«Янкі, альбо Астатні наезд на Літве»

385

Описание

Мудзілы, хаблы, асаднікі, жандары, паліцыянты, вайскоўцы Войска Польскага, Чырвонай Арміі і Вермахта, агенты Дэфензівы, Гестапа і НКВД, палітвязні, чыкагскія копы і гангстэры, асобы славянскай, цыганскай, караімскай, італьянскай ды жыдоўскай нацыянальнасцяў, бадзяжная цыркавая трупа, музыкі опернага тэатра “Ля Скала”, кіназдымачная група з Галівуду, жывёлы гарадзенскага заапарка, журавы, вароны, перапёлачкі, парсючкі, куркі ды іншыя прадстаўнікі традыцыйнай беларускай фауны. Падзеі адбываюцца ў міжваенны час на тэрыторыі Крэсаў Усходніх РП (Рэчы Паспалітай) і ў Чыкага (ЗША, Ілінойс). Факты і падзеі, выкладзеныя ў кнізе, цалкам прыдуманыя аўтарамі, чаго не скажаш пра некаторыя рэаліі жыцця Крэсаў Усходніх. Усе выпадковыя супадзенні -- недарэчнасці, а недарэчнасці -- ненаўмысныя.



Настроики
A

Фон текста:

  • Текст
  • Текст
  • Текст
  • Текст
  • Аа

    Roboto

  • Аа

    Garamond

  • Аа

    Fira Sans

  • Аа

    Times

Янкі, альбо Астатні наезд на Літве (fb2) - Янкі, альбо Астатні наезд на Літве 785K скачать: (fb2) - (epub) - (mobi) - Максим Александрович Климкович - Владислав Игоревич Ахроменко (Федор Волков)

Уладзіслаў Ахроменка, Максім Клімковіч

ЯНКІ, альбо Астатні наезд на Літве

кінараман-фарс

Дзейныя асобы

Янка Лабановіч -- былы школьны настаўнік, аматар більярднага кія і чаркі, нефармальны лідэр усіх янак, беларускі буржуазны нацыяналіст;

Іван (Янка) Брыль -- каваль-асілак, местачковы баксёр, сябра Янкі Лабановіча, беларускі буржуазны нацыяналіст;

Янкель (Янка) Фінберг -- скрыпач, сябра Янкі Лабановіча, беларускі буржуазны нацыяналіст;

Аянька (Янка) Кільмандовіч -- ліцвінскі татарын, харунжы Гарадзенскага Уланскага палка, сябра Янкі Лабановіча, беларускі буржуазны нацыяналіст;

Ісабэль Карвальес -- артыстка бадзяжнай цыркавой трупы, паглынальніца шваек, сяброўка Янкі Лабановіча, беларуская буржуазная нацыяналістка;

Хросны -- лідэр беларускай мафіёзнай групоўкі “Тутэйшыя” ў Чыкага, беларускі буржуазны нацыяналіст і дасведчаны гангстэр;

Карла Спагеці -- легат італьянскай мафіёзнай групоўкі “Сіцылійская вячэра” ў Крэсах Усходніх Рэчы Паспалітай, вельмі аўтарытэтны крымінальнік;

Эмілія Вастрабрамская -- інтэлігентка-адраджэнка;

Віктар Янукевіч -- вораг-жандар з аховы канцлагера Бяроза-Картузская, амаральны мудзіла;

Таварыш Пранік -- камандзір падпольнай чакісцкай групоўкі тэрарыстаў “Халодная галава”, мудзіла;

Шалёнас Халерас -- ліетувас шавіністас, лідэр канкурэнтнай тэрарыстычнай групоўкі “Лабусы”, жмудзілас;

Таварыш Баян -- актыўны сябра чакісцкай тэрарыстычнай групоўкі “Халодная галава”, мудзіла;

Кіроўца браніраванага “Пакарда” -- ягоны сябра і паплечнік, такі ж мудзіла;

Геносэ Юзік -- вусаты дзядзька на ровары;

Таварыш Адзік -- другі вусаты дзядзька на ровары;

Дзядзька Сэм -- акула Уол-стрыта;

Навум Фабрыкант -- бізнесовец;

Моўша і Гірша -- вучні Навума Фабрыканта;

Маленькі Сруль (Ісраэль) -- пляменнік і вучань Навума Фабрыканта;

Мікола Хапернік -- адстаўны генерал Дэфензівы, астраном-аматар, прыхаваны парнаграфіст;

Соф’я Уласеўна Мурашова -- руская графіня, удава генерал-губернатара;

Беларусачка -- дзяўчынка ў васільковым вяночку;

Манамах -- маскальскі папуга;

Стасік і Чэсік -- тутэйшыя бабры;

Мудзілы, хаблы, асаднікі, жандары, паліцыянты, вайскоўцы Войска Польскага, Чырвонай Арміі і Вермахта, агенты Дэфензівы, Гестапа і НКВД, палітвязні, чыкагскія копы і гангстэры, асобы славянскай, цыганскай, караімскай, італьянскай ды жыдоўскай нацыянальнасцяў, бадзяжная цыркавая трупа, музыкі опернага тэатра “Ля Скала”, кіназдымачная група з Галівуду, жывёлы гарадзенскага заапарка, журавы, вароны, перапёлачкі, парсючкі, куркі ды іншыя прадстаўнікі традыцыйнай беларускай фауны.

Падзеі адбываюцца ў міжваенны час на тэрыторыі Крэсаў Усходніх РП (Рэчы Паспалітай) і ў Чыкага (ЗША, Ілінойс).

Факты і падзеі, выкладзеныя ў кнізе, цалкам прыдуманыя аўтарамі, чаго не скажаш пра некаторыя рэаліі жыцця Крэсаў Усходніх. Усе выпадковыя супадзенні -- недарэчнасці, а недарэчнасці -- ненаўмысныя.

Пралог

1.

Дупа яе была вабная. Янка Лабановіч зірнуў на яе і зразумеў: гэта лёс.

Бездакорныя клубы дрыготка адгукаліся на кожны рух. Тонкая вертыкальная лінія нябачным люстэркам падзяляла клубы на сіметрычныя паловы-адбіткі. Ядвабная чорная радзімка, што амаль схавалася між імі, замілоўвала позірк і п’яніла розум.

Але самым цудоўным быў колер клубоў -- шляхетна-шакаладны, рыхтык, ранішняя кава ў філіжанцы пана пробашча.

Маладзён ніколі раней не сузіраў падобнай прыгажосці. Колькі хвілін ён паміраў у шчасці, а калі пераканаўся, што перад ім не мроя, вымавіў зачаравана і ўрачыста:

-- Дупа...

-- Як бульба, што ў нас у Яблонаўшчыне пражаць, -- пачулася згоднае каля самага вуха.

І тут да назіральніка дайшло: на жаль, не толькі ён цешыў вока цудам нетутэйшай прыроды. Яшчэ трое маладзёнаў уважліва ўглядаліся ў бездакорныя формы.

Сябры, як заўжды, былі поруч. Але ж гэтым разам -- абсалютна недарэчна.

Аянька Кільмандовіч забыўся на ўлюбёную шаблю, што пагойдвалася на залачонай падвязцы і аберуч учапіўся ў конскую грыву. Янкель Фінберг апусціў скрыпачку і задумліва пачухаў смыком за вухам. А Ванька Брыль нават не заўважыў, як пераламіўся цвік у яго дужых пальцах.

-- Як той пробашч казаў, Фата-Маргана, -- размілавана прамовіў Янка і змоўк.

Рыпнулі дзверы. У пакой шпарка ўвайшла мнішка-кармелітка і недарэчнай заслонай паўстала паміж цікаўнымі маладзёнамі і шакаладнай дупай:

-- Панна магла б і сама надзець майткі, ужо дарослая.

Бялюткія, як калядны снег, майткі слізганулі па шчыгрынавых сцёгнах маленькай мулаткі. Сукенка схавала гладкія калені. Кармелітка падхапіла эмаліраваны гаршчок з надпісам “Szkoła Podstawowa”.

-- Пакуль мяне не будзе, паўтарыце вершык, -- з гэтымі словамі яна падалася на калідор.

-- Chto ty jesteś? -- паслухмяна запытаўся Лабановіч.

-- Polak mały! -- імгненна адказала цемнаскурая панначка.

-- Jaki znak twój? -- зацікавіўся Кільмандовіч і памкнуўся зазірнуць пад кароткую сукенку.

-- Orzeł Biały! -- шляхотна патлумачыла мулатка.

Янка нясмела наблізіўся да яе:

-- Чаму ты такая счарнелая? Цябе сёстры-кармеліткі з пекла выцягнулі?

-- А ў нас на Місісіпі такім колерам нікога не здзівіш, -- годна азвалася дзяўчынка.

Недаверлівы Брыль адсунуў Лабановіча, паслініў палец і церануў па плячы мулаткі.

-- Пэўне, не мурзатая! -- уразіўся ён.

-- А давай сябраваць! -- па-кавалерску прапанаваў Аянька Кільмандовіч і выцягнуў з похваў цацачную шабельку, -- яна заўсёды да тваіх паслугаў. Цябе як завуць?

-- Ісабэль, -- мулатка зрабіла кніксен.

-- А чаму не па-тутэйшаму? -- прымружыўся Янкель Фінберг.

-- Ісабэль па-іспанску -- “цудоўная”, -- пасміхнулася амерыканка, -- мой родны кут Луізіяна.

-- А ў нас што робіш? -- здзівіўся Іван Брыль.

-- У Злучаных Штатах пануюць парнаграфія, гангстэрызм, імперыялізм, расізм і бездухоўнасць -- з інтанацыямі вучонага шпака патлумачыла мулатка.

-- Што, ад пагромаў уцякла? -- шчыра паспачуваў Янкель.

-- Так, -- пацвердзіла Ісабэль, -- нашыя пагромнікі называюцца Ку-Клукс-Клан. Яны простаму люду жыцця не даюць. Усе лепшыя землі сабе пабралі.

-- Як прышлыя асаднікі? -- з разуменнем удакладніў Янка Лабановіч.

-- Амаль. Тамтэйшыя ку-клукс-кланаўцы -- моцныя белыя людзі, якія вядуць рэй на ўсёй Луізіяншчыне. Гэта заможныя і нахабныя мудзілы. З раніцы яны п’юць шампан і паляць кубінскія цыгары, а ўвечары жлукцяць ром і палююць на цемнаскурых людзей. Вось мы і ўцяклі да Варшавы, каб не працаваць на іх бавоўнавых плантацыях. Бацькі сканалі, а мяне забралі сёстры-кармеліткі.

-- Непарадак! Ну што, хлопцы, паедзем у Луізіяншчыну? -- Янка Лабановіч імгненна прасякнуўся ідэямі сацыяльнай справядлівасці. -- Пашнуруем Ку-Клукс-Клан, забярэм зямлю і зажывем, як заможныя белыя людзі...

-- ... мудзілаў-лайдакоў з Ку-Клукс-Клана прымусім працаваць на бульбяных плантацыях, а самі будзем піць сельтэрскую пад сала, паліць цыгары пад мальвазію... -- імпэтна падхапіў Ванька Брыль.

-- …танчыць пад джаз “Лявоніху” з галівудскімі дзеўкамі... -- Янкель Фінберг матлянуў скрыпкай.

-- ...і скакаць на тэхаскіх мустангах, -- Аянька Кільмандовіч выцяў па дупе драўлянага коніка.

-- Грамада пэўна жартуе? -- расчулілася Ісабэль і спыніла позірк на дыктавай шабельцы Аянькі.

-- То не жарты! Галоўнае, каб усё было па справядлівасці! -- вызначыў жыццёвую праграму Лабановіч.

-- А па справядлівасці -- гэта як? -- дзяўчынка даверліва кранула Янкаву руку.

-- На чацьвярох! -- Лабановіч азірнуўся на сяброў.

-- Толькі чаму на чацьвярох? -- не пагадзіўся маленькі ліцвінскі татарын Аянька, -- справядліва -- на пяцёх. Бо ў Ісабэль такая прыгожая шакаладная дупа. Ты нам яшчэ раз яе пакажаш?

-- Магу і не толькі яе... -- прыўкрасная мулатка сарамліва прыкрыла павекі, -- толькі няхай гэта застанецца нашай маленькай таямніцай.

Ружовыя далонькі гулліва зрушылі прыпол. Хлопцы паселі на кукішкі, каб выгодней было назіраць...

І тут на калідоры грымнула, нібы пярун у нябёсах ляснуў. Дзеці імкліва выскачылі з пакоя. Пад шклянымі, да паловы зафарбаванымі дзвярыма першага класа кармеліцкай Школы Падставовай курчыўся на зламаным зэдліку бела-русы старэйшы хлопец. Гэта быў Пярдолэк -- спрактыкаваны нягоднік, якога жахаліся не толькі дзеткі і мнішкі, але й нават сам пан пробашч. Пярдолэк падбухторваў дзетак-беларусаў маляваць на касцёльнай агароджы чэлясы, дзіравіў майткі сёстраў-кармелітак, што сушыліся на гаспадарчым двары, і нават хлусіў аднагодкам, што ўжо займаецца ананізмам. Напэўна, вычварэнец-пачатковец прыўзняўся на дыбачкі, страціў пільнасць і ляснуўся з верхатуры.

Лабановіч схапіў ножку ад зэдліка і сунуў у пысу нягодніку.

-- Гэта чужая дупа! Яна не табе паказвала!

Вычварэнец заенчыў і сплюнуў малочным зубам. З каламутнага вока выплыла празрыстая сляза. Рот расцягнуўся авалам. З рассечанай губы закропала. На тонкай мурзатай шыі запульсавала пакручастая сіняя жылка.

Аматар чужых таямніцаў размазаў кулаком ружовую сліну з саплямі і спрытным пацучком заскочыў у шафу.

-- Мужыкі-хамы-быдла! -- пачулася з сярэдзіны істэрычнае скавытанне. -- Вось вырасту, пайду ў пшэцкія жандары і ўсім вам адпомшчу!

Як праўдзівы нашчадак яблонаўскіх засцянкоўцаў, Янка Лабановіч ваяўніча ўрэзаў у дзвёрку кулаком.

-- Выходзь, Пярдолэк! Выбірайся, мудзіла! -- гукнуў ён. -- Адразу на горкі яблык дастанеш!

У шафе імгненна сцішылася.

Невядома, чым бы гэта ўсё скончылася, але ў калідоры з’явілася старая мнішка з вільготным эмаліраваным гаршчком.

-- Матка Боска Чэнстахоўска! -- жахнулася яна, гледзячы на крывавыя пісягі. -- Цо то ест?

-- Яны сцягнулі з яе майткі! -- імгненна сігналізаваў з шафы Пярдолэк, -- збіраліся гуляць у паноў гінеколагаў!

-- Пан Езус! -- кармелітка закаціла вочы пад лоб. -- От, падшыванцы, што надумаліся -- паненку распрануць! Вы што робіце?!

А хлопцы тым часам расстаўлялі на падлозе рознакаляровыя аптэкарскія пляшачкі. Мулатка засяроджана разлівала ў іх зафарбаваную бураковым сокам ваду. Янкель каніфоліў смык.

-- Чым займаемся? -- перапытаў Лабановіч і ўзняў на мнішку даверлівыя валошкавыя вочы. -- Ды ў шынок гуляем!

Кармелітка ўздыхнула і паківала галавой.

-- Я абавязкова давяду пра вашыя паводзіны пану пробашчу.

-- Калі ласка, не трэба нікому нічога даводзіць, -- годна папрасіла мулатка.

Рудое кастрычніцкае сонца плавілася ў кляштарным вітражы. Жоўта-барвовыя лісты нячутна зляталі з шатаў старасвецкага сада. Ад бульбяных палеткаў варшаўскага мудзілы-асадніка цягнула горкім дымам спаленага бацвіння. Спаланізаваны ліцвін Тадзік Касцюшка маркотна пасміхаўся дзеткам-беларусам з партрэта ў залачонай раме. На падворку стаяў 1925 год.

-- Сястра Тэкля, не кажыце пану пробашчу, -- Ісабэль шчыра прыклала кулак да сэрца. -- Гэта мая віна, мая віна...

Сястра Тэкля была тоўстай, добразычлівай і спагадлівай цёткай. Яна вырашыла нікому нічога не казаць, бо па-першае, Ісабэль ужо мела рахунак сумлення, а па-другое, асаблівай правіны за мулаткай не было. Цікаўнасць да першасных полавых прыкметаў кармелітка палічыла натуральным памкненнем сіротаў, якія паспелі пазабыцца на бацькоўскія ласку і суворасць. У гэтую кармеліцкую Школу Падставову траплялі толькі тыя дзеткі, у каго не засталося бацькоў.

-- Маладыя гады, маладыя жаданні… -- спагадліва пасміхнулася мнішка, -- няма на вас, небаракі, бацькі... Хаця б хроснага.

2.

Празрыстая алкагольная кропля павольна выкацілася з навюткага меднага змеевіка і завісла над донцам, нібы вагалася: сарвацца адразу ці падгадавацца яшчэ. Але яе ўжо падганялі сотні сёстраў-блізнятак. Імгненне -- і струмок бураковага первака зацурчэў у ёмістую металёвую бочку.

-- З пачынам, хлопцы, -- пасміхнуўся хударлявы дзядзька ў акулярах, падобны да вясковага настаўніка. Ён адрэгуляваў венціль, і стрэлка манометра знерухомела, -- ну што, Хросны, каўтнеш?

-- Не для сябе робім, на продаж. Янкі і пакаштуюць, -- разважліва азваўся з гулкай паўцемры хрыплаваты барытон.

Пад конус электрычнага святла да гіганцкага самагоннага апарата выйшаў немалады ўжо мужчына са слядамі шматлікіх ліхтугаў на абліччы. Шнары і маршчыны на ягоным твары складаліся ў малюнак, які сведчыў пра вялікі розум і нялёгкі жыццёвы досвед.

Абрысы вялізнага індустрыяльнага памяшкання размываліся вільготнай цемрай. Словы, крокі і цурчэнне струменьчыкаў адгукаліся сцішаным рэхам. Дзесяткі драбнейшых самагонных апаратаў булькацелі, вывяргаючы паўпразрыстую пару. У паветры лунаў чароўны водар первака. Незлічоныя пляшкі каля сценаў міжволі вабілі вока таямнічым бляскам.

Той, каго хударлявы дзядзька ў акулярах назваў Хросным, сеў за пашарпаны палісандравы стол пад вакном, запаліў лямпу і адчыніў фортачку. Скразняк зашаргацеў лісткамі насценнага календара з выявай Маці Божай Вастрабрамскай.

Калі тэхналагічны працэс на гіганцкім апараце быў канчаткова адладжаны і заставалася адно чакаць, калі наспее час змяніць бочку, да Хроснага пацягнуліся хаўруснікі. Беларускія мужчыны паселі на доўгую лаву і годна памаўчалі, адно шморгалі насамі. Хударлявы ў акулярах няспешна выцягнуў з вялікай капэрты колькі беларускіх газетаў.

-- “Звязда”, -- голасна прачытаў ён.

З канца лавы нехта перадражніў:

-- Ага! Мы сядзелі з табой каля яру, і шукалі ў небе “Звязду”... Не прышый рукаў! -- і дурнавата рагатнуў.

Хросны сувора зыркнуў у цемру -- блюзнер імгненна схаваўся за суседаву спіну.

-- Дык што там Саветы пішуць? -- пацікавіўся Хросны.

Зашамацелі старонкі. Хударлявы паправіў акуляры і, з цяжкасцю разбіраючы саўнаркамаўскую кірыліцу, распачаў пранікнёна:

Пасецца калгасны статак

На беразе ціхай ракі,

А там, у Злучаных Штатах,

Рэжуць кароў мяснікі!

Мужчыны памаўчалі -- асэнсавалі.

-- Лухта нейкая, -- вынес прысуд чарнявы фацат у акуратным стройчыку і кашулі-вышыванцы. -- Сапраўды… Прышылі рукаў.

-- А чаго ты ад “Звязды” хацеў? -- крыху баязліва нагадаў пра сябе блюзнер і шморгнуў носам.

-- Пішуць пра камуністых, ворагаў народу з “нацдэмаў”, ворагаў народу з “эн-ка-вэ-ду”... А яшчэ ўсіх тамтэйшых пісьменнікаў у нейкі Саюз зганяюць. І гэтых у калгас спалатняюць. А яшчэ справаздача пра надоі ад казлоў і пух ад свінняў.

-- А што ў Саветаў з самагонам? -- прымружыўся Хросны.

-- Не пішуць, гады, -- дзязька смачна плюнунуў і склаў газету напалам, -- відаць, маскоўскую манапольку жлукцяць. Хаця... -- угледзеўся ў літары, -- нейкі кактэйль Молатава прыдумалі.

-- Піць, чытаць і любіць трэба сваё, -- важка запэўніў Хросны, -- а Саветы ад нас далёка, як і тыя бацькаўскія гоні.

Зашамацела буржуазна-нацыяналістычная віленская газета. Беларуская лацініца давалася дзядзьку-каталіку куды лягчэй:

-- “Як гатуюць кумпяк у нашых Гальшанах. Скуру трэба абсмаліць саломай, абшкрэбсці нажом і на тры дні пакласці кумпяк у лёк пад гнёт”.

Блюзнер гучна каўтнуў сліну.

-- А мой бацька аднойчы суседа па пысе во-ось такім кумпяком перацягнуў! Ці тое свіныя плечы былі, ці...

Грымнуў люк, пад высокай столлю выявіўся квадрат вечаровага неба аздоблены самотным дыяментам Зоркі Венеры. Мужчыны ўскінулі галовы.

Дробны хударлявы падлетак, падобны да маладога вераб’я, порхнуў-скаціўся гулкімі металёвымі сходамі.

-- Дзядзька Хросны, там тры вялікія чорныя кары. Зноў гэтыя сіцылійскія мудзілы з Мічыган-Авеню ў адведкі прысунуліся! -- злякана выдыхнуў ён.

-- Як прысунуліся, так і адсунуцца, -- важка паабяцаў Хросны, -- старыя чыкагскія бойні -- наша дзялка!

З’яўлення гангстэраў з мафіёзнага клана “Сіцылійская вячэра” беларускія бутлегеры чакалі даўно. Як і ўсе паўднёвыя крымінальнікі, італьянцы лічылі ніжэй за сваю годнасць займацца якойсьці вытворчасцю. Падчас Сухога Закону, які дзейнічаў на тэрыторыі Штатаў ужо шосты год, яны ганялі грузавікі з шатландскім віскі з-за канадскай мяжы. Але шалёны і немудрагелісты пярвак тутэйшай чыкагскай вытворчасці моцна перабіваў ім бізнес.

Рэзнікаў-беларусаў, якіх Вялікая Дэпрэсія пазбавіла працы, зарганізаваў у крымінальны хаўрус Хросны. Рукі спрактыкаваных забойцаў яшчэ не адвыклі ад прафесійнага рыштунку. Мужчыны спрытна разбіралі зброю: нажы, швайкі, бензапілы, вілы і абрэзы. Былыя рэзнікі пасталі каля вокнаў, гатовыя бараніць свае гонар, годнасць і бізнес.

-- Хросны, дзе твой машын-ган, што мудзілаў косіць? -- блюзнер ляпнуў па шырокай сялянскай далоні аблупленай бейсбольнай бітай і красамоўна глянуў на змеявік.

-- Не лезь паперад бацькі ў пекла, -- Хросны па-гаспадарску падкруціў венціль гіганцкага самагоннага апарата з масянджовай шыльдачкай “General Electric” і бліснуў вачыма. -- Хлопцы, будзьце пільнымі! За стрэлкай сачыце!

-- А той троцкі караімчык, што паабяцаў нас з італьянцамі замірыць, значыцца, ён грошы ўзяў і ўсіх кінуў? -- нагадаў блюзнер.

-- Значыцца кінуў, сука, -- Хросны выцягнуў з-пад палісандравага стала свой смяротны машын-ган -- важкі кулямёт “Максім” без шчытка і колаў, загорнуты ў зашмальцаваны мотальскі кажушок.

Ён ускінуў яго, як цурбэлак, на плечы і няспешна падаўся металёвымі сходамі на дах. Падлетак ажно згінаўся пад цяжарам скрынак з набоямі і стужкамі, але не адставаў.

-- Што ў кулямётны кажух заліваў? -- не азіраючыся, спытаў Хросны. -- Пярвак, як мінулым разам?

-- Ваду з Мічыган-Возера, -- запэўніў хлопчык.

Панарама індустрыяльнага Чыкага, што адкрылася з вышыні, уражвала. У вечаровае неба ўклейваліся белыя, шэрыя, чырвоныя і чорныя дымы. Над люднымі вуліцамі з грукатам несліся вагоны сабвэя. Хмарачосы, а іх тут было болей, чым званіц у Вільні, струнка цягнуліся да першых зор.

-- А неба якое васільковае, амаль як у нас па-над Нёманам! -- замілавана прамовіў Хросны, усталяваў кулямёт і скіраваў рулю наніз.

Шыкоўныя, як лакіраваныя люксовыя труны, “Крайслеры” спрытна блакіравалі выезд з закінутых бойняў. Па двары рассыпаліся высокія смуглыя мужчыны, апранутыя ў доўгія шэрыя плашчы і модныя капелюшы “барсаліна”. Валасатыя рукі сіцылійскіх гангстэраў лашчылі машын-ганы сістэмы Томпсана.

Хросны крыху прыўзняўся над парапетам. Падлетак апярэдзіў пытанне:

-- Карлу Спагеці шукаеце? Вунь гэты стары мафіёзі за апошнім “Крайслерам”.

І сапраўды, з-за лакіраванага крыла легкавіка выторквалася сівая галава сухенькага дзядка. Карла Спагеці сядзеў на кукішках і засяроджана ладзіў запал да гранаты. Яго шыкоўная “барсаліна” ляжала на капоце машыны. Сіцыліец апусціў гранату ў кішэню плашча, надзеў капялюш і склаў далоні рупарам:

-- Presto… Prestissimo… -- прыспешыў ён малодшых па рангу мафіёзі.

Тым часам хлопчык-верабей спрактыкавана заправіў стужку ў казённік. Хросны злавіў у прыцэл цыбатага вусача, які на мігі паказваў Спагеці, што дзверы бойні зачынены з сярэдзіны.

Карла таргануў драцяное колца з гранаты.

-- Forсe! -- гукнуў ён.

Граната тройчы перакулілася ў палёце і грукнула ў дзверы. Выбух мякка і важка скалануў вечаровае сутонне. Калі дым і пыл знесла ветрам, на месцы дзвярэй чарнела прамакутная дзіра. З вокнаў упэўнена бахнула колькі стрэлаў, і на шэрым плашчы вусатага мудзілы расплылася барвовая пляма. “Томпсан” грукнуў дыскам аб брук.

-- Хросны, страляйце ж... -- азартна зашаптаў падлетак, калі адзін з сіцылійцаў запаліў паходню і пабег да склада з падрыхтаваным да продажу перваком.

-- Трэба іх бліжэй падпусціць, -- кулямётчык засяроджана глядзеў у прыцэл.

-- Хросны, стрэлка манометра дзевятку перайшла, -- даляцеў знізу голас блюзнера.

-- Яшчэ цярпіма, -- прагучала ў адказ.

Сіцылійскія мафіёзі, як па камандзе, ускінулі “Томпсаны”. Загрукацелі чэргі, заценькалі аб сцены спрацаваныя гільзы, зазвінела шкло, шрапнеллю разляцелася тынкоўка. З вільготнай цемры дзвярнога праёма халодна бліснулі шкельцы акуляраў. Дзядзька з тварам настаўніка, не цэлячы, дуплетам гахнуў з абрэзу, і “Крайслер” са свістам прысеў на пашкамутанае кола.

-- Porka misere! -- вылаяўся Карла і зноў шпурнуў гранату.

Выбухнула.

Пад прыкрыццём пылу смуглыя мафіёзі нясмела пайшлі на штурм. Першаму, хто сунуўся ў праём, лоўка кінутая з цемры швайка ўвайшла ў кадык. Другі сіцылійскі мудзіла неадкладна атрымаў бейсбольнай бітай у лыч.

-- Ну што, скаштаваў залупы? -- дурнавата рагатнуў блюзнер.

З глыбіні стадолы пагрозліва зараўла бензапіла.

І тут Хросны нарэшце прыціснуў гашэтку. “Максім” ажно затанчыў на даху.

-- Во скача! -- у захапленні прамовіў падлетак. -- Як тая Лявоніха на вяселлі!

Трое гангстэраў адразу скурчыліся на пыльным бруку. Астатнія баязліва пахаваліся. Кулямёт па-сялянску разважліва змоўк.

-- Хросны, стрэлка манометра ўжо дзесятку перайшла! -- голас нябачнага бутлегера звонка парушыў злавесную цішу.

Кулямётчык не паспеў адказаць. З-за суседняга дома вылецелі тры паліцэйскія “форды” і даўжэзны “Пакард” з зоркай шэрыфа на дзвёрцы. Завішчэлі на віражы тармазы, рэхам адбіліся ад сценаў каманды. За колькі секундаў бойні аказаліся бязлітасна блакіраваныя чыкагскімі копамі. Паліцэйскія машыны імгненна ашчэрыліся рулямі вінчэстараў і кольтаў.

-- How do you do, mister Spagacci?.. -- прывітаўся ў бляшаны рупар шэрыф.

-- Fine. Thanks, signіor Smith-Vesson! Sempre vivace! -- пасміхнуўся Карла і толькі пасля гэтага рэзануў па “Пакарду” з машын-гана.

Лабавое шкло вадаспадам правалілася ў салон. Перадсмяротны енк пацвердзіў, што гэтым разам мафіёзі не змарнаваў набоі.

Рулі паліцэйскай зброі выплюнулі агонь. Колькі сіцылійскіх гангстэраў у адначассе выправіліся хто ў чысцец, а хто і адразу ў пекла. Заціснутаму паміж бойнямі і паліцыяй старому Карла Спагеці не засталося аніякіх шанцаў на паратунак.

І тут здарылася тое, чаго не чакалі ані чыкагскія копы, ані сіцылійскія мафіёзі. Хросны прыўзняў рулю кулямёта і кароткімі ашчаднымі чэргамі стаў садзіць па паліцэйскіх легкавіках. Копы разгубіліся: мафіёзная салідарнасць невядомага кулямётчыка на даху цалкам змяшала іх планы. Карыстаючыся момантам, Карла Спагеці і ацалелыя сіцылійцы кінуліся ў цемру дзвярнога праёму. Зброя беларускіх бутлегераў талерантна змоўкла.

Праз колькі хвілін сівая галава Карла Спагеці ўжо вытаркнулася з люку.

-- Mama miо, Santa Lucia! -- аўтарытэтны сіцыліец беспамылкова пазнаў клятага ворага, павагаўся, але ўсё ж паціснуў Хроснаму руку.

Лідэры мафіёзных кланаў хутка паразумеліся пры дапамозе мімікі, жэстаў і ангельска-італьяна-беларускай трасянкі. Агульны вораг здольны ствараць і не такія дзіўныя хаўрусы.

Тым часам копы апрытомнелі і пайшлі ў наступ. Зноў загрукатаў на даху кулямёт, заляскалі стрэлы. На бруку аганізавалі смяротна параненыя, падалі забітыя, гарачая кроў лілася ў каналізацыйныя краты. Сонца канчаткова схавалася за скрай хмарачоса.

Карла з асалодай страляў са свайго “Томпсана” па сілуэтах у ненавісных чорных мундзірах, спяваючы сіцылійскую народную песню “О, mama mia! О, Koza Nostra!..”

Але неўзабаве хаўруснікаў напаткала прыкрая неспадзяванка: у абодвух машын-ганах скончыліся набоі. Цяпер беларусы і італьянцы адстрэльваліся толькі з вокнаў. Ацалелыя копы ўсё смялей падбіраліся да старых бойняў.

-- Хросны! -- даляцела з люку. -- Манометр ужо на дванаццаці! Чырвоную рыску перайшоў!

-- Ёсць яшчэ час, -- кінуў Хросны і пытальна зірнуў на Карла Спагеці.

Сівы сіцыліец засяроджана раскладаў на даху гранаты, падобныя да пукатых пляшак. Беларускі мафіёзі перажагнаўся гранатай па-каталіцку, пацалаваў зброю і кінуў у доўгі паліцэйскі “Плімут”, на якім прыбыла новая порцыя копаў. Легкавік падскочыў і кульнуўся на бок.

-- Ave Maria! -- узрадаваўся сіцыліец.

-- Матка Боска Вастрабрамска! -- па сітуацыі азваўся Хросны. -- Ды каталік я, каталік, беларус з-пад Гародні.

-- Sicilia, Palermo, -- назваў сваю Радзіму сіньёр Спагеці.

-- Карацей, ты з Заходу, я з Усходу, -- падвёў лагічную рысу кулямётчык.

Знянацку з люку пацягнула не толькі порахам, алі і падазрона густым водарам падгарэлай брагі.

-- Хлопцы, тэрмінова сыходзьце сутарэннямі! -- гаркнуў у люк беларускі мафіёзі і падхапіў Спагеці. -- За мной!

А нахабныя копы ўжо забягалі ў стадолу, стралялі наўздагон беларусам і сіцылійцам, якія па адным порстка знікалі ў сутарэннях.

Гіганцкі самагонны апарат злавесна чырванеў перагрэтай меддзю. З ціхай пагрозай сычэла сінім агнём газавая фаерка. Булькацела загусцелая брага. Стрэлка манометра ўжо даўно мінула кантрольную чырвоную рыску і паказвала на масянджовую шыльдачку “General Electric”. Грукнуў люк, і павевам скразняка са сцяны сарвала, вынесла ў высаджанае акно каляндар з Божай Маці Вастрабрамскай. У шкляных вачах копаў адбіўся чорны надпіс “WANTED!”

Жахлівая выбуховая хваля скаланула старыя бойні ад падмуркаў да даху. Шматкі апарата разнесліся па стадоле, нібы шрапнель. З жалобным ценьканнем заваліўся штабель скрыняў. Вогненная хваля бураковага самагону імгненна адрэзала копам шлях да дзвярэй і вокнаў. Жывыя паходні бязладна кідаліся, матлялі рукамі, качаліся на падлозе між ацалелых самагонных апаратаў.

Тым часам Хросны, Спагеці і падлетак-верабей таропка спускаліся гулкімі пажарнымі сходамі, што строгім геаметрычным зігзагам раскрэслівалі глухую сцяну бакавога фасада старых бойняў.

-- Ну што, мудзіла, скаштаваў? -- пачулася з-за расстралянага паліцэйскага “Пакарда”.

Каля прабітай кулямі дзвёркі стаяў блюзнер са скрываўленай бейсбольнай бітай у руках і пераможна паглядаў на мерцвяка ў чорным мундзіры, які пяліў нязрушныя зенкі ў васільковае чыкагскае неба. Прахалодны ветрык з Мічыган-Возера пяшчотна варушыў кароткую фрызуру нябожчыка.

-- Сямён, а ты чаму разам з усімі сутарэннямі не сыйшоў? -- здзівіўся Хросны.

-- Дык гэта… цікава ж! -- дурнавата пасміхнуўся блюзнер, -- дзядзька Хросны, а нябожчык -- рыхтык вы!

-- Не плявузгай, сурочыш, -- сувора перапыніў беларускі мафіёзі, задуменна пачухаў патыліцу і глянуў на Спагеці. -- Ані табе Карла, ані мне ў гэтай паскуднай Амерыцы больш разгарнуцца не дадуць, -- Хросны ўважліва разглядаў дакументы забітага копа. -- Халера, ты ж шэрыфа -- самаго Сміта-Весона коцнуў!

-- Si, -- сціпла прызнаўся Спагеці, зняў “барсаліну” і перажагнаўся.

Старэчыя вусны варушыліся, бязгучная малітва скончылася кароткім, як стрэл, “Amen”.

-- Люксовыя нумары ў “Сінг-Сінгу” і электрычны фатэль для нас, лічы, падрыхтаваныя. Куды падашся цяпер, Карла? На Захад, ці на Ўсход? -- Хросны цярпліва дачакаўся, калі капялюш зноў прыкрые сівы голаў.

Спагеці крыва пасміхнуўся, знізаў плячыма, зняў з сябе залаты абразок з выявай святога Януара -- апекуна злодзеяў з махлярамі, і шляхетным жэстам спрэзентаваў Хроснаму. Гэта азначала, што ён -- Карла Вінцэнта Марыя Спагеці, прафесійны мафіёзі ў семнаццатым пакаленні, з гэтага моманту -- названы брат беларускага бутлегера, патомнага майстра па выганцы моцных трункаў.

-- А вось я, дзядзька Хросны, у Злучаных Штатах застаюся! -- без ваганняў вырашыў блюзнер Сямён і гучна каўтнуў сліну. -- Амерыка -- краіна незлічоных магчымасцяў. Любая басота-галота мае шанцы стаць міліярдэрам, акулай Уол-стрыта ці хаця б якім-небудзь кангрэсменам. Паглядзіце на Ракфелера…

-- Ты, Сямён, на сябе паглядзі! -- з дакорам прапанаваў Хросны…

Наступным днём усе чыкагскія газеты выйшлі з кідкімі загалоўкамі: “Гангстэр Карла Спагеці з мафіёзнай групоўкі “Сіцылійская вячэра” застрэліў шэрыфа Джона Сміта-Весона!”, “Чыкагская паліцыя зліквідавала бутлегерскую сетку “Тутэйшыя!”, “Сяржант Нік Джонсан застрэліў гангстэра Піта Пратасеню па мянушцы Бімбер!”, “Яшчэ дзесяць паліцыянтаў згарэлі жыўцом!”

Тым часам адзін з галоўных герояў газетных рэпартажаў ужо сядзеў у шэзлонгу на палубе трансакіянскага лайнера “Нармандыя”, што кіраваўся ў Стары Свет. На яго шыі побач з крыжыкам зіхцеў залаты абразок са Святым Януарам. Праз саломінку Хросны пацягваў зафарбаваны апельсінавым сокам пярвак і раўнадушна сузіраў, як хмарачосы Манхэтэна знікаюць за даляглядам.

А праз тры тыдні Хросны з бездакорнымі дакументамі грамядзяніна Паўночна-Амерыканскіх Злучаных Штатаў Джона Сміта-Весона прыбыў у родную Гародню; знешняе падабенства з забітым шэрыфам прыдалося. Але адразу на гарадзенскім вакзале ён быў заарыштаваны Дэфензівай, як эмісар амерыканскай секцыі Камінтэрна. Пільных агентаў адразу ж насцярожыў чалавек з нетутэйшым прозвішчам, які наўмысна карыстаўся мясцовай гаворкай і гучна абураўся, што ў шапіку не дакупіцца беларускіх газетаў. Пасля непрацяглага следства і суда Хросны атрымаў пяцігадовы тэрмін зняволення, які і адправіўся адбываць у знакаміты канцлагер “Бяроза-Картузская”.

Але і для тутэйшых, і для тамтэйшых беларусаў ён так і застаўся Хросным.

Частка першая. ГОРКІ ЯБЛЫК

1.

Начное жытнёвае поле перацінала старасвецкая брукаванка. Масянджовая поўня адбівалася ў бліскучых пукатых камянях старога Віленскага гасцінца. Бляшаная шыльда на ўзбочыне сардэчна вітала тых, хто кіраваўся на поўдзень: “Zapraszamy do Grodno”. З адваротнага боку брутальна чарнеў саматужны надпіс: “Пшэкаў -- да дупы”.

Доўгі шляхотны “Пакард” нібыта зматэрыялізаваўся з начной цямрэчы. Сляпучыя конусы святла коса слізганулі па польскім надпісе. Лімузін віртуозна заклаў разварот на вузкай брукаванцы, і святло фараў на імгненне выхапіла з чарнільнай начы шчырае пажаданне польскім прыхадням.

Праз колькі секунд за “Пакардам” азначылася яшчэ колькі легкавікоў. Яны паважна мінулі лімузін і пісьменна блакавалі шлях на Гародню. З салонаў порстка пасыпаліся спрытныя маладзёны відавочна чакісцкай знешнасці. У трэніраваных руках пагрозліва блішчэла зброя савецкай вытворчасці: ручныя кулямёты, карабіны, пісталеты, рэвальверы і нават супрацьтанкавая рушніца.

Звяружны волат без асаблівых высілкаў выцягнуў з машыны і гупнуў на брук паўнюткі мех ручных гранатаў. Поўня нясмела абліла яго няўсмешлівы твар святлом і, нібы спалохаўшыся, адразу схавалася ў раскудлачаных ветрам хмарах.

Бакавое шкло “Пакарда” няспешна спаўзло ў нутро пукатай лакіраванай дзвёркі. З глыбіні шыкоўнага салона пачулася:

-- Таварыш Баян, на цябе ўскладзена аператыўная адказнасць за поспех усёй акцыі. Глядзі мне!

Волат наблізіўся да лімузіна і схіліўся да дзвёркі. За рулём “Пакарда” раскашаваў сухотны прыгажун-чакіст з вытанчаным тварам садыста і гіпнатычным позіркам кобры.

-- Не пераймайцеся, таварыш Пранік, -- няўсмешліва супакоіў той, каго назвалі таварышам Баянам. -- Гэтыя бандыты з тэрарыстычнай групоўкі “Лабусы” -- праўдзівыя жмудзіласы! Ухойдаем іх на горкі яблык!

Тым часам іншыя таварышы чакісты таропка займалі пазіцыі за прысадамі абапал гасцінца. Заклацалі затворы, бразнула аб камень жалеза.

-- Іхні галоўны, гэты Шалёнас Халерас, абяцаў найсучасны жмудзінскі танк падагнаць, -- асцярожна прагучала з цемры.

-- Ды хто яны такія -- гэтыя жмудзіласы на нашай спрадвечна савецкай зямлі, часова занятай белапольскімі акупантамі?! -- падбадзёрыў таварыш Баян, -- таварышы, будзьце пільнымі! Сусветная буржуазія не спіць у шапку!

Як толькі поўня зноў паказалася з-за кудзераў нізкіх хмараў, з боку Вільні намалявалася калона канкурэнтаў, тых самых “Лабусаў”. За лабавым шклом галаўнога “Мерседэса”, прабітым бязлітасным святлом чакісцкіх фараў, бялеў выцягнуты, што той цэпелін, твар тыповага жмудзіласа. Леваруч ад легкавіка натужна стракатала матацыклетка “BMW”, з люлькі якой тырчэла хіжая руля нямецкага кулямёта. Следам каціліся тры чорныя блізняты “Опелі”. Замыкаў калону старажытны танк “Рэно” -- лаплены-пералаплены ветэран Імперыялістычнай вайны. Агрэсіўны ляск тракаў па старасвецкім бруку зняважыў пранікнёную паэзію пяшчотнай беларускай ночы.

Машыны баявікоў-жмудзінаў заехалі на пагорак і знерухомелі. Матацыклетка з люлькай дала нырца ў кювет і схавалася ў хмызах. Старажытны танк стомлена спыніўся, як бронецягнік на запасным шляху, і нахабна прынюхаўся кулямётнымі рулямі да брукаванкі.

З-за руля “Мерседэса” выбраўся цэпелінападобны фацат -- лідэр жмудзінскай партызанска-тэрарыстычнай групоўкі “Лабусы”, той самы Шалёнас Халерас. Ён вітальна ўскінуў руку і нетаропка рушыў да чакісцкага “Пакарда”. Таварыш Пранік годна падаўся насустрач класаваму ворагу.

-- Пралетары ўсіх краінас злучайцеся! -- павітаўся Шалёнас, змушаны сітуацыяй і нормамі дыпламатыі.

-- Ад мора да мора, -- у адпаведнасці з пратаколам пацвердзіў таварыш Пранік і нервова таргануў пашчэнкай.

Пасля абавязковага двубою позіркамі, пагрозлівага скрыгатання зубамі і рыпення партупеямі ідэалагічныя ворагі змушана паціснулі адзін адному рукі. Калі прывітальны рытуал быў вычарпаны дарэшты, таварыш Пранік і Шалёнас Халерас перайшлі непасрэдна да справы.

Нагода перастрэцца на начным Віленскім гасцінцы наспела даўно. Так атрымалася, што напаўсухі закон санацыйнай Польшчы спакусіў заняцца бутлегерствам і засланых з СССР чакістаў з дыверсійнай групоўкі “Халодная галава”, і вялікадзяржаўнікаў-жмудзіласаў з Коўна. Першыя кантрабандна перакідалі ў Заходнюю Беларусь танную маскоўскую “манапольку”, каб свядома спойваць братоў-беларусаў. Другія з такімі ж мэтамі перакуплялі гуртам італьянскае “віно росо” ў партах Мемеля і Кёнігсберга. Усе спірытусовыя напоі паўпадпольна рэалізоўваліся на Крэсах Усходніх праз сетку шынкоў вядомага ў краі бізнесоўца Навума Фабрыканта. Алкагольныя грошы прызначаліся для стварэння шпегоўскіх сетак і шматлікіх баз баевікоў. Сутыкненне гаспадарчых інтарэсаў зрабілася непазбежным пасля таго, як людзі Шалёнаса Халераса пусцілі пад адхон дыпламатычны вагон спеццягніка “Масква-Кёнігсберг” бітма наладаваны “Пасольскай водкай”, прызначанай для Гародні. Халодная вайна ў кожны дзень магла выбухнуць узброеным канфліктам.

-- Гардзінас, Лідас і Навагрудакас -- спракаветныя аўкштайцкія гарады. Тут Вялікас Ліетувас -- па самае Маладзечнас, -- вялікадзяржаўна аргументаваў Шалёнас прэтэнзіі на Гарадзеншчыну з Віленскім краем і тыцнуў чакістаму пад нос карту, выдадзеную ў Кейданах.

-- Але насельніцтва гэтага краю спрадвеку імкнулася далучыцца да лепшай долі і вышэйшай культуры ўсходніх братоў, -- у якасці супрацьаргумента таварыш Пранік выцягнуў з кішэні галіфэ сувенірную літруху “Крамлёўскай”.

Крышталёвая пляшка ў выглядзе Спаскай вежы Маскоўскага крамля крышыла і вясёлкаю распырсквала святло фараў. На накрыўцы брутальна ззяла рубінавая зорка.

Шалёнас у адказ толькі кпліва пасміхнуўся. У хмызах агрэсіўна завуркатала -- матацыклетка выкацілася на брук. Кулямётная руля красамоўна ўтаропілася ў “Пакард”. У адказ няўсмешлівы волат Баян нетаропка выдраў колца з супрацьтанкавай гранаты, дэманструючы гатоўнасць да далейшай размовы.

За прысадамі прагучала напружанае:

-- Прыцэл на галаўную машыну жмудзілаў!

У начным паветры залунаў уяўны пах яшчэ не спаленага пораху. Мятлікі, што бязмэтна таўкліся ў святле фараў, падаліся баевікам душамі паплечнікаў палеглых у класава-бутлегерскіх войнах.

-- Таварыш Пранікас, ці хочуць рускія вайны? -- з нечаканым міралюбствам пасміхнуўся Халерас. -- Па вялікім рахунку мы робім адну і тую ж справу, хаця і кожны на сваю карысць. Але ж мусім дзейнічаць у тутэйшых неспрыяльных варунках…

Камандзір чакістаў маўчаў, бо не разумеў яшчэ, пра якія-такія “варункі” пляце ідэалагічны вораг.

-- … тутэйшы люд -- пераважна католікі, -- працягваў Халерас, -- як пан ксёндз мужыку скажа, так той і зробіць. А ксёндз скажа мужыку тое, што загадае біскуп, біскупу -- кардыналас, кардыналу -- Папеж. Папежу…

-- …таварыш Сталін, -- механічна ляпнуў палітычна падкаваны Пранік.

-- Папеж адно Пану Богу падпарадкоўваецца, -- сувора нагадаў Халерас.

-- Дык Бога ж няма! -- пераканана прамовіў чакісты і блазнавата пасміхнуўся. -- Гэта нават папы ведаюць.

-- Але ж Папеж Рымскі ёсць, -- жорстка абрэзаў Халерас, -- і ён прыслаў нам свайго легата.

Пакуль таварыш чакіст асэнсоўваў слова “легат”, двое жмудзіласаў выцянулі з задняга сядзення “Мерседэса” дробнага сухенькага дзядка, сівую галаву каторага пакрываў недарэчна модны капялюш “барсаліна”.

-- Porka Madonna! -- незадаволена прабурчэў дзядок у твар разгубленаму чакістаму.

-- Легат моліцца… -- паважным шэптам пракаментаваў Халерас.

-- За каго? -- ціха, бо прасякнуўся ўрачыстасццю моманту, спытаў Пранік.

-- За ўсіх людзей добрай волі, -- пранікнёна азваўся лідэр “Лабусаў”, -- а значыць, -- ён важка ўзняў палец, -- і за таварыша Сталіна.

Пранік страсянуў галавой, каб сагнаць рэлігійнае ачмурэнне:

-- Папоўскае цемрашальства! -- ён цвыркнуў слінай на брук, -- якое дачыненне мае гэты стары жмудзілас да нашых новых канфліктаў? З-пад якога ковенскага плоту вы яго выцягнулі? -- сказаў ён не вельмі ўпэўнена, бо шляхотная “барсаліна” відавочна сведчыла пра іншае.

-- Piano, signior Pranik, -- як сухое лісце зашалясцелі італьянскія словы, -- Koza Nostra! Sicilia, Palermo…

Стары звонка пстрыкнуў скручанымі поліартрытам пальцамі і скасавурыўся на галоўнага жмудзіна. Халерас схіліўся да вуха старога і прашаптаў:

-- Гэты фацат з савецкіх копаў.

Бяскроўныя вусны сіцылійскага мафіёзі расплыліся ў хіжай усмешцы. Ён адразу ж прыгадаў патрэбнае слова, пачутае ў мінулым жыцці на даху чыкагскай бойні, і нахабна тыцнуў пальцам у Пранікавы грудзі:

-- Мудзіла!

-- Ты шалёны, стары! Хто цябе дзе хаваў? -- імгненна раз’юшыўся чакісты.

-- Ён прывёз булу самога Папы Рымскага, -- Халерас абачліва стаў паміж Пранікам і сіцылійскім мафіёзі. -- Хай пан Спагеціс пацвердзіць свае паўнамоцтвы. Була!

Сухая далонь слізганула ў кішэню плашча. У святле фар разгарнула папяровыя крылы ўлётка з нетутэйшымі словамі.

-- Трымай!

Пранік недаверліва ўзіраўся ў двайны фатаздымак легата ў анфас і ў профіль, над якім чарнеў тлусты надпіс “WANTED”. Пад фота расцягнулася нулямі ўнушальная лічба паліцэйскай узнагароды.

-- За столькі даляраў Папеж прызначыў слыннага па абодва бакі Атлантыкі сіцылійскага мафіёзі пана Карласа Спагеціса сваім легатам на ўсіх Крэсах Усходніх, -- патлумачыў Шалёнас малапісьменнаму чакісту, -- цяпер ён і толькі ён мае права праз ксяндзоў загадваць тутэйшым піякам, якія трункі ім ужываць. А ўжываць яны павінны выключна італьянскае “віно росо”. Так што каціся ты са сваёй савецкай манаполькай. Як кажуць тыя бездухоўныя рускія: “кілбаскай па Малой Спаскай”.

Карла Спагеці моршчыў лоб -- згадваў другія тутэйшыя слоўцы, якімі кляў чыкагскіх копаў ягоны названы беларускі брат-бутлегер. Прамовіць іх яму не дазволілі двое жмудзіласаў, бо ўзялі пад пахі і шпарка пацягнулі ў салон машыны.

Пакінуты на адзіноце забойца мічыганскага шэрыфа ўладкаваўся на рыпучым скураным сядзенні “Мерседэса” і моўчкі пазіраў на чужы краявід. Тонкія старэчыя вусны дрыжэлі ад крыўды. Замест таго, каб з карысццю бавіць час у перастрэлках з паганымі карабінерамі Мусаліні ў алівавых садах роднай Сіцыліі, ён быў змушаны выконваць нязвыклую для сябе ролю “папскага легата на Крэсах Усходніх”. Так атрымалася, што пасля вяртання на радзіму бацькі Козы Ностры не здолелі падшукаць мафіёзі-перастарку адпаведнай яго статусу пасады, пасля чаго за немалыя грошы здалі яго ў ганаровую арэнду ковенскім тэрарыстам-пачаткоўцам. І хаця стары мафіёзі цяпер раскашаваў у лепшых гатэлях, бардэлях і рэстарацыях, незадаволенасць жыццём усё часцей давалася ў знакі.

-- Працуй пільна -- і будзе табе Вільня! -- задаволены вынікамі сустрэчы Халерас сеў за руль.

-- Страляй халерна -- і будзе табе Палерма! -- механічна перайначыў на свой капыл Карла Спагеці.

Баявікі чакісцкай групоўкі “Халодная галава” вылупленымі вачыма праводзілі картэж нахабных лабусаў. Калі пра яго рух у бок Вільні нагадваў з цемры адно бразгат танка, таварыш Пранік нарэшце перастаў хаўкаць разяўленым ротам.

-- Таварыш камандзір, дазвольце звярнуцца? -- нясмела нагадаў пра сваё існаванне Баян, -- і хто такі той Папеж Рымскі? Колькі ў яго танкавых дывізій?

-- Адзін з галоўных ідэалагічных махляроў у свеце капіталу, -- завучана адгукнуўся Пранік, -- опіум, як той казаў.

-- Ясна. А хто мацнейшы за яго ў прадажным свеце капіталу?

-- Таварыш Сталін вучыць, пакуль што, да сусветнай рэвалюцыі -- Дзядзька Сэм мацнейшы.

-- А калі б легат Дзядзькі Сэма з легатам таго Папы Рымскага барукацца пачалі, хто б з іх перамог? -- цікаўна прыкінуў Баян.

-- Безумоўна, амерыканскі легат папскага.

-- Дарэчы, -- Баян задуменна пачухаў патыліцу, -- мне адзін палітвязень з КПЗБ, што сядзіць у Бярозы-Картузскай, сігналізаваў: у іх тамака аўтарытэтны чыкагскі злодзей-камінтэрнавец тэрмін адбывае. Джон Сміт-Весон. Ён жа -- Хросны. З ім мы бы далі прачухацца таму папскаму легату. Загадаеце дзейнічаць, таварыш камандзір?

-- З канцлагера Бяроза-Картузская яшчэ ніхто не ўцякаў, -- слушна нагадаў Пранік.

-- Для сапраўднага чакістага не бывае нічога немагчымага, -- запэўніў Баян, -- у таго палітвязня-капэзэбоўца ёсць на волі памагатыя з простых. Нейкія Стасік і Чэсік. Ён казаў, калі партыя загадае -- сталёвыя драты перагрызуць, зямлю насамі ўзаруць, Нёман па дне пяройдуць.

-- Хлопцы хоць надзейныя? -- па-чакісцку прымружыўся камандзір.

-- Сам іх на вочы не бачыў. Канспірацыя. Але, як той казаў, звяругі! Дык дзейнічаем?

2.

-- Ну што, таварыш Хросны Сміт-Весон -- дзейнічаем, га? -- хлопец з паблажлівым тварам вясковага капэзэбоўца таргануў за рукаво турэмнай робы немаладога хударлявага мужчыну.

Хісткі агеньчык свечкі адбіўся ў васільковых, як неба над Мічыган-Возерам, вачах Хроснага.

-- Хіба ўсё гатова? -- шнары і зморшчыны на разважлівым твары склаліся ў мазаіку зацікаўленасці.

-- Га? Зараз усё і пабачыце, і зразумееце, таварыш амерыканскі камінтэрнавец.

-- Колькі разоў табе казаць, гэта для Дэфензівы я камуняка, а насамрэч -- нармальны тутэйшы буржуазны нацыяналіст.

Капэзэбовец хітра прымружыўся і задзьмуў свечку.

-- Зразумеў. Канспірацыя, га?

-- Га-га, -- нібыта пагадзіўся Хросны і махнуў рукой, -- гакала!

Бразнула клямка, вязні выбраліся з вільготнай цемры былой манаскай келлі на свежае лагернае паветра.

Мярцвянае электрычнае святло пражэктараў з ахоўных вышак аблівала старажытныя муры былога Картэзіянскага кляштара, ператворанага прыхаднямі-палякамі ў канцлагер для нацыянальна-свядомых, камуністых і сацыялістых беларусаў. Вецер звінеў калючым дротам агароджы. Ад балотных чаратоў, што пачыналіся адразу за кантрольна-следавай паласой, плыў паўпразрысты туман.

Хросны і капэзэбовец крадком прабраліся ўздоўж сцяны турэмнага корпуса і спыніліся за штабелем жалезабетонных бэлек, якія палітвязні штодня цягалі праз увесь пляц пад прыцэламі карабінаў аховы. Гэтыя фізічныя практыкаванні рабіліся па загадзе пана каменданта. З самое раніцы і да палудня зняволеныя цягалі бэлькі ад лямуса да былой плябаніі, а пасля палудня -- ад плябаніі да лямуса.

-- А бэлькі не ляснуцца? -- насцярожыўся Хросны.

-- Нашы сябры-грамадоўцы спецыяляна іх гэтым разам так склалі, каб вам было дзе схавацца, -- патлумачыў капэзэбовец.

Палітвязні асцярожна ўскараскаліся па складзеных крыжом бэльках. Адсюль, з вышыні, можна было разгледзець не толькі пругкую спіраль калючага дроту па-над шчарбатым кляштарным мурам, але і балота з рэчкай, за якой прамалёўвалася стужка шашы.

Воля была зусім блізка. Здавалася, варта добра разагнацца, скочыць -- і пабяжыш па роснай траве ў вільготную ноч, да цёмнае шашы. Але паміж мурам і кантрольна-следавой паласой сувора паўставалі загостраныя дубовыя слупы, густа пераплеценыя калючым дротам, праз які было не прабрацца, не праціснуцца.

Вецер з балота разгойдваў на ліхтарах бляшаныя конусы са сляпучымі электрычнымі лямпачкамі. Пачварныя цені бязладна кідаліся па лагерным двары. За руінамі касцёла злавесна чырванелі вокны асабняка пана каменданта. З іх даляталі ледзь чутныя гукі накцюрна.

-- Нават пасля адбою свайго Шапэна грае. Кат! -- маладзён звузіў вочы. -- Нічога, мы з ім яшчэ сустрэнемся на барыкадах!

Нябачны кажан са свістам успароў крыламі павертра над галовамі вязняў. У гадавальніку забрахалі сабакі, і лагодныя гукі накцюрна сцішыліся.

-- А ты казаў, усё гатова, -- расчаравана нагадаў Хросны, аглядаючы непахісныя слупы. -- Як дзейнічаць збіраешся?

Капэзэбовец хітравата пасміхнуўся і выцягнуў з кішэні жалейку-самаробку.

-- Эх, скручу я дудку! Такое зайграю! -- прамовіў ён і ціха-ціха зайграў.

Песня жальбы паплыла над тужлівым беларускім краявідам, бязлітасна перакрэсленым калючым дротам. Ноч нечакана адгукнулася далёкім шчаслівым рохканнем.

-- Стасік, Чэсік! Га?! -- узрадваўся заходнекамуністы маладзён.

-- Рох-рох, плюх-плюх, -- азывалася начное балота.

-- А хто там ідзе? -- насцярожыўся Хросны.

-- Нашыя хлопцы ўжо блізка, -- вочы маладога камуніста заззялі падзабытым сялянкім шчасцем.

-- Чаму яны рохкаюць?

Малады вязень змоўніцкі прыклаў палец да вуснаў.

З чаратоў, што хісталіся адразу за калючым дротам, выткнуліся дзве вусатыя морды і цікаўна забліскалі дробнымі, што пацеркі, вачанятамі. Насы прагна ўцягвалі паветра, маленькія лапкі нецярпліва абмацвалі траву, нібыта нечага шукалі і не знаходзілі.

-- Хлопцы з суседняга барака цэлы тыдзень ані хлеба, ані солі не елі. Для вас стараліся, -- пафасна пахваліўся маладзён.

-- А гэтыя “рох-рох, плюх-плюх” жэрлі? -- недаверліва прымружыў вока беларускі мафіёзі.

-- Па начах цэлы тыдзень ім салоны хлеб за драты кідаў, да жалейкі прывучыў. І што цяпер будзе, самі пабачыце. Га?

А ў прывітальным рохканні ўжо прабіваліся ноткі лёгкага расчаравання і нават незадаволенасці.

Капэзэбовец выцягнуў з кішэні загорнутую ў анучку лусту турэмнага хлеба, шчодра пасыпаў яе буйной соллю і кінуў пачастунак на кантрольна-следавую паласу, але гэтым разам не за межы канцлагера, а акурат перад слупамі з нацягнутым дротам. Яго галодныя вочы зайздросна лыпнулі.

Бабры з бліжэйшай рэчкі, ужо тыдзень як прыкормленыя камуністым, звыкла кінуліся да жаданага, але пакуль недасяжнага пачастунку.

Стасік першым тыцнуўся вусатай пысай у калючы дрот і злосна загырчэў. А вось разумнейшы Чэсік адразу сцяміў, як можна дабрацца да салонага хлеба за непраходным бар’ерам. Дробныя, як у дзіцёнка, лапкі абхапілі дубовы слуп. З-пад шырокіх здароўчых зубоў пасыпалася-паляцела пілавінне і трэскі. Неўзабаве слуп нахіліўся, і нацягнутыя драты зазвінелі. Праз колькі хвілін поруч з Чэсікам шчыраваў Стасік. Суседні слуп ён схрумкаў, як тая амерыканская бензапіла. Слупы валіліся адзін за адным, нібы даміношныя косткі, і цягнулі-абрывалі сталёвы дрот.

Галодныя жывёлы спрытна ўхойдалі апошні шэраг слупоў і навыперадкі кінуліся да прысоленага ласунка. Вільготныя шырокія хвасты надзейна замяталі сляды на ўзаранай кантрольнай паласе.

Апалітычныя беларускія бабры Стасік і Чэсік нават не здагадваліся, што праз сваю ненажэрнасць спрычыніліся да беспрэцэдэнтнай чакісцкай акцыі па арганізацыі ўцёкаў з Бярозы-Картузскай. Таварыш Баян, які на загад камандзіра “Халоднай галавы” здзяйсняў аператыўнае кіраўніцтва, прафесійна збудаваў увесь ланцуг выканаўцаў. Уцёкі не каштавалі ані шэляга меднага, бо паслухмяны камуністы, як і мае быць, рызыкаваў жыццём адно за абстрактную ідэю.

У таемным месцы пад балотнай купінай Хроснага ўжо чакала гумовая торба з цывільнай вопраткай, якасна падробленымі дакументамі і пачкам златовак -- вядома ж, фальшаваных. Сам Баян на вялікай амерыканскай машыне “Пакард” быў ужо выправіўся з Гародні, каб падабраць уцекача ва ўмоўленым месцы.

Маладзён выцягнуў з бетоннага штабелю прыхаваны драўляны брус і перакінуў яго на мур.

-- Ну што, таварыш Хросны… Перадайце прывітанне нашым таварышам з Камінтэрна. Га? -- малады камуністы расчулена шморгнуў носам і выцягнуў з кішэні кісет з махоркай, -- гэта таварышы грамадоўцы вам у дарогу сабралі.

-- Ведаеш, я перадумаў уцякаць, -- з нечаканай суворасцю прамовіў той.

-- Га? -- не паверыў маладзён.

-- І па той бок дроту “долі не відаць, кайданы няволі на руках звіняць”, -- працытаваў адукаваны Хросны, -- дый, што там, зрэшты, добрага быць можа? Асадніцтва, прастытуцыя, парнаграфія, эксплуатацыя, беспрацоў’е, санацыя, дыскрымінацыя, паланізацыя, Дэфензіва… Бездухоўнасць, як той казаў. Бач, бабры -- і тыя галодныя.

-- А можа, так яно і трэба? -- пранікнёна запытаў камуністы.

-- Не, хлопча, я лепш тут застануся, сярод сваіх. Тут чыста, цёпла і не страляюць, як у іншых месцах. За калючым дротам выспа стабільнасці і спакою. Мяне паважаюць, у мяне абутак і вопратка па сезоне, гарантаваная ежа тры разы на дзень і ніякага беспрацоў’я. Наш канцлагер -- адзінае месца ў свеце, дзе нават прыхадні не сумняваюцца, што ты праўдзівы беларус.

