Мікола Купрэеў
НА ВУЛІЦЫ КАРЛА МАРКСА 3 ПАЭТAM
Аповесць
Ён быў яшчэ зусім маленькі, гэты сабачка - кругленькі, лабасценькі, пад колер попелу, з белай плямкай над правым вокам і з белым кончыкам кароткага хвосціка. Сустрэліся мы ля дзвярэй гасцініцы. Я выйшаў на ганак з сумкай у руцэ (а там - ручнік, мыла, газеты ) - сабраўся гэтай раніцай, як і ўчора, на рэчку, з берага памыцца, пасядзець там на камені-валуне, пачытаць дый проста паглядзець на ваду, дыхнуць паветрам, яно там настоенае на аеры, расцы і мяце.
Ён сядзеў у куточку ля бетоннага вушака і насцярожана глядзеў мне ў вочы сваімі цёмнымі вачынкамі. Але, мусіць, сабачым розумам уцяміў, што я ў гэтым доме не гаспадар, а, як і ён, прыблуда, - таму вільнуў хвосцікам, прыўзняў пыску і ціха віскнуў: маўляў, можа, не ўдарыш, не прагоніш. Я сеў на прыступку, працягнуў руку ў яго бок - хацеў пагладзіць, а ён, дурненькі, убіўся задком у куток, падняў лапку і махнуў ёю на руку, як на муху-назолу, і вуркатнуў. Я пасміхнуўся, маўляў, не бойся, не ўдару, не праганю. Ён гэта зразумеў, таму выцягнуў шыйку і, не спускаючы з мяне вока, лізнуў у палец цёплым ружовым язычком. I калі я раптам на хвіліну задумаўся, сабачка зноў вуркатнуў: ну, чаго ж ты, чалавек, душу маю сабачую развярэдзіў і - усяго толькі? Не мог жа я яму давесці, пра што я задумаўся. А задумаўся я таму, што ўспомніў іншы цёплы і ружовы язычок - маленькага цяляці ў даўнім-даўнім і такім далёкім хляве на дзедавым падворку, такога маленькага, што яно яшчэ і ног сваіх адужаць не магло, каб паставіць і толькі прутка шоргала імі па саломе, пад каровай.
Я сышоў з ганка, азірнуўся: сабачка, пераваліўшыся з прыступкі на прыступку, торкнуўся пыскай мне ў калашыну.
Шчаня, падумаў я, не паспела яшчэ здаволіцца ласкай маткі-сучкі, таму й горнецца да ўсяго жывога.
Калі я зрабіў крок, асцярожна, каб не наступіць яму на лапку, сабачка завішчаў так прарэзліва, што ажно варона ў паветры махнулася ўбок і ўверх, і я пачуў, як ён халодным носікам тыцнуўся мне ў скуру пад калашыной. Я стаяў нерухома. Ён апусціў мордачку, прыціснуў да цэментаванай дарожкі і знізу ўдумна глядзеў мне ў вочы. I тады я сказаў яму:
- Хто ж цябе, малое, падкінуў сюды? Ты ж сам не мог пакінуць сваю будку і свой двор. I матка твая цябе не праганяла. Нехта ж узяў цябе з будкі, запіхнуў у торбу, павесіў торбу на рулю ровара і вывез у людзі як лішняга ў тым двары. Так было, га? Та-ак, малое. Ну, што ж, пайшлі разам.
Рэчка была блізка, адразу за гасцініцай, і вуліца Маркса выходзіла проста на яе. Адно што вуліца не да самага берага, не да самага моста была заасфальтаваная, далей ішла гравійка. Мост і гасцініца былі новыя, мост жалезабетонны, а гасцініца - мураваная і пабеленая, і дзверы яе, калі зачыняліся, грукалі так, што чутно было, мусіць, і на тым, дальнім, канцы вуліцы, што ўпіралася ў глухую і высокую сцяну Дома Саветаў. Вось і цяпер гасцінічныя дзверы грукнулі, і рэха таго стуку-груку адбілася ад сцяны Дома Саветаў, пранеслася ўгары нада мной і сабачкам у "наш” канец вуліцы Маркса, патанула ў тарфяніках за рэчкай. Але ж і там, на ганку Дома Саветаў, дзверы таксама грукнулі, ды так грукнулі, што рэха адтуль панеслася кудысьці над горадам - высока за аблокі.
Шчаня ззаду вуркатнула нясмела, потым пагрозліва. Я азірнуўся, сабачка крыху адстаў ад мяне і прыпаў мордачкай да асфальту і ўвесь напружыўся. Значыць, там у яго нешта сур'ёзнае. Я вярнуўся да яго і ўбачыў - з травы, ад краю дарогі, напялася на ножках, гатовая вось-вось скокнуць, лупатая, тоўстая жаба. Яны ўпарта глядзелі адно аднаму ў вочы, сабачка і жаба. Ён яшчэ раз вуркатнуў, яна надзьмула шчокі, і я схіліўся над імі. Жаба разявіла рот, сабачка адпіхнуўся пярэднімі лапамі назад і з надзеяй глянуў на мяне знізу, але я зноў выпрастаўся. Шчаня ўбачыла маю ненадзейнасць і папаўзло задам на асфальт, жаба яшчэ больш надзьмула шчокі, павярнулася і скокнула ў траву. Я павабіў сабачку ісці далей, але той не зварухнуўся з месца - пакрыўдзіўся. На мост уз'ехала і набліжалася да нас легкавушка. Я схапіў яго за шкірку, увапхнуў у сумку, там ён сціх - мабыць, адчуў, што, нарэшце, у бяспецы, што ніхто ўжо яму там, у сумцы, не пагражае, ні жаба, ні машына, ні чалавек.
Я прайшоў па мосце, з'ехаў нагамі па сыпучым пяску з абочыны дарогі на ўтравелы бераг рэчкі, спыніўся ля высокага каменя-валуна. Тут ля берага цвёрдае дно - можна стаць і абліць сябе вадой з далоняў. Асцярожна, каб яшчэ чым не пакрыўдзіць, каб неўдарыўся балюча, я перакуліў сумку - шчаня ўпала на спіну, заплюшчыла вочы, бо ў іх біла сонца; я паказытаў яму жывот, шчанюку стала добра і ад сонца, і казытання, і ён задраў угору ўсе чатыры лапы. Я распрануўся, узяў яго на рукі, сышоў у рэчку, акунуў яго з галавой у ваду, ён затрымцеў ад такой нечаканасці і, мабыць, ад першага ў сваім шчанячым жыцці знаёмства з вялікай вадой, захлынуўся, чмыхнуў, падумаў і яшчэ чмыхнуў.
- Не, - сказаў я сабачку, - гэта не ўсё.
Узяў з берага мыла і добра-такі памыў немаўля. Але яно аказалася не такім ужо й бездапаможным: калі мыла зайшло яму ў вочы, сабачка так гаўкнуў на мяне, намерыўшыся нават укусіць за палец. Я спаласнуў яму вочы, і ён супакоіўся, лізнуў мне руку. Ага, а я ж дасюль не ведаю, хто ты: сабачка ці сучачка? Паглядзеў: ён. "Добра, хлопец, лезь на бераг". Я дапамог яму, даланёю пад хвост, ускараскацца з-пад навіслага над вадою беражка наверх, на траву. Ён шырока расставіў лапы, атросся ад вады, потым сеў і ўсё глядзеў, што я раблю: як мыюся, як плыву, як вынырваю. А калі я на беразе стаў махаць рукамі й нагамі, каб сагрэцца (а вада ж цякучая летняй раніцой золкая), сабачка здзіўлена завішчаў і мячыкам пайшоў скакаць вакол мяне. Босымі нагамі я чуў, што трава яшчэ росная, халодная; апрануўся, абуўся, сеў на камені, дастаў з сумкі газету “Літаратура і мастацтва”, разгарнуў яе там, дзе ажно на дзве старонкі стаяў загаловак з вялізных літараў. Сабачка забаўляўся - схаваўся пад газету і знізу драпаў яе кіпцюрамі.
- Гэй, ты! Но-но!
Сам сабе схамянуўся: "ты" - а як жа будзем зваць цябе? I надумаўся, паклаў газету на траву - на якое слова ў тым загалоўку шчаня наступіць, тое слова й стане яго клічкай. А яно не толькі наступіла, а і ўдарыла лапай па слове “паэт”.
- 3 гэтага рання, - сказаў я юнаму сабаку, - ты - Паэт. I зараз адзначым твае імяніны.
Я дастаў з сумкі бутэльку піва, адкаркаваў яе, глынуў, даў панюхаць Паэту, ён панюхаў, піва было свежае, яшчэ з газам, і - чмыхнуў. Потым ён падняў нагу, і раўчучок пацёк па газеце, лужынкай сабраўся на слове-клічцы.
- Ну,што ж ты, Паэт, самога сябе абсікаў? Ды яшчэ ў такой шаноўнай газеце? Іншым разам падсцялю табе "Политический собеседник" з артыкулам Кобелева. Ну, усё?
Паэт сеў ля маёй нагі, неяк увесь абвяў, апусціў вушы.
- Што зажурыўся? Канешне ж, пара ўжо нам і з’есці чаго. - Я дастаў з сумкі пакецік, а з яго - скібачку хлеба і кавалачак кілбасы - тое, што засталося яшчэ звечара - Падзелімся, малое. На.
Паэт накінуўся на кілбаску. Мусіць, даўнавата ўжо нічога не еў.
Ён, аблізваючыся, ляжаў на траве, махаў лапай на чмяля, які назаляў яму, а я сядзеў на камені, курыў і глядзеў на рэчку. Над вадой стаяў рэдкі туманок, па берагах, над травой ён даўно ўжо пад сонцам высах - тут яму не было дзе схавацца, за што зачапіцца. А калісьці ля рэчкі зелянеў густы алешнік, а за алешнікам чарнела купінамі балотца, на якім пасвіліся каровы з вуліцы Маркса. Цяпер, вакол гэтага каменя, стаяў мой сорак пяты чэрвень, і як я ні хацеў прагнаць адзін успамін - бо сорамна ж помніць такое ў мае гады, - ён, гэты ўспамін, прымусіў мяне ўсміхнуцца, нават слязу выціснуць з вока: мы, падлеткі, шастаем у алешніку і выглядваем з-за кустоў на дзяўчатак-аднакласніц, а найбольш - на дзяўчат-дзесяцікласніц, што ў трусіках і ліфчыках, з вяселым крыкам, скачуць з берага ў раку і сцішана, паважна, як жанчыны, выходзяць з ракі...
Паэт, прыгрэты сонцам, палажыў мордачку на лапы, заснуў, але ненадоўга, мусіць, і ў сне баяўся, што й гэты чалавек яго пакіне. Я ўзяў шчаня на калені і стаў (старэю, малое, старэю) гаварыць з ім, як з самім сабою:
- Шэсць гадзін... Вада цёплая, ранне свежае. Нам з табой у райком партыі на семнаццаць гадзін. Я цябе пакіну на гадзінку ля ганка, а сам пайду на прыём да сакратара па ідэалогіі. Ты, сабака, не ведаеш, што такое ідэалогія. Ну, гэта рэч сур'ёзная. Напрыклад, ты гаўкнеш ля райкома, дык мне з-за цябе можа дужа ўляцець. Што ты, скажуць, таварыш Кухараў, ля райкома гаўкаеш? Нельга. Вось ты - Паэт з вялікай літары. Быў і я некалі паэтам - з маленькай літары. Пісаў вершы. Нават кніжачку выдаў. Потым перастаў пісаць - пры Леанідзе Ільічу. Мог бы пісаць - толькі ў стол. Але ў стол пісалі адно расійскія ды ўкраінскія пісьменнікі. Там, у Расіі і на Украіне, і дысідэнты былі. Праўда, цяпер, у восемдзесят другім годзе, іх там ужо няма.
Паразганялі, каго ў Сібір, каго ў Амерыку, каго ў Францыю. Нашых няма там. Там бульбы няма. А нашыя паэты без бульбы жыць не могуць. Яшчэ да Леаніда Ільіча я быў пажартаваў рыфмай "Генсек Хрушчоў знішчыў ракаў і хрушчоў. Па ўсяму Саюзу ён рассыпаў кукурузу”, - дык мой сябар гэты жарт - свайму сябру, той свайму. Ну, мяне запрасілі ў адзін орган і там паківалі пальцам. Добра - што толькі пальцам. Некалі я і прозу пісаў - ліст да Мікіты Сяргеевіча пра завышэнне ўраджайнасці буракоў у звяне дэлегаткі дваццаць другога з'езда капээсэс. Ну, і сталі мяне ганяць па вобласці - быццам з-за віна. Дык жа тое віно прадаецца паўсюль. Што з ім застаецца рабіць? Ты - Паэт з вялікай літары, ты не ведаеш, што гэта такое - віно. А я - з маленькай літары, дык ведаю... Што, папісяць захацеў? Ну, ідзі сюды, пад камень, толькі - не на мае штаны! ...Ах ты, распуснік, усё-такі пырснуў! Ну, так, быў я некалі, як мяне называлі, паэтам. Бацька сварыўся, казаў: жаніся, садзі бульбу, гадуй свіней, бяры ў школе чым паболей урокаў... Потым жонка, ужо даўно былая, казала, напісаў бы якога вершыка, была б капейчына якая. А цешча: хай не піша, бо пойдзе з Гарыкам у “Голубой Дунай"... У тыя гады ў кожным райцэнтры, пасёлку былі “Голубые Дунай”. Так, Паэт, калісьці, калі я быў старшакласнікам, і мы сям'ёй жылі тут, у гэтым гарадку, а наш домік стаяў во тут, дзе цяпер гасцініца, стаяў у вішнёвым садзе, - калісьці ў рэчцы гэтай цякла чыстая-чыстая вада, ажно каменьчыкі на жоўтым дне свяціліся, і ў рацэ было поўна ракаў. Мы лавілі іх цэлымі мяшкамі і здавалі ў наш “Голубой Дунай” - за рублі. А вунь там, недалёчка, было балотца, а за ім на ўзгорачку рос бярэзнічак, у маі ён кішэў хрушчамі. Але потым па рашэнні цэка балотца асушылі, бярэзнічак пасыпалі лётчыкі хімікатамі, з поля ў рэчку таксама пацяклі хімікаты - ні ракаў, ні хрушчоў, ні бярэзнічку, ні чыстае вады. Былое балотца паднялося ў неба пылам, пыл той блукае недзе ў космасе. Што ты там, Паэт, скрабеш кіпцюрамі па зямлі? Можа, запісваеш за мной? Глядзі. Будзь хоць ты разумны. А то - трапіш у псіхушку. Але не бойся. Я не дам. Я перастаў баяцца. I сёння, калі што, у райкоме заяўлю: проста у рэдакцыі ёсць месца, бярыце на работу, рэдактар згодны, а калі не возьмеце - падпалю ваш Дом Саветаў. Сакратар, канечне, пасмяецца: Дом жа Саветаў жалезабетонны, не гарыць. Толькі ты там, ля ганка, не гаўкай.
