«Хвілінка»

2533

Описание

Гэта гісторыя пра адну менскую кавярню. Расповед пра трох герояў, якія трапляюць у яе напрыканцы васьмідзясятых і адтуль не выходзяць. Тры сябры: паэт, змагар, спявачка. Кожны з іх, пражываючы эпохі, трымаецца свайго выбару. Паэт застаецца сярод шаманства словаў. Змагар ідзе да канца, хаця й разумее, што ў гэтым спектаклі больш няма за што змагацца. Спявачка хоча знайсці музыку кону з ёй супасці. 3 іншага боку, ёсць другі план. Метафізічны. 3 гэтай перспектывы перад намі — алхімічная гісторыя пра mysterium coniuctionis, магічны тэатр душы, персанажы якога прыбраныя ў вопратку часу. Раман пра месцы, у якія мы патрапляем, і месцы, у якіх мы застаемся.



Настроики
A

Фон текста:

  • Текст
  • Текст
  • Текст
  • Текст
  • Аа

    Roboto

  • Аа

    Garamond

  • Аа

    Fira Sans

  • Аа

    Times

Хвілінка (fb2) - Хвілінка (Галерэя Б) 552K скачать: (fb2) - (epub) - (mobi) - Ігар Бабкоў

Хвілінка Ігар Бабкоў 

(Пяцьдзясят два крокі ў полацкіх лабірынтах)

Раман

Літаратурна-мастацкае выданне

Дызайн вокладкі Артур Вакараў

© Бабкоў І., 2013

© Выдавец Логвінаў І. П., 2013

Гісторый усяго чатыры

Хорхэ Луіс Борхес

Партрэт мастака, нябачны ў сутонні

1.

Францішак любіў казаць, што ён нарадзіўся ў гэтым часе і гэтым месцы толькі дзеля таго, каб пакаштаваць добрай кавы ў прыстойнай кампаніі.

Было, праўда, няясна, жартуе ён ці гаворыць сур’ёзна: інтанацыя, з якой вымаўлялася фраза, заўважна мянялася ў залежнасці ад гадзіны, пары года, месца, а таксама ад колькасці выпітага каньяку.

Гэтая фраза магла гучаць ціха і спакушальна, у каляровай раскошы восеньскага сутоння. Магла роспачна — як званок у хуткую дапамогу. Магла гучаць сціплай канстатацыяй: так, сапраўды, больш анічога не застаецца рабіць у эпоху непапраўнай дэградацыі свету, у часы Калі-Югі, як толькі прыйсці ў кавярню і замовіць гэты кубачак з густой, цёмна-духмянай вадкасцю. І потым доўга сядзець, гледзячы кудысьці далёка, працінаючы позіркам сцены і эпохі.

Таксама не было ясна, што значыць “прыстойная кампанія”: усе ведалі, што Францішак любіў піць каву адзін.

***

Зрэшты, я дакладна ведаю, што Францішак зусім не жартаваў. Ён гаварыў чыстую праўду.

Было такое месца ў Менску ў халодныя часы. Нават цяпер, калі ўсё змянілася, некаторым людзям — і ў асаблівыя моманты — я прызначаю там спатканні.

Назва была дастаткова простая для эпохі, зачараванай пластыкам і сіліконам: Хвілінка.

Адкуль яна паўстала, было невядома. Некаторыя думалі, што так пераклалі французска-расейскае бістро, іншым чуліся метафізічныя ноткі. Хвілінка, казалі яны, — гэта само чалавечае жыццё, у якое мы патрапляем зусім не велічна, без фанфараў. З няяснымі мэтамі. І дзе кожны спрабуе знайсці штосьці сваё.

Так, сапраўды, для большасці: смачныя пахі, прадчуванне магчымасцяў, спроба выбраць. Потым доўгая чарга. Потым каса, дзе трэба за ўсё заплаціць. Потым...

Але не гэта было галоўным.

Сюды можна было прыйсці, — так мы тады казалі.

Гэта было дзіўнае месца.

Уласна кажучы, гэта была зусім і не кавярня. Там не было асобнага ўвахода, гардэроба з люстэркам, не было залы са столікамі і афіцыянтамі. Толькі невялічкі барны закуток з трыма стойкамі, — напрыканцы адной з першых менскіх піцэрыяў. У гэтым закутку стаяў каўны апарат, на якім рабілі эспрэса — таксама адзін з першых у познесавецкую эпоху — і, напэўна, найлепшы.

Зрэшты, і гэта яшчэ нічога не тлумачыць. Ясна, былі й іншыя месцы. Былі сапраўдныя кавярні, былі ціхія куточкі ў гастраномах, дзе стаялі каўныя апараты, і ў некаторых кава была някепская. Пад гадзіннікам, альбо на Чырвонай. Часам усе скіроўваліся туды — у пошуках чагосьці новага, незвычайнага.

І тады знаходзілі сябе ў іншых дэкарацыях. Напэўна, проста таму, што доўга сядзець — стамляе (так сказаў адзін наш добры знаёмы, калі яго запыталі, навошта ён пацягнуўся ў Кітай з Індыі, адзін, у шостым стагоддзі нашай эры).

Сапраўды, былі розныя магчымасці. Была Халодная кавярня, у сутарэннях пад Палацам Мастацтва, дзе каву гатаваць не ўмелі, але дзе можна было чытаць і гаварыць гадзінамі, пакуль не змерзнеш. Была Звар’яцелая кавярня ў Траецкім, на другім паверсе, дзе гатавалі толькі па-ўсходняму, і дзе весці размову было немагчыма — бо там гаварылі адразу ўсе, голасна, амаль крычалі.

І ўсё ж такі гэты закуток быў асаблівым.

Перш за ўсё, асаблівай была прастора.

Гэта было ўзвышша, самае высокае месца горада. І да таго ж, месца разлому.

***

Тут на паверхню выходзіла штосьці вельмі важнае.

З левага боку ад праспекта, на якім стаяла Хвілінка, пачынаўся Верхні Горад. Паўзруйнаваны, ён адразу ж абрываўся ў Нямігу, метафізічную раку з крывавымі берагамі, з якой пачалася тутэйшая гісторыя. Яна цякла ў шматлікіх тэкстах і ўжо адтуль патрапляла ў нашую свядомасць. Рака бяссоння, так яе называлі старыя балты.

Людзі, якія жылі тут, былі неяк выкінутыя са звычайнага радаснага колазвароту мільённага горада, з ягонымі тралейбусамі і аўтобусамі, выставамі і кінатэатрамі, новымі мікрараёнамі, дзе горда луналі духі часу. Яны выглядалі так, як быццам пражываюць ужо не першае жыццё і проста крыху стаміліся ад яго навязлівага карнавалу.

Зрэшты, тут жылі не толькі людзі, але й цені, іншым разам здавалася, што яны і ёсць сапраўднымі жыхарамі менскіх руінаў, што толькі яны маюць правы на іх адлюдненую самоту.

Сярод руінаў меланхалічна блукала Свіслач, аперазаная паркамі. Яна збірала стары горад у адно, пяшчотна злучала гэтыя краявіды, вымывала ўсе крыўды і пакуты, пакідаючы пасля сябе толькі халодны, чысты спакой.

А часам нават і спадзяванне.

***

Вуліцы старой часткі пачыналіся неяк незаўважна і паводзілі сябе дзіўна. Перайменаваныя не адзін раз, яны адрываліся ад назваў, якімі эпохі спрабавалі іх прыручыць, скідвалі іх з сябе як танныя апранахі.

Яны бунтавалі, не пагаджаліся — ішлі то паралельна рэчаіснасці, то перапляталіся, з ёй і міжсобку, скрыжоўваліся і разыходзіліся ў невядомых кірунках.

Іх было, зрэшты, няшмат, але яны шчасліва пераблытваліся ў свядомасці, і ніхто не мог пасля сказаць, што гэта было, і куды мы патрапілі: Падгорная? Дамініканская? Энгельса? Замкавая? Рэвалюцыйная?

Яны перасталі адгукацца нават выпадковым мінакам, заціхлі ў маўклівасці.

Часам здавалася, што ў гэтай маўклівасці хаваецца ціхая пагарда, і не толькі да радасных і бадзёрых новых мікрараёнаў, але і да рэальнасці як такой.

Зрэшты і сам Праспект, на якім прытулілася Хвілінка, існаваў крыху асобна ад рэальнасці. Гэта кідалася ў вочы не адразу, але для ўважлівых назіральнікаў было відавочным.

Праспект быў не проста самай доўгай вуліцай у горадзе, ён працінаў горад наскрозь, з захаду на ўсход. Хвілінка мела на ім дакладны адрас: дом 22. Яго можна было знайсці ў даведніку, і я аднойчы так і зрабіў. Проста каб упэўніцца, што ўсё гэта мне не прыснілася. Што Хвілінка сапраўды існуе, альбо існавала. У адным з гарадоў аднае з краінаў.

Справа ад Праспекта і паралельна яму ішла зарослая старымі дрэвамі і невялікімі мадэрнымі будынкамі вуліца Карла Маркса. Самая рэспектабельная, самая ціхая і буржуазная вуліца горада. Па ёй было добра шпацыраваць, але там чамусьці не адбывалася анічога сутнаснага.

І ўсё ж найлепей падыходзіць да Хвілінкі было менавіта па ёй, каля Музея Усіх Мастацтваў збочыць налева, нырнуць у затоку сквера, і выйсці на паверхню ўжо на Праспекце, каля самага ўваходу.

Прайсці наскрозь бістро, дайсці да барных стоек і заняць сваё месца каля вакна, з левага боку.

Праз вакно адкрываўся асаблівы від, як унутр, так і навонкі.

***

Бістро пачынала працаваць а восьмай гадзіне, а бар — толькі аб адзінаццатай. І таму, калі пасля адзінаццаці ў Хвілінку пачыналі збірацца госці, паветра вакол было прапітанае пахамі падгарэлай піцы, нішчымнага бульёну за восем капеек і іншымі сціплымі познесавецкімі гастранамічнымі радасцямі. Трэба адразу сказаць, некаторыя не вытрымоўвалі выпрабаванняў і заварочвалі назад, затыкаючы насы і вушы. Але тыя, хто дайшоў да канца, былі ўзнагароджаныя. Не адразу, вядома.

Спачатку трэба было агледзецца.

Справа — барная стойка. За ёй стаяў невысокі чалавек і ўважліва глядзеў на тых, хто дайшоў.

Гэта быў бармен, але штосьці відавочна было не так у яго выглядзе, гэта адзначалася амаль адразу. Зрэшты, было незразумела, што менавіта. Нейкія дробязі: троечка выглядала на ім занадта добра, амаль па-прафесарску, погляд уважлівы, але без ацэнкі. Калі ты прыходзіў сюды трэці раз, ты ўжо чамусьці разумеў, што яго завуць Леа, — хаця вы й не знаёміліся, проста нейкія ўрыўкі размоваў, цьмяныя прадчуванні.

Ён выходзіў у залу ўрачыста, за паўгадзіны да пачатку работы і ўключаў каўны апарат, каб той нагрэўся. Потым сядаў на высокі зэдлік з таго боку барнай стойкі і заціхаў на пэўны час. Чытаючы кнігу, альбо запісваючы штосьці ў вялікім сшытку, які потым хаваўся ў сейфе.

Большасць лічыла запісы ў сшытку чымсьці накшталт бухгалтарскіх нататак, але самыя ўважлівыя здагадваліся, што гэта не так. І што наперадзе нас чакаюць дзіўныя падзеі.

Злева былі тры даўгія высокія стойкі з двума ўзроўнямі. Стаяць за імі можна было толькі абапіраючыся зверху, нават крыху навісаючы над імі.

Але самае галоўнае — вялікае, на ўсю сцяну зашклёнае вакно з нізкім шырокім падвоканнем. Яно ішло перпендыкулярна да стоек, і таму на падвоканні можна было сядзець, паставіўшы свой кубак з кавай на рагу ніжняга ўзроўня. Можна было б сказаць, што гэта не вакно, а шкляная сцяна, за якой штосьці адбывалася. Некаторыя адважваліся называць гэтае штосьці, даваць яму пэўныя імёны. Але мы проста ведалі: за вакном раскінуўся магічны тэатр свету. Толькі было незразумела, пра што п’еса і з якога боку гледачы.

Бралася звычайна падвойная, за дваццаць сем капеек, хаця й адзінарная кава тут была някепская, а падвойная каштавала амаль як абед у таннай заводскай ядальні.

Падвойная насамрэч была пропускам, тыя, хто браў падвойную, складалі эліту Хвілінкі. Канечне, можна было браць і звычайную, ніхто нічога не сказаў бы, але падвойная сапраўды была знакам абранасці, яна ўводзіла і далучала...

Хаця да чаго далучала, рабілася зразумелым не адразу.

Да тых, хто зайшоў на хвілінку папіць кавы і тут затрымаўся?

Да тых, хто штосьці ўбачыў, зразумеў, у свеце і сваім жыцці, стоячы за старой абшарпанай стойкай?

Гэта было так мала... І ўсё ж...

Калі ўсё складвалася добра, Леа прыязна ўсміхаўся, кава смакавала, за вакном шалела восень, поруч — блізкія, знаёмыя твары, як быццам бы вы сабраліся сюды з іншых жыццяў, дзе не да канца нагледзеліся адно на адных, не дагаварылі...

Тады тыя, хто патрапіў сюды, раптам разумелі: гэта не проста адно з месцаў, у адным з гарадоў, у адной з краінаў...

Тут сапраўды адбываецца штосьці надзвычай важнае. Штосьці такое, што застаецца з табой на рэшту жыцця. Грэе і асвятляе, калі няма на што спадзявацца. Калі ўжо зусім блага.

Што гэта такое, заставалася загадкай нават у тыя часы, калі ўсе мы бралі ў ім удзел.

***

Мы называлі гэты рытуал каўнай цырымоніяй. Лагічна падумаўшы, што калі там, на Усходзе, ёсць цырымонія чайная, альбо гарбатная, дык тут цалкам магчыма цырымонія каўная. І што калі там нашыя сябры пераўтварылі простыя размовы за кубачкам гарбаты ў тонкую і захапляльную духоўную прыгоду, дык тут у нас, на амаль Захадзе, філіжанка кавы мусіць заняць адпаведнае месца.

У цэнтры гэтай цырымоніі быў Леа. Вялікі Леа.

Можна было, канечне, звяртацца да яго Лявон, а некаторыя старыя наведвальнікі адважваліся нават на Лёню, па-сяброўску, амаль пяшчотна. Але для нас, пачаткоўцаў, ён быў Леа, легендарны Леа.

Маг і алхімік.

Гэта быў той самы Леа, які пераканаў Скарыну перабрацца з мілай утульнай Прагі ў Вільню, да Мамонічаў. І які пераклаў і патлумачыў яму некаторыя цьмяныя месцы Бібліі — са стараарамейскай.

Той самы, які склаў кампанію Рычы ў ягоным падарожжы ў Кітай і потым дасылаў разгорнутыя справаздачы — па-кітайску — Віленскім езуітам. (Яны й сёння захоўваюцца асобным фондам у езуіцкім архіве ў Ватыкане, гэта так званая “зялёная тэчка мансіньёра Леа”). Некаторыя даследчыкі лічаць, што пераклад Дао дэ цзын на старабеларускую мову — уклеены ў адзін з экземпляраў Трышчана — яго работа.

Той самы, які прытуліў Даленга-Хадакоўскага падчас напісання ягонай Славяншчыны перад хрысціянствам і потым дапамагаў Міцкевічу ў Парыжы з ідэямі і матэрыяламі.

Зрэшты, гэта быў той самы Леа, які дапамог вандроўнікам у краіну Ўсходу, што згубіліся (і разгубіліся) у тутэйшых балотах, зарыентавацца і пайсці далей, узяць кірунак на Кафу, дзе яны мусілі выкупіць з турэцкага палону Прынцэсу Пармскую.

Гэта пра яго пісаў Гесэ ў сваёй аповесці, хаця са зразумелых прычынаў ён абмінуў некаторыя падрабязнасці менскага перыяду.

Не ведаю, хто першы здагадаўся, што гэта той самы Леа, але потым веда перадавалася без слоў, паўуцямнымі намёкамі.

Мы збіралі ягоную біяграфію літаральна па кавалках, разумеючы, што гэты сціплы чалавек сам ніколі не раскажа пра сябе ўсяго. Яна, на жаль, так і не была нідзе запісаная, а ў маёй памяці засталіся толькі выбраныя эпізоды.

Некаторыя, праўда, лічылі, што біяграфія занадта маляўнічая і што вобраз Леа атрымаўся надта міфічны, амаль казачны.

Але кім яшчэ мог быць чалавек, які гатаваў найлепшую каву ў горадзе?

***

Калі я ўпершыню патрапіў у Хвілінку, я сутынуўся з дзіўным пачуццём невыпадковасці. Хаця само ўваходжанне адбылося надзвычай проста, амаль будзённа.

Я зайшоў у піцэрыю пад’есці. Звычайна я абмінаў такія ўстановы харчавання, але тут скончыў усе справы адразу пасля абеду, планаў на вечар яшчэ не было, і я падумаў: чаму б і не? Народу было надзіва многа, нягледзячы на тое, што абед скончыўся, усе стойкі ў піцэрыі былі занятыя. У пошуках вольных месцаў я ішоў усё далей і далей. Дайшоў да самага канца, стаў у невялічкую чаргу — два ці тры чалавекі — і тут раптам зразумеў, што ўсё змянілася. Я агледзеўся.

Пахла да ачмурэння кавай, а людзі, што стаялі за столікамі, паводзілі сябе па-іншаму. Альбо нават былі іншымі.

Яны відавочна нікуды не спяшаліся. Яны стаялі за стойкамі і пілі каву. Стаялі моўчкі альбо размаўлялі міжсобку. Часам спрачаліся, альбо запісвалі штосьці ў нататніках. Некаторыя нават чыталі кнігі, седзячы на шырокім падвоканні.

Яны рабілі самыя звычайныя рэчы. Але рабілі ўсё гэта так, як быццам у гэтым быў нейкі важны сэнс. Як быццам толькі тут, за кубачкам кавы, можна было бачыць рэчы па-сапраўднаму.

Дзіўная кавярня, падумаў я тады.

Але паверыў у яе не адразу.

Я ўжо другі год блукаў па Менску ў пошуках месца, дзе можна было б затрымацца, дзе было б не так балюча жыць. Я праплываў праз горад, як здань, мяняў інтэрнаты і пакойчыкі, у некаторых я заставаўся даўжэй, з іншых з’язджаў праз пару месяцаў.

Я тады пачынаў пісаць, уласна нават і не пісаць, а толькі прымервацца, прыглядацца да іншых жыццяў, шукаючы ў іх штосьці, дзеля чаго варта было б марнаваць паперу, падвойваць рэальнасць...

І тут гэтая кавярня.

Я пачаў сюды прыходзіць.

І ўжо праз некаторы час пазнаваў большасць сталых наведвальнікаў, замаўляў падвойную, калі ласка, а часам і дзве падвойныя.

Мае схільнасці да падглядання чужых жыццяў разгарнуліся тут напоўніцу: я шмат што зразумеў і шмат чаму навучыўся, проста прыслухоўваючыся да размоваў за суседнімі стойкамі.

Некаторыя размоўцы надараліся толькі аднойчы, іншыя прыходзілі сюды рэгулярна, і я меў дыскусіі з працягам. Звычайна я браў з сабой сшытак і ўладкоўваўся дзе-небудзь у куце на падвоканні. Але выцягваў яго не заўсёды.

Кампаніі былі самымі рознымі. У некаторых гаварылі пра Мастацтва. У іншых, больш сцішана — пра Айчыну, якая ў заняпадзе, і Мову, якую трэба адрадзіць. Яшчэ побач — пра чалавечае жыццё і пра мудрасць.

Гэтыя размовы здараліся выпадкова, і не заўсёды, у рытме самога жыцця, якое нічога не любіць рабіць па плане. Але ўсё ж такі здараліся.

Часам яны адбываліся за суседняй стойкай, і тады прыходзілася цягнуць шыю, прыслухоўвацца і прыглядацца. Іншым разам я патрапляў у эпіцэнтр, і тады ледзьве стрымліваў сябе, каб самому не стаць іх удзельнікам.

Апрача гэтага, тут усё было як звычайна: заходзілі маўклівыя мужчыны пад сорак і кампаніі нявыхаваных падлеткаў, прыходзілі старыя піякі, каб вызначыцца на трох, і далікатныя, паслухмяныя дзяўчаты, што бралі кубачак гарбаты з пірожным і надалей стаялі, як кветкі ў вазончыку, ціха і засяроджана.

Яны ўсе таксама штосьці прамаўлялі, вышэптвалі. Пра штосьці думалі.

Усяго адно ці два словы. Самыя звычайныя. І далей трэба было разгадваць, расшыфроўваць: што адбылося, чаму.

Пра што думае тая жанчына ў чырвонай вечаро

вай сукенцы, і што яна робіць тут, у звычайным бістро ў цудоўны пятнічны вечар?

Што запісвае ў сваім сшытку дзяўчо, што сядзіць злева, каля вакна, пераматанае даўгім прыгожым шалікам, са зборнікам Шэлі на каленях?

І чаму гэтая пара маўчыць ужо паўгадзіны, стоячы за стойкай, хаця кава ў кубачках даўно астыла?

Я не ведаў імёнаў і біяграфіяў. Толькі твары, тэмбр голасу, вопратка. Пра ўсё астатняе я мусіў здагадацца. Альбо прыдумаць, уявіць.

Зрэшты, гэта было не так і складана. Як і ў пячоры Платона, назіраліся пэўныя адпаведнасці. І хаця вакол відавочна была паўцемра, на такую-сякую веду можна было спадзявацца.

Пра мастацтва гаварылася чамусьці шэптам, амаль нячутна. Словы дрыжэлі і трапяталі, як тонкая павута ў восеньскім лесе. Былі ледзьве бачныя на фоне жыцця самога па сабе, без нашых спробаў яго зразумець.

Айчына патрабавала больш цвёрдага тэмбру. Але на яго трэба было адважыцца. А гэта было тады зусім не проста. Чаму — я зразумеў крыху пазней, калі ўсё пачало мяняцца, калі тыя, хто тады гаварыў пра айчыну, выйшлі на вуліцы і плошчы і пачалі гаварыць свае словы там, навонкі.

З мудрасцю было яшчэ больш складана.

Яна любіла чамусьці абыходзіцца без словаў.

Яе трэба было апазнаваць па паўзах, маўчанні, па асцярожным дрыжанні цішыні пасля ўсіх словаў.

Сапраўды, каб загучала слова, мусіць быць цішыня.

Патрэбныя разрывы, паўзы. Маўчанне, зрэшты. Толькі ў маўчанні, пасля ўсіх словаў, чалавек пачынае разумець, кім ён ёсць насамрэч. Альбо, як любілі казаць мае новыя сябры, кім ён быў да свайго нараджэння.

І таму я ўважліва слухаў жэсты, позіркі, цішыню. Каб урэшце словы адкрыліся і падарылі свае таямніцы.

Маўчанне заўсёды больш загадкавае. Бо словы, калі яны нарэшце з’яўляліся, вельмі часта былі не тыя. Яны слізгацелі па паверхні. Ніяк не маглі адарвацца ад таго, што ўсе гавораць, выйсці за межы свайго часу.

Хаця, праўду кажучы, менавіта ад часу, ад эпохі больш за ўсё і хацелася адарвацца. Эпоха была тады не проста нецікавая, яна была нейкая пастарэлая, завершаная...

***

Здараліся і карнавалы.

Раз-пораз сюды зазіралі акторы Лепшага тэатра, звычайна пасля рэпетыцыі, а часам нават і перад спектаклем. Іх было бачна адразу. Яны заходзілі ў Хвілінку, як на сцэну, весела і святочна, нават крыху па-цыганску. І радасна — цяпер яны ладзілі свой уласны спектакль і маглі гаварыць сваімі галасамі.

Але ўсё было не так проста. Іх галасы існавалі, як быццам, па-за іх уладальнікамі. Інтанацыі, эмоцыі, словы — усё гэта ўцякала ад іх, аддзялялася, хацела быць асобным і самадастатковым.

Напачатку я разгубіўся.

Усё было не так, як выглядала. Усё блытала, падманвала.

Нават знешняе: самы эфектны, з вусамі, як у Сальвадора Далі, быў сціплым асвятляльнікам, а іншы, просты, амаль незаўважны, — геніяльным акторам.

Яны гуляліся ў адмысловую гульню.

Прымервалі маскі. Мянялі іх. І нават мяняліся імі.

У гэтым было штосьці дзіўнае: сёння ты Праспера ў містычнай п’есе Шэкспіра, а заўтра — сакратар райкама партыі ў вытворчай аднадзёнцы невядомага савецкага аўтара.

Я так і не змог зразумець да канца, што з імі адбывалася.

Не змог прачытаць іх сапраўдныя твары. Тыя, якімі яны былі ў рэальнасці. Ці маглі б быць.

Іх маскі не проста прырасталі да твараў, яны і былі іх тварамі.

Трэба сказаць, што ў жыцці ўсё было наадварот. Усе хацелі стаць кімсьці. Выбраць сабе толькі адзін твар — адразу і назаўсёды.

Там, у тым жыцці гэтая гульня называлася “знайсці сябе”. У яе гулялі сур’ёзна і апантана. Часам усё жыццё.

Яны ж ішлі ў адваротным кірунку. Гублялі сябе, растрачвалі сябе на розныя жыцці, прымяралі — і прымяраліся — да розных твараў.

Я ўжо тады адчуваў, як гэта было небяспечна. Бо чым больш масак ты прымяраеш, тым менш здольны ў іх верыць, лічыць іх сваімі.

І тым менш верыш, што п’еса мае хаця б які сэнс.

І яшчэ адно пытанне ўсё ж вярэдзіла і цікавала.

Што адбывалася з імі позна ўвечары, калі яны здымалі маскі? Калі яны заставаліся сам-насам з пустэляй? Што яна ім гаварыла ў гэты момант? Што нашэптвала? Чым спакушала?

Прызнаюся шчыра, гледзячы на іх, мне самому захацелася пра гэта даведацца. Выйсці на сцэну са сваёй маскай. Ці, можа, са сваімі маскамі. Стаць часткай карнавала.

Але аднойчы ранкам я прачнуўся і ўцяміў, што нікуды не трэба выходзіць. Што я і так ужо на сцэне.

І што спектакль ідзе даўно і напоўніцу.

***

Самая цікавая кампанія збіралася ў далёкім куце.

Чулася штосьці пра Ўсход, гучалі дзіўныя, незнаёмыя словы — сатары, самадхі, дзэн патрыярхаў... Я не проста слухаў гэтыя дыскусіі з захапленнем, я пражываў разам з імі важныя рэчы.

Разам з імі адкрываў — для сябе — Бенарэскі парк, спатканне, невялікую кампанію, што сабралася там аднойчы для размовы, рэха ад якой дасюль гучыць у свеце.

Альбо са здзіўленнем даведваўся, што пад імем Хаяма хаваецца насамрэч цэлая традыцыя, у якой былі дзясяткі паэтаў. І што віно ў ягоных вершах — не тое самае віно, што прадаецца праз дарогу, ва ўніверсаме Цэнтральны.

Там я ўпершыню пачуў пра суфіяў і пра хасідаў, пра алхімічнае вяселле і містэрыю ўз’яднання.

Пасля адной з такіх дыскусій я раптам усведаміў, што меў на ўвазе Нагарджуна, гаворачы пра адсутнасць альбо пустэчу, з якой усё нараджаецца.

***

Менавіта там, у Хвілінцы маё жыццё раптам адкрылася мне як кветка: у яго празрыстай няўцямнасці, загадкавай і незразумелай прысутнасці in-der-Welt.

Як гэта здарылася, я памятаю і цяпер: я стаяў за высокім столікам. Была позняя восеньская раніца 1982 года. Сонца ледзьве прабівалася праз хмары.

Я замовіў падвойную, як звычайна, і стаяў за далёкай стойкай, адзін. Горад распачаў працоўны дзень, і цяпер, пасля ранішняй мітусні, крыху аціх, затрымаўся — ці то ў чаканні абеду, ці то ўжо ў прадчуванні вясёлай вечаровай ілюмінацыі.

І тут за вакном адбылося штосьці надзвычайнае. Я адчуў гэта ўнутры, усёй сваёй істотай.

Усё раптам знікла.

Я прысеў на падвоканне, мне стала млосна. Але гэта было не проста фізічнае пачуццё, а штосьці больш складанае і насычанае. Амаль неадсюль. Штосьці накшталт сартраўскай nausea. Памятаеце, у ягоным рамане галоўны герой патрапляе ў гэтую пастку.

Усё, што было такім важным, усё што так ганарылася сваёй трываласцю, імкнулася быць назаўсёды — усяго гэтага больш не існавала.

Свет павольна адыходзіў ад мяне, згортваўся ў клубочак, знікаў. Гэта было дзіўнае пачуццё: я адчуваў сябе так, як быццам бы свет завіс у маёй свядомасці, нібы навагодняя цацка на святочнай ялінцы. Яе можна было пагойдаць, можна было пахадзіць вакол, прыгледзецца.

Што здарылася, я так ніколі і не зразумеў.

Можа, раніца была занадта дзіўная, а можа, Леа не пашкадаваў кавы для падвойнай, і кафеін добратакі ўдарыў па маёй чыстай, яшчэ не нагружанай навакольнай ілюзіяй ранішняй свядомасці.

Усё заставалася такім, як ёсць. Машыны рухаліся ў розных кірунках, кудысьці ішлі людзі, у шапіках прадавалі Правду і Вечерний Минск, піянеры ўскідвалі рукі ў салюце і давалі клятву жыць, як завяшчаў вялікі Ленін, менскае метро рыхтавалася ўпусціць у свае светлыя залы савецкі народ беларускага разліву...

І ў той жа час было ясна, што гэта толькі ілюзія, сон — усяго гэтага насамрэч няма. І неістотна, сніць гэты сон хтосьці канкрэтны, напрыклад, Бог, ці гэта калектыўная галюцынацыя ніжэйшага анталагічнага гатунку.

Не, я зусім не спужаўся.

Хаця, напэўна, мусіў. Бо калі ўсё так нетрывала, знікома, не мае аніякага сэнсу трымацца і ўтрымоўваць, не мае сэнсу караскацца разам з усімі, рабіць кар’еру, думаць пра кватэры, дачы, пра тое, каб стаць у чаргу па “жыгулі”.

Але я, наадварот, адчуў сябе свабодным. Чалавек чамусьці пачынае адчуваць сябе чалавекам, толькі калі ён крыху выпадае са свету. Ці калі свет выпадае з яго.

А потым я стаў абсалютна шчаслівым.

Гэта немагчыма патлумачыць, чаму чалавек, які разумее, што анічога нельга ўтрымаць, становіцца шчаслівым.

Я проста перастаў трымаць — і трымацца.

Спачатку паплылі самыя простыя рэчы: кубачак з кавай, які стаяў на стойцы, раптам прыўзняўся і завіс у паветры, дакладна перада мной. Потым павольна адплыў і ўжо там пачаў павялічвацца ў памерах, змяняць форму, пераўтварацца ў розныя рэчы.

Ён, як быццам, здзекваўся з чалавечага спадзявання на ўстойлівасць і зразумеласць свету. Там, на бяспечнай аддаленасці ён пераўтвараўся то ў кнігу, то ў маленькую дзяўчынку, то ў вялікага цацачнага тыгра. Урэшце ён пераўтварыўся ў мяне самога: я глядзеў на сябе здалёк і загадкава ўсміхаўся.

Потым ад мяне аддзяліліся сны.

Потым — і гэта самае дзіўнае — ад мяне аддзялілася маё Я і таксама пачало знікаць удалечыні. Ці, больш дакладна, тое, што я лічыў сваім я: фрагменты размоваў, важных і няважных, урыўкі ўспамінаў, лустачкі эмоцыяў.

На пэўны час я застаўся ў адсутнасці, там, дзе нічога няма. Колькі я там прабыў — невядома: там не было часавых адзнакаў, каб свядомасць магла за штосьці зачапіцца.

А потым усё вярнулася.

Я сядзеў на падваконні, першыя наведвальнікі замаўлялі штосьці каля барнай стойкі, Леа паставіў кружэлку і зайграла музыка. Білі Холідэй спявала пра няшчаснае каханне, і чамусьці было страшна соладка слухаць яе гісторыю, і нават не проста соладка, а страшна істотна, я разумеў, што няма анічога больш істотнага ў свеце, чым гэтая музыка.

***

І ўсё ж такі адна думка крыху вярэдзіла, не дазваляла проста так распусціцца сярод бытнага, сярод тонаў музыкі свету.

Трэба было пражыць сваё жыццё.

А гэта значыць штосьці выбраць, тут і цяпер. Вось толькі немагчыма выбіраць штосьці адно, пакуль не зразумееш, што да чаго, чым гэта адрозніваецца ад другога, чаму і як мы штосьці выбіраем у жыцці. Альбо чаму і як штосьці нас выбірае.

І ўрэшце — чым ёсць чалавек і навошта ўсё гэта?

Здавалася: яшчэ ёсць час, каб разабрацца, каб зразумець. І ў той жа момант адкульсьці паўставала прадчуванне, што жыць і разумець — розныя рэчы. Што калі ты ўва ўсё гэта патрапляеш, дык табе ўжо будзе не да разумення.

Калі цябе забірае жыццё, зносіць плынь, галоўнае — не пайсці на дно, даплыць да другога берага.

Мы сыходзім занадта рана, — раптам падумаў я.

Каб сапраўды з усім гэтым разабрацца, трэба было б пражыць некалькі жыццяў.

***

Упершыню я задумаўся пра свой непазбежны сыход са сцэны ў пятым класе, выпадкова патрапіўшы на Салярыс Таркоўскага. Тады я толькі пачынаў сваю кар’еру чытача, і фантастыка выглядала самай салодкай магчымасцю выпасці з гэтай рэальнасці, парушыць межы часу і прасторы.

Я ўжо крыху чытаў Лема, таму, калі ў старым парку ў кінатэатры я пабачыў афішу, я не вагаўся. Фільм быў на апошнім сеансе, доўгі і зусім не такі, на які я спадзяваўся. Вядома, мне хацелася чагосьці нязвыклага. Далёкіх касмічных падарожжаў. Захапляльных прыгодаў. Альбо хаця б маленькіх і смешных зялёных чалавечкаў.

А тут усё было не так. Лес, возера, дом — убачаныя як быццам перад развітаннем, у апошні раз. Касмічная станцыя. Па калідорах хадзілі людзі і гаварылі пра штосьці простае: пра блізкіх і далёкіх, якія непазбежна знікаюць у часе, і якія маглі б вярнуцца, калі б мы раптам адважыліся на шчасце, захацелі быць шчаслівымі.

Ці сапраўды мы хочам быць шчаслівымі ў нашых жыццях, якія мы пражываем адно за адным? Ці гэтага не замала?

Потым, ужо ў тралейбусе, амаль пустым, які вёз мяне па восеньскім горадзе, я раптам зразумеў: аднойчы я таксама знікну ў часе, і мяне больш ніколі не будзе.

Усё застанецца такім, як ёсць: парк, горад і рака, людзі, што шпацыруюць, самотны тралейбус уначы, але ўжо без мяне, хтосьці іншы будзе сціскаць гэтыя парэнчы.

Я ледзь не расплакаўся.

Гэтая веда была як здрада, як прабоіна ў чоўне.

Чалавек, які толькі пачынае сваё жыццёвае падарожжа, раптам разумее, што жагляр дзіравы, і вада ўжо цурчыць, пачала ўжо заліваць далёкія адсекі.

Гэта быў нават не страх, бо смерць была далёка, яна яшчэ не з’явілася ў сваіх апранахах, у сваёй рэальнасці. Гэта была хутчэй крыўда, крыўда на дарослых: так, яны маглі б штосьці зрабіць, калі б захацелі.

Але дарослыя паводзілі сябе досыць дзіўна: яны толькі глядзелі сумна-вільготнымі вачыма і не прызнаваліся ў тым, што яны хаця б разумеюць, пра што гаворка. Яны паводзілі сябе так, быццам пра гэта не ведаюць, хаця не ведаць пра гэта было нельга.

Мусіць быць нейкі сэнс усяго, думаў я. Не можа быць, каб усе жылі проста так, разумеючы, чым усё скончыцца, і не спрабуючы штосьці зрабіць.

Потым я вырашыў: трэба навучыцца з гэтым жыць, так, як усе. Не задаючы лішніх пытанняў, спрабуючы заглушыць гэтую веду. Боль сапраўды заціхаў, адпускаў на гады і дзесяцігоддзі.

Але праз пэўны час вяртаўся.

У самыя нечаканыя і нязручныя моманты.

У Лондане, у інтэрнаце на Пэдынгтан, у пакойчыку, які я дзяліў з інданезійскім прыяцелем, дзе я тры месяцы рабіў выгляд, што чытаю кнігі, хаця думаў толькі пра гэта.

Альбо значна пазней, у Менску, калі пачаў падбірацца да сарака, і раптам зразумеў, што я на плато, што ўзыходжанне адбылося, і наперадзе мяне чакае толькі спуск.

Спускацца заўсёды больш складана, чым узыходзіць. Тыя, хто быў на вышынях, ведаюць пра гэта.

Але тады праз пэўны час, я зразумеў: я ўжо ніколі не змагу супасці са сваёй маскай, гуляць гэты спектакль, быць як усе.

Я адчуваў сябе бяздомным акцёрам, які раптам пасярод п’есы зразумеў, што яму няма куды вяртацца.

Пакуль не здарылася гэтае месца. Невялічкі закуток з трыма барнымі стойкамі.

І адмысловым відам на рэчаіснасць.

***

Напачатку мне здавалася, што сюды прыходзяць тыя, хто нешта ведае.

Мінула шмат часу, перш чым я зразумеў, што яны такія ж бяздомныя, як і я. Што нас проста прыбіла хваляй адзін да аднаго — у гэтым часе, у гэтай прасторы.

З некаторымі я пазнаёміўся тут, у Хвілінцы.

З іншымі мы сустрэліся пазней, яшчэ раз. Выпадкова сутыкнуўшыся ў Бібліятэцы альбо ва Ўніверсітэце.

Рэшта проста засталася ў памяці, невядомымі на старых фотаздымках, вобразамі з маіх сноў.

***

Потым у розных гарадах я бачыў розныя кавярні: яны, як і людзі, розніліся, і не толькі выглядам.

Я піў каву ў Варшаве і Вільні, Берліне і Парыжы, Празе і Львове. Нават у Лондане і Будапешце.

Кавярні былі сапраўды апрычоныя. Я патрапляў у іх у розныя эпохі, у розных настроях. Пра некаторыя я пісаў у сваіх кнігах, рассаджваў за іх столікамі сваіх герояў.

Некаторых даўно ўжо няма, іншыя змянілі назвы.

Я прыгадваю іх тут з удзячнасцю, як старых сяброў.

Невялічкую кавярню ў старым парку, у горадзе майго дзяцінства.

Я патрапіў туды ўсяго адзін раз, у ранняй маладосці. Кава была кепская, але ўсё астатняе складвалася так, як трэба, і я штосьці зразумеў за тыя паўгадзіны, калі сядзеў за столікам, і потым амаль палову жыцця імкнуўся туды вярнуцца. Не ў кавярню, не, яе ўжо вельмі-вельмі даўно няма ў нашай рэальнасці. Вярнуцца ў мінулае, ва ўспамін, у эмоцыю.

Альбо варшаўскую тэатральную, што месцілася ў холе гарадскога драматычнага, і дзе ўсё было зроблена са старога тэатральнага рэквізіту. Там усё было вытанчана-арыстакратычна і ў той жа час проста, амаль па-хатняму, яна давала прытулак пасля бадзянняў па горадзе, альбо падчас апошніх — заўсёды самых цяжкіх — гадзінаў у чаканні цягніка на радзіму. Гэты прытулак у Варшаве, якая заўсёды кудысьці спяшаецца, і ў якой ніколі няма для цябе месца, быў сапраўды важны, і я дасюль ёй удзячны.

Шараговае парыжскае Брасэры кельцік, што месцілася па дарозе з вуліцы Гравёраў, дзе я жыў у маленькай кватэрцы з двума мастакамі і адкуль выходзіў блукаць па горадзе амаль з самага ранку. Адзінае, што я абмінаў, — гэта бібліятэкі і музеі, я тады чытаў сам горад, адмерваў кіламетры сэнсаў па левым і правым беразе Сены, па вулках, па якіх блукалі Алівейра і Мага... Я тады нарэшце дабраўся да легендарных кавярняў, дзе калісьці сядзелі іншыя героі, легенды маёй маладосці.

Кавярні былі нерэальна дарагія, я пахадзіў крыху вакол і раптам зразумеў, што яны даўно ўжо не даюць прытулак, а гандлююць успамінамі, і што калі я зайду папіць кавы, я абавязкова ўбачу якую-небудзь шыльдачку: на гэтым месцы сядзеў Жан-Поль Сартр, а на гэтым... Калісьці я марыў пра парыжскія кавярні, прачытаўшы Хемінгуэя, і цяпер падумаў, што тады ён не купляў успаміны, а проста шукаў зручнае і недарагое месца, дзе можна было б працаваць, і я вярнуўся ў Брасэры кельцік, і сапраўды адчуў гэтае месца сваім, і напісаў там некаторыя важныя для сябе старонкі.

Быў яшчэ і віленскі закуток Свежай кавы на Гедыміна, на трэцім паверсе, за маленькай кнігарняй. Кава там была неверагодна смачная — толькі трэба было замаўляць не эспрэса альбо амерыкана, а проста каву, jouda kava, і тады здараўся цуд.

Былі і шмат якія іншыя месцы, якія давалі прытулак і якія засталіся ў памяці.

Але тады, калі ўсё заблытваецца, і я не знаходжу канцоў, нітак, трымаючыся за якія можна выбрацца на паверхню, калі жыццё становіцца нясцерпным і незразумелым, як атрута — тады я прыгадваю толькі адно месца. Адну кавярню.

Часам мне здаецца, што я так і не выйшаў з яе. Назаўсёды застаўся сярод яе наведвальнікаў, персанажам той гісторыі.

І калі жыццё маё сыдзе, скончыцца, і я патраплю на той бок, — калі верыць некаторым містыкам — я патраплю менавіта туды, у Хвілінку, на сваё ўлюбёнае месца, каля вакна.

І Леа будзе рабіць мне падвойную з цукрам, а можа, нават з каньяком.

***

І яшчэ адна падрабязнасць, пра якую я вымушаны сказаць, хаця і не з лёгкім сэрцам.

За вокнамі Хвілінкі амаль заўсёды была восень.

2.

Менавіта там я ўпершыню сустрэў Францішка.

Я памятаю, быў самы пачатак кастрычніка. Свяціла сонца. Я спускаўся ад Бібліятэкі ўніз, да Свіслачы, па кароткай вулачцы, назву якой ніхто не мог надоўга запомніць. Унізе мяне чакаў Парк, таксама яшчэ неназваны, і мой самотны паўгадзінны шпацыр, падчас якога я планаваў задумацца пра праўдзівыя імёны.

