«Інфанта і аднарог»

499

Описание

отсутствует



Настроики
A

Фон текста:

  • Текст
  • Текст
  • Текст
  • Текст
  • Аа

    Roboto

  • Аа

    Garamond

  • Аа

    Fira Sans

  • Аа

    Times

Інфанта і аднарог (fb2) - Інфанта і аднарог 1424K скачать: (fb2) - (epub) - (mobi) - Сергей Александрович Балахонов

Сяргей Балахонаў

Інфанта і аднарог

Раман

Вользе

Гэта прыгожая ілжа,

Гэта цудоўнае адмаўленне.

Такая прыгожая ілжа, што верыш ёй.

Джарэд Лета

А ўкруг мяне стаяць старожы, гатовыя вароты расчыніць,

калі я мыта аплачу душы маёй аздобамі.

Вацлаў Ластоўскі

Сквозь

Толщу микросхем ваш взгляд,

Как звезда, далёк,

На пути на млечном.

Віктар Аргонаў

Заплыў сізы сілязенька,

Ой, заплыў сізы сілязенька

На чужую старану.

Беларуская народная песня

З мілосцю да цябе сыду ў зямлю,

З мілосцю да цябе з зямлі ўздымуся.

Амар Хаям

1.

Той жнівень выдаўся нагвалт спякотным. Я, як заўсёды, выйшаў на працу з летняга адпачынку адным днём раней. Не таму, што мне аж задужа карцела хутчэй прыйсці ў школу, а таму, што зноў аблічыўся з працягласцю адпачынку. Раней я ўвесь час забываўся даплюсаваць да агульнай колькасці адпачынкавых дзён вялікае дзяржаўнае свята – Дзень Рэспублікі. Але той жнівеньскай парою мне пашчасціла забыцца, што яшчэ адзін дзень мне быў гарантаваны кантрактнымі ўмовамі. Руслан Альгердавіч, наш паважаны дырэктар, традыцыйна зрабіў выгляд, што здзівіўся майму заўчаснаму з’яўленню. Я ж паціснуў плячыма і сказаў, што мне не шкада ахвяраваць лішнім вольным часам дзеля карысці роднае ўстановы адукацыі.

Можа быць таму я з казачнай асалодай штодня драбіў цагліны, каб атрыманай у выніку друзоўкай аздобіць школьныя клумбы. Работа не была ювелірнай і адбывалася пад праменнем бязлітаснага сонца, якое, здавалася, на паўстаўкі ўладкавалася ў гестапа. Шчыраваць на гэтай інтэлектуальнай ніве давялося не аднаму мне. Настаўнік чортава тузіна еўрапейскіх моваў Вальдэмар Мікітавіч Міроненка рабіў гэтую справу асобна ад астатніх у прахалодзе школьных сутарэнняў пры святле цьмянай лямпачкі на 40 ват і ў заклапочаных роздумах пра макраэканамічныя працэсы ва ўласных кішэнях. Цагліны ён крышыў павольна, але ператвараў іх амаль у парашок. Гэта мяне бянтэжыла. Я таксама біў цэглу нетаропка, але аскепкі ўрэшце атрымліваліся дужа кабаністыя. Спытаўшы ў Міроненкі парады, я атрымаў у адказ хітрую ўсмешку і бясплатную ангельскую прыказку: «Кепскі работнік свае інструменты ганіць». Няўлоўнасць і прыказкі з прымаўкамі былі яго галоўнымі адрознымі рысамі.

Побач са мной на школьным двары каля спартовай пляцоўкі тую ж самую работу выконвалі два маіх іншых калегі. Непапраўны пафігіст і дыскутант Яраслаў Леанідавіч Майсюк, хаця і быў частковым цёзкам на прозвішча знанага паэта-песенніка, паэзіі ўсё ж не любіў. Але абагаўляў прозу. Ды не проста прозу, а прозу жыцця. Абагаўляў за ўсе выбрыкі і нечаканасці, якія цяжка было прыдумаць самаму таленавітаму пісьменніку нашай, як яму здавалася, безнадзейнай планеты. Такім пісьменнікам ён лічыў аднаго расійскага фантаста, што ўдала эксплуатаваў тэму барацьбы між святлом і цемрай. Вось жа і Майсюк следам за тым фантастам падзяляў усё чыста на святло і цемру, і нядбалым вучням (а выкладаў ён фізіку) даводзілася зусім нясоладка апынацца ў катэгорыі «іншых цёмных». Пад пільным наглядам бога Ра, які зухавата спальваў нам плечы, Ярык прымудраўся да ўсяго паліць цыгарэціну і разважаць пра высокія матэрыі, накшталт маральных аспектаў прысутнасці зямлян на Марсе.

А вось Дзяніс Давыдавіч Іскаліеў – палкоўнік запасу, колішні ваенрук, а тагачасны выкладчык курсу «АБЖ», які выглядаў гадоў на шэсцьдзесят – нязменна гаварыў пра сэкс. Дакладней ён гаварыў пра што заўгодна, але ўрэшце збіваўся на сэксуальную тэматыку. Толькі той факт, што стары колісь чытаў у паўарыгінале творы Імануіла Бацькавіча Канта, ратаваў нас ад пытанняў пра колькасць пакаштаваных за лета жанчын. Зрэшты, Дзяніс Давыдавіч увесь час дзівіўся, чаму, працуючы ў амаль выключна жаночым калектыве, ні я, ні Ярык не карыстаемся становішчам. «Хлопцы, працы ж непачаты край!» – усклікаў ён, маючы на ўвазе не тройчы выклятыя цагліны, а ўсіх нашых паважаных каляжанак. Я ў тысяча першы раз прапускаў гэтыя словы міма вушэй, усміхаўся і, заліты віленскімі вёдрамі поту, працягваў махаць малатком, удаючы з сябе Тора.

На спортпляцоўцы віліся дзеці і адзін пераростак, якога ў свой час ледзьве справадзілі пасля дзявятага класа. Ён выхваляўся паляўнічымі трафеямі свайго бацькі. Сябручкі і слухалі яго, і назіралі за нашай працай, не разумеючы яе сэнсу. І хоць цікаўнасць даймала, спытаць наўпрост яны не наважваліся. Іхняя ўвага трохі злавала, бо даводзілася пачувацца бясплатным клоунам на арэне месяцавага цырку. Але ж – цярпі, казача, не выпадае іначай. Біццё цэглы пад прыцэлам чужых вачэй працягвалася.

– Дзяўбі, дзяўбі, Эрнесцік. Сонца яшчэ высока, – пакепліваў з мяне Іскаліеў. – Падзяўбеш, каб потым было спраўней дзеткам на ўроках аб правах чалавека расказваць.

– Аб натуральных? – з панурай усмешкай удакладніў я.

– Аб натуральных, аб звышнатуральных, аб усіх чыста, – крахтаў ён, разбіваючы чарговую белую блочыну.

– Але ж, Эрнесце, табе і шанцуе з тваімі прадметамі, – зарадзіў Майсюк. – Чалавек! Грамадства! Дзяржава! Проста песня! Прыйшоў на ўрок і размаўляй пра што хочаш, спрачайся колькі ўлезе. На фізіцы асабліва не паспрачаешся. Закон Ома ёсць законам Ома. А ўраўненне Ван-дэр-Ваальса ёсць ураўненнем Ван-дэр-Ваальса. Ні ўцяць, ні ўзяць, ні на выпіўку пазычыць.

– Каб жа яны хацелі спрачацца, – уздыхнуў я, разумеючы, што займеннік яны прагучаў з гэткай жа экспрэсіяй, як назоўнік aliens з вуснаў гераіні класічнага фантастычнага трылера пра барацьбу зямлян супраць касмічных монстраў. – Не, бываюць канечне ў кожным класе аматары языкі пачасаць. Але часцяком не дзеля развіцця шэрага рэчыва, а каб толькі мне зубы замовіць ды пацягнуць на ўроку час…

– Дык ты ж і сам палялякаць не супраць. Асабліва з дзяўчатамі. Хіба не так? – упёк Ярык.

Я сумеўся. Такога кшталту пытанні звычайна заганялі мяне ў анталагічны тупік, клікалі на дапамогу кагнітыўны дысананс, каб супольнымі намаганнямі добранька набіць морду маральнаму закону ўва мне. Скажаш праўду – кепска, схлусіш – заўважаць, што хлусіш. Акурат таму я прамаўчаў, узяўшыся перасыпаць набітую друзоўку з посцілкі ў кардонную пушку.

– Я на клумбы, – змрочна прамармытаў я.

– Бач які суворы, – усміхнуўся Дзяніс Давыдавіч.

Трымаючы пушку за днішча, я павалок каштоўны ладунак задворкамі школьнага будынку. У вузкаватым праходзе між майстэрнямі і бетоннай агароджай давялося абмінаць кабет з нейкай суседняй канторы. Бабёнкі старанна ўсмоктвалі дым сваіх ментолавых цыгарэтаў і глядзелі на мяне, як сарокі-вароны на параненага волата. Урэшце я дабрыў да запаветных земляў, дзе ўжо былі падрыхтаваныя паглыбленні ў выглядзе прамянёў. «Як на колішнім сцягу Японіі», – міжволі падумалася мне. Я выгрузіў змесціва сваёй тары, нахіліўся і стаў рукамі размяркоўваць кавалачкі цэглы па ўсёй паверхні, уяўляючы сябе сівагаловым японцам у садзе камянёў будысцкага храма рёандзі.

Што Захад, што Ўсход…

Паўсюль халодны вецер

Студзіць мне плечы.

Працуючы настаўнікам, я прызвычаіўся практычна да ўсіх магчымых і немагчымых работ па-за межамі службовага абавязку. Таму на свае рачкаванні ў клумбах асабліва не наракаў. «Толькі б без класнага кіраўніцтва», – ці не ўголас сфармуляваў я свой галоўны на той момант прафесійна-экзістэнцыйны пасыл.

– Вы яшчэ не кончылі? – пачуўся за спінай голас настаўніцы ангельскай мовы Ліі Навумаўны Келдышавай.

– З вамі кончыш, – неахвотна азваўся я.

– Ну, і грубіян жа ты, Баластоўскі! – зусім не жартам раззлавалася каляжанка.

Лія мела наконт мяне пэўныя намеры. І як толькі я дазваляў сабе рэплікі падобныя згаданай вышэй, у нашых дачыненнях надараўся кароткатэрміновы карыбскі крызіс. Але нораву яна была адліглівага і звычайна на наступны дзень пачыналася міжнародная разрадка. Памятаючы гэта, я пакінуў яе словы без каментараў і толькі памахаў рукой, стуліўшы вусны банцікам. Несупадзенне пачуццяў. Так бывае. Што паробіш? Як і ўсякі закаханы я быў эгаістам і адстаронена назіраў за рознага кшталту заляцаннямі да мяне. Можа паўстаць пытанне: чаму я назваў сябе закаханым? А таму і назваў, што сэрца маё было ў палоне гэтага безразважнага пачуцця.

Вярнуўшыся да каменяломняў, я застаў ля сваіх калегаў новаспечанага выпускніка Алеся Альхімовіча. Той меў пэўныя гешэфты з Майсюком і завітаў акурат да яго. Але распавядаць пра няўдальства з паступленнем давялося для ўсіх прысутных.

– Ну, нічога страшнага, – разважна прамаўляў Дзяніс Давыдавіч. – Найцяжэй, пакуль з месца. А там упарадкуецца, паступіш і ты…

– А як не паступіш, то пойдзеш да нас у дворнікі, – падшпільнуў хлапца Ярык. Алесь ані кроплі не пакрыўдзіўся, нібы так і мусіла быць.

– А ў войска? – між іншым заўважыў я.

– Адпадае, Эрнест Скіргайлавіч, – запярэчыў Альхімовіч. – Здароўе не тое. Сэрца. Пралабаванне мітральнага клапана без рэгурытацыі. Дзеці Чарнобыля.

– Я з такім самым дыягназам боты таптаў, – запярэчыў я.

– Ды косары яны! – з’едліва выгукнуў Майсюк, каторы гэтак жа, як і я, па выйсці з альма матэр ахвяраваў сябе Марсу.

– А з тваёй паралелі шмат хто паступіў? – згортваючы нялюбую мне вайсковую тэму, спытаў я.

– Ты, Эрнест, няправільна пытаеш, – уставіў свае тры срэбранікі фізік. – Пытай больш канкрэтна: «Цыпіна паступіла?».

Гэтым разам ён рэальна ўшчыкнуў мяне і майму арганізму давялося выклікаць аварыйныя службы, якія б спешна адпампавалі тую барву, што вось-вось мусіла цалкам запоўніць мой твар. Зрэшты, хваляванні былі марнымі, бо на счарнелым і спатнелым твары ніякую чырвань ніхто ніколі не разгледзеў бы. Дый ніхто, па вялікім рахунку, і не імкнуўся.

– Цыпіна? – з гагарынскай усмешачкай перапытаў Алесь і адразу ж адказаў. – Цыпіна паступіла. Ага. На матфак на бясплатнае. Пашэнціла, бо конкурс атэстатаў выцягнуў…

– А ў атэстаце адзін толькі гісторыка-грамадазнаўчы цыкл балаў на трыццаць заважыў, – зноўку ўплішчыўся Майсюк са сваімі дрэсіраванымі шпількамі. – Прызнавайся, Эрнест, ты ж сваёй любімай выпускніцы ўсе дзясяткі паставіў?

– У мяне такіх любімых у кожным класе па тры штукі, – штучнай бравадай адбіваўся я.

– Ну, гэта ясна. Ты яшчэ вельмі сціплую лічбу назваў, – Ярык пацерабіў бараду, дзякуючы якой ён нагадваў маладога таліба. – Але ж Цыпіна для цябе нешта асаблівае… Ты, дарэчы, чаму на выпускным не быў?

– Ага, Эрнест Скіргайлавіч, чаму? – падтрымаў пытанне Альхімовіч.

Па нейкай наіўнасці я меркаваў, што ніхто не стане знітоўваць маю адсутнасць на выпускным вечары з асобаю Настассі Цыпінай, каторай я і сапраўды вывеў самыя выдатныя выніковыя адзнакі, якія толькі можна было вывесці згодна з рэфармаванай сістэмай ацэнкі ведаў навучэнцаў.

– Чым жа асаблівае? – пачынаў я караскацца на трамплін хлусні.

– Адносіны ў вас з ёй хіба не асаблівыя былі? – нібы тэлевізійны астролаг-аналітык, сустрэў Майсюк пачатак маёй хлусні дзеля збавення.

– Ды якія там, на сухі лес, асаблівыя адносіны! – уваходзячы ў стос, грымнуў я. – Як трэ’ былі адзнакі добрыя, дык хвастом за мной хадзіла ўся такая ласкавая і пяшчотная. Эрнест Скіргайлавіч, у-цю-цю, ля-ля-ля. Паштоўкі на святы. Усмешкі на кожным уроку. А як я журнал у канцы года згарнуў, дык адразу ўсю тую ласку, пяшчоту, кунегу, быццам бульдозерам зрэзала. Упс! І не шманае. Асаблівыя адносіны… Апошні званок памятаеце? Кветкі настаўнікам! Каму панесла? Мне? Не! Географу панесла, бо трэцім экзаменам геаграфію выбрала. Памяняла коніка пасля пераправы…

– Нішто сабе, Эрнест Скіргайлавіч, – сумеўся Альхімовіч. – Мы і падумаць не маглі, што вы да Цыпінай так сур’ёзна ставіцеся.

– Так, хлопцы, спыніце гэты базар, – пасля працяглага маўчання ўрэшце азваўся Іскаліеў. – Рэч зусім не новая, і патэнт за яе вынаходку ты, Эрнесцік, трасцы атрымаеш. Можаш мяне дурня старога к чортавай матары адправіць, але я ўсё ж скажу табе сваё слова: кідай гэтае гіблае дзела. Я разумею ўсе твае спакусы. Але кідацца ў гэты вір з галавой вельмі небяспечная справа. Пакуль ты будзеш маладым, вочкі табе будуць строіць тысячы з іх. І ты халеры ўгадаеш, якая адна сапраўды жадае тваёй… кхе-кхе… ласкі, а не цудоўных гадавых адзнак. Пераключайся на каляжанак. Так будзе прасцей і бяспечней.

– Ды што вы такое прыдумляеце, Дзяніс Давыдавіч! – абурана выгукнуў я. – Я меў на ўвазе чыста чалавечыя адносіны, а не нейкія там спакусы.

Іскаліеў прамаўчаў. І фізік, і ўчорашні выпускнік таксама не выранілі ні слова. Павіслая пасля гучных рэплік цішыня дужа зацікавіла вісусаў са спортпляцоўкі. Алесь Альхімовіч зірнуў на іх і заспеў недаўменны погляд мацака-пераростка.

– Хімыч, што там? – звяртаючыся да Альхімовіча па мянушцы, на ўвесь школьны двор прашаптаў той.

– Разумееш, Лейка, калісьці даўным-даўно, гадоў так пяцьдзясят таму, калі школа толькі-толькі будавалася, адзін мужык замураваў у цагліне буйны брыльянт на 89 карат. Вось мы зараз шукаем, каб яго прадаць, а за атрыманыя грошы забамбіць у школе еўрарамонт, пабудаваць басейн з саўнай ды на сто год забяспечыць безлімітны доступ да звышхуткаснага інтэрнэту.

– А ты тут пры чым? – удакладніў Лейка і недаверліва плюснуў вачыма.

– А я ў долі, – зноў-ткі шэптам паведаміў Алесь. – Брулік жа вялікі…

– Адломіш кавалак? – хцівасць пераростка ўзяла верх над недаверлівасцю.

– Хе, «адломіш»! Па-першае, за якія заслугі? А па-другое, так проста яго не адломіш. Патрэбны станок «Жылет» з плаваючай галоўкай…

– Дык я, гэта самае, збегаю зараз. Куплю. На піве зэканомлю.

Мы ў чатырох пераглянуліся і, не стрымаўшыся, сталі трэскацца ад смеху.

– Але, Варонка, адразу бачна, як ты ў школе вучыўся, – заўважыў Майсюк, звяртаючыся да пераростка па прозвішчы.

– А што такое? – злёгку прыгаломшаны, круціў вачыма пацан.

– Ой, за ліхімі, за марозамі! Лейка, нават я ніколі не быўшы батаном, ведаю, што брыльянт ні «Жылетам», ні вось гэтым малатком не расколеш, – павучаў Альхімовіч. – А ты і павёўся на мой развод.

– Добрую варонку лейкай не назавуць, – нядбала кінуў я, прыгадваючы, колькі крыві мне ў свой час папіў гэты хлопец.

Варонка злосна зіркнуў на ўсіх нас, ненавідзячы за свой падарваны перад таварышамі-недалеткамі аўтарытэт. Яго погляд спыніўся на мне. Я не стаў адводзіць вачэй, колка свідруючы імі яго. Той намагаўся нешта сказаць, але ўрэшце толькі грэбліва махнуў рукой, буркнуў нешта сваім сябрукам і пасунуўся прэч. Тыя, быццам верныя янычары, пабрылі следам за ім.

– Ну, усё, хлопцы, трэба і меру ведаць. Досі ўжо працы, – урачыста аб’явіў Давыдавіч, і мы з ім пагадзіліся большасцю галасоў.

Наш невідочны напарнік Вальдэмар Мікітавіч паспеў нябачна для нас задаць лататы роўна а першай гадзіне дня – у зафіксаваны час сканчэння працоўнага дня настаўнікаў у час летніх вакацыяў. «Добра, што хоць ён не чуў пра Цыпіну», – чамусьці падумалася мне, і смутны, нібы шэрая зязюля, я пайшоў мыцца.

2.

Эпапея з цэглаю працягвалася яшчэ колькі дзён. Тэма настаўніцкіх спакусаў у нашых гутарках больш не ўздымалася. Хутчэй з меркаванняў прывіднай паліткарэктнасці, а не таму, што яна нікога больш не цікавіла. Нават Майсюк стрымліваў свой язык. Я ж, не зважаючы на ўласнае зацятае маўчанне, бадай што ні на хвілю не мог выкінуць Настассю з галавы. Мяне дапякала тое ж самае пытанне, з якім я, нібы з вернай сябровачкай, прабавіў цэлы адпачынак: чаму Цыпіна так не па-людску сышла? Колькі б я ні напінаў на сябе маску страшэннага цыніка, я не мог схлусіць самому сабе. Дый калегі наўрад ці паверылі ў маю абыякавасць да Насты.

Успамінаўся апошні школьны званок і нечуваныя парывы ветру, змяшанага з попелам, што выбіваў з маіх вачэй чырвоныя слёзы, і я мусіў хавацца ад усіх у пустой актавай зале. Успамінаўся дождж, што ліў падчас выпускнога вечара, на які я не пайшоў, бо ведаў – сэрца не вытрымае яе абыякавасці… Я нырцаваў у хвалях собскай маркоты па дзявочых вабнотах. Я ганіў сябе, яе і свет цэлы, улучна з новаадкрытай планетай Сэднай. І пры ўсім, пры тым недзе ў глыбіні душы, недзе ў Марыянскім жолабе маёй збалелай душы я цепліў надзею на тое, што зусім неўзабаве адбудуцца змены на лепшае і мы будзем з Настачкай разам. Ну, з кім жа ёй яшчэ быць!

Магчыма таму яе наступнае з’яўленне ў школе выклікала ў мяне змяшанае пачуццё – келіх спадзяванняў напалам з роспаччу, залітай па вострым лязе нажа. Я столькі гадаваў і кунежыў боль галавы бясплённым пытаннем: «Дзе яна?», і вось Наста пераступіла школьны парог. Прыйшла, праўда, не адна. Дакладней яе адмыслова прыканваявалі ў школу дзве сяброўкі-аднакласніцы – таксама мае былыя вучаніцы – Арына Зарыцкая і Міла Шчодрык. Абедзве дзяўчыны паступілі на гістарычны факультэт. Арына на чыстую гісторыю. Міла на гісторыю з ангельскай мовай. Мне неяк адразу стала ясна, што і адна, і другая, памятаючы пра мае любасныя няпрухі, намагаліся хоць як палепшыць справы. Яны ўважліва сачылі за маёй рэакцыяй на прыход Цыпінай. У той момант я мог ім нагадваць Азірыса, які ўваскрос, або хлопчыка Васю Вясёлкіна, якому мама купіла яго любімае марозіва за 20 капеек. А што ж Настачка? А яна, як у кепскіх раманах, спачатку папросту не заўважыла мяне. А калі потым мы ўсе перайшлі ў кабінет гісторыі і сталі размаўляць пра жыццё, Наста была самай маўклівай, нібы сапраўды не мела чаго сказаць, а мусіла бегчы на цэнтральны рынак, каб зрабіць тэрміновыя закупы. Калі ж Арына і Міла выйшлі з аўдыторыі, каб праведаць іншых настаўнікаў, а я застаўся з Цыпінай сам-насам, яна раптоўна падскочыла з месца і стала нервова хадзіць па класе, знарочыста разглядаючы стэнды з партрэтамі беларускіх магнатаў ды шафы з кнігамі, якія яе ніколі дагэтуль не цікавілі.

Становішча для абаіх было няёмкім. Я павінен быў сказаць нешта важнае, істотнае, тое, што адразу б праясніла мае пачуцці да яе і ўпарадкавала нашы з ёй дачыненні. Але ж я прамаўляў глупства пра цэнтралізаванае тэставанне, перапоўнены гарадскі пляж і гандаль валгаградскімі памідорамі. А на глупства ў адказ таксама гэткае ж глупства і гучала. Аднаскладовае. Так. Не. Хм. Павісала маўчанне, ад якога ніякага спасу не было. Ні мядовага, ні яблычнага. Наста рабіла ўсё магчымае, каб не злавіць майго погляду. Яна тупілася ў вакно, на дошку, на столь, у парту – куды заўгодна, абы толькі не ўбачыць маіх вачэй. Урэшце ёй добра ўстыла трываць гэты сеанс, і ад’яда сэрца майго паспяшалася пакінуць клас пад маё амаль дзяжурнае «прыходзь яшчэ».

Зарыцкая і Шчодрык неўзабаве вярнуліся, каб развітацца. Яны ледзь хавалі сваё засмучэнне, але ўсё адно спрабавалі мяне падбадзёрыць, у чарговы раз просячы пацвердзіць, што я абавязкова запрашу іх на маё патэнцыйна імавернае вяселле. Мне нічога не заставалася, як пацвердзіць. Нюансы накшталт часу вяселля і імя нявесты выносіліся за дужкі. Да лепшых часоў.

З гора давялося пайсці ў суседні кабінет да каляжанак. Тыя хуценька нарэзалі для мяне сала і памідораў, а таксама ўручылі вялікую філіжанку кавы. Я моўчкі сядзеў і варочаў сківіцамі, праганяючы сваю скруху. Настаўніцы ціхутка разважалі пра бляск і мізэрнасць аральных ласкаў. Іх развагаў я амаль не слухаў. Не таму, што аральныя ласкі мяне зусім не цікавілі. Проста мая свядомасць ўключыла нейкае адмысловае абароннае поле, як гэта бывае ў крытычна настроеных людзей падчас рэкламных блокаў.

З іншага боку, сам факт падобных разважанняў мяне ў пэўнай ступені вар’яваў. Я не хацеў нічога чуць, а пагатоў запамінаць. І ўсё ж мой свядомасны антыспам, мой глуздавы брандмаўэр раз-пораз даваў збоі. Прылёгшы паўбокам на адной з партаў, я чуў рэплікі пра трэба прыпуціць гэтага манаха, пра лета прабаўленае з толкам ці без яго, пра парадачных дзевушак, якія сябруюць з кожным па парадку.

Так, я даўно ўпісаўся ў грамаду маіх каляжанак, і яны мала пільнаваліся ў хаванні ад мяне многіх жаночых сакрэтаў. Наскі хлопец, пане дабрадзею. Ушчэнт наскі, і не калыша. Можа таму і губляўся інтарэс да іх як да прадстаўніц процілеглага полу. Можа быць таму ўсе парады Дзяніса Давыдавіча ўспрымаліся мною адно старэчымі скалананнямі паветра. Маладосць вадзіла нас у шабельны паход!

– У вас Баластоўскі? – з дзвярэй прагучаў голас маладой сакратаркі.

– А ты яго сабе злапаць хочаш? – ухілілася ад адказу настаўніца матэматыкі Рагнеда Іванаўна Андрамедава.

Контрпытанне было агучана з усмешкай. Але чамусь здавалася, што паводзіцца настаўніца так, нібы бароніць сваю крэпасць ад няпрошанага ворага.

– Бач ты якая! Баластоўскага ёй падавай. Дзе так падавалі? – другім разам затакавала Рагнеда Іванаўна.

Сакратарка троху збянтэжылася, не разумеючы, як трэба рэагаваць на пачутае.

– Між іншым, я замужам, – урэшце адказала яна, памылкова палічыўшы гэтую фразу пераможнай.

– Ды мы ўсе, дзевачка, замужам, калі трэба… А калі трэба іншаму, сама ведаеш: муж не сценка, у бок пасунецца.

Сакратарка пачырванела: ці то Рагнеда абразіла яе цнатлівыя маральныя прынцыпы, ці то акурат наадварот зачапіла за нешта балеснае.

– Досыць да паненкі са сваімі дурыкамі чапляцца, – як гультаяваты ланцуговы сабака, падаў голас я.

– Эрнест Скіргайлавіч, – абрадавана ўскрыкнула тая. – Вас да Любартавай выклікаюць.

Я падзякаваў і рушыў да дзвярэй. Мае сатрапезніцы, пачуўшы прозвішча намесніцы дырэктара па выхаваўчай рабоце, не прамінулі кінуць пару сваіх заўваг:

– Ну, гэта ўжо лінейку рыхтаваць.

– Дадуць табе сцэнар.

– Будзеш рэпетаваць.

– Да ночы.

Мне карцела ўжыць бязбожны сеціўны слэнг і сказаць пра сасуд, куды варта было скласці іх каментары, але я ўчасна ўстрымаўся. Мяне адольвала неймаверна жудаснае прадчуванне, што сцэнарам першавераснёўскай лінейкі не абыдзецца.

– Марына Нарымунтаўна, вызывалі? – спытаў я з парога яе кабінета.

– Так, Эрнесцік. Заходзь, сядай, калі ласка.

Спецыяльна для мяне ўжо было падрыхтавана крэсла. Мае прадчуванні абвастрыліся. Любартава ніколі не вытрымлівала такую доўгую паўзу, калі размова ішла пра нешта будзённае, кшталту падрыхтоўкі школьнага мерапрыемства.

– Паслухай, я тут з пытаннем ад Богута, – урэшце пачала яна, прыгадаўшы прозвішча дырэктара. – Ты ведаеш, якая ў нас зараз складаная вытворчая сітуацыя на паралелі новаспечаных адзінаццатых класаў. Чарнабог звольнілася і з’ехала на п.м.ж. у Аб’яднаныя Арабскія Эміраты. Аня Бялун па сямейных абставінах папрасіла значна меншую нагрузку, чым меркавалася папярэдняй тарыфікацыяй. І вось за тыдзень да пачатку новага навучальнага года мы маем вялікую праблему – у 11 «А» і 11 «Б» няма класных кіраўнікоў. З-за цякучкі кадраў на ўсёй паралелі не хапае настаўнікаў па некалькіх прадметах… Ты скажаш, што прыйдуць новыя прадметнікі, хай і бяруцца за гуж класнага кіраўніцтва. Але ж ты мусіш паставіцца з разуменнем да наяўнага становішча. Па-першае, невядома, калі тыя прадметнікі прыйдуць і што гэта будуць за людзі. А па-другое, Руслан Альгердавіч хацеў бы прапанаваць гэты пачэсны абавязак табе. Акурат пяты год, як ты ў нас працуеш. Асвойтаўся. Дзяцей ведаеш. Яны цябе ведаюць і любяць…

– Ці мала хто мяне любіць… – вырвалася не зусім ветлівая, амаль дзёрзкая рэпліка.

– Так, любяць. І гэта многае значыць, многага варта. І любоўю дзіцячай ты так проста не раскідвайся, каб не было потым пакутліва балюча… Дык вось дырэктар, ведаючы тваю магчымую рэакцыю, прапаноўвае падумаць, паразважаць, паразмаўляць з калегамі, бацькамі, каханай сяброўкай і даць заўтра ўцямны адказ – бярэш класнае ці не.

– Я, канечне, падумаю, – у роце маім асмягла, а словы спатыкаліся, ператвараючы голас у шоргат цукровага трыснягу, які высякалі чарнаскурыя нявольнікі. – Але мой папярэдні настрой адмоўны. Не хочацца ўзвальваць на сябе лішнюю адказнасць. Я ж і за сябе іншым разам не магу толкам адказаць, а тут…

– Мы ўсёй грамадой будзем табе дапамагаць з планамі, дакументамі. Усё дамо. Што трэба, растлумачым.

– А сувязь з бацькоўскім камітэтам? Ахвяраванні… – я няпэўна пакруціў далонню ў паветры, быццам укручваў у патрон новую лямпачку.

– Так, тут можа быць яшчэ тая загваздка. Мы пра гэта думалі… Але ў любым выпадку ты можаш разлічваць на маю асабістую дапамогу. Калі з’явіцца патрэба, дык я выступлю і перад дзецьмі, і перад бацькамі.

Міжволі мне хацелася паверыць ва ўсе вясёлкавыя перспектывы намаляваныя Марынай Нарымунтаўнай. Але ж занадта фантастычнымі яны выглядалі. Таму, маючы ў галаве гатовае «не!», я ветліва ўзяў прапанаваны для роздуму час.

Выйшаўшы ад Любартавай, я цяжка ўздыхнуў і паспрабаваў адчуць заштампаваную масай грызапёраў палёгку. Збольшага мне гэта ўдалося. І ўсе наступныя размовы на гэты конт поўніліся невыноснай лёгкасцю быцця: маўляў, вось такі я шчасліўчык, лёсік, пястун, з якім цацкаюцца, прапаноўваючы тое, што a priori ўваходзіць у мае службовыя абавязкі. Суразмоўцы раілі мне рознае. Аднак практычна ўсе схіляліся да думкі: «Ё магчымасць не браць, дык не бяры». Міроненка проста на калідоры ўзычыў мне нідэрландскую прыказку: «Што для аднаго смерць, для другога – хлеб». Цікавым мне было і меркаванне Цыпінай, але ў яе не было ні хатняга, ні мабільнага тэлефона. А каб нават і былі, я наўрад ці б наважыўся ёй пазваніць з нагоды такога, у сутнасці, глупства, пане дабрадзею.

Назаўтра я вымавіў «не!» уголас. Яшчэ праз дзень з лёгкім ветрам паехаў на секцыю настаўнікаў гісторыі ў школу, да якой туліцца гарадская фабрыка марозіва. Нічога новага ні ад метадыстаў, ні нават ад рэдактара «Беларускага гістарычнага часопісу» пачуць не пашчасціла. Але яркае сонейка, прыемны халадок, што струменіўся праз шырока расчыненыя вокны актавай залы, і бясконцае піліканне настаўніцкіх мабілак стваралі атмасферу эйфарыі, штучнасць якой не ўсведамлялася. Не ўсведамлялася да такой ступені, што нават раптоўнае з’яўленне маёй уласнай апошняй класнай кіраўніцы, не было мной растлумачана ў катэгорыях нябесных знакаў. Я лічыў гэта прыемным збегам абставін, бо насамрэч быў рады яе ўбачыць і перакінуцца колькімі слоўцамі. І толькі днём пазней стала зразумелым, што класуху мне паказалі не проста так…

3.

Шыбуючы ўранні на працу, я застаў на школьным ганку Дзяніса Давыдавіча. Ён разгладжваў свае вусы і хітравата ўсміхаўся, нібы кагадзе прадаў на аўкцыёне «Сотбіс» шкуру ненамаляванага мядзведзя. Мне хацелася рыкнуць, але я павітаўся.

– Віншую вас, Эрнест Скіргайлавіч, з новай пасадай.

– З якой? – абдумваючы імаверныя падставы яго гумару, спытаў я.

– Як жа ж? Класнае кіраўніцтва.

– Хто сказаў? – па сэрцы праехала танкавая дывізія Гудэрыяна.

– А ты вунь пачытай.

Іскаліеў паказаў рукой на вакно, да шкла якога знутры былі прымацаваныя розныя абвесткі для школьнікаў і іх бацькоў. Як ніндзя-чарапашка, я кінуўся туды. Сапраўды, там віселі спісы адзінаццатых класаў. У спісах 11 «А» і 11 «Б» не былі пазначаны прозвішчы класных. Я чмыхнуў:

– Давыдавіч, з вашымі жарцікамі…

– А ты не сюды глядзі, а вось сюды.

Ён тнуў пальцам у іншую паперку

– «Графік выдачы падручнікаў». Ну дык што?

– А ты далей чытай. Хто «ашкам» выдае?

Вочы слізганулі па табліцы і спыніліся на адпаведным радку, дзе красавала, мала не падміргваючы: «Эрнест Скіргайлавіч Баластоўскі».

– Так што прашу вас, князь, прайдзіце ў апартаменты, – не тоячы незразумелай мне радасці, прамовіў Дзяніс Давыдавіч.

– Падумаеш кнігі! – выгукнуў я. – Гэта яшчэ нічога не значыць. Вунь «бэшкам» Аня Бялун выдае. А яна ў іх класнай не будзе.

Я памаршыраваў да Любартавай. Яна паясніла, што гэта з’явішча часовае, што дзеці павінны ўчасна атрымаць падручнікі, пакуль не закрылі вакансію класнага кіраўніка.

У бібліятэцы ўжо падрыхтавалі ўвесь належны выпускніку боекамплект. Разам з Ліяй Навумаўнай, якая паспела са мной памірыцца і нават паспачуваць небяспечнай верагоднасці атрымаць фатальную пасаду, мы пацягалі кніжкі ў кабінет гісторыі.

Неўзабаве то па адным, то групкамі сталі падыходзіць адзінаццацікласнікі з загадзя пашыранымі зрэнкамі. «А дзе Зульфія Захараўна?», «А вы ў нас класным будзеце?», «Мы так доўга гэтага чакалі, Эрнест Скіргайлавіч!»… Я глядзеў на іх і думаў: «Дзеці, як жа вы пасталелі». Мінула чатыры гады ад таго часу, калі я пазнаёміўся з бальшынёю іх. Нехта прыйшоў годам, двума, трыма пазней… Відавочны сантымент, нібы маладое віно, нечакана ўдарыў у галаву, і ў п’янкім захапленні хацелася бегчы да дырэктара, каб сказаць: «Так, я буду ў іх класным кіраўніком». Але ж не бег. Сядзеў у кабінеце, тлумачачы кожнаму новаму візітоўцу ўвесь тагачасны стан рэчаў, ажно набіў у роце аскоміну. Чакаў. Правяраў квітанцыі. Распавядаў. Выдаваў падручнікі.

У гэтым канвееры я раптоўна злавіў уласную думку пра тое, што вельмі хачу кагосьці пабачыць, але не мог скеміць, каго менавіта. Папраўдзе над усімі жаданнямі стаяла адно – зноў сустрэцца з Настассяй. Мне насамрэч не ставала проста аднаго яе позірку. Таго самага позірку, якім ён быў яшчэ колькі месяцаў таму. Пачуцці, нават пасля згаданага вышэй недарэчнага бачання ў школе, былі такімі шчырымі і моцнымі, што ім не заставалася нічога лепшага, як канвертавацца ў боль. Сапраўдны боль. Галава неўпрыкмет пачала расколвацца. Паветра ў класе гойдалася, быццам пустэльнае марыва. Магнаты Старой Беларусі праламляліся і наругліва пасмейваліся з мяне недарэкі.

Януш Радзівіл сказаў: «Я ведаю, што прыйдзе час, калі мы выкінем усе балячкі праз вокны. Але пакуль яны з намі». Пры гэтым пасля слова «вокны» паляцела рэха «windows». Ян Геранім Хадкевіч таксама не стаў маўчаць: «А што тычыцца нашых болесцяў, дык мы ў іх роўныя з любым іншым народам. Нават больш за некаторых». «Знайшоў, чым ганарыцца, пане!» – так і карцела выгукнуць мне, але Леў Сапега мяне перабіў. «Чалавеку пачціваму нічога не мае быць даражэйшага за болесць», – урачыста вымавіў ён, нібыта абвяшчаў пра стварэнне трэцяга Статута Вялікага княства Літоўскага.

У той самы момант, калі ад усяго гэтага стала выразна патыхаць белаю гарачкай, дзверы расчыніліся, і ў клас увайшла Аліса Селязнёва. Не-не, гэта не трызненне. Так сапраўды звалі маю вучаніцу. Дзяўчынцы проста пашчасціла нарадзіцца ў пік папулярнасці савецкага фантастычнага фільму «Госця з будучыні», якім захапляліся і дзеці, і дарослыя. Таму яе бацькі, маючы прозвішча Селязнёвы, нават і не задумваліся, як жа назваць нованароджаную дачушку.

Аліса павіталася і, не адрываючы погляду ад мяне, узялася выпытаць тое, што незадоўга перад гэтым выпытвалі яе аднакласнікі. Дзіўна, але пытанні мяне зусім не раздражнялі, я сакатаў, быццам гаварыў усё ў першы натхнёны раз, а боль галавы кудысь прападаў. Я сам навыбіраў ёй больш ахайных падручнікаў. Яна глядзела на маю мітусню з чароўным захапленнем.

– Ну, Эрнест Скіргайлавіч, я сама ўсё вазьму, – няпэўна пярэчыла дзяўчына, але рашуча не спыняла мяне. Калі пакунак быў наладаваны, я ўзважыў яго рукою.

– Ого, цяжкаваты. Ёсць памочнікі?

Пытанне не было дарэмным, бо я ведаў, што ў Алісы ёсць хлопчык. Па аналогіі з астатнімі адзінаццацікласніцамі – «ашкамі», «бэшкамі» і, асабліва, «вэшкамі», дзе былі амаль адны дзяўчаты – мне думалася, што хлопчык прыйдзе дапамагаць сваёй даме сэрца цягнуць гэтую патужную ношку.

– Ёсць, – сарамліва прамовіла Аліса.

– Кліч сюды. Чаго саромеешся?

– Але ж тата на вуліцы з машынай.

Такі адказ быў для мяне трохі нечаканым, але я прапанаваў:

– Давай да машыны данясу.

– Ой, ну што вы, Эрнест Скіргайлавіч, не трэба. Я сама. Вы ўжо і так стаміліся, – дзяўчына не пераставала дзівіцца маёй паслужлівасці.

– Ну тады бывай, пабачымся, мабыць, ужо на лінейцы.

– Да пабачэння. Шкада, што вы не будзеце нашым класным кіраўніком.

Нешта глеўкае заныла ў маіх грудзях. Але я гнаў гэтае ныццё прочкі. Цыпіна ьber alles!

4.

Так, я быў аж праз лад разважлівым. Не маючы нічога пэўнага з Настай, я страшыўся новых ускладненых любасных геаметрычных фігураў. Мне ўдосталь хапіла ранейшых трохкутнікаў, пасля апошняга з каторых я надоўга забыўся пра здольнасць кахаць. А калі ціхім каханнем пачаў разгарацца да Настассі, дык быў пэўным на сто вялікалітоўскіх беркаўцоў, што ў гэтай дамачкі кавалера няма. Дзесяцігоддзе ўзроставай розніцы між намі я перастаў улічваць, згубіўшы галаву пад трамвайнымі коламі кахання. «Ганна Чарнушка праліла алей», – нягегла жартаваў безгаловы я, мяркуючы, што толькі казачны асілак быў здатны збегаць у дзясятае царства, на дзясятае гаспадарства, каб знайсці чароўнай вады і прыжывіць маю буйную галованьку назад.

Чаму ж у гэтым безгалоўі я раптоўна падумаў пра красуню і разумнічку Алісу Селязнёву? Ці ж я хацеў ублытваць яе ў сваю бесталковую любасную геаметрыю? Не, не хацеў. Аліска вучылася ў нашай школе з восьмага класа. Чаго таіць, яна заўсёды мне падабалася. Я заўжды зайздросціў яе імавернаму выбранніку. Не больш.

Я сядзеў і думаў пра ўвесь вакольны гармідар, звязаны з няпэўнасцю майго прафесійнага і пачуццёвага становішча. Я думаў, амаль не разумеючы дзіўнага навароту тых дзён. Ад маіх думак нічога не залежала, акрамя майго штучна прыўзнятага настрою. На мой старэнькі, налева прашыты «Сімэнс» з невядомых нумароў прыляталі нечытэльныя sms’кі. Зусім верагодна, што самыя актыўныя школьныя добразычліўцы спяшаліся скласці мне свае мабільныя віншаванні. Але ўся іх шчырасць (ці хітрасць), давераная сотаваму ветру short message service, не вытрымаўшы сіта кадавання, ператвараліся ў пытальнікі. Я глядзеў на гэтыя сярпочкі з кропкамі, і прыўзняты настрой апускаўся ніжэй за плінтус. І даводзілася, як таму Трышчану слаўнаму рыцару, перабываць у жорсткім сэрцы. Але зусім ненадоўга, бо ірыгацыйная сістэма электроннае пошты несла ў палі маёй жорсткасэрнасці жыватворную вільгаць дасціпных каментараў на мае блогпасты ў «Жывым Журнале». Настрой сакалінай сям’ёй паднімаўся з нізін, і ніводнай звілінай свайго мозгу я не мог дапяць, што наступным днём без лішніх цырымоніяў мяне дэсантуюць у імглістых далінах за ракой Рубікон.

На той час з адпачынку вярнуліся амаль усе настаўнікі. Рамонтныя баталіі плаўна перамяніліся вытворчымі нарадамі, лятучкамі і паседжаннямі настаўніцкіх метадычных аб’яднанняў. Педагагічны фронт на наступны год абяцаўся быць, як заўжды, абсяжным. Пэўна, самі нябёсы, яшчэ больш давяраючы школе, ставілі перад настаўнікамі новыя выхаваўчыя задачы, якія прыродна мусілі б выконваць бацькі. Такі давер цешыў і выклікаў два вазы і цэбар здаровага энтузіязму ў імкненні рэалізаваць задуманае нябеснай акадэміяй рэфармаванне школы.

Паседжанне нашага метадычнага аб’яднання, якое гуртавала настаўнікаў не толькі гісторыі, але яшчэ і геаграфіі, было для мяне эпахальным. Кіраўніца аб’яднання Зінаіда Львоўна Данцова, з якой у нас заўсёды былі добрыя дачыненні, зачытвала гадавую справаздачу, дзе абычас у негатыўным кантэксце ўсплывала маё імя – курс па выбары заваліў, вечар прысвечаны ўгодкам Сталінградскай бітвы праводзіць адмовіўся, падставіў трусіка Роджэра і спаліў Александрыйскую бібліятэку… Так, усё было цалкам справядлівым. Я і сапраўды або нічога не рабіў, або рабіў не так, як трэба. Ці то ад неймавернай стомы, ці то ад простага лайдацтва, ці то ад нарастаючага тады пачуцця да Настассі. Данцова старалася выглядаць досыць суворай. Я строіў міну пакаяннага катаржніка, паўтараючы, што ў новым годзе абавязкова-абавязкова выпраўлюся і стану на шлях ісціны, каторым удала маршыраваў яшчэ пазалетась. Мабыць, такой рэакцыі ад мяне і чакалі, бо ў плане работы МА на новы год маё імя – ракам, бокам і з падскокам – было ўпліснута ва ўсе магчымыя і немагчымыя дзіркі. Я неўпрыкмет, на колькі гэта было мажлівым, уздыхаў, спрабуючы ўявіць, што ж яшчэ такога прыдумала Зінаіда Львоўна, каб добра прапыласосіць маю карму. Мая другая каляжанка Галіна Альгімонтаўна Мятлікава намагалася мяне падбадзёрыць. Геаграфіні асабліва нічога не гаварылі. Паседжанне скончылася аднадушна прынятым планам работы метадычнага аб’яднання на чарговы педагагічны сезон. З не меншым аднадушшам была ўхвалена прапанова з’есці смачнага торціка ў гонар інтымнай блізіні новага навучальнага года ды з нагоды прызначэння шаноўнай Зінаіды Львоўны намеснікам дырэктара.

Спёка не спадала. Я папрасіў у каляжанак, каб да торта набылі ледзяной кока-колы. Мяне папрасілі не раскатваць губу, але адразу ж злітаваліся і пагадзіліся на кока-кольны варыянт. Па тым, як мала мне давялося іх угаворваць, я адчуў няладнае. І напраўду, як толькі Мятлікава з нашым абшчаком пакінула школу, мяне рэзка паклікалі да дырэктара. Усё. Я быў перакананы, што прычынай выкліку магла быць толькі адна акалічнасць.

Дыялог у дырэктарскім кабінеце быў надзвычай кароткім.

– Ну што, Эрнест Скіргайлавіч?

– Вы наконт класнага кіраўніцтва?

– Так. 11 «А».

– І нічога не паробіш?

– Не. Ідзіце працуйце.

– Іду.

Пярэчыць не было сэнсу, бо рацыянальныя довады супраць маёй кандыдатуры адсутнічалі. Дый зусім нечакана з сярэдзіны наплыло тое самае замілаванне, якое я адчуваў, выдаючы падручнікі. «Год вытрымаеш», – гаварыла душа. «А каб цябе трасца, як жа ты ўкляпаўся», – канстатаваў мозг. Іхныя словы і настроі сутыкаліся, ператвараючыся ў навальнічныя грымоты. У тыя хвіліны ад мяне можна было без вялікіх праблем прыкурваць папяроску ці зараджаць мабільны тэлефон. Я павольна падымаўся на трэці паверх, і ўсе перада мной маўкліва расступаліся, нібы на маім шырокім лобе з’явіўся экранчык з надпісам: «Не чапай, бо лясне!». Пад самім кабінетам мяне чакалі дзве мае вучаніцы – Валерыя Булатнікава і Алёна Караблёва. Яны сталіся адзінымі, хто не ўбачыў на мне ніякага экранчыку і, міла павітаўшыся, спыталі:

– Ну што, Эрнест Скіргайлавіч?

– Вы наконт класнага кіраўніцтва?

– Так, – Лера гулліва пакусвала свае пульхныя вусны.

– 11 «Б»? – жадаючы памыліцца, спытала высокая Лена.

– Ці ўвогуле ніякі? – ішла на апераджэнне Лера.

Я глядзеў ім у вочы, квола ўсміхнуўся і выціснуў з сябе:

– Я ваш класны кіраўнік, дзяўчаты…

– Ура! – не закрычалі, але даволі гучна прадэманстравалі сваю радасць яны. Булатнікава нават кінулася мяне абдымаць са словамі: «Наш класны самы класны». Я папрасіў так не завіхацца.

– Павінна быць дыстанцыя, – пагадзілася яна. – Але ж яшчэ канікулы. І я вельмі радуюся за вас. І за нас. Можна я вас пацалую? Чыста па-сяброўску. У шчочку.

Караблёва пачала хіхікаць і штурхаць аднакласніцу ў бок:

– Лера, што за прапановы? Ты бянтэжыш Эрнеста Скіргайлавіча.

Тая пачала манерна абурацца:

– А што тут такога? Чаму нельга пацалаваць класнага кіраўніка ў шчочку? Я ж не прапаноўваю там абы чаго…

– Абы чаго не трэба, – з усмешкай адцяў я. – Дый пацалункі гэтыя могуць быць няправільна…

Лера не дазволіла дагаварыць. Яна падскочыла ўшчыльную да мяне і ўклеіла бусечку ў левую нябрытую ланіту.

– Ты пабач, як каля маладога настаўніка уюцца, – пачуўся выратавальны голас Мятлікавай.

Булатнікава вомільгам адскочыла ад мяне. «Толькі б Лера не пачала дыскутаваць з Галінай!» – маліўся ў думках я, ведаючы яе гарачы нораў. Наўздзіў дзяўчына не выраніла ні слоўца. Галіна Альгімонтаўна, адчуўшы агульную напружанасць, вымавіла прымірэнча:

– Ладна, дзяўчынкі, не бянтэжцеся, я ж ведаю, што вы ўсцешаныя навіною…

– І вельмі, – Валерыя ўсміхнулася, схапіла аднакласніцу за руку і рушыла прэч, развітваючыся і прымушаючы рабіць тое ж Алёну.

Мы зайшлі з Галяй у кабінет.

– Смешныя яны ў цябе, – як нічога ніякага заўважыла яна.

– Ты ўжо ведаеш?

– Пра тваё класнае? Яшчэ ўчора ўся школа ведала. Не хацелі табе настрой псаваць заўчасна. Думалі, хай яшчэ Эрнесцік вольным птахам у аблоках палётае.

– Колы купіла? – стрываў я свой гнеў, замяшаны на крыўдзе.

– І колы, і калёсы, – з усмешкай адказала Мятлікава. – Давай, кліч усіх, маладзенькі ты наш.

– Ты мяне падшпільваеш? Мне ж неўзабаве дваццаць дзевяць стукне…

– Ага, праз нейкіх дзевяць з паловай месяцаў. Я помню. Не грузіся ты, Эрнесцік, сваім узростам. І з-за класнага не пераймайся. Усё будзе добра. Можа мы праз год на тваім вяселлі пагуляем.

Апошняй намінкі я не зразумеў, але перапытваць не ўзяўся. Каляжанка даставала з шафы кубачкі, сподачкі, лыжачкі, адным словам, накрывала на стол, а дакладней на парту. «Нэсэ Галя колу», – напявала яна сабе ціхутка пад нос. Я выправіўся збіраць нашу гісторыка-геаграфічную грамаду. На гэты раз мой шпацыр па калідоры выліўся ў бясконцую чараду віншаванняў, бо экранчык на маім лобе напэўна больш не прыкмячаўся. Скрозь скрогат зубоўны я кідаў свае «спасібы», не ведаючы якому богу маліцца. З тым самым скрогатам я сядзеў за нашым імправізаваным бяседным сталом, назіраў, як каляжанкі падымаюць кубкі з кавай ці колай за новаспечаных завуча (за Зіну) і класнага кіраўніка (ясна, за каго). Я ледзьве варочаў сківіцамі, паядаючы ладны кавалак арэхавага торту. Ён здаваўся мне вялізным кавалкам астэроіда, які ў старажытнасці ляснуўся аб нашу планету, знішчыўшы Атлантыду. Цяпер ён хацеў знішчыць мяне. Знутры. Нечакана і падступна. З самага прадоння маіх думак ірваліся словы песні айчынных рок-партызан:

Ганьба зноў.

Схавай мяне.

Ён прыйшоў.

Няма вяртання. Не.

Алах акбар!

Алах акбар!

З такім настроем і такімі песнямі можна было без цяжкасці навярнуцца ў іслам…

5.

Хоць мне і ўяўлялася, што я крочу над пеклам па тонкім, нібы самае вытанчанае лязо, мосце Сірат, нічога надзвычайнага не адбылося. Я не парэзаўся нават падчас брыцця. Заставалася трываць. Дакладней, змушаць сябе да трываласці, прывідна спадзеючыся, што ўсе працоўныя цяжкасці будуць пераважаны шчасцейкам кахання, якое стане ўзаемным. Такім дурнем быў я. Дурнем, які разлічваў на тое, што стаўленне Настассі Цыпінай да яго чароўным чынам пераменіцца. Дурнем, які верыў, што свой чарговы (і вельмі важны!) дзень народзінаў Наста сутракацьме ў ягоным таварыстве. Сіры а ўбогі фантазёр. Слабы і нікчэмны спадзявунчык. Я суцяшаў сябе гэтай надзеяй, быццам гаючым бальзамам ад матухны д’Артаньяна.

Але фехтаваць ці пуляць з мушкета мне не давялося. Давялося рыхтавацца да ўрачыстае лінейкі як традыцыйны вядоўца і як новы класны кіраўнік. У гэты ж час новай настаўніцай закрылі вакансію і ў 11 «Б». Складаная вытворчая сітуацыя ў школе была вырашана, і пагрозу зрыву новага навучальнага году давялося зняць з парадку дня. Трохразовае ўра! Чапцы ўгару!

Назаўтра мы збіралі выпускныя класы ў сваіх кабінетах. Мяне працягвалі абдорваць віншаваннямі. Я дзякаваў і адразу ж пытаў, ці здольныя выпускнікі ўшанаваць школьныя традыцыі. Ніхто з 11 «А» не падняўся і не сказаў залатое шляхецкае veto, і ўжо да сярэдзіны дня мы былі гатовыя набываць усе пільна неабходныя атрыбуты свята першага званка – кветкі, балёнікі, падаруначкі для першакласнікаў. Я здзівіўся, што ўсё так проста атрымалася. У душу, быццам спрытны альпініст, ускараскаўся прывід надзеі: «Няўжо справа пойдзе?».

Адпусціўшы дзяцей, я ўзяў сцэнар і пайшоў у актаваю залу на рэпетыцыю. На тэхніцы сядзеў Ярык. Абмінуць яго высмешак не было ніякага шанцу.

– Ну, дзядзька, ты нарэшце пасталеў, – нейтральна пачаў ён і падаў мне руку. – Прымай кангратуляцыі. Цяпер ты паўнацэнны настаўнік. Педагог з вялікай літары «П».

– Дзякую, але давай без падкавырак. Цябе ж во не ўзнагародзілі такім свяшчэнным абавязкам.

– Ой, ну ты падумай, хто ж даверыць дзяцей такому растрындосу, як я?

– Але ж мне неяк даверылі…

– Не, Эрнест Скіргайлавіч, ты чалавек разумны, адказны, любіш дзяцей і яны цябе любяць, як гэта брыдка не гучала б. А я? У мяне ж на лобе напісана «detonenavisnikus vulgatus».

– На экранчыку? – згадаў я ўласныя перайманні.

– Ды хоць на шыльдачцы! Так што шукай на новай прафесійнай дзялянцы пазітыў. Думаеш, не здабудзеш нічога станоўчага? Памыляешся. З тваім характарам абавязкова знойдзеш. Можа нават пачуцці бацькоўскія абудзяцца, ажаніцца захочаш…

– З кім? – не стрымаўся я.

– Адкуль я ведаю. З Ліяй Навумаўнай, напрыклад. Чым табе не пара? Вы ж сябруеце…

– Ай, гэта такое сяброўства…

– Якое?

– Як футбол у адны вароты, дый яшчэ з тыльнага боку. Да таго ж Лія развядзёнка. І сын ёсць. Акурат у школу пойдзе.

– Табе, Эрнест, не дагодзіш. А што ты хочаш тады? Хочаш цнатлівую равесніцу знайсці? Дык трэба было гадоў чатырнаццаць таму пра гэта клапаціцца. А цяпер позна. Ваш браняпоезд сышоў, як сказаў бы Міколка-паравоз Анне Карэнінай…

– Ды на халеру мне тая равесніца спатрэбілася!

– У-у-у-у-у, – шматзначна загуў Майсюк, і я скеміў, што той успомніў пра Цыпіну. Працягнуць дыялог нам не ўдалося, бо нарэшце прыйшла Алеся Сяргееўна Рыбанька – наша жнейка, швейка і на дудзе ігрэйка. Была бо і харэографам, і настаўніцай малявання, і яшчэ богвед кім у трыццаці трох іпастасях. Да ўсяго мне з ёй часцяком даводзілася весці разнастайныя школьныя імпрэзы. Яна ўсміхнулася нам абодвум і, не круцячы абакуламі, спытала:

– Як вы, хлопчыкі? Ці не памянялі за лета свой халасцяцкі статус?

Ярык адразу ж пачаў блазнаваць:

– Адзінае, што я змог у сваім жыцці ўдала памяняць, дык гэта сумленне на цукерачку «Кароўка». Але гэта было яшчэ за дзедам шведам.

– За кім? – фразеалагізм быў для Алесі невядомым.

– Гэта значыць вельмі даўно, – патлумачыў я.

– Бач, які Баластоўскі ў нас разумненькі, – тэатральна прамовіла суразмоўніца.

– Давай мо’ лепш па сцэнару пройдземся.

– А што ў ім асаблівага?! Усё як заўжды: кветкі – дзеткі, званок – урок, школа – у кола.

– Там нешта пра ўколы будзе? Як у нямецкіх фільмах? – працягваў блазнаваць Ярык.

– Я жартую. Якімі ж вы бякамі за лета парабіліся. Фу такімі быць. Выпраўляйцеся зараз жа. Жанчыны такіх не любяць.

– Калі любяць, дык не здаюць сабе справу ў тым, за што любяць, – загнуў я. – Могуць і такіх любіць. Не хвалюйся дужа. Давай лепш зоймемся тым, чым трэба.

– Чаго? – яе вочы акругліліся. – Чым зоймемся? Ты часам на каменяломнях сваіх не перагрэўся?

– Я пра сцэнар, калі што. А ты?

– Цьху, растуды тваю матніхай, – нязлым ціхім словам выбухнула Рыбанька і сумелася.

– Я так і думаў, што ты акурат пра гэта, – усміхнуўся я.

– У цябе дзяўчына ёсць? – адчуваючы сваё пераможанае становішча, хутка перавяла стрэлкі Алеся. Пытанне было нечаканым, нібы трыццаціградусная спёка на грэцкія каляды.

– Бадай што ёсць, – няпэўна адказаў я.

– Я цябе бадаць не збіраюся.

– Я цябе таксама.

– Дык ты па-людску скажы: дзяўчына ёсць?

– Няма, – адцяў я.

– Вот ліха, значыць, усё-ткі ёсць, – агучыла яна ўласныя скараспелыя высновы.

Ярык моўчкі сядзеў за гукавой апаратурай і ў наша вербальнае бязладдзе не тачыўся. На шчасце, у залу ўвайшла Марына Нарымунтаўна, і мая напарніца зараз жа перабудавала стыль паводзін, робячы выгляд, быццам тлумачыць мне сцэнарныя нюансы:

– Вось глядзі, у гэты момант танцуюць нашы дзеткі, а потым ты адразу пачынаеш прадстаўляць нашых гасцей…

– Леся, не пускай мне пыл у вочы, – сувора папярэдзіла Любартава. – Трэба хуценька адрэпетаваць пару разоў і адпусціць Эрнесціка дадому. У яго заўтра асаблівы дзень, трэба падрыхтавацца.

– Апошнім часам у мяне ўсе дні асаблівыя, – не прамінуў заўважыць я.

– А навошта было прызначаць вяселле на першага верасня? – недаўменна спытала Рыбанька.

– Што-о-хо-хо? – намесніца дырэктара захлынулася ад смеху. – Леся! Ну, якое вяселле?! Заўтра Эрнест Скіргайлавіч будзе не толькі вядучым, але яшчэ і класным кіраўніком.

– І не толькі заўтра, – змрочна ўдакладніў я.

– Але ж ты зразумеў, што я хацела сказаць, – апраўдвалася завуч. – Пачынаем рэпетыцыю!

Алеся Сяргееўна выглядала расчараванай.

6.

Першага верасня я апрануў новы цёмны гарнітур, з ліку тых, што народныя дасціпнікі празвалі вясельна-пахавальным. Зрэшты, мала хто мог бы заўважыць, што ён насамрэч новы. Хаця і быў ён намнога лягчэйшым і свабаднейшым за стары, але крой меў рыхтык, як у таго, якім я паспеў намазоліць вочы калегам і вучням. Белая кашуля. Чырвоны гальштук. Чорныя вастраносыя чаравікі. Кароткая стрыжка. Няпрытарны парфюм. Усё, што трэба нестарому настаўніку-мужчыне, каб каляжанкі ўдавана хапаліся за сэрцы і крычалі навыперадкі: «Гэта мой сённяшні жаніх!». Заставалася толькі трапна жартаваць у адказ, нагадваючы кожнай любачцы пра яе раскаханага мужанёчка і крочыць далей. Як вельмі заняты чалавек. Як рыцар, што павінен, калі і не забіць дракона, дык прынамсі добра начысціць таму лыч. Але так ісці было заўсёды цяжка. Абыкрок усярэдзіне нешта надрывалася, спараджаючы страшэнныя сумневы, якія тычыліся ўсяго і нічога.

Гэтае ўсё і гэтае нічога сталі грызці мяне яшчэ па дарозе ў школу, калі я толькі спрабаваў ацаніць свае фінальныя ўяўленні пра ТОЕ, што вось-вось надыдзе халоднай рэальнасцю. У жываце нешляхетна вуркатала. Я трывожна глядзеў у дзверы дабітага «Ікаруса», які вёз мяне ў кірунку любімай працы. На «Універмагу» у салон зайшла зусім дарослая мажная дзяўчына з жанчынай, якая адразу ж здалася мне яе мамай. На здзіўленне, жанчына са мной павіталася і шапнула штось на вушка дачцэ. Тая павярнулася і з усмешкай сказала: «Добрай раніцы, Эрнест Скіргайлавіч. Гатовы прыняць у эксплуатацыю наш доблесны клас?». Толькі тады я пазнаў сваю вучаніцу, старосту былога 10 «А» класа Аксану Багуслаўскую. Адказаць можна было па-рознаму. Але ці то прысутнасць яе мамы, ці то барацьба ўсяго і нічога ў маім жываце змусілі мяне моўчкі састроіць дзелавенную міну. Было гэта зроблена няўдала, ажно здалося, што ёсць вялікая небяспека на той міне падарвацца. Аксаніна мама ўзялася мяне падбадзёрваць, а разам з тым зандаваць глебу, ці ласы я на кампліменты. На кампліменты я рэагаваў не тое, каб бурліва, але даваў зразумець, што лічу іх прамаўленне зусім беспадстаўным. Лізавета Адамаўна (так звалі маму) не зважала на мае пратэсты і працягвала свае захопленыя разважанні аж да самага школьнага ганку.

– Ой, ды ўсё ў вас атрымаецца. Вы ж такі малады цікавы мужчына, што дзеці міжволі павінны вас слухацца, а тым больш выпускнікі, з якімі вы ўжо так доўга і добра працуеце. Дабрыні ніхто не забывае.

– А вы думаеце, я здаюся ім добранькім? – спрамогся ўставіць рэпліку я.

– Не перажывайце, Эрнест Скіргайлавіч, – жанчына махнула рукой, нібы адганяла муху. – Грамадская думка складаецца з думак большасці. А большасць у гэтым выпадку за вас.

– У гэтым выпадку? – удакладніў я.

– Маю на ўвазе ўцёкі… – Лізавета Адамаўна асеклася, але хутка паправілася, – Выезд у замежжа былой класнай кіраўніцы. Ну хто, акрамя вас, можа мець сярод вучняў значны аўтарытэт? Мабыць, ніхто.

– Вы перабольшваеце, – не пераставаў пярэчыць я. – Я дужа сумняваюся, каб які-небудзь Андрэй Дастаеўскі ці Пеця Андропаў лічылі мяне сцягам, на каторы трэба раўняцца.

– Вобразна кажаце! Але памыляецеся. Мы з Аксанай гэтага Андрушу добра ведаем. Сын нашых суседзяў па дачы. Дык прабачце, Эрнест Скіргайлавіч, ён жа ў сваім узросце ні рыба, ні мяса, а нам яго сватаюць.

– Мама! – дакорліва выгукнула Аксана.

Лізавета Адамаўна ніяк на гэты выгук не зрэагавала і працягвала адорваць мяне Ніягарай сваіх развагаў:

– Таму Андрэй тут не паказчык. Нерэпрэзентатыўны тып, як любіць гаварыць наш шэф. У любым выпадку ён будзе проста ціхенька сядзець і сапець у дзве свісцёлачкі… А Андропаў, калі меркаваць па расказах дачкі, проста блазен-пераростак, якому ў школе ўжо няма чаго камусьці даказваць, і застаецца толькі строіць з сябе дурня.

– Вы так спрытна выдаяце ім характарыстыкі, ажно мне страшна становіцца, бо я вось так адразу не змог бы.

– Змаглі б. Абы патрэба была, – жанчына ў чарговы раз засвяцілася ўсмешкай. – Нічога страшнага. Будзем з Аксанай вам дапамагаць.

Я падзякаваў зусім на аўтамаце, не намагаючыся ўбачыць у хвалях змоўніцкіх інтанацыяў вострых падводных камянёў. Каля школы мы нарэшце разышліся. Наказаўшы Аксане гуртаваць усіх астатніх аднакласнікаў, я рушыў да Любартавай.

Марыне Нарымунтаўне на той момант было асабліва не да мяне, бо даводзілася канчаткова вырашаць, хто з выпускнікоў варты гонару даць першы званок. Клопаты гэта былі не абы-якія, бо ў каторы ўжо раз узнікала верагоднасць прыезду на лінейку надта высокіх гасцей. Прыедуць ці не прыедуць ніхто, як заўжды, не ведаў, але патэнцыйная небяспека зрабіць перад госцем плясь у гразь, вымушала варушыцца.

З хлопцам-званаром выйшла загваздка. Грыша Стахіевіч з майго 11 «А», на якога спадзяваліся яшчэ суткі таму, прыйшоў на ўрачыстасць хоць і ў светлай вопратцы, але зусім не ў класічнай, як таго патрабаваў дрэс-код нашага мерапрыемства. Ісці пераапранацца ён катэгарычна адмаўляўся, прадказальна аргументуючы гэта тым, што іншае адзежы для лінейкі няма.

Любартава напружана думала і ўрэшце пстрыкнула пальцамі, што сведчыла пра нараджэнне крэатыўнай ідэі. «Паколькі варыянт з Грышам адпадае, званок дасць Наташа Скрэпкіна. Хаця такога, каб дзяўчына-адзінаццацікласніца давала званок, на маёй памяці не было. Але што паробіш, калі годных хлапцоў днём з агнём не адшукаеш… А Наташа ўсё-ткі наша даўняя актывістка, пераможца розных конкурсаў і алімпіяд. Адным словам, цуд, дый годзе!» – абгрунтавала яна для ўсёй творчай групы свой выбар. Ніхто і не пярэчыў. Я ж нарэшце змог спытаць Марыну Нарымунтаўну, як мне быць – Фігара тут, Фігара там – і вядоўцам, і класным кіраўніком? Яна ўдзяліла мне пятнаццаць секунд, за якія растлумачыла ўсё належнае, і пад яе блаславенне я хутка падаўся да сваіх дзетак.

Народу каля школы станавілася шторазу болей. Раніца выдалася сонечнай, але не спякотнай. У гэтай яснай прахалодзе луналі воклічы дзяцей, іх родзічаў і старыя савецкія песні пра школьны тытанік. Мяне зноў пачало злёгку штарміць. Я ледзьве сабраў усе сілы, каб гучна звярнуцца да раз’яднаных групак маіх адзінаццацікласнікаў. Яны збольшага млява, але з усмешкамі сталі падыходзіць да мяне.

– Слухаем уважліва класнага кіраўніка, – дапамагла мне Аксана Багуслаўская, звяртаючыся найперш да гаваркіх хлапцоў.

– Слухаем, слухаем, – адказалі чамусьці не яны, а дзяўчаты на чале з Лерай Булатнікавай.

– Дзеці мае, – ненавідзячы сябе самога за падабраны зваротак пачаў я, – зараз мы ідзем на баскетбольную пляцоўку і шыхтуемся ў колькі шэрагаў у тым месцы, дзе крэйдай на асфальце…

– Ды ведаем мы. Так кожны год, – перабіў мяне вечны працмыга і нястомны праўдашукальнік Андрэй Дастаеўскі, пра якога ў гэтым сэнсе нельга было сказаць, што ён ні рыба, ні мяса.

– Я гэта кажу для таго, – не робячы заўвагі, працягваў я, – каб вы ўсе былі там, а не боўталіся недзе з боку, калі да нас высокі госць глядзець будзе…

– А што, высокі госць прыедзе? – спытала ўвішная Кася Вядзёркіна. – А ён сам малады?

Клас засмяяўся. Я смех стрымаў і гаварыў далей.

– Удакладняю, што перад пачаткам лінейкі мы з вамі будзем разам, а потым я сыду.

– Што? Куды? Навошта? – загуў хор недаўмення.

– Дык вы не будзеце нашым класным кіраўніком? – з пэўнай крыўдай спытала Алёна Караблёва.

– Ай, Лена, якая ж ты… недасведчаная, – я пазнаў голас Алісы Селязнёвай, – Эрнест Скіргайлавіч вядзе ўрачыстасць, як і заўжды.

– Блін, я і забыла, – сумелася і тут жа заўсміхалася Алёна.

– Дзякуй, Аліса, што нагадала ўсім пра гэтую прыемную акалічнасць, – сказаў я. – Вось жа, я адвяду лінейку, а калі загучыць фінальная песня, я вярнуся да вас і мы пашыбуем у кабінет на класную гадзіну.

– Ой, навошта нам тая класная гадзіна? – хлапеча-дзявочае шматгалоссе спрабавала спраўдзіць, ці хутка я схіляюся на ўмаўленні.

– Класны час нам патрэбен, каб вырашыць процьму працоўных момантаў… Ну і я асабіста вас павіншаваць мушу ці не?

Апошняе пытанне было выключна рытарычным. Дзіва, што нават заўзятыя смехары, накшталт Пеці Андропава, не дазволілі сабе колкіх жартачкаў.

Калі мы рушылі на спортпляцоўку, Аксаніна мама не прамінула адзначыць жэстам, што ўсё добра, усё пад кантролем. Я адказаў ёй усмешкай. За маёй спінай дзеці перамаўлялі між сабою. Услухоўваючыся ў той слоўны гармідар, я пачуў, як Лера цікавілася ў Алісы:

– Ты заўважыла, што ён адрэагаваў зараз толькі на цябе?

– Глупства, – не згаджалася Селязнёва. – Ён зрэагаваў не на мяне, а на тое, што я сказала нешта дзельнае ў адрозненні ад некаторых.

Я ніяк на гэта не азваўся, хаця і быў перакананы, што шэпчуцца не пра кагось іншага, а пра мяне.

Пляцоўка паступова запаўнялася. Майсюк з Альхімовічам, які завіхаўся побач, яшчэ раз правяралі зладжанасць апаратуры, а найперш мікрафонаў. Урэшце, на належнае месца цугам пацягнуліся настаўнікі-прадметнікі (шчасліўчыкі без класнага кіраўніцтва!) і адміністрацыя школы з гасцямі. Таго госця, якога можна было назваць, высокім сярод апошніх я не прыкмеціў і, кінуўшы сваім падапечным «no pasaran», шляхетна пакрочыў да мікрафона, дзе мяне ўжо чакала Алеся Сяргееўна. Сотні поглядаў у тое імгненне былі скіраваныя на мяне, і трэба было добра выстарацца з духам, каб не спатыкнуцца ад гэтае ўвагі.

7.

Па нашай даўняй завядзёнцы мы з Алесяй пераглянуліся, сінхронна разгарнулі свае тэчкі з раздрукаваным сцэнарам і сталі чакаць умоўнага сігналу. Гэткім сігналам было адначаснае знікненне ўсёй фонавай музыкі. Усе прысутныя аціхлі. Рыбанька з пафасам чыстае манеты распачынала свята першага школьнага званка:

Ужо зямля змяніла ўбранне,

Святочны апранула строй,

Сягоння свята,

Школы свята

Ва ўсіх дзяцей, краіны ўсёй.

Мне нічога не заставалася, як з пафасам адмысловага фальшываманетчыка, працягваць распісаныя на паперы радкі:

Яшчэ паўгадзіны – і першы званок

Вас зноўку пакліча на першы урок!

Школьныя дзверы для вас разамкнуцца,

Ветла спаткае кожны вас клас!

Заўтра вучэбныя будні пачнуцца

Ну а сягоння – святочны ваш час!

Алеся тым часам ператваралася ў Левітана

– Урачыстая лінейка, прысвечаная пачатку новага навучальнага года аб’яўляецца адкрытай!

Ярык адразу ж націснуў трыманую напагатове кнопку і з калонак гучна панесліся першыя гімнавыя акорды. Маё неадціснутае мядзведзем вуха адразу адчула нешта не тое, і літаральна праз секунду я зразумеў прычыну гэтага адчування. З калонак вырваўся спеў:

Ще не вмерла України і слава, і воля,

Ще нам, браття молодії, усміхнеться доля.

Усе ўвачавідкі асалапелі, але эмоцыі стрымалі. Ззаду пачуўся ўстрывожаны шэпт чальцоў адміністрацыі. Руслан Альгердавіч спяшаўся суцішыць аднаго з невядомых мне гасцей. Любартава кінулася да Майсюка, які ўсё ж выключыў гімн суседняе дзяржавы і пачаў апраўдвацца: маўляў, спампаваў трэк з інтэрнэту, не пакалпаціўшыся загадзя праверыць яго змест. Адначасова ён корпаўся ў ноутбуку, каб сцягнуць з сеціва патрэбны гукавы файл. На гэты раз яму пашанцавала. Паўза занадта не зацягнулася, і ўрэшце можна было падхапіць словы нашага міралюбівага гімну:

Мы, беларусы – мірныя людзі,

Сэрцам адданыя роднай зямлі,

Шчыра сябруем, сілы гартуем

Мы ў працавітай, вольнай сям’і.

Я наўмысля варушыў губамі, дарма што ведаў новыя словы толькі прыблізна, і пільнаваў, ці робіць яшчэ нехта гэткае. Бальшыня шкаляроў, асабліва старшакласнікаў, проста стаялі і глядзелі ў зорнае нікуды. Падпявалі толькі малыя і ўсяго некалькі чалавек больш сталага школьнага веку. Мае ўсе чыста маўчалі, прымудраючыся на мігі паведаміць адно аднаму, што класны кіраўнік спявае беларускі гімн.

Калі галоўная песня нашай краіны адгучала, Алеся Рыбанька запрасіла да мікрафона дырэктара. Ён, павіншаваўшы ўсіх прысутных, стаў пералічваць выдатныя дасягненні школы за мінулы навучальны год. Я заўжды дзівіўся яго прамоўніцкаму імпэту і ўменню доўга гаварыць без паперкі. Дырэктар згадаў і медалістаў, і адрамантаваныя класы, і яшчэ плойму ўсяго ўсялякага, чым я і не падумаў бы хваліцца. Следам за ім прамаўляў госць, якога прадстаўляла Алеся, а я празяваў усё, што яна сказала. Госцеў спіч быў бадзёры. Ён абычас усміхаўся, напамінаючы сабе і ўсяму ваколлю, што нам пашчасціла быць грамадзянамі самай стабільнай дзяржавы ў свеце. Цалкам лагічным пасля яго выступу выглядала ўручэнне членскіх білетаў навабранцам моладзевага саюзу, якое паволі перацякло ў спеў яшчэ ненавернутай у членства, але надзвычай патрыятычнай старшакласніцы з даўгімі валасамі, пафарбаванымі ў цёмны-цёмны колер:

Беларусь сильная,

Беларусь красивая,

Самая моя,

самая моя

любимая!

«І ты паставіў ёй за год усяго толькі шасцёрачку?» – памысна каяўся я. Але адказваць не было калі. Надыходзіў час успомніць старты і фінішы нашых школьных спартоўцаў. Да мікрафона Алеся запрасіла жанчыну, якую на маёй памяці ніхто і ніколі не прадстаўляў інакш, як наша дарагая Ганна Мікалаеўна. Ні прозвішча, ні пасады, нават прыблізнай, не называліся. Гаварыла яна сцісла, нібыта жыхарка старажытнай Лаконікі. Хваліла поспехі. Замоўчвала заганы. Зычыла цярпення. Яе словы падмацоўваў акрабатычны эцюд, які выконвалі крохкія дзяўчынкі з дужымі рукамі. «Што будзе, калі гэткая маляўка захоча пераехаць табе па мардаглядзе?» – толькі і паспеў я паднесці запалку, каб падагрэць у сабе даследніцкі інтарэс, а ўжо мусіў абвяшчаць выступ першакласнікаў.

Малыя асабліва не тлуміліся – generation next! – праспявалі традыцыйныя прыпеўкі пра неадольную цягу да навучальнага працэсу і запатрабавалі адказнага слова выпускнікоў, з шэрагу каторых выйшла некалькі дзяўчат. «Чувакоў фіг падпішаш на гэты цыркус. Так дык мора па яйцы, а гэтак – саромеюцца», – пацягнула мяне ў натурфіласофію. Адзінаццацікласніцы рыфмамі кляліся ў любові да школы і (хо-хо-хо!) настаўнікаў, а сваім маленькім спадкаемцам зычылі светлай і чыстай, нібы нашая Белая Русь, дарогі ў краіну ведаў.

– Увага! Урачысты момант! – прагаласіў я.

– Нашы выпускнікі віншуюць настаўнікаў і сваіх малодшых сяброў! – падхапіла Алеся.

Загучала нешта лірычнае з творчасці гурта 30 Seconds To Mars, а пляцоўка на пэўны час ператварылася ў гэткую хадзільню. Адзінаццацікласнікі неслі кветкі педагогам і пакуначкі з дзіцячым шчасцем першакласнікам. Атрымаў букет і я. Падзякаваў. Усміхнуўся. Паспяшаў хутчэй збыць гэты каштоўны груз, перадаўшы, нібы на захаванне, Любартавай. Ніколі не любіў кветак, пагатоў тых, што мне дарылі на падобных імпрэзах. Што занадта, то нешакаладна.

Мая напарніца абвясціла выхад Скрэпкінай і нейкага малога. Я чакаў, што Наташа падыме таго і пасадзіць на плячо. Але не спраўдзілася. Яны ішлі побач і, трымаючы разам званок, выклікалі яго гук. Калі яны прайшлі кола цалкам я паклаў сваю тэчку на калонку, адправіў Рыбаньцы ледзь прыкметную буську і пабрыў у бок маіх адзінаццацікласнікаў. Цёмнавалосая старшакласніца зацягнула фінальную песню:

Не потеряй меня планета,

Не забывай, что я есть где-то,

Не растворяй меня лучами солнечных дней,

Не оставляй меня напрасно,

Не предавай, одно ведь ясно,

Просто когда-нибудь я тоже стану твоей.

Песня скончылася, і самотная Алеся стала зачытваць спіс класаў і класных кіраўнікоў, называючы нумар кабінета, дзе мусіў адбыцца першы класны час. Мяне трэсла ад залішняй канцэнтрацыі словаў з коранем «клас». Але зусім неўзабаве прагучала запрашэнне, што тычылася мяне і тых дваццаці шасці чалавек, якія стаялі за маімі плячыма, наўрад ці думаючы пра будучыню. Мы зрабілі свой пачэсны круг вакол пляцоўкі і рушылі ў школу, дзе няспынна дзынькаў стандартны электрычны званок.

Мы падняліся ў кабінет матэматыкі (клас жа мне дастаўся фізіка-матэматычны!), дзе я мусіў пагаманіць з дзецьмі на зададзеную тэму («Я грамадзянін Рэспублікі Беларусь») і правесці падрыхтаваную мной віктарыну, а ўжо толькі тады брацца за рэкламаваныя перад лінейкай працоўныя моманты. Я глядзеў на сваіх вучняў і рукі мае (разам з сэрцам) калаціліся. Мне здавалася, што кожнае слова прамоўленае мною будзе ўважанае за фальшывае, падманлівае. Менавіта таму я не адважыўся агучваць дбала падрыхтаваны сцэнар з эпіграфам і пятнаццаткай пытанняў у стылі інтэлектуальнай карыды. Трэба было праз «не жадаю» прымусіць сябе. Але я не зрабіў гэтага, і вучні адчулі адну з маіх выразных слабінак.

«Ну, што ж, як вы напэўна зразумелі, я ваш новы класны кіраўнік, – вымавіў я, і ў класе засвяцілася некалькі ўсмешак. – Што паробіш. Так атрымалася. Я віншую яшчэ раз усіх вас з надыходам новага навучальнага і апошняга вашага школьнага года. Хай ён станецца для вас хуткім, простым і шчодрым на добры плён, каб урэшце вы змаглі ўдала выбраць сваю жыццёвую дарогу і годна крочыць па ёй у будучыню». Мяне нямала здзівіла, што гэтыя пафасныя словы прамаўляліся зусім шчыра, без якога-небудзь унутранага панукання ці знушчэння над сабой. Тады мне было неўпрыцям, што прамаўляў не я, а мая адзінота, якая каторы ўжо раз стаяла на парозе чужой будучыні, не бачачы наперадзе ні новай зямлі, ні новага неба, ні тысячы дарог да шчасця для мяне асабіста…

Апамятаўшыся ад раптоўнага наслання, я стаў кавалерыйскім наскокам вырашаць актуальныя праблемы, звязаныя з фармаваннем актыву класа і запаўненнем анкет, якія б мне дапамаглі пазней займацца бюракратычным віндсёрфінгам.

Выбары класнага актыву сваёй безальтэрнатыўнасцю маглі паспаборнічаць з камуністычнымі. Старостай абралі Аксану Багуслаўскую. Віцэ-старосту абіраць не сталі, дамовіўшыся, што ў разе чаго Аксана сама прызначыць адказную асобу. Потым выбралі адказных за журнал (Лера Булатнікава і Карына Кляшторная), а следам і рэдкалегію, якую склалі Алёна Караблёва і Аліса Селязнёва. Аліса напрасілася сама. Але, як я зразумеў, зусім не дзеля любові да насценгазетнага мастацтва, а з прычыны асцярогі, што я прызначу яе на нешта больш пільнае. Але пасады на гэтым, хвала Алаху, скончыліся. І мне, спатнеламу, прыходзілася чакаць, калі ж вучні пісьмова адкажуць на дзіўны набор анкетных пытанняў. На збянтэжаныя позіркі дзяцей я паведамляў, што самыя дзіўныя анкеты будуць яшчэ наперадзе. «Не хацеў бы я пабачыць гэтага пераду», – пажартаваў Грыша Стахіевіч.

8.

Наступным днём я імкнуўся быць з маім класам, як мага большую колькасць часу, хаця ўрокаў у іх не вёў. Наведваўся на перапынках. Пытаў пра справы і пра злевы. Мне нешта адказвалі. Хто млява, хто жвава. Хто разумна, хто з выклікам.

– А што, вы будзеце ўвесь час так за намі хадзіць? – ненатуральна пісклявым голасам спытала Лера Булатнікава.

– Мне ж трэба з вамі пазнаёміцца больш шчытна, – ненаўмысна дапусціў двухсэнсоўнасць я.

– Вы на што, Эрнест Скіргайлавіч, намякаеце? – удаючы гэткую маміну дурніцу, адрэагавала Лера.

– Гэта ты сама стрэлкі пераводзіш, – нібыта няўрокам кінула Караблёва.

– Во, во, з хворай галавы на здаровую валіш, – падтакнула Селязнёва.

Булатнікава троху спахмурнела, але адказваць на закіды аднакласніц не стала, адно буркнула на Карыну Кляшторную, якая стаяла побач моўчкі і ледзь прыкметна ўсміхалася. Знайшла крайнюю.

– Ну, дзяўчаты, так мы кашы не зварым, – мне не хацелася быць нагнятальнікам канфлікту ў дзявоцкай палове класа.

– Быстрасупам абыдземся, – працягвала бурчэць Лера.

Я павінен быў неяк улагодзіць сітуацыю і ў наступную хвіліну зрабіў чарговую памылку – папрасіў у насупленай дзяўчыны прабачэння. А так нельга было рабіць. Такім чынам я прадэманстраваў яшчэ адну сваю слабінку. І гэта відавочна не замарудзіла стаць па маім сыходзе з кабінета прадметам абмеркавання сярод дзяўчат. Дакладней не ведаю. А хлусіць не стану.

Не было б дуды – не было б бяды: праз урок паступіла ўводная, што на заўтра спланаваны суботнік. З карабля на баль, а з балю да Папялушкі – яна ж з работай ані трасцы не спраўляецца. Каляжанкі маёй іроніі зразумець не маглі. Я і сам асабліва не смяяўся. Прыйшоў да сваіх дзетак і тонам начальніка Чукоткі загадаў прынесці мне на перапынку спіс дзесяці добраахвотнікаў, што будуць дапамагаць беднай Папялушцы. Усе дружна скрывілі насы, нібыта іх запрашалі пачысціць Аўгіевы стайні. Пачуўся цэлы шэраг аднекванняў.

– Мы больш на беласнежках спецыялізуемся, – паспрабаваў карчомна пажартаваць Андрэй Дастаеўскі.

– Дас іст фантастыш, – падтрымаў непрыстойную лінію Пеця Андропаў са сваім заўсёдным паваротам галавы ў бок і скіраваннем вачэй у столь.

– Я выслухаю вас заўтра. А зараз спрачацца не буду. Праз трыццаць хвілін, будзьце ласкавыя, падаць мне спіс.

Староста ніякавата пазірала на мяне, пераглядваючыся з аднакласніцамі.

Я не ведаю, як мая актывістка ўгаворвала аднакласнікаў, якія аргументы прыводзіла, да чаго апелявала. Прыйшла, аднак, са спісам у належны час.

– Эрнест Скіргайлавіч, на жаль, я заўтра не змагу быць сама, – сказала Аксана, нібы прапускала бясплатную экскурсію ў Галівуд. Я зірнуў на прынесены шматок паперы з прозвішчамі і спытаў:

– І ўсе прыйдуць?

– Калі нехта не прыйдзе, скажаце мне, – прамовіла староста.

Аксаніна фраза мяне і цешыла, і пужала: не я, а яна будзе разбірацца з прагульшчыкамі. Гэта таксама было няправільна.

Для падстрахоўкі я абтэлефанаваў усю дзясятку шчасліўцаў. Але гэта мала дапамагло, бо на суботнік з’явілася толькі палова. Астатнім выгодней было раптоўна засаплівіць, з’ехаць з бацькамі на шашлыкі ці папросту стаць часова недасягальным абанентам. Сітуацыя ў калег па паралелі была трохі лепшай. Атрымаўшы інструкцыі ад Любартавай, наша працоўная брыгада рушыла ў бок парка высокіх тэхналогій культуры і адпачынку. Па дарозе да нас далучыліся Міла і Арына. Апошняя была з маленькай пляменніцай. Мая зорка Кася Вядзёркіна выразна адчула нястачу ўвагі да сябе.

– Эрнест Скіргайлавіч, я пайду. Ну, што я буду ў тым парку рабіць?

– Кася, пабудзь са мной, калі ласка, – сказаў я так спакойна і цвёрда, што адразу ж адчуў фібры паслухмянасці, якія заструменілі ад дзяўчыны. У яе зайграў мабільнік. «Так, мама. Суботнік, мама. Няскора, мама. Эрнест Скіргайлавіч, папрасіў пабыць з ім, мама», – мамкала Вядзёркіна.

Арына з Мілай пасмейваліся. Два іншыя класы ішлі далёка паперад нас. Хлапцы з 11 «А» далучыліся да іх. Мы ж крочылі ціха. Крочылі і размаўлялі. Я адчуваў жахлівую корць запытацца пра Настассю, але змушаў сябе маўчаць. Дзяўчаты гэта разумелі і, нібыта між іншым, паведамілі, што ў Цыпінай сёння лекцыі, а то, безумоўна, выцягнулі б на шпацыр і яе. Ну, безумоўна ж. Таблетка пад язык. А размова ўсё вілася ля сумежных тэмаў: каханні, вяселлі, дзеці.

– Калі мы ўжо вас пабачым з вашым дзіцём? – спытала Вядзёркіна, як брытвай па мітральнаму клапану паласнула. Я адчуў, што мае былыя вучаніцы ледзьве стрымлівалі сябе, каб не сказаць Касі пару ласкавых словаў.

– Ну, мабыць, не сёлета, – мой спакой і цвёрдасць растаялі, нібы Снягурка на купальскім вогнішчы.

Дзяўчаты трохі замарудзілі хаду. Бакавым зрокам я ўбачыў, як Міла злёгку штурхнула Касю, прыгразіла кулачком і жэстамі загадала спыніць падобныя роспыты. Вядзёркіна пракашлялася і паскорыла крок, даганяючы аднакласнікаў.

– Я да хлопчыкаў, – папярэдзіла яна, каб я нічога такога не падумаў.

– А як вам класнае кіраўніцтва? – спытала Зарыцкая, нібы гэтая тэма была для мяне менш балючай (зрэшты, так яно і было!).

– Псіхалагічна мне гэта цяжка трываць. Гэта, як пастаянны ціск.

– Ай, не перажывайце, вы добры чалавек і справіцеся з усім выдатна, – здавалася, што яна казала шчыра, але ўвадначас адчуваліся лёстачкі.

– Да таго ж грошай больш. А ў канцы года падарунак файны атрымаеце, – супакойвала Міла чыста прагматычнай аргументацыяй.

– Я ўжо і не ведаю, якому богу падарунак зрабіць, каб у мяне класнае кіраўніцтва забралі, – патэтычна ўздыхаў я. – Бачыце, я нават на суботнік нікога сабраць не магу.

– Гэта несмяротна, Эрнест Скіргайлавіч, – вярнулася Арыніна чарга суцяшаць мяне. – Думаеце ў нашай класухі з намі ўсё гладка было?

– Вы ж прынамсі яе слухалі…

– Адным вухам слухалі, а другім выпускалі… – пракаментавала Міла.

Маленькая дзяўчынка, Арыніна пляменніца, глядзела па чарзе на кожнага з нас і ўважліва слухала. Верагодна, апошняя рэпліка яе зацікавіла найбольш і яна ціхенька запыталася: «Цёця, а чаму вы адным вухам слухалі? Другое заткнулі?».

У парку мы нарэшце нагналі астатніх. Каля «клеткі» нас сустрэла сэксапільная цётка. Яна выдала інвентар зусім не сэксуальнага ўжытку і павяла ўсю грамаду за сабой у бок палацу. Хлапцы з ахвотай крочылі за ёй. Вось толькі за граблі трымацца не вельмі хацелі. Але давялося. Хлапцам – грабаць, а мне ўгаворваць, каб яны грабалі.

Кася Вядзёркіна зноў прыклеілася да мяне і маіх спадарожніц, яўна не збіраючыся працаваць. Занурыўшыся ў свае перажыванні, я глядзеў на гэта скрозь пальцы. Нечакана высветлілася, што класныя кіраўніцы «бэшак» і «вэшак» не проста стаялі над сваімі вучнямі, але і самі актыўненька шоргалі граблямі. Гэта мяне збянтэжыла, як і касыя позіркі вучняў, асабліва дзяўчын. Арына і Міла пераглянуліся, не кажучы ні слова, схапілі пару вольных грабелек і далучыліся да працы.

Калі ж тая серада прайшла,

Як не еўшы на прыгон пайшла.

«Яны мяне проста песцяць», – падумалася мне. Незанятага інвентару я больш не бачыў. Пакінуўшы Арыніну пляменніцу пад апеку Вядзёркінай, я з раскурочаным сумленнем падаўся да выдатніцы з 11 «В» Кіры Краўзэ і папрасіў пазычыць мне каштоўную прыладу працы.

– Ідзіце, Эрнест Скіргайлавіч, шпацыруйце са сваімі дзевачкамі. Не замінайце працаваць, калі ласка, – рэзка адцяла тая, быццам я пакрыўдзіў яе, прынамсі, тройчы.

– Кірачка, чаго ты злуешся? – я не ведаў, куды схаваць лішак уласнай атарапеласці.

Я цудоўна памятаў, якія выдатныя адносіны ў нас былі з ёй, калі яна вучылася ў дзявятым класе. Пра нас нават пляткарылі, хаця паміж намі нічога і быць не магло, апроч незвычайнага сяброўства. Але чорны піяр, відаць, падзейнічаў: увесь дзясяты клас нашы дачыненні былі нацягнутымі, як струны на арфе багоў. Яна абсалютна ігнаравала мяне ў сэнсе інтэлектуальных размоваў. Я не разумеў яе раптоўнага захаплення двоечнікам з 9 «Б». Але адкрытых сутыкненняў між намі не здаралася. І на адзнаках у яе гэта ніяк не адбілася. Бо была яна працавітая і старанная, як Ефрасіння Полацкая… І вось цяпер пасля ўсяго, што не было паміж намі, яна не хацела мне даваць нейкія дзёўбаныя граблі! Мяне перакасіла ад злосці і сораму.

– Вы фільм жахаў рэпетуеце? – не прамінула падкалоць адна з вучаніц.

«Ерэтычны трылер», – хацеў скаламбурыць я, але ўстрымаўся. Балазе падышла лепшая сяброўка Кіры з 11 «Б» Ніна Дарошка і вельмі спакойна з добрай усмешкай сказала:

– Эрнест Скіргайлавіч, вы не хочаце трохі паграбаць?

Падобная фраза з многіх дзясяткаў вуснаў вылецела б, як прэтэнзія. А Ніначка гаварыла нагэтулькі шчыра і бясхітрасна, што расчуліўся не толькі я, але і Кіра, нібы толькі што і не кідалася маланкамі. Я ўдзячна прыняў граблі, як рыцар прымаў блаславёны на геройскія ўчынкі меч, і мы разам сталі паціху вычэсваць з травы першае апалае лісцё. Дарошка стаяла побач і расказвала нешта вясёлае пра свайго малодшага браціка. І было нам шчасце.

Нашае дзіўнаватае трыа прыцягнула ўвагу Шчодрык і Зарыцкай. Я не чуў дакладна іх словаў, але верагодна яны паспяшаліся зрабіць выснову, што і без іх сяброўкі Цыпінай мне можа быць добра. Нашай працоўнай ідыліі не вытрымала нават Вядзёркіна, якая ўзяла граблі ў класнай кіраўніцы 11 «В», перадаручыўшы ёй Арыніну пляменніцу. Не ведаю, ці сапраўды ёй захацелася працаваць, ці можа яна мела спадзевы пачуць ад нас нешта сенсацыйнае. Кася Вядзёркіна не была пляткаркай, але надта любіла гаварыць па сакрэце. На гэты раз ёй не пашанцавала.

– Эрнест Скіргайлавіч, можна вас патурбаваць? – папытала Арына Зарыцкая.

– Толькі не трэба мас турбаваць! – засведчыла абазнанасць у сучаснай беларускай паэзіі яе сяброўка.

– Хадановіча цытуеш? Добра, – не прамінуў прадэманстраваць дасведчанасць я, і не чакаючы адказу, папярэдзіў: – Не дзівіся толькі потым, калі пазней пачуеш пра нас што-небудзь гэткае. Цябе зараз чуў не адзін я. І наўрад ці яны зразумелі цытату адэкватна.

– Эрнест Скіргайлавіч, вы ўсё так ускладняеце, – стала астуджаць мяне Арына. – Вы пасля суботніка куды?

Пульс мой імгненна пачасціўся.

– Спачатку ў школу, паперы розныя забраць. А потым дамоў. Трэба журнал да панядзелка аформіць. А справа гэта цяжкая, як карона Святарнай Рымскай Імперыі.

Наконт журнала я сказаў чыстую праўду, але яго запаўненне планаваў на нядзелю.

– А вы плоў любіце? – спытала Арына.

– З кальмарам, – удакладніла Міла.

– Смачны? – прапішчала малая.

– Смачны, – пацвердзіла Арына.

– Ну… Я… Гэта… – усе мае аратарскія здольнасці раптоўна канулі ў вогненную рэчку пад калінавым мостам. – Плоў я з мясам… Звычайна… Кальмар так… І ў салатах… Ці фаршыраваныя там… А каб плоў і кальмар разам… Не каштаваў… Ніколі…

– У вас ёсць унікальная магчымасць паспытаць гэтую эксклюзіўную страву, – тонам спрактыкаванага коміваяжора прамовіла Міла.

– Паспытаў бы рыбкі кот. Але як дастаць праз лёд? – сказаў я і адмоўна паматляў галавой, адымаючы ў дзяўчат магчымасць давесці свае асцярожныя запросіны да лагічнага завершання.

Так, я разумеў, што мяне хочуць запрасіць у госці. Я быў бы і не супраць, але становішча было і хочацца, і колецца. Цяжка сказаць з дакладнасцю, чаго я тады страшыўся: страты кантролю над сітуацыяй, сваіх потных шкарпэтак ці помсты Ктулху за пакрыўджаных братоў кальмараў. Але давялося адмовіць.

Суботнік неўзабаве скончыўся. Граблі (ці не сваім ходам?) вярнуліся на месца. Школьнікі разыходзіліся, развітваючыся з класнымі. У мой бок таксама ляцелі «да пабачэнні» і спадзевы «выпадкова сустрэцца» у нядзелю на «Дні горада». «На дні ці на дне?» – жартаваў я ў адказ, але жарт здолелі ацаніць толькі Зарыцкая са Шчодрык.

9.

Зразумела, што ні на дні, ні на дне я не аб’явіўся. Мне нават ломка было ў чарговы раз рэфлексаваць над невылечнай завядзёнкай маіх сугараджан сплаўляцца ў цэнтр для масавага баўлення часу ў фармаце in harelka veritas. І Арынчыны sms-віншаванні з нагоды дня горада я ўспрымаў не інакш, як з іроніяй, спадарожна крамсаючы лязом новенькі класны журнал, што ніяк не хацеў ахайна запаўняцца.

З панядзелка ж пачаўся паўнацэнны працоўны тыдзень з больш-менш стабільным раскладам і вучнямі пакуль што зацікаўленымі ва ўроках. За малым выняткам, канечне. Як заўжды адчувалася і ўласная натхнёнасць што да навучальнай часткі. Пагатоў узроставы абсяг маіх шкаляроў быў шырокі – з восьмага па адзінаццаты клас. Таму даводзілася гаварыць пра многае і рознае: пра гамлетаўскі цвішэнізм і посткаланіяльную перыядызацыю гісторыі Беларусі, пра дэканструкцыю міфа пра Сізіфа, зробленую Альберам Камю і бясконцую шматстайнасць чалавечых «Я-вобразаў», пра формулу Пратагора і глабалізацыйныя выклікі сучаснасці.

Эфект першага тыдня быў традыцыйна станоўчым, не гледзячы на пэўныя цяжкасці, звязаныя з наяўнасцю спецыфічна спартыўных класаў і бестэрміновага рамонту кабінета хіміі, дзеля чаго з восьмымі даводзілася займацца часцяком у актавай зале, адчуваючы сябе ў пэўным сэнсе гладыятарам. Ave caesar! Morituri te salutant!

Са сваімі ж дзеткамі я насіўся, як ведамы персанаж з пісанай торбай. Гэта ім яўна не падабалася. Хаця цешыліся з таго, што прагул многімі суботніка мінуўся беспакаранна. Насіцца яшчэ трэба было і таму, што 11 «А» клас распачынаў сезон унутрышкольных дзяжурстваў. Штоперапынак я бегаў да іх, выганяючы на пасты. Яны павольна, быццам цягнучы час, пакідалі аўдыторыі, але часцяком не паспявалі прайсці і пару крокаў па калідоры, як пачынаў гучаць парадаксальна выратавальны для іх званок на ўрок. Ніхто нават і не таіў сваёй радасці з гэтай прычыны. А мне тая радасць была, як горкія суніцы. Салодкіх вяршкоў у гэтыя суніцы спрабавалі дабавіць невядомыя кідальнікі «глушцоў» – штодня я меў на маім мабільным старэчы да паўсотні страчаных выклікаў з сама мала дзесяці розных нязнаных мне нумароў. Такія вяршкі не прыпадалі да смаку. Але ж мусіў цвердзіць сабе: «Цярпі гора, будзе і мёд». Наважыцца на анталагічны бунт я ніяк не мог, бо больш за ўсё на свеце баяўся страціць звычную сістэму быццёвых каардынатаў. Ды яшчэ і ў першы навучальны тыдзень, ды з дзяжурствам па школе. Зрэшты, як бы мне ні хацелася захаваць быццёвую стабільнасць, восі каардынатаў міма маёй волі хісталіся. І хісталіся добра… Гэтыя рухі, гэтыя бегі нябесныя надломлівалі маю душу, і неўпрыкмет для сябе я змяняўся і выразна не ў бок дасканаласці.

Як дзяжурны па школе мусіў пільнаваць, ці датрымліваецца вучнямі дзелавы стыль адзення. Калі шчыра, дык мне было да лямпачкі, у што апранаюцца дзеці, абы толькі не ў брудныя лахманы. Дый ніхто нікому не дазволіў бы пагнаць пераапранацца раніцой ладную палову школы! А яно ж так і было – на дзелавы стыль бальшыня вучняў з добрым сумленнем забіла вялікі цвік. Каб хоць неяк паказаць стродкасць і прынцыповасць у гэтым пытанні, я папросту не пусціў на свае ўрокі ўсіх вучняў, што прыйшлі ў джынсе. Найперш дасталося дыхты дзявятым. А ў 9 «Б» з гэтай нагоды прагучаў дыялог, які адразу стаўся класічным. Вучні тады былі збольшага агаломшаныя маім учынкам і наракалі на нястачу грошай, каб набываць адмысловыя апранахі. «Дзе ўзяць штаны?» – патэтычна ўсклікала рэшта хлапцоў. «Спадніцу дзе ўзяць?» – незадаволена гукала астача дзяўчат. Настрой у мяне быў забойны, і я без віхлянняў раіў заняцца перашыўкай бацькоўскіх рэчаў.

– Вы ўяўляеце, як холадна ехаць ранкам у школу? Мы ж у спадніцах сабе ўсё адмарозім, – не без правакацыйнага пасылу шуганула на мае парады пекная танкляўка.

– Што? – нават і паловай вока не міргнуў я, удакладняючы крыніцу яе клопату.

– Вы ўсё зразумелі, – катэгарычна, як скальпель няўмелага, але амбітнага, хірурга, урэзала дзяўчынка.

– Вы мабыць хочаце, каб мы не змаглі нараджаць, – уставіла свае тры грошыкі іншая вучаніца, якая без важкіх на тое падставаў спрабавала лічыць сябе самай прыгожай дзяўчынкай на паралелі дзявятых.

– Баюся, што ў цябе дзіцё з’явіцца значна раней, чым у мяне, – папудлівым языком прамянцеў я.

– Хіба што ад вас, Эрнест Скіргайлавіч, – бязлітасна габлянула дзяўчынка.

– Я не дастойны такога шчасця, – падбіраючы словы (добра, што не зубы з падлогі), трагічна прамямліў ваш пакорлівы служка.

– У вас заніжаная самаацэнка, – падала голас з апошняй парты сонная нефармалка ў чорным.

Трываць далей перакрыжаваныя двубоі было небяспечна, і давялося спешна вяртаць усіхнюю ўвагу на праблему паходжання чалавека ад малпападобных продкаў…

Не падзяліцца з кімсьці аповедам пра гэты інцыдэнт было б стопудовым грахом, і неўзабаве я разбалбатаў пра яго плойме сваіх калегаў. Збольшага яны ўсе ўсміхаліся. Толькі Міроненка зрабіў здзіўленыя вочы і вымавіў па-нямецку: «Седзячы ў шкляной хаце, не варта шпурляцца камянямі». Ён быў мудрым выключэннем.

Я здагадваўся, што ўся адміністрацыя школы неўзабаве даведалася пра маю педагагічную нягоду, але ацаніла, відаць, яе зусім па-свойму: як гераічнае кіданне грудзьмі на агнявую кропку праціўніка. Звання героя мне, што праўда, не далі, але палічылі мой педагагічны досвед дастатковым, каб прымацаваць (слова ж якое!) да мяне практыкантку-пяцікурсніцу, якая мусіла, быццам губка, уцягваць ўсе лепшыя метады і прыёмы работы класнага кіраўніка. Зрэшты, нельга выключаць верагоднасці таго, што прымацоўвалі да мяне Валю (так яе звалі) яшчэ і з аглядкаю на мой халасцяцкі статус і з стратэгічным разлікам: «ану нешта й выйдзе». Папраўдзе практыкантка, як і бальшыня яе напарніц, выдалася, як ніколі, харошай. Рэч тут не ў прыгажосці ці зваблівых вочках (гэтага дабра ў сезоны студэнцкіх практык заўжды было покатам), рэч у звычайнай камунікабельнасці напалам з абаяннем, пасыпаным іранічнасцю мала не постмадэрнісцкага кшталту. Такая рэцэптура выклікала зваротнае жаданне камунікаваць, а не праціраць моўчкі порткі дзе-небудзь на ўзбочыне лакальных інфармацыйных плыняў. Магчыма такая незвычайная для мяне цяга тлумачылася Валінымі прафесійнымі здольнасцямі ў журналістыцы, якая была яе другой спецыяльнасцю пасля беларускае філалогіі.

У кожным разе мы ўдвох спрабавалі раскачагарыць наш 11 «А», наіўна мяркуючы, што гэта магчыма ў прынцыпе. Валя праводзіла традыцыйныя псіхалагічныя тэсты. Дзеці традыцыйна кпілі з тэставых пытанняў і пісалі ў адказ чыстую бздуру. Вылучаліся тут найперш хлапцы, якія спрэс былі смехунамі першай гільдыі і нават уголас давалі з’едлівыя каментарчыкі, мала зважаючы на маё змяінае шыпенне. Аднак Валіны сацыяметрычныя ды іншыя абследаванні былі дзіцячым лепятаннем на лужочку ў параўнанні з грудам пытанняў, якія падкінула (атрымай фашыст гранату!) школьная сацыяльна-псіхалагічная служба, дзе самым нявінным было «Ці п’яце вы спіртное разам з бацькамі?», а самым пакручастым «Ці вы ўжо мелі полавы кантакт?».

Хлапцоў гэта весяліла. Дзяўчат бянтэжыла. У выніку адсотак шчырасці быў нянадта высокім. Мноства вучаніц перажывала, ці не пазнаю я іх почырк, бо думалі, што я адразу ж пабягу глядзець адказы на адно канкрэтнае пытаннечка. Думку гэтую агучылі адразу ж, але толкам не патлумачылі, дзеля чаго мне гэта варта было б рабіць. Адна толькі Вядзёркіна прашаптала нешта няўцямнае пра перспектывы сумеснага выпускнога вечара. Урэшце, з майго асабістага дазволу замест адказаў насупраць страшнага пытання яны ставілі прочыркі. Смехуны ж на тое адказвалі станоўча, а самыя балдэсы ўдакладнялі колькасць актаў у тыдзень.

– Не бярыце да сэрца, Эрнест Скіргайлавіч. Для іх узросту гэта нармальна, – суцяшала мяне Валя, нібы рабіла грандыёзнае псіхолага-педагагічнае адкрыццё.

– А мне здаецца, што ў іх узросце ўжо самы час падобныя пытанні успрымаць больш адэкватна, без лішніх выпіндосаў, – не пагадзіўся я.

– А можа ўсе гэтыя, як вы сказалі, выпіндосы, адно толькі абаронная рэакцыя на ўмяшанне ў іх прыватнае жыццё.

– Я ж не прасіў у іх падрабязную справаздачу.

– Усё адно. Дый узроставая розніца між імі і вамі дае аб сабе знаць…

– Чаго? – я пачынаў заводзіцца.

– Не такая вялікая, каб успрымаць вас выключна як педагога. І не кожная вучаніца, нават ананімна, захоча паведамляць класнаму кіраўніку пра сваё полавае жыццё. Вы ж не доктар.

– Ваша тэза безумоўна цікавая. Аднак ёсць закавыка – узроставая розніца акурат вельмі істотная.

– Колькі? Ну гадоў сем-восем. Гэта дробязь…

– У параўнанні з вечнасцю, канечне, – чмыхнуў я.

– Не, ну насамрэч дробязь жа, – не сунімалася практыкантка.

– Валя, гэта ў мяне з вамі розніца ў сем-восем гадоў, а з імі – адзінаццаць-трынаццаць…

Суразмоўніца збянтэжылася і мабыць крыху пачырванела, што цяжка было згледзіць пад важкім пластом касметыкі. Пасля секунднага здранцвення яна выціснула з сябе адну суцяшальную фразу:

– Як сведчаць псіхолагі, і гэта не самая крытычная разбежка. Большасць дзяцей з вашага класа успрымае вас толькі часткова прадстаўніком іншага пакалення, бо вы фізічна не маглі быць іхным бацькам…

– Давайце ўрэшце перастанем, як казалі даўней, дышкурсаваці, бо слізгацім па нейкіх небяспечных гранях. Дый характарыстыку вам трэба пісаць на іх, а не на Баластоўскага.

– Можна хоць яшчэ адно слізкае пытанне? – практыкантка пыталася, прымружыўшы вока.

– Ну, паспрабуйце, – злітаваўся я і абдарыў яе спагадлівай ўсмешкай.

– А кім вы самі хочаце быць для іх: класным кіраўніком ці сябрам?

Прызнавацца ў тым, што класнае кіраўніцтва сталася для мяне непрыемным сюрпрызам, не хацелася. Імгненна ацаніўшы ўзровень правакацыйнасці пытання, я стаў хітраваць:

– А хіба ж нельга быць і гэтым, і гэным адначасова? І ўвогуле мы з вамі з сэксу пачыналі…

Наша размова адбывалася ў настаўніцкай. Мы сядзелі на канапе і прамаўлялі дастаткова ціха, каб ніхто з прысутных маіх каляжанак асабліва не здолеў разабраць, пра што ўвогуле вядзецца. Аднак мая апошняя фраза прагучала ў такой крыштальна чыстай цішыні, што ўсе пяць настаўніц, якія сядзелі троху воддаль за сталамі, увадначас, бы па камандзе, адарваліся ад сваіх сшыткаў, кнігаў, газет і запытальна зірнулі ў мой бок. «Няўжо ты паспеў яе трахнуць, нягоднік?!» – чыталася ў іхных вачах. Я не рэагаваў на гэта, а Валя нічога і не заўважыла.

– З сэксу? – без патрэбы перапытала яна. – Ну дык вось вам, Эрнест Скіргайлавіч, яшчэ пытаннечка: ці вы шчыра мяркуеце, што ўсе адзінаццацікласніцы не бачаць вас аб’ектам сэксуальных мрояў?

У той момант я мог бы моцна ўхапіцца рукамі ў яе лебядзіную шыйку і трошкі падушыць чыста ў прафілактычных мэтах. Аднак мая прыродная схільнасць ніколі не ўздымаць руку на жанчын, не дазволіла ўчыніць гэткі паўманьяцкі перфоманс.

– Адкуль мне ведаць? – стрымана азваўся я.

– А пра што вы надоечы з гэтай пульхнай валейбалістачкай з 11 «Б» гутарылі? – пераможна ўклеіла яна штучку і ўрачыста ўтаропілася мне ў твар, ажно на ім шчэць заварушылася. Я адразу зразумеў, які эпізод меўся наўвеце, але ніяк не мог даць хуткага ёмкага і, галоўнае, адчэпнага адказу. Ліхаманкава вышукваючы прыдатнае тлумачэнне, я не знайшоў нічога лепшага, як проста пераказаць практыкантцы ўвесь эпізод, не забываючы напусціць дыму слоўнай велягурыстасці.

– Валя, вы ж цудоўна ведаеце, што адны і тыя самыя з’явы могуць успрымацца людзьмі па-рознаму ў залежнасці ад кантэксту з’яваў і кантэкстуальнай заангажаванасці рэцыпіентаў. Гэта, як у прыпавесці пра слана і сляпых мудрацоў, якія па-рознаму яго апісвалі, бо кантэкстуальна мелі дачыненне не з цэлым сланом, а з паасобнымі яго часткамі: хвастом, нагамі, хобатам…

– Дык вы ёй пра хобат распавядалі?! Як я не здагадалася?! – не прамінула пакпіць практыкантка.

– У тым і фішка, што я ёй нічагуткі і не расказваў. У нас у школе завядзёнка: настаўнік-прадметнік выводзіць вучняў да гардэробу, калі ягоны ўрок у іх апошні гэтым днём. Вось так і было, што ўсе «бэшкі» ірванулі хутка, а валейбалістка апошняй, і я выходжу за ёй. Яна спытала, куды я іду. Я сказаў: «Трэба ж вас правесці». «Да пасцелі?» – удакладніла яна. А потым нямая сцэна.

– Ой, – суразмоўніца на хвілю прыкусіла губу і было бачна, што маё тлумачэнне яе не задаволіла, але стала перапрашацца, нібы я таго мусова патрабаваў. – Усё скеміла зараз. Я пачула тады толькі слова «пасцель» і яно мяне збіла з панталыку. Прабачце.

У настаўніцкую пастукалі. Дзверы прачыніліся, і я пачуў голас Арыны Зарыцкай: «Дзень добры. Выбачайце, калі ласка. Эрнеста Скіргайлавіча можна?». Я падняўся і пакрочыў пад новыя позіркі каляжанак і нястрымны Валін каментар: «А вы карыстаецеся папулярнасцю». Давялося прыгразіць практыкантцы кулаком. Яна ж не ведала пра маю схільнасць ніколі не ўздымаць руку на жанчын.

10.

Арына разам з Мілай і надалей не здраджвалі сваёй звычцы з’яўляцца, каб выцягнуць мяне з няпростае сітуацыі ці змрочнага настрою. Аднак той візіт быў рэдкім выключэннем.

– Час не марнуеце, – маючы на ўвазе практыкантку, зазначыла Зарыцкая і папрасіла рэпрынт рарытэтнай кнігі «Крывічанскае звяздарства» Чэслава Драбышэўскага.

Міла ў запытах была больш сціплай і пацікавілася зборнікам з артыкулам «Классовый подход к формированию потребности в духовном общении» Людмілы Мухарскай. Кніжкамі я ніколі асабліва не раскідваўся. Але для гэтых дзвюх дзяўчын – маіх выратавальніц і будучых каляжанак – я не пашкадаваў бы і «Полацкага летапісу», калі б ён у мяне, вядома, быў.

– Хадземце ў кабінет. Пакуль дойдзем, і званок будзе. А то Зінаіду Львоўну неяк не вельмі хочацца ад работы адрываць.

– О, яна нам таксама патрэбная, – дуэтам прамовілі сяброўкі, што ў іх на маёй памяці атрымлівалася гады ў рады.

– Хто два зайцы гоніць… – удаючы ментаршчыну, пачаў быў я.

– … ніводнага вожыка не здагоніць, – з усмешкай завяршыла Міла.

Данцова сустрэла нядаўніх вучаніц з радасцю. І пакуль я вышукваў у шафе патрэбныя фаліянты, дзяўчаты асыпалі яе сваімі пытаннямі. Калі ж я вярнуўся ў іх таварыства і ўрачыста перадаў кнігі задаволеным госцям, Зінаіда досыць штучна кашлянула і з’едліва зірнула ў мой бок. Яўна хацела мяне трохі пацвеліць. Доўга чакаць пацверджання маёй здагадкі не прыйшлося.

– А чым ваша сяброўка Наста Цыпіна займаецца? – ласкава-ласкава, нібы мёдам мазала, спытала яна ў дзяўчат, а на іх недаўменныя позіркі адразу ж удакладніла: – Проста я яе амаль кожны дзень бачу: шыбуе пад ручку з маладым чалавекам. Яўна ж не на лекцыі.

Гэта быў удар значна вышэй калена. Я моцна ўкусіў сабе краёчак губы. Яна трэснула. Здавалася, што гэты гук пачулі ўсе прысутныя. Прыклаўшы да ранкі язык, я адчуў саланаваты смак крыві. Добра заўважалася, што ўдакладненне Данцовай заспела знянацку не аднаго мяне. Верагодна, што Арына і Міла ведалі пра Насцінага хлапца, але нічога мне не казалі, бо мелі на тое нейкія свае прычыны. Можа не хацелі прычыняць мне лішняга болю. Можа мелі ўласныя планы і разлікі наставіць Цыпіну на розум. Можа… Цяпер жа, бачачы, як руйнуюцца шматпавярховікі маёй чулай натуры, сяброўкі не маглі прыдумаць ніякага дзейснага болеспатольнага сродку.

– Гэта яе сусед, – нарэшце выціснула з сябе Арынка, як апошнюю кроплю зубной пасты з цюбіка. – Ён там яе туды-сюды праводзіць і сустракае.

– Сусед? – не вымавіў, а прасвістваў я з кульгавай пытальнай інтанацыяй. – Усё так сур’ёзна. Рэч Паспалітую таксама клапатлівыя суседзі разабралі…

– Гэта яе друг дзяцінства, – знайшла прыдатную дэфініцыю Міла.

– І што ж? Значыць ніякіх шанцаў у мяне няма? – не зважаючы на прысутнасць Зінаіды, пацікавіўся я і паспрабаваў развесці рукамі хмары ўласнае роспачы.

– Ну-у-у… – толькі і ўдалося пачуць ад Зарыцкай.

Я адчуў, як крывіцца зямная вось пад цяжарам маіх думак. Дзяўчаты, развітаўшыся, збеглі. Данцова паглядзела на мяне і зусім па-сяброўску сказала:

– Без хірургічнага ўмяшання не абысціся.

– Да чаго тут гэта? – спытаў я, рыхтуючыся выкруціцца.

– Тваё пачуццё да Цыпінай трэба змяняць.

– Пачуццё? – падкінуў я лішак здзіўлення ў інтанацыю.

– Дык ты ж толькі што ў дзяўчынак пра шанцы быць з ёй выпытваў.

– Ты нешта блытаеш, Зіна. Я проста шкадаваў, што яна не можа завітаць у школу так, як гэта робяць Арына і Міла. У нас жа з ёй былі добрыя адносіны…

– Ха… «Добрыя адносіны». Гэта цяпер так называецца? – каляжанка яўна не збіралася даваць веры маім словам. – Баластоўскі, ты ж віўся вакол яе, быццам уюн ці нават электрычны вугор. Яна, можа і менш, але таксама вілася. Хадзілі тут па школе. Салавейкамі заліваліся. Любавалісь сабой, как маглі.

– Ну, у цябе і фантазія, – не кідаў супраціву я. – Табе б, Данцова, раманы пісаць.

Зінаіда Львоўна збіралася адмераць мне яшчэ нейкую слоўную тыраду, але званок на ўрок і вучнёўская гамарня пад дзвярыма не дазволілі ёй гэтага зрабіць. Я ўсміхнуўся і пайшоў прэч, ведаючы, што без якой-небудзь прынагоднай зачэпкі яна не зможа пасля вярнуцца да ўзнятай тэмы.

За парогам кабінету ўсмешка мая светам загавела, ажно дзевяцікласнікі, якія ішлі на ўрок, аціхлі, думаючы, што завуч мяне добра прапясочыла. У пэўным сэнсе яно акурат так і было, бо згадка пра Насцінага кавалера (суседа чортавага!) каштавала майму сэрцу болей за любыя выгаворванні. Я збіраўся быў заскуголіць на нябачны Месяц ці нават Марс, але мяне пераняла Марына Нарымунтаўна:

– Аднаму майму знаёмаму патрэбна твая кансультацыя.

– Каму?

– Сяргею Аляксандравічу, майму сябру дзяцінства. Ён зараз працуе ў КНАКС.

Пачуўшы знаёмую абрэвіятуру, маё сэрца сціснулася, нібы няшчасны селянін пад прыгнётам панскім. Уздзець на твар бравурнасці ніяк не атрымлівалася. І калі б у тую секунду я змог зазірнуць у люстэрка, то найхутчэй бы ўбачыў не іранічную ўсмешку рэпінскага «Беларуса», а панурае аблічча гарапашнага мужыка з літаграфіі «Беларускі раб» Юзафа Азямблоўскага. Але ўсе люстэркі я мінуў, і даводзілася прыкідвацца перад самім сабой, што выглядаю, як стомлены балтаславянскі macho пасля візіту да Мінатаўра.

– Баюся, што нічым вашаму сябру я дапамагчы не змагу, – з напятай штучнай усмешкай прамовіў я, заўважаючы, што і для Любартавай гэтая размова не была ўзорам прыемнага баўлення часу.

– Ты дарма так усхваляваўся, – стала супакойваць яна. – Гаворка мусіць пайсці пра чорных археолагаў і іх сувязь з таталітарнымі сектамі.

– Ды я і белай археалогіяй асабліва не цікаўлюся, – шчыра абурыўся я.

– Але цябе яму параіў твой колішні выкладчык прафесар Драўлянскі.

Спасылка на Драўлянскага выглядала дужа непераканаўчай. Яна б яшчэ на Нарбута спаслалася!

– Я з ім амаль пяць гадоў не камунікую, – паціснуў плячыма я.

– Ну, не ведаю… – Марына Нарымунтаўна спяшалася як мага хутчэй, абы з рук, завершыць гутарку. – У любым выпадку ты павінен гэта мець на ўвазе і не бянтэжыцца, калі Сяргей выйдзе на сувязь з табой.

Я хітнуў галавой, нібы пагаджаўся. Да маіх «радасцяў» дадалася яшчэ адна. Стаў разважаць пра рэальныя прычыны цікавасці да мяне з боку славутай Камісіі па надзвычайнай ахове культурнай спадчыны. Круціў і так, круціў і гэтак, але нічога асаблівага не знаходзіў. Я сапраўды не мог быць прафесійным кансультанам па нейкіх археалагічных пытаннях. Таму адзіным, што магло так нечакана прывабіць КНАКС да мяне, падалася мая літаратурная творчасць. Але яе наўрад ці можна было прылічыць да аб’ектаў культурнай спадчыны, на ахове якой спецыялізавалася гэтая арганізацыя. Прынамсі, ні мае публікацыі ў перыёдыцы, ні кніга, якая вось-вось павінна была выйсці, на гэты асаблівы статус не прэтэндавалі. Заставалася чакаць анансаванай завучам сустрэчы.

11.

Жыццё крынічыла. Але чысціня гэтае крыніцы была вельмі сумнеўнай. Я ўзіраўся ва ўласную мінуўшчыну і з жахам выяўляў, што ва ўспамінах не зусім я. Раптоўнае дыстанцыяванне ад ранейшых ego прыўносіла ў душу дадатковы калэмут. Думаючы то пра Цыпіну, то пра КНАКС, я прымудраўся жартаваць і смяяцца. Знаходзіліся сілы, каб працягваць здзіўляць дзесяцікласнікаў даходлівымі тлумачэннямі. «Калі ты, Волечка, майструеш табурэтку, то гэта вытворчая дзейнасць. А калі, на гэтую табурэтку ўскочыць Саша і пачне чытаць верш, то гэта ўжо будзе дзейнасць духоўная». Адшукваўся спрыт занадта не гырчаць на дзевяцікласнікаў. Аднекуль бралася натхненне ў працы з васьміклашкамі. І толькі з адзінаццатымі ўсё было дагары дрыкам. Я ніяк не мог зразумець, з якой такой прычыны. Калі Кася Вядзёркіна, затыкаючы пальцамі нос, піла ў сталоўцы маркоўны сок, яна магла сабе і іншым патлумачыцца: «На дух не пераношу, але для скуры карысна». А я, любячы выпускную паралель, не быў здольным з’ясніць, чаму мне цяжка ў іх выкладаць. Зрэшты, тады, хаця і праз «не магу» ды зубоўны скрогат, я намагаўся быць супераб’ектыўным у ацэнцы іх ведаў. Уся гэтая дыялектычная байда мусіла б стаць мне папярэджаннем: не ўсё так дрэнна сёння, як можа зрабіцца заўтра.

Аднак штовечар я ведаў адно: наступны пасля вэбсёрфінгу і трывожных сноў пачатак працоўнага дня будзе асветлены чароўнай усмешкай і непаўторным бляскам вачэй Селязнёвай Алісы. Так ужо супала. Атрымалася так. Кожную раніцу яе падвозіў бацька, які сам тым часам ехаў на працу. І Аліса апыналася ў школе за сорак хвілін да пачатку першага ўрока. Я ж за некалькі гадоў выпрацаваў звычку перціся з цёмнага рана на прыпынак, каб ускараскацца ў збольшага вольны аўтобус, які адпраўляўся ад Сухакаменскага рынка да надыходу сямі гадзін раніцы – часу, калі грамадскі транспарт без удзелу добрых ці злых феяў ператвараўся ў селядцовыя бочкі. І вось так то я, то Аліса прыходзілі ў школу першымі.

Звычайна я хуценька рыхтаваў кабінет да ўрока і, нібыта міжволі, крочыў на той паверх, дзе стаяла або сядзела яна. Я – яе класны кіраўнік. Яна – адна з маіх любімых вучаніц. Мы гаварылі. Гаварылі нязмушана, не могучы спыніцца. Аліса распавяла, як файна прабавіла лета. Успомніла дом адпачынку «Каліначка» і нават прызналася, як разам з аднакласніцамі ўспамінала пра мяне і кідала на мой мабільнік «глушцоў». Я не пытаў, адкуль яны ўзялі мой нумар, а толькі роблена злаваўся, згадваючы летніх мабільных птахаў, што абуджалі мяне пасярод ночы. Яна шчыра не верыла маёй злабе. І ўсміхалася. І глядзела. І мне рабілася ад гэтага лёгка-лёгка, быццам не існавала ні Цыпінай, ні КНАКС, ні нават класнага кіраўніцтва. Я перайначваўся. Я скідаў з плячэй цяжар сатлелых календароў. Я не баяўся анічога пад Сонцам, Месяцам і Марсам тады, калі Аліса была побач са мною, і мы размаўлялі пра ўсё. Пра сяброўства і здраду. Пра тэлефоны і кампутары. Пра фільмы і гульні. Пра кнігі і чытачоў. Яна не ведала, што да ўсіх маіх яўных і надуманых грахоў я яшчэ і пісьменнік. Не хацелася казаць ёй пра гэта. Лічыў, што так патрэбна для захавання той цудоўнай раўнавагі, якая ўсталёўвалася ў сусвеце разам з усмешкаю гэтай дзяўчыны.

Мы не хаваліся. Для гэтага не было ніякіх прычын. Нас бачылі ўсе раннія (і не зусім) пташкі. Пра што яны думалі, звяртаючы ўвагу на нас, я не спрабаваў нават уявіць. Лія Навумаўна Келдышава, пазіраючы ў наш бок, старалася ўсміхацца, але з яе вачэй сыпаліся не зусім усцешаныя яскаркі. Гэта не была стоадсоткавая рэўнасць ці, як казалі ў старабеларускія часы, гарлівасць. Гэта было нешта да яе набліжанае. Я параўноўваў яе недарэўнасць з гіпатэтычнай копіяй карціны Марка Шагала, якую б выканаў Казімір Малевіч.

