«Зборная РБ па негалоўных відах спорту»

682

Описание

Апавяданні, якія праліваюць святло на нязнае і неасветленае ў афіцыйных смі жыццё шараговых беларусаў: мінскіх кухарак-прарочыц, смаргонскіх кантрабандыстак і гарадзенскіх спартоўцаў-алкаголікаў. Часам рэчаіснасць паварочваецца сумным, часам – абсурдным, а найчасцей камедным бокам. Назва “Зборная Беларусі па негалоўных відах спорту” дадзена паводле апавядання, у якім дзейнічае паўміфічная каманда, якая адначасова гуляе ў пола на сланах, скочыць з трамплінаў на верблюдах і гуляе ў падводны хакей.



Настроики
A

Фон текста:

  • Текст
  • Текст
  • Текст
  • Текст
  • Аа

    Roboto

  • Аа

    Garamond

  • Аа

    Fira Sans

  • Аа

    Times

Зборная РБ па негалоўных відах спорту (fb2) - Зборная РБ па негалоўных відах спорту 353K скачать: (fb2) - (epub) - (mobi) - Павал Касцюкевіч

Зборная РБ па негалоўных відах спорту. Павал Касцюкевіч

Касцюкевіч, П.

Зборная РБ па негалоўных відах спорту : апавяданні : Павал Касцюкевіч. – Мінск : Логвінаў, 2011. – 138 с.

ISBN 978-985-6991-51-9

© Касцюкевіч, П., 2011

© Выдавец Логвінаў І.П., 2011

Бацьку

Замова ад страху

Фёдар Іванавіч Чорналоб

трыццаць год пад ветразем хадзіў па марох.

Пётр Сямёнавіч Салагуб

трыццаць год жалеза плавіў у чугунох.

Валерка Кузьміч Гучныдзьмух

трыццаць год вагоны грузіў па начох.

Першы мой страх — тапіў, другі — паліў,

трэці — страх мой у Кітай вагонамі адпраўляў.

Таму смелы я як мае быць.

Ні смерці, ні пакутаў я не баюся.

Нават амінь не скажу ў канцы,

Багародзіца за мяне будзе прасіць.

Айчына кантрабанда

Ашмянскія цёткі ніколі не спяць. Пасля чаўночнага рэйса ў Вільню, ужо ў роднай Ашмяне, яны выцягваюць мужа з шафы, кормяць яго, здзьмухваюць пыл, мяняюць шкарпэткі і вешаюць назад, пад цэлафанавы чахол. Потым ідуць на працу, сядаюць за стол пад партрэтам, налічваюць квартальную прагрэсіўку ўсяму калектыву і — назад, на лінію фронту.

Ашмянскія цёткі зневажаюць законы прыроды: з электрычнай лычкі яны выцягваюць цэлую торбу мухаляпак, падчас асабістага дагляду сілай волі ўжыўляюць сабе пад скуру схаваны пад майку аполак сала, а віно ператвараюць у ваду.

— Марыечка, а ты ў гарадзенскім пасольстве (гэтак яны называюць літоўскае консульства ў Горадні) даўно была? — пытаецца ашмянская цётка, прайшоўшы скрозь сценку купэ на квадратных вачах двух студэнтаў ЕГУ. Кажучы гэта, яна з ног да галавы ўвешваецца кабанасам ашмянскага мясакамбіната (як добра, што ў Ашмяне няма «Белшыны»!).

Марыечка, што матэрыялізавалася ў вагоне крыху пазней, не адказвае, бо занятая: па-шахідску абмотваецца дваццацікілаграмовым патранташам з хітом сезона, апошняй бомбай: «Балет», крэм для твару.

І атрад спецыяльна навучаных сабак-шукаек таксама разводзіць рукамі: не бачылі, гаўгаў, не чулі, не ўнюхалі.

«Акропаліс», «літы», «чэндж», «акцыя» — мова ашмянскіх цётак точыцца словамі старажытных друідаў, якія на злосць шматвекавым захопнікам выжылі і цяпер, схіліўшыся над плацкартным сталом, занятыя неспасцігальным рытуалам пакецікамачання.

За мяжой жыццё ашмянскіх цётак мінае ў раскошы літоўскіх супермаркетаў і гуртовых магазінаў, дзе да нябёсаў узносяцца сырныя горы, парванымі кабелямі гойдаецца «кракаўская», а мінералка ўсяго за 2.65, і ўсё-ўсё-ўсё... Хрыстос прызямліўся ў Вільні.

І дзівосныя паўліны пяюць у мясных аддзелах. Малако мяшаецца з мёдам, на пластыкавай пальме спеляцца сапраўдныя фінікі. Гронкі бананаў сыплюцца з усіх амерык свету, а плады ківі – калядная версія бульбы – сценкай караскаюцца ў неба.

А хто там ідзе? Даначка, Марыечка, Тарэсачка і Айка. Берагі Вяллі расцвітаюць цудоўнымі садамі Радзімы — пры падыходзе да касаў прозвішчы на бэйджыках касірак лагаднеюць, раднеюць. Мацкевіч, Зубарэвіч, Касцюкевіч, Лабуцька і Качуня.

Ашмянскія цёткі жывуць згодна з прынцыпам: «купляйце (і адразу ж прадавайце) беларускае». Па дарозе назад снедаюць чырвонай рыбай, закусваючы літоўскім «грыльяжам». Patria o muerte? Я выбіраю смерць, бо на чорта такое жыццё, дзе будзе толькі прадукцыя фабрыкі «Камунарка».

...Ішлі 89-я суткі візы. Нечаканае і ад таго зыркае сонца засляпіла вочы: мяжа! Пад’ём: перад кантролем ашмянскія цёткі па доўгу службы падфарбоўваюць вусны або наадварот — змятаюць з твару ўсе сляды жаноцкасці (у кожнай свая мятода). Па савецкім яшчэ самавучыцелі «Таемная зброя пентагонаўскай прапаганды» фліртуюць з літоўскімі мытнікамі і памежнікамі, што, змакрэўшы, лічаць бясконцыя штампікі ў іх пашпартах.

— Сколько раз за эту візу вы пріблізітэльно, пожалуйста, пересекалі граніцу?

— Сорак сем.

— А что, пожалуйста, везётэ?

— Хну.

— Что, пожалуйста?

— Хну.

— Кто?

— Я.

— Вы?

— А то хто! Цяпер мая чарга: хто вы па знаку задыяка?

— Понятно, понятно. Можетэ, пожалуйста, не открывать...

— І ўсё-ткі?

— Баран, пожалуйста, Овэн.

— А я — Дзева. І, калі ласачка, пастаўце мне штампік на дваццаць шостую странічку...

Ашмянскія цёткі ненавідзяць студэнтаў-егэушнікаў, бо як можна галасаваць супраць, вучыцца супраць, калі наўкола такая радасць і сынок Жэнечка ў Менску, на трэцім курсе нархозу.

— Жэнечка, сыночак, шосты вагон, прыгожая такая правадніца, —кажа Айка ў мабільны, па-змоўніцку падміргваючы згаданай вышэй правадніцы. — Ага, вантрабянку перадала і мегаснікерс у асобным чамадане. Забярэш. Стаянка ў Менску дваццаць хвілін.

Айка пакідае прыгожай правадніцы вантрабянку і наладаваны чамадан ды выходзіць у Ашмяне. Але яшчэ ў Смаргоні да прыгожай правадніцы завітвае сяброўка з суседняга вагона: яны выпіваюць па сто каньяку на вішні і закусваюць пальцам пханай вантрабянкай. І таму ў Менску сын Айкі атрымлівае ссохлае нешта-нейкае, няўежную куплёнку. Падмена выкрываецца: тады наступным разам Айка ў перадаваную вантрабянку кладзе гайку. Тады правадніца, якая праз выламаны сяброўчын зуб мудрасці страціла субутэльніцу, наступным разам робіць кропкавую наводку. І элітнае аддзяленне мытні па пошуку памежных далікатэсаў хутка і лёгка выбаўляе са страўніка Айкі прамысловыя колькасці атруты ад мышэй ды сто ўпаковак віцебскага валідолу і выводзіць Айку на перон, пагаварыць. Тады жывая і палягчэлая ў выніку размовы на дзве столітавыя купюры Айка наступным разам пры пасадцы ў вагон падкладае ў купэ прыгожай правадніцы шыферны цвік. Тады, страціўшы навыкі сядзення, правадніца наступным разам бярэ і... Але пра ўсё па парадку...

Начны разбой, здрада, забойства, рабунак — усе гэтыя з’явы адбываюцца ў рэальнасці і таму адлюстраваныя ў мове. Учынку ж прыгожай правадніцы нават не знаходзіцца назвы, бо гэты ўчынак горшы нават за Чыкацілавы. Прыгожая правадніца запрадала святы абшчак, стуканула на ўсю дзявочую арцель разам. Паказала мытнікам схованку на дзвесце бутэлечак кантрабанднага шампуню. А сама ж, сучка, у долю ўвайшоўшы была! «Там, там, таварыш капітан, далібог, на столі, за вентыляцыяй, за краткамі, толькі за якімі — дык не скажу. Не я хавала».

І вось яны перад абліччам святой інквізіцыі стаяць: Марыечка, Даначка, Тарэсачка і Айка. На каторую ні глянь — усе пагалоўна сумленне нацыі, а маўчанне іх глыбокае, як возера Шо. Мытнікі зганяюць пасажыраў з наседжаных месцаў і, пераможна сцяўшы зубы, адкручваюць вентыляцыйныя краткі. І ў гэтай цішыні, дзе чуваць, як аб задушлівае паветра вагона б’юцца анёльскія крылы ашмянскіх цётак, здрадніцкі жывот Тарэсачкі з’едліва буркоча: «А вось у Шчорсах украінскія мытнікі адкручваюць прадухі за восем секундаў».

Мытнік з адкруткай на верхняй паліцы перастае пачувацца бравым тэхнікам «Формулы-1», які пайшоў на рэкорд па хуткаснай змене шынаў. Яго толькі што прынізілі да статусу ідыёта-пераростка, што на вачах аднагодкаў-падлеткаў калупаецца пластмасавым шуфлікам у пясочніцы. Мытнік мае вочы зацкаванай панды, якой няма чаго страчваць. Ой, Тарэсачка, што ж ты нарабіла...

Пад рулямі казённых калаўротаў ашмянскія цёткі па ўсім вагоне самі адкручваюць вентыляцыйныя краты.

— Бачу, бачу! — крычыць з далёкага канца вагона Айка.

— Шампунь?! — радасна выгуквае мытнік.

— Неба!

Злосны, як кракадзіл, мытнік сунецца ў той канец, каб пакараць словалюбную тарбэшніцу. Але паспявае пабачыць толькі яе азадак у палонцы вентыляцыйнай шахты. Ногі Айкі звіваюцца, як вадзяныя змеі. Тулава ж, падуладнае невядомай сіле, пакрысе ўвінчваецца ў адтуліну. Айка, бы тая з анекдота пчала, выгадаваная прагрэсіўнымі бээсэсэраўскімі пчалярамі да памераў слана, «у вулей пішчыць ды лезіць». Мытнік спахопліваецца, але не паспявае ўхапіць, і пяты Айкі спрытна знікаюць у вентыляцыйнай адтуліне.

І вось Айка па той бок акна: крамяная, мажная, у вэлюме цягніковага дыму. Смачна лунае ў паветры літоўскім цэпелінам. Яе ногі вясёла збіваюць вакзальнае паветра на казіны сыр. Айка праз шыбу круціць мытнікам дуліну, на поясе ў яе торба кантрабандных шампуняў.

— Семафорны мост, яна ўчапілася за семафорны мост над вагонам! — бурчыць няўрымслівы Тарэсаччын жывот.

Аднак тут па завэдзганым экране акна пралятае грымотны таварняк. Та-тах-тах-тах, татах-тах-тах — сто сценабітных таранаў у кірунку брамы далёкай Брэсцкай крэпасці. Грукат аціхае. Ашмянскім цёткам і гудагайскім мытнікам засціць вочы жалобная ашаломленасць. Няма больш Айкі — над каляінай лунае толькі сузор’е мыльных бурбалак. У іх зіхцяць маленькія тварыкі Айкі, на якіх усмешкай чашырскага ката застыла кплівая грымаса. Вецер ненавязліва так зносіць бурбалкі ў бок літоўскай мяжы.

— Яна паспела залезці на арматурыны маста! — зноў заходзіцца жывот Тарэсачкі.

Седзячы на семафорным мосце, упараная ад міжвольнай гімнастыкі, Айка зноў усміхаецца сяброўкам і памежнікам і непаслухмянымі пальцамі зноў выкручвае дулю. У другой руцэ сутаргава сціскае адзіную ацалелую бутэлечку «Дароў Палесся». Густы як чыгун, зялёны як гуталін, шампунь вылузвае з бутэлечкі, і, не раўнуючы як матылёк з кокана, ператвараецца выхадзе ў бязважкія бурбалкі.

Адзін з мытнікаў траціць прытомнасць.

І тут з глыбіняў космасу прылятае вогненная камета — запозненая рэакцыя Галактычнага Розуму, які ўсё ГЭТА і стварыў, а цяпер чыста па-чалавечы стаміўся. Бо як так можна — столькі стагоддзяў з насельнікамі гэтай планеты было ўсё ў парадку — усясветная туга, мукі душы, усё ў такой манеры. А тут бач ты: праз сценкі вагона людскога прашыліся ашмянскія цёткі і нахабна разгайдалі светабудову. Камета дашчэнту выпальвае Айку з цэлым кавалкам семафорнага моста. Уф, ну, нарэшце...

Развярнуўшыся ў Вільні, асірацелы без ашмянскіх цётак цягнік бяжыць ад літоўскай мяжы праз сібірскія снягі на ўсход, у сэрца нашай Радзімы, Магілёў. У вагоне ціха падае снег. Прыгожая правадніца рыдае каля тытану — выбуховай хваляй камета выбіла шыбу ў яе купэ, і кантрабандны пітон, схаваны пад ложкам, спруцянеў на марозе. На месцах, указаных працаўнікамі саставу, сядзяць выключна ўнутрырэспубліканскія пасажыры. Пра існаванне замежных краінаў яны чулі адно з бяскроўных вуснаў тэлевядучай. Яны нічога не ведаюць пра вадаспады і фантаны віленскіх гіпермаркетаў, пра мегатруфелі вышынёй з піраміду Хеопса, пра тое, што ёсць на грэшнай зямлі такія Даначка, Марыечка і Тарэсачка і што была такая Айка.

І толькі ля самай падлогі, між батарэяй і ложкам адной з баковак, праз усе слаі дэрмаціну і жалеззя, поячы наваколле дзівосным водарам, зіхціць нязгасным рубінавым святлом надзейна забытая «Папараць-кветка», для ўсіх тыпаў валасоў, персанальная Áйчына кантрабанда.

Доктару Хаўзу ад беларускага народа ліст

Любы!

Ты – Брус Уіліс сёння. Як і яго, цябе можа кінуць жонка, могуць узненавідзець усе сябры, бо ты такі самы казёл, імпатэнт, алкаголік і няўдаха, але на самы апошні бой ты, як і ён, выйдзеш ды ўратуеш людскія душы. Але ж, па справядлівасці, Брус Уіліс быў перадапошнім бойскаўтам, а апошні ўсё ж ты, мілы доктару Хаўзе. Проста ты адзін з першых – а дакладней, трэці – прасёк, што ратаваць свет – гэта не прафесія. Першымі гэта сцямілі нашы разумныя мамы і настойліва параілі паступаць на эканамічны. Другімі скемілі небаракі з задымленых вежаў-блізнюкоў, што, дарэмна прачакаўшы Супермэна, ад нявыкруткі скочылі долу. Рэч у тым, што для паўставання генерацыі свядомых ратавальнікаў свету патрэбныя спецыфічна-цяплічныя ўмовы: кіношны павільён, флюарысцэнт і якасны мантаж. Таму ў часіну, калі чацвёрты Рэмба глядзіцца як пародыя на першых трох, ты ўзяў ды паступіў у галівудскі медыцынскі. Пэўна, беручы за аснову тое, што ратуючы чалавека – ратуеш цэлы свет. І ўсё ж застаўся сволаччу і паўдуркам.

Не вер галоўурачу Кадзі, не спі з падначаленай Кэмеран. Усе дактарыхі – сцервы. Галівудзяць налева і фабрыкуюць мроі. Мы ж цудоўна ведаем, што ў цывільным жыцці ты — Х’ю Лоры, ангельскі актор. Не як яны – янкі. Ты – глыбокі, удумлівы брытанскі комік. Наскі, еўрапейскі. Еўрасаюзнік!

Добры доктар Хаўз! Гэтае кубічнае неба колеру таплёнага малака і бурае падножжа з тэкстурай пракіслай аўсянкі... Два мінулыя пакаленні мы толькі і рабілі, што прасілі снегу на Новы год. Сёлета атрымалі. Шчыра? Шчасця гэта не прыносіць. Калі зноў прыадчыняцца нябёсы, дык паспрабуем заказаць два леты. Тое першае – вялікае і гнілое, як

Грымпенская дрыгва, такой бяды – хай разлягаецца паміж майскімі і дажынскімі. Можа, яно яшчэ схамянецца ды зробіць нам прыемна. А вось паміж лютым і сакавіком хай дадасца яшчэ адно лецейка: невялічкае, але каб выхад да трох мораў і адпускныя ў цвёрдых нафташэкелях з прывязкай да Госпада Бога. Каб нашым разумным мамам не давялося хадзіць-торкацца па абменніках. Ой, дзетачка-доктар, мама ж стары чалавек, хворы... А нездароўчасць – гэта па тваёй медчасці.

Чаму менавіта цяпер, пры канцы лютага, пішам да цябе, добры доктар? Ведаеш, гэтай парой у нас абвастраецца поцяг да справядлівасці ды заканчваюцца боепрыпасы ў падвалах. Першае, кажуць, лечыцца, у другім бедстве навука робіць толькі першыя крокі. Але, ведаем, – усё будзе: і тры ўраджаі на год, і бананавыя плантацыі ў дэльце Сожа, і з’езд беларускіх фараонаў у Палацы Рэспублікі.

Мілы Хаўзе! У гэтым месцы хочацца прыгадаць які-небудзь беларускі верш якога-небудзь беларускага паэта, але ўспамінаюцца неўміручыя словы Някрасава. Такім парадкам, тэрмінова прымі эсэмэску з сімптомамі нашай хваробы:

Ліхаманка

Ямінай грудзі

Губы бяскроўныя

Павекі апалыя

Ногі апухлі

Каўтун у валасах.

Паводле пералічанага вышэй пастаў нам дыягназ. Дакладны, але харошы. Бесстаронні, але з душою. Каб не горш за суседзяў, але каб, барані Божа, не вытыркацца. Каб з тваім смяротным выракам можна было жыць ажно да самай смерці. Сам бязлітасны, з нас злітуйся. Медзаключэннямі пра агульную млявасць і абыякавасць да жыцця просьба не турбаваць.

Метагалактычны авітаміноз?

Не!

Міжпланетны скаліёз?

Не!

Зборная Уругвая?

Не!

Маладзёжная Парагвая?

Не!

«Дынама» (Мінск)?

«Тарпеда» (Пінск).

