Раман
Падрыхтаванае на падставе: Віктар Казько, Выбраныя творы ў двух тамах Том І. Неруш: Раман. Апавяданні. — Мінск: Мастацкая літаратура, 1990. — 479 с., [1] л. партр.
ISBN 5-З40-00518-6
Copyright © 2013 by Kamunikat.org
НерушРаман
Частка першая...I ВЯЛІКАГА СЯМЕЙНАГА ШЧАСЦЯ ОКІЦЬ НА БУСЛІКАЛета састарыла зямлю, апачварыла яе твар, узарала палі і абочыны дарог глыбокімі чорнымі трэшчынамі. У трэшчынах, грудах запечанай зямлі квола корпаліся зморшчаныя мурашкі. Глядзець на іх было балюча, было незразумела, як і на чым трымаецца іх жыццё. Сонца цягнула сокі ўжо не з галін і лістоты, а проста з каранёў дрэў. Дарога выпхнула гэтыя карані на паверхню, як выракалася, на пясках іх агалілі сухавейныя вятры, машыны і падводы збілі, здзерлі жыўцом з іх кару. I на месцы гэтых здзёраў, драпін, нібыта сукравіца, блякла наплывалі сок і смала, пакалечаныя карані курчыліся ў гарачым, нібы прысак, пяску, браклі пухлінамі, вязаліся, як вужакі, вузламі і ў гэтых вузлах і нарастах хавалі свой боль. Чэзлі прыдарожныя бярозы і хвоі, заўчасна смяцілі жоўтым лістом і іголкамі, нібы імкнуліся хоць як-небудзь захутацца, абараніць сябе ад цяжару машын і спёкі. Вока чалавека, звера спатыкалася і бегла як мага далей адсюль, бунтавала, адмаўлялася прызнаць родную зямлю — шэрую, бурую, няўтульную, што не здолела адстаяць сябе, з перасохлымі крыніцамі, рэкамі, калодзежамі.
Комментарии к книге «Неруш», Виктор Афанасьевич Козько
Всего 0 комментариев