«Як стаць беларусам. Сто гісторый»

606

Описание

«Як стаць беларусам. Сто гісторый» — зборнік маналогаў людзей, якія разважаюць пра ператварэнні свайго ўнутранага свету. Пра тыя шляхі, якія прывялі іх да ўсведамлення важнасці беларускасці: ведання гісторыі, культуры, беларускай мовы. Кніга сталася вынікам аўтарскіх праектаў Севярына Квяткоўскага «Як я стаў беларусам» і «Быць беларусам», рэалізаваных на сайтах Budzma.org i Tut.by.



Настроики
A

Фон текста:

  • Текст
  • Текст
  • Текст
  • Текст
  • Аа

    Roboto

  • Аа

    Garamond

  • Аа

    Fira Sans

  • Аа

    Times

Як стаць беларусам. Сто гісторый (fb2) - Як стаць беларусам. Сто гісторый 484K скачать: (fb2) - (epub) - (mobi) - Севярын Квяткоўскі

Севярын Квяткоўскі Як стаць беларусам. Сто гісторый

Севярын Квяткоўскі прэзентуе праект:

«Як стаць беларусам. Сто гісторый»

Дакументальна-мастацкая проза

Рэдактар Валянцін Акудовіч

Дызайнер Анатоль Лазар

Карэктар Ціхан Карнякевіч

Кампутарная вёрстка Аляксей Харужка (publisher.by)

Пры ўдзеле:

Ганна Валынец

Аляксандар Лукашоў

Арцём Мартыновіч

Хрысціна Марчук

Аляксандар Ярашэвіч,

якія дапамаглі ў зборы тэкстаў

Адмысловыя падзякі:

Андрэй Дзмітрыеў —

удзел у выданні кнігі

Алена Макоўская і Ніна Шыдлоўская —

удзел у рэалізацыі праекту на сайце budzma.org

Марына Золатава —

удзел у партнёрскай рэалізацыі часткі праекту на сайце Tut.by

— Я прыйшоў атрымліваць пашпарт. Так склалася, што разам з мамай. Быў 1985 год. Чыноўніца пашпартнага стала будзённа задавала пытанні. Калі яна запаўняла графу «нацыянальнасць», я ні секунды не вагаўся і адказаў: «Беларус!»

Адразу ў цішы кабінета прагучаў кінематаграфічны, з добра пастаўленым голасам крык мамы: «Юрачка, падумай, гэта ж на ўсё жыццё!»

Юры Вінаградаў

Як я стаў беларусам

— Вам ужо не трэба рабіцца беларусам? Паколькі вы ўжо не Нехта, а Хтосьці? Тады гэтая кніга можа дапамагчы некаму з вашых родных, сяброў ці знаёмых.

Важна прачытаць кнігу ад пачатку да канца. Толькі тады будзе паўнавартасны эфект. Знікнуць многія сумневы, хістанні і фобіі. Нават калі на нейкай старонцы ў вас з’явяцца думкі: «Ды зразумела, ды я гэта ўжо бачыў, прадумаў, перажыў!». Ці: «Так не бывае!». Альбо: «Няма чаго ім рабіць!». Чытайце да самай апошняй літары.

Нават калі вы і так лічыце сябе ці кагосьці з свайго атачэння беларусам. Магчыма, гэта фантомная беларускасць. Беларус — гэта не бусел, зубр, партызан, мех бульбы ці трактар.

Неяк мы сядзелі з прыяцелем цёплым надвячоркам на бервяне ля дарогі ў старым квартале прыватнага сектара ў Менску. Нам было гадоў па дваццаць, а да нас падышоў значна старэйшы дзядзька — стрэльнуў цыгарэтку.

Наш выпадковы знаёмы без запрашэння далучыўся да размовы. Ён не надта трапна ўстаўляў рэплікі. Было бачна, што думкі тубыльца драўляных джунгляў блукалі дзесьці па-за кантэкстам тэмы.