Я тады моцна перажываў, нават пакутваў ад усіх гэтых вуліцаў Кірава і праспектаў Пушкіна, якіх былі сотні і тысячы і якія былі гвалтам над рэальнасцю. Я думаў пра свой ідэальны горад, з вулкамі, плошчамі, паркамі, назвы якіх ведаў бы толькі я, і яны самі.

І вось я спусціўся ў восеньскі Парк, пакуль безыменны, поўны разнастайных адценняў, колераў, эмоцый. І раптам адчуў штосьці незвычайнае. Там было крыху суцішанасці, восеньскага спакою. Але не толькі.

Было нейкае дзіўнае пачуццё шчасця. Яно было дзіўным, таму што яму не было адкуль узяцца. Анічога не было ў гэтым дні, што магло б даць гэтае пачуццё — прынамсі, навідавоку.

Адзінае, што было побач са мной — восеньскае лісце, якое ляжала — шчаслівае — у алеях абляцелага Парку і марыла пра вецер.

І я адчуў гэты настрой і блукаў доўга і шчасліва, шаргатаў апалай лістотай, без аніякай мэты, а потым пацягнуўся ў Хвілінку, каб сагрэцца і каб адзначыць нашае супольнае свята.

І тут я зразумеў, што я не адзіны, хто пра гэта ведае.

Францішак стаяў за стойкай, глядзеў праз вакно і таксама быў шчаслівы.

Чаму я вылучыў яго тады сярод астатніх?

Не толькі таму, што ён відавочна быў саўдзельнікам.

Калі я першы раз пабачыў, як ён глядзіць праз шкло ў той, іншы, заваконны свет, я чамусьці падумаў — вось герой, які так і не выйдзе на сцэну эпохі.

Я падумаў гэта амаль выпадкова, зусім не маючы на ўвазе канкрэтнага чалавека, які стаяў перада мной. Хутчэй саму ідэю, агульны гештальт, які я прыберагаў для героя свайго рамана.

Так, я тады цвёрда вырашыў напісаць раман, і мне тэрмінова патрабаваліся персанажы. І не проста персанажы, а мае персанажы, постаці, якія возьмуць удзел менавіта ў маёй гісторыі.

Больш за тое, мне быў патрэбны галоўны герой.

Вядома, яго можна было проста прыдумаць.

Але я ўжо тады зразумеў адну важную рэч: калі ты пачынаеш пісаць, першы крок мусіць быць адсюль, з гэтай рэальнасці.

Потым ты можаш рабіць што заўгодна — змяняць імёны і абставіны, уяўляць іншыя твары, прапаноўваць ім іншыя маскі.

Але зачэпка мусіць быць. Інакш усё завісне ў пусто

це, персанажы так і не павераць у сваё ўласнае існаванне, так і не пачнуць жыць і дыхаць на старонках.

Будуць разгублена блукаць у паўцемры, як у раманах Селіна альбо Бекета.

Трэба сказаць, напачатку я шукаў людзей, моцна ўфундаваных у жыцці. Мне здавалася, што гэта яны, моцныя, рассоўваюць жыццёвыя абставіны, як тэатральную запавесу, і выходзяць на сцэну.

Гавораць важныя рэчы. Паказваюць прыклад. Вядуць за сабой.

Потым я стаў больш недаверлівы. Не тое, каб я стаміўся ад пошукаў, зусім не.

Мне проста падалося, што сапраўдныя героі — хутчэй, хаваюцца ад эпохі. Я быў захоплены Полем Валеры і раз-пораз паўтараў самому сабе: глупства — не самы моцны мой бок.

***

Я ўжо тады адчуваў лёгкую агіду да дэкарацыяў тагачаснага спектаклю. Не кажучы пра сюжэты.

Сцэна была запоўненая аж занадта, яна ўжо больш не прымала ніякіх іншых.

На ёй маршыравалі піянеры ў гальштуках і белых кашульках, камсамольцы вечна штосьці будавалі, а пасведчанне станоўчага персанажа выдавалі толькі ў парткаме. І хаця жыццё ўсё адно брала сваё, там было неяк цеснавата.

Не, па-свойму яна, сцэна, была нават утульнай.

Яна ўжо не была крыважэрнай, асабліва калі не імкнуцца да краю і не думаць пра гару трупаў у першым акце.

Але калі я заходзіў у кнігарню і пачынаў гартаць

іх кнігі, мне рабілася млосна. Штосьці відавочна было не так — з часам, з эпохай, з самім тэатрам свету, зрэшты.

У гэтых кнігах усё для ўсіх было зразумела. Свет быў трывалы і пэўны.

Інжынеры ганарыліся сваімі заводамі і змагаліся за тое, каб выканаць і нават перавыканаць план.

Лекары лячылі людзей і страшна пакутвалі, што, нягледзячы на дасягненні медыцыны, людзі ўсё ж такі паміралі.

Ветэраны расказвалі пра перамогу савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне.

Партыйныя сакратары сачылі за тым, каб усе былі правільнымі, усе гралі свае ролі згодна з напісаным сцэнаром. І каб усё ўрэшце заставалася на сваіх месцах.

Праўда, недзе далёка быў другі, іншы свет, дзе людзі жылі па-іншаму. Па чутках, там не было ніякіх сцэнароў, ніякіх партыйных сакратароў. Там не было нават піянераў.

Але ён быў амаль нерэальным: сярод маіх знаёмых не было нікога, хто мог бы пра яго расказаць. Пацвердзіць, што ён сапраўды існуе, што гэта не прыдумка прапаганды, не частка таго самага правільнага сцэнара.

Зрэшты, усё было не так страшна, нават міла.

І ўсё ж у мяне было нейкае адчуванне, што ўсё гэта — проста дэкарацыі ў правінцыйным тэатры, на тле якіх дрэнныя акторы ходзяць па сцэне, паўтараючы чужыя словы.

Ужо значна пазней я зразумеў, што ўсе словы чужыя. Яны проста спадарожнічаюць нам, жывуць з намі. І што нельга патрабаваць ад людзей так многа.

Тады ж мне хацелася зрабіць штосьці нечаканае:

размаляваць дэкарацыі, пачаць гаварыць іншыя словы. Дзёрзкія, недарэчныя, нават крыху незразумелыя.

Альбо знайсці свайго героя. Які не выйдзе на сцэну эпохі.

Так з’явіўся Францішак.

***

Я неяк адразу вырашыў для сябе, што гэта паэт, нават калі ён на той час не напісаў ні радка. І зусім не таму, што кнігі, якія ён разгортваў, былі пераважна паэтычныя.

Ёсць пэўныя прыкметы, па якіх можна апазнаць сапраўднага паэта.

Перш за ўсё вочы.

Я якраз тады прачытаў, у майго ўлюбёнага Джэрома Д. С., што трэба звярнуць увагу на вочы.

Бо кожны паэт бачыць насамрэч толькі свае вобразы. Кожны паэт, сапраўдны паэт, падкрэслівае Д. Д. С. — аслеплены сваімі вобразамі.

І таму першае і самае асноўнае, што выдае паэта, гэта ягоная відушчасць. Дакладней, яго вымушаная, выбраная ім самім, гаючая і светлая слепата, у якой паэт адчувае сябе як дома.

Францішак быў тады жывой ілюстрацыяй гэтай ідэі.

Ён глядзеў кудысьці далёка, праз рэальнасць. Ён відавочна сніў наяве.

Звычайна ён прыходзіў у Хвілінку пад вечар, браў сваю каву і ўладкоўваўся ў левым куце, на ніжнім ўзроўні, калі гэтае месца не было занятае. Далей ён рабіў пару глыткоў і заціхаў на колькі хвілінаў, гледзячы наскрозь, як быццам ён шукаў дзверы, праз якія можна выйсці — на той бок рэчаіснага.

Было, праўда, няясна, ці ён знаходзіў тыя дзверы. Ці ён насамрэч выходзіў туды, на той бок, ці проста торкаўся ў іх носам, як сляпое кацяня, на самым скраі.

Потым, калі мы ўжо пазнаёміліся, Францішак расказаў, чаму ў тую восень ён сніў наяве.

Ён тады толькі прачытаў Генры Дэвіда Тора, знайшоў сабе лясную хатку ў Крыжоўцы і толькі пачынаў уваходзіць у рытм новага, прыроднага жыцця. Напачатку гэта было няпроста. Яму прыходзілася прачынацца а палове на шостую, каб паспець на электрычку да Менску. І пад вечар, ясна, ягоная свядомасць была крыху заімглёная.

Ён расказаў мне гэта з іроніяй, так, што было зразумела: ён цэніць і прымае ўсё, што я ўбачыў тады сваім трэцім, містычным вокам. Магчыма нават, што гэта чыстая праўда.

Але такая праўда, якая мусіць заставацца ў ценю, якая мусіць, хутчэй, хавацца, чым выходзіць вонкі.

Зрэшты, мая тэорыя падмацоўвалася тады й іншымі назіраннямі.

Я звярнуў увагу на ягоныя гэсты.

На тое, як ён ходзіць, размаўляе, звяртаецца па каву, расплочваецца, чытае кнігі. Я заняўся гэтым цалкам сур’ёзна: я цікаваў, высочваў, запісваў у сшытку самыя важныя падрабязнасці. А аднойчы нават выйшаў з Хвілінкі і прайшоў за ім некалькі кварталаў, проста каб упэўніцца, што ён адсюль, з гэтай рэальнасці.

І вось, праз пэўны час партрэт паэта быў гатовы. Прынамсі, у маім уяўленні.

***

Другой рысай, на якую я звярнуў тады ўвагу, было несупадзенне.

Са светам, з самім сабой. З тым, што адбывалася перад ягонымі вачамі, і з тым, што адбывалася ўнутры яго, у душы.

Ён аддаваўся хвіліне, але не супадаў з ёй да канца, і гэта было дзіўна. Дзіўна, бо звычайна паэт распушчаецца ў сваёй эмоцыі, прападае ў ёй напоўніцу.

Францішак таксама прападаў, але складалася ўражанне, што пры гэтым быў яшчэ хтосьці, хто заставаўся навонкі, і хто бачыў і запісваў ўсё, што з ім адбывалася.

Гэта не значыць, што Францішак ставіўся да эмоцыі рацыянальна. Зусім не. Гэты хтосьці, што заўсёды быў побач, нічога не ацэньваў. І не аналізаваў. Ён проста прысутнічаў, назіраў — як цень, як сведка.

Як метафізічны двайнік, прывідны doppelganger, задачай якога было проста быць. Там, на тым баку.

Асобным пунктам у маім партрэце мастака ў маладым узросце ішлі дачыненні Францішка з вусцішным.

Тут трэба ясна сказаць, што вусціш — гэта не проста індывідуальнае перажыванне чагосьці неверагодна жахлівага: смерці, пакутаў, знікнення.

Гэта не туга, што мякка вярэдзіць, не адпускаючы.

Не традыцыйная беларуская меланхолія, у якую патрапляюць героі Гарэцкага. І зусім не дэкадэнцкі сплін, у якім, калі верыць легендам, пражываў сваё жыццё Байран.

Гэта была менавіта вусціш.

Вусціш — гэта разуменне таго, што сусвет выдатна мог бы абысціся без чалавека. Што нічога — у халодных касмічных прасторах — не патрабуе нашай прысутнасці. І ніхто не заплача — там, далёка, калі ўсе мы раптам знікнем.

Потым я нават недзе напісаў, што гэта сталася важным — і нябачным — элементам ягонай паэтыкі.

Што амаль усе яго вершы здараюцца менавіта там, у прасторы, калі чалавек выходзіць з вусцішнага і бачыць — на хвіліну, хаця б на хвіліну, — які неверагодна прыгожы і дасканалы наш свет, як усё тут страшна істотна і як прадумана.

І не важна, кім і навошта.

Усё, нават у самых простых дробязях: гэты ліст клёна, крануты чырванню, які апускаецца павольна на зямлю. Гэтая птушка, што самотна сядзіць на абляцелым дрэве.

Жабка, што скача ў ставок у вусцішнай цішыні.

І, ясна, твар чалавека. Блізкага альбо далёкага. Твар, які заўсёды, як напісаў паэт, “пячаткаю трагічнай значан”.

Трэба сказаць, гэта адчувалася ў ім ад самага пачатку.

Ён любіў патрапляць на скрай, але абсталёўваўся там з фантастычнай утульнасцю. Складвалася ўражанне, што ён быў як дома ў самай адчайнай безнадзейнасці.

І нават сам шукаў пасткі і прадонні, якія нашэптвалі яму свае праўды і таямніцы.

***

Партрэт завяршала такая дробная асаблівасць, як ягоныя шалікі. Іх было многа і яны былі самых неверагодных колераў і фасонаў: ад звычайных шыйных хусцінак да доўгіх і насычаных колерамі прасцінаў, у якія, здаецца, можна было заматаць усяго Францішка, — і нават тады яшчэ б штосьці засталося. Як і дзе ён іх знаходзіў у савецкай цывілізацыі вечнага дэфіцыту — заставалася загадкай.

Я нават тады падумаў, што як мастакі пазнавальныя па сваіх бярэтках, так у паэтычную ўніформу мусіць абавязкова ўваходзіць шалік. І што калі ўяўляць знакі паэтычнага адрознення, дык яны мусяць быць менавіта там, на шаліку.

Напрыклад, паэты класічнага тэмпераменту мусяць насіць шалікі цёмна-сінія, альбо класічна шэрыя. З геаметрычнымі ўзорамі ці без іх.

Паэты сентыментальна-настраёвыя патрапляюць у разнастайныя адценні жоўтага і чырвонага. З кветачкамі альбо з экспрэсіўнымі абстракцыямі, у залежнасці ад густу і буйнасці.

Паэтам жа метафізічным у мяне чамусьці адпавядаў цёмна-зялёны альбо цёмна-барвовы.

Францішак у маёй класіфікацыі быў бліжэй да паэтаў метафізічных, хаця й з элементамі абстрактнага экспрэсіянізму.

Усё гэта было цудоўна.

Няясна было толькі, у якім дачыненні да яго знаходзіцца ўсё тое, што я прыдумаў, гледзячы са свайго кута ў Хвілінцы. І ці не ёсць ён насамрэч кімсьці іншым: інжынерам на радыёзаводзе, студэнтам інстытута народнай гаспадаркі, барменам у суседняй кавярні. Інструктарам райкама камсамолу. Зрэшты, кіроўцам тралейбуса, чаму б і не?

Праверыць можна было толькі адным спосабам.

***

Не памятаю, як і чаму я патрапіў у Хвілінку, быў надвячорак, людзей было многа, але настрой быў засяроджаны, амаль святочны.

Францішак стаяў за стойкай і праглядаў кнігу.

Адзінае вольнае месца было поруч, я паставіў сваю каву і міжволі пачаў касіць вока.

Ён гэта заўважыў і насцярожыўся.

Мы пазнавалі ўжо адзін аднаго, перакідваліся поглядамі, калі зазіралі ў Хвілінку, так што ў маім падгляданні не было асаблівай няветлівасці.

Кніга на выгляд была вельмі старая. І зачытаная. Ён гартаў яе, відавочна, не ў першы раз. Блукаючы па ўлюбёных фрагментах. Спыняючыся на выпадковых старонках. Я быў амаль упэўнены, што гэта які-небудзь рэдкі аўтар, кшталту Гёльдэрліна альбо Кавафіса.

Але Францішак праглядаў тады граматыку вэньян — кніжнай старакітайскай мовы. І мае спробы штосьці падгледзець, стоячы поруч, выглядалі, напэўна, досыць камічна.

Францішак нейкі час не звяртаў увагі на мае спробы, але ўрэшце — неяк уважліва і ўрачыста, гледзячы крыху ўбок, а да таго ж з прыязнай усмешкай, запытаўся:

Любіце чытаць чужыя кнігі?

Потым я зразумеў, чаму кніга па граматыцы была такой загледжанай. Там былі цытаты! Многа цытатаў.

У тыя часы цытаты былі формай расказаць пра тое, пра што казаць наўпрост было нельга. І падручнік па граматыцы быў поўны не столькі граматычнымі прыкладамі, колькі перадусім цытатамі. З тых самых старакітайскіх кнігаў — далёкіх і недаступных.

Я гэта зразумеў пазней, але тады мой выгляд быў дастаткова разгублены.

І тут я, нечакана для сябе самога, сказаў тое, чым трызніў ужо даўно, але ў чым баяўся прызнацца нават сабе самому.

І пісаць таксама, адказаў я. І таксама ўсміхнуўся.

Францішак моцна ўзрадаваўся, як быццам ён чакаў менавіта гэтага.

— Гэта цудоўна. Але столькі ўжо напісана.

Гэтае але ў ягоных словах зусім не гучала як перасцярога ці скептычны недавер. Наадварот, нібы запрашала, падбадзёрвала. Ён прамовіў гэтыя словы так урачыста, як быццам прымаў мяне ў нейкую загадкавую секту.

— Францішак, — сказаў ён бадзёра і крыху іранічна, працягваючы руку для знаёмства, — арыенталіст-аматар.

— П’ер Менар, аўтар Дон Кіхота, — прадставіўся я.

***

Мы сышліся вельмі хутка, магчыма таму, што ідэальна дапаўнялі адзін аднаго, а можа наадварот, — ідэальна адзін аднаму пярэчылі.

Я быў захоплены тады дадатковымі сэнсамі, лабірынтамі і нечаканымі паваротамі лёсу. Я лічыў, што жыццё невыпадкова такое складанае, і імкнуўся ўскладніць яго ў літаратуры да скраю, да канца.

Мы размаўлялі гадзінамі, гаворачы пра сюжэты, характары. Пра аўтараў і іх жыцці. Пра ўдалыя і няўдалыя творы.

Усялякая драбяза — дзе чалавек нарадзіўся, што яму распавядала бабуля, якія ў яго былі сябры і па якіх вулках ён блукаў у дзяцінстве — для мяне ўсё гэта мела значэнне, займала важнае месца ў каталогах чалавечых лёсаў. Я калекцыянаваў падрабязнасці, сплятаў іх між сабой, знаходзіў паралелі і пераходы, выхады й тупікі.

Францішак сказаў аднойчы, што я быў залішне ўважлівы да персанажаў другога плану. Што я вёў сцежкі чалавечых жыццяў — для сваіх герояў — прадзіраючыся праз гушчар рэальнасці, і ўвесь час спыняўся, каб пагледзець, што там робіць гэтая мілая звірушка.

Для Францішка ж важна было трымацца самой сэрцавіны, агульнага гештальту, як мы тады казалі.

Ад яе, сэрцавіны, усё пачыналася і ёй урэшце сканчалася.

— Больш давай веры словам, — казаў ён, — чакай, пакуль яны самі складуцца ў нешта, і ўсё патлумачаць.

— Усё ж такі мова — гэта дом быцця, а філосафы і паэты — вартаўнікі гэтага прытулку, — цытаваў ён кагосьці відавочна важнага, каго трэба было ведаць.

— Разумееш, пісаць — гэта верыць, што ўсё ў свеце мае свой сэнс і сваё месца, — казаў ён. — І не проста верыць, а нашэптваць гэты сэнс, нахукваць, шаманіць.

Затаіцца ў чаканні, што ўсё складзецца менавіта так, а не інакш, бо інакш проста немагчыма.

— Дакладна ведаць, што ўсё гэта значыць, зусім не абавязкова, — сказаў ён тады. — Звычайна мы хочам нейкай уцямнасці, відавочных знакаў. А разуменне чагосьці вырастае ў нас паволі, як фотаздымак, які праяўляецца ў адмысловай рошчыне.

Паэты насамрэч шукаюць гэтую рошчыну, у якой праявіцца тое, чым яны ёсць. І не проста яны як асобы, а той прыгожы і непаўторны ўзор бытнага, які праз іх — і толькі праз іх — можа выйсці на свет.

***

Ён сапраўды стаў паэтам: гэта адбылося на маіх вачах. Як амаль усе на тутэйшых прасторах, ён пачынаў пісаць на дзвюх мовах.

Напачатку была мова імперыі: ён скончыў звычайную савецкую школу, дзе расейская мова была асноўнай. Ад беларускай літаратуры са школы застаўся толькі санет Багдановіча пра зернейка, што засохлае было, хаця, як пазней ён прыгадваў, гэты санет патрапіў дастаткова глыбока, як само зернейка.

І прарастаў паволі, але няўхільна.

У школе ён многа чытаў, усё, што можна было знайсці ў навакольных бібліятэках. Зрэшты, знайсці можна было няшмат. Ды й тое, што знаходзілася, не пакідала слядоў, ён праплываў праз гэтыя кнігі, як індзейскія каякі праз ранішні туман на Гудзоне.

Першай кнігай, якая штосьці ў ім зварухнула, было вельмі старое выданне Блэйка. На ангельскай мове. Як яна патрапіла на абанемент абласной бібліятэкі, можна было толькі здагадвацца. Хутчэй за ўсё была спісаная з музейных збораў, адразу пасля вайны. Сама кніга была пашкоджаная, відавочна пасля паводкі, і выглядала як муляж для галівудскага баявіка пра штурм Троі. Яму далі яе неахвотна.

Школьнай ангельшчыны было недастаткова, каб чытаць і штосьці разумець на гэтых перакасабочаных старонках. Францішак пазней прыгадваў, што большасць часу ён проста разглядаў ангельскія словы, у нейкім амаль містычным здранцвенні. Пакуль аднойчы, і гэта было адным з першых момантаў шчасця, гэтыя словы не пачалі складацца ў радкі, а праз радкі не пачаў праступаць сэнс.

Ён трымаў яе на абанеменце пяць год, рэгулярна працягваючы тэрмін. Ён вырастаў і змяняўся разам з ёй. Скончыў сярэднюю школу, з залатым медалём. Паступіў ва ўніверсітэт.

За гэты час ён даведаўся ўсё, што толькі можна было пра Блэйка, а разам з гэтым пра Кітса і ангельскіх рамантыкаў, а потым выплылі прэрафаэліты, затым на даляглядзе намаляваўся Томас Стэрнз Эліят. І недзе побач, зусім блізка былі Гёльдэрлін і Рыльке.

Паступова кніга стала для яго магічным аб’ектам: яна была ў цэнтры і вакол яе выбудоўваўся ягоны сусвет.

Ён вазіў яе з сабой ва ўсе падарожжы, нават на будаўніцтва кароўніка ў Пскоўскай вобласці, на якое ён патрапіў улетку пасля другога курса і на якім атрымаў дадатковую кваліфікацыю бетоншчыка трэцяга разраду.

На пяты год яму даслалі ўльтыматум: альбо ён прыносіць кнігу назад, альбо бібліятэка скіроўвае позву ў суд.

Развітанне было амаль катастрофай.

Каб неяк запоўніць пустэчу, якая ўтварылася пасля Блэйка, яму давялося пачаць пісаць самому, — сказаў ён мне аднойчы.

Калі я быў занадта настойлівы ў сваіх пытаннях пра канцы і пачаткі.

***

Першы верш Францішка, які ён мне паказаў, быў проста ўзорны. Не ў тым сэнсе, што ён прагучаў і быў пачуты тады, у сваім часе, і надалей заняў пачэснае месца ў зборніках і анталогіях.

Не, ён так і застаўся асабістым дакументам.

Сам Францішак ніколі больш пра яго не прыгадваў.

Але там ужо было ўсё тое, з чаго пазней будзе складацца паэзія Францішка.

Верш быў напісаны па-расейску і нідзе не друкаваўся. Ён захаваўся зусім выпадкова, сярод старых папераў таго часу. Перачытаўшы яго пазней, я раптам убачыў гэты верш зусім па-іншаму. Напачатку я хацеў даць яго беларускі падрадкоўнік, разам з некаторымі маімі каментарамі і заўвагамі, але потым вырашыў адважыцца на арыгінал.

Адважыцца — не толькі таму, што па-расейску.

Але і таму, што я так зжыўся з гэтым дакументам, так насыціў яго самымі рознымі — сваімі — сэнсамі, што цяпер проста баюся выпускаць усё гэта на святло.

Ці сапраўды ў ім столькі ўсяго, колькі я бачу?!

Верш складаўся з васьмі радкоў з нерэгулярнай рыфмай і быў прысвечаны — ... Цяжка сказаць, чаму ён быў прысвечаны. Пра што ён.

Сам Францішак назваў яго тады вершам пра кацянятка, хаця ясна, з пэўнай іроніяй.

Тут я мушу зацеміць, што вершы Францішка ад самага пачатку былі... складанымі. Пераказваць іх лінейна было немагчыма. Іх можна было толькі вытлумачваць, падрабязна, слова за словам, расплятаючы нітку сэнсу.

І таму можна было б смела пагадзіцца, што перад намі верш пра кацянятка.

А можа, пра вусціш.

А можа — і гэта таксама там было — пра прадчуванні будучыні.

Яшчэ варта памятаць, што верш напісаны зусім маладым чалавекам, які толькі пачынае пісаць.

Вось першыя радкі, якія ўводзяць настрой альбо асноўны тон верша:

Утренний мир тонок

Как иней в зимнем саду

Усё проста: зімовы сад, змёрзлыя абрысы дрэваў, здранцвелая прыгажосць старой рэчаіснасці, якая існавала да нас і існавала так доўга, што стамілася чакаць абнаўлення, раніцы, сваёй адмены.

У гэтым садзе прачынаецца новая свядомасць і пачынае тварыць свой свет: тонкі і струмкі, нібыта крышталь.

Наступныя радкі дадаюць у гэты краявід душы асноўнага персанажа.

В нём страх, пушистый котенок

Живет в хрустальном бреду

Гэтым персанажам нечакана становіцца пухнатае кацянятка, якое мяне тады так уразіла. Я нават не адразу зразумеў чым. Наколькі нечаканым было з’яўленне галоўнага героя.

Тое, што ў халодным ранішнім краявідзе душы жыве страх, і гэты страх звязаны з тонкімі рэчамі, якія толькі-толькі з’явіліся, паўсталі ў рэчаіснасць, гэта было зразумела. Гэта прадчувалася.

Але тое, што гэты страх прыме форму пухнатага кацянятка...

Милый небесный звереныш

Откуда в тебе тепло?

У гэтых двух радках аб’яўляюцца надзвычай цікавыя рэчы.

Страх грэе і цешыць, а не проста лякае. І паэт пытаецца пра крыніцы цеплыні, пытаецца з радасцю і пяшчотай, называючы свайго героя мілым і нябёсным звераняткам.

Сапраўды, адкуль цеплыня? У вершы гэта не прамаўляецца, не выходзіць навонкі, але можна зразумець, што цеплыня ідзе з будучыні.

Непражытай і вабнай будучыні.

Менавіта будучыня раскрываецца і прымае форму страху, форму кацянятка. З будучыні вырастае жыццё, як незразумелы дарунак. Зрэшты, з будучыні струменіцца сам час.

І як катарсіс, як вырашэнне ўсяго:

Словно пушистым снегом

Меня тобой замело.

Паэт прадчувае свой кон і ўдзячна прымае яго. Зарываецца ў яго з галавой, як у гурбу снега.

І ўсё гэтае падарожжа адбываецца на васьмі радках тэкста.

Я быў надзвычай уражаны, нават агаломшаны.

Хаця, шчыра кажучы, замяніў бы слова пушистым у сёмым радку на штосьці іншае. Усё ж такі пушистый снег — гэта занадта простая метафара.

Я памятаю, сказаў яму гэта, і Францішак пагадзіўся. Але пагадзіўся неяк так, што было бачна: у гэтым вершы для яго было важна штосьці іншае, а не проста тэхнічная дасканаласць.

Для яго важная была сама эмоцыя.

Так, сапраўды, у гэтым вершы Францішак упершыню патрапіў у тонкую і важную, але перадусім у сваю эмоцыю.

***

І ўсё ж ягоныя расейскія вершы так і засталіся ў асабістым архіве.

Чаму? Было, напэўна, многа прычынаў.

Ён ведаў, што эмоцыя ў яго расейскіх вершах была рэдкая і істотная. Але пры гэтым яна была адчужана халодная, гэта таксама адчувалася вельмі моцна.

Напачатку ён думаў, што крыніцы гэтай адчужанасці — у тым новаязе, які панаваў вонкі. І што варта толькі замкнуцца, праламіць паверхню, і ўсё зменіцца. І ён замкнуўся і цярпліва чакаў гэтага моманту.

Прайшло досыць часу, пакуль для яго не стала ўсё канчаткова ясна. Расейская мова не пускае мяне ў свае глыбіні, аднойчы сказаў ён — відавочна, у роспачным здзіўленні.

Што гэта значыла, ён тады не патлумачыў.

Але я адразу зразумеў, што перада мной толькі вяршыня айсберга. Што ён думаў пра гэта не адзін месяц, а можа і больш. І што будуць наступствы.

Пасля мы не бачыліся колькі тыдняў.

І вось, сазваніўшыся, дамовіліся сустрэцца ў Хвілінцы. Францішак быў нейкі незвычайны, ён павітаўся моўчкі і пэўны час стаяў нібы ў нерашучасці.

Потым сказаў: я напісаў некалькі новых вершаў.

І дадаў: па-беларуску.

***

Гэта шчаслівы кон для паэта, выбраць для сябе такую мову. Якая адразу выключае ўсялякі спадзеў на поспех, на розгалас, на ўсясветную славу — сказаў ён мне тады, у парыве энтузіязму.

Выбраць мову, якую разумее большасць, але на якой гавораць рэдка і рытуальна, у пэўных абставінах.

Мову, якая стаіць здалёку ад той балбатні, што засмечвае мовы распаўсюджаныя. Балбатні, праз якую трэба заўсёды прадзірацца, калі ты хочаш сапраўды знайсці паэтычны тон. Інтанацыю.

Мову, якой тут адгукаюцца дрэвы і птушкі, травы і дзікія звяры.

Ясна, потым усё стала больш празаічна.

Давялося шукаць слоўнікі і вучыць словы. На пэўны час стаць дзіцём, якое радасна адкрывае для сябе свет, поўны неназванага. Шукае незвычайныя імёны і дорыць іх, сабе і іншым.

У пэўны момант была нават паніка, бо пошукі зацягнуліся.

Але ўрэшце ўсё скончылася — і скончылася паспяхова.

Скончылася снамі, у якіх Францішак гаварыў пабеларуску, і гэта завяршыла гештальт, як мы тады казалі.

Але самае цікавае толькі пачыналася. Калі ён крыху ўпэўніўся ў сваёй мове, ён пачаў гаварыць па-беларуску ўвесь час і з усімі. І адразу пераўтварыўся ў адмысловую лакмусавую паперку, праз якую праяўлялася ўсё ўтоенае, схаванае, выцесненае ў тутэйшым грамадстве.

Тое, што было забыта, і тое, што яшчэ не нарадзілася. Што толькі чакала свайго часу.

Ты мог гадамі блукаць па Менску з расейскай мовай і быць нябачным і незаўважным, сказаў мне тады Францішак. Але варта было проста запытацца ці сказаць штосьці па-беларуску, і ўсё мянялася. Некаторыя плакалі і выбачаліся, што забылі родную мову. Іншыя адразу прыгадвалі пра міліцыю і патрабавалі справаздачы, чаму і з якой мэтай. Трэція беглі па слоўнікі і даводзілі, што гэта не па-беларуску і што трэба так, так і так.

Звычайнае, простае пытанне альбо фраза цалкам магла стаць пачаткам мініканферэнцыі па сацыялінгвістыцы, сказаў Францішак. Ты сціпла просіш прыпаліць цыгарэтку і праз хвіліну вакол цябе натоўп, які абмярковае праблему паланізмаў у беларускай мове.

Але для шмат каго з ягоных сяброў, асабліва з расейскамоўнага асяродку, гэты выбар Францішка быў тады актам культурнага самагубства. Чаму, пыталіся яны, які ў гэтым сэнс і якія мэты? Навошта гэта, калі і так усе ўсё разумеюць па-руску? Гэта так штучна і так бесперспектыўна!

Пазней, калі ўсё змянілася, калі выбар Францішка пачаў прыносіць пэўны плён і пэўныя дывідэнты, яны нават пачалі падазраваць у гэтым нейкую хітрасць.

Але тады, як, зрэшты, і шмат хто іншы, Францішак перайшоў на беларускую мову не па прымусе і не дзеля выгодаў у будучыні. Чаму гэта адбылося — і не толькі з ім, а з цэлым пакаленнем творцаў, якія амаль усе пачыналі пісаць на мове імперыі — яшчэ доўга будзе заставацца загадкай.

У гэтым не было аніякага дэтэрмінізму, сказаў ён мне значна пазней, калі ўжо ўсё адбылося. Ані этнічнага, ані культурнага. Не было прымусу, вымушанасці. Гэта быў акт абсалютна свабодны — і, можа быць, нават метафізічны.

Чаму ўвогуле пераходзяць на такія мовы? Што цягне, што спакушае ў гэтым незразумелым коне, прывідным паўіснаванні на самай мяжы быцця?

Патрыятызм? Любоў да радзімы? Ой, сумняюся.

Яшчэ ніводзін добры аўтар не нарадзіўся з любові да радзімы, пра гэта ўсе ведаюць.

Праўда, і без яе, любові, таксама штосьці не да канца складаецца.

Потым я бачыў многа пішучага народа, разумных і не вельмі, якія горда ўсведамлялі сябе самадастатковымі. І лічылі, што тое, што з імі адбываецца, варта таго, каб на гэта звярнулі ўвагу сучаснікі і памяталі нашчадкі. Варта таго, каб застацца навечна. І расказвалі, як гэта архаічна, як гэта састарэла, як гэта глупа, зрэшты, пісаць на амаль памёрлай мове.

Як гэта недарэчна — уціскаць сябе ў этнічную секту ў часы, калі адкрытыя ўсе магчымасці, калі можна адчуваць сябе чалавекам космасу. І што, выбіраючы гэта, вы закрываеце сабе дзверы ў вялікую літаратуру.

Потым, праз гады, яны прыходзілі са сваімі творамі. І гаварылі: я вярнуўся дадому.

***

Першая кніга Францішка выйшла на пераломе эпохаў, перад самым канцом імперыі. Яна выйшла невялікім накладам і была прададзеная за два дні. Хто яе раскупіў, так і засталося для яго загадкай.

Кніга называлася Над горадам.

Да яе быў дададзены эпіграф з Гёльдэрліна, які падбіраўся ледзьве не гэтак жа доўга, як паўставала кніга: знікомыя, але не дарэмныя.

Эпіграф тычыўся аблокаў, і не толькі аблокаў.

Хаця аблокаў было шмат у гэтай кнізе.

Адна з рэцэнзіяў так і называлася: пясняр аблокаў, і ў ёй крыху іранічна апісвалася ўзнёслая складанасць ранніх Францішкавых вершаў. Рэцэнзія была напісаная ягоным прыяцелем М., таксама паэтам, і таксама дастаткова складаным.

Некаторыя заўвагі і прэтэнзіі, якія М. тады адрасаваў Францішку, насамрэч тычыліся іх абодвух. Францішак так гэта і зразумеў, і яны міла прапілі два ганарары, за кнігу і за рэцэнзію, якіх якраз і хапіла на сяброўскую сустрэчу ў адной з кавярань.

Усе былі ў стане радаснай эйфарыі, здавалася, што ўсё магчыма, у тым ліку і ў літаратуры. Што яшчэ крыху, і ўсё зменіцца.

Ён тады толькі адкрыў для сябе Жылку і ўжо прадчуваў Міцкевіча. Але самае галоўнае, ён ужо тады натрапіў на свой тон у паэзіі. І я б нават сказаў — на сваю паэтычную метафізіку.

Ужо тады адчувалася, што фармальныя сродкі могуць быць розныя. І яны будуць мяняцца. Але ў той жа час застаецца штосьці нязменнае, нерухомае.

Асноўная паэтычная эмоцыя.

Значна пазней, у адным са сваіх тэкстаў Францішак назваў гэту эмоцыю анталагічным непакоем.

Пачыналася ўсё са здзіўлення і радасці. Шчырай і поўнай. Але далей штосьці здаралася. Як быццам ягоны лірычны герой (так тады казалі) спыніўся сярод усеагульнай захопленасці, гэтага незразумелага карнавалу жыцця — штосьці ўбачыў, альбо проста падышоў да скраю... і ўжо не можа больш трываць гэтай няшчырасці. Ён штосьці гаворыць, але не пра агульнае, і не разам з усімі...

***

А потым увогуле ўсё змянілася. Няясна, ці толькі ўнутры яго, ці таксама і вонкі. Нейкі новы настрой, новыя прадчуванні. Можа быць, яго напалохала гэтая новая нармальнасць, якая тады толькі ўбіралася ў сваю моц.

Але больш ён не надрукаваў ніводнай кнігі.

Вельмі рэдка, можа быць, раз на год, ягоныя вершы з’яўляліся ў нейкім з часопісаў альбо альманахаў.

Можна было б сказаць, што ён змоўк, але гэта было б няпраўдай.

Потым, значна пазней, мне прыйшла ў голаў ідэя, што ён проста выбраў іншую форму прысутнасці.

Эпоха запрасіла яго на сцэну: ён падзякаваў і застаўся за шырмай.

Проста таму, што большасць маіх чытачоў яшчэ не нарадзіліся, сказаў ён мне аднойчы. Альбо паспелі памерці.

І таму адзінае, што можна рабіць у гэтай эпосе, тое, што варта рабіць, — гэта закладаць “тайнікі”, схроны.

І ён рабіў гэта спакойна і паслядоўна, без крыкаў, без надрыўнага адчаю.

Яго вершы былі раскіданыя па часопісах і альманахах, але тыя, з кім хацелася гаварыць, ведалі іх на памяць.

Ягоныя эмоцыі былі рэдкімі і складанымі.

Часам здавалася, што ён наўмысна дражніць і правакуе сваю эпоху, а таксама культуру, якую ён выбраў свядома і назаўсёды.

І якая не зусім разумела, што рабіць з усім тым, што паўставала ў ягонай галаве.

Культуру, у якой большасць паэтычных тэкстаў ідэальна патрапляе ў хрэстаматыю для дзетак-беларусаў — мілыя, цудоўныя, простыя словы, што гавораць пра простыя рэчы.

Праўда, тады, на пераломе, гэтых простых словаў было недастаткова.

Усе чакалі чагосьці нязвыклага, нейкіх важных праўдаў, якія раптам прамовяцца і зменяць усё дарэшты.

Менавіта тады вершы Францішка патрапілі ў поле ўвагі.

І ён стаў нават крыху вядомым — калі так можна сказаць пра паэта.

Але чаканне зацягнулася, і пра важныя праўды ўсе неяк забылі. Не тое, каб расчараваліся, не. Проста зразумелі, што жыць можна і без важных праўдаў. І што так нават і лепей.

***

А потым прыйшла іншая эпоха. Для якой быць паэтам значыла штосьці зусім іншае.

Нейкі мілы і сентыментальны дадатак да жыц

ця, штосьці накшталт капучына пасля абеду.

Альбо нядзельнага паходу ў цырк, дзе акрабаты пад купалам вырабляюць са словаў складаныя піруэты. І дзе трэба пляскаць у ладкі пасля асабліва складаных па, гледзячы на ўсё з бяспечнай аддаленасці глядзельнай залы.

Трэба сказаць, што ён не быў надта крытычны да гэтага новага часу. Паэзія — адзін з самых небяспечных заняткаў, — сказаў ён. Асабліва для тых, хто патрапіў усярэдзіну.

І таму тыя, хто прадчувае глыбіні, ведаюць, як няпроста быць лёгкімі. І цэняць гэта.

***

Адна з частак ягонай душы імкнулася, як сказаў бы Платон, да прыпамінання эйдасаў. Некаторыя лічылі, што, як для паэта, ён занадта сябраваў з ідэямі. Гэта, зрэшты, сталася яго прафесіяй: ён зарабляў на жыццё тым, што расказваў пра ідэі ў розных універсітэтах, і нават на розных мовах.

І ўсё ж ягонае імкненне зазірнуць за завесу нашага спектакля ніколі не сканчалася ведай альбо мудрасцю: звычайна ён заставаўся адзін, сярод парэпаных дэкарацый, у прадчуванні музыкі.

Дысертацыю ён так і не абараніў, хаця некалькі разоў быў блізкі да поспеху. Гэта каштавала яму ладнай часткі заробку, але штосьці ўтрымлівала яго ад гэтага кроку.

Паэты шмат што ведаюць, — сказаў ён мне аднойчы, — і пра шмат што маўчаць.

Іх веда іншая, чым докса, меркаванне большасці, гэта ясна.

Але таксама іншая, чым мудрасць тых, хто трымаецца за эпістэму. Тых, хто шукае, альбо стварае веду.

Паэты веду чакаюць.

І тое, што на паверхні выглядае як лайдацтва, як цыганшчына, безадказнасць, — насамрэч від медытацыі, шаманства.

***

Асобна трэба сказаць пра Ўсход.

Паводле непацверджаных чутак, Францішак скончыў два ці тры курсы ўсходазнаўства ў Пецярбурзе. Перш чым канчаткова асеў у Менску і завяршыў сваю вышэйшую адукацыю ў нашым слаўным універсітэце.

Мяне заўсёды цікавіла, чаму менавіта Ўсход стаўся для Францішка такім важным. Нашае знаёмства пачалося з кітайскай граматыкі і раз-пораз Францішак вяртаўся да кітайшчыны, хаця так ніколі і не стаў прафесійным сінолагам.

Чаму яго туды занесла, ён ніколі не мог растлумачыць. Аднойчы, праўда, ён сказаў, што ад самага дзяцінства хацеў выскачыць са свайго часу. Што яго проста ванітавала ад ягоных прыкметаў.

І што менавіта таму яму захацелася займацца самай рэдкай і непатрэбнай рэччу, якую толькі можна было прыдумаць. Чымсьці максімальна далёкім ад эпохі, з яе інжынерамі і касманаўтамі, партыйнымі сакратарамі і рабочым класам, ад імя якога гэтыя сакратары пісалі свае прамовы.

І што ён вывучаў Даведнік для тых, хто паступае ў ВНУ цэлы год, пакуль не знайшоў сабе рэдкую прафесію.

Ён сышоў пасля трэцяга курса, захлынуўшыся бессэнсоўнасцю, сырасцю, ленінградскімі камарамі, зразумеўшы, зрэшты, пасля спецкурса па вайсковым перакладзе, куды іх рыхтуюць.

Потым — ваганні, выпадковыя бадзянні ў сталіцах. І нарэшце — Менск, куды ён прыехаў, каб пусціць карані.Па-сапраўднаму ён пачаў адкрываць для сябе Усход ужо тут, у Менску.

Сюды, да нас Францішак прынёс цэлы шлейф розных рэчаў, якія ў Менску былі невядомыя, альбо недаступныя.

Перадусім, розная нелегальшчына. Перадрукоўкі і пераклады, якія не мелі аніякіх шанцаў з’явіцца афіцыйна. Ксераксы старых кнігаў. Пераважна дарэвалюцыйных, але часам і сучасных, эмігранцкіх альбо проста заходніх.

А таксама розныя госці, якія прыязджалі да яго: збольшага з Пецярбургу, але часам з Алтаю, Башкірыі ці нават з Далёкага Ўсходу.

