«Пяты этап»

1230

Описание

Раман "Пяты этап" – першы твор Сяргея Пясэцкага. Напісаны ў 1934 г., рукапіс не прапусціла турэмная цэнзура, таму кніга выйшла ў свет ужо пасля з'яўлення "Каханка…". Раман апавядае не столькі пра вядомае ўжо нам жыццё перамытнікаў на ракаўска-стаўпецкім памежжы, колькі пра шпіёнска-дыверсійныя калізіі, жыва і вобразна ўзноўленыя аўтарам, чыя маладосць прайшла пад бел-чырвона-белым штандарам у беларускіх партызанскіх атрадах "зялёнадубаўцаў".



Настроики
A

Фон текста:

  • Текст
  • Текст
  • Текст
  • Текст
  • Аа

    Roboto

  • Аа

    Garamond

  • Аа

    Fira Sans

  • Аа

    Times

Пяты этап (fb2) - Пяты этап (пер. Язэп Янушкевіч) 539K (книга удалена из библиотеки) скачать: (fb2) - (epub) - (mobi) - Сергей Михайлович Песецкий

Сяргей ПЯСЕЦКІ ПЯТЫ ЭТАП

Раман

Kapcap памежжа

Толькі ў апошнія дзесяцігоддзі айчынны чытач мае мажлівасць пазнаваць творчасць свайго слыннага земляка, шырокавядомага ў Еўропе ўжо ў даваенны час, імя якому — Сяргей Пясецкі (1901, Ляхавічы — 1964, Лондан).

Яшчэ ў сярэдзіне 1990-х на старонках «Голасу Радзімы» ў перакладзе Ф. Янушкевіча друкаваўся раман «Каханак Вялікай Мядзведзіцы» (Kochanek Wielkiej Niedzwiedzicy, 1937; асобным выданнем пераклад выйшаў летась; гэта найбольш вядомы твор празаіка, перад вайной вылучаўся на Нобелеўскую прэмію); напрыканцы 1990-х у часопісе «Спадчына» з’явіліся раздзелы з рамана «Начныя багі» (пераклад B.Арэшкі). Урэшце, часопіс «Полымя» ў 2001 г. друкаваў раздзелы з рамана «Ніхто не дасць нам вызвалення» (пераклад П. Рагойшы). І вось новая сустрэча...

Як пісьменнік С. Пясецкі сфарміраваўся... у турме. Яго кідалі за краты 6 разоў. За турэмнымі сценамі ён адседзеў 14 гадоў. З іх апошнія 11 — бесперапынку. З іх 5 гадоў — у адзіночцы...

Турэмнае зняволенне паспрыяла самаадукацыі. Чытаючы першы твор празаіка, выразна ўсведамляеш: да багатага жыццёвага досведу, да неўтаймаванай фантазіі сапраўднаму раманісту патрэбны яшчэ глыбокія веды. Сяргей Пясецкі не меў мажлівасці вучыцца ў маладым цывільным жыцці: рэвалюцыі, акупацыі, вызваленчыя рухі, жыццё за кавалак хлеба на ракаўска-менскім памежжы...

Чаму сярод двух дзесяткаў эпіграфаў, падабраных Пясецкім для свайго першага рамана «Пяты этап», неаднаразова сустракаюцца біблійныя? Тлумачэнне простае: там, у польскіх турмах (Равічы, Каранова, св. Крыж), па Бібліі і па газетнай перыёдыцы C.Пясецкі вучыў польскую мову. Паводле ўласнага прызнання, ён не сутыкаўся, ды і не ведаў, а тым болей і не вучыў яе да дваццаці гадоў. Аднойчы ў перыёдыцы вычытаў пра літаратурны конкурс. Вязень Пясецкі за некалькі месяцаў напісаў раман «Каханак Вялікай Мядзведзіцы» і... атрымаў першую прэмію! А потым і найдаражэйшы «ганарар» — датэрміновае вызваленне (дзякуючы заступніцтву слыннага раманіста Мельхіёра Ваньковіча, яшчэ аднаго нашага земляка, творчасць якога хто ведае на Беларусі?).

Ужо ў тым першым апублікаваным творы С. Пясецкага сярод каларытных герояў-персанажаў, чытач сустрэў вызначальную згадку-апісанне: «Адхінуўшы з памежжа павалоку цемры, мы ўбачылі б акул граніцы: сялян з абрэзамі, карабінамі, рэвальверамі, сякерамі, віламі і каламі, якія цікуюць здабычу... Убачылі б незвычайную постаць... чалавека, які самотна перамервае пагранічча... Крочыць з рэвальверамі ў руках, з гранатамі за пасам, з кінжалам на баку. Гэта шпіён... Стары, загартаваны, цудам ацалелы ў дзесятках сутычак, рашучы, нібы д’ябал, да шаленства смелы пірат граніцы...»

Вось такі наскрозь аўтабіяграфічны герой, праўдзівы карсар памежжа Раман Заба­ва і быў ужо створаны С. Пясецкім у найпершым (па часе напісання) творы «Пяты этап». Раман быў напісаны... за 4 тыдні. За 28 дзён! (2—29 красавіка 1934 г.)

Паказальна, калі 2 жніўня 1937 г. С. Пясецкі пакідаў турэмныя сцены, ён вынес з сабою не толькі зачытаны асобнік «Бібліі» і два чарнавыя рукапісныя зборнікі вершаў (не захаваліся), але таксама і даўжэзны (бо на 600 загалоўкаў!) спіс літаратуры, якой не было ў турэмнай бібліятэцы, але якую вязень самых суровых польскіх турмаў жадаў прачытаць.

Яшчэ да вайны раман пачаў распаўсюджвацца ў замежжы: спачатку на шведскай (1939), потым дацкай (1943) і іспанскай (1948) мовах. А ўлічваючы, што нейкі час «Пяты этап» друкаваўся як частка рамана «Роўныя начным багам», сюды належыць залічыць і выданні італьянскія (1955—1956 гг.).

Цяпер да гэтых перакладаў далучаецца і беларускі. Чытачу будзе цікава даведацца пра шмат якія рэаліі з кантрабанднага і шпіёнскага жыцця на памежжы і найперш Менска (так афіцыйна падавалі назву сталіцы БССР да 1939 г.).

Ужо на волі ў даваенны і паваенны час (пісьменнік жыў у Італіі, а пазней у Англіі, дзе і памёр), паўстаў дзесятак твораў, пераклад якіх на беларускую мову паспяхова працягваецца.

Так што айчыннага чытача яшчэ чакае не адзін этап пазнання творчасці нашага таленавітага земляка з Ляхавіч.

Язэп Янушкевіч

Памяці Антона Невяровіча і Яна Парахневіча прысвячаю

Уступ Ружовы ліхтар

І бачыў я, вось конь палавы, і на ім верхавец, імя якому смерць, і пекла ішло за ім; і дадзена яму было панаванне над чацвярцінай зямлі, — забіваць мечам і голадам, і пошасцю, і звярамі зямнымі.

Апакаліпсіс, VI. 4, 8

У кожным слове — тысячы адценняў,

А ў тых адценнях — сотні летуценняў

А ў летуценнях тых — мільён значэнняў.

Ю. Валашыноўскі. Эсэ «Славацкі»

На душэўнае развіццё Рамана Забавы вялікі ўплыў зрабіў ружовы ліхтар. Ён забыўся пра яго зусім, але тонкае, ружовае святло таго ліхтара не гасне і па-ранейшаму мігціць у далёкай клетцы мозгу, у плынях падсвядомага і часта мае вырашальны ўплыў на колер, характар і напругу ягоных пачуццяў, імкненняў і ўчынкаў.

Было гэта неўзабаве пасля рэвалюцыі 1905 года. Ромак меў тады сем гадоў і рос хлопчыкам надзвычай уражлівым, з багатай фантазіяй. Кожнае здарэнне рабілася важкай падставаю, каб снаваць бясконцыя мары... Аднойчы, на свята, бацька загадаў яму прыапрануцца і павёў яго ў кіно. Першае наведванне сінематографа зрабіла на Ромку незабыўнае ўражанне. Хлопчык апынуўся ў краіне цудаў, пра існаванне якой нават не падазраваў. На чарадзейным палатне, пад вытанчаныя адлегласцю і прыцемкам гукі скрыпкі і піяніна, пад размеранае туркатанне апарата праплывалі перад ім цудоўныя краявіды нейкай паўднёвай ракі, з маляўнічымі берагамі, прыгожымі наваколлямі. Фільм быў зняты не вельмі ўдала, у некалькі шэрых паўтонаў (якая ж тады была кінатэхніка), але для Ромкі гэта быў цуд, які ўзнёс яго ў найбагацейшую і найвышэйшую краіну мар, казак і сноў.

Кінатэатр, у які трапіў Раманік, зваўся «Увесь свет». Перад ягонымі параднымі дзвярыма, над шыльдай вісеў вялізарны ружовы ліхтар. Ён праменіў навокал мяккае святло, што мільярдамі каляровых іскрынак, блікаў і агнёў пералівалася на снезе, якім была засыпана вуліца. Ліхтар той стаў для Ромкі знакам, нават сімвалам уцялесненых цудаў і ўвабраў у сваіх прамянях «увесь свет»: свет фантастычных прыгод, незвычайных людзей, геройскіх подзвігаў.

Міналі гады. Раманік рос. Зрабіўся палкім аматарам кіно... Почасту расчароўваўся, калі ў гучна разрэкламаваных фільмавых хітах бачыў пыхлівую, пустую дзяшоўку. Але няспынна смактаў яго голад незвычайных уражанняў, якога ніколі не мог наталіць.

Часта, ужо вучнем, прыпыняўся на рагу цэнтральнай вуліцы места, адкуль можна было здалёк бачыць цудоўны ліхтар. Летуценна глядзеў у тым кірунку і, нібыта гэта быў няспынны боль ад нейкай хваробы, адчуваў у душы дзіўны неспакой, які рабіў яго абыякавым да рэчаіснасці, і нават раздражняльным.

Далейшае жыццё Ромака поўнілася незвычайнымі прыгодамі. Неаднойчы мог выбраць паміж выгодамі спакойнага, мяшчанскага ладу жыцця і цёмнай небяспечнай дарогай авантурніцтва. Калі апынаўся на ростані — куды ж падацца, тады непрыкметна ўсплывалі з падсвядомых куточкаў душы прыспаныя лагодныя прамяні ружовага ліхтара і казачна пераўвасабляліся ў сакавітыя колеры, бляскі і вясёлкі менавіта таго небяспечнага шляху, робячы яго неадольна прывабным... І Раманік ішоў па цаліку, да абяцаных цудаў, у краіну ружовых сноў. Ішоў, часта супраць уласнай разважлівасці, насуперак жаданню і наперакор волі.

КАНЕЦ ЧАЦВЁРТАГА ЭТАПУ

«Я выпіла, таварышы, за здароўе мужных людзей моцнай волі. Вы чуеце? Я выпіла за здароўе неразважнага, які вырадзіўся ў сарэнцкага мяшчаніна Пешкова — я выпіла за здароўе той неразважнасці, якая давяла трыгладыта да стану элегантнага еўрапейца. Я выпіла за здароўе таго, што не ведае тупікоў і гарыць вечным агнём імкнення ў невядомыя краіны. Я выпіла за здароўе канквістадораў».

Мікола Хвылёвы. Раман «Вальдшнепы»
ДЗЁННІК РАМАНА ЗАБАВЫ
Стоўбцы, 2 жніўня 1922 г.

Мяне калаціла ад холаду. Сцены камеры, дзе я знаходзіўся, былі выкладзены з вялізных часаных валуноў. З такіх самых валуноў былі скляпенне і пліты на падлозе. Вакол панаваў прыцемак, у якім ледзьве мог адрозніць далоні сваіх рук на каленях. Яны выглядалі невыразнымі белымі плямамі. Я сядзеў на вузкім зэдліку, спінай да мураванай сцяны, убіраючы ў сябе яе холад і волкасць. Перада мною нібыта чорная заслона шчыльна загароджвае ўсю прастору паміж сценамі, столлю і падлогай. Прыцемак не быў аднастайны — месцамі радзеў, потым зноў гусцеў.

Пачуваўся быццам спавітым незвычайным жахам, якім поўнілася ўсё вакол мяне. Трывогу, якую адчуваў, магу параўнаць з трывогай асуджанага, які чакае расстайнай хвіліны, калі будуць выводзіць яго з камеры для выканання смяротнага прысуду. Пакута мая цягнулася доўга.

У нейкае імгненне заслона неўпрыкметку расхінулася. Перада мною адкрылася чэрава даўжэзнага калідора, які знікаў далёка ў цемры. Пра даўжыню таго калідора мог меркаваць па перспектыве зіхоткіх ліхтароў з нікелевымі рэфлектарамі, пастаўленых уздоўж сцяны праз некалькі крокаў адзін ад аднаго. У кожным ліхтары гарэла свечка. Першыя два ліхтары знаходзілася на адлегласці некалькіх крокаў ад мяне, і вышыня кожнага з іх была больш чым паўтара метра.

Як загіпнатызаваны, узіраўся ў глыбіню таго калідора. Удалечыні паказалася чорная пляма. Яна расла, расла і ўсё больш імкліва пасоўвалася да мяне. Спачатку гэтай плямай я проста зацікавіўся, але мяне раптам агарнуў страх. Зірнуў направа, налева: выйсця ніякага... Пляма штораз набірала акрэсленыя формы. Неўзабаве мог ужо адрозніць вострыя суглобы локцяў, абрыс галавы, плеч і чагосьці такога, што выпірала над галавой. Прывід той быў ахутаны чымсьці белым, нібы саванам. Калі гэтае нешта апынулася на адлегласці некалькіх крокаў ад мяне, я зірнуў уніз, на ногі і. ўбачыў дзве вялікія бярцовыя косці... шкілета. Ледзяная хваля дрыготкі пракацілася па спіне, скура на чэрапе сшэрхла, я пачаў уціскацца ў сцяну, нібы жадаючы схавацца ў ёй...

Смерць была ўжо блізка. Да яе заставалася некалькі крокаў. У роспачы кінуўся наперад. Не могучы абмінуць макабрычнай — звышжудаснага выгляду, — постаці, што загарадзіла мне дарогу, хапянуў яе за ногі, адчуваючы ў далонях цвёрдасць костак, рассунуў іх і... шмыгануў паміж імі ў калідор.

Я імчаў з усіх сіл, не азіраючыся. Калідор быў бясконца доўгі. Нібы эскорт, мяне сустракалі шэрагі ліхтароў і залатыя агеньчыкі свечак у іх. Дабег да канца калідора — куды далей? Ага, направа, у малую камеру, падобную да той, з якой толькі што збег, толькі святлейшую. У той камеры заўважыў невялікія прачыненыя дзверы. Над імі вісеў на сцяне карабін і кулямётная стужка патронаў. Сарваў са сцяны карабін і выслізнуў, аслеплены дзённым святлом, на вуліцу.

Бег далей, уляцеў у нейкі завулак. Азірнуўся. За некалькі дзясяткаў крокаў ад мяне ішлі на ўсю шырыню вуліцы ўзброеныя людзі. Прылёг за падмуроўкай жалезнай агароджы і пачаў страляць у іх. Адказалі тым жа. Страляніна трывала доўга. Заўважыў незвычайнае, што моцна мяне здзівіла: кулі лёталі ў паветры гэтак павольна, што я мог сачыць за кожнай...

Далейшага працягу сну я не меў, паколькі прачнуўся ў сваім пакойчыку, у лядашчым габрэйскім гатэліку, у Стоўбцах, дзе спыніўся праездам да мяжы.

Не прыпісваю снам адмысловага значэння, як гэта робяць людзі забабонныя, але часта сню такія дзіўныя сны, што не магу ўстрымацца ад спакусы занатаваць іх у дзённіку. Мажліва, яны маюць нейкую блізкую сувязь з маім духоўным існаваннем, і дапамогуць у акрэсленні маіх псіхічных схільнасцей. Мажліва, старонні чалавек, калі даведаецца з дзённіка не толькі пра мае сапраўдныя перажыванні, думкі, учынкі, імкненні, пачуцці, але нават і сны — лепш мяне зразумее.

Некалі чытаў дзесьці, што ў чалавечым жыцці няважных рэчаў не існуе. Кожная мае свой уплыў і пэўнае значэнне, большае або меншае. Мне здаецца, што чалавеку могуць бачыцца ў сне толькі такія рэчы, якія знаходзяцца ў нейкай сувязі, хоць і далёкай, невыразнай і заблытанай, з яго фізічнай і духоўнай існасцю, з яго густам, летуценнямі і парываннямі.

Абудзіўшыся, не мог зноўку заснуць. Падняўся, запаліў свечку і пачаў занатоўваць у дзённіку гэтыя ўражанні.

Цяпер другая гадзіна ночы. Ціша. Нішто не перашкаджае мне працаваць. Ад нейкага часу прызвычаіўся запісваць у дзённіку сваё жыццё і думкі. Спачатку гэта нудзіла. Цяпер пішу з задавальненнем. Уяўляю, што дзялюся сваімі ўражаннямі з нейкім блізкім, спачувальным сябрам, з якім вольна можна гаварыць пра ўсё.

Думку весці дзённік падказаў мне сябар, якога, на жаль, ужо няма. Я часта распавядаў яму разнастайныя фрагменты свайго жыцця, багатага на незвычайныя прыгоды. Гэта быў чалавек значна культурнейшы, хоць усяго трохі старэйшы за мяне. Тут я дадам, што чалавек той аказаў на мяне вялікі ўплыў. Для яго я адважваўся на такія рэчы, на якія сам ніколі б не рашыўся. Менавіта ён навучыў мяне вучыцца, гэта значыць, мэтанакіравана фарміраваць самога сябе. Прачытаў, згодна ягоным падказкам, шмат навуковых і навукова-папулярных твораў. Нейкі час я чытаў «нудныя рэчы» не дзеля таго, каб вучыцца, а каб зрабіць яму гэтым прыемнасць, паколькі прыкмеціў, што, абмяркоўваючы са мною прачытаныя кнігі, быў вельмі задаволены, калі заўважаў, што лёгка разумею думкі аўтара і ўмею крытычна да іх ставіцца.

Неўзабаве адчуў, як шмат карыснага атрымліваю ад тых заняткаў, і сам пачаў гарнуцца да кніг. Калі я і пашырыў трохі свой інтэлектуальны далягляд, дык у тым найперш ягоная заслуга.

Я не любіў паэзію, пагардліва адкідаў у бок усё зрыфмаванае, бо цярпець не мог паэтычнай гіпербалізацыі і штучнасці. Мой сябар здолеў абудзіць ува мне калі не замілаванне, дык пэўную цікавасць да вершаванага радка і прызнанне несумненна выдатных паэтычных твораў. Аднойчы ён даў мне творы Славацкага. Заўважыў на маім твары грымасу нездаволенасці і непрыхільнасці.

— Паслухай, як гэта прыгожа! — сказаў з запалам. — Добрая паэзія звяртаецца не толькі да розуму, але і да пачуццяў. Яна багатая рытмам, рыфмай і нават колерамі і гукамі... Калі ласка! Паслухай!

Пачаў дэкламаваць, з вялікім пачуццём, амаль не гледзячы ў кнігу, паэму Юліюша Славацкага «У Швейцарыі»:

Мае ночы з нудоты і дні з пустаты, Калі знікла ты раптам, як сон залаты. Гэтыя радкі зачапілі мяне за жывое.

Потым чытаў мне розныя фрагменты і ўрыўкі з іншых твораў Славацкага. У тым ліку з «Бэнёўскага»:

І бачу я, што гэта Бог багоў, А не жукоў ды жаб, ды чарвякоў. Захоплены нябеснаю пагоняй Раскрыленых Ён не кілзае коней. Ён злеплены з грымотнага агню, Маланкамі сцябае Ён зямлю, І, як сляза, што ўпала ў пыл дарог, Я ніцма перад Ім, бо гэта — Бог!

Гэта было нешта такое магутнае, незвычайнае, што я трымцеў у захапленні. Потым я чытаў ужо і паэзію, а некаторыя творы нават палюбіў. Наогул, пачаў чытаць уважліва і сур’ёзна. Я не чытаў усё, што трапляла пад руку або што зверне ўвагу кідкім загалоўкам, імкнуўся адшукаць творы найлепшыя, пра якія чуў ад знаёмых або даведаўся з прэсы. Не мог, праўда, усё ж адмовіцца зусім ад бульваршчыны. Была яна для мяне дэсертам, якім узнагароджваў сябе за чытанне сур’ёзных кніг. Выглядала гэта так, быццам пасля гутаркі з добра выхаванымі і разумнымі людзьмі ішоў да жанчын лёгкіх паводзінаў, каб пацешыцца і адпачыць. Час марнаваўся, што праўда, то праўда, але што зробіш.

Аднойчы ён сказаў мяне:

— Я заўважыў, што ты добра памятаеш перажыванні нават даўніх гадоў. А тыя перажыванні даволі цікавыя. Паспрабуй іх запісаць. Пішы проста, без нейкай устаноўкі, без перабольшвання і як найбліжэй да праўды. Натуральна, занадта далікатныя месцы можна абыходзіць або змякчаць.

Я адказаў, што гэта вельмі сумна, што лепш самому чытаць і забаўляцца, чым забаўляць кагосьці іншых. Наогул, — працягваў я думку, — гэта нецікава, бо тое, што адбылося, я ведаю дасканала.

— Добра — адказаў, — але мусіш пагадзіцца, што любіш апавядаць пра свае прыгоды. Найчасцей апавядаеш з запалам, і нават з захапленнем!

— Гэта нешта іншае! — адказаў я. — Тут не трэба думаць, як распавядаць. Валі з душы і канец!

Прыблізна гэтак адказаў яму. Забыўся пра іншыя, лепшыя і больш істотныя аргументы. Наогул я не ўмею спрачацца. Мушу заўсёды абдумаць тэму. Найлепшыя думкі, ёмкія і трапныя, прыходзяць мне ў галаву заўсёды пасля, калі троху зжывуся з тэмай дыскусіі.

Надышоў час, і я разлучыўся з маім сябрам, а потым даведаўся пра ягоную трагічную смерць у Саветах. Часта прыгадваў нашы размовы. Тады і ўзнікла жаданне пісаць дзённік. Можа, таму, што не стала гэткага выдатнага, як ён, сябра, суразмоўцы, не было з кім шчыра пагаварыць... Не раз назіраў, як малыя дзяўчынкі гуляюць у лялькі. Лялька ў маленькай смаркачкі абуджае большы давер, чым матуля, і яна распавядае ёй такія таямніцы, якія ніколі не расказала б бацькам. Можа, дзённік гэты заменіць мне сябра, можа, будзе для мяне «лялькай», якой можна ва ўсім даверыцца.

Дзённік я вяду ад жніўня 1921 года, або ад пачатку перыяду, які ў развагах пра сваё мінулае акрэсліваю як «пяты этап» майго жыцця. Пачынаючы з таго дня, гэта значыць — сённяшняй ночы, якую лічу канцом чацвёртага этапу і пачаткам пятага. Маю на гэта вельмі важкія падставы, якія цяпер выкладу, але перад тым невялічкае, надзвычай неабходнае адхіленне. Дадам яшчэ, што ўспаміны з папярэдніх перыядаў напішу, калі буду весці больш размераны, спакойны лад жыцця.

Некалькі гадоў таму быў я ў кіно, на шпіёнскім фільме, звычайным, але з ліха закручаным сюжэтам. Вайсковай выведцы адной еўрапейскай дзяржавы належала здабыць сакрэтныя дакументы іншай дзяржавы. З гэтай мэтай у тую краіну камандзіравалі здольнага выведніка. Пачалося змаганне выведніка і ягоных калег з агентамі контрвыведкі. Героі фільма перажывалі незвычайныя прыгоды на зямлі, у паветры, на вадзе і нават пад вадой. Каб пераадолець найскладаныя перашкоды, былі ўжыты ўсе дасягненні сучаснай тэхнікі. На экране, як у калейдаскопе, мільгалі цудоўныя краявіды еўрапейскіх і іншых, экзатычных краін. Падзеі адбываліся аж у некалькіх частках свету. Палацы, вілы, раскошныя гатэлі, кабарэ, балі, дыпламатычныя прыёмы... Неверагодныя раскоша і камфорт паўставалі перад вачамі гледачоў, і на тым фоне адбывалася займальнае, складанае супрацьстаянне геройскіх мужчын-выведнікаў з удзелам фантастычных прыгажуняў. Найбольшае ўражанне зрабілі на мяне каркаломныя пагоні на матацыклах, маторных лодках, аўтамабілях і караблях.

Я заўсёды жыва цікавіўся фільмамі і авантурнымі раманамі, пераважна шпіёнскімі. Імпанавала мне напружанае жыццё агентаў, іх спрыт, хітрасць, энергічнасць і адвага. Часта ўяўляў сябе самога на месцы некаторых герояў фільма або рамана з жыцця шпіёнаў. Уступіць у ваенную выведку, каб знайсці прымяненне для сваіх сіл, адшукаць выйсце для сваёй энергіі, хоць нейкага асэнсаванага прымянення для свайго тэмпераменту, я не спрабаваў, бо лічыў гэта немагчымым. Меркаваў, што шпіёнамі могуць быць людзі з амаль звышнатуральнымі здольнасцямі, усебакова падрыхтаваныя і навучаныя. Лічыў, што гэтыя людзі павінны канчаць адмысловыя школы, трапіць у якія старонняму чалавеку цяжка ці проста немагчыма.

Усё тое не адпавядала праўдзе. Вядома, для гэтай справы — шпіёнства — пэўная кваліфікацыя ўсё ж патрэбна. Але выявілася, што я дастаткова падрыхтаваны да гэтага. Каб не расцягваць аповед, пяройдзем да справы. Ужо некалькі дзён я агент ваеннай закардоннай выведкі ў Расіі. Быў правераны, зарэгістраваны, сфатаграфаваны і гэтак далей. Падрабязнасцей не буду апісваць, бо тут справа ідзе не пра кавалак паперы, не пра фармальнасці, а пра жыццё — жыццё ваеннага шпіёна... Пра ягоныя сапраўдныя прыгоды і ўражанні. Найперш зазначу, што апісваю сваё жыццё ў лучнасці з жыццём іншых людзей, а не дзеля пыхлівай фармальнасці або ўслаўлення дзейнасці ўстановы.

Як шпіён я пачынаю пяты этап свайго жыцця, якое буду запісваць у дзённіку як мага падрабязней. А вы параўнайце гэтае сапраўднае жыццё агента ваеннай закардоннай выведкі з жыццём надзвычайных герояў, якімі захапляліся на белым экране і пра якіх чыталі ў сенсацыйных раманах. Я таксама буду параўноўваць. Буду самым уважлівым сваім гледачом і чытачом.

Пакуль што я трохі расчараваны. Нішто не нагадвае ні фільм, ні раман. Звыклыя фармальнасці, вакол звычайныя твары і словы, шэрае, беднае жыццё, мізэрныя хаціны, журботныя беларускія краявіды... Мая праца пачынаецца не вельмі весела, але суцяшаюся тым, што я яшчэ пачатковец і што фактычнай работы нават не распачаў. Зрэшты, лічу, што толькі ад мяне залежыць характар маёй будучай працы. А я прыкладу ўсе намаганні, завастру ўвесь свой талент, каб зраўняцца ў мужнасці, энергіі і спрыце з тымі героямі, на якіх хацеў быць падобны — праўдзівыя яны або выдуманыя...

Так павінна быць, бо так жадаю, а жадаць я ўмею моцна. Праца цалкам адпавядае майму характару, таму мушу яе трымацца.

Сёння скончу апошнія фармальнасці і выязджаю на мяжу. Ах, гэтая мяжа! Як яна мяне вабіць! Як мне не церпіцца! Не магу дачакацца моманту ад’езду! А сны мае гэткія дзіўныя... Апошні запісаў у дзённік. Павінен буду калі-небудзь прачытаць штосьці пра сны.

Я вельмі цешуся зменай, якая здарылася ў маім жыцці. Не пакідае мяне думка: я агент ваеннай выведкі... Я — агент!

Пазіраю людзям проста ў вочы і думаю: ці ведаеце, хто я?. Я агент. І так па чарзе, укругаля.

Прыгадаліся мне цяпер, не ведаю чаму, даўно, вельмі даўно чытаныя вершы Максіма Горкага пра аднаго маладзёна, Марку, які закахаўся ў русалку і загінуў з-за кахання да яе ў хвалях ракі ці возера. У перадапошняй страфе Горкі піша: «Пра Марка хоць песенька засталася», і заканчвае верш так:

А іншыя вочы завяжуць І вушы заткнуць, каб не чуць. Ні казак пра іх не раскажуць, Ні песень пра іх не складуць.

(Вершы, тэрміны і расійскія звароты буду перакладаць на польскую мову, калі не літаральна, дык як найбліжай да арыгінала).

З нагоды гэтых вершаў збудзіліся ўва мне пэўныя думкі. Максім Горкі, мяркуючы па тых ягоных творах, якія я меў мажлівасць прачытаць, прыхільнік свабоды, прыгод і пясняр моцнага і непаўторнага чалавека. Паводле яго можна нават па-дурному загінуць з-за кахання да русалкі, абы не жыць як звычайныя «хлебаеды», «як сляпыя чарвякі», абы засталася пасля нас казка або песенька. Чуў я, што Горкі з’яўляецца прыхільнікам савецкага камунізму і бальшавіцкім пісьменнікам. Не магу гэтага зразумець. Ведаючы трохі савецкі лад (асабіста ад пачатку рэвалюцыі да жніўня 1919 года, а на падставе іншых крыніц нават дагэтуль), я маю ўласнае меркаванне, што там чалавек, як самастойная і творчая адзінка, канчаткова прыгнечаны. З’яўляецца не чалавекам, а пазбаўленым індывідуальнасці нумарам, абавязаным слепа падпарадкоўвацца ўладам. Ведаю, як «паглыблялі рэвалюцыю» бальшавікі ў 1917—1919 гадах, але як цяпер там, дакладна не ведаю. Мяне вось і цікавіць, ці там чалавек фактычна Чалавек ці толькі бязвольная прылада ў руках пануючых. Бо па-мойму, калі чалавеку даць нават найвялікшы дабрабыт і пазбавіць яго ўласнай ініцыятывы і ў працы, і ў жыцці, дык застанецца толькі добра дагледжанае быдла, баязлівае, гультаяватае і тупое.

Той самы Максім Горкі ў адным з першых сваіх твораў, «На дне», напісаў, калі не памыляюся, так: «Чалавек — гэта гучыць горда!» Тымі словамі Горкі сказаў найбольш, і гэта мне вельмі падабалася. Так: чалавек — гучыць горда! І нельга перамяняць яго ні ў каня, ні ў фабрычную шрубку, ні ў рэкламны плакат, ні ў блазна гарохавага! І тыя, хто гэта робяць, робяць злачынства!.. Таму смяяцца хочацца, калі гэта робяць «сацыялісты» або «камуністы».

Напрыканцы хачу дадаць, што менавіта пытанне: як жыве ў Саветах «чалавек» — найболей мяне цікавіць. Лепш за ўсё пераканацца самому, убачыць на ўласныя вочы: ці насамрэч там чалавек «гучыць горда», ці «вольнасць, роўнасць і братэрства» ёсць элементам жыцця, ці гэта з’яўляецца толькі блефам камуністычных маніфестаў. Цікава мне, няўжо пасля бліжэйшага знаёмства з Саветамі Горкі, адзін з маіх улюбёных пісьменнікаў, які па-ранейшаму такім і застаецца, страціць свой прэстыж і з песняра моцнага і прывабнага чалавека пераменіцца ў прапагандыста падазронай рэвалюцыі, у капрала бальшавіцкай агітацыі, служку на ўтрыманні Масквы. Так: Масквы. Тады гэты пралетарскі пісьменнік будзе для мяне толькі акцёрам, які спраўна выконвае ролю рэкламнага агента, што запрашае ў краму легкадумных мінакоў, каб яны там адведалі страву, якая ідэалагічна дрэнна пахне.

Не ведаю, ці хутка здолею сам сабе адказаць на гэтае пытанне. Можа, толькі напрыканцы пятага этапу. А якім доўгім будзе той этап і ці хутка прыйду да ягонага канца? Не ведаю.

Світае.

ПЯТЫ ЭТАП

А ноч на небе змрочная, глухая,

І дух жывы ў аблоках не лятае,

І хмары плачуць, і раса імжыць,

І цемра ў долах мёртвая ляжыць.

Не, не знайсці дарогі ў гэтай ночы,

Ні кроку прад сабой не бачаць вочы,

І ўсё наўкол нібыта незнаёма,

І лепш нікуды не выходзіць з дому.

Ян Мазураніц. Паэма «Смерць Агі Ізмаэля Чэнгіса»
ДЗЁННІК РАМАНА ЗАБАВЫ Ракаў, 5 жніўня 1922 г.

Дагэтуль усё складваецца дрэнна. Я быў змушаны, каб не вяртацца, зрабіць па чыгунцы, на ўласны кошт, вялікі круг, едучы са Стоўбцаў да Баранавіч, адтуль да Ліды і да Маладзечна, а потым да Аляхновіч. Усё гэта сталася з прычыны нядбайнасці тых людзей, абавязкам якіх было вызначыць мне дарогу. У мяне засталося ўсяго 5 тысяч марак, таму не стаў выдаткоўваць апошнія грошы на фурманку, пайшоў пехатою са станцыі Аляхновічы да Ракава — а гэта 21 кіламетр. Дарогаю адарваўся падносак і, як я прыйшоў у Ракаў, адразу зайшоў да шаўца. Ён агледзеў чаравік і стаў яго рамантаваць. Выгляд меў даверлівы. Каб выведаць хоць што-небудзь пра памежнае жыццё, я сказаў яму, што хачу з Ракава прабрацца праз мяжу ў Менск, дзе ў мяне жывуць сваякі і дзе жадаю ўзяць метрычнае пасведчанне, без якога ў Польшчы не магу атрымаць пашпарт.

Шавец трапіўся гаваркі. Шчыруючы ў працы, апавядаў шмат цікавых, невядомых мне падрабязнасцей пра мяжу і пра Саветы. Дэталёва расказаў мне пра дарогу да Менска. Гэта якраз мяне і цікавіла. З ягоных слоў даведаўся, што Менск ад Ракава аддалены на 33 вярсты, гэта калі ісці ўздоўж гасцінца. Ад Ракава да самой мяжы — усяго паўтары вярсты дарогай. Праз пяць вёрст ад мяжы першая вёска, Краснае. Далейшы шлях не буду апісваць, бо гэта нецікава.

Шавец, добры чалавечак, раптам не пажадаў узяць ад мяне платы за прыбіццё падноска, бо я напачатку сказаў яму, што з грашыма ў мяне дрэнна. Сказаў, што заплачу яму, як вярнуся з-за мяжы. На гэтым і дамовіліся. Я пакіраваў да камандавання 29-га мытнага батальёна.

Дарогу распытваў у мінакоў, якія досыць падазрона, і можа нават баязліва, пазірквалі на мяне. Нечакана ўбачыў шыльду казіно. Па нейкіх разгайданых, як клавішы раяля, прыступках я ўскараскаўся наверх і ўвайшоў у памяшканне... Казіно тое дакладней належыла б назваць адрынай. Гэта была вялікая, цёмная, бедна мэбляваная зала, з падлогай, заскарузлай ад бруду. Памяшканне падзялялі павапнаваныя перагародкі. Якраз за прылаўкам я заспеў уладальніка казіно, які быў адметны тым, што пры вельмі малым росце і поўнай адсутнасці валасоў на галаве меў вялізазныя рудыя вусы. Побач з ім убачыў босую, неверагодна брудную дзеўку. За адным са столікаў заўважыў ваеннага капрала, які, паклаўшы на рукі ўскудлачаную галаву, хроп на ўсе завараткі.

— Можна папалуднаваць? — задаў я пытанне, набліжаючыся да буфета.

Гаспадар вырачыў на мяне вочы, адначасова варушачы вяхоткамі вусоў. Быў ён, не ведаю чаму, гэтак здзіўлены, быццам я папрасіў яго падсмажыць мне месяц. Дзявуля выставіла пышныя грудзі і разявіла рот, гледзячы на мяне бязвейкавымі свінымі вочкамі. Пасля працяглых перамоў для мяне падсмажылі кавалак мяса з бульбай і налілі шклянку гарэлкі.

Становішча маё было наступным: калі заплачу за ежу тысячу, застанецца 4 тысячы марак. Савецкіх грошай не маю зусім, таму буду змушаны ісці з польскімі; можа, у Расіі абмяняю іх на савецкія. Не ведаю, як мне пашанцуе далей і як выканаю выпрабавальнае заданне, якое ведаю напамяць... Нават зброі не маю. Што праўда, ёсць у мяне вялікі нямецкі «спружыннік», але гэта благая зброя там, дзе можна мець дачыненне з вінтоўкамі. Апрача таго маю лісты і адзін фотаздымак.

Гэткія мае матэрыяльна-тэхнічныя «сродкі» для выканання задання!.. Як вам фільм, га? Нават адзежыны адпаведнай для Саветаў не маю. Яшчэ шавец звярнуў маю ўвагу, што: «То, тамака, не таго!» Але я. таго: пасвістваю на гэта. Неяк там будзе, ліха на яго!

І. ПЕРШАЯ ВАНДРОЎКА Ў «ЧАЦВЁРТАЕ ВЫМЯРЭННЕ»

Смяротная трывога ахапіла зямное жыццё, паўсюль відаць сляды рабскага прыніжэння.

Надзея шуганула ўпрочкі, каханне перарасло ў нянавісць, святыя алтары ляжалі ў друзе.

А. Дыгасінскі «З даліны Прондніка».
1

Дзяжурны малодшы камандзір адкашляўся, левай рукой абабіў ззаду мундзір, схіліў галаву направа і пастукаў у дзверы кабінета камандзіра 29-га мытнага батальёна.

— ...эсьць! — пачулася з сярэдзіны.

Узводны ўвайшоў, выпрастаўся, адказыраў і службіста выдаў з горла складзеныя і некалькі разоў паўтораныя напамяць словы:

— Рапартую слухмяна, пан ма-ёр, што нейкі цывільны да пана ма-а-ёра!

— Што за цывільны?

— Кажа: у сакрэтнай справе да пана ма-а-ёра.

— Няхай увойдзе!

Неўзабаве ў кабінет увайшоў высокі, сухарлявы малады чалавек. За ім у дзвярах стаяў узводны.

— Чэсць!

— Чэсць! Што вам патрэбна?

— У сакрэтнай справе ... — цывільны змоўк і азірнуўся на ўзводнага.

— Калі ласка, праходзьце! — загадаў маёр.

Малодшы камандзір похапкам нырцануў у калідор і прычыніў дзверы. Забава (гэта быў ён) выняў з шапкі канверт і падаў маёру. Маёр разарваў канверт, уважліва прачытаў і зірнуў на Забаву.

«Шпіён, агент выведкі, — падумаў. — Можа нават афіцэр... Апрануты неяк дзіўна... Толькі клопаты з такім!»

— Сядайце, калі ласка, — сказаў, паказваючы рукой на крэсла.

Забава сеў.

— Пан жадае перайсці мяжу на адрэзку майго батальёна?

— Так.

— Калі пан жадае ісці?

— Сёння, калі сцямнее.

— Мае пан абраны пункт для пераходу мяжы?

— Не. Зрэшты, маю... Рэч пра тое, каб перайсці мяжу ў такім месцы, каб паблізу знаходзіўся гасцінец, што вядзе ў Менск. Было б добра пайсці па найкарацейшым шляху.

— Добра.

Маёр націснуў гузік званка.

У дзвярах вырас узводны.

— Па вашым загадзе...

— Папрасі да мяне камандзіра першай роты, — перабіў яго маёр. — І зараз жа!

— Ёсць!

Пасля таго, як узводны пайшоў, маёр пачаў разглядаць раскіданыя на пісьмовым стале паперы. Меў выгляд чалавека, які мае вялікае жаданне спытаць у шпіёна пра пэўныя рэчы.

«Чалавек, як-ніяк, цікавы. — думаў маёр, — але лепш: дыстанцыя. Можа таксама пачне пра штосьці распытваць або вось раптам праявіць якую нечуваную нахабнасць».

Праз нейкі час звярнуўся да Забавы:

— Ці пакіне пан у нас якія-небудзь паперы? Калі так, гэта найлепш зрабіць цяпер...

— Вядома.

Забава выняў з бакавой кішэні фрэнча стосік дакументаў, лістоў і здымкаў. Маёр уклаў усё гэта ў вялікі канверт, запячатаў і напісаў сённяшнюю дату.

— Калі пан вернецца, дык, калі ласка, прашу спаслацца на дату. А калі мяне не. Праз які час пан мяркуе вярнуцца?

— Залежыць ад акалічнасцей. Я магу зусім не вярнуцца! — весела адказаў Забава.

«Няварта было пра гэта пытацца. Не вельмі тактоўна», — падумаў маёр і дадаў гучна:

— На мяжы цяпер спакойна.

«Навошта я гэта кажу, — зноў падумаў маёр. — Супакойваю яго, а ён зусім не выглядае, каб баяўся».

У калідоры прагрукаталі крокі, у дзверы пастукаліся.

— .эсьць! —

У кабінет увайшоў высокі, малады паручнік. Ляснуў абцасамі.

— Пан маёр?.

— Так, я клікаў. Калі ласка, прашу заняцца гэтым панам. Палегчыць пераход на адрэзку вашай роты. З пропускам, як звычайна: нумары слупоў, гадзіна, прысутныя.

— Ёсць!

Маёр падаў паручніку пропуск і кіўнуў галавой Забаве:

— Шчаслівай вандроўкі!

— Дзякуй.

Паколькі паручнік меў нейкую «вельмі важную» справу ў мястэчку, таму перадаў Забаву каменданту менскай пляцоўкі, які, як паабяцаў паручнік, «дасканала ўсё зробіць». Камендант пляцоўкі, узводны, пачаў прамацваць Забаву здалёк:

— Калі пан жадае ісці?

— Ледзьве толькі сцямнее.

— Гм. «ледзь толькі сцямнее». Няўжо не лепш уначы?

— Не.

— Хм. «Не»? Як пан жадае, толькі я раіў бы пану ісці ўначы. Тыя, хвароба на іх, з вечара як ваўкі лазяць. Спачатку заўсёды мацней пільнуюць. Ведае пан што? — сказаў узводны пасля хвіліны маўчання. — Можа, пан пагадзіўся б, каб пана туды салдат перакінуў? Я маю ў мястэчку адну справу, вельмі пільную... Ну і таго. А пану ўсё роўна. Ну як?

