Альгерд Бахарэвіч
НАТУРАЛЬНАЯ АФАРБОЎКА
ТАЛЕНТ ЗАІКАНЬНЯ
Я заікаюся. Усім тым нецярплівым, роспачным словам — вялікаму мноству словаў! — якія я хаваю ў сабе, вельмі рэдка надараецца магчымасць пакінуць маю гартань безь перашкодаў. Я мог бы быць надзвычай красамоўным, стаць выбітным адвакатам або тэлежурналістам, пераконваць самых упартых моцаю свайго красамоўства, караць ці мілаваць — як пажадаю! — калі б ня гэтая непрыкметная, сапсаваная дэталь у маім арганізму, якая бразгае ўнутры, калі я, спатыкаючыся, бягу наўздагон адыходзячаму аўтобусу размовы.
Усё адбываецца так. Які-небудзь капрызны гук, найчасьцей к альбо л, што паслухмяна рушыць наперадзе падрыхтаванай фразы, раптам упіраецца шкоднымі лапкамі ў сьценкі гартані, моршчыцца, хныкае. Тыя, што йдуць ззаду, раздражнёна напіраюць, ціснуць небараку ў сьпіну, але паганы гук не здаецца. Ладны шэраг руйнуецца, суразмоўца адводзіць вочы ці наадварот, заахвочвальна хітае галавой, ветліва чакаючы, пакуль я ўсё ж выкажу тое, што хацеў. Але думкі ягоныя ўжо не перасякаюцца з маімі, ён думае адно пра маё заіканьне. Я адчуваю, што не магу выказаць неабходнае гэтак прыгожа і абгрунтавана, як хацеў, і мяне трасе ад панічнага страху. Ліхаманкава я спрабую сказаць тое самае іншымі словамі, і часам гэта атрымліваецца. Але куды падзелася мая гіронія, прыцэльная дарэчнасьць сказаў, дасьціпнасьць і спакой у голасе, якія толькі што гатовыя былі напавал ачараваць суразмоўцу? Гутарка страчвае сэнс, чалавек насупраць недаўменна глядзіць на мяне, шкадуючы й пагарджаючы адначасова, і неўзабаве сыходзіць, уносячы з сабой свой дар вымаўляць гукі гэтак жа лёгка й натуральна як дыхаць, — вялікі дар, усё шчасьце якога яму ня дадзена ўсьвядоміць ніколі.
„Гэта не хвароба... так, — дэфэкт маўленьня,”— кажа мне сябра майго прыяцеля. „Імпатэнцыя — значна больш страшная рэч,”— адгукаецца на гэта, усміхаючыся брыдка ў вусы, мой далёкі сваяк. „Лепш бы я заікаўся,”— шэпча мне сьляпы. „Ад гэтага яшчэ ніхто не паміраў,”— кладзе сваю руку на маю знаёмая майго знаёмага. Як я ненавіджу гэтае спачуваньне!
Комментарии к книге «Натуральная афарбоўка», Ольгерд Иванович Бахаревич
Всего 0 комментариев