Калі дачка?

Хай будзе Дыяна.

А як што сын?

Тады Даніла.

Сячэш паляну, медафіл?

А цяпер сур’ёзная прапанова. Усе дзевяць мільёнаў з хвосцікам грамадзян РБ купляюць сабе не па шэсць бутэлек піва, а па пяць з паловай, скідаюцца па зэканомленай тысячы – і бізнес-класам «Белавіі» ты прыбываеш сюды ды ставіш нам клізму. Увесь такі ў белым і прасветлены пасля «Бхагавад-гіты» і «Рухнамы». Прыязна гутарыш з грамадскімі (пр)адстаўнікамі, малодшаму школьнаму ўзросту падрабязна адказваеш на пытанне, дзе ж былі ўсе дарослыя ў ноч на трыццаць сёмы год, перад кожным актам куплі-продажу ў ЦУМе цалуеш знерваваных прадавачак у псіхатэрапеўтычных мэтах. А яшчэ – разводзіш рукамі інвестыцыйны клімат і разлічваешся з усімі замежнымі гандлярамі людзьмі.

Чаго, ты ўжо тут?! Каторы месяц ідзеш па БТ? Oh–my–God! Яны што там, на Макаёнка 9, усе з глузду паз’язджалі? Што яны маюць паказаць наступным нумарам: мультсерыял пра Садама Хусэйна?

Раз ты ўжо тут, дык, будзь ласкавы, сатры з трэцяга вока кан’юктывіт, пастаў банкі сабе на рогі, наляпі гарчычнікі пад хвост і – вэк адсюль! Халера цябе не возьме, доктар Хаўз.

Падпісаліся:

1. Павал Касцюкевіч

2. ......................

3. ......................

4. .....................

5. .....................

Я кахаю цябе, Юлія

Заходжу на офісную кухню — там Юля. Як заўжды п’е сваю распушчальную каву.

Я: Прывітанне, Юля, у мяне для цябе гісторыя. Калі ў Юлія Цэзара нарадзілася першая дачка, дык ён назваў яе ў свой гонар – Юліяй. Калі ж у яго нарадзілася другая дачка, дык ён назваў яе Як, ты думаеш, ён яе назваў?

Юля: Э-э...

Я: Ён назваў яе Юлілай, што на лаціне значыць «такая ж, як Юлія».

Юля: А-а!

Я: У нашым апавяданні можна было б паставіць кропку, калі б не адна акалічнасць. Майго дзеда таксама звалі Юліем. Юліем Анатолевічам. Сваю першую і апошнюю дачку, маю маці, мой дзед назваў Алай, у гонар сваёй улюбёніцы, савецкай кінаакторкі Алы Ларыёнавай. З наступных нашчадкаў у яго нарадзіўся толькі я, ягоны ўнук. І мой дзед захацеў назваць мяне Толікам — як ты разумееш, у гонар свайго бацькі. Але ж мой іншы дзед, ужо з бацькавага боку, дзед Барыс, захацеў назваць мяне Іллём, у гонар ужо свайго бацькі. Дзяды праз гэта вельмі моцна пасварыліся. Адзін крычаў: «Толікам, Толікам назавіце!» — другі ж: «Толькі Ілюхам!» Мала не пабіліся. На мой жа асабісты погляд, Ілля і Толік — самыя брыдкія імёны ў гісторыі чалавецтва. Ці, прынамсі, у маім жыцці. Усе мае Ілюшы і Толікі былі найнепрыемнейшыя тыпы. Ілюша Цукерман з садка, у якога былі прышчы на падбароддзі і заўсёдная сопля з носа, ці Толік Беляшчук са школы, які гнюсна хіхікаў і пацеў далонямі. Дзякуй Богу, што мяне не назвалі Толікам ці Іллём. Я вельмі люблю маё імя — Паша. Хоць яно і нарадзілася выпадкова, з кампрамісу. Паводле маёй маці, гэтае імя яны з бацькам выштукавалі спехам, абы збыць з галавы, абы мае дзяды не вызверыліся адзін на аднаго, не раўнуючы як Мантэкі з Капулецямі...

Юля: А-а...

Я: На гэтым у нашым апавяданні можна было б паставіць кропку, калі б не адна акалічнасць. У трагедыі Шэкспіра пра маладых людзей з варожых сем’яў Мантэкаў і Капулецяў, у яе ангельскім арыгінале, няма ніякай

«Джульеты». У Шэкспіра дзяўчына – Julia, Джулія. На ўсе мовы імя галоўнай гераіні так і перакладаецца — «Джулія» або «Юлія». А вось у пашыраным у Беларусі расійскім перакладзе – дык чамусьці «Джульета». Джульета, Жульет — увогуле імя французскае, а не італьянскае, таму зусім няясна, чаму так пераклалі. Але ж гэта не важна. Што я хачу сказаць? Найвялікшая трагедыя пра каханне, яна ж — «аповесць, найсмутнейшая на свеце», была напісаная менавіта пра дзяўчыну, якая насіла такое ж, як і ты, імя – Юлія. Вось.

Юля: А-а!

Я: На гэтым у нашым апавяданні можна было б паставіць кропку, калі б не адна акалічнасць. Я тут толькі што распавёў табе гэтую гісторыю не проста так. Ты, Юля, была для мяне чымсьці накшталт падвопытнай Юліі. Рэч у тым, што я цяпер сустракаюся з дзяўчынай, яна мне вельмі-вельмі падабаецца, і яе таксама завуць Юляй. Я прыдумаў гэтую гісторыю, каб зачараваць ці прынамсі павесяліць яе. Табе ж я распавёў гэтую гісторыю, толькі каб выпрабаваць яе моц, распавёў, каб убачыць, ці падабаецца гэтая гісторыя іншым Юлям... Такім чынам, як табе мая гісторыя?

Юля: Э-э...

Я: Калі ласка, паканкрэтней, Юля.

Юля: Няхілы загруз... Проста супер... Ясна, ты атрымаў ад мяне «дзясятку».

Я: Дзякуй, Юля. На гэтым у нашым апавяданні можна было б паставіць кропку, калі б не адна акалічнасць. Рэч у тым, што я схлусіў табе. Насамрэч у першы раз гэтую гісторыю я распавёў не табе сёння, а ўчора сваёй каханай Юлі. Проста так атрымалася, што калі я гэтую гісторыю распавёў, мы ў той жа вечар рассталіся, разышліся. І я падумаў, што такой файнай гісторыі не варта прападаць, і сёння вырашыў пацешыць ёй таксама іншых Юляў. І вось пацешыў цябе... І на гэтым, на гэтым я нарэшце стаўлю ў нашым апавяданні кропку.

Юля: А цяпер паслухай мяне, Паша. На гэтым у нашым апавяданні ты мог бы паставіць кропку, калі б не адна акалічнасць: ніякай іншай Юліі не існуе і не існавала. Апошнія два месяцы, літаральна да мінулага аўторка, тваёй дзяўчынай была сцерва Яня з трэцяга аддзела, а да яе тры месяцы — лахудра Каця з лагістыкі. І яшчэ пару пырхлівых фліртаў у перапынку паміж імі: Жэня, Наста і Алена, але, заўваж, ніякай Юліі. Адсюль вынікае, што гэтая твая гісторыя, гэты твой загруз, які, дарэчы, хоць і файны, але ж прыдатны выключна для Юляў і не для якіх іншых дзяўчат, ты сапраўды ў першы раз расказаў Юлі — ды вось толькі не сваёй міфічнай дзяўчыне... Хвіліну таму ў першы (але ж і ў апошні ) раз ты расказваў гэтую гісторыю мне, маючы на мэце зачараваць менавіта мяне.

Я: Э-э...

Юля: Рэч у тым, Паша, што я паўгоду сачыла за табой і ведаю пра тваіх былых дзяўчат усё.

Я: А-а...

Юля: У дадатак, у апошні месяц, сочачы за табой, я са здзіўленнем заўважыла, што ты сам пачаў сачыць за мной. Адсюль: з тваіх намаганняў зачараваць мяне гісторыяй, а таксама з прызнанняў, што табе вельмі-вельмі падабаецца дзяўчына з імём Юлія, і ў дадатак з тваіх сачэнняў за мною ў апошні месяц я раблю выснову, што ты ў мяне закахаўся...

Я: Угу...

Юля: На гэтым у нашым апавяданні можна было б паставіць кропку, калі б не адна акалічнасць: я паўгоду сачыла за табой, таму што я таксама кахаю цябе, Паша!

Заслона.

P.S. Пра значэнне імя другой дачкі Гая Юлія Цэзара і пра прысутнасць у ангельскім арыгінале Шэкспіра «Юліі» замест «Джульеты» – няпраўда.

Шэсцьсот шэсцьдзясят шэсць вечароў

Шатан у Менску. Не відаць яго — хаваецца недзе. Хоць усе добра абазнаныя пра ягоную нябачную прысутнасць, ён усё роўна намысліў выпусціць вонкі світу, якая фальшыва звястуе ягонае прыйсце.

Імя свіце — вараннё.

Чорнае птаства з драпежнай дзелавітасцю лунае па-над горадам. Ад Панікоўкі і Купалаўскага сквера аж да плошчы Якуба Коласа. Зграя пацукоў з прыробленымі крыламі, менска-мінскія птушкапціцы. Пасля нябачнай адмашкі гуртом зрываюцца з вершалінаў дрэваў і, перакрыжаваўшы небасхіл, крыляюць. Кружляюць. Гергечуць і пачвараць.

То пазбіраюцца ў адну купу, то крыху разлятуцца, размяркуюцца па абшары, сябе прыпадобніўшы да вузельчыкаў, а неба – да браканьерскай сеткі, каторая штохвіліны пагражае абрынуцца і ўблытаць нас усіх.

Бамжы, найбольш сталыя насельнікі вулак, згледзеўшы чорную армаду, прадбачліва хаваюцца пад казыркі грамадскіх тэлефонаў.

Карэнныя менчукі, скамянелыя пасярод праспекта, не зважаючы на белую дрэнь, што валіцца на штрыфелі іх гарнітураў, адно стурбавана сочаць, каб на тле адвячоркавага неба чорныя гмахі птушак не пачалі перарабляць на свой лад столькі гадоў рупліва маляваны гарадскі рысагляд.

Дзяўчына, з усіх бакоў абнятая байцом белпалка, учуўшы масіраванае карканне, ніякавее, позірк блякне. Робіць выгляд, быццам нічога не змянілася, але прысуд вынесены – сёння ў іх нічога не будзе. Паглядаючы ў розныя бакі, дзяўчына і баец яшчэ каторы часы абдымаюцца на выцягнутых руках. Дзяўчына, паспяхова скроіўшы міну асобы з нягэтага свету, думае пра кальцый у арганізме. Сам баец думае пра бясплённую самаволку, што хутка павінна скончыцца, пра змарнаваныя бутэльку «Змовы манахаў» ды букет гваздзікоў. Не тое што сённяшнім вечарам, на другім спатканні, у яго было многа шанцаў, але цяпер іх — абнулены нуль.

Менскі гопнік, што нешта палка даводзіў быў таварышу, цяпер таксама чуе вараннёвы клёкат: ягоная лаянка гусцее, ён намагаецца перакрычаць птушак, і твар ягоны выцягваецца ў доўгую дзюбу. Ад аральнай напругі губы абяскроўліваюцца, бялеюць, шчокі ж наадварот пакрываюцца чырвонымі плямамі, і твар гопніка робіцца падобным да негатыву галавы бусла. Бутэлька піва ў чэпкіх птушыных пальцах раздражняльна пустая.

Дзве студэнткі, найлепшыя сяброўкі, ужо не ідуць за ручку, а напалохана ціснуцца адна да адной бокам, ад бёдраў да плячэй, усё роўна як раней раз’яднаныя, а цяпер зноў сфастрыгаваныя па шве сіямскія блізнючкі. Уперыліся кожная ў свой экранчык мабільніка і ўпотай адна ад адной доўгімі, надта доўгімі пазногцямі пішуць любоўныя эсэмэсы аднаму і таму ж аднагрупніку.

Цяпер паселае на высозныя таполі Купалаўскага сквера вараннё ператвараецца ў чорныя парэчкі. Зрабіўшы гэты вокамгненны скачок з фаўны ў флору, парэчкаўё пагрозлівым тонам прапануе сябе ў якасці пачастунку.

Але лепей ужо так. Лепей, што ўсё гэта і ўсе яны – у маім горадзе і ў маёй галаве, бо сёння я, ушчэнт захоплены гэтай навалай, напэўна, першы раз пасля таго растання, першы вечар за шэсцьсот шэсцьдзясят шэсць вечароў не думаю пра Свету.

Дзень дэсантніка

1.Сонечнае прыцьменне

Яны злятаюцца з недасяжных вышыняў, з тых сляпучых узвышшаў, якіх не сягаюць арлы і снягі. Мама, мама, глядзі: яны лятуць, асланяючы сонца на 10, 20, 30 адсоткаў! Нецвярозымі анёламі імкнуць да нас, неспасцігальныя, як прыбамбасы Бэтмэна, і, прызямліўшыся на пакрытыя керамінаўскай кафляй ганкі дамарослых супермаркетаў, дзіравяць грэшнае паветра гарадоў пяццю нябеснымі зыкамі:

Сла-Ва-Вэ-Дэ-Вэ!

Іх не было тут цэлую вечнасць, адзін зямны год, яны шмат чаго не ведаюць пра нас, пра ўтомную зіму і стагнацыю. Яны, нетутэйшыя, па-ранейшаму песцяць аблудную надзею, што зямныя дочкі будуць біцца галавой у гістэрыцы і рваць валасы на галовах, як толькі змецяць у сваім полі зроку вузкую палоску бірузовага берэту. Яны яшчэ ў вочы не бачылі новага дызайну бутэлькі «Аліварыя-Айс». Таму і купілі пяць скрыняў. Нетрывала ступаюць неакрэплымі анёльскімі нагамі па зямлі. Зрэнкамі блакітнага – аж выліваецца! – колеру зазіраюць мінакам у вочы са спіны. Трохі смешныя. Спажываюць гарэлку як ваду, а чарніла як паветра. Хісткай хеўрай ловяць замест таксоўкі аўтобус. Ставяць акардэонныя акорды на гітарным грыфе. Перакананыя на ўсе сто, што чалавек – найлепшы сябар дэсантніка.

Дзень ВДВ – свята сямейнае, таму ў гэты дзень трэба сядзець дома і нікуды не выходзіць. А ноччу будзь ласкавы пастаў свечку і літровы слоік «ёршыка» на падваконне. Гэта для заблукалых берэтаў. І не важна, што ў цябе сёмы паверх. Стропы ў іх доўгія – дацягнуцца.

А ты служыў у войску? І ў нас усё неяк не атрымлівалася – знаеш, сям’я, саўна штопятніцу, аўстрыйскія партнёры, праблемы на фірме і пад уласнай чарапной каробкай. У нашым класе з пятнаццаці здаравіл адслужыў толькі адзін хлопец. Хоць і не ў дэсантуры.

2.Аднакласнік

Перастрэць на вуліцы аднакласніка і, пачуўшы пра ягонае жыццё, пераканацца, што не такі ўжо кепскі для цябе расклад на гэтым свеце. Тэорыя адноснасці ў дзеянні. Пасля першай радасці, калі ўсё яшчэ цешышся, што ты па-ранейшаму маеш сякія-такія шанцы падмяць усё пад сябе, пачынаеш звяртаць увагу і на самога аднакласніка. Змячаеш, што разам з ягонымі такімі чужымі няўдачамі і злыбедамі і ўсё астатняе ягонае жыццё таксама іншае, усё не так, як у цябе. Не так і не так, а вось гэтак. І паралельна з трыумфальна вернутымі ў галаву думкамі парваць гэты свет на андрэеўскі сцяг, душу ахінае якісь няўцямны сплін. Позіркам абглодваеш суразмоўцу – і табе трошачкі хочацца ягонага, нармальнага: паслужыць у войску, спусціцца ў салігорскую шахту, паслухаць апошні unplugged «Славянскага базару». Каб стаць як усе, спадзеючыся, што так ты, можа быць, пазбудзешся гэтага пачуцця – калі часам здаецца, што твае мазгі, як выпушчаны галактычны дэсант, раскідала па ўсім Сусвеце.

Мой аднакласнік, Слава Вэдэвэ.

3.Антаніна, я твой мужчына

І да таго ж гэтыя іх цяльняшкі. Няйначай вышэйшая, нечалавечая, фантазія прыдумала іх. У беспрасветнай імгле колеру хакі і сярод плямістага хаосу стылю «мілітары», пэўна, вярхоўнае вэдэвэшнае божышча выпрадукавала, выламаўшы з уласнага калена, гэтае блакітна-белае чаргаванне, двухколерныя промнікі святла ў цёмным царстве.

Божышча было абкуранае, з’едліва скажа маладое крыло. Можа быць. Хаця, думаю, нешта-нейкае ўсё ж ёсць у гэтым дні. Штосьці ад моцы і немачы бразільскага карнавалу-аднадзёнкі. Штосьці ад бесшабашнай пагулянкі казакоў у «запарожцы». Штосьці ад колішняга неспадзяванага прыезду шатландскіх футбольных заўзятараў у кілтах у Менск. І яшчэ трошкі – ад зборнай Харватыі.

Зборнай Харватыі? Ну, гэтая іх адметная клятчастая форма. Рэч у тым, што калі Харватыя атрымала незалежнасць, то на кірмашы фарбаў астатнія краіны збольшага ўжо разабралі ўсе каляровыя камбінацыі. Да таго ж дзяды падкінулі харватам у спадчыну чырвона-бела-сіні сцяг. Банальную палітру, якой трымаецца ці не ўвесь славянскі свет з прымкнулымі да яго французамі і галандцамі. І тады, у гэтыя змрочныя часы сумневаў і цяжкіх роздумаў, камусьці з харвацкіх дызайнераў прыйшоў да галавы ход канём: форма ў чырвоныя і белыя краткі. І, значыць, звоніць мне неяк летнім дзяньком адна Антаніна: «Паша, прыязджай, у мяне зноў праблемы ў асабістым жыцці, трэба параіцца, любоўная дылема: футбаліст або таксіст. І абодва харошыя хлопцы». І я імчуся да Антаніны. Першай справай здзіраю сваю недарэчную кашулю, што замінае і асланяе футбольную маечку ў краткі, і потым, як след прадэманстраваўшы свае нацельныя шашачкі, крычу на ўсе застаўкі: «Антаніна! Не яны, а я, Я – твой мужчына! Два ў адным... не – тры ў адным. Ты можаш разлічваць на мяне, нават калі табе раптам удумаецца ўзбуйніць гэты твой любоўны, футбольна-таксісцкі, трохкутнік яшчэ і шахматыстам».

Пакрыўдзілася Антаніна. Але каму спадабаецца, калі цябе, мужчыну, перарабляюць на жанчыну з правам дарадчага голасу.

Дарэчы, яшчэ адна дата праляцела над намі, як фанера над Парыжам, – Дзень шахматаў, дваццатага ліпеня! У наступным годзе абавязкова святкуйце – і так, каб чэрці вылі. Уяўляю орды крыважэрных людзей у прыталеным гарнітуры і клятчастым, а-ля клоўн Папоў, капялюшы, якія чэпяцца на вуліцы да вартых жалю хлопчыкаў у бірузовых шапачках: «Чаму, е-два-е-чатыры тваю за нагу, без акуляраў?», «Чаму цельнік не ў клетачку?»