Забаву гэта раззлавала, і адначасова бачыў у гэтым нямала смешнага.

«Цікава, каму жаўнер мяне перадасць? — падумаў. — Можа, якой бабе, а тая хлапчуку».

— Добра, — адказаў. — Толькі глядзі, пан паручнік, каб я апынуўся на той дарозе, якая вядзе да Менска.

Узводны ўзрадаваўся.

— Ну зразумела! Перакіне пана, дзе пан толькі пажадае. Бо мужык халерны! Мяжу ведае, як сваю кішэнь!

Нарэшце прыйшоў «халерны мужык». Гэта быў малы жаўнер, які накульгваў, у велізарных ботах. Меў задзёрты ўгару, пляскаты нос. Забаве ўвесь час здавалася, што жаўнер глядзіць на яго праз акно, прыціскаючыся да шкла канцом носа.

— Гэты? — нечакана грубым басам, што не пасаваў для маларослага выгляду, спытаў узводнага.

— Гэты.

— Добра. Шуруй сабе. Зраблю гэта, як бачыш! — цыркнуў праз зубы вузкім струменьчыкам сліны на сцяну будынка.

Засталіся адны. Сядзелі на даволі вялікай каменнай крушні пад высокай бярозай. Злева ад комплексу будынкаў батальёна было возера. У глыбіні далягляд, быццам рама, абрамляла чорная сцяна лесу. Жаўнер маўчаў. Забава быў стомлены доўгай вандроўкай і нядаўнім пешадралам. Цягам апошніх двух дзён не спаў зусім, таму вочы проста склейваліся.

Сонца хілілася на вечар. Стомленае і нібы выцвілае, яно ападала ніжэй да зямлі, заліваючы чырванню касых промняў мяккі, чысты, бледны блакіт неба. Зыркай чырванню запаліліся верхавіны дрэў і дахі хат. Завалакло золатам блакітную далеч. Атачыла сябе багатым, барвовым пасам, нядбайна раскінутым па-над зямлёй, далёка налева і направа. Стрэліла пурпурам высока ўгару. Сонца нібы булькнула за небакрай, яшчэ раз успыхнула, яшчэ і — патухла. Уздыхнуў вецер. Зашапталі трывожна чараты каля возера. Вада ў ім з чырвона-залатой зрабілася чорнай і пакрылася дробнай луской хваляў. Далягляд апрануўся ў жалобна-хаўтурны, цёмны фіялет.

Ноч крочыла па зямлі. Ішла, шырока раскідваючы шэрыя рызманы змяркання, пакрываючы ўсё мяккім, насычаным выпарэннямі, плашчом цемры.

Ціша.

— Можа, мы пойдзем? — спытаў Забава, будзячыся ад задумення. Ледзьве не заснуў, разамлелы цеплынёй і цішынёй вечара.

— Можна, — басам пагадзіўся жаўнер.

Ціха пасоўваліся наперад. Наблізіліся да лесу. Ішлі спачатку сцежкаю, а потым напрасткі. Жаўнер крочыў усё павольней. У адным месцы стаў. Азірнуўся.

— За-а-раз, — прашаптаў здушаным басам.

Яшчэ цішэй пайшоў наперад і спыніўся за густым кустом ляшчыны. Паблізу звінела рачулка, нібы крадучыся па каменні між дрэў. Павольна перайшлі праз ваду, паглыбляліся ў некаторых месцах па пояс. Потым узбіліся на стромкі груд.

Жаўнер паказаў рукой кудысьці ўніз.

— Тамака, — шаптаў, — дзе агні. млы-ы-н, бальшавіцкая застава. Тут, — выкінуў руку перад сабою, — дарога на Менск. Я вяртаюся.

Праз імгненне расплыўся ў цемры.

Забава нейкі час стаяў нерухома. Глядзеў у кірунку млына, агні якога, быццам вочы звера, прытоенага ў лясным гушчары, жмурыліся ўдалечыні і зіхацелі чырвонай раз’ятранасцю. Выняў з кішэні спружынны нож, расклаў яго; дакрануўся пальцам ляза. Паволі выйшаў на дарогу і ціхім, але ўпэўненым, засяроджаным крокам рушыў наперад, злёгку нахіліўшы галаву, выпрабоўваючы вачамі тую кароткую прастору, якую мог бачыць у цемры.

Нервы былі прыгатаваны да хуткага дзеяння, цягліцы напружаныя. Штохвілінна мог кінуцца наперад, каб ударыць нажом, або плітануць з дарогі ўбок і зашыцца, як звярок, у хмызняк.

Ішоў каля гадзіны. Дзівіўся, што дагэтуль не трапіўся ніводны мост. Памятаў, што ракаўскі шавец сказаў яму: «Да Краснага будзе пад вёрст пяць. А мастоў? Мастоў гэта мабыць з чатыры».

Забаве здавалася, што ён блукае, але ішоў наперад. Дзесьці здалёк да ягоных вушэй даляталі гукі песні. Напэўна, вясковыя дзяўчаты гулялі на вечарынцы, спяваючы свае бедныя беларускія мелодыі; бедныя, як іх лёс, сумныя і журботныя, як іх жыццё.

Быў у дарозе больш за дзве гадзіны, калі заўважыў, хутчэй інстынктам, чым зрокам, нейкі рух перад сабою. За некалькі скокаў апынуўся на раллі і кінуўся ў баразну, зліваючыся з зямлёй. Неўзабаве яго мінулі, размаўляючы, тры вясковыя дзяўчыны. Забава падняўся і рушыў за імі.

— Скажыце, красоткі, ці далёка Краснае? — спытаўся, набліжаючыся да іх ззаду.

Дзве завішчалі і адскочылі ў бок. Адна, смялейшая, сплюнула:

— Цьфу, цьфу, д’ябал!.. Спалохаў!.. Краснае далёка. Вёрст з дзесяць, а можа і болей.

Забава пахаладзеў. «Гэтулькі шляху надарэмна».

— А гэтая дарога куды?

— Гэтая. да Койданава.

— Вось табе маеш!.. Скажыце ж, дзяўчаткі, якой дарогай ісці, каб да Краснага патрапіць?

Дзяўчаты правялі яго з сабою больш як кіламетр і паказалі вузкую, палявую дарогу.

— Па той дарозе прыйдзеш да Ляхаў. З Ляхаў пойдзеш да Барсукоў, з вёскі Барсукі да маёнтка Барсукі, а там ужо рукой падаць да Краснага.

Падзякаваў ім і пайшоў, паддаючы кроку, па падказанай дарозе. Калі выйшаў з Ляхаў, дык зноўку заблудзіўся і ізноў прыйшоў да Ляхаў. Зноў распытваў дарогу, імкнучыся знайсці адзінокага чалавека на вуліцы або на панадворку.

У маёнтку Барсукі пастукаўся ў прыдарожную хаціну, бо заўважыў праз шчылінку ў акне запаленае ў пакоі святло. Спачатку не хацелі ўпускаць, а калі ўпусцілі, Забава пабачыў у змрочным, закурэлым пакоі дзвюх жанчын, што з недаверам пазіралі на яго. За перагародкай і на печы шапталіся нейкія людзі. У пакоі былі відаць параскіданыя ў бязладдзі рэчы. Усё гэта здалося яму падазроным. Спытаўся пра дарогу да Краснага і пайшоў далей.

У Красным, стаўшы на ганку першай хаціны, пастукаў доўгай, знойдзенай на падворку галінкай у акно.

— А хто тамака? — пачуўся голас з сярэдзіны.

— Ці далёка адгэтуль Краснае?

— Гэта і ёсць Краснае. А вы да каго?

— Да. председателя.

— Прадсядацель у другім канцы вёскі жыве. Трэцяя хата злева.

Забава абследаваў абодва канцы вёскі, але не знайшоў гасцінца. Не ведаў, што Краснае ляжала на адлегласці некалькіх соткаў метраў правей гасцінца. Быў вельмі стомлены. Вырашыў не адыходзіць далёка, каб зноў не заблудзіцца, а знайсці паблізу лес і трохі паспаць.

Пайшоў у поле. Лес знайшоў паблізу. Увайшоў далёка паміж велізарнымі хвоямі, шукаючы густога хмызняку. Разгроб у адным месцы мох і схаваў пад ім лісты і фотаздымак. «Каб не знайшлі пры мне. Усё можа быць!» — падумаў.

Успомніў жаўнера, які паказаў яму «дарогу да Менска». Плюнуў са злосцю і гучна прамовіў: «Свіння, псякрэў!». Лёг у кустах і неўзабаве заснуў.

Прыйшоў у лес як бедны і стомлены звяруга. І як звяруга прытуліўся даверліва да матухны-зямелькі, якая дае сілу, адпачынак і жыццё.

Абудзіўся ад холаду, на досвітку. Білі дрыжыкі. Выняў з-пад моху лісты, схаваў на сабе і пайшоў на ўзлесак. Заўважыў дзвюх жанчын, што працавалі ў полі паблізу нейкай дарогі. Наблізіўся да іх, добразычліва прывітаўся:

— Дабрыдзень!

Здзіўленыя жанчыны паднялі галовы. Адна выцерла нос даланёй і паправіла хустку на галаве.

— А чаго хочаце? — адазвалася па-беларуску.

— Скажыце, дзе дарога да Менска?

Жанчыны абмяняліся позіркамі, у якіх чыталася паразуменне. Пасля непрацяглага маўчання адна з іх паказала яму пальцам на дарогу, якую толькі што прамінуў, і неахвотна сказала:

— Тамака дарога.

— А колькі вёрстаў будзе адгэтуль да Менска?

— Не ведаю. Не лічыла. А людзі па-рознаму кажуць.

Забава выйшаў на гасцінец і прыспешаным крокам скіраваўся на ўсход па мала выезджаных утравелых каляінах.

Уставала сонца. Вясёлае. Усмешлівае. Вымытае ранішняй расой. Раса ззяла, кожная расінка была ў арэоле залатых промняў.

2

У Менск Забава прыйшоў, калі ўжо змяркалася. Прыйшоў без аніякіх прыгод, шчасліва абмінаючы ўсе небяспечныя месцы, пра якія пакуль і не ведаў.

Найперш жадаў аднесці ліст і фотаздымак да спадарыні Ядвігі Двалінскай. Даручыў яму гэта зрабіць яе муж, чыгуначны службоўца з Вільні. Ён дзеля гэтага і пазнаёміўся з Забавам праз пасярэдніцтва агульных знаёмых.

Раман лёгка знайшоў патрэбную яму вуліцу і прыбіты над варотамі бляшаны нумар хаты. Увайшоў на шырокі, патанаючы ў змроку, падворак. З брудных, смуродных сенцаў адчыніў дзверы ў пакой. Насустрач яму ў твар бухнула цёплая пара.

— Хто тамака? — раздаўся голас габрэйкі, якая мыла бялізну.

— Дзе жыве Двалінская? — спытаў Забава.

— Ідзіце на самы канец двара. Там стаіць маленькая хацінка. У ёй жыве Двалінская.

Неўзабаве Забава пастукаў у малое акенца побач з уваходнымі дзвярыма. Праз момант заўважыў за шклом невыразную, белую пляму твару.

— Хто там?

— Тут жыве спадарыня Ядвіга Двалінская?

— Тут. А чаго жадаеце?

— У мяне да яе ліст. Ад мужа.

— Ліст!.. Ад мужа!..

Неўзабаве Забава апынуўся ў малым пакойчыку. Памяшканне тое і спаль­ня за перагародкай былі кватэрай трох дарослых людзей і дзіцяці. Умэбляваная бедна, але ўсюды панавала ўзорная чысціня. На стале гарэла лямпа. Бацька спадарыні Ядвігі, высокі, атлетычнага складу мужчына гадоў за пяцьдзесят, зацягнуў на вокнах фіранкі. Жонка ягоная спала за перагародкай. Спадарыня Ядвіга чытала ліст ад мужа. Была відавочна ўсхваляваная, на яе шчоках выступіла чырвань.

Бацька спадарыні Ядвігі панура маўчаў. Забаве здалося, што ён незадаволены, але з якой прычыны? Спадарыня Ядвіга прабегла вачыма аркуш і пачала ўважліва чытаць, засяроджваючыся над кожным сказам.

Вільня, 28 ліпеня 1922 г.

Каханая Ядзенька!

Я вельмі непакоюся, не ведаючы, што з Табой. Год як я не атрымаў ад цябе аніводнага ліста. Я пісаў некалькі разоў, але аніякага адказу дагэтуль не маю. Я не магу здагадацца, што гэта значыць і што з Вамі сталася. Напішы падрабязна пра сябе, тады я адкажу Табе вычарпальна. Здароўе маё добрае. Працую і жыву ў дастатку. Засмучаюся толькі, што не маю ад Вас аніякай весткі. У галаву лезуць найгоршыя думкі. Як здароўе Андзі і бацькоў?

Цалую Вас усіх.

Кароль

PS. Перадаўца ліста — мой знаёмы. Можаш яму ва ўсім давяраць.

P.P.S. Перасылаю разам з лістом свой фотаздымак.

Спадарыня Двалінская адклала лісты ўбок:

— Пан даўно бачыў Кароля?

— Тыдзень таму.

— Пан з Вільні?

— Не. жыву стала ў Ракаве, паблізу мяжы. Пачаў займацца кантрабандай. Маю некалькі лістоў і пэўныя свае справы, таму прыйшоў у Менск. Я жыў тут калісьці.

— Калі пан вяртаецца?

— Не ведаю пэўна. Праз некалькі дзён.

— Чаму пан жыве ў Польшчы?

— Я некалі не пайшоў у савецкае войска і быў змушаны потым эміграваць у Польшчу.

— Можа, пану прыкра, што так я распытваю?

— Але ж я ахвотна адказваю.

— Пан, пэўна, галодны? Можа, гарбаты?

— Ахвотна б напіўся, але маю пільную справу ў месце і хацеў бы выканаць яе з вечара. У вас можна хадзіць па месце без пропуска?

— Так, але ходзяць патрулі і трэба мець добрыя дакументы. Пан можа ў нас пераначаваць.

— Вядома, хацеў бы толькі папярэдне схадзіць у места.

— Калі пан вернецца?

— Праз. гадзіну. Найпазней праз дзве.

— Мы будзем пана чакаць.

* * *

Забава пашыбаваў па цёмных, брудных вулках места. Святло электрычных ліхтароў гарэла толькі на цэнтральных вуліцах. Рэшту места ахутвала цемра, у якой панура прытаіліся цёмныя камяніцы. Вокны ўсюды былі пазавешваны. Мінакоў сустракалася мала. Час ад часу з тарахценнем праязджалі аўтамабілі. Тады вуліца поўнілася ляскатам жалеззя і туркатаннем рухавіка. Жоўтыя языкі ліхтароў лізалі мокрыя камяні бруку.

Найболей здзівіла яго тое, што нават у цэнтры места, дзе панаваў адносна вялікі рух, не чуваць было людской гамонкі.

«Тут ніхто не гаворыць, не смяецца: нечага ўсе баяцца!» — зрабіў выснову Забава.

Пачуваўся, быццам нырцануў у ваду і паволі плыве ў ёй. Уражанне гэта ўзмацняў дробны дождж і бліскучыя каціныя ілбы мокрага бруку. Вуліцы пакідалі ўражанне брудных каналаў, а людзі нейкіх фантастычных рыб. Здавалася, што не ішлі, а плылі, цёмныя, цяжкія, бясформенныя.

Забава ішоў у кірунку Залатой Горкі.

Забава ляжаў у ложку і пры святле свечкі з вялікай цікавасцю чытаў «Таямніцы Парыжа». Дзесьці далёка за акном працягла і надакучліва галасіў міліцэйскі свісток. Забава падняўся з ложка, узяў на кухні сякеру, расчыніў рамы і аканіцы, вылез праз акно на вуліцу.

Было ціха і цёпла. Забава ў адной бялізне з сякерай у руцэ ішоў у кірунку свістка. На бакавой вуліцы ўбачыў міліцыянера, які няспынна свістаў, працавіта адтапырваючы шчокі. У правай руцэ трымаў наган з узведзеным курком. Руля рэвальвера была накіравана ў грудзі чалавека, які ляжаў у рыштку з паднятымі ўгару рукамі. Трохі далей ляжаў, перакулены ў канаве, воз.

— Што тут здарылася? — спытаў Забава, набліжаючыся з сякерай у руцэ да міліцыянера.

Ахоўнік грамадскага спакою, убачыўшы сякеру ў руцэ Забавы, падаўся назад, але, заўважыўшы лаяльны выраз на твары Забавы, сказаў:

— Таварыш, я арыштаваў злодзея, які хацеў збегчы, але ў яго перакуліўся воз. Свішчу, свішчу, а з камісарыяту ніхто не падыходзіць.

Забава згадаў доўгія спісы расстраляных, штодня друкаваныя ў газетах, і свой нядаўні арышт, калі ледзь не паклаў жыццё.

— Гэта злодзей?! — спытаўся пагрозліва.

— Так, таварышу.

— А што тут з ім бавіцца! Я яго зараз ліквідую. У нас нядаўна гэткія, а, можа, акурат і ён сам, кабана скралі. — Забава бліснуў лязом сякеры, падымаючы яе.

— Нельга, таварышу! — міліцыянер схапіў яго за руку. — На гэта ёсць следства і суд. Можа, яшчэ іншых выкрыем. ягоных хаўруснікаў. Ведаеце што? — дадаў неўзабаве. — Папільнуйце гэтага сукінага сына, а я прывяду з аддзялення падмогу, бо нельга фурманку тут пакінуць. Там шмат скрадзенай з вайсковага склада конскай збруі.

— Добра. — сказаў Забава, — толькі хутка.

— Мігам!

Міліцыянер ступіў некалькі крокаў, але зараз жа вярнуўся.

— Страляць умееце, таварышу?

— Вядома!

— Трымайце машынку. Як што — у лоб!

Забава ўзяў наган і заняў ваяўнічую паставу. Міліцыянер спехам падаўся да аддзялення, што месцілася на той самай вуліцы, праз дзесятак будынкаў. Над ягоным уваходам, наверсе, вісеў ліхтар, які асвятляў даволі вялікую частку вуліцы перад забудовай.

Калі міліцыянер апынуўся на такой адлегласці, што не мог іх чуць, Забава звярнуўся да злодзея: таксама блатны . Збірай хутчэй шмокты на скамейку і гвінтуй !

Злодзей пазіраў на яго з асцярогай.

— Ну, каціся! Раз, два! Чаго чакаеш?!

Забава нават дапамог злодзею сабраць вытрасеныя ў канаве рэчы, падняць воз і надзець кола.

Забава чакаў.

Міліцыянер, які хутка пасоўваўся на далёкім даляглядзе вуліцы, ужо наблізіўся да аддзялення. На момант паказаўся ў яркім святле электрычнага ліхтара і знік за параднымі дзвярыма камяніцы.

— Ну, зараз ірві кіпці! — скамандаваў Забава. — Жыва!

Злодзей хвастануў лейцамі каня, і воз хутка пакаціўся. Праз некалькі хвілін знік у цемры.

Забава пералез праз агароджу могілак, а адтуль кароткай дарогай трапіў дадому. Прыцягнуў на аборцы аканіцы. Зачыніў акно. Схаваў пад падлогу наган і лёг у ложак, раскашуючы над працягам «Парыжскіх таямніцаў».

Свісток міліцыянера цяпер яму не замінаў.

* * *

Вось гэты наган і закапаў Забава, разам з бранзалетам, у склепе.

* * *

З глыбіні падворка Забава прынёс драбіну і прыставіў яе да дзверцаў, што вялі на гарышча. У галаве праносіліся неспакойныя думкі: «Ці знайду ўсё?.. Два з паловай гады прамінула».

Яму цяпер было вельмі важна знайсці тыя рэчы, ад гэтага залежала наступнае, што магло адбыцца пасля выезду з Менска. Зараз яны здаваліся яму цэлым скарбам і найперш ад іх цяпер залежаў поспех усёй ягонай працы.

Стаўшы на апошнім прыступку драбіны, канцом нажа па-майстэрску адамкнуў спружыну навяснога замка. З гарышча злез у сенцы, дзе нейкі час прыслухоўваўся пад дзвярамі, што вялі да дзвюх кватэр.

Падняў дзверцы і ўлез у склеп. Рабіў усё спакойна, давяраючыся свайму спрыту, досведу і самай найлепшай памочніцы для нелегальнага чалавека: ночы. Але калі апынуўся ў склепе і пачаў раскопваць зямлю, трохі стаў нервавацца. «Можа, ужо няма?» — тахкала ў галаве трывожная думка.

Усё было на месцы. Забава выцягнуў са схованкі закапаны некалькі гадоў таму пакет. Атрос з пяску. Перарэзаў моцна завязаныя шнуркі. Разгарнуў даволі вялікі лапік прагумованага плашча, нейкія анучы, і, нарэшце, тоўстую, прамасленую паперу.

Бліснула матавае цела нагана. Радасць ахапіла Забаву. Узяў моцна, як далонь найлепшага сябра, ручку рэвальвера, зазірнуў у рулю, пакруціў паль­цам маленькі барабан. Зрабіў рукой рух быццам страляе і засмяяўся. весела, шчасліва. Рэвальвер быў у парадку.

Забава сцёр з яго насоўкай аліўкавы алей, якім калісьці змазаў, і паклаў рэвальвер у кішэню. Выняў з паперы бранзалетку і таксама схаваў яе. Астатнія паперы і анучы згроб нагой у ямку, засыпаў пяском і прытаптаў зямлю.

Ідучы назад цёмнымі вуліцамі места, выдатна сябе адчуваў. «Я маю машынку. маю. Сем пэўных стрэлаў», — праносіліся ў галаве вясёлыя думкі.

* * *

Была адзінаццатая гадзіна ночы, калі спадарыня Двалінская, пасля доўгай гутаркі з Забавам, пайшла адпачываць. Забава застаўся з яе бацькам.

— Ведаеце што, пан? — сказаў Юзаф. — Падабаецеся мне. Нам трэба наша знаёмства акрапіць. Маю ў запасе бутэлечку першаку, таму раздушым яе.

Неўзабаве на стале з’явілася літровая бутэлька самагону. Пан Юзаф падахвоціўся. Зрабіўся вясёлы і вельмі гаваркі.

— Я не маю адукацыі — сказаў ён, — але жыццё бачыў. Ой, пабачыў! Шчыра, паночку. Шэльму па вачах пазнаю. Так. У мяне: як чалавек чалавекам. душу аддам! Як хам — душу з яго вон!.. Вось што!.. У пану бачу чалавека. Так.

— Гэта мне вельмі прыемна, — адзначыў Забава, — што пан, так мала мяне ведаючы.

— Ціха!.. Не кажыце, пане, — перапыніў Юзаф. — Я тамака розных псіхалогій не вучыўся, але не аднаму з тых, што стос кніг згрыз, дам форы. Ён на паперы вучыўся, а я на людзях, у жыцці. Разумееш, пан? Ты ведаеш, пане, кім я быў? — Юзаф нізка нахіліў галаву, змятаючы са стала вялікай чорнай барадой крошкі. — Матросам я быў. Так, матросам! — сказаў з націскам. — Трыццаць гадоў па свеце бадзяўся, шчасця шукаў, ажно тут знайшоў! — тыцнуў шырока растапыранымі пальцамі дзесьці ўглыб пакоя.

Задумаўся.

— Хачу пану штосьці сказаць. — прамовіў пасля кароткага маўчання. — Толькі сакрэт. Разумееш?.. Бо гэта нібы няёмка.

— Добра — адказаў Забава.

— Дай руку!

Паціснулі рукі, як сябру сябра.

— Пан прынёс ліст для Ядзькі ад Кароля. Яна ўзрадавалася, а я. зусім не! Бо ён, шчыра кажучы, смоўж. Гэта чалавек, паночку, які толькі сябе самога любіць. А калі жонку прыпомніў, дык не таму, што кахае, а проста: пра сваю ўласнасць нагадвае. Дбае, як пра карову або казу. Так... А няварты яе, няварты!.. Самалюб, недалуга, тонкая кішка. Яна ў мяне добра загартаваная, на ўсякую бяду! А якая працавітая, цярплівая, верная!.. Выхоўваў, навучаў, як мог, за апошні рубель, каб такому беларучку жыццё асалодзіла. Ну, прапала. А усё: бяда-нэндза!.. Точыць чалавека, як іржа жалеза!..

— Калі ласка, пан, — сказаў Забава, каб адарваць яго ад непрыемнай тэмы, — якія ў вас тут адносіны паміж грамадзянамі і. уладай? Гэтак даўно не быў у Расеі.

Спадар Юзаф усміхнуўся.

— Адносіны, адносіны?. Вельмі простыя адносіны: Молчать и неразгаваривать. Такія адносіны! Разумее пан: дыктатура пралетарыяту! Дык-та-ту-ра!!! А з гэтай прычыны кожны гнюс, уедлівы, які мае шмат спрыту і нахабства, атрымаў магчымасць прыгнятаць іншых, якія тых вартасцей не маюць. Калісьці ўлада служыла грамадзянам. Зараз грамадзяне служаць уладзе. Служаць са страхам. подлым, агідным, які зневажае чалавека. Страх ператварыў грамадзян у шпікоў. нават у сем’і ўвайшло шпіёнства. Пан ведае, у якой дзяржаве мы жывём, га?

— У Савецкай Сацыялістычнай Рэспубліцы.

— Нічога падобнага! — грукнуў даланёй па стале Юзаф. — У ліпкай краіне, у ліпучай дзяржаве, паночку, у ліпучай. Тут усё ліпее і ўсё злеплена: расколатыя шыбіны — паперай, муры і платы — дэкрэтамі, паркеты і сце­ны — макроццем і брудам!.. Паветра ліпкае ад смуроду; рукі ліпкія — ад зладзейства; погляды ліпкія — падазроныя і баязлівыя; улада ліпкая — хабарыстая!.. У клеі, халера, мы жывём, у ліпкасці паміраем! Кожны сноўдаецца, як той журавель у балоце: нос з бруду выцягне — хвост уграз, хвост выцягне — нос уграз і так кругом!.. Мая Ядзька (разумная гэта лабацінка) кажа, што мы жывём у чацвёртым вымярэнні. Нібы пазанармальным чалавечым жыццём. І гэта насамрэч так, бо нават час перасунуты на тры гадзіны.

У людзей дзевятая вечара, у тэатры ідуць ці на балі, а ў нас — дванаццаць уначы, даўно спаць вымушаны. Людзі на працу а восьмай раніцы ідуць, а мы а пятай уначы.

— Мяне цікавіць, як грамадзяне ставяцца да ўладаў?

— Не-на-відзяць! Стра-а-ашэнна! Да смерці, крадком ненавідзяць, са страхам. Ненавідзяць, ліслівячы! Ненавідзяць, працуючы! Тут няма анічога святога! Усё аплявана, высмеена, над усім здзек. з крывёй і слёзамі. Да прыкладу, дзяржава наша завецца скарочана: РСФСР. Скарот гэты служыць мішэнню да проста бясконцых высмейванняў таго, што лепш за ўсё сведчыць пра любоў і давер грамадзян да ўлады. У кожнай іншай краіне грамадзяне ганарацца сваёй прыналежнасцю да дзяржавы, а ў нас. Калі ласка, паслухайце, што робяць з таго прыгожага скароту: РСФСР. Першае: «Редкий Случай Феноменального Сумасшествия Расы». Другое: «По краям Розы, по бокам Слёзы, а посредине Фига» ). Трэцяе: «два Ерики, два Серики, а посреди­не Фе». Чацвёртае: «Российский Социализм Форсит Своим Рылом»... І гэтак далей бясконца!.. Тут я прывёў толькі некаторыя, мажлівыя да пераказвання. У ніякай дзяржаве, спадарочку, не можа выгадавацца гэткая нянавісць да ўлады, як у нас! І думае пан: ненавідзяць буржуі? Не. беднякі ненавідзяць! З буржуямі скончана. альбо выбіты, альбо павыміралі, альбо паўцякалі, а тыя што, засталіся — далі сабе рады. Добра абгрунтаваліся. Кажу ж, далі сабе рады... Можа, лепш, чым калі. Зрэшты, убачыць пан сам. Пан казаў, што жадае ехаць у Гомель, да знаёмых.

— Так, і з гэтай прычыны маю просьбу.

— Вельмі ахвотна.

Забава паказаў Юзафу бранзалет і папрасіў прадаць яго за савецкія грошы. Трэба ж на праезд. Той стаў уважліва разглядаць каштоўнасць.

— Вядома, зраблю, — сказаў. — Але я раю дыяментаў тут не прадаваць. У Польшчы пан напэўна даражэй яго абгрошыць. Я разбіраюся трохі ў гэтым. Дыяменты каштоўныя: вунь гэтыя два па тры чвэрткі карата, а той, што ў сярэдзіне, пад карат з ліхвой. Яны ўсе чыстыя, іх так і называюць — «чыстае вады». Каштуюць каля 250 даляраў. А золата пану заўтра ж прадам.

— Цудоўна!

— Можна зрабіць так: палову ўзяць лімонамі, а палову ў далярах. Ведае пан, чым я займаюся, з чаго жыву?

?..

— Перакупніцтвам. Гандаль у нас наогул забаронены, але то, паночку, хлусня. Усе гандлююць, чым хто можа. Нават улада... Яны дык першым чынам... Прыклад падаюць.

Доўга гаварыў Забава з Юзафам. Пачуў ад яго шмат цікавых рэчаў, атрымаў шмат інфармацыі. Цяпер збольшага арыентаваўся ў новых праявах савецкага жыцця і ў новых парадках.

Набліжалася трэцяя гадзіна ночы. Газа ў лямпе дагарала, бутэлька была даўно пустая. Юзаф пасцяліў Забаве на канапе.

Стомлены Забава адразу ж заснуў. Прыснілася яму дэманстрацыя абарваных, жудасных, знясіленых людзей. Ішлі панурыя, бязгучна сунучыся па сонных вуліцах места, напаўняючы яго бруднай хваляй целаў і лахманамі адзежын. Над той чорнай, жывой хваляй чырвонымі макамі квітнелі сцягі, з напісанымі на іх дзіўнымі заклікамі: «Няхай жыве чацвёртае вымярэнне!»

3

Пасля пяці дзён знаходжання ў Гомелі Забава вяртаўся ў Менск. «Працу» выканаў нечакана лёгка і добра; зрэшты, заданне ягонае выпрабавальнае, яно і не магло быць цяжкім. Так, паездзіць, паглядзець, паслухаць. Аднак Забава падмацаваў свае назіранні яшчэ і дакументамі, якія пацвярджалі трохі сумнеўныя звесткі вайсковага характару.

У Гомелі давялося перадаць ліст ад бацькоў, якія жывуць у Польшчы, аднаму чырвонаму афіцэру з 7-й кавалерыйскай дывізіі. Сустрэлі яго добразычліва. Лёгка здабыў патрэбную інфармацыю, і нават некаторыя матэрыялы (малакаштоўныя, але яны адкрывалі шырэйшую перспектыву на будучае). Акрамя таго, яму наладзілі знаёмства з «буйной рыбай» са штаба той 7-й кавалерыйскай дывізіі. Уласна, дзеля гэтага ён тут, у Саветах, і быў. Стомлены, не выспаны, але вельмі задаволены.

Звык у новым для сябе асяродку і пачуваўся, як рыба ў вадзе. Умеў лёгка прыстасоўвацца да любых нечаканых акалічнасцей і прызначанай ролі. Гэта быў яго талент, удасканалены доўгімі гадамі небяспечнага жыцця ў агні вайны, віры рэвалюцыі. Канспіратыўнае жыццё насычала яго радасцю. Любіў хавацца пад чужымі прозвішчамі, праслізгваць з горада да горада, адчуваць заўсёдную рызыку і напругу нерваў. Жыць даведзенай да дасканаласці вёрткасцю гнанага звера. Для яго гэта была тая стыхія, як для добрага плыўца вада: прыемная і — заўсёды небяспечная, няпэўная.

Меў спраўныя дакументы (зразумела: падробленыя). «Уліковая картка» і «працоўная кніжка», выдадзеныя «ў Маскве ў Арбацкім раёне». На першым дакуменце, у правым верхнім ражку, кідаўся ў вока выдрукаваны і тлуста падкрэслены лозунг: «Нетрудящийся да не ест!». Меў трохі клопату з грашыма, бо яму цяжка было прыстасавацца да грашовых знакаў, якія заўсёды азначалі нешта іншае, напрыклад: адзін рубель, выпушчаны ў 1922 годзе, быў варты 10 000 рублям, выдадзеным у 1921 годзе, і гэтак далей. Каб пазбегнуць памылак, заўсёды ў білетных касах плаціў буйнымі купюрамі і атрымліваў рэшту. Быў вельмі асцярожны, нават у дробязях, і гэта яго ратавала.

У вагоне ехалі пераважна вайскоўцы. Цягнік быў бітком набіты. Ішоў са звычайным спазненнем больш чым на дзесяць гадзін. Гэта здаўна ўсталявалася і было звычайнай з’явай на савецкіх чыгунках.

У Гомелі, беручы прыклад з іншых пасажыраў, пераважна салдат, Заба­ва сеў у вагон праз акно. Месцы здабываліся пры дапамозе кулакоў. Крык, шум, праклёны чуліся наўкола. Вагоны выглядалі як фарты, атакаваныя вар’ятамі.

Быў у дарозе некалькі гадзін. Смурод і задуха запаўнялі вагон. У суседнім купэ ехала некалькіх чырвонаармейцаў, гарачых аматараў паспяваць. Дзёрлі горла не перастаючы, спявалі адну песеньку за другой і змаўкалі толькі на станцыях. Забава прыхіліўся спінай да перагародкі купэ, прыплюшчыў вочы і драмаў. Гучала прыглушаная пастукваннем колаў песенька:

Мая мілка, як кабылка, Грыва раскудлачана. Ды не скача мая мілка, Гэткая лайдачына!

Перад вачамі Забавы ўзнік твар спадарыні Ядвігі. Прыгожы, вытанчаны пакутамі твар. Бачыў яе гэтак нядоўга, але зрабіла на яго глыбокае ўражанне: не пачуццёвае, а эстэтычнае. Любіў прыгожыя твары, а твар спадарыні Ядвігі быў незвычайнай пекнасці. Асабліва ўпрыгожвалі яе цудоўныя залацістыя вочы, казачная ўсмешка і багатыя валасы, нібы адлітыя з бронзы. Калі спада­рыня Ядвіга ў гутарцы з ім смяялася, адчуваў, як яго быццам штосьці цёплае ахутвала ў грудзях, пераймала дыханне, і ён захоплена глядзеў ёй ў вочы.

А жаўнеры далей спявалі з жарсцю, якая выклікала ў іх «мілка-ўмілаваная», калі з’яўлялася на вуліцы:

Збеглі свінні, качкі, куры, І мароз бяжыць па скуры. Коні ўсталі на дыбкі, Лаюць коней вазакі. Квокчуць куры, крэкчуць качкі, Брэшуць злосныя сабачкі.

Злева ад Забавы сядзеў армянін, які пры пэўных рэфрэнах песенькі гучна пляскаў далонямі па каленах і манерна голасна смяяўся:

— А-ха-ха-ха! Ма-а-ла-дзец!.. Нават коні!.. ха-ха-ха!.. Яшка! — крыкнуў у наступнае купэ, дзе ехаў «хор» і дзе меў кагосьці знаёмага. — А заспявайце ну, наш адэскі «Чайнік»!

— Добра!

І неўзабаве хор заспяваў «Чайнік». Пасля першай, запеўнай страфы надышла чарга другой, якую «ўсходні чалавек» успрыняў з асаблівым захапленнем, падпяваючы, свішчучы, цмокаючы вуснамі і б’ючы ў ладкі. Армянін тупаў у такт песенькі, жудасна вырачваў вочы і па-змоўніцку падміргваў да развяселеных пасажыраў, нібы прапаноўваючы ім далучыцца да ягонага захаплення.

Браў цябе я босай, Голай, безвалосай, Паламанай браў І рамантаваў... Ца-ца! Браў табе фальбоны, З шоўку панталоны, І парык купіў, Трырублі прапіў... Ца-ца! Ты маю маліну Ела з кіслай мінай, Хоць купіў не танныя Чаравікі «танга» я... Ца-ца! Блузка вышываная, А спадніца тканая, Дзе для гэткай модніцы Гэткі дурань знойдзецца?.. Ца-ца!

У Жлобіне зайшоў чыгуначны кантроль — ЧК. Праверылі дакументы. Тры чэкісты абыходзілі купэ. Адзін браў дакументы і падаваў таварышам да прагляду. Тыя ўважліва глядзелі кожны дакумент, а некаторыя паперкі, сумнеўныя, нават глядзелі на святло. Калі прыйшла чарга Забавы, нядбайна падаў дакументы чэкісту. Той іх прагледзеў.

— Чаму вы, — звярнуўся да Забавы, — будучы сталым жыхаром Масквы, маеце ўліковую картку са смаленскага ваенкамата?

— Працоўная кніжка выдадзена мне была у 21-м годзе, а ўліковая картка ў 22-м. У маі гэтага года я выехаў на службу ў Смаленск як манцёр і тамака прымацаваўся ў ваенкамаце.

— Угум. — невыразна буркнуў чэкіст, беручы да праверкі дакументы ў наступных.

Забава заўважыў, што ў жаўнераў дакументы праглядаліся вельмі нядбайна. Затое дакументы цывільных падлягалі падрабязнаму агляду і вывучэнню. Аднаго цывільнага арыштавалі. Карыстаўся пасведчаннем, выдадзеным з валіспалкама, пячатка якога была вельмі невыразнай.

«Лепш за ўсё ездзіць у вайсковай форме», — падумаў Забава.

Хор спяваў далей:

Троцкі — гэта вам не збродня, Лёва Троцкі — гэта франт: Галіфэ ён носіць сподняе І на ім — чырвоны бант!

Насупраць армяніна сядзеў малодшы камандзір з двума чырвонымі трыкутнікамі на рукаве. Вялі «палітычную» гутарку. Уласна гэта была не гутарка, бо гаварыў толькі малодшы камандзір, а армянін хітаў галавой і падтакваў яму. Відаць было, што ўсходняму чалавеку вельмі хочацца спаць, што гутарка жахліва яму надакучыла, але малодшы камандзір не ўлоўліваў тое і азартна выгалошваў:

— Рэвалюцыя, таварыш, на месцы стаяць не можа і адступаць назад ёй нельга! Рэвалюцыйны фронт павінен увесь час пасоўвацца наперад і наперад, аж да перамогі!..

А хор роў частушкі:

Здымайце, дзеўкі, панталоны — рэвалюцыя! Расстаўляйце шырэй ногі — кантрыбуцыя!

— Гэта правільна, да-а-ска-а-нала! — захапляўся, цмокаючы мясістымі, нібы наклеенымі вуснамі, армянін, пацвярджаючы невядома што — словы песенькі, ці прамову малодшага камандзіра.

— .У Польшчы, таварыш, паны рыхтуюцца знішчыць нашу свабоду!.. Паўмільёна працоўных канае ў турмах!.. Сяляне і працоўныя з голаду паміраюць, а буржуазія аб’ядаецца рознымі апельсінамі і разбіваецца на аўтамабілях! Культура падае! Масы паміраюць у жабрацтве, а панкі ад абжорства рыгаюць!..

Мар’я валіць п’яная, З перапою ўся дрыжыць... Кашуліна падраная, Лева вочачка крывіць...

— Гэта сапраўды!.. — цмокаў армянін, утаропіўшы вочы на малодшага камандзіра.

Паблізу хтосьці распавядаў анекдот:

— Такім чынам прыходзіць ён, вядома, да таго апошняга купэ (бо ўсе іншыя набіты), а ля ўвахода, вядома, габрэй вартуе і не ўпускае. «Заняты» — кажа. «А хто едзе?» — пытае. А ён і гяргеча: «Дзве Розы з Совнархозы, дзве Рывы з кааперацівы, адзін Іцэк з Цэнтроспіцэк, я і жонка майго брата, савецкага дэлегата».

Малодшы камандзір павярнуўся да цывільнага, які травіў анекдоты:

— Я вам забараняю, грамадзянін, распавядаць такія свінствы! Гэта антысемітызм!.. Там, дзе пануе чырвоная зорка інтэрнацыяналу, няма месца шавінізму, бо разам з шавінізмам ідзе рэакцыя! — казаў, паварочваючыся да армяніна, бо цывільны дзесьці знік, ледзь толькі звярнулі на яго ўвагу. — Гэта палітыка буржуазіі. Палітыка нацкоўвання адной класавай праслойкі насельніцтва супраць другой, каб адцягнуць увагу. — тут ён спыніўся, бо заўважыў, што ягоны слухач заснуў.

У Бабруйску Забава высунуўся праз акно і аддаў хлапчуку, які прадаваў газеты, ліст.

— Укінь зараз жа ў паштовую скрынку! — сказаў, даючы яму дробную купюрку.

Хлопчык укінуў ліст ў паштовую скрынку, павешаную на сцяне вакзала.

Забаве было вельмі неабходна, каб ліст прыйшоў у Менск з Бабруйскім паштовым штэмпелем, таму і скарыстаўся выпадкам.

Ліст гэты Забава напісаў яшчэ ў Гомелі, калі і намерваўся ехаць у Менск праз Бабруйск.

Бабруйск, 10 жніўня 1922 г.

Шаноўная Соф’я Паўлаўна!

Прабачце, што так даўно не пісаў. Заўсёды спадзяваўся адведаць Вас асабіста і пісанне лістоў адкладваў на пасля.

Зараз я жыву ў Бабруйску, дзе працую на пошце тэлеграфістам. Неўзабаве прыеду ў Менск і абавязкова завітаю да Вас... Тады распавяду пра сябе болей падрабязна.

Пакуль што ўсё.

Прывітанне Марыі Дзмітрыеўне, Паўлу Аляксандравічу і Эльжбеце.

