Васіль ГІГЕВІЧ
СТРАЧАНАЕ ШЧАСЦЕ
Аповесць
1
Калі вочы Таго ўсемагутнага, які жыў наверсе, заплюшчваліся, усё ўнізе — і зялёныя кусты, і вершаліны высокіх дрэў, і гнуткія травы, і нават белы вытаптаны нагамі пясок на стаянцы — усё станавілася мокрым ад цяжкой расы. Угары святлела. Толькі рог Месяца свяціў гэтак жа, як і ноччу — белым халаднаватым святлом. Неба ў тым баку, дзе кожны дзень паяўляўся памочнік Таго ўсемагутнага, які ўсю ноч азіраў міготкімі вачыма свае ўладанні, святлела і ружавела, — і рэдкія шэрыя слаістыя аблачыны, і чысты бясконцы блакіт. І чым болей ружавела неба, тым больш гусцеў туман, — хвалямі ўкрываў нізіны і пагоркі, агортваў кусты, слаіўся між сосен і елак і белай сцяною падымаўся над ціхай соннай Пры.
Яшчэ ціха было на зямлі, толькі дружнае дзумканне камароў парушала ціш. У будане людзі спалі. Адна скалечаная Вая сядзела ў цэнтры будана, дзе мелася ў зямлі ямка, абкладзеная знутры каменнем і ў якой па чырвоным вуголлі бегалі кволыя мітуслівыя чырвона-белая язычкі. Час ад часу Вая падкладвала язычкам высахлыя галінкі, невялічкія палкі, сухія сасновыя шышкі, і тады язычкі большалі і весялелі.
Агонь трэба было ўвесь час карміць. Калі яго не карміць, то ён памрэ і тады для ўсяго роду будзе гора, — людзі не змогуць сагрэцца сцюдзёнай парою, калі зямлю ўкрыюць белыя мятлікі, не змогуць засмажыць мяса. Нават ад куслівых камароў яны не змогуць пазбавіцца. І днём, і вечарам, і ноччу — заўсёды ля агню былі людзі, якія ўлагоджвалі яго і кармілі.
Ён бываў розным: мяккім і пяшчотным, пякучым, калі абпальваў скуру і рукі, а мог, калі раззлуецца, з’есці ўвесь будан разам з дзідамі і дубінамі.
Комментарии к книге «Страчанае шчасце», Васіль Гігевіч
Всего 0 комментариев