4.Носік вышэй!

Лета хутка скончыцца. Гэта навукова даведзены факт. І як лета – маленькае жыццё, дык у верасні нас чакаюць маленькая смерць і маленькі страшны суд. Не схавацца. І дзень дэсантніка, які выпадкова (невыпадкова?!) супадае з днём грымотнага Іллі-прарока – першы званочак. Жнівень – гэта слухаць у аўтобусе, як напалеонаўскія планы пра трыумфальны захоп турэцкага берага пакрысе з’язджаюць на старэчае буркатанне, што ад чалавека ў гэтым свеце нічога не залежыць, а пагатоў – выкананне ягоных планаў на лета, і што ўсе мы, па сутнасці, у далонях Івана Купалы, гэтага змрочнага летняга бажка, які тры месяцы навылёт прымушае нас паліць чорныя шыны недаробленых за зіму справаў ды скакаць праз вогнішчы скоразвялых раманаў, пасля чаго мы робімся п’яныя і дурныя, забываючыся пра самае элементарнае – пра Крым.

Класіка жанру. Лета, мікрараён, дзе прэвалюе сена на асфальце ў другім пакаленні (зрэшты, так можна сказаць пра ўсе менскія мікрараёны). Ля гастранома ідзе невысоканькая, гжэчна апранутая бабулька, якая крыху так выбіваецца з агульнай моды. Раптам чуецца трохі звераваты крык: «Носік вышэй! Носік, ё..., вышэй!» Нос кабеты міжволі ўздымаецца. Але голас не задаволіўся і гне сваё:

«Яшчэ вышэй!» Бабчын нос заложна лезе ўгору. Але на трэцім выкрыку, схамянуўшыся: «Што ж гэта я?» – яна апускае голаў і азіраецца. На лужку перад гастраномам мужчына косіць траву касой. А на ганку магазіна згуртавалася ладная талака, якая сочыць за рухамі касца і, дзе трэба, папраўляе яго словам. Гэтым летам людзям ёсць што сказаць.

Так што хапайце, хапайце высалапленым языком гэтыя летнія перліны. Бо неўзабаве, праз які месяц, свет скурчыцца да невялічкай амбразуры, адкуль мы будзем атрымліваць адно канверты ад працадаўцы і радасці скупыя тэлеграмы – ад жыцця, апантана смолячы ў адказ па псіхічнай атацы белых.

Вайна з дзьмухаўцамі

З’езд беларусістаў свету адбываўся сярод лабірынтаў і містэрыяў менскага харэаграфічнага каледжа. Ішлі замежныя прафесары, знаўцы трох падзелаў Рэчы Паспалітай, з партфелямі і ноўтбукамі, крочылі шаноўныя спецыялісткі па паўстанні 1863 года, з фрызурамі і педыкюрам. Падчас іх шэсця бясконцымі калідорамі трапляліся ім бязгучныя дзяўчат-здані ў пуантах і пухкіх белых спаднічках. Гадаванкі каледжа абдорвалі кожнага навукоўца глыбокім кніксэнам. Лебядзіныя шыйкі як на загад згіналіся ў пашанотным нахіле, а ў вялікіх, на ўсю сценку, люстэрках дрыгацелі іх сарамлівыя посмешкі.

На ўрачыстым адкрыцці з’езду гадаванкі паказалі нумар «Сувораўскі вальс», прычым сувораўцы былі сапраўдныя – падлеткі, апранутыя ў чорную, як смоль, форму. Выявілася, некалькі курсантаў наведвае тут гурток бальнага танцу. На адкрыцці выступіла таксама дырэктарка каледжа: па-дзявочы худзенькая былая прыма-балерына. На правах гаспадыні, запінаючыся (як бы прыслухоўвалася да ўнутранага метранома), дырэктарка сказала:

«Вітаем вас, і раз і два, мы радыя бачыць вас на нашым з’ездзе беларусі-сі-стаў, і раз і два, работайце пладатворна».

Мы разышліся па класах каледжа – звычайных школьных класах. Наша габрэйская секцыя мела абмеркаваць менскае гета і Марка Шагала.

І раптам:

– Вайна, вайна!

Гэта нема раве дзяўчынка-асістэнтка: паружавела неяк нездароўча, і, здаецца, вось-вось бразнецца ў паўпрытоме.

Усё прыходзіць у рух: балерынкі бязважка перабіраюць белымі ножкамі – прафесійна гойсаюць па фае, як па сцэне, дырэктарка харэаграфічнага каледжа заціскае ў абдоймах скіпелы самавар, замежныя прафесары, знаўцы трох падзелаў Рэчы Паспалітай, ашаломлена садзяцца проста на падлогу, спецыялісткі па паўстанні 1863 года ўзбуджана паскокваюць да столі. Вайна, якая шчэ вайна?! Каму мы трэба?

Нібы спраўджваючы ліхую вестку, па небе грымотна шугае рэактыўны вынішчальнік.

«Зараз будзе зварот кіраўніка дзяржавы», – гучыць праз дзверы класа чыйсьці голас.

Уключаем тэлевізар. На экране столькі гадоў бачаны намі твар, да якога – чаго хаваць – мы збольшага адчувалі непрыязнасць, аднак цяпер, у святле апошніх навінаў, ён нават крыху параднеў ды набыў рысы: напоўніўся зморшчынкамі, адметнымі пагоркамі і ямінкамі. Мала не бацькоўскія цяпер вочы выпраменьваюць зычлівасць, і мілыя цяпер губы вымаўляюць: «Браты і сёстры! Нам капец...»

Дыспазіцыя: на нашу краіну наваліліся орды дзьмухаўцоў. Ой-вэй, хто б мог думаць: жоўта-белыя, аксамітна-пухнатыя паскуднікі топчуць дол тваёй краіны. Ратунку няма ані. Дзьмухаўцы займаюць тэрыторыю, пратачаюцца праз асфальт, каласяцца на кожным найменшым лапіку, лезуць напралом. Мільярды палёвых шчупальцаў, што шалёна прагнуць аднаго – людскіх сэрцаў. Не вытруціш. Спрабавалі скасіць – жоўтая атрута з націння пырскае, выядае вочы і мозг касцоў, а на месцы панішчаных кветак вокамгненна расквітае ўтрая большая колькасць звышновых сонцаў.

Дзяўчынка, дзяўчынка, дзьмухаўцы знайшлі нашу краіну і цяпер шукаюць наш горад.

Горадні і Пружанаў ужо няма – патанулі ў дзьмухаўцовай навале, жоўтым моры; хіба на балотах Палесся і Віцебшчыны справы ў ворага ідуць марудней. Спрабавалі супрацьстаяць? А як жа! Тактыка выпаленай зямлі плёну не дала. Зямлі – вунь яе колькі, паліва ж – непараўнальна менш. Стратэгія вытаптанай зямлі нават не разглядаецца, паколькі ўсе, хто мог таптаць, зашыліся ў дамы: з вышыні сваіх сховішчаў назіраюць за павольным захопам тэрыторыі. Бо інструкцыя па выжыванні гучыць адназначна: барані вас Божа, куме, высунуцца за парог, адзін крок па зямлі умомант дасць вам зразумець, што вы труп. Зжарэць, накрыець сваімі драпежнымі хвалямі бязлітаснае мора дзьмухаўцоў.

Міністр абароны з усім сваім штабам здаўся ворагу пры першай сутычцы, галава Нацбанку на «тушцы» з цэльназалатога каркаса зляцеў у Вену. У сталіцы бардак і здрада. І кветнік. Праўда, пакуль не такі дасканалы, як пра тое мроілі ў сваіх эратычных снах камунальнікі-маньякі – але, як зазначаюць яны цяпер у сваім прынагодным звароце з блага прыхаванай радасцю, кветнік той «ужо самы вялікі ў Еўропе».

Як са здзіўленнем высвятляецца, кіраўнік краіны застаўся тут, разам з намі: «Дзе народ, – цяжка дыхаючы, быццам пасля выканання мужавых абавязкаў, кажа ён, – там і яго павадыр». У поўнай срацы, адным словам.

Хто ж мог падумаць, што Беларусь, родную зямліцу, трэба было забетанаваць? Усю, да апошняга ўзгорачка мілага поля: багны, курганы, лясы? Зафігачыць месівам па самыя вушы. Шчыльненька ўтрамбаваць дол ля кажнюткага камля, пáлі і маставой апоры.

Хто ж мог здагадацца, што трэба было нанова ўвесці інстытут піянераў-герояў? Гойсалі б сабе сюд-туд за ідэю, каб нічога-нідзе-ніякага, аніводнай жывой шчылінкі, ані найменшага шанца расліне-мутанту. А як што якое – дык «102» і самалёта-верталёты ўтопяць увесь раён трайным слоем шэрага паратунку.

З якога боку прыйдзе апакаліпсіс? Прызнаюся, палова з нас грашыла на ўсходнюю суседку: «Гэтыя?! Гэтыя могуць і хочуць – захопнікі, імперыя, навалач». А цяпер бачыш – наадварот: скідаюць з самалётаў пачкі з гуманітарнымі пельменямі: «Трымайцеся, браткі-беларусы!» Другая палова з нас думала на заходнікаў: «Гэтыя могуць, хоць і не хочуць». Але цяпер бач – пераправілі пры дапамозе рачнога флоту чалавек 700 нашых на вялікую зямлю. Да канца судаходнага сезона дэкларуюць перавезці яшчэ дзве тысячы.

Трэцяя наша палова, складзеная з паловы першай нашай паловы і з паловы другой нашай паловы, адным словам, з тых нашых людзей, што заўсёды маюць думку ў кішэні, намалявала была ў сваіх галовах карціны гнюсотнай змовы паміж паўночнымі і паўдзённымі суседзямі. Пры гэтым, прычытаючы, тая наша частка наракала: «Хочуць, халера на іх, хочуць – хоць і не могуць». Цяпер высвятляецца: паўночныя і паўдзённыя не толькі не могуць, але і ні ў якую. Карацей, шчыра ім пляваць, свайго хапае.

Яшчэ адна наша палова, ужо чацьвёртая, чакала канца, які смаляне згары, што заакіянскі Госпад абрыне на нас за грахі серку і агонь з неба. Цяпер ясна – памыляліся таксама. Хто ж мог падумаць, што вораг прыйдзе знізу і што ён зусім не будзе мець душы?

Як неразважна і неразумна ўсё, жыццё гэтае... І як жа недарэчна звініць каледжны званок: «Адзін саракахвілінны занятак па страху і чаканні смерці вы прабавілі, перапынак».

Дзяўчынка, дзяўчынка, дзьмухаўцы знайшлі наш горад, цяпер шукаюць нашу вуліцу.

Верталётны полк з Мачулішчаў ратуецца толькі тым, што ніколі не прызямляецца. На цэнтральных плошчах нашых гарадоў захопнікі развялі вогнішчы і паляць кнігі Рэя Брэдберы, а на гарадскіх могілках урачыста хаваюць гербарыі. Кажуць, у цэнтральны магілёўскі тэлеэфір выйшаў іх галоўнакамандуючы. Што сказаў? Ніхто не зразумеў: калі ўсе пабеглі ўключаць тэлевізар, ён ужо пырскаўся ў экран сокам развітальных банальнасцяў. Нешта пра тое, што дзьмухаўцы таксама зямляне – і нават шчэ большыя за людзей.

За што яны менавіта нас? Пытанне ў саменькае вока, але адказу няма ні ў смузе стагоддзяў, ні ў аглядным мінулым. Ні хера няясна. Ні-хе-ра. Вуліца Прытыцкага спусцела, спустошылася, толькі чуваць, як да нас нясцерпна крадзецца ціша.

Дзяўчынка, дзяўчынка, дзьмухаўцы знайшлі нашу вуліцу, цяпер шукаюць наш дом.

Сядзім з надкусанымі лакцямі. Як жа мірна ўсё пачыналася: веснавы двор, бязмежная савецкае дзяцінства і кармёжка з нажа.

З цягам часу мы з гэтым усім неяк так паабвыкліся, паабжыліся. Потым нават злаўчыліся і ўхапілі Бога за бараду, і вось цяпер на пачэснай пасадзе гаспадароў жыцця ўжо самі прызначалі прыёмныя гадзіны для іншых насельнікаў вальера. Нас папярэджвалі: як нарадзіліся, то ўсе адназначна і паўміраеце, але ні слова пра тое, што праміж будзе гэтак пагана. Які запавет пакінуць унукам? «Не стой, унуча, пад стралой»? І што тут успомніш цяпер, калі пад вокнамі ўжо жаўцее смерцяносны палетак?

А распрацоўкі былі. Футурыстычныя, фантастычныя. Яшчэ ў 70-ыя. Нейкі геній-адзінотнік, просты санітар хуткай дапамогі з Маладэчна, распрацаваў інжынерны план узнясення БССР на неба. Жыць і гадаваць бульбу ды гуркі на лятучых тэрасах са шкла і бетону, нараджацца, жаніцца і засаджваць турнэпсам паветраныя аранжарэі. Яшчэ тады праектнаму воку маладэчанскага празорцы адкрылася Паднябесная Беларусь: адарвацца ад зямлі, не слухаць яе поклічу, стацца свабоднымі. А ўжо ў вольную часіну, у адных прадэзынфікаваных сланцах і плаўках разам з вечаровай прахалодай спускацца на планету, старую нашу порхаўку, і заміраць у шэзлонгу сярод мройнай цішы яе пустэльняў. Начапляць артапедычныя акуляры з сятчастымі шкельцамі і, закусіўшы свежавырванай рэдзькай-дзічкай, лежачы, слухаць выдмы.

Варта прызнаць, дзьмухаўцовыя карані Ліха вымагалі іншай тактыкі ды іншай зброі. Падземных войскаў (ПЗВ), атамных ліхтарыкаў і дыяментавых рыдлёвак. А ля ног падземнікаў на ланцугах вызвяраюцца адмыслова навучаныя, забрызганыя белай пенай краты-аўчаркі. Але нічога не здзейснена – усё так і засталося на гэтай бездапаможнай паперы. Але, па шчырасці, што тут паробіш? Па вадзе яшчэ сяк-так крочыць можна, вось паспрабуй ісці праз зямлю.

Дзяўчынка, дзяўчынка, дзьмухаўцы знайшлі наш дом, цяпер шукаюць наш паверх.

– Габрэйская секцыя, вы як?

– Трымаемся. А вы, нямецкая секцыя, што?

– Нармалёва.

– Як там вугорцы маюцца?

– Хто-хто?

– Венгры.

– Та нармуль.

– Гут.

– Гут.

У клас заходзіць дырэктарка харэаграфічнага каледжа.

– Так, яўрэйская секцыя, перапіс наяўных сілаў... Хто з вас мае вайсковы досвед?

– Я быў ухілістам у ізраільскім войску, сядзеў два месяцы ў гарнізоннай турме.

– Лена, выдай ухілісту ТТ – цяпер начальнікам яўрэйскай секцыі будзе ён... Як вас?

– Павал то бок, Саўл.

– Усім членам секцыі загадваю – слухайце Саўла – ён ваш камандзір. Лена, раздай яўрэйскай секцыі па «калашы».

– Адкуль яны ў вас, дырэктаркі харэаграфічнага каледжа?

– Камандзір Саўл, не задавайце дурных недарэчных пытанняў.

Потым яшчэ выдаюць энзэ – бляшанку свіной тушаніны з надпісам: «Кашэрна, з дазволу галоўнага рабіна ўсяя Беларусі, рэбе Менскага і Бабруйскага, Сруля Кузлачыка». Але я ўжо маўчу. Сруль Кузлачык – гэта галава.

Сядзім, паелыя, у нягеглых хлапечых абдоймах трымаем «калашы». Чакаем дзьмухаўцовай навалы. Прыгадваю аднаго паўзнаёмага маляра, які не любіў зялёнага колеру. Чуючы, што нехта хоча пафарбаваць фасад або плот у зялёны, дужа злаваўся: «Замала вам зялёнага: лясы, трава?! Колькі, ваць машу, можна памнажаць тугу?».

– Я не хачу паміраць, я такі малады і таленавіты, у мяне студэнты, навуковы працэс без мяне не пойдзе! – раптам крык. Пазнаём голас прафесара, знаўцы слуцкіх паясоў Цімаці Шнайдэра.

– Зможа, не баісь, – цэдзіць у адказ знаўца беларускай літаратуры, прафесар Арнольд Макмілер.

– Нашто я пайшоў да беларусістаў?.. Мяне ж запрашалі на з’езд паланістаў ў Літавэл і літуаністаў ў Палангу...

– Будзь мужыком, вазьмі «калаш» у рукі, – злавесна шэпча знаўца белліту.

– Але ў нас іншая зброя – М-16, надзейная вінтоўка амерыканскай пяхоты... Я хачу М-16!..

– Няма тут М-16, што тут незразумела?! Вось арэхавы прыклáд, вось баёк – наладаваў, націснуў курок, наладаваў зноў. І калі трэба, памрэш, сабака, за беларускую літаратуру.

–There is nothing to die for!

–You told me!

На вэрхал, круцячы пагрозлівым вокам Сарумана (двума) завітвае дырэктарка харэаграфічнага каледжа:

– Чаго, яўрэйская секцыя, усхадзіліся?!

– Таварыш вярхоўны камандзір, ну, мы тут... дзелімся ўражаннямі... Бо што тут яшчэ рабіць?

– Маліцца!

Я дурэю, колькі ў Вольфа ўсялякіх яўрэйскіх штучак, юдэйскага сувенірнага барахла: менора-адкрывалка, Сцяна Плачу-запальнічка, бюст Ягвэ, і вось калі ласка – бел-чырвона-белая ярмолка. І, значыцца, Вольф, і атэіст я, і аўтар ідыш-беларускага слоўніка Алесь Астравух, які ўвогуле хрысціянін, пачынаем малітоўны напеў. І «Шма Ісраэль», малітва, якая ў мінулым ужо не выратавала не адну тысячу чалавек, зноў лунае на манер заспакаяльнай мантры: «шма ісраэль гаспод наш бог, гаспод адзін ёсць, дзяўчынка, дзяўчынка, дзьмухаўцы знайшлі наш паверх, цяпер шукаюць наш пакой...»

Дырэктарка харэаграфічнага каледжа няспешна, з веданнем справы, выцягвае з-за пазухі імянны агнямёт.

Італійцы набываюць кватэры на Карла Маркса. Фарбуюць сцены ў белы колер.

Улетку – выстаўляюць на падваконні

вазоны з кветкамі. Узімку – садзяць на іх сваіх высачэзных каханак.

І калі якая прасядзіць усю зіму,

яны дораць ёй пярсцёнак з дыяментам.

І калі якая прасядзіць усю зіму,

яны вязуць яе ў Італію адпачыць на моры. І калі якая прасядзіць усю зіму,

яны вязуць яе ў Італію знаёміцца з мамаю.

І калі якая прасядзіць усю зіму,

яны бяруць з ёй шлюб.

А ўлетку італійцы сядаюць у свае машыны І едуць дарогамі Беларусі. Бясконцымі,

як стужкі Мёбіуса.