Паэт падняўся з травы, сцепануўся, пазяхнуў, спусціўся з берага, глытнуў вады, чмыхнуў, узняў галаву і раптам завыў, як ваўчаня.
- Пацярпі. Сталоўка адчыняецца ў восем, яна блізка Давай пройдземся берагам.
Я ўжо заўважыў, што Паэт мой - сабака непаслухмяны. Паказаў яму пальцам, каб бег уперадзе, а ён валюхаўся ззаду - як я, паэт з маленькай літары, апошнія гады таптаўся ззаду грамадства з пяццю-шасцю самотнымі верлібрамі.
Я наступіў на нейкую даўнюю, патрэсканую костку, узяў яе, паказаў сабачку і кінуў уперад.
- Паэт, на!
Паэт пабег за косткай, схапіў яе зубамі і, радасна віхляючы хвастом, кінуўся назад да мяне, паклаў костку ля маёй нагі, прыпаў мордачкай да зямлі і вернападдана глядзеў мне ў вочы. Тады я шпурнуў костку ў раку. На маё здзіўленне, Паэт скокнуў з берага ў ваду і паплыў, весела фыркаючы, да таго месца, куды ўпала костка, спыніўся, азірнуўся, пакрыўджана заскуголіў і паплыў назад да берага, выскачыў на траву, падбег да мяне і схапіў зубамі калашыну маіх штаноў, злосна вуркатнуў. Я адпіхнуў яго ўбок. Паэт перакуліўся, сеў на заднія лапы і радасна гаўкнуў - мусіць, падумаў, што я з ім гуляю. Але я пагрозліва паківаў яму пальцам і паказаў на месца, ззаду за сабой. Паэт зразумеў, і калі, ідучы далей берагам, я азірнуўся, убачыў: ён паціху, стомлены гэткай цяжкой для яго ўзросту нечаканай ранішняй муштрай, валюхаецца за мной. Я прыпыніўся:
- Паэт, падыдзі да былога паэта.
Працягнуў да яго руку, Паэт лізнуў яе.
- Далей не пойдзем. Далей рэчка стала канавай, бачыш - зусім прамой, смярдзючай - з таго боку ў яе сцякае раўчук з усякімі брыдотамі з двара спіртзавода. Добра табе. Падрасцеш - ні піць, ні курыць не будзеш. А мы, чалавекі, у гэтым жыцці ўсякае атруты зведаем. Так нам трэба, грэшныя мы. А завошта прырода - трава, дрэва, вада - пакутуе? Завошта чалавек здзекуецца з яе? Тысячу разоў грэшны. Хадзем адсюль. Хадзем назад.
Паэт бег паперадзе мяне, да нашага каменя. Дыхнуў збоку свежы ветрык, кінуў сабаку пад ногі нейкую паперчыну, ён схапіў яе зубамі, вярнуўся да мяне, паклаў паперчыну на траву. Я ўгледзеўся: гэта быў аркуш са школьнай хрэстаматыі - з вершам Петруся Броўкі “Пахне чабор”.
Мы селі - я на камень, сабака побач. Я перакуліў яго на спіну, паказытаў жывот, Паэт задраў лапы ўверх і шчасліва глядзеў у неба.
- Паэт!
- Гаў!
- Устань!
Сабака падняўся.
- Глядзі, - я паказаў рукой за раку, за мост. - Перад намі вуліца Карла Маркса. Глядзі, у канцы вуліцы, упоперак яе - чатырохпавярховы гмах, гэта Дом Саветаў. Нам з табой сёння трэба туды. Там сёння вырашыцца мой далейшы лёс.
- Гаў-гаў!
- Маўчы, Паэт, і слухай. У нас з табой да прыёму яшчэ даволі часу, і мы зойдзем у тры хаты. Першая - адразу за гасцініцай. У ёй жылі дзядзька Антон і цётка Люба. Цяпер яны дзед і баба. Калі жывуць... Не ведаю... Прайшло дваццаць тры гады, як мы з'ехалі ў іншы раён, і я сюды болей не прыязджаў... Дык от - не ведаю, што яно і як у гэтай хаце і ў іншых хатах.
Паэт падпоўз да маіх ног, схіліў галаву набок і слухаў.
- Двор дзядзькі Антона. Чырвоная дашчаная агароджа, у двары - старая яблыня, пад ёй - невялічкая альтанка. За ёй - калодзеж з адзіным на ўсю вуліцу жураўлём. А пад сценамі, пад агароджай - буйналістае лапушынне. Кожнай раніцы вясной, летам і восенню да халадоў дзядзька Антон выходзіў з акардэонам у двор ды іграў мелодыі вядомых песень. Музыку чулі па ўсёй вуліцы. Мы, ужо ладныя хлопцы, схілялі галовы на чырвонўю Антонаву агароджу і слухалі, а я дык іншы раз ішоў да дзядзькі ў двор, садзіўся побач з ім, браў у рукі барабан - маленькі, з жоўтай ільсністай скуры з бомамі і меднымі круглымі бляшкамі. I барабаніў, чырванеючы ад заўсёднай сваёй сарамлівасці перад хлопцамі, што вось я ўмею барабаніць, ды так, што дзядзька Антон ажно падміргвае мне. Ён схіляўся вухам да меха акардэона, прытопваў нагой пад музыку і ціха ўсміхаўся. 3 коміна ішоў дым: цётка Люба варыла свінням і цяляці. 3 хаты праз насцеж адчыненыя дзверы пахла смажанай цыбуляй і скваркай, весела вішчала патэльня - пякліся дранікі ці аржаныя блінцы. Вялікія блакітныя вочы выглядвалі з ганка. Цётка Люба сыходзіла ў двор з місаю ў руцэ, ішла да агароджы і частавала хлопцаў, а дзядзьку і мне давала па чарцы вішнёвае настойкі. Пітво салодкае, але мы з дзядзькам, як заведзена ў мужыкоў, кракталі, выціралі рукавамі губы, закусвалі дранікам ці блінцом і - зноў пайшло, дзядзька йграў, я барабаніў. "Ну, Толя, усё, - казаў дзядзька і апошні раз сціскаў мех акардэона. - Трэба й за справу брацца”. Мы адыходзілі ад агароджы, я азіраўся на двор дзядзька тэпаў з сенцаў ужо з сякераю.
Паэт, здаецца, заснуў. Але - не... калі я злёгку піхнуў яго нагою, ён адразу расплюшчыў вочы - значыць, слухаў уважліва
- Дык от, той акардэон... А чаму сёння я не чую яго? Няўжо?.. Няўжо дзядзька Антон?.. Ой, не! Ой, неба ўпала на мяне! Добрае, чыстае неба! Чуеш, сабака? Чуеш музыку? Гэта той акардэон! Гэта дзядзька Антон!
3 двара дзядзькі Антона вылілася й пацякла па вуліцы Карла Маркса мелодыя песні "Широка страна моя родная”.
- Гаў-гаў!
- Маўчы, Паэт. Такая мелодыя! Маўчы, сабака!
I я расказаў Паэту-шчанюку гісторыю дзядзькавага акардэона .. Лета 1938 года. Малады Антон з бацькам скасілі свой лужок за рэчкай ля Азярца. Антон прывязаў да ровара клуначак з хлебам, салам і цыбуляй, разагнаўся з двара на вуліцу праз расчыненыя вароты, адштурхнуўся ад зямлі, закінуў нагу цераз сядло і выехаў з вёскі на гасцінец - на Дубітава, на Косаў, на Ражану, Беласток - і паехаў проста ў Еўропу; руля - канцамі ўперад, як рогі ў барана. У Варшаве на злотыя, што збіраў тры гады, купіў акардэон. На рынку ў Старым Мясце. Выехаў з Варшавы на беластоцкі тракт-брукаванку, збочыў з дарогі, паставіў ровар пад старой вярбой, з'еў хлеба з салам, развязаў мяшок, дастаў акардэон - з бардовым мехам, з беленькімі бліскучымі клавішамі, і толькі ўзяў першыя акорды роднай азярцоўскай песні (а вучыў Антона йграць на старым, ужо даволі дзіравым акардэончыку бацька - выменяў на кілбасу ў германцаў, што йшлі вайною на Расію і спыніліся ў Косаве), - так, толькі ўзяў першыя акорды роднай песні, як на бруку, проста перад ім, спынілася чорная легкавушка і з яе вылезлі два паліцыянты. I тады Антон расцягнуў мех акардэона на ўсю шырыню і зайграў “Ёшчэ Польска не згінела”, паліцыянты сталі на месцы як укапаныя. Калі Антон скончыў іграць, яны сышлі з дарогі пад вярбу, селі на траву, Антон адразу ж пачаставаў іх хлебам-салам з цыбуляй, тыя ахвотна падсілкаваліся, сказалі “дзенькуе”, пайшлі да машыны і паехалі ў бок Беластока, а Антон усё-такі падняў у польскае неба родную песню. Ужо добра звечарэла, калі ён угледзеў у баку ад дарогі стажок і хацеў ужо збочыць да яго, каб пераначаваць, а тут раптам з-за павароту яго асляпілі фары машыны. Яна спынілася перад роварам, і з яе зноў выйшлі два паліцыянты, падышлі ўшчыльную да хлопца і запатрабавалі паказаць ім дакуманты. Гэта былі тыя самыя паліцыянты. Антон паказаў дакуманты. Адзін з паліцыянтаў сказаў, што дакумантаў не хапае, другі даў Антону па шыі, яны селі ў машыну і як нічога і не было паехалі, а Антон павёў ровар з дарогі да стажка. Усё-ткі польскае сена пахне не гэтак смачна, як беларускае, азярцоўскае, - падумалася ноччу ў стажку, дый калолася сена ў шыю балюча.
У Гайнаўцы пад Беластокам Антон іграў местачковым беларусам - у канцы вуліцы на зялёным выгане, на беразе вузенькай чыстай рачулкі - полечку-трасуху, “Лявоніху”, "Мяцеліцу” і абэрак. Але і тут атрымаў па шыі ад паліцыянта. Сеў на ровар і - хутчэй да хаты, праз Ціхаволю, Ражану, Косаў.
Восенню Антон пабраўся з суседкай Любай, белакосай прыгажуняй. Бацька перад сватаннем сказаў яму: “Хопіць дзерці штаны аб плот па начах, гарод у суседа ўвесь стаптаў”. У верасні трыццаць дзевятага азярцоўскай вуліцай прайшла запыленая Чырвоная кавалерыя, дзіравыя абмоткі матляліся па баках у коней. Двое коннікаў спешыліся ля новай Антонавай хаты ў канцы вуліцы, зайшлі, павіталіся, папрасілі вады, а Люба дала ім малака. “Спасибо, - сказалі яны, і тут адзін з іх угледзеў акардэон. - Подарите нам аккордеон!” - “Не, - сказаў Антон. - Дужа цяжка дастаўся ён мне” - "Ну, как же так? Мы ваши братья, мы ваши освободители” - “Не, хлопцы, не дам” - “Ну, так мы сами возьмём как подарок" - “Не!”
Яны ўзялі акардэон і пайшлі з хаты. На ганку Антон учапіўся за акардэон. “Родной брат” даў Антону па шыі, але ён не выпускаў акардэон са сваіх учэпістых рук і разам з ім упаў з ганка на зямлю. Люба выбегла з хаты ў двор, з двара на вуліцу і залямантавала. Кавалерысты пабеглі з двара да сваіх коней. Яшчэ два дні йшлі праз вёску чырвоныя. Антон намерыўся быў схаваць акардэон, але перадумаў - выходзіў на вуліцу, сядаў на лаўку пад вішняй і йграў “Інтэрнацыянал” - чырвоныя бадзёра падскоквалі на сёдлах, казыралі Антону. У час вайны Антон, каб болей не рызыкаваць акардэонам, аблажыў яго маладой сухой саломай, абгарнуў у некалькі столак радном ды брызентам і закапаў у сухой клуні. Антона забралі служыць у паліцыі, але ён праз тыдзень, разам з Любай і нямецкай вінтоўкай, уцёк у партызаны, у слонімскія лясы. Калі я пытаўся ў дзядзькі Антона, чаму ён уцёк з паліцыі, ён адказваў: “Зразумеў, што немцы і паліцаі па шыі не даюць, а расстрэльваюць і вешаюць”. Малых сына і дачку аддалі сваякам у Быцень, але сюды, у мястэчка, неўзабаве прыйшла і Люба, бо зацяжарала. Пасля вайны Антон перацягнуў хату з Азярца ў гарадок. Чацвёрты раз па шыі Антон атрымаў у КДБ за тое, што тыдзень праслужыў у паліцыі. Дзядзька Антон шмат гадоў працаваў загадчыкам гаспадаркі сярэдняй школы. Вуліца разраслася, ёй далі імя Карла Маркса. На школьных вечарах Антон Іванавіч іграў дзецям на акардэоне полькі, вальсы, танга, факстроты, а то, бывала, і сам ляцеў па зале ў вальсе пад патэфон ці спаважна - у ботах бліскучых, чорных галіфэ і кіцелі - ішоў у паланезе з маладзенькай настаўніцай Сабінай Францаўнай - за гэта дзядзька Антон аднойчы атрымаў пяты і апошні раз у сваім жыцці па шыі - ад цёткі Любы, але ўдар той быў слабы, бо даланя жончына мяккая, цёплая. Дзядзька Антон, мусіць, даўно ўжо на пенсіі... Ну, што, Паэт, пойдзем у двор да дзядзькі Антона і цёткі Любы - адтуль ужо чуецца голас акардэона... Э-э, Паэт, ды ты, бачу, спіш. Ах і сабака ж ты! Ну, добра, спі. Э-э, пастой, пастой, у мяне ж кілбасы яшчэ крыху ёсць.
Я дастаў кілбасу, палажыў яе ля Паэтавай пашчы, сабака адразу яе ўнюхаў, расплюшчыў вочы, схапіў кілбасу і пабег падалей ад каменя, лёг на жывот ля палыновага кусціка, узяў кілбасу ў лапы і кусаў яе маладымі зубамі, потым перавярнуўся на спіну, склаў лапы на жываце і, здаецца, зноў заснуў. Мусіць, ладна аслабеў за дні бадзяжніцтва. Ну, добра, спі, Паэт. А я ўспомню, сам з сабою пагавару - пра яшчэ дзве хаты па вуліцы Маркса.
У адной з іх, за сотню метраў ад Антонавай, жыў мой школьны сябра Юра. Ён некалі хацеў дапамагчы мне хутчэй стаць мужчынам - дужым целам і духам.