-- Усё слушна... Толькі б не было вайны, таварыш Хросны! Мне за кратамі таксама тое-сёе падабаецца. Але ж трэба некаму і там за духоўнасць, за народнае шчасце змагацца! -- разгубіўся камуністы. -- Калі не вы, дык хто? Га?

-- Там, -- Хросны паказаў на начную беларускую дрыгву, -- барацьбітоў са змагарамі ніколі не бракавала. А дзе плён? Дзе шчаслівае, заможнае жыццё?

-- Ад вас плён будзе, так і вашыя таварышы казалі, з гэтага, як яго там … з Чэ-Ка. Га?

-- З Чыкага? -- знерухомеў Хросны. -- Чаму ж ты раней не казаў, што гэта янкі мне ўцёкі зарганізавалі?

-- Мо і янкі. Не ведаю. Але яны хлопцы чэ-ка-скія, дакладна. Я ж ад пачатку казаў, -- канчаткова сумеўся маладзён, -- вас будзе чакаць вялікі амерыканскі самохуд… Сухая яблыня дзічка… На шашы… Дык што ім цяпер сказаць, га?

-- Не пераймайся. Сам скажу.

Хросны сунуў у кішэню кісет, раскінуў рукі крыжом і пайшоў па хісткім брусе да шчарбатага кляштарнага мура. Перш чым скочыць, ён азірнуўся:

-- Цябе як клічуць?

-- З-за жалейкі Пеюном празвалі, -- разгубіўся маладзён і войкнуў.

3.

-- Ой, бярозы ды сосны… -- размілавана роў кіроўца ў чакісцкай скуранцы і круціў руль шляхотнага “Пакарда”.

-- ... партызанскія сёстры… -- згодна падхапіў таварыш Баян і нервова глянуў на гадзіннік. -- Праз тры гадзіны мусім быць пад Картуз-Бярозай. Цісні на акселератар!

За сіняватым куленепрабівальным шклом амерыканскага лімузіна шпарка беглі балоты, лясы, сенажаці ды іншыя някідкія адметнасці класічнага тутэйшага краявіду.

Бралася на вечар. Па шашы нетаропка каціліся палягчэлыя сялянскія вазы. Гаспадары, што ўдала распрадалі на Гарадзенскім кірмашы сала, яйкі і млека, адзначалі свае бізнесовыя поспехі дарагой “вудкай крамнай ”.

-- Счакай, не апярэджвай, -- загадаў кіроўцу Баян і апусціў шкло дзвёркі.

“Пакард” паволі сунуўся каля самага воза. Конь палахліва скасавурыўся на нікеляваны радыятар з крылатай срэбнай скульптуркай.

-- Дзень добры, таварышы сяляне! -- прывітаўся чакісты.

Гаспадар павагаўся, збянтэжаны словам “таварышы”, што прагучала з лімузіна, і на ўсялякі выпадак зняў шапку.

-- І вам дзень добры, паночкі, -- вясковец заціснуў паміж каленяў малую пляшачку, на донцы якой яшчэ боўталася крыху “вудкі”.

-- Дорага ж каштуе. Не шкада грошай, крывавым мазалём заробленых? -- падначыў Баян.

-- Дык нагода ж ёсць, -- селянін выцягнуў з-за халявы колькі златовак, -- са швагерам пяцёх парсюкоў прадалі!

-- А што не дапіваеце?

-- За каўнер закласці пакінулі, -- уздыхнуў гаспадар.

-- Гэта як, таварышы? -- зацікавіліся чакістыя.

Селянін знізаў плячыма:

-- Плесканем крыху на далонь і па шыі, як паны адэкалёнам. Хай уся вёска думае, што мы шмат у шынку выпілі.

-- Во да чаго паны-эксплуататары працоўны люд давялі! -- шчыра абурыўся Баян. -- Не адчайвайцеся, таварышы сяляне. Вызваленне з Усходу ўжо блізкае. Як Саветы прыйдуць, зажывеце -- гарэлка танная. Гнуць спіну не трэба, гуляй, пі сабе на здароўе ад панядзелка да панядзелка.

-- Хай сабе і танная, а жыць з чаго, як не з працы? -- з вясковай разважлівасцю запярэчыў селянін.

Баян выцягнуў з шырокіх галіфэ крамлёўскую пляшку, вытаргнуў зубамі рубінавую зорку-корак і добра-такі каўтануў з рыльца.

-- Глядзіце, зайздросьце, я -- грамадзянін Савецкай Беларусі! -- ганарліва дакляраваў ён і выцер падбароддзе рукавом. -- Няма ў нас на каго спіну гнуць! У нас няма дваранаў, у нас усе роўныя! Ганіце польскіх паноў і падпанкаў! Стварайце камітэты сялянскай беднаты! Уступайце ў падпольныя парт’ячэйкі! Чытайце “Звязду” ды “Савецкую Беларусь”! Купляйце танную кантрабандную “Крамлёўскую” толькі ў шынках Навума Фабрыканта! І тады, як прыйдуць Саветы, кожнаму селяніну дадуць па такім самым лімузіне, як у нас!

-- Калі за Саветамі жыццё такое шчаслівае, то, можа, і людзі там не паміраюць? -- хітра прымружыўся селянін.

-- Старыя -- паміраюць, -- скрушна прызнаўся чакісты, тут жа схамянуўся, выправіўся, -- але ненадоўга.

Кіроўца злякана зірнуў на старэйшага таварыша і прыціснуў газ. “Пакард” ірвануў па шашы.

-- Ты чаго? -- здзівіўся агітатар, -- я нават пачаставаць іх не паспеў!

-- Таварыш Баян! Знаходзячыся на тэрыторыі, часова кантраляванай класавым ворагам, ты злосна парушыў канспірацыю, -- сувора нагадаў кіроўца ў скуранцы, -- таварыш Пранік такога ніколі не даруе. Да цябе я гэткага ж балбатуна вазіў. І ведаеш, куды яго язык завёў? У Курапаты!

У салоне запанавала маўчанне, было толькі чуваць, як роўна гудзе магутны васьміцыліндровы рухавік -- жарэ паліва і кіламетры, бы тая свіння памыі. Мільгацелі бярозы ды сосны. У даліне, залітай фіялетавым паўзмрокам, шапталіся явар з калінай. Стракацелі вузкія сялянскія надзелы -- палосы. Абапал дарогі крыжамі-волатамі чарнелі тэлеграфныя слупы.

Пагоркі незаўважна змяніліся роўнай, як патэльня, зямлёй. Стомлены дарогай кіроўца паціху дзёўб носам.

-- Які прывабны краявід! Якая паша! Якое поле! Ну проста цуд прыроды! -- пранікнёна пракаментаваў Баян. -- Тут табе не Гарадзеншчына. Стратэгічная роўнядзь ад краю да краю. Танкавая калона па ёй, нібы, на парадзе пойдзе. Шчаслівыя дзяўчаты ў вышыванках нашых вызваленцаў вітаць выйдуць, непераможных і легендарных. Вось толькі мост наперадзе, яго пілсудчыкі напэўна замініруюць. Варта загадзя парашутны дэсант скінуць.

-- Ага… -- толькі і азываўся сонны кіроўца, ды далей дзёўб носам.

Насып набіраў вышыню, за шклом пабеглі парэнчы маста.

-- Глянь, дзеўкі! -- шчасліва выгукнуў Баян.

-- Ага… -- прагучала з ранейшай санлівасцю.

-- У рэчцы плёхаюцца, што тыя бабрыхі!

-- Ну і хай сабе.

-- Голыя! -- працягваў спакушаць старэйшы чакісты.

Кіроўца нарэшце зірнуў на раку млява і абыякава, нават галавы не павярнуў:

-- Хіба ж то дзеўкі? Простыя сялянкі! Вось на гарадзенскай Раскошы -- сапраўдныя дзеўкі стаяць! Майткі карункавыя. Панчохі ядвабныя. Вусны падведзеныя. А водар які ад іх сыходзіць! Не прамінуць. Мяне на Раскошу штовечар як магнэзам цягне. Каб не прапанаваў ты таварышу Праніку гэтага амерыканскага Хроснага, адцягнуўся бы я напоўніцу. У “Kajakowym klubie” сёння танцы. А пасля танцаў у кожнага шляхотнага фацата на кожным калене сядзіць па вясёлай кабеце.

“Пакард” мінуў мост. Сінія прыцемкі канчаткова апанавалі шашой. Запалалі фары, і ў конусах жоўтага святла мільгануў кіламетровы слупок. Баян зашамацеў картай-двухвярстоўкай. Падобны да сардэлькі палец упэўнена сунуўся па лініі дарогі, што ўпіналася ў грунтоўку.

-- Праз тры кіламетры -- канец шашы. Там збочваем направа, -- старэйшы чакісты тыцнуў у скрыжаванне, падобнае да літары “Т”.

Кіроўца падбадзёрыўся:

-- Картуз-Бяроза зусім блізка?

-- … яшчэ адзін праехалі, -- Баян адзначыў позіркам кіламетровы слупок і, каб не памыліцца, загнуў палец, -- …і яшчэ кіламетр, -- другі палец прыціснуўся да далоні.

У святле фар насустрач нікеляванаму капоту бег па ўзбочыне трэці павапнавы слупок. Але ані Баян, ані кіроўца на яго не глядзелі, як не заўважылі і знак, што папярэджваў: шаша тут упінаецца ў гравейку, і трэба збочваць або налева, або направа. Абодва чакістыя, нібыта па нячутнай камандзе, прыкіпелі позіркамі да зграбнай дзявочай постаці ў негліжэ, што зрокава замыкала перспектыву начной шашы. Ядвабныя панчохі льсніліся ў святле фараў. Праз узорыстыя карункі парыжскіх майткаў прасвечвалі гладкія малочныя сцёгны. Пяшчотны ветрык забаўляўся пульхнымі бурштынавымі валасамі. Вялікія зеленкаватыя вочы гарэлі гарэзліва і юрліва.

-- Курва-а-а… -- малітоўна прастагнаў кіроўца, зварочваючы шыю на дзеўку ў негліжэ.

Шоргат гумовых пратэктараў па бруку рэзка змяніўся сухім шамаценнем граверу. Колы браніраванага “Пакарда” храбуснулі сакаўной травой на ўзбочыне двухметровага насыпу і сталі намотваць на сябе паветра з ранейшым імпэтам. Таварыш Баян здзіўлена прыўзняў бровы і схамянуўся -- цяпер ён чуў толькі посвіст ветру, што абцякаў лімузін у свабодным палёце, ды роўны, як у самалёце, гул рухавіка.

-- Гамуй! -- спознена залямантаваў ён і заплюшчыў вочы.

Грымнула. “Пакард” з загамаванымі коламі падраненым бамбардыроўшчыкам ляснуўся на вільготную пашу. Нізкі ўзмоцнены бампер бязлітасна ўзараў дзёран. З-пад сарванай накрыўкі радыятара засвістала.

-- Таварыш Баян!.. Таварыш Баян!.. -- загаласіў кіроўца, як маладая ўдава на вясковых могілках.

І толькі калі старэйшы чакісты зразумеў, што лёс гэтым разам усё ж злітваўся з яго, расплюшчыў вочы.

-- А-ёй!.. -- адразу ж сцяўся Баян.

З-пад самага лабавога шкла на яго самотна пазірала юрлівае зеленкаватае вока. Аднавокая нежывая курва ў падраных панчохах раскінулася на капоце ў позе марской зоркі. Праз бурштынавыя валасы няроўна струменіла пара. Бездакорныя цыцкі з ягадкамі смокчаў маціцова блішчэлі ў прывідным месяцовым святле.

Баян асцярожна падаўся наперад, зазірнуў у сляпую вачніцу курвы і здрыгануўся. Шкляное зеленкаватае вока гулка праценькала па лакіраваным капоце і скацілася ў траву.

Кіроўца баязліва падняў лабавое шкло. Яго дрыготкія пальцы кранулі бурштынавую пасму.

-- Давай яе сюды, -- прагучала каманда.

Агледзеўшы расколатую галаву, таварыш Баян каротка і нервова рагатнуў:

-- Твая праўда. З гарадзенскай Раскошы дзеўка. Яшчэ ўчора ў вітрыне французскай крамы стаяла. Манекен.

-- Курва парцалянавая, -- пагадзіўся кіроўца, -- прыехалі...

Старэйшы чакісты абышоў машыну і прысвіснуў.

-- Згубілі мы з табой класавае чуццё -- за буржуазнымі майткамі ды белапольскімі цыцкамі варожую правакацыю не згледзелі. Чорта лысага мы адсюль без дапамогі выберымося. А праз гадзіну Сміта-Весона трэба падабраць. Давядзецца таварышу Праніку сігналізаваць.

Кіроўца падняў сядзенне, выставіў на капот грувасткую рацыю з доўгай антэнай-чарацінай.

-- “Халодная галава”, “Халодная галава”… -- шэптам выклікаў камандзіра Баян, -- я “Доўгія рукі”…

Раптам скрозь хрубаст радыёперашкодаў прабіўся здзеклівы голас Шалёнаса Халераса:

-- Галава… галава… чэляс табе ў глоткас, каб галава не хісталася. Ну як, упадабалі французскую Альжбету -- вясёлую кабету? Таварышу Праніку нашае жмудзінскае прывітанне!

4.

Халодны туман слаўся па-над самымі балотнымі хмызамі. Чорныя вокны вады дрыготка адбівалі размытыя абрысы чаратоў. Недзе ў непраходнай пушчы злавесна закугукаў пугач, і галодны воўк азваўся працяглым жудасным скавытаннем.

Хросны скакаў з купіны на купіну на злом галавы. Скрозь шоргат чаратоў яму ў спіну неслася злоснае бабровае рохканне. Чалавеку, які пражыў, бадай, палову свайго ліхтужнага жыцця ў каменных джунглях, нялёгка было спаборнічаць у спрытнасці са спракаветнымі насельнікамі беларускіх балот. Дый хто мог даць рады ўцекачу?

Хроснага нарэшце спыніла рака. Былы вязень у роспачы азірнуўся -- галодныя грызуны бязлітасна падступаліся.

-- Стасік, Чэсік… -- лагодна прамовіў Хросны. -- Адчапіцеся! Хрыстом-Богам прашу!

Нажаль, добрае слова не дапамагло. Галодныя бабровыя вочкі не пакідалі надзеі на паразуменне. Шырокія, як секачы, зубы, хіжа ляскалі ў цемры. Мокрыя хвасты нервова мянцілі па траве.

-- Рох-рох! -- ашчэрыўся Чэсік і агрэсіўна пасунуўся наперад.

Былы вязень ніколі не спадзяваўся на цуды, ні ў каго не прасіў літасці: ані ў копаў-жандараў, ані ў прыроды. Махорка з разарванага зубамі кісета паляцела ў вусатыя бабровыя пысы. Стасік з Чэсікам адразу заенчылі і зацерлі лапкамі зацярушаныя вочкі.

-- Бывайце здаровы, жывіце багата, -- прымірэнча развітаўся з імі ўцякач і няспешна падаўся да крывога бервяна-кладкі, што рэльефна чарнела ніжэй па рачной плыні.

Тайнік з гумовым мехам Хросны адшукаў адразу. Някідкі, але шляхетны стройчык быў пашыты нібыта па мерцы, знятай з былога вязня. Праўда, навюткія палатняныя чаравікі з лакіраванымі насамі крыху мулялі. Пінжак падаўся яму падазрона зацяжкім. І не дзіва -- у кішэнях ляжалі дакументы, наладаваны партцыгар, запальнічка, ладны пачак новых златовак і нават срэбны гадзіннік на доўгім ланцужку. Але ўцекача больш за ўсё ўсцешыў цяжкі нікеляваны браўнінг з пукатым рыфлёным дзяржальнам.

Былы палітвязень нарэшце выбраўся з балота і агледзеўся. Шаша з прысадамі была непадалёк. Але дзе тая сухая яблыня-дзічка, пад якой яго павінна чакаць вялікая амерыканская машына?

Літыя гумовыя падэшвы хрумсцелі жвірам. Кіслародная свежасць вольнага ветру прыемна асцюджала твар. Хроснаму вельмі хацелася прылегчы ля старога гасцінца, рукі вольна раскінуць ушыркі і слухаць, як шумяць бярозы, калышуць-люляюць свой напеў векавы. Але ён мусіў ісці -- світанак ужо фарбаваў скрай неба ў колер малінаўскага яблыка.

За паваротам уцякач прыпыніўся. На ўзбочыне ўрачыста, нібыта пацярпелы аварыю акеанічны лайнер, высіўся вялікі самохуд. Былы чыкагскі бутлегер беспамылкова вызначыў марку грузавіка -- “Студэбекер”.

“Вялікі амерыканскі самохуд, -- згадаў Хросны словы маладога капэзэбоўца. -- Супала”.

З-пад узнятага капота лілося бляклае электрычнае святло. Нябачны механік корпаўся ў рухавіку, насвістваў самому сабе “Янкі дудль”. На тэнтаваным брэзентам кодабе бялеў вялікі надпіс JANKI.

“Ну, хлопцы зусім з глузду з’ехалі. Яшчэ б амерыканскі сцяг вывесілі!” -- жахнуўся былы чыкагскі бутлегер.

Але Хросны не спяшаўся падыходзіць да машыны, бо колькі ні ўглядаўся ў краявід -- старой сухой яблыні так і не ўбачыў.

І тут з-пад узнятага капота пырснулі-разляцеліся дробныя электрычныя жарынкі.

-- Fuck you! -- высокі ладны маладзён са шрубоўкай у руцэ адскочыў ад машыны і затрос перабінтаванай далонню, -- Shit!

Хросны замілавана пасміхнуўся, бо даўно ўжо не чуў мілай сэрцу амерыканскай лаянкі.

“Усё супала. Праўдзівыя янкі”, -- узрадваўся Хросны і без ваганняў падаўся да “Студэбекера”.

Маладзён са шрубоўкай цікаўна разглядаў мужчыну ў стройчыку, які невядома што рабіў у світальных прыцемках на старым гасцінцы.

-- Hello! How do you do? -- прывітаўся Хросны.

-- Fine. Thanks, -- надзвычай уздрадваўся маладзён і яго валошкавыя вочы нахабна бліснулі.

-- Янкі? -- прымружыўся былы чыкагскі бутлегер.

-- Янкі, янкі, -- хлопец з нахабнымі вачыма ганарліва павеў рукой, дэманструючы кідкі надпіс на тэнтаваным кодабе.

-- Are your from… з Чыкага, са штату Ілінойс? Выбачай, хлопча, даўнавата не было з кім па-ангельску слоўцам перакінуцца.

Маладзён зарагатаў і хітра падміргнуў:

-- Не! Не з Чыкага, але з Амерыкі.

-- Паехалі, пакуль пшэцкія мудзілы не панаехалі! -- Хросны нервова глянуў на гадзіннік.

-- Я іх таксама ненавіджу! -- узрадваўся роднаснай душы кіроўца “Студэбекера” і гасцінна запрасіў уцекача ў кабіну. -- Тады, дзядзька, сядай. Што пыл таптаць?

Зароў магутны рухавік, закалаціўся рычаг пераключэння скрыні бегаў. Амерыканскі грузавік-асілак упэўнена зашаргацеў па бруку.

-- Куды? -- Хросны з палёгкаю распусціў гальштук, і з-пад кашулі бліснуў залаты абразок са Святым Януарам.

-- У Рыгу. Бывалі там? -- кіроўца зубамі зацягнуў вузел на забінтаванай руцэ.

-- Падыйдзе. З рукой што сур’ёзнае? -- паспачуваў Хросны.

-- Не страшна. Гэта яшчэ, як у Амерыцы быў. Я там трох мудзіл на горкі яблык збіў.

-- Іх і ў нас не бракуе. Асабліва ў Картуз-Бярозе, -- пагадзіўся Хросны і канчаткова пераканаўся, што маладзён з нахабнымі вачыма, той самы янкі, пра якога гаварыў малады капэзэбовец.

5.

Вораг-жандар дапаліў папіросу і цяжкім позіркам прыціснуў да сцяны маладога капэзэбоўца, які стаяў апошнім у даўжэзным шэразе вязняў Бярозы-Картузскай.

-- Зубы пакажы, -- жандарскія пальцы бязлітасна схапілі крысо турэмнай робы.

Камуністы паслухмяна ашчэрыў дробныя, як часнык, зубкі.

-- І ў гэтага цэлыя, -- расчараваўся жандар, выцягнуў з кішэні галіфэ жменю свежых дубовых трэсак і зняважліва кінуў іх у твар капэзэбоўца. -- Ну што, так званыя “свядомыя” спадары і таварышы, а насамрэч -- мужыкі-хамы-быдла-тэрарыстыя. Апошні раз пытаюся -- хто з вас перагрыз слупы на кантрольна-следавой паласе? Маўчыце? Тады будзеце бетановыя бэлькі цягаць.

-- Так мы іх, пан Янукевіч, і так штодня цягаем! -- асцярожна нагадаў нехта з даўжэзнага шэрагу.

-- Цягалі па адной, будзеце -- па дзесяць! І не цягаць, а грызці!

-- Пан жандар, хлеба няма, солі няма, махоркі не засталося, -- паскардзіўся малады віленскі камунар у акулярах з расколатым шкельцам, -- поўная няшчымніца. Хоць бетон грызі! У каго сваякі на вёсцы, тыя харчы з волі атрымоўваюць. А я сірата-месціч. Як да канца тэрміну не дажыву, дык пану давядзецца адказваць.

Жандар Янукевіч няспешна прайшоўся ўздоўж сцішэлага шэрагу. Па канцлагернай завядзёнцы падобная фраза магла каштаваць вязню дзесяць дзён карцэра. Але гэтым разам абышлося: камунар, сам таго не ведаючы, крануў сантыментальныю струну ў душы жандара.

-- Я ж сам тутэйшы сірата, -- амаль па-чалавечы ўздыхнуў Янукевіч, -- мяне сёстры-кармеліткі ў Школе Падставовай гадавалі. І што характэрна, вялікім панам стаў! Хто скажа -- чаму?

Зняволеныя маўчалі прыгнечана.

-- А таму, -- жандар павучальна ўзняў палец, -- што, у адрозненне ад вас, мужыкі-хамы-быдла, у беларускай школе я не вучыўся, вашых газет і кніг ніколі не чытаў, ды й чытаць не збіраюся. А цяпер паўтараю: хто згрыз слупы?..

Вецер звінеў калючым дротам, скавытаў у комінах былога картэзіянскага кляштара, кідаў пылам у твары палітвязняў, сек па нагах колкім пяском. Стары раскудлачаны крумкач чарнеў на вільчыку турэмнага корпуса знакам бяды. Цьмяна паблісквала зброя ў руках ахоўнікаў на вышках. Янукевіч бессэнсоўна сноўдаўся па пляцы. Яго мудрагелістая лаянка з нечаканымі параўнаннямі і недарэчнымі метафарамі прымушала ніякавець нават спрактыкаваных тэрарыстаў -- забойцаў агентаў Дэфензівы.

Вусаты дасведчаны грамадовец асцярожна схіліўся да вуха маладога капэзэбоўца:

-- І сноўдаецца, і сноўдаецца… што той пёрд пад коўдрай.

-- Ужо дзесяць гадзін мінула, як Хроснага адшукаць не могуць. За гэты час не тое што да Баранавічаў, да самой Рыгі можна было дабрацца! Га?

-- Не зловяць уцекача да наступнай раніцы -- пагоняць з жандараў нашага Пярдолка, як з Гарадзенскага Цэнтрала калісьці выперлі.

-- Га? Так, чуў! Пярдолэк за дзеўкамі ў турэмнай лазні падглядаў!..

Дасведчаны грамадовец меў рацыю: тутэйшы сіротка Віктар Янукевіч хоць і выбіўся ў польскія жандары, але так і не здолеў пазбыцца ганебнай мянушкі “Пярдолэк”, як, зрэшты, і непрыстойнай манеры падглядаць за голымі дзяўчатамі.

6.

“Пакард” выцягнулі на шашу валамі толькі пад раніцу. Браніраваны лімузін асабліва не пацярпеў -- рухавік запусціўся адразу. Але час быў беззваротна страчаны. Без сумневу, уцекача ўжо даўно шукалі жандары.

Змрочны кіроўца гнаў легкавік да абумоўленага месца. Таварыш Баян нервова падкручваў колца настройкі рацыі і шалохаўся ад кожнага гуку ў навушніку. Перспектыва зноўку пачуць голас Шалёнаса была для яго невыноснай.

Калі сонейка канчаткова паднялося па-над лесам, сеанс сувязі быў наладжаны.

-- “Доўгія рукі”, “Доўгія рукі”, -- адгукнуўся таварыш Пранік, -- гэта “Халодная галава”. Спадзяюся, таварыш амерыканскі камінтэрнавец ужо з вамі?

-- Дакладаю, таварыш Пранік! Мы сталі ахвярамі жахлівага тэракту, -- з уласцівай чакістым бездухоўнасцю схлусіў таварыш Баян, -- на нас здзейсніў наезд цэлы эскадрон баевікоў польскай лёгкай кавалерыі. Дзесяць белапалякаў забітыя, астатнія рассеяныя. Баявая машына атрымала лёгкія пашкоджанні, але час страчаны. Працягваем рух у бок Бярозы-Картузскай. Адстрэльваемся ад…

-- Ну ты, стралок варашылаўскі, казёл смярдзючы, -- з бальшавіцкай непасрэднасцю абсёк падначаленага таварыш Пранік, -- мне па херу дым: кавалерыя, аэраплан, бронецягнік, дырыжабль ці бабскі батальён. Не даставіце мне амерыканскага таварыша -- выканаю асабіста. Можа, і грошы пілсудчыкі ў вас адабралі?

-- Не, -- чакісты спалохана заміргаў, -- народныя грошы, прызначаныя для тэрарыстычнай дзейнасці, згодна інструкцыі, можна згубіць толькі з жыццём!

-- Карацей, мудзілы, слухайце мяне сюды. Як не прывязеце нашага амерыканскага таварыша Сміта-Весона, будзеце ў мінскім парку Чэлюскінцаў з парашутнай вежы скакаць. Без парашутаў, вядома. Што скажаш?

-- Правільнае і вельмі своечасовае рашэнне, таварыш Пранік, -- зніякавела адказаў Баян.

-- З камуністычным прывітаннем, дарагія таварышы. Канец сувязі.

Дрыготкія рукі чакістага прыўзнялі скураное сядзенне. Эбанітавая скрынка рацыі заняла належнае месца ў тайніку побач з крамлёўскімі пляшкамі і ладным брыкетам буйных банкнотаў, загорнутым у газету “Звязда”.

-- Што ты так расхваляваўся? -- знізаў плячыма кіроўца. -- Спадзяюся, твой капэзэбовец усё правільна растлумачыў таварышу Сміту-Весону: схованка пад балотнай купінай, гумовы мех і вялікі амерыканскі самохуд. Хіба ў гэтых мясцінах можа трапіцца другі амерыканскі аўтамабіль?

7.

Магутны даўжэзны “Студэбекер” упэўнена прасаваў гасцінец. Шырокія колы калаціліся на камянях брукаванкі. Сонца крышылася ў бакавым шкле, і Хросны павярнуўся да дзвёркі спіной.

-- Ой, дзядзька, я ж назвацца забыўся, -- кіроўца добразычліва падаў руку, -- Янка я. Янка Лабановіч. Не чуў? Пачуеш яшчэ. Мяне нават у Амерыцы кожны сабака ведае.

-- Хросны, -- уцякач з Бярозы-Картузскай са шчырай павагай паціснуў шырокую далонь.

Кіламетраў дзесяць ехалі моўчкі. Абапал гасцінца блішчэла збожжа ў яснай далі, сінелі міла васількі. Былы чыкагскі бутлегер асцярожна касавурыўся на маладога кіроўцу і прыкідаў ягоную вагу ў беларуска-амерыканскіх мафіёзных колах. Сам Лабановіч амаль не зважаў на позіркі пасажыра, насвістваў “Янкі дудль” і раз-пораз садзіў па рулі кулаком, нібы біў у лыч.

Нечакана ў перспектыве брукаванкі з’явіўся нейкі шляхотны легкавік. Хросны абачліва схіліў голаў, прыкрыў твар далонню і асцярожна глянуў на гасцінец скрозь пальцы. Насустрач нахабна гнаў доўгі лакіраваны “Пакард”. Сонечныя прамяні зіхотка адбіваліся ад срэбнай крылатай фігуркі на нікеляваным радыятары. За лабавым шклом прамалёўваліся нейкія нетутэйшыя пысы.

-- Яшчэ адзін амерыканец, -- пракаментаваў Лабановіч.

-- У Амерыцы на гэткіх карах адно мудзілы і ездзяць, -- пасміхнуўся Хросны, бо згадаў, што менавіта на “Пакардзе” выправіўся ў свой апошні шлях да закінутых бойняў чыкагскі шэрыф.

-- Ды не бачыў я ў нашай Амерыцы такога самохуда, -- крыху здзівіўся Янка. -- А вось мудзілы не зводзяцца.

Хросны падазрона зірнуў на кіроўцу:

-- Не бачыў, дык не бачыў… Бывае. Дарэчы, а дзе ты ў Амерыцы атабарыўся?

-- Як табе, дзядзька, растлумачыць? Ля самага сіняга возера. Іх там тры. Вось шкада, назву забыўся, але тое возера самае вялікае.

Уцякач з Бярозы-Картузскай скасавурыўся:

-- Дзіўна, што назву згадаць не можаш.

-- Я ж у той Амерыцы зрэдку бываю. Бізнес у мяне там, ну і… пара дзевак, вядома ж.

“Студэбекер” праехаў мост. Халодным срэбрам ззялі хвалі між камянёў ліючайся ракі. На мастках вясковыя маладзіцы, стоячы рачкі, пралі бялізну.

-- А дзе ты, дзядзька, па-ангельску намайстрачыўся гаварыць? -- пацікавіўся Янка Лабановіч, разглядаючы ў аўтамабільным люстэрку вабныя жаноцкія постаці.

-- Мне мудрасці кніжнай не даў лёс пазнаці, мой бацька не ведаў раскошаў такіх, -- паэтычна ўхіліўся ад прамога адказу Хросны і пазяхнуў.

Ён не спаў больш за суткі. Доўгая дарога, мяккае сядзенне, утульная кабіна і аднатоннае шаргаценне колаў міжволі закалыхвалі. Жахлівая Бяроза-Картузская імкліва аддалялася. Уцекача хіліла ў сон. Да таго ж беларускі мафіёзі канчаткова пераканаўся, што новы знаёмец і ёсць тым самым “янкі з Чыкага”, які мусіў яго падабраць.

-- Дарэчы, а за што ты мудзілаў у Амерыцы збіў? -- былы вязень спагадліва паглядзеў на перабінтаваную руку кіроўцы.

-- А хіба мала таго, што яны -- мудзілы? -- шчыра патлумачыў Янка, -- колькі можна чакаць міласцяў ад прыроды? Ніхто нам, беларусам, не дасць рады, хіба што мы самі сабе. Бярэш кій, і…. Дзядзька Хросны, ну ты мне вось шчыра скажы: ці маю я права зламіць мудзілу хаця б адну руку?

-- Маеш! -- не вагаючыся, азваўся беларускі мафіёзі.

-- …ключыцу і пяць рэбраў, -- задуменна прымружыўся Лабановіч.

Хросны памаўчаў, разважаючы.

-- Так, -- вырак ён сур’ёзна, -- безумоўна, ты маеш права зламіць мудзілу хаця б адну руку, адну ключыцу і мінімум пяць рэбраў.

-- …сківіцу, лытку… -- засяроджана працягваў Янка.

-- М-м-м… магчыма. Што-небудзь яшчэ?

-- …і адбіць копчык! -- нарэшце скончыў кіроўца.

-- Ды я проста ўпэўнены ў тваім праве скалечыць любому бездухоўнаму мудзілу хаця б адну руку, адну ключыцу, пяць рэбраў, сківіцу, лытку і, вядома ж, адбіць копчык!

-- Я так і думаў! -- шчыра ўзрадваўся Лабановіч.

-- Толькі чаму ты такі брутальны? Няўжо жыццёвы досвед такім зрабіў? -- пазяхнуў былы палітвязень.

-- Дзядзька Хросны! Ну хіба я вінаваты, што яны прыхаднямі-мудзіламі да нас панаехалі і мой край не паважаюць?! -- драматычна прамовіў Лабановіч. -- Я ж на сваёй роднай зямлі жыву, а не на іхняй! То, як ты прыехаў на маю зямлю, шануй маю веру, маю мову, мой край і маю працу. А я буду шанаваць цябе! Гэта і ёсць нармалёвы беларускі буржуазны нацыяналізм. А тыя, хто такія прынцыпы не падзяляюць, у мяне заўсёды на горкі яблык дастаюць!

-- Мне сімпатычная твая жыццёвая філасофія, -- стомлена прамармытаў Хросны. -- Добры ты хлопец. Лупцуй мудзілаў і надалей. Прабач, Янка -- засынаю. Перад мяжой пабудзі.

-- Якая яшчэ мяжа? -- здзівіўся Лабановіч, але адказу не пачуў, стомлены пасажыр ужо спаў.

Неўзабаве “Студэбекер” звярнуў з гасцінца, і за лабавым шклом паўстала вялізная шыльда:

SADOVAJA HRAMADA “JABLONAUSZCZYNA”

SZYNOK “RYHA”

8.

Далейшыя падзеі ў канцлагеры Бяроза-Картузская разгортваліся імкліва. Пасля палудня жандара Янукевіча выклікалі да пана каменданта, вядомага на ўсе Крэсы Ўсходнія вытанчанай жорсткасцю і выкшталцоным эстэцтвам.

Янукевіч уздымаўся па сходах асабняка нібы асуджаны да шыбеніцы. З адчыненых вокнаў лілася паэтычна-змрочная мелодыя до-мінорнага Накцюрна Шапэна. Рыпучыя жандарскія боты міжволі патраплялі ў такт.

Нядаўна памерлы начэльнік дзяржавы маршалак Пілсудзкі ласкава пазіраў з партрэта на пана каменданта, які, натхнёна прымружыўшы вочы, сядзеў за бліскучым кабінетным раялем. Доўгія дагледжаныя пальцы лашчылі клавішы.

Раяль злёгку хіснуўся і падаўся наперад, але неўзабаве выраўняўся і спалохана задрыжэў.

-- Вас, бездухоўных хамулаў-беларусінаў, нават Шапэн не праймае! -- скрозь зубы працадзіў пан камендант, -- раўней трымайце! Гэта вам не бэлькі цягаць!

Трое схуднелых палітвязняў з чырвонымі ад напругі тварамі, ажно жылы выперла, трымалі цяжкі чорны раяль з наўмысна адкручанымі ножкамі. Карціна збольшага нагадвала пахаванне -- нібыта зняволеныя сабраліся выносіць дарагую лакіраваную труну.

Янукевіч неабачліва падаўся наперад. Боты непрыстойна рыпнулі. Пан камендант гідліва скрывіўся, але дайграў-такі жалобны накцюрн, праўда, без ранейшай пранікнёнасці.

-- До вшысткіх д’яблув, пся крэв, -- піяніст зняў цяжкія ноты з пюпітра.

Палітвязні таропка пацягнулі бязногі музычны інструмент у суседні пакой.

-- Пане камендажэ, мэльдую… -- ляснуў абцасамі жандар.

-- Ну ты, Пярдолэк пердалёны, -- сантыментальная задуменнасць імгненна выпетрылася з камендантавага твару, -- і дзе падзеўся тэй гувняжны фацат Сміт-Весон?

-- Шукамы… -- Янукевіч з жахам пазіраў на тое, як пальцы з адпаліраванымі пазногцямі сціснулі шырокі карэнчык нотаў, -- мною раскрытая разгалінаваная агентурная сетка...

Жандар не паспеў скончыць рапарт -- па зубах яму ляснуў важкі, як цагліна ружанскага замка, зборнік накцюрнаў Шапэна.

-- Даю табе яшчэ суткі на пошукі ўцекача, -- пан камендант пасміхнуўся ласкава, -- а як не зловіш, дык сам пойдзеш на яго месца. Пасаджу на ланцуг да тэрарыстаў -- забойцаў жандараў.

-- Дык я ж ні ў чым, ні што, ні Божа ж мой… -- Янукевіч злізаў кроў з рассечанай губы.

-- Калі ты пра Крымінальны Кодэкс і артукул карны, то не хвалюйся, знойдзецца. Натхнення і фантазіі ў мяне хопіць. Хочаш, “згвалтаванне” зарганізую?

У свой сіроцкі пакойчык жандар Пярдолэк вярнуўся зняважаным і знясіленым. Лавіць амерыканскага камінтэрнаўца не хацелася. Што са скуры вылузвацца? Усё адно марна! Думаць пра яго -- таксама. Хацелася нажлукціцца ды забыцца на ўсю ліхтужную брыду: і на пана каменданта з яго накцюрнамі і бязногім раялем, і на бездухоўных хамулаў-вязняў.

Але грошай у Пярдолка не было ўжо больш за тыдзень. Бліжэйшым месцам, дзе па чутках, жандарам налівалі ў крэдыт, быў шынок “Рыга” ў мястэчку Яблонаўшчына. Дабрацца туды можна было і па чыгунцы, але ўласная матацыклетка скарачала час на дарогу амаль удвая.

9.

Вось ужо шэсць гадзін даўжэзны шляхотны “Пакард” крэйсіраваў па гасцінцы ў раёне Бярозы-Картузскай. Кожнага разу лімузін прыпыняўся пад сухой яблыняй-дзічкай. Пасажыр і кіроўца штораз скручвалі шыі, выглядаючы ўцекача -- амерыканскага камінтэрнаўца. Але нікога падобнага да яго так і не пабачылі.

Праўда, апоўдні на ўзгорку з’явіўся дзіўны здвоены ровар. Тандэм міжволі прывабіў позіркі і Баяна, і падначаленага яму кіроўцы. Руляваў тандэмам немалады вусаты дзядзька з васпаватым тварам, у напаўвайсковым фрэнчы і запраўленымі ў боты галіфэ. Ззаду круціў педалі хударлявы, не стары яшчэ мужчына з псіхапатычным позіркам і нетутэйшымі тэатральнымі вусікамі, што чарнелі адно пад носам. На раме ровара надзейна мацаваўся землямерчы рыштунак.

Баян на ўсялякі выпадак выцягнуў зжаўцелую амерыканскую газету з абразлівым для тутэйшага цнатлівага вуха назовам “Абсэрвер”. З першай паласы на яго хітра мружыўся Хросны.

-- Не супадае, -- крыху расчаравана рэзюмаваў чакісты пасля таго, як кінуў позірк на дзіўнаватых фацатаў, -- і куды той амерыканскі таварыш падзеўся?

Тым часам вусатыя раварыстыя шпарка ўскаціліся на пагорак і зніклі з далягляду.

-- А, можа, яго класавыя ворагі перахапілі?

-- Так, ворагаў тутай яшчэ шмат, -- таварыш Баян акуратна склаў газету, -- паны-пілсудчыкі, падпанкі-асаднікі, ксяндзы-папы, мніхі з мнішкамі, бундаўцы, эсэры, сацыялісты, сіяністы, нацдэмы, беларускія буржуазныя нацыяналісты, буржуазныя паэты, буржуазныя дантысты, буржуазныя тэлеграфісты, буржуазныя смецяры...

-- Неўзаранае поле працы наперадзе! -- радасна пагадзіўся кіроўца, -- нічога, у Курапатах на ўсіх месцаў знойдзецца!

Не паспелі чакістыя сесці ў “Пакард”, як з-за пагорка пачуўся тупат быстрага каня. Неўзабаве на ўзвышшы з’явіўся цэлы эскадрон вершнікаў. Блішчэлі шаблі, чарнелі рулі драбавікоў, а на дзідзе па-над галовамі лунаў штандар з ганарліва раскірэчаным “Бялым Ожэлам”.

-- Нашто ты таварышу Праніку пра эскадрон белапалякаў наплёў? -- кіроўца насцярожана сачыў за набліжэннем узброеных асаднікаў. -- Вось і сурочыў.

-- Не ссы ў каністру! -- асадзіў панікёра таварыш Баян. -- Мы ж недатыкальныя. Імунітэт. Забыўся?

Сівы віславусы вершнік са штандарам на дзідзе спыніўся, падазрона зазірнуў у салон “Пакарда”, дзе трывожна маўчалі чакістыя.

-- Естэм войтэм. А кім ёсць панове? -- спытаў сівы і прытрымаў паточаную моллю канфедэратку.

-- Естэсьмы дыпляматамі консуляту Звёнзку Радзецкего, -- з гэтымі словамі таварыш Баян прадэманстраваў дыпламатычныя пашпарты.

Віславусы паглядаў недаверліва.

-- Маем гонар зрабіць прэзент, -- чакісты гасцінна прапанаваў загадзя падрыхтаваную сувенірную літруху “крамлёўкі”, бо ведаў: асаднікі з самааховы купяцца на яе адразу і без ваганняў.

Войт абярэжна ўзяўся за рыльца з рубінавай зоркай і праз шкло прымружыўся на штандар з “Бялым Ожэлам”. Ён трымаў пляшку ўрачыста і пераможна, нібы гетманскую булаву.

-- То ест праўдзіва вудка! -- гукнуў войт.

Твары іншых асаднікаў імгненна праясніліся: слова “вудка” ўздзейнічала на сігнальную сістэму былых ваякаў, як чароўная флейта казачнага знішчальніка пацукоў на зубастых шкоднікаў.

-- Панове дыпламаты! Хлопцы, браточкі, таварышкі! -- войт з нечаканым сантыментам прыклаў далонь да сэрца, -- тут адзін амерыканскі злодзей з Бярозы-Картузскай уцёк. Ад ранку яго шукаем, -- з гэтымі словамі ён выцягнуў турэмны фотаздымак Хроснага: -- мо, бачылі такога?

-- Ды мы яго і самі шукаем, -- пасмялеў Баян і зноў разгарнуў нумар “Абсэрвера”. -- Дарэчы, якую вам прэмію за яго абяцалі?

-- Пан камендант дакляраваў тысенцу злотувэк за мёртвага і паўтысенцы за жывога.

-- Абяцанка-цацанка, а... панове -- людзі разумныя. Мёртвым нам яго зусім не трэба, а за жывога дам дзве тысенцы, -- Баян красамоўна храбустнуў пачкам грошай.

Войт-асаднік прыўзняўся ў страмёнах:

-- Паны-братове! Усе чулі?!

Асаднікі радасна загулі, узнятыя над галовамі шаблі ваяўніча заблішчэлі на сонцы.

-- І ў дадатак -- скрыню “крамлёўкі”! -- канчаткова расшчодрыўся на карысць скарумпаваных асаднікаў таварыш Баян.

-- Гура!.. Нех жые!.. -- бязладна азваўся эскадрон.

Віславусы хіжа выставіў наперад дзіду са штандарам і зароў:

-- Пагоня!!!

Конскі пошчак змяшаўся з ваяўнічымі крыкамі вершнікаў-п’янтосаў. Не мінула і хвіліны, як эскадрон асаднікаў знік за пагоркам. Над хмызамі навальнічнай хмарай узняліся спалоханыя крумкачы. На брукаванку пасыпалася лісце. Ад лесу трывожным шчасцем вярталася асадніцкае:

-- …ня! …ня!..

Кіроўца запусціў рухавік. Срэбная крылатая фігурка на радыятары “Пакарда” дробна закалацілася.

-- Вось ён -- прадажніцкі свет капіталу, -- задаволены вынікамі перамоваў таварыш Баян уладкаваўся на скураным сядзенні і па-хабёльску, нібы той Белы Арол, разваліў ногі, -- рана ці позна гэтыя асаднікі ўсё прададуць ды папрапіваюць. І сваю Рэч Паспалітую прафукаюць, не міне і колькі гадоў.

У перспектыве гасцінца зноў з’явіліся вусатыя раварыстыя на тандэме -- тыя самыя.

Але чакістыя больш не звярталі на іх увагі.

10.

Яблонаўскія краявіды лашчылі вока местачковай чысцінёй і патрыярхальным спакоем.

Павапнаваныя коміны высіліся над старасвецкай дахоўкай і акуратнай гонтай. А дзе-нідзе, нібы навюткая златоўка, ззялі срэбрам ацынкаваныя бляхі дахаў. Празрыстыя дымкі з надворных вяндлярняў струнка выцягваліся да валошкавага неба. З пашы даносілася пастаральнае ценьканне званочкаў. Залаты певень на галоўнай вуліцы эмацыянальна тлумачыў нахабнаму прыхадню-індыку, што юрліва паглядаць на чужых курачак не надта прыстойна. З-за агароджы плябаніі добразычліва рохкаў ружоваскуры парсюк, і ў яго спагадлівых вачах адбіваўся надпіс JANKI на тэнтаваным кодабе “Студэбекера”.

Янка Лабновіч зухавата спыніў машыну каля нізкай стадолы з шыльдай SZYNOK “RYHA” над дзвярыма. З расчыненых вокнаў ліўся тужлівы спеў скрыпкі. Нябачны музыка жалосна выводзіў ці тое адну з пастараляў Агінскага, ці тое жыдоўскую народную песню “Піня памірае”.

-- “Рыга”! Прыехалі, дзядзька, -- кіроўца выбраўся з кабіны.

Хросны паглядзеў на шыльду, прымружыўся і нічога не сказаў. Безумоўна, ён спадзяваўся ўбачыць зусім іншую Рыгу, але супакоіў сябе думкай, што надпіс на стадоле ўсяго толькі супадзенне, а Янка проста жартуе. Статус уцекача не дазваляў быць залішне гаваркім і асабліва цікаўным. Былы вязень агледзеўся. Нічога падазронага ў вочы не кінулася. Спрадвечны жыццялад беларускага мястэчка гарантаваў спакой, а апетытнае шкварчэнне патэльні, крышталёвы звон чарак і меладычны енк скрыпкі абяцалі змястоўны адпачынак.

-- Тут, вядома, менш раскошы, чым у Гародні ці нават у Амерыцы, але ж мудзілы і сюды дабіраюцца, -- Лабановіч гасцінна адчыніў дзверы шынка, -- ну што, дзядзька. Дарога была доўгая. Падсілкавацца не зашкодзіць.

Хросны толькі быў падаўся наперад, як знерухомеў: ад касцёльнай званіцы раптам паляцеў спалоханы жураўліны крык. Былы палітзняволены неўпрыкмет узняў позірк. Вакол крыжа наразаў колы і трывожна клёкаў шэры жораў. На доўгай птушынай шыі чырванеў гальштук юнага ленінца з БССР.

Лабановіч, аднак, ніяк не зрэагаваў на дзіўную птушку, а таму Хросны палічыў за лепшае зрабіць выгляд, што так і мае быць. Мо, у Яблонаўшчыне завядзёнка такая?

-- Дзядзька, -- Янка ляснуў далонню па стойцы, -- нам пад’есці і па піве. Калі мы зараз не вып’ем за знаёмства, гэта будзе ненатуральна.

-- Тады ўжо лепш па чарцы. Частую, -- удзячны Хросны выцягнуў з кішэні пачак банкнотаў і позіркам прафесійнага бутлегера ўважліва прайшоўся па шэрагу бутэлек за спіной пейсатага шынкара ў чорнай ядвабнай камізэльцы. -- Кошты, як я разумею, выстаўлены за пляшку?

-- Хай пан не крыўдуе, але гэта за чарку. Не мая віна. Кошты на спірытусовыя напоі вызначае Рэч Паспалітая. Згодны з панам, кошты такія шалёныя, што пэўна сам маршалак Пілусудзкі, які таксама чарку кульнуць любіў, у труне прапелерам круціцца, -- шынкар хітравата скасавурыўся і накруціў на палец даўгі пейс. -- Але ж наш фундатар, ягамосць Навум Фабрыкант, дбае пра тутэйшых аматараў чаркі і шкваркі.

Шынкар рассунуў фіранкі на вялікім люстэкру, што вісела над барам. У ім адбіліся размаітыя пляшкі, схаваныя пад стойкай ад суворых вачэй паліцыянтаў. Там жа адпачываў нейкі нерухомы асілак са збітымі кулакамі, і на яго грудзях чорнымі глыжамі блішчэлі шнураваныя баксёрскія пальчаткі.

-- Маю гонар прапанаваць па людскіх коштах, -- інтымна прашаптаў шынкар, -- “віно росо” ўраджаю 1935-га года, кантрабанда з Сіцыліі, ухвалена самім папскім легатам. Калі ж паны праваслаўныя, і Папеж для іх не ёсць аўтарытэтам, рэкамендую “крамлёўку”. Кантрабанда з Усходу.

Хросны намацаў пад кашуляй залаты абразок -- падарунак Карлы Спагеці, замовіў пляшку віна для сябе і літруху гарэлкі для Лабановіча.

-- Ці не зашмат будзе? -- кіроўца “Студэбекера” задуменна ўзважыў пляшку-вежу.

-- А хто прымушае піць усё і адразу? -- справядліва запярэчыў уцякач з Бярозы-Картузскай.

Праз хвіліну наведвальнікі ўжо сядзелі ў куце каля адчыненага вакна. Злева ад стала блішчэла лакам жоўтае піяніна, справа зяленілася сукно більярда-амерыканкі. Са стойкі, як рулі карабінаў, выторкваліся кіі.

-- Ну што, за знаёмства? -- пасміхнуўся Янка.

-- А то!

Чарка і келіх мажорна бомкнулі. Хросны прыдзірліва пасмакаваў “віно росо” і знайшоў яго някепскім. Гледзячы, як новы знаёмца зухавата кульнуў чарку, былы чыкагскі бутлегер запаліў цыгарку і падрыхтаваўся выслухаць апошнія амерыканскія навіны ад праўдзівага янкі-беларуса. Хросны не ведаў ані людзей, якія наладзілі яму ўцёкі з канцлагера, ані новых бутлегерскіх груповак у Ілінойсе, ані нават таго, ці дзейнічае яшчэ ў Паўночна-Амерыканскіх Злучаных Штатах Сухі Закон. Імя цяперашняга прэзідэнта -- і тое было яму невядомае.

-- Янка, ты? Прывітанне! -- ад дзвярэй прагучаў тэнарок з лагодным жыдоўскім акцэнтам. -- А казалі, што цябе з амерыканскага пастарунка адразу ў турму павезлі!

-- Янкель? Ходзь да нас! -- Лабановіч гасцінна адсунуў вольнае крэсла. -- Тамтэйшыя паліцыянты, вядома ж, мудзілы! Але мову, на якой з імі можна паразумецца, я ведаю.

Насцярожаны позірк Хроснага ацаніў хударлявую постаць Янкеля. З-за шкельцаў акуляраў жвава бліскалі вочы маладога местачковага гуманітрыя. З-пад пахі Янкеля высакародным бурштынам ззяла скрыпачка. Навершша доўгага смыка ў прыцемку ўспыхвала нібы знічка.

-- Смачна піць і есці, -- жыд-музыка гідліва глянуў на вэнджаныя свінячыя вушы ў місе, але далікатна змаўчаў, падсеў да стала з іншага боку і з дакладнасцю да грама аблічыў позіркам гарэлку ў пляшцы.

-- Таксама янкі? -- падазрона запытаўся Хросны.

-- Вядома ж! -- нахабныя вочы Лабановіча ласкава пасміхнуліся. -- З жыдамі мы, беларусы, заўсёды сябравалі і сябраваць будзем. І камерсанты выключныя, і музыкі шчырыя. Вось як наш Фінберг -- Янкель-музыка, сапраўдны Смык беларускі. У нашай бізнесовай грамадзе ён за самае прыемнае адказны: за падлік грошай і гармонію духу.

Музыка імпэтна крануў смыком струны.

Грамада з другога канца залы адразу ж адгукнулася:

-- …са-абрала-ася бедна басота, ды гарэ-элку п’е…

І хаця неўзабаве скрыпка змоўкла, спевы, вядома ж, працягваліся, і кожны выводзіў на той матыў, які лічыў адзіна правільным.

-- Мы, хоць і не басота, але выпіць не зашкодзіць, -- Лабановіч спрактыкавана нахіліў рыльца да сваёй і Янкелевай чарак.

-- Глядзі Янка, пі, але без перабору, -- скрыпач узяў пляшку і манетай прадрапаў на этыкетцы рыску, -- за яе не пераходзь, а не тое будзе, як у той Амерыцы.

-- Не малы, памятаю, -- Лабановіч паправіў бінт на збітай руцэ.

-- Агімула фаірыд! -- недаверліва прамовіў скрыпач на ідыш; маўляў: “я ў гэта веру такжа, як у тое, што на небе існуе кірмаш!”

Хросны пытальна зірнуў на Янкеля.

-- Наш Янка -- хлопец памяркоўны і талерантны, -- патлумачыў той, -- але, як вып’е больш за сваю норму, хапае більярдны кій -- і ну дубасіць мудзіл! Пакуль усіх не пакладзе, не супакоіцца.

-- Цалкам даравальная хіба, -- дыпламатычна пагадзіўся былы бутлегер.

-- Мы ж з хлопцамі як у ваду глядзелі, -- працягваў Фінберг, -- баяліся яго аднаго ў тую Амерыку выпраўляць. Упільнаваць не было каму, вось і кульнуў залішнюю чарку. А тут -- цэлы натоўп мудзіл. Наш Янка, як і мае быць, адразу за кій. Добра-такі паганяў: аднаму руку зламіў, другому -- ключыцу, трэцяму -- ажно пяць рэбраў. На дзень усяго з-пад увагі яго выпусцілі.

-- Як гэта, на дзень? -- разгубіўся Хросны. -- Дык колькі ж дабірацца да той Амерыкі?

-- Як на “Студэбекеры” брукаванкай, то дзве гадзіны, -- спакойна растлумачыў Лабановіч, -- а цягніком…

Скончыць фразу ён не паспеў -- за расчыненымі вокнамі бахнулі стрэлы.

-- Халера ясна! -- прагучала следам.

Чуйнае вуха Хроснага беспамылкова злавіла ў лаянцы тыпова жандарскую інтанацыю.

Заўсёднікі “Рыгі” і нават пейсаты шынкар пасыпалі на вуліцу. Абачлівы Хросны асцярожна падаўся да адчыненага вакна.

На плошчы перад касцёлам ваяўніча высіўся вершнік-паліцыянт туга перацягнуты рыпучай скураной партупеяй. З рулі ўзнятага рэвальвера сцякаў тонкі струмок блакітнага дыму. Белы конь злосна фыркаў.

-- Што, уцячы ад мяне хацеў? -- паліцыянт дзьмухнуў у рулю і па-каўбойску крутануў барабан. -- Толькі яго ў нашым мястэчку не ставала!

Хросны крыху пасунуў фіранку і працягваў назіраць з-за яе. Па сітуацыі, яму трэба было неадкладна кідацца на ўцёкі, але інтуіцыя і жыццёвы досвед падказвалі, што панікаваць зарана.

Паліцыянт апусціў зброю ў расшпіленую кабуру і злосна зірнуў на местачкоўцаў.

-- Чаго вылупіліся?

-- А што, нельга? -- Лабановіч нахабна выйшаў наперад. -- Так, пан паліцыянт трапна сталяе, але зняць небараку з крыжа будзе значна цяжэй.

Да Хроснага дайшло: прадстаўнік улады з’явіўся не па яго душу. Пэўна, у патрыярхальнай Яблонаўшчыне аб’явіўся злодзей яшчэ страшнейшы за “амерыканскага камінтэрнаўца”. Уцякач без ваганняў выйшаў на падворак і нібыта раўнадушна глянуў на званіцу.

На графітна-чорным касцёльным крыжы пагойдваўся застрэлены паліцыянтам жораў у піянерскім гальштуку, той самы, які прывітаў Хроснага і Янку клёканнем у Яблонаўшчыне. Неберака звісаў на гальштуку з каванай папярэчыны, нібы шыбенік.

Паліцыянт пачухаў патыліцу -- самому на званіцу было не ўскараскацца. Стралок навязаў каня і падаўся выклікаць па тэлефоне пажарных.

Местачкоўцы з’едлівымі жарцікамі і хабёльскімі кпінамі прывіталі з’яўленне чырвонай машыны з рассоўнымі драбінамі. Мёртвага жорава ў чырвоным гальштуку знялі за колькі хвілін.

І тут пана паліцыянта чакала яшчэ адна прыкрая неспадзяванка. Да доўгай птушынай лапы мацавалася колца-капсула з пасланнем:

Міхась стаіць адзін на пні,

Ў задуме твар яго ружовы.

Ён думае аб светлым дні,

Калі сустрэнецца з Яжовым!

Піянерская дружа імя сталінскага наркама таварыша Яжова шчыра вітае сваіх прыгнечаных братоў у Заходняй Беларусі! Мацуйцеся, вызваленне не за гарамі!

-- Разумею цяпер, чаму з выраю журавы на Палессе ляцяць! -- ацаніў неасцярожна зачытанае паліцыянтам Янка Лабановіч.

-- І па той бок мяжы суцэльная бездухоўнасць, -- жахнуўся Хросны, -- калі нават малыя дзеткі так ад шчырага сэрца забаўляюцца!

-- І куды толькі нашаму брату-беларусу ў гэтым свеце падацца? -- уздыхнуў Янкель. -- Хіба, у Злучаныя Штаты?

-- Напэўна. -- Тонкія губы ўцекача сціснуліся, як цагліны ў сцяне, маршчыны акрэсліліся. -- Дык, што вы пра Амерыку казалі? Колькі да яе цягніком дабірацца?

-- Дакладна не памятаю, -- Лабановіч выцягнуў з кішэні газетную выразку з чыгуначным раскладам руху. -- Так-так-так… Са станцыі Яблонаўшчына да паўстанку Амерыка -- адна гадзіна сорак пяць хвілін. Ну, і да мястэчка пехатой хвілін дзесяць.

Хросны нават здзівіцца не паспеў: за пажарнай машынай мільганула навюткая канфедэратка. Высокі, відны хлопец у форме харунжага Гарадзенскага ўланскага палка мэтанакіравана выглядаў некага вузкаватымі татарскімі вачыма. Улан упэўнена праціснуўся скрозь натоўп, ускінуў руку і адназначна падаўся да Хроснага. Той нядобра прымружыўся, і рука міжволі намацала ў кішэні рыфлёнае дзяржальна браўнінга.

11.

Траскучая матацыклетка неслася па старым гасцінцы, заштрыхаваным ценямі пірамідальных таполяў. Сонца крышылася ў напятых спіцах. Каўчукавыя колы пругка падскоквалі на пукатых камянях. Тонкі гнуты руль калаціўся ў руках жандара Янукевіча, не раўнуючы, як пнеўматычны малаток-адбойнік. Пустая люлька грукацела гучней за бляшаныя ночвы.

Вецер паліраваў шчокі і сушыў слёзы, што каціліся з-пад скураной аблямоўкі акуляраў-кансерваў. Усю дарогу ад Бярозы-Картузскай матацыклісты Пярдолэк песціў-гадаваў адну толькі мару: як ён нагоніць у “Рызе” страху на шынкара, і як зляканы пейсаты выставіць яму ў крэдыт цэлае вядро гарэлкі, якую так смачна і прыемна будзе жлукціць.

Як усе Картуз-Бярозскія жандары, сірата Янукевіч быў непераборлівы: спаць мог у ботах і пальчатках, піць ваду з копанкі, закусваць цвілой хлебнай скарынкай… Але ж гарэлка -- яе нічым не заменіш!

Калі да канчатковай мэты падрожжа -- шынка “Рыгі”, -- заставалася не больш за паўгадзіны трасучкі, здарылася непапраўнае. Пярдолэк, затуманены слязьмі і алкагольнымі мроямі, і сам не зразумеў, адкуль перад пярэднім колам узнік высокі браніраваны багажнік шляхотнага легкавіка. Жандарская рука нервова прыціснула тормаз, але крыху запозна: матацыклеткі мякка тыцнулася ў шырокі бліскучы бампер. Шыкоўны лімузін адразу спыніўся.

Янукевіч скамянеў у паралюшы. Безумоўна, ён разумеў, такая звышдарагая машына належыць вялікаму пану, і здагадваўся, якія жахлівыя наступствы могуць яго напаткаць.

Так яно і здарылася.

Не паспеў Пярдолэк злезці з матацыклеткі, як з салона легкавіка выбраліся двое.

-- Ты што, казёл санацыйны, наўмысна правакуеш савецкіх беларусаў на ўзброены канфлікт з вашай рэакцыйнай Польшчай? -- агрэсіўна прамовіў звяружны волат з няўсмешлівым тварам і выцягнуў з кішэні савецкі дыпламатычны пашпарт.

-- Зараз табе лыч натаўчэм, сунем у багажнік дыпламатычнай машыны і да БССР, у Курапаты! -- паабяцаў маладзён без асаблівых прыкметаў.

Натуральна, жандар Янукевіч выдатна ведаў, што такое Курапаты. Камендант Бярозы-Картузскай не раз скардзіўся, што закон не дазваляе яму дзейнічаць з размахам савецкіх калегаў з “эн-ка-вэ-ду”.

-- У багажнік сам палезеш, ці дапамагчы? -- спытаў звяружны волат.

-- Паночкі, родненькія! -- па-сіроцку заенчыў жандар. -- Дык вы з Саветаў? Таварышкі?

-- Маўчаць, лярва жандарская! -- маладзён без асаблівых прыкметаў спрактыкавана адчыніў багажнік.

-- Давай, залазь! -- жорстка загадаў звяружны волат, не раўнуючы, як той Карабас Барабас прапаноўваў Бураціну лезці ў распалены камін.

Янукевіч асцярожна намеціўся ў бок прысадаў, але бакавым зрокам адзначыў, што звяружны волат ужо трымае напагатове страшны чорны маўзер.

-- Не трэба бегчы, не трэба… -- пасміхнуўся маладзён без асаблівых прыкметаў, -- таварыш Баян, прамеджду протчым, варашылаўскі стралок. На расстрэльнай практыцы нават самаму дробнаму ворагу народа за пяцьдзесят метраў у скронь трапляе. А ну, у багажнік, мудзіла!

Грымнула цяжкая, бы тая накрыўка дарагой труны, дзвёрка багажніка, і дзённае святло згасла ў вачох Пярдолка.

І, як падалося яму, назаўсёды.

12.

Гарадзенскі ўлан выглядаў шляхотна, як маршалак местачковага сойміку, і энергічна, як паспяховы сперматазоід. Ён адразу прывітаўся з грамадой па-беларуску, і гэта прымусіла Хроснага затрымаць браўнінг у кішэні.

-- Во, Хросны, знаёмся, -- пасміхнуўся Янка, -- Аянька Кільмандовіч, харунжы. Наш галоўны спецыяліст спакушаць пекных паненак.

-- Аянька, ты ў Яблонаўшчыну да Ядзвігі ці да Ганны завітаў? -- з усмешкай пацікавіўся Янкель.

-- Да вас, сябры даражэнькія! -- тутэйшы татарын зухавата выцягнуў з нагруднай кішэні фрэнча партманэт, -- даўно разам не сядзелі. Частую ўсіх!

Праз колькі хвілін Янка Лабановіч, Янкель Фінберг і Аянька Кільмандовіч сядзелі за адным сталом з Хросным. Пейсаты шынкар у ядвабнай камізэльцы паслужліва выстаўляў перад гасцямі патэльні з яешняю, місы з гуркамі і талеркі з грыбамі. Чароўны водар мачанкі плыў ад вялізнага чыгунка. З-пад кропу і пятрушкі бялелі танюткія, як папера, скрылькі сала.

Кільмандовіч стаў з чаркай у руцэ, нібы тая Статуя Свабоды з паходняй, і ўрачыста прапанаваў:

-- Каб табе, Янка, ніколі больш у амерыканскім пастарунку час бавіць не давялося!

-- Дзякуй! Някепскае пажаданне для былога настаўніка ангельскай мовы, -- нібыта пагадзіўся Лабановіч.

-- Як той казаў, заракалася свіння… -- уздыхнуў Янкель. -- Калі б пшэкі не зачынілі беларускую школку, цябе б адтуль рана ці позна за агрэсіўны нораў і свае б выперлі.

-- А што зробіш, калі на прасторах жыцця столькі мудзіл? -- Янка кульнуў чарку і падчапіў на відэлец салоны грузд.

-- Няўжо ў амерыканскім пастарунку так пагана? -- недаверліва прымружыўся былы чыкагскі бутлегер.