І нідзе яны не бачаць белага колеру.

Толькі залатое жыта, толькі зялёная бульба

і толькі шэрыя помнікі Леніну.

Вось такую гісторыю распавёў мне будаўнік, Які фарбаваў сцены ў маім пакоі.

Ён хацеў пафарбаваць іх белым.

Таму і расказаў мне пра італійцаў2.

2 Урывак з верша Андрэя Адамовіча “Італійцы”

Мой франтавы таварыш Курт Вонегут

У дзяцінстве кожны вечар перад сном я марыў, як забіваю свайго найлепшага сябра. Во як. З цягам часу мае начныя ўявы запоўнілі аголеныя жанчыны, але ж ад васьмі да трынаццаці гадоў я, вечар пры вечары, метадычна і мэтаскіравана забіваў свайго найлепшага сябра Андрэя Кузьменку. Я забіваў яго стрэламі з пісталета, няспешна ды канчаткова, з кіслым смакам шкадобы ў роце, які напоўніцу кампенсаваўся слодыччу выкананага абавязку, што расцякалася недзе ў сярэдзіне жывата...

Трэцяя сусветная падгрэбла да свайго лагічнага завяршэння: мы іх сцёрлі ў кіслы яблык. У маіх думках усё збольшага выглядала, як тое прапаноўваў фільм «Тэрмінатар»: лазеры, бластэры, пакарабачаныя кібаргі і непераможаныя мы. Я ўжо паспеў добра паваяваць, і калі ўсе пераканаліся ў маёй адвазе, пасярэдзіне вайны мяне прызначылі быць контрвыведнікам. Мой жа найлепшы сябра пацёгся крывой дарожкай запраданца.

Чаму дзеля гэтай нехлямяжай ролі я абраў менавіта яго? Па-першае, я быў пэўны, што толькі мой найлепшы сябра, які ўсё разумее і амаль усё ўмее, дасць рады гэткай складанай ды пакручастай ролі.

Па-другое, мая падсвядомасць неяк так зветрыла, што гераічныя мары, здзяйснення якіх прагнула ўсё маё нутро, вымагалі годнай ахвяры, а чалавек, уганараваны меншым паводле значнасці тытулам, чым «Найлепшы сябра», іх мог задаволіць наўрад.

Фінальная сцэна разгортвалася на лётнішчы еўрапейскага аэрапорта. У маёй галаве старэнькая сядзібка «Менска-1» загрыміравалася пад штосьці васальна-малюпацкае, зласліва-варожае: пад галандскае або заходненямецкае прадмесце. Мой найлепшы сябра скраў стратэгічную мапу Гомельскай вобласці і цяпер мерыўся пераможна адымчаць яе ў Нью-Ёрк. Перад вылетам ён да такой ступені разняволіўся, што яшчэ ў салоне мерседэса апрануў скураны плашч цэрэушнага афіцэра. Здраднік горшы за ворага, таму са словамі:

«Ты мне быў сябрам!» — я смаляў Андрэю ў жывот, і той ляцеў носам у хмызы (адкуль яны там, на лётнішчы?). Мроячы гэта, я цалкам разумеў, што лепшага сябра ў мяне не будзе давеку, аднак я без ваганняў паўтараў забойства кожную наступную ноч.

Мае мроі забіць найлепшага сябра былі крышталёва чыстымі, як гаўняшкі немаўляці. Я забіваў сябра гэтак часта, што адшліфаваў уяву да звінячай дасканаласці: дастаткова было легчы і заплюшчыць вочы, як стужка майго фільма закручвалася самохаць і ва ўсіх ранейшых дэтальках пачынала наноў разыгрывацца ідэальна дапасаваная трагедыя. Я засынаў з усмешкай на твары.

***

Аднак забойства не было апафеозам маіх фільмамараў. Да таго ж гэта быў цэлы серыял. Вось ён я, на амерыканскай зямлі са сваёй баявой сяброўкай (відаць, прамацеркай усіх тых аголеных дяўчат, якія потым у падлеткаўстве напакуюцца ў мае мроі): нам па дваццаць аднаму, і мы, яшчэ нават не паспеўшы пераапрануцца ў цывільнае, у шараговай нью-ёркскай школе на бездакорнай ангельскай вучым амерыканскую дзятву расійскай мове. Дарэчы, у сваім школьніцтве я не сумняваўся, што самі мы вучым ангельскую якраз для ваенных і да іх падобных мэтаў — інакш начорта ўсе гэтыя выдыганні з: «Pass me your money please! Саn I have your watch?» — нашто нам словы, якія ніколі не давядзецца прамаўляць, калі яны не будуць гучаць у загадным рытме, якому, не раўнуючы як настаўніцкая ўказка, дапамагае калашнікавая руля?

Я лічыў, што выкладаць амерыканятам расійскую мову ў першыя пасля перамогі дні — звышважна. Дзеці ж ні ў чым не вінаватыя і прагнуць сапраўдных ведаў: праўдзівай матэматыкі, праўдзівай біялогіі і такой сама хіміі. Праўда возьме сваё, нягледзячы на тое, што раней ім дзяўблі, што добрае — гэта дрэннае і наадварот. Я думаў, што амерыканскім дзецям трэба адно як след усё патлумачыць, зрабіўшы гэта на самай правільнай мове свету — расійскай. Пасля гэтай уявы мне таксама спалася соладка.

***

У 1960–1980-я гады ў СССР была такая завядзёнка: на святы школьнікі дасылалі паштоўку з віншавальнымі словамі якому-небудзь былому франтавіку з іншай рэспублікі. Майму дзеду, які прайшоў Сталінград, такую паштоўку даслаў адзін школьнік з Уфы. Віншаванне пачыналася словамі: «Вітаю цябе, мой франтавы таварыш!». Дзеда гэты зварот моцна развесяліў, і гісторыю з лістом башкірскага хлопчыка ён распавядаў потым шмат каму. Мяркуючы па частаце яе паўтарэнняў і па ягоным заўсёдным смеху, гэтая гісторыя апынулася сярод тых нямногіх ударных жартаў, якія цешаць і мацуюць чалавека праз усё жыццё, ды якіх за ўсё тое жыццё будзе штук дзесяць–дваццаць, не больш. У мяне самога назапашана колькі такіх хвацкіх показак, напрыклад, пра аднакласніка Юру Лібмана, які на загад фізрука прыйсці ў школу з лыжамі — прывалок санкі, а стоячы з імі пры пастраенні, апраўдваўся, што папросту на лыжах не ўмее.

***

Тады, у дзяцінстве, я выдатна ведаў, што, калі б дых перацяла патрэба, дык я, не вагаючыся, аддаў бы жыццё за двух людзей: за свайго дзеда, а таксама за Леніна, калі б той быў жывы.

***

Дзед быў добрым дзедам і бацькам. А вось мужам ён быў горш не прыдумаеш: здрады з рознымі жанчынамі ды іншыя збытныя прыкрасці і непрыемнасці. Намучыўшыся, бабуля яшчэ ў маладосці развялася з ім, што ў тыя часы лічылася нечувалым скандальным учынкам. Дзед жа да глыбокай старасці — ужо пабраўшыся другім шлюбам — працягваў бурліва ліставацца са шматлікімі каханкамі, дасылаючы ім палкія прызнанні і сякіятакія грошы. Перад самай смерцю дзед сказаў маёй маці: «Алачка, ведаеш, старасць — такое паскудства! І калі хто пачне цвердзіць, што яна, у параўнанні з маладосцю, мае свае плюсы, — плюнь таму чалавеку ў твар!»

***

А вось ніжэйшае на адзін абзац выслоўе таксама прагучала незадоўга да смерці прамоўцы. Падчас Карыбскага ракетнага крызісу ўсё зямное людства, кажучы метафарычна, з уласнай ініцыятывы пашыхтавалася край Вялікага Каньёна і здранцвела слухала тлумачэнні сусветных лідэраў, якія, тыцкаючы пальцамі адзін у аднаго, навыперадкі палка выкрыквалі, з нядобрай ласкі каго з іх зараз усё людства разам павінна скочыць у бездань. Дык вось, тое выслоўе, якое прамовілася неўзабаве пасля той глабальнай мізансцэны:«Нашы праблемы створаны чалавекам, і, знакам тым, развязаць іх таксама зможа чалавек».

Аўтар — Джон Кенедзі. Ён прамовіў гэтыя словы студэнтам Вашынгтонскага ўніверсітэта за шэсць месяцаў да ўласнай смерці. Ну, я губляюся ў здагадках, на якога чалавека намякаў у гэтым выказванні ананімны Кенедзевы спічрайтэр: можа быць, на самага вядомага ў свеце менчука Лі Харві Освальда?

***

Дзяцінства прамінула ў Менску, ля дзіцячай чыгункі, названай у гонар партызана-падрыўніка, работніка чыгуначнага дэпо Канстанціна Заслонава.

Не хаваю, катацца па чыгунцы, якая носіць імя чалавека, чыім заняткам сталася рамантаванне цягнікоў, а потым іх падрыванне, было трывожна. На той чыгунцы пад наглядам дарослых працавалі дзеці: дзеці-машыністы, дзеці-кандуктары, дзеці-праваднікі, а станцыю атачаў парк культуры і адпачынку імя Чалюскінцаў — такі сабе дзіцячы лес. Згэтуль я зрабіў выснову, што паміж хваінаў парку знойдуцца таксама дзеці-падрыўнікі, якім дарослыя прачыталі кароткі, але змястоўны курс бомбабудавання і рэйкаразбурэння.

Недалёк ад дзіцячай чыгункі разлеглася кінаімперыя «Беларусьфільм»: павільёны і шырэзныя пляцы былі проста набіткаваныя вайсковай тэхнікай ваенных часоў. Аднойчы падчас чарговай несанкцыянаванай экскурсіі мне, малому га(лава)рэзу, аднаму з усёй пачэснай хеўры, выпала трапіць у прыхапкі вартаўніка.

Я не быў маруднейшым за сваіх сяброў: проста сярод гарматаў, каркасаў танкаў і самалётаў я заўважыў карэту з разьбянымі вокнамі і блазанскай жоўтай афарбоўкай, якая, пэўна, брала ўдзел у здымках якогасьці дзіцячага фільма. І вось замест таго, каб уцякаць ад пагоні, складзенай з пасінелага ад брэху тузіка і пары адтаптаных — халявы па зямлі — кірзавых ботаў, я сшэрх спасярод гэтага трыумфу бутафорскасці. Мяне схапілі ды некуды павялі: я валачыўся, сцяты ў запясці шурпатай клюшняй і ахутаны парамі амаль адчувальнай на дотык лаянкі. Але ж мне было на гэта напляваць. Хай забіраюць, хай міліцыя, хай дзіцячая калонія. Цяпер мне было ўсё роўна, бо ў маіх скронях пульсавала прыкрае адкрыццё: «На гэтай кінастудыі здымаюць не толькі пра вайну, але і ўсялякую лухту».

***

Нядаўна я наладзіў для сябе самога рэтрасеанс прагляду сваіх дзіцячых мараў. Гэта неяк спантанна атрымалася: маленькія трагедыі дарослага, вечар і крыклівая адсутнасць людзей, за якіх ты гатовы вокамгненна аддаць сваё жыццё. Паколькі ў дзяцінстве я выкшталтаваў свае ўявы да дасканаласці, то хутка адшукаў іх у памяці і паставіў на «плэй» улюбёныя сцэны з забойствам на лётнішчы ды выкладаннем рус’язу ў нью-ёркскай школе. Плёнка сям-там пасціралася, абрысы маёй сяброўкі адпаведна з цяперашнімі эталонамі прыгажосці змяніліся, але збольшага ўсё засталося на месцах. Трохі адстаронена гледзячы даўкае настальжы, я раптам звярнуў увагу на адну дэтальку. У апошнія моманты жыцця мой сябра, амерыканскі запраданец, быў апрануты ў храбусткі плашч афіцэра СС, які тады мне падаваўся цэрэушным.

Але гэта яшчэ трэць бяды, бо абгледзеўшы сцэну ў амерыканскай школе, я раптам заўважыў, што і сам я, як і маё тадышняе, на ўсё жыцьцё каханне, таксама апранутыя ў трохі зацяганыя, але вельмі скураныя і вельмі фашыстоўскія мундзіры афіцэраў СС! Вядома ж, у іх сярпастыя малаткі ў пятліцах, толькі што я, спадкаемны бээсэсэрчук, не адрозню эсэсаўскай вопраткі ад савецкага мундзіра?!

Зразумела, у падставе гэтай аблуды найперш быў эфектны фасон. Так атрымалася, што ў паваенных фільмах пра вайну, пакуль савецкая і амерыканская форма часоў Другой сусветнай заставалася такой, як была раней, фашыстоўская з фільма ў фільм рабілася ўсё больш моднай ды выкшталцонай. І што самае цікавае — той апгрэйд форме ўчынілі не немцы (пасля вайны яны наагул палічылі за лепшае не здымаць фільмаў пра вайну), тут збольшага ўвіхаліся кіношнікі краінаў-пераможцаў: галівудскія кінастудыі і беларусьфільмаўцы. Камедныя галіфэ пад нажніцамі спрактыкаваных менскіх і санта-барбарскіх касцюмераў спакваля ператвараліся ў штаныэлегант, а нацысцкіх арлоў, здавалася, сталі выштукоўваць з чыстай плаціны — гэтак яны зіхцелі ў кадры; да таго ж сцэнары парадкаваліся такім ладам, каб кожны другі нямецкі вайсковец апынаўся глянцавана-смаляным эсэсаўцам. Такім чынам, фашыстоўская лёгкая прамысловасць маіх мрояў проста не хацела адставаць ад сусветнай моды і з ног да галавы абшывала прывідных персанажаў паводле сучасных стандартаў.

А на парэшту хачу рашуча зазначыць, што асабіста я не вінаваты ў жахах вайны, якая адбылася — слухай, свет, уважліва — яшчэ да таго, як я нарадзіўся. Пане мой Божа! Я нічога благога не зрабіў і з гэтага не маю намеру занурвацца ў комплекс уласнай віны ці нешта падобнае. А калі да мяне залішне прычэпяцца, дык я, дарослы зямлянін, скажу настоеную на стагоддзях і правераную шматсотгадовым досведам рэпліку: «Fuck you all! /Ды ідзіце вы ўсе!...» Цікава, каго мараць забіваць дзеці цяпер?

Амаль

пераймаючы Этгара К.

Дапусцім, сусветнавядомы хімік Барыс Кіт не вынайшаў свайго цуд-паліва для касмічных ракетаў. Не нарадзіўся на гэты свет увогуле ці пайшоў іншым прафесійным шляхам: напрыклад, улёгся ў гандаль кактусавай расады ці прыступіўся да распрацоўкі бензапілак для пазногцяў — не важна. Адно адгэтуль вынікае пытанне: ці паднялася б касмічная ракета ў паветра пры такіх умовах? Бо, бачыце, у чалавецтва нават без хіміка Кіта нешта-нейкае было: бензін, газа, салярка. Сякія-такія распрацоўкі, кшталту вугалю або торфу. Таму варта дапусціць, што касмічны карабель — хай сабе нехлямяжа, з дрыгаценнямі, — але ўсё ж уздымаецца, і — можа быць, не так шпарка, як хацелася, — аднак ляціць. Так, вядома: на кожныя сто кіламетраў у яго выдаткоўваецца на якія дзве тоны літраў паліва больш і на другую ступень ён пераходзіць не адразу, а толькі мінуўшы якую-небудзь стратасферу. Аднак, далібог, зоркі пакрысе бліжэюць.

Пойдзем далей: дапусцім, людзі не вынайшлі тытанавых сплаваў — дык навалам алюмінію, чыгуну ўрэшце. Так, няма гэтых бліскучых тумблераў з проціўдарным шклом, нікеляваных пускачоў і яркіх чырвоных кнопак. Аднак з лёгкасцю перабудзем без пластыку ды іншых зіхоткіх збыткоўнасцяў. Згода: касмічны карабель спакваля пачынае нагадваць шараговы аўтамабіль — хіба нестандартны памерамі, — што імчыцца па вертыкалі, у якім тваю хуткасць і ўсё астатняе паказваюць не камп’ютарныя датчыкі, а звычайныя спідометры і механічныя паказчыкі ўзроўню алівы.

Прапала кароўка, дык хай сабе і вяроўка: ежа касманаўта таксама зрабілася звычайнай. Так знікла адчуванне свята: у пілота больш няма ўсведамлення, што ён абранец чалавечага роду. Бо ж род мусіць карміць свайго абранца з адмысловых цюбікаў, з якіх простыя, неўганараваныя людзі зазвычай выціскаюць зубную пасту. Не, ну, вядомая рэч: каб перад стартам ракеты матка прыносіла сынку, касмічнаму пілоту, каструльку тэфтэлек — не будзе такога. Маем адмысловую кансерву ў зубы, скажам, «Сняданак касманаўта». І кансаровы нож, на чыім дзяржальне па-майстэрску выгравіраваныя дробныя зоркалёт і сонца. Такі ахайны прыемны зоркалёцік і прыўдалае сонейка. Яны і даюць нашаму касманаўту адчуванне абранасці: хай сабе на нейкім сваім, не дужа высокім, лакальным узроўні.

Дапусцім, я сустрэў не цябе, а іншую жанчыну. Бо, бачыш, нават без цябе ў мяне яўна маглі быць сякія-такія варыянты. Яна амаль як ты, досыць нішто сабе такая. Нешта-нейкае ёсць жа. Яна, можа, не надта эфектная, але вельмі эфектыўная. І ўсе сябры, якія бачаць нас разам, пагаджаюцца: я зрабіў слушны выбар. Больш за тое: калі мы з ёй няспешна ідзем па вуліцы, дык на нас заўжды азіраюцца — мы, можа, не самая прыгожая пара, але дужа гарманічная. Ці, хутчэй, азіраюцца на нашых дзетак. Так, я забыўся: у мяне нарадзіліся ад яе дзеці-анёлы, якія ўвогуле па-за паскудствамі дарослых разбораў.

Ды што тут дадаць: усё, усё ў норме — я ж увогуле не ведаю, што ты існуеш. І ў нас не адбылося гэтага пякучага расставання, бо не было наагул уцешнай сустрэчы. Усё нармальна: я бадай ніколі не плбчу ад любасці, калі гляджу на спячую жонку.

Дапусцім, што касмічны карабель — усё гэтае прадпрыемства з кансаровымі бляшанкамі і роварнымі насосамі для напампоўкі свежага паветра — з грахом напапалам адарвалася ад зямнога прыцягнення і цяпер мае на мэце скарыць Месяц.

Усё шэрае, грувасткае. Тушаніна з кансароўкі вытрыбушылася і дурным метэарытам лунае ў бязважкасці, а тлушч бязлітасна пэцкае абабітыя вагонкай сценкі карабля, а таксама касманаўцкае трыко. Рухавік карабля люта дрыгаціць — ажно ў зямляніна крыху спыняецца сэрца. Мёртвым ухопам учапіўшыся ў чорную абаранку руля, касманаўт умываецца потам і агаляе торс, бо карабель, пазбаўлены нявынайдзеных кандыцыянераў, напаліўся да беласці. Праз недасканаласць замкоў — яны навясныя — прабіліся сякія-такія шлюзы, і ў задніх адсеках плёхаецца адкрыты космас... Аднак, па вялікім рахунку, жыць, а дакладней ляцець, можна.