У другой хаце, за метраў дзвесце ад Юравай, жыла мая і Юрава аднакласніца Тамара. Гэта яна некалі хацела дапамагчы мне толькі ў адным: каб заўсёды быў сумленным - перад людзьмі, а найперш - перад самім собой.
Таварыш Кухараў, ты, вядома, помніш: у апошні дзень вучобы ў дзевятым класе ты зайшоў у кабінет гісторыі і геаграфіі на другім паверсе, знайшоў на сцяне адміністрацыйную карту БССР з часткай Чарнігаўскай вобласці Украіны, адшчапіў зашчапкі ў акне, адарваў ад карты вузенькія драўляныя рэечкі, склаў карту ў некалькі столак і кінуў яе праз акно ў бэзавы зараснік пад сцяной школы, звінеў на калідоры званок з апошняга ўрока, ты зачыніў за сабой дзверы кабінета і адчуў, што ні кроку больш ступіць не зможаш, прыхінуўся спіной да сцяны - спіна дрыжэла, ты чуў, як па скуры цячэ халодны пот. Міма, у кабінет, прайшла наша добрая, старэнькая настаўніца Ірына Віктараўна, яна ласкава зірнула мне ў вочы, ціха сказала: “Віншую, Толя. Ты ўжо дзесяцікласнік". Адчыняючы дзверы кабінета, яшчэ ласкава паўтарыла: - Віншую, дарагі хлопчык”.
Ты кінуўся ўніз з другога паверха, выбег на школьны двор, пераскочыў праз невысокую агароджу ў агародчык, за вуглом школы ўбіўся з лёту ў бэзавы зараснік, але... Але перад табой стаяў Юра. Стаяў, маўчаў і сурова глядзеў у твае разгубленыя і вільготныя вочы. Клятчатая кашуля яго на грудзях была адтапыраная - там ён схаваў карту. Ён быў ніжэйшы ад цябе ростам, але крэпкаплечы, з мужчынскімі кулакамі і квадратнай сківіцай. Глядзеў на мяне спадылба, сказаў рашучым шэптам: “Толя, чаго ты сюды?.. Усё! Вечарам да мяне”. Ён пераляцеў з кустоў праз агароджу на вуліцу. Ты ўскараскаўся на гэтую высакаватую агароджу, азірнуўся: на вуліцы тратуарам ішла Ірына Віктараўна. Ты скочыў назад, сцішыўся за агароджай і ведаў: парваў аб цвік белую святочную кашулю. Вечарам ты ўпотайкі ад бацькоў і сястры пакінуў свой дом, у садзе закінуў за спіну зладкаваны загадзя ранец - нямецкі, рудой цялячай поўсцю наверх, - у ім былі- паўбуханкі хлеба, з кілаграм жоўтага сала і дакумент - камсамольскі білет. Юра дома ўкраў (ці можна так казаць у той нашай сітуацыі?) з паўпуда мукі, прадаў яе некаму - каб былі ў нас хоць якія грошы. Ноччу вы дасталі з кішэняў штаноў па ладнаму каменю, падышлі да Тамарынай хаты. Вакол было ціха і цёмна, і таму трэск шыфернага даху пад ударамі камянёў гулка раздаўся над хатай, над вуліцай, а вы беглі, беглі і беглі ад таго трэску-грому, ад бразгату расчыненых дзвярэй той хаты, ад уключанага на ганку святла, ад грознага баса брата: “в-ва-шу м-маць!” - беглі ад брэху сабак у дварах па ўсёй вуліцы, беглі на ўскраіну гарадка - да вузкакалейкі. Там на світанні залезлі на пустую платформу, і паравозік паціху, спакойна павёз вас праз Палессе ў Целяханы, там вы саскочылі з платформы і, ужо амаль апоўдні, ступілі на пінскую гравійку. Перад вамі вялікая дарога - пяшком і спадарожнымі машынамі да Пінска - адтуль цягніком да Лунінца - і далей - праз Сарны - у Чарнігаўскую вобласць, да Юравай цёткі. За Целяханамі вы выйшлі на драўляны мост праз Агінскі канал. Разгарнулі карту, канал вядзе на Ясельду. Рашылі, гэта вельмі цікава. Паелі хлеба з салам, запілі вадой з канала, а яе, вады той, - вузенькі, з пояс, раўчучок, затое яна празрыстая і смачная, бо цячэ між густой зялёнай травы і кветак белых, жоўтых, ружовых, і яны пахнуць мёдам. Берагам канала вяла вас белая, цвёрдая сцежка, і вы запіхнулі чаравікі ў ранец. Праз які кіламетр пачаўся густы забалочаны лес - высокія чорныя вольхі, елкі, бярозы, ля самай сцежкі кусты малін і ажын - з ягадамі буйнымі, чырвонымі і чорнымі. I пачалася вада ў канале, глыбокая і шырокая. Ля берага стаяла лодка, у ёй - мокрае вясло. Вы скокнулі ў лодку, адштурхнуліся ад берага, паплылі, а ззаду нехта крычаў: “ ну-у, су-кі!” Нехта бег за вамі, вы выскачылі з лодкі на бераг і пабеглі крэпкімі маладымі нагамі па сцежцы, крычаць ззаду перасталі. Ты рабіў тады ўсё, што рабіў Юра, ён ва ўсім быў вядучым. Ты збіў пальцы ног да крыві, Юра - не, бо ў яго скура на нагах была быццам свінячая, і ён табе сказаў: “Ступі ў балота, вымажы ногі гразёю”, - ты стаяў на месцы, тады ён піхнуў цябе са сцежкі ў чорную гразь, потым вы пайшлі далей, гразь на нагах засохла, стала коркай, і пальцы не смылелі, і нагам было легка... Звечарэла, калі выйшлі на шырокую, у лузе, і сінюю Ясельду, за тым берагам ціха стаяла вёска, толькі недзе вуркатаў рухавічок кінаперасоўкі. Той бераг быў узгорысты значыць, сухі, а гэты, ваш бераг, быў нізінны, упоравень з вадой, і тут начаваць не выпадала. Вы распрануліся, звязалі адзежыны тонкім лазовым веццем, Юра ўзяў ранец за рэмень разам з адзежынай сваёй у левую руку, ступіў у раку, падняў левую руку з грузам над галавой, лёг правым бокам на ваду і, фыркаючы, паплыў праз раку. Ты ўвайшоў у ваду следам. Юра ўжо скакаў, чакаў на беразе, а ты раптам не здужаў, не змог - і рука з адзежынай упала ў ваду... Юра сказаў мне на беразе: "Збірай сухі чарот”, - а сам пабег да гародаў і прывалок адтуль сухіх альховых калкоў, збегаў яшчэ раз, прывалок дзве тоўстыя жэрдкі, потым ён хутка расклаў вогнішча, іскры паляцелі ў цёмнае неба, мы грэліся ля вясёлага агню, і Юра сказаў: “Сушы сваю адзежыну...” На золку ён разбудзіў цябе: “Твае сухія штаны засталіся на тым беразе, плыві за штанамі, але сушыць іх ужо не будзе калі, дый згарэла ўсё”. I ты пераплыў раку назад, узяў перавязаныя штаны ў левую руку, лёг правым бокам на ваду, а яна была цёплая, паплыў Стараўся дыхаць роўна, правай рукой паболей зачэрпваць пад сябе вады, але рука левая пасярэдзіне ракі стала, як я ні тужыўся, апускацца - усё ніжэй і ніжэй. “Дрыгні левай рукой”, - сказаў з берага Юра Ты дрыгнуў рукой, штурхнуў яе ўгору, дыхнуў глыбока і сказаў сабе, даплыву Так, ты тады перамог самога сябе, ты стаяў на беразе перад Юрам, трымаўу руцэ сухія штаны і радасна ўсміхнуўся Юравым палагаднелым вачам, але хутка Юра зрабіў свае вочы суровымі, сказаў - “Апранайся”. Потым вы спяклі на вуголлі сала. Ах, і смачна ж паелі - як ніколі дома... У Пінску ноччу залезлі на задні вагон пасажырскага цягніка і, калі цягнік рушыў, вы ўчапіліся рукамі за нейкія металічныя цыліндры, прыніклі тварамі да вагоннага даху і разам з цягніком ляцелі, ляцелі... У Лунінцы з перона вам нехта грозна загадаў: “Злазьце!” - а вы ўжо й самі мерыліся злезці. Першым, між вагонаў, злазіў Юра. Яго ўжо нехта ўнізе трымаў за каўнер, чакаў цябе. Міліцыянер схапіў і цябе, і ў гэты момант Юра вырваўся з ягонай рукі і пабег па пероне ў цемру - з тваім ранцам на спіне. Цябе завялі ў міліцэйскую дзяжурку, дапыталі, пасадзілі на лаўку ў калідоры, а ля дзвярэй сядзеў міліцыянер, тоўсты, чырванашчокі, у ботах і сіняй форме, ногі працягнуў упоперак усяго вузкага калідора і спаў, і ты, нарэшце, падумаў: а што цяпер зрабіў бы Юра? I ты зрабіў - ціха-ціха пераступіў ногі міліцыянера, ціха адчыніў дзверы, ціха іх зачыніў і пайшоў далей ад вакзала, у скверыку залез пад лаўку. Потым цэлы дзень выглядаў з кустоў у скверыку, але ні на прывакзальнай плошчы, ні на пероне Юры не ўбачыў. А ноччу залез у таварняк, заехаў у Баранавічы, адтуль дахаты, у свой гарадок. А Юра праз месяц вярнуўся - прынёс табе ранец, камсамольскі білет. Ён усё-ткі здолеў дабрацца да чарнігаўскай цёткі. Вы разам з ім прайшліся вуліцай, міма дома Тамары на даху яе замест разбітага шыферу - новыя лісты. Вы стаялі на старым драўляным мосце, абаперліся локцямі на парэнчу, глядзелі ў ваду, там бачылі сябе, і Юра сказаў: “Кахаеш Тамару?” Ты зманіў: “Не!”. Юра плюнуў у ваду і сказаў: “А я кахаю”. I вы разышліся па сваіх хатах.
Я й не заўважыў, успамінаючы сваё, калі Паэт прыйшоў да каменя. Ён ціха сядзеў перада мной і глядзеў мне ў вочы. Мусіць, быў здзіўлены мною такім - маўклівым, з апушчанай галавой, са скрыжаванымі на грудзях рукамі, са слязой у вачах. Калі я падняў голаў, ён падпоўз на жываце да маёй нагі, лізнуў яе, зноў паглядзеў у вочы, потым пайшоў да берага, сеў там і глядзеў у ваду, а вада тая ціха цякла, цякла, цякла... Глядзі, Паэт, глядзі ў ваду і не вяртайся да каменя, таму што сёння я пакажу табе Тамарыну хату, а можа, і ў двор зойдзем, а цяпер пакуль што я ўспомню на камені і тое, тое... Таму ты не вяртайся да каменя, каб не бачыць маіх слёз..
...Тамара выйшла з-за сваёй, пярэдняй, парты, павярнулася тварам да класа і лёгка, светла ўсміхнулася. Усміхнулася яна і маладому настаўніку матэматыкі, маладому і нейкаму нягегламу. Ён стаіць ля стала, упарта глядзіць у журнал і не ўласцівым яму басам просіць запісаць на дошцы формулы сінуса, косінуса, тангенса і катангенса. Тамара крутанулася на месцы так хораша, што ажно яе паркалёвая, квятастая сукенка двойчы ахінула стрункія ногі - а ногі ў простых чорных чаравіках са шнуркамі, жоўтая доўгая каса са спіны цераз плячо ўпала на грудзі - на вострую, пад сукенкай, цыцачку (Юра, я бачыў, адным вокам, лавіў спадылба гэты момант - палёт Тамарынай касы, ды й усе хлопцы, і я, таксама спадылба, зіркалі туды), яна брала крэйду і пісала на дошцы няспешна, упэўнена, акуратна. Паварочвалася да класа, зноў усміхалася ўбок аднаму настаўніку, а той, не адрываючы вачэй ад журнала, нават скоса не глянуўшы на дошку, казаў: “Пяць, Васільцава. Сядайце”.
...Вечарам я йшоў нашай вуліцай - проста, каб прайсціся ля Тамарынай хаты, а перад хатай, у святле яе вокнаў, ціха стаялі ў агародчыку кусты вяргіняў - жоўтых, чырвоных, белых, пунсовых, понізу бялелі астры, бялелі па-восеньску самотна-вечарова, і тады плойма ясных зорак у небе здавалася мне вяснушкамі, якія нанач пакінулі Тамарын твар - навошта яны ёй ноччу?
...У школьным калідоры вісіць аб'ява: "После уроков состоится заседание комитета комсомола школы с повесткой дня...” Юра, самы здольны ў класе да вучобы, быў выкліканы на камітэт ужо не раз - з-за "двоек”. Ён сказаў мне: “Атрымай "двойку” - патрапіш на камітэт, убачыш дзіўную Тамару”. Мы сядзелі з ім за адной, задняй, партай, і ён бачыў, што я, як і ён, паглядваю на Тамарыну касу. Я атрымаў не тое што "двойку” - "адзінку” (хаця й вывучыў дома на памяць верш, але на ўроку, калі мяне настаўніца рускай літаратуры выклікала да дошкі, сказаў, што забыўся), і ў канцы ўрокаў Тамара строга сказала мне: “Сёння - на камітэт”.
Я стаяў з апушчанай галавой перад сталом, пакрытым чырвонай тканінай. За сталом сядзеў камітэт, мудра падпёршы рукамі галовы. Пасярэдзіне стаяла Васільцава, упершыся кулачкамі ў стол, і казала: “Комсомолец Кухарев, как тебе не стыдно! Редко “тройку” получал. А тут - на тебе: "единица"! Позор всему классу! Какой позор! Видите: он опустил голову. Подними голову! Посмотри всем нам в глаза!”
Я падняў галаву, паглядзеў у Тамарыны суровыя, нават злыя, але такія прыгожыя сінія вочы - і мне стала смешна, і я ўсміхнуўся на ўвесь свой рот. Тамара не вытрымала і таксама ўсміхнулася. Потым села і сказала: “Ладно, комсомолец Кухарев, иди домой и впредь смотри...”
Юра чакаўмяне на школьным двары: "Ну, як?" - "Анічогa, цікава" - "Яшчэ пойдзеш на камітэт?” - "Пагляджу” - "Ну, ты глядзі ў мяне". - Юра паказаў мне кулак.