Дзякуючы Францішку я прачытаў тады Судзукі і Уотса, Гурджыева і Блавацкую. У самвыдаце. Яшчэ да таго, як ад іх твораў пачалі ламіцца паліцы з эзатэрычнай літаратурай.

Некаторыя рэчы былі відавочна небяспечныя: за ўспаміны Надзеі Мандэльштам, якія ён аднойчы прынёс у Хвілінку, можна было атрымаць тэрмін. За прапаганду і распаўсюджванне.

Іншыя былі мілыя і бяскрыўдныя: на адзін з маіх дзён нараджэння ён прынёс самаробную кнігу перакладаў Эмілі Дыкінсан. Пераклады былі дбайна сабраныя з часопісаў і анталогіяў, перадрукаваныя і пераплеценыя ў адзін невялічкі томік.

Я, у сваю чаргу, дзяліўся з ім тутэйшай мудрасцю.

***

А потым усё пачало ламацца.

Апошнія хвіліны перад канцом Імперыі: усё складаецца з намёкаў, што гэта ўсё ж такі здарыцца: цунамі, ураган, лавіна. Крыху недаверу, а потым: страх, радаснае здзіўленне, экстаз.

Я памятаю яго на барыкадах. Не скажу, каб ён быў занадта натхнёны альбо кінуўся туды з энтузіязмам. Але ён выбраў гэта так сур’ёзна, што было ясна — ён будзе стаяць да канца. Неістотна да якога.

Зрэшты, не толькі ён.

Я і сам, шчыра кажучы, забыў тады пра ўсё і гатовы быў ахвяраваць многім, можа быць, нават жыццём.

Для яго гэта быў, перадусім, бунт, выклік той фальшывай і прагнілай нармальнасці, якая панавала паўсюль. І якая рэальна замінала бачыць важныя рэчы, як казаў ён тады.

Ён паставіўся да гэтага паэтычна — як да пэўнай эмоцыі, праз якую трэба прайсці.

Зрэшты, не толькі ён. Што цікава, менавіта паэты тады першыя кінуліся на барыкады.

Я добра памятаю першы мітынг у Менску. У скверыку Янкі Купалы. На дзесяць-пятнаццаць нашых было ўтрая больш удзельнікаў у цывільным. Мітынг быў вельмі просты — паэты чыталі свае вершы. На нейкім невялічкім узвышэнні. Не памятаю ўжо, на якім і адкуль яно паўстала. Хіба гэта быў проста зэдлік, які прынёс адзін з арганізатараў.

Але нават гэтага невялічкага ўзвышэння было дастаткова, каб цябе заўважылі адусюль. Можа быць, гэта і ёсць адказ на загадку той эпохі: часы ўзвышэнняў.

Барыкады былі тады проста адной з формаў узвышанага, але зусім не адзінай.

Калі ж морак разышоўся, першая эйфарыя змагання прамінула, раптам стала ясна, што пакуль некаторыя былі на барыкадах, іншыя цягнулі ў свае норкі ўсё, што было можна. І цяпер яны выпаўзлі на паверхню і вырашылі, што надышоў іх час.

Гэта было самае складанае. Трэба было нанова вучыцца жыць. Усё было нібыта ў тумане. У гэтым тумане паволі пачыналі праяўляцца абрысы: новыя словы, новыя людзі.

Пачыналі з’яўляцца таксама і новыя месцы з таго, іншага свету: офісы, амбасады, фундацыі і прадстаўніцтвы. У гэтых месцах самымі дзіўнымі былі прыбіральні: чыстыя і духмяныя, яны нібыта прыйшлі з той далёкай, вабнай будучыні, якую раней называлі камунізмам і якая амаль ужо надышла.

Праўда, не для ўсіх.

Большасць заставалася на руінах, якія ў гэты час жылі сваім жыццём: хуткім і фантастычна цікавым, нават хваравітым.

Штодня тут нараджалася штосьці новае, і штодня памірала.

Нараджаліся крамы і кавярні, якія знікалі ўжо праз тыдзень.

Нараджаліся часопісы і газеты, часам не патрэбныя нікому, акрамя сваіх заснавальнікаў.

Банкі, з якіх з падазронай рэгулярнасцю ўцякалі касіры, звычайна ў невядомым кірунку.

Адзін час мы з Францішкам нават штосьці вы

кладалі ў мясцовай філіі ці то Оксфарду, ці то Кембрыджу, я так і не змог тады зразумець. Яе стварыў адзін з нашых прыяцеляў з Хвілінкі. Выкладалі, пакуль не прыйшлі бандзюкі (па іншай версіі — падаткавая інспекцыя), і наш прыяцель вымушаны быў паехаць на кансультацыі. На новым, набытым зусім нядаўна “мерседэсе”. І чамусьці ва ўсходнім кірунку.

А з Хвілінкай адбываліся сумныя рэчы.

Раптам знік Леа. Казалі, што ён не спадабаўся новым гаспадарам.

Сапраўды, ён зусім не быў падобны да бармена. І троечка ў яго была нейкая нетакая. І самае галоўнае, ён не меў таго характэрнага выразу твару, які, напэўна, выхоўваецца стагоддзямі, як і ангельскія газоны. Выразу адсутнай гатоўнасці, найбольш запатрабаванаму ў афіцыянтаў, швейцараў, ва ўсёй той чэлядзі, якую ў нас толькі пачыналі асцярожна вырошчваць.

А потым закрылася і сама піцэрыя.

А на яе месцы пачалі паўставаць розныя рэстарацыі, імёны якіх ніхто не мог потым прыгадаць.

Стала неяк асабліва сумна і самотна жыць.

Але Францішак па-ранейшаму прызначаў там нашыя сустрэчы. Заставалася толькі здагадвацца, што ён мае на ўвазе.

Дзе, у якім месцы знаходзіцца сёння Хвілінка, пытаўся я ў яго, але ён толькі сумна ўсміхаўся і нічога не адказваў.

Я думаю, менавіта пасля гэтай гісторыі ў Францішка пачалі паўставаць пэўныя пытанні, што да новай эпохі.

***

Францішак тады амаль перастаў пісаць.

Ён сказаў мне пра гэта з пачуццём лёгкай няёмкасці, быццам выбачаўся.

Ягоныя вершы добра пісаліся ў паўзмроку, напрыканцы эпохі, сказаў ён, калі сама прастора была структураваная — святлом і цемрай, болем і асалодай — і кожнае слова ў ёй знаходзіла свой сэнс, сваё месца і сваю місію.

Цяпер жа ўсё распалася. Шыва зноў разнёс свет на кавалкі, з якіх яшчэ толькі збіраецца штосьці паўставаць.

Тое, што раней знаходзілася ў жывым адзінстве, цяпер вымушана быць паасобку. Ясная, вызначаная паэтычная эмоцыя больш немагчымая.

У гэтым хаосе, дзе няма пакуль анічога сэнсоўнага, лепш увогуле не варушыцца. Не рабіць нічога. Бо гэта час галодных духаў, якія выходзяць на паляванне.

Мы мусім прайсці праз гэта, як праз спакусу, сказаў ён тады. І выйсці на той бок эпохі.

А што нас чакае на тым баку, пытаўся я, але ён не адказваў, альбо адказваў зусім не пра гэта.

Складвалася ўражанне, што ён чытаў па аблоках, але не разумеў тады таго, што побач, свайго ўласнага жыцця. Зрэшты, ён і не імкнуўся да гэтага.

Яму здавалася недаравальнай наіўнасцю, нават злачынствам, спыняцца і супадаць з занадта часовымі формамі, казаў ён, у той час як трэба ісці наперад і сведчыць.

Але куды наперад? І пра што сведчыць?

***

Я быў упэўнены тады, што ўжо бачу яго гісторыю — гісторыю паэта, які перажыў сваю эпоху.

І што я ўжо дастаткова ведаю Францішка, каб уявіць усё, што будзе адбывацца далей.

Як ён праходзіць праз новы час, што прыходзіць на змену ягонаму. Нябачны і непатрэбны. Цень ценю.

Як усё больш і больш патрапляе ўнутр, туды, дзе ціхая музыка.

Як ён запісвае ў сваім дзённіку верш пра эпохі, крохкія і трапяткія, нібы матылькі. Якія прамінаюць, пакідаючы пасля сябе адчуванне чагосьці важнага і адначасова эфемернага.

Пра рэха, якое заціхае. І пра тое, што трэба вучыцца гаварыць у цішыні. Без водгукаў, без спадзявання. Нават без слухачоў.

А час ідзе.

Ён дажывае жыццё ў сваёй хатцы ў Крыжоўцы. Штосьці піша. Доўгімі вечарамі гуляецца з коткай, да якой мае вялікую прывязанасць.

Ведае на памяць усе сцежкі, усе крокі да станцыі, усе дрэвы ў бліжэйшых пералесках.

Перачытвае кнігі. З асаблівай цеплынёй гартае старыя самвыдатаўскія перадрукоўкі. Парадкуе архіў, крыху перакладае, але неяк лянотна, без мэты і без жадання.

Глядзіць, як у жыццё прыходзяць усё новыя і новыя хвалі, якія шукаюць сабе месца. Напачатку яшчэ верыць, што жыццё вернецца, што плынь падхопіць яго і вынясе, і ён зноў будзе разам з усімі.

І сапраўды, да яго звяртаюцца, раз-пораз прыгадваюць, запрашаюць на сустрэчы. А потым усё заціхае.

І магчыма (я пра гэта таксама думаў, але неяк прытоена, хаваючы думку ад самога сябе), у адзін з найбольш сумных (альбо наадварот, найбольш прыгожых) восеньскіх вечароў Францішак сканчае жыццё самагубствам.

Як сэлінджараўскі Сімур у адным з апавяданняў.

Тут я адразу мушу патлумачыць, гэта не было б самагубства ад адчаю. Альбо ад расчараванасці. Наадварот!

Гэта было б шчаслівае самагубства. Свабодны і нязмушаны сыход на той бок. Туды, дзе духі продкаў. Дзе багі і героі.

Добра было б, каб перад гэтым ён таксама сустрэў кагосьці, каму можна было б перадаць тон.

Памятаеце гэтую дзяўчынку з “Цудоўнага дня для бананавай рыбкі” — якую Сімур выпадкова сустракае ў гатэлі і якой, уласна, і расказвае саму гісторыю пра рыбак?

Што адбываецца тады? Містычнае судакрананне? Перадача тону? Дар?

***

Але ўсё пайшло зусім не так, як я меркаваў.

Гэта стала ясна не адразу.

Напачатку ўсё супадала, і я, шчыра кажучы, з жахам пачынаў чакаць канца гэтай гісторыі.

Ён сапраўды пачаў выпадаць з агульнага рытму, не патрапляць у такт эпохі. Зрэшты, не толькі ён. Тады шмат было такіх, як ён, заблытаных. Шмат хто пачаў выпадаць з агульнай плыні.

Ён быў звыкла самотны, сваёй асаблівай, паэтычнай самотай.

Але ў пэўны момант для большасці ён стаў яшчэ і няўтульным.

Пачыналася ўсё з дробязяў, з эмоцыяў і думак, якія не супадалі з агульнапрынятым меркаваннем.

Былі бамбардаванні, бамбілі амерыканцы, але каго, я ўжо не памятаю. Ды гэта і неістотна. Потым яны ўвесь час кагосьці бамбілі.

Усе замоўклі ў няёмкасці.

Тады ні ў кога, якрамя пары-тройкі журналістаў, не паднялася рука хваліць забойствы. Ды й журналісты хвалілі неяк ускосна, а потым апраўдваліся на калідорах. Але і крытыкаваць ніхто не адважыўся.

Дакладней, крытыкаваць было можна і нават трэба, але дачакаўшыся, калі адтуль будзе дадзены знак.

І тут Францішак, які ўвесь гэты час трымаўся ў ценю, нарэшце дазволіў сябе выйсці навонкі. На авансцэну.

Ён друкуе артыкул пад назвай Канец прыўкраснай эпохі.

Артыкул стаўся скандальным: пра яго гаварылі, яго цытавалі, друкавалі адказы і каментары. І, як заўсёды бывае ў такіх выпадках, пад канец дыскусіі мала хто памятаў, з чаго ўсё пачалося.

А гаварылася там, што амерыканцы, як заўсёды, памыліліся і разбамбілі штосьці зусім іншае.

Разбамбілі ілюзію, якая паўстала на момант на руінах камунізму. Утопію адзінага свету, адкрытага і прыязнага да ўсіх. У якім больш няма падзелу на першы, другі і трэці. На вызваленых і тых, хто вызваляе. На тых, хто памірае ў пяць год, ад голаду, у забытай афрыканскай вёсцы, і тых, хто дажывае сваё жыццё сытым і дагледжаным.

Гэтай ілюзіі больш не існуе, як няма больш і нязмушанай радасці. Карнавал скончыўся, маскі адкладзеныя ўбок. І цяпер зноў трэба рыхтавацца да вайны. Ціхай, неабвешчанай, татальнай. Вайны ўсіх супроць усіх, дзе кожны сам па сабе, і дзе кожны ўжо загадзя прайграў — ад самага пачатку.

Мы тады амаль пасварыліся.

Задача не ў тым, каб казаць ім няўтульныя праўды, гаварыў я яму. А ў тым, каб патлумачыць тое, што яны ўжо зразумелі, але ў чым баяцца сабе прызнацца.

І калі ўжо ты хочаш выходзіць навонкі, пакідаць сваё паэтычнае логава, будзь ласкавы зважаць на тое, якое стагоддзе на дварэ, і не патрабуй ад людзей немагчымага.

Але Францішак не спыняўся.

Наступны тэкст называўся Пра дзве душы. Артыкул быў іранічны і гратэскавы, і быў ён зусім не пра аповесць Гарэцкага.

Мы ніколі не станем сапраўднымі людзьмі Захаду, пісаў у ім Францішак, пакуль мы не выгадуем у сабе дзве душы. І не зразумеем некаторыя важныя рэчы.

Пакуль мы не навучымся так, як яны, сядзець у дарагіх рэстарацыях і абмяркоўваць лёсы бедных і заняпалых правінцый.

Альбо выдаткоўваць купу грошай на дапамогу жыхарам гэтых правінцый, і большасць пакідаць сабе, на ганарары і кансультацыі. І лічыць гэта справядлівым і нават натуральным.

Альбо важна выступаць на канферэнцыі пра талерантнасць і дыялог між культурамі, але пры гэтым забыцца выслухаць тых, з кім і ў абарону каго плануецца талеранцыя. А ў кулуарах яшчэ скардзіцца, якія яны грубыя і якія няўдзячныя.

Напрыканцы Францішак гаварыў пра месца, якое адведзенае нам у цудоўным новым свеце.

Месца глухой правінцыі каля мора.

Канечне, пасля рэвалюцыйнай узвышанасці перайсці да глухой правінцыі будзе няпроста, пісаў ён. Трэба навучыцца быць сціплымі. Супадаць са сваёй карцінкай у коміксе. Вывучыць правільныя адказы на незададзеныя пытанні.

І хаця па тоне Францішка было зразумела, што той не збіраецца ўсяму гэтаму вучыцца, і тым больш вучыць, некаторыя падумалі, што ён усё гэта сур’ёзна.

Але артыкул, які канчаткова знішчыў ягоную рэпутацыю, называўся “Як я разышоўся з трэцім беларускім адраджэннем”.

Ён быў вельмі кароткі, просты і нейкі безабаронны. Там была ўсяго адна думка.

Апошняе беларускае адраджэнне, напісаў ён, пачыналася як рыцарскі гэст, як абарона пакрыўджаных. Памерлых, закатаваных, забытых. А скончылася правым праектам, ідэалагічнай абслугай перыферыйнага капіталізму. Чаму так адбылося, няясна. Але тое, што ясна і пэўна — у кожнага цяпер свая сцежка і свая праўда.

Францішка тады моцна пахіліла налева.

Яго бачылі з анархістамі. Ягоная хатка ў Крыжоўцы стала нават на пэўны час іх штабам.

Яны пачалі выдаваць газету, скрайне левую, нават звар’яцела-левую, якая, да таго ж, нідзе не прадавалася.

І самае нечаканае — ён зноў пачаў пісаць і друкаваць вершы.

Але гэта была ўжо іншая эмоцыя, іншыя словы.

Рэзкія і непрытульныя, калючыя, яны кантраставалі не толькі з з ранейшай паэтыкай Францішка, але і з чымсьці больш глыбокім у ім.

***

Зрэшты, заўсёды штосьці пачынае ісці не так. Густаў перамяняецца ў Конрада. Сымон-музыка вымае самурайскі меч і пачынае звінець шаблямі па шаломах літоўскіх.

І нашая гісторыя радыкальна мяняецца. У ёй з’яўляецца Багдан і Эва Дамініка.

3.

Калі я думаю пра Багдана і Эву Дамініку, я заўсёды вяртаюся ў адзін шэры і непрыкметны восеньскі дзень напрыканцы васьмідзясятых.

Мы стаялі з Францішкам у Хвілінцы, на нашым улюбёным месцы, у далёкім куце каля вакна, і абмяркоўвалі апошнія навіны. Каб вы зразумелі ўсю незвычайнасць сітуацыі, я скажу, што мы ніколі не апускаліся ў нашых размовах да навінаў. І не толькі таму што, як пісаў Борхес, гісторый усяго чатыры, і іх сюжэты мы ведалі на памяць.

Нашыя сустрэчы ў Хвілінцы заўсёды былі ўцёкамі, выпадзеннем з рэальнасці. Мы спрабавалі гаварыць — і маўчаць — пра іншыя рэчы. І рэчы гэтыя адбываліся пераважна ўнутры нас. Не было аніякай патрэбы глядзець вонкі, пытацца ў мінакоў, якое там здарылася стагоддзе, і чаго яно ад нас патрабуе.

Але тады штосьці адчувалася ў паветры, штосьці сапраўды новае. І знакі гэтага новага пачыналі матэрыялізоўвацца, выходзіць навонкі, шукаць сабе месца.

Францішак расказваў не толькі пра прадчуванні. Гэта была ўжо амаль рэальнасць.

Расказваў, як яго аднойчы вылавілі на калідоры акадэмічнага інтэрната і завялі ў пакойчык, дзе прымусілі чытаць свае вершы. Пасля чаго ён стаўся, нечакана для сябе, паэтам з усталяванай літаратурнай рэпутацыяй эстэта і метафізіка і, у дадатак, сябрам самага вядомага і скандальнага літаратурнага таварыства.

Альбо як ён выпадкова патрапіў на заснаванне другога, не менш рэвалюцыйнага таварыства — перакладчыкаў. Чаму таварыства перакладчыкаў было тады рэвалюцыйным, і што за рэвалюцыі яно планавала — пра гэта асобная гаворка.

Тут трэба адзначыць, што ў познія савецкія часы на беларускую мову перакладалася вельмі мала замежных твораў, і перакладалася пераважна праз расейскую. У выдавецтвах, тэатрах, часопісах да гэтага ставіліся як да дадатковай падпрацоўкі, а не як да важнага і далікатнага працэса культурных перамаўленняў.

Пра тое, што атрымоўвалася ў выніку такіх перакладаў, можна было расказваць бясконца. У Францішка была свая ўлюбёная гісторыя, пра адзін з вершаў старой і славутай кітайскай паэткі, які ён ведаў у арыгінале.

У вершы аўтарка, самотная і крыху п’яная, выплывае на чоўне ў пустынную затоку. Хутчэй за ўсё перад гэтым, хаця пра яе наўпрост не гаворыцца, была сустрэча з сябрамі, мілая, вясёлая, цёплая. Далікатнасць і цеплыня чалавечага. А тут ранішняя прахалода і адпрэчанасць. Прырода, якая нічога не ведае пра чалавечыя пачуцці. Халодныя, пустыя нябёсы. І раптам у гэтай амаль сакральнай адсутнасці трывожна крычаць кірлі. Крык кірляў працінае верш наскрозь, злучае ў адно чалавечы кон і пустату нябёсаў. Прыносіць абуджэнне і прасвятленне.

У расейскай версіі, зробленай хутчэй за ўсё з падрадкоўніка, рэгулярны рыфмаваны верш зводзіць далёка ад арыгінала. Па-першае, паэтка выплывае ў затоку “з сябрам”. Што ўжо цалкам руйнуе асноўную эмоцыю верша. Па-другое, кірлі напрыканцы не крычаць, а проста ўзлятаюць. Але ў беларускім вершы (зробленым ужо нават не з падрадкоўніка, а з расейскага перакладу) яна не проста выплывае ў затоку з сябрам, але яшчэ і зусім цвярозая.

У выдавецтве потым апраўдваліся, што выхад зборніка патрапіў пад антыалкагольную кампанію. А п’яная паэтка на чоўне — гэта відавочна цягнула на прапаганду алкагалізму. П’яная з сябрам — крыху больш зразумела, ды ўсё роўна не выратавала б сітуацыю.

Але калі Францішак расказаў мне гэтую гісторыю ўпершыню, я страшна ўзрадаваўся і развесяліўся. І сказаў, што гэта чысты Борхэс. І што калі эпоха пройдзе, мы яшчэ адчуем усю яе вычварную прыгажосць. І неверагоднасць. Бо верш быў насамрэч перакладзены зусім не асобай, не чалавекам. А самой эпохай!

І вось гэтая эпоха відавочна рыхтавалася з намі развітацца. Калі ён прыйшоў на сустрэчу з перакладчыкамі, аказалася, што большасць — зусім маладыя людзі. Некаторыя нават студэнты. Усе яны не проста ведалі беларускую мову, яны гаварылі на ёй штодня. Падкрэслена і дэманстратыўна. Але не гэта было галоўнае. Калі пачалі лічыць мовы, з якіх яны збіраліся перакладаць, збіліся на трэцім дзясятку.

Няясна, адкуль яны ўсе павылазілі, з іранічным энтузіязмам казаў Францішак. Яшчэ пару год таму пра такое немагчыма было падумаць. Мы хадзілі па менскіх вулках, і ўсе твары зліваліся для нас у шэрую невыразную масу. А тут зусім іншая інтанацыя, цалкам новыя твары. Яны і належылі тутэйшай прасторы і ў той жа час вылучаліся, выпадалі з яе.

Мы былі сляпымі эгацэнтрыстамі, сказаў тады Францішак, мы нікога не бачылі, акрамя сябе.

Я разумею, казаў ён, што гэта было адной з умоваў выжывання. Што выжыць можна было, толькі калі ты заплюшчыш вочы і пойдзеш унутр сябе.

Але цяпер усё змяняецца.

Ён быў захоплены і ўсцешаны. І я яго разумею.

Большасць свайго жыцця мы мусілі пераадольваць знешнія абставіны. Блукаць на самоце. Альбо нават ісці насуперак часу. А тут час пачынаў прыглядацца да нас з сімпатыяй, спрыяць, нават дапамагаць.

Шчыра кажучы, і я тады быў блізкі да энтузіязму. Адчуванне ласкавага ветрыка, які дзьме ў спіну. Крыху прыўздымае ў паветра.

Гэта было неверагоднае, фантастычнае адчуванне.

Мы стаялі тады ў Хвілінцы і разумелі, што патрапляем ў зусім іншы тон.

Што ж я табе ўсё гэта расказваю, раптам сказаў Францішак, калі ты можаш пабачыць усё на свае вочы. Я запрасіў сюды двух сваіх новых знаёмых.

***

Багдан: профіль маладога Ніцшэ, тонкі і ў той жа час суворы, сармацкі.

Я адразу зразумеў, што гэта ён, як толькі ён увайшоў у залу.

Цьмяная, някідкая арыстакратычнасць. Як быццам бы ён крыху саромеўся гэтай сваёй здольнасці — вылучацца, быць не як усе. І таму паводзіў сябе падкрэслена проста і шчыра, без спецэфектаў і рытарычных перабольшанняў. Без паказухі, як мы тады казалі.

Пасля я бачыў яго ў розныя часы і розных месцах. На мітынгах і на канферэнцыях, на прыёмах у замежных амбасадах і сяброўскіх спатканнях.

Але я ніколі не бачыў яго ў Хвілінцы — ні да, ні пасля гэтай сустрэчы.

Ён быў на самым пачатку сваёй вядомасці.

Гэта потым яго клуб аматараў беларускай гісторыі будзе збіраць сотні дыскутантаў і гледачоў. Зрэшты, не толькі шчырых адданых прыхільнікаў, але і назіральнікаў у цывільным, аматараў модных відовішчаў дый проста блазнаў і гарадскіх вар’ятаў, якія нутром адчувалі незвычайнае.

І ён практычна не будзе сыходзіць са старонак газет.

Усе чакалі тады, што ягоны клуб закрыюць, але розгалас апынуўся такі вялікі, што прасцей было размяшчаць у газетах лісты абураных грамадзянаў, чым прымаць меры. Да таго ж, з кожным новым пражытым тыднем зрабіць гэта было ўсё больш складана.

Спрачаліся там пра самае рознае.

Пра сталінскія рэпрэсіі, пра забітых і тых, хто забіваў.

Пра старыя замкі і пра адказнасць перад мінулым.

Пра беларускую мову, якая была несправядліва выкінутая на сметнік гісторыі. І пра шмат якія іншыя рэчы.

Трэба сказаць, што забойцы ў тыя часы былі яшчэ жывыя. Замкі стаялі ў руінах, а ў тутэйшым грамадстве раптам пачала абуджацца памяць. І сорам, і няёмкасць.

Віравалі эмоцыі, людзі не проста спрачаліся, яны былі гатовыя разарваць адно аднаго.

Але калі ён выходзіў на сцэну, усё заціхала.

Ён стаяў на сцэне перад амаль прамінулай эпохай, як Давід перад Галіяфам.

Ён не проста не баяўся. Ён стаяў як чалавек, пэўны свайго выбару, гатовы павесці за сабой. Адчувалася, што ён не адзіны. Што дзясяткі, сотні, тысячы гатовыя пайсці разам з ім у невядомую будучыню.

Зрэшты, за ім былі не толькі жывыя, але і мёртвыя. Усе тыя, хто жылі і прамінулі, тыя, хто лічыў гэтую зямлю сваёй.

Там, на сцэне, ён быў непераможны.

***

Але я чамусьці ведаў і працяг гэтай гісторыі.

Хаця, канечне, тады яшчэ не ведаў. А хутчэй прадчуваў.

Як увесь гэты рух вымкне на шырокі прастор. На свабоду.

І як потым пачне марнець, скукожвацца, падзяляцца на часткі.

Як гэтыя часткі распачнуць вайну паміжсобку.

Як паралельна пачне паўставаць новая сістэма месцаў. Новая іерархія.

Як у пэўны момант прыходзяць менеджары, а потым блазны.

Я добра памятаю тыя далейшыя часы. Было такое ўражанне, што эпоха гулялася з намі ў шахматы, па сваіх правілах. Што людзі пэўных тыпаў, пэўных формаў душы патрэбныя ёй для вырашэння канкрэтнай задачы. Калі ж задача выкананая, фігуркі проста прыбіраліся з дошкі — да наступнага разу. І на паверхню замест іх выстаўляліся розныя іншыя. Далей гульня працягвалася, хаця ўжо без нашых герояў.

Трэба сказаць, што тады не здарылася анічога рэзкага, нечакана трагічнага. Проста Багдан не мяняўся разам з часам, ён заставаўся такім, як быў, такім як мы яго памяталі. Ён быў як цудоўны падарунак на свята, для якога раптам не знаходзіцца месца, — пасля таго, як усё мінае.

А потым адбылося штосьці ўвогуле нечаканае.

Усё выглядала так, як быццам раптоўна, у пэўны момант Багдан перастаў верыць.

Такое бывае ў святароў і футбольных трэнераў, але рэдка ў палітыкаў, якія звычайна з радасцю прымаюць на веру тое, што ў іх эпосе лічыцца вартым веры. І якія лёгка і нязмушана пачынаюць прымаць штосьці іншае, як толькі эпоха праходзіць.

Багдан спрабуе ўтрымацца на паверхні, знайсці сябе ў новых абставінах, ды неяк няўпэўнена.

Ён ніколі не пераставаў быць асобным. Але ягоная самадастаковасць цяпер яму не дапамагала, а наадварот, выводзіла яго па-за межы надта чалавечага. Ён не мог стварыць уражанне, што ён свой, такі ж, як усе.

Пэўны час ён проста блукае па паверхні: без веры, без надзеі, без свайго месца ў жыцці.

Паступова губляецца ў смузе прамінулага.

Пакінуўшы пасля сябе светлы ўспамін — пра часы маладосці.

Потым адзін журналіст, у сваіх мемуарах назаве ягонае знікненне з авансцэны самай загадкавай палітычнай падзеяй эпохі.

І я яго разумею.

***

Для мяне заўсёды было цікава, як у пэўнай культуры, альбо ў пэўнай традыцыі паўстае ўзвышанае.

Бо некаторыя рэчы могуць быць толькі дадзены, іх немагчыма набыць альбо асягнуць. Немагчыма проста прыдумаць, для сябе і астатніх.

Яны мусяць нараджацца ў крыві, і ўзрастаць павольна і няўхільна. Як форма — альбо як формула — чалавечага жыцця, якое ідзе на ўзвышэнне. Не ад таго, што так нехта вырашыў. А таму, што інакш — немагчыма.

З эпохай можа быць сугучча, і тады яна выспускае ўзвышаных на авансцэну — як гэта здарылася з рамантыкамі.

Альбо радыкальнае непаразуменне, разыходжанне. І тады паўстае адчуванне топкага дна, нізкага шэрага неба і мітуслівай пустаты ўсярэдзіне.

Але гэта таксама рэдкасць. У большасці выпадкаў паміж часам і ўзвышанымі трымаецца ўзброены нейтралітэт, эпохі прытрымліваюць гэткі тып чалавека для пэўных падзеяў, асаблівых сітуацый.

Якія могуць, зрэшты, ніколі не наступіць, так і застацца сярод ціхай улады магчымасцяў.

***

Багдан тады прыйшоў не адзін — з ім была Эва Дамініка.

Я не тое, каб яе пазнаў — хутчэй, здагадаўся.

Пра яе таксама ўжо хадзілі легенды.

Пра маладую выпускніцу кансерваторыі, якая адмовілася ад кар’еры опернай дзівы, каб весці нейкі фальклорны гурток у Доме культуры. Спяваць бабульчыны песенькі і вучыць гэтаму дзяцей і дарослых.

Яе аднакурснікі круцілі пальцамі каля скроняў, але з пэўнай павагай.

Распавядалі, што яна нашчадак старога шляхецкага роду, што яе прапрабабка грала Шапэна, а дзед сядзеў разам з паэтамі ў Клозэры дэ Ліла.

Таксама распавядалі, што яна вельмі прыгожая, але асаблівай, арыстакратычнай і крыху халоднай прыгажосцю, якую звычайна пабойваюцца і якую абыходзяць — на ўсялякі выпадак.

Трэба сказаць, у нашым правінцыйна-каланіяльным ландшафце тады назіраўся пік пагарды да бабулек з камароўкі. І спалучэнне такога радаводу, такой сямейнай легенды і такога выбару сапраўды ўражвала.

Яна затрымалася там, у піцэрыі, літаральна на колькі імгненняў. Напэўна, вывучала меню ці пабачыла кагосьці знаёмага.

Але атрымалася эфектна, нібыта ў спектаклі.

Мізансцэна тры. Апошняя рэпетыцыя. Рэжысёр пакуль не з’явіўся, але ўсе асноўныя персанажы ўжо на месцы. Выхад Багдана і Эвы Дамінікі. Яна дазваляе Багдану увайсці першым, заняць сваё месца. І цяпер сама далучаецца да мізансцэны. Завяршае яе.

Хаця далучаецца было, відавочна, не пра яе.

Далучацца, відавочна, трэба было тым, хто вакол.

***

Эва Дамініка тады ўжо пачала спяваць вершы паэтаў, і яе імя гучала як пароль для тых, хто цаніў тонкія рэчы.

Яна спявала пераважна пад фартэпіяна, часам пад гітару, але тое, што яна рабіла, не патрапляла пад звыклыя катэгорыі. Гэта не быў раманс, засушаны, правільны, і ўжо мала каму цікавы, акрамя аматараў жанру. Не была бардаўская песня, якая прыаздобіла апошнія дзесяцігоддзі савецкага народа ў імперыі. І зусім не рок, які так прыгожа афарбаваў часы яе распаду.

Я б назваў гэта шляхецкім фальклорам.

Была нейкая асаблівая пяшчота, і асаблівая інтымнасць у тым, як яна прамаўляла радкі верша, перад тым як распачаць спевы. Альбо раптоўна спынялася на сярэдзіне і пачынала расказваць пра аўтара, пра сябе, пра пачуцці, якія паўставалі ў яе падчас перакладання верша на музыку.

Гэта было штосьці, што ўкарэнена ў традыцыі прыватных музыкаванняў, што адбываліся ў шляхецкіх маёнтках у далёкія, даўнія часы.

Можна было ўявіць сабе вечар, стары, крыху заняпалы дом, з партрэтамі і старымі кнігамі. Сяброў і добрых знаёмых, якія сабраліся з навакольных сядзібаў. А некаторыя нават прыехалі здалёк, з горада. Усё проста і натуральна. Хтосьці перамаўляецца, хтосьці сумуе, некаторыя глядзяць у вакно. Музыка не ёсць чымсьці штучна завезеным, яна свая, тутэйшая, распушчаная ў ландшафце, сярод пагоркаў і пералескаў.

Як і стагоддзі гісторыі за спінай.

З гэтымі стагоддзямі было самае дзіўнае.

Пазней, калі я пазнаёміўся з Эвай Дамінікай і пачаў хадзіць на яе канцэрты, я прыгледзеўся (і прыслухаўся) больш уважліва да таго, што і як яна рабіла.

Яна сапраўды паходзіла са старога шляхецкага роду, які цудам ацалеў, дзякуючы выгнанню. І стагоддзі сапраўды прысутнічалі, калі яна грала і спявала.

Але не гэта было галоўным. Галоўнае ўсё ж было не ў традыцыі, а ў ёй самой.

Яна не проста выконвала музыку. Яна прыносіла яе з сабой. Яна і была музыкай.

***

Яны павіталіся з Францішкам проста і душэўна, як састарым знаёмым.

Ён стаў поруч з імі ў чарзе.

Я застаўся за стойкай. І не толькі дзеля таго, каб трымаць месца, але і каб больш уважліва агледзецца ў гэтай новай сітуацыі.

Яны стаялі ў чарзе і размаўлялі, ціха і невыпадкова, так, як быццам бы яны доўга чакалі гэтай сустрэчы і вось, нарэшце, спаткаліся. Гэта было крыху дзіўна, бо Францішак мне нічога не расказваў пра сваіх новых сяброў, а мы звычайна дзяліліся такімі гісторыямі. Тым больш, што і Багдан, і Эва Дамініка былі на той час ужо людзьмі вядомымі. У пэўных колах, зразумела.

Я зусім не здзівіўся, што яны ўвогуле знаёмыя: у гэтыя часы ўсе, хто хаця б крыху выламваўся з паверхні, ведалі адзін аднаго.

Мы хадзілі па Менску і віталіся — усе з усімі.

Але ўжо тады і Багдана, і Эву Дамініку пачыналі пазнаваць на вуліцах.

Францішак жа паспеў надрукаваць толькі невялікую падборку перакладаў са старых кітайскіх паэтаў. Падборка, зрэшты, была таксама рэвалюцыйнай, яна рвала з доўгай традыцыяй перакладаць старых кітайцаў рыфмаванымі трындзюшкамі, і ішла назад, у бок Паўндавага Катая, але пра гэта здагадваліся толькі пара-тройка ягоных сяброў.

Ягоныя ж уласныя вершы былі, што называецца, для вузкага кола. У якое, шчыра кажучы, я пакуль залічваў толькі самога сябе і некаторых нашых прасунутых знаёмых з Хвілінкі.

Мне цяжка было ўявіць, што яго новыя прыяцелі маглі штосьці разумець, і больш за тое, цаніць у ягоных вершах.

Можа быць, тут было і крыху рэўнасці: я прызвычаіўся быць ягоным першым чытачом, а цяпер вымушаны быў здалёк назіраць, як Францішак апякуецца сваімі новымі знаёмымі.

Яны стаялі і проста размаўлялі. Была сувязь, была і нейкая тайна, недагаворанасць.

Яны, відавочна, былі звязаныя чымсьці большым, чым проста выпадковым знаёмствам на адной з сустрэчаў. Было штосьці яшчэ. Штосьці мусіла адбыцца раней, нейкая падзея, якая іх наблізіла.

Так, менавіта наблізіла.

Бо першае, што кідалася на вочы, гэта тое, што яны стаялі занадта блізка. З аднаго боку, было ясна чаму: яны стаялі ў чарзе, яны толькі сустрэліся і вымушаныя былі гаварыць ціха, каб не звяртаць на сябе шмат увагі. Каб не замінаць астатнім.

Гэта тлумачыла пэўныя рэчы. Але не да канца.

Бо звычайна і проста знаёмыя, і нават сябры інтуітыўна адчуваюць міжсобку дыстанцыю блізкасці і далёкасці. І рэдка парушаюць яе.

А калі парушаюць, дык звычайна маюць на гэта правы.

А тут усё было па-іншаму. Трэба было толькі пераключыць увагу на гэсты, на мову цела, і ўгледзецца. І ўбачыць.

Убачыць пяшчоту, з якой Францішак схіляўся да Эвы Дамінікі, калі штосьці тлумачыў, недачутае ці незразуметае.

Як Багдан клаў рукі на плечы ім абаім, гэстам, які паказваў яго радасць, і давер, і нават шчасце ўтрох.

Альбо як Эва Дамініка ўсміхалася, цьмяна і крыху загадкава, калі яны пачыналі нешта нашэптваць ёй на вуха, з двух бакоў адначасова.

Гэсты гаварылі за іх больш, чым яны маглі сабе ўявіць.

Тут я зразумеў, што Францішак не толькі не расказаў мне пра сваіх новых сяброў. Ён не расказаў мне пра галоўнае.

***

Я адразу адчуў, што патрапіў у сапраўдны пачатак маёй гісторыі.

Праўда, не гісторыі кахання — гэта было б занадта проста.

Гісторыі пра трох асобаў. Людзей, якія ёсць часткай аднаго цэлага. Якія сустракаюцца выпадкова, на самым пачатку свайго жыццёвага падарожжа. І разумеюць, што звязаныя ў гэтым жыцці. Што ім прызначана ісці побач. Што яны важныя, істотныя адзін для аднаго.

Каханне, сімпатыя тут маглі прысутнічаць, але толькі як складовая частка рошчыны, фрагмент больш шырокага гештальту. Які праяўляецца пасля ўсяго, постфактум. Калі ўжо ўсё адбылося.

Далей іх разносіць у розныя бакі, і ўсё пачынае працаваць супраць іх: месца, час, абставіны.

Але застаецца сувязь. Больш за тое, яна ўзмацняецца.

***

Гісторыя мусіла пачацца вельмі проста.

Ім крыху за дваццаць. Яны сустракаюцца на калідоры ўніверсітэцкага інтэрната на Свярдлова, 34 у адзін з даўгіх жнівеньскіх дзён, перад самым канцом імперыі.

Яны трапляюць туды кожны паасобку, па сваіх ўласных маршрутах.

Эва Дамініка прыходзіць на дзень нараджэння брата аднакурсніцы. Той вучыўся на гістфаку і жыў у інтэрнаце. Там жа вырашылі рабіць сустрэчу. Яна амаль не вагалася: яе звыклае кола крыху надакучыла, а тое, што навонкі, наадварот, пачынала вабіць і інтрыгаваць. Да таго ж, хаця яна спрабавала сабе ў гэтым не прызнавацца, на гістфаку было многа хлопцаў, і зусім не такіх, як у кансерваторыі.

Багдан прыходзіць у інтэрнат інкогніта, з перадрукаванай на старой машынцы Пагоняй Багдановіча. У дваццаці экземплярах. Гэта для яго першая нелегальная акцыя: пасля закрыцця іх спеўна-фальклорнага гуртка яны прынялі рашэнне перайсці да сапраўднай дзейнасці. Заняцца агітацыяй і прапагандай. Пашыраць уплывы. Яны тады падумалі, што студэнты гісторыкі — самая ўдзячная аўдыторыя. Асабліва тыя, што паходзяць з вёсак і мястэчак. І што трэба прамацаць сітуацыю. Падрыхтаваць глебу.

І вось яны сутыкаюцца.

Багдан і Эва Дамініка. Выпадковае знаёмства на калідоры. Першыя словы. Адчуванне, што яны ўжо бачыліся недзе. Магчыма, на адной з сустрэчаў, а можа, у іншым жыцці. На гэтае адчуванне накладаецца ўзаемная сімпатыя, ад першага пагляду. Ці, больш дакладна, ад першага датыкнення: прыпальваючы цыгарэту, Багдан дакранаецца да яе рукі...

Францішак. Стомлены ад сваёй паэтычнай самоты. Даўно гатовы выйсці вонкі. Шчаслівы і крыху звар’яцелы. Блукае па калідорах, як п’яны Сакрат, у пошуках прыгодаў і вучняў.

Што ў гэты час ён рабіў у інтэрнаце, не мог зразумець ніхто. Складалася такое ўражанне, што ён проста матэрыялізаваўся ў пэўны момант на адным з інтэрнацкіх калідораў.

Ён бачыць дзве постаці ў куце, якія ўжо гатовыя развітацца.

І не могуць. Нягледзячы на тое, што цыгарэты дапаленыя, выпадковыя словы ўжо прамоўленыя, а на невыпадковыя яшчэ не хапае рашучасці.

Ён падыходзіць і ратуе сітуацыю: размова, якая была гатовая затухнуць, цяпер распальваецца з новай сілай. Яны ўжо ўтрох. І Францішак прапаноўвае працягнуць сымпазіён: ён мае два літры мадэры і ключы ад ленінскага пакоя.

Эва Дамініка пагадзілася адразу, не раздумваючы. Ёй хацелася збегчы з дня нараджэння ад першых хвілінаў, нягледзячы на сяброўку, і на тое, што з дзесяці гасцей шэсць былі хлопцы. Сёння яна, відавочна, была не гатовая быць як усе. Звычайна яе пачынала ванітаваць ад простых, чалавечых размоў са звычайнымі людзьмі недзе праз паўгадзіны, але тут яна не змагла іх нават распачаць. Прасядзела моўчкі ў куце, не сказаўшы ані слова. І цяпер ёй не трэба было нават развітвацца — яна выйшла папаліць з торбачкай і магла проста не вяртацца.

Багдан крыху супраціўляўся. У кішэнях заставалася пятнаццаць Пагоняў, якім трэба было знайсці месца. Да таго ж, ён сюды прыйшоў не дзеля таго, каб піць мадэру пад Леніным. Але Эва Дамініка пагадзілася, і Багдан зразумеў, што ў яго сёння няма выбару.

Яны заходзяць ў Ленінскі пакой паасобку, па ўсіх правілах канспірацыі, і застаюцца. І ўжо не заўважаюць часу.

Доўгая начная размова. Такое бывае сярод амаль незнаёмых: калі правільна выбраны тон, можна гаварыць пра незвычайныя рэчы. Якраз таму, што выпадковая размова — гэта амаль сон: вы неўзабаве развітаецеся і болей адзін аднаго не пабачыце.