-- Тутэйшыя кажуць, горш толькі ў Бярозе-Картузскай, -- патлумачыў Аянька, -- ды і Амерыка тая -- мястэчка гідкае, дзвесці двароў, апроч жыдоў -- адно галадранцы жывуць…

Мозг Хроснага нібы токам працяла. У валошкавых нябёсах над шынком ціха бомкнулі нябачныя крышталёвыя званы. Гэтыя сімпатычныя хлопцы аказаліся зусім не тымі “янкі з Чыкага”, на дапамогу якіх ён так разлічваў. Вялікі амерыканскі самохуд, пра які казаў малады капэзэбовец, надпіс JANKI на тэнтаваным кодабе, натуральная амерыканская лаянка былога настаўніка замежнай мовы -- усё гэта магло ўвесці ў зман не толькі былога палітвязня, а нават і праўдзівага шэрыфа Джона Сміта-Весона! Аднак, заставалася невядомым, хто ж тады пакінуў на балоце гумовы мех з карысным для ўцекача спшэнтам і хто рыхтаваў уцёкі.

-- … сала там нясмачнае, бо кабанчыкаў правільна гадаваць не ўмеюць, -- перахапіў Лабановіч і ўзяўся пералічваць іншыя амерыканскія заганы, -- бульба дробная, а жандары -- усе, як адзін, мудзілы.

-- Дык па-вашаму Амерыка -- гэта самае паскуднае мястэчка? -- шэптам жахнуўся Хросны.

-- Каб не наш агульны бізнес, то гары яна гарам тая Амерыка! -- Лабановіч зноў перакуліў кілішак, і вочы яго злосна заблішчэлі. -- Але ж дзеўкі ладныя, азёры прыгожыя і яблыневы сад урадлівы.

-- Дык вы, значыцца, тутэйшыя? -- канчаткова зніякавеў уцякач, -- а чаму ж тады на кодабе “студэбекера” напісана, што вы -- JANKI?

-- А мы і ёсць янкі -- усе чацвёра. У Яблонаўшчыне гадаваліся, тут і круцімся. Далей Гародні бываць не выпадае, -- звыкла канстатаваў Лабановіч, -- я каталік -- Янка, жыд Фінберг -- Янкель, татарын Кільмандовіч -- Аянька. Ёсць у нашай грамадзе яшчэ адзін Янка -- местачковы праваслаўны асілак Іван Брыль. Так кавалём робіць, але баксёр ад Бога. Хук правай у яго такі, што гэты стол праб’е. Вялікі аматар адпраўляць у накаўт розных мудзіл. Мы б яго з вамі пазнаёмілі. Але, нажаль, ён ад учарашняга дня нежывы.

Хросны шчыра перажагнаўся і зірнуў на стойку.

-- Супакой, Пан Езус, яго душу.

-- Нежывы, яшчэ не значыць -- нябожчык, -- слушна заўважыў улан, -- наш баксёр учора на хутар хадзіў кабана біць, выжлукціў вядро самагону пад паўпуд свежаніны, а як вяртаўся ў шынок, збіў на горкі яблык трох мудзілаў. Цяпер перад вечарам адпачывае.

Шынкар перахапіў позірк Кільмандовіча і, безумоўна, зразумеў, пра каго той гаворыць. Ён вінавата пасміхнуўся і выцягнуў з-пад стойкі шнураваныя баксёрскія пальчаткі, кожная з каторых была крыху большая за чайнік.

Былы палітвязень асэнсаваў інфармацыю з каменным тварам. Ён стаўся ахвяраю фантастычнага збегу абставінаў. Але шляху назад ужо не было.

На добры розум, уцякач з Бярозы-Картузскай мусіў падзякваць хлопцам за кампанію і тэрмінова сыходзіць. Безумоўна, жандары і агенты Дэфензівы палявалі на яго па ўсіх Крэсах Усходніх, як тыя егеры на ваўка. Праўда, у шынку “Рыга” іх пакуль не назіралася, але ж гэта было пытаннем часу. Заставалася ці чакаць тых паляўнічых, ці паспрабаваць дабрацца да Гародні свінячымі сцежкамі. А родны горад даў бы яму свабоду манеўра.

-- Ну што… Бывайце здаровы, жывіце багата, -- падзякваў Хросны, дэманструючы, што ашчаджае чужы час і шануе тутэйшую гасціннасць. -- Яшчэ па адной, і я пайду..

-- Янку больш не наліваць! -- Фінберг сілком выдраў з рук былога настаўніка літруху з “крамлёўкай” і паказаў на акрэсленую манеткай рыску. -- І не трэба так злосна паглядаць на мудзіл за першым столікам. Тым больш, што свае паўлітры ты ўжо выжлукціў. Табе ж заўтра ў Кемелішкі да пана Кардонскага ехаць. Тамтэйшы нацыяналісты спадар Раман прасіў цябе на аднога мудзілу наезд зрабіць. Так і сказаў: маўляў, як спадар Янка мудзілу на горкі яблык не саб’е, у Злучаныя Штаты з’еду. Хіба забыўся?

Хросны глынуў віна і цяжка падняўся.

-- Што за бізнес у тутэйшых янкі? -- пацікавіўся ён на развітанне і слушна нагадаў прымаўку: -- каб добра піць, трэба шмат рабіць!

-- Мы ўсе чацвёра бізнесовую грамаду зарганізавалі. У местачкоўцаў горкі яблык скупляем на сушку. Варшаўскія пшэкі з той сушкі арабскія цукаты робяць і ў Кёнігсбергу за немалыя грошы немчыкам прадаюць, -- Янкель неўпрыкмет адставіў недапітую літруху за піяніна. -- Мы б і самі намайстрачыліся тыя каланіяльныя цукаты падрабляць, але ж пшэкі тутэйшаму чалавеку разгарнуцца не даюць. Ужываны “Студэбекер” грамадой для наездаў купілі -- і тое добра. А пра большае і не варта марыць.

-- У жыцці заўсёды ёсць месца для мары. І ў Амерыцы, і ў Яблонаўшчыне, і нават у Чыкага, -- сур’ёзна запэўніў Хросны, -- дарэчы, дзе ў вас тэлефон? Мне ў Гародню зазваніць трэба.

-- У пейсатага ў хаце ёсць, -- Лабановіч шчоўкнуў пальцамі. -- Шаноўны пан шынкар, дай чалавеку зазваніць! Ну што, дзядзька Хросны… Прыемна было з табой пасядзець і культурна выпіць. Калі спатрэбіцца якога мудзілу на горкі яблык збіць, то заўсёды з задавальненнем! -- развітаўся былы настаўнік і толькі цяпер спахапіўся, што недапітая пляшка дзіўным чынам кудысьці знікла.

13.

-- …паночкі-таварышы, паночкі-таварышы… -- сіроцкі енк Янукевіча прабіваўся з нетраў багажніка.

Паланёны жандар лемантаваў ужо ці не гадзіну. Палахлівае скавытанне не маглі заглушыць ані шоргат колаў па бруку, ані гул магутнага рухавіка “Пакарда”.

-- Задзёўб, паскуда! -- сказаў чакісты Баян і брудна вылаяўся. -- Трэба было яго на месцы канчаць. Усё адно таварыш Пранік нам гэтую жандарскую контру за амерыканскага камінтэрнаўца не залічыць. Хіба што зусім п’яны будзе.

-- Баюся, як не знойдзем мы таго дзеўбанутага камінтэрнаўца, прымусіць нас таварыш Пранік у мінскім парку Чэлюскінцаў з парашутнай вышкі скакаць… Без парашутаў.

-- Мо ў Дэфензіву перабегчы? -- з тыпова чакісцкай безпрынцыповасцю ўзяўся разважаць таварыш Баян. -- Грошы плоцяць большыя, галіфэ носяць шырэйшыя, боты выдаюць хромавыя. Праўда, гарэлка тут задарагая. Але, хрэн з ёй! У нас і свая ёсць.

-- Таварыш Пранік нас і ў Дэфензіве дастане, -- сур’езна запярэчыў кіроўца.

“Пакард” падскочыў на пукатым камяні брукаванкі. З багажніка неадкладна адгукнуўся Пярдолэк:

-- Паночкі чакістыя, паночкі чакістыя… Адпусціце гаротнага сірату! Я ўсё-ўсё для вас зраблю!

-- Злаві колам якуюсь яміну, каб яго добра падкінула, -- шчыра папрасіў старэйшы чакісты.

Пажаданне было выканана праз колькі сотняў метраў. Багажнік азваўся жахлівым крыкам.

-- А ў БССР дарогі яшчэ горшыя! І так да самых Курапатаў паедзеш, паскуда! -- крыкнуў Баян.

-- Не трэба мяне ў Курапаты! -- істэрычна заскавытаў Янукевіч.

-- А сапраўды, ён мае рацыю… -- пагадзіўся кіроўца, -- Колькі можна пра тыя Курапаты талдычыць? У БССР і сваіх ворагаў народу страляць не перастраляць. Давай, тут яго і кончым. Акурат каля той сімпатычнай копанкі, на ростанях. Так бы мовіць, на прасторах жыцця.

За лабавым шклом мільганула шыльда:

SADOVAJA HRAMADA “JABLONAUSZCZYNA”

SZYNOK “RYHA”

Шыкоўны лімузін цяжка з’ехаў на пашу і спыніўся каля самай вады. На чорнай, нібы адлітай са шкла, паверхні жаўцелі сантыментальныя гарлачыкі, і бухматыя чмялі праціналі вечаровае паветра басавітым гудзеннем. Таварыш Баян выцягнуў з кішэні ўлюбёны маўзер і з асалодай шчоўкнуў абоймай.

-- Прыехалі, халера белапольская. Вылазь. Дадзенымі мне паўнамоцтвамі замяняю табе Курапаты гэтай копанкай.

Пярдолэк паслухмяна выбраўся з багажніка. Пад вокам пяшчотна сінеў свежы гуз. Металёвае чэрава “Пакарда” сапраўды не было прыстасаванае для перавозкі жывых пасажыраў. Янукевіч, як толькі згледзеў заплылымі вачыма маўзер, адразу ж бухнуўся на калені.

-- Вы што -- хочаце мяне забіць? -- дрыготкім шэптам жахнуўся ён.

-- Ані ў якім разе! -- цвёрда адсёк чакісты. -- Забіваюць людзей адно злачынцы. Але ты не чалавек, а класавы вораг, і таму мы цябе не заб’ем, а выканаем.

-- Таварышкі! Не трэба! Я ж свой! -- залямантаваў класавы вораг, -- ну не пашэнціла мне нарадзіцца ў Савецкай Беларусі, як усё жыццё марыў! Я б у “эн-ка-вэ-ду” служыць пайшоў! А так давялося ў жандары падацца. Я вам усіх здам! Пра ўсё раскажу! І пра белапольскіх калегаў! І пра пана каменданта! Яшчэ той рэакцыянер са сваім Шапэнам!

-- Шапэн? -- тлушч на разумным лобе таварыша Баяна сабраўся ў задуменныя складкі. -- Ведаеш такога?

Кіроўца няпэўна знізаў плячыма.

-- Здаецца, нейкі белапольскі генерал, -- азваўся ён пасля непрацяглага роздуму, -- нешта на палітінфармацыі казалі, але дакладна не памятаю. Выконвай ворага ды паехалі!

Баян апусціў засцерагальнік маўзера і тыцнуў рулю ў патыліцу ледзьве жывому з пераляку Пярдолку.

-- Дазваляю памаліцца твайму няіснаму буржуазнаму Богу, -- літасціва дазволіў чакісты, -- толькі хутка.

Янукевіч малітоўна склаў рукі -- як вучылі яго ў Школе Падставовай сёстры-кармеліткі:

-- Пан Бог, я, вядома ж, мудзіла грэшны, -- у параксізме шчырасці пачаў ён, -- але ж свае службовыя абавязкі выконваў спраўна. Я нарадзіўся тут -- жандарам. Мне на сэрцы золатам вышывалі краты. Пан Бог, калі ты насамрэч існуеш, зрабі, каб я неадкладна патрапіў у пекла…

Чакістыя зацікаўлена прыслухоўваліся да шчырай жандарскай малітвы.

-- …і зрабі мяне ў пекле начальнікам. Хоць самым дробненькім! -- Пярдолэк ажно вочы закаціў пад лоб. -- Прысягаю Табе, што буду служыць спраўна і абавязкова даслужуся да пякельнага каменданта. І як да мяне патрапіць камендант Бярозы-Картузскай са сваім бязногім раялем, то я і яго разам з бездухоўным Шапэнам на раяльных струнах за яйцы падвешу. Хай будзе воля Твая. Амэн.

Таварыш Баян паволі апусціў руку з маўзерам.

-- Чакай, чакай… Ты што, у Бярозе-Картузскай служыш? -- шчыра здзівіўся ён.

-- Служыў… -- злякана прамармытаў Віктар Янукевіч, -- да сённяшняй раніцы. Але з камуністых і з так званых “свядомых” ніколі не здзекваўся... больш належнага.

Таварыш Баян разгарнуў амерыканскую газету з партрэтам Хроснага.

-- Амерыканскі таварыш у вас сядзіць?

-- Сядзеў, -- скрушна прызнаўся асуджаны на смерць, не зводзячы вачэй з маўзера, -- гэта я яму ўцячы дапамог. Яго ўсе жандары шукаюць, але ж, вядома, не знойдуць… -- Пярдолэк нібы сфінктрам адчуў, што выкананне можа быць адкладзена, і гэта натхніла яго на далейшую хлусню…

Янукевіч нахабна вёрз пра тое, як поначы грыз дубовыя слупы і зубамі перакусваў калючы дрот, натхнёна плявузгаў пра закапаныя на балотнай выспе парашут, рацыю, выбухоўку ды іншыя шпегоўскія транты, асцярожна маніў пра свае сувязі з ка-пэ-зэ-боўскім падполлем..

-- Не веру! Ну што ты брэшаш? Вось таварыш Ленін ніколі не брахаў, -- сувора перапыніў чакісты Баян. -- Карацей, казёл санацыйны, калі ведаеш, дзе шукаць таварыша Сміта-Весона, дык кажы. Як не схлусіш, атрымаеш вось гэта! -- Баян выняў са схованкі ладны пакунак польскіх банкнотаў і тыцнуў пад нос Пярдолку. -- А калі схлусіш, выканаю, як ворага народа. Дык дзе той амерыканец?

Янукевіч бездапаможна азірнуўся. З усяго багацця тутэйшага краявіду ягоны позірк выхапіў адно прыдарожную шыльду. Чакісцкі маўзер адназначна тыцнуўся яму пад бараду.

-- У “Рызе”, у шынку… Там у крэдыт наліваюць, -- самі сабой зляцелі з языка словы, якія ўсю дарогу ад Бярозы-Картузскай круціліся ў Пярдолкавай галаве.

Таварыш Баян і кіроўца змоўніцкі перазірнуліся.

-- А вось цяпер -- веру! -- нарэшце прамовіў старэйшы чакісты, -- дзе ж яшчэ ўцекачу вольнае жыццё святкаваць, як не за чаркай?

Праз колькі хвілін доўгі чорны “Пакард” нахабна каціў па галоўнай вуліцы Яблонаўшчыны. Парсюкі і дзеці з панічным віскам выскоквалі з-пад колаў браніраванага легкавіка. Сабакі заходзіліся брэхам, коткі сіпелі, бабулькі жагналіся.

Янукевіч раскашаваў на пярэднім сядзенні машыны. Пасля цёмнага цеснага багажніка ён пачуваўся нібы кум каралю. Жандар гнаў прэч страшныя думкі пра свой далейшы лёс, супакойвачы сябе: як перад смерцю не надыхаецца, так хоць нажлукціцца паспее.

14.

Пяшчотныя сонечныя промні праціналі смарагдавыя шаты прысадаў, льсніліся на бліскучых, нібы скураных камлях старых бярозаў, чароўнымі жарынкамі ўспыхвалі на вільготных камянях брукаванкі.

Кувала зязюля ў бярозавым лесе. Малая беларусачка ў васільковым вяночку гнала па гасцінцы авечак. Крышталёва чысты дзіцячы дыскант кранальна выводзіў:

Яшчэ Польска не згінэла,

Але згінуць мусі!

Яшчэ поляк беларусу

Боты чысціць будзе!

Раптоўна пастаральны спакой парушыў пошчак быстрых коняў. У перспектыве гасцінца ўзнялася хмара пылу, над якой ганарліва лунаў чырвоны штандар з раскірэчаным “Бялым Ожэлам”.

-- Пагоня!.. Пагоня!.. -- раз-пораз ляцела па-над дарогай.

Беларусачка абачліва сагнала чараду авечак на пашу. Неўзабаве з пылу зматэрыялізаваліся асаднікі на грозных канях. Тыя самыя, якіх таварыш Баян завербаваў для пошукаў уцекача з Бярозы-Картузскай. У белай пене праносіліся коні, рваліся, мкнуліся і цяжка хрыпелі. Віславусы войт пагардліва скасавурыўся на дзяўчынку.

-- Пся крэв! Амерыканскага шпега, што з Бярозы-Картузскай уцёк, не бачыла?

-- Не, паночкі, толькі двух вусатых дзядзькаў на ровары.

І сапраўды: на пагорку ўжо расклалі землямерны рыштунак тыя самыя раварыстыя, якія так і не зацікавілі чакістых на “Пакардзе”. Дзядзька з васпаватым тварам, апрануты ў напаўвайсковы фрэнч, нетаропка распальваў люльку. Другі дзядзька з тэатральнымі вусікамі на псіхапатычным твары задуменна калупаў насцяком бота беларускую зямлю.

Віславусы войт уважліва прыгледзеўся да дзіўных землямераў. Ані той, ані другі відавочна не падпадалі пад вызначэнне “амерыканскі шпег”. Затое шыльда-ўказальнік з надпісам SZYNOK “RYHA” міжволі прывабіла стомленых пагоняй піякаў. Вечар у шынку справядліва асацыяваўся ў іх з поўнай чаркай, хрумсткай шкваркай ды іншымі немудрагелістымі забавамі.

-- Ці хцэ паньства шукаць амерыканскага ўцекача ў шынку? -- імпэтна прапанаваў войт.

-- Оўшэм! Пэўне! У шынок! -- ахвотна пагадзіліся да крыўднага цвярозыя асаднікі.

Пагоня арганізавана збочыла з гасцінца да Яблонаўшчыны.

-- Вы за кім у пагоню спяшыце? Дзе шляхі вашы йдуць і куды? Цьфу на вас, мудзілы бездухоўныя, -- беларусачка злосна плюнула ў пыл і пагнала авечак далей.

15.

Эбанітавая тэлефонная слухаўка падавалася Хроснаму цяжкой, як прас, бо ён прыціскаў яе да вуха ўжо хвілін пятнаццаць. Пальцы паспелі знямець, а ў навушніку цурчэў і цурчэў жаночы барытон:

-- … як святкуеш вызваленне, то святкуй. Дазваляю крыху пагуляць. Толькі шмат не пі і не забывайся закусваць, ты ў мяне з дзяцінства на страўнік хворы. Да дзевак асабліва не заляцайся, па кутах не ціскай. А як будзеш ціскаць, то, каб ніхто не бачыў. Да паліцыянтаў не чапляйся, а як самі прычэпяцца, дык гузікі і пагоны з іх не зрывай. Пакуль канчаткова не сп’янеў, зайдзі да касцёла і пастаў свечку Маці Божай Вастрабрамскай за цудоўнае сваё ўратаванне. А яшчэ…

-- Прабачце, мама, я ўжо дарослы. -- Хросны замілавана глядзеў, як у шынкаровай хаце валтузяцца і пішчаць малыя чарнявыя жыдзяняты: -- я ж заўсёды быў паслухмяным сынам.

-- А хто ў Амерыку без майго дазволу з’ехаў? -- з’едліва запярэчыла слухаўка.

-- Зраблю ўсё, як вы сказалі, мама. І адразу ж дахаты, -- шчыра запэўніў уцякач.

Хросны паклаў слухаўку, сунуў у спатнелую далонь шынкара златоўку і выйшаў на падворак.

Шарая гадзіна ўжо панавала ў мястэчку. У запаленых вокнах бялелі карункавыя фіранкі. З касцёла плылі пругкія акорды аргана і анёльскія спевы. Хросны прыпыніўся на пляцы акурат пасярэдзіне паміж храмам і шынком. Промні касцёльных жырандоляў расквечвалі гатычны вітраж з выявамі Страшнага Суда. Беларускі мафіёзі пабожна перажагнаўся, загадзя зняў капялюш, прыціснуў яго да грудзей, пранікнёна, як малітву, прашаптаў:

-- Маці Вастрабрамская… Ты прабач. Ты прымі свайго сына…

Але ён не паспеў зрабіць і кроку, як на пляц да касцёла вылецелі вершнікі- асаднікі. Штандар з “Бялым Ожэлам” пагрозліва лунаў над паточанымі моллю канфедэраткамі.

-- Не злавілі амэрыканчыка сёння -- злапаем заўтра. А цяпер, паны-братове, гайда ў шынок, святкаваць будучыя поспехі! -- імпэтна прапанаваў віславусы войт.

Былы палітвязень насунуў капялюш на самыя вочы і падаўся ў завулак. Але там яго напаткала куды больш прыкрая неспадзяванка. Проста на Хроснага з дурнаватым аўтаматызмам сунуўся цяжкі “Пакард”. Той самы, які колькі гадзін таму нахабна прасаваў шашу. І хаця беларускага мафіёзі заўсёды вызначалі мужнасць і разважлівасць, ён не ўстрымаўся ад здзіўленага воклічу. За лабавым шклом шляхотнага самохуда бялеў твар жандарскага афіцэра Янукевіча -- аднаго з самых бездухоўных мудзіл канцлагера Бяроза-Картузская.

Сітуацыя падавалася цалкам безвыходнай. Ззаду гойсалі вершнікі з “Бялым Ожэлам”, насустрач сунуўся легкавік з ворагам-жандарам і ягонымі дзіўнаватымі памагатымі.

Рашэнне з’явілася імгненна: выпадковае знаёмства з тутэйшымі янкі давала хаця б нейкі шанец на паратунак, якім грэх было не скарыстацца. Хросны кінуўся да шынка “Рыга”, чые вокны гасцінна свяціліся ў прыцемках. На шчасце, дзверы кухні ніхто не паспеў прымкнуць, і ўцякач бязгучна слізгануў у цемру калідора. Клямка ценькнула, цяжка скрыгатнула засаўка. А за дзвярыма ўжо чуўся тупат ботаў па прыступках.

-- Паночкі-чакістыя, -- Хросны беспамылкова пазнаў голас Пярдолка, -- слова гонару, не хлушу, гэты амерыканскі камінтэрнавец там хаваецца! Не да касцёлу ж яму пасля турмы бегчы!

Хросны праціснуўся паміж скрынямі і апынуўся ў зале.

Слаісты тытунёвы дым лунаў на-над сталамі. Жалобна спявала скрыпачка Янкеля Фінберга. З касцяным гукам сутыкаліся шары на більярдзе. Звінелі чаркі, шкрэблі па талерках нажы з відэльцамі, храбусцелі гуркі.

А за вокнамі ўжо фыркалі асадніцкія коні, і нецярпліўцы-п’янтосы нахабна звінелі шпорамі на ганку. Але былы чыкагскі бутлегер паспеў-такі дабегчы да парадных дзвярэй і хуценька зачыніцца з сярэдзіны.

-- Дзядзька Хросны! -- Лабановіч паклаў кій на більярдны стол. -- А хіба ты дахаты не паехаў?

-- Вырашыў ячшэ пару чарак кульнуць. Дапаможаш? -- Хросны зафіксаваў позіркам недапітую літруху “крамлёўкі”, абачліва прыхаваную Янкелем за піяніна, і хітравата пасміхнуўся.

-- Яно б, вядома ж, не зашкодзіла, але сябры больш за паўлітры піць не раяць, -- уздыхнуў былы школьны настаўнік. -- Шалёным, кажуць, раблюся. Мудзілаў, маўляў, ганяю. Ага, не ашалееш, калі навокал адныя мудзілы!

-- Вось і вып’ем з табой за тое, каб розным мудзілам жыццё горкім яблыкам падалося! -- шляхотна прапанаваў уцякач. -- Хай здохнуць тыя, хто не шануе беларускі буржуазны нацыяналізм!

На зялёным сукне більярда ўжо заманліва паблісквалі дзве поўныя, як вока, ёмістыя чаркі.

-- Калі мы за такое не вып’ем, гэта будзе ненатуральна! -- радасна пагадзіўся Лабановіч і без ваганняў кульнуў.

16.

Дзверы на кухню вылецелі з першага ж удару -- разбег не спатрэбіўся. Праз колькі хвілін у тлумнай зале з’явіліся тры фацаты. Двое ў кароткіх скуранках і галіфэ выглядалі як сапраўдныя мудзілы і паводзілі сябе адпаведным чынам. Трэці, яшчэ большы мудзіла, чым яго спадарожнікі, быў апрануты ў жандарскую форму з шаўронамі аховы Бяроз-Картузскага канцлагера. Ледзьве зірнуўшы на Хроснага, ён радасна гукнуў:

-- Вось ён, злодзей Сміт-Весон! Я ж казаў вам, паночкі-чакістыя, што амерыканскі шпег-камінтэрнавец тут хаваецца!

Рукі мудзіл у скуранках і галіфэ сінхронна пацягнуліся да ўнутраных кішэняў. А ў дзверы параднага ўваходу ўжо нецярпліва гупалі кулакі і боты піякаў-асаднікаў, і гэта прымусіла мудзіл у скуранках прытрымаць рукі і крыху адступіцца ад більярда.

Неўзабаве капітулявалі парадныя дзверы. Першым у залу ўваліўся віславусы войт са штандарам у руках.

-- Вітамы вшысткіх! -- павітаўся ён з грамадой і адразу ж скіраваў да стойкі. -- Вудкі для полякув!

За спіной войта ўжо прагавіта тупацелі боты іншых асаднікаў.

-- А плаціць хто будзе? -- навучаны жыццёвым досведам адразу ўдакладніў шынкар.

Віславусы пытальна азірнуўся на крэсовых аматараў чаркі і шкваркі. І тут на вочы яму вельмі дарэчна трапіўся той самы амерыканскі фацат, за якога савецкія дыпламаты абяцалі шалёныя грошы. Войт распяліў рот і вырачыў вочы.

-- Дзве тысенцы злотувэк! -- узрадавана зароў ён. -- Браты-панове! Мы шпегуна злавілі! Лапайце яго, хто там бліжэй!

-- Счакай, пан войт. Я першы яго заўважыў! -- ганарліва заступіў дарогу Пярдолэк.

Рука ў жандарскім абшлазе хіжа пацягнулася да нядаўняга палітвязня.

-- Не позвалем! -- дзіда са штандарам імгненна абрынулася жандару на галаву.

Натуральна, гэты ўчынак не застаўся без адказу. Пярдолэк спрытна садраў штандар з дзяржальна, гучна шморгнуў носам і смачна харкнуў віславусаму ў пысу. Пасля чаго зухавата выцер вусны скамечанай анучай.

Тым часам Янка Лабановіч уліў сабе ў горла рэшту гарэлкі, схаваў кій за спіной і няспешна падаўся да месца канфлікту. Позірк былога настаўніка з агідай слізгануў па жандарскай форме і цяжка лёг на бела-русы твар.

-- Слухай, мудзіла, ты якую Школу Падставовую канчаў? -- нядобра спытаў Лабановіч, -- ці не ты гэта за сёстрамі-кармеліткамі ў прыбіральні падглядаў?

-- Гэта быў не я, -- толькі і паспеў вымавіць Пярдолэк, як залітае свінцом дзяржальна кія ляснула яму па зубах.

Таварыш Баян выйшаў на святло і ашчэрыўся, як канвойны сабака.

-- Крок управа, крок улева лічу за ўцёкі! Скок на месцы -- правакацыя! Страляю без папярэджання! -- чакісты ўзняў маўзер і тройчы стрэліў у столь.

Залу апанавала прыгнечаная цішыня -- рыхтык, на апошнім сойме Рэчы Паспалітай. Асаднікі баязліва адступалі і ціснуліся адзін да аднаго. Шынкарова галава імгненна знікла пад стойкай. Янкель апусціў смык. Улан Аянька красамоўна паклаў руку на эфес шаблі і зацікаўлена зірнуў на прыхадняў.

-- Таварыш амерыканскі камінтэрнавец, -- з дрыготкай усмешкай прамовіў кіроўца “Пакарда”, -- гэта мы з таварышам Баянам вам уцёкі зарганізавалі. Сядайце ў машыну, калі ласка. Завязем вас у надзейнае месца.

Пярдолэк абцёр з вуснаў крывавую юшку і нагадаў:

-- А як жа мае грошы? Я ж цяпер з вамі заадно! Лічыце мяне камуністым!..

Калі да апошняга моманту Хросны яшчэ спрабаваў асэнсаваць – чаго ад яго дамагаюцца мудзілы ў скуранках, то пасля пачутага больш не вагаўся:

-- Уцёкі мне арганізавалі спадар Стасік са спадаром Чэсікам, -- дыпламатычна нагадаў ён, -- сяджу, культурна выпіваю. Да маладзіц не заляцаюся. Пагоны і гузікі з паноў жандараў не зрываю. А вас, мудзілы, бачу першы раз у жыцці і, спадзяюся, апошні.

-- А як жа інтэрнацыянальная салідарнасць? -- канчаткова разгубіўся кіроўца. -- Таварыш Пранік наказваў…

-- Ды ў труне я бачыў вашу салідарнасць з вашымі пранікамі! Я праўдзівы беларускі буржуазны нацыяналіст, хаця і чыкагскі мафіёзі, -- агрэсіўна зыркнуў Хросны.

Доўгая руля маўзера дэманстратыўна скіравалася ў лоб былога бутлегера.

-- Так ён яшчэ несвядомы! -- жахнуўся таварыш Баян, -- будзем сілком браць! Нічога, і не такіх перавыхоўвалі!

-- Гэта я несвядомы? -- нядобра прымружыўся Хросны.

Яго рука незаўважна слізганула ў кішэню. У сухую далонь ладна легла рыфлёнае дзяржальна браўнінга. Стрэл праз кішэню гарантаваў смерць толькі аднаго мудзілы ў скуранцы, але ж, заставаўся і другі, не кажучы пра Пярдолка і недарэчна цвярозых асаднікаў.

Вецер, што заляцеў у расчыненыя дзверы, азваўся ў коміне, хіснуў, злавесна рыпнуў зялёным абажурам над більярдным сталом. Цені на сценах і падлозе пагрозліва зрушыліся. Мярцвяна-зеленкаватае святло легла на твар Баяна. Раптам у злавеснай цішы стала чутна, як у барнай стойцы мілуецца шашаль. А ад касцёла па-ранейшаму несліся строгія і ўрачыстыя гукі імшы. Арганісты выконваў “Dies irae” -- “Дзень гневу”. Духоўная музыка кранала сэрцы нават самых бездухоўных мудзіл, спакушала задумацца пра вечнае, пра сэнс жыцця і лёс Радзімы…

І тут брутальна нагадаў пра сябе былы настаўнік:

-- Гаўна табе на лапаце, а не нашага госця! -- більярдны шар прафуркатаў каля скроні Хроснага, нібы гаўбічны снарад, і гучна ляснуў чакістага мудзілу ў лоб.

Ачмурэлы таварыш Баян бездапаможна ўскінуў руку з маўзерам, і як мех з лайном, зваліўся на суседні стол, за якім шляхотна гулялі трое маладзёнаў-засцянкоўцаў. Натуральна, яны не маглі дараваць такога нахабства: на чакісцкі голаў неадкладна апусцілася цяжкая чыгуновая патэльня з верашчакай. Кіроўца “Пакарда” было выцягнуў рэвальвер, каб заступіцца за старэйшага таварыша, але трапна кінутая пляшка выбіла зброю. Чакісты заенчыў, прыціснуў да жывата скрываўленую руку, закруціўся, як той вужака на вуголлях, і тут жа атрымаў венскім крэслам па галаве.

-- Нашых б’юць! -- адчайна залямантаваў Пярдолэк.

Хаця ён яшчэ і насіў польскі жандарскі мундзір, але ў выпадку загібелі чакістых рызыкаваў застацца без абяцанай прэміі.

Падобная думка напаткала не толькі Бяроз-Картузскага жандара, але і віславусага.

-- Не позвалем! -- зароў войт брыдка скрыўленым ротам.

Асаднікі, як адзін, схапіліся за шаблі. Забразгалі шпоры, пагрозліва бліснулі клінкі.

-- Напшуд! -- ад жахлівага крыку прыхадняў палахліва заценькалі пляшкі за стойкай.

Грамада заўсёднікаў хіснулася да сценаў. Войт пераможна агледзеў местачкоўцаў, якія паўліпалі ў сцены, як барэльефы.

-- Ешчэ Польска не згінэла! -- пыхліва зазначыў ён. -- А вы, беларускія мужыкі, вырадкі цемры сярмяжнай!

Такой абразы на роднай зямлі не маглі дараваць нават талерантныя і памяркоўныя яблонаўцы.

Першым не стрываў уланскі харунжы Кільмандовіч. Ён узбіўся на більярд з нагамі, свіснуў шабляй над галавой і голасна дакляраваў:

-- Жыве Беларусь!

-- Бог з намі! -- згодна адгукнуўся Лабановіч і шалёна бліснуў п’янымі вачыма.

-- І поц з імі, -- Янкель Фінберг зняў акуляры і ўрэзаў на скрыпцы папуры з “Лявоніхі” і “Хавы Нагілы”.

Усё гэта і сталася сігналам да агульнай бойкі. Лёталі, крышыліся крэслы і зэдлікі, ламіліся сталы, разляталіся пляшкі, надзяваліся на галовы місы з салонымі грыбамі, меладычна храбусцела пад нагамі шкло.

Кільмандовіч, стоячы на більярдзе, віртуозна фехтаваў, адбіваўся шабляй і нагамі адразу ад чатырох асаднікаў. Лабановіч натхнёна ганяў па зале смяротна зляканага Пярдолка, зрываючы з яго пагоны, партупею і гузікі. Фінберг, адклаўшы скрыпку, з надзвычайным спрытам трапна кідаўся ў асадніцкія пысы варшаўскімі пірожнымі.

І толькі Хросны не браў удзелу ў маштабнай бойцы. Ён сядзеў на падваконні каля самай стойкі, нетаропка паліў цыгару і замілавана назіраў, як спрытныя беларускія маладзёны лупцуюць прыхадняў. З-пад стойкі паказалася пейсатая галава са зляканымі вачыма:

-- Пан камінтэрнавец, пан камінтэрнавец! -- баязліва прашаптаў шынкар, -- гэта ж з-за вас пачалося. Мо, вы паедзеце, як вам і прапаноўвалі? Нашто мне тут такі гармідар і гвалт? А хто аплоціць, сталы, крэслы, фатэлі, більярд, пляшкі і посуд?..

Хросны паклаў на стойку тры банкноты па сто златовак:

-- Спадзяюся, дастаткова?

-- Дзякуй, ягамосць! -- радасна пасміхнуўся шынкар. -- Дэвіз усіх устаноў Навума Фабрыканта: “Любы капрыз за вашы грошы!” Дарэчы, пан камінтэрнавец даў болей ажно на дзевятнаццаць златовак.

-- Але ж бойка яшчэ не скончылася, -- слушна нагадаў Хросны. -- Колькі, напрыклад, каштуе ваша жырандоля?

-- Амаль сапраўднае венецыянскае шкло. На гарадзенскім кірмашы васемнаццаць златовак выдаў.

-- Адну златоўку забярэш сабе, -- пасміхнуўся беларускі мафіёзі, -- купіш цукерак для сваіх дзетак.

Тым часам таварыш Баян крыху акрыяў, стаў на карачкі і паспрабаваў было ўгрызці Янкеля за лытку. Але здзейсніць свой канібальскі намер не паспеў, бо па ім неадкладна прабегся натоўп зляканых асаднікаў у цяжкіх падкаваных ботах, гнаных ашалелым ад залішняй чаркі Лабановічам.

-- Што, страшна, мазэфакеры бездухоўныя? Гэта вам не беларускія школкі зачыняць! -- драў горла былы настаўнік, лупцуючы кіем па карках.

Але асаднікі ўсё ж пакрысе перамагалі тутэйшых. Нажы, відэльцы і ножкі ад сталоў не ішлі ані ў якае параўнанне з шаблямі і кавалерыйскімі цесакамі. Праўда, дапамога была на падыходзе. На пляцы перад шынком мільгалі галовы мясцовых католікаў, якія ціхамірна вярталіся з вечаровай імшы. Асадніцкае хабёльства не магло застацца па-за ўвагаў шчырых беларускіх вернікаў. Бліжэйшы штыкетнік імгненна разабралі на дрыны. Натоўп пасыпаўся ў шынок праз адчыненыя дзверы і высаджаныя вокны.

Цяпер віславусаму з яго войскам давялося біцца на два франты. Звінелі шаблі, мільгацелі дрыны, падалі агаломшаныя, стагналі параненыя. Енкі і бразгат акампаніравалі жахлівай бойцы.

Пярдолэк баязліва схаваўся за піяніна і круглымі ад жаху вачыма назіраў, як ненівісны яму Лабановіч шляхотна фехтаваў кіем з шабельнікам-войтам.

І тут гукавая палітра нечакана ўзбагацілася трывожным конскім іржаннем. У залу шынка на белым кані ўехаў паліцыянт. Той самы, які ўдзень застрэліў жорава ў піянерскім гальштуку. Прадстаўнік улады прафесійна ацаніў абстаноўку, выцягнуў бізун і з асалодай выцінаў усіх, хто трапляўся на дарозе. Раз’юшаны вершнік праразаў натоўп, нібы гарачы нож масла.

Далейшы шлях яму перагарадзіла стойка бара. Конь скасавурыўся спярша на Хроснага, пацягнуўся пысай да нешматлікіх ацалелых пляшак і вясёла ашчэрыў зубы. Паліцыянт стомлена апусціў бізун. Цяпер вершнік глядзеўся манументальна і дзяржаўна, нібы конны помнік Юзафу Панятоўскаму перад Бельведэрам.

-- Пэўна, пан паліцыянт жадае выпіць? -- з бездакорнай ветлівасццю прапанаваў шынкар.

-- З дарогі, быдла! Пся крэв! -- пачулася ў адказ.

Паліцыянцкі конь падаўся наперад, стойка с хрумстам хіснулася. З-пад яе прагучала глыбокая контрактава:

-- Сам ты пся крэв! Мудзіла!

Паліцыянт нават здзівіцца не паспеў, як над стойкай узвысілася нязграбная постаць, крыху меншая за белавежскага мядзведзя. На заспаным твары чыталіся незадаволенасць жыццём і нерастрачаная моц. Кулак памерам з чайнік паправіў праваслаўны крыжык на шыі і нетаропка знік у шнураванай баксёрскай пальчатцы.

-- Кепска будзе, -- злавесна паабяцаў местачковы баксёр-каваль.

Паліцыянт збялеў і ціха прашаптаў:

-- Не трэба, Ваня…

-- Трэба! Яшчэ як трэба! -- магутным басам запэўніў малады асілак.

Баксёрская пальчатка плюхнула каню паміж вушэй. Небарака пахіснуўся, захрыпеў і заваліўся на падлогу.

-- Такога я нават на чыкагскіх бойнях не бачыў! -- у захапленні прамовіў Хросны.

Іван Брыль сарамяжліва пачырванеў, пасміхнуўся, зняў пальчатку і выцягнуў з яе велічэзную навюткую падкову.

-- На шчасце нашу, -- патлумачыў ён.

-- Перапрашаю, панове, але неўзабаве тут будзе поўна паліцыянтаў, -- змоўніцкі папярэдзіў шынкар, -- то не я, пан пробашч іх выклікаў.

Хросны зразумеў, трэба сыходзіць і, як мага хутчэй: сённяшніх уражанняў былому вязню было аж занадта. Дый абяцанка, дадзеная маці, забавязвала да збольшага прыстойных паводзін.

-- Хлопцы-янкі! Гайда на свежае паветра! -- запрасіў ён.

Калі Янка, Іван, Янкель і Аянька выскачылі з вокнаў, Хросны ўскінуў руку з браўнінгам і, амаль не цэлячы, стрэліў у жырандолю. Крышталёвы вадаспад абрынуўся на галовы тутэйшых і нетутэйшых. Цемра смалой заліла залу. На імгненне ўсё сцішылася, але праз колькі секунд бойка ўсчалася з новым імпэтам.

Неўзабаве за разбітымі вокнамі нізка зароў дужы рухавік “Студэбекера”. Даўжэзны грузавік няўклюдна развярнуўся на пляцы і са згашанымі фарамі пакаціў у бок гарадзенскага тракта.

17.

Прамень электрычнага ліхтарыка працяў атрамантавую цемру разгромленага шынка. Жоўтая авальная пляма прайшлася па запырсканых верашчакай, крывёй і мачанкай сценах, на секунду зафіксавала падраны зялёны абажур, што матляўся над раскурочаным більярдам, раскрышылася ў раструшчаным люстэрку за барнай стойкай і бяздушна прабеглася па шчарбатай пашчы знявечанага піяніна.

Прамень паволі апусціўся на падлогу, крыху затрымаўся на аднавусым войце, другі вус каторага самотна звісаў з расколатай чаркі. Побач з правадыром асаднікаў ціха-мірна адпачываў звяружны волат у пашматаванай скуранцы. Квадратныя сківіцы па-бульдожаму сціскалі канфедэратку з пагрызеным брыльком. Мужчына без асаблівых прыкметаў, апрануты ў такую ж самую скуранку, ляжаў пад вакном і пускаў ружовую сліну.

Каля барнай стойкі зрэдчас уздрыгваў агаломшаны белы конь. Прыціснуты ім паліцыянт бездапаможна шкроб падлогу пазногцямі. Вільготная цемра патыхала алкаголем, крывёю і баявым потам. З кутоў раз-пораз сыходзілі хваравітае трызненне, бязладныя праклёны і ціхія енкі.

Празрыста блямкнуў званочак ровара-тандэма. Вусаты дзядзька з васпаватым тварам, апрануты ў паўвайсковы фрэнч, грэбліва падсунуў да сябе нагой зашмальцаваны штандар з “Бялым Ожэлам” і скіраваў прамень ліхтарыка на твар свайго спадарожніка-раварыстага з псіхапатычнымі вачыма.

-- Хычнікі, таварыш Адзік! -- уразіўся ўладальнік ліхтарыка.

-- Я-а, я-а, геносэ Юзік, -- згодна азваўся псіхапат.

-- Жыць стала лучшэ, жыць стала весялей, таварыш Адзік! -- рабы вусач гідліва выцер штандарам бліскучы, як люстэрка, бот, -- ну што, паехалі дальша этую нашу зэмлю дзяліць?

-- Драг нах Остэн, геносэ Юзік! -- згодна пасміхнуўся другі раварысты.

Ледзь толькі яны вынеслі ровар за дзверы, за піянінам азначыўся асцярожны рух. Бела-русы мужчына ў жандарскім мундзіры, на якім не ставала паловы гузікаў і аднаго пагона, выбраўся з-за інструмента і, агледзеўшы пабаявіска, шчыра перажагнаўся:

-- Краю мой родны, як выкляты Богам…

Ціха і порстка, бы той дробны пацучок, скочыў ён да непрытомнага волата ў пашматаванай скуранцы. Жандарскія пальцы з прафесійнай лоўкасцю прайшліся па кішэнях. Здабыча -- цяжкі пачак банкнот па сто златовак -- прымусіла жандара задаволена пасміхнуцца.

-- Гэта табе, Віця, не ў сарціры за голымі дупамі падглядаць, -- канстатаваў крадун і схаваў грошы за халяву бота.

Ён падабраў чужы недапалак, пераскочыў цераз разбітую жырандолю і выйшаў на пляц.

Над сонным мястэчкам раскінуўся чорны аксаміт неба, на якім зіхцелі дыяменты зораў. Шызыя празрыстыя дымкі слупкамі ўзнімаліся з комінаў. З расчыненага вакна бліжэйшай хаткі даносілася кранальная калыханка.

-- Якое неба!.. Якія зоры!.. -- бела-русы замілавана пыхнуў дымам. -- Як шкада, што Мікола Хапернік гэтага не бачыць!

На гарадзенскім тракце заскавыталі сірэны паліцэйскіх машын. Крадун палахліва азірнуўся і кінуўся ў супрацьлеглы бок. На ўскрайку мястэчка ён перакрэсліў ноч агеньчыкам недапалка і канчаткова распусціўся ў антрацытавай цемры.

18.

Фары “Студэбекера” праціналі мазутовую цемру гарадзенскага гасцінца, нібы пражэктары крэйсера. У жоўтых конусах святла хаатычна мільгацела розная крылатая брыда-чамяра. Абапал брукаванкі праносіліся змярцвелыя прысады. Неўзабаве праявілася шыльда-ўказальнік “Grodno -- 50 km.”.

Збітыя Янкавы рукі ўпэўнена ляжалі на вялізным рулі. Побач белавежскім мядзведзем узвышаўся Іван Брыль, на адным калені асілка ўладкаваўся Янкель Фінберг са скрыпічным футаралам, на другім, як на кані, сядзеў Аянька Кільмандовіч з шабляй у лакіраваных похвах. Хросны туліўся да дзвёркі і трывожна пазіраў у бакавое люстэрка. Пагоні пакуль што не назіралася.

-- Спраўныя вы хлопцы, -- нарэшце даў ён адзнаку янкавым подзвігам у шынку.

-- Мы і самі ведаем, што спраўныя, дзядзька Хросны, -- упэўненым басам пагадзіўся Брыль, -- а што з таго? Вось Янка цэлымі днямі па тыя яблыкі ездзіць. І што, шмат з таго мае? Ці Аянька ў сваім уланскім палку? Або Янкель са сваёй скрыпачкай? А я? Штодня каля кавадла тупаю, падковы для асадніцкіх коней раблю. Усе мы працуем ад рана да рана. На чарку яшчэ так-сяк зарабляем, а вось на шкварку і кніжку не заўсёды застаецца. Няўжо мы горшыя за якога асадніка ці чакістага?

-- Вы -- лепш! -- пасміхнуўся Хросны. -- Я гэта адразу скеміў.

Раптоўна ў бакавым люстэрку намаляваліся дзве бухматыя светлавыя кропкі і неўзабаве дубальтовае святло фараў расквітнела ў адбітку пялёсткамі-промнямі. Доўгі браніраваны “Пакард” нагнаў грузавік і прыладзіўся злева.

З акна дзвёркі ледзь не да пояса высунуўся збіты звяружны волат у пашкуматанай скуранцы.

-- Імем вялікага Сталіна! Стаяць! -- у валатоўскай руцэ пагрозліва бліснуў страшны чорны маўзер.

-- Ідзі ў дупу, мудзіла чакісты, -- душэўна адрэагаваў Лабановіч.

Чакісты мудзіла ўмомант скіраваў зброю на Янку, але стрэліць не паспеў. Дакладны даварот руля -- і масіўны бампер “Студэбекера” трапна садануў у пярэдняе кола легкавіка. “Пакард” вільнуў і з жахлівым хрубастам знік у кювеце.

-- Fuck you! -- былы настаўнік імпэтна паказаў нябачным у цемры чакістым узняты палец. -- Даганяючы -- не пацалуешся!

Кіламетраў пяць праехалі без прыгодаў, але за паваротам на Кемелішкі ўцекачоў чакала прыкрая неспадзяванка. Старасвецкую брукаванку надзейна перагароджвалі фурманкі, за якімі засеў, мо, з тузін паліцыянтаў. Рулі карабінаў, што красамоўна вытыркаліся з-за іх, не пакідалі надзеі на паратунак.

Безумоўна, праваахоўнікі, якія прыбылі ў пагромлены шынок, ужо паведамілі пра “Студэбекер” ва ўсе навакольныя пастарункі.

Янка асуджана ўздыхнуў і змушана спыніў грузавік.

-- Прыехалі, -- ледзь чутна вымавіў ён.

Вочы ва ўсіх янкаў разгублена згаслі. Сітуацыя падавалася цалкам безвыходнай.

І толькі Хросны глядзеўся спакойным, як гранітны валун, і мужным, нібыта геральдычны вершнік з “Пагоні”. Непахісная ўпэўненасць у сваёй справядлівасці надавала яму веры ў перамогу праўды над крыўдай.

А на ўзбочыне ўжо высіўся суворы паліцыянт з вялікім бляшаным рупарам.

-- Усім выйсці з машыны! Пры спробе ўцёкаў страляем неадкладна!

Хросны спакойна зірнуў на Лабановіча:

-- Янка, удай, нібыта ўступаеш у перамовы. Паспрабуй задурыць ім галовы. Слухайся мяне і не стаўляй залішніх пытанняў. Мы пераможам, абяцаю.

Янка паслухмяна выткнуўся з дзвёркі:

-- А калі мы не станем уцякаць, што нам за гэта будзе? -- з местачковай непасрэднасцю спытаў ён.

-- Які, аднак, цікаўны… -- здзівіўся паліцыянт у рупар.

-- Цікаўнасць -- шлях у светлую будучыню, -- імпэтна дакляраваў былы настаўнік.

-- Нашто вам, беларусінам, тое, чаго ў вас няма і ніколі не будзе? -- з’едліва азваўся бляшаны рупар.

Хросны нядобра прымружыўся і страшным шэптам загадаў Лабановічу:

-- На “тры” цісні акселератар. Раз… два…

19.

Свіснуў раз, свіснуў два шустры паравозік, і возікі спыніліся каля перона гарадзенскага вакзала.

Пасажыры першага класа ганарліва скіраваліся ў буфет. Пасажыры другога класа зашаргацелі газетамі з пакроеным салам, цыбуляй і гуркамі. Астатнія толькі мацалі ў кішэнях пустыя гаманцы, зайздросна лыпалі вачыма і каўталі сліну.

Бела-русы фацат у дзіўным жандарскім мундзіры, на якім неставала паловы гузікаў і аднаго пагона, пацучком слізгануў у натоўпе, шморгнуў носам і пасунуўся да таксафона.

-- Пан Мікалай, як адарваў пана ад тэлескопа, то выбачаюся … -- лісліва выдыхнуў у слухаўку Пярдолэк, -- так, гэта я… Так, з Гародні, толькі што прыехаў. Ці можна да вас?.. Мне толькі ноч у вас перабыць ды дзень пратрымацца… Так, вядома ж, разумею -- дзявочыя дупы прыгажэйшыя за розныя сірыўсы і зоркі венеры! Зараз прыеду і разам паназіраем!

Віктар Янукевіч павесіў слухаўку, палахліва азірнуўся і падаўся да стаянкі рамізнікаў.

-- Ну ты, жыд-хам-быдла, -- звярнуўся Пярдолэк да вазніцы ў лапсердаку і па-хабёльску раскінуўся ў брычцы, -- хуценька на Гарадніцу!

Шлях Пярдолка пралягаў да Міколы Хаперніка -- адстаўнога генерала Дэфензівы, а цяпер астранома-аматара.

Розніца ва ўзросце, сацыяльным статусе і адукаванасці не замінала іх пяшчотнаму і працягламу сяброўству. І Янукевіча, і Хаперніка аб’ядноўвала адно патаемнае заганнае захапленне. Абодва яны не ўяўлялі жыцця без падглядання за дзявочымі дупамі, цыцкамі ды іншымі інтымнымі часткамі целаў.

20.

Па-над цёмным гарадзенскім гасцінцам заламіла дугу асвятляльная ракета, са шкварчэннем сыпанула жарынкамі і паволі закацілася за край зубчасты бору. Хросны праводзіў яе насцярожаным позіркам і толькі пасля гэтага вымавіў:

-- Тры!!!

Лабановіч пытальна паглядзеў на беларускага мафіёзі.

-- Што ты вылупіўся, як маскаль на вош? -- у вачах Хроснага заззялі драпежные воўчыя агеньчыкі. -- Акселератар цісні!

-- Дык мы ж… таго… людзей падавім, -- гуманна заўважыў кіроўца.

-- А хіба яны людзі? Хто гэтым мудзілам бездухоўным даў права людзьмі звацца? -- канчаткова раз’юшыўся Хросны і позіркам паказаў на паліцыянта з бляшаным рупарам. -- Рабі, што сказана!

Пагрозліва зароў рухавік, магутныя колы слізганулі па камянях, і “Студэбекер” начакана для паліцыянтаў ірвануў з месца. Мудзіла з бляшаным рупарам не паспеў нават скамандваць: “Агонь!”, як знік пад бамперам. Рупар адсечанай галавой пакаціўся ў кювет. Пад гумовымі коламі нешта хрумкнула. Цяжкі грузавік ляцеў на паліцэйскія фурманкі, нібы казачны цмок на бярозавы гай. Бязладна заляскалі стрэлы. Ценькнула і згасла левая фара. Бакавое люстэрка разляцелася шрапнельнымі пырскамі.

“Студэбекер” з усяе сілы ўрэзаўся ў імправізаваную барыкаду. Нягеглыя фурманкі разляцеліся трэскамі, нібы сялянскія дрыны ад рыцарскага мяча. Мудзілы ў паліцэйскіх мундзірах запанікавалі, нібы мышы перад здаравузным хіжым катом, і кінуліся па кюветах.

Ззаду бязладна страляла, лямантавала і брыдка лаялася. Але шлях быў вольны.

Вецер свістаў у кранштэйнах бакавых люстэрак. Лабановіч ціснуў на акселератар з усяе моцы, ажно нага самлела. Іван, Аянька і Янкель зніякавела маўчалі -- першы раз у жыцці ім давялося стацца саўдзельнікамі сур’ёзнага злачынства. Хросны спакойна выцягнуў цыгарэту і размяў яе сухімі моцнымі пальцамі.

-- Трох ці чатырох збілі… -- збялелымі вуснамі прамовіў Лабановіч.

-- Ды не пераймайцеся, хлопцы, -- спагадліва супакоіў беларускі мафіёзі, -- адным мудзілам больш, адным менш… хто іх, зрэшты, лічыць?

-- Дык нам што -- і далей іх давіць? -- шчыра жахнуўся Янка.

-- А ты перавыхоўваць іх сабраўся?! -- пасміхнуўся Хросны вясёлым д’яблам. -- Тлумачыць мудзілу, што ён мудзіла, усё адно, што танчыць мазурку ў прывакзальнай прыбіральні. Бо мудзілізм рэч непапраўная. Мудзілы прагнуць кіраваць нашым жыццём, не пытаючыся на то нашага дазволу. Насуперак сваёй гістарычнай асуджанасці, мудзілы імкнуцца пазбавіць нас нашай веры, нашай мовы, нашых дзялак і нашай свядомасці, каб падмяніць іх сваімі. Гэта і ёсць мудзілізацыя ўсяго краю. А таму кожны беларускі буржуазны нацыяналіст павінен бараніць свой край, гонар, годнасць і бізнес ад размаітых бездухоўных мудзіл. А для гэтага раз-пораз даводзіцца пераступаць праз кроў. Інакш мудзілы, не вагаючычся, пераступяць праз вашу.

Хлопцы памаўчалі: па іх праясненых тварах было відаць, што жыццёвая пазіцыя новага знаёмага прыйшлася маладзёнам даспадобы.

-- Куды едзем? -- Лабановіч з павагай паглядзеў на Хроснага.

-- У светлую будучыню, -- загадкава пасміхнуўся той. -- Загляне сонца і ў наша ваконца! Беларусь, твой народ дачакаецца залацістага, яснага дня! Паглядзі, як усход разгараецца, колькі ў хмарках залётных агня!

І сапраўды, у перспектыве гасцінца пад нізкімі свінцовымі аблокамі пяшчотнай чырванню займалася світальная паска. Вільготны ветрык заносіў у кабіну водар лугавых кветак, маладой хвоі і скошанай недаспелай травы. Ранішняя раса дыяментава блішчэла на жытнёвых калоссях.

-- Наша ніва! -- замілавана прамовіў Хросны.

-- Shit наша доля! -- пахмурна азваўся Янка Лабановіч, -- капец нашай садовай грамадзе “Яблонаўшчына”.

-- А зохэн вэй, -- трагічна бліснуў шкельцамі акуляраў Янкель Фінберг, -- што за жыццё без гешэфту?!..

-- Кавальскую ліцэнзію, лічы, ужо адабралі, -- Іван Брыль сціснуў кулакі.

-- І ў войску мне больш не служыць, -- Аянька Кільмандавіч нервова камечыў цямляк на эфесе, -- карацей: ані чаркі, ані шкваркі, ані арабскіх цукатаў з горкага беларускага яблыка.

Хросны з пасмешкай выслухаў скаргі наіўных местачковых маладзёнаў. У ягоных халодных вачах чыталася ўпэўненасць у тым, што кожны, апроч мудзілаў, вядома ж, мае права на ўласнае шчасце. Ён глядзеў на спадарожнікаў-янак па-бацькоўскі прыдзірліва, пэўна, казачны Тата Карла так ацэньваў цурбэлак, перш чым зрабіць з яго Бураціну.

-- Што ні робіцца, усё да лепшага, -- рэзюмаваў ён. -- На Беларусі Бог жыве. А Хрыстос, як вядома, прызямліўся ў Гародні, куды мы цяпер і кіруемся. Я ж, хлопцы, не такі просты, як вы, пэўна, падумалі! Я ж сюды… да родных ніў, да роднай хаты аж з самой Амерыкі вярнуўся!

Кільмандовіч глянуў недаверліва.

-- Ды не з той, дзе сала нясмачнае і бульба дробная, -- патлумачыў дзядзька. -- З амерыканскай Амерыкі! З Ілінойсу! З Чыкага!

-- А кім ты там працаваў, дзядзька Хросны? -- зацікавіўся Фінберг.

-- Гангстэрам. Бандытам па-тутэйшаму. Сваю дзялку меў, добра быў, разгарнуўся, -- былы лідэр бутлегерскай сеткі “Тутэйшыя” з замілаваннем прыгадаў маштабную перастрэлку на старых чыкагскіх бойнях.

“Студэбекер” ехаў пагоркам. Сонца ўжо буяла па-над лесам. Вецер канчаткова знёс хмары. На чыстым ясным даляглядзе ўрачыста прамалёўваліся званіцы гарадзенскіх храмаў. Акуратныя старасвецкія дамкі патаналі ў шчыльнай зелені садоў.

Былы настаўнік беспамылкова пазнаў высокую вежу Фары Вітаўта і перажагнаўся па-каталіцку. Баксёр згледзеў па-над Нёманам старажытную Каложу і перахрысціўся па-праваслаўнаму. Скрыпач адшукаў вачыма харальную сінагогу і пакрыў галаву ярмолкай. Улан скіраваў позірк на паблеклы ў ранішнім небе танюткі маладзік і пасуворыў.

-- Прыгожа, як у кіно! -- ацаніў краявід Лабановіч, -- але ж мудзілы ў гэтым горадзе яшчэ зласнейшыя за нашых… Не люблю я места, па-расейску “горад”, надта там цяснота і вялікі сморад! -- прыгадаў Багушэвіча былы настаўнік.

-- Але ж вялікія грошы адно ў гарадах і вядуцца. Светлую будучыню без грошай не збудуеш, -- слушна запярэчыў былы бутлегер.

-- А як тыя грошы зарабіць? Хіба нам польскія банкі рабаваць? -- прыкінуў Іван Брыль.

-- Што за бездухоўнасць такая! -- шчыра абурыўся беларускі мафіёзі. -- Ёсць шмат іншых прывабных і карысных заняткаў. Тутэйшы люд павінен атрымаць тое, чаго прыхадні яго свядома пазбаўляюць. Без чаго, напрыклад, не можа абысціся праўдзівы беларускі буржуазны нацыяналіст?

-- Ну… шмат без чаго, -- Лабановіч узяўся загінаць пальцы, -- без сваёй школы, свайго тракту і свайго касцёла…

-- …без сваёй кніжкі, сваёй гаспадаркі і сваёй царквы, -- запэўніў Іван Брыль.

-- …без свайго гешэфту, сваёй скрыпачкі і сваёй сінагогі, -- вызначыў Янкель Фінберг.

-- …ну і, натуральна, без сваёй Пагоні, свайго войска і сваёй мячэці, -- імпэтна скончыў Аянька Кільмандовіч.

Былы чыкагскі бутлегер цярпліва даслухаў пералік традыцыйных тутэйшых каштоўнасцей:

-- Хлопцы, вы ж на галоўнае забыліся! Хіба беларускі буржуазны нацыяналіст можа жыць без чаркі і шкваркі -- для каго свінскай, для каго гусінай?

Логіка Хроснага была жалезнай. Спрачацца не мела сэнсу.

-- Прапануеш нам самім моцныя трункі вырабляць? Дык у Рэчы Паспалітай такое закон забараняе! -- расчаравана ўздыхнуў Лабановіч.. -- Дзяржаўная манаполія на вытворчасць спіртнога. Пілсудзкі, трасца ягонаму бацьку, прыдумаў.

-- Закон для таго і існуе, каб яго абыходзіць, -- слушна нагадаў беларускі мафіёзі. -- Не пераймайцеся, хлопцы! Усё толькі пачынаецца!..

-- Ну, добра, -- нібыта пагадзіўся практычны Янкель. -- А з чаго тыя трункі рабіць? Сыравіну ў вяскоўцаў скупляць? Жыта, бульбу, буракі. Так?

-- Ёсць яшчэ горкі яблык, -- загадкава пасміхнуўся Хросны.

Частка другая. CUD NAD NIEMNEM

1.

Галоўная гарадзенская вуліца Раскоша лашчыла вока цнатлівай чысцінёй бруку, вясёлкавым бляскам вітрынаў і самазадаволеным спакоем.

Дрыготка зіхацелі завушніцы і пярсцёнкі пекных паненак, якія бязмэтна пераходзілі ад крамы да крамы. Над вірлівым натоўпам ветліва прыўзнімаліся модныя капелюшы, кепі і цыліндры. Дарагія легкавікі блішчэлі на сонцы люстраным лакам і нікелем. Піраміды памаранчыкаў на вулічных ятках міжволі вабілі зрок. З адчыненых вокнаў рэстарацый лілася ледзь чутная гамана, і крышталёвае бомканне чарак спаборнічала з меладычным блямканнем музычнага аўтамата.

Але атмасфера сціплай буржуазнай абаяльнасці амаль не адчувалася ў зацененым дворыку за некалькі кварталаў. Злосна лямантавалі і біліся за селядцовую галаву бадзяжныя коткі. Па-над перапоўненым сметнікам нямецкімі бамбавозамі гулі тлустыя мухі. З-пад недаедкаў ляніва выбраўся вялізны пацук і добразычліва ашчэрыў зубастую пашчу.

Двое маладых крэсовых хаблоў, якія жлукцілі піва пад аблушчанай сцяной, арганічна ўпісваліся ў дваравы краявід.

-- Гэтыя беларускія нацыяналісты ўшчэнт ачмурэлі! -- паскардзіўся хабёл у модным кепі з расколатым лакіраваным брыльком. -- Я тут нядаўна ў газеце пра нейкую страшную цётку-адраджэнку чытаў. Нібыта вярталася яна з рынку, і прычапіліся да яе трое здаравузных польскіх мудзілаў. Маўляў, Гародня -- спрадвечны польскі горад, а ты, тупая бульбашка, з’язджай у сваю бэ-эс-эс-эрыю. І як ты мяркуеш, што тая нацыяналістка зрабіла? З кошыка цялячую нагу дастала -- і ну ўсіх ганяць! Аднаму мудзілу руку зламіла, другому -- ключыцу, трэцяму -- ажно пяць рэбраў…

-- Ты ж глядзі, яшчэ адна Эмілія Плятар знайшлася! -- хабёл у брудных ботах недаверліва скрывіўся і цыркнуў пад ногі доўгай жоўтай сліной. -- То ёсць пшэсада! Не веру! Ну, хай руку, ну, хай ключыцу… Але каб яшчэ і пяць рэбраў!

-- Ненавіджу беларускіх нацыяналістаў, -- хабёл у кепі дапіў піва і зубамі адкаркаваў наступную пляшку, -- нічога святога для іх няма. Раней Кайзеру служылі. Цяпер ад Саветаў грошы дастаюць. Заўтра янкі прададуцца. Хто ім плоціць, тым і служаць. Юды праклятыя!