У прыватных гутарках Лія нічога не пытала ні пра Алісу, ні пра Насту, ні пра хазарскую жаночую зборную па баскетболу. Але ёй было вельмі цікава дазнацца, ці мелася ў мяне на той час каханка, альбо, кажучы прасцей, сэксуальная партнёрка. Нешта казаць пра такія інтымныя рэчы каму б там ні было ў мяне ніколі жадання не ўзнікала. Нават, калі б я мог пахваліцца вялікім паслужным спісам сваіх палюбоўніц, то ўсё адно маўчаў бы, як свежамарожаная скумбрыя. А як што хваліцца асабліва не было чым, маё маўчанне ператваралася ў важкую камлыгу, на якую натыркаўся кожны дарэчны і недарэчны цікаўнік. Зрэшты, маё маўчанне не ратавала многіх каляжанак ад безразважных высноў, быццам я палюбляю ўсё, што рухаецца. Пры ўмове, што гэтае ўсё жаночага полу. Мажліва іх зводзіла да аблуды мая памаўзлівая ўсмешка. А можа вечны бляск маіх вачэй, які б я сам назваў не проста юрлівым, а чыста курвельскім. А мо’ мая адметная паходка з распуснай развальцай а-ля Самсон Самасуй. Жанчыны заўважалі ўсё. А што не заўважалі, то прыдумлялі. І калі заўважанае ды прыдуманае змешвалася і выносілася потым на староннія вушы, чакаць чагось аб’ектыўнага было гарой наіўнасці. Таму я ўчасна ігнараваў на працы бальшыню жаноцкіх плётак, усё адно застаючыся ўвесь час адным з лідэраў іхных хіт-парадаў. Мне гэтае сэкс-сімвальства лакальнага разліву было ні ў печ, ні ў сеч. Але, чым менш я зважаў на гэта, тым большым вакол мяне рабіўся арэол вышэйназванага гатунку. Добра, што пра гэта я даведваўся па крысе, а не адразу цалкам. А то б у момант даў дрыгі ад раптоўнага экстазу марнаслаўя.

Калегі-мужчыны глядзелі на гэта з розных вежаў. Яраслаў Леанідавіч Майсюк ставіўся да ўсяго збольшага нейтральна, пакепліваючы пры нагодзе з шырыні спектру маіх нявестушак. Дзяніс Давыдавіч Іскаліеў пастаянна ўпікаў мяне за злачыннае бяздзеянне, абычас наракаючы на ўласныя гады, якія не дазвалялі яму выконваць пачэсную ролю джыгуна-залётніка. Няўлоўны Вальдэмар Мікітавіч Міроненка абсалютна не выяўляў сваёй цікавасці да праблемы. Мне нават думалася, што ён абазваў бы яе надуманай ці, таго горш, з пальца выссанай. Але ён напісаў мне на паперцы ірландскую прыказку, сэнс якой я адразу і не зразумеў: «Калі ў цябе чэрап, як яечная шкарлупіна, не ездзі ў Дублін на кірмаш». Зрэшты, усё гэта ў сукупнасці мяне хвалявала мала. Ярыка я па-сяброўску прасіў не дурыць мне сракі. Заўвагі Давыдавіча адпраўляў у жорсткі ігнор. А Вальдэмара яшчэ трэба было знайсці, каб што-кольвек адказаць на яго туманную прыказку.

Якой славай мяне ўзнагароджвалі вучні, я зноў жа мог толькі здагадвацца. Але сыходзячы з таго, што пераважная большасць старшакласніц не ўпускала магчымасці самым нахабным чынам састроіць мне вочкі, была мая слава дужа спецыфічнай. І хаця за тры вярсты літоўскія праглядалася, што за састроенымі вачыма тояцца выключна дзявоцкія дурыкі, сія-тыя мамзэлі верылі ў сваё магічнае ўздзеянне на мяне. Гэты стэрэатып, узрослы з невядомай мне плёткі і ўскормлены эфектам сапсаванага тэлефона, шпарка перакінуўся на медыка-біялагічны 10 «В» клас, які складаўся амаль цалкам з новапрыбылых дзяўчат. Стэрэатып не абмінуў і дзявятыя, і нават восьмыя класы. Было надзвычай дзіўна адчуваць на сабе незразумелыя праменні вачэй малалетніх шмакадзявак і шторазу скаланацца ад іх шматсэнсоўных усмешак. І чым дальш у лес, тым больш труску чулася вакол завядзёнкі «спакушаць Баластоўскага». Часам гэта нагадвала элемент нейкай навамоднай кампутарнай гульні, калі на галоўнага персанажа кідаюцца ўсе, хто хоча, бо паводле сцэнарных умоваў у таго наўмысна пагоршаная рэпутацыя, якую трэба тэрмінова папраўляць, робячы добрыя справы. У маім выпадку было абсалютна незразумелым, ці можна рэпутацыю палепшыць увогуле. Здавалася: што ні рабі, як ні круці, а ўсё адно ўчынак будзе трактаваны ў адпаведнасці з наяўным стэрэатыпам. Вось гэта акурат і хвалявала, падкідвала сур’ёзную шостку ў навучальна-выхаваўчы працэс.

Але ў тыя вераснёўскія дзянькі ўсё было толькі на стартавай стадыі і ўспрымалася такой сабе хохмачкай, якая пабудзе-пабудзе дый забудзецца за стратай актуальнасці. Ды нічога не забывалася, нікуды не знікала, а толькі назапашвалася, нібыта хлуд у скрынцы з надпісам «Несвядомае», якую я маляваў на дошцы для васьмікласнікаў.

12.

Набліжэнне першага бацькоўскага сходу выклікала ўва мне трымценне ў стылі апошняга жоўтага ліста. Я не баяўся таго, што бацькі пачнуць выстаўляць нейкія прэтэнзіі да мяне – нагоды не было. Але я нагвалт страшыўся дыялогу са стракатай незнаёмай мне аўдыторыяй. Каляжанкі спрабавалі мяне ўсяляк падбадзёрыць. Плёну гэта не давала. Сэрца круцілася, як стрэлка звар’яцелага сонечнага гадзінніка, прымушаючы рыхтаваць не проста план выступу, а цэлую нобелеўскую лекцыю, каб потым хадзіць туд-сюд між ложкам і кампутарам, рэпетуючы, як усё будзе. А хацелася – каб нічога не было. Чым бліжэй была дата сходу, тым большым рабіўся хмарачос маіх хваляванняў.

У належны дзень я напяў на сябе ўрачысты гарнітур і, ціпа красаўчэг, пашлэпаў па звыклым маршруце. Можна было не сумнявацца, што з аўтобусам, якім я збіраўся даехаць да школы, нешта здарыцца. Не, аварыі не адбылося. Адбыўся банальны, але надзвычай непрыемны затор каля кандытарскай фабрыкі. Давялося стаяць, пацець, лавіць носам карамельна-шакаладны пах і думаць пра вечныя глюкі вялікай кампутарнай сімуляцыі. За гэтыя думкі мяне яшчэ больш кідала ў пот, а «Ікарус» прасоўваўся наперад з хуткасцю чарапахі Тарцілы, якая кагадзе прыняла лішак снатворнага. Усё яно злавала мяне. Даставала мяне. Катавала мяне. Зрэшты, да школы насуперак затору я дабраўся ўчасна.

Каляжанкі заўважалі маё трымценне і спрабавалі даць пару-тройку экспертных меркаванняў з нагоды дыджэінгу на бацькоўскім сходзе. Не мямліць. Не вохкаць. Не пачынаць з кепскага. Гарцаваць на ўдалым рысаку паміж бацькоўскімі рэплікамі. Не даваць апамятацца. Не дапусціць стварэння непадкантрольных бацькоўскіх груповак. Запальваць сэрцы, ствараючы або рэанімуючы бацькоўскі камітэт. Пераконваць у мэтазгоднасці ахвяраванняў на карысць школы. Ім так лёгка гаварылася, што ў мяне ажно падкошваліся ногі, а сківіцы свавольна торгаліся, прымушаючы няўцям клацаць зубамі.

Бацькі збіраліся ў актавай залe на першую частку марлезонскага балету пад непаўторнай кодавай назвай «Агульнашкольны сход». Вучнёўскіх прашчураў было шмат, а крэслаў у зале – мала. Маса людзей стаяла па абодва бакі ўваходных дзвярэй. Прамова дырэктара трывала біты час. Рознаўзроставя дзядзькі і цёткі (апошнія складалі пераважную частку) рабілі выгляд, што слухаюць, млеючы ад навальнае духаты, што хутка апанавала памяшканнем. Калі дырэктарскі спіч скончыўся, рушылі па аўдыторыях, дзе мусілі адбыцца лакальныя версіі другой часткі памянёнага балета, якая кодавай назвы не мела. Я паспеў падрыхтаваць дошку, напісаўшы там нумары сваіх хатняга і мабільнага тэлефонаў.

Спрабуючы ўзяць сябе ў рукі перад пачаткам сходу, я паўтараў у думках толькі адно: «Галоўнае пачаць, а там, як па лёгкай каляінцы». Гэта быў самагіпноз. Самаўмушчэнне, як сказаў бы, напэўна, легендарны Вацлаў Ластоўскі, калі б ведаў пра маю злыбеду.

Я глядзеў на дзясятак матуль і двух татуляў, спрабуючы здагадацца – хто ёсць хто. Усе здаваліся знаёмымі, але намаганні самастойна персаніфікаваць прысутных завяршаліся поўным правалам. У выніку толькі Лізавету Адамаўну Багуслаўскую я і вызначыў, бо за месяц ад нашага знаёмства і пачатку майго класнадзейства памяць мне ўсё ж не адбіла. Матулі і татулі сваім чарадом глядзелі на мяне і, пэўна ж, узважвалі магчымыя плюсы і мінусы такога мультыфрукта, як я. Многія з іх ведалі пра маё існаванне даўно, але толькі ў той вечар маглі ўпершыню ацаніць гісторыка Эрнеста Скіргайлавіча без медыятараў і мадэратараў. Вось гэтае прыцэньванне і было для мяне самым вялікім цяжарам. Я адчуваў сябе доранай кабылай, якой спрабуюць зазірнуць і ў рот, і яшчэ ў некалькі месцаў. Невядома, куды б занесла нас агульная напружанасць, калі б у дзверы не пастукаўся мужчына, які з дзіўнаю ўсмешкай запытаўся:

– Дык што ж? 11 «А»?

– Так, праходзьце, калі ласка, – я быў выключным прыкладам ветлівасці.

Ён нясмела ўвайшоў у кабінет, зірнуў сакаліным вокам на грамаду, сеў за першую парту ля дзвярэй і, не пакідаючы ўсміхацца, раптоўна выявіў сумнеў, які, верагодна, ні з тога, ні з сёга стаў яго кусаць дзікім сабакам дынга:

– Прабачце, – сказаў ён, – а Фама Андрыёнак у 11 «А» вучыцца?

– Раней вучыўся, – заўсміхаўся я.

– Што значыць раней? – яго голас выдаваў здзіўленне, але рысы твару пры гэтым анічуць не змяніліся.

– Значыць, у мінулым навучальным годзе. А цяпер ён перайшоў у медыка-біялагічны 11 «В» клас, бацькоўскі сход якога праходзіць у суседнім кабінеце.

– У медыка-біялагічны? – нарэшце здзіўленне здолела змяніць ягоны твар.

– Так, – павучальна хітнушы, адказаў я.

– Дык што ж, гэта ліцэй імя Юрыя Гагарына? – нібыта хапаўся за апошнюю саломінку, удакладніў ён.

Аўдыторыя не змагла стрымаць смеху, чым ладна збянтэжыла няўдачлівага госця.

– Не, гэта сярэдняя школа №XXXL імя Марціна Пачобут-Адляніцкага, – прамовіў я, а бацькі пацвердзілі мае словы, жвава ківаючы галовамі.

Дзядзька на секунду зацяўся і пасля ў паўголаса ўздыхнуў, нібыта мацюкнуўся:

– Збой дае матрыца.

Гэтая лаянка здзівіла мяне ці не болей за ягоны прыход. Мяне нават паспеў адолець кароткачасовы сумнеў у выпадковасці такой памылкі. Але сумнявацца не было калі, і я ўсё-ткі распачаў мерапрыемства.

Трымаючы прамову я быў ласкавы, як фразеалагічнае ласкавае цяля, і пафасны, як амерыканскі прэзідэнт кіношнага памолу. Я рабіў беглую самапрэзентацыю і прэзентацыю настаўнікаў-прадметнікаў. Я сто разоў паўтараў словазлучэнне «нашы дзеці», спадзеючыся вытачыць у мамуляк слязу замілавання. Я цвердзіў, што зычу дзецям толькі дабра і таму галоўнай задачай лічу спакойна і годна завершыць сярэднюю школу, не забываючы дбаць аб удзеле ў пазакласных мерапрыемствах. Я абяцаў як прадметнік па мажлівасці нікога не крыўдзіць з адзнакамі. Я біў сябе кулаком у грудзі, запэўніваючы, што буду стаяць за дзетак – нашых дзетак! – цар-гарою. У замен я прасіў толькі разумення і спрыяння. Не ведаю, наколькі шчыра і пераканаўча гучалі мае словы. Не знаю, упала зерне майго паслання на ўрадлівую глебу ці ўсяго толькі на каменне. Бацькоўскі камітэт уваскрашаў я з асцярогай. Прысутныя маўчалі. Кандыдатаў вылучаць не хацелі. Адно тады, калі я паведаміў, што каардынацыяй дзейнасці займуся асабіста, колькі мамаў з палёгкай і амаль нават падзякаю згодна заківалі галовамі.

– Але камітэт усё адно патрэбны. Асабліва ў пытаннях падрыхтоўкі да будучага выпускнога вечара.

– Колькі трэба чалавек? – спытала маладжавая жанчынка – мама Алёны Караблёвай.

– Тры-чатыры, – як перад стартам добрай справы адказаў я.

– Тады запісвайце Караблёву, Багуслаўскую, Селязнёву і Кляшторную.

Яна казала так, нібы ўсе ўжо згадзіліся.

– Так? – перапытаў я.

– Так, – адказалі жанчыны.

– А хто за старшыньку? – працягваў азадачваць я.

Спадарыня Караблёва змоўкла. Астатнія мамы таксама. Увесь наваствораны на прынцыпах абшчыннае дэмакратыі бацькоўскі камітэт апусціў вочы. Быць старшынькай не жадаў ніхто.

– Дык хто? – паўтарыў я.

Мама Карыны Кляшторнай стала наракаць на цяжкі працоўны графік. Мама Алісы Селязнёвай сціснула губы і без тлумачэнняў адмоўна матлянула галавой, напомніўшы гэтым жэстам сваю дачушку. Урэшце Лізавета Адамаўна сказала сама: «Давайце буду я». Пасля прамоўленага яна адарыла мяне позіркам, у якім чытаўся напамін пра нашу першавераснёўскую гутарку. Я адказаў гэтаму позірку амаль глямурнаю ўсмешкай. Не пашкадаваў бы і цалкам глямурнай, калі б не стачыў у свой час зубы, грызучы жалезны боб навукі. Заставалася абярнуцца ў ліра-эпічнага цмока для фандрайзінгу броку:

Была зямля не свячона,

Былі людзі не хрышчоны,

Не верылі Госпаду Богу,

А верылі люту-цмоку.

Люту-цмоку далі броку

Кажны дзень па чалавеку,

Па краснай дзяўчынцы.

І як мне ні рабілася прыкра, я ўсё ж згадаў у голас чароўныя словы а літары «школьны фонд». Бальшыня прысутных, хаця і без вялікага імпэту, але ўсё ж расставалася з кроўнымі талерамі, абавязкова распісваючыся ў ведамасці прыняцця ахвяраванняў. «Цікава, а цмок-брокер, забіраючы дзяўчынак, таксама подпісы патрабаваў? – думалася мне. – А калі збіраў, дык у каго менавіта: у ахвярадаўцаў ці ў саміх ахвяр? І як выглядала ведамасць? І куды потым дзяўчынкі дзяваліся – цмоку ці таксама ў нейкі фонд?». Добра, што мой мозг не падпрацоўваў мультымедыйным праектарам, а то была б рызыка, што мае думкі ў рэжыме слайд-шоў, пабачыць уся бацькоўская грамада.

На тым уласна сход і скончыўся. Я адчуваў сябе спустошаным, быццам адрабіў дзве змены на ўранавых рудніках. У мяне не было пачуцця задаволенасці. Было штось накшталт палёгкі. Палёгкі выключна з тае прычыны, што сход апынуўся за плячыма. Каб развіць гэтую кволую радасць, я паімчаў маршруткай дадому, дзе мяне чакала пара бутэлек ахалоджанага шампанскага і пакунак з морапрадуктамі. Магчыма, такім вось спосабам мне хацелася наставіць акуляры ўласнаму лёсу, прымушаючы яго ўпэўніцца, што я святкую перамогу.

Паглынанне пераможнага напою перарваў тэлефонны званок. З неахвотай жыхара Лайдаччыны я падняў слухаўку. Незнаёмы мужчынскі голас з ледзь прыкметнай картавінкай удакладніў:

– Эраст Пятровіч?

– Не, – раззлавана адказаў я, нібы мяне адарвалі не ад келіха, а ад грудастай бландзінкі.

– Гэта нумар 29071988? – перапытаўся незнаёмец.

– Так, – маё раздражненне нарастала.

– Паклічце, калі ласка, Эраста Пятровіча.

– Гэта герой іншага рамана. Мо’ вам патрэбны Эрнест Скіргайлавіч?

– Ой, прабачце, сапраўды Эрнест Скіргайлавіч, – збянтэжанасць на тым канцы дроту падалася фальшывай.

– У такім разе вы размаўляеце менавіта з ім, – ганарліва сказаў я, цудоўна разумеючы, што насамрэч незнаёмец гаворыць не столькі са мной, колькі з часовым сімбіёзам майго арганізма і шампанскага.

– Яшчэ раз выбачаюся. Я Сяргей Аляксандравіч Відаў-Вошчанка. Марына Нарымунтаўна вас папярэджвала?

– Так, папярэджвала, – я імгненна ўспомніў словы Любартавай. – Але наўрад ці ў мяне атрымаецца вам дапамагчы.

– Вы не перажывайце. Тут няма ніякае крамолы. Мне сапраўды трэба пагаварыць з вамі пра сёе-тое. Калі вам зручна? Я магу да вас на працу прыйсці, калі жадаеце.

– На працу? – зніякавела перапытаў я.

– Да вас асабіста, без удзелу адміністрацыі.

– Калі так, дык давайце ў суботу. У пятніцу ў нас дзень здароўя. А ў суботу я прыйду адмыслова, каб папрацаваць з дакументацыяй.

– Так. Ёсць. Субота. Аб якой гадзіне?

– Не раней за адзінаццатую.

– Ёсць. Зразумела. Дзякуй. Я вам патэлефаную.

– Нясцерпна чакацьму.

– Усяго добрага, Эрнест Скіргайлавіч.

– Бывайце здаровы.

Колькі секундаў я трымаў слухаўку ў руцэ, спрабуючы ўтаймаваць узрушанне: божачкі, мне ж пазваніў сапраўдны супрацоўнік КНАКС! Але ўзрушанне не было доўгатрывалам і хутка сышло на нулі. Кінуўшы слухаўку, я пайшоў дапіваць шампанскае.

13.

Наступны дзень, дэклараваны як дзень здароўя, не абяцаў амаль нічога новага. Новым быў толькі мой статус удзелу ў ім. О, так! Гэтае салодкае слова класны кіраўнік! Вызваліўшы практыкантку Валю ад лішніх для яе клопатаў, я паспяшаў у сталоўку, каб атрымаць для сваёй паствы сухі паёк: бутэрброды з вэнджанай каўбасою, апельсіны, пакуначкі з малаком і маннай нябеснай. Паціху сталі падыходзіць мае адзінаццацікласнікі, якіх я змушаў узяць належны ім харч. Яны какетліва аднекваліся, прыкрываючыся словазлучэннем ранішняя наетасць. Я настойліва цыкаў. Мне зусім не хацелася валачы ўвесь гэты гастранамічны цяжар на той бераг ракі Сівой, куды школа звычайна скіроўвалася ў гэткія аздараўленчыя дні. Урэшце, за кошт некалькіх ці то галодных, ці то прагных да халяўкі хлапцоў мне ўдалося збольшага разгрузіцца. Настаўнікі фізкультуры заклікалі выводзіць дзяцей на двор і рушыць традыцыйным маршрутам.

Я крочыў у атачэнні сваіх вучаніц. Хлапцы, традыцыйна, пабеглі наперад, прымкнуўшы да кампаніі сябрукоў з 11 «Б». Дзяўчаты пачыналі заводзіць старую катрынку і пыталіся: «Ну, навошта нам гэты дзёўбаны дзень здароўя?». Я намякаў, што катрынка сёння не ў модзе.

– А што тады сёння ў модзе? – хмурачы броўкі, удакладніла Лера Булатнікава.

– Зараз модна не хмурыцца, а ўсміхацца, – нечакана мяне падтрымала Алёна Караблёва.

– Твая усмешка, позірк твой мяне штурхнулі ў бездань мрояў, – працытаваў я эмігранцкага паэта.

– Гэта вы, Эрнест Скіргайлавіч, напісалі? – пераадольваючы сваю адвечную маўклівасць, пацікавілася Карына Кляшторная.

Калі б я быў страшэнным нахабам, дык пэўна ж, не міргнуўшы вокам, падмануў бы і Карыну і астатніх дзяўчат.

– Не, – сцісла вымавіў я.

– Вы нас разводзіце, – з усмешкай умяшалася Кася Вядзёркіна. – Мы ж ведаем, што вы пішаце вершы.

– Ці мала хто піша, – ухіліста адказаў я. – Трэба быць чыстым фанабэркам, каб налева і направа цытаваць самога сябе.

– Фана кім? – не зразумела Кася.

– Фанабэркам, – выразна прамовіў я.

Выпярэджваючы мае тлумачэнні, Алёна стала разважаць над сэнсам гэтага – таксама незнаёмага ёй – слова:

– Ну «бэрка», мабыць, памяншальна-ласкальнае ад «бэр», што значыць «мядзведзь». А «фана», напэўна, ад «фанаграмы», пад якую толькі рот раскрываюць, робячы выгляд, што пяюць. Такі сабе мядзведзь-фанаграмшчык.

– Ага! Мядзведзь-фанаграмшчык, які сам сабе ў дзяцінстве на вуха наступіў, – падхапіла развагі Вядзёркіна.

– А мядзведжае вушка, калі верыць пэўным анекдотам, гэта нешта непрыстойнае, – злаўмільна заўсміхалася Булатнікава.

– Цікава што? – з пэўным выклікам спытала Кляшторная.

– П…а, – адказала Лера.

– Сама ты п…а, – вомільгам агрызнулася Карына.

– Ды не ты п…а, а мядзведжае вушка п…а, – раззлавалася знаўца пэўных непрыстойных анекдотаў.

– Дзевачкі! – нібыта супакойваючы, выгукнула Кася.

Усё адбылося так раптоўна і маланкава хутка, што я не паспеў своечасова зрэагаваць. Іншыя мае спадарожніцы не тое, каб збянтэжана, а хутчэй зацікаўлена сачылі за аднакласніцамі і чакалі маёй рэакцыі. Мне здавалася, што маё запозненае маралізатарства не дасць ніякага плёну. Таму я адно з ушчуваннем пахітаў галавою, але, звяртаючыся да Леры, сказаў тое, чаго напэўна не чакаў ніхто з прысутных:

– А як жа тады персанаж беларускіх народных казак асілак Івашка Мядзведжае Вушка?

Лера на міг задумалася, а потым выдала, выкарыстоўваючы разнастайны тэрміналагічны апарат вядомы ёй, верагодна, з грамадазнаўчага курсу:

– Я канечне гэтую казку не чытала, але магу выказаць сваё меркаванне, сыходзячы з уласнага сацыякультурнага вопыту. Вось глядзіце: асілак – гэта ж нешта пазітыўнае, станоўчае, як ты яго ні круці. А як гэты пазітыў мог выразіць наш бедны і гаротны просты народ? Толькі экспрэсіўным прыметнікам, на які пазней царква і, верагодна, іншыя грамадскія інстытуты, імкнуліся накласці забарону, табу. І народ выкручваўся, як мог, прыдумваючы нешта нейтральнае. Вось жа быў Іван П…аты, а стаў Івашка Мядзведжае Вушка.

Дзяўчаты пачыналі патроху хіхікаць. Мінакі, праводзілі нас поўнымі сподзіву позіркамі, бо не маглі дабраць розуму, што за таварыства перад імі, аб чым гамонка і куды гэты дзядзька з усмешкай ласкавага цмока вядзе цэлую плойму юных красунь.

– Лера, можа ты перастанеш мацюкацца? – урэшце зрабіў заўвагу я.

– Эрнест Скіргайлавіч, вы ж разумны мужчына, – стала віхляць яна. – «П…а» у гэтым кантэксце не мацюк, а навуковая катэгорыя.

Мы акурат падыходзілі да вечнага агню з не менш вечнымі вясельнымі картэжамі. Яшчэ адна школьная група, каб не замінаць жаніху і нявесце, паскорыла крок і дагнала нас. На яе чале быў Дзяніс Давыдавіч Іскаліеў. Ён, учуўшы з дзявочых вуснаў ненарматыўную лексічную адзінку, разбірацца не стаў, а адразу безапеляцыйна заявіў:

– Дзяўчыначка, у цябе малако на вуснах не абсохла, каб такія словы без капкі сарамлівасці пры людзях казаць. А тым больш пры маладым настаўніку. Што ты сабе дазваляеш? Га? Як тваё прозвішча? Заўтра будзеш перад дырэктарам тлумачыцца.

Мае вучаніцы, а пагатоў Лера Булатнікава, на якую хлынула ягоная тырада, здранцвелі. Даваць дзяўчыне магчымасць апраўдвацца перад Іскаліевым было небяспечна. Па-першае, яна пачала б аскірзацца, толькі ўскладняючы становішча. Па-другое, мая маўклівасць не магла сыграць на карысць майму і без таго хісткаму аўтарытэту. Апошняе мяне і падштурхнула кінуцца на абарону нахабніцы.

– Вы, Давыдавіч, асабліва не гарачкуйце. Дзяўчо без злога намеру, а ў рэчышчы філасофскіх разважанняў. Сучасная філасофская парадыгма, знаеце…

«Знаеце», – перадражніў стары.

Ён пільна паглядзеў на Леру і яе малінавую саколку, якая добра падкрэслівала абрысы грудзей, задуменна кашлянуў, павярнуўся да мяне і ўшчыпліва папярэдзіў:

– Глядзі, каб гэтая парадыгма з тваёй традыцыйнай філасофіі ўсе цалінныя сокі не ўвабрала.

Калюча ўсміхнуўшыся, Іскаліеў прыспешыў сваю групу і шпарка пакрочыў наперад. Я не ведаў, што казаць. Вучаніцы таксама маўчалі. Нарэшце моўкнасці не вытрывала Кася Вядзёркіна.

– Эрнест Скіргайлавіч, – зусім ціха звярнулася яна да мяне і не працягвала далей, чакаючы майго голасу.

– Што? – як мага спакойней спытаў яе.

– Дык вы не скажаце нам, што значыць слова «фанабэрка»?

Я не здолеў стрымацца ад смеху і літаральна выбухнуў рогатам, а следам, нібы згодна з прынцыпам даміно, зарагаталі і ўсе мае спадарожніцы. Наш смех быў да непрыстойнасці звонкім і задорыстым. Гэта канечне схіляла да пазітыву. Але мая дзіўная здольнасць секунднага абстрагавання ад таго, што адбываецца, спрытна руйнавала такое ж мімалётнае шчасце. Заўжды, калі надыходзіў час адчування хаця б найменшага шчасця, нейкая частка маёй свядомасці выслізгвала вонкі і пачынала лунаць, азіраючы мяне збоку, адпускаючы ў мой адрас самыя жорсткія кпіны. Так было ў дзяцінстве, калі я радаваўся з’яўленню ў маёй калекцыі новай паштовай маркі. Так было ў юнацтве, калі мая аднакурсніца дэманстравала спрыт сваіх вуснаў і языка. Так здарылася і на гэты раз. Я рэзка змоўк. Дзяўчаты па інерцыі працягвалі хіхікаць. Але самыя пільныя ўсачылі неспадзяваную перамену ўва мне, сталі штурхаць астатніх локцямі ў бок ды ціхенька цыкаць.

– Што здарылася? – ізноў наважылася Вядзёркіна.

– Дэжавю, – схлусіў я, і мне здалося, што Кірыла Тураўскі, побач з помнікам якога мы акурат крочылі, хітравата прымружыў свае манументальныя вочы ў жаданні нешта сказаць. Я не паспеў нічога зрабіць, як свядомасць напоўнілася незнаёмым голасам: «Мы же нищие есмы словом и мутни умом, не имуще огня Святаго Духа на слажение душеполезных словес». «Якое мудрагелістае прызнанне літаратарскага бяссілля», – падумаў я, баючыся, праўда, азірнуцца на помнік вялікаму тураўцу. Мы ішлі далей.

На помнік Леніну я нават не глянуў, што не застрахавала мяне ад ягонай заўвагі: «Правільнай дарогай ідзяце, таварыш!». Мінаючы старую друкарню, я маральна рыхтаваўся да сустрэчы з помнікам Дзяржынскаму. Жалезны Фелікс, зваяны з бронзы, па-чэкісцку пільна глядзеў на мяне і маіх вучаніц. Здавалася, мы здолеем хутка збочыць управа да ракі, і я не пачую ніякіх натацый. Спадзеў быў дарэмным – следам за мной паляцелі словы, быццам іскры ад удару карнага мяча рэвалюцыі аб ланцугі маіх неад’емных псіхалагічных комплексаў: «Хто баіцца болю, той заўжды паддасца злу».

14.

Давялося прыспешыць хаду. Дзяўчаты моўчкі рабілі тое самае, аж пакуль адна з іх не сказала: «Эрнест Скіргайлавіч, вы імчыцеся так, нібы тое дэжавю вам на пяткі наступае». Я рэзка спыніўся і, стараючыся запярэчыць, імкліва падбіраў словы. Словы падбірацца не хацелі. І ў той момант, як ратунак, пачуліся прыглушаныя гукі мелодыі з вежы былога палацу царскіх палкаводцаў і іх наступнікаў. «Люблю наш край, старонку гэту», – міжволі зварухнуліся ў паўшэпце вусны.

– Даўно хацела вас спытаць, – звярнулася да мяне Алёна Караблёва, – што гэта за музычка такая?

– Гэта пэўна нейкі любімы хіт апошняй тутэйшай княгіні, – не прамінула выказаць сваю версію Лера Булатнікава.

Я адмоўна матлянуў галавой, заклікаў усіх рушыць дальш. І толькі калі мы падышлі да пешаходнага моста праз Сівую, я стаў тлумачыць:

– Ведаеце, дзяўчынкі, а песня да расійскіх князёў ніякага дачынення не мае.

– Песня? – ўдакладніла Алёна.

– Песня, – пацвердзіў я.

– Вы нам яе праспяваеце? – падлашчваючыся, спытала Лера.

– Не, мае мілыя, пець я зараз дакладна не буду. Рубікон не той.

– А вы баіцеся нас ці вакольных людзей? – уклініла сваё пытанне Кася Вядзёркіна.

– Я, дзяўчаты, нічога не баюся, акром усёмагутнага Алаха і самога сябе, – мяне пацягнула на дзіўныя праявы высакамоўнасці. Імгненна зразумеўшы, што зараз пачнуцца роспыты пра Алаха, я шпарка вярнуўся да песні:

– Гэта песня беларускага Адраджэння…

– Оў, Рэнесанс! – з вучоным выглядам усклікнула Булатнікава. – Скарына, Гусоўскі, Міхалон Літвін…

– Не, не, не, – запярэчыў я. – Іншае Адраджэнне.

– Ну, сапраўды, – эўрыстычна разважала Караблёва. – У Беларусі было столькі гэтых адраджэнняў, што пальцаў на руцэ не хопіць. Гэта, па ходу, наша нацыянальная традыцыя. Адраджацца…

– … як фенікс, – амаль прашаптала Карына Кляшторная.

– Ды ну, традыцыя, – скептычна азвалася Лера, – мне гэта больш нагадвае бязлітаснае кола сансары.

– Лерка, чаго ты ўскладняеш? Па-мойму з адраджэннем усе заканамерна. Гэта, як з домам. Моцны вецер дах зрывае, але ж гаспадары, калі жывыя, не кідаюць дом, а ставяць новы дах. Адраджаюць. А такіх вятроў, бураў, пажараў, прыдуркаў з запалкамі можа быць вельмі многа. І дакуль гаспадар жыве, датуль ён будзе аднаўляць свой дом, даводзіць яго да ладу, – разгаварылася Вядзёркіна і пры канцы нават засаромелася таго, што стала цэнтрам усіхнай увагі.

– Але ж ці не на праклятым месцы той дом стаіць? – ціхмяна прамовіла Кляшторная.

– Ды не праклятае, – шчыра запярэчыла Караблёва, – проста ёду дэфіцыт, а адсюль усе нашы лішнія праблемы вынікаюць. Ды нам пра гэта Эрнест Скіргайлавіч яшчэ ў восьмым класе расказваў. Хіба не помніш?

– Я ж не Селязнёва, каб кожнае слова Эрнеста Скіргайлавіча памятаць, – адпарыравала, нібы вострым каменем кінула, Карына.

Алісы сярод прысутных не было, і тэма не набыла працягу, што пры нораве маіх вучаніц выглядала троху дзіўна. Сам я ад нечаканай згадкі Алісы страпянуўся, спрабуючы дапяць: выпадкова Кляшторная прыпомніла яе або за гэтым прыпамінаннем тоіцца нейкі намёк, адрасаваны персанальна мне.

Разлеглую моўкнасць перарвала зноў жа Карына:

– Я ведаю, што гэта за песня. Яе напісаў Вячаслаў Качанскі на юначы верш Канстанцыі Буйло. А юначкай яна была аж у пачатку ХХ стагоддзя. Сто гадоў таму…

– А-а-а, – згодна прастагнала Караблёва, – я нешта такое прыгадваю: «Наша Ніва», Янка Купала, вялікая скураная канапа ў рэдактарскім кабінеце, віно, яблыкі, чытанне «Паўлінкі» усю ноч…

– У цябе таксама дэжавю? Ці як? – не без куслівасці спыталася Булатнікава.

– Ніякага дэжавю, я проста чытала дзесьці пра гэта.

– Дык што ж атрымліваецца, дзяўчынкі, – выявіла неўразуменне Кася, – гэтая паэтэса спала з Купалам? І колькі ёй тады было гадоў? А яму?

– Вось і я пра гэта падумала, – заўсміхалася Лера, касавурачыся на мяне.

Я рабіў выгляд, што не заўважаю ні яе касавуранняў, ні слізгаты новага напрамку нашай гаворкі.

– Не помню ўсіх нюансаў. Эрнест Скіргайлавіч, дапамажыце ж, калі ласка. Дайце свой каментар, – папрасіла Алёна. – Ці ты Карына? Размаўчалася тут зноў.

– Нічога не ведаю, – адсекла ўсе прэтэнзіі Кляшторная.

І мне хацелася вось так па-простаму аднекацца. Але, на жаль, падобны спосаб мне бачыўся чыста непрымальным. Дзеля таго я набраў у грудзі свежага паветра, паволі выдыхнуў праз ноздры і пачаў:

– Я не ведаю, адкуль вам вядома пра нашаніўскую рэдактарскую канапу, аднак акурат яна сваёй маштабнасцю і ўразіла паненку Канстанцыю, калі ў 1907 годзе яна завітала ў Вільню і бавіла ноч у рэдакцыі «Нашай Нівы» разам з Купалам. Было ў іх там нешта ці не было – ніхто не адкажа пэўна. Паэтка ў позніх сваіх мемуарах проста зрабіла намёк на гэта, шмат увагі надаўшы менавіта канапе. Зрэшты, яна магла зрабіць такі акцэнт наўмысна, каб у нас уражанне адпаведнае склалася. Паўпраўда часта выглядае вельмі праўдападобна, бо правакуе дадумванне.

– Што гэта значыць? – папрасіла патлумачыць Булатнікава.

– Усё вельмі проста. Вось уявіце, я сяджу за настаўніцкім сталом. Перада мною аркуш паперы, на якім я малюю сэрцайкі. Проста малюю. Проста надпісваю жаночае імя. Так, проста наўздагад. Якая-небудзь Груня ці Груша. А адбываецца ўсё на перапынку, і мастацтва сваё я ні ад каго не хаваю. І вось ты, Лера, праходзіш міма і праз плячо зазіраеш у гэты аркуш: бачыш сэрцайкі і жаночае імя. Што ты ў той час думаеш? Ты робіш паспешлівую выснову, што я закаханы ў нейкую Груню, бо табе здаецца, што ты маеш факты для таго, каб рабіць падобныя высновы. А фактаў насамрэч нямашака. Ёсць толькі тваё дадумванне.

– Божачкі, – завойкала Булатнікава. – Гэта ж жахліва. Атрымліваецца, што ў нас не жыццё, а суцэльнае дадумванне.

– Самае жахлівае, што ўвесь наш свет можа быць усяго толькі дадумваннем Бога, – няшчадна ўрэзаў я.

– Не кажыце такія жудасныя рэчы, – ледзьве не ўзмалілася, хаця і са звыклым для сябе налётам тэатральнасці, Лера.

Іншыя вучаніцы ўспрынялі мае развагі моўчкі. Толькі Кася Вядзёркіна, змучаная прагай адказу на іншае пытанне, з абурэннем усклікнула:

– Кіньце вы гэтае дадумванне! Жанчына не стала б апісваць канапу без прычыны. Канстанцыя ў савецкі час проста не магла ўзяць і напісаць, што ў яе з Купалам быў сэкс. Але мабыць жа быў!

– І што ты хочаш гэтым сказаць? – удакладніла Караблёва.

– Гэтым нічога, – Кася зрабіла трагічныя цялячыя вочы. – Мяне цікавіць іншае: у іх жа была агромністая разбежка ва ўзросце. Так, Эрнест Скіргайлавіч?

– Гэта, як сказаць, – выціснуў я, – ён нарадзіўся ў 1882, а яна ў 1893 годзе.

– Адзінаццаць гадоў розніцы! – выгукнула Кася.

– Чаго ты ўсхадзілася? – з пякучай усмешкай спытала Лера. – Нармальная разбежка. Людзі і не з такімі разбежкамі шлюб заключаюць. А тут жа не пра шлюб гаворка.

– Ты хочаш сказаць, што такі вось сэкс – нармальная з’ява? – не суцішалася Вядзёркіна.

– Нармальная, калі натуральная, – адказала Булатнікава. – Калі ўсё дабраахвотна, без прымусу, то якія могуць быць прыдзіркі? Ніякіх.

– Дзяўчаты, – умяшаўся я, гатовы ад усіх гэтых размоў праваліцца ў Аргенціну, – сэкс у выпадку Купалы і Буйлянкі ёсць нашым дадумваннем. Калі ж мы не памыляемся, то мусім улічваць зорны фактар.

– Што за ён?

– Вы хочаце нас заблытаць?

– Зоркі спрыяюць?

Пасыпаліся пытанні ад маіх вучаніц.

– Я маю на ўвазе тое, што трэба разумець, кім Янка Купала для яе з’яўляўся. Ён быў для яе зоркай. А ў дачыненнях між зоркамі і адданымі фанаткамі нярэдка здараюцца раманы.

Мы асцярожна спускаліся па кепскіх прыступках, якімі сканчаўся мост, і павярнулі налева, кіруючыся пад шатамі таполяў да спартовай пляцоўкі, дзе ўрэшце мусіў распачацца паўнавартасны дзень здароўя.

– Мяне ваша апошняе выказванне, Эрнест Скіргайлавіч, збянтэжыла, – абарвала Вядзёркіна нашу кароткачасовую сцішанасць.

– А што тут бянтэжыцца, – не даючы мне зрэагаваць, загаварыла Караблёва. – Ты мазгамі раскінь і зразумееш, што для маладой сялянкі Янка Купала з нашаніўскай багемы гэта амаль тое ж самае, што для цябе Рыкі Марцін.

– Ай, – пакрываючыся барвай, заенчыла Кася. – Ну, колькі таго Рыкі Марціна можна мне прыпамінаць? Гэта было даўно і няпраўда.

– Не так і даўно. Гадоў пяць таму, – сказала Алёна, і прымружыўшы вока спытала ў расчырванелай аднакласніцы: – І хто тады паўтараў: «Ах, які мужчына, гэты Рыкі Марцін. Я з ім абавязкова загуляла б»?

Кася не стала адказваць.

– Усё досыць з гэтым, – прамовіў я. – Давайце хуценька да настаўнікаў фізкультуры, яны вам скажуць, што трэба рабіць.

15.

Мы падышлі ўшчыльную да спартовай пляцоўкі, дзе ўжо ўладарыла гамарня, мітусіліся дзеці рознага веку. Хлапцы паспелі падзяліцца на каманды і ганялі мячык, імітуючы чэмпіянат свету па футболу. Іншая група, якая складалася і з хлапцоў, і з дзяўчын гуляла ў валейбол без сеткі. Гульня выглядала вельмі зладжанай, хаця ў пэўныя моманты здавалася, што бальшыня ўдзельнікаў больш прызвычаіліся да пляжнага варыянту валейбола. «Эх, раздзецца б, як улетку», – гучна заяўлялі самыя адчайныя з іх. Крыху паводдаль, каб нікога не закрануць, здавалі нарматыў па кіданні гранат. А збоку на бегавой дарожцы вучні парамі трушком штурмавалі стометроўку.

Я стаяў у цэнтры усяго гэтага ўсяленскага рушання і думаў пра вечнасць. Маёй вечнасцю тады быў боль неўзаемнага, да таго ж няроўнага, кахання. Strangelove. Думкі, як карусель, круціліся вакол аднаго пытання: «Чаму?», адказ на якое знайсці было цяжка. Здавалася, што лягчэй можна адшукаць у цёмным пакоі чорную котку, нават калі б яе там не было. Я спрабаваў зноў пераключыцца на вакольную кругаверць, але нічога не атрымлівалася. Таму вяртаўся зноў а зноў на крукі таго самага ярэмнага пытання, не раўняючы, як героі «Паўсталых з пекла», якія дагуляліся з чароўным куфэркам – ключом ад брамы ў апраметную.

Я быў сам па сабе, узіраючыся ў халодныя пяскі майго персанальнага пекла, а ваколле са сваёй мітуснёй-гамарнёй – само па сабе. Ледзяныя вятры маёй геены выбівалі з вачэй кроплі гранатавага колеру. Праз мружыва гэтых кропель я не заўважаў ні каляжанак, якія падыходзілі з незразумелымі пытаннямі, ні жвавых вучаніц, якія спрабавалі дэманстраваць спанатранасць у какецтве. Я толькі ўзіраўся ў пясчаныя далягляды маёй інтымнай апраметнай, намагаючыся разабраць, што за плямкі трымцяць на гарызонце. І чым больш пытанняў задавалі каляжанкі, а вучаніцы ўлягалі ў баламуцтва, тым ясней мне бачыліся постаці каля падножжа крыштальнага купала – бялютка белы аднарог і юная дзяўчына. Яны проста стаялі і глядзелі ў мой бок, быццам не верылі, што акром іх, сцюдзёных вятроў і музыкі нябеснага крышталю ў той пустэльні нехта ёсць…

Да рэчаіснасці мяне вярнула блюмканне мабільніка. Старэча Сімэнс сігналіў аб прыходзе sms’кі. Выскачыўшы з пякельнае сцюжы, я схапіў тэлефон у спадзеве прачытаць пару суцешлівых словаў. Але іх не было – кляты «Дульком» прасіў тэрмінова папоўніць баланс. Буйнейшаму айчыннаму аператару сотавай сувязі было абсалютна насраць на тое, між якімі сусветамі балансавала мая душа.

– Эрнест Скіргайлавіч, чаго вы такі маўклівы? – вяртаючыся з бегавой дарожкі спытала Вядзёркіна. Следам пляліся астатнія адзінаццацікласніцы.

– Маўчанне ягнят – золата Макены, – вырвалася нешта няўцямнае з маіх, пакрытых ледзяной корачкай, вуснаў.

Мой адказ адначасова і здзівіў Касю, і стрымаў ад далейшых роспытаў. Напэўна, баялася, што з яе асабістай шафы можа вываліцца яшчэ адзін шкілет Рыкі Марціна ці якога-небудзь Брэда Піта.

– Ну, і прабежачка, – цяжка дыхаючы, скардзілася Караблёва. – Ледзь не нарадзіла.

Дзяўчаты, не зважаючы на стому, ажывіліся.

– А хто тата? – не прамінула пацікавіцца Булатнікава.

– Гэта я вобразна кажу. А будзеш трындзець атрымаеш па попе, – з усмешкай адказала Алёна.

– Па попе?! Які жах! – заблагала Лера. – Ты ж мне ўсіх жаніхоў адаб’еш.

– Можна падумаць, у цябе іх шмат, – недаверліва заўважыла Карына Кляшторная.

Булатнікава магла б сказаць: «А ў цябе хоць адзін ёсць?», аднак не хацела крыўдзіць сваю нецалаваную аднакласніцу. Валерыя ў каторы раз загарэлася неперадавальнай усмешкай, прыперчыўшы яе для смаку драбкамі падробленай сарамяжнасці, і падкрэслена млявым голасам прамовіла:

– Колькі ні ёсць – усе мае.

– Гучыць неяк цьмяна і непераканаўча, – зазначыла Караблёва.

– А каго тут трэба пераконваць? – з невялічкім выклікам спытала Булатнікава і абвяла ўсіх прысутных выпрабавальным позіркам. Дураслівыя агеньчыкі ў яе вачах раз-пораз давалі знак, што ўсё дужа несур’ёзна, абы паблазнаваць. У гэтым блазнаванні яна схапіла за руку васьмікласніка, які акурат спрабаваў прашмыгнуць міма нашага таварыства.

– Хлопчык, ты мой жаніх? – звярнулася Лера да збянтэжанага мальца. Што праўда, яго збянтэжанасць імгненна мінула, і з усёй імавернай нахабнасцю вырваса перыяду гарманальнага выбуху «жанішок» астудзіў дураслівасць выпускніцы:

– А ты ў люстэрка на сябе хоць раз глядзела?!

– Ах ты, казёл! – не ўцярпела Булатнікава і спрабавала стукнуць падлетка па галаве. Але той спрытна адхінуўся, вызваліўся з Лерчынай рукі і пагарцаваў на футбольную пляцоўку.

Ловячы ўсмешкі сведак гэтага інцыдэнту, Валерыя намагалася захаваць добрае аблічча:

– Вось бачыце, як? З малалеткамі толькі звяжыся.

– Бачым, бачым, як цябе, нявестушка, адшылі, – адказала за ўсіх Карына.

– Калі так справа і далей пойдзе, – паспрабаваў рэзюмаваць я, – то нікому тваіх жаніхоў у цябе адбіваць не давядзецца, бо ты сама іх падобнымі выбрыкамі адпудзіш.

– Нічога страшнага, – ураз знайшлася Булатнікава і хітра паглядзела мне ў вочы. – Адзін жаніх, дык дакладна застанецца. А ўвогуле я пакуль замуж не збіраюся і пра сямейны побыт будучы не думаю.

Раптоўны ўхіл у сям’ю і сямейны побыт быў бяспройгрышным варыянтам перамены тэмы.

– Ай, Лерка, не гані ты, – не паверыла Вядзёркіна. – Усе мы пра гэта думаем.

– Ага, – пагадзілася Алёна. – Вунь Аліса Селязнёва нават вызначыла, колькі дзяцей у яе будзе, і як яна іх назаве.

Чарговая згадка пра Алісу зноў змусіла мяне скалануцца. Мне вельмі хацелася ведаць пра яе сямейныя планы.

– І колькі ж дзяцей яна сабе намеркавала? – як мага больш нейтральным тонам пацікавіўся я.

– Трох, – адказала Караблёва.

– Які жах, – выгукнула Булатнікава. – Цяжка ўявіць такое. Цэлы вывадак. Бедны Дзімка.

Нарэшце я даведаўся, як звалі Алісінага хлопца, і нават не здзівіўся, бо толькі дзімкамі маглі звацца ўсе гэтыя мужчынкі, што круціліся ля маіх вучаніц. Колькі мне ні выпадала такіх бачыць, усе яны для мяне выглядалі на адзін твар, быццам драўляныя салдаты казачнага героя Хведара Набілкіна. У галаве міжволі паўстала блюзнерская карціна: Аліса, яе драўляны муж і тры маленькія бураціны, што сноўдаюць між імі.

– А яна на Дзімку асабліва і не спадзяецца, – у адказ на Лерчына шкадаванне кінула Кляшторная і перавяла позірк на мяне.

Тым часам дух мой заняло, і я злёгку прыгнуўся, пачуўшы магутную артылерыйскую кананаду, рыхтык немец на Курскай дузе. Дзяўчаты ўздрыгнулі адначасова са мной.

– Вось да чаго глабальныя праблемы давялі, – абуралася Алёна, – амаль сярэдзіна цэнтральнаеўрапейскай восені, а божанька нас грымотамі адорвае.

– Але ж на небе ні аблачынкі, – Лера, як магла, праз голле дрэваў узіралася ў небасхіл.

Цяжка было паверыць, што вушы мне парэзалі не гарматныя стрэлы, а перуны.

– Ведаеце што, – звярнуўся я да сваіх адзінаццацікласніц, – калі нехта зараз хоча пайсці дадому…

– Да вас, Эрнест Скіргайлавіч? – перабіваючы, улезла са сваімі хітрыкамі Булатнікава.

Мне давялося перайсці на больш суворы тон:

– Калі нехта зараз хоча пайсці дадому, – павольна выразна, робячы націск на кожным слове прамаўляў я, – то можа збірацца і ісці. Толькі цур не шлындаць па горадзе, а прыйсці дамоў і паабедаць. Абяцаю, што ўсім патэнцыйным гулякам, – я ўедліва паглядзеў на Леру, а потым крыху мякчэй на Касю, – праз паўгадзіны патэлефаную на хатні нумар.

«Патэнцыйныя гулякі» трохі апанурыліся. А вось Алёна Караблёва захоплена заўсміхалася:

– Эрнест Скіргайлавіч, вы проста, як строгі татачка.

Я адказаў ёй прыязнай усмешкай. Дзяўчына адразу зразумела, што маё «можна збірацца і ісці» насамрэч азначала «трэба збірацца і ісці». Яна глянула на аднакласніц і па-завадатарску выгукнула:

– Ну што, сябровачкі, хадзем ужо?

Сябровачкі пагадзіліся, хаця па выразах твараў некаторых заўважалася неахвота, з якой яны мусілі развітвацца. «А чым жа было ваша нядаўняе нежаданне ісці сюды?» – спытаў я толькі ў думках, наканаваўшы пытанню застацца без адказу. Вучаніцы развіталіся і падыбалі ў бок моста. Я скіраваўся ў бок спартовай пляцоўкі, дзе гулялі нешматлікія прадстаўнікі мужчынскай паловы 11 «А» класа. Да маіх вушэй даляталі незадаволеныя рэплікі Булатнікавай. Яна наўмысна гучна плакалася Вядзёркінай:

– Такі непрабівальны. Ты з ім па-чалавечы: і пра п…ду, і пра Янку Купалу, а ён: «Ідзіце абедаць». Не, каб сам узяў ды ў барчык які запрасіў.

– Ну, ты сказанула, у барчык, – сцішана, азіраючыся, прамовіла Кася. – З якой такой прычыны ён павінен цябе весці ў бар? Супакойся.

– У-у, нас адправіў, а сам зараз з дзевяцікласніцамі языком малоць будзе.

– Ён з імі на нажах з-за джынсаў.

– Ну, значыць з васьмікласніцамі…

– Яго не цікавяць…

Даслухаць Касіны словы не ўдалося – па-першае, дзяўчына ладна аддалілася, а па-другое, неба зноў выбухнула грымотамі. «Дзеўкі, дзеўкі… Што ж у вашых галовах творыцца?» – зноў жа на ўсялякі выпадак моўчкі спытаўся я.

Хлапцы перапынілі свой футбол. Андрэй Дастаеўскі з заўсёднай мінай клоўна, які шукае справядлівасці, кіўнуў у бок аднакласніц і пацікавіўся:

– А чаго вы іх адпусцілі? Не цукровыя, не растануць. Ды і дажджу пакуль няма.

Я ведаў, што Андрэй можа спытаць падобнае, і зазбіраўся яго суцішыць. Аднак я не паспеў і рота разявіць, як яшчэ адзін смяхун Пеця Андропаў вырашыў адказаць замест мяне:

– Як ты, Андрэй, не разумееш? Можа яны і не цукровыя, але ж ім яшчэ нараджаць.

Хлапец яўна пакепліваў, абыгрываючы эпізод маёй класічнай гутаркі з дзяўчатамі 9 «Б». Прысутныя пачалі былі гагатаць у манеры герояў пустых амерыканскіх моладзевых камедый ці іх расійскіх клонаў. Я такога смеху не любіў. Хранічна не мог трываць. Пільна, без намёку на ўсмешку, я паглядзеў на Андропава. Ён умэнт адвёў вочы, павярнуў галаву ў бок і стаў вывучаць колеравую гаму яшчэ неапалага восеньскага лісця.

– Мы з вамі, мужыкі, дык дакладна не растанем, – прамовіў я, абводзячы позіркам усіх сваіх вучняў-хлапцоў.

– Гэта вы на што намякаеце? – з-пад клоўнскай маскі Андрэя Дастаеўскага паказаліся іклы.

Ва ўсім незразумелым для сябе ён бачыў варожыя падкопы.

– Я не намякаю, я кажу, што мы з вамі дакладна не цукар. І гэтую акалічнасць нам узаемна давядзецца трываць цэлы навучальны год.

Хлапцы пераглянуліся, але з пошукам адказу не патрапілі.

Між тым пасля няўдалай, але вельмі моцнай падачы з боку валейбольнай пляцоўкі ляцеў мяч. Ляцеў не абы куды, а проста мне ў галаву. Мой бакавы зрок падтарможваў і адразу не прыкмеціў небяспеку, нібы турэцкая проціпаветраная абарона, якая празявала прылёт гарматнага ядра, асядланага баронам Мюнхгаўзэнам. «Эрнест Скіргайлавіч! Асцярожна!» – пачуўся крык адной з васьмікласніц, але было позна, каб зразумець што да чаго. Я абярнуўся на крык, мячык дакладна трапіў мне ў лоб і лопнуў. Сведкі здарэння хорам войкнулі. Я ўбачыў успышку звышновай зоркі. «Эрнесцік, ты сваім вострым розумам сапсаваў нам інвентар», – спагадліва сказала настаўніца фізкультуры.

16.

Я чуў пра мноства выпадкаў, калі мяч трапляў людзям у галаву. Я быў сведкам і нават ахвярай шмат якіх падобных эпізодаў. І ніколі мяч, дакранаючыся да чыёйсьці галавы, не лопаўся. Зрэшты, здзіўляцца гэтаму я занадта не стаў. У думках я вяртаўся а вяртаўся да словаў Карыны Кляшторнай пра Алісу. «А яна на Дзімку асабліва і не спадзяецца», – пульсавала ў маіх глуздах і рэхам адбівалася ў гузаку, які вылез на лобе пасля ўдару мячыкам. Я намагаўся рацыяналізаваць Карыніны словы, каб не мець лішняе спакусы ўбачыць у іх адрасны намёк. У галаве гула пясчаная марсіянская бура, і здавалася, што вось-вось з вушэй пасыплецца пясок чырвонае планеты.

На плошчы я ўскочыў у зялёны айчынны аўтобус і ўсеўся ля вакна, цалкам заняты той самай думкай. «А яна на Дзімку асабліва і не спадзяецца». Танаванае шкло змяняла натуральныя колеры заваконня. Неба аддавала чырванаватым адценнем.

– Яна магла гэта сказаць з самых розных прычынаў, – прыемны жаночы голас заказытаў маё вуха.

Я няўцямна адарваўся ад вакна і зірнуў налева. Побач са мной сядзела фенаменальнае прыгажосці жанчына ў кароткай барвовай сукенцы з тонкім паясочкам-ланцужком, які адно дзеля красы ляжаў на таліі. Беласнежныя валасы былі сабраныя ў два кранальныя дзявочыя хвосцікі. У блакітных вачах хавалася Атлантыда. У бляску пульхных вуснаў таілася Эльдарада. Легкадумны кірпаты носік быў выклікам усім багам нашага небеззаганнага сусвету.

– Хто вы? – саромеючыся зірнуць на ногі незнаёмкі, ціха спытаў я.

– Гэта цяжка патлумачыць, – адказала яна і падарыла мне ўсмешку моднае фотамадэлі, якая спусцілася са сваіх глямурных алімпаў, каб дзеля пацехі пакатацца на аўтобусе Мінскага аўтамабільнага заводу. Падарыла і папрасіла ўзаемнае ласкі:

– Прашу вас, не задавайцеся пытаннем наконт таго, хто я. Вы можаце называць мяне як сабе хочаце – Ізольда, Джульета, Мальвіна, Аэліта…

Яна ўсміхнулася, кранальна зморшчыўшы носік. Мяне агарнула нейкае падабенства страху – аўтобус імчаўся па звыклым маршруце, але краявіды за вокнамі былі спрэс марсіянскімі. Ні табе дрэваў, ні звыклых мікрараёнаў. Толькі асфальтаваная дарога праз чырвоную пустэльню ўкрытую мноствам заінелых камянёў. Там, дзе мусілі б быць новабудоўлі, круціліся пыльныя віхуры.

– Дык вось, – не зважаючы на маё здумленне, прадоўжыла Аэліта, – Карына магла сказаць тую фразу па розных прычынах. Яна магла папросту канстатаваць факт – хлопец пры Алісе адно дзеля прыліку. Каб быў. Каб не адставаць ад сябровак. Ён быццам модны аксесуар, але насамрэч непатрэбны Алісе. Магчыма, што Карына ведае, хто Алісе сапраўды патрэбны. А можа быць яна такім чынам спрабавала зняславіць Алісу. Маўляў, пабачце, якая амаральная дзяўчынка – з адным хлопцам сустракаецца, а трох дзяцей мяркуе нажыць з кімсьці іншым. Так ці інакш, мы не ведаем, на каго згодна з версіяй Карыны, Аліса спадзяецца. Усе нашы высновы без дастатковых звестак будуць толькі дадумваннем.

– Але чаму Кляшторная на мяне так пільна паглядзела? – маё пытанне прагучала гэтак жа нягегла, як індастрыял у выкананні крамлёўскага акына ля падножжа марсіянскага сфінкса.

– Вось з такіх пытанняў дадумванне і пачынаецца, – яна зрабіла стродкі выгляд. – А калі б яна пры гэтым яшчэ б і чупа-чупс смактала? Што б вы тады падумалі? Якія званы загучалі б у вашай галаве? Якія б званкі? Дзынь, дзынь, дзынь…

Я рэзка падхапіўся з ложка, адарваўшы ад падушкі цяжкую, як каменны блок для піраміды Хеопса, галаву. Бардовы хатні тэлефон заходзіўся нахабна настойлівымі трэлямі. Я схапіў слухаўку, нібы змяю, якую збіраўся задушыць ці прынамсі пазбавіць атруты.

– Алё, – выгукнуў незадаволена я.

– Здароў. Ты што, спаў? – пачуўся ў слухаўцы голас майго даўняга камрада Мікаэла Бухоўскага. З пэўных часоў я стаў адносіць яго да шматлікіх ценяў майго перакрэсленага мінулага. Але ён раз-пораз нагадваў пра сябе раптоўнымі тэлефанаваннямі і прадказальнымі прапановамі – набухацца. Нас некалі звялі «Вытокі». Нас колісь пасварыў факт майго заляцання да яго дзяўчыны – молодой и неопытной вытоковки, якая, не могучы разабрацца ў сабе, удзячна прыняла маю да яе ўвагу. Прыняла, каб урэшце разабрацца і вярнуцца да Бухоўскага, а мяне адштурхнуць у лёд любоўнае Антарктыды. У стане гэткай абледзянеласці я выглядаў досыць бяспечна, і Мікаэл без асаблівае рызыкі аднавіў нашае спабутэльніцтва, як мы аднойчы назвалі гэта, зазірнуўшы спачатку ў бутэльку, а потым у слоўнік Ластоўскага. Гарэлка, зялёныя аліўкі і Ксеня Чудатворная, якая піла з намі, каб яе каханаму Мікаэлу дасталася менш, зрабіліся негалосным сімвалам вытокаўскіх пасядзелак апошняга перыяду іх існавання. А потым усё знікла. Ці можа быць я сам захацеў, каб яно знікла для мяне. Але незалежна ад майго жадання цені перакрэсленага мінулага нагадвалі пра сябе, не разумеючы, што прычыняюцца да з’яўлення хвараблівых успамінаў…

– Здароў, – суха павітаўся я і замаўчаў, здагадваючыся, што скажа Бухоўскі.

– Ета самае, тут прапазіцыя адна тупічаская ёсць, – ён няўклюдна спрабаваў выкарыстоўваць наш колішні слэнг, – давай набухаемся!

– Шампанскім? – падыгрываючы яго настальгічным ноткам, удакладніў я.

– Хо-хо-хо, – засмяяўся Мікаэл. – Не, не шампанскім. Беленькай.

Мяне заўжды перасмыкала, калі нехта гарэлку называў беленькай. У маіх вушах гэта гучала, як наўмысна фальшывы камплімент.

– Па-першае, я гарэлку даўно не п’ю. А па-другое, у мяне заўтра важная сустрэча.

– Вой, якая ў цябе ўжо там важная сустрэча? – праігнараваўшы маё «па-першае», скептычна чмыхнуў Бухоўскі. Скепсіс ягоны быў досыць ліпкі, нібыта Мікаэл з’яўляўся носьбітам ісціны ў апошняй інстанцыі і з гэтае вежы выразна бачыў: ні з кім ніякіх сустрэч у мяне няма і быць не можа ў прынцыпе.

– Чалавек з культурнай канторы прыходзіць, – яшчэ больш стрымана прамовіў я.

Узнікла паўза. Бухоўскі колькі секунд думаў, а потым выдаў:

– А чорт з ім.

– Чорт не чорт, а жартаваць не выпадае.

– Дык давай заўтра на піва, раз ты беленькую не паважаеш.

Скачкі яго думак мяне ўражвалі.

– Толькі пасля сустрэчы з чалавекам, – паставіў умову я.

– Я табе пазваню. Ты на ноч пачытай Біблію і «Малы канспіратар».

Дарадца хрэнаў.

Але я ўзяў з паліцы і адну, і другую кнігу, каб разгарнуць іх наўгад і прачытаць, зліваючы цытаты ў цэлае: «Запішы ўяву і накрэслі ясна на скрыжалях, каб чытач мог лёгка прачытаць, бо ўява стасуецца яшчэ з пэўным часам і гаворыць пра канец і не ашукае. Калі ты не хочаш казаць, абараняючы сябе, магчыма, захочаш абараняць іншых, абараняць справу, даводзячы чысціню сваіх подумаў і метадаў змагання». Я вярнуў кнігі на іх месцы. У галаве ад прачытанага нічога не засталося. Мяне сушылі зусім іншыя думкі. І з гэтым трэба было або мірыцца, або біцца. Я абіраў сярэдзінны варыянт: прыхапіўшы дошку для вэбсёрфінгу, сыходзіў у сеціва. Сайты, блогі, коменты руляць. Галоўнае своечасова вярнуцца, каб, лёгшы спаць, не ўбачыць у сне мудрагелісты скрыпт ці код памылкі 404.

17.

У суботу ў школе было нешматлюдна. Займаліся толькі профільныя класы, дый тыя не ў поўным складзе, бо для многіх вучняў дзень гэты ўяўляўся выходным. І ні профіль, ні шнобель іх зусім не хваляваў. Мае збольшага ўсе прысутнічалі. Абступіўшы мяне, яны на ўзахапы распытвалі пра маё самаадчуванне. Я ўсміхаўся і гаварыў: «Не дачакаецеся». Яны ўсміхаліся ў адказ і бажыліся, што не зычаць мне кепскай долі.

– Бедны, Эрнест Скіргайлавіч, – спачувальна прамовіла Аліса Селязнёва. – Гэта ж так атрымалася, наўмысна не прыдумаеш.

– Проста не трэба было нас адпраўляць дамоў так рана. Мы б вас дакладна ад гэтай нягоды ўратавалі, – заявіла Лера Булатнікава, але без крыўды, якая лілася з яе кагадзе.

– На самой справе ва ўсім вінаватыя мы – хлапцы, што гулялі ў футбол, – пасыпаў вірутальным попелам сваю галаву і галовы іншых футбалістаў Грыша Стахіевіч.

Я працягваў усміхацца. «Не ўсё так кепска», – думалася мне. Званок пагнаў мой 11 «А» на матэматыку. Я застаўся на калідоры адзін, збіраючыся ісці ў якую-небудзь пустую аўдыторыю, каб да прыходу госця з КНАКС праверыць некалькі стосаў сшыткаў з храналагічнымі табліцамі. Я павярнуўся і пацягнуўся ў настаўніцкую, каб спраўдзіць расклад заняткаў. Не дайшоўшы да яе, сутыкнуўся з настаўнікам фізікі. Той акурат замыкаў свой кабінет.

– А там урокі яшчэ будуць? – не дзеля парожняе цікавасці спытаўся я.

– Здаецца, не. А што ты хацеў?

Было ў яго манеры задаваць пытанні нешта кіношнае. І гэтым разам Майсюк нагадваў дзіўнае спалучэнне тыповага белагвардзейскага контрразведчыка з савецкіх фільмаў і аднаго з бедакоў, што хацелі дастукацца да нябёсаў у культавым нямецкім фільме.

– Вольная аўдыторыя патрэбна, – сілячыся ўдаваць крэпкага арэшка са згушчонкай і каньяком, тлумачыў я. – Дзядзька адзін прыйдзе. Гутарка сур’ёзная мае быць.

– Ды, калі ласка, – Ярык працягнуў мне ключ. – А дакладна дзядзька? Бо калі цётка ці там лялечка якая, то я магу і лабаранцкую саступіць. Пад тваю адказнасць. Кушэткі, праўда, там няма. Але ёсць нядрэнны, як для нашых теренів, – ён чамусьці ўкруціў украінскае слова, – выбар напояў. Зноў жа, пад тваю адказнасць.

Адмовіўшыся ад яго велікадушнай прапановы, я неўзабаве перацягнуў сшыткі ў кабінет фізікі. Было душнавата. Я адчыніў вакно і з хвіліну ўзіраўся ў незвычайную нябесную сінь. Рабілася мутарна. Давялося прымушаць сябе ўзяцца-ткі за праверку табліц. Напалеонаўскія войны ў Еўропе. Храналогія. Асноўныя падзеі. Вынікі. Вуркатанне жывата. Фіёлкі ўваччу. Ваенная дыктатура з апорай на буржуазію. Горш за ўсё – чакаць і даганяць. Знішчэнне феадальна-абсалютысцкіх парадкаў. От беспорядка всяко дело шатко. Работы не правяраліся. Думкі скакалі. Позірк слізгацеў па вучнёўскіх грымзолях. Выхапіць каліва сэнсу было цяжка. Я кляпаў дзясятку за дзясяткай адно толькі за прысутнасць ахайна выкананай табліцы без увагі на змест, дзе Напалеон зусім спакойна мог скарыць увесь белы свет і нават дастукацца да нябёсаў, будучы ўсяго толькі смачным торцікам…

Старэча Сімэнс адарваў мяне ад штампавання адзнак. Відаў-Вошчанка ўдакладніў, ці я на месцы і на якім канкрэтна. Голас ягоны гучаў так, нібыта ён званіў з поля бітвы пад Ватэрлоо. Мой голас гучаў так, быццам я міма маёй волі апынуўся ў сталіцы Хазарскага каганату. Пасля тэлефанавання мяне пачало мліць ад аднаго выгляду сшыткаў. Я стаў нецярпліва хадзіць па аўдыторыі, раз-пораз высоўваючы галаву ў вакно, каб глытнуць уяўна свежага паветра. Я хваляваўся. Я спрабаваў намаляваць у думках фінал гэтай сустрэча, але не мог, як ні стараўся. «Запішы ўяву і накрэслі ясна на скрыжалях, даводзячы чысціню сваіх подумаў і метадаў змагання».

Праз дзесяць хвілін пасля тэлефанавання дзверы ў кабінет расчыніліся. На парозе стаяў невысокі незнаёмец у чорным гарнітуры пры гальштуку. На ўсялякі выпадак, ён спытаў, ці я гэта насамрэч я, а потым, працягваючы руку для вітання, яшчэ раз поўнасцю назваў сябе. Я прапанаваў госцю сесці за першую парту. Ён зрабіў выгляд, што сумеўся, але прапанову прыняў. Мы абодва ўселіся на цяжкую дубовую лаўку – парадаксальна ацалелую спадчыну савецкіх часоў.

– Я ў горадзе, можна сказаць, новы чалавек, – пачаў гутарку супрацоўнік. – Зямляк і сябар вашае калегі Марыны Нарымунтаўны. Са Старапалеску. Вось. А да вас, Эрнест Скіргайлавіч, маю некалькі пытанняў.

– Калі меркаваць з таго, што мне казала Любартава, я наўрад ці магу быць вам карысным. Адкуль мне ведаць пра чорных капачоў?

– Папраўдзе гаворка не пра звычайных чорных археолагаў, а пра секту «Кангрэгацыя кібернетычных байцоў». Дакладней, пра яе тутэйшых прыхільнікаў. Чулі пра іх?

– Абсалютна нічога.

– Гэта секта хакераў, – як цярплівы педагог, паведаміў госць. – Ведаеце, хто такія хакеры?

– Сёння, бадай, і першакласнікі гэта ведаюць, – усміхнуўся я. – Але якая сувязь паміж кампутарнымі злачынцамі і нелегальнай археалогіяй?

– Сувязь прамая і вельмі шчыльная: яны адначасова і хакеры, і капачы.

– Ваў, – на заходні манер выразіў я здзіўленне, спрабуючы зразумець, ці не сыплюць мне жвір у вочы, а калі сыплюць, дык з якой мэтай.

Візітоўца мяне заінтрыгаваў. Я ўважліва паглядзеў на яго. Твар Сяргея Аляксандравіча быў цалкам сур’ёзным, як традыцыйны падручнік па вышэйшай матэматыцы. Я, калі б нават вельмі захацеў, такой ступені сур’ёзнасці прадэманстраваць не здолеў бы. Вочы ўсё адно выдалі б усмешлівы агеньчык. Гэта ведалі многія мае калегі і вучні. Некаторыя з апошніх нават згадвалі пра гэта ў сваіх творчых работах, прысвечаных адметнасцям чалавечае псіхалогіі. У гэты раз мне рабілася ніякавата ад таго, што смяшлівасць маіх вачэй будзе сведчыць супраць мяне, і прадстаўнік КНАКС не стане верыць маім словам. Я намагаўся паходаць сваю ніякаватасць і пастанавіў не ўтаймоўваць тое, што стала не проста звычкай, а сапраўднай фізіялагічнай з’явай.

– Усё ж не разумею сэнсу нашай сустрэчы, – я заўсміхаўся на ўсе вочы, але твар госця не змяніўся.

– Названая секта, – сцішаным, але цвёрдым, бы сэрцы сталінградцаў, голасам прамовіў ён, – вызнае веру ў тое, што наш свет ёсць кампутарнай сімуляцыяй, а ўсе людзі з’яўляюцца часткай вялізнай кампутарнай праграмы невядомых магутных творцаў.

– Так званая матрычная тэорыя. Я распавядаю пра яе поруч з іншымі тэорыямі сваім вучням, – прыткнуў і я ў гутарку свае тры грошыкі.

– Я ў курсе, – перапыніў мяне Сяргей Аляксандравіч.

Маё сэрца ёкнула. «Блефуе», – падумаў я. Але госць, як нічога ніякага, працягваў даваць мне зразумець, што ён ведае пра мяне вой як багата.

– Так, я ў курсе, – паўтарыўся ён. – І гэта адна з прычын, па якой мы мусілі звярнуцца да вас.

– Хіба я эксперт у гэтай галіне? Начуткам ведаю і не больш.

– Але прызнайцеся, што вы прыхільнік менавіта матрычнай тэорыі.

На гэты раз госць прадэманстраваў сваё ўменне ўсміхацца вачыма.

– Не, мяне не задавальняе ніводная з існых канцэпцыяў паходжання чалавека. Бо гаворачы пра тое, што чалавека стварылі багі, іншапланетнікі ці праграмісты, ніводная з іх не паведамляе, хто ж стварыў саміх багоў, іншапланетнікаў, праграмістаў. А ў эвалюцыйнай тэорыі шмат супярэчнасцяў і пытанняў іншага кшталту.

– Дык вы ў бога не верыце?

– Вы пра рэлігію? Ведаеце, я да канца з гэтым не вызначыўся. Не, бываюць моманты, калі я звяртаюся да бога, малюся. Але ў залежнасці ад сітуацыі я магу чытаць «Ойча наш», а магу казаць «Алах акбар»…

– Дзіўна, – сказаў Відаў-Вошчанка і марна паспрабаваў адшукаць у сваім багажы маску здзіўлення. – А не баіцеся за гэта ў пекле гарэць?

– Гарэць? Гарэць не баюся, – нечакана жвава я перахапіў у суразмоўцы мячык ініцыятывы, і мяне панесла да варотаў, дарма што поле было не меншым, чым поле бітвы пры Гаўгамелах. – Як-небудзь прыцярплюся. Беларус усё-ткі. Агонь, пэўна, не самае страшнае ў параўнанні з бясконцым зубным болем ці з пухірамі, якія надзімаюцца на целе ад лютага холаду. Зрэшты, вышэйшая існасць, калі яна ёсць і насамрэч жадае нас пасля смерці пакараць за правіны, напэўна здолее прыдумаць нешта больш выкшталцонае, чым які-кольвек расплаўлены свінец.

– Што вы маеце на ўвазе? – спытаў госць, нібы адзіны футбаліст супернікаў, які змог мяне дагнаць, але мяч перахапіць не мае сілаў.

– Бясконцае кола рэінкарнацыяў. Мяне гэта сапраўды пужае. Я гэта ва ўніверсітэце ўсвядоміў. На занятках фізічнага выхавання. Бяжыш, кругі наразаеш, шалёна стамляешся, язык на плечы вешаеш і, галоўнае, ніякага сэнсу ў гэтай бегатні не бачыш, але мусіш бегчы ў спадзяванні на залік аўтаматам у канцы семестра.

– Цікава, а пра што думаў на занятках фізкультуры Гары Потэр? – пытанне было настолькі неспадзяваным, што я адразу ж прымроіў рэзкую развязку прыдуманай футбольнай баталіі: супернік, які толькі што бег недзе за плячыма, апынаецца проста перада мной, і да таго ж у баксёрскіх пальчатках, апранутых не дзеля прыгажосці. Пытаннем пра Гары Потэра візітоўца даў мне зразумець, што казкі я магу баяць, але верыць у іх ён не збіраецца, як, зрэшты, і не збіраецца пераязджаць мяне камбайнам.

– Вы, безумоўна, маеце права верыць у рэінкарнацыі, лётаць на мятле ці мець падобна аднаму з Ілжэдзімітрыяў сваё ўласнае пекла – гэткі луна-парк навыварат, – прамаўляў Відаў-Вошчанка. – Вы нават можаце верыць у тое, што Святагор не ўвесь памёр, а недзе лёг спачыць. Але пры ўсім пры тым было б не кепска, каб вы нам дапамаглі канструктыўным супрацоўніцтвам.

– Вы хочаце мяне ўзяць да сябе на працу? – насцярожана, як вожык перад сцяной радыеактыўнага туману, спытаў я.

– Ну, што вы! – дзіўнавата схамянуўся Сяргей Аляксандравіч і накінуў на твар трагічную маску з запасаў старжытнагрэцкага тэатру.

Мяне ўвадначас стала пляжыць дураслівае пытанне: супрацоўнікам КНАКС выдаюць адразу гатовыя маскі ці толькі тэатральныя грошы, каб з маскамі яны расстараліся самастойна ў ходзе непасрэднай работы.

– У вашым канкрэтным выпадку гаворка ідзе аб разавай дапамозе. Прынамсі, на дадзены момант, – патлумачыў госць.

– І вы думаеце, я нешта ведаю пра «Кангрэгацыю кібернетычных байцоў»?

– Ёсць меркаванне, што секта можа цікавіцца вамі.

– З якой такой радасці? – перасмыкнула мяне ад неспадзяванкі.

– Яны шукаюць аднарога. А вы з’яўляецеся ці не адзіным на ўсю рэспубліку спецыялістам па аднарогах. Цудоўная публікацыя ў газеце «Над шумам дзён» – добрае таму пацверджанне.

Мае вочы не проста палезлі на лоб – яны з’ехалі туды хуткасным ліфтам.

– Гэта была ўсяго толькі літаратурна-гістарычная містыфікацыя і не больш, – з вышыні хмарачоса свайго здзіўлення спрабаваў запярэчыць я.

– Не мне вам тлумачыць, што містыфікацыі маюць неверагодную здольнасць абарочвацца рэальнымі наступствамі. Згадайце хаця б «Пратаколы сіёнскіх мудрацоў» ці псеўдадакументальную радыёпастаноўку рамана «Вайна сусветаў» Герберта Уэлса…

– І чым жа маё эсэ пра аднарогаў магло натхніць удзельнікаў хакерскае секты? – скочыў я з хмарачосу здзіўлення ў басейн скептычнасці. – Навошта ім аднарог пры іх веры ў свет як кампутарную сімуляцыю? Дый, што значыць шукаць аднарога, калі такіх жывёл не існуе?

– Хакеры могуць палічыць вас за чалавека, які далучаны да сакральных ведаў, – спакойна, нетаропка, нібы збіраючы рассыпаны ў пясок мак, тлумачыў ён. – Аднарог тут паўстае як метафара для азначэння якраз такога чалавека. Вы прыводзілі ў сваім эсэ вытрымку з сярэднявечнага трактата пра галоўны спосаб палявання на аднарога: «панну цнатлівую прывесці ў лес, абы звер, усчуўшы пах ейнай беспахібнасці, зызволіў прыйсці голаў свой пакласці ёй на ўлонне, аддаючыся у цянёты лоўчых». Удзельнікі секты перакананыя, што падчас апускання аднарога да ног дзяўчыны ў кампутарнай сімуляцыі ўзнікае нешта накшталт пралому, своеасаблівага шлюзу ці каналу, з дапамогай якога выяўляецца магчымым кіраваць пэўнай часткай нашай рэальнасці і ствараць ці не любыя яе артэфакты з мінімальнымі намаганнямі. Прынамсі, яны лічаць, што маюць патрэбныя здольнасці, каб запраграмаваць усё, што захочуць – ад зубачысткі да міжкантынентальнай балістычнай ракеты. Вы разумееце, чым небяспечны плён такіх праграмаванняў? Гэта ж азначае ўзнікненне наймагутнейшай тэрарыстычнай групоўкі, якая па забяспечанасці матэрыяльнымі рэсурсамі заткне за пояс усіх тэрарыстаў свету узятых разам. У бліжэйшай перспектыве яна можа стварыць важкую канкурэнцыю і яўную пагрозу нават самым развітым краінам свету. І тут яшчэ не бярэцца пад увагу імавернасць таго, што сектанты пачнуць ствараць людзей, бо нават падумаць страшна, якую армію яны ў выніку атрымаюць – пакорлівыя салдаты Урфін Джуса.

– Жаўнеры Хведара Набілкіна, – застаючыся ў басейне скептычнасці, я прыняў з рук паўаголенай афіцыянтачкі Свядомасці келіх іроніі з цытрынавым сокам.

– Вы не верыце?

– Я дапускаю тое, што нехта можа так думаць, але паверыць у рэальнасць усяго гэтага трызнення я адмаўляюся. Каналы, шлюзы, праломы. Суцэльная лухта, якая нават гістарычнаму канону не адпавядае. Мне не даводзілася бачыць ніводнага сярэднявечнага сведчання, што падзенне аднарога да ног цнатлівіцы можа адкрываць нейкія каналы. Людзям проста няма чаго рабіць, вось яны і гуляюцца ў цацкі, якія самі і выдумляюць, бо хочуць выдумляць. Камусьці карціць кубак Грааля адшукаць, а хтосьці задаволены удзелам у «Схватцы».

– Ваш скепсіс адносна хакераў цалкам зразумелы. Мы самі сумняваемся. Але мусім правяраць любую інфармацыю пра нечыя планы ці дзеянні, што могуць прычыніць шкоду не толькі культурнай спадчыне Беларусі, але разам з тым і бяспецы нашай дзяржавы. Вы як патрыёт, напэўна, усведамляеце значэнне нашай работы. Калі мы атрымліваем вестку, што дзядзька Харытон Куторга хоча зрабіць ядзерную бомбу, мы не маем права пакінуць гэты сігнал без увагі, хаця і разумеем, што ядзерная бомба не самагонны апарат, і яе проста са спадручных матэрыялаў не збярэш. Вось. Што да гістарычнага канону, дык вы цудоўна ведаеце, што заўсёды мажліва адвольна інтэрпрэтаваць, падганяць факты пад пэўную ідэю, нават самую абсурдную. У выпадку з «Кангрэгацыяй кібернетычных байцоў» маем грымучую сумесь легендаў, іх фантастычных інтэрпрэтацыяў і элементарнага дадумвання. Няма сведчання пра адкрыццё канала? Тае бяды! Можна ж прыдумаць, прыцягнуўшы за вушы сведчанні з пабочнага кантэксту. Народныя казкі не раз упамінаюць чароўны рог дастатку. З рога ўсяго многа, толькі паспявай жадаць. Чым жа з’яўленне прадметаў з ніадкуль не нагадвае маніпуляванне кампутарнай сімуляцыяй?

– Добра, дапусцім, што так яно і ёсць у іх свядомасці. Тады мяне цікавяць адказы на два пытанні. Першае – навошта хакерам сувязь з чорнымі археолагамі? Другое – як я пры сваёй камплекцыі магу прэтэндаваць на званне «прыгожага і статнага высакароднага звера інарожца»? Вы паглядзіце на маё пуза, я ж не аднарог, а хутчэй які-небудзь Жаўтун-Баўтун.

– Што тычыцца першага пытання, дык скажу, што ва ўсе названыя мной хітраспляценні дадаецца яшчэ адзін нюансік – шлюз адкрыецца пры іншых умовах, але толькі на месцы старажытных капішчаў ці іншых рытуальных месцаў. Могілак, напрыклад. Чорныя капачы маюць масу падобнай інфармацыі, і ў такім разе вельмі проста будзе суаднесці штодзённы маршрут патэнцыйнага аднарога з прыдатнымі для адкрыцця канала пунктамі. Нават калі супадзенняў не знойдзецца, маршрут заўжды можна падкарэктаваць штучным чынам: падстроіць катастрофу, бойку ўчыніць, толькі б аднарог зрушыў са свайго шляху. Што да другога пытання, дык паверце мне, аднарог не павінен быць прыгожым і статным, як яго апісвалі сярэднявечныя аўтары. Галоўнае не знешні выгляд, а ўнутраная сутнасць. Сёй-той можа быць з выгляду мяккім і пухнатым, а ўсярэдзіне ж ён biomechanical artificial lifeform assembled for ceaseless harm and online nullification. І наадварот.

– Ведаеце, у мяне няма ні каліва ўпэўненасці, што гэтыя адмарозкі маглі вылічыць маю ўнутраную сутнасць па змесце артыкула пра аднарогаў. Дый носьбітам сакральных ведаў я сябе назваць не магу. Усё гэта недарэчная памылка.

Мой суразмоўца збіраўся запярэчыць, але раптоўна змоўк і знерухомеў, пазіраючы шырока расплюшчанымі вачыма ў бок адчыненага вакна. Я аўтаматычна павярнуў галаву і аслупянеў – у вакно заляцеў чорны шарападобны згустак, ад якога сыходзіла дастаткова добра чутнае траскатанне. «Шаравая маланка», – звышгукавым самалётам праляцела думка. Наступствы сустрэчаў з падобнымі феноменамі нашай рэчаіснасці маглі быць самымі плачлівымі. Калі б чорны згустак не лунаў усяго ў адным метры ад мяне, я б ускочыў і выбег на калідор. Але гранічная блізіня змушала нерухома сядзець і амаль не дыхаць у спадзеве на тое, што паводзіны шаравой маланкі не набудуць скрайняй агрэсіўнасці. Сяргей Аляксандравіч рабіў тое самае.

Палунаўшы ля вакна, згустак паляцеў да настаўніцкага стала, дзе ляжалі сшыткі. Але там ён не забавіўся, а наадварот зрабіў рэзкі рух угору, нібы адскочыў ад пакінутага мной разгорнутым сшытка, які пах тытунём. Можна было падумаць, што чорны шар стукнецца ў столю, праб’е яе і працягне свае подзвігі ў кабінеце хіміі. Але я памыліўся. Згустак на некалькі імгненняў завіс трохі вышэй за дошку, з якой Ярык не прыбраў назву тэмы «Свабодныя і вымушаныя ваганні. Рэзананс», а тады скіраваўся ў наш бок. Я перастаў дыхаць зусім. Шаравая маланка падляцела да нас амаль ушчыльную. Яна спынілася перад самым маім носам. Паветра зрабілася неймаверна гарачым. Я зачаравана глядзеў на маланку. Мая зачараванасць была роднай сястрой майго неўтаймоўнага страху перад невядомасцю. «Адзін рух, і яна адарве табе галаву ці вырве сэрца», – цвердзіў страх, і я даваў яму веры.

Дзверы ў кабінет знянацку адчыніліся, і разам з моцным скразняком у сярэдзіну ўварваўся голас настаўніцы матэматыкі Рагнеды Іванаўны:

– Во, дзе ты хаваешся, Эрнесцік.

«Гамон», – міжволі падумалася мне ў тую секунду. Аднак, на дзіва, шаравая маланка знікла: ці то ад скразняку, ці то ад голасу маёй каляжанкі.

– О, ты з сябрам. Добры дзень, – як нічога ніякага гаварыла Рагнеда. – Я вам не перашкоджу?

Я з цяжкасцю павярнуўся тварам да яе і візітоўца.

– Ух ты ж, – усклікнула каляжанка, разглядаючы маю галаву. – Ты сабе меліраванне зрабіў ці што? Прыгожанька.

Я атарапела зіркнуў на яе і, падазраючы нядобрае, выдаў адчэпнага:

– Эксперыменты з іміджам.

Госць з КНАКС працягваў маўчаць. Твар яго быў зусім белым, як у японскіх актораў з тэатру кабукі.

– Дык я не перашкоджу? – Рагнеда паўтарыла пытанне.

– Не перашкодзіце, – пачаў агоўтвацца Відаў-Вошчанка. – Я ўжо сыходжу. А вы, Эрнест Скіргайлавіч, падумайце над тым, што я сказаў, і калі ўзнікне неабходнасць, то абавязкова тэлефануйце. Я па сваёй лініі буду рабіць усё, што магчыма. Але ж самі мусіце разумець, на ўсё маіх сілаў не хопіць.

Я не сказаў яму нічога пэўнага, і мы развіталіся.

Рагнеда заінтрыгавана ўсміхалася і марна спрабавала даведацца што-небудзь пра майго сябра. Стаміўшыся ад маіх аднекванняў, яна нарэшце сказала тое, дзеля чаго ўласна і завітала:

– Давай сёння куды-небудзь сходзім.

– А што за нагода для гэткіх прапановаў? – нядбала кінуў я, жадаючы хутчэй зірнуць у бліжэйшае люстэрка.

– А табе ўсё нагоды патрабуюцца, – уздыхнула Андрамедава. – Падабаешся ты мне. Гэта важкая нагода?

– У мяне няма ні часу, ні натхнення, каб жартаваць, – не змякчаючы тону сказаў я, і рушыў да стала, каб сабраць сшыткі.

Пад храналагічнай табліцай на старонцы сшытка, ад якога зусім нядаўна адскочыла шаравая маланка, красаваў чорны адбітак вуснаў. Я з празмернай горыччу працадзіў скрозь зубы: «Blцdsinn!» і плюнуў праз левае плячо з думкаю, што гэтая работа вяртанню назад не падлягае. Рагнеда ўспрыняла мае чмыханні на свой рахунак.

– Што ж ты такі няўмольны, Эрнесцік? – яна спрабавала дадаць у словы долю жартаўлівасці. – Я ж табе не прапаную жаніцца, а толькі троху гульнуць. Карона з тваёй галавы не ўпадзе, калі падорыш капачку ласкі адзінокай жанчыне.

Я адразу ж схапіўся за галаву, быццам на ёй і насамрэч была карона. Яна ўспрыняла мой жэст за блазнаванне і захіхікала, чакаючы адказу.

– У цябе ёсць муж, – падобна самаму правільнаму праведніку ціха прамовіў я.

– Муж аб’еўся груш. Мы ўлетку на развод падалі, – з сумам паведаміла жанчына.

– Віншую, – стрымана зрэагаваў я і, падхапіўшы гару сшыткаў, накіраваўся да дзвярэй.

– А можа ты гей? – адважылася Рагнеда на адну з любімых жаноцкіх правакацый. Паводле логікі рэчаў я як сапраўдны мужык мусіў бы гнеўна абурыцца і запярэчыць, а яна папрасіла б рэчыўных доказаў у выглядзе той самай капачкі ласкі, пра якую цвердзілася кагадзе. Але мне хацелася свістаць на логіку, і ў адказ на сваё пытанне каляжанка пачула ад мяне толькі адну фразу:

– Я не гей, я злобны підар.

– Блазан ты, а не підар! – усхадзілася яна і шпарка вылецела з кабінета, выбіўшы з маіх рук гарапашныя вучнёўскія сшыткі.

18.

У галаве маёй плёскаліся хвалі Герадотава мора думак. Я быў уражаны і фантастычнай тэмай, якую ўзняў супрацоўнік КНАКС, і нечаканай развязкай нашай з ім гутаркі. Я намагаўся ўбачыць ва ўсім, што адбылося хаця б найменшы сэнс. Але нічога ўцямнага, апроч акуратнай палосачкі сівых валасоў, што з’явілася ў мяне пасля блізкага суседства з чорнай шаравой маланкай, не праглядалася. Я адчуў неадольную прагу расслабіцца і забыцца пра ўсе свае злыбеды, прынамсі, на кароткі час. Таму абяцанае тэлефанаванне майго дапатопнага спабутэльніка выклікала ўва мне шквал станоўчых эмоцыяў.

Мікаэл вельмі здзівіўся майму выгляду: гузак на лобе, валасы з сівізною, вочы ненармальна блішчаць. «Цябе катавалі?» – выліўся яго подзіў у канкрэтнае пытанне. Я гучна разрагатаўся і з выглядам велікамучаніка адмоўна патрусіў галавой. «За гэта трэба выпіць», – пачуліся зусім прадказальныя словы. Мы зрушылі з галоўнай вуліцы і падаліся ў бар «Агні святога Эльма». Бухоўскі звычайна называў яго «Агнямі», а я проста «Эльмам». Гэта і зразумела, бо варта нам было туды выбрацца, як для святога ніякага месца не заставалася.

Пачаўшы з піва пад мясны медальён па-французску з бульбай-фры па-сялянску, я ніяк не мог падумаць, што працягам будзе гарэлка пад смажаныя анёльскія крылцы ў брусельскай капусце, а потым яшчэ па сто пяцьдзесят каньяку пад калдуны «Чароўныя» са смятанай. Мы пілі, закусвалі, размаўлялі. Мікаэл уважліва слухаў мой аповед пра гутарку з супрацоўнікам КНАКС, раз-пораз усклікаў: «Ды ну на фіг!» і адразу ж маніўся наноў напоўніць кілішкі, каб падняць і асушыць іх за пастыра аднарогаў беларускіх. Спабутэльнік кляўся мне ў вечным сяброўстве і заводзіў старую песню пра дружбу, збіваючыся на адзін адзіны радок: «Землю обойдём, потом махнём на Марс».

Чым болей мы сядзелі, тым менш клопатаў заставалася ў мяне на душы. Герадотава мора думак пад уплывам мяшанкі з піва, гарэлкі і каньяку паспела ператварыцца ў падступныя палескія балоты, на якія ўжо кідалі свае позіркі хіжыя меліяратары. Такі стан я называў быць ніякім, а Бухоўскі – лішак не дабраць. У гэткім стане мы расплаціліся, падняліся з-за стала і скіраваліся да выхаду. У самых дзвярах я сутыкнуўся з нейкай дзяўчынай. Тая спачатку абурана заўважыла: «Асцярожней, малады чалавек», але праз імгненне здзіўлена ўскрыкнула: «Эрнест Скіргайлавіч, гэта ты?». Я напружыў зрок і зразумеў, што перада мной стаіць Алеся Рыбанька. Пакуль я намагаўся нешта адказаць, Мікаэл зусім па-простаму пацікавіўся ў мяне:

– Гэта твая цёлка?

– Не, гэта мая рыбка, – знайшліся ў мяне словы.

– Я вам не цёлка, а табе не рыбка, – раззлавалася каляжанка.

– Урачыстая лінейка аб’яўляецца адкрытай, – самым паскудным чынам перакрыўляў я Алесю і адразу ж атрымаў добрую поўху.

– Мне здаецца, што майму сябру не падабаецца, як ты з ім фліртуеш, дзетка, – голасам старонняга назіральніка зазначыў Бухоўскі і таксама быў узнагароджаны поўхай.

– Алеся, з задавальненнем бы адказаў на твае заляцанні ўзаемнасцю, але ўчора і сёння ў мяне былі настолькі цяжкія дні, што я наўрад ці здолею ашчаслівіць цябе… Нікога ашчаслівіць не здолею… Нікога і ніколі… – гаварылі хорам мае адданыя сяброўкі – п’яная шчырасць і нецвярозая туга.

Каляжанка адно паціснула плячыма і правяла мяне шкадобным позіркам. Нават у стане быць ніякім я выдатна разумеў, што яна не была б супраць сустрэць мяне ў «Эльме» больш цвярозым. Зрабіўшы смелае па, я павярнуўся да Рыбанькі і адправіў ёй на развітанне ваенна-паветраны пацалунак. Сцішэлы Бухоўскі спешна стрэліў: «Гонар маю» і пакрочыў за мной.

Я ж тым часам праваліўся ў чорную дзірку. Не, не ў адмысловы абсяг прасторы, гравітацыйнае прыцягненне якога настолькі вялікае, што пакінуць яго не могуць нават Баластоўскія, што рухаюцца з хуткасцю святла. І не ў адчынены люк, якія часцяком вычэкваюць падпітых мужчын пад трыццаць. Я праваліўся ў чыстае бяспамяцтва, у якім не існавала нічога, што можна было б потым узгадаць. Калі ж бяспамяцтва выплюнула мяне назад, я знайшоў сябе ў акіяне мігатлівых электрычных агнёў, сярод сотні целаў, якія рухаліся ў такт дзікай клубнай музыкі. Самым жахлівым маім адкрыццём стала тое, што я таксама спрытна вытанцоўваў, як малады цялок. Але жах і пытанне, чаму я тут, імкліва згубіліся ў энергіі, якую выпраменьвалі ўсе без вынятку прысутныя. Я працягваў рухацца, атрымліваючы неверагодную асалоду ад купання ў гэтай энергіі.

Успомніўшы пра Мікаэла, я стаў разглядацца на розныя бакі ў дарэмных спробах адшукаць яго постаць сярод танцоўнікаў. Бальшыня публікі была значна маладзейшай за мяне. Музыка на секунду спынілася, а пасля загучала зноў у больш цягучым, павольным варыянце. «Медлячок», – канстатаваў я і падаўся туды, дзе згодна з маёй інтуіцыяй мусіла быць выйсце. Энергія энергіяй, але на павольныя танцы мне падпісвацца не хацелася. Я асцярожна прабіраўся між з’яднаных у танцы параў. Я ветліва перапрашаўся, калі кагосьці закранаў. Але раптоўна тонкія жаночыя рукі абнялі мяне за шыю, не дазваляючы сыходзіць. Я агаломшана павярнуўся і ўбачыў перад сабой Леру Булатнікаву. Дакладней, спачатку я ўбачыў знаёмую ўсмешку, а толькі потым зразумеў, каму яна належыць. Нічога не кажучы, яна прытулілася да мяне і пачала весці танец. Я скарыўся, і стаў прыслухоўвацца да музыкі, каб разабрацца ў рытме і не нагадваць маёй нечаканай партнёрцы няўклюднага Івашку Мядзведжае Вушка. Мы паволі кружыліся вакол адной кропкі. Лерчына дыханне казытала мне шчаку. Я проста вар’яцеў ад гэтага казытання, з салодкім жахам усведамляючы, што кагадзе падмануў Алесю Рыбаньку. Усведамленне рвалася з мяне жвавым аднарогам. Лера гэта адчувала, але па-ранейшаму захоўвала паўнюткую моўкнасць. Мне рабілася ніякавата.

– Што гэта за песня? – адольваючы ніякаватасць, спытаў я.

– «The Autumn Leaves» праекту Андрэ Танэнберга, – прашаптала дзяўчына.

– Ападаюць з журбою лісты пад акорды асенніх іскрыпак, – таксама шэптам прадэкламаваў я.

– А ты ўсё вершы чытаеш, Купалка ты мой. Можа лепш пацалаваў бы, га? – пачуўся ад Леры дакор.

Быццам варам абліты, я рэзка адскочыў ад дзяўчыны.

– Валерыя, мы так не дамаўляліся, – прашыпеў я і, як сайгак па кукурузе, ламануўся на выхад.

Разгарачаны я выйшаў вонкі і апынуўся ў чэпкіх абдымках свежага паветра восеньскай ночы. Яны былі ні чым не лепей за Лерчыны, бо пагражалі вельмі хуткай прастудай. Але прастуда мне падалася больш бяспечным варыянтам у параўнанні з раманам, які мог неспадзеўкі выбухнуць у тую ноч паміж мной і Валерыяй Булатнікавай.

Я пацепваўся ад холаду і азірнуўся на будынак начнога клуба, спраўдзіўшы яго назву – «L’isola del giorno prima». Мясцовасць не ўяўляла сабой тэра інкогніта населеную львамі і не патрабавала адмысловых высілкаў, каб знайсці доўгі шлях дамоў. Паспешлівай хадою я рушыў у падземны пераход, і неўзабаве стаяў на належным прыпынку, стукаючы сябе па кішэнях у пошуках якіх-небудзь намёкаў на гаманец і мабільны тэлефон. Гаманец мой быў худы, як крыцкі бык пасля калектывізацыі. Старэча Сімэнс ляжаў без духу, і ўсе спробы яго ажывіць сканчаліся паразай. Да прыпынку падруліла маршрутнае таксі, у якое я сеў, аддаўшы кіроўцу дашчэнту ўсю дробязь, што была злоўлена ў гаманцы і кішэнях.

Едучы дадому, я стараўся не глядзець на астатніх пасажыраў машыны баявой, а галоўнае – ні пра што не думаць. Жахліва балела галава, і зрабіць высновы з нагоды перажытых за два дні прыгод было цяжка. Зрэшты, у мяне не магло быць ніякай пэўнасці, што мінула акурат два, а не тры, чатыры дні ці нават цэлы месяц. Гэта змусіла ўсё ж задумацца і звярнуцца па дапамогу да жанчыны, што сядзела найбліжэй. Тая ніколькі не сумеўшыся ад майго пытання, развеяла мае насцярогі: на дварэ трывалі першыя гадзіны нядзелі, і дата была цалкам прымальная.

Каля Сухакаменскага рынку я вомільгам выскачыў з маршруткі, спяшаючыся апынуцца ў сваёй памяркоўна цёплай халасцяцкай пасцелі. Ліхтары гарэлі, як хацелі. А асаблівай ахвотай яны ў тую ноч не вызначаліся. Прайшоўшы паўз рынкавыя пабудовы, я ўжо збіраўся быў перасячы дарогу і выйсці на фінішную прамую. Аднак з цёмнага завулку да маіх вушэй даляцеў мяшаны шум мужчынскіх галасоў і выразна жаночага благання. Секунду павагаўшыся, я развярнуўся і рушыў у той бок, адкуль чулася гамарня. Метраў праз дзесяць цемрадзь разбівалася белай лямпай ліхтара, які вісеў на старым драўляным слупе. Пад слупам стаяла кампанія з пяці хлапцоў і адной дзяўчыны. І чым больш я набліжаўся да іх, тым больш разумеў, што дзяўчына быць з тымі хлапцамі зусім не хоча. Поўным страху голасам яна ўпрошвала біцюкоў даць дарогу. Тыя ў адказ глумліва смяяліся, а нехта адзін з іх настойліва патрабаваў ад дзяўчыны згаворлівасці і душэўнасці.

Я не меў сумневаў адносна сэнсу дзеі, якая адбывалася там. Я ніколі не біўся з пяццю чалавекамі адразу. Мне чамусьці адразу згадаліся мае даўнія, яшчэ школьныя, заняткі кік-боксінгам, калі іншым разам даводзілася выходзіць на рынг, каб біцца з двума, максімум – з трыма праціўнікамі. Я амаль ніколі ў падобных баях не перамагаў, і мабыць таму вельмі хутка адправіў той кік-боксінг на сухі лес. На што я мог разлічваць, падыходзячы да пяцёркі маладых галодных ваўкоў, сказаць цяжка. Але варта мне было ступіць у святло ліхтара, як я адразу ж пачаў дзейнічаць.

– А вось дзе ты прападаеш, галубачка, – закрычаў я на дзяўчыну і схапіў яе за руку. – Муж дома адзін сядзіць някормлены, нялюблены, а ты тут спакойненька з мужыкамі лясы точыш!

Біцюкі застылі ў маўклівым асалапенні. Дзяўчына глядзела на мяне неўразумелымі вачыма і спрабавала вызваліць руку з маёй далоні. Яе супраціўленне пагражала сарваць распачаты мной спектакль.

– Э, братан, чо за муйня? – звярнуўся да мяне адзін з пяцёркі. – Кандыбай на хутар матылькоў лавіць, пакуль у бубен не натаўклі.

Я цудоўна разумеў сэнс яго словаў, але не зварухнуўся з месца, працягваючы звяртацца да дзяўчыны:

– Ну, жоначка, у цябе і сябры. Вясёлыя рабяты.

– Яны мне не сябры, я іх першы раз бачу, – прахныкала яна, перастаўшы ад мяне вырывацца.

– Маць пройбу з кліннем! – ужыў я старажытную радзіміцкую лаянку і павярнуўся да біцюкоў. – Гэта ж што атрымліваецца? Мая дарагая салодкая жоначка стаіць і далікатнічае з нейкімі незнаёмцамі?

Я ўвайшоў у стос і быў у той момант самым страшным, ляснутым на ўсю галаву мужам на абшарах Сярэдняе Еўропы. Зусім верагодна, што нават мае невылечныя смяшлівыя агеньчыкі ў вачах, тады ператварыліся ў языкі знішчальнага полымя, ад якога шарахнулася ўся пяцёрка, не здолеўшы стрываць майго позірку. Той, хто зусім нядаўна адпраўляў мяне лавіць матылькоў, бездапаможна развёў рукамі.

– Слыш, мужык, давай ты са сваёй жонкай дома разбярэшся, – з пэўнай унутранай цяжкасцю загаварыў ён. – Толькі не ўпутвай нас з пацанамі ў етыя разборкі.

Я не стаў нічога адказваць, і разам з дзяўчынай пайшоў прэч. Калі ганебны слуп застаўся далёка за нашымі плячыма, я адпусціў яе руку і ціха спытаў:

– Усё добра?

– Так, дзякуй, – адказала яна і вярнула руку мне ў далонь.

Мы ішлі моўчкі. Я не пытаўся пра яе імя, а яна не дапытвалася пра маё. Ліхтары па-ранейшаму трымаліся на бязладдзі. Сабачы брэх з боку прыватных забудоўваў абуджаў асацыяцыі з далёкім дзяцінствам і японскай паэзіяй. Шлях вызначала мая спадарожніца. Я па-рыцарску скараўся яе волі, дарма што мяне хіліла ў сон і ў супрацьлеглы бок. Калі ж урэшце мы дабрылі да патрэбнага шматпавярховіка, дзяўчына зірнула мне ў вочы і нягучна спытала: «Застанешся?». Я адмоўна паматляў галавой. Яна пяшчотна пагладзіла мяне па шчацэ і расцалавала ў твар, наперад ведаючы, што па гэты бок люстэрка мы болей ніколі не ўбачымся.

19.

Праспаўшы да самага абеду, усю астатнюю частку нядзелі я пакутаваў ад небывалага пахмелля і ўпартага жадання скласці фрагментарныя ўспаміны ў суцэльнае мазаічнае палатно. Мне хацелася прыгадаць, ці не спракудзіўся я раптам ўчора, як са мной неаднойчы здаралася ў часы празмернага кленчання перад шкляным богам. Згадкі прыходзілі паступова, запальваючыся падобна штучным зоркам на небасхіле замглёнай свядомасці. Я хапаўся за галаву, намагаючыся ўявіць тое, якую пагалоску па школе пусціць Алеся Рыбанька, і што навыдумляе для сваіх сябровак (а можа і бацькоў!) Лера Булатнікава. Гарачая гарбата стыла ў кубку ад адной толькі маёй думкі пра гэткія катастрафічныя наступствы.

У панядзелак я прыцёгся на працу з вялізнай каробкай шакаладных цукерак «Покліч Прыпяці», прыхаванай у чорны поліэтыленавы пакунак без надпісаў. Цукеркі прызначаліся для Алесі і мусілі, на маю думку, улагодзіць яе. Аліса Селязнёва, якая ўжо стаяла ля кабінета гісторыі, здзіўлена паглядзела на пасмачку маіх сівых валасоў, але далікатна пацікавілася толькі тым, чаму я спазніўся. Я не меў абавязальніцтваў даваць справаздачу сваёй вучаніцы. Але ж адмахнуцца ад Алісы было для мяне нечым ненатуральным. Я абярнуўся і ласкава паглядзеў на яе. Калі нашы позіркі і ўсмешкі сутыкнуліся, паміж дзяўчынаю і мной на нейкую секунду ўспыхнуў яркі вогненны вянок. Селязнёва ніяк на гэтую праяву не зрэагавала, і я мусіў пераконваць сябе, што мне толькі падалося.

– Трошкі праспаў і не паспеў на звычайны аўтобус, – прамовіў я. – А ты мяне чакала?

– Ну, не тое каб чакала, проста мне было крышачку сумна, – як асцярожнае сонейка, Аліса павольна раскідвала праменьчыкі сваіх словаў.

– Заходзь у кабінет, там пагамонім, – прапанаваў я.

У кабінеце я хутка прыхаваў пакунак, шырока расчыніў некалькі вокнаў, дастаў з партфеля сшытак з план-канспектам і, узброіўшыся крэйдай, стаў пераносіць на дошку патрэбныя для будучых урокаў схемы. Гэткі рытуал быў для мяне паўсядзённасцю ўжо некалькі гадоў і перарваць яго маглі толькі форс-мажорныя абставіны. «Баластоўскі без схемы, як сала без хлеба», – казалі мае каляжанкі. Вучні даўно прызвычаіліся з гэтым, ведаючы, што больш кампактнага і лагічнага адлюстравання асноўнага матэрыялу яны больш нідзе не знойдуць.

– Эрнест Скіргайлавіч, а вы ўмееце танцаваць? – раптоўна запытала Аліса, якая рыхтавалася да ўроку, выкладваючы на парту сшытак і падручнік.

Я знерухомеў ад нечаканасці і ледзьве не ўпусціў крэйду.

– А ты хіба не бачыла? – з робленым здзіўленнем спытаў я ў адказ.

– Ды не. Мне тут проста расказалі… – лёгкая разгубленасць шпацыравала па завулках яе словаў.

– Што расказалі? Пра начны клуб? – вырашыў я павесці ў гутарцы рэй, а сэрца маё ў тыя імгненні набірала рэкордную хуткасць.

– Так, – з пэўным расчараваннем пацвердзіла Аліса, бо спадзявалася на тое, што я пачну какетліва адпірацца. Акурат мае какетлівыя адпіранні яна любіла больш за пірожнае «Кошык» з каляровым крэмам і згушчаным малаком, а я не дазволіў ёй у чарговы раз атрымаць такую спецыфічную асалоду.

– У начныя клубы завітваю вельмі рэдка, – падкрэслена па-дзелавому казаў я, працягнуўшы рабіць запісы на дошцы. – Стары я ўжо для гэткіх танцулек.

– Танцулек, – заварожана паўтарыла яна, адчуўшы ў маіх дзелавых словах дольку какецтва.

Мяне ж даймала пытанне, ці вядома Алісе, якія танцулькі мне выпала шчасце мець з яе аднакласніцай. «Калі Лера распавяла ўсе падрабязнасці Алісе, значыць не стане хаваць і ад іншых», – разважаў я, чакаючы ад бога выспятку.

Набліжаўся час пачатку першага ўрока, і ў кабінет сталі падцягвацца астатнія вучні 11 «А» класа. Мяркуючы па інтанацыі, з якой вучаніцы віталіся ці задавалі мне трывіяльныя школьныя пытанні («А што мы сягоння будзем рабіць?»), я разумеў, што пагалоска пра начны клуб ужо разышлася, і мне трэба будзе ў першыя ж хвіліны ўрока зрабіць пра гэта афіцыйную заяву з выкладаннем уласнай версіі падзеяў. Ніколі не любіў шапятункі за маёй спінай. Але часам акопная праўда найбольш ваяўнічых вучняў знішчала мяне дазвання.

Перад самым званком у клас зайшла Лера. Усе прысутныя, а было іх трохі больш за палову ад належнай колькасці, заняўшы дыханне, утаропіліся на яе ў салодкім прадчуванні якога-небудзь цыркацтва. Насуперак іх чаканням са столі не звалілася вяровачная лесвіца, па якой Булатнікава паднялася б пад купал цырка, каб адкалоць патрэбны публіцы нумар. Вучаніца павіталася са мной ды аднакласнікамі і зусім спакойна рушыла на сваё месца. Выглядала яна даволі сумна, і ніякіх позіркаў пераможцы ад яе не сыходзіла. Я вырашыў не рабіць ніякіх афіцыйных заяваў.

Нарэшце празвінеў званок на ўрок. Ладнай часткі класа па-ранейшаму не было. Ні староста, ні хто іншы з прысутных не здолеў мне толкам патлумачыць іх адсутнасць. Я паабяцаў разабрацца з усімі, хто адсутнічае без паважнай прычыны, і збіраўся распачаць апытанне мінулай тэмы. Мае шкаляры ўраз завойкалі, спасылаючыся на розныя акалічнасці, якія не дазволілі ім добра падрыхтавацца. «Некаторыя вунь увогуле не прыйшлі на ўрок, а нам за іх выцягвацца?» – дадавалі плакальніцы лішак электрычнасці ў і без таго наэлектрызаваную атмасферу. Гэта была ўжо не абарона, а самая сапраўдная атака, тактыка якой правяралася ў разнастайных варунках цягам колькіх гадоў. Мне не хацелася здавацца без бою, і я абвясціў франтальнае апытанне. Запанавала магільная ціша. Я задаў адно з самых элементарных пытанняў. Ніхто з класа нават не паварушыўся, каб падняць руку. Яны вырашылі гнуць сваю лінію да канца.

– Рабяткі, – пачынаў заводзіцца я, – мы ж не ў першым класе. І кожны з вас у стане самастойна прасігналіць пра гатоўнасць адказваць. Мне што, калонку нулёў выставіць ці як?

– А што адразу калонку нулёў? – спыніў маўчанку Андрэй Дастаеўскі. – Не трэба нам нулі.

– І што ты прапануеш? – спытаў я ў нашага праўдалюба.

– Давайце да новай тэмы пяройдзем. А мне можаце дзясятачку паставіць за добрую прапанову, – самазадаволена прамовіў у адказ хлопец.

– А губазакатачную машынку ты не хочаш? – абурылася Аксана Багуслаўская. – Дзясятачку ён на роўным месцы захацеў.

– А што тут такога? Я сам пытанні вырашаю. Чаго ты ўвогуле лезеш? – стаў аскірзацца Андрэй.

– Я не лезу, а займаюся даследаваннем тваёй нахабнасці, – не спынялася староста.

– Досыць, – гучна сказаў я і ўдарыў кулаком па сталу. – Вы хочаце свайму класнаму кіраўніку ўрок сарваць? А што будзе далей – праз пару месяцаў? Я не разумею прычынаў для ўсіх гэтых вашых фрывольнасцяў.

– Проста, Эрнест Скіргайлавіч, у нас тут такія дзяўчынкі вышукаліся, сапраўдныя гром-бабы, – не сціхаў Дастаеўскі.

– Слухай ты, Далорэс Гэйз, – пагрозліва крыкнула яму Багуслаўская, здзіўляючы мяне сваёй абазнанасцю, прынамсі, у адным творы Набокава, – калі ты зараз не сціснеш сківіцы, я цябе, як жабу апоўзлую, аб сценку размажу.

– Я што вам сказаў? Супакойцеся зараз жа! – учыніў я другую спробу заліць сваім гневам неспадзяваную перапалку. Зрэшты, мне цяжка было пазбавіцца ад думкі, што і Аксана, і Андрэй насамрэч не сварацца, а дуэтам разыгрываюць высокапрафесійны спектакль, каб скрасці ўрочны час і адцягнуць увагу ад праверкі хатняга задання.

– Добра, бог з вамі, пераходзім да новага матэрыялу, – злітаваўся я не столькі над імі, колькі над самім сабой. – Запісваем у сшыткі дату і назву сённяшняй тэмы. Яна гучыць наступным чынам «Асаблівасці нацыянальна-вызваленчай барацьбы ў Беларусі першай паловы ХІХ стагоддзя».

Прыкметна павесялеўшы, вучні разгарнулі сшыткі і ўзялі ў рукі асадкі.

– Венская сістэма міжнародных адносін, якая ўсталявалася ў Еўропе неўзабаве пасля сканчэння Напалеонаўскіх войнаў, адной з сваіх мэтаў ставіла недапушчэнне рэвалюцыйных выбухаў. Удзельнікі Свяшчэннага Саюзу, а фактычна гэта былі тыя самыя дзяржавы, што ў канцы XVIII стагоддзя падзялілі нашу шматпакутную Рэч Паспалітую, у 1820 годзе падпісалі адмысловы дакумент, беручы на сябе права вайсковага ўмяшання ва ўнутраныя справы любой краіны, дзе б магла адбыцца…

Раптоўна пачуўся нягучны стук, і дзверы расчыніліся. На парозе стаяла Алеся Рыбанька. Я троху раззлаваўся, мяркуючы, што тая прыйшла проста падчас уроку клеіць разборкі за суботнія справы.

– Эрнест Скіргайлавіч, – запыхана гаварыла каляжанка, – вас тэрмінова выклікаюць да дырэктара.

«О-оў, ужо і адміністрацыі ўсе данесла, шпаркая дзеўка, далёка пойдзе», – роспачна падумаў я. Уголас жа заўважыў:

– Але ў мяне ўрок. Вельмі важная тэма.

– Мне сказалі, каб я з вашымі вучнямі пасядзела, – з выбачальнай усмешкай прамовіла яна, і стала зразумела, што выклік да дырэктара ніяк нязвязаны з суботай.

– Добра. Патрэбныя схемы на дошцы, – сказаў я і перайшоў на шэпт. – А ў вас я прашу прабачэння за прыкры пазаўчорашні інцыдэнт і на знак прымірэння прашу прыняць невялічкі прэзент, які вы можаце забраць па сканчэнні ўрока з ніжняй шуфлядкі настаўніцкага стала.

Алеся зрабіла шырокія здзіўленыя вочы і, ледзь хаваючы радасць, прашаптала:

– Што вы, што вы… Я ўжо і забыла пра тое. Мы ж педагогі. Нам таксама якая-ніякая разрадка патрабуецца. Але вашы прабачэнні прымаю з найвялікшай прыемнасцю. Вы мяне вельмі ўразілі.

Я адчуваў, што вучні назіралі за нашым перашэптваннем, і наўмысна павярнуўся, каб пераканацца ў гэтым. Пераважная частка прысутных сапраўды ўсміхалася, расстрэльваючы нас вачыма. Толькі Лера Булатнікава заставалася нязменна пахмурнай. А позірк Алісы Селязнёвай быў як бы непрытомным.

– Будзьце цацанькамі, – наказаў я дзецям і накіраваўся ў кабінет дырэктара, спрабуючы здагадацца, якая іншая прычына магла спарадзіць такую тэрміновасць ды яшчэ на першым уроку.

Да свайго неверагоднага здзіўлення я ўбачыў у дырэктаравым кабінеце вучняў 11 «А» класа, адсутнасць якіх мне кагадзе ніхто не здолеў растлумачыць. Колькі хлапцоў і дзяўчын стаялі ў панурым маўчанні, нізка апусціўшы галовы.

– Чаму вашы вучні, Эрнест Скіргайлавіч, не на ўроку? – сувора запытаўся Богут.

– Я толькі паспеў вызначыць іх адсутнасць і збіраўся на бліжэйшым перапынку ўсіх абтэлефанаваць, – адказаў я, адчуваючы, як імкліва высыхае сліна ў маім роце, а язык пачынае спатыкацца аб нёба, зубы, пломбы ды аб самога сябе. – А што здарылася?

– Надзвычайны выпадак. Аўтарытэт школы пастаўлены пад удар. Няхай яны вам самі ўсё раскажуць, – дырэктар кіўнуў на шкаляроў, якія на вачах станавіліся падобнымі да пабітых катоў і котак.

Я зірнуў на Грышу Стахіевіча і папрасіў тлумачэнняў.

– Я ішоў у школу і сустрэў аднакласнікаў, – пасля секунднага збірання думак загаварыў ён. – Высветлілася, што мы ўсе не падрыхтаваліся да гісторыі Беларусі. Забаяўшыся вашага, Эрнест Скіргайлавіч, гневу, мы вырашылі не ісці на ўрок. Засмуціліся, канечне, а тут шапік нам на вочы трапіўся, і мы вырашылі ўзяць бутэлечку піва, каб заліць ім наш смутак.

– Смутак? Будзе вам смутак, – шматабяцальна прамовіў я. – А дзяўчаты чаго прагулялі? Таксама гневу забаяліся? Знайшлі мне пудзіла.

– Прабачце нас, Эрнест Скіргайлавіч, на нас, быццам памутненне нейкае найшло, – за ўсіх вучаніц стала тлумачыцца колішняя біятланістка Інгебора Каленвалава. – Мы ўбачылі нашых хлопчыкаў з півам і паддаліся спакусе.

– Спакусе паддаліся? – стродка перапытаў я. – Значыць ты вывучыла дома, калі і з якіх земляў было створана Беларускае генерал-губернатарства?

Дзяўчына сумелася і нічога сказаць не змагла.

Руслану Альгердавічу спадабалася мая манера весці гутарку з вінаватымі, але ён трымаўся ў рамках іміджу суворага, але справядлівага суддзі.

– Яны не толькі пра Беларускае генерал-губернатарства вам нічога не сказалі, – уклініўся ў гутарку ён. – Яны яшчэ забыліся сказаць, што, распіваючы ў дворыку, памянёнаю бутэлечку (два з паловай літры, між іншым!), яны даўмеліся дражніць пажылую жанчыну. Яна ледзьве міліцыю не выклікала.

– Мы яе не дражнілі, – смела, хаця і без звычайнага выкліку ў голасе, запярэчыў Пеця Андропаў. – Яна ішла міма і сказала, што няма на нас Сталіна. Мяне гэты тэзіс уразіў, і я стаў здымаць бабульчыну прамову на тэлефон. Хочаце пакажу…

– Зараз жа выдалі гэты ролік, – прахрыпеў я. – У вас ніводнага мілілітра сумлення не засталося. Хай тая бабуля, што хоча балбоча. Навошта яе было чапляць?

Усе вучні цяжка дыхалі і вывучалі позіркамі структуру разасланага ў кабінеце дырэктара туркменскага кіліму.

– Вось што, Эрнест Скіргайлавіч, давайце-ка сядайце на тэлефон і, каб на працягу дня бацькі ўсіх гэтых субчыкаў завіталі сюды. Спадзяюся, тады нашы дзеці абразумяцца. А зараз адвядзіце ўсіх да сацыяльнага педагога. Няхай яна ім нагадае, у чым крыецца небяспека іх гульняў з выпіўкай.

Загнаўшы ў пакой сацыяльна-псіхалагічнай службы ўсё таварыства аматараў прамяняць урок гісторыі Беларусі на пляшку піва, я зрабіў глыбокі ўздых, а даволі гучны выдых суправадзіў некалькімі баксёрскімі жэстамі. Родненькія вучні дадалі мне лішку турботаў. «Ну, давай жа, носьбіт сакральных ведаў, падзяліся імі з бацькамі», – іранізаваў я, круцячы дыск тэлефона. Практыканткі Валі, што магла б дапамагчы з перазвонам, як на зло ў школе не было.

Тэрміновы выклік у школу шакаваў большую частку бацькоў, каго давялося заспець дома ці на працы. Яны зрываліся і ляцелі, думаючы, што з іх дзіцём адбылося самае страшнае. Але ў дастатковай колькасці півасёрбаў бацькі ніяк не знаходзіліся: то слухаўкі не падымаліся, то нумары выяўляліся састарэлымі. На маё пытанне, як дазваніцца да канкрэтных мамаў і татаў, півасёрбы адказвалі нешта няўцямнае. Адна толькі Інгебора заплакала ўсю маю камізэльку, сказаўшы, што яна ведае, як звязацца і з мамай, і з татам, але баіцца наступных прафілактычных захадаў.

– Інга, я не магу даць веры ў тое, што твае родныя будуць цябе лупцаваць, – выказаў я сумнеў.

– Лепей адлупцавалі б! – працягвала плакаць яна. – Яны проста забароняць мне гуляць па вечарах і запрашаць у дом гасцей. Я без таго і другога проста не магу жыць.

– Вядома, гэта ж не гісторыя Беларусі, – яхерыста заўважыў я. – Для цябе і для ўсіх астатніх я паўтараю, што бацькі выклікаюцца не па маёй прыхамаці, а на загад дырэктара. Дык жа будзьце ласкавыя выконваць.

І яны выканалі. Выканалі так, як параіла кемлівасць. Хто толькі не апынаўся цягам таго дня ў кабінеце дырэктара разам з імі! Знаёмцы знаёмцаў і суседзі суседзяў. Сталыя знаёмцы і людзі з вуліцы, якім прапанавалі закалыміць на чарніла. Хто заўгодна, толькі не родныя матулі і татулі! Я зразумеў, што вучні пачалі штукарствы, але віскату падымаць не ўзяўся. Надта карцела хутчэй адкаснуцца ад гэтай справы і, адвёўшы належную колькасць урокаў, з’ехаць дахаты.

Рэшта 11 «А», даведаўшыся пра здарэнне з прагульшчыкамі, адразу ж засмуцілася. Ловячы іх перашэпты, можна было зразумець, што яны асцерагаліся такога павароту падзеяў, пры якім я плюну на ўсё з высокай-высокай гары і звольнюся са школы. Гэтага яны жадалі менш за ўсё. Я заявіў, што такі варыянт выключаць нельга, але тут жа абрэзаўся аб недаверлівы погляд Алісы. Каб зрабіць менш прыкметнай маю збянтэжанасць, я стаў гартаць нататнік, у якім ніякіх адметных запісаў, акром план-канспектаў не было. Але ў часе прагортвання з нататніка выпала маленькая паперка. «Цыдулка», – скеміў я і паклаў у кішэню, каб высветліць яе нечаканы змест без сведак на перапынку: «Эрнест Скіргайлавіч! Прашу вас прабачыць мяне за суботняе. Болей такога не паўторыцца. Толькі не гаварыце маёй маме. Ваша вучаніца – Л.Б.».

20.

Наступныя дні, а можна нават і тыдні, я намагаўся ўпарадкаваць усе свае думкі і пачуцці. Я старанна раскладваў іх па палічках і шуфлядках, да якіх прымацоўваў адпаведныя цэтлікі, каб лягчэй было разабрацца. Аднак палічкі заўжды ламаліся, шуфлядкі вывальваліся, а цэтлікі блыталіся. Мне даводзілася пачынаць каталагізацыю наноў, каб за адзін крок да яе завершання зразумець, што ўсё ў чарговы раз бурыцца.

Разважаючы над гутаркай з Відавым-Вошчанкам, я паспрабаваў адшукаць у сеціве інфармацыю пра беларускую філію «Кангрэгацыі кібернетычных байцоў». Але пошукавыя машыны выдавалі толькі спасылку на блог аднаго тутэйшага самазакаханага літаратара, дзе назва секты ўзгадавалася ў пераказе яго сну. Гэтая акалічнасць яшчэ больш адштурхнула мяне ад казак Сяргея Аляксандравіча, і я вырашыў пра іх не ўспамінаць. Стараўся я не прыгадваць і словы Карыны Кляшторнай пра Алісу, бо з кожнай такой неасцярожнай прыгадкай перад вачыма паўставаў вобраз асляпляльнай бландзінкі Аэліты, ад якога мозг пачынаў пакрывацца грыбком атамных выбухаў.

Галоўнай гераіняй маіх успамінаў па-ранейшаму заставалася Настасся Цыпіна. Тут я нічога з сабой зрабіць не мог. У часы найбольшага разумовага працверазення мне здавалася, што я папросту непадуладны самому сабе. Я пастаянна хадзіў з яе імем у думках, у сэрцы, на вуснах. Я прапускаў міма вушэй жарты калег пра маіх півасёрбаў. Мяне зусім не ўсхвалявала, калі Алеся Рыбанька павярнула гісторыю з «Агнямі святога Эльма» і каробкай шакаладу ў адметнае рэчышча, пераканаўшы ці не ўвесь педагагічны калектыў у тым, што я з ёй пачаў сустракацца. Мне ставала абыякавасці, каб выслухоўваць пакрыўджаныя рэплікі Рагнеды Андрамедавай і Ліі Келдышавай з іх немінучымі падкрэсліваннямі, што Рыбанька мне не пара.

Я вельмі хацеў пабачыць Насту. Але верагоднасць нашай выпадковай сустрэчы, як я прыкідваў з улікам розных варыянтаў перамяшчэння маёй бусі па гарадскім мурашніку, была мізэрна малой. «Хутчэй дэльфіны завядуцца ў рацэ, што раздзяляе нас, чым я змагу спаткаць яе проста на вуліцы», – думалася мне па дарозе на прыпынак, калі я аднойчы ішоў пасля працы паўз сквер, назіраючы за палётам стракатага восеньскага лісця.

Варта было мне абагнуць шапік і выйсці на досыць вялікую прыпынкавую пляцоўку, як перад вачыма паўстала Настасся. Ногі мае ўраз абамлелі. Сэрца хацела збегчы ў блізулеглыя двары. Я з насцярогаю працёр вочы, не давяраючы ім. Настачка нікуды не знікала. Яна стаяла сярод іншага люду і вычэквала патрэбны ёй аўтобус-тралейбус. Я ж стаяў, як жалезны слуп у Шымайхалоры, чакаючы, пакуль дзяўчына заўважыць мяне. Але Цыпіна ўпарта адмаўлялася гэта рабіць. Урэшце яна села ў аўтобус таго самага маршруту, што пасаваў і мне.

