Я збіраю шарыкавыя аўтаручкі.
Чалавеку, які ніколі не збіраў аўтаручак, — а такіх сярод нас пераважная большасць, — мой занятак хутчэй за ўсё падасца звычайным дзівацтвам, але сапраўдныя калекцыянеры мяне зразумеюць.
Дарэчы, гэта вельмі важна: знайсці свой аб’ект пакланення. Вядомы беларускі гісторык і археолаг Тэадор Нарбут, той самы, які адшукаў у Старым Быхаве адну з першых хронік XVІ стагоддзя, ведаў: нават толькі што выкапаныя старажытныя манеты бываюць халодныя і — значна радзей — цёплыя, і калі менавіта цёплую манету прыціснуць да цела, то неўзабаве на ім можна будзе ўбачыць адбітак таго, што было на самой манеце.
А мой добры знаёмы, Уладзімір Ліхадзедаў, які мае найбагацейшую на Беларусі калекцыю старадаўніх паштовак з выявамі беларускіх гарадоў і мястэчкаў, перакананы, што калі доўга глядзець на іх, то час, застылы на паштоўках, можна прымусіць зрушыцца з месца.
Але калі ў вашай далоні старажытная манета вам не здаецца нашмат цяжэйшай, чым ёсць на самай справе, і вашым пальцам не робіцца холадна, калі яны дакранаюцца да старой паштоўкі з выявай заснежанага Полацка альбо Менска, то вам лепш збіраць нешта іншае, ці ўвогуле нічога не збіраць — у свеце шмат цікавых заняткаў і без гэтага.
Я ж збіраю шарыкавыя аўтаручкі.
Я пісьменнік, і даўно зразумеў, што кожнаму твору патрэбна свая, асобная, скажам так, прылада працы. Часам даводзіцца перабраць добры тузін аўтаручак, каб нарэшце знайсці патрэбную, якую пры пісьме зусім не адчуваеш, быццам яна — частка тваёй рукі.
Я пішу марудна, шмат крэслю, але пасля таго, як тэкст з’яўляецца ў друку, больш ужо не ўношу ў яго ніводнай праўкі. А каб усё ж не з’яўлялася спакусы нешта ў ім паправіць, я праводжу — як правіла, гэта адбываецца на лецішчы — творчае ахвярапрынашэнне: спальваю аўтаручку на спецыяльна разведзеным для гэтай мэты вогнішчы. Таму мая калекцыя ўвесь час абнаўляецца.
Праўда, ёсць адна аўтаручка, якая захоўваецца ў мяне ўжо дваццаць гадоў, і якой я цяпер пішу гэтыя радкі. Мне дасталася яна яшчэ ў 1985 годзе ад маёй школьнай настаўніцы Таццяны Антонаўны Высоцкай, Танечкі, як мы яе ўсе за вочы называлі, у якую я, васьмікласнік, быў закаханы.
Комментарии к книге «Адзінокі васьмікласнік хоча пазнаёміцца», Александр Николаевич Бадак
Всего 0 комментариев