-- Я іх таксама ненавіджу, -- звыкла азваўся хабёл у нячышчаных ботах, -- а пра ўсіх гэтых цётак-тэрарыстак яны самі плёткі і распускаюць, каб іх баяліся.

-- Ды хто іх баіцца? -- рагатнуў уладальнік кепі. -- Страшны рак, ды ў дупе зубы!

Неўзабаве выпітае піва нагадала пра сябе: хаблоў пацягнула на мочавыпусканне. Бясплатнага сарціра паблізу не было. Але пад’езд бліжэйшага дома падаваўся вельмі прыдатным для гэтага месцам.

Першым не ўседзеў хабёл у кепі з расколатым брыльком.

-- Пільнуй, каб хто не зайшоў, -- папрасіў ён брата па розуме і слізгануў за дзверы.

Нецярплівец стаў да сцяны, расшпіліў нагавіцы і мярзотным струменчыкам зацурболіў у кут. Неўзабаве аднекуль зверху пачуліся цяжкія мерныя крокі, нібыта каменны Камандор спускаўся сходамі. Уладальнік кепі з расколатым брыльком нават голаў не павярнуў, а дарма…

Бязлітасна моцныя пальцы схапілі яго за каўнер і лёгка прыўзнялі над свежай калюжынай. Хабёл уцягнуў голаў у плечы і палахліва скасавурыўся. У паўцемры пад’езда ўзвышалася магутная постаць цёткі-валатоўкі. Вочы яе нядобра блішчэлі. Маладзён паспрабаваў вылузнуцца з марынаркі, як той вужака са скуры. Але перуновы голас прымусіў яго зніякавець.

-- А ў сваёй хаце малады чалавек таксама сікае па кутах? -- з выкшталцоным беларускім вымаўленнем пацікавілася страшная цётка.

-- Эмілія Плятар!.. Жывая!.. -- жахнуўся сваёй здагадкі сікун.

-- Я -- Эмілія Вастрабрамская, -- годным барытонам паправіла валатоўка, -- а вы малады чалавек, так і не адказалі на маё пытанне!

-- Прабачце цётачка Вастрабрамская, я больш не буду… -- прыніжана заенчыў маладзён.

-- Ці не хочаце вы прыбраць сваё паскудства?

-- Хачу, вельмі хачу! -- з энтузіазмам азваўся хабёл.

Паскуднік дрыготкімі рукамі скамечыў свой модны кепі, апусціўся на кукішкі і ўзяўся ганяць калюжыну. Цётка Эмілія добразычліва паглядала, як спраўна ён увіхаецца.

Неўзабаве рыпнулі дзверы. У пад’езд зайшоў хабёл у нячышчаных ботах. Сцэна, якую ён убачыў, прымусіла яго ачмурэла прысвіснуць.

-- Гля…

-- Гэта вас сям’я і школа навучылі непаважліва ставіцца да чужога майна? -- з бездакорнай ветлівасцю ўдакладніла цётка Эмілія.

Хабёл у брудных ботах памкнуўся быў адказаць доўгай смярдзючай фразай, складнікі для якой не адшукаліся б нават у слоўніку Ластоўскага, але выпадкова перахапіў зляканы позірк прыяцеля. Аматар паскудзіць у чужых пад’ездах сядзеў на кукішках і на мігі паказваў яму, як тая цётка можа лёгка зламіць руку, ключыцу і ўсё астатняе.

Калі падлога ў куце была ўжо амаль сухая, хаблы, што тыя ракі, папяціліся да выхаду.

-- Прабачце, мы больш не будзем! -- паабяцаў маладзён у брудных ботах.

-- Дзякуй за навуку! -- кланяўся яго прыяцель, прыціскаючы да грудзей пацяжэлую кепі.

-- Я ніколі не верыла ў выхаваўчую моц слова, -- пракаментавала цётка-валатоўка. -- Толькі біццё і праца здольныя ператвараць хаблоў у сапраўдных людзей. Гэты спосаб спарадзіў ужо нямала неафітаў!

Неўзабаве хаблы шпарка беглі па Раскошы. Піва ім больш не хацелася. Але нізкі стэповы гул рухавіка міжволі змусіў некультурных маладзёнаў азірнуцца. Па галоўнай гарадзенскай вуліцы браненосна сунуўся магутны “Студэбекер”. На тэнтаваным кодабе красамоўна бялеў надпіс JANKI. За лабавым шклом прамалёўваліся твары тыповых беларускіх нацыяналістаў. Півапойцы злякана паўліпалі ў сцяну.

-- Праўду ў газетах пішуць, -- уразіўся хабёл у мокрым кепі, -- гэтыя беларускія нацыяналісты -- самыя страшныя людзі. Я ж пралетар, і градаў у мяне няма! Дзе хачу, там і паскуджу!

-- Яны ж, гады, працоўнага чалавека за быдла трымаюць, -- пачулася ў адказ, -- толькі гэтыя звяругі маглі прыдумаць такі здзек -- уласным кепі чужую падлогу мыць!

Тым часам “Студэбекер” мінуў хаблоў і заехаў у правулак. Неўзабаве Хросны з хлопцамі-янкі ўжо падымаліся старымі шчарбатымі сходамі. Сухі палец беларускага мафіёзі прыціснуў гузік званка.

-- З вяртаннем на Радзіму, сынок, -- Эмілія Вастрабрамская крытычна зірнула на сына і ўважліва агледзела Янку, Івана, Янкеля і Аяньку. -- Гэта твая новая гангстэрская групоўка?

-- Пакуль што -- мафіёзі-пачаткоўцы, -- па-бацькоўску пасміхнуўся Хросны, -- але ўжо скончаныя буржуазныя нацыяналісты. Мама, каб вы толькі бычылі, як яны бездухоўных мудзілаў ганяюць!

-- Я іх таксама ненавіджу, -- паяснела з твару цётка-адраджэнка, -- хаблы, зрэшты, яшчэ так-сяк перавыхоўваюцца… А вось мудзілаў трэба толькі на горкі яблык збіваць. Без жалю і без літасці. Што я раз-пораз і раблю. У вас, маладыя людзі, яшчэ будзе нагода ў гэтым пераканацца. А цяпер прашу ўсіх да стала. У мяне сёння цялячы біфштэкс, натуральна, з крывёй. Як ты, сыночак, яшчэ ў дзяцінстве любіў!

2.

Чакісцкая рука з дагледжанымі пазногцямі, што па-эстэцку легла на парэнчы, падавалася ў няпэўным маладзіковым святле абсалютна нежывой. У тонкіх, нібы ў віяланчалістага, пальцах, таямніча бліснула манетка. Пальцы расціснуліся, і манетка слізганула ў цемру.

-- Раз… два… тры… -- няспешна адлічылі тонкія бяскроўныя вусны.

Толькі на лік “пяць” з долу вярнуўся ледзь чутны срэбны звон метала аб брук.

-- Вышыня -- амаль як на маёй улюбёнай парашутнай вежы ў мінскім парку Чэлюскінцаў, -- на вытанчаным садыстычным твары зазмяілася кплівая ўсмешка. -- Дарагія таварышы, выводзьце ворагаў народа!

Адсюль, з назіральнай пляцоўкі гарадзенскай пажарнай вежы, адкрывалася паэтычная панарама начнога горада. Залатыя пацеркі ліхтароў азначалі галоўныя вуліцы. Сталёвыя карункі чыгуначнага моста крышыліся ў цёмнай вадзе рэльефным адбіткам. Касцёльныя званіцы пірамідальнымі таполямі цягнуліся да танюткага маладзіка. З-пад цёмных шатаў заапарка неслася гнюснае скавытанне юрлівага павіяна. А над нёманскай стромай суворым дакорам бездухоўным нашчадкам Вялікага княства грувасціліся казачныя руіны Старога Замка.

Тым часам чацвёра чакістых з суворымі і бязлітаснымі вачыма вывелі да парэнчаў Баяна і кіроўцу “Пакарда”.

Збітыя, знявечаныя катаваннем твары ворагаў народа маглі б прыемна ўразіць нават каменданта Бярозы-Картузскай. Але толькі не камандзіра падпольнай чакісцка-тэрарыстычнай групоўкі “Халодная галава”. Таварыш Пранік спакойна выцягнуў з кішэні светлага летняга фрэнча аркуш паперы, з падкрэсленай няспешнасцю разгарнуў і зачытаў вельмі выразна:

-- Імем Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі вы прызнаныя вінаватымі ў растраце дзяржаўных грошай, у злосным парушэнні канспірацыі, у дыверсійным невыкананні загадаў, у страце бальшавіцкай пільнасці, у змове з класавым ворагам, у памкненні перабегчы ў Дэфензіву, у маральна-побытавай распусце, у шкодніцкім псаванні даверанага вам дзяржаўнага аўтамабіля і ў шпіянажы на карысць Гандураса і Партугаліі… Карацей, ува ўсім тым, у чым вы самі і прызналіся. Згодна з прысудам, пакаранне мусіць быць выкананае праз скокі з парашутнай вышкі ў сталіцы Савецкай Беларусі. Натуральна, без парашутаў. Але дадзенымі мне паўнамоцтвамі замяняю яго аналагічнымі скокамі з гарадзенскай пажарнай вежы. Смерць ворагам народа і подлым здраднікам Радзімы!

-- Справядлівае і вельмі своечасовае рашэнне, грамадзянін начальнік! -- распухлымі вуснамі вымавіў Баян, глянуў наніз і інстынктыўна адступіўся на крок.

-- Гэта таварыш Баян ва ўсім вінаваты! -- бяззуба прашамкаў кіроўца “Пакарда” і мёртва ўчарэпіўся ў парэнчы. -- Я ж толькі ягоныя загады выконваў!

-- Па-першае, не таварыш Баян, а вораг народа, шкоднік, тэрарыст і выкрыты шпіён Баян. А па-другое, не лемантуй на ўсю Гародню. Працоўныя масы пабудзіш, якія адпачываюць пасля эксплуатацыі. Дык самі скочыце ці дапамагчы?

Канваіры-чакістыя спрактыкавана падхапілі ворагаў народа пад пахі і паставілі на карніз па другі бок парэнчаў.

-- Лічыце мяне камуністым-сталінцам! -- прахрыпеў Баян і мужна ўскінуў голаў.

-- Камуністым -- ніколі! -- катэгарычна адмовіў камандзір тэрарыстычнай групоўкі “Халодная галава”, -- а вось сталінскім сокалам -- з задавальненнем! Зараз і паляціш…

-- Грамадзянін начальнік, грамадзянін начальнік… -- заенчыў кіроўца “Пакарда”, -- даруйце мне, калі ласка.

-- Буржуазны Бог, мо, і дараваў бы. А вось вялікі Сталін вучыць: ніякай літасці да падступных здраднікаў і подлых забойцаў! -- таварыш Пранік узняў руку з бялюткай насоўкай, -- па сігнале шугайце наніз!

-- Грамадзянін начальнік!.. -- не здаваўся кіроўца, -- у апошні раз такое з намі здарылася! Абяцаю! Дазвольце нам выкупіць сваю віну! Даю чэснае слова чакістага і камуністага, што выканаю любыя загады! Я, салага, біты гусь, перад партыяй клянусь…

Белая насоўка здзекліва апусцілася на колькі сантыметраў.

-- Мы ж не вінаватыя, што на тутэйшых абшарах нейкія янкі аб’явіліся! -- прыніжана енчыў кіроўца. -- Яны і ўзялі ў палон таго камінтэрнаўца!

-- А гэтыя янкі -- звяругі страшныя, -- хрыпла пацвердзіў Баян. -- Калі іх не спыніць, неўзабаве да сусветнага панавання прыйдуць! Усе ад іх на горкі яблык дастануць! Эскадрон белапольскай кавалерыі голымі рукамі ўхойдалі. Нават “яжовыя рукавіцы” не спатрэбіліся.

-- Вы ж, грамадзянін начальнік, іх на ўласныя вочы нават не бачылі, -- аддана захлынаўся кіроўца, -- а мы, як вас зараз! Зробяць яны на вас наезд, як вы іх пазнаеце?

Насоўка ў руце Праніка прыпыніла рух.

-- …а мы іх не толькі пазнаць зможам, але і абавязкова возьмем у аператыўную распрацоўку! Бо апроч нас -- і няма каму! -- нарэшце скончыў кіроўца.

Доўгія дагледжаныя пальцы эстэтна скамечылі насоўку і сунулі яе ў нагрудную кішэню фрэнча. У гіпнатычных вачах чакістага мільганула шчырая зацікаўленасць.

-- На ўласныя вочы, кажаце? Добра. І што, абяцаеце ўзяць іх у аператыўную распрацоўку і вызваліце з палону амерыканскага камінтэрнаўца? Добра. Дадзенымі мне паўнамоцтвамі выкананне часова адкладзенае. Вам вернутыя дзяржаўныя ўзнагароды, званні, табельная зброя і партыйныя білеты. Але віна з вас яшчэ не знятая… Прашу ў машыну, дарагія таварышы!

Праз колькі хвілін часова памілаваныя сядзелі на рыпучым заднім сядзенні таго самага “Пакарда”. У скалечаныя пальцы ім уставілі запаленыя папіросы, а ў разбітыя раты сунулі рыльцы крамлёўскіх пляшак.

-- Дарэчы, дарагія таварышы, -- падступна пасміхнуўся галоўны чакісты, -- народныя грошы, якія вы шкодніцкі змарнавалі, трэба вярнуць. Дзесяць тысяч златовак.

-- Дзе ж мы столькі возьмем? -- жахнуўся таварыш Баян, -- на Крэсах Усходніх такія грошы адно эксплуататары маюць!

-- А мне -- па херу дым! -- змяіныя вочы старэйшага чакістага нядобра бліснулі ў вільготнай паўцемры салона. -- Эксплуататараў паэксплуатуйце! Банк абрабуйце! Бардэль зарганізуйце! Ды хоць у якім буржуазным казіно выйграйце! Даю вам на гэта тыдзень часу. І памятайце, дарагія таварышы, што прысуд для вас ніхто не адмяняў!

3.

Адстаўны генерал Дэфензівы Мікола Хапернік жыў на другім паверсе старасвецкага дамка на Гарадніцы, якраз насупраць кабінета самага папулярнага ў Гародні доктара-гінеколага.

Выглядаў пан Хапернік надзвычай пыхліва і па-шляхотнаму шызафрэнічна -- рыхтык, рэінкарнаваны Пане Каханку. Нездаровы бляск рачых вочкаў з галавой выкрываў у ім прыхаванага парнаграфіста. Уначы пан Хапернік праз саматужны тэлескоп назіраў сузор’і над Крэсамі Ўсходнімі і сам-насам разважаў пра лёсы планет і сэнс жыцця. А ўдзень праз той жа тэлескоп разглядаў пацыентак пана гінеколага ў вокнах насупраць і апантана лаяўся з суседкай, што жыла на першым паверсе. Графіня Соф’я Уласеўна Мурашова, удава апошняга гарадзенскага губернатара і яе экзатычны гадаванец даводзілі былога спецслужбоўцу да шаленства, сардэчных прыступаў і начнога трызнення.

Такім чынам Віктара Янукевіча, як толькі ён трапіў у Гародню, адразу і пацягнула ў вір вялікадзяржаўніцкіх польска-расейскіх дыспутаў…

-- …ну што, сіротка Пярдолэк, жыві ў мяне, колькі спатрэбіцца, -- літасціва дазволіў пан Хапернік, калі госць нарэшце распавёў пра ганебны фінал сваёй жандарскай кар’еры, -- мне з гэтай старой рускай курвай аднаму не зладзіць. А ты -- самы амаральны чалавек з усіх маіх знаёмых. Давай вып’ем за сустрэчу і ў тэлескоп паназіраем.

-- Дзякуй, ягамосць, -- сціпла азваўся былы жандар і аддана прыклаў далонь да грудзей.

Пасля трэцяга кілішка “выбаровай” пад вэнджанага селядца адстаўны генерал Дэфензівы змоўніцкі скасавурыўся на нязграбную аптычную прыладу, што раскірэчыла драўляныя ногі каля расчыненага вакна.

-- Пане доктоже папярэджваў, што да яго акурат па абедзе пекная паненка пшыйдзе.

Хапернік і Янукевіч зацікаўлена падаліся да тэлескопа і ў чатыры рукі скіравалі яго цяжкую рулю на запаветнае вакно. І сапраўды, побач з гінекалагічным фатэлем ужо стаяла маладая ладная курва ў негліжэ.

-- Мммм!.. Якая вабная дупа!.. -- прагна заенчыў Пярдолэк, зазіраючы ў тэлескоп.

-- Зараз і не тое пабачым! -- адстаўны генерал азартна адштурхнуў госця і ўліп у акуляр вачніцай. -- А пупо-ок які акуратны!.. -- руля тэлескопа ювелірна апусцілася на якісь міліметр, -- а та-ам… Ружа, чыста ружа, -- эстэцкі затрызніў вычварэнец.

Гэты шчаслівы стогн прымусіў Янукевіча пазабыцца і на свой статус госця, і на тое, што ён утрая маладзейшы за Хаперніка, і нават на сацыяльную розніцу з гаспадаром. Ён загырчэў галодным сабакам і сілком заўладарыў тэлескопам.

-- Па мне, дык і не да ружы падобна, а сама болей, да ракаўкі-пярловіцы! -- расчаравана канстатаваў амаральны сіротка. -- Лепш за дупу нічога не бывае!

На імгненне чароўную карцінку змяніла нешта нечакана-недарэчнае. У акуляр на Пярдолка глядзела злоснае нялюдскае вока, жахліва павялічанае оптыкай. Праз секунду над самай галавой пралапаталі нябачныя дужыя крылы.

Янукевіч спалохана ўскінуў голаў. На крышталёвай жырандолі, што гайдалася пад высокай столлю, нахабна атабарыўся вялізны, што той індык, папуга. Птушка выглядала пыхліва, як старэйшы асадніцкі сын на кірмашы, і страката, бы цыганская коўдра. Сюррэалістычныя пёркі блішчэлі ўсімі колерамі нёманскай вясёлкі. Скрыўленая дзюба прачынілася, нібыта паловы ракаўкі разышліся.

-- Пярловіца!.. Пярловіца!.. -- траскуча закрачыў нахабнік. -- Ружа!.. Ружа!..

Гаспадар помсліва звузіў вочы.

-- Зноў гэты рускі Манамах прыляцеў!

Рука адстаўнога спецслужбоўцы інстынктыўна пацягнулася да паса, але ж кабуры, што большую частку жыцця абцяжарвала партупею, не намацала. У папугу паляцела даўганосая пантофля.

Крылаты хабёл ускінуў крылы і спрактыкавана размінуўся ў паветры з абуткам.

-- Мудзілы!.. Мудзілы!.. -- дражніўся ён ужо са старасвецкага буфета.

Абражаны Пярдолэк памкнуўся было скруціць брыдкаслову шыю, але Хапернік сур’ёзна перасцярог:

-- Блізка не падыходзь, задзяўбе адразу. Ні жалю, ні літасьці, што ў гаспадыні, што ў выхаванца. Мяне гэтая руская графіня са сваім папугам Манамахам калі-небудзь да смерці давядуць, -- сумна канстатаваў ён.

Дзверы ў гасцёўню бразнулі, ажно чаркі на стале азваліся спалоханым звонам. І хаця Янукевіч загадзя быў папярэджаны пра існаванне вар’яткі-суседкі, але яго адразу перасмыкнула.

У парозе стаяла дробная бязважкая старэча са зморшчаным, што тая высахлая дуля, тварам. Злосныя бляклыя вочкі глядзеліся нібы адлітымі з бутэлечнага шкла. У пакручанай поліартрытам руцэ разгойдваўся вялізны чыгуновы прас, у якім перасыпалася і шкварчэла вуголле.

-- Няхай пані графіня не крыўдуе, -- шляхотна ўзняўся насустрач адстаўны генерал, -- але я не чуў, каб пані пагрукалася. Не ведаю, як у вас у Расіі, але ж тут, у Польшчы…

-- Усе людзі як людзі, а ты, судар, як хер на блюдзе! -- з прыемным маскальскім акцэнтам абвесціла графіня і плюнула на кілім.

-- Не ведаю, як у вас у Расіі, але ж тут, у Польшчы, не прынята класці прадмет мужчынскай годнасці на сподкі, талеркі ды ў панівы! -- зніякавела запярэчыў адстаўны генерал.

-- І гэты вычварэнец бярэцца разважаць пра перавагі так званай польскай культуры? -- канчаткова раз’юшылася Мурашова, і яе шкляныя вочкі вялікадзяржаўна бліснулі. -- Дык вы ж, смецце імперыі, ніколі не былі нацыяй! Ну скажы, судар, якая ў вас нацыянальная ідэя?

Не паспеў Мікола Хапернік зморшчыць лоб, як Соф’я Уласеўна тыцнула яму ў твар адмыслова складзеную хвігу. Далёка высунуты палец з нафарбаваным пазногцем брутальна скіраваўся ў генералава вока.

-- Во якая ваша нацыянальная ідэя! А ў нас, -- графіня адзін за адным выпроствала пальцы на хвізе, -- і самаўладдзе, і народнасць, і духоўнасць, і саборнасць, і…

-- Жыццёвы досвед і элементарная логіка падказваюць мне, -- крыху асмялеў Хапернік, -- што руская нацыянальная ідэя насамрэч такая: хлусіць, красці і жлукціць гарэлку. Прытым рабіць гэта ўсё ў спалучэнні і ад рана да рана. Вы ж праўдзівыя качэўнікі!

І тут папуга зноў нагадаў пра сваю прысутнасць. Ён дзяржаўна распрастаў вясёлкавыя крылы, цяжка зляцеў на рыльца тэлескопа і, ледзь не скруціўшы шыю, усё ж такі зазірнуў у акуляр.

-- Дупа!.. Духоўнасць!.. Вычварэнец!.. Саборнасць!.. Ружа!.. Самаўладдзе!.. Ад рана да рана!..

-- Манамах, птушачка мая, цып-цып-цып… -- з нечаканай сантыментальнасцю паклікала графіня.

Крылаты хабёл альбатросам падхапіў з талеркі селядцовы хвост і цяжка апусціўся на плячо гаспадыні. Прас у яе руцэ пагрозліва хіснуўся. Пан Хапернік зглынуў сліну, але нічога не сказаў.

Пярдолэк глядзеў круглымі ад ачмурэння вачыма.

-- Кампанія не надта велька, але бардзо пажондна… -- ледзь чутна вымавіў ён. -- Я, пан астраном і дзве рускія курвы.

Графіня добразычліва ашчэрылася:

-- Мазгаклюй ты мой улюбёны! Манамашанька харошы, Манамашанька харошы…

Папуга праглынуў скрадзенага селядца і спагадліва пацвердзіў:

-- Добры!

-- Колькі казала табе, -- Соф’я Уласьеўна красамоўна перакінула прас з рукі ў руку, -- не лётай да гэтага польскага распусніка! Чаму ён навучыць цнатлівага рускага птаха? Адно брыдзе! І вам, малады чалавек, варта падумаць: з кім вы, з імі, ці з намі?! -- вялікадзяржаўніца выразна зірнула на Пярдолка, -- і не забывайцеся, я не з тых Мурашовых, каторых вешалі… Я з тых, каторыя вешалі!

Дзверы бразнулі, і са сходаў пачулася цоканне абцасаў. У гасцёўні лунаў пах распаленага вуголля.

Вечар цікаўных анатамічных назіранняў быў канчаткова сапсаваны. Неўзабаве згасла святло і ў кабінеце пана гінеколага. Над Гарадніцай пакрысе запальваліся першыя сузор’і Задыяка, але пану Хаперніку ўжо не хацелася назіраць за іх жыццём…

Да самай апоўначы зняважаны паляк распрацоўваў падступныя планы помсты. Паводле іх, спачатку графскі папуга мусіў загінуць ад кіпцюроў коткі, якую на пару дзён можна было пазычыць у пана гінеколага. Саму гаспадыню ён меўся зарэзаць скальпелем з кабінета таго ж самага пана. Але такая смерць неўзабаве падалася летуценніку занадта лёгкай. Тады ў вычварэнскім розуме пана Хаперніка склалася наступная камбінацыя: засунуць у кавалак сала тонкую голку і пачаставаць Манамаха. Пасля ўяўнага пахавання птушкі наспела чарга загінуць і Соф’е Уласьеўне. Адстаўны генерал меркаваў падкласці ёй у прас супрацьтанкавую гранату.

Але ж дасведчаны спецслужбоўца і сам разумеў марнасць усіх гэтых мрояў: і Мурашова, і Манамах вызначаліся рэдкай абачлівасцю і проста жывёльным адчуваннем небяспекі. Падкладзеная граната неадкладна апынулася б у генеральскім каміне, а голка -- у рулоне туалетнай паперы.

Зрэшты, у адстаўнога генерала Дэфензівы быў-такі адзіны шанец назаўсёды пазбавіцца ад клятых ідэалагічных ворагаў. Ён трымаў яго на выпадак поўнай няшчымніцы, і цяпер, пасля апошняга візіту суседкі, зразумеў -- такі час, нарэшце, наспеў. У схованцы пад ложкам ляжала невялікая картатэка на самых зацятых ворагаў санацыйнай Польшчы, абачліва скрадзеная Хапернікам перад сыходам у адстаўку.

Перад тым, як выцягнуць з-пад ложку цяжкі чорны куфэрак, гаспадар пагнаў Пярдолка спаць у суседні пакой. Зашамацелі карткі з імёнамі найбольш небяспечных дзяржаўных злачынцаў.

-- Станіслаў Булак-Балаховіч, -- Хапернік позіркам дасведчанага фізіянаміста прыгледзеўся да фотаздымка, -- шкада, не падыходзіць. Па-першае, ужо даўно ў Варшаве атабарыўся, па-другое, жанчын і экзатычных птушак забіваць не стане… Ага! Фелікс Дзяржынскі, -- Хапернік гідліва ўзяў двума пальцамі картку, -- гэты ксёндз-недавук каму хочаш галаву скруціў бы… Але, шкада, ужо і сам у Маскве выпруціўся.

Лоўкія, нібы ў прафесійнага шулера, пальцы спрытна перакідалі карткі з фотаздымкамі.

-- Во! -- нарэшце спыніўся адстаўны генерал Дэфензівы, -- тое, што трэба. І як гэта я на яе пазабыўся? Знакамітая снайперка-партызанка, самая страшная беларуская буржуазная нацыяналістка ў нашым краі. Маскальскіх шавіністаў на дух не зносіць! Як, на вялікі жаль, і нас. Брала ўдзел у Слуцкім збройным чыне. І цяпер спраўна практыкуецца: у асадніцкае вока за сто метраў трапляе. Для яе вайна за так званую незалежнасць так званай Беларусі як пачалася за часамі так званай БНР, так дагэтуль і не скончылася.

З фатакарткі мужна глядзела яшчэ маладая Эмілія Вастрабрамская. З-пад паляўнічага капялюшыка, аздобленнага фазанавым пёркам і кукардай з “Пагоняй”, выбіваліся доўгія ільняныя валасы. Модны вышываны гарсэцік перакрэслівалі кулямётныя стужкі. Кавалерыйскае галіфэ было запраўлена ў шляхотныя гусарскія боты, на абцасах ззялі срэбныя зорачкі шпораў. Знізу карткі з кароткімі анкетнымі дадзенымі чырванела вялізная пячатка, з якой вынікала, што крымінальную справу ўзбуджаць бессэнсоўна – слынная адраджэнка заўсёды мае алібі.

Мікола Хапернік уважліва паглядзеў на здымак, сумна пасміхнуўся і схаваў картку пад карункавую сурвэтку на трыльяжы.

Але ж упэўненасць у правільнасці абранага шляху прывяла дасведчанага адстаўніка-спецслужбоўцу да недаравальнай страты пільнасці. Ён так і не заўважыў, што падступны госць увесь гэты час падглядаў за ім у замочную адтуліну.

Такія паводзіны Віктара Янукевіча тлумачыліся не толькі ягонай паталагічнай любоўю да падглядання, але ж і прагматычным памкненнем збудаваць свой далейшы лёс. Былы жандар ужо ведаў, куды ён укладзе грошы, скрадзеныя ў чакістага ў шынку “Рыга”. Натуральна, бізнес не мог стаць паспяховым без уласнага жытла ў Гародні. А вось Хапернікава кватэра адразу спадабалася сіротку: прэстыжны раён, вабныя краявіды з вакна, выдатны астранамічны рыштунак дый увогуле...

Пярдолэк цярпліва счакаў, як засне гаспадар, і нячутным пацуком слізгануў у гасцёўню. Картку Дэфензівы ён сунуў у халяву бота і адразу скіраваўся наніз.

-- Сударыня-барыня, -- Янукевіч асцярожна пагрукаў у дзверы, -- пусціце гаротнага сірату!

З сярэдзіны кватэры пачулася кулямётнае шчоўканне клямак, засавак і запораў.

-- Ну забіце, забіце мяне, вычварэнцы! -- істэрычна заскавытала графіня з-за дзвярэй. -- Забіце самотную ўдаву!

-- Соф’я Уласьеўна! -- лагодна прамовіў Пярдолэк. -- Вы мая старэйшая руская сястра. І таму я вырашыў уратаваць вам жыццё. Адчыніце!

4.

Вось ужо тыдзень Хросны і яго маладыя сябры жылі ў кватэры Эміліі Вастрабрамскай. Шмат нечаканых ліхтугаў і цікавых здарэнняў прыпала на гэты час.

Уцякач з Бярозы-Картузскай пісьменна выправіў сабе новыя дакументы; скарумпаваныя гарадзенскія паліцыянты ўзялі за гэта ўдвая менш, чым ён разлічваў. “Студэбекер” быў перафарбаваны ў колер горкага яблыка, і новыя нумары дазвалялі ездзіць на ім без перашкод.

Янка Лабановіч хутка асвойтаўся ў гарадскім асяродку. Яго нахабныя валошкавыя вочы ўжо ведалі і на Раскошы, і на Гарадніцы, і на Пярэспе, і нават на Ласосне. Мудзілы яго інстынктыўна пабойваліся. Хаблы лісліва прыўздымалі перад былым настаўнікам кепі. Пекныя паненкі, якіх заўсёды не бракавала ў Гародні, выказвалі адукаванаму маладзёну прыязнасць.

Іван Брыль ужо на трэці дзень стаў мясцовым кумірам. Так здарылася, што ў горад над Нёманам завітаў абсалютны чэмпіён Кёнігсберга па боксе. У сумленным двубоі, што адбыўся ў піўной каля Крывой Афіцыны, каваль-волат паклаў спратоўца-нацыста з першага ўдару. Некультурныя півапойцы, якія сталі нявольнымі сведкамі гэтага спаборніцтва, пры адной толькі фразе “Кепска будзе!” неадкладна хаваліся ў бульбу.

Аянька Кільмандавіч не без шкадобы змяніў уланскі мундзір на модны віленскі стройчык. Замест шаблі былы кавалерысты прыдбаў стэк са схаваным у ім сталёвым клінком. Вышыбалы мясцовых бардэляў лісліва віталіся з ім за паўкварталы, але ж на ўсялякі выпадак пераходзілі на другі бок вуліцы.

Янкель Фінберг часова схаваў на антрэсолі футарал са скрыпачкай, узброіўся траскучым арыфмометрам і засеў у публічнай бібліятэцы за падшыўкамі тутэйшых бізнесовых выданняў. Праз тры дні ён ужо пралічыў, што самая перспектыўная камерцыя ў краі -- фабрыка па вытворчасці сельтэрскай і мальвазіі. Камерцыя гэта належыла нейкаму караімчыку, які з невядомых прычынаў знянацку вярнуўся сюды ажно з Чыкага.

Больш за іншых гэта навіна ўразіла Хроснага.

-- Чакай, чакай, -- былы лідэр чыкагскай бутлегерскай сеткі “Тутэйшыя” нядобра скасавурыўся на фотаздымак у бізнесовым часопісе, -- дык гэта ж… той самы троцкі караімчык! Праўду кажуць: далёка нябёсы, а побач дзівосы! Карацей, капец караімчыку. Цяпер ён са мной да смерці не расплоціцца!

-- Дзядзька Хросны, а нашто ты так шмат грошай яму пазычаў? -- здзівіўся Лабановіч.

-- Ды я з яго не толькі грошы, а і душу выб’ю! -- набычыўся Іван Брыль.

-- А давайце яму крыху яйцы паказычам! -- прастадушна прапанаваў Аянька Кільмандовіч і выцягнуў са стэка-похваў рапіру.

-- Нашто рэзаць курку, што можа несці для нас залатыя яйкі? -- па-жыдоўску разважліва запярэчыў Янкель Фінберг. -- Я ж не дарма ў бібліятэцы нагавіцы праціраў! Як вінен, то дзяліцца мусіць!

Хросны паглядзеў на музыку са шчырай павагай.

-- Малайчына, -- пахваліў ён.

-- Аідышэ копф! -- сціпла пацвердзіў Янкель…

…Наезд на сельтэрскую фабрыку адбыўся наступным днём. Пакалечаных і забітых не было, але агаломшаных хапіла. Варта было былому чыкагскаму мафіёзі з’явіцца ў кабінеце ўласніка вытворчасці, як той заторгаўся, збляднеў, нібыта ўбачыў прывіда, і адразу ўсё зразумеў.

-- Ты прыйшоў мяне забіць? -- злякана запытаўся сельтэрскі фабрыкант.

Хросны нядобра бліснуў вачыма

-- Я прыйшоў, каб распавесці табе адну прыкрую гісторыю. Аднойчы ў Ілінойсе нейкі троцкі караімчык абяцаўся мяне з Карлам Спагеці замірыць, і нават грыны наперад узяў. А сам і мяне, і яго падступна здаў чыкагскім копам. Пэўна, ён думаў, што беларусы на старых чыкагскіх бойнях спярша сіцылійцаў ухойдаюць, а потым шэрыф Сміт-Весон ацалелых на электрычны фатэль выправіць. Так, казёл смярдзючы?

-- Так-так-так… -- зубы казла смярдзючага дробна заклацалі, -- пацаватая гісторыя…

-- Змушаны расчараваць таго троцкага караімчыка. Мы і без яго з панам Спагеці выдатна паразумеліся і нават пасябравалі. Глядзі! -- Хросны распусціў гальштук і выцягнуў з-пад кашулі залаты абразок з выявай Святога Януара -- апекуна злодзеяў з махлярамі.

У кожным аліўкавым воку сельтэрскага фабрыканта адбілася па зіхоткай выяве шанаванага ў гангстэрскім свеце святога. Дрыготкая рука незаўважна пацягнулася да схаванай пад сталом кнопкі выкліка паліцыі. Але ў гэты самы момант у кабінет завіталі хлопцы-янкі -- усе чацвёра.

З-пад пахі Лабановіча пагрозліва выторкваўся даўжэзны більярдны кій.

Брыль красамоўна паляпваў вялізнымі баксёрскімі пальчаткамі.

Кільмандовіч адразу ж выцяў рапірай караімчыка па руцэ і спрытна скіраваў гастрыё між ягоных ног.

Тым часам Фінберг спакойна паправіў сінія бухгалтарскія нарукаўнікі і па-дзелавому бліснуў шкельцамі акуляраў:

-- Падпісвай, поц! -- на стол уласніка вытворчасці лёг стос дакументаў, паводле каторых фабрыка пераходзіла пад поўны кантроль Хроснага і яго памагатых.

Караім зацкавана зірнуў на дзіўных візіцёраў і без ваганняў падпісаў усе паперы. Блізкае знаёмства з новай гангстэрскай групоўкай жахлівага Хроснага падалося яму празмернай платай за сціплую спробу супраціву. Праз колькі часу грамада ўжо аглядала прыўлашчаную фабрыку.

Па бясконцай гумовай стужцы транспарцёра з сумнай аднастайнасцю плылі роўныя шэрагі зеленкаватых бутэлек з каламутным напоем. Дробныя бурбалкі зіхацелі ў электрычных промнях. Этыкетачная машына нястомна пляскала на бутэлькі чырвоныя наклейкі “Кoła kresowa”.

-- Ну, і чым ты, басурманін, тутэйшы люд труціш? -- былы чыкагскі бутлегер з прафесійнай дасціпнасцю вывучаў на этыкетцы складнікі напою, -- “бензанат і глюканат натру”, “кіслата цытрынавая”, “двухвокіс вуглероду”, “экстракт кокі паўночна-амерыканскай”…

-- Народу ж падабаецца… -- няпэўна пракаментаваў караімчык.

-- У народа заўсёды павінен быць выбар! -- у голасе Хроснага загучалі металёвыя ноткі. -- Бо без сапраўднага выбару народ наўрад ці здолее зразумець, што яму сапраўды да спадобы, а што не вельмі.

-- Калі няма выбару, people заўсёды хавае той shit, які яму даюць! -- падтрымаў былы настаўнік.

-- Нічога, хлопцы! -- пасміхнуўся былы чыкагскі бутлегер. -- Мы наладзім тут новую вытворчасць. І што характэрна, выключна з беларускай натуральнай сыравіны!

-- Ды якая тут можа быць сыравіна? -- крыху з’едліва пасміхнуўся былы ўласнік фабрыкі, -- хіба ў беларусаў калі што сваё было?

-- Слухай, мудзіла! А як наконт горкага яблыка? -- нядобра прымружыўся Лабановіч і па зніякавелых вачах былога гаспадара вытворчасці беспамылкова зразумеў, што абраў правільны шлях.

5.

Касцяны шарык дробным гарохам праскакаў па лічбах рулеткі і, нарэшце, зацвердзіўся на лічбе “17”. Лапатка круп’е паважна адсунула высокія слупкі фішак да края стала. Звяружны волат са свежымі хірургічнымі швамі на твары неадкладна згроб іх у модны фетравы капялюш. З-за яго пляча вытаркнуўся тыпова чакісцкі твар, узбагачаны індывідуальнай адметнасцю -- бліскучымі жалезнымі зубамі.

-- Колькі, таварыш Баян?

-- Дзесяць тысяч на круг узялі, як з куста! -- старэйшы чакісты збіў драбінкі паршы з каўнера смокінга і скіраваўся да браніраванай кабінкі касіра, што ўрачыста высілася на пачэсным месцы, не раўнуючы, як касцёльня спавядальня.

-- Табе сёння шэнціць, бы таму сталінскаму сокалу на Халхін-Голе! -- узрадваўся ўладальнік жалезных зубоў.

-- Пра сталінскіх сокалаў ані слова! -- імгненна спахмурнеў таварыш Баян.

Фішкі пасыпаліся на спод у акенцы касіра, і праз хвіліну на іх месца лёг ладны пачак банкнотаў па сто златовак.

Памілаваныя ворагі народа скіравалі да выхаду. Уладальнік навюткіх жалезных зубоў спрактыкавана канваіраваў старэйшага таварыша збоку-ззаду, красамоўна трымаючы руку ў кішэні смокінга. Яго скамянелы твар дэманстраваў гатоўнасць зрабіць друшляк з кожнага, хто паквапіцца на выйгрыш.

Неўзабаве абодва чакістыя стаялі на ганку папулярнага ў Друзгеніках казіно “Мікола Чурлёна”. З кішэняў смокінгаў брутальна тырчэлі рыльцы піўных пляшак.

-- Усё ж такі таварыш Пранік -- сапраўдны чакісты! -- з непрыхаванай павагай засведчыў Баян, -- нездарма прапанаваў нам буржуазнае казіно на грошы выставіць.

-- Па розуме і прапанаваў, -- пагадзіўся ягоны таварыш, выцягнуў пляшку і жалезнымі зубамі скусіў бляшаны корак.

Над цацачнымі Друзгенікамі срэбным пылам зіхацелі зорачкі. У стылай вадзе возера Друзгоня адбівалася нізкае вечаровае неба. Тэатральным ліхтаром ззяў павільён мінеральных водаў. Ад лецішча маршалка Пілсудзкага даносіліся гукі курортнай музыкі, сакавіты смех паноў і буржуазны віскат паненак.

-- Таварыш Баян, а чаго мы ў гэтыя Друзгенікі прыпёрліся? Хіба ў той жа Гародні казіно бракуе?

Баян выцягнуў з рукава смокінга невялікі ладны прыборчык.

-- Партатыўны электрастатычны генератар, -- патлумачыў ён, -- гэта, каб шарык рулеткі на патрэбнай лічбе спыняць. Апошняя распрацоўка сакрэтнай лабараторыі НКВД. Плён творчага генія савецкага народа. Але ўсе гарадзенскія круп’е пра гэты плён генія даўно ўжо ведаюць. Мяне туды нават у смокінгу і цыліндры не пускаюць.

-- Дык ты гэты генератар увесь час пад сталом казіно ў руцэ трымаў? -- кіроўца з павагай узважыў прыборчык на далоні. -- Ён жа, халера, цяжкі.

-- Ад сталінскай навукі мацнеюць розум і рукі! -- павучальна азваўся таварыш Баян.

Па алейках паміж акуратна пастрыжаных кустоў шпацыравалі пекныя паненкі і гжэчныя кавалеры. У паветры луналі водар дарагой парфумы, дым каланіяльных цыгараў, пахі арабскай кавы і французскага каньяка. Чакістыя ў смокінгах мэтанакіравана праціналі плынь бесклапотных курортнікаў, раз-пораз прыкладаючыся да піўных пляшак.

Таварыш Баян дакаўтаў піва і трапна закінуў пляшку ў самы цэнтр клумбы.

-- Счакай, -- папрасіў чакісты, расшпіліў гульфік і рушыў за кусты.

Ён узвышаўся па-над зяленым жываплотам па пояс, нібы бюст правадыра на пастаменце. З-пад куста на алейку паволі нацякала калюжына. Халодныя чакісцкія вочы ўважліва разглядалі шматлікіх буржуазных курортнікаў і курортніц -- ворагаў працоўнага народа.

Знянацку каля чакісцкага вуха прагучала далікатнае:

-- Proszę pana, która godzina jest na pana zegarku?

На алейцы побач з жываплотам стаяла гімназістка ў белай газавай сукенцы. Мілая, як анёлак, і гарэзлівая, як страказа.

Баян таргануўся, выбраўся на алейку і бессаромна ўзяўся зашпільваць гульфік.

-- Знайшла, калі час пытацца! Хіба я на яйцах гадзіннік нашу? -- шчыра здзівіўся ён.

Гімназістку-анёлка нібыта ветрам знесла. Праз секунду яе газавая сукенка палахлівым матыльком трымцела ў канцы алеі.

-- Во, курва белапольская! Можна падумаць, яна слова “яйцы” раней не чула! -- чакісты адкаркаваў наступную пляшку. -- Адразу відаць, што не ў савецкай школе вучыцца!

Калі дайшлі да Нёмана, канчаткова сцямнела. Месяцовая сцежка крышылася хвалямі на дробныя залацістыя змейкі. Стогадовыя сосны на беразе ледзь чутна шаргацелі голкамі. Дробны пясочак зіхацеў пад нагамі бурштынавым пылам. Жалезныя зубы чакістага таямніча блішчэлі ў вільготнай цемры.

З павільёна мінеральных водаў, што свяціўся рознакаляровымі электрычнымі гірляндамі, сыходзілі апошнія наведвальнікі.

-- І што гэтыя буржуі ў мінералцы знаходзяць? -- малодшы чакісты сплюнуў бляшаным коркам у цёмную нёманскую ваду і апетытна прысмактаўся да рыльца.

-- Ды што тая мінералка! -- нарэшце прарвала таварыша Баяна, -- кава з цынамонам, какава з вяршкамі, ананасы ў шампане, мальвазія з сельтэрскай!.. Суцэльная буржуазная адрыжка...

-- Во-во, таварыш Баян! Такое п’юць спрэс рэнегаты і дэгенераты!

Так, пад развагі пра бездухоўную буржуазную культуру і заняпад Еўропы, шчаслівыя чакістыя спусціліся да прычалу. Невялікі, але ладны маторны кацярок пагойдваўся на пругкіх хвалях. Вільготны ветрык халадзіў узмакрэлыя спіны.

-- Лепшае футра -- гэта чакісцкая скуранка! -- таварыш Баян похапкам дастаў з-пад сядзення звыклую чакісцкую вопратку і надзеў яе паверх смокінга.

-- А лепшая рыба -- гэта ёрш! -- змоўніцкі падміргнуў маладзейшы таварыш, выцягнуў са схованкі літруху “крамлёўкі” і набулькаў гарэлку ў недапітае піва.

Рухавік кацера спорна загрукацеў, нібы буйнакаліберны кулямёт. Чорныя лакавыя хвалі звіліся ўздоўж бартоў. Прычал паволі аддаляўся. Ліхтары на алейках падаваліся цяпер каламутнымі жоўтымі дзьмухаўцамі з бялявымі жарынкамі ў сярэдзіне.

У Нёман паляцела чарговая пляшка з-пад піва. Прыкметна сп’янелы кіроўца ўчапіўся ў румпель. Таварыш Баян выпрастаў антэну рацыі.

-- “Халодная галава”, “Халодная галава”. Вас выклікаюць “Доўгія рукі”... Таварыш Пранік, дакладаем аб узорным выкананні задання. Дзесяць тысяч злотых толькі што экспрапрыіравалі ў эксплуататараў. Па дарозе правялі палітыка-выхаваўчую размову з несвядомай буржуазнай гімназісткай. Вяртаемся на базу.

-- Добра, -- пачуўся з навушнікаў голас таварыша Праніка, -- дадзенымі мне паўнамоцтвамі партыя і ўрад нездарма захавалі вам жыццё! Да сустрэчы, дарагія таварышы!

Не паспеў таварыш Баян схаваць рацыю, як з-за цёмнай выспы выплыла нейкая дзіўная спаруда. Старэйшы чакісты ўзняў артылерыйскі бінокль і прымружыўся. Па рачной плыні няспешна шлёпаў водны ровар-катамаран. З паўцемры прамалёўваліся дзве мужчынскія постаці.

Кіроўца на карме ўзварухнуўся і запаліў пражэктар. Жоўты прамень бязлітасна расцяў вільготную нёманскую цемру. У драўляных фатэльчыках сядзелі і круцілі педалі два дзіўныя фацаты ў светлых летніх фрэнчах. Гэта былі тыя самыя раварыстыя, якіх таварыш Баян і кіроўца ўжо бачылі на гарадзенскім гасцінцы. Гідкі рабы вусач з люлькай у зубах нешта ласкава тлумачыў хударляваму псіхапату з нетутэйшымі тэатральнымі вусікамі.

Ветрык даносіў да чакісцкіх вушэй шматкі рэплік:

-- ... я ж лучшы друг савецкіх фізкультурнікаў, таварыш Адзік!..

-- ... я-а, я-а, геносэ Юзік. Спорт -- юбер алес!..

Чакістыя перазірнуліся.

-- І хто гэта такія? -- пасуворыў таварыш Баян, -- мо, ворагі народа?

-- Трэці раз іх бачым на нашай спрадвечна савецкай зямлі, часова акупаванай пілсудчыкамі! -- нагадаў кіроўца.

-- Цяпер і на вадзе... -- удакладніў старэйшы чакісты і з пралетарскай непасрэднасцю прапанаваў: -- а давай іх патопім!

-- Нашто? -- ужо пасміхаўся малодшы калега.

-- А проста так! Каб не сноўдаліся! Ездзяць тут, плаваюць... Бы тыя мандавошкі.

Рухавік драпежна загырчэў на поўных абаротах, і смярдзючы выхлап нізкім туманам папоўз па-над Нёманам. Кацер прыўзняўся ў вадзе і дробна закалаціўся. Доўгі пенны шлейф зманліва заззяў у месяцовым святле, і вялізная хваля ўпэўнена пакацілася на катамаран. Абодва вусатыя дзядзькі незадаволена зірнулі на нахабаў.

-- Глядзі, глядзі! Зараз кульнуцца і на дно пойдуць! Рыбаў і ракаў карміць! -- шчасліва крыкнуў таварыш Баян.

Але ўстойлівы катамаран адно пругка хіснуўся на дзюралевых паплаўках, і водныя раварыстыя зноў спакойна закруцілі педалі. Імклівая нёманская плынь панесла водны ровар да прычалу.

Учэпістыя погляды чакістых прыкіпелі да іх, рыхтык, зенітныя пражэктары да варожага самалёта.

-- Адзін, здаецца, знаёмы, -- намысліўся таварыш Баян, -- пэўна, вораг народа, які з расстрэльнай дзялкі ў Курапатах уцёк. А, мо, і не ён...

-- Ды абое -- рабое! Рэнегат і дэгенерат! -- пераканана засведчыў кіроўца.

Кацер крутануўся, гумовым мячыкам падскочыў на хвалі і імкліва паляцеў наўздагон. Рухавік ледзь не захлынаўся. Але чакістыя ўсё адно прыйшлі другім нумарам. Навязаны катамаран ужо пагойдваўся каля прычала. Вусатыя дзядзькі, па-сяброўску абняўшыся, крочылі па дашчаным памосце нага ў нагу.

Таварыш Баян рашуча ўскочыў на дошкі і выцягнуў маўзер.

-- Імем Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі, стаяць! -- азартна загадаў ён. -- А ну стаяць, сукі, каму сказана!

Вусатыя дзядзькі прыпыніліся і спакойна азірнуліся. Баян кінуўся да іх з маўзерам напагатове. Кіроўца развярнуў сляпучы пражэктар.

Ледзьве таварыш Баян разгледзеў рабы твар вусача, яму падалося, нібыта перад кожным вокам выбухнула па сонцу. Пашчэнкі гучна ляснулі. Спіна пад смокінгам імгненна змакрэла. Чакісты бухнуўся ў ногі. Здавалася, яшчэ крыху -- і ён стане на карачкі, каб дадаць сваёй паставе яшчэ больш вінаватай сабачай адданасці.

-- Прабачце, калі ласка, -- прыніжана заскуголіў таварыш Баян, -- мы ж вам проста грошыкі аддаць хацелі! Мы іх у эксплуататараў працоўных масаў экспрапрыіравалі! Вось, вазьміце! Ад шчырага сэрца! На танкавую калону! На новы бронецягнік! На калючы дрот вакол усёй Беларусі! На парашуты… для нашых пажарных вежаў!

Рабы вусач зацікаўлена паглядзеў на ахвяравальніка, шчыра адданага партыі і ўраду. Псіхапат з тэатральнымі вусікамі знізаў плячыма і нічога не адказаў.

Дрыготкой рукой чакісты выцягнуў з унутранай кішэні смокінга пачак банкнотаў і жэстам Данка, які выдзірае сваё сэрца, працягнуў рабому. Вочы таварыша Баяна баязліва заплюшчыліся. На паратунак ён ужо не спадзяваўся. Рабы вусач нетаропка пыхнуў люлькай, узяў грошы і паблажліва пасміхнуўся ў пракураныя вусы.

Калі таварыш Баян нарэшце рызыкнуў крыху расплюшчыць адно вока, дык убачыў, як абодва дзядзькі няспешна шпацыруюць па алейцы. Светлыя фрэнчы люмінісцэнтна ззялі ў промні пражэктара.

З канца алейкі даляцела:

-- ... трыумф волі, таварыш Адзік!..

-- ... НКВД. Дас іст зэр гут, геносэ Юзік!..

Таварыш Баян так і застаўся стаяць на карачках з вырачанымі вачыма ды разяўленым ротам.

-- Хто гэта быў? -- кіроўца безвынікова спрабаваў паставіць камандзіра на ногі, ці хаця б укласці яму ў руку маўзер, -- ты што, ім усе грошы аддаў? А што мы скажам таварышу Праніку?

-- Мы правадыроў бачылі! -- ціха прастагнаў таварыш Баян. -- Жывых!

-- Цуд над Нёманам… -- разгублена прамовіў кіроўца.

Старэйшы чакісты малітоўна схіліўся да дошак памосту і дрыготкімі вуснамі прыклаўся да месца, дзе толькі што стаяў рабы вусач.

-- Я верыў, што гэты дзень калі-небудзь настане! -- пранікнёна прамовіў ён. -- Я ўсё жыццё пра гэта марыў! Я ж… гэтымі вачыма яго бачыў і гэтым ротам з ім гаварыў! Я пра гэта пасля Сусветнай Рэвалюцыі дзецям і ўнукам расказваць буду... Як дажыву, вядома.

6.

Кватэра Мурашовай магла бы ўсцешыць антыквара-старэтніка і шмат чаго патлумачыць паслядоўніку Фрэйда.

Начынне міжволі ўваскрашала ў памяці класічны асацыятыўны шэраг: “будуар”-“пеньюар”-“самавар”. На выцвілых шпалерах пашыхтаваліся партрэты далёкіх і не вельмі далёкіх продкаў графіні: хана Батыя, Малюты Скуратава, Аляксандра Суворава і Ўладзіміра Пурышкевіча. Мурашоў-вешальнік у залачонай раме ракако займаў ледзьве не паўсцяны. На каміннай паліцы фалічнымі сімваламі ўзвышаліся матрошкі з тварамі гасудароў-імператараў. Пачварных памераў карціна “Апрычнікі на прывале” пагрозліва навісала над канапай. З грамафоннай трубы цурчэў дэкадэнцкі тэнар Вярцінскага. А на камодзе, пад партрэтам Рыгора Распуціна, красаваўся празрысты цыліндр памерам з самавар. У каламутным спірце за шклом плавала нешта доўгае і агіднае.

Некалькі хвілін Мурашова недаверліва касавурылася на госця свайго смяротнага ворага. Але неўзабаве здолела адшукаць вартае, на яе думку, тлумачэнне позняму візіту.

-- Вы што, малады чалавек, прыйшлі заляцацца да самотнай удавы? -- зморшчаны, нібы дуля, тварык гарэзліва пачырванеў, павекі цнатліва апусціліся. -- Як гэта рамантычна! Адразу згадваецца маладое і брыдкае. Памятаю, у Смольным інстытуце заляцаўся да мяне дворнік -- грубы валасаты мужчына…

Пярдолэк стрымана кашлянуў і шоргнуў ботам. Графіня выглядала абсалютна неадэкватна. Скукожаны твар набыў нечаканы зямлісты колер, сетка маршчынаў на шчоках нагадвала расколіны на пасохлых градах. Шкляныя вочкі ззялі панурай агрэсіяй, нібы вуголле праса. Пэўна, так выглядаў Іван Жахлівы адразу пасля забойства свайго сына.

Соф’я Уласьеўна рашуча пасунулася да Янукевіча, і гэта прымусіла яго інстынктыўна адступіць на крок.

-- Я прыйшоў дапамагчы вам, -- душэўна вымавіў Пардолэк і баязліва абцёр плячыма шаплеры.

-- Я адразу зразумела, што вы наш малодшы брат-беларусец! -- прыязна ашчэрылася графіня. -- Спадзяюся, вы ўжо паспелі прасякнуцца веліччу месіянскай культуры нашай агульнай Матухны-Расіі?

З грамафоннага раструбу пачулася:

Королева играла на башне Шопена,

И, внимая Шопену, полюбил ее паж.

Страшнае слова “Шапэн” прымусіла былога бяроз-картузскага жандара баязліва здрыгануцца. Ён разгублена пашукаў вачыма па сценах і перажагнаўся на партрэт Распуціна.

-- Сапраўды, культура расейскага народа-баганосца -- самая культурная і баганосная ў свеце! -- голас Пярдолка сцішыўся да змоўніцкага шэпту. -- А вось пан Хапернік са сваёй нацыянальнай пакрыўджанасці вам усім зайздросціць… і таму, сударыня, зычыць вам смерці!

-- Быў бы жывы мой дзед! -- Мурашова красамоўна зірнула на дагератып генерал-губернатара. -- Ён бы ўжо даў прасрацца ўсім гэтым бунтаўшчыкам! Ён бы вас, малодшых братоў, вызваліў бы! З такой асалодай вызваліў бы!

-- Я мужык-беларус, пан касы і сахі, -- прыніжана пацвердзіў сірата і падаў гаспадыні скрадзеную картку Дэфензівы. -- А вось пан Хапернік збіраецца замовіць ёй вашае забойства. Але ж, калі вы здолееце яго апярэдзіць…

Соф’я Уласьеўна хуценька прабеглася вачыма па асабістай справе Эміліі Вастрабрамскай.

-- “Беларуская адраджэнка”... -- нафарбаваныя вусны рускай графіні з’едліва варухнуліся, -- выдумалі ж такую нацыю -- “беларусы”!

-- Але толькі яна і можа даць вам рады, -- са змоўніцкім азартам шаптаў Янукевіч. -- Праўдзівая партызанка. Бачыце, што тамака напісана? “Трапная снайперка -- надзея беларускага народа!” З пшэкамі амаль пятнаццаць гадоў ваюе. Ёй асадніка забіць, што майму старэйшаму рускаму брату гранчак гарэлкі раніцаю выжлукціць!

Нечакана з-пад высокай столі пачулася:

-- Гарэлкі!.. Гарэлкі!..

Вялізны стракаты папуга зляцеў на камод і пасунуў дзюбай накрыўку шклянога цыліндра з дзіўным змесцівам.

Графіня падхапілася і прыкрыла сабой шкло, не раўняючы, як тая курка, што бароніць цыплянятаў ад злодзея-коршака.

-- Манамашанька, ну колькі разоў табе трэба казаць, -- з настаўніцкай інтанацыяй прамовіла яна, -- гэта вялікаруская нацыянальная рэліквія! Распуцін -- наша ўсё!

-- Грыша харошы!.. Грыша харошы!.. -- лісліва падхапіў прысаромлены хабёл, але ж працягваў касавурыцца на дзіўную нацыянальную рэліквію, што плавала ў спірце.

У алькове стаяла вялізная клетка. Безумоўна, яна прызначалася для папугі, хаця тамака магла змясціцца і сама графіня. Соф’я Уласьеўна абачліва сунула птушку за краты і завесіла клетку пледам.

-- Дабранач, Манамашанька! Хай табе сасніцца, як ты Бялага Ожэла гвалціш! А будзеш сябе добра паводзіць, дазволю заўтра ў горад на блядкі злётаць!

Мурашова змяніла ў грамафоне плытку і яшчэ раз уважліва перачытала картку Дэфензівы.

-- Калі вораг не здаецца, яго знічтажаюць! -- вынесла яна канчатковы прысуд.

-- А калі здаецца, яго і пагатоў знічтажаюць! -- слушна нагадаў былы жандар.

-- Вялікая Расія, а ісці няма куды!

Гаспадыня выцягнула з рыдыкюля цяжкую пудраніцу і нецярпліва адшчоўкнула срэбную накрыўку з манаграмай. На чорны вініл пласцінкі пілавіннем пасыпаўся таямнічы бялюткі парашок.

Грамафонны дыск круціўся з нязменнай хуткасцю семдзесят восем абаротаў у хвіліну. З масянджовага раструбу лілася вычварная мелодыя з сімфанічнай “Паэмы экстазу” Скрабіна, перакладзенай для ансамблю балалаечнікаў. Соф’я Уласьеўна нязрушна стаяла каля грамафона. З носу графіні выторквалася доўгая срэбная трубачка, другі канец якой яна скіроўвала да пасыпанай парашком грамафоннай плыткі. Мяккі губчаты нос прагна шморгаў. Неўзабаве зямлісты твар Мурашовай паружавеў, і зрэнкі заззялі жыццёвай сілай.

-- Не ведаю, як у вас у Расіі, але ж нас цукровай пудрай звычайна белыя блінцы пасыпаюць… -- разгубіўся Пярдолэк.

І тут з-пад пледа, які ляжаў на вялізнай клетцы, прагучаў траскучы голас Манамаха:

-- Какаін!.. Дэкаданс!.. Народнасць!.. Распуцін!.. Ад рана да рана!..

Гэтая бездухоўная рэпліка змусіла таргануцца нават амаральнага сіротку Пярдолка.

-- Ну проста цырк на дроце! -- уражана прашаптаў ён. -- Я пра гэта калі-небудзь дзецям і ўнукам раскажу. Але ж, баюся, ніхто не дасць мне веры, што такое было!

7.

Перамогу над троцкім караімчыкам Хросны з хлопцамі вырашылі адсвяткаваць неадкладна. Іншае развіццё падзей падалося б ім ненатуральным.

Але цётка Эмілія нечакана адмовілася браць удзел у банкеце, спаслалася на занятасць. І, сапраўды, час маці Хроснага быў распісаны літаральна па хвілінах. У кватэры раз-пораз з’яўляліся розныя каларытныя асобы: ад галоты з Пярэспы да лідэраў беларускіх палітычных партый. Пасля такіх візітаў Вастрабрамская звычайна сыходзіла мінімум на паўдні.

-- Вы ж хлопцы дарослыя, так што і без мяне пагуляеце, -- пасміхнулася Вастрабрамская. -- Піце, але без фанатызму. Да мудзілаў не чапляйцеся, а, як самі прычэпяцца, то больш за пяць рэбраў ім не ламіце. Гузікі з мундзіраў паноў жандараў не адрывайце, а як будзеце адрываць, то не больш за палову. Да дзевак не заляцайцеся, а як станеце заляцацца, то будзеце мець справу са мной.

-- А якія тут дзеўкі? -- у валошкавых вачах Лабановіча мільганула шчырая зацікаўленасць.

-- Горад над Нёманам багаты на розныя цуды, -- загадкава патлумачыла цётка Эмілія. -- У вас яшчэ будзе нагода ў гэтым пераканацца. Можа, нават, і сёння. А цяпер -- прабачце. У мяне дзелавая сустрэча ажно з двума мудзіламі, мужчынскага і жаночага полу. А потым -- на вакзал, віленскі цягнік сустракаць.

Хросны і яго маладыя хаўруснікі пагулялі сціпла і з густам. Шквірчэла шкварка, звінела чарка, пранікнёна спявала Янкелева скрыпачка, а беларускае сала надавала французскаму шампану асаблівы водар і непаўторны смак. Янка, які разліваў спіртное па фужэрах грамады, кожным разам прапаноўваў адзін і той жа тост:

-- Ну што, сябры… За апошні наезд на Літве!

-- А хто табе сказаў, быццам наезд на фабрыку троцкага караімчыка маецца стаць на Літве апошнім? -- штораз пярэчыў былы чыкагскі бутлегер. -- Мяне маці з дзяцінства вучыла -- ніколі не прамаўляй слова “апошні”, кажы “астатні”. Што ў нашым жыцці апошняе, то адзін Пан Бог ведае!

-- Дзядзька Хросны, а чым твая маці займаецца? -- пацікавіўся жыд-музыка, калі шампан скончыўся, а хлопцы перайшлі на больш звыклую гарэлку.

-- Мая маці -- адданая беларуская адраджэнка! -- не без пыхі прамовіў беларускі мафіёзі.

-- Адраджэнства -- гэта яшчэ не прафесія! -- слушна нагадаў былы настаўнік.

-- Гледзячы, што лічыць адраджэнствам, -- пасміхнуўся Хросны. -- У нашым краі вось ужо колькі гадоў пануюць туга і меланхолія. Грамадства не верыць, што можна нешта змяніць да лепшага. Вось маці і адраджае ў народзе надзею!

-- Мудзіл на горкі яблык збівае? -- здагадаўся Янка Брыль.

Хросны пасміхнуўся ласкава.

-- Не толькі збівае… І не яна адна. У маці ўжо і здольная гадаванка падрасла! Такая паненка вабная! Быў бы я маладзейшы -- закахаўся б у яе без ваганняў!

Цётка Эмілія вярнулася позна, калі хлопцы ўжо парадкавалі посуд. І яе словы наконт цудаў у горадзе над Нёманам нечакана спраўдзіліся. З-за шырокай спіны беларускай адраджэнкі сарамліва пасміхалася прыўкрасная мулатка.

Яе твар, постаць і ўсё астатняе было вабным. Янка Лабановіч зірнуў на дзяўчыну і зразумеў -- гэта лёс.

Вялікія пукатыя вочы цемнаскурай панначкі ззялі ганарлівай наіўнасцю маладосці. Постаць уваскрашала ў памяці старадаўнія фрэскі італьянскіх майстроў у яблонаўскім кляштары. Бездакорныя клубы пад ядвабнай спадніцай дрыготка адгукаліся на кожны рух.

Хлопцы глядзелі на мулатку, нібы артысты лялечнага тэатра Карабаса Барабаса на Мальвіну, якая нарэшце вярнулася з працяглых гастроляў. Але ж ніхто не наважваўся парушыць урачыстую цішыню.