Яны менавіта так і пачалі, з самага важнага, але крок за крокам усё пачало змяняцца. І ўжо праз гадзіну стала ясна, што яны не развітаюцца. Прынамсі, не ў гэтым жыцці.

***

Далей усё распадаецца на тры лініі. На тры ніткі. Але гэтыя ніткі ўжо не ідуць паасобку. Яны пераплятаюцца, твораць прыгожы і неверагодна складаны ўзор чалавечага жыцця. З эмоцый, думак, асабістых гісторый. У гэтым узоры ёсць праяўленае і схаванае, тое, што адбываецца, і тое, што магло б адбыцца.

Было б правільным сказаць, што гэтыя ніткі плятуць Мойры, грэцкія боствы, пра якіх, насамрэч, мы мала што ведаем. Нават іх паходжанне ў розных крыніцах падаецца па-рознаму. Калісьці даўно гаварылі, што яны дочкі багіні ночы Нікты, сёстры смерці і сна, помсты і трывогі. Але ўжо Гамер расказвае пра старэнькіх кабетаў, што сядзяць за кудзеляй з чалавечых лёсаў. А Платон — пра прыгожых дзяўчат у белых сукнях, дачок багіні Ананке — сусветнай неабходнасці.

Што мы ведаем дакладна — іх тры, і яны адказныя за нашыя жыцці. Ведаем таксама іх імёны.

Старэйшая з іх, Лахезіс, углядаецца ў мінулае, у карму. Яе задача — убачыць наканаванне. Яшчэ да таго, як чалавек нарадзіўся. І выткаць аснову жыцця, моцную, грубую. Асноўную лінію лёсу.

Другая Мойра — Клота, творыць сучаснае. Яна ажыўляе гэтую аснову, расквечвае яе шматлікімі падрабязнасцямі, адхіленнямі і затрымкамі.

І нарэшце апошняя — Атрапос. Самая дзёрзкая і самая прыгожая. Яе галоўная задача — абарваць нітку. Толькі яна ведае час нашага прыходу і час сыходу. І таму яна пільна ўглядаецца ў асобныя жыцці, каб не прапусціць гэты момант.

Але часам яна нудзіцца сваімі абавязкамі, гарэзіць, абрывае ніткі не ў час, альбо сплятае іх міжсобку.

І тады паўстаюць дзіўныя ўзоры лёсаў, у якіх асобныя чалавечыя жыцці не проста пераплятаюцца альбо набываюць новыя, нечаканыя адценні. А становяцца часткай іншага, нябачнага цэлага.

Убачыць гэтае цэлае няпроста. Але мажліва.

***

Першае перапляценне. Багдан — Эва Дамініка. Я б назваў гэты ўзор паводле асноўнай тэмы, альбо асноўнай эмоцыі, якая іх злучала: немагчымасць увасаблення.

Чаму ўвасаблення — ясна. Усе мы марым пра тое, каб стаць сабой. Пачынаючы ад дзіцячага садочка, у якім нас бясконца пытаюцца, кім ты хочаш быць, лекарам ці настаўніцай. Мы прымяраем на сябе розныя маскі. І хаця гэтае стаць сабой гучыць загадкава да канца жыцця, мы ўрэшце штосьці выбіраем, на штосьці пагаджаемся..

Але чаму немагчымасць?

Бо, каб стаць сабой, трэба сысці з вышыняў сваёй маладосці. Адмовіцца ад ідэалаў, ад тых мрояў і прадчуванняў, што перапаўняюць нас недзе ад шаснаццаці да дваццаці пяці...

Маладосць, увогуле, — часы ўзлёту, узвышэнняў. Калі ты не патрапіў на свае вышыні да дваццаці пяці, далей можна забыць пра гэта і ціха корпацца рэшту жыцця там, унізе.

Але нават калі ты патрапіў увышыню, праз пэўны час трэба сыходзіць. Прыняць рэальнасць так, як яна ёсць. Пагадзіцца на салодкае і балючае развітанне. З марамі і ідэаламі. Большасць так і робіць, недзе ад дваццаці пяці да трыццаці і далей угрызаецца ў жыццё, трымаецца за рэальнасць абедзвюма рукамі.

Большасць, але не ўсе. Некаторыя спрабуюць там застацца.

Дык вось, у дачыненнях са сваімі вышынямі Багдан і Эва Дамініка былі падобнымі. Яны патрапляюць туды вельмі рана. Можа быць, занадта рана. І занадта высока.

І ясна, праз пэўны час разумеюць, што там, на вышынях немагчыма ўтрымацца. І не толькі таму, што жыццё зносіць, здзьмувае цябе з занадта рэдкага і нязвыклага.

На вышынях увогуле не жывуць. Жыццё выбірае іншыя месцы, другія формы. Немагчымасць забыцца і прыняць гэтыя формы злучае іх лёсы.

***

Другое перапляценне: Эва Дамініка — Францішак. Яго тэма магла б гучаць так: animus i anima, разам і паасобку.

Разам, бо першае, што кідалася ў вочы — блізкасць, цеплыня, адсутнасць дыстанцыі. Яны відавочна былі парай. З адпаведнымі эмоцыямі і рытуаламі. Але крыніца гэтай блізкасці была зразумела не да канца.

З аднаго боку, маскі былі пазнавальныя.

Францішак: апякун і абаронца. Які ведае і вырашае. Які заўсёды тут, поруч. Які ў патрэбны момант разумее. Прыходзіць на дапамогу.

І ў той жа час складалася ўражанне, што ён апякуецца чымсьці большым, чым проста сяброўкай. Гэтае адчуванне было няўлоўным, але пэўным. Бо тыя, хто яго ведалі, разумелі, наколькі незвычайнай і выключнай была для яго гэтая роля.

Эва Дамініка: заўсёды на баку Францішка. Ці, больш дакладна, з ягонага боку. І зусім не таму, што Францішак ёй падабаўся. Альбо таму, што яна прыняла такое рашэнне рацыянальна.

Эва Дамініка была на ягоным баку, таму што гэта быў яе бок. І тыя, хто бачыў іх разам, не маглі паверыць, што яны ўсяго толькі сябры.

Калісьці я запытаўся яго пра гэта. У пэўны момант. І ён адказаў мне загадкавай фразай. Пра тое, што канечне не толькі. Што ўсё значна больш складана. І што Эва Дамініка насамрэч была формай ягонай душы.

Я, па шчырасці, забыў кантэкст, у якім гэта было тады прамоўлена, хаця не думаю, што ён надта б праясніў сітуацыю.

Вядома, я пытаўся пра іншае. Мне тады здавалася, што яны закаханыя. А можа быць, нават каханкі. І што самы час вывесці ўсё на паверхню, зрабіць ясным. Перш за ўсё для іх саміх, але таксама для нас, сяброў і знаёмых.

Францішак тады звыкла ўхіліўся ад адказу, і ўсё скончылася дыскусіяй пра ідэю душы ў Арыстоцеля.

Зрэшты, ён заўсёды быў такі. Няясны. Думаеш, што проста п’еш з ім каву, а насамрэч аказваецца, што бярэш удзел у шаманскім рытуале, невядомага культу. З фатальнымі наступствамі.

***

І вось, нарэшце, апошняе перапляценне. Багдан — Францішак. Самае цікавае і самае складанае. Не да канца зразумелае. Якое застаецца без назвы.

З аднаго боку яно простае і сівое, як свет, яго абрысы можна знайсці ў якім-заўгодна падручніку па міфалогіі.

Вада і агонь. Брахман і кшатрый. Пярун і Вялес. Яны былі з розных рэальнасцяў. Гэта адчувалася ў іх адразу, яшчэ да таго, як яны пачыналі спрачацца.

Таму было б лагічна падумаць, што тэмай іхняга перапляцення было змаганне. Сакральнае і не толькі. Што яны спаборнічалі міжсобку. За ўладу. За рэальнасць. За Эву Дамініку.

Але гэта было не так. Не зусім так.

Я зразумеў гэта не адразу, як напэўна і яны самі.

Напачатку я бачыў толькі знешнія формы.

Ім варта было проста патрапіць у адно месца, разам — і пачыналіся падзеі. Штосьці закіпала ў паветры, згушчалася.

Рэальнасць раптоўна падзялялася на часткі, сітуацыя ўзрывалася, знаходзіліся палюсы, скрайнія пазіцыі.

І ўсё ж усё было не так проста.

Можа быць, тады, на палёх Куру, яны і змагаліся. Але не цяпер. У нашым часе яны былі патрэбныя адзін аднаму.

Яны ўжо прайгралі свае войны, кожны паасобку і вельмі даўно, у іншых жыццях.

У гэтым жа яны былі на выгнанні.

І адзіны чалавек, які мог іх звязаць, адзіны масток, што між імі застаўся, — была Эва Дамініка.

Так, менавіта. Эва Дамініка іх падзяляла і ў той жа час звязвала, злучала.

І таму гэта не быў звыклы трохкутнік, у якім камусьці трэба было выбіраць адно з двух. Наадварот, задачай было трымацца разам, утрох. Нягледзячы на спрэчкі, на несумеснасць, на спакусу асобнасці.

Тады, у інтэрнаце, яны гэта амаль зразумелі.

***

Далей гісторыя працягваецца.

Яны адчуваюць, што ўсё гэта невыпадкова і ясна, дамаўляюцца сустрэцца — утрох — у самы бліжэйшы час.

Францішак запрашае іх у Хвілінку, каб працягнуць размову.

І тут наступае самае важнае, што трэба было перадаць у гэтай гісторыі. І што, трэба шчыра прызнацца, у мяне не атрымалася.

Далей гісторыя станавілася містычнай, а гэта ўжо амаль катастрофа для апавядальніка.

Далей мы маем эпіфанію — з’яўленне, прарыў боскага ў нашую рэальнасць. Гэта была трэцяя, малодшая Мойра — Антрапос.

Менавіта Атрапос перапляла іхнія лёсы.

І менавіта яна адказная за іх сустрэчу 24 жніўня 1984 года ў інтэрнаце на Свярдлова, 34.

Тады ж, у Хвілінцы, яна з’явілася перад імі ўжывую і на момант паказала ім цэлае іх жыццяў.

Усё адбылося ціха і амаль незаўважна, між іншым. Яны проста размаўляюць, стоячы ў чарзе па каву. І раптоўна, нечакана патрапляюць у самае сэрца кармы. Іх жыцці, на момант, становяцца для іх яснымі і празрыстымі, зразумелымі з нейкай зусім іншай, нечалавечай перспектывы. Як пэўны гештальт. Як перапляценне боскага і чалавечага.

Яны ўбачылі і зразумелі ўсё, але толькі тады, у пэўным месцы, у пэўны момант сваіх жыццяў. З’яднаных невыпадковай сустрэчай.

І далей усё жыццё яны спрабуюць туды вярнуцца.

***

Але гэта там, у рэальнасці. У маім жа рамане яны стаяць у Хвілінцы, і пакуль Леа гатуе каву, праходзіць дваццаць год іхняга жыцця.

Вось так. Я разумею, што такія рэчы патрабуюць тлумачэнняў.

Але я і сам сабе быў не ў стане тады штосьці растлумачыць. І, праўду кажучы, нават і не збіраўся. Я проста ведаў гэта — і ўсё.

Гэта зусім не значыць, што Леа гатаваў каву так павольна.

Альбо што яны ўсе гэтыя дваццаць год прастаялі ў кавярні, гледзячы праз вакно.

Яны жывуць, пражываюць свае жыцці. Праходзяць праз час, разам з іншымі.

Але праз дваццаць год, напрыканцы майго рамана, яны знаходзяць сябе ў Хвілінцы, у чаканні кавы і разумеюць, што насамрэч яны так і не выходзілі адсюль.

***

Усё неяк вельмі цьмяна. Я і сам да канца не разумею, што адбылося. Куды падзеліся гэтыя дваццаць год.

Ясна, што тады Хвілінка — гэта не толькі Хвілінка. І Леа — не зусім Леа.

Проста мусіць быць месца, ціха шаптаў я самому сабе, стоячы ў далёкім куце за стойкай, месца, у якое мы заўсёды можам вярнуцца.

Месца, дзе можна застацца, нягледзячы на час, на яго незваротнасць.

І мае героі патрапляюць менавіта туды. У такое месца.

Эпоха паспрабавала разыграць на іх свае пасьянсы, але штосьці не склалася, карта не лягла.

Яны так і не супалі з формамі жыцця, якія былі ім прапанаваныя. Выйшлі на прамежкавай станцыі, засталіся пры сабе, адмовіліся прымаць гэтыя формы як свае.

Яны зайшлі ўжо занадта далёка — у сваіх несупадзеннях.

І ў той момант, калі ўсё прамінула, і ўжо няма асаблівых спадзеваў, раптам аказваецца, што ўсё яшчэ можна вярнуцца.

У гэты лапік прасторы. Невялікі закуток, з трыма барнымі стойкамі.

Прытулак.

***

Праз пэўны час я не вытрымаў і расказаў пра сваю ідэю Францішку.

Той толькі ўсміхнуўся — радасна, нават крыху падзіцячы.

Усё гэта цудоўна, — сказаў ён тады. — Вось толькі сюжэт занадта складаны для нашага часу.

Да таго ж, яго спачатку трэба пражыць.

***

Ужо тады я разумеў, што абавязкова напішу пра гэта.

Які б ні быў складаны сюжэт, і якія б ні паўставалі перашкоды.

І я пачынаў пісаць — часам шалёна, нястрымана, адразу пра ўсё, іншым разам павольна і засяроджана. Напісанае заціхала ў нататніках, стыла ў фрагментах. Разляталася ў розныя бакі, станавілася пачаткам іншых гісторыяў. Але ў цэлае доўгі час не складалася: сэнс і значэнне цэлага было захінутае ад мяне.

Няясна было, пра што ўсё ж такі будзе мая гісторыя.

Пра кавярню і яе наведвальнікаў? Пра выпадковую сустрэчу, што адбылася ў менскім інтэрнаце ў адзін са жнівеньскіх дзён 1984 года?

Пра пошукі формы? Пра штосьці важнае, што адбываецца ў душы герояў, не дазваляючы спыніцца на неістотным, супасці з часам?

А можа, урэшце, пра само чалавечае жыццё, якое застаецца незразумелым, нават калі яно амаль пражыта?

Праўду кажучы, я і не спяшаўся яе дапісваць. Я знаходзіў розныя аргументы, каб адцягнуць, адкласці.

Распавесці яе да канца, казаў я сабе, — значыць, надаць сэнс іх жыццям, зрабіць выгляд на старонках, што ты калі не ведаеш, дык хаця б спадзяешся на такі сэнс. А хто з нас, часовых і недасканалых — можа прэтэндаваць на такое?

Зрэшты, казаў я сабе, мне дастаткова быць разам з імі, прысутнічаць побач. Месяцамі. Гадамі. І нават дзесяцігоддзямі.

Сапраўды — мая гісторыя існавала са мной, часам паралельна, часам перпендыкулярна маёй рэальнасці. Перапляталася з іншымі гісторыямі.

Персанажы жылі сваімі жыццямі амаль самастойна, але раз-пораз нагадвалі пра сябе, і я, раптоўна, пасярод іншых заняткаў, кідаўся занатоўваць штосьці важнае — пра Эву Дамініку ці пра Багдана.

Альбо — пішучы пэўныя рэчы, я раптам разумеў: гэтыя словы належаць не мне — іх насамрэч падумаў Францішак.

Я зжыўся з гэтымі мілымі ценямі. Мне было шкада іх адпускаць, ставіць кропку.

Зрэшты, у мяне яшчэ шмат часу, казаў я сабе, часу, каб агледзецца, адчуць, як мае героі пасталелі, апляліся рознымі падзеямі, прайшлі праз эпоху.

***

Час сканчаецца заўсёды раптам.

Яшчэ перад гэтым яго так многа, але вось яшчэ хвіліна і ты разумееш: часу больш няма.

Разумееш, што сапраўды позна.

Калі позна, калі ўжо няма часу, калі застаецца толькі хвілінка, тады ўсё і адбываецца.

4.

Гэта гісторыя можа быць расказаная па-іншаму: як разгорнуты каментар да аднаго з вершаў Лесмяна. Балады, што была напісаная напачатку мінулага стагоддзя. І якая называецца Дзяўчына.

Францішак сказаў мне аднойчы, што ў гэтым вершы ёсць усё, што здарылася з яго пакаленнем.

Я не адразу зразумеў, якія здарэнні ён меў на ўвазе.

У баладзе расказваецца загадкавая гісторыя. Пра дванаццаць братоў і дзяўчыну. Ці, больш дакладна, пра дзявочы голас, які ім пачуўся аднойчы за невыпадкова сустрэтым мурам.

Баладу гэтую геніяльна пераклаў М., ягоны сябра. Праўда, некаторыя знаўцы Лесмяна лічаць, што ён крыху спрасціў другі план. І, наадварот, яшчэ больш узмацніў асноўную эмоцыю. Адаптаваў тэкст, зрабіў яго больш выразным. І ў гэтым сэнсе крыху менш трывожным.

Але для нас гэта не так важна.

Вось ягоны пераклад.

Баляслаў Лесмян «Дзяўчына»

Дванаццаць мраяроў-братоў мур напаткалі за туманам Няўцешны голас плакаў там, дзяўчыны голас занядбаны

І пакахалі голас той яны і мару пра Дзяўчыну, І вуснаў уяўлялі кшталт па тым, як спеў ад жалю гінуў... Сказалі: “Плача — значыць ёсць!” І больш ужо не гаварылі. Перажагналі цэлы свет — і свет задумаўся ў той хвілі... У мур ударыў молат — і ўраз задрыжэў цагляны волат! Не ведала сляпая ноч, хто чалавек з іх, а хто молат? “Хутчэй мы скрышым цэглу, чым Дзяўчыну змые смерці хваля!” Так адзінаццаці братам казаў дванаццаты ў запале.

Пакуль перад намі звычайная гісторыя. Простая, амаль сентыментальная. Братам чуецца дзіўны голас за мурам, спеў дзяўчыны, што гіне ад жалю.

Браты вырашаюць зруйнаваць мур і вызваліць дзяўчыну.

Ясная эмоцыя. Зразумелая мэта.

Праўда, у арыгінале, у самога Лесмяна пачатак крыху насцярожвае: Дванаццаць братоў, што верылі ў сны, агледзелі мур з мройнага боку.

Чаму ён падкрэслівае, што браты менавіта верылі ў сны? І дзе, у якім месцы знаходзіцца ягоны мройны бок?

А яшчэ гэтае “ад жалю гінуў”.

Ад жалю да каго? Да сябе і свайго лёсу? Ад жалю да тых, хто застаецца за мурам? Ці да тых, хто пачуў гэты голас і паверыў яму?

Але пойдзем далей.

Ды марнай праца іх была і гарт цягліцаў быў дарэмны. Спавіў іх целы сон, які за мурам панаваў нядрэмна! Трухлеюць косці, тлее ўсё, бляднее твар, пусцеюць вочы... І ўсе памёрлі ў адзін дзень, узятыя адною Ноччу!

Вось перад намі першая нечаканасць. Браты паміраюць, так і не зруйнаваўшы мура. Паміраюць неяк вельмі хутка і не да канца зразумела. Ад сну, які “нядрэмна” панаваў за мурам. Гісторыя нібыта скончаная, і скончаная паразай. Але. Як можа сон прывесці да смерці? Можа быць гэта не зусім сон? І не зусім смерць?

Ды, стаўшы ценямі, яны трымалі молаты ў далонях! І толькі іншы час плыве — і іншым звонам молат звоніць. І звоніць ён і ўзвыш і ўздоўж! І разганяе вечны холад, Не ведала сляпая ноч, дзе цень няісны, а дзе молат. “Хутчэй мы скрышым цэглу, чым Дзяўчыну змые смерці хваля!” Так цень дванаццаты казаў астатнім ценям у запале.

Тут мы пачынаем разумець, што не ўсё так проста з гэтай гісторыяй. Браты паміраюць менавіта таму, што ім трэба стаць ценямі. І смерць гэтая — не да канца смерць.

І дзявочы голас таксама не такі ўжо й дзявочы. А далей пачынаецца магія. І метафізіка.

Ды не хапіла ценям сіл, а цемрам цень не замінае! І паўміралі яшчэ раз, бо ўсякі шмат разоў канае... Хто прагне назусім сканаць, той скон такі сабе не знойдзе! І знік іх след! І згінуў сэнс! Аповесць скончана — і годзе!

Смерць ценю? Што гэта магло б значыць?

Ды молаты — о, Божа мой! — не паддаліся таму жалю! І ў мур грымелі самахоць, і меддзю звонкаю гучалі! Ад поту мокрыя, свой звон, свой стук раскідвалі наўкола. Не ведала сляпая ноч, дзе молат, а дзе ўжо не молат? “Хутчэй мы скрышым цэглу, чым Дзяўчыну змые смерці хваля!” Так усім молатам-братам казаў дванаццаты ў запале.

Дзэнскія паэты ацанілі б такі паварот сюжэта. Каб напісаць праўдзівы верш пра дрэва альбо воблака, казалі яны, трэба самому стаць дрэвам і воблакам. Хаця б на момант. Выйсці за межы саміх сябе. За межы таго, што мы называем сваёй асобай, сваім тварам, сваім жыццём.

Калі мы абавязкова мусім патрапіць, мы павінны перастаць цэліць. Перастаць быць няшчасным лучнікам, якому вельмі хочацца быць першым. А самім стаць стралою.

Так, сапраўды, каб зруйнаваць мур, менавіта той, містычны мур, — трэба самім стаць молатамі. І голас, там, за мурам, ад самага пачатку гэта ведаў. І жаль у голасе быў менавіта па тых, двойчы памёрлых, якія павераць і адважацца.

І рынуў мур — і скалануў грымотным водгуллем даліны! А па-за мурам не было ніякай сплаканай Дзяўчыны! Нічога — толькі жаль, і плач, і страта, і цямрэча цішы! О бедны свет! Нядобры свет! Чаму не можаш быць ты іншы?

Тут мы падышлі да кульмінацыі.

Да пустаты, да расчаравання, пасля таго, як усё здарылася.

Голас аўтара ў перакладзе папракае свет за тое, што ён такі жорсткі і бязлітасны, нечалавечы. Гэта ўсім вядома, пражытыя, спраўджаныя ўтопіі меншыя за саміх сябе. У арыгінале Лесмян яшчэ больш радыкальны, яго пытанне гучыць “Чаму ж няма іншага свету?”

Здаецца, пытанне чыста рытарычнае. І яно зусім не патрабуе адказу.

Ці патрабуе? А можа, сапраўднай мэтай братоў была зусім і не дзяўчына? А якраз той самы іншы свет, які раптоўна паўстае напрыканцы верша?

З прычыны здрады зманных сноў і цудаў, што не сталі явай, Палеглі молаты на дол у знак завершанае справы. І быў жах цішы. І пустэль у небе! А ты ў той пустэлі Чаму дрыжыш, калі яна яшчэ не цміцца ў тваім целе?

Вось так. Ціша. Вусціш. Здрада сноў і цудаў.

Я доўга думаў пра гэтае месца напрыканцы іх прыгоды.

Месца, у якім яны моўчкі ляжаць у пустэлі: вычарпаныя, спраўджаныя, двойчы памерлыя.

Няясна, чаму іх справа ўсё ж такі завершаная.

Можа, штосьці яшчэ мусіць адбыцца далей — з братамі, з ценямі, з молатамі, нарэшце? Як прайсці праз гэтую вусціш? І куды мы патрапляем, там, на выхадзе?

Дзе мы можам застацца, тады, калі ўсё ўжо адбылося, спраўдзілася?

Было нейкае цьмянае прадчуванне, што там, дзе сканчае сваю баладу Лесмян, наша сапраўдная гісторыя толькі пачынаецца.

***

Гэта была б гісторыя пра пакаленне, што патрапіла ў расколіну між эпохамі.

Менск узору 1984 года: чысты і халодны, амаль дасканалы ў сваёй нерухомай зімовай прыгажосці.

Формы жыцця здаюцца такімі трывалымі і такімі стомленымі. Усё застыла, усё змерзла навокал. Вусны ледзьве варушацца, словы не слухаюцца. Каб распавесці пра самае простае, трэба амаль подзвіг.

Яшчэ штосьці застаецца: на гарышчах ляжаць старыя кнігі, напісаныя на дзіўных мовах. Бабулі ў вёсках усё яшчэ спяваюць, але ўсё цішэй і цішэй. Беларуская вёска, раскіданая па камароўках, расцярушаная па калгасных палетках, — ужо не ведае сябе саму.

Зрэшты, і сама Беларусь ляжыць, ціхая, маўклівая, прыгожая той асаблівай, перадсмяротнай прыгажосцю... Як мёртвая прынцэса.

І тады раптам адбываецца штосці неверагоднае і страшна кранальнае — паварот кола кармы.

Хлопцы і дзяўчаты, якія пачулі гэтыя дзіўныя галасы — з таго боку. З будучыні. З іншай эпохі.

Што гэта былі за галасы — няясна. І ці былі яны ўвогуле?

Чаму людзі пакідаюць звыклае і ідуць наперад у пошуках невядомага?

Як гэта адбываецца?

Проста камусьці трэба адважыцца, зрабіць першы крок.

І яны сталі першымі. Пачалі ламаць сцяну, як у вершы Лесмяна.

Ніхто не верыў тады, што гэта ўвогуле магчыма.

Але самае дзіўнае — сцяна паддалася, пачала дрыжаць, асыпацца.

А потым рухнула.

Ужо значна пазней яны зразумелі, што ўсё было больш складана.

Сцяну зламалі не толькі яны, а можа і зусім не яны. Проста ўсё склалася менавіта так, а не інакш, зрэшты і сцяна, як высветлілася, сама была гатовая зламацца, рассыпацца ў друз.

Яе пілавалі дзень і ноч, але ціхенька, спадзяючыся на праклятыя скарбы там, за мурам.

І сапраўды, за сцяной былі фантастычныя рэчы: рассыпаныя дыяменты і забароненыя недаступныя кнігі, але, перадусім, вялікі свет, які вабіў і спакушаў, клікаў у падарожжы.

Не адразу і не ўсе зразумелі, што не было аніякай дзяўчыны, што гэта быў толькі голас. Рэха іх уласных жаданняў.

Але шукалі яны не скарбы і не дыяменты, а штосьці іншае, тое, што ім аднойчы цьмяна пачулася ў прыцемках.

Пяшчотны і прыгожы голас. З будучыні.

***

Але тут распачаўся звыклы чалавечы спектакль, у якім ролі былі распісаныя і раздадзеныя згодна з п’есай, а п’еса была банальная і нецікавая, хоць ты плач.

Адным хацелася грошай і ўлады — і яны гэта атрымалі.

Іншым — славы, вядомасці, і яны гэта атрымалі таксама.

Большасць жа насамрэч нічога не хацела. Яны проста былі побач: цікавалі, высочвалі, назіралі. І чакалі, пакуль усё аціхне, і ў цане зноў стануць сціплыя будаўнікі простага чалавечага шчасця.

І сапраўды, — раптам усё зноў стала нармальна. Усё ўсталявалася.

Толькі нармальнасць гэта была новая, іншая.

Потым, калі іх пачыналі мераць новай нармальнасцю, яны нават не злаваліся. Яны проста не разумелі, пра што ідзе гаворка.

Ім зноў прапанавалі заснуць — а яны не былі гатовыя.

Яны былі як костка ў горле — цудоўнага новага свету, які радасна абсталёўваўся на руінах старога.

Яны заплацілі за свой выбар.

Яны адарваліся ад мінулай эпохі, выйшлі з старых формаў.

І самае істотнае: яны ўжо паспелі двойчы памерці і стаць молатамі.

Пэўны час яны проста стаялі ў вусцішнай цішы.

У трывожнай пустаце свету.

А потым падняліся і пайшлі. Ішлі ўсё далей і далей.

Няясна куды. Яны не хацелі спыняцца. Альбо ўжо проста не маглі. Бо спыніцца — гэта забыцца на тое, што адкрылася, амаль выпадкова, тым, хто блукаў у бясчассі, паміж эпохамі.

Яны пачалі званіць у іншую сцяну, нябачную для большасці.

***

Калі б я быў паэтам, я б напісаў працяг балады Лесмяна.

З таго месца, дзе яны ляжаць у вусцішнай цішыні. Больш няма аніякіх мэтаў. Аніякага мура. Толькі халодныя молаты — у халодным бясчассі.

Здрада сноў і цудаў.

І ўсё ж некаторыя з іх адрываюцца ад пастаментаў. Яны — яшчэ молаты — падымаюцца і ідуць назад.

Усё яшчэ спадзяюцца пачуць галасы адтуль. З іншага свету.

Цёмнае бездарожжа. Аніякага маршруту, аніякіх сцежак. Яны проста вяртаюцца да сябе.

Каб вярнуцца, трэба адарвацца ад формы, якую надала нам эпоха. Перастаць быць молатам. А гэта заўсёды больш складана, чым пачуць далёкі голас

і памкнуцца ў невядомае. Першыя крокі. Вось яны ўжо не молаты, а цені. Нябачныя, нікому не цікавыя, беспрытульныя. Іх ужо не дванаццаць — лічба дасканалай поў

ніцы — а значна менш. І ідуць яны зусім не разам, а кожны ў свой бок.

***

Далейшае ў маёй гісторыі было б высока-трагічным.

Хтосьці не вытрымлівае, паварочвае назад, да пастаменту. Імкнецца заснуць, забыцца. Сярод кветак і сноў.

Некаторыя патрапляюць у Хвілінку, альбо у іншыя месцы, дзе можна застацца. Астатніх зжырае Калі: жахлівая і вечна галодная багіня Нашага Часу.

Паветраны шар

1.

Праз пару кіламетраў мусіў быць паварот направа, на грунтоўку.

Багдан вырашыў не рызыкаваць і ехаць праз пушчу, па лясных дарогах. Гэта зойме значна больш часу, затое можна расслабіцца, не звяртаць увагі на патрулі і падазроныя машыны, не адсочваць хвасты, якія маглі цягнуцца ад самага Менску.

На трасе паўсюль стаялі патрулі: праз месяц павінны былі быць выбары, і ДАІ ўзмацніла пільнасць. Цяпер яны спынялі не толькі тых, хто штосьці парушаў, альбо быў у спісах, але і іншых, тых, хто быў непадобны на астатніх, на ўсялякі выпадак.

І ўсё ж пушча была не проста манеўрам. Ён выехаў за чатыры дні да сустрэчы: яго чакалі толькі на наступным тыдні і ён планаваў у гэтыя дні спыніцца дзе-небудзь на беразе ляснога возера альбо каля ракі. Адключыць мабільнік, забыць пра ўсе абавязкі і нарэшце дазволіць сабе невялікі адпачынак.

Ён быў цалкам падрыхтаваны да такой выправы: у багажніку ляжаў намёт, спальнік, дыванок і невялічкая надзіманая падушка. А таксама сала, тушаніна, цыбуля, крыху морквы, пяць кіло бульбы і боханы запакаванага хлеба, якія ён набыў ужо на выездзе.

Была яшчэ і вуда з бахіламі, хаця ён і не быў аматарам рыбнай лоўлі. Апошні раз ён лавіў рыбу год дзесяць таму і, па шчырасці, ужо не памятаў, што трэба чапляць і навошта. Проста вуда дадавала скончанасць і пазнавальнасць гештальту: з ёй ён адразу патрапляў у пэўную катэгорыю людзей, і ДАІшнікі, калі б яны яго выпадкова спынілі, не мусілі далей корпацца ў багажніку, лезці туды, дзе за фальшывай сценкай ляжалі агітацыйныя матэрыялы і грошы на выбарчую кампанію, грошы, якія ён мусіў развесці па шасці мястэчках на паўночным захадзе, каля самай літоўскай мяжы.

Вуда была часткай абсталюнку вандроўніка, ён збіраў яго больш за пятнаццаць год. Туды ўваходзілі таксама сякерка, нож, рондалі з трыногай і шмат якія іншыя рэчы, пра якія звычайна прыгадваеш ужо на месцы, калі позна.

Асабліва ён ганарыўся намётам: устойлівы, цёплы, добра прадуманы. Канечне, можна было спаць і ў машыне, выцягнуўшы сядушкі, — у ягоным старэнькім мінівэне месца хапала. Але намёт даваў адчуванне малога дома, і гэта было важна.

***

Адзіная рэч, што выбівалася з прадуманай турысцкай ідыліі, ляжала на самым бачным месцы, над бардачком.

Гэта была кніга.

На вокладцы можна было прачытаць назву: Падарожжа на Захад. І ўнізе, значна меншымі літарамі: класічны кітайскі раман XVI стагоддзя. Прозвішча аўтара не было, затое была карцінка: кампанія з чатырох сяброў, вельмі дзіўных, ішла па дарозе. Наперадзе — маленькі чалавечак з тварам малпы, які вёў будыскага мніха. За імі ішоў чалавек з тварам дзіка. Замыкала шэсце дзіўная істота, падобная адначасова на каня і дракона.

Можна было падумаць, што гэта кітайскія народныя казкі, калі б кніга не была такая тоўстая. Яна без сумневу мела больш за тысячу старонак. А можа, нават і паўтары.

Кніга ляжала ўпэўнена, яна відавочна прыжылася. І ўсё ж калі Багдана хтосьці запытаўся б наўпрост, што яна робіць у машыне, ён не адразу знайшоў бы, што адказаць.

Яе падарыў Францішак, на пачатку іх знаёмства. Перадаў праз Эву Дамініку. Сказаў, што гэта адна з самых важных і вясёлых гісторый, што прыдумалі кітайцы. І што чытаць яе зусім не абавязкова. Але, калі яму прыйдзе час адправіцца ў сваё падарожжа, кніга мусіць быць побач. Як талісман, ці нават як дарожная мапа.

Багдан тады пакрывіўся, і, ясна, вырашыў прачытаць усю кнігу. Прынцыпова. Але гэта апынулася не так проста.

Галоўны герой кнігі, Сунь У-кун, князь малпаў, выпраўляўся ў падарожжа на Захад, каб знайсці і прывесці будысцкія сутры сапраўднай мудрасці. Уласна кажучы, выправіўся па сутры мніх Сюань Цзан, а Сунь У-кун вырашыў быць ягоным спадарожнікам.

Кніга была хронікай гэтай вандроўкі. Напоўненай прыгодамі, духамі і пярэваратнямі, страшнымі пячорамі, магіяй, сябрамі і ворагамі.

Ён пачаў чытаць з энтузіязмам, але хутка выдыхся. Паспрабаваў другі і трэці раз. І быў здольны дацягнуць максімум да пяцісотай старонкі. А калі збіраўся працягваць чытанне, разумеў, што ўсё забыў і трэба пачынаць ад пачатку.

***

Аднойчы, у спадзяванні дайсці да канца, ён павёз кнігу з сабой на адпачынак, у Крым. Там ён не змог прачытаць ані радочка. Але пры вяртанні з ім здарылася вясёлая гісторыя.

Набліжаліся чарговыя выбары, ён, канечне ж, быў у адпаведных спісах. І на пераходзе памежнік адразу выклікаў па тэлефоне чалавека без формы, які ўзначаліў праверку. Пачалі з квіткоў, распыталі правадніцу, ці ён сапраўды сядаў у Феадосіі і ці не падсаджваўся хто да яго па дарозе. Пасля пачаўся агляд рэчаў. Здавалася, яны гатовыя былі перагледзець усё, да апошняга гузіка. Гэта было не дзіўна — на памежных пераходах шукалі кур’ераў з грашыма і патрабавалі надзвычайнай пільнасці.

Багдан тады зусім не хваляваўся. На ім быў шакаладны загар, побач у купе сядзела прыгожая спадарожніца, у гонар вяртання быў ужо адкаркаваны крымскі партвейн. Усё гэта настройвала на лагоднае і крыху паблажлівае стаўленне да людзей, што займаюцца сумнай і, па вялікім рахунку, нікому не патрэбнай працай у такую чароўную летнюю раніцу.

Але тут чалавек без формы знайшоў кнігу.

У першыя секунды ён, напэўна, падумаў, што перад ім муляж, у якім і схавана ўсё, што ім патрэбна. І рынуўся на яе, як каршук на здабычу. Бо такіх вялікіх кніг не бывае, прынамсі, іх не возяць з сабой на адпачынак.

Але гэта была толькі кніга.

Відавочна расчараваны, ён пачаў меланхалічна гартаць старонку за старонкай. Як быццам штосьці спадзяваўся знайсці між імі. Уважліва вывучыў вокладку і выходныя дадзеныя. Урэшце запытаўся, пра што яна.

Адказ Багдана — пра пошукі заходняй мудрасці — яго ўзбадзёрыў, прымусіў узяцца за выбарачнае чытанне.

Скончыўся час, адведзены на праверку, потым час, адведзены на затрымку, а капітан (Багдан пра сябе пачаў называць яго капітанам) аніяк не мог адарвацца. Відавочна, кніга яго інтрыгавала і прыцягвала сама па сабе.

Было такое ўражанне, што ён забыў на сваё важнае заданне і цяпер блукаў разам з героямі па лабірынтах кармы, у пошуках адказаў на так і не зададзеныя пытанні.

Урэшце цягнік скрануўся і асцярожна рушыў. Капітан застаўся ў купэ ажно да Гомеля. Ён апынуўся аматарам дэтэктываў і дасціпна разважаў пра заняпад жанру: плыткія матывацыі персанажаў, шаблоннасць характараў і неразуменне спецыфікі следчай работы.

Цягнік паплыў далей, на поўнач, неўзабаве сышла і цудоўная спадарожніца (Багдан пазнаёміўся з ёй ужо ў цягніку, яна вярталася ў Красны бераг ад сваёй Палтаўскай цёткі і з радасцю пагадзілася згуляць ролю яго сяброўкі).

Прыгажосць гэтай гісторыі палягала яшчэ і на тым, што на вакзале ў Чарнігаве, дзе цягнік стаяў паўгадзіны, да Багдана падышоў нікому невядомы, зусім непрыкметны чалавечак. І скрутак з грашыма, які яны так упарта шукалі, ляжаў у правай кішэні яго джынсаў.

***

Ён пабачыў паварот здалёк і зрабіў кантрольны прыпынак: пастаяў хвілінаў дзесяць, корпаючыся ў рухавіку, цішком прыглядаючыся да наваколля. Усё было спакойна, аніякіх хвастоў, аніякіх сведкаў.

Праехаўшы паўгадзіны па грунтоўцы, ён пабачыў наступны паварот, на лясную дарогу. Дарога была вельмі старая і зарослая, як быццам ёй не карысталіся год трыццаць, а можа нават пяцьдзясят. На мапе яе не існавала: на шмат кіламетраў наперад была толькі пушча. Багдан пашкадаваў, што не знайшоў кіламетроўку: там мусяць быць пазначаныя сцежкі і нават узгоркі. Незнаёмыя дарогі ў лесе — амаль заўсёды праблема: добра, калі яны проста вялі да якой леснічоўкі, ці на іншы прасёлак. Звычайна ж яны пачыналі гуляцца: падвойваліся і патройваліся, ішлі ў розныя бакі, і ўрэшце можна было гадзінамі кружляць на невялікім лапіку, думаючы, што ты едзеш наперад.

Але тут было штосьці іншае, ён практычна не вагаўся: рашуча налева і праз хвіліну ягоны мінівэн паплыў праз хваёвы акіян на другой хуткасці.

Дарога віхляла, ішла разам з краявідам, абмінаючы пагоркі і невялічкія балотцы. Яна сапраўды была вельмі старая, і часам Багдан амаль навобмацак пазнаваў завароты, схаваныя сярод густой травы. Пару разоў прыходзілася вяртацца, але гэта было не страшна.

Гэтым разам ён быў упэўнены: і ў дарозе, і ў лесе, і нават у канчатковай мэце свайго падарожжа.

Усё складвалася так, як трэба, так, як у глыбіні душы яму хацелася.

Ён адключыў мабільнік і выцягнуў батарэйку.

Можна было ўрэшце расслабіцца. Забыцца.

Адамкнуць дзверы ў патаемныя пераходы памяці, паспрабаваць выйсці гэтымі пераходамі ў пэўныя месцы ў мінулым.

Крыніцы радасці, я хачу знайсці там крыніцы радасці, — сказаў ён раптоўна ўголас, як быццам бы спрабаваў нешта камусьці патлумачыць ці нават пераканаць. Кагосьці, хто не быў да канца згодны з маршрутам, альбо ўвогуле не разумеў, што адбываецца.

І гэта прагучала як заклён, а крыху нават і як апраўданне.

***

Што адбываецца, ён сам разумеў не да канца.

Пэўна, штосьці здарылася з часам.

Ён, відавочна, стаў больш хуткім. Дні і тыдні ўжо не цягнуліся доўга, ці хаця б заўважна, а згаралі ўмомант, як запалкі. Зрэшты, ён і сам паслабіў хватку, перастаў за іх трымацца, дазволіў ім сплываць ціха і незаўважна.

Раней тое, што пражывалася месяц, год таму, стаяла перад вачыма і не хацела сыходзіць, а цяпер тое, што было на мінулым тыдні, адразу правальвалася ў палонку адсутнасці, а калі ўсё ж выбіралася адтуль навонкі, выглядала шэрым, халодным і безнадзейна далёкім, нібы гэта тычылася не яго, а некага чужога, амаль незнаёмага.

Да ўсяго гэтага дадаліся іншыя трывожныя сімптомы.

Знікла адчуванне чагосьці новага, што мусіць адкрыцца за даляглядам. І што трэба было выглядаць і цікаваць, чакаць, нават прыспешваць.

Кудысьці прапала зацятасць, вечная гатоўнасць кідацца ў бой, у работу.

Ён усё менш звяртаў увагу на знешняе. Блытаў імёны, забываўся на сустрэчы. Мог увесь дзень прасядзець перад школьнымі фотаздымкамі альбо гартаць старыя, не раз перачытаныя кнігі.

У пэўны момант яму нават здалося, што ён страціў здольнасць гаварыць з людзьмі. Дакладней, гаварыў хтосьці іншы, за яго, а ён проста паўтараў чужыя словы, што складаліся недзе самі сабой. Паўтараў, як аўтамат, не напаўняючы іх сваім зместам.

Ён перастаў чакаць ад жыцця нават не падарункаў — проста нечага яснага і ўцямнага, за што можна было б зачапіцца. Што дазволіла б прачынацца зранку без стомы, без гэтага гаркавага прысмаку нерэальнасці ўсяго, які знікаў толькі пад вечар, і тое пасля келіху добрага віна альбо віскі.

Ён усё больш сыходзіў унутр сябе — і нічога не знаходзіў там, усярэдзіне, акрамя пустаты і горычы.

***

Крыху ратавалі ўспаміны.

Яны былі не проста магчымасцю заплюшчыць вочы, на хвіліну забыцца. Там быў прытулак.

Там, у мінулым, у яго былі свае ўлюбёныя месцы, светлыя, надзейныя. Якія ўжо былі пражытыя, здарыліся, і цяпер мусілі заставацца з ім да самага канца, а можа, нават і далей, пасля ўсяго.

Ён адкрыў для сябе гэтыя месцы зусім выпадкова, некалькі год таму.