...Мы ўсе ў класе плакалі тым сакавіцкім ранкам. Дырэктар школы прыйшла да нас на ўрок, села на крэсла, паклала далоні на журнал, на далоні апусціла сівавалосую галаву і зарыдала так, што трэслася яе галава, трэсліся плечы, тросся стол. На момант сціхла і, захлынуючыся слязамі, прашаптала, не падымаючы галавыз далоняў: “Умер!.. умер... Сталин”. I зноў плакала, трэслася. Тут за пярэдняй партай, перад сталом настаўніцы, роспачна крыкнула Тамара - “Ой!” і ўпала галавой на свае рукі, голасна заплакала. За Тамарай расплакаліся ўсе дзяўчаты. Хлопцы паапускалі галовы, выціснулі слязу. Тамара падышла да мяне на перапынку, сказала, каб я склаў верш на смерць Сталіна ў насценгазету. Я напісаў. На другі дзень школа чытала ў насценгазеце: "Мир слёз сдержать не может. Умер наш великий вождь. Сердца нам горе гложет. Слёзы льются, словно дождь”.
Праз некалькі дзён Тамара сказала мне строга, як камсамольская начальніца: "Я вырежу твоё стихотворение и помещу в свой альбом на память, но - с условием - чтобы больше - ни одной двойки, тем более, единицы”. Я сказаў: "Тамара, дазволь яшчэ хоць раз атрымаць двойку”. Яна зрабіла свае вочы яшчэ больш суровымі, але ненадоўга - не вытрымала, засмяялася. "Ну и шутники вы с Юрой". Міма нас па калідоры праходзіў, угнуўшы голаў, малады матэматык, спатыкнуўся аб нешта, я паглядзеў на падлогу: нічога, здаецца, - толькі Тамара паспела ўжо прыставіць адну нагу сваю ў чорным чаравіку да другой...
Летам мы з Юрам кінулі каменне на шыферны дах яе хаты. Восенню на вечары ў школьнай зале я, нарэшце, асмеліўся - запрасіў Тамару на вальс “Амурскія хвалі", і не я, а яна мяне вяла ў вальсе, бо я быў слабы танцор, а яшчэ больш слабы як хлопец, бо, заікаючыся, шаптаў ёй: “Т-тамара, гэта мы з Юрам к-кінулі к-каменне". Яна абмякла, прыпынілася і сказала: "Толя, Толя! Што прызнаўся - добра. Гэта значыць - пакаяўся. Але навошта Юру выдаў?"
Я стаяў у далёкім цемнаватым кутку залы, чуў, як гарэў мой твар, як выступіў пот на спіне, бачыў, як праз некалькі танцаў Тамара, калі аб'явілі “белы вальс”, прайшла праз усю залу, запрасіла Юру .
- Паэт! - крыкнуў я сабаку і штурхнуў яго нагой. - Прачніся, Паэт! Тыя Тамарыны словы "навошта Юру выдаў?” пякуць мяне ўсё жыццё! Я баяўся сюды прыязджаць, баяўся гэтай вуліцы, гэтай хаты! Баяўся!
Сабака спалохаўся майго крыку, ускочыў на лапы, жаласліва, ціха гаўкнуў, задам адступіўся далей ад мяне, ад каменя - мусіць, падумаў, што ўдару. Але я працягнуў да яго руку, ласкава паклікаў:
- Цю-цю. - Паэт супакоена вільнуў хвосцікам, падпоўз да мяне. - Скажы, Паэт, білі цябе ўжо ці яшчэ не? Я ніколі цябе не ўдару. I ведай: найбалючай 6‘юць словам. I асабліва невыносна, калі словам ударыць любімы чалавек. Добра вам, сабакам, вы не разумееце чалавечай мовы. О, калі б вы разумелі чалавечую мову - як бы вы пакутавалі! Столькі брыдоты чалавек вылівае на вас, ды ўсё-ткі многія з нас, чалавекаў, о, як хацелі б быць простымі сабакамі.
Але, на жаль, і сабакі ўсё разумеюць, мову чалавечую разумеюць асабліва - тон яе, голас. I, ціха сказаў я свайму сабаку:
- Ты ж, Паэт, разумеет мяне? Разумеет?
Паэт ад задавальнення заблытаўся ў калашынах маіх штаноў, гуляў там, лізаў мне ногі цёплым язычком.
Мы ідзём з ім ад каменя - на дарогу, праз мост, па вуліцы. Насустрач, задраўшы галаву ўгору, важна, не гледзячы па баках, ступае рыжы сабака, параўняўся з намі, скоса зірнуў на Паэта. Я здагадаўся: сучка. Паэт быў памкнуўся да яе, дружелюбна вільнуў хвосцікам, ціха-мірна заскуголіў, але рыжая пагрозліва ашчэрыла клыкі, забурчала. Паэт адступіўся. Рыжая пабегла. Магчыма, Паэтава матка. Мусіць, адчула сваё, крэўнае - і таму пабегла. Ганарлівая, як адна сталічная паэтэса...
Мы з сабакам перад Антонавым дваром. Я стаю з сумкай у руцэ, Паэт сядзіць ля маёй нагі, неспакойна б'е хвосцікам па зямлі. Агароджа не дашчаная, як некалі, а звараная з металічных прутоў, але, як і тады, пафарбаваная ў чырвоны колер. 3 абодвух бакоў агароджы - густое лапушынне, у глыбіні двара - тая самая, але ўжо нахіленая альтанка, яблыні над ёй няма, толькі тырчыць з травы счарнелы пянёк, за альтанкай - той самы калодзеж з адным на ўсю вуліцу жураўлём. Калупаюцца, шамацяць у лапушынні куры, вогненна-чырвоны певень глядзіць на нас, і мой сабака сказаў яму ці, можа, прыадчыненым у сенцы дзвярам:
- Гаў!
Певень паставіў грэбень, выцягнуў шыю, кукарэкнуў - адгукнуўся на сабачае прывітанне.
I тады з сенцаў на ганак выступіла вузлаватая кульба ў сухой далоні, за кульбай пераступіў парог стары дзед - лысы, з сівымі валасамі за вушамі. Следам на ганак выйшла гэткая ж сівая бабуля, але наўздзіў, блакітнавокая. Абое ў тапцях на босыя ногі. Бабуля вызірала з-за пляча дзеда. Так мы й стаялі, маўчалі. Потым я сказаў:
- Добры дзень, дзядзька Антон і цётка Люба!
Яны адказалі - паздароўкаліся.
- Дзядзька Антон, - сказаў я, - а вынесіце свой акардэон і барабан.
Ён паставіў сухую далонь паверх жоўтых броваў, паўзіраўся ў мяне, моўчкі пайшоў у хату, цётка - за ім. Ён вынес барабан, яна, трымаючы абедзвюма рукамі на грудзях, - акардэон. Дзядзька Антон сеў на лаўку пад сцяной, цётка Люба паставіла яму на калені акардэон і не ведала, што рабіць з барабанам. Я адчыніў веснічкі, зайшоў у двор, сеў ля дзядзькі Антона, узяў барабан, сказаў:
- Грайце, дзядзька Антон, польку.
Глядзеў, глядзеў на мяне потым, адразу - нечакана і бадзёра - сыпануў у двор, на вуліцу польку. Я патрос барабанам, бомы і медныя бляшкі зазвінелі, ударыў палачкай па шэра-жоўтай скуры, забарабаніў; дзед тупнуў нагой па зямлі, і я тупнуў, баба стаяла збоку і ўсміхалася, куры з пеўнем пабеглі за вугал хаты, Паэт стаў на заднія лапы, пярэднія паклаў мне на калені і глядзеў, што я раблю. У хаце насупраць парасчыняліся вокны, і з іх вытыркнуліся галовы, жаночыя і дзіцячыя.
Калі мы з дзядзькам прысталі, цётка Люба сказала.
- Толя?!
Дзядзька Антон ажно ўстаў, абапершыся на кульбу
- Толя?!
- Я. Пачуў вашу музыку “Широка страна”.
- Во-во, Толя. Толькі гэта і граю ды яшчэ гімн. А калі, бывала, зайграю польку, ці вальсы, ці якую песню нашую, і хай адно пачуе хто з міліцыі, дык прыйдзе і скажа: гражданін, вы парушаеце абшчэственны парадак. Магнітафонам, транзістарам - ім можна грымець на вуліцы дзень і ноч, а калі акардэон, гармонік - нельга, абшчэственны парадак... Ну, дык што, баба, кліч Толю. Кажу - Толю. Колькі табе ўжо?
- Сорак пяць.
- Та-ак. Ну, што ж. А мне і бабе па семдзесят. Ну, пайшлі ўхату... Але ведай, Толя: як адно адчую, што мне во-во пара туды. Ну, туды... выпаўзу на вуліцу ды гэтак урэжу “Лявоніху”, ох і ўрэжу!..
Я паказаў Паэту месца пад лаўкай, ля сумкі. Цётка Люба вынесла і кінула яму пад лаўку цёплую, з мясам, костку.
Мы з гадзіну пасядзелі ў хаце за сталом, пагаманілі, паўспаміналі. Дзядзька Антон наліваў у чаркі крэпкую, чыстую самагонку, цётка Люба даставала з цёплай печы дранікі. Я выпіў адну чарку-стограмоўку, з другой - крышачку, сказаў, што больш мне нельга. Старыя пажаліліся, што дзеці іхнія далёка, прыязджаюць рэдка, больш - на каляды, калі над печчу развешаны кілбасы, і ў хаце пахне свежыной.
Дзядзька Антон падпіў і весела, у каторы ўжо раз, расказвае мне, як некалі, пры паляках, ездзіў роварам - “рогі рулі - уперад, на Еўропу" - у Варшаву па акардэон, успамінаў - смяяўся, - як давалі яму па шыі.
- Скажы, Толя, а ці даюць цяпер за што-небудзь па шыі?
- Даюць, - кажу. - Я сам ні разу не атрымліваў, але чуў, што даюць.
- То яно, Толя, так і даўней усё было - паліцыя, міліцыя. А от як выганяюць з Савецкага Саюза дык даюць па шыі?
- Не, дзядзька Антон, не даюць.
- I пад сраку - не?
- Не ведаю.
Дзядзька Антон прыставіў далонь да рота, шэптам сказаў:
- Мне сын пакінуў транзістар, дык я калі паслухаю. Чуў, што даюць у нас у нейкіх бальніцах такія ўколы, што людзі ну, тыя, што пішуць ці кажуць супраць марксізму-камунізму... што гэтыя людзі ад тых уколаў дурнеюць.
Я азірнуўся па хаце, на вокны. I сам сабе падумаў: а ты чаго, Кухараў, азіраешся? Ты ж нічога такога яшчэ не сказаў тут, дык чаго азіраешся?
- Не ведаю, дзядзька Антон, не ведаю. Не быў ні ў міліцыі, ні ў бальніцы той.
- А чаму ж ты, Толя, такі граматны, і не быў?
Што было адказаць на гэтае шчырае пытанне старога чалавека? I я прамаўчаў, мне не было чаго сказаць. Хаця мяне й ганялі. Ды я й сам сябе ганяў.
- А Юра патрапіў да іх. Ты ж помніш Юру?
Я насцярожыўся. За дзвярыма ў сенцах заскуголіў Паэт. Баба Люба пусціла яго ў хату. Паэт згарнуўся на падлозе ў мяне пад нагамі.
- Помніш Юру? - паўтарыў дзядзька Антон.
- А што з ім? I дзе ён цяпер?
Мне было балюча пытацца пра Юру, але я павінен ведаць.
Дзядзька Антон наліў сабе на дно чаркі.
- Дзе-эд! - цётка Люба ад печы паківала яму пальцам.
Але дзед глытнуў, захрумсцеў маладым, з грады, гурком - зубы ў яго былі крэпкія, не тое, што ў мяне. Мае зубы даўно адбалелі, сталі ківацца, перашкаджаць есці, дык я пальцы ў рот, крутну зуб, дастаю і кідаю ў карабок ад запалак. Шкада мне сваіх зубоў, старэю, балюча выкідваць - усё ж такі колькі гадоў служылі. Старэю. А можа,і хобі - адзін збірае маркі паштовыя, іншы - значкі, а я... Той карабок з пяццю-шасцю зубамі і цяпер у мяне ў сумцы. Зубы счарнелыя, падгнілыя, але яны - мае, родныя.
Раптам дзядзька перастаў закусваць, насцярожыў вуха, прыслухаўся.
- Ты, баба, лепей глянь у акно - у дварэ нікога няма?
Яна глянула.
- А хто там будзе? Няма. Але ўсё адно не дужа мянці ты ўжо языком сваім.
- 3 Толем можна. Можна, Толя?
Я прамаўчаў
- Ну, калі маўчыць, то - можна.
Я паставіў локці на стол, сашчапіў скроні далонямі, прадчуваў, мне будзе цяжка слухаць пра Юру.
Дзядзька Антон узяў бутэльку, але цётка Люба так паглядзела на яго, што ён паставіў яе пад стол і стаў гаварыць.
- А што многа казаць. Юра быў дасядэнтам. Гэта ж скончыў інстытут, канстуктарам стаў... Ды ўзяўся чытаць нейкія самаробныя кніжкі, і сам у іх нешта пісаў проці Брэжнева. Не пад сваім імем. А нейкі друг узяў ды й выдаў яго. Ну й павалаклі Юру ў тую бальніцу, праз год выпусцілі. Прыехаў Юра дахаты, а хата пустая - бацькі паўміралі. Вярнуўся ён зусім хворы, твар распухлы, вочы як не свае, усё ў неба глядзяць, рукі, ногі дрыжаць... Брат малодшы яго, у Мінску токарам, памагае Юру грашыма - на хлеб, малако, цукар... А ён сноўдае з торбай па скверыках, па кустах, па вакзале, збірае пустыя бутэлькі, здасць, купіць віна, зачыніцца ў хаце, п'е. Добра, што не курыць, а то спаліў бы хату...
Я расшчапіў на скронях рукі, закурыў. Цётка Люба паставіла на стол попельніцу. Дзядзька Антон пайшоў да канапы, прылёг, і адтуль, з кута, казаў:
- I някепска, здаецца, жывём. Ёсць і ў хаце, і ў дварэ, і ў краме. Але жывём, як свінні... От, паеж, паработай, паеж, паляжы, пахрукай, да ветру схадзі, зноў паработай, ну, хто ўмее - пайграй "Широка страна..." Ну, хто малады - паработай, пагрымі транзістарам, напіся, пабіся, напаскудзь, палайся; з дзяўчатамі хлопцы ноччу не ходзяць, салаўёў не слухаюць, футбол па тэлевізары глядзяць, а самі ў футбол не гуляюць, слабыя, а старога могуць на цёмнай вуліцы пабіць, паланез не станцуюць, толькі дрыгаюць нагамі пад магнітафон, кніжак не чытаюць, але пішуць, драпаюць на сценах у туалетах, на спінках сядзенняў... Але калі папросіш, то... нейкае дзіва, з аўтобуса памогуць сысці, ці ўвайсці.