Першым не стрываў Лабановіч. Ён асцярожна падаўся да дзяўчыны і ўважліва ўгледзеўся ў ейны твар. Цемнаскурая панначка выклікала ў яго напаўзабытыя шчымлівыя ўспаміны. На донцах Янкавых вачэй імкліва пракручваліся дзіцячыя хронікі Школы Падставовай. Ён глядзеў на мулатку, мо, з хвіліну, але ж так і не здолеў згадаць, чаму смуглы тварык падаецца яму знаёмым і амаль родным.

Панначка гарэзліва пасміхнулася і зрабіла кніксен. Ружовыя далонькі гулліва зрушылі прыпол.

-- Дупа... -- нарэшце згадаў Лабановіч.

-- Шакаладная... -- працягнуў Кільмандовіч.

-- Як бульба, што ў нашай Яблонаўшчыне пражаць... -- удакладніў Брыль.

-- Дык гэта ж Ісабэль, тая самая, што ад пагромнікаў уцякла!.. -- канчаткова пазнаў Фінберг.

-- Хлопцы, вы на мяне не забыліся! -- узрадавалася мулатка і пачырванела, наколькі дазволіў колер скуры.

-- Хіба на вечар той можна забыцца? -- пранікнёна вымавіў Янка, -- у цябе ж такая цудоўная шакаладная дупа!

-- Дык вы знаёмыя з маёй вучаніцай? -- шчыра здзівілася Эмілія Вастрабрамская. -- А я яе з кармеліцкай Школы Падставовай яшчэ ў дваццаць сёмым годзе забрала. Замест сына, які без майго дазволу ў Амерыку з’ехаў!

-- Яшчэ як знаёмыя! -- вочы былога настаўніка нахабна бліснулі. -- Ісабэль нам у сёстраў-кармелітак такі цырк на дроце паказвала!

-- Памятаю, яна нам яшчэ тое-сёе абяцалася паказаць! -- зацікаўлена нагадаў Аянька.

-- Хай гэта застаецца нашай маленькай таямніцай, -- мулатка дыпламатычна пазбегла ўдакладнення, -- ці памятае грамада нашыя дзіцячыя клятвы?

-- Галоўнае, каб усё было па справядлівасці!.. -- дакляраваў жыццёвую праграму Лабановіч.

-- Дзякуй, хлопчыкі, -- прамовіла Ісабэль, і яе прыўкрасныя вочы заззялі шчырым сантыментам. -- Мы, беларусы, мірныя людзі. Але ж цётка Эмілія навучыла мяне не толькі любові да Радзімы, а і нянавісці да размаітых мудзілаў. Як яны словаў людскіх не разумеюць, я іх швайкамі дрэсірую.

-- Няўжо на бойнях працуеш? -- не паверыў Іван.

-- Зараз усё самі зразумееце! -- цемнаскурая панначка зрабіла запрашальны жэст да дзвярэй бакоўкі.

Інтэр’ер і начынне пакойчыка Ісабэль на першы погляд аніякім чынам не стасаваліся са светлымі ідэямі беларускага адраджэнства.

Каля сценаў высіліся контурныя мішэні размаітых мудзілаў: варшаўскага асадніка, мінскага чакістага і ковенскага жмудзіласа. Позірк міжволі вабіла і мішэнь у традыцыйным стройчыку ку-клукс-кланаўца.

У стойцы, нібыта парадная зброя, шляхотна блішчэла цэлая калекцыя шваек. Танюткая, нібы шпілька, шваечка з маціцовым, інкруставаным срэбрам дзяржальнам, пэўна, прызначалася для парсючка-немаўляткі.

Металёвы стрыжань традыцыйных памераў і кшталту прыдаўся б і на класічнага беларускага кныра, і на сярэднестатыстычных габарытаў мудзілу. Вялізная, як дзіда, швайчуга гарантавала імгненную загібель нават казачнаму цмоку.

А над куфэркам пачварных памераў і загадкавага прызначэння стракацела цыркавая афіша:

CUD NAD NIEMNEМ!

АДЗІНАЯ ІМПРЭЗА Ў НАШЫМ ГОРАДЗЕ! ПРАЕЗДАМ З ЛУІЗІЯНЫ! ЗНАКАМІТАЯ ПАГЛЫНАЛЬНІЦА ШВАЕК ІСАБЭЛЬ КАРВАЛЬЕС! СМЯРОТНЫ АТРАКЦЫЁН -- РАСПІЛОЎВАННЕ ЖЫВОЙ ЖАНЧЫНЫ БЕНЗАПІЛОЙ І ДРЭСІРАВАНЫЯ МУДЗІЛЫ!

Пад кідкім рэкламным надпісам чарнела выява Ісабэль. Цемнаскурая акцёрка рухам антычнага героя-алімпійца ўздымала па-над галавой даўжэзную швайку-дзіду. Каля драўлянага шчыта стаяў пераляканы мудзіла з горкім яблыкам на галаве.

-- Дык ты ў цырку выступаеш! -- узрадваўся Лабановіч. -- Як жа гэта спалучаецца? Любоў да Радзімы і дрэсіроўка мудзілаў швайкамі.

-- Самым непасрэдным чынам, -- сур’ёзна адказала Карвальес. -- Хлопчыкі, праз тыдзень у нас адкрыццё сезона. Я з новым нумарам выступаю. Так што запрашаю. Усё і пабачыце!

Пранізлівы тэлефонны зуммер на калідоры перапыніў размову маладых патрыётаў. Усе міжволі сцішыліся.

-- ... пан Хапернік, мы ж з вамі сёння ўжо гаварылі на гэты конт! -- сакавітым барытонам мовіла ў трубку Эмілія Вастрабрамская. -- Так, згодная з панам, і польскія вялікадзяржаўнікі, і маскальскія шавіністы мне аднолькава недаспадобы. Але пан генерал яшчэ і вычварэнец!.. Як гэта які? Самы гнюсны на ўсіх Крэсах Усходніх. Пан сам ведае, за чым падглядае, але дзяўчатам за гэта ані шэляга меднага не перападае... Ад каго дазналася? Ды ад графіні!.. Не, не і яшчэ раз -- не! Яна да мяне раней за пана завітала... Ну, пан генерал, не трэба так плакацца! Мы, беларускія нацыяналісты -- людзі гжэчныя, а таму папярэджваю: неўзабаве пана астранома чакае прыемная неспадзяванка. Як кажуць у народзе: “пшэцкія бобікі, рыхтуйце сабе гробікі”, -- прыязна пасміхнулася беларуская адраджэнка і паклала трубку.

Ісабэль вытаркнула са стойкі самую танюткую шваечку і асцярожна правяла па гастрыю наманікюраным пазногцем.

-- Матчын дар, -- задуменна прамовіла яна. -- Вось і нагода пераканацца, як праца ў цырку спалучаецца з дрэсіроўкай мудзілаў швайкамі, -- досыць няпэўна пракаментавала яна тэлефонную размову Эміліі. -- Хлопчыкі, як вы мне дапаможаце, дык на ўласные вочы тако-ое пабачыце!

8.

-- Значыцца, вы яго на ўласныя вочы бачылі? -- зляканым шэптам спытаў камандзір чакісцкай групоўкі “Халодная галава” і разгублена паглядзеў на таварыша Баяна з кіроўцам.

-- Вось гэтымі вачыма яго бачыў і вось гэтым ротам з ім размаўляў! -- аддана пацьвердзіў чакісты, і свежыя хірургічныя швы на ягоным твары ажно збялелі ад успамінаў.

-- З ім яшчэ адзін вусаты правадыр быў, -- кіроўца шчоўкнуў жалезнымі зубамі, бы той ваўкалак.

Некалькі хвілін таварыш Пранік маўчаў. У ягоных плоскіх сталёвых вачах, падобных да стаматалагічных люстэрак, адбівалася ліхаманкавае мысленне. Нават у паўцемры вялізнага кіраўнічага кабінета савецкага консульства было відаць, што вытанчаны твар садыста счырванеў, бы пралетарскі сцяг. Дрыготкія пальцы расшпілілі каўнер -- чакістаму падалося, што той сабачым ашыйнікам сціскае горла.

-- Што рабіць, што рабіць… -- доўгія дагледжаныя пальцы таварыша Праніка бязладна зашамацелі паперамі. -- Ажно маўзер апускаецца і гарэлка не бярэ! Баюся, што ён да нас чысткі прыехаў ладзіць. Ворагаў на палітычных працэсах выкрываць!

-- Дык хіба мы зноў ворагі народа? -- крыху няўпэўнена запярэчыў таварыш Баян.

-- Партыя і ўрад самі прызначаюць сабе ворагаў! -- пасуворыў таварыш Пранік.

-- А як гэта? -- не зразумеў кіроўца.

Камандзір чакісцкай групоўкі “Халодная галава” разгублена падняўся з-за стала памерам з чвэрць футбольнага поля і падаўся на гаўбец. Яму відавочна не ставала паветра. Падначаленыя баязліва пасунуліся следам.

-- Як, як… -- таварыш Пранік нервова шчоўкнуў партцыгарам і задыміў “Беламорынай”. -- Проста. Спярша адказныя таварышы паслухмяна выконваюць усе загады партыі і ўрада. Потым таварышы сталеюць, тлусцеюць і ўдаюць, што маюць нейкія заслугі. Тады гэтых таварышаў прызначаюць ворагамі народа, неадкладна выконваюць і на іх месцы ставяць другіх, больш маладых, галодных і адказных таварышаў. Праз некаторы час і гэтыя таварышы сталеюць, тлусцеюць і ўдаюць, нібы маюць нейкія заслугі. Тады гэтых таварышаў таксама прызначаюць ворагамі народа, неадкладна выконваюць, а на іх месца… Гэта і ёсць аснова нашай кадравай палітыкі.

-- Кадры вырашаюць усё! -- аддана адгукнуўся таварыш Баян.

-- Вучэнне Леніна-Сталіна ўсемагутнае, таму што яно вернае! -- пацвердзіў кіроўца.

Таварыш Пранік абапёрся на парэнчы, прыклаў руку брыльком да лоба і задуменна зірнуў на гарадзенскі краявід.

На Раскошы панавала летняя раніца. Спякотнае сонца ламілася ў высокія нябёсы. Уладальнікі кавярняў і рэстарацыяў развешвалі над вокнамі маркізеты. Расчырванелыя ад гарачыні паненкі абмахваліся веерамі, і кавалеры шляхотна распускалі над іх галовамі ядвабныя парасолькі. Двое хаблоў з піўнымі пляшкамі засяроджана лічылі дробныя грошы перад уваходам у платную прыбіральню. Пажарная вежа пагрозліва вытыркалася з-за сінагогі.

-- Значыцца, ты яму грошы на парашуты для пажарных вежаў аддаў? -- удакладніў таварыш Пранік.

-- Так! -- пацвердзіў таварыш Баян.

-- Справядлівае і вельмі своечасовае рашэнне! -- ацаніў старэйшы чакісты.

-- А што цяпер? -- нагадаў пра сваё існаванне кіроўца.

-- Карацей, дарагія таварышы, слухайце ўважліва, -- да камандзіра чакісцкай групоўкі “Халодная галава” нарэшце вярнулася заўсёдная вытрымка. -- З сённяшняга дня выхад у горад толькі па адпускных пасведчаннях. Далёка не адыходзіць, бо спецсігналу не пачуеце. Тры ўдары кавадлам па рэйцы азначае, што вы неадкладна павінны вярнуцца, каб канспектаваць правадыроў і заснавальнікаў. Ужываць спірытусовыя напоі катэгарычна забараняецца. Нападпітку нават чакісты можа пацалавацца з класавым ворагам! Полавых стасункаў з палітычнымі прастытуткамі з Раскошы не мець! Але гандоны насіць з сабою абавязкова!

Чакісты з жалезнымі зубамі зацікаўленым позіркам праводзіў ладную паненку пад балконам.

-- Як жа нашы савецкія людзі памнажацца будуць, калі без полавых стасункаў? -- шчыра разгубіўся ён.

-- Як, як?.. Як камуністыя ва ўсім свеце. Метадам перадавога ленінска-сталінскага вучэння! -- сказаў, як абсёк, таварыш Пранік.

Раптам у распаленых сонцам нябёсах усчаліся жахлівыя вэрхал і гвалт. Чакістыя, як па камандзе, ускінулі галовы, і ў вочы ім неадкладна пасыпалася падазроная чорная церуха.

У бясхмарным валошкавым небе, якраз на тле анёлаў-флюгераў езуіцкага касцёла Францішка-Ксаверыя, панічна кідалася чорная раскудлачаная варона. Над ёй, дзяржаўна распрастаўшы сюррэалістычныя вясёлкавыя крылы, кружляў вялізны папуга. Крылаты хабёл непрыхавана мерыўся ўзбіцца на варону проста ў палёце. Тутэйшая птушка ўцякала ад нетутэйшага гвалтаўніка, бы таварыш Тухачэўскі ад пана Пілсудзкага пад Замосцем. Падраненая варона выпісвала ў паветры такія фігуры вышэйшага пілатажу, што чакістыя на нейкі час нават забыліся на рабога вусача, паўторнага з’яўлення якога яны з жахам чакалі.

Зрэшты папуга злаўчыўся, выкруціўся і дзеўбануў гаротніцу ў галаву. Варона, як той Ікар, кульнулася і ўвайшла ў крутое піке. Крылаты нахабнік даў спрытнага нырца следам.

Загрымела бляха, і аднекуль з-за дахаў панеслася:

-- Пярловіца!.. Духоўнасць!.. Блядкі!.. Матухна-Расія!.. Распуцін -- наша ўсё!..

Дзікі крык вароны пацвердзіў, што гвалтаўнік нарэшце дасягнуў жаданай мэты.

Чакісты з жалезнымі зубамі юрліва каўтануў сліну.

-- А вы, таварыш Пранік, кажаце! Маўляў, ніякіх полавых стасункаў. Гляджу я на неба і думку гадаю: чаму я не сокал? Чаму не лятаю?

-- Ты гэта што маеш на ўвазе? -- нядобра прымружыўся суразмоўца. -- Хіба чакісты і камуністы можа ператварыцца ў драпежную птушку? Такая рэакцыйная тэорыя супярэчыць перадавому вучэнню!

-- Сядзелі на дубе два сокалы: адзін -- Ленін, другі -- Сталін! -- цытатай з Купалы заступіўся за калегу палітычна падкаваны таварыш Баян. -- Гэты папуга, як падказвае мне класавае чуццё, з цырку ўцёк, што ў Гародню прыязджае. Я тут днямі афішу бачыў. Таварышы чакістыя… А можа, раварысты ў цырк прыехаў?

-- Чаму ты так думаеш? -- зацікавіўся таварыш Пранік.

-- Цырк -- самае камуністычнае мастацтва з усіх мастацтваў. Я вось і ў мінскім Доме Чырвонай Арміі нават фільм такі бачыў, таксама “Цырк” называецца. Як Любоў Арлова негрыцёнка ратуе…

-- Пэўна, ад белапалякаў? -- спачувальна ўдакладніў таварыш Пранік.

-- А можа, і ад беланеграў. Не памятаю.

Некалькі хвілін камандзір чакісцкай групоўкі “Халодная галава” нервова грыз мундштук “Беламорыны”, нарэшце спытаўся:

-- Магчыма, яго сапраўды цырк зацікавіў. Прынамсі, я гэтага не выключаю. Дарэчы, дарагія таварышы, вы мне казалі, там яшчэ адзін вусаты правадыр быў. Дык што, яны абодва ў цырк пададуцца?

-- Той жа вусаты дзядзька -- лідэр саюзнай дзяржавы! Хіба такі правадыр у цырку не можа з’явіцца? -- слушна азваўся таварыш Баян.

9.

Вялізны залацісты певень узбіўся на плот, энергічна залапатаў крыламі і закукарэкаў на ўсю Пярэспу. Курыны гарэм неадкладна азваўся з дашчанага буданчыка шматгалосым істэрычным лямантам. Дзверы рыпнулі, і з куратніка выйшаў высокі худы жыд у зашмальцаваным лапсердаку, са сцішэлай куркай пад пахай. Дагледжаныя пейсы, што дробна завітымі спіралькамі звісалі з-пад ярмолкі, разгойдваліся пры кожным руху.

Жыд лоўка падхапіў курку за лапы, страсянуў і спрытна прыціснуў раскудлачаную шыю да пасечанай калоды. Сонечны праменьчык прабегся па нагостраным лязе, і сякера трапна цюкнула. Галава з расчыненай у адчаі дзюбай адляцела на ганак.

-- Кыц-кыц-кыц! -- танюткім, нібыта ў кантара, тэнарком паклікаў курыны кат.

Чорны пархаты кот скаціўся прыступкамі, схапіў здабычу і з хіжым гырчэннем пацягнуў яе пад ганак.

Акно сядзібы, што стаяла на падворку, з рыпеннем расчынілася.

-- Дзядзька Навуме! А, дзядзька Навуме! -- паклікаў з акна хлапечы дыскант.

-- Чаго табе, Сруль? -- жыд з безгаловай куркай у руцэ нават не азірнуўся.

-- А Бог, між іншым, усё бачыць! -- з’едліва папярэдзіў хлопчык. -- Мяркуеш, на Боскім Судзе табе не прыгадаюць, што ты сам курку забіў, мінуючы рэзніка?

-- Ша! -- запярэчыў парушальнік жыдоўскіх законаў, -- я -- Навум Фабрыкант! А, значыцца, мне дазволена не толькі куркам галовы рэзаць.

-- Вось-вось. А яшчэ: трэфныя шынкі для тутэйшых гояў адчыняць, з блаславення папскага легата кантрабандным “віна роса” гандляваць, з мінскімі чакістымі шахер-махер мець.

-- Колькі было дзірачак ува ўсёй мацы, якую габрэі выпеклі са дня ўцёкаў з Егіпту і па мінулы Пейсах -- столькі табе прышчыкаў на язык, Сруль! -- добразычліва пажадаў Фабрыкант пляменніку.

-- Дзядзька Навуме, а чаму ты называеш мяне Сруль, а не Ісраэль? -- не здаваўся той. -- Гэта ж ты для мяне такое імя прыдумаў?

-- Скажы яшчэ дзякуй, што Зянонам не назваў! -- пасміхнуўся Навум. -- Не, ну вы толькі паглядзіце на гэтага шлімазла! Імя яму не падабаецца, трэфовыя шынкі вочы муляюць. А маленькі гешэфт, які і я, і Гірша з Моўшам, і нават ты з тых шынкоў маем, таксама не падабаецца?

-- Фуна хазэр гута гор! -- імгненна азваўся маленькі Ісраэль на ідыш, маўляў: ад свінні шчэць мець, і гэта ўжо няблага.

Праз колькі гадзін Навум Фабрыкант заносіў у сталовую ёмістую фаянсавую супніцу. Ён трымаў прыбор урачыста і пераможна, нібы Юдзіф галаву Алаферна. Чароўны пах курынага булёну напоўніў пакой. Навумавы вучні, дваццацігадовыя бейбусы Моўша з Гіршам перазірнуліся, зашморгалі насамі і сінхронна пацягнуліся да лыжак. Маленькі Сруль каўтануў сліну. Пасля кароткай малітвы невялічкі кагал апетытна засёрбаў.

На падворку баязліва забрахаў сабака, бразнуў ланцуг, у акно настойліва пагрукалі.

-- Кушэн тохес! -- сардэчна прапанаваў пацалаваць сваю дупу Фабрыкант-старэйшы. -- Я заняты! Я ем!

Грукат паўтарыўся яшчэ больш настойліва.

-- Можа, гэта паны погромнікі? -- палахліва прыкінуў Моўша.

-- Тады лепш самім адчыніць, -- паспешліва азваўся Гірша.

-- Ісраэльчык! Адчыні, калі ласка, панам пагромнікам, -- загадаў Навум Фабрыкант, у паскораным тэмпе дасёрбаў булён і ўзяўся смактаць косткі.

Ледзь толькі ён зірнуў на бела-русага госця, то зніякавеў. Лыжка дробна зазвінела ў пустой талерцы. Кадык на танюткай шыі заторгаўся параненай птушкай. Спружыны пейсаў ажно выпрасталіся ад жаху. Жоўтыя зубы закусілі губу.

-- Пан Янукевіч... -- прастагнаў гаспадар і зразумеў, што лепш бы да яго завітала хіжая зграя пахмельных чарнасоценцаў, чым гэты страшны чалавек.

Колькі гадоў таму Навум Фабрыкант быў ненадоўга арыштаваны і кінуты ў Гарадзенскі Цэнтрал з-за дробнага непаразумення. Нападпітку ён рабіў абразанне ды крыху перстараўся, і гарадзенскае жыдоўства неадкладна склала на яго скаргу. Жандар Янукевіч, які тады служыў у гарадзенскай вязніцы, здзекваўся з вязня, як толькі ўмеў. Ён падсмальваў яму пейсы, штоноч выводзіў у турэмны двор да шыбеніцы, каб трэніраваўся, а ў апошні дзень нават падсадзіў да яго ў камеру смярдзючага сярлівага кныра.

-- Прывітанне, Навум! -- надзіва спагадліва прывітаўся былы жандар,

-- Ой, каб пан Янукевіч ведаў, як мы тут усе шчаслівыя яго бачыць! -- напружана пасміхнуўся гаспадар. -- Каб пану Янукевічу было сто лят і заможнае жыццё! Хай пан дасць мне свой модны новы капялюшык, я павешу яго на цвік.

Госць без запрашэння падсеў да стала.

-- Як жыццё? Як бізнес? Як твой маленькі Срульчык?

-- Ці ж шмат беднаму габрэю трэба? Кавалак куркі і лусту хлеба! -- Фабрыкант ажно вочы закаціў пад лоб.

Маленькі Сруль, карыстаючыся момантам, без дазволу палез у фаянсавую супніцу.

-- Але ж у цябе ў дадатак да гэтага -- разгалінаваная сетка шынкоў з кантрабандым сіцылійскім “віна роса” і такой жа “крамлёўкай” з Усходу! -- нядобра прымружыўся Пярдолэк.

-- Навуме, а Сруль толькі што скраў дзве нашыя курыныя ножкі з супніцы! -- трагічна залямантаваў Моўша.

-- Ён паводзіць сабе, як праўдзівы гой са Шклова! -- з абурэннем ацаніў Гірша.

-- А я чуў, што ў вашых жыдоўскіх курак ажно чатыры нагі! -- знізаў плячыма Янукевіч, выразна памаўчаў і з храбусценнем укруціў пытанне: -- Дык ты, Навум так і не адказаў мне, нашто табе шынкі? Славянаў спойваць?! На чый млын ваду ліеш, пархаты?! На жмудзінскі?! На бальшавіцкі?!

-- Калі пан жандар сам усё ведае, то нашто пытаецца? -- слушна заўважыў Навум Фабрыкант, -- але справы з кожным годам ідуць горш і горш. Курку цяпер толькі на Шабес і магу сабе дазволіць. І тую крадуць. Цукар стаў несалодкі, вада невільготная, а ў рацэ Нёман звяліся ўсе шчупакі! Я ўжо забыўся, як тая гефельтэ-фіш выглядае! А ў бізнесе дык і зусім усё кепска! Прыходзяць паны асаднікі -- налівай ім задарма! Прыходзяць паны паліцыянты -- плаці ім гатоўкай! А нядаўна нейкая старэча з распаленым прасам прыходзіла, абяцалася мне “рысу аседласці” зрабіць па самыя вокны.

Пярдолэк паблажліва пасміхнуўся. Безумоўна, ён зразумеў, якая “старэча” мелася на ўвазе.

-- Табе яшчэ пашанцавала. Гэта сударыня Соф’я Уласеўна адна, без Манамаха завітала. Той бы табе не толькі пейсы выскуб, але і тое, што ў дзяцінстве не паспелі дарэзаць! А то магу бліжэй пазнаёміць. Хочаш?

Фабрыкант паспешліва заправіў пейсы пад ярмолку.

-- Калі пан жандар прыйшоў, каб тое-сёе з майго гешэфту паймець, то... -- бізнесовец трагічна развёў рукі, -- сам нічога не маю. Хіба, курынага булёну крыху засталося. Калі і гэта не скралі!

-- Я прыйшоў да цябе з канкрэтнай бізнесовай прапановай, -- нечакана прамовіў Пярдолэк.

З гэтымі словамі ён выцягнуў з-за халявы ялавага бота ладны брыкет банкнот па сто злотых. Гэта былі тыя самыя грошы, якія Янукевіч скраў у звяружнага волата-чакістага ў пагромленым шынку “Рыга”.

Навум глядзеў зніякавела. Упершыню яму прапаноўвалі грошы без папярэдніх умоваў. Рука інстынктыўна пацягнулася да златовак.

-- Счакай! -- Пярдолэк апусціў на пачак банкнотаў цяжкую фаянсавую накрыўку супніцы. -- Мы, польскія жандары, грошы проста так не даём.

-- А калі не проста так? -- бізнесовец, як уланскі конь капытамі, біў пазногцямі па накрыўцы.

-- Я прапаную распачаць агульны бізнес, -- нарэшце патлумачыў Пярдолэк, -- давай адчынім з табой рэстарацыю выключна для паноў. Паненкам туды ўваход забаронім, каб нашым крэсовым піякам было дзе ад жонак хавацца. Будзем гандляваць таннай гарэлкай абсалютна легальна і ад рана да рана. У мяне ёсць стартавы капітал, сувязі і імя, у цябе -- досвед і камерцыйныя таленты. Да тваіх запэцканых шмальцам пальцаў грошы самі прыстаюць… Сабакамі не адарваць!

-- Пан жандар пэўна жартуе? -- уздыхнуў уладальнік разгалінаванай сеткі трэфных шынкоў, -- законы Рэчы Паспалітай, халера на яе, не дазваляюць рабіць такое на польскай зямлі. Дзяржаўная манаполія на выраб і продаж моцных трункаў. Амаль напаўсухі закон.

-- Я сам не збіраюся парушаць закон і табе не дазволю, -- павучальна прамовіў былы жандар. -- Толькі хто табе сказаў, што мы будзем гандляваць гарэлкай на польскай зямлі?

-- А дзе? У паветры?

-- У горадзе над Нёманам ёсць яшчэ адна стыхія -- вада! -- пасміхнуўся Пярдолэк.

Янукевіч стрымаў сваё слова. Праз колькі дзён на нёманскіх хвалях, якраз пад Старым замкам, ужо пагойдвалася невялічкая спісаная кананерка са знятым узбраеннем. Энергічны Навум Фабрыкант за суадносна невялікі хабар выкупіў яе ў мясцовым гарнізоне. Д’ябльская прадбачлівасць былога жандара сапраўды дазваляла абысці антыалкагольнае заканадаўства Рэчы Паспалітай, якое абмяжоўвала прыватны гандаль “моцнымі трункамі” адно на зямлі; на іншыя прыродныя стыхіі гэтыя нялюдскія законы не распаўсюджваліся.

Да адкрыцця воднай рэстарацыі заставалася некалькі тыдняў, і праца па рэканструкцыі мілітарнай спаруды ў карысную для грамадства ўстанову ішла паскоранымі тэмпамі. Працавітыя слесары з чыгуначных майстэрняў ад рана да рана акупавалі металёвые чэрава карабля і палубу. З капітанскага мосціка раз-пораз несліся характэрныя воклічы Пярдолка “хам-быдла”. Ляскалі кавадлы, ляцелі жарынкі электразваркі, і пах гарачага жалеза лунаў па-над Нёманам.

Грошы выляталі веерам -- пастаноўка справы вымагала выдаткаў.

Навум, Моўша і Гірша з раніцы і да вечара ездзілі па ўсёй Гарадзеншчыне і скуплялі ў збанкрутаваных асаднікаў размаіты спшэнт: ад сталовых прыбораў да габеленаў і мэблі.

На якарнай лапе сядзеў маленькі Сруль. Ён мачаў у вядро з фарбай шырокі флейц і старанна выводзіў па борце спісанай кананеркі назву будучай рэстарацыі. Згодна з задумай Янукевіча, месца, дзе піякі маглі хавацца ад жонак, мусіла мець адпаведны назоў -- “CUD NAD NIEMNEM”. Праўда, меню яшчэ трэба было распрацаваць, але ж Навум дакладна ведаў, што смажаная птушка зойме ў ім пачэсны радок.

10.

Празрыстая алкагольная кропля павольна выкацілася з навюткага меднага змеевіка і завісла, нібы вагалася: сарвацца адразу ці падгадавацца яшчэ. Але яе ўжо падганялі сотні сёстраў-блізнятак. Імгненне -- і струмок зацурчэў у ёмістую жалезную цыстэрну з надпісам “ГОРКІ ЯБЛЫК”.

-- У Ілінойсе беларусы робяць вось так! -- пасміхнуўся Хросны, спрактыкавана адрэгуляваў венціль, і стрэлка манометра знерухомела. -- Ну што, Янка, каўтнеш?

-- Я свае паўлітры ўжо выпіў, -- шчыра прызнаўся Лабановіч, -- хай іншыя пакаштуюць.

Вось ужо колькі тыдняў фабрыка па вытворчасці сельтэрскай і мальвазіі кантралявалася Хросным ды яго маладымі хаўруснікамі. Былы чыкагскі бутлегер узяўся за справу з амерыканскім размахам і беларускай дасціпнасцю. Некалькі тузінаў гіганскіх самагонных апаратаў, выпісаных ад “General Electric”, няспынна працавалі, вывяргаючы пару. Бураковы самагон прызначаўся для мацавання сока горкага беларускага яблыка. Суадносна невялікі градус новага напою гарантаваў законны абыход дзяржаўнай манаполіі на “трункі моцныя”.

Першыя бізнесовыя штудыі пераўзайшлі самыя смелыя спадзяванні. Мацаванае віно “Горкі яблык” адразу набыло ў краі шалёную папулярнасць. У рэстарацыях на Раскошы чароўны напой падаваўся над назвай “Горкі яблык для асаднікаў”, у кавярнях афіцыянты разносілі пляшкі “Горкага яблыка паспалітага”, у шынках прадмесцяў яго палюбілі як “Горкі яблык для беднай басоты”, а ў гандэлках на Пярэспе карысталася попытам танная версія “Горкага яблыка для хаблоў”. Спецыяльна для паняў і паненак вырабляўся “Горкі яблык лайт” са смакам суніц, смуроды і лясной маліны.

Неўзабаве высветлілася характэрная акалічнасць: тыя, хто хоць аднойчы пакаштаваў чароўны бурштынавы напой з вытанчаным яблычна-бурачковым букетам, міжволі цягнуліся па яго ў крамы, рэстарацыі, шынкі і гандэлкі, бы тыя пчолы ў квітнеючы травеньскі сад. Рацыянальна вытлумачыць гэты поспех не мог нават дасведчаны Хросны. Былы чыкагскі бутлегер толькі задуменна чухаў патыліцу, пераглядаў пляшкі на святло і, чытаючы пераможныя бізнесовыя рэляцыі, пасміхаўся няпэўна.

А вось хлопцы-янкі з уласцівай маладосці легкадумнасцю ўспрымалі нечаканы поспех, як належнае. Далейшае жыццё ў Гародні падавалася нядаўнім засцянкоўцам-яблонаўцам чароўным гасцінцам, пракладзеным да светлай будучыні. Ціхая музыка перапаўняла іх, і ў душах квітнеў бэз.

Зрэшты, прычына такога шалёнага поспеху “Горкага яблыка” неўзабаве праяснілася. Музыка, што гучала ў душах хлопцаў, набыла відавочна караімскае паходжанне, а абапал чароўнага гасцінца раптоўна паднялося пустазелле.

Былы ўладальнік вытворчасці, якога літасцівы Хросны пакінуў на фабрыцы тэхнолагам-вінакурам, надта ўразіўся папярэджаннем страшнага беларуска-чыкагскага мафіёзі, што “піць, любіць і чытаць трэба сваё”. Дый абяцанка брутальнага Лабановіча наконт “горкага яблыка” не давала яму спакою. У якасці тутэйшага аналага “экстракта кокі паўночна-амерыканскай” караімчык самахоць узяўся дадаваць у спірытусовы напой настоянку канопляў, якія раслі на Гарадзеншчыне ў неабмежаванай колькасці.

Калі ж Хросны з хлопцамі спахапіліся, пераналадзіць вытворчасць было ўжо немагчыма. Брэнд “Горкі яблык” і яго смак ведалі ва ўсім краі. Калі б гэты танны і чароўны напой знянацку знік з продажу, наступствы былі б абсалютна непрадказальнымі. Дзяржаўны пераварот з далейшым патрабаваннем падсаджаных на канапляную голку піякаў далучыць Гарадзеншчыну да Каралеўства Нідэрландаў пакуль не ўваходзіў у планы янкі.

Апошнюю кропку ў гэтай недарэчнай гісторыі паставіла цётка Эмілія. “Каноплі -- яшчэ не самая страшнае ліха для нашага краю! -- запэўніла яна. -- Беларусы спрадвеку ўжываюць канапляны алей, але, што характэрна, на народную маральнасць гэта аніяк не ўплывае”.

Хросны падумаў і пагадзіўся. Тым больш, што тутэйшы край сапраўды зведаў значна горшыя рэчы.

Ёмістая жалезная цыстэрна хутка напаўнялася перваком, які цурчэў са змеевіка, нібы тая вада ў ярок. Праз доўгія масянджовыя трубачкі самагон сцякаў у вялізны мікшэр са свежым яблычным сокам. У суседнім памяшканні напой разліваўся па пляшках, якія бясконцым шэрагам паступалі на гумовую стужку транспарцёра, і этыкетачная машына нястомна пляскала на бутэлькі адпаведныя наклейкі.

-- Хлопчыкі! -- Ісабэль незаўважна паўстала паміж пукатых самагонных апаратаў, і яе зграбная постаць на некаторы час прымусіла маладзёнаў пазабыцца на тэхналагічны працэс. -- Вы памятаеце, што ў мяне заўтра выступ у цырку? Маю гонар запрасіць! Дарэчы, вы мне дапамагчы абяцалі.

-- Распілаваць цябе бензапілой? -- легкадумна пасміхнуўся Янка.

-- Выдрэсіраваць аднаго мудзілу швайкай! -- сур’ёзна паправіла мулатка.

11.

-- Шано-о-ўныя паненкі, паны і падпанкі! -- сакавітым тэатральным барытонам абвесціў інспектар манежа, -- маем гонар прапанаваць вашае ўвазе смяротны атракцыён! Неўзабаве на вачах яснавяльможнай публікі прыўкрасную і непараўнальную Ісабэль Карвальес без дапамогі чарадзейства, гіпнозу, адвядзення зроку ці якога-небудзь іншага мухлярства бязлітасна распілуюць бензапілой! Апладысменты для нашай прымы, адважнай панны Карвальес!

Капельдынер узмахнуў палачкай, і аркестр грымнуў “парад-але”. Палатняныя сцены цырка-шапіто ажно хіснуліся ад воплескаў. У паўцемры цікаўна заблішчэлі вочы гарадзенскіх паненак, паноў і падпанкаў. Машыністы запаліў пражэктар. Востры сіні прамень слізгануў у партэр, паволі прайшоўся па паўпразрыстых сукенках, набрыяліненых праборах і тонкіх вусіках, на хвіліну спыніўся на двух паліцыянтах у праходзе, але раптоўна заламіў дугу і выхапіў з цемры купала ладную паставу мулаткі на танюткай трапецыі.

Бліскучая цыркавая сукенка Ісабэль люстрылася чароўнымі мішурнымі дыяментамі. Мулатка грацыёзна апусцілася на жоўты пясок манежа, зрабіла кніксен і шчоўкнула шамбар’ерам:

-- Allez!

Чацьвёра уніфармістых спрытна вынеслі агромністую чорную скрыню з адтулінамі для галавы, рук і ног. Неўзабаве падобная да труны скрыня стаяла на крытым ядвабам памосце. Цяжкая накрыўка пагрозліва адшчоўкнулася. Ісабэль паслала яснавяльможнай публіцы гарэзлівы паветраны пацалунак і без ваганняў схавалася ў скрыні. Накрыўка апусцілася. Галава, рукі і ногі мулаткі, што выторкваліся з адтулінаў, не дазвалялі нават падазраваць нейкі падман.

Аркестр сцішыўся. Цяпер над галовамі гледачоў гучала адно трывожнае трэмала бубнаў.

Знянацку гукавое суправаджэнне ўзбагацілася брутальным ровам бензапілы. Публіка здрыганулася: на арэне з’явілася страшная цётка-валатоўка, апранутая ў традыцыйны белы балахон ку-клукс-кланаўца. Драпежны ікласты ланцуг, што круціўся з жахлівай хуткасцю, паволі апусціўся на чорную скрыню. На манеж пасыпалася-паляцела залатое пілаванне.

Двое хаблоў, якія пілі піва на галёрцы, беспамылкова пазналі ў распілоўшчыцы Эмілію Вастрабрамскую.

-- Пэўна, гэтая цемнаскурая дзеўка таксама па чужых пад’ездах сікала! -- здагадаўся хабёл у выцвілай кепі з адарваным брыльком. -- Вось і дасікалася. А я табе гаварыў: лепш пару грошай выдаць, але схадзіць у прыбіральню! Дый увогуле: быць хаблом не заўсёды прыстойна! Я гэта цяпер і сам разумею.

-- Пайшлі адсюль! -- хабёл у начышчаных да бляску ботах баязліва ўзняўся і пасунуўся да выйсця.

Па дарозе маладзёны паспелі разліць піва на скуранку няўсмешлівага волата са звяружным тварам, наступіць на бот дробнаму сухенькаму дзядку ў модным капелюшы “барсаліна” і трапіць лакцямі ў выцягнуты, што той цэпелін, твар тыповага жмудзіласа. Але ж шчырыя прабачэнні сведчылі, што хаблы сапраўды сталі на шлях выпраўлення.

Калі півапойцы выбраліся на свежае паветра, дык заўважылі, як ад уваходу хутка ад’ехаў вялізны грузавік “Студэбекер”. Побач з кіроўцам -- высокім маладзёнам з нахабнымі валашковымі вачыма, -- сядзела нейкая панначка ў капелюшы. Твар незнаёмкі закрываў цёмны вэлюм.

Але ж маладзёны так і не звярнулі на яе ўвагі.

12.

У той самы час, калі Ісабэль Карвальес клалася ў падобную да труны скрыню, Мікола Хапернік меланхалічна жлукціў гарэлку ў сваёй кватэры на Гарадніцы.

Вось ужо колькі дзён у душы былога спецслужбоўцы панавалі туга і безвыходнасць. Адстаўны генерал пазабыўся і на начныя сеансы назірання за планетамі, і на традыцыйную лаянку з вар’яткай-суседкай. Нават зменлівыя карціны ў вокнах пана гінеколага -- і тыя падаваліся яму нецікавымі.

Бліжэй пад вечар астраном-аматар нечакана ўзняўся да духоўных вышыняў. Вышыні гэтыя вымяраліся ў пляшках “Выбаровай”, якія падступны Пярдолэк спраўна выстаўляў са сваёй валізы.

-- Лёс мой не склаўся! -- пан Хапернік каўтануў проста з рыльца і нечакана ўключыў маналог у жанры апошняга слова. -- Усё жыццё я, нібы той леў, біўся з ворагамі Айчызны. Але адчуваю, што загіну бы тая мандавошка.

-- Шмат у якіх спецслужбоўцах загінулі праўдзівыя паэты, філосафы і нават піяністыя, -- Янукевіч паслужліва адкаркаваў чарговую пляшку. -- А чаму пан генерал на гэтую адраджэнку не заявіць у праваахоўныя ворганы?

-- Заявіў. Двух паліцыянтаў да яе прыставілі, каб пільнавалі. Але, адчуваю, усё бессэнсоўна. Яна заўсёды мела і будзе мець алібі!

-- Тады зычу поспехаў! -- крыва пасміхнуўся Пярдолэк і падхапіў пустую валізу, -- ноч наперадзе. Я яшчэ па гарэлку збегаю, а пан няхай за сузор’ямі паназірае. Адчуваю, сёння па-над Крэсамі Ўсходнімі абавязкова ўзыйдзе звышновая зорка!

Пан Хапернік, застаўшыся на самоце, пахмурна круціў пусты келіх у пальцах. Пакойчык з астранамічным рыштункам нечакана падаўся яму камерай смяротнікаў. У душы адстаўнога генерала Дэфензівы загучаў урачыста-жалобны до-мінорны Накцюрн Шапэна.

Знянацку на змрочную музыку ў душы парнаграфістага астранома наклаўся дрыготкі тэнарок вулічнага катрыншчыка:

Зорка Венера ўзышла над зямлёю,

Светлыя згадкі з сабой прывяла...

Па сценах прабегся яскравы электрычны праменьчык. Ён на імгненне затрымаўся на столі і паволі пасунуўся да расчыненага вакна, быццам запрашаў да нечага цікавага.

З вуліцы па-ранейшаму ляцеў тужлівы спеў:

З гэтай пары я пачаў углядацца

Ў неба начное і зорку шукаць...

Адстаўны генерал падышоў да вакна. Тое, што ён пабачыў, прымусіла вычварэнца сутаргова ўчарэпіцца ў падваконне і знерухомець.

З кабіны вялізнага грузавіка, што стаяў пасярод вуліцы, біла сляпучым святлом фара-шукальнік. Электрычны прамень стромка скіроўваўся на дах супрацьлеглага дома, нібы той цыркавы пражэктар. У жоўтай пляме святла сапраўды красавала звышновая зорка, і мішурны бляск дыяментаў ззяў над ёй зманлівым арэолам.

Зорка была вабная. Электрычнае святло аблівала бездакорныя клубы. Тонкая вертыкальная лінія нябачным люстэркам падзяляла чароўную зорку на сіметрычныя паловы-адбіткі. Ядвабная чорная радзімка, што амаль схавалася між імі, замілоўвала позірк і п’яніла розум. Але самым цудоўным быў колер клубоў.

Кожную ночку на зорку дзівіцца

Буду ў далёкім краю...

Спяваў катрыншчык.

Відовішча прымусіла пана Хаперніка юрліва пусціць сліну. Вочы вычварэнца баязліва заплюшчыліся. Ён падумаў, што бачыць Фата-Маргану. Калі ж ён рызыкнуў расплюшчыць адно вока, дык пераканаўся, што гэта не мроя, і нават здолеў разгледзець карцінку не толькі па дэталях, але і ў сукупнасці.

На самым карнізе, спіной да генеральскіх вокнаў, стаяла ладная цемнаскурая паненка ў кароткай бліскучай сукенцы. Шакаладныя рукі гулліва падымалі прыпол. Дзіўная стрыптызёрка паволі нахілялася. Неўзабаве паміж шырока расстаўленых ладных ножак гарэзліва бліснулі яе выразныя вочы. Перакуленая дагары белазубая ўсмешка прыцягвала зрок і туманіла свядомасць.

-- Гвязда... чарна! -- малітоўна вымавіў былы генерал Дэфензівы.

Гэта былі яго апошнія словы.

Бліскавічны рух смуклай рукі -- і паміж шакаладных ног, бы метэор-знічка, бліснула нешта танюткае і драпежнае. Вечаровае паветра працяў ледзь чутны свіст -- нібы ў вуха ўбілася нябачная ледзяная голка. Праз імгненне ў вачніцы вычварэнца дробна завібрырваў стрыжань з эстэцкім маціцовым дзяржальнам.

13.

Ісабэль таропка апусціла прыпол бліскучай цыркавой спадніцы і грацыёзна саскочыла з даху на кабіну “Студэбекера”. Неўзабаве яна ўжо сядзела побач з Янкам Лабановічам.

-- Паехалі, пакуль пшэцкія мудзілы не наехалі! -- загадала мулатка і скасавурылася на гадзіннік. -- Мяне ж зараз у цырку бензапілой крояць! Не пазней, як праз тры хвіліны, я мушу паўстаць са скрыні пад воплескі яснавяльможнай публікі.

Нябожчык Хапернік меў рацыю. І цётка Эмілія, і яе цемнаскурая гадаванка заўжды клапаціліся пра бездакорнасць алібі.

Адмысловая сістэма люстэркаў пад скрыняй, у якой распілоўвалі вельмі падобны да Ісабэль манекен, забяспечыла мулатцы магчымасць не толькі незаўважнай выбрацца з цырка, але ж і спраўна крутануцца да Гарадніцы і назад.

Спрактыкаванасць кіроўцы “Студэбекера” дазволіла цыркачцы ўкласціся ў сціслы тэрмін, вызначаны працягласцю смяротнага атракцыёна.

Нагостраная швайка і цыркавы досвед зоркі манежа не пакідалі ахвяры шанцаў на пратунак.

А вычварэнскія схільнасці адстаўнога генерала гарантавалі, што ён не прапусціць з’яўлення новага нябеснага аб’екта па-над дахам пана гінеколага.

Роўна праз дзве хвіліны магутны грузавік спыніўся на задворках палатнянага шапіто. З сярэдзіны ўжо ляцеў голас Эміліі Вастрабрамскай:

-- А цяпер усе разам папросім нашую адважную і непараўнальную прыму Ісабэль Карвальес уваскрэснуць!

Цемнаскурая панначка ўдзячна пацалавала Лабановіча ў шчаку, і гэта прымусілі засцянкоўца густа пачырванець.

-- Мы цяпер з табой адной крыві, -- патлумачыла мулатка на манер Маўглі, -- ты і я!

-- Крывічы! -- перайначыў на свой капыл былы настаўнік.

14.

-- … а цяпер яснавяльможная публіка можа на ўласныя вочы пераканацца: за ўвесь гэты час наша чароўная зорка манежа не праліла аніводнай кроплі крыві! -- сакавіты барытон інспектара манежа разляцеўся пад палатняным купалам. -- Апладысменты!

Чацвёра уніфармістых спрытна ссунулі часткі распілаванай скрыні, што вось ужо колькі часу стаялі па розныя бакі ад уваходнай брамкі. З адтулін па-ранейшаму выторкваліся нерухомыя рукі, ногі і галава Ісабэль Карвальес. Эмілія Вастрабрамская накінула на скрыню барвовае атласнае прасцірадла з залатымі знакамі Задыяка.

-- Але-оп! -- інспектар манежа тэатральным рухам адкінуў чароўнае прасцірадла, і Ісабэль Карвальес грацыёзна апусцілася на жоўтую пляму пражэктарнага святла.

Амфітэатр зайшоўся шалёнымі воплескамі.

Неўзабаве цыркавая імпрэза пакацілася звыклай, шмат гадоў заведзенай каляінай. Традыцыйныя клоўны Бім і Бом, пераапранутыя мудзілам і хаблом, імпэтна валтузілі адзін аднаго за чупрыны. Спраўныя жанглёры перакідаліся бліскучымі булавамі. Цыркавы геркулес бязмэтна цягаў на плячах ладнага бычка-аднагодку. Паветраныя гімнасты бязважкімі вавёркамі пераляталі з адной разгайданай трапецыі на другую. Вершнікі, пераапранутыя дзікунамі-казакамі, з варварскім лямантам дэманстравалі цуды нетутэйшай джыгітоўкі...

Звяружны волат са шнараватым няўсмешлівым тварам, які сядзеў на ніжнім ярусе, торкнуў у бок фацата з жалезнымі зубамі:

-- Во, падла, круціцца… Як той нацдэм на допыце!

-- Сапраўды, цырк -- самае камуністычнае з усіх мастацтваў! -- азартна азваўся суразмоўца. -- Нават мне тут усё зразумела!

А вось дробнаму сухенькаму дзядку ў модным капялюшы “барсаліна” ўся далейшая імпрэза не спадабалася.

-- Хіба, гэта цырк? Гэта ж нейкі бардэль! -- паскардзіўся ён суседу -- тыповаму жмудзіласу з блёклым цэпелінападобным тварам. -- Вось у нас на Сіцыліі бардэль -- гэта праўдзівы цырк! Хіба гэта кабылы? Гэта ж нейкія курвы! Вось у нас на Сіцыліі курвы -- гэта…

-- Наступным разам спецыяльна для вас запрашу ў Гардзінас футбольную каманду “Палермас”, -- лісліва запэўніў цэпелінападобны, -- каб з нашым “Жальгірысам” у мяч згуляла…

-- Гэта для вас, ковенскіх правінцыялаў, баскетбол -- найвышэйшае з усіх мастацтваў! -- імгненна раз’юшыўся сівы, -- а мы, сіцылійскія гангстэры, людзі спрэс інтэлігентныя і гжэчныя.

-- Што пан Спагеціс хацеў бы пабачыць?

-- Вось каб ты мне музыкаў з “Ля Скалы” прывёз… ці хаця б з палермскага “Тэатра Масіма”, -- дзядок у “барсаліне” летуценна закаціў вочы пад лоб. -- Але, баюся, ты нават не ведаеш, што такое опера.

-- Дазнаюся і прывязу! -- не вагаючыся, паабяцаў цэпелінападобны.

-- Гангстэр сказаў -- гангстэр зрабіў! -- імгненна пачулася ў адказ.

Сіні прамень пражэктара паволі прайшоў па амфітэатры і выхапіў з цемры двух паліцыянтаў каля самай арэны. Адзін праваахоўнік сядзеў на кукішках і цікаўна зазіраў у адтуліны таямнічай скрыні. Другі нахабна сунуўся да інспектара манежа.

З паўцемры прагучаў зляканы шэпт інспектара:

-- Не, ані пані Эмілія, ані панна Ісабэль нікуды не выходзілі. Палова Гародні бачыла, як першая распілоўвала бензапілой другую! І што характэрна -- аніводнай кроплі крыві…

-- Зноў бездакорнае алібі! -- сплюнуў паліцыянт і пасунуўся да выйсця.

Тым часам імпрэза набліжалася да фіналу. Капельдынер ускінуў палачку, але аркестр так і не паспеў грымнуць развітальны “парад-але”, пад які ўсе цыркавыя мусілі падзякваць яснавяльможную публіку за ўвагу...

Заслона на ўязной брамцы хіснулася, і на арэну нечакана выкаціўся ровар-тандэм. Руляваў, як заўсёды, немалады вусаты дзядзька з васпаватым тварам у напаўвайсковым фрэнчы і запраўленых у боты галіфэ. Ззаду круціў педалі хударлявы, не стары яшчэ мужчына з псіхапатычным позіркам і нетутэйшымі тэатральнымі вусікамі пад носам. На роварнай раме мацаваўся землямерчы рыштунак.

Амфетыатр імгненна сцішыўся. У змрочнай цішыні было чутно, як гумовыя колы тандэма злавесна шаргацяць па пясочку. Раварыстыя, абсалютна не зважаючы на публіку, заклалі па арэне кола і выехалі тым жа чынам, як і з’явіліся.

Апладысменты не прагучалі: і цыркавыя, і гледачы праводзілі вусатых дзядзькаў зляканымі позіркамі. Нават традыцыйныя Бім і Бом задуменна чухалі патыліцы, бо разумелі: гэтыя раварыстыя -- дакладна не клоўны.

15.

Над цёмнай бязлюднай Ласоснай вісеў жоўты месяц. Каменныя руіны былой мануфактыры Тызенгаўза падаваліся ў ягоным святле дэкарацыямі са страшнай казкі. Нізкія ірваныя хмаркі беглі па-над дамкамі з мёртвымі вачніцамі вокнаў. На закінутай грэблі трывожна цурчэла вада. Чорная раскудлачаная варона пагойдвалася на сухой галінцы, рупліва чысціла дзюбай пакамечаныя пёркі і спагадліва касавурылася на малую беларусачку ў этнаграфічнай вышыванцы, якая сядзела на беразе Нёмана. Па рацэ раз-пораз праплывалі купальскія вяночкі, і дзяўчынка праводзіла іх адпаведнымі фальклёрнымі спевамі.

Раптам з-за растрэсканага мура выйшлі двое. Бела-русы фацат у цывільным, але з відавочнай жандарскай выпраўкай, цягнуў на плячы нешта доўгае і цяжкое, загорнутае ў кілім. Дробная бязважкая старэча са зморшчаным, што тая высахлая дуля, тварам, згіналася пад цяжарам грамафона. Слова “Распуцін”, што прагучала з яе вуснаў, прымусіла варону панічна заскавытаць і кінуцца на ўцёкі. Дзяўчынка-беларусачка міжволі сцішылася і з цікаўнасцю азірнулася.

-- Глыбіня тут, вядома ж, не такая, як у Фантанцы, дзе Рыгора Яфімавіча патапілі, -- старэча паставіла грамафон на валун і ўважліва ўгледзелася ў цёмную затоку. -- Няма ў вас, малодшых братоў-беларусцаў, ані нашай рускай велічы, ані нашага рускага размаху!

-- Вось таму мы і хочам жыць у вялікай Расіі, дзе ўсяго да халеры! -- лісліва падхапіў спадарожнік. -- Тайгі, пяскоў, пустэльняў, тундры і лесатундры…

Ён скінуў ношу долу і асцярожна разгарнуў кілім. Ліпкае месяцовае святло легла на збялелы твар нябожчыка. Танюткая шваечка з эстэцкім маціцовым дзяржальнам, што выторквалася з нежывога вока, блішчэла, бы ракаўка-пярловіца. Пакуль старэча накручвала пружыну грамафона, бела-русы лоўка абшукаў кішэні забітага. Здабыча -- ладны пачак банкнотаў, -- прымусіла яго задаволена пасміхнуцца.

-- Гэта табе, Віця, не за голымі дупамі падглядаць! -- звыкла пахваліў самога сябе марадзёр.

У руках старэчы, бязлітасна пакручаных поліартрытам, невядома адкуль з’явілася крышталёвая пляшка ў выглядзе Спаскай вежы Крамля і два гранчакі.

-- Які ні які, а таксама амаль чалавек і амаль славянін! -- напышліва вымавіла яна. -- Трэба хоць неяк з ім развітацца па шчыраму славянскаму звычаю!

Грамафонны раструб неадкладна адгукнуўся пругкімі духавымі акордамі “Развітання славянкі”. Старая абярэжна, каб не расплёхаць, перахрысцілася гранчаком з гарэлкай і зухавата кульнула.

-- Мёртвым не баліць! -- па-свойску азваўся бела-русы і ўдарам бота скінуў загорнутае ў кілім цела з высокага берага.

Гучны пляск наморшчыў люстраную паверхню пукатымі сферычнымі коламі. Нябожчык у кіліме, бы той купальскі вянок, паволі паплыў пад нізкімі вербамі. Неўзабаве плынь падхапіла яго і панесла ў цемру.

Фацат з жандарскай выпраўкай таксама кульнуў гранчак і прымружаным вокам праводзіў мёрцвяка ў апошні шлях. І тут яго позірк зафіксаваў малую беларусачку ў этнаграфічнай вышыванцы.

-- А ну, хуценька да мяне! -- бела-русы пагардліва скасавурыўся на дзяўчынку.

-- Што, паночак? -- дзяўчынка абярэжна адступіла за вербы.

-- Адказвай неадкладна! Што ты тут бачыла?

-- Нічога, паночак! Толькі вялікі-вялікі купальскі вянок…

-- Здагадлівая, тады трымай! -- на бераг паляцела навюткая срэбная златоўка. -- Заслужыла. Цукерак сабе купіш. І нікому не кажы, што ты тут бачыла!

Грамафон змоўк. Старэча старанна склала механічную прыладу і сунула фацату з жандарскай выпраўкай. Неўзабаве начныя вандроўнікі, кранальна абняўшыся, рушылі ў бок шашы.

-- Соф’я Уласьеўна, а чаму б вам не выправіцца па мясцінах баявой славы вашага вялікага продка Міхаіла Мікалаевіча Мурашова?! А потым бы мне расказалі! -- падхаліміста прапанаваў бела-русы, але па інтанацыях было чуваць, што ён пераследуе відавочна іншыя мэты.

-- Сапраўды, як гэта рамантычна! -- пагадзілася старэча. -- Памятаю, калі я была зусім малечай, дык сядзела на гераічных каленях дзеда і бавілася…

-- …вялікарускай нацыянальнай рэліквіяй, што плавае ў шкляным цыліндры?

-- …ягонай медалькай “За усмирение Северо-Западного края». І чысціла яе цаглінай. Нічога, Расейская Імперыя яшчэ паўстане на ногі!

-- На ўсе чатыры, -- шэптам удакладніла малая беларусачка і задуменна паглядзела ў цёмную раку.

Неўзабаве галасы за каменнымі руінамі сцішыліся. Начны спакой зноў апанаваў Ласоснай. І толькі па-над цёмнай стромай плыў пранікнёны дзіцячы дыскант:

Весела была, як дзядзьку хавалі!

Музыка грала, цукеркі давалі.

Доўгія ногі ў кілім не ўлязалі.

Во рагаталі, дык рагаталі!

16.

Тугая манішка сціскала Лабановічу шыю. Чорныя фалды шляхотнага фрака пагойдваліся, бы ластаўчыны крылы. Прахалодны нёманскі ветрык пяшчотна варушыў модна падстрыжаную фрызуру.

Цяпер нават самы дасведчаны шпег Дэфензівы наўрад ці прызнаў бы ў гэтым модным шляхцюку нядаўняга беспрацоўнага настаўніка. Удалы бізнес непазнавальна змяніў яго аблічча і свядомасць. Лабановіч пасталеў у жэстах і палягчэў у хадзе. Яго манеры сведчылі пра непахісную самапавагу і своеасаблівую этыку. Гэта быў выглянцаваны, але дасціпны драпежнік, здольны без ваганняў пашматаваць хоць сотню мудзілаў.

Ён стаяў на Гарадніцы, у старасвецкага тэатра, збудаванага яшчэ за Тызенгаўзам. Натоўп, што абцякаў яго з абодвух бакоў, лашчыў вока моднымі стройчыкамі паноў і глыбокімі дэкальтэ паненак. Паны пазіралі на маладзёна з зайздроснай павагай; паненкі адорвалі гарэзлівымі ўсмешкамі.

Янка паправіў на штрыфелі адмысловую бутаньерку ў выглядзе яблыневай кветкі, зірнуў у люстраную вітрыну і відавочна задаволіўся адлюстраваннем.

У вітрыне адбіліся постаці Ісабэль і Хроснага. Яны былі яшчэ далека, і Лабановіч паспеў забегчы ў квяткарню набыць самы шыкоўны букет ружаў.

-- Ну, проста прыгажун-мужчына, смерць гімназісткам! -- мулатка з задавальненнем агледзела сябру дзяцінства.

-- Гэта ў знак удзячнасці за дзівосную цыркавую імпрэзу! -- Янка шляхотна працягнуў кветкі.

-- Пазнаю гжэчнага засцянкоўца! -- пасміхнуўся беларускі мафіёзі. -- Праўдзівы буржуазны нацыяналіст -- заўсёды джэнтльмен.

-- А джэнтльмен дбае не толькі пра бізнес, але і пра культуру! -- падхапіла Ісабэль. -- Культура -- гэта тое, што адрознівае людзей ад хаблоў… Ну што, дачакаемся хлопцаў -- і ў оперу?

-- Хлопцы з хвіліны на хвіліну мусяць з Рыгі вярнуцца. Не з шынка, вядома. Калі мы ўсе не патрапім на спектакль “Ля Скалы”, гэта будзе ненатуральна! -- азваўся Лабановіч.

Словы пра “Ля Скалу” былі праўдай: на ўсіх вулічных тумбах стракацелі аб’явы пра імпрэзу знакамітых італьянскіх музыкаў. Невядома, што прымусіла іх прыбыць у Гародню ажно з Мілана, але ж тутэйшыя гастролі мусілі доўжыцца ажно цэлы тыдзень.

Вакалістыя ўжо распяваліся. З адчыненых вокнаў грымёрняў плыло салодкагалоснае “bell canto”. Струннікі паціху наладжвалі інструменты. Духавікі рэпетавалі найбольш складаныя рулады. Чароўныя гукі арфы нібы нябачнай гукавой сеткай накрывалі аркестравую какафонію.

Лабановіч зашаграцеў тэатральнай праграмай.

-- Так. А што сёння даюць? “Чароўны напой” Даніцэці. А што ў нас заўтра? “Тоска” Пучыні.

Хросны прымружана глянуў на васільковае неба па-над ацынкаваным тэатральным дахам, задуменным позіркам праводзіў хуткакрылую ластаўку і глянуў на Янку з нечаканай суворасцю:

-- Што значыцца “даюць”? Даюць непрыстойныя дзеўкі да касцёльнага шлюбу. А славутыя музыкі з “Ля Скалы”, як я разумею, нармалёвыя буржуазныя нацыяналісты.

Лабановіч зірнуў непаразумела прымружыўся.

-- Хіба буржуазныя нацыяналісты не могуць нешта даваць?

-- Нешта -- могуць. Паненкам -- ружы, мудзілам -- на горкі яблык. Але плён сваёй працы правільна не даваць, а прадаваць за грошы. Буржуазны нацыяналізм -- гэта найперш павага да зямлі, якую табе Пан Бог вызначыў, каб ты з яе лусту хлеба меў, -- цярпліва ўцямяшваў Хросны, не раўнуючы, як той Тата Карла павучаў Бураціну, чаму трэба хадзіць у школу. -- І павага да зямлі твайго суседа, як ты хочаш мець адпаведныя пачуцці ў адказ. Не бывае надвор’я без тэмпературы, гарэлкі без градусаў і нацыяналізму без сваёй зямлі. Тэатр для міланскіх паноў музыкаў -- іх ніва, з якой яны жывуць. Як грады для дбайнай вясковай кабеты, вятрак для млынара ці фабрыка сельтэрскіх водаў для ўсіх нас. А таму яны не “даюць” нам імпрэзу, а прадстаўляюць сваё вышкталцонае мастацтва менавіта за грошы.

Крышталёвая логіка беларускага мафіёзі не выклікала жадання спрачацца. І ўсё ж Ісабэль не стрывала:

-- Дзядзька Хросны, а калі чалавек без дзялак, без уласнасці, без зямлі… ну, у міжзорнай прасторы?

-- І з голай дупай? -- пасміхнуўся той. -- Калі чалавек не мае сваёй зямлі і сваіх дзялак, тады яму застаецца адно чакаць на чыюсьці ласку. Што яму ўсё “дадуць”, як у той бэ-эс-эс-эрыі. Тамака і даюць: сняданкі на фабрыках-кухнях, панчохі ў “Таргсіне”, мануфактуру ў спецразмеркавальніках і камунальныя пакойчыкі па чарзе. І працаваць не трэба! Жыві абібокам, удавай, нібыта штось робіш і мрой пра дурніцу. А табе яшчэ пернікам перад носам пакруцяць. Давай, хлопча, усё вышэй, вышэй і вышэй за тым пернікам караскайся, да светлай будучыні. А там, маўляў, і зоркі побач. І караскаюцца дурні, і мрояць. Але рана ці позна рука, што пернікам маніла, складаецца ў ладна складзеную хвігу. Бо пернікаў на ўсіх нестае. І лятуць тады дурні ў прорву. Ды што дурні?! Цэлыя народы лятуць са свістам і паскарэннем, ажно вушы закладае! І ляжаць потым у крывавай калюжыне з пераламанымі храбцінамі і прабітым галовамі, ды згадваюць: як жа добра было ляцець! Ані дзялак, ані працы, ані крывавых мазалёў. Ізноў хочацца караскацца за пернікам.

На плячо тэарэтыка буржуазнага нацыяналізму нечакана легла вялізная далонь Івана Брыля.

-- Дзядзька Хросны! Нешта ты сёння занадта пафасны! -- пасміхнуўся ён.

-- Як малады Ізя Харык на вечарыне ўласнай паэзіі! -- з-за магутнага пляча баксёра выткнулася галава Янкеля Фінберга.

-- Тым больш, што нас, скончаных нацыяналістаў, ніякімі дурніцамі ў зорную вышыню не завабіш! -- падвёў лагічную рысу Аянька Кільмандовіч. – Галоўнае, рабіць усё саматугам. Дарэчы, наконт продажу нашага тавару па той бок Атлантыкі мы ў Рызе дамовіліся. Нядорага і каштавала. Я спакусіў жонку тамтэйшага мудзілы-мытніка, і яна націснула на свайго мужыка, каб наладаваныя “Горкім яблыкам” транспарты без перашкодаў выходзілі з рыжскага порта.

-- А я пры дапамозе чатырох арыфметычных дзеянняў давёў яму, што і ён будзе мець з гэтага свой невялічкі гешэфт! -- Янкель добразычліва бліснуў акулярамі местачковага гуманітрыя.