У паўпустым салоне, дзе занятымі былі толькі сядзячыя месцы, мы стаялі за два метры адно ад аднаго. Наста заўважыла мяне і пасля секунднага здранцвення кіўнула галавою на знак прывітання, злёгку ўсміхнуўшыся. І ўсё. Яна не тое, каб кінуцца да мяне, яна нават з месца зварухнуцца не спрамаглася. Ды сто дзесяць тысяч іншых маіх вучаніц, на якіх я мог гадамі сварыцца і ляпіць ім на кожным ўроку па дзвесце калоў і двоек ва ўсе клеткі, і то б падышлі да мяне! А Настасся Цыпіна, якую ўся школа называла любіміцай Баластоўскага, стаяла пасярод збяёданага «Ікаруса», і не жадала зрабіць нейкія два-тры-чатыры крокі, быццам мы былі зусім чужымі людзьмі.

Зрэшты, каб не выглядаць у маіх вачах поўнай ідыёткай, яна ўсё ж наважылася са мной загаварыць.

– Ну, як вашы справы? Як там дзеці? Лепш за нас? – задала яна стандартны набор пытанняў, застаючыся на сваім месцы.

– Табе па пунктах расказаць ці ўперамешку? – прамовіў я з такой горыччу, што адчуў на языку і вуснах смак палыну.

Наста, якая і перад тым усміхалася дужа млява, спахмурнела і, паціснуўшы плячыма, адвярнулася ад мяне ў бок вакна. Яна дастала з сумачкі мабільны тэлефон, утаропілася ў яго і доўга перабірала кнопкі. У думках я павіншаваў яе з набыткам і, не зважаючы на сваю сярдзітасць, з дзіцячай наіўнасцю стаў чакаць, што зараз Настачка дашле мне sms’ку, якой патлумачыць усё, што не здолела патлумачыць словамі. Наіўны рамантык! Тоўсты аднарог, які дзеля гэтай дзяўчыны цэлае лета цягаў штангу і качаў прэс! Іншы на маім месцы ўсё зразумеў бы яшчэ ў канцы вясны, я ж працягваў жывіць лядашчыя ілюзіі. Sms’ка не прыходзіла. Цыпіна працягвала вазёкацца з тэлефонам, ніводнага разу не азірнуўшыся на мяне. Аўтобус хутка імчаў у мае родныя акалоддзі. Мая роспач шпарка набліжалася да высокага жалезабетоннага слупа, на якім вісела вялікая шыльда з надпісам: «Сардэчна запрашаем у Апагей!».

Калі аўтобусны робат абвясціў мой прыпынак, я яшчэ раз паглядзеў на Настассю. Тая, улавіўшы бакавым зрокам маю перадыслакацыю, павярнула галаву і, адстаронена ўсміхнуўшыся вачыма, развяла рукамі, нібы тым самым гаварыла: «Сэ ляві, Эрнест Скіргайлавіч». Не дачакаўшыся ад яе нават намёку на развітанне, я толькі кашлянуў і выскачыў з аўтобусных дзвярэй у абдоймы маёй роспачы. «Се лаве пекельной подобно», – утрапёна паўтараў я старабеларускую фразу, цудоўна ведаючы, што ў маім персанальным пекле пануе сцюжа.

Дома я кідаўся ў чатырох сценах ад безвыходнасці, намагаючыся ўскараскацца на кожную з іх. Я браў раменную дысцыпліну караля Ўладзіслава дзеля стлумлення парываў цела. Я хапаў напаленыя абцугі гаўляйтара фон Каўніца, каб вырваць з сэрца аскепкі кахання. Старэча Сімэнс, прыкаваны да падзараднага прыстасавання, адарваў мяне ад гэтых непрыглядных заняткаў, паклікаўшы зняць новенькую sms’ку. Падыходзячы да тэлефона, я злавіў сябе на думцы, што ўсё яшчэ спадзяюся прачытаць паведамленне ад Цыпінай.

Выявілася, што sms’ку даслала Аліса Селязнёва. «Я рыхтуюся да алімпіяды па фізіцы і не змагу заўтра адказаць вам параграф па сусветцы. Прабачце, калі ласка», – з немалым для сябе подзівам прачытаў я. У тую хвіліну я мусіў бы набраць яе нумар і распытаць усё, як след. Але замест гэтага я прыняўся таропка набіраць адказ: «Добра. Вывучыш і раскажаш тэму пасля канікул. Як справы наагул?». Рукі мае дрыжалі. З язвачак на сэрцы ценькімі пасачкамі струменіла кроў. «Дзякуй! Справы нармалёк. А як вы?» – неўзабаве адказала Аліса. Я нервова ўсміхнуўся. Трэба было тэрмінова спыняць ліставанне. Каб бяды якой не было. Але сэрца ў крывавых язвачках не хацела слухацца парадаў памяркоўна здаровае развагі. Пальцы працягвалі націскаць на кнопкі: «Нешта быў засумаваў, але цяпер усё добра». За шыбамі пачынаўся халодны дождж, водарам якога я прагна дыхаў праз адчыненае вакно. «Правільна! Не трэба вам сумаваць!» – падбадзёрыла мяне вучаніца ў наступным паведамленні. Я проста заззяў. Мне зрабілася спакойна-спакойна, быццам зусім нядаўна не я, а хтосьці іншы ляжаў пад вялікагрузам лютых пакут.

На працы я стараўся трымацца зусім нейтральна. Нікому не паказваў слядоў ад сардэчных балячак, а то б ураз раскалупалі да крыві. Нідзе не афішаваў прадчуванне блізкага шчасця, каб на гэтых афішах чорным маркерам не падмалявалі гітлераўскія вусікі і не напісалі «лох». Але не было і дня, каб мяне не разрывалі на кавалкі. Рагнеда цягнула за руку, каб я ўпэўніўся, як шпарка б’ецца яе сэрца пры маім набліжэнні. Лія задзірала сабе блузку і прыспускала джынсы, каб я на ўласнае вока ацаніў змяю, вытатуяваную ў яе між спіной і падспіннем. Алеся, адпрошваючы з маіх урокаў сіх-тых актывістаў, абавязкова выцягвала мяне з класа і літаральна аблізвала гарачым позіркам. Усё гэта выглядала па-дурному, і я спяшаўся хутчэй выблытвацца з падобных сітуацый.

Мой 11 «А» працягваў выходзіць з-пад кантролю. Не ад злосці, а ад любові да мастацтва непадпарадкавання. Амаль усе хлапцы на перапынках бегалі ў бліжэйшыя елачкі, каб пусціць па коле цыгарэціну. Інгеборы Каленвалавай падабалася сядзець у холе на першым паверсе і цалавацца са сваім каханым з паралельнага класа. Лера Булатнікава і Карына Кляшторная ўпарта адмаўляліся хадзіць на заняткі фізічнай культуры. Усіх пастаянна хто-небудзь ганяў – ці я, ці сацыяльна-псіхалагічная служба. Практыканку Валю ў гэтае проціборства я нават не збіраўся падключаць, каб тая да часу не расчаравалася ў сваім прафесійным выбары. Бо што ў мяне, што ў сацыяльнага педгога з пісхолагам вынік атрымліваўся адным і тым самым: дзеці рабілі тое, што ім хацелася. Нават перад Днём настаўніка.

Да маіх слоўных грымотаў і стукання кулаком па стале падапечныя на дзіва хутка прызвычаіліся, рэагуючы прыкладна гэтак жа, як на брэх прывязанага ланцуговага сабакі ў намордніку. Нездарма перад самымі вакацыямі я не здолеў сабраць ніводнага чалавека, каб звадзіць на прагляд баскетбольнай гульні, што было часткай плана выхаваўчай работы. Атрымлівалася, што седзячы на глядацкай трыбуне разам з Галінай Альгімонтаўнай Мятлікавай ды яе 9 «А» класам, я займаўся выхаваннем самога сябе. Нутро маё гарэла, нібы шахты Сайлент Хіла. Ніхто з 11 «А» не прыйшоў, хаця Аліса і Алёна на прамілы бог запэўнівалі, што будуць у палацы спорту пры любым надвор’і і нават прывядуць сяброў.

Я млява назіраў за гульнёй і думаў, што сябры маіх адзінаццацікласніц знайшлі лепшы спосаб баўлення часу ў суботні вечар перад восеньскімі вакацыямі. Галя зноў, як і на пачатку навучальнага года, суцяшала мяне. Казала, што з цяперашнімі адзінаццатымі цяжка ўправіцца ў прынцыпе. Я не згаджаўся з ёй і ківаў галавой на «бэшак» і «вэшак», якія хаця і няпоўным складам, але сядзелі з боку ад нас. Маё ківанне заўважылі Кіра Краўзэ і Ніна Дарошка і адразу ж адарылі прыязнымі ўсмешкамі і зграбным памахваннем пальчыкамі. Я адказаў ім у такой самай манеры.

– Бачыш, як цябе дзеўкі любяць, а ты ўсё журышся, – заўважыла Мятлікава.

– Жорсткая, як смерць любоў, – не змог ўстрымацца ад цытаты я.

Трыбуны прагнулі відовішчнай гульні.

21.

Блаславіўшы практыкантку Валю на шчаслівае заканчэнне універсітэту, я сышоў на кароткія восеньскія вакацыі. Яны міналі ў клопатах. Давялося пачысціць Аўгіевы стайні і зганяць на дзянёк у сады Гесперыд. Аўгіевымі стайнямі я заўсёды называў школьныя сутарэнні, якія ўсёй мужчынскай настаўніцкай грамадой даводзілася рэгулярна вычышчаць ад размаітага хлуду. Пачатак тых вакацыяў не стаў выняткам з нашага супольнага гераічнага эпасу. Міроненка ў адрозненні ад іншых калег гэтай вобразнасцю не прасякся, але грэцкую прыказку выдаў: «Паціху-патроху кіслы вінаград стане салодкім, як мёд». Асабліва яна спадабалася нашым тэхработнікам, якія адразу ж зашапталіся пра фаўстпатроны пладова-выгаднага. Што да другога клопату, дык назву «Залатыя дулі Гесперыд» мусіла мець мая кніга, пра выданне якой і было дамоўлена пад заслону вакацыяў за 1662 з нечым грэцкія стадыі ад школы – у мясціне, дзе атланты і карыятыды трымалі на худых плячах тутэйшы аналаг вавілонскай бібліятэкі, а воды падземнай нядрэмнай рэчкі казыталі ім ногі.

Зрэшты, паміж дрэнажнымі работамі і падпісаннем дамовы аб выдавецкай паслузе адбылася яшчэ адна падзея, пасля якой многае ў меркаванай чарадзе падзей змянілася. Трывала серада. Наша метадычнае аб’яднанне ў чарговы раз адзасядала і аддыхвалася пасля абмеркавання нейкай злабадзённай тэмы. Каб астыць ад чарговай гарачкі, я выйшаў на калідор і адразу ж сутыкнуўся з Алёнай і Алісай.

– Не сядзіцца ў хаце дзеўчынам-красуням? – перакруціў я класіка.

– Мы на дадатковыя заняткі па фізіцы ходзім, – патлумачыла Караблёва.

– Да гарадской алімпіяды рыхтуемся, – дадала Селязнёва.

– І як поспехі? – спытаў я, не зводзячы вачэй з Алісы.

– Пакуль не вельмі, – прызналася тая.

– Добра, – адначасова з сяброўкай адказала Алёна.

Мы ўтрох засмяяліся. Калі рэсурсы для працягу смеху вычарпаліся, я ўзяўся падбадзёрваць маіх юных аматарак фізікі, зычачы ім перамогі. Яны падзякавалі мне і збіраліся сыходзіць, бо час перапынку, абвешчанага настаўніцай, падыходзіў да заканчэння. Аднак мяне не пакідала ўражанне пэўнай недагаворанасці, і я пытальна зірнуў на дзяўчат.

– Эрнест Скіргайлавіч, заходзьце, калі ласка, на мой сайт. У гасцёўні што-небудзь напішыце, – сказала Аліса і, перахопліваючы мой пытальны позірк, з чаканнем паглядзела мне ў вочы.

Мой мозг ператварыўся ў расплаўленую сталь, у якой плёскаўся тэрмінатар. Здавалася, што гарачая юшка вось-вось хлыне з маіх вушэй. Пад вачыма пачало страшна пячы. Трэба было нешта адказваць.

– Цікава, цікава… – выцадзіў з сябе я. – А які адрас?

– Aliska.tk. Вы запомніце? Ці вам на паперцы напісаць? – Аліса прыкметна ўзрадавалася.

– На глінянай таблічцы, – пажартаваў я і, выпярэджваючы пытанні, сцвердзіў: – Запомню, канечне. Aliska.tk. Толькі не абяцаю, што зраблю гэта хутка.

– Калі зможаце, тады і зайдзіце, – літасціва дазволіла мне Селязнёва і, схапіўшы здзіўленую сяброўку за руку, пацягнула яе на працяг дадатковых заняткаў па фізіцы.

Нейкі час я працягваў стаяць і глядзеў, як аддаляюцца мае вучаніцы. Сталь у галаве паступова астывала. Зразумець сэнс прапановы Алісы ў мяне не атрымлівалася. Мне бачыўся ў гэтым чарговы вотум даверу з яе боку. Мне падавалася, што яна такім чынам імкліва змяншае адлегласць між намі. Мне мярэсцілася, што я раблюся ёй неабыякавым. Мне хацелася хуценька бегчы дадому, каб падлучыцца да сеціва і ўвесці ў камандны радок браўзера запаветныя літары: aliska.tk.

Дома, забыўшыся на дакоры халоднага чайніка і паўзабытай кілбасы «Кіндзюк класічны», я шпарка пабег да кампутара. Скінуўшы толькі куртку і чаравікі, я не даў сабе клопату пераапранацца ў хатняе, а прыняўся трываць няроўны бой dial-up мадэма з перагружанай тэлефоннай лініяй. Мадэм следам за маёй упартасцю набіраў належны нумар правайдара. Але набор разоў сорак скідваўся. Частыя тэлефонныя гудкі пасля гэтага нагадвалі злавесныя пахмылкі недружалюбных істот берберскай пустэльні.

Урэшце мадэму ўдалося падканэкціцца. Наэлектрызаванымі пальцамі я націскаў належныя клавішы. Успатнелай далонню я моцна трымаў старую аптычную мышку, быццам баяўся, што тая зараз уцячэ. Галоўная старонка сайту загрузілася даволі хутка. Яна была высакародна беласнежнай. У цэнтры месцілася невялікая фатаграфія Алісы з распушчанымі валасамі, якія нядбала падалі на аголеныя плечы. Вочы дзяўчыны поўніліся выпрабавальным агнём. Вусны прамяніліся ледзь заўважнай усмешкай. Пад здымкам знаходзілася немудрагелістае меню сайта, якое складалася ўсяго з двух пунктаў: «Фота» і «Гасцёўня».

Я навёў курсор на першы пункт меню і перайшоў па спасылцы ў фотагалерэю. Там мяне чакала такое самае снежнае поле, як і на галоўнай старонцы, толькі з бардовым надпісам-папярэджаннем: «Асцярожна – прыгажосць!» і акуратнымі каляровымі квадрацікамі-прэўюшкамі. Я стаў спрытна клікаць па прэўюшках, адчыняючы фатаграфіі ў поўных памерах. Большасць з іх была зроблена ў стылі «сфатаграфуй сябе сам».

Аліса на здымках выглядала абсалютна рознай. Здавалася, што фатаграфіі падабраныя не проста так, а адмыслова, каб адлюстраваць розныя эмацыйныя станы і душэўны настрой. Радасць чаргавалася з сумам. Безразважнасць – з задуменнасцю. Какетлівасць – з наіўнасцю. Збянтэжанасць – з кплівасцю. Я глядзеў на ўсё гэта з неймаверна безгаловай захопленасцю, метадычна захоўваючы сабе на кампутар кожную сустрэтую ў галерэі выяву, нібы нёс дадому з Луўра ці Эрмітажа найвыдатнейшыя палотны сусветна вядомых жывапісцаў.

На адным са здымкаў Аліса была адлюстраванай з паперкай у руках. На паперцы было намалявана сэрца, а пасярэдзіне стаяў надпіс. Разабраць яго я не здолеў, але падумаў, што там хлапечае імя. Я нават здагадваўся якое…

Прыспеў час зайсці ў гасцёўню. У ёй таксама панавала бель, па якой былі раскіданыя літаркі колькіх дзясяткаў паведамленняў. Я ўзіраўся ў нікнэймы і з дзіцячай весялосцю разгадваў людзей, што маглі хавацца за імі. King Stakh рэкамендаваў дапоўніць галерэю больш разняволенымі фоткамі. AlonKa пыталася пра бадзёрасць духу. St.Sestra радавалася за малодшую сястрычку – прыгожую і разумную. Багуслаўская раіла змяніць вэб-дызайнера. А Cutting Diamond напісаў літаральна наступнае: «Зая, я очень сильно по тебе скучаю». Мяне праняло цыганскім потам. Тысячы шкларэзаў з вострымі колцамі-дыяментамі ўзяліся паласаваць мне скуру. «А вось і Дзімка», – не маючы зусім ніякіх доказаў, зрабіў выснову я і добра нэбнуў кулаком па бязвіннай клаве.

Я зазнібеў увесь без астачы. Мяне біла ў крымска-кангалезскай ліхаманцы. Мне даводзілася шалёна матляць галавой, каб прагнаць статак дзікіх ружовых сланоў, што віліся навакол. Прыходзіла разуменне – загваздка ў рэўнасці, якую я раптоўна адчуў да незнаёмца, што схаваўся за нікам Cutting Diamond. І мне было напляваць быў гэта Дзіма ці іншы боўдзіла. Я проста нястрымна зараўнаваў. Кончыкі вушэй гарэлі сінім полымем. З носу зацурчэла кроў.

Выцягнуўшы з кішэні насоўку, я выцер ёю кроў і прыкрыў наздрыны, адкінуўшы галаву назад настолькі моцна, наколькі гэта дазваляла канстытуцыя. Адной рукой я падсунуў клавіятуру бліжэй да манітора і нягеглым рухам пальцаў пачаў рабіць гасцявы запіс. Пароць гарачку і кідацца ў віртуальную бойку з безасабовым гіцлем уяўлялася цалкам бессэнсоўным заняткам. Акурат таму я вырашыў пакінуць запіс толькі для Алісы, нібы ніхто іншы больш ніколі пасля гэтага не завітае на яе сайт.

«Германцы былі цікавымі людзьмі, – пачаў здалёк я. – Яны вырошчвалі гарох, верылі ў нібелунгаў і расказвалі пра сябе няйнакш, як у гераічным эпасе. Нашым продкам – старажытным балтам і славянам – ад гэтага было шмат непрыемнасцяў, рысу пад якімі яны падвялі на Грунвальдскім полі. Спрабавалі сябраваць, гандлявалі, запазычвалі розныя словы. Але ўрэшце нашым продкам сярод пушчаў, балот ды суседствам з Маскоўскай дзяржавай не хапіла французскай вытанчанасці, каб ператварыць германскае жаночае імя Adalheid у мілагучнае Alice ці адразу ў Аліса. Толькі мадэрнізацыя і глабалізацыя новага і найноўшага часу прынеслі нам – беларусам – радасць гэтага цудоўнага імя, якое ад пачатку азначае – высакародства. Гледзячы на цябе, дарагая Аліса, нельга не пагадзіцца з такой этымалогіяй».

Я адняў насоўку ад наздрын (кроў больш не цякла) і прабегся вачыма па тэксце, які адной рукой натайпаў у форме для адпраўкі паведамленняў. Напісанае падалося мне рэдкасным трызненнем. Аднак прыдумаць нешта іншае не ставала ні сіл, ні тарыфных адзінак інтэрнэт-карты. Адзінай зменай у допісе стаўся смайлік з падміргваннем, што быў дададзены ў самым канцы. Падпісаўшыся Знаёмы Табе, я адправіў паведамленне. Праз некалькі секундаў яно красавалася ў гасцёўні Алісінага сайта самым першым. Я дурнавата пасміхнуўся і пайшоў есці «Кіндзюк класічны».

Усю рэшту вакацыяў (за выняткам памянёнага дзянька ў садах Гесперыд) я пачынаў традыцыйны вэб-сёрфінг з візіту на aliska.tk. Мне аж задужа карцела пабачыць там рэакцыі на свой допіс. Але гасцёўня маўчала. Ніхто нічога не пісаў, колькі б я туды ні вяртаўся. Перачытаўшы ўсе старыя паведамленні, я зразумеў, што Аліса ўвогуле нікому не адказвала. «Гасцёўня для гасцей!» – мусіла б стаяць папярэджанне, каб такія дзівакі, як Знаёмы Табе і парачка нерасшыфраваных мной ананімаў, не мелі залішніх спадзяванняў і не пілі ад страшнай роспачы са шклянак кіслае віно.

А яшчэ я безнадзейна чакаў ад Алісы sms’кі. Хаця б прывітанне ці проста смайлік. Старэча Сімэнс біўся ў зацяжных перадсмяротных канвульсіях, але ўсё ніяк не паміраў. У суботу вечарам яго патурбавалі, пазваніўшы мне. Званіў колішні старшыня «Вытокаў» Ян Белікаў, каб запрасіць на традыцыйную талаку па дагляданні могілак. Талака прымяркоўвалася да Дзядоў, дарма што яны мінулі. Я нічога пэўнага абяцаць не рызыкнуў. Пачуўшы ў свой адрас прыветнае слова жлабяра, я скінуў выклік, чым трохі суцішыў пакуты мабільніка.

У нядзелю параненька, калі вельмі хацелася спаць, я шпарка падняўся з ложка, разумеючы, што трэба ехаць на могілкі. Надвор’е было досыць халодным. На двух прыпынках, дзе мне давялося чаканнем чысціць (ці лепш – падчышчаць) уласную карму, я пашкадаваў, што не надзеў шапку. Праўда, гэтыя шкадаванні былі нечым накшталт сухіх кракадзілавых слёз, бо ніякай шапкі ў маім гардэробе і блізка не назіралася. Вецер біў мне па твары, быццам толькі і марыў пра гэта. Я зліваўся з натоўпам і пад яго прыкрыццём хаваўся ад вятрыскі ў чэравах машын гарадскога транспарту. Людзі, з якімі давялося ехаць вызначаліся суцэльнай задуменнасцю і маўклівасцю. Той, хто спрабаваў разявіць рот, немінуча правальваўся ў тартар. Рака, якая падзяляла горад на дзве часткі, набыла колер застылага пасля гарачай крывавай бітвы свінцу. Я марна ўзіраўся праз тралейбуснае вакно на яе хвалі. Яны не жадалі, дый не маглі даць адказы на мае гнятлівыя пытанні. Кроплі дробнага дажджу стукаліся ў шкло і сплывалі долу ў выразным шкадаванні, што не ўдалося намачыць мой твар.

Я выйшаў на прыпынку «Мясакамбінат» і па старых драўляных сходах спусціўся ў нізіну, адкуль вельмі добра чуўся крык вароніных грамад на могілкавым кладзьбішчы. Дожджык узмацніўся. Яго касыя мокрыя рысы нядбала штрыхавалі прастору, выцінаючы мяне па неакрытай частцы галавы. Нікога з вытокаўцаў паблізу не было відаць. Я зірнуў на гадзіннік. Гадзіннік ласкава паведаміў, што спазненне на талаку склала дзве з паловай чвэрці гадзіны. Прыспешыўшы хаду, я вырашыў зайсці праз бакавую браму пры брацкай магіле савецкіх воінаў.

Ледзьве я апынуўся за агароджай, мяне пачала біць дрыготка. Розум адмаўляўся спісваць яе адно на восеньскі холад. Міжволі прыгадаліся словы Відава-Вошчанкі пра рытуальныя месцы, куды сектанты могуць завабіць аднарога. Я некалькі разоў моцна гайдануў галавою, каб выкінуць гэткія згадкі. «Вытокі» пры ўсіх сваіх заганах ніколі не былі сектай, пагатоў хакерскай. Крочачы па вузкай сцяжынцы пад шатамі голых дрэваў між старых і дужа старых магілаў, я грэшна думаў, што недзе вось тут – сярод крыжоў і каменных помнікаў – пахаваная наша вытокаўская маладосць, а мы самі ні сном ні духам пра гэта.

Калі сцяжынка ператварылася ў даволі шырокую дарожку, а сярод «рускіх» пахаванняў пачалі сустракацца «польскія», я нарэшце пачуў знаёмыя галасы. Прыглядзеўшыся, я ўбачыў, як з паўдзясятка хлапцоў пад кіраўніцтвам і пры ўдзеле Белікава, спрабавалі падняць і вярнуць на пастамент чорны мармуровы помнік ХІХ стагоддзя. Я шпарка падаўся туды.

– Памагай Алах, – гучна павітаўся я.

– Здароў, выпяндрожнік, – замест усіх адказаў Ян. – Далучайся давай, інакш мы яго ніколі не падымем.

– Ты думаеш, мы з Баластоўскім яго падымем? – выславіў сумнеў Мікаэл Бухоўскі, якога я спачатку не заўважыў.

– Канечне, падымеце. Эрнест у нас – былінны асілак, – пачуўся за маёй спінай галасок нячэснай журналісткі М.А. Я азірнуўся і ўбачыў, што тая паставіўшы ля дрэва грабелькі, рушыць да мяне. Бязь лішніх умоўнасцяў яна па старой дружбе абняла мяне і на знак прывітання чмокнула ў вусны.

– Не, Баластоўскі, ты сюды цалавацца прыйшоў ці аддаваць належнае нашым продкам? – з гарлівай пасмешкай спытаў Белікаў.

– А што за помнік хоць? – зусім без рамантычнага надрыву пацікавіўся я, далучаючыся да агульнай справы.

– А ты сам пачытай, – параіў Бухоўскі.

– Apolinar Idelfons Selezieс. 1838-1904, – прачытаў я, і ўвадначас адчуў неверагоднае смыленне ў цягліцах рук. Узнікала адчуванне, што спыніць гэты жар можна толькі, дакрануўшыся да чорнага мармуру помніка. Здавалася, што ён выпраменьваў выратавальную прахалоду.

– Ну, што, дзецюкі? Узялі? – спяшаўся працягнуць спробы Ян.

– Пачакайце, – прамовіў я. – Дайце я адзін паспрабую.

– Ты з глузду з’ехаў, пісьменнік? – недаверліва спытаў Белікаў.

– Досыць ужо панты калаціць, асілак былінны, – насуплена мармытаў Мікаэл. – Мы ўсямёх гэтую бандуру мемарыяльную ледзь з месца зварухнулі. А ты адзін хочаш?

– Дайце мне паспрабаваць, – настырна заяўляў я.

Ян паціснуў плячыма і позіркам даў астатнім сігнал прапусціць мяне. Смыленне з цягліц хутка пацякло па руках, і найбольшы пажар разгарэўся на маіх далонях. Я падышоў ушчыльную да паваленага помніка, нахіліўся і асцярожна абхапіў халодны мармур. У момант дотыку адчуўся каласальны прыток сілаў, і пакуль гэтае адчуванне заставалася пры мне, я рэзка падняў помнік з зямлі і праз якое імгненне ўсталяваў яго на належнае месца.

– Мая даніна павагі продкам, – сказаў я, павярнуўшыся да шакаванай грамады, усміхнуўся, і ўпаў на надмагілле.

Ачуняў я ад крыку. «Што ж вы творыце, бязбожнікі!» – гарлала нейкая жанчына. Я прахапіўся і не адразу зразумеў, што ляжу на брызенце, канцы якога вытокаўцы зачапілі за агароджы бліжэйшых магілаў. Не хацелі, каб Баластоўскі на сырой зямлі ляжаў. Жанчыне ж гэткі гамак не спадабаўся, і яна палічыла ўсіх прысутных маладых людзей сатаністамі ці яшчэ якімі-кольвек чарнакніжнікамі. Белікаў як дыпламат са стажам пайшоў яе ўлагоджваць. Я толькі плюскаў вачыма, не да канца разумеючы свайго становішча.

– Ну, во ачомаўся, асілак, – чмыхнуў Мікаэл. – А то мы ўжо хацелі Р.С. выклікаць, каб яна табе штучнае дыханне па старой памяці зрабіла.

– Што ты яшчэ прыдумаеш? – прабурчаў я, незадаволены прыгадкай майго даўняга няўдалага кахання, і таропка саскочыў з брызенту.

Усе здзіўлена глядзелі на мяне: ці то чакалі нейкіх тлумачэнняў, ці то прагнулі атрымаць падзяку. Нічога патлумачыць я не мог нават самому сабе. Замест таго, каб падзякаваць за клопат, я раскланяўся, абвясціў, што сёння не ў гуморы, і пацёгся прэч, не зважаючы на вусны М.А., якія спрабавалі мяне спыніць. Ладна аддаліўшыся, я павярнуўся і спытаў у Бухоўскага пра яго нявесту:

– Як там Ксеня? Нешта яе тут няма.

– Нармалёва, – лаканічна адказаў той і палез у кішэню па цыгарэціну.

– Ну, і добра, – рэзюмаваў я і пайшоў далей, не разумеючы, навошта мне было пытацца пра Чудатворную акурат тады.

22.

Нечаканы прыліў сілаў, які я адчуў на могілках, немагчыма было вытлумачыць рацыянальна. Мне пачынала здавацца, што гэтая падзея мела нейкую ледзь відочную сувязь з усімі дзіўнымі здарэннямі, што адбыліся са мной троху раней. Я баяўся думаць, што ўся гэтая таўпарня так ці інакш замыкаецца на Алісе Селязнёвай. Мяне кінула ў вір здумлення ад здагадкі, што пан Апалінар Ідэльфонс Селезень, чый помнік я ўзняў на пастамент, мог быць продкам маёй вучаніцы.

У першы ж дзень пасля вакацый я асцярожна пацікавіўся, ці ведае Аліса свой радавод. Дзяўчына троху сумелася, але адказала, што ведае сваіх продкаў толькі да чацвёртага калена.

– І ўсе яны па бацькавай лініі былі Селязнёвы? – спытаў я.

– Мне пра гэта нічога невядома, – пачулася ў адказ.

Я збіраўся ўдакладніць, ці не знаёмая яна з імем Апалінара Ідэльфонса Селезеня, але ногі мае пачалі падкошвацца, і мне давялося без маруды апусціцца на крэсла.

Адсунуўшы прэч развязанне загадак, якія прычынялі мне боль і ніякаватасць, я каторы раз залез з галавою ў працу і спадарожныя ёй з’явы. 11 «А» клас не разумеў майго сур’ёзнага выгляду і асцерагаўся пачатку масавых рэпрэсіяў з нагоды прасачкаванага баскетбола. Я не стаў абвяргаць іх падозранняў і ўжо на першых паслявакацыйных занятках са спакойным сэрцам уляпіў колькім чалавекам адзінкі за адмову адказваць хатняе заданне («Як можна не ведаць пра ролю маралі ў жыцці чалавека?»). Дзяўчаты спрабавалі жартаваць, але я глядзеў на іх з нязменным выразам твару і позіркам, за каламуццю якога нельга было заўважыць звычных іскрынак смеху.

– Вы нас больш не любіце? – асцярожна спытала Кася Вядзёркіна.

– Я люблю ўсю зямлю, – ухіліўся ад адказу я.

– Дык чаму ж вы нас так катуеце? – пачуўся голас Інгеборы Каленвалавай. – Вы ж такі добры, але як адзенеце касцюм ката, дык нам хоць на сценку адразу паўзі і ніколі адтуль не злазь.

– Я вас катую? – мне не ставала паветра. – Якім жа чынам? Можа я вас у плечы пхаю ісці ў падваротню і гвалтам лью піва ў горлы? Ці я замыкаю дзверы вашых кватэраў на сорак пяць сакрэтных замкоў, каб вы не змаглі дайсці да палаца гульнявых відаў спорту? Ці можа я стаўлю вам колікі за тое, што вы адказваеце мне ўвесь параграф і прыводзіце звесткі з дадатковай літаратуры? Не, дзетанькі, гэта не я вас катую. Гэта вы мяне катуеце, і не проста катуеце, а мардуеце насмерць. Я быў упэўнены, што знайшоўшы паразуменне з вашымі бацькамі, я паразумеюся з вамі. Але ж вы хочаце цалкам выключыцца са школьнага жыцця і нахабна мяркуеце, што я стану гэтаму патураць. Не, мае родненькія, не стану. Вельмі рана вы хочаце са школай развітацца. А так нельга рабіць. Нельга, і баста.

Клас сцішыўся настолькі, што стала чуваць, як у суседнім кабінеце нехта няўпэўнена дэкламаваў верш пра шэрань на чырвоных пясках.

– Эрнест Скіргайлавіч, мы не выключаемся са школьнага жыцця, – запярэчыла Аксана Багуслаўская. – Я як староста вам пра гэта з усёй адказнасцю заяўляю. Проста некаторым таварышам трэба крыху мазгі ўправіць.

– Ды колькі іх ужо можна ўпраўляць? – не супакойваўся я. – Вы ж не грудныя дзеці. Павінны разумець, што ад вашых вожыкаў толькі вам самім калюча і будзе. Уцямце нарэшце, што ўсе гэтыя вашы сачкаванні, піўныя party і паплюйнае стаўленне да класнага кіраўніка ды іншых настаўнікаў складаюць у сукупнасці ваш сацыяльны капітал як выпускнікоў. Па ім вас, урэшце, будуць ацэньваць як людзей. Па ім вас будуць памятаць або забудуць вашы педагогі. І ведаеце, пакуль што ў гэтым капітале пераважае негатыў. Мне гэта непрыемна.

– Мяне абсалютна не цікавіць будуць мяне ў гэтай школе помніць ці не, – праравала Пецю Андропава. – Мяне не хвалюе, што там пра мяне думаеце вы, настаўніца матэматыкі ці паварыха ў сталоўцы. Я выконваю свае вучнёўскія абавязкі. Я вучу вашу каханую гісторыю, хаця яна мне на фіг не ўпала. А ўсе гэтыя баскетболы я наведваць не абавязаны. У мяне ёсць асабістае жыццё і забіваць яго ўсякай лухтой я не збіраюся.

Гэта нагадвала запалку, якую чыркнулі каля адкрытага рэзервуару з надпісам «Вогненебяспечна». Менавіта на выбух з пажарам Пеця і разлічваў. Аднак прагадаў – я быў узорам вогнетрываласці і, пакуль хлапец не паспеў апамятацца, задаў яму простае пытанне:

– Што ж ты з такой жыццёвай праграмай не застаўся ў элітнай гімназіі імя Янкі Маўра?

Андропаў асекся і не ўзычыў нават адчэпнага адказу.

– Эрнест Скіргайлавіч, увайдзіце ў наша становішча, – пераняла эстафету Лера Булатнікава, – нам трэба рыхтавацца да паступлення. Мы наведваем па два-тры рэпетытары. Часу ў выніку застаецца толькі на тое, каб паспаць…

– І пераспаць, – вырашыў пажартаваць Андрэй Дастаеўскі.

– Заткніся, паўдурак, – ускіпела Валерыя.

– Хто паўдурак? Я паўдурак? – зарыкаў няўдалы дасціпнік.

– А ну сціснулі сківіцы! – гаркнуў я так моцна, што ў бліжэйшым ад мяне вакне трэснула шыбка, а кавалак крэйды, які ляжаў на настаўніцкім стале ператварыўся ў парашок.

Усталявалася чыстая цішыня. Я адчуў, як у кішэні пінжака завібраваў мой мабільны. Прыляцела sms’ка, праглядзець адразу якую мне ў той сітуацыі не выпадала.

– Добра, – звычайным голасам прамовіў я, – калі вам здаецца, што я вас катую, то мне нічога не застаецца, як зараз жа пайсці да дырэктара і напісаць адну цудоўную паперу, якая называецца заява аб звальненні. Знойдуць вам лепшага класнага кіраўніка. Ён нікога не будзе катаваць.

Я замаўчаў. Вучні спалохана пераглядаліся і паціскалі плячыма.

– Не трэба вам пісаць такіх цудоўных папераў, – асмелілася парушыць цішыню Аліса. – Заставайцеся з намі, і мы вас не падвядзем.

Яна глядзела на мяне такімі яснымі і шчырымі вачыма, што не паверыць яе словам было б злачынствам.

Клас прыкметна ажывіўся, практычна кожны імкнуўся падтакнуць словам Селязнёвай, дарма што шчырасці ставала далёка не ўсім.

– Але ўсё гэта толькі словы, – выліў я на клас тры цэбры халоднага недаверу. – Сёння вы так кажаце, заўтра па-іншаму. Дзе канкрэтыка?

– А якая канкрэтыка вам патрэбна? – удакладніла староста, каб не страціць здабытую ў шабельных баях з аднакласнікамі рэпутацыю маёй першай саюзніцы.

– Ваш паўнавартасны ўдзел у школьным жыцці, – не вагаючыся ні секунды абвясціў я.

– Эрнест Скіргайлавіч, прапаноўвайце любое мерапрыемства, мы ўсё зробім, – азваўся Грыша Стахіевіч. – Я зараз паразважаў над усё гэтай сітуацыяй і зразумеў, што мы зноў вінаватыя перад вамі, як калгас перад зямлёю.

Звычайна, калі Грыша паведамляў, што разважаў над нейкай праблемай, гэта было знакам пераходу гутаркі з класам у цалкам канструктыўнае рэчышча. Так здарылася і тады. Мы дружна (апроч Пеці і з пэўнай агаворкай Андрэя) супакоіліся і дамовіліся пра тое, што 11 «А» абавязкова возьме ўдзел конкурсах КВЗ і «Горад над Сівою ракой», а таксама будзе больш мабільным у выпадках аўральных імпрэзаў.

На перапынку я выйшаў на калідор, каб прачытаць нарэшце sms’ку. Аднак ледзьве я паспеў зрабіць пару крокаў, як да мяне падляцела Рагнеда Іванаўна з вялікімі вачыма і яркай чырвонапамаднай усмешкай, ад якой свярбела ў вачах.

– Эрнесцік, гэта ты так на сваіх крычаў? – з дзіцячым захапленнем спытала яна.

– А чужых тут няма, – апатычна адказаў я.

– Ты, канечне, малайчына. Такі расхэйдус ім наладзіў, няма спасу, – захопленасць Рагнеды ў адрозненні ад значэння функцыі, ад тлумачэння якой настаўніца яшчэ не астыла, не мела межаў. – Нават я мала кіпнем не сікнула, калі пачула, як ты іх чыхвосціш.

Я па-ранейшаму заставаўся абыякавым да яе сумнеўных кампліментаў. Мне карцела хутчэй яе справадзіць, каб спакойна дабрацца да старэчы Сімэнса.

– Дык трэ’ было не стрымліваць сябе, а сікнуць, – па-змоўніцку прашаптаў я.

– Э-э, дурань ты, дурань, – усмешку з твару каляжанкі, як вецер знёс. – Я ж узбудзілася да твайго голасу. Ты ўяўляеш, што гэта значыць – узбудзіцца ад голасу таго, хто знаходзіцца за сцяной?

– Вельмі цьмяна.

З кабінета ангельскай мовы выйшла Лія Навумаўна. З сумам паглядзеўшы на мяне і маю суразмоўніцу, яна рэзка развярнулася і пакрочыла ў супрацьлеглы бок. Рагнеда заўважыла гэта і зларадна пасміхнулася:

– Свіданцы вашай перашкодзіла, і то добра.

– Добра, калі не ўкусіць кобра, ага, – безэмацыйна зрэагаваў я на яе заўвагу.

Настаўніца з абурэннем паматляла галавой і знікла ў сваім кабінеце.

«Калі вы крычыце, мая душа разрываецца на шматкі», – з атарапеласцю прачытаў я sms’ку, адпраўленую з нумару Алісы Селязнёвай. Я разоў дваццаць сказаў сабе «не» і нават стукнуў па правай руцэ, забараняючы набіраць адказ. Але стрымацца было немагчыма. «Іншага выйсця ў мяне не застаецца», – усё ж адказаў я.

Пад канец працоўнага дня мяне перастрэў Дзяніс Давыдавіч.

– Ты чаго дзеўку крыўдзіш? – як сапраўдны аматар задаваць загадкі запытаў ён.

– Каторую? – не жадаючы ламаць мазгі над яго квэстамі, удакладніў я і ў думках заплакаў, што пад рукой няма пульта з магчымасцю функцыі «Ігнараваць суразмоўніка».

– У цябе іх багата стала? – не здаваўся Іскаліеў фабрыкаваць боль маёй галавы.

– Давыдавіч, у мяне няма часу строіць здагадкі, – стомлена выдыхнуў я.

– Я пра Лійку ў цябе пытаю. Чаму не хочаш ашчаслівіць маладзіцу?

– Ааа… Бачыць котка лой, ды не ёй.

– Яна ж пакутуе ад тваёй няўвагі.

– Ведаеце, Давыдавіч, я таксама пакутую ад розных няўваг, але да гэтага часу цэлы. І наагул мне не падабаецца, калі нехта спрабуе мяне сасватаць. Сам як-небудзь разбяруся, – кулямётам адказаў я і пайшоў прэч.

– Пакуль ты разбярэшся, яйцы пасівеюць, – кінуў ён мне добрае слоўца на дарожку.

Падобныя ўварванні ў маё асабістае жыццё я заўсёды ўспрымаў з дзікай варожасцю. Варта было каму-небудзь сказаць давай я цябе пазнаёмлю з харошай жанчынай або маёй старой сяброўцы патрэбен зяць, як я вомільгам падсаджваўся на белага каня. Бальшыня маіх знаёмцаў, нават на працы, выдатна пра гэта ведалі і спапярэдліва ўнікалі прапановаў такога кшталту. Давыдавіч быў выключэннем. Па дарозе да хаты я марна намагаўся выкінуць з галавы яго заўвагу наконт Ліі. Мне хацелася зразумець, чаму стары ўвогуле загаварыў са мной пра яе.

Дома, правяраючы электронную пошту, я адразу ж натыркнуўся на пасланне, якое прыйшло ад Келдышавай. «Ну ты хотя б позвони, спроси что-нибудь», – спрабавала яна расчуліць мяне радком з папсовай песні беларускай пяюхі. «Ніхто нічый, усе свае, і кожны дбае пра сябе», – быў я няўмольным, быццам тутэйшы граніт, які хацелі звезці ў Маскву на будаўніцтва пэўнай грабніцы. Не меншай няўмольнасцю вызначылася і Аліса, якая так і не азвалася ў гасцёўні. Мяне адольвала роспач. Самапачуванне было не найлепшым. Таму наступным днём, як толькі на парозе кабінета з’явілася медсястра і запрапанавала ўкалоць вучням прафілактычныя прышчэпкі, я першым падняў руку і спытаў: «А настаўнікам можна?». Атрымаўшы станоўчы адказ, не прамінуў завітаць у медпункт.

Колькі дзён пасля прышчэпкі я перабываў у нез’яснімай эйфарыі. Мне нават здавалася, што сястра нешта наблытала і ўвяла мне вакцыну шчасця ці лек ад адзіноты. Не маючы на тое ніякіх падставаў, пачуваўся самым шчаслівым чалавекам. Гэта было яшчэ адным дзівам той восені. Я і думаць не думаў, што неўзабаве дзівосы стануць маёй кашмарнай будзённасцю.

23.

Старэча Сімэнс памёр суботнім адвячоркам. Акурат тады, калі я ў чарговы раз паддаўся спакусе і набіраў sms’ку, каб адправіць Алісе. Уздыхнуўшы над пашарпаным корпусам нябожчыка, я палез у кнігу «Эканоміка», дзе між старонак трымаў грашовую занычку. Грошы перавандравалі ў мой гаманец, а на досвітку ў нядзелю былі абмененыя на новенькі серабрысты тэлефон без лішніх наваротаў, які адразу ж атрымаў ад мяне мянушку пан Самсунак. Дабрашчасны абмен адбываўся на рынку недалёка ад школы. Я ведаў, я цудоўна ведаў, што ў тую нядзелю Аліса Селязнёва і Алёна Караблёва адпраўляліся на гарадскую алімпіяду па фізіцы. А значыць, на пачатку дзявятай гадзіны яны павінны былі падыйсці ў школу, адкуль іх нехта з настаўнікаў мусіў суправаджаць на месца алімпійскіх спаборніцтваў.

Мне вельмі хацелася ўбачыць Алісу. Хаця б пару імгненняў. Выбраўшы на адным з гандлярскіх латкоў вялікі сакавіты яблык, я купіў яго і паскоранай хадою рушыў у школу. На школьным ганку і ў холе было дастаткова шмат разнамасных алімпіёнікаў. Але ні Алісы, ні Алёны сярод іх не назіралася. «Няўжо спазніўся?» – з няўцямным дакорам спытаў я ў сябе і падняўся да кабінета фізікі, дзе пацалаваў прабой і ў засмучэнні зазбіраўся дадому.

Я выйшаў на ганак і спыніўся, разглядаючыся ў розныя бакі. Вакцына шчасця пераставала дзейнічаць з кожным новым маім уздыхам. Паветра пахла зімою. Гурмы апалага лісця ў блізулеглым скверыку здаваліся недарэчнасцю – такой самай, як і мой нядзельны візіт у школу. І ў тое самае імгненне, калі я пахаваў пад лісцем апошнюю надзею на сустрэчу з любімай вучаніцай, яна з’явілася навідавоку.

Аліса ішла нетаропка, быццам дасканала разлічыла час, і не баялася спазніцца. Заўважыўшы мяне, яна не здолела прыхаваць здзіўлення і, павітаўшыся, спытала:

– А вы таксама кагосьці на алімпіяду ведзяце?

– Не, я прыйшоў вас падтрымаць.

– Ого, дзякуй, – Аліса прыкметна акругліла вочы. – Ну, я зайду ў школу?

– Пачакай, – ціха прамовіў я і працягнуў ёй яблык. – Гэта табе.

– Ой, ну навошта, Эрнест Скіргайлавіч, я паела дома і там нас карміць будуць, – пачала сыпаць адгаворкамі Аліса.

– Калі ласка, – не адступаў я.

Яна збянтэжылася і, троху расчырванеўшыся, узяла яблык. На нейкую дзясятую, а можа быць сотую долю секунды, усё наваколле знікла – былі толькі мы і наўсуцэльная бель.

– Danke sehr! – з усмешкай падзякавала вучаніца і знікла ў святочным натоўпе бюргераў.

– Аліса! Далёка не збягай! Ты маеш сёння вельмі адказную справу. Не забывай пра гэта, – пачуўся гучны мужчынскі голас, які падаўся мне вельмі знаёмым.

– Так-так, гер Ота, я памятаю, – звонка адказала Селязнёва з другога канца ратушнай плошчы.

– Я вельмі рады, дарагі Эрнест, што вы ўсё ж завіталі ў наш горад дый яшчэ дзеля такой нагоды, – як да добрага таварыша, звярнуўся да мяне гер Ота.

Я зірнуў на яго, пяцідзесяцігадовага дзядзьку ў бургамістарскіх строях, і як нічога ніякага падтрымаў размову:

– А чаму б і не? Я перакананы, што ваш эксперымент будзе мець вялікае значэнне для навукі. Не кожны раз можна стаць сведкам эпахальнай падзеі.

Бюргерскі натоўп рос а рос. У гамарні, што ўсталявалася над плошчай, нельга было адрозніць, хто вітае, а хто ганіць амбітную задуму бургамістра. Жабрак-лютніст, пастанавіўшы скарыстацца наяўнасцю вялікай колькасці людзей, зацягнуў старую песню:

На Грунвальдскім полі

Дуб стары стаяў.

А пад тым дубочкам

Юнгінген ляжаў…

Гадзіннік на вежы ратушы перашкаджаў папрасімцу, заглушаючы спеў сваёй, як сказалі б мае вучаніцы, музычкай: «Ах, мой мілы Аўгусцін, Аўгусцін, Аўгусцін».

– Я чуў, што ў вашай краіне зараз неспакойна, – гаварыў мне бургамістр. – Спадзяюся, што вайна хутка скончыцца, і вораг будзе разбіты ўшчэнт.

– Дзякуй, але мне падаецца, што гэтая завіруха надоўга, а яе наступствы будуць адчувальнымі і праз трыста пяцьдзесят гадоў, – адказаў я.

– Праз трыста пяцьдзесят гадоў? – з выразным скепсісам у голасе перапытаў гер Ота. – Дарагі Эрнест, вы перабольшваеце. За такі час усё ўлагодзіцца і забудзецца. Думаеце, хто-небудзь з маіх сумесцічаў, апроч гэтага лютніста, памятае, як у 1410 годзе вашы супляменнікі задалі фаеру нашым продкам у Прусіі? Ніхто не памятае. А значыць тая падзея ніяк не ўплывае на сённяшні стан рэчаў у адносінах між нашымі народамі. Мяркую, што вам асабіста і ўсім вашым суайчыннікам няварта дэманізаваць маскавітаў. Яны вашы блізкія браты. А што троху дзікія, дык гістарычным пакліканнем вашай краіны ёсць іх прасвятленне і выхаванне. Менавіта вы, літвіны, мусіце несці далей на ўсход тую паходню навукі і культуры, якую ў свой час атрымалі ад нас, германцаў.

– Мяркую, у выпадку маёй краіны ўсё ўлагодзіцца і забудзецца такім чынам, што бальшыня мяшчан праз трыста пяцьдзесят гадоў нават не ўспомніць пра існаванне Вялікага княства Літоўскага, – не згаджаўся я з бургамістрам. – Я не дэманізую маскавітаў, але я ведаю іх цяперашнюю пякельную моц і хцівае імкненне праглынуць нас без астачы. У гэтым ёсць нейкае д’ябальскае падабенства з тым, што рабілі вашы далёкія продкі, пачынаючы ціск на ўсход. Дзе Ліпск? Дзе Дрэзна? Дзе Старгарад? Зніклі ў полымі германскай паходні, ператварыўшыся ў Ляйпцыг, Дрэздан, Ольдэнбург.

– І вы прагнеце вяртання гэтых земляў? – у пытанні гера Ота бліснула нервовая насцярожанасць.

– Бог з вамі, – прамовіў я як мага больш прымірэнча. – Гэта зусім немагчыма. Вялікая Літва ў уніі з Польскай Каронай няздатная да падобнага рэваншу. Нам зараз не пра вяртанне нейкіх земляў дбаць выпадае, а аб захаванні цяперашніх.

– Абавязкова захаваеце, – стаў запэўніваць мяне суразмоўца. – А калі сілаў не будзе ставаць, дык не грэбуйце звяртацца да нас па дапамогу. Думаю, што сённяшнія немцы (як вы нас абзываеце), здатныя не толькі на тое, каб прадаваць Вялікай Літве салёныя селядцы.

– Вырашэнне такіх пытанняў не належыць да маёй кампетэнцыі, – сумна ўсміхнуўся я. – Усё залежыць ад моцных свету гэтага.

– Не, не ўсё! – твар бургамістра радасна заззяў. – Сённяшні эксперымент ёсць лепшым доказам таго, што маецца сіла, якая непадуладная каралям і курфюрстам. Зрэшты, гэтую сілу не змогуць адолець нават волаты, калі не будуць мець ведаў. Веды – вось што з’яўляецца сапраўднаю ўладай.

Людзей на плошчы, тым часам, зрабілася яшчэ болей. Гер Ота даў знак рукою, і адразу ж загучалі барабаны і горны, запабягаючы пачатку эксперыменту. Бюргерскі натоўп аціх. На плошчы з’явіўся спавеснік, які тлумачыў кожны крок дзеі. На сярэдзіну вольнай ад людзей часткі плошчы былі вынесеныя дзве металічныя полыя паўкулі памерам з ладны чан кожная. І да адной, і да другой звонку па цэнтру мацавалася трывалае жалезнае колца. «Звярніце ўвагу, што на першай паўкулі, ёсць адмысловая трубка для выпампоўвання паветра», – натхнёна, быццам легенду пра бой Зігфрыда з Брунхільдай, крычаў спавеснік. Гер Ота кіраваў колькімі памочнікамі, якія зладжанымі рухамі спалучылі абедзве паўкулі, папярэдне размясціўшы між імі скураное правошчанае кальцо. Калі гэта было зроблена, бургамістр уласнаручна выкарыстаў помпу для аслабанення поласці, што ўтварылася між паўкулямі. «Я смею сцвярджаць, што гэтыя паўсферы трымае разам вельмі магутная сіла, – гучна паведаміў ён. – Раз’яднаць іх будзе немагчыма нават самым дужым людзям». Па натоўпе прабегся недаверлівы шумок. Зняпраўдзіць словы бургамістра выклікаліся два тутэйшыя асілкі – гарбар Клос Гербер і каваль Ганс Мэсэршміт. Захопленымі воплескамі бюргеры віталі іх выйсце на сярэдзіну плошчы. Але ні адзін, ні другі, дарма што прыкладаліся шалёныя высілкі, не здолеў вярнуць паўкулі ў першапачатковае становішча. Тады гер Ота прапанаваў, каб гарбар і каваль паспрабавалі дзейнічаць разам. Яны паспрабавалі. Але ў іх зноў нічога не атрымалася. Плошча расчаравана загула.

– Як вы мяркуеце, – звярнуўся да месцічаў бургамістр, – ці будзе такі ж самы вынік у шаснаццаці коней, што будуць цягнуць паўсферы ў процілеглыя бакі?

– Хіба што ў зусім мёртвых клячаў, – не марудзячы, выкрыкнуў нехта з бюргераў і самазадаволена зарагатаў. Частка прысутнай грамады падтрымала яго рогат.

Гер Ота махнуў рукой, і на плошчу былі выведзеныя дзве восемкі дужых коней. Памочнікі жвава ўпрэглі іх у жалезныя колцы паўкуляў і сталі панукаць. Коні, падпарадкоўваючыся пануканням, апантана ірванулі са сваіх месцаў. Спужанае войканне бюргераў уперамешку з конскім іржаннем колькі хвілін трывала над ратушнай плошчай. На ўсіхнае дзіва коні не змаглі раз’яднаць паўкулі.

– Вы ўсё цудоўна бачылі, – трыумфуючы, прамаўляў бургамістр. – І калі я скажу, што гэтую сілу зусім немудрагелістымі дзеяннямі можа перамагчы юная фройляйн, мабыць, вы мне не паверыце. Але я вам гэта зараз давяду. Прашу маю юную памочніцу фройляйн Алісу падыйсці сюды і раз’яднаць паўсферы!

Дзяўчына не з’яўлялася. Натоўп маўчаў у напружаным чаканні. Гер Ота яшчэ раз паклікаў Алісу, але зноў безвынікова. Хваля трывогі чыркнула мне па сэрцы. Увадначас я зразумеў, што гэтая хваля закранула ўсіх, хто прысутнічаў на плошчы. Нарастанне неспакойнага шэпту было перакрэслена гучным конскім іржаннем і тупатам. Людзі ў натоўпе машынальна павярнуліся на гук. «Чорны вершнік!» – крыкнула нейкая жанчына. Плошча страпянулася і адразу ж здранцвела ў няўцямным цікаванні за коннікам, які няшчадна прышпорваў рысака і паспешліва аддаляўся па адной з сумежных вуліц.

Цоканне падковаў па брукаванцы заварожвала. Свядомасць распушчалася ў гэтым, здавалася б простым, суквецці гукаў. Мой стан нагадваў навальную дрымоту, якая не дазваляла на нешта вырашыцца. Дзве неслабыя поўхі ўраз разбілі гэтае насланнё. Я ачомаўся і ўбачыў перад сабой Арыну Зарыцкую і Мілу Шчодрык, якія трымалі за аброць майго дрыкганта, які адгукаўся на мянушку Буцэфал. «Эрнест Скіргайлавіч, сядайце хутчэй на каня і даганяйце гэтага адмарозка. Ён выкраў Алісу», – сказала Арынка. Яе словы мяне ўзрушылі, і я без лішніх роспытаў ускочыў у сядло. Міла сфатаграфавала маю спрытнасць камерай мабільнага тэлефона. Я памахаў абедзвюм дзяўчынам рукой і праз соннае царства ратушнай плошчы паімчаўся наўздагон чорнаму вершніку.

Верхам на дрыкганце я шпарка ляцеў па горадзе, намагаючыся не згубіць са слыху ледзьве чутны тупат разбойніцкага каня. Мной авалодаў неўтаймоўны пераследніцкі азарт. Ён вельмі ўдала спалучыўся з моцнай злосцю на невядомага фацэта, які зладзейскім чынам насмеліўся скрасці маю любімую вучаніцу.

Наблізіўшыся да гарадское ўскраіны, я ўрэшце здолеў угледзіць ворага. Той не даваў ані каліва палёгкі свайму чорнаму, як смоль, каню і працягваў гнаць яго наўскач. Вораг кіраваўся да невялікага маляўнічага гаю, да якога заставалася колькі вёрстаў гарцавання па дарозе сярод чыстага поля. Будучы ўпэўненым, што ён не зможа там схавацца, я ўсё ж прыспешваў дрыкганта.

Мой конь выжыльваўся, як толькі ўмеў. Паветра пахла мятай і дарожным пылам, клубы якога не паспявалі асядаць на зямлю. Адлегласці да ліхога разбойніка рабілася ўсё меней а меней. Я выразна бачыў яго доўгі чорны плашч, які прыгожа трапаў вецер. Я выразна бачыў яго дзіўны чорны шалом, які неверагодным чынам блішчэў, адбіваючы сонечнае праменне. Але гэтага было мала. Каб вырашаць, як дзейнічаць далей, мне трэба было пераканацца, што Аліса насамрэч з ім. Я не зводзіў вачэй з ворага. І калі той дасягнуў павароткі, у абсяг майго зроку трапілася белая сукенка, якая была на Алісе перад пачаткам эксперыменту з паўкулямі. Мая вучаніца сядзела перад чорным вершнікам, які затуляў яе. Я адчуў, як у маіх скронях запульсавала кроў. Здавалася, што яна двума фантанчыкамі вось-вось рынецца вонкі.

Перад самым гаем, упершыню за ўсю пагоню, выкрадальнік абярнуўся. Сярэдзіна мая схаладзела. Нервовы смяшок сарваўся з маіх вуснаў. У адчыненым забрале шалому чорнага вершніка красаваў крышталёвы чэрап. Вораг імкліва ўехаў у гай, распудзіўшы шматлікіх крумкачоў, якія з неймаверным крыкам закружлялі над дрэвамі. Праз колькі хвілін я таксама апынуўся ў лесе. Святло ў адно імгненне згасла. Дарога знікла. Дрэвы пачалі каведна змыкацца. «Расстраляю срэбнымі кулямі!» – колькі меў моцы, закрычаў я. Рука пацягнулася да мушкета. Мае папярэджанне засталося праігнараваным. Давялося страляць. Кулі зыркімі сполахамі выляталі з мушкетнай рулі і навылёт прабівалі цемру, расчышчаючы мне шлях. Калі рукі стаміліся перанабіваць мушкет, а вакольная цемра стала нагадваць сіта, гай скончыўся.

Буцэфал спрытна выскачыў з прадзіраўленай цемры ў дзённае святло. Я хацеў верыць, што вораг далёка не ўцёк. На мой подзіў ад гаю заміж аднаго аддаляліся васямнаццаць аднолькавых чорных вершнікаў. Кожны з іх імчаў уласным кірункам. «Ну, і як мне высветліць, у якога з гэтых пустадомкаў зараз Аліса?» – збянтэжана прамовіў я. Становішча зеўрыла суцэльнай безнадзейнасцю. Памыліцца ў выбары было вельмі проста. Адксеракапіяваць сябе і майго каня, каб разам з копіямі выправіцца ў пагоню за кожным з васямнаццаці ворагаў, не ўяўлялася праўдападобным. Я стаў крыўдаваць на сэрца, якое толькі білася і нічога не падказвала мне.

Раптоўна пачуўся голас Алісы. Дзяўчына натхнёна спявала:

Sah ein Mдdchen ein Rцslein stehen

Blьhte dort in lichten Hцhen

Sprach sie ihren Liebsten an

ob er es ihr steigen kann.

Спеў сыходзіў з боку толькі аднаго вершніка. Туды я і паімчаўся.

– Тармазні! – крыкнуў я ворагу, калі да таго заставалася сажняў пяць. – Выклікаю цябе на двубой!

Чорны вершнік спыніў свайго каня, але да мяне не павярнуся. Захоўваючы ранейшую адлегласць, я сказаў «тпру» майму прытомленаму дрыкганту.

– Не бачу прычынаў для двубою, – пачуўся скрыготкі металічны голас.

– Ты скраў маю нявесту, чым абразіў мяне, а заразом сарваў эксперымент майго добрага сябра Ота фон Герыке, – рашуча адказаў я.

– Ты шмат на сябе бярэш, – незадаволена гыркаў вораг. – Аліса не твая, а мая нявеста. І яна будзе ўдзельнічаць толькі ў тых эксперыментах, у якіх я ёй дазволю.

– А ты не ўчадзееш ад шчасця, жанішок?! – ускіпеў я.

– Учадзею ці не ўчадзею, вырашу як-небудзь без тваіх парадаў, – узаемна ўскіпеў чорны вершнік і рэзка павярнуўся, скіроўваючы на мяне стрэльбу-ручніцу. Павінен быў грымнуць стрэл, ад якога я паспяваў адгарадзіцца толькі далонню. Гэта быў не самы лепшы варыянт спробы самаўратавання, але знайсці іншага я не меў ні часу, ні натхнення. «Бадай табе цагліна на галаву звалілася!» – роспачна вылаяўся я і ў тую самую секунду пачуў звон разбітага шкла, глухі гук падзення на дол і спалоханы ўскрык Алісы.

Апусціўшы далонь, я ўбачыў, што чорны вершнік ляжаў на зямлі. На аскепках яго крышталёвага чэрапа пузам угору валялася акрываўленая чарапаха. Усё выдавала на тое, што акурат яна ўпала на галаву выкрадальніка. Я міжволі зірнуў у неба. Невысока над намі кружляў беркут, губляючы надзею вярнуць страчаную здабычу. Мяне вельмі непакоіла пытанне, ці не пацярпела Аліса, пагатоў яна злезла з каня і залівалася горкімі слязьмі. Я саскочыў з Буцэфала і пабег да яе.

– Эрнест Скіргайлавіч, навошта вы яго забілі? – з дзіўным для мяне дакорам спытала яна.

– Аліса, я не забіваў яго. Гэта збег абставін, – гаварыў я, але словы мае гучалі, як нягеглае адбрэхванне злачынцы.

– А на каго ж ты мяне, мой родны, пакінуў?! А ад каго ж я нараджу трох бялявых дзетак?! – не плакала, а галасіла дзяўчына над целам вершніка. Гэтае відовішча здавалася неверагодна жудасным і да таго ж крыўдным для мяне. Цяжка было асягнуць розумам прычыну, па якой Аліса аплаквала свайго выкрадальніка. Не зважаючы на яе слёзы, я абшукаў забітага, спадзеючыся знайсці хаця б кволую падказку. У чорнага вершніка нічога не было, апроч нашыйнага медальёна з гравіраванкай: «Cutting Diamond». Ад нечаканасці я падаўся назад і ўражанымі вачыма паглядзеў на вучаніцу.

– Вы не павінны былі гнацца за намі і імкнуцца разбурыць наш маленькі свет, – з нянавісцю прамовіла Аліса, узножыла, села на каня і паскакала ў бок Магдэбургу.

Я стаяў, як саляны слуп, у бессэнсоўным роздуме: дзяўчына, якую я прагнуў выратаваць, насамрэч не хацела выратавання. Пякельная цацка з таннай крышталёвай макітрай была для яе нечым больш дарагім, чым я і мае пачуцці. Дзяўчына папросту не жадала са мной знацца.

Пакуль планка маёй самаацэнкі павольна апускалася ўніз, безгаловы вершнік незаўважна падняўся на ногі і зрабіў пару моцных кулачных ўдараў мне ў галаву. Азвярэўшы ад неспадзяванкі і жахлівага болю, я ўмэнт павярнуўся і набыў баявую паставу. Ворага гэта не спыніла. Ён наляцеў на мяне і стаў метадычна збіваць, раскрываючы ўсе мае блокі, нейтралізуючы большасць маіх спробаў рабіць удары ў адказ. Вершнік цэліў выключна мне ў твар. Твар хутка пакрываўся барознамі і каналамі драпінаў ды іншых верадаў, з якіх сачылася кроў. Маё становішча было настолькі мізэрным, што ніводная вавілонская шлюндра не зрабіла б стаўку на маю перамогу. «А каб жа цябе дзвярыма ў чыстым полі прышчаміла!» – выгукнуў я і плюнуў крывёю. Пачуўся скрып, і за спінай ворага з візгатам адчыніліся дзверы, зваліўшы таго з ног. Невядомая сіла зацягвала вершніка ў цёмны праём. Калі яго засмактала напалову, дзверы рэзка зачыніліся, а потым з дзясятак разоў ударылі безгаловага. Ён ніяк не супраціўляўся, і неўзабаве быў праглынуты цёмным пакоем за дзвярным парогам.

Я цяжка ўздыхнуў. У дзверы асцярожна пастукалі. «Незамкнёна», – з абыякавасцю да імавернай небяспекі адказаў на стук я. Дзверы разнасцежыліся. На парозе стаялі Арына і Міла. «Вам прывітанне ад Цыпінай», – зладжаным двуспевам выпалілі яны і паімкнулі мяне за сабой.

24.

Я скурчыўся ад начнога холаду. Арына трымала мяне за руку, нашэптваючы суцешлівыя словы. Міла вярнулася ад шапіка з пляшкай мінералкі, якой без адвалокі стала мяне паіць. Я прагна паглынаў вільгаць, нібы жывую ваду. Галава гула. Твар гарэў ранамі. На разбітых у кроў кулаках боўталася садраная скура. Памяць поўнілася выразнымі малюнкамі нядаўніх падзей, у рэальнасць якіх верыць не хацелася.

Я пацікавіўся ў спадарожніц, што са мной здарылася. Тыя нічога пра здарэнне не ведалі, растлумачыўшы, што сустрэлі мяне каля цырка ўжо са спляжаным тварам. Я атарапела глядзеў на іх. Дзяўчаты маглі падумаць пра мяне бог ведае што. Мяне агарнуў сорам. Арына выклікала таксоўку і ўдакладніла, ці маю я грошы, каб даехаць да дому. Гаманец з грашыма і пакунак з новым мабільнікам былі на месцы. Зірнуўшы на мабільнік, я згадаў, што ў Цыпінай з’явіўся тэлефон, і спытаў пра гэта ў дзяўчат. Яны ахвотна мне яго надыктавалі. Я ніякавата ўсміхнуўся, падзякаваў выпускніцам за спагаду і паспяшаўся сесці ў таксовы «фолькс», які акурат падкаціў да прыпынку.

Таксіст марна спрабаваў са мной загаварыць. Я маўчаў. Мае думкі роіліся вакол аднаго пытання: чым было ўсё, што адбылося са мной пасля таго, як на школьным ганку я перадаў Алісе Селязнёвай яблык? Я жадаў тэрмінова спісаць Магдэбург, гера Ота фон Герыке і чорнага вершніка на сон альбо нават галюцынацыю. Аднак прымальнасць і аднаго, і другога варыянта вымяталася паганай мятлой маіх ранаў. Канечне, я ведаў, што сны і галюцынацыі могуць быць дужа рэалістычнымі. Але ў тое, каб верад, атрыманы ў відзежы, пераносіўся ў рэчаіснасць, я не верыў і не раіў іншым. Мае думкі сыпалі іскрамі, падобна двум электрычным кантактам, якія дакраналіся адзін да аднаго пад парывамі ветру.

Апоўначы я апынуўся дома. Першым маім жаданнем было адправіць sms’ку Алісе з пытаннем пра настрой пасля алімпіяды. Аднак позні час і надыход панядзелка стрымалі мяне ад гэтага безразважнага ўчынку. Скінуўшы апранахі, я забурыўся на канапу і шчасліва заснуў, нібы немаўлятка, якога мама добра пакарміла малаком сваіх грудзей.

Раніцай я адкрыў чарговае дзіва – усе мае раны амаль цалкам загаіліся. На твары заўважаліся пэўныя анамаліі, але ўбачыць іх можна было толькі пасля пільнага прыглядання. Кулакі ж знаходзіліся ў ідэальным стане. Я голасна зароў і адным з ідэальных кулакоў размудохаў люстэрка. Згадалася, што так рабіць нельга – дрэнная прыкмета. Гэтая згадка пацягнула за сабой нітку з клубка ірацыянальнасці, і я на поўным сур’ёзе стаў лічыць, што знаходжуся ў вязьме насланых нядобразычліўцам сурокаў. Атрымлівалася, што я не мог даць веры ў магчымасць прасекчы дзірку ў глабальнай кампутарнай сімуляцыі, але зусім спакайнютка верыў у чыёсьці кепскае вока, якое мяне сурочыла.

Шчодра абліўшы ёдам парэзаную аскепкам люстэрка руку, я неахайна пераматаў яе эластычным бінтам і паспяшаў за кампутар. Ранішні панядзелкавы dial-up быў дастаткова літасцівым і дазволіў бязь лішніх нерваванняў увайсці ў сеціва. Мне карцела знайсці спосаб хутка пазбыцца сурокаў. Здавалася, што самыя надзейныя сродкі маглі прапанаваць толькі сябры па блогах. Таму не доўга думаючы, я стварыў новы допіс, у якім задаў канкрэтнае пытанне: «Як у хатніх умовах вызваліцца ад дзеяння сурокаў?».

Потым я перайшоў у гасцёўню сайта Алісы. Там мяне чакала рэакцыя, якую пакінуў прыснапамятны Cutting Diamond: «Чувак, здай мне свайго драгдылера і не клейся да маёй дзяўчыны». Я шпарка набраў яму ў адказ: «Ота фон Герыке» і вылез з інтэрнэту. Трэба было выпраўляцца на працу. Каб не зыходзіць зусім галодным, я высмактаў курынае яйка і адным цугам выпіў палову вялікага кубка гарачай кавы з цукрам.

У школе я адразу ж пацікавіўся ў Селязнёвай пра яе алімпійскія ўражанні.

– Як толькі я ўвайшла ў залу і ўбачыла, што большая частка ўдзельнікаў гэта ўскудлачаныя кучаравыя і нават барадатыя хлопчыкі, стала зразумела, што шанцаў у мяне ніякіх, – з горыччу паведаміла дзяўчына і, заўважыўшы бінт на маёй руцэ, тут жа спытала: – Вы з кімсьці біліся?

– Не, бульбу на дранікі дзёр, – урачыста схлусіў я.

Аліса пільна паглядзела на мой няголены з суботы твар. Мне не хацелася, каб яна ўбачыла сляды знікомых ранаў на ім, і я адвярнуўся да дошкі крэмзаць тэму ўрока. Вучаніца цяжка ўздыхнула і села за парту. Спінай я адчуваў яе погляд. Ніякаватасць ад маўчання была невыцерпнай. Урэшце я не вытрымаў:

– Скажы, калі ласка, а ты не заўважыла чаго-небудзь дзіўнага пасля таго, як мы з табой учора развіталіся?

– Дзіўнага? – на секунду задумалася Селязнёва. – Ну, хіба што здзіўлены позірк Алёны.

– І ўсё?

– І ўсё, – збянтэжылася яна. – А што я павінна была заўважыць?

– Шчасце ёсць, яго трэба толькі заўважыць, – ухіліўся я ад удакладнення.

Аліса пяшчотна ўсміхнулася і разгарнула падручнік, быццам збіралася паўтараць хатняе заданне.

На ўроку панаваў выключны парадак. Некалькі чалавек самастойна вызваліся адказваць па мінулай тэме, і былі ўзнагароджаныя выдатнымі адзнакамі. Ніхто з класа не дазволіў сабе нараканняў з якой-небудзь нагоды. Мне чамусьці здалося, што гэтага парадку дабілася, выкарыстоўваючы нейкія таемныя спружыны ўздзеяння, староста Аксана Багуслаўская. Толькі пад самы канец урока, калі я натхнёна тлумачыў магчымыя прычыны росту гарадоў Беларусі ў ХІХ стагоддзі, вуха вылавіла ціхенькі шэпт. Лера Булатнікава, захінуўшы вусны рукамі, гаварыла Карыне Кляшторнай: «Цікава, з кім ён спіць? Выгляд такі стомлены, а бадзёрым салавейкам заліваецца. Мабыць кагосьці траляваў усю ноч». Карына чмыхнула ў адказ і абазвала суседку па парце дурніцай. Лерчына абурэнне патанула ў гуках званка на перапынак і ў маім рэпрэсіўным поглядзе.

Увесь дзень мне давялося адказваць на войканні каляжанак, якія прыкмячалі маю забінтаваную руку. Усім я тлумачыў паходжанне траўмы па рознаму, разумеючы, што ўсё адно яны прыдумаюць уласныя версіі, якія вычварна скампілююць і пусцяць скакаць па школьных завуголлях.

Вярнуўшыся дадому, я немінуча пасунуўся ў інтэрнэт. Да майго допісу ў блогу прыйшло дзясяткі два каментараў. Добрыя беларускія блогеры давалі размаітыя парады: «выпей йаду», «съешь ещё мягких французских булочек да выпей чаю», «вапрос сасёт», «у вас манія велічы», «калі ты ўжо ажэнішся?», «постмадэрніская мастурбацыя»… І толькі адна чуллівая фрэндэса патлумачыла, што ў хатніх умовах ад сурокаў вызваліцца вельмі цяжка, а для прафілактыкі параіла рассыпаць соль вакол ложка, на якім звычайна сплю. Я згадаў, што ў студэнцкія гады чытаў пра нешта такое, і вырашыў скарыстацца гэтым спосабам. Што праўда, рассыпаць соль на падлогу мне здалося няправільным, таму мая канапа неўзабаве была абстаўлена з чатырох бакоў глыбокімі талеркамі поўнымі кухоннай солі буйнога памолу. Глузды паселі на баліды і выехалі на трасу. Cutting Diamond маўчаў.

Нармальна выспаўшыся пад саляной аховай, я палічыў, што спосаб насамрэч дзейсны. Яшчэ аднекуль выкапаў іншую зброю ад сурокаў – голаснае спяванне. Яно, нібыта, не проста адганяла любое насланнё, а вяртала яго сурочніку разам з вобразамі, якія закладзены ў песні. Такая зброя была мне да спадобы. Я любіў спяваць. Праўда рабіць гэта голасна выпадала рэдка. Цяпер жа я стаў адмыслова падгадваць час рэпетыцыяў розных школьных мерапрыемстваў, каб праціснуцца да мікрафона і праспяваць што-небудзь для пустое актавае залі і той гіпатэтычнай асобе, якая мяне сурочыла.

Алесь Альхімовіч, якога ўзялі працаваць даглядчыкам школьнай аўдыётэхнікі, спрыяў у маіх спеўных парываннях, выстаўляючы іншым разам калонкі, пульт і мікрафон спецыяльна для мяне. І я пяяў, накрываючы моцным голасам ладную палову школы. Невядомаму сурочніку адрасаваўся «Уладзімірскі цэнтрал». Няпэўнаму каханню (а я не мог не спяваць пра каханне!) прысвячаліся «Дзіўныя танцы». У які б час ні гучаў мой спеў, у залю зазіралі цікаўнікі з ліку педагогаў і вучняў, дзівячыся, што гісторык дэманструе някепскія вакальныя здольнасці.

Між тым гісторык у тлуме барацьбы з сурокамі не забываў прыахвочваць вучняў да інтэлектуальнага пошуку. Адзінаццацікласнікі, многія з якіх толькі тым і жылі, што чакалі канца навучальнага года, узрушыліся, калі атрымалі заданне прыдумаць рыфму да прозвішча «Баластоўскі» і скласці такім чынам дэвіз, які мог бы ўпрыгожыць фамільны герб іх настаўніка. Гэта было сапраўднае дзіва, калі здаровыя абсалютна непрабіўныя дзецюкі, хадзілі па школе і абмазгоўвалі маё дзіўнае заданне. Неўзабаве сталі з’яўляцца першыя варыянты, якія так ці інакш павінны былі ўлесціць мяне: «Баластоўскі – хлопец свойскі», «Баластоўскі – чувак здароўскі», «Баластоўскі – настаўнік геройскі». Зрэшты, мне як запісному постмадэрністу спадабаўся іранічны варыянт прапанаваны Грышам Стахіевічам: «Баластоўскі – тыпус коўзкі». Выпускнікі заводзілі курну ад захаплення.

У падобных забаўках на нейкі час знікала падстава для маіх роспачных роздумаў аб невядомых сілах, што без дай прычыны гнялі мяне. Можа таму, каб затрымаць вяртанне ў абцугі гэтых роздумаў, я не прайшоў міма Ксені Чудатворнай, якую выпадкова спаткаў на прыпынку каля школы. Мне здавалася, што гутарка з маёй колішняй няўдалай пасіяй, будзе больш безбалеснай, чым заўчасны зварот да ўнутранага дыялогу з уласнай свядомасцю. Ксеня выглядала выдатна. Яна радавалася нашай сустрэчы, і ў гэтай радасці адсутнічаў нават самы маленькі драбочак фальшу. Дзяжурныя фразы гучалі нечакана цёпла і пяшчотна. Я быў для Ксені светлым успамінам юнацтва, які хацелася захаваць у памяці перад ад’ездам у Нямеччыну.

– А Мікаэл мне нічога пра вашы планы не казаў, – з’дзівіўся я.

– Мы з ім ужо амаль паўгода, як рассталіся, – паведаміла яна нечуваную навіну.

– Дык ты за фрыца замуж выходзіш?

– Не, пакуль толькі еду працаваць, – адказала Ксеня, і мне стала зразумела, што яе шлюб з немцам быў на той момант вырашанай справай. Баючыся маіх роспытаў (а не адказаць мне яна яўна не змагла б), Чудатворная з ласкавай клапатлівай усмешкай спытала ў мяне:

– Ну, а ты калі пашлюбуешся?

– Мая нявеста яшчэ не вырасла, – прамовіў я, не даючы магчымасці зразумець, жарт гэта ці не.

– Вось яно як, – троху збянтэжылася Ксеня.

Да прыпынку падыходзіла яе маці, ад чыйго погляду мяне раней кідала ў холад. Магчыма, што з часу нашага апошняга пабачання многае змянілася, і я сам здолеў бы замарозіць вачыма Чудатворную-старэйшую. Аднак спраўджваць гэта не хацелася. Я развітаўся з Ксеняй па-нямецку і пабег з ветрам, усведамляючы гістарычнае значэнне нашай сустрэчы.

25.

Саляная абарона супраць непажаданых уварванняў у маю свядомасць вельмі хутка выявіла сваю няслушнасць. Здаралася, што ледзьве не кожную ноч на мяжы явы і сну я адчуваў, што нехта невідочны ўскокваў мне на грудзі і пачынаў сядзець на іх, як кароль на імянінах. Адчуванне было не з самых прыемных, бо на грудзі ціснуў невыцерпны цяжар і неўзабаве пачынала бракаваць паветра. Варухнуцца я не мог. Крыкнуць таксама. Я заставаўся здольным толькі думаць і сілай думкі выганяць невідочную пачвару. Пасля колькіх візітаў гэтай пачвары льга было пераканацца, што найбольш дзейснымі сродкамі супраць яе былі а) псалом у старабеларускім перакладзе Францішка Скарыны: «Бог прэпаяса мя сілаю і палажы непарочэн пуць мой. Свершая нозе маі яка елені, навучая руцэ мае на брані. Пажну врагі мая і пасцігну іх і не вазмогуць стаці, падуць пад нагамі маімі. Ізтаню іх яка прах прэд ліцэм ветру», б) сура ў маёй уласнай вялікалітоўскай інтэрпрэтацыі: «Вот вы папрасілі свайго Госпада а ўспамозе, і Оный адпаведзіў вам: «Я ўспамагу вам тысячай янгалаў, каторыя цецяць адзін за адным». Алах ўчыніў то весткаю добрай, абы вашы сэрдцы знайдавалі спакой. Прэвазмога можэць быці тылька ад Алаха. Заісце, Алах – Велемоцны, Мудры».

Аднак ні псалом, ні сура, ні нават – як запасны аварыянт – традыцыйная замова («Хух, хух, мой лёгкі дух!») не ратавалі ад вялізных сініх мяшкоў пад вачыма, якія шторання я назіраў у новапрыдбаным люстэрку. Гэтыя мяшкі раптоўна (ці, як той казаў, ні села ні пала, давай, котка, сала) сталіся маім фірмовым знакам і аб’ектам усебаковага абмеркавання ў працоўным калектыве і сярод вучняў. Дзявочы 10 «В» клас нават выпусціў невялічкую насценгазету з сяброўскім шаржам на мяне, дзе я даставаў са сваіх мяшкоў зярняткі і падкормліваў дзясятак розных птушачак. Усё гэтае хараство суправаджалася надпісам: «А ты гатовы дапамагчы крылатым сябрам?!»

Многім здавалася, што ў мяне ўзніклі праблемы з алкаголем. Староннія вочы, бачачы, як я ў школьнай сталоўцы штораніцы набываю і адразу ж высмоктваю бутэлечку мінеральнай вады, не жадалі бачыць прычынай смагі нешта іншае, акрамя пахмелля. Ніхто мяне ўголас не дакараў, але ўяўна спагадлівы выгляд размаітых дабрадзеяў даводзіў да міжвольнага шаленства, якое я таіў у сабе.

За чарговай порцыяй мінералкі мяне заспела новая ўводная ад Марыны Нарымунтаўны Любартавай. Гэтым разам трэба было мусова весці ўвесь клас у тэатр. Я пачасаў галаву. Паход у тэатр не быў прадугледжаны нашай з 11 «А» паўгалоснай канвенцыяй. Пераканаць вучняў у мэтазгоднасці прагляду спектаклю, назвы якога ніхто не ведаў, уяўлялася задачай неадольнай амаль, як казачнае ідзі туды, не знаю куды. Клас і сапраўды няўхвальна заскрыпеў, варта было мне толькі выраніць з вуснаў слова «тэатр». Ахвочых ісці на спектакль аб’явілася ўсяго тры чалавекі. Астатнія казалі: «Не магу», падмацоўваючы адмову туманнымі абгрунтаваннямі.

Я моўчкі глядзеў на клас, мерна пагойдваючы падвочнымі мяшкамі. Відовішча, як можна сабе ўявіць, было не самым прыемным. Многія хавалі вочы, тупячыся ў парты ці сцены. Проста, як тая Цыпіна пры канцы лета. Аднак, калі я не ведаў, што павінен быў сказаць тады Настассі, то ў выпадку з маімі вучнямі словы нараджаліся самі. «Гэта называецца форс-мажор, – спакойна гаварыў я. – Ні вы, ні я пра гэта не падумалі. Але адмаўляцца ад яго раўназначна адмаўленню стыхійных бядотаў ці ваенных дзеянняў. Вось скажы мне, Пеця Андропаў, што б ты зрабіў, калі б тваю нявесту выкраў чорны вершнік? Ты наўрад ці пайшоў бы да рэпетытара па матэматыцы або да Андрэя Дастаеўскага, каб глядзець анімэ. Ты б паспяшаўся на выратаванне каханай дзяўчыны. Так, спектакль – гэта не прынцэса, якую трэба немінуча ратаваць. Але толькі наведаўшы яго, вы зможаце зрабіць добры ўчынак дзеля мяне – вашага любімага Эрнеста Скіргайлавіча, якога заўтра можа і не стаць…».

Клас абрынуўся ў чародны прыступ крыштальнай цішыні. Ніхто нічога не мог зразумець, трапіўшы ў выразна шантажысцкую пастку, ненаўмысля выстаўленую мной. Пасля колькісекунднага здранцвення пачаўся ўсеагульны рух у падтрымку ідэі наведвання тэатру. Я ўсцешана глядзеў на сваіх падапечных, разважаючы, ці можна назваць мае з імі спраўныя дачыненні разнавідам стакгольмскага сіндрому.

Тэатр напоўніўся школьнікамі, навучэнцамі каледжаў, вучэльняў і іх выкладчыкамі. Майму 11 «А» трапіліся апошнія шэрагі. Вышэй за нас былі толькі балконы і дах з галубамі, што гнюсілі на статую Мельпамены, якая стаяла на вільчаку з лаўровым вянком, скіраваным у бок помніка Леніну.

Спектакль ставіўся бранскай тэатральнай трупай па матывах п’есы маладога беларускага драматурга і называўся «Выканаўца жаданняў». Не ўбачыўшы на сцэне партызанаў і немцаў, вучні збянтэжыліся. Маладая пара – ён і яна – высвятлялі між сабой адносіны, аж пакуль незразумелым чароўным абаротам не памяняліся месцамі: ён апынуўся ў яе целе, а яна – у ягоным. Без метафар і сэксу.

Лера Булатнікава, якая сядзела проста каля мяне, абычас уздыхала, быццам пераймалася дзеямі, што разыгрываліся на сцэне. Праўда, кожны новы ўздых яна суправаджала пасоўваннем да мяне. Адзін раз нават за каленку ўхапілася. Я адразу ж прыбраў яе руку. Гэта не прымусіла Леру сумецца, бо праз пару хвілінаў яна паклала галаву мне на плячо і прашапатала: «Зусім трошачкі, калі ласка». Дзіўная дзяўчынка, якая не так даўно прасіла нічога не гаварыць яе маме, зноў спрабавала паўтарыць свой вычын ды яшчэ і навідавоку ўсёй паралелі адзінаццатых класаў.

«Перастань», – прашыпеў я і заўважыў, што паглядзець на нас азірнулася Аліса, якая сядзела шэрагам ніжэй. Нават у паўзмроку яе вочы выпраменьвалі чароўную ясноту. Мне падавалася, што пад цікаўнасцю, з якой яна зірнула на мяне і Леру, хаваецца рэўнасць. Я нават тупа чакаў, што Аліса зараз дастане са сваёй сумачкі пілку для пазногцяў, каб паквітацца з баламутлівай аднакласніцай і шалапутлівым класным кіраўніком. Гэта была б драма не горш за тую, што адбывалася на сцэне. Аднак Селязнёва толькі злёгку пасміхнулася і вярнулася да прагляду спектаклю. Прынамсі, зрабіла адпаведны выгляд.

Булатнікава выканала маё патрабаванне, але ўсё адно знаходзілася ад мяне так блізка, што я проста не мог не адчуваць гарачыні, якая сыходзіла ад яе. Яе баламутлівасць таксама давалася ў знакі. «Калі б мы з вамі, Эрнест Скіргайлавіч, памяняліся свядомасцямі, то мая, будучы ў вашым целе, не прамінула бы ўвагай такую дзяўчыну, як я», – пратрызніла Лера, робячы ці то намёк мне, ці то камплімент самой сабе. «Ды хопіць ужо балбатаць! А яшчэ педагогамі называюцца», – незадаволена з прытарным ушчуваннем гыркнула незнаёмая цётка, што сядзела ў суседнім шэрагу праваруч ад мяне. Вось такіх цётак, якія не разбіраліся ў акалічнасцях, а адразу даставалі агнямёт і бязлітасна палілі ўсё вакол сябе ў радыусе ста кіламетраў, я ненавідзеў аж да самых прадонняў душы. Мяне цягнула павярнуцца да яе і паказаць які-небудзь сяброўскі жэст. Але я добра ведаў, што гэта вельмі кепская ідэя, якая, да таго ж, не аніяк не застрахуе ад наступных гырканняў з таго боку.

Я нахіліўся да Булатнікавай, каб шапнуць ёй на вушка парачку непрыемных заўваг. Але ў той самы момант яна знянацку павярнула галаву да мяне, і мы сутыкнуліся ілбамі. Я вельмі спужаўся за Леру, бо мой чыгунок мог зусім проста разбіць яе вытанчаную парцаляну. Дзяўчына войкнула, але не здолела ў сваёй тэатральнасці перасягнуць бранскіх актораў. «Падзьміце мне на лобік», – паўтарыла яна некалькі разоў так гучна, што на нас азірнулася палова залі, а галоўныя героі спектакля ледзь стрымаліся ад намеру даць нам добрага прачуханца. Вогненная цётка згарэла ад уласнага ж напалму. Вучні розных школ захіхікалі. Аліса Селязнёва прыслала sms’ку: «Забаўляецеся?», чым спыніла мой ступар, выкліканы ўвагай вялікай масы незнаёмых, збольшага недружалюбных, людзей. «Лера, гэта не забавы. Нас зараз парвуць на шматкі, калі ты не спынішся крыўляцца. Лоб цэлы?» – дэманструючы цуды самага ціхага шэпту, прамовіў я і скасавурыўся на Алісу.

Аліса рабіла выгляд, быццам фанатычна пільнавала вузлы і вузельчыкі «Выканаўцы жаданняў». Але яе пастава – пастава напружанага пасажыра, што ўліп у спінку крэсла ад нечакана вялікай хуткасці – выдавала неспакой, які напраўду валадарыў маёй любімай вучаніцай. Адчуваннем гэтага неспакою імгненна адмыкаліся патаемныя брамы маёй свядомасці, з-за якіх вырынала нечуванай сілы выбуховая хваля, ператвараючы ў попел табу, стэрэатыпы, сумневы. Я спрабаваў адводзіць думкі на зыходныя пазіцыі блізу чыгуначнай станцыі Цынізм. Я прыхоўваў ваганні ў бліндажах і акопах, вышытых на габеленах самападбадзёрвання. Але ратунку ад выбуховай хвалі не знаходзілася, дый не магло адшукацца ў прынцыпе, бо гэта было нішто іншае, як каханне.

Ад усведамлення таго, што я кахаю Алісу, мне зрабілася вусцішна. Я стаяў на тонкай струне, нацягнутай над цяснінаю, і падобна самаму апошняму містэру Ікс нашай планеты балансаваў між рэчаіснасцямі. Мяне не страшыла падзенне долу: там, у бездані, усяго толькі згарала гісторыя, і ў гэтым агні я пачуваўся б, як дома. Баяўся я іншага: не даляцеўшы да агню, саслізгнуць у чарговы Магдэбург.

– Эрнест Скіргайлавіч, што з вамі? Ачуняйце, калі ласка. Вы чуеце мяне? Я вас забіла? – пачуў я енкі Булатнікавай і вызначыў, што саслізгвання не будзе.

– Жар не згас, як сказаў класік, – лена прамовіў я.

– Дзякуй богу, а то мне здалося, што вы ў кому ўпалі ці там у сон летаргічны.

– Не, Лера, калі я і ўпаў куды, дык толькі ў маразм, пагадзіўшыся сесці побач з табой.

Спераду пачуўся смяшок Алісы. Ёй спадабалася, як я асадзіў Булатнікаву. Валерыя, зрэшты, не пакрыўдзілася. Апошняе ўмацавала мяне ў падозраннях, што стукнулася яна аб мой лоб усё ж такі дабрэнна.

Па сканчэнні спектакля, калі ўсе гледачы пасунуліся да гардэроба, Селязнёва згубілася з майго відавоку. Мяне цягнула на грэх апраўдвання, але саграшыць я так і не здолеў, бо знайсці Алісу ў гардэробным натоўпе выявілася немагчымым. Я яшчэ не ведаў, што яна акурат запачаткавала практыку сыходзіць без развітання, ведаючы, што мне карціць пачуць яе «да пабачэння». Не ведаў, але ўжо збянтэжыўся ад незразумелага пачуцця віны перад ёю.

Выйшаўшы з тэатру, я развітаўся з апошнімі маімі хвастамі – вучнямі, якія не спяшаліся ні дадому, ні да рэпетытараў – і рушыў у бок скверыку. Мне захацелася трохі праветрыць мазгі. Лепшага спосабу, акром пешага шпацыру па цэнтральнай вуліцы да цырку, я не прыдумаў. Кірыла Тураўскі ў той раз маўчаў. Але побач з ім стаяла Лера. Убачыўшы мяне, вучаніца памахала рукой. Але гэты жэст не значыў развітанне. Яна папрасіла мяне спыніцца і заявіла, што гатова залагодзіць свой грэх. Я скептычна пасміхнуўся і патлумачыў, што мне гэтага не трэба.

– Давайце я вас хоць гарбаткай пачастую, – не сунімалася Лера. – Не бойцеся, бацькоў дома няма. Калі захочаце, можна нават будзе ў «Медуніцу» пагуляць.

– У якую яшчэ «Медуніцу»? Што ты вярзеш? – у дзікім атарапенні пытаў я, не жадаючы атрымліваць адказы.

– Бярэм мёд і змазваем нашы гузакі ці яшчэ што-небудзь… – не заўважаючы маёй раздражнёнасці паспрабавала патлумачыць вучаніца.

– З хлопчыкамі ў такія гульні гуляй, – раўнуў я і паспяшаў вярнуцца да задуманага маршруту, кінуўшы Булатнікаву ў глыбокім засмучэнні.

І без таго разбэрсаны настрой быў падбіты. Каля «Мілавіцы» я адчуў прыступ жудаснага болю галавы. Здавалася, што на плячах у мяне вялізны бутон чорнай ружы, якой знянацку заманілася распусціцца. Сэнс шпацыру немінуча знікаў. Вакольныя вобразы руйнаваліся. Думкі, не зважаючы на мае намаганні нешта змяніць, вярталіся да болю і тым самым толькі павялічвалі яго фанабэрыю. Мая ўвага рассеялася нагэтулькі, што я практычна нікога і нічога не бачыў, а дакладней не ўспрымаў так, як мусіў бы ўспрымаць у ілюзіі абыдзённага самапачування. У людзей не было твараў і полавай прыналежнасці. Будынкі выглядалі да неахайнасці схематычна. Дыхалася цяжка – ад паветра адслойвалася тэкстура і непрыемна казытала нос.

Я чхнуў і знайшоў сябе каля пешаходнай «зебры» за чаканнем зялёнага сігналу светлафора. Калі светлафор урэшце расплюшчыў патрэбнае вока, мяне шпарка абагнала бялявая дзяўчынка гадоў шасці ў ярка чырвонай куртцы. У тую самую секунду я адчуў набліжэнне скрайняй небяспекі. Кінуўшы позірк направа, я ўбачыў чорны «бумер», які з шалёнай хуткасцю імчаўся па вуліцы. Раптоўна мне стала ясна, што кіроўца не збіраўся спыняцца на «зебры». Гэта азначала толькі адно – дзяўчынка ў чырвонай куртцы магла загінуць пад коламі машыны невядомага аўтамабільнага вар’ята. Я жвава падаўся наперад і проста скочыў, выштурхоўваючы бядачку з небяспечнае зоны. «Бумер» пранёсся праз мяне. Па ідэі мяне павінна было б разарваць на некалькі кавалкаў. Але я быў абсалютна цалюткі. Дзяўчынка перапужаным поглядам правяла ліхацкі самаход, а потым падбегла да мяне.

– Дзядзечка, ён вас не збіў? – узрушана, з лёгкім заіканнем, спытала яна.

– Не, бяляначка, не збіў, – адказаў я і вярнуў дзяўчынку на ходнік. – Ты нумар гэтага ліхадзея запомніла?

– На машыне не было нумару, – запэўніла тая.

Мінакі – сведкі здарэння – стоўпіліся вакол і ўзахапы выказвалі ўласныя версіі здарэння. Бальшыня не дзівілася таму, што я і дзяўчынка засталіся жывымі, а ў напышлівай заклапочанасці пераймалася, што я пасмеў нахабна кінуцца на безабароннага дзіцёнка. Мне не было што сказаць на абвінавачанні грамадскай думкі. Я проста стаяў і ніякавата маўчаў, нібы Супер-Марыё, якога заспелі за прымерваннем касцюма Бэтмэна.

– Вы ўсе ачмурэлі! – з абурэннем закрычала малая. – Дзядзечка мяне выратаваў ад пагібелі!

– Дык што ж… Ты яшчэ горкае дзіця і не разумееш, што маньякі гатовы пайсці на многае, каб убіцца ў ласку да сваёй ахвяры, – за ўсіх ёй стаў адказваць немалады кашчавы даўгай у старамодным плашчы. – Табе лепш не знацца з гэтым тыпам. Хадзі, салодзенькая, сюды, я цябе дадому праводжу, шакаладкай пачастую.

– Я цябе зараз самога так пачастую, што будзеш ляцець, пярдзець і цешыцца! – усхадзіўся я ад беспадстаўных абвінавачанняў і адчування новай пагрозы для дзяўчынкі – дзяўчынкі, якая па-ранейшаму заставалася на маім баку.

Натоўп працягваў абурацца мною. Нейкія расфуфыраныя цёткі з аднатыпным макіяжам, у якім пераважаў фіялетавы колер, намагаліся стрымаць мяне ад бойкі і хапаліся за рукавы. Кашчавы на маю пагрозу хацеў быў нешта адказаць, але голас бяляначкі, што ўзялася тэлефанаваць сваёй матулі, перапыніў і яго, і агульную гамарню: «Мама, тут мяне адзін харошы мужчына ад бяды ўратаваў, але злыя людзі абступілі яго і плятуць лухту… Ды не, усё добра… Мама, калі б не ён… Мы стаім насупраць «Шакаладніцы». Праз дарогу».

Невядома чаму, аднак злыя людзі сталі разбягацца, як чэрці ад распіяраных царквой пахношчаў.

– Мы яшчэ сустрэнемся, шчанюк, – харкнуў нянавісцю кашчавы і паспешліва пакрочыў у кірунку плошчы.

– Калі табе пашанцуе, то не сустрэнемся, – засмяяўся наўздагон я.

Неба зрабілася свінцовым. Праз якую секунду пайшоў снег. Ён падаў вялікімі пёрамі і не спадзяваўся праляжаць да вясны. Я і дзяўчынка ў чырвонай куртцы заварожана глядзелі на снегапад і ўсміхаліся. Побач спыніўся навюткі белы «мэрс». З яго шпарка выбегла зусім маладая жанчына і паляцела да нас. Так ляцець магла толькі мама, якая хвалюецца за роднае дзіцё.

Жанчына абняла дачку і ўзрушана стала распытваць, што да чаго. Малая дэталёва і лагічна распавяла ўсё, як было. Нават я не змог бы так расказаць.

– Дзякуй вам за Алінку, – звярнулася маладзіца да мяне. – Колькі я вам павінна?

– Вы павінны? – не зразумеў я раптоўнай празаічнасці.

– Узнагароду, грошы, – патлумачыла яна.

– Нічога не трэба, калі не хочаце, каб казка скончылася, – прамовіў я, кіўнуў малой на развітанне і пасунуўся да прыпынку.

– Скажыце хоць, як вас клічуць? – жанчына паспрабавала мяне азваць. – Мы паведамім пра ваш подзвіг на тэлебачанне. Вы станеце народным героем.

Я абярнуўся на яе голас і праз снежную заслону, што падзяляла нас, гучна сказаў:

– Гэта ўсё лішняе. Галоўнае, што ваша малеча не пацярпела.

Дзяўчынка тым часам падбегла да мяне і ўзяла за абедзве рукі. Яе далонькі былі халоднымі, як свінцовае неба, што раняла снег.

– Ты назаўжды будзеш для мяне самым лепшым. Ты стаў маім рыцарам, якога я ніколі не забуду, – прашаптала яна, гледзячы мне проста ў вочы.

– Забудзеш, сонейка, абавязкова забудзеш, – усміхнуўся я і пабрыў сваёй дарогай, якая, здавалася, ніколі не скончыцца.

26.

Напластаванне невытлумачальных здарэнняў з маім удзелам уражвала. Я марна стараўся не думаць пра гэта. Я няньчыў надзею на тое, што шквал дзіўнотаў неўзабаве скончыцца. Урэшце я ўгаворваў сябе прызнаць, што нічога са мной насамрэч не здарылася, а ўсё тлумачыцца выключна стомаю. Але гэта быў чарговы самападман, да таго ж самай каструбаватай работы.

Аліса перастала дасылаць мне sms’кі. Cutting Diamond ацаніў мой апошні запіс у яе гасцёўні рэплікай: «Казачны даўба…б». Рэпліка гэтая, што праўда, вельмі хутка знікла. Я зрабіў выснову, што хутчэй за ўсё Селязнёва яе знішчыла, не жадаючы, каб нехта крыўдзіў мяне на яе віртуальнай тэрыторыі. У школе мы з ёй пра гэта не размаўлялі. Наагул колькасць і працягласць нашых з ёю размоваў дужа скараціліся. Я ледзьве трымаўся, кідаючыся па спатолю то ў вір блогінгу, то ў асобныя хвалі плыні выхаваўчай работы, дзе меркавалася відовішчнасць. Зрэшты, зняможанасці на маім твары ад гэтага не паменела.

Паралель адзінаццатых класаў са старажытнаегіпецкім богам неба напалам усё-ткі падрыхтавала выступы да КВЗ. Лямку падрыхтоўкі і ў маёй, і ў двух іншых класах цягнулі пераважна актывісты. Што да астатніх, дык добра, калі хто-небудзь з іх зрэдку быў за папіхача. Часцяком жа яны папросту ігнаравалі творчы працэс ці ўсяляк ганілі старанні сваіх жа аднакласнікаў. Мне надта хацелася запрэгчы ў гэтыя калёсы Пецю Андропава і Андрэя Дастаеўскага, каб яны паспыталі на сваіх шкурах, як цяжка трымаць увагу аўдыторыі і ўспрымаць чыесьці кіслыя заточкі тады, калі стараешся выкласціся напоўніцу. Але хлопцы рашуча адмаўляліся ад удзелу, заяўляючы, што КВЗ – штука нямодная ў параўнанні з досціпамі Comedy Club. «О, Comedy Club! Гэта круцей за біятлон!», – з усмешкай да вушэй усклікала Інгебора Каленвалава і цягнула сваіх аднакласнікаў пакурыць.

В урочный день, в урочный час набілася поўная зала гледачоў. Большую іх частку, зразумела, складалі вучні, пачынаючы з восьмага класа і сканчаючы парачкай выпускнікоў мінулых гадоў. Колькі каляжанак сіратліва тулілася да сценкі ў недаверлівым чаканні няпэўнага цуду. Журы складалася з Любартавай, Данцовай, Рыбанькі, а таксама Андрамедавай, якая без запрашэння села за судзейскі стол. З трывожным сэрцам я падглядваў з-за кулісаў. І хаця запасны выхад быў адчынены, масты за маёй спінай пагарэлі ўшчэнт.

Я падаў сігнал гукарэжысёру Алесю Альхімовічу. Загучалі фанфары. Галасы ў залі сціхлі. Уся ўвага гледачоў засяродзілася на сцэне. Пад агульнае аханне і асобныя смяшкі я выйшаў да цэнтральнага мікрафона. На маёй галаве быў блазенскі каўпак з бомкамі. Правёўшы хіжым позіркам па зале, я стаў дэкламаваць:

Памаліся ж, дзяўчынка, да бога,

Каб я ў камедзі клабе не быў.

Па футбольных палях і дарогах

Ні адзін, ні з табой не хадзіў.

Бо да камедзі клаба з футболам

Абыякавы я з ранніх год.

Не лічы гэта выбрыкам голым,

Расшыфруй адзіноты штрых-код.

І наперад з усмешкамі пойдзем,

Пад крыўлянні і плач шымпанзэ

Годна кінем наш кліч у народзе:

Як гуляць, дык адно ў КВЗ!

Зала напружана слухала мяне, спрабуючы знайсці ў радках хаця б нешта смешнае. Усміхнуцца атрымоўвалася далёка не ва ўсіх.

Скончыўшы дэкламаванне, я раскаціста выкрыкнуў: «Мы гуляем у КВЗ!», дастаў з-за спіны цацачны пісталет і стрэліў угору. Ад пластмасавай кулькі балёнік, што вісеў нада мной, гучна лопнуў, сыпануўшы рознакаляровым канфеці. Публіку гэта ўразіла: выбух авацыяў давялося спыняць просьбай аб цішыні.

Я запрасіў тры каманды на сцэну і прымусіў іх ламаць мазгі над пытаннямі, накшталт: «Ці праўда, што чарговы працяг фільма «Матрыца» будзе здымацца на Сяльмашы?», «Ці можа Баба-Яга на конкурсе «Еўрабачанне» прадстаўляць Беларусь?» або «Някепска было б выпісаць «Cosmopolitan» для княгіні Настассі Слуцкай?». Мазгі скрыпелі, а вучні адказвалі. Пра Тэрмінатара ў шакаладных цэхах кандытарскай фабрыкі і Кіяну Рыўза на кормаўборачным камбайне «Палессе». Пра Бабу-Ягу, якой трэба навучыцца базарыць не толькі па-славянску. Пра «Плэйбой» для вялікага князя Жыгімонта Аўгуста.

Калі надышоў час пытанняў, падрыхтаваных камандамі для супернікаў, мяне ахапіў лёгкі мандраж. Я адмыслова не кантраляваў іх фармулёўкі, спадзеючыся на сюрпрызы і збольшага далікатнасць удзельнікаў. Акурат суцэльную далікатнасць, сцягнутую з інтэрнэту, вучні і дэманстравалі спачатку: з імёнамі расійскіх поп-зорак, Москвой златоглавой і серыялам «Не родись на Рублёвке». Урэшце, мікрафон у рукі атрымаў Грыша Стахіевіч і з ленінскай яхерынкай у голасе звярнуўся да суперніцкіх каманд: «Дазвольце ўдакладніць, ці праўда, што ў Эрнеста Скіргайлавіча 380 дзяцей?». Вось гэта быў сюрпрыз. Зала ўжо толькі з-за аднаго пытання палегла ад смеху. Журы сядзела з вачыма па паўтары талеры, намагаючыся не засмяяцца. Зрэшты, Рагнеда Іванаўна залівалася не горай, чым якая-небудзь з прысутных васьмікласніц. Я сам напяў на твар іранічную пасмешку, быццам зададзенае пытанне мяне не тычылася. Дзяўчаты з 11 «В» адказваць адмовіліся, чым толькі ўзмацнілі істэрыку ў залі. А вось каманда 11 «Б» ніколькі не сумелася. Яе капітанша Наташа Скрэпкіна спусцілася да гледачоў, пашапталася з адной бландзінкай-дзесяцікласніцай, вярнулася разам з ёй на сцэну, пагладзіла тую па жывоціку і голасна абвясціла: «Састарэлая ў вас інфармацыя. 381-шы на падыходзе». Гледачы паміралі ад шалёнага рогату, не паспяваючы запляскаць у ладкі і скласці тастаментаў. Журы ў поўным складзе выцірала слёзы.

Стала зразумела, што прагучаў самы галоўны жарт гульні. Колькі б цікавых конкурсаў ні было наперадзе – «Гістарычная кантрабанда» ці «Паляванне на пярэваратняў», «Я прыйшоў у бой, быццам Тамерлан» ці «Coolінарыя» – ніводзін з жартаў, прамоўленых там не выклікаў такога фурору. Каманды гэта хутка зразумелі і ва ўсіх заданнях на імправізацыю, так ці інакш стараліся абыгрываць магічную лічбу 381. Мне было весела. Усіхная ўвага ўяўлялася мне добрай таблетачкай ад дзівосаў.

КВЗ скончыўся баявой нічыёй. Журы дзякавала камандам і мне асабіста. Здавалася, што ніхто з іх не заўважыў зняможанасці на маім твары. Нахвальваўся мой поспех. Вызначаліся новыя рубяжы. Усё, як заўсёды. Да цемры ўваччу.

Калі зала збольшага апусцела, Рагнеда з гуллівай усмешкай сказала мне:

– Эрнесцік, хадзем. 382-га зробіш.

Я прамаўчаў, роспачна выдыхнуўшы ў бок.

– А чаго гэта ён з вамі павінен 382-га рабіць? – умяшалася Алеся ў вымушаны маналог настаўніцы эратычнай матэматыкі. – Можа ў яго іншыя кандыдатуры ёсць.

– Ці не ты, плотка? – з абурэннем удакладніла Андрамедава. – Ад цябе добрай ікры наўрад ці дачакаешся.

– Вы асцярожней языком мянціце, а то аб катангенс абрэжаце, – кпіла ў адказ Рыбанька.

– На вежы біліся хімеры, – ушчыпліва пракаментаваў я і пашыбаваў у кабінет гісторыі.

Пад дзвярыма мяне вычэквала Лія Навумаўна. Да таго яна неаднойчы сядзела са мной у кабінеце з выразным чаканнем, што я павярну ключ і зладжу ёй жарсцевы Пёрл-Харбар. Колькі разоў я сапраўды быў на мяжы таго, каб распачаць бамбардаванне, але ўчасна агоўтваўся і пачынаў казаць лухту пра засілле расійскай масавай культуры. Пасля КВЗ вочы Келдышавай ззялі асабліва. Дакладней, не ззялі ніяк. Яе нешта трывожыла.

– Твае сёння, канечне, адмачылі добрую штучку, – пачала яна. – А ты не ведаеш, чаму такі адказ Наташка прыдумала?

– Зусім лагічны адказ для тых, хто глядзіць расійскае тэлебачанне, – абыякава прамовіў я.

– А мне здаецца, што тэлебачанне тут не пры чым. Эрнест, ты думаеш, ніхто не прыкмячае тваёй цікавасці да маладзенькіх дзяўчат? Усе бачаць і пасмейваюцца з цябе. Ты ж на вачах у пудзіла ператвараешся. Заўважаеш? Навошта табе гэтыя малалеткі? Яны не могуць табе даць тое, на што здольная дарослая дасведчаная жанчына. Твае гушканні з малалеткамі – гэта гульні з агнём. Абгарыш увесь чыста, і ніводная з іх не стане цябе пялегаваць апасля.

– Ведаеш, Лія, калі я ўпарта змагаюся з тваімі заляцаннямі і заляцаннямі некаторых тваіх каляжанак, дык гэта не значыць, што ў гэтым вінаватыя нейкія міфічныя малалеткі. Ніякіх малалетак няма. Гэта выдумка тваёй галавы. І дазволь мне вырашыць самому, каго кахаць і якім чынам выглядаць – пудзілам ці боўдзілам.

– А Аліса Селязнёва, вакол якой ты круцішся, як кот каля смятаны, хіба не малалетка?

– Дзяўчыне неўзабаве васямнаццаць, – спакойна адказаў я.

– А табе неўзабаве колькі? Ты можа забыў? Табе неўзабаве дваццаць дзевяць гадоў стукне. Ты адчуваеш розніцу?

– Ну, дваццаць дзевяць, і што? Не канец жа свету.

Каляжанка вар’яцела ад захавання мною халоднай раўнавагі. Гарачыя хістанні я вырашыў ашчадзіць для наступных выпадкаў надзвычайшчыны.

– Мо’ ты замуж яе ўзяць хочаш? – Келдышава яўна не збіралася перарываць допыт. – Гэта ж атрымаецца проста, як на карціне Пукірава «Няроўны шлюб» – дзядуля і малодка. Напрасно невесту сгубили.

– Што я хачу, у кожным разе вырашаць не табе. Паралель з карцінай абсалютна недарэчная. Да ўсяго ты няслушна разумееш гэты мастацкі твор. У Мінску ў мастацкім музеі я з гадзіну глядзеў на палатно і ўцяміў адну парадаксальную рэч: нявеста ж страшней за атамную вайну, і дзед яе папросту ратуе, беручы замуж. Дый увогуле навошта рабіць трагедыю з няроўнага шлюбу? Калі зірнуць у нашу гісторыю, дык можна знайсці шмат прыкладаў, калі нявеста была значна маладзей за жаніха. Згадай хаця б вялікага князя Ягайлу і каралеўну Ядвігу, а з больш блізкіх часоў – Паўлюка Багрыма і Карнелію Шышлоўскую. Па вялікім рахунку мяне зрынае ў шаленства ханжавітая логіка нашага грамадства. Чаму пара, дзе жанчыне васямнаццаць, а мужчыне трыццаць гадоў, зазвычай лічыцца ненармальнай? Гэта ў той самы час, калі да параў, дзе ёй трыццаць, а яму трохі за сорак, грамадства прэтэнзіяў не мае. Хаця розніца ўзроставая, заўваж, аднолькавая.

– Эрнест, я прашу цябе, – роспачна ўзмалілася Лія, – кінь ты ўсю гэтую філасофію. Яна не дасць табе шчасця.

– А ты дасі? – скептычна кінуў я.

– Всё, что хочешь, милый мой, – суразмоўца праігнаравала мой скепсіс і зрабіла выразны рух наперад, каб пацалаваць мяне ў вусны.

Дапусціць пацалунак было раўназначным капітуляцыі, таму я ўхіліўся. Шчокі Келдышавай успыхнулі сарамяжным агняцветам. Вочы бліснулі нянавісцю.

– Выбірай адно: ці саромецца, ці ненавідзець, – параіў я і пакінуў каляжанку ў суворых роздумах.

27.

Пагалоска пра ўдалы КВЗ хутка разнеслася па школе. На чарговай вытворчай нарадзе педкалектыву дырэктар выказаў мне падзяку і паабяцаў ладную прэмію, каб іншым не панадна было. Калегі збольшага паважна пазіралі на мяне, бо ведалі, што нічый кавалак хлеба з ікрой я не сцягнуў. Кожны мог зрабіць падобнае ці яшчэ лепшае мерапрыемства, але зусім не кожны самастойна адважваўся на гэткі крок.

Поспех акрыляў мяне не горш, чым які энергетычны напой. Хацелася, каб мае вучні перамаглі ў краязнаўчым конкурсе «Горад над Сівой ракой», пагатоў праводзіць яго мелася Данцова. Каманда склалася амаль выключна дзявочая – Аксана, Алёна, Лера, Аліса, Кася, да якіх далучыўся Грыша. Я надаваў ім горы кніжак. Яны з імпэтам сталі іх перашуфлёўваць, назапашваючы новыя ці ўваскрашаючы ранейшыя веды па гісторыі роднага горада.

«Горад над Сівой ракой» можна было назваць сапраўдным школьным фестывалем, бо камандаў, выстаўленых да ўдзелу, налічвалася не менш, чым пальцаў на двух стандартных чалавечых руках. Шасцёрка маіх сезонных краязнаўцаў сядзела недалёка ад судзейскага століка, засланага бардовым вельветавым абрусам часоў развітога сацыялізму і каўбасы па два дваццаць. Склад журы быў тым самым, што і падчас КВЗ. Адзіным адрозненнем стаў я, які на просьбу Зінаіды Львоўны, мусіў дапамагаць з падлікам балаў. Просьба выглядала дзіўнай, бо з вылічэннямі ў мяне было зусім швах. Горш нават, чым у хлопчыка Анфіма з сярэднявечнага Ноўгарада.

Я планаваў прысесці збоку. Збоку прыпёка – тое, што адпавядала майму іміджу. Але ж каляжанкі, якія выжылі пасля паядынку на самурайскіх мячах, пастанавілі, што малады князь на пасадзе засядзе. Пасад быў акурат паміж іх дваіх. Калі б не дзеці, я здолеў бы адразу ж адбрыкнуцца. А так давялося падпарадкавацца бабскім дурыкам. Рыбанька злева. Андрамедава справа. Ядзерная ўспышка ззаду за вакном.

Перад пачаткам конкурсу я адправіў Алісе загадзя падрыхтаваную sms’ку, дзе зычыў камандзе «Чырвоны пясок» перамогі. Дзяўчына страпянулася, зірнула на мабільнік і задаволена ўсміхнулася, просячы каманду на раз, два, тры памахаць мне рукамі. Яна была ў гуморы і замілавана глядзела на мяне. Ведама ж, апошняе мне, дурню старому, толькі здавалася.

Зінаіда Львоўна прачытала верш Пушкіна пра наш горад і тым самым нарэшце дала старт конкурсу. Вучні малодшых класаў выйшлі на сцэну і пад аўстрыйскі акардэон урэзалі хваласпеў малой інтымнай урбаністыцы:

Родны мой горад, любоў мая.

Казка чакання чароўная.

Ты, калі ласка, чакай мяне

З кожнай дарогі, са шляху расстайнага.

Маштабнасць задумаў Зінаіды вымалёўвалася пакрысе. Спачатку былі заданні з варыянтамі адказаў: выбраўшы правільныя, з першых літар вучні складалі ключавы панятак. Некаторыя балельшчыкі жадалі, каб з васьмі літараў атрымалася банальнае трохлітарнае слова, на што яны дастаткова гучна намякалі камандам, якія старанна выводзілі на гульнявых квітках «РАДЗІМІЧ». На наступным этапе Данцова спрабавала падмануць удзельнікаў. «Ці верыце вы, што продкі саліста нямецкай групы Rammstein паходзілі з нашага горада?» – пытала яна ў напятых ад інтэлектуальнага бязмежжа вучняў. Алеся і Рагнеда пытальна ківалі мне, быццам я павінен быў ведаць радаводы да пятага калена салістаў усіх заходнееўрапейскіх гуртоў. Адначасова і тая, і другая пачалі пад партай церціся каленкамі аб мае сцёгны. Мне і майму ўнутранаму «Я» гэткая чухня не падабалася. Я ціхенька гаўкнуў на адну і на другую. Каляжанкі перапынялі падлашчванні, каб праз пэўны час, як на загад, пачаць іх зноў і з большай інтэнсіўнасцю.

Я наўмысля засяроджваўся на новых заданнях, агучаных Зінаідай Львоўнай, і прыгадваў, якая вуліца раней называлася Маскоўскай, якая Нямецкай, а якая Загуменнай, спадзеючыся, што ні Рыбанька, ні Андрамедава не надумаюцца да маніпуляцыяў рукамі. Гэта была б катастрофа. Мне не заставалася нічога іншага, як напрасіцца ў памочнікі да Данцовай і цягам чарговага конкурснага этапу трымаць у руках партрэты знакамітых расійскіх военачальнікаў, якія прынеслі ў наш горад сухі порах, камень і духоўнасць. Этап вызначыўся тым, што бальшыня старшакласніц, улучна нават з Наташай Скрэпкінай, стала мне падміргваць у надзеі атрымаць падказку. Я маўчаў і хаваўся за партрэтамі. Вылез толькі тады, калі ўсе каманды дружна паадказвалі няправільна. Вяртацца за стол журы не спяшаўся, усеўшыся на крэселка каля гукарэжысёрскага пульта. Там было значна спакайней, пагатоў Альхімовіч узычыў мне пігулку валяр’яны.

Не ведаю, з якімі мінамі сядзелі мае ласкальніцы, бо ад іх позіркаў мяне захінала каманда «Чырвоны пясок». Аліса раз-пораз крадком паглядала ў мой бок. Магчыма хацела наўскідак спраўдзіць, ці я перажываю яшчэ за іх або закінуў гэтую справу і фліртую, з якой-небудзь маладой спецыялісткай.

Пакуль я кайфаваў ад супакойлівай таблеткі і ясноты вачэй Алісы Селязнёвай, конкурсная праграма перайшла да свайго абавязковага этапу – ваеннага. Кожная каманда мусіла пераўвасобіцца ў адну з падпольных антыфашысцкіх груп, якія дзейнічалі ў нашым горадзе падчас Другой сусветнай вайны, і зрабіць адвольную самапрэзентацыю з песнямі, танцамі, вершамі, рэчытатывам, выкарыстаннем элементаў мультымедыя і так далей, на колькі б хапіла вучнёўскай фантазіі. А фантазіяй каманды зіхацелі не горай за выбухі на сонцы.

Усіхнай увазе былі прапанаваныя харэаграфічная кампазіцыя «Распаўсюджванне лістовак», драматычная сцэнка «Чамадан з бомбай у нацысцкім рэстаране», флэш-квэст «Падарві варожыя склады з палівам у прадмесці», цыркавы нумар «Зрабі Беларусі дабро – удар фашыста нажом пад рабро», вакальна-тэатральная пастаноўка «Мама, я падпольшчыка люблю»… Мае падпольшчыкі зладзілі паэтычны слэм – кожны ўдзельнік каманды выстараўся данесці да публікі пэўны верш на ваенна-патрыятычную тэматыку. Багуслаўская чытала пра палеглую пяхоту і кідала ў залю муляж гранаты. Караблёва сплятала рыфмы пра праваленую яўку і падала на сцэну расстралянай сувязной. Стахіевіч шчодра сыпаў верлібрам пра змрочныя турэмныя муры гестапа і разрываў кашулю на сваіх грудзях з крыкам: «Усіх не расстраляеце!». Булатнікава плакала радкамі пра шэры попел вогненных вёсак, трымаючы запаленую свечку. Праўда бальшыня бессаромных хлапцоў у зале чакала, што і яна, хай і без крыку, але парве на сабе кашулю. Вядзёркіна звонка чаканіла словы пра партызанскія сігнальныя агні і выстуквала па рацыі шыфраграму на Вялікую Зямлю. Селязнёва ўсхвалявана шаптала пра настаўніка, які пайшоў у партызаны і затуляла далонню рот, каб не выдаць лютаму ворагу яго імя…

Любартава ад імя журы прызнала крэатыўнасць і безумоўную таленавітасць камандаў, прысудзіўшы ўсім за ваенны этап конкурсу роўную колькасць балаў. «Чырвоны пясок» такая раскладка не задавальняла. Аксана настройвала астатніх удзельнікаў на сыход у адрыў ад іншых каманд, якія літаральна павіслі на хвасце. Перадапошні этап пад назвай «Горад у Вялікім Княстве Літоўскім», заданні да якога сфармуляваў я, выявіўся для бальшыні каманд правальным. Прычыну правалу зразумець даволі проста, згадаўшы адно з тыповых пытанняў: «Фамільнае гняздо гэтага старосты канца 60-х гг. ХVІ ст. знаходзілася ва Ўкраіне і называлася Варковічы, ад чаго і ўтварылася другая частка яго двухскладовага прозвішча – Варкоўскі. Як утварылася першая частка яго прозвішча, невядома. Аднак назваць яго зараз здолее не толькі кожны «хакер» і «юзэр», але і паспаліты «чайнік», які да таго ж чытаў казку пра залатаносную птушачку. Назавіце першую частку прозвішча гэтага старосты?» Вучні ацанілі маю дасціпнасць, але бездапаможна разводзілі рукамі.

З «Чырвоным пяском» упоравень ішлі на заключны этап дзве каманды з паралелі дзясятых. Пераможца меўся быць вызначаным па выніках перакрыжаванага абмену пытаннямі, якія падрыхтавала кожная з каманд. Журы чакала арыгінальнасці. Яе ставала, бо вучні, рыхтуючыся да гэтай часткі конкурсу, зазірнулі ў летапісы і хронікі, фальклорныя зборнікі, кнігі сучасных пісьменнікаў нашага горада. Прыпаміналіся вялікі князь Свідрыгайла, казачная Ліса Патрыкееўна, былая настаўніца нашай школы, якая выйшла замуж за рускамоўнага паэта, дэльфіны ў Сівой рацэ і дыназаўры ў фантане каля цырку.

Каманда маіх падапечных задавала пытанне апошняй. Для гэтай пачэснай справы была дэлегаваная Аліса, якая з чарговым хваляваннем у голасе прачытала хатнюю загатоўку з паперкі: «Легенда расказвае пра пэўнае экзатычнае дрэва, якое расло ў гарадскім парку з даўніх часоў. Гараджане шанавалі і бераглі гэтае дрэва, а падчас Вялікай Айчыннай вайны да яго нібыта прыходзілі партызаны і падпольшчыкі: атрымаць ці то параду, ці то натхненне на новыя подзвігі. Фашысты, даведаўшыся пра тое, пастанавілі вывезці дрэва ў Нямеччыну, але так і не змаглі – яно загінула, выказваючы сваё супраціўленне акупантам. Па сканчэнні вайны работнікі парка пасля працяглых пошукаў здабылі і пасадзілі некалькі маладых дрэваў той самай пароды. Яны і зараз шануюцца многімі гараджанамі як дрэвы кахання. Як называецца гэтае дрэва?»

«Гінкга», – падумаў я слушны адказ, любуючыся Алісіным профілем. Мала хто з супернікаў адказаў гэтак жа хутка, як я. Яшчэ менш здолелі правільна напісаць назву дрэва кахання на паперы. Я вярнуўся да стала журы, будучы пэўным, што «Чырвоны пясок» атрымаў чыстую перамогу. Андрамедава і Рыбанька сустрэлі мяне ў штыхі і да падліку галасоў не дапусцілі, не паслухаўшы нават заўвагаў Любартавай. Калі былі агучаныя вынікі, і каманда 11 «А» фігуравала на чацвёртым месцы, я ледзьве стрымаўся ад таго, каб стукнуць са ўсяе моцы кулаком па сталу, дзе сядзелі мае журлівыя каляжанкі. Аксана, Алёна, Лера, Аліса, Кася і Грыша сядзелі ў поўнай збянтэжанасці, паглядаючы то на мяне, то на журы. На вачах дзяўчат з’явіліся міжвольныя слёзы.

Я папрасіў ведамасць з баламі. Пасля колькіх секунд манежання Рагнеда Іванаўна працягнула мне аркуш з табліцай. Мае падозранні пацвердзіліся: адзнакі «Чырвонаму пяску» вылучаліся радыкальнай заніжанасцю. Асабліва пастараліся падрэзаць палёт маіх птушанят Рагнеда і Алеся. Вярнуўшы паперку, я дэманстратыўна пакінуў залу, дарма што пра сканчэнне мерапрыемства ніхто не абвяшчаў.

За паводзіны на конкурсе мне быў добры прачыхвост ад абедзвюх намесніц дырэктара. Але мяне гэта мала пераймала, бо я літаральна курчыўся ад болю ў жываце, нібы адтуль прарастала гінкга – дрэва кахання з шыза-зялёнымі лісцікамі-сэрцайкамі.

«Можаш адарваць сабе адзін», – кпіў я з Андрамедавай, якая, нічога не разумеючы, фанатычна патрабавала спыніць цыркацтва і ўзяцца нарэшце за розум. Яе парады былі для мяне карыснымі не больш, чым афарызмы з налепак ад жуек «Love is…».

28.

Добры настрой пасля «Гораду над Сівой ракой» знік у мяне надоўга. Эрзацы пазітыву я вышукваў у сеціве. Працягласць майго перабывання там узрастала з кожным днём, як узрастае доза патрэбная наркаману для ілюзіі шчасця. Падоўжаны вэб-сёрфінг спрычыняўся да скарочанага спання, сны падчас якога поўніліся адметнай жалезабетоннай цяжкасцю і не былі прызначаныя для наступных успамінаў. Зрэшты, колькі я ні прачынаўся, цэлы час мяне пераследавала даймо, што Аліса не паспявала даехаць да школы, бо з татавай машыны яе выкрадаў і звозіў прэч уваскрэслы чорны вершнік.

Штодня мне здавалася, што цікавасць Селязнёвай да мяне знікае з хуткасцю пяску, які сыплецца скрозь пальцы Алаха. Я не жадаў дапускаць гэтага, але не ведаў, што можна зрабіць. Чакаць дзейсных парадаў не было ад каго. Даводзілася давяраць надзвычай небяспечнаму знаёмцу – сабе самому.

У дзень, калі 11 «А» клас фатаграфаваўся на выпускны альбом сітуацыя выйшла з пад кантролю. На маім уроку ўсе без вынятку вучні паводзілі сябе скрайне кепска. Колькі я ні біў у літаўры, колькі ні драў горла – ім было, як гарохам аб сценку. Нават у вачах Алісы блішчэла незразумелае мне зларадства. Я палічыў гэта эмацыйнай здрадай і сышоў у морак панурых дум. Я ледзьве здолеў павесіць на свой твар ўсмешку, калі фатограф, пашыхтаваўшы нас, навёў аб’ектыў і хлусліва паабяцаў прылёт чароўнай птушкі. Я спрабаваў запыніць Селязнёву, каб задаць ёй колькі пытанняў асабіста, але яна спрытна ўнікала майго таварыства. Я адчуваў, што не здолею ўзяцца ні з якую справу пакуль не даведаюся тое, чаго хацеў даведацца.

