Людміла РУБЛЕЎСКАЯ
ПАНТОФЛЯ МНЕМАЗІНЫ
РАМАН
Раздзел першы. ПРЫВІД З УНІТАЗАМ
Вы разбіраецеся ў пагонах?
Я - не.
Таму цяпер і сяджу ў закутку, дзе на адным маніторы бачу, як людзі ідуць па лесвіцы ўніз, на другім - уверх.
Як на малюнку аўстрыйскага мастака Эшэра, які любіў маляваць неіснуючыя канструкцыі, па якіх то жамяра поўзае, то чалавечкі.
Ну скуль мне было ведаць, што маленькае фота дзядзькі не з тымі пагонамі запхне мяне ў гэты закуток, да гэтай дурной працы, нібыта спецыяльна прыдуманай мне ў пакаранне.
А ўсяго толькі ў ведамаснай транспартнай газетцы, дзе я працавала дызайнерам, трэба было размясціць чарговую гутарку з Вельмі Важным Начальнікам, адначасова і ваенным, і транспартным. Раз-два, фоткі з інтэрнэта спампавала... Як па мне, дык усе там на адзін твар: квадратныя сківіцы, халодныя вочы, на фізіяномію зірнеш - да варажэі не хадзі, ногі ў кірзавых ботах.
Але фота, якое я на аўтамаце паставіла на паласу, аказалася старое, і ў дзядзькі на пагонах блішчэла на адну зорачку меней, чым ён цяпер мае.
- Толькі і адчапіліся, калі запэўніў, што віноўныя паляцяць з працы са свістам, - начальнік мой, Вячаслаў Мацеевіч па мянушцы Доктар Зло, стамлёна выціраў змакрэлы лоб папяровай сурвэткай з выявамі калядных аленяў. - Вядома, што з цябе, дзеўкі, узяць. Сітуацыя дурная. Звальняць не буду, але перасядзі, пакуль усё супакоіцца, на другой пасадзе, далей ад рэдакцыі, каб на вочы нікому не траплялася.
Вось і не трапляюся. Я цяпер незаўважная, як шашаль у бярвенні.
Месца маёй высылкі - у вольным кутку службы бяспекі. Ахоўнікі вестцы, што цяпер у іх пад бокам будзе шыцца нейкая дызайнерка, асабліва не ўзрадаваліся. Тым болей міла шчабятаць не ўмею, на заляцанні рэагую, як воцат на лыжку соды.
Комментарии к книге «Пантофля Мнемазіны», Людмила Ивановна Рублевская
Всего 0 комментариев