-- Ну, а я ў сваю чаргу, папулярна растлумачыў таму мытніку, як кепска яму будзе, калі ён паспрабуе нас ашукаць! -- важка запэўніў Іван. -- Так што неўзабаве “Горкі яблык” будзе прадавацца і ў горадзе Вялікага Яблыка.

-- Што мне, хлопцы, у вас падабаецца, дык гэта тое, што ў “Янках” галоўнага персанажа няма! -- падвёў лагічную рысу Хросны. -- Усе героі, усе вытворцы, усе паэты! Ну што, спадарства, надышоў час высокага мастацтва!

Вуліца абязлюднела, і з сярэдзіны тэатра данеслася прывітальнае “tutti” уверцюры. Паліцыянт-рэгуліроўшчык, які самотна стаяў на скрыжаванні, апусціў сваю палачку і замілавана прыслухаўся. У гарадзенскім заапарку, шаты каторага ўзвышаліся непадалёк, адразу сцішыліся юрлівыя малпы.

Неўзабаве з-за агароджы Батанічнага сада нетаропка выйшаў бела-русы фацат у цывільным, але з відавочнай жандарскай выпраўкай. Урачыстая музыка Даніцэці аніяк не ўздзейнічала на ягоную псіхіку. Затое “Студэбекер”, што стаяў непадалёк ад тэатра, адразу прывабіў увагу. Бела-русы фацат пастаяў побач з машынай, глянуў на нумары і цікаўным пацуком зазірнуў у кабіну…

-- Здаецца, не янкі, -- з палёгкаю ўздыхнуў ён.

17.

Пярдолэк таксама не марнаваў час. Соф’я Уласьеўна Мурашова была выпраўлена ім у падарожжа па мясцінах баявой славы вялікага дзеда-вешальніка. Янукевіч нават уласнаручна зрабіў вяночак у выглядзе маленькай прыгожай шыбеніцы. Графіня мусіла ўскласці яго на капцы рускіх вызваліцеляў “Северо-Западного края” ад няўдзячных беларусцаў-бунтаўшчыкоў. У вандроўку Мурашова ўзяла толькі дзве самыя дарагія яе сэрцу рэчы: клетку з нахабным папугам Манамахам і вялікі шкляны цыліндр, у якім плавала нешта доўгае і агіднае.

Падступнасць былога жандара, памножаная на вялікадзяржаўніцкія інстынкты графіні, неадкладна далі плён. Адразу пасля ад’езду Мурашовай сіротка пісьменна абшукаў яе пакоі. Здабыча -- ладны мех бялюткага, што калядны снег, парашка, -- прымусіла яго задаволена пасміхнуцца.

-- Гэта табе, Віця, не за сёстрамі-кармеліткамі ў сарціры падглядаць! -- звыкла пахваліў самога сабе крадун.

Пярдолэк ужо ведаў, як скарыстаць нетутэйшы наркотык. Галоўную ролю ў яго распаўсюджванні павінна была адыграць водная рэстарацыя “CUD NAD NIEMNEM”.

Спісаная кананерка па-ранейшаму стаяла пад Старым замкам, і нёманскія хвалі размывалі яе мілітарны адбітак. Асноўныя працы на караблі ўжо скончыліся.

Моўша і Гірша расстаўлялі мэблю ў кают-кампаніі. Маленькі Сруль цягаў у лядоўню курыныя тушкі. Дасведчаны Навум Фабрыкант рупліва адладжваў зубчаты механізм таварна-грашовых адносін: складаў меню, прыдумляў для крэсовых піякаў рабаўнічую сістэму крэдытаў і імпэтна лаяўся з гуртовымі пастаўшчыкамі.

-- Дарэчы, а якімі трункамі моцнымі мы будзем тут гандляваць? -- пацікавіўся Янукевіч. -- “Крамлёўкай” ці “віна роса”?

Рабі-бізнесовец выставіў на барную стойку пляшку цёмна-зялёнага шкла.

-- Цяпер у нашым краі -- самы модны напой, -- сур’ёзна патлумачыў ён. -- Па-за ўсялякай канкурэнцыяй. І заходняе віно, і ўсходнюю гарэлку ўхойдаў.

Былы жандар ляніва ўзважыў у руцэ пляшку і зірнуў на этыкетку.

-- “Горкі яблык”, -- прачытаў ён. -- Выраблена выключна з айчыннай сыравіны гарадзенскай прамысловай грамадой „Janki”… Як?!

З хвіліну Пярдолэк стаяў, нібы агламошаны і слухаў, як танютка гудзе ў ягоным чэрапе. У вачах імклівым калейдаскопам змяняліся паўзабытыя карцінкі: Школа Падставова пры кармеліцкім кляштры, суворыя мудзілы ў чакісцкіх скуранках, пагромлены шынок “Рыга” і жахлівы Янка Лабановіч з більярдным кіем…

Янукевіч запаліў папіроску, падумаў, зацягнуўся дымам, падумаў, зноў паглядзеў на пляшку, падумаў і хрыпла спытаўся:

-- Дзе ўзяў?

-- Дзе ўвесь горад бярэ! -- знізаў плячыма Навум і глянуў на кампан’ёна крыху здзіўлена. -- І я, і Моўша, і Гірша, і нават маленькі Сруль… У гуртоўнях на фабрыцы мальвазіі і сельтэрскіх водаў. Вялікая стадола на старым віленскім гасцінцы. Тамака паабапал гасцінца заўсёды процьма піякаў адпачывае… Факт, а не рэклама!

-- Сам там быў ці каго пасылаў? -- Янукевіч нервова грыз мундштук папіросы.

-- Вядома ж, сам. Хіба такое можна каму даверыць? І нават пазнаёміўся з гэтымі янкі. Чацьвёра даволі сімпатычных маладзёнаў. Там нават адзін аід ёсць. І ўсе такія фацэтныя. Шампан п’юць, цыгары паляць, на амерыканскім самохудзе ездзяць! А кіруе імі нейкі сталы і вельмі сур’ёзны мужчына. Яго тамака ўсе паважаюць і называюць… м-м-м… „дзядзька-бацька”, здаецца…

-- Можа, дзядзька Хросны?

-- Во-во. Дарэчы, я ўчора таго Хроснага бачыў! -- прыгадаў Фабрыкант. -- У нейкую італьянскую оперу абанемент купляў, ажно на тыдзень. Не, вы толькі паглядзіце, як людзям няма куды грошы падзець!.. Музыкам кожны дурань можа стаць. Мне вось нядаўна стары Шлёма з Хацапетаўкі пераказваў па тэлефоне, як Яша Хэйфец на скрыпцы грае. І што вы думаеце? Пераказаў!

-- Чакай, чакай… Нейкі “Студэбекер” я ўчора каля тэатра бачыў. Думаў, простае супадзенне, -- злосна звузіў вочы Пярдолэк. -- Так. Значыцца, опера. Значыцца, фабрыка мальвазіі і сельтэрскіх водаў… А я быў проста ўпэўнены, што тых янкі паліцыянты акурат перад Гародняй перахапілі. Я ж сам паліцыянтаў на янкі і нацкаваў!

-- Хіба пан Янукевіч тых янак добра ведае? -- не паверыў Навум.

-- Добра. Але ж з надта нядобрага боку.

Былы жандар выйшаў на палубу і задуменна пачухаў патыліцу. Ненавісныя з маленства хлопцы зноў нагадалі пра сваё існаванне. І пэўна ж не ў добры час. Жаданне адпомсціць віравала ў змрочнай душы Пярдолка. Але ж ён разумеў, што помсціць саматугам надта ўжо небяспечна.

Маленькі Сруль, які грыз на юце смажаную курыную ножку, патрапіўся на вочы вельмі дарэчы.

-- Ісраэль! -- гучна паклікаў Янукевіч. -- Ці можна паніча-кураеда на колькі словаў?

-- А што мне за гэта будзе? -- Сруль апетытна абсмактаў костку і выцягнуў з кішэні загорнуты ў газетку фаршмак.

-- Тры аплявухі, калі будзеш занадта цікаўным, -- паабяцаў сіротка. -- Але ж калі пан Фабрыкант-малодшы жадае зарабіць на самую вялікую смажаную курку…

Сруль паважліва глянуў на суразмоўцу і каўтнуў сліну. Пярдолэк працягваў:

-- …трэба, каб малады і галодны паніч напісаў ананімку і даслаў яе па пэўным адрасе. За паперу, атрамант і капэрту з маркай плачу асобна. Можа такое быць?

-- А што такое ананімка? -- разважліва ўдакладніў аматар куркі.

-- Ну, гэта такі ліст, дзе людзі пішуць пра самае інтымнае. Пра тое, што ў іх на душы набалела. Спярша напішаш, што на маёй душы набалела, а потым, што на тваёй. Пра сваю душу я сам надыктую. Згода?

-- Калі пра дзве душы, то такое каштуе даражэй! -- сур’ёзна запярэчыў Навумаў пляменнік. -- Акрамя куркі, пан жандар мусі купіць мне і чатырнаццаць варшаўскіх пірожных.

Праз паўгадзіны Пярдолэк трымаў у руцэ ліст наступнага зместу:

АНАНІМКА

Шаноўныя паночкі чакістыя! Даводжу да вашага яснавяльможнага ведама, што так званыя янкі, каб ім не дажыць да сусветнай рэвалюцыі, атабарыліся на фабрыцы сельтэрскіх водаў, якую яны несправядліва прыватызавалі ў будучых пакаленняў рабочых і сялянаў. З раніцы яны эксплуатуюць пралетарскую класу, а ўвечары п’юць французскі шампан, паляць кубінскія цыгары і ездзяць на вялікай амерыканскай машыне “Студэбекер” у бездухоўную буржуазную оперу, якая прыбыла да нас з фашысцкай краіны “Італія”.

Такія паводзіны не толькі маральна пэцкаюць працоўнае насельніцтва нашага краю, але і прапагандуюць такія нездаровыя з’явы ў грамадстве, як беларускі буржуазны нацыяналізм, нізкапаклонства перад Захадам і зайздрасць некаторых няўстойлівых элементаў да гэтых дробных гаспадарчыкаў. А іх любоў да італьянскай оперы, якая, як вядома, існуе на падачкі пана Мусаліні, красамоўна сведчыць пра сталыя кантакты беларускіх нацыяналістаў з сусветным фашызмам.

А яшчэ паведамляю, што добра вядомы вам Навум Фабрыкант, каб яму саснілася Адзінаццатая кара Егіпецкая, на мінулую Хануку насмактаўся, як трафная свіння, і нават не дазволіў мне даесці цымус, хаця сам ён з Моўшам і Гіршам жлукцілі “крамлёўку”, і заядалі, каб ім пуста было, хрумсткімі гусінымі шкварачкамі і смачным яблычным цымусам.

Недкладна прыміце меры супраць вышэйзгаданых янкі. І хай іх спасцігне суворая кара ўсяго прагрэсіўнага пралетарыята.

З камуністычным прывітаннем --

Ісраэль Фабрыкант.

Гародня, вуліца Ніжняя Кантарская, што на Пярэспе, вялікая жоўтая камяніца адразу за дамком цёткі Цылі.

Не паспеў прасохнуць атрамант на паперы, як капэрта з лістом апусцілася ў паштовую скрыню побач з савецкім консульствам. Увечары былы жандар раскашаваў у кают-кампаніі рэстарацыі “CUD NAD NIEMNEM” і пасміхаўся, нібы сыты вупар.

-- Ну што, пархаты жыд, шаноўны Фабрыкант… Лічы, што гэтых янкі ўжо няма сярод жывых. Як, зрэшты, і Хроснага. Так што давай вып’ем за загібель усіх гэтых “бацькаў”, якія замінаюць нам жыць. Налівай!

Меладычнага бомкання келіхаў, як і мае быць у падобных выпадках, не прагучала.

18.

Цёмна-зялёны По-2 без апазнавальных знакаў гуў у блакітным небе, як тая памыйная муха. Сонца крышылася ў бліскучым коле драўлянага прапелера. Пагрозліва парыпвалі гарызантальныя рулі на крылах і закрылках. Дробныя птушачкі з жахам уцякалі ад нябеснага ціхахода.

Двое маладзёнаў, якія корпаліся на градах, амаль сінхронна ўзнялі галовы: самалёт пралятаў акурат па-над іх дзялкамі.

Земляробы нават здолелі разгледзець лётчыкаў у скураных шаломах і акулярах-кансервах. Пілатаваў біпланам фацат з бліскучымі жалезнымі зубамі. Пасажырскае месца займаў звяружны волат у чорнай чакісцкай скуранцы.

Маладзён у новым кепі ветліва прыўзняў руку і папрасіў пранікнёна:

Мой мілы таварыш, мой летчык,

Вазьмі ты з сабою мяне!

Маладзён у модных штыблетах замілавана падхапіў:

Бо, ведай, вялікі я хлопчык

І лётаць умею ў сне!

І тут, нібы ў адказ, да ног маладых летуценнікаў звалілася нешта празрыстае, пустое і брыдкае.

Маладзён у новым кепі падняў падарунак нябёсаў і разгублена хаўкнуў. Таварыш летчык шпурнуў яму пустую літровую пляшку з-пад кантрабанднай “крамлёўкі”. Барвовы туман накрыў хлопцаў, і ў іх душах зазвінелі трывожныя бомы катарсіса.

-- Во мудзілы! -- спахмурнеў маладзён у новых штыблетах. -- І не сорамна на чужыя грады розную брыду кідаць?

-- Не, не нашы хлопцы, -- маладзён у новым кепі гідліва падняў пляшку і адкінуў яе ў сметніцу. -- Нашыя людзі чужое майно шануюць. А гэта -- прыхадні нейкія. Праўду ў нацыяналістычных газетах пішуць: ад такіх, як яны, трэба бараніць нашы грады і наш край!

-- Во-во! -- падтрымаў маладзён у новых штыблетах. -- Яшчэ скажы дзякуй, што не граната. Шкада, стрэльбу з сабой не ўзялі!

Тым часам самалёт без апазнавальных знакаў набраў вышыню і ўзяў курс на захад. Пад крыламі паволі праплывалі сенажаці, пакрэмзаныя срэбнымі жылачкамі рэчак. Азёры зіхацелі, як навюткія манеткі. Палоска спелага жыта залацілася на скраі пашы, нібы вавёркавае футра на зялёным паліто.

Неўзабаве па курсе прамаляваліся панарама Гародні. На тле васільковага неба ўрачыста паўставалі вежы старадаўніх храмаў. Цацачны кацярок, што паволі поўз па шэрай нёманскай вадзе, шкроб яе, нібы вострая голка шкло.

По-2 заклаў паўкруг над пажарнай вежай і паляцёў на поўнач. Шасі з пругкімі коламі звісалі пад фюзеляжам, рыхтык, керзавыя боты. Прапелер упэўнена сёк дробныя ватныя аблачынкі.

Няўсмешлівы волат у авіятарскіх акулярах-кансервах прабегся вачыма па лётнай планшэтцы і зыркнуў у бінокль. Гародня з вышыні нагадвала сваю выяву на карце.

Назіральнік выцаліў вачыма тэатр Тызенгаўза і прыклаў да горла ларынгафон. З самалётнай антэны па-над Гародняй панеслася-паляцела чакісцкая радыяграма:

-- Згодна аператыўнай інфармацыі, так званыя янкі ў колькасці чатырох знаходзяцца ў так званым тэатры так званага Тызенгаўза, у квадраце А-3. Разам з імі -- наш амерыканскі таварыш-камінтэрнавец Сміт-Весон, якога вышэйзгаданыя янкі незаконна ўтрымліваюць у палоне, прымушаючы слухаць фашыстскую італьянскую оперу “Тоска”. Першая аператыўная група павінна незаўважна блакіраваць па перыметры ўвесь раён у квадратах А-4, А-5, В-2 і С-3. Другая аператыўная група пад выглядам буржуазных эстэтаў павінна наблізіцца да янкі на адлегласць агнявога кантакту і зліквідаваць іх, як ворагаў народа. Мы, сталінскія сокалы, будзем прыкрываць вас з паветра. Сігналам стане выбух каля так званага тэатра. Звяртаю ўвагу: амерыканскага таварыша Сміта-Весона браць толькі жыўцом! Канец сувязі.

А пад крыламі ўжо ззяў ацынкаваны дах гарадскога тэатра. Каля фасада стаялі легкавікі, брычкі і вазкі гарадзенскіх меламанаў. Вялізны грузавік “Студэбекер”, прыпаркаваны бліжэй да заапарка, міжволі вабіў зрок. Да заканчэння спектаклю заставалася колькі хвілін.

Сталінскі сокал з жалезнымі зубамі паклаў руку на рычаг бомбаскідальніка. Сталінскі сокал у чакісцкай скуранцы вытаркнуў станковы кулямёт, скіраваў рулю наніз і драпежна пасміхнуўся.

19.

Гострыя зубцы турэмнага мура ўгрызаліся ў начное неба, бы іклы цмока. Шчарбаты месяц злавесна адбіваўся ў старажытнай брукаванцы. Танюткі прамень пражэктара паволі прайшоўся па ваконных кратах і спыніўся на пабітай кулямі сцяне.

Неўзабаве канвой жандараў вывеў у турэмны дворык вязня ў памаранчавай кашулі. Прысуд ужо быў зачытаны: за экстрэмісцкую антыўрадавую дзейнасць злачынцу чакаў расстрэл. Але адважны смяротнік не маліў пра спагаду: ён спакойна падышоў да сцяны, расшпіліў гузік кашулі, мужна глянуў у вочы бязлітасным катам і заспяваў…

Расстрэльная каманда спрактыкавана ўскінула рушніцы. Палітвязню заставалася жыць лічаныя секунды.

І тут на сцэну гарадзенскага тэатра, здэкарыраваную пад турэмны замак, імкліва ўскочыў дробны сухенькі дзядок у модным капелюшы “барсаліна” на сівой галаве. Ён узняў пісталет і, не цэлячы, стрэліў у рампу.

-- Basta, certo a quest’ora! -- гнеўны італьянскі вокліч гарманічна наклаўся на ценьканне шкла. -- Не магу больш на гэта глядзець! Колькі разоў слухаю чароўную “Тоску” вялікага Джакома Пучыні, столькі разоў у фінале паганыя жандары абавязкова расстрэльваюць чарговага вялікага тэнара!

Музыкі ў аркестравай яміне адклалі інструменты і, нібы па камандзе, ускінулі галовы, каб зручней было глядзець. Дырыжор выпусціў з пальцаў палачку. Механік сцэны з перапуду запаліў усё святло. І толькі ачмурэлыя акцёры ў жандарскай форме па-ранейшаму стаялі са скіраванымі на Каварадосі стрэльбамі, і гэта канчаткова раз’юшыла дзядка ў “барсаліне”.

Два трапныя стрэлы, і з плячэй жандарскага афіцэра зляцелі бутафорскія эпалеты.

-- Piano, signior Mudillo, -- драпежна пасміхнуўся дзядок. -- La vuole il Karlo Spagecci! Koza Nostra! Sicilia, Palermo.

Словы пра “Козу Ностру” спярша прымусілі музыкаў знакамітай “Ля Скалы” зніякавець. Яны і не чакалі, што спрут сіцылійскай мафіі дацягнуў свае жахлівыя шчупальцы ажно да Крэсаў Усходніх. Але ўжо праз колькі секунд аркестранты паўсталі з-за пюпітраў і шалёнай авацыяй прывіталі Карла Спагеці. Увесь музычны свет ведаў, што гэты стары мафіёзі не толькі ахвяруе шалёныя грошы на оперныя імпрэзы, але і заўсёды бароніць паноў музыкаў ад размаітых непрыемнасцей.

-- Bravo, mafia! -- захлынаўся дырыжор. -- Bravissimo!

-- Viva eccelenza Karlo Spagecci! -- неадкладна адгукнулася струнна-смычковая група.

-- Viva рapа Karlo! -- узнёсла прывіталі дзядка групы ўдарнікаў і духавікоў.

Неўзабаве заўзяты аматар оперы і тэнар, які выконваў партыю Каварадосі, пад воплескі аркестрантаў рушылі са сцэны ў партэр. Размілаваны Карла ласкава тлумачыў спеваку пра “таямнічую гармонію” і “сяброўскую размову” трапнымі цытатамі з “Тоскі”:

-- Signior Cavaradossi! Recondita armonia… Ed or fra noi parliam da buoni amici… Вы спявалі, як вялікі Энрыка Каруза! Bella tenore!

-- Gracia, signior Spagecci! -- оперны спявак аддана заглядаў у вочы папулярнага мафіёзі-філантропа; у ягоным уяўленні гэты чалавек быў кімсьці сярэднім паміж Донам Карлеонэ і Джузэпэ Вэрдзі.

Гарадзенскія меламаны акругленымі вачыма глядзелі на сардэчнае яднанне мастацтва і крымінала. Але ж Спагеці абсалютна не зважаў на зніякавелыя твары яснавяльможнай публікі па абодва бакі партэра.

-- Я хацеў бы падарыць вам нешта ў знак удзячнасці! -- пасміхнуўся ён тэнару. -- Прыміце, калі ласка, гэты сціплы прэзент!

З гэтымі словамі стары мафіёзі выцягнуў з кішэні даўжэзны, мо з паўтары метры, ружанец.

-- Няўжо пан Спагеці такі набожны? -- шчыра здзівіўся спявак.

-- Гэта незвычайны ружанец, -- хітравата пасміхнуўся Карла. -- Я заўсёды дадаваў адну пацерку, калі забіваў чарговага мудзілу. Не забывайцеся насіць гэты ружанец, і хай вам дапаможа святая Цыцылія, нябесная апякунка музыкаў! А калі ў фінале якой-небудзь оперы вас нехта захоча пакрыўдзіць, вы толькі мне...

Спагеці не паспеў скончыць -- жахлівы выбух на вуліцы прымусіў яго змоўкнуць. Ваконнае шкло вадаспадам пасыпалася ў залу, і паветра пругка ўдарыла па тварах, бы тэатральная завеса. Крышталёвая жырандоля жалобна ценькнула і згасла. У паўцемры бліснулі зляканыя вочы публікі, і ўжо праз секунду тэатр скаланулі істэрычныя енкі паненак і трывожныя крыкі паноў.

Публіка імгненна кінулася да выхаду. Вірлівы натоўп бязлітасна разнёс Карла і спевака па розныя бакі праходу. Ужо ў вестыбюлі зрок старога мафіёзі зафіксаваў дзіўную карцінку: проста перад ягонымі вачыма зіхацеў залаты абразок з выявай святога Януара -- апекуна злодзеяў з махлярамі.

Сіцыліец узняў галаву і прамовіў разгублена:

-- Мama miо!..

Перад ім стаяў той самы Хросны, які калісці ўратаваў ягонае жыццё на старых чыкагскіх бойнях…

Былы лідэр чыкагскай групоўкі “Тутэйшыя” таксама пазнаў Карла. Але адказаць не паспеў. Імгненне, і спалоханая людская плынь выштурхнула на вуліцу і слыннага сіцылійскага мафіёзі, і ягонага названага беларускага брата.

20.

Пасярод вуліцы, акурат перад тэатрам, дымілася вялізная варонка, і збітыя выбухам кляновыя лісты яшчэ кружлялі па-над разбітай брукаванкай. Зграбная лакавая брычка ляжала каля сцяны, і яе колы шалёна круціліся. Спалохана іржалі коні, з прабітых радыятараў легкавікоў свістала пара.

З галоўнага тэатральнага ўваходу хвалю за хваляй выносіла зляканых операманаў. Натоўп хаатычнымі струменчыкамі расцякаўся па завулках, і панскія боты вішчэлі, не раўнуючы, як парсюкі на кірмашы.

Янка Лабановіч незадаволена агледзеў адарванае рукаво фрака і пытальна глянуў на Хроснага:

-- Што гэта было?

-- Мо, Гародню спасцігла кара нябесная, як Садом і Гамору? -- выказаўся Янкель Фінберг.

-- Пэўна, Другая Сусветная вайна пачалася! -- дапусціў Аянька Кільмандовіч.

-- Ды нешта яшчэ зарана, -- разважліва азваўся Іван Брыль.

І толькі Хросны нічым не здрадзіў хвалавяння. Ён спакойна агледзеўся, зафіксаваў позіркам сівога дзядка ў “барсаліне”, лёгка падхапіў яго пад пахі і амаль сілком штурхнуў у расчыненую дзвёрку “Студэбекера”:

-- Паехалі, пакуль мудзілы не наехалі!

Загад прагучаў вельмі дарэчна: з-за суседняга дома выляцеў даўжэзны “Пакард”. За лабавым шклом прамалёўваліся пысы тыповых мудзілаў. Істоты з такімі бездухоўнымі тварамі наўрад ці маглі б уседзець нават пяць хвілін у оперы. Доўгая кулямётная руля, што выторквалася з салона машыны, не сведчыла пра іх міралюбнасць.

Сітуацыя нібыта паўтарала перастрэлку на старых чыкагскіх бойнях. Толькі цяпер у Хроснага не было пад рукамі ані смяротнага машын-гана сістэмы “Максім”, ані выбуховага самагоннага апарата сістэмы “General Electric”, ані нават самай танюткай шваечкі.

І толькі маладзёвы імпэт хлопцаў-янкі дазваляў яму спадзявацца на паратунак.

21.

-- Да заапарка ірвуць, гады! -- азартна прашаптаў Пярдолэк, не адрываючы вачэй ад бінокля. -- Там вам капец і сасніцца!

Вось ужо цэлую гадзіну ён сядзеў на гарышчы воданапорнай вежы насупраць вакзала і цярпліва чакаў, які плён дасць ананімка, напісаная пад ягоную дыктоўку маленькім Срулем. Сіротка не мог адмовіць сабе ў задавальненні пабачыць смерць ненавісных з дзяцінства ворагаў. Плён пераўзышоў самыя смелыя спадзяванні: у баявой аперацыі таварышыкі-чакістыя задзейнічалі не толькі дзве групоўкі прафесійных галаварэзаў, але нават і баявую авіяцыю. Калі б на прывакзальнай плошчы, што сумежнічала з заапаркам, з’явіліся танкі -- былога жандара гэта не надта б і здзівіла.

Янукевіч выдатна бачыў, як “Студэбекер” віртуозна развярнуўся каля варонкі перад тэатрам Тызенгаўза. Як доўгі браніраваны “Пакард” крыху запаволіўся, каб аб’ехаць перакуленую брычку. Як кулямётная руля, што выторквалася з акна легкавіка, выплюнула агонь. Як амерыканскі грузавік са свістам падсеў на пашматаванае кола, але паспеў-такі ірвануць на плошчу, упэўнена пратараніў каваную браму гарадзенскага заапарка і знік пад шатамі.

Былы жандар разумеў выдатна: шанцаў у ўцекачоў няма. Уся прылеглая да тэатра тэрыторыя была надзейна ачэплена спрактыкаванымі ў тэрарызме чакістамі. Дый Хросны са сваімі памагатымі напэўна выправіліся ў оперу без зброі.

-- Зараз вы, мужыкі-хамы-быдла, за ўсё адкажаце! -- з асалодай прамовіў Пярдолэк і ўліп у бінокль вачніцамі.

22.

“Студэбекер” гнаў па вечаровым заапарку, нібы падранены белавежскі зубр. Пашматаванае кола шалёна лапатала, і пах палёнай гумы шлейфам цягнуўся за грузавіком. Вецер свісцеў у разбітым бакавым люстэрку. Жудасныя скавытанні ваўкоў і істэрычныя енкі шакалаў дадавалі краявіду змрочнай сімвалічнасці.

Наведвальнікаў не было, заалагічная ўстанова зачынілася з паўгадзіны таму. “Студэбекер” імкліва праскочыў галоўную алейку, знёс бамперам краты каля копанкі з кракадзіламі і спыніўся насупраць мураванага дамка з надпісам “SERPENTARYUM”.

А пераследнікі былі зусім побач. Доўгі браніраваны “Пакард” асцярожна сунуўся з боку стравусіных вальер. Працяглая кулямётная чарга бязлітаснай касой зрэзала бэз каля серпентарыя, і на алейку паляцела галлё.

Хросны, Спагеці і хлопцы спрытна пасыпаліся з машыны і кароткімі несіметрычнымі зігзагамі кінуліся да серпентарыя. Гэта было зроблена вельмі своечасова: наступная куляметная чарга, нібы нажом, успарола брэзентавы тэнт.

Але ўцекачы ўжо паспелі зачыніцца ў змяіным дамку.

У вялізных шкляных тэрарыумах скручваліся, слізгацелі і сычэлі размаітыя гады, сабраныя з усіх куткоў свету. Бязлітасныя кобры, незадаволеныя стралянінай, раз’юшана раздзімалі пярэстыя капюшоны. Стракатыя анаконды лянотна ўздымалі галовы і мерна разгойдваліся нібы метраномы. Флегматычныя пітоны звісалі з дэкаратыўных бярвёнаў і задуменна пазіралі маленькімі ільдзянымі вочкамі ў вокны, за каторымі ўжо мільгацелі твары мудзілаў відавочна чакісцкага паходжання.

На серпентарый абрынуўся шквал агню. Нападнікі не ашчаджалі набоі: аўтаматныя стрэлы заглушалі баявую чакісцкую лаянку, ценьканне ваконнага шкла і спалоханы лямант жывёлаў у вальерах.

-- Ну, і што цяпер рабіць? -- разгублена спытаў Лабановіч.

-- Поўны накаўт! -- сумна канстатаваў Брыль.

-- Я б нават сказаў -- каюк, -- азваўся Кільмандовіч.

-- Была б у вас зброя… -- мовіў Фінберг са скрухай.

Хросны пытальна паглядзеў на Карла Спагеці. Той сціпла пасміхнуўся і спакойна расшпіліў старамодны пінжак: з-за паса пагрозліва выторкваліся пісталеты і рэвальверы самых размаітых канструкцый, памераў і прызначэнняў.

-- Prego, signior! -- сіцыліец добразычліва працягнуў названаму беларускаму брату вялізны чорны пісталет. -- Прашу выпрабаваць гэтую машынку. Браўнінг 45-га калібра, моцна дапамог мне ў пятнаццаці банкаўскіх рабунках і ў дзевяці налётах на паштовыя цягнікі.

-- Viva mafia! -- узрадваўся Янка Лабановіч. -- А што б вы парэкамендавалі былому настаўніку?

-- Да вашага шляхотнага фрака, сіньёр, больш пасуе вось гэта! -- сіцылійскі мафіёзі гжэчна прапанаваў Янку зграбны ладны рэвальверчык, аздоблены срэбрам. -- Гэты кольт 38-га калібра мне спрэзентаваў сам сіньёр Аль Капонэ. Ён уласнаручна застрэліў з яго пяцёх шэрыфаў, трох федэральных суддзяў, двух прафсаюзных босаў і яшчэ тузін драбнейшых мудзілаў.

-- Адразу відаць, што ў пана сіцылійца вытанчаны густ! -- Лабановіч удзячна ўзважыў у руцэ кольт і паціху пасунуўся да вакна.

Нападнікі, пісьменна хаваючыся за дрэвамі, альтанкамі і вальерамі, паволі набліжаліся да серпентарыя. Янка асцярожна выткнуў рулю кольта ў вакно і стрэліў. Высокі мудзіла, які падкрадаўся з боку слановай загарадкі, схапіўся за плячо і са скавытаннем пакаціўся ў зарасці. Але аконную раму адразу ж разнесла ў трэскі чакісцкімі кулямі. Хросны з дакорам паківаў Лабановічу пальцам, сам злаўчыўся стрэліць з аднаго вакна, імгненна перакінуцца да другога, а хвігу нападнікам паказаць ужо з трэцяга.

-- Во дзядзька Хросны скочыў, як той сабака! -- у захапленні прамовіў Брыль.

-- Хіба можна так казаць пра Хроснага? -- абурыўся Янкель. -- Ну, скочыў сабе і скочыў. Поц на іх.

У дзверы ўжо гупалі чымсьці важкім: храбусцелі дошкі, вішчэлі цвікі, сыпалася тынкоўка. Куля, пасланая Янкам у дзверы наўздагад, відавочна не дасягнула мэты. Гупанне толькі ўзмацнілася, і да яго далучылася какафонія шчырых чакісцкіх пажаданняў. Меламан Карла грэбліва скрывіў вусны.

Кільмандовіч з падзякай адмовіўся ад прапанаванага яму рэвальвера. Праўдзівы улан прынцыпова грэбваў агняпальнай зброяй. Ён сціснуў у руках доўгае дзяржальна касы-літоўкі, стаў насупраць дзвярэй жывым помнікам палеглым касінерам Касцюшкі.

-- Мо ім грошы прапанаваць? Адкупімся, -- Янкель ляпаў сябе па кішэнях. -- Дробных ні ў кога няма?

А чакістыя ўсё гупалі ў дзверы і брыдкасловілі.

-- Ты лепш яе прытрымай, -- Брыль ужо сціскаў пад пахай адзін канец дэкаратыўнага бервяна, з другога на яго пазірала яшчэ сонная, але надта ўжо незадаволеная анаконда.

Янкель спалатнеў:

-- Яна жа трафная, на ёй лускі няма! І ўвогуле, мне працаваць нельга. Сягоння субота!..

-- ... а заўтра нядзеля! Да якой нехта не дажыве. -- Іван строс анаконду ў вялізны шкляны куб, узважыў важкае бервяно і пакруціў ім над галавой.

Дзверы яшчэ раз здрыгануліся і ляснуліся на падлогу разам з кавалкам сцяны. У праём пасунуліся недарэчна вясёлыя мудзілы.

-- Бэнц! Гы! -- толькі і паспела прамовіць пыса аднаго з іх.

Каса са свістам расцяла паветра, і скрываўленае вуха гаваркога чакістага ляпнулася на надлогу. Кінутае з падваротам бервяно знесла за сабой аднавухага і ўсіх астатніх -- чыста, як і не было.

-- Іван акбар! -- сувора папярэдзіў нападнікаў ліцвінскі татарын.

Але радвацца не выпадала.

У перспектыве алейкі трывожна бліснула лабавое шкло “Пакарда”. Загырчэў рухавік, і фары пагрозліва запаліліся, нібы настольныя лямпы ў следчым кабінеце НКВД. Цяжкі браніраваны лімузін пакаціў да дамка. Следам, як пехацінцы за танкам, пабеглі чакістыя.

-- За Радзіму! За Сталіна! -- раўлі яны, як каго не парвала, і аўтамабільны клаксон пераможна трубіў палкавым горнам.

Янка стрэліў. Куля выкрэсліла вогненныя пырскі з браніраванага крыла лімузіна і прафуркатала ў кусты. Іван у адчаі сціснуў кулакі. Аянька выставіў наперад касу, нібыта збіраўся ўсадзіць яе ў круп варожага каня.

-- Як на парадзе ідуць, -- палахліва азваўся з-за шклянога тэрарыума Янкель.

Чакісцкая навала нахабна кацілася на змяіны дамок. Карла і Хросны красамоўна зірнулі адзін на аднаго, і сіцыліец шляхетна саступіў беларускаму гангстэру права дзейнічаць.

Хросны спакойна ўзняў цяжкі браўнінг і прымружыўся. Стрэл прагучаў у разварушаным заапарку ціха, быццам корак ад шампану шпокнуў. З прастрэленага радыятара “Пакарда” фантанам засвістаў кіпень. Абвараныя чакістыя забегалі, як прусакі на патэльні. Густая пара зацягнула алейку. З яе імпэтна выткнуўся доўгі капот са срэбнай фігуркай на радыятары, і лімузін садануўся ў дрэва. З шатаў, як наймічка з печы, ляснулася дробная малпачка.

Спагеці сціпла пасміхнуўся.

-- А цяпер, шаноўные сіньёры, глядзіце, як гэта робіцца ў нас на Сіцыліі!

З гэтымі словамі слынны мафіёзі выцягнуў з-за паса дзве абсалютна аднолькавыя аўтаматычныя “берэты”, спрактыкавана праверыў абоймы і мяккаю тыгрынаю хадою рушыў да высаджаных дзвярэй…

Стрэлы з абедзвюх руляў прагрукацелі, нібы куляметная чарга. Мудзілы, якія правільным ланцугом наступалі ад цэнтральнай брамы, адзін за адным пакаціліся ў копанку да кракадзілаў. Галодныя рэптыліі, падобныя да раздзьмутых маласольных гуркоў, як і мае быць, неадкладна заплакалі, хіжа расчарэпілі пашчы і шпарка паплылі да пачастунку. Неўзабаве вада ў копанцы афарбавалася ў пяшчотны ружовы колер.

-- Cao, bambino, -- сардэчна развітаўся з ворагамі Карла Спагеці.

-- Sorry, -- развёў рукамі былы настаўнік.

Стрэлы на нейкі час сцішыліся, пэўна, нападнікі не чакалі ад абложаных падобнага спрыту.

-- Bravo, Карла Спагеці! -- уразіўся Хросны. -- Паважаю прафесіяналаў!

-- Bravissimo! -- падхапіў Іван упэўненым басам.

Спагеці ганарліва прыўзняў “барсаліну”:

-- Мафія неўміручая!

-- А ці можна паўтарыць такое на біс? -- сціпла папрасіў Янкель.

-- Натхненне скончылася! -- вінавата ўздыхнуў сіцыліец. -- Дый набояў амаль не засталося.

Нечакана з гары данеслася басавітае выццё самалёта, і шалёным градам лупанула доўгая кулямётная чарга. У бляшаным даху будыніны зоркамі заззялі дзіркі. Стрэлам ушчэнт разнесла вялізную шкляную скрыню з каралеўскім баа канстрыктарам. Жахлівы даўжэзны гад незадаволена ўзняў голаў і з ціхім пагрозлівым шоргатам пасунуўся да разбітага вакна. Неўзабаве стракаты, нібы татуіраваны, хвост знік за падваконнем.

Лабановіч зноў выставіў кольт у вакно і стрэліў у чакістага, што сядзеў на кукішках перад клеткай з гарыламі. Куля прасвістала ў нейкім сантыметры ад галавы мудзілы, і замок ад закратаванай дзвёркі паляцеў у траву.

Зрэшты, абложаным не давялося шкадаваць пра змарнаваны набой…

Металёвая дзвёрка вальеры з тужлівым рыпеннем прачынілася. Вялікі прыгожы самец гарылы асцярожна вылез са свайго дамка, зацвердзіўся на магутных нагах і штурхануў краты. Шляху на волю не замінала нішто. Пачварная малпа ўдарыла ў валасатыя грудзі кулаком і агаласіла паветра дзікунскім лямантам Кінг-Конга. Узброены пісталетам чакісты не стаў для гарылы вялікай перашкодай. Пасля нямоцнага ўдара ў вуха ён адляцеў метраў на дзесяць і сцішыўся.

Неўзабаве на волю выйшла ўся чалавекападобная сямейка: жонкі, дзеці, унукі, дзядулі і бабулі, цешчы і сваты. Праз колькі хвілін разумныя прыматы спрытна рассыпаліся па дрэвах.

Янка глядзеў на малпаў зачаравана, пэўна так назіраў за гаспадарамі Белавежскай пушчы лаціністы Мікола Гусоўскі, калі складаў сваю “Паэму пра зубра”. У галаве былога настаўніка плыў ціхі незямны гул: падобны стан ён упершыню зведаў у пятнаццаць гадоў, калі ўпершыню пакаштаваў бурачковага первака.

-- Хлопцы, -- пранкнёна сказаў ён, -- а я ведаю, што трэба рабіць!

23.

Аблога серпентарыя доўжылася ўжо з гадзіну, пакрысе набываючы рысы класічнай пазіцыйнай вайны. Біплан По-2, на які так спадзяваліся чакістыя, не мог даць рады; Хроснага планавалася браць толькі жыўцом.

-- Таварыш Баян! Таварыш Баян! -- пачулася ў навушніках скуранога пілоцкага шалома, -- тут нейкі паласаты шланг у кустах. Ой паўзе, ой паўзе!..

Таварыш Баян прыціснуў да горла ларынгафон:

-- Таварышы, вы што, зноў п’яныя? Хіба шлангі поўзаюць? Гэта супярэчыць…

-- Паўзе! Паўзе! Проста на нас! І сіпіць! А-а-а-а!..

На крык наклаўся загадкавы шоргат, нешта храбуснула, і ў навушніках запанавала злавесная ціша.

Таварыш Баян загадаў кіроўцу біплана знізіцца і закласці над заапаркам кола. Прыкрая неспадзяванка чакала чакістых і з другога боку. Да брамы ад чыгуначнага вакзала паціху сунуўся замаскаваны маладымі бярозкамі і сасонкамі танк “Рэно” -- лаплены-пералаплены ветэран імперыялістычнай вайны. З люка выторкваўся цэпелінападобны голаў Шалёнаса Халераса. Напэўна, лідэр тэрарыстычнай групоўкі “Лабусы” дазнаўся пра непрыемнасці, што напаткалі “папскага легата” і мужна рушыў на дапамогу. Некалькі грузавікоў з ковенскімі баевікамі кацілі следам.

-- Што ты вылупіўся на класавых ворагаў?! -- голас Баяна перакрыў роў прапелера. -- Бамбі!

Кіроўца азартна ашчэрыў жалезныя зубы і ў крутым віражы прайшоўся па-над прывакзальнай плошчай. Бомба ладным чорным парсючком мільганула ў паветры. Выбух раскрыўся чароўнай тыгровай лілеяй акурат перад танкам. Жалезную спаруду падкінула, нібыта пустыя начоўкі, і перакуліла пузам дагары. Таварыш Баян развярнуў кулямёт і з асалодай лупануў па галаўному грузавіку жмудзіласаў. Дзве ацалелыя машыны сінхронна развярнуліся і палахліва паімчалі туды, адкуль і з’явіліся.

Калі наступ жмудзіласаў быў паспяхова адбіты чакістымі яшчэ на падыходзе, то сітуацыя ў самім заапарку рабілася проста крытычнай. Цяпер падступныя янкі знарок стралялі па замках вальер з самымі небяспечнымі драпежнікамі.

Крыважэрныя звяругі, адчуўшы волю, з аслодай помсцілі двухногім за шматлікія пакуты за кратамі і страчаную радзіму. Па алеях з хіжым гырчэннем насіліся тыгры, львы, ягуары і пантэры. Палеская рысь, якая скацілася з яблыні-райкі на карак сухенькаму чакістаму, глядзелася на іх тле дробным катком. Зляканыя тэрарыстыя шукалі паратунку на дрэвах і дахах, але там на іх ужо чакалі гарылы, павіяны, гібоны і арангутаны.

Некалькі пакусаных кінуліся ратавацца да ворагаў у серпентарый. Але ў іх неадкладна паляцела вялізнае змяючае кубло.

Раскудлачаны страус ганяў немаладога чакістага вакол фантана і метадычна дзёўб небараку ў бліскучую лысіну. Белы насарог са злоснымі чырвонымі вочкамі матляў скрываўленым рогам. Грыфы ўсёй сям’ёй абселі затаптанага мудзілу ў чорнай скуранцы і з асалодай выдзёўбвалі вантробы, не раўнуючы, як той каўказскі арол пячонку ў Праметэя. Разгром давяршыў афрыканскі слон; ён выбраўся з загарадкі, пераможна затрубіў, падчапіў хобатам “Пакард” і кульнуў яго на бок.

А заапарк тым часам ачаплялі паліцыянты з вайскоўцамі. Грандыёзны міжнародны скандал быў гарантаваны, і савецкі бок напэўна не здолеў бы высунуць нейкія апраўданні. Людскія рэсурсы і тэхніка аказаліся змарнаванымі безвынікова: ненавісныя янкі так і не былі знішчаны, а амерыканскі таварыш-камінтэрнавец Джон Сміт-Весон па-ранейшаму знаходзіўся ў іх у палоне.

З борту По-2 было выдатна відаць, як паліцыянты з вайскоўцамі ловяць ды скручваюць чатырохногіх і двухногіх звяругаў. “Студэбекер” нетаропка выязджаў праз гаспадарчую браму.

Знянацку ў змярцвелых навушніках гучна шчоўкнула, і голас таварыша Праніка прымусіў галоўнага сталінскага сокала здрыгануцца:

-- Таварыш Баян, партыя і ўрад усё бачылі. Вы ані ў чым не вінаватыя. Вы ўсе мужна змагаліся, але буржуазныя нацыяналісты і ідэйна несвядомыя звяругі пакуль мацнейшыя. Загадайце, каб ацалелыя таварышы неадкладна забралі параненых і адступалі свінячымі сцежкамі!

-- А як жа янкі? -- ці то з радасцю, ці то са скрухай спытаў таварыш Баян.

-- Я прызначу ім такую сустрэчу, ад якой яны не здолеюць адмовіцца. А мы пераходзім на нелегальнае становішча. Паролі і яўкі застаюцца ранейшымі, -- па чакісцкаму разважліва азваўся таварыш Пранік.

-- Карацей, хавайся ў бульбу, -- уражана прашаптаў таварыш Баян.

Сталінскі сокал з жалезнымі зубамі адціснуў штурвал. Біплан хутка набраў вышыню і неўзабаве схаваўся ў аблоках, што так дарэчы зацягнулі неба над Гародняй.

24.

Вечаровае сонца сагравала вялізныя мармуровыя крыжы Пабернардынскіх могілак, залаціла пёркі на крылах каменных і жалезабетонных анёлаў. Вецер гнаў сухое лісце на гарадзенскі Падол і шаргацеў тапаграфічнай картай, абрусам разасланай на магільнай пліце. Раз-пораз край карты загінаўся. І тады сонца лашчыла надпіс-папярэджанне “Вы яшчэ ў дарозе, а мы ўжо дома”.

Гідкі рабы вусач з люлькай прыціснуў непаслухмяную карту ўломкамі цэглы і вырак:

-- Чалавек праходыт как хазаын нэаб’ятнай Родыны своей. Праўда, таварыш Адзік?

-- Дас іст Райх, геносэ Юзік, -- хударлявы псіхапат з нетутэйшымі тэатральнымі вусікамі гупнуў ботам у надмагільную пліту.

Мундштук трубкі рабога вусача тыцнуўся ў Вільню, Беласток, Брэст і Гародню.

-- Таварыш Адзік, эта будэт Савецкая Беларусь, -- папярэдзіў рабы вусач.

-- Вільня, Брэст -- зэр гут, Савецкая Беларусь. Гародня-Гартэн -- найн! Хальт! Цурюк! Дас іст дойчэ штадт! -- псіхапат пагрозліва вырачыў вочы.

-- А еслі заўтра вайна, еслі снова ў паход? Га, таварыш Адзік? -- нядобра прымружыўся рабы вусач.

-- Іх хабе філе дойчэн зольдатэн унд унтэрофіцырэн, геносэ Юзік! -- ледзь не заплакаў псіхапат, пакрыўджана крутануўся на абцасах і пашыбаваў да ровара-тандэма.

І тут, нібыта ў пацверджанне словаў пра вайну, ад тэатра даляцеў моцны выбух. Над горадам з’явіўся біплан без апазнавальных знакаў.

-- Сталінскія сокалы, таварыш Адзік! -- узрадавана пыхнуў люлькай рабы вусач, -- і в каждым сэрцы пламены матор!

-- Дас іст Люфтвафэ, геносэ Юзік! -- шчасліва бліснуў шклянымі вачыма псіхапат з тэатральнымі вусікамі. -- Шысэн, шысэн!

У заапарку сапраўды заляскалі стрэлы, і гэта змусіла таварыша Адзіка вярнуцца да надмагільнай пліты, засланай тапаграфічнай картай.

-- Польшча капут? -- недаверліва спытаўся ён.

-- Аканчатэльна і беспаваротна. Дык вайна, таварыш Адзік? -- рабы вусач прымірэнча працягнуў руку.

-- Бліцкрыг, геносэ Юзік! -- радасна паціснуў далонь псіхапат з тэатральнымі вусікамі і нашаторыў вушы.

Паўз могілкі гнала авечак малая беларусачка ў васільковым вяночку. Па-над капцамі, крыжамі і пахавальнямі ляцеў крышталёва звонкі дзіцячы дыскант:

З неба зорачка ўпала

Проста міламу ў штаны!

Хай бы ўсё там адарвала --

Толькі б не было вайны!

Рабы вусач незадаволена пыхнуў люлькай, ажно жарынкі разляцеліся:

-- Нэ панымаю меснага нарэчыя!

-- Ніхт фэрштээн! -- пацвердзіў псіхапат.

Малая беларусачка паправіла вяночак і нядобра скасавурылася на раварыстых.

25.

Поўная параза таварышаў чакістых у бітве пры заапарку не збянтэжыла Пярдолка. Ён ведаў: рана ці позна хлопцаў-янак дастануць. Але ж прадбачлівы былы жандар вырашыў інфармацыйна падстрахавацца. З прысабечаным пасведчаннем на імя генерала Дэфензівы Мікалая Хаперніка ён падкаціўся да хаблаватага тэлефаністага на гарадской станцыі. Янукевіч слушна меркаваў, што падобныя фацаты абавязкова супрацоўнічаюць з таемнай паліцыяй. Дэфензіву нездарма называлі “труйкай”: па чутках, ці не кожны трэці пісаў туды даносы на сваякоў, суседзяў і проста на падазроных асобаў.

Хаблаваты тэлефаністы, ледзь толькі пабачыў пасведчанне ў руцэ бела-русага “генерала”, усё скеміў і адразу выструніўся:

-- Цо моген зробіць для пана?

-- Выконваць мае і толькі мае загады ды не ставіць лішніх пытанняў. Ойчызна ў небяспецы, ёй пагражае самая страшная хвароба нашага часу -- беларускі нацыяналізм. Яны -- мужыкі-хамы-быдла, а, прамеджду протчым, на амерыканскім самохудзе ездзяць, шампан п’юць, цыгары паляць, у оперу ходзяць. Нават я сабе такога ніколі не дазваляў. Карацей, слухай, што трэба зрабіць…

…Праз тры дні Пярдолэк ведаў пра хлопцаў-янак і пра Хроснага ці не ўсё. Тэлефаністы аказаўся таленавітым шпегам. Ён не толькі перахопліваў усе размовы, але нават злаўчыўся праслухоўваць кватэру Эміліі Вастрабрамскай праз тэлефонны апарат.

Агульная сума прыбыткаў ад продажу “Горкага яблыка” прымусіла Пярдолка зайздрасна счарнець, а інфармацыя пра колькасць ахвяраў беларускай адраджэнкі-снайперкі і яе цемнаскурай гадаванкі -- здрыгануцца. Але ж адно данясенне тэлефаністага адначасова насцярожыла і ўзрадвала Пярдолка.

Колькі дзён таму на кватэру да Эміліі Вастрабрамскай завітаў бадзяжны мніх-францішканец. Імем вялікага Сталіна ён загадаў хлопцам прывезці амерыканскага таварыша-камінтэрнаўца Джона Сміта-Весона на Пабернардынскія могілкі. Сустрэча мусіла адбыцца на золку роўна праз тыдзень. У выпадку нязгоды шалёны францішканец абяцаўся выклікаць з-пад Мінску эскадрылью дальняй бамбардыровачнай авіяцыі і разнесці ў друз фабрыку па вытворчасці “Горкага яблыка”.

Вядома ж, былы жандар адразу скеміў, кім насамрэч быў той мніх і як скарыстаць мяркуемую сустрэчу на сваю карысць. Але свята, якое даўно чакала ўся Гародня, прымусіла яго на нейкі час пазабыцца нават пра янкі.

26.

Былая кананерка, ганарліва пераназваная ў “CUD NAD NIEMNEM”, ледзь праглядалася пад рознакаляровымі гірляндамі, трапяткімі нізкамі сцяжкоў, вымпелаў, пацеркамі ды гронкамі электрычнай ілюмінацыі. Духавы аркестр на ўзбярэжнай ад самай раніцы няспынна граў танга і полечкі-трасухі.

Навум Фабрыкант, апрануты з нагоды ўрачыстасці ў святочныя лапсердак і ярмолку, стаяў перад трапам і прыязна зазіраў у вочы першым наведвальнікам карыснай для грамадства ўстановы.

-- Яснавяльможныя паны і шаноўныя падпанкі! Як звяры ведаюць норы свае, пчолы -- вуллі свае, птушкі -- гнёзды свае, рыбы -- віры свае, -- з інтанацыямі рэкламнага агента перакручваў ён на свой капыл Скарыну, -- так і чалавек, да таго месца, дзе кілішак кульне, вялікую ласку мае. Куляйце сабе на здароўе, добрым людзям на прыбытак і... пераконвайцеся!

Моўша спрытна сервіраваў сталы. Гірша цягаў з камбуза скрыні з “Горкім яблыкам”, абачліва падмацаваным скрадзеным графскім какаінам. Маленькі Сруль разносіў панівы са смажанымі курынымі ножкамі і зайздросна шморгаў носам.

Неўзабаве на палубе з’явіўся Віктар Янукевіч у белым стройчыку і капітанскай фуражцы. Бляску залатога якара на кукардзе маглі пазайздросціць усе гарадзенскія каты. Пярдолэк гасцінна агледзеў наведвальнікаў, пасміхнуўся і ўрачыста блямкнуў у навюткую масянджовую рынду.

Моўша з Гіршам спрытна зацягнулі трап на палубу. Маленькі Сруль адвязаў ад кнехта швартовы і кінуў канец на масткі прычала. У цемры трума цяжка зрушыліся бліскучыя поршні ў пырсках мінеральнага алею. Загрукатала машына, магутныя вінты пагналі ваду за кармой, і “CUD NAD NIEMNEM” рушыў у першае плаванне.

Пярдолэк прыклаў да вуснаў бляшаны рупар.

-- Вітаю паньства на выспе свабоды! -- з хабёльскай пыхай пасміхнуўся ён. -- На нёманскім беразе законы Рэчы Паспалітай скончыліся, а на нашай палубе дзейнічаюць адно законы свабоды, роўнасці і братэрства. Кожны вольны тут напівацца да ўсрачкі, быць роўным у гэтым свінні і лічыць сябе братам самому начэльніку дзяржавы. Паньства можа не пераймацца, вашых жонак тут ніколі не будзе. Жанчынам і валацужным сабакам уваход на нашу палубу катэгарычна забаронены. Вялікаму караблю -- вялікае плаванне! Усе адпачываюць!

Гучныя працяглыя воплескі накрылі апошнія словы рэстаратара. Мужчыны нецярпліва напаўнялі чаркі, келіхі і гранчакі. Неўзабаве паны і падпанкі апетытна жлукцілі ўлюбёныя напоі. Моўша з Гіршам не паспявалі забіраць парожнія пляшкі і ставіць поўныя.

Упэўнена грукацеў рухавік, пенілася вада за кармой, і руіны Старога замка паволі знікалі з вачэй. Навум Фабрыкант у адпрасаванай ярмолцы з прыколатымі да яе стужкамі ад матроскай бесказыркі круціў стырнавое кола і прымаў гераічныя позы. Напэўна, у гэты момант ён уяўляў сябе камандзірам флагманскага дрэдноута. Маленькі Сруль застыў на носе з марскім біноклем. Янукевіч раз-пораз прыкладаўся да рыльца пляшкі і на мігі падказваў асвінелым панам, што ванітаваць дазволена проста ў нёманскія хвалі.

А вадаплаўная рэстарацыя ўжо падыходзіла да Ласосны. Сонца крышылася ў пляшках і келіхах. Недарэчна цвярозыя маладзёны на беразе зайздросна ўслухоўваліся ў традыцыйныя застольныя спевы.

-- Ну што, пархаты жыд -- шаноўны Фабрыкант?! -- Пярдолэк азартна пацёр далоні, -- і гэта толькі пачатак! Неўзабаве такія караблі з’явяцца на ўсіх рэках, азёрах, стаўках ды копанках Рэчы Паспалітай. І ад мора да мора пойдзе пагалоска пра добрага яснавяльможнага пана Віктара Янукевіча, які з дапамогай пейсатага кагала робіць для чалавецтва карысную і пачэсную справу. І тады ўдзячныя піякі адліюць маю постаць з чыстага золата… ды паставяць перад самім Бельведэрам!

-- На месцы пана Янукевіча я б узяў грашыма, -- закаціў вочы разважлівы Навум-бізнесовец.

Недарэчнае з’яўленне маленькага Сруля перапыніла летуценныя мроі кампаньёнаў. Нават пастава Фабрыканта-малодшага здраджвала, што ён моцна зляканы. Дрыготкі палец паказваў наперад.

-- Там... там... такое!

-- Што ты лямантуеш, як старая Цыля напярэдадні пагрому? -- паблажліва пасміхнуўся Пярдолэк. -- Што ты там пабачыў: перыскоп нямецкай субмарыны ці казацкія чаўны Налівайкі?

-- Чалавечая постаць за бортам, -- дрыготка прашаптаў маленькі Сруль.

-- Можа, нехта з паноў піякаў вырашыў сысці па-ангельску, не расплаціўшыся? -- спахапіўся Навум Фабрыкант.

-- Пайшлі глядзець, -- Янукевіч каўтнуў з рыльца і лянотна падаўся на нос кананеркі.

Водны краявід прымусіў былога жандара ачмурэла лыпнуць. Проста на карабель несла чалавечую постаць, але ж не з чыстага золата. Плынь выцягнула на нёманскі фарватар знаёмы Пярдолку кілім, з якога выторкваліся генеральскія боты.

Гэта быў труп адстаўнога генрала Дэфензівы Міколы Хаперніка.

-- От, Мурашова, курва старая, пашкадавала на шыю суседу свой прас павесіць! Пэўна, пра Герасіма і Муму не чытала! І рабі пасля гэтага дабро людзям, -- прасычэў Янукевіч.

Зубкі маленькага Сруля стукалі ў такт з карабельнай машынай.

-- І шт-то цяп-пер раб-біць?

Слушныя ідэі наведваюць галовы не толькі вялікіх навукоўцаў і не толькі ў сне.

-- Багор! -- рашуча загадаў Пярдолэк, не раўнуючы, як той хірург патрабуе ў асістэнта скальпель.

Нябожчык быў вылаўлены з першай спробы. На шчасце Янукевіча і Фабрыкантаў, яснавяльможныя піякі ўжо дайшлі да крытычнай рысы, пасля якой іх не збянтэжыла б з’яўленне на палубе нават здохлага сямігаловага цмока.

Моўша з Гіршам спрытна раскруцілі мокры кілім. Ссінелы твар Хаперніка быў добра ўжо пашчыканы нёманскімі насельнікамі. Тонкая шваечка з эстэтным маціцовым дзяржальнам, што выторквалася з вачніцы нежывога астранома-вычварэнца, паспела ўзяцца іржою. Калі вада крыху сцякла, з кішэняў палезлі ракі -- пуцаценькія, што тыя парсючкі ў дбайнага гаспадара. Але ж здольныя вучні Навума Фабрыканта не далі разпаўзціся членістаногім па рэстарацыі -- ракаў спрытна паскідалі ў выварку і занеслі на кухню.

-- Кілімам яшчэ можна каюту аздобіць. А што з мерцвяком рабіць? -- Навум задуменна пачухаў патыліцу. -- У гаспадарцы без дай патрэбы. Які з яго нам навар будзе?

-- Я ўжо ведаю, які, -- Пярдолэк мройліва смактаў губу. -- Ты “Горкі яблык” дзе купляеш?

-- Фурманка штораніцы з фабрычнай гуртоўні прывозіць.

-- Вось і добра. Трэба падкінуць мерцвяка ў фурманку, ды так, каб гэтага фурман не заўважыў.

-- Гэта можна!

Моўша з Гіршам перазірнуліся, пасміхнуліся адзін аднаму і пацягнулі нябожчыка ў карабельную лядоўню.

27.

Вось ужо колькі дзён уся Гародня шапталася пра геройскую перамогу жменькі тутэйшых хлопцаў-янак над бездухоўнымі дыпламатамі-пярэваратнямі. Падбіты, перакулены танк “Рэно” па-ранейшаму ляжаў на прывакзальнай плошчы, і настаўнікі вадзілі да яго школьныя экскурсіі. Абсмалены цэпелінападобны голаў Шалёнаса Халераса, што тырчэў з люка, выклікаў у дзетак-беларусаў нездаровую цікаўнасць, і на другі дзень мёртвага тэрарыстага жмудзіласа прыбралі ў трупярню.

Бітва пры заапарку стала самай папулярнай тэмай і ў кабінетах Дэфензівы, і на гарадскім рынку, і ў хатах нёманскіх рыбакоў, і нават у бардэлях Раскошы. Слава хлопцаў-янкі раздзьмулася да памераў аэрастата і імкліва панеслася ў хмарнае крэсовае неба.

Янка Лабановіч, як прызнаны лідэр грамады, упэўнена кіраваў гэтым паветраным сродкам. Ён ведаў, што яго яшчэ напаткаюць і ілжывыя арыенціры, і перуны з маланкамі, і нават здрадніцкія зенітныя абстрэлы з зямлі. Але ж вера ў юнацкія ідэалы свабоды, роўнасці і братэрства надавала яму рашучасці і ўпэўненасці ў перамозе дабра над ліхам. Дый жыццёвы досвед паважанага беларускага гангстэра Хроснага і яго слыннай маці-адраджэнкі шмат чаго быў варты.

Жыццё кацілася звыклай каляінай.

Працоўны дзень Лабановіча быў распісаны па хвілінах. Сустрэчы са скарумпаванымі мытнікамі і паліцыянтамі, інспекцыі канапляных палеткаў, яблыневых садоў і бураковых плантацый забіралі ўвесь светлавы дзень.

Іван Брыль сабраў з мясцовых хаблоў першую на Крэсах бейсбольную каманду. Хуткіх перамог ад яе ніхто не патрабаваў. У вольны ад гульняў і трэніровак час бейсбалістыя, узброеныя бітамі, ахоўвалі фабрыку. Буржуазны спорт, пачэсная праца і някепскі заробак пакрысе перавыхоўвалі нават самых зацятых хаблоў.

Янкель Фінбер, як і мае быць, трашчаў арыфмометрам, шаргацеў бухгалтарскімі талмудамі і пралічваў найбольш выгодныя фінансавыя камбінацыі. Але ж узнёслая местачковая душа не забывалася і на гармонію духу. Па вечарах Янкель браў падораную яму грамадой скрыпку працы Гварнэры і цешыў сяброў народнымі мелодыямі.

Аянька Кільмандовіч, як і раней, паспяхова спакушаў жанчын карысных для агульнага бізнесу чыноўнікаў. Жонка галоўнага рыжскага мытніка па-ранейшаму заставалася ў сферы яго ўплыву. Транспарты, наладаваныя “Горкім яблыкам”, штотыдзень без перашкодаў адыходзілі да другога берага Атлантыкі.

Ісабэль Карвальес нечакана зацікавілася кінематографам. На жаль, хлопцы-янкі не маглі даць ёй рады, бо самае галоўнае з усіх мастацтваў пакуль што было па-за межамі іх увагі, інтарэсаў і ўплываў.

Але штопятніцы сябры збіраліся ў канторы на традыцыйную нараду. Падчас дэгустацыі новых гатункаў “Горкага яблыка” яны падрахоўвалі здабыткі і абмяркоўвалі планы на будучыню. Як і мае быць, рэй вёў Лабановіч.

Але яго наватарскія ідэі не заўсёды прымаліся паплечнікамі.

-- Янка, скажы шчыра! Нашто ў нашым бізнесе такія шалёныя выдаткі? -- спытаў Іван Брыль на адной з гэткіх нарадаў.

-- І сапраўды, -- згодна падхапіў Кільмандовіч, -- нейкі гідраўлічны прэс ад Крупа, нейкі газагенератар ад BMW. За гэтыя грошы можна было цэлую стайню з ладных паненак арганізаваць.

-- Дый увогуле, куды і нашто сыходзяць нашы грошы? -- сувора падвёў рысу Янкель Фінберг.

Лабановіч нетаропка ўскінуў руку, спакойна паглядзеў на “Брэгет” з пяшчотнымі цэйлонскімі смарагдамі, шчоўкнуў плацінавай запальнічкай і запаліў гаванскую цыгару.

-- Гідраўлічны прэс, што я сапраўды выпісаў ад Крупа, дазваляе за адзін дзень выціснуць столькі соку, колькі твае бейсбалістыя, Ваня, не здолеюць і за месяц, -- спакойна патлумачыў былы настаўнік, -- а што тычыцца газагенератара ад BMW, то...

Ён не паспеў скончыць, у залу пасяджэнняў убеглі двое маладзёнаў:

-- Там... там... такое! -- маладзён у навюткай скураной кепі вырачыў вочы.