І раптам дзядзька выбухнуў:

— Сядзіце тут, балбочаце!

— Ну…

— Бачыце, як крыва асфальт на вуліцы паклалі?

— Бачым.

— Дык узялі б — пераклалі!

Гэта толькі на першы погляд выглядае няўздымнай справай — двум хлопцам перакласці асфальт на ўсёй вуліцы. Я прыгадваю гісторыю некалькіх дзясяткаў юнакоў з 1980-х.

— Вы ведаеце, што ваша жонка Кася Камоцкая спявае нацыяналістычныя песні? — запытаўся падчас допыту ў міліцыі следчы ў барда Алеся Камоцкага.

— Так, — адказаў Алесь, — а яшчэ яна танчыць нацыяналістычныя танцы.

Гэтыя юнакі былі толькі на самым пачатку вуліцы з «крывым асфальтам», які трэба было перакласці.

Я маю на ўвазе «Гуканне вясны» — традыцыйнае беларускае свята, якое несанкцыявана зладзіла група моладзі ў 1984.

Калі ад 1980-х ісці далей углыб гісторыі — патрапіш на курапацкія магілы. А яшчэ далей — у БНР, «вясну народаў» у царскай Расеі, паўстанні, падзелы, войны… Часы, калі марылася не пра ўпарадкаванне дарогі, а пра саму вуліцу — сваю краіну.

«Як стаць беларусам» — кніга людзей, якія шукалі сябе ў 1980-х — 1990-х. Гадаваных між СССР, перабудовай і першымі гадамі Незалежнасці.

Гэта быў час вялікай надзеі на стварэнне новай краіны, не савецкай і не антысавецкай. Проста новай. З новымі сэнсамі і новымі адчуваннямі. Дзе адным з самых захапляльных, нязвыклых і неверагодных было адчуванне ўласнага «я».

1. Пратэст

Перад з’яўленнем майго «я» ў публічнай прасторы свет быў іншым.

Я тады быў занадта малы, каб ведаць, што развод ці любоўныя прыгоды аднаго з сужэнцаў разглядалі на сходзе працоўнага калектыву. Не паўсюль, канешне. Ну ўявіце сабе падобнае ў асяродку тэатра ці сімфанічнага аркестра? Ці, напрыклад, цырка?

З іншага боку, уявіце, калі б рабочы шарыка-падшыпнікавага завода перад калегамі пачаў тлумачыць свае амурныя прыгоды беларускай літаратурнай мовай.

У тэатры, акадэміі ці філармоніі ўявіць магу. А ў цырку ўжо — не. Табу.

Прылюдна корпацца ў чужой бялізне было нормай, а публічна гаварыць па-беларуску — скандалам.

Чаму шакавала беларуская мова? Гэта быў выклік галоўным каштоўнасцям тагачаснага грамадства. Людзі хацелі зліцца з сацыяльным краявідам. Каб нішто не нагадвала пра іхную іншасць, адрознасць ад савецкага.

Ім даравалася казаць «дз» і «ч», але «шкарпэтка» ды «фарбы» ўспрымаліся як пагроза для будучыні адзінага савецкага народа.

І калі ў грамадскім месцы ты пачынаў гаварыць літаратурнай беларускай мовай, ад цябе ўсе адсланяліся — каб ніхто не падумаў, што тут нехта хаўрусуецца з табою.

А за «дз» і «ч» проста пагарджалі. Ты як бы быў на ніжэйшай прыступцы ў грамадстве — крэст, калхознік, недаіндывід соцыюма.

Вяскоўцы рабілі каласальную ўнутраную работу, каб пазбыцца свайго прыроднага — беларускага. Таму літаратурная беларуская мова выглядала як плявок, як знявага іхных памкненняў.

Прыезджыя вяскоўцы ў горадзе праходзілі праз здзекі, пагарду і прыніжэнне. Гэта была не нацыянальная, а сацыяльная, і далей — светаглядная дыскрымінацыя.