Дапусцім, ты на нейкім этапе таксама знаёмішся з іншым хлопцам: паўгоду вы сустракаецеся, яшчэ год жывяце разам і ўрэшце вы з ім жэніцеся. Увогуле ён станоўчы чалавек, у меру прыгожы, можа, і не да канца табе падабаецца, але — ат, сыдзе, і не робіць табе ніякіх праблемаў. Табе з ім някепска, спакойна. Калі б я сустрэў яго на вуліцы, дык абавязкова забіў бы, ці, прынамсі, зламаў нос. Але я і думаць не думаю пра яго — як, дарэчы, і пра цябе, — бо, бачыш, мы ж адно аднаму чужыя людзі.

І вось на сваім недасканалым караблі касманаўт усё ж да Месяца дапяў. І ён ужо гатовы расчыніць нагою шлюз, каб выйсці на паверхню, як раптам яму прыходзіць да галавы, што здзейсніць гэта няма ў чым. Памятаеце, мы ж сказалі, што ў нашым караблі ўсё будзе трошачкі горш, на ўзровень ніжэй? Дык вось, у гэтай выдуманай рэальнасці, трохі горшай рэальнасці, адпраўшчыкі касмічнага карабля забыліся вынайсці скафандр. Ну, ясная рэч, у іх было столькі праблемаў: з тарфяным палівам ды з іншымі нягеглымі прыстасаваннямі. Тыя адпраўшчыкі, можа быць, нават паспрабавалі вынайсці які бартавы кампутар, але ў іх ні халеры не атрымалася. І за гэтымі ўвіханнямі і змарнаваным імпэтам яны дазвання забыліся на вынаходніцтва такога, па сутнасці, простага аксэсуара, як герметычны скафандр. Рукі не дашлі да рэчы, без якой, пагадзіцеся, скараць Месяц досыць нязручна і недарэчна.

У давяршэнне няшчасцяў у ббках скончылася тое звычайнае паліва, якога выдаткоўвалася ўдвая больш, чым калі б у іх залівалася тое, якое мог бы вынайсці Барыс Кіт. Далёт назад яўна адмяняецца.

Дапусцім, неяк пасярод усяго гэтага майго жыцця я сустракаю цябе. На вуліцы, у чарзе, у Наваградку, у Мюнхене, у Нью-Ёрку, на любой нічыёй тэрыторыі, поўнай ідэальна чужых людзей. Яны ідуць насустрач няспыннай масай, а абапал ходніка кішыць машынамі драпежная Сцыла дарогі і навісаюць Харыбдай шэрыя хмарачосы.Так, ведаеш, найхутчэй у Нью-Ёрку.

Я ўбачыў цябе — і мяне прашывае нейкая такая бліскавіца, аднак я не парупіўся нічога зрабіць: я спісваю сваё захапленне табою на алкаголь, які я толькі што ўжыў у слановых дозах, ці на сваю творчую экзальтаваную натуру, пра якую пры любым няўдалым павароце майго жыцця заўсёды любяць нагадваць мае сябры. «Асобам творчага характару патрабуецца пэўнае кіраванне». Ты таксама пазіраеш на мяне і хочаш пазнаёміцца, але і сама не дужа ведаеш, што трэба сказаць мне, за што зачапіцца.

Ратунку няма. Сумота касманаўта ў захраслым на Месяцы міжпланетным тарантасе не падобная ні да чаго. І нават не будзем параўноўваць яе з усімі гэтымі фільмамі пра сапсаваныя падлодкі, дзе экіпаж цэлы фільм чакае ўратавання і на экране паказваюць, як праяўляюцца іх найлепшыя пачуцці: спагада, лагода, чуллівасць. У процівагу падводнікам касманаўт адзін душою, ды ніхто ж не збіраецца здымаць яго на кінастужку. Ён беспрытульна гойсае па адсеках, між чатырох сценаў, усё роўна як шукаючы іншых чальцоў экіпажа, у якіх ён змог бы паплакаць на плячы ці прынамсі паказаць фотку сям’і. Усё астатняе таксама яўна не кажа на карысць параўнання захраслага на Месяцы карабля з загрузлай на дне акіяна падлодкай: ні табе рыбаў, якіх можна праз ілюмінатар убачыць, ні табе тарпеды, якую можна пусціць дзеля спагнання сляпой злосці. Раз-пораз касманаўт няўзнак блямкаецца лабацінай аб чыгунныя сценкі ракеты і раз’ятрана пляжыць нагамі катамаранныя педалі ў кабіне пілота.

Адно добра — радыё на Месяцы хоць і не вельмі, але працуе. Яго ж для чалавецтва вынаходзілі двойчы: расіец Папоў і італьянец Марконі, і таму прынамсі ў гэтым плане касманаўту пашэнціла. Касманаўт дасылае на Зямлю паведамленне: так і так, дастаўце, калі ласка, на Месяц паліва і скафандр...

Ці варта казаць, што адпраўшчыкі ракеты на Зямлі ў недалікатнай манеры, уласцівай гэтай недасканалай версіі быцця, адпраўляюць касманаўта яшчэ далей і прыпячатваюць, што другога касмічнага карабля няма і гадоў -наццаць не будзе, бо абсалютна ўсе сілы чалавецтва былі кінутыя на гэты першы. Больш за тое: ім абсалютна не ясна, як касманаўт увогуле дапяў да Месяца, бо праз недасканалыя дасягненні нашай цывілізацыі ад яго чакалі ну, максімум, пару віткоў вакол Зямлі і якога траўматычнага звароту напаследак. Што да скафандра — як высвятляецца, яны ўвогуле не ў курсе, што значыць гэтае слова.

І не ведаем, ці варта дабіваць касманаўта звесткамі пра адсутнасць флікераў. У крыху горшым свеце апошнія хвіліны касманаўта будуць азмрочаныя ў простым сэнсе гэтага слова: ён будзе пазбаўлены нават гэтай дробнай асалоды — у сваёй нікчэмнай бляшанцы-караблі любавацца адлюстраваным бляскам зорак.

І вось для мяне і цябе, якія ўчэпіста ўперыліся адно ў аднаго позіркамі на нью-ёркскай вуліцы, наспявае час размінуцца, як усякім міжсобку незнаёмым людзям. І ў самую гэтую хвілю старэчы голас з усходнееўрапейскім акцэнтам гучна прапануе нам купіць расаду для кактусаў. Я запавольваю крок: на хісткім століку вулічнага дзівака стракаціць усё-ўсялякае: тэлефонныя слухаўкі з уштукаванымі ў іх невялічкімі тэлевізійнымі экранамі, мініяцюрныя рускія печкі, што паляцца шчэпкамі і могуць змясціць усярэдзіне дробныя бутэрброды ці невялікую талерку катлетаў. Ты таксама падышла і пасміхаешся, гатовая рассмяяцца. Мы зноў побач. Я ліхаманкава шукаю вачыма, за што б зачапіцца на дзядоўскім стале, каб разгаварыцца, але нічога такога, пра што можна спытаць. «Божа, хоць што-небудзь!» — прашу я ў думках. Але адзінае, што мне ўдаецца прыдумаць, гэта ўдавана гучным, разлічаным на публіку тонам спытацца:

«А, можа, у вас яшчэ, дзеду, і бензапіла для пазногцяў ёсць?» «Ну так, якраз на днях вынайшаў!» — адказвае ўсходнееўрапейскі дзядок і да майго здзіўлення і радасці выграбае са свайго зборнага майна мініяцюрную скрыначку, якая чымсьці нагадвае гільяціну для пальцаў. Твае вочы шырока расплюшчваюцца, як у дзяўчынкі, якая толькі што ўбачыла фокус. Ты шчыра рагочаш і нават нечакана па-сяброўску ляпаеш мяне па плячы. Мы нарэшце пазіраем твар у твар, вочы ў вочы, а ты падаеш руку і сур’ёзна кажаш: «Воля».

Тым часам касманаўт пры поўным парадзе — без скафандра, але ў блакітнай лётчыцкай пілотцы і трыко, з голым торсам і кансаровым нажом у кішэні — робіць свой першы, яўна не самы дасканалы, крок па Месяцы.

Вечнасць ды іншыя часы

Вользе Такарчук

Бярнардзе Бярнардаўне Дзям’янчык сніцца кіраўнік савецкай Беларусі Пётр Машэраў і вельмі просіць прынесці яму на магілу кропу.

«Аднаго пука хопіць», — разважае кабета пасля надзвычайнага сну, лежачы ў пасцелі. Аднак ейны дзень мінае ў даўкіх клопатах, якія ніякім чынам не звязаныя з выкананнем просьбы саснёнага нябожчыка.

На наступную ноч такі самы чалавечны і беларускі, як пры жыцці, Машэраў зноў прыходзіць у сон кабеты і просіць тое самае: «Пук кропу — магіла — мне».

Кабета наважваецца схадзіць, але для смеласці цягне з сабою супрацоўніцу. Не тое што цягне, але так атрымліваецца, што пасля другой «машэраўскай» ночы, не ў змозе маўчаць, яна распавядае пра сон першай-лепшай паўзнаёмай жанчыне, якая таксама прыйшла на працу зарана — на выходных забылася перавесці гадзіннік. Дагэтуль яны разам, крыху прыспаныя, нудзіліся па розных кутах пустой аграмаднай канторы. Як выявілася, бабка той жанчыны была вядзьмарка, і таму яна змалку не баіцца «ўсяго такога».

Заўтрашнім світанкам — каб паспець да працы — дзве кабеты прыязджаюць на станцыю метро «Барысаўскі тракт» і скіроўваюцца ў бок Маскоўскага пагоста. Подбегам мінаюць могілкавую браму, у якую ўбудаваны пост міліцыі.

Малады міліцыянер уважліва праводзіць кабетаў вачыма. Штосьці падазронае. Але што? Можа, шостая гадзіна, а якой заявіліся кабеты на могілкі? Ці ссохлая лістота, што вясёла адгукаецца пад нагамі ў гэтай невялічкай дэлегацыі жывых людзей, якія так дзелавіта спяшаюцца адведаць абсалютна нежывых, моцна сціснуўшы пры гэтым у руцэ букет кропу? Прадаюць яны яго там мёртвым, ці што...

Над галавой у міліцыянера на манер німба ўзносіцца новая, з амаль вертыкальным пад’ёмам, фуражка.

Бярнардзе Бярнардаўне масіўны авал шапкі разам з залатымі кантамі і кукардай на чырвоным аколышку больш нагадвае штучны вянок з кутасікамі ды іншымі нядбаліцамі, што ўсякія афіцыйныя асобы гэтак любяць ускладаць да афіцыйных помнікаў. І з нейкай невядомай прычыны гэты міліцыянерык начапіў такі вянок на галаву. Мінуўшы браму, яна нават недалікатна рассмяялася.

Сцежкамі нябыту, пагоставымі алеямі, малады міліцыянер пакрысе пускаецца ў лёгкую пагоню. Але ж міліцыянеру — хай сабе маладому — даволі цяжка ўпаляваць дзвюх кабетаў. Асабліва калі ты маскіруешся: удаеш, што не даганяеш, а проста так сабе крочыш па справах, пакуль самі кабеты, падсцёбнутыя імаверным спазненнем на працу і наяўным міліцэйскім пераследам, лятуць з поўнае моцы, даюць шчырага дзерака. А пагатоў калі нечакана пахіснулася твая ідэалагічная ўстойлівасць: табе раптоўна, без дай прычыны, тут і цяпер зрабілася няўцям, чаму ты ўвесь час мусіш даганяць людзей, а яны — уцякаць. І калі ў даважак на скрыжаванні №23 дзве ўцякачкі разбягаюцца ад цябе па розных дарожках.

Урэшце малады міліцыянер, які хвіліну таму жыва ўяўляў, як усмешлівых спекулянтак на чужым горы хутка і лёгка насцігне правасуддзе, цяпер запавольвае хаду, бо, бязладна даганяючы супрацоўніцу Бярнарды Бярнардаўны, па сутнасці, страціў абедзвюх кабетаў.

Магілы. Позіркі людзей, якіх няма. Фуражка маладога міліцыянера зляцела на братнюю магілу экіпажа «Як-40», ахвяраў страшнай авіякатастрофы 1979 года. Прычына падзення фуражкі: міліцыянер імкліва адхапіўся назад, згледзеўшы, што ўсе пяць бюстаў на помніку — два лётчыкі і тры сцюардэсы — на адзін твар.

Падымаючы фуражку, што на якія секунды ўсё ж ператварылася ў вянок афіцыйнай асобы, міліцыянер узважвае: «Што, тыя два хлопцы разам паступілі ў лётніцкае, а потым пацягнулі ў прафесію траіх сясцёр-блізнючак?.. Ці, можа, бюсты ляпіў мастак з Сярэдняй Азіі, для якога ўсе еўрапейцы — аднакія з твару?.. І калі праўда — першы варыянт, дык ці магчымае ўвогуле нараджэнне пяці блізнятак?»

Не, папросту помнік загінуламу экіпажу шрайбалі на казённыя грошы. Не ведаючы гэтай акалічнасці, міліцыянер зусім спыніўся, збіты з панталыку і маладой пыхі. У одуме садзіцца наўпрост на халодную зямлю ля аэрафлотаўскай магілы: крыху пасталелы і рашуча не гатовы да далейшае пагоні.

Тым жа часам, адбягаючыся ўсё далей ад капцоў партыйных дзеячаў і вядомых музыкаў, мінаючы праваслаўных і габрэяў, у зацішнай каталіцкай секцыі на адным з помнікаў Бярнарда Бярнардаўна прыкмячае імя свайго палюбоўніка, з якім яна сто год як разышлася, адразу ж згубіўшы з вока. Палюбоўнік, што быў уцешны ў любошчах і бязладны ва ўсім астатнім, памёр, як высвятляецца, такой самай залатой восенню трынаццаць гадоў таму — на які тыдзень раней за сённяшнюю дату. Палюбоўнік хаваў, што мае дзяцей: Pamęć od żony, syna, cуrki. А яна ж здагадвалася, не — нават выразна ведала, і таму крыху крыўдавала, хоць і сама не казала яму пра мужа. У любым разе, менавіта гэтак яна і ўяўляла ягоную сям’ю: сын і дачка. І жонка. З непадораным Машэраву кропам стала перад надмагіллем палюбоўніка. А на агароджы магілы, ля магутнае таполі, пасеў на дзіва жоўты птах. З футровай грудкаю, гуллівы і рухавы. Прыўдала так тупае лапкай, апантана нешта спявае, і яго сакаўная, колеру манга, шыйка хапатліва торгаецца ў няспынным танцы: «Нарэшце ты дайшла».

Крыху рэкламы не зашкодзіць

Энергічны голас за кадрам: Вам надакучыла падыходзіць ранкам да паліцы і бачыць на ёй ўсялякія-розныя шкарпэткі, з якіх у ніводнай няма пары?

Вам абрыдла, усё ж пайшоўшы на гешэфт з сумленнем ды нацягнуўшы чорную і чырвоную, мармытаць у гасцях нешта кшталту:

«У вас такая ўтульная вітальня, можна, я паем торцік тут?»

І Вам, амаль выпхнутаму ў гасцёўню, абрыдла гістэрычна крычаць гаспадарам:

«Паглядзіце ў акно, паглядзіце ў акно — там лятучы Памідораў!» — каб тым часам ліхаманкава скінуць боты і хуткастрэльна ўплішчыцца ў першыя-лепшыя тапкі дваццаць трэцяга памеру?..

Зазірнула сонца і ў Ваша аконца! Мы прапануем Вам рэвалюцыйны прадукт, які прынясе Вам душэўны спакой: гэта абсалютна фантастычны, унікальны набор «Аднолькавыя шкарпэткі»©!

У гэтым цалкам неверагодным наборы Вы знойдзеце ідэнтычныя, тоесныя, тыя самыя, — Божачкі, ды называйце як хочаце! — адным словам, дзве абсалютна аднолькавыя шкарпэткі. Толькі падумайце: два шкарпэткавыя асобнікі, якія адмыслова для Вас вынайшлі найвядомейшыя навукоўцы, выкарыстоўваючы найноўшыя фарбавальныя і вымяральныя тэхналогіі; шкарпэткі, якія ніхто не адрозніць ні па колеры, ні па памеры!

Спажывец: Незямная асалода! Вядома, я і раней падазраваў, што насіць шкарпэткі — кайф: яны так прыемна аблягаюць нагу, у іх гэтак утульна! Але з цягам часу я высветліў, што не ўсе шкарпэткі аднолькавыя. Рэч у тым, што я — піяніст, і ў мяне няма часу глядзець за нагамі. (Бягучы подпіс: Леапольд Швагер, піяніст). Не так даўно, выступаючы перад публікай, пачаў заўважаць, што жанчыны адварочваюць ад мяне позірк і нават пасміхаюцца. Я не мог зразумець, у чым праблема: прарэх жа зашпілены, парэзаў ад галення няма.

Я пазбыўся сну, пачаў зазіраць у бутэльку. Пакуль аднойчы сябар не параіў набыць набор «Аднолькавыя шкарпэткі»©.

Цяпер маё жыццё цудоўна перамянілася:

жанчыны на канцэртах зноў пазіраюць у мой бок, а да мяне вярнулася ўпэўненасць. Не паверыце: цяпер я нават дазваляю сабе рэзацца пры галенні і не зашпільваць прарэха! Мала таго: часцяком апранаю пад фрак шорты.

Мужчына ў белым халаце з прабіркай у руцэ на тле хімічнай лабараторыі: Мы правялі сацыялагічнае апытанне пяці тысячаў чалавек і пяці тысячаў шымпанзэ ва ўсім свеце. (Бягучы подпіс: Вітольд Швагер, сацыёлаг). І ніхто з іх не адрозніў двух асобнікаў з набору «Аднолькавыя шкарпэткі»©. Ніводная жывая істота! Стопрацэнтны вынік. Гэта фантастыка! Я, як сацыёлаг і ўладальнік дзвюх дарослых ног, раю выкарыстоўваць у якасці шкарпэтак толькі набор «Аднолькавыя шкарпэткі»©!

Энергічны голас за кадрам: І гэта яшчэ не ўсё! Акрамя двух шкарпэткавых асобнікаў на любы памер і колер абсалютна задарма мы вышлем на Ваш адрас глянцаваную кардонку, якую прыемна разрываць, калі Вам захочацца ўпершыню атрымаць асалоду ад Вашага набора «Аднолькавыя шкарпэткі»©. Адваротны бок кардонкі можна выкарыстаць таксама ў якасці кардонкі-для-напісання-чаго-небудзь-на-ёй. І гэта яшчэ не ўсё: мы дашлем Вам стопрацэнтную капронавую нітку, якая трывалым чынам злучае два шкарпэткавыя асобнікі разам...

І нават гэта яшчэ не ўсё! Калі Вам захочацца чагосьці нязведанага, Вы можаце абсалютна лёгка і хутка памяняць шкарпэткі з нагі на нагу, бо нашыя шкарпэткавыя асобнікі выштукаваныя цалкам узаемазамяняльнымі і дасканала прымаюць форму любога ступака, на які насоўваюцца.