Ён тады ехаў на сустрэчу ў далёкае мястэчка адзін. Ехаць трэба было доўга, і ён ужо крыху нудзіўся, за вакном аўтобуса цягнуўся лес, звычайная прыдарожная лесапасадка, перад ім сядзела бабулечка з клункамі, зусім як калісьці ў дзяцінстве, калі бацькі вывозілі яго на лета ў вёску альбо ў піянерскі лагер.

І раптам ён перанёсся ў мінулае, у зусім іншы лес, вялікі, страшны, поўны загадак.

Яму пяць ці шэсць год, яго завезлі на першую змену, і цяпер ён хадзіў па тэрыторыі, разам з усімі, вырваны з цёплага і знаёмага дому, упершыню без бацькоў. І неяк адразу пачаў чакаць, калі ўсё гэта скончыцца.

А потым бацька — зусім выпадкова — заехаў яго праведаць і вывеў на пару гадзінак прагуляцца за агароджу.

Аднекуль выплывалі падрабязнасці: прыгожы і гостры сцізорык, карабель з кары дрэва, маленькі ветразь, ручай, яны пускаюць гэты карабель на ваду, гэта быў адзін з першых момантаў шчасця, не проста прыемнасць, а менавіта шчасце, і яно раптоўна вярнулася, — ужо тут, у аўтобусе — і зноў агарнула яго, наплыло цёплай хваляй.

Ён быў шчаслівы ў той момант успаміну, нейкім асаблівым дзяцінным, дзіўным пачуццём, у якім было намяшана многа ўсяго: многа радасці ад простых і цёплых рэчаў вакол, крыху бяспекі і спакою, але самае галоўнае — даверу, там было многа даверу: да свету, да дрэваў, да бацькі, што ўсё ж такі прыехаў, да вострага сцізорыка, і да ветразя, які так прыгожа імкнуў яго ў будучыню.

Ён тады падумаў, што ў сваіх пошуках шчасця мы звычайна глядзім наперад і думаем, што яно прыйдзе адтуль, а яно проста ціха ляжыць у мінулым, у тым нябачным куфэрку, які заўсёды з намі, — і чакае, калі мы будзем да яго гатовыя.

***

Але адкуль усё гэта паўстала? І дзе захоўвалася? Яшчэ хвіліну таму ён не памятаў анічога, гэтага відавочна не існавала ў ягонай свядомасці, дарэшты запоўненай рознымі мэтамі і задачамі.

А памятаць было варта. Гэты хлопчык у лесе быў надзвычай важны, ад яго ішла пэўная сцежка ў будучыню, спляталася з іншымі і, у рэшце рэшт, яе, ягоную будучыню, стварала і вызначала.

Ён тады ўпершыню зразумеў сэнс чалавечай памяці, усю яе незвычайнасць. Убачыў, як час штохвілінна і штосекундна замятае, адпраўляе ў нябыт усё, што адбылося. І як мы стаім на гэтым краі, адважна ўглядаючыся наперад, чакаючы чагосьці важнага адтуль, з неіснавання, замест таго, каб захоўваць тое, што было і адбылося, і што цяпер мусіць быць з намі заўсёды.

Яшчэ ён падумаў, што тыя важныя падзеі, пра якія пішуць у кнігах і якія лічацца сапраўднай гісторыяй, чамусьці ніколі не дораць нам радасці.

Праўда, можна было ўявіць сабе іншую гісторыю, гісторыю ўсяго, для якой не існавала розніцы ў маштабе і для якой гэты хлопчык у лесе быў істотны, сам у сабе. Але пры гэтым звязаны з усім астатнім: з войнамі і рэвалюцыямі, паўставаннем і заняпадам народаў, нараджэннем зорак і кантынентаў.

Тады, у аўтобусе, ён выпадкова дастаў з куфэрка часу часцінку свайго жыцця, і далей гэты кавалачак шчасця не толькі не забываўся, а абрастаў падрабязнасцямі, грэў і цешыў.

Паступова да яго далучыліся іншыя ўспаміны.

Цяпер у яго была цэлая калекцыя, і ён не проста патрапляў у пэўнае месца, ён вандраваў па іх, пераходзіў ад аднаго да другога, застаючыся тут альбо там, у залежнасці ад настрою.

Урэшце ён зразумеў, чаму старыя людзі так цешацца прамінулым. І чаму ў старасці, напрыканцы жыцця, яны памятаюць значна больш, чым у момант пасля падзеяў.

Больш насычана. І неяк больш сэнсоўна.

Праўда, было крыху дзіўна, што тое, чаго больш няма, аказваецца не менш важным, чым тое, што было навонкі.

Але ўрэшце стала лягчэй і нават весялей жыць, не так страшна адпускаць імгненне, разумеючы, што нічога не знікае, ўсё патрапляе ў гэты нябачны куфэрак.

І ён вярнуўся і жыў далей, і, часам, пражываючы пэўныя рэчы, ён ужо наперад прадчуваў, які гэта будзе рэдкі і прыгожы ўспамін.

Магчыма, ён падумаў пра гэта таксама, аднойчы ўсё ягонае жыццё, завершанае і дасканалае, насычанае сэнсамі, паўстане перад ім як завершаны твор. І будзе не страшна ставіць апошнюю кропку.

***

Што здарылася?

Як і калі ўсё пачало ламацца?

Як і калі замест радасці паўстала гэтая шэрая стома?

І якім чынам ёй атрымалася пафарбаваць у шэрае не толькі тое, што ёсць, разлягаецца перад вачыма, але і тое, што было, што мусіла бяспечна і шчасліва ляжаць у мінулым?

І чаму цяпер ён едзе па лясной дарозе з адным жаданнем: сысці, знікнуць назаўсёды з гэтай рэальнасці?

Жаданне было новым: такога ён не памятаў, хаця патрапляў у розныя сітуацыі. Ён падаў і падымаўся, але ніколі не дазваляў сабе расклейвацца, ішоў наперад.

Так, у яго былі пэўныя пытанні — да свайго жыцця, да сяброў, зрэшты, да эпохі. Былі здрады і адхіленні, былі расчараванні.

І ўсё ж тут было іншае. Больш простае і ў той жа час больш трывожнае, незразумелае.

Было адчуванне, што пакуль ён разбіраўся з абставінамі, у жыцці здарылася дзюрка, прабоіна. І праз гэтую дзюрку ад яго паціху пачало сыходзіць нешта важнае. І цяпер, калі ён быў за два крокі да разумення, што насамрэч здарылася — з эпохай і з ім самім — яго самога амаль не засталося.

***

Таму два дні каля возера мусілі быць не проста турысцкай забавай. Яны павінны былі загойваць.

Ён іх прыдумаў, калі раптам зразумеў, што сілы сканчаюцца і ён можа сарвацца, не дацягнуць да канца выбарчай кампаніі.

Што цяпер самае важнае адляжацца, заціхнуць, як кацянятка, дазволіць цяпельцу жыцця, што ўсё яшчэ жыло, там, пад прысакам, зноў адрадзіцца.

І ён не памыліўся, ён адчуваў гэта з кожнай новай хвілінай, з кожным кіламетрам.

Ён заглыбіўся ў пушчу, лес вакол быў стары, але дыхаць станавілася лягчэй, і, самае галоўнае, у сэрцы пачыналі прачынацца радасныя прадчуванні.

Дарога зрабіла яшчэ адзін паварот, і ён выехаў на лясную палянку. Магчыма, яна і была мэтай ягонага падарожжа.

Налева ішла сцяжына. Досыць шырокая, яна нібы запрашала збочыць і працягнуць вандроўку. Але ўсё ж такі на машыне там не праехаць. Да таго ж было ўражанне, што сцяжына не вяла да нейкага месца, а наадварот, аднекуль вярталася. І, калі паехаць па ёй, стужка пачне адкручвацца назад: лясная дарога, потым прасёлак, а потым нейкая вёсачка. І ўрэшце ён проста прыйдзе да таго, з чаго ўсё пачалося.

Направа сцежкі амаль не было, але штосьці ўгадвалася ў самім ландшафце. Там можна было праехаць, хаця і не было ясна куды.

Наперадзе нічога не праглядалася, там відавочна быў гушчар.

Трэба было выйсці з машыны, агледзецца.

Але раптам накаціла цёплая хваля, адкрылася яшчэ адна доўгачаканая сцежка, ён заглушыў рухавік, дастаў тэрмас з кавай і адправіўся ў пошукі іншага раздарожжа.

***

Дваццаць год праляцелі, як птушка: здавалася, яны толькі ўчора ладзілі тое Купалле, каля далёкага ляснога возера.

Дзве гадзіны электрычкай, яшчэ столькі ж пешкі, стомленыя і напружаныя, яны дайшлі да месца толькі пасля абеду. Але калі выйшлі па паляну і адкрылася возера, лясная затока, стома кудысьці знікла і сэрцы запаліліся радаснымі прадчуваннямі.

Ён тады спрабаваў трымаць рытуал, расказваў што трэба рабіць і навошта, але ўсе і так ведалі, што рабіць, гэтая веда была разлітая ў паветры, вільготным і неспакойным. Галоўнае — натрапіць на правільнае месца, і яно само цяпер нашэптвала ім, куды ісці, у якіх кірунках.

Вогнішча шуганула ў неба, потым крыху прыціхла і далей трымалася роўным вагнём, і ўжо ніхто не звяртаў увагі на лёгкі дожджык, які распачаўся надвячоркам, на камароў, якія нечакана прыляцелі і потым гэтак жа нечакана прапалі.

Дзяўчаты плялі вянкі, хлопцы паставілі намёты, зрабілі навес ад дажджу. Расклалі абрус, выцягнулі канапкі, парэзалі хлеб, цыбулю, гурочкі. Гарэлкі ўзялі з сабой няшмат, толькі на крупнік. Але знайшлася яшчэ бутэлька бальзаму, а ў дзяўчат было віно, і ўсе неяк расслабіліся, абжыліся. Было адчуванне, што яны даўно ведалі гэтае месца альбо месца ведала іх, і неяк адразу прыняло, прытуліла, узяло пад абарону.

Пачаліся спевы. Напачатку ціха, недзе па кутах, як быццам шукаючы патрэбны тон, па двох-трох.

Потым дзяўчаты сабраліся чародкай і кудысьці зніклі. А калі вярнуліся, у прыцемках, гэта былі ўжо німфы, наяды, русалкі з навакольных затокаў.

І спевы былі ўжо зусім не тыя, гарадскія, вывучаныя па кніжках. Яны імкліва грамчэлі, набывалі тэмбр і жарснасць.

Ён таксама адчуў гэтае месца, перастаў камандаваць, за ўсім сачыць і на ўсё звяртаць увагу, і проста прысеў ля вогнішча.

Поруч села дзяўчына, крыху разгубленая і агаломшаная, у лёгкай вышыванцы. Яна відавочна дрыжала, ад хвалявання і ад вечаровай прахалоды. Сонца амаль зайшло, а вогнішча грэла толькі з аднаго боку, і ён накінуў ёй на плечы вятроўку, прытуліў да сябе, і сказаў, што ўсё будзе добра, зараз яна сагрэецца, трэба толькі глытануць крупніка і расслабіцца.

Хацеў запытацца, як яе завуць, але адразу ж зразумеў, што імёны тут недарэчныя. І ўвогуле, усё адбывалася не так, як яны планавалі, калі збіралі і развучвалі песні, пісалі сцэнар і раздавалі ролі.

Па сцэнару ён мусіў весці рэй, выбраць купалінку. Былі пэўныя дамоўленасці, усе чакалі, што гэта будзе хтосьці з іх вузкага кола, са сваіх.

Але ён выбраў менавіта яе, незнаёмку, якую амаль ніхто не ведаў. І далей усё было так, як трэба, спевы, карагоды, зноў спевы, начныя купанні, душэўныя размовы каля вогнішча.

І ўсё ж пад раніцу здарылася тое, што ён пэўны час баяўся прыгадваць.

Песні былі праспяваныя і не адзін раз, кола спаленае, усе прытаміліся і разбрыліся па лагеры. Пачынала святлець, пакуль толькі як намёк, недзе на ўскрайку неба.

Багдан тады крыху прыдрамаў, яны ляжалі на дыванку каля вогнішча, пад ягоным спальнікам, а калі расплюшчыў вочы, пабачыў, не, хутчэй адчуў, што ўсё змянілася.

Паўсюль былі шэпты, прыцішаныя, але жарсныя. Плёск і смех там, каля возера. Там купаліся русалкі, і яны спакушалі, клікалі далучацца.

Пазней, на рэтраспектыве Таркоўскага, гледзячы поўную версію Андрэя Рублёва, у яго было адчуванне дэжа вю, як быццам бы гэта іх здымаў міліцэйскі аператар. Ён нават убачыў самога сябе, яму так здалося, на заднім плане, за дрэвамі.

Тады ж, прачнуўшыся і пабачыўшы, што адбываецца, ён паспеў толькі падумаць, што калі міліцыянты сапраўды іх вялі і высочвалі, цяпер самы час забраць усіх разам, і гэта будзе сапраўдны канец усяго.

Падумаць перад тым, як аддацца хвіліне, праваліцца разам з усімі ў гэтую амароку.

Пачаць шукаць сваімі вуснамі яе вусны...

***

Ён так ніколі і не даведаўся, як яе завуць. Тады, у тую ноч, імёны былі недарэчныя, больш важнымі былі датыкненні, пахі.

У электрычцы яны сядзелі побач, стомленыя, з пачуццём лёгкай няёмкасці. Зрэшты, не толькі яны.

Ён быў упэўнены, што сустрэне яе на Клубе, альбо на канцэрце. І нават пачынаў ужо ўяўляць, як падыдзе і прапануе пазнаёміцца яшчэ раз. Скажа, што аднойчы бачыў яе ўва сне, вельмі дзіўным. А пасля яны пойдуць гуляць і ўжо больш ніколі не развітаюцца.

Але на сустрэчах яе не было, і ён пачаў хвалявацца.

Роспыты анічога не далі. Ніхто яе не ведаў, ніхто нават не ўяўляў, адкуль яна і хто яе запрасіў.

***

Адалей усё закруцілася як у калаўроце.

Генсекі пачалі мерці як мухі, выбухнуў Чарнобыль, прыйшоў Г. і абвясціў спачатку паскарэнне, потым галоснасць, а потым яшчэ і перабудову. Усе заціхлі ў прадчуванні зменаў, і змены сапраўды адбыліся.

Першыя мітынгі прайшлі ў страшным напружанні, ніхто не разумеў тады, чым гэта можа скончыцца, усе падсвядома чакалі арыштаў, разгромаў, танкаў на вуліцах.

Арышты здарыліся пазней, тады ж час працаваў на іх. Яны выйшлі на паверхню, пачалі ствараць партыю, і ён нават не заўважыў, як патрапіў на выбары і стаў дэпутатам. Гэта было надзіва лёгка, яны хадзілі па кватэрах, і нават не трэба было агітаваць — усе і так усё разумелі.

Імперыя знікла як дым і распачалася эпоха радасці. Такое ўражанне, што мы тады танчылі на карнавале эпохі, — сказаў яму М. значна пазней, калі радасць ужо мінула.

Хаця і працы было многа, трэба было штосьці рабіць з эканомікай, уводзіць свае грошы, а яшчэ межы і мытня, бо раскрадалася і вывозілася, і трэба было бараніць сваё.

Яны кідаліся ў розныя бакі, засядалі, прымалі нейкія пастановы, законы. І ўсё было лёгка і магчыма.

Калі ён першы раз выехаў у Парыж, з парламенцкай дэлегацыяй, у іх на чатырох дэлегатаў было дзесяць франкаў у кішэні, адзіная валюта, што знайшлася ў скарбніцы. Затое былі боханы чорнага хлеба, гарэлка і селядзец, якія яны памянялі на франкі ва ўжо расейскай амбасадзе.

Замаўляючы кубачак кавы каля Нотр-Дам, у дарагой і пошлай кавярні, пад завязку набітай японскімі турыстамі, Багдан, на пытанне, адкуль ён, упершыню горда адказаў — фром Беларусь.

Паколькі гэта нічога нікому не казала, прыйшлося дадаць: фомэ эсэсэр. І яшчэ далей: Чарнобыль.

Японцы ціха і асцярожна рассунуліся, і ён застаўся за стойкай адзін.

***

Менавіта тады Багдан зразумеў, што можна жыць звычайным жыццём і адчуваць прыемнасць ад простых рэчаў.

Сапраўды, тое, пра што яны баяліся марыць, здарылася і здарылася неяк проста, па-будзёнаму.

Праўда, надалей гэтая звычайнасць прыцёрлася, перастала вабіць. І, самае непрыемнае, пасля яе заставаўся прысмак лёгкай трывогі: як быццам ён проста адклаў штосьці на пэўны час, і гэтае штосьці ціха і няўхільна чакала.

Ён усё яшчэ шукаў сваю Купалінку, хаця цяпер забываў пра яе на тыдні і нават на месяцы.

І ўсё ж, калі аднойчы пабачыў на вуліцы знаёмую паставу, сэрца шалёна загрукатала, а яшчэ праз секунду ён зразумеў, што тая ідзе з вазочкам, і раптам падумаў, што гэта магло быць іх дзіцё.

І тады ён яшчэ раз абвясціў агульны пошук, перазваніў усім сябрам і знаёмым, хто быў на Купаллі, і нават тым, хто проста мог штосьці ведаць.

Аніякага выніку.

Можа быць, тады ўпершыню ў яго паўстала кепскае прадчуванне. Ён падумаў, што лёс не абавязкова можа быць на іх баку, і яны могуць так ніколі і не сустрэцца.

***

Апотым са светам пачало адбывацца нешта дзіўнае.

Усё страшна і раптоўна пагоршылася.

Як быццам скончылася свята, і тыя, хто на ім гулялі ў герояў, пачалі здымаць маскі.

Напачатку анічога не выглядала занадта трагічна.

Яны прайгралі выбары прэзідэнта, прыйшоў Лу, і распачалася наступная эпоха. Зусім іншая. Больш простая і шэрая. Гераічная і пачварная — адначасова. Эпоха чаркі і шкваркі.

Зрэшты, усё было заканамерна. Тое, што яны прайгралі, было нават карысным: яны забеглі наперад аж занадта, і таму цяпер мусілі крыху адступіць, узяць паўзу.

У іх аб’ектыўна не было сілаў, каб весці ўсю краіну, і супрацьстаянне мусіла мабілізаваць усіх, і, галоўнае, даць ім час прыгледзецца, зразумець, што адбываецца.

Праўда, да таго, што здымуць сцяг і пагоню, яны гатовыя не былі. Гэта было зашмат, і да таго ж бессэнсоўна, не было аніякіх сумневаў, што, хто б ні перамог на наступных выбарах, верне іх назад. І ўсё гэта будзе выглядаць як пошлы і камічны карнавал.

Тады яны сказалі сабе, што будуць стаяць да смерці, да канца, не аддадуць ані сантыметра свайго, і ў гэтай клятве было штосьці такое, што мусіла даць сэнс і сілы.

Нічога так не гадуе сілы, як супольнае змаганне, супольны вораг. І цяпер яны яго мелі.

Зрэшты, гэта была ўсяго толькі затрымка, адно з выпрабаванняў, гісторыя была на іх баку. І што важна, на іх баку мусіла быць будучыня.

Яны тады былі ўпэўненыя, што будучыня неўзабаве прыйдзе і ўсё расставіць на свае месцы.

Але чым далей, тым болей у гэтым паўставалі сумневы.

***

Калі яны пачыналі, яны былі ўпэўненыя, што вызваляюць народ: з прыгнёту, з цемры, з бяспамяцтва.

Што яны выводзяць усіх на свабоду. Адкрываюць новую старонку гісторыі. І там будзе ўсё: і незалежнасць, і мова, і дабрабыт, і культура, і годныя пенсіі.

Варта толькі зрабіць правільны выбар і крыху патрываць, бо, ясна, чагосьці дасягнуць можна было толькі праз намаганні.

Калі ж сапраўды з’явіўся выбар, большасць выбірала зусім іншае. Яны зусім не збіраліся нічога чакаць ад будучыні, а спрабавалі ўзяць усё, што магчыма, ад сёння. Будавалі свае хаткі. Садзілі кветачкі. Куплялі “фальксвагены” і “мерсэдэсы”.

І ўсё ж такі будучыня пэўна была.

Але, — чым далей, тым болей ён адчуваў гэта, нейкім шостым пачуццём, — гэта была не іх будучыня.

Будучыня, якая пакуль толькі прыглядалася да іх і ціха пільнавала свой момант, відавочна анічога не хацела ведаць пра іх сцягі і пагоні, пра мову і культуру, пра песні і незалежнасць. І нават пра годныя пенсіі.

Будучыня глядзела на іх скептычна.

І ён яе баяўся.

***

Таму, калі на партыйных выбарах упершыню не выбралі З., ён на пэўны час паверыў, што гэта абнаўленне. І што з новымі людзьмі партыя будзе больш моцная.

І, можа быць, усё абыдзецца.

З. быў незаменным у сваім часе, ніхто гэтаму не пярэчыў. Але цяпер ягоны час прамінуў, і тое, што тады было новым і вартым, сёння выглядала амаль як музейная архаіка.

Ён быў добры ў той момант, калі трэба было ісці на барыкады, калі камусьці трэба было пракрычаць радзіма альбо смерць. І так пракрычаць, каб ні ў кога не паўстала і думкі, што могуць быць яшчэ нейкія іншыя, трэція варыянты.

Гэта ён сапраўды ўмеў. Багдан памятаў першыя мітынгі, на якіх З. стаяў, як скала, і крычаў у самаробны дынамік, што мы пераможам. І, што дзіўна, яны тады сапраўды перамагалі.

Праблема была ў тым, што нічога іншага ў З. так добра не атрымлівалася.

І ўсё ж, калі яго не выбралі, партыя раскалолася.

Амаль трэць пайшла за ім.

Ён таксама тады ледзьве не застаўся з З., абсалютна нечакана, для сябе і для астатніх, выступіўшы на сойме супроць раскола.

Чаму? Ён тады патлумачыў, ім і самому сабе, што нельга дзяліцца па лініі нянавісці. Па лініі асабістых крыўдаў.

Трэба, каб заставаліся масты, пераходы.

Ён быў упэўнены, што ягоная прысутнасць на тым баку прымусіць усіх зразумець недарэчнасць падзелу. І што наступны з’езд будзе аб’яднаўчым.

Але атрымалася зусім не так. І, да таго ж, ягоныя сябры былі за абнаўленне.

***

Апотым і між тымі, хто застаўся, раптоўна пачаліся разломы. Зайздрасць, узаемная варажнеча. Дробязныя і пустыя сваркі.

Ён доўга не мог зразумець, што адбываецца. Яны відавочна сталі больш сталымі, у параўнанні з пачаткам. І больш мудрымі.

І ўсё ж палітычныя кампаніі сыпаліся адна за адной.

Магчыма, гэта была проста стома. Яны звыкліся ўвесь час прайграваць, і, па праўдзе, мала хто верыў, што магчыма выбрацца з заганнага кола.

Часам у яго складалася ўражанне, што кампаніі былі прайграныя яшчэ да пачатку, у іх уяўленні.

Але што, зрэшты, здарылася?

Яны былі на правільным баку, і гаварылі рэчы, з якімі толькі дурань мог не пагадзіцца.

Чаму ж яны прайгравалі?

Тактычныя пралікі? Выпадковы і трагічны збег абставінаў? Недасканаласць чалавечай прыроды?

Ён адчуваў, што яны выскачылі са свайго часу, дзе ўсё атрымоўвалася, і ішлі цяпер па шэрай і незнаёмай пустэчы, біліся ілбамі аб мяккую шэрую сценку іншай эпохі.

І далей будзе толькі горш.

***

Радаваліся толькі журналісты.

Адзін з іх напісаў яго палітычны партрэт, здзеклівы і несправядлівы.

Ён пісаў пра яго як пра наіўнага хлопчыка, рамантычнага героя эпохі змагання, які так і не выйшаў у першы шэраг дарослай палітыкі, так і не стаў галоўным. І які цяпер стаіць недзе ўбаку — маленькі цынавы жаўнерык, у кароткіх штоніках, з бел-чырвона-белым сцяжком — сумны і забыты.

Багдан пакрыўдзіўся і напачатку хацеў асабіста прыйсці, пазнаёміцца з аўтарам і пагаварыць пра штонікі. Але потым вырашыў прыгледзецца і сабраць больш інфармацыі.

Аўтара, зрэшты, апынулася не так проста знайсці. Нарыс быў падпісаны рэдакцыйным псеўданімам: Кася Трэш. І за ім мог хавацца хто заўгодна.

Гэта мог быць галоўны рэдактар, які вырашыў размяцца на полі. Мог быць хтосьці з рэпарцёраў, вясёлых і крыху звар’яцелых хлопцаў, што гойсалі разам з імі па ўсіх акцыях. Але магла быць увогуле маладзенькая журналістачка з першым сур’ёзным матэрыялам. Якой проста хацелася выглядаць важнай у гэтым тэксце.

Пытацца наўпрост было недарэчна, як зрэшты і выказваць прэтэнзіі. Тым больш што факты, збольшага, адпавядалі. А вось тон, інтанацыя...

Багдан тады ўпершыню зразумеў, наколькі парознаму можна пражываць адную і тую ж эпоху, парознаму бачыць і ацэньваць адну і тую ж рэальнасць.

Зрэшты, журналісты былі мілыя і вясёлыя людзі, шмат каго з іх ён памятаў яшчэ па ўніверсітэце.

Яны выдавалі дзелавую газетку, у якой пісалі пра бізнес, пра тэндэнцыі, але і пра модныя буцікі, пра тое, у якія рэстарацыі яны ходзяць і як яны самі сябе зрабілі.

Яны пісалі так, як быццам не сумняваліся, што менавіта яны гаспадары той будучыні, за якую зма

галіся Багдан і яго сябры. І што яны ў тую будучыню

амаль ужо ўступілі і пісалі пра ўсё адтуль, з перспектывы адбытага.

Урэшце, ён вырашыў параіцца з М., калегам па партыі.

М. быў ягоным даўнім прыяцелем і ўзначальваў у партыі крыло цынічна-памяркоўных. І меў толькі адну, як сам казаў, кепскую звычку. Сябрам часам гаварыў праўду, чаго б гэта ні каштавала.

М. тады толькі пасмяяўся.

Ніякія яны не гаспадары, сказаў ён. Гаспадары яшчэ прыйдуць. З разбухлымі ад грошай гаманцамі і жаданнем скупіць усё, што варушыцца. І вось з імі, сапраўды, прыйдзецца лічыцца.

А гэта, хутчэй, абслуга, што стаіць на ўваходзе. І якая нюхам адчувае, што гэтага можна не пускаць далей, прынесці халоднае, нахаміць, а таму трэба глядзець у вочы аддана і стаяць на дыбачках.

Мы для іх відавочна не запрошаныя на свята будучыні. Штосьці накшталт дыназаўраў, якія выпадкова захаваліся ў тутэйшых рэзервацыях. Магу сабе ўявіць, што яны гавораць пра нас без сведкаў.

У тым новым свеце, дадаў М., у які, яны лічаць, яны ўжо ўступілі, палітыкі мусяць быць альбо цынічным лайном, што трымаецца на паверхні бясконцых шоў, альбо шэрай пераходнай тканкай, што сядзіць у офісе і строчыць розныя праграмы, рэзалюцыі і пастановы.

Яны ведаюць, што пра лайно дазволена пісаць толькі ў інтанацыі радаснага захаплення.

Астатніх можна таптаць, бо яны не мусяць нікому падабацца.

***

На мітынгах ён сапраўды стаяў у другім шэрагу і крыху збоку ад асноўнай каманды. Але зусім не таму, што быў пераходнай тканкай.

Ён займаўся рэчамі, пра якія не раскажаш журналістам.

У партыі ён быў заўсёды адным з намеснікаў і адказваў за аргработу, альбо, як яны гаварылі, за чалавечы фактар.

Ездзіў па краіне, гаварыў з людзьмі. Натхняў, дапамагаў, вырашаў праблемы. Гэта была амаль нябачная праца, але тое, што ў пэўны момант на акцыю выходзілі тысячы, а не адзінкі — у гэтым была і яго заслуга.

Трэба было трымаць дух, інакш усё хутка патанула б у багне штодзённасці.

Ніхто не ўмеў гэта лепш за яго.

І ніхто больш за яго не ведаў пра рэальнае жыццё. Асабліва ў вёсках і малых мястэчках, дзе ўсе навідавоку і дзе важна было адчуваць сілу і дапамогу.

Зрэшты, і гэта было не самае важнае.

Ён трымаў сувязь з баявым крылом, якое пачалі рыхтаваць амаль адразу. Ціха, канспіратыўна і крыху наводдаль. Напачатку дзеля аховы мітынгаў, потым, калі з’явіўся партыйны офіс і крыху маёмасці — каб адбівацца ад бандытаў.

Потым бандыты зніклі, разам з той эпохай. Затое прыйшоў К., і ўсё стала зусім сур’ёзна.

К. быў баявы афіцэр і адразу паставіў кропкі над і.

Першае, што ён зрабіў, — вывез усіх у лес і прапанаваў разысціся і сустрэцца заўтра. У мястэчку Л., за пяцьдзясят кіламетраў на поўначы. Дайшла толькі палова групы.

Мы гэта робім не дзеля таго, каб пагуляцца ў вайнушку, сказаў ён тады. Проста мусяць застацца людзі сур’ёзныя, гатовыя выканаць загад, якім бы дзіўным і незразумелым той ні выглядаў. Зрэшты, аддаць свае жыцці. За Радзіму. Калі будзе патрэба, прыйдзе час.

Ясна, такая задача была няпростай, і яна была не для ўсіх.

Ён зразумеў гэта, калі час дзеянняў амаль надышоў.

Гэта было яшчэ да расколу.

Нарэшце здарыўся крызіс, і яны былі за тры крокі ад перамогі. Абвяшчалі імпічмент. Парламент і канстытуцыйны суд былі на іх баку. Ужо і вайскоўцы гатовыя былі выступіць, на ўсялякі выпадак сем’і афіцэраў некаторых вайсковых частак паехалі адпачываць ва Ўкраіну. І тыя чакалі толькі сігнала.

Багдан тады тыдзень жыў на партыйнай кватэры, пра якую ніхто не ведаў. Ніякіх асабістых рэчаў. На кухні — запас ежы на месяц. А ў суседнім пакоі — дванаццаць вялікіх скрыняў. З АКээМамі і боекамплектамі.

Ён не пытаўся, адкуль і як усё гэта да іх патрапіла.

За гэты час ён пражыў некалькі жыццяў. Адно, у радаснай эйфарыі, як бывае перад чымсьці важным. Іншае, у трывозе і нават страху. Напрыканцы ён патрапіў у здранцвенне, амаль кому, і апошнія дні проста слухаў радыё і чакаў сігнала.

Але сігнала не было. Шукалі кампраміс, распачаліся перамовы. З Масквы прыехаў П. з цэлай камандай. Урэшце там, наверсе, паверылі, што можна дамовіцца.

Яны тады зноў прайгралі.

І некалькі вядомых асобаў леглі ў безыменныя магілы.

***

Пра ўсё гэта журналісты не здагадваліся, і дзякаваць богу.

Пытанне было ў іншым. Як і калі ён паспеў для іх стаць гэтай шэрай тканкай, якая не мусіла падабацца і аб якую можна было так беспакарана выціраць ногі?

Ён яшчэ памятаў часы, калі на вуліцы з ім віталіся незнаёмыя, дзякавалі за Гістарычны клуб, расказвалі пра ўзрушэнні, пра ўпершыню адкрытую мінуўшчыну. Пра тое, як яны чакалі, каб хтосьці гэта прамовіў.

Потым усё паступова знікла: мінуўшчына заняла сваё месца ў мінулым, а на першае месца выйшла крыху мітуслівая і няўцямная, але пэўная ў сабе цяпершчына.

Ён зусім не быў наіўным, і чым далей, тым больш у ім нараджалася штосьці бязлітаснае — і ў дачыненні да гэтай цяпершчыны, і нават да меркаванай будучыні.

Ён бачыў і разумеў многа.

Як усё мянялася. У партыі і ў жыцці.

Як вакол партыі паўставалі розныя арганізацыі, і на важныя месцы пачыналі выходзіць бухгалтары. Тыя, хто пісаў праекты і размяркоўваў грошы.

Як яны ціха фармавалі свае лобі, праз семінары і школкі, на якіх кармілі і выдавалі кішэнныя.

Як розныя людзі звонку пачыналі ўплываць на рашэнні, нашэптваць: гэты добры, а гэты крыху падазроны, а вось пад таго ніколі не дадуць падтрымку.

Ён бачыў, як незаўважна знікала жывая эмоцыя — і заставаліся толькі правільныя словы, сухія, фармальныя, якія ў новых абставінах мала што значылі.

А потым прыйшло новае пакаленне. Якое думала і адчувала зусім не так, як яны.

Было відавочна, што эпоха шчырасці прайшла, прамінула, і што новыя людзі, сіліконавыя хлопчыкі, як сказаў аднойчы М., проста такімі нарадзіліся. І нічога з гэтым не зробіш.

І ўсё ж было неяк крыўдна, што яго залічылі нават не ў ворагі новага часу, а ў нейкія астатнія. На якіх можна было не зважаць, не лічыцца.

Але самае страшнае было ў іншым.

У пэўны момант ён злавіў сябе на сімпатыі да Лу.

І гэта было як здрада.

***

Лу, без сумневу, быў ворагам, ён знішчаў тое, што здавалася ім самым важным. Ён краў у нацыі яе годнасць, яе вышыні. Зрэшты, ён закрыў сабой іх будучыню, і цяпер, каб туды патрапіць, трэба было праз яго пераступіць. Праз жывога альбо мёртвага.

Адкуль тады сімпатыя?

Ён памятаў яго другім.

Калісьці, у дэпутацкім жыцці, яны сядзелі амаль побач у зале паседжанняў. І часам ён запрашаў да сябе, у апартаменты, даведацца, што там чуваць у вас, ідэйных.

У дэпутацкім гатэльчыку, тады сціплым, амаль жабрацкім, яны размаўлялі пра мінулае і пра будучыню.

Гаварыў пераважна Багдан.

Лу тады відавочна прыглядаўся да іх, пільным вокам, так, як глядзяць на вёсцы, недаверліва, хаця тады і нязлосна.

І усё ж такі Лу быў свой.

Такіх, як ён, была амаль уся краіна. Гэта былі іх бацькі, дзяды і бабулі. І не дзіва, што як толькі надарылася магчымасць выбару, яны выбралі менавіта яго, а не З.

Але калі і якім чынам яны сталі ворагамі? І не на жыццё, а на смерць? Адкуль гэтая ўзаемная нянавісць?

Потым Лу пачалі апрацоўваць камсамольцы, прафесійныя інтрыганы і паскуднікі. У іх ужо была сетка кааператываў па ўсёй краіне, крыху капіталу, і яны не сумняваліся, што менавіта яны прыйдуць на змену ўсім гэтым кебічам.

Іх пакуль не пускалі на сур’ёзныя сустрэчы, і асноўныя грошы таксама ішлі паўз іх, і яны крыўдзіліся, сур’ёзна крыўдзіліся.

Яны называлі яго міжсобку наш прадсядацель і думалі, што пралічылі ўсё.

Зрэшты, камсамольцы былі першымі, хто быў выкінуты за борт, як толькі ў яго ўсё атрымалася.

***

Багдан разумеў, што ворагі, сапраўдныя ворагі, мусяць цаніць і паважаць адзін аднаго. Да таго ж, не ўсё было так блага.

Краіна пасоўвалася наперад, не ў тым тэмпе, не з тымі людзьмі, без сцяга і пагоні, але пасоўвалася.

Раптам аказвалася, што робяцца рэчы, якія яны калісьці прапаноўвалі і на якія самі ўжо забыліся.

Ні з кім так і не аб’ядналіся. Наадварот, незалежнасць умацоўвалася — распачаліся дурныя войны з Захадам, а потым і з Масквой, і ў пэўны момант нават здавалася, што іх сінявокая бацькаўшчына засталася адзінай сапраўды незалежнай на постсавецкіх руінах. Незалежнай па-дурному, па-калгаснаму, але ж незалежнай.

Маёмасць так і не распрадалі. Лу лічыў кожную капейку і патрабаваў асабістай справаздачы ад кожнага.

Але і гэта было не самае галоўнае.

Цяпер, на закінутай лясной дарозе ён раптам зразумеў:

Лу, які іх так ненавідзеў, дзіўным чынам трымаў іх мрою па-ранейшаму жывой і істотнай.

Сцяг, забаронены, а таму небяспечны. Сапега з Вітаўтам. Касцюшка з касінерамі. Генерал Булат-Балаховіч і рыцары БНР. Усё гэта працягвала жыць толькі таму, што было і для яго важным. Хаця і класава чужым, амаль варожым, як сказала бы прамінулая эпоха.

І што будучыня, якая непазбежна прыйдзе, пахавае іх разам, у адной братэрскай магіле.

***

Самае страшнае — усе тыя людзі, якія ім тады паверылі. На самым пачатку. Пайшлі з імі. Якія гатовыя былі пакласці свае жыцці.

І якія цяпер адчувалі сябе пакінутымі і здраджанымі. Выбітымі са сваёй праўды.

Іх заставалася ўсё меней.

Большасць ціха занялася асабістым жыццём. І пры сустрэчах адводзіла вочы. Некаторыя пайшлі ў бізнес і прасілі забыць нумары іх тэлефонаў. Былі і такія, што пайшлі ва ўладу. Тыя наадварот, прагнулі сустрэчаў, і доўга тлумачылі, што нашыя мусяць быць паўсюль, і што, працуючы ва ўладзе, мы зробім значна больш, чым там у вас, у акопах. Няясна было толькі, чаго больш.

Ад баявой дружыны засталася толькі назва.

Канечне, маладых хлопцаў, каб выйсці на мітынг з павязкамі, заўсёды хапала. Але падрыхтаваныя байцы, гатовыя на акцыю, былі распушчаныя. І сапраўды, што было ім рабіць? Ахоўваць семінарчыкі, на якіх дзяліліся гранты?

Засталіся адзінкі, і яны трымаліся самі па сабе.

Баранавіцкая харугва амаль уся пайшла ў АМАП і трымала ў страху мясцовых бандытаў.

К. з сваімі людзьмі з’ехаў, спачатку ў Сібір, а потым увогуле кудысці ў горы. Падалей ад камітэтчыкаў, якія ўвесь час дыхалі ў патыліцу і спрабавалі завербаваць.

Тыя, зрэшты, хто яго бачыў, круцілі пальцамі каля скроні, і гаварылі што ён з’ехаў у астрал. І што адтуль назад ужо не вяртаюцца.

К. урэшце вярнуўся, але трымаўся здаля і крыху насцярожана.

Багдан неяк сустрэўся з ім на выпадковай імпрэзе, і потым яны заехалі пасядзець вечарок, прыгадаць былое. Ён будаваў домік пад Менскам. Маладая жонка. Маленькае дзіцё.

К. гаварыў амаль увесь вечар — расказваў пра Непал, пра паходы праз Індыю. Пра горы і медытацыю, пра новую энергетыку і новыя ідэі.

Ён гаварыў многа, глядзеў на Багдана разумнымі і крыху хітраватымі вачыма і пад канец вечара Багдан зразумеў сэнс яго пагляду: акрамя ўсяго іншага, астрал — ідэальная тактыка адыходу.

Сапраўды: пасля году астралу з яго знялі наружку, яшчэ праз пэўны час перасталі чапляцца да бізнеса і дазволілі набыць кавалак зямлі пад Мінскам. І цяпер у яго нарэшце быў шанец пажыць нармальна.

***

Засталіся бухгалтары. Якія пісалі бясконцыя праекты, дзе падрабязна распісвалі, як спакусіць, мабілізаваць, вывесці на вуліцы. І колькі пад гэта патрэбна рэсурсаў.

Акцыі пераўтвараліся ў дурныя і бессэнсоўныя шоў, на якіх галоўнае было патрапіць у аб’ектыў журналістаў і сесці на суткі. Гэтымі суткамі ганарыліся, як нейкай важнай перамогай.

Зрэшты, моладзь кідалася на амбразуры, радасна і самаахвярна, і сядала зноў і зноў. Некаторых бралі па крымінальных артыкулах і саджалі сур’ёзна, на гады. Напачатку была эйфарыя, стваралася ўражанне, што паўстае пакаленне герояў. Але час ішоў, яны ўсё сядзелі, і нічога ад гэтага не змянялася. І нараджаўся сумнеў.

Гэта тое самае, што падчас акупацыі выводзіць людзей на плошчу з плакатамі іх бін партызанен, сказаў аднойчы Багдан на Радзе, ды яшчэ папракаць іншых, што слабо быць разам. У нашыя часы мы ганарыліся зусім іншым, — здольнасцю адбіцца, не сесці падчас акцыі. Здольнасцю пераконваць нават ворагаў, збіраць і натхняць.

Агітацыя і прапаганда дэградавала. І зводзілася да распальвання зайздрасці шэрай невыразнай масы, якой паведамлялася, што ў суседзяў значна лепш, і яны цяпер мусяць выйсці на вуліцу і патрабаваць тое, на што таксама маюць права.

Зрэшты, і агітацыяй назваць гэта было складана. Былі тры ці чатыры хлопчыкі, якія сядзелі за маніторамі і цюкалі каментары на форумах, пад артыкуламі, на сваіх і чужых сайтах. Задача была простая — нагадзіць пад чужымі і захвальваць сваё, імітуючы голас народа.

Раз на месяц яны давалі справаздачу: расказвалі пра рэйтынгі, пра арыгінальных наведвальнікаў і пра тое, якія яны эфектыўныя.

Ці бачыў хто-колечы ў твар гэтых арыгінальных наведвальнікаў, запытаўся аднойчы Багдан у аднаго з іх. Ці ведаюць яны, што тыя думалі, гледзячы на такую прапаганду?

***

Частка старой гвардыі, праўда, яшчэ і цяпер трымалася насуперак усяму. Асабліва ў мястэчках і вёсках, дзе ўсё навідавоку. Дзе не так проста схавацца, стаць іншым.

Але яму не было чаго ім больш сказаць. Ён перастаў разумець, што адбываецца — і з краінай, і з ім самім.

Ён канчаткова заблытаўся.

Быў толькі адзін чалавек, з якім ён мог бы пра ўсё гэта паразмаўляць. Але той жыў у Варшаве.

2.

Прафесар Вайцэхоўскі.

Ён патрапіў да яго на семінар амаль выпадкова.

Быў выезд у Варшаву, на чарговую палітшколку. Дзе іх абяцалі навучыць, як правільна спакушаць электарат ды розным іншым сакрэтным тэхнікам непазбежнай перамогі.

Наперадзе былі выбары, і гэта звыкла трывожыла.

Яшчэ трывожыла тое, што на агульнага кандыдата прапанавалі Г., савецкага прафсаюзнага боса, які нечакана вырашыў перайсці на другі бок.

Тады ў кулуарах казалі, што Г. проста купілі, што, па чутках, амерыканцы даюць грошы менавіта пад яго. І, нават калі перамагчы зноў не атрымаецца, сама гульня — з такімі рэсурсамі — можа быць вясёлай.