А інакш і быць не магло, бо ідэолагі камунізму фармавалі грамадства, у якім «усе будуць гаварыць на адной — расейскай — мове», хадзіць шыхтом і думаць «мы», а не «я».

Вораг народа — калхознік — выпяндрожнік — эліта. Такі прыблізна эвалюцыйны шлях беларускай мовы ад часоў сталіншчыны да пачатку ХХІ ст.

Беларуская мова як вартасць — гэта вынік папярэдніх гістарычных працэсаў, калі асоба асэнсоўвае сябе як каштоўнасць, якая не верыць у зададзенасць. Нават у зададзенасць СССР, які падаваўся бясконцым маналітам. Непарушнай канстантай.

Але нават тыя, хто паважаў сваё «я», падладжваліся, бо далі веры, што «я» больш ніколі не будзе. Прынамсі, па-за ўласнай кухняй.

Беларуская мова ў публічнай прасторы — гэта толькі вынік, сімвал зменаў у свядомасці асобнага чалавека і грамадства. А яшчэ гэта ўчынак.

2. Пошук

СССР стаяў як снег пад нечакана раннім і моцным вясновым сонцам. Людзі раптам убачылі, колькі непатрэбшчыны хавалася пад сумётамі.

На вачох знікалі пісьмёны на ледзяной корцы, якія для людзей ужо даўно былі пазбаўленыя сэнсу: «Камунізм», «Слава КПСС!», «Жыць у вяках!».

На аголенай зямлі пачыналі вымалёўвацца новыя словы, для многіх жаданыя: «Незалежнасць», «Адраджэнне», «Жыве вечна!».

Жаданыя, але не напоўненыя зместам. Словы, якія ўспрымаліся хутчэй інтуітыўна, бо большасць людзей папросту не мела патрэбнага досведу, каб пабачыць за гэтымі словамі штосьці, што можа мець канкрэтную вартасць.

Пакуль адныя разгублена шукалі ў талым брудным снезе рэшткі сваіх спадзяванняў, іншыя пачыналі працаваць на нанова адкрытай, ужо рыхлай, але яшчэ халоднай зямлі.

Маё, сваё, наша. Мая краіна, свая будучыня, наша справа. Як па мне, найбольшага дасягнулі тыя, хто перарос пратэст, і пайшоў далей: у шукальнікі-першаадкрывальнікі-нановастваральнікі.

Пратэст быў патрэбны як штуршок. Тыя, хто застаўся «анты-», антысавецкім, напрыклад, так і заселі ў ім нібы ў багне, зрабіўшыся сваім уласным праціўнікам навыварат.

Новая краіна прыдумлялася і рабілася па-над «анты-».

Новыя мары і новыя крокі да стварэння свайго ўласнага Дому. Масавыя пратэсты, якія пачаліся ў сярэдзіне 1990-х, — гэта акурат пратэсты супраць забароны новай мары. І знішчэння ўжо адшуканага і толькі-толькі створанага — свайго.

3. Гонар і годнасць

«А нашто вы гаворыце па-беларуску?» — такое пытанне ад суайчыннікаў можна пачуць яшчэ і сёння. Гэтае пытанне звычайна мае цэлы спектр інтанацый: ад абуранага да добразычліва-цікаўнага.

Нашто? Які сэнс? «Што я гэтую беларускую мову — у місу насыплю?» — незадаволена буркоча дзядзька з мястэчка.

Людзі, якія ў маладосці займаліся фізічным выжываннем пры Сталіне і Гітлеры, не разумелі такога вось ірацыянальнага штукарства. Ды яшчэ і марнавання часу — вучы, перавучвай.

За пару іхнага жыцця колькі разоў змянялася ўлада і ідэалогія: цар, немцы, першыя палякі, бальшавікі, другія палякі, слуцкія палкі, першыя саветы, другія немцы, другія саветы, канец сталіншчыны, адліга… І гэта ўсяго за дзве генерацыі.