Раман Забава

Ліст гэты Забава напісаў да сваёй былой нявесты, з якой калісьці развітаўся ў 1920 годзе, выязджаючы ўглыб краіны. Цяпер жадаў падрыхтаваць яе і ейную сям’ю, каб знянацку не застаць іх сваім нечаканым з’яўленнем. Слушна лічыў, што ў сям’і маглі адбыцца неспадзяваныя змены. Ліст павінен быў легалізаваць яго ў сям’і Брагіных. Дзеля гэтага прыдумаў ім складаную, добра абдуманую гісторыю свайго жыцця ад 1920 года. Што праўда, мог бы адмовіцца ад далейшага знаёмства з імі, але штосьці вабіла яго да іх, найперш да Зосі, якую дагэтуль не перастаў кахаць і ўспаміны пра якую часта наведвалі яго. Быў сентыментальны і любіў у «каханні» найперш яго ідэальны бок: самаахвяраванне, шляхетнасць, нават рыцарства. Зося была для яго калісьці выдатнай партнёркай у той гульні.

Вырашыў пайсці да Брагіных падчас наступнага задання. Яго планавалі закінуць у Саветы другі раз перад канцом жніўня. На тое была вельмі важная прычына.

У Менск Забава прыехаў без аніякіх прыгод, толькі ледзь не аглух ад песняў вясёлай кампаніі.

4

Забава пакінуў Менск пасля полудня. Яму належала як мага раней перайсці дзяржаўную мяжу. З вопыту ведаў, што зноў будзе блукаць. Вырашыў ісці гасцінцам як найдалей, а потым дачакацца прыцемкаў, пасля чаго ісці лесам, трымаючыся дарогі, ажно да мяжы. Ішоў насцярожана, нават не маючы паняцця, што творыцца вакол. Толькі будучыня дала яму разуменне таго, на што тут, паміж Менскам і мяжой, мог напароцца. Людзі кажуць, што «дурням шанцуе»...

У пэўным сэнсе так было і з Забавам.

Дарога з Менска да Ракава падлягала ўзмоцненай ахове, паколькі гэта быў найкарацейшы шлях паміж сталіцай і мяжой. За прадмесцямі сачылі міліцэйскія пасты і ЧК, а саму дарогу, на ўсёй яе працягласці, пільнавалі заградатрады.

Каб прабрацца з Польшчы ў Менск, належала перайсці ўласна мяжу, потым яшчэ адну памежную лінію, паміж якімі кружылі пешыя і конныя патрулі. Акрамя таго, яшчэ былі межавыя пасты, а ў зручных мясцінах ладзіліся засады, часта з вывучанымі сабакамі. Бывала, што ў прыгранічную паласу ўскоквалі рухомыя кавалерыйскія патрулі. Дапаможную працу ў больш глыбокім тыле праводзілі мытнікі. Калі да ўсяго гэтага мы дададзім яшчэ працу памежнікаў, што звычайна вялася паводле ўласнай, ніяк не прадказальнай ініцыятывы, ды яшчэ і высілкі сексотаў, а таксама іх давераных асоб, якія паводле самых розных хітрых прычын карміліся на памежжы, дык зразумеем, як цяжка было прабрацца з-за мяжы ў Менск. Гэткае падарожжа я параўноўваю з вандроўкай па велізарнай шахматнай дошцы, у якой чорныя квадраты — гэта небяспека, і чалавек вымушаны перайсці з аднаго боку шахматнай дошкі на другі па белых клетках; пры тым дакладна невядома, дзе чорныя квадраты, а дзе белыя, бо яны ўвесь час змяняюцца.

Існавала яшчэ адна небяспека. Жыхары прыгранічча (сяляне) добра ведалі, што па дарогах, сцежках, палях, лугах і лясах часта праходзяць партыі кантрабандыстаў, таму збіраліся па некалькі, з агнястрэльнай зброяй або косамі і сякерамі, і, карыстаючыся выдатным веданнем мясцовасці, рабілі засады, каб рабаваць тых кантрабандыстаў. Ладзілі паляванні на людзей і часта добра на тым нажываліся. Нават аддавалі перавагу такому спосабу рабаўніцтва, чым самім «чэсна» займацца кантрабандай. За яе, кантрабанду, у Саветах вельмі сурова каралі.

Шматкроць здаралася, што такая кампанія «паляўнічых» лавіла партыю кантрабандыстаў, у якой крочыў за мяжу агент або некалькі савецкіх агентаў. Сяляне адбіралі ў схопленых «шмугляроў» тавар і адпускалі іх. Тады агенты-выведнікі звярталіся ў ЧК. ЧК з уласцівай ёй энергіяй бралася за справу. А паколькі няма нічога лягчэйшага, чым выкрыццё злачынства, зробленага сялянамі, вінаватых хутка знаходзілі, прыпячатвалі ім бандытызм і «пускалі ў расход». Таму сяляне пасля некалькіх такіх выпадкаў кінулі гэты занятак, а тыя, што і надалей займаліся сабе ім, сталі дзейнічаць больш абачліва. Часта, каб знішчыць за сабою ўсякія сляды і мець абсалютную ўпэўненасць, што справа не выкрыецца, забівалі абрабаваных кантрабандыстаў, а трупы прыхоўвалі.

Вечарэла. Сонца хілілася да зямлі. Забава быў ужо паблізу мяжы. У адным месцы выйшаў з-за густога алешніку, што закрываў паварот дарогі, убачыў за сотню крокаў ад сябе будынак пры дарозе. Гэта была карчма, у якой несумненна знаходзіўся заградатрад. Вакол будынка мітусіліся чырвонаармейцы. Некалькі асядланых коней стаяла паблізу ганка.

Забава ўсвядоміў небяспеку, але падацца назад, каб схавацца, не мог, бо зразумеў, што яго ўжо бачаць. Уцякаць таксама не мог, паколькі найбліжэйшы лес быў уласна за карчмой, на адлегласці больш кіламетра, а вакол цягнуліся голыя палі.

Пайшоў наперад. Памацаў у кішэні наган, а пакет з дакументамі і газетамі запхаў на грудзі пад кашулю. «У выпадку чаго пакраплю іх свінцовым кадзілам. ды ў лес», — думаў Забава, рашуча прастуючы насустрач невядомасці.

Гэта быў план, які яму падказаў мозг, а дакладней кажучы, інтуіцыя. Любыя іншыя дзеянні ў дадзенай сітуацыі былі пройгрышнымі. Гэты ж мог атрымацца. Перад карчмой мітусілася некалькіх чырвонаармейцаў; адны ўваходзілі, другія выходзілі. Пры выпадку Забава мог вельмі хутка, амаль імгненна расстраляць некалькіх з іх і, перш чым іншыя апамятаюцца, сігануць у лес. Бегаў ён шпарка, таму калі б у яго не пацэлілі з першага стрэлу, даімчаў бы да лесу, які ўжо ахутвалі вячэрнія прыцемкі. У лесе ж ён быў бы сам сабе гаспадар.

Крочыў ужо паблізу карчмы. Ішоў сярэдзінай дарогі, штосьці насвістваючы. Чырвонаармейцы глядзелі на яго. Забава, замест таго, каб абмінуць карчму, падышоў да ганка, дзе на лаўцы стаяла вядро вады і бляшанка ад кансерваў, якая замяняла кубак.

— Добры вечар! — сказаў, набіраючы ваду з вядра.

Зацікаўленасць чырвонаармейцаў ягонай асобай адразу знікла, і Забава, напіўшыся вады, пайшоў сваёй дарогай, ні пра што не пытаны. Было яму весела. Далонь моцна і ўпэўнена сціскала шурпатую рукаятку нагана. Пачуваўся валадаром жыцця і смерці. Нешто цёплае казытала яго ў грудзях і горле — як тады, калі бачыў цудоўную ўсмешку на твары спадарыні Ядвігі.

Датупаў да лесу. Пераскочыў канаву і ўвайшоў паміж высокімі хвоямі. Лёг на мяккім імху і запаліў цыгарэту. Неўзабаве зноў выйшаў з лесу і спыніўся пры дарозе. Перад ім рассцілася велізарная паляна, аточаная густым борам. Перасякала яе дарога, знікаючы за цёмнай сцяной лесу, які з малымі перапынкамі цягнуўся ажно да мяжы. Забаве было душна. Парыла, паветра было нібы насычанае электрычнасцю. Насамрэч дзеялася штосьці незвычайнае. Нерушная цішыня панавала вакол. Толькі птушкі, трывожна шчабечучы, кружлялі над самай зямлёй, але раптам і яны зніклі.

З захаду падыходзіла навальніца. Верхам гнала перад сабою статак парваных ветрам аблокаў. Усё замерла. Удалечыні, нізка над дрэвамі, паказалася чарада чорных хмараў. Паўзла павольна. цёмная, змрочная, жудасная. Раптам спынілася адразу над лесам. Збілася цясней, нібы збіраючы сілы да нападу, і. праз імгненне цяжка абрынулася на лес, як туша велізарнага звера на лугавую траву. Лес нібы вохнуў і задрыжаў. Нібы заслонай наваліўся змрок. Стрэлілі маланкі, белымі, блакітнымі і залатымі ніткамі працінаючы цемру. Цяжка ўздыхнулі перуны і з трэскам разарвалі паветра на тысячы шматкоў. Рыкнулі нізка, цяжка, глуха.

Бура шалела. А праз буру, лівень, віхуру няспынна цягнуўся наперад чалавек. У руцэ меў наган, у кожны момант гатовы страляць.

«Каб толькі не збіцца з дарогі», — трывожна думаў Забава.

Праз гадзіну бура мінула. Дождж сцішэў, а потым і зусім перастаў. Толькі па-ранейшаму валадарыла ноч. Ноч цёмная, непраглядная, ноч гэткая чорная, што, здавалася, можна па ёй, як па сажы, маляваць пальцам. Уласнай далані перад вачыма не было відаць. І чалавек у ёй быў быццам акунуты ў дзёгаць.

Ідучы па невядомай дарозе наперад, Забава часам напорваўся на дрэвы, некаторы час кружляў, мацаючы нагамі зямлю, зноў выходзіў на дарогу і цягнуўся. у цемру і невядомую далеч.

Дарога ішла і ішла, цягнулася і цягнулася. У адным месцы натыкнуўся на нейкі слуп. Абмацаў яго рукой. Быў чатырохкутны; стаяў на невялікім капцы. Зрабіў некалькі крокаў далей і зноўку ўспёрся на слуп. Тады яшчэ не ведаў, што гэта была мяжа з пагранічнымі слупамі. Сеў на капцы. Вельмі хацелася папаліць. З цяжкасцю здолеў запаліць цыгарэту, бо запалкі адмоклі.

Выпаліў цыгарэту і рушыў далей. Ступакі гразлі ў балоце. З намаганнямі пасоўваўся наперад. Ішоў яшчэ амаль з гадзіну, зусім ужо згубіў бадзёрасць і ахвоту ісці, што звычайна здараецца, калі чалавек не мае пэўнасці, што правільна ідзе. Вось пайшла высокая трава, стаў спатыкацца на нейкіх камянях. Нешта высокае перагарадзіла яму дарогу. Абмацаў далонямі перашкоду. Гэта быў вялікі, жалезны крыж. «Могілкі — падумаў Забава. — А дзе ёсць месца памерлых, там паблізу будзе места і жывых. Ці не Койданава гэта?»

Праваруч бліснула святло. Забава зрабіў у тым кірунку некалькі крокаў і ўбачыў яшчэ плямы святла. Яго раптам ахапілі два процілеглыя пачуцці: пачуццё радасці, што знаходзіцца між людзей, і страху, што мог заблудзіцца і зайсці далёка ўглыб савецкай тэрыторыі. Крочыў нейкай вуліцай. Паміж ім і святлом, што падала з акна нябачнай у цемры хаты, прасунулася нейкая постаць.

— Якая гэта вёска? — паспешліва спытаў па-расейску Забава.

Перапалоханая жанчына адсунулася ўбок.

— Гэта не вёска. гэта Ракаў. — даляцелі да ягоных вушэй кінутыя з цемры словы.

— Ракаў!.. — паўтарыў ашчасліўлены Забава і паклаў у кішэню наган, з якога сцякала вада.

Неўзабаве быў на Букраўцы. Знайшоў менскае прадстаўніцтва пэўнай службы. Сустрэў яго ўзводны, які добра насёрбаўся.

— Ну, што? Як там, пане, таго?.

— Выдатна.

— Я пану казаў. А, можа, таго? — зрабіў даланёй красамоўны, інтэрнацыянальны жэст, якім выказваецца прапанова выпіць чагосьці моцнага.

Неўзабаве Забава ляжаў у нядбайна збітым з габляваных дошак ложку. Быў накрыты некалькімі бруднымі і падранымі коўдрамі. Побач на стале гарэла лямпа, пры святле якой некалькі жаўнераў гуляла ў карты. Раз-пораз на стале з’яўлялася бутэлька гарэлкі. Калі яна пусцела, адзін з жаўнераў браў бутэльку за рыльца і што ёсць сілы шпурляў пад ложак аб сцяну, так што разляталася ў друз. Пры гэтым важна казаў:

— У яблычка!

Забаве было весела. Выпітая гарэлка агнём разлілася па целе. Вочы салодка клеіліся. Перад імі праплывалі розныя вобразы «адтуль»: пан Юзаф, ягоная дачка, пасажыры ў вагоне. У вушах гучала песенька: «Браў цябе я босай, голай, безвалосай... » і тут:

— У яблычка!

Забава заснуў і душой апынуўся ў «чацвёртым вымярэнні». Меў трывожны сон. Як душу страхотлівыя сны, гэтаксама ягонае цела, фізічную істоту апанавалі трывіяльныя вошы. Гэтыя істоты маюць у сабе нешта агульнае з людзьмі: цікавіць іх усё новае. Ці гэта адзежына, ці бялізна, ці плоць — іхная ежа. І Забава быў для іх менавіта такой навінкай.

— У яблычка!

* * *

Калі Забава паліў цыгарэты, седзячы ў начной цемры на капцы пад межавым слупам, у сутарэннях Чрэзвычайкі ў Менску капітан Антасевіч, абвінавачаны ў шпіянажы на карысць чорт ведама якой дзяржавы, другі тыдзень рабіў падкоп, хочучы выбрацца на волю. Працаваў вобмацкам, дзюбаў іржавым цвіком, выграбаў кавалкам жалезнага абруча і рыў уласнымі пазногцямі. Праца пасоўвалася наперад вельмі павольна, але працаваў упарта, з цяжкасцю адужваючы сантыметар глебы за сантыметрам.

Час ад часу рабіў перапынкі, прыслухоўваўся да крокаў жаўнераў-вартаўнікоў у калідоры. Вакол панавала непраглядная цемра.

* * *
ДЗЁННІК РАМАНА ЗАБАВЫ Вільня, 14 жніўня 1922 г

Маёй працай усе задаволены, і гэта мяне вельмі цешыць. Заўсёды любіў выконваць даручаныя справы добра, нягледзячы якія яны: легальныя ці нелегальныя. Пра чалавечыя вартасці мяркую не паводле агульнапрынятых этычных правіл, а найперш на падставе таго, ці трымае той ці іншы чалавек слова, ці не. Калі так, вер ва ўсім, не. будзь уважлівым! Некалі я жыў на Каўказе, і заўважыў, што чэркесы, грузіны, чэчэнцы і іншыя горцы вельмі шануюць цвёрдае слова. Гэта ў іх прыроджанае. А ў нас калі нехта прызначае сустрэчу, напрыклад, на заўтра а восьмай вечара, то пытае: «Ты прыйдзеш?» «Ну, зразумела» — адказвае той. Пасля дадае: «Але ты абавязкова прыйдзі!» «Добра, — кажа сябар, — я прыйду». І гутараць сабе далей. Адзін зноў нагадвае: «Дык ты не забудзься прыйсці заўтра а восьмай!» «Не, я не забудуся». І так працягваецца, нібы ў зачараваным коле. Чаму ў нас, славян, так? Можа таму, што досвед наш паказаў, як цяжка верыць словам нашых блізкіх. Дзесяць разоў хтосьці нешта паабяцае і... забудзецца. З каўказскім горцам шматкратнае нагадванне пра дамоўленасць лішняе. Могуць нават пакрыўдзіцца.

Я намерваўся рапартаваць пра поўны бардак на мяжы адносна дапамогі агентам, помнячы пра сваё начное блуканне, але не хацелася гэтага рабіць, каб на мяне хтосьці меў зуб. Наважваюся ў будучым сам сябе забяспечваць інфармацыяй, не спадзявацца на чужы спрыт. Хіба не камічна: ракаўскі шавец даў мне лепшую наводку, чым людзі, для якіх гэта было абавязкам. Калі б не яго інфармацыя пра дарогу ў Менск, я мог бы зайсці невядома куды.

Атрымаў штабныя нямецкія карты свайго адрэзка мяжы і ўважна праштудзіраваў іх, убіваючы сабе ў памяць кожную дэталь дарогі, аналізуючы прычыны папярэдняга блукання.

Сёння прадаў выламаныя з бранзалета дыяменты. Атрымаў за іх 270 даляраў. Дыяменты напраўду былі «чыстай вады» і сапраўды пацягнулі больш за 3 караты. Замовіў дарагія і зручныя боты, якія сядзяць на нагах быццам улітыя. Гэта для мяне важная рэч — з ног я жыву. як воўк. Купіў выдатны рэвальвер-парабелум, да яго 6 запасных магазінаў і 100 патронаў. Вельмі люблю рэвальверы гэтай сістэмы. Пры беражлівым карыстанні яны надзейная зброя. А як зручна кладзецца ў далонь і з якой хуткасцю можна страляць і перазараджаць абоймы! Цудоўны «капыт». Дакладней: не капыт, а жаночая ножка. Апрача таго, купіў добры компас фірмы Бэзард. Вельмі зручны. Мае далікатную фасфарыстычную стрэлку і выразныя дзяленні. У дарозе яго можна павесіць на грудзі і мець вольнымі рукі.

Сёння быў я ў Кароля Фарбы (мужа Ядвігі Двалінскай) і аддаў яму ліст ад жонкі. Спадарыня Ядвіга дала мне ліст незаклееным. «Хай пан прачытае», — сказала мне. Я прачытаў. Хтосьці здзівіцца, што можна чытаць чужыя лісты, але тут іншая рэч: на выпадак правалу мне трэба ведаць, што я маю пры сабе.

Фарба толькі похапкам прабег вачамі ліст, напісаны добра вядомым яму почыркам.

Менск, 9 жніўня 1922 г.

Каханы Каролю!

Чаму так даўно ты не пішаш? Знаёмыя часта атрымліваюць лісты з Польшчы праз Рэпатрыяцыйную Камісію і праз рэамігрантаў, а ты нічога не пісаў. Становішча наша вельмі цяжкае. Тата ледзь-ледзь сабе на кавалак хлеба зарабляе, а тут яшчэ я з Андзяй... Андзя мае ўжо 5 годзікаў, а выглядае на 3. Гэта таму, што дрэнна харчуецца. Не хапае нам самых неабходных рэчаў, не кажу ўжо пра хлеб. Ты, можа, гэтага не разумееш? Дапамагаюць нам трохі матуліны сваякі з вёскі.

Як найхутчэй паклапаціся пра наш выезд у Польшчу. Гэтулькі знаёмых ужо выехала, а мы ўсё чакаем.

Дзякуй за фотаздымак. Пішы, што ты надумаеш? Прывітанне ад таты, матулі і Андзі. Моцна цалую Цябе.

Ядзя.

— Як яна выглядае? — спытаў мяне Кароль.

Гэта пытанне не пра здароўе, а толькі пра выгляд жонкі, нагадала мне словы пана Юзафа: «...проста пра сваю ўласнасць нагадвае. Як пра карову або казу». Таму я адказаў:

— Выдатна! Цудоўна! Упершыню ў жыцці бачыў такую красуню! Калі прыедзе ў Вільню і добра апранецца, дык усіх вільнянак зацьміць прыгажосцю.

Задаволеная ўсмешка загуляла на ягоных вуснах:

— А я. цешуся. радуюся. — муркатаў, ледзь не аблізваючыся.

Ні здароўем дачкі і іх матэрыяльным становішчам не пацікавіўся. «Добры з цябе гусак!» — падумаў я. Кароль пажадаў абавязкова пайсці са мной у рэстаран — пачаставаць за паслугу. Я адгаварыўся. Настойваў. Я сказаў: «Ужо і так пад градусам, а калі яшчэ дадам, дык магу каму-небудзь гарбуз бутэлькай раскроіць!» Усё ж на развітанне я паабяцаў яму перад ходкай за мяжу зайсці па ліст.

Дзіўная рэч: як некалькі трапных слоў могуць вычарпальна ахарактарызаваць чалавека. Гэта пра Юзафавы словы. Здавалася мне, што Фарба хвосцікам менціць. Нагадваў мне выпешчанага хатняга сабачку. Упэўненага ў доме, пры гаспадары, але хай толькі апынецца адзін па-за сценамі, хай пачуе паблізу ваўка, задрыжыць, запішчыць, хвост падтуліць: ратуйце!

Шкада спадарыні Ядвігі!.. А можа менавіта гэта ёй патрэбна?

Баранавічы, 17 жніўня 1922 г.

Я спыніўся не ў гатэлі, як звычайна гэта рабіў, а ва Уладка Каліса. Гэта мой сябар. Запрасіў мяне да сябе. Не ведаю, ці доўга ў яго буду жыць, бо не люблю быць звязаны. Але што нам будзе разам весела, гэта факт. А калі што не па мне, дык рэчы ў шкарпэтку, пашпарт, на фурманку — і зноў у гатэль.

Увечары прыйшоў Палкоўнік. Уласна кажучы, ён аніякі не палкоўнік, быў некалі капітанам у царскім войску. Капітанам, зрэшты, таксама стаў выпадкова, бо ледзь скончыў у 1915 г. скарочаны курс афіцэрскай школы, а капітана атрымаў за заслугі на фронце. Потым у адным з «белых» войскаў, што ваявала супраць чырвоных, быў ці то палкоўнікам, ці толькі выконваў абавязкі палкоўніка. З гэтай прычыны мы яго так і звалі.

Чалавек гэта вельмі цікавы, добры, зычлівы, толькі страшэнны антысеміт і п’янтос, якіх мала ў жыцці, хоць закладальшчыкаў за гальштук бачыў шмат.

Людзі — як кнігі: адна хораша пераплеценая, на добрай паперы, а пустая... Чалавек таксама быццам і прыгожа апрануты, і з добрымі манерамі, але з такой пацярухай у лабаціне, што ніводнай самастойнай думкі. Іншая кніга марная, старая, мятая, без вокладак, а праменіцца, нібы сонца, толькі што не кожны гэта разумее і бачыць. Кожная такая новая кніга — новае жыццё, арыгінальныя думкі, учынкі, пачуцці. Кожны новы чалавек, калі цікавы, дык быццам тая кніга, кніга рэальнага жыцця, запісаная на твары, вачах, рухах, гаворцы, нават маўленні.

Здаецца мне, што чалавека цяжэй спазнаць, чым увесь народ. Можа яно і памылкова, але ў гэтую хвіліну я менавіта так думаю, і дагэтуль не маю цвёрдага меркавання пра шмат якія рэчы і паняцці. Народ — гэта супольнасць, што месціцца ў пэўных вызначаных межах, у рамках тых традыцый, у якіх утвараецца культурна, і які праяўляецца пры пэўных умовах і пры пэўных акалічнасцях. Лягчэй вызначыць псіхіку англічан, чым асобнага англічаніна.

Палкоўнік бываў часам надзіва неглыбокі, недалёкі, занадта будзённы, амаль агідны, то зноўку выказваў такія прыгожыя думкі, што я шчыра дзівіўся. Рабіў ён усё гэта з блазенскім смехам. На сур’ёзную размову яго было не выцягнуць. Было відавочна, што ў пустэчы бессэнсоўнага жыцця хацеў утапіць нейкі вялікі, надзвычай вялікі боль. Калі выпіваў, дык ягоным аповедам і жартам не было канца. У ягоных апавяданнях і анекдотах фігуравалі пераважна габрэі. Калі з гэтай прычыны я спытаў яго, чаму ён гэтак любіць біблейскі народ, адказаў мне так:

— Наіўны ты. Чаму можна смяяцца з армяніна, цыгана, немца і кожнага іншага чалавека, але, барані Бог, не з габрэя? Во, талдычаць: антысемітызм, юдафобства... Чаму не смяяцца з іх, калі яны смешныя са сваёй богаабранасцю, шавінізмам, неталерантнасцю? Я для іх гой і акум — я ведаю, што ў вачах габрэя найапошні недалужны аднапляменнік у тысячу разоў лепшы ад самага лепшага гоя. У нас такога няма. Габрэі самі адасабляюцца, замыкаюцца ў старых, дзівачных формах жыцця і яшчэ дзівяцца, што смешныя. Крылоў сказаў: «Смяяцца зусім не грэшна, калі нам што смешна».

— Пакінь ты габрэяў у спакоі, лепш вып’ем, — сказаў я. — Мы таксама з габрэяў паходзім, ад Іяфета.

І без лішніх слоў я кульнуў сваю немалую чарку.

— Якое марнатраўства! — раптам выкрыкнуў былы белагвардзеец. — Такім агідным спосабам марнаваць чароўны нектар можа толькі варвар. Хіба ты не ведаеш, вар’яцкі чалавек, што гарэлачка далікатная, як дзяўчына пасля трыццаці? Яна любіць, каб з ёй разумна абыходзіліся, а не такой дозай і так па-хамску: цап-хап і ў рот клац. Тэк-с, панове.

Мы зноў выпілі.

— Палкоўнік, а ці ты ведаеш, што такое падводная вайна? — я спытаў яго. — Як камандзір, ты павінен ведаць.

— Чаму не? — адказаў. — Ведаю. Я ж, да д’ябла, сын Марса. Пяць гадоў на фронце. адзінаццаць ранаў.

— Дык што ж гэта за звер?

— Ну, вайна на моры. Пад вадой.

— Хопіць, далей не тлумач. У бальшавікоў гэта зусім нешта іншае — перапыніў я яго. — У іх «падводная вайна» вядзецца ў лясах, на палях і стэпах. Наогул на сушы. Садзяць салдат карнага атрада на п-а-а-д-в-о-о-д-ы і едуць ваяваць з дэзерцірамі, партызанамі, паўстанцамі і іншымі «контррэвалюцыйнымі элементамі», якіх абагульняюць калярова: «белыя або зялёныя бандыты».

— Цьфу, д’ябал. А ці вадзяра ў іх ёсць?

— Афіцыйна — не. Толькі самагонка, выпадковая, або паскуднае віно «дзеля лекавых мэтаў». А яно прадаецца па завоблачных коштах.

— Пагінуць яны, як рудыя мышы. І краіна адбрыкнецца. Ні за што. Бо калі чалавек алкаголем не дэзінфікуецца, дык можа падхапіць якую хочаш заразу. Супраціўляльнасць знікае. Тэк-с.

Піў ён гарэлку маленькімі кілішкамі, але запар і часта. Я і Уладак пілі паўшклянкамі. Час праводзілі пераважна за выпіўкай. У Баранавічах не было дзе па-сур’ёзнаму развеяцца. Сумнае места, сумныя наваколлі, адзін кіназалік, тэатра зусім няма. Часам збіралася нас больш, тады выпіўка чаргавалася вясёлай гутаркай, у якой Палкоўнік вёў рэй. Ягоным анекдотам канца не было; з тых, што можна пераказаць, прывяду два:

— Схапілі жандары ў лесе трох габрэяў, дэзерціраў. Два прызыўнога веку, — апавядае Палкоўнік, — а трэцяму за шэсцьдзесят. Жандары яго пытаюць: «А ты чаго ад войска ўхіляешся? Ты ж стары». А габрэй кажа: «А хіба я ведаю. А можа мяне хочуць генералам зрабіць?» Другі: аднойчы ўвечары на паліцэйскі пост уляцеў спалоханы габрэй. Без капелюша, адзежа расхрыстаная. «Ай-вай, — крычыць, — пан начальнік, вялікае забойства». — «Што, дзе?» — «На шашы двое забітых». — «Хто такія?» — пытае дзяжурны. — «Адзін я, — кажа габрэй, — а другі зараз прыйдзе».

Калі Палкоўнік напампоўваўся, тады браў гітару і спяваў куплеты, з вялікім майстэрствам імітуючы жэсты і гаворку габрэяў. Так весяліў кампанію.

Дзіўлюся, адкуль Палкоўнік мае гэтулькі запалу і весялосці, бо жыццё яго і становішча вельмі сумныя. Пасля рэвалюцыі страціў у Расеі ўсю сям’ю і, колісь заможны, стаў валацугам. Жылося яму кепска. Для ілюстрацыі прывяду такі факт. Не быўшы набожным, уступіў у секту баптыстаў, каб атрымаць новую вопратку, паліто і чаравікі, бо свае знасіліся. Пра гэта распавёў мне Уладак. Не меў ён анічога наперадзе, а за плячыма — адна чорная горыч. Засталася яму адзіная суцяшальніца засмучаных — гарэліца. Галодны быў, а піў. Прапіваў кожны здабыты выпадковай працай грош.

Мне шчасціць на п’яніц — любяць мяне і я іх люблю. Няраз глыбока задумваўся, чаму сярод п’яніц гэтак шмат добрых людзей: таварыскіх, зычлівых, шчырых, чулых на чужую бяду. Кажу такое пра п’яніц у вялікім маштабе, пра гэткіх расейскіх горкіх п’яніц. Можа яно таму, што каб стаць такім п’яніцам, чалавек павінен мець нейкія цяжэзныя перажыванні і збалелую душу. Гэта робіць яго спачувальным і адкрытым для іншых. Пераканаўся, што чалавек, які сам не бываў галодны, не зразумее галоднага. Які не цярпеў цяжкіх пакут і няшчасця, не зразумее бяды іншага. Разуменне чужой нядолі ў людзей шчаслівых бывае зазвычай штуч­ным, хоць сам у гэта свята верыць. Найлепш зразумее злодзей злодзея, вулічная дзеўка — прастытутку, а чалавека няшчаснага — чалавек сам няшчасны.

Мы сядзелі ўтрох: Палкоўнік, Уладак і я. У мяне былі падрыхтаваны два камплекты фальшывых савецкіх дакументаў. Адзін цывільны і адзін вайсковы: пасведчанне асобы і адпускны білет. На адпаведных бланках. Калі мы выпілі, я выняў з партаманета дакументы. Уладак, які меў прыгожы почырк, запоўніў іх паводле маіх указанняў.

— Ну, Палкоўнік, — сказаў я, — падмахні, як камісар, чырвоным чартлам.

— Давай.

З вялікай сур’ёзнасцю падпісаў дакументы ўласным, добра вядомым у Саветах, прозвішчам контррэвалюцыянера. Пасля распісаўся, як сакратар, таксама сваім прозвішчам. Уладак падпісаў дакументы хімічным алоўкам (савецкая мода).

— Клёва — сказаў Палкоўнік, разглядаючы бланкі. — Як Расея вялікая і шырокая. вузкая, тонкая і глыбокая. худая, дурная і высокая, такіх «жалезных» дакументаў не знойдзецца. Абмыем на шчасце.

Мы пілі далей, на развітанне, бо сёння ўвечары я павінен быў выйсці ў дарогу. Спявалі «Інтэрнацыянал», перакручаны з адпаведнай расейцам злой вастрынёй:

Паўстань, пракляты люд зямлі! Саветы сёння правялі З адным катлом на ўсіх іспыт, А ў тым катле — адзін капыт...

Уладак дзеля жарту праспяваў іншую, ужо тутэйшую пераробку таго ж «Інтэрнацыянала», мякчэйшую, але не меней дасціпную:

Уставай, паедзем па салому, Валы галодныя стаяць. Снядання нам не дачакацца, Сырыя дровы не гараць.

Развітваліся мы позна ўвечары. Палкоўнік і Уладак расчуліліся. Уладак, п’яны, сціскаў мне далонь і ўсё крычаў штосьці бессэнсоўнае. Палкоўнік роў:

— Раманік, памятай, халера: усё, што на дарозе — вораг. Ну, давай напрыканцы. нашу, партызанскую. Згадаем даўніну.

Збіраемся, браты, рыхтуем зброю, Шыхтуемся да бою на зары, І там, дзе камісары пад гарою, Мы сцяг зялёны ўздымем на гары... Палкоўнік правёў мяне на вуліцу.

— Ромку! — крычаў стары ваяка. — Памятай. Яны не пашкадуюць. У іх сэрцаў няма. І-дэ-я-лі-сты-ы. Толькі моцнага баяцца. слабога задушаць. За ідэю маці роднай вантробы павыпорваюць. І ты не шкадуй. Глядзі.

Голас у яго, ускудлачанага, узбуджанага гарэлкай, быў нізкі, глухі і магутны, як іерыхонская труба.

Вёска Воўкаўшчына, 21 жніўня 1922 г.

Я ў Воўкаўшчыне. Спыніўся ў сям’і Каліноўскіх. Гэта згалелая да ўзроўню сялян шляхта, але жывуць на троху шырэйшую нагу, чым звычайныя сяляне. Прывёз для іх ліст ад стрыечнага брата з Вільні, майго сябра. Прынялі мяне добразычліва. Адпачываю тут душой і целам. Цішыня, спакой.

Выехаўшы з Баранавіч, адведаў у Лідзе свайго даўняга сябра, Яна Сноўскага, чыгуначнага электратэхніка. Быў і ў яго брата Уладка. Правёў час у іх весела і паабяцаў прыехаць наступным разам на даўжэй. Паеду абавязкова, калі пашчасціць вярнуцца «адтуль». З Ліды падаўся ў Вільню, адмыслова з той мэтай, каб атрымаць ліст для спадарыні Ядвігі ад Кароля Фарбы. Сустрэў мяне з манерным захапленнем. Замітусіўся па пакоі.

— Можа, папяроску, гарбаткі?

— Дзякуй. Наеты, а папяроскі куру свае, — адказаў яму.

З прыкрасцю зірнуў на мяне. У яго ўсё такое далікатнае, акругленае, прылізанае: папяроскі, гарбатка.

— Што пан раіць купіць для Ядзюні?

— Хлеба, сала, цукру, мяса.

— Як гэта?

— А вось так. Калі вернецца, дык патрэбна будзе з дзіцем, пасля галодных гадоў, добра ад’есціся.

Даў мне пакет, дзе былі крамніна на сукенку, дзве кофты і яшчэ штосьці. Адначасова паднёс мне заклеены ліст. Развітваючыся і выходзячы, я пакінуў ліст на стале.

— А лісточак, дабрадзею?

— Які лісточак?

— Ядзюні.

Прынёс мне ліст.

— Укінь, пан, сам у паштовую скрынку, — адказаў яму. — Я заклееных лістоў не бяру.

— Вінаваты! Думаў.

— Усе думаюць, нават каровы. Я не пошта. Перадаю лісты з ветлівасці і з-за спагады, таму хачу ведаць, што пішацца ў лісце. Маю на тое падставы. Не давярае мне пан — можна не пісаць.

— Але ж, даражэнькі, я не лічыў.

Пахапліва ўклаў ліст у іншы канверт. Упэўнены, што гэты чалавек уначы ў рэчку не палез бы ні за што. Што яму ахвяраваць сваёй асобай дзеля там некага. Але гэта. карысная адзінка грамадства.

У Воўкаўшчыну прыехаў учора ўвечары. Тры браты Каліноўскія: Юзаф, Браніслаў, Адам і іх бацька, бадзёры яшчэ дзядок, з вялікай павагай слухаюць усё, што кажу, і назіраюць за мной з вялікім захапленнем і цікавасцю. Людзям не надта каб культурным вельмі імпануюць людзі добра апранутыя, упэўненыя ў сабе, а калі яшчэ і маюць нейкую ўладу або сувязь з уладай, то ўжо і пагатоў. Увесь час кормяць мяне смажанай на сале яечняй. На сняданак яечня, на полудзень яечня, на вячэру яечня, заўжды адна яечня. Збрыдла мне страшэнна.

Сёння ўвечары пайду ў Ракаў, і — за мяжу.

Папрасіў цёплай вады. Жонка Юзафа прынесла ночвы (у такіх абставінах яны замяняюць мне ванну) і выліла туды саган гарачай вады. Напакутаваўся, перш чым зрабіў яе прыдатнай, каб мыць ногі. Старанна вымыў ступакі, выцер іх дасуха, зрэзаў пазногці, злёгку нацёр скуру вазелінам, нацягнуў тонкія шкарпэткі, а на іх другія, таўсцейшыя. Толькі тады абуў боты. Гэтак абуўшыся магу шмат дзён прабыць у дарозе і не нацерці ног.

На тварах братоў Каліноўскіх блукалі ўсмешкі. Дзівіў іх такі клопат пра ногі. Не ведаюць, што танцорку, вулічную дзеўку, паштара, газетчыка, пасланца і чалавека фарту кормяць ногі, таму трэба пра іх клапаціцца.

ІІ. «ПАРТЫЯ ЛІЗКІ»

Не на пошук праўды, а хутчэй на шэсце за памылкамі скіроўвала чалавецтва свае самыя лепшыя сілы.

Густаў Ле Бон
1

Ноч была ціхая і парная. Лес стаяў чорны, задуменны. Забава ляжаў на зямлі, гледзячы ў чорнае неба, абсыпанае, як луг краскамі, мільёнамі зорак, якія нібы з хітрынкай пераліваліся, гуляючы вясёлкамі самацветаў.

Быў за мяжой і за «другой лініяй». Ляжаў на адхоністым беразе ракі, якая ўласна і звалася «другой лініяй» і якую нядаўна перайшоў. Праваруч, за ракой, у недалёкай вёсцы чырвонаармецы спявалі папулярную цяпер у Саветах, як калісьці «Волгу», песеньку:

Над Донам гуляе Над Донам гуляе Над Донам гуляе казак ма-а-алады...

Просценькія словы песенькі набіралі незвычайнай сілы. Мелодыя плыла ў паветры шчыльнай, моцнай хваляй — павольна, урачыста. Узрушвала незвычайна і, здавалася, спыняла ў грудзях дыханне.

А дзеўка лье слёзы, А дзеўка лье слёзы, А дзеўка лье слёзы ля чыстай ва-а-ды.

Жаліўся чысты высокі тэнар, кідаючы ў прастору трапяткую хвалю голасу:

Пра што дзеўка плача, Пра што дзеўка плача, Пра што дзеўка плача над быстрай вадо-о-й?

Сакавітым голасам, які браў за душу, пытаўся тэнар. А хор стройнымі, кінутымі пад самыя зоркі акордамі паўтараў пытанне:

Пра што дзеўка плача?

Тэнар адказваў шчырай скаргай, ад якой патыхала болем, сумам і слёзамі:

Была, мой казача, Была, мой казача, Была, мой казача, і я малад-о-о-ой.

Забава ляжаў усхваляваны, заслухаўшыся песняй. Забыўся, дзе ён і куды кіруецца.

Песня скончылася. Стала ціха і тужліва. Толькі ноч абыякава глядзела чорнымі вачыма. Забава думаў цяпер пра людзей, якія спявалі песеньку. Ведаў, што гэта «зялёнкі» — пагранічнікі, — ягоныя ворагі.

«Сярод іх могуць быць добрыя людзі, а вымушаны мяне даганяць, страляць па мне і па іншых, бо я — вораг, — думаў Забава. — А хто зрабіў нас ворагамі?.. Усюды бяссэнсіца. Прырода гэткая багатая, цудоўная, а мы — як сабакі. Грызёмся з-за аб’едкаў ці самі не ведаючы, з-за чаго».

Устаў, прыслухаўся і з рэвальверамі ў руках, з пальцамі на курках, штохвіліны гатовы да бою, павольна і бязгучна, як здань, рушыў наперад. Пасігаў праз камлі, пні, хмызняк, лаўжы, канавы, нізіны, ручаіны, рэчкі. Быў увесь засяроджаны зрокава, слыхам і нават нюхам, бо ўночы інстынкт самазахавання абвастрае пачуцці надзвычай. Ішоў, адчуваючы ў сабе моц тытана. Г атовы быў выклікаць на паядынак любую сілу. Ноч, маці бедакоў і злачынцаў, была яго магутным хаўруснікам.

Калі часам выходзіў на гасцінец, звычайна шукаў «верставых» слупоў. Слупы тыя былі шыкоўным помнікам старой улады. Цяперашнія нават мастоў не папраўляюць, толькі аб’язджаюць сапсаваныя. Кожны такі слуп здаваўся Забаве таямнічым, даверлівым сябрам, што дапамагаюць яму ў дарозе. Былі старыя, напаўзгнілыя. Фарба з іх аблупілася. Пахіліліся; некаторых не хапала. Былі нямымі сведкамі мяжы, прыгранічча і той, багатай незвычайнымі прыгодамі, дарогі. Мачыў іх дождж, сушыў вецер, паліла сонца, сціскаў мароз, але яны нястомна выконвалі свой абавязак — сур’ёзна, задуменна ўзіраліся ў мінулае. Кожны новы слуп на той дарозе быў ягоным новым хаўруснікам, які прамаўляў без слоў: «Вітаю, дружа. Я 31-ы. Будзь уважлівы: зараз мяжа». «Прывітанне... Я 17-ы. Увага. «Загараджальны атрад». «Салют, я 19-ы. Цяпер Старое Сяло. Сыдзі з дарогі».

У Менск Забава прыйшоў без ніякіх прыгод, калі пачыналася раніца. Бакавымі вуліцамі ўвайшоў у горад і падаўся да кватэры Двалінскіх.

Спадарыня Ядвіга адчыніла яму дзвяры.

— Ах, гэта пан, — прывітала яго гэтак радасна, што зноў адчуў у грудзях казытлівую, цёплую хвалю.

— Часта пра пана думала, нават сніла. Тата таксама пана ўспамінаў. Я думала, — працягвала далей — што гэта матуля вяртаецца. Два дні таму падалася да сваякоў у вёску па харчы...

— Дзе пан Юзаф?

— Як звычайна, на рынак пайшоў. Сёння кірмаш.

Папярэдне Забава заўважыў, што ў Менск ехала шмат фурманак. Падумаў: «Лепш за ўсё ўваходзіць у места кірмашовымі днямі».

Скінуў старую ватоўку, якую ўзяў у Воўкаўшчыне ў Каліноўскіх, і пачаў здымаць з сябе рэчы, якімі быў абвешаны. Былі гэта падарункі Кароля Фарбы для жонкі і дачкі. Пані Ядвіга была вельмі задаволена. Перасланыя ёй рэчы мелі тым большую каштоўнасць, што ў Саветах лепшай тканіны нельга было зусім купіць, а тыя дрэнныя тавары, якія надаралася набыць незаконна, каштавалі вельмі дорага.

Пасля гарбаты пані Ядвіга сказала Забаве:

— Хачу пагаварыць з панам пра адну справу, толькі. каб гэта не было для пана непрыемна.