Мужчына ў гавайскай кашулі і аранжавых шкарпэтках: Здурнець можна!

Спажыўчыха: Раней мой муж з жахам чакаў канца прання, каб зноў не далічыцца некалькіх сваіх упадабанак. Але цяпер, калі я набыла пяцьдзясят выдатных набораў «Аднолькавыя шкарпэткі»©, муж больш не турбуецца: хай сабе колькі знікла ў чэраве машыны — усё адно маем яшчэ шмат абсалютна аднолькавых асобнікаў. Цяпер назіраць за машынным праннем зрабілася для мужа асалодай. У яго заўсёды добры настрой і на дваццацігоддзе нашага шлюбу ён нават падарыў мне карбюратар.

Энергічны голас за кадрам: Дасылайце на наш адрас усяго толькі 50 у.а. — і мы адымчым вам на дом фантастычны набор «Аднолькавыя шкарпэткі»©, плюс шматмэтавую кардонку, плюс стопрацэнтную капронавую нітку. І ў дадатак: абсалютна дармовы каталог нашых тавараў, сярод якіх:

Электрычны чайнік, які ПРА-ЦУ-Е;

Набор сталовага посуду, які ЧЫ-СТЫ; і хіт сезона:

аўтамабіль, які ЁСЦЬ (абсалютна любой маркі!).

Генная інжынерыя

1. Ціханаўна

7х7=77. 3+8=38. 5099 акругляем да 6 тысячаў. Дзень добры! Салацік «Нясвіжскі» і боршчык «Сібірскі» па другім разе палічыла — нешта рука цыкліцца стала: відаць, перамена надвор’я. Ага, хлеб толькі адзін, больш браць не будзеце, адназначна? Тады 10 хлябоў, то бок 1+0. Акругляем тысячай, каб усе лічбы зусім аднолькавыя былі, — 17 тысячаў 777. Разлічвалі на 5? Што паробіш — порцыі растуць. Чэк хочаце паглядзець? Гляньце: боршчык «Пельменскі», салацік «Нясвежы», адзін плюс адзін раз... Так, на гэты пункт чэка не глядзіце, гэта ён не вам. І гэта таксама – з іншага чэка адціснулася само. Чай тры разы прабіла? Ну, ведаеце, пасля рэзання цыбулі ў вачах крыху траіцца, і гэта яшчэ па-людску — вось у канцы месяца ад перапрацоўкі бывае ў мазгах пецярыцца. А ў астатнім усё правільна. Бачыце, Ціханаўна ніколі не памыляецца ў нехарошы бок. Так што, даставайце заначку: я не рэнгенолаг, але бачу: ёсць. Вуньдзе, за фатаграфіямі дзяцей. Якія яны ў вас ужо дарослыя — глядзяць так і ўсё разумеюць, што маму выручаць трэба. Ад Ціханаўны грошы ў кашальку не ўтоіш. Спасіба, агульначалавечы вам спасіба...

А ты, Цукерачка, слухай бацьку, то бок

Ціханаўну: усё проста — сядзіш, нікога не чапаеш і за харчовыя паслугі бярэш грошы. Людзей хоць і многа ў сталоўку прыходзе, але, памятай, чэк адзін. Як жыццё. Вось мне ўнукаў падымаць трэба, і на фальксваген зяціку. Таму перад зменай рабі, Цукерачка, сабе ўстаноўку на добрае —думай пра доўгі і шчаслівы чэк. Маладая ты яшчэ, але навучышся...

Добры дзень! Салацік, булачка... Што гэта ў вас у баршчы — дзве смятаны? Не? Ну, неяк мне падалося, смятанная плямка неяк так небюджэтна падваяецца — Леапольдаўна з лыжкай пагарачылася. Трэба якую піпетку. А што гэта пад пюрэ — эсхалоп схаваўся? Ды канечне, з кім не бывае! Неслі, рукі трусіліся, вось

эсхалоп пюрэшкай і заваліла. З вас дзевятнаццаць дзевяноста...

У дзевяностыя, Цукерачка, людзі былі

2. Клятыя 1990-я

... абазлённыя: грошы на абед давалі без рэшты — дома самі рэжуць салаты і лепяць катлеты з каніны. Касіру не разгуляцца. І калі касір, скажам, прыязджае ў вёску, дык і на сваіх бацькоў накрычаць можа, а тыя ўжо на калгаснай скаціне спаганяюцца. Ад гэтага куры мяса давалі абазлённае, а таму ежа ў сталоўках рабілася несмачнейшай і несмачнейшай. І вопытныя людзі казалі, што Чарнобыль не ў восемдзесят шостым, а значна пазней, у дзевяностыя ляснуў. Проста людзям манілі некалькі гадоў, каб самыя слабыя з нас не вытрымалі і хуценька паўміралі, і тады можна было ўсё спісваць на васмідзясятыя і СССР. Адным словам, адчай такі, разруха. І ўсё неяк, Цукерачка, крыва выходзіць: захочаш малака папіць, падыдзеш да халадзільніка, дастанеш пірамідку з малаком — і абавязкова нешта ў цябе наўскасяк пойдзе: пакетам да крыві распаласуешся, потым грудзі абальеш. У дадатак на падлогу трапіць: паслізнешся — і лабацінай аб рог стала. Сядзіш ў ружовай лужыне крыві з малаком, плачаш. І так усе дзесяць гадоў. Працоўныя суботы піянінамі «Беларусь» валяцца на галаву. Авіялайнеры «Белавія» ў нябёсах не вытрымліваюць: садзіцца сабе самалёт на ўзлётную паласу, механікі падышлі: бач — а ён ужо ўсмятку і крылаў няма. Яшчэ раскажу табе, Цукерачка, пра два прыкрыя моманты. Вуглы ў дамоў абкусаныя былі, бо людзі, ідучы на працу ці яшчэ куды, ад голаду зубы ў сцены ванзалі, а метро хадзіла без прыпынкаў. Не верыш, Цукерачка? Правільна, апошняе — чыстая выдумка, а першае — непрыемная, але праўда.

І нараджаліся тады сектанты-зомбі. Дакладней, з’явілася ў Мінску секта, якая верыла, што пекла месціцца не ў глыбінях, а тут, на зямным абліччы, то бок усе мы ўжо патрапілі ў геену вогненную ды існуем якраз у ёй. Адным словам, празамбіравалі людзям мозгі, а тыя сабе яшчэ ў галовы ўвагналі, што катлы таго зямнога пекла — там, дзе грэшныя душы павінны варыцца, — стаяць якраз у кухні нашага харчовага камбіната. І насталі тады для камбіната прэчорныя дзянькі. Было, што заходзіць такі чалавек: нармальна ўсё — салат

«Світанак», кефір сабе на паднос ставіць, ніякіх выбрыкаў, чын-чынаром. А вось як з катламі параўнаўся, дык у момант вока — плюх усім сваім целам у кацёл з баршчом кіпячым. І ляжыць там роўненька, нават не гыркне, хоць і апёчна, бо мяркуе, што за сваё грахаводства пакуты прыняў. І хадзілі яны, і зрыналіся ў боршч: як маслам ім у нас памазалі — проста нейкі кацёл адпушчэння!.. І была ў нас там адна Аксана... Не ведаю, як там яе па бацьку. Адным словам, гэтая Аксана пастаянна ўсё тлумачыць кліентам: «Тое філе, а сёе — паштэт, катлету не бярыце, бо надта хлебная сёння». Перадкуецца перад людзьмі. Мы ж яе прама з Леапольдаўнай папярэдзілі: «Што ты з імі дудукаешся? То ж не людзі, а сектанты-зомбі. Прынамсі, ладная іх частка». А яна ўсё: «Жадаеце, што жадаеце... А філе, а рыбка...» Дык вось, у той злашчасны для Аксаны дзень на першае давалі халаднік і гарохавы суп. Адзін з кліентаў, выявіўшыся сектантам-зомбі, дайшоў па катлоў ды па сваёй гнюсотнай завядзёнцы штурмануўся ў чан з халадніком. І тут жа, як ашпараны, выскоквае назад: ён жа думаў у пякельныя катлы трапіць. Але ж у пекле не можа быць гэтак холадна; яму стала ясна: пераблытаў кацёл. Вылез ён з халадніку: сам чырвоны, увесь у бурачыных кудзерках — чыста ўкраінскі біс, — падумаў-падумаў — і даў нырца ўжо ў чан з гарачым гарохавым супам. Людзі і персанал — у шоку. А бач ты, ударніца-даўбальніца Аксана замест таго, каб здурнець разам з усімі, спакойненька так крычыць сектанту-зомбі над катлом: «А што на другое вы хочаце: курыцу або катлетку?» Тады з гарохавага супу вылезла рука і пачуўся булькаючы голас: «Вас!» І потым — Божа, зьлітуйся! — схапіла тая рука Аксану за халат і пацягнула за сабою, у кацёл. Крыку было!.. Я паклікала на помач Леапольдаўну, а тая — яшчэ і Францаўну, цягнем-пацягнем за валасы, ратуем нашу Аксанаўну... Але што можна зрабіць з маньякам, які заўзята верыць, што ваш кацёл з гарохавым супам — праход у апраметную?! Дык вось, сектант-зомбі па-д’ябальску зацягнуў гаротніцу на самае дно. Ясна: той выпадак з Аксанаўнай стаў апошняй кропляй, якая перапоўніла кацёл нашага цярпення. Увечары Леапольдаўна вытачыла асінавы чарпак і назаўтрашнім абедзе надавала тым чарпаком па лбе першаму ж зомбі. Зомбі — з капылоў, і больш яны нас не трывожылі... Але ж Аксанаўну не вернеш.

Цяпер, у нулявыя, дзякуй Богу, людзі разумеюць, што робяць. Слухай, Цукерачка, і запамінай! У нашай сталоўцы кожны кліент павінен выбраць, як яму зручней расплачвацца з Ціханаўнай, бо існуюць чатыры

3. І заўтра будзе тваім

...тарыфныя планы.

Першы тарыф. Тарыф «Чэсны»: цябе аблічваюць — і на шмат, але не кожны дзень. Справядліва ператрахіваюць праз дзень, аднак раз на некалькі дзён пакідаюць цешыцца жытке... Ты ж кроў з малаком — ачуняеш, а нямоглым і Ціханаўне трэба пажытак. Дэвіз тарыфу — «І заўтра будзе тваім», бо як жа прыемна прачынацца ў дзень, калі на касе цябе аблічваць не будуць! Сонца неўзаметкі падкрадаецца да твайго падбароддзя, ты расплюшчваеш вочы, усцешаны наперад, што сёння з табою абыдуцца, як ты заслужыў. Чуеш, як жыццё спраўнее: галубы на падваконні буркочуць, і ты з пасцелькі наводзіш руку як бы на іх — і гладзіш, гладзіш па галовачцы... І стул у цябе харошы, і думкі светлыя. У гэтай рэспубліцы хочацца жыць і абедаць... Але ёсць, Цукерачка, такія камедыянты, якія, перашоўшы на тарыф «Чэсны», завітваюць да Ціханаўны толькі ў тыя дні, калі іх лічаць падобраму. Маўляў, «учора, ведаеце, разгуляўся апендыцыт, Нямігу замяло пяском, немаглося, ногі не трымалі...» Хярня гэта ўсё, Цукерачка, — есці хочацца кожны божы дзень! Такіх кловунаў аўтаматычна пераводзіш на тарыф «Незалежны»: моцныя гэтага свету — у сэнсе, я і Леапольдаўна (а тая і Францаўну пакліча) — пачынаем кліента і ў хвост, і ў грыву без усякіх абмежаванняў штодня. Ніякіх: «Але дазвольце!» — і: «Вы ж няправільна палічылі!» — як заікнецца — у зямлю аўтарытэтам закапаць і дыпламатычным шляхам усе грошы гвалтам забраць. Не падабаецца? — марш у рэстараны і піцэрыі — месца ж ў нас, Цукерачка, стратэгічна-хлебнае: адна народная сталоўка на ўвесь цэнтр. А ўсё, што застаецца гэтаму архараўцу, — дык гэта пазіраваць у позе маленькай, але вельмі незалежнай краіны. Тарыф трэці — тарыф «Родны»: цябе ашукваюць на нейкую дробязь, адно кожны дзень. Па-роднаму, па-наску. І крыўдаваць тут няма чаго: штодня нашыя грошы ты аддаеш нашым жа людзям. Але зноў з’яўляюцца хітрацы, якія суюць Ціханаўне грошы без рэшты. Маўляў, «мне жонка якраз сем чатырыста ў кішэню паклала, і, бачыце, як усё спраўненька супала: катлетка, супчык і кампот». Такіх альфонсаў пераводзіш на тарыф «Вольны». Дэвіз тарыфу: «Хто што хаціт, той тое і тварыт». Хочаш плаціць роўна — ды калі ласка. Не жадаеш нашу краіну спансіраваць у асобе яе найлепшых прадстаўнікоў — не трэба. Воля ж такая рэч: нешта з самай сярэдзіны падмывае цябе паступіць гэтак, а не інакш. Але ж, перайшоўшы на гэты тарыф, не забывай, што мы робімся такія самыя — вольныя! Вольныя мышы вылазяць з нораў сваіх, свабодныя прусакі выбрыдаюць з гнёздаў сваіх, і ўсе яны па добрай волі і пры поўнай памяці патрапляюць у твой кампот. Пераскокнуўшы на «Вольны», не здзіўляйся катлетцы з цаглінай — гэта самохаць камяні вылазяць з падзем’яў сваіх.

Адным словам, як па-людску, Цукерачка, дык, як не круці, а Ціханаўне прыплаці. З Ціханаўнай жа заўсёды можна дамовіцца. У нас жа як: ёсць чалавек — няма праблемы. Хоць, шкада, і незаменных па-ранейшаму няма — вось мяне перад пенсіяй табою замянілі. Што паробіш, у іх там таксама ратацыя: быў Цанава — стаў Берман, быў НКВД — зрабіўся МГБ. Майго бацьку...

4. Каханне падчас НКВД

...Коцікава Ціхана Лаўрэнцевіча, 1913 г. нараджэння, не расстралялі (перадумалі), а пасадзілі надоўга. Усё гэта за тое, што ў мінскім падполлі няправільна вёў барацьбу з немцамі. Забралі яшчэ ў акупацыю: у партызанскі лес прыляцеў самалёт і разам з дзедам Талашом адымчаў тату на Вялікую Зямлю. Дзеду — ордэн, а тату — ордэр. Там спярша тату давялі, як правільна змагацца трэба было, — дужа моцна білі, кажа, потым адправілі проці ліха на ўзгорак у Сібір, камлі валіць. Першая жонка і сын адмовіліся ад яго, бо такімі тады, Цукерачка, былі каханне і любоў. Як ён з лагера вызваляўся — як цяпер уваччу стаіць, я яшчэ зусім малая была — мне тады мінус пяць годзікаў было, і з маёй мамаю ён яшчэ пазнаёміцца не паспеў, але я ўсё памятаю ясненька. Май. Красны Бераг. І вось мой тата пасля трынаццацігадовага лагера вяртаецца дадому. Крысо яго крэмавага плашча развіваецца не раўнуючы як крылы пасівелага крумкача. Куплёнка, ягоны новы шэры капялюх, — як у амерыканскіх фільмах. У руцэ такі ж навюткі, з голай фанеры чамаданец. Ветрык у твар, і тата хоча яму нешта рэкнуць, адкрывае рот — ды я бачу: зубоў у таты няма, павывальваліся ад турэмнае цынгі. Боты таты — квадратныя і здаравезныя, як цяпер у бронзавага Коласа, — спрактыкавана пляжаць зямлю. Праз краснабярэжскі праспект тата шыбуе, вуліцай Чыгуначнай, а пылішчы — Божа, злітуйся: лезе ў нос, садзіцца на плашч, робіць з крэму каву з малаком. Вось ён, тата мой, шэствуе: ужо беспартыйны, безсямейны, без ні хера, запылены, здаровы і моцны, як ніколі, і магутным голасам трубіць па-над дамамі вуліцы:

«Суч’ё, гадаўё, яйцакруты! Так за трынаццаць гадоў асфальту і не паклалі!»

І гэтак Ціханаўна казала і казала, а маладая стажорка слухала. Прытуліўшыся спінаю да пафарбаванай у невылечна зялёны колер сценкі, знерухомелая Цукерачка лавіла і запашвала ў сваіх галаўных рэзервуарах кожнае слова строгай настаўніцы. Чопы з гарнірамі — капуста і рыс — таксама як застыглі, стварыўшы нейкае падабенства чалавечага шыхту. Нам няма на каго абаперціся, толькі на нашых дзядоў, якія на небе. І яны глядзяць на нас, бачаць нас, усё пра нас ведаюць — кожнае малое зрушэнне валаска, пасміхаюцца.

Бетэльгейзіянскія хронікі

1. Робат-міліцэйскі

У вітрыне крамы «Тавары для дома» стаяў міліцыянер. Вядома ж, то быў робат, бо жывыя хатнія міліцыянеры ў нашу кібер-эпоху ўжо даўно зрабіліся анахранізмам.

— Возьмем крэдыт і купім, га? — умольна прапанавала Таня, гледзячы на новую ўніформу робата. — Ці, можа, разаб’ем на плацяжы?

Толік адказаў насупленым маўчаннем.

— Толік! — працягвала наступаць Таня. — Мы ж з табою гэта ўжо абмяркоўвалі!

І каторы раз паўтарыла правераную гадамі жыццёвую мудрасць:

— Прыватная машына — новая ступень свабоды, а хатні міліцыянер — новая ступень парадку.

Прадавачка, хмурная не раўнуючы як Толік, разгавелася толькі дзякуючы гэтаму кранальнаму відовішчу — з’яўленню маладой пары, што робіць у сямейнай гаспадарцы свае першыя нерашучыя крокі:

— Ну, на свайго першага міліцыянта мы з мужам назбіралі, калі нам было па дваццаць пяць, — разгаварылася яна, і яе твар нечакана аквеціла ўсмешка. — У нас тады нават кватэры не было: жылі ў дзвюх прыгнаных з Бетэльгейзэ іншамарках — ставілі ўпрытык адна да адной. А міліцыянер нам харошы трапіўся — уяўляеце, сам насіў у ДАІ квітанцыі нашых штрафаў.

На яе вочы мройнай пялёнкай нагарнуліся ўспаміны.

— Праўда, мы без кватэры і цяпер, — дадала прадавачка. — Хаця іншамарак ужо шэсць: мы іх паставілі ў тры паверхі. Ламінат у салоне наслалі і мэбляй абставілі.

Расчуленая прадаваччынай споведдзю, Таня трохі так тэатральна выгукнула:

— Жывуць жа людзі!

І потым больш прадметна дадала:

— Толік, чорт з той заначкай — хачу жыць па-чалавечы!

З даражэзнай пакупкай давялося змірыцца. Перад сыходам з крамы Толік набыў яшчэ запасныя батарэйкі і летняе абмундзіраванне — для свайго новага свойскага жандара.