-- Зусім мёртвы мудзіла! -- працягнуў маладзён у стылёвых чаравіках на тонкай падэшве.

-- Дзе -- там? -- спакойна ўдакладніў Лабановіч.

-- Дзе, дзе… У фурманцы, -- аднагалосна азваліся маладзёны і неадкладна перажагналіся.

І тут, нібыта ў пацвярджэнне іх словаў, за вокнамі сіпла прасігналіла паліцэйская машына.

-- Задурыце ім галовы! -- крыкнуў Янка хлопцам і пабег на гаспадарчы дворык.

Сівы конь нервова хроп, біў капытом і трывожна касавурыўся на фурманку. З-за борта тырчэлі ногі ў аблезлых вайсковых ботах. Крытычнасць сітуацыі вымагала ад Янкі спрыту. Былы настаўнік скінуў труп долу і пацягнуў за ногі ў давільню.

Індустрыяльны інтэр’ер алкагольнай вытворчасці мог усцешыць вока піяка і давесці да роспачы сябру Таварыства цвярозасці. Гідраўлічны прэс памерам з ладную сялянскую хату ўзвышаўся па-над транспарцёрам. Гумовая стужка няспынна гнала бясконцыя шэрагі пляшак. Ад рознакаляровых этыкетак з выявай “Горкага яблыка” стракацела ў ваччу.

Бліскучыя штокі гідрацыліндраў прыўзнялі пліту над ёмістасцю. Яблычныя макухі ссыпаліся ў глыбокі латок. Паднялася засланка, з бункера зашаргацела ў прэс садавіна. Янка неадкладна перакінуў мерцвяка цераз край сталёвай ёмістасці. Сярод яблыкаў знічкай бліснула эстэцкае маціцовае дзяржальна, і цяжкая пліта бязлітасна пасунулася наніз.

А ў стадолу цэха ўжо забягалі паліцыянты. На казённых тварах чыталася павага да законаў і парадкаў санацыйнай Польшчы. Бейсбалістыя з каманды Івана Брыля так і не здолелі затрымаць іх.

-- Паступіла дакладная інфармацыя, што вы хаваеце тут цела зніклага генерала Міколы Хаперніка! -- афіцыйным голасам абвесціў афіцэр, -- мы маем ордэр на пошукі і на арышт -- у залежнасці ад выніку пошукаў.

Валошкавыя вочы былога настаўніка глядзелі з нахабным спакоем.

-- Прошен бардзо! Але ж, баюся, панам паліцыянтам давядзецца доўга шукаць!

Паліцыянты неадкладна прыступілі да сваёй не вельмі пачэснай справы. Яны перасыпалі яблыкі, звінелі пустымі пляшкамі, зазіралі ва ўсе катухі і нават наведалі прыбіральню. Але ж ніякіх слядоў зніклага генерала адшукаць не здолелі.

А па бясконцай гумовай стужцы праплывалі пляшкі з напоем нязвыкла ружовага колеру. Афіцэр асцярожна зняў адну і паглядзеў на святло.

-- Новы гатунак? -- з павагай удакладніў ён у Лабановіча.

-- Так, эксперыментальная партыя, -- запэўніў Янка. -- Толькі сёння запусцілі: “Горкі яблык генеральскі”. Калі пан жадае, то можа ўзяць адну на дэгустацыю.

-- Кепскі той жаўнер, які не імкнецца стаць генералам! -- з падзякай у голасе азваўся паліцыянт...

...Цудоўнае ўратаванне хлопцы святкавалі да самога вечара. І толькі калі бляшаны дах фабрыкі пасрабрыў месяц, Лабановіч запытаўся:

-- Ну як, хлопцы, цяпер зразумелі, што прэс ад Крупа ў нашай гаспадарцы не лішні?

-- А газагенератарная ўстаноўка? -- нагадаў Янкель.

-- Ты ж не забыўся, што ў нас неўзабаве сустрэча з чакістымі мудзіламі на Пабернардынскіх могілках? -- дадаў Іван.

-- Там павіяны з насарогамі не вядуцца, а мерцвякі нам рады не дадуць. Не ў Дэфензіву ж па дапамогу звяртацца! -- слушна заўважыў Аянька.

-- Што-небудзь прыдумаем, -- супакоіў Лабановіч, а па нахабным бляску вачэй усе зразумелі, што ўсё ён даўно прыдумаў.

Да сустрэчы на Пабернардынскіх могілках заставалася пяцьдзесят пяць гадзін.

28.

Сонечны прамень нібыта сякерай рассёк хмары над лесам, і магутныя камлі карабельных соснаў імгненна афарбаваліся ў золата і чырвань. Вялізны дзяцел у чырвоным каптурку метадычна задзёўб па звонкай сухастоіне -- зялёны гай азваўся трывожным рэхам.

Звяружны волат са зжаўцелым шнараватым тварам замілавана паглядаў на карысную птушку:

-- Як стучыць, як стучыць! -- прымружыўся ён, -- свой хлопец! Адразу відаць -- руплівец НКВД! Шкада, пісаць не навучаны.

-- А можа, ён марзянкай шыфроўку ў наш Цэнтр перадае? -- дапусціў калега і гучна шчоўкнуў жалезнымі зубамі.

Вось ужо колькі дзён таварыш Баян і кіроўца жылі на скраі лесу ў канспіратыўным засценку НКВД. Пасля паразы ў заапарку і ліквідацыі савецкага консульства ў Гародні ацалелыя чакістыя сапраўды сышлі на нелегальнае становішча. Цяпер яны нават не рызыкавалі наладжваць штодзённыя сеансы радыёсувязі з Мінскам.

Таварыш Пранік, пераапрануты бадзяжным мніхам-францішканам, няспынна крэйсіраваў на адрамантаваным “Пакардзе” па ўсіх Крэсах Усходніх з пачкам фальшывых нумароў у багажніку. Камандзір падбадзёрваў дэмаралізаваных чакістых у іх схованках і збіраў сілы для апошняга рашучага бою з беларускімі буржуазнымі нацыяналістамі.

Ад выніку сустрэчы на Пабернардынскіх могілак залежала шмат. Але ж дысцыпліна сярод чакістых няўхільна падала. Пакінутыя без камандзірскага нагляду, дыпламаты-пярэваратні забыліся на палітінфармацыі, канспектаванне правадыроў і сходы парт’ячэяк, і, як вынік, імкліва скаціліся ў багну маральна-побытавай распусты. Нават маральна ўстойлівы таварыш Баян падхапіў жаўтуху -- страшны “гепатыт А”.

-- Ну і твар у цябе, таварыш Баян, -- спачувальна ашчэрыўся кіроўца. -- І гэта ж трэба было так зжаўцець, рыхтык, белакітаец!

-- Лепш на сябе паглядзі! -- пакрыўдзіўся таварыш Баян. -- Як добра, што таварыш Сталін нас не бачыць!

-- Цікава, а чым зараз таварыш Сталін займаецца? -- патэтычна запытаўся кіроўца.

-- Сталін думае пра Беларусь! -- упэўнена азваўся старэйшы чакісты, -- ён ніколі не спіць! Ён увесь у працы!

-- Нават у прыбіральні?

-- Што ты вярзеш? Правадыры не сяруць і не сікаюць, -- сувора абсёк таварыш Баян. -- Яны нават у дзяцінстве не дрочаць!

На лясной дарозе зафырчэў аўтамабільны рухавік, і чакістыя сцішыліся. Паміж дрэваў бліснуў знаёмы радыятар са срэбнай фігуркай. Таварыш Пранік насцярожана агледзеўся і выбраўся з машыны. З-пад доўгай сутаны здрадніцкі парыпвала партупея, а на сцягне праглядаўся абрыс вялізнай кабуры.

-- З камуністычным прывітаннем, таварышы, -- фальшывы францішканец падступна пасміхнуўся, -- спадзяюся, вы ўжо заканспектавалі першакрыніцы правадыроў?

-- Таварыш Пранік, дакладаю, -- выструніўся таварыш Баян, -- першакрыніцы, канспекты, партбілеты і сцяг нашай брыгады закапаныя ў надзейным месцы. Правадыроў канспектуем напамяць.

-- Мяне таксама цікавяць нарматывы па стральбе, выбуховай справе і масавым атручванні насельніцтва, -- з добрай чакісцкай усмешкай запатрабаваў справаздачы таварыш Пранік.

-- Мы тут адзін аднаго кантралюем, -- звонка заляскалі жалезныя зубы, -- страляем трапна: ужо ўсіх вавёрак у лесе перабілі. З выбухамі таксама ў парадку, практыкуемся. Рыбу глушым спраўна. А што тычыцца атруты, то таварыш Баян сам нейкую буржуазную бацылу падхапіў! Зжаўцеў, бы той агент Гаміндана!

Таварыш Пранік выслухаў інфармацыю з жалезнай чакісцкай вытрымкай.

-- Мушу прызнаць, партыя і ўрад дадзенымі мне паўнамоцтвамі нездарма захавалі вам жыццё. У іншых таварышаў справа пастаўлена значна горш.

Галоўны чакісты спрытна выцягнуў з-пад сутаны кумачовы адрэз, графін, гранчак, адкашляўся ў кулак і прамовіў афіцыйна:

-- Таварышы, нас трое. А гэта азначае, што па статуце мы маем права правесці партсход. Абвяшчаю павестку дня. Першае: палітінфармацыя, вывучэнне прамоў генія ўсіх часоў і народаў. Другое: перадача нашым слаўным ворганам амерыканскага таварыша-камінтэрнаўца Джона Сміта-Весона на Пабернардынскіх могілках з наступнай ліквідацыяй так званых янкі і іншых празрэнных беларускіх буржуазных нацыяналістаў. Трэцяе: рознае. Прапаную пачаць непасрэдна з другога пункта. Зборнік прамоваў давяраю прачытаць самім. Адказны -- таварыш Баян. Хто за? Хто супраць савецкай улады? Хто ўстрымаўся? Прынята адзінагалосна. Рэгламент для прамовы -- не больш за паўгадзіны, -- абвесціў чакісты ў сутане, зацурчэў з графіна ў гранчак і зашамацеў паперамі.

Да сустрэчы на Пабернардынскіх могілках заставалася трыццаць сем гадзін.

29.

Сіверны вецер шаргацеў шатамі могілкавых дрэваў. Па-над капцамі шматлікіх змагароў за долю і волю змрочна шыхтаваліся аднолькавыя казённыя крыжы. Злавесна блішчэлі золатам надпісы на плітах надмагілляў. Зграя варонаў, што вярталася з гарадзенскіх сметнікаў да родавых гнёздаў на Пабернардынскіх могілках, на якую хвіліну парушыла крыкамі ўрачысты спакой і сцішылыся ў высокіх шатах.

Бела-русы фацат з вялікай валізай спрытным пацуком шыбаваў галоўнай алеяй. Каля гатычнай капліцы-пахавальні, што стаяла на ўзгорку, ён спыніўся і шчоўкнуў ліхтарыкам. Бляклая жоўтая пляма паволі прайшлася па заімшэлай цэгле і знерухомела на каваных дзвярах.

-- Што, Віця, мерцвякоў не баішся? -- падбадзёрыў сябе могілкавы бадзяга і выцягнуў з валізы злодзейскі набор адмычак.

Замок іржава захрабусцеў. Неўзабаве Янукевіч ужо зачыняўся з сярэдзіны. Ліхтар выхапіў колькі замураваных нішаў з табліцамі і закратаванае вакенца. Былы жандар Бярозы-Картузскай ніколі не даваў веры могілкавай містыцы і гатычным жахам. Як чалавек прагматычны, ён заўсёды ведаў, як дасягнуць сваёй мэты. Паразка ў гарадзенскім заапарку і няўдача з падкінутым трупам генерала Дэфензівы не збянтэжылі мэтанакіраванага Янукевіча. Ад тэлефаністага шпега ён дазнаўся, што сустрэча ацалелых чакістых і янкі адбудзецца на Пабернардынскіх могілках на досвітку.

План Пярдолка быў просты і надзейны. Гэтым разам ён спадзяваўся на канчатковую перамогу.

Важкі кулямёт сістэмы Дзегцярова, прысабечаны на месцы пабаявіска ў заапарку, гарантаваў падступную правакацыю. Янукевіч так непахісна верыў у свой поспех, што нават прыхапіў пляшку “Горкага яблыка”, якую планаваў выпіць за тое, каб зямля сталася для ворагаў колам. Ён разаслаў на магільнай пліце газетку, выставіў пляшку і немудрагелістую закуску, разгарнуў кулямёт руляй да ваконных кратаў і глянуў на гадзіннік.

Да сустрэчы на Пабернардынскіх могілках заставалася шэсць гадзін.

30.

Мігатлівая зорка свечкі адбівалася ў глянцавым фотаздымку Эміліі Вастрабрамскай, перакрэсленым чорнай жалобнай стужкай. Шляхотная палісандравая труна ў стылі ампір, што трагічна высілася пасярод гасцёўні на зэдліках, прымушала задумацца пра хуткаплыннасць жыцця, марнасць усялякага змагання і высокую духоўнасць.

-- Ну што, добрае слова сказаць не будзе лішнім, -- пранікнёна мовіў Хросны і падышоў да труны. -- Мама! У сваім жыцці людзі зведалі ад вас толькі ласку. Даруйце, калі што не так...

-- А што тычыцца мудзілаў, -- падхапіў Лабановіч, -- то дзякуючы вам, мы канчаткова пераканаліся -- яны не людзі.

-- Дарагая цётачка Вастрабрамская, -- сувора працягнуў Брыль, -- мы зрабілі для вас усё што маглі. Выканалі вашую волю. Лепшай труны не было нават у Язэпа Пілсудзкага, трасца ягонай мацеры і халера ягонаму бацьку...

-- Хай вам будзе ў ёй утульненька, цёпленька, -- сантыментальна шморгнуў носам Фінберг.

-- Зрэшты, усе мы яшчэ сустрэнемся на могілках, -- філасофскі дадаў Кільмандовіч.

-- Усе там будзем, -- ускінуў голаў беларускі мафіёзі. -- Ну што, панеслі...

Хлопцы-янкі ўзяліся за пукатыя срэбныя скобы. І тут Карвальес не стрывала і з крыкам кінулася крыжам на высокае вечка труны.

-- Гэта я там павінна ляжаць, а не вы, мама! Чуеце? Я!..

-- Паспееш, наляжышся, -- Хросны з цяжкасцю адцягнуў мулатку ад труны і паправіў жалобны вэлюм на яе капялюшыку. -- Табе яшчэ жыць і жыць!

Неўзабаве хлопцы асцярожна неслі труну па сходах. Двое маладзёнаў выйшлі з цёмнага кутка насустрач, у іх руках зашамацеў штучнымі кветкамі пахавальны вянок. На шырокай бел-чырвона-белай стужцы ззяў залаты надпіс: НАШАЙ СЛЫННАЙ АДРАДЖЭНЦЫ АД ПЕРАВЫХАВАНЫХ ХАБЛОЎ. Маладзёны з павагай паклалі вянок на вечка ампірнай труны і пытальна паглядзелі на блізкіх нябожчыцы.

-- Пэўна, яе ворагі беларушчыны забілі? -- дапусціў маладзён і нервова скамечыў кепі.

-- За палітычныя перакананні і любоў да роднага слова? -- яго прыяцель калупаў пляцоўку насцяком чаравіка на тонкай падэшве.

Але на іх амаль не зважалі. Пэўна, раптоўная трагедыя выклікала ў хлопцаў часовае скажэнне розуму. Яны шэптам згадвалі пра нейкія манекены з французскай крамы, пра нейкі газагенератар вытворчасці BMW і яшчэ чамусьці абмяркоўвалі прагноз надвор’я на сённяшнюю раніцу.

“Студэбекер” ужо стаяў каля пад’езда. Перавыхаваныя хаблы са спачуваннем правялі позіркам труну, што знікла ў антрацытавай цемры кодаба. Лабановіч сеў за руль. Грузавік паволі, як і належыць катафалку, пакаціў у бок Падола.

Да сустрэчы на Пабернардынскіх могілках заставалася менш за гадзіну.

31.

На досвітку Пабернардынскія могілкі зацягнуў туман, і змрочны краявід набыў нечаканае падабенства з акварэлямі Бялыніцкага-Бірулі. Браніраваны “Пакард”, які нахабна сунуўся галоўнай алеяй старасвецкіх могілак, брутальна парушаў крохкую гармонію жыцця і смерці. Сімпатычная смагардавая жабка спрытна скочыла ў каляіну і спалохана сцішылася. Пругкае шырокае кола бязлітасна чвякнула. Легкавік спыніўся на ўзгорку, непадалёк ад гатычнай капліцы-пахавальні. Кіроўца з жалезнымі зубамі выбраўся з-за руля і з цікаўнай усмешкай паглядзеў на расціснутае ў каляіне бяскрыўднае земнаводнае.

-- Ці не такі і кожнай жабы лёс, што пнецца на хаду кульнуць савецкі воз?! -- падбадзёрыў кіроўцу таварыш з нездароўчым гепатытным тварам.

Апошнім з машыны выбраўся таварыш Пранік. Ён адкінуў мнішскі капюшон, паставіў на капот рацыю і замацаваў чараціну антэны:

-- Першы, першы... Дакладай аператыўную абстаноўку.

-- Знаходжуся ў гняздзе з супрацьтанкавай рушніцай і тузінам гранатаў, -- пачулася з навушнікаў бадзёрае, -- чакаю загадаў партыі і ўраду.

-- Добра. Другі, што ў цябе там?

-- Сяджу ў схованцы паміж капцамі, надзейна замаскаваўся пахавальнымі вяночкамі. Узброены мінамётам, магу накрыць, мо, палову могілак.

Трэці, чацверты і ўсе астатнія таксама не спалі ў шапку. Таварыш Пранік крыху павесялеў -- наяўныя сектары і зоны абстрэлу дазвалялі знішчыць усё жывое на могілках ці не за хвіліну

-- Слухайце ўсе, дарагія таварышы. Як толькі празрэнныя янкі перададуць нам нашага амерыканскага таварыша Джона Сміта-Весона, па маёй камандзе бязлітасна расстрэліваем ворагаў калгаснага сялянства, рабочага класа і працоўнай інтэлігенцыі!

-- А калі тыя янкі ўсё ж не прывязуць нам таварыша-камінтэрнаўца? -- асцярожна пацікавіўся таварыш Баян.

-- Ім няма куды падзецца. Нашая дальняя бамбардыровачная авіяцыя ўжо прагравае рухавікі на мінскім аэрадроме, -- запэўніў таварыш Пранік, -- аднаго фугаса дастаткова, каб разнесці іх беларускую буржуазную фабрыку ў друз!

Туман паціху сплываў у нізіну, і ў перспектыве алейкі за хмызамі намаляваўся нерухомы “Студэбекер” з надпісам JANKI на тэнтаваным кодабе. За лабавым шклом не было відаць нікога, абедзве дзвёркі заставаліся адчыненымі. І гэта крыху насцярожыла чакістых.

-- Таварыш Пранік, а таварыш Пранік! Мне вось цікава, а ці можа быць камуністаму страшна на могілках? -- недарэчна пацікавіўся кіроўца з жалезнымі зубамі.

-- Загадваю дажыць да світанку! -- пачулася ў адказ.

Чакістыя рушылі да “Студэбекера”, прайшлі скрозь зарасці і спыніліся. Карціна, што адкрылася ім, абсалютна не стасавалася з афіцыйным пратаколам перадачы палоннага: каля разрытай магілы на гурбе свежай зямлі паблісквала палісандравым вечкам шляхотная ампірная труна. Вакол яе ў нязручных паставах, нібы статуі ў алтары езуіцкага касцёла Францішка-Ксаверыя, застылі Янка Лабановіч, Іван Брыль, Янкель Фінберг і Аянька Кільмандовіч. А вось амерыканскага камінтэрнаўца таварыша Сміта-Весона з імі чамусьці не было.

-- А чаго яны на сустрэчу труну прыцягнулі? -- азадачыўся таварыш Баян.

-- Можа, для нас? -- удакладніў кіроўца.

-- Марксісцкаму матэрыялісту няма чаго баяцца на могілках. Хай нас усе гэтыя рэакцыянеры баяцца! Мы пашыем саван для сусветнай буржуазіі! -- таварыш Пранік выцягнуў з рукава стэрыльна бялюткую насоўку, каб даць сігнал.

Далоні таварыша Баяна і кіроўцы сінхронна апусціліся ў кішэні.

І ў гэты момант позірк старэйшага чакістага спыніўся на труне. З адтуліны-байніцы, замаскаванай ампірнымі срэбнымі накладкамі, на яго пагрозліва глядзела чорная руля буйнога калібра...

32.

Эмілія Вастрабрамская ляжала ва ўтульнай браніраванай труне і меркавала: з якога мудзілы лепш пачаць. Пальцы лашчылі халодную гашэтку станковага кулямёта. Вока праз прыцэл фіксавала ўсе рухі і перамяшчэнні чакістых.

Бялюткая насоўка фальшывага мніха паклала канец ваганням адраджэнкі. Чакісты з вытанчаным тварам садыста і гіпнатычным позіркам кобры так і не паспеў ускінуць руку: кароткая чарга працяла яго наскрозь і адкінула на мармуровага анёлка. Высакародны белы камень укрылі крывавыя пырскі. Зляканыя спадарожнікі ахвяры кінуліся ў зарасці, але мудзіла з жалезнымі зубамі крыху замарудзіў. Наступная чарга ўбіла яго ў зямлю. Пашэнціла толькі ўцекачу з нездароўчым зжаўцелым тварам, куля адно адарвала яму вуха.

Гэтая страляніна сталася першымі тактамі магутнай мілітарнай сімфоніі. Глыбокім басам выбухалі гранаты, трывожным трэмалам рассыпаліся аўтаматныя чэргі, меладычна свістаў мінамёт, турэцкім барабанам вухалі фугасы. Неўзабаве гукавую палітру ўзбагаціў новы гук, ад гатычнай капліцы хіжа азваўся кулямёт сістэмы Дзегцярова.

І тут на мелодыку вайны наклалася выразная дэкламацыя былога настаўніка:

... застыгла ў жылах кроў;

Скрозь вее цяжкі дым ад спаленых лістоў,

І мігдаловы горкі пах.

Рука Эміліі пацягнулася да маскі супрацьгаза. І не здарма -- не мінула і хвіліны, як могілкавы краявід спрэс зацягнула густое белае мроіва.

33.

Кулямётная руля, што тырчэла з закратаванага вакна гатычнай капліцы, метадычна плявалася вагнём. Пярдолэк азартна ціснуў гашэтку і сыпаў кулямі, нібы дбайны сейбіт зернем. Бліскучыя спрацаваныя гільзы з меладычным ценьканнем адбіваліся ад пахавальных табліцаў. Белае мроіва, што недарэчна паўзло па могілках, яшчэ дазваляла разгледзець плён страляніны.

Янукевіч бачыў, як доўгай чаргой знесла галаву Янку Лабановічу, як заваліўся магутны Іван Брыль, як адляцелі рукі ў Янкеля Фінберга, як пашкумутала на ладныя кавалкі Аяньку Кільмандовіча. Праўда, былы жандар чамусьці не заўважаў ані фантанаў крыві, ані бліскучых вантробаў. Перадсмяротных крыкаў і енкаў таксама не было чуваць. Але хваля шчасця, што накрыла кулямётчыка-забойцу з галавой, пазбавіла яго здаровага сэнсу.

-- Ну што, атрымалі, паскуды?! -- Пярдолэк замяніў адстраляны кулямётны дыск на новы, -- я вам яшчэ ў Школе Падставовай пакляўся адпомсціць! Маеце!

Тым часам падазроны туман гусцеў, і неўзабаве вока шчасліўца ўжо не здольнае было разгледзець ані забітых ворагаў, ані вялікай ампірнай труны каля разрытай магілы.

Пярдолэк кашлянуў. У горле зашкрэбла, рот поўніўся слінаю, з’явіўся паскудны металёвы прысмак, кадык таргануўся. Янукевіч выпусціў кулямёт і аберуч схапіўся за шыю. Вочы вырачыліся, укрыты пенай язык вываліўся з разяўленага роту.

Толькі цяпер былы жандар скеміў, што за туман паўзе ў закратаванае акенца пахавальні. У галаве знічкай мільганула парада, засвоеная яшчэ ў войску. Маўляў, у выпадку раптоўнай газавай атакі жаўнер мусіць неадкладна змачыць тканіну і прыкласці да твару. Натуральна, насоўкі ў Пярдолка не было, але ж шкарпэтка з уласнае нагі прыдалася; неадкладна змочаная сікунамі, яна і легла на твар.

Раптам перад самым акном танютка прасвістала і выбухнула міна. Тынкоўка вадаспадам абрынулася на Янукевіча. Ён толькі паспеў прыкрыць галаву і неадкладна гупнуўся на падлогу. Апошняе, што зафіксаваў слых былога жандара, быў голас Лабановіча:

-- Хлопцы, цяпер зразумела, нашто ў нашай гаспадарцы газагенератар ад BMW? Які ветрык падзьмуў. Я ўжо і супрацьгаз зняў!

34.

Вецер шамацеў лісцем у могілкавых шатах. Краявід праяўляўся, нібы на фатаграфічнай паперы; белае мроіва пакрысе зносіла да Нёмана. Неўзабаве атрутны газ распусціўся канчаткова.

Карціну, што адкрылася вачам, ніколі б не дазволілі сузіраць сваім гадаванцам суворыя сёстры-кармеліткі. Сярод разбітых надмагілляў і выкарцаваных крыжоў валяліся целы мудзілаў у самых вычварных позах. Крывавыя пісягі, бліскучыя вантробы і распырсканыя чакісцкія мазгі па-мастацку разнастаілі змрочны могілкавы краявід.

Тэрарысты з НКВД, дэзарыентаваныя невядомым белым мроівам, з пераляку стралялі, не цэлячы, і, натуральна, раз-пораз траплялі па сваіх. Ацалелыя ў перастрэлцы мудзілы прынялі смерць ад газа, які спраўна выдзімаў з сябе і гнаў на могілкі газагенератар ад BMW.

А сярод раскурочаных магіл і паваленых дрэваў шчыраваў Янка. З падсумка беларускага буржуазнага нацыяналіста звісаў гафрыраваны шланг супрацьгаза. Былы настаўнік падняў вечка ампірнай палісандравай труны і жэстам заслаўскага князя Ізаслава перад маці Рагнедай дапамог адраджэнцы падняцца.

-- Вам яшчэ рана тут ляжаць!

Цётка Вастрабрамская з палёгкаю сцягнула маску супрацьгаза.

-- Я толькі аднаго не паспела дастрэліць, -- патлумачыла яна крыху вінавата, -- звяружны мудзіла з жоўтым тварам. Пэўна, на гепатыт хворы.

Лабановіч заправіў гафрыраваны шланг і пасміхнуўся:

-- Лепшы сродак ад “Гепатыта-А” -- “Цыклон-Б”!

Вайсковая аперацыя на могілках была пралічаная і здзейсненая хлопцамі, як шахматная партыя Хасэ Рауля Капабланкі з пачаткоўцам.

Чакістыя мудзілы памыліліся ўжо ў дэбюце, бо палічылі, што першы ход за імі. Хлопцы-янкі яшчэ па цёмнаму расставілі вакол разрытай магілы манекены, што па-мастацку выяўлялі ўсіх чатырох. Нерухомасць постацяў Янкі, Івана, Янкеля і Аянькі лёгка тлумачылася жалобнай скрухай перад абліччам смерці. Тым часам прататыпы манекенаў і Хросны ў абачліва надзетых супрацьгазах хаваліся ў непраходных зарасцях непадалёк ад газагенератара.

Вершы Багдановіча пра “мігдаловы горкі пах”, прадэкламаваныя Янкам, сталі сігналам да маштабнай газавай атакі. Прагноз надвор’я абяцаў бязветраны світанак, а гэта гарантавала, што атрутны газ накрые могілкі раўнамерна. Такім чынам, поўная і канчатковая перамога была дасягнутая ўжо ў мітэльшпілі.

Іван лёгка засунуў масіўны газагенератар у кодаб “Студэбекера”. Хросны, Аянька і Янкель пацягнулі да грузавіка пустую ампірную труну.

-- Колькі ж народу мы тут паклалі! -- уразіўся Лабановіч, перш чым сесці за руль.

-- Такія прыгожыя могілкі мёртвымі мудзіламі запаскудзілі! -- скрушана дадаў Брыль.

-- Усе гэтыя помнікі, пэўна ж, дорага каштавалі! -- Фінберг паглядзеў на мармуровага анёлка з адбітымі крыламі.

-- А я да таго ж ранішні намаз прапусціў! -- уздыхнуў Кільмандовіч.

Цётка Эмілія ўставіла ў бурштынавы мундштук доўгую дамскую папіроску, прыпаліла ад паднесенага Хросным агеньчыка і з ласкавым дакорам прамовіла:

-- Хлопцы, а нягож вы думалі, што змаганне за светлую будучыню -- гэта барацьба дабра і ліха?

-- А што ж гэта такое? -- не зразумеў былы настаўнік.

-- Гэта барацьба ліха з яшчэ горшым ліхам! Добры мудзіла -- забіты мудзіла, -- запэўніла адраджэнка.

-- Карацей, паехалі, пакуль пшэцкія мудзілы не наехалі! -- падсумаваў Хросны.

Цяжкі амерыканскі грузавік даў задні ход, развярнуўся і асцярожна, каб не расціснуць каго з падабрэлых мудзілаў, пакаціў да брамы.

35.

Янукевіч апрытомнеў раптоўна, быццам хто штурхануў у карак. Ён сцягнуў з твара смярдзючую важкую шкарпэтку і ўбачыў, што ляжыць на цагляным друзе. Праз раскурочаны дах у капліцу ўжо зазіраў пахмурны світанак. У горле і ў носе па-ранейшаму шкрэбла, круцілася галава. Былы жандар ускінуў на плечы кулямёт і рачкі пасунуўся да высаджаных дзвярэй.

Карціна могілкавага апакаліпсісу прымусіла сціснуцца нават Пярдолкава сэрца. Пасечаныя кулямі манекены, што валяліся вакол разрытай магілы, выдасталі з яго праўдзівы крык спакутаванай душы:

-- От, падлюкі! Зноў мяне падманулі!

Раптам з-за пакамечанага выбухамі знаёмага “Пакарда”, што страшна чарнеў сярод надмагілляў, пачуўся прыцішаны енк. Янукевіч здрыгануўся і нібы самнамбула, на дыбачках рушыў на гук.

Паміж капцамі на кукішках сядзеў звяружны волат з жаўтаватым тварам, і скрываўленым, ажно кропала, рукавом прыкрываў нос. Дрыготкая рука безвынікова спрабавала прыляпіць да галавы адарванае вуха.

Былы жандар інстынктыўна ўскінуў кулямёт і пагрозліва наставіў на аднавухага:

-- Адсечанае не прыточаш! -- кулямётная руля красамоўна тыцнула ў шыю. -- Ну што, пазнаеш мяне, мудзіла чакісцкі? Зараз ты мне за ўсё адкажаш!

Аднавухі нібы не пачуў. Ён разгублена агледзеўся і спыніў позірк на мерцвяку ў скрываўленай мнішскай сутане:

-- А я ж казаў табе, таварыш Пранік, што гэтыя янкі ўсіх ухойдаюць! Калі іх не спыніць, неўзабаве да сусветнага панавання прыйдуць!

-- Мне вось цікава, а табе жыццё даражэй? -- абсёк трызненне Пярдолэк.

-- Як не даражыць жыццём, калі да камунізму ідзём! -- азваўся аднавухі.

-- Менавіта таму і прысуджаю цябе да смяротнага пакарання, -- Пярдолку карцела каго-небудзь забіць, і калі не янак -- дык хаця б параненага небараку, -- дарэчы, як хочаш, то можаш памаліцца свайму савецкаму богу, -- літасціва дазволіў былы жандар.

Дрыготкая рука слізганула ва ўнутраную кішэню скрываўленай скуранкі. Янукевіч не стаў рызыкаваць, адразу адскочыў і націснуў на гашэтку. Кароткая чарга ўспарола жывот.

Смяротна паранены чакісты заваліўся на спіну і прашаптаў:

-- У краіне светлай, дзе я ўміраю... я не самотны, я кнігу маю...

З горла аднавухага пайшла кроў. З кішэні выслізнула рука -- мёртвыя пальцы сціскалі чырвоны томік “І. В. Сталін. Прамовы”.

Пярдолэк адставіў непатрэбны ўжо кулямёт і спрактыкавана шныпарыў па кішэнях забітага. Здабыча -- ладны пачак банкнотаў па сто злотых і цяжкі залаты партцыгар з надпісам “Выдатніку стрэльбаў. Курапаты, 1937”, -- крыху суцешыла сіротку.

-- Гэта табе, Віця, не ў багажніку чакісцкага “Пакарда” ездзіць! -- і былы жандар спрытным пацучком пабег да разбуранай капліцы.

Пляшка “Горкага яблыка”, абачліва прыхопленая на Пабернардынскія могілкі, ацалела хіба што цудам. Яна ганарліва ўзвышалася на расколатай пліце сярод цаглянага друзу. Янукевіч нервова згрыз сургуч разам з коркам, сплюнуў, і прагна прыклаўся да рыльца. Кадык заторгаўся. Бельмы закаціліся ажно пад лоб.

І тут між зубоў слізганула і ткнулася ў язык нешта недарэчна гострае.

Янукевіч хваравіта выкашляў на далонь аскепак маціцовага цыліндрыка. Гэта былі парэшткі той самай шваечкі, ад якой прыняў смерць астраном-вычварэнец Хапернік.

36.

Па глянцавай шчацэ Мурашова-вешальніка каціліся буйныя кроплі. Генерал-губернатар жалобна глядзеў з залачонай рамы ракако, як дзеткі-беларусы цягаюць пад дажджом партрэты яго далёкіх сваякоў і ідэйных натхняльнікаў: хана Батыя, Малюты Скуратава і Ўладзіміра Пурышкевіча. Патаптаная карціна “Апрычнікі на прывале” крыва выторквалася са сметніку, і дурнаватыя твары памагатых Івана Жахлівага глядзеліся ўжо не так страшна, як у гасцёўні Соф’і Уласеўны.

Мурашова, якая прышыбавала з вакзала дахаты, з’явілася на сметніку вельмі дарэчы.

-- Грышанька мой! Што ты робіш, засранец?! -- графіня кінулася да хлопчыка, які з асалодай дзіравіў цвічком вочы на пратрэце Рыгора Яфімавіча, -- Распуцін -- наша ўсё!

-- Грыша харошы! Грыша харошы! -- патрыятычна азваўся з клеткі маскальскі папуга.

Пакручаная поліартрытам рука расчыніла драцяную дзвёрку:

-- Манамашанька, дзяўбі іх! Фас!

Крылаты нахаба распрасцёр крылы і хіжым птэрадакцелем абрынуўся на дзяцей. На сметніку ўсчаўся жудасны вэрхал. Зляканыя дзеткі кінуліся ў браму. Неўзабаве крыкі сціхлі, і раскудлачаны папуга геройскі спланіраваў на плячо гаспадыні.

Графіня сядзела на мокрым бруку і танютка падвывала. Халодны дожджык падаў на зморшчаны, што тая дуля, твар. Шкляны цыліндр, у якім плавала нешта доўгае і агіднае, па-сіроцку стаяў паміж ног Мурашовай.

На плач неадкладна з’явіўся дворнік.

-- Дзе?.. Дзе?.. Дзе?.. -- заходзілася ў плачы графіня.

-- Гэта пан Янукевіч загадаў вашыя транты выкінуць.

-- Парашок дзе? -- нарэшце вымавіла старая гаротніца.

-- Які парашок?

-- Той, што я ад мітрэнгі нюхаю!..

-- Відаць, пан Янукевіч сабе пакінуў.

-- А як жа мой дом? -- разгублена памкнулася да дзвярэй Соф’я Уласеўна.

-- Цяпер ён там адзін жыве. А вам прасіў перадаць, каб вы яго не турбавалі. У яго рэстарацыі ўсе паны-паліцыянты штосуботы напіваюцца. Пасодзіць вас адразу! А за што, маўляў, самі ведаеце. Карацей, пані графіня, ваш лёс: чамадан, вакзал, Расія, -- добразычліва пасміхнуўся дворнік.

Падчас сумнай размовы Манамах хціва касавурыўся на шкляны цыліндр. Рэч, што плавала ў ім, ужо даўно цікавіла дасціпнага птаха. Дзюба расчыніліся, нібы разышліся паловы ракаўкі-пярловіцы. Накрыўка адляцела імгненна. Папуга добра-такі каўтануў спірту, і гэта справакавала яго на блюзнерскі ўчынак.

-- Я Белы Арол! -- п’яна пракрачыў Манамах, схапіў у дзюбу тое самае доўгае і агіднае, распрастаў крылы і ўпорхаў на вільчык.

-- Манамашанька, як ты мог? Гэта ж наша вялікаруская нацыянальная рэліквія! -- выгукнула Соф’я Уласеўна і неадкладна страціла прытомнасць.

Дворнік пасунуўся бліжэй, прымружыўся на папугу, і ад пабачанага ў яго адразу адвісла сківіца. Манамах, нібы тая нёманская чайка -- рыбіну, сціскаў у дзюбе даўжэзны заспіртаваны чэляс.

І тут з-за хмараў паказалася сонейка. Яго пяшчотныя промні заззялі ў кропельках спірту, нібы тая вясёлка. Птах раскінуў крылы і ганарліва панёс здабычу ў бок Нёмана.

37.

Паўпразрысты дым слаўся над нёманскай вадой. Плынь абцякала навязаны да камня ровар-катамаран. Дробныя рыбкі раз-пораз скакалі з вады: палявалі на чамяру, уцякалі ад драпежнікаў. Каля вогнішча, распаленага проста на вялізным камяні, атабарыўся рабы гідкі вусач з люлькай у зубах. Хударлявы псіхапат з нетутэйшымі тэатральнымі вусікамі паглядаў на яго добразычліва.

Каля рабога стаяла драцяная клетка з паштовым чорным воранам. Бот псіхапата нервова тузаў большую па памерах клетку з паштовым нямецкім арлом. У вогнішчы дагарала тапаграфічная карта; з аднаго боку якой яшчэ чыталася “Das Reich”, а з другога “БССР”.

Атмасфера заахвочвала да шчырага сяброўства. Вусатыя дзядзькі падміргвалі адзін аднаму, пасміхаліся і строілі кепікі.

Рабы адклаў люльку, сцягнуў з шампура самы вялікі кавалак недасмажанага мяса і замілавана прапанаваў:

-- Люблю з кров’ю! Пакушай, таварыш Адзік! Эта труп класавага врага!

Тэатральныя вусікі псіхапата грэбліва таргануліся.

-- Найн, геносэ Юзік! Іх бін вегетарыянец!

Рабы набулькаў у келіх грузінскага віна. Рука псіхапата пацягнулася да біклагі з рэйнскім.

-- Дружба, таварыш Адзік?

-- Фройндшафт, геносэ Юзік!

Меладычнае бомканне келіхаў паплыло над Нёманам, нібыта куранты адбілі новы час.

-- Этат мыкрафільм с нашай новай граніцай ужэ сэгодня будэт у таварышча Молотава! -- гідкі вусач паставіў каля клеткі з паштовым чорным воранам маленькую гумовую капсулу.

-- Гер Рыбентроп іст гут партайгеносэ! -- па сітуацыі азваўся хударлявы псіхапат і ўладкаваў сваю капсулу на клетцы з паштовым нямецкім арлом.

І тут позірк таварыша Адзіка спыніўся на землямерчым рыштунку. Вочы яго істэрычна акругліліся.

-- Вас іст дас, геносэ Юзік?! -- шалёна заскуголіў ён.

-- Эта обшчый аршын для ізмэрэныя рускай зэмлі, таварыш Адзік!

Псіхапат зашаргацеў нямецкай металёвай рулеткай і нервова прыклаў стужку да аршына. Рыштунак геносэ Юзіка аказаўся шалберскім, ці не на чвэрць даўжэйшы за належнае. Сухі палец упёрся ў махлярскую рысачку на аршыне.

-- Вас іст дас, геносэ Юзік?

-- Эта лынія Сталіна! -- падступна прымружыўся рабы вусач.

-- Русішэ швайн! -- раз’юшана выгукнуў псіхапат, пасля чаго неадкладна атрымаў па галаве тым самым аршынам.

У беснаватых вачах закружлялі незлічоныя карагоды каляровых жарынак. Агаломшаны пахіснуўся, бездапаможна абмацаў рукамі паветра і цяжка апусціўся на камень.

-- Галавакружэніе ат успэхов, таварыш Адзік? -- з’едліва паспачуваў рабы вусач.

Упарты псіхапат, тым не меней, не здаўся, а падступна склаў за спінай з рулеткі пятлю. Удаўка са свістам зашморгнулася на шыі рабога.

-- Дас іст майн кампф, геносэ Юзік! -- псіхапат узрадавана торгаў металёвы шворак.

І тут жахлівы крылаты цень накрыў барацьбітоў-змагароў. Правадыры сінхронна ўскінулі галовы, і на іх вусатыя пысы фугаснай бомбачкай паляцеў заспіртаваны чэляс.

-- Што за хэрня, панымаеш? -- прыдушана вымавіў рабы вусач.

-- Дас іст поц! -- злякана вызначыў псіхапат.

Тым часам п’яны ва ўмат папуга напаскудзіў на спіну паштоваму чорнаму ворану, цюкнуў у галаву паштоваму нямецкаму арлу і нахабна здзёўб абедзве капсулы з мікрафільмамі.

-- Chto ty jesteś? -- у адзін голас спыталіся вусачы.

-- Orzeł Biały! -- самавызначыўся маскальскі папуга, дзяржаўна распрастаў крылы і пераможна паляцеў у бясхмарную вышыню.

-- Навэрное, амэрыканскі шпыон, -- дапусціў рабы вусач. -- У іх жа на гербе белый арол. Cабака-Рузвэльт прыслал. Нэнавыжу янкі!

-- Янкі! Швайне! -- ахвотна пагадзіўся псіхапат. -- Амерыкосэн зінд унтэрмэншэн!..

Цяпер вусатыя дзядзькі паглядалі адзін на аднаго больш цярпіма і талерантна: агульны вораг зноў часова замірыў іх. Рабы вусач дэманстратыўна адкінуў аршын. Псіхапат прымірэнча згарнуў рулетку.

-- Еслы сакрэтныя пратаколы пакта Молатава-Рыбентропа станут ізвэстны празрэнным янкі -- ход мыравой історыі перамэнітца! -- жахнуўся гідкі вусач.

-- Алес капут! -- заскуголіў псіхапат і заплакаў...

38.

Неба, чыстае як шклянка, накрывала гарадзенскі краявід чароўным блакітным купалам.

Па Раскошы шпацыравалі гжэчныя паны, і пекныя паненкі бязмэтна пераходзілі ад вітрыны да вітрыны.

На раскарцаваных Пабернардынскіх могілках корпаліся паліцэйскія следчыя і агенты Дэфензівы, і старэнькі ксёндз адлічваў пацеркі -- шаптаў малітву за супакой счарнелых душаў чакістых.

Задаволеныя кракадзілы грэліся на пясочку заапарка і сыта пазяхалі.

Каля шляхотнай рэстарацыі трансакіянскім лайнерам высіўся “Студэбекер” -- Хросны, цётка Эмілія, хлопцы і Ісабэль святкавалі сваю чарговую перамогу над бездухоўнасцю.

Ад тэатра Тызенгаўза даносіліся чароўныя мелодыі Вердзі; Карла Спагеці замілавана слухаў оперу “Сіцылійская вячэра”.

Вадаплаўная рэстарацыя “СUD NAD NIEMNEM” вярталася з чарговага алкагольнага круіза. Шчасліва гарлалі піякі, а на пірсе іх ужо чакалі раз’юшаныя жонкі.

У буфеце гарадзенскага вакзала сядзела на чамадане Соф’я Уласеўна і ў чаканні парыжскага цягніка грэла рукі каля распаленага праса.

А паміж небам і зямлёю біўся, нібы танюткая блакітная жылка на шыі, кранальны дзіцячы дыскант:

Магутны Божа, Ўладар сусветаў,

Вялікіх сонцаў і сэрц малых,

Над Беларусяй, ціхай і ветлай,

Рассып праменні свае хвалы…

Частка трэцяя. ПЛАЧ ПЕРАПЁЛКІ

1.

Паўночнаамерыканскія сузор’і па-сіроцку губляліся сярод нахабнай светлавой рэкламы, што заклікала спажыўцоў жлукціць віскі “Джоні Уокер”, паліць цыгарэты “Кэмэл”, ездзіць на “Пакардах” ды рабіць іншыя бездухоўныя рэчы. Адзіным апірышчам маральнасці ў каменных джунглях Чыкага быў неонавы бел-чырвона-белы надпіс “TUTEJSZYJA”, што ззяў на шляхотным пяцідзесяціпавярховым хмарачосе.

У шкляным гмаху, збудаваным на месцы былых чыкагскіх бойняў, ад рана да рана завіхаліся працалюбныя клеркі. І ці не палова з іх рабіла на чалавека, чыё імя ў бізнесовых колах Уол-стрыта прамаўлялі шэптам і з непадробнай павагай -- “містэр Акула”. Але ж сам бізнесовец, уладальнік тавара-сыравіннай біржы з класічным беларускім назовам, не любіў такога звароту і таму настойліва раіў падначаленым называць сябе “дзядзькам Сямёнам”, або проста, з густам і па-тамтэйшаму: “дзядзькам Сэмам”.

Пэўна, Хросны ўжо і падзабыўся на дурнаваты рогат і аблупленую бейсбольную біту блюзнера Сямёна, з каторым ён і Карла Спагеці сыходзілі з ахопленых полымем бойняў. Але ж дзядзька Сэм заўсёды памятаў свайго духоўнага настаўніка, які паказаў яму шлях у светлую неонавую будучыню. І хаця беларускі блюзнер стаў праўдзівай акулай Уол-стрыта, ён па-ранейшаму не пакідаў па-за ўвагай падзеі на гістарычнай радзіме.

Працоўны дзень дзядзькі Сэма па старой завядзёнцы пачынаўся з чытання газет.

Цёмнаскурая сакратарка ў кароткай вузкай спадніцы паставіла перад босам срэбны спод з прэсай і скасавурылася на каляндар з выявай Маці Божай Вастрабрамскай. Сямён нетаропка расчыніў сандалавую скрынку, абрэзаў даўжэзную цыгару, лянотна закінуў ногі на стол і паказаў вачыма на канапу. З-за спіны акулы Уол-стрыта ў залачонай раме па-бацькоўску пасміхнуўся Франклін Рузвельт. Сакратарка села на доўгую скураную канапу, усклала акуляры і зашаргацела газетай.

-- “New-York Times”, -- афіцыйна абвесціла яна і ўзялася перакладаць загалоўкі, -- “Індэкс Даў-Джонса падняўся ажно на палову адсотка!”, “Унучка Джона Пірпонта Моргана-малодшага ўцякла з лёкаем!”, “Чарговы кіднэпінг на Манхэтане!”, “Галівудская зорка Грэта Гарбо зрабіла ўдалую пластычную аперацыю на цыцках!”

Сямён рашуча ўскінуў далонь:

-- Досыць. Суцэльная бездухоўшчына! Ты нашу… нашу пачытай!

Неадкладна зашамацелі старонкі віленскай буржуазна-нацыяналістычнай газеты.

-- “Як правільна вараць юшку ў нас на Браслаўшчыне. Дробных яршоў і акунькоў дбайна чысцяць, загортваюць у радзюжку і кідаюць у кіпень. Праз гадзіну скрутак выцягваюць і ўкідаюць буйную рыбу. Калі ж панам рыбакам пашэнціць і яны зловяць сома, то ў юшку абавязкова кладуць галаву, пёркі і плёс”.

Містэр Акула дурнавата рагатнуў:

-- А мая маці аднойчы суседцы, да якой бацька ў касцёле заляцаўся, цэлы чыгунок юшкі на сраку плесканула! Во абварыла, дык абварыла! Баба тая, мо, з месяц да імшы не хадзіла! Ці тое зацірка была?.. Гы-гы-гы! -- блюзнер з асалодай зацягнуўся, і водарны дым шляхотнага кубінскага тытуню паплыў ад срабрыстага вентылятара. -- Што Саветы пішуць?

-- З “ЛіМа” пачынаць ці са “Звязды”? -- спытала цемнаскурая сакратарка.

-- Ат! “ЛіМ” і “Звязда” з аднаго гнязда! Лепш “Звязду” пакажы! -- зноў рагатнуў дзядзька Сэм.

-- “Савецкае і германскае кіраўніцтва ўрачыста заключыла дамову аб шчырым сяброўстве і ўзаемным ненападзе, -- саўнаркамаўская кірыліца давалася англамоўнай сакратарцы значна цяжэй. -- Абодва бакі даюць рашучы і катэгарычны адлуп заакіянскім распальнікам вайны, што плявузгаюць пра наяўнасць нейкіх сакрэтных пратаколаў да гэтай дамовы”.

Вентылятар здзьмуваў попел з гаванскай цыгары. Афіцыйны Мінск, як заўсёды, хлусіў. Чытанне бездухоўнай прэсы вельмі дарэчы перапыніла з’яўленне боя ў этнаграфічнай беларускай вышыванцы.

-- Дзядзька Сэм! Тут зноў гэтыя… з Уол-стрыта званяць! -- падлетак працягнуў спод з тэлефонам.

Рука містэра Акулы, аздобленая пярсцёнкам з дыяментам на дваццаць пяць каратаў, пацягнулася да слухаўкі.

-- Хай, бос Сямён! -- трывожна азваўся навушнік. -- На Уол-стрыце плявузгаюць пра вайну! Што рабіць?

-- Хай, брокер Раман! Тэрмінова пераганяй акцыі галівудскіх кінакампаній у актывы авіябудаўнічых і сударамонтных заводаў! Дарэчы, як спрактыкаваны бізнесовец, раю неадкладна скупляць запалкі, соль, макарону, крупы, тытунь, мыла ды іншыя неабходныя пры вайне рэчы. Што яшчэ?

-- А яшчэ нашы хлопцы казалі, што рынак алкагольных напояў на Ўсходнім узбярэжжы абрынуў нейкі “Горкі яблык”…

-- Ну што, скаштаваў? -- рагатнуў містэр Акула. -- Я ж табе казаў, што яны ўсіх ухойдаюць! Тэрмінова перапыняй кантракт з “Джоні Уокер”!

А дрэсіраваная сакратарка ўжо цягнула з лядоўні пляшку “Horki apple for cow-boys”, абкладзеную колатым лёдам.

Гарадзенскі тэлефонны нумар фірмы-вытворцы стаяў на этыкетцы вельмі дарэчы. Злучэнне зацікаўленых бакоў адбылося менш, чым праз хвіліну.

-- How do you do? Mister… -- прывітаўся ў слухаўку дзядзька Сэм.

-- Fine. Thanks... -- і пасля секунднага маўчання пачулася, -- ну здароў, Сямён. Пачакай, кілішак кульну. Як ты там у сваёй Амерыцы маешся?

2.

-- А я лічыў, што блюзнер Сямён вышэй за дробнага гангстэра ніколі не падымецца, -- Хросны асцярожна выбраўся на верхнюю пляцоўку званіцы Фары Вітаўта, -- ён жа шчыра верыў, нібыта канцлер Леў Сапега кіраваў паўстаннем Каліноўскага, а жаночую бялізну называў парфумай!

Беларускі мафіёзі нездарма запрасіў маці, Ісабэль і хлопцаў-янкі на званіцу. Тут, на ўзнёслай вышыні нішто не замінала шчырай сяброўскай размове. Не торгалі тэлефонныя званкі, не сіпелі самагонныя апараты, а мудзілы з хабламі падаваліся з яе такімі дробненькімі, што на іх не варта было і звяртаць увагі. Срэбны бляск Нёмана, смарагдавыя шаты старасвецкіх садоў, старажытная дахоўка палаца Сцяпана Батуры -- усё спараджала трапныя думкі і натхняла на духоўныя развагі.

-- Дзядзька Хросны! Ды мы тую Амерыку “Горкім яблыкам” проста затопім, -- паабяцаў Лабановіч, -- але, калі гувняжны Пярдолэк яшчэ раз падкіне на фабрыку чарговага мерцвяка з Дэфензівы, то справе -- капец.

-- Заб’ю гада! -- Кільмандовіч рассёк паветра рукой, нібыта шабляй.

-- У Саламонавых прыпавесцях напісана, што дабро і любоў не плявузгаюць, не зайздросцяць і не даюць веры плёткам, -- нагадаў Фінберг. -- Чаму ты мяркуеш, што гэта зрабіў менавіта ён?

Іван Брыль паднёс да рота здаравузны кулак і далікатна кашлянуў.

-- Ды якія тут плёткі?! Мае бейсбалістыя хлопцы нядаўна па-таварыску сустрэліся з камандай паліцыянтаў і, натуральна, абставілі іх. Пасля трэцяй скрыні мы нават і пасябравалі… Дык вось, іхняму капітану тэлефанаваў менавіта Пярдолэк. Дакладна. А значыцца, і нябожчыка падкінуў менавіта ён.

-- І нашто яму розную брыду на чужую дзялку кідаць? -- нагадала пра сваё існаванне Эмілія Вастрабрамская.

-- Цётачка Эмілія, хіба не зразумела? -- знізала шакаладнымі плячыма Ісабэль, -- мудзіла ён бездухоўны! Такога не перавыхаваеш!

-- Га! Такому нават горкі яблык не дапаможа, -- Лабановіч удаў, што трымае важкі більярдны кій. -- Каб сястра-кармелітка ў нашай Школе Падставовай вярнулася крыху пазней, не было б цяпер і пра каго казаць. Нічога -- гэтага амаральнага мудзілу мы расціснем, як пацука!

З-пад магутных сталёвых фермаў моста паказаўся расквечаны гірляндамі нос спісанай кананеркі. Шчаслівыя піякі вярталіся з чарговага алкагольнага круіза. Купка асвінелых хаблоў шалёна раўла на палубе:

Не хадзіце, дзеўкі, ярам,

Не давайце качагарам.

Качагары, як сабакі...

-- Бачылі б матулі сваіх сыноў... -- скрушна прамовіла адраджэнка. -- Як па мне, то трэба ўхойдаць не толькі Пярдолка, а і ўвесь ягоны паскудны бізнес.

-- Слушна, -- падтрымала Ісабэль цётку Эмілію, -- яны жанчын за людзей не лічаць! Суцэльная дыскрымінацыя. Ну проста Ку-Клукс-Клан нейкі!

Янкель задуменна прымружыўся, нібы праглядаў бухгалтарскую справаздачу:

-- Нашто тапіць такі прыгожы вайсковы карабель? Ён жа, напэўна, дорага каштуе! Трэба культурна на яго наехаць.

-- Ды я адзін са сваімі бейсбалістымі таго Пярдолка з яго кагалам пашнурую! -- важка запэўніў Брыль.

-- Пасля чаго ён на сваім бездухоўным караблі ўмомант беларускую школку адчыніць! -- запэўніў былы настаўнік.

-- Так яно так... -- разважліва нагадаў Хросны, -- але рабіць гэта сваімі сіламі пакуль не выпадае. Ці яснавяльможная грамада хоча, каб з-за чарговага наезду сарваўся выгодны кантракт з дзядзькам Сэмам? Паліцыя, пракуратура і Дэфензіва дагэтуль шукае ўлікі, каб засудзіць пераможцаў у бітве пры заапарку і ў закалоце на могілках.

-- Ваш бізнес павінен мець бездакорную рэпутацыю, -- падтрымала сына Эмілія Вастрабрамская, -- а яна, што характэрна, у беларускіх буржуазных нацыяналістаў заўсёды праблемная.

Тым часам Кільмандовіч задуменна глядзеў, як мацяркі, жонкі і сёстры расцягваюць з пірса п’яных, як бэлькі, мужчынаў. Праклёны і галашэнні даляталі ажно да верхняй пляцоўкі званіцы Фары Вітаўта. А на борт падымалася чарговая партыя крэсовых аматараў чаркі.

-- Я ведаю, што трэба рабіць, -- пасміхнуўся былы ўлан, -- рэч у тым, што...

-- Рыбентроп!.. Молатаў!.. Пакт!.. -- знянацку даляцела знізу.

Заінтрыгаваная грамада падступілася да парэнчаў. Па-над самай брукаванкай істэрычна лапатаў крыламі стракаты папуга. Двое вусатых раварыстых, якія шалёна круцілі педалі тандэма, мерыліся злавіць уцекача проста ў палёце. Гідкі рабы вусач руляваў толькі адной рукой, другая драпежна хапала паветра. Псіхапат з тэатральнымі вусікамі, не раўнуючы, як тое каўбойскае ласа, раскручваў па-над галавой металёвую стужку рулеткі.

Публіка з жахам ціснулася да камяніц, каб даць дарогу дзікаму паляванню.

-- Врэдытэль! Амэрыканскі шпыон!

-- Хальт! Цурук! Хэндэ хох!

Зляканы папуга ўцякаў ад раварыстых на злом галавы, нібы тая Бандароўна ад пана Патоцкага.

-- Качагары!.. Сабакі!.. -- агрызнуўся птах і неадкладна паплаціўся за непавагу.

Пракураныя пальцы рабога вусача хіжа схапілі птаха за хвост. Уцякач адчайна таргануўся, з усяе моцы залапатаў крыламі. Імгненне, і папуга ўжо ляцеў да Нёмана. А ў зжаўцелых ад нікаціну пальцах засталіся толькі тры вясёлкавыя пёркі.

Неўзабаве сюррэалістычны птах ужо сядзеў на юце вадаплаўнай рэстарацыі і старанна вывучаў свой хвост.

Хросны праводзіў шалёных раварыстых халодным позіркам:

-- Нашу вытворчасць застрахаваць трэба. Інакш нам усім капец. Спярша з’яўляюцца самалёты без апазнавальных знакаў. Следам -- вусатыя прыхадні ў напаўвайсковых фрэнчах. А потым незаўважна падкрадаецца...

3.

Масянджовы сонечны дыск паволі каціўся да бэзавых аблокаў, што насоўваліся з боку Друзгенікаў. Востракрылыя нёманскія ластаўкі са свістам расціналі паветра па-над імклівай плынню. Лакавыя хвалі разыходзіліся ад носа вадаплаўнай рэстарацыі і белай пенай лашчылі валуны нёманскіх берагоў.

Маленькі Сруль урачыста нёс перад сабой спод з вялікай смажанай куркай. Хрумсткая скарынка спакушала Срулева вока, чароўны водар прымушаў каўтаць сліну.

-- ...ты ніколі не лётала! Павуцінне крылом не ткала! -- пашкадаваў смажаную курку жыдзёнак і пацягнуўся да ножкі.

Навум Фабрыкант з’явіўся перад афіцыянтам-пачаткоўцам сувора і ўрачыста, нібы Майсей перад фараонам.

-- Ты каму гэта нясеш? -- пільна спытаў ён пляменніка.

-- Вунь таму пану асадніку ў сініх галіфэ, -- Сруль паказаў вачыма на столік.

За шыхтом пустых пляшак праглядаўся добра-такі пачырванелы нос праўдзівага пшэцкага асадніка.

-- Колькі разоў той пан ванітаваў?

-- Ужо два! -- неадкладна азваўся Сруль. -- Але ж пасля Ласосны паказчыкі заўсёды ўзрастаюць.

-- Малайчына, -- пахваліў малога спрактыкаваны бізнесовец, -- будзеш потым згадваць старога Навума, ды за навуку дзякваць. А цяпер глядзі, як гэта робіцца!

Фабрыкант-старэйшы забраў курку і знік у камбузе, але неўзабаве вярнуўся. Цяпер на сподку ляжала недарэчна малая засмажаная птушачка -- крыху большая за вераб’я.

Навум з каменным тварам паставіў заказ перад чырвонаносым. Госць вадаплаўнай рэстарацыі адразу накалоў птушанятка на відэлец і прымружаным вокам агледзеў з усіх бакоў.

-- О-о-о, kurcza! -- зароў на ўсю палубу піяка. -- Сo to jest?

-- Яснавяльможны пан мае рацыю, -- з бездакорнай ветлівасцю прамовіў Навум, -- гэта ёсць праўдзівая курка.

-- Taka mała?!..

-- Звычайная. Не велька і не малая. Pan iest wielkim panem, вось таму курка і падаецца яму замалой.

-- Owszem! Wielkim!

Ступень алкагольнай атупеласць вялікага пана не пакідала сумневу, што ён не будзе спрачацца, калі Навум выставіць яму за птушачку рахунак, як за праўдзівую курку. Старэйшы Фабрыкант пільна агледзеў наведвальнікаў, падлічыў выпітыя пляшкі і беспамылкова вызначыў ступень алкагольнага ачмурэння кожнага.

Неўзабаве Навум з маленькім Срулём ужо перабраліся на карму ў загарадку, дзе стаялі клеткі. З-за кратаў вытыркаліся дробныя птушыныя галоўкі. Някідкія шэра-жоўтыя пёркі нагадвалі пра сціплую прыгажосць роднага краю.

-- Вы ж мае, вы ж мае, перапёлачкі... -- замілавана прамовіў Фабрыкант і падхапіў за лапы з тузін фальшывых курак.

Перапёлачкі танютка заціўкалі -- плакалі.

-- Kurcza!.. Духоўнасць!.. Блядкі!.. -- пачулася аднекуль.

Навум злякана агледзеўся, і тут проста яму на плячо апусціўся здаравузны папуга. Нялюдскае зеленкаватае вока глядзела на беларускіх птушачак з непрыхаванай юрлівасцю. У маленькага Сруля адразу адвісла сківіца.

-- Які прыгожы пеўнік!.. -- з дзіцячай непасрэднасцю ўразіўся ён. -- А які разумны! Пэўна, з Палесціны да нас прыляцеў! А дзюба! Рыхтык нос у настаўніка нашага ешыбота!

Пляменнік з дзядзькам перазірнуліся. Навумава рука спрактыкавана схапіла папугу за лапы і страсянула.

Неўзабаве небарака сядзеў у вялізнай клетцы і абзываў усіх запар улюбёнымі слоўцамі з лексікону рускай графіні.

Вадаплаўная рэстарацыя мінула бакен і пайшла ўздож самага берага. З’яўленне на сцежцы страшных раварыстых прымусіла маладога бізнесоўца насцярожыцца. Вусачы шалёна круцілі педалі, гналі ўтаптанай сцежкай уздоўж берага.

-- … аддай птыцу, бэзродны касмапалыт! -- заходзіўся рабы.

Маленькі Сруль неадкладна павярнуўся да берага спіной і красамоўна паляпаў сябе па дупе.

-- Юдэн! Шысэн! -- не стрываў псіхапат.

Фабрыкант спалохана загадаў стырнавому Гіршу паскорыць ход. “CUD NAD NIEMNEM” пакрысе аддаляўся ад шалёных правадыроў. З’яўленне Янукевіча падвяло рысу пад недарэчным інцыдэнтам.

-- Што за лямант, гвалт і гармідар? -- пагрозліва спытаў ён. -- Жыды-хамы-быдла.

-- За намі нейкія вар’яты па беразе ўвязаліся, -- азваўся Фабрыкант і, як заўсёды, не здолеў паўстрымацца ад хлусні, -- абяцаліся рэстарацыю нацыяналізаваць!

-- А я-такі іх перамог! -- пахваліўся Сруль і асцярожна пачухаў дупу.

Пярдолэк ачмурэла зірнуў на палоннага папугу:

-- Во, стары знаёмец! -- здзівіўся ён. -- А карга твая дзе?

-- Чамадан, вакзал, Расея, -- Манамахава дзюба трагічна расчынілася.

-- Карацей, мы з табой абодва сіроткі, -- паспачуваў былы жандар і надзейна закруціў засаўку дротам. -- Гаротныя, без сцяга і без Радзімы.

4.

Ягамосць Жыгімонт Аўгуст нерухома сядзеў у вільготнай паўцемры замкавай залы. Скразняк варушыў шытыя золатам адраджэнцкія габелены з выявамі “Пагоні”, “Калюмны” і “Дайновы”. Жыгімонт Стары нядобра касавурыўся з партрэта на “Бялага Ожэла”. Дрыготкае святло паходняў памнажалася ў залачоных рыцарскіх шаломах, нагрудніках і тарчах.