— Калі ласка, кажыце. Менавіта гэта самае лепшае.

— Гаварыла з татам. Зразумела, гэта нас не тычыцца, але пан не. кантрабандыст?

— Дык што? Не разумею, у чым справа.

— Прабачце! Я гэта таму, каб пан не падумаў, што мы баімся. Не. Я нават хачу прапанаваць: калі пану спатрэбіцца хадзіць па горадзе, дык найлепш са мной, як з жонкай або нарачонай — не так звяртаюць увагу. Калі трэба, калі ласка. Я смелая. Наогул калі што трэба дапамагчы, дык калі ласка. Я маю нават нейкія знаёмствы.

Пані Ядвіга, трохі збянтэжаная, з лёгкай чырванню на шчоках так хораша выглядала, што Забава з непрыхаваным захапленнем глядзеў ёй у вочы. Заўважыла гэта і змоўкла.

Забава моцна сціснуў яе далонь.

— Шчырае дзякуй, пані, — адказаў. — Для пані без розніцы, хто я. Можаце толькі быць упэўнены, што аніякай непрыемнасці вам ад мяне не будзе. А што да спрыяння мне, пакуль што нічога не патрабую, а калі ўзнікне неабходнасць, так і скажу.

— Добра. Забылася пра галоўнае: тата купіў для пана вайсковы шынель, амаль новы, шапку, мужчынскі гарнітур і значок. Усё, пра што прасілі.

— Хапіла грошай?

— Яшчэ засталіся. Зараз пакажу адзежу.

Выняла з куфра рэчы. Забава быў задаволены. У гэтай форме, са значком на шапцы мог паўсюль выдаваць сябе, маючы добрыя дакументы, за тэлеграфіста. Меў у гэтай галіне пэўныя веды, бо скончыў калісьці скарочаны курс наглядчыкаў тэлеграфа і тэлефона, адзін час працаваў, і такім чынам арыентаваўся добра ў ролі, якую пакуль што абраў для сябе.

— Дзякуй, пані, за ўсё, — сказаў усцешаны.

— Калі ласка, я хацела б для вас зрабіць больш. Гэта было б для мяне вельмі прыемна. Няхай пан верыць, што я мужная.

Забава засмяяўся, а потым спытаў сур’ёзна:

— Няўжо пані ведае, што гэта так ужо небяспечна? Вы не арыентуецеся ў справе, а я не жадаю мець маральнай адказнасці.

— Але, калі ласка, пан, я была б шчаслівая, калі б магла нашкодзіць тым «мухаморам». Жах, як не люблю іх, можа нават больш за тату не люблю іх.

— Няўжо пані мае каго знаёмага з асяроддзя чырвонай арыстакратыі?

— Ведаю асабіста каменданта места.

— Крывашэіна?. Адкуль яго пані ведае?

— Заляцаўся да мяне на балі. У тэатры была з ім. Заўсёды магу абнавіць знаёмства.

— Каго пані яшчэ ведае?

— Ведаю некалькіх чырвоных афіцэраў з 4-й дывізіі.

— Гэта не тое, што трэба. А ці ведае пані каго ў Чрэзвычайцы?

Ядвіга задумалася. Праз момант радасна адказала:

— Ёсць, ёсць, і гэта нават наш далёкі сваяк.

— Як ён глядзіць на сваю службу?

— Працуе добра і на добрым уліку ў іх, але не фанатык. Наадварот. незадаволены і лічыць сябе пакрыўджаным. Жадаў бы быць кімсьці большым, бо мае талент, але з’яўляецца звычайным агентам.

— Ці пані ў ім упэўненая?

— Абсалютнай упэўненасці няма, але можна яго павывучаць. Калісьці размаўляла з ім. Казаў, што ахвотна кінуў бы, як сказаў, сабачую службу і выехаў бы за мяжу. Быў узлаваны. Зазначу між іншым, што ён какаініст.

— Какаініст? Гэта добра — сказаў Забава. — Няхай пані пры нагодзе пагаворыць з ім. Можа, мне спатрэбіцца.

Доўга яшчэ яны сардэчна і весела гутарылі, як двое добрых сяброў. Пані Ядвізе прыйшлася да густу роля змоўшчыцы, а Забаве — новы паплечнік. «Якая розніца паміж ёй і Каролем, — думаў Забава. — Трапілася ж цюхцяюныціку такая малайцаватая жанчына».

Гаспадар Юзаф вярнуўся з рынка позна. Убачыўшы Забаву, вельмі ўзрадаваўся.

— Ушанаванне. Як здароўечка? Што новага? — голасна вітаў ён Забаву.

— У мяне ўсё добра. Што ў вас?

— О, у нас вялікая навіна. Паставілі помнік Карліку Марліку.

— Не разумею. камісар нейкі?

— Які тамака камісар! — засмяяўся спадар Юзаф. — Гэта мая Марыся (жонка Юзафа) так Карла Маркса назвала. Кажа: «Кудлаты такі. Карлік Марлік. як сабака». Бачыў і я помнічак: трох рублёў не варты. Нізенькі пастаменцік, як пад гаршчок для кветак, а на ім бюст — у музеях экспанаты злачынцаў уздоўж сцен лепшыя стаяць. А што крыку нарабілі! Цэлая ўрачыстасць. Аркестры, шэсці, прамовы. Гэта як бы дзецюкі вясковыя: удзесяцёх бутэльку гарэлкі вып’юць і крычаць, равуць, усю вёску будзяць. Або курыца: яйка знясе, а накудахчыцца, быццам слана выседзела.

* * *

Калі Забава ляжаў над «другой лініяй», слухаючы песні савецкіх пагранічнікаў, у Менску, у першым сутарэнні ЧК, капітан Антасевіч ляжаў збіты, сплываючы крывёй, на бруднай падлозе. Збілі яго жаўнеры і чэкісты, якія выкрылі зроблены ім падкоп. Ад гэтага часу ўсе ў Чрэзвычайцы звалі яго «Кратом».

Ляжаў, а ў галаве снавалі сумныя думкі; ляжаў галодны, спанявераны, змучаны, але гатовы да ўцёкаў зноў, калі б на тое заставаўся хоць бы самы мізэрны шанец на поспех. За дзвярамі чуліся крокі жаўнераў і да ягоных вушэй далятала песенька:

Цар з царыцай у карты гулялі, а германцы выйгравалі...
* * *

Таксама ў той жа самы час дыверсійная група «Мухі» — Міхальскага, якая вырушыла з Цімкавіч, з Пагранічнага атрада, чакала сігналу да пераходу на тэрыторыю Польшчы.

Было іх трыццаць шэсць. Мелі з сабою, акрамя рэвальвераў, карабінаў і гранат, яшчэ два лёгкія кулямёты. Ляжалі на лузе, за ракітнікам паблізу рачулкі, па якой праходзіла мяжа. Ніхто не размаўляў. Цішыню вечара парушала ўдалечыні песенька жаўнераў польскай пагранічнай аховы:

А атрад наш вышуковы на пляцу стаіць, На пляцу стаіць, на пляцу стаіць. Троцкі піша зноў прамовы — Будзем яго біць... Сюпай-да!
* * *

Быў позні вечар. Забава вярнуўся з места. Сядзеў з гаспадаром Юзафам і размаўляў пра «палітыку». Гаварыў пераважна Юзаф, які ўжо пацягнуў даволі вялікую порцыю польскага спірту, і граміў, як зазвычай, бальшавікоў. Карыстаўся рэдкім выпадкам, каб выказацца, маючы лаяльнага і цярплівага слухача.

— Я, паночку, універсітэтаў не канчаў, вялікіх розумаў не з’еў, але абдурыцца не дамся. Мяне на прыгожае слоўца ніхто не возьме. Я, проша пана, мяркую, што прагрэс складаецца ў тым, каб чалавеку як лепш жылося. Цяпер у Англіі прафесійны работнік жыве лепш, чым калісьці кароль. Вось гэта прагрэс.

— Так, шляхам эвалюцыі дайшлі да. — пачаў Забава.

— Менавіта — перапыніў яго Юзаф. — А як тое лепшае жыццё назавуць: манархізм, дэмакратызм, сацыялізм — усё роўна, бо сутнасць не ў словах і лозунгах, а ў самім жыцці. І калі хтосьці, мой паночку, учыніць які галадамор, зробіць усіх жабракамі, беднякамі, пазбаўленымі ўсялякіх правоў, і скажа, што гэта вольнасць, роўнасць і братэрства, я скажу яму: ты хлусіш, гэта турма, гэта могільнік. Крычаць: буржуазія, буржуазія. А ў чым буржуазія правінавацілася? Англія культурная?. Так. Чаму?. Бо любіць працу. Кожны англічанін — чалавек слова і ўчынку. Я там быў; ведаю іх. Бельгія, Францыя, Швецыя, Нарвегія, Швейцарыя гэтаксама. Галандыя ў мора зямлю адваёўвае. Данія з ветравейных пяскоў ураджайную глебу стварыла. Альбо найбліжшы сусед наш, Фінляндыя: на скалах жывуць, у суровым клімаце, а параўнайце іх культуру з нашай. Пацеха. У нас еўрапейскай культуры ніколі не было і не будзе, бо людзі тут — гной, а гной толькі на тое варты, каб зямлю ўгнойваць, на працу ж інтэлігентную розум патрэбен. Дарма марнуюць найбагацейшую краіну ў свеце, з голаду канаюць і пры гэтым зайздросцяць буржуйскай манішцы, а не ведаюць, набрыдзь, што той немец, калі трэба, па 16 гадзін працуе ды яшчэ як працуе.

Пан Юзаф напоўніў кілішкі. Выпілі.

— Або грамадзянская свабода, — працягваў Юзаф. — Камедыя, паночку. Англія — манархія, а там грамадзянін карыстаецца найбольшымі свабодамі. Расея — дзяржава сацыялістычная, камуністычная, а ў яе найменшыя грамадзянскія правы. Але дзе там «найменшыя». Проста ўлады ставяцца да грамадзяніна горш чым да быдла . Не-на-ві-дзяць. Бо так падманваць, эксплуатаваць і катаваць могуць толькі садысты, якія ненавідзяць. шалёна. да смерці.

Маўчалі. Было ціха.

— Едзь, пан, у Польшчу, — сказаў праз некалькі хвілін Забава.

— У Польшчу. А навошта? З якой прычыны? Я тут 25 гадоў прапрацаваў. Тут маё месца. Я чалавек працы. Працу я люблю. Сам за пяцярых працаваў. Але цяпер. не жадаю і не буду. Няхай і са мною маюць клопаты. Я спецыяліст, цясляр; працу і цяпер магу знайсці — спецыялісты патрэбныя. А я не жадаю. Вось і далей як перакупшчык буду спекуляваць, але за фунцік солі ў год і двух фунтаў гароху рук сабе ўрываць не жадаю. Абыдзецца. А здохну. не шкада, хто ў пекле жыве, анічога згубіць не баіцца. Мне б яшчэ толькі дачку з Андзяй у Польшчу перавесці; даволі тут савецкага райскага міндалю наеліся. А з кожным годам усё горш. Ужо 5 гадоў гэтак мучымся і канца не відаць. Блага, паночку, блага.

За акном гойсаў вецер. Спрабаваў задубелымі пальцамі адчыніць аканіцы. Не здолеў і заплакаў... Па даху барабаніў дождж.

— Блага, паночку, блага. — гучаў у вушах Забавы голас пана Юзафа.

2

Укамендатуры 8-й пяхотнай дывізіі ў Бабруйску дзяжурны афіцэр прагледзеў дакументы Забавы.

— З якой мэтай патрэбны вам пропуск?

— Хачу даведацца пра службовае прызначэнне таварыша Андрэя Смоліна, які служыць у 8-й дывізіі.

— Сумняваюся, каб у штабе дывізіі гэта было вядома. Лепш за ўсё ў палку...

— Палкоў тры і яшчэ кавполк. Невядома, дзе шукаць.

— Калі ласка, вось пропуск...

Праз паўгадзіны Забава быў у штабе дывізіі. Агледзеў памяшканні. Звяртаўся да некалькіх пісараў, распытваючы іх пра таварыша Андрэя Смоліна, нарэшце выйшаў на вуліцу.

Быў страшэнна стомлены. Хацелася спаць. Чатыры дні быў у дарозе. Аб’ехаў некалькі местаў. Акалічнасці склаліся так, што нідзе не мог выспацца... На вакзалах піў «моцную», падробленую, напараную з содай гарбату; выпаліў мноства цыгарэт і драмаў на хаду.

Да цягніка засталося 4 гадзіны, таму пайшоў да крэпасці. Мінуў цудоўны бор, які ахінаў крэпасць, які быў напалову высечаны. Валы і абарончыя равы мелі вартыя жалю стан. Усярэдзіне крэпасці большасць будынкаў былі разбураныя і дагэтуль не адноўленыя, хоць не было дзе рассяліць салдат. Велізарныя комплексы будынкаў змрочна зеўралі чорнымі праёмамі акон і дзвярэй. Некаторыя пабудовы ляжалі ў друзе.

На адным з шырокіх пляцаў муштравалі жаўнераў, якія неахвотна выконвалі каманды. Забава сеў на ганку нейкага будынка і прыглядаўся да людзей, што сноўдалі, як мурашы. Адна група жаўнераў спявала:

Мы кузнецы, и дух наш молод, Куём мы счастия ключи...

Пайшоў далей. Ішоў, як аўтамат... Часам яму здавалася, што ён стаіць на месцы, а наўзбоч праплываюць будынкі.

«Дзіўна», — думаў. Але зараз жа стомлены мозг падказваў: «Гэта не будынкі рухаюцца, гэта ты ідзеш». Ішоў і шаптаў: «Ага. Гэта я іду... іду...»

Куём мы счастия ключи...

Вілася ў паветры песенька жаўнераў.

«...Шчасця ключы... — шаптаў Забава, — шчасця... Ах, як хочацца спаць.»

У вагоне Забава забіўся ў купэ, у якім ехалі некалькі вайскоўцаў. Сеў у кутку ля акна і, калі цягнік рушыў, адразу заснуў. Прыснілася яму, быццам апынуўся ў вялікай зале, у якой замест адной сцяны стаялі вялікія жалезныя краты. У той зале было поўна вясёлых людзей. Усе смяяліся. Невядома, як і калі — як гэта звычайна адбываецца ў сне — сярод іх апынуліся дзве вялікія птушкі, падобныя да буслоў, але значна большыя. Людзі, якія знаходзіліся ў зале, падыходзілі да іх і кожны аднолькавым рухам торкаў птушку пальцам у бок. Птушка, незадаволеная, рабіла злосны жэст дзюбай, крычала: кэ-эр, і нязграбна адскоквала назад. Забаву было шкада птушак, і дурная весялосць тых людзей злавала яго. Хацеў, каб птушкі адгэтуль збеглі. Так яно і сталася. Птушкі наблізіліся да кратаў і хоць пранты тырчэлі густа-шчыльна, лёгка, нібы гумовыя, праціснуліся паміж імі і — зніклі.

Потым мроілася яму, што ляжыць на лузе. Цяплынь... Зялёнатраўе... Весялосць. Свяціла сонца. Да яго ішоў малады прыгожы казельчык; рожкі толькі што прабіліся. Наблізіўся прыскокамі да Забавы, выцягнуў да яго пыску. блізка, блізка і нечакана аблізаў яму нос і вусны. Забава рэзка адхіліўся і... прачнуўся.

Перад ім стаяў чэкіст:

— Дакументы.

Забава падаў яму пасведчанне і адпускны білет. Чэкісты прагледзелі іх і пайшлі далей.

У Менску ён узяў танную пралётку і паехаў у кватэру Брагіных.

Быў вечар. Імжэў дождж. Мінакі паўзлі па вуліцах, як цяжкія мокрыя жукі.

Забава быў трохі ўсхваляваны. «Зараз я пабачу Зосю», — думаў, адчуваючы, як усё больш і больш ахоплівае яго хваляванне. Зазваніў у парадныя дзверы вялікай хаціны.

— Хто там? — пачуў праз момант добра яму вядомы нізкі голас Зосі.

— Я... Раман...

— Ой... Ромусь, — пачуўся ўсхваляваны жаночы голас. Дзверы хутка адамкнуліся.

— Хадзі сюды. І ціха. Ах, Божа, каб я ведала.

Забава не мог зразумець Зосі, якая была гэтак усхваляваная, быццам чагосьці баялася. На прывітанне нават не пацалавала яго.

— Ці ведаеш ты, Ромку. я замужняя, — прамовіла неўзабаве з відавочным намаганнем.

— А. та-ак.

Забава ўжо не дзівіўся. Прыкмеціў у ёй шмат чужога, чаго не бачыў раней. Не зваў ужо яе як раней — адным з пяшчотных імёнаў, але афіцыйна: Соф’я Паўлаўна.

Прыйшла маці Зосі. Прыязна прывітала яго.

Забава распавёў ім добра прыдуманую гісторыю перажытага ад 1920 го­да, з якой вынікала, што служыў у цэнтральнай Расеі і на Украіне, а нядаўна перасяліўся ў Бабруйск. У Менск прыехаў па тэхнічную літаратуру.

Пастанавілі пазнаёміць Забаву з мужам Зосі не як яе былога жаніха, а як іх далёкага сваяка, каб не раўнаваў.

— Ромчык, я была вымушана выйсці замуж. Было нам гэтак цяжка. Я думала, што ты не вернешся. — казала Зося.

— Што рабіць? Спазніўся. А хто муж?

— Начальнік станцыі.

— Камуніст?

— Так, партыйны.

Брагін, чалавек старамодны, вясёлы, гасцінны, вельмі ўсцешыўся прыезду Забавы.

— Казаў вам, што вернецца. Што? Га? Мая праўда. Але спазніўся. прамарудзіў. Ну, нічога, мы маем для яго іншы арэх. Ой, мо-оцны, — смяяўся, паказваючы вачыма на малодшую дачку.

Эльжбету Забава не пазнаў. З дзяўчынкі-падлетка вырабілася ў выдатную дзяўчыну, ззяючую нейкай пышнай, пачуццёвай прыгажосцю. Трымалася манерна вольна і шумна. Апраналася проста напаказ і біла ва ўпор кожным жэстам, кожным паглядам.

«Вох. Стоадсоткавая куртызанка. Акула вырасла, — думаў Забава з адценнем прыкрасці і цікавасці адначасова. — Якая цудоўная постаць. Гэта падкрэсліваюць і вопратка, і рухі».

— А Эльжбета Паўлаўна ў партыю не ўступіла? Цяпер яно так мод­на. — спытаў яе Забава.

— Не-е. — адказала пявуча, прыгожым рухам галавы адкідваючы валасы назад.

— Навошта ёй нейкая там партыя? — засмяяўся Брагін. — Яна сама партыя. Партыя Лізкі наймацнейшая ў Саветах. Перад ёй аніякі марксіст не ўстоіць, — дадаў жартаўліва. — А сам пан партыйны?

— Не. Не люблю ні палітыкі, ні дадатковай нагрузкі акрамя працы; а партыя накладвае нагрузку. Калі я павінен стаць благім камуністам, якіх бачу паўсюль тысячы, дык жадаю застацца добрым грамадзянінам.

— Праўдачка ваша, — з відавочным задавальненнем пахапліва пацвердзіў Брагін. — Мой прынцып. Я гэта не раз казаў.

Дапазна гулялі ў прэферанс. Забава знарок гуляў дрэнна, даючы мажлівасць выйграваць сваім партнёрам: Брагіну і Зосі, чым паддаваў ім настрою. Пасля гульні Брагін дзесьці сышоў, а калі вярнуўся, сказаў:

— У нас, мой дарагі, трохі зацесна. Мы цябе закватаруем у суседкі. У іх месца даволі. Цэлы пакой вольны, заўсёды да твайго распараджэння.

— Дзякуй і прабачце за турботы.

— Якія там клопаты. Не бяда. У іх табе будзе выгодна. Жыве там удава з дачкой. Вельмі акуратная, хоць і полька. Затое дачка яе: д’ябал. Падшыванец горшы ад хлапца. камсамолка. Ды табе якая розніца? Але ты й памужнеў. Цяжка пазнаць. Рады вельмі, ве-ельмі...

Праз гадзіну Забава ляжаў у ложку ў малым пакойчыку і пры святле лямпы чытаў «Правду». Неўзабаве патушыў святло. Доўга ляжаў з расплюшчанымі вачыма. Раптам уздумалася яму засмяяцца, ахоплівала яго ўсё боль­шая весялосць. «Партыя Лізкі — наймацнейшая ў Саветах. Перад ёй ніякі марксіст не ўстоіць», — успомніў словы Брагіна.

ДЗЁННІК РАМАНА ЗАБАВЫ Менск, 30 жніўня 1922 г.

Першая гадзіна ўначы. Спаць не магу. Паразважаўшы, вырашыў пісаць дзённік і ў Саветах, калі гэта будзе магчыма і калі на гэта хопіць часу. Раскрыцця дзённіка не баюся, бо ніколі жывы бальшавікам не здамся. Зрэшты, гэта будуць розныя лісткі з нататніка, якія, вярнуўшыся ў Польшчу, далучу да адпаведных мясцінаў дзённіка. Такім чынам захаваю шмат уражанняў, якія, іначай, могуць развеяцца.

Гэтак часам цягне да такой працы, як курца да цыгарэты. Прыемна дзяліцца ўражаннямі з кімсьці, каго любіш і паважаеш, і я, калі пішу дзённік, уяўляю, быццам побач сядзіць мой запаветны сябар. добры, паблажлівы, разумны друг — Кастусь. Чую яго ціхі, роўны голас: «Памятай, Ромка, што кніжка — гэта цуд. А цуд тым дзіўны, што заўсёды магчымы і даступны. Чалавек жыве некалькі дзясяткаў гадоў, пакутуе, вучыцца, працуе, церпіць і цешыцца; насычаецца досведам сваім і чужым — з кніг, слоў або ўчынкаў. Нарэшце, піша кнігу і ўкладвае ў яе частку самога сябе — свай­го духоўнага і фізічнага зместу, а ты бярэш яе ў рукі і можаш заўсёды ёю карыстацца».

Я шмат чытаю. Пераважна начамі. Добрых кніг трапляецца мала, бо чытаю, што патрапіць пад руку. Перашкаджае неналаджанае жыццё. Заўважыў, што не ўмею добра чытаць, гэта значыць, што падчас чытання не зусім уяўляю герояў, іх учынкі. Можа, гэта таму, што не веру кнігам. Дзеці кнігам вераць і выразна бачаць герояў; сочаць за кожным іх рухам, чуюць кожнае слова, жывуць з імі. А я страціў гэтую здольнасць, бо . не веру. Разгортваю кнігу. Чытаю. Усё выкладзена гэтак хораша, ладна і складна, як у гадзінніку: цік-так, цік-так, а ў жыцці — як у клеці. У кнізе героі гэтак хораша прамаўляюць, а ў жыцці нават людзі адукаваныя не ўмеюць выказаць уласных думак. У кнізе кожны герой важны, няма аніводнага лішняга. А ў жыцці?. Цяпер я чытаю не як калісьці, бо калісьці блізка прымаў да сэрца лёсы герояў. А зараз я чытаю: «Сядзеў на канапе змрочны чалавек. Ён сутаргава сціскаў выпешчаныя далоні. На пародзістым твары быў выраз невымоўнага адчаю.» Чытаю і спаць мне хочацца, і злосць ахоплівае. Не веру, каб тое, што перажыў герой, магло выклікаць стан, калі ён «сутаргава сціскаў выпешчаныя далоні», а «выраз невымоўнага адчаю на ягоным пародзістым твары» можа надоўга сапсаваць настрой. Бачу, што мяне ашукваюць і пры гэтым не па-мастацку, але нейк бракаробна, таму не дамся. Ёсць кнігі, якія люблю і якім веру, якія адкрываюць вочы на жыццё. Але не ўмею іх знаходзіць.

Сённяшні дзень для мяне вельмі важны. Сёння пайду на спатканне з маім дарагім сябрам. Ён на тую сустрэчу не прыйдзе, дзённік не прачытае, бо. не можа, але я прыйду і пішу я для яго, бо ён так жадаў. А можа. Можа, цяпер з ціхай усмешкай чытае тыя вершы, якія пішу з думкай пра яго. Можа, і туды прыйдзе. Усе прыйдуць. Можа.

Я пяты дзень у Менску ў сям’і Брагіных. Павінен ужо вяртацца, але чакаў сённяшняга дня — 1 верасня 1922 г.. Бо паабяцаў з’явіцца на дамоўленую некалі ў гэты дзень сустрэчу тром таварышам, у тым ліку Кастусю. Павінен стрымаць слова.

Жыву ў малым пакойчыку ў спадарыні Жарскай, жанчыны векам за 50, полькі з Вільні (віленскай полькі), калісьці даволі добра матэрыяльна забяспечанай, а зараз прачкі, якая ледзьве ліпее з уласнай працы. Ейны муж, чыгуначнік, памёр ад тыфусу ў 1920 г. Пасля ягонай смерці кабеціна засталася адна з дванаццацігадовай дачкой Юлькай. Камічныя склаліся адносіны маці з дачкой. Маці, жанчына набожная, не магла даць рады з дзяўчынай, якая хутчэй да падшыванца, хлапчука была падобная. Калісьці абвясціла матцы, што ўступіла ў камсамол. Маці махнула рукой: «Рабі, што хочаш. Потым пашкадуеш».

У маім пакойчыку, аддзеленым перагародкай ад астатняй кватэры, былі шчыліны, захінутыя абвіслымі шматкамі шпалераў. Праз іх мог пры выпадку назіраць за ўсёй кватэрай Жарскай, памяшканне тое складалася з аднаго вялікага пакоя і кухні насупраць маіх дзвярэй. Зранку мог бачыць, як спадарыня Жарская малілася, а потым ішла на працу. Юлька ўставала пазней, «па-шляхецку», як казала маці. Свістала, спявала. Часцяком чуў урыўкі з папулярнага ў Саветах «Яблычка»:

Ленін з Троцкім мне спяваюць: «Піражкі гарачыя». Пра мяне Саветы дбаюць, Болей не заплачу я.

Часта спявала такое, што сорамна і пісаць тут. Часам напявала папулярную, зусім бессэнсоўную прыпеўку ў такт маршу:

Па вуліцы хадзіла Нявеста кракадзіла. І ўся яна зялёная была. Убачыла француза — І цап яго за «пуза»! І ўся яна зялёная была. Убачыла «кітайца» І цап яго за... І ўся яна зялёная была.

Заўчора падгледзеў праз шчыліну наступную сцэну. Да Юлькі прыйшла сяброўка Жэня, дзяўчына трохі старэйшая за яе. Нешта тамака доўга балаболілі, хіхікалі, потым Жэня казала:

— Паглядзі, ці ў мяне прыгожая хада?

— Ну, ідзі.

Пятнаццацігадовая дама склала вусны сэрцайкам, прымружыла вочы, схіліла галаву набок і, ненатуральна выгнуўшыся, выстаўляючы грудзі, прайшлася перад Юлькай. Тая з вялікай сур’ёзнасцю сачыла за ёй.

— Ну, як? — спытала Жэня, скончыўшы парад і набіраючы ў лёгкія паветра.

— Хада ў цябе нішто сабе, прыгожая, — сур’ёзна цэдзячы словы, прысудзіла Юлька, — толькі мала ср.й круціш.

Я ледзьве гучна не засмяяўся.

Юлька прыбірае мой пакой. Стукае, уваходзіць, робячы сур’ёзную міну; падмяце, прыбярэ ў пакоі і выйдзе. Хацеў даць ёй трохі грошай, але не ўзяла. Напэўна маці папярэдзіла яе, каб не брала. Я прынёс з места танныя цукеркі, якія прадаваліся на рынку з-пад прылаўка. Узяла іх ахвотна. Гойсае для мяне ў места па цыгарэты. Рыхтуе гарбату.

Часта да мяне наведваецца хтосьці з Брагіных. Аднойчы прыйшоў сам Брагін. Зрабіў таямнічы выраз, зачыніў дзверы на ключ і шматзначна падміргнуў:

— Успомнім мінулае, га?

Паставіў на стале пляшку самагонкі. Стары любіў выпіць. А калі падпіў, пачаў скардзіцца, што ён «лішні чалавек».

— Разумееш, мой дарагі, — казаў Брагін, — кожная птушка на зямлі мае сваё месца і абавязак, які лёгка і весела выконвае, які надае сэнс ягонаму жыццю. А я нішто. Наогул: ці можа хто чалавеку паказаць на ягоны абавязак? Не. Чалавек сам яго знойдзе, тады шчаслівы будзе — як птушка. А мы ўсё на чужых месцах або зусім без месца — падвешаныя ў прасторы.

Я ўмею гутарыць са старэйшымі людзьмі, а найперш умею іх слухаць; гэта найболей ім падабаецца, а мне не шкодзіць; такім чынам набыў давер у Брагіна.

Прыкідваюся, што закаханы ў Лізу, раблю гэта натуральна, каб акрамя яе не прыцягваць нічыёй увагі. Яна прыгожая — проста ззяе пачуццёвай прыгажосцю адаліскі, гультаяватай і страснай. Пазіраю на яе з захапленнем у вачах, а калі заўважае гэта — перабольшваю сваё захапленне. Сказаў ёй, што нагадвае мне нейкую славутую кіназорку і што нават прыгажэйшая за яе. Заўважыў, што ёй гэта спадабалася.

У савецкай кнігарні купіў некалькі выпадковых кніг. У падарунак даў Зосі «Вайну і мір» Талстога, Лізцы «Саніна» Арцыбашава. Атрымаў ад яе ўдзячную ўсмешку і фотаздымак, на якім была апранутая ў цыганскі строй. Сказала, што ў тым строі была на баль-маскарадзе і атрымала ўзнагароду (і ў Саветах ёсць балі, але там забаўляецца не буржуазія, а толькі эліта — чырвоная, зразумела). Што да майго стаўлення да Зосі, імкнуся скіраваць яго на шляхі сентыментальных успамінаў пра нашае ранейшае каханне, што — да агульнага задавальнення — цалкам у мяне атрымоўваецца.

Пазнаёміўся з Зосіным мужам, Іванам Рыгоравічам Кобзавым. Паводзіць сябе як ідэйны камуніст, але па нейкіх дэталях я заўважыў, што пэўныя «бур­жуазным забабоны» яму не чужыя. Думаючы, што я сваяк Марылі Брагінай, гаварыў са мной вельмі шмат на розныя тэмы. Даведаўся, што лічыць мяне «выключна прыстойным хлопцам», сярод «нашай ушчэнт сапсаванай моладзі», а гэта, мусіць, з той прычыны, што я выказваў вялікае захапленне «каласальнасцю» ягонай працы і адказнасці. Гэта чалавек гадоў за пяцьдзесят, поўны, трохі астматычны; гаворыць павольна і ўвесь час дадае: «вы разумееце»? Пэўна, працуе з ідыётамі, якія не могуць зразумець самых прос­тых рэчаў. Заўважыў, што ў Зосі ён пад абцасам, проста камічны ў імкненні дагадзіць жонцы, намагаецца апярэдзіць ейныя пажаданні, рухі і нават думкі. А тая ставіцца да яго з абразлівай абыякавасцю. Заве яго «Чушкам» — быццам парася. Гэтае інтымнае «Чушка», шматкроць гучна прамоўленае Зосяй, зрабілася для мяне брыдкім, і я ледзь не з агідай глядзеў на Кобзава, які ласціўся да жонкі. Гэтае адно слова канчаткова патушыла жар майго былога кахання да яе. Як я цяпер выказаўся: «жар майго былога кахання». Я так не кажу, не пішу, і нават не думаю; гэта чужы ўплыў — кніг.

Заўважыў, што Кобзаву дорага абыходзіцца ўтрыманне хаты, і асабліва жонкі, якая капрызная і любіць прыгожа апранацца. Уяўляю, колькі могуць каштаваць зараз у Саветах яе модныя сукенкі, лёгкія халацікі, шаўковыя панчошкі. Прамаўляў самому сабе: «Так, спадар Кобзаў: роўнасць роўнасцю, братэрства братэрствам, ідэя ідэяй, але пакуль свет існуе, прыгожая жанчына будзе бясконца больш дарагая за брыдкую і яе цела ўяўляе куды большую каштоўнасць для нармалёвага мужчыны, чым усе сацыялістычныя тэорыі разам узятыя. Брыдкую, старую ты загоніш у прачкі — як спадарыню Жарскую; а перад прыгожай самкай будзеш ты віляць хвосцікам, сліну пускаць. Сам станеш рабом».

Аднойчы, калі жонкі не было ў хаце, Кобзаў паказаў мне спальню, перапоўненую не гэтулькі густоўнымі, колькі каштоўнымі рэчамі. Паказаў мне велізарны двухспальны ложак.

— Мораны дуб, — крэкнуў шматзначна. — Сапраўдны чорны дуб. Набыў пры нагодзе, усяго 50 рублёў, залатых. Адна драўніна чаго каштуе. Масіў. Учатырох ледзьве паднялі. А паглядзіце разьбу. Цуд.

— Так. фактычна. — падтакваў я без вялікага пераканання, дзеля ветлівасці.

— А гэты туалет. Гістарычная, можна сказаць, рэч. Мастацтва. Вока нельга адарваць. Як?

— Прыгожы туалет.

— А той кілім. Натуральны, персідскі. Прывёз з Самарканда. Таксама набыў выпадкова. Пакуль яго саткалі, можа, не адна пара вачэй патухла. Шэдэўр.

— Сапраўды.

— А гэта як вам падабаецца? — штурхануў мяне локцем і па-змоўніцку падміргнуў, паказваючы карціну, намаляваную алейнымі фарбамі, павешаную над ложкам. Зараз вокны адвешу.

Падняў прыспушчаныя занавескі і павярнуўся да мяне.

— . Зося хацела выкінуць на гарышча; кажа: «Навошта гэтае свінства ў спальні, тут не лазня, каб голыя дзеўкі па сценах віселі». Ледзьве яе пераканаў, што гэта твор мастацтва. Толькі калі сказаў, што нагадвае яе саму, такая самая прыгожая, змякчэла. Звярніце ўвагу на гэты цёплы тон цела, на гульню цягліцаў на сцёгнах, на гарачую хвалю медных валасоў. Гэта ўзбуджае. Адчуваеце, як паліць?

— Вядома. Трохі паліць.

Успомніў вершы, якімі крыкнуў «паэт рэвалюцыі»:

Нам не трэба крупы з неба Ды на прышлае спадзеўкі! Мы сягоння хочам хлеба, Нам сягоння трэба дзеўкі!

Неўзабаве Кобзаў заўважыў, як Зося ветліва да мяне ставіцца, таму таксама пачаў выказваць знакі павагі, магчыма хочучы тым самым зрабіць прыемнасць жонцы або знайсці ў маёй асобе хаўрусніка. Вось гэта быў палітык. Паслядоўны матэрыяліст.

У Брагіных я пазнаёміўся яшчэ з адным ягамосцем, таксама камуністам. Быў ім Міхал Озімаў, сакратар губвыканкама. Найпершы залётнік да Лізкі. Яна сваіх каханкаў пазначыла нумарамі, і нават надала ім гербы. Учора сказа­ла мне, што я таксама маю дэвіз. Спытаўся: «Які?», адказала, што гэта сакрэт, але магчыма калі-небудзь мне скажа. толькі трэба «заслужыць». Таму той Озімаў адчуў да мяне відавочную антыпатыю як да суперніка. Я і вухам не павёў, і нават знарок наймацней дагаджаў пры ім Эльжбеце. Зося таксама не любіць яго; кажа, што гэта насупа і сугней. Сказаў ёй, што знарок заляцаюся да Лізкі, каб тым самым яму насаліць. Яна засмяялася і сказала: «А хай яму будзе, гэтай мэме, добра».

Двойчы быў у спадарыні Ядвігі. У іх пачуваюся найлепш. Тут, у Брагіных, усё нейкае ненатуральнае, усё здаецца фальшывым. Брагін — кансерватар, летуценіць пра «старыя, добрыя часы»; Кобзаў камуніст, закаханы ў мяшчанскія анучы; Озімаў — пыхаваты, як той паўлін, камуніст, педант, эгаіст, які лічыць сябе найвышэйшым і універсальным аўтарытэтам, боствам, што пабліжва сыходзіць да простых смяротных. Маці Зосі — нервовая, падазроная, дрыжыць за кожны кавалак хлеба, скупая і бурклівая. Зося — хатні тыран, амаль істэрычка, якая «згарэла на алтары ахвяравання для ўласнай сям’і», выходзячы замуж за старога, нялюбага мужчыну. Лізка — пра яе не буду пісаць. пакуль што... У сямействе Двалінскіх пачуваюся як ва ўласнай сям’і. Усе шчырыя, добразычлівыя, простыя. Спадарыня Ядвіга мяне здзівіла, і нават сур’ёзна занепакоіла. Калі быў у іх апошні раз, сказала:

— Я маю для спадара падарунак.

— Які падарунак?

— Вось, калі ласка, — падала мне некалькі шматкоў паперы. Гэта былі два загады з V Корпуса і некалькі загадаў з 4-й дывізіі пяхоты. Загады непасрэднай каштоўнасці не мелі, але сам факт набыцця іх праз спадарыню Ядвігу сведчыў пра тое, што яна мае крыніцы і што рабіла захады ў тым кірунку.

— Няхай спадарыня будзе ўважлівай. гэта не жарт. Спадарыня ведае, чым гэта ёй пагражае?

— Ведаю добра. I хай мяне спадар не палохае. Вы хочаце дапамагчы нам выбрацца адгэтуль. Носіце праз мяжу лісты і рэчы. Таму і я магу таксама трохі рызыкнуць для спадара. Не будзем пра гэта гаманіць. Ёсць іншая спра­ва, пра якую згадвалі. Я размаўляла з адным чэкістам. Згодзен на ўсё. Спа­дар можа яму верыць — як мне. Пазнаёмлю вас, калі пан жадае, альбо сама зраблю, што трэба. Толькі адно пытанне. вельмі важнае.

— Калі ласка?.

— Ён какаініст. Каб яго цалкам мець у руцэ — можа вельмі спатрэбіцца пану — варта даваць яму, часам, трохі какаіну.

Пані Ядвіга з гэткім запалам казала пра пэўныя справы, так добра арыентавалася ў метадах працы, што вельмі здзівіла мяне. «Яна — прыроджаны шпіён — думаў я. — У патрэбны момант зможа шмат зрабіць».

Узяў ад яе загады, не таму, што былі мне патрэбныя, але каб зрабіць тым ёй прыемнасць, і сказаў, каб больш без мяне анічога не рабіла, бо буду гневацца і нават буду асцерагацца да іх прыходзіць, бо могуць за ёй сачыць і разам з сабою яна праваліць і мяне. Паабяцала больш гэтага не рабіць.

Сёння ўвечары хачу аднесці два здымкі Кастуся ягонай маці. Даўно яе не бачыў. Цікава, што ў іх новага. Як прынялі вестку пра смерць Кастуся? Мне трохі непрыемна туды ісці, але думаю, што для іх гэта будзе дарагая памятка пра яго . А я?. Я памятаю пра яго заўсёды. Зрэшты, я маю дзённік.

Ціха. Так ціха, быццам застаўся я адзін у цэлым свеце.

ІІІ. «ТРОЕ АДСУТНЫХ»

Чалавек, які збіўся са шляху мудрасці, апынецца ў зборні мерцвякоў.

Прытчы Саламонавыя, 21. 16
1921 год

Было іх чацвёра, дужых, маладых, здаровых. Жыццё і энергія ў іх віравалі. Сядзелі вакол стала, курылі папіросы.

— Дык што там за такая «важная справа»? — спытаўся Забава, гледзячы па чарзе ва ўрачыстыя твары сяброў.

— Кажы ты, Кастусь — адказаў Часлаў. — Ты найлепей пра гэта скажаш, бо што я . Ведаеш сам: не ўмею языком малоць.

— Так, няхай Кастусь кажа, — махнуў галавой Алесь. — Гэта мой праект, таму не жадаю, каб ты думаў, што мне гэта трэба пазарэз...

Канстанты сядзеў задуменны. Прыгладзіў далонню валасы над высокім ілбом і зірнуў на сябра.

— Добра — сказаў, — добра. Справа, Рамане, такая: мы хочам вяртацца ў Менск. Навошта бадзяцца нам па чужых кутах. Мы пакінулі там бацькоў, знаёмых. Пакінулі там палову нашых сэрцаў. Ты пакінуў бацьку. Жывём тут, а думкі заўсёды там, сярод сваіх. Мы злачынстваў супраць Саветаў не рабілі — хіба толькі служба ў чужым войску, але гэта тлумачыцца тым, што мы ўступілі ў войска падчас акупацыі. Мы прыйдзем у ЧК, прадставім дакументы і заявім, што жадаем жыць і добрасумленна працаваць у Саветах, у сваім горадзе, як лаяльныя грамадзяне. Напачатку могуць хай сабе часова нас арыштаваць, але сур’ёзных наступстваў не можа быць, бо калі б мы нават на фронце трапілі ў няволю, дык былі б толькі палоннымі, а не зняволенымі. Зрэшты, калі нас нават арыштуюць, то сваякі за нас запаручацца. Хіба не? Зрэшты, гэта Беларусь, і мы, як беларусы, маем права вярнуцца на бацькаўшчыну, нягледзячы на тое, пад якімі ўладамі яна знаходзіцца. Вось, мы і пытаем цябе: ці жадаеш ты далучыцца?

Раман быў здзіўлены.

— Як гэта? Самому аддацца ім у рукі? Хлопцы, я там быў. Я ведаю, што тамака робіцца. Вядома, я пагаджуся, але не такім чынам. Навошта гэтак рызыкаваць? Я з табой, Кастусь, у пекла пайшоў бы. З вамі таксама. Але не так. Пойдзем са зброяй. Схаваемся, а адзін няхай з’явіцца. Пабачым, як усё будзе. Калі ўсё скончыцца шчасліва для аднаго, тады і астатнія з’явяцца, а калі справа будзе швах, тады зробім іначай.

— Я казаў, што ён не пагодзіцца, — уздыхнуў Алесь.

— Не, Раманку, — сказаў Часлаў, — калі так, дык мы пойдзем адны. Мы хочам, каб усё пайшло сваім парадкам. Трэба і тое мець на ўвазе, што з трыма, калі мы з’явімся, іначай будуць лічыцца, чым з адным. Мы аніякія тамака ні буржуі, капіталісты ці контррэвалюцыянеры. Вяртаемся дадому, да працы, не маючы на сумленні ніякіх злачынстваў — ані крымінальных, ані палітычных. Мы прыйдзем шчырая, адкрытыя. У гэтым наш козыр. Чаго нам баяцца?