«Хочаш сказаць, што на гэтым усё?» – пусціў я sms’ку для маёй каханай вучаніцы.

«Што ўсё? Я вас не разумею і не ведаю, чаму вы крыўдуеце на мяне», – прыляцеў адказ з амаль дакладна вызначаным дыягназам.

Я насамрэч крыўдаваў.

«Ты мне падабаешся, і мне складана перажыць дзень без размовы з табой. А як ты ставішся да мяне? Ці падабаюся я табе? Адкажы, калі ласка, гэта для мяне вельмі важна», – адправіў я чарговае паведамленне.

«Вы мне таксама падабаецеся: вы цудоўны чалавек і настаўнік», – праз пэўны час азвалася Аліса, і ў гэтым быў хоць нейкі пазітыў, дзякуючы якому мне ўдалося адну ноч нармальна паспаць.

Я нават і памысліць не мог, што словы, прысланыя Алісай, былі ўсяго толькі дзеля адчэпнага. Я пераконваў сябе, што ад падабацца да любіць не дужа многа кіламетраў, а ад любіць да кахаць зусім рукой падаць.

«Аліса – мілае сонейка», – набраў і адправіў я sms’ку наступным раннем.

«Не пішыце мне больш такога: мне не падабаецца. ОК?» – падкошвала мае ілюзіі Аліса.

«Але ж гэта праўда», – з горыччу адказаў я.

«Я не разумею, што вы хочаце ад мяне», – цяла яна.

Цэлы дзень у школе Селязнёва гуляла са мной у хованкі.

«Няўжо ж так цяжка здагадацца, што ты для мяне не проста вучаніца?» – не сцярпеў я пад вечар.

«Я не ведаю, проста не разумею вашы паводзіны дый не хачу разумець. Мяне цалкам здавальняюць нашы цяперашнія адносіны, і мне не хацелася б іх сапсаваць, спадзяюся, што і вы таксама», – не давала папусткі Аліса.

«Магчыма з цягам часу ты ўсё зразумееш і не будзеш такой катэгарычнай. Я здолею прычакаць той дзень, калі ты будзеш падрыхтаваная да зменаў у фармаце нашых цяперашніх адносін. Вельмі спадзяюся, што гэты дзень настане дужа хутка», – мне не выпадала схіляцца пад яе ўдарамі.

Наступную sms’ку я атрымаў з невядомага нумару. Але ўжо з першых словаў станавілася зразумелым, што на рахунку мабільніка Алісы не засталося грошай, каб працягваць завочную палеміку са мной: «Гэта татаў тэлефон, у ім увесь экран разбіты, таму можа атрымацца поўная лухта. Проста ваша стаўленне да мяне заўважыла не толькі я, але і іншыя, напрыклад Кася Вядзёркіна. Мне гэта зусім не да спадобы. І яшчэ. Вы мабыць мяне няправільна зразумелі. Я мела на ўвазе тое, што ўвогуле не збіраюся нейкім чынам змяняць нашых адносін: ні сёння, ні калі-небудзь у будучым. Гэта немагчыма. Вы не крыўдуйце на мяне і мае, магчыма, чэрствыя словы…». Пасланне перарывалася выявай канверта, з якога тырчаў сярпок пытальніка.

Мне здалося, што раптам знікла апошняе апраўданне мэтазгоднасці майго жыцця. Аднак учыняць самагубства я не збіраўся, заклікаючы Алаха паслаць мне смерць найбольш выгодным для яго чынам. Я нават пагаджаўся на тое, каб у дом заляцела старая знаёмая шаравая маланка і, разбіўшы мне грудны кораб, выпаліла б сэрца. Бог не спяшаўся выконваць мае саплівыя прыхамаці. Заліваючы падушку вавілонскімі рэкамі слёз, я набраў на мабільніку кароткі сказ: «Памёр». Аліса зрэагавала імгненна: «Як гэта разумець?». Я не збіраўся ёй нешта тлумачыць. Яна вычакала хвілін дзесяць і даслала ўстрывожанае: «Эрнест Скіргайлавіч, не пужайце мяне так, я вас прашу». Я не адказаў. Яна набрала мой нумар. Я не падымаў слухаўку. Тэлефанаванні ад яе паўтарыліся колькі разоў. Калі ж я выпадкова скінуў выклік, Аліса спыніла спробы дазваніцца мне. Мярцвяк не можа націскаць на кнопкі мабільніка.

Усю ноч мне снілася выяўная каламуць, між якой раз-пораз узнікаў вобраз дзяўчыны, якая не захацела змяняць нашых адносін. Яна заўжды апыналася каля ацяпляльнай батарэі, трымаючы ў руках талерку з салатай, адкуль метадычна выбірала цыбулю, каб з’есці. Даводзілася прачынацца з мокрай спінай і намагацца змушаць сябе да думкі, што ўжо выспаўся і можна сядаць за кампутар з мадэмам.

Калі я насамрэч прачнуўся, паспрабаваў растлумачыць для сябе высненую цыбулю. Нічога добрага ў галаву не лезла – мне падумалася, што Аліса Селязнёва наглыталася таблетак і спачыла ў бозе. Ведама ж, такімі нерэальна пакручастымі версіямі я дужа лесціў сабе. Мая каханая дзяўчына з’явілася ў школу бадзёрай і вясёлай. Нават павіталася са мной, нібыта ноччу не раскроіла маю душу, як апельсін на долькі.

А вось я быў змрочным, як вока ўрагану на Марсе. За ўвесь дзень я не ўсміхнуўся ніводнаму чалавеку. Падыходзіла Кіра Краўзэ, пытаючы пра мой настрой, і адлятала, нібы адмагнічаная ад суворага папярэджання: «Больш ніколі не чакайце ад мяне ўсмешкі». Падыходзілі нейкія дзесяцікласніцы, якія намагліся выцягнуць з мяне хаця б намёк на ўсмешку, але хутка кідалі ў роспачы гэты занятак, усвядоміўшы марнасць сваіх старанняў…

На ўроках і перапынках я наўмысна не глядзеў на Алісу. Хіба толькі выпадкова. Украінай вока маяго. Яна дбала канспектавала за мной чарговую тэму. Раз-пораз хапалася за галаву. Мабыць, манерна. Перад біялогіяй завітаў у 11 «А» адмыслова, каб вырашыць парачку тэхнічных пытанняў з Аксанай Багуслаўскай. Селязнёва падбегла да старосты і ўшчыкнула тую за бачыну, чым адназначна спрабавала звярнуць на сябе маю ўвагу. Я не паддаваўся.

Аліса ўсё ж дала мне зразумець, што лічыць мяне псіхам. Я мог бы з гэтым на раз пагадзіцца, каб не дапамагаў вырашаць псіхалагічныя праблемы розных недабландзінак, бландзінак і перабландзінак старэйшага школьнага веку, якія звярталіся да мяне па дапамогу. Я меў здольнасць спакойна выслухваць на настаўніцкіх нарадах тлумачэнні Руслана Альгердавіча пра тое, як правільна выразаць з паперчыны сняжынку, каб аздобіць вокны школы да надыходу навагодніх святаў і цалкам адпавядаць задумам галоўнага гарадскога архітэктара. Я без ваганняў пагадзіўся ўдзельнічаць у падрыхтоўцы святочнай тэатральнай пастаноўкі і пунктуальна наведваў рэпетыцыі, хаця ў сцэнары мне шмат што не падабалася. Урэшце, я без трымцення сэрца прыняў нечаканы візіт у школу колішняй вучаніцы, якая ў свой час добра танчыла фламенка і дасканала вымаўляла слова з трох літараў у непрымірымых размовах з настаўнікамі-мужчынамі. Завітала яна да мяне пасярод уроку. Памятаючы ўсе яе зэхеры, я не здолеў знайсці сантыментаў, каб лішнія секунды жыцця марнаваць на гутаркі з гэтай зоркай. «Вы, як былі дурнем, так і засталіся», – рэзюмавала, быццам ударыла ніжэй пупа, дзяўчына і пабегла па сваіх касмічных справах. Я лянотна паціснуў плячыма і вярнуўся да каланіяльнай палітыкі Расійскай імперыі.

Доўга перабываць у пахмурнай стродкасці выявілася немагчымым. Падчас урокаў Аліса не хавала вачэй. Яна глядзела на мяне. Глядзела без злосці, крыўды, абыякавасці. Яна не проста заставалася гэткай жа чароўнай, як і заўсёды, але і множыла сваю чароўнасць надалей. Ратунку ад гэтага не было. Я мусіў выкінуць белы сцяг і памірыцца з ёй. Неабыякавасць Алісы да мяне ззяла добра прыкметнымі праменнямі. Варта было мне завітаць на які-небудзь ўрок 11 «А», як Селязнёва пачынала хвалявацца і не магла сфармуляваць самы просты закон фізікі ці прадэкламаваць выдатна завучаны верш. Аднак, калі я пакідаў кабінет, яе адказы атрымліваліся выдатнымі.

Набліжаліся Каляды і вакацыі, адпусціць на якія Алісу без падарунка я лічыў недаравальным. Не ведаю, ці чакала яна падобнага знака ўвагі, але адной з апошніх перад канікуламі раніцай я перадаў ёй кубачак, распісаны неглямурнымі сэрцайкамі, якія атачалі пракудлівую вязь «Твой Грааль», а таксама фігурку сабакі з фальшывай марсіянскай гліны, які мусіў сцерагчы дзяўчыну ад нягодаў. Дзеля прыліку Аліса стала адмаўляцца. Але я і слухаць не хацеў ніякіх адмоваў. Яна падзякавала і выпрасіла абяцанне ніколі нічога ёй не дарыць. «Ніколі не кажы ніколі», – заміж абяцання прамовіў я. Селязнёва пакутліва ўсміхнулася, быццам атрымала не калядныя падарункі, а крыж, які трэба тэрмінова аднесці на лобнае месца.

Удзень яе ўсмешка набыла звыклую афарбоўку. Перад урокам вялікарускай літаратуры Аліса стаяла на калідоры і лупіла апельсін. Заўважыўшы мяне, яна рушыла ў мой бок. Ад нечаканасці я зрабіў пару крокаў назад.

– Эрнест Скіргайлавіч, вы ад мяне ўцякаеце? – са здзіўленай усмешкай спытала дзяўчына.

– Не, не ўцякаю… – заінтрыгаваны такім паваротам адказаў я.

Падышоўшы да мяне зусім блізка, Селязнёва спрытным рухам раздзяліла апельсін і працягнула мне адну палову, якую я, забыўшы пра нядаўні досвед з яблыкам, удзячна прыняў. Мы сталі каля вакна пры батарэі і, паглынаючы сваю долю вітаміну C, глядзелі праз шыбу на двор, дзе санліва падаў снег, камякі якога засцілі белы свет.

– Кісленькі, – прамовіў я, зачаравана ўтаропіўшыся на снегапад.

– Ага, – згадзілася Аліса, выпраменьваючы цяпло, якое дарыла мне неверагодны спакой. У тыя лічаныя імгненні да званка на ўрок я пачуваўся самым шчаслівым чалавекам па наш бок Млечнага Шляху.

29.

Зімовыя вакацыі пачаліся з тэатральнай пастаноўкі, у якой удзельнічалі і настаўнікі, і вучні. Па сутнасці, гэта быў мюзікл па матывах расійскіх народных казак і савецкай кінематаграфічнай фантастыкі. Я іграў сучаснага рускага Івана, якога перад Новым годам сябры павялі ў лазню, а потым зусім выпадкова пасадзілі на машыну часу і адправілі ў казачную мінуўшчыну, насельнікі якой палічылі прыбыша за цара і нават спакушалі царыцай. Ролю царыцы выконвала Андрамедава і ледзьве не трымцела ад моцнага пачуцця асалоды, калі я ў поўнай адпаведасці са сцэнарам хапаў яе за талію, прыціскаў да сябе і гучна пытаў: «Как дома-то у нас дела, матушка?». У мяне самога пры тым не хвалявалася ніводная вузачка. Я выходзіў на сярэдзіну сцэны, скідваў з галавы шапку-вушанку Манамаха і на матыў «Du hast» гурта Rammstein спяваў пра незайздросную карму казачнага расійскага самадзяржаўя, якое можа быць уратаваным толькі добрым піяр-менеджэрам Дзедам Марозам і Снягуркай з тэлефонным нумарам 90-60-90. Гледачы пішчалі і падскоквалі з крэслаў ад задавальнення.

Калі мюзікл скончыўся, усе артысты разам выйшлі на паклон. Наташа Скрэпкіна як старшыня школьнай філіі маладзёвага саюзу «с чувством, с толком, с расстановкой» абвясціла: «Падарункі для нашых дарагіх артыстаў!». З крэслаў падняўся дзясятак чалавек з сувенірамі. Мне цяжка было не заўважыць між астатніх і Алісу. Сэрца затахкала. Некалькі напружаных секундаў я варажыў, да каго падыдзе Селязнёва. Калі яна апынулася каля мяне і ўручыла рамку з лісцікам гінкга пад шклом, я расчуліўся да неймавернасці і асцярожна пацалаваў яе ў шчаку.

Раптоўна cвятло ў залі згасла. Пачалася паніка. Нехта голасна закрычаў: «Каралеўну Алісу цмок украў!». Мне стала кепска ад разумення таго, што нез’яснімшчына паўтараецца зноў, набываючы яшчэ больш вычварныя формы. Я заставаўся на месцы і не рухаўся. Недзе ў маёй сярэдзіне плёскалася надзея на тое, што збой электрычнасці звязаны з перагрузкай праводкі ўключанымі на фасадзе школы гірляндамі. Але праз пару хвілінаў святло вярнулася і не дало ніводнага шанцу на звыклую школьную рэальнасць.

Я стаяў пасярэдзіне вялікай грыдніцы каралеўскага палацу. За трыста крокаў ад мяне высіўся залаты сталец срэбныя ножкі. На стальцы сядзеў кароль Стах – галоўны мацар на дзясятым валадарстве, на дзясятым гаспадарстве. З твару быў ён малады і нагадваў майго вучня Грышу Стахіевіча. З вачэй каралеўскіх каціліся слёзы, бо чалядка, што нагадвала маю вучаніцу Інгебору Каленвалаву, расказвала, як надышла хмара, спусцілася на зямлю і забрала каралеўну, а на той хмары быў цмок.

– Сам я стары ўжо, – казаў кароль Стах, – сілёнкі былой нетуці. А хто ж тады пойдзе ў свет доньку маю радзоную шукаць з кіпцяў цмока паганага ратаваць?

– А ёсць у нас асілкі ўдалыя, брахнейкі зухвалыя, – адказала чалядка і кіўнула на мяне.

Я скалануўся і рагледзеўся туды-сюды. Праваруч ад мяне стаяў Пеця Андропаў. Леваруч ад мяне стаяў Андрэй Дастаеўскі. І гэты, і гэны мелі ў руках па цяжкой булдаве. У аднаго на дзесяць пудоў, у другога на пятнаццаць. У мяне ж за поясам вісела найцяжэйшая – пудоў на дваццаць пяць. Я адчуваў сябе поўным дурнем.

Кароль Стах заклікаў нас падыйсці бліжэй і стаў прасіць:

– Асілкі ўдалыя, брахнейкі зухвалыя, пайдзіце ж вы ў свет доньку маю радзоную знайдзіце, з кіпцяў цмока паганага спасіце. А каторы з вас ёй наймільшым будзе, той і мужам ёй стане і дзясятае валадарства, дзясятае гаспадарства заміж мяне пад сваё мацарства возьме. Ці пойдзеце?

– Гаўно вапрос, – у адзін голас пагадзіліся Пеця і Андрэй, выпярэджваючы мяне.

– Не тужы, кароль, толькі блаславі нас, – пачціва сказаў я, не верачы ўласным вушам.

Кароль Стах даў сваё блаславенне. Мы пакінулі палац, селі на коней і паехалі. Ехалі, ехалі, ехалі і прыехалі да граніцы другога свету. Аж глядзім – стаіць хатка на курыных ножках. Звярнуўся Пеця Андропаў да яе:

– Хатка, хатка, стань ка мне перадам, а к лесу задам, схамяніся кожнай сценкай у рытме жаркага фламенка.

Хатка перавярнулася і пусцілася ў танок пад песню Рыкі Марціна, якая знячэўку загучала на граніцы другога свету.

Наскакаўшыся, хатка спынілася. Выйшла з яе Баба Яга Гладкая Нага Вялікія Грудзі і мовіла да нас голасам свецкае львіцы:

– Што вам трэба, малойчыкі?

– Адчыні нам граніцу другога свету, – паспяшаўся адказаць я, асцерагаючыся, што мае спадарожнікі пачнуць верзці несуградную лухту. Пеця і Андрэй пераглянуліся і кінулі незадаволеныя позіркі на мяне.

– Адчыніць я вам адчыню, асілкі. Толькі перш загадку маю адгадайце, – паставіла ўмову Баба Яга.

– Якая яшчэ загадка? Навошта нам загадка? Нам яшчэ дамашняе заданне рашаць-выконваць трэба, – у адзін голас закапрызілі вучні.

– Давай, Яга Баба, сваю загадку, – ігнаруючы ныццё хлапцоў, пагадзіўся на выпрабаванне я.

Кабета заўсміхалася і ўказала на куфэрак з паднятым векам, што стаяў паблізу. З хаткі на курыных лапках выскачыў каток залаты лабок і кінуўся гаспадыні пад ногі. Тая схапіла яго за шкірку, апусціла ў сярэдзіну куфэрка і зачыніла века. Мы з немалым здзіўленнем глядзелі на гэта. Урэшце Баба Яга загаварыла зноў:

– У куфэрку сядзіць каток. Але ён там не адзінок. Разам з ім там ёсць хітрасць з чароўным ядром і закрыты гарлачык з атрутным туманом. Калі ядро разбурыцца, хітрасць тая разаб’е гарлачык, і туман атрутны выпаўзе вонкі ды змярцвіць катка. Але ядро чароўнае за гадзіну аднолькава можа разбурыцца, а можа і не разбурыцца. І што вы, малойцы, зможаце сказаць гадзінай пазней, не зазіраючы ўнутр куфэрка: жывы каток ці мёртвы?

– Не загадка, а батва нейкая, – абурыўся Пеця Андропаў, але адразу ж прапанаваў варыянт адказу: – Кот жывы.

– А тэлефанаванне сябру зрабіць можна? – няпэўна пажартаваў Андрэй Дастаеўскі, але, прачытаўшы ў зморшчынах Бабы Ягі суворы дакор і назву яе любімай стравы, хуценька смальнуў свой варыянт: – Кот мёртвы.

– А ты што скажаш, асілак з булдавой на дваццаць пяць пудоў? – не цярпелася кабеце.

– Кот і жывы, і мёртвы адначасова, – без найменшых дрыжыкаў у голасе абвясціў я.

«Мля, ну, і дэбіл. Ніякай логікі», – пачулася нягучнае мармытанне маіх незадаволеных спадарожнікаў.

– Так, твая праўда, асілак, – Баба Яга ўсцешана захітала галавою. – Было б справядліва гэтых двух абэлтухаў засмажыць у печцы для мяне і маіх сёстраў. Але я не буду гэтага рабіць.

Яга зняла з пояса іржавы ключ і адамкнула граніцу другога свету. Я падміргнуў старой і павярнуў каня за граніцу. Пеця і Андрэй вырашылі каля хаткі на курыных ножках не затрымлівацца і паехалі следам за мной. Ехалі мы, ехалі – і прыехалі ў такі стэп, што бачныя неба і зямля.

– Здаецца, дзіцячы час ужо скончыўся, – нібыта мімаходзь заўважыў Дастаеўскі.

– І «Калыханка» састарэла безнадзейна, – нібыта падтрымаў яго Андропаў.

– Яшчэ невядома, ці ёсць па гэты бок граніцы час, – задуменна гаварыў я. – А ахвочых праспяваць нам апошнюю калыханку тут знойдзецца нямала.

– Вось мы едзем, а дзе ж начаваць будзем? – не сунімаўся Андрэй.

– Тут дзе-небудзь паблізу ёсць «Макдональдс» ці хаця б школьная сталоўка? – не аціхаў Пеця.

Я прамаўчаў, назваўшы пра сябе іх пытанні недарэчнымі.

Мы праехалі яшчэ трошкі і ўбачылі дом на тры вянцы. Пазлазілі з коней, увайшлі з насцярогаю ў той дом, паглядзелі: пакоі чыстыя, для начлегу месца ёсць, лядоўня набітая выкшталцонымі далікатэсамі.

– Згатуйце, братцы, павячэраць, а я, пакуль зусім не пацямнела, пайду абгледжу месца, якое яно, – паставіў я хлапцоў перад фактам і пайшоў. Захопленыя разборам змесціва лядоўні, тыя пярэчыць не сталі.

Прайшоў я трошку ад дома і ўбачыў хуткую рэчку, а на ёй калінавы мост. «Яго нячыстая сіла масціла», – падумалася мне. Белыя косці каля моста на вылучэнне якіх-небудзь пазітыўных гіпотэзаў не натхнялі.

Я вярнуўся ў дом на тры вянцы. Пеця і Андрэй нарабілі сэндвічаў з вяндлінай ды гароднінай і паставілі на стол колькі бляшанак «Спрайту». Давялося вячэраць гэтым. Дарма, што мне хацелася навярнуць талерачку халасцяцкага боршчыку з бурачком і капусткай. Пра свае гастранамічныя летуценні я не сказаў ні слова. Напарнікі збіраліся ісці ў залу да хатняга кінатэатру, але мне выпала шчасце спыніць іх расказам пра калінавы мост.

– Ну, братцы, нехта з нас пойдзе сеначы туды калавурыць! – без віхлянняў паведаміў я.

Вочы хлапцоў напоўніліся вялікім засмучэннем.

– Кідаем манетку, – першым агоўтаўся Дастаеўскі. – Як выпадзе «арол», так пойдзе калавурыць Эрнест Скіргайлавіч. Як выпадзе «рэшка», дык калавурыць пойдзеш ты, Пецечка.

– А ты як?! – вырвалася з засмяглага рота Андропава.

– І я таксама пайду калавурыць. Але тады, калі манетка ўпадзе на рабрынку, – як нічога ніякага патлумачыў Андрэй.

– Зараз мая булдава на тваю рабрынку выпадзе! – прыгразіў Пеця.

– А ну спыніце гэтыя сваркі і звадкі!!! – на ўсе тры клічнікі выгукнуў я і прапанаваў цягнуць жэрабя на запалках.

– Хто выцягне незапаленую, той і пойдзе. Чур, Эрнест Скіргайлавіч пачынае, – з вялікім імпэтам падтрымаў маю прапанову Дастаеўскі, а яго аднакласнік быў гатовы пагадзіцца з гэтымі мудрыкамі.

– Не, братцы, будзем цягнуць па класічнай схеме, – перакрэсліў іх задумы я і бразнуў кулаком па кухонным стале ажно няз’едзеныя сэндвічы ў талерках перавярнуліся і ўпалі маслам долу.

Зламаная запалка дасталася Пецю Андропаву. Ён з неахвотай узяў булдаву і падаўся да дзвярэй.

– Глядзі ж, хадзі каля калінавага моста, ды не спі. А то і сам сабе, і нам бяду наспіш! – папярэдзіў я.

– Нічога не здарыцца. Я ж асілак, – ганарліва выгукнуў ён і знік за парогам у цемрыве ночы.

Андрэй прапанаваў адшукаць тэлеканал з нямецкімі фільмамі для дарослых. Я разбіў аб дубовую падлогу пульт дыстанцыйнага кіравання, уручыў юнаму аматару клубнічкі падручнік па гісторыі Беларусі і не зусім педагагічна загадаў яму чытаць, пакуль не засне. Заснуў той даволі хутка. Мяне ж сон не ўзяў. Пераймаўся я за тое, як Пеця нёс сваю начную варту, дык нарэшце пастанавіў прайсціся да моста і спраўдзіць усё на ўласныя вочы.

Узяў я булдаву і рушыў на двор. Падышоў да калінавага моста і ўбачыў, што Пеця спіць пад ім, як пшаніцу прадаўшы. Збіраўся я яго пабудзіць, ды пачуўся шум. Да моста набліжаўся цмок. Зараз жа коні яго заіржалі, харты забрахалі, сакалы засвісталі. Ён крыкнуў на іх зласліва:

– Воўчае мяса, чаго вы ржаце? Пёссе мяса, чаго вы брэшаце? Арлінае пер’е, чаго вы свішчаце? Не к чужому двару едзем, а к свайму. Проці мяне ў белым свеце нетуці супраціўніка. Ёсць толькі на дзясятым валадарстве, на дзясятым гаспадарстве Баластоўскі – тыпус коўзкі, дык яго сюды да часу воран косці не занясе. А больш мы нікога не баімся.

Ступіў я на мост дый кажу:

– Не воран косці носіць, а сам Баластоўскі заходзіць.

– Будзем біцца ці будзем мірыцца? – пачулася ад цмока ці то развага, ці то прапанова.

– Вы, змяюкі зякратыя, пачвары цыбатыя, будзеце нашых алісаў выкрадаць, а я з вамі буду мір спраўляць?! Не быць такому ніколі, дакуль я галаву на плячах нашу.

– Гэты клопат лёгка паправіць, – рагатнуў цмок і дыхнуў налева так, ажно на пяцьдзесят вялікалітоўскіх вёрст выраўняў узгоркі і ярыны, каб ямчэй было са мною змагацца.

– Га, – пахмыльнуўся я і следам фукнуў направа так, ажно на шэсцьдзесят пяць вёрст вялікалітоўскіх спраставаў імхі, балоты, аржавінні і патопы, пасля чаго вымавіў сакраментальную фразу: – Панты калаціць кожны здатны.

Пачалася лютая бітва. Махну я булдавой, а цмок сваёй паліцай спыніць. Махну я сваім кулаком, а цмок трапны блок паставіць, дый яшчэ праз галаву мяне крутане. Не быў бы асілкам, грымнуўся б аб зямлю і касцей не сабраў бы. А так спрытна на ногі стаў. Раззлаваўся, рынуўся з булдавой на пачварніка і давай яго біць. І па той час біў, пакуль галаву цмокаву не зняў, а потым збіў коней, хартоў і сакалоў – у вогненную раку пасадзіў. Далейшая карціна была не для слабых нервамі. Дабіў я цмока ды на асінавых дровах спаліў, а попел у хуткую рэчку пусціў. Па тым вярнуўся ў дом на тры вянцы і лёг спаць.

Уранні Андрэй без напаміну згатаваў сняданак (усё гамбургеры ды чызбургеры). Давялося есці тое, што ёсць. Акурат і Пеця з калавурання падаспеў.

– Ну, што, брахнейка, ці не чуў ты чаго? Можа быў які шум ці крык?

– Не-а. Нічога не чуў, бо нікога там не было. Калінавы мост, як ніяк, а не начная дыскатэка.

Селі ўсе разам, перакусілі тым, што лядоўня паслала. А як «Спрайтам» запіваць сталі, дык і вечар наблізіўся. Я і Дастаеўскі кінулі жэрабя на запалках. Кароткая дасталася яму. Хлапец узяў сваю булдаву і пайшоў да дзвярэй.

– Глядзі ж, хадзі каля калінавага моста, ды не спі. А то і сам сабе, і нам бяду наспіш! – нагадаў яму я.

– Што можа здарыцца з такім крутым асілкам, як я? – ганарліва выгукнуў Андрэй і, не чакаючы адказу, знік у цемрыве ночы.

Пеця знайшоў у доме кампутар і палез у інтэрнэт на сайты для дарослых. Я разбіў аб дубовую падлогу мадэм і ўручыў юнаму аматару клубнічкі падручнік па грамадазнаўству, разгарнуўшы на тэме «Роля маралі ў жыцці чалавека», і не зусім педагагічна загадаў яму чытаць, пакуль не засне. Ён заснуў на першым слове першага абзаца. Мяне ж зноў сон не ўзяў. Прыхапіў я сваю булдаву на дваццаць пяць пудоў і пайшоў да калінавага моста.

Прыйшоў на месца, а калавурны спіць сабе пад мостам, як пяньку прадаўшы. Прыйшлося самому стаць калавурыць. Прастаяў я да трэцяй гадзіны ночы, ажно пачуўся шум. Да моста набліжаўся цмок. Зараз жа коні яго заіржалі, харты забрахалі, сакалы засвісталі. Ён крыкнуў на іх зласліва:

– Воўчае мяса, чаго вы ржаце? Пёссе мяса, чаго вы брэшаце? Арлінае пер’е, чаго вы свішчаце? Не к чужому двару едзем, а к свайму. Проці мяне ў белым свеце нетуці супраціўніка. Ёсць толькі на дзясятым валадарстве, на дзясятым гаспадарстве Баластоўскі – тыпус коўзкі, дык яго сюды воран да часу косці не занясе. А больш мы нікога не баімся.

Змучаны дэжавю, ступіў я на мост дый кажу:

– Не воран косці носіць, а сам Баластоўскі заходзіць.

– Будзем біцца ці будзем мірыцца? – пачулася ад цмока ці то развага, ці то прапанова.

– Вы, скуры вужачыя, страшыдлы наждачныя, будзеце нашых алісаў выкрадаць, а я з вамі буду мір спраўляць?! Не быць такому ніколі, дакуль я галаву на плячах нашу.

– Гэты клопат лёгка паправіць, – самаўпэўнена рагатнуў цмок і дыхнуў налева так, ажно на семдзесят пяць вялікалітоўскіх вёрст выраўняў узгоркі і ярыны, каб ямчэй было са мною змагацца.

– Га, – пахмыльнуўся я і следам фукнуў направа так, ажно на сто дваццаць пяць вёрст вялікалітоўскіх спраставаў імхі, балоты, аржавінні і патопы, пасля чаго вымавіў сакраментальную фразу: – Панты калаціць кожны здатны.

Пачалася бітва жорсткая. Махну я булдавой, а цмок сваёй ляскаю спыніць. Махну я сваім кулаком, а цмок мегатрапны блок паставіць, дый яшчэ праз шыю мяне крутане. Не быў бы асілкам, свістарэзнуўся б аб зямлю і касцей не сабраў бы. А так лоўка на ногі стаў. Усердзіўся, кінуўся з булдавой на пачварніка і давай яго біць. І па той час біў, пакуль галаву цмокаву не зняў, а потым збіў коней, хартоў і сакалоў – у вогненую раку пасадзіў. Папярэдняй логіцы дзеянняў здраджваць не ўзяўся – дабіў я цмока ды на асінавых дровах спаліў, а попел у хуткую рэчку пусціў. Па тым вярнуўся ў дом на тры вянцы і лёг спаць.

Зранку Пеця чыста для сябе нагатаваў хот-догаў і задаволена трушчыў іх, слухаючы радыё, адкуль гучала песня: «Ты готов для Москвы такой же, как мы?». Я выкінуў прыймач у адкрытую фортку і пасварыўся на хлапца за адсутнасць сняданка на ўсіх.

– Я вам не служанка, – адразу ашчэрыўся ён. – Захочаце, згатуеце самі. Карона з галавы не ўпадзе. Ды вы яе яшчэ не атрымалі. Халадзільнік набіты прадуктамі. Усе дзверы адкрыты перад вамі. Хочаце, рабіце шаурму, а хочаце пяльмені.

– Чуе маё сэрцайка, прадасі ты мяне братка, – сказаў я яму ў вочы.

– Ды хто вас такога купіць! – фанабэрыста яўкнуў Андропаў.

Я збіраўся папрасіць у яго дзённік і напісаць там заўвагу для бацькоў. Але на парозе з’явіўся Андрэй.

– Ну, як там, брацец, на калінавым мосце? Ці ўсё спакойна было? Ці мо’ шкодзіў нехта цішы ўначы?

– Не-не. Усё было ціха, гладка, нават мухі не кусаліся, – мітусліва плюскаючы вачыма, адказваў калавурны. – Адно толькі ноччу ці то грылем пахла, ці то барбекю…

Не знайшоўшы згатаванага сняданку, ён злёгку буркнуў ці то на Пецю, ці то на мяне і палез у лядоўню. Я махнуў на спадарожнікаў рукой і адной левай прыгатаваў для сябе выдатную піцу. Яе пах прымусіў хлапцоў да ліслівасці, бо ж вельмі ім хацелася пакаштаваць гэтай стравы. «Які ж з мяне класны кіраўнік і пагатоў асілак, калі пашкадую для вучняў кавалак піцы!» – разважыў я і зладзіў агульнае сталаванне. Піца была вялікай і смачнай. Елі мы яе цэлы дзень. А як апошнія крошкі «Спрайтам» запілі, дык і вечар надышоў, а разам з ім і мая законная чарга на мост выпраўляцца.

Сабраўся я і кажу хлапцам:

– Ну, братцы, вось і я пайду. А вы не спіце ўсю ноч, а то мне будзе дужа цяжка…

– Як жа ж мы будзем ведаць, што вам стане цяжка? – удакладніў Дастаеўскі.

– А я дам вам во які знак: у столю уваткну асадку маю падарункавую, а на стале пастаўлю шклянку з вадою. Як толькі крапне кроў з асадкі ў шклянку, дык вы збірайцеся і імчыце да мяне як мага хутчэй.

Зрабіўшы так, я пайшоў на калінавы мост. Прадчуванні ў мяне былі самыя дрэнныя. А трэцяй гадзіне ночы пачуўся жудасны шум. Да моста набліжаўся цмок. Зараз жа коні яго заіржалі, харты забрахалі, сакалы засвісталі. Ён крыкнуў на іх зласліва:

– Воўчае мяса, чаго вы ржаце? Пёссе мяса, чаго вы брэшаце? Арлінае пер’е, чаго вы свішчаце? Не к чужому двару едзем, а к свайму. Проці мяне ў белым свеце нетуці супраціўніка. Ёсць толькі на дзясятым валадарстве, на дзясятым гаспадарстве Баластоўскі – тыпус коўзкі, дык яго сюды воран да часу косці не занясе. А больш мы нікога не баімся.

Паўтараючы пра сябе даўні заклён на ўдачу: «Лыжкі няма», ступіў я на мост дый кажу:

– Не воран косці носіць, а сам Баластоўскі заходзіць.

– Будзем біцца ці будзем мірыцца? – пачулася ад цмока ці то развага, ці то прапанова.

– Вы, гадаўё папаўзучае, звыроддзе траскучае, будзеце нашых алісаў выкрадаць, а я з вамі буду мір спраўляць?! Не быць такому ніколі, дакуль я галаву на плячах нашу.

– Гэты клопат лёгка паправіць, – самаўпэўнена рагатнуў цмок і дыхнуў налева так, ажно на дзвесце пяцьдзесят вялікалітоўскіх вёрст выраўняў узгоркі і ярыны, каб ямчэй было са мною змагацца.

– Га, – пахмыльнуўся я і следам фукнуў направа так, ажно на дзвесце дваццаць пяць вёрст вялікалітоўскіх спраставаў імхі, балоты, аржавінні і патопы, пасля чаго збіраўся вымавіць звыклую ўжо сакраментальную фразу пра калачэнне пантоў, але раптоўна спахапіўся, зразумеўшы, што зона пакрыцця цмокавага дыхання большая за маю.

– Гы-гы, мала піцы еў, асілак, – не прамінуў пакпіць цмок.

– Досыць з нас, не дзеці ў нас. А дзеці будуць, самі здабудуць, – павёрз я нейкую лухту.

Цмок паблажліва чмыхнуў і сваім дыханнем дараўняў рэльеф яшчэ на пяцьдзесят вялікалітоўскіх вёрст. Я не стаў чакаць яго наступнага жарту і рушыў у бой.

Пачалася бітва няшчадная. Махну я булдавой, а цмок вырваным з зямлі дубам спыніць ды адштурхне. Махну я сваім кулаком, а цмок супермегатрапны блок паставіць, дый яшчэ праз плечы з патройнай сілай мяне крутане. Не быў бы асілкам, грукнуўся б аб зямлю і касцей не сабраў бы. А так толькі троху няёмка на ногі стаў. Раз’юшыўся, кінуўся з булдавой на пачварніка і хацеў яго біць. А ён ужо з іншага боку стаў і ў зямлю мяне па калена ўбіў. Я шалянічна думаў пра Пецю і Андрэя. Я не ведаў, што яны паўночы гулялі ў карты для дарослых, а потым забурыліся спаць і на сціплы мой «паркер» не глядзелі. Не хацелася мне паміраць. Колькімі высілкамі я выбраўся з зямлі, схапіў шапку (божа, у мяне была шапка!) ды як запусціў у дом на тры вянцы, дзе мае вучні спалі, ажно дах увесь збіў. А хлапцам хоць бы хны – як спалі, так і працягвалі спаць. А кроў з асадкі другую палову шклянкі запоўніла, не мяшаючыся з вадой.

Цмок адчуваў перавагу. Ганяў мяне, як шчанюка. І не шкадаваў. Убіў мяне ў зямлю па пояс. Успомніў я вайсковы досвед – прарыў хуценька акоп да сваёй левай нагі, зняў бот і пусціў у дом, дзе спалі Пеця і Андрэй. Усе шыбкі павыбівала, тры сцяны долу ўпалі, а вучні спалі, нібыта на ранне пасля выпускнога вечара. Дзе ж ім было згледзіць, што кроў даўно цераз край шклянкі на стол пралілася.

Я жвава выбраўся з акопа, спрытна прабег паміж ног цмока, хутка павярнуўся і моцна выцяў яго па хрыбту. Той дзіка зароў і апусціў вырваны дуб мне на галаву, убіўшы мяне ў зямлю па шыю. Яму заставалася зрабіць хаця б маленечкі рух, каб задаць мне літаральнае безгалоўе. Я адняў ад паверхні зямлі рукі і адштурхнуў ад сябе дрэва. Яно стала падаць. Цмок адрэагаваў імгненна – падхапіў гэтую сваю зброю. Але імгнення мне было дастаткова, каб даць маладзецкага вынырца з зямліцы, зняць з правай нагі бот і пусціць яго ў дом на тры вянцы, дзе спалі Пеця і Андрэй. Ударыўся бот аб лядоўню і, адскочыўшы, патрапіў Дастаеўскаму ў патыліцу. Ён падхапіўся з крыкамі на палову другога свету: «Я гэтага так не астаўлю! Я пайду пабоі здымаць! Што гэта за рукапрыкладства?!». Ад яго крыку падняўся і Андропаў. Той адразу скеміў, што да чаго, і хуценька зірнуў на стол, шклянку і мой сціплы «паркер». З «паркера» моцна струменіла кроў. Даўно запоўніўшы шклянку, яна затапіла сабою ўвесь стол і сцякала на дубовую падлогу. Пахапалі вучні сваю зброю ды трушком пабеглі да калінавага моста.

– Чорт пабяры, – пралямантаваў Андрэй, убачыўшы цмока. – Гэта не ўваходзіць у мае вучнёўскія абавязкі. Вы не маеце права прымушаць мяне з ім біцца.

– Ды ладна, – зухвала яўкнуў Пеця. – Прыкольна ж сапраўднаму дракону задніцу надраконіць.

Яны накінуліся на пачвару і збілі булдавамі на горкі яблык. Цмок перастаў кантраляваць сябе і рабіў рэзкія рухі ў спадзеве падбіць кагосьці з нас. Мяне гэта вельмі злавала. Я падкінуў булдаву ў паветра і падскочыў сам, каб моцным ударам нагі скіраваць яе ў бок ненавіднага страшыдлы і тым самым дакончыць яго. Так і сталася. А потым усё, як і раней: збіў коней, хартоў і сакалоў – у вогненную раку пасадзіў

Хлопцы пачуваліся вінаватымі. Яны моўчкі пасеклі цмока, спалілі парэшткі на асінавых дровах, а попел на хуткую рэчку пусцілі. Я спачатку на іх вельмі злаваўся за праспаных імі цмокаў, падман і залішнюю санлівасць. Выказаў ім гэта ўсё ў вочы. Яны толькі пацепвалі плячыма і намагаліся схаваць свае позіркі. Аднак паціху я астыў са сваёю злосцю. За ўсімі бойкамі не трэба было забывацца, што мы ехалі ратаваць Алісу.

30.

Перабыванне ў казцы надакучвала. Я спрабаваў адмахнуцца ад яе, як ад мухі-ярухі. Лішне казаць, што спробы мае выявіліся дарэмнымі. Казка не проста працягвала атачаць мяне, але і дыктавала свае ўмовы паводзін. Пасля расправы над апошнім цмокам я хацеў адразу ж ускочыць на каня і паехаць па Алісу. Аднак у тую самую секунду прыйшло разуменне, што я не ведаю, дзе яна знаходзіцца. Мне давялося пашкадаваць, што ніводны з цмокаў не быў мной дапытаны наконт каралеўны.

– Але ж недзе ёсць цмачыныя жонкі, – міжволі выгукнуў я.

– Што вы яшчэ прыдумваеце, Эрнест Скіргайлавіч? – насцярожана спытаў Дастаеўскі.

– Абыдземся, брахнейкі, без лішніх пытанняў. Ідзіце да руінаў дома, рыхтуйцеся да далейшай дарогі і чакайце. А мне пакуль трэба нештачкі выведаць, – заявіў я, наперад кулдыкнуўся і коцікам шэрым абярнуўся.

Вучні правялі мяне атарапелымі поглядамі. Я падаўся проці сонца, дзе на даляглядзе вымалёўваліся абрысы трох немаленькіх хат. Там і жылі цмачыныя жонкі. Падбег я да адной хаты. Скочыў у прачыненае вакенца дый стаў слухаць, што тамтэйшая баба лапоча. «Дзе ж той разбойнік Баластоўскі – тыпус коўзкі, што майго мужа са свету звёў? Калі б я ведала, куды ён пойдзе алі куды паедзе, абярнулася б зялёным лугам, і на тым бы лугу стаяла караваць. Лёг бы ён у тую караваць, век бы не прачхнуўся…» – разважала яна.

Усё зразумеўшы, я пабег да другой хаты. Скочыў у прачыненае вакенца дый стаў слухаць, што тамтэйшая баба лапоча. «Дзе ж той лупежца Баластоўскі – тыпус коўзкі, што майго мужанька змардаваў? Калі б я ведала, куды ён пойдзе алі куды паедзе, абярнулася б зялёным садам, і ў тым садзе была б яблыня з залатымі яблыкамі. Паспытаў бы ён хаця б адзін яблык, тут бы і ўмёр!».

Усё сцяміўшы, я паімчаў да трэцяй хаты. Скочыў у прачыненае вакенца дый стаў слухаць, што тамтэйшая баба лапоча. «Дзе ж той здзірца Баластоўскі тыпус – коўзкі, што майго мужанёчка вынішчыў? Калі б я ведала, куды ён пойдзе алі куды паедзе, абярнулася б я ключавой крынічанькай. Як бы толькі выпіў з яе вадзіцы, так бы тойчас і сканаў! І ніколі б не дазнаўся, што князёўна Аліса ў палацы Кашча Бяссмертнага».

Усё скеміўшы, я паспяшаў да Пеці і Андрэя. Тыя, як ні дзіўна, падрыхтаваліся ў дарогу і ў напружанай сур’ёзнасці чакалі мяне. Я абярнуўся назад у чалавека, скочыў на каня і жэстам заклікаў вучняў ехаць следам. Ехалі мы, ехалі і ўбачылі зялёны луг. Уз’ехалі на яго і ўраз усім спаць захацелася.

– А трава, трава на лузе дужа харошая! – перарваў агульнае маўчанне Андропаў.

– Эрнест Скіргайлавіч, можа пусцім коней адпачыць, а самі паспім троху? – спапярэдліва, як ніколі, прапанаваў Дастаеўскі.

– Вунь, і караваць. Усім месца хопіць, – праз позех прагаварыў Пеця і паказаў рукой кудысь у бок ад дарогі.

– Зараз праверу, ці крэпкая караваць, – сказаў я і скіраваў туды каня. Пад’ехаўшы, я грукнуў булдавой аб караваць – палілася кроў, а праз секунду ўсё прапала: і луг, і трава, і сама караваць.

– Вось бачыце, братцы, што гэта за насланнё. Гэта была жонка першага цмока. Яна хацела нас загубіць за свайго мужыка.

– Лебядзіная вернасць, – плюнуў Андрэй, якому расхацелася спаць.

Паехалі мы далей. Ехалі, ехалі і ўбачылі зялёны сад.

– А яблыкі, яблыкі якія харошыя! – па-дзіцячы ўзрадаваўся Андропаў.

– Эрнест Скіргайлавіч, можа мы паспытаем іх на смак? – папрасіў дазволу Дастаеўскі.

– Ды не абы якіх, а залатых з вунь той вялікай яблыні, – аблізваючыся, прагаварыў Пеця і паказаў углыб сада.

– Зараз паспытаю, а калі спелыя ды смачныя, потым і вам дам, – сказаў я і скіраваў туды каня. Пад’ехаўшы, я грукнуў булдавой аб яблыню – палілася кроў, а праз секунду ўсё прапала.

– Вось бачыце, братцы, што гэта за насланнё. Гэта была жонка другога цмока. Яна хацела нас загубіць за свайго мужыка.

– Яблык разладу, – плюнуў Андрэй, якому расхацелася каштаваць садавіну.

Паехалі мы далей. Ехалі, ехалі і ўбачылі сцюдзёную крыніцу.

– Эх, крыніца! Пэўна смачная вадзіца! – заўсміхаўся ў прадчуванні спатолення смагі Андропаў.

– Эрнест Скіргайлавіч, можа мы нап’емся з крынічанькі? – прапанаваў Дастаеўскі.

– Вунь і кубачак спяцом для нас плавае, – каўтаючы сліну, прагаварыў Пеця і паказаў на пасудзіну.

– Зараз паспытаю, а калі вадзіца папраўдзе смачныя, потым і вы пап’яцё, – сказаў я і скіраваў туды каня. Пад’ехаўшы, я грукнуў булдавой аб кубачак – палілася кроў, а праз секунду ўсё прапала.

– Вось бачыце, братцы, што гэта за насланнё. Гэта была жонка трэцяга цмока. Яна хацела нас загубіць за свайго мужыка.

– Крыніца заразы, – плюнуў Андрэй, якому расхацелася піць.

Мы паехалі далей. І ехалі аж пакуль на дарозе перад намі не з’явіўся калодзеж, каля якога стаяў дарожны знак. На ім быў надпіс: «Царства Кашча Бяссмертнага. 25 вёрст пад зямлю». Мы пазлазілі з коней і рушылі да калодзежа. Зазірнуўшы ў яго, ні я, ні мае спадарожнікі не здолелі разгледзіць дна.

– Хто палезе? – задаў я зусім бязглуздае пытанне.

– Страмнавата неяк, – адказалі вучні разам.

– Добра. Я сам злажу. Толькі вы акуратна цэп апускайце. Дваццаць пяць вёрст гэта вам не смешкі з бабінай плешкі. Ды не ўцякайце нікуды адсюль. Будзьце напагатове. Як таргану цэп, дык выцягвайце, – пад згоднае хітанне вучнёўскіх галоваў гаварыў я і апаясваў сябе ланцугом.

Спуск у падземнае царства быў на дзіва хуткім. Не паспеў я праспяваць і траціны песняў альбому «Rosenrot» гурта Rammstein, як адчуў пад нагамі дол. Зняўшы з сябе ланцуг, я разгледзіўся на ўсе бакі. Ніякіх знакаў мне на вочы не патрапілася. Я пайшоў па адзінай дарожцы, што бегла проста з-пад маіх ног. Ішоў я доўга ці нядоўга і знайшоў медны дом. Ступіў у сярэдзіну, а там сядзіць Настасся Цыпіна.

– Ах, – з прыязнай усмешкай гаварыла яна. – Добры дзень, Эрнест Скіргайлавіч! Вы мой самы любімы настаўнік. Шкада, што мы так даўно не бачыліся. Можна я вам шакаладку на Новы год падару? Я ж вас так люблю, так люблю. Толькі вам тут нельга быць. Колькі часу тут жывем, мы беларусаў тут не назіралі, а вы сюды сваю галаву занеслі. Ведайце, што жывем мы з Кашчам Бяссмертным.

– Акурат яго мне і трэба, – выціснуў з сябе я, будучы шакаваным сустрэць у падземным царстве Насту ды яшчэ такую ласкавую.

– Навошта ён вам здаўся? Давайце лепш мы з вамі ажэнімся, – прамурлыкала дзяўчына.

– Не, я пайду Кашча Бяссмертнага шукаць, – заўпарціўся я такой раптоўнай прапанове і цопнуўся да дзвярэй.

– Шкада. Вы там па дарозе больш прыгожую, чым я знойдзеце. І ўраз забудзеце пра мяне, – засмуцілася Цыпіна.

– Не забуду. Буду вяртацца, то і цябе забяру, – паабяцаў я і выскачыў за парог.

За медным домам дарожка не сканчалася. Я прыспешыў крок. Ішоў я доўга ці нядоўга і знайшоў срэбны дом. Ступіў у сярэдзіну, а там сядзіць зноў жа Настасся Цыпіна.

– Навошта вы сюды прыйшлі, Эрнест Скіргайлавіч? – вельмі халодным тонам спыталася яна, ледзьве ўбачыўшы мяне. – Што вам увогуле ад мяне трэба? Я дарослая дзяўчына і маю права сама вырашаць, з кім мець зносіны, а каго пазбягаць. Вам не здаецца, што вы задужа навязлівы? Нават сюды завітаць не пабаяліся. Колькі часу тут жывем, мы беларусаў тут не назіралі. Ведайце, што жывем мы з Кашчам Бяссмертным.

– І што, ён лепш за мяне? – вырвалася ў мяне няправільнае пытанне, справакаванае лёдам словаў Насты.

– Ды дзе ўжо там лепш! – выгукнула яна і страпянулася: – А можа ў вашай навязлівасці ёсць свой плюс? Можа мы з вамі ажэнімся? Хаця б фіктыўна.

– Не, – з цяжкасцю адмовіўся я. – Мушу ісці далей. Мне трэба Кашча Бессмяротнага знайсці.

– Вось так вы мужчыны заўсёды… – роспачна ўздыхнула дзяўчына. – Там па дарозе вы такую красуню выкшталцоную знойдзеце, што пра мяне нават і ўзгадваць ніколі не будзеце.

– Ты асабліва не бяры да сэрца. Як буду вяртацца, вазьму цябе з сабою, – паабяцаў я і выйшаў вонкі.

За срэбным домам дарожка не сканчалася. Міжволі я перайшоў на ненавідны мне бег. Бег я доўга ці нядоўга і знайшоў урэшце залаты дом. Ступіў асцярожна ў сярэдзіну, а там сядзіць Аліса Селязнёва і вышывае. Сэрца маё сціснулася.

– Прывітанне, Эрнест Скіргайлавіч! Як вашы справы? – Аліса сустрэла мяне лёгкай усмешкай. – А вы ведаеце, што вам тут быць нельга. Я належу іншаму. Ён цяпер мне і муж, і класны кіраўнік. Гэта Кашч Бяссмертны. І ён вас абавязкова з’есць.

– Акурат яго я і шукаю. Але цябе шукаю ў першую чаргу. Кідай сваё вышыванне і пойдзем адсюль, – мне не цярпелася забраць дзяўчыну з сабою.

– Э, не, – запярэчыла яна. – У вас нічога не атрымаецца. На гэтым свеце Кашч усё трымае пад кантролем. Адзінае, чым я магу вам зараз дапамагчы, дык гэта накарміць з дарогі і, калі захочаце, ператварыць вас у шпільку, якую я ўторкну Кашчу ў падушку.

– А можа не ў шпільку, а ў гадзіннікавыя міны? – наіўна ўдакладніў я.

– Міны не дапамогуць.

– Добра. Няхай будзе шпілька. Толькі распытай у яго, калі ласка, дзе ён сваю смерць хавае.

Пакарміла мяне князёўна Аліса баршчом бурачковым, камамі бульбянымі з добрай адбіўной і напаіла кісялём журавінным. Ледзь паспеў я сказаць ёй дзякуй, знадворку пачуўся грукат. Аліса хуценька ператварыла мяне ў шпільку і ўторкнула Кашчу ў падушку. А пакуль Кашч Бяссмертны хадзіў па падворку, яна прыбрала са стала, вымыла і прасушыла посуд.

Урэшце гаспадар увайшоў у залаты дом і ўжо з парогу фыркнуў:

– Фэ, як тут беларушчынай тхне!

Селязнёва ні на міг не збянтэжылася і хутка прапанавала сваё тлумачэнне:

– Ах, душанька, ты ж над Беларуссю лётаў, вось і набраўся беларушчыны, дык табе быццам і аддае тут. Колькі ў тваім доме жыву, ніколі ніводнага беларуса не бачыла.

– Э, дурніца, ці многа той беларушчыны ў Беларусі, каб лётаючы там набрацца ёю! – нядобра ўсміхнуўся Кашч. – Падавай лепш на стол.

Аліса прынесла яму місу гарачага жалезнага бобу. Ён наглытаўся ды пайшоў адпачываць. Разлёгся ён у пасцелі і толькі тады працягнуў гутарку:

– Гэта ўсё-ткі ад цябе беларушчынай тхне. Было яе ў табе самую капку, а вось ніяк не сыдзе. Але нічога страшнага. Калі-небудзь выветрыцца. І тады я ўжо з табою харашэнька на пасцельцы разгуляюся.

Пасля гэтых словаў мне хацелася выскачыць з падушкі і ўкалоць Кашча ў сонную артэрыю. Але я стрымаў сябе, працягваючы слухаць і назіраць за гэтым хударлявым мужчынам з гітлераўскімі вусікамі пад носам.

Селязнёву словы гаспадара закранулі мала. Прынамсі, на яе твары нельга было прачытаць ні абурэння, ні страху.

– Так, разгуляемся, – нібыта пагадзілася яна. – Вось толькі баюся, што прыйдзе сюды хтось і замардуе цябе дачасна.

Кашч Бяссмертны зарагатаў:

– Га-га-га, кончаная дурніца, ніхто мяне не замардуе. Няма маёй смерці. Мая смертухна – у моры скрыня, а ў скрыні заяц, а ў зайцу качка, а ў качцы яйка.

Ён раптоўна падняўся з ложка і, нічога не гаворачы, пакінуў дом. Па характэрным гуку Аліса зразумела, што гаспадар зноў кудысьці паляцеў. Яна ператварыла мяне назад і пацікавілася, ці чуў я пра Кашчаву смерць. Я сказаў, што чуў нават болей. Яна папрасіла не ўсчынаць сцэнаў рэўнасці. Я развітаўся з дзяўчынай і адправіўся шукаць смерць Кашча Бяссмертнага.

З мора вецер дзьмуў. Я крочыў насустрач ветру і праз нейкі час апынуўся на марскім узбярэжжы.

– Як жа мне тую скрыню шукаць? – ад пэўнай збянтэжанасці спрацаваў рэжым «думкі ўголас».

З мора выйшла аголеная практыкантка Валя і з усмешкаю спытала:

– Чым магу дапамагчы, Эрнест Скіргайлавіч?

– А, гэта вы, Валянціна, – гаварыў я, намагаючыся не глядзець на яе вабноты. – Мне трэба знайсці скрыню са смерцю Кашча Бессмяротнага. Вы мне наўрад ці дапаможаце.

– А вось і дапамагу. Вы думаеце, што я ўмею нырцаваць толькі ў акіяне свядомасці? Дык вы памыляецеся.

Дзяўчына развярнулася і пабегла, каб праз колькі секунд знікнуць у марскіх хвалях. Я стаяў нерухома і ўглядаўся ў бурапеннасць мора. Неўзабаве Валя вярнулася, цягнучы за сабою скрыню. Я падбег і пераняў яе, падзякаваўшы практыкантцы.

– Гэта вам дзякуй, Эрнест Скіргайлавіч, што не вельмі мяне напружвалі падчас практыкі.

Я кіўнуў галавой і ўзяўся адкрываць скрыню. Разбіў вечка. З сярэдзіны скокнуў заяц і шпарка паімчаўся прэч.

– Ах, бог ты мой, хто ж мне дапаможа ў гэтай нагодзе?! – вырваўся з маіх грудзей засмучаны ўскрык.

У той жа самы час на дарозе перад зайцам з’явілася дзяўчына, якую я некалі пазбавіў ад дакучлівых кавалераў каля рынку. Яна шпульнула люстэрка. Заяц з разбегу ўдарыўся аб яго і разбіўся на дробныя аскепкі. Увадначас адтуль узляцела качка.

– Хто ж мне дапаможа ў гэтай нагодзе?! – зноў ускрыкнуў я.

У той жа самы час на дарозе, над якой ляцела качка, з’явілася жанчына, чыю дачку я выратаваў ад чорнага «бумера». Яна скіравала на качку фотаапарат і націснула на кнопку. Вылецела імклівая жар-птушка, якая разарвала качку на маленькія фатаграфічныя кавалачкі. А яйка ўпала ў лясны гушчар.

– Ніхто мне не дапаможа ў гэтай нагодзе. Давядзецца самому шукаць, – пашкадаваў сябе я і рушыў да лесу.

У той жа самы час за маёй спінай пачуўся дзявочы голас. Я азірнуўся. Да мяне ішла бялявая дзяўчынка ў чырвонай куртачцы. Наблізіўшыся, яна працягнула мне «кіндэр-сюрпрыз» і сказала:

– Вось тое, што табе трэба. Я яго ў кіёску купіла.

– Дзякуй, бяляначка. Маме прывітанне перадавай, – сказаў я і, забраўшы шакаладнае яйка заспяшаў вярнуцца да залатога дому.

Прыйшоў я да таго дому і адразу ў дзверы. Толькі апынуўся ў пакоях, угледзеў мяне Кашч Бяссмертны. Ну, і я таксама не аслеп.

– А-а-а-а-а, – голасна сустрэў мяне ён. – Ты тут, Баластоўскі – тыпус коўзкі!

– Я, здаецца, не тут. Я, напэўна, не там, – ухіліста адказаў я.

– Ты гэтыя свае постмадэрнісцкія штучкі кінь! – гыркнуў Кашч і кінуўся да мяне.

– Аста ля віста, бэйбі, – прашаптаў я ў адказ і пад раптоўныя гукі музыкі Пітэра Брэдэля раздавіў шакаладнае яйка ў руцэ.

Кашч Бяссмертны зваліўся на падлогу і аўтаматычна змяніў прозвішча.

Аліса, што назірала за гэтай дзіўнай бітвай, ціхенька спытала:

– А якая цацка ў «кіндэр-сюрпрызе»?

– Аднарог, – дастаўшы забаўку, паведаміў я і жэстам даў зразумець, каб Селязнёва збіралася.

Трэба было нарэшце вяртацца да калодзежнага ланцуга. Па дарозе я забраў са срэбнага дому суворую Цыпіну, а з меднага дому забраў Цыпіну ласкавую. Аліса глядзела на іх, быццам на канкурэнтак. Мне гэта падабалася.

Прыйшоўшы ў належнае месца, я злёгку тузануў ланцуг. Гэткім жа лёгкім тузаннем мне адказалі згары. Мяне ўсцешыла, што Пеця і Андрэй дачакаліся. Першымі з падземнага царства былі ўзнятыя дзяўчаты. Па адной. Па чарзе. Наспеў і мой чарод падняцца на зямлю ды пахваліць сваіх вучняў за трываласць. Але насуперак маім чаканням ланцуг не проста спусціўся, а адарваны ўпаў мне пад ногі.

«Ну, брахнейкі, вы саміх сябе ўжо пераплюнулі, – уздыхнуў я і няма спасу як зажурыўся. – Як жа мне на наземны свет дастацца?».

Напаўзла раптам дужа вялікая хмара. Закрапаў дождж. Я пабег пад дуб, каб схавацца. Стаў пад дрэвам і ўчуў, што на ім крэпка крычалі птушаняты. «Засячэ іх дождж», – падумаў я і палез на дуб. Там распяўся над гняздом і прыкрыў тых крыкуноў сабою. Дождж ліў з дзесяці тысяч казачных цэбраў. І ўсё больш мне на спіну, дзе мусіў бы красаваць надпіс: «А ты гатовы дапамагчы крылатым сябрам?!». І трываў я так, пакуль дождж не скончыўся. Тады я злез з дрэва і прытаіўся пад ім. Неўзабаве прыляцела Пціца-Палугрыца і спытала ў птушанят:

– Ах, дзеткі мае, хто ж вас схаваў ад дажджыскі? Я ўжо думала, вас тут кроплямі буйнымі насмерць пабіла.

– Нас захінуў сабою нейкі чалавек, – запішчалі тыя ў адказ.

– Ах, чалавек, абвясціся, што ты за гэта хочаш? – крыкнула іх матка.

Я азваўся і прызнаўся, што нічога мне не трэба, акрамя вяртання на наземны свет. Пціца-Палугрыца пагадзілася. Адно пацікавілася:

– Ці дасі мне па дарозе якой ежы?

– У мяне нічога няма, апроч некалькіх кавалкаў «кіндэр-сюрпрыза», – сумленна прызнаўся я.

– Гэтага павінна хапіць, – разважыла Пціца-Палугрыца і запрасіла сядаць на яе вярхом.

Я так і зрабіў. Яна панесла мяне. І што далей, то вышэй стала ўгару падымацца. Як толькі Пціца-Палугрыца прасіла ў мяне ежы, я кідаў ёй у дзюбу па маленечкаму кавалку ад шакаладнага яйка. Але ж вельмі хутка той запас ежы скончыўся, а мая ратавальніца ўсё яшчэ хацела есці. А як што ўкінуць ёй у дзюбу ўжо нічога не было, яна пачынала троху ўніз апускацца. Гэта рабілася дужа небяспечнаю тэндэнцыяй. Я спужаўся, што яна зусім аслабее і вернецца ў падземнае царства. Дык я ўзяў і адарваў сваю лытку з правай нагі і шпурнуў Палугрыцы ў дзюбу. Яна зараз жа ладна ў гару усхапілася. Не чакаючы чарговай просьбы, я адарваў сваю лытку з левай нагі і шпурнуў Палугрыцы ў дзюбу. Палёт імгненна перайшоў у завяршальную стадыю. Зусім неўзабаве яна вынесла мяне на наземны свет.

Тады Пціца-Палугрыца і прамовіла:

– Ты ж казаў, што ў цябе было толькі маленькае шакаладнае яечка. Але ў самым канцы палёту ты мне хіба двух дабрэнных шакаладных дзедаў марозаў узычыў. Ці не так?

– Не. Гэта быў увогуле не шакалад. Я адарваў свае лыткі, каб ты зусім не згаладала, – не стаў маніць я.

– А ну, пакажы!

Я і выставіў ёй усю прыгажосць маіх абскубаных ног. Пціца-Палугрыца крэпка мяне пашкадавала і сплюнула лыткі назад мне на ногі. Яно ўсё адразу прырасло, і болькі вельмі хутка загаіліся. Развітаўся я ласкава са сваёй выратавальніцай, адно, што цалавацца не рызыкнуў.

Паглядзеў я на наземны, але ўсё яшчэ казачны свет. Нікога навокал не было. Ранейшая дарога знікла. Паўсюль раслі крапіва, палын і дзядоўнік. «Ты зноў страціў Алісу», – дакараў я сябе, шукаючы вачыма хаця б найменшы намёк на выйсце. Але ўсе намёкі ў той час сышлі з казкі на абедзенны перапынак. Я сарваўся з месца і рушыў праз неймаверныя зарасці. Мне здавалася, што кірунак быў выбраны слушна і неўзабаве можна будзе апынуцца каля руінаў дома на тры вянцы каля вогненнай рэчкі. Крапіва джыгала мяне з галавы да пятак. Палын без дазволу лез мне ў наздрыны і рот. Калючкі дзядоўніку спаборнічалі ў глыбіні пранікнення мне ў скуру. Але я не спыняўся. Я бег наперад. Апухлы ад джыганняў крапівы. Атручаны палыновай гаркотаю. Наўсцяж заскаблены калючкамі дзядоўніку. Мой бег быў бясконцым. Мой боль быў пустым. Мая мэта была недасяжнай. Я ўдарыўся ў мур, які раптоўна паўстаў на маёй дарозе. Роспачы маёй не ставала межаў. Я шалянічна грукаў рукамі па каменнай перапоне, спрабуючы яе разбурыць. Кулакі і локці аж да костак збіваліся ў кроў. Мур непарушна стаяў на месцы. Я зірнуў налева і нічога ўсцешнага не ўбачыў. Я зірнуў направа і згледзеў у колькіх кроках ад сябе плакат, прыклеены на мур. На плакаце быў намаляваны цягнік, на фоне якога ўсміхаліся дзве правадніцы. У гэтых усмешках добра пазнаваліся Арына і Міла. «Забярыце мяне адсюль», – звярнуўся я да выявы. У тое самае імгненне Арына з плакату ўзяла мяне за руку і моцна шморгнула на сябе.

31.

Я ачомаўся ў ранішнім цягніку, які ехаў на Мінск. Не адчуваючы ніводнай сваёй часткі цела, я сядзеў на месцы ў сярэдзіне вагона і цяжка дыхаў. На сценцы каля буфета вісеў рэкламны плакат беларускай чыгункі. Дзяўчаты, адлюстраваныя на ім, вельмі аддалена нагадвалі Зарыцкую і Шчодрык. Мне было страшна глядзець на людзей. Я асцерагаўся паказваць сваё аблічча – распухлае і заскабленае. Я не наважваўся кінуць погляд на ўласныя рукі – крывавыя, з голымі косткамі. Прынамсі, яны мусілі быць такімі ў маім уяўленні.

Побач ішла правадніца і зусім спакойна з прыветнай усмешкай спытала:

– Кавы? Гарбаты? Печыва?

– Мне, калі ласка, шклянку гарбаты «Алах Акбар», шакаладку «Гітлер капут» і маленькі пакуначак карамелі «Ядро Расіі», – спраўна пералічыў я абсалютна бадзёрым голасам і нарэшце адчуў сябе ў сваёй пасудзіне.

– Прабачце, але «Ядра Расіі» ужо няма. Магу прапанаваць «Северо-Западные забавы».

– Дзякуй. Мне і без таго ў маёй казцы забаваў хапіла. Прынясіце гарбату і шакалад.

Правадніца перамяніла ўсмешку з прыветнай на какетлівую і не прамінула пацікавіцца:

– І кім жа вы былі ў вашай казцы? Ці не шэрым ваўком?

Я страпянуўся ад яе словаў і, намагаючыся захоўваць раўнавагу, сказаў:

– Не, я быў звычайным асілкам, накшталт Івашкі Мядзведжага Вушкі.

– Шкада. Я з задавальненнем на такім шэрым ваўку пакаталася б, – прызналася яна і пайшла далей завіхацца з пасажырскімі замовамі.

Я міжволі памацаў свой твар рукамі, спраўджваючы, ці няма на ім ваўчынай поўсці. Поўсці не было. Нават маёй заўсёднай шчэці адшукаць не ўдалося. Я быў паголены гладка, як ніколі. «А што тут дзіўнага? Я ж еду ў сталіцу», – думалася мне. У кішэні завібраваў пан Самсунак. Мабільны аператар віншаваў мяне з Новым Годам і запрашаў паўдзельнічаць у віктарыне. Спачатку мне хацелася адправіць у адказ колькі нецэнзурных словаў. Але разважыўшы, што гэтая паслуга можа быць платнай, адмовіўся ад сваіх гарачкаватых намераў. Мабільнік, зрэшты, не схаваў. Пакруціўшы яго ў руках, я не ўстрымаўся і набраў sms’ку Алісе: «Прывітанне, спячым красуням ад шэрых ваўкоў з сонечнага Мінску». Хвілін праз трыццаць, калі я паспеў ужо паснедаць гарбатай упрыкуску з шакаладам і юрлівым позіркам правадніцы, прыйшоў адказ: «Прывітанне шэрым ваўкам ад ужо толькі сонных красуняў з пахмурнага Галацічаску. А што вы там робіце?». Я ўсміхнуўся. Пытанне мяне прыспела знянацку. «Сапраўды, якое ліха мяне магло пагнаць у Мінск?» – ліхаманкава разважаў я і неўзабаве зразумеў, што еду нарэшце забраць наклад маёй кнігі. У той жа момант я пастанавіў падараваць адзін асобнік Алісе. Але пакуль вырашыў не паведамляць аб сапраўднай мэце майго візіту ў галоўны горад усяе Беларусі: «Я тут па цікавых справах. Потым абавязкова распавяду». Селязнёва на гэта напісала: «Які ты загадкавы» і паставіла смайл. Я ледзьве не скочыў да вагоннае столі ад радасці, чым змусіў правадніцу ў чарговы раз аблізнуцца. «Аліска, нарэшце звярнулася да мяне на «ты»!!!» – цешыўся я, нібы першакласнік, якому суседка па парце не толькі дала спісаць дамашняе заданне па прынцыпах работы сінхрафазатрона, але яшчэ і ўклеіла буську. «Не магу даць веры сваім вачам», – нашчоўкаў я. «А ты вазьмі і дай», – праз пару секунд мне стала вядомай рэакцыя Алісы. Я быў задаволены, як той ружовы плюшавы слон, у абдымку з якім спіць вуглаватая супермадэлька – ураджэнка Заходне-Рускае нізіны. Мне здавалася, што знікла яшчэ адна перапона паміж мной і маёй юнай князёўнай. Цягнік акурат прыбыў на мінскі вакзал. За вакном мітусіліся людзі. Я сабраў свае нешматлікія манаткі і рушыў на выхад. Правадніца на развітанне белазуба ўсміхнулася і ўклала мне ў руку маленькую цыдулку. «Тут нумар майго тэлефона. Можа, калі-небудзь пазвоніце», – шапнула яна. Я адказаў адно здзіўленымі вачыма, ступіў на перон і, дайшоўшы да падземнага перахода, скамячыў і шпурнуў паперку ў сметніцу. Каб не было лішніх спакусаў.

Мінск, як і сто разоў да таго, сустракаў мяне сцюдзёным ветрам. Я падняў замок-маланку на маёй куртцы па самае горла, а потым нацягнуў вязаныя пальчаткі. Я ішоў сярод дзясяткаў людзей. Я звяртаў увагу на дзясяткі мінакоў. Мне ўвесь час здавалася, што нехта з іх павінен мяне пазнаць і кінуцца з вокрыкамі: «Здароў, Баластоўскі! Якім лёсам ты ў нашых краях?». Аднак ніхто, зусім ніхто, не рабіў нічога падобнага. З гора я набыў трыццаць тры жэтоны і знік у падземных уладаннях метрапалітэна.

Цягніком метро я скарыстаўся больш па звычцы. Насамрэч ён быў мне патрэбным, як сабаку Цэрбэру чацвёртая галава – выдавецкая кантора знаходзілася даволі блізка ад вакзала. Манеўруючы паміж дзядамі маразамі, міліцыянтамі і бландзінкамі на «шкодах феліцыях», я нырнуў у адну з падваротняў на галоўным сталічным праспекце, каб праз колькі хвілін адчуць сябе сапраўдным пісьменнікам з кнігай. Выдавец Януарый Алфёраў павіншаваў мяне і паказаў на пяць пакункаў, што стаялі ў калідорчыку:

– Вось ваша пісьменніцкае шчасце, спадар Баластоўскі.

– Маё пісьменніцкае шчасце сядзіць дома на ўскрайку Галацічаску і вяжа мне швэдар, – з усмешкаю схлусіў я. – А гэта ўсё толькі прыемны дадатак.

Алфёраў трохі здзіўлена зірнуў на мяне і, напэўна, не паверыў, што пісьменніцкае шчасце можа заключацца не ў выдадзеных кнігах.

– Спадзяюся, што дадатак усё ж вельмі прыемны, – ветліва прамовіў ён і запрасіў у кабінет.

Я выцягнуў з пакунка адзін асобнік «Залатых дуляў Гесперыд» і падаўся следам. На вокладцы была намалёвана статуя Афрадыты, якая неадбітымі рукамі гарэзліва круціла дулі баявым робатам, што танчылі танец маленькіх лебедзяў вакол. У кабінеце з некалькімі кніжнымі шафамі, кампутарамі і бясконцымі стосамі папер знаходзіўся невядомы мне чалавек. Пан Януарый адразу ж нас пазнаёміў. Гэта быў рэдактар газеты «Х-схроны» Аскольд Мянжынскі, якога я ў прынцыпе ведаў па артыкулах, прысвечаных паранармальным з’явам. Яго таварыства было для мяне вельмі дарэчы. Я спадзяваўся, што рэдактар здолее адказаць на некаторыя пытанні, якія не пераставалі мяне даймаць. Пакуль я збіраўся з думкамі, Алфёраў дастаў аднекуль пляшачку каньяку і прынёс тацу з бутэрбродамі.

– Трэба ж абмыць кнігу таленавітага беларускага пісьменніка, – з рэдкаснай жыццярадаснасцю патлумачыў ён. – Ён там сядзіць у сваім Галацічаску, носіць швэдры, якія вяжа крыніца яго шчасця, а тут палова сталічнай літаратурнай тусоўкі на вушах стаіць і пытае: «Калі ты выдасі кнігу Баластоўскага?». А яшчэ ён з самім Хадановічам на короткой ноге.

– Мабыць, вы перабольшваеце, – сціпла адрэагаваў я, дарма што рэпліка выдаўца разлівала гаючае зелле на шчарбіны маёй самазакаханасці.

Тым часам Януарый спрытна напаўняў кілішкі. Утрох мы выпілі за мяне і маю творчасць. Каньяк падступнай прыемнасцю апёк мне паднябенне. Рука нахабна пацягнулася за лустачкай з сёмгай.

– Я ведаю, вы пісалі колісь пра беларускіх аднарогаў… – раптоўна сказаў Мянжынскі.

Я ледзьве не папярхнуўся ад такой абазнанасці рэдактара «Х-схронаў» і толькі кіўнуў у адказ.

– Вы там, канечне, накруцілі. Але ж для літаратурнай фантазіі ваш тэкст зусім нядрэнны, – працягваў ён.

– Зразумела, што гэта ўсё толькі фантазіі, – мой язык троху развязаўся і адчуў сябе вальней. – А ці праўда, што зараз аднарогамі называюць носьбітаў сакральнай веды?

– Хто лічыць? – з пэўнай доляй здзіўлення ўдакладніў Аскольд.

– Ну, напрыклад удзельнікі хакерскай секты «Кангрэгацыя кібернетычных байцоў», – агучыў я назву, пачутую ўвосень ад супрацоўніка КНАКС.

У адказ Мянжынскі гучна засмяяўся. З поўным неўразуменнем я глядзеў то на яго, то на Алфёрава. Выдавец толькі паціснуў плячыма, закідваючы ў рот чарговую лустачку.

– Прабачце, што збянтэжыў вас сваім рогатам, але, на жаль, не здолеў устрымацца, – нарэшце суцішыўся рэдактар. – Разумееце, «Кангрэгацыя кібернетычных байцоў» – гэта збольшага выдумка, гарадская легенда. Большасць выданняў, нават самых захалусных і жоўтых, уважаюць за кепскі тон узгадваць на сваіх старонках гэтую назву. Лічыцца, што яе прыдумала адна з заходніх спецслужбаў дзеля дыскрэдытацыі грамадскіх рухаў па вывучэнню паранамальных з’яваў. А што, вам нехта прапаноўваў з гэтай сектай супрацоўнічаць?

– Не, мне распавялі, што ў Беларусі ідзе барацьба супраць тутэйшай філіі «Кангрэгацыі», якая мяркуе злавіць аднарога і прабіць дзірку ў глабальнай кампутарнай сімуляцыі, якой яны абвяшчаюць наш свет.

– Гэта поўная лухта, – рэзка, але не трацячы цікавасці, заявіў Аскольд. – Калі мы і з’яўляемся часткай кампутарнай сімуляцыі, выхад кагосьці з-пад кантролю Вялікіх Праграмістаў практычна немагчымы. Мяркую, што ўзровень развіцця іх тэхналогіі дазваляе ім вельмі проста адсочваць непажаданыя збоі ў праграме і своечасова ліквідаваць. Калі нешта недзе ў гэтым свеце ідзе, як кажуць матэрыялісты, насуперак законам прыроды, то толькі з ведама Вялікіх Праграмістаў. Нават магчымасць нашай цяперашняй гутаркі пра гэта абумоўлена тым, што яна абсалютна бяспечная для трываласці глабальнай кампутарнай сімуляцыі. А калі вы, я ці спадар Януарый пачнём уяўляць пагрозу для гэтай трываласці, нас немінуча і бязлітасна прыбяруць. Разам з гэтым каньяком і з гэтай рыбай. І ніякая сакральная веда нам не дапаможа.

На вуснах гаспадара кабінета з’явілася іранічная пахмылка.

– Досыць нас ужо пужаць, нас ужо пужалі, – кінуў ён рэдактару, зноў разліў каньяк і, не чакаючы нас, падняў кілішак за набліжэнне Новага Года.

Мы на аўтамаце падтрымалі яго, але змяняць тэмы гутаркі не збіраліся.

– Добра, – нібыта пагадзіўся са словамі Мянжынскага я. – А што б вы сказалі, калі б я паведаміў, што вакол мяне адбываюцца невытлумачальныя рэчы?

– Гледзячы якія. Бо нізкія настаўніцкія заробкі гэта адно, а вогненны палтэргейст – зусім іншае, – прадэманстраваў суразмоўнік свой тонкі гумар.

– А калі б я вам сказаў, што я іншым разам выпадаю з рэальнасці або балансую на мяжы рэальнасцяў?

– Я сказаў бы, што вы як пісьменнік занадта шмат бераце да сэрца і працуеце да крывавага поту. Для вашага брата гэта ўласціва. І прыклады пісьменніцкіх відзежаў, галюцынацый фіксуюцца з даўніх часоў. Але гэта не значыць, што ў кожным канкрэтным выпадку пісьменнік спрычыняўся да дэфармацыі глабальнай кампутарнай сімуляцыі. Мозг можа строіць з людзьмі вельмі дзіўныя жарты. Дый стымулятараў хапае…

– Прабачце, але ў плашчыні матрычнай тэорыі спісваць гэтую праблему на мозг проста не выпадае, – не пагадзіўся я. – Мозг такая самая частка праграмы, як і ўсё, што навокал. Бяда ў тым, што мы не ведаем, на якіх прынцыпах праграма працуе. А дакладней, якія правілы ў гэтай гульні, і ці ёсць яны наагул. Ці маем мы хаця б найменшую свабоду выбару або ўсе падпарадкавана загадзя складзеным сцэнарам? Што да стымулятараў, дык воляю Вялікіх Праграмістаў імі можа стаць што заўгодна. Хоць кавалачак хлеба, хоць кляновы лісток.

– Край беларускі, лісток мой кляновы, – з нязменнай усмешкай працытаваў Алфёраў, каб хоць неяк нагадаць пра сваю прысутнасць, і яшчэ раз абнавіў змесціва кілішкаў. – За Беларусь!

Мы зноў кульнулі. Зноў заелі.

– А вы вельмі дасціпны малады чалавек, – уражана зазначыў Мянжынскі, звяртаючыся да мяне. – Калі вашы заявы пра балансаванне між рэчаіснасцямі праўда, а не спробы піяру, то я вам параю толькі адно: будзьце вельмі асцярожным.

– Я асцярожны да немагчымасці…

Мне карцела расказаць пра бітвы з цмокамі, пра смерць Кашча, пра Пціцу-Палугрыцу, але я замаўчаў. Замаўчаў, не зважаючы на развязаны каньяком язык. Мне трэба было ехаць у рэдакцыю газеты «Над шумам дзён». Забраўшы палову накладу кнігі (другую абяцаўся прыпуціць мой гомельскі сябар А.К.), я развітаўся з суразмоўцамі і сеў у аранжавую таксоўку, якая хутка давезла мяне праз святочны горад у прызначанае месца.

«Мы выйдзем шчыльнымі радамі!» – заспяваў я пад надшумамдзёнскім вакном калядку, і мяне адразу павялі ў апартаменты адпойваць гарбатай. Там ужо ішло каляднае святкаванне. За квадратурай круглага стала сядзела даволі шмат людзей. Усе яны мне здаваліся знаёмымі. Я глядзеў на іх п’янымі вачыма і тупа пасміхаўся, нібы муж Моны Лізы, які шчыкаў яе за азадак падчас сеансаў маэстра да Вінчы. Рэдактар Юрась Гарбузок агучыў для ўсіх мае імя і прозвішча. Гэта прагучала амаль, як чароўны заклён. Усіхныя вочы прагна ўпіліся ў мяне, быццам мяне звалі не Эрнест Баластоўскі, а Гамер, за права звацца радзімай якога спрачаліся сем гарадоў. Нягледзячы на дамінаванне каньяку ў маіх мазгах, я спрабаваў адчуць сябе ніякавата. Але гэта не атрымалася. Я ўхапіў колькі кружочкаў цытрыны і закінуў у пашчу сваёй нахабнасці, каб хуценька запіць кіпнем. Нейкі хлапец брынькаў на гітары і ціхенька напяваў:

Простыя словы,

простыя рэчы.

Хлеб на стале,

Полымя ў печы.

Я перапыніў гітарыста пытаннем, а ці можа ён сыграць «Уладзімірскі цэнтрал». Той адказаў адмоўна. Дзяўчына, як з карціны дэ Лакруа, зморшчыла нос і выразна прамовіла: «Фі». З ёй пагадзіўся крытык Самсон Баброўскі, сказаўшы, што ў літаратурных творах я ўдала ўдаю з сябе беларускага буржуазнага нацыяналіста, а ў рэальным жыцці з’яўляюся тыповым постсавецкім аматарам крымінальнае песеннае лірыкі.

– Вы спрабуеце пераймаць творчы падыход Вацлава Ластоўскага, – не суцішаўся ён. – Але што сказаў бы Власт, убачыўшы вас за выканнем блатной расійскай песенькі?

– Мяркую, што Неадменны Сакратар Адраджэння абавязкова праслязіўся б ад замілавання, – безапеляцыйна заявіў я. – А ўвогуле я кахаю Алісу. І для мяне гэта зараз самае галоўнае.

– А я думаў, што для вас самым галоўным на сёння ёсць ваша кніга, – выказаў здагадку Гарбузок, нагадаўшы гэтым выдаўца маёй кнігі.

– А што кніга? – развёў рукамі я. – Кніга кароткая, а каханне вечнае.

– Няўжо вы такі рамантык? – не паверыла дзяўчына з карціны дэ Лакруа.

– Не, я проста абапіўся каньяку ў Алфёрава і разлічваю вельмі хутка вярнуцца ў Галацічаск, – адказаў я і зірнуў на гадзіннік, якім мне служыў мабільны тэлефон. На ім была купа sms’ак. Аліса пыталася, ці вярнуся я да Новага года. Адна знаёмая патрабавала тэрміновай дэвіртуалізацыі. Другая выказвала жаданне нарадзіць мне сына. Трэцяя хацела атрымаць сваю долю дуляў з садоў Гесперыд. Галава мая бегла кругам. А я, пакінуўшы грамаду ў здумленні, пасля някідкага развітання зваліў на вакзал.

Ноч давялося трэсціся ў цягніку і, пакутуючы ад бессані, лічыць караблі Гамера, што анічуць не дапамагала. Галацічаск сустракаў мокрым снегам і пустымі тралейбусамі – тролямі-бэйбусамі, гатовымі біцца токам. Выбіраць не прыходзілася. Усе мае таксоўкі засталіся ў сталіцы. Палова накладу маёй кнігі ляжалі ў кайстры і прыемна адцягвалі мне плячо, на якім не было і не магло быць швэдра, звязанага каханым мне чалавекам.

32.

Калегі ў школе, убачыўшы мяне, пыталіся, куды я быў запрапаў. Мне не хацелася адказваць нават з вельмі прыблізнай верагоднасцю. Таму я нягеглым чынам аднекваўся і хітравата ўсміхаўся, выбудоўваючы слоўныя рэбусы пра горад, заснаваны млынаром. Да таго ж было страшнавата распытваць іх пра акалічнасці майго знікнення пасля нашага святочнага спектакля. Зрэшты, і самі яны нічога такога падазрона казачнага не прыгадвалі. Калег па-сапраўднаму здзіўляла толькі тое, што я з’ехаў без дазволу дырэктара. Міроненка нават намякнуў польскай прыказкай: «Плётка паляціць вераб’ём, але вернецца быком». Але як бы там ні пляткарылі мае калегі, адпускаючы вераб’ёў ці адразу быкоў, іх версіі былі далёкімі ад праўды. Зрэшты, калі б яны бачылі цмока, гэтае відовішча было б успрынятае імі з меншым здзіўленнем, чым тое, што панапрыдумлялі ў калектыве. Разам з тым я мусіў сабе прызнацца, што не ведаю, ці добра тое, што бачыць цмокаў пашчасціла толькі мне. Чамусьці адольвала перакананне, што ні Пеця, ні Андрэй, ні пагатоў кароль Грыша Стахіевіч на цмачыную тэму гаварыць не змаглі б.

Я сядзеў у кабінеце адзін і глядзеў у вакно, аздобленае папяровымі сняжынкамі ды натуральнымі марознымі ўзорамі. Не зважаючы на ўбранне, за шыбкамі даволі выразна бачыліся дрэвы прышкольнага скверу. Яны мерна гойдаліся ад несуцішных нашэптаў ветру. На тоўстай галіне найбліжэйшай таполі сядзеў груган. І хаця я не мог дакладна ведаць, што гэта менавіта груган, язык мой не паварочваўся назваць гэтую птушку крумкачом ці, пагатоў, варонай. Было ў яго абрысах нешта велічнае. Велічнае нагэтулькі, што ў мяне нямеў язык, а мову займала, як перад сконам. Я глядзеў на гругана і не мог звесці вачэй ад няўцямнага захаплення. І толькі падсвядомасць пачынала алярмаваць на ўсю моц, спрабуючы скасаваць маё захопленае здранцвенне. «Не глядзі! Не глядзі! Гэта знак бяды», – гучала аднекуль з мысленчага падмосця. Я міжволі трусіў галавою і ў наладках «Sound Effect» марна спрабаваў паставіць птушачку ў гняздо «Падаўленне голасу».

– Во, дзе ён. Сядзіць. Сіваваронак лічыць, – у раптоўна расчыненых дзвярах пачуўся голас адной з маіх старэйшых каляжанак. – Ты так усё на свеце прасівавароніш. Да цябе госця.

Каляжанка хітра ўсміхнулася, дэманструючы золата, срэбра і пункт «іншае» свайго рота. Я заўважна здрыгануўся ад нечаканасці. У кабінет увайшла Аліса Селязнёва і з памяркоўна гуллівай усмешкай павіталася. Я ўсміхнуўся ў адказ і падняўся са свайго месца, спяшаючыся прыняць госцю, як належыць. Левая мая нага паспела добра самлець. Ледзьве я паспрабаваў на яе ступіць, як не адчуў пад сабой апоры і мала не ўпаў. Збоку гэта выглядала верхам няўклюднасці. Мне давялося пачырванець. Дзяўчына схапіла мяне за руку, ратуючы ад верагоднага падзення.

– Эрнест Скіргайлавіч, з вамі ўсё добра? Можа трэба доктара выклікаць? – спыталася яна, азіраючыся на дзверы. Маёй каляжанкі ўжо і след прастыў.

– Дзякуй. Нікога не трэба клікаць, – запярэчыў я, гледзячы на Селязнёву. Мне так хацелася сказаць, што мой галоўны доктар ужо завітаў. Але давялося стрымаць сваё красамоўства.

– Я да вас з просьбай, – Аліса марна намагалася дадаць у голас вінаватасці. Насамрэч голас поўніўся нейкім дзіўным разнавідам уладарнасці. Я працягваў уважліва глядзець на яе і чакаў працягу таго, што яна назвала просьбай. Заўважалася, што дзяўчына толькі-толькі прыйшла з холаду. На ёй была бурнатая дзявочая дублёнка і вязаная шапачка з неверагоднай прыгажосці кветкамі. Яе шчокі ўкрыў боскі румянец. Я адчуваў яе дыханне і тое, што пачынаюць падкошвацца мае абедзве нагі.

– Сядай, калі ласка, – знайшлося выйсце з няёмкага для мяне становішча.

– Але я не на доўга, – папярэдзіла Селязнёва, сядаючы за першую парту.

– Нічога страшнага, – лагодна прамовіў я, сядаючы за настаўніцкі стол.

– Вы ж на канікулах у школе будзеце? – спытала госця.

– Так, акрамя некалькіх святочных дзён, – пацвердзіў я, строячы подумныя і няподумныя здагадкі наконт яе пытання.

– Добра, – яшчэ больш чароўна ўсміхнулася дзяўчына. – Тады можна я пакіну ў вас сшытак Алёны з курсаў па фізіцы? Яна зараз з мамай у Лондане. А калі прыедзе, дык сшытак ёй будзе патрэбен, а я ёй адразу перадаць не змагу…

– Таксама некуды паедзеш? – не прамінуў пацікавіцца я.

– Ну, не так далёка, як яна, – трохі збянтэжылася Аліса, хаця была ў тыя хвіліны поўнай гаспадыняй становішча. – Я магла б і каму-небудзь з аднакласніц аддаць. Але не рызыкнула. Яшчэ згубяць. А вы ўсё-ткі класны кіраўнік. Чалавек адказны. На вас спадзявацца можна.

Я няголасна засмяяўся, захінаючы вочы далонню, а потым сказаў:

– Давай сюды гэты каштоўны сшытак. Я пакладу яго ў свой ядзерны чамаданчык і буду пастаянна яго насіць пры сабе. Толькі, як Караблёва даведаецца, што сшытак у мяне?

– Які ж вы нездагадлівы, – паматляла галавой вучаніца. – Я паведамлю ёй усе падрабязнасці па «мэйлу». Сусветнае павуцінне. Вы ж самі нам пра глабальную вёску расказвалі.

Яна паклала на мой стол агульны вучнёўскі сшытак. На вокладцы красавалі героі фільма «Матрыца». Яго назва была па-майстэрску выдалена. Замест яе крычаў надпіс «Фізіка», што быў выкананы ад рукі ў тым жа стылі. Троху ніжэй у якасці слогана мясцілася таксама рукапісная заўвага: «Царыца навук». Я працягнуў руку, каб забраць сшытак, але на секунду замарудзіў, не наважваючыся да яго дакрануцца.

– Нешта не так? – здзівілася дзяўчына, пераводзячы позірк то на мяне, то на маю застылую ў няпэўнасці руку.

– Не, усё добра. Проста крышачку задумаўся, – хутка адказаў я, прымушаючы сябе апусціць далонь на сшытак. Мне было боязна гэта рабіць, бо не мелася ніякай гарантыі, што мяне зноў не завіхурыць у якія-небудзь казачныя сусветы. Прымружыўшы вочы, урэшце я апусціў далонь. Нічога надзвычайнага не адбылося. Нават груган на заснежанай таполі прамаўчаў, хаця, напэўна, і ўхмыльнуўся з нагоды маіх фобіяў.

– Эрнест Скіргайлавіч, не спрабуйце за сваёй задумлівасцю схавацца ад уласнага абяцання, – абдала мяне лёгкім ушчуваннем госця. – Я памятаю, што нехта з шэрых ваўкоў абяцаў адной соннай красуні з Галацічаску распавесці аб сваім візіце ў сонечны горад Мінск. Няўжо яна так нічога і не пачуе? Што вы рабілі ў сталіцы?

Я сумеўся, але не настолькі, каб страціць прытомнасць ці раўнавагу. Мне вельмі падабалася, як Аліса стала гаварыць са мной. Такая казка мне сапраўды імпанавала.

– Не такім і сонечным выявіўся той Мінск, – заўважыў я. – Зрэшты, надвор’е ў гэтым разе, калі і іграла нейкую ролю, то зусім не самую галоўную.

– Хм, а што ж тады іграла галоўную ролю? – надышла чарга вучаніцы прадэманстраваць уменне сумецца. – Вы часам не да нявесты ездзілі?

Яе апошнія словы заспелі мяне на ўдыханні, якое адразу ж занялося подзівам. Я няёмка закашляўся і адмоўна крутнуў галавой, пярэчачы здагадцы госці:

– Не, няма ў мяне ніякай нявесты. Ні ў Мінску, ні ў Галацічаску, ні ў Лондане.

Аліса ўспыхнула ўсмешкай і вачыма папрасіла працягваць мой расказ.

– А ў сталіцу я ездзіў вось дзеля чаго, – сказаў я, дастаючы з партфеля асобнік маёй кнігі. – Вось такая штучка з’явілася.

Дзяўчына згледзела маё прозвішча на вокладцы і ўражана войкнула:

– Але ж цудоўна, Эрнест Скіргайлавіч! Віншую вас!

– Дзякуй. Гэта табе, – усцешана прамовіў я.

– Назаўсёды? – перапытала вучаніца, нібы гаворка ішла не пра сціплы томік, а пра ключы ад моднага легкавога аўтамабіля.

– Ну, вядома ж. На памяць пра мяне.

– Ой, выдатна. Я чула, што вы нешта там пішаце. Але ніколі нічога не чытала.

– Цяпер дакладна пачытаеш.

– А аўтограф?

– Толькі пасля прачытання, – з усмешкай заявіў я, але мой выгляд даваў магчымасць зразумець, што гэта не жарт з майго боку.

– Абавязкова прачытаю, – паабяцала Аліса і заіскрылася сваёй чароўнай усмешкай.

За шыбкаю пачуўся амаль чалавечы крык гругана: «Не вер мо’!», а следам за ім гучнае хлопанне крылаў. І я, і мая госця злёгку скалануліся і зірнулі ў вакно. Птушка здолела зляцець, не дазволіўшы паказаць сябе нам. Адзінае, чым заваконны краявід адрозніваўся ад звычайнае зімовае карціны, быў шэрань, які сыпаўся долу з галіны, дзе кагадзе сядзеў груган. Мне зноў зрабілася ніякавата ад прадчування небяспекі чарговае віхуры. Я гатовы быў адвесці вочы ад вакна і ўбачыць, што знаходжуся ў сярэднявечным нямецкім замку ці на верталётнай пляцоўцы хмарачосу ў Дубаі. Але на шчасце ўсё заставалася так, як і было секунду таму.

Неўзабаве мы з Алісай развіталіся. Я ўслухоўваўся ў гук яе крокаў па калідоры. І чым больш глухім ён станавіўся, тым халадней мне рабілася на сэрцы. Задуменна я стаў каля вакна, намагаючыся паходаць холад сэрца. Але чым большыя намаганні прыкладаліся, тым мацнейшым і навязлівым сардэчны холад рабіўся.

– Можа гарбаткі? – пачуўся за спінай голас Мятлікавай. – Дзеля сугрэву. І дзеля лепшага тонусу ў рабоце па навучальна-метадычных праблемах.

– Га? – не самым ветлівым чынам азваўся я.

– Не га, а гарбаткі, – перавяла маю нехлямяжнасць у жарт каляжанка.

– Так, выбачай. Задумаўся трохі. А што, у нас сёння паседжанне метадычнага аб’ядання?

– Злазьце, бо прыехалі, – іранічна ўсклікнула Галя. – Эрнест, ты з навагодняй ялінкі ўпаў ці што?

– А што? – нічога не разумеючы перапытаў я.

– Скажы сумленна, ты прыдурваешся зараз?

– Ды ні халеры я не прыдурваюся. Я ні чорта лысага не цямлю, на што ты намякаеш. Я павінен зараз выступаць? Так?

– Я бачу, ты пасля добрага загула, – тэатральна разводзячы рукамі, прамаўляла каляжанка. – Ты сёння не проста выступаць павінен. Ты сёння паседжанне вядзеш. Як загадчык.

– Што за чартаўня? Ты жартуеш? – не мог даць веры я. – З якой такой нагоды? Данцова ж не з’ехала нікуды. Хай сама і вядзе. Мне зараз праблем і без навучальна-метадычных хапае з лішкам.

– Ага, ведаю я твае праблемы: то дзеўкі цябе разрываюць, то ты разрываешся паміж дзеўкамі, – з выглядам поўнага разумення агучыла суразмоўца.

– Хочаш, каб я на гэтую тэму выступ зрабіў? – трохі ўсхадзіўся я.

– Ой, Эрнесце, давай-ка не вырабляйся. Ты загадчык. Пра што хочаш, пра тое выступ і рабі. Абы самому потым сорамна не было.

– Ды што ты заладзіла? Загадчык, загадчык. Ты лічыш гэта ўдалым жартам?

– Давай я ўсё ж пастаўлю гарбатку. Пап’ем. Пячынку з’ямо. І ты сам успомніш, што Руслан Альгердавіч прызначыў цябе загадчыкам метадаб’яднання, – разважлівым тонам, быццам між іншым, паведаміла мне каляжанка ашаламляльную навіну, якая для яе самой ніякай навіною не была.

Я нарэшце хітнуў галавой, пагаджаючыся на гарбату. Галіна пайшла да шафы, каб дастаць імбрык. Але тут у дзвярах з’явілася Зінаіда Львоўна і адразу стрэліла з дубальтоўкі безапеляцыйнасці:

– Так, я нешта не разумею. Што тут адбываецца? Па плану павінна ісці паседжанне МА. Дзе яно? Дзе нашы географы? Чаму на дошцы тэма не пазначана? Хто забіў Лору Палмэр?

Пра Лору Палмэр яна, ясна, не пытала. Але мне здавалася, што калі б гэтае пытанне прагучала, то я мусіў бы адказваць і на яго па ўсёй строгасці ваеннага часу.

– Я забыўся, што яго трэба праводзіць сёння, – зусім няўпэўнена адказаў я.

– Вось так летась вы і пра Сталінградскую бітву забыліся, – падкрэслена звяртаючыся на «вы», Данцова згадала мне мой стары грэх. – Дырэктар на вас спадзяецца. Думае, што вы адказны чалавек. А вы ў першыя ж дні пачынаеце разлагаць нашу кафедру.

– Зінаіда Львоўна, – умяшалася Мятлікава, – у Эрнеста Скіргайлавіча зараз складаныя праблемы асабістага парадку. Ён іх вырашыць, і мы абавязкова правядзем паседжанне. У самым пачатку Новага года.

Завуч недаверліва паглядзела на Галю, потым на мяне і ўрэшце вельмі паблажліва сказала:

– Я дужа сумняваюся, што таварыш Баластоўскі здолее так хутка вырашыць свае асабістыя праблемы. Я ўвогуле раіла б вам пакідаць асабістыя праблемы дома. А на працы займацца вырашэннем праблем прафесійных.

Я слухаў яе краем вуха, бо ведаў загадзя, што яна скажа. Я стаяў з адсутным тварам і ўяўляў шум мора, куды падалі метэарыты. Падалі і ўздымалі магутныя хвалі. Падалі і шыпелі, выпарваючы сваёй гарачынёй соль. Падалі і разбіваліся на сотні тысяч кавалачкаў рознай велічыні.

Данцова скончыла свой спіч і застыла на колькі імгненняў у чаканні нейкай маёй рэакцыі. Я маўчаў, бо не меў што сказаць. За мяне зноў заступілася Галя:

– Эрнест не ў стане сёння нешта рабіць і нешта вырашаць. Хіба нябачна, што ў хлопца прыступ усеагульнай млявасці і абыякавасці да жыцця?

– Хм, а мне здалося, што ў яго прыступ лакальнай нахабнасці і паплюйства на навакольных, – з’язвіла Зінаіда Львоўна, але і гэта мяне анічуць не кранула. Бачачы, што ўсе дакоры пакідаюць мяне раўнадушным, яна ўрэшце зацугляла свой дзелавы імпэт і чыста па-чалавечы спытала:

– Усё так кепска, Эрнесце?

Я натужна ўсміхнуўся і сказаў:

– Бывае і горш.

Не ведаю, што яе спыніла ад далейшай эскалацыі канфлікту. Ці то яна a priori не збіралася мяне друкаць па поўнай праграме, ці то верыла ў сучасныя каляндарна-абрадавыя забабоны і не жадала ўступаць у Новы год з цяжарам дробнай грызні. Так ці інакш, але праз чвэрць гадзіны мы сядзелі ўтрох за апошняй партай, пілі гарбату з печывам і жартавалі, скланяючы чарговую жывёлу з бестыярыя кітайскага календара. Ніхто з нас не бачыў, што за шыбкай на адхоне проста каля вакна сядзеў груган, пабліскваючы вокам.

33.

Трыццаць першага снежня я праспаў амаль да гадзіны дня. На дзіва мне нічога не прыснілася. Я быў гэтым вельмі ўсцешаны, бо пасля шасці гадзінаў вісення ў інтэрнэце папраўдзе магло насніцца мех і торба рознага жахоцця. Але ж пашанцавала. І галава нават не гула ад перасыпу і перакулдыку звычайнага рэжыму дня. Новы год быў зусім блізка, амаль на парозе.

У лядоўні павесілася мыш. У кантэйнеры для хлеба ляжала салодкая парачка сухароў. Схапіўшы сухары, я жвава апрануўся і пабег у краму. Па дарозе мне стала смешна, бо злавіў сябе на думцы, што ў юнацтве апошні дзень года я прысвячаў наведванню бібліятэкі. Тупа і бязмэтна. Але гэта быў амаль што абрад. І вось абрад быў парушаны. Стлумлены. Растаптаны. Замест бібліятэкі я шыбаваў у гастраном. Паўкіло вяндлінкі «Імя ружы» узважце, калі ласка. Палачку сыравяленай каўбаскі «Смерць аўтара» пакажыце. Так, будзем браць. А дзе ў вас тут аліўкі? Бляшаначку алівак «Сто год адзіноты», калі ласка. І галоўку сыра «Чужаніца». Хлеб свежы? Напэўна, я вазьму бохан «Пялевінскага» і паўбохана «Павічаўскага (наразнога)». Цудненька. Курынае філе са спецыямі «Хроніка завадной птушкі»? Гэта тое, што трэба! Цяпер сок. Бяром мультывітамін «Гульня ў класікі». Два літры. Не меней. Гарэлачка «Стэпавы воўк». Спакушальна. Добра. Калі не захачу сёння, дык застанецца на потым. Пастаіць не вычхнецца. А вось шампанскага «Невыносная лёгкасць быцця» трэба набыць па-любому. Новы год усё-ткі. І мандарынаў… Як вы кажаце? «Закаханы Шэкспір»? Гатунак ці фірма-экспарцёр? Зрэшты, якая розніца? Давайце кілаграм. І хутчэй на касу, а тады ў кандытарскі аддзел. Спадзяюся, што бісквітны торт з чарнаслівам «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» яшчэ не разабралі…

Прыцягнуўшы ўсё набытае дадому, я кінуў пакункі на кухні і самазабыццёва ўзяўся за мабільнік. Пан Самсунак паспеў панапрымаць sms’ак. Розныя людзі віншавалі з навагоднімі святамі. Я адразу адзначыў, што віншавання ад Алісы сярод іх няма. «Яшчэ павіншуе», – нічым непадмацаваная ўпэўненасць паказала свае рожкі з маіх вуснаў. Я стаў пераглядаць усе новаатрыманыя паведамленні. Выявілася, што тры з іх прыйшлі амаль сінхронна. Нумары былі незнаёмыя, але з подпісаў вынікалі – здароў, марозны, звонкі вечар! – знаёмыя абліччы ягамосцяў: Андрамедава, Келдышава, Рыбанька. Адна зычыла, каб маё сэрца адтала, ясна, што дзеля яе. Другая – каб спор у працы штодзённай шэрай спалучыўся з нашымі з ёй супольнымі асабістымі адносінамі. Трэцяй хацелася бачыць наступны год без нашых непаразуменняў, а толькі з асалодамі. Я цяжка ўздыхнуў, плюнуў праз левае плячо і адправіў кожнай па адчэпнай sms’цы: «Дзякуй. І вам усяго найлепшага».

Арына Зарыцкая ў параўнанні з настаўніцамі была больш сціплай у сваіх зычаннях, але мне яны здаліся больш цёплымі. Я патэлефанаваў ёй, павіншаваў у адказ, папрасіў перадаць прывітанне Міле Шчодрык, якая круцілася недзе побач, і перад развітаннем наважыўся спытаць:

– Ты і Міла выпадкам не працавалі ў якасці фотамадэляў?

– Дзіўнае пытанне, Эрнест Скіргайлавіч, – усміхнулася Арынка. – Вы хочаце нас пафатаграфаваць?

– Каб умеў, дык пафатаграфаваў бы. Тут пытанне ў іншым. Я бачыў рэкламны плакат беларускай чыгункі. На ім красаваліся дзве правадніцы – вылітыя ты і Міла, – патлумачыў я.

– Яно, канечне, было б цікава ў вобразе правадніцаў, – дзяўчына залівалася смехам. – Але пакуль максімум на што мы фоткаліся, дык гэта для ўніверсітэцкай газеты. І на здымках не было нічога такога, што магло б выклікаць асацыяцыі з чыгункаю. Вы памыліліся.

Мы развіталіся, і я зморшчыўся ад сораму, дакараючы сябе ў нахабнай цікаўнасці. Дзяўчаты не маглі ведаць пра плакат, які мне ўбачыўся на мяжы рэчаіснасцяў. Але нейкая дзіўная іголачка сумневу калола ашмёткі маіх нерваў, і ўзнікала падозранне, што Зарыцкая і Шчодрык не толькі цудоўна ведалі пра мае гарцаванні між рэчаіснасцямі, але і мелі з імі даволі шчыльную сувязь. Зрэшты, іншая іголачка – іголачка здаровага сэнсу – выкалупвала з маёй свядомасці страшную здагадку: я звар’яцеў. Аднак следам з’яўляліся чароўныя нажніцы Аляксандра Македонскага і ўраз разразалі суплёт тых чортавых іголачак.

«Ніякага вар’яцтва! – выгукваў у думках я, згадваючы гутарку з супрацоўнікам КНАКС. – А калі раптам у мяне сапраўды ёсць пэўны дар? Раптам я насамрэч здольны дэфармаваць рэальнасць, але не па тым сцэнары, які апісаў Відаў-Вошчанка? Гэта сіла. Мая сіла, якую я, на жаль, ніяк не магу кантраляваць. Але ж чаму яна не праяўлялася раней? Чаму Аліса служыць для гэтай сілы своеасаблівым каталізатарам? Толькі з прычыны маіх пачуццяў? Ці яшчэ з-за чагось? І ці не звязана ўсё гэта з далёкім продкам маёй любімай вучаніцы? Трэба нешта вырашаць. Белікаву пазваніць. Ён жа краязнавец. А як не дапаможа, то давядзецца ў архіў кандыбаць. Павінны ж быць якія-ніякія сляды. Калі не разблытаю клубок загадак, дык хоць трошкі святла праллю».

Завібраваў пан Самсунак. Прыйшла чарговая sms’ка. Няўжо ад Алісы? Маё сэрца замёрла. Але гэта было віншаванне ад Леркі Булатнікавай. Расчаравана я паклаў тэлефон на стол і ўключыў кампутар. На электроннай скрыні мяне чакала колькі паштовак ад віртуальных сяброў і адна ад Аксаны Багуслаўскай. Староста недзе паспела ўжо знайсці мой «мэйл». Хуценька адправіў ёй першага-лепшага лічбавага мядзведзіка і палез на блогі. Там валадарыў тыповы для беларускай блогасферы святочны настрой: усе праз аднаго вывешвалі віншавальныя карцінкі, але каментараў у адказ на іх ніхто не пакідаў. Я вывесіў таго самага мядзведзіка, што адправіў Багуслаўскай, і перайшоў на сайт Алісы. З фотаальбому знікла некалькі здымкаў. Тых, дзе Селязнёва трымала паперку з намаляваным сэрцам. Гэта мяне здзівіла.

У гасцёўні дадаўся шэраг новых пасланняў. Усе яны мелі навагодні змест. Але, як і раней, ніводнай літары, якая магла б належыць уласна Алісе там не было. Яна па-ранейшаму маўчала. Я павагаўся колькі секунд і кінуў у гасцёўні спасылку на навагоднюю гульню-пастку, у якую мне давялося патрапіць раней. Сэнс палягаў у тым, што чалавек, які пераходзіў па спасылцы трапляў на старонку, дзе змяшчалася форма для загадвання жаданняў, што, нібыта адпраўляліся Дзеду Марозу. Пастка ж заключалася ў тым, што запісанае жаданне адпраўлялася не ў якісь там сервіс-цэнтр, а на электронны адрас чалавека, які паспеў завесці старонку з гэтай формай. А завесці мог літаральна кожны. Я кінуў у гасцёўню спасылку на старонку, заведзеную мною. Проста дзеля інтарэсу, бо не ведаў, хто клюне на гэтую прынаду і ці клюне ўвогуле.

Пакінуўшы сайт вучаніцы, я вярнуўся да сваёй паштовай скрыні, каб усё ж напісаць Селязнёвай пару радочкаў і даслаць паштоўку. Не доўга разважаючы, я бессаромна і цынічна скарыстаўся спадчынай класікаў:

Кіньма покліч гулказвонкі

ад ваконца да ваконца!

Свет паклічам зімні, сонны

аж да сонца, аж да сонца!

З Новым годам, што крыніцай

паімчыцца хвалячыннай,

таямнічая Аліса!

Таямнічая дзяўчына!

За паштоўку я ўзяў карцінку, дзе была адлюстравана класічная ж Аліса у стылі першых выданняў кніг Льюіса Кэрала. Яна стаяла каля ялінкі і разглядала падарункі. Дзверы ў суседні пакойчык былі прачыненымі. У яго змроку было прамалявана люстэрка, у адбітку якога праглядалася нешта невыразнае. Я яшчэ раз зірнуў на выяву. Мне яна падалася міленькай і з пэўным сэнсам, таму вышукваць нешта іншае я не стаў.

Ледзьве маё пасланне было адпраўлена, як забуркаў пан Самсунак. Прыляцела новае паведамленне са схаванага нумару. Яго змест быў гранічна сціслым: «Вешайся, сука». Уражаны такім неспадзяваным меседжам, я хуценька ад яго пазбавіўся. Мне не хацелася ўспрымаць пагрозу ўсур’ёз. Мне думалася, што гэта адно неразумныя выбрыкі якіх-небудзь малалетніх вісусаў, якім успраглася паздзекавацца з настаўніка.

У чарговы раз я адклаў тэлефон, згадваючы, што на кухні ляжыць кагадзе набыты харч. І толькі ў той момант да мяне дайшло, што Новы год давядзецца сустракаць аднаму ў кампаніі з усімі тымі птушкамі і каўбаскамі. Спачатку мае рукі свярбелі, каб зноў пазваніць Арыне і запрасіць яе з Мілай да сябе ў госці. Калі б у верасні я схадзіў да Зарыцкай на плоў з кальмарам, маё пераднавагодняе запрашэнне выглядала б цалкам лагічным. Прынамсі, у маіх уласных вачах гэта глядзелася б прыстойна. Як што іншых зачэпак не было, я хутка адмовіўся ад гэтай ідэі.

Мільганула вар’яцкая думка: выклікаць таксоўку, забраць з кухні ўсе набыткі ды ірвануць дамоў да Цыпінай. Без папярэдніх тэлефанаванняў. Але мой унутраны цэнзар не толькі забракаваў гэтую задуму як безразважную, але і намаляваў карціну: я званю ў дзверы пазначанай на паперцы кватэры, іх адчыняе мама Насты, на маё пытанне пра дачку яна адказвае: «А яе няма дома», з кватэры чуецца добры мужчынскі бас: «Маша, хто там?», жанчына не ўспраўляецца з трапным адказам, і да дзвярэй набліжаецца граміла – татачка нядаўна любай табе Настассі Цыпінай. Бр-р-р.

Заставаліся цені мінулага. Яны маглі патэлефанаваць і загадзя падвяселеным голасам Мікаэла Бухоўскага запрасіць прыйсці пасля дванаццатай ночы на хату, дзе даўней збіраліся «Вытокі», каб аўтэнтычненька пабухаць беленькай. Гэта быў таксама не найлепшы варыянт святкавання Новага года, які пагражаў прыступамі п’яной шчырасці з рэанімацыяй старых добрых крыўдаў. А крыўдаў пад вялікую гарэлачку магло ўсплыць вельмі шмат. Да мардабою, можа, і не дайшло б, але быццёвы тонус быў бы папсаваны адназначна.

Над галавой нешта ціхенька шчоўкнула. Я безнадзейна зірнуў угару – дамоклаў меч адзіноты мерна гойдаўся на танюткім валаску невядомай бландзінкі і самым краем свайго вастрыя казытаў мне шчык. Як жа мне не хацелася у каторы раз зведваць гнятлівае адчуванне адзіноты! Да яго ніяк нельга было прызвычаіцца, як дзіцёнак не можа прывыкнуць да частавання бацькавай папругай ці шнуром матчынага кіпяцільніка.

Я патэлефанаваў у Гомель. Маме і тату. Павіншаваў. Матуля радавалася, хаця ў яе голасе чуліся ноткі плачу, якія яна старанна стрымлівала.

– Ты там не прыжаніўся яшчэ? – спытала мама.

– Ды якое там. Не трапляюцца мне тыя, да каго б цягнуўся і целам, і душой, – адказаў у заўсёднай манеры я.

– Пераборлівы ты сынок. А гады ж лятуць. Не паспееш азірнуцца, як маладосць скончыцца. Няўжо ты хочаш застацца бабылём?

– Я ж не дзяўчынка. Помніш, як у народзе кажуць? Я за свайго Кузьму талер вазьму, а ты са сваёй Марынкай пахадзі па рынку. Так што ўсё яшчэ наперадзе.

Адным словам, кожны застаўся пры сваім: матуля з трывогаю за шлюбна-сямейны лёс сына і сын з пафасам удаванага аптымізму, які пасля гутаркі заставаўся адно кавалачкамі крохкай фальшывай манеты.

Я нарэшце пераапрануўся ў хатняе, гучна ўключыў на кампутары Rammstein і пацёгся ў кухню, каб пачаць чараваць над святочнай халасцяцкай вячэрай. Што можа быць прасцей! Сачыце за рукамі! Тры-чатыры абабраныя (але неабагрэтыя!) бульбіны. Колькі кавалкаў мяса (каб і зранку было што перахапіць). Усё на бляху з алеем. Соль. Спецыі. Цёрты сыр. Трэкс-пэкс-фэкс. І ў духоўку. Духавую печ прыземленай экзістэнцыі. Чароўную скрыню гастранамічнае магіі сучаснасці – сучаснасці, што саслізгвае ўнівіч. З халоднымі закускамі яшчэ прасцей: бярэш рэжык і ножыш танюсенькімі, як разліковыя білеты нацыянальнага банка тваёй Радзімы, лустачкамі ды скрылёчкамі. Каб як у людзей! Каб па рэстаранна-гарадскому! Нават калі няма гасцей. Нават калі твой люстраны адбітак сышоў адзначаць свята да сваіх сяброў. А пра напоі дык увогуле няма чаго і казаць. Адправіць іх у арктычную экспедыцыю ў лядоўню. Толькі не забыць потым своечасова даслаць гелікоптэр для іх тэрміновай эвакуацыі да святочнага стала…

Калі немцы пачалі спяваць, што Feuer und Wasser kommt nicht zusammen, я прамовіў сабе: «Усё пад кантролем» і, узяўшы мабільны, усеўся на ўслончыку між пакоем і кухняй. Калі б я быў аматарам нікаціну, то абавязкова запаліў бы тады цыгарэту. Сядзеў бы, курыў і нядбала струхваў попел у попельніцу з мамантавай косці. А так я адно стуліў вусны і стаў насвістваць мелодыю, што гучала з калонак. Мяне часова акупавала шчасная індыферэнтнасць, якую ў народзе называюць пафігізмам. Толькі індыферэнтнасць магла калі-нікалі падбіваць маё гнятлівае адчуванне адзіноты. Толькі яна магла прыйсці да мяне паміж гукамі індастрыялу і казытлівымі пахамі гатаваных страваў. Я ўзяўся набіраць віншавальную sms’ку да Алісы. Рабіў гэта без скаланання сэрца, быццам юнак, які не можа быць зараз са сваёй каханай, але ўпэўнены на дзвесце дваццаць тысяч адсоткаў, што ён і яна ўсё адно будуць разам навек, пакуль ліхая газонакасільшчыца ў чорным балахоне не разлучыць іх.

Я націснуў кнопку, каб адправіць сваё эпічнае пасланне. Пан Самсунак задумаўся. Ён нібыта і адпраўляў мой эпас, і марудзіў адначасова. Я з хваляваннем глядзеў на дысплей і шэптам падганяў: «Давай, давай жа». Але ў адказ на дысплеі высвецілася папярэджанне, што паведамленне так і не было дастаўлена. «Растуды тваю душу матніхай! – брудна вылаяўся я, ускочыўшы з услончыка. – Як жа я мог забыць, што сетка перад Новым годам перагружаная? Ідыёт! Боўдзіла апоўзлае! На халеру было цягнуць да апошняга?! Калі яна яшчэ тую сваю электронную пошту зірне! А сёння падумае, што я забыў пра яе, што яна для мяне нічога не значыць. Трэба спрабаваць яшчэ!». І я спрабаваў, спрабаваў, спрабаваў. Але вынік заставаўся аднолькава ніякім. Зрэшты, каб проста ўзяць і патэлефанаваць Алісе я нават на імгненне не мог падумаць.

Пастаяўшы хвілін з пяць, я трохі супакоіўся. Пайшоў на кухню, дзе паспела згатавацца мая святочная страва. Да Новага году заставалася колькі гадзін. Але ў страўніку, апроч двух сухарыкаў нічога не было, і ён напорыста наказваў не чакаць умоўнага моманту, а распачаць трапезу без валаводжання. Такое жаданне страўніка цалкам упісвалася ў постсавецкую традыцыю праводзін Старога года. Я даволі хутка накрыў на стол. Бульба з курыным мясам пахлі фантастычна. Здавалася, што яшчэ крыху і мне давядзецца страціць прытомнасць ад спакуслівага дурману гарачае ежы. Тым не менш, я трымаўся, раптоўна усведамляючы, што без гарэлкі мне не абысціся. Я напоўніў высокі кілішак і збіраўся быў падняць яго. Аднак вырашыў на ўсялякі выпадак яшчэ раз паспрабаваць адправіць паведамленне Селязнёвай. І – О, дзіва! – нарэшце яно здолела прабіцца! Я ўзрадаваўся, як малое дзіцятка радуецца поспеху ў будаўніцтве дамкоў з кубікаў. З усмешкай ад вуха да вуха я падняў свой кілішак, сказаў: «За цябе, Аліса!», запусціў у сябе «Стэпавага ваўка» і нарэшце прыступіў да ежы. Паглынаў яе з дурной весялосцю, гойдаючы галавою ў такт з рытмам чарговага хіта ад Rammstein.

Я наліў сабе соку і ледзьве паднёс шклянку з ім да сваіх губ, як завібраваў тэлефон. «Першая з дванаццаці дайшла поўнасцю. І цябе з Новым годам, Эрнесцік», – прыйшоў адказ ад Алісы. Я чытаў і перачытваў гэты кароткі тэкст. Я не ведаў, цешыцца ці засмучацца з яго зместу. Так, дзяўчына не праігнаравала маё віншаванне. Але тое, як яна адказала, мне падалося жэстам шкадавання.

Лямпачка на кухні заміргала. Электрычная напруга рэзка заскакала ў бок яе паніжэння. Праз якую тройку секунд электрычнасць цалкам вырубілася. Я збянтэжана сядзеў за сталом у цёмнай кухні. За вакном не гарэў ніводны ліхтар. Трэба было нешта рабіць. Сутаргава ўспамінаючы, ці ёсць дзе ў хаце свечкі, я падняўся з зэдліка. «Трасца, ліхтарык жа ёсць», – згадалася мне, і я палез у сервант, каб навобмацак адшукаць яго. Ён сапраўды хутка знайшоўся, але батарэек у ім не было. «У партфелі пакуначак новых павінен быць», – здзіўляў я сябе сваёй вострай памяццю, ды пабег з кухні ў пакой. Памяць была нагэтулькі вострай, што я тупа спатыкнуўся аб забыты ўслончык і грымнуўся на падлогу. «Шчэ не хапала сабе галаву разбіць! – бурчэў я, дэманструючы сам сабе прыкметы жыцця. – Вось так заб’ешся малады і нежанаты, а маладая судмедэкспертка заключыць, што ты на момант страты жыцця быў п’яным».

Паціху я ўзняўся з падлогі, моцна трымаючы ў руках ліхтарык. Партфель знайшоўся на крэсле. Я запусціў руку ў яго спраты і адразу ж загнаў сабе пад пазногаць пластыкавы вугалок бэйджа. «І як ты толькі з драконамі біўся, небарака?» – упікнуў я сябе, не спыняючыся шныпарыць па змесціву свайго працоўнага партфеля. Батарэйкі ляжалі на самым дне. Дастаць іх замінаў нейкі сшытак. Давялося выцягнуць яго і бязлітасна шпурнуць за спіну. Як толькі гэта было зроблена, пакой азарыўся цьмяным зеленаватым святлом. Мне цяжка было адразу вызначыць крыніцу святла. Падумалася, што на вуліцы пачаліся феерверкі. Але святло ў адрозненні ад феерверкавых успышак-пошугаў нікуды не знікала. Я павярнуўся, каб уважліва агледзіць пакой. У мяне заняло мову.

На падлозе ляжаў адкінуты мной сшытак – той самы, які перадала мне Аліса для Алёны. Ён быў разгорнуты на апошняй старонцы. Акурат з яе падымаўся слуп зялёнага святла. Пераадольваючы здранцвенне і страх, я зрабіў крок наперад. Святло не знікала. Побач са сшыткам ляжала паштоўка. Я наважыўся нахіліцца і падняць яе. Паштоўка была адрасавана мне. Селязнёва ўсё ж абхітрыла мяне, апярэдзіўшы з віншаваннямі. Яна ж не ведала, што я такі тормаз. Радасць ад атрыманай такім чынам паштоўкі не адмяняла феномен, серадовішчам якога стала мая хата.

– Ды што за фігня тут творыцца? – наўмысна гучна, каб дадаць сабе каліўца смеласці выгукнуў я.

– Можна трохі цішэй, малады чалавек, – пачуўся незнаёмы мужчынскі голас.

Мяне перасмыкнула. Сэрца шалёна закалацілася. Я гатовы быў бараніцца ад невядомага прыхадня і ўжо пацягнуўся рукой за гаршчком з кактусам, што стаяў побач на падваконні.

– Давайце толькі без гэтых глупстваў, – папрасіў незнаёмец.

Ён сядзеў насупраць мяне на крэсле. Святло ледзь выхоплівала яго аблічча з цемры. Гэта быў немалады чалавек з сівой бародкай на авальным выцягнутым твары. З-за высокага ілба ён здаваўся лысым, хаця, прыгледзеўшыся, я ўсё ж прыкмеціў рэдкія валасы. На ім быў класічны еўрапейскі гарнітур-тройка з нейкім асаблівым разнавідам гальштука-матылька са спушчанымі крылцамі. На камізэльцы пабліскваў ланцужок кішэннага гадзінніка. Я глядзеў на гэтага прыбыша і не мог зразумець, чаму той здаецца мне знаёмым.

– Хто вы такі і як сюды трапілі? – задаў я пытанне, якое за лічаныя імгненні стала па-сапраўднаму набалелым.

– Адказы, што на адно, што на другое пытанне не маюць ніякага значэння, – рашуча сказаў стары.

– Як гэта не маюць? Я зараз выклічу міліцыю. І там разбяруцца ва ўсіх значэннях, – не саступаў я.

– Забі хайло і паслухай мяне ўважліва, – не павышаючы голасу, але груба прамовіў нязваны госць. – Ніякая міліцыя сюды не прыедзе. Гэтага папросту не дазволяць.

– Хто не дазволіць?

– Тыя, хто кантралюе ўсё.

– Усё?

– Амаль усё.

– Мафія?

– Ты мысліш стэрэатыпамі. Мне інакш цябе характарызавалі, – невядомы бесцырымонна запаліў цыгару і з наўмысным смакаваннем зацягнуўся яе дымам. – Я тут, каб папярэдзіць. Не шукай ключоў, каб адамкнуць замкі таямніц, што цябе атачаюць. Не намагайся зразумець, што знаходзіцца за чарадой дзвярэй, якія сустракаюцца табе ў тваёй дарозе. Ты думаеш, што там скарб сусвету, а там сусветны бруд, выціснуты з грэшнага подуму кожнага стварэння, якое надзелена здольнасцю мысліць. На гэтым брудзе трывае ўвесь ваш свет. Ты хочаш, каб тонкая абалонка парвалася, і бруд дазвання заліў яго? Ты зычыш катастрофы гэтаму свету? Калі не, то адступіся і не рабі больш дурных крокаў.

– Мне здаецца, што вы мяне з кімсьці блытаеце, – упліснуў я сваю рэпліку. – Такое адчуванне, што ўсё са сказанага вамі, адрасавана не мне. Ад чаго я павінен адступіцца?

– Адступіся ад пошукаў тлумачэння ўсяго таго, што з табою апошнім часам адбываецца. Адступіся ад гэтай юнай дзевы, з-за якой ты руйнуеш сусветную раўнавагу.

– Ах вось яно што… – з’едліва пасміхнуўся я. – Вы хочаце, каб я перастаў кахаць Алісу? Каб я перастаў верыць у чароўную сілу кахання? У вас нічога не атрымаецца. Гэта не ваша справа і не справа тых, хто вас да мяне адправіў. Мне пляваць на тое, хто вы такія і якія мэты пераследуеце. Будзьце вы хоць чорнымі капачамі, хоць кібернетычнымі байцамі, хоць цукровымі пеўнікамі на палачцы.

– Як сабе знаеш, – не здраджваў свайму спакою прыхадзень. – У цябе ёсць яшчэ час падумаць. На жаль, зараз цябе нельга проста так узяць і выдаліць. Надта з многімі рэчамі ты пераплецены. Калі выдаляць цябе, то давядзецца выдаляць і значную частку вашай рэчаіснасці. А гэта зараз ніяк не стасуецца з планамі тых, мяне сюды накіраваў. Але дай веры, яны пільна сочаць за ўсім, што вакол цябе адбываецца. І як толькі праграмны код стабілізуецца, увасобленая ў табе памылка будзе знішчана.

Стары замаўчаў. У чарговы раз ён зацягнуўся дымам цыгары і пусціў з рота некалькі дымных колцаў. Мае вочы сцяў невыцерпны гарачы боль.

34.

Я рэзка прахапіўся з падлогі і разгледзіўся. У пакой урывалася дзённае святло. За вакном павольна падаў снег. У хаце, апроч мяне і кактуса, што стаяў на падваконні, нікога не было. Аднолькава не было і слядоў нядаўняга перабывання кагосьці старонняга. Я нават абнюхаў крэсла і абшарыў падлогу пад ім, ці не засталося паху і попелу цыгары, якую паліў дзіўны незнаёмец. Але і тут мае высілкі выявіліся пустапарожнімі. Тады мне згадаўся сшытак Алёны Караблёвай. На падлозе яго не было. Ён знайшоўся у маім партфелі. Я паспешліва пагартаў яго. Ніякай паштоўкі. Толькі на апошняй старонцы быў старанна выведзены надпіс «Муся». Я збянтэжана паматляў галавой. Выходзіла, што і паштоўка ад Алісы, і зялёнае святло, і старэча з сівой бародкай мне проста прытрызніліся.

Я паглядзеў на гадзіннік. Была дванаццатая гадзіна дня. Я ўключыў кампутар і падлучыўся да інтэрнэту. Вэб-сёрфінг павінен быў мяне супакоіць. Паштовая скрынка не мела новых пасланняў ці апавешчанняў. Блогі або драмалі, або крычалі пра лайно апошняга навагодняга айчыннага тэлем’юзікла. Бальшыня сайтаў, якія я звычайна наведваў, не абнавіліся. Мой сёрфінг ператвараўся ў боль галавы. Да таго ж мяне не пакідалі думкі пра словы прытрызненага незнаёмца і, вядома, пра Алісу. Я плюнуў і пакінуў сеціва.