І ўсё ж Багдан не пагадзіўся з рашэннем і настаяў, каб яго меркаванне на Радзе было запісана асобна.

У выніку яго ціхенька адхілілі ад падрыхтоўкі і саслалі на два месяцы ў Варшаву, вучыць партактыў.

Іх размясцілі ў Кляновым, але заняткі мусілі быць гэтым разам ва ўніверсітэце.

Чакалі модных брытанскіх паліттэхнолагаў. І яны з’явіліся. Два маладыя хлапцы, тоўсты і тонкі, як адразу зашапталася аўдыторыя. Праз хвіліну высветлілася, што мальцы былі з Гданьска, але мелі нейкі брытанскі сертыфікат і, як самі абвясцілі напачатку, належалі да брытанскай школы.

Яны абяцалі ўсім тэхналогіі поспеху, сыпалі прыкладамі і схемамі, расказвалі пра паспяховыя кампаніі.

Расказвалі таксама, якія яны запатрабаваныя і высокааплочваныя, і, калі ў іх спонсараў ёсць грошы, каб наняць такіх кансультантаў, за перамогу можна не хвалявацца.

Яго званітавала амаль адразу, ад першых жа іх словаў.

***

Ён тады спазняўся. І, што было горш, не памятаў аўдыторыю.

Можа быць, і не хацеў памятаць, гэта таксама было праўдай.

Наперадзе ў яго былі два месяцы ў Варшаве, амаль адпачынак.

Заняткі распачаліся, усе тэхнічныя пытанні былі вырашаныя, і можна было пачынаць лайдачыць.

Ён не мусіў хадзіць на заняткі разам з групамі, але раз-пораз варта было з’яўляцца, каб не лайдачылі астатнія.

Ён зазірнуў у некалькі аўдыторыяў.

Калі ён адчыняў дзверы яшчэ адной, у яго былі пэўныя прадчуванні.

У аўдыторыі сядзела шэсць чалавек. Стары прафесар стаяў каля дошкі і маляваў нейкую схему.

Ён ужо быў гатовы сказаць бардзо пшэпрашэм і закрыць дзверы, але ўсе гледзелі так, як быццам чакалі менавіта яго, і прафесар сказаў заходзьце калі ласка, мы якраз гаварылі пра Вас, пра вашае інтэрвію двуйцы.

І працягнуў гаворку, пра тэорыю палітычнага дзеяння.

***

Прафесар быў легендай супраціву, адсядзеў пяць год у часы ранняга ПэРэЭлю, два гады ў часы позняга і нарэшце быў, як ён казаў, на заслужаным адпачынку.

Адпачынкам ён называў факультатыўны семінар, па тэорыі палітычнага дзеяння, які існаваў пры ўніверсітэце. Семінар ён трымаў дзеля асалоды і гаварыў там усё, што думаў. І ўсё, што лічыў патрэбным.

Гаварыў зусім не пра тое, пра што пісалі газеты і паведамляла тэлевізія.

Ды і ягоныя слухачы былі іншымі, чым палякі, якія дагэтуль сустракаліся Багдану.

Мы звыкла лічым, працягнуў ён тады, што, каб дзейнічаць, каб перамагчы і застацца ў рэальнасці, мы мусім выскачыць з свайго ўяўлення. І патрапіць у свет, якім ён ёсць насамрэч.

Праблема толькі ў тым, што ніхто не ведае, якім свет ёсць сам у сабе, без нашага ўяўлення. І ці ён сапраўды існуе, у такой якасці.

Таму, выскачыўшы са свайго ўяўлення пра свет, палітык імкнецца патрапіць у адзін з іншых светаў, а менавіта ў той, які існуе ва ўяўленні звычайных людзей.

Зразумець і прыняць чалавека не ў яго высокіх і рэдкіх формах, а ў самых паспалітых, нізкіх, часам нават агідных.

Палітыкі — праз усю чалавечую гісторыю — гэта тыя, хто ведае гэты свет, і хто хоча на яго ўплываць. Альбо кантраляваць. І нават, чаму не, ім валодаць — гэта ўвогуле іх залатая мара.

Тут прафесар зрабіў паўзу і паглядзеў на ўсіх пераможна.

Але сёння гэты свет не проста вывучаецца і даследуецца. А ствараецца.

Палітыка, сапраўдная палітыка, адбываецца цяпер не на агорах, і не на барыкадах, а ў цішыні сакрэтных лабараторый, дзе праектуецца свет звычайнага чалавека, ягоныя думкі, эмоцыі, каштоўнасці.

І тое, што вы бачыце вакол сябе, што прадстаўляе сябе як трэш, кіч, масавая культура, і хоча, каб яе лічылі стыхійнай, народнай, — чымсьці натуральным, — насамрэч, гэта тонкі і высокатэхналагічны прадукт, зроблены на замову.

І яшчэ, запомніце, сказаў прафесар, раптоўна мяняючы тэму.

Стаўцеся сур’ёзна да грошай і маёмасці.

Хаця б дзеля таго, што сёння не бывае бедных дэмакратый.

Не таму, што бедныя не ў стане дамовіцца, запачаткаваць пэўныя працэдуры.

Проста дэмакратыі сёння — гэта кансэнсус тых, хто багатыя.

Бедных туды проста не прымаюць.

***

Першай рэакцыяй была нязгода, унутраны супраціў. І не толькі таму, што ўсё гэта было занадта канспіратыўна, а да таго ж і неяк зусім абстрактна, інтэлігенцкія штучкі, а трэба ведаць, што канкрэтна рабіць — сёння, заўтра, паслязаўтра.

Багдан інтуітыўна адчуў, што канкрэтнага далей можа быць шмат. Але адчуў таксама, што іх месца ў гэтай карціне свету не надта пачэснае.

І ўсё ж атмасфера была ўтульная, амаль хатняя.

Адразу знайшоўся экземпляр рыдара, Палітычная тэорыя — ад Арыстоцеля да Жыжэка, а яшчэ побач сядзела Агнешка, якая пачала апекавацца ім, паказвала, што трэба глядзець і на якіх старонках.

І ён расслабіўся, дазволіў сабе забыцца, і далей нават не асабліва ўслухоўваўся ў сэнс, занатоўваючы для сябе толькі самыя важныя думкі.

Канечне, сакрэтныя лабараторыі, гэта ўжо на мяжы фола. Але яму, напэўна, можна гаварыць такія рэчы — стары, крыху звар’яцелы прафесар, амаль як у кіно.

І гэта ўсё ж такі ўніверсітэт, а не мітынг.

І не партыйная сустрэча, дзе заўсёды прыходзілася выбіраць словы, каб не адпужнуць патэнцыйных саюзнікаў.

Да таго ж, Агнешка яму спадабалася.

***

Прафесар быў відавочна правым, але большасць студэнтаў ягонага семінара складалі скрайне левыя, нават анархісты.

У яго была свая версія таго, што адбываецца. Зрэшты, гэта больш выглядала не на версію, а на дыягназ. Ён выклаў яго ў кнізе, што выйшла пару год таму ў невялікім нішавым выдавецтве і выклікала сапраўдны скандал.

Кніга называлася Гнілая мадэрнасць і выйшла з прысвячэннем Зыгмунду Баўману, старому сябру. У прадмове дырэктар выдавецтва пісаў, што ў польскай традыцыі не было анічога падобнага ад Анджэя Фрыча Маджэўскага, і што ўсё, пра што піша прафесар, паасобку нібыта і вядомае, але мала хто адважваецца дайсці да канца з гэтымі пасылкамі.

У рэцэнзіях, праўда, асцярожна намякалі, што прафесар зайшоў занадта далёка, а ў кулуарах проста круцілі пальцам каля скроні.

Ён пачынаў не ад Маджэўскага, а ад Арыстоцеля.

Усе ведаюць яго апісанні палітычных рэжымаў, пісаў прафесар у прадмове, але не зважаюць на самае важнае. На сувязі ўсяго з усім. І на кірунак пераходаў.

Арыстоцель намякае на тое, што чалавечае грамадства падлеглае часу — і таму непазбежна старэе, псуецца, загнівае.

Псуецца ўсё і ўсе, і ўтрымацца толькі дзякуючы правільным працэдурам немагчыма. Урэшце нормы і працэдуры ператвараюцца ў шырму, за якой пачынаюцца арганічныя працэсы.

Менавіта так загінуў сацыялізм: ён сапсаваўся пад сонцам гісторыі. А зусім не таму, што хтосьці выйграў змаганне.

Сёння мы жывем у эпоху, калі амаль усё падгніла, напісаў прафесар. І ўжо ў глабальным маштабе. Усе формы жыцця, усе абяцанні мадэрнасці, якія калісьці выглядалі такімі новымі — і былі такімі прывабнымі.

Ідэі застаюцца, і яны ўсё яшчэ значаць штосьці, — прынамсі, для некаторых. Але сёння яны ўжо нічога не вызначаюць, і нават нічога не тлумачаць. Яны як масточкі, па якіх мы ходзім па-над багнай рэальнага.

У якой паціху патанае карабель заходняй цывілізацыі. Усё глыбей і глыбей.

Два сімптомы паказваюць, як глыбока мы ўсе загрузлі.

Першае: у публічнай прасторы людзі пачынаюць сябе паводзіць, як быццам яны не на агоры, а на кірмашы.

Палітычныя войны ідуць цяпер не за праўду і справядлівасць, не за вартасці. І, ясна, не за Радзіму. Хаця, канечне, можа быць і праўда, і радзіма. Але толькі як каштоўны тавар, добра ўпакаваны і дакладна ацэнены, а таксама пажадана, каб ад вядомага якаснага прадуцэнта.

Галоўны рухавік еўрапейскай гісторыі цяпер не самаадмаўленне Духа, як лічыў Гегель, і не вайна класаў, як думаў Маркс.

А істэрыка масавага спажыўца, які падазрае, што ў ягоным гіпермаркеце свету штосьці адсутнічае, а ён мае на гэта права.

І другое. Пра сэнс чалавечага жыцця і ўладкаванне космасу гэтаму самаму масаваму спажыўцу паведамляе ўжо не царква, не навука і нават не абкам партыі.

А ток-шоу, у перапынку між спевамі і скокамі.

У выніку, пакуль мы так важна апекаваліся працэдурамі і ідэямі, на заднім двары эпохі ціха памёрлі тыя, каму гэтыя працэдуры і ідэі прызначаліся.

Грамадзяне.

Тое ж, што засталося, — закормленая і адурманеная маса, якая ўсе свае думкі і ўсе эмоцыі бярэ з вечаровай тэлепраграмы. Альбо з ранішняга коміксу, у які даўно пераўтварылася наша свабодная прэса.

Таму, калі прыйдзе час ісці на агору, абмяркоўваць сапраўды важныя рэчы, яны прыйдуць туды з поп

корнам. І спытаюць, колькі каштуе квіток і хто на разагрэве.

У гэтай сітуацыі патрэбнае не направа Рэчы Паспалітай, як калісьці прапаноўваў Маджэўскі, а штосьці значна больш радыкальнае.

Што менавіта, прафесар абяцаў напісаць у наступнай кнізе.

***

Амаль месяц ён хадзіў на сустрэчы, абмяркоўваў разам з усімі ідэі і дыскурсы. І нават піў піва ва ўніверсітэцкім барчыку пасля семінара. Пакуль прафесар не сказаў, што вырашана правесці калоквіум па Беларусі і што спавешчанне будзе рабіць іх лепшы эксперт.

Багдан насцеражыўся. Ён быў на дзясятках такіх сустрэчаў, з экспертамі і навукоўцамі. І нават сам іх арганізоўваў. Напачатку рабіў гэта з энтузіязмам, потым усё надакучыла.

Адны і тыя ж тэмы, развагі, адна і тая ж рыторыка. М. аднойчы паўжартам прапанаваў арганізаваць семінар з адказам на “галоўнае пытанне”: чаму мы зноў прайгралі, хаця ва ўсіх заяўках на рэсурсы планавалі толькі поспех.

Але тут мусіла быць штосьці іншае.

Нечакана для яго выйшла Агнешка. У яе левай руцэ быў пульт, у правай — аркушы паперы з дакладам.

Зайграла “пагоня”, якая няўлоўна нагадвала “варшавянку”, “інтэрнацыянал” і ўсе рэвалюцыйныя песні адразу.

Багдан міжволі ўсміхнуўся.

Уключыўся праектар, і на экране з’явіўся чысты бел-чырвона-белы аркуш. На ім паступова, адна за адной, пачалі праступаць літары.

Не аддамо нашую хатку банкірам і брокерам з Уолстрыт, каб не ўмёрлі!

Мацей Бурачок.

Семінар радасна загуў. Будзе весела, падумаў Багдан.

Выступ Агнешкі быў кароткім.

Мы, палякі, пачала яна, звыкла разглядаем беларускі праект як калгасную дыктатуру. Правінцыйную і крыху смешную. Якая глядзіць на нас з мінулага.

І ставімся да яе з пачуццямі няёмкасці і шкадавання. Як да няшчаснага сваяка з Усходу, якому не пашэнціла. Спрабуем дапамагчы, але ж і крыху саромеемся. І злуемся.

Праблема ў тым, што сёння Беларусь глядзіць на нас з іншага месца.

Усё сапраўды пачыналася калісьці як бунт беларускай вёскі. Якая ўпершыню ўзбілася на ўладу. Уздыхнула з палёгкай — без паноў і падпанкаў. Без першых сакратароў і замаў па ідэалогіі. Без вызваляльнікаў, адным словам.

Далей жа гэтае калгаснае шчасце не проста выжыла і ўмацавалася. Але і перарадзілася.

Праектар крыху зашумеў, і на экран выпаўзлі наступныя словы:

У свеце, дзе ўсё перакуленае дагары нагамі, праўда —

гэта асклепак падманнасці.

Гі Дэбор

Мацей Бурачок так і не прадаў гнілую хатку. Наладзіў вытворчасць. Ціха, незаўважна для сябе і іншых, стаў капіталістам. Мінуў стадыю першапачатковага назапашвання. Выйшаў на глабальныя рынкі.

Зразумеў, што чэсна канкураваць на іх са сваімі прасунутымі заходнімі калегамі — гэта як спрабаваць выйграць у зграі напарснікаў на кірмашы. Адчуў, што будзе непазбежна абдзелены і падмануты — у той вайне за маёмасць і за рэсурсы, якая складае асноўны змест эпохі посткамунізму.

Калі будзе гуляць па іх правілах.

І ён распачынае вайну перыферыі супраць цэнтру.

Праектар заскрыгатаў, пстрыкнуў, і на экране з’явіліся наступныя словы.

Да жады няўтольнай дапаўшы, лжой поўныя, пыхай,

нядбаньнем, зь няістымі ўявамі ў змане дзеяць, ня

чыстыя воляй. |10|

У нязьмерную ўпаўшы трывогу, чый канец толькі

росчын сусьвету,

“над усім — спатоля пажады, досыць гэтага” — пэў

ныя гэтак, |11|

вязьні сотняў путаў надзеяў, адданыя гневу і жадзе,

яны дзеля пажады спатолі крыўдай імкнуць да ба

гацьцяў. |12|

Бгагаватгіта, песьня XVI

Усе заціхлі. Было незразумела, ці так было задумана, ці праектар ўціснуў гэтую цытату ад сябе, у якасці бонуса. Агнешка зрабіла паўзу і працягнула выступ.

Сёння — гэта ўжо не лакальны бунт, заціснуты ў палескіх балотах. А частка рэвалюцыі перыферыі, глабальнага маштабу. Чарговы перападзел свету.

Неўзабаве такія бунты пачнуцца па ўсёй Еўропе.

І будуць, паверце, зусім не ціхія і лагодныя.

Таму Беларусь сёння — гэта Грэцыя і Трансільванія заўтра!

На апошніх словах Агнешка падняла ўгору руку са сціснутым кулаком і энергічна закрычала: но пасаран!

Праектар уздыхнуў, рыпнуў, і пачалося слайд-шоў.

Карцінкі мяняліся ў рваным рытме.

На іх албанскія паўстанцы, якія чымсьці нагадвалі вампіраў з галівудскага кіно, лезлі абдымацца да НАТАўскіх жаўнераў. Далей было многа руінаў, з розных частак свету. Бамбаванні Іраку, нафтавыя плямы, зняможаныя афрыканскія дзеткі. І ўсё гэта ўрэшце пераходзіла ў бязлюдны горны ландшафт з сумнай і пяшчотнай кітайскай музыкай.

Усе заціхлі. Прайшло хвілінаў пяць альбо нават болей. Праектар перайшоў на другое кола, крыху павагаўся, пстрыкнуў і спыніўся сам сабой, на албанскіх вампірах.

Агнешка тэатральным жэстам падкінула ў паветра аркушы з дакладам і выгукнула: смерць гамбургеру! Няхай жыве тутэйшая рулька!

Аркушы павольна апусціліся на падлогу, і семінар выбухнуў у апладысментах.

***

Ён прапанаваў ёй пайсці ў маленькую кавярню на Хмельнай. Яны пілі чырвонае віно, і ён расказваў пра тое, чаго яна не ведала. Потым блукалі і расказвала пераважна яна. А ўвечары яны пайшлі глядзець іншую Варшаву.

Яму здавалася, што ён адчувае места досыць някепска. Але высвятлялася, што сапраўднае жыццё хаваецца ў незаўважных пад’ездах і дворыках. А зусім не на шырокіх плошчах і праспектах. І, ясна, не сярод турысцкіх тлумаў на старувцы.

Яны скончылі дзень у маляўнічых сутарэннях, падобных адначасова да кавярні і да прытону.

Сутарэнні апынуліся рэдакцыяй левага часопіса. Які, як сказала Агнешка, аніяк не можа выдаць свой першы нумар. Бо рэдкалегія не можа прыйсці да згоды па галоўным пытанні нашай эпохі.

Пытанне можна было прачытаць на вялікім плакаце, што вісеў каля ўваходу ў прыбіральню.

Ці мае сэнс супраціў у грамадстве, якое паспяхова асімілюе ўсялякую нязгоду, робіць яе часткай паноўнага ладу?

Унізе хтосьці дапісаў тры варыянты адказу:

а) мае сэнс б) не мае сэнсу в) до дупы вшыстко.

Увесь час прыходзілі і сыходзілі нейкія людзі. Знаёміліся, пра штосьці спрачаліся, спявалі рэвалюцыйныя песні. Яны даўно перайшлі на мацнейшае, і ён расслабіўся, перастаў унутрана ўпірацца і думаць пра іх змаганне. Жартаваў, весяліўся, расказваў смешныя гісторыі, адчуваў сябе ўтульна, амаль сваім.

Калі ён прачнуўся зранку, у гатэльным пакоі, настрой быў святочны. Праз фіранкі прабівалася сонейка, і галава надзіва была светлая.

Агнешка ляжала побач.

Самае дурное, ён не памятаў, як яны сюды патрапілі.

Апошняе, што засталося ў свядомасці, гэта таксоўка, якая іх кудысьці везла, па прыгожай начной Варшаве. Але ўжо не памятаў адкуль. Не мог нават прыгадаць, хто плаціў таксоўшчыку, і колькі.

Таксама не было ясна, як яны апынуліся ў яго пакоі. Як прайшлі рэцэпцыю, як адмыкалі дзверы. І што рабілі пасля таго, як зайшлі. Дакладней, ці рабілі яны хаця б штосьці.

Ён асцярожна вылез з ложку і зразумеў, што на ім толькі кашуля і чамусьці адна шкарпэтка.

Агнешка таксама паднялася, і са здзіўленнем аглядалася вакол. На ёй быў толькі станік. Але замест таго, каб пачаць апранацца, яна яго скінула.

***

Бацькі Агнешкі паходзілі з каталіцкіх радзінаў з-пад Бельска і там лічылі сябе стопрацэнтовымі палякамі. Але патрапіўшы ў Варшаву, пачалі сумнявацца, і ўжо гатовыя былі прызнаць сябе калі не беларусамі, дык хаця б ліцвінамі.

Вакол буялі оргіі талеранцыі, і быць крыху іншым, не такім, як усе, было нават модна.

Яна ж сама, як яна потым патлумачыла, ставілася да Ўсходу як да рамантычнай спакусы. У якой галоўнае — даць сабе спакусіцца.

Яны бачылі яго выступленне па двуйцы, сказала яна, і адразу адзначылі разгубленасць, і тое, што ён раптоўна адчыніў дзверы і ўрэшце застаўся, выглядала як пэўны знак, неверагоднае супадзенне.

Зрэшты, навонкі ўсё працягвалася так, як і было.

Прафесар сам папрасіў Агнешку заапекавацца ім, і яна, ясна, не адмовілася, склала для яго праграму чытання і прынесла цэлую торбу кніжак.

Звычайна яны сустракаліся ў бібліятэцы. Чыталі, штосьці абмяркоўвалі і далей ішлі блукаць па Варшаве.

Ён канчаткова забыў пра свае абавязкі, перадаручыў усё кіраўнікам групаў. І бачыўся са сваімі толькі на гатэльных сняданках.

Вы шчаслівыя. Вам яшчэ ёсць з кім змагацца.

Ён потым часта прыгадваў яе словы, сказаныя ў матэльчыку на ўзбярэжжы, у які яны выехалі на яго апошні ўікэнд.

Тады ён узрадаваўся, і нават крыху заганарыўся, літаральна на пару секундаў. Але потым яна дадала тое, што ён адчуваў даўно і чаго падсвядома баяўся пачуць менавіта ад яе.

Хаця ўжо няма за што.

Будучыня, за якую вы змагаецеся, ужо здарылася — з вашымі суседзямі.

Канечне, вы можаце перамагчы і пайсці нашым шляхам. Але вы мусіце ведаць, чым усё скончыцца. Каб потым не было слёз і скаргаў, што вас падманулі.

***

Пра гэта гаварылі ўсе. У розных інтанацыях і з рознымі высновамі.

Радасна паведамлялі, што ў іх атрымалася, яны патрапілі, прасунуліся крыху далей у часе, і цяпер былі гатовыя дапамагаць тым, хто адстаў.

Казалі літоўцы, якія адразу абуджаліся, прыгадвалі часы Вітаўта і сцвярджалі, што для сяброў яны гатовыя на ўсё.

Казалі палякі, якія годна прымалі абавязак апекавацца братамі нашымі меншымі па рэчыпаспалітай.

Казалі немцы, трымаючы ў памяці вядома што.

Не кажучы ўжо пра амерыканцаў, брытанцаў і розных протчых французаў. Тыя ўвогуле былі як небажыхары і апускаліся да размовы з сваімі нешчаслівымі братамі з усходу вельмі рэдка. Звычайна на фуршэтах, пасля добра аплочаных семінараў.

Але як гэта можа быць?

Яны відавочна былі разам, у адным часе. І ў той жа самы момант, у выніку нейкіх хітрых маніпуляцый аказвалася, што іх праўдзівы час — мінулае.

А іх будучыня ўжо наступіла — з іх больш шчаслівымі суседзямі.

Тут было штосьці не так, ён адчуваў гэта дакладна.

***

У Варшаве змянілася многае.

Раней падчас прыездаў ён гадзінамі ўглядаўся ў тэлеэкран. Шалёныя дыскусіі, спрэчкі і сутыкненні, новае польскае кіно, музыка.

На вуліцы было іншае: шэрае заклапочанае жыццё, у якім людзі спяшаліся зарабляць капейчыну.

А потым з тэлевізара ўсё раптоўна знікла. Як быццам бы хтосьці важны выгнаў усіх на вуліцу.

Прыйшло іншае. Бясконцыя і бессэнсоўныя серыялы. Дэбільныя шоў. Дыска-пола, ад якога адразу хацелася ванітаваць. І рэклама, рэклама, рэклама.

Аднойчы, на нейкіх партыйных перамовах, ён запытаўся ў сваіх польскіх прыяцеляў: хто гэта з вамі зрабіў? Як і чаму паўсталі ўсе гэтыя скокі? І чаму вы здаліся, пагадзіліся на такі маразм?

Гэта відавочна не было камфортным пытаннем.

Хаця адказаў апынулася многа, і яны былі рознымі. Некаторыя нават аптымістычнымі. Напрыклад, што гэта народная, дэмакратычная культура, якой доўга не дазвалялі ўсплыць на паверхню. Альбо новы культурны код, новая мова, з дапамогай якой спрабуюць адказаць на старыя, вечныя пытанні.

Як на ягоны густ, гэта была проста сметніца.

Але тыя, хто туды патрапляў, хто ўсё гэта рабіў, паводзілі сябе так, як быццам гэта яны героі.

***

Цяпер, пасля семінара, усё стала на свае месцы.

Наступная стадыя. Не спрабаваць зразумець карціну свету простага чалавека. А самім ствараць яе. Ствараць свет, у якім жыве большасць. Дзеля гэтага і патрэбна была такая тэлекарцінка.

Багдан раптам зразумеў, што адчувае амаль нянавісць да новага часу. Да будучыні, за якую ён так доўга змагаўся, чакаў і прыспешваў.

І да людзей, ад якіх цяпер залежала, што будзе лічыцца правільнай рэальнасцю. Для большасці.

А яшчэ ён адчуў, што спрачацца з імі немагчыма. І не толькі таму, што яны былі з чужой будучыні. Але і таму, што гэтую большасць цяпер ніхто не прымушаў, не няволіў.

Усе сапраўды былі свабоднымі.

***

Лу застаўся адзіны з той старой эпохі, багоў і герояў, хто выжыў сярод гэтага спектаклю.

Больш за тое, гэты былы кіраўнік саўгасу пакуль не толькі перамагаў сваіх супернікаў, але і новы час, які няўхільна на іх насоўваўся.

Ён сапраўды затрымаў усіх у мінулым.

Але і адкрываў іншую будучыню. Не тую, якая ўжо здарылася, — з іх суседзямі. У якой хітрыя і цынічныя тэлевядучыя старанна ляпілі з сябе тупых ідыётаў як узор для большасці. І ў якой прафесар Вайцэхоўскі збіраў шэсць грамадзянаў на паўпадпольным семінары, шукаючы выйсця.

А будучыню больш трывожную, і больш небяспечную.

Можа, гэтая затрымка ў часе — не проста спазненне, але і падарунак? Можа быць, у гэтым ёсць нейкі сэнс? Ці нават місія?

І ўся іх барацьба толькі пралог, уводзіны ў сапраўдную гісторыю, якая яшчэ мусіць пачацца.

Ён запісаў гэтыя пытанні на сурвэтцы, у вакзальнай кавярні, чакаючы цягнік на Мінск.

Зрэшты, быць маленькім папяровым жаўнерыкам са смешнага комікса пра змаганне, — падумаў ён, — не так ужо і блага. Для аднаго чалавечага лёсу.

Лепш, чым корпацца там, унізе, спакушаючы венозных.

***

Тады ён вярнуўся з Варшавы натхнёны і абуджаны.

Расказваў сябрам пра новы бунт, пра вайну на два франты і нават пачынаў рыхтаваць глебу. Актыўна выступаць, хадзіць на семінары. Размаўляць з людзьмі.

Прыглядацца да таго, што адбывалася.

Аказалася, што і тут усё было няпроста.

Са здзіўленнем натрапіў на інтэрвію Францішка, у якім той гаварыў пра новую эпоху. І амаль у тых самых словах, што і прафесар Вайцэхоўскі. Не толькі Францішак — шмат хто іншы ведаў і разумеў многае.

Пра ўсё гэта пісалася і гаварылася тут. І толькі яны

ішлі ўсе гэтыя гады з заплюшчанымі вачыма. Ішлі як сляпыя.

А потым яго ўпершыню не выбралі намеснікам старшыні і нават не ўвялі ў Раду. Раптам знайшліся іншыя кандыдатуры. Трэба было абнавіць склад, знайсці новыя формы работы — усе гэтыя няўклюдныя апраўданні не маглі схаваць галоўнага: яго актыўнасць заўважылі і ацанілі.

Ён доўга не мог у гэта паверыць: яго спісалі ў запас у той самы момант, калі ён амаль зразумеў, што адбываецца.

Няясна таксама, чыя гэта была ініцыятыва.

Ён пагаварыў пра гэта з М. Нагадаў прынцыпы і дамоўленасці, якія закладаліся напачатку.

Важныя людзі настойваюць на замене складу, сказаў тады М. Такім тонам, што было ясна — пытанне, хто такія гэтыя важныя людзі, наіўнае і недарэчнае.

Пры гэтым М. блытаўся і не глядзеў яму ў вочы.

І тут Багдан зразумеў.

М. сам баяўся будучыні і хацеў, каб яго туды ўзялі. Хаця і без Багдана.

***

На адным з семінараў ён выпадкова падслухаў размову бухгалтараў. У гэтай размове яны абмяркоўвалі нашых змагароў, якія думаюць, што прыйшлі навечна.

Яны былі ўпэўнены, што ў іх усё атрымаецца значна лепей. І разважалі, у які момант было б зручней канчаткова абнавіць кіраўніцтва партыяй.

Гаварылі пра тое, што трэба распусціць гэты страшна дарагі і неэфектыўны піянерлагер. Што складаецца амаль напалову з фанатыкаў, местачковых дурняў і гарадскіх вар’ятаў.

Пра тое, што новыя партыі мусяць быць кампактнымі і функцыянальнымі. Што там мусіць быць партыйная эліта, функцыянеры-паліттэхнолагі і закансерваваныя актывісты. Якіх абуджаюць толькі пры патрэбе, на выбарчыя кампаніі, на ганарарнай аснове.

І што хопіць ужо трымацца за мову, як за любімую цацку.

Урэшце, яны гаварылі такім тонам, як быццам усе гэтыя гады — пачатак абуджэння, канец імперыі, змаганне — былі толькі прыступкай, для таго, каб прыйшлі яны і нарэшце ўсё стала нармальна.

Канечне, у гэтай размове было многа наіўнай маладой зухватасці. Жадання знайсці, адваяваць сабе месца ў свеце. Які цябе зусім не чакае. І ўсё ж было там яшчэ штосьці, што прымусіла насцеражыцца.

Яны гаварылі так, як быццам пытанне пра кіраўніцтва партыяй ужо вырашанае. Як быццам хтосьці, хто мае ўладу, сапраўдную ўладу (важныя людзі!?) прыняў рашэнне. І паставіў кропку.

Гэта магло значыць толькі адно. Што і М., і іншыя ўжо таксама спісаныя.

І гэта быў не проста канец яго гісторыі.

А канец усяго.

Канец змагання. Канец партыі. Канец эпохі.

***

Адзінае, што грэла і цешыла, — думка, што ён нарэшце пабачыцца з Эвай Дамінікай. А можа, нават і з Францішкам.

Яны не сустракаліся ўтрох цэлую вечнасць. З таго моманту, як усё пайшло наперад, занадта хутка, каб думаць і азірацца.

Зрэшты, шмат з кім ён не бачыўся дзесяцігоддзямі.

Некалькі год таму ён выпадкова перастрэў Эву Дамініку. На вуліцы. Адну. Яны міла ўсміхнуліся адно аднаму, здалёк памахалі рукамі — і разышліся. Але раптоўна ў сэрцы зашчыміла, накаціла ўспамінам, і ён вярнуўся, дагнаў, доўга выбачаўся. Запрасіў у кавярню, замовіў віскі і чырвонага, дарагія стравы.

Гаварыў многа, спачатку весела, нават крыху занадта. А потым раптоўна засумаваў, нечакана для сябе прызнаўся, што ўсё шэра і безнадзейна, і ён трымаецца з апошніх сіл.

Яна сядзела і слухала. У пэўны момант узяла яго за руку, як дзіцёнка. А потым сказала: шкада, што мы тады так хутка разбегліся, па сваіх кармах.

І што цяпер з намі няма Францішка.

Ён ведае, як уздымацца.

***

Можа быць, Францішак меў рацыю, і тое, што адбываецца, тлумачыцца не адсюль?

Нашэсце “галодных духаў”? Ён спрабаваў прыгадаць іх размову ў інтэрнаце. Францішак расказваў пра аднаго шведа, які амаль усё жыццё быў геніяльным інжынерам, а скончыў тым, што хадзіў па Лондане і размаўляў з анёламі.

Яны распавялі яму пра розныя рэчы. Пра неба і зямлю, пекла і рай, пра Бога.

Пра тое, што мяжа паміж гэтай і той рэальнасцю вельмі тонкая, і што больш за ўсё трэба баяцца галодных духаў, якія не ведаюць, што яны памёрлі і якія харчуюцца негатывам, адмоўнымі чалавечымі эмоцыямі.

І калі мы дазваляем сабе патануць у іх, духі злятаюцца, як крумкачы на поле бітвы.

Ён раптоўна падумаў, што еўрапейская палітыка і ёсць сёння такім полем бітвы. І пакуль выйграюць тыя, хто ў стане сабраць іх найбольш.

Краіна Еўропа: карабель, абцяжараны тамасам, злымі і галоднымі духамі, паволі апускаецца на дно акіяна гісторыі.

***

Трэба пачаць усё спачатку, падумаў ён: з простых, ясных рэчаў, у якіх немагчыма памыліцца.

Напрыклад, выкладаць гісторыю. У школе. У невялікім мястэчку пад Менскам.

Мець свой дом. З садам і невялікім гародчыкам.

Садзіць бульбу і гуркі, разам з усімі. Раз на год фарбаваць плот.

Нарэшце ўзяць шлюб і нарадзіць дзетак.

Укарэніцца, урасці ў глебу. Стаць часткай ландшафту: як старое дрэва альбо лясная дарога, што вядзе да крыніцы. А можа быць, нават і сваёй, маленькай легендай.

***

Так, лясная дарога. Яна ўсё ж такі сканчалася не тут, мусіў быць яшчэ адзін кавалак шляху. Можа быць, самы важны.

Ён адарваўся ад успамінаў і зноў угледзеўся ў раздарожжа наперадзе. Завёў рухавік і крануўся. Машына сама выбрала кірунак, направа, у гушчар, туды, дзе амаль нічога не праглядалася.

3.

Месца было прыўкраснае. Як быццам яго стварылі адмыслова. Як сюды патрапіў, ён не памятаў. Ехаў, арыентуючыся на інтуіцыю, на ўнутранае пачуццё, заварочваў, калі здавалася гэта вартым. Што дзіўна, амаль заўсёды знаходзіўся працяг, выглядала, што дарога не скончыцца ніколі, так што ён амаль з палёгкай выбраўся на невялікую, зарослую травой і хмызам, забалочаную на ўскрайку паляну.

Далей дарогі не было.

Але быў пах, які за доўгія гады вандровак Багдан пазнаваў беспамылкова. Пахла вадой. Наперадзе мусіла быць лясное возера. І калі пашэнціць, з крыніцай.

Сапраўды, усё так і было, Багдан пакінуў машыну і, прадраўшыся праз хмызняк, убачыў сцежку, якая вяла далей. Пад нагамі хлюпала і калыхалася, было крыху страшна. Сцежка відавочна была кладкай, і вельмі даўняй. Ён зрабіў кій і прамацваў дарогу, бо часам яна абрывалася, сыходзіла пад ваду, і тады прыходзілася ўзважваць кожны крок наперад.

Але пах вёў напрасткі, і ўрэшце ён выйшаў на зарослы рэдкім лесам сухі ўзгорак.

Наперадзе адкрылася возера, празрыстае і ўтульнае. Яно было забалочанае толькі з аднаго, далёкага боку. З іншых вада выходзіла ў пералесак, сухі, чысты, з некалькімі пясчанымі пляжамі.

Гэта было тое, што ён шукаў. Тое, што яму снілася апошнімі месяцамі.

Адзіная праблема — сюды не было як пад’ехаць. Трэба пакідаць машыну і перацягваць рэчы па кладцы. Па якой і аднаму было ісці небяспечна. І ўсё ж — пасля невялікага роздуму — ён адважыўся.

Выбраў для стаянкі невялічкую палянку між соснамі, на ўзвышшы. Выцягнуў з машыны раскладанкі: крэсла і столік, перацягнуў на выспу, разам з прыпасамі. Паставіў намёт, вызначыў месца для вогнішча.

З дровамі тут не было праблемы: сухадрэвіны ляжалі паўсюль, не трэба было нават кудысьці ісці. За паўгадзіны ён зрабіў запас на тыдзень, а можа, і больш.

Распаліў вогнішча, хаця асаблівай патрэбы не было.

Уладкаваўся ў фатэлі.

Надыходзіў надвячорак, усё навокал заціхла і супакоілася.

Раптоўна ён адчуў спакой і цішыню ўнутры сябе. Як быццам бы хтосьці прыйшоў у пакой і нарэшце выключыў радыё, якое гучала так доўга і так гучна.

Тут не паўставала аніякіх іншых думак. Увогуле ніякіх думак.

Ён не заўважыў, як патрапіў у сутонне.

***

Вогнішча гарэла роўна, можна было прасядзець усю ноч.

Падумалася, што тут можна было б застацца, і не на тры дні, а на месяц, а можа, нават і болей.

Быў толькі першы вечар, а ён адчуваў спакой і бяспеку, як быццам хтосьці нябачны ахоўваў яго тут.

Звычайна ў лесе нават з вялікай кампаніяй бывала трывожна. Асабліва ўначы, калі адыходзіш убок, па патрэбе, і раптоўна застаешся адзін, у чужой і халоднай цемры.

Але тут месца было відавочна намоленае, як яны казалі. Хаця і не ясна кім і калі. Не было аніякіх слядоў турысцкай прысутнасці: рэштак вогнішча, пластыкавых бутэлек, яміны са смеццем.

Ён распрануўся і асцярожна ўвайшоў у ваду. Было нават цяплей, чым на беразе. Возера дымілася, вада была падобная да цёмнага люстэрка.

Ён лёг на спіну і, павольна падграбаючы, выплыў на сярэдзіну.

Адчуў, як вада змывае ўсё: успаміны, думкі, пачуцці.

Усё гэта сцякала, распушчалася ў возеры, пакідаючы яго пустым і шчаслівым.

А яшчэ ўверсе свяцілі зоры, як ніколі ў жыцці.

***

Месца сапраўды было адмысловым.

Гэта была вялікая выспа, аддзеленая ад зямлі шырокім пасам зарослага хмызам балота. Кладка была зробленая даўно, яна ўтравела і утрываліла, і ўсё ж наўрад ці хто рызыкнуў бы ісці праз яе ўвесну альбо ўвосень, пасля дажджоў.

Возера атачала выспу з трох бакоў і ўзвышша, на якім ён паставіў намёт, нагадвала рубку карабля.

Ён абышоў выспу цалкам, знайшоў шчаўе і чабор, а таксама зарасці арэшніка і нейкія чырвоныя ягады, на далёкім канцы выспы.

Нацягаў камянёў і абклаў вогнішча. Зрабіў навес, лаўкі. Падумаў, што будзе вяртацца сюды кожны год. І што гэтае месца будзе ягоным сакрэтам.

У ім відавочна была загадка.

Яно было аж занадта прыгожае. Падрыхтаванае. Як быццам перад ягоным прыездам хтосьці добра папрацаваў над ландшафтам.

Гэта мог быць стары схрон, дзе калісьці хаваліся людзі.

Можа быць, партызаны. А можа, і акаўцы. Ці ўвогуле штосьці больш старое.

Тады тут мусілі быць зямлянкі, замаскаваныя, альбо нават засыпаныя. Зрэшты, невялікія ўзгоркі і маглі быць зямлянкамі. Але пагоркі былі тут паўсюль, і ўваход знайсці досыць складана. Можна зрабіць некалькі раскопаў, на спробу. З іншага боку, гэта маглі быць старыя пахаванні — і тады лепей нічога не кранаць, не турбаваць памерлых.

Ён прыгадаў адну гісторыю. Пра настаўніка, які сышоў у лес разам з выпускным класам менскай гімназіі. Падчас апошняга паўстання. Эва Дамініка расказвала яму пра гэта, вельмі даўно.

Пра нейкі схрон у пушчы, дзе яны хаваліся амаль дваццаць год. І дзе мусілі застацца іх запісы.

***

На другі дзень думак не было ўвогуле. Свядомасць была чыстая, як быццам яе добра вымылі.

Ён прачнуўся на дасвецці, распаліў вогнішча. Згатаваў каву, уладкаваўся ў фатэлі і заціхнуў на пару гадзінак, сузіраючы абуджэнне прыроды.

Потым сняданак і крыху гаспадаркі.

Узышло сонца, ён пайшоў да возера, купацца. Купаўся амаль да абеда, пасля схаваўся ў цень разлеглых соснаў і ядлоўца.

Прыгадаў пра кнігу, ён прыцягнуў яе на выспу разам з прыпасамі.

Было прыемна разгарнуць старонкі са знаёмымі персанажамі. Сунь У-кун, князь малпаў, суправаджае мніха Сюань Цзана у ягоным падарожжы. Змагаецца з пярэваратнямі, духамі.

Ужо чым чым, а духамі і пярэваратнямі кніга была набітая пад завязку. І што цікава, пярэваратні не былі чымсьці чужым і варожым. Збольшага, гэта звычайныя людзі, якія дазволілі сабе патануць у крыўдзе, помсце, нянавісці. І душы якіх прымалі пачварныя формы. Іх можна было вярнуць да сябе, у чалавечы свет. Дзеля гэтага і былі патрэбныя будыйскія сутры.

А яшчэ кніга нагадвала яму пра Францішка і Эву Дамініку. І адну цудоўную ноч, што здарылася з імі ў далёкую эпоху.

Ён падумаў: увесь час, пакуль яна была з ім, пакуль ён вазіў яе ў падарожжы, гэтая ноч суправаджала яго, як талісман. Не кніга, а тая ноч была талісманам!

***

На трэці дзень прыйшла саламандра і кінулася ў агонь. Ён назваў яе для сябе саламандрай, хаця гэта была жамяра, падобная да саранчы альбо багамола. Яна ўскочыла ў вогнішча і ўмомант згарэла, пераўтварылася ў жменьку попелу.

Саламандры наадварот, з агню выходзяць, прыгадаў ён.

Ён сядзеў у фатэлі тварам на захад. Крыху збоку, за спінай гарэла вогнішча.

Раптоўна падумалася: у чалавека няма столькі словаў, каб проста назваць усе падрабязнасці аднаго летняга вечара.

Убачыць і апісаць усё. Усё разнатраўе і разналессе. Адмысловыя гукі і даўкія пахі. Расказаць пра ўсіх казюрак, якія абуджаюцца, выпаўзаюць у вечаровую прахалоду.

Пералічыць усіх матылькоў, што выпырхваюць свае дзівосна асіметрычныя танцы. Падзякаваць стрыбаўкам, што наразаюць паветра роўнымі долямі.

А яшчэ недзе непадалёку крэкчуць качкі. Ды і лес за возерам ажывае пасля дзённай спякоты, там пачынаюць выпаўзаць на свет божыя стварэнні.

Усё вакол цвіркоча, ціўкае, стракоча... жыве.

І зусім нічога не ведае — і не хоча ведаць — пра чалавека. Пра яго ідэі, эмоцыі. Перажыванні.

***

Ішоў чацвёрты ці пяты дзень, ён не памятаў дакладна. Можна было пачынаць думаць пра вяртанне.