Доўга размаўлялі сябры. Забава, згодна дамове, павінен быў застацца ў Вільні і чакаць ад іх вестак, а тады таксама ісці да іх у Менск.

Справу акрапілі. Калі падвыпілі ўжо, хтосьці падаў наступную прапанову: «Вы ведаеце што, хлопцы? Невядома, што здарыцца з намі. Прызначым сабе сустрэчу на будучыню, праз пэўны час. Я нешта такое чытаў. Як бы гэта было хораша, га?.. Адзін у Вільні, адзін у Менску, адзін у Маскве, іншы яшчэ тамака дзесьці, і ў прызначаны час усе мы збіраемся на сустрэчу. Як?

Прапанову дружна прынялі, і Кастусь напісаў пратакол:

Вільня, дня 19 траўня 1921 г.

Мы, ніжэйпадпісаныя, клянёмся, нягледзячы на адлегласць і жыццёвыя акалічнасці, з’явіцца на ўмоўленую «сустрэчу сяброў», у дзень 1 верасня 1922 года, а гадзіне 9-й вечаравай парою, у Менску, у Губернатарскім садзе на беразе Свіслачы, насупроць летняга тэатра «Рэнесанс».

Нез’яўленне можа апраўдаць толькі: смерць, цяжкая хвароба або турма. Іншыя прычыны будуць лічыцца за адыход ад Лучнасці Чатырох Сяброў.

Канстанты Соліч, Часлаў Г алін, Аляксандар Жалоўскі, Раман Забава.

Назаўтра Забава развітаўся з імі на віленскім вакзале. Калі цягнік рушыў, пацалаваў сяброў і па чарзе апошні раз паціснуў іх далоні.

— Будзь здаровы. Хутка пабачымся, — сказаў Алесь.

— Чакай ліст з Менска, — прамовіў Часлаў.

— Не засмучайся, Раманік. Вучыся, працуй. Усюды жыць можна, — кінуў яму Кастусь, ужо з цягніка, які рушыў.

— Шчасліва, шчасліва. Пішыце. — крычаў ім Забава.

Доўга чакаў ліста, але не дачакаўся яго. Замест ліста праз два месяцы атрымаў вестку, што трох ягоных сяброў расстралялі ў Менску, куды з’явіліся і самі аддаліся ў рукі ўладаў. Іх прыставілі да сценкі як контррэвалюцыянераў, якія прыбылі на тэрыторыю Краіны Саветаў дзеля арганізацыі «белагвардзейскіх бандаў».

«Так, нейкія падлюгі на іх крыві зрабілі службовую кар’еру», — падумаў Забава. Яму прыйшлі ў галаву словы аднаго беларуса з Вільні, які, расказваючы пра жахі ўсё яшчэ рэвалюцыйнага тэрору ў Менску, адзначыў, што «гэтым кроў беларуса што вадзіца».

* * *

Вечар быў цёмны. Вецер гойсаў па вуліцах, ляпаў аканіцамі, ламаў платы, кружыў у паветры і кідаў у твары мінакоў мокрае, халоднае лісце.

Забава пралез праз плот у сад сямейства Солічаў, бо брамка на падворак была зачыненая (не хацеў неспадзявана ўваходзіць праз парадныя дзверы). На падвор- ку спыніўся насупраць асветленых вокнаў кухні; рэшта хаты патанала ў цемры.

«Можа, хто выйдзе?» — падумаў Забава. Было яму вельмі сумна. Колькі ж гэта разоў калісьці ў гэтай хаце, пры жыцці Кастуська ладзілі вясёлыя заба­вы, на якіх збіралася гэтулькі моладзі. Цяпер не мог адгадаць, што робіцца за сценамі. Толькі прадчуванне казала яму, што анічога добрага.

Хтосьці ўвайшоў у кухню і стаў ля акна.

«Гэта Мікалай», — падумаў Забава, пазнаючы старэйшага брата Кастуся. Падбег да акна, ускараскаўся на дыбачкі і ціха пастукаў у шыбу. Мікалай спалохана зірнуў у акно. Прыгледзеўся.

— Хто там? — пачуў Забава ягоны голас.

— Выйдзі на якую хвілю, — адказаў голасна.

Мікалай азірнуўся ўнутр пакоя і адшчапіў акно.

— Хто там? — паўтарыў устрывожаны.

— Я. я. Раман.

— Ра-а-ман?

Сполах адбіўся на твары Мікалая, які збялеў на палатно.

— Зараз выйду. зараз. — прашаптаў.

Неўзабаве быў на падворку. Забава адчуў, што Мікалай дрыжыць усім целам — не ад холаду, але ад хвалявання.

— Скуль вы? Навошта сюды прыйшлі? Што вы рабілі?

— Я прыйшоў з Польшчы. Прынёс вам два фотаздымкі Кастуська. Думаў, што гэтым усцешыцеся.

— Ідзіце адгэтуль. Нічога не трэба. Ніякіх фотаздымкаў. Маці як вар’ятка. Пятрусь на эпілепсію захварэў. Страшэннае няшчасце. Не трэба чапаць ранаў.

— Няўжо нельга было яго выратаваць?

— Мы рабілі ўсё, што можна. Маці ў дошку разбівалася, каб выцягнуць яго з іх лапаў, але іх так там спялюшылі, што ... што мы анічога зрабіць не маглі.

— А што ў вас дома?. Навогул, што чуваць?

— Дол. магіла. Ідзіце адгэтуль. Не. Пачакайце. Дайце, калі ласка, здымкі. для сябе захаваю.

Забава сціснуў халодную далонь Мікалая.

— Да пабачэння.

— Бываце.

Прайшоў да канца прысадаў і спыніўся насупраць доўгага моста. Выняў гадзіннік.

Без пяці дзевятая.

Паволі пакрочыў назад. Пасярэдзіне алеі сеў на лаўку і стаў глядзець перад сабою. Жаласна плёскалі аб бераг халодныя хвалі ракі.

Дзевятая.

Раптам прыкмеціў углыбіні прысадаў тры мужчынскія постаці. Сэрца ягонае ўстрапянулася.

«А раптам?»

Мужчыны наблізіліся да яго. Адзначыў аднаго вайсковага ў шынялі і будзёнаўцы з вялікай чырвонай зоркай; на поясе вісеў у кабуры наган; на рукаве былі нашытыя тры чырвоныя ромбы.

«Буйная рыбка», — падумаў Забава.

З вайскоўцам крочылі два цывільныя. Адзін з іх трымаў пад пахай тоўста набіты партфель. Гучна размаўлялі.

Забава змрочна ўзіраўся ў іх. Правую руку трымаў у кішэні, моцна сціскаючы шурпатую ручку парабелума. Зняў рэвальвер з засцерагальніка, з асалодаю чуючы лёгкую, сухую, характэрную пстрычку. Тры мужчыны наблізіліся да яго.

Перасталі размаўляць, пазіраючы на самотнага чалавека ў вайсковай форме, з пазнакай на шапцы, што выдавала ў ім тэхніка, які сядзеў з дзіўным выглядам.

«Няхай толькі зачэпяць», — думаў Забава, адчуваючы як нарастае ў ім цяжкая хваля злосці. — «Я ім зачаплю».

Правакацыйна прымружыўся і закапыліўшы ніжнюю губу глядзеў ім у вочы. Мінулі. Азірнуліся. Вайсковец спыніўся, відаць, хацеў штосьці сказаць.

— Хадзем, Вася, што табе? — прамовіў нецярпліва адзін з цывільных.

Пайшлі далей. Зніклі ў цэнтральнай прысадзе. Ішло на дзесятую гадзіну. Забава падняўся. Прымружыў вочы. Уявіў велізарную, дужую постаць Часлава, яго добрыя вочы і дзіцячую ўсмешку; флегматычны твар Алеся і іранічны бляск ягоных вачэй; задуменнае аблічча Кастуся. ягоныя самыя дарагія яму вочы, сумныя, глыбокія, мілую ўсмешку сябра. Да ягоных вушэй даляцелі апошнія словы развітання на вакзале ў Вільні: «Не засмучайся, Раманку. Вучыся, працуй. Усюды жыць можна».

«Усюды?! Толькі не тут», — падумаў Забава і ўзгадаліся яму зноў словы беларуса з Вільні: «Гэтым кроў беларуса што вадзіца».

Павольна пакрочыў у кірунку моста. Спыніўся над берагам ракі і доўга пазіраў углыб прысады.

«Трое не прыйшлі... Трое...» — прашаптаў, і праз хвілю дадаў у думках: «Нез’яўленне апраўдана». Жудасны смутак ахапіў ягонае сэрца.

Енчыў і плакаў вецер у галінах ліпаў; трывожна дрыжэла і шаптала лісце. Вакол віравалі мёртвыя пасмы святла ліхтароў.

Змрочна і глуха плюскацелі чорныя хвалі Свіслачы.

* * *

Дарога была жахлівая. Ногі грузлі ў ліпкім глеі, які прагавіта засмоктваў і скоўваў ступакі. Здзяйсненне кожнага кроку патрабавала высілкаў. Забава больш крочыў па размоклай раллі, чым па дарозе. Вочы, хоць і прызвычаеныя да цемры, не маглі заўважыць анічога нават за крок перад сабою.

Было позна. Жадаючы абавязкова перайсці мяжу да світанку, ішоў вельмі хутка, хоць почасту спатыкаўся аб камяні, правальваўся ў канавы і ямы, слізгацеў па гліністых пагорках і мокрай траве.

Вакол аніякіх прыкмет жывога духу. Ні голасу, ні святла. Панаваў тут толькі вецер, вольна гойсаючы па адкрытай раўніне. Пустэча, нават сабака нідзе не забрэша.

У левай руцэ Забава трымаў электрычны ліхтарык, у правай — рэвальвер. Быў гатовы ў любую хвіліну асляпіць ворага бляскам ліхтарыка і стрэльнуць куляй з рэвальвера.

Калі чалавек працяглы час ідзе ў поўнай цямрэчы, яго пачынае агортваць нейкае соннае бяссілле, і ён вымушаны намаганнямі волі абуджаць у сабе ўвагу. Можна, ідучы доўга ў такой цемры, бачыць даволі шмат цікавых рэчаў, выснаваць шмат арыгінальных думак, весці доўгія размовы з вымроенымі асобамі. Закалыханы аднастайнай, манатоннай хадою, мозг працуе сам па сабе, па-за нашым кантролем, а цела падсвядома падпарадкоўваецца мэтанакіраванасці руху. Пачуццё гэта вядомае людзям, змушаным начамі вандраваць.

Забава доўга спускаўся адхоністай дарогай у яр паміж двума пагоркамі. Унізе была студня. Знайшоў яе ў цемры. Ледзьве падняў вочапам жураўля вядро вады і доўга піў, хоць не меў вялікай смагі. Піў на запас, бо ведаў, што далей акрамя каляінаў і калужын, аж да памежжа, вады пры дарозе не будзе.

Пачаў ісці ўгару. З намаганнем, крок за крокам, караскаўся па слізкім адхоне. Трохі развіднела. Дзе-нідзе з-за хмараў вызіралі цікаўныя зоркі. З блізкай адлегласці ўжо можна было адрозніць абрысы дрэў, хмызоў.

Злева, пры дарозе, вырасла з цемры доўгая, драўляная будыніна. Забава спыніўся. Стаяў на самай вяршыні ўзгорка. Наблізіўся да будынка. Адно акно, не вельмі шчыльна занавешанае гардзінай з сярэдзіны, прапускала праз вузкія шчыліны святло. З-за акна даносіліся чалавечыя галасы.

«Што гэта можа быць»? — падумаў Забава. Ціха наблізіўся да акна, каб зазірнуць праз шчыліну ўсярэдзіну. Адчуў каленам мокрую, слізкую лаўку. Паставіў адну нагу на лаўку і адразу інстынктыўна тут жа адчуў ля сябе чыюсьці прысутнасць. Замёр на месцы. Павярнуў галаву направа, і ў гэты самы момант балюча ўдарыў яму ў вочы яркі прамень кішэннага ліхтарыка.

— Стаяць! Рукі ўгору!

Не змарудзіў і імгнення — тройчы стрэліў перад сабою, у тое месца, адкуль свяціў ліхтарык, і скокнуў убок. Ліхтарык пакаціўся па зямлі, рэфлектар патануў у чорнай жыжы лужыны. Бліснуў ліхтарык Забавы і адразу патух (у ягоным святле паспеў убачыць укленчанага на зямлі, пры сцяне будынка, чырвонаармейца з карабінам у руках. Руля была накіравана ў бок Забавы. Забава скокнуў улева і прысеў. Тут жа бухнуў стрэл; агонь лізнуў начны змрок. Забава стрэліў у адказ, двойчы. Пачуўся стогн. Ціха зрабіў некалькі крокаў на сярэдзіну дарогі, хочучы адысці ад будынка. У гэты час нябачныя ў цемры дзверы з трэскам адчыніліся і шырокі пас святла прарэзаў змрок, рассякаючы цемру начы і дарогу. У праёме паказаліся ўзброеныя людзі. Забава з нейкім садысцкім задавальненнем, сціскаючы зубы стрэліў па іх чатыры разы. Убіў у ручку парабелума новую абойму, перазарадзіў рэвальвер і ціха пайшоў ускрайкам дарогі. Праз некалькі імгненняў ззаду пачуліся стрэлы, крыкі, і, трохі пазней, тупат коней.

Забава сышоў з дарогі і пайшоў праз палі, усё больш і больш аддаляючыся ад гасцінца. Доўга ішоў напрасткі па жудаснай бездаражжы. Часам глядзеў на компас, каб не страціць арыентацыі.

Калі ўбачыў, што (паводле гадзінніка) да світанку засталося не больш чым дзве гадзіны, скіраваў на поўнач, хочучы выйсці на гасцінец, з якога папярэдне сышоў, кіруючыся на поўдзень, а потым на захад. Пасля гадзіны цяжкай, пакутлівай дарогі знайшоў гасцінец. Пачало добра днець. Да мяжы заставалася яшчэ больш як пяць кіламетраў. Вырашыў пайсці да найбліжэйшага лесу і там дачакацца змяркання, каб пад покрывам цемры пераходзіць у Польшчу, бо пакуль што іншых дарог за мяжу, акрамя гасцінца, не ведаў.

Дзень перачакаў у лесе, паўночней гасцінца. Яму вельмі хацелася спаць, але не ведаючы наваколля, асцерагаўся, каб яго не ўхапілі, калі засне. Пасля страляніны сённяшнім досвіткам мяжа і памежжа на гэтым адрэзку будуць узмоцнена вартавацца і патрулявацца.

Блукаў па лесе. Вывучаў лясныя сцяжыны. Некалькі разоў выходзіў на ўзлесак. Нарабіў на карце гэтага адрэзку мяжы некаторыя папраўкі, бо заўважыў на ёй гэтулькі недакладнасцей. Лушчыў арэхі, збіраў познюю маліну. Толькі пад вечар зноў выйшаў на гасцінец.

У лесе было ўжо цёмна, а на дарозе і ў полі толькі пачало змяркацца.

Калі наблізіўся да «другой лініі», сышоў уніз з пагорка па шырокім, звілістым, парослым маладымі елкамі адхоне. Паслухаў, паглядзеў, на колькі сягаў зрок, на прасторную сенажаць і, карыстаючы з кожнага прыкрыцця на мясцовасці, сышоў на бераг звілістай рачулкі. Доўга шукаў броду. У адным месцы заўважыў зламаную, старую вярбу, перакінутую над вадой. Доўга паўзіраўшыся і пераканаўшыся, што паблізу нікога няма, перабраўся на другі бок і неўзабаве зноў увайшоў у лес.

Паволі сунуўся наперад, уважліва ловячы вухам кожны шоргат. Прамінуў некалькі добра вытаптаных сцежак паміж мяжой і «другой лініяй». Усё сведчыла пра тое, што мяжа на задняй лініі таксама добра ахоўваецца. Уважліва вывучаў усё наваколле. За кожным кустом магла быць засада, на кожным кроку яго чакала небяспека, у любую хвіліну яго маглі сустрэць стрэлы.

Амаль гадзіну змарнаваў, каб прамінуць без малога вярсту паміж «другой лініяй» і глыбокім ярам, які ўклініўся па межавой паласе да самой мяжы. Доўга сядзеў пад старой ялінай, над берагам яра, слухаючы плюскат вады ўнізе, дзе бруілася ў капрызных паваротках рачулка. Навокал было ціха. Пачаў павольна ссоўвацца ўніз. Некалькі разоў спыняўся і ўслухоўваўся. Раптам зачапіў нагой камень, які пакаціўся ўніз. Забава спыніўся.

Праз некалькі імгненняў пачуў гучны воплеск вады і амаль адразу... стрэл, а потым другі. Даляцелі воклічы: «Стаяць!», «Хто ідзе?..», «Стой, стой!» Забава, карыстаючыся вэрхалам унізе, спрытна і ціха ўскараскаўся назад на бераг яра. Праслізнуў ягоным ускрайкам на 200—300 крокаў далей, бліжэй да гасцінца. Перад ім раскінулася шырокая адкрытая прастора. Гэта была прасека, пасярэдзіне якой і праходзіла мяжа, а за ёй віднелася чорная сцяна лесу. І гэта быў ужо польскі бок.

Сагнуўся і без пярэдыху пабег. Бег, колькі мог, аж пакуль не апынуўся на мяжы. Ззаду ў цемры чуліся крыкі і стрэлы чырвонаармейцаў, якія ўсё яшчэ палявалі на неіснуючых там, як думалі, кантрабандыстаў.

Забава, цяжка дыхаючы, паглядзеў на межавыя слупы. Стаялі на невысокіх капцах, з дзяржаўнымі гербамі і нумарамі. Стаялі ціха, панура, нібы барацьбіты-спартсмены, якія засяроджана ацэньваюць свае сілы перад пачаткам паядынку. Спыніўся паміж імі і глядзеў у кірунку чорнай сцяны лесу. Учарашняя ноч і сённяшні дзень навучылі яго іншымі вачамі глядзець на мяжу, дарогу да яе і ўсё, што было з ёй звязана. Зразумеў, што перад ім яшчэ шмат таямніц, што доўга яшчэ будзе вымушаны набірацца вопыту, перш чым навучыцца лёгка чытаць у таямнічай кнізе мяжы і памежжа. Бо пакуль што ён толькі пачаў вучыць алфавіт. Пачуваўся аточаным невядомымі, хітра замаскіраванымі ворагамі. Ускінуў угару руку са зброяй і пагразіў камусьці нябачнаму, схаванаму ў цемры.

З-за лесу, як злодзей з-за плоту, вызірнуў адным рогам месяц і, нібы зачапіўшыся за верхавіну хвоі, спыніўся. І нібы агледзеўся навокал. Забаву падалося, што нібыта месяц паглядзеў на мяжу і заўважыў там штосьці страшнае, ад чаго жахнуўся, хацеў схавацца назад за верхавіну, але было запозна, таму адчайна адштурхнуўся ад хвоі і, ныраючы ў халодных аблоках, марудна паплыў угару. Там схаваўся за вялікай хмарай.

* * *

У той час, калі Забава страляў у чырвонаармейцаў, у Менску, у першым «падвале» ЧК капітан Антасевіч «Крот» затаіўся пры дзвярах сваёй камеры, чакаючы, каб чырвонаармеец, які перад зменай пералічваў арыштаваных, іх адамкнуў. У руцэ Антасевіч меў камень. Вялікі, цупкі. План яго быў просты і адважны; ён верыў у перспектыву поспеху.

У калідоры грукнулі адны дзверы, другія, трэція. «Крот» нахіліўся. Дзверы з рыпам расчыніліся насцеж. З’явіўся чырвонаармеец з вялікім ліхтаром у руцэ. І тады «Крот» скокнуў наперад. Са страшнай сілай адным ударам каменя разбіў галаву жаўнеру, які цяжка, бы мяшок пяску, паваліўся на падлогу калідора, губляючы ліхтар і ключы. «Крот» уцягнуў яго ў камеру і пачаў здымаць з яго шынель, шапку і боты, каб пераапрануцца і выйсці на падворак.

* * *

Калі Забава страляў ва ўзброеных людзей, якія з’яўляліся ў дзвярным праёме будынка, «Крот» ішоў з ліхтаром і ключамі, пераапрануты пад каравульнага, у кірунку выхаду з падвала ЧК. Абмінуў пастаўлены ў калідоры стол і двух салдат, якія драмалі пры ім. Не звярнулі на яго ўвагі.

Выйшаў да лесвіцы. У гэты момант наверсе адчыніліся дзверы і ў іх паказаўся намеснік каменданта ЧК Бараноў, у суправаджэнні трох чэкістаў. Ішлі ўніз. Бліснулі ліхтары. «Крот» ішоў уверх. Сустрэліся пасярэдзіне сходаў. «Крот» хацеў абмінуць іх.

— Чаму ты сыходзіш з паста? — спытаў Бараноў.

— Я зараз. — невыразна адказаў «Крот».

— Гэта ж «Крот»! Стой! — крыкнуў адзін з чэкістаў. «Крот» схапіў за кабуру, дзе быў наган, павешаны на поясе чэкіста; яму ўдалося вырваць зброю, але наваліліся трое. Пачалося змаганне. Прыбеглі чырвонаармейцы. Доўга не чыкаліся — прагучалі тры стрэлы. Уцякач сканаў.

Так скончыў жыццё «Крот» — Антасевіч — на чорных, брудных сходах падвала ЧК.

* * *
ДЗЁННІК РАМАНА ЗАБАВЫ Воўкаўшчына, 17 верасня 1922 г.

Не пісаў ад 1 верасня, хоць меў так шмат уражанняў. Знаёмствы мае штодня пашыраюцца. Усяго тройчы быў за мяжой (сёння раніцай вярнуўся з выведкі), а новых знаёмых магу лічыць на дзясяткі. Распавяду пра іх пасля.

Сёння на польскім баку здарылася ў мяне прыгода. Увечары выправіўся пехатою з Ракава ў Воўкаўшчыну. Гэта блізка, усяго 5 вёрстаў. За тры вярсты ад Ракава ляжыць даволі вялікая вёска Бузуны. Калі ўвайшоў у тую вёску і абмінуў некалькіх хат, з брамкі аднаго двара выскачыў вялікі, чорны сабака і кінуўся да ног, хочучы грызануць. Не цэлячыся, стрэліў з браўнінга, «сямёркі», які трымаў у кішэні пад левую руку. Сабака адчайна заекатаў, вярнуўся на падворак і пачаў там то выць, то пранізліва вішчэць.

Я ішоў далей. Ноч стаяла светлая. Месяц выкаціўся на неба, але ў вёсцы было цёмна. Вуліца ўяўляла сабой штосьці накшталт яра, на дне якого ўздоўж адхонаў цясніліся хаты. Пад нагамі чвякала суцэльнае балота, з якога дзе-нідзе вытыркаліся, замест ходніка, камяні і дошкі. Відаць, па іх вяскоўцы скакалі і балансавалі, ідучы вуліцай. Я спачатку пераскокваў з каменя на камень, але бачачы, што гэта толькі замаруджвае шлях, боты ж і так меў заляпаныя, пайшоў проста пасярод дарогі. Быў здзіўлены, калі заўважыў, што лягчэй ісці тут, дзе лужыны; было менш балота. Таму шлэпаў напрасткі.

Ззаду, з цемры чуліся злосныя, усхваляваныя галасы. Нейкія людзі ляпалі ў вароты, дзверы і вокны, выгукваючы па імю: «Андрэй! Дзмітрук! Тамаш! Мікіта!». Я зразумеў, што сяляне збіраюць хеўру, каб зладзіць на мяне паляванне — адпомсціць за падстрэленага сабаку. Прыспешыў крок. Праз некалькі хвілін за мной з’явіўся людскі натоўп.

Канец вёскі быў блізка. Мне рупіла акурат пра гэта. Я мог бы звярнуць управа або ўлева, але не хацеў выходзіць на невядомую мне мясцовасць. Ведаў, што на пагорку побач дарогі, паблізу вёскі, ляжыць ва ўпадзіне вялікі камень — даволі зручнае месца для абароны. Я прыкінуў — мясцовыя сяляне маглі мець агнястрэльную зброю, якой даволі шмат накралі і пахавалі падчас вайны і рэвалюцыі. У кожнай вёсцы можна было знайсці некалькі, а можа, і дзесяткі абрэзаў.

Калі выйшаў за вёску, ззаду паўмесяцам атачыў мяне густы ланцуг сялян. Імкнуліся перарэзаць мне дарогу. Пачуліся галасы: «Гэй, ты! тамака! Чакай, ну!» Я крочыў усё хутчэй. Дабраўся да каменя. Развярнуўся да маіх пераследнікаў і некалькіх разоў стрэліў з браўнінга і парабелума. Чакаў адказу, але ніводны стрэл не пачуўся з іхняга боку. Заўважыў у полі толькі адзінокія постаці сялян, якія давалі лататы да вёскі.

Я прыкмеціў даўно, што сяляне жорсткія і любяць здзекавацца з палонных — злодзеем або якім-небудзь бандзюком-уцекачом, асабліва калі іх шмат, а ахвяра слабая і безабаронная. Але яны вялікія баязліўцы, калі сустрэнуцца з сілай, адвагай, упэўненасцю ў сабе. Умеюць альбо здзекавацца, калі іхняя перавага відавочная, альбо подла выцікоўваць, як бы ўкусіць, калі адчуваюць хоць бы найменшую рызыку. Прыніжаюцца і агідным чынам ліслівяць моцнаму, нават тады, калі той ад іх анічога не патрабуе і калі гэта ні да чаго не прывядзе.

У Воўкаўшчыне я вырашыў выспацца. Пачаставалі мяне, як звычайна, яечняй, якая сёння мне падалася выключна смачнай. Калі ўсе разышліся, пачаў, нягледзячы на стому, пісаць дзённік.

Дзесяць дзён таму, перш чым пайсці за мяжу, бачыў цікавы сон. Я стаяў самотны адзінокі на шырокім полі, свежа заараным у вялікія цёмныя скібы. Зямля была чорная. Неба нада мной шэрае, каламутнае і толькі ў адным месцы над небакраем было трохі яснейшае. Тая светлая паласа пашыралася ўсё больш і больш — быццам паўзла ўгару і раптам, нібы з нейкай ямы, выплыў месяц. Вялікі, светлы. Падымаўся ўгору вельмі хутка. Спыніўся. Раптам я заўважыў, што месяц мае чорныя вусы, закручаныя ўверх а-ля Вільгельм ІІ, чорныя вочы і бровы. Я здзіўлена пазіраў на гэтую праяву. Месяц жа са злосцю глядзеў мне ў вочы, пагрозліва моршчыў лоб і сцягваў бровы. Было мне цяжка. Пачуваўся адзінокім і безабаронным. Калі прачнуўся, засталося ўва мне пасля сна нейкае непрыемнае пачуццё. «Напэўна, гэтая выведка не пройдзе мне шчасліва, — падумаў я. — Здарыцца бяда». Быў амаль упэўнены ў гэтым. Але, уявіце сабе, усё мне спрыяла. Я зусім не блукаў. Ніякіх перашкод не меў. У Менску, Гомелі, Бабруйску ўсё было нармалёва. Вярнуўся таксама шчасліва. Вось вам і сны.

У Гомелі апынуўся на невялікай гулянцы, зразумела з самагонкай, за якую плаціў я. Было там некалькі вайскоўцаў, двое цывільных — савецкіх чыноўнікаў — і тры жанчыны, супрацоўніцы нейкай савецкай установы. Пілі і жартавалі, не саступаючы мужчынам, і паводзілі сябе больш пахабна, чым вулічныя дзеўкі. Заўважу, што гэта быў дзень нараджэння майго асведамляльніка. Вось там, «у сваім коле», пачуў новыя куплеты, якія даволі добра спяваў адзін з вайскоўцаў. Прывяду тут строфы, якія засталіся мне ў памяці:

Лёва Троцкі — генерал, Літаратар і палітык. У яго нястрымны шал: Ён паэт, філосаф, крытык. То спявае пра траву — То касой па той траве. Кожны мае галаву, Лёва Троцкі мае дзве.

Надта выхвалялася спевам (больш не мела чым) адна з сябровак; брыдкая, па-мужчынску астрыжаная і якая на 90 працэнтаў нагадвала мужчыну. Спявала пад акампанемент гітары «Жаночае раўнапраўе».

Маня будзе камісарам, камісарам, камісарам, Таня будзе сакратарам, сакратарам, сакратарам.

Пакуль што мая праца нудная і нецікавая. Незвычайных прыгодаў няма — ні самалётаў, ні падводных лодак, ні каркаломных пагоняў, ні кіламетровых падкопаў, ані ўскрыцця незгаральных сейфаў. Цяпер я інакш на ўсё гэта гляджу. Цікава, як будзе далей. Людзі любяць, каб іх падманвалі. Услаўляюць хлусню. Жыццё гэта не кіно, не фільм і не сенсацыйны раман. Там мужчына, пераапрануты пакаёўкай, падслухоўвае вялікія дзяржаўныя таямніцы, а ў жыцці: у цягніках, установах, на вакзалах — усюды плакаты: «Болтун — находка для шпиона». Мая праца — праца чорнарабочага выведкі. І я часам так напакутуюся за мяжой, што вырашаю кінуць гэты занятак, як нецікавы і нявыгадны — колькі той платы; калі ж па вяртанні і кароткім адпачынку падумаю пра яе, дык адчуваю дрыжыкі і зноў хочацца мне як хутчэй ісці туды, дзе рызыка. Магчыма, мяне пакуль што забаўляе навізна, а магчыма, засмоктвае звычка.

На сёння даволі.

Баранавічы, 20 верасня 1922 г.

Цікавая справа. Сёння мяне пратакольна дапытвалі наконт наступных пытанняў: калі папярэднім разам я вярнуўся з-за мяжы (назаві дакладную дату і гадзіну), на якім адрэзку зваротна перасягнуў мяжу (назаві нумары слупоў), ці ведаю агента Пятрова і ці сустракаўся з ім за мяжой. Падрабязна адказаў на ўсе пытанні. Пра Пятрова адказаў, што чуў пра існаванне такога агента і трохі ведаю пра ягоную дзейнасць, але ніколі з ім не сустракаўся.

Дзіўная рэч. Што гэта значыць? Я не хвалююся, бо я ў парадку і заўсёды такім застануся (я не патраплю ў такую сітуацыю, калі стану адначасова служыць двум багам), толькі вельмі цікава, чаму мяне гэтак распытвалі. Што, не давяраюць? Гэта для мяне загадка і трэба абавязкова яе разгадаць. Тут заўважу, што Пятроў адзін з самых легендарных агентаў нашай выведкі. Пра ягоныя прыгоды за кардонам проста цуды распавядаюць. Паходжаннем Пятроў расеец. Быў заслужаным афіцэрам Чырвонай арміі, а пасля вайны атрымаў пасаду камандзіра памежнай паласы. Гэта быў чалавек энергічны, шчыры, праўдзівы — кожнаму рэзаў «матку-праўду» ў вочы. Менавіта з гэтай прычыны меў даволі шмат ворагаў і непрыяцеляў, якія імкнуліся яго ачарніць перад вышэйшым начальствам. Да ўсяго Пятроў быў какаіністам, але за гэтым зеллем надта не ўлягаў. Не пагарджаў і гарэлачкай, але такса­ма з толкам. Меў сваю прыказку: «Пі, а справу рабі». Вось ворагі Пятрова так пакіравалі нейкай справай, што яго арыштавалі. Абвінавацілі ў вялікіх парушэннях і злоўжыванні службовым становішчам. Ведаючы, з кім мае дачыненне, ён не чакаў справядлівасці ад савецкай юрыспрудэнцыі, а ўцёк з кутузкі пагранатрада і перайшоў мяжу. У Польшчы атрымаў права на палітычны прытулак. Неўзабаве пачаў працаваць у закардоннай выведцы. Працаваў надзвычай умела, нават зухавата. Калі я толькі пачынаў сваю дзейнасць, ён быў ужо славутым агентам. Роўны яму быў толькі Ян Пялінскі, але які ўвесну 1922 г. трапіў у кіпцюры ЧК у выніку здрады аднаго з найбліжэйшых паплечнікаў. Вось што гэтулькі і ведаю пра таго Пятрова.

Кола маіх знаёмых на радзіме таксама пашырылася, і ў мяне ёсць, насуперак маёй канспіратыўнай натуры, некалькі знаёмых сярод агентаў закар­доннай выведкі. Не буду пра гэта пісаць, бо гэта не мае да мяне асаблівага дачынення.

Калі прыехаў у Баранавічы, дык зноўку спыніўся ва Уладзіка Каліса. Не паспеў прывесці сябе ў парадак, як прыйшоў Палкоўнік.

— «Мы на горе всем буржуям мировой пожар раздуем», — раўнуў ад парога цытатай. — Ну, як там ідзе паглыбленне рэвалюцыі? Бібліятэкі ўсе спалілі? Раялі, люстры ўсе пабілі?

Даў яму дзве васьмушкі махоркі. Палкоўнік усцешыўся, як дзіця цацкай.

— Толькі махорка там нечага і вартая, — казаў, напіхваючы крупкай кароткую люлечку, — ну і тытунь, усе астатнія — свінства.

Уладзік пайшоў па гарэлку, а я паказаў Палкоўніку фотаздымак Лізкі.

— Ты казаў, што з цябе добры фізіянаміст, дык вызначы мне характар гэтай «цыганкі». Цікава пачуць меркаванне спецыяліста.

Ён доўга і ўважліва ўглядаўся ў выяву Лізкі, то набліжаючы, то аддаляючы партрэт на даўжыню рукі.

— Якога колеру валасы? — спытаў неўзабаве.

— Светлыя.

— Бачу, што светлыя, але мяне цікавіць адценне.

— Пераходзяць у залаты колер.

— А вочы?

— Таксама залацістыя.

— Каціныя?

— Так. ёсць у іх нешта. тыгрынае.

— Гм. Што я табе скажу? Сам, мабыць, лепей бачыш: вочы злёгку прымружаныя, таямнічыя, выраз мае гэткі таксама няўлоўны нейкі. Уся яе таямніца ў тым, што мае сто палюбоўнікаў, а пра сто першага марыць.

— Ды яна дзяўчына. Амаль дзіця.

Палкоўнік засмяяўся.

— Я табе не распавядаю: што было, ёсць альбо будзе. Я не варажбітка. Я табе паказваю схільнасці і ідэнтыфікую характар з яе вонкавых рысаў. Тут найпершую ролю адыгрывае інтуіцыя. Можа быць цнатлівіцай, а мець душу разбэшчанай распусніцы. Гэта куртызанка. У яе павага толькі да сілы і бізуна, а да пакоры — пагарда. Жорсткасць з яе зробіць чалавека, хіба так. А пяшчота, далікатнасць яе пацешыць. Яна з тых практычных жанчын, якія ніколі не прывязваюцца сэрцам, толькі целам, але ненадоўга. Найдаўжэй розумам. Як котка: цёпла, утульна — варкоча, спіну выгінае, хвост угару; холодна, голадна, мокра — кіпцікі атрасе, чмыхне. і adieu, Фрузю. Любіць, каб усё кідалася ў вочы: мішуру, паставу, гучныя словы, а найперш сябе, сябе, сябе. Свае вочы, твар, валасы, вусны, усё цела, якое лічыць боскім дарам чалавецтву. Найбольшае задавальненне для яе — знаходзіцца сярод мужчын якія абагаўляюць яе. Яна хоча адчуваць на сабе цяжкія, пажадлівыя, драпежныя, каламутныя ад юрлівасці пагляды самцоў.

— Хм, — хмыкнуў я.

— У яе разуменні свет існуе толькі дзеля таго, каб быць фонам для яе прыгажосці, мужчыны — каб ёй захапляцца і яе прагнуць, — не спыняўся Палкоўнік. — Усё прымае за чыстую манету. Кожную ліслівасць. Што табе яшчэ сказаць?..

— Досыць — падзякаваў я яму трохі пакрыўджаны. — Некаторыя азначэнні характару былі вельмі трапныя, але беспадстаўныя.

— Правільна, — прамовіў ён, — каб вынесці справядлівы прысуд, трэба пуд солі з’есці з чалавекам. Але ёсць тыповыя ўзоры і агульныя прынцыпы, якія даюць нам магчымасць вызначыцца. У тваім выпадку тып вельмі яркі і. прабач, даволі пляскаты; як кружэлка. Мелкаватая натура, што паробіш, не крыўдзься. Яна, як сагрэтая сонцам плытнеча ў невялічкай рачной затоцы; далей у рацэ ёсць цёмныя глыбіні, невядомыя плыні, халодныя, таямнічыя, а пры беразе цёплая вада, што цячэ лена, прыемная для цела, але нясмачная... — Палкоўнік задумаўся. — І нават шкодная.

Вярнуўся Уладзік, і гутарка перайшла на іншае. Мяне заўсёды цікавілі меркаванні Палкоўніка пра людзей, паколькі былі каларытныя, шчырыя, і найчасцей надзвычай трапныя. Я дзялю людзей на вельмі нешматлікія катэгорыі, але і гэта не заўсёды. Бачу чалавека, ён падаецца мне культурным і высакародным. Пазнаёмлюся з ім бліжэй — звычайны, нудны; яшчэ бліжэй яго спазнаю — выявіцца, што гаваркі, таварыскі, бескарыслівы. Гэтак працягваецца вельмі доўга і кожны раз той самы чалавек здаецца мне іншым. Што да майго стаўлення да людзей наогул, акрэслю коратка: у мяне чалавек, нягледзячы на нацыянальнасць, веравызнанне, адукацыю, пасаду, заможнасць, выгляд, тады нечага варты, калі жывучы ў пэўным асяроддзі, не шкодзіць блізкім з таго асяроддзя, але ў меру сваіх сіл і таленту стараецца быць для іх карысным. Гэта здаецца самай справядлівай адзнакай каштоўнасці чалавека, адносна да групы, да якой непасрэдна прыналежыць.

Я прыкмеціў за сабою, што маю ўсё большую цягу да авантурніцтва. Часам гэта пераходзіць усе разумныя межы. Дайшло да таго, што пачаў правакаваць скандалы нават цвярозы.

Палкоўнік, які быў сведкам аднаго сапраўднага дэбоша, учыненага мною на рынку, паведаміў пазней, што жадае пазнаёміць мяне з пэўнымі жанчынамі. «Не такімі як твая Лёлька, — дадаў неўзабаве, маючы на ўвазе маю выпадковую палюбоўніцу, — толькі з такімі, якія могуць станоўча паўплываць на цябе, бо ты робішся дзікім». Увечары ён узнавіў прапанову пайсці ў тое, як выказаўся, лепшае таварыства. Уладзік яго падтрымаў. Гэта мяне раззлавала:

— Што значыць «лепшае таварыства»? Не жадаю быць ціхмяным і добранькім. Хачу быць горшым.

Увечары пайшоў да Лёлькі і ў гатэлі, дзе яна стала жыве, закаціў гэткі скандал, учыніў такое буянства, са стралянінай, ламаннем мэблі і біццём шыбаў, што здарэнне прызналі вартым афармлення паліцыйскага пратакола. Паперу накіравалі майму начальніку... Ат, мне ўсё адно.

У гэтай Лёлькі я, сам таго не жадаючы, забіў вожыка. Яна па ім гэтак плакала і мне самому зрабілася вельмі шкада ні ў чым непавіннага звярка. А здарылася наступнае. Пасварыліся мы з-за драбязы, з-за поўнага глупства. Яна ў пасцелі пачала дэманстраваць ногі, залётна пытаючыся: «Ну як, прыгожыя?» Я скрывіўся: «Што тут прыгожага? Лапы як лапы». Яна ў адказ засмяялася і спытала: «А чаму так ты горнешся да іх?» Не ведаю чаму, але гэта мяне раз’юшыла. Слова за словам — пачалася сварка. Сказаў ёй штосьці крыўдлівае. Страшэнна абурылася і пачала спіхваць мяне з ложка. Я устаў, сцягнуў коўдру, разаслаў яе на падлозе, паклаў пад галаву некалькіх кніг і накрыўся сваім плашчом. Амаль заснуў, калі пачуў, што каля мяне штосьці поўзае і варушыць плашч; памацаў — вожык; калючы, зараза. Адпіхнуў яго. Зноўку лезе... Быў гэта спешчаны ўлюбёнец Лёлькі. Я раззлаваўся; намацаў на падлозе Лёлькін чаравік і некалькі разоў стукнуў у цемры наўздагад, хочучы адпудзіць вожыка, каб не перашкаджаў мне спаць. Аніяк не меркаваў, што можна такім чынам яго забіць. І ніколі б гэтага не здарылася, калі б небарака не верыў залішне людзям. Не згарнуўся ў клубок і, відаць па ўсім, адзін з маіх удараў патрапіў яму ў нос. Раніцой я прачнуўся ад Лёльчынага плачу. Усхапіўся на ногі. Што здарылася? Гляджу, а вожык ляжыць лапкамі набок. Небарака спруцянеў. Я ніяк не мог суцешыць Лёльку. Мажліва, гэта быў адзіны, бескарыслівы ейны сябар. Мушу абавязкова даведацца, дзе можна купіць вожыка... Шкада Лёлькі, шкада і вожыка. Колькі благога людзі робяць жывёлам. Адны праз жорсткасць, другія здуру, іншыя праз няўвагу. Я люблю жыўнасць, і гэткае зверства над вожыкам адтрымалася выпадкова, ад няўважлівасці.

Ліда, 24 верасня 1922 г.

Трэці дзень у Лідзе. Паабяцаў братам Сноўскім прыехаць да іх і стрымаў слова. У Баранавічах было сумнавата. Лёлька ўсё плакала па Ерыку (так звала вожыка), а Палкоўнік і Уладзік усё імкнуліся адвесці мяне ў «лепшае таварыства», каб утаймаваць мае буянствы. А я гэтага не жадаю... Ісці да прыстойных дзяўчат, дык я не ўмею ні элегантна апранацца, ні казаць гладкіх фраз. Манеры мае жадаюць лепшага, магу на бяду ляпнуць такое глупства, што... ого-го! Навошта мне гэта?.. Не ўсе памяркоўныя... Таму сеў я на цягнік і гайдануў у Ліду.