Хударлявы прайдзісвет у дарагім кунтушы імпэтна зняў перад манархам капялюш са стравусіным плюмажам і годна схіліў голаў.

-- А цяпер я, самы знаны ў Еўропе чарнакніжнік, алхімік, астролаг і некрамант, без аніякакага шалберства, махлярства і адвядзення зроку выклічу з чыстца каралеву Барбару з роду Радзівілаў!

Дужыя пальцы Жыгімонта Аўгуста ўчарэпіліся ў парэнчы залачонага фларэнтыйскага фатэльчыка, ажно суглобы храбуснулі. Чарнакніжны пан Твардоўскі распрастаў і высока падкінуў у паветра вэлюм, шыты срэбнымі зоркамі і кабалістычнымі пісьмёнамі. Прасцірадла дзіўным чынам затрымалася ў паветры, краі яго паволі апусціліся, і пад танюткім ядвабам таямніча азначылася зграбная жаночая постаць.

Высакародны твар Жыгімонта Аўгуста збялеў, залачоны фатэльчык жалобна рыпнуў.

-- Гэта дакладна яна? -- недаверліва запытаўся манарх.

-- Князь Цемры літасціва пагадзіўся адпусціць яе да світанку, -- пан Твардоўскі пакрысе сцягваў паўпразрысты вэлюм.

Калі з-пад краю ядвабнага прасцірадла паказалася вытанчаная лытка, апошні з Ягелонаў разгублена захаўкаў шырока разяўленым ротам. Спірытычны сеанс пераўзыходзіў самыя смелыя спадзяванні няўсцешнага ўдаўца.

Пан Твардоўскі ўскінуў руку і нашаторыў вушы, нібыта прыслухоўваўся да трансцэндэнтных галасоў.

-- Яго ягамосць Люцыпар папярэджвае манарха, каб той не мацаў прывід. Дазволена толькі глядзець і ставіць пытанні, -- з гэтымі словамі знакаміты некрамант эфектна сашморгнуў тканіну.

Барбара Радзівіл выглядала па-ранейшаму вабна, пэўна, у чыстцы яна таксама карысталася каралеўскімі прывілеямі. І толькі моцна сцямнелы твар сведчыў пра яе ачышчальныя пакуты. Чорная Дама загадкава пасміхнулася. Жыгімонт Аўгуст не стрываў. Залачоны фатэльчык перакуліўся, і Ягелон кінуўся да каханай з крыкам:

-- Басенька!.. Мая Басенька!..

Як толькі дрыготкія пальцы манарха крануліся пляча Барбары, здань бездапаможна ўскінула рукі і знікла ў таямнічым дымку…

І тут на здымачную пляцоўку выбег галівудскі рэжысёр у шчыгрынавым пінжаку і каўбойскіх ботах.

-- Знята! -- задаволена канстатаваў ён, падміргнуў акцёру, які выконваў ролю Жыгімонта Аўгуста, і па завядзёнцы ўсіх рэжысёраў не стрымаўся ад самаадзнакі, -- а знята -- геніяльна!

Здымачны дзень быў скончаны. Аператарскі кран паволі апусціў кінакамеру долу. Стары гарадзенскі замак, дэкараваны пад нясвіжскую рэзідэнцыю Радзівілаў, асвятліўся сляпучымі сафітамі. Грымёрка збірала свае транты. Асвятляльнік гасіў паходні. Крэсовыя хаблы, якія ўдавалі магнатаў і шляхту, пасунуліся па піва.

Вось ужо колькі тыдняў старажытныя муры, што памяталі Вітаўта і Баторыя, акупавала кіназдымачная група з Галівуду. Чараўнікі “фабрыкі мрояў” здымалі гістарычны блокбастар “Чорная Дама”. І калі на ролі слыннага ліцвінскага манарха, ягоных сваякоў і паплечнікаў былі запрошаны выключна галівудскія зоркі, то на ролю Чорнай Дамы лепшай акцёркі за тутэйшую мулатку Ісабэль Карвальес не знайшлося.

Праўда, рэжысёр вось ужо колькі дзён паглядаў на мулатку крыху больш юрліва за належнае. Відавочна, яго не абцяжарвалі расісцкія комплексы -- гэта быў прагрэсіўны рэжысёр. Вось і цяпер, пасля насычанага працоўнага дня кінатворца ў чарговы раз спытаў, дзе Ісабэль сёння вячэрае. І ў чарговы раз пачуў, што акцёрка ўвечары занятая.

І сапраўды, за замкавай брамай мулатку ўжо чакаў “Студэбекер”.

Прафесіяналізм пераважыў мужчынскія рэфлексы, кіно, як і мае быць, з’яўлялася для рэжысёра самым галоўным з усіх мастацтваў.

Ён нават стрымана прывітаўся з Лабановічам:

-- Ні!

Былы настаўнік шляхетна прыўзняў капялюш:

-- How are your?

-- Thanks!

Ісабэль пацалавала сябра дзяцінства ў шчаку. Янка кінуў на развітанне:

-- Good by!

Знянацку з-пад самай нёманскай стромы пачуўся доўгі густы гудок. Усе, хто яшчэ заставаўся на здымачнай пляцоўцы, зацікаўлена паглядзелі на дзіўную вадаплаўную спаруду, што нахабна рассякала пяшчотныя срабрыстыя хвалі. Ані дым, што валіў з трубы былой кананеркі, ані хаблы, якія п’яна гарлалі на юце, абсалютна не ўпісваліся ў сцэнарый касцюмаванага фільма са слыннай стараліцвінскай гісторыі.

Твар кінатворцы сказіла грымаса незадаволенасці, але Ісабэль прадбачліва апярэдзіла рэжысёрскае “Fuck you!”

-- Не пераймайцеся, пан рэжысёр! -- белазуба пасміхнулася Чорная Дама. -- Неўзабаве гэтая бездухоўшчына назаўсёды знікне з градзенскага краявіду. І, што характэрна, без усялякага шалберства, махлярства, ашуканства і адвядзення зроку!

5.

-- … прапаганда гвалту!.. Кіч-культура!.. Бездухоўнасць!.. -- папуга Манамах прыклаўся дзюбай да какаінавай дарожкі і нядобра скасавурыўся на кінематаграфічную галеру, што стаяла па другі бок пірса.

Дасціпныя галівудскія дэкаратары наводзілі апошні марафет перад заўтрашнімі здымкамі. Золатам ззяла цыцкатая наяда на бушпрыце. Ляніва варушыўся ветразь з чырвоным шасціканцовым крыжам. Даўжэзны шэраг вёслаў паралельнымі рыскамі штрыхаваў пукаты борт. З адчыненых портаў з тэатральнай пагрозай тырчэлі сярэднявечныя гарматы, і каля іх завіхаліся спраўныя піратэхнікі.

Нязвыклае для Гародні відовішча абсалютна не цікавіла былога жандара, які з крылатым хаблом атабарыліся на карме вадаплаўнай рэстарацыі ў загарадцы для перапёлак.

-- Не туды глядзіш! -- Пярдолэк ані на секунду не выпускаў з пальцаў вяроўку, другі канец каторай мацаваўся да лапы Манамаха.

-- Курвы! -- прагна заенчыў на кінавытворцаў вясёлкавы пажадлівец і юрліва паглядзеў на сціплых беларускіх птушачак.

-- І не туды, -- нялюдска гыркнуў сіротка, -- сюды глядзі! Доза наркотыка не горш за курваў!

На дашчаным памосце ўзвышаўся дасціпна зроблены макет фабрыкі па вытворчасці “Горкага яблыка”; адчыненае вакно цацачнай залы пасяджэнняў пазначаў чырвоны крыж. Менавіта да яго і вяла какаінавая дарожка, добрую палову якой птах ужо здзёўб.

Падступны дрэсіроўшчык не дарма марнаваў час і какаін. Ужо цэлы тыдзень ён вучыў папугу беспамылкова знаходзіць шлях на фабрыку хлопцаў-янак і прасоўваць дзюбу ў акно залы пасяджэнняў.

-- А нашто тады какаінавая дарожка, калі яна не вядзе да фабрыкі? -- пафасна дакляраваў Янукевіч і выцягнуў кісет з парашком, каб паднавіць тое, што здзёўб выхаванец.

Сеанс дрэсуры перапыніў Навум Фабрыкант.

-- Пан Янукевіч! Тут новыя піякі з’явіліся! -- рэстаратар задаволена цёр далоні. -- Маладыя, а значыць, прагныя і да халеры вып’юць.

-- Запрашай! -- Пярдолэк абачліва сунуў папугу ў клетку, закруціў дроцікам дзвёрку і звыкла падаўся на мосцік.

Сапараўды, у натоўпе чырвонаносых заўсёднікаў, якія падымаліся на “CUD NAD NIEMNEM”, мільгацелі незнаёмыя твары. Нягледзячы на цёплы жнівеньскі дзень, маладыя піякі-неафіты былі ў капелюшах, насунутых на самыя вочы. У сваіх аднолькавых навюткіх стройчыках гэтыя госці глядзеліся крыху каструбавата, відавочна, маладзёны не былі прызвычаены да падобнай вопраткі. Бязвусыя твары хаваліся за газетамі і насоўкамі. Так звычайна паводзяць сябе цнатлівыя гімназісты пры першым наведванні бардэля.

Алкагольны круіз меўся стаць самым масавым за ўсю гісторыю вадаплаўнай рэстарацыі.

-- Курвы!.. Лярвы!.. -- прароча выгукнуў Манамах.

Але яго ніхто не пачуў…

Загрукацела машына, заплёскалі хвалі ўздоўж бартоў. Карабель упэўнена рушыў нёманскім фарватарам у бок Друзгенікаў.

Моўша прыцягнуў на палубу дадатковыя столікі. Гірша выставіў удвая больш пляшак, чым звычайна. Навум Фабрыкант загадаў занесці на камбуз клетку з тузінам самых дробных перапёлак. Маленькі Сруль спрактыкавана прыглядаўся -- вызначаў, хто з піякаў-пачаткоўцаў першым кінецца да парэнчаў.

Вадаплаўная рэстарацыя мінула былую летнюю рэзідэнцыю Станіслава Аўгуста Панятоўскага. Маладыя піякі сціпла замовілі па кілішку віна, і дасведчаныя заўсёднікі адразу ўзяліся навучаць іх спрадвечным мужчынскім каштоўнасцям. Ініцыяцыя неафітаў праходзіла пад меладычнае бомканне келіхаў і разняволеную лаянку паноў і падпанкаў.

-- Усе бабы -- курвы! -- пераканана тлумачыў чырвонаносы піяка ў сініх галіфэ, а бязвусы пачатковец у глыбока насунутым на бялюткі вытанчаны твар капелюшы слухаў яго з усмешкай. -- Бяры прыклад з мяне! Я кепскаму не навучу. Калі закрэнціць да каханкі на Пярэспу ці тутай напіцца да ўсрачкі, я сябру ў Вільню тэлефаную, а ён мне тэлеграму адбівае. Маўляў, тэрміновая камандоўка. А мая дурная курыца і верыць! А ведаеш, чаму? Таму, што ўсе бабы не толькі курвы, але і дуры! А за гэта трэба неадкладна выпіць, -- чырвананосы зухавата кульнуў шклянку.

Малады суразмоўца з’едліва пасміхнуўся, жэстам фокусніка скінуў маскіровачны капялюш і расшпіліў пінжак. Калі піяка ў сініх галіфэ зноў паглядзеў на суседа па століку, непраглынутае пацякло са скрыўленага роту. Шклянка ляснулася на палубу і пакацілася да борта.

-- От, курва! -- выдыхнуў зніякавелы аматар чаркі.

Маўклівы маладзён аказаўся той самай “курыцай”, якая, з ягоных словаў, была такой дурной і даверлівай. Рачны вецер бухмаціў белыя вядзьмарскія валасы. Пругкія цыцкі пад мужчынскай кашуляй надзімаліся лютай нянавісцю. Зялёныя вочы блішчэлі прагай помсты.

-- Ну што -- скаштаваў, стары казёл?! -- доўгія нафарбаваныя пазногці звярынымі кіпцюрамі ўбіліся ў расчырванелы твар.

За суседнімі столікамі адбывалася прыблізна тое самае, але з той розніцай, што замест кіпцюроў “піякі-пачаткоўцы” ўжывалі патаўпешкі, прыхваты, патэльні, кантары, каталкі, качэргі ды іншы кухонны рыштунак.

Дэмаралізаваныя мужчыны відавочна не чакалі арганізаванага нападу на “выспе свабоды”. Да таго ж, люднае места і п’яныя згрызоты сумлення не дазвалялі даць адлуп раз’юшаным жонкам.

-- Певень не птушка, мужчына не чалавек! -- кінула вокліч зеленавокая вядзьмарка-феміністка. -- Біце ў сэрцы іх!

-- Бабы на борце! -- з жахам залемантаваў Навум Фабрыкант, але было ўжо запозна…

Азвярэлыя фурыі з інфернальным рогатам лёталі па палубе -- помсцілі паскудным мужчынам за гады пакутніцтва, падману, знявагі і алкагалізму. Яны з радасным віскам выдзіралі валасы і гострымі абцасамі тапталі тых, хто ўжо не мог падняцца. Метадычны грукат калатушак акампаніраваў салодкаму акту адплаты.

Моўша з Гіршам абачліва зачыніліся ў машынным аддзяленні. Зляканыя Навум і маленькі Сруль вужакамі запаўзлі ў ратаўнічую шлюпку і накрыліся брэзентам. Сямейка Фабрыкантаў зведала нямала пагромаў, але пра такі гвалт і вэрхал не расказвала нават старая Цыля. Пярдолэк быў кінуў стырно, але некіруемы карабель неадкладна панесла на страшныя прыбярэжныя валуны. І ён, як прыкаваны галернік, мусіў застацца на мосціку.

Пляшкі, кілішкі, гранчакі ды іншыя сімвалы мужчынскага панавання ў хаце і ў свеце бязлітасна вынішчаліся. Іх скрынкамі і кошыкамі выкідалі за борт. Кроў, змяшаная з віном і гарэлкай, пенілася ў кільватары. Калі ж піяцкі рыштунак скончыўся, сп’янелыя ад мужчынскай крыві жанчыны згадалі і пра галоўнага віноўніка сямейных няшчасцяў.

Даўгавалосая зеленавокая вядзьмарка хіжа ашчэрыла бялюткія іклы і крывава-чырвоным пазногцем паказала на капітанскі мосцік.

-- Ачысцім свет ад смярдзючых мужчын! -- імпэтна выгукнула яна.

Дзве дзябёлыя амазонкі-маладзіцы ўжо прыстаўлялі да рубкі перасоўны трап. У руцэ трэцяй пагрозліва пабліскваў сякач. Чацвёртая гучна кляцала каміннымі шчыпцамі.

Былы жандар схапіўся за сэрца, бо зразумеў: гэта -- канец усяму.

6.

Лёгкі дзюралевы кацярок, што вылецеў на нёманскі прастор з ціхай затокі, імкліва рассякаў зеленкаватыя хвалі. Кільмандовіч упэўнена трымаўся за румпель і з усмешкай каментаваў свой падступны план сябрам:

-- А цяпер яснавяльможная мужчынская грамада на ўласныя вочы пабачыць, што нават дурныя пані, калі іх добра зарганізаваць, здольныя-такі пазмагацца за духоўнасць!

-- Гэта, напэўна, дорага каштавала? -- дапусціў Фінберг.

-- Паскуднаму Пярдолку гэты круіз абыдзецца значна даражэй! -- Кільмандовіч варухнуў румпелем.

Кацярок паслухмяна скіраваў да размаітага смецця, што бязладным шлейфам укрывала фарватар і знікала за паваротам ракі. Імклівая нёманская плынь цягнула пашкамутаныя абрусы, коркі, недапітыя пляшкі, вокладкі меню, паламаныя крэслы і столікі. Сярод гранчакоў, што цудам трымаліся на вадзе, целяпаліся падраныя сінія галіфэ.

-- Супраць цячэня вады можа толькі жывое паплыць, хвалі ж ракі заўсягды цягнуць тое, што скончыла жыць! -- задаволена пасміхнуўся Лабановіч. -- Капец Пярдолку!

-- І якім жа гэта асілкам трэба быць… -- уразіўся маштабам знішчэння баксёр Брыль.

-- Асілкам быць не абавязкова. Гэты пагром учыніў мой бабскі батальён. Я сваім жанчынкам загадзя колькі фемінісцкіх брашурак падсунуў, капелюшы і стройчыкі купіў. Ну і яшчэ… -- былы ўлан сарамяжліва апусціў позірк, -- пакуль адзін мудзіла ў Вільню ездзіў, я тры начы ўзапар ягоную зеленавокую жонку вучыў спрадвечным жаночым каштоўнасцям. І, здаецца, недарма!

Тым часам наперадзе паказалася і сама вадаплаўная рэстарацыя. З трубы шматамі ляцеў жалобна-чорны дым. Адчайна раўла сірэна. На флагштоку трымцеў сцяжок -- знак бедства.

-- І, што характэрна, ніхто не зможа давесці, што мы да гэтага спрычыніліся, -- патлумачыў Аянька. -- Спадзяюся на вартае ўвагі відовішча.

Цяпер дзюралевы кацярок ішоў паралельным з рэстарацыяй курсам. Мосцік былой кананеркі быў надзейна абложаны бязлітаснымі валькірыямі. Узброеныя кухонным рыштункам амазонкі караскаліся па драбінах, не раўнуючы, як тыя янычары на муры Хоцінскага замка. Светлыя мужчынскія стройчыкі толькі ўзмацнялі падабенства. Праўда, былы жандар мала чым нагадваў мужнага гетмана Хадкевіча і найперш -- паводзінамі.

Пярдолэк панічна матляў над галавой белай фіранкай і крычаў янкам на кацеры:

-- Хлопцы! Сябры мае! Мы ж з вамі ў адной школцы вучыліся! Я, можа, і не такі свядомы, як вы! Але ж таксама чалавек і таксама беларус!

Хлопцы-янкі, як і мае быць, не зважалі на крыкі, а замілавана ўглядаліся ў наднёманскія краявіды.

Тым часам зеленавокая вядзьмарка нарэшце ўзбілася на мосцік.

-- Прэч ад мяне, хамка-быдла-баба! -- істэрычна заверашчэў Пярдолэк.

-- …ба!.. ба!.. -- адбілася рэхам ад камяністых берагоў.

Вядзьмарка выкалупала з-пад пазногця кавалак скуры з густой кучаравай шчэццю і чаратовай коткай кінулася на здабычу.

Але тут адбылося тое, чаго не чакалі ані шалёныя амазонкі, ані хлопцы, ані Пярдолэк…

Раптам з-пад палубы жыватворнай крыніцай забруіў пругкі струмень вады. Моўша ледзь стрымліваў рухлівую змяюку напятага пажарнага рукава, а Гірша ўжо кіраваў брандспойт на зеленавокую. Магутны струмень імгненна збіў драпежніцу, і яна паляцела на галовы паплечніцам. Вада з брандспойта адразу ахаладзіла вядзьмарскія галовы і спыніла далейшы штурм мосціка.

Водны дывізіён дбайна ачышчаў палубу, нібы той Геракл -- Аўгіевыя стайні. Пабітыя, падрапаныя піякі збіліся ў гурт за спінамі мужных абаронцаў вадаплаўнай рэстарацыі. Крыху асмялелыя мужчыны на мігі паказвалі жонкам, што цяпер будуць не толькі піць ад рана да рана, але і непрыхавана цягацца да каханак і палюбоўніц.

Мокрыя фурыі вішчэлі, сыпалі праклёнамі, чапляліся за парэнчы і адчайна шкрэблі палубу пазногцямі, але флоцкая сістэма вогнегашэння нарэшце перамагла крэсовы фемінізм.

Паміж нёманскіх хваляў мячыкамі замільгацелі бландзіністыя, брунэцістыя і шатэністыя галовы.

Маленькі Сруль выткнуў нос з-пад брэзенту:

-- Людзі за бортам! -- жахнуўся ён.

-- Хіба гэта людзі? -- нядобра ашчэрыўся Навум Фабрыкант. -- Кожны, хто замінае нам рабіць грошы, не чалавек!..

Над нёманскім прасторам паляцеў пераможны крык Пярдолка:

-- Плыві, эпохі ледакол! А вы, хамулы-быдла, каціцеся да такой-та мацеры на лёгкім кацеры!

Вадаплаўная рэстарацыя на ўсіх парах уцякала з месца катастрофы. Дзюралевы кацярок мужна дрэйфаваў між амазонак.

-- Аянечка!.. Любы!.. Я ведала, што ты мяне не кінеш!.. -- задыхана вымавіла зеленавокая і ўчапілася за дзюралевы борт.

Вядзьмаркі русалчынай зграяй памкнуліся да кацярка. Хлопцы ва ўсе вочы глядзелі, як борт абчарэпілі шматлікія жаночыя рукі.

-- Аянька! Тут так халодна! Дык цягні ж мяне! Сагрэй хутчэй! -- ледзь не па сцёгны выскоквала з вады, высільвалася зеленавокая.

Мажная маладзіца з атлетычнымі плячыма спартоўкі таварыства “Sokoł” і дупай на дзесяць Іванавых кулакоў схапіла яе за валасы і занурыла ў ваду.

-- Маўчы, курва! Аянечка па мяне прыплыў!

У адказ па паверхні толькі разбегліся дробныя срабрыстыя бурбалкі.

-- Не сварыцеся, дзеванькі, мяне на ўсіх хопіць! -- прымірэнча паабяцаў Кільмандовіч, -- а калі што якое, то хлопцы заўсёды дапамогуць!

Зялёныя вочы лыпалі ўжо па-над вадою.

-- Каціся да свайго мужыка! Феміністка дурная! Мой уланчык нікому з вас не дастанецца!

-- Брэшаш, таўстадупая! -- раз’юшылася яшчэ адна маладзіца, але чамусьці кінулася на зеленавокую.

І тут ва ўсёй красе выявілася жаночая салідарнасць -- пырскі і выдраныя валасы паляцелі ўва ўсе бакі. Аянькавы каханкі і палюбоўніцы вішчэлі, брыдкасловілі і мерыліся выдрапаць адна адной вочы.

-- Не тапіце яе, не тапіце! Бо каханне -- для дурняў сымболь! -- паспеў крыкнуць Кільмандовіч, але запозна: разгайданы кацярок добра-такі чарпануў вады і перакуліўся.

7.

Смарагдавая яшчарка порстка выскачыла на сагрэты сонцам прынёманскі камень і з цікаўнасцю паглядзела на чатырох хлопцаў, якія развешвалі мокрую вопратку на прыбярэжных хмызах.

Ніжэй, на дзікім пляжы атабарыліся жанчыны ў негліжэ. Яны абачліва трымаліся паводдаль адна ад адной. Ад маленькіх касметычных люстэрак па пясчаным адхоне бязладна скакалі сляпучыя сонечныя лапікі: амазонкі, як і мае быць, старанна паднаўлялі макіяж.

-- А ўсё-такі перамагла бездухоўнасць! -- злосна вымавіў маладзён з нахабнымі валошкавымі вачыма, і гэта прымусіла яшчарку зноў схавацца паміж камянёў.

Кільмандовіч прысаромлена маўчаў, хаця вялікай віны за ім і не было.

-- Не пераймайся, Аянька, -- Іван Брыль па-сяброўску паляпаў яго па плячы, -- нават у казках дабро не адразу перамагае ліха!

-- Але ж рэпутацыю Пярдолкавай рэстарацыі мы моцна падпсавалі, -- падбадзёрыў грамаду Янкель Фінберг, -- а ў бізнесе рэпутацыя -- ці не галоўнае.

-- Я так думаю, што цётка Эмілія і Ісабэль мелі рацыю, -- самакрытычна прызнаўся былы настаўнік, -- тапіць гада трэба разам з караблём!

-- І разам з піякамі? -- здзівіўся Кільмандовіч.

-- Шкада. Якія ні якія, а ўсё ж людзі, -- абурыўся Брыль.

-- Да таго ж -- нашы людзі, -- слушна нагадаў Фінберг. -- Кожны з іх за тыдзень, мо, скрыню “Горкага яблыка” выпівае!

І тут з-за рачнога павароту паказалася ладная лакіраваная байдарка-двойка. Востры, як у рэзніцкага нажа, нос бязлітасна працінаў пругкія нёманскія хвалі. Паперадзе веславаў гідкі рабы вусач з люлькай у зубах, за ім сінхронна працаваў вяслом хударлявы псіхапат з тэатральнымі вусікамі. Хлопцы-янкі на ўсе вочы глядзелі, як дзіўны тандэм кіруецца да іх.

Рабы вусач паказаў кароткім вяслом на жанчын у негліжэ:

-- Раскрэпашчэнніе жэншчын, таварыш Адзік! Нада адной з ных вэсло в рукы даць і в мінскім парке Чэлюскінцэв на пастамент паставіць!

-- Найн, геносэ Юзік! -- не пагадзіўся псіхапат і істэрычна залемантаваў да амазонак: -- шнэллер! Фрау -- драй “К”: кіндэр, кюхэн, кірхэн!

Зляканыя жанчыны пахапалі мокрыя апранахі і пабеглі ад страшных дзядзек на злом галавы.

А рабы вусач з нечаканай прыязнасцю пасміхнуўся хлопцам.

-- Прывітанне, шаноўныя таварышчы беларускіе буржуазные нацыаналысты! -- пыхнуў ён люлькай. -- Мы з таварышам Адзікам мірные арнытолагі. Правда, таварыш Адзік?

-- Я-а, я-а, геносэ Юзік! -- міралюбна пацвердзіў псіхапат. -- Ды фёгель -- юбер аллес!

-- Мы тут ішчым рэдкую птыцу “папугаіс вульгарыс”, -- нос байдаркі мякка тыцнуўся ў камень, на якім сядзелі хлопцы.

-- Я-а, я-а... “вульгарыс”, -- згодна азваўся псіхапат.

Янка намацаў ладную камянюку і задуменна прымружыўся, прыкідаў, каму шпульнуць яе ў галаву. Аянька асцярожна пацягнуўся па стэк-похвы. Брыль нетаропка падаўся да вады, каб перакуліць байдарку адным рухам. Янкель падступна сціснуў у кулацэ сухі пясок, каб, калі што якое, неадкладна зацярушыць прыхадням вочы.

Але гідкі рабы вусач нечакана ўлагодзіў беларускіх буржуазных нацыяналістаў:

-- Вы зра счытаеце нас паліцічэскімі двурушнікамі. Правда, таварыш Адзік?

-- Іх бін дойчэ юбэрмэнш! -- шчасліва выскаліўся псіхапат.

-- Мы прадлагаем вам в абмэн на рэдкую птыцу настаяшчый суверэнітэт Беларусі. Правда, таварыш Адзік?

-- Я-а, я-я, геносэ Юзік! -- тэатральныя вусікі псіхапата пагрозліва нашаторыліся. -- Рыхтышэ суверэнітэт!

-- Гдэ будэт імэць мэсто дажэ беларускі буржуазны нацыаналызм! -- дадаў рабы вусач. -- Папытайцеся нам эту птыцу спаймат. Папытка -- нэ пытка. Правда, таварыш Адзік?

-- Арбат махт фрай! -- павучальна азваўся псіхапат.

Хлопцы перазірнуліся і паразумеліся без словаў. Гэта была прапанова, ад якой немагчыма адмовіцца.

-- Зэр гут! -- узрадваўся псіхапат.

-- Птыца, суверэнітэт, граныца, -- падхапіў гідкі вусач.

Байдарка крутанулася. Вёслы заплёскалі, і чароўныя крышталёвыя пырскі імгненна асляпілі маладзёнам вочы.

8.

У туевым жываплоце бесклапотна старакаталі конікі. Белыя і чорныя лебедзі ляніва плавалі па люстэрку стаўка. Ад магутных кіпарысаў плыў густы смалісты водар.

Уся грамада нетаропка шпацыравала паэтычнымі алейкамі батанічнага сада. Хросны выслухаў Лабановіча з каменным тварам.

-- З мудзіламі ніколі нельга дамаўляцца. Кінуць! -- пераканана засведчыў ён. -- А з вусатымі мудзіламі -- і пагатоў, нават размаўляць не варта!

Слынная адраджэнка звыкла запярэчыла сыну:

-- Яны маладыя, ім далей жыць. Хай за сябе і вырашаюць. Горш, чым цяпер, усё адно не будзе.

-- Да таго ж, папуга, як я высветліла, у палоне на вадаплаўнай рэстарацыі. Яго Пярдолэк нейкай дурні навучае. Праўдзівы цырк на дроце: там і наркотыкі, і перапёлачкі, і нейкая зброя… -- прыгадала Ісабэль.

-- Мо, ён Манамаха з “хабла вульгарыса” на “мудзілу грандыёзуса” перавыхоўвае? -- дапусціў Аянька.

-- Ягоную паскудную рэстарацыю ўсё адно трэба знішчыць, -- нагадаў Іван. -- Чаму б не ўратаваць папугу? Калі за яго святое абяцаюць…

-- Наш вораг адно Пярдолэк, -- слушна нагадаў былы настаўнік. -- А як жа людзі?

-- Старых кліентаў, як я дакладна ведаю, жонкі з хатаў не выпускаюць, -- са скрухай запэўніў Кільмандовіч, -- а новыя пакуль што нават да пірса падыходзіць баяцца!

-- А Фабрыкант са сваімі паскуднымі вучнямі па суботах шабас спраўляе, -- прыгадаў Фінберг, -- так што, ад пятніцы і да нядзелі ў вадаплаўнай рэстарацыі апроч амаральнага Пярдолка, бездухоўных паліцыянтаў з жандарамі ды папугі нікога больш і не будзе.

Ісабэль гарэзліва сарвала прыўкрасную ружу. У васкавых пялёстках клейнотамі зіхацелі кропелькі расы.

-- Пэўна, Чорная Дама мерыцца аздобіць пахавальны стройчык Барбары? -- пасміхнуўся былы настаўнік.

-- Не. Гэта -- на магілу Пярдолка. І плыць гэтай кветцы па нёманскай плыні, -- паэтычна запэўніла мулатка.

9.

Імклівая нёманская плынь несла ірваныя шматкі шуму, заўчасна зжаўцелае лісце і дробныя белыя пялёсткі. Янукевіч засяроджана скуб вялікі садовы рамонак і прыгаворваў:

-- Гахне?.. Не гахне?.. Гахне?.. Не гахне?.. Гахне!.. -- радасна выгукнуў ён і пасунуўся да клеткі з крылатым хаблом.

Вялізная клетка стаяла перад тым самым макетам, які па-майстэрску ўдаваў фабрыку па вытворчасці “Горкага яблыка”. Знаркаманены Манамах па-жабрацку заенчыў:

-- Какаін… доза…

-- Вяроўка -- граната, -- павесялела азваўся сіротка і адчыніў краты.

Папуга цяжка порхнуў на стол і пытальна паглядзеў на муляж гранаты каля вуснаў настаўніка.

-- А цяпер уяві, што ты ў зале пасяджэнняў. А вакол цябе -- янкі, янкі, янкі! -- даў уводную былы жандар, -- табе трэба неадкладна рабіць так, -- Янукевіч таргануў засцерагальнік, -- не зважай на кепскую дыкцыю -- у мяне ў зубах колца.

-- Смерць янкі! -- пацвердзіў папуга і заенчыў: -- Доза!.. Доза!..

-- Паўтары! -- падступны Пярдолэк паматляў перад птушынай дзюбай кісетам з какаінам.

Манамах спрытна вытаргнуў драцяное колца з запалу. Спружына пагрозліва шчоўкнула.

-- Заслужыў! -- Пярдолэк ашчадна адмераў пазногцем бялюткі парашок. -- І ніякіх перапёлак, беражы сілы. Ляцець давядзецца з гранатай на шыі.

Крылаты наркаман імгненна здзёўб узнагароду.

Янукевіч звыкла слізгануў позіркам па сталах, пад якімі ў размаітых позах валяліся асвінелыя з перапою паліцыянты з жандарамі, і паглядзеў на раку. З-за каменнай апоры моста няспешна сунулася вялізная залачоная баба. Пыхліва напятыя цыцкі адбіваліся ў вадзе. І тут танюткі зухаваты свіст рэзануў Пярдолка па вушах.

-- Дупа! -- прагна прастагнаў сіротка, і недарма...

10.

Дупа была вабная. Тонкая вертыкальная лінія нябачным люстэркам падзяляла клубы на сіметрычныя паловы-адбіткі. Ядвабная чорная радзімка амаль схавалася між імі. Але самым цудоўным быў колер клубоў -- шляхетна-шакаладны, рыхтык, аббіўка трона Ягелонаў.

Каралеўская галера ўрачыста выплывала з-пад моста. Мерна падымаліся і апускаліся вёслы, свістаў бізун па скаваных ланцугом веслярам, і палонныя маскалі дурнымі галасамі раўлі “Дубинушку”.

Камера аператара хіжа наехала аб’ектывам на крывавы пісяг на спіне весляра. Галівудскі рэжысёр засяроджана гартаў сцэнарый. Жыгімонт Аўгуст схаваўся на карме і з-пад крыса каралеўскай мантыі прагна жлукціў сваё ранішняе піва.

Скарыстаўшыся момантам, Чорная Дама з падвялай ружай у валасах узбілася з нагамі на трон пад геральдычным балдахінам і бязгучна танчыла буржуазны канкан. Аксамітны, шыты перлінамі прыпол сукні высока ўзлятаў то спераду, то ззаду. Бездакорныя клубы дрыготка адгукаліся на кожны рух.

Сіротка з кармеліцкай Школы Падставовай прагна захаўкаў ротам і залыпаў вачыма, а таму і не заўважыў, што адбывалася ў яго за спіной…

11.

“…ты ж мая, ты ж мая перапёлачка…”, -- тужліва выводзіла Янкелева скрыпачка.

З дзесятак гладкіх перапёлачак маляўніча атабарыліся на пірсе, шматабяцальна квахталі і сукалі зграбнымі лапкамі. З папяровага пакета ў руках цёткі Эміліі шчодра церушыўся бялюткі парашок.

Папуга, які сядзеў на стале за спіной Пярдолка, якраз паміж клеткай і гранатай, -- замілавана расчыніў дзюбу. Яму рабілі прапанову, ад якой відавочна нельга было адмаўляцца.

-- Пулі, пулі, пулі, Манамашанька! -- з фальклёрнымі інтанацыямі загукала з пірса адраджэнка, -- Orzeł Biały, прыляці, людзям шчасце прынясі!

-- Курвы!.. Доза!.. -- неадкладна адгукнуўся какаіністы папуга, шчасліва распрастаў крылы і паляцеў да прынады.

Імгенне -- і вясёлкавыя крылы ўжо лапаталі сярод зляканых беларускіх птушачак. З-за магутнай спіны цёткі Эміліі выляцеў прымацаваны да стэка сачок і прыціснуў папугу да дошак.

-- Гатовы! -- задаволена канстатаваў Кільмандовіч.

Брыль асцярожна ўзяў птушку, баяўся расціснуць. Фінберг ужо адчыняў краты навюткай клеткі. Хросны пасміхнуўся і пераняў ад маці папяровы пакет:

-- Гэта ж столькі белай мукі змарнавалі!

Лабановіч радасна гукнуў:

-- Гэй, Пярдолэк, мудзіла бездухоўны! Паглядзі на свайго гадаванца! Скаштаваў? Зараз і не такое скаштуеш!..

12.

Янукевіч азірнуўся і адчайна заенчыў:

-- Мужыкі-хамы-быдла! Гаротнага сіротку пакрыўдзілі! -- ён зляканым пацуком кідаўся па палубе, -- паночкі паліцыянты! Паны жандары! Пшэкі! Дайце рады! Свядомыя нашых б’юць!

Былы жандар бязладна перабягаў ад аднаго непрытомнага піякі да другога. Але ўсё было дарэмна, ніводзін суботні заўсёднік вадаплаўнай рэстарацыі нават павекі не расплюшчыў.

Янукевіч учарэпіўся за парэнчы і завыў, нібы той піліпаўскі воўк. Позірк Пярдолка, затуманены слязьмі і смяротнай крыўдай, выхапіў ружовую пляму ў валасах Чорнай Дамы, дрыготкі агеньчык паходні ў яе руцэ і тоўстую, як бервяно, рулю ў адчыненым карабельным порце…

13.

Сярэднявечная гармата каралеўскай галеры грукатнула з важкай упэўненасццю, ажно дашчаная палуба здрыганулася. Каменнае ядро са свістам пракрэсліла дымны след і цяжка вухнула ў машыннае аддзяленне былой кананеркі. Чорная Дама згасіла паходню.

“CUD NAD NIEMNEM” імкліва хіліўся на правы борт. Густая пара свістала з расколатага катла. Страшна сычэла вуголле ў раскурочанай топцы. Бязладна круцілася стырнавое кола.

-- Дапамажыце! Што за народ такі?! -- капітанская фуражка паляцела ў бок каралеўскай галеры.

-- Вядома ж, землякі! -- Чорная Дама выцягнула з валасоў ружу, і падвялая кветка паляцела ў нёманскія хвалі.

А вада ўжо плёскалася на палубе, і шэрыя хвалі сцягвалі непрытомных піякаў. Пярдолэк спрытным пацучком узбіўся на машту, і толькі раскрыў рот, каб крыкнуць “ратунку!”, як з жахлівым грукатам разляцеўся кацёл карабельнай машыны…

Вадаплаўная рэстарацыя з грукатам развалілася напалам. Карма і нос сталі дыбкі. У фантанах пары і пырскаў вады мільгануў перакошаны адчаем твар былога жандара.

Неўзабаве толькі дым, што лесвіцай узнімаўся да неба, сведчыў пра трагедыю на нёманскіх прасторах. Імклівая плынь зносіла з горада перацягнутых партупеямі мудзілаў, паламаную мэблю, пашматаваныя фіранкі, кухонны рыштунак ды іншае смецце.

Але бела-русай галавы Віктара Янукевіча сярод яго не было…

14.

Бялюткія ветразі з вялікімі шасціканцовымі крыжамі ганарліва разгарнуліся. Жнівеньскае сонца абліло ўсмешлівы твар залачонай наяды. Крэсовыя хаблы, скаваныя адным ланцугом, стаялі на палубе лупілі вочы і хаўкалі на парэшткі вадаплаўнай рэстарацыі.

Асістэнт прыклаў да вуснаў бляшаны рупар і данёс да масоўкі волю галівудскага рэжысёра:

-- Назад да вёслаў, сукіны сыны! Ніхто не даваў каманды “Знята!”

А сам рэжысёр ужо пытальна глядзеў на Ісабэль Карвальес.

-- Пан рэжысёр, -- белазуба пасміхнулася Чорная Дама, -- я абяцала назаўсёды пазбавіць градзенскі краявід ад бездухоўшчыны. І, што характэрна, адбылося гэта без усялякага шалберства, махлярства, ашуканства і адвядзення зроку!

15.

Шарая гадзіна апанавала Ласоснай, размыла абрысы прыбярэжных дрэваў. Згаслі колеры, сцішыліся птушкі, і вада счарнела, рыхтык атрамант. Ад пашы далятала ціхае блямканне званочкаў, бляянне авечак, і пастаральны дзіцячы дыскант кранальна ўлагоджваў змрочную паэтыку краявіду:

Ой Нёман, ты бацька наш, Нёман,

Як сонца, як дзень дарагі!

Касцямі звяругаў шалёных

Усланы твае берагі…

Двое паліцыянтаў крочылі сцежкай нага ў нагу, патрулявалі ўзбярэжжа, меланхалічна лузалі семкі і ўслухоўваліся ў кранальны спеў. Шлейф з гарбузовага лушпіння цягнуўся за імі ажно ад самой Гародні.

-- …а я, як дазнаўся пра цуд над Нёмнам, то адразу ж свечку перад Маці Вастрабрамскай і запаліў! -- шчарбаты паліцыянт падзяліўся семкамі таварышам.

-- Нас, зрэшты, гэта не тычыцца, -- ляніва азваўся клышаногі напарнік.

-- Хлопцы ў пастарунку казалі, што колькі мерцвякоў ажно ў Друзгеніках на пляж вынесла!

-- Хай цяпер Генік з Друзгенік імі і займаецца! Вада -- не нашая тэрыторыя. Законы Рэчы Паспалітай на беразе канчаюцца. Мы грошы дастаём за тое, што зямлю патрулюем.

-- Ды хіба гэта грошы?!

І тут ад берага даляцела хваравітае трызненне. Паліцыянты перазірнуліся, ссыпалі семкі ў кішэні і расправілі плечы.

Неўзабаве яны ўжо стаялі каля самай вады. На водмелі ляжаў бела-русы фацат з ратаўнічым колам на шыі. Скрываўлены пусты рукаў светлага кіцеля пяшчотна краналі шэрыя нёманскія хвалі.

Шчарбаты задуменна пачухаў патыліцу:

-- Во! А ты кажаш -- Генік!.. Вось і сурочыў!

-- Давай, яго дручком сапхнем! Няхай у Друзгеніках разбіраюцца!

Хвалі мерна накатваліся на аднарукага. Зсінелыя вусны ледзь варушыліся.

-- Гля, апрануты прыстойна, -- ацаніў клышаногі.

-- Мо, па кішэнях пашныпарыць? -- прымружыўся шчарбаты. -- Рыбам і ракам златоўкі без дайпатрэбы.

Здабыча ўразіла: набрынялы пачак банкнотаў і цяжкі залаты партцыгар з зацёртым надпісам.

-- Вось гэта -- грошы! -- клышаногі са шкадаваннем распалавініў пачак.

-- А партцыгар, давай, разам на Раскошы і прагуляем! -- з напружанай усмешкай прапанаваў шчарбаты.

-- Маеш рацыю. Людзям -- чарка, ракам -- шкварка, -- дручок упёрся ў плячо непрытомнага калекі, -- і што характэрна: ніхто і ніколі не давядзе, што гэты тапелец тутай быў!

Бела-русы расплюшчыў вочы і надзіва роўна вымавіў:

-- Быў… Ёсць… Буду...

-- Гля, трывушчы! -- здзівіўся клышаногі.

-- Як гэта -- будзеш? -- не зразумеў шчарбаты.

-- Такія, як я, кожнай уладзе патрэбны. Я і польскім жандарам служыў, і ў НКВД пайду, як запросяць, і ў Гестапа, калі што якое…

Твары патрульных паліцыянтаў пасуворылі: непахіснасць у светаглядзе ўразіла іх замоцна.

-- Наш хлопец! -- ухваліў шчарбаты.

-- Шкада, як падохне, -- злітваўся клышаногі.

Паліцыянты асцярожна выцягнулі бела-русага калеку на бераг.

-- Пільнуй тут! А я пайшоў транспарт шукаць. Трэба ў шпіталь завезці, -- клышаногі пашыбаваў да горада, і неўзабаве яго перацягнутая партупеяй постаць распусцілася ў вечаровым сутонні.

16.

Эфектна прагучала віртуозная кода, бадай, самага знакамітага твора Ніколы Паганіні. Янкель апусціў скрыпку і з надзеяй паглядзеў на Карла Спагеці. Сівы, як лунь, сіцыліец кранальна прыклаў насоўку да вачэй. Геніяльная “Campanella” нязменна кранала сентыментальныя струны ў душы старога гангстэра.

Хросны і хлопцы ўзнёсла маўчалі.

Нагода сабрацца за даўжэзным сталом у зале пасяджэнняў была не абы якой. Слынны па абодва бакі Атлантыкі мафіёзі Карла Спагеці нарэшце вяртаўся на радзіму. Ачышчальная ціша постмузычнага катарсісу панавала з хвіліну. Нарэшце Карла сутаргова скамечыў вільготную насоўку і пранікнёна выгукнуў:

-- Bravo! Bravissimo!

І тут з другога канца стала недарэчным дысанансам прагучала:

-- Кіч-культура! Доза! -- і папуга патрабавальна дзеўбануў у паліраваную стальніцу.

Хросны перахапіў позірк Лабановіча і зразумеў: калі б не абяцаная вусачамі незалежнасць Беларусі, былы настаўнік неадкладна б адкруціў бездухоўнаму птаху галаву.

Брыль вінавата патлумачыўся перад госцем:

-- Дзядзька Карла, а калі б Бенік Мусаліні паабяцаў незалежнасць Сіцыліі ў абмен на такога крылатага мудзілу?

Спагеці пагадзіўся не адразу, маўляў, з мудзіламі весці справы небяспечна, хаця, у такім выпадку, можа, і варта паспрабаваць.

Перш чым падняць свой келіх з шампанам, сіцыліец паведаміў, што жадае зрабіць шаноўным беларускім сіньёрам сціплы, але карысны падарунак і паставіў на стол пукаты віяланчэльны футарал. Сухія пальцы адшчоўкнулі срэбныя замочкі.

У ядвабным барвовым чэраве цьмяна паблісквалі пісталеты, рэвальверы самых размаітых памераў, канструкцый і прызначэння. Ладны аўтамат сістэмы Томпсана адразу нагадаў Хроснаму пра славуты закалот на чыкагскіх бойнях. Гранаты, падобныя да пукатых пляшачак, пашыхтаваліся ў кішэнях для нотаў, струнаў і каніфолі.

Прысаромлены папуга зацікаўлена скасавурыўся на класічны гангстэрскі рыштунак, але гэтым разам нічога не сказаў.

-- Біце ў сэрца іх, біце… -- пафасна прамовіў Спагеці, -- не давайце мудзіламі быць!.. І няхай у гэтым вам дапамогуць усе вашыя нябёсныя заступнікі!

Келіхі сышліся з празрыстым крышталёвым звонам. Але ніхто не паспеў нават прыкласціся да шампану…

Нешта шпокнула, і ад віяланчэльнага футаралу даляцела шапялявае:

-- Не зважайце на кепскую дыкцыю, у мяне ў зубах колца!..

Планка засцерагальніка кулялася ў паветры, па стале пагрозліва грукацела-кацілася граната. А крылаты наркаман з колцам у дзюбе радасна паглядаў на прысутных, чакаў узнагароду.

Першым, як і мае быць, зрэагаваў Хросны:

-- Цікайма!!! -- выгукнуў ён, трапным ударам нагі высадзіў шыбу і скочыў з другога паверха на клумбу.

Спагеці і хлопцы пасыпаліся следам. Магутны выбух скалануў будынак. Шуганула полымя. Вадаспадам абрынулася шкло. На паламаныя вяргіні клумбы цяжка гупнулася абсмаленая тушка. У сціснутай дзюбе тэрарыстага камікадзэ чарнела колца.

-- Капец нашай незалежнасці! -- разгублена вымавіў Лабановіч.

-- Вусатыя дзядзькі цяпер нас саміх падсмажаць! -- уздыхнуў Брыль.

-- Мо, якога глушака ім замест папугі падсунуць? -- прапанаваў Фінберг. -- Анілінам расфарбуем. Не адрозняць!

-- Ага! І праз колькі гадоў ты таго глушака паскуднай маскальскай лаянцы навучыш? -- Кільмандовіч грэбліва кратаў стэкам раскурочанага птаха.

-- Яшчэ невядома, нашто ім папуга спатрэбіўся. Ці шпегаваць, ці гранаты кідаць… -- Хросны прысеў на кукішкі і ўважліва прыгледзеўся да пашматаваных птушыных вантробаў. -- Хлопцы, што гэта?..

Праз гадзіну мікрафільмы былі выцягнуты з гумовых капсул і раздрукаваныя. Сакрэтны дадатак да пакта Молатава-Рыбентропа непрыемна ўразіў хлопцаў.

-- Я ж казаў, з мудзіламі нельга мець справу, а з вусатымі -- і пагатоў! -- слушна нагадаў Хросны.

-- Si! -- пагадзіўся Спагеці.

-- І што нам усім рабіць? -- канчаткова разгубіўся Янкель. -- Можа ў Амерыку якую з’ехаць? Ці ў Палесціну?

Хросны яшчэ раз пераглядзеў фотаздымкі і вырак:

-- Вусатых прыхадняў насамрэч цікавіла не паскудная птушка, а гэтыя мікрафільмы. Як яны хочуць іх атрымаць -- калі ласка. Нам усім абяцалі незалежную Беларусь. Але вы не абяцалі, што пра фільмы ніхто не дазнаецца.

17.

Вецер, што далятаў з Мічыган-возера да сорак восьмага паверха хмарачоса “TUTEJSZYJA”, варушыў бел-чырвона-белае прасцірадла сцяга. Белыя зоркі на сінім тле то паказваліся, то хаваліся ў цяжкіх складках. Бліскучыя скураныя падэшвы чаравікаў містэра Акулы блюзнерскі ўзвышаліся па-над пісьмовым сталом.

Дзядзька Сэм крычаў у тэлефонную слухаўку:

-- … ты кажаш -- Юзік з Адзікам абяцалі Беларусі незалежнасць даць?.. І нават дазволіць буржуазны нацыяналізм?.. Гы-гы-гы! -- Сямён гучна зашморгаў носам, -- а я кажу: скаштуеце вы яшчэ ад іх праўдзівай залупы!.. І на варшаўскіх мудзілаў у такой справе няма чаго спадзявацца!.. Як гэта што рабіць?.. Ёсць у мяне колькі добра прыкормленых хаблоў у Кангрэсе!.. Я разумею, і там мудзілаў не бракуе. Але ж, як кажуць у нас на Уол-стрыце: на кожнага хітрага Адзіка з Юзікам знойдзецца свой Франак з бейсбольнай бітай, а то і з вінчэстэрам!..

18.

Хросны акуратна паклаў тэлефонную слухаўку. Хлопцы-янкі глядзелі на яго з надзеяй.

Цётка Эмілія апусціла навушнік у эбанітавую кішэнь:

-- Вось і дзядзька Сэм перакананы, трэба рабіць так, як я вам усім казала!

Святло фатаграфічнага ліхтара трывожнымі чырвонымі плямамі прабеглася па гасцёўні. З-за дзвярэй бакоўкі выслізнула Ісабэль:

-- Праз гадзіну будуць гатовыя. Як вы, цётачка Эмілія, і хацелі. Іх дзядзьку Сэму галівудскі рэжысёр перадасць.

Былы настаўнік выцягнуў насоўку і выцёр лоб:

-- Нарэшце можна тэлефон адключыць, а то ад самай раніцы верашчыць.

-- І адно мудзілы! -- Брыль красамоўна скасавурыўся на баксёрскія пальчаткі, што віселі на адным цвіку з падковай.

-- То Адзік, то Юзік! То Юзік, то Адзік! -- Кільмандовіч паляпаў па халяве бота стэкам, -- свае мікрафільмы патрабуюць!

-- Хай сабе тэлефануюць, -- знізаў плячыма Фінберг, -- яны ж за размовы плоцяць.

Янка мройліва прымружыўся:

-- Хлопцы, вось што я падумаў… а, можа, і не кінуць нас з незалежнасцю Беларусі? Хоць яны і мудзілы, але ж -- народныя правадыры!

-- Не дай Бог свінні рог, а мудзілам панавання! -- упэўненым тэнарам азвалася Эмілія Вастрабрамская. -- А цяпер, хлопцы, рыхтуемся да сустрэчы.

19.

Нёманскія хвалі трывожна ўздымаліся, дыбіліся і каціліся на валуны. Сіверны вецер гнаў пашматаваны перадсвітальны туман. Пагрозліва дрыжэлі сталёвыя фермы чыгуначнага моста. Тонка звінелі напятыя тэлеграфныя драты.

Малая беларусачка ў васільковым вяночку мыла ручнікі ў неспакойнай халоднай вадзе і тужліва спявала:

Купалінка , Купалінка,

Цёмная ночка…

Раптам з другога берага даляцела нізкае гудзенне аўтамабільнага рухавіка. Бляклымі жарынкамі бліснулі і згаслі фары. Дзяўчынка паскідала мокрыя ручнікі ў кошык і спалохана сцішылася. Неўзабаве над самай галавой нешта іржава прарыпела, і мерна прагрукацелі цяжкія сталёвыя колы…

20.

Сустрэча са страшнымі вусатымі дзядзькамі мусіла адбыцца на чыгуначным мосце. Хросны са сваімі хлопцамі крочылі хісткім металёвым насцілам, што ішоў уздоўж рэек. Тонкія сталёвыя парэнчы густа ўкрывала раса. Пад шпаламі іртутна блішчэлі ўспененыя нёманскія хвалі.

А насустрач з механічным іржавым рыпеннем насоўвалася ручная дрызіна. Вусатыя дзядзькі з бяздушным аўтаматызмам гайдалі рычаг руху. Роўна на сярэдзіне моста дрызіна спынілася.

-- Хальт! -- злобна папярэдзіў псіхапат з тэатральнымі вусікамі.

-- Мыкрафылм! -- агрэсіўна загадаў рабы вусач.

Хросны нядобра прымружыўся і слушна запатрабаваў:

-- Незалежнасць!

Дзядзькі перазірнуліся і пасміхнуліся падступна.

-- Кажды народ імэет права на самаапрэдылэніе! -- запэўніў рабы.

-- Бітэ! -- псіхапат раскатаў аркуш крэйдаванай паперы з дзвюхмоўным тэкстам Дэкларацыі аб суверэнітэце Беларусі, пахукаў на пячатку і прыклаў яе да дакумента.

Пад адбіткам арла са свастыкай ён старанна вывеў “A. Hitler”.

Рабы таксама пахукаў на пячатку і пад адбіткам герба, падобнага да пахавальнага вянка, паставіў “И. Сталин ”.

-- Дзякуй, панове, за волю і долю! А тое мы ўжо падумалі, што падма… -- Лабановіч змоўк, як абцяла.

Хросны балюча наступіў яму на нагу.

-- Калі ласка, -- дыпламатычна прамовіў старэйшына беларускай дэлегацыі, і абедзве гумовыя капсулы з мікрафільмамі перайшлі да законных уладальнікаў.

-- Партыя вас нэ забудэт!

-- Едэр хабэн зайнэ!

Зашаргацеў гравер пад коламі грузавіка.

Ржава зарыпеў рычаг дрызіны...

21.

Дзяўчынка ў васільковым вяночку палахліва хавалася паміж вялізных камянёў і прыціскала да сябе цяжкі кошык з мокрымі ручнікамі. На другім беразе запаліліся, зрушыліся і зніклі фары грузавіка. Над самай галавой прарыпела, прагрукацела і сцішылася ў тумане дрызіна.

Дзяўчынка з палёгкаю ўздыхнула і нясмела заспявала:

Купалінка, цёмная ночка,

А дзе ж твая дочка?

І тут з адхону пасыпаўся жвір, дробна зашаргацелі каменчыкі, і з бялёсых шматкоў тумана вытаркнулася люлька васпаватага вусача.

-- Нам пэсня строіт і жыт памагает! А ў твоём возрастэ ўжэ нада благадарыць велікага Сталіна за сваё шчаслівае дзетства!

-- Найн, майнэ лібэр мэдхэн, -- псіхапат з нетутэйшымі вусікамі драпежна скочыў на камень, -- Гітлерюгенд -- юбер аллес!

Малая беларусачка нават адказаць не паспела. На дзіцячай шыі бязлітаснай пятлёй зашморгнуўся мокры ручнік. Стаптаны вяночак адляцеў на жвір. Цяжкі кошык пакаціўся ў ваду.

Гідкі васпаваты вусач з асалодай цягнуў край вышыванага ручніка на сябе, другі край з усяе моцы -- істэрычны псіхапат. Правадыры метадычна душылі дзіцёнка ў чатыры рукі і кпліва пасміхаліся…

Стала ціха-ціха на ўсёй Зямлі.

Шаргацеў гравер, плёскалі хвалі, у тумане ржава рыпела дрызіна.

Па рацэ далёка ручнікі плылі…

Эпілог

1.

Дужы “Студэбекер” без нумароў і апазнавальных знакаў паволі сунуўся па шашы. Лабановіч засяроджана глядзеў перад сабой; жарты і кпіны скончыліся. За спіною засталася Гародня, занятая Саветамі, кінутыя дзялкі і мілыя сэрцу краявіды. Ані ён, ані хросны Хросны, што сядзеў побач, не ведалі, дзе і калі скончыцца цяперашняе падарожжа. Не ведалі таго ані цётка Эмілія, ані Ісабэль з хлопцамі, якія сцішыліся ў тэнтаваным кодабе. І Саветы, і немцы падаваліся беларускім буржуазным нацыяналістам аднолькавым ліхам.

На вузкай шашы панаваў хаос. Вазкі, фурманкі, брычкі і легкавікі прадзіраліся з захаду на ўсход і з усходу на захад. Адныя лічылі, што знойдуць паратунак у цывілізаваных нацыстых, а другія -- у справядлівых камуністых. Конскае іржанне, прарэзлівыя аўтамабільныя клаксоны, трывожныя крыкі, жаночыя енкі і дзіцячы плач ляцелі ў халоднае вераснёўскае неба.

-- Дзядзька Хросны, а што ты з Дэкларацыяй аб суверэнітэце Беларусі зрабіў? -- Лабановіч спыніў машыну на ростанях, бо паперадзе сашчапіліся коламі дзве фурманкі.

-- Ды ў агонь кінуў.

-- У які агонь?

-- Пакуль вы транты збіралі, мы з маці фабрыку і падпалілі… Каб ворагам не дасталася, -- адчужана прамовіў Хросны. -- Свабоду не падораць. За волю і долю трэба самім змагацца.

Янка адчыніў дзвёрку і прыўзняўся над кабінай. Далей па шашы было не праехаць, не прасунуцца.

-- Лесам давай! -- распарадзіўся Хросны.

-- Куды выедзем?

-- Ды куды заўгодна! Абы падалей ад прыхадняў!

Пад магутнымі коламі “Студэбекера” храбуснула сухое галлё, вецце зашаргацела па лабавым шкле.

-- А ці тэлефанаваў дзядзька Сэм? -- з надзеяй спытаў былы настаўнік.

-- Ну, тэлефанаваў, -- неахвотна азваўся Хросны.

-- І што ён? Атрымаў?

-- Копіі мікрафільмаў з сакрэтнымі пратаколамі Молатава-Рыбентропа ён праз нашых хлопцаў перадаў у Кангрэс ЗША. Сустракаўся з самім дзядзькам Франакам.

-- Гэта каторы Рузвельт-малодшы?

-- Ну не з Багушэвічам жа! Франак, як мае быць, падзякваў і ўрачыста паабяцаў, што не забудзецца на шматпакутны беларускі народ у яго святой барацьбе з чырвонай і карычневай наваламі. Але ж, баюся, што і яму веры даваць нельга. Беларусы для ўсіх гэтых дзядзькаў -- дробны козыр у вялікай геапалітычнай гульні. Трэба сваю гульню распачынаць. Тады і выйграць можна.

“Студэбекер” драпежна праламіў сухі ельнік і нетаропка выкаціў на вялікую, залітую сонцам паляну.

На паваленым памежным слупе нахабна раскірэчыліся двое прыхадняў: адзін у форме Гестапа, другі -- НКВД. Яны кранальна абдымаліся, жлукцілі шнапс з водкай і гарлалі на два галасы “Meine liеber Gretchen” і “У самовара я и моя Маша”.

Хросны з дакорам паглядзеў на кіроўцу:

-- Не ведаеш, што рабіць?

Лабановіч таргануў рычаг скрыні бегаў і прыціснуў педаль акселератара. “Студэбекер” шкрабануў сухую траву і паімчаў. Прыхадні нават падхапіцца не паспелі, як зніклі пад магутным бамперам. Пад коламі суха храбуснулі косткі.

-- Далей… -- без асаблівай радасці прамовіў Хросны.

І тут па абодва бакі паляны разляцеліся густыя маскіровачныя хмызы. Злева выехаў танк з пяціканцовай чырвонай зоркай, справа -- з тэўтонскім крыжам. Танкавыя вежы сінхронна павярнуліся, рулі гармат скіраваліся на “Студэбекер”.

Чакаць не выпадала. Дзёран шалёна паляцеў з-пад колаў грузавіка.

Лабановіч ліхаманкава круціў руль, і калі машына нарэшце вылецела на прасеку, здолеў зірнуць у люстэрка.

Пераследнікі не адставалі.

З кодабу ўжо лупіў станковы кулямёт, слынная адраджэнка Эмілія, як заўсёды, не збіралася здавацца без бою. Ісабэль Карвальес ашчаднымі чэргамі садзіла з амерыканскага Томпсана па трыплексах. Ляскалі пісталетныя і рэвальверныя стрэлы хлопцаў. Але ж лёгкая стралковая зброя не магла пашкодзіць браніраваным прыхадням.

Гахнула гармата савецкага танка -- тэнтаваны кодаб загарэўся. Доўгая кулямётная чарга з нямецкага танка разнесла ў трэскі борт грузавіка.

“Студэбекер” дажываў апошнія хвіліны. Грукацела разбітая падвеска, захлынаўся рухавік, лапаталі прастрэленыя колы. Лабановіч гнаў машыну на злом галавы і ўжо нават не азіраўся. А пагрозлівы ляск танкавых тракаў гучаў усё бліжэй і бліжэй.

І тут у перспектыве прасекі заззяла зманлівая срэбная паска.

-- Рака! -- узрадваўся Хросны. -- Гані да яе!

Падранены грузавік вылецеў на высокі бераг. Янка сабраўся ўжо скіраваць машыну ў круты віраж, як жалезныя пальцы Хроснага мёртва ўчарэпіліся ў руль.

-- Толькі наперад. Газуй, -- страшным шэптам загадаў ён.

Ахоплены полымем грузавік сарваўся з адхону і цяжка абрынуўся на сярэдзіну ракі. Савецкі і нямецкі танкі сінхронна спыніліся на самым краі стромы. Пырскі вадаспадам накрылі іх.

2.

Сумесны савецка-нямецкі парад у Гародні праходзіў бліскуча. Бранетэхніка прыхадняў смуродзіла, грукацела і нявечыла старасвецкі брук. Па плошчы перад Фарай Вітаўта праплывалі даўжэзныя гаўбіцы з пяціканцовымі зоркамі і тэўтонскімі крыжамі. Каробкі чырвонаармейцаў і салдатаў Вермахта папераменна гарлалі:

-- Слава великому Сталину!

-- Cheil Hitler!

Гідкі рабы вусач і псіхапат з нетутэйшымі тэатральнымі вусікамі прыбылі ў горад інкогніта. Мілітарнае імперскае свята, зладжанае ў іх гонар, правадыры сузіралі з верхняй пляцоўкі званіцы найстарэйшага гарадзенскага касцёла.

-- Кстаты, таварыш Адзік, -- рабы незадаволена пыхнуў люлькай, -- а што с этымі празрэннымі буржуазнымі нацыаналыстамі, каторых мы так удачна абманулы?

Псіхапат няпэўна знізаў плячыма:

-- Ніхт гэфундэн!

-- Маі люды іх тожа нэ нашлы, -- рабы задуменна ўздыхнуў, -- ны жывых, ны мёртвых. Баюса, беларускіе нацыоналысты ешчо пап’ют нашай крові!

-- Шайзэ, геносэ Юзік! -- псіхапат беснавата пырснуў слінай.

-- Я, таварыш Адзік, сказаў бы па-нашаму, па-пралетарскі. Срака!

15 траўня -- 2 жніўня 2005 года.

Менск, Чарнігаў, Лысая Гара.

Падрыхтаванае на падставе: Уладзіслаў Ахроменка, Максім Клімковіч, Янкі, альбо Астатні наезд на Літве: кінараман-фарс — Мінск: Медысонт, 2007. — 244 с.

ISBN 978-985-6530-42-8

Раман пісьменніцкага дуэта М. Клімковіча і У. Ахроменкі – захапляльны аповед, прасякнуты гумарам. Кніга зацікавіць як аматараў вострасюжэтных твораў пра авантуры і інтрыгі, перастрэлкі і пагоні, гэтак і прыхільнікаў інтэлектуальнай літаратуры, якія цэняць тонкую пародыю, дасціпныя алюзіі і мудрагелістыя стратэгіі.

© Інтэрнэт-версія: Камунікат.org, 2010

© PDF: Камунікат.org, 2010

© ePub: Камунікат.org, 2012

Fueled by Johannes Gensfleisch zur Laden zum Gutenberg

Комментарии к книге «Янкі, альбо Астатні наезд на Літве», Максим Александрович Климкович

Всего 0 комментариев

Комментариев к этой книге пока нет, будьте первым!