Былі пэўныя сімптомы. Раз-пораз у свядомасці выплывалі ўрыўкі размоваў альбо нейкая забытая эмоцыя. Пачыналі паціху прыходзіць успаміны.

І ўсё ж вяртацца не хацелася.

Ён спазніўся з тэрмінамі, і цяпер адзін дзень анічога не вырашаў.

Ён прайшоў да машыны і вярнуўся, прыцягнуўшы рэшту прыпасаў. Хапала яшчэ як мінімум на тыдзень, а калі добра эканоміць, дык і на два.

Праўда, было адчуванне, што кладка змянілася. Ён памятаў, што яна ішла каля старога, даўно высахлага дрэва, а тут дрэва заставалася збоку, а кладка ішла напрасткі.

І яна была больш свежая і нейкая больш топкая, як быццам бы яе падмывала плынню.

На наступны дзень ён вырашыў пазваніць і прабачыцца за спазненне. Перанесці прыезд на тыдзень. Паспрабаваў выйсці са сваёй выспы, але так і не знайшоў кладкі.

Яна знікла.

Там, дзе ён ішоў у мінулы раз, была чыстая твань, без аніякіх слядоў і прыкметаў таго, што было ўчора.

Напачатку падумаў, што гэта жарт. Потым — што людзі так не жартуюць.

Няясна, куды ўсё падзелася. Магчыма, падводная плынь паціху размывала грунт, і кладка засталася пад вадой, апусцілася.

Але калі ён паспрабаваў прайсці ўчарашнім шляхам, амаль адразу праваліўся па пояс і ледзьве выбраўся з твані.

Паўгадзіны сядзеў на беразе, сэрца шалёна білася. На момант яму здалося, што ён чуе там нейкія галасы ці нават варушэнні.

Падумалася, што выспа не хоча яго адпускаць. Прыгадаў гісторыі з дзяцінства, пра драпежныя кветкі, якія заманьваюць свае ахвяры, а потым закрываюць пялёсткі.

Ён крыху спалохаўся гэтае думкі і адагнаў яе ад сябе.

Увесь наступны дзень ён спрабаваў знайсці выйсце. Нават звязаў невялікі плыт і падплыў да другога берага. Але там берага не было ўвогуле. Толькі водарасці, хмыз і топкая хіжая твань.

***

Запасаў было як мінімум на тыдзень, а можа, і на дватры, калі эканоміць. Дзякаваць богу, ён перанёс усё ў лагер.

Былі яшчэ бутэлькі віскі, якія ён так і не скарыстаў.

Можна было спадзявацца на цуд. На тое, што яго знойдуць, заўважаць. Усё ж такі месца было прыўкраснае і сюды раз-пораз мусілі патрапляць людзі.

Альбо на тое, што вернецца кладка.

Трэба было яшчэ раз пралічыць усе варыянты і выбраць штосьці адно. І пачаць дзейнічаць.

Магчыма, выйсце было недзе побач, і толькі ягоная мітусня не дазваляла яго ўбачыць. Найперш трэба супакоіцца, падумаў ён. І крыху пачакаць.

А яшчэ можна паваражыць на кнізе. Загадаць старонку і нумар радка. Калі Падарожжа на Захад было талісманам, у кнізе мусілі быць падказкі.

Цяпер ён дачытае яе да канца, у гэтым ужо не было аніякіх сумневаў.

***

Прайшоў тыдзень. Ці амаль тыдзень, ён ужо заблытаўся з днямі і начамі.

Там, у Менску, яго ўжо, пэўна, шукалі.

Набліжаліся выбары, і ягонае знікненне будзе патрактаванае адназначна.

Магчыма, ужо напісаны новы сцэнар. І надрукаваныя плакаты, з якімі перад галасаваннем будуць выходзіць на Плошчу. І гэта нават не будзе свядомай хлуснёй: ніхто сапраўды не ведаў, што Багдан збіраецца ехаць раней і па іншым маршруце.

Зрэшты, ён сам зрабіў усё, каб заблытаць сляды.

І нават калі ён урэшце здолее выбрацца адсюль, наўрад ці яму будуць рады. І наўрад ці павераць. Гісторыя з выспай была неверагодная — аж занадта.

Ніхто не паверыць, што ўсё гэта не было запланавана. І астатнія зніклыя адразу патрапяць пад пытанне.

Хіба толькі, калі б яго шукалі і знайшлі, а не ён сам выбраўся.

Але ці хтосьці сапраўды падумае пра яго? Будзе хвалявацца, шукаць, а не проста цынічна пакарыстаецца ягоным знікненнем?

Першым, канечне, будзе гэты гадкі сайцік, плахішы, як яны іх называлі міжсобку.

І ўсе гэтыя бухгалтары і менеджары — яны, пэўна, ужо аж падскокваюць ад радасці. Сапраўды, такі падарунак лёсу перад кампаніяй.

Магчыма, яго вернуць у Сойм і нават узновяць у Радзе.

І тут ён з’яўляецца. Радасны і спакойны. Пасля адпачынку.

Можна было б пратрымацца пэўны час. Можа, нават да канца выбараў. Каб не сарваць кампанію.

Але тады ўжо пэўна ніхто не паверыць.

Ён не адразу дазволіў сабе прамовіць тое, што прасілася на язык, што лагічна выцякала з сітуацыі.

Смерць была б самым лепшым выйсцем. Смерць на выспе, шчаслівая смерць.

***

Паўсюль былі нейкія гукі: шэпты, стогны, няўцямныя мармытанні. Яны гучалі прыцішана, як быццам крыху здалёк. Але ніякага здалёк тут не было, яны гучалі проста ў яго галаве.

Калісьці ён сказаў, што гатовы да такога лёсу. Гатовы сысці нават у пекла, калі будзе такая патрэба.

Яны стаялі ў кавярні і гаварылі. Назву кавярні ён забыў, памятаў толькі, што гэты было штосьці зусім простае, амаль банальнае.

І гэта была важная размова.

Яны спрачаліся пра вызваленне. Пра тое, ці варта было Арфею спускацца ўніз, па Эўрыдыку.

Ён тады сказаў, што варта, і насамрэч у Арфея няма выбару. І дадаў, што сам гатовы заплаціць гэты кошт, калі такое здарыцца.

Францішак жа гаварыў пра ўзвышэнне. Пра пустату нябёсаў. Пра тое, што выбар заўсёды ёсць.

І што спускацца насамрэч нікуды непатрэбна. Бо свет, як ён існуе ва ўяўленні звычайнага чалавека, і ёсць пекла.

І што менавіта ад гэтага пекла спрабаваў вызваліць чалавека прынц Гаўтама.

***

Хаця ўсё было не так, як у Арфея.

Напачатку яны ўзвышаліся. І тады, калі збіраліся на спеўкі, і тады, калі сустракаліся ў Гістарычным клубе. Набіралі вышыню. Назапашвалі карму.

А далей, напэўна, быў ужо толькі спуск.

Уніз, у Аід. У краіну ценяў.

У якой яны, маленькія цынавыя жаўнерыкі, вядуць сваю апошнюю вайну. Іх усё меней. І адзін за адным яны прападаюць. І цемра вакол усё больш густая.

Магчыма, ён ужо застаўся адзін.

Апошні герой са смешнага комікса пра змаганне.

Хто будзе паміраць апошнім, калі ласка, патушыце святло, — прыгадаў ён словы з нейкага амерыканскага фільма.

Святло патухла само.

Вакол варушацца хіжыя і страшныя істоты, мілыя пачварынкі, якія тут у сябе дома.

І ясна, ніякай Эўрыдыкі.

***

Затое было дзве бутэлькі віскі, пра якія ён амаль забыў.

Хрэнушкі вам, падумаў Багдан. Будзем выбірацца.

***

Запаліліся агні.

Праўда, зусім не там, дзе яны маглі з’явіцца і дзе ён іх падсвядома чакаў. Не на палянцы, дзе стаяла машына і куды тэарэтычна маглі даехаць, турысты ці нават мясцовыя рыбакі.

Агні свяцілі на другім баку возера.

Да таго ж, там чуліся галасы.

Як быццам бы людзі сабраліся каля вогнішча, сядзелі і пра штосьці гаварылі. Там не магло быць вогнішча і людзей, гэта ён разумеў.

Ён зусім не баяўся, бо ўжо адчуў гэтае месца сваім. Ведаў тут кожнае дрэва, кожны пагорак.

Віскі заставалася на донцы, ён дапіў да канца, і затрымаў дыханне, каб супакоіцца. Яно зрабіла сваю справу — зноў пацяплела ўсярэдзіне, думкі сталі яснымі і вясёлымі.

І раптам яму ўсё стала зразумела.

Кніга сапраўды была талісманам. Адганяла злых духаў.

А цяпер, у патрэбны момант, і Сунь У-кун, вялікі князь малпаў з сябрамі прыйшоў яму на дапамогу! Гэта яны сталі лагерам на другім баку возера і рыхтавалі ўцёкі.

Усё, як абяцаў Францішак, падумаў ён. Адкуль ён ведаў?

Падумаў таксама, што найперш трэба настроіць сваё сэрца.

Так, сэрца! Яно мусіць быць адважным, — і пяшчотным. А галоўнае непахісным. Усе нашыя бітвы мы выйграем альбо прайграем менавіта там, у сэрцы, прыгадаў ён чыесьці словы.

Што б далей ні здарылася, сэрца мусіць заставацца выспай, крэпасцю.

Падумаў таксама, што мусяць быць месцы ў памяці — ягонай памяці, з якіх можна патрапіць у іншую будучыню. І калі ён прыгадае, адчуе гэтае раздарожжа, можа прачнуцца зусім у іншым часе. А магчыма, і іншай асобай.

Агні свяцілі так, як быццам бы яны свяцілі проста ў яго свядомасці, а зусім не на балотцах за возерам.

Яшчэ раз услухаўся. І не толькі ў галасы і шэпты навонкі.

Штосьці змянялася ўнутры яго. Надышоў момант, калі трэба было прымаць рашэнне.

Ён падняўся, знайшоў плыт, спусціў яго на ваду і асцярожна паплыў наперад.

4.

— Хлопчыкі мае, вы зусім сп’янелі, — сказала Эва Дамініка ціхім шэптам, сама сабе, і ў гэтым шэпце чулася складанае, можа быць, нават занадта складанае сугучча.

Там відавочна было захапленне, крыху замілавання, каліўца трывогі, і ўсё гэта змяшана з радасцю, якая бывае ад раптоўнага — і ўсё ж такі даўно чаканага — падарунка.

Гэтыя два хлопцы, якія выпадкова сустрэліся на калідоры пару гадзінаў таму, цяпер сядзелі перад ёй, і яны былі ўжо амаль закаханыя, яна адчувала гэта беспамылкова.

Адчувала па-свойму, нейкім дзіўным пачуццём, якое нібыта спала стагоддзямі і цяпер прачнулася ў ёй, і вяло, і падказвала.

Гэта былі яе мужчыны, яна ведала тое дакладна.

Адзін, прыгожы класічнай прыгажосцю, але пры гэтым тонкі і надзейны, раз-пораз яна кідала позірк на ягоны профіль, такіх выбіраюць аднойчы і назаўсёды, і кахаюць усё жыццё. Ідуць разам, праз усе перашкоды, і ніколі не шкадуюць.

І другі, няўлоўны і ўсюдыпрысутны, як дождж з маланкамі, асаблівы і крыху звар’яцелы. З ім хацелася б цалавацца, раптоўна падумала яна. І рабіць розныя мілыя рэчы, якія назаўтра будзеш прыгадваць з няёмкасцю — танчыць голай на стале, блукаць пад дажджом увесь дзень.

Яшчэ ўчора яна думала пра шэрасць і невыразнасць вонкавага, знешняга свету, які вабіць і спакушае толькі тады, калі глядзіць з будучыні. А калі прыходзіць у цяпершчыну, рассыпаецца ў друз, у пыл, і прамінае занадта хутка.

А тут усё раптоўна пачало складацца, і само сабой, без аніякіх высілкаў з яе боку.

У сэрцы зашчыміла — яна падумала, што магла б і не паверыць, прамінуць гэтыя дзверы. Магла б сядзець на дні нараджэння, слухаць размовы ні пра што. Дурныя жарты, заляцанні. І тады яе жыццё склалася б зусім па-іншаму.

Але яна штосьці адчула ўнутры, паднялася і выйшла, і апынулася там, дзе яе чакалі.

У галаве круцілася мелодыя, знаёмая аднекуль, хаця яна і не магла прыгадаць адкуль. Яна міжволі адбівала такт, хацелася знайсці фартэпіяна і прайграць.

Дастала з торбы сшытак і занатавала некалькі фрагментаў. І тады зразумела: гэта была яе ўласная, яшчэ не напісаная, музыка.

***

Багдан расплюшчыў вочы і асцярожна агледзеўся. Ён сядзеў на падлозе, абапіраючыся спінай на рэшткі фатэлю. Ён адключыўся зусім на пару секундаў, але штосьці адбылося за гэтыя секунды, ён быў гатовы паклясціся.

Большасць рэчаў захаваліся такімі, якія яны й былі. Але некаторыя змянілі месца, а іншыя — нават форму.

Шафа каля сцяны падазрона нахілілася. Вялікі плакат, шэдэўр агітацыйнага мастацтва — жыць і вучыцца па-ленінску! — споўз са сцяны ўніз. Двухпудовая гіра, якая стаяла ў далёкім куце, перамясцілася на пару метраў бліжэй.

Яны танчылі танец дэрвішаў, гэта апошняе, што ён памятаў.

Эва Дамініка выцягнула са стосу кружэлку Равэля, яны засмяяліся: што яна робіць у скрыні для агітатара і прапагандыста, было незразумела, а Францішак сказаў, што гэта насамрэч старажытны суфійскі танец, і што, калі яны не супраць, можна паспрабаваць тэхнікі экстаза.

Яны былі ўжо гатовыя да гэтага вар’яцтва. Напачатку смешна, але паступова рытм падпарадкоўваў, прымушаў рухацца ўсё хутчэй і хутчэй. Сэрца выскоквала з грудзей. Было адчуванне: яны падышлі да краю магчымага.

А потым свядомасць адключылася і засталася толькі музыка, і радасць, і неверагоднае шчасце.

Што было перад гэтым, прыгадвалася з цяжкасцю.

***

Ён прыйшоў за паўгадзіны да шостай і ўладкаваўся ў кафетэрыі насупраць інтэрната. Узяў каву з малаком і стаў за стойку каля вакна.

Кава была гідотная, як толькі магла быць савецкая кава з малаком. Але больш нічога не было, а яму было патрэбна спакойна пастаяць каля вакна, за стойкай, і прыгледзецца.

З вакна быў бачны фасад і крыху ўнутранага дворыка. Як у фільмах пра шпіёнаў, падумаў ён, і яму стала смешна.

Далей жа ўсё пайшло нават занадта добра, і ён расслабіўся.

Ён дачакаўся кубінцаў, калі тыя вярталіся з крамы з поўнымі торбамі. Ён ведаў, што яны пакідаюць бутэльку піва на вахце, і вахцёр, — аднарукі Джо, як называлі яго студэнты, — адразу падымаецца і нясе яе ў лядоўню. А тая стаіць у пакойчыку каменданта, наперад па калідоры і крыху ўбок ад вахты. Тры-чатыры хвіліны, як мінімум.

У гэты момант можна прайсці незаўважаным, і ты амаль прывід, цябе няма.

Ён ужо аднойчы сюды прыходзіў. Яны вырашылі нарэшце заняцца агітацыяй і прапагандай і раздрукавалі на старой машынцы дзесяць экземпляраў “Пагоні” Багдановіча.

Ён пакінуў іх на падваконні, напрыканцы калідора, там, дзе звычайна палілі. Тады ўсё засталося без водгуку, ці мала хто любіць Багдановіча, да таго ж на калідорах забывалі і не такія рэчы.

Гэтым разам усё мусіла быць больш сур’ёзна.

***

Багдан ведаў, што трэба быць асцярожным. Першы гістфакаўскі інтэрнат меў благую славу. Усё, што гаварылася ў інтэрнацкіх пакоях, а часам нават і на калідорах, — адразу рабілася вядомым у дэканаце.

Асцярожнасць стала часткай яго натуры, асабліва пасля таго, як іх заўважылі. Пачалі выклікаць на камсамольскія сходы, у парткамы, а некаторых нават у першы аддзел.

Яго таксама правялі па ланцужку, але ў першым аддзеле маладзенькі лейтэнанцік у цывільным не ламаў камедыю, а адразу сказаў, што тут пахне нацыяналізмам, і калі б такое было ва Ўкраіне, з ім бы не цацкаліся, а паставілі б да сценкі, як бандэраўца. Падзякуй, што з табой увогуле размаўляюць, хлопча.

Багдан пакрывіўся, але праз хвіліну рашуча нацягнуў маску і сказаў, што ўсё зусім не так, як здаецца. Тое, за што ўчора хвалілі на сходах і насценгазетах — сёння за гэта хочуць ламаць ногі, тут ён нахіліўся да лейтэнанціка як да свайго, толькі з-за таго, што хтосьці прачнуўся не ў гуморы, і вырашыў, што пахне не так, як звычайна.

Яны ўсяго толькі адраджаюць народныя традыцыі. Фальклор, спевы, танцы. Інфармацыя пайшла ўжо на самы верх, засталося пачакаць зусім крыху. Разбяруцца без нас, і па справядлівасці. Галоўнае не бегчы наперадзе ўсіх у такіх справах.

Ён глядзеў на лейтэнанта як чалавек, які ўсё разумее, і лейтэнант засумняваўся. Гістфак быў нашпігаваны чыімісьці дзеткамі, якія многа ведалі і, галоўнае, увесь час давалі інфармацыю на самы верх. І тады бясконцыя званкі начальства, праверкі, рэвізіі ды іншая трасца.

Тут было месца з сюрпрызамі, яшчэ памяталася гісторыя першага года. На якой ён ледзь не зламаўся.

Паступіў сігнал на студэнта — на семінарах прапагандуе буржуазных аўтараў, чытае і перадае самвыдат. Сігнал быў ад старасты, якога яны распрацоўвалі ўжо каля года. Раз на месяц стараста прыносіў доўгія справаздачы, дзе падрабязна апісваў, хто што сказаў і з кім сустракаўся.

Буржуазныя аўтары хутчэй за ўсё былі ўзятыя з часопіса “Замежная літаратура”, а самвыдат — перадрукаваныя на машынцы песні Высоцкага ці Акуджавы. Цягнула максімум на вымову на камсамольскім сходзе.

Яму была патрэбная рэальная справа, а не гэтая дзіцячая фронда. Справа, што была б сапраўдным пачаткам ягонай кар’еры. Выкрыццё антысавецкай групы, як мінімум. Але ўсё рэальнае было ў далёкіх сталіцах. Зрэшты, можна было дапамагчы. Паспрыяць, падштурхнуць. Надаць форму.

За тыдзень антысавецкая група была гатовая.

Са студэнтамі праблемы не было, стараста назваў пяць прозвішчаў. А вось кандыдатуры выкладчыкаў трэба было ўзгадняць. На кіраўніка групы ён намеціў аднаго дацэнта, які толькі вярнуўся з Нью-Ёрку і, акрамя спецкурса па Вітгенштайну і дарагіх несавецкіх касцюмаў, частаваў некаторых студэнтаў у курылцы замежнымі цыгарэтамі.

Але калі ён прыйшоў з гэтай ідэяй да начальства, тое не надта ўзрадавалася. І праз некалькі дзён лейтэнант зразумеў, чаму. Справы дацэнта ў сваім архіве ён не знайшоў, а на запыт па інстанцыях яму адмовілі без тлумачэння прычынаў. Гэта магло значыць толькі адно: дацэнт быў старэйшы за яго па званні, і ў Нью-Ёрку займаўся не толькі Вітгенштайнам.

***

Багдан выскачыў тады з гэтай сітуацыі амаль без наступстваў.

Калі не лічыць заваленай сесіі, з двума траякамі, бо ў галаве нічога не затрымлівалася.

Але цяпер было лета, і ўсё неяк пацяплела, расплылося, выглядала менш сур’ёзным. І яму захацелася яшчэ раз прайсціся па месцах злачынства і ўрэшце зрабіць тое, у чым іх так хацелі абвінаваціць.

Ён не сумняваўся, што яны маюць непахіснае алібі. Якраз таму, што менавіта на іх першых і мусіла ўпасці падазрэнне. Толькі самагубцы маглі адважыцца на такое — і ён у думках глядзеў на лейтэнанта і абсалютна шчырым голасам дадаваў — але мы ж не самагубцы, мы ўсяго толькі адраджаем народныя традыцыі.

Ён разлічыў дакладна. Вычакаўшы хвілінку пасля кубінцаў, адчыніў дзверы. Аднарукі Джо яшчэ не вярнуўся, дзесяць крокаў наперад, налева, наперад і зноў налева. Вось і ўсё. Падняўся на трэці паверх, прайшоўся па калідорах.

Прыслухаўся.

Улётак было пятнаццаць. На белых аркушах чырвоным фламайстрам пад трафарэт быў выведзены сказ:

КРАІНА Ў КРАТАХ!

Пакінуў дзве на кухні, тры рассаваў па партах у пакоі для падрыхтоўкі. Потым падумаў, што можна засоўваць пад дзверы і гэта самае эфектыўнае. Праз колькі дзён народ пачне вяртацца, і тады гэты сюрпрыз выбухне.

Як бомба Мазанік, падумаў ён і ўсміхнуўся.

Ён спыніўся напрыканцы калідора, у невялікім закуточку каля вакна, выцягнуў цыгарэту, запаліў.

Справа была зробленая і зробленая паспяхова. Цяпер можна было адступаць. Дачакацца вясёлай кампаніі і выйсці разам з імі, каб не свяціцца.

І ўсё ж штосьці было не так.

Была яшчэ адна рэч, больш важная, якую ён пачынаў разумець толькі цяпер.

***

Эва Дамініка выйшла папаліць на калідор, і тады пабачыла гэтую постаць.

Правагалася крыху, павярнуць у другі бок, прайсці паўз яго — але штосьці ў незнаёмцу выклікала давер: ён стаяў на месцы, якое ёй адразу спадабалася. Прытуліўся ў куце якраз так, як яна любіла рабіць — амаль схаваўшыся ад усіх і ў той жа час з выклікам.

Твар быў аднекуль знаёмым.

Яна падышла і папрасіла прыпаліць, забыўшыся схаваць запальнічку.

Запыталася па-беларуску. Ці можна прыпаліць папяроску? Гэтая папяроска прагучала неяк зусім несур’ёзна, амаль какетліва. Як цытата з фільма, альбо як пароль.

Чалавек ля вакна паглядзеў на яе са здзіўленнем, узяў яе руку і падпаліў яе цыгарэту яе ж запальнічкай.

І адказаў — таксама па-беларуску. Калі ласка.

Цяпер ужо не было ніякіх сумневаў, гэта быў Багдан.

Яму відавочна было няёмка, быццам бы яго заспелі за чымсьці зусім асабістым. Яна ўбачыла, як у яго дрыжаць рукі, калі ён падпальваў цыгарэту. Хацела сказаць, што яны сустракаліся, хаця й не знаёміліся — на спеўках, што гэта яна...

Але не паспела.

— А я Вас ведаю, — сказаў ён.

Вы дух пані Катарыны, адной менскай шляхцянкі канца васямнаццатага стагоддзя. Якраз тут, на гэтым месцы, была Вашая сядзіба.

Пра Вас ходзяць легенды ў інтэрнаце.

Гавораць, што вы блукаеце па калідорах і спакушаеце тутэйшых хлопчыкаў. Асабліва тых, якія не ведаюць і не хочуць ведаць тутэйшай гісторыі. А потым яны прачынаюцца ўначы, на руінах старога замку, сярод прывідаў і духаў.

Дарэчы, Ваш партрэт ляжыць у запасніках Музея, якраз цяпер яго збіраюцца выставіць.

Але тут, у жыцці, Вы значна маладзейшая.

Ён відавочна не пазнаў яе і гаварыў як з незнаёмай дзяўчынай. Зрэшты, гэта не дзіўна. Яна была на спеўках усяго некалькі разоў. І прасядзела на заднім шэрагу, прыслухоўваючыся. Там быў патрэбны іншы голас і іншыя спевы, не такія, якім іх вучылі ў кансерваторыі.

Рукі дрыжаць, — яшчэ раз падумала яна. І голас быў нейкі няўпэўнены, як быццам бы ён думаў пра нешта сваё.

Трэба было адказваць. Нарэшце пазнаёміцца, хаця й пры такіх дзіўных абставінах.

— Усё гэта праўда, але не зусім. Я — Эва Дамініка.

Катарына — мая малодшая сястрычка. Я не магу запрасіць Вас у свой маёнтак, хаця мне і вельмі хочацца. Прынамсі, не адразу. У гэтым свеце ён ужо даўно не існуе, а ў той вам яшчэ рана.

***

Ён пераацаніў сітуацыю.

Гэта ў заходніх раманах мудрыя следчыя адкідаюць першыя, самыя відавочныя гіпотэзы.

А нашыя, савецкія следчыя трымаюцца за такія версіі аберуч. Ды яшчэ падганяюць пад іх саму рэальнасць. І калі тая ўпіраецца, не згодная — тым горш для яе.

Ён зразумеў усё, што адбылося.

Ён сам, без аніякага прымусу, падставіў сябе і сваіх сяброў, а таксама справу, якой яны займаліся. І якая была надзвычай важнай, гістарычна важнай — і не толькі для іх асабіста.

Лейтэнант не будзе адкідаць занадта відавочную версію. А радасна перасаджае ўсіх і закрые справу. І пойдзе абмываць наступныя зорачкі на пагонах.

У пэўны момант ён злавіў сябе на памкненні вярнуцца. Сабраць усё, што магчыма. Нават калі штосьці застанецца, гэта не будзе выглядаць як антысавецкая акцыя.

Ён літаральна прымусіў сябе застацца на месцы.

Адступленне было ганебным.

Трэба ісці далей. Наперад. Шукаць іншае выйсце.

Таму, калі да яго падышла дзяўчына і папрасіла прыпаліць, ён зразумеў, што гэта шанец. Удваіх выбірацца прасцей, на парачкі менш звяртаюць увагі. Да таго ж, яна спытала па-беларуску, а значыць была свая. Можна дамовіцца, прыдумаць легенду.

Але тут паўстала яшчэ адна постаць. І яна ішла ў іхні бок.

***

Чалавек ішоў па калідоры, злёгку хістаючыся. Амаль плыў у паветры. Як быццам ён быў п’яны, альбо проста не ўпэўнены да канца ў сваім выбары. З’явіцца ў гэтым часе і месцы ці знайсці для матэрыялізацыі больш вясёлую эпоху.

Ён падышоў да іх і спыніўся.

Паэт і арыенталіст-аматар, сказаў ён, вытрымаўшы паўзу. І працягнуў руку для знаёмства.

Багдан прамаўчаў. Усё пачынала нагадваць тэатр абсурду. Спачатку прыпаліць папяроску, потым арыенталіст-аматар. Верагоднасць сустрэць на калідоры першага інтэрната чалавека, які звернецца да цябе па-беларуску была зусім малая. А арыенталіста-аматара дык і зусім знікомая, тысячная доля працэнта. І гэта прымушала насцеражыцца.

Але Эва Дамініка прыняла выклік.

Нікому не вядомая спявачка, назвалася яна і працягнула руку ў адказ.

Багдан зразумеў, што не мае выйсця. І што план адыходу, які пачынаў складацца ў яго галаве, адкладаецца на няпэўны тэрмін.

Проста герой, сказаў ён. Пакуль на свабодзе, але ўжо заўтра мае ўсе шанцы патрапіць у месца, дзе звычайна й сканчаюць сваё жыццё проста героі.

Нарэшце, сказаў чалавек і ўсміхнуўся.

Я чакаў нашай сустрэчы стагоддзямі.

***

Францішак потым кляўся, што ён сапраўды плыў у паветры, практыкуючы сакрэтныя даоскія тэхнікі хады праз рэальнасць.

У яго былі ключы ад Ленінскага пакоя і два літры мадэры, якую ён прывёз з Крыму.

І гэта цалкам мяняла справу.

5.

Не баішся заўтра прачнуцца на руінах? — запыталася Эва Дамініка.

Яе голас канчаткова аддзяліўся ад яе. І яна са здзіўленнем услухоўвалася ў свае ўласныя інтанацыі.

Пра сядзібу я не жартавала. Эва Дамініка Вайтовіч мая прабабка, і яна мела маёнтак недзе тут, пад Менскам. Пра яе бацьку, Севярына Вайтовіча, расказвалі легенды.

Ён знік без следу ў апошнія месяцы паўстання. І звёў з сабой увесь выпускны клас менскай гімназіі. Афіцыйна гэта лічылася фальклорнай экспедыцыяй, але папаўзлі чуткі, што насамрэч яны ідуць шукаць Каралеўства.

Улады, праўда, вырашылі, што яны сышлі да інсургентаў. І будуць прабівацца праз Польшчу ў Аўстра-Вугоршчыну. Выставілі заслоны на ўсіх дарогах. Але нікога не было. Яны проста зніклі.

Урэшце яны вярнуліся. Праз дваццаць год, пасля амністыі, — працягнула яна. І нічога нікому не тлумачылі.

Мне цяжка ўявіць, што адчувала прапрабабка, калі ён нечакана з’явіўся на парозе. Напачатку, хутчэй за ўсё не паверыла. Падумала, што гэта толькі сон, і крыху засмуцілася. А потым нават пералякалася — падумала, што памёрла і яны сустрэліся як духі, — ужо на тым беразе. Яны ўсе тады чыталі Сведэнборга.

Яе вярнулі да прытомнасці пахі і водары роднага краю, — расказвала яна потым. Яна раптоўна зразумела, што духі не бываюць такія брудныя і не пахнуць, як мужыкі.

Ва ўсёй гэтай гісторыі засталося дзве загадкі.

Што за Каралеўства яны шукалі.

І дзе іх запісы, што паўсталі за гэтыя гады.

Запісы потым шмат хто шукаў. У розных архівах. Па сямейнай легендзе, яны пакінулі іх на выспе, пасярод ляснога возера, каб потым вярнуцца.

***

— Што вы там шэпчацеся, даражэнькія, — Францішак расклаў абрус проста на падлозе і сканчаў прыгатаванні.

Шклянкі былі напоўненыя, сыр пакроены, да ўсяго быў дададзены кавалак сала, цыбуліна і хлеб, ён рабіў усё гэта радасна і цырымонна, як быццам гэта быў ягоны дзень нараджэння, на які нарэшце завіталі госцейкі дарагія.

Запрашаю на сціплы сімпазіён, сказаў ён урачыста.

Парменід ужо ў дарозе, і Платон, і цені некаторых вельмі старых кітайцаў будуць з намі.

Сакрат, праўда, затрымаецца, ён зараз на бяседзе ў Агатона. Вы мусіце памятаць Агатона. Мы былі там у мінулую нашую сустрэчу. У адным з пяпярэдніх жыццяў.

***

Прапаную выпіць за Караткевіча, — сказаў Багдан, крыху з выклікам, уважліва гледзячы на Францішка. За чалавека, які вярнуў народу Айчыну.

Быў ужо трэці тост, і можна было пачынаць высвятленне, хто ёсць кім у гэтай кампаніі.

У яго быў цэлы набор такіх праверачных тастоў, для незнаёмых.

Звычайна гэта спрацоўвала: хтосьці з разуменнем усміхаўся, хтосьці пытаўся, хто такі Караткевіч, і чаму айчыну трэба вяртаць. Некаторыя прыгадвалі нашую агульную бацькаўшчыну і вялікі савецкі народ. Далей амаль заўсёды пачыналася дыскусія.

У гэтых далейшых спрэчках Багдан не ўдзельнічаў і толькі пасля падыходзіў да некаторых, знаёміцца яшчэ раз.

Але тут з ім ніхто і не збіраўся спрачацца, ён быў сярод сваіх.

Дамініка глядзела іранічна, як быццам бы ён сказаў штосьці, што і так усе ведаюць. І пра што не прынята гаварыць наўпрост.

Францішак усміхнуўся, радасна, прыязна і таксама крыху іранічна.

І за народ, — сказаў ён, працягваючы тост. — Які ніяк не можа зразумець, што яму рабіць з такім шыкоўным падарункам.

***

Першы тост быў за нечаканае спатканне — у гэтым жыцці, — удакладніў Францішак, другі — за Эву Дамініку і за прыўкраснае як такое.

А пасля трэцяй усё раптоўна паплыло: у галаве зашумела, рэчы вакол сталі цёплымі і знаёмымі, і Багдан нарэшце расслабіўся.

За апошнія гады ён звыкся сябе кантраляваць, і цяпер адчуў, як гэта ўсё ж такі прыгожа: паціху сплываць разам з усімі ў плыні часу, не спрабуючы пралічваць, што адкрыецца там, за паваротам.

Проста ўглядацца ў свет, поўны загадак.

Тут ён быў сярод сяброў. І сяброў вельмі старых. Францішак штосьці казаў пра папярэднія спатканні, у мінулых жыццях. Багдан сапраўды меў дзіўнае адчуванне дэжа вю, як быццам бы гэта ўжо адбывалася.

Праўда, заставаліся яшчэ іншыя.

Тыя, хто хадзіў па вуліцах, кіраваў аўтобусамі і трамваямі. Стаяў каля станкоў на фабрыках і заводах, альбо за трыбунамі на плошчах і скверах. Заставаўся народ, які не ведаў, што яму рабіць з шыкоўным падарункам.

***

Угалаве ўсё яшчэ шумела, але думкі былі яснымі.

Яны нават не здагадваюцца, сказаў ён.

Ад іх схавалі самае істотнае. Радзіму. Мову. Мінулае і будучыню.

Трэба ім дапамагчы — расказаць, вывесці з цемры. Даць ім магчымасць самім усё ўбачыць.

Гэта можна рабіць толькі разам.

Калі мы разам, мы непераможныя.

І літаратура нам вельмі патрэбная.

Толькі не тая, прыкарытная. Лёкайская.

Літаратура павінна гаварыць праўду. Зрываць маскі.

Яны сядзяць у сваіх часопісах і выдавецтвах і думаюць толькі пра тое, што на іх век хопіць. І дзеткі іх ужо пасканчалі расейскія школы, з ангельскім ухілам. І дома яны ўжо даўно перайшлі на расейскую.

Самае дзіўнае — яны нас ненавідзяць. Бо мы прыйшлі тады, калі яны ўжо здаліся і нікога больш не чакалі. Прыйшлі як выратаванне, але і як помста.

***

Паслухайце, сказаў ён. Паслухайце гэта.

Я снiў, што дождж зацяты перасцiх, I промень коса ўпаў на горад мокры I заблiшчэў на лужынах, на вокнах, На дахах, на асфальце, на лiсцi.

I там, дзе панавала кагадзе Здранцвенне, — там завесы зарыпелi, I горад змрочны пасвятлеў ад белi Святочных шатаў выбеглых людзей.

I з кожнай вулкi, кожнага двара Я чуў iх смех i плакаў сам ад шчасця, А недзе спеў забыты нараджаўся... У тую ноч мне снiўся вольны край.

Гэта Караткевіч? — запыталася Эва Дамініка.

Не, гэта адзін малады геній, сказаў Багдан. З нашых. Алег Мінкін. Ягоныя вершы трэба ведаць на памяць.

***

Вольны край! Вы разумееце гэта — вольны край!

Засталося зусім няшмат часу, і нашая задача — стаяць да смерці, не паддавацца на спакусы.

Дарэчы, мы заснавалі арганізацыю.

Тайную. Штосьці накшталт масонаў. Толькі без гэтых дурацкіх рытуалаў. Цыркулі, нажніцы, мантыі, усё гэта ў дупу, цяпер не да гэтага.

Галоўнае — трымацца разам. Калі вам будзе патрэбная нейкая дапамога, скажыце, і мы будзем побач.

Пароль — Тэрмапілы.

***

Багдан гаварыў важныя рэчы і прамаўляў упершыню наўпрост, без канспірацыі і праверак. Без абачлівай асцярожнасці, да якой ён звыкся за апошнія гады.

Праўда, гучала ўсё гэта неяк па-дзіцячы.

І ягоныя суразмоўцы паводзілі сябе адпаведна.

Эва Дамініка глядзела на яго радасна, і крыху заклапочана. Яна ўзяла яго руку ў сваю і трымала. Нібыта ён ляжаў у ложку з высокай тэмпературай і трызніў. А яны зайшлі яго праведаць.

Францішак зноў усміхнуўся, гэтым разам амаль сур’ёзна.

Ну ты й разышоўся, сказаў ён. Гэта мадэра шуміць. У тваёй галаве.

І дадаў пасля невялікай паўзы.

Мы таксама будзем стаяць да смерці. А можа быць, і пасля яе.

Толькі мы страшнейшыя за масонаў.

Мы — мадэрністы.

***

Францішак гаварыў ціха і, як быццам, няўпэўнена. З мяккай і пяшчотнай іроніяй. Нібыта пагаджаўся і ў той жа час пярэчыў.

Але з маскамі трэба абыходзіцца больш паважна. Хто мы без масак? Мілы трыснёг, які гойдаецца на ветры. Якому чамусьці здаецца, што ён у цэнтры. І што ўвесь свет абарочваецца вакол яго.

У тэатры чалавечага лёсу выбар маскі — самае важнае, што з намі здараецца.

Зрэшты, тое, што мы называем сваім Я — і ёсць адной з масак. Якую мы лепім усё жыццё. І якую напрыканцы трэба здымаць і пакідаць.

***

Дрэва ведае, як быць дрэвам.

А чалавек не. Ён толькі вучыцца быць чалавекам. Ён заўсёды ў дарозе. І дарога заўсёды ў ім.

***

Маска — гэта яшчэ ахова, засцярога.

Зрыванне маскі з іншага — не толькі няветліва. Але і небяспечна. Ніколі не ведаеш, хто апынецца пад маскай — чалавек ці шатан.

Ведаеш, па зямлі ходзіць многа пярэваратняў, галодных духаў, у чалавечым абліччы. Палююць. Чакаюць момант.

Чалавек без маскі, без апранахаў — гэта голая малпа на голай зямлі. Яна напалоханая, яна не разумее, што тут робіць.

Усё, што яна можа — крычаць ад жаху, разумеючы, што яе чакае. Чым усё скончыцца.

***

Гэты крык у нас песняй завецца, пяшчотна ўдакладніла Эва Дамініка.

***

Караткевіч — зусім не той, хто ведаў. Але той, хто любіў. І ён заплаціў за гэта, самы высокі кошт, які толькі магчымы.

Хтосьці прыходзіць у гэтае жыццё з іншага, каб шукаць сутнасць рэчаў. Хтосьці — каб змагацца і перамагаць. Хтосьці — каб дапамагаць іншым. Каб іх вызваляць — з галечы, прыніжанасці. Альбо больш радыкальна — з ланцугоў рэальнага.

А хтосьці — каб любіць. Так, як ён, кожнае імгненне гэтага жыцця.

Ён пакінуў пасля сябе прыгожую мару — для тых, для каго мары штосьці значаць.

***

Ты хочаш расказаць ім пра герояў.

Ты і сам гатовы прыняць гэты кон.

Толькі ў часы Калі-Югі, калі нізкае шэрае неба навісае і цісне, яго няма куды прыкласці.

Няма анічога гераічнага ў свеце, што можна выбраць і зрабіць. Акрамя як узарваць яго, раструшчыць на аскепкі. І потым паспрабаваць сабраць з кавалкаў іншы свет, крыху больш шчаслівы.

Але гэта справа багоў, калі яны толькі вырашаць вярнуцца.

Пагадзяцца паспрабаваць яшчэ раз. Сярод нас. З намі.

Калі ты ўсё ж такі выбярэш гэта, мусіш быць разам з імі ў іх свеце. У іх прыніжанасці, пакуце.

Мусіш быць гатовым, што цябе палюбяць, але ніхто за табой не пойдзе.

Што цябе ўрэшце прададуць. Забудуць.

Паставяць помнікі хіжым і тупаватым пачварам. І пачнуць спяваць пра іх песні.

***

Што рабіць з астатнімі? Анічога.

Іх трэба пакінуць самім адрабляць сваю карму. Шукаць толькі тых, хто гатовы. Хто патрабуе іншага.

Раскідваць знакі на паплавах і ўзгорках. Трымаць свой тон. Збіраць тых, хто адгукаецца.

Немагчыма вызваліць чалавека насуперак яго волі. Можна толькі дапамагчы вызваліцца — самому.

Можам выйсці на калідор і праверыць. Паспрабуем там знайсці чалавека. Ліхтар запалены, і ўжо не першае стагоддзе.

Можа быць, у другіх жыццях яны баранілі айчыну. Чыталі старыя кнігі. Спявалі і танчылі.

Але ў гэтым перад імі раскладаецца іншы пасьянс. Размеркаванне, пажадана ў сваю вёску. Спачатку настаўніцтва, потым, праз пару год, завуч альбо нават дырэктар школы.

А некаторыя і далей, у райкам інструктарам. А потым і сакратаром.

Зрэшты, кожны робіць свой выбар.

Ведаеш, браце, чалавек нараджаецца з пэўнай формай душы. І нават калі ўсё зменіцца, яны зусім не кінуцца за табой паміраць за бацькаўшчыну.

Яны проста пачнуць шукаць сабе іншыя гаркамы і абкамы. І знойдуць, можаш мне паверыць. У гэтым свеце складана знайсці настаўніка, прасветленага, а гаркамаў і абкамаў — як гразі.

***

Голас Францішка ўсё яшчэ гучаў у яго галаве. Ён хацеў штосьці сказаць, запярэчыць, але замест гэтага запытаўся, як яны плануюць адсюль выбірацца.

Інтэрнат даўно зачыніўся, унізе спіць аднарукі Джо, дзверы замкнутыя. Яны ўжо прапусцілі момант, калі маглі сысці незаўважна.

Канечне, можна сядзець усю ноч, ён зусім не стаміўся. Проста на калідорах раскіданыя улёткі — краіна ў кратах, — і калі іх зранку знойдуць, усім свеціць крымінальны артыкул. Антысавецкая агітацыя і прапаганда. У групавой форме.

Ён сказаў гэта, і адразу стала лягчэй, напруга адступіла.

Ён быў упэўнены, што ўтрох яны знойдуць выйсце.

Эва Дамініка стаяла каля вакна, усміхалася, думала пра штосьці сваё. Як быццам не пачула, ці не зразумела.

Францішак быў падазрона спакойны, нават вясёлы.

А мы і не збіраемся спускацца ўніз, да аднавокага Джо, сказаў ён.

Наадварот, мы будзем узвышацца.

Мы зробім паветраны шар.

***

Так, паветраны шар, сказала Эва Дамініка. Дакладна тое, што трэба.

***

Вар’яты, пяшчотна падумаў Багдан.

Ён зусім супакоіўся. Шумець у галаве перастала, але заставалася пачуццё радасці, ён адчуваў, што падсвядома шукаў такой прыгоды. І цяпер быў згодны амаль на ўсё.

Было, праўда, няясна, ці Францішак моцна п’яны і не разумее, што адбываецца, ці ў яго ёсць нейкі план. Усё-такі гэта ён завёў іх сюды. Гэта ягоны сімпазіён і ягоная мадэра.