Браты Сноўскія вельмі ўсцешыліся майму прыбыццю. Гэта мае выпрабаваныя сябры, а з Янкам я меў нават агульныя, даволі цікавыя прыгоды.

Бавімся цэлымі днямі, а потым ідзём на вячоркі, дзе збіраецца вясёлая, непрэтэнцыёзная моладзь. Калі занудзімся, выпраўляем настрой гарэлкай. Я заляцаюся да Гэлі, дачкі гаспадара, у якога яны жывуць. Частую яе цукеркамі, ходзім у кіно, чулліва сціскаю ёй ручку. І гэта ўсё — не ведаю навошта. Абы нешта рабіць, што робяць і іншыя.

Дні ляцяць. Толькі часам, як у дзікім карагодзе, перад вачыма праносяцца абрысы людзей «адтуль». Прыгадаецца мяжа, праца, якую неўзабаве буду працягваць. І зноў — піць, гуляць, пакуль жывы. У мяне неблагі голас, і я люблю спяваць. Часта, падпіты, бяру ў рукі гітару і спяваю песенькі — пераважна турэмныя. І не прыдуманыя шлягеры, але даўнія, які ўзніклі на катаргах, астрогах, цэнтралах. Заўважыў, што найболей мне падабаецца адна, некалькі пачатковых строф якой прывяду:

Маці, маці, помню я: Ты мяне любіла І пяшчотай поўніла, Ледзь неўплач прасіла: Не хадзі з басотай, сын, А хадзі з панамі, Бо з басотай, сын — Сыбір, Доля з кайданамі.

Калі быў п’яны, а слухачоў меў непераборлівых, спяваў так выдатна, што ўкладваў у выкананне шмат пачуцця. Гэлька захаплялася гэткімі песнямі і заўжды прасіла, каб я абавязкова перапісаў для яе адну, якая асабліва ёй падабалася «Далёка ў Іркуцкім краі».

Часам мне гэтак журботна, гэтак сумна, гэтак прыгнечана. Хочацца або біць, ламаць, мяжджэрыць усё, што стане на шляху, або ўчыніць нешта добрае для ўсіх людзей. Такое, што зрабіла б іх усіх шчаслівымі. І каб мне за тое не дзякавалі, каб гэта выглядала зусім натуральна і бескарысліва. Калісьці, маючы гадоў 13, выцягнуў я з вады на Бярэзіне яўрэйчыка, які тапіўся. Некалькі хлопчыкаў глядзела на тое, як ён крычаў і нібы хапаўся рукамі за ваду. Быў спачатку я абыякавы, а потым ахапіла мяне нейкая гарачая хваля. Жудасны страх тапельца гэтак працяў мяне, што я кінуўся ў ваду на дапамогу, каб выбавіць яго ад таго страху. Так мне бачыцца тое праз смугу гадоў. Іншыя можа таму і не паспяшаліся таму яўрэйчыку на дапамогу, што не адчулі ягонай той пакуты. Я плаваў добра, але ён гэтак мяне схапіў, што я ледзьве трымаўся на вадзе. Іншыя хлопцы глядзелі і глядзелі на нас. Апамяталіся; схапілі са стосаў некалькі дошак (паблізу быў тартак) і кінуліся на дапамогу. Калі ўрэшце ўсё абышлося, і той дзяцюк апамятаўся і апрануўся, дык неяк няскладна дзякаваў нам. Адышлі мы амаль збянтэжаныя. За вялікія паслугі не трэба дзякаваць, бо яны з’яўляюцца шчасцем для тых, хто іх здзейсніў; гэта апраўдвае іхняе існаванне і падымае ў іхніх вачах іхную ж вартасць.

Цяжка, вельмі цяжка жыць годна ў гэтым звар’яцелым свеце. Адны не жадаюць, хоць і могуць, іншыя жадаюць, і не могуць, рэшта зусім над такімі рэчамі не задумваецца. Можа, найлепей глядзець на ўсё паводле рэцэпта Палкоўніка: праз шкло пляшкі, у якой боўтаецца што-небудзь моцнае.

Ракаў, 30 верасня 1922 г.

Учора раніцой прыехаў у Воўкаўшчыну. Прывіталі мяне, ледзь не сумеснымі паклонамі, тры браты Каліноўскія. Натуральна, накармілі яечняй і абвясцілі навіну:

— А ў нас бальшавіцкая банда прайшлася.

— Дзе, калі? — спытаўся я, здзіўлены, бо дагэтуль увогуле не чуў пра дзейнасць дыверсійных атрадаў з «таго» боку.

— У Бузунах прайшлі. Солтысу сабаку падстрэлілі.

Зразумела, чыіх рук гэта справа.

— Няўжо вялікая банда? — спытаў я Каліноўскіх.

— Больш як дваццаць чалавек, — сказаў Браніслаў.

— З гранатамі, стрэльбамі, левальвэртамі, — дадаў Юзаф. — Стралялі ў бузуноўскіх сялян. Хацелі вёску спаліць.

У той вечар адбылося здарэнне, якое магло мець наздвычай непрыемныя наступствы. Мяркуючы, што спынюся ў Воўкаўшчыне, я прывёз некалькі бутэлек спірту. Зладзіў гулянку і спаіў гарэлкай усю сям’ю, нават жанчын; сам таксама быў моцна п’яны. Адвячоркам малодшы з братоў, Адам, выклікаў мяне на падворак па «вельмі важнай справе» і таямніча абвясціў:

— У Меляховіча ў склепе сядзяць людзі. У кайданках. Б’е іх, голадам морыць. Плачуць і енчаць удзень і ўначы. Каб гэта вы як іх вызвалілі. Вы ж маеце зброю. Можаце гэта зрабіць?

Я абурыўся і загадаў Адаму, які казаў ужо, што Меляховіч бальшавіцкі камісар, весці мяне туды.

Меляховіча дагэтуль я не ведаў. Як праз сон памятаю, што рабілася далей. Апынуўся ў нейкім памяшканні, дзе ўбачыў перад сабой мужчыну сталага веку, які выглядаў вельмі паважна.

— Рукі ўгору! — скамандаваў я ад парога.

Той выканаў загад. Я вывеў яго на падворак, паставіў пад варотамі велічэзнай стадолы і адмераў 20 крокаў. Напэўна, неадкладна яго расстраляў бы. Прагнуў гэтага. Якая вар’яцкая думка можа прыйсці ў замглёную гарэлкай мазгаўню? Каля мяне мітусіліся нейкія дзяўчаты (мабыць, дочкі Меляховіча) і ўмольвалі падараваць бацьку жыццё. Здолелі адвесці мяне ў бок і бацьку некуды схаваць.

Назаўтра раніцою вырушыў у Ракаў. З Адамам я больш не размаўляў, бо ўстаў вельмі рана. Не магу зразумець: навошта ён справакаваў такую авантуру, якая магла мець фатальныя наступствы, калі не для мяне, дык для Меляховіча. Нельга растлумачыць гэта нават тым, што быў я п’яны. У будучым трэба мне гэта высветліць.

Я ў карчме ў Малкі, спрытнай габрэечкі сярэдняга веку. Вычысціў зброю і прывёў у парадак рэчы. Маю 15 грамаў какаіну «Мэрцка» ў трох малых, жоўтых бутэлечках, па 5 грамаў кожная. Гэта не для мяне. У Менску, падчас нямецкай акупацыі, спрабаваў нюхаць какаін, але неўзабаве кінуў тое.

Заканчваю. Заўтра я іду «туды».

ІV. «БАЛБАТУН — ЗНАХОДКА ДЛЯ ШПІЁНА»

«Я той (дастае пасведчанне), хто можа кінуць за краты цябе, твайго каня, твой воз іўсю тваю сям’ю...»

В. Гамуліцкі, «Пры сонцы і пры газоўцы»
1

Было вельмі ціха; гэтак ціха, што найменшы шоргат можна пачуць з вялікай адлегласці.

Забава, перабраўшыся праз мяжу і перайшоўшы яр і рачулку, зразумеў, што можа лёгка трапіць у пастку, калі пойдзе далей у ботах. Адрэзак гэты быў густа абсаджаны межавай аховай і добра вартаваўся на тылах, а ў лесе цяжка засцерагчыся, каб якая галінка, сухі дубчык не трэснуў пад нагамі — як здавалася чалавеку, які крадком прабіраецца праз лес — з гукам стрэлу. Забава сеў, сцягнуў боты і засунуў іх халявамі ззаду за пояс, абцасамі ўгару. Толькі тады пайшоў у шкарпэтках далей, не робячы аніякага шуму.

«Цяпер не пачуюць і толькі тады мяне заўважаць, калі на карак ім узлезу», — думаў Забава, задаволены сваёй прыдумкай.

Калі ён прамінуў некалькі вытаптаных сцяжынак і ўжо быў непадалёку ад другой лініі, пачуў шоргат адзення і крокі людзей, якія хадзілі недзе зусім недалёка. Прысеў і некалькі хвілінаў услухоўваўся. Несумненна, невядомыя няспынна пасоўваліся ў напрамку да яго. Часам трэскалі сухія галінкі пад іхнімі ступакамі. «Можа, кантрабандысты?» — быў падумаў, але адразу адкінуў гэтую здагадку, бо ведаў, што кантрабандысты ў такое надвор’е не ходзяць за мяжу, а калі ідуць, дык праз палі, па адкрытых прасторах, дзе можна ісці без шуму і дзе ў выпадку небяспекі лягчэй уцячы. Зрэшты, шоргат чуўся то там, то тут, далятаў аднекуль здалёк. Забава не ведаў, што гэта савецкая памежная ахова праводзіла начныя вучэнні. Пачаў адсоўвацца назад да мяжы, але неўзабаве заўважыў, што і адтуль рухаюцца нябачныя ў цемры людзі. Зразумеў, што знаходзіцца паміж двума ланцугамі, якія ішлі сабе і ішлі насустрач. Успомніў, што хвілін дзесяць таму чуў на мяжы тры стрэлы, а на другой лініі — свісткі. Спачатку надумаўся ўзлезці на вялікае дрэва і там перачакаць, пакуль не пройдзе ланцуг, але разважыў, што калі яго заўважаць, будзе яму капец на месцы, бо не змог бы ні адстрэльвацца, ні куды сігануць. Тым часам шум крокаў і трэск лаўжоў зрабіўся гучным і выразным. Марудзіць нельга было ні секунды. Пайшоў направа ў гушчар маладых ялін; паблізу іх таксама чуўся шоргат. Ціхутка адышоўся, прытуліўся ў гушчыні хмызняка. І тут яму ў галаву прыйшла думка, якую зараз жа выканаў: паклаў паміж кустамі кішэнны ліхтарык, уключыў яго і пакінуў рэфлектарам дагары. І адразу адышоў адтуль на крокаў дзесятак, дзе засеў за кустоўем. Падрыхтаваў зброю.

Шоргаты, шум крокаў, трэск галін усё выразней разлягаліся вакол. А непадалёк яркі сноп святла нахабна біў угару, выхопліваючы са змроку цёмныя ствалы дрэў і чорныя лапы ялін. Павінен быў добра бачны з вялікай адлегласці. Адразу пачуўся свісток. Затупацелі шпаркія крокі. Потым паблізу ліхтарыка прагучэлі ўсхваляваныя галасы:

— Што гэта? Хто свеціць?

— Патушыць святло! Які сукін сын уключыў ліхтар?

Тут жа ля Забавы прасунуўся чалавек у доўгім шэрым шынялі, з вінтоўкай напагатове. Забава скіраваў у ягоны бок рулю парабелума.

Паблізу ліхтарыка пачалі збірацца людзі. Чуліся праклёны і моцныя мацюкі. Забава падняўся і паціху падаўся ў кірунку другой лініі — на ўсход. Ішоў і бязгучна смяяўся. Шкада было яму толькі ліхтарыка. «Нічога, — разважаў, — адслужыў сваё». Боты абуў толькі за другой лініяй, за рачулкай.

* * *

На паўдарозе паміж Ракавам і Менскам паабапал гасцінца месціцца Ста­рое Сяло. Забава ведаў, што там можа наткнуцца на каго хочаш — і на чэкіста якога, і на пагранца. Толькі першым разам, выбіраючыся за мяжу, крочыў дарогай праз вёску, потым абыходзіў паселішча, абмінаючы яго палямі. Тым разам абмінуў яго злева, ідучы па ўзгорыстым адхоне.

Быў ужо пачатак на адзінаццатую гадзіну. Ноч стаяла гэткая ж цёмная, як з вечара, але вочы Забавы, звыклыя да цемры ў лесе, добра такі адрознівалі мясцовасць, хоць у полі было значна святлей. Прамінуў Старое Сяло і зноў адчуў пад нагамі гасцінец. Тут дарога была зручнейшая. Пайшоў шпарчэй. Да лесу заставалася амаль кіламетр; лес той цягнуўся аж на чатырнаццаць вёрст. А далей, амаль да самога Менска, дарога ішла адкрытымі палямі, толькі дзе-нідзе былі пасаджаны дрэвы, раслі купкі кустоўя. Месцамі пракідаліся лясы, якія лучыліся між сабою і складалі частку Архірэйскага лесу.

Забава ішоў паспешна, выбіраў сухія месцы, бо дарога, пасля апошніх дажджоў, складалася амаль з адных лужын. У пэўны момант яму здалося, што правей дарогі нешта заварушылася. Спыніўся. Доўга і асцярожна глядзеў у тым кірунку, аднак анічога не заўважыў.

«Падалося», — падумаў і гэтак жа паспешліва рушыў далей. Калі наблізіўся да таго месца, дзе, як яму здалося, заўважыў нейкі рух (гэта было па правым баку дарогі, а ён ішоў па левым), убачыў на адлегласці ад дарогі ў шырыню гасцінца, два слупы. Засмяяўся сам сабе са сваёй памылкі, але каб мець стопрацэнтную пэўнасць, у некалькі скокаў сягнуў па гразі на другі бок гасцінца і неўзабаве ўбачыў перад сабою двух мужчын у доўгіх, шэрых плашчах.

— Рукі ўгору! — крыкнуў Забава, скіроўваючы на першага рулю рэвальвера.

Паслухмяна ўскінулі рукі ўгару.

«Салдаты ці кантрабандысты?» — думаў Забава, набліжаючыся да іх.

— На калені! — рыкнуў пагрозліва.

Паслухмяна выканалі загад, кленчачы ў брудзе.

— Зброю маеце? — спытаў Забава.

— Не. не маем.

— Хто вы, адкуль?

— Мы. мы, таварышу, з-пад Кучкуноў.

— Кантрабандысты? — строга дапытваў Забава.

— Таварышу, адпусціце нас. Дамо дзесяць рублёў золатам.

— А што ў заплечніках?

— Скуркі.

— Футра? Так?

— Так. Мардэры, фіёлы.

— Здымайце заплечнікі!. Кідай!

Паспешна знялі заплечнікі і кінулі іх у гразь.

— Таварышу, вазьміце дваццаць рублёў і пусціце нас! Ніколі ўжо больш не пойдзем! — прасілі яго кантрабандысты.

— Ну, гайда! Уцякайце! І жыва!..

Паўтараць ім ці падганяць іх не спатрэбілася. Зніклі з дарогі, нібы бясследна растварыліся ў цемры. Забава падняў кінутыя мяшкі, закінуў іх на спіну і пайшоў ў кірунку лесу. Там сышоў з дарогі і развязаў пакункі. Намацаў рукой цёплую бухматую поўсць.

«Што ж з гэтым зрабіць?» — падумаў.

Чуў пра тое, што скуркі носяць з Саветаў у Польшчу, зарабляючы на тым сто—дзвесце працэнтаў. Можна крыху зарабіць. Але ж не несці іх назад у Менск. З цяжкасцю спакаваў усё ў адзін мяшок і пайшоў углыб лесу. Праз сто крокаў ад гасцінца ўзлез высока на густую елку і ўвязаў пакунак між галінаў. Пашыбаваў далей. Забярэ на зваротным шляху.

«Каб толькі не знайшоў які д’ябал», — падумаў пасля. Спыніўся. Хацеў вярнуцца, каб пераканацца, ці добра схаваў сваю здабычу, але ўспомніў, што не мае ліхтарыка. Махнуў рукой і пайшоў далей.

2

У адным куце вялікай залы стаяла незгаральная шафа, дзверцы якой былі прачыненыя. Перад ёй стаяў вялікі стол, завалены паперамі, а за сталом сядзеў старшы штабны афіцэр Чырвонай Арміі. Паблізу высіліся велізарныя шафы, займаючы ўсю сцяну, на якой высока пад столлю віселі партрэты Мар­кса, Леніна і Троцкага. Паміж імі струменіла сваю чырвань пяцікутная зорка. Біла ва ўпор. Са сценаў тлустым шрыфтам крычалі плакаты: «Увага — шпіён падслухоўвае», «Балбатун — знаходка для шпіёна», «Зрабіў справу і бывай», «Уся ўлада Саветам», «Пралетарыі ўсіх краін, яднайцеся». У іншых частках залы працавалі яшчэ тры вайскоўцы, а пры дзвярах парушала цішыню машыністка.

Афіцэр, які сядзеў пры металічнай шафе, чытаў нейкія паперы і падняў на Забаву запытальны позірк. Забава мякка ўсміхнуўся і нахіліў галаву наперад.

— Таварыш, калі я не памыляюся, Марозаў?

— Так.

Забава ўздыхнуў, усміхнуўся яшчэ весялей і прыціскаючы правай рукой да сцягна парабелум, сказаў прыглушаным голасам:

— Прывітанне ад жонкі і дачкі. Расце дачушка, расце і хораша выглядае. па тату тужыць. Бацька таксама перадае прывітанне.

Цёмныя вочы афіцэра выказвалі незвычайнае здзіўленне — з нямым запытам упіліся ў аблічча Забавы. А той казаў яшчэ весялей, жмурачы халодныя, рашучыя вочы.

— У мяне лісточак для таварыша. Прасілі ўручыць.

— А дзе тав... — не скончыў слоў, — бачыў іх?

— Дзе?.. Таварыш неяк дзіўна пытае. Вядома, дзе. Акрамя лісточка я маю і іншыя даручэнні. ве-е-льмі цікавыя! Але я жадаў бы сам-насам, бо гэта нібы сакрэт. справы сямейныя. Калі таварыш мае час, дык мы прайшліся б дзесьці...

Афіцэр, у званні камбата, нервова падняўся. Сабраў частку папер і зачыніў іх у сейфе. Рэшту папер схаваў у шуфлядах стала. Звярнуўся да аднаго з вайскоўцаў, якія сядзялі ля акна:

— Калі хто прыйдзе, дык вы, таварыш, задавольце. Альбо няхай прыходзяць заўтра. У мяне пільная справа.

Той у адказ хітнуў галавой і, чытаючы нейкую кнігу, далей са смакам грыз аловак.

Выйшлі на вялікі двор, а адтуль сходамі ўгару на другі паверх камбат завёў Забаву ў кватэру, якая складалася з двух вялікіх прасторных, але безгустоўна мэбляваных пакояў.

— Садзіцеся, калі ласка — паказаў Забаву плеценае трысняговае крэсла.

Забава падаў яму запоўнены дробным почыркам аркуш паперы.

— Гэта ліст ад вашай жонкі.

Камбат сквапна схапіў працягнуты яму запэцканы аркуш паперы і, звёўшы бровы, чытаў дробны, невыразны почырк. Забава пільна ўзіраўся яму ў вочы. Указальны палец яго правай рукі ляжаў на спускавой скабе рэвальвера.

— Вы былі ў нас?

— Быў.

— У кватэры?

— Так. вы напэўна жадаеце ведаць некаторыя падрабязнасці? — усміхнуўся Забава, адгадваючы думку камбата, які відавочна не верыў таму, што ён быў у кватэры яго бацькоў у Польшчы, асцерагаўся падману.

— Так. Даўно я не быў дома! Даўно.

— Кватэрка прыгожая. з параднага ўваходу чатыры пакоі. Бачыў ваш кабінет і адлітага з жалеза каня, на пісьмовым стале. І ваш замежны пашпарт, якім карысталіся пры царызме. Цікавіць мяне: што скажаце пра змест ліста?

— Тут пішуць, каб дапамог Вам у тым, чаго патрабуеце. Настойваюць на гэтым.

— Менавіта. Патрэбна мне пэўная інфармацыя. Ваенная. Спадар разумее?

— Адкуль я магу быць упэўненым, што спадар.

— Не чэкіст? — дакончыў Забава.

— Так, не чэкіст? — пацвердзіў камбат.

— А мая інфармацыя?.

— Той ягамосць, які быў у нас, мог быць злоўлены і.

— І ўсё выдаць? Так? Не, я прысланы замест яго.

— Вы хутка арыентуецеся!

— Менавіта гэта сведчыць, што я не чэкіст. Ім уласнай арыентацыі мець нельга. Можа, прапануеце шклянку вады!

— Зараз.

Камбат выйшаў у суседні пакой і там забрынкаў шклянкамі. Забава імгненна са стоса кніг на стале выняў тоўсты сшытак. Разгарнуў яго і вылупіў адзін аркуш такім чынам, каб пры карэнчыку засталася вузкая пало ска адарванай паперы. Неўзабаве камбат вярнуўся і падаў паўнюткую шклянку. Забава з неахвотай выпіў цёплую нясмачную ваду.

— Можа яшчэ?

— Не, дзякуй. Вернемся да нашай размовы. Мне важна, каб вы абсалютна пераканаліся ў тым, што я — я, а не нейкі там чэкіст! — сказаў Заба­ва. — Палічым, што дагэтуль ніякіх грахоў на сумленні спадар не мае. А калі б іх мелі, ЧК такімі метадамі не карысталася б, бо гэта магло б Вас спудзіць. Яно лагічна, так?. У выпадку падазрэння найперш пачалі б за вамі сачыць. Ці не так?

— Так.

— А калі б гутарка ішла пра штучны доказ вашай віны, хапіла б вось гэтай карткі. — Забава паказаў яму на толькі што вылуплены са сшытка аркуш паперы.

— Не разумею.

— Не разумееце? Дык глядзіце.

Забава выняў са стоса кніг сшытак і прымерыў выдраны ў ім аркуш.

— Падыходзіць? — спытаў з усмешкай.

— Так.

— Дык вось, я мог бы запоўніць гэты аркуш вядомай мне інфармацыяй, нібыта ад вас. Кватэру я ведаю. А калі далучыць да гэтага лісты з Польшчы, дык няўжо для Рэўтрыбунала патрэбныя лепшыя доказы вашай віны?

Камбат доўга дапытліва глядзеў у вочы Забавы, а потым уздыхнуў і сказаў ціха:

— Добра. Рызыкну. Будзем гаварыць адкрыта.

Быў позні вечар, калі Забава выйшаў з будынка, дзе месціўся штаб 5 Корпуса ў Магілёве. Разам з ім выйшаў камбат. Быў спакойны, і нават вясёлы. Пасля працяглай гутаркі з Забавам быў гатовы на ўсё. Забава акрэсліў перад ягонымі вачыма даволі аптымістычную будучыню, і камбат гатовы быў лічыць за выключнае шчасце тую акалічнасць, што менавіта яму выпала доля рабіць тое, да чаго яго схіліў Забава. Так загарэўся да гэткага занятку, што пачаў нават самастойна даваць парады. Забава яго супыняў.

— Паволі. Не так горача! Мы будзем працаваць як дасведчаныя канспіратары, а не як хлапчукі. Нам трэба разлічваць кожны крок, прадбачыць кожную небяспеку, бо заляцець нам нельга. Што да мяне, дык можаце быць пэўным — я не засыплюся! Прынамсі, жывым мяне не возьмуць, а калі б гэта нейкім цудам сталася, дык спадар можа быць упэўнены ў сваёй бяспецы. Я не з тых, з якіх можна штосьці выбіць ці там здабыць іншым якім катаваннем.

— Калі мы ўбачымся наступным разам?

— Праз два тыдні. Калі буду пісаць да спадара, дык — як дамовіліся — шыфрам. Ключ памятаеце?

— Так.

— Таму развітваюся. Прашу быць вельмі абачлівым.

— Шчасліва!

Моцна паціснулі рукі, і Забава пайшоў у кірунку прадмесця, прылеглага да Дняпра. Меў там знаёмых, да якіх мінулым разам прывёз ліст ад сваяка з Бабруйска. Запрасілі яго падчас прыездаў у Магілёў, каб жыў у іх. Забава цяпер скарыстаў ласкавае запрашэнне.

Гэта была шматлікая сям’я згалелай інтэлігенцыі, якая ледзьве магла пракарміцца, карыстаючыся дапамогай сваякоў на вёсцы.

3

Калі Забава ўвайшоў у кватэру Скальскіх, найперш заўважыў незнаёмага мужчыну гадоў 35, высокага росту, з цёмнымі, з усходнім разрэзам вачамі, які нядбайна разваліўся на крэсле за сталом. Апрануты быў у чэркеску, і нягледзячы на тое, што знаходзіўся ў кватэры, не зняў з галавы высокай, заламанай набакір каракулевай шапкі з чырвоным верхам. На шапцы паблісквала невялікая эмаліраваная чырвоная зорачка. Мода такая ў Саветах у тыя часы.

«Што за д’ябал?» — думаў Забава, вітаючыся з маладым Уладзімірам Скальскім і дзвюма старэйшымі сёстрамі Скальскага, Зінай і Маняй, якія ажыўлена гаманілі з мужчынам у чаркесцы.

— Калі ласка, пазнаёмцеся, — сказала Зіна, паказваючы на госця.

Забава невыразна назваў прозвішча. Першае, якое яму прыйшло ў галаву — прозвішча нейкага сябра з ранейшых гадоў. Пераканаўся, што лепш за ўсё, робячы для сябе фальшывыя дакументы, выбіраць прозвішча аднаго з колішніх сяброў, імя другога, месца нараджэння паказваць такое, якое ведаў асабіста, даты ўпісваць або на адзінку меншую, або на адзінку большую (калі сапраўднай датай нараджэння было 1 лютага 1900 гады, тады падаваў або 31 студзеня 1899 года — усё на адзінку меней — або 2 сакавіка 1901 гады — усё на адзінку наперад). Рабіў гэта з мэтай, каб выключыць памылку і добра запомніць дадзеныя, бо здаралася, што непрактычныя або нядбайныя людзі, карыстаючыся фальшывымі дакументамі, забывалі ўласнае прозвішча.

Мужчына ў чэркесцы таксама досыць невыразна назваў сваё прозвішча, штосьці накшталт: Тэпетаў або Шэпетаў, і не падняўся нават з месца, падаючы на прывітанне руку.

«Хам!» — падумаў Забава, і ў ягоных вачах мільганулі злыя іскры.

Мужчына ў чэркесцы па-ранейшаму размаўляў з дзяўчатамі. Гаварыў аўтарытарна, ганарыста. Сказы нібы выцэджваў, як згушчанае малако, праз зубы. Напэўна, гэта ў ягоным коле лічылася добрым тонам, бо калі забываўся, тады гаварыў як звычайна.

Уладзя Скальскі папрасіў Забаву ў суседні пакой.

— Ведаеш, хто гэта? — спытаў шэптам.

— Хто?

— Намеснік каменданта губчэка.

Забаве зрабілася крыўдна.

— Дык што з таго?

— Анічога. Я папярэдзіў на ўсялякі выпадак, бо гэта. не вельмі прыемна. Заляцаецца да Зінкі. Лазіць і лазіць.

Увечары падалі гарбату з манпансье замест цукру. Чэкіст піў са сподка; гучна сёрбаў гарачую вадкасць. Напіўся гарбаты і перакуліў шклянку на сподку донцам угару. Пачаў свідраваць вачамі Забаву.

— А таварыш, здаецца, прыезджы. гм?

— Так. з Бабруйска.

— Угум! Тэхнік?

— Так. Наглядчык тэлеграфа.

— М-м. А гэта... тут службова?

— Не. Па асабістай справе да камісара Магілёўскага паштова-тэлеграфнага вузла.

— Так! Зрабіў таварыш сваю справу?

— Яшчэ не. Але спадзяюся, што зраблю.

— Не сакрэт: якая справа. гм?

— Які сакрэт?. Жадаю перасяліцца ў Магілёў як марзіст, бо ў Бабруйску працую на лініі, а лінейная служба для мяне шкодная. Я маю слабое здароўе.

— Таварыш марзіст?. Добры? М-м-м?.

— Вядома, добры. Выхваляцца не буду.

— Колькі знакаў за хвіліну?

— Залежыць ад спрыту. Даваў ад 120 да 133.

— М-м-м .

Потым пацікавіўся, ці Забава партыйны, на што той адказаў: сочувству­ющий. Распытваў як арыштаванага; відаць, гэта была ягоная благая звычка. Хочучы перапыніць той допыт, Забава сам пачаў дэталёва распытваць яго пра ўсё. Чэкіст перш адказваў яму, але неўзабаве вярнуўся да размовы з дзяўчатамі. Гутарка адбывалася такім чынам, што ён гаварыў, а яны слухалі, робячы, у залежнасці ад тэмы гаворкі, адпаведныя выразы твару, якія па чарзе выяўлялі: захапленне, весялосць, жах, расчараванне.

З аповедаў чэкіста Забава даведаўся, што той сын садоўніка з Царскага Сяла.

Неўзабаве чэкіст зноў звярнуўся да Забавы:

— Ці таварыш быў на вайне, у баявых дзеяннях ці прымаў удзел?

— Не, як «спец» быў вызвалены ад службы на фронце і прыкамандзіраваны да вайсковага тэлеграфа ў Менску, — гладка хлусіў Забава.

— А я ваяваў! Так! — грукнуўся далонню ў грудзі чэкіст, пазіраючы на дзяўчыну. — Нават пад Варшавай быў. Не адзін палячышка вось гэтай рукой у зямлю пахаваны!

— Дык таварыш Польшчу трохі ведае? — спытаў Забава.

— Трохі?. Ха-ха-ха. Ведаю як сваю далонь!..

— Цікава мне, што гэта за краіна? Няўжо там добрая зямля?

— Зямля? Цьфу! Адны пяскі! Пяскі і балоты, балоты і пяскі!

— З чаго ж яны жывуць, калі гэткая неўрадлівая зямля?

— З падману! З розных сваіх фігляў!.. Гэта ж вядома, што палякі толькі з ашуканства жывуць. У карты гуляюць, рулетку круцяць, грошы падрабляюць. Хто гэтага не ведае?

— Спадар пазнаёміўся з Польшчай толькі падчас наступлення на Варшаву?

— Не, палякаў я і пасля сустракаў, бо служыў у памежным атрадзе.

— Ах, як гэта цікава! — завішчэла адна з дзяўчат.

— Таварыш напэўна і польскай мовай валодае? — спытаў Забава.

— Так! Натуральна! Ведаю дасканала! Так як расейскую. Вось да прыкладу: па-нашаму «человек», а ў іх «czlowiek»; па-нашаму «рука», а ў іх «rqka». Польская мова, гэта, уласна, сапсаваная расейская мова. Некаторыя словы так пакалечылі і павыкручвалі, што цяжка і пазнаць, што яны нашыя, рускія. Да прыкладу: «простыня», кажуць «przescieradlo»; «действительно», кажуць «rzeczywiscie». Жахліва сапсаваная мова. Уласна не мова, а гаворка, накшталт зладзейскага жаргону. Зрэшты, іхняя мова лепш за ўсё адпавядае іх характарам: яны думаюць, як бы каварства якое ўчыніць, хітрыя, любяць высмеяць, укусіць пакрыёма як гадзюкі, таму і мову маюць падобную: шыпяць ды сысыкаюць.

Далей пра Польшчу з вуснаў чэкіста Забава даведаўся, што ў Польшчы палякаў няма, а ёсць толькі: жыды, літвіны, немцы, украінцы і беларусы. А сапраўдныя палякі — малая купка — дзеляцца на дзве катэгорыі: паны і працоўныя. Паколькі паны бавяцца з танцоркамі ў Парыжы, а працоўныя сядзяць у турмах, дык палякаў у Польшчы няма зусім.

Кантактуючы працяглы час з расейцамі, Забава пераканаўся, што нават інтэлігенцыя мала ведае Польшчу. Менш чым Аўстралію або Аргенціну. Часам даводзілася чуць такія непрывабныя рэчы, такое цемрашальства, што ў душы смяяўся. Прыкмеціў і тое, што расейцы не любяць палякаў, завуць іх пагардліва: «панкі, ляхі, палячкі». Можа, гэта спадчыннае, і як спадчына пераходзіць з пакалення ў пакаленне. Найменне «паляк» здаўна было ў Расеі сінонімам «бунтаўшчыка, мяцежніка». Палякі жадалі забіць цара, хацелі забраць Маскву, а калі гэта ў іх не атрымалася, дык папрасілі на дапамо­гу Напалеона і прыйшлі разам з ім. Палякі шырылі ў Расеі смуту, ладзілі паўстанні і рэвалюцыі, а ці гэта было за царызмам белым, або чырвоным, ці будзе яшчэ за чорным або рабым — для расейцаў усё роўна, бо лягчэй змяніць вопратку, чым скуру; лягчэй стварыць новы ўрад, чым культуру. Ксенафобія і надалей жыве ў Расеі і па-ранейшаму захоўвае сваю прыроду.

Забава нядаўна чуў такую показку: калі ў 1905 годзе была абвешчаная вайна з Японіяй, дык у адной роце фельдфебель сабраў жаўнераў і выступіў перад імі з прамоваю: «Вось, братцы, абвешчана, значыцца, вайна японцу! Гэта значыць: пойдзем мы ў японскую губерню біць жыдоў і палякоў, а вам усім па чарцы гарэлкі!»

Чытаючы савецкую прэсу, Забава часта сустракаў дэмагагічныя лозунгі і эпітэты, скіраваныя на палякаў як народ. Не беспадстаўна расейцы дайшлі да пераканання, што палякі гэта ашуканцы, што купаюцца ва ўсіх багаццях, здабытых нядобрасумленным шляхам — зразумела, найперш на ашуканстве рускіх. Хтосьці фабрыкаваў і прышчапляў тыя паняцці ў народ. Забава не мог пакуль што тое дарэшты зразумець. Сустракаючы ў газетах лозунгі з падбухторваннямі супраць палякаў, якія бальшавікі ўспадкавалі ад старога рэжыму і культывавалі па-ранейшаму, Забава дзівіўся гэтаму, але змушаны быў прызнаць, што шмат у чым палітыка Саветаў і надалей з’яўляецца працягам царскай палітыкі, змякчэлай, што праўда, толькі да габрэяў.

— Адным словам — жартаваў чэкіст, які ў красамоўнай гарачцы забыўся цадзіць словы скрозь зубы, — дзівакі палякі: у лыжцы спяць, а ложак на грудзях носяць!

Забава безуважліва слухаў яго, адначасова разважаючы: дзе яшчэ магчы­ма, каб госць у чужых людзей гэтак бесцырымонна, амаль нахабна распытваў госця, а ў іх гэта, відаць, рэч звычайная! «Усюды, дзе ўлезе бальшавік, — думаў ён, — першым чынам чрэзвычайку зробіць».

Было позна — блізілася поўнач. Чэкіст застаўся на ноч у Скальскіх. Паколькі ў кватэры было вельмі цесна, таму для яго і для Забавы паслалі на адным ложку.

Забава выйшаў на панадворак. Падаўся да адрыны, дзе стаялі нейкія старыя калёсы. Там схаваў даволі вялікі пакет, які насіў на грудзях. Адзін рэвальвер пакінуў у адзежы, а другі замацаваў пад дзяжку, падперазаную па голым целе. Калі вярнуўся ў кватэру, чэкіст ужо распранаўся; зняў кабуру з наганам і паклаў яго пад падушку. Зірнуў на Забаву і крыва ўсміхнуўся:

— Гэта на ўсялякі выпадак. Г арантыя. Часы неспакойныя...

— Слушна, — адказаў Забава, распранаючыся. Склаў вопратку на крэсле так, каб пакінуты ў кішэні рэвальвер нельга было намацаць зверху. Адначасо­ва сачыў, каб рэвальвер, які меў пры сабе, не выслізнуў у яго з-пад дзяжкі.

— Ці таварыш жадае каля сцяны? — спытаў чэкіст.

— Мне ўсё роўна.

— Гэта добра, бо я не вельмі спакойны — аддаю перавагу каля сцяны спаць.

— Добра.

Неўзабаве патушылі лямпу. Пасля некалькіх хвілін чэкіст заснуў. Пачаў храпець і скрыпець зубамі. Забава доўга не спаў. Паліў цыгарэты.

Калі заснуў, апынуўся ў вялікім пакоі, аклееным чырвонымі шпалерамі. Са столі на доўгіх канатах звешвалася трапецыя, а на ёй практыкавалася зусім голая жанчына. Забава, здзіўлены і ўзбуджаны, глядзеў на яе. Дзесьці з правага боку мякка струменілася чырвонае святло, а з левага сляпілі вочы пражэктары, якія няспынна мянялі колер. На нагах жанчына мела чырвоныя чаравічкі, на галаве чырвоны берэт, з-пад якога выбіліся пасмы валасоў. Забава падышоў бліжэй. Тады жанчына зірнула ўніз, і Забава спыніўся, ахоплены жахам. Гэта была Лізка Брагіна. Выканала з дзесятак рухаў на трапецыі, адважных, бессаромных, падкрэсліваючы ўсе свае формы цела; рабіла гэта зухавата, задаволеная, што хтосьці за ёй назірае. Кіўнула яму галавой. Забава зразумеў, што просіць, каб зняў яе. Наблізіўся да трапецыі і ўзяў яе пад каленямі. Адчуў у абдымках гарачае, пругкае цела, з ружовай, гладкай, як костка, скурай. Прагнуў упіцца зубамі ў пругкае сцягно, да якога дакранаўся шчакой. Раптам Лізка адпусціла трапецыю і са смехам абрынулася на яго ўсім целам.

Прачнуўся. На ягонай шыі ляжала перакінутай рука чэкіста. Ён адсунуў яе, а потым з жахам адчуў, што пад дзяжкай няма рэвальвера. Пачаў шукаць яго, мацаючы рукамі пасцель. Доўга анічога не знаходзіў, нарэшце адчуў пад пальцамі ручку парабелума. Чэкіст ляжаў на ім, моцна прыціснуўшы целам да матраца. Забава, хочучы выцягнуць рэвальвер, сеў на ложку і адным рыўком вырваў парабелум з-пад чэкіста.

— Што? Што гэта? Хто тут?.. — трывожна пытаўся чэкіст, сядаючы на ложку.

— Нічога, нічога. гэта я паправіў коўдру. Скінулі яе на падлогу.

— А. я сапраўды. Угм. м-м-м...

Зноўку заснуў. У тую ноч Забава больш не спаў. Паліў цыгарэту за цыгарэтай і думаў пра свой сон.

«Не выходзіць Лізка з галавы! Што прыгожая, дык прыгожая! — успомніў падрабязнасці сну. — Трэба яе абавязкова заваяваць, бо дакучае, як стрэмка пад пазногцем!»

— М-м. — мармытаў чэкіст.

— Спі, цялё! — прамовіў ціха Забава. — Малака ты не любіш, крыві і самагонкі няма.

Калі раніцай чэкіст прачнуўся, Забава прыкінуўся сонным. А калі той апрануўся і сышоў без развітання, Забава таксама падняўся, узяў з сабой з адрыны дакументы і вымыўся. Пасля сняданку развітаўся са Скальскімі, абяцаючы прыехаць калісьці на даўжэй, і падаўся на вакзал.

Неўзабаве ехаў у кірунку Оршы. Драмаў. З глыбіні вагона даносілася песенька:

Што я знала? Пас ды прас, І была я сцерваю. А цяпер я сярод вас, Сёстры міласэрныя!

З другога канца вагона хтосьці крыкнуў:

— Гэй, ты, заткні хайло! Калі голасу не маеш, не дзярыся, як старыя споднікі!

Сапраўды, голас спявак меў агідны. Змоўк, як аблізаны, і больш не азываўся.

* * *

У той час, калі Забава на магілёўскай кватэры Скальскіх вёў гутарку з намеснікам каменданта губчэка, на вакзале ў Менску чэкісты арыштавалі двух суб’ектаў з падазронымі дакументамі. Адзін заявіў, што прыбыў сюды з Польшчы, хочучы прабрацца да сваякоў у Маскве. Другі — Антон Кралевіч — паказаў, што родам з Вільні і што нядаўна ад безвыходнасці здзейсніў у эсплуататараў крадзёж 200 000 марак і, каб пазбегнуць адказнасці, збег у Саветы, дзе намерваецца сумленна жыць і працаваць. Кралевіча адканваірвалі ў губчэка, у распараджэнне судовага следчага, Стафана Нядбальскага. Другога арыштаванага накіравалі ў Маскву, на Лубянку.

ДЗЁННІК РАМАНА ЗАБАВЫ Менск, 7 кастрычніка 1922 г.

Другі дзень я ў Брагіных. Дакараю сябе, што дарэмна тут сяджу, але мне неахвота вырушваць у зваротны шлях. А ўсё — Лізка... Пры ёй я як п’яны — твар б’е на плямы. Хочацца, калі гляджу на яе, скрыгатаць зубамі. схапіць яе на рукі, лашчыць, ціскаць, цалаваць... Часта ў яе прысутнасці не магу сабрацца з думкамі і бываю такім няўважлівым, што гэта насцярожвае іншых.

Заўчора, прыехаўшы ў Менск, падаўся з вакзала пехатою да кватэры Брагіных. Пайшоў галоўнымі вуліцамі і праз сквер «Каляровы бульвар». Крочыў цэнтральнай алеяй, што перасякала сквер наўскос. Раптам на выхадах са сквера заўважыў нейкі незвычайны рух. Калі наблізіўся да аднаго з выйсцяў, убачыў ланцуг чырвонаармейцаў і чэкістаў, які атачаў сквер, правяраючы дакументы. Наўзбоч пагрозліва вуркатаў грузавы аўтамабіль, гатовы прымаць ахвяры. Была гэта чарговая аблава ЧК. У куце сквера тоўпіўся дзесятак арыштаваных людзей, аточаных салдатамі са зброяй.

Я наблізіўся да выхаду і нядбайна ды абыякава паказаў — як прыкмеціў раней у вайскоўцаў і ўпэўненых у сабе людзей — «отпускной билет». Чэкіст зірнуў у пасведчанне і сказаў:

— Калі ласка, таварыш.