Дзядзька Антон уздыхнуў, паскроб патыліцу
- Нешта ж ёсць у людзях добрае, але глыбока-глыбока схаванае. - Ён на момант аціх у сваім кутку, потым прыўзняў з падушкі галаву, зноў, як за сталом, прыслухаўся. Цётка Люба засмяялася - на крэсле ля акна яна нешта вязала з ружовых ваўняных нітак - і сказала, смеючыся:
- Ой, сідэнт ты мой сівенькі, лысенькі, п'яненькі...
Я ўсё маўчаў. Не выходзіў з маёй памяці Юра - Юра тых далёкіх, як за густым туманам, дзіцяча-юначых летаў.
Дзядзька Антон, здаецца, засынае і, засынаючы, ціха, амаль шэптам, як сам сабе ўжо, кажа:
- А ўсё гэтыя вусатыя. Хто гэтым першым вусатым быў? Маркс. Потым? Пілсудскі, Гітлер, Сталін... Некага я пасля Маркса прапусціў. Мікіту вусы не йшлі б - белыя былі б, як вусы на кукурузіне. Трэба, каб вусы ў іх былі чорныя. Але чаму Лёнька без вусоў? Яму вусы пайшлі б. А то й сківіцы відно па тэлевізары, не работаюць, і вусоў няма.
- А ў нас, у Беларусі, Толя, чарнавусыя галоўнымі былі ці не? - Ён не чакае, ці адкажу я. - Не было дык будуць...
Апошнія словы дзядзька Антон сказаў ужо зусім ціха і адвярнуўся тварам да сцяны. I ўсё-ткі яшчэ бурчаў з-пад сцяны:
- Жыву на вуліцы Маркса, а Маркса не ведаю, “Капітал” не чытаў. I ты не чытаў. I райкомаўцы не чыталі. Толя, ты яшчэ пабарабаніш мне.
Дзядзька Антон заснуў.
- Толя, - кажа цётка Люба, - хадзем пакажу табе свой гарод.
Мы выйшлі з хаты, Паэт за намі, прайшлі праз двор за хлеў. Там былі грады. Зямля для гарода прыдатная - чорная, тлустая. I гэтая зямля буяла - вынесла з сябе наверх крамяныя сцябліны, лісце, стручкі. Над усім стаялі дзябёлыя сланечнікі з залатым кветам, кіеўкі з шаўковымі кутасамі, ніжэй - зараснік кропу над гурочнікам, ускрай барознаў - высокія кусцікі бобу з буйнымі стручкамі і густое гарахавінне распаўзлося па тоненькіх вяроўчынках між калкамі, града з ружавеючым бацвіннем буракоў і морквай, града памідораў - чырвоных і жоўтых, краямі гэтае грады сінеюць бліз зямлі - цяжкія ўжо - баклажаны і па ўсім гародзе, урассыпную, каляндра і яшчэ кроп ды ўсякая іншая “пятрушка”, асобная града цыбулі, паўграды часнаку, і яшчэ - сцябліны з буйнымі, яшчэ зялёнымі галоўкамі маку.
Паэт схаваўся ў баразне, валтузіўся там у лісці, задаволена папіскваў.
- Ідзі, Толя, у грады, пашукай гуркоў і гарох ужо можна. А я пайду трохі ўпраўлюся.
Цётка Люба пайшла ў хату, бразгатала ў сенцах чыгункамі, вёдрамі.
Я сышоў у баразну між градамі. Баразна была такая глыбокая, што я проста патануў да плячэй у зяленіве. Кіёўкі стаялі высока нада мной, а стручок гароху даткнуўся да маіх губ. Стручок быў зялёны, але ўжо поўны, цвёрды. Даўно-даўно я не каштаваў зялёнага, свежага, сакаўнога гароху - даўно, з часоў гародаў і барознаў маленства ў Ямнаўцы, Вікаўцы, Чорных Пясках. I я сарваў стручок, доўга жаваў яго, разам з гарошынамі, і яшчэ два-тры стручкі сарваў, - хай даруе мне цётка Люба, - заплюшчыў вочы - каб адчуць далёкія, пасляваенныя барозны...
Паэт папоўз перада мной, а я расхінаю асцярожна зяленіва па баках, ступаю баразной. Раптам мне захацелася нечага такога, чаго ўжо даўно-даўно не зведваў, і зразумеў, чаго - я схіліўся, зняў чаравікі, шкарпэткі, кінуў іх у траву перад градамі. І адчуў босымі нагамі гэтую зямлю - свежа-прахалодную пад цёплым паветрам зверху. I мне захацелася сесці ўсім целам - нагамі, рукамі, плячыма й галавой, легчы ў баразне. Але ўвесь я не лёг, сеў толькі на край грады, але й так зяленіва густа самкнулася нада мной. Промні сонца йшлі праз лістоту ўніз, на дно баразны, і я бачыў тое, чаго таксама даўно ўжо не бачыў: ружовых чарвякоў, чорных жучкоў, сініх мушак, белых і жоўтых матылькоў. I йшоў на мяне сюды з градаў пах гурочніку і кропу. Паэт падпоўз да мяне, згарнуўся, цёпла дыхаў на ногі. Здаецца, сядзеў бы так доўга-доўга - гэтак добра тут, у глыбокай баразне, у зяленіве, гэтак цесна паядналіся мы тут - усе і ўсё. Зямля пад нагамі, лісце, макрыца, сцябліны высокія і маленькія, пах зялёны, чарвякі, казюркі, матылькі, і - я з усім гэтым, і ціхае святло зверху...
- Т-оля! - голас цёткі Любы амаль побач.
Маўчу. Але азваўся Паэт - гаўкнуў.
- То-оля!
Маўчу. Нібы знямеў. Як нешта са мною здарылася. Ударыў кулаком па галаве - баліць. Значыць - адчуваю, значыць - усё добра. Ах, гэта мне проста сорамна. Сорамна от так узяць і падняцца з баразны і стаць перад цёткай Любай.
А яна ўсё зразумела, яна падышла бліжэй і ціха сказала:
- Толя, пайшлі ў хату.
Я расхінуў рукамі над галавой зяленіва, выйшаў з гарода. Цётка выцірала рукі фартухом, ціха, як сабе, усміхалася.
Я абуўся і сказаў:
- Дзякуй, цётка Люба, дзякуй вам і дзядзьку Антону. Я пайду. Мы, дасць Бог, яшчэ пабачымся.
Пад страхой (патрэсканая, гнілая гонта з купкамі чорнага моху) хлява вісела ржавая рама з выгнутымі ўперад, як рогі ў барана, канцамі рулі...
Праз дзве-тры, ад дзядзькі Антона, хаты - будынак з ашаляванымі брудна-шэрымі сценамі - “Столовая”. На тратуары перад сталоўкай з паўсотні мужчын і маладых хлопцаў. Натоўп гэты крычыць, стаіць, хістаецца, калышацца, рухаецца - людзі пераступаюць з месца на месца, натоўп плюецца, смаркаецца, лаецца, задзіраецца, рагоча. Былі тут з чырвонымі насамі, з пакалечанымі насамі, з сінякамі пад вачыма; былі ў дзіравых кашулях, даношаных чаравіках; за вуглом, ля сцяны, двое-трое расшпільваюць прарэхі дрыжачымі рукамі, зашпіліць забываюцца, смурод ад рыжай лужыны, з расчыненых вокнаў сталоўкі патыхае пратухлай мойвай, з натоўпу чуецца, апроч лаянкі, адно: "дваццаць капеек”, "рубля”, "дваццаць пяць капеек ёсць?”, “давай па рублю”, “не хапае дзесяць капеек, дай!”, - “капеек...”, “дай”, “дай”, “а ў рыла не хо?”, "...іздуй адсюль!” - “пайшоў на ...уй!” - "дваццаць? Вазьмі, ...лядзь!..”
Усё гэта я пачуў і ўбачыў адразу на падыходзе да натоўпу, прайсці праз яго тратуарам немагчыма, ды мне й не хочацца ісці праз яго, і мы з сабакам ступілі на асфальт, каб абагнуць гэты “вавілон” ці перайсці на той бок вуліцы. I тут да мяне рынуўся з натоўпу мужчына ў памятым брудным капелюшы, з ружовым носам, з прыпухлымі мяшкамі пад вачыма, у дзіравых спартыўных тапках. Ён груба схапіў мяне за локаць, глянуў на мяне спадылба і памкнуўся зрабіць на азызлым твары ўсмешку, але гэта ў яго не атрымалася, і ён проста, з мальбой у вачах, сказаў:
- Гражданін харошы, дайце рубля...
Сабака гаўкнуў. Я даў яму рубля. Ён злёгку стукнуў мяне па плячы - маўляў, хаця й пры гальштуку, але свой чалавек, - і сказаў:
- Благадарствую.
Павярнуўся шырокай, яшчэ, мусіць, крэпкай спіной, пайшоў у сталоўку - там ёсць буфет, дзе даюць за рубля шклянку "чарніла”, а за дваццаць дзве капейкі - куфель кіслага піва.
Ступіў я яшчэ колькі крокаў па вуліцы і тут да мяне падбеглі пяцёра-шасцёра маладых хлопцаў, і адзін з іх, таўстагубы, таўстаносы, прамямліў:
- Дзядуля, а не даў бы й нам пару рублікаў А канкрэтна - трошку.
Ён палажыў мне на плячо цяжкую далонь і не міргаючы, глядзеў мне ў вочы і дадаў скрозь зубы:
- Юру ты даў А мы яго друзья.
Я рашуча страсянуў плячом. I тут Паэт узарваўся, забрахаў на ўсю вуліцу, скокнуў да таўстагубага і праз штаны, мусіць, усадзіў яму ў нагу зубы. Хлопец гаркнуў на сабаку, махнуў нагой, падняў яе разам з сабакам. Што было б тут, паміж усімі намі, не ведаю, - калі б пасярэдзіне вуліцы, ля натоўпу не спынілася машына з будкай - міліцыя. Сабака адарваўся ад той нагі, бэйбусы спешна пайшлі ад мяне па тратуары. Чацвёра міліцыянераў выскачылі з будкі, кінуліся да прыціхлага натоўпу, схапілі аднаго, першага з краю, каторы няпэўна трымаўся на нагах, вытрашчыўшы на іх асалавелыя вочы, кінулі яго ў будку, потым - другога, трэцяга, бразнулі дзверцамі знутры, і машына паехала. Але адзін міліцыянер, нізкарослы, рыжавусы сяржант, застаўся ля сталоўкі і крыкнуў натоўпу:
- Усе астальныя - пара на работу! Ну, што я сказаў! Скарэй бы ўжо ўвялі дубінкі.
Натоўп пакрысе радзеў. Я глянуў на гадзіннік: было адзінаццаць. Сяржант пайшоў у сталоўку. Я з сабакам - за ім... як там Юра? Калі што якое - трэба ж ратаваць яго.
А Юра сядзеў адзін за кутнім столікам, адкінуўшы галаву на сцяну за спінкай крэсла, і спаў.
- Па работах! - крыкнуў сяржант у сталоўцы.
Мужыкі спешна дахлёбвалі віно і піва, яно цякло з ратоў на сталы, на падлогу; стаяў смурод. Я падышоў да кутняга стала, Паэт спалохана блытаўся ў мяне ў нагах. Туды ж падышоў і сяржант, хацеў Юру нешта сказаць, але толькі махнуў рукой. Уважліва паглядзеў на мяне, кінуў вокам на гальштук, на сумку і адышоў. Буфетчыца падняла перад ім шырокую, з дээспэ, дошку на ўваходзе ў буфет, адчыніла дзверы ў чысты, светлы пакойчык, зачыніла, праз дзве - тры хвіліны недзе там бразнулі яшчэ дзверы, і міліцэйская фуражка мільганула ў бакавым акне сталоўкі.
- Юра! - сказаў я. - Юра!
Ён крэпка спаў.
- Не трывожце чалавека! - крыкнула мне буфетчыца. - Чалавек хворы!
- Юра! - Я патрос яго за плячо.
Ён цяжка расплюшчыў вочы, доўга глядзеў на мяне і, нарэшце, успомніў, сказаў:
- A-а, той, што даў мне рубля.
- Юра, выйдзем на вуліцу!
- А... толькі вазьмі з сабой бутэльку віна.
- Вазьму, Юра Толькі ўстань, ідзі.
- Вазьмі, я йду.
Ён упёрся рукамі ў стол, неяк падняўся, пахістаўся і, трымаючыся рукамі за сцяну, выйшаў са сталоўкі. Я купіў віна - на ўсякі выпадак, будзе відаць, - схаваў бутэльку ў сумку, выйшаў на вуліцу. Юра трымаўся аберуч за агароджу, звесіўшы галаву, глядзеў збоку, ці выйшаў я. Убачыў, адштурхнуўся ад агароджы, паклікаў мяне пальцам.
Я вёў Юру пад руку па тратуары - у бок яго хаты, і мы абодва хісталіся - Юра хістаў мяне. Той самы рыжавусы сяржант сустрэўся нам амаль каля хаты, уважліва зноў паглядзеў на мяне, але не зачапіў, пайшоў.
Юра штурхнуў дзверы нагой і першы пераступіў парог, азірнуўся ў сенцах - ці йду. У хаце было цьмяна, вокны завешаны бруднымі фіранкамі, пахла сырасцю й мышамі, сухія скарынкі хлеба, косткі рыбы раскіданыя па падлозе. Юра ўпаў на крэсла за сталом, узяў з падаконніка брудную шклянку.
- Нал-лівай!
Я стаяў перад ім і думаў: даставаць бутэльку ці не?
Юра падняў на мяне вочы.
- А ты хто будзеш?
Я доўга маўчаў. Ён не вытрываў:
- Нал-лівай!
I тады я сказаў:
- Юра! Успомні школу, успомні Толю Кухарава, успомні наша з табой падарожжа ў Чарнігаў...
I Юра ўсміхнуўся - нешта ўспомніў, спадылба, як і некалі даўно, глядзеў на мяне, ціха сказаў:
- I пераплывалі Ясельду. Ну, добра, налівай. I яшчэ сходзіш.
Ён упаў галавой на стол.
Усё, Юра, - падумаў я, сустрэчы ў нас з табой сёння не атрымалася.
На сцяне, проста над Юрам, прымацаваная кнопкамі, - вырваная з часопіса "Советское фото” рэпрадукцыя каляровага здымка: Брэжнеў і каўказец у бурцы, Герой Сацыялістычнай Працы, - трымаюць фужэры з іскрыстым віном на фоне снегавых вяршыняў і белых аблокаў, абодва - як горныя арлы...
Я дастаў з сумкі бутэльку, паставіў на стол і выйшаў з хаты. Паэт чакаў мяне на ганку. Я сеў на калоду, што стаяла ў густой, высокай крапіве. Паэт стаў на заднія лапы, пярэднія паклаў мне на калені і задуменна глядзеў на акно. Я чуў, як там, за акном у хаце, стукнула па стале, мусіць, адкаркаваная бутэлька, і раптам мне захацелася вярнуцца ў хату - напіцца разам з Юрам на фоне снегавых вяршыняў і белых аблокаў. Але ж трэба ў райком, і мы з сабакам выйшлі на вуліцу.