У абласной бібліятэцы была біяграфія Фердынанда фон Цэпеліна — нечакана для самога сябе сказаў ён. З краслюнкамі і матэматычнымі разлікамі. Яшчэ дарэвалюцыйная. Не ведаю, як яна патрапіла туды.

Я магу зрабіць паветраны шар за тыдзень.

У нас няма тыдня, — сказала Эва Дамініка. — У нас ёсць толькі некалькі гадзінаў, да світанка.

***

З намі будзе яшчэ Чарлі Паркер, — сказаў Францішак. — Разам з духавым аркестрам беларускай вайсковай акругі.

Але гэта высветліцца толькі ў канцы палёта.

Ён сустрэне нас на прыгожай і бязлюднай выспе, граючы пра канец лета, шчасце амаль пражытага жыцця, і пра птушку, якая нечакана вяртаецца з выраю.

А потым усе злятаюць на верталётах у невядомым кірунку. Пакідаючы нас адных, з мурашамі і драконамі.

***

Ты штосьці казаў пра выспу? — запыталася Дамініка. — Хіба мы ляцім на выспу?

Гэтым непазбежна сканчаюцца ўсе ўцёкі, сказаў Францішак. Выспа, людскі паратунак, неакрэслены тут твае межы. Куды б ты ні скіроўваўся, ты ўсё адно патрапляеш туды.

Бязлюдная выспа. Тры рабінзоны. Мы збіраем зярняткі, змагаемся з драконамі, мурашамі і беларускай доляй. Усё пачынаем нанова.

Мы будзем як богі.

Ты народзіш нам хлопчыка і дзяўчынку.

Двух хлопчыкаў, сказаў Багдан. Яго відавочна зацікавіла такая перспектыва. Ён падпоўз бліжэй і паклаў голаў ёй на калені.

Для выжывання хлопчыкі больш карысныя. Дзяўчатак адкладзем на потым.

Гэта магчыма, сказала Дамініка, запускаючы руку ў ягоныя валасы. Калі вельмі пастарацца. Ёсць толькі адна праблема.

Я не змагу між вамі выбраць. Да канца жыцця.

Зрэшты, і не хачу. Вы будзеце лепшымі мужчынамі, у маім гарэме. І адзінымі, каму я буду вернай заўсёды, дадала яна. І чамусьці засмяялася.

Толькі не забіце адзін аднаго. Гэта было б недаравальна — пакінуць мяне адну, на выспе. З драконамі і мурашамі я яшчэ дам сабе рады, а вось беларуская доля...

***

Мы будзем сябраваць, — сказаў Францішак. Хаця і будзем трымацца паасобку. Мы надта розныя, каб змагацца, нават за дзяўчыну. Праўда, Багдане?

Спачатку трэба вярнуць мову, — сказаў Багдан ужо аднекуль здалёк. — Без мовы ўсё гэта не мае сэнсу.

***

Яны знайшлі ў шафе прайгравальнік і вялікую скрыню з кружэлкамі. На скрыні быў надпіс: у дапамогу агітатару і прапагандысту.

Падборка была адмысловая. Старыя рэвалюцыйныя песні, запісаныя з сімфанічным аркесткам, чатыры кружэлкі. Прамова Леаніда Ілліча Брэжнева на ХХІV з’ездзе КПСС. Малер, дзевятая сімфонія. Прамова Леаніда Ілліча Брэжнева на ХХV з’ездзе КПСС. Булат Акуджава, песні з кінафільмаў. Балеро Равэля. Паэма экстазу Скрабіна. Аўтэнтычны палескі фаль

клор з экспедыцый Інстытута славяназнаўства Ака

дэміі навук СССР. І канечне, Ала Пугачова.

Пачалі з фальклору. Потым перайшлі да Акуджавы. Потым спявалі варшавянку, надрыўна і гераічна, са слязамі на вачах.

А потым Францішак прапанаваў танец дэрвішаў. Ён сказаў, што Балеро напісанае на аснове старых суфійскіх гімнаў. І, калі ў іх атрымаецца, яны патрапяць туды, дзе ўжо няма словаў.

Напэўна, у іх атрымалася, бо пасля танца Багдан заціх без словаў, з шчаслівым тварам, прыладкаваўшыся на дыванку каля шафы.

Далей быў канцэрт па заяўках.

Калі Францішак адважыўся запрасіць Эву Дамініку на танец, грала італьянскае рэвалюцыйнае. Яны пачалі досыць бадзёра, потым запаволіліся, напрыканцы ж перасоўваліся пад адно ім чутную музыку.

Мадэрка была зусім неблагая, сказаў Францішак, чамусьці паўшэптам.

Яшчэ крыху засталося, сказала Эва Дамініка. Трэба дапіваць і знікаць як найхутчэй, пакуль нас не вылічылі.

Я ўжо працую над гэтым, сказаў Францішак. Ёсць пэўныя тэхнікі. Надзвычай сакрэтныя. Якія дазваляюць мяняць месцамі фрагменты рэальнасці.

Францішак казаў сур’ёзным голасам, і было няясна, ці ён працягвае свае жарцікі, ці сапраўды ёсць план і яны такі ўцякуць з гэтага фрагмента.

А яшчэ ягоная рука, што ляжала на таліі, спусцілася крыху ніжэй.

І гэта яе хвалявала.

***

Ужо гадзіну ў дзверы перыядычна грукалі і крычалі, праз роўныя адцінкі часу.

Напачатку яны не звярталі ўвагі, проста заціхалі на хвіліну і працягвалі цалавацца далей.

Побач у куце спаў Багдан, і, дзіўная рэч, яна адчувала, нават ведала, што магла б цалавацца з ім, а магчыма, і цалуецца цяпер у ягоным сне, і ў гэтым не было анічога крыўднага альбо няправільнага, проста гэта былі яе мужчыны і яна мусіла быць з імі разам, што б ні здарылася.

Яна адчувала, што яны ніколі не змогуць забыць гэтую сустрэчу, але і падысці занадта блізка ўжо не атрымаецца, і гэта працінала яе пачуццём шчасця і жалю адначасова.

А яшчэ яна верыла Францішку: калі той паабяцаў, што ўсё складзецца добра і яны патрапяць на волю яшчэ да світанка, дык так яно, пэўна, і будзе.

6.

Горад Мінск жыў у гэты дзень насычаным гаспадарчым і культурным жыццём і зусім не здагадваўся пра падзеі, якія мусілі здарыцца пад вечар у інтэрнаце нумар адзін, на вуліцы Свярдлова, 34. У ленінскім пакоі на трэцім паверсе, дзе і разгортваецца асноўная дзея нашага маленькага хатняга кіно.

Найперш крыху агульнага плану.

Перад намі адзін з апошніх гадоў Імперыі, з яе томнай насычанай атмасферай заняпаду. Савецкая цывілізацыя дасягнула сваёй поўніцы. Дэкарацыі жыцця крыху абтрапаліся, але спектакль ішоў поўным ходам.

Некаторыя лічылі, што ў такія часы лепей жыць у глухой правінцыі, каля мора. Але мора на ўсіх не хапала, туды патраплялі пераважна вайсковыя пенсіянеры. І большасці даставалася проста глухая правінцыя.

Жыццё было ясным і прадказальным, таму самыя адчайныя прагнулі жахлівых глыбіняў. Што там, у гэтых глыбінях, ніхто не ведаў, не было пэўнасці, што яны ўвогуле існуюць, але там прынамсі мусіла быць цяплей, чым на паверхні.

І ўсё ж самыя абачлівыя заўважаюць некаторыя прыкметы заняпаду.

Нейкая неахайнасць і заблытанасць.

Некаторая паспешлівасць, як быццам бы жыццё не паспявала ўкласціся ў сваю форму. Ды і форма састарэла, парэпалася, стала абыякавай да ўсяго.

Піянеры ўсё яшчэ маршыруюць па парках і скверах імя Горкага. Тралейбусы і аўтобусы развозяць пасажыраў на безыменныя заводы і фабрыкі. Дысідэнты сядзяць на цесных куханьках і лаюць савецкую ўладу.

Усё ідзе па плану, калі можна назваць гэта планам: старэчы голас з тэлеэкрана, цудоўнае, мілае кіно ў апошні дзень года, салат аліўе, размовы пра адпачынак, страх смерці...

Дачы, на якіх растуць гурочкі і памідоры...

Але жыццё пераліваецца праз край, яго становіцца ўсё больш і больш, — там, за межамі дазволенага, — і яно само пачынае закісаць, шукаць новых сцежак.

І — чаму б і не — тварыць новыя формы.

***

Мы на паветраным шары, сказала Эва Дамініка гучным шэптам. Час узлёту прыйшоў! Скінуць баласт!

Багдан расплюшчыў вочы. Здавалася, ён прылёг на дыванок паўхвіліны таму і незаўважна праваліўся ў салодкую непрытомнасць. А потым далёкі голас абвясціў узлёт, і ён вымушаны быў вярнуцца.

Ён не адразу зразумеў, дзе ён, і пару секунд проста ўглядаўся ў карцінку, што адкрывалася перад вачыма.

Яму прымроілася выспа, і ён, самотны і роспачны, паўзе праз багну, уначы, сярод сляпнёў і камароў з іншай эпохі.

І яшчэ цьмянае адчуванне пражытага жыцця, як быццам ён штосьці выбраў, і далей доўга ішоў на самоце сярод чужых людзей.

І не было там аніякай надзеі і радасці, толькі сумны абавязак ісці наперад, запаўняючы сваім целам аднастайныя каморы дзён.

У тым, пражытым, жыцці яны разам, утрох больш не сустракаюцца. Разыходзяцца па сваіх кармах.

Няясна было толькі адно: ці ён сапраўды прачнуўся і ўсё гэта яму прыснілася, ці гэта наадварот агонія, апошнія секунды, у якія ён патрапіў ва ўспаміны, і праз хвіліну ён заціхне ў спакоі, пасярод начной багны.

Ён быў не гатовы заціхнуць, гэта было напісана на твары. Эва Дамініка адчула ягоную пераляканасць, прытулілася і сказала: усё будзе добра, мы цябе не пакінем.

Так, дзякаваць богу, усё было больш весела. Гэта быў толькі сон.

Прайгравальнік спяваў рэвалюцыйную песню, ціха, амаль шэптам, спыняўся на момант і зноў пачынаў, як быццам мусіў разам з усімі трымаць канспірацыю.

Багдан запрасіў Эву Дамініку на танец, яна была зусім п’яная і вясёлая, сказала, што іх выявілі і Францішак рыхтуе шляхі адыходу.

Францішак стаяў каля вакна, трымаючы ў руках кнігу. Цяжкую, у характэрнай вокладцы, з поўнага збору Маркса і Энгельса.

Побач былі падрыхтаваныя наступныя: яны ляжалі акуратным стосам на сярэдзіне пакоя. Крыху збоку стаяла гіра, і гэта давяршала карцінку.

Багдану раптам стала весела.

Што ты збіраешся рабіць? — запытаўся ён, проста каб паверыць, што ўсё гэта рэальна.

Мы ўзлятаем, — сказаў Францішак спакойным голасам. — Узвышаемся. Набіраем вышыню. Трэба набраць вышыню ад самага пачатку, максімальную, каб потым не заблытацца ў жыцці.

Каб узляцець, трэба скінуць баласт, гэта лагічна. Тое, што цябе найбольш абцяжарвае. Прыгнятае. Апускае, цягне ўніз. Тамас, адным словам.

Усё вельмі проста. Ты бярэш аб’ект ў правую руку і высоўваеш яго ў фортку.

Ён расчыніў фортку і высунуў навонкі руку з кнігай.

Потым расціскаеш пальцы. Гэта прыводзіць да адпускання аб’екта долу. Паводле ўсіх фізічных законаў, а таксама спадзяванняў здаровага розуму, кніга, як род фізічных целаў, мусіць упасці.

Зрэшты, не заўсёды.

Некаторыя кнігі, тыя, што вераць у фізічныя законы, сапраўды падаюць.

Але, магчыма, некаторыя ўсё ж такі іх парушаюць.

Гэта надзвычай міла з іх боку, — заўважыла Эва Дамініка.

Давай лепш пачнем з гіры, — асцярожна сказаў Багдан. — Уверсе яна нам не спатрэбіцца.

***

Спачатку прыходзілі суседзі скардзіцца на гучныя спевы.

Аднарукі Джо толькі выслухаў, запісаў нумар пакоя ў сшытку, ды так і не скрануўся з канапы: калі яму тут унізе не было нічога чуваць, значыць музыка была не гучная. Напрыканцы лета на музыку прыходзілі скардзіцца з розных паверхаў па чатырыпяць разоў за ноч, і аднарукі Джо даўно перастаў бегаць па паверхах, толькі запісваў у сшытак нумары пакояў і перадаваў на наступны дзень камендантцы, якая прызначала штрафнікам розныя папраўчыя работы на карысць інтэрната.

Зрэшты, сезон яшчэ не пачаўся, быў канец жніўня, калі ўсе з’язджаюцца, і ў гэты час інтэрнат заўсёды буяў і буйстваваў, трэба было гэта проста перажыць, бо ў верасні ўсё заціхала.

Але тут было штосьці незразумелае, і таму трывожнае. Штосьці, што не патрапляла ў звыклыя гісторыі.

Адныя гаварылі пра рэвалюцыйныя гімны і інтэрнацыянал, іншыя пра нейкія народныя песні, пра валоў, якія ішлі ў Крым тай рыкалі, пра шынкарачку маладую.

Да таго ж спевы нібыта ішлі з ленінскага пакоя, а туды ніхто не мог патрапіць — ключы былі ў пакоі каменданта, а пакой быў замкнёны.

Потым хтосьці заўважыў кнігі. Яны выляталі з трэцяга паверху і клаліся акуратным стосікам унізе, на тратуары.

Гэта быў Поўны збор твораў Маркса і Энгельса.

Было штосьці містычнае і прыгожае ў тым, як яны выляталі з форткі, праз рэгулярныя адцінкі часу.

Але калі за імі вылецела Малая зямля, адразу ў колькасці дзесяці экземпляраў, і разляцелася матылькамі па ўсім ходніку, стала зразумела, што дабром усё гэта не скончыцца.

А потым упала гіра.

Гэта стала апошняй кропляй. Пра яе палёт расказвалі потым легенды. Гаварылі, што за хвіліну адчулі, што нешта адбудзецца.

Некаторыя сцвярджалі, што чулі, як яна ляцела зверху, рассякала паветра з ціхім шыпеннем. І калі яна ўгрызлася ў зямлю побач, было такое адчуванне, што будынак інтэрната падскочыў уверх на пару сантыметраў. Увесь, цалкам, разам з усімі паверхамі, мэбляй, студэнтамі, Аднарукім Джо. І калі апусціўся назад, на зямлю, гэта быў ужо зусім іншы будынак, пільны савецкі інтэрнат, які стаіць на варце, сочыць за парадкам і сувора карае тых, хто дазваляе сабе такое.

Пасля гэтага ўсё адразу заварушылася.

Прыбеглі дворнікі са скаргамі і пытаннямі.

Зазірнуў міліцэйскі патруль, якога выклікаў хтосьці асабліва пільны са студэнтаў.

Пазваніла камендантка, якую пабудзілі з пытаннем, што ў вас там адбываецца, халера ясная.

Аднарукі Джо зразумеў, што трэба ўзначальваць крыжовы паход, і падняўся з канапы.

Напачатку падышлі да дзвярэй і пачалі грукаць. Ніхто не адчыняў. Пайшлі ўніз, забралі ключы ў пакоі каменданта і адчынілі дзверы. Карціна, што адкрылася, была не для людзей са слабымі нервамі.

У пакоі стаяў характэрны пах, было ясна, што тут пілі віно. І з асаблівым цынізмам.

Шафа была адчыненая, два крэслы паламаныя.

Але не гэта было галоўным.

У пакоі нікога не было.

Праверылі ўсё. Нават знайшлі ключы і адчынілі вялікі стары сейф, хаця ён быў і недастаткова вялікі, каб там можна было схавацца.

Шукалі нейкіх знакаў, магчыма слядоў.

Яшчэ паўгадзіны таму ў пакоі гучаў голас — прыгожы дзявочы голас, які спяваў штосьці знаёмае.

Пра гэта казалі суседзі, але цяпер ужо неяк няўпэўнена і нават амаль напалохана.

А сляды сапраўды былі, і дастаткова многа.

На падлозе ляжаў чатырнаццаты том з Поўнага збору твораў Вядома Каго.

Прайгравальнік быў яшчэ цёплы, кружэлка з рэвалюцыйнымі песнямі ляжала побач.

На дошцы быў замацаваны вялікі ватман, на якім вялікімі дзіцячымі каракулямі было напісана:

КОММУНИЗМ НЕ(ИЗ)БЕЖИМ.

Унізе быў намаляваны сінім фламастарам кітайскі гіерогліф чун (zhun).

Пасля яго стаяла шаснаццаць клічнікаў. !!!!!!!!!!!!!!!!

Справа каляровымі алоўкамі дамалявана многа зялёных чалавечкаў і падпісана:

Беларускі народ вітае іншапланетнікаў.

Што за хрэнь? — аднарукі Джо пачухаў патыліцу і некалькі хвілінаў разглядаў маленькіх зялёных істоткаў. У яго было дзіўнае адчуванне, што ў пакоі хтосьці прысутны. І гэты невядомы глядзеў на іх валтузню са свайго месца. З цікавасцю, і крыху паблажліва.

У свядомасці з’явілася думка, якую Джо адганяў як мог, але якая зноў і зноў вярталася, невядома адкуль.

І ўжо не адпускала.

А што, калі сапраўды прыляцелі?!

***

На тым жа ватмане быў намаляваны вялікі паветраны шар, што імкліва ўздымаўся ў неба. Шар быў намаляваны прафесійна, з веданнем дэталяў і прапорцыяў.

У кошыку былі тры постаці: адна жаночая і дзве мужчынскія.

Джо потым кляўся, што адна з мужчынскіх постацяў на малюнку хітра ўсміхнулася і падміргнула яму.

Гэта быў Францішак.

Гексаграма сун: супчык са шпінату

1.

Гексаграма сун, сказаў голас зусім блізка. Вецер ідзе за ветрам. Так высакародны чалавек раздорвае неабходнае. І здзяйсняе, што яму належыць.

Гэта відавочна быў голас Леа, але гучаў ён так, быццам Леа стаяў не за барнай стойкай, а тут, поруч.

Я зусім не здзівіўся, а толькі падумаў, што зноў патрапіў у адну са сваіх гісторый, і цяпер усё будзе адбывацца ў згодзе з архетыпамі, утоенымі жаданнямі, падводнымі маякамі. А зусім не так, як у рэальнасці, безнадзейна-выпадкова, бязлітасна-выпадкова...

Альбо, пра гэта я таксама падумаў на імгненне, у рэальнасці штосьці пайшло не так, і галасы цяпер могуць існаваць асобна ад іх уладальнікаў. Самі выбіраць тэмбр і гучнасць, а таксама — дзе і каму іх будзе чуваць.

Быў яшчэ, праўда, і трэці варыянт, але пра яго думаць не было часу. Голас прагучаў яшчэ. Гэтым разам проста ў мяне ў галаве.

Шэсць на першым месцы значыць: у руху наперад і ў адступленні — спрыяльная трываласць ваяра.

Я выйшаў з-за століка і падышоў да стойкі бара. Леа быў асабліва ўважлівы, як быццам ён рыхтаваў для мяне адмысловы гатунак.

Замаўлялі падвойную? — удакладніў ён.

Так.

Крыху пачакайце. Ведаеце, яны такія павольныя, старыя апараты. Пачынаюць работу важна і няспешна, як галоўную падзею ў жыцці. Часам здаецца, што мінае цэлая вечнасць.

Каб не было сумна, пяцьдзясят каньяку. Ад фірмы.

Я ўзяў келіх з каньяком, вярнуўся да сваёй стойкі і агледзеўся.

***

Гэта было тое самае бістро, у якім я знаходзіў сябе апошнія гады. Да адкрыцця заставалася пятнаццаць хвілінаў, але невялічкая чарга ўжо стаяла каля апарата.

Здалёк наплывалі пахі прыгарэлай піцы і нішчымнага бульёну за восем капеек.

За барнай стойкай, у глыбіні, вісела ўсё тая ж карціна.

Леа штосьці запісваў у сваім сшытку, раз-пораз падымаючы голаў на гадзіннік.

Усе адпаведныя прыкметы часу і прасторы былі на сваіх месцах.

У той жа час я разумеў, што якраз з часам і прасторай усё было няпроста. Усё выглядала надзвычай ясна і выразна, як у кіно. І гэта выклікала пэўныя сумневы. Не давала расслабіцца.

Рэчаіснасць ніколі не бывае настолькі выразнай, яна заўсёды крыху паюзаная, зацёртая. Стомленая ад самой сябе. Гатовая даць месца чамусьці іншаму.

А тут усё было неяк занадта пэўна. Самадастаткова. На стагоддзі.

І самае галоўнае: перада мной ляжала меню, а такога ў Хвілінцы ніколі не бывала.

***

У меню было шэсцьдзесят чатыры старонкі.

На кожнай старонцы была адна страва.

Пры гэтым аніякіх тлумачэнняў, кшталту сняданак, абед, дэсэрты альбо гарачыя напоі. Толькі карцінкі і назвы на розных мовах.

Не было аніякіх пячатак і подпісаў, інфармацыі, дзе, хто і калі гэтае меню складаў і зацвярджаў.

Я ўжо не кажу пра тое, што не было галоўнага: коштаў.

Я міжволі ўсміхнуўся: як можна адважыцца на штосьці, калі не ведаеш, чым і калі павінен расплочвацца?

***

Дапамагчы з выбарам?

Я адвёў вочы ад старонкі 57. Леа стаяў перада мной. Я не паспеў заўважыць, як ён падышоў.

Не думайце, чым прыйдзецца плаціць, сказаў ён, нібы прачытаўшы мае думкі. Сёння асаблівы дзень і асаблівае месца. Усё бярэ на сябе фірма.

Але выбіраць мы усё ж такі вымушаныя самі.

Тут у яго руцэ з’явілася жменька бадылля, на якую ён цалкам пераключыў сваю ўвагу.

Пачаў штосьці лічыць, адымаць, перакладаць з месца на месца. Дзяліць на часткі, лічыць, зноўку адымаць.

Гэта было кітайскае гаданне на І Цзын.

Я бачыў такія палачкі ў Францішка, і ён нават спрабаваў мне тлумачыць асноўныя прынцыпы. Мы тады завіслі ў яго на паўдні, у доўгім рытуале. Пакуль Францішак не абвясціў, што нам выпала гексаграма куан — сузіранне.

А тут усё адбылося амаль імгненна і з наступствамі.

Ужо праз хвіліну на стале засталося некалькі купак.

Леа яшчэ раз пералічыў, зверыўся з меню і падняў галаву.

Супчык са шпінату, сказаў ён.

Вам выпаў супчык са шпінату. Цудоўная дыетычная страва. І недарагая да таго ж, што надзвычай важна ў нашыя часы, калі ўсе кошты бязбожна завышаныя. Людзі плацяць невядома за што, незразумела каму. І потым расказваюць, якая гэта была раскоша. І якую асалоду яны атрымалі ад гэтага перасмажанага кавалка мяса. З півам, канечне.

***

Леа быў падазрона гаваркі і вясёлы.

Праўду кажучы, я ніколі не бачыў Леа такім вясёлым.

Звычайна ягоны выгляд быў велічна суцішаным, нават крыху ўрачыстым. Альбо проста спакойным.

Тут жа радасць проста выпраменьвалася з яго. Радасць і адчуванне нейкай падлеткавай вольніцы. Урокі зробленыя, усіх адпусцілі на вуліцу, і нарэшце пачынаецца самае цікавае. Час гульні, якую мы так доўга чакалі. Міжволі і я ўжо ўсміхаўся, хаця хвіліну таму стаяў у іншым настроі.

І ўсё ж была адна рэч, якая прымушала насцеражыцца.

У Хвілінцы ніколі не гатавалі супчык са шпінату.

***

Ён гаварыў штосьці яшчэ, але я адключыўся, перастаў слухаць.

Цяпер я пэўна ведаў, што ўсё не так проста з рэальнасцю.

І гісторыя, якая тут нас расказвае, зусім не абавязкова пачынаецца на першай старонцы, і сканчаецца на апошняй.

Усё можа быць значна больш складана. І зусім не так.

Напрыклад: пачынаецца на першай старонцы, а сканчаецца ў заблытаным будынку яго свядомасці, у сутарэннях когіта.

Альбо: пачынаецца паўсюль, а сканчаецца нідзе.

Ці нават: пачынаецца з пацалунка, працягваецца як звар’яцелы маналог, а далей плаўна пераходзіць у ціхую п’янку галоўных герояў, якія не могуць зразумець, хто яны і што робяць на гэтых пакамечаных часам старонках.

І словазлучэнне супчык са шпінату у гэтым сне можа значыць што заўгодна. Напрыклад, быць тэрмінам з Геаметрыі Эўкліда ці Метафізічных развагаў Францішка Суарэса. А эспрэса з бальзамам (глядзі старонку 55) абазначаць штосьці з алхіміі, ці даоскай ёгі.

Гэтыя дэкарацыі нікога не падманваюць, — сказаў я.

Хто ты? Як усё пачалося? І чаму менавіта Хвілінка?

І што значыць гэтая камедыя з меню?

***

Прыкрае здарэнне, сказаў Леа. Маёй віны там зусім няма.

У рэальнасці, як ты яе называеш, Хвілінка была часова зачыненая. Прыйшла праверка, з абл-там-чагосьці, і выявіла сур’ёзныя парушэнні.

Нейкія пытанні да пажарнай бяспекі, я так і не зразумеў, чаго яны хацелі. Казалі, што памяшканне замалое і з яго няма запаснога выйсця. Ну вядома, з жыцця таксама няма запаснога выйсця. Мусім пагаджацца на асноўнае.

Яшчэ казалі — апарат занадта стары. Да таго ж адсутнічае інструкцыя, і не зразумела, як ён працуе.

Выявілі таксама, што за ўсе гады па накладных праходзіла толькі адна бутэлька каньяку, якая аніяк не сканчалася.

Яны не маглі паверыць, што такое магчыма.

І чалавека, які там гатаваў каву, адхілілі ад працы.

Але тут мы стаім за стойкай і размаўляем. І будзем размаўляць столькі, колькі спатрэбіцца.

Сюды не могуць патрапіць ніякія праверкі.

Што ім тут правяраць, праўда? — ён спытаў гэта няпэўна і крыху па-дзіцячы, як быццам баяўся-такі тых праверак. Нібыта існаваў Хтосьці, хто мог тут усё праверыць.

Гэта мяне развесяліла і крыху супакоіла.

***

Пачалося гэта вельмі даўно, сказаў Леа. З іншай гісторыі. Пра казанок з кашай.

Потым яе пераказвалі шмат разоў, і ў кожным пераказе яна гучала па-рознаму.

Малады прынц выпраўляецца ў падарожжа.

І не проста ў звычайную вандроўку з пункта А ў пункт Б. А ў важнае падарожжа.

Ён нудзіцца залатой клеткай. Перадвызначанасцю свайго лёсу. Хоча дасягнуць усяго сам. Самому пражыць сваё жыццё, пакаштаваць ягоныя вышыні і прадонні. Адкрыцца ў невядомую будучыню.

Таму ён бярэ з сабой толькі двух сяброў. І мінімум рэчаў.

Праз пэўны час яны вырашаюць збочыць з шырокіх гасцінцаў і пайсці праз лес, напрасткі. І ў першы ж дзень гэтай прыгоды яны заблукалі. Лясныя сцежкі не маюць паказальнікаў. І нічога нікому не абяцаюць.

Але калі тут раз-пораз праходзяць людзі, мусіць быць і прытулак. Трэба толькі верыць, і чакаць, і ісці наперад. Яны ідуць, у начным сутонні. Пакуль здалёк не пачынае мільгацець агеньчык.

Яны падыходзяць бліжэй. Бачаць вогнішча, каля яго сядзіць стары пустэльнік. На вогнішчы штосьці гатуецца, у вялікім казане.

Ужо ноч, да таго ж пахі вабяць і спакушаюць. Яны просяць дазволу застацца. Пустэльнік з радасцю пагаджаецца.

На адкрытым месцы сярод лесу крыху трывожна, прынцу ніколі не собіла начаваць па-за палацам. Але каля вогнішча цёпла, ад казанка пахне чымсьці ўтульным, быццам ён патрапіў у адну з казак, якія расказвала яму матуля.

З гэтым пачуццём ён засынае.

***

І сапраўды здараецца незвычайнае. Ува сне ён пражывае ўсё сваё жыццё. Ці, лепей сказаць, усе свае жыцці.

Тут мы мусілі б крыху ўдакладніць. Ён не здагадваецца, што гэта сон. Звычайна ніхто не здагадваецца, што гэта сон, пакуль спіць, — Леа сказаў гэта, быццам за нешта выбачаўся.

***

А далей пачынаюцца розначытанні.

Варыянтаў так многа, што звонку яны выглядаюць рознымі гісторыямі пра розных прынцаў.

Мае ўлюбёныя — чатыры.

У адной з іх ён працягвае падарожжа. Вырашае ісці наперад, чаго б гэта ні каштавала. Пакуль не адкрыецца будучыня. Да самага скраю свету.

Сцежкі сканчаюцца, але яны вырашаюць ісці далей, без накірунка. Доўга блукаюць. Так доўга, што ўжо самі не памятаюць, з чаго ўсё пачалося. І раптам, пасля аднаго з пераходаў адкрываюцца горы. За імі — светлая затока, і ў ёй стаяць караблі.

Іх чакалі. Яны працягваюць падарожжа і перажываюць неверагодныя прыгоды.

Акіян носіць іх па свеце, як маленькую трэску.

Яны бачаць рыбаў, велічынёй з малое мястэчка, і людзей, якія могуць гаварыць з дрэвамі. Горы, такія высокія, што па іх можна ўзысці на неба, і прадонні, у якіх схаваны ўваход у апраметную.

Урэшце, поўны перажытым, прынц вырашае вярнуцца ў сваё каралеўства.

Вяртаецца. І са здзіўленнем бачыць, што ўсё змянілася.

Яго ніхто не ведае, не пазнае. Ды і ён сам не пазнае анічога. І анікога. Дрэвы, вуліцы, дамы — усё іншае. Толькі рака, на беразе якой ён любіў сядзець у дзяцінстве, нясе ўсё тыя ж воды.

Ён сядзіць на беразе, на тым самым месцы. Думае пра раку часу, пра тое, што гэта мы, нашыя жыцці ёсць яе водамі. І пра тое, кім мы становімся, калі выходзім на той бераг.

Урэшце знаходзяць старога, які дажывае апошнія дні. Пытаюцца, ці памятае ён прынца. І той прыгадвае: калі ён быў маленькім хлопчыкам, ягоны дзед расказваў яму гісторыю пра сына караля, які выправіўся ў дарогу і не вярнуўся...

***

Удругой гісторыі на раніцу яго даганяе ганец: кароль смяротна хворы, суседзі пра гэта даведаліся і распачалі вайну.

Ён вымушаны вярнуцца і ўзначаліць войска.

Яны выступаюць з гораду пад гукі трубаў, у бліскучых латах, з прыгожымі штандарамі.

Побач верныя сябры і Гавінда, стары настаўнік, які навучыў яго ўсяму. Яны не сумняюцца ў перамозе — у іх сэрцах палымнее адвага і праўда на іх баку.

Але сябры гінуць адзін за адным. Руйнуюцца гарады, палаюць вёскі. Свае і чужыя. І не таму што штосьці не так, наадварот, усё так, ідзе вайна, а на ёй заўсёды гінуць героі.

І вось апошняя бітва.

Яны стаяць на полі Куру, стомленыя, але нязломныя.

Ён углядаецца наперад, туды дзе мусяць быць ворагі.

Але поле, якое хвіліну таму здавалася звычайным месцам, раптоўна ажывае. Дыхае, стогне, шапоча, чагосьці чакае. А яшчэ праз хвіліну ён разумее. Перад ім засеянае чалавечымі жыццямі, палітае крывёю, неспатольнае поле смерці.

Надыходзіць адчай.

У роспачы ён пытаецца Свайго Бога, навошта свет такі, а не іншы.

Бог увасабляецца ў чалавека. І яму адказвае.

***

Трэцяя гісторыя самая доўгая, але магла б укласціся

ў адзін абзац, ці нават сказ.

Ён сустракае ў лесе дзяўчыну, і з ёй застаецца.

У гісторыі толькі дзве сцэны.

У першай прынц прачынаецца зранку і спускаецца да ракі.

І там бачыць яе. На другім беразе. Яна падымае вочы і іх пагляды сустракаюцца. На момант. Толькі на адзін момант.

Ён усё разумее. Спыняе падарожжа. Адпускае сяброў. Просіць яго не шукаць, і нікому нічога не расказваць.

І другая сцэна.

Як праз многа-многа год, у далёкай вёсцы, да якой не так проста дабрацца, стары чалавек расказвае малым дзеткам пра маладога прынца. Які жыў у палацы і пакінуў усё дзеля адной цудоўнай дзяўчыны.

Дзеці слухалі зачаравана, як казку. І прасілі расказаць больш пра само каралеўства, пра гарады і палацы. Пра далёкія краіны. Пра ўсё тое, што малады прынц пакінуў. Ад чаго адмовіўся.

Яны ведалі, што так не бывае.

Але ж побач сядзела бабуля, і не пярэчыла.

І чамусьці шчасліва плакала.

***

І нарэшце чацвертая.

Ён блукае па свеце.

Паўсюль бачыць адно і тое ж: людзі прымаюць свае сны за рэальнасць, а ў рэальнасці жывуць нібыта ўва сне.

Ён шукае настаўнікаў, тых, хто мог бы яму растлумачыць, што адбываецца. І ці ёсць у гэтым іншы, схаваны сэнс.

Праводзіць месяцы і гады ў роздумах і практыкаваннях.

Вакол яго пачынаюць збірацца вучні, хаця ён адмаўляецца быць тым, хто ведае.

Ён ужо пасівеў, але так і не знайшоў нічога пэўнага.

Сядае каля старога дрэва і абяцае не сыходзіць з месца, пакуль не зразумее ўсё.

Заплюшчвае вочы. Патрапляе ў сябе самога.

І нарэшце абуджаецца.

***

Леа сказаў гэта з радасцю і гонарам, як быццам у тым абуджэнні прынца была і яго заслуга.

Так, абуджаецца. І са здзіўленнем разглядаецца навокал.

Гарыць усё тое ж вогнішча. Стары пустэльнік глядзіць у казанок, памешвае супчык.

Ён пачынае ўсё разумець. І яго працінаюць пачуцці жаху і асалоды.

Жаху — бо тое, што так вабіла і спакушала, здавалася чымсьці неверагодна доўгім, амаль бясконцым — уклалася ў некалькі імгненняў сну, і нават супчык не паспеў згатавацца.

Асалоды — бо толькі калі жыццё завершанае, яно набывае іншы сэнс, адасоблены і дасканалы.

***

Памешвае кашу, сказаў я. У казанку варылася каша.

Каша, супчык, абое рабое, сказаў Леа. Можа, там быў бульёнчык, можа, разаграваўся плоў, ці нават гатавалася рызота. Чаму не? Цяпер ужо не праверыць.

Наўрад ці рызота, сказаў я. Рызота не памешваюць.

Значыць, не рызота, сказаў Леа. Зрэшты, стравы маглі быць самымі рознымі.

Істотна іншае.

Гэта я быў тым пустэльнікам, каля вогнішча.

2.

Мусіць быць месца, адкуль бачныя сцежкі. Дзе можна гаварыць пра маршрут. Пра Цэлае.

Чалавечы кон — частковасць, у чалавека няма прылады, каб адчуваць Цэлае. І няма словаў, каб яго назваць. Асабліва там, у жыцці, калі цябе забірае плынь, зачароўвае, зносіць у акіян сансары.

Мусяць быць месцы, у якія патрапляеш, каб зразумець некаторыя важныя рэчы.

З якіх ёсць пераход у другую рэальнасць.

***

Голас Леа зноў быў у маёй галаве, хрыплаваты і крыху стомлены, як быццам гучаў тысячагоддзямі.

Да таго ж, я меў дзіўнае адчуванне, што я зусім не першы, каму ён гэта расказвае.

***

Яны адчыняюць дзверы, ідуць па калідоры. Прамінаюць формы, занадта часовыя, каб быць праўдай. Патрапляюць у гэты закуток.

Разглядаюцца, са здзіўленнем і непакоем. Некаторыя прыходзяць другі раз. Застаюцца.

Стаяць за стойкамі, размаўляюць.

Зрэшты, знешняя форма падманвае. Гэта ў вашым свеце здаецца, што вы стаіце ў кавярні, з кубачкам кавы.

З майго боку ўсё крыху не так.

Але я нават не буду спрабаваць растлумачыць, як гэта выглядае.

Скажу толькі, што тут усё мяняецца кожную секунду. І анічога не мяняецца ніколі.

Той жа калідор, людзі, іх сны.

Тое ж неба, тыя ж аблокі. За вокнамі.

***

Скажу праўду: сюды зазіраюць усё менш і менш.

Не ведаю чаму. Насельніцтва планеты няўхільна павялічваецца.

Вядома, канкурэнты не дрэмлюць.

Насупроць адчынілася піцца-тэмпо. Канечне, на іх фоне мы выглядаем як танная забягалаўка. Грошай у іх нямерана.

А яшчэ гавораць, што наш час прайшоў. Вычарпаўся.

І што нас даўно зачынілі.

Глупства, праўда?

***

Чалавек увогуле дзіўны гатунак.

Я не ўяўляю, хто ўсё гэта мог прыдумаць. І навошта.

***

Аднаму сумна.

Часам хочацца павесяліцца.

Патанчыць, збацаць якую полечку, ці што. Зладзіць карнавал, з маскамі і пераапрананнямі, з начнымі сюрпрызамі. Запрасіць усіх сяброў, і не толькі.

Ці хаця б пагуляць у хованкі.

***

Голас, які яшчэ хвіліну таму быў старэчым і стомленым, пачаў мяняцца. Цяпер ён гучаў гарэзліва, нават зухавата.

Гэта быў голас Леа, але з нейкім незразумелым каўкаскім акцэнтам.

Сапраўды, а ці не пагуляць нам у хованкі?

3.

Шэсць на чацвертым месцы значыць: Жаль знікае. На паляванні ловяцца зверы трох гатункаў.

Усё раптоўна перамянілася.

Леа, які хвіліну таму быў у сваёй звыклай троечцы, стаяў перада мной у нейкіх штукарскіх апранахах. Ён нагадваў актора абласнога драмтэатра, які ўцёк з рэпетыцыі п’есы Шэкспіра. У забягалаўку, на суседнім завулку.

Я агледзеўся. Гэта ўсё яшчэ была Хвілінка, але цяпер яна нагадвала карчму. Грала скрыпачка і цымбалы. Нейкая п’яная кампанія ў далёкім куце ціха спявала штосьці валачобнае.

Леа падліваў мне каньяку, падазраю, з той самай бутэлькі, што аніяк не магла скончыцца.

Бутэлька была вялікая, з доўгім крывым горлам. На дымкім шкле красавалася этыкетка, відавочна, самаробная. На ёй ад рукі было напісана: каньяк Армянскі, вельмі стары.

***

Я разумею, сказаў Леа. Ты думаеш пра сваіх герояў. Адчуваеш адказнасць.

Яны выйшлі ў сваё падарожжа і пакуль не дайшлі

ні да чога пэўнага. Гэта не страшна. Я і не такое бачыў. Расслабся. Пагуляй. З’еш супчык са шпінату. Вельмі карысна для страўніка. Усё само сабой складзецца. А не складзецца, дык

мы дапаможам.

Ён хітра глянуў на мяне, як быццам мы былі змоўшчыкамі і рыхтавалі штосьці вясёлае: падмену, карнавал, тонкую містыфікацыю. І не проста да кагосьці канкрэтна — да маіх сяброў з недапісанага рамана, ці ягоных невыпадковых наведвальнікаў.

А ў дачыненні да рэчаіснасці як такой.

***

Ён выцягнуў з кішэні калоду карт.

У падкіднога? — запытаўся неяк няўпэўнена, і, не чакаючы адказу, пачаў раскладаць штосьці накшталт пасьянса ўсляпую.

Карты былі самыя звычайныя, але клаліся яны тыльным бокам наверх. Пасля розных маніпуляцый засталося шэсць карт:

тры ўнізе і тры зверху. Леа думаў пару хвілінаў. Пасля чаго з усё яшчэ каўкаскім акцэнтам сказаў: Нэ хвалюйся, даражэнькі. З тваімі сябрамі ўсё будзе добра.

Малады кароль памірае і нараджаецца зноў. Маг знаходзіць крыніцы сілы. Каралева вяртаецца на трон.

***

Па шчырасці, я адчуваў сябе ідыётам.

Перада мной ляжала шэсць закрытых карт, і Леа п’яным голасам тлумачыў мне іх значэнне.

Усё яшчэ грала скрыпачка і цымбалы, кампанія ў далёкім куце заціхла на момант, а потым нечакана перайшла да дробна-драбніцы.

Гадзіннік над барнай стойкай засіпеў і пачаў выдаваць нейкія гукі.

Ён паказваў без трох хвілінаў дванаццаць.

Набліжаўся Вялікі Поўдзень.

***

Леа, я ўжо стаміўся ад тваіх загадак, сказаў я.

Ад гэтага карнавала.

Я разумею, што пасля столькіх тысячагоддзяў ты заслужыў права павесяліцца.

Але пабудзь яшчэ хвілінку сур’ёзным.

Пры чым тут маг і каралева? І якое дачыненне ўсё гэта мае да нас?

Усё мае дачыненне да ўсяго, сказаў Леа.

Ты ж усё ведаў яшчэ да таго, як раскладуцца карты?

Вядома, ведаў, — Леа быў усё яшчэ вясёлы.

Але я зусім не падтасоўваў, калі ты гэта маеш на ўвазе. Карты самі склаліся менавіта так, а не інакш. І склаліся, таму што і яны ведалі.

Я проста рады, што нашыя веданні супалі.

***

Я ледзьве стрымліваў сябе, каб не раскрыць карты.

Чамусьці я быў абсалютна ўпэўнены, што на адной з іх твар Францішка.

І калі я не вытрымаю і пагляджу на расклад, ён усміхнецца і хітра мне падміргне.

Як ён ужо зрабіў аднойчы. 24 жніўня 1984 года. У ленінскім пакоі першага гістфакаўскага інтэрнату. На вуліцы Свярдлова, у доме 34.

***

Калі можна, яшчэ каньяку, папрасіў я.

Оглавление

  • Хвілінка Ігар Бабкоў 
  • Партрэт мастака, нябачны ў сутонні
  • Паветраны шар
  • Гексаграма сун: супчык са шпінату Fueled by Johannes Gensfleisch zur Laden zum Gutenberg

    Комментарии к книге «Хвілінка», Ігар Бабкоў

    Всего 0 комментариев

    Комментариев к этой книге пока нет, будьте первым!