Я пакрочыў далей. Заўважыў, што «буйную рыбу» цяжка падлавіць на благіх пасведчаннях, хіба што бракароба. Хутчэй будуць благія або недасканалыя дакументы ў лаяльнага грамадзяніна, чым у шпіёна, аферыста ці прафесійнага злачынцы.

У Брагіных я заспеў Озімава, сакратара губвыканкама. Зосі ў хаце не было. Озімаў заляцаўся да Лізкі, седзячы за сталом каля яе. Я сеў насупраць Брагіна. Неўзабаве мы пачалі гуляць у прэферанс. Калі прыйшла Зося, прывітаў яе з удаванай радасцю. Заўважыў, што Лізка здзіўлена зірнула на мяне.

У прэферанс мы гулялі ўчатырох: Озімаў, Кобзаў, Брагін і я. Ліза і Зося назіралі за гульнёй. Жонка Брагіна, Марыля Іванаўна, нешта шыла пры малым століку. Я быў узбуджаны прысутнасцю Лізкі і знуджаны гульнёй у карты, якую не любіў, таму рабіў такія памылкі, што ўсе звярталі на гэта ўвагу. Для мяне пройгрыш анічога не значыў, бо гулялі на драбніцу. Некалькі разоў купляў карты «ўцёмную» і часта пападаўся, але меў такое шчасце, што больш чым без адной узяткі не заставаўся.

Тут жа пры маім крэсле сядзела Зося і падказвала мне хады, але я не звяртаў на гэта ўвагі і гуляў па-свойму. Озімаву прыйшла, відаць, добрая карта, бо калі я «ўцёмную» дайшоў да чырвенных сямёрак, ён сказаў са злосцю:

— Упартаму не штука гуляць, але трэба выйграць!

— Выйграю! — адказаў, гледзячы ў вочы Лізкі.

Яна ўсміхнулася да мяне залётна.

— Восем пікі, — сказаў Озімаў урачыста.

— Восем чырва, — у той самы момант адказаў я.

— Пас-с-с! — са злосцю кінуў Озімаў.

Я адкрыў карты і выйграў. Задаволены, весела засмяяўся. Лізка біла ў ладкі. Озімаў пачырванеў ад злосці і фанабэрліва працадзіў:

— Трэба мець паняцце тактыкі гульні! — зірнуў на Лізку, паказваючы пальцам угару і дадаў павучальным тонам: — Гэта так як на вайне!

— Слушна! — адказаў я. — Але трэба таксама ўмець рызыкаваць, бо часам мужнасць больш значыць, чым тактыка. А баязліўцам аніякая тактыка не дапаможа!

Заўважыў, што Лізка з захапленнем глядзіць на мяне, быццам дзівячыся, што я маю адвагу пярэчыць Озімаву. А я зацяўся і вырашыў не даць яму гуляць. І не даў. З гэтай прычыны я некалькі разоў уляцеў, але не вельмі моцна, бо «ўцёмную» гуляў цяпер рэдка.

— О, гэта штосьці іншае! — сказаў, іранічна ўсміхаючыся пад канец гульні Озімаў, калі я, гуляючы звычайнымі пікамі, застаўся ні з чым.

Такое мяне раззлавала. Вырашыў яшчэ раз згуляць яму на нервах. Чакаў толькі выпадку. Неўзабаве заўважыў, што яму прыйшлі добрыя карты, бо зірнуўшы, кінуў іх на стол і запальваючы цыгарэту, сказаў нядбайна:

— Пікі. звычайныя...

— Чырва... звычайная... — выгукнуў я, туруючы ягонаму тону і той самай манерай запаліў цыгарэту.

Лізка зірнула на мяне і закусіла ніжнюю пунсовую губку.

— Сем пікі... — гэтак жа абыякава прамовіў Озімаў, гасячы запалку ў попельніцы.

Гледзячы Лізцы ў вочы, я падумаў: «Калі выйграю, дык споўніцца... напэўна!», і сходу падхапіў:

— Дзевяць пікі!

— Як? — спытаў здзіўлены Озімаў.

— Дзевяць пікі! — паўтарыў я.

— Уцёмную?

— Угум...

Лізка пырснула смехам.

Озімаў сабраў са стала свае карты. Доўга іх вывучаў, кратаючы ў паветры пальцамі правай рукі, і, нарэшце, вымавіў урачыста:

— Дзевяць крэстовых!

— Гуляю! — адразу сказаў я.

— Пас-с-с! — засычэў Озімаў.

Я адкрыў карты. Меў слабую карту — блефаваў. Адкуль прыдбаць яшчэ адну ўзятку? Адкрыў «прыкуп» і ўбачыў, што мне пашанцавала.

Лізка біла ў ладкі і весела смяялася. Озімаў пачырванеў ад злосці, найперш таму, што я не даў яму гуляць (а таксама меў добрыя карты); па-другое таму, што не толькі — як спадзяваўся — я не ўляцеў, але яшчэ гэтак добра выйграў «уцёмную», што значна паправіла маю гульню; па-трэцяе, злавала яго Лізкіна радасць, выяўленая гэтак гучна за мой выйгрыш.

Канчаткова я падняўся з-за стала прайграным, але здаволеным. Зразумеў толькі, што ў Озімаве прыдбаў ворага, які не ўпусціць найменшага выпадку, каб мне нашкодзіць — холадна, разважліва, па ўсіх правілах «тактыкі».

Калі развітваўся з Брагінымі, каб пайсці ў свой пакой да спадарыні Жарскай, Лізка асабліва моцна паціснула мне руку. «Можа, гэта таксама тактыка. жаночая», — падумаў, адказваючы ёй моцным поціскам.

Назаўтра пайшоў да спадарыні Двалінскай. Мела вельмі сумны выгляд.

— Пан неяк змяніўся — сказала, прывітаўшыся са мной.

— З чаго пані зрабіла гэткую выснову?

— Так. Я гэта адчуваю.

Абгаварылі справу яе выезду, пра які распачала захады.

— Не ведаю, што з таго атрымаецца, — казала спадарыня Ядвіга. — Патрабуюць шмат дакументаў, а я нічога не маю. Усё загінула падчас пажару.

Я імкнуўся развесяліць спадарыню Ядвігу; распавядаючы пра жыццё ў Польшчы, памалу падняў ёй настрой.

— Няхай пані не хвалюецца, — сказаў я. — Калі не атрымаецца выехаць легальна, тады правяду пані праз «зялёную мяжу».

— Было б добра, — адказала спадарыня Ядвіга — толькі як вось Андзя?

— Калі прыйдзецца, дык і Андзю перанясём, — сказаў ёй. — Зрэшты, маем на гэта час.

Я катэгарычна забараніў ёй дапамагаць мне, да чаго яна зноўку выказала ахвоту. Сказаў, што ў мяне надзейныя крыніцы і пакуль што нічога не патрабую. Даручыў толькі трымаць сталы кантакт з чэкістам, якому прынёс какаін і якога намерваўся выкарыстаць у будучым як інфарматара. Пакуль што прасіў, каб па-ранейшаму купляла для мяне і камплектавала пэўную карэспандэнцыю, якую забіраў з сабой у Польшчу.

Гаспадар Юзаф дапамог мне скласці дакументы ў пакет. Меў я тры вялікія партрэты: Леніна, Троцкага і Луначарскага. Каб па дарозе яны не згамталіся, накруцілі іх на гладкі кій і ў некалькіх месцах абклеілі паперай.

Беручы па чарзе партрэты, гаспадар Юзаф прамовіў:

— Ленін, Уладзімір Ільіч Ульянаў; ведаю яго: дваранін, белая костка, блакітная кроў. фантаст; мог аднолькава стаць манахам як і рэвалюцыянерам, але занадта прагнуў улады і ўзяўся за палітыку. Бо кожны рэвалюцыянер мае вар’яцкую цягу да славы і панавання. Троцкі — Бранштэйн Лэйбусь — і гэтага ведаю: чалавек з маніяй велічы, з душой гандляра і акулы з чорнай біржы. Луначарскі: і гэтага я ведаю — панічок, бабнік, заблудны эстэт. Усе кар’ерысты! Дзеля ўлады гатовыя горлы перагрызці. Найбольш агіднае, што яны ўтварылі, дык гэта падбухторвалі натоўп супраць учарашніх сваіх таварышаў. Нават супраць сваякоў, можна сказаць — супраць саміх сябе. Яны ліслівілі перад салдатнёй, зразумела, смеючыся ў кулак. Бо нельга захапляцца кансерватыўным, тупым, хцівым, злосным, хітрым расейскім хамам, гатовым поўзаць перад кожным моцным і задушыць кожнага слабейшага? За што можна паважаць салдата, учарашняга селяніна? За тое, што быў апірышчам царызму з-за сваёй цёмнасці? А апошні прыгнятаў кожную вольную думку і, каб гістарычна ацалець, быў проста няздольны да найменшай крытычнасці. Бо рэвалюцыю ў Расеі не хамы рабілі, але эліта, дваранства і інтэлігенцыя, а казакі іх нагайкамі астуджвалі, як мяцежнікаў. Пачынаючы ад дзекабрыстаў, расейская інтэлігенцыя ўсюды і заўсёды змагалася з царызмам дзеля дабра хама, а падбухторванне потым яго супраць той самай інтэлігенцыі магчыма толькі ў Расеі. Бальшавікі баяліся людзей, якія ўмеюць крытычна глядзець на рэчы, таму знішчылі сваю інтэлігенцыю, а потым былі змушаны ліслівіць хаму, з якім ужо зусім не лічыліся як з чалавекам, але як з сілай, пасіўнай, але небяспечнай. Адгэтуль ліслівасць перад хамамі. Гэта падобна на вілянне хвосцікам пародзістага сабачкі перад вялікім, брудным, смуродным, бяздомным сабакам — між іншым кажучы — страшэнна баязлівым. «Ах, які ты прыгожы, разумны» — істэрычна захапляецца сабачка, танцуючы на дрыготкіх лапках вакол дварняка. «Вуррр.» — гыркае задаволены пысач, спрабуючы падняць заднюю лапу над галавой сабачкі. Цьфу. Крывадушша! Чаму не паставіць пытанне шчыра, праўдзіва, проста, адкрыта, як робяць мужныя людзі, якія ўсведамляюць уласную чалавечую годнасць?..

Палуднаваць я пайшоў да Брагіных. Заўважыў, што Лізка зрабілася да мяне вельмі ветлівая. Шапнула нават пра жаданне мне потым нешта сказаць, але некалі, не цяпер. Цікава, што? Даведаўся: на пачатак наступнага года прыпадае ейны дзень нараджэння. Выдатная нагода зрабіць ёй добры падарунак і прыручыць да сябе. Трэба як-небудзь тактоўна даведацца, што жадала б мець. Не хачу, каб дасталася Озімаву. Калі не мне, дык камусьці іншаму, толькі не яму. Але. не трэба спяшацца, каб не сапсаваць справы. Палкоўнік правільна ахарактарызаваў яе. Легкадумніца.

Я цалкам заваяваў Юльку, найперш дзвюма пліткамі шакаладу, потым прыёмамі брухамоўства і нарэшце тым, што стаўлюся да яе як да таварыша, прычым — дарослага. Напрыклад, калі згатавала для мяне гарбату ў імбрычку, дык запрасіў яе да стала, а выпіўшы гарбаты, запаліў сам і яе пачаставаў цыгарэтай, хоць заўважыў, што не ўмее паліць і толькі пускае дым.

А з брухамоўствам было так. Прачнуўся я раніцою; прыбраўся. У суседнім пакоі Юлька размаўляла з сяброўкай. Я трохі навучыўся брухамовіць калісьці ад выпадковага знаёмага, японца, і з дапамогай гэтага мастацтва не раз строіў жартачкі. Вось я і пачаў гаварыць пад ложак, да ўяўнага чалавека, каб начысціў мне боты — ён мне «адказваў». Заінтрыгаваная Юлька пастукала ў дзверы майго пакоя, і калі ўвайшла, падазрона агледзелася. Была здзіўленая, бо нікога, апрача мяне, у пакоі не было. Прынесла мне мядніцу вады і зноўку абследавала пакой. Зазірнула нават пад ложак.

— З кім вы тут размаўлялі? — спытала нарэшце.

— З д’яблам.

— Няпраўда, д’яблаў няма!

— А ў мяне адзін ёсць.

Прамовіў некалькі сказаў пад ложак, за дзверы, да печы і адусюль адказвалі мне чалавечыя галасы. Юлька была ў захапленні.

— Вось!.. Гэта штука!.. Гэта я разумею!..

Цяпер, калі я даваў ёй нейкія даручэнні, куляй імчалася, каб як найхутчэй выканаць даручанае. Пазней чуў, як Юлька ў сенцах бэкала, верагодна, у бочку, што там стаяла. Імкнулася навучыцца майму штукарству. Але дзе там. Я ж запомніў яе песні, якія голасна спявала ў сваім пакоі, не звяртаючы ўвагі на тое, што я яе чую.

Адна з іх пачынаецца страфой:

З камсамольцам камсамолка На футбол усё хадзіла... Потым мячык камсамолка Камсамольцу нарадзіла.

Заўважыў, што Юлька не мае аніякага сораму. Аднойчы ўвайшоў у іх пакой. Юлька, укленчыўшы на падлозе, мылася над мядніцай. Калі ўвайшоў, паднялася і расціраючы далонямі мокрыя грудзі, спыталася:

— Чаго вы жадаеце?

— Шчотку і гуталін. Іду ў места.

— Зараз.

Нават не захінулася ручніком, які вісеў на поясе. Як была, з голым торсам, пайшла ў кухню і прынесла адтуль шчотку і гуталін.

Калі б была дзіцём, я гэтаму б не дзівіўся, але мела 15 гадоў, і я чуў яе песенькі і размовы з сяброўкай, якія сведчылі, што была развітай дзяўчынай.

Спадарыня Жарская скардзілася:

— Пакута з той дзяўчынай, паночку! Не магу даць ёй рады. Са мной зусім не лічыцца. А ўсё муж нарабіў, што калісьці, у дзевятнаццатым годзе, аддаў у дзіцячы дом. Там з яе д’ябла зрабілі. з хлапчукамі на кулакі б’ецца!

— Чаму яе вы туды аддалі?

— Хлеба, паночку, не было. Голад. Рады былі аднаго рота пазбавіцца.

Заўважыў, што кабета сумуе па Вільні, за Польшчай, але не ведаю, як ёй параіць, каб старалася вярнуцца на бацькаўшчыну. Не жадаю без пільнай патрэбы раскрывацца, а Юлька добразычлівая да мяне, пакуль ведае, што я — савецкі службовец; калі б вынюхала штосьці падазронае (а яна даходная), дык магла б мяне выдаць. Кветка, якая вырасла ўжо на савецкім гнаі, небяспечная, атрутная.

Неяк адзін мой знаёмы сказаў:

— Няхай спадар пільнуецца! Тут нават сваіх трэба асцерагацца, бо шпіянаж увайшоў нават у сям’ю!

Так! так! Шпіянаж тут увайшоў ледзь не ў кожную сям’ю! Ведаю пра гэта добра.

Заўтра я вяртаюся ў Польшчу.

V. КУРЫЛЬНАЯ ПАПЕРА «Solali»

Жыццё журботнае І вельмі сумнае,

Няхай прынамсі Не будзе нуднае.

Яўгенія Яноўская

Ноч была цёмная. Зоркі, як дзяўчаты на луг, весела высыпалі на цёмнае неба і залётна міргалі залатымі вачыма.

Забава хутка крочыў наперад, бо дарога трохі падсохла, і побач гасцінца была добра пратаптаная сцяжына. Маглі, што праўда, здарыцца яму на той сцежцы не вельмі прыемныя сустрэчы, але разлічваў на добрыя дакументы, а найперш на выдатную зброю. Натуральна і ноч — даволі цёмная — была яго надзейнай хаўрусніцай. Вочы, звыклыя да цемры, асветленай бляскам зорак, бачылі мясцовасць на значнай адглегласці.

За вёскай Мядзведжына злева ад гасцінца пачуў яхканне сабакі. Спыніўся, некалькі хвілін прыслухоўваўся. Сабака ўядаў па-ранейшаму.

«Напэўна, на хутары», — падумаў. Рушыў далей.

Да брэху сабакі дадаўся звон жалезных путаў на конскіх нагах. «Пастухі з коньмі», — падумаў Забава.

Злева ад дарогі ляжаў вялікі, бясформенны, абымшэлы валун. На ім Заба­ва заўважыў застылую чалавечую постаць. Асцярожна наблізіўся. Гэта стаяў апрануты ў сярмягу падлетак, які, прапускаючы Забаву, пільна ў яго ўзіраўся. Забава быў у чорнай куртцы і цывільнай шапцы, бо вайсковую форму, занадта шырокую, аддаў на перашыў, і спадар Юзаф паабяцаў забраць яе ад краўца, калі той зробіць.

Забаву трохі здзівіла прысутнасць адзінокага хлапчыны на тым камені, але пашыбаваў далей, не надаючы гэтаму вялікага значэння. Неўзабаве пачуў ззаду моцны свіст.

«Ого, сігнал!» — падумаў Забава, дастаючы рэвальвер і азіраючыся.

Налева ад гасцінца цягнуліся шырокія прасторы палёў, і адразу пры дарозе страката струніліся вузкія палоскі сенажацяў, дзе-нідзе адмежаваныя ад яе кустамі. У тым месцы дарога цягнулася па краі высокага адхону... Забава заўважыў на ім тры постаці ў сялянскіх світках, што беглі ў кірунку гасцінца. Адна з іх пасунулася наперад, імкнучыся адрэзаць Забаву дарогу спераду. Забава запаволіў крокі...

Калі першы селянін быў ужо блізка дарогі, Забава скокнуў да яго, двойчы стрэліўшы над ягонай галавой і крыкнуў:

— Лягай!

Селянін спыніўся знямелы. З рук выпаў абрэз. Два ягоныя хаўруснікі завярнуліся і на ўсю моц прыпусцілі назад. Забава некалькі разоў стрэліў, крычучы: «стаяць!», але тыя ўцяклі.

— Ты што хацеў? — спытаў у селяніна, які проста трымцеў ад страху. Гадоў яму было пад трыццаць.

— Мы... мы... таварышу... Мы пастухі...

— Бандыты, суччыны дзеці, а не пастухі!

— Не, таварышу... мы з коньмі...

Забава ўрэзаў яму кулаком з заціснутым рэвальверам у твар. Селянін захінуў галаву рукамі. Забава стукнуў яшчэ раз. Селянін з енкам цяжка зваліўся на дарогу. Забава падняў з зямлі абрэз і пайшоў далей, пакінуўшы чалавека, які качаўся на дарозе ад болю. Неўзабаве сышоў з гасцінца і праз палі пашыбаваў убок нябачнага ў цемры лесу. Калі апынуўся над возерам, шпурнуў абрэз у ваду. Затвор кінуў у возера ў іншым месцы.

«Пастухі! — думаў Забава. — Адважныя хамы, бач ты на іх — дарогу заступаюць».

У лесе пад Старым Сялом спыніўся ля тэлеграфнага слупа побач гасцінца. Ад таго слупа скіраваў у лес. Зрабіўшы некалькі крокаў паміж дрэвамі, знайшоў зламаную лапу яліны і зняў з дрэва мяшок са шкуркамі.

Паблізу гасцінца дастаў шкуркі з мяшка. Пачаў шчыльней іх скручваць, прыціскаць каленямі, каб як менш занялі месца. «Цікава, колькі гэта каштуе?» — не выходзіла з галавы думка.

Далей пакрочыў павольней, пільна прыглядаўся да дарогі, да наваколля. Меў на сабе цяжар, таму належала асцерагацца сустрэчы з узброенымі людзьмі. Ісці было цяжкавата. Часта адпачываў. Дзе-нідзе сыходзіў з дарогі і крочыў узбоч яе... Зразумеў, што да світанку не здолее перайсці мяжу, таму не спяшаўся. Вырашыў задняваць у лесе.

Маючы тавар, нідзе па лесе не блукаў. Зашыўся ў нейкае балота і там, на маленькай выспе, уладкаваўся на дзень. На тым узгорку расло некалькі бярозак і вытыркалася адна яліна, зламаная бурай на вышыні метра паўтара над зямлёй; вершаліна ўтварыла штосьці накшталт доўгага будана. Забава ўлез усярэдзіну і прыхаваў там мяшок са шкуркамі.

Дзень цягнуўся бясконца. Сонца нібыта завісла на небе. Забаву даймаў сон, але ён вырашыў не спаць. Больш як дзесяць разоў абышоў сваю пляцоўку, усё не мог дачакацца змяркання.

Было каля трэцяй па абедзе, і сонца ўжо даволі знізілася, калі Забава, лежачы пад сагнутай ялінай, пачуў нейкія шоргаты, якія вылучаліся сярод іншых лясных гукаў... Дзесьці трэснуў дубчык, хлюпнула вада ў балоце, зашастала трава. Забава агледзеў наваколле. Пасля працяглага ўзірання заўважыў у далечыні мужчыну, апранутага на манер засцянковага шляхцюка ў чорны сурдут, высокія боты і цёмна-сінюю шапку з лакіраваным брыльком. Спыніўся на адлегласці ста крокаў ад Забавы і ўважліва аглядаў мясцовасць. Зноў пакуламесіў па балоце. Зварочваў направа і налева, апісваючы кола, аглядаў зямлю пад нагамі. Забава занепакоіўся, але нікога больш не бачачы паблізу, вырашыў яшчэ пачакаць. А мужчына ў чорным сурдуце ўсё кружляў паблізу выспачкі, ходзячы ў радыусе прыблізна ста крокаў. Працягвалася гэта каля паўгадзіны.

«Якога д’ябла? Чаго ён хоча? — думаў са злосцю Забава. — Хай сюды прыйдзе, я яго прывітаю! Шукае гузака, ён яго знойдзе!»

Незнаёмы, пераскокваючы з купіны на купіну, праходзіў праз багну ў кірунку выспы. Забава прысеў на кукішкі ля ствала паваленай яліны і чакаў. Калі мужчына ў чорным сурдуце ступіў на выспу, дык атрымалася так, што спыніўся акурат ля ствала яліны, а паколькі круціўся, уважліва аглядаючы адсюль балота, дык Забава ў нейкі момант апынуўся за яго спінай. Выпрастаўся і паклаў яму левую руку на плячо.

— О... о... о..! — выгукнуў мужчына, адскочыўшы.

— Ла-апкі ўгору! — працадзіў праз зубы Забава.

Незнаёмы, ахоплены жахам, падняў рукі ўгору, не зводзячы вачэй з рэвальвернай рулі, быццам штохвіліны чакаючы стрэлу.

— Садзіся! — сказаў Забава.

Незнаёмы пахопліва сеў. Забава абшукаў яго кішэні, знайшоўшы ў іх: сцізорык, тытунь, газетную паперу... Зброі і дакументаў не было.

— Ты адкуль?

— З Краснага.

— Як прозвішча?

— Бакут.

— Чаго тут лазіш?

— Так сабе...

— Так сабе?.. Ведаю вас: самагонныя апараты хаваеце!.. Так? А ты тут пільнуеш! Так?

— Не, таварышу, далібог...

— Бога можаш і не любіць!.. Нешта ты тут круціш! Кажы лепш праўду, бо забяру з сабой у Менск.

— Скажу праўду, таварышу! Я тут аніякіх «кумпірацый» не маю... Быў я ў лесе і знайшоў папяросную паперу.

Паказаў Забаву папяросную паперу, якую трымаў у левай руцэ; пасярэдзіне яе малымі, залатымі літарамі было надрукавана: «Solali». Гэтую курыльную паперу, калі Забава, адпачываючы паблізу багны, круціў цыгарэты, вырваў вецер, аднёсшы на некалькі крокаў далей. Забава паленаваўся яе шукаць.

— Што ж з таго, што ты знайшоў папяросную паперу?

— Папяросная папера замежная, у нас такіх няма. Мы, сяляне, з газеты самакруткі палім. Вось я і пайшоў шукаць па слядах, бо тут павінны быць дзесьці людзі з-за мяжы, з Польшчы... кантрабандысты...

— Можа, гэтая папяросная папера некалькіх дзён ужо тут ляжыць?

— Не... Свежая... Каб даўно ляжала, тады б яе раса пад’ела і пакурчыла...

«Як трэба асцерагацца! — думаў Забава. — Найменшая драбяза можа цябе выдаць!»

Затрымаўшы селяніна пры сабе і па-ранейшаму прыкідваючыся «упа­дай», Забава распытваў яго спачатку пра самагонку, а потым пра шмат што іншае дзеля інфармацыі, бо яшчэ не вельмі добра ведаў памежжа.

Ужо густыя цені дрэў клаліся ў лесе, калі адпусціў свайго палоннага.

— Ідзі сабе, — сказаў, — толькі глядзі, бо мне нешта не вельмі хочацца табе верыць. У вас народ хітры! Ой, хітры!

Селянін скіраваў на паўднёвы ўсход, паспешна ідучы праз балота ў кірунку гасцінца. Калі яго крокі аціхлі, Забава выцягнуў з-пад яліны мяшок са шкуркамі, замацаваў яго зручна на спіне, праверыў зброю і рушыў на захад, асцярожна пераскокваючы з купіны на купіну.

* * *

Забава блукаў дзесьці паблізу мяжы. Нягледзячы на тое, што меў з сабою компас, не мог выйсці на вядомую яму дарогу, а пераходзіць з таварам мяжу ўсляпую, у невядомым месцы, не хацеў. Блукаў па цёмных, як тунелі, сцяжынах, ахінутых, нібы скляпеннямі, галінамі ляшчыны. Чуў удалечыні спеў чырвонаармейцаў, але слоў за вялікай адлегласці не мог разабраць.

Вырашыў абавязкова выйсці на гасцінец і пераходзіць мяжу паблізу яго. Амаль з гадзіну ішоў назад на ўсход, а потым скіраваўся на поўдзень. Такім чынам аддаліўся ад мяжы і, як яму здавалася, павінен быў знайсці гасцінец. Увайшоў у вялікі лес. Магутныя хвоі стаялі чорныя, змрочныя і здавалася, што сваімі кронамі падпіралі неба. Пахла грыбамі, цвіллю і гнілой драўнінай. Паветра было вільготнае... Сцяжына вілася між кустоў і дрэў... Перасякалі яе, як набрынялыя вены, магутныя карані лясных волатаў. Лес станавіўся ўсё гусцейшы.

«Напэўна, паблізу будзе рачулка», — думаў Забава. У адным месцы давялося яму затрымацца даўжэй. З левага боку ад сцяжыны, па якой ішоў, адчуў на сабе погляд. Спыніўся... Злавесныя фасфарычныя вочы глядзелі з цёмнай глыбіні лесу.

«Што за д’ябал?! Можа гэта рысь?» — падумаў Забава. Навёў рулю рэвальвера ў тым кірунку... Вочы не міргнулі. Гэтак жа холадна і жорстка, свецячы злымі агеньчыкамі, упарта глядзелі на яго. Забава пачаў шоргаць нагамі па зямлі, пакуль не наткнуўся на паўзгнілую галіну. Падняў яе, не спускаючы вачэй з хмызняка, дзе засеў невядомы яму звер, потым кінуў галіну ў тым кірунку. Зрэнкі на момант патухлі. «Прыжмурыліся», — падумаў Забава. Потым вочы зноў засвяціліся — халодныя, жорсткія, нібы нечага чакалі. «Шкада, што няма ліхтарыка», — падумаў. Вырашыў даследаваць, што гэта за вочы такія? Жадаў стаць твар у твар з невядомасцю, каб увесьчасна не чакаць нападу збоку ці ззаду. Навошта яму гэты клопат? Выняў другі рэвальвер і рушыў наперад, на вочы. Напаўсагнуты, сабраны, гатовы да нападу і абароны, зрабіў больш як дзесяць крокі і... убачыў на нейкім лясным пустазеллі два светлячкі. Ляжалі так, што адлегласць паміж імі раўнялася прыблізна адлегласці паміж вачыма драпежнага звера — рысі або ваўка...

На мяжу Забава прыцягнуўся пасля шматгадзіннага блукання па бездарожжы. Яшчэ раз пераканаўся, як лёгка можна заблудзіцца ў лесе ў пошуках «добрай дарогі». У такіх выпадках лепш за ўсё ісці па компасе, наўпрост, а не шукаць зручнага шляху. Менавіта такім спосабам, увесь час ідучы на захад, Забава выйшаў на мяжу, калі ўжо зусім страціў надзею знайсці гасцінец. Не заўважыў папярэдне адной драбязы: тое, што некалькі гадзін таму палічыў за паляну, праходзячы праз яе на другі бок, і было гасцінцам з утравелымі каляінамі. Таму і стаў круціцца і блукаць, аддаляючыся ад яго ўсё больш і больш.

Мяжу пазнаў па межавых слупах, але быў здзіўлены, убачыўшы перад ёй густую сцяну калючага дроту. Знайшоў паблізу доўгі дрын. Намерваўся, абапіраючыся на яго, бяспечна перайсці на другі бок перашкоды. У нейкі момант адзін з дратоў выслізнуў з-пад ступакоў, і Забава ажно па калені праваліўся паміж дратамі, а тулавам перакуліўся назад так, што галавой і рукамі датыкаўся зямлі. Пачаў выкарасквацца з жалезных кіпцюроў, у якія нечакана патрапіў, але заблытваўся яшчэ больш. Зразумеў, што павінен захаваць як найбольшы спакой, калі жадае хутка выбрацца. Выняў рукі з рукавоў і ўжо цела вызвалілася напалову. Пачаў вызваляць ногі, што было вельмі цяжка.

«Добра б я выглядаў, калі б падышлі бальшавікі!» — падумаў. Але ніхто яму не перашкодзіў і ён неўзабаве выбраўся з пасткі, хоць адзежу падраў на шматкі і скрывавіў рукі і ногі. «Нібы сабакі дзёрлі!» — са злосцю сказаў самому сабе.

Неўзабаве перабраўся на другі бок перашкоды. Пайшоў уздоўж мяжы. Дабрыў да межавых слупоў. Спыніўся побач таго, на якім быў змешчаны дзяржаўны герб Польшчы. Пляснуў яго далонню і сказаў: « Здароў!»

* * *

У тую хвіліну, калі Забава на мяжы вісеў галавой уніз на перашкодзе і намагаўся выблытацца з калючага дроту, у падвале ЧК, у Менску, Антон Кралевіч спрабаваў, трымаючыся рукамі за краты, прасунуць ногі. Пралезці наперад галавой не спадзяваўся, бо не меў апоры для ног.

Пасле вялікіх і марных намаганняў пераканаўся, што краты занадта вузкія і саскочыў з акна.

ДЗЁННІК РАМАНА ЗАБАВЫ 12 кастрычніка 1922 г.

(У цягніку з Маладзечна да Баранавіч)

Пасля вяртання з-за мяжы я спыніўся ў Ракаве, у Малкі.

Захапляюся ёю! Як гэтая жыдоўка можа апрануць і пракарміць сама сябе і пяцёра дзяцей, маючы гэткую нэндзную карчму, у якой дагэтуль аніякіх гасцей я і не сустрэў? Снуе з пакоя ў пакой, тоўстая, як пярына, говорачы штосьці камічным габрэйскім акцэнтам. Заўсёды вясёлая. Заўсёды дзейсная — нават уначы. Увесь час нешта шые, чысціць, мые, гатуе... Дзетак сваіх заве «дыяментамі». Калі спытаў яе, ці багатая, адказала, паказваючы на дзетак:

— Уй, спадарочку, я багатая! Вельмі багатая! Гэта мае дыяменты!

Заўважыў, што ў габрэйскіх сем’ях дзеці больш паважаюць бацькоў, чым у хрысціянскіх. Рэдка здараецца, каб у сям’і габрэяў дзеці кінулі старых бацькоў, а ў сялян і мяшчан-хрысціян — гэта надараецца. У габрэяў сям’я больш з’яднаная, чым у нас.

Калі днём я пайшоў да камандавання мытнага батальёна па дакументы, прыкмеціў на Букраўцы мужчыну старэйшага веку, які, як разміналіся з ім, уважліва прыглядаўся да мяне. Я не звярнуў на яго вялікай увагі і пайшоў далей. Калі Букраўкай вяртаўся ў горад, убачыў двух паліцыянтаў, што ішлі мне насустрач. Захоўваючы ўсяляк асцярогу, наблізіліся да мяне і запатрабавалі дакументы, былі пільныя, каб замест пасведчання я не выняў з кішэні рэвальвер... Абодва трымалі правыя рукі ў кішэнях, а пальцы пэўна ж на рэвальверных курках. Я падаў ім службовае пасведчанне... Падзякавалі і прабачыліся. Спытаўся ў іх:

— Вас, напэўна, напусціў на мяне шляхцюк, які тут праходзіў паўгадзіны таму?

Пацвердзілі. Я ўспомніў, што гэта быў той самы шляхцюра, на якога нацкаваў мяне ў Воўкаўшчыне Адам Каліноўскі і якога хацеў застрэліць на ягоным падворку.

У Воўкаўшчыне браты Юзаф і Браніслаў Каліноўскія прывіталі мяне на двары, заяўляючы:

— Адам звар’яцеў!.. Што рабіць?..

Пайшоў з імі ў пакой, дзе на ложку ляжаў Адам. Быў апрануты. Ляжаў ніцма і няспынна лупіў кулаком у біла драўлянага ложка... Пазнаў мяне адразу і зрабіў братам знак рукой, каб выйшлі з пакоя. Потым сеў і сказаў умольна:

— Схадзі, пан, да Меляховіча!

— Навошта? — здзівіўся я.

— Каб пагаварыць з Люцыяй.

Пазней ад ягоных братоў даведаўся, што Меляховіч мае трох дачок. У малодшую, Люцыю, Адам закахаўся і хацеў узяць з ёй шлюб перад выездам у Амерыку да сваякоў, якія намерваліся ў хуткім часе даслаць яму «шыфратэлеграму». Бацька Люцыі на шлюб не згаджаўся. Каліноўскія, як я зрабіў выснову, таксама былі супраць. Вось якраз ад усяго гэтага Адам звар’яцеў... Потым я разважаў над тым, як, паддаючыся на ўгаворы вар’ята, ледзь не нарабіў бяды. Праўда, быў я п’яны, але павінен больш крытычна ставіцца да фантастычных аповедаў Адама пра ўбачаных ім у сутарэннях хаты Меляховіча людзей... А можа, я таксама вар’ят, у якога вар’яцтва выяўляецца, калі нап’юся?

Увечары, паводле просьбаў Адама і братоў Каліноўскіх, пайшоў да Меляховіча. Папрасіў у яго прабачэння, растлумачыў усё. Гаварылі пра рознае. Меляховіч выявіўся практычным і прагрэсіўным гаспадаром, хоць меў і абмежаваныя магчымасці. Падпісваўся нават на нейкую газету, што ў беларускай вёсцы рэч незвычайная. Пазнаёміўся і наўмысна зацікавіўся ягонай дачкой Люцыяй. Даволі сімпатычная, але я не мог зразумець, што незвычайнага знайшоў у ёй Адам, які з кахання да яе звар’яцеў.

Меляховіч пастаянна выказваў гасціннасць і ветлівасць. Ставіўся да мяне, як я заўважыў, з асцярогай. Калі я ўсоўваў руку ў кішэнь, позіркам суправаджаў яе.

Да Каліноўскіх я вярнуўся позна і, зрабіўшы справаздачу, павячэраў (зразумела, яечняй) і паехаў на станцыю. Браніслаў, які вёз мяне да Аляхновіч, гамонячы ўсю дарогу, раскрыў сваю мару: працаваць у пякарні.

— Няўжо ты гэтак любіш булкі? — спытаўся яго.

— Я?.. Я, каб быў багаты, заўсёды еў бы булкі!

Трэба прывезці яму наступным разам розных булак. Танней, чым частаваць гарэлкай... Людскія мары розныя, часта смешныя і не для кожнага зразумелыя. Каб мяне хто спытаў, якая мая мара, чаго прагну, не ведаю, што і адказаў бы. Менавіта ў той момант прыйшла мне думка пра Лізку. Успомніў сон... Мабыць, гэта мая мара! Але мне яе трэба заваяваць...

Калі б згадзілася, узяў бы яе з сабой у Польшчу. Але на гэта яшчэ даволі часу. Пакуль што я жыву так, што планы на будучыню мне трэба будаваць ой як абачліва.

Жыву ў цягніках... і тут, і там. Цягнікі, цягнікі, цягнікі... Вагоны, вагоны, вагоны... Тут: горы валізак. Там: горы мяшкоў. Тут у буфеце: абеды, апельсіны, шакалад. Там, у буфеце: фарбаваная содай гарбата, падробленае манпасье, сахарын (у 280 разоў саладзейшы за цукар). Тут: лакіраваныя паркеты, цэнтральнае ацяпленне, струмені святла. Там: запляваная падлога, пакрытая шалупіннем семак, сабачы холад, закуродымленыя лямпы. Тут: парфума, шоўк, панчохі на нагах, пудра на тварах. Там: смурод брудных, залатаных кажухоў, махоркі і дзёгцю, лапці або апоркі на нагах, заміж пудры — блакітнае, шэрае і жоўтае адценне скуры, нібы то пудра голаду на тварах. Тут: вясёлыя вокрыкі мужчын і жанчын, дзіцячы смех. Там: нахабныя галасы і праклёны салдатні, рык начальства і баязлівыя пагляды пасажыраў. Тут плакаты: «Сачыце за дзецьмі!», «Не еш нясвежай садавіны!», «Усе на змаганне з сухотамі!». Там: «Не пляваць на падлогу!», «Ты дэзерцір!». Тут мне не трэба мець пастаянна напятыя нервы, не чакаючы штохвіліннага ўдару ззаду... А тамака!..

Я не баюся ў Саветах. Г атовы пры выкрыцці біцца даканца. Літаральна: да апошняга ўздыху, да апошняга патрона... Шыць кулямі, ірваць гранатамі, і, нарэшце, нажом!.. Абы не дацца жыўцом, як найдаражэй прадаць жыццё. Ведаю, што чакае мяне ў Чрэзвычайцы! Ведаю добра і ніколі ім не здамся жывым! Во што мяне і мучыць — толькі гэтая бесперапынная гатоўнасць да бітвы, безупынная напруга! Менавіта гэта! Баюся, каб не спазніцца!.. Калі хаджу па штабах, праслізгваю праз вакзалы і праверкі ЧК, крочу вуліцамі, дык у мяне такое ўражанне, быццам нашу на шыі пятлю, якую ў кожную хвіліну могуць зацягнуць, бо другога канца той пятлі не бачу... Трымае яго ў руцэ хтосьці жорсткі, хітры... У руцэ маю нож каб перарэзаць пятлю акурат у той момант, калі пачнуць яе зацягваць. Нельга гэта зрабіць ні заўчасна, ні запозна, толькі ў адной-адзінай секундзе, якую мне нельга прагледзець!

Мяне вымотвае бесперапыннае вынюхванне, прыслухоўванне, чаканне засады. Стамляе безупыннае прапальванне зрокам начнога змроку... Ад гэтага пагляд робіцца блукаючым. Заўважаю ў люстэрку ў сваіх вачах іншы выраз: халодны, востры і... як у таго злодзея, мае вочкі бегаюць. Бясконца мучыць штохвіліннае назіранне ўсяго навакол, ацэнка кожнай асобы, пагляду, руху, слова! Рукі стамляюцца ад няспыннага сціскання зброі; усё цела — ад пастаяннага надавання ўяўнай упэўненасці ў сабе; твар стомлены ад увесьчаснай маскі; мозг ад безупыннай працы — падліку шанцаў, утрымання ў памяці безлічы падрабязнасцей і дэталей!

Усюды адзін. Быццам д’ябал злосны, быццам д’ябал рашучы, быццам д’ябал ганарысты!.. Толькі ноч мая памагатая! Толькі лес — мой сябра! Уначы, у лесе я магу спаборнічаць з ворагамі зброяй, спрытам, трываласцю... З усімі! Але днём?..

Калі потым апынаюся ў сваім краі, у бяспецы, дык тады ў душы ўтвараецца нейкая пустэча, якую нічым нельга запоўніць. Людзі вакол здаюцца празмерна звычайнымі, усё будзённае не мае вялікага значэння, не мае аніякай каштоўнасці і цаны. На запаўненне той пустэчы застаецца гарэлка і... скандалы, якія я чыню безупынна і за якія атрымліваю суровыя вымовы.

Падаецца мне, што гэтак званая мужнасць — гэта не мужнасць у тым значэнні, у якім яе звычайна разумеюць, але штосьці іншае. Не магу зразумець — што. Але адчуваю памылку ў сваім ладзе жыцця. Магчыма, у будучым здолею гэта выказаць...

Нядаўна адзін афіцэр, які суправаджаў мяне на мяжу, чалавек адзначаны шматлікімі ўзнагародамі за адвагу, сказаў:

— Шкада мне пана, што ідзе туды адзін... уначы... Я — смяльчак, вельмі адважны, але апынуцца ў гэткім становішчы не хацеў бы. Адна справа, калі мы ідзём у атаку, плячо ў плячо, узбуджаныя, загіпнатызаваныя агульным энтузіязмам, агульнай ідэяй... Калі смерць, дык — на полі бою, прылюдна. Калі рана — гонар, нават у ворагаў... Няволя — ганаровая... А тут? — Вайсковец сцепануўся амаль з агідай. — Ці пан напраўду не баіцца?

Я не мог адказаць яму на гэта пытанне, бо знаходзіўся над памежжам і думаў пра штосьці іншае і, апрача таго, не меў часу разважаць. Якія дзіўныя людзі! Задаюць вельмі цяжкія пытанні, цяжар якіх нават немагчыма асэнсаваць, і пытаюць пра гэта як пра: «Каторая гадзіна?» Адказаў яму тады штосьці накшталт:

— Ці баюся?.. Не ведаю... Здаецца, не... Я зараз адчуваю толькі жаданне да палёту наперад, каб не зацягваць чаканне невядомай мне небяспекі... А потым, калі я апынуся «там», дык буду мець сцятыя сківіцы і злосць у душы, што хтосьці можа на мяне паляваць, замінаць мне ў тым палёце... Не баюся анікога на свеце, пакуль трымаю ў руцэ зброю... Я там машына: рашучая і мэтанакіраваная, хоць яна можа вельмі зношвацца з прычыны празмернай, разнастайнай працы цягліц, нерваў, мозгу... напятасці... інтуіцыі... інстынкту... Да таго ж яны самі часта ваююць між сабою. І каб гэтая складаная машына працавала, яе трэба змазваць: нянавісцю або ідэяй...