Унукі тых, хто памятаў часы ад цара, перажылі росквіт/застой СССР, перабудову, крах саветаў, незалежнасць… Незразумелую.

У 1991 годзе мне было васямнаццаць гадоў. Асаблівасці жыцця і светагляду папярэдніх дзесяцігоддзяў я зведаў адно школьнікам. У асноўным у іранічным варыянце. «Сынок, — смяяліся бацькі з майго па-дзіцячы распаведзенага анекдота пра Брэжнева, — нікому не кажы. А то нас пасадзяць у турму!» Так казалі, але ўжо смяяліся. Страху не было ў іх, народжаных у апошнія гады жыцця Сталіна.

Як многія тысячы беларусаў, я быў шчаслівы і ганарыўся тым, што мы атрымалі сваю краіну, ды яшчэ з нацыянальнай сімволікай, пра якую масава дазналіся толькі за тры гады перад тым — на Дзяды 1988 году.

Было адчуванне, што наперадзе вялікая і цікавая праца.

4. Любоў

«Паглядзі, сынок, якая ў нас зямля цудоўная», — сказаў мне бацька, калі мы вярталіся ў Менск з гасцей ад сваякоў-Квяткоўскіх з вёскі Дусаеўшчына, што пад Капылем.

Я быў тады дашкольнікам. І мне яшчэ толькі належала дазнацца пра гісторыю нашага роду, пра прадзеда Адольфа Квяткоўскага з дробнай шляхты, які перад Першай сусветнай працаваў аканомам у мясцовай абшарніцы, быў на фронце «імперыялісцічаскай», а пасля дзесьці ваяваў між 1918 і 1920 годам, але дакладна не за чырвоных.

Пра бальшавізацыю, пра акупацыю, пра немцаў і партызанаў вакол Дусаеўшчыны, калі немцы спалілі адну хату, а партызаны — дзве. І пра тое, як сям’я перажывала гэты час, пакуль мой дзед Адам Квяткоўскі ішоў да Берліна. Пра тое, што брата дзеда Аркадзя Квяткоўскага ў вёсцы ўжо ў 1960-я некаторыя клікалі аднаасобнікам, бо сваімі рукамі сабраў трактар і дзякуючы іншым сваім ведам ды талентам матэрыяльна не залежаў ад палітыкі партыі і калгасу.

Шмат-шмат пачуў я розных гісторый, якія складалі карціну жыцця маіх папярэднікаў, якіх я проста — як дзіцё — любіў.

Любіў іхны падворак, поўны жыўнасцяў: пчолы, куры, гусі, свінні, каровы, конь. Трактар, сталярка, кузня. Сад, агарод, за ім поле, там — лес. Усё гэта раз ці два на год, калі прыязджаў з Менску.

Як і сам Менск, які асацыяваўся найперш з раёнчыкам між Свіслаччу і чыгункай. Стары раён тады яшчэ збольшага прыватнага сектара з дарэвалюцыйнай планіроўкай і несавецкімі назвамі вуліц: Сонечная, Надзеждзінская, Маласерабранская, Палявая, Лясная, Лугавая і нават Лібава-Роменская.

Любоў да сваіх, да свайго. Калі бацька мне казаў пра прыгажосць нашай зямлі, магчыма, у той момант ён прамаўляў як мастак. Маўляў, глядзі, які цудоўны пейзаж. Але мне словы заселі ў свядомасці значна глыбей. Словы прагучалі з любоўю. А любоў — рэч невытлумачальная. Гэта цуд.

5. Цуд

Чаму адным цуд беларушчыны адкрыўся, а іншым — не? Такое пытанне задаў мой прыяцель на пачатку 1990-х.

Я ведаю людзей, якія гэты свой цуд нясуць усё жыццё як вялікую інтымную таямніцу. І калі дзеляцца ім з кімсьці, дык рэдка, і то з самымі блізкімі.