Дужа карцела патэлефанаваць Селязнёвай. Дрыготкімі пальцамі я набраў яе хатні нумар. Слухаўку на тым канцы паднялі адразу. «Алё», – пачуўся пазнавальны голас маёй вучаніцы. У мяне пацьмянела ў галаве, і я не здолеў выраніць ні аднаго гуку. «Алё, – нязлосна паўтарыла дзяўчына. – Так і будзем маўчаць? Муся, гэта ты? Муся, не маўчы. Не маўчы». Мяне калаціла, але я захоўваў цішу. Нават дыхаць баяўся. «Ну, як хочаш», – аб’явіла Аліса і паклала слухаўку. Пачуліся гудкі. Ім у такт адгукалася пульсаванне ў маіх скронях, па якіх каціліся цяжкія кропелькі поту.

Я адклаў слухаўку, пашлэпаў на кухню і адкаркаваў некранутае надоечы шампанскае. Вялікі келіх з ім быў прагна асушаны мною, як палескія балоты пры камуністах. З бляхі я зняў рукою кавалак халоднага мяса і закінуў сабе ў пашчу. Грунтоўна абедаць не хацелася, але заесці п’янкія бурбалкі было трэба.

Вярнуўшыся ў пакой, я зноў узяў тэлефон і зноў набраў той самы нумар.

– Алё, – як і ў папярэдні раз слухаўку падняла Аліса.

– Добры дзень. А Алісу Селязнёву можна пачуць? – напусціў я ў голас дзелавое нейтральнасці.

– Вы яе слухаеце, Эрнест Скіргайлавіч, – весела прагаварыла дзяўчына.

– Пазнала? Гэта добра, – заўсміхаўся я.

– А як гэта вы надумаліся мне пазваніць?

– Вось вырашыў яшчэ раз павіншаваць цябе з Новым годам.

– Дзякуй. Вас таксама яшчэ раз.

– Вельмі прыемна.

– Мне таксама. Кранутая вашай sms’кай. Шчыра.

– А па электронцы паштоўку атрымала?

– Так.

– І як?

– Не спадабалася. Страшная яна нейкая. Такое адчуванне, што з той дзяўчынкай вось-вось здарыцца бяда. Аж дрыжыкі працінаюць. Не дасылайце мне болей такіх тужлівых паштовак, – яна казала зусім сур’ёзна, але, здавалася, падбірала словы, каб не надта ўджаліць мяне.

– Ну, прабач, калі ласачка. Я не хацеў цябе напужаць. Прабачыш?

– Прабачу. Але глядзіце, не паўтарайце сваёй памылкі.

– Не буду, – я не ўстрымаўся ад усмешкі.

– Чаму смеяцеся?

– Ведаеш, я ледзь не згубіў Алёнін сшытак, – схлусіў я, спрабуючы знайсці масток да патрэбнай мне тэмы.

– О, вы напэўна так добра свята адзначалі, – адчулася Алісіна ўсмешка.

– Пра маё святкаванне лепш не згадваць. Барада, а не святкаванне. Сшытак жа незнарок паклаў на паліцу са старымі часопісамі. А потым ніяк не мог знайсці.

– Спадзяюся, што не пошукі сшытка сапсавалі вам свята.

– Не, Аліса, тут было іншае, – выпінаючы неахвоту развіваць гэтую лінію гутаркі, прамовіў я і адразу ж спытаўся пра цікавы для мяне момант: – Скажы, а што значыць слова «Муся»?

На тым канцы павісла колькісекунднае маўчанне. Дзяўчына яўна спрабавала сабрацца з думкамі. Урэшце яна не знайшла нічога лепшага, як проста задаць наўзаем сваё пытанне:

– А адкуль вы яго ўзялі?

– Мог бы сказаць, што са старых беларускіх хронік, але ты не паверыш, – вырашыў злёгку пажартаваць я, каб збольшага ўтаймаваць падазронасць, якая адчувалася ў голасе вучаніцы.

– Не паверу. Дык адкуль? Вы ўжо званілі мне сёння? Хвілін пятнаццаць-дваццаць таму?

– Я? Адкуль ты ўзяла? – мабілізаваў я ўсё сваё акторскае майстэрства, каб надаць інтанацыі максімальную колькасць здзіўленасці.

– Ды быў тут адзін незразумелы званок… Ну, бог з ім… – неяк меланхалічна прашаптала Селязнёва і ў чарговы раз паўтарыла сваё пытанне: – Адкуль вы пра Мусю ведаеце?

– У сшытку Алёны прачытаў.

– Аааааа, – трохі расчаравана, але адначасова з палёгкай зацягнула мая суразмоўніца. – Гэта я люблю панапісваць усюды.

– Ты так называеш свайго хлопца? – насмеліўся без віхлянняў высветліць я.

– Бывае, што і хлопца. Але часцей сябе саму. Ці Алёнку. Усё ад настрою залежыць. Калі настрой мусічны, то магу ўсіх навокал так называць.

– Усіх чыста?

– Уга.

– І мяне? – не ўтрымаўся я.

– Эрнест Скіргайлавіч, перастаньце. Давайце не будзем вяртацца да старой песні, – захвалявалася Аліса, пакідаючы маё пытанне без адказу.

– Добра, добра. Ты толькі не злуйся.

– Я не злуюся, – паспакайнелым голасам сказала яна. – Проста не хачу вяртання да той тэмы. Я не хачу, каб наша сяброўства сапсавалася.

– А мы сябры? – спытаўся мой тысячагадовы сум на плячах стогаловае адзіноты.

– Што за пытанне! Канечне, сябры. Я думала, што гэта нават не абмяркоўваецца.

– Ну, то добра, – выціснуў з сябе я, адчуваючы, як сэрца пакрылася шэранню.

– Ой, прабачце. Мне тут на мабільнік тэлефануюць. Да пабачэння.

– Так. Да пабачэння. Пабачымся ўжо ў школе. Пасля вакацый.

Я паклаў слухаўку. Мне было ні добра, ні кепска. «Муся», – буркнуў я і павадзіў мышкай, каб вывесці манітор з ашчаднага рэжыму. Ледзьве гэта было зроблена, як пачуўся трэск і манітор згас, не падаючы ніякіх прыкметаў жыцця. Адчуўся выразны пах дыму. «Монік згарэў», – уголас канстатаваў я, і на маіх вачах з’явіліся сапраўдныя слёзы. Калі б у тую секунду, я быў не Эрнестам Баластоўскім, а чарцяняткам №13, што атрымала хатнім заданнем здабыванне слёзаў, то на такую-сякую троечку па пяцібалцы расстарацца атрымалася б. «Ты забыў, што чарцянятка №13 мусіла здабыць не ўласныя слёзы, а слёзы іншых чарцей, – нагадвала маё альтэр-эга. – Таму ні пра якую троечку не можа нават і гаманы быць». Згарэлы манітор у першы дзень новага года. Што можа быць горш для чалавека шчыльна звязанага з віртуальным светам!

Я прыкінуў, колькі ў мяне вольных грошай. Ні так, ні гэтак на новы манітор патрэбнай сумы не набіралася. Толькі ладныя адкладанні з двух заробкаў маглі вырашыць праблему. Але гэта азначала двухмесячнае перабыванне без кампутара і інтэрнэту. Адна толькі думка пра гэта вар’явала мяне, як старога летапісца адсутнасць новых падзей. Прадаць нешта непатрэбнае было немагчыма. Бо ўсё непатрэбнае, што нехта хацеў бы купіць, я даўно запрадаў. Падзарабіць грошай нейкім іншым чынам здавалася неверагодным. Пайсці грузчыкам у порт? Толькі не з маёй навучальна-выхаваўчай нагрузкай. Стаць распаўсюднікам парфумы? Толькі не з маёй майстэрскай здольнасцю быць зусім непераканаўчым. Прадацца ў сексуальнае рабства якой-кольвек шамаханскай царыцы? Толькі не з маральным законам ува мне.

Марнеючы ад безвыходнасці, я апрануўся і пацягнуўся на двор. На вуліцы ўсё яшчэ сняжыла. Я любіў снег. Асабліва ў тыя рэдкія хвіліны, калі нікуды не трэба было спяшацца. Я раскашаваў ад мажлівасці проста схаваць рукі ў кішэні і бязмэтна крочыць па горадзе. Крочыць праз снегавую кудасу насустрач лёсу, які хаваўся за гэтымі дрэвамі і вунь тымі шматпавярховікамі. Хаваўся, таіўся і амаль ніколі не з’яўляўся проста перад маімі прымружанымі вачыма, акрамя тых рэдкіх выпадкаў, калі лёс пераапранаўся ў быкаватага мінака, што нібыта з-пад зямлі паўставаў з адвечным пытаннем: «Слыш, братан, закурыць не будзет?» і, чуючы маё абыякавае «не», знікаў гэтак жа раптоўна, як і з’яўляўся. Я глядзеў на пусты рынак, вакол якога сноўдалі самотныя ахоўнікі ў бушлатах з надпісам «Fobos» на спіне. Я глядзеў на белае поле, якое падарыла гораду зіма, скуўшы лёдам і засыпаўшы снегам вялікае возера, на беразе якога некалі жылі магутныя волаты. Я ўзіраўся ў румянец новабудоўляў і бледнатварасць мікрараёнаў, што дасягнулі свайго паўналецця. Я з насцярогай касавурыўся ў сотню люстэркаў лядовага палацу, баючыся памножыць тым самым свой унутраны неспакой.

Да палацу шыбавала купка моладзі. Хлопцы і дзяўчаты гучна гаманілі, жартавалі, смяяліся. Ад іх веяла тэрабайтамі шчасця. Толькі веяла. Але ні каліўца таго шчасця не перадавалася мне. Я паспяшаўся, як мага хутчэй адвярнуцца ад моладзевай кампаніі, каб лішні раз не зайздросціць. Тым часам мой бакавы зрок ухапіў сярод той кампаніі постаць, што здалася неверагодна знаёмай. Не паспеў я павярнуць галаву, як пачуўся гучны дзявочы голас: «Муся! Перастань так жартаваць». Аліса Селязнёва звярталася да нейкага хлопца, які да гэтага расказваў нешта смешнае. Я апанурыўся. Я нічога не мог зрабіць. Кінуць дзяўчыне «прывітанне» і выклікаць непатрэбныя роспыты з боку яе знаёмцаў? Падыйсці да смехуна і без тлумачэнняў тыцнуць яму ў мардагляд, каб зняславіцца і пахаваць апошнія сімпатыі Алісы да мяне? Не. Не. Яшчэ раз не.

Я зноў, на гэты раз вельмі рэзка, адвярнуўся ад кампаніі. Галасы за спінай сцішыліся. Стала зразумела, што Аліса пазнала мяне і папрасіла астатніх не прыцягваць лішняй увагі. Я крочыў далей, падспудна спадзеючыся, што дзяўчына мяне аклікне. Але з кожным крокам мае прывідныя надзеі знікалі пад ценямі мікрараённых гмахаў. Я ішоў праз снег, як праз бясконцую чараду кулісаў. Мне здавалася, што яшчэ крыху і дарога мяне выведзе на тэатральную сцэну і я скажу пару ласкавых словаў гледачам. Аднак кулісы ўсё не сканчаліся і не сканчаліся.

Я крочыў і крочыў. Сам-насам з самотаю, якая вычварным чорным птахам сядзела на маім плячы, заклікаючы цемру хутчэй ахінуць зямлю. З-за снегу цяжка было адрозніць, ці змяніўся дзень вечарам, ці дзень адразу праз вечаровы карак скочыў у абдоймы ночы. Раз-пораз я ўздымаў галаву ўгару. Белы халодны порах хаатычна ападаў мне на твар. Мне мроілася, што разам са снегам з неба падаюць зоркі. Мне трызнілася, што неба плача зоркамі, якія зрынаюцца з вышыні. Зрынаюцца не ў сумёты, а ў мярлог маёй няўдачы. У гняздоўе маёй бесфартуннасці. У эпіцэнтр майго няшчасця.

Я адчуваў сябе пакінутым людзьмі і багамі. Птах самоты праз кожны мой крок паўтараў мне на вуха: «Грэшны. Ты не ўбачыў – Бог даваў шанц». Я маўчаў, намагаючыся не думаць пра сэнс гэтых словаў. Я пазіраў то на куламесу перад сабой, то на роспачную адсутнасць дарогі пад нагамі. Мне хацелася развучыцца думаць. Мне хацелася развучыцца ўспамінаць. Мне хацелася рушыць праз снег з зусім пустою галавой. Сэрца невыцерпна трапятала ў грудзях. І разам з гэтым трапятаннем з мяне выпраменьваўся крык. Мае вусны былі сціснутымі. Крычала мая душа. Крычала пра тую, каго я кахаў. Пра тую, якая была так блізка і так далёка. Пра яе ўсмешку. Пра позірк. Рукі. Валасы. Зморшчаны у прытворнай незадаволенасці носік.

Думкі імчалі няспыннай ракой. Калі б я паспрабаваў даць ім увасабленне ў словах, то апошніх мне папросту не хапіла б. Калі б я паспрабаваў сабраць іх у звязныя сюжэты, то апошнія мала чым адрозніваліся б ад гісторыі хваробы якогась вар’ята з творчымі прэтэнзіямі. Я ўхапіўся аберуч за слова «вар’ят» і стараўся разбіць яго, стукаючы то аб бліжэйшы слуп, то аб праезную частку, вольную ад снегу. Нічога не атрымлівалася. Я адкідваў гэтае слова далёка ў бок ад сябе і ўцякаў, куды толькі неслі ногі. Але яно бегла за мной, нібы ласкавы шчанюк, якому карціць пазабаўляцца з гаспадаром. Праўда, бег яго адбываўся з пераменлівым поспехам. Калі ля млынкамбінату яно яшчэ хапалася зубамі за мае калашыны, то да сабору яно не даімчала, збочыўшы ў кірунку «Русского трактира». Усвядоміўшы, што знаходжуся ў цэнтры горада, я раптам зусім рацыянальна разважыў, што мой шпацыр зацягнуўся, і прыспеў час вяртацца дадому.

35.

Святочныя выходныя скончыліся. Я прыйшоў у школу, зусім забыўшы, што абяцаўся падрыхтавацца да паседжання метадаб’яднання. Чарговая непадрыхтаванасць пагражала выклікаць у Данцовай каласальную незадаволенасць, якую можна было замерыць толькі ў кілатонах магутнасці не самай маленькай ядзернай бомбы. Давялося нешта прыдумляць проста з моста.

Павітаўшыся з Мятлікавай, я папрасіў яе ўзяць крэйду і вывесці на дошцы тэму. Яна без пытанняў дастала кавалак крэйды і зацікаўлена зірнула на мяне. «Міжпрадметныя сувязі як сродак пазітыўнай сублімацыі фрустрацыйных рэцыдываў негатывацыі навучальнага дыскурсу ў вучняў сярэдняга і старэйшага звяна», – прадыктаваў я з галавы. Галіна старанна запісвала слова за словам, здзіўлена касавурачыся на мяне.

– Ну, ты і намудрыў, – па-сястрынску паўшчувала яна. – Навошта так наварочана?

– Каб у Зінаіды Львоўны раз і назаўсёды адпала ахвота чапляцца да мяне з рознымі прыдзіркамі, – адказаў я.

– Ой, божачкі! Эрнесцік, ды яна і так у курсе, што ты разумны хлопец. І ўся школа ў курсе. Гэта ніхто ў педкалектыве не аспрэчвае. І тое, што ты чалавек настрою, таксама ўсе ведаюць. Вось Зіна і мяркуе трохі падшліфаваць цябе. Хоча, каб ты быў больш самадысцыплінаваным. Каб нягледзячы на асабістыя клопаты, ты ў прафесійным сэнсе быў заўжды на вышыні. Фэрштэйн?

– Франкенштэйн. Не трэба мне ейных напільнікаў і наждакоў. Няхай свайго мужа шліфуе, колькі хоча. А да мяне хай не чапляецца.

– Прывітанне, калегі, – у клас увайшла Данцова з даволі прыязным выглядам і усмешкай. – Хто там да цябе ўжо чапляецца? Нябось, як заўжды, выпускніцы? Глядзі асцярожна, а то акальцуюць цябе, саколіка.

– Дагэтуль не акальцавалі, не акальцуюць і зараз, – максімальна абыякава адрэагаваў я, цешачыся пра сябе, што завуч не пачула, пра што насамрэч перад тым ішла гаворка.

– А як там твая Цыпіна? – ні ў плот ні ў азярод спытала яна і нарэшце кінула позірк на дошку, ад чаго адразу забылася пра пытанне і, ледзьве не прысвіснуўшы выгукнула: – Вось гэта тэмачка! Ты з інтэрнэту яе сцягнуў?

– Не, мне яе Цыпіна ўсю навагоднюю ноч на вушка нашэптвала, – не вытрымаў я, шалеючы ад непрыхаванага недаверу Данцовай. – Тут хоць калі-небудзь перастануць з мяне дурня рабіць?! Зінаіда Львоўна, я да вашага ведама гэта тэмай валодаю дасканала. Мне не толькі тэкст выступу, а нават тэзісы не патрэбныя. Я ўсё выкладу проста так. І зраблю гэта ідэальна. Ці вы зноў пачняце сумнявацца ў маіх здольнасцях?

– Эрнест Скіргайлавіч, даражэнькі, я анічуць не сумняваюся ў тваіх здольнасцях. Прабач, калі ляпнула нешта не тое, – замірэнчым, амаль ласкавым, тонам адказала на мой шал яна.

Гэты тон трохі супакоіў мяне. Але цалкам распружвацца не было прычын. Данцова збіралася прысутнічаць на паседжанні, і паказаць ёй на дзверы я ніяк не мог. Калі праз хвіліну падышлі каляжанкі – настаўніцы геаграфіі, я папрасіў усіх прысутных заняць месцы за партамі. Шаблонным афіцыйна-дзелавым стылем я выказаў прывітанне з абавязковым віншавальным інгрэдыентам, а потым выразна, як радок новалацінскай паэмы, агучыў назву тэмы. «Геаграфіні» здумлена пераглянуліся і запытальна зірнулі спачатку на Мятлікаву, а потым на Данцову. Тыя адно паціснулі плячыма і кіўнулі ў мой бок, маўляў пан-гаспадар сам вырашае і пярэчыць яму сэнсу няма.

Я пачаў выступ. Я выдаваў цытаты, якія прыпісваў чарадзе разумных людзей ад Гесіёда да Чака Паланіка, хаця насамрэч яны браліся мной з ніадкуль. Але і гэтага мне здалося мала, і я стаў цытаваць філосафаў і педагогаў, якіх увогуле ніколі не існавала. Я кідаўся імёнамі Пісістрата Спартанскага і Лукрэцыя Капуанскага, Ансельма Ёркшырскага і Тамаша Гасконскага, Міладрага Бялградскага і Марцэліюша з-пад Канатопу. Я закатваў вочы і пырскаў слінай, гаворачы пра «імпліцытную экстрапаляцыю культуралагічных фрэймаў на ўзроўні перфараторнай сугестыўнасці індывідуалістычных маркераў» і «сенсорна-латэнтную квазімаргіналізацыю адаптыўных інсайдаў праз спекулятыўную біфуркацыю нятоесных дэзынтэграцыйных мностваў». Я крычаў мала не на экстатычным уздыме, што ніякіх міжпрадметных сувязей мы рэалізаваць не зможам, пакуль не станем трымацца правіла МУСЯ, ля вытокаў якога стаяў сам Францішак Скарына, а ў сучаснай педагогіцы развіў амерыканец славянскага паходжання Пітэр Белабокін. «Што яшчэ за МУСЯ? Ты часам не здзекуешся з нас?» – чыталася ў спалоханых вачах каляжанак, якія збольшага мужна трывалі маю прамову. Я падскочыў са свайго месца, схапіў крэйду і вывеў на дошцы гэтыя чатыры літары. «МУСЯ – гэта не пусты гук, – пафасна цвердзіў я. – МУСЯ ёсць нашым адзіным шляхам да поспеху. М – гэта наша майстэрства. У – гэта нашыя ўменні. С – гэта наша стараннасць. Я – гэта якасць нашай работы».

У дзверы пастукалі. Каляжанкі з палёгкай уздыхнулі. Сакратарка спыніла мой выступ кароткім выбачэннем і просьбаю тэрмінова завітаць у кабінет дырэктара. Пасля гэтай фразы твары каляжанак засвяціліся сапраўдным шчасцем.

– Ідзіце, Эрнест Скіргайлавіч, – усміхнулася Данцова. – Мы тут пасядзім і абмяркуем ваша цікавае выступленне.

«Ведаю, як вы будзеце яго абмяркоўваць», – карцела сказаць мне, але знайшоў магчымасць напяць на твар падобную данцоўскай усмешку і строга наказаў:

– Я абавязкова правяду тэст для кожнага члена МА па разгледжанай праблеме. Таму спадзяюся, што ваша абмеркаванне будзе сапраўды плённым.

«Бач, сапраўдны загадчык метадаб’яднання», – пачуў я сцішаны голас адной з настаўніц геаграфіі, калі дзверы за мной амаль зачыніліся. Я чмыхнуў і няспешна пабрыў па прастылых слядах імклівай сакратаркі. За вокнамі на баскетбольнай пляцоўцы, што ляжала пад снегам, бегалі тры дзевяцікласніцы. Яны проста па-дзіцячы дурэлі, кідаючыся не вельмі ўдалымі снежкамі, штурхаючы адна адну ў сумёты. Яны смяяліся. Яны цешыліся. Яны даставалі фотаапараты і тэлефоны з камерамі, каб зафіксаваць уласнае шчасце. Я лавіў сябе на думцы, што зайздрошчу ім і іх бесклапотнасці. Я адвёў погляд ад вакна і рэзка паскорыў хаду.

– Добры дзень, Руслан Альгердавіч. Выклікалі? – нерашуча спыніўся я ў прачыненых дзвярах дырэктарскага кабінета.

– Добрага здароўечка, Эрнесце. Заходзь, зачыняй сенцы і сядай на тое крэсла, што на цябе глядзіць, – у голасе дырэктара не было ніякіх прыкметаў таго, што мяне збіраюцца чыхвосціць. Гэта мяне злёгку абнадзеіла. Я ўсеўся і аддана глядзеў на кіраўніка.

– Тут два пытанні да цябе, – пасля пэўнай паўзы прамовіў ён. – Па-першае, мы збіраемся дванаццатага чысла арганізаваць карпаратыўную вечарынку ў якім-небудзь рэстаранчыку ці кафэ. Да цябе будзе просьба не адмаўляцца ад удзелу. Сам разумееш, калектыў пераважна жаночы. Трэба, каб мужыкі не праігнаравалі мерапрыемства. Хай сабе, як той казаў, гендэрны дысбаланс, але ўжо не такі прыкметны. Улавіў?

– Так, так, – хітнуў галавой я, успамінаючы, як пах дым майго манітора.

– Вось. Я на цябе спадзяюся. І разлічваю, што праспяваеш для калег якую-небудзь добрую песню.

– Руслан Альгердавіч, разумееце, у мяне зараз з грашыма зусім туга, – нясмела выціснуў з сябе я.

– Ну, дык аванс пятага будзе. Управішся, – падбадзёрваў мяне дырэктар.

– Я збіраўся адкласці аванс на адну рэч.

– Ну, дык адкладвай, раз такая справа. Я на рэстаран грошы за цябе сам унясу. Як будзе магчымасць, то потым аддасі. А як не будзе, дык можаш лічыць гэтыя грошы падарункам.

– Ой, мне ж няёмка, – стаў сыходзіць на бурачковы колер я.

– Няёмка на столі спаць, бо коўдра падае, – усмешліва адрэзаў кіраўнік. – Так што чакаю на вечарынцы з музычным нумарам.

– Дзякуй. А якое другое пытанне?

– Па сутнасці, яно не другое, а першае. Але нічога. У гарадскім аддзеле вельмі прасілі, каб ты і Алеся Рыбанька правялі гарадскі фінал «Настаўніка года». Ваш тандэм вядучых, як ты разумееш, ужо заўважыла кіраўніцтва. Таму трэба апраўдаць аказаны давер. Кідай усе гэтыя паседжанні МА, педсаветы і іншае дабро. Перад табой гэтымі днямі ляжыць зусім іншая задача – больш важная, чым наша звычайная працоўная бягучка. Таму ў школе можаш не з’яўляцца аж да сканчэння вакацый. Алеся Сяргееўна ўжо ў курсе. Яна ведае, куды вам зараз трэба ісці, каб атрымаць сцэнар і пачаць рэпетыцыю. Фінал, дарэчы, заўтра-паслязаўтра. Уразумеў?

– Так, – выпусціў я гэтае кароткае і няпэўнае слова з трохі засмяглага рота. Я не ведаў, радавацца мне ці сумаваць ад гэтых навін.

– Ды не журыся ты. Усё будзе добра. Не вешаць нос, гардэмарыны! – Руслан Альгердавіч зноўку працаваў на падбадзёрванне. – Як там твае гаўрыкі з 11 «А»? Нічога новага не зачмуцілі?

– Дакладна не ведаю. Але мусіць без здарэнняў, – развёў рукамі я.

– Мусіць за лытку ўкусіць, – нагадаў ён адзін з варыянтаў народнае мудрасці. – А класны кіраўнік павінен валодаць дакладнай інфармацыяй аб усіх вучнях. Трымаць руку на пульсе ўсіх падзей, што адбываюцца з вучнямі ў класе і па-за ім. Тым больш, калі гаворка ідзе пра такіх вісусаў, як вашы. Зараз ідзіце на рэпетыцыю, а ўвечары будзьце ласкавы абтэлефанаваць сем’і ўсіх вучняў па спісе і далажыце мне пра вынікі сёння ж. Усё ясна?

– Так, – паўтарыў я, спрабуючы адлюстраваць на твары нешта падобнае на радасць.

Выйшаўшы з кабінета дырэктара, я ў канцылярыі ўбачыў Рыбаньку. Яна сустрэла мяне задаволенай усмешкай.

– Я вас ужо зачакалася, Эрнест Скіргайлавіч, – літаральна прамурлыкала Алеся і, зрабіўшы пацягушкі, як котка, какетлівым жэстам запрасіла мяне ісці следам за ёй.

Хоцькі-няхоцькі мне давялося кіравацца за Рыбанькай, быццам кэралаўскай Алісе за мітуслівым трусікам.

36.

Рэпетаваць у той дзень асабліва не давялося. Ветлівая жанчына запрасіла нас з Алесяй у кабінет, усадзіла на крэслы і на пэўны час некуды знікла. Мне было няёмка сядзець у маўчанні. Але тэмаў для размовы з каляжанкай чамусьці ніяк не знаходзілася. Яе наўрад ці зацікавіла б абмеркаванне творчасці Умберта Эка або змест апошніх альбомаў Rammstein. Рыбанька глядзела на мяне, амаль не адрываючыся. Адно што толькі вочы яе раз-пораз заплюшчваліся на імгненне, дазваляючы мне ацаніць сілу ўзмаху яе веек. Праз пэўны час я стаміўся ад мулкасці нашага ўзаемнага бязмоўя і вырашыў зачапіць каляпсіхалагічную тэму.

– У цябе дэжавю бывае? – спытаў я.

– Бывае. Асабліва тады, калі сэксам займаюся, – хітра заўсміхалася яна.

Мне стала зразумела, што працягваць гаворку сэнсу не было. На мой паратунак вярнулася гаспадыня кабінету. Яна была па-ранейшаму ветлівай, але адчувалася, што нешта яе напружвае. Неўзабаве высветлілася прычына гэтаму: нашу частку адказны чалавек прывёз на дыскеце, а яна (ліха яе бяры!) чамусь не чыталася. Я паводзіў сябе сціпла і пра наяўнасць, калі не электроннай пошты, то прынамсі флэшак удакладняць не стаў.

Праз гадзіну сцэнар прывезлі на кампакт-дыску. Усе заўважана павесялелі. Гаспадыня кабінету спадарожна ўносіла патрэбныя праўкі, расстаўляла націскі ў прозвішчах, рабіла акцэнты на тыя моманты, якія маглі быць для нас незразумелымі або спрэчнымі. Потым сцэнар быў выведзены на друк і мы атрымалі па належным асобніку.

– Парэпетуем? – прапанаваў я.

– Сябры, я думаю, што вы прафесіяналы сваёй справы, і ўсё зробіце, як мае быць, без рэпетыцый, – заўважыла гаспадыня. – Проста пачытайце сёння дома некалькі разоў. А заўтра больш канкрэтна зарыентуемся на мясцовасці.

Яна назвала месца і час сустрэчы, нагадала пра парадны выгляд. На тым мы і развіталіся.

Адчуванне няёмкасці абвастрылася. Рыбанька ішла побач са мною і ціхенька, але ўдаленька напявала:

Самое сладкое место на теле

Будем искать с тобой в нашей постели.

Мае мазгі распухалі што ад яе спеваў, што ад намёкаў, якія былі ў іх закладзеныя. Мы выйшлі на вуліцу і як толькі апынуліся каля скрыжавання, я паспяшаўся сказаць каляжанцы: «Да пабачэння».

– Чакай. Куды ты так хутка ляціш? Няўжо анікуды дзевушку не прыглосіш? – з пэўным расчараваннем пацікавілася яна і, як бы мімаходзь, нагадала: – «Агні святога Эльма» блізка…

– Алеся, колькі можна мяне правакаваць? – не стрываў я. – Што за пазіцыя такая, крапаць мне на мазгі? Думаеш, кропля камень точыць? Дык ведай, што не ў гэтым выпадку. Можаш хоць сто разоў сказаць слова «сэкс», але саладзей ад гэтага на сэрцы не стане. Ты для мяне толькі каляжанка. Прывабная. Цікавая. Часам гумарная. Але толькі каляжанка. Разумееш? Я з задавальненнем вёў і буду весці з табой якія заўгодна канцэрты. Але я ніколі не спакушуся на твае чары. Чуеш? Ніколі. Таму кінь, калі ласка, усе гэтыя свае выкруты.

– Але чаму? Я не магу зразумець, чаму ты такі, – без слёз, але досыць узрушана гаварыла Рыбанька. – Усе мужыкі толькі і глядзяць, каб іх пальчыкам пазвалі. А тут за цябе рукамі і нагамі спрабуеш ухапіцца, а ты адбрыкваешся, як конь незацугляны. З выгляду ж нармальны мужчына. Але ж вось сядзіць у табе нешта нейкае. Куленепрабівальнае.

– Ааа, дык ты на мяне кулі рыхтуеш? Стрэльнуць хочаш? – зачапіўся я за яе апошняе слова. – Нічога не выйдзе. Хоць ты цэлы аўтаматны ражок у мяне разрадзі. Калі ж вы ўсе сцяміце, што не дзейнічаюць на мяне вашы кулі. Прабіваюць, але не дзейнічаюць. Хапайся за мяне што рукамі, што нагамі, што губамі. Вынікам усіх гэтых захадаў будзе адно і толькі адно – паражнеча. Змяніць што-небудзь на сваю карысць ні табе, ні тваім канкурэнткам не ўдасца. Калі хочаш, можаш лічыць гэта наступствам ліхога чараўніцтва ці проста маім дуронствам.

– Губамі? – нібыта нічога іншага і не чула, перапытала каляжанка. – А раптам атрымаецца?

Яна паспрабавала мяне абняць і пацягнулася вуснамі да маіх вуснаў, разлічваючы, што я не вытрымаю такой напорыстасці і хаця б на палымяны пацалунак пагаджуся. Я не стаў яе рэзка адштурхоўваць, у звычайнай для сябе манеры адвярнуў свой твар і трохі адкінуў назад галаву. Яе вусны злёгку чыркнулі мне шчаку. Побач пачуўся надта знаёмы смех. Я разгледзіўся і ўбачыў, што недалёка з усмешкамі на тварах стаялі і махалі мне рукамі Лера Булатнікава і Алёна Караблёва. Я паспрабаваў усміхнуцца ў адказ і кіўнуў дзяўчатам на знак прывітання. «Да заўтра», – крыўдліва шпурнула мне Рыбанька і рушыла ўніз па вуліцы. Вучаніцы адразу ж рушылі да мяне.

– А вы класна цалуецеся, – заўважыла Алёна, агучыўшы фразу, якую мусіла б сказаць Лерка. Але тая пасля выпадку ў тэатры вырашыла прамаўчаць, хаця ў вачах чыталася выразная хітрынка.

– Як там Лондан? – таропка змяніў я тэму.

– Стаіць, – усцешана адказала Алёна.

– У гэтым сэнсе ён мала чым адрозніваецца ад нашага Галацічаску, – пажартаваў я і палез у партфель па сшытак Караблёвай. – Вазьмі. Гэта табе Аліса перадала. Яна збіралася кудысь з’язджаць.

Алёна падзякавала, паведаміла, што яны паспелі ўжо зазірнуць у школу і мяне там не знайшлі. А пра Селязнёву яна сказала коратка:

– З’ехала ў Раўбічы. Катацца на лыжах.

– З бацькамі? – не стрымаўся ад удакладнення я.

– Неа, – паматляла галавой дзяўчына з адчувальнай неахвотай, быццам не дужа жадала размаўляць пра гэта.

– Ясна. З хлопцам. Прабач за дурное пытанне, – як мага больш нейтральна адрэагаваў я і зазбіраўся адкланяцца.

– А вы самі ў яе спытайце, – сарвалася з Лерчынага язычка. – Пазваніце ці на мэйл скіньце.

– Як-небудзь разбяруся. Чао, дзяўчынкі, – не стаўшы развіваць тэму, я вырашыў хутчэй сысці.

Вучаніцы ў збянтэжанасці развіталіся. Я адчуваў ніякаватасць, якая агарнула Алёну, але не мог даўмецца пра яе сапраўдную прычыну. Ці то Аліса забараніла казаць, ці то Алёна сама не хацела трывожыць мяне падрабязнасцямі. У кожным разе і адна, і другая версія, як і апошняя рэпліка Булатнікавай, сведчылі пра тое, што дзяўчыны нешта ведаюць пра маё стаўленне да Алісы. Зрэшты, і гэта здагадка была адно маім прызнаннем сакрэту Палішынеля. Мне раптам падумалася, ці не з’яўляўся паджылы барадач і да Селязнёвай з тым самым пагрозлівым папярэджаннем. Але ў нашай з ёй тэлефоннай размове не было нават намёку на гэта.

Я выцяг мабільнік і набраў нумар Белікава. Нядаўні старшыня «Вытокаў» на маю просьбу пракансультавацца наконт асобы Апалінара Ідэльфонса Селезня адказаў з натхнёнай зацікаўленасцю. Ён павіншаваў мяне з выхадам «Залатых дуляў Гесперыд». На маю падзяку і прапанову сустрэцца сёння ж ён трошкі замяўся. Прычыняць знаёмым лішні дыскамфорт я ніколі не любіў. Таму настойваць на тэрміновай сустрэчы не стаў, папрасіўшы выдзеліць мне пару гадзін бліжэйшымі днямі, апрача тых, калі мне давядзецца быць занятым у «Настаўніку года».

– О, Баластоўскі! Ды ты па хадзе падковы зрываеш адразу ва ўсіх жыццёвых накірунках. І ў творчасці, і на прафесійнай ніве. Яшчэ б жаніўся з талковай дзеўкай, дык поўны камплект быў бы, – не зусім слушна ацаніў становішча Ян.

– Бяру прыклад з цябе, – адказаў я з празрыстым намёкам, які і намёкам было называць цяжка.

Заімшэлы халасцяк Белікаў адрэагаваў на гэта іранічным смяшком. Такім самым смяшком, якім часта даводзілася злоўжываць мне.

Дома я на хапка прыгатаваў супу. Пасёрбаўшы гарачанькага, аўтаматычна рушыў да кампутара і збіраўся яго ўключыць. Але ўчасна апамятаўся і з горыччу вылаяўся. Дастаў з партфеля сцэнар «Настаўніка года», па дыяганалі прабегся вачыма і нядбала кінуў тэчку з аркушамі на стол. Дастаў з паліцы першую-лепшую кнігу (ёй апынуўся зборнік апавяданняў Маркеса) і спрабаваў чытаць. Чытанне не ішло. Літары складаліся ў словы, а словы ў сказы, але не нараджалі ніякага сэнсу. Яны проста плылі сабе перад маімі вачыма тады, як у галаве віравалі думкі далёкія ад задумы вялікага лацінаамерыканца. Вярнуўшы кніжку на паліцу, я рызыкнуў уключыць радыё. У пакой імгненна ўварваліся тры акорды махровай тутэйшай папсы:

Муся, Мусечка моя!

Как же я люблю тебя!

Мяне перасмыкнула не толькі ад уласна поп-безгустоўнасці (іншым разам я вытрымліваў і не такое). Мяне перасмыкнула ад таго, што я пачуў слова «Муся». Яшчэ адно насланнё, якога мне не даставала для поўнага адчування нерэальнасці быцця і яго кіраванасці кімсьці звонку.

Я выключыў рэпрадуктар. Успомнілася даручэнне дырэктара. Абтэлефаноўваць усіх вучняў у мяне ні сілаў, ні жадання не было. Павагаўшыся, я пазваніў Аксане Багуслаўскай. Староста, нібы чакала майго тэлефанавання, павіншавала з ужо наступіўшым, падзякавала за маё электроннае віншаванне, спытала пра маё здароўе, настрой і яшчэ пра сто дваццаць пяць рэчаў. На ветлівасць, хай і такую па-амерыканску выпінаную, я адказаў ветлівасцю і спытаўся, ці ведае Аксана, на якіх узроўнях быцця знаходзяцца яе аднакласнікі. Яна адразу назвала прозвішчаў пятнаццаць-дваццаць з грунтоўнай характарыстыкай спосабу баўлення часу кожнага з гэтага пераліку. Хто дома, хто з бабуляй у вёсцы, хто з бацькамі ў Егіпце, хто з хлопцам у Сілічах… Я сцяўся. Сілічы ці Раўбічы – гэта было для мяне не так істотна. Галоўнае, што Аліса сапраўды з’ехала са сваім жанішком. Намаганнем волі я пераадолеў раптоўнае здранцвенне, назваў Багуслаўскую малайчынай і папрасіў даведацца пра астатніх аднакласнікаў. «Калі, канечне, не цяжка». «Ніколькі не цяжка, Эрнест Скіргайлавіч».

Пан Самсунак папярэдзіў мяне пра прыбыццё sms’кі. «Нешта шэрыя ваўкі зусім забыліся на пэўных красунь. Кажуць, што ваўкам добра цалуецца з фарбаванымі лісамі», – пісала мне Селязнёва. Не было і драбка сумнення ў тым, адкуль яна ўзяла вестку пра той нібыта пацалунак. «Ваўкі сядзяць у сваім логаве, не давяраюць чуткам і стараюцца не думаць, з кім і як красуні востраць лыжы», – суха адказаў я, каб хоць збольшага пачуцца гаспадаром сітуацыі, і не даць сабе лішняй нагоды падкіснуць. «Хм», – не прымусіла чакаць Аліса. «А то», – не стаў упадаць у лірыку я. На тым перапіска і скончылася.

Неўзабаве перазваніла Аксана і далажыла абстаноўку наконт іншых вучняў 11 «А». Я паабяцаў ёй лішнюю дзясятку па грамадазнаўчым курсе, і пасля яе тэлефанавання набраў нумар дырэктара, каб адчытацца перад ім. Руслан Альгердавіч спачатку не зразумеў, хто і з якой нагоды яго турбуе проці ночы, але потым ухвальна прамовіў: «Малайцом!», бласлаўляючы мяне на далейшыя працоўныя здзяйсненні. Што праўда, знаку блаславёнасці я на сабе так і не адчуў.

Мяне мліла ад таго, што немагчыма зайсці ў інтэрнэт. Я спрабаваў нешта пісаць у нататнік. Але ні проза, ні вершы не збіраліся з’яўляцца з-пад маёй асадкі. Давялося кінуць гэты марны занятак, каб лішне не гвалтаваць сябе. Я вымкнуў святло. Лёг на раскладзеную канапу ў позе эмбрыёна і ляжаў хвілін дваццаць, спрабуючы пакінуць усе свае думкі за межамі галавы. Вынікамі гэтых спробаў сталася даволі хуткае паглыбленне ў сон. Але свядомасць упарта марудзіла з тым, каб дазволіць мне цалкам заснуць.

Я вагаўся між сном і явай. Стан быў мне вельмі добра знаёмым. Цела маё зрабілася бязвольным, нібыта перабывала ў нейкім густым сіропе. Дыхаць станавілася ўсё цяжэй а цяжэй. Абычас адчувалася нечая прысутнасць. Здавалася, што нехта з боку пільна глядзіць і толькі чакае зручнага моманту, каб ускочыць на мяне і пачаць душыць. Сцэнар быў нагэтулькі для мяне знаёмым, што нават у гэтым маім дзіўным стане я памятаў пра яго. Аднак скачка не адбылося. Прынамсі так хутка, як мне чакалася.

Мяне на пэўны час акунулі ў сон. У ім я сядзеў на кухні і гутарыў з бацькамі. Тата чысціў рыбу, дастаючы кожную чарговую з калодзежа перад сабой. Мама прасейвала муку праз сіта. Прасеяўшы адну частку, яна дасыпала з папяровага пакунку яшчэ і пачынала прасейваць зноў. І так паўтаралася бясконцую колькасць разоў, бо мука ў пакунку не сканчалася.

– Можа б і ты, сынок, хоць адну рыбінку абчысціў? – ці то спытаў, ці то прапанаваў бацька. – А то ўсіхныя сыны ўжо шмат рыбы начысцілі, а ты неяк у старонцы.

– Тата, ты ж ведаеш, што я не люблю рыбу, – пачаў апраўдвацца я. – Таму не лаўлю яе і пагатоў не чышчу.

– А што ты любіш? Матылькоў? Дык мы ж не на Суматры, каб матылькоў сушыць, – парыраваў бацька і моўчкі працягваў сваю справу.

Я перавёў погляд на маці.

– Табе пакінуць мукі? – спыталася яна. – Замесіш цеста і спячэш што-небудзь смачненькае. Цеста ж мужчынскія рукі любіць.

– Мама, на жаль, мне зараз няма часу на цеста і выпечку, – безнадзейна апраўдваўся я. – А то б спёк і пірог, і торт, і піцу.

– Глядзі не спазніся, сыночак, бо шмат каму мука на цеста патрэбна, – апярэдзіла матуля, у чарговы раз перакульваючы ў сіта пакунак.

– Ні рыбы не абчысціць, ні цеста не замесіць, – пачуўся голас Алісы.

Мне зрабілася сорамна.

– Бач ты, як радзіва разбрахалася, – заўважыў бацька.

– Пайшлі яны ў сраку, – спакойна сказала маці і адной рукой шмарганула з разеткі радыйны провад.

Ні ён, ні яна не спынялі сваіх заняткаў. Я стаяў пасярод кухні і моўчкі глядзеў на іх.

– Ты б не стаяў так, сынку, – заўважыў тата.

– Можа б, зрабіў тое, што добра ўмееш, – дадала мама.

Я адчуў, як мае вусны і язык пачалі рухацца міма маёй волі, каб сказаць:

– Мабыць, мне трэба зноў павесіцца.

Карцінка рэзка памутнела. Я ўбачыў свой армейскі пост і сябе на ім. Віхура прайшла побач з вартоўняй і збіла мяне з ног. Я ўпаў тварам на востры камень, які разбіў шлем скафандру. Паветра знікала разам з жыццём. З цяжкасцю мне ўдалося павярнуцца на спіну. Я апынуўся на сваёй канапе, але палёгкі не знайшлося, бо тое, што глядзела на мяне, нарэшце здзейсніла свой скачок. Яно не душыла мяне, як раней. Яно ціснула адразу на ўсё маё цела, нібыта жадала ўціснуць мяне спачатку ў канапу, а тады і ў падлогу. Я намагаўся варухнуць нагамі. Але яны былі ці то скутыя кайданамі, ці то нехта трымаў іх жалезнай хваткай. Мне было цяжка вызначыць, на яве гэта адбывалася, у сне ці ў чарговым сусвеце, куды мяне магло завіхурыць. Я сабраўся з сіламі і, адкідваючы насланнё, ускочыў.

Цяжка дыхаючы, я разгледзіўся. Вакол мяне панаваў змрок, але ён быў не чорным, а карычняватым. Маё цела было мокрым ад поту. У галаве клекатала толькі адно пытанне: «Прачнуўся ці не?». Каб знайсці на яго адказ, я вырашыў падняцца з пасцелі і прайсціся па хаце. Я адштурхнуўся ад канапы і, не кранаючыся падлогі, падляцеў да дзвярэй у вітальню. Далей такім самым чынам мне давялося праляцець вітальню і апынуцца ў дзвярах кухні, а адтуль – да кухоннага вакна. «Сон», – прастагнаў я, істэрычна зарагатаў, але нічога змяніць не мог.

Я сігануў у вакно, якое спапярэдліва адчынілі рэжысёры майго сну, і апынуўся на даху падстанцыі, адкуль шпарка гарцануў на агароджу са сталёвых прутоў і затрымаўся на нейкі час там, гледзячы на дом за дарогай. Сабака, які бегаў вакол таго дома, вельмі хутка мяне заўважыў і распачаў брэх. У адказ на гэта я голасна завыў, а потым пагрозліва зарыкаў. Сабака падціснуў хвост і хуценька ўцёк. Я саскочыў з агароджы і пайшоў дадому.

Па дарозе я намагаўся падбадзёрваць сябе і нават іранізаваў са свайго становішча. Гэта мог быць толькі сон, але ніяк не іншы сусвет, не зважаючы на раптоўную гіпертрафаванасць маіх здольнасцяў. Вусцішнае адчуванне мяне не пакідала, а такога не было нават у маіх бітвах з цмокамі. З кожным крокам мацнела мая перакананасць, што я знаходжуся ў сне, які мне наўмысна навязваюць.

Я вярнуўся ў хату. Адразу апынуўся ў кухні, хаця заходзіў праз дзверы, а не цераз вакно. На кухні гарэла цьмянае дрыготкае святло. У ёй нікога не было. На стале стаяла бензапіла. Абмінуўшы стол, я пешкі скіраваўся ў пакой. Там было цёмна, і трывожнасць проста вісела ў карычневым паветры. Намацаўшы на сцяне выключальнік, я паспрабаваў уключыць святло са словамі: «Зараз, канечне ж, не запаліцца». Святло не запалілася.

Я падышоў да вакна, адгарнуў фіранку і зірнуў на двор. У палісадніку пад яблыняй ляжала нешта маленькае ружовага колеру. Давялося сфакусаваць зрок, каб дакладна разгледзіць. Гэта была невялічкая лялька без сукенкі. Ледзьве я здолеў зразумець, што насамрэч перада мной, лялька паварушыла нагою. За спінай затрашчаў мадэм. Мяне перасмыкнула. Я асцярожна падышоў да стала з кампутарам. Ні кампутар, ні мадэм не былі ўключаныя. Я па-ранейшаму быў упэўнены, што ўсё навокал мяне сон, і вырашыў як мага хутчэй адтуль выбірацца, пакуль мне не паказалі яшчэ чагось не дужа прыемнага. Я застаўся каля кампутара і высілкамі волі пачаў выштурхоўваць сябе за межы сну. У мяне гэта атрымалася.

Я прачнуўся ў той самай позе эмбрыёна, у якой і заснуў. Дыхаць было цяжка, амаль немагчыма. Сэрца… Што адбылося з маім сэрцам? Тысячы і тысячы разоў у сваім жыцці ў мяне млелі ногі. Мне было добра знаёмым гэтае адчуванне. І вось цяпер тое самае адбывалася з маім сэрцам. Міжволі я ўзяўся масіраваць грудзіну. Гэта дапамагло. Але яшчэ хвілін з пяць маё сэрца было нібыта чужым.

37.

Раздумваючы аб сэнсе сну, я збіраўся ранкам у чужую школу. Выразнасць высненага не давала мне спакою. Чаму мне ўсё гэта прыснілася? Ад маёй стомы і стрэсаў, якія перавандравалі са старога года ў новы? Ці ўсё-ткі Вялікія Праграмісты каралі мяне за тое, што я не адмовіўся ад паспалітавання з Алісай і ад далейшага расследавання ўсёй чарады фенаменальных падзей, якія давялося перажыць мне за апошнія месяцы? У галаве нічога не хацела парадкавацца. Давялося плюнуць на роздумы, гладка пагаліцца, уздзець гарнітур і з’ехаць у мікрараён Старое Котлішча.

Будынак школы, якая прымала фінал конкурсу «Настаўнік года», быў блізняткам будынку школы, дзе працаваў я. Дзіўнае пачуццё агортвала мяне ў межах да амарокі знаёмай планіроўкі, але з радыкальна іншым аздабленнем і напаўненнем інтэр’ераў. Словам, месца было адначасова і знаёмым, і незнаёмым. Падумалася, што такое бывае ў снах ці кампутарных гульнях. Ад гэтай думкі мне зрабілася млосна. Але я трымаў сябе, бо зайшоў у канцылярыю, каб спытаць, куды кіравацца вядоўцам. Маладая сімпатычная сакратарка хацела мне ўсё растлумачыць, але на мой голас з кабінету выйшла дырэктарка і патлумачыла сама. Яна глядзела на мяне з прыязнай усмешкай, нібыта вітала патэнцыйнага зяця.

Далей ад граху я рушыў на трэці паверх, дзе меўся знайсці актавую залу, куды скіравала дырэктарка. За кулісамі мяне ўжо чакала Алеся. Яна была апранутая ў прыгожую чорную сукенку. Я адважыў ёй камплімент, дарма што гэта было супраць маіх правілаў. Каляжанка ўсміхнулася. Як нічога ніякага. Нібы надоечы нічога не здарылася. Мне гэта вельмі імпанавала, і я не ўстрымаўся ад чарговага ласкавага слова. Рыбанька стала выглядаць шчаслівай, як жанчыны на рэкламных постарах. Можна было лёгка пераходзіць да арганізацыйных пытанняў.

– Нам грымёрку якую-небудзь адшкадавалі? – спытаўся я.

– Не. Носік я падпудрыла ў настаўніцкай. Вусны падмалявала тут. Ты хочаш сабе штось падпудрыць? – дазволіла яна сабе каліўца дураслівай іроніі.

– Не. Я хачу зняць боты і абуць чаравікі. Ці яны хочуць, каб вядучы выйшаў да мікрафона ў прасоленых гаўнатопах?

– Можа ты яшчэ шкляначку «Хэнэсі» з лёдам і прастытутку ў нумар хочаш? – панесла яе ў прадказальным напрамку, але ведаючы, што доўга дражніць мяне нельга, дадала: – Я пераабулася проста тут, за кулісамі. А пакунак з боцікамі паставіла вунь у той куток.

Трошкі пабурчаўшы, я зрабіў тое ж самае. Па сцэне сноўдалі дзеці і дарослыя. У парадных касцюмах і ў заклапочаных тварах. Атмасфера была наэлектрызаваная. Мне не хацелася спарадзіць маланку ці трапіць пад маланкі кагось з прысутных. Але прадчуванні перад абвяшчэннем гатоўнасці нумар адзін пакідалі жадаць лепшага.

Прафесій лепш няма на свеце –

Крыніцу ведаў несяце вы дзецям.

І наш настаўнік – усявед,

З якім мы спазнаём сусвет!

Вельмі ўпэўнена мы адкрылі фінал конкурсу. І панеслася. Візітоўкі і прэзентацыі праектаў. Настаўніцы (мужчын-канкурсантаў не было!) і выхавацелькі дзіцячых садкоў (ну, вядома ж…) задавалі педагагічнага джазу. Самымі частымі словамі, што гучалі са сцэны, былі «крэатыўнасць», «інавацыі», «міжпрадметныя сувязі» і «мама, нарадзі мяне назад». Апошняе, праўда, прамаўлялася не ў мікрафон і толькі маладымі (у прафесійным сэнсе) настаўніцамі. Іх паджылыя канкурэнткі такога сабе не дазвалялі. Адна з іх – Клара Карлаўна Кларнет-Караленка – увогуле глядзела на ўсіх, як на вахлакаватых недалуг ці нават халопаў яе імператарскае вялікасці. Такіх маторных бабулек я заўсёды асцерагаўся. Бо ў барацьбе за ганаровую грамату і лядоўню «Карыятыда» яны з-за дробязі маглі з лайном з’есці каго хочаш. Мне такі імпэт быў не толькі малазразумелым, але і дашчэнту чужым.

Маладзейшыя спявалі песні. Старэйшыя прымушалі гэта рабіць сваіх вучняў. Папулярнае слова «крэатыўнасць» не адпускала ні тых, ні другіх. Настаўніца беларускай мовы пяяла:

Учора ці сёння,

яшчэ ці ужо

расце прыназоўнік

пад цёплым дажджом.

Вучань настаўніцы вялікарускай мовы выводзіў:

Поле, русское поле,

Светит луна

Или падает снег,

Счастьем и болью

Связан с тобою,

Нет, не забыть тебя

Сердцу вовек.

Я стаяў за кулісамі, прытуліўшыся галавой да сцяны і адстаронена сачыў за ўсёй гэтай прыгажосцю. Раз-пораз мне даводзілася маскіраваць сваю адчужанасць, выходзячы з усмешкай да мікрафону. Давалася мне гэта лёгка. Асабліва пасля таго, як Алеся злёгку шлёпала мяне далонькай па азадку. Я не мог на яе злавацца і адпрацоўваў кожны чарговы выхад віртуозна.

Праўда, заўважыўшы сярод прысутных у зале гледачоў Зінаіду Львоўну, я трохі засмуціўся. Хаця выглядам гэтага не паказаў. Мала таго, што яна даймала мяне на працы, дык яшчэ прыйшла і на «Настаўнік года». За кулісамі я сказаў пра гэта Алесі. Яна адно паціснула плячыма і параіла не пераймацца. Ёй лёгка было казаць. На сцэне мне ўдавалася ззяць усмешкай і чытаць свае словы з максімальным пафасам. Але ўнутры мяне пачынала віраваць незадаволенасць. Неўпрыцям я ўсё ж уносіў сваю лепту ў наэлектрызаванасць атмасферы.

Калі выступала выхавацелька дзіцячага садка з міні-спектаклем ці то пра калабка, ці то пра ктулху, на сцэну выцягнулі самаробныя дэкарацыі. Сімуляцыі хаткі і парканчыку з кардону, фанеры і каляровай паперы. На хатцы скотчам былі прымацаваныя выразаныя папяровыя літары, якія складалі назву дзіцячага садка – «МАРУСЯ». Выхавацелька самазабыўна скакала полечку на пару са сваёй каляжанкай, пераапранутай у вусатага мужычка. Ад палкасці іх танцаў літары «А» і «Р» адклеіліся і мерна, як восеньскае лісце, упалі долу. Убачыўшы надпіс, які пасля гэтага ўтварыўся, я схапіўся за галаву. Рыбанька не прамінула ўдакладніць пра маё самапачуванне. Але я не мог ёй сказаць чагосьці пэўнага. Я не мог асягнуць розумам таго збегу чортавых абставін, які стаў напаўняць вакольны мне свет мусямі.

Карыстаючыся момантам я дастаў мабільнік і набраў колькі зусім неабавязковых словаў для Алісы. Яна не адказвала. Пакуль на сцэне ктулху збіраўся з’есці калабка (ці нешта такога кшталту), я стаяў ў сваёй ранейшай позе з абсалютна каменным тварам. Мне, як наркотык, была патрэбнай sms’ка ад Селязнёвай. Хоць самы маленькі смайлік, хоць найдрабнюткае «хм» здолелі б вярнуць мне энергію, якая раптоўна стала чэзнуць. Але мабільнік маўчаў. І чым даўжэйшым рабілася яго маўчанне, а мой наступны выхад да мікрафону – бліжэйшым, тым болей панурасці назапашвалася ўва мне.

– Ну, што твая дзяўчына не адказвае? – спагадліва без намёку на зларадства спытала каляжанка.

– Маўчыць, – неахвотна пацвердзіў я.

– Ты не хвалюйся. Мо’ яна занятая зараз. Не можа карыстацца тэлефонам. Ці проста не чуе яго, – намагалася суцешыць мяне Алеся.

– Занятая. Ага. Займаецца. Лыжным спортам. З горкі і на горку, – сцішана прамаўляў я, уяўляючы, чым у той канкрэтны момант магла займацца Аліса са сваім Дзімам.

– Калі ты такі раўнівы, то навошта яе кудысьці ад сябе адпусціў? – выказала недаўменне напарніца, якая не магла нічога ведаць пра сапраўдны стан рэчаў з маім каханнем.

– Табе лёгка казаць. А ўсё не так проста, як табе здаецца, – не спяшаўся перапыніць дыялог я.

– Здаецца, ты ўсё ускладняеш, – выказала здагадку яна. – Трэба было браць адгулы ці адпачынак за свой рахунак і ехаць катацца на лыжах разам з ёй. А то ты вечна, як піянер, гатовы да працы і абароны. Сказаў бы Альгердавічу, што будучы шлюб зрываецца, ён бы цябе і не адпраўляў сюды. Хітрэйшым трэба быць, Эрнесцік…

– Не той выпадак, – апатычна прашаптаў я. – Чула прымаўку? Як хочаш, вышэй сракі не скочыш.

– Ты ўгару і яна з табой, – працягнула Рыбанька. – Ведаю. Але думаю, што ўсё ж ты перабольшваеш драматычнасць твайго становішча. Патрэбна толькі сіла волі. Іншая рэч, што ў дзяўчыны могуць быць вельмі строгія бацькі і яны яе трымаюць пад замком, нікуды не адпускаючы. Але на сёння гэта рэдкасць. Дый тваёй абранніцы яўна не дзевятнаццаць гадоў.

На гэтую тыраду я ніяк рэагаваць не стаў, бо ніякага сэнсу ў працягу сеансу майго душавыратавання не бачыў. Я і так здуркаваў, калі не згарнуў гутарку ад самага першага яе пытання. А кожная новая, хай сабе невялічкая і абстрактная, падрабязнасць пра маё каханне магла быць пазней выкарыстана супраць мяне. На імгненне я ўявіў, якія чуткі будуць хадзіць па школе пасля гэтых маіх некалькіх зусім няпэўных рэплік.

Наспеў час нашага чароднага выхаду. Воляю сцэнарыста я быў вымушаны абвясціць пачатак прэзентацыі конкурснага праекту Клары Карлаўны. Яна ўжо грозна вызірала з-за кулісаў і трымала ў руках ментальную пугу, каб шчоўкнуўшы ёю, выправіць на сцэну сваіх вучняў розных узростаў. Калі яны ўсе насамрэч выбеглі, мне цяжка было адмахнуцца ад уражання, што вось-вось яны завядуць тонкімі знясіленымі галасамі:

Да здравствует наш Карабас удалой,

Уютно нам жить под его бородой.

И он никакой не мучитель,

А просто наш добрый учитель.

На дзіва, дзеці сталі вадзіць карагоды і спяваць пра чытанне, арыфметыку ды кібернетыку на матывы песень часоў маскоўскай алімпіяды 1980 года.

Я вярнуўся ў свой утульны куточак, спрабуючы зноў адхінуцца ад марнасцяў людскіх. Але знянацку адключыліся мікрафоны. Дзеткі працягвалі спеў, але ясна, што ніхто з іх не мог накрыць сваім голасам усю актавую залу. Тэхнічны казус ураз узвар’яваў Карлаўну. «Гэта мае таленавітыя дзеці!» – гучна з пафасам добра вымуштраванага парторга крычала яна ў залу, мяркуючы так злагодзіць сітуацыю. І ў тыя самыя хвілі яна павярнула галаву ў мой бок і злосна, быццам ва ўсім вінаваты я, шыкнула: «А гэта ваша сраная тэхніка!». Ад збянтэжанасці я зморшчыўся і скрывіў вусны. Праз секунду паміж намі прабегла сапраўдная маланка. Мяне адкінула да сцяны. Клару Карлаўну – на мікрафонныя стойкі. Да таго ж яе белы карункавы каўнерык задыміўся і пачаў гарэць. Хлопец, што сядзеў на тэхніцы, перастаў вырашаць праблему маўчання мікрафонаў, а схапіў вогнегаснік, ускочыў на сцэну і хутка ліквідаваў ачаг узгарання. За гэта ён атрымаў ад настаўніцы пару добрых кухталёў. Яна мітусілася па сцэне, крычала і ледзьве не білася ў істэрыцы, пужаючы дзяцей, журы і гасцей у зале.

Журы тэрмінова вырашыла спыніць першы дзень конкурсу, адправіўшы канкурсантаў і гледачоў дадому. У актавую залу прыбегла медсястра, спрабуючы напаіць Кларнет-Караленка валяр’янкай. Аднак тая дэманстратыўна адмовілася.

– Я сюды не лякарствы піць прыйшла, – напышліва вымавіла яна.

– Супакойцеся, калі ласка. Ну, усё ж добра, – звярнуўся да яе старшыня журы.

– Скажыце мне на міласць, як я магу быць спакойнай, калі гэты тып, – яна паказала пальцам у мой бок, – хацеў мяне забіць.

Дзівячыся вышыням палёту яе фантазіі, я цяжка выдыхнуў, але нічога на закід не сказаў. Удзельнікі журы здзівіліся не менш за мяне.

– І якім жа чынам наш шаноўны вядучы хацеў вас забіць? – вырашыў ўдакладніць старшыня?

– Здаецца, усе ў гэтай зале бачылі іскру, якая сыходзіла ад яго, – з непрыхаванай злосцю гаварыла яна, ледзьве стрымліваючыся ад пераходу на крык. – У гэтага тыпа электрашокер. І ён яго выкарыстаў супраць мяне.

Мне дужа карцела параіць ёй лячыцца электрычнасцю, але я здолеў стрымацца і коратка запярэчыў:

– У мяне няма электрашокера.

– Ну, канечне ж, няма! – гыркнула Клара Карлаўна. – У гэтай мітусні ты даўно яго прыхаваў ці ўвогуле выкінуў.

Яна казала так пераканаўча, што журы нечакана для мяне завагалася. Здавалася, што яшчэ крыху, і яго ўдзельнікі цалкам павераць гэтай скандалістцы.

– Скажыце, – старшыня звярнуўся да мяне. – У вас дакладна не было шокеру?

Я адмоўна паматляў галавой.

– Ды не верце вы яму! – усклікнула Кларнет-Караленка. – Вы толькі паглядзіце на яго твар. Гэта ж самы сапраўдны правакатар! Ён наўмысна сарваў мой выступ. Магчыма, і мікрафоны спасаваў ён!

– Пачакайце, шаноўная, – пачуў я голас Зінаіды Львоўны, якая перад гэтым моўчкі сачыла за ўсёй дзеяй. – Вы абвінавачваеце чалавека на роўным месцы, нічым не абгрунтоўваючы свае словы. У вас ёсць якія-небудзь доказы?

Клара Карлаўна сцялася. Яе вочы хутка забегалі.

– Напрыклад, я ніякага электрашокера не бачыла, – скарыстаўшыся маўчаннем настаўніцы, працягнула Данцова. – Думаю, што ніхто з прысутных у зале яго таксама не бачыў. Зрэшты, каб спыніць усе спрэчкі, давайце перагледзім відэазапіс. Камера ж увесь час працавала. Так?

Удзельнікі журы нечувана ўзрадаваліся такой падказцы. Я напружыўся. З аднаго боку мне было прыемна, што Зіна заступілася за мяне. З іншага – я не чакаў ад прагляду нічога добрага. Але мае насцярогі выявіліся дарэмнымі. Запіс таго моманту захаваўся і ён засведчыў, што электрашокера ў мяне сапраўды не было. Інцыдэнт абвясцілі вычарпаным.

Я падзякаваў Данцовай.

– Мы сваіх на вайне не кідаем, – усміхнулася яна і адразу ж дадала: – Але ж і ты мог не стаяць маўчуном беспрасветным, а абараняцца. Як са мной спрачацца, дык ты вунь які красамоўны. А тут што?

– Не задалося, – ціха прамовіў я, выглядаючы вінаватым пабітым катом.

Мне пашчасціла неўзабаве выслізнуць і ад яе, і ад Рыбанькі, якая спадзявалася пазагойваць мае душэўныя траўмы. Я вярнуўся дадому, каб пераначаваць пустую ноч і зранку вярнуцца ў школу на Старым Котлішчы.

Пра ўчорашняе здарэнне ніхто не нагадваў. Я стараўся не глядзець на Клару Карлаўну. Яна, здавалася, не зважала на мяне. Пачалася звычайная для вядоўцаў руціна з заўсёдным абавязкам быць напагатове, каб не прапусціць свой выхад. Гэты абавязак я адразу пакінуў за Рыбанькай, а сам марынаваўся падалей ад усіхных вачэй. Мною авалодаў такі дзіўны настрой, што мне добраахвотна захацелася апынуцца ў якім-небудзь чарговым сусвеце. Але, як я ні пракручваў у галаве варыянты выклікання міжсусветнае віхуры, усё заставалася на сваіх месцах. І я, і сцэна, і людзі на ёй.

Са сцэны гучалі новыя ўзоры крэатыўнасці. Выхавацельцы дзіцячага садка «Маруся» дасталася выдатная тэма інфармацыйна-выхаваўчай гульні «Айчынныя брэнды». Яна паспела пераапрануцца ў зубраня і скакала між сцэнай і гледачамі, выгукваючы квяцістыя рыфмоўкі:

Здароў, марозны звонкі вечар!

Здароў, айчынны добры брэнд!

Мы не кідаем слоў на вецер –

Айчынным брэндам шлём прывет!

Але проста рыфмовак было мала. Трэба было паказаць, што гульня яшчэ і актывізуе мысленчую дзейнасць дзетак. І хоць у ролі дзетак выступалі гледачы, яны з неверагодным азартам і нават пэўнага кшталту асалодаю адгадвалі загадкі.

Ён у горадзе й калгасе,

Дзе ён ёсць – заўсёды плюс,

Ён на полі і на трасе,

Добры трактар…

«Беларус!» – у экстатычным трансе крычала зала. Маё сэрца знібела ад гэтага экстазу. Але помнячы, як жорстка яно ў мяне ўмее млець, я вырашыў не даваць яму зазнібець канчаткова. Не даваць насуперак эмацыйным хвалям, што бурлілі ў той момант побач.

Іншай удзельніцы з тэмай хатняга задання пашанцавала больш. Пазакласнае мерапрыемства «Па старонках любімых казак» уяўлялася бяспройгрышным нумарам. Я нават адарваў свой погляд ад падлогі, каб зірнуць на дзейства. Каму-каму, а мне ўжо добра давялося прайсці па старонках казак у рэжыме поўнае прысутнасці. Канкурсантка ж яўна была разбэшчаная думкай пра легкатню задання, што вырашыла скарыстацца не проста нейкай гатовай школьнай распрацоўкай, сцягнутай з інтэрнэту, а ўзяла за аснову сцэнар спаборніцтва з арсеналу вясельнага тамады. Можа, яна і была тамадою. Прынамсі, у лічаныя секунды ёй удалося загнаць на сцэну ўвесь склад журы і прымусіць кожнага яго ўдзельніка паказваць з сябе то зайку-пабягайку, то Васілісу Мікулічну. Гледачы віталі ўсё, што адбывалася на сцэне, гучнымі авацыямі. А настаўніца працягвала іх запальваць вокрыкамі: «Я не вижу ваших рук, мои мальчики-с-пальчики и девочки-дюймовочки!». Калі б паблізу была магіла Яна Амоса Каменскага, яна б і яго здолела падняць гэтым сваім тамадоўскім запалам. Мне стала млосна. Верагодна ад таго, што я ніколі на вяселлях у конкурсах не ўдзельнічаў…

З насцярожанасцю я чакаў выхаду Кларнет-Караленка. Мне не хацелася сваім голасам абвяшчаць яе з’яўленне. Давялося паабяцаць Рыбаньцы шакаладку, каб яна зрабіла гэта замест мяне. Клара Карлаўна, апранутая ў ваенную форму, выйшла шыхтавым крокам, ведучы за сабой сваіх выхаванцаў, на якіх таксама былі розныя варыяцыі адзежы колеру хакі. Акурат у такім ключы ёй бачылася ўвасабленне тэмы героіка-патрыятычнай вечарыны. І паляцела! Паляцела з былинниками речистыми, комиссарами в пыльных шлемах і іншымі артиллеристами, якім Сталин дал приказ. «Глядзі і вучыся! – здзекаваўся я сам з сябе. – Табе яшчэ адкрыты ўрок па Сталінградскай бітве даваць».

Зала сачыла за дзеяй з заміраннем. Алеся, якая насмелілася падглядаць з-за кулісаў, шапнула мне, што многія гледачы сядзяць з мокрымі ад слёз вачыма. Я не прамовіў ні слова ў адказ, не жадаючы правакаваць чарговы гнеў канкурсанткі. Я ўвогуле стараўся захоўваць абсалютна нейтральны выраз твару, ніяк не выяўляць сваіх эмоцый. Аднак неўзабаве я не змог вытрываць.

На сцэне зрабілася ціха. Усе дзеці сталі паўкругам у яе тыльнай частцы. На аванпост жа – да цэнтральнага мікрафону – Кларнет-Караленка адправіла хударлявага светлавалосага хлопчыка, відаць, першакласніка. У крыштальнай цішыні, якая апанавала залай ён запеў звонкім галаском:

Черный ворон, черный ворон,

Что ты вьешься надо мной?

Ты добычи не дождешься,

Черный ворон, я не твой!

Я здрыгануўся. Мне было дзіка чуць гэтую песню ад маленькага чалавечка. Мае вочы ледзь не павывальваліся з арбіт. Я здагадваўся, што пры патрэбе Клара Карлаўна змусіла б малечу спяваць нават «Боже, царя храни». Міжволі, амаль не рухаючы вуснамі, я прашаптаў:

Калі ноч і бездарожжа, калі, быццам дух варожы,

Уваходзіць крук варожы і сядае насупор

На скульптурны ўзгруд Палады, над дзвярыма, насупор,

Крук з мянушкай Nevermore.

Мой шэпт быў зусім бязгучным. Але амбітная канкурсантка адразу ж шыкнула на мяне і скрывіла незадаволеную міну. У тое самае імгненне праз адчыненае для праветрывання вакно імкліва заляцела цэлая чарада варонаў. Большасць гледачоў успрыняла гэта за частку нумару. Таму на крыкі дзяцей, акрамя выразу захаплення, не рэагавалі ніяк. Птушкі наравілі ўдарыць дзяцей дзюбамі і падрапаць кіпцюрамі. Першакласнік працягваў спяваць і не зрушваўся з месца, баючыся не столькі птушак, колькі сваёй настаўніцы. Тая стала ў здранцвенні, зрабіўшыся зусім непадобнай на сябе. Ад прылёту варонаў мінула не больш за тры секунды. Я зразумеў, што трэба дзейнічаць і дзейнічаць як мага хутчэй.

Я зняў з сябе пінжак і накінуў яго спеваку на галаву, захінаючы ад вароны, якая пікіравала проста на яго. Тэчкай са сцэнарам я з усёй моцы стукнуў птушку, як тэнісіст адбівае падачу праціўніка. Не марнуючы часу, я рэзка торгнуў кулісу, сарваў яе са сталёвага дроту і, нібыта сеткай, накрыў варон і дзетак, папярэдне папрасіўшы бедакоў заплюшчыць вочы і скласці рукі так, каб твар быў закрытым. Малыя зразумелі маю просьбу па-рознаму, але інстынкт самазахавання напару з надзеяй на ратунак дапамог ім зрабіць усё слушна, хаця і не аднастайна. Я падбег да іх і стаў асцярожна вызваляць кожнага з-пад куліснага покрыва, пільнуючы, каб птушкі вызвалення знайсці не змаглі. Калі апошняе дзіцё апынулася на волі, мне заставалася толькі злаўчыцца і завязаць паланёнае птаства ў вузел, што і было зроблена пад зычныя апладысменты гледачоў, якія нарэшце ачомаліся ад няўцямнага каматозу.

Клара Карлаўна кінулася мяне абдымаць, дзякаваць і прасіць прабачэння. А мне думалася, што яна на такое не магла быць здольнай у прынцыпе. Дзеці мала не вадзілі вакол мяне карагоды. Алеся пад шумок узычыла мне свой някепскі пацалунак. Члены журы і высокія госці імкнуліся паціснуць маю мужную руку. Дырэктарка школы запрашала мяне пераходзіць працаваць да іх завучам па выхаваўчай працы прама з учорашняга чысла. І толькі нейкая мадам, чый пранізлівы позірк адчуў я на сабе, не вытрымала і ў мітынговым стылі заявіла: «Я буду скардзіцца ў Грынпіс і іншыя прыродаахоўныя арганізацыі». Яе заява ні ў каго не выклікала падтрымкі. Зала зладзіла ёй абструкцыю і яна спешна выбегла на калідор.

«Якімі дзіўнымі ўсё ж бываюць людзі, – разважаў я, калі конкурсная праграма скончылася. – Іншых людзей ім не шкада, а птичку жалко». Думка для мяне была не новай. Але ў чарговы раз мне давялося пераканацца ў яе слушнасці на практыцы.

38.

Увечары пасля сканчэння конкурсу мне патэлефанаваў Руслан Альгердавіч і падзякаваў за зладжаныя дзеянні ў час надзвычайнага здарэння. Яму ўжо не толькі паведамілі пра тое, як я лавіў варон, але і рэкамендавалі прэміраваць мяне ў памеры трох акладаў. «Так што будзе табе за што тую тваю рэч набыць», – абнадзеіў дырэктар. Гэта было прыемна, але без моніка, а значыць і без інтэрнэту, трэба было сядзець яшчэ дзён дваццаць. Я думаў пра сеціва, як алкаголік пра новую пляшку гарэлкі. Я нават збіраўся ў інтэрнэт-кавярню, але разважыў, што не наеўшыся, не наліжашся і ад сваіх збіранняў адмаўляўся.

Зняўшы з карткі ўвесь налічаны аванс, трохі менш за яго палову я канвертаваў у еўра. Сума была смешная для любога немца ці француза. «Ад нашых заробкаў плачуць камяні», – згадаў я народнае настаўніцкае выслоўе з нашых краёў. Але камяні не плакалі. Не плакаў і я, хаця студзеньскі вецер і дым з комінаў кандытарскае фабрыкі «Барсум» спакушалі мае слёзныя залозы. На рэшту авансу былі аплочаныя камунальныя паслугі і набытая пляшка гарэлкі «Потешный московитъ» на бярозавых бруньках. Я не мог ісці да Белікава з пустымі рукамі.

– Выбачай, дружа, грошай зараз з жабіны прыгаршчы, – адразу папярэдзіў я Яна.

– Ну, нічога. Калісьці і наш бог праспіцца, – супакоіў ён мяне.– Бульба ё, сала з прорасцю ё, гуркі салёныя знойдуцца. Табе такі набор пасуе?

– Тое, што трэба, дзядзька, – ухваліў я прапанову, ужыўшы стары вытокаўскі зварот.

Пакуль бульба лупілася і варылася мы абмяняліся беглымі свецкімі навінамі пра жыццё-быццё: ён пра дысертацыю і студэнтак, я пра класнае кіраўніцтва і вучаніц. Пачынаць гаворку пра Апалінара Ідэльфонса Селезня, дарма што мне дужа карцела, не сталі пакуль не спражыліся добрыя скваркі з яешняй і не была выпіта першая чарка. Толькі пасля таго, як мы кульнулі і нетаропка закусілі, Ян сам без нагадвання пачаў апавядаць.

Паводле яго словаў звестак пра Апалінара Селезня захавалася вельмі мала. Паходзіў ён са шляхецкай сям’і сярэдняга дастатку, апалячанай, але не настолькі, каб цалкам выракчыся разнастайных праяў тутэйшасці. Многія лічылі яго дзіваком. Не толькі за тое, што ў побыце і часцяком у грамадскім жыцці выкарыстоўваў беларускую мову (да таго ж не простанародную, а літаратурную часоў Вялікага княства Літоўскага!). Лічылі яго дзіваком за тое, што сялян сваіх вызваліў яшчэ да маніфеста яго імператарскай вялікасці Аляксандра ІІ, выкарыстоўваў наёмную працу і жыў з таго, што здаваў зямлю ў арэнду. У дадатак да гэтага суседзяў і некаторых гараджан неверагодна бянтэжылі і выклікалі нядобрую пагалоску псеўданавуковыя погляды Селезня.

– Псеўданавуковыя з гледзішча тагачасных абываталяў з ускраіны Расійскай імперыі? – парупіўся ўдакладніць я.

– Не, не толькі з іх гледзішча, – вырашыў захаваць інтрыгу мой суразмоўца.

– Матэматыка тут наўрад ці каго б збянтэжыла, – разважаў я. – Хіба толькі ў тым выпадку, калі матэматычныя веды выкарыстоўваліся для гульні ў карты.

– Так, картыжнікам Селезень быў, але абыходзіўся без матэматыкі.

– Ой, толькі не кажы, што ён быў паслядоўнікам тэорыі Чарльза Дарвіна, – зноў выказаў здагадку я.

– Ускосна гэта версія пацвярджаецца, але не з-за дарвінізму яго сталі лічыць чарнакніжнікам, – даў маленькую падказку Белікаў.

–Хімія?

– Хімія, фізіка, трошкі геалогія, трошкі астраномія, – не гаварыў, а смакаваў кожнае слова Ян.

– І што тут магло быць заганнага? Нібыта ў ХІХ стагоддзі ніхто з ураджэнцаў Беларусі не займаўся гэтымі навукамі, – абурыўся я. – А Юзаф Міцкевіч? А Міхал Ачапоўскі? А Ігнацы Рэшка і Пётр Славінскі? Іх жа ніхто ў чарнакніжніцтве не вінаваціў!

– Так, Эрнесце, я ўсё гэта ведаю, – усміхнуўся Белікаў. – Але ніхто з іх не меркаваў, што наш свет – гэта муся.

– Што?! – кавалак скваркі ледзь не захрас у маім горле.

– Муся. Або мусія. Або мусея. Розныя варыянты напісання аднаго і таго ж старабеларускага слова, – не зважаючы на маё плюсканне вачыма, спакойна працягваў таварыш. – Сустракаецца ў старабеларускім перакладзе хронікі Мацея Стрыйкоўскага і ў лексіконе Памвы Бярынды. Згодна з «Гістарычным слоўнікам беларускай мовы» гэтае слова азначае кавалачкі шкла, мармуру і падобнае, якія выкарыстоўваюцца для выкладання рознакаляровых узораў.

– Мазаіка?! – узрушыўся я. – Апалінар Ідэльфонс Селезень лічыў, што свет гэта мазаіка?!

– Так. Але для яго гэта быў не проста вобраз, метафара ці яшчэ там нешта, чым упрыгожваюць мову. Ён меркаваў, што сам бог пастаянна перакладвае гэтыя каменьчыкі, ад таго свет і змяняецца. Больш таго, ён быў перакананы, што ўзяўшы пэўны набор геалагічных пародаў, апрацаваўшы іх рознымі хімічнымі рэчывамі, склаўшы іх на адмыслова сканструяванай аснове і, нарэшце, правільна зарыентаваўшы гатовую канструкцыю па зорках, магчыма самому стварыць маленькі сусвет.

– Нічога сабе! – не пераставаў здзіўляцца я. – А яго не цягалі па дактарах? Душэўнахворым не лічылі?

– Дакументальных звестак няма. А калі верыць паданню, то нехта з суседзяў спрабаваў яго сілком завезці ў лячэбніцу. Але па дарозе павозку спынілі ўзброеныя сыны Апалінара, адбілі бацьку і завезлі назад у іх сядзібу.

– Проста вестэрн нейкі, – мяне не пакідала лёгкае трымценне ад цікаўнасці. – А дзе іх сядзіба была?

– У іх было дзве сядзібы. Адна размяшчалася недалёка ад упадзення Старыцы ў Сівую. Другая – тут, у Галацічаску. Між іншым, прыблізна ў тым раёне, дзе зараз стаіць школа, у якой ты зараз працуеш.

– Халера, – агаломшана прашаптаў я. – І чаму ты раней мне пра гэта не сказаў?

– Хацеў зрабіць табе сюрпрыз, – расплыўся ва ўсмешцы краязнавец. – Што праўда, я не зусім разумею, навошта табе ўсё гэта ведаць. Проста дзеля цікавасці? Ці ёсць нейкі таемны стымул? Га?

Пытанне было для мяне троху нечаканым і мне давялося трохі выкручвацца, гаворачы ў манеры не зусім мне ўласцівай:

– Ну, ты ж ведаеш творчых людзей. Бывае, заманецца нешта ў галаву і ніяк не выдраць адтуль. Вось і мне захацелася даведацца больш пра чалавека, чый надмагільны помнік я рызыкнуў падняць на мінулыя Дзяды. Гісторыя цікавая атрымліваецца. Можа, параю камусь са сваіх шкаляроў заняцца больш падрабязным вывучэннем. Ад нас жа патрабуюць зараз навукова-даследчыцкія работы навучэнцаў. Думаю, што жыццё Селезня ім будзе цікава вывучаць, – я зрабіў секундную паўзу, стараючыся не зважаць на недаверлівы позірк Белікава, і каб паўза не зацягнулася, удакладніў: – Дык што з сядзібамі Селезняў сталася?

– Гарадская сядзіба была разбураная ў часы бальшавіцкай рэвалюцыі. Старажылы кажуць, што гараджане яе называлі не інакш, як «Дом чарнакніжніка», і лічылі праклятым месцам. Бальшавікі змагаліся з гэтымі прымхамі і пасялілі ў той сядзібе найбольш адданых барацьбітоў з сусветнай буржуазіяй, спрабуючы навязаць новую назву будынка – «Дом камунараў». А калі ў 1919 годзе ў Галацічаску ўспыхнуў антысавецкі мяцеж, мяцежнікі адным з першых атачылі акурат гэты дом. Камунары трымалі супраціўленне да апошняга патрона і апошняга жывога чалавека. Толькі апошні камунар паміраў ужо на руінах, што засталіся ад сядзібы пасля мінамётнага абстрэлу, які некалькі гадзін запар вялі мяцежнікі. Пра лёс сядзібы ў прадмесці дакладнай інфармацыі няма. У адных крыніцах сцвярджаецца, што яе спалілі сяляне ці то падчас рэвалюцыі 1905-1907 гадоў, ці то ў час Першай сусветнай вайны. У іншых крыніцах гаворацца, што Старыца ў пачатку ХХ стагоддзя раптоўна пашырыла сваё рэчышча, і частка берага з сядзібай Селезняў проста правалілася ў ваду. Этнографы запісалі ад аднаго селяніна расказ яго бацькі, які ў маленстве нібыта бачыў, як пласт зямлі з сядзібнымі пабудовамі плыў па Старыцы ў бок Сівой. Але ўсё гэта не пацвярджаецца архіўнымі звесткамі, а ў гарадскім фальклоры не знайшло ніякага адлюстравання. Інакш бы мы ведалі больш-менш дакладнае месцазнаходжанне рэшткаў сядзібы на дне Старыцы ці Сівой. Асабіста я мяркую, што яна не правалілася ў раку, а ўсё ж была знішчаная людзьмі. Верагодна, што зараз на тым месцы знаходзіцца адзін з участкаў кветкаводчай гаспадаркі «Чырвоная архідэя».

– Не перастаю здзіўляцца тваім ведам і проста здымаю капялюх, – выказаў сваё захапленне я, абнаўляючы змест кілішкаў. – За тваю кампетэнцыю!

Мы выпілі. Я захрупасцеў гурком, але не жадаў перапыняць размову:

– Дык ты скажы, пан Апалінар ставіў якія-небудзь эксперыменты. Ці ўся гэта гамана пра мусю была толькі балбатнёй?

– Калі б не ставіў, яго б не назвалі чарнакніжнікам. Найбольшыя нараканні выклікалі яго доследы з маланкай. Так, ён сабраў канструкцыю для мусі. Мусю сякую-такую таксама склаў. Па зорках гэтую сваю інсталяцыю ўсё круціў ды круціў, але безвынікова. Дык дадумаўся, што ўдар маланкі па спецыяльным металічным вывадзе дапаможа мусю ажывіць. Колькі разоў ён спрабаваў злавіць маланку, я не ведаю. Адпаведныя эксперыменты ладзіліся, як у гарадской сядзібе, так і ў прадмесці. Магчыма, што пажар ліпеня 1875 года ў цэнтры Галацічаска, які з вялікімі цяжкасцямі ўдалося затушыць, быў справакаваны акурат Апалінарам Селезнем. Дакладна вядома, што ў часе паўстання 1863 года ён жыў у загараднай сядзібе пад паліцэйскім наглядам.

– Няўжо яшчэ і паўстанцам спачуваў? – з захапленнем выгукнуў я.

– Наўрад ці. Проста паліцыя перастрахоўвалася. Калі яго западозрылі ў аўтарстве некалькіх вершаваных пракламацый на беларускай мове, ён заявіў, што ніколі не апусціцца да пісьма ў такім нізкім стылі. А паліцыі што? Паліцыі абое рабое – што народная гаворка, што мова Статутаў ВКЛ. Дый падозранні ў стварэнні пракламацый былі толькі адным з пунктаў неблагонадежности Апалінара Ідэльфонса Селезня. Галоўныя прэтэнзіі прад’яўляліся да яго эксперыментаў. Цемрашалаў хапае ў любыя часы. Вось і тады нехта з цёмных суседзяў напісалі данос, што Селезень дапамагае паўстанцам, што яго доследы скіраваныя акурат на гэтую дапамогу. Даносчыкі сцвярджалі, што ён, выкарыстоўваючы ўласнаручна зробленае прыстасаванне (у даносе яно названа нават на беларускі манер – аснада) і сілу маланкі, вырабляе ў сваёй сядзібе золата для паноў інсургентаў, а для простых касінераў нейкія адмысловыя вогненныя косы. І паліцыя ўсёй гэтай дурасці верыла. Калі б у той час існаваў у нейкім выглядзе паветраны флот, і паветраныя караблі меліся б і ў паўстанцаў, то знайшоўся б які-кольвек разумнік, каб абвінаваціць нашага Апалінара ў тым, што ён сваёй аснадай паўстанцам сігналы адпраўляе.

– Так, той час ува ўсёй сваёй красе, – пагадзіўся я. – Дык ён ад сваіх эксперыментаў пасля 1875 года адмовіўся? Ён жа павінен быў зразумець, што яго праца цалкам бясплённая, што ніякага падуладнага сабе маленькага свету ён стварыць не зможа.

– Напэўна, не кінуў. Сцвярджаў, што ніяк не можа падабраць належнае спалучэнне кампанентаў мусі. А пад канец жыцця вельмі бедаваў, што не мае ў сваім распараджэнні крэмнію. Прынамсі, у лісце да Альгерда Абуховіча ён паведамляў пра гэта з немалым шкадаваннем і падкрэсліваў сваю ўпэўненасць у тым, што з дапамогай менавіта крэмнію ў яго атрымалася б канчаткова вырашыць праблему стварэння «іншай спакменнасці». Спакменнасцю Селезень на прапанову Абуховіча называў рэальнасць, рэчаіснасць.

– Ты хочаш сказаць, што за ўсімі сваімі паранавуковымі доследамі, ён здолеў прадказаць з’яўленне інтэгральнай мікрасхемы – крэмніевага чыпу, які выкарыстоўваецца зараз ва ўсіх кампутарах? – з цяжкасцю даваў я веры сказанаму.

– Так, менавіта гэта я і хацеў сказаць. Мне самаму дзіўна было прыйсці да такой жа высновы, але паралелі напрошваюцца самі сабой. Аднак яшчэ больш мяне здзівілі пэўныя фамільныя легенды Селезняў. Іх занатаваў перад першай сусветнай адзін тутэйшы журналіст, які супрацоўнічаў з сур’ёзным пецярбургскім выданнем «Русскій инвалидъ». Згодна з легендамі Апалінар Ідэльфонс неаднойчы распавядаў, што па маладосці не раз патрапляў у альтэрнатыўныя рэчаіснасці і зазнаваў там незвычайныя прыгоды. Сямейнікі ставіліся да гэтых апавяданняў, як да плёну фантазіі чалавека, каторы проста чакануты на навуковых доследах.

Мы размаўлялі яшчэ нейкі час. Усё болей а болей я пераконваўся ў наяўнасці шэрагу фантастычных супадзенняў, якія звязвалі мяне з далёкім продкам Алісы, пра якога яна ці сапраўды нічога не ведала, ці проста не хацела казаць. Карціна атрымлівалася яшчэ тая! Я працаваў на месцы былой сядзібы Селезня, і нейкім цудам там апынулася яго прапраўнучка. Селезень складаў з кавалачкаў розных матэрыялаў мазаіку, а я ўлетку драбіў цэглу, каб ёй выкласці на клумбах узоры. Яго зацягвала ў іншыя сусветы, і мне, прынамсі, двойчы даводзілася здзяйсняць падобныя вандроўкі. Яго біяграфія давала мне веру ў тое, што я не з’ехаў з глузду, што ў гісторыі меліся прэцэдэнты здарэнняў, якія нагадваюць маю злыбеду. Разам з тым біяграфія Апалінара не давала падказкі наконт далейшых маіх дзеянняў. Мне не хацелася, каб уся гэтая ліхая кругаверць суправаджала мяне да самай старасці. Зрэшты, успамінаючы словы паджылага барадача, што з’явіўся перада мной на новы год, шанцаў дажыць да старасці ў мяне магло папросту не быць.

39.

Зімовыя вакацыі скончыліся. Раненька я прыехаў у школу, каб начапіць сабе на грудзі бэйдж і стаць на дзяжурства па вестыбюлю. Ніхто асабліва не спяшаўся. Ні з вучняў, ні з настаўнікаў. На маё здзіўленне не было ў звычайны час і Алісы. Я глядзеў на лёгкі снег, што падаў за вакном, і пачынаў непакоіцца. З’яўляліся дзеці з малодшых класаў. Мітусіліся бацькі першакласнікаў. Паціху сталі падыходзіць і старшакласнікі, наракаючы на непрацягласць канікул і гэты чортавы дзень, калі трэба зноў перціся ў школу.

Хвілін праз дваццаць пасля майго заступлення на дзяжурства нарэшце з’явілася Селязнёва. Як заўсёды у такіх выпадках, яна няпэўна ўсміхнулася і бязмоўна пайшла здаваць рэчы ў гардэроб. Гэтая няпэўная ўсмешка адначасова азначала і прывітанне, і выбачэнне, і не трэба задаваць лішніх пытанняў. Я стаяў каля вакна, разважаючы, падыдзе яна да мяне ці адразу пабяжыць на сваю любімую фізіку. Яна падышла.

– Ну, як дагулялі канікулы, Эрнест Скіргайлавіч? – задала яна самае звычайнае вучнёўскае пытанне, якое толькі можна задаць у першы паслявакацыйны дзень.

– Жахліва, – прамовіў я, не зводзячы з яе вачэй. – У мяне згарэў манітор, да мяне заляцалася нялюбая мне каляжанка, мяне білі маланкай і спрабавалі зацкаваць шалёнымі варонамі.

– Ого! Гэта ўсё праўда ці ты проста іранізуеш, бо крыўдуеш на мяне? – перайшла на шэпт Аліса.

– Святая праўда, якая сёння абрасце грахамі хлусні, – я не надта паказваў суразмоўніцы тое, што не крыўдую на яе. Гэта ёй не спадабалася. Яна паціснула плечукамі, працадзіла скрозь зубы: «Ну, як сабе знаеш» і хацела сыходзіць.

– Пачакай, – спыніў яе я. – Раскажы лепш, як твой адпачынак у Раўбічах. Ці дзе ты там была.

– Нідзе я не была, – з сумам у голасе прызналася Аліса. – Усё адмянілася ў самы апошні момант.

– Гэта з-за Дзімы? – мне ніяк не ўдалося ўстрымацца ад пытання наўпрост.

Селязнёва збіралася нешта выдаць у адказ, але ў той самы момант з’явіўся Андрэй Дастаеўскі, які павітаўся і адразу ж з’едліва спытаў у сваёй аднакласніцы:

– Дабралася з камфортам? Класныя тачкі ў тваіх чувакоў. Дзе ты толькі з імі ўсімі знаёмішся?

– Дэбіл, – шыкнула на яго Аліска і шпаркім крокам пайшла прэч.

– Што за лухта, Андрэй? – не змаўчаў на яго рэплікі я.

– А што? Усё чэсна, – уключыў той барацьбіта за справядлівасць. – А то вочкі адным строіць, а на тачках з іншымі катаецца. Гэта па-вашаму правільна?

– Мне здаецца, што ты нешта блытаеш, – стрымліваючы роспач, спрабаваў я адкінуць абвінавачванні ў адрас Селязнёвай.

– Ну, чаму заўсёды, калі пачынае сведчыць Дастаеўскі, усім трэба абвінаваціць яго ў блытаніне ці ў хлусні! – прыняў ён абарончую позу «Журавель непадсяваны». – Але ж я невінаваты, што некаторыя вучаніцы ў школе цацанькі і любіміцы настаўнікаў, а па-за школай мяняюць жаніхоў, як пальчаткі.

Я зноў хацеў яму запярэчыць, бо адчуваў у яго словах жорсткі падкоп, якім ён меўся спляжыць у маіх вачах добрае імя Алісы. Аднак мяне шчыльна атачыла зборная дзявочая каманда паралелі дзявятых і дзясятых класаў. Дзяўчаты ледзьве не хорам павіталіся са мной і какетліва пацікавіліся, ці не тужыў я за імі. Давялося сказаць, што тужыў і скрывіць губы ва ўсмешцы. Вучаніцы шчасліва заўсміхаліся ў адказ. Я ведаў, што гэта адно гульня, што зараз яны рушаць на свае ўрокі і будуць казаць адна адной: «Варта мне яму ўсміхнуцца, і ўсе праблемы з адзнакамі вырашацца на маю карысць». Каб не пачуць падобных фразаў, я не пайшоў следам за імі, не зважаючы на другі званок, які заклікаў усіх разысціся па кабінетах.

Як і меркавалася, падзеі на конкурсе «Настаўнік года» паспелі стаць грунтам для чутак у родным педкалектыве. Дзякуючы ўсяведнаму і ўсюдыіснаму Дзянісу Давыдавічу, без асаблівых цяжкасцяў я змог даведацца, што калегі жаночага полу балакаюць пра мяне. Балакалі рознае. Казалі, што адна з удзельніц конкурсу са злосці на тое, што я няправільна прачытаў яе прозвішча, засунула мне за каўнер запаленыя бенгальскія агні. Іншыя ўдакладнялі, што канкурсантка гэта зрабіла таму, што пазнала ўва мне свайго збеглага несумленнага каханка. Яшчэ хтось замяняў бенгальскія агні петардамі, якія хоць выбухнулі, але не прычынілі мне шкоды, закрануўшы злёгку шыю. Мяне душыў смех, калі стала зразумела, чаму каляжанкі незаўважна пазіралі на маю шыю. Пра маю барацьбу з птушкамі пакуль нічога не прыдумалі. Але пачалі плявузгаць пра маю дзяўчыну. Зерне плётак пра яе пасеяла яўна Алеся, не зважаючы на сваё, нібыта каханне да мяне. Дзе б я ні з’явіўся, каляжанкі, якія толькі што шушукаліся пра яна яго кінула, а сама кудысь з’ехала, замаўкалі, убачыўшы мяне, і толькі загадкава плюскалі вачыма.

Адвёўшы колькі ўрокаў у дзявятых класах, на «фортцы» я прыйшоў у настаўніцкую і сеў на канапу. Нікога з калегаў не было, і можна было пабыць трохі ў спакоі без лішніх роспытаў. Але спакой, ясна, быў рэччу вельмі ўзгляднай. Мяне не задавальняў пытальнік, які заставаўся ад ранішняй гутаркі з Алісай. Я дастаў мабільны тэлефон і sms’кай паспяшаўся ўдакладніць, чаму сарвалася яе паездка. Мой розум маляваў вычварнымі фарбамі імаверную прычыну гэтага: Аліса і Дзіма пасварыліся яшчэ да Новага году, яна чакала ад яго званка («Так і будзем маўчаць? Муся, гэта ты?»), але не дачакалася. «Што ж іх магло пасварыць? – разважаў я, яшчэ не маючы ніякай рэакцыі Селязнёвай на мае мабільнае пасланне. – А што калі ён нешта там ад яе хацеў, а яна яго паслала? Прабач я не гатовая і ўсё такое. Дзімка на гэта раззлаваўся і даў адбой паездцы ў Сілічы».

«Прабачце, але гэта вас не тычыцца», – напісала мне ўрэшце Аліска. «У вас разлад з Дзімам?» – не супакойваўся я. «У нас няма разладу. Перастаньце лезці ў наша жыццё», – занервавалася яна. «Я павінен ведаць, што адбываецца з маімі падапечнымі», – паляцела хлусня з майго мабільніка. «Пацікаўцеся, з кім сустракаецца Вядзёркіна», – адрэзала мая любімка. Я гучна засмяяўся. У настаўніцкую акурат зайшоў Ярык.

– Чаго рагочаш? Сена хочаш? – спытаў ён, працягваючы руку для прывітання.

– А, з дзеўкамі лістуюся. Дык смешнае здараецца, – патлумачыў я.

– Зарыцкая? Шчодрык? Цыпіна? – здавалася, што зараз ён назаве спіс усіх леташніх выпускніц. – Мне таксама некаторыя з іх выпуску іншым разам папісваюць. Сумна гаротніцам на парах сядзець. Чаму б не ўспомніць вучыцеля-мучыцеля? А раз мяне ўспамінаюць, дык і цябе подаўна. Ты ж у нас такі станоўчы.

– Ай, не пачынай ты зноў гэтую кружэлку, – махнуў я. – Перапісваюся не з імі.

– Можа, з цяперашнімі адзінаццацікласніцамі?

– Так, – нешта тузанула мяне за язык.

– Ну, ты і нахабнік, бадай цябе кот убрыкнуў, – непрыхавана радасна заявіў Майсюк. – Цыпіна бартанула, дык пераключыўся на іншых? Хм, я здаецца ведаю, што гэта за дзяўчынка. Калі я ў іх быў на замене, ты падыходзіў прасіць за адну, каб без жорсткіх катаванняў. Ніштаватая паненка. Думаеш, замуж за цябе пойдзе? Ці проста лёгкі флірт?

– Нічога я не думаю, – мне зрабілася трохі мулка ад напрамку, які набыла наша размова.

– Ой, брэшаш жа і да таго ж брэшаш самым нахабным чынам, – зноў заўсміхаўся Яраслаў Леанідавіч. – Але дапытваць і плявузгаць на гэтую тэму больш не буду. Чэснае мусульманскае.

– Скажы, ты дапускаеш, што мы ўсе з’яўляемся часткай віртуальнай рэальнасці? – не зважаючы на апошнія словы суразмоўцы, я вырашыў змяніць тэму.

– О, безумоўна, дапускаю! – жвава адгукнуўся ён. – Асабліва ў панядзелак зранку, калі галава трашчыць з бадунішча.

– А сур’ёзна?

– А сур’ёзна: ты перагледзіўся «Матрыцы», перачытаўся «Х-схронаў» і перасядзеўся ў інтэрнэце, – выказаў здагадку Ярык. – Я застаюся зацятым матэрыялістам, і ўсе гэтыя казкі ўспрымаю як наўмысную фальсіфікацыю з мэтай дыскрэдытацыі сапраўднай навукі, а таксама з мэтай нарубіць бабла па-бэраму, быццам лахоў, разводзячы ідэалістаў і падобных на іх.

– А як жа тады выказванні вялікіх навукоўцаў, у тым ліку фізікаў, што чым болей яны займаліся доследамі ў сваёй галіне, тым выразней усведамлялі, што чысты матэрыялізм ёсць тупіковым шляхам? – не ўстрымаўся я.

– Мяркую, гэта ўсё прыгожыя выдумкі, якія штампуюць карпарацыі, што і ўзнялі хвалю моды на ідэалізм, – казаў Майсюк. – Я магу пагадзіцца, што наш свет з’яўляецца віртуальнай рэальнасцю, толькі ў сэнсе асаблівасці цыркуляцыі інфармацыі. Мы жывем у свеце, які для нас ствараюць сродкі масавай інфармацыі. Калі нешта не патрапіла пад іх увагу, то мы пра гэта можам і не даведацца ніколі. А калі мы пра нешта не даведаліся, то гэтае нешта для нас па-сутнасці не існуе. Таму можна сказаць, што ў кожнага з нас свая асабістая віртуальная рэальнасць, якая перасякаецца з віртуальнымі рэальнасцямі іншых людзей.

У настаўніцкую зайшоў Іскаліеў і з хітрай усмешкай звярнуўся да мяне:

– Эрнесцік, ану, прызнавайся, ці ўціснуў ты свайго карасіка Рыбаньцы пад луску?

Майсюк выбухнуў грымотным рогатам. Я пачырванеў і адказаў ухіліста. Міроненка, які незаўважана пратачыўся следам за Давыдавічам і цудоўна чуў яго пытанне, не прамінуў упліснуць французскую прыказку: «Ускіпела б мора – паеў бы варанай рыбкі». Смех памножыўся. Нават я дазволіў сабе засмяяцца. На паўплаўнічка.

40.

Наступным днём Дзяніс Давыдавіч пераняў мяне ў вестыбюлі і разам з прывітаннем прамовіў:

– Віншую.

Ведаючы якія навіны і жарты можа прыносіць ён, я трохі зніякавеў і замаўчаў у чаканні малапрыемнага працягу. Іскаліеў заўважыў маю здранцвеласць і па-бацькоўску пахлопаў мяне па плячы:

– Ды супакойся ты, Эрнесцік, усё добра. Пра твой подзвіг сёння «Галацічаскія ведамасці» напісалі. Вось так. Быў ты папулярным у нашай школе і на раёне, а цяпер выходзіш на гарадскі ўзровень. Дзяўчаты будуць на вуліцы пазнаваць, аўтографы прасіць будуць, на шыю кідацца. І не толькі на шыю…

– Ай, Давыдавіч, ніхто мяне пазнаваць не будзе. Дзяўчаты чытаюць «Cosmopolitan» ці якую «Лизу», калі яна яшчэ ёсць. Але там пра мяне ніколі не напішуць, – скептычна азваўся я.

– Вось чаму ты не можаш проста радавацца сваім жа ўласным поспехам? Заўсёды прыдумваеш нейкія адгаворкі. Во ўжо ж сапраўдны беларускі менталітэт! Як пра аднаго прафесара-беларуса расказвалі. Атрымаў ён прэстыжную міжнародную прэмію за свае навуковыя распрацоўкі. Здавалася б, – радуйся, скачы да столі, прачніся і спявай. Дык не ж! У яго пытаюць на радзіме: «Як вашы справы?», а ён у адказ: «Ну, вы ведаеце, магло быць і лепей». Так і ты. Дык жа кідай дурату і святкуй. Маладзіцу якую прытулі. А то вечна толькі чырванееш ад правільных дзядулевых пытанняў.

Я не стаў уступаць з ім у дыскусію, наперад уяўляючы яе бясплённасць. Мая бязраднасць, калі і была нейкім чынам звязаная з беларускім менталітэтам, то толькі часткова. Гэта я ведаў даўно. Ветліва кіўнуўшы старэйшаму калегу, я пабег на ўрок да свайго 11 «А» класа.

Як стракаты цыганскі табар, мае вучні гуртаваліся каля замкнутага кабінета і пры калідорных падваконнях. Бальшыня з іх гультаявата віталася са мною. Хтось рабіў выгляд, што мяне зусім няма. Але я нічуць не пачуваўся Валянцінам Акудовічам і нагадваў пра сваю прысутнасць шаблонным гумарам чырвонаармейца часоў савецка-польскай вайны. Кагосьці з адзінаццацікласнікаў гэта весяліла, кагосьці злавала, што можна было заўважыць па зморшчаных, нібы старыя тульскія гармонікі, насах і адмысловым змяіным шыпенні. Мяне гэта і цвяліла, і натхняла на рэпрэсіўныя захады накшталт класічнай калонкі нулёў у журнал.

Пад камплімент Касі Вядзёркінай «Які ў вас добры парфум» я нарэшце адамкнуў дзверы і запрасіў усіх заходзіць. Першымі ў кабінет увайшлі дзяўчаты, і праз лічаныя імгненні пачуўся перапуджаны крык адной з іх. Крычала, вылятаючы з класа, ціхоня Карына Кляшторная. Мне падумалася, што нехта з аднакласніц мог неяк недарэчна з ёю пажартаваць. Але раней такога ніколі не прыкмячалася. Значыць, прычына была ў іншым. Астатнія дзяўчаты не крычалі, але па іх галасах і зместу рэплік можна было зрабіць выснову, што ўнутры нас чакае нешта нядужа прыемнае.

Я прыпыніў плынь маіх вучняў і сам ступіў у аўдыторыю. Аліса, Лера, Кася, Алёна і яшчэ колькі вучаніц, схіліўшы ў напружанай задуменнасці галовы, стаялі каля настаўніцкага стала.

– Што здарылася, дзяўчынкі? – спытаўся я, чуючы за спінай маланкавую бурклівую рэпліку Пеці Андропава: «Дзе вы былі, калі яны былі дзяўчынкамі?».

– Зірніце сюды, Эрнест Скіргайлавіч, – наважылася адказаць за ўсіх Алёна Караблёва і кіўнула спачатку ў бок лямпы над партай Карыны, а потым на стол. З лямпы цягнулася вяроўка, заканчваючыся пятлёй зацягнутай на шыі голай лялькі. Мяне аж перасмыкнула ад нечаканасці. З насцярогаю я глянуў на свой стол. Да яго чатырма цвікамі была прыбіта яшчэ адна лялька. З разбітай галавой.

– Што за трасца? – вырвалася ў мяне.

– Фіг яго ведае, – задуменна прашаптала Лера.

– Можа нехта вырашыў тупа пажартаваць? – выказала здагадку Алёна.

– Так жартуюць толькі поўныя прыдуркі, – заявіла Булатнікава.

– А можа гэта маньяк? – прамовіла Аліса і адарыла мяне выпрабавальным поглядам, быццам мела на ўвазе мяне.

– Я б такіх маньякаў, як мішэні на пятым крузе, страляла, – заўважыла Каленвалава, міжвольна згадваючы свой закінуты біятлон.

Не зважаючы на вусціш, якая разлівалася па маіх жылах, мне не хацелася зрываць урок, і я заклікаў усіх заняць свае месцы. Хлопцы, убачыўшы ляляк здзіўлена прысвіснулі. Але ў іх подзіве больш заўважалася нейкая вычварная захопленасць відовішчам. Сёй-той паспрабаваў дастаць мабільныя, каб сфатаграфаваць лялек. Пад пагрозай адзінак за чвэрць і за год я перапыніў гэтыя спробы. Потым папрасіў Грышу Стахіевіча ўзяць нажніцы, падняцца на парту і зрэзаць вяроўку.

– А следства праводзіць не будзеце? – спытаў ён.

– Давай хуценька, лейтэнант Каломба, – прыспяшыў яго я, выцягваючы са сценнай панелі-шафы цвікадзёр, каб прыбраць ляльку, укрыжаваную на маім стале.

Усе моўчкі расселіся. Знутры мяне калаціла, але я намагаўся паводзіць сябе, як звычайна. Узяў крэйду і вывеў на дошцы тэму: «Рэлігія і яе функцыі».

– Цікавая тэма. Своечасовая, – з’едліва заўважыў Андропаў. – Можа, гэтыя лялькі частка якога-небудзь рэлігійнага рытуалу?

– Досыць плявузгаць, – раззлаваўся я. – Скажы мне лепш, што такое рэлігія?

– А што вы ў мяне пытаеце? Давайце самі тлумачце. Гэта ж новая тэма, – стаў аднеквацца ён.

– Тэма, можа, і новая, але паняцце зусім не новае, – я не збіраўся прымаць пустых аднекванняў. – Вы яшчэ ў пятым класе засвоілі паняцце рэлігіі. Так што прашу ўсё-ткі адказаць. Сваімі словамі.

– Рэлігія – гэта опіум для народу, – выпаліў з месца Дастаеўскі.

– Андрэй, ходкімі фразачкамі будзеш блішчэць на перапынку. Я зараз слухаю азначэнне рэлігіі, якое дае твой таварыш Пеця.

Дастаеўскі, на дзіва, замоўк. Яго таварыш зразумеў, што не пазбегне змушанасці адказваць.

– Ну, рэлігія – гэта вера людзей у разнастайныя звышнатуральныя… – ён прыкметна напяўся. – Я не магу адказваць, калі на мяне лупяцца шкляныя вочы.

– Што? У якім сэнсе? Чые вочы? – не зразумеў я.

Лёгкі шумок неўразумення прабегся па ўсім класе.

Андропаў паказаў рукой у трох розных напрамках.

– Папаліўся пацан, – расчаравана канстатаваў Грыша.

Спачатку мне здалося, што пачынаецца чарговая клаўнада. Але колькімі секундамі апасля я ўгледзеў яшчэ адну ляльку, галава якой вытыркалася з зямлі ў гаршчку для кветак. З вядра з вадой для анучак вызірала іншая лялечная галава. На партрэт Францішка Скарыны былі налепленыя вочы яшчэ адной лялькі, цельца якой пакуль нідзе не заўважалася.

У лялькі ў гаршчку рукі і ногі былі абматаныя дротам, а рот – заклеены скотчам. Лялька ў вядры была працятая знізу ўказкай. Бязвокая лялька знайшлася ў ніжняй шуфлядзе настаўніцкага стала. У яе была расплюшчана грудзіна. Маё трыванне лопнула:

– Растлумачце мне, хто і навошта гэта зрабіў?! Калі вы думаеце, што гэта смешна, дык вы памыляецеся. Гэта ні кроплі не смешна.

– Мастацтва не павінна толькі смяшыць, – зацеміў Пеця.

– Ты лічыш усё гэта мастацтвам? – кіпеў я. – Па-мойму гэта здзек, а не мастацтва. Хуліганства дзеля хуліганства, і не больш за тое. Вы сябе ўроілі вялікімі авангардыстамі і перформерамі, але па сутнасці вы шкадліўцы-пераросткі. Свярбяць рукі? Дык ідзіце працуйце грузчыкамі. Дзясятак вагонаў за змену разгрузіце, і ўраз ваш авангардызм схлыне. Ляляк яны накатавалі. Смарката бяспутная! Я прашу вінаватых прызнацца зараз жа, калі не жадаеце выкліку бацькоў у школу і размовы з дырэктарам. Што скажаш, Андропаў?

Той трохі здзівіўся, але вельмі хутка пераадолеў свой подзіў і заявіў:

– Я скажу, што ёсць прэзумпцыя невінаватасці. Вы нас самі гэтаму вучылі. Таму не трэба нам тут 1937 год ладзіць і выбіваць прызнанні ў тым, чаго мы не рабілі.

– Сапраўды, Эрнест Скіргайлавіч, – стала заступацца Інгебора Каленвалава. – Трэба харашэнька ва ўсім разабрацца. А раптам вы не таго падазраяце.

– Ды, здаецца, наш класны кіраўнік, ужо гатовы прызначыць вінаватага без следства і суда, – глумліва кінуў на яе клопат Пеця.

– Дык я і спрабую разабрацца ва ўсім па-добраму. Я не выбіваю з вас прызнанні. І не збіраюся прызначаць вінаватых. Але ж вы, як я бачу, не хочаце, каб па-добраму, – мая рука пацягнулася да мабільніка. – Зараз жа званю бацькам усёй мужчынскай паловы класа.

– А чаго адразу мужчынская палова? – абурыўся Дастаеўскі. – Можа, гэта нашы дзяўчаткі ўсё натварылі. А зараз сядзяць і радуюцца, што ўсю віну на нас спіхваюць.

– Што ты ўсё яўкаеш, як усё адно не мужык? – выказала яму сваё фэ Аксана Багуслаўская.

– А ты правярала, мужык я ці не мужык? Не? Ну, дык і закрыйся. Дастала ўжо.

– Ты сам ужо ўсіх дастаў. А наяўнасць першасных полавых прыкмет мужчыны, яшчэ не значыць, што іх носьбіт сапраўды мужчына, – адцяла яна.

У мяне пачалося дэжавю. Мяне злёгку павяло ў бок, але я ўхапіўся за стол і вырашыў прысесці.

Грыша Стахіевіч падняў руку.

– Што такое? – стомлена спытаў я.

– Хачу прызнацца. Ва ўсім вінаваты я. Гэта я ўчора, калі прыходзіў на факультатыў, падмануў тэхнічку. Сказаў, што забыў у кабінеце беларускай мовы пакунак са спартыўнай формай. Яна дазволіла ўзяць ключ, а я сцягнуў і ад кабінета гісторыі. І зрабіў усё сам.

– Але дзеля чаго? – я быў поўнасцю збіты з панталыку яго прызнаннем.

– Чыста са шкадлівасці. Вы ж усё правільна зараз сказалі. Як сапраўдны псіхолаг, – было цяжка зразумець, ці няма ў яго рэпліцы прытоеных кпінаў.

– Грыша, гэта праўда? Ці ты намагаешся зараз пакрыць таго, хто насамрэч вінаваты? – змагаючыся з сумневамі, удакладніў я.

– Праўда, – пацвердзіў ён.

Клас зноў загуў лёгкім шумам. Пеця і Андрэй сядзелі з абсалютна абыякавымі тварамі. Калі нешта і адбывалася ў іх нутрынах, то гэта было настолькі глыбока замаскіравана, што ўбачыць няўзброеным зрокам выяўлялася немагчымым.

Я не тое, каб даў веры Грышаву прызнанню, але ўсё ж ацаніў яго мужнасць. Скардзіцца завучам ці дырэктару не стаў, узяўшы з вучня абяцанне падобнага больш не рабіць. Такое абяцанне лёгка ўмелі даваць ўсе вучні, бо навучаліся гэтаму з першых класаў. Колькі даводзілася чуць: «Прабачце, больш не паўторыцца!», што прамаўлялася на аўтамаце і зусім нічога не азначала! Бо тое, што не павінна было больш паўтарыцца, пачынала паўтарацца ўжо цераз сямнаццаць імгненняў.

41.

Прыняўшы ўмоўна прызнанне Стахіевіча, я баяўся думаць, што насамрэч стаяла за здарэннем з лялькамі. Мне прасцей было ўсё спісаць на свавольныя хлапечыя дурыкі, чымся чавіць сябе гнётам подумаў пра тое, што стваральнікі нашай рэчаіснасці трымаюць сваё слова і выжыльваюцца, каб запалохаць мяне. І сапраўды страх разгрызаў мне нутро, заліваючы сэрца кракадзілавымі слязьмі сцюдзёнай вусцішы. Гэта яму ўдавалася толькі таму, што лялькі ў класе выглядалі містычным працягам лялькі з майго дзіўнага глуздадрабільнага сну. Як я ні адганяў ад сябе думкі пра гэта, як ні надрываў сабе жывот ад смеху на ўроках у восьмых класах, у галаве ўсё адно паўставалі абрысы тых чортавых лялек. Не зважаючы на спакусу запіць усе турботныя развагі ладнай мерай алкаголю, я мужна трымаўся. Але зусім не піць на карпаратыўнай вечарынцы было проста немагчыма.

Ужо збіраючыся на вечарынку, я ледзьве паходаў у сабе жаданне крукнуць на дарожку для смеласці. Паехаў цвярозым. У аўтобусе ўбачыў Кіру Краўзэ і Ніну Дарошку з невядомымі мне хлапцамі. Змагаючы ў сабе няўцямнае пачуццё падобнае на рэўнасць, я адвярнуўся ад іх. Дзяўчаты былі так захопленыя чыкіліканнем са сваімі кавалерамі, што папросту мяне не заўважылі. Па вялікім рахунку, нават, калі б я стаў перад імі вытанцоўваць, то, хутчэй за ўсё, так і застаўся б для іх няўгледкаю. У тыя хвіліны я ненавідзеў сябе чорнай нянавісцю самых лютых цароў-каралёў. Ненавідзеў за змяшаныя пачуцці і няўменне ўспрымаць рэчаіснасць як належнае. Я таропіўся на руханне «гармоніка», які злучаў абедзве часткі аўтобуса, і ўяўляў, што ён – «гармонік» – вось-вось заіграе калядку, а пасажыры дружна падхопяць знаёмы матыў:

Я каза-дзераза.

Я з Масквы прыехала.

Дайце талер, дайце два,

Каб назад паехала.

Але і заіграў, і заспяваў толькі мой мабільнік.

Дзіва дзіўнае, што ў аўтобуснай гамарні я здолеў пачуць сіплагалосага пана Самсунка. Прыйшла sms’ка. «Няўжо ад Алісы?» – бліснула ў галаве здагадка. Але пасланне было не ад яе, а ад Ліі Навумаўны. Яна даслала мне зайчыка, які некуды спяшаецца, паведаміла, што трохі спазняецца і папрасіла заняць ёй месца за святочным сталом. Неахвотна я адпісаў ёй, што сам яшчэ ў дарозе. «Больш ні ў каго папрасіць яна не магла, – думалася мне. – Значыць, трэба рыхтавацца да чарговай аблогі. Як мне гэта годна вытрымаць? Як не паддацца на правакацыю? Як не пачуваць сябе вінаватым у чужых любоўных пакутах?». Адказам на ўсе гэтыя пытанні было адно: «Напіцца!».

Да рэстарацыі «Арэса» я падышоў не адзін. Мяне нагналі каляжанкі, радасна вітаючыся, быццам ад мяне залежаў іх далейшы настрой на вечар. Я ўсміхнуўся – яны, прынамсі, не збіраліся чапляцца да мяне з рознымі бздурамі. Гардэробшчык з абліччам прасмаленага генерал-маёра падводна-касмічных войскаў Расійскай імперыі прыняў нашу верхнюю вопратку, пільна разглядаючы кожную маю каляжанку. Прысутнасць у іх шэрагах мужчынаў ён успрымаў як своеасаблівы феномен, спрабуючы выклікаць у мяне, Ярыка, Давыдавіча прыступ шчырасці: «Дык што ж? Раскажыце, як здаровы мужык можа працаваць у школе?». Я і Майсюк адно паціскалі плячыма і тупа ўсміхаліся. Іскаліеў параіў гардэробшчыку звярнуцца да нашага дырэктара і папярэдзіў, што будзе бяда, калі загадчык тутэйшых вешалак, пачне клеіцца да нашых каляжанак. «Стары воўк пазначыў сваю тэрыторыю», – заўважыў мне Яраслаў. У такіх выбітных здольнасцях Дзяніса Давыдавіча я ніколі не сумняваўся.

У зале нас чакалі не толькі выстаўленыя ў выглядзе літары «Г» сталы, але і невялікая палоска сталоў, што месціліся крыху збоку.

– Што гэта такое? – удакладніў Руслан Альгердавіч у адміністратаркі.

– Гэта столікі для працаўнікоў «Чырвонай архідэі». Бачыце, мы іх паставілі асобна ад вашых. Так што вам будзе зручна, – тлумачыла жанчына, разумеючы, што зараз на яе можа абрынуцца хваля гневу.

– Зручна? – з недаўменнем перапытаў наш дырэктар і зрабіў паўзу, максімальна напаўняючы яе трывогаю. – Мы ж з вамі дамаўляліся, што ў гэтай зале святкаваць будзе толькі наш педкалектыў. Пра суседзяў ніякай гаворкі не вялося…

– Але ж вы неаднойчы карэктавалі колькасць людзей, якія будуць тут з вамі. І кожны раз у бок змяншэння. А мы не можам несці страты з-за гэтага, – паспрабавала апраўдацца адміністратарка.

Руслан Альгердавіч пільна зірнуў на яе бэйдж, а потым сваім спраўным басам сказаў:

– Паслухайце, я знаёмы са школьным дырэктаратам усяго горада, на розных прадпрыемствах і фірмах таксама знаёмых дырэктараў хапае. І я абавязкова ўсім паведамляю, як вы спраўляецеся са сваёй работай. Пабачым, якія страты вы панесяце тады. Я так разумею, што зараз мы з гэтай «Чырвонай архідэяй» нічога зрабіць не зможам. Але ў якасці кампенсацыі за сённяшнюю недарэчнасць я патрабую, каб караоке для маіх настаўнікаў сёння было бясплатным. Інакш…

– Добра, добра. Я папярэджу адказных. Выбачайце, калі ласка, што так атрымалася, – замітусілася жанчына і праз хвілю знікла.

Іскаліеў пераглянуўся са мной і з Ярыкам і, як настаўленне прамовіў:

– Глядзіце, сынкі, як справы трэба рабіць. Нахрапіста, з адчуваннем сваёй перавагі, калі перавага мінімальная або ўвогуле адсутнічае.

– Ды ўжо ж глядзім і зважаем, – бадзёра адгукнуўся Майсюк. – Вось толькі Эрнесцік кіславаты нейкі.

– Нічога страшнага, – як дэльфійскі аракул вяшчаў Давыдавіч. – Зараз гарэлачкі лясне, бабенцыю за срачэнцыю ўшчыкне і адразу павесялее. І памятай, Эрнесце, я цябе сёння кантралюю. Ты абавязаны ператанчыць з усімі жанчынамі, што табе падабаюцца. Але выбраць павінен адну, з якой працягнеш святкаванне дома.

– У каго дома? – скептычна чмыхнуў я.

Іскаліеў пачаў быў нешта тлумачыць у адказ на маё чмыханне, але дырэктар заклікаў усіх займаць месцы за сталамі. Калегі ажывіліся і з жартачкамі-смешачкамі рушылі да сталоў. «У царкве лічаць святых, а ў карчме – гулякаў», – даволі голасна прамовіў Міроненка, тлумачачы дамам, што так гавораць італьянцы. Дамы хіхікалі і баламутліва запэўнівалі, быццам думалі, што італьянцы гавораць толькі пра піцу і футбол. Я сачыў за агульным рушаннем, вырашыўшы наўмысна памарудзіць, каб заняць тое месца, якое мне застанецца. Келдышавай усё яшчэ не было, а выконваць яе просьбу мне не хацелася. Зрэшты, проста счакаць усеагульнай рассадкі мне не дазволілі. Андрамедава рашуча ўзяла мяне пад руку і павяла з сабою. У кожным іншым разе я проста вырваўся б з гэтых ланцугоў. Але позірк дырэктара мяне стрымліваў. Давялося сесці побач з той, што пацягнула мяне за сабою. Насупраць нас села Рыбанька. Можна было не гадаць, ува што гэта пагражала ператварыцца.

Келдышава ўвайшла ў залу, калі педкалектыў толькі-толькі напоўніў першы раз келіхі і чакаў тоста ад дырэктара. Яна вінавата ўсміхнулася і кіўнула ўсім на знак прывітання. Праходзячы міма мяне, Лія Навумаўна зусім па-сяброўску пахлопала мяне па плячы і нахілілася, каб вельмі злосна сказаць на вуха: «Дзякуй, што трымаеш мне месца».

– Хопіць інтрыгаваць публіку, – голасна заўважыў на гэтае дзейства Дзяніс Давыдавіч. – Дайце ж нарэшце кіраўніку сказаць тое, што ён хоча.

– Выбачайце, калі ласачка, я не хацела перашкодзіць. Проста тэрмінова нагадала таварышу Баластоўскаму пра міжпрадметныя сувязі, – Лія лёгка ўдавала з сябе дурніцу.

– Ведаем мы вашы сувязі, – не змаўчаў Іскаліеў, і ўсе дружна засмяяліся.

Руслан Альгердавіч гэтыя слоўныя кульбіты пакінуў без каментараў, урачыста павіншаваўшы прысутных з усімі зімовымі святамі, асабліва са старым новым годам. Грамада з задавальненнем узняла ўгору келіхі і, пачокаўшыся, імкліва спаражніла іх. Над сталамі на пэўны час павісла феерычная гамана ў супольнасці з гукамі ад смакавання салаты і халодных закусак.

– Ты ўжо ж паслугуй мне. Пакладзі, калі ласка, каўбаскі, – даволі гучна шчабятала Андрамедава проста ў маю вушную ракавіну.

– І мне, і мне. Я вельмі люблю, як Эрнест Скіргайлавіч арудуе каўбаскай, – не стрымалася Алеся ад распачынання лакальнай інфармацыйнай вайны – вайны намёкаў з эківокамі.

Абедзве каляжанкі пагардліва паглядзелі адна на адну. Яшчэ крыху, і нехта з іх абавязкова плёснуў бы другой у твар алейнаю юшкай ад салаты «Вялікі Сырт». Становішча выратаваў дырэктар. Ён нагадаў, што паміж першай і другой – як сігнуць адной нагой, і перадаў слова для тоста Данцовай. Тая між віншаванняў і зычанняў раптоўна згадала мяне як добрага работніка, таленавітага артыста і мужнага чалавека. Калегі запляскалі ў ладкі. Усім увадначас захацелася чокнуцца са мною. Андрамедава ішла на розныя хітрыкі, абы толькі Рыбанька не змагла дакрануцца сваім келіхам з маім. Мяне гэта наравістасць пакідала зусім абыякавым. Як і агнястрэлы вачэй Келдышавай з дальняга ад мяне краю нашай застольнай літары.

Пасля трэцяга тоста Любартава абвясціла мой выхад да мікрафона. Усцешаны магчымасцю нарэшце вырвацца з-за стала, я пайшоў на зусім маленечкую сцэну. Давялося перакінуцца колькімі слоўцамі з хлапцом, што сядзеў на тэхніцы. Той зрэагаваў станоўча, і неўзабаве мне можна было абхапіць абедзвюма рукамі мікрафон, каб без прадмоваў заспяваць:

Mйlodie d’amour chante le coeur d’Emmanuelle.

Qui bat coeur а corps perdu.

Mйlodie d’amour chante le corps d’Emmanuelle.

Qui vit corps а coeur dessus.

Усе калегі ўважліва слухалі кожнае французскае слова, якое злятала з маіх безнадзейна беларускіх вуснаў. Не менш уважліва слухалі нашы міжвольныя суседзі – працаўнікі кветкаводчай фірмы «Чырвоная архідэя». Калі спеў скончыўся, мне зладзілі авацыю. Ружавеючы ад сораму і задавальнення, я пакланіўся і спусціўся са сцэны на грэшную зямлю. На зямлі паспелі абвясціць танцы. Мае калегі затрэсліся ў харэаграфічных канвульсіях. Я рухаўся праз іх і іхныя харавыя падпеўкі жаночаму голасу, дакладней, галасу, што імкліва вырываўся з дынамікаў:

Ориентация Север,

Я хочу, чтоб ты верил,

Я хочу, чтоб ты плакал,

А я не буду бояться,

Что нам нужно расстаться,

Что мне нужно остаться.

Рагнеда Іванаўна рабіла неверагодныя піруэты і па, праводзячы мяне памаўзлівым позіркам. Але не за яе позірк зачапіўся мой зрок. Сярод «архідэяў» я раптоўна ўбачыў маладую жанчыну вельмі падобную на Настассю Цыпіну. У мяне нават галава пайшла кругам перш, чым стала зразумела, што перада мною ўсяго толькі падабенства, а не арыгінал.