Крыху не дайшоўшы да хаты Тамары Васільцавай, мы з сабакам перайшлі на другі бок вуліцы. Пашанцавала: пад агароджай чыёйсьці хаты - лаўка, і я сеў якраз насупраць двара Васільцавых. Сабака бегаў за матыльком, хацеў ухапіць яго лапай у паветры. У агародчыку насупраць, як і тады, даўно, - кусты вяргіняў, але кветкі на іх яшчэ не распусціліся, а восеньскія астры толькі ў зялёным лісці. Весела, ясна цвітуць півоні, касачы, чырвоны мак. Кветкамі, помніцца, заўсёды турбаваўся Тамарын брат Барыс, сама ж Тамара была занятая вучобай і камсамолам.
У іхнім двары - нікога, адны куры да індыкі. Нехта там, у хаце, выглянуў у акно, пільна паўглядаўся ў мяне і захінуў фіранку. Але вось бразнулі дзверы, і з сенцаў у двор выйшлі дзве жанчыны ў квятастых халатах. Адна вынесла вёдры, з іх ішла пара, другая трымала на шырокіх клубах бляшаныя начоўкі з бялізнай За імі ў двор, а з двара на вуліцу высыпала з хаты малеча - напэўна, унукі. Тая, што з начоўкамі, крыкнула ім:
- Дети, далеко не бегайте!
А дзеці ўжо забаўляліся з маім сабакам - працягвалі да яго рукі, ён скакаў да іх, яны адмахваліся, смяяліся. Жанчына, ані не зважаючы на мяне, зноў гукнула з двара:
- Дети! Может, собака заразная. Не трогайте!
Малыя адступіліся ад сабакі, пабеглі па вуліцы, Паэт весела кінуўся за імі, але хлопчык ухапіў з зямлі камень, шпурнуў у Паэта, той лоўка ўхіліўся, недаўменна гаўкнуў услед дзецям і зноў прыбег да маіх ног, сеў.
Жанчыны ў двары сталі мыць, паласкаць. Я зірнуў на дах, шыфер на ім новенькі - бліскучы, чысты.
Дзеці вярнуліся і зноў, забыўшыся, прычапіліся да Паэта. I зноў шыракаклубая крыкнула:
- Я что вам сказала! Собака может быть заразной!
I што тут здарылася! Паэт як зразумеў, што яго ганяць, і кінуўся праз расчыненыя веснічкі ў двор Васільцавых, схапіў зубамі за халат жанчыны, пацягнуў на сябе, ірвануў Я паклікаў:
- Паэт! Паэт!
Але той як не чуў мяне і ўсё скакаў вакол тоўстых ног, а жанчына цяжка махала нагамі на сабаку і яшчэ больш раз'юшвала яго:
- Уберите эту сволочь! - крыкнула яна мне праз вуліцу.
Я хуценька зайшоў у двор, злавіў Паэта за вуха, ён, як дзіця, заенчыў. Другая жанчына сцішана, спакойна сказала:
- Ой, што ж вы яго так...
А тая, мажная, вяла сваё.
- Ещё и об землю его, об землю! Такую мразь!
I тут я аслупянеў: у гэтай жанчыны на твары, асабліва пад блакітнымі вачыма - вяснушкі, не - рабацінне, рабацінне на скуры рук, ног ніжэй халата, адно крысо якога разадранае Паэтам.
Я стаяў перад Тамарай, трымаў на руках сабаку, і мы ўсе маўчалі. Яна трымала ў руцэ мокрую кашулю, з якое падалі ў траву мыльныя кроплі. Васільцава ўважліва, хоць і збоку, паглядзела мне ў вочы і ўжо супакоена сказала:
- Сядьте на скамейку...
Я сеў і пасадзіў сабаку ля ног. Жанчыны выпаласкалі бялізну, выкруцілі яе, Тамара пайшла ў хату і вярнулася ў двор, села побач са мной, на каленях трымала разбухлы альбом у рудой, аксамітнай старой вокладцы.
- Не помню, кто, - сказала Васільцава, - но вы кто-то из моих бывших одноклассников. Сейчас...
Яна разгарнула альбом - і на вочы адразу трапіла вялікая фатаграфія нашага выпускнога дзесятага класа.
- Вот, это вы, - яна паказала пальцам на мой здымак - хлопчык з "боксам”, каўнер белай кашулі паверх каўняра “футболкі” - Кухарев А.А. Имя забыла.
- Анатоль... Толя. А вы - Тамара. Наш камсамольскі сакратар. Вы мяне некалі за “адзінку” на камітэце...
Васільцава ўсміхнулася, усміхнулася вачыма так, як тады, даўно-даўно - гулліва і светла.
- Ах, мало ли кого я отчитывала в школе, и в институте, и в райкоме, и в министерстве просвещения, и теперь вот снова в школе. Я директором в Минске... Ну, а ты - где и как?
Васільцава перайшла на ты. Я вельмі коратка сказаў пра сябе.
- А вот с Юрой, - сказала яна, - плохо. Совсем непутёвый оказался. Бывший диссидент, а теперь никто.
Я перавёў гутарку на зусім іншае.
- Помніш, Тамара, каменне па вашым даху?
- Помню, помню, Толя! А признайся - ты хотел меня провести? А может, и поцеловать?
Даўно ўжо ўсё тое было, як у тым стагоддзі, і я прызнаўся:
- Хацеў.
Тамара засмяялася, паклала мне руку на плячо:
- А надо было. Вот Юра однажды догнал меня вечером у дома, схватил за плечи и поцеловал, чёрт, да так, что у меня голова закружилась... Ах, была юность! А стихотворение твоё о Сталине потерялось.
Мой сабака гыркнуў ля нагі, я паківаў яму пальцам.
- Ну, что, бывший комсомолец Кухарев, прости, пойду развешивать бельё!
Яна загарнула альбом, кінула яго побач на лаўку, паднялася, пайшла да начовак.
Мы з Паэтам выйшлі на вуліцу, і тут я ўспомніў, што мы з Васільцавай нават не развіталіся.
А праз якую паўсотню метраў (ужо і Дом Саветаў блізка) - двухпавярховы, белацагляны будынак райаддзела міліцыі, і на яго высокім ганку стаяў той самы рыжавусы сяржант.
- Гражданін, - сказаў ён, - астанавіцеся.
Я прыпыніўся, Паэт гаўкнуў на міліцыянера, скокнуў у яго бок. Сяржант сышоў з ганка да мяне, Паэт памкнуўся схапіць яго зубамі за галіфэ, але той паспеў падчапіць Паэта ботам пад чэрава і адкінуць убок, сабака агрызнуўся, але канфлікт з міліцыяй вырашыў не працягваць, адбег да ліпы, зрабіў сваю справу, сеў пад дрэвам і назіраў за намі. Сяржант узяў мяне за руку вышэй локця.
- Гражданін, пройдземце ў аддзел.
Я сказаў:
- Няма калі, мне трэба ў райком.
- Нічаво. Скажаце - міліцыя задзяржала.
- Не, я гэтага не скажу.
- Пройдземце!
Я хацеў вырваць руку з яго ўчэпістых пальцаў, але мне гэта не ўдалося.
- Сапраціўленне аказваеце? Пройдземце!
Я спатыкнуўся аб верхнюю прыступку і, як ні трымаў мяне сяржант, ударыўся лбом аб шурпатую жалезабетонную калону. Сабака мой тут як тут, ён лізнуў мяне мокрым цёплым язычком у лоб і гаўкнуў на міліцыянера, памкнуўся зноў да яго калена, але перадумаў, адступіўся, я паказаў яму на дрэва, і ён пабег туды - маўляў, не буду ўскладняць сітуацыю.
Я прыклаў далонь да лба, паглядзеў: кроў.
- Дайце маю руку! - кажу міліцыянеру і тузануў рукою, другая - занятая сумкай. - Дастану насоўку з кішэні.
- Э, нет, гражданін. А вдруг там у вас нож?
- Няма нажа.
- А эта пасмотрым.
Ён увёў мяне ў калідор аддзела. Там, за бар'ерам, за сталом з тэлефонамі, сядзеў дзяжурны-міліцыянер.
- Вот, - сказаў “мой” сяржант, - болтаецца по уліцы узад-упярод, у сталовай з Юркай сашолся, дамой к няму хадзіл, оба шаталіся, пры задзяржанні аказаў сапраціўленне, вот - упал, конечно - не трэзвый.
- Дакументы!
Я паказаў дакументы.
- Цэль прыезда ў наш горад?
Я сказаў.
- Вы пасматрыце! Учыцель! Вышшае абразаваніе! На работу ў рэдакцыю!
Міліцыянеры павялі мяне ў нейкі кабінет. Там рыжавусы даў мне дыхнуць у шклянку, панюхаў яе, сказаў:
- Сколька выпілі?
- Чарачку ў восем гадзін.
- 3 самага вутра!
Дзяжурны абшмыгаў усе мае кішэні, паставіў на стол маю сумку, дастаў з яе на стол усё дзве газеты, ручнік, мыла, люстэрка, скарынку хлеба, брытву, свежую кашулю, шкарпэткі і - карабок з-пад запалак.
Дзяжурны склаў пратакол, даў мне прачытаць яго і падпісацца. Я адсунуў убок пратакол і сказаў:
- Падпісваць не буду. Тая чарачка гарэлкі даўно выйшла з галавы, супраціву не аказваў, Юра - мой школьны сябра, я дапамог яму зайсці дахаты Усё. Вярніце мне дакументы Мне трэба ў райком...
- Нам віднее, куда вам нада ілі, как вы гаварыце, трэба.
Рыжавусы ўзяў у рукі запалкавы карабок, адкрыў яго і ажно вылупіў вочы.
- Зубы? Чыі зубы?
- Мае, - сказаў я.
Сяржант пайшоў з тым карабком некуды па калідоры, доўга яго не было, нарэшце вярнуўся.
- Пайдзёмце!
Ён вывеў мяне з калідора ў двор, там стаяў міліцэйскі "газік”, адчыніў перада мной дзверцы, я сеў у машыну, рыжавусы за руль, і мы паехалі. Спынілася машына на ўскраіне горада, у двары паліклінікі.
Перад кабінетам з шыльдачкай "Стоматолог” стаяла, сядзела людская чарга, але міліцыянер са мной адразу ўвайшоў у кабінет. Сяржант падышоў да ўрача, нешта ціха сказаў яму, працягнуў карабок. Урач высыпаў на стол мае зубы, сказаў, каб я падышоў і адкрыў рот, паўглядаўся ў мае дзясны, у зубы, пералічыў іх, яшчэ паўглядаўся ў дзёсны і сказаў міліцыянеру:
- Его зубы.
Вярнуліся ў аддзяленне. Дзяжурны зрабіў вопіс "маёмасці” (у тым ліку - “спичечная коробка с зубами”), сумку маю паставіў у куток, узяў у шуфлядзе стала звязку ключоў і некуды павёў мяне - у канец калідора, потым - па прыступках уніз, у цемнаваты, сыры падвал, падвёў да жалезных дзвярэй з доўгай і тоўстай жалезнай клямкай і "вочкам”, адамкнуў цяжкі замок, адчыніў дзверы і злёгку папіхнуў мяне ў спіну. Я апынуўся ў змрочным памяшканні, дзверы за мной бразнулі, замкнуліся, а я ўсё стаяў, пакуль не згледзеў уверсе, пад столлю закратаванае акенца. Калі вочы асвойталіся са змрокам, я ўбачыў: уздоўж доўгай сцяны - дашчаны "ляжак”, пад самай сцяной - наўскос прыбітая дошка-”падушка”, і нешта ў кутку варушыцца. Тры чалавекі, скурчыўшыся, нацягнуўшы на галовы каўняры адзежы, драмалі насупраць. 3 другога кутка цягнула смуродам, гэты смурод ішоў ад "парашы”.
Та-ак, вось ты і ў камеры, як некалі тыя бальшавікі. Эх-эх, грамадзянін Кухараў, да чаго дажыўся!.. I сумна стала мне, і смешна. Я сеў на дошкі. Сыра, халаднавата - падлога ж бетонная.
Адзін з тых, траіх, падняў галаву, сеў, паглядзеў на мяне (быў я ў касцюме і пры гальштуку), выдаў на ўсю камеру гук, пстрыкнуў скрозь зубы слінай на падлогу, прахрыпеў:
А, б..., і ты папаўся!
Селі ў кутку і астатнія двое - усе яны з нейкімі чорнымі, зарослымі шчаціннем тварамі, з ускудлачанымі, як даўно нечасанымі валасамі на галовах.
- Хадзі сюды, б...! - сказаў адзін з іх.
Я маўчаў. Тады той, хрыпаты, падняўся і, расшпільваючы прарэх, прайшоў міма мяне да парашы.
- Курыва забралі?
- Не было, хлопцы, курыва.
Гаварыў я спакойна. Можа, палагаднелі й яны, бо той, хрыпаты, спытаў:
- За што ўзялі?
Я не адказаў, і яны - не, не палагаднелі:
- Маўчыш культурна, б...?
Я падняўся з дошак, падышоў да дзвярэй, ціха пастукаў пальцамі ў бляху.
- Не бойся. Мы мірныя бамжы...
Я прыслухаўся - крокаў у калідоры не чуваць.
- Грымець, грымець трэба! - кажа бомж. - Дзяжурны далёка. Што? Прасіцца будзеш? Не-э, б..., не туды папаў, каб прасіцца.
I я грымнуў кулаком у дзверы і яшчэ раз грымнуў. Паслухаў: у калідоры ціха.
- Галавой, б...!
Я грымнуў зноў кулаком па жалезе. Недзе далёка ў калідоры бразнулі дзверы, пачуліся няспешныя, цяжкія крокі. 3 таго боку "маіх” дзвярэй сціхла, потым там бразнула ў замку, дзверы адчыніліся, перада мной стаяў маладзенькі міліцыянер - мусіць, новы дзяжурны, у яго былі шырокія плечы і кароткая крэпкая, як у быка, шыя.
- Выходите, - сказаў ён спакойна.
Я выйшаў у калідор. Ён зачыніў дзверы камеры.
- Ни разу не имел дела с учителями, журналистами, - усё гэтак жа спакойна сказаў ён і раптам, без размаху, ударыў мяне кулаком у жывот. Я скурчыўся, схапіўся рукамі за жывот, але не ўпаў. Ён ударыў мяне яшчэ раз - па схіленай шыі, і я зваліўся на падлогу. I ён яшчэ ўдарыў - нагою ў бок.
