяг
І словы тут з анёламі сябруюць
І не губляюцца ў сівых вяках.
6.09.2015. Ад выдавецтва ездзіў у Шчучын на святкаванне Дня беларускага пісьменства. Дамоў прывёз два падарункі — Рычард Бялячыц падпісаў новую кнігу «Споведзь накцюрна» і святочны нумар газеты «Слонімскі веснік», якую падарыла паэтка Алена Руж.
Комментарии к книге «Заўтра была адліга-4», Віктар Шніп
Всего 0 комментариев