Незнаёмка мне ветліва ўсміхнулася і падзякавала за песню. «Keine Ursache!» – неўпрыцям адказаў я па-нямецку, на што малодка заўсміхалася яшчэ больш і пацягнула за сабой у вір павольнага танцу, мелодыя для якога акурат загучала. Я пагадзіўся на гэтую авантуру з незвычайнай для сябе лёгкасцю. На нейкія пяць хвілінаў для мяне перастала існаваць усё, што было навокал. Я не адчуваў пакрыўджанасці пэўных каляжанак. Я не чуў найноўшых жарцікаў Дзяніса Давыдавіча. Я забыў – о, божачкі мае праведныя! – Алісу Селязнёву і каханне да яе. Ці не ўпершыню ад самага свайго нараджэння я здолеў цалкам скінуць з сябе чорны пыл турбот і адчуць сябе шчаслівым. Я мусіў бы здзівіцца таму, што са мной адбывалася, але і ўменне здзіўляцца апынулася па-за бортам маёй свядомасці. Я нешта шаптаў на вушка сваёй партнёрцы па танцу. Яна таксама шаптала мне нешта наўзаем.

З невялікімі перапынкамі мы так і пратанчылі амаль да канца нашых вечарынак. Я быў у нейкім тумане. Мяне цягнула і цягнула да Веранікі, як назвалася мая незнаёмка. Каляжанкі спрабавалі мяне торгаць і тузаць, але сіла прыцягнення да іншай не давала ім ні найменшага шанцу.

– Не любіце іх? – спытала Вераніка.

– Як сказаць, – пахмыльнуўся я.

– Ну, мо’ тады паехалі адсюль, пакуль не пачаўся ўсеагульны сыход, – нечакана прапанавала яна.

– Паехаў бы, ды мышка ў кішэні дзірку выгрызла, – хістаўся між туманам і яваю я.

– Спадзяюся, што сваім хвастом мышка нічога не разбіла? – падміргнуўшы, пацікавілася яна.

– Неа, – паспрабаваў падміргнуць у адказ я.

– Тады паехалі, – амаль што загадала ўпадабанка і за руку вывела мяне з залы.

Генерал-маёр з рэстараннага гардэробу аддаў нашы рэчы і змоўніцкім голасам склаў прапазіцыю прадаць нам лёгкіх наркотыкаў ці хаця б надзейных кантрацэптываў.

– Omnia mea mecum porto, – выдала яму ў адказ Вераніка.

Той глянуў на мяне запытальна і адначасова з чаканнем праявы мужчынскае салідарнасці. Але я адно развёў рукамі і языком, які заплятаўся, рэзюмаваў, скарыстаўшыся ўзорам позняе студэнцкае лаціны:

– Fortuna non penis, in manus non recipe.

Мая спадарожніца выбухнула задорыстым смехам. Праз колькі секундаў мы пакінулі рэстарацыю. Адразу пад’ехала таксі. Вераніка назвала таксісту адрас, які я не здолеў толкам расчуць. Таксіст запрашальна кіўнуў галавой.

Таксоўка імчала па начным зімовым горадзе. Я нават не спрабаваў звярнуць увагу, у якім напрамку мы едзем. Я і мая ўпадабанка сядзелі на заднім седзіве і амаль бесперапынна цалаваліся ўзасос. Гэта так мяне збаламуціла, што слова «наўзацмачкі», якое мне было вядомым са слоўніка Вацлава Ластоўскага, я забыўся так жа лёгка, як кагадзе забыў Алісу Селязнёву.

Праз пятнаццаць хвілін, а можа праз гадзіну ці дзве, мы некуды прыехалі. Ад захаплення Веранікай я па-ранейшаму быў сляпым. Я не разумеў, куды мы прыехалі і куды заходзім. Мне праглася адно – дабрацца да больш-менш зацішнага месцейка, каб урэшце напоўніцу ўпіцца любошчамі з гэтай неверагодна юравабнай малодкай. Урэшце гэта адбылося. Ці то на канапе, ці то ў ванне, ці то і там, і сям, і яшчэ недзе. Мой розум не ўспрымаў ніякіх асаблівасцяў інтэр’еру. Мой розум быў цалкам падпарадкаваны жарсці, якая дзікім зверам таілася ўва мне. Я бачыў толькі Вераніку. Чуў толькі Вераніку. Адчуваў толькі Вераніку. Вераніка была перада мной і навокал мяне. Акрамя Веранікі не было нічога за выключэннем цьмяных жоўтых агнёў, пра паходжанне якіх мне нават на імгненне не закарцела задумацца. Я ўвесь аддаўся шчасцю, як шчасце аддавалася мне.

Раптоўна ад гэтага шчасця мне стала бракаваць паветра. Я хутка падскочыў, нібыта вынырнуў з ракі, і зразумеў, што няздатны дыхаць ротам. Рот быў нечым заклеены. Спробы рухацца далей асаблівага плёну не далі. Звязаны па руках і нагах я сядзеў голы на нейкім старызным смярдзючым тапчане, які стаяў у паўцемрыве невядомага мне халоднага памяшкання. Кволая лямпачка, што гарэла на процілеглай сцяне, ледзьве пазначала сваім святлом абрысы дзвярэй. Зрок ніяк не мог асвойтацца і разабраць, чым яшчэ напоўнена памяшканне. Акром выцця ветру за нябачным вакном, я не чуў ніякіх гукаў. Аднак мне здавалася, што нехта пільнуе мяне з-за покрыва цемры.

З кожнай секундай мне станавілася ўсё халадней і халадней. Мне было цяжка ўсведамляць, што чароўныя часіны з прыгажуняй Веранікай ператварыліся ў чорт ведама што. Яшчэ цяжэй мне было думаць пра тое, да чаго гэтае чорт ведама што ў выніку прывядзе. Я паспрабаваў падаць голас. Атрымаўся глухі стогн. Але не зважаючы на гэта, я працягваў спробы.

Нечакана пачуўся моцны гук, сінхронна з якім вылецелі дзверы, і ў памяшканне забеглі людзі з аўтаматамі ў руках. Нехта вырынуў з сябе загадны крык: «Усім заставацца на сваіх месцах! Гэта спецназ!». У вочы мне ўдарылі промні некалькіх яркіх ліхтароў, і я міжволі прымружыўся.

– Не сляпіце яму вочы, – загадаў нехта.

Ён наблізіўся да мяне, рэзка сарваў скотч з маіх вуснаў і спытаў:

– Як жа вас собіла, Эрнест Скіргайлавіч, апынуцца ў сцюдзёным паўзакінутым памяшканні фабрыкі цацак?

– Мы знаёмыя? – наіўна спытаў я, дрыжучы ад холаду.

– Я вас ведаю. Я тата вашай былой вучаніцы Арыны – маёр спецназу Нічыпар Зарыцкі, – агаломшыў той мяне і накінуў на плечы свой бушлат.

Я падзякаваў і ўдакладніў:

– Гэта Арынка вас сюды накіравала?

– Ну, з чаго вы ўзялі? Яна тут не пры чым. У нас была арыенціроўка, паводле якой у гэтым вось пакоі павінна была адбыцца сустрэча некалькіх наркадылераў. Але тут апынуліся толькі вы, дый яшчэ ў такім непрыглядным становішчы.

– Вы не збіраецеся мяне развязаць і даць магчымасць апрануцца?

– Прабачце, але нейкі час вам давядзецца пабыць так, як зараз. У хуткім часе павінны падыйсці эксперты і старанна праверыць усё памяшканне, у тым ліку і вяроўкі на вашых руках і нагах, – патлумачыў Зарыцкі.

Я цяжка ўздыхнуў і зірнуў вакол сябе. У святле ліхтароў выразна бачыліся шматлікія паліцы, на якіх сядзелі лялькі. Самая вялікая з іх сядзела на стале з прылепленай да рукі банкнотай. Побач з ёю ляжалі мае рэчы.

42.

Экспертыза не знайшла ў паўзакінутым памяшканні фабрыкі цацак ніводнага следу, які б сведчыў пра тое, што ў тую ноч там быў хтосьці яшчэ, апроч мяне. Ніводнага свежага адбітка пальцаў, акрамя маіх. На вяроўках, што апярэзвалі мае рукі і ногі, адбіткаў не было ўвогуле. З іншага боку эксперты адназначна заключылі, што сам сябе я звязаць не змог бы. З маіх рэчаў нічога не прапала. У маім гаманцы знайшоўся квіточак аб набыцці сотні еўра ў абменніку на Сухакаменскім рынку. Банкноту адпаведнай вартасці следчыя адклеілі з рукі лялькі і вярнулі мне. Адмаўляцца ад грошай я не стаў. Мяне праверылі на ўжыванне наркотыкаў. Але нічога крамольнага, апрача конскай дозы алкаголю, ува мне не знайшлі.

Агульная карціна вымалёўвалася вельмі цьмянай. Міліцыя скарысталася маімі паказаннямі пра працаўніцу фірмы «Чырвоная архідэя» Вераніку і пачала яе тэрміновы росшук. Вельмі хутка высветлілася, што работніцы з такім імем там ніколі не было. З маіх словаў быў складзены яе фотаробат. На дзень планавалі прызначыць апытанні маіх калег і іншых людзей, якія былі надоечы ў рэстарацыі «Арэса». Аднак міліцэйскі імпэт быў неўзабаве астуджаны – неспадзявана прыбылі людзі з КНАКС і заявілі, што справа пераходзіць пад іх юрысдыкцыю.

З пахмурным скептыцызмам я глядзеў на Сяргея Аляксандравіча Відава-Вошчанку, які на дасвецці прыбыў на фабрыку, каб апытаць мяне. Нічога новага ён ад мяне не даведаўся, хаця ўвесь час напіраў на тое, каб я ўспамінаў самыя дробныя дэталі мінулых вечара і ночы.

– Вы думаеце, што гэтая жанчына належыць да хеўры чорных капачоў ці тых чортавых кангрэгатаў? – з дзіўнай разняволенасцю вырашыў пацікавіцца я.

– Мы маем гэта выясніць, – сувора прамовіў ён, ледзь хаваючы сваю збянтэжанасць. – Вы сапраўды расказалі міліцыі ўсё?

– Так. Адзінае, што мне не зразумела… – я замяўся.

– Што? Кажыце. Гэта можа быць вельмі важна, – схапіўся суразмоўца за маю рэпліку.

– Мне не зразумела, як я мог з ёй займацца сэксам, і не пакінуць па гэтым ні знаку. Эксперты мусілі б знайсці хоць найменшае сведчанне таму.

Сяргей Аляксандравіч напяўся, колькі секунд пасвідраваў мяне сваім панурым позіркам і нарэшце задаў пытанне:

– Скажыце, ці здаралася з вамі нешта незвычайнае ад моманту нашай восеньскай сустрэчы?

– Гледзячы што лічыць незвычайным, – вырашыў не прызнавацца я. – Вунь нядаўна дзяцей ад чарады варонаў выратаваў. Такога кшталту?

– Пра варонаў мы ведаем. Вось згадайце, ці не было ў вас своеасаблівых правалаў у рэчаіснасці? Не здаралася адчуваць сябе ў іншых вымярэннях?

– Не, – рашуча вымавіў я.

– Калі так, то надысь у вас быў дэбют. Віншую, – з абсалютна каменным абліччам гаварыў Відаў-Вошчанка. – Вас засмактала ў іншую рэчаіснасць. Там вашы сэксуальныя прыгоды з Веранікай і адбыліся. А потым тая рэчаіснасць вас выплюнула.

– Вы гэта сур’ёзна? – я зрабіў выгляд недавярка. – Другі раз мне даводзіцца вас бачыць, і другі раз вы кажаце мне проста фантастычныя рэчы, якім проста немагчыма даць веры. Навошта ўсё гэта? Навошта развагі пра вялікую кампутарную сімуляцыю і дзіркі ў ёй? Навошта размовы пра іншую рэчаіснасць, якая ўмее смактаць? Скажыце, што насамрэч вы ад мяне хочаце?

– Dziwny jest ten њwiat! – з роспаччу выгукнуў той. – Мы проста намагаемся высветліць, наколькі верагодна кіраваць працэсамі, пра якія вы гаворыце. На жаль, як і раней, у нас няма спецыяльнай групы, якая б займалася толькі гэтым напрамкам. Мы адсочваем інфармацыю і па меры магчымасці рэагуем на яе. Але гэтага мала. Таму мы разлічваем на вашу добрую волю, спадзяемся, што вы будзеце паведамляць пра любыя анамаліі, якія з вамі здарацца.

– Акурат зараз у мяне анамальна трашчыць макітра. Можа, гэта іншая рэчаіснасць ліжа мне мазгі? – не ўдалося мне ўтаймаваць з’едлівасць.

– Вы дарма іранізуеце, – з ушчуваннем паматляў галавой супрацоўнік КНАКС. – Мы хочам вам дапамагчы. Але дзеля гэтага вы павінны дапамагаць нам. Бо ў адзін не вельмі цудоўны дзень справа можа прыняць цалкам катастрафічны абарот, і нам трэба быць да яго гатовымі, каб уратаваць вас. Таму прашу вас аб адным: не саромейцеся і званіце на мой нумар, калі нешта пойдзе не так. І яшчэ. Пра сённяшні інцыдэнт пастарайцеся нікому не казаць. Міліцыя вас не патурбуе. А калі раптам у нас будзе нешта новае на гэты конт, то я абавязкова вам паведамлю.

Я ўсміхнуўся і моўчкі кіўнуў, быццам бы пагаджаўся з усім, што ён сказаў.

На двары трываў марозны ранак. Пакінуўшы прахадную фабрыкі цацак, я падняў каўнер свайго палітона і паспешліва пакрочыў у бок аўтобуснага прыпынку. Пахмелле пахмеллем, анамаліі анамаліямі, але ад факультатыўных заняткаў па гісторыі Беларусі мяне ніхто не вызваляў. Праўда, у аўтобусе я стаў гартаць іншую гісторыю – гісторыю паведамленняў на маім мабільным тэлефоне. Прадказальным было знайсці там узоры новай шчырасці ад Келдышавай, Андрамедавай і Рыбанькі. Хоць і спявалі яны свае праклёны паасобку, але ў цэлым іх галасы гучалі, як гарманічная песня для трыа «Зачотныя пілоткі».

«Я, безумоўна, падазравала, што ты такая сволач, але сёння ў сваёй свалаце ты перасягнуў самога сябе. Я ўсё разумею, але навошта было кідацца у абдымкі першай сустрэчнай дзявахі? Брыдотнік», – зачынала першая. «Эрнесцік! Я пабачыла, што ты не гей і не підар. Ты значна горшы! Ты пачвара, якая жарэ сэрцы няшчасных закаханых жанчын! Хай дзеўка, з якой ты сышоў, засне ў першую ж секунду пад табой! Мярзотнік», – працягвала другая. «І чым гэта дзявуля лепшая за мяне? Стыдотнік», – дадавала каларыту трэцяя.

Мяне ні каліўца не краналі іх лаянка і енкі. Адзіная карысць, дый тое прывідная, якую я пачэрпнуў з іх меседжаў, заключалася ў тым, што яны засведчылі існаванне Веранікі. Я задумаўся, ці будзе КНАКС, расследуючы справу, шукаць гэтую малодку: «Ёсць жа плойма сведак, што бачылі яе. Здаецца, нехта з калегаў нават фатаграфаваў, як мы з ёй танцавалі. Калі гэта не зацікавіць КНАКС, то мяне гэта цікавіць у кожным разе. Калі Вераніка ўсяго толькі згенераваная копія Насты Цыпінай, то з гумарам у трымальнікаў глабальнай сімуляцыі не так і дрэнна. Так, яны жорсткія ў сваіх дзеяннях. Але не могучы ўправіцца са мною, не губляюць умення жартаваць і цаніць мае жарты. Можа, не варта сумаваць і быць панылым? Можа, трэба старацца быць яшчэ большым блазнам, чым я ёсць на гэты момант? Можа быць, акурат маё пачуццё гумару і ратуе мяне, ускладняючы тым самым сувязі з рэчаіснасцю, з-за чаго мяне не могуць проста ўзяць і сцерці?».

Я збіраўся схаваць тэлефон у кішэню, але ў той самы момант ён ажывіўся. «Я кепска сябе адчуваю. Сёння ў школе не буду. Якая гісторыя ў панядзелак?» – папярэджвала і пыталася sms’кай Аліса. «Папраўляйся! Сусветная. Вызваленчыя рухі Азіі і Афрыкі», – адказаў я, адчуваючы, што хацеў бы паведаміць ёй нешта больш важнае. «Дзякуй! Вы такі добры і клапатлівы. Хачу вывучыць параграф і расказаць. А то тут некаторыя вярзуць глупствы пра мяне і вас», – і ўсцешыла, і азадачыла мяне Селязнёва, што мне давялося прасіць удакладненняў: «Хто і што вярзе? Вядзёркіна?». «Не, Вядзёркіна як раз кажа, што вы сталі ранейшым, як у мінулым годзе. А вось пэўныя дзяўчынкі і хлопчыкі кажуць, што я ваша любімка, і вы мне проста нізашто ставіце добрыя адзнакі. Намёкі брудныя робяць», – агаломшвала мяне вучаніца тым, пра што мне даўно можна было здагадацца самому. «Давай я табе пастаўлю кол ці некалькі калоў. Падумаюць, што мы пасварыліся, і адстануць», – прапанаваў я. «Вам лёгка казаць! Мяне мама за дрэнную адзнаку заб’е. Мне і самой не хочацца мець кепскі атэстат», – спужалася і захвалявалася дзяўчына. «Я не буду потым гэты кол улічваць. Так што падумай да панядзелка. Як надумаеш, то папярэдзь», – не стаў адмаўляцца ад прапановы я. «Можа, і надумаю. Галоўнае, каб гэта не нашкодзіла. Праўда, я хлусіць праўдападобна не ўмею. Баюся, што стану смяяцца пры адказе», – і карцела, і муляла Алісе. Я адправіў ёй смайлік з падміргваннем, і наш дыялог спыніўся.

За sms-ліставаннем я не заўважыў, што прапусціў патрэбны прыпынак. Аўтобус прыехаў на вакзал. Я зірнуў на вакзальны гадзіннік. Да пачатку факультатыву ў мяне яшчэ быў запас часу. Я завітаў у дарагую кулінарыю «Кратар Гусева», дзе ўзяў сабе паўлітра «Аліварыі» і пару блінцоў з курыным, як я спадзяваўся, мясам, карэйскай морквай і сырам. Заліваючы півам рэшту пахмелля і жуючы блінцы, я дакараў сябе за тое, што змушаў Алісу ўдзельнічаць у непрыемным і для яе, і для мяне спектаклі. Разам з тым камарыным роем у галаве таўкліся думкі пра каханне, працу і незвычайныя з’явы ў маім жыцці.

Маіх камароў разагнала прадавачка. Яна спытала, ці не я Эрнест Скіргайлавіч, і пачуўшы дадатны адказ, узычыла мне тэлефонную слухаўку. Сэрца маё шалёна загрукатала. Я ўзяў слухаўку і з вялікай насцярожанасцю прыклаў яе да вуха:

– Алё.

– Вешайся, сука! – рэзануў мне слых металічны голас і адразу ж растварыўся ў гудках.

Я састроіў раўнадушную міну, аддаў слухаўку жанчыне і вярнуўся да свайго сняданку. Але ні апошнія кроплі піва, ні астатнія кавалачкі блінцоў не лезлі мне ў горла. «Што гэта за пагроза? – разважаў я. – Хто і дзеля чаго яе паўтарае? Няўжо гэта не проста кепскі жарт, а сапраўдная спроба запалохаць мяне? А калі гэта пачатак замбавання? Даюць мне зараз устаноўку на суіцыд, а потым у належны час пададуць сігнал, каб хвіць, і няма больш Эрнеста Скіргайлавіча… Зрэшты, скулу ніцую ім у сраку, а не суіцыд! Я ў пятлю не палезу! Не на таго натрапілі! Мне яшчэ жыць ды жыць. І кахаць, і любіць. Адзіную маю».

Я выйшаў з кулінарыі і рушыў у напрамку школы. Падаў калючы снег. Вароты ардэнаноснага горада пільнавалі таксісты, гандляркі цёплымі паласатымі шкарпэткамі і цыганкі з спаконвечным пытаннем: «Што-небудзь здаеш?». Я пайшоў праз самую гушчу цыганак, рызыкуючы быць аблеплены імі ад пятак да галавы. Але на маё здзіўленне яны маланкава адступалі ад мяне, не вымаўляючы ні фразы, быццам нейкая невядомая сіла прымушала іх адступаць і маўчаць у прыступе нязвыклага ступару. Гэта мяне трохі ўзрушыла і нават развесяліла (ну, не маглі ж мяне ўзрушыць і развесяліць недапітыя паўлітра «Аліварыі!»), што далей я крочыў, нібы шасцігадовы дзіцёнак, якога цікавілі кожны сумёт і кожнае дрэва ў шэрані. Дзіцёнак, які выглядвае скарбы ў шчыліны дошак на закансерваваным да вясны фантане, і ўяўляе, што бібліятэка – гэта палац, куды збіраюцца на баль самыя прыгожыя прынцэсы. Дзіцёнак, які перакананы, што снег у калодзежы карпусоў унівелсітэта ператвараецца ў найлепшае марозіва, якому зайздросцяць сіндбады з вучылішча рачнога флоту. Я ішоў і штокрок да згубы адчування часу радаваўся жыццю. Я чакаў, што аднекуль са старых дворыкаў з’явіцца Шцірліц або Джэймс Бонд, а над дахамі загудзе прапелер Карласана.

Мой дзяцінны настрой знік каля школы. На бетонным плоце, што прымыкаў да школьнага будынку вялікімі чырвонымі літарамі быў выведзены надпіс: «Вешайся, сука!». Праўда, яго пачыналі ўжо зафарбоўваць Алесь Альхімовіч і яшчэ адзін дзядзька з тэхперсаналу. Я павітаўся і пацікавіўся паходжаннем графіці.

– Ды задралі гэтыя малалеткі! – незадаволена буркнуў Хімыч. – Панамалёўваюць чухні ўсякай, а нам потым прыбірай за імі ды яшчэ ў такую халадрыгу.

– А адкуль ты ведаеш, што малалеткі? – удакладніў я.

– Ну, а хто ж яшчэ! – быў неўтаймоўным у сваёй упэненасці ўчорашні выпускнік. – Нафіг даросламу чалавеку такой батвой займацца? Калі ты сапраўды графітыст, то знойдзеш сабе іншае месца і спосаб для самавыражэння. А тут у нас какі-малякі для невядомых пантоў. І чаго яны пантуюцца? Клоўны-підарасы, адным словам.

– Дык ты, можа, здагадваешся, чыё гэта майстэрства? – у мяне не атрымлівалася ўтаймаваць сваю цікаўнасць.

– Чыё? – перапытаў ён і на хвілю задумаўся. – Ды каго-небудзь з вашых вучанічкоў. Стопудова. Сядзіць сабе такі пацучок на ўроку, сама ціхмянасць, слухае, піша і ўсё такое, а дома фарбу схопіць і давай сцены псаваць.

– А як ты лічыш, каму гэта фраза адрасаваная? – як пачаў, то ўжо вырашыў не супыняцца з роспытамі я.

– Я думаю, што нікому канкрэтна. Фразачка без адрасу. Эпатаж падшыванцаў. Пацучок напісаў на плоце гэту хрэнь. Яго не спаймалі. Ён адчувае сябе героем і зараз думае, што ўсе, хто прачытае яго шэдэўр, успрымуць тыя словы як зварот менавіта да іх. Разумееце? Вось ад чаго ён кайфуе, падла. Патрапіўся б ён мне ўначы, дык я б яму пэндзлік надламаў.

Падзякаваўшы, я пайшоў у будынак. Развагі Альхімовіча мяне злёгку суцяшалі, але не маглі цалкам суняць змрочных падозранняў. Бо ў адрозненні ад Алеся мне было вядома, каму фраза адрасавалася. Думка пра тое, што яна сыходзіла ад кагосьці з вучняў цвяліла мяне болей, чым насцярога імавернасці помсты наўпрост з боку творцаў вялікай кампутарнай сімуляцыі.

– Чаго такі невясёлы? – спалохаў мяне сваім пытаннем Майсюк. – Няўжо табе ад той дзевачкі з «Чырвонай архідэі» нічога цікавага не абламілася?

– Я не хачу пра гэта казаць, – прадэманстраваў максімальную стому я. – Ты фатаграфаваў учора ў рэстарацыі?

– Так. Але кадры атрымаліся не вельмі ўдалыя. Асабліва тыя, дзе ты з гэтай паненкай вальсуеш. Размытыя нейкія атрымаліся. Яна ўвогуле, як прывід. Ты ў каляжанак папытай. Шмат, хто вас вырашыў пафоткаць. Толькі глядзі будзь асцярожны з некаторымі кручанымі дамачкамі. Твой учорашні сыход з чужаніцай пэўнымі асобамі жаночага полу быў успрыняты вельмі хваравіта, – асыпаў мяне інфармацыяй настаўнік фізікі і чыста па-сяброўску прапанаваў пахмяліцца.

Ад яго прапановы я адхрысціўся і спытаў, ці можа ён тэрмінова замовіць для мяне новы манітор. Ярык займаўся такімі рэчамі і з задавальненнем узяўся дапамагчы, абяцаючы, што «монік» я атрымаю ў панядзелак пад вечар. Я палез у гаманец, каб аддаць грошы, але Майсюк мяне перапыніў, сказаўшы, што аплата толькі па факту. Я адно развёў рукамі і выправіўся ў свой кабінет.

На дзвярах кабінета вісеў стандартны аркуш А4 з надрукаванымі на англійскай мове радкамі: «Forgive me please. Hold me for a while». Я надта не вагаўся і зрабіў выснову, што раздрукоўку павесіла Лія, якая акурат тады ў адным з суседніх кабінетаў вяла факультатыў.

– О, вам такія прыгожыя рэчы пішуць, Эрнест Скіргайлавіч. Вы шчаслівец! – з усмешкай заўважыла Кіра Краўзэ, якая няўгледкай з’явілася за маёю спіной.

– Ай, Кірачка, гэта ўсё чыёсь свавольства і не болей, – схлусіў я, зрываючы паперку.

– Так я вам паверыла! – бліснула зубамі дзяўчына і хуценька пайшла па сваіх справах.

«Няўжо гэтая дзяўчынка і сапраўды думае, што я шчаслівец? – зацягваў мяне вір чарговых пытанняў. – Няўжо яна не адчувае сваёй душой, што са мною нешта не так? Яна ж заўсёды адрознівалася пранікнёнасцю. І дзе яе пранікнёнасць цяпер? Ці не знікла ў нястрымным наступе жаноцкасці, які яна сустрэла з багавейлівым трымценнем? Ці можа, яна наўмысна падыгрывае майму добраму настрою, які так часта хаваецца ад мяне? Можа, яна не хоча лішні раз правакаваць ланцуговых сучак маёй адзіноты – тугу ды нуду? Але ж, як ні круці, і той, і другі варыянт не дае добрага плёну. Не ратуе мяне ад вострага адчування адзіноты, а заганяе ў кут балючых разваг, ад якіх хочацца роспачна скуголіць і выварочваць навыварат абалонку ўласнае душы. Зрэшты, за прыязлівасцю Кіры можа таіцца звычайная ветлівасць ці простая хітрасць, якая ўласцівая многім яе равесніцам. Котку лашчыш, а яна кіпці выпускае. А што будзе з яе ласкавасцю, калі хаця б злёгку наступіць ёй на хвост? Яна ўкусіць цябе, як самага лютага ворага. Не будзе ні уцю-цю, ні уля-ля. Будзе крывавая рваная рана. Вось пабачыш».

Я зайшоў у кабінет, выцер з дошкі напісанае бруднай анучай слова «лох» і вывеў назву тэмы факультатыву: «Культура беларускіх зямель XIV-XV стст.». Потым палез у шафу, каб дастаць альбом з выявамі твораў мастацтва таго часу. З яго выпаў цэлы пачак фатаграфій. На кожным здымку была адлюстравана Наста Цыпіна ў сваёй лёгкай квяцістай летняй сукенцы. Твар яе быў з абсалютна рознай мімікай. На фота, што мне трапіла ў рукі апошнім, Настачка была ў масцы сярэднявечнага чумнага доктара – масцы з доўгай птушынай дзюбай. Я хацеў перагледзіць увесь стос яшчэ раз, але ў клас зайшлі вучні, якія наведвалі факультатыў. Сціснуўшы здымкі ў руцэ, я вярнуўся на сваё месца і паклаў стос на стол дагары тыльным бокам.

Мужна змагаючыся з уласнымі пазяханнямі, я распачаў факультатыў з акрэслення асаблівасцяў і праблемаў развіцця культуры на беларускіх землях у азначаны перыяд. Я казаў пра летапісанне старабеларускаю мовай, а вучні пыталіся, ці карысталіся нашы продкі LiveJournal’ам. Я казаў пра фрэскі аўтарства нашых майстроў у польскім Кракаве, а вучні пыталіся, ці захапляліся нашы продкі коміксамі манга. Я казаў пра скамарохаў, а вучні пыталі, ці былі сярод нашых продкаў фокуснікі ўзроўню Дэвіда Коперфільда. Калі на першыя два пытанні я адно ўшчувальна матляў галавой, то на трэцяе ніяк адрэагаваць не паспеў. Здымкі, які ляжалі на стале пачалі імкліва тлець і ўрэшце шуганулі сінім полымем. Скалануўшыся ад неспадзяванкі, я здолеў захаваць раўнавагу, схапіў мокрую анучу і згасіў агонь. «Ваў! Не Коперфільд, канечне, але таксама клёва!», – узрадаваліся дзеці.

43.

У перайманні з таго, ці не загарыцца, як раптоўныя фатаграфіі, і мая раптоўная сотка еўрыкаў, я дажыў да панядзелка. Надзеі на тое, што ўсё будзе добра давалі выбачальныя sms’кі ад Андрамедавай і Рыбанькі, на якія яны зноў жа не атрымалі ад мяне ніякага адказу. Панядзелкавым ранкам сігнал баявой гатоўнасці наважылася падаць Аліса. Я паціраў далоні ў прадчуванні неверагоднага для большасці вучняў 11 «А» спектакля.

У пачатку ўрока валадарыла поўная цішыня, за якой стаяла звычайнае нежаданне вучняў трапіць на прыцэл падчас маёй гульні ў марскі бой з класным журналам.

– Калі ласка, ахарактарызуйце ідэалогію нацыянальна-вызваленчай барацьбы адной з краін Азіі міжваеннага часу, – цалкам безэмацыйным голасам абвясціў я першае пытанне. – Ёсць ахвочыя? – вучні паапускалі галовы яшчэ ніжэй. – Ахвочых няма. А дарма. Такі шанец добры. Краіну для характарыстыкі самі выбіраеце. Не? Ну, тады да дошкі пойдзе Аліса Селязнёва.

– Я дрэнна падрыхтавалася, – адказала з месца яна, захоўваючы ў вачах змоўніцкі аганёк.

– Па-першае, устань, калі размаўляеш з настаўнікам, – узяў я вельмі строгі тон. – А па-другое, мы зараз разам разбярэмся, наколькі дрэнна ці добра ты насамрэч падрыхтавалася. Ідзі да дошкі.

Вучні неўразумела пераглядаліся. «Пасварыліся», – чыталася на вуснах Леры Булатнікавай. Аліса паднялася. Змоўніцкі аганёк у яе вачах зрабіўся больш цьмяным. Цяпер у іх адчуваўся недавер напалам з дакорам.

– Пра якую ідэалогію якой краіны ты хочаш расказаць? – удакладніў я, калі Селязнёва ўжо стаяла побач з настаўніцкім сталом.

– Яна толькі пра Індыю можа, бо абажае індыйскае кіно, – пасмялеў Дастаеўскі і нават паспрабаваў запець голасам тыповай кінематаграфічнай індыянкі.

– Андрэйка, не дурэй-ка, а вазьмі аркуш паперы і зрабі параўнаўчы аналіз пяці прынцыпаў Сунь Ятсена з ідэалогіяй кемалізму, – вырашыў пакараць яго пісьмовым заданнем я. – А калі будзеш пярэчыць, пастаўлю два нулі.

Той забурчаў, але за працу ўзяўся.

– Ну, што Аліса? Як называецца ідэалогія нацыянальна-вызваленчай барацьбы Індыі міжваеннага часу? – спытаў я і зірнуў на яе.

У тое імгненне мне было цяжка пазбыцца дзіўнага наслання і працягваць спектакль, столькі прыгажосці і звабы выпраменьвала Селязнёва. Але праз неверагодны высілак волі я хлопнуў сябе далонню па шчацэ, нібы адганяў камара ці муху.

– Эрнест Скіргайлавіч, я не памятаю гэтага, – з першымі прыкметамі вільгаці ўваччу прамовіла яна.

– Зусім? І ты не ведаеш, што такое сацьяграха? А сварадж? А хартал? Ну, ахімсу ты дакладна ніяк не магла забыць. Ты ж пра гэты прынцып яшчэ ў дзявятым класе вельмі добра разважала.

– Калі тое было! – па-майстэрску падыграла мне Аліса. – Можна я сяду на месца?

– Але я тады пастаўлю табе адзін бал, – удаваў няўмольнасць я.

– Не стаўце, я потым… – пачала казаць яна, але больш гучнай рэплікай, якая суправаджалася брыдкай усмешкай, уклініўся Пеця Андропаў:

– Яна потым адпрацуе. На дзве дзясяткі.

Не стрываўшы гэтай на- і пахабнасці, я загадаў Пецю параўнаць пісьмова прынцыпы гандызму з праграмай-мінімум РСДРП(б). Селязнёва ж у яго адрас проста працэдзіла скрозь зубы: «Казёл» і з чаканнем адзінкі утаропілася на мяне. Аднак я не спяшаўся яе адпускаць і, задзёршы ўгару ўказальны палец, патэтычна абвясціў:

– Даю табе апошняю спробу не атрымаць кол. Абстрагуемся ад тэмы вашага хатняга задання. Паспрабуем даць заданне на логіку, якое паходзіць з адной краіны, што некалі існавала ў Азіі. Вось жа, уявім сабе два войска. Кожным з іх кіруе ўласны генерал. І адно, і другое войска рыхтуюцца да штурму горада. Лагеры гэтых войскаў размяшчаюцца на двух узгорках, якія адасобленыя адзін ад аднаго далінаю. Адзіным спосабам сувязі між генераламі – адпраўка пасыльных з паведамленнямі цераз даліну. Але даліна занятая праціўнікам, і кожны з пасыльных можа быць перахоплены па дарозе. Праблема палягае ў тым, што, не зважаючы на прынятае рашэнне штурмаваць горад, генералы не ўзгаднілі між сабой час пачатку штурму. А для паспяховага штурму войскі павінны атакаваць горад адначасова. Штурм, распачаты адным войскам спрычыніцца да катастрафічных наступстваў для атакуючых. Патрабуецца знайсці алгарытм абмену паведамленнямі, які дазволіў бы кожнаму з генералаў сказаць: «Так, мы абодва атакуем у пазначаны час». Агуч, калі ласка, гэты алгарытм, Аліса.

«Вельмі моцна пасварыліся», – паварушыла вуснамі Лерка.

Селязнёва аблілася слязьмі і без дазволу пабегла на сваё месца.

– Не трэба ўсчынаць істэрык, – шпульнуў наўздагон я і вывеў у журнале насупраць яе прозвішча адзінку.

Мне было не зусім зразумела, заплакала дзяўчына насамрэч або штучна выклікала ў сабе слёзы. Пасля ўрока я адправіў ёй sms’ку, каб даведацца пра яе ўласныя ўражанні і ўражанні ўсяго класа. «Я ў шоку. Клас у падвойным шоку. Ты такі добры актор, што мне было страшна. Кася сказала, што я павінна з табой памірыцца, інакш усяму класу да канца года будзе кепска жыць», – адказала неўзабаве яна. Я напісаў, што індыкатару Касі Вядзёркінай нельга ніяк дагадзіць, і запэўніў Алісу, што ўсё будзе добра.

Дадому я ехаў з нечакана станоўчым эмацыйным уздымам. Майсюк па тэлефоне паведаміў, што затрымкі з маніторам не будзе. Ад прадчування хуткага вяртання ў сеціва мне зрабілася яшчэ больш весела.

«Мне тут звоняць аднакласнікі і пытаюць, як мой настрой», – прыляцела паведамленне ад Алісы. «Спектакль атрымаўся добры. Дакладней, ён усё яшчэ працягваецца, – адказваў я. – Але ведаеш, мне цяжка адмахнуцца ад думкі, што нешта ў нашым спектаклі не так. Мы працуем на публіку, ахвяруючы нечым важным. Хочацца размаўляць з табой. Размаўляць цэлымі гадзінамі, слухаць цябе, бачыць твае вочы і ўсмешку. Ведаю, ты скажаш, што я задужа нахрапісты. Прабач і зразумей». Колькі хвілінаў мне давялося чакаць яе рэакцыі. Ад невыцерпнасці чакання я ўзяўся паліваць кактус, які не прасіў піць. Урэшце яна даслала паведамленне: «І сапраўды нахрапісты!!! І што ты збіраешся рабіць?! Мяне ўсё ў нашых адносінах задавальняе і мне ўсяго хапае». Я заскочыў на фатэль і хутка, наколькі дазвалялі магчымасці майго мабільніка набраў слоўца ў адказ: «Я ведаў, што ты скажаш акурат так. Што я буду рабіць? Сыду, мабыць. Надакучыла адзінота і немагчымасць пазбыцца яе. Жыццё поўнае несупадзенняў. А калі нешта і супадае, то толькі на бяду. Дзеля чаго ўсё гэта? Бо ёсць маленькае спадзяванне на цуд. І вір пачуццяў, якіх дагэтуль збольшага намагаўся пазбягаць. Ты не разумееш. Ты думаеш, што я адно тлумлю табе галаву. А я проста КАХАЮ ЦЯБЕ!». Апошні радок даўся мне найбольш цяжка. Я вагаўся, і ваганні схілілі мяне да таго, што лепш унікнуць эўфемізмаў і прызнацца ў сваіх пачуццях адкрытым тэкстам. Здавалася, што іншага выпадку і спосабу зрабіць гэта папросту не будзе. Што нехта з нас дваіх вось-вось знікне. Альбо я, як шчэпка ў Стыксе, альбо Аліса, як яснае сонца ў пашчы кракадзіла.

«Ад каго сыдзеш? Куды сыдзеш? Не хачу, каб табе было дрэнна, але і дапамагчы табе таксама не магу. Я заблыталася і не ведаю, што мне рабіць», – пісала ўшчэнт збянтэжаная Селязнёва. «Сысці ад усяго. Ведаць бы толькі дарогу! І дзякуй, Аліса, за сумленнасць! Іншая хлусіла б і рабіла выгляд. Ты малайчына. Што табе рабіць? Жыць і помніць», – добра падсеў я на пафаснага скакуна. «Перастань мяне пужаць! Няхай усё будзе так, як было раней. Так будзе зручна і табе, і мне. Прашу цябе, Эрнесце!» – узмалілася вучаніца. «Паспрабую, але не гарантую», – паабяцаў я.

Нашая sms-размова прыпынілася. Я адчуваў сябе спустошаным і брыдкім, быццам дзіцёнак, што вымагаў у мамы падарунак, які яна ніколі не змагла б яму набыць. Пра пачуванне Алісы я мог толькі здагадвацца і, напэўна, стаў бы пра гэта думаць, свідруючы мозг самымі пракуднымі гіпотэзамі. Аднак, на шчасце, мне затэлефанаваў Ярык і наказаў чакаць каштоўны груз бліжэйшымі хвілінамі. І сапраўды праз чвэрць гадзіны за вакном засігналіла машына. Уступіўшы ў боты і накінуўшы на плечы драную куртку, я выйшаў на двор. Са старога «жыгулёнка» вызіралі Майсюк і Альхімовіч. Убачыўшы мяне, яны выйшлі з машыны і выцягнулі з багажніка каробку з маніторам. Я працягнуў Яраславу падрыхтаваную сотню і прапанаваў абодвум зайсці ў дом. Але яны адмовіліся, спаслаўшыся на неадкладныя справы.

Праз гадзіну я сядзеў за кампутарам і атрымліваў асалоду ад запуску браўзера. На маёй паштовай скрыні назбіралася ладная колькасць пасланняў. Фрэнды па «Жывым журнале» затурбаваліся маім знікненнем з сеціва і ветліва цікавіліся прычынамі гэтага. «Вы ўсё яшчэ замочваеце сваю кнігу?» – пытаўся нехта. «Ваша знікненне – гэта піяр-ход?» – цікавіўся хтосьці. «На цябе абрынуліся гесперыды ці толькі дулі?» – не знаходзілася адказу ў кагось. Я не стаў нічога тлумачыць, а зрабіў новы допіс, дзе абвяшчаў пра сваё вяртанне. Пасля перайшоў на старонку Алісы. Новых здымкаў на яе сайце амаль не дадалося. Акрамя аднаго. На ім Селязнёва была адлюстраваная ў абдымку з хлапцом, на твары якога заўважаліся прыкметы моднай лёгкай няголенасці. «А вось і ён. Ворага трэба ведаць у твар», – падумаў я і захаваў фатаграфію на кампутар. У гасцёўні ўсё яшчэ панавала навагодняя святочнасць. Ніводнай рэплікі адрасаванай мне там не было. Гаспадыня па-ранейшаму захоўвала маўчанне.

Я вярнуўся ў паштовую скрыню, каб прагледзець колькі лістоў, якія я спачатку палічыў за спам, але потым зразумеў, што гэта сведчанні ад тых, хто ўсё ж спакусіўся і патрапіў у навагоднюю гульню-пастку. Загаданыя жаданні спачатку весялілі. King Stakh хацеў атрымаць шакаладную бландзінку. AlonKa жадала, каб яе хлопец нарэшце зразумеў, што яна не любіць ружаў. St.Sestra замаўляла, каб Дзед Мароз станчыў ёй стрыптыз. Наступнае паведамленне было падпісана шматкроп’ем і ўтрымлівала шматкроп’е ў якасці жадання. А вось самае апошняе забіла мяне напавал. Яно было падпісана Аліска.tk і крычала, нібы выскоквала з майткоў: «Хачу дабіцца кахання Андрэя Д.!!!!!!!».

Я адхінуў галаву ад манітора, як ад асляпляльнай успышкі. «Што гэта за чартаўня? – замуляла мне. – Няўжо гэта Аліса так напісала? Не. Я не веру ў гэта. Яна не можа прагнуць кахання Дастаеўскага! Ці гэта іншы Андрэй? Не, не можа быць. Гэта нечы злы жарт. А што, калі сам Андрэйка гэта накрэмзаў? Мог жа гад. Вельмі проста мог. А калі гэта ён, то ёсць верагоднасць, што яму вядома, хто ў гасцёўні Алісінага сайта хаваецца за нікам Знаёмы Табе. Цікава, ці гэта адзіны выклік, які ён кінуў мне? Можа, за лялькамі ў класе і пагрозамі стаіць ён? Трэба разабрацца. Ці не разбірацца, а проста ціскануць для прафілактыкі?».

На допіс пра маё вяртанне ў «Жывы Журнал» з’явіліся першыя вітальныя каментары: «Ура! Мы вас зачакаліся!», «Мне цябе не ставала, дзядзька!», «На хер ты вяртаўся, мудак?». Я пазнаваў родную беларускую блогасферу і пусціў скупую слязу замілавання, з трывожным подзівам разумеючы, што гэта сляза і за блогасферу, і за жаданне Аліскі.tk.

44.

Я паспрабаваў высветліць у Алісы, ці не пісала яна свайго жадання для Дзеда Мароза. Дзяўчына аднеквалася і казала, што ведала пра гэтую гульню-пастку, таму нічога не пісала. На маё пытанне пра магчымую прычыннасць Андрэя Дастаеўскага да выхадкі з лялькамі яна таксама нічога пэўнага не сказала. Мне станавілася кепска ад думак пра ўсё гэта. Ад граху далей я вырашыў занурыцца ў працу. Калі ўжо з’явіўся зранку ў школе, то дадому цягнуўся не раней за восьмую гадзіну вечара. Каб быць пастаянна нечым занятым. Урокамі. Дадатковымі заняткамі. Праверкаю самастойных работ і сшыткаў. Падрыхтоўкай да адкрытага ўрока…

Почасту мне здавалася, што вытрымаць гэты рэжым будзе немагчыма. Алесь Альхімовіч, бачачы маю татальна знясіленую фізіяномію, прапаноўваў прайсціся ў актавую залу і выплюхнуць усе свае эмоцыі спевам. І я спяваў. Спяваў, як апошні рамантык зямлі беларускай. Спяваў, як чалавек, для якога музыка і песні былі адзінай праўдзівай рэчаіснасцю, дзе можна было схавацца ад болю, клопатаў і згрызот. Як і раней, дзверы залі раз-пораз адчыняліся. Зазіралі і азараліся ўсмешкамі і калегі, і вучні. Некаторых вучаніц Хімыч з цяжкасцю праганяў, каб не перашкаджалі маэстра Баластоўскаму распявацца.

Дастаеўскі паводзіўся, як і звычайна. Ніякіх слядоў яго канспірацыйнай дзейнасці я не здолеў адшукаць. Ён па-ранейшаму змагаўся за справядлівасць, тлуміў мазгі ўсім настаўнікам і па-дурному жартаваў з аднакласнікамі. Апошняе, калі я рабіўся гэтаму сведкам, вызвервала мяне найбольш. Вырас да неба, а дурань, як трэба – прымаўка, што цалкам адпавядала яго выбрыкам. Аднойчы ў сталоўцы, замест таго, каб мірна спажываць калорыі, Андрэйка ўспомніў, што такое катапульта, і стаў у якасці яе выкарыстоўваць відэлец, раскідваючы ім рыс. Пеця Андропаў і іншыя хлапцы ўраз пачалі паўтараць за сваім сябручком. Гэта пры тым, што я знаходзіўся не ў марсіянскай Кідоніі, а літаральна ў іх за спінамі. Мне каштавала не малых высілкаў, каб стрымацца і не адмераць Андрэю добрага плескача. Але ўключыць сірэну мне нічога не перашкодзіла: «Ды вы што, падшпаркі жаўтадзюбыя, зусім страх пагублялі?! Што вы сябе, як свінні тыя паводзіце?! Давайце ежце хутчэй, а то так зараз накармлю, што мамкі па рэштках зубоў не апазнаюць!!!». Натуральна, я не меў права выказваць пагрозы такога кшталту. Але мяне несла і гнала ў чорную далеч, дзе іншых словаў для ўшчування не знаходзілася. Хлапцы суцішыліся, зласліва скасавурыліся на мяне і моўчкі працягнулі абедаць. Андрэй нешта прашаптаў Пецю на вуха. Той сцвярджальна кіўнуў галавой у адказ. Нічога добрага ад гэтых крыўлянняў чакаць не выпадала.

Аліса перастала адказваць на мае sms’кі. Мала таго, што я практычна не меў магчымасці размаўляць з ёй у школе, дык яшчэ і гэтая мабільная радасць зрабілася для мяне недасяжнай. Яна тлумачыла проста: няма грошай на рахунку. Я быў гатовы вырашыць гэтую праблему за яе, але дзяўчына дужа запярэчыла, заявіўшы, што ў такім разе не будзе са мной камунікаваць наагул. Даводзілася ўтаймоўваць свой імпэт, назіраючы, як на перапынках, Селязнёвай нехта тэлефанаваў, і яна станавілася ў куточку ды ціха гутарыла з тым ненавідным для мяне незнаёмцам. Калі ён званіў, Алісін мабільнік пачынаў спяваць дзявочым голасам:

Ah ah ah ah

Ah ah ah ah

I’m giving up on everything

Because you messed me up

Don’t know how much you

Screwed it up

You never listened

That’s just too bad

Because I’m moving on

I won’t forget

You were the one that was wrong

I know I need to step up and be strong

Don’t patronize me

Yeah yeah yeah yeah yeah

З пэўнай цяжкасцю я разумеў сэнс тэксту і знаходзіў у ім прывіднае пацверджанне сваёй здагадкі наконт таго, што Аліса і яе раскаханы Дзіма пасварыліся. Спытаць у яе пра гэта я не наважыўся. Толькі ўдакладніў, што гэта ўвогуле за песня.

– Гэта песня «Forgotten» Аўрыл Лавін. Вы такое не слухаеце, – адказала замест Селязнёвай Вядзёркіна і напяла сваю дзяжурную ўсмешку дзетачкі-какетачкі.

– Так, сапраўды, – не ўзяўся пярэчыць я.

Аліса так нічога і не сказала, моўчкі адседзеўшыся да званка на ўрок. Яе маўклівасць ці нешматслоўнасць без склюду цялі мяне. Я сам рабіўся маўклівым, а часам сумным і раздражнёным. Гэта заўважалі многія, бо выпраменьваць жыццярадаснасць і весялосць лічылася маёй абавязковай асаблівасцю. Адна са старэйшых каляжанак пытала, чаго я зажурыўся. Мне не было, чаго адказваць. Дакладней было, але я не мог пра гэта казаць. Але дасведчаная жанчына, нібыта бачыла ўсё, як на далоні: «Можа цябе твае вучаніцы з глузду зводзяць? Такія красуні!». Дзесяцікласніцы на мой сум рэагавалі эпіграмамі:

Наш Скіргайлыч зажурыўся.

Мо’ яму іспыт прысніўся,

Што ён сам сабе здаваў

І адзінку атрымаў.

Кіра Краўзэ і Ніна Дарошка намагаліся мяне развесяліць фатаграфіямі чатырохгадовай даўніны, дзе мы былі адлюстраваныя разам на адным з дзён здароўя. Здымкі і сапраўды былі смешнымі. Я выглядаў на іх, як малады амбітны суслік-ідэаліст у кампаніі наіўных юных лісічак, якія яшчэ не паспелі збегаць у вёску, каб сцягнуць сваіх першых курачак. Можна было ўсміхнуцца і працягваць сумаваць, выклікаючы ў восьмых і дзявятых класах перакананне, што гэта яны мяне так ухайдохалі сваімі паводзінамі і стаўленнем да навучання. «Хай сабе думаюць», – уздыхаў я, выводзячы асіметрычным адказам калонкі чацвёрак. З невядомай мне прычыны менавіта чацвёрак дзеці баяліся болей за адзінкі. Зрэшты, нельга сказаць, што ў гэткім рэваншы для мяне знаходзілася асалода ці спатоля. Многія з вучняў гэта адчувалі і не мелі да мяне ні кроплі варожасці. Тыя ж, чыя варожасць адчувалася, былі варожа настроеныя ад самога пачатку. Каб змяніць іх патрэбен быў чароўны рыштунак, якога я ў сваім арсенале не меў.

Я закідваў свой сум шакаладнымі батончыкамі з арахісам. У адзін цудоўны момант давялося са здзіўленнем канстатаваць: без аднаго-двух батончыкаў штодня жыццё ўяўлялася не жыццём. 11 «А» збянтэжана глядзеў на тое, як у сталоўцы я набываю не звыклую для сябе мінералку, а шакаладкі, і спрабаваў убачыць у гэтым нейкі таемны сэнс. Але сэнс быў адзін – шакалад уздымаў мой настрой і адхіляў ад дурных подумаў. Што праўда, не надоўга. Сум усё адно вяртаўся і бязлітасна пляжыў мяне. Біў пад дых і трохі на поўдзень ад яго.

Калі іншым разам у другую змену ў школу завітвала Аліса, каб наведаць факультатыў па вялікарускай мове, мае пакуты дасягалі выключных маштабаў. Яна ніколі не шукала мяне, хаця ведала, што я ўсё яшчэ ў школе. Яна імкліва ляцела ў патрэбны кабінет і не выходзіла з яго ні на секунду, хаця факультатыў мог яшчэ і не пачацца. Яна сядала з Алёнай Караблёвай за парту ля вакна і дарэшты аддавала сваю ўвагу великому и могучему. Звычайна я аціраўся каля кабінета, стараючыся хаця б праз прачыненыя дзверы убачыць прычыну майго смутку. Часцей за ўсе гэтага не атрымлівалася. У роспачы я не мог спакойна перасядзець сваю «фортку». У настаўніцкай усё мне муляла: і крэслы, і канапа, і мусовасць забаўляць сіх-тых каляжанак.

Я знікаў у паўцемрыве калідора і прыкіпаў да аднаго з падваконняў. Дзякуючы планіроўцы школьнага будынку, адтуль пры жаданні можна было ўбачыць кабінет, дзе сядзела Аліса. Я так і рабіў – углядаўся, спадзеючыся, што яна адчуе мой погляд і павернецца. Аднак гэтага ніколі не здаралася. Хутчэй мне самому даводзілася сканчаць свой сумнеўны занятак пад акорды крокаў прыбіральшчыцы, кагось з калегаў ці дзяцей.

Аднойчы за вахтай ля падваконня мяне заспеў пяцікласнік, які выйшаў з урока ці то ў прыбіральню, ці то проста праветрыць мазгі. Так ці інакш, але ў яго кішэні ляжаў вялікі цацачны пісталет, які страляў маленькімі пластыкавымі шарыкамі. Потым ён сцвярджаў, што палічыў мяне за монстра ці тэрарыста-смяротніка. Але ў той момант, калі ён пачаў па мне пуляць, мне менш за ўсё хацелася ведаць яго матыў. Пластыкавыя шарыкі ўдараліся ў сцяну, у шыбку, у батарэю. Я неяк адразу сцяміў, што адбываецца, захінуў вочы далонню, павярнуўся да хлопчыка і загадаў яму спыніць дурны занятак. Але ён, як зачараваны, працягваў пуляць, быццам збіраўся спаражніць увесь запас «патронаў». Зрэшты, вельмі хутка я заўважыў, што ніводны шарык па мяне не трапіў. Нават тыя, што ляцелі проста ў мой бок, рэзка змянялі свой маршрут. Дзея скончылася тым, што руля пісталета скрывілася і стала крапаць на падлогу, як воск расплаўленае свечкі. Я забраў тое, што ад яго засталося, і награзіў малому паскардзіцца яго класнай кіраўніцы. Малец спужаўся. Толькі невядома чаго: маёй пагрозы ці падвойна нечаканай страты сваёй любімай забаўкі.

Выпадак з цацачным абстрэлам абвастрыў маю цікаўнасць. Забыўшыся на пакуты і Алісу, я рушыў у спартовую залу. Там акурат займаўся адзін з восьмых класаў. У кожнага другога ў руках быў мячык. Я пашаптаўся з настаўнікам фізкультуры. Успомніўшы восеньскі інцыдэнт, той пакруціў пальцам каля скроні, але сказаў: «Як сабе знаеш» і папрасіў вучняў паслухаць мяне.

– Рабяты. Я хачу зрабіць адзін эксперымент. Вы дапаможаце мне? – спытаў я.

– Так!!! – гучна зараўлі васьмікласнікі.

– А што рабіць трэба? – удакладніў найбольш кемны з іх.

– Я буду стаяць каля сцяны, а вы спачатку па чарзе, а потым усе разам будзеце кідаць па мне мячыкамі.

– Цікавы эксперымент! – узрадаваліся дзеці, асабліва тыя, хто яшчэ крыўдаваў за атрыманую карную чацвёрку.

Я стаў пры сцяне збоку ад гандбольных варотаў і папрасіў пачынаць. Адзін за другім вучні шпурлялі ў мой бок мячыкі, але ніводны мяч да мяне не дакрануўся. Васьмікласнікі расчаравана загулі. Я загадаў пачынаць другую частку эксперыменту. Блізу пятнаццаці чалавек сталі ў адзін шэраг і па маёй камандзе запусцілі ў мяне мячыкамі. Вынік быў той самы.

– Во, мазілы! Чаму я вас толькі вучу! – не стрываў фізрук. – А ну-тка, Салагуб, ты ж на баскетбол ходзіш. Шпурні ў дзядзьку гісторыка так, як умееш.

Даўгі хлапец збянтэжана паглядзеў на мяне. Я ўхвальна яму кіўнуў. Той трохі паняньчыў мяч у руках, а потым адной рукой кінуў па мне. Мяч, як старасвецкае гарматнае ядро, ляцеў мне проста ў твар. А дакладней – у пераноссе. Здавалася, што мне не будзе часу ні падумаць пра гэта, ні ўявіць Мюнхгаўзэна верхам на ядры. Але час неймаверна замарудзіўся. Я змог і падумаць, і ўявіць, і з’есці прыхаваны шакаладны батончык. Калі ж мяч нарэшце наблізіўся да майго твару, невядомая сіла развярнула яго ўправа, і ён бухнуўся пад ногі настаўніку фізкультуры. Ён заскокаў ад нечаканасці. Вучні ахнулі ў чарговым здзіўленні. Адна з васьмікласніц не стрымалася:

– Як вы гэта робіце, Эрнест Скіргайлавіч?

– Прыблізна такім жа чынам, як вы не вучыце хатняе заданне, – даў я адчэпнага слоўца і злёгку ўсцешаны выйшаў са спартзалы.

На калідоры пашчасціла сутыкнуцца з Алісай. Яна моўчкі зірнула на мяне і пабегла далей. На маю просьбу перакінуцца параю словаў сказала без віхлянняў: «Некалі». Я стаяў колькі імгненняў, па звычцы слухаючы музыку яе крокаў, што згасала ад адлегласці і нарастання тлуму школьнага перапынку.

45.

Марына Нарымунтаўна, занятая творча-папяровым вэрхалам выхаваўчае работы, мой сум амаль не заўважыла. Адно спытала: «Чаго такі кіслы?» і паабяцала, што неўзабаве ўзбадзёруся на вечары сустрэч выпускнікоў. Я быў перакананы, што мяне чакае гаротная доля шчаслівага вядоўцы гэтага штогадовага мерапрыемства. Аднак Любартава таропка супакоіла, сказаўшы, што весці будуць дзеці, а мне трэба будзе толькі праспяваць. «І ад дзяжурства на першым паверсе аўтаматычна вызваляешся, – паведаміла яна. – Бачыш, як выгодна? Вельмі нават». Адмаўляцца было няёмка, нават у тым разе, калі б пасля выступу мне давялося дзяжурыць у школьных сутарэннях ці на гарышчы. Мы ўдакладнілі рэпертуар, і я пайшоў рыхтавацца маральна і натуральна.

Вечары сустрэч выпускнікоў для мяне заўсёды былі нечым загадкавым. Зазвычай іх наведвалі дзве катэгорыі былых вучняў: тыя, хто толькі-толькі пакінуў школьнае гняздо, і тыя, хто з гэтага гнязда зляцеў даўным-даўно. Не абыходзілася без асобных заўсёднікаў, якіх гналі ў школы не згадкі дзяцінства і прыступы настальгіі, а гарэлачныя градусы. Сустракаць такую стракатую аўдыторыю і ладзіць для яе канцэрт – задача не з самых лёгкіх. Але Марына Нарымунтаўна па-майстэрску спраўлялася з ёй, чым выклікала агульную павагу і захапленне. Я пры ўсіх маіх творчых цнотах ніколі б не здолеў стачыць праграму, якая б глядзелася гарманічнай і для выпускнікоў рознай шэрсці, і для простага абываталя, які б выпадкова стаў сведкам гэтага відовішча. Я мог быць толькі адной са шматлікіх шрубак, што разам давалі праграме магчымасць працаваць.

Зрэшты, мяне турбавала іншае. А менавіта тое, як на мяне адрэагуе зусім канкрэтны чалавек. Настасся Цыпіна. Мяне не цікавіла рэакцыя паснатварых шчыглоў, якія і праз пяць гадоў працягвалі крыўдаваць на свае нізкія адзнакі. Мяне не пераймала фанабэрыя маменькіных сынкоў і дачок, якія ўраблялі насамі школьную столь, не жадаючы бачыць ува мне чалавека. Мяне пакідала абыякавым цэлая плойма народу. Але толькі не Цыпіна. Ужо ж перад ёю я абсалютна не жадаў выглядаць ні сумным, ні душэўна прыгнобленым. Давялося рыхтавацца. Састрыг свае зімовыя патлы. Стараўся класціся раней спаць, каб пазбыцца ад легендарных падвочных мяшэчкаў. У дзень «Х» ахайна выпрасаваў свае чорныя ў ледзь прыкметную палосачку порткі і цёмна-сінюю кашулю. Und so weiter, und so fort, абы толькі добра глядзецца.

У школе сабралася нямала людзей. Гэта была акурат такая кампанія, як я і прадказваў. Плынь з былых вучняў імкнулася ў актавую залу. Найбольш старэйшыя не пазнавалі школьных інтэр’ераў і па-дзіцячы радаваліся, калі заўважалі віньетку ці фрагмент ляпніны са свайго школьнага юнацтва. Маладзейшыя паводзіліся па-рознаму, але збольшага яны цешыліся толькі ад таго, што ўбачылі сваіх аднакласнікаў.

Калі я падымаўся ў актавую залю, мяне перанялі некалькі маіх нядаўніх вучаніц, пачаўшы пералівістае шчабятанне бесклапотных птушачак. Я мусіў адказваць цёхканнем жыццярадаснага салоўкі. Дзяўчаты іскрыліся ад шчасця, асабліва, калі мне не складала цяжкасці назваць іх пайменна, успомніць кур’ёзы з іх школьнай біяграфіі і паведаміць наколькі павялічыўся памер іх грудзей з моманту атрымання атэстата сталасці. «А вы гарэза», – трэслі наманікюранымі пальчыкамі яны. Мне ад гэтага шчасця не прыбаўлялася.

У час канцэрта я стаяў за кулісамі разам з вучнямі, якія яшчэ толькі планавалі ў агляднай перспектыве стаць былымі. Дзевяцікласнік у дзвярах грымёркі вазёкаўся з гітарай. Васьмікласніцы згадвалі рухі сваіх «Диких танців» і прозвішчы сваіх жаніхоў. Дзесяцікласніцы ніяк не маглі змірыцца з усталяванай чарговасцю іх спеўных выступаў. «Хто ж вінаваты, ясачкі, што ў вас столькі талентаў», – суцяшаў іх я, быццам прыкладаў да язваў іх самалюбства цудадзейныя зёлкі. Яны раптоўна пакідалі свае закулісныя розбрыкі і, уключаючы штучную сарамяжнасць, адказвалі мне той жа манетай: «Але ж і вы вельмі таленавіты чэл». Закуліссе патанала ва ўзаемных смайліках, ажно вучаніцы восьмых класаў пачалі шаптацца пра мяне. Мне б і цікава было стаць тады Вялікім Вухам, але медныя трубы школьнага настальгічнага Іерыхона паклікалі ў паход. Вядоўцы абвясцілі мой выхад, назваўшы залатым голасам школы.

Зала вітала маё з’яўленне на сцэне з няпэўным імпэтам. Для кагось я быў незнаёмай темной лошадкой, а для некага тым яшчэ канём. Але і адны, і другія пазіралі з ладнай доляй скепсісу. Я падміргнуў адной з даўніх двоечніц. Альхімовіч, што сядзеў за апаратурай хітнуў галавой і запусціў мінусоўку. З першымі акордамі я выгукнуў у залю: «Reach out and touch faith!» і артыстычна заторгаўся ў рытм мелодыі. Старэйшыя гледачы прыкметна ажывіліся: «О, Depeche Mode! Крута!». Маладзейшыя напружыліся, нібы чулі нешта знаёмае, але не маглі дакладна вызначыць, што менавіта, аж пакуль адзін не сказаў: «Мэрылін Мэнсан». І тады па іх шэрагах пракацілася хваля палёгкі. «Мэрылін Мэнсан», – лічыў сваім абавязкам паўтарыць кожны другі глядач з ліку нядаўніх вучняў. Я прасціраў вольную ад мікрафона руку то да адной, то да другой часткі залы, і спяваў:

Your own personal Jesus

Someone to hear your prayers

Someone who cares

Your own personal Jesus

Someone to hear your prayers

Someone who’s there…

Выступ выявіўся неспадзявана ўдалым. Я не чакаў, што зала будзе мне падпяваць, а пасля доўга пляскаць у ладкі, не адпускаючы са сцэны. Падчас гэтай замінкі мне ўдалося нарэшце згледзіць Цыпіну. Яна сядзела між Зарыцкай і Шчодрык і ўносіла сваю цяжкатрывалую лепту ў агульныя авацыі. «Калі б жа ж ты летась у канцы траўня так мяне вітала. Цаны б табе не было», – знайшлося ў маёй галаве месца для з’едлівай думкі. На маім абліччы ніякіх прыкметаў з’едлівасці, пакеплівання ці якіх-небудзь шкелікаў не назіралася. Я чакаў распараджэння Марыны Нарымунтаўны. Яно не прымусіла дужа чакаць – завуч хутка прыняла рашэнне даць мне мажлівасць выканаць яшчэ адну песню. Яна сама выйшла да мікрафону і папрасіла гледачоў не судзіць мяне надта строга, бо да другога нумару я не рыхтаваўся. Для мяне гэта быў пэўны сюрпрыз. У нейкае імгненне я захваляваўся і быў гатовы збегчы са сцэны. Аднак Любартава адарыла мяне натхняльным позіркам і ўсе пытанні зніклі. Хімыч падбадзёрыў мяне жэстам OK. Зайграла знаёмая мінусоўка. «Странные танцы» гурта Технология – познесавецкай копіі Depeche Mode. Не зважаючы на сваю другаснасць, песня доўгія гады гучала ў маёй падсвядомасці. Дый усе падзеі таго навучальнага года, якія надарыліся са мной, можна было смела называць дзіўнымі танцамі.

Танцы вдвоем, странные танцы.

День переждем, не будем прощаться,

А ночью начнем странные танцы.

Танцуй под дождем

В переходах подземных станций.

Адзінае, што па начах мне выпадала танчыць толькі з уласнымі кашмарамі ці якой прывіднай малодкай, што бясследна знікала па-за дажджом і падземнымі станцыямі. Але ў час спеву я не думаў ні пра кашмары, ні пра спевы, ні пра пагрозы вешацца. Я думаў пра Алісу. Я спяваў гэтую песню для Алісы. Я жыў гэтай песняй дзеля Алісы. У зале яе не было. Яна сядзела дома за Сівой ракой і вучыла фізіку. Ці змяняла рынгтон. Ці мірылася з Дзімам…

Выступ зноў жа атрымаў бурлівыя авацыі. Я падзякаваў і папрасіў не клікаць мяне на біс, бо за кулісамі яшчэ і не такія майстрыцы чакаюць. Па зале пракаціўся смяшок. Кожная з трыа дзесяцікласніц, што выходзілі змяняць мяне, парупілася паціснуць мне руку, як самаму лепшаму сябру. Апошняя яшчэ і прыабняла ды бусьнула ў шчаку. Гэты пасаж шчодрыя гледачы ўзнагародзілі дадатковай порцыяй воплескаў. Я сыходзіў, адчуваючы палёгку маўра, які выканаў сваю справу. На дружныя пахвальбы васьмікласніц я стрымана раздаваў «дзякуй», спадарожна ўключаючы мабільны тэлефон. Прачыненыя дзверы чорнага ходу вабілі сваёй змрочнай прахалодай. Мой разняволены крок, не супадаючы рытмічна, супадаў настроем з песняй, якую выконвалі дзесяцікласніцы:

Параллелепипеды.

В них параллельны я и ты.

Параллельны ты и я.

Также, как небо и земля.

Параллелепипеды.

Где отыскать твои следы?

Как твою линию сломать,

Чтобы тебя не потерять?

Я спусціўся на другі паверх. Пан Самсунак увабраўся ў сілу і здолеў прыняць sms’ку, якую Аліса адправіла акурат напачатку канцэрту: «Ну, як вечар? Усе дзяўчаты на шыях шэрых ваўкоў ці толькі 99%?». Я задаволена хмыкнуў і натайпаў адказ: «Ваўкі праспявалі, як змаглі. Зараз адціраюцца ад памады. А як пачуваюцца прынцэсы?». «Ууу, ваўчышчы часу не губляюць. А прынцэсам сумна. Усё з рук валіцца. А выпускны альбом яны хочуць увогуле ў фортачку выкінуць. Фатограф-парнограф ператварыў на здымках прынцэсаў у брыдкіх жабак», – не забавілася Селязнёва, уражваючы вобразнасцю. «Ваўкі тут параіліся і лічаць, што прыгажосць прынцэсаў ніводны фатограф не сапсуе», – адпісаў я так, як думаў. «Хай яны не пачынаюць старую песню, а то прынцэсы зноў сыдуць у глыбокае маўчанне», – прыгразіла дзяўчына. «Тады ваўкі пайшлі цалавацца з выпускніцамі 1990 года», – я паспрабаваў трохі зачапіць яе. «Спадзяюся, што 1990 года да н.э.», – падшпільнула яна мяне наўзаем. Нічога не заставалася, як адправіць ёй смалік.

Ногі самі прывялі мяне на першы паверх. Там дзяжурылі мае калегі і бадзялася парачка выпускнікоў. Я адарваўся ад тэлефона і хітнуў усім на знак прывітання. Новых паведамленняў не было, але я імітаваў набор і адпраўку sms’ак.

– Сто прапаноў на бліжэйшую ноч? – першай не стрывала Рыбанька.

– Пра якіх паноў? – адбрыкнуўся я.

– Пра паноў без штаноў і паненак без сукенак, – не разгубілася яна.

– Трымайце сябе ў руках, – падкрэслена перайшоў на «вы» я і пакрочыў далей ад гардэробу.

Загартоўваючы волю ў дзесяціхвілінным назіранні жаноцкіх перашэптаў і пераглядаў, я чакаў, калі з актавай залы спусціцца Цыпіна. У думках я даваў ёй на гэта не больш за чвэрць гадзіны. Калі б па сканчэнні гэтага часу яна так і не з’явілася перада мною, то я б папросту сышоў без найменшай сатысфакцыі. Поспех з песнямі ў разлік не браўся. Мне хацелася пачуць яе апраўданні і сказаць ёй нешта такое, што расчавіла б яе настрой, як умелыя ногі чавяць вінаград для прыгатавання высакароднага напою.

Настасся з’явілася на пятай хвіліне пасля сканчэння канцэрта. Арына і Міла па-ранейшаму суправаджалі яе, выглядаючы трохі вінаватымі. Мне здалося, што яны зноў наўмысна падштурхоўваюць Насту да мяне. Зрэшты, усмешлівы твар апошняй не выдаваў ніводнай намінкі на тое, што яе нехта прымушаў спускацца на першы паверх ці свяціцца шчасцем.

– Ну, як вы, Эрнест Скіргайлавіч? – спытала яна, як спытала б ці не кожная выпускніца, у якой няма хваробы дастоліносазадзірання.

– Лепш, чым падчас нашай апошняй сустрэчы, і значна лепш, чым пасля вашага апошняга званка, – холадна ўсміхнуўся я.

– А тады нешта здарылася? – ці то сапраўды не разумела, ці то строіла з сябе дурнічку Цыпіна.

Фразу ў адказ я хацеў быў пачаць са словаў «адна дзяўчына», але ў апошні момант падумаў, што сыпаць іншасказамі надта позна, бо яны нічога не выправяць, а толькі завостраць няпэўнасць сітуацыі. Таму я іранічна зморшчыў лоб і прамовіў:

– Проста ты з мілай прыветлівай ласкавай дзяўчынкі раптоўна ператварылася ў адчужаную халодную каменную глыбу.

Наставы сяброўкі заматлялі галовамі, намякаючы, што казаць такое нельга.

– Ах, вось як, – Цыпіна адлюстравала на сваім твары здзіўленне. – Тады нам з вамі няма пра што размаўляць.

– Так, ты маеш рацыю, – пагадзіўся я. – Аднак трэба прагаварыць яшчэ колькі важных нюансаў.

– Навошта? – паспрабавала дзяўчына дадаць у свой голас какецтва, але яно выглядала такім жа дарэчным, як водар шампуні Palmolive на целе цара Саламона.

– Каб ты ведала, што не перамагла, – не зважаў я на пярэчанні Зарыцкай і Шчодрык. – Ты паступіла подла. Ты – здрадніца. Я ненавіджу цябе так, як толькі можа ненавідзець жывы чалавек другога жывога чалавека. І вось хачу, каб ты гэта ведала. Але паколькі я кахаю, то мая нянавісць нівелюецца. Таму ўрэшце ты мусіш ведаць, што я ўдзячны табе за тое, што ты падманула мае надзеі. Тая, якую я зараз кахаю, у сотні тысяч мільярдаў разоў лепшая за цябе. Лепшая ва ўсіх сэнсах. Я шчаслівы, што ты сваімі бязглуздымі паводзінамі неспадзявана адчыніла мне дарогу да яе.

Усё, што я казаў, я казаў з той самай усмешкаю, што і напачатку, быццам гаварыў пра зусім дзяжурныя рэчы.

– Ну, добра, – толькі і патрапіла сказаць Настасся і паспяшала знікнуць з майго відавоку.

– Падвойны выбух рынуты ў паветра… Быў шанец вас прымірыць. – паўшчувала мяне Шчодрык і пабегла следам за Цыпінай.

– Я з ёй не сварыўся, каб мірыцца, – ганарліва прабухцеў я.

– Эх, Эрнест Скіргайлавіч, такі шанец змарнавалі, – пашкадавала Зарыцкая.

– Дзякуй, дарагая, але запозна, – канстатаваў я і дадаў пра іншае: – Бацьку прывітанне перадавай. Яны тады своечасова падаспелі. Замерз бы зусім.

– Любіце ж вы трапляць у сітуацыі, – заўважыла Арына.

– Каб ты толькі ведала, колькі прыгод на маю сраку вышукалася за апошнія шэсць месяцаў! – міжволі выгукнуў я.

– Ведайце, што я вельмі перажываю за вас, – прызналася яна і нечакана самкнула мяне ў абдымках.

Я трохі сумеўся, але таксама прыгарнуў яе да сябе і ці то пацалаваў, ці то толькі прамовіў на вушка:

– Дзякуй. Ідзі. Твае аднакласнікі чакаюць цябе.

Яе усмешка неўпрыцям напоўнілася прыкметамі вінаватасці. Я пагайдаў галавою, даючы зразумець, што чалавек, які стаіць перад ёй, не варты ні пачуцця віны, ні шкадавання. Зразумела, гэта была ўсяго толькі бравада.

Арына сышла. Каляжанкі, якія назіралі ўсю сцэну, застылі, нібы шкляныя горы Гіпербарэі. Спіна мая была спрэс мокрай, але заставацца ў школе хаця б на хвіліну ў мяне не было ні найменшага жадання. Я зайшоў у настаўніцкі гардэроб, напяў верхнюю вопратку і, не марудзячы, паспяшаўся пакінуць школьны будынак. Каля дзвярэй мяне перастрэў Вальдэмар Мікітавіч.

– Якая сёння? – апярэдзіў яго я.

– Сербская, – адказаў ён.

– Ну, давай.

– Лепш кахаць здалёк, чым сварыцца зблізку.

– Выдатна. Але часцяком ніякай розніцы няма, – прамовіў я і выйшаў на вуліцу.

На двары трывала халадэча. Вецер не збіраўся рабіць папустку для мокрых спін пэўных педагогаў Галацічаска. Я паскорыў хаду і вырашыў зрэзаць свой звычайны шлях да прыпынку праз двары сумежных дамоў. Каля школы бадзяліся тыпусы, якія здаваліся куды больш коўзкімі за вялікалітоўскага асілка Баластоўскага. Абмінуўшы іх, я перасек праезную частку і шмыгнуў у двары. У падваротні мяне нехта азваў:

– Эээ, мужычок, тармазні.

Такі зварот нічога добрага не абяцаў. Я вырашыў яго праігнараваць і прыпусціў наперад. Аднак выйсце з падваротні заблакаваў аўтамабіль. Там нехта сядзеў і паліў цыгарэту.

– Чаго ты мітусішся? – пачуўся за спінай той самы голас. – Мне трэба пабакланіць з табою.

– Аўтографа хочаш? – наважыўся на жарт я.

– Я табе зараз сам пару аўтографаў пастаўлю, – пагрозліва прамовіў незнаёмец.

Па голасу мне здалося, што яму гадоў дваццаць ці трошкі болей. Ён цалкам верагодна мог бы быць кімсьці з маіх колішніх вучняў. Але слыхавая памяць, якая амаль ніколі мне не здраджвала, гэтым разам спала беспрабудным сном.

– Дык што ты хочаш, пацан? – дазволіў я сабе нахабінку ў інтанацыі.

Пацан тым часам наблізіўся да мяне ўшчыльную. Аднак з-за цемры разглядзець яго твару было немагчыма. У ноздры мне ўдарыў пах моцнай мятнай жуйкі напалам з рэшткамі цыгарэтнага дыму.

– Паслухай, гісторык, – гаварыў ён проста мне ў твар. – Ты лезеш на чужую дзялянку. А гэта не ёсць добра. Ні для цябе, ні для мяне. Таму я мушу даць табе папярэджанне, каб ты залез у свой бярлог і не рыпаўся.

– З’ясняйся больш зразумела, а то пагражаеш напуста, і цяжка скеміць, што ты маеш на ўвазе, – выдаў я даволі працяглую тыраду, чакаючы раз’юшанае рэакцыі.

Хлапец і насамрэч зазлаваў. Ён вымавіў: «Чаго ты такі дзёрзкі?» і паспрабаваў ударыць мяне ў твар. Я адхінуўся, але мог бы гэтага і не рабіць, бо кулак незнаёмца з усяго размаху стукнуўся ў сцяну. Той закрычаў ад болю і накінуўся на мяне. З машыны з той жа мэтай выскачыў яго таварыш.

– Давай хутчэй! Гасі яго, каб месца жывога не засталося! – істэрычна загадаў першы.

– Не сцы, нікуды ён ад нас не дзенецца, – дэманстраваў нардычны спакой другі.

– Ну, паспрабуйце галубочкі, – здагадаўшыся, ува што ператворыцца бойка, злосна пакпіў я.

Нападнікі наляцелі на мяне з двух бакоў, жадаючы збіць з ног. Насуперак іх разлікам удары і аднаго, і другога ішлі міма мяне. Атрымлівалася, што тым самым яны збівалі адзін аднаго. Я толькі моўчкі стаяў і прыслухваўся да валтузні, якая адбывалася вакол мяне ў паўцемры. Ад недаўмення хлапцы гарлалі нешта зусім фантастычнае ў духу барочных апісанняў пекла. Не ведаю, колькі б яшчэ працягвалася гэта марнасць марнасцяў, калі б з боку вуліцы ў падваротню не заехала яшчэ адно аўто. Няўдалыя біткі сіганулі ў свой самаход і задалі маланкавай лататы. У машыне, якая толькі заехала ў падваротню і прыглушыла святло фараў, я пазнаў «жыгулёнак» Майсюка. І сапраўды, з салону выбег ён, Альхімовіч і пара іншых маіх нядаўніх вучняў. Яны былі поўныя рашучасці набіць пысу кожнаму, хто хацеў адмяцеліць Скіргайлыча. Але патрэба ў гэтым была нулявая. На ўсе пытанні я коратка сказаў, што рабяты хацелі даведацца дарогу на аўтарынак і былі здзіўленыя, што нехта ў Галацічаску гэтага не ведае.

– Яны вас білі? – спытаў Хімыч.

– Не, Алесь. Яны біліся самі. У экстазе, – пажартаваў я.

– Паехалі з намі на хату, – па-свойску прапанаваў Ярык. – З вучнямі былымі пагамоніш. І з вучаніцамі таксама.

Ён жэстам паказаў на дзецюкоў, якіх мне ўжо давялося пабачыць, і на машыну, у салоне якой сядзела знаёмая мне дзявочая тройка. Я адмоўна паматляў галавой і, павесіўшы нос, пабрыў далей дарогай сваёй адзіноты.

46.

Пра нападнікаў я стараўся не думаць. Усё адно мне было не пад сілу вызначыць, кім яны былі і ад чаго патрабавалі адмовіцца. Паведамляць пра інцыдэнт у міліцыю не меў жадання. Усё адно міліцыя мусіла б перадаць справу ў рукі КНАКС. А цягнуць КНАКС у заведамую, як мне здавалася, бытавуху было для мяне нерэальна смешным, як клубні бульбы на засохлай смакоўніцы. Трохі я думаў пра Цыпіну і яе магчымую рэакцыю на мае словы. Хацелася верыць, што рэзанне праўды-маткі тупой бензапілой па-баластоўску здолела яе хоць крышачку закрануць. Зрэшты, я не атрымаў асалоды ад вербальнай помсты. Думалася, калі Настасся і пракручвала ў памяці мае фразы, то толькі для таго, каб сказаць: які ж ён вырадак, гэты Скіргайлавіч. Калі з яе вачэй і пырснулі слёзкі, то ў кампаніі былых аднакласнікаў, настаўніка фізікі і наццаці літраў вогненнай вады, дзяўчына проста абавязана была кінуць дурное і цешыцца жыццю паводле ўсталяванай праграмы.

Пасля вечара сустрэч выпускнікоў колькі начэй запар мяне дратавалі кашмары. З ранейшых выпадкаў яны зазналі мадыфікацыю. Цяпер нябачная хімера дазваляла сабе сесці не толькі на мае грудзі, але і на твар. Адчуванне, што галава плюшчыцца пад невытлумачальным цяжарам, скаланала мой сон, але не давала прачнуцца. Каб прачнуцца, я павінен быў закрычаць, што мне абсалютна не давалася. На нейкім этапе супрацьстаяння з хімерай я рабіўся дужа гарачым і намагаўся скінуць з сябе коўдру. Коўдра не злятала. Але з’яўляўся неверагодны холад напару з ветрам, які абдзімаў мае цела і варушыў непадымнае для мяне покрыва, нібы сцяг ці ветразь.

Яшчэ колькі начэй я пакутаваў ад банальнае бессані. Гэтая банальнасць вяртала мне мае мяшкі, апухласць твару і ляноту галіцца зранку. Маім таленавітым вучням быў самы час маляваць шаржы з вожыкам прывязаным мне на падбароддзе ці помпай, якой я накачваў свой твар. Але за знешні выгляд я атрымліваў не толькі ўнікальныя ўзоры школьнага жывапісу, а яшчэ і ўшчуванні ад Данцовай. Яна імпэтна папікала мяне, заяўляючы, што сваім абліччам не толькі ганьбую высокае званне педагога, але і падаю вучням вельмі кепскі прыклад. Маіх тлумачэнняў Зінаіда Львоўна і блізка не хацела слухаць. «Трэба мець сілу волі і пераступаць праз уласнае гультайства», – рэкамендавала яна і наўздагон нагадвала, што чакае майго адкрытага ўрока. Я абяцаў ёй і сілу, і волю, і нават скачкі з шастом праз гультайства. Абяцаў адно для таго, каб хутчэй збегчы ў свой пусты кабінет, укласці цяжкую ад недасыпання галаву на стол і падрамаць хаця б якіх трыццаць-сорак хвілін збольшага без хімераў.

Праўда, аднойчы на сваім працоўным месцы я высніў Апалінара Ідэльфонса Селезня. Ён ветліва сустракаў мяне ў сваёй гарадской сядзібе, частаваў медавухай і ўсцешана паўтараў па-старабеларуску: «Як жа я рады, што мая дачушка Алюта будзе вучыць гісторыю сваёй краіны ў такога майстра, каторым ёсць вашаць». Я папіваў трунак і фанабэрліва ківаў галавою, пакуль гаспадар свяціўся шчасцем над маімі рэкамендацыйнымі лістамі ад паноў Ловелаў і Скіяпарэлі. Яго дачка павінна была вось-вось вярнуцца са шпацыру. Я ж глядзеў на яе партрэт з кветкамі і гароднінай аўтарства Івана Хруцкага. Глядзеў і не мог адбіцца ад уражання, што перада мной Аліса. У момант, калі я быў гатовы выказацца пра гэта, у сядзібе з’явілася жанчына з тварам Данцовай і безапеляцыйна сказала Селезню: «Pan nie moїe powierzyж wychowanie najdroїszej cуrki osobie, ktуra przegraіa w bitwie stalingradzkiej». Я віраваў ад абурэння, але не мог раскрыць рот, бо вусны зліпліся. Жанчына з тварам Данцовай смяялася мне ў твар і цвердзіла: «Любіш медавуху, любі і аплявуху». Мне давялося прачнуцца ад крыўды, злоcці і крыклівага званка з урока.

Перад днём святога Валянціна мяне зноў зацягнулі на сцэну. Школьны псіхолаг была больш пераканаўчай у паспалітаванні са мной, чым Данцова з тварам завуча. Сацыяльна-псіхалагічная служба праводзіла конкурс «Каханне з першага погляду» для старшакласнікаў. Я там спатрэбіўся ў якасці музычнага цэменту паміж асобнымі часткамі. Дзякуючы чараўніцтву дзяўчыны-псіхолага, мне зусім нескладана было стаць гэтым цэментам і нават змусіць сябе пабрыцца. У зале пераважалі вучні дзявятых-дзясятых класаў. Для адзінаццацікласнікаў каханне з першага погляду, мабыць, уяўлялася не зусім актуальным. Але раптоўная прысутнасць у зале Алёны, Леры і асабліва Алісы мяне вельмі ўзрушыла. З пэўным хваляваннем я паўтарыў песні, якія выконваў на вечары сустрэч выпускнікоў, а ў апошні выхад з яшчэ большым хваляваннем заспяваў:

Прабач, каханая, наўрад ці я

Змагу цябе здзівіць.

Мы маем цвёрдыя характары,

Даводзіцца плаціць.

Ўсё гэта стомаю тлумачыцца,

Змываецца вадой.

Глядзі, правайдары змагаюцца

За права быць з табой.

І зрэшты…

Знаёмся, гэта маё Сонца.

Знаёмся, гэта маё Сонца.

Звычайна ў часе выступу абліччы гледачоў для мяне зліваліся ў нешта адзінае. Але тады ў агульнай масе глядацкіх вачэй я выразна адрозніваў ясныя вочы Алісы Селязнёвай – майго Сонца.

Гэты выступ мяне нямала натхніў. У дзень святога Валянціна я ступаў натхнёным, як ніколі. Здавалася, што адным толькі словам мне ўдасца пераламіць хаду падзеяў на сваю карысць. Але ўначы мяне зноў мучыў кашмар. Зранку я мучыў сябе тупым лязом. У аўтобусе па дарозе на працу мяне мучылі шчадралюбныя суайчыннікі. Перад заняткамі я так і не пабачыў Алісы, і падрыхтаваная для яе валянцінка засталася ва ўнутранай кішэні майго пінжака. Засмуціўшыся, я набраў ёй sms-віншаванне. Яна не адказала. Засмучэнне ўзмацнілася. Спахмурнелы я распавядаў дзесяцікласнікам пра еўрапейскую каланіяльную экспансію, дарма што дзяўчаты глядзелі на мяне з чаканнем добрага слова ў іх адрас. Але адзіным добрым словам, якое шчыра вымаўлялася мною ўсім гэтым бясконцым Юлям, Лінам, Інэсам, было слова «капіталізм».

На наступных перапынках мяне тузалі па працоўных і забаўляльных пытаннях калегі. Я ніяк не мог дабрацца да свайго 11 «А» класа, каб прынамсі спраўдзіць, ці прыйшла Селязнёва ў школу. Калі нарэшце такая магчымасць з’явілася, я на ўсялякі выпадак выцяг валянцінку. За некалькі ўрокаў яна ператварылася ва ўвільготнены потам пашматаны абрывак паперы, што не было ніякай розніцы дарыць Селязнёвай яго, ці сэрцайка, выразанае з вучнёўскага сшытку. У роспачы я грукнуў кулаком па сталу. Іншай паштоўкі ў мяне было. А бегчы набываць новую не было часу. Я праклінаў сябе і людзей, якія прыдумалі і культывавалі дзень святога Валянціна.

Алісу я ўбачыў у сталоўцы. Там рамантычна пахла смажанай цыбуляй і гатаванай пячонкай. Селязнёва перахапіла мой заклапочаны погляд і бязгучна прашаптала: «Дзякуй». Я трохі павесялеў, але не больш за тое. Дастаеўскі з Андропавым, убачыўшы мяне перасталі гігітаць і разбурылі чэлес, які яны ў гонар свята ўсіх закаханых паспелі перад тым зляпіць з грэчневай кашы і тэфтэляў.

Мой мабільнік набрыняў некалькімі віншавальнымі sms’камі. Вучні елі грэчку і пазіралі на тое, з якім тварам я перачытваю кожнае пасланне. Я вельмі шкадаваў, што sms’ка – гэта не цыдулка. Тады б можна было камечыць іх адну за другой і шпурляць у сметніцу.

– Не забудзьце, што паслязаўтра ў нас адкрыты ўрок, – нагадаў я.

– А мы рэпетаваць не будзем? – удакладніла Лера.

– Ты ж цудоўна ведаеш, што мне гэта без патрэбы. Як пойдзе, так і пойдзе. Інакш увогуле не цікава адкрытыя ўрокі праводзіць, бо інтрыгі ніякай няма.

– Вы фаталіст? – не сунімалася Булатнікава.

– У сэнсе адкрытых урокаў? Не. Калі б я быў закончаным фаталістам, то прыходзіў бы на адкрыты ўрок увогуле без аніякай падрыхтоўкі.

Я зірнуў на Алісу. Яна маўчала і з цікаўнасцю глядзела на мяне сваімі чароўнымі вачыма. Я адчуў, што адкрыты ўрок будзе вельмі гарачым.

47.

Для адкрытага ўроку я загадзя аздобіў дошку раздрукоўкамі розных фатаграфій часоў Сталінградскае бітвы. Асобна на адмысловым драўляным штатыве, які мы з Мятлікавай жартаўліва называлі шыбеніцай, вісела адпаведная гістарычная карта. Разгорнуты план урока з дакументамі ляжаў на стале. Я хадзіў па яшчэ пустой аўдыторыі і цепліў спадзеў, што ўрок праляціць хутка і незаўважна, а яго далейшае абмеркаванне будзе зведзена да фармальнасцяў. Разам з тым мяне не пакідала думка, што на ўроку могуць пачацца некантраляваныя працэсы. Я нават дзівіўся, чаму так доўга мяне нікуды не завіхурвала.

«Калі я аднарог, то, паводле легенды, цуд можа выклікаць толькі цнатлівая дзяўчына, – даймалі мяне думкі. – Можа, ліміт цнатлівасці скончыўся? Можа, новая віхура немагчымая? Але чаму тады доўжыцца чарада нез’яснімшчыны? Чаму мне сніўся Селезень? Усё гэта не проста так. Я мушу быць гатовым не дацягнуць да канца гэтага ўрока».

Ненаўмысля я пакратаў у кішэні цацачны пісталет, расплаўленую рулю якога надоечы давялося падправіць спадручнымі сродкамі. У мяне не было ніякага канкрэтнага разліку, але пісцік на ўсялякі выпадак быў усё-ткі прыхоплены. «Калі не спатрэбіцца ў ролевай гульні, дык хоць Зінаіду Львоўну папужаю», – голасна рассмяяўся я, палічыўшы свой жарт удалым.

У класе збіраліся вучні майго 11 «А» і госці – Мятлікава, Келдышава, Данцова. Я ветліва ўсміхаўся ўсім і зычыў асалоды ад будучае дзеі. Пасля званка на ўрок я хутка справіўся з традыцыйным арганізацыйным момантам і агучыў назву новай тэмы.

– Пасля паражэння нямецкіх войскаў пад Масквой у выніку бітвы канца 1941 – пачатку 1942 года быў развенчаны міф аб непераможнасці гітлераўскіх войскаў, – пачаў я. – Чырвоная Армія адкінула праціўніка на 100-200 кіламетраў ад ранейшай лініі фронту. Аднак моц нямецка-фашысцкіх узброеных сілаў не была цалкам зламана. Адольф Гітлер і яго хеўра прагнулі рэваншу. Погляды нацысцкага кіраўніцтва былі скіраваныя ў паўднёвыя рэгіёны Савецкага Саюзу. Адным з важных стратэгічных аб’ектаў, які гітлераўцы планавалі захапіць, стаў горад Сталінград. Кантроль над гэтым горадам на Волзе азначаў адрэзку ад асноўнай часткі СССР яго жытніцы і багатых прыроднымі рэсурсамі раёнаў. Да таго ж, Гітлер надаваў вялікую ўвагу сімвалічнасці захопу геаграфічнага пункту, які меў назву ў гонар кіраўніка краіны, з якой Германія ваявала. 17 ліпеня 1942 года трынаццаць нямецкіх дывізій пры падтрымцы паветранай флатыліі пачалі наступленне. Планы праціўніка савецкаму камандаванню сталі вядомыя не адразу. Толькі ў другой палове жніўня 1942 года намеры фашыстаў высветліліся, і савецкае камандаванне ўзялося за паспешлівую распрацоўку плана абароны Сталінграда. 23 жніўня адбылося жорсткае нямецкае бамбардаванне горада, у выніку якога ён быў зруйнаваны. Следам у горад увайшлі нямецкія танкі. Вораг збіраўся святкаваць перамогу. Але савецкае камандаванне вырашыла любой цаной утрымаць Сталінград у сваіх руках. Яскравым доказам рашучасці ў гэтым пытанні сталася выданне знакамітага загаду №227, які атрымаў вобразную назву «Ні кроку назад!». Калі ласка, Аліса Селязнёва зачытае нам урывак з гэтага гістарычнага дакументу, а кожны з вас хай падумае і паспрабуе адказаць, чым сталінскае кіраўніцтва абгрунтоўвала прыняцце такіх жорсткіх захадаў, як загад №227.

Стараючыся не заўважаць Зінаіду Львоўну, я важна прадэфіляваў між шэрагамі партаў, спыніўся каля Алісы і ўручыў ёй ксеракопію дакумента. Мой бокавы зрок зафіксаваў, як Данцова нешта зачыркала ў нататніку. Але большая мая ўвага скіравалася на Селязнёву. Уручаючы ёй паперу, я не прамінуў дакрануцца да яе далоні. Яна падняла на мяне вочы і ўсміхнулася. Яе суседка па парце – Карына Кляшторная – не тое, каб здзіўлена, але з прыкметамі заклапочанасці на твары паматляла галавой. Мне хацелася адпусціць у яе адрас рэпліку з напамінам, што акурат яна ўвосень сваёй маленечкай заўвагай расплюшчыла мне вочы на Алісу. Але казаць гэта было лішнім, пагатоў пад прыцэлам завостранага данцоўскага алоўка.

Вучаніца пачала зачытваць дакумент. Я злавіў на сабе погляд Келдышавай. Пахмыляючыся, яна махала мне пальцам і дэманстравала церце далоні аб далонь. Мне заставалася быць шчаслівым ад таго, што на ўрок не з’явіліся Рыбанька з Андрамедавай. Калі ўжо я звярнуў увагу на Лію Навумаўну, то міжволі зірнуў і на Галіну Альгімонтаўну. Хто-хто, а яна іскрылася добразычлівасцю і паказвала жэст, якім у старажытным Рыме гледачы маглі ўратаваць няўдалага гладыятара, а ў нашых шыротах быў раўназначны ўхвале. На Данцову я нават і касавурыцца не паўзяўся.

– Насельніцтва нашай краіны, якое з любоўю і павагай адносіцца да Чырвонай Арміі, пачынае расчароўвацца ў ёй, губляе веру ў Чырвоную Армію, а многія з іх праклінаюць Чырвоную Армію за тое, што яна аддае наш народ пад ярмо нямецкіх прыгнятальнікаў, а сама ўцякае на ўсход, – чытала Селязнёва. – Некаторыя недасведчаныя людзі на фронце суцяшаюць сябе размовамі аб тым, што мы можам і далей адступаць на ўсход, бо ў нас шмат тэрыторыі, шмат зямлі, шмат насельніцтва і што хлеба ў нас заўсёды будзе ў дастатку. Гэтым яны хочуць апраўдаць свае ганебная паводзіны на франтах. Але такія размовы з’яўляюцца наскрозь фальшывымі і ілжывымі, выгоднымі толькі нашым ворагам.

Я павярнуў твар да дошкі і ўбачыў сцяну старога таварнага вагона.

– Хопіць ужо соўгацца! Сядзь ты ўжо на месца. Неўзабаве прыедзем, тады і набегаешся, – пачуўся грубы мужчынскі голас, які, аднак, не мог заглушыць сабою грукат вагонных колаў.

Вагон быў набіты салдатамі Чырвонай Арміі. На мне таксама была форма шараговага чырвонаармейца. Ніхто з нас не меў зброі, калі не лічыць цацачнага пісталета, які ляжаў у маёй кішэні. Павагаўшыся, я асеў на падлогу.

– Ты адкуль сам будзеш, хлопча? – спытаў у мяне сівавалосы мужчына з характэрным прымружваннем.

– З Галацічаску, – неахвотна адказаў я.

– О, дык ты ў нас беларусік! – нечакана ўзрадаваўся мой суразмоўца і прадэкламаваў класічныя радкі:

Стыдно робеть, закрываться перчаткою,

Ты уж не маленький!.. Волосом рус,

Видишь, стоит, изможден лихорадкою,

Высокорослый больной белорус…

– Мне не вельмі падабаецца гэты каланіяльны вобраз, – прызнаўся я, спрабуючы здагадацца, у якім кірунку паімчыцца гутарка.

– Цікавая тэрміналогія, – усміхнуўся ён. – Можа, тады вось гэта спадабаецца:

Червонное золото Белой Руси

Вонзается в глотку России.

Все странно молчат, о чем ни спроси.

То близится эра насилий.

Недаўменна я ўтаропіўся на сівавалосага.

– Падабаецца? – перапытаў той і, не чакаючы адказу, прадоўжыў: – Ты не хвалюйся. Нават, калі гэта здаецца крамолай, то ў нашым агульным выпадку яна мала што значыць. За яе не расстраляюць ні цябе, ні мяне, ні міжвольных сведак. Чаму? Таму, што мы і без таго кіруемся на верную смерць. У самае логава лоўчых сноў.

– Прафесар, ты калі-небудзь заткнешся?! Дастаў ужо, – выказаў незадаволенасць адзін з вайскоўцаў.

– Бляха, мне НКВД рот закрыць не здолеў. Думаеш, ты здолееш? Хрэнушкі, – было адказам на незадаволеную рэпліку.

– Вы сапраўды прафесар? – пытала мая цікавасць, якая раптоўна стала разгарацца.

– Гэта таксама не так істотна, – заявіў суразмоўца. – Скажу толькі, што быў знаёмы з вашымі Доўнарам-Запольскім, Пічэтам, Ластоўскім. Як помніцца, яны таксама не любілі каланіяльныя стэрэатыпы.

– Мы з Ластоўскім былі асабіста знаёмыя, – неспадзявана для самога сябе схлусіў я, ясна ўсведамляючы сваю хлусню. – Але яго больш няма.

– Калі яго няма недзе ў гэтай рэчаіснасці, то гэта яшчэ не азначае, што ён адсутнічае ў нейкай з іншых, – прамовіў прафесар. – Таму наша пагібель не павінна нас турбаваць.

– Вы хочаце сказаць, што мы мёртвыя?

– Жывыя. Але Іціль гэта хутка выправіць.

– Хто выправіць? – не дачуў я.

– Іціль. Горад, у які мы едзем, – патлумачыў ён.

– Чакайце. Але ж Іціль – гэта сталіца колішняга Хазарскага каганату. І месца яе размяшчэння археолагі дагэтуль не адшукалі, – бліснуў дасведчанасцю я.

– Сапраўды, так кажуць. Але насамрэч ёсць людзі, якія ведаюць, што на месцы старажытнага Іціля знаходзіцца горад Сталінград.

– Сталінград? – агаломшана выгукнуў я.

– Ён самы, – кіўнуў ён. – Ты думаеш, чаму немцы вырашылі наступаць менавіта туды?

– Каб адрэзаць паўночныя раёны Савецкае Расіі…

– Гэта ўсё лухта, – абарваў мяне сівавалосы. – Гітлеру патрэбен Сталінград, бо ў нетрах пад ім спачываюць нятленныя рэшткі хазарскіх лаўцоў сноў і іх лавецкія прылады. Ты чуў раней пра лаўцоў сноў?

– Так, Ластоўскі мне паказваў фотакопію з аднаго старога слоўніка, – часткова схлусіў я. – Калі мне не здраджвае памяць, лаўцы сноў – гэта хазарскія святары, якія ўмелі чытаць чужыя сны, жыць у іх як ва ўласным доме, перамяшчацца там у пошуках здабычы, якой магло быць практычна ўсё – рэч, жывёла, чалавек.

– Власт цябе някепска падкаваў, – пахваліў прафесар. – Усё сапраўды так і было. І вось цяпер Гітлер хоча раскапаць таямніцу гэтых ловаў, каб малымі рэсурсамі канчаткова разграміць Савецкі Саюз. Але ў яго нічога не атрымаецца. Лоўчыя сноў – мёртвыя яны ці толькі спачылыя – сцерагуць свае сакрэты. Менавіта таму па зруйнаваным нямецкімі бомбамі Сталінградзе паплывуць крывавыя рэкі. Гэта будзе кроў і немцаў, і нашых салдат – такіх, як ты і я. Лоўчыя сноў абавязкова возьмуць гэтую ахвяру, каб навек застацца ў недасяжных для людзей нетрах.

– Але ў мяне няма планаў гінуць у Сталінградзе, – запярэчыў я, дастаў з кішэні здымак з Алісай ды яе бойфрэндам і працягнуў сівавалосаму. – Мне трэба абавязкова адшукаць гэтую дзяўчыну.

– Прыгожая паненка. Я б і сам за такую ў агонь пайшоў, калі б дакладна ведаў, што яна гэтага хоча. А вось ты гэта ведаеш? Га? Ты ідзеш у пекла старажытнай хазарскай сталіцы дзеля дзяўчыны, якая на картцы абдымаецца не з табой? – ад суразмоўцы павеяла збянтэжанасцю.

– З кім бы яна ні абдымалася, яна ўсё адно будзе маёй, – рашуча заявіў я.

– Ну, калі ты такі ўпэўнены, то можа і трэба яе знайсці. Ва ўсялякім разе, у сваёй свядомасці ты ўжо склаў, нібыта мазаіку, такі свет, дзе ты і гэтая прыгажуня разам. Застаецца напоўніць твой уяўны свет жыццём, прайшоўшы праз полымя і кроў Сталінграду. Ты паходзіш з даўняга радзіміцкага гораду. А радзімічы нейкі час залежалі ад хазар. Летапісы пра гэта амаль нічога не паведамляюць. Але магчыма, што залежнасць азначала не толькі данніцкія адносіны, але і пэўнае пераняцце традыцый. Я не выключаю, што некаторыя радзімічы маглі стаць лаўцамі сноў. І мне падаецца, што нехта з іх быў тваім продкам. Інакш тваю смеласць цяжка патлумачыць. Разумееш, тут усе баяцца. Усе. Нават мне страшна, хаця я цудоўна ведаю, што смерць – гэта ўсяго толькі мост у іншыя рэчаіснасці.

– Але мне ніколі не выпадала прыкмячаць у сабе здольнасці, якія мелі хазарскія лаўцы сноў.

– Тое, што ты не прыкмячаў у сабе гэтых здольнасцяў, не азначае, што іх у цябе зусім няма. Адзін блізкаўсходні святы быў настолькі занураны ў аскезу і чытанне рэлігійных тэкстаў, што не прыкмячаў, як моцна прывабліваў большую частку гараджанак. А калі ён гэта зразумеў, то было надта позна. «Ачхнуўся манах, калі хер далавах», – як сказаў адзін з вашых даўніх беларускіх ерэтыкоў.

Па вагоне пракацілася хваля смеху тых чырвонаармейцаў, што ў паўвуха падслухвалі нашу з прафесарам размову. Ён ніяк не адрэагаваў на гэта, паглядзеў на мяне працяглым выпрабавальным позіркам і ўрэшце выдаў:

– Зрэшты, здольнасці здольнасцямі, але ці ваяваў ты раней?

– Так, пад Ржэвам, – я ўзвёў сваю хлусню ў найвышэйшы ранг.

– Ого! Тое, што ты выжыў у баях пад Ржэвам многае значыць. Не скажу, што ў Сталінградзе табе будзе прасцей. Але для салдата, які пасля Ржэву едзе ваяваць у Сталінград, лаўцы сноў хоцькі-няхоцькі мусяць зрабіць папустку. Аслабіць зацятую пятлю лёсу…

Эшалон рэзка затармазіў. Звонку чуліся камандныя галасы. Салдатам загадвалі пакідаць вагоны і кіравацца да Волгі. Прагучаў такі загад і для нашага вагону. Усе дружна падскочылі і па чарзе сталі выскокваць на чыгуначны насып. Я адчуў незвычайную мяккасць зямлі пад нагамі, быццам патрапіў у балота. Аднак гэтае адчуванне вельмі хутка мінула. Перад вачыма разгарнулася прыгожае і адначасова жудаснае відовішча. Наўпрост перада мной, метраў за сто ад чыгункі, несла свае воды Волга – велічная рака, якую ў вельмі далёкія часы называлі Ра, падобна старажытнаегіпецкаму богу Сонца. На процілеглым беразе ляжалі руіны Сталінграда, над якімі сям і там курэў дым, што сведчыў толькі пра адно – вулічныя баі ў горадзе працягваюцца, і спадзявацца трапіць туды ў поўнай бяспецы не атрымаецца.

48.

Сэрца маё моцна забілася. Не ад страху, а ад навізны, якую прагна ўспрымалі мае вочы. Ад навізны, якую я прагна ўдыхаў разам з паветрам. Стаяць і любавацца краявідамі ні мне, ні каму іншаму з чырвонаармейцаў не дазволілі малодшыя камандзіры і афіцэры, што сустракалі эшалон. Па спадзістым спуску нас пагналі да Волгі. Я ўжо заўважыў, што там было нешта накшталт прыстані, у якой стаялі баржы – убогія копіі карабля, на якім па нябесным зводзе плаваў Ра. Трушком мы дабраліся туды, і нас адразу скіравалі ў адну з памянёных вадаплаўных пасудзін.

Наша баржа павольна плыла ў кірунку Сталінграда. На ёй нас было, можа, сотня, а, можа, і болей. Мне заўсёды было цяжка вызначыць колькасць людзей на вока. Настрой у бальшыні салдат быў катастрафічна панурым. Нехта ўтрапёна маўчаў. Нехта цішком маліўся. Нехта нервова паўтараў словы пра хуткую смерць. І толькі некалькі чалавек улучна са мною захоплена сузіралі раку, нібыта з палубы параплава для водных прагулак. Міжволі з маіх вуснаў сарваліся радкі з паэмы сярэднявечнага нямецкага падарожніка:

На чоўне немаленькім плылі мы праз раку

Ліпеў спадзевам ценькім мой подум на круку

Той велічы, якою блішчэла ў Ра вада,

Нас клікала да бою дэльфінаў чарада.

Над намі пачуўся гуд авіяцыйных рухавікоў. Чырвонаармейцы адначасова паўздымалі галовы, быццам спадзяваліся, што над Волгай ляціць не цуг нямецкіх самалётаў, а вялікі пчаліны рой. Калі такія надзеі ў кагось і былі, то іх марнату цяжка ацаніць. Салдаты рэзка ўпалі долу. Некалькі «месершмітаў» абрынулі на нашу і на іншыя баржы кулямётны агонь. Я, як стаяў, так і застаўся на сваім месцы. Кулі раз’юшана свісталі побач са мной. «Дурніца! Кладзіся давай! Заб’юць жа!» – хтосьці закрычаў у мой бок. Але свінец па-ранейшаму абмінаў мяне – у той самы час, як у многіх маіх сутаварышаў забіраў жыццё.

Абстраляўшы баржы, самалёты скіраваліся ў напрамку прыстані, але не даляцеўшы датуль, развярнуліся. Было зразумела, што іх вяртанне проста так не пройдзе, і абстрэл паўторыцца. Не вагаючыся, я дастаў цацачны пісталет і прыцэліўся ў «месер», які набліжаўся да нас. Перш, чым нябачны мне нямецкі кулямётчык паспеў націснуць на гашэтку, я стаў бліскавічна ціскаць на цынгель дзіцячага пластмасавага пісціка, выпускаючы на волю дробныя шарыкі. Стройнымі чародкамі шарыкі паляцелі і ўдарыліся ў абшыўку нацысцкага сталёвага птаха, прабіваючы і разрываючы яе. Хапіла пяці секунд, каб варожы самалёт разваліўся на часткі, якія гучна плёхнуліся ў Волгу. Толькі тады на авіяцыйны налёт адказаў адзіны катэр аховы, што суправаджаў баржы. Але было позна – астатнія «месеры» зніклі ў смузе над Сталінградам.

Я адчуў цяпло ў далоні. Пісталет зусім расплавіўся, і мне давялося выцерці руку аб фальшборт. Тыя з чырвонаармейцаў, хто выжыў пасля налёту, замітусіліся вакол мяне. Чалавек у форме НКВД, які суправаджаў нас, выйшаў з-пад невялікай сталёвай павеці і загадаў мне здаць зброю. Салдаты адразу ж выбухнулі гневам і ўшчыльную падступілі да «сіняй фуражкі», патрабуючы не назаляць мне недарэчнымі прычэпкамі. Палкасць суправаджальніка прыкметна ачахла. Яго твар мне нагадаў твар гардэробшчыка з рэстарацыі «Арэса». Толькі гэты здаваўся значна маладзейшым.

– Лёгкіх наркотыкаў ці надзейных кантрацэптываў? – іранічна спытаўся я.

– Дык што ж, выходзіць, гэта ты ў Мінску восенню 1937 года паклаў канвой НКВД і пазбег расстрэлу? – задаў контрпытанне ён.

Пытанні павіслі ў паветры. Наша пасудзіна дабралася да правага берага Волгі. НКВДыст аддаў загад выбірацца. Ён заўважна пасмялеў. У яго голасе зноў з’явіліся выразныя ноткі нахабнасці. З насцярогаю я скочыў на зямную цвердзь і азірнуўся. Суправаджальнік чорнымі варонамі разляцеўся ў розныя бакі. Ніхто на гэта не звярнуў ніякай увагі. Салдацкая плынь бегла да пункту выдачы зброі. Афіцэр у масцы чумнага доктара тлумачыў праз «мацюкальнік» умовы ўзбраення: «Вінтоўка выдаецца адна на дваіх! Другі без вінтоўкі з ім! Калі першага з вінтоўкай забіваюць, другі падбірае яе і страляе!». Пачуўшы гэта, я згадаў словы прафесара пра крывавае ахвяраванне нятленным рэшткам лаўцоў сноў.

Я ўсведамляў, што пераважная большасць і тых, хто возьме зброю першымі, і тых, хто пойдзе ў зруйнаваны горад без вінтоўкі, чакае блізкая немінучая смерць. Аднак мне хацелася адцягнуць момант смерці хаця б аднаго з чырвонаармейцаў. Я наўмысна закешкаўся і на выдачы зброі мне нічога не дасталося. Ваяка, што ішоў паперад, азірнуўся і са шкадаваннем паглядзеў на мяне, быццам не яго, а маё жыццё мусіла скончыцца праз якую сотню крокаў. Убачыўшы маю бесклапотную ўсмешку, ён яшчэ болей сумеўся. Мне давялося махнуць яму рукой і кінуць яму пустое суцяшэнне: «Не бяры да галавы».

Подбегам мы набліжаліся да гарадскіх руінаў. Там адбывалася амаль бесперапынная страляніна, грымелі выбухі. Я хутка скеміў, што немцы білі з разяўленых вакон паўразбуранага чатырохпавярховіка, а іх гарматы і гранатамёты стаялі трохі далей – за крушнёю іншага прылеглага будынка. Каб зноў не выглядаць белай варонай, я прыгнуўся і перамяшчаўся ў гэтай паставе, быццам мне папраўдзе пагражалі варожыя кулі і снарады. Аднак нават тады, калі савецкіх салдат, што імчалі насустрач агню праціўніка, смерць касіла і ірвала на шматкі, я заставаўся жывым і здаровым. Запэцканы ў яшчэ гарачую кроў загіблых, я не губляў прытомнасці і рухаўся наперад, прыхапіўшы адну з асірацелых вінтовак.

У пэўныя моманты мне здавалася, што мой рух не мае ніякае мэты, што я бягу ў нікуды. Гэтае адчуванне дасягнула свайго апагею, калі пасля гадзіны набліжэння да чатырохпавярховіка, я застаўся практычна на тым самым месцы, з якога пачынаў. «Залюстроўе, ліха яго бяры», – прамовіла мая роспач. У тое самае імгненне страляніна і выбухі аціхлі. Я выразна пачуў гук рынгтона мабільніка Алісы. Мелодыя «Forgotten» Аўрыл Лавінь лунала сярод агню і руінаў Сталінграда. Для мяне яна стала і сігналам да дзеяння, і маяком. Я паімчаўся на гэты гук. Нямецкі снайпер узяў мяне ў прыцэл. Ён страляў і страляў мне ў галаву, аж пакуль яго гняздо не выкрыў, каб трапна расстраляць, адзін спрытны чырвонаармеец. На мне не было ні драпінкі. Рынгтон даўно змоўк, але я паспеў вызначыць каардынаты месца, адкуль ён далятаў. На ўласнае здзіўленне, я імчаў стрымгалоў, выбіраючы самую кароткую дарогу, нібыта добра ведаў сталінградскія вуліцы. Я сігаў між разбуранымі дамамі. Я саскокваў у сутарэнні і выскокваў з іх пад град нацысцкіх куляў, ад якога збочваў да чарговае руіны, дзе знікаў пад апалымі трохкутнікам плітамі перакрыццяў.

Урэшце я выбраўся да ацалелага фантана. Не, ён не струменіў. Яго цудоўная захаванасць палягала ў іншым: скульптурныя выявы хлопчыкаў і дзяўчынак, што вадзілі карагод вакол кракадзіла, насуперак бамбёжкам захаваліся амаль беззаганна. Я стаў на ўвесь рост і здранцвеў перад гэтым відовішчам. Не ведаю, што мяне паланіла ў скульптурах, але я стаяў, стаяў, стаяў і глядзеў, глядзеў, глядзеў. Я стараўся зразумець сэнс рытуальнага танцу дзяцей і значэнне, што надавалася кракадзілу ў ім. «Які пракаветны рытуал знайшоў пластычнае ўвасабленне ў самым цэнтры Сталінграду? А, можа, кракадзіл не толькі сімвалізуе хазарскіх лаўцоў сноў, але і служыць пасярэднікам між імі і недалучанымі да ісціны людзьмі?» – думаў, думаў і думаў я. Але ўсе мае роздумы былі марнымі, нібы кленічы закаханага перад дамай свайго сэрца, якая іх ні чуць, ні разумець не жадала. Здавалася, што кракадзіл вось-вось павернецца пашчаю да мяне, падыме лапу і пакруціць ля ўяўнае скроні або каменныя дзеці заспяваюць хорам:

Баласт гаўно пляскаў,

на ваду пускаў,

палонікам пераймаў,

сабе ў боршч затаўкаў.

Але кракадзіл заставаўся нерухомым, а дзеці маўклівымі. І толькі чарговы нямецкі снайпер скіраваў оптыку свайго прыцэлу на маю дурную патыліцу. Раптоўна зайграў знаёмы рынгтон, і я рэзка павярнуў галаву. Куля, якая не павінна была мяне нават зачапіць, балюча чырканула мне па шыі. «Нічога сабе непаражальнасць», – выраніў я і заскочыў за фантан. Цяпер мая ўласная кроў лілася па майму целу. Можна было ляжаць і ствараць меланхалічныя оды ў гонар болю і крывавай раны. Але я моцна сціснуў у руках вінтоўку і стрэліў ў вакно блізулеглае разваліны, дзе зіхцеў сонечны зайчык, які пускала варожая оптыка. Зайчык збег. Ці збег унівеч снайпер, мне было невядома. Я зняў з галавы пілотку, начапіў яе на кавалак арматурыны і падняў да ўзроўню бардзюра, каб падражніць верагодна жывога снайпера. Нулявая рэакцыя ў адказ дадала мне пэўнасці, што немец усё-ткі загінуў. Павагаўшыся, я стаў узнімацца. Снайпер ажыў і ўляпіў мне кулю ў перадплечча. Я застагнаў ад болю і бразнуўся на зямлю ўсланую кавалкамі цэглы, камення і целамі салдатаў абедзвюх варожых арміяў.

Я ўзрыхляў сваю свядомасць у надзеі адшукаць адказ на пытанне: чаму правілы гульні змяніліся без папярэджання, а я мушу пакутліва курчыцца пад дзіўным сталінградскім фантанам? Вуснамі і языком я дацягнуўся да раны, разлічваючы залізаць яе, як герой рамантычных паэмаў. Мяне чакала неймавернае адкрыццё – з раны тачылася не кроў, а ліпавы мёд. Я гучна засмяяўся, бо знемагаў ад козыту, які спараджаў мой шурпаты язык. Нямецкі снайпер пачаў страляць на мой смех. Але кожную з ягоных куляў перахоплівалі скульптурныя выявы дзяцей і закідвалі ў пашчу кракадзіла. Нехта яўна не жадаў, каб змена правілаў адбілася на маім здароўі.

Я падскочыў і пабег у той бок, адкуль кагадзе гучаў рынгтон. Снайпер анічуць не шкадаваў для мяне новых і новых куляў. Яны ўваходзілі ў маё цела, як нож у соты. Прадзіраўлены, я сцякаў мёдам, які адразу ж загойваў мне раны, што мне нават на імгненне не даводзілася адчуваць боль. Дзёрзкі смяшок раз-пораз вырынаўся з маіх вуснаў. Гэта не азначала поўнай адсутнасці страху. Я баяўся падумаць, што змагу спазнаць, калі чарговая куля лучыць мне ў галаву.

У недасяжным для снайперскага абстрэлу месцы я падабраў нямецкую каску і без найменшых хістанняў напяў яе сабе на галаву. Не ведаю, як я выглядаў звонку, але стаў пачувацца мішэнню і для нацыстаў, і для саветаў. Але наступная частка маёй дарогі выявілася збольшага спакойнай, калі, канечне, не мець на ўвазе маіх уласных насцярогаў. Я крочыў па доўгім вузкім праходзе між дзвюх абшарпаных сценаў без вокнаў. Напэўна, гэта былі руіны нейкіх прамысловых будынкаў. Але для мяне было важным толькі тое, што ні злева, ні справа ніхто не наравіў учыніць спробу зрабіць мне смерць. Удалечы на маім шляху стаяла нейкая драўляная канструкцыя падобная на браму.

«Брама? Як гэта сімвалічна», – пасміхнуўся я, працягваючы церабіць свой шлях. Аднак, чым меншай рабілася адлегласць, тым больш выразна вымалёўвалася сапраўдная карціна – я падступаў да шыбеніцы, якая была выкарыстаная па прызначэнні. Вяроўка з шыбенікам мерна гайдалася. Разгледзіць яго нейкі час не атрымлівалася з-за дыму, які валіў з боку будыніны, дзе ледзь расчытваўся надпіс «УНИВЕРМАГ». Дым змешваўся з туманам, якога не павінна было быць. Але ён быў і ў супольнасці з дымам рабіў сваю містычную справу.

З заміраннем сэрца я набліжаўся да шыбеніцы. Кожны новы крок мне даваўся складана з прычыны надакучлівых думак. Мне мярэсцілася, што на бэльцы гойдаецца Аліса. Калі б гэта было сапраўды так, то мне не засталося б нічога іншага, як разуцца, а потым прымудрыцца прытуліць рулю вінтоўкі сабе ў падбароддзе і вялікім пальцам правай нагі націснуць на цынгель. Зрэшты, меркаваны драматызм неверагодна скурчваўся, бо не было ніякай пэўнасці, што мой самастрэл здолеў бы выправіць сітуацыю на карысць паквітання з жыццём.

Падышоўшы да шыбеніцы, я нарэшце змог пераканацца, што мае самыя чорныя здагадкі не мелі пад сабой ніякага грунту. На вяроўцы боўтаўся жанчынападобны манекен. Да яго была прымацавана фанера з вельмі неахайным надпісам:

А я ўсё страляла,

А я так і знала,

Што для вызвалення

Гэта будзе мала.

Я нервова сплюнуў. Позірк слізгануў па адным са слупоў шыбеніцы. На ім быў выдрапаны надпіс: «Вераніка». Пакуль я змагаўся са збянтэжанасцю, згары мне на каску ўпала нешта зусім лёгкае. Я задраў галаву і ўбачыў, што на зверху на шыбеніцы сядзела сарока-варона. На маленькай газніцы ў маленькім чопе яна варыла грэцкую кашу і напявала песню:

Mit jedem Tag und jeder Nacht

Der liebe Nam’ gewinnt an Pracht.

– Ich bitte um Entschuldigung, – выбачаючыся, звярнуўся я да сарокі па-нямецку. – Ці не бачылі вы тут маладзенькай беларускай дзяўчыны Алісы Селязнёвай?

– Мы – сарокі-вароны – шмат каго бачым, – з гонарам прамаўляла яна. – Але ніхто з нас не абавязаны расказваць пра гэта ўсякаму ніякаму.

Птушка з важным выглядам размяшала змесціва чопа, зачэрпнула лыжкай кашы і пакаштавала яе.

– А хто тут усякі ніякі? – манерна абурыўся я. – Між іншым, з Веранікай, над якой вы зараз кулінарыце, мы добра сябравалі.

– Ты сябраваў з манекенам? – ухмыльнулася сарока-варона. – Дэбіл – ён і ў Сталінградзе дэбіл. З табой нават размаўляць няма пра што.

Я ўскінуў вінтоўку і стрэліў у газніцу. Сарочына размазня разляцелася на ўсе бакі. Сама ж кухарка страпянулася і з абурэннем закрычала:

– Пустадомак! Што ж ты нарабіў? Чым жа я дзетак буду карміць?

Падзьмуў неверагодна моцны вецер. Міжволі я схапіўся за слуп. А манекен на вяроўцы, тым часам, крутнуўся праз бэльку і ўдарыў сароку-варону. Яна ўпала да маіх ног і ціхенька крумкнула:

– Аліса ніколі не будзе тваёй.

Я не паспеў адчуць ні злабы, ні роспачы, як грымнуў яшчэ адзін стрэл. Снайперская куля разрэзала вяроўку, і манекен бухнуўся долу, падмінаючы пад сябе крылатую кухарку. Зрэагаваўшы на стрэл, я скочыў за бліжэйшую цагляную кладку і бачыў толькі тое, як балбатлівая, але незгаворлівая пташэнцыя пад цяжарам распалася на нулі і адзінкі. Мая рука пацягнулася туды і ўхапіла колькі нулікаў, каб шпурнуць іх у шырокую апусцелую вітрыну універмага. Думалася, што так можна будзе пераключыць увагу снайпера ад мяне і прымусіць яго выкрыцца. Аднак у выніку майго кідка пачуўся не банальны грукат, а сапраўдны выбух, накшталт гранатнага. Разам з ім пачулася руская лаянка, і ў адказ на мой кідок усчалася неўтаймоўная страляніна. Цяпер і чырвонаармейцы намагаліся накрыпаць мяне кулямі. Не жадаючы лішні раз выпрабоўваць лёс, я літаральна закапаўся ў зямлю проста за цаглянай кладкай. Агонь не спыняўся некалькі хвілін. Пулялі не толькі з дэфіцытных вінтовак, але і з трафейных аўтаматаў. Пулялі так, быццам сіліліся тым самым зніштожыць увасабленне сусветнага зла. Я ляжаў і амаль не рыпаўся ў сваёй схованцы, вычэкваючы спынення сяброўскага агню.

Страляніна не магла застацца па-за ўвагай немцаў. На вялікай хуткасці, зносячы сваёй магутнасцю шыбеніцу прымчаў нямецкі танк. Здавалася, што яго экіпаж меў дакладны план дзеянняў, а не проста імправізаваў дзеля красы ваеннага мастацтва. Рух танка суправаджаўся безупыннай кулямётнай стральбой па каробцы універмага. Баявая машына ледзь прыкметна скінула хуткасць. Гарматная вежа з элегантнасцю немаладой балерыны павярнулася ў кірунку вітрын. Гармата стрэліла, абваліўшы вялікую частку вонкавай і ўнутранай сценаў магазіна. Рускія перасталі страляць. Я быў перакананы, што іх група палегла пад цэглай і бетонам. Аднак, калі танк стаў манеўраваць, каб вярнуцца назад, з іншага крыла ўнівермага выбег хлапчыска. Ён без маруды сігануў да танка і трапна кінуў звязку гранатаў. Машына выбухнула і загарэлася. Танкісты спрабавалі ўратавацца, вылазячы з танкавага чэрава, але немінуча траплялі пад аўтаматныя чэргі таго самага хлапца і мёртвымі падалі на зямлю. На даху жылога дома ачомаўся нямецкі снайпер. Ён стрэліў у юнака. Той грымнуўся проста пад тракі.

Я цікаваў за ўсім, што адбывалася праз невялічкую адтуліну паміж дзвюма цаглінамі. Мне ўдалося засекчы месца перабывання снайпера і ўгаманіць яго. Падалося, што юны салдат паварушыўся. Стараючыся быць максімальна абачлівым, я рушыў да яго. Абачлівасць не застрахавала мяне ад статусу мішэні для новых снайперскіх гнёздаў. Фашысцкае снайпяр’ё зноў намагалася нарабіць ува мне дзірак. Ды гэтым разам іх намаганні не мелі ніякага плёну. Не, кулі не абляталі мяне. Але і не дзіравілі. Яны праходзілі скрозь мяне і ляцелі далей. Ні болю, ні іншых непрыемных адчуванняў ува мне гэта не спараджала. Галава закружылася ад нейкага падабенства эйфарыі.

Хлапец быў жывым. Убачыўшы на мне нямецкую каску, ён без развагаў падняў аўтамат і выпусціў чаргу проста мне ў твар.

– Цішэй ты. Гэта свае, – сказаў я яму, адчуваючы, што мой твар пакрываецца рабаціннем.

– Хіба ты не немец? – недаверліва папытаў той знаёмым мне голасам.

Я больш уважліва разгледзеў яго чорны ад сонца і бруду твар. Памылкі быць не магло. Перада мной ляжаў паранены ў плячо Грыша Стахіевіч.

– Не, Грыша, я не немец. Але і не рускі. Я тут з-за дзяўчыны, – нахлынула на мяне хваля празмернае шчырасці.

– Добра, што не немец, – гаварыў Стахіевіч, нібыта не заўважыў, што я назваў яго па імені. – Мы зразумелі: немцы не людзі. Слова «немец» для нас самы страшны праклён. Слова «немец» б’е з ружжа. Не будзем гаварыць. Не будзем абурацца. Будзем забіваць. Калі ты не забіў за дзень хаця б аднаго немца, твой дзень змарнаваны. Калі ты думаеш, што за цябе немца заб’е твой сусед, ты не зразумеў пагрозы. Калі ты не заб’еш немца, немец заб’е цябе. Ён возьме тваіх і будзе катаваць іх у сваёй шалёнай Нямеччыне. Калі ты не можаш забіць немца куляй, забі немца штыхом. Калі на тваім участку зацішша, калі ты чакаеш бою, забі немца да бою. Калі ты пакінеш немца жыць, немец павесіць рускага чалавека і зняславіць рускую жанчыну. Калі ты забіў аднаго немца, забі іншага – няма для нас нічога весялей нямецкіх трупаў. Не лічы дзён. Не лічы вёрстаў. Лічы адно: забітых табою немцаў. Забі немца! Гэта просіць старая маці. Забі немца! Гэта моліць цябе дзіця. Забі немца! Гэта крычыць родная зямля. Не прамахніся. Не прапусці. Забі!

Я моўчкі слухаў яго і перавязваў рану.

– Колькі немцаў ты сёння паклаў? – пацікавіўся ў мяне Грыша.

– Сто піццот, – машынальна ляпнуў я бязглуздзіцу на сеціўным слэнгу.

Мой адказ выклікаў у параненага нечакана бурлівую рэакцыю. Ён спрытна ўскочыў, заламаў мне руку, выхапіў з халявы свайго бота агромністы нож і, прыставіўшы яго лязом да маёй шыі, пагрозліва зашыпеў:

– На каго працуеш, сука?