Дома, толькі яго ўключылі, робат-міліцэйскі адразу ж пачаў шчыраваць: разагнаў электрашокерам несанкцыянаваную алкаголь-вечарынку, якую ў адсутнасць дзяцей ладзіў са сваімі сабутэльнікамі цесць Толіка. Потым разблытаў справу-«глухара»: куды губляюцца ўсе шкарпэткі пасля машыннага прання (падрабязнасці справы — аператыўная таямніца). Паралельна пры ператрусе робат знайшоў згубленыя колісь Таняй акуляры, а ў цешчы — порначасопісы на продаж. Наступным крокам робат-міліцэйскі пералавіў усіх мышэй і пацукоў і, начапіўшы ім флікеры, адпусціў на волю. Сям’я не магла нарадавацца новаму парадку.

Потым, за лужыну ў вітальні, пасадзіў на суткі Джэка. Сядзеў Джэк у імправізаваным КПЗ на антрэсолях, і Кацечка насіла (а дакладней шпурляла) туды Джэку перадачы: кілбаскі і «Беламор». Кілбаскі Джэк з’еў, а да пачка «Беламору» не дакрануўся: яго падзялілі міжсобку сукамернікі Джэка — суседка цётка Лізавета, што была запхнутая сюды за тое, што пастаўляла Толікавай цешчы на рэалізацыю порначасопісы, а таксама Кацеччына сяброўка па дзетсадзе Леначка, якая падчас гасцявання скрала ў Кацечкі Барбі.

Уначы з крыкам: «Устаць! З рэчмі на выхад!» робат выцягнуў Толіка з нагрэтага ложка. Таня збянтэжана праводзіла мужа прыспанымі вачыма. Робат-міліцэйскі завёў Толіка на кухню і пад святлом зыркай лямпы загарлаў зноўку:

— Адкуль марыхуана, гаспадару?

— Я не разумею, пра што ты.

— Так, гаспадару, я з табой дудукацца не буду, — узяў быка за рогі робат. — Кацечка і цесць ужо былі на допыце — гэта не іх рук справа. Так што мне засталося сказаць Тані, і тады табе гамон — жонка цябе поедам з’есць!.. Але паколькі ты мой гаспадар, — галасавы мадулятар робата дадаў у словы панібрацкіх інтанацыяў, — дык прапаную гешэфт: я адкалупваю рубільнік у сябе на панэлі, і стуль ніколі не буду больш выключацца, а наўзамен следства па справе «Пакупка і ўжыванне наркотыкаў» спыняецца.

Па вяртанні ў спальню Толік паклаўся і з палёгкай прытуліўся да цёплай жонкі, што праз сон замармытала штосьці няўцямнае. Раптам ступакамі Толік адчуў нешта не тое.

— Таня, а чаму ты спіш у ботах? — спытаў ён.

— Дык пасля твайго арышту я таксама стала рыхтавацца да выкліку на кухню, — адказала Таня. — Па справе паходжання непрацоўнай заначкі.

— Дурненькая! — Толік яшчэ мацней абняў жонку і ўсміхнуўся ў цемры. — Робат жа не звер: два допыты за адну ноч не агорае. — Ну, нічога, — ён слодычна пазяхнуў, — як разбагацеем, дык купім у дом мадэль з турбанадзіманнем, каб хадзіць на начныя допыты разам.

2. Нашто беларусам столькі іншамарак?

Пытанне вымагала годнага адказу. Усе трыццаць восем вачэй бетэльгейзіянца красамоўна глядзелі на Толіка. Ну не тое, што магла сарвацца ўгода — бетэльгейзіянцу ж прапанавалі панадную цану: тут была іншая справа, справа гонару. Не, далібог, людзі, нашто столькі іншамарак?

Толік, шчыра сказаць, пытання чакаў. І злёту зарадзіў пра тое, як ягоная родная планета колісь насіла назву Зямля, аж пакуль не з’явілася гэтая надрэлігійная, наднацыянальная звыш-ідэя «Чарка, Скварка, Іншамарка», якая прыйшла з маленькай усходнееўрапейскай краіны. Новая добрая вестка несла адказы на ўсе патаемныя пытанні ды, дасканала дапасаваная да руху людскіх душаў, нарэшце адпавядала ўсім глыбінным жаданням чалавецтва. Звыш-ідэя не супярэчыла ніводнаму чалавекалюбнаму вучэнню — адно дарыла яшчэ большае суцяшэнне і ўпырсквала ў галовы сваіх прыхільнікаў слановую дозу душэўнага спакою, ахінаючы кожнага чалавечка ўсеабдымнай літасцю і спагадаю.

Толік працягнуў і патлумачыў, як ЧСІ-ідэя пакрысе захапіла зямную кулю. Рэч у тым, што адэпты новай веры, дарогаю па іншамаркі, абсалютна натуральным чынам разносілі насенне новага вучэння па ўсёй Еўропе — прапаведуючы яго на справе. Цяпер нават немцы імкнуліся пакінуць межы сваёй краіны адно каб далучыцца да гэтай сакральнай працэсіі. Пасля поўнага злыбедаў і адкрыццяў падарожжа яны вярталіся дадому адноўленымі, адухоўленымі, з новай вераю ў галаве і сэрцы. А таксама з новай машынай, перакупленай у сябе саміх. Тое было цалкам новае нязнанае пачуццё: незямная весялосць, змяшаная з глыбінным веданнем сакрэтаў таемных спружын існавання.

Хрысціянскія святары, мусульманскія мулы, юдэйскія рабіны і будысцкія манахі ўдзень яшчэ мусолілі свае літургіі, але ўжо адвячоркам шчыравалі напоўніцу — перабудоўвалі бажніцы пад гаражы.

Да новай звышверы, што змяніла абрысы планеты і перайначыла контуры людскіх душаў, далучаліся ўсё новыя і новыя народы — аж пакуль урэшце планету не перайменавалі ў Беларусь.

Толік ужо не стаў пашырацца пра глабальныя зрушэнні на планеце: адно апісаў, як людзі завінуліся і зруйнавалі хмарачосы на Уол-стрыце адно дзеля таго, каб адляскаць мега-аграгарадок Новыя Гарлемавічы з двума гаражамі ў кожным дамку, а таксама пра тое, як па Міжземным моры прайшлася масіўная меліярацыя на палескі манер. Дарэчы, сам Толік быў індусам з горада Нью-Мінск (былы Бангалор), а ягоны бацька Раджэш Кутрапалі, сцяміўшы адкуль дзьме вецер, пасля нараджэння спадкаемца абдорыў яго чыста крывіцкім імем.

— Анатоль Раджэшавіч, усё гэта вельмі цікава, але, далібог не лахмаць бабулю — адкажы ўжо на простае пытанне: нашто так шмат іншамарак? — перабіў яго бетэльгейзіянец, знецярпліўлена кусаючы хвост. — Ясцё вы іх, ці што?

Выцягнуты з паўтрансу Толік усміхнуўся:

— Я адкажу табе, чужынец, усю праўду адкрыю, але гэта будзе каштаваць яшчэ адну іншамарку.

Разлік быў дакладны. За, можа быць, самую нашумелую таямніцу гэтага сектара Галактыкі цікаўныя бетэльгейзіянцы, не вагаючыся, гатовыя запрадаць нават родную матулю (хоць тых матуль у кожнага з іх усяго сем).

І таму ўжо праз якія дваццаць пяць хвілінаў пры выхадзе са знакамітых бетэльгейзіянскіх гаражоў Толік трымаў пад аброць адным духам на яго аформленага белага «мерына».

Хто вінен аддаць павінен. Асланяючы вусны рукой і зіркаючы некуды ў бок усюдыіснага неба (там у вышынях раскудлаціла сваю грыву Туманнасць Конская Галава) Толік нахіліўся і як на споведзі прашаптаў у трохкутную вушную адтуліну бетэльгейзіянца ўсю праўду пра лёс іншамарак на Беларусі.

Аёй жа! Учуўшы Толікавы прызнанні, ашаломлены, бетэльгейзіянец умольна стаў шукаць на твары беларуса абвяржэнняў. Не знайшоў — і з капылля далоў: раптам збялеў, захістаўся, прамармытаў што найбольш нагадвала ці то праклён, ці то малітву, неяк нетрывала пахіліўся, заплюшчыў усе свае трыццаць восем вачэй, затуліў хвост паміж ног ды ўрэшце ляпнуўся на зямлю не раўнуючы як пераспелы персікавун.

***

Назіраючы, як праз чарнільныя прасторы адкрытага космасу за ім паслухмяна імчыць табун з сарака патрыманых «Аўдзі», Толік пасміхнуўся сам сабе ў мерседэсаўскае люстра задняга агляду. Як вядома, моцнае, даведзенае да клінічных памераў, здзіўленне ўганяе прадстаўнікоў бетэльгейзіянскай расы ў стан незваротнага анабіёзу. Праз якія два– тры месяцы, не прыходзячы да памяці і вычарпаўшы ўсе ўнутраныя рэзервы арганізма, той іншапланетны аўтадылер — а ў Толіка на гэты конт не было ані найменшых сумневаў — склеіць дошчачкі, гэтак забраўшы пачутую таямніцу з сабой у магілу. Касмічны ветрык біў у ілюмінатар, а ў радыё прарваўся голас паплечніка, алжырца Мішаньчыка:

— А ці не зрабіць нам прывал на Месяцы?

Кавалькада перагоншчыкаў збочыла ў бок неўрадлівай камлыгі беларускага спадарожніка. Мішаньчык, вядома, ужо меў планы:

— Давай гэты джып, — зноў пачулася ў радыё ягоная прапанова.

Перагоншчыкі развярнуліся і хапатліва прыпусцілі наўздагон адной з «Аўдзюшак».

Патрыманы джып стаў быў уцякаць, віхляючы і кружляючы. Яго намагаліся ўтаймаваць жэзлам даішніка і чырвонымі выблісковымі маячкамі, але на шматразовыя заўвагі джып не зважаў — адно шалёным дзіком працягваў свае ўпірыстыя, але безнадзейныя ўцёкі. «Ну, сучына вымя!» — чужым голасам зароў Толік, і, дастаўшы лазерны кольт, пачаў смаляць па колах. Джып перакуліўся, потым яшчэ раз, трохі загарэўся (выбухаюць іншамаркі толькі ў кіно) і, патухлы, спыніўся пасярод месяцовага плато. З капота паваліла пара.

Толік падляцеў першы — атамнай нажоўкай адрэзаў кавалак ад дымлівых яшчэ шынаў. Чорная гума крыху апякала рот, і, па шчырасці, смак быў паскудны: з пылам, пяском, але ж гэтак смакавала ягоная паляўнічая перамога. Працягваючы жаваць, Толік запусціў руку ў кішкі джыпа і выняў адтуль яшчэ трапяткі прывадны пас. Перапэцкаўшыся ў счарнелую аліву, накруціў пас на палец — на манер таго, як накручваюць спагеці на відэлец — і таксама выправіў услед за кавалкам шыны. Гэтым разам было цалкам уежна.

Мішаньчык падскочыў неўзабаве, падстаўляючы рот пад мяшанку антыфрызу і кіпеню, што хвастала з днішча капота. Крыху апаліўшы тонкія вусны і смуглявыя шчокі, ап’янелы, алжырабеларус заплюшчыў вочы. На закуску лазерным мачэтэ вырубіў лапік абшыўкі з пярэдніх дзвярэй. Яшчэ дымлівы па краях ліст са скрыгатам знік у Мішаньчыкавай глотцы, выклікаўшы на твары ўсмешку праставатай задаволенасці. Мішаньчык зазначыў:

— Не люблю новыя іншамаркі — сала нагуляць не паспяваюць.

— Але тут самы цымус не перабольшыць, — заўважыў Толік, у якога на зубах хіжа храбусцелі заднія фары. — Калі пачне ржавець корпус, дык трэба як хутчэй на зарэз. Бо паўгода марудзіш — іржа змятае ўвесь каркас, і тады адзінае месца, куды можна затуліць іншамарку — да ваўкавыскага мясакамбіната на аўтатушонку.

— Ага, пускаць у ежу заржавелыя іншамаркі — гэта ўсё адно, што з галадухі набіць лантух прычэпам «Зубраня», — сказаў Мішаньчык і нястрымана зарагатаў.

Па-над імі, займаючы ледзьве не палову зорнага неба гіганцкай запаскай, навісала родная Беларусь. Толік прымружыўся, гатовы зуб даць, што амаль бачыць, як на яе пабітых меліярацыяй міжземнаморскіх прэрыях пры святле фараў гуртуюцца купкі такіх самых, як і яны, абцёрханых перагонамі і качавой жыткай, мужчын. У падзёртых скуранках, уцепленых клятчастых кашулях і залапленых джынсах каўбоі-перагоншчыкі самавіта служаць усяночную ля прыдарожных вогнішчаў. Вогнішчы шугаюць і кідаюць свае дагістарычныя блікі на мужчынскія твары, а на ражне, сцякаючы машынным тлушчам, накручвае кіламетраж асвежаваная туша «Фольксваген Гольфа».

Сука-крот

Нават дыктатар не можа нічога парабіць з кратом. Гэтая сука (у сэнсе, крот) — проста чарнявая шэльма!

Насупраць пагорка, прыведзенага перад парадам у стан баявога кургана, на трыбуне туліцца гарант канстытуцыі, якога абляпілі: лампасы, народныя масы, паветраныя асы, фізкульт-папуасы. Усе як на шпільках — нават ветрык перад праходам танкаў баіцца падзьмуць неяк не так.

І раптам — ні стуль ні ссюль, пасярод акту нацыянальнага кучкавання — хто гэта так выкшталцона вынырвае з-пад зямлі, лянотна выпускаючы фантанчык нашага неўрадлівага суглінку? Увесь такі ў чорнай шапачцы і ў блішчастым ныральным строі з натуральных матэрыялаў? Ну, вось той, што паблажліва аглядае свет сонечнымі акулярамі гузікаўвачэй? Як клічуць гэтага андэграунднага персанажа, што пакідае сярод дасканалага смарагду пафарбаванай травы на пагорку раз, два, пяць, сто чорных воспін непарадку і непрыхаванага выкліку? Хто, халера яго не возьме, гэты кайфаломшчык?

А свята тым часам ужо незваротна сапсаванае: народныя масы замест каб сузіраць парадную веліч захапляюцца карцінным краціным нырцаваннем у дзёран. Паветраныя асы, пралятаючы па-над курганам, б’юцца аб заклад аб колькасці кучак на траве, і як вынік — б’юць на паваротах баявыя машыны. А здзеклівая жывёліна прыпускае далей — адпальвае па-мастацку: піруэты, па, нават патройныя сальты. Занураецца, вынырвае, таньчыць брэйк-дэнс, спалучаючы сінхроннае плаванне з фігурным коўзаннем. Сука-крот!

Лампасы ліхаманкава аналізуюць усе краціныя рухі, па-за шырмаю непрадказальнага паказальнага выступу шукаюць схаваны сэнс. Можа, гэтымі чорнымі партызанскімі вогнішчамі сука-крот пазначае іншаземным дэсантнікам пасоўнае месца для прызямлення? Ці, пры дапамозе зашыфраванага малюнка кучак, злівае касмічным акупантам каардынаты нашай Зямелькі?

Сука-крот — гэта табе не калабаранцкая мошка, памяркоўны каларадзец або бесхрыбетная тля. Яго не возьмеш голымі апыленнямі. Вынырвае там, дзе не чакалі, дае нырца туды, дзе не зловіш. Ведаеце што? Сука-крот нават горшы за суку-кляшча, бо вупыр шматгадовы.

І шырокапрофільны. Ссе ўсё запар: палеткі, працоўны час, нервы, спрадвечны гуманізм нашага народа.

Удых. І падземная цемра прыспаным космасам праносіцца абапал, пакідаючы галактыкі светлякоў далёка ззаду. У глыбіню: праз парваныя кабелі каранёў, цераз пакручастыя тунэлі і бясконцыя галерэі. Паўз спалоханыя позіркі іншых жыхароў падзем’я. І родзяцца мімохадзь дзёрзкія думкі, бліскавічныя пачуцці: нібыта гуляеш са смерцю на яе тэрыторыі і робішся навочным сведкам, як усё-ўсенькае па страваводзе матухны-Зямлі нясецца ўсё бліжэй да немінучай развязкі. А кіпцясцыя лапы не раўнуючы канцавіны птэрадактыля правяць гэты бліскучы і цмяны палёт. Нікога не асвятляць, не свяціцца самому, усё пры сабе, сам у сабе, воля.

Выдых. І чорная паласа заканцоўваецца, рассыпаецца ды ў непадрыхтаваныя зрэнкі джыгаюць тысячы сонцаў, што крышаць раёк і працінаюць мозг колючым болем. Аднак урэшце атрымліваеш тое, дзеля чаго ты і вяртаўся на паверхню, — не мог не вярнуцца: нагбом выпітая шклянка чыстага паветра.

Няма чалавека, які любіць суку-крата. Нават баба Маня, святая кабета, бабуля з адукацыі і па нараджэнні, якая во і пеўняў літасціва забівае ўдушаючым прыёмам абгорнутага вакол галавы вышытага ручніка, – нават яна, згледзеўшы на гародчыку чарнічную кірпу ў атачэнні земляных камякоў, хапае добра заіржэлы тамагаўк, жвава падскоквае да разрытай норкі, і абедзьвюма скурчанымі артрытам і шматвектарнасцю тутэйшай гісторыі рукамі пляжыць, пляжыць ўжо і так знявечаны дол. “Сука, сука, сука!..”

Ці забіла? Скулля!

У суботу-нядзелю, укленчыўшы, баба Маня засыпае просьбамі нябеснае адміралцейства, каб тое ўрэшце спісала на бераг суку-крата і суку-краціху з Ноевага авіяносца. У панядзелак яе малітвы пачутыя – на калгасныя нівы прыязджаюць пажарныя машыны і сорак дзён ды сорак начэй МНСнікі ліюць воду ў гэтыя бяздонныя шахты, у галавакрутныя лабірынты, што спраектаваў злы марыярці айчыннага падполля – на, на, на!

Вада сыходзіць, і на свет Божы выплываюць дзесяць трупікаў палёвак і пацукоў, парутройку — Сямёнычаў і Францавічаў, нават адна жаба лопнула ад такога напору. І хоць бы адна су... Стоп-стоп, а што гэта чарнее на траве побач? Гэта нажаль толькі ягоная чорная шапачка і сонечныя акуляры. Такі пазбегнуў праведнай адплаты: растаў як цукар, сука-крот, сплыў, уцёк, змыўся на іншы ўзровень.

Што сядзіць у мазгу гэтага пякельнага выпаўзня:

якая мудрагелістая машына,

якая макабрычная агрэгаціна?

Хто кіруе гэтымі неўтаймаванымі нічым паводзінамі?

Хто грае на генным аргане гэнага арганізма гэтакія пачварныя гімны?

Ад усіх тых шматлікіх пытанняў і вольнадумных тлумачэнняў у дыктатара торгаецца шчака ды з напругі страляюць коркі генералісімускіх эпалетаў. А баба Маня па-простаму, па-рабоча-сялянску, трапляе з інсультам у рэанімацыю.

Карэспандэнт: А зараз дамо слова кіраўніку службы аховы і па сумяшчальніцтве ўнуку бабы Мані. Таварыш службіст-унук, як вам удалося схапіць падземную пачвару?