Іх не бачылі ў натоўпах са сцягамі ці на трыбунах з’ездаў. Больш за тое, яны ў сваіх палітычных, напрыклад, поглядах могуць быць дыяметральна супрацьлеглымі.

Яны ахоўваюць сваю таямніцу ад якіх-кольвек цэтлікаў. Але гэта якраз і правакуе даць азначэнне. Самае простае з якіх: «О, беларус пайшоў».

Так, беларус. А ты хто? Пытанне, якое можа траўмаваць іншага чалавека, бо ён разумее, што дзесьці нешта прапусціў ці памыліўся, калі праз сваю рацыянальнасць абіраў сабе самаазначэнне. А часцей — пазбываўся самаідэнтыфікацыі.

І тады беларус ператвараўся ў трактар «Беларус». Дакладней, імітаваў з сябе машыну, як на сто працэнтаў рацыянальную і функцыянальную рэч. Аднак тут ёсць нюанс — трактарамі кіруюць, і кіруюць людзі.

А чалавек — гэта яшчэ і пачуцці: любоў і нянавісць, памкненні і ўчынкі, мары і планы, рух — жыццё.

І калі чалавек абіраў для сябе ролю безасабовага трактара, ён аўтаматычна аддаваў свой лёс у чужыя рукі.

І толькі з тымі, хто адкрыў і захаваў у сабе цуд, зрабіць нічога нельга. Бо імі немагчыма кіраваць.

6. Логіка

— Севярын, а ты расеец ці беларус? — дурное пытанне як на розум трох-чатырохгадовага хлопчыка. Я нарадзіўся ў Беларусі, бацька мой беларус. І дзед такі самы. Я, праўда, тады не ведаў, што прадзед мог быць і ліцвінам, і палякам. Але, народжаныя да бальшавікоў, са сваімі дзецьмі на такія тэмы не размаўлялі. Ад граху далей.

Нязручныя пытанні задаваў пасля я. «Мама, а чаму мы жывем у Беларусі, а па-беларуску мала хто гаворыць?». Ну вось як у 1979 годзе патлумачыць малому пра сталінскія рэпрэсіі, у тым ліку супраць нацыянальнай інтэлігенцыі, пра татальную хрушчоўскую русіфікацыю, пра будаванне камунізму, дзе будзе толькі адна — расейская — мова?

«Так атрымалася, сынок». Зрэшты, бацькі ад самага нараджэння чыталі мне кніжкі, напісаныя беларускай мовай: «Сымон-музыка», «Рабінзон Круза», «Маленькі прынц»…

Але ж мы ўсяляк адрозныя ад іншых. Па-першае, назва. Слова «Беларусь» я бачыў перыядычна. Вось універмаг, вось магнітафон, вось трактар. Цяпер цяжка ўявіць, але тады ўсе гаварылі «Белоруссия».

Зрэшты, і «Белоруссия» — адрознасць. Вось які ў нас арыгінальны сцяг — з арнаментам. З ім старэйшыя хлопцы ідуць на футбол.

А вось касцёл. Гэта таксама адметнасць. Штосьці з далёкіх часоў іншай цывілізацыі. А вось мы паехалі ў Заходнюю Беларусь, і я ўпершыню дазнаюся, што ёсць людзі, якія жылі не пры савецкай уладзе. Гэта шок. Я размаўляю з тымі, хто памятае тую іншую цывілізацыю, дзе не было піянераў, і дзе дзяцей не лаялі за слова «я» замест «мы».

А вось я ў свае сем гадоў еду ў Грузію. Сяло Натанэбі, за некалькі кіламетраў ад той самай фабрыкі, дзе вырабляецца «Чай № 2». Мне цяжка гуляць з мясцовымі дзецьмі: ніхто з іх не разумее па-расейску!

А вось зусім побач з Менскам — Вільня. Іншыя літары, іншыя словы. Міне яшчэ не адзін год, калі я дазнаюся пра ВКЛ.