Я забыўся пра адну рэч, магчыма, галоўную! Тую, якая завецца неабходнасцю. Яна або свая, або чыя-небудзь, або агульная. У сэнсе — некаму ж трэба туды ісці.

* * *

Баранавічы, 16 кастрычніка 1922 г.

Я сяджу ў Лёлькі ў гатэлі і пішу. Памірыўся з ёй. Згоду нашу прыспешылі і ўмацавалі падарункі. Купіў для яе ў Вільні вожыка. Казалі, што гэта малады самец, але я не ведаю, ці праўда, бо пол я пазнаю па адзежы, а узрост па пысе. Гэты ж д’ябал апрануўся ў калючае футра, згарнуўся ў клубок і ні чапай яго! Акрамя вожыка прывёз Лёльцы прыгожы шаль і шмат рознай драбязы. Сядзіць зараз на ложку і смакуе шакаладкі, скоса пазіраючы на мяне. Дзівіцца напэўна, што заманулася мне дурная думка: крамзоліць нешта ў сшытачку ў адзінаццаць уначы.

Калі часам думаю пра Лёльку, дык не ўяўляю яе інакш, як на ложку... негліжэ. Яе працоўны варштат... Нельга пра яе так пісаць, бо гэта вельмі доб­рая дзяўчына. Не дужа разумная, але гэта не змяншае яе асноўную вартасць. Яна ніколькі не прагная і не саманадзейная. Каханкаў і да мяне мела некалькіх і, здаецца мне, да кожнага прывязвалася шчыра, а паколькі вельмі зграбная паставай (хоць брыдкая з твару), дык калі страціць аднаго, лёгка знаходзіць наступнага.

З Маладзечна я паехаў у Вільню. Там у гатэлі распакаваў мяшок са шкурками Пасартаваў іх. Меў 28 куніц, 15 пачак (па 20 штук) алтайскіх вавёрак і 6 жоўтых лісаў. Прадаў усё. Куніцы па 12 даляраў за штуку, вавёркі па 18 даляраў за пачак, а лісаў — па 4 даляры за шкурку. Прадаў танна, бо вельмі спяшаўся... Усяго выручыў 630 даляраў. Такім чынам значна паправіў фінансы, бо ў мяне ўжо было тугавата з грашыма. Тых, якія атрымліваю на «працу», так мала, што на падарожжа ледзь хапае. Варта падумаць, ці не кінуць гэты занятак, калі зусім мала аплачваецца. Гэта не фільм!.. Адзінае: пачаў асвойвацца з гэтай працай. Здаецца мне, што калі б яе кінуў, дык у маім жыцці ўтварыўся б велізарны прагал, які нічым бы не запоўніў! Пабачым далей.

Зайшоў да Кароля Фарбы і распавёў яму пра захады, якія рабіла ягоная жонка, каб выехаць у Польшчу. Аддаў яму ліст ад жонкі і выказаў сумнеў, што наўрад ці хутка ёй удасца ўладзіць гэтую справу.

Фарба раптам спытаў мяне:

— Ці пан пагодзіцца правесці мяне ў Менск, каб я мог асабіста пагаварыць з жонкай? Хацеў бы заадно наведаць сваякоў і знаёмых у Менску і ўладзіць некалькі спраў.

Мною авалодаў смех, але я сказаў сур’ёзна:

— Чаму не? Можна. Гэта звычайны шпацыр... Можа, занадта доўгі, але вельмі вясёлы.

— Так? Цу-доў-на! Я пра тое даўно думаў.

Паабяцаў узяць яго з сабою ў лістападзе або ў снежні, каб ён мог застацца там даўжэй. Я меўу тым сваю мэту. Ведаў, што ён скупы, а ідучы туды вымушаны будзе ўзяць з Польшчы падарункі для ўсёй сям’і. Добра было б, каб бальшавікі паганялі нас на мяжы... Не вельмі, каб не ўляцець, але так, каб панюхаў, чым пахне мяжа! «Няхай бы пратрос свой баязлівы азадак!» — падумаў я пры гэтым.

У Баранавічах я адразу паехаў да Уладзіка. Палкоўнік чакаў мяне.

— Адчуваў, што прыедзеш сёння, — прамовіў.

— Спецыяльна і прыйшоў, каб цябе ўбачыць.

— Цудоўна! Вып’ем!...

— А няўжо ж.

— І я не супраць, — дадаў Уладзік.

Але пілі яны стрымана, імкнучыся мяне напаіць. Са здзіўленнем заўважыў, як яны то прапускаюць, то падліваюць мне болей, але нічога не сказаў і праз нейкі час больш прыкідваўся падпітым, чым насамрэч быў такім.

— Ведаеш што, Раманку, пойдзем у адно месца? — спытаў мяне Палкоўнік, які выглядаў зусім цвяроза.

— Гледзячы куды, — адказаў я.

— Да дзяўчат Алеўшчынак.

— Да паненак?.. Паннаў?.. Залежыць, да якіх і праз колькі «а»?

— Сур’ёзна! Гэта вельмі прыстойная сям’я. Ты ўбачыш сам. Я паабяцаў ім абавязкова прывесці цябе...Ты нічым там не будзеш абавязаны. Будзеш з імі... Ну як з прыяцелямі... Натуральна, у пэўных межах...

— Ніякіх межаў не прызнаю — я ўмею іх пераходзіць, — пажартаваў я, — а паннаў люблю толькі такіх, якія пішуць гэтае слова праз тры «н».

— Казаў табе, што баіцца баб, — сказаў Уладзік.

— Баюся баб?! — усхапіўся я з-за стала. — Гайда туды!

— Каб ён толькі скандалу ў іх не ўчыніў, — папярэдзіў Уладзік.

— Не, ён не дужа п’яны, а зрэшты, калі апынецца ў прыстойным таварыстве, працверазее...

«А як жа,працверазею», — падумаў я.

Неўзабаве мы апынуліся ў кватэры Алеўшчынак, у агромністым цудоўна ўмэбляваным пакоі. Сустрэлі нас сёстры Алеўшчынкі весела і сардэчна. З п’янай галантнасцю і манернай упэўненасцю ў сабе прывітаўся з кожнай, моцна трасучы іх рукі.

— Рудзінскі! — сказаў я да адной. — Карыга! — сказаў да другой. — Селепов-Молоков! — прадставіўся трэцяй.

Заўважыў на іх тварах тактоўныя ўсмешкі. Палкоўнік і Уладзік на мігах паказвалі ім, што я падпіты. Старэйшая сястра Гэля, высокая сухарлявая шатэнка, пачала са мной гутарку. Яе сёстры Зося і Андзя размаўлялі з Палкоўнікам і Уладзікам, назіраючы за мной збоку. Я быў злы, што нібы рэдкі звярок выстаўлены напаказ. Ідучы сюды, я намерваўся ўчыніць авантуру, але цяпер мне стала шкада гэтых сімпатычных паненак...

— А мяжу цяжка перайсці? — спытала мяне Гэля.

— Не, калі чалавек можа рухацца.

— А як тая мяжа выглядае? — спытала Андзя, якая зрабіла на мяне ўражанне, што яна легкадумніца.

— Як тая мяжа выглядае? — паўтарыў яе пытанне. — Сцежка, дагледжаная, жоўтым пясочкам пасыпаная, дрэўцамі абсаджаная. Дождж яе мые, сонца сушыць, вецер падмятае, лес апранае, чырвонаармейцы ботамі націраюць... А дзе яна бяжыць, слупы межавыя навыцяжку стаяць — чэсць аддаюць.

— А камуністычная ідэя хоць часткова прыжылася ці не? — ўпершыню спытала Зося. Я адказаў:

— Ідэі, проша пані, не могуць увайсці ў жыццё, бо тады перастаюць быць ідэямі. Ідэі, мая спадарынька, як кветкі, насоўкі і жанчыны, пасля практычнага ўжывання перастаюць быць ідэямі. У большай нават ступені чым яны больш далікатныя, чым жанчыны, насоўкі і кветкі... Не пачуццёвыя, толькі разумовыя...

Адчуў у кампаніі нейкую скаванасць. Вочы Палкоўніка весела бліснулі.

— Моцна сказана! — прамовіў, — і, падаецца мне, шчыра...

Я прамаўчаў. Раптам перад маімі вачыма паўсталі абліччы расстраляных: Кастуська, Алеся і Часлава. Тады я сказаў:

— Нават самыя лепшыя ідэі ў руках людзей подлых становяцца сродкам да забойства. А такія, для ўмацавання якіх патрэбна чалавечая кроў, хай будуць праклятыя нават тады, калі б той крывёй была кроў найвялікшага нягодніка!

Ніхто мне не адказаў. Запанавала цішыня. Я падняўся.

— Прашу мне прабачыць, але я не жадаю псаваць вам настрой. Я сёння ў благім гуморы... Мне вельмі сумна... Гэта ўсё ўспаміны і боль.

Андзя ўстала:

— Тады навошта пан прыйшоў да нас?.. Самотны? У нас пану будзе лягчэй... — Зачырванелася і змоўкла.

— Хадзем разам, Раманку! — сказаў Палкоўнік.

— Не, я не хачу... Я адзін... Заставайцеся...

Калі развітаўся з імі і выходзіў, пачуў з вітальні, як Палкоўнік казаў:

— Сёння ён не ў духу. Зрэшты, вы ведаеце: такая праца!

На вуліцы было шмат мінакоў. Калі я ішоў задуменны, заўважыў перад сабою п’янага ўзводнага, які крок у крок ступаў за нейкім цывільным і час ад часу пляваў яму ззаду на паліто. Чорнае паліто было ўсё спярэшчана белымі плямамі. Цывільны перайшоў на другі бок вуліцы і зайшоў у аптэку. Узводны пакіраваўся за ім і з п’янай упартасцю шнураваў перад дзвярыма аптэкі, чакаючы, калі той выйдзе.

«Гэтаму занятак ёсць!» — падумаў я і падаўся, каб сапраўды дзесьці напіцца.

Праз гадзіну, наладаваны падарункамі для Лёлькі, уваходзіў да яе. Я выпіў якраз гэтулькі, колькі мне трэба і быў у залатым настроі. Лёльку заспеў дома. Ляжала на ложку ў нейкім стракатым халаціку і разглядала альбом з каўказскімі краявідамі, які я калісьці ёй купіў.

Ад парога я пачаў спяваць: Як ката не хоча кошка, Дык не хоча — хоць памры. А паненкі лёгка ножкі Падымаюць дагары.

Жыву ў Лёлькі другі дзень. Згода паміж намі ўсталявалася. Вуркоча як котка... Цёпла, ціха, але нявесела... Усё мне надакучыла. Нават яна... Пуховая падушка добрая пад галавой, каб выспацца, але ўвесь час насіць яе на галаве — такое надакучыць.

Заўтра трэба выехаць у Ліду, бо тут болей не вытрымаю.

* * *

Ліда, 18 кастрычніка 1922 г.

Калі ўдумацца, жыццё чалавечае анічога не вартае, нават самае прадуктыўнае. Хтосьці створыць велізарныя культурныя каштоўнасці. Народ узвысіцца на высокім узроўні цывілізацыі. Чалавецтва створыць калектыўнымі высілкамі цудоўныя ўмовы існавання. І што ж далей? Як таго нейкага кагосьці, так і народ, і ўсё чалавецтва наперадзе няўхільна чакае пагібель, бо законы прыроды аднолькавыя для ўсіх. Як для маленькіх арганізмаў, так і для вялікіх, як для аднаго чалавека, так і для ўсяго чалавецтва. Нават наша Зямля змушаная будзе састарэць і скончыць натуральнай смерцю, ад «старэчага маразму», калі перад тым не загіне з-за нейкай касмічнай катастрофы. Нават вядомы нам космас будзе змушаны саступіць месца іншаму космасу.

Каштоўнасць існавання адзінкі — для яе самой — залежыць ад сумы тых задавальненняў (як хочаш іх назаві: працай або распустай, малітвай або творчасцю), якія яна зможа ўзяць ад жыцця. Я, напрыклад, учора дакладна атрымаў задавальненне, калі ў адным рэстаране адчабучыў штуку. Пайшоў туды з калегам, таксама выведнікам. Мы былі ўжо п’яныя. Я замовіў гарэлкі і свіную адбіўную.

На зале было даволі шмат гасцей. Паблізу мяне, за іншым сталом, сядзела, спакойна спажываючы харч, вялікае кампанія... Там проста елі, але менавіта спажывалі закускі, адбіўныя і рознае іншае з талерак. Усё адбывалася гэтак павольна, велічна, у такой засяроджанасці, быццам ладзіўся рэлігійны абрад, а не выконвалася звычайная дзея напіхання трыбухоў ежай. Кампанія складалася з трох спадароў, чатырох спадарынь, двух малых дзетак і аднаго хлопчыка гадоў дзесяці, вясёлага і рухомага як ртуць. Ён адзін вылучаўся сваімі «анармальнымі» паводзінамі сярод астатніх людзей, што сядзялі за стал ом. Былі яны найверагодней адной сям’ёй. У бок хлопчыка безупынна ляцелі навальнічныя погляды, яму чыталіся маралі і натацыі дарослых:

— Гэнік, не круціся на крэсле!

— Гэнік, не брыкай нагамі!

— Гэнік, не бяры ў рот нажа!

І ўвесь час: Гэнік, Гэнік і Гэнік!

Захацелася ўразіць тую ўзорную сям’ю. Паказаць ім, як насамрэч выгля­дае благое выхаванне, у параўнанні з якім выхаванне Гэніка падалося б узор­ным, а сам Гэнік — увасабленнем анёла.

Тут заўважу, што калісьці ў гэтым рэстаране я ўжо нарабіў вэрхалу і быў тут добра вядомым, таму з-за буфета на мяне неспакойна пазіралі спалоханыя людзі, як бы прадчуваючы блізкую бучу.

Я паклікаў афіцыянта і сказаў:

— Пойдзем на кухню!

Адвёў мяне туды. На кухні я ўбачыў вялікі мясны нож. Узяў яго і вярнуўся ў залу. Погляды ўсіх прысутных скіраваліся на мяне. Афіцыянт і гаспадар рэстарана неспакойна круціліся паблізу.

— Шаноўны пане! Паночку ласкавы!

— Што пан хоча? У чым справа?...

Я пачаў на стале секчы катлету. Натуральна, талерка пырснула на кавалкі, абрус і столік я парэзаў.

— Катлета занадта цвёрдая! — сказаў я гаспадару рэстарана.

— Зараз будзе іншая.

— Я хачу гэтую!.. Я таксама зацяты!

На маё патрабаванне афіцыянт прынёс запаленую свечку, і я дасмажыў над ёй, на відэльцу, кавалкі свіной адбіўной, а потым са смакам яе з’еў, запіваючы гарэлкай.

Госці, што сядзелі за вялікім сталом, похапкам паглыталі сваё і выкаціліся з залы. Ужо ані разу не пачулася: «Гэнік!»

Я чытаў дзесьці, што нічога дарэшты не знікае! Нічога! Усё мае пэўныя прычыны і выклікае пэўныя наступствы. Нішто не прамінае бясследна!..

Трэба над тым паразважаць. У гэтым рэальнасць жыцця, явы. Але я не застануся ў дурнях, не паддамся на танны жарт. Гэтак мне падумалася пасля той рэстараннай гісторыі. Якія ж будуць яе наступствы і вынікі?

Учора Янка пазнаёміў мяне з нейкай тэлефаністкай. Пульхненькай, свежанькай і ружовенькай, як свежая булачка. Прасіла мяне аднесці ліст да маці ў Менску. Не хацеў нават, але яна пачала гэтак лісліва зазіраць мне ў вочы і зрабіла такі сумны тварык, што не мог адмовіць. Сказаў:

— Добра, хай пані падрыхтуе ліст.

— Калі ласка, ужо гатовы! — выняла аркуш з рыдыкюля.

Гэта вельмі непрыемна мяне ўразіла. Выходзіць, нагэтулькі была ўпэўненая, што не здолею адмовіць... Жанчыны часта злоўжываюць сваёй «слабасцю», а з нас такім чынам робяць дурняў. Закрану тут адну праблему, над якой шмат разважаў. Вось мужчыны, напрыклад. Немец не любіць француза, паляка, пагарджае расейцам, варожа ставіцца да англічаніна, італьянца і гэтак далей. У той жа час той самы немчуровец да францужанкі, полькі, рускай, англічанкі, італьянкі заўжды ставіцца ветліва і прыязна, а тэмпература той прыязнасці і ветлівасці залежыць ад ступені прыгажосці той асобы «горшай» нацыянальнасці. Мы настолькі нявольнікі сваіх інстынктаў, што не ўмеем нават быць справядлівымі ў адносінах да людзей. Калі мае развагі непамылковыя, тады ўся міжнародная палітыка і шавінізм любога колеру з’яўляюцца спаборніцтвам самцоў, над якім пануюць жанчыны... Жанчыны са сваёй трыбуны, са сваіх п’едэсталаў выбіраюць самцоў-рыцараў, не зважаючы на нацыянальнасць, расу і веравызнанне... Як у жывёл...

Якое складанае жыццё! Галава трашчыць... Хацеў бы пра гэта што-небудзь прачытаць. Але калі і што?.. І навошта мне зараз наогул нешта пазнаваць? Можа, праз тыдзень мяне закапаюць? І што тады мне з набытых ведаў?.. Варта вучыцца і спазнаваць тады, калі потым ёсць час усім гэтым раскашаваць, карыстацца або прынесці карысць іншым. А цяпер? У маім становішчы? Шкада часу!.. Лепш піць!..

VI. ПА-ЗА СВЯДОМАСЦЮ

На гармоніку нам Стах Так зайграў, што проста жах! І данізу галавой Мы затаньчылі з табой.

(З песенькі злодзеяў)

Забава прачнуўся позна. Янкі і Уладзіка ў хаце не было. Устаў і апрануўся. Некалькі разоў прайшоўся па пакоі. Заўважыў пад ложкам бутэльку гарэлкі. Узяў у рукі. Была амаль поўная. Адкінуў галаву і доўга каўтаў. Выпіў амаль палову. «Можа, пайсці да гаспадыні па закуску»? — падумаў.

— Няма чаго, абыдзецца!.. — услых адказаў сабе.

Запаліў цыгарэту і доўга сядзеў задуменны, гледзячы кудысьці ў кут пакоя, пад столь. Жмурыўся. Усміхаўся. Выкурыўшы цыгарэту зноў узяў у рукі бутэльку. Перакуліў дном дагары, зірнуў пад святло, а потым вялікімі глыткамі выпіў рэшту гарэлкі. Зноў запаліў цыгарэту і выйшаў на вуліцу. Крочыў хутка, пераскокваючы праз пасля ўчарашняга ліўня лужыны.

Калі мінуў чыгуначны пераезд, сустрэў калегу, Янку Казлоўскага.

— Куды, пане? Можа, да нас? — здалёк ужо галёкаў Казлоўскі.

— Да Янкі.

— Можа, пан зойдзе ў чыгуначную лазню? Пан увесь час у дарозе, нават вымыцца няма калі. А ў нас лазня: я скажу!

— Не маю бялізны на змену. Трэба ісці ў горад і купіць.

— Гэта факт. Але ведае пан што? Я дам чыстую бялізну. Сваю змяню дома, а вашу вазьму памыць. Згода?

Забава пайшоў з ім мыцца. Выпітая нашча гарэлка падзейнічала там на яго моцна. Калі выйшаў з парылкі, дзе Казлоўскі па-руску вылупцаваў яго бярозавым венікам, быў зусім п’яны.

Праз гадзіну Забава з Казлоўскім апынуліся на чыгуначнай электрастанцыі. Малы столік быў застаўлены рознымі пляшкамі і халоднымі закускамі. Хтосьці паказаў яму набыты нядаўна браўнінг.

— Зірні, пане, ці добры?

— Трэба выпрабаваць... Запусціце рухавік!

Неўзабаве заведзены рухавік запоўніў шумам велізарную залу, глушачы рэвальверныя стрэлы... Забава, павольна цэлячыся, стрэл за стрэлам дасылаў кулі да замацаванага на тоўстым драўляным аскабалку папяровага аркуша... Стралялі і інтпыя...

Змяркалася, калі іхняя купка з пяці чалавек кіравалася на Слабодку.

Апынуліся ў вялікай зале, мэбляванай танна, але з прэтэнзіяй. Было там некалькі вясёлых, коратка апранутых жанчын і некалькі мужчын. У паветры насіліся смех, крыкі і вясёлыя жарты.

Зноў палілася гарэлка: салодкая і горкая, чыстая і разведзеная. Хтосьці п’яны крычаў ахрыплым голасам:

Першы шынок — там пад дубам — Гуляй, Маня, з залатым зубам... Ножка ўлева! Ножка ўправа! Сёння, сёння, улева! Сёння, сёння, управа! Тара-дзіра-дзіра! Тара-дзіра-дам! Та-тара-дзіра-там-там!..

Перад вачыма Забавы яркімі плямамі віравалі жаночыя сукенкі, праплывалі вясёлыя твары, узбуджаныя воклічамі, спевамі, музыкай і алкаголем. Было яму весела і вельмі горача; жадалася смяяцца, спяваць, размаўляць, але ён не мог затрымаць у галаве думак, якія хутка, быццам кажаны, мітусіліся ў полі ягонай свядомасці. Стукаў нагамі аб падлогу ў такт песенькі і ківаўся ўправа-ўлева.

Другі шынок — у Мэера — Гуляй, Маня, як халера: Ножка... ножка... права! Сёння... лева...

Гукі гусцелі. Усё шпарчэй віравалі ў паветры. Штораз аддаляліся. Постаці людзей у пакоі ўсё больш расставалі ў паветры. Гублялі абрысы.

Хтосьці даў яму ў рукі гітару. Дзейнічаў аўтаматычна — хацеў яе настроіць. Круціў пальцамі калкі грыфа, удараючы адначасова па струнах, але гукі інструмента не даляталі да вушэй, толькі драпалі твар і казыталі ў носе. Здзівіла яго гэта. Засмяяўся і выпусціў з рук гітару, якая з енкам пакацілася па падлозе.

У куце рваў паветра гармонік і даляталі ўрыўкі песні:

Трэ... ці... нок... Нэймана. Гуля... аню... хана... Ножка... а. а. а. та. та. та. ха-ха-ха-ха-ха...

Усё патанула ў хаосе гукаў, у віры слоў і крыкаў, заліве смеху. У паветры, як камбалы ў вадзе, плавалі чорна-белыя чалавечыя галовы, дрыжэлі бясформенныя постаці прысутных. Востры водар поту казытаў ноздры. Пакой хадзіў ходырам, падлога трэслася пад нагамі.

Забава ішоў праз пакой, які здаваўся яму бясконцым. Старанна абмінаў перашкоды, якіх ў рэчаіснасці не існавала.

Быў непрытомны. Наблізіўся да дзвярэй. Ззаду жудасна роў п’яны голас:

Пане участковы: дождж крапае! Тра-та, дзі-та-та! Ідуць дзеўкі з парада! Тара, дзіта-та! Э-е-е-е-эх! Тара-дзіта! Тара-дзіта!

Гукі чапляліся за вопратку, ападалі на душу, лізалі твар, казыталі шыю, тузалі за валасы, зазіралі ў вочы.

Забава шырокім рухам, рыўком адчыніў дзверы. Стаў твар у твар з ноччу. насустрач цёмнай адхлані. Стаяў. Ківаўся.

Ступіў крок за парог. за парог хаты і... страціў прытомнасць.

* * *

«Мне трэба. Я павінен ратавацца, вакол яны, чырвоныя, гоняцца. ідуць па следзе. о! о!.. ужо блізка!..»

Дзверы рэстарана «Вільнянка» шырока расхінуліся. Усярэдзіну з імпэтам уляцеў з калідора скразняк. На парозе спыніўся высокі, сухарлявы маладзён у чорнай скуранцы. На галаве меў белую папаху, заламаную назад на казацкі манер. У руцэ трымаў наведзеную на залу цьмяную матавую рулю нагана.

— Рукі ўгору! — загучалі па-расейску прамоўленыя словы.

Халодныя, шэрыя вочы ўчэпістым позікам трымалі залу. Голас прагучаў рэзка. Свіснуў у паветры, як шпіцрутэн. Вусны сцяліся ў цвёрдую тонкую лінію. Твар быў быццам вычасаны з каменя.

У зале ўсё замёрла. Камічна выглядалі людзі, седзячы пры століках з паднятымі ўгору рукамі (некаторыя трымалі ў далонях відэльцы і нажы), смешныя тым, бо нідзе мы не бачылі іх у такіх бессэнсоўных позах. Выглядалі так, быццам умольвалі кагосьці ўверсе пра літасць, або жадалі схапіць нешта нябачнае, што вісела ў паветры пад столлю.

Забава хуткім, цвёрдым крокам прамераў залу і накіраваўся за буфет. Убачыў перакошаны ад жаху жаночы твар, расшыраныя, нерухомыя зрэнкі. Узяў яе за руку і пацягнуў за сабой да выхаду. Паслухмяна ішла за ім. Была як загіпнатызаваная. Пагляды прысутных беглі за гэткай гратэскавай парай. Зніклі за дзвярамі.

Госці па-ранейшаму трымалі рукі паднятымі ўгору. Раптам адзін, які сядзяў пры дзвярах у кухню, уцягнуўшы галаву ў плечы, скокнуў у тыя дзве­ры. У кухні падбег да расчыненага акна. Цішыню восеньскай ночы прарэзалі адчайныя крыкі:

— Бандыты! Бандыты! На дапамогу! Ратуйце!..

Забава вывеў сваю паланянку за парадныя дзверы рэстарана. Наблізіў галаву да яе твару і ціха па-расейску прамовіў:

— Калі ласка, пакажыце мне дарогу на вакзал.

Жанчына здзіўлена глядзела яму ў вочы, потым выцягнула руку ў кірунку вакзала, які знаходзіўся на адлегласці 200—300 крокаў ад іх, і ліхтары якога былі адгэтуль выразна бачны. Забава адпусціў яе руку і пайшоў у паказаным кірунку. Жанчына засталася адна на вуліцы і пазірала яму ўслед.

* * *

Вакол Забавы кружлялі нейкія варожыя цені. Уявілася яму, што яго атачае жалезнае кальцо аблавы, якое ён прагнуў разарваць, з якога абавязкова хацеў выбрацца. «.Там. там вольная дарога . там поле, лес.» Пайшоў управа вузкім завулкам, слаба асветленым вынырнутым з-за хмараў месяцам. Убачыў перад сабою двух узброеных людзей. Цяжка, павольна шлэпалі па балоце насустрач. Рынуўся наперад. Замахаў перад іх вачыма наганам.

— Рукі ўгору!

Загад выканалі неадкладна.

Зайшоў ззаду і, пакінуўшы іх на вуліцы, рушыў далей. Не чулі ягонага адыходу і таму доўга стаялі ўкамянелыя.

«Каб толькі да лесу. толькі да лесу. Каб толькі выйсці з места!»

* * *

Сярэдзінай доўгай вуліцы ішоў чалавек. Гэта быў злёгку падпіты шавец, які вяртаўся аднекуль дадому. Ішоў кульгаючы, бо меў адну нагу кароткую. Быў задуменны.

— Рукі ўгору! — пачулася паблізу.

— Што-о-о?.. — не зразумеў шавец.

Раптам заўважыў перад носам чорную рулю рэвальвера і ледзь не сеў ад страху. Забава ўзяў яго левай рукой пад локаць, а правай прыціснуў да ягонай скроні халодную рулю нагана.

— Вядзі мяне за мяжу!.. І глядзі, бо. башку развалю! — сказаў Забава па-расейску.

«Вар’ят!» — падумаў шавец.

— Добра, добра, пане? — прамовіў, паскараючы хаду і яшчэ мацней кульгаючы.

Паблізу складскіх будынкаў «Жалезабетону» шавец спыніўся.

— Можа, пан дазволіць мне на момант адысці. па сваёй патрэбе?..

Забава кіўнуў яму галавой.

Шавец адчыніў брамку і ўвайшоў на шырокі падворак. Забава застаўся на вуліцы. Шавец нетаропка прачыніў брамку і павольна замкнуў зашчапку, потым пабег да высозных стосаў драўніны і прастакутных цаглін. Як пацук, запоўз у нейкую дзюрку і схаваўся там. Калі Забава пачуў тупат уцекача, скокнуў да брамкі. Але яна была зачыненая. Адбег на сярэдзіну вуліцы і з разгону рынуўся на высокі плот, наверсе якога, на доўгіх тычках, віўся нацягнуты ў некалькі столак калючы дрот. Дзеручы адзежу і калечучы далоні, апынуўся за плотам.

Гнаўся за кімсьці ўпарта, доўга, пераскокваючы платы, прабягаючы агароды, сады, вуліцы і завулкі. Адначасова адчуваў, што яго самога праследуюць, што ён знаходзіцца ўсярэдзіне кальца аблавы, якое няўхільна сцягваецца.

«Каб толькі выйсці з места. да лесу. за мяжу.»

У хворым мозгу віравалі трывожныя думкі.

* * *

Дзверы кватэры насцеж расчыніліся і ўсярэдзіну ступіў маладзён у чорнай скураной куртцы і белай папасе на галаве.

— Рукі ўгору! — кінуў ад парога.

На канапе, ля сцяны, сядзела маці з двума малымі дзецьмі. У прыхадню пазнала госця, які нядаўна быў у іх на вечарынцы і заляцаўся да яе старэйшай дачкі Стэфкі. Не выканала загаду і засмяялася.

— Але ж з пана жартаўнік!

— Не смейся, — змрочна сказаў Забава, — бо застрэлю!

Раптам страх ахапіў жанчыну, якая, пахопліва падымаючы рукі, прагаварыла плаксіва да дзяцей:

— Дзетанькі, падымайце ручкі ўгору!..

Стэфка была ў суседнім пакоі, у спальні. Нечакана выйшла да іх, несучы ў руках футра.

— Пане, — прамовіла да Забавы, — мы ў хаце зусім не маем грошай. А гэта. маё футра. Найдаражэйшая наша рэч. Вазьмі, пане.

Забава ўзяў адной рукой футра і кінуў яго пад ногі дзяўчыне. Твар меў страшны, запалы, з блукаючым паглядам, звар’яцелыя вочы дзіка блішчэлі.

— Не трэба мне ні золата, ні срэбра! — сказаў з дзіўным, трагічным пафасам. — Прашу толькі паказаць мне дарогу за мяжу. А як не. дык пазабіваю вас і сабе кулю ўсаджу.

Дзяўчына вярнулася ў спальню. Праз нейкі момант ён пачуў адтуль лёгкі шоргат. Звярыным інстынктам выпрацаваным за мільёны гадоў, інстынктам дзікуна, якому мінула тысяча гадоў, адным падсвядомым кідком замглёнай думкі ахапіў сітуацыю і зрабіў дакладную выснову: «Уцякае праз акно». Не кінуўся ў спальню, каб схапіць яе ззаду, але выбег праз дзверы, каб адрэзаць ёй дарогу да ўцёкаў.

У глыбіні саду, паміж дрэвамі белай плямай мігацела блузка Стэфкі. Забава стрэліў у тым кірунку з рэвальвера.

Зноў пайшоў углыб ночы і ўглыб вар’яцтва. Вёў яго замглёны інстынкт, які парваў сувязь з розумам. Ягонымі рухамі і ўчынкамі кіравалі нейкія магутныя сілы, што месціліся ў таямнічай глыбіні ягонага мозгу, у той бяздоннай адхлані, якая знаходзіцца за мяжой свядомасці. Арганізм, атручаны алкаголем, адданы на волю хваравітых мрояў, біўся ў зачараваным коле, як начны матыль б’ецца ў промнях лямпы, утвораных хваравіта напятымі нервамі, якія цемрылі розум.

* * *

У кабінеце камісара паліцыі раздаўся званок.

— Камісар. Хто?.. Дзяжурны сяржант?.. З вакзала. Што? Разбойны напад!.. Скураная куртка. так. Чакаць пры тэлефоне. Зараз жа выдам загад.

* * *

Да павятовай камендатуры паліцыі прыбег афіцыянт з рэстарана «Вільнянка». Быў перапалоханы. Увесь час калаціўся. Не мог перавесці духу. Звярнуўся да дзяжурнага сяржанта:

— Пане сяржант!.. Некалькі хвілін таму на наш рэстаран зроблены напад. Нейкі бандыт. Чорная скуранка і белая шапка. Быў усярэдзіне. Іншыя звонку.

* * *

Да следчага аддзялення прычыкільдыкаў шавец. Быў без шапкі; у перапэцканай вопратцы, быццам толькі што выпаўз з балота.

— Што ў пана здарылася? — спытаўся дзяжурны.

— Пане. на мяне напалі. на Палескай вуліцы. нехта ў чорнай скуранцы. хацеў забіць.

* * *

У пастарунак жандармерыі ўляцела кабеціна:

— Паночкі дарагія, ратуйце!.. Бандыты!.. Напалі на кватэру. стралялі. Забралі дачку.

* * *

Наладзілі моцную аблаву, праведзеную сумесна з усімі органамі грамадскай бяспекі. За цэнтральны аб’ект прынялі чыгуначны вакзал. Загадалі, што калі чалавек у чорнай скуранцы і белай, зімовай шапцы па першым загадзе не падыме рукі ўгору — страляць у яго. Сціскаўся ланцуг аблавы, кожны двор, кожны будынак уважліва патруляваўся.

Падзеі сённяшняга вечара ператварыліся ўжо ў легенду. Казалі штосьці пра банду, якая лютуе ў месте. Успаміналася прозвішча Мухі-Міхальскага.

Тым часам Забава хутка крочыў шашой наўзбоч вакзала. Месяц ужо ўзышоў высока. Хмары зніклі з неба і было даволі відна. Хутка рухаючыся наперад, Забава заўважыў сустрэчнага мінака.

— Рукі ўгору! — крыкнуў Забава, наблізіўшыся да яго на адлегласці ў некалькі крокаў.

— Пацалуй сабаку ў пысу! — адказаў сябар Забавы Казлоўскі, які разам з ім піў на электрастанцыі і гуляў на Слабодцы. Загад Забавы прыняў за таварыскі жарт і наблізіўся да яго.

— Чаму не ідзеш спаць, позна ужо? — папытаў Казлоўскі, і ўбачыўшы, што Забава вельмі дрэнна выглядае, узяў яго пад локаць і павёў у кватэру братоў Сноўскіх, якія ў той вечар дома не начавалі.

З цяжкасцю паклаў Забаву на ложак; адабраў рэвальвер і пакінуў яго на стале. Потым пайшоў дадому.

Цяжкі сон перарваў хваравітыя трызненні Забавы. У горадзе ж ланцуг аблавы зацягваўся ўсё шчыльней і шчыльней, пасоўваючыся ў кірунку чыгуначнага вакзала.

* * *

У той час, калі Забава, ахоплены хваравітымі мроямі, блукаў па вуліцах места, дыверсійная банда Аўдзея перайшла польскую мяжу на стаўпецкім адрэзку, кіруючыся на паўночны захад.

Было іх чатырнаццаць. Мелі кароткаствольную і доўгую агнястрэльную зброю, гранаты і адзін кулямёт. Іхнім заданнем было: тэрарызаваць польскую буржуазію на ўсходніх ускраінах Польшчы, рабіць напады на маёнткі, паліцэйскія пасты, цягнікі, вайсковыя аб’екты, а таксама весці акцыі сабатажу. Наогул мэтай была дыскрэдытацыя польскіх улад у вачах простых грамадзян.

А дзявятай увечары яны наблізіліся да хаты малазямельнага селяніна Галёшы. Пастукалі ў акно. Сказалі, што паліцыя. А калі ім адчынілі дзверы, уваліліся ўсярэдзіну як рабаўнікі, крычучы: «Рукі ўгору! Ні з месца! Хто зрушыцца, кулю ў лоб!» Ахопленыя жахам, жыхары хаціны ў беднай саматканай бялізне стаялі пасярэдзіне пакоя і дрыжалі са страху. А «грозныя бандыты» раўлі: «Давай грошы! Дзе ў цябе золата, срэбра, даляры, каштоўнасці?!» Аднак у хаце, дзе часта не хапала бульбы, насуперак старанна праведзенаму ператрусу, анічога каштоўнага не знайшлі. Забралі з сабой толькі боты, два старыя кажухі, сувой палатна, некалькі сыроў і боханаў хлеба.

Жонка Галёшы, кабеціна за сорак, стаяла басанож на глінянай падлозе. Рукі ўскінутыя ўгару. Адзін з дыверсантаў падышоў да жанчыны, і абхапіўшы яе, пацягнуў да ложка. Жанчына заплакала:

— Людзі, дайце мне спакой! Я хворая на жаночую хваробу. Два гады з мужам не сплю.

Згвалтавалі яе ўпяцёх, а потым са смехам абпалілі ёй запальніцай валасы.

Заданне выконвалася — «буржуазія» калацілася ад страху!.. Начальнікі ў Менску, а Троцкі ў Крамлі маглі цешыцца.

* * *

Забава абудзіўся позна ўначы. Моцны боль адчуваўся ва ўсім целе. Смажыла. Напачатку не мог зразумець, дзе ён, а калі зарыентаваўся, дык ледзь-ледзь здолеў знайсці дзверы і выйсці ў сенцы, дзе стаяла бочка з вадой. Не было аніякай пасудзіны, якой мог бы набраць вады. Схіліў галаву ўніз і піў, піў, піў.

Вярнуўся ў пакой, кінуўся на ложак і зноўку заснуў мёртвым сном. Наступным разам прачнуўся вельмі позна. Здзіўленымі вачыма глядзеў на дзённае святло і на пакой. Моршчыў лоб. Хацеў нешта прыгадаць і не мог.

«Было нейкае дзівацтва! — прашаптаў. — Але якое?»

Позірк ягоны ўпаў на наган, які ляжаў на стале, і раптам у памяці ўсплыла адна падрабязнасць з учарашняга (астатняе назаўжды патанула ў хвалях забыцця). Падрабязнасцю той быў стрэл. Гук стрэлу і агонь, які працяў начную цемру.

«Можа, я забіў Янака?» — падумаў. Падышоў да стала і ўзяў у рукі рэвальвер. У маленькім барабане было ўчора сем патронаў. Памятаў гэта добра. Цяпер убачыў толькі пустыя гільзы.

Забава хутка апрануўся і пайшоў да чыгуначнай электрастанцыі, дзе працаваў Янка. Калі апранаўся, пачуў за сцяной гутарку гаспадыні з суседкай:

— І там таксама былі бандыты?!

— Усюды, усюды, мая дарагая!

— О Езус! Які страх! Хто ж гэта мог быць?

— Муха. Яго ўсе пазналі!

— Гэта нягоднік!..

— Ну скажыце!..

Забава чуў тую гутарку, але не надаваў ёй ніякага значэння. «Глупства плятуць! — падумаў. — Муха не можа тут дзейнічаць!»

Даволі добра ведаў арганізацыю савецкіх дыверсійных атрадаў. Ведаў, што Муха мае іншы маршрут, што з дапамогай памежнага атрада дзейнічае ў Цімкавічах і праходзіць мяжу пераважна на тым адрэзку. Паколькі гэта было на значнай адлегласці ад мяжы, таму прабрацца сюды з бандай яму было б вельмі цяжка і небяспечна.

У задуменні Забава хутка крочыў вуліцай. Зусім не заўважыў, што за ім ішлі людзі, якія жыва жэстыкулявалі. Да іх неўзабаве далучыліся паліцэйскія. Калі падымаўся на прыступкі вакзала, на яго з усіх бакоў скіравалася зброя.

— Рукі ўгору!

— Што здарылася? — спытаў здзіўлены Забава, бачачы пры сабе гэткае шматлікае суправаджэнне.

У яго адабралі рэвальвер і адвялі ў пастарунак. Атачылі моцнай аховай. Паліцыянты вывучалі дакументы, якія знайшлі ў ягоным партаманеце.

— Добрая работа, што, не?

З прызнаннем круцілі галовамі, разглядаючы паперы — польскія і савецкія.

— Грошай таксама мае даволі шмат!

— Даляравая прафесія.

Пасля на пост панайшлі невядомыя Забаву людзі і пачаліся вочныя стаўкі. Адна за адной.

— Гэта той. — казала нейкая жанчына, баязліва гледзячы на Забаву.

— Гэта той, — паўтарылі іншыя: мужчыны, жанчыны, і нават дзеці, пры- водзячы пры гэтым разнастайныя падрабязнасці яго ўчынкаў з учарашняга вечара.

«Што я нарабіў?» — думаў здзіўлены Забава, напружваючы памяць, але абсалютна нічога не мог прыгадаць.

На працягу некалькіх дзён слыў (ды і быў) сенсацыяй места. Нават з ваяводства прыехаў нейкі начальнік, высокая шышка, і спытаў яго:

— Га?.. Што за тып? Хто такі?

Забава сказаў. Чыноўнік адышоў здзіўлены і відаць незадаволены, што ўбачыў не «грознага бандыта», а звычайнага чалавека.

Толькі на чацвёрты дзень Забаву вызвалілі з-пад арышту і вярнулі яму зброю і дакументы. Зразумела, з прычыны вышэй пералічаных здарэнняў ён меў шмат непрыемнасцей ад сваіх начальнікаў.

— Нічога, зусім нічога не памятаю, што рабіў, — казаў Забава. — Роўным лікам нічога не памятаю! — паўтараў шматкроць.

Яму не верылі.

Пераклад з польскай Язэпа Янушкевіча.

Оглавление

  • Сяргей ПЯСЕЦКІ ПЯТЫ ЭТАП
  • Уступ Ружовы ліхтар
  • КАНЕЦ ЧАЦВЁРТАГА ЭТАПУ
  • ПЯТЫ ЭТАП
  • І. ПЕРШАЯ ВАНДРОЎКА Ў «ЧАЦВЁРТАЕ ВЫМЯРЭННЕ»
  • ІІ. «ПАРТЫЯ ЛІЗКІ»
  • ІІІ. «ТРОЕ АДСУТНЫХ»
  • ІV. «БАЛБАТУН — ЗНАХОДКА ДЛЯ ШПІЁНА»
  • V. КУРЫЛЬНАЯ ПАПЕРА «Solali»
  • VI. ПА-ЗА СВЯДОМАСЦЮ Fueled by Johannes Gensfleisch zur Laden zum Gutenberg

    Комментарии к книге «Пяты этап», Сергей Михайлович Песецкий

    Всего 0 комментариев

    Комментариев к этой книге пока нет, будьте первым!