– Тружданія моі зело велікі і неісповедімы, яко будь-якая бузіна ў гародзе істых памкненняў бязэцных разбойнікаў рэчаістасці, – быццам мантру калыханкавага кшталту, забубнеў я нешта самому незразумелае.

Слова ўзяў савецкі снайпер, які адправіў кулю проста ў нож. Верагодна, яго таксама, як і юнака збіў з панталыку мой галаўны ўбор, а ў склюд ён пацэліў з тым разлікам, каб падштурхнуць лязо і падарыць маёй шыі падвойную асалоду. Аднак склюд ад трапнага стрэлу разламаўся, а куля адспружыніла ў цела нямецкага танкіста, які толькі-толькі стаў падаваць прыкметы жыцця.

Грыша моцна збянтэжыўся, чым скарыстаўся я, ухапіўшы яго за руку і пацягнуўшы за танк, каб схавацца ад рускага снайпера. Ідэя была не самая лепшая, бо на тым баку нас мог сустрэць чарговы снайпер немцаў. Спадзевы на нябачнага апекуна-печалоўніка былі па-ранейшаму хісткімі, бо правілы гульні пастаянна змяняліся, і іх логіка не паддавалася ніякім прагнозам. Замест снайпера нас чакаў моцны кулямётны шквал. Мы паваліліся на зямлю. «Паміж молатам і кавадлам», – толькі і падумаў я. У тое самае імгненне ўсчаўся больш магутны вецер, чым зусім нядаўна. Гэтым разам ён падняў з зямлі клубы пылу. Пыл закруціўся ў віхуры і ўтварыў дзве сцяны па абодва бакі ад танка. Чамусь я адразу скеміў, што кулі не маглі прабіць пылавую браню. Своеасаблівы калідор раскінуўся на дзесяткі метраў наперад аж да разбуранае шыбеніцы. Я таргануў асалавелага Грышу, і мы шпарка пабеглі па гэтым калідоры.

49.

Пачалася моцная залева. Ад яе не было ніякага ратунку. У лічаныя секунды і я, і Стахіевіч вымаклі да самай апошняй ніткі. А дождж нават не збіраўся сканчацца.

– Вось было б добра, каб залева доўжылася да самага канца вайны, – пратрызніў юнак.

– Вайна так хутка не скончыцца, – запярэчыў я. – Неўзабаве позняя восень, а значыць – пачатак зімовай халадэчы. Як ты сабе ўяўляеш: снег, лёд, мароз пад мінус сорак і бясконцыя водныя плыні з продухаў нябесных?

– Вельмі лёгка ўяўляю, – спакойна адказаў мой спадарожнік.

– Зрэшты, і мне гэта лёгка ўявіць, – пачухаў патыліцу я. – Пасля ўсяго перажытага грэх дзівіцца нейкім прыродным анамаліям. А ўвогуле будзе да чорцікаў крыўдна, калі ўратаваўшыся ад куляў, мы падхопім прастуду.

– Не падхопім. Тут ёсць адзін схоў, дзе можна да часу стаіцца, каб абагрэцца і паесці.

Грыша падаўся да руінаў жылога будынка, дзе яшчэ віднеліся аплаўленыя часткі каркасаў жалезных ложкаў. «Стой! Хто ідзе?!» – выкрыкнуў нябачны вартавы. Хлапец у адказ прамовіў словы старажытнага кітайскага мудраца: «Цемра рэчаў выходзіць з драбнюткага насення і ў яго вяртаецца», і нас прапусцілі ў сутарэнні, якія служылі і казармай, і шпіталем, і клубам. Маладая санітарка вельмі падобная на Касю Вядзёркіну паспяшалася раскрытыкваць мой спосаб перавязкі раны і зазбіралася пацягнуць параненага кудысь далей. Аднак Стахіевіч не зусім далікатна адпрэчыў яе заклапочанасць, абвяшчаючы, што тымі бінтамі, якімі яго перавязаў я, можна было спакайняк звязаць між сабою захад, усход і поўдзень. Мне цяжка было зразумець гэты пасаж, дый я надта і не намагаўся, выглядваючы месцейка, дзе лепш прытуліцца. Грыша махнуў рукой і павёў мяне ўглыбкі, як выяўлялася, вельмі разгалінаваных падземных камунікацый. Па дарозе мы сустракалі ляжанкі з параненымі, што чаргаваліся з пасядзелкамі салдат, якім пашчасціла ацалець у вулічных баях. І чым цяжэйшым быў стан параненых, тым цішэй гаманілі ацалелыя.

Урэшце мы прыйшлі ў прасторнае памяшканне, дзе ішоў сціплы салдацкі баль. Чырвонаармейцы прыкончылі сваю дзённую норму спіртусовага і паглыналі тушаніну. Тыя, хто паспеў зрабіць і тое, і другое, танчылі з санітаркамі і сувязісткамі пад гукі гармоніка. Гарманіст самазабыўна ўрэзваў польку і, заплюшчыўшы ў аднаму яму вядомай асалодзе вочы, спяваў:

Как ныне сбирается вещий Олег.

Отмстить неразумным хазарам.

Их сёла и нивы за буйный набег.

Обрёк он мечам и пожарам.

Стахіевіч раз-пораз вітаўся. Малодкі падміргвалі яму. Я стараўся не глядзець на іх, бо ўсе прадстаўніцы прыгожага полу былі на адзін твар – быццам нехта ўзяў і памножыў усё тую ж Касю Вядзёркіну.

Мы дабраліся да печкі-буржуйкі, якая дыміла ў чорную адтуліну пад столлю. Грыша без цырымоніяў скінуў з сябе мокрую вопратку і развесіў яе ля печкі. Я засаромеўся.

– Вайна на дварэ, а ты, бляха-муха, баішся торс агаліць! – паўшчуваў ён мяне.

Давялося паверыць і скіравацца ягоным прыкладам.

Пакуль я вазёкаўся з мокрымі трантамі, юнак паспеў некуды схадзіць і вярнуўся з двума бляшанкамі тушаніны, паловай бохана чорнага хлеба і конаўкай са спіртам. Неверагодны голад апанаваў кожнай маёй вузачкай. Мы селі на збітую са зламанае шафы лаўку і прытуліліся да сцяны, на якой вісеў усходні кілім.

– За перамогу! – сказаў Стахіевіч, добра адсёрбнуў з конаўкі і перадаў яе мне.

Я пачуваўся так, нібы гэтымі няхітрымі дзеямі далучаюся да нейкага таемнага рытуалу.

– За нашу перамогу! – выціснуў з сябе я тост і дапіў рэшту змесціва конаўкі.

На яе дне заўважылася гравіроўка ў выглядзе змяі, якая кусае свой хвост. Я паматляў галавой і зірнуў на дно яшчэ раз. Нічога незвычайнага там не было. Пахі ялавічыны і хлеба казыталі мне нос. З пачуццём касмічнае радасці я ўзяўся за ежу. Кожны кавалак тушанага мяса здаваўся верхам кулінарнага мастацтва. Кожны кавалачак хлеба быў саладзейшым за любое пірожнае свету – без увагі на тое, да якой рэчаіснасці гэты свет належаў.

Нейкі час мы сядзелі моўчкі. Мне думалася, што так будзе прынамсі да завяршэння трапезы. Аднак раптоўна Грыша перарваў маўчанне:

– Яна не будзе тваёй, нягледзячы на ўсе твае чароўныя асаблівасці.

– Хто? – ледзь не падавіўся я.

– Аліса ніколі не будзе тваёй, – ледзьве не па складах прагаварыў ён. – Ты дарэмна сюды прыехаў. Толькі настрой сабе сапсуеш. Такі герой, а дзяўчына нарэшце дастанецца іншаму. Як у кепскай казцы рэпрэсаванай Шахеразады.

Працягваючы смакаваць франтавыя далікатэсы, я нават не стаў паварочваць галавы да суразмоўцы, быццам наперад ведаў і ягоны выраз твару, і адметнасць бляску ягоных вачэй.

– І каму ж яна дастанецца? Ці не табе? – пацікавіўся я, рыхтуючыся пачуць словы ў пацверджанне.

– Не, не мне, – хлапец адразу ж адцяў мае здагадкі. – Ёсць тут адзін сяржанцік… Вось з ім яна і будзе танчыць вальс. Дакладней, ужо танчыць. Дык навошта ёй зараз і ты, і я? Мы можам быць толькі лёгкім ценем яе веек на ўскрайку дарогі ісціны, дзе б’юцца два варожыя войскі, якія ўпарта пазбягаюць чаканняў.

– Мне без розніцы, хто ўзяў у палон яе сэрца, – не падзяляў пафас безнадзейнасці я. – Хоць сяржант, хоць генерал, хоць губернатар вострава Барнэа – кожны ўспрымаецца мною як асабісты вораг. З кожным я буду змагацца да таго часу, пакуль Аліса не расплюшчыць вочы і не скажа мне: «Як жа я цябе кахаю».

– Які ж ты дурны! – усхадзіўся Грыша. – Няўжо ты не разумееш, што ўсё гэта наканаванасць? Без цябе і без мяне даўно вырашана тое, хто з кім будзе і ці будзе ўвогуле. Называй гэта хоць боскім промыслам, хоць матрычным каромыслам – усё адна трасца! Кожны наш крок прадвызначаны, кожнае наша слова загадзя прапісана. У нас няма свабоды. Калі нехта ў свеце і адчувае сябе свабодным, то толькі таму, што вышэйшыя сілы яму гэта наканавалі. Але ў пераважнай большасці выпадкаў мы сапраўдныя рабы наканаванасці. Алісе наканавана быць з іншым, і так будзе, хоць ты хвастом круці ці хадзі на руках.

– У мяне іншы погляд на ўсё гэта, – не жадаў пагаджацца нават у дробязях я. – Калі нешта нам і навязваецца, як ты сказаў, вышэйшымі сіламі, дык гэта ўяўленне пра наканаванасць. Рэч у тым, што, якімі б магутнымі не былі нашы творцы, прадвызначыць усе нашы дзеянні яны папросту не ў змозе. А калі так, то ім лепш за ўсё праводзіць метадычную прамыўку нашых глуздоў з мэтай пераканаць нас у поўнай залежнасці ад пісаніны невідочных сцэнарыстаў. Насамрэч ніякай наканаванасці няма. Ёсць бясконцы шэраг варыянтаў нашых дзеянняў. І вось ад нашага выбару жыццё і залежыць. Ты ўпёрся ў сцяну і здаўся, бо верыш у наканаванасць. Я ўпёрся ў сцяну і шукаю спосабы яе пераадолець, бо веру ў свабоду выбару.

– А што калі твая свабода выбару сутыкнецца са свабодай выбару Алісы? Якімі сродкамі ты, кахаючы Алісу, зможаш змяніць яе каханне да іншага чалавека? Ты збіраешся змагацца за каханне? Дапусцім, што наканаванасці няма. Як тады выглядае тваё змаганне? Га? Яно выглядае запозненым торганнем няўдачніка, які спрабуе разбурыць шчасце шчаслівай парачкі! І перш за ўсё з цябе будзе смяяцца яна. Твае ўчынкі ў першую чаргу будуць раздражняць яе. Ты будзеш змагацца за яе каханне, а яна цябе будзе за гэта ненавідзець ці лічыць глумачком.

– Так, падобныя сітуацыі часцяком сустракаюцца. Напэўна, ад нерашучасці змагання і думкі пра наканаванасць паразы. Але я ўпэўнены, што мы з Алісай створаныя адно для аднаго, і мне проста трэба зрабіць колькі высілкаў, каб скінуць з дарогі нашага кахання кардонна-фанерныя фігуры, накшталт таго сяржанта, якога ты кагадзе прыгадаў.

– Твая асліная ўпартасць годная анекдотаў Хаджы Насрэдзіна, – неспадзеўкі Грыша загаварыў з усходнім акцэнтам. – Калі хочаш ісці да іх, то бяры карамультук, жменьку гранат і ідзі. А я з табою не пайду, бо зведаў на сваёй шкуры ўсе радасці бясплённай барацьбы за каханне.

Ён падняў руку, пашныпарыў за кілімам, дастаў з-за яго маленькі аркушык і працягнуў яго мне:

– Вось. Тут адрас дома і план, як адсюль да яго дабрацца. І не слухай ты рынгтонаў. Гэта пасткі. І яшчэ. Дзякуй, што не кінуў мяне каля танка.

Забіраючы паперку, я вінавата пасміхнуўся.

50.

Сонца ў Сталінградзе не заходзіла. Яно вісела ў небе за куродымам ад пажарышчаў, які ўсё не знікаў. Яно пякло так, як толькі магло пячы. Прабіраючыся сакрэтнымі сцежкамі, намаляванымі на абрыўку паперы, я адчуваў, як пот струменіць па спіне, сцякаючы ніжэй і ніжэй. Ад гэтага рабілася мулка, а пафас маёй мэты раставаў, нібы кубік цукру-рафінаду пад салёнай кропляй. Нырцуючы па развалінах, я міжволі задаваўся апартунісцкім пытаннем: а ці трэба мне наогул ісці ў той дом аблспажыўсаюза, што знаходзіцца па адрасе «вуліца Пензенская, 61»? Адказам на яго была песня «Forgotten», што пачынала гучаць зусім у процілеглым баку ад маршрута, якім я старанна кіраваўся. На нейкую хвіліну мяне зацягвала ў дарэмнае ваганне. Але якое б чароўнае ўздзеянне ні меў на мяне рынгтон, я рукамі адмахваўся ад яго і ішоў на Пензенскую.

На подступах да плошчы імя 9-га Студзеня, на якую выходзіў патрэбны мне дом, даводзілася ўспомніць пра ўсе небяспекі, што тоўпіліся на сталінградскіх вуліцах, і пра пракудную зменлівасць правілаў. Мяне так і не адарылі здольнасцю прадчуваць парадак зменаў, і я па-ранейшаму рызыкаваў атрымаць кулю, якая канчаткова ўклала б мяне долу на радасць лаўцоў сноў і двоечнікаў з паралелі восьмых класаў.

На плошчы адбывалася тое, што было ўласціва іншым мясцінам Сталінграда. На адным яе краі стараліся ўмацавацца немцы, на іншым – саветы. Лішне казаць, што між імі пастаянна адбываліся перастрэлкі. Стрэлы былі чутныя і з паўразбуранага чатырохпавярховага дома, па якім ні з аднаго, ні з другога краю плошчы агонь не вёўся. Ува мне шугануў яркі ўспамін, што тлумачыў гэтую акалічнасць: першы паверх быў заняты нацыстамі, вышэйшыя – чырвонаармейцамі. Менавіта сярод апошніх і павінна была знаходзіцца Аліса. Я напружыў слых, жадаючы ўчуць хаця б слабое водгулле яе гаманы ці смеху. Не атрымлівалася.

Я шалянічна разважаў, у які спосаб можна будзе збольшага бяспечна прабрацца да мэты маёй місіі. Раптоўна з чатырохпавярховіка пачулася музыка. Стрэлы аціхлі, як і не было. Дом і плошча ўраз замёрлі, ловячы гукі, што ірваліся на волю з-пад іголкі грамафона. Вальс. Гэта быў вальс. Вальс, якога не магло быць тады. Але ён быў. Ласкавы і пяшчотны, як прыручаны звер. Ён свавольна лунаў над руінамі, каб бесперашкодна сягнуць вышэй за дым і з’яднацца ў пацалунку з самім сонцам.

Па размытых потам дарогах маёй спіны пабеглі орды мурашак. З вакна трэцяга паверха ўдарыў яркі прамень. Спачатку мне здалося, што гэта пражэктар. Але бакавы зрок злавіў дзіўную гульню ценяў проста за мною. Гатовы скарыстаць вінтоўку, я жвава павярнуўся і ўбачыў, што на вялікую цагляную сцяну, што захавалася ад зруйнаванага будынку, праецыруецца чорна-белая кінахроніка. Я ўражана ўзіраўся ў карцінку, дзе сінхронна з гукамі вальса кружыліся вайсковец і паненка ў сляпуча белай сукенцы. Гэты эпізод падаўся мне вельмі знаёмым. У паненцы мне бачылася то Вольга Чэхава, то Любоў Арлова. І толькі, калі вальс мінуў свой кульмінацыйны пункт, я нарэшце зразумеў, што на цагляным экране Аліса Селязнёва. Хто быў яе кавалерам, сумневаў не ўзнікала. Прымусіўшы сябе адарвацца ад незвычайнага кінавідовішча, я паімчаўся да «Пензенскай, 61».

Бегаць так хутка мне ніколі ў жыцці не даводзілася. На фінішнай лініі я па праву мог узяць сабе псеўданім Мук Скараход, калі б не камень-спатыкач, што вырашыў абазваць мяне інакш – Жах Сракапад. Зачапіўшыся за гэты камень, я бразнуўся вобзем і па інерцыі кулём пакаціўся ў прылеглую да запаветнага дома варонку. Нейкі час я не мог паварушыцца ад вычварнага мікса з болю, крыўды і нянавісці. Мне трызнілася, што варонка вось-вось будзе закапаная пры дапамозе жоўтых танкаў з прымацаванымі наперадзе металічнымі пласцінамі, як у бульдозераў, а я, апынуўшыся пад зямлёй, сустрэнуся з нятленнымі рэшткамі лаўцоў сноў. Але танкі не ехалі. Мяне ніхто не заўважыў. Ці зрабіў выгляд, што не заўважыў. Вальс скончыўся. Прамень кінапраектара згас. Варожыя бакі, не марудзячы, аднавілі стральбу.

Я пачуў смех Алісы. Такі выразны і блізкі, што аж заняло маё – і без таго няпэўнае – дыханне. Спешна перавярнуўшыся на жывот, я падцягнуў да сябе вінтоўку і папоўз угару. Неўзабаве завіднелася чарнота вакна, на дне якой ледзь прыкметна варушылася постаць у нямецкай ваеннай форме. Я рэзка падняўся, імгненна прыцэліўся і адправіў кулю па постаці. Тая ўпала без енку, але гэта не засталося па-за ўвагай астатніх немцаў. Не доўга разважаючы, я кінуў у вакно дзве гранаты, а сам тым часам кінуўся на зямлю, каб убяспечыцца ад аскепкаў. Гранаты выбухнулі адначасова. Сцены задрыжалі, але вытрымалі. Праз вокны паляцелі пыл і друз. Пачуліся стогны параненых немцаў і недаўменныя выклікі рускіх з вышэйшых паверхаў.

Па тым, што пасля выбухаў не прагучала ніводнай звязнай нямецкай фразы ці пагатоў каманды, я зрабіў выснову – група немцаў ліквідаваная. З нямецкага боку плошчы на мяне звярнулі звышпільную ўвагу. Два ці нават тры снайперы колькі хвілін не дазвалялі мне падняць галавы. Чырвонаармейцы, якія згодна з маімі разлікамі таіліся на трэцім і чацвёртым паверхах, у тыя самыя хвіліны маўчалі. Напэўна, разважалі, як дзейнічаць далей. Неўзабаве яны адкрылі агонь па снайперскіх гнёздах. Як толькі гэта мне стала зразумела, я шпарка падхапіўся і сігануў у вакно.

Першы паверх быў усланы трупамі нямецкіх салдат. Я прымусіў сябе агледзіць кожны закутак і пераканацца, ці не застаўся хто жывым. Жывых не знайшлося. На ўнутранай сцяне былі выдрапаныя два надпісы. Адзін па-руску: «ВЫХОДА НЕТ», а другі па-нямецку: «FORTSETZUNG FOLGT». Было бачна, што рускі надпіс спрабавалі зацерці, але гэта не атрымалася. Не думаючы пра сэнс напісанага, я рушыў да лесвіцы. Праход на другі паверх быў заблакаваны.

– Адчыняйце сенцы, – крыкнуў я.

– Хто ты такі? – спыталі мяне ў адказ.

– Чырвонаармеец Эрнест Баластоўскі, – не без бравурнасці ў голасе назваўся я.

– Што ты хочаш?

– Пагутарыць з вашым сяржантам.

– Сяржант Паўлаў наказаў гнаць цябе ў тры каркі. А калі не захочаш сыходзіць, то загадаў застрэліць. Ён падазрае, што ты правакатар. Так што валі адсюль, пакуль ногі носяць.

Тон і змест размовы не падабаўся мне ані трохі.

– Я не правакатар. Я па Алісу… – толькі і дазволіў сказаць мне нябачны суразмоўца, пусціўшы чаргу з нямецкага аўтамата праз нагрувашчанне мэблі.

Мне ледзьве ўдалося адскочыць. Адна з куляў зачапіла левае плячо, прабіўшы неглыбокую баразну. «Японскі гарадавы!» – да неймавернасці сказіў я ў сваім крыку творчасць Басё і схапіўся за пякучую рану, адкуль шчодра струменіла кроў. З другога паверха працягвалі страляць, быццам да іх прыйшоў самы люты і ненавідны вораг, а не такі ж самы баец Чырвонай Арміі, як і яны. Я мусіў страляць у адказ. Калі патроны ў маёй вінтоўцы скончыліся, я вярнуўся на першы паверх і прыхапіў «шмайсэр» ды нашчадраваў у забітых фрыцаў з дзясятак ражкоў з патронамі. За вакном бліснула чародка немцаў, што няроўным цугам набліжалася да дома. Падначаленыя сяржанта Паўлава заўважылі іх тады ж, бо ўжо праз імгненне ўзяліся вынішчаць адзіночнымі прыцэльнымі стрэламі. Подбегам я вярнуўся да заблакаванага праходу на другі паверх.

На лесвічнай пляцоўцы ляжала колькі цаглін. Я падняў адну і стаў шалёна ламаць першую чаргу «умацаванняў» – прыбітыя цвікамі дошкі. Магчыма, першапачаткова яны і вызначаліся трываласцю. Але на той момант яны выглядалі ладна патрапанымі, і я хутка зрабіў у іх пралом. Чырвонаармейцы, дарма што змагаліся з чарговай нямецкай групай, не прамінулі шум, што ішоў ад дзвярэй. Я пачуў, як нехта аддае загад любой цаной трымаць праход. Гэта яўна быў сяржант Паўлаў. Але ж яго голас быў такім знаёмым, што мае глузды закіпелі ад немагчымасці адразу прыгадаць, каму той голас належыць. Секунды закіпання хапіла на тое, каб на плячы з’явілася яшчэ адна крывавая баразна. Я скурчыўся ад болю і ўпаў проста каля праходу. Магчыма, гэта ўратавала мяне яшчэ ад колькіх куляў.

Не зважаючы на сваё становішча, я пазіраў на барыкады з шафаў, камодаў, крэслаў і іншага мэблевага абсталюнку ў надзеі знайсці спосаб прабіцца праз гэтыя перашкоды. З нямецкага боку дружна ўдарылі мінамёты. Мне нельга было нічога зрабіць, адно шчыльней прытуліцца да падлогі і прыкрыць галаву рукамі. Я чуў, як падала цэгла і кавалкі плітаў, бурылася лесвіца. Мяне ж толькі прысыпала друзам і пылам. Калі абстрэл скончыўся, я неахвотна прыўзняў галаву. Выявілася, што вялікую частку будынка проста зрэзала, а я апынуўся амаль на вуліцы, лежачы на выступе, які ўтварыўся і цудам ацалеў, калі астатняя частка лесвічнай пляцоўкі абрынулася ўніз. Разбураная сцяна шчодра адкрывала дарогу на другі паверх. Я падняўся і скокнуў туды.

Салдаты з групы Паўлава ніяк не зрэагавалі на маё перамяшчэнне. Іх не было ні відаць, ні чуваць. У напружанасці я шчоўкнуў замком аўтамата, рыхтуючыся да сур’ёзнага процістаяння. Невыразны шоргат пачуўся недзе ў канцы калідора. Праходзячы міма пустых дзвярных праёмаў збаёданых кватэр, я быў гатовым адбівацца ад нападу. Але ніхто не нападаў. Я ўвайшоў у апошнюю кватэру і адразу ж угледзеў шырокую адтуліну ў столі. Адступіўшы ў самы цёмны куток, я стаў нягучна насвістваць. Думаў, што так змушу сваіх нечаканых праціўнікаў выдаць сябе. У адказ чулася толькі цішыня. Ні скрыпу, ні рыпу, ні сопату, ні хропату. «Калі яны не пільнуюць там мяне, то трэба дзейнічаць», – падумаў я, падсунуў пад адтуліну стол, ускочыў на яго, учапіўся рукамі за пліту, падцягнуўся і ўскараскаўся на трэці паверх.

Асцярожна я выйшаў на калідор. На яго другім канцы нехта стаяў. Той нехта, убачыўшы мяне, націснуў на цынгель аўтамата. Мне давялося зрабіць тое ж самае. Мы стралялі і стралялі адзін у аднаго, паспешліва мяняючы апарожненыя патронныя ражкі на поўныя. Я адчуваў, як да ранейшых ранаў дадаваліся новыя – больш балючыя, больш крывавыя, больш небяспечныя. Але мая ярасць была нагэтулькі сляпой, што я, хаця і разумеў свой боль, але не адгукаўся на яго сігналы. Неўзабаве аўтаматы змоўклі. Адначасова.

– Ідзі адсюль, – крыкнуў мне мой праціўнік тым самым знаёмым голасам.

– Я пайду адсюль толькі з Алісай, – адказаў я.

– Калі не пойдзеш проста так, то панясеш з сабою дзірку ў галаве, – гразіўся той.

– Пустое выхвалянне. Калі ты такі герой, то хадзі сюды і паспрабуй забіць. Думаю, што ні халеры ў цябе з гэтага не выйдзе, – мне не заставалася іншага варыянту, акрамя як дражніць яго.

– Выхваляешся і бравурышся тут толькі ты, дый тое ад недасведчанасці. А вось я – сяржант Паўлаў – наперад ведаю кожны твой хітрык. Ты яшчэ толькі паспрабуеш уявіць тое, што захочаш зрабіць, а мне ўжо гэта вядома. Бо гаспадар тут я, а не ты.

– Ці не лаўцом сноў ты сябе ўроіў, сяржанцік? – напоўніў я сваё пытанне максімальнай колькасцю з’едлівасці.

– Ты ж прафан ад галавы да пятак, – незадаволена прамовіў Паўлаў. – Няма ніякіх лаўцоў сноў. Тыя, каго некаторыя з людзей гэтым словазлучэннем называюць, насамрэч з’яўляюцца праграмным ўвасабленнем кагось з удзельнікаў каманды падтрымкі. Разумееш? Support team. І я адзін з іх.

– Ды мне па шчырасці начхаць хто ты такі! – не стрываў я. – Калі ты можаш мяне спыніць, то вазьмі і спыні. Інакш я проста наб’ю табе морду. За твае панты, за Алісу і за чорна-белае кіно.

Не раздумваючы, я рушыў да Паўлава.

– Стой, глумак! – закрычаў ён. – Навошта ты ўсё псуеш? У цябе ёсць шанец застацца жывым. Няўжо ты не хочаш ім скарыстацца?!

Я не збіраўся адказваць і працягваў набліжацца да яго. Сяржант махнуў рукой, і колькі метраў падлогі паміж намі правалілася.

– Ааа, дык ты Гары Потэр? Зараз табе будзе магія вулічных баёў, – злавесна ўхмыльнуўся я і скочыў праз правал.

Сяржант шмыгнуў у бліжэйшыя дзверы і праз адтуліну ў столі сігануў на чацвёрты паверх. Я скіраваўся следам за ім. Але падлога калідора чацвёртага паверха абвалілася. Я высунуў галаву ў дзверы, каб навочна пераканацца ў маштабах разбурэння. Я быў упэўнены, што мой праціўнік разбурыў падлогу, уцёкшы ў апошнюю кватэру на процілеглым канцы. Але раптоўна на маёй шыі самкнуліся дужыя рукі. Паўлаў стаяў дагары нагамі на столі калідора і намагаўся ці то прыдушыць мяне, ці то наагул адарваць голаў. Я ўчапіўся рукамі ў ягоныя плечы і зрабіў маланкавы паднос ног. Мыскі маіх ботаў ударылі нападніку ў пахвіну. Ён адразу адпусціў маю шыю, прытуліўшы рукі да ўлоння, якое мусіла неверагодна балець. Скарыстаўшыся гэтым, я тузануў яго за плечы і зацягнуў у кватэру.

Паўлаў курчыўся ад болю.

– Паскачы на адной ножцы, – літасціва параіў я, упершыню разглядаючы суперніка ў мінімальнай блізіні ад сябе.

Яго твар быў мне знаёмым. Мая рука пацягнулася ў кішэню, дзе ляжала фатаграфія Алісы ў абдымку з Дзімам.

– Гэта ты? – збянтэжана спытаў я ў сяржанта, паказваючы здымак.

– А хіба ты не ведаеш, – агрызаючыся, смальнуў ён і паспрабаваў збіць мяне з ног.

Я асеў на падлогу, але сіліўся трымаць сітуацыю пад кантролем. Таму без маруды, седзячы, стаў біць Паўлава кулакамі па твары. Ён намацаў на падлозе каля сябе кавалак цагліны і вострым канцом ударыў мяне ў скронь. У вачах маіх пацьмянела. Кроў непрыемна заказытала шчаку ды шыю, сцякаючы за каўнер.

– Муся, што здарылася? З табой усё добра? – загукала Аліса з супрацьлеглага краю калідора.

Сяржант вытыркнуўся ў дзверы і прытарна засюсюкаў у адказ:

– Так, зая, са мной усё добра. Але будзе яшчэ лепш, калі ты кінеш мне пісталет.

Селязнёва так і зрабіла. Прынамсі, праз хвіліну мой праціўнік стаяў нада мной узброены і прасіў, каб я чытаў развітальную малітву.

– Не прыпамінай жа галасоў малітвеннікаў тваіх, бо пыха тых, каторыя цябе ненавідзяць, ку гары ідзець заўжды, – залепятаў я па-старабеларуску.

Паўлаў задаволена ўсміхнуўся, наставіў рулю пісталета мне проста ў лоб і без павучальных каментараў націснуў цынгель. Я вельмі выразна чуў, як спрацоўваў механізм, і спадзяваўся толькі на чарговую змену правілаў гульні. Стрэл не грымнуў.

– Чорт пабірай! Сраная асечка! – раззлавана выгукнуў мой кат.

За вакном зашалясцеў дождж, і сяржант міжволі зірнуў туды. У тое ж імгненне вада хлынула са столі. Ён толькі і паспеў падняць галаву ўгару, як столь склалася напалам і лінія згіну апынулася на падлозе, ізаляваўшы нас адзін ад аднаго. Супернік замітусіўся, стаў нешта крычаць, лаяцца, страляць па пліце, не баючыся рыкашэту. Але мне не было куды ўцякаць. Я разгледзіўся. Нічога такога, што дапамагло б мне вызваліцца не было. Але нешта з інтэр’еру мяне раздражняла настолькі, што ў мяне пачалося дэжавю. Я зноў пакруціў галавой і зразумеў прычыну майго раздражнення: на сцяне вісеў плакат з дзвюма ўдарніцамі сацыялістычнай працы, якія заклікалі: «Даешь стране угля!». Ва ўдарніцах пазнаваліся абліччы Арыны і Мілы. Але чамусь гэтым разам агляд плаката не даваў выратавальнага эфекту. Нідзе ніякіх дзвярэй і блізка не было.

– Муся, табе патрэбныя гранаты? – пачуў я голас Алісы, звернуты да сяржанта.

– Так, зая. Вельмі патрэбныя. Нясі іх сюды. Старайся ісці па столі ці па сцяне. Трэба дакончыць гэтага гада, – тлумачыў дзяўчыне той.

Перспектыва быць разарваным на шматкі анічуць не цешыла. У роспачы я каторы раз утаропіўся на плакат з надпісам: «Даешь стране угля!». «Да чаго тут вугаль?!» – не разумелася мне.

– Мусечка, я ўжо блізка, – апавяшчала свайго жанішка Аліса, прымушаючы мяне яшчэ больш нервавацца.

Я сарваў плакат са сцяны, скамечыў, шпурнуў на падлогу і толькі тады заўважыў, што там ляжаў кавалак вугалю для малявання. Я ўхапіўся за яго, як тапелец ухапіўся б за брытву ці іголку. Павярнуўшыся да пліты, я ліхманкава накрэмзаў на ёй дзверы, адчыніў іх і пакінуў Сталінград. Апошняе, што мне пачулася, былі ласкавыя словы Паўлава адрасаваныя Селязнёвай: «Ну, што, зайка? Разбомбім на хер гэтага підара?».

51.

Пахмурны, быццам усе хмары часоў сусветнага патопу, я стаяў у спартовай зале сярод настаўнікаў і не разумеў, што адбываецца. Толькі праз хвіліны хваравітага ўслухоўвання ў словы вядоўцаў прыйшло разуменне, што ідзе школьнае мерапрыемства, прысвечанае дню абаронца Айчыны. Старшакласнікі маршыравалі і выконвалі песні, якія лічылі патрыятычнымі. Мяне трохі хістала, але я стараўся трымацца, са здзіўленнем прыкмячаючы на сабе белы верх і чорны ніз. Аднак значна большае здзіўленне агарнула мяне тады, калі колішняя выдатніца ГТО Рагнеда Іванаўна Андрамедава на пару з палкоўнікам Іскаліевым абвясцілі аб удзеле ў конкурсе 11 «А» класа.

«Хто? Хто іх прымусіў?» – у думках запытваўся я, разглядаючы шыхт хлапцоў майго падапечнага класа. Камандзірам быў Грыша Стахіевіч. Мне ледзьве ўдалося стрымаць пакутлівы енк.

– Каманда вучняў 11 «А» класа «Чырвоны пясок» прадстаўляе вашай увазе народную песню «Родны камандзір», якую рабяты ў рамках даследчыцкага праекта запісалі ад доўгажыхара нашага горада ветэрана трох войнаў і дзесяці лакальных канфліктаў Генрыха Сулейманавіча Іванова, – урачыста прамаўляла Андрамедава.

– Пажадаем мужчынам 11 «А» класа поспеху, бо поспех не можа іх абмінуць па той простай прычыне, што іх класным кіраўніком з’яўляецца сапраўдны мужчына, які выконваў ганаровы абавязак па абароне нашай сінявокай Бацькаўшчыны! Так трымаць мужыкі! – пафасу з коптурам дадаў Давыдавіч.

Сотні поглядаў скіраваліся ў мой бок. Я сціпла патупіў вочкі, каб тут жа падняць іх і сачыць за абяцаным поспехам 11 «А». Стахіевіч аддаў колькі камандаў. Хлопцы выканалі парачку шыхтавых практыкаванняў і падрыхтаваліся да выканання песні.

– Клас! Песню запя-вай! – скамандаваў Грыша, вымаўляючы апошняе слова як «запівай».

Пеця Андропаў зацягнуў песню, а астатнія падхоплівалі два апошнія радкі кожнага куплету:

Эх, наш родны камандзір!

Дзе ён толькі не хадзіў!

Ходзіў там і ходзіў сям

На пагібель урагам!

А наш родны камандзір

Быў заўсёды неўязвім:

Куляй біт і шабляй біт,

Нюхаў нават газ іпрыт!

Ой, наш родны камандзір

Сто напасцяў атразіў.

Шабляй сёк, канём таптаў,

А шчэ з «маўзера» страляў.

Раз наш родны камандзір,

Ў пастку, праўда, угадзіў.

Адбіваўся дзесяць дзён,

Дзесяць ран адзержыў ён.

Ды наш родны камандзір,

Ён вабшчэ непабядзім.

Трапяшчы пракляты ўраг!

Знішчым цебе ў пух і ў прах.

У мяне паплыло перад вачыма. Зінаіда Львоўна з захапленнем назірала за выступам хлапцоў з майго класу і спадарожна давала свой хвалебны каментар:

– Вось цяпер я бачу, якое важнае значэнне можа мець выдатны адкрыты ўрок. Гэта ж як заўважна падняўся патрыятычны настрой у класе! Проста шык! А цяга да даследчыцкай дзейнасці? Такую аўтэнтычную песню раскапалі. Малайцы, проста малайцы. Так што, Эрнест Скіргайлавіч, з мяне пляшачка каньяку.

Я гайдануўся і ўпаў на падлогу. Мая белая кашуля імкліва ператварылася ў чырвоную.

– Хуткую! Выклікайце хуткую! Баластоўскі крывёю сцякае! – закрычала Наташа Скрэпкіна.

Я чуў, што ў зале пачалася мітусня з енкамі і плачам. Я намагаўся расплюшчыць вочы, але яны зліпаліся.

– Можа, яму штучнае дыханне зрабіць? – пытаўся ў некага дзявочы голас.

– У якое месца? – кпіў у адказ голас хлапечы.

Данцова, якая перапужалася не менш за астатніх, папрасіла старшакласнікаў занесці мяне на першы паверх, каб не марнаваўся час у чаканні дактароў. Але Іскаліеў запярэчыў. Ён разарваў маю кашулю, каб спраўдзіць, што ж са мной здарылася. Яго позірку і позіркам іншым адкрылася вусцішнае відовішча.

– Дык ён жа ўвесь абстраляны! – агаломшана выгукнуў Дзяніс Давыдавіч і звярнуўся да вучняў: – Давайце, хлапцы, бярыце валейбольную сетку, размяркоўвайцеся і нясіце Эрнеста Скіргайлавіча на ёй, як на насілках. Проста на руках яго перамяшчаць небяспечна.

Мяне паднялі і панеслі.

– Божачкі, кроў струменіць прама на падлогу, – чуў я слязлівы голас Андрамедавай.

– Клопат! Прыбіральшчыцы адмыюць. Галоўнае, каб мы гэтага мужчынку не страцілі, – адказаў палкоўнік.

Рагнеда заплакала яшчэ мацней.

На першым паверсе мяне паклалі на драўляны выступ пры сцяне, які я заўжды называў парапетам, і дзе раней часцяком сядзеў ды гутарыў з Алісай перад пачаткам урокаў. «Дзе яна цяпер? Ці думае пра мяне? Ці трывожыцца?» – пытаў у сябе я. «Во ета празнік зашчытнікаў, – чулася балбатня з боку вахты. – Застрэлілі маладога настаўніка. Цяпер жа не дзеці, а бандзюганы спрэс. Па іх калонія плача, а яны тут ходзяць ды іржуць, што коні тыя. Вот у нашыя ўрэмяна…». Мне хацелася гаркнуць, каб яны замаўчалі, бо брыдка было слухаць. Але іх балбатня і так спынілася, бо да школьнага ганку пад’ехала карэта хуткай дапамогі.

Дактары агледзелі мяне і не без здумлення паставілі прадказальны дыягназ: «Дзесяць агнястрэльных раненняў рознай ступені цяжкасці. Сечаная рана ў раёне правай скроні». Мяне паспешліва паклалі на насілкі, мала не подбегам дацягнулі да машыны і звезлі прэч. У больніцы мяне ўжо чакаў аперацыйны стол і ўвесь набор сталовага начыння. «Парадку пяці ранаў пазверхніх і столькі ж глыбокіх ды скразных. Верагодна, што ў некаторых з іх захраслі кулі», – дакладваў доктар хуткай дапамогі хірургу, які збіраўся мяне апераваць. Апошні глянуў на мяне, каб упэўніцца ў слушнасці пачутага ад калегі, і голасам падманутага ўкладчыка фінансавай піраміды «Шукай дурня!» удакладніў: «А дзе раны?». Мая вопратка была па-ранейшаму акрываўленай. Але цела загаілася. Дактары сталі спрачацца пра прафесійную кампетэнтнасць і іншыя малацікавыя мне рэчы. Я падняўся з каталкі і папрасіў дазволу сысці. Хірург не хацеў мяне адпускаць без тлумачэнняў. Я сказаў, што страціў у школе прытомнасць і нічога далейшага не памятаю. Урач спытаў пра кроў на вопратцы. Я паціснуў плячыма. Доктар хуткай дапамогі трымаўся свайго і цвердзіў, што дыягназ, які ён паставіў мне ў школе, быў дакладным. Пасля доўгіх хвілін узаемных пярэчанняў яны вырашылі запісаць у маю медычную карту дзіўную фармулёўку: «Кароткачасовы прыступ абсяжнай самаадвольнай стыгматызацыі». Яна ж перавандравала ў маю даведку.

Я павольна выйшаў у хол, разважаючы, каму б патэлефанаваць, каб прывезлі хоць нейкую кашулю і штосьці з цёплых рэчаў. У холе стаяў Відаў-Вошчанка. Убачыўшы мяне, ён шпарка падбег і без прывітання пачаў роспыты:

– Ну, кажыце, што адбылося ў спартыўнай зале вашай школы? Хто страляў? Адкуль?

– Прабачце, але ў вас састарэлая інфармацыя, – усміхнуўся я і паказаў Сяргею Аляксандравічу даведку.

На ягоным твары адлюстравалася незадаволенасць.

– Ведаеце, нам здаецца, што вы нешта не дагаворваеце, – прамовіў ён. – З вамі нешта падазронае адбываецца, а вы маўчыце і не звяртаецеся да нас. Кіньце вы свае інтэлігенцкія забабоны наконт КНАКС. Калі не мы вам дапаможам у цяжкую хвіліну, то хто яшчэ?

– У цяжкую хвіліну? – я тэатральна акругліў вочы і шчодра зажэстыкуляваў рукамі, выказваючы свой недавер: – Дык вось жа яна, гэтая самая цяжкая хвіліна. Вы прымчалі ў лякарню задаваць чарговую порцыю сваіх пытаннейкаў, а прывезці мне вопратку, каб я элементарна змог дабрацца дадому, а не здохнуць на марозе, вы не даўмеліся.

– Ну… Не тое, каб зусім… – асекся ён і, павагаўшыся, прапанаваў: – Давайце я вас на службовай машыне прама да дома давязу.

– Дзякуй, але дарагое яечка да Вялікадня, – манерна адмовіўся я

– Вы дарэмна крыўдуеце. Іншым разам яечка і ў будны дзень не зашкодзіць.

Сыходзячы, ён сутыкнуўся ў дзвярах з дзяўчынай, якая з-за гэтага ледзьве не рассыпала апельсіны з пакунку. У яе постаці я адразу пазнаў Арыну Зарыцкую. Яна заўважыла мяне і ўсміхнулася, хаця па вачах было бачна, што зусім нядаўна з іх ліліся слёзы.

– Добры дзень, Эрнест Скіргайлавіч, я вам тут яблычкаў кітайскіх прынесла, – сказала яна і зашморгала носам, рыхтуючыся да новых слёз. – Прыйшла ў школу павіншаваць вас. А мне такое сказалі. Такое…

– Прывітанне, мая дзяўчынка. Дзякуй. Нічога страшнага. Экзатычная вяла праяўная хвароба, у якой няма ні пачатку, ні канца, ні выразнага медычнага тлумачэння. Магу сказаць адно, што ад гэтай хваробы наўрад ці хутка скапычуся, – я пастараўся гаварыць бадзёра, з аптымізмам.

Зарыцкая ўсё-ткі заплакала і, не зважаючы на мой жахлівы выгляд, прытулілася да мяне і прашаптала:

– Вы не павінны сыходзіць. Чуеце? Не павінны. Без вас мы прайграем вайну.

Мяне перасмыкнула. Я не чакаў такога фіналу яе прачулых словаў і перапытаў:

– Што ты сказала? Якую вайну вы прайграеце? І хто вы?

Дзяўчына заплюскала вачыма.

– Я нічога не казала пра вайну. Вам падалося.

– Але ж я выразна чуў, як ты сказала: «Без вас мы прайграем вайну», – мне цяжка было суняцца.

– Не, вы няправільна пачулі, – яна напяла на твар усмешку. – Я сказала інакш. «Бэз шчасны, грай раем вясну». Гэта з аднаго верша Мілы Шчодрык. Яна зараз у Мінску на семінары для маладых літаратараў. Але перадае вам прывітанне.

– Ой, прабач, дарагая. Я зусім ад сваіх прыгод галаву трачу, – перапрасіўся я, хаця пэўная долька сумневу засталася.

52.

З больніцы мяне забралі Майсюк і Альхімовіч, якія пад’ехалі на «жыгулёнку», прывёзшы мне старую вышываную сарочку са школьнай грымёркі і мой палітон, што заставаўся ў настаўніцкім гардэробе. Па дарозе я расказаў ім пра канчатковы дыягназ і папрасіў супакоіць калегаў.

– Супакоіць мы іх супакоім. Але ж трындзяжу пра цябе будзе яшчэ аёй-аёй колькі, – быў перакананы Ярык.

– Ага, такую ўжо пургу нясуць, – пацвярджаў Альхімовіч.

– Скончыцца пурга, скончацца завеі, – крыва жартаваў я.

Дома пасля гадзіннага адмакання ў ванне, нездаровага абеду і неспадзяванага sms-прывітання ад Алісы (хвалявалася ўсё ж!) я ўсеўся за кампутар. Мне не давалі спакою некаторыя рэчы. Я не разумеў, як мог адначасова быць і ў іншай рэчаіснасці, і заставацца ў сваёй. Словы Данцовай пра паспяховы адкрыты ўрок сведчылі, што ўрок закончыўся ў маёй прысутнасці. Пагартаўшы свой блог, я ўбачыў, што апошнія восем дзён мной рабіліся допісы. Гэта азначала, што я быў тут, а не ў Сталінградзе. Аднак наколькі дасканала мне помніліся ўсе мае сталінградскія прыгоды, настолькі пустой была скарбонка маёй памяці аб маім жыцці-быцці ў Галацічаску ад моманту, калі Аліса зачытвала на ўроку загад №227.

Мімаходзь я паспрабаваў зазірнуць на сайт Алісы. У браўзеры з’явілася паведамленне, што старонка выдалена. Я сумна ўздыхнуў і набраў у форме пошукавіка два словы «Сталінград» і «Іціль». Вынікаў практычна не было, за выняткам колькіх спасылак на блог аднаго самазамілаванага літаратара, які пафасна апісваў свой сон, у якім Сталінград называўся Іцілем. Мне зрабілася няўтульна. Ад згадкі пра сон і ад таго, што ўвосень я ўжо трапляў на гэты блог, марна шукаючы сляды кангрэгацыі. Толькі тое, што сон літаратара быў даўнішнім, а расказ ніяк не стасаваўся з маімі прыгодамі, выратавала мяне ад прыпадку меланхоліі, угрунтаванага на здагадках, што: а) маё жыццё частка сну таго клятага пісьменнічка, б) я з’яўляюся латэнтным лаўцом сноў.

Гумору дадавалі свежыя водгукі на маю кнігу. Адны называлі яе сведчаннем наяўнасці ў аўтара вялікай колькасці ідэй у спалучэнні з майстэрствам немагчымасці рэалізаваць належным чынам хаця б адну з іх. Другія падкрэслівалі канцэптуальную беспадстаўнасць аўтара як вынік татальнай аберацыі творчых задаткаў пад цяжарам дыскурсу правінцыі і феномену ўнутранай паўэміграцыі з ніадкуль у нікуды. Трэція папросту цвердзілі, што з такімі раманамі і раманістамі, як Эрнест Баластоўскі, літаратура нашае роднае гаротнае зямелькі не хутка далучыцца да сучаснага еўрапейскага культурнага кантэксту. Я ўсцешана ўсміхаўся, ведаючы, што правалам для маёй кнігі было б поўнае маўчанне крытыкаў і чытачоў.

Безумоўна, мне хацелася цалкам пераключыцца на творчыя подумы. Але гэта было немагчыма. Я зноў а зноў вяртаўся ў думках да сваіх сталінградскіх прыгодаў. Я спрабаваў зразумець прысутнасць у той рэчаіснасці вобразу Грышы Стахіевіча. Тлумачэнне спакусліва ляжала на паверхні: хлапец кахае Алісу Селязнёву, але, не могучы змагацца за яе каханне, змагаецца супраць кахання іншых да яе, хаця да катэгорыі іншых не адносіць Дзіму. У такім разе мне бачылася вельмі лагічная карціна падзеяў у нашай рэчаіснасці. Стахіевіч, раскусіўшы маё стаўленне да Алісы, мог пачаць мне помсціць тымі спосабамі, якія здаваліся яму найбольш прыймальнымі. Цяпер я быў гатовы паверыць, што сапраўды ён вінаваты ў здарэнні з лялькамі. Я быў гатовы вінаваціць Грышу ў рэтрансляцыі пагрозы «Вешайся сука!». Я амаль не сумняваўся, што і напад на мяне ў падваротні зладзіў ён, падбухторыўшы некага са сваіх старэйшых сябрукоў. Патрабавалася яго прызнанне. Проста ўзяць і націснуць на юнака я не жадаў. Пытанне ўяўлялася далікатным і для яго, і для мяне. Мусіла быць важкая нагода, каб паразмаўляць з ім і не даць зачэпкі, каб той ашчаперыўся. Можна было б доўга чакаць такую нагоду, але неўзабаве Грыша сам зрабіў яе мажлівай.

Праз колькі дзён пасля больніцы, калі балаканні наконт здарэння са мной збольшага суцішыліся, я сядзеў у настаўніцкай і марыў пра нябесныя мігдалы. Мой мігдалёвы транс перарвала сакратарка – мяне тэрмінова выклікаў дырэктар. «Чорт, я ж яму так грошы за рэстарацыю і не аддаў», – падумаў я і рушыў у кабінет, шныпарачы дарогай па кішэнях, каб рознымі купюрамі сабраць патрэбную суму.

Выконваючы ўсе субардынацыйныя фармальнасці, я зайшоў у дырэктарскі кабінет. Акрамя Руслана Альгердавіча, там была настаўніца вялікарускай мовы ўся чырвоная ад раз’юшанасці.

– Эрнест Скіргайлавіч, у вашым класе зноў надзвычайнае здарэнне, – пачаў дырэктар. – Ваш вучань Рыгор Стахіевіч вёў несанкцыяванае відэаздыманне ўроку нашай шаноўнай калегі. На прафесійную камеру, між іншым.

– Хіба гэта магчыма? Камера ж не мабільнік, яе асабліва не прыхаваеш, – паспрабаваў не губляць разважлівасці я.

– Вось у тым і справа, што прыхаваеш! – не стрывала жанчына. – Грыша ў нас такі вынаходнік, што проста ні словаў, ні спасу на яго няма. Гэта ж трэба было такое прыдумаць!

Гаспадар кабінета наліў ёй шклянку вады і папрасіў супакоіцца, а мне стаў тлумачыць, што канкрэтна адбылося:

– Ішоў звычайны ўрок літаратуры. Тэма выдатная – «Класічная расійская фантастыка». Здавалася б, сядзі і слухай настаўніцу. Але ж не! Не гэта займала Стахіевіча і, верагодна, многіх яго аднакласнікаў. Займала яго тое, як справакаваць педагога на двухсэнсоўныя рэплікі, якія б зафіксавала прыхаваная відэакамера. Вы ж ведаеце, што наша паважаная калега чалавек вельмі тэмпераментны і да таго ж мае ў сваім слоўнікавым запасе не адну тысячу фразеалагізмаў і ўстойлівых словазлучэнняў, якімі часцяком карыстаецца, каб асадзіць нядбалых і гультаяватых вучняў, парушальнікаў дысцыпліны. А фразеалагізмы – гэта ж такая штука, якую можна інтэрпрэтаваць па-рознаму. Тым больш з улікам разбэшчанасці мыслення нашых вучняў.

Дырэктар запытальна зірнуў на жанчыну.

– Так, так, сказала я нешта такое, – прызналася жанчына. – Гэтыя пасмяяліся, і ўрок прадоўжыўся. А я ж калі тлумачу тэму, на месцы не сяджу. Я ж хаджу па класе. І вось так хадзіла і гэтым разам ды выпадкова зірнула ў бок шафаў. А там за кніжкамі чырвоны аганёк гарыць. Адразу зразумела, што да чаго. Думала разарвуся ад абурэння. Хацела забраць камеру. Але Грыша па маім выглядзе імгненна ўсё скеміў, падскочыў з месца, схапіў камеру і ўцёк з урока. Уяўляеце, Эдмунд Карыгайлавіч, такое бяспуцце?

Я не стаў акцэнтаваць увагу на тым, што мяне завуць інакш, а мусіў толькі пагадзіцца:

– Так, бяспуцце. Я паразмаўляю з Грышам.

– І зрабіце гэта тэрмінова, – не прасіў, а загадваў Руслан Альгердавіч. – Ён павінен прыйсці ў школу, папрасіць прабачэння ў настаўніцы і, канечне ж, аддаць нам касету з запісам, калі там стужка, а не лічба. Зрэшты, баюся, што за гэты час Рыгор паспеў выставіць відэа ў інтэрнэт.

– Як? Куды? – зноў захвалявалася каляжанка.

– У інтэрнэт, – паўтарыў дырэктар і з лёгкай усмешкай спытаў: – Хочаце стаць зоркай «ютубу»?

Жанчына моўчкі села на канапу і закрыла твар рукамі.

– Тады я на тэлефон і выцягваю хлапца ў школу, – ці то канстатаваў, ці то прасіў дазволу я.

– Так. Спадзяюся, мы здолеем усё залагодзіць, – адказаў шэф.

Перад сыходам я працягнуў яму кіпу купюраў.

– Што гэта такое? – здзівіўся ён.

– Мой доўг за рэстаран, – ніякавата выціснуў з сябе я.

– Эрнест Скіргайлавіч, даражэнькі, вы ўжо са мной разлічыліся на мінулым тыдні, – запярэчыў Руслан Альгердавіч. – Усё ж вам даецца ў знакі стыгматызацыя. Шчыра спачуваю.

Я папрасіў прабачэння за дзіравую галаву і вярнуўся ў настаўніцкую.

Слухаўку хатняга тэлефона Грыша не падымаў. Яго мабільнік быў адключаны. Я чаргаваў званкі на хатні і мабільны ў спадзеве, што хлапец адгукнецца. Раз на пятнаццаты ён адгукнуўся і дакладна ведаў, пра што яго хочуць спытаць. Наказаўшы яму хутка бегчы ў школу з усімі знятымі матэрыяламі, я тым часам скіраваўся ў 11 «А». Насуперак раскладу ў іх ішла фізіка, настаўніцу якой зноў замяняў Яраслаў Леанідавіч. Ён акурат катаваў Андрэя Дастаеўскага, выпытваючы ў таго фармулёўку чацвёртага закону Ома. Убачыўшы мяне, вучань адразу стаў скардзіцца на ўшчамленне сваіх правоў. Але я зірнуў на яго расстрэльным поглядам, і ён міжволі мусіў заціхнуць. Разам з ім замоўк і ўвесь клас падобна таму, як наваколле замаўкае перад навальніцай. Мне нават здалося, што па кабінеце разлілося характэрнае пераднавальнічнае жаўтаватае святло.

З дазволу Майсюка я пачаў пясочыць сваіх падапечных.

– Скажыце, калі ласка, мае дарагія рабяткі, ці ёсць сярод вас хаця б адзін чалавек, які не ведаў, што Грыша Стахіевіч падчас перапынку схаваў ў шафе кабінета вялікарускай мовы ўключаную відэакамеру?

Аксана Багуслаўская адразу падняла руку і сказала:

– Я не ведала, бо на перапынку брала ў бібліятэцы «Марсіянскія хронікі».

– Добра. Яшчэ нехта не ведаў? – спакойным голасам спытаў я.

Рэшта класа захоўвала маўчанне.

– Можа, ты Андрэй не ведаў? Ці ты, Пеця? Ці Лера? А Аліса?

Вучні спяшаліся схаваць ад мяне свае вочы. Ніхто не выраніў ні слоўца.

– Атрымліваецца, што большасць з вас цудоўна ведала пра тое, што задумаў Грыша. Дык чаму ж вы змаўчалі? Чаму не адгаварылі яго ад выяўнага хуліганства? Чаму настаўніцу не папярэдзілі? Атрымліваецца, што вы свядома паспрыялі гэтаму прыкраму інцыдэнту. Ведаеце, гэтае фільмаванне не такая бяскрыўдная рэч, як, магчыма, вам здаецца. Хто-небудзь з вас хацеў бы быць знятым употайкі? Думаю, што не. Вось і настаўнікам усе вашы схаваныя камеры зусім не даспадобы, – я зрабіў невялічкую паўзу і вырашыў задзейнічаць у «Пясочанне-show» фізіка: – Вам, Яраслаў Леанідавіч, было б прыемна апынуцца перад аб’ектывам схаванай камеры?

– Гледзячы ў якіх абставінах. Была ў мяне адна знаёмая… – пачаў быў ён, але сам сябе перапыніў і рашуча падтакнуў мне: – Але ў большасці выпадкаў схаваная камера – гэта подласць.

Такое азначэнне мне прыпала да смаку, і я за яго зачапіўся:

– Чулі? Подласць. Вы ведаеце, што такое подласць?

– Подласць – гэта калі настаўнік ставіць сваёй вучаніцы кол для таго, каб яна прыйшла на адпрацоўку, пасля якой ён ставіць ёй троечку, – прарвала Андропава.

– Пеця, давай без гіпатэтычных сітуацый, – параіў я. – Вы ўяўляеце, як цяжка зараз вашай настаўніцы? Гэта яшчэ добра, што яе не хапіў на месцы ўдар. Што б вы тады заспявалі, мае лябедзькі?

– Ды чорт яе не ўхопіць, – ляпнуў Дастаеўскі.

– Нават так? Добранька. Я ёй перадам ад цябе персанальнае прывітанне. Але мяркую, што пасля гэтага, Андрэйка, у цябе будзе бледны выгляд аж да самага прызыву ў войска, – выдаў я глумлівую тыраду.

– А што адразу войска? – паспрабаваў пярэчыць ён, але я з памяці агучыў нумар працоўнага тэлефону яго мамы і юнак звяў.

– Эрнест Скіргайлавіч, навошта вы на нас так ціснеце? – не стрывала Каленвалава. – Калі Грыша вінаваты, то хай сам і адказвае. А то нейкая кругавая дакука атрымліваецца.

– Парука, а не дакука, – міжволі выраніла Кляшторная, не так ад згоды з аднакласніцай, як ад нежадання чуць няправільныя формы лексічных канструкцый.

– Ды вы самі сябе даўно прыціснулі, – няўмольна працягнуў я. – Маё меркаванне і нават перакананне такое, што ў гэтым подлым інцыдэнце вінаватыя вы ўсе. А значыць, і адказнасць павінна быць калектыўнай. Грыша атрымае сваё і ад мяне, і ад адміністрацыі школы. Але не думайце, што вы здолееце ўнікнуць адплаты. Калі вы лічаце, што можна патураць подлым учынкам, то тады ўжо мне даруйце…

Усе сядзелі, слухалі і рабілі выгляд, быццам іх прывязалі да падвешанай на столю бараны і распіналі на ёй. Толькі Андропаў імкнуўся выглядаць, як няўрымслівы карбанарый у вайне з касмічным войскам сілы цемры.

– А што вы нам увесь час пагражаеце? – зноў не стрымаўся ён. – Завялі пласцінку: подласць і подласць. Вы глядзіце на ўсе рэчы толькі з аднаго боку. А гэта няправільна. Вы як гісторык павінны быць аб’ектыўным і ўлічваць усе акалічнасці. Самі ж нам пра гэта паўтараеце на кожным уроку. І дзе ж цяпер ваша аб’ектыўнасць і ўсебаковая ацэнка фактаў? Так, Грыша паставіў відэакамеру. І што? Можа, ён хоча звязаць свой лёс з кінематографам. Можа, менавіта ён выцягне беларускае кіно з балота. Але ж вы сечаце яго памкненні проста ад пачатку. Гэта пры тым, што ўсюды паўтараеце пра падтрымку і развіццё таленавітай моладзі. Але першы ж творчы эксперымент аднаго з прадстаўнікоў гэтай самай моладзі называеце подласцю. Схаваная камера вам не падабаецца! Ды калі б не было схаваных фота- і кінакамер, то чалавецтва засталося б без геніяльных здымкаў… Так, мы маглі б папярэдзіць настаўніцу пра Грышаву задуму. А вы ведаеце, да чаго б гэта прывяло? Камера была б разбітая аб сцяну.

– Ды супакойся, – занерваваўся я. – Калі яшчэ мастацкі кірунак дыскусіі можна было б прыняць у якасці экзатычнага вытлумачэння сітуацыі, то апошняя твая заўвага пустая і недарэчная. Адным словам, здайце мне ўсе, акрамя Аксаны, дзённічкі. Я там пару ласкавых словаў напішу для вашых бацькоў.

Клас ажывіўся і нездаволена загуў.

– Навошта вам гэтыя дзённікі?

– Не пішыце там столькі, як у мінулы раз.

– Мы і так дома пасля апошняга бацькоўскага сходу атрымалі.

«О! Яшчэ і бацькоўскі сход быў!» – зрабіў чарговае адкрыццё я.

Дзённікі здаваліся неахвотна. Даводзілася ці не над кожным стаяць і гаўкаць.

Грыша прыйшоў, калі я ўжо сядзеў у настаўніцкай і разбіраўся з дзённікавай вежай. Ён быў пануры і негаваркі.

– Ну, што ты, Спілберг? – уздыхнуў я. – Хадзем да дырэктара.

– Мяне выганяць са школы? – ціха спытаў ён.

– Гэта не мне вырашаць. Вось выслухае цябе Руслан Альгердавіч і будзе думаць, што з табою рабіць. Можа, канечне, і са мной як класным кіраўніком параіцца. Але што добрага я змагу яму сказаць пра цябе? Лялькі ў кабінеце гісторыі ўспомніць?

Грыша ў роспачы апусціў галаву і ледзь чутна прашаптаў:

– Капец.

– Трэ’ было не эксперыменты на настаўніках ставіць, а дбаць пра свой аўтарытэт і добрае імя. Гэта сто разоў мной было гаворана і табе, і тваім аднакласнікам. Ды ўсё, як царом гарохам аб шведскую сценку.

Са Стахіевічам дырэктар гаварыў сам-насам. Магчыма, гэта было не зусім справядліва ў дачыненні да мяне. Але я выдатна разумеў, што Руслан Альгердавіч зрабіў гэта дзеля лепшага выхаваўчага эфекту.

І сапраўды, праз паўгадзіны хлапец выйшаў ледзьве не ў слязах, просячы падказаць, як знайсці ўкрыўджаную ім настаўніцу, каб папрасіць прабачэння. Пошукамі заняўся сам. І калі Грыша папрасіў у яе прабачэння і пакляўся, што знішчыў усе відэаматэрыялы з яе ўрока, мне нічога не заставалася, як браць яго пад белыя ручкі, весці ў кабінет гісторыі і калоць на прадмет цікаўных мне рэчаў.

У саматужным прыстасаванні, якое ў лепшыя свае часы магло быць машынай часу ці, прынамсі, паскаральнікам часцінак, я нагрэў вады і зрабіў кавы. Сабе і вучню. Мы сядзелі адзін насупраць аднаго і прагна спажывалі гэты легальны наркотык.

– Мяркую, што інцыдэнт вычарпаны без асаблівых стратаў, калі не лічыць уласнае ганарлівасці, – на дваццатым глытку перарваў цішыню я.

– Ага. Прасіць прабачэння так, каб гэта не выглядала фармальнасцю вельмі цяжка, – прызнаўся Стахіевіч.

– Ну, нічога. Няма бяды, якая б на потым розуму не дадала, – мудрагеліў я. – Глядзіш, і праз нейкі час Руслан Альгердавіч афіцыйна папросіць, каб ты здымаў якое-небудзь школьнае мерапрыемства.

– Ды ну! – не паверыў юнак. – Хіба такое можа быць?

– Не хачу спрачацца. Бо, як казала адна мая былая вучаніца: хто спрачаецца, той гаўном называецца, – настаў час удаваць з сябе наскага хлапца.

– Яна, мабыць у вас добрай паэтэсай была, – не страчваў пачуцця гумару Грыша.

Вырашыўшы пакінуць каліва інтрыгі, я толькі ўсміхнуўся і зрабіў рэзкі пераход да іншай тэмы:

– Ведаеш, мяне ўвесь час не пакідае думка, што справа з лялькамі была зроблена не табой, а ты проста ўзяў віну на сябе, каб некага прыкрыць.

– Не. Гэта сапраўды прыдумаў і зрабіў я адзін. Іншыя не ведалі. Толькі перад самым заходам у клас я шапнуў хлапцам, што там нас чакае нефіговы сюрпрайз. Што было потым, вы ведаеце.

– Хех. Але ж ты спачатку міжволі намякнуў, што вінаваты Пеця, – усумніўся я.

– Гэта была секундная праява баязлівасці. Не стрымаўся, – казаў ён, і здавалася, што ў словах яго пераважала шчырасць.

– Тут яшчэ адно пытанне далікатнае, – не жадаў я біць проста ў лоб.

– Пытайце. Усё нармуль.

– Можа, ты бачыў, на плоце каля школы не так даўно было напісана: «Вешайся сука!»…

– Гэта я напісаў, – не даўшы мне развіць думку, прамовіў ён. – І sms’ку кінуў таксама я. І званіў, калі вы былі ў кулінарыі.

Не зважаючы на мае папярэднія здагадкі, я быў агаломшаны. Але агаломшанасць у большай ступені выклікалася не так пацверджаннем здагадкі, як чыстасардэчным, без віхлянняў, прызнаннем вінаватага.

– І навошта ўсё гэта было рабіць? – я спрабаваў захаваць раўнавагу і заставацца гаспадаром не толькі гэтай шчырай гутаркі, але і сітуацыі агулам.

Хлапец паглядзеў на мяне, як непрафесійны мастак глядзіць на мадэль, і сказаў:

– Проста так.

– Не хлусі. Я не паверу, што гэта было свавольства дзеля свавольства, – заматляў галавой я. – Мусіла быць нейкая важкая прычына. Чым я табе насаліў? Можа, ты хацеў, каб Зульфія Захараўна вярнулася?

– Як жа ж! Вернецца яна! – з пахмылкаю выгукнуў мой суразмоўца. – Прычына не ў ёй, а ў вас. Вы ўжо не такі малады. Але дзеўкі нашы на вас западаюць. І вы не вельмі супраціўляецеся. Гэта так выводзіць.

– Ха, – у каторы раз я стрымліваў сябе ад неабдуманых словаў і ўчынкаў. – Ты не дапускаў, што мяне таксама шмат што выводзіць? Але не раблю вусцішных інсталяцый а ля тупарылы мадэрнізм і не адпраўляю нікому пагрозлівых пасланняў.

– Ну, гэта вы, – неяк асуджана прамовіў Стахіевіч. – У вас жыццёвы вопыт за плячыма. Загартоўка якая-ніякая. А што мне зрабіць, калі я ведаю, што дзяўчына, якая мне вельмі падабаецца, больш прыхільная да вас?

– Я не магу знайсці аптымальнага рашэння замест цябе. Я разумею, што твой узрост сам па сабе дыктуе імпульсіўнасць. Я ў студэнцкія гады таксама дужа гарачкаваў ад рэўнасці, што нават свайго аднакурсніка на двубой выклікаў.

– У сэнсе – на дуэль? – здзіўлена ўдакладніў ён.

– Так, – з усмешкай пацвердзіў я.

– Дык час дуэляў даўно прайшоў. Вы ж не такі стары, каб яго заспець.

– Я бачу, што ў гістарычнай храналогіі ты трохі разабраўся пад канец сярэдняй школы, – утаймаваць смех было проста нерэальна. – Але храналогія храналогіяй, а мужчынская імпульсіўнасць іншым разам здольная спарадзіць самы парадаксальны анахранізм.

– Анахранізм – гэта нешта тыпу пафігізму?

– Калі і тыпу пафігізму, то пафігізму да канкрэтнай гістарычнай эпохі. Паляванне на маманта ў Сіліконавай даліне – анахранізм. Забавы з кампутарнай гульнёй «Call of Duty» пры двары легендарнага караля Артура – анахранізм. Зразумела?

– Ага, – кіўнуў Грыша. – Рыцарскі турнір у гонар цудоўнай дамы на падворку заатэхнічнага каледжу – анахранізм.

– Правільна, – усцешыўся я яго цямлівасцю.

– Мужчына старэйшы на дзесяць гадоў за дзяўчыну, да якой ён заляцаецца – анахранізм, – вырашыў абысціся без талерантнасці вучань.

Рэпліка добра разанула мяне па сэрцы, але я пастараўся трымаць сябе ў руках:

– Гэта не анахранізм. Гэта – хай самі разбіраюцца.

– А калі яны не могуць самі разабрацца?

– Можна падумаць, што твая імпульсіўнасць разбярэцца лепш за іх саміх.

– Імпульсіўнасць не разбярэцца, але хоць імпульс надасць.

– Як ты надаеш імпульсы, мы ўжо высветлілі. Скажы, а пацаны, якія вартавалі мяне ў падваротні ў першую суботу лютага, таксама адзін з тваіх спосабаў надаваць імпульс? – пастанавіў я перайсці ад абароны да атакі.

Стахіевіч паглядзеў на мяне, нібыта ахвярнае ягня, якое за тры крокі ад алтара зразумела свой лёс, і нават не сказаў, а прахрыпеў на мае пытанне:

– Я гэтага не рабіў. Нават не думаў пра такое. Эрнест Скіргайлавіч, паверце мне, калі ласка. Я тут абсалютна ні пры чым.

Карэц з рэштаю кавы ў яго руках затрэсся так, што юнака можна было смела ахрысціць Шапавалам з Дзівоснай Краіны.

– Не ты, дык не ты, – мусіў адступіцца я, каб не дабіваць хлапца навешваннем залішніх абвінавачванняў. – Мне проста патрэбна было пачуць гэта персанальна ад цябе. Спадзяюся, што ты нават не здагадваешся, хто для мяне зладзіў тую цёплую сустрэчу.

– Эрнест Скіргайлавіч, я без паняцця. Ні сном, ні духам. Я бываю прыдуркам, але ж не да такой ступені, – з адзнакаю той самай боязі на твары апраўдваўся ён, паставіўшы карэц на парту і адсунуўшы ад сябе, каб крый божа не абярнуць.

Званок з урока і цікаўныя твары вучняў не абцяжараных элементарнымі правіламі этыкету спынілі нашу гутарку. Я адпусціў Грышу з мірам, параіўшы меней паддавацца сваёй імпульсіўнасці. Ён двойчы ці тройчы назваў мяне класным мужыком і паабяцаў, што цяпер будзе стаяць за мяне гарою.

Следам за сваімі пранырлівымі вучнямі прыйшла Галіна Альгімонтаўна. Спыталася пра маё здароўе і з жахам прызналася, што чуткі пра мяне ходзяць самыя жудасныя. Нейкая маляўка пільна сачыла за нашым нязграбным абменам рэплікамі і ўрэшце спытала:

– Дзядзя, а праўда, што вас пакусалі дзікія сабакі, і вы страцілі тры літры крыві?

– Не, дзетанька, – расчуліўся я, – не тры літры, а ўсяго толькі два з паловаю.

Галя неўпрыкмет шлёпнула мяне па плячы, а малой наказала не выдзыгаць з глупымі запытаннямі.

Я пайшоў у іншы кабінет, каб змагацца з паралеллю восьмых класаў і пытаннямі пра несумяшчальнасць здароўя і шкодных звычак, што цалкам адключыла мой мозг ад іншых думак. Толькі познім вечарам, калі ўсе ўрокі скончыліся, выпала магчымасць паразважаць над прызнаннямі Грышы і паспрабаваць даўмецца, хто ж зладзіў мне вялікасвецкі прыём у падваротні. Адкінуўшы варыянт помсты з боку вялікіх творцаў нашай рэчаіснасці, я засяродзіўся на тым, што пагрозы дзецюка, які мяне перастрэў тады, звязаныя выключна з Алісай. «Хто яшчэ яе кахае? – пытаў пра сябе я. – Ды хто заўгодна! Хто ведае і яе, і мяне? Пераважна вучні нашай школы. Хто з іх публічна засведчыў сваю неабыякавасць да Алісы? Практычна ніхто. Хто спрабаваў зрабіць так, каб я кепска падумаў пра Алісу? Хм. Андрэй Дастаеўскі. Згадваў нейкіх ейных кавалераў, што падвозяць да школы. І яго ж імя фігуравала ў навагодняй інтэрнэт-пастцы. Хм… Безумоўна, ён шкоднік, але дробны. Ляпнуць нешта гэткае ці наскардзіцца ён майстар. Але зладзіць наезд яму, здаецца, не пад сілу. Кароткія пяты. І добра, што кароткія». Пытанне пра інцыдэнт у падваротні заставалася адкрытым, дарма што мне падавалася вельмі блізкім да свайго закрыцця.

На парозе дома мяне прыспела sms’ка да Алісы. «Ты сёння такі злы, што перапужаў усіх. А маю маму ледзь не прымусіў схапіцца за рэмень», – пажалілася яна, суправаджаючы паведамленне ладнай колькасцю іржачных смайлікаў. Я гучна рассмяяўся і потым на шкоду вячэры і іншым зручнасцям позняга вяртання з працы ці не цэлую гадзіну спрачаўся з Селязнёвай, даводзячы, што насамрэч я добры, белы і пухнаты.

Калі вучаніца ўрэшце са мной пагадзілася, забзымкаў хатні тэлефон. Я быў перакананы, што ў Мікаэла Бухоўскага скончыліся актуальныя спабутэльнікі, і ён надумаўся выцягнуць з архіву мяне. Чакаючы пачуць класічнае «давай набухаемся», я насцярожана падняў слухаўку. Са мной павіталася жанчына з прыемным голасам. Яна назвала сябе. Але ад здзіўлення ці яшчэ ад чаго я не дачуў. Таму яе пытанне добра збіла мяне з панталыку:

– У які рэстаран мы ўсё-ткі пойдзем?

Голас быў знаёмым. Узнік страх, што ён належаў Вераніцы.

– А мы збіраліся з вамі ў рэстаран? – голасам поўным бездапаможнасці ўдакладніў я.

– Не толькі са мной. Мы ж на бацькоўскім сходзе гэта пытанне ўздымалі. Вы сказалі, што даведаецеся, у якім рэстаране будзе найбольш выгодна святкаваць выпускны вечар.

– Ааааа, – ледзь не аргаістычна прастагнаў я, пазнаўшы голас матулі Алёны Караблёвай, але, на жаль, мне не было чым задаволіць яе інтарэсу, а пра іншае яна не пыталася.

53.

Ранкам у скверы каля школы я сустрэў Майсюка і Іскаліева. Яны стаялі за елачкай, смалілі цыгаркі і загадкава ўсміхаліся. Мы абмяняліся рукапацісканнямі, і я збіраўся быў бегчы далей. Але фізік затрымаў.

– Ты ўчора добра сваіх мачкануў, – пахваліў мяне ён. – І што цікава, без аніводнага мацюка. Як гэта табе ўдаецца?

– Напэўна, гэтак жа проста, як і абліваць сябе кетчупам, выклікаючы спагаду дзяўчынак, – з памяркоўнай куслівасцю ў голасе апярэдзіў мяне стары.

– Давыдавіч! Мы ўжо гутарылі на гэтую тэму з вамі і высветлілі, што вы кетчуп з крывёю ніколі б не пераблыталі, – запярэчыў я.

– Чаго ты нервуешся? Няўжо дзядулі забаронена трохі цябе падкалоць? – ён па-ранейшаму хітра ўсміхаўся. – У маім палку быў такі салдат, як ты. Бывала, што ляжаў і амаль захлёбваўся ўласнай крывёю. Думалі, што ахвяра нестатутных адносін. Але не паспявалі яго як след апытаць, як кроў і раны знікалі. Праўда, ён і сам потым знік. Пайшоў у звальненне і не вярнуўся. Шукалі па ўсім СССР, але так і не знайшлі. Так што беражы сябе, хлопча.

Майсюк пасля рэплікі палкоўніка разрагатаўся і ледзьве не падавіўся цыгарэтным дымам.

– Ну, дзякуй вам, Давыдавіч, што вы такім асаблівым чынам клапоціцеся пра мяне, – вымавіў я, падкрэсліваючы сваю пакрыўджанасць.

– Ды супакойся! Чаго ты такі крыўдлівы, як дзевачка? Салдат той не знайшоўся ў часы СССР, але адшукаўся пасля таго, як Саюз распаўся. На Захадзе засвяціўся. У серыяле «Сакрэтныя матэрыялы» здымаўся. Дэвід Духоўны яго клічуць. Можа, чуў?

Ярык зноў захадзіўся ад рогату. Я таксама на гэты раз бліснуў усмешкаю і паўшчуваў калегаў:

– Ну, вы малайцы. З вашымі жартамі. Амаль напужалі.

– Мы напужалі? – з характэрным жартаўлівым выклікам перапытаў фізік. – Зараз цябе ў школе і без нас напужаюць. Рыбанька ўжо вывесіла модную дэпешу для класных кіраўнікоў старэйшых класаў. Конкурс «Міс школа» збіраецца праводзіць. А кожны класны павінен забяспечыць удзел мінімум адной вучаніцы са свайго класа. Фэрштэйн?

– Гітлер капут, – спахмурнеўшы, адцяў я. – Пашлю гэтую Рыбаньку ў віры на калы. Хай мае вучаніцы да паступлення рыхтуюцца, а не дуратой маюцца.

– Хм, Эрнесце, тут ты не ўгадаў, – скептычна чмыхнуў валадар электрафорных машынаў. – Усё з ведама і пад кантролем Любартавай. Таму, калі пашлеш Алеську на калы, то будзеш мець справу з Марынай Нарымунтаўнай. А яна табе тады такіх калоў накідае, што месяц будзеш хадзіць у ментальнай раскірэчцы. Ты яўна гэтага не захочаш і пойдзеш угаворваць сваіх любімых вучаніц. Але пасля ўчорашняга паказальнага пясочання ўгаворы табе будуць давацца не так лёгка. Яны ж раззлаваліся.

– А ты вунь тую папрасі, што ўвосень на дзень здароўя табе шырокую парадыгму раскрывала, – параіў Іскаліеў, застаючыся ў рамках свайго звычайнага рэпертуару.

– Разбяруся, – кінуў я і хуткай хадою скіраваўся ў школу.

Сапраўды, у настаўніцкай вісела абвестка пра конкурс. Каб аркуш быў больш прыкметным на тле тысячы іншых тэрміновых папераў, на яго краях яркім чырвоным маркерам Рыбанька намалявала рамку. Мяне перасмыкнула ад думкі, што ў гэтых лініях я здолеў адрозніць творчы почырк каляжанкі. Яшчэ больш мяне перасмыкнула, калі за маёй спіной пачуўся яе голас:

– Хадземце, Эрнест Скіргайлавіч, у школьніцкі пакой. Я дам вам усё неабходнае. Калі нешта не будзе атрымлівацца, то ахвотна дапамагу.

Іншыя каляжанкі, што побач са мной таксама лавілі абнаўленні на інфармацыйным стэндзе, нядобразычліва скасавурыліся на Алесю. Мне гэта і падабалася, і не падабалася адначасова.

– Можа, вы ўсё-ткі, Алеся Сяргееўна, проста аддалі б мне тут умовы конкурсу, не ствараючы на пустым месцы тайнаў Мадрыдскага двара? – прахалодна зрэагаваў я на двухсэнсоўна выказаную прапанову.

– Мадрыд у полымі пажарышч, – заўважыла настаўніца беларускай мовы.

– Пустое месца прагне паўнаты, – зацеміла настаўніца хіміі.

Рыбаньку гэта раззлавала, але яна нічога не стала казаць, а толькі працягнула мне загадзя падрыхтаваную паперку з умовамі і вомільгам выскачыла з настаўніцкай. Каляжанкам хацелася прадоўжыць супольнае пакепліванне з яе. Аднак у мяне не было ніякага жадання займацца гэтай сумнеўнай справай.

– Мадрыдам вашым – слушных каралёў, – выказаў зычанне я і, разглядаючы атрыманы папяровы шматочак, хацеў пашыбаваць на ўрок.

Аднак з-за пакаёвых пальмаў паказаўся Міроненка, якога дагэтуль ніхто з прысутных не прыкмеціў, і кінуў мне стылет іспанскай прыказкі:

– Хвалі сябе, Санча, бо іншыя за цябе гэта не зробяць.

Я ўхіліўся ад гэтага кідка і подбегам рушыў у кабінет.

Дзясятыя класы, адзін за другім, абмяркоўвалі будучы конкурс. Я выхопліваў паасобныя рэплікі дзяўчат. З іх вынікала, што ахвочых спаборнічаць за званне «Міс школа» было не так і мала, як мне ўяўлялася. Іх не спыняў ніводны пункт рэгламенту: ні выкананне песні, ні танец, ні нават дэфіле «О, Беларусь, мая шыпшына!» з вусным выказваннем на патрыятычную тэму. І чым болей імпэту яны выпраменьвалі, тым больш сумна і ніякавата рабілася мне, бо ў 11 «А» нічога падобнага быць не магло. Толькі з-пад палкі і не важна ў які дзень – да ці пасля пясочання.

Рабіць для сваіх падапечных абвестку я ішоў з ахвотай двойчы памножанай на нуль. Насуперак насцярогам сустрэлі яны мяне, як і звычайна. Прынамсі, нейкай надзвычайнай раззлаванасці ці раздражнёнасці не назіралася. На станцыі «Дно» маёй свядомасці бліснуў кволы ліхтар надзеі на імавернае паразуменне. Не спяшаючыся, грунтоўна я расказаў класу пра конкурс. Станцыйны ліхтар надзеі не згасаў, але вочы маёй парафіі не пачыналі свяціцца тым агнём, які мяне ўразіў на паралелі дзясятых. Павісла працяглае дакучлівае маўчанне.

– Ніхто нічога не хоча сказаць? – не выпускаючы вонкі свой сум, спытаў я.

– Давайце Багуслаўскую адправім, – удаючы саму сур’ёзнасць, прапанаваў Дастаеўскі. – Яна староста, у яе атрымаецца.

– Давай-ка ты сам туды пойдзеш, родненькі, – шыкнула на яго Аксана.

– Не будзем у богвед які раз пачынаць ваш дуэт, – папрасіў я і следам, пакуль Андрэй не паспеў зноўку разявіць рот, загадаў і яму, і ўсім іншым хлапцам выйсці з кабінета.

Тыя неахвотна, у бальшыні сваёй з фырканнем папляліся на выхад.

– Сцеражыцеся, даражэнькія, – звярнуўся да дзяўчат Андропаў перш, чым зачыніў за сабою дзверы.

– Можа, цяпер вы нешта скажаце? – спрабаваў я разварушыць вучаніц. – Няўжо ніхто не жадае добраахвотна, без майго прымусу, удзельнічаць у конкурсе?

– Ой, Эрнест Скіргайлавіч, калі б гэта была лыжная гонка ці стральба, то я абавязкова б пагадзілася, – падала голас першай Інгебора Каленвалава. – А ўсе гэтыя конкурсы прыгажосці з выхадамі на сцэну не для мяне. Мне нецікава, ці палічыць мяне журы самай прыгожай. Галоўнае, што мой малады чалавек так лічыць.

Яна прабачліва ўсміхнулася і машынальна аблізнула губы.

Я звярнуўся да Караблёвай:

– Алёна, помню, мне казалі, што ты яшчэ ў сёмым класе брала ўдзел у раённым конкурсе прыгажосці. Атрымліваецца, што вопыт ёсць. Пойдзеш?

– Там не вопыт быў, а адзін сапсаваны настрой, – млявым голасам стала тлумачыцца яна. – Я ж там ніякага месца не заняла. Нават суцяшальнага дыплома не далі. Ведаеце, як мне тады было крыўдна? Зараз аж слёзы наварочваюцца ад успамінаў. Я не хачу рызыкаваць зноў апынуцца ў тым жа становішчы, што і чатыры гады таму.

– Вельмі добра цябе разумею, – пагадзіўся я з яе довадамі і зноў звярнуўся да ўсіх дзяўчат: – Але што загадаеце мне рабіць у гэтай сітуацыі?

– Хай Лерка ідзе ці Аліса, – аператыўна перавяла стрэлкі Кася Вядзёркіна, як толькі сцяміла, што нашы з ёй позіркі сутыкнуліся.

– Ну, дзякуй табе, сяброўка! – ускіпела Булатнікава. – Я што? Падобная на мадэль?

– Здаецца, гэта будзе першы зафіксаваны ў гісторыі выпадак, калі ты прылюдна адмаўляеш сваю прыгажосць, – зрабіла заўвагу староста.

– Ой, не трэба толькі выпендрывацца. Ты цудоўна зразумела, што я мела на ўвазе, – выпаліла Лера. – Можаце мяне пад дулам пісталета туды гнаць, але я не пайду. Не пайду – і кропка!

– Дула пісталета – гэта добрая ідэя, – пажартаваў я.

– Не смешна, Эрнест Скіргайлавіч, ні кропелькі, – ушчуваў мяне гэты хадзячы кіпень. – Якое б дула вы там ні дасталі, гэта будзе вялізным прымусам. А вялізны прымус, да вашага ведама, амаль што згвалтаванне. Дык вы хочаце мяне згвалтаваць?

Я цяжка ўздыхнуў і адказаў ёй:

– У мяне такое падозранне, што адзіны чалавек, які тут хоча згвалтавання – гэта ты. Да таго ж не абы якога згвалтавання, а згвалтавання маіх мазгоў.

Вучаніцы дружна засмяяліся. Булатнікава незадаволена буркнула і замаўчала. Надышла чарга Алісы.

– Эрнест Скіргайлавіч, я не змагу, – не чакаючы майго пытання загаварыла яна. – Я вельмі саромеюся выступаць перад вялікай колькасцю людзей. Асабліва, калі большасць з іх мне незнаёмыя ці малазнаёмыя. Я абавязкова пачну заікацца…

– Ага, менавіта за сваё заіканне ты ўжо тры гады атрымліваеш дыпломы на школьных конкурсах чытальнікаў, – падкавырнула Вядзёркіна.

– Хто цябе за язык цягне? Адурэла зусім, – палаялася на яе Селязнёва, а мне мусіла даць больш разгорнутае тлумачэнне: – Калі ў зале будзеце вы, а вы ж там абавязкова павінны быць, то я не змагу нават рот раскрыць. Выступаць перад вамі я саромеюся перш за ўсё. Во такія піражочкі. Прабачце мяне.

– Дажылася! Эрнеста Скіргайлавіча яна баіцца! – састроіла здзіўленне Кася. – Эрнест Скіргайлавіч у нас белы і пухнаты, калі яго не злаваць.

Рэмарка наконт белага і пухнатага мяне кальнула, што я нават уявіў карціну: Аліса сядзіць і чытае аднакласніцам усе мае sms’кі. Неўпрыкмет для сябе я сціснуў край сталешніцы парты, каля якой стаяў. Сціснуў так моцна, што сталешніца трэснула. Дзяўчаты скалануліся і збянтэжана паглядзелі на мае рукі, у якіх мне выпала доля трымаць неахайную рэйчыну.

– Так, мне тут больш няма чаго рабіць. Вы яўна настроены на гвалт, – залепятала Булатнікава.

Яна хацела падняцца, але аднакласніцы ёй не дазволілі.

– Ды што ты торгаешся? Табе ўжо даходліва патлумачылі наконт гвалту, – выклікалася быць маім адвакатам Кася. – А парта паламалася, бо старая. З твайго году.

– Сучка! Ды я маладзейшая за цябе амаль на дзевяць месяцаў! – раз’юшылася Булатнікава. – А калі ты ўвогуле такая крутая, то чаго сама не хочаш на «міску» ісці?

– А хто табе сказаў, што я не хачу? – з пераможнай усмешкай перапытала тая.

– Ой, – узрадаваўся я. – І чаму ж ты маўчала?

– Па-першае, не хацела перабягаць дарогу астатнім дзяўчынкам. А па-другое, чакала, калі вы агучыце нейкія бонусы за ўдзел у конкурсе. Бонусы незалежна ад таго, перамагу я там ці не перамагу, – з хітрынкамі ў вачах, ледзьве не мурлыкаючы, прызналася яна.

Я глядзеў на яе нават не з павагай, а з праўдаістым святарным трымценнем, і мала не заспяваў ад усцешанасці:

– Так, бонусы будуць у кожным выпадку. Першы бонус – дзясяткі па ўсіх трох прадметах, якія я выкладаю. Другі бонус – каробка шакаладных цукерак ці торт на выбар. Трэці бонус – бутэлька шампанскага. Ну, і плюс да ўсяго я дапамагу з тэкстам патрыятычнай прамовы. Калі спатрэбіцца, то і з песняй таксама падсоблю. Цябе такі расклад задавальняе?

– Задавальняе, – згодна заківала галавой Вядзёркіна. – З вас торт «Графскія разваліны».

– Ды хоць «Сталінградскія руіны», Касечка! – гарэў ад вытворчага шчасця я.

Дзяўчаты ўраз павесялелі, нібыта толькі што не былі гатовымі перагрызці адна адной глоткі. Пан Самсунак паклікаў мяне прагледзець свежае пасланне. «Твая новая фаварытка?» – цікавілася Аліса. Набіраць адказ у тое самае імгненне выглядала б выдатным прыкладам нявыхаванасці. Я злавіў погляд Селязнёвай і злёгку матлянуў галавой, адмоўна адказваючы на яе пытанне. Апроч лёгкай ін’екцыі збянтэжанасці ад яе пытання, я атрымаў пэўны зарад задаволенасці, трактуючы пасланне як праяву рэўнасці. «Раўнуе, значыць кахае», – згадаліся словы кагосьці з вялікіх.

Я збіраўся сыходзіць, але Аліска падняла руку.

– Што такое? – сэрца маё забілася ад неразумення магчымага павароту.

– Вы дзённікі нам не збіраецеся аддаваць? А то другі дзень дамашняе заданне на агрызках запісваем, – агаломшыла яна мяне.

Я стукнуў сябе далонню па ілбу. Гэта ж трэба было так спудлаваць і забыць вярнуць дзённікі з маімі запісамі! Усведамляючы, што ілюзія выхаваўчага эфекту размовы з класам, што адбылася надоечы, наблізілася да мінусавага значэння, я пайшоў у настаўніцкую, дзе без дагляду пакінуў стос вучнёўскіх твараў, як Руслан Альгердавіч заўсёды называў дзённікі. Хлапцы, што тоўпіліся ў калідоры, нязграбна выгукнулі: «Нарэшце!», а Андропаў персанальна пацікавіўся:

– Ну, выбралі сабе галоўную жонку, таварыш Сухаў?

Мне ўстылі бясплённыя палемікі з ім, і таму давялося ў адказ адпусціць колкую смешку, якая цалкам адпавядала культурнаму коду, што быў абраны Пецем:

– Гюльчатай, прыкрый роцік.

Нават не хацеўшы, ён быў вымушаны гэта зрабіць ад выбуховай хвалі неспадзяванага для сябе адказу.

Пасля вяртання дзённікаў вучням я атабарыўся ў настаўніцкай на час чарговай «форткі». Спачатку падумалася, што не варта той час марнаваць напуста, і я нават разгарнуў у сваім нататніку чыстую старонку, каб пачаць пісаць патрыятычную прамову для Вядзёркінай. Аднак бясплённа пакруціўшы ў руках асадку, ужо праз хвіліну мусіў з роспаччу пакінуць гэты занятак як невыканальны. Нешта муляла мне свядомасць, нібыта гарошынка, якая муляла дупцю казачнай прынцэсы. Але ж я, дарма што наведваў казачны сусвет, не быў нават казачным свінапасам, затое збольшага ўмеў аналізаваць свой псіхалагічны стан. Зразумеў, што загваздка была ў Алісе. У той міжвольнай праяве рэўнасці. У тым, што так і не даслаў ёй адказу.

Я мітусліва схапіўся за мабільнік і набраў паведамленне: «Прабач, калі пакрыўдзіў. Яна пагадзілася, і да конкурсу мне лепей усе пылінкі з яе здзьмухаць». «Крыўдаваць з нічога – гэта па тваёй частцы», – аператыўна адказала яна, аздобіўшы пасланне смайлікам з падміргваннем. Я ўсміхнуўся і ледзьве не ўголас сказаў: «Кахае». У настаўніцкай паспелі з’явіцца Іскаліеў і Майсюк з роспытамі аб плённасці маіх перамоваў з гарэмам. Я дыпламатычна сказаў: «No comments» і вярнуўся да нататніка.

Праз трыццаць хвілін тэкст быў гатовы. Прагучаў званок з урока. У маіх падапечных скончыўся факультатыў. Я падарваўся і скіраваўся на першы паверх, бо надта карцела лішні раз зірнуць на Алісу. Каля вучнёўскага гардэробу панаваў Вавілон часоў апошняй стадыі ўзвядзення зіккурата-хмарачоса, а вялікі жрэц будаўнічага трэста Чабурахбанапал выбіваў на каменнай стэле клінапіс прарочых словаў: «Мы будавалі, будавалі і нарэшце пабудавалі». Але сярод гэтага вавілонскага гармідару не было і знаку вучняў 11 «А». Мне стала бракаваць паветра. Я рушыў у бок калідора, дзе насупраць кабінетаў пачатковых класаў каля люстэрка зазвычай апранала палітон Аліса. Гэтым разам там стаялі дзве васьмікласніцы і прыветна махалі мне рукамі. Я рэзка развярнуўся і ледзь не наляцеў на Кіру Краўзэ.

– Ой, Эрнест Скіргайлавіч, вы зараз такі энергічны, – не раззлавалася тая. – Шукаеце кагосьці?

– Ды так… Іголкі ў стозе сена, – сумна прашаптаў я.

– Калі на тых іголках маркіроўка «11 А», то яны паляцелі ў розныя стагі іншых калгасаў, – падтрымала вобразнасць вучаніца.

Я адказаў чуллівай усмешкай, хаця на душы шкрабаліся старажытнаегіпецкія коткі, а іх землякі святарныя жукі-скарабеі рабілі там жа сваю паўсядзённую справу. Толькі на лесвіцы, калі Кіра апынулася за спінай, мая журба праявіла сябе напоўніцу. Зрэшты, гэта так здавалася толькі да дваццатай прыступкі. Яна вывела мяне на пляцоўку між паверхамі да вялікага ваконнага вітража. За шыбкай падаў снег. Школьнікі разыходзіліся сваімі пасляўрочнымі шляхамі. Ненаўмысля я запаволіў хаду і ўбачыў, што ў заваконным свеце Аліса Селязнёва крочыць поруч са статным хлапцом. Пра нешта размаўляючы, яны спыніліся пад вакном, і мая любімая вучаніца ўзялася клапатліва папраўляць свайму спадарожніку стракаты шалік. Я назіраў за гэтым відовішчам з бясконцай сумнай зачараванасцю. Яна, ён, снежная бель і рознакаляровая паходня шаліка. У маёй галаве аднекуль загучала музыка і шчымлівы дзявочы голас заспяваў:

И пусть,

Как пепел снег

Ложится, засыпая сны сгоревших лет,

Сметая ложный блеск смешных теперь побед,

Надежд несбывшихся земных,

Неясных образов ночных…

Пустых…

Мае ногі сталі, як шклавата. Мне хацелася падобна аднаму з герояў Сяргея Балахонава сесці на дол і здранцвець у часовым забыцці. Можа, я і здранцвеў бы, калі б не Марына Нарымунтаўна, якая далікатна ўзяла мяне за локаць і павяла да сябе ў кабінет, каб трошачкі пагутарыць, мой любчыку. Я кінуў апошні позірк за шыбку, але снег паспеў ужо схаваць сляды Алісы і яе кавалера.

– Скажы, калі ласка, што адбываецца паміж табой і Алесяй? – адразу ж памкнулася даведацца Любартава.

Я састроіў міну пацана не ў курсах і агучыў яе неахвотным каментарам:

– Нічога не адбываецца, і дзякуй богу!

– Так? А што ж яна прыбягае сёння да мяне ўся ў слязах і губной памадзе і скардзіцца, што ты яе пакрыўдзіў?

– Пакрыўдзіў? Калі спыняць недарэчныя заляцанні азначае крыўдзіць, то тады я і сапраўды яе пакрыўдзіў.

– Дапусцім, ты асадзіў яе заляцанні. Але навошта так груба? Ты ж звычайна такі карэктны, Эрнесцік. А тут такія фразы – іспанская дварняга! Адкуль толькі ўзяў?

У мяне не было сілаў на тое, каб празмерна здзіўляцца.

– Здаецца, вас выпадкова ці свядома падманулі, – гаварыў я. – Такіх фразаў мне гаварыць ніколі не даводзілася і, перакананы, не давядзецца. Калі нехта не ў змозе засвоіць устойлівыя словазлучэнні і пераказвае іх абы-як, то хай ідзе на курсы ананімных фразеолагаў.

Завуч спачувальна пахітала галавой.

– Бачу, даражэнькі, што ты з-за свайго прыступу неяк змяніўся. Ачарсцвеў, ці што. А гэта няправільна. Чым табе Алеся не падабаецца? – зрабіла яна ў сваіх словах круты паварот. – Ты глядзеў на яе хаця б аднойчы ўважліва, а не праз прызму нейкіх тваіх прымхаў і забабонаў? Гжэчная ж дзяўчына. Магла б табе быць добрай жонкай. Няўжо ты да яе зусім абыякавы?

Я ледзь не падскочыў, як кот на гарачай блясе, але мая хвалёная карэктнасць моцна трымала мяне за шкіркі. Адказваць давялося седзячы і з нейкім невыразным падабенствам нейтральнасці:

– Прабачце, але мне не хочацца размаўляць на гэту тэму.

– А на якую тэму табе хочацца размаўляць? Можа, пра тваіх любімых вучаніц пагаворым? – урэзала Марына Нарымунтаўна.

Мой твар успыхнуў, нібыта цэлае поле пунцовых кветак у полыме зарніц.

– Што вы маеце на ўвазе? – ледзь адолеў я свінец, якім заплыў язык.

– Кажуць, у цябе васьмікласніца закахалася, – тлумачыла яна. – Псіхолаг на іх паралелі праводзіла тэст. І адна дзяўчынка ад цябе, як сказаў бы класік, уся ў пламеннях. З ёй можа быць сур’ёзная праблема.

– І мы цяпер павінны сачыць за ўсімі васьмікласніцамі, якім здаецца, што яны закахаліся ў свайго настаўніка-мужчыну? Думаю, што гэта нерэальна, дый непатрэбна. У восьмым яна думае, што кахае. У дзявятым ёй ужо смешнавата ўспамінаць пра гэта. А ў дзясятым яна са спакойнай душою сягае да якога-небудзь Дзімкі, каб у адзінаццатым будаваць з ім планы на аглядную будучыню. Усе гэтыя псіхалагічныя тэставанні цяперашніх васьмікласніц значаць не болей, чым любоўная варажба на зборніку матэрыялаў XXV з’езда КПСС, – выдаў я скептычную тыраду.

– Можа, ты і маеш рацыю, але будзь пільным і не давай нагоды, каб нейкая дзяўчынка зразумела цябе няслушна. Ты проста не ведаеш, але пасля твайго ўроку «Паэзія і проза любові» быў шэраг тэлефанаванняў ад бацькоў з канкрэтным пытаннем: што ж гэта такое настаўнік дзецям выкладае і дэкламуе?

– Дык гэта ж звычайная праграмная тэма, – абурыўся я.

– Я ведаю і тлумачыла гэта ўсё ўскіпелым матулечкам. Але ж адна зразумее, а другая – ніколі ў жыцці, а трэцяя будзе крычаць: «Што ён там за вершыкі чытаў?!».

– Калі ўжо ў Амара Хаяма вершыкі, то я тады не ведаю, як назваць тэксты песень групы «Пающие трусы».

– А ніяк не называй, – махнула рукой завуч. – Хай хоць у школе дзеці пачуюць сапраўдную паэзію. А мамак мы будзем браць на сябе… Які менавіта верш Хаяма ты цытаваў на ўроку?

Я анічуць не сумеўся і пранікнёна прачытаў рубаі:

Кахаючы, трываю ўсе дакоры

І вечнай вернасці зарок сягае зораў.

Як вечна буду жыць, гатоў да дня Суда

Пакорліва трываць гнёт цяжкі і суворы.

Жанчына некалькі імгненняў сядзела моўчкі, а потым сказала:

– Ведаеш, ты так геніяльна чытаеш гэты геніяльны верш, што, баюся, не толькі вучаніцы ў цябе могуць улялюшчыцца.

Пасля гэтых яе словаў мне стала вельмі шкада, што я не адмысловы разнавід страуса і не магу схаваць галаву ані ў пясок, ані ў засланую лінолеумам падлогу кабінета намесніка дырэктара па выхаваўчай рабоце. Зрэшты, я і не правяраў сябе на адсутнасць-прысутнасць гэтай здольнасці, дарма што крэсла пада мной падавала досыць выразныя сігналы аб сваім імаверным самаразбурэнні са скідваннем мяне долу.

Бачачы няёмкасць, якая гарачым жалезам была выпалена на маім твары, Любартава дазволіла сабе ўсміхнуцца і змяніць тэму:

– Як там твае дзеўкі настроеныя на конкурс?

– Адна пагадзілася.

– Дзіўна, што адна. Я меркавала, што ў тваім класе добрая палова дзявочага кантынгенту адгукнецца.

– Не хочуць яны адгукацца. А калі і хочуць, то не на гэты конкурс, – з сумам прамовіў я. – Калі вы не супраць, я буду гэтай дзяўчыне трохі дапамагаць.

– Дапамагай, дзеля бога. Толькі прашу цябе пра адно: давай абыдземся без Rammstein. Не хочацца, каб ты змусіў дзяўчынку выконваць на конкурсе «Міс школы» нешта правакацыйнае з запасаў дзядулек нямецкага індастрыялу, – паставіла яна ўмову.

– А гэта, між іншым, някепская ідэя, – пажартаваў я.

– Нават не думай, – суразмоўніца пагразіла мне пальцам. – Зразумей, што гэта не толькі конкурс прыгажосці і талентаў, але і спаборніцтва патрыятычных пачуццяў. Як бы напышліва апошняе ні гучала, але нашы беларускія і, шырэй, усходнеславянскія патрыятычныя пачуцці ніяк не стасуюцца з творчасцю гурта Rammstein.

– А як з усходнеславянскімі патрыятычнымі пачуццямі стасуецца індыйскі танец, які збіраецца паказаць адна дзесяцікласніца? – не спяшаўся я ўздымаць белы сцяг.

– Ты ж разумееш, што такое для нашай гісторыі Індыя, а што Германія. Індыя для нас заўжды была нечым таямнічым, але нязменна родным, – пачала досыць дзіўна аргументаваць свой пункт гледжання яна. – Ад казак пра Індыйскае царства і захопленых апавяданняў купца Афанасія Нікіціна да шчырых слёз савецкіх жанчын аб лёсах герояў «Зіты і Гіты» і «Танцора дыска». А калі браць беларускую мову, то сувязей са старажытнай Індыяй увогуле процьма. Ты як гісторык і шчыры беларус павінен гэта ведаць. Але самае галоўнае, мабыць, тое, што з Індыяй у адрозненні ад Германіі мы ніколі не ваявалі.

– Прабачце, але ж і беларусы, і немцы – індаеўрапейцы, – стаў пярэчыць я. – А старажытная Індыя з’яўляецца нашай супольнай радзімай. Што да войнаў, дык іх паміж роднаснымі народамі ніколі ў гісторыі не бракавала. Тое, што мы не ваявалі з Індыяй больш звязана з геаграфічным становішчам абедзвюх краін. Той жа логікай можна сказаць, што лепшыя сябры беларусаў – гэта афрыканскія плямёны тутсі, бо мы ніколі міжсобку не ваявалі. Дык, можа, мне нараіць маёй вучаніцы выйсці танчыць нейкі традыцыйны танец тутсі? Але ж і я, і вы, і дзядзька Гаўрыла з Полацку разумеем, што гэта толькі паліткарэктная лухта, якой прыкрываецца адсутнасць інтарэсу моладзі да тутэйшай культуры.

– Дык ты вызначся, чаго ты ўрэшце хочаш: тутэйшай культуры ці нямецкага эпатажу! – усклікнула завуч.

– Я хачу тутэйшай культуры ў шчыльнай сувязі з агульнаеўрапейскай. І каб гэтая сувязь фліртавала з масавай культурай. Таму я за Rammstein на беларускай мове, – настойваў я.

– Ёсць у тваіх словах нешта барочнае, – заўважыла гаспадыня кабінета.

– Я б сказаў, постмадэрнісцкае. Зрэшты, барока і постмадэрнізм – браты-блізняты.

– Дапусцім, я пагаджуся з тым, што твая дзяўчынка запяе на конкурсе песню Rammstein. Але адкуль ты возьмеш беларускі тэкст?

– Ды ёсць адзін пісьменнік, які іх песні перакладае. А калі патрэбнага перакладу ў яго даробку не будзе, то я перакладу сам.

– Добра. Толькі, калі ласка, узгадні гэта са мной. Не хацелася б, каб гучала песня з прапагандай гвалту і вайны як галоўнага сродку вырашэння міждзяржаўных праблем.

– Мы выберам песню пра каханне. Можа, не зусім шчаслівае, але ўсё-ткі пра каханне, – паабяцаў я.

– Ну, і каб без элементаў парнаграфіі, – дадала жанчына. – А то навокал яе і так з лішкам хапае.

Убачыўшы на паліцы кніжнай шафы факсіміле Трэцяга Статуту Вялікага княства Літоўскага, я падняўся з крэсла, паклаў руку на важкую таміну цёмна-цаглянага колеру і пакляўся, што ў песні маёй канкурсанткі не будзе ні парнаграфіі, ні нават лёгкіх намёкаў на эротыку.

– Скамарох, – абазвала мяне Марына Нарымунтаўна і абвясціла аўдыенцыю завершанай.

54.

Наступныя дні ішлі пад знакам клопатаў падрыхтоўкі да конкурсу. Я дзвесце разоў карэктаваў патрыятычную прамову. Мне давялося перакласці на беларускую песню «Rosenrot» і пераканаць Вядзёркіну, што яна ўмее спяваць. Сама Кася брала на сябе падрыхтоўку танца і строю. Не тое, каб я насіўся вакол яе, як чорт з маляванай торбай, але і калегі, і вучні гэта заўважылі. Заўважалі і закалупвалі мяне чортавым тузінам пытанняў. Адчувалася па-ранейшаму і рэўнасць Алісы. Хаця ўспамінаючы стракаты шалік Дзімы, я патанаў у неразуменні прычынаў яе рэўнасці. Я ўзяў паўзу. Не дасылаў ёй sms’ак, не шукаў нагоды для размовы, не сустракаў і не праводзіў да школьнага парога. Але яна мне мроілася ў снах, ад якіх заставаліся толькі маленькія фрагменты, каторыя, не зважаючы на яскравасць, было цяжка запомніць, а яшчэ цяжэй паяднаць у нешта суцэльнае. Здавалася, што і Селязнёва забылася на нумар майго мабільнага. І высновы наконт яе рэўнасці я рабіў выключна па заўважаных дакорлівых поглядах, якімі дзяўчына шчодра адорвала мяне пры кожнай зручнай і нязручнай нагодзе ці нават за адсутнасцю ўсялякіх нагодаў. Для мяне гэта было вельмі цяжкім выпрабаваннем. З аднаго боку – клапатлівае увязванне шаліка на шыі раскаханага Дзімы, з іншага – абцугі рэўнасці, што шкуматалі маё сэрца. Я мусіў заплюшчваць вочы, сціскаць сківіцы і выклікаць да дошкі іншых тады, калі мая любімая вучаніца цягнула руку.

Як і варта было чакаць, старшакласнікі зашапталіся, што ў мяне з Вядзёркінай нешта тыпу рамана. Я быў поўны прагі плюнуць у вочы таму, хто запусціў гэтую плётку. Дзіўная рэч: калі на ўдзел у нейкім конкурсе вучаніц угаварыў класны кіраўнік жаночага полу, то гэта тое, што трэба, і ніякіх абсурдных версій ніколі не ўзнікла. Але варта было тое самае зрабіць рэдкаму экземпляру класнага кіраўніка полу мужчынскага, як школа пачала распускаць языкі. Нават гэтага мне было дастаткова, каб ненавідзець класнае кіраўніцтва, але збочыць я не мог.

За пару дзён да восьмага сакавіка конкурс урэшце адбыўся. Як я ні адбіваўся, але Рыбанька ўсадзіла мяне сярод нешматлікіх удзельнікаў журы. Давялося паабяцаць ёй гранічную неаб’ектыўнасць на карысць сваёй вучаніцы. Алеся абыякава махнула на мяне рукой. У яе кіслай міне чыталася: «Мне ўсё адно, як ты будзеш галасаваць, галоўнае, каб ты тут сядзеў». Побач са мной сядзелі Дзяніс Давыдавіч і Грыша Стахіевіч. Не зважаючы на апошнія падзеі, хлапца як актывіста запрасілі ў склад журы, на што асабліва націскала Наташа Скрэпкіна. Атрымлівалася, што Кася Вядзёркіна мела ў журы два сваіх чалавекі. Я чакаў, што іншыя класныя кіраўнікі запратэстуюць. Але ўсім было абсалютна начхаць на тое, што адбываецца ў журы і на сцэне, таму абышлося без пратэстаў. Прадчуваючы перамогу прадстаўніцы 11 «А», я зларадна пацёр рукі.

Пасля ўступнага слова Алесі Сяргееўны на сцэне з’явілася пяць вучаніц. Вядзёркіна была адзінай канкурсанткай ад адзінаццатых класаў. У такім самым становішчы была і кволая бяляначка-дзевяцікласніца. Ну, а астатнія прынцэсулі, як іх назваў Давыдавіч, прадстаўлялі кожны клас з паралелі дзясятых. Такі дысбаланс мяне здзівіў і ў нейкай ступені раззлаваў. Атрымлівалася, што і я мог спакойна парваць конкурсныя ўмовы і не марнаваць час на ўгаворванне сваіх вучаніц. Але, як добры дурань, я гэтага ў адрозненні ад сваіх каляжанак не зрабіў.

Дзяўчаты пачалі з конкурсу візітовак-самапрэзентацый, які адбываўся ў форме гутаркі між імі. Кожная хвалілася сваімі цнотамі, дасягненнямі і планамі на будучыню. Кожная, акрамя дзевяцікласніцы, імкнуліся бліснуць гумарам, адаптуючы пад сябе барадатыя анекдоты. Касіны рэплікі стваралі ў мяне не самае лепшае ўражанне. Але ў тых умовах для мяне гэта не іграла зусім ніякай ролі. Нават калі б яна заікалася ці проста маўчала, я усё адно паставіў бы ёй найвышэйшую адзнаку, а астатнім – меншыя.

Мой план адразу раскусілі Мятлікава і Келдышава, якія сядзелі акурат за спінамі журы. За сваю пяцёрку для Вядзёркінай я атрымаў пальцам у бок. Лія Навумаўна так аддзячыла мне за маю аб’ектыўнасць і прашыпела:

– Што ты вычвараеш?

– Якая табе розніца? Што хачу, то і раблю. Я ў гэта чортава журы не прасіўся, – мне не ўдалося ўстрымацца ад рэзкай рэакцыі.

– Ты ў яе ўлюбіўся ці што? – шыпенне не спынілася.

– Ты галавой думаеш ці генератарам рэўнасці? – раз’юшыўся я.

Келдышава пакрыўдзілася. Мятлікава паспрабавала апеляваць да майго сумлення. Безвынікова.

– З якой такой халеры я буду тапіць вучаніцу майго класа! – анічуць не разумеў я.

– Цябе ніхто не просіць яе тапіць. Проста будзь аб’ектыўным хаця б у адносінах да іншых, – патлумачыла сваё меркаванне Галя.

Наша шушуканне ўстыла Іскаліеву, і ён сказаў нам сваё грунтоўнае палкоўніцкае цыц.

Канкурсанткі па чарзе пачалі выконваць песні. Пераважна гэта былі ўзоры саладжавага расійскага попу, ад якога зліпалася не толькі попа, але і папка выніковага пратаколу конкурсу, да якой міжволі цягнулася мая рука. Чарнявая дзесяцікласніца ў чырвонай сукенцы парвала залу і сэрца Дзяніса Давыдавіча:

Ты прости меня малыш.

Ду, ду-ду-ду, ду-ру.

Если любишь, то простишь.

Ду, ду-ду-ду, ду-ру.

Стары штурхнуў мяне злёгку локцем і паўшэптам сказаў:

– З яе цудоўная жонка атрымаецца. Калі ўжо маладзенькія падабаюцца, то раю звярнуць увагу. Калі не звернеш, то я са сваім унукам яе скантачу.

– Яна, канечне, прыўкрасная. Але не хачу пазбаўляць вашага ўнука такой шчаслівай долі, – гаварыў я сур’ёзна, але словы мае гучалі надта смяшліва.

– От, табе не дагодзіш! Такая ляля, а яму хоць бы хны, – незадаволена скрывіўся ён.

– У мяне з лялямі свае рахункі, – амаль што не схлусіў я.

Тым часам на сцэну выйшла Кася і, як ваўчыца, параненая стралой Купідона заскавытала:

Бачыць пані жар зары –

Ружа ззяе на гары.

Кажа любаму, каб той

З вышыні зняў ружу ёй.

Пажадала гэты цуд,

Так было і будзе тут.

Пажадала – будзе плён,

Павялося так здавён.

Мусіш рыць зямлю, як след,

Каб крышталь крынічны піць.

Ружы Цвет! О, Ружы Цвет!

Вір маўчыць, але не спіць.

Лезе на гару юнак,

Строма, стома ані ў знак,

Стрэмкай думка ў галаве –

Ружу любай ён сарве.

Пажадала гэты цуд,

Так было і будзе тут.

Пажадала – будзе плён,

Павялося так здавён.

Мусіш рыць зямлю, як след,

Каб крышталь крынічны піць.

Ружы Цвет! О, Ружы Цвет!

Вір маўчыць, але не спіць.

Пад нагой дрыжыць камень.

Вось гара раняе цень

І таго грымотны крык,

Хто ляціць уніз з гары.

Пажадала гэты цуд,

Так было і будзе тут.

Пажадала – будзе плён,

Павялося так здавён.

Мусіш рыць зямлю, як след,

Каб крышталь крынічны піць.

Ружы Цвет! О, Ружы Цвет!

Вір маўчыць, але не спіць.

Не зважаючы на тое, што спявала яна так сабе, песня заходзіла добра – і мне, і нейкай частцы прысутных у зале.

– Ну, ты ёй і лухту падсунуў. Ды яшчэ і на беларускую пераклаў, – дакучлівай мухай сваіх рэмарак назаляла мне Лія.

– Калі б ты хоць трошкі цяміла і ў нямецкім, і беларускім кантэксце гэтай песні, то не дазволіла б сабе такіх бяспутных выказванняў, – холадна адказаў я, падымаючы картку з максімальным балам для Вядзёркінай.

Іскаліеў ацаніў яе выступ троечкай. Стахіевіч, напэўна, каб нікога з канкурсантак не пакрыўдзіць, выставіў усім чацвёркі. Да ўласнага гонару хлапец упарта гнуў сваю лінію, дарма што палкоўнік агітаваў падтрымліваць патэнцыйную жонку свайго унука. Думкі гледачоў падзяліліся. Зрэшты, іх думкамі ніхто і не цікавіўся.

У танцавальнай частцы конкурсу ўдзельніцы былі больш разнастайнымі, чым у песеннай. На сцэне мы пабачылі і індыйскі танец, і аргентынскае танга, і полечку трасуху… Што збіралася выдаць Кася ў гэтым нумары, я да апошняй секунды не ведаў. На рэпетыцыі яна мяне не пускала, а прызнацца – не прызнавалася. Калі Альхімовіч вынес на сярэдзіну сцэны стаячую вешалку, мяне пачалі казытаць трывожныя здагадкі. Вядзёркіна выйшла з-за куліс апранутая ў кароткія жоўтыя шорты і белую маечку на тонкіх шлейках, якія беспаспяхова спаборнічалі са шлейкамі чырвонага станіка. Абутая яна была ў светлыя чэшкі. Пульс мой паскорыўся сінхронна з ростам узроўню трывожнасці. Алесь уключыў музыку. З калонак вырваўся голас Сэм Браўн узору 1988 года са спевам, які ў мяне заўжды асацыяваўся з танцамі стрыптызёрак:

All that I have is all that you’ve given me

did you never worry that I’d come to depend on you

I gave you all the love I had in me

now I find you’ve lied and I can’t believe it’s true

Мяркуючы па рэакцыі залы, у большасці гледачоў асацыяцыі былі падобныя.

«Кляты сорам», – цыкнуў я сабе пад нос, не знаходзячы здольнасці зразумець, як Любартава дазволіла такі нумар.

Калі сказаць, што Вядзёркіна танчыла вельмі кепска, то гэта значыць нічога не сказаць. Яе дзіўныя звіванні вакол вешалкі забівалі напавал сваёй нягеглай парадыйнасцю. У яе рухах не было ні жыцця, ні агню, ні элементарнага жадання спадабацца хоць каму-небудзь з гледачоў. Яе рухі больш нагадвалі сутаргі захмялелай змяі, якая ўджаліла сябе ў хвост. Яе рухі больш нагадвалі шморганні галоднага зомбі, якога кайданкамі прыкавалі да ліхтарнага слупа і дражнілі, паказваючы таму язык і плакат з надпісам: «Мазгі тут».

– Ну, ты хоць зараз дуратою не майся. Пастаў ёй адзнаку па справядлівасці, – прашаптала мне Мятлікава.

– Галя, якая справядлівасць? Я ж не біблейскі гаспадар вінаградніку, каб быць справядлівым.

– Ды ты проста каваль-ідалапаклоннік з Карана, – кінула яна.

– Добра, што не паслухмяная жонка з «Дамастрою», – адкінуў я, не збіраючыся паддавацца на чые-небудзь спробы мяне ўмалёгаць.

Калі я зноў паставіў Вядзёркінай вышэйшы бал, не вытрымаў Давыдавіч:

– Эрнесцік, я нешта твайго гумару не зразумею. Што ты за адзнакі выстаўляеш? Ці, можа, гэта дзеўка табе штось паабяцала?

– Ага, паабяцала, – згодна заківаў я. – Новы сезон «Сакрэтных матэрыялаў».

– Хутчэй, «Блудлівай Каліфорніі», – тут жа зрэагавала Келдышава.

Іскаліеў незадаволена зіркнуў на мяне, разумеючы, што далей размаўляць са мной пра адзнакі бессэнсоўна. Усцешыўшыся гэтым, я страціў пільнасць і не падумаў, што стары мысліў стратэгічна і ўжо ведаў, калі і якім чынам нанясе свой удар.

Рыбанька абвясціла заключны этап конкурсу – дэфіле «О, Беларусь, мая шыпшына» з патрыятычнай прамовай. Што праўда, каляжанка з першага разу не змагла правільна вымавіць назву, прачытаўшы з паперкі так, як здолела: «О, Беларусь, мая шыншыла». «Толькі наша Алеся здатная на такое», – падумаў я, раняючы буйныя градзіны слёз, выкліканых бясплённымі намаганнямі задушыць уласны смех. Але і слёзы, і смех увадначас зніклі пасля таго, як першай на сцэну запрасілі Касю. Яна з’явілася ў кароткай ружовай сукенцы, трымаючы ў руках сярэдніх памераў плюшавага мядзведзіка. Яе дэфіле заключалася ў бязмэтным шпацыраванні па сцэне, якое нагадвала карціну мінскага авангардыста Афінагена Кілімава «Девочка-тинейджер приключений ищет».

Вядзёркіна, нарэшце, дабрыла да мікрафона. Толькі тады я згледзеў, што на грудзях пакутнага мядзведзіка вісеў круглы значок з надпісам «Я люблю Беларусь». На нейкае імгненне мне здалося, што дзяўчына возьме свайго плюшавага сябручка за горла, каб той механічным голасам баявога робата зачытаў прамову замест яе. На шчасце, гэтага не адбылося. Яна смела сцягнула мікрафон са стойкі і стала напамяць чытаць тэкст.

Голас яе быў штучна прачулым – роўна такім, як вучылі ў школе з першага класу: «Сябры мае! Землякі родныя! Са сцэны глямурнай даводзіцца мне прамаўляць да вас, цешачыся хараством нашай краіны. І калі якім народам сорамна не любіць свой край, то пагатоў нам, бо не абы-якую Айчыну маем, а краіну волатаў – людзей мужных і прыгожых. Можа, хто спытае: дзе ж твая Айчына? Адкажу. Яна там, дзе аксаміт летніх вечароў. Яна там, дзе азёрная сінеча. Яна там, дзе Зосі і Алесі. Яна там, дзе слава продкаў не змарнела ў смузе стагоддзяў. Мая Айчына ва ўзмаху лёгкага сінякрылага матылька. Мая Айчына ў таямніцах святых крыніц і ў водары даўніх кніг, кірыліцай пісаных вязкай. Мая Айчына ва ўскрыку руінаў сярэднявечных замкаў і ў сонечных бліках на вокнах новабудоўляў. Ёй не аднойчы даводзілася паўставаць з небыцця. Ёй не аднойчы даводзілася паўставаць супраць цемры. Ёй не раз выпадала гушкацца на арэлях між Усходам і Захадам, не заўважаючы, як арэлі ператвараюцца ў варожыя шыбеніцы. Але яна вытрывала. Яна не скарылася. Перажыла і лета гарачае, і гаўканне сабачае. Перажыла і лютыя сцюжы, і дзікія ружы. Люблю. Я люблю яе. За вялікае і малое. За трагічнае і смешнае. За словы Францішка Скарыны і пяшчотны шэпт юнака, што прызнаўся мне каханні. Я з табой. Ты чуеш?! Я з табой, мая Беларусь!».

Я ўважліва слухаў кожнае яе слова. Кася ні на крок не адступіла ад майго тэксту. Але ўсё адно мяне даймала дзіўнае пачуццё, нібыта сэнс маіх словаў у яе вуснах непазнавальна змяняўся. Скончыўшы прамову, яна пакланілася, а зварушаны мядзведзік крэкнуў: «Мама».

Астатнія канкурсанткі выходзілі пераважна ў вечаровых сукенках. Фаварытка Давыдавіча эпатавала публіку вясельным убраннем з вэлюмам. Палкоўнік міжволі пахлопаў сябе па грудзіне: ці то намацваў пакунак з пігулкамі, ці то шукаў мабільнік, каб тэрмінова выклікаць унука. Прамовы дзяўчын былі аднатыпнымі. У іх шмат гаварылася пра лясы, палеткі, рэкі, азёры, быццам толькі наша і ніякая іншая краіна славіцца такога кшталту эксклюзівам. У іх прамовах можна было смела замяніць слова «Беларусь» на слова «Канада», і сэнс пасланняў анічуць не страціўся б.

Журы выставіла апошнія адзнакі. Збіраючыся падняць картку з пяцёркай для Касі Вядзёркінай, я падсунуў сваё крэсла бліжэй да стала і нахіліўся наперад, каб не атрымаць па хрыбту ад Келдышавай і Мятлікавай. Мой позірк сустрэўся з позіркам Любартавай, якая ўвесь гэты час сачыла за імпрэзай, седзячы недалёка ад апаратуры. Яна ушчувальна паматляла галавой. За што канкрэтна Марына Нарымунтаўна мяне ўшчувала я не ведаў, але падстаў хапала з добрым лішкам. Я адвёў вочы. Рыбанька папрасіла журы заняцца падлікам балаў, а на сцэну тым часам выклікала дзесяцікласніцу, якая па-за конкурсам выступіла з песняй пра каханне.

Я так привыкла жить одним тобой,

Встречать рассвет и слышать как проснешься не со мной.

Мне стало так легко дышать в открытое окно

И повторять ей лишь одно…

Іскаліеў як старшыня журы ўзяўся за падлікі. Не зусім давяраючы яму, я ўтачыў нос у лічбы і правяраў кожнае дзеянне, каб складанне балаў раптоўна не скончылася ліпавым вынікам на карысць чарнявай нявестухны. Але стары гэтага і не хацеў. Ён сумленна падрахаваў выніковыя адзнакі кожнай канкурсанткі. Атрымалася, што наперад з перавагай у бал вырвалася адна з дзесяцікласніц. Астатнія ўдзельніцы набралі аднолькавую колькасць балаў. Такі вынік мяне цалкам задавальняў. Я рызыкнуў вярнуць сваё крэсла на зыходную пазіцыю і адкінуўся ў ім, слухаючы спеў:

Знаешь ли ты, вдоль ночных дорог

Шла босиком, не жалея ног,

Сердце его теперь в твоих руках,

Не потеряй его и не сломай.

Чтоб не нести вдоль ночных дорог

Пепел любви в руках, сбив ноги в кровь,

Пульс его теперь в твоих глазах,

Не потеряй его и не сломай…

Галя і Лія мяне не чапалі, толькі зноў заводзілі марны перашэпт пра маю суб’ектыўнасць. Я адно ўсміхаўся і падміргваў Вядзёркінай, намякаючы на някепскі вынік. І вось тут адбылося тое, што чакаць мне ніяк не выпадала. Дзяніс Давыдавіч пачаў абвяшчаць вынікі. Павіншаваўшы ўсіх дзяўчат, ён не стаў паведамляць пра набраныя імі балы. Ён проста называў намінацыю і прозвішча канкурсанткі. І першай ім была названа Кася Вядзёркіна як пераможца ў намінацыі «Міс замілаванне». Усе ведалі, што вынікі звычайна абвяшчаюць у зваротным парадку ад апошняга месца да першага. Ведала гэта і Кася. Таму пачуўшы сваё прозвішча першым, яна перамянілася з твару, з яе вачэй пацяклі слёзы, і дзяўчына кінулася за кулісы. Зала здзіўлена загула. Я падскочыў з месца і пабег на сцэну акурат тады, калі Іскаліеў называў пераможцу. Зала загула яшчэ больш здзіўлена. Я чуў, што слова ўзяла Любартава. Яна так заўсёды рабіла пад канец школьных мерапрыемстваў, якія ладзіліся пад яе патранажам. У гэтым канкрэтным разе ёй давялося шукаць такія словы, каб пракаментаваць і слёзы адной з удзельніц конкурсу, і скачкі яе класнага кіраўніка.

Я заляцеў у грымёрку. Кася сядзела на крэсле, трымаючыся рукамі за галаву, і галасіла, нібыта па нябожчыку.

– Касечка, супакойся, калі ласка, – ціха сказаў я, сеўшы на кукішкі, перад ёй.

– Ааай, Эрнест Скіргайлавіч, навошта вы мяне ў гэтую ганьбу ўцягнулі? «Міс замілаванне» – такая лухта! Апошняе месца. Я не магу. Якая ганьба. Заўжды ў санаторыях і лагерах адпачынку займала высокія месцы. А тут… Апусцілі ніжэй за плінтус. Можаце і пахаваць там…

– Паслухай, ніхто цябе ніжэй за плінтус не апускаў. І намінацыі гэтыя нічога не азначаюць. Хочаш возьмем пратаколы журы і разам з табой пералічым, – прапаноўваў я, не ведаючы, як яшчэ яе суцішыць.

– Ды якая ўжо цяпер розніца, колькі хто набраў тых балаў! – працягвала ўбольвацца яна. – Ужо ж уся школа ведае, што я адно толькі «Міс замілаванне». Суцяшальны прыз для дурнічак.

– Я цябе прашу, не кажы так. Ну, хочаш я папрашу Любартаву, каб заўтра вынікі разам з баламі кожнай канкурсанткі агучылі па школьным радыё? І ўсе будуць ведаць, што разрыву між табой і асноўнай масай іншых удзельніц папросту няма.

Дзяўчына адняла рукі ад твару і пагладзіла мяне па галаве.

– Дзякуй. Вы такі добры. Я ведаю, што залажала ўсе пункты конкурсу, але вы мяне ўвесь час выцягвалі. Не трэба ніякага радыё. Я паплачу і перастану. І не з такім горам людзі жывуць.

У грымёрку без папярэджання ўвайшлі іншыя канкурсанткі і іх аднакласніцы.