А вось украінскія цукеркі з зразумелымі, але адрознымі словамі на абгортцы. А вось дзеці прыехалі з Польшчы ў наш піянерскі летнік. З сацыялістычнай краіны, але апранутыя прыгажэй.

Паўсюль савецкая ўлада, аднак ва ўсіх штосьці сваё, адметнае.

І ў нас нібыта сваё, але чамусьці не па-беларуску.

Дзіцячая логіка — самая жалезная. Я выстаўляю бацькам прэтэнзію: чаму я не гавару па-беларуску? А бацька мне падкідае «Дзікае паляванне караля Стаха» Уладзіміра Караткевіча. Я зачаравана пачынаю сам вучыць новыя, часам незразумелыя, словы.

Лагічны ланцужок замыкаецца. Праз колькі гадоў я стану больш дарослым, завярбуюся на раскопы Святадухаўскай царквы ў Менску. Там мяне будзе афармляць на працу кіраўнік раскопаў: «Дзе вучышся, ці ёсць дазвол ад бацькоў, ці ёсць медычная даведка?».

У мяне язык не павернецца адказаць на пытанні па-расейску. Упершыню ў жыцці я ў публічнай сітуацыі загаварыў па-беларуску. Мяне ўважліва слухаў Зянон Пазняк.

7. Бабулі і дзядулі

— Якая там беларуская мова? Панапрыдумляюць! Мы так заўжды гаварылі, і не было аніякай Беларусі, — баба Аня абураецца тэатральна, насамрэч смяецца.

Другая палова 1970-х. Цэнтральная Беларусь. У вёсцы Дусаеўшчына практычна ўсе гавораць прыроднай беларускай мовай, дзе «гарадскіх» трасяначных словаў ва ўжытку зусім няшмат.

100 км ад Менску, і ты трапляеш у іншы свет. Мы прывозім смачны гарадскі хлеб, а вязем дадому пальцам пханыя каўбасы і вэнджаныя кумпякі.

У Менску нейкі час я кажу з беларускім вымаўленнем, якое пагардліва клічуць «говором». Пагарда мне незразумелая. Але досыць хутка я вяртаю старыя — расейскія — наладкі ў маўленні.

Праз трыццаць гадоў у фотаконкурсе кампаніі «Будзьма беларусамі!» адна намінацыя завецца «Людзі Беларусі». Большасць герояў фотаздымкаў — старыя вяскоўцы.

Парадаксальным чынам людзі, якія адмаўляліся ад сваёй беларускасці на карысць «тутэйшай» ці «гарадской» самаідэнтыфікацыі, неўпрыкмет для сябе перададуць сваім унукам тое важнае, што немагчыма стварыць з нуля. Повязь з часам і зямлёй.

Колькі разоў я чуў ад старых пра тое, што яны проста людзі, а не беларусы. Пра неразуменне каштоўнасці мовы, якую «ў місу не насыплеш». Колькі наслухаўся кпінаў з гарадскіх, «якім няма чаго рабіць», як толькі вучыць «простую мову».

Але менавіта гэтыя людзі ад зямлі засталіся адзіным звяном бесперапыннай повязі з мінулым. Бо іншыя звёны — культура і адукацыя — былі амаль знішчаныя ідэалагічным напалмам, які не раз за ХХ ст. накрываў краіну.

Адчуванне свайго, любоў да свайго, усведамленне важнасці свайго ў вясковых людзей не сягала далей за ўласны падворак ці вёску. Але са свайго агароду, у гарадскіх умовах — двара і вуліцы — і пачынаецца ўсведамленне чагосьці большага. Сваёй краіны як свайго Дому.

8. Веда

Неяк мы з прыяцелем сядзелі ў кавярні, што глядзіць вокнамі на касцёл св. Язэпа ў менскім Верхнім горадзе. Прыяцель пытаецца ў маладзенькай афіцыянткі:

— Вы ведаеце гісторыю гэтага касцёла?