- Што ж вы, няго.. ! - я хацеў сказаць “нягоднік”, але не сказаў, - Што ж вы робіце! - гэта я казаў знізу, з падлогі - яму, туды, уверх. - Што ж вы робіце!
Я хацеў падняцца з падлогі, падняцца і - ад душы ўдарыць яго па чырвонай, укормленай мордзе. Я ўпёрся рукамі ў дошку падлогі, але падняцца не здужаў - гэтак балела ў жываце. Міліцыянер узяў мяне пад пахі, прыўзняў, і тады я стаў на ногі. I тут здарылася неверагоднае: праз прыадчыненыя дзверы дзяжуркі праціснуўся мой сабака! Ён падбег да міліцыянера ззаду, той не бачыў яго. Паэт учапіўся зубамі ў міліцэйскія штаны, напяўся, тузануўся, і штаны трэснулі. Мне нават стала смешна: такія моцныя штаны а трэснулі. Але смешна мне стала толькі на нейкі момант і толькі ў душы - я не мог усміхнуцца, мне ўсё балела.
- Во гад! - крыкнуў міліцыянер.
Ён развярнуўся, схапіў Паэта рукамі за глотку, сціснуў, падняў сабаку высока над сабой і - з размаху ўдарыў ім па падлозе. Паэт ціха піскнуў, торгнуўся цельцам, выпрастаўся, сціх - на падлозе, паміж мной і міліцыянерам.
Я глянуў міліцыянеру ў вочы і сказаў:
- Што ж вы робіце!
Ён спакойна адказаў:
- Будете знать, как нарушать общественный порядок. Идите в камеру. - Ён адчыніў прада мной жалезныя дзверы.
- Я вазьму з сабой майго сабаку.
Міліцыянер павысіў голас:
- Идите в камеру!
I штурхнуў мяне рукамі і нагой за дзверы, у камеру, бразнуў з таго боку замком.
- Ну, што, б... пад галстукам? Яны б'юць так - без знакаў, умеюць. Ладна, ідзі да нас, пагладзім, пашкадуем.
Я сеў на дошкі, сашчапіў далонямі скроні, біліся, біліся там, у скронях, здавалася, ужо й не маіх скронях, - біліся жылкі...
Праз якое паўгадзіны адчыніліся дзверы камеры, і той жа міліцыянер паказаў мне пальцам за мной. Я выйшаў у калідор, сабакі майго нідзе тут не было.
У дзяжурцы міліцыянер паказаў мне на крэсла - каб я сеў, падсунуў да мяне пратакол, даў ручку, сказаў:
- Подпишитесь.
Я адразу і лёгка падпісаўся. можа, падумаў я, на гэтым усё скончыцца, скончыцца гэтае пекла, і абы хутчэй выйсці адсюль на вуліцу, на паветра на вуліцу, на паветра, на волю.
Міліцыянер узяў пратакол, сказаў мне ісці за ім. Мы падняліся на другі паверх, прайшлі міма некалькіх кабінетаў, спыніліся ля дзвярэй са шкляной шыльдачкай “Начальник”. Міліцыянер паправіў на сабе фуражку, кіцель, штаны на ім былі другія, пастукаўся ў дзверы, прапусціў мяне ўперад, і мы ўвайшлі ў кабінет. Начальнікам быў даволі малады маёр, ён сядзеў за шырокім сталом, на якім стаяла некалькі тэлефонаў, з кімсьці гаварыў па адным з іх, а другі прыціскаў плячом да вуха. Мы з міліцыянерам стаялі перад ім. Начальнік спадылба кінуў на нас позірк, сказаў у адзін з тэлефонаў:
- Поговорю в райкоме.
Потым адразу паклаў на апараты абедзве трубкі, утаропіўся вачыма спачатку ў мяне, потым у міліцыянера - маўляў, што? Міліцыянер падаў яму пратакол. Начальнік прабег вачыма, падпісаў нейкую паперчыну, сказаў:
- Штраф - десять рублей. И как вы до такой жизни дошли? Учитель. Журналист. Со всякой мразью пьете. Как вы дошли?
Я стаяў перад ім спакойна, стараўся трымацца як мага годна, глядзеў на яго адкрыта, цвёрда і сказаў:
- Нікуды я не дайшоў, таварыш начальнік.
- Гражданін начальнік, - паправіў мяне маёр.
- Грамадзянін начальнік.
- Гражданин начальник! - гыркнуў ён, але затым ужо спакойна працягваў: - Говорите человеческим языком.
- Я гавару з вамі на самай чалавечнай мове - на мове маёй маці. Яе забілі фашысты.
- Ну, ладно, ладно, - ужо зусім спакойна сказаў маёр.
- Дык вось, нікуды я не дайшоў... А былы дысідэнт - мой таварыш па школе. I не ён сам скалечыў сябе. Скалечылі яго.
- Ну, ладно, ладно, гражданин Кухарев. Так вы - в райком?
- Так. У райком.
- Хорошо. Вы свободны.
У дзяжурцы "мой” міліцыянер растлумачыў мне, што далей - пайсці на пошту, заплаціць штраф, прынесці квіток - ён аддасць дакументы і сумку.
Пошта была побач, і я хутка справіўся, выйшаў з аддзела на ганак, і толькі тут стукнула мне ў галаву: чагосьці не хапае, а чаго - ніяк не ўспомню. Стаю на ганку, нават вочы заплюшчыў, сціснуў далонню лоб - чаго, чаго ж не хапае?
I тут, нарэшце, аднекуль збоку і не зусім далёка я пачуў ціхае, жаласлівае скуголенне. Я збег з ганка - туды, на голас, за кусты. Паэт ляжаў у крапіве, трымцеў усім сваім цельцам. Белая плямка над вокам была ў засохлай крыві Ён дыхаў - цяжка, але ж дыхаў. I знізу, ад зямлі, неяк зусім бяздумна глянуў мне ў вочы сваімі вачанятамі і адвярнуў іх убок ад мяне.
Я паставіў сумку на зямлю, асцярожна ўзяў Паэта на рукі, ён злітаваўся нада мной, слаба лізнуў мне пальцы. Язычок яго быў сіні і не такі ўжо цёплы, як раней. Яму, мусіць, стала балюча ад дотыку маёй рукі, і ён ціха-ціха скавытнуў. Я палажыў яго ў сумку, расшырыў па баках шчыліны - каб даволі было там паветра. Нас ніхто не бачыў за кустамі, ніхто не чуў - Паэт маўчаў.
Я зірнуў на гадзіннік: заставалася з паўгадзіны да аўдыенцыі ў райкоме. Узяў сумку, ступіў з-за кустоў на тратуар, і - мы пайшлі. Мне балела-ныла ў жываце. Няўжо, падумаў я, іх вучаць біць па пячонцы, па нырках, што й знакаў ніякіх? I нікому не паскардзішся, сорамна: здаровага мужчыну гэтак збіў малады міліцыянер, які па ўзросце яму ў сыны гадзіцца. Та-ак, сапраўды: калі дадуць міліцыі дубінкі, ох і будуць барабаніць па спінах, асабліва калі надарыцца дзе якая заварушка. А заварушкі маюцца быць - без гэтага грамадскі лад доўга не трывае.
Ішоў я тратуарам да Дома Саветаў, нёс у сумцы Паэта, які паміраў, і мне ўсё балела. I раптам стала смешна, і я засмяяўся, хаця й не надта голасна: я ўявіў, што вось гэтак, як я - сабаку, нехта фантастычна вялізны й дужы паклаў мяне самога ў агромністую валізу і нясе, нясе, і я там дыхаю сабе паціху, і мне там добра й лёгка, бо я спакойна бяздумна паміраю, закалыхваюся ў той прасторнай валізе...
Але Паэт, нарэшце, азваўся, ціха гаўкнуў з сумкі. Ага-а, жывы, жэўжык! Вось зараз мы з табой увойдзем у партыйна-савецкі храм, толькі прашу цябе, не гаўкай там і не пісяйся.
Ззаду, хаця й здаля ўжо, данеслася лаянка. Я азірнуўся: з ганка сталоўкі падаў на вуліцу Юра, нехта моцна штурхнуў яго там. Юра ляжаў на зямлі, хапаў рукой паветра - хацеў падняцца й не мог. Крык і рогат стаялі там. Я памкнуўся пайсці, пабегчы да сталоўкі, але здарылася зусім нечаканае: ад хаты Васільцавых подбегам ішла Тамара, завязвала на хаду паясок халата. Яна нахілілася над Юрам, потым махнула некаму рукой, і той нехта памог ёй паставіць Юру на ногі. Тамара паклала Юрыну руку сабе на плечы, абняла яго і павяла на тратуар. Юра паслухмяна перастаўляў ногі, так і дайшлі яны да яго хаты... А мне, калі я стаяў і глядзеў ім услед, чамусьці ўспомніліся Тамарыны словы: “Схватил меня за плечи и поцеловал, чёрт, да так, что у меня голова закружилась".
Мы з Паэтам пайшлі далей. Пад маладой ліпай ля тыльнай сцяны Дома Саветаў стаяла драўляная, пафарбаваная ў блакітны колер, лаўка. Я паставіў на яе сумку, дастаў люстэрка, паглядзеўся: на лбе быў сіняк з чырвонай драпінай. Наслініў насоўку, пацёр ранку, люстэрка паказала: крыві няма. Паэт скурчыўся ў сумцы, сумна глядзеў на мяне. Насупраць Дома Саветаў, з другога боку шырокай вуліцы-шашы, на двух ці трох металічных слупах прымацаваная доўгая і вузкая бляха, па яе чырвоным полі - вялікія жоўтыя літары "Вперёд — к победе коммунизма!” Правы слуп моцна пахіліўся назад - мабыць, грунт пад ім быў плыткі, мяккі, і таму канец бляхі, услед за слупам, быў скурожаны, а разам з бляхай было скурожана і апошняе слова лозунга, толькі клічнік стаяў цвёрда і непахісна.
Мы з Паэтам абагнулі Дом, падышлі да высокіх прыступак фасада. I тут, раптам, парасчыняліся ўсе дзверы Дома, і ўніз па прыступках на плошчу рушыў натоўп па-святочнаму апранутых жанчын - і старых ужо, і сярэдняга веку, і маладых. Над дзвярамі Дома вісеў свежы лозунг: “Привет участникам районного совещания передовиков животноводства!” Следам за жанчынамі йшла купка мужчын, адзін з іх - я пачуў - сказаў: "Па рублю, мужыкі”.
Я ўвайшоў у вестыбюль. Сухенькая, з загарэлым, дужа маршчакаватым тварам кабеціна ціха, як чаго саромеючыся ці баючыся, спыталася ў мяне:
- А дзе тут, чалавеча, кілбаса прадаецца? Кажуць, па дзяшоўцы? Я ж за паўгода па дзве тысячы літраў надаіла.
Я адказаў, што не ведаю, дзе. Нейкая раскошная, расфарбаваная дама праходзіла міма, трымала ў руцэ вялізную гаспадарчую сумку, зверху якой звісаў тлусты канец кілбасы. Кабеціна - да яе:
- А дзе тут, даражэнькая, кілбаса прадаецца? Кажуць, падзяшоўцы? Я ж за паўгода па дзве тысячы літраў надаіла.
Дама мімаходзь азірнулася на перадавую даярку, махнула некуды ўбок вялай рукой маўляў, там. Тады я павёў кабеціну па калідоры, паказаў ёй на дзверы буфета. Яна хутка выйшла адтуль, сказала, што кілбасы ўжо няма. I я рашыўся: паставіў сумку ў калідоры, сказаў даярцы, каб пачакала, зайшоў у буфет, там было ўсяго трое-чацвёра чалавек - яны пілі за столікамі каву. Я рашуча падышоў да прылаўка, дастаў з кішэні грошы, даў іх буфетчыцы, сказаў важна: “Тры кілаграмы кілбасы. I загарніце, калі ласка”.
Разлік мой быў дакладны: інтэлігентна апрануты, пад гальштукам, гаворыць па-беларуску - няйначай нейкі карэспандэнт. Буфетчыца ўсё-ткі падазрона зірнула на мой лоб, але хуценька пайшла ў бакоўку, вярнулася да прылаўка з пакункам, зважыла... У калідоры я аддаў кілбасу даярцы.
- Гэта ж я за паўгода па дзве тысячы надаіла, - сказала на развітанне кабецінка, на імгненне задумалася, як нешта ўспамінаючы, ага - успомніла. - Ад кожнай каровы сваёй групы...
I пайшла да выхаду з Дома, пайшла хуценька, амаль подбегам, лёгенькая, сухенькая і, мабыць, шчаслівая: і перадавая даярка яна, і на раённай нарадзе была, і па гэткім вялізным, светлым, бо амаль увесь у шкле, вестыбюлі ідзе, і такая тут падлога ў клетку, а дзверы ледзь-ледзь адчыніш, а якія прыступкі высокія - божачка мой! - ні разу па такіх прыступках не ўзыходзіла і не сыходзіла, і над галавой такія словы: "Привет...”, а перад гэтым Домам, на плошчы, з трубак вада цурчыць уверх, на сонцы вада блішчыць і падае вясёлымі пырскамі ўніз - у шырокія, круглыя, бетонныя начоўкі, і яна яшчэ купіць у краме малым унукам абаранкаў, а да абаранкаў - бутэльку ліманаду, - ой, як добра жыць, людцы мае, што б там ні казалі ампералісты.
Я прайшоў за кабецінай, бачыў праз шкляныя дзверы яна сапраўды спынілася на верхняй прыступцы, паглядзела радасна на фантан, і, здаецца, нават сляза шчаслівая з яе вачэй упала на шэры бетон. Я хацеў ужо выйсці з Дома і пастаяць, хоць крыху сёння пастаяць ля чужога шчасця, але ўспомніў-схамянуўся - на прыём трэба.
Паэт у сумцы маўчаў, але я чуў яго цяжкое, натужнае дыханне - як хрыпенне, але ціхае. Перад дзвярамі прыёмнай сакратара па ідэалогіі я шапнуў яму: ты ж там, глядзі, маўчы, не гаўкай.