– О, вось чым класны кіраўнік са сваёй вучаніцай займаецца, – вельмі з’едліва прамовіла пераможца. – Цяпер, усё зразумела з вамі. А то мы ніяк не маглі зразумець, за што ёй такія суперскія балы ставяць.

Я скалануўся, устаў на ногі і павярнуўся да дзяўчат, каб адказаць хоць нешта на тую безапеляцыйнасць, якая палілася на мяне і Касю. У дзвярах стаялі мае вучаніцы, але кожная з іх, улучна з каралевай балаў, здаліся мне фанернымі роставымі фігурамі накшталт палігонных мішэняў. Я асекся і на пару імгненняў страціў здольнасць гаварыць, шалянічна разважаючы, ці трэба мне спрачацца з фанеркамі. Але ўрэшце сказаў:

– Перастань вярзці лухту. Я ставіў тое, што павінен быў ставіць. Калі б у журы сядзеў твой тата, то няўжо ж ён стаў бы крыўдзіць цябе нізкімі адзнакамі?

– Ха, дык вы яе тата? Нешта не клеіцца ваша хлусня, Эрнест Скіргайлавіч! – не адступала «Міс школы», павабліва ззяючы яблычкам мішэні.

– Я не сказаў, што я яе тата, – закіпела ўва мне злосць. – Ты, як заўсёды ўсе перакручваеш, ясачка. Назвалі цябе пераможцам, дык святкуй, калі ласка, і не лезь іншым у душы.

– А за што вы мяне папікаеце? Гэта вы былі несумленным, калі выстаўлялі адзнакі сваёй любімай вучаніцы, – працягвала ятрыць мяне суразмоўніца.

– Суцішся ты ўрэшце, грымза, – вырашыла мне дапамагчы Вядзёркіна.

– Ты надта шмат на сябе бярэш, сяброўка, – наўзаем прагучала прадказальная рэпліка. – Ці ўжо думаеш, калі ў цябе з Баластоўскім мусі-пусі-міленькі-мой, то можна так сваю зяпу разяўляць? Не, не выйдзе. Рамсы паблытала, дарагуша.

– На свой капыл іншых не раўняй! Вышукалася мне тут прыгажуня пісаная! Пагражаць надумала? Ды я табе зараз патлы ўсе павырываю ды пысу тваю бессаромную раздзяру да чырвонай юшкі! – усхадзілася Кася і была гатовай ірвануцца насустрач каранаванай дзесяцікласніцы.

Пані пераможца таксама набыла баявую паставу, і невядома, чым бы ўсё гэта працягнулася, калі б у грымёрку не зайшла Любартава.

– Што за гармідар? – не столькі спытала, колькі прадэманстравала сваю прысутнасць яна.

Суперніцы адразу страцілі свой ваяўнічы імпэт, завялі, перастаўшы нагадваць дзвюх байцовых жабак-прынцэсак. Адначасова і я здолеў зірнуць на большасць прысутных дзяўчат не як на фанерныя мішэні, а як на звычайных вучаніц, што не хочуць атрымаць двойку.

– Эрнест Скіргайлавіч, вы мне патлумачыце, што тут адбываецца? – завуч звярнулася персанальна да мяне.

– Пасляконкурсныя баталіі, – крыва ўсміхнуўся я і развёў рукамі. – Што тут паробіш…

– Дзяўчынкі, – Марына Нарымунтаўна пераключыла сваю ўвагу на вучаніц, – вы ўжо зусім дарослыя і павінны разумець, што жыццё рэч складаная і паласатая, як зебра. Не могуць быць адны толькі белыя палоскі. Не могуць быць адны толькі перамогі. Таму трэба вучыцца трымаць удары лёсу. Тое, што сёння нехта стаў пераможцам, а нехта трошкі не дацягнуў, зусім не трагедыя. Прывучайце сябе не згінацца ад дробных непрыемнасцяў. А тое, што справакавала ваш цяперашні канфлікт і ёсць дробнай непрыемнасцю. У процілеглым выпадку вам будзе вельмі цяжка адольваць куды больш няпростыя жыццёвыя бар’еры і перашкоды. Ну, не стала ты, Кася, зараз пераможцам. Няўжо гэта так страшна? Няўжо з-за гэтага трэба распачынаць варажнечу?

– Не, не трэба, – пагадзілася Вядзёркіна. – Я сапраўды ні з кім не хачу сварыцца. Але чакаю, каб і да мяне ставіліся так, як я да іх.

– Вось! – узрадавалася Любартава. – Залатое правіла маральнасці. Бачу, што Эрнест Скіргайлавіч здолеў цябе гэтаму правілу навучыць.

Мне стала крыху няёмка, як станавілася штораз, калі нехта з адміністрацыі школы проста ці ўскосна нахвальваў мяне ў прысутнасці вучняў. Іншым разам здавалася, што лягчэй стрываць, калі табе пры дзецях даюць добрага прачуханца, чым паліваюць мядовымі тырадамі. Праўда, такіх прачуханцаў са мной ніколі не здаралася, і параўнанне было чыста гіпатэтычным.

Час, як для школы, быў даволі познім. Скончылася другая змена, пра што завуч усім нагадала, зычачы поспехаў і добрай дарогі.

– Хадземце, – заклікала яна мяне. – Хай дзяўчаты спакойна пераапрануцца.

Я заўважыў спалоханыя вочы Касі, але не мог знайсці ніякай нагоды, каб змяніць становішча, якое заставалася выбуховым, не зважаючы на залатое правіла маральнасці. Кася ўмольна глядзела на мяне. На імгненне мне прымроіўся яе твар у сіняках, верадах і падцёках крыві. Мяне скаланула ад гэтага відовішча, і тут жа адшукалася выйсце.

Неўпрыкмет я зымітаваў гук вібрасігналу, хуценька выцягнуў мабільнік і стаў удаваць гутарку за Касінай мамай: «Так, Паўліна Вінцэнтаўна, яна яшчэ ў школе. Проста не паспела пакуль тэлефон уключыць пасля конкурсу. Не хвалюйцеся. А, дык вы ў школе? Каля кабінета гісторыі? Пабудзьце там. Дачка зараз прыйдзе. Заадно там і пераапранецца. Я дам ёй ключ. Ніякія гэта не турботы. Усё добра». І намесніца дырэктара, і вучаніцы ўлучна з Вядзёркінай назіралі за маім спектаклем з адмысловым напружаным здзіўленнем. Я не дазволіў вінаватай усмешцы з’явіцца на маім твары, схаваў тэлефон у кішэню і, працягваючы «Міс замілаванню» ключ ад кабінета гісторыі, растлумачыў, што яна павінна зараз рабіць. «Міс школа» стрэльнула па мне сваім вострым пранізлівым поглядам, быццам ужо я для яе раптам стаўся той самай роставай мішэнню.

Кася, як была, пашлэпала да кабінета. Следам з грымёркі выйшлі мы з Любартавай.

– Эрнесце, скажы, калі ласка, што за цырк адбываўся сёння ў часе конкурсу? – нарэшце спытала яна тое, што і павінна была паводле логікі рэчаў спытаць.

– Памятаеце «Аповесць мінулых часоў»? Той фрагмент, дзе вялікі каган Уладзімір прымае паслоў, кожны з якіх рэкламуе сваю рэлігію? – не пажадаў я проста браць і апраўдвацца.

– Вядома ж, гэта хрэстаматыйны сюжэт, – адказала завуч такім тонам, нібы зараз жа пачне на памяць цытаваць летапіс. Аднак яна абмежавалася адно прадказальным пытаннем:

– Да чаго ты пра гэта?

– Уявіце, калі б Уладзімір стаў збоку, пакінуўшы выбар рэлігіі за тройкай паслоў. Вось і я сёння быў паслом у такой сітуацыі.

– Чорт пабірай. Якія ты прыгожыя прыклады прыводзіш. Ажно праслязіцца можна, – ці то ўсур’ёз, ці то ў кур’ёз прамовіла яна. – Ты хоць разумееш, якую хвалю незадаволенасці сваіх вучаніц ты выклікаў на сябе, пасол? Гэта можа табе дацца ў знакі. Ты ж дарослы мужчына і павінен ведаць, што жанчыны прымаюць за належнае толькі адзін спосаб несправядлівай ацэнкі сваіх вартасцяў – камплімент. А твой сённяшні перакос з адзнакамі ні ў плот, ні ў азярод. Так што хваля немінучая.

– Добра. Буду ведаць. Старажытныя егіпцяне ведалі, калі разліваецца Ніл, і някепска спраўляліся з гэтым, выкарыстоўваючы вільгаць для сваіх патрэбаў, – зноў адзначыўся я.

– Ха-ха, толькі не забывай, што егіпцяне не ведалі сапраўднай прычыны нільскіх разліваў у той час, калі над іх галовамі было яснае блакітнае неба, – ушпільнула Любартава мяне і, пакуль я не ачомаўся, ўсадзіла ў мой мозг кантрольную іголку: – А яшчэ яны не ўмелі размаўляць з мацяркамі сваіх вучаніц па выключаным мабільніку.

Я толькі і здолеў, што хапаць ротам паветра, быццам рыба, якая выйшла з марскіх водаў на бераг у пошуках свайго старога рыбака.

– Давай. Ідзі да Касі. Супакой яе яшчэ раз. Толькі глядзі не накліч выпадкам гневу старажытнаегіпецкай багіні Мент, – дабіла мяне вобразнасцю Марына Нарымунтаўна.

55.

Хваля, якую прагназавала Любартава, стала накрываць мяне літаральна на другі дзень пасля конкурсу «Міс школа». Хваля была настолькі моцнай, што ўсе прымроеныя мною дамбы, каналы, сажалкі ды іншыя подумныя і няподумныя ірыгацыйная збудаванні выявіліся амаль бяссільнымі перад яе напорам. Найбольш гэта праявілася ў дзявочым 10 «В», адкуль паходзіла пераможца. Апроч адмовы вітацца і размаўляць са мной на пазаўрочныя тэмы, дзяўчаты з гэтага класа абралі традыцыйны для сябе спосаб адлюстравання сітуацыі – малюнак. Але ў адрозненні ад ранейшых сяброўскіх шаржаў чарговае іх палатно вылучалася гранічнай уедлівасцю ў бутэрбродзе з адметнай зласлівасцю. Гэта была старанная копія вядомай карціны Казіміра Малевіча «Чорны квадрат», пад якой стаяла мухабойная назва «Эрнест Скіргайлавіч Баластоўскі прымае адказнае рашэнне».

Вучаніцы клалі малюнак на пустую першую парту і чакалі маёй рэакцыі. Вонкава я ніяк не рэагаваў. Але ўнутры ў мяне ўсё кіпела. Мне было вельмі непрыемна ўсведамляць, што нехта мяне асацыюе з чарнатою, цемраю, цёмнымі сіламі. Вядома, можна было пастарацца знайсці ў паралелях з творам Малевіча нейкія станоўчыя асацыяцыі. Аднак разбуральная моц мадэрнізму, залучаная ў «Чорным квадраце», ніколькі не імпанавала мне. «Чорны квадрат» заўжды выклікаў у мяне дыскамфорт, нагадваючы ненажэрную чорную дзіру. Калі я вёў урокі ў 10 «В», а малюнак ляжаў проста перада мной, то нязменна паўставала пачуццё няўтульнасці, быццам чорны квадрат глядзіць на мяне.

Шторанак я прачынаўся не ў гуморы. Першай маёй фразай па абуджэнні было пытанне скіраванае ў нікуды: «Калі ж усё гэта скончыцца?». Я збіраўся ў школу, як на катаргу, усведамляючы, што там мяне чакаюць новыя кпіны і здзекі. Давыдавіч колькі разоў спрабаваў пагутарыць са мной. Але я не бачыў у гутарцы патрэбы. Мятлікава, як клапатлівая сястра, шкадавала мяне, бо нарэшце зразумела ўсю сітуацыю ў комплексе. Данцова замовіла два бервяна і набор цвікоў, каб у вольную хвіліну ўкрыжаваць мяне за надта панібрацкія адносіны з вучнямі. Нават яна не магла назваць рэчы сваімі імёнамі і паслугоўвалася дзіўнымі эўфемізмамі. Руслан Альгердавіч на гэтую тэму са мной увогуле не размаўляў і нават не намякаў. Ён усё яшчэ турбаваўся за маё здароўе.

Адзінаццатыя класы ці то раптоўна зрабіліся надта паліткарэктнымі, ці то ім было збольшага па барабану. Адкрыта падтрымалі мяне толькі дзяўчаты. Хаця і не ўсе чыста. Кіра Краўзэ і Ніна Дарошка былі ў гэтай падтрымцы самымі першымі. Іх словы рабіліся для мяне цудадзейнымі лекамі. Вучаніцы 11 «А», за выняткам хіба Алёны Караблёвай, былі больш стрыманымі. Аліса моўчкі глядзела на мяне, зацягваючы ў вір сваіх бяздонных вачэй.

Абяцаныя бонусы я аддаў Вядзёркінай на нейтральнай тэрыторыі. Яна радасна ўсміхалася і нават запрашала да сябе ў госці, каб супольна змыць горыч паразы. Ніколькі не вагаючыся, давялося ветліва адмовіць ёй. Асцерагаўся я і чужых позіркаў, і непрадказальнасці самой Касі. Што праўда, на наступны дзень за маёй спінай парачка глямурных кісаў з 10 «А» шчэрыла зубкі і пырскала слінкай, пляткарачы пра мяне і «Міс замілаванне». За гэта я выклікаў іх на ўроку да дошкі, патрабуючы грунтоўнага раскрыцця прычыны скарачэння пагалоўя дробнай бязрогай жывёлы ў фальварках Усходняга Палесся другой трэці XVIII стагоддзя. Не пачуўшы ад пляткарак ні бэ, ні мя, узнагародзіў абедзвюх адзінкамі. Тыя трагічна ўздымалі да неба вочы, заломвалі рукі, кусалі локці і рвалі на сабе валасы. Але нічога не дапамагала. Ні ім, ні мне.

Настрой не вяртаўся. Працаздольнасць знікла. Інтэрнэт глючыў. Кніжкі гублялі літары. Пляшкі гублялі літры. А інакш не было як заснуць. Для таго, каб спаць, быццам жыта прадаўшы, мне для пачатку трэба было некуды збыць сваю тандэтную бессань. Самыя выгодныя ўмовы тавараабмену знаходзіліся на бутэлечным дне, дарма што там, паводле паданняў, жыў чорт рагаты. Купіўшы сон, я падаў з капытоў і апынаўся ў лапах нябачнае пачвары, якую ведаў не з легендаў. Ложак мой ператвараўся ў вялізную балею, напоўненую ружовым мёдам. З раскінутымі ў бакі рукамі я трымаўся на паверхні. Але пачвара ў звыклай для сябе манеры ускоквала мне на грудзіну і пачынала ўсёй сваёй вагой націскаць, каб утапіць мяне. Я спрабаваў супраціўляцца, але не змог паварушыць ні рукамі, ні нагамі – нешта пякучае і адначасова халоднае працінала і паралізавала іх. Забываючыся на малітвы і моцныя словы, я павольна пагружаўся ў мёд. Вадкаватая маса ахвотна агортвала маё цела. «Пару брускоў мыла ўкінуць у гэты мядок не забыліся», – падумалася мне. Саладжавы ружовы водар рабіўся з кожнай новай секундай больш выразным. Я закрыў рот і пастараўся не дыхаць носам. Але ўсё было марна – мёд імкліва запаўняў мае ноздры. Я стаў захлынацца і шалёна кашляць. Запілімкаў мабільнік, вырываючы мяне з мядовага палону.

Ускочыўшы з ложка, я адразу зразумеў, што з носу шчодра цурчыць кроў, і рэзка хлопнуў па выключальніку. Электрычнае святло не злавіла ніводнага дэмана. Пан Самсунак паўтараў вестку аб прыбыцці sms’кі. «Мабыць, спіш. А я ўсё ніяк», – пісала Аліса. Пэцкаючы крывёй кнопкі, я набраў адказ: «Не сплю. Ты акурат адарвала мяне ад бландзінкі нябачанай красы». Не зважаючы на смайлік з падміргваннем, якім быў завершаны адказ, Селязнёва адпісала мне без усялякіх эматыконаў, што мусіла сведчыць пра сувітую сур’ёзнасць яе рэакцыі: «Прабач. Я не хацела табе перашкаджаць. Проста, думала, як ты там маешся. А ты во як раны гоіш…». Мне зрабілася ніякавата за свой жарт. Шпарка патлумачыўся: «Бландзінка была толькі ў сне». «Я здагадалася», – не прамарудзіла яна і азарыла паведамленне доўгачаканым смайлікам. З гадзіну мы абменьваліся пасланнямі ні пра што. Мяне ахінала пяшчотная цеплыня. Ці цёплая пяшчота. Я адчуваў сябе маленькім дзіцём, здольным фільтраваць шчасце з навакольнага хаосу чорных дзірак і квадратаў, відочных і невідочных монстраў, выбухаў у тунэлях між рэчаіснасцямі. З гэтым адчуваннем я сыходзіў у сон – неймаверна бесклапотны, поўны гаючае белі.

Уранку ад бесклапотнасці і белі не засталося і знаку. Я прачнуўся злым на ўвесь свет і доўга шукаў у лядоўні стратэгічную чырвоную кнопку, каб раз і назаўсёды паквітацца з ім. Быў пярэдадзень восьмага сакавіка. На працу ісці хацелася дакладна столькі ж, колькі французскаму каралю Людовіку XVI хацелася падымацца на эшафот. У школе меркавалася адзначэнне Міжнароднага жаночага дня. Адна думка пра гэта скаланала мяне. Я патэлефанаваў дырэктару і, ківаючы на пагаршэнне здароўя, папрасіў адгул. Руслан Альгердавіч паставіўся да маёй просьбы з разуменнем, адгул даў і наказаў тэрмінова папраўляць здароўе, святкуючы.

Цэлы дзень я прабавіў за кампутарам. У галаве плёскаліся зменлівыя думкі. У жываце плёскалася ранішняя гарбата. У маніторы плёскаліся піранні і іншая інтэрнэт-жыўнасць. У сеціве зноўку нехта не меў рацыі. У сеціве зноўку займаліся алхіміяй. У сеціве зноўку абмяркоўвалі «сіські» маладой паэткі Сонечкі Ёгуртавай, дарма што яна прагнула абмеркавання сваіх вершаў. Я тупа глядзеў у манітор. Я абыякава пазяхаў праз кожныя тры хвіліны. Я раўніва лаяўся, калі сувязь з усёй гэтай тупасцю перарывалася, і мадэм з цяжкасцю яе аднаўляў.

Восьмага сакавіка, ледзь паспеўшы прадзерці вочы ад пустых нікчэмных сненняў, я паспяшаўся набраць на мабільніку віншаванне для Алісы. Так, мне не падабаўся гэты дзень як усенароднае свята. Але большая частка людзей вакол мяне жылі ў іншай сістэме каардынатаў, дзе жаночы дзень успрымаўся як нешта належнае. У бальшыні жанчын з самага ранняга веку выпрацаваўся рэфлекс быць павіншаванай восьмага дня трэцяга месяца. Селязнёва не магла быць выняткам. Мне здавалася, што маё віншаванне адпавядала яе чаканням без увагі на тое, як яна да мяне ставілася.

Вучаніца адказала амаль імгненна, нібыта сапраўды чакала маіх віншаванняў. Яе кароткае «дзякуй» было аздоблена смайлікам з зорачкай. Я зірнуў на гэта і не даў веры вачам. Гэта здавалася фантастычным. «Смайлік з зорачкай? Гэта ж пацалунак!». Я радасна скакаў па хаце, мала не чапляючы галавою столь. Спыняўся, каб зноў паглядзець на тую зорачку, і працягваў свае скокі. Маёй ліхаманкавай радасцю знесла са сцяны рэпрадукцыю карціны Пітэра Брэйгеля Старэйшага «Паляўнічыя на снезе», якую некалі мне падарыў выпуск Арыны Зарыцкай і Мілы Шчодрык з нагоды дня касманаўтыкі.

Тое, што карціна звалілася, мяне трохі працверазіла. Вяртаючы яе на месца, я адчуў нарастанне сумневаў: «А ці сапраўды, Аліса хацела паставіць зорачку? А раптам яна проста памылілася? Ці мо’ у яе такі адказ запісаны як шаблон?». Я ўзяў мабільны і з трымценнем набраў пытанне: «А ты не памылілася з такой чароўнай зорачкай?», на якое дзяўчына адказала: «Неа» і паўтарыла той самы смайлік. Акрыленасці маёй не было межаў. Я хацеў верыць, што Селязнёва мяне кахае, і ўспрымаў паўтораны эматыкон толькі праз прызму гэтай веры. Калі б у тыя хвіліны нехта сказаў бы мне: «Расплюшчы вочы, ёлупень! Гэта толькі гульня!», я не вагаючыся, натоўк бы такому дабрадзею ў каршэль і выкінуў бы ў вонкавую цемру, дзе плач і скрогат зубоўны.

Акрылены, я ўзяўся тэлефанаваць у Гомель – віншаваць маму. Яна была ўсцешаная чуць мой голас. Нават калі б я не віншаваў, а чытаў інструкцыю па карыстанню кухонным камбайнам, яна ўсё адно б радавалася. Я чуў, што недалёка ад яе стаяў бацька і наракаў на сына, які не прыехаў да іх на выходныя. Мама не перадала мне яго нараканні, адно у чарговы раз запыталася: «Калі ты ўжо ажэнішся, сынку?». Мне ў чарговы раз давялося пераводзіць стрэлкі, не кажучы нічога пэўнага. Але ў душы маёй квітнела ўпэўненасць, што ўвосень можна будзе ажаніцца. «А чаму б і не, калі Аліса кахае?», – спытаў я ў сябе і зноўку пачаў храснуць у няпэўнасці. Падумалася, што амаль нічога, апроч колькіх адвольна трактаваных мною sms’ак, не сведчыла пра яе каханне да мяне. Збольшага, я апераваў уласнымі здагадкамі і дадумваннямі – пасткамі, асцерагацца якіх сам некалі вучыў іншых…

56.

Цэлы тыдзень пасля выходных я перабываў у пастаянных ваганнях. Штохвілінна змяняўся мой настрой. Я то цвёрда верыў у каханне Алісы, то не даваў за гэтае цверджанне і ламанага шэлега. Ваганні прыкметна адбіваліся на маіх паводзінах, і кожнаму карцела задаць мне пытанне: «Ці не закахаліся вы?». «Не! Ну, што вы! Стойкія алавяныя салдацікі не закохваюцца!» – даваў зразумець я, а сам знемагаў ад руху пачуццёвых арэляў…

Аднойчы пасля школьных баталіяў я вярнуўся дадому і без доўгіх роздумаў схаваўся на канапе пад коўдрай. За шыбкай трываў шэры дзень, які спрабаваў прыпудрыць сябе апошнім снегападам. Мабільнік паклікаў мяне з паўдрымоты. Аліса даслала паведамленне: «Муррр. Ты мая мурлыка. Я цябе кахаю». У радаснай стоме я прашаптаў: «Алах акбар!» і напісаў у адказ: «Даўно чакаў гэтага прызнання. Кахаю цябе». У думках я ўжо гартаў альбом з нашымі вясельнымі фоткамі. Але праз пару секундаў Селязнёва выліла мне на галоў цэбар сцюдзёнай вады: «Ай, ай! Я проста пераблытала! Прабач мяне, калі ласка! Я не хацела! Гэта выпадковасць!».

Мне стала кепска. Хацелася, каб канапа склалася і праглынула мяне ў сваё канапаўскае пекла. Рэагаваць на прабачэнне не знайшлося сілаў. Вучаніцу маё маўчанне ўстрывожыла. Праз хвіліну мне прыйшло яшчэ адно паведамленне: «О, які жах! Ты прабачыў мяне? Гэта такая дзікая памылка. Прабач». Ну, што я мог ёй напісаць на гэта?! Што ўсё добра? Што no problem, крошка, можаш памыляцца далей? Я не мог напісаць ёй гэтага. Мае рукі калаціліся, быццам я не прасыхаў ад бульбяной гарэлкі з 1863 года. «Раз памылілася, то сама сябе і выбачай», – падумаў я. Але дзяўчына настойвала на дыялогу: «Не маўчы. Прабач мяне. Я не хацела. Зусім выпадкова. Зусім нядобра. Прабач».

Неахвотна я падняўся з канапы. Апошні веснавы снег упарта працягваў падаць, абляпляючы сабою дрэвы і слупы, платы і сцены дамоў. Вечаровае сонца спяшалася на спатканне з трыма сланамі і чарапахай, але не шкадавала разліць на наваколле чарку-другую чырвонага віна. Ад гэтага заваконны краявід – чым далей, тым болей – здаваўся злавесным. Чырвань рэзала мне вочы. Але я глядзеў на яе. Так, як старажытны егіпцянін Шабака глядзеў на анамальную чырвань Ніла і іншых вадаёмаў сэрцу мілага Кэмета. Так, як жыхар старажытнарымскіх Пампеяў Дурнякус глядзеў на незвычайную чырвань паветра падчас імклівага набліжэння лавы з чэрава Везувія. Так, як японец Сюсюкі Херандзакі глядзеў з ускрайку Хірасімы на вогненны грыб ядзернага выбуху.

Я быў упэўнены, што праз нейкія секунды, мяне зацягне ў чарговы іншасвет. У горле захрас ванітны позыў. Алісу не пакідаў спадзеў дастукацца да мяне. «Прабач. Забудзь. Гэта проста глупая памылка. Прабач», – напісала яна ў чарговы раз. Я ўявіў, як на другім канцы Галацічаска, у доме паміж Сівой і Быстрыцай зазнае пакуты мая мілая дзяўчынка. Уявіў і ўзяўся за мабільнік. Але не для таго, каб суцешыць яе. «Вось ты і адчула сотую долю таго, што ўвесь гэты час адчуваю я», – пальцы бегалі па кнопках, выпярэджваючы думкі. «Злараднічаеш… Ну, добра…» – яна стала дакараць мяне шматкроп’ямі. У душы маёй гарэла гарчычнае поле. Як той ліпучы заваконны снег, я чапляўся за надзею, дарма што тая цэліла з нагана ў веру і любоў.

«А хто вінаваты ва ўсім? Няўжо ты не разумела, калі ўсё пачыналася, ува што гэта можа ператварыцца?» – напісаў я. «Так, я ведаю, што вінаватая ва ўсім сама! – прызнавалася вучаніца. – Але не разумею, што ж ты чакаеш ад мяне». «Чакаю, калі ты станеш маёй жонкай», – вырашыў не віхляць я. «Не стану», – цвёрда адказала яна. «Сёння – не, а заўтра – так. Будзеш дарослай – будзеш успрымаць гэта іначай», – вялікіх намаганняў мне каштавала не падняць белы сцяг і не расплакацца ў камізэльку безвыходнасці. «А калі я, па-вашаму, стану дарослай?» – дэманстратыўна перайшла на «вы» Селязнёва. «Дакладна не сёння. А ўвогуле: што будзе, то будзе», – дадаў я трошкі фаталізму.

Мабільнік замоўк. Я таксама. Шапацела раптоўная ноч. Гулі невыпадковыя думкі. Заснуць было немагчыма. Я ляжаў на канапе з расплюшчанымі вачыма, утаропленымі ў столю. Вакно я не завешваў. Праз шыбку струменілася святло ліхтара, які мерна вагаўся пад парывамі ветру і нудна рыпеў. Ліхтарнай шчодрасці хапіла, каб рэпрадукцыя карціны Брэйгеля Старэйшага была даволі выразна бачнай у агульным паўзмроку кватэры. Я міжволі перавёў позірк на яе. Нешта адразу мяне ўстрывожыла. Добра прыглядзеўшыся, мусіў канстатаваць: птушка, якая павінна была лунаць над схілам, знікла.

Уключыўшы святло, я хвілін з пяць глядзеў на рэпрадукцыю. Кожная дэталь на ёй мне была добра знаёмай. Птушка прапала, быццам выпарылася. Разам з тым, у агульнай выяве мяне яшчэ нешта бянтэжыла. Я не разумеў, што менавіта, і пачаў з яшчэ большай стараннасцю разглядаць палатно, аж пакуль не войкнуў, заўважыўшы, што паляўнічы, які ішоў паперад іншых, азіраецца. Рысы яго немаладога твару праглядаліся досыць выразна: высокі лоб, разбэрсаныя сівыя валасы, зморшчыны, знікомая ўсмешка, вялікія акуляры… Яго позірк быў поўны дакору. Немінуча я адчуў, каму гэты дакор быў адрасаваны. Ува мне раптоўна ўзнікла пачуццё віны перад ім, якое нічым нельга было патлумачыць. Рука паляўнічага ўказвала некуды ўдалеч. Я паспрабаваў вызначыць, куды менавіта. Пасля пэўнага напружання зроку здолеў разабраць, што паміж дзвюма скаванымі лёдам сажалкамі былі адлюстраваныя дзяўчына і аднарог. Здавалася, што яны імкнуліся ўцячы. «Ад паляўнічых?» – працяла мяне пытанне. На даляглядзе, на вяршыні гары шуганула пунцовая кропка. Я рэзка адскочыў ад карціны, якая ў адно імгненне занялася полымем…

Уранні я прачнуўся ад уласных слёз. Я не памятаў, што мне снілася, і, адпаведна, не мог уцяміць, чаму плакаў. Згадаў пра карціну і нетаропка падышоў да яе. Яна вісела без ніякіх пашкоджанняў. Сюжэтных зменаў на ёй таксама не назіралася: птушка была на сваім месцы, першы паляўнічы не паказваў свайго твару, дарога між сажалкамі пуставала, чырвоных кропак на гарах не прыкмячалася. Можна было радавацца і спіхваць усё на падступнасць сну. «А можа і перапіска з Алісай была ўсяго толькі сном?» – спытаўся я. Памяць мабільніка ў гэтым пытанні не пакідала ані кроплі аптымізму.

Кожная мая думка, кожнае маё слова, кожны мой рух поўніліся марнасцю. Я ішоў на працу, не адчуваючы пад сабой грунту. Я вучыў дзяцей, не бачачы ніводнага пробліску сваёй будучыні. Я глядзеў на Алісу, баючыся, што яна знікне проста зараз – яшчэ да надыходу канчатковага беспрасвецця. Яна ж маўчала. Па-ранейшаму маўчала. Магчыма, не мела чаго сказаць. А можа баялася сутыкнуцца з маім гневам. Так, я злаваўся. Я ўспыхваў, як добрая запалка, пры найменшай нагодзе ці нават без яе. Рэдкі клас, дзе я настаўнічаў, не атрымаў тымі днямі калонку нулікаў ці адзінак, пасля чаго завучы былі вымушаныя ладзіць разбор палётаў і нагадваць мне пра недапушчальнасць калектыўнага пакарання вучняў праз выстаўленне ім адзнак першага ўзроўню.

– А нуля, дык увогуле як адзнакі не існуе, – нагадвала мне Зінаіда Львоўна.

– Старажытныя рымляне таксама думалі, што нуля не існуе. Да чаго гэта іх давяло добра вядома… – выдаў я выяўную нісянеціцу.

– Ну, што з табой, Эрнесце? Крызіс сярэдняга ўзросту? Дык яшчэ рана… – нібыта клапацілася яна.

– Рана ніколі не позна. А калі раптам і позна, то неабавязкова загоіцца, – працягваў мудрагеліць я.

– Перастань. Ты чуеш мяне? Перастань выплюхваць свае асабістыя праблемы на дзяцей, – Данцова зноў стала суворай. – Што б там за клопаты ні былі ў цябе па-за школай, ты павінен гэта пакідаць там, а не цягнуць сюды. Колькі раз я павінна табе гэта нагадваць?

– А калі ў маім жыцці амаль няма гэтага твайго па-за школай? – роспачна спытаў я, гледзячы намесніцы дырэктара проста ў вочы.

– Не трэба гэтай меладраматыкі, – тут жа адцяла яна. – Прыберажы яе для дзяўчынак.

– Для якіх дзяўчынак? – вырашыў не губляцца я.

– Ну, тых… – Зінаіда Львоўна асеклася. – Ты ведаеш сам.

– Не, скажы, калі ласка, каго ты мела на ўвазе, – не сунімаўся я. – Мне надакучылі твае недамоўкі, эківокі і эўфемізмы.

– У цябе паранойя, – яна старалася гаварыць спакойна. – Я не мела на ўвазе нікога і нічога канкрэтнага. Гэта проста рытарычная фігура.

– Што?! Нікога і нічога канкрэтнага? – з паўабароту завёўся я. – А можа і мне пачаць выкарыстоўваць падобныя фігуры? Вось будзеш ты ў чарговы раз пафасна расказваць пра свой любімы Пецярбург, а я скажу: «Паашчадзі свой пафас для салодкіх хлопчыкаў».

– Супакойся! Я ў адрозненні ад цябе нагодаў для падобных фраз не давала, – запярэчыла завуч.

– Хе-хе, а кажаш, што нікога і нічога канкрэтнага, – калюча ўсміхнуўся я. – Вызначся з тактыкай, а потым ужо і лавіруй у хлусні.

– Ну, на цябе ж дзеўкі вешаюцца! Што табе яшчэ канкрэтнага трэба?! – закрычала Данцова. – Бяспуцце ты, Эрнест, хоць і спрабуеш гэта прытаіць за флёрам высакамоўных слоў.

– Ты абсалютна не ў тэме, Зіна. Очень далека от народа, – стрымана прамовіў я і без дазволу выйшаў з кабінету.

Гутарка з Данцовай пакінула мяне амаль цалкам абыякавым. Усе яе рытарычныя фігуры цьмянелі на тле маіх думак пра Алісу Селязнёву. Я дапускаў, што Зінаіда Львоўна пабяжыць скардзіцца на мяне дырэктару, але не рабіў з гэтага трагедыі. Я ўвогуле тады не рабіў ні з чаго трагедыі, калі не лічыць сітуацыі з Алісай Селязнёвай.

Прыйшоўшы на ўрок у 11 «В», я нагадаў пра кантрольную работу.

– Калі? Сёння? – загулі дзяўчаты.

– Натуральна, сёння, – пацвердзіў я.

– Вы нас не папярэджвалі загадзя! – працягнуўся гул у адказ.

– Я папярэджваў! І на дошцы запісана было. Калі вы не слухаеце настаўніка, дык гэта вашы праблемы, – не хацеў я саступаць бунту на караблі, які адно распаляў мой гнеў.

– Эрнест Скіргайлавіч, вы нас дакладна не папярэджвалі, – пачуў я не шматгаловы пазбаўлены аблічча натоўп, а зусім канкрэтную Кіру Краўзэ.

– Дык што атрымліваецца? – яхерыста ўсміхнуўся я. – «А» клас папярэдзіў, «Б» клас папярэдзіў, а на вас ясачак забыўся? Не можа такога быць. Сядайце, даставайце аркушы, падпісвайце, як звычайна. Варыянты ад вакна – першы, другі, першы, другі, першы, другі. Зараз раздам раздрукоўкі з заданнямі.

– Вы здзекуецеся? – адарыўшы мяне нядобрым позіркам, спытала Краўзэ.

– Ды гэта вы здзекуецеся! – выбухнуў я. – Думаеце, калі настаўнік хварэе, дык можна яму мазгі пудрыць?! Не выйдзе, дзеванькі. А ну занялі ўсе свае месцы!

– Ніхто вам нічога не пудрыць. Вы нас не папярэджвалі. А значыць мы не можам зараз пісаць кантрольную. Калі ж вы нас будзеце прымушаць да гэтага, то мы пойдзем скардзіцца дырэктару, – Кіра выдала тыраду, якой пацвердзіла мае ранейшыя здагадкі пра межы яе ветлівасці, чуласці і спагадлівасці. Усё тое, што мне заўсёды імпанавала ў ёй, імгненна разбівалася аб пагрозу дрэннай адзнакі.

– Ідзіце хоць у Гаагскі трыбунал, – расчаравана прамовіў я і махнуў рукой.

– Калі трэба будзе, то пойдзем і туды, – аскірзнулася Кіра і, поклічна кіўнуўшы колькім аднакласніцам, падалася да дзвярэй.

Я адвярнуўся ад бязмоўнай рэшты класа, якая, аднак, дазваляла сабе пераможна ўхмыляцца. Я тупа глядзеў у вакно. На чорныя рукі-голлі падрыхтаваных да сапраўднай вясны дрэў. На гразь, якой не даваў раскулешыцца перадапошні маразец. На дзіўнага мінака ў старасвецкім паляўнічым строі. Апошні раптоўна азірнуўся і памахаў мне на знак прывітання. Мая сківіца паспрабавала адвіснуць да самае падлогі, але ўперлася ў падваконне: абліччам мінак нагадваў паляўнічага, які кагадзе прымроіўся мне на рэпрадукцыі карціны Брэйгеля. Я збіраўся адчыніць вакно і крыкнуць незнаёмцу, каб той зайшоў у школу і пагутарыў са мною. Але ў тую самую секунду ў клас вярнулася дэлегацыя жальбітак на чале з Кірай Краўзэ. Дзяўчына свяцілася ад шчасця, нібы толькі што уласнаручна ўзняла сцяг перамогі над рэйхстагам.

– Эрнест Скіргайлавіч, зайдзіце да Зінаіды Львоўны, – ледзь стрымлівала сябе яна, каб не агучыць просьбу загадным тонам.

– Так точна, таварыш вучаніца. Дазвольце ісці? – блазнавата казырнуў я і, не чакаючы адказу, пайшоў.

Данцова сустрэла мяне са злараднай усмешкай і ўжо адкрыла шуфлядку, каб дастаць гішпанскі чабаток. Аднак у кабінет зайшоў дырэктар і запытальна зірнуў на яе і мяне. Зінаіда Львоўна паспрабавала падаць інцыдэнт у самых змрочных фарбах. Руслан Альгердавіч не прыняў гэтага змроку:

– Не драматызуйце сітуацыю, шаноўная. Настаўнік тут, можа, і невінаваты. А нават, калі і вінаваты, то не настолькі, каб учыняць тут вэрхал. Да таго ж у Эрнеста Скіргайлавіча праблемы са здароўем. Няўжо вы хочаце ўгробіць такога педагога?

– Але ж факты… – заікнулася завуч, але была адразу спынена дырэктарам:

– Якія факты, Зінаіда Львоўна?! Суцэльнае дадумванне!

Асадзіўшы Данцову, ён звярнуўся да мяне:

– Эрнесце, ідзі ў клас. Перанясі ім кантрольную работу на наступны раз. Навошта нам лішнія клопаты? А то ж ты ведаеш гэтых дзяўчынак. Прыйдуць да дому і пачнуць мамам расказваць, як іх у школе кантрольнымі мучылі.

Моўчкі пагадзіўшыся, я шмыгнуў за дзверы. Руслан Альгердавіч працягнуў размову са сваёй намесніцай. Мяркуючы па ўсім для апошняй тая гутарка была не самай прыемнай.

Вярнуўшыся ў кабінет гісторыі, я не стаў нічога казаць сваім вучаніцам, якія глядзелі на мяне ў чаканні якога-небудзь каментара. Разам з тым мне хацелася паспрабаваць прывесці іх хаця б у лёгкі ступар. Я сеў за настаўніцкі стол, дастаў аркуш А4 і пачаў старанна імітаваць напісанне заявы на звальненне. «Тлумачальную піша», – пайшоў па класу аблудны перашэпт. Я зрабіў выгляд, быццам нічога не чую. Дзяўчаты, якія сядзелі найбліжэй, працягвалі шпегаваць, выхопліваючы літары, якія шпарка пакідаліся мною на бялюткай паперы. «На звальненне», – пайшла другая хваля перашэпту, якая адразу ж змешвалася з хвалямі ахання і войкання.

– Вы збіраецеся звальняцца? – з надрывам спытала Краўзэ.

– А што мне рабіць у школе, калі нават мае любімыя вучаніцы ходзяць на мяне скардзіцца? – задаў я контрпытанне, поўнячы голас трагічнай патэтычнасцю, ад якой самому карцела гучна рассмяяцца.

Дзяўчатам было не да смеху. Яны намагаліся змадэляваць сітуацыю, калі рэшта навучальнага года пойдзе без мяне. Перспектыва атрымаць у настаўнікі гісторыі Любартаву, Данцову ці нават Мятлікаву іх анічуць не цешыла. Пры ўсёй павазе да маіх каляжанак вучаніцы не маглі паверыць, што тыя не зарэжуць іх каштоўныя адзнакі.

– Вас дырэктар прымушае звольніцца? – зноў звярнулася да мяне Кіра.

– Ты мяне прымушаеш. І твае аднакласніцы, – адказаў я, удаючы, што перачытваю заяву і шукаю, ці не нарабіў у ёй памылак.

– Заставайцеся. Мы не хочам вас адпускаць, – прамовіла, трошкі чырванеючы, яна.

– Я падумаю над вашай прапановай, – з максімальным холадам адрэагаваў я.

Празвінеў званок, дазволіўшы мне сабраць усё сваё клунне і рушыць прэч без канчатковага расстаўлення кропак над «і». «Хай памучаюцца. Засранкі», – зласліва меркаваў я. Аднак дарогу мне заступіла ўсё тая ж Кіра.

– Эрнест Скіргайлавіч, не звальняйцеся. Хочаце, мы сёння застанемся пасля ўрокаў і напішам кантрольную работу. Толькі не аддавайце дырэктару заяву, – упрошвала яна.

– Кантрольная будзе наступным разам. І ўжо з іншым настаўнікам, – працягваў я свой карны спектакль.

– Ну, калі ласка, не сыходзьце, – не сунімалася дзяўчына.

Я глядзеў на яе і думаў, на якія яшчэ самазнявагі пойдзе яна, каб пастарацца ўмалёгаць мяне парваць паперку з фальшывай заявай. У тыя імгненні яе цяжка было пазнаць. Яна здавалася бясконца чужой, прышлай з іншай планеты. У ёй не заставалася амаль нічога блізкага і роднага маёй душы.

Дзверы адчыніла Ніна Дарошка, якая зачакалася сваю сяброўку. Убачыўшы на парозе Краўзэ і мяне, яна збянтэжылася:

– Што адбываецца?

– Эрнест Скіргайлавіч хоча звальняцца, – выпаліла Краўзэ.

– Як звальняцца? Навошта звальняцца? – Ніна здзівілася, а потым са сваёй добрай усмешкай ўдакладніла ў мяне: – Вы ж жартуеце?

– Жартую, – усміхнуўся я ў адказ і працягнуў ёй заяву. – Вазьмі і парві яе.

– А вы іншую не напішаце?

– Не, Ніначка, не напішу.

Вучаніцы 11 «В» зараўлі ад радасці. Мне ад іх пазітыву было ні цёпла, ні холадна, бо ўжо ведаў дакладна, чаго ён варты. Тым не менш я дазволіў Кіры прыабняць мяне за плечы, абы яна толькі пакінула мяне нарэшце ў спакоі. Паўз дзверы праходзіла Аліса. Я не бачыў яе. Я адчуў спінай позірк і паспяшаўся выйсці на калідор.

– Замацаванне новай тэмы? – ціхутка спытала Селязнёва, калі я параўняўся з ёй.

– Паўторнае абагульненне раней засвоенага матэрыялу.

– І як матэрыяльчык?

– Раўнуеш?

– Не кажы глупстваў. Рэўнасць – гэта твая звычка, – адпарыравала яна.

– Хм, мадэмуазель, вакол вас уюцца адны аслы, – страшна недакладана працытаваў я нейкую кіношку.

– Селязнёва, хопіць настаўніка клеіць, – крыкнуў наўздагон Дастаеўскі. – Табе тваіх бойфрэндаў на крутых тачках мала?

– Андрэй, ты дэбіл, – без лішняга нервашалу прамовіла Аліса і прыспешыла хаду.

Я прыпыніўся, дачакаўся крыкуна, па-бацькоўску ўзяў яго за шумлацце, прыціснуў да пажарнай шафы і прашыпеў яму проста ў твар:

– Яшчэ раз зачэпіш яе, адразу ж апынешся ў гэтай шафе замест пажарнага рукава.

– Я буду скардзіцца, – заскавытаў ён.

– Давай адразу ў Гаагскі трыбунал, – аўтаматычна сарвалася з маіх вуснаў.

– Ды ладна. Я пажартаваў, – нечакана прымірэнча прамовіў вучань.

– А я не, – мая сур’ёзнасць не ведала межаў, не раўнуючы сусвет у ілжывай тэорыі пра яго бясконцасць. – Таму трымайся ад яе на адлегласці.

Я аслабіў хватку і ўрэшце адпусціў вісуса. Усе, хто быў на калідоры і стаў сведкам майго кароткага дыялогу з Дастаеўскім, амаль не звярнулі на нас увагі. Яны, відавочна, меркавалі, што класны кіраўнік проста праводзіць прафілактычную гутарку. Прынамсі, ніхто не звярнуўся з роспытамі ні да мяне, ні да яго. Я дапускаў нейкую долю верагоднасці, што ён і сапраўды пабяжыць скардзіцца да завучаў ці да дырэктара. Але для мяне было важнейшым абараніць Алісу ад пустой балбатні. Зрэшты, мне не было вядома, колькі пустаты ўтрымлівала ў сабе балбатня Дастаеўскага.

Не чакаючы новых казусаў, я паспяшаўся дадому. Перад сыходам у вестыбюлі заўважыў Алісу. Яна кіўнула мне на развітанне і прашаптала: «Дзякуй». Я ўсміхнуўся ёй і радасны пакінуў школьны будынак.

На вуліцы трывала няпэўная вясна. Цёмныя плямы асфальту і зямлі яшчэ не цалкам пераважалі сярод прыснежаных гарадскіх краявідаў. Я кіраваўся да прыпынку, намагаючыся зарыфмаваць свае мімалётныя пачуцці. Рыфма ніяк не паддавалася, але стварала ўражанне скарачэння працягласці майго звыклага маршрута.

На прыпынку я апамятаўся. На здзіўленне, навокал не было ніводнай душы. Я нават наўмысна разгледзіўся на ўсе бакі, каб спраўдзіць сваё адкрыццё. Сапраўды людзей нідзе не прыкмячалася. А разам з тым зніклі ўсе азнакі транспартнага руху. Панавала поўная цішыня. Я зазбіраўся быў патэлефанаваць каму-небудзь са знаёмых, каб упэўніцца, што яшчэ не ўсё страчана. Аднак раптам з боку цэнтра да прыпынку наблізіліся дзве постаці. У іх даволі проста было пазнаць Кіру Краўзэ і Ніну Дарошку, не зважаючы на нязвыкласць іх адзення: чорныя шапачкі, чорныя курткі, чорныя штаны, чорныя берцы.

«О, дзяўчынкі! – выгукнуў я. – Вы яшчэ і на нейкую спецыяльную секцыю ходзіце? Ці не на спартыўнае арыентаванне?». Замест таго, каб адказаць на маё пытанне, дзяўчаты неспадзявана падскочылі ўгару і ў чатыры нагі адзначыліся на маіх грудзях. Ад неверагоднай сілы ўдару мяне адкінула назад, і я балюча ўпаў наўзнак, не да канца ўсведамляючы сэнс таго, што адбываецца.

Кіра і Ніна падбеглі ўшчыльную да мяне і пачалі збіваць нагамі. Я курчыўся на бруднай плітцы ходніка, сілячыся хоць неяк змякчыць кожны новы ўдар. Мяне ахапіла крыўда і злосць. Я дакараў сябе за тое, што дазволіў збіць сябе з ног і з панталыку. Недзе ўнутры мяне разагралася полымя. Я мала разумеў, чым яно было: канцэнтраваным болем ці нянавісцю да сітуацыі. Урэшце мне ўдалося ўхапіцца за лытку Краўзэ і з усяе моцы шмаргануць. Дзяўчына ўпала долу, не выраніўшы ніводнага гуку. Падзенне сяброўкі вельмі раз’юшыла Дарошку, і яна паспрабавала скочыць мне на грудзіну. Аднак я схітрыўся кульнуцца на бок, а калі Дарошка дарэмна тупнула аб плітку, вярнуўся назад, штурхаючы той пад ногі яе сяброўку. Ніна ледзь не страціла раўнавагу і колькі секунд балансавала. Мне хапіла гэтага часу, каб ускочыць. Я скінуў палітон, які мне дужа перашкаджаў, і набыў баявую паставу. Дзяўчаты праз імгненне падняліся і зноў былі гатовыя да атакі.

«Што вам трэба?! – крычаў я, як не ў сабе. – Гэта з-за кантрольнай ці што?! Ну, не маўчыце ж». Аднак тыя па-ранейшаму не збіраліся адказваць на мае пытанні. Яны наляцелі на мяне, працягваючы бойку. І адна, і другая чаргавалі кулачныя ўдары з ударамі ног. І хаця я спрамагаўся адбіцца ці ўхіліцца ад большасці з іх, некаторыя дасягалі сваёй мэты. З выгляду далікатныя дзявочыя кулачкі білі, нібы магутныя стопудовыя молаты. Калі з майго носа не тое, каб зацурчэла – палілася кроў, а правая шчака ператварылася ў нейкае падабенства гатовай да смажання адбіўнухі, я адмовіўся ад абарончай тактыкі і рушыў на дзяўчат з боем.

Мой наступ выявіўся зусім марным. У руках Кіры і Ніны аднекуль з’явіліся ланцугі, якімі яны адразу ж узяліся мяне лупцаваць. Я паспрабаваў адбегчы, але не атрымалася. Ланцугі спрытна апавілі мне ногі. Нападніцы сінхронна пацягнулі на сябе. Я грымнуўся долу. Праз імгненне яны сталі вытанцоўваць на мне канкан ці штосьці да яго падобнае. Я хрыпеў ад болю і пляваўся крывёю ды ранішняй кавай. Сілаў супраціўляцца не заставалася. Перад вачыма шырока расчыніліся вароты змрочнага тунеля, у неймавернай далечы якога пульсавала белая кропка. Гледзячы на гэтую кропку, я раптоўна адчуў, што тунель пачаў мяне павольна засмоктваць у сваё чэрава. Мае думкі чэзлі, як жалобныя кветкі на ўзбочыне апакаліпсісу. Засмоктванне ўспрымалася як нешта зусім натуральнае, на што не варта абурацца і чыніць супраціў.

– Што ж вы вытвараеце, сучкі! – гучным рэхам заляскатаў па тунелю голас Арыны Зарыцкай.

– На хер з пляжа без канвенцый! – дадаўся рашучы покрык Мілы Шчодрык.

Тунель завагаўся і стаў марудна мяне вырыгваць. Што адбывалася па-за ім, я мог толькі здагадвацца. Ні новых крыкаў, ні валтузні, якая б сведчыла пра бойку, не было чуваць. Праз нейкі час мая свядомасць паяснела. Я расплюшчыў вочы і ўбачыў, што стаю на нагах, дзякуючы падтрымцы Арыны і Мілы.

– О, дзяўчынкі! Вы, як заўжды, своечасова. Дзякуй, – прамовіў я і закашляўся.

– Не трэба дзякаваць, Эрнест Скіргайлавіч. Гэта ўсяго толькі збег абставін, – паспяшалася Зарыцкая стрымаць мяне ад разваг.

– Так, фантастычны збег абставін, – паспяшалася Шчодрык пацвердзіць меркаванне сяброўкі.

– Добра. Няхай абставін збег. А дзеўкі гэтыя куды збеглі? – пацікавіўся я, ацэньваючы маштабы бруднасці маёй вопраткі.

– Зніклі гадаўкі. Прапалі, як у ваду ўпалі, – паведаміла Арына і падала мне палітон.

– Што яны ад вас хацелі? – удакладніла Міла без асаблівай зацікаўленасці ў голасе.

– Не ведаю, – стомлена прамычаў я. – Як твой літаратурны семінар? Хадановіч добра да тваёй творчасці ставіцца?

Дзяўчына пачырванела, нібы да яе звярнуліся з нечым непрыстойным.

– Эрнест Скіргайлавіч, мне выклікаць для вас хуткую? – перабіла мае роспыты Зарыцкая.

Я пільна паглядзеў ёй у вочы і рассмяяўся. Ці то ад нервовай напружанасці, ці то ад іншага ліха мяне прарвала на голасны несціханы смех.

– Я сказала нешта смешнае? – здзівілася мая нядаўняя вучаніца.

– Арыначка, сонейка, нічога смешнага ты не сказала. Проста, як мне падаецца, прыспеў час скінуць маскі. Хто вы насамрэч такія? Я разумею, што ніякім збегам абставін немагчыма патлумачыць вашы з’яўленні ў крытычныя для мяне моманты. Значыць, вас нехта або нешта скіроўвае. Да таго ж вы з аднолькавым поспехам дапамагаеце мне ва ўсіх рэчаіснасцях, дзе мне даводзілася апынацца. Дык хто вы?

Дзяўчаты збянтэжана пераглянуліся.

– Выклікай хуткую, – сказала Шчодрык сяброўцы.

– Не трэба хуткай, – запярэчыў я. – Калі не хочаце казаць праўду, то не кажыце. Але не трэба старацца сплавіць мяне ў лякарню. Вы ж цудоўна ведаеце, што пакуль мне там няма чаго рабіць. Сінякі зніклі. Косткі зрасліся. Калі што і баліць, дык сардэчныя раны, атрыманыя на любоўным фронце. А ведаеце, як у мяне на любоўным фронце? А на любоўным фронце ў мяне без зменаў. Пазіцыйная вайна. Ні табе вердэнскай мясарубкі, ні танкаў на рацэ Сомэ…

– А як жа Сталінград? – вырвалася ў Арыны.

– Адкуль ты ведаеш пра Сталінград? – пераможна ўсміхнуўся я, нібыта злавіў за руку злодзея.

– «Маё каханне – Сталінград». Вы так заўсёды гаварылі, – імгненна знайшлася яна.

– Сапраўды? Не мог я такога казаць. Не было каханне да Цыпінай Сталінградам.

– А да гэтай дзяўчынкі стала? – уклінілася Міла. – Тады ўжо ніяк не пазіцыйная вайна… Трэба быць дакладным у метафарах.

– Літаратурныя семінары не мінаюць дарма, – усміхнуўся я. – А гэта важна. Нават калі ты існуеш у гэтай рэальнасці як заканспіраваны агент каманды падтрымкі нябёсаў.

– Што вы верзяце! – састроіла яна абурэнне.

– Ды ладна. Лепш скажыце, на якой глебе ў камандзе адбываецца канфлікт? Чаму для адных я непажаданы баг, а для іншых – надзея на перамогу ў вайне?

Сяброўкі зноў пераглянуліся – гэтым разам не так збянтэжана. Адказваць на мае пытанні яны яўна не збіраліся. У іх вачах гулялі хітрынкі. Дзяўчаты ўшчыльную наблізіліся да мяне і адначасова пацалавалі – адна ў левую, другая ў правую шчаку. Я імкліва падхапіўся з ложка, з цяжкасцю атрасаючы са свядомасці рэшткі сну.

57.

Я заблытаўся ў здагадках. І без таго разбэрсаныя думкі бэрсаліся яшчэ больш. Ныла грудзіна. Як ад пачуцця безвыходнасці ў каханні да Алісы, так і ад жахлівых сінякоў, што знайшліся на маім целе пасля нібыта сну. «Няўжо з-за мяне ідзе вайна? – пытаў сябе я, сёрбаючы са старой жалезнай конаўкі гарачую гарбату, якая замяняла мне сняданак. – Няўжо і я, і ўвесь навакольны свет з’яўляемся не больш, чым складаны старанна прапісаны праграмны код? А калі гэта сапраўды так, то чым асаблівым вызначаюся я, што са мной адбываюцца падобныя дзівосы? Няўжо я баг, праграмная памылка, якую адна частка праграмістаў хоча падправіць ці ўвогуле выдаліць, а другая, напэўна ж, лічыць станоўчым збегам абставін? Эх… Як цяжка быць багам!».

Кіра і Ніна паводзілі сябе вельмі натуральна. Я нават і не стаў пытацца ў іх, ці маюць яны чорную вопратку і берцы. Бо тыя Кіра і Ніна, якія напалі на мяне ў нібыта сне, выглядалі баявымі робатамі ў дзявочым абліччы, робатамі, якіх адправілі нябачныя гаспадары для вырашэння праблемы. А можа, не для вырашэння, а толькі для чарговага напаміну на адрас праблемы, каб тая не працягвала свавольна завастрацца. У кожным разе я ведаў, што не спынюся. Я не збіраўся кідаць думкі пра Алісу. А развагі пра вялікую кампутарную сімуляцыю самі па сабе не ведалі зводу, дарма што знаходзіліся на перыферыі маіх мысленчых працэсаў.

На ўроку ў 11 «А» руку раптоўна падняла Селязнёва. Мне падумалася, што дзяўчына асцерагаецца маёй меркаванай помсты за мур, мая мурлыка і проста хацела сваім адказам пацвердзіць сваё права на высокую адзнаку.

– Я не планаваў цябе сёння выклікаць, Алісачка, – прамовіў я.

Памяншальна-ласкальная форма яе імя дзіўным рэхам раскацілася па прыціхлым класе.

– Эрнест Скіргайлавіч, дазвольце мне выступіць. Я падрыхтавала даклад з выкарыстаннем дадатковай літаратуры, – настойвала на сваім і тлумачыла сітуацыю яна.

– Ды дайце ўжо вашай любіміцы выступіць, – голас падаў Пеця Андропаў. – Яна ж дзеля вас старалася. Хаця б з дакладам.

– Пеця, дазволь мне самому разабрацца без тваіх пакепліванняў, – не жадаў я развіваць тэму ў выбраным ім ключы і кіўнуў Алісе, запрашаючы да дошкі.

Яна выйшла да настаўніцкага стала і паклала на яго тэчку з раздрукаваным тэкстам свайго даклада.

– Тэма майго выступу «Псіхалагічная культура ва ўмовах інфармацыйна-кампутарнай цывілізацыі», – досыць смела пачала Селязнёва.

– Сур’ёзная заяўка, – стрымана пракаментаваў я.

– Калі мы кажам, што нейкі чалавек з’яўляецца культурным, то, як нешта само сабой зразумелае, маем на ўвазе і яго псіхалагічную культуру, – не сумеўшыся ад майго каментара, працягвала вучаніца. – Яна, як і прававая, палітычная, эканамічная культура чалавека, з’яўляецца адным з самых важных і неабходных элементаў агульнай культуры. Ці трэба тлумачыць, якую важнасць мае псіхалагічная культура для цяперашніх пакаленняў? У наш час складваецца інфармацыйна-кампутарная цывілізацыя, якой патрабуюцца людзі з асаблівым тыпам псіхікі…

– Ведаем мы, які там асаблівы тып псіхікі, – не ўстрымалася Каленвалава. – Уткнецца ў кампутар і рубіцца без памяці ў свае гулькі. Ніякім спосабам не адарвеш…

– Не, Інгебора, ты няправільна зразумела, – не збянтэжылася Селязнёва. – Пад гэтым асаблівым тыпам падразумяваюцца здольнасць праяўляць ініцыятыву і прадпрымальнасць, уменне суадносіць свае намеры і мэты з мэтамі іншых людзей. Але я хачу спыніцца на пэўным праблемным моманце. Справа ў тым, што інфармацыйна-кампутарная цывілізацыя нясе з сабою і небяспеку. Гэтую небяспеку можна акрэсліць як панаванне сімулякраў.

– Гэта калі дзяўчаты аргазм сімулююць? – гэтым разам не ўцярпеў Дастаеўскі.

Я хацеў яму нешта сказаць, але замест мяне сказала Багуслаўская:

– Заткніся. Хаця б адзін раз наяўнасць мазгоў у сваёй галаве прасімулюй, а потым вякай.

– Увогуле паняцце «сімулякр» лацінскага паходжання, – Аліса рабіла выгляд, быццам нічога не адбылося. – Яно выкарыстоўвалася ў перакладах твораў знакамітага філосафа Платона, які жыў у Старажытнай Грэцыі. Праўда, у гэтым разуменні сімулякр азначае даволі звычайныя для нас рэчы – выяву, малюнак, карцінку. Але я, гаворачы пра небяспеку панавання сімулякраў, мела на ўвазе значэнне, якое ўклаў у гэта паняцце сучасны еўрапейскі філосаф Жан Бадрыяр. З яго пункта гледжання сімулякры ўяўляюць сабой выяву, якая не мае арыгінала. Сыходзячы з гэтага, сімуляцыю аргазму нельга назваць сімулякрам.

– А сімуляцыю аргазму на ўзор якой-небудзь порназоркі, напэўна, можна, – зрабіў выснову Стахіевіч.

Ад гэтых прыкладаў мяне з аднаго боку душыў смех, а з іншага я разумеў, што настаў час умяшацца.

– Папрашу развіваць тэму на іншым прыкладах, – наказаў я.

– Калі ласка, – усміхнулася Селязнёва. – Гістарычны прыклад. Выпуск газеты «Правда» надрукаваны фашыстамі 28 жніўня 1941 года, у якім паведамлялася, пра «бліскучыя вынікі германскіх поспехаў за два першыя месяцы вайны з Савецкім Саюзам».

Мяне перасмыкнула. Паміж класам і мной з’явілася маленькае вакенца, у якім я бачыў той фальшывы выпуск «Правды» з партрэтам Гітлера. Ніхто з вучняў нічога, апроч майго здзіўлення, не прыкмеціў.

– Сам Бадрыяр назваў сімулякрам вайну 1991 года ў Персідскім заліве. Назіраючы за гэтай вайной па тэлевізары, людзі не мелі ніякай магчымасці даведацца, ці было там нешта насамрэч, або гэта проста карагоды карцінак і ўзрушаных прапагандысцкіх рэпартажаў на экранах, – голас Алісы стаў гучаць для мяне так, нібыта яна прамаўляла ў пячоры.

Побач з папярэднім вакенцам з’явілася яшчэ адно. На тле палаючых нафтавышак імкліва праносіліся бронетранспарцёры і іншая вайсковая тэхніка. Я выразна адчуў, што хістаюся між рэчаіснасцямі.

– А можна больш прыземлены прыклад? – ледзьве не ўмаляў я, атуліўшы лоб далонню.

– Можна, – яна ў чарговы раз усміхнулася. – Напрыклад, я не прыйшла сёння ў школу. Заўтра вы пытаеце ў мяне пра прычыну адсутнасці. Я кажу, што да нас прыехалі госці з Валгаграду, і бацькі дазволілі мне застацца дома. Вы мне верыце і не ператэлефаноўваеце маме, каб удакладніць, ці сапраўды так усё было. Хаця папраўдзе я проста не хацела ісці на лабараторную работу па біялогіі і сядзела дома, займаючыся са зборнікам задач па фізіцы.

Кроплі поту пацяклі па маіх скронях. Спіна неверагодна ўзмакрэла.

– Дык гэта была б проста хлусня. Навошта тады паняцце сімулякра? – заўважыла Багуслаўская.

– Не кожная хлусня можа быць названа сімулякрам, – узялася тлумачыць Селязнёва. – Бадрыяр сам разважаў даволі блытана. Але калі браць у якасці крытэру адсутнасць арыгіналу, то сімулякрам можа быць названа толькі фантастычная хлусня. Калі ты схлусіш, што ў цябе балела галава, гэта сапраўды будзе проста хлуснёй. Калі ж ты заявіш, што ў цябе балела галава, бо іншапланецяне калупаліся ў тваіх мазгах, гэта будзе сімулякр. Па крайняй меры, нешта блізкае да яго.

Пакуль гучалі яе тлумачэнні, адчыніліся яшчэ два вакенцы. У адным Аліса адкідвала зборнік задач па фізіцы і цалавалася з Дзімам. У другім Аксана Багуслаўская сшыткам уліку вучнёўскай наведвальнасці адмахвалася ад брыдкіх зялёных чалавечкаў, якія наравілі ўкласці яе на аперацыйны стол. Я адчуў неверагодны скразняк, які зацягваў мяне адначасова ва ўсе расчыненыя вакенцы. Мне давялося ўхапіцца за стол і трымаць, што меў моцы.

– Дарэчы, пра хлусню, – натхнёнасць Алісы не ведала межаў. – Зараз вельмі распаўсюджана трактоўка жэстаў. Кажуць, што чалавек, які ў размове міжволі чухае нос, хлусіць. А цяпер уявім сітуацыю, калі нехта падчас сур’ёзнай гутаркі ці дзелавых перагавораў бярэ і чухае сабе нос. Чухае наўмысна, бо ведае, што суразмоўцы ў курсе трактоўкі гэтага жэста. Як хто думае – гэта хлусня ці сімулякр?

– Цябе не ў тыя нетры пацягнула, – зрабіў закід Пеця Андропаў. – Якая розніца з чым мы маем справу – з копіяй копіі, якая не мае арыгіналу, ці з хлуснёй пра хлусню на невядомых падставах? Ты лепш скажы, чаму ж усё-ткі сімулякры пагражаюць чалавецтву?

Я не меў сілаў асадзіць яго за пыхлівы тон, з якім ён звяртаўся да Алісы. Адчынілася чарговае вакенца. За круглым сталом сядзелі рэспектабельныя мужчыны. Кожны з іх натхнёна чухаў свой нос.

– А тым і пагражаюць, што, насычаючы сабою свет, ператвараюць яго ў гіперрэальнасць, – не разгубілася дзяўчына.

– Рэальнасць гіпапатамаў у гіпермаркеце, – адстаронена выдаў Пеця.

– Калі ўспрымаць тваю рэпліку, як прыклад, то ён досыць яскрава ілюструе гіперрэальнасць, – не стала ў абарончую позу Аліса. – Гіперрэальнасць уключае ў сябе разнастайныя рэальнасці, якія могуць ніяк не адпавядаць рэчаіснасці. Іх можа нараджаць сукупнасць знакаў, якая збольшага адпавядае сапраўднай рэчаіснасці. Мы гаварылі пра знакі на пачатку навучальнага года. Калі памятаеце, знак – гэта прадмет, які ўспрымаецца праз пачуцці і фіксуе значэнне і сэнс іншага аб’екта. Дык вось, гіперрэальнасць урэшце можа не адпавядаць ні сапраўднай рэчаіснасці, ні знакавай сукупнасці, якой яна спараджаецца.

Я на ўсю катушку млеў ад відовішча ў новаадчыненым вакенцы – гіпапатамы танчылі з насарогамі сярод паліцаў гіпермаркета пад назвай «Слон у пасуднай краме». Кася Вядзёркіна арупілася стылем матэрыялу, які прадстаўляла Селязнёва:

– Прабач, але неяк яно ўсё мудрагеліста. Цяжка ўлавіць сэнс.

– Касюня, гэта ж філасофія постмадэрнізму, а не ружовыя панчохі, – ветліва, але настойліва адрэзала Аліса. – Але прывяду выказванне іншага прадстаўніка гэтай плыні, які выказаўся больш ёмка. Італьянскі навуковец, пісьменнік і публіцыст Умбэрта Эка, якога так паважае і цэніць наш шаноўны Эрнест Скіргайлавіч, вызначыў гіперрэальнасць як свет абсалютнай, ідэальнай падробкі, у якім імітацыі не проста рэпрадукуюць рэальнасць, але намагаюцца нават яе палепшыць.

– Дык у чым тады небяспека? – зноў нагадаў пра сябе Андропаў.

– Небяспека ў тым, што гіперрэальнасць захінае ад нас сапраўдную рэальнасць, – імгненна прадоўжыла Аліса. – Для сучаснай эпохі ўласціва панаванне пачуцця страты рэальнасці. Свет стаў дагары дрыкам, і гэта выдаецца за рэальнасць. Звычайнаму чалавеку складана разабрацца ў плынях інфармацыі, што абрынаецца на яго галаву. Яму цяжка адрозніць, дзе праўда, а дзе набор сімулякраў. З іншага боку навакольны свет для яго абмяжоўваецца прасторай, якую ён засвоіў фізічна, і той сукупнасцю інфармацыі, якую ён атрымаў з мас-медыя. Калі нейкая падзея не трапляе ў поле ўвагі інфармацыйных агенцтваў, то для чалавека яна папросту не існуе. Аднак, калі тыя самыя агенцтвы пачынаюць трубіць, што ў Абухаўскім завулку нарадзіўся дзіцёнак, які іграе на скрыпцы, то сярэднестатыстычны спажывец інфармацыі рызыкуе паставіцца да такога паведамлення з даверам. А гэта ў агульным выніку азначае, што панаванне сімулякраў выбівае з-пад нашых ног грунт крытычнасці. Успрымаючы тую ці іншую інфармацыю, мы павінны клапаціцца пра яе аналіз, крытычны разбор. Інакш нам давядзецца да скону жыць у палоне сімулякраў.

Выступоўца звярнулася да аднакласнікаў і да мяне з просьбай задаваць пытанні. Я не мог паварушыць ні языком, ні вуснамі. Я захінаў сябе яшчэ ад аднаго вакенца, за якім немаўлятка іграла на скрыпцы дзіўную мяшанку з «Турэцкага маршу», «Развітання славянкі» і «Оды да радасці».

Клас маўчаў, і Селязнёва збіралася вярнуцца на сваё месца. Аднак руку падняла Вядзёркіна і спытала:

– Скажы, калі ласка, а гэты Бодры Яр пісаў што-небудзь пра каханне?

Аліса задумалася і неахвотна прамовіла:

– Можа, і пісаў. Але я ведаю толькі пра яго інтэрпрэтацыю спакушэння.

– А ну, а ну, – загула мужчынская палова класа.

– На думку Бадрыяра спецыфікай жаночага з’яўляецца не які-небудзь род дзейнасці, а менавіта спакуса. Ён меркаваў, што за кожнай тэхналогіяй спакушэння хаваецца сама спакуса. Пры гэтым спакуса паўстае як нейкая асаблівая сіла, якая патрабуе не ўраўнаважанай рэакцыі, а надзвычайнай аддачы і павышэння ставак у гульні…

– Госпадзі, гэта ж так відавочна! Навошта гэтыя філосафы ўсё ўскладняюць? Ніколі не выйду замуж за філосафа, – упэўнена заявіла Кася.

– А ты за сантэхніка-гінеколага ідзі. Дзешава і сярдзіта, – параіў Пеця.

Я хацеў ляпнуць кулаком па сталу, але не змог адпусціць сталешніцу. Утварылася яшчэ адно вакенца. У ім з’явіўся Супер-Марыё з люстэркам Куско ў руках. Я быў перакананы, што мае клеткі адасабляюцца ад мяне, імкнучыся ў кожнае з утвораных вакенцаў. Я не ведаў, як гэта выглядала звонку, але спадзяваўся, што вучні ўсё ж заўважаць няладнае і дапамогуць мне. Ніхто нічога не заўважаў.

Я яшчэ больш чэпка ўхапіўся за сталешніцу, не зважаючы на тое, што ўзмакрэлыя далоні наравілі саслізнуць. Здавалася, што калі я адніму рукі ад яе, то баль незвычайных скразнякоў імкліва запраторыць мяне ў стракатыя карцінкі. Невядома, чым бы гэта ўсё скончылася, калі б не Аліса.

– Якую адзнаку вы мне паставіце? – звярнулася яна да мяне. – Свой адказ я не магу ацэньваць крытычна. Аднак мне здаецца, што я заслужыла высокі бал.

Амаль адразу пасля гэтага яна ціхенька прашаптала: «Пастаў, калі ласка, дзясятку». Гэтыя словы выбуховай хваляй ударылі па вакенцах, разбураючы іх дарэшты. Я рэзка тузануўся, быццам ратаваўся ад няісных аскепкаў. Пад здзіўленымі позіркамі вучняў я агоўтаўся. Паставіў Селязнёвай дзесяць балаў і перайшоў да новай тэмы, міжволі паглядаючы на прастору, дзе толькі што віселі клятыя вакенцы.

Пасля ўрока я папрасіў Алісу застацца, каб паразмаўляць. Яна адпіралася і прыдумвала прычыны, каб адмовіцца.

– Кінь гэтыя адгаворкі. Не з’ем жа я цябе ўрэшце, – не здаваўся я.

– А раптам…

– Мне трэба ў цябе нешта спытаць.

– Ты зноў пачынаеш? Эрнест, я не кахаю цябе. Я ж табе пісала, што ты мне падабаешся як чалавек і як настаўнік. Але нам ніколі не быць разам. Вось гэта ты павінен быў даўно зразумець, каб не мець ілюзій, – махала цесаком катэгарычнасці дзяўчына.

Безумоўна, яе словы былі балючыя, як укусы шалёных вавілонскіх сабак. Але я ў той момант быў заклапочаны іншым і намагаўся не зважаць на сэнс яе выказванняў.

– Што-што, а мець ілюзіі ты мне дакладна не забароніш, – паматляў галавой я. – Але мне не хочацца размаўляць з табой на гэту тэму. Ты мне лепш скажы, што цябе прымусіла падрыхтаваць даклад па сімулякрах? Няўжо ты баялася, што я стану табе за нешта помсціць?

Аліса асеклася і схіліла голаў, пазіраючы сабе пад ногі.

– Мне сорамна пра гэта казаць, – сцішана прамовіла яна.

– Чаму? – здзівіўся я.

– Я кіравалася не развагай, а сном, – нехаця прызналася яна. – Мне прысніўся нейкі мужчына, які складаў мазаіку. Ён наказаў мне зрабіць даклад на гэтую тэму і назваў кола фактаў, якія я магла прывесці ў якасці прыкладаў.

Мяне яе прызнанне дужа ўзрушыла.

– Як выглядаў гэты чалавек? – кінуўся я ў роспыты.

– Выглядаў, як пісьменнікі дзевятнаццатага стагоддзя на карцінках у падручніках выглядаюць.

– Такі ж абмаляваны? – не зважаючы на хваляванне, пажартаваў я.

– Неа, – усміхнулася Аліса. – Проста падобны тып, вопратка.

– Ясна. А якую мазаіку ён складаў?

– Там быў аднарог і дзяўчына.

Я ледзь здолеў закусіць губу, каб не выгукнуць: «Селезень!». Я не ведаў, як тлумачыць з’яўленне яго вобразу ў сне Алісы.

Я дапускаў, што тая частка каманды падтрымкі, якая жадала майго знішчэння, выкарыстала вобраз Селезня, каб праз яго змусіць прапраўнучку паквітацца са мной. Разлік мог быць простым – дзяўчына ненаўмысна правакуе шэраг мікравіхураў, якія разносяць мяне па некалькіх рэчаіснасцях, з якіх мне ніколі не выбрацца, нават з дапамогай Арыны і Мілы.

Разам з тым мяне бянтэжыла такая мудрагелістая камбінацыя, і ў галаве раз-пораз грымела пытанне з фільма пра іншую Алісу Селязнёву: «Ты уверен, что она не пират?». Адказу не было, як не было і сілаў даць веры, што мая любімая дзяўчына мела задачу знішчыць мяне.

– Скажы, а як тая мазаіка выглядала? – перарваў я маўчанне. – Нічога ў ёй дзіўнага не было?

– Было, – прашаптала вучаніца і залілася барваю. – Дзяўчына на мазаіцы была вельмі падобная на мяне…

– А аднарог? – чамусьці не здзівіўшыся, прадоўжыў удакладняць я.

– На цябе, – з цяжкасцю вымавіла яна. – Хаця я не разумею, як такое магчыма.

Я падышоў бліжэй да яе, узяў за плечы і, гледзячы ў вочы, сказаў:

– Дай мне слова, што ты не прыйшла, каб сцерці мяне.

Сумеўшыся, яна зірнула на мяне, як на вар’ята, і хацела нечым адказаць. Аднак дзверы шырока расчыніліся, і ў клас заляцеў хлапец, у якім я адразу пазнаў Дзіму.

– Прыбяры ад яе рукі, казёл! А то зараз хлябала разаб’ю! – крыкнуў ён і кінуўся да нас.

Аліса перапалохалася і старалася стрымліваць хлапца. Я схапіў са стала кніжку і заняў выгодную абарончую пазіцыю. З выгляду госця было ясна, што на канструктыўны дыялог ён ісці не збіраўся, і ўгаворванні ніякага плёну не прынеслі б.

– Ну, перастань, – супакойвала яго дзяўчына, трымаючы за куртку.

– Што ён з табой рабіў? І што хацеў? – крычаў той і, не чакаючы адказу, глумліва звяртаўся да мяне: – Ты думаеш мяне спыніць падручнікам па гісторыі?

– Не, я хачу спыніць цябе падручнікам па грамадазнаўстве, – не менш глумліва рэагаваў я. – Кніжка хоць і тонкая, але павер мне, сябручок, калі тыцну, дык расколешся да сракі.

– Што? Чаго ты трындзіш? Табе дазволена вучаніц мацаць? Гробаны педафіл! Ты ў цюрагу сядзеш. А там твой падручнік па грамадазнаўстве стопудняк на брытанскі сцяг парвуць! – не сунімаўся Дзіма, і мне станавілася зразумелым, што яго голас я чуў не толькі ў Сталінградзе.

– Ачомайся, хлопча. Я не збіраюся апраўдвацца перад крыклівым гаўнюком, накшталт цябе. Лепей раскажы Алісе, як ты са сваім таварышам спрабаваў пераняць мяне ў цёмным закутку, і што з гэтага атрымалася, – маланкава выдаў я.

Крыкун зніякавеў, імпэт ягоны згас, як і не было. Дзяўчына недаверліва зірнула спачатку на мяне, а потым на яго і не прамінула спытаць:

– Ты сапраўды ладзіў нейкую засаду на Эрнеста Скіргайлавіча?

– Ну… Мне хацелася папярэдзіць яго, каб не лез да цябе, – неспадзявана змяніў крык на лапатанне нязваны госць. – Ты ж сама казала…

– Што я табе казала?! Што?! – раззлавана выбухнула Селязнёва. – Я цябе прасіла засады рабіць? Ці можа змушала цябе прыбягаць сюды і распачынаць скандалы на пустым месцы? Дзіма! Як жа ты не разумееш, што нават, калі я не кахаю Эрнеста, ён усё адно мне дарагі! Так, мне было складана апошнія некалькі месяцаў. Але гэта не значыць, што табе ці тваім прыяцелям трэба ўлазіць ува ўсё гэта ды яшчэ такімі спосабамі.

Мне было нязвыкла назіраць і слухаць яе такой, якой яна паўставала ў тыя хвіліны. Ува мне стракатымі гадзюкамі перапляталіся і радасць, і крыўда. Дзіма зусім абмяк і прыпадобніўся да анучы ці да пянькі, унутрана гатовай да таго, каб з яе вілі вяроўкі. «Божа, калі б яна павабіла мяне пальчыкам, я выглядаў бы дакладна гэтак жа, як зараз выглядае ён», – падумалася мне, і ад гэтай думкі мне зрабілася вусцішна.

Я паклаў кніжку на стол, разумеючы, што выкарыстоўваць яе ў якасці баявой сякеры не давядзецца. Аліса прашаптала нешта сябру на вуха. Той нягучна запярэчыў, але яна пярэчанняў прымаць не збіралася. Хлапец насупіўся і, адводзячы вочы, звярнуўся да мяне:

– Прабачце, Эрнест Скіргайлавіч, больш падобных інцыдэнтаў не паўторыцца.

– Прынята, – як мага больш прымірэнчасці ўклаў я ў сваю інтанацыю, хаця хлапцова фраза пакідала мне вялікае поле для разважанняў, а яму не меншае поле для манеўру. Чамусь адразу згадаўся дыялог з класічнага эратычнага фільма:

– Ты ж сказала, што ніколі не здраджвала мужу.

– Я сказала, што ніколі не здраджвала яму ў Парыжы.

Мая прымірэнчасць вынікала адно з майго стаўлення да Алісы. Я цвяроза ўсведамляў, колькі клопатаў сваімі паводзінамі паспеў нарабіць ёй за памянёныя некалькі месяцаў.

– У вас урок? – уварвалася ў кабінет Андрамедава.

– Не, – нядбала кінуў я.

Селязнёва і яе сябрук хуценька выйшлі ў поўнай адпаведнасці з традыцыяй, якую ў народзе называюць англійскай.

– У мяне перанос урока. Перакінулі ў твой кабінет, – патлумачыла Рагнеда Іванаўна.

– Калі ласка, – абыякава працадзіў я, узяўшыся за мабільнік, каб напісаць колькі словаў Алісе.

– Эрнест, ведаеш што? – прыкметна завіхляла настаўніца.

– Сума квадратаў катэтаў роўная квадрату гіпатэнузы? – не адрываючыся ад тэлефона, пакпіў я.

Перш, чым жанчына паспела зноў раскрыць рот, пан Самсунак панёс sms’ку Алісе: «Ты непаўторная дзяўчына. Шкада, што каля цябе такі пасрэдны хлопец».

– Няхай усе гэтыя катэты ляцяць к чорту, – навязлівая суразмоўніца паспрабавала быць рашучай і разняволенай. – Я ўсё ніяк не наважвалася. Ні пасля старога новага году, ні пасля 23 лютага і твайго прыступу ў спартзале… Але сёння я хачу нарэшце папрасіць у цябе прабачэння. Прабач мяне, Эрнест.

– За што? – не падымаючы вачэй, састроіў я поўнае неразуменне.

– Як за што?! – чырванеючы ўскрыкнула Андрамедава. – Я ж табе такое паведамленне пасля «Арэсы» адправіла. Няўжо яно цябе ні кропелькі не кранула? Га?

Я моўчкі паціснуў плячыма і прыняў адказ ад Аліскі: «Я звычайная і хачу звычайнага шчасця».

– Ты можаш мне ўрэшце паглядзець у вочы?! – ускіпела настаўніца.

– А толку? – працягваючы дэманстраваць поўную адсутнасць эмоцый, я паклаў у партфель падручнік і, шчоўкнуўшы зашпількай, бязмоўна пабрыў прэч.

58.

Чарговы цягнік маіх роздумаў прывёз мяне ў веснавыя вакацыі. Руслан Альгердавіч у першы ж вакацыйны дзень сабраў у сваім кабінеце ўсіх мужчынаў школы і даручыў традыцыйную ганаровую місію – чыстку школьных сутарэнняў. Мімаходзь ён заўважыў, што асобным з нас чысціць сутарэнні будзе гэтак жа проста, як крыўдзіць каляжанак. Я зразумеў, што гэта шпілька ў мой адрас, але цяжка ўздыхнулі чамусь усе калегі, апроч мяне і Вальдэмара Мікітавіча, які з аднаму яму вядомай прычыны агучыў шведскую прымаўку: «Калі гавораць пра троляў, яны прыходзяць у сенцы». Усе ўздыхнулі па другім разе. Усе без астачы, улучна з самім Міроненкам.

Выконвалі мы даручаную работу дружна, як студэнты смаргонскай акадэміі.

– Такімі тэмпамі мы хутка да старога падвала дабярэмся, – адзначыў у адказ на агульную шпаркасць Іскаліеў.

– Што за стары падвал? – не зразумеў я.

– Столькі працуеш у нашай школе і не ведаеш? – здзівіўся Дзяніс Давыдавіч. – Я думаў, калі гісторык, дык абавязкова павінен ведаць.

Пытанне пра стары падвал нечакана зацікавіла ўсіх.

– Ён застаўся ад даўнейшага будынку, – узяўся тлумачыць старажыл. – Там ці то белагвардзейскі асабняк быў, ці то панскі палац. Гэтага я ўжо дакладна не ведаю.

Майсюк з Альхімовічам паспрабавалі спытаць пра прывіды і скарбы. У адказ усе ўбачылі толькі разведзеныя старэчыя рукі і адмоўнае матлянне галавой. Маё сэрца тым часам затахкала з неймавернай хуткасцю. Я цудоўна разумеў, што гаворка ідзе пра рэшткі гарадской сядзібы Селезня, якую згадваў Белікаў.

– Дык што там увогуле? – ледзь здолеў вымавіць я ад навальнага хвалявання.

– Нешта ёсць. Але нічога асаблівага, – казаў стары. – Дакапаемся сам убачыш на свае вочы. Таму не хвалюйся лішні раз. Калі нешта цікавае будзе, то свой артыкул па гісторыі ты ў кожным выпадку напішаш. Ні я, ні Лёнік, ні Лесь, ні хто іншы на твой хлеб замахвацца не будзе.

Напарнікі засмяяліся і вярнуліся да працы з прыкметнай гультаяватасцю. Мне ж нясцерпна хацелася як мага хутчэй апынуцца ў старых сутарэннях, хаця я і не ведаў, што гэта магло мне даць. Недзе праз гадзіну мы вынеслі апошнія каркасы парт, вучнёўскіх крэслаў і фрагменты стэндаў, ад якіх тхнула ХХV з’ездам КПСС. Далей была толькі сцяна. Звычайная, нічым неадметная сцяна. Убачыўшы гэта, я ледзьве не заскуголіў. Мне хацелася кінуць дакорлівае слоўца Давыдавічу. Аднак, калі цьмянае святло толькі што ўкручанай лямпачкі дапоўнілася яркім промнем ліхтарыка, які дастаў Альхімовіч, маё расчараванне знікла.

Ад сцяны там і сям паадстравала тынкоўка. У вызваленай ад яе прасторы досыць выразна праглядаліся фрагменты мазаікі. Я падышоў бліжэй, схапіў з-пад ног нейкую жалязяку і стаў ліхаманкава сашкрабаць рэшту тынкоўкі. Астатнія бязмоўна назіралі за маімі ліхаманкавымі рухамі. Калі большая частка тынкоўкі ўпала долу, я ўрэшце змог зразумець, што перада мной фрагменты мазаічнай выявы, якая снілася Алісе. Дзева сапраўды нагадвала яе, а ў аднарогу пазнаваўся я, прынамсі, у маім даармейскім абліччы. Многіх каменьчыкаў, керамічных плітак, смальты ў выяве не хапала, што выглядала цалкам лагічным і вытлумачальным. А вось наяўнасць крыжападобнай выемкі у цэнтры сцяны паміж дзевай і аднарогам мяне збянтэжыла. Я сеў на кукішкі, каб больш уважліва разгледзіць яе. Краі выемкі выглядалі ідэальна роўнымі. Мне было цяжа ўстрымацца ад таго, каб не правесці па ёй пальцам.

– Эрнесцік, здаецца, што ты не тымі адтулінамі цікавішся, – карчомна пажартаваў Іскаліеў, выклікаючы буру мужчынскага смеху.

Я ніяк не адрэагаваў на жарт. Нейкая сіла на імгненне адхінула мяне ад сцяны, і на той самы час перад маімі вачыма ўзнік ясны відарыс: крыж у зямлі пад адным з вулляў на пасецы каля сутоку Быстрыцы і Сівой. Апамятаўшыся, я ведаў, што ўбачаны ў відзежы крыж павінен апынуцца ў выемцы між дзевай і аднарогам. Праўда, да якіх наступстваў магло прывесці гэтае ўз’яднанне, мне даводзілася толькі здагадвацца.

– Дык скажы, што ты там асаблівага ўбачыў? – без найменшага намёку на жарты запытаў Майсюк.

– У якім сэнсе? – дужа збянтэжыўся я.

– У самым прамым. Чым цябе гэтая абшарпаная сценка прывабіла?

Разумеючы, што ніхто, акрамя мяне, мазаікі не бачыць, я яшчэ больш сумеўся і роспачна паціснуў плячыма. Тлумачыць усім, што на сцяне ёсць досыць выразная выява, сэнсу не было.

Закончыўшы працу ў сутарэннях, мы вярнуліся ў кабінет дырэктара і папрасілі адгул за добрую і хуткую працу. Руслан Альгердавіч не пярэчыў, дазволіўшы наступным днём у школу не прыходзіць. Я ўсцешана выдыхнуў, задаволены тым, што не давядзецца марудзіць з выездам на прымроеную пасеку, думка пра якую магічнай стрэмкай пульсавала ў галаве. Як толькі мы выйшлі з кабінета, я звярнуўся да Майсюка:

– Слухай, Ярык, як ты наконт таго, каб заўтра з’ездзіць за горад у адно цікавае месцейка? Мне трэба артыкул па краязнаўству пісаць. А без выезду туды закончыць яго ніяк не атрымаецца. Справа даволі тэрміновая, а часу, як заўжды не хапае. А ў цябе машына. Змог бы дапамагчы?

– Яно, канечне, можна было б, – ухмыльнуўся фізік. – Але мы тут з Алесем і таварышамі надумаліся ў Counter Strike разануцца.

– А вы згадайце нас з Яраславам Леанідавічам у сваім артыкуле, мы і перанясем наш Counter Strike на іншы час, – нечакана прапанаваў Альхімовіч.

– Калі справа за гэтым, то няма пытанняў, – выказаў гатоўнасць я.

Майсюк з прыкметнай доляй ушчування ў поглядзе зірнуў на Хімыча, але пярэчыць не ўзяўся:

– Ну, калі гэтая паездка не вельмі шмат часу забярэ, то добра. Бензін хоць аплоціш?

Я згодна хітнуў галавою, выцяг з кішэні грошы і, перадаючы іх Яраславу, пацікавіўся:

– А яшчэ аднаго чалавека возьмеш?

– Эрнест, а ты часам не скарб збіраешся шукаць? – заўсміхаўся калега.

– Калі і скарб, то не ў тым сэнсе, які ты маеш на ўвазе. Там куды мы паедзем схаваны важны элемент нетрадыцыйнага дэкору колішніх сядзібаў нашага рэгіёну, – схлусіў я. – Дык можна яшчэ аднаго чалавека ў нашу кампанію запрасіць?

– Давай, – згодна махнуў рукой Ярык.

Мы зайшлі ў лабаранцкую. Майсюк і Альхімовіч селі каля вакна і закурылі. Я тым часам патэлефанаваў Бухоўскаму.

– Здароў, дзядзька. Ёсць тут адна прапанова тупічаская, – пачаў я і следам агучыў тую ж версію, што і колькімі хвілінамі перад тым вяшчаў для Ярыка з Алесем.

– У мяне буханне вясны, – на свой заўсёдны капыл Мікаэл перакруціў назву архаічнага народнага абраду.

– Ой! Ну, колькі яшчэ можна ў гэтых спектаклях іграць! Хіба ты яшчэ не нагуляўся? Агу, вясна! Агу, красна!

– Ладна, чувак, хрэн з табой. Я згодны. Толькі ты абавязкова беленькай вазьмі і добрага закусончыку. Толькі не забывай, што закусь градус скрадае, – пачуў я ў адказ і паабяцаў выканаць усё, як належыць, дадаўшы на развітанне просьбу:

– Металашукальнік не забудзь.

Рэшта дня мінула для мяне ў інтэрнет-баталіях і пякотцы з перапынкамі на вывучэнне карты. Наступным ранкам у вызначаны час я сустрэўся з Бухоўскім на прыпынку каля фабрыкі «Чырвоны дол». Мікаэл быў вясёлым. А калі на яго просьбу я набыў яму бутэлечку «Тубарг Грын», ён павесялеў удвая. Мне не хацелася задаваць яму лішніх пытанняў ні пра расстанне з зазнобушкай Ксеняй Чудатворнай, ні аб прычынах такой моцнай ранішняй цягі да піва. Як ні дзіўна, ён пытаннямі мне таксама не назаляў, адно паўтараючы: «Ну, ты сапраўдны сябар». Заезджаныя кружэлкі былі для Бухоўскага ці не галоўным у яго жыцці захапленнем пасля гарэлкі ды молодой и неопытной вытоковки.

Неўзабаве да прыпынку падкаціў «жыгулёнак» Майсюка. Мы хуценька загрузіліся і паехалі. Мікаэл, пазнаёміўшыся з Ярыкам і Алесем, злёгку змяніў рэпертуар сваёй кружэлкі, тлумачачы ў розных варыянтах, як ім пашанцавала працаваць у адной школе з такім калегам, як Баластоўскі. Мне хацелася чырванець і зелянець ад гэтага, але розум сушылі іншыя думкі. Я быў перакананы, што крыж будзе абавязкова знойдзены. Я наперад смакаваў той момант, калі прыеду з крыжам у школу, спушчуся ў сутарэнні і памяшчу адсутную дэталь у гняздо.

Мікаэл лепятаў і лепятаў. За вокнамі шпарка змяняліся гарадскія дэкарацыі. Змяняліся настолькі шпарка, што даводзілася сумнявацца, ці сапраўды на «жыгулях» мы едзем. Пераехаўшы па мосце праз Сівую, Ярык збочыў з галоўнай трасы і пакіраваў аўтамабіль у акалоддзі, якія за дваццаць гадоў свайго перабывання ў межах горада так і не набылі тыпова гарадскіх прыкметаў. «Недзе тут і Аліса жыве», – падумаў я і ў тое самае імгненне атрымаў ад яе паведамленне: «Дзякуй за дзясяткі! Тата з мамай падарылі мне новы мабільны тэлефон!». Я ўсміхнуўся, усведамляючы, што зусім няздольны зразумець дзіцячае шчасце маёй любімай вучаніцы.

– Піянеркі даймаюць? – вырашыў змяніць кружэлку Мікаэл.

– Камсамолкі, – паспрабаваў адбрахацца я.

– Любоў, камсамол і вясна! – нечакана нават для мяне Бухоўскі зацягнуў прыпеў савецкай песні, а калі ўсе перасталі шарахацца і смяяцца, ён вытрымаў паўзу і ўрачыста заявіў: – Эрнесце, тваё жыццё, поўніцца рамантыкай, як рэтрафутурыстычны комікс. Смазлівыя грудастыя камсамолкі шлюць табе любоўныя шыфраграмы з бартоў сваіх дызельных зоркалётаў. Запраграмаваны тваімі перфакартамі робат Федзя старанна правярае за цябе вучнёўскія сшыткі, а ты сядзіш у аўтаматызаваным фатэлі-гушкалцы, ясі фейхуёвае варэнне і зырыш па агромністым лямпавым целіку стэрэастужку «Скалалазка мая, ласкавая»… Ці хацеў бы ты жыць у такім рэтрафутурыстычным коміксе?

Ярык і Алесь душыліся ад смеху. Хацеў засмяяцца і я, але нешта не дазваляла гэта зрабіць.

– Ну, дык хацеў бы? – настойваў на маім адказе Бухоўскі.

– Не. І ў песні, якую ты зараз спяваў, таксама не хацеў бы, – прамовіў я.

– Табе, напэўна, толькі рамшцейнаў падавай, каб ду хаст на ўвесь розэнрот, – саркастычна заўважыў той, радуючыся, што, нібыта ўдала, падкалоў мяне.

У салоне на пэўны час усталявалася трывалае хі-хі. Махнуўшы рукой на гэтую акалічнасць, я нарэшце адказаў Алісе са смайлікам: «Ты ж старалася». Майсюк прытармазіў на раздарожжы і спытаў у мяне:

– Граф Монтэ-Крыста, куды далей?

– Зараз скажу, – захваляваўся я, зазіраючы ў наспех выцягнутую з кішэні карту.

– Было б няблага навігатар паставіць, – дзелавіта заўважыў Мікаэл. – Не стала б патрэбы лішні раз корпацца ў мапах. Да таго ж усе нашы мапы недакладныя. Так з савецкіх часоў павялося. Каб патэнцыйнага праціўніка заблытаць.

– Ай! Ну, змоўкні хоць на хвіліну, і без тваіх заўваг цяжка, – злёгку ўскіпеў я, не могучы ніяк зарыентавацца па карце.

– У цябе якога года мапа? – паблажліва спытаўся Бухоўскі.

– Тут напісана, што ў друк аддадзена была 29.07.1988 года, – нядбала кінуў я.

– Ну, вось. Ты б яшчэ мапу Вялікага княства Літоўскага XVII стагоддзя ўзяў, – засмяяўся Мікаэл, забіраючы карту.

У адрозненні ад мяне ён вельмі хутка знайшоў неабходныя арыенціры і паказаў, куды трэба ехаць.

Ярыка яўна даймалі сумневы наконт узроўню кампетэнтнасці парады майго старога прыяцеля, і на ўсялякі выпадак фізік перапытаў у мяне:

– Дык едзем?

– Едзем, – пацвердзіў я.

Майсюк павярнуў на гравійку, якая сцялілася між зялёных узгоркаў. Альхімовіч пацікавіўся, ці не курганы гэта. Я прызнаўся, што не ведаю. Мікаэл стаў у звыклай для сябе манеры ўшчуваць мяне за няведанне легендаў і казак роднага краю.

– Людзі расказваюць, што даўным-даўно ў гэтым месцы сышліся ў бязлітаснай бітве волаты трох магутных цароў, – стаў распавядаць Бухоўскі. – Цары гэтыя паміж сабою былі братамі, але пасварыліся і зрабіліся адзін аднаму ворагамі яшчэ ў юным узросце, калі давялося дзяліць спадчыну, што засталася ім ад памерлага прадзеда. Так, менавіта ад прадзеда, бо ён здолеў перажыць і іхнага дзеда, і іхнага бацьку, застаючыся ўладаром вялікага гаспадарства. З цяжкасцю падзяліўшы спадчыну, цары доўга жылі збольшага мірна, хаця кожны з іх хацеў стаць уладаром на ўсіх землях прадзедаўскай дзяржавы. Аднак міру было наканавана рухнуць, і ён рухнуў. Немалады кудзеснік аднаго цара закахаўся ў юную ткаллю другога цара і разам з ёю ўцёк ды затаіўся сярод пушчаў ва ўладаннях трэцяга цара. Калі ўсе цары даведаліся пра тое, што адбылося, пачалася вайна. А вайне дай толькі рады разгарэцца, і яна запалае так моцна, што ў гэтым полымі хутка ператворыцца ў попел памяць пра тое, што стала нагодай для вайны. Так здарылася і тут. Ваявалі волаты, нішчылі адзін аднаго, плюндравалі землі і люд, не помнячы, навошта яны ўсё гэта здзірства чыняць. Кажуць, што пад Галацічаскам шмат волатаў палегла разам са сваімі царамі. А кудзеснік з ткалляй ператрывалі тую бітву, хаваючыся на востраве, што калісь быў недалёка ад таго месца, дзе Быстрыца ўпадае ў Сівую. Калі бітва скончылася, прыплылі яны чоўнам на гэты бераг, пайшлі на поле, дзе кагадзе віравала бітва, каб пахаваць усіх, хто спачыў у ёй. Сто і адзін дзень кудзеснік і ткалля толькі і рабілі тое, што насыпалі курганы над нябожчыкамі. Сто і адну ноч кудзеснік і ткалля толькі і рабілі тое, што аддавалі малітвы багам. І ўвесь гэты час не было на небе ні сонца, ні зорак, ні месяца. І толькі калі быў пахаваны апошні загіблы волат, завіднеўся сонечны прамень. Кудзеснік і ткалля вярнуліся на востраў і жылі там далей: можа, сотню, а можа, і цэлую тысячу гадоў. Вось.

– Нішцяковая легенда, – уражана выгукнуў Альхімовіч.

– Вось толькі баюся, што пан Бухоўскі выдумаў яе толькі што, – паспяшаўся засумнявацца я.

– Што? Ты мне не верыш? – абурыўся Мікаэл. – Які ты пасля гэтага сябар? Мы ж з табой разам столькі шнапсу разам папілі! Столькі вогнішчаў купальскіх развялі! А ты вось так…

– Здаецца, прыехалі, – прамовіў Ярык, спыняючы тым самым магчымы працяг пустой палемікі.

Мы выйшлі з машыны, амаль не зводзячы вачэй з вялікага прастору занятага стройнымі шэрагамі вулляў. Пасека была агароджана невысокім хліпкім штыкетнікам, які яўна прызначаўся не столькі абараняць тэрыторыю, колькі папросту ўказваў на яе межы. Недзе ўдалечы стаяў маленькі домік, які ў мяне асацыяваўся толькі з адным словам – «вартоўня». Быў там хтось ці не было, магло выявіцца ў самы бліжэйшы час. Ці не выявіцца наагул.

– Пчолачкі гудуць, хатку будуюць, – ціха запяяў Мікаэл радок народнай песні і прыкурыў цыгарэту.

– Ну, што ж, мужыкі? Не будзем марудзіць, – прамовіў я.

– Што канкрэтна рабіць? – удакладніў Майсюк, на твары якога заіграла нервовая ўсмешка, якая, напэўна, была выклікана ўражаннем ад памераў тэрыторыі, дзе мы мелі пачаць пошукі.

– Недзе тут павінен быць адзін вельмі важны для навукі прадмет, – не спяшаўся я дадаваць канкрэтыкі што да прадмета нашых пошукаў.

– Артэфакт? – выгукнуў Альхімовіч такім тонам, быццам амаль цалкам спасціг абсалютную ісціну і да поўнага яе спасціжэння застаўся маленькі паўкрок.

– Артэфакты – гэта прадметы ці з’явы, створаныя людзьмі, – смачна пыхкаючы цыгарэтным дымам, зацеміў Бухоўскі. – Не ўпадай у транс ад прыгожага слова з фантастычных серыялаў ці кампутарных гульняў. Артэфактам можна назваць і фашызм, і самагонку.

Ярык і Алесь запытальна зірнулі на мяне ў чаканні далейшых тлумачэнняў.

– Ні фашызму, ні самагонкі мы сёння дакладна тут шукаць не будзем, – заявіў я наўмысна дзелавіта з вельмі нацягнутай весялосцю ў голасе. – Мы шукаем невялікі крыж, накшталт такога, як на сімвалах Швейцарыі.

– Ці на карэтах хуткай дапамогі, – не прамінуў уставіць свае тры грошыкі вытокавец.

– Крыж павінен ляжаць пад адным з вулляў ці на прылеглых дзялянках, – пусціў я міма вушэй яго рэпліку.

– Дык тут жа вулляў больш за сотню! – ледзь не ўскрыкнуў фізік. – Ці ты не заўважыў? Нам пад кожны трэба злазіць?

– Заўважыў. Нічога страшнага, – стараўся я захоўваць спакой, хаця ўнутры дужа пераймаўся, што рызыкую застацца на пасецы толькі са сваім старым прыяцелем і ягонымі жартачкамі. – Поўзаць не трэба. Вы з Алесем рабіце вонкавы агляд. Раптам так знойдзеце. Вось вам па некалькі кавалкаў крэйды. На кожным вуллі, пад якім пагледзіце, стаўце крыжык. Калі заўважыце нешта падазронае, то стаўце крыжык і абвядзіце яго кружочкам.

– А гайкі з анучкавымі стужкамі для вызначэння маршрута ты не будзеш кідаць? – ці то з выклікам, ці то з намёкам папытаў Ярык.

– У гэтым няма патрэбы, – трымаў я сябе ў руках. – Галоўнае лішняга шуму не ствараць. Мы з Мікаэлам пойдзем следам за вамі з металашукальнікам.

Адзін за другім мы пералезлі праз штыкетнік. Майсюк і Альхімовіч адразу рушылі наперад, расстаўляючы крэйдай на вуллях умоўленыя знакі. Я ішоў побач з Бухоўскім, які з падкрэслена сур’ёзным тварам «слухаў зямлю». У некалькіх месцах апарат падаваў адпаведныя сігналы. Я шпарка кідаўся туды з сапёрнай рыдлёўкай, каб выкапаць то кастыль ад веласіпеднай педалі, то эмаліраваную конаўку з дзіркай. Напускная сур’ёзнасць таварыша застрахоўвала мяне ад лішніх жарцікаў. Праўда, у яго вачах выразна чыталася тое, што ён мог сказаць і пра кастыль, і пра пасудзіну. Ярык і Алесь ціха перамаўляліся. З абрыўкаў фраз, што даляталі да мяне можна было зразумець, што гаворка вялася пра кампутарныя гульні. Прынамсі, часцяком усплывалі адмысловыя паняцці «захавацца», «гэймплэй», «загрузіць ботаў», «уключыць рэжым бога». «Я зараз таксама хацеў бы ўключыць рэжым бога, – скрушна падумалася мне. – Каб нічога не шукаць. Каб усё разумець і бачыць. Каб нічым не даказваць сваё каханне, а проста кахаць і быць каханым…».

– Не спі, а то Зюзя забярэ, – прамармытаў Бухоўскі, ківаючы на вулей, дзе напарнікі паспелі пакінуць крыжык з кружочкам. – Здаецца, там таксама нешта ёсць.

Я вомельгам апусціўся перад вуллем на каленкі і стаў шураваць рыдлёўкай. У тое ж самае імгненне пачуўся гул аўтамабіля, які імчаўся з вялікай хуткасцю, і віскат тармазоў. Усе мы сінхронна азірнуліся ў той бок. Каля штыкетніка спыніўся чорны «бумер». З яго выскачылі чатыры дзецюкі. Яны спрытна гарцанулі праз агароджу і шпарка рушылі да нас. Намацаўшы ў зямлі прадмет, які на дотык здаваўся тым самым артэфактам, што мы шукалі, я падняўся і ледзь схаваў радасную ўсмешку. Ярык і Алесь падышлі да нас. Дзецюкі з «бумера» спыніліся за некалькі метраў ад нашай кампаніі. Гэта давала прывідную надзею, што біць нас, прынамсі адразу, не будуць.

– Курва, у іх такі выгляд, нібыта яны зараз нас тут пакладуць, – прашаптаў мне на вуха Майсюк. – Ты б сказаў, што справа не вельмі бяспечная, дык я хаця б траўматычны пісталет які прыхапіў з сабой.

– Не пераймайся. Як-небудзь выкруцімся, – адказаў я, хаця самога аж калаціла ад няпэўнасці кожнай наступнай секунды.

– Якога хрэна вы каля нашых вулляў пасвіцеся? – крыкнуў адзін з дзецюкоў.

– У «Схватку» гуляем, – ляпнуў я першае, што завітала на розум.

– Ува што, бляха?

– Ну, гульня такая. Тыпу колішняй «Зарніцы», – патлумачыў я.

Тыя пераглянуліся і абмяняліся між сабой некалькімі рэплікамі. З іх можна было здагадацца, што і пра «Схватку», і нават пра «Зарніцу» яны нешта дый чулі.

– Але якога фаласа вы гуляецеся менавіта тут? – працягнуў задаваць пытанні той самы дзяцюк. – Па ходу вы амаль усе пераросткі для такіх піянерска-камсамольскіх гульняў. Так што давайце каліцеся, чаго вас сюды хер прынёс.

– У «Схватку» нават сівыя акадэмікі гуляюць, – запярэчыў я. – Узрост тут не пры чым. Штаб гульні даў нам заданне, і мы хоцькі-няхоцькі апынуліся тут. Калі вы супраць нашага знаходжання на пасецы, то мы зараз жа з’едзем.

Мае спадарожнікі дружна заківалі галовамі, пацвярджаючы ўсё сказанае мною.

– Добра, пеніс з вамі. Валіце, і каб я вас тут больш ніколі не бачыў, – адарыў нас міласцю гаваркі пчаляр.

Ледзь прыкметна я падміргнуў маім таварышам, і мы няспешна пайшлі да «жыгулёнка». Я павінен быў засумнявацца ў тым, што сустрэча з пагрозлівымі пчалярамі можа скончыцца так гладка. Я павінен быў успомніць, што язык Бухоўскага ў падобнага кшталту крытычных сітуацыях трэба заціскаць разам з ротам. Але тады – у эйфарыі ад хуткай добрай развязкі – мне пра гэта не падумалася. Я ішоў і марыў, як змяшчу знойдзены артэфакт у выемку між мазаічнай дзевай і мазаічным аднарогам. Аднак калі мы параўняліся з дзецюкамі, якія пільнавалі кожны наш крок, здарылася непапраўнае: Мікаэл раскрыў рот і захадзіў сваім папудлівым языком.

– Добрыя вы хлопцы, – звярнуўся ён да незнаёмцаў. – Вось толькі ў гаваруна вашага выразна генітальная фіксацыя, яўна звязаная з пэўнай фобіяй, бо ў букеце агучаных сінонімаў так і не знайшлося месца для галоўнага слова.

Не мінула і секунды, як тое слова прагучала, і дзецюкі накінуліся на нас. Я нават не паспеў у думках вылаяцца на Бухоўскага, як атрымаў магутны ўдар у грудзіну. Заклікаць да развагі было позна. Заглушаючы гневам боль, я паспрабаваў ўдарыць нападніка чаранком рыдлёўкі па галаве. Той спрытна перахапіў яе, вырваў з маіх рук і памкнуўся вярнуць мне проста ў лоб. Я бліскавічна прысеў і скочыў на непрыяцеля, намагаючыся збіць таго з ног. Той сапраўды не здолеў утрымацца і грымнуўся долу, але рыдлёўкі не выпусціў. Лежачы на зямлі, ён стаў брыкацца нагамі і махаць рыдлёўкаю ў спадзеве хоць неяк зачапіць мяне. Як я ні адхінаўся, але атрымаў абцасам у падбароддзе, а лязо рыдлёўкі добра чыркнула па левай руцэ. Азарт барацьбы цалкам авалодаў мною, і боль амаль не адчуваўся – дакладна так, як было са мной у пэўныя моманты ў Сталінградзе. Я і мой праціўнік падскочылі з зямлі практычна адначасова. Ён быў гатовы раскроіць мне чэрап. Гэта ніяк не адпавядала маім планам. Бакавым зрокам я бачыў, што Мікаэл, Ярык і Алесь таксама б’юцца з пчалярамі і б’юцца дужа жорстка ці нават акрутна, калі ўжываць слова з даўніх беларускіх летапісаў. Бугаёк з рыдлёўкай ляцеў на мяне з няўрымслівасцю Немезіды. Я падхапіў з зямлі і шпурнуў у яго дзіравую эмаліраваную конаўку. Дзяцюк адбіў яе рыдлёўкай, як тэнісіст адбіў бы мячык ракеткай. Конаўка маланкава адляцела ў бок і ўдарыла ў твар аднаго з іншых нападнікаў.

– Што ты, сука, вытвараеш?! – грымнуў злосцю той. – Па сваіх лупіш!

Скарыстаўшыся замінкай, Майсюк збіў крыкуна з ног, схапіў конаўку і апусціў абрынутаму на твар з такой сілай, што тая сплюснулася. Бухоўскі ляснуў металашукальнікам па патыліцы яшчэ аднаго пчаляра, які хацеў кінуцца на дапамогу свайму таварышу. Альхімовіч таксама не спаў у шапку – выцяг з кішэні жменю раструшчанай крэйды і ўзнагародзіў ёй дзецюка, з якім яму давялося дужацца. Усё адбывалася звышхутка. Лік ішоў на імгненні. Вораг элементарна не паспяваў рэагаваць. Я шкадаваў, што кастыль ад веласіпеднай педалі ляжаў далёка ад месца бойкі, і тут жа згадаў пра артэфакт, які яшчэ да пачатку перамоваў прыхаваў у кішэню курткі. Рука сама пацягнулася да знаходкі. Гэта было, як насланнё, бо ў галаве не было ніводнай выразнай думкі на конт таго, што рабіць з крыжам. Шпурнуць у ворага? Падбегчы да кагосьці з іх і разбіць крыжам мазгаўню? Іншы варыянт? Але крыж быў выцягнуты вонкі. Я пачуў меладычны пчаліны гуд і міжволі паўтарыў радок з народнай песні, якую кагадзе напяваў Мікаэл: «Пчолачкі гудуць, хатку будуюць».

Час для наваколля спыніўся. Усё замёрла, застыла. І мае спадарожнікі, і дзецюкі, што напалі на нас, здранцвелі ў тых паставах, якія набылі за хвілю да майго спеву. Не было ні ветру, ні рачнога шуму. Панаваў толькі мерны прыемны на слых пчаліны гуд. З’явілася веданне таго, што мне трэба рабіць. Насвістваючы ў такт пчалінай мелодыі, я па адным перанёс пчаляроў у іхняе аўто. Кожны з іх быў бязважкім, быццам зроблены з пап’е-машэ. Зачыніўшы дзверы машыны за апошнім, я паштурхаў яе на бакавую дарогу міма пасекі. Машына таксама была неверагодна лёгкай, і штурхаць яе можна было не проста адной рукой, а нават адным пальцам. Мезенцам. Але я асцерагаўся, што час гэтак жа раптоўна, як спыніўся, так і пойдзе зноў. Таму спяшаўся адкаціць кляты «бумер», як мага далей ад пасекі, каб урэшце пакінуць яго ў хмызняках, прабіўшы на развітанне адно з колаў.

Вярнуўшыся назад, я тым самым спосабам перамясціў сваіх таварышаў у «жыгулі». Потым парупіўся максімальна прыбраць усё, што магло сведчыць пра нашу прысутнасць на дзялянцы і бойку на ёй. Калі гэта было зроблена, я яшчэ раз агледзеў наваколле. Не заўважалася нічога падазронага. На імгненне мне закарцела завітаць у вартоўню і праверыць яе, але ўрэшце я абыякава махнуў рукой і сеў у «жыгулёнак». Зусім не задумваючыся, якім чынам запусціць час наноў, я дастаў артэфакт. Вусны самі, міма маёй волі прашапталі радок з іншага варыянту песні пра пчолаў-дойлідаў: «Пчолачкі гудуць, цэркаў будуюць». Усё навокал ажыло. Хлопцы разам крыкнулі нейкую няўцямшчыну і сталі здзіўлена азірацца адзін на другога і на мяне.

– Мне так добра па кумпалу далі, што я не памятаю, як апынуўся ў машыне? – выказаў Бухоўскі ўласнае здзіўленне.

– І я хацеў бы спытаць тое самае адносна мяне, – прамовіў Майсюк.

– І я… – далучыўся Альхімовіч.

– Мужыкі, вы пра што зараз увогуле гаворыце? – прыклаў я немалыя высілкі, каб прамаўляць і выглядаць натуральна.

– Што з тымі бумерастамі? – выдаў ёмкае слаўцо Мікаэл.

– Тыя, хто на «бумеры» ехалі? – удаваў неразуменне я. – Дык яны, як ехалі так і паехалі сабе далей.

– Ты хочаш сказаць, што ніякай бойкі між намі і імі не было? – яшчэ больш збянтэжыўся Ярык.

– Бойкі? – вырачыў я вочы. – Ды не. Не было нічога такога. Я знайшоў тое, што шукаў, і мы зазбіраліся ў зваротную дарогу. Ты нават узрадаваўся, што пошукі не шмат часу забралі.

– Бляха, Баласт, ты заліваеш, – абурыўся вытокавец. – Мы не маглі проста так сесці і паехаць назад, не выпіўшы абяцанай беленькай.

Для яго гарэлка па-ранейшаму была на першым месцы, засцячы сабою нават неверагоднае здарэнне, якое выглядала прыкладам калектыўнага трызнення.

– Дык у машыне і збіраліся выпіць, – сказаў я, клапатліва развязваючы заплечнік з біклагай гарэлкі, пластыкавымі кубачкамі і пакункам з закускай. – Вось і беленькая, і сала, і каўбаска…

– А гурочкаў салёных не ўзяў? – пыхнуў расчараванасцю Мікаэл.

Я хацеў паказаць яму мяшэчак з гуркамі, але Ярык злосна ўскрыкнуў:

– Ды якія на фіг гурочкі! Тры чалавекі памятаюць тое, чаго па словах чацвёртага папросту не было. Гэта нармальна?

– Ай, супакойся, – абсалютна індыферэнтным тонам адгукнуўся мой даўні прыяцель. – Ну, тут жа месца такое. Ты думаеш, што каля такога агромністага курганнага могільніка ды яшчэ з такой каласальнай легендарнай падаплёкай не могуць здарацца анамальныя з’явы? Ды гэта месца сапраўдны рай для анамаліяў. Так што асабліва не рві сабе душу лішнімі пытаннямі. Давайце лепш вып’ем. Саня, ты будзеш?

– А што я лысы ці што? – азваўся прыціхлы Алесь. – Як жа пасля анамаліі не выпіць?

Фізік роспачна плюнуў праз вакно і завёў машыну. Піць за стырном ён не збіраўся і ад прапановы каўтануць пяць кропелек рашуча адмовіўся.

– Вось і добранька. Нам болей будзе, дый больш бяспечна, – узрадаваўся Бухоўскі.

Я таксама адмовіўся піць, памнажаючы на два радасць пітушчага вытокаўца. Пакуль ён і Алесь выпівалі і закусвалі, я неўпрыкмет паглядаў назад, асцерагаючыся пагоні. Па маіх разліках гнацца за намі пчаляры не маглі, бо ім быў патрэбны час, каб агоўтацца ад шоку адкрыцця сябе не на тым месцы, пра якое ім будуць нагадваць іх апошнія ўспаміны. Да таго ж прабітае мною кола давала нам дадатковую фору на выпадак, калі «бумерасты» ачухаюцца больш хутка, чым меркавалася мне.

– Не ператварай закуску ў ежу, Санёк, – не ўстрымаўся Мікаэл ад класічнага выслоўя аматараў вялікай гарэлкі.

Ад гэтага мне стала сорамна за свайго прыяцеля. Далонню я затуліў сабе вочы і цяжка ўздыхнуў, ведаючы наперад кожную наступную прымаўку ці прыказку, кожны наступны анекдот, жарт і проста падколку, якімі Бухоўскі стане асыпаць нашы вушы. Мікаэл быў бы добрым хлопцам, калі б не яго няшчасная, але часцяком узаемная, любоў да экспанатаў віна-гарэлачных аддзелаў, як ён сам гэта называў. Зрэшты, чым я быў лепшым за яго ў сваёй нястрымнай жарсці да вучаніцы? Бадай што нічым.

– Раскідвае яна ногі, а паручнік Мяжэнскі ёй і кажа: «Дай хоць на каня сяду», – вёрз Мікаэл чарговую плюготу пад гістарычнай поліўкай.

Алесь засмяяўся. Ярык мацней схапіўся за стырно і без увагі на анекдот працадзіў скрозь зубы:

– Дык кажаш, што «бумер» проста паехаў сваёй дарогай?

Пытанне адрасавалася мне. Я асалапела азірнуўся. Памыліцца было цяжка – за намі імчаў той самы чорны аўтамабіль.

– Вось табе, трасца, і анамалія, – толькі і здолеў выціснуць з сябе я.

– Гэта могуць быць рэшткавыя эфекты, – не змаўчаў Бухоўскі. – Але я на вашым месцы зараз бы гнаў на самай вялікай хуткасці. Праўда, якая там хуткасць ад старога «жыгуля»?!

– Ну, не скажыце, – захмялелым голасам запярэчыў Альхімовіч. – Каркас у гэтай машынкі стары, але нутро навячае, і ад не самых кепскіх тачак. Таму адарвацца ад нейкага там «бумера» цяжкасці нам не складзе.

Толькі ён выдаў гэтую хвалебную тыраду, як ззаду загрымелі стрэлы.

– Ну, нічога сабе! Яны ж пуляюць на паражэнне! Эрнест, прызнавайся, што да чаго! – усхадзіўся фізік, дадаючы больш высокай хуткасці.

Усе міжволі ўвабралі галовы ў плечы і нахіліліся, баючыся злавіць шалёнага свінцу. Бязмоўна я лаяўся на сябе за тое, што не прапароў у «бумеры» адразу ўсе чатыры колы, што не закінуў куды падалей ключы ад яго, што не праверыў вартоўню, дзе мог быць дадатковы сведка таго, што адбывалася да спынення і пасля аднаўлення часавага руху. Грымнулі яшчэ два стрэлы. Ярык даў яшчэ болей газу, але гэта не павялічыла пэўнасці ў тым, што мы абавязкова адарвемся ад пагоні. Я дастаў артэфакт і паспрабаваў выкарыстаць тую самую пчаліную мантру, аднак нічога не адбылося: час не спыніўся, крылы ў «жыгулёнка» не выраслі, «бумер» у пекла не збочыў. З жахам мне ўяўляліся наступствы пагоні. І жахалі мяне не кулі, якія маглі нарабіць дзірак і ў машыне, і ў кожным з яе пасажыраў. Жахала перспектыва таго, што мы ўсё ж адарвемся ад пераследнікаў, а потым яны і іх верагодныя сябручкі будуць гойсаць па горадзе ў пошуках кожнага з нас і помсціць у стылі класічнай італьянскай мафіі ці тэрытарыяльна беларускіх бандфармаванняў дзевяностых гадоў ХХ стагоддзя.

– Здаецца, адарваліся, – выдаваў жаданае за сапраўднае Альхімовіч.

– Адарваўся гузік ад шырынкі сатаны, – змрочна адрэагаваў Майсюк. – У добрую справу ўцягнуў нас Эрнест Скіргайлавіч.

Апраўдвацца ў той момант было заняткам бессэнсоўным. Мы пад’яжджалі да павароткі на горад. Там маячылі дзве дзявочыя постаці.

– Опанькі, Зарыцкая і Шчодрык! – персаніфікаваў іх Алесь. – З якой радасці яны тут?

– Мабыць, у Цыпінай былі, – выказаў здагадку Ярык. – Ну, што падбіраем іх? Галасуюць жа.

Пытанне было лішнім.

Дзяўчаты ўпліснуліся на задняе сядзенне да Бухоўскага і Альхімовіча. Вытокавец не прамінуў ушчыкнуць і адну, і другую ніжэй спіны. Але ні адна, ні другая не піскнулі, быццам усё адбывалася так, як і мае быць. На пытанне, адкуль яны тут, мае ўчорашнія вучаніцы сказалі, што вяртаюцца з рэканструкцыі абраду «Гуканне вясны». Мікаэла гэта яўна ўзбудзіла, і ён стаў распытваць, ці гулялі там у «Падушачку», і, не чакаючы адказу, выказаў упэўненасць, што такія прыгажуні без пацалункаў у той гульні не засталіся. Выпускніцы хіхікалі і распакоўвалі свае сумкі, дастаючы з іх і збіраючы ў нешта цэлае нейкія трубкі і іншыя дэталі.

– Гэта яшчэ што за хрэнь? – здзівіўся аматар гульні ў «Падушачку».

– Мабыць, нейкі старажытны беларускі музычны інструмент, – выказаў здагадку Хімыч.

– Бляха, дзеўкі, толькі не пачынайце іграць на гэтай валынцы. І так мазгі пухнуць, – нервова папрасіў фізік.

– Мы ведаем, што ў вас пэўныя праблемы, – сказала Арына.

– Вы не можаце іх вырашыць зараз, як бы хутка ні імчалі прэч ад іх, – працягнула Міла.

– Але мы вам дапаможам, – вымавілі яны дуэтам, як у рэкламе.

Зарыцкая папрасіла Мікаэла адчыніць вакно і села яму на каленкі. Той ад раптоўнага шчасця ледзьве на сёмае неба не ўзняўся.

– Трымайце сябе, а галоўнае яе ў руках, – наказала яму Шчодрык, перадаючы сабраны з трубак інструмент сваёй сяброўцы. Сяброўка разам з інструментам вытыркнулася ў вакно, і толькі тады я скеміў, што ў яе руках гранатамёт. Ззаду на дарозе зноў з’явіўся «бумер».

– Яраслаў Леанідавіч, скіньце крыху хуткасць, – пракрычала Арынка. – Няхай заедуць на сярэдзіну пуцеправода, застаючыся навідавоку.

Пераследнікі зноў распачалі страляніну. Кулі чыркалі па даху і абшыўцы «жыгулёнка», цудам не закранаючы Зарыцкую.

– Ды што ж гэта за халера такая! – мала не залямантаваў Ярык, але хуткасць скінуў.

– Арына, можа не трэба? – дужа захваляваўся я. – Можа, яно ўсё і так вырашыцца…

– Не вырашыцца, Эрнест Скіргайлавіч, – замест сяброўкі адказала Шчодрык.

Зарыцкая прыцэлілася і, вытрымаўшы паўзу, націснула на цынгель. Пачуўся глухі гук, з трубы вылецела ракета і шугануў дым, хвост якога цягнуўся за ёй аж да самага трапляння ў цэль. Грымнуў выбух. «Бумер», ахутаны полымем, адкінула за парэнчы пуцеправода, і праз нейкія секунды ён знік з відавоку. Выпускніца шпурнула ад сябе гранатамёт і шмыгнула ў салон, какетліва падміргнуўшы Бухоўскаму:

– А вы добра ўмееце дзяўчат трымаць.

– Ты іх расхерачыла? Насмерць? – вытокаўцу стала не да какецтва.

– Афігенная паездачка для напісання краязнаўчага артыкулу, – з цяжкасцю адольваючы ступар, заўважыў Майсюк. – Цяпер па нам артыкулы крымінальнага кодэксу плачуць.

– Дзяўчынкі, адкуль у вас гранатамёт? І дзе Арыша навучылася з яго страляць? – звярнуўся да сваіх школьных таварышак Альхімовіч.

Арына і Міла хітра ўсміхнуліся і зноў жа рэкламным дуэтам перапыталі адразу ва ўсіх:

– Вы гэта пра што?

– Ну, як жа? Там пад пуцеправодам машына гарыць, якую… – забалабоніў Алесь.

– Няма там ніякай машыны. І не было, – рашуча абвясціла Зарыцкая, а Шчодрык заківала галавою, моўчкі пацвярджаючы словы сяброўкі.

– Дзеўкі, не дурыце галавы, мы ж зараз у гаўне па вушы, – гізаваў фізік. – І вашы жарцікі тут недарэчы.

Аднак дзяўчаты трымаліся свайго меркавання. Гэта яшчэ больш раз’юшыла Ярыка. «Колькі можна з мяне дурня строіць?» – закрычаў ён, спыніў машыну і выйшаў, каб разгледзіць драпіны ад куляў. Гэта задума выявілася цалкам марным заняткам. Ніводнай драпіны, апроч той, якую ён сам некалі зрабіў і прыхаваў пад дэкаратыўнай налепкай, на «жыгулёнку» не было. З машыны выбеглі Бухоўскі і Альхімовіч. З неахвотай выйшаў і я, каб паназіраць за тым, як мае сённяшнія напарнікі, зноў будуць ламаць сабе галовы ў спробе вытлумачэння невытлумачальнага. Я са шкадобай глядзеў на мітуслівыя рухі Майсюка. Ён узіраўся і ўслухоўваўся ў напрамку пуцеправода. Жадаў убачыць дым ці пачуць сірэны машын адпаведных службаў. Альхімовіч нават працягнуў яму бінокль. Але і з біноклем выглядзець нешта надзвычайнае не атрымалася. Плыні машын спакойна рухаліся па аўтастрадзе ў патрэбных ім напрамках. Фізік не вытрымаў, загнаў усіх у машыну, сеў за стырно і скіраваўся туды, дзе Арына падбіла «бумер». Але ўсе гэтыя кіданні былі суцэльнай дарэмнасцю. Ніводнага сведчання здарэння знайсці не ўдалося.

Ехалі ў горад моўчкі. Чарговае рашэнне спісаць усё на анамалію далося маім напарнікам вельмі цяжка. Але яны мусілі яго прыняць, пагатоў я, як і мае нядаўнія вучаніцы, цалкам адмаўляў расповеды пра гранатамёт і падбіты «бумер». Зарыцкая і Шчодрык выйшлі на першым жа прыпынку пасля моста праз Сівую, пакінуўшы нават мяне без тлумачэнняў. Зрэшты, мне іхныя тлумачэнні ўжо і не надта былі патрэбнымі. Мае ранейшыя здагадкі на іх конт пацвярджаліся. Я гарэў адной думкай, адным жаданнем: шпарчэй дабрацца да школы і выкарыстаць артэфакт. Каб не цягнуць за сабой хвост у асобе Бухоўскага, я даў яму грошай на пляшку гарэлкі. Майсюк і Альхімовіч паспяшаліся з’ехаць, каб заліцца геймерскім азартам, забываючыся на няўцямшчыну, што вычваралася з імі па гэты бок манітора.

Fueled by Johannes Gensfleisch zur Laden zum Gutenberg

Комментарии к книге «Інфанта і аднарог», Сергей Александрович Балахонов

Всего 0 комментариев

Комментариев к этой книге пока нет, будьте первым!

РЕКОМЕНДУЕМ К ПРОЧТЕНИЮ

Популярные и начинающие авторы, крупнейшие и нишевые издательства