Кіраўнік службы аховы: На тры-пятнаццаць І што характэрна на допыце ўсіх запрадаў, сука: яўкі, паролі, рыбныя месцы. Нават родны хвост.

Кар.: Што інкрымінуецца гэтаму запраданцу?

КСА: Вынаходства геены вогненнай, разбурэнне Пампеі, канструяванне калодзежа і ківача, усе забойствы на вуліцы Морг. І яшчэ

запішыце: баскервільскі сабака закончыў сваю спрынтарскую кар’еру ў грымпенскай дрыгве дзякуючы зламысна спланаванаму дзеянню (ці бяздзеянню) гэтай сукі.

Кар.: Запішам. Дык, дарэчы, дзе цяпер гэты чорны капач, хай тройчы будзе праклятае ягонае імя? У кампетэнтных сутарэннях?

КСА: Не зусім там. Як бы гэта вам сказаць, каб нічога не сказаць... Ну, вы самі ўсё цудоўна разумееце... Ён на іншым узроўні... У іншых вымярэннях Божыя дарогі нязведныя і вядуць углыб. Чакры і мантры, усё ахутана цемраю і акультнымі паходнямі. І ў дадатак ніхто з нашых пацаноў, ну хоць страляй, не разумее па-крацінаму, разумееце?.. Адным словам, допыт мы яму рабілі так бы мовіць... э-э, невербальна... э-э, дыстанцыйна... Наўслеп ідучы па лабірынтах крацінага мозга... Дэдуктыўную фантазію і крыміналісцкі вымысел ставілі ў галаву следства. Адным словам, мы патушылі ў канторы святло, запалілі свечку, ўсёй аператыўнай групай селі ў кола, узяліся за рукі, сказалі модлы, і дапыталі ягоны дух.

Вось жа: падагнаўшы бабе Мані ў больніцу апельсіны, а дыктатару ў рэзідэнцыю – невялічкае радовішча нафты, у жоўтай шапачцы лідара, у брыльянтавых sunglasses ад Армані, сука-крот няспешна сплаўляецца па Леце ў бок цэнтра зямлі. Без натугі той цэнтр мінае — і вуньдзе ён: злавесным антыподам набліжаецца да Аўстраліі. Трохі запыняецца на зямной паверхні і расце. Сука-крот ўвышкі з ранча, шматпавярховік, сіднэйскую тэлевежу. Дамарослым кінг-конгам паглядае на ўсё гэта і на ўсіх нас чыста рэальна зверху ўніз. І толькі тады стартуе ў неба: як тузік грэлку рве зямное прыцягненне, прастае лапакрылы і самавітымі ўзмахамі кіруе да зор, каб прасвідраваць у космасе дасканалую чорную дзірку, якая ўсіх нас і ўрое.

Зборная Беларусі па негалоўных відах спорту

Сёння — лапта, заўтра — кёрлінг. Там, у алімпійскім камітэце, палічылі, што трэніровачныя базы і спартоўцы па ўсіх відах — немэтазгодна. Кракет, пола, даміно, гарадкі. Так, шчырая праўда: для начальнікаў краіны месца на п’едэстале — не раўнуючы пераможны бліцкрыг супраць Малдовы, аднак як мудра пастанавіў камітэт, для ўсіх гэтых нязначных відаў адной каманды — у самы раз.

Мы — зборная Рэспублікі Беларусь па негалоўных відах спорту. Адна каманда, адзін трэнер, адна халера: кракет ці чукбол. Выязная спортбрыгада. 20–25 плячыстых на жывот і касцістых на язык барбудас, з фіналам еўрабачання замест эякуляцыі, гаражным сэксам з «аўдзюшкай» замест выходных. Звычайная васьмігадзінная піздзячка з працоўнай кніжкай і паўторкавымі запоямі. Спартовыя рознарабочыя, мы ніколі не ведаем, што будзе сёння.

— Тэк, зборнічкі, разабралі па клюшцы і аквалангу — і марш у аўтобус: сёння на Цнянцы чэмпіянат свету па падводным хакеі.

— А канькі?

— На чорта?

— Ну, дык хакей усё ж...

— Так, канькі... Дай гляну... Неа, у правілах канькоў няма: даеш нырца з чыгуннай клюшкай і закідаеш алюмініевую шайбу (Госпадзе, хто гэткія гульні прыдумляе?!) у плавучую браму...

— Лёнчык плаваць не ўмее.

— Заўтра ён будзе збіты і пазбыты заробку невядомым мужчынам перадпенсійных гадоў у чорнай масцы і трэніках нацыянальных колераў.

— Лёнчык па паскораным курсе ўжо навучыўся... А па гэтым, падводным, мы якое месца ў сусветным рэйтынгу?

— Якая вам розніца? 154-ае. Галоўнае, хлопцы, я тут глянуў, выйсці з падгрупы: разбамбіць абсалютных хакейных аматараў — сахарцаў. Зацяць дыхалку — але адужаць нічыйку з крэпкім сярэднячком Ватыканам. А гранды — кубінцы — лічы, у нашай торбе: тыдзень таму іх першы склад «негалоўкі» разам з клюшкамі, шайбамі і плавучымі брамамі — для баласту — па дне акіяна ў Фларыду рвануў. З імі можна змагацца: памятаеце, мы аж чатыры галы ім забілі, калі гулялі ў баскетбол. Усё, до трындоліць — марш у аўтобус!

Гэта Францавіч. Два гады да пенсіі. Галоўны трэнер зборнай Беларусі па негалоўных відах спорту. Колісь масажор у моладзевай зборнай па сапраўдным хакеі. Што ў яго ад мінулага — дык гэта памасажаваць цябе па рэбрах і хрыбціне, а потым спрытна накласці шыну з клюшак і ўмела патэлефанаваць у «хуткую». Што ад будучыні — дык нашае ўсё.

— Сёння, хлопцы, не дамо пудла: усё ж спаборніцтва па нашым нацыянальным відзе спорту...

— Скокі з шэстам праз балота? Спартовае жабраванне?

— Акадэмічны перагон іншамарак. Першынство Еўропы. Суперфінал: мы і літоўцы.

Кожнаму выдаецца па сто еўра і стратэгічная мапа Нямеччыны.

— Па сто?

— Убазарылі, па пяцьдзясят.

— Лёнчык кіраваць не ўмее.

— Хай прыгоніць матацыкл для майго ўнука. Толькі не «мінскач». «Мінскач» з Нямеччыны — не па-спартоваму. А па дарозе ўдарыце па прыўкрасных польскіх гарадках.

— Па польскіх гарадках? І «шэнгенку» дадуць? Супер, Лёнчык кажа, што ўжо ўзяў экстранныя курсы па кіраванні.

— Цудоўна, але Лёнчык зараз са здзіўленнем высветліць, што польскія гарадкі — гэта такі спорт. На чэмпіянаце свету вы там сярод галоўных прэтэндэнтаў. Бо адзіныя ўдзельнікі. Палякі ўвогуле адмовіліся гуляць у гэта, хоць самі тыя гарадкі і вынайшлі. Польскія гарадкі — вельмі займальны від спорту: ў ім нешта ад чараў гарызантальнага скалалазання і троху — ад прывабаў унітазакідання. Вам дастаткова толькі прыбыць у Гродна, які адзіны ва ўсім свеце не адмовіўся праводзіць гэтае спартовае мерапрыемства, і проста атрымаць там кубак. І, дарэчы, трафей застаецца ў вас навечна, бо стваральнікі гульні парываліся пераплавіць той кубак на алюмініевыя чушкі і закапаць у зямлю. Іх урад ужо вылучыў два мільёны злотых на сціранне гэтага віду спорту з калектыўнай памяці і гістарычных крыніцаў. Сённяшнім капітанам зборнай прызначаю Лёнчыка — у яго апошні працоўны дзень.

Увечары мы, чэмпіёны свету па польскіх гарадках, ачумелыя ад двайной змены, у рыгалаўцы на ўскрайку Горадні святкуем праводзіны Лёнчыка:

— Лёнчык, дык што за новая праца?

— Хлопцы, я цяпер легіянер.

— Клас: зайздросцім, але шчыра. Куды, у прафесіянальны?

— Не, двайніком да Бэн Ладэна. Усё як мае быць: поўны сацыяльны пакет, дваццаць восем дзён адпачынку на год, медстрахоўка і бясплатныя масты і каронкі.

— Лёня, якія масты, якія каронкі?! Там пасля аднаго працадня будзеш рэбры жалезнымі скобамі змацоўваць!

— Не трэба Лёнчыка мець за ідыёта — у кантракце ўсё прапісана: ніякай ваеншчыны. Бэна я замяняю толькі на парадах-нарадах, ну, максімум — на негалоўных тэлезваротах з пагрозамі чалавецтву.

Дарэчы, пра чалавецтва: яго ашчасцілі дзвюма зборнымі Беларусі па негалоўных відах спорту. Першая зборная — для гульняў на выездзе. Гатэлі, еўрасутачныя і агні вялікіх гарадоў. Мы не яна. Мы зборная Беларусі па негалоўных відах спорту для хатніх гульняў. Стылая дзвюхпакаёўка разам з ці то жонкай, ці то цешчай, з якой суткі за двое, і агні канфоркі.

— Патрабуецца дзевяць цягавітых беларусаў для фіналу еўралігі па класічных баданнях з танкам.

— Францавіч, не губі!

— Спакуха, хлопцы. Як там у паэзіі: «Беларусу — чалавеку і трактару»? Запыт перанакіравалі на МТЗ — хай чухаюць патыліцу яны. Але цяпер смехі набок: у Гішпаніі — чэмпіянат свету па баі быкоў, ад нашай краіны трэба два тарэадоры.

— Я не магу — у мяне месячныя.

— Хлопцы, не выдурняйцеся, тут жа галоўнае не перамога, а ўдзел. Чыста для птушачкі: пастаялі трохі на арэне, папрыручалі быка. А я за гэта зверху падчас паездкі дазволю не трымацца спартовага рэжыму: гішпанскае чарніла за мой кошт. Толькі перад карыдай просьба на грудзі не браць, а то будзе, як у мінулы раз, калі зборная Украіны праходзіла ўсю карыду на рагах. Дык што, хто едзе?

— Я не магу: у мяне, гэта, прабабуля пры смерці, на Чыжоўскіх могілках ляжыць.

— Паўтараю: Гішпанія — два чалавекі, давозка чалавека туды і транспарціроўка цела назад за кошт дзяржавы. Валік, ты як?

— Мяне няма.

— Паўтараю, падлы: Гішпанія — два труп... чалавекі — усё ўключана!

— Францавіч, у нас жа ёсць «замежка»...

— Зборная Беларусі па негалоўных відах для выязных гульняў не зможа паехаць у Гішпанію: яны ў Штатах у французскім рэстаране атруціліся кальмарным соусам на кубку свету па спартыўным шопінгу.

— Курвы!

— Хто сказаў «курвы»? Сашуня і Генік? Выдатна — нецэнзуршчына прыраўноўваецца да паднятай рукі. Значыць, вы абодва – марш у гішпанскае консульства па візы, астатнія – збіраемся ў Раўбічы: заўтра — адкрыццё чэмпіянату Еўразіі па скачках з трампліна на вярблюдзе. Паказальны выступ.

— Слухай, Францаявіч, як жа гэта магчыма – скочыць з трампліна на вярблюдзе?

— Ну, а як жа гэта можа быць немагчымым? Спярша вярблюда крыху прыструніў, ага, так, спусціўся да самага трампліна, раўнавагу трымаеш, нервы — у кулаку, і так сабе няспешна, далікатна, раўнамерна, па-нашаму бачком так трохі, крок-скок — і паляцеў...

— Францавіч, ты монстр!

***

Як нараджаецца галоўны герой? І ўвогуле — ці магчымы такі зорка-суперстар, новы-незацяганы, непракручаны праз мясарубку стагоддзя хх і вір яго напалмавых вечарынак? Наўрад. Тут жа патрэбны чалавечышча, чыя прага выжыць была б маштабнейшая за чэмпіянат Галактыкі па лыжных гонках на асфальце. Тут трэба звяруга, якога падчас выпрабаванняў торкае не менш за фіналіста спаборніцтваў па сумо на сланах. Які здолеў узяць усё гэта і, нахрэн перакуліўшы, здзейсніць першую беларускую рэвалюцыю. Тут і цяпер.

І вось, бачце: у шатні для тарэадораў два члены «негалоўкі», гэтыя нашыя эрбэшныя прэтэндэнты ў героі — Генік і Сашуня, за дзесяць хвілінаў да свайго гладыятарскага выхаду. А праўдападобней ужо адзін Генік, бо сапраўдны герой нараджаецца адно на самоце, так што Сашуня неяк выкруціўся і застаўся ўдома.

Дык вось — Генік цяпер у шатні, дзе шафкі-слупкі як гарызантальны груз-200 з трупамі ўсіх гэтых няўдах, якія былі да апошняга свайго бою перакананыя, што нарадзіліся з богавай барадой у правіцы, і па-дзіцячы верылі, што адораныя найвышэйшым блатам, які ёсць на небе, хай свяціцца імя яго. І перабывае наш прэтэндэнт у паўпрытомным стане пасярод паху змытай хлоркай крыві, няясна: людской ці бычынай — гэтак, на самоце, пакінуты паразважаць, што за гульня такая — гэтая карыда, і як з яе выкараскацца. Бо што б вам ні казалі настаўнікі ў школе камікадзэ, ацалеласць — адзіная неабходная ўмова для існавання ўсіх сапраўдных герояў. І яшчэ ў дадатак наш прэтэндэнт прыгадвае, што ўсе тарэадоры, нават мёртвыя, былі прыроджанымі гішпанцамі і нюхалі бычыную мачу з дзетсаду. А ён жа, Генік Качуня — дзіця балотаў і прапіскі: што ўвогуле ён можа цяміць у баі быкоў?

Або не, ведаеце, не. Ён не ў шатні. Ступакі Геніка, прэтэндэнта ў супермены, ужо парушылі роўнядзь пяску тарэадорскай арэны, а наўкола, злепленае ў адзін няўежны камяк, — палатно з пустых глядацкіх твараў. Перад Генікам — бык. За чырванаватай таніроўкай бычыных вачэй — капітанская рубка з нелюдзем, пазбаўленым літасці і мазгоў. Вось тут, сярод персанальнага халакосту і поўнага капца, як сцвярджаецца, і павінен нарадзіцца сапраўдны герой...

Ці ні хера не павінны, бо той Генік — гэта я! О, Божа, які кашмар! Ааааа!

Арэна, бык, я. Адчуваю, што жыцця маю секунд сем–восем. Яшчэ трохі — і шал гідкай плеўкай залепіць вочы. Зацыклены ў суцяшальную паўтаралку: «Мама-што-я-тут-раблюмама?» Пацею як снегавік у фрытурніцы.

І вось на 3.54 секунды свайго васьмісекундавага існавання, за колькі імгненняў да смерцяноснага рыўка, ЯГО рыўка на МЯНЕ, даю крок уперад і ніцма валюся перад быком у глухой паганскай малітве. Залаты цялок, садом і гамора — што заўгодна, абы жыць! А па калашынах бяжыць хваля гарачыні.

І тут бляск бычынага вока робіцца бялейшы. Гэта ўжо не крывавы Марс — гэта нязыркая бліскаўка Альдэбаран, мяшанка срэбра і ртуці, бель праўдзівага золата, увадначассе лагодны і сляпучы гузік. І дыхавічны голас:

— Ну, што, Вадаліў, напусціў ужо ў порткі?..

Бачу — пашча быка ненатуральна, але старанна растульваецца і сашчапляецца, вымаўляючы людскія словы. Ён дадае:

— Нашто ж так пераймацца? Нашто, Вадаліве, твае турботы і неспакой, твая крыўда і слёзы? Ты што, не ведаеш, смаркач, што літаральна ўсе мы зроблены з зор?

Я скручваю голаў і бачу, што мая левая рука неяк так без болю адлучаецца ад пляча і імкліва ляціць у неба. Шматкроць расце і шпарка аддаляецца ўвадначассе. Разумею, што ніколі яе больш не пабачу, нават калі буду брысці па яе ў патрэбным кірунку ўсё жыццё. Правая рука таксама адлятаецца, але крыху пад іншым вуглом. І тудысама — у зорнае бязмежжа. Потым чарга ног — яны,узнятыя ўгору, бязгучна стартуюць наўздым не раўнуючы як «Васток-1» і «Васток-2». Тым жа часам тая самая прыгода налучыла і быка: вясёлы выбух неўсцеражонай шампані — і яго цела крышыцца, дзеліцца на вялікія шматкі, што разлятаюцца ўгору шчаслівым каляровым феерверкам

Хто я цяпер? Гэта цяжка сказаць. Ці чалавек я? Ой, пэўна не. Мае канцавіны гэтак шалёна няблізка адна ад адной, а паміж імі — зорная бездань на мільярды светлавых эпох. Так, мае ногі, рукі і цела — зоркі. Няўежнае згусце матэрыі, тоны галактычнага пылу, урану, крэмню, марганцу ды іншай касмічнай дрэні. Не, дакладна: чалавекам тут не пахне.

А бык тутсама, у небе. Але цяпер у нас з ім няма варожы, няма больш забойцы, няма ахвяры. І ў прынцыпе, мы адзін аднаму — ніхто. Маўклівыя згуртаванні зорак, якім у роўнай меры займае мову перад манархавым абліччам касмічнай моўчы. Сузор’е Быка і сузор’е Вадаліва.

Дык я, значыцца, ёсць сузор’ем? Сузор’ем?! Тым вымысленым задзіночаннем сонцаў, якое існуе толькі ў выяўленні чалавека і складаецца з нічым не звязаных у рэчаісным свеце нябесных цел?.. Чорт яго ведае...

Я ёсць, але мяне не існуе. І гэтак я — абсалютна вымысленая сутнасць — кручуся, лунаю, гушкаюся, ці як там называецца дзеянне, якое я раблю ў гэтай бясконцай прасторы, дзе імгненне за год. А пада мною, сярод выдмаў і барханаў Зямлі, загрузаючы па калена ў пяску, аблізваючы губы ад саракагадовага гарадзенскага перапою, брыдзе вядомая ваўкалакам Францавічам зборная Беларусі па негалоўных відах спорту.

Першынство на прызы Майсея па спартыўным арыентаванні у сінайскай пустэльні.

Оглавление

  • Зборная РБ па негалоўных відах спорту. Павал Касцюкевіч
  • Замова ад страху
  • Айчына кантрабанда
  • Доктару Хаўзу ад беларускага народа ліст
  • Я кахаю цябе, Юлія
  • Шэсцьсот шэсцьдзясят шэсць вечароў
  • Дзень дэсантніка
  • Вайна з дзьмухаўцамі
  • Мой франтавы таварыш Курт Вонегут
  • Амаль
  • Вечнасць ды іншыя часы
  • Крыху рэкламы не зашкодзіць
  • Генная інжынерыя
  • Бетэльгейзіянскія хронікі
  • Сука-крот
  • Зборная Беларусі па негалоўных відах спорту Fueled by Johannes Gensfleisch zur Laden zum Gutenberg

    Комментарии к книге «Зборная РБ па негалоўных відах спорту», Павал Касцюкевіч

    Всего 0 комментариев

    Комментариев к этой книге пока нет, будьте первым!