У прыёмнай за столікам, перад пішучай машынкай сядзела маладзенькая белавалосая дзяўчына, пад сталом - аголеныя вышэй каленяў ногі. Усе яны і ўсюды падобныя, гэтыя сакратаркі-машыністкі. Ветліва запрасіла мяне сесці і нават прыгожа ўсміхнулася, сказала, што "ён” скора прыйдзе, што "ён” ужо быў, што, мабыць, гэта пра мяне "яму” званілі. Ужо нізкаватае, бо далекавата за поўдзень было, сонца біла промнямі проста ў акно прыёмнай, у пакоі пахла духамі, касметыкай, але раптам з сумкі панеслася зусім іншымі, як кажуць - альтэрнатыўнымі, пахамі. Паэт там паціху рабіў сваё. Ды, здаецца, сакратарка нічога не ўчула. Я сядзеў у мяккім крэсле, у кутку стаяла этажэрка з газетамі і верхняй ляжала раённая газета "Шлях да камунізму”. Я ўзяў яе, кінуў позіркам па першай старонцы - па загалоўках, па першых словах інфармацый. "Стаўшы на працоўную вахту ў гонар...”, "Паспяхова выконваюць узятыя сацыялістычныя абавязацельствы...”, “Першымі выканалі план другога квартала...”, "Штодзённы клопат пра датэрміновае выкананне планаў праяўляюць...” Якое нудоцце! I за гэта, за гэтую шэрасць, можа, давядзецца і мне трымацца? Навошта мне ўсё гэта трэба? З-за вечнай нейкай маёй неўтаймаванасці - скрушнага жадання нечага новага? От выйсці б зараз на ганак Дома - можа яшчэ стаіць там кабецінка тая? I стаць побач і глядзець разам з ёю туды, куды глядзіць яна - на вясёлыя, залацістыя пад сонцам пырскі фантана? I радавацца разам з ёю?
Але - позна. Дзверы прыёмнай шырока расчыніліся - і ўвайшоў "ён”. Я ўстаў з крэсла. Ён інтэлігентна, з нахілам галавы, прывітаўся са мною, спыніўся пасярод прыёмнай, пералажыў чорную скураную папку з рукі ў руку, павярнуўся да мяне і сказаў:
- Вы - Кухарев?
Ён меўся яшчэ нешта сказаць, але Паэт не даў: раптам мой сабака там, у сумцы, ля маёй нагі, гаўкнуў - першы раз слаба, потым мацней, а пасля яшчэ мацней. Сакратар ніколькі не здзівіўся, быццам і чакаў гэтага сабачага брэху. Ён зачыніў за сабою дзверы кабінета. Тыя дзверы былі абабітыя чорным дэрмацінам.
Паэт сціх, і цішыня ў сумцы здалася мне надта падазронай. Я хуценька схапіў сумку і амаль выскачыў - з прыёмнай у калідор, з калідора ў вестыбюль, адтуль на вуліцу, на плошчу - той кабецінкі нідзе ўжо не было - бегам абагнуў вуглы Дома, паставіў сумку на лаўку, расхінуў яе. Паэт ляжаў дагары, пярэднія лапы склаў на грудзіне, вочы былі шырока адкрытыя, і ён глядзеў паверх мяне, некуды ў неба. Ружовы жывоцік не дыхаў. Я закрыў Паэтавы вочы, зашпіліў сумку.
Потым я стаяў і думаў: зусім нядаўна тут, на лаўцы, перад візітам у Дом - чаго мне не хацелася рабіць і што хацелася зрабіць? Успомніў: ну мне ж не хацелася ісці ў Дом і я хацеў падысці да тых пахіленых назад і ўправа металічных слупоў і выпрастаць іх - як жа так, пабыў у некалі сваім гарадку і не пакінуў тут хоць якога добрага следу, ды й сорамна мне як патрыёту - па шашы йдуць і йдуць машыны з Масквы на Варшаву і з Варшавы на Маскву - міма гэтак скурожанага транспаранта. Я ўзяў сумку, пайшоў туды, азірнуўся па баках: людзі, хаця й рэдка, ішлі тратуарам. А мне было ўжо ўсё адно. Я падставіў плячо пад крайні, справа, слуп, напяўся, яшчэ напяўся - і слуп выпрастаўся. Потым я падставіў плячо і гэтак жа выпрастаў сярэдні слуп, і бляха, хаця й не зусім, разгладзілася, літары слова "коммунизма” занялі свае месцы, нават, здаецца, павесялелі, бліскуча-жоўтыя ў жоўтых промнях сонца. Ля блізкай агароджы я ўбачыў даволі ладны камень, узяў яго і стаў біць, утрамбоўваць зямлю вакол слупоў. Для пэўнасці я яшчэ раз добра ўпёрся плячом у крайні слуп, але тут раптам нехта палажыў мне на тое плячо цяжкую руку. Гляджу: перада мною стаіць "мой" рыжавусы міліцыянер. Ён моцна сціснуў мне плячо і злосна - нарэшце не вытрымаў - сказаў:
- Гражданін, вы прадаўжаеце нарушаць абшчэственны парадак у нашым горадзе. Немедленна астаўце наш горад!
Ён зняў руку з майго пляча, адышоў крыху ўбок - чакаў, што я буду рабіць далей. А я яшчэ колькі разоў ударыў каменем вакол слупа, занёс камень назад пад агароджу, узяў сумку і пайшоў праз шашу на маю марксісцкую вуліцу. Я хутка ішоў гэтай вуліцай - міма аддзела “маёй” міліцыі, міма шумлівага натоўпу ля сталоўкі, міма хатаў: вечнай камсамолкі Тамары, хворага, затурканага Юры, добрых дзядзькі Антона і цёткі Любы, міма гасцініцы на месцы нашай былой хаты. Я прыйшоў за мост, на бераг рэчкі, да свайго каменя. Ля каменя стаяла з ганарліва ўзнятымі ўгору вушамі сучка - можа, матка Паэта. Яна панюхала сумку, нешта ў ёй пачула носам, чмыхнула і пабегла за мост, па вуліцы.
Я падышоў да адзінага тут, недалёка ад берага, куста алешыны, зямля пад ім была чорная і мяккая, выкапаў рукамі неглыбокую ямку, заслаў яе дно травой з жоўтымі кветкамі кураслепу, паклаў у ямку Паэта - ён быў ужо халодны, засыпаў зямлёй. Знайшоў востры камень, падрэзаў ім і ададраў рукамі ад зямлі некалькі палосак дзірвану, уклаў ім зямлю над Паэтам - хай зарасце пагорачак травой, хай ніхто не ведае, што тут пахаваны Паэт.
Вярнуўся да свайго каменя, доўга сядзеў на ім, перада мной у рэчцы калыхалася ўжо нізкае чырвонае сонца. Па мосце прагрукацелі за белым канём калёсы. Мужчына ў пыльнай кашулі звесіў босыя ногі з драбінаў, сказаў мне:
- Добры вечар!
- Вечар добры!
Ад калёсаў дыхнула пахам дзёгцю, канюшыны, свежага аеру.
Сядзеў на камені і казаў сам сабе: пойдзеш берагам гэтай рэчкі, будзеш ісці, ісці па траве між вадой і тарфянікамі, полем, алешнікам, лесам - прыйдзеш разам з гэтай вадой у Шчару, там будзе жалезабетонны мосцік, пойдзеш берагам Шчары, зноў між вадой і тарфянікам, лесам, а можа яшчэ і балотцам - прыйдзеш да Выганаўскага возера, з яго берага махнеш рукой, паклічаш рыбаловаў з маторкі, яны перавязуць цябе на паўднёвы бераг, а там, праз Выганашчы і Целяханы пойдзеш берагам зарослага высокай травой, чаротам, аерам, зацягнутага раскай Агінскага канала - да Ясельды, і далей будзеш ісці, ісці і ля Белага возера звернеш, праз палі і канавы, на Чорнае возера, там станеш пад старой высокай і шырокай таполяй ля брамы і будзеш чакаць - самога сябе малога і хлопцаў свайго пасляваеннага дзяцінства, і вы ўсе пабежыце ў старавечны панскі парк, але ты на нядоўга пакінеш хлопцаў, звернеш на глухую, за спіртзаводам, сцежку, сарвеш кветку, падбяжыш да веснічак бухгалтаравай хаты і кінеш тую кветку, ды ўжо не на комін, як некалі, а проста на падворак, дагоніш хлопцаў, у парку сустрэнеце палонных немцаў, і ты - зноў ударыш рукой Эрыху ў жывот ці - ужо не ўдарыш? Бо ты ж так і не знайшоў за сорак гадоў, не “вылічыў” таго немца, каторы параніў тваю маці, каб пасля паліцыянты закапалі яе, яшчэ жывую, у зямлю.
3 таго далёкага, як за туманамі, азёрамі-рэкамі, дня ты больш нікога ніколі не ўдарыў. А ўвогуле яшчэ доўга пасля вайны нашыя людзі не білі адзін аднаго, не біліся ні на вуліцы, ні за вуглом' наваяваліся ў вайну, набачыліся чалавечага болю, дык доўга ўсім балюча было нават пры ўспаміне. Але потым, як боль прытупіўся, забыўся, сталі сварыцца, біцца - і сусед з суседам, і брат з братам, але начальства чапаць баяліся, і ўладу не чапалі - хаця тыя часта і былі вінаватымі ў людскіх сварках.
I біцца людзі навучыліся адмыслова, і ты неаднойчы хацеў, збіраўся пабіцца, але... Але ты біцца ніколі не ўмеў і не ўмееш і, мусіць, не будзеш умець. А трэба было б... Бо й ты ўжо прызабыўся на даўні боль. А пачварны час, як хіжая, тупая, жалезная машына, нахабна прэцца на цябе, падмінае пад сябе, і ты павінен бы, павінен пабіцца з пачварай, але ты не ўмееш, аднымі кулакамі не зможаш нікога й нічога. А цябе сёння так умела набілі, і знакаў няма - а шыя баліць, у жываце ломіць... Не, пад таполю твае хлопцы ўжо ніколі не прыйдуць - і іх пасля час пабіў і пакалечыў.
Вярніся назад тымі берагамі сюды - да гэтага моста над знявечанай рэчкай, да гэтага каменя. Толькі ён адзін, толькі камень стаіць на месцы, не зварухнецца, не паддаецца нікому й нічому. Расколіна ў камені? Ат, за тысячагоддзі - невялікая яму бяда, дый болю ён не чуе... А ты спачывай там сабе ўзямлі, Паэт. Не нажыўся як след, а болю сёння, толькі за адзін дзень, зведаў замнога. Даруй нам, людзям грэшным, неразумным.
Цягнік мой адыходзіў з гарадка ў пяць раніцы. Можна было б яшчэ адпачыць на ложку ў гасцініцы, але я ведаў: у душным пакоі, на мяккай пасцелі мне будзе сёння мулка. Таму я застаўся сядзець на камені.
Ноч была цёплая. Толькі ад вады крыху патыхала ў твар свежай прахалодай. Але ў спіну грэла з дарогі, і з бульбянога поля, і камень пада мной быў цёплы, доўга, ажно да золку, не астываў ён, нагрэты за дзень. Я правёў пальцам па расколіне, у яе набілася пяску. Мне закарцела выкалупаць з расколіны пясок, але я не зрабіў гэтага: хай будзе так, як ёсць - пясок з каменем даўно-даўно, без майго ведама, паядналіся, і ты не руш іх вечнага спакою.
У цемры за куст алешыны зачапілася нейкая птушка, крыкнула, залапатала крыламі, сціхла недзе за дарогай. У цёмнай вадзе стаялі, ціха дрыжэлі белыя зоркі. Рыбіна ўдарыла па рачной плыні хвастом - зоркі разбіліся на аскепкі, вада заіскрылася, але неўзабаве тыя аскепкі зноў сталіся зоркамі. А камень пада мной яшчэ цёплы. Раптам ад берага, з травы, нешта скокнула і мякка ўпала ля маіх ног. Гляджу: месячнае святло блішчыць у маленечкіх жабіных вачах. Жаба згарнулася, сціхла ля мяне. I я падумаў: каменю добра на зямлі, зямлі добра пад каменем, пяску добра ў расколіне каменя, рыбіне - у вадзе, зоркам - у нябеснай бездані, жабе - ля маёй нагі, птушцы - у полі, Паэту - у сырой зямлі. Камень цёплы, і мне добра на камені, і з поля дыхнула цёплым ветрыкам, і гэты ветрык пах бульбоўнікам. А дзядзьку Антону і цётцы Любе, мусіць, добра спіцца ў іхняй ціхай, утульнай хаце - там у іх, пэўна, расчынена насцеж акно, і ў яго ўсю ноч плыве з гароду пах кропу, маладых гуркоў, зялёнай цыбулі, зямлі з глыбокіх барознаў, пах расы з лапушыння ў двары.
Над полем, над дарогай, над кустом алешыны, над вадой стала святлець. Камень пада мной хутка астыў, па баках яго бліснула раса, і валасы ў мяне на галаве сталі вільготнымі, я паварушыў нагой, і жаба заварушылася, расплюшчыла вочы, няўцямна паглядзела на мяне, потым скокнула да берага, у траву; крыкнула птушка над полем, прыляцела сюды, лёгка ўдарыла крылом па лісці алешыны, паляцела кудысьці над рэчкай.
Паеду ў сваю глыбінную палескую вёску. Гэтай ноччу мне ўспомніліся мае вучні-сямікласнікі, у якіх я быў класным кіраўніком - яны гуртам прыйшлі да вячэрняга аўтобуса і самыя смелыя з іх і найбольш блізкія мне Іра і Дануся казалі мне, калі ўжо набліжаўся белы аўтобус: “Ну навошта вы едзеце? Навошта пакідаеце нас? Мы будзем чакаць вас...” Я вярнуся да іх і я не пабаюся расказаць ім на ўроку, на класнай гадзіне пра тое, якія добрыя былі іх бацькі, суседзі, аднавяскоўцы, усе людзі пасля вайны, пра хлопчыкаў і дзяўчатак майго дзяцінства, пра здаровыя, свежыя травы, кветкі і дрэвы, пра цёплыя дажджы, пра смачны хлеб з шаройкамі, пра смак перамерзлай бульбы, пра сваё першае дзіцячае каханне, пра тое, што не ўмеў і не ўмею біцца, і дзецям скажу: біць трэба так, каб чалавеку нядоўга балела, бо чалавек, як і ўсё жывое - трава, дрэўца, рэчка, - чуюць боль, раскажу пра сваю маці, пра дзядзьку Антона і цётку Любу, пра Юру, раскажу пра аддзел міліцыі, пра перадавую даярку і скажу, чаму нельга пра гэта пісаць у газеце, раскажу пра майго Паэта, пра камень гэты і жабу, і птушку, пра знявечаную зямлю, пра знявечаныя мову і душы людзей .
А дзеці ўмеюць слухаць.
І ўсё-такі птушка яшчэ раз вярнулася сюды, стала ў паветры нада мной, над каменем, над тым дзірваном ля куста алешыны і яшчэ раз крыкнула, і зноў кудысьці паляцела, цяпер ужо, мабыць, далёка і назаўсёды - крыллем біла ў паветры рашуча і адчайна.
4 сакавіка - 12 красавіка 1997 г.
в. Вярховічы, тубдиспансер
Fueled by Johannes Gensfleisch zur Laden zum Gutenberg
Комментарии к книге «На вуліцы Карла Маркса з Паэтам», Николай Семёнович Купреев
Всего 0 комментариев