Афіцыянтка:

— Не, раскажыце:)

Прыяцель каротка распавядае, а пасля пытаецца:

— А што вы ведаеце з гісторыі?

Афіцыянтка паказвае на праваслаўны катэдральны сабор:

— Знаю, что этот костёл в честь 8-го марта.

Пратэст, пошук, цуд, любоў… «А што тая гісторыя? А толку з яе?».

Мяркую, адказ афіцыянткі паходзіць з той кашы, якая творыцца ў галовах большасці нашых грамадзянаў. Але найперш у людзей, якія адказваюць за адукацыю. А адукацыя вынікае з ідэалогіі, якой не стала акурат у той момант, калі з’явілася Рэспубліка Беларусь.

У 1960-я гады амаль штодня ў электрычках маршрутам Маладзечна-Менск-Маладзечна можна было заўважыць дзівака ў акулярах з тоўстымі шкельцамі, які вазіў вялікі партфель, набітым паперамі.

Сухаваты, крыху згорблены ад штодзённага сядзення за кнігамі, чалавек увесь свой вольны час прысвячаў пошуку… летапіснай Літвы.

Савецкі касманаўт паляцеў да зораў, паўсюль будаваліся вялікія гарады і не за гарамі быў час, калі на адной шостай сушы знікнуць нацыі, мовы і сацыяльная розніца між людзьмі. Ва ўсіх усё будзе!

А нядаўні вясковы настаўнік Мікола Ермаловіч шукае вытокі беларускага этнасу і беларускай дзяржаўнасці. Крытыкаваны прафесійнымі гісторыкамі, Мікола Ермаловіч дае штуршок шматлікім аматарам гісторыі для ўласных доследаў.

Толькі праз дваццаць гадоў пасля напісання ягоная кніга «Па слядах аднаго міфа» шырока публікуецца — у канцы 1980-х. Тым часам высвятляецца, як шмат у Беларусі краязнаўцаў і энтузіястаў-гісторыкаў.

Беларусь фактычна па аскепках выкопваюць з-пад друзу ідэалагічнага смецця. Разам з гістарычнымі асобамі вяртаюцца гістарычныя сцяг і герб. Абрысы будучага беларускага Дому вымалёўваюцца ўсё больш выразна.

Пазнейшыя спробы закатаць гэтыя здабыткі ў кансервавую бляшанку з надпісам «зроблена ў БССР» не даюць плёну. Хіба адно ўтвараюць гармідар у галовах школьнікаў, з якога паўстае «касцёл 8 марта».

Але расшуканая энтузіястамі далёкая і блізкая гісторыя ўжо дае падставы мадэляваць будучыню краіны. Як разнастайнага шматкультурнага, але адзінага — свайго.

9. Сваё

«Мама, а як гэта: я — я?» Пытанне ўзросту гадоў чатырох.

Я, мае ўражанні, мае ўчынкі, маё ratio, мая вера, мае веды, мае памкненні.

Маё — сваё.

«Я» — непаўторныя і ўнікальныя, а «сваё» можа стасавацца з іншым. Сваё важнае і дарагое. Такое, як краявіды, гукі, успаміны і памкненні. Яны робяцца нашымі.

Нашы — як малюнак калейдаскопа з мноства асобных аскепкаў, а не бясформенны пластылін, перамяшаны з кавалкаў рознага колеру.

Памятаеце, як у дзяцінстве мы не любілі, калі нам даставалася на занятках такое шэра-бура-малінавае абы-што.

З калейдаскопу культураў, моваў і традыцыяў Беларусі хацелі зрабіць такі вось неакрэсленага колеру пластылін, але ў выразнай форме сярпа і молата.

Памятаю, як у дзяцінстве намагаўся павыкалупваць кавалачкі колераў, каб пасля скамбінаваць іх у сваёй — аўтарскай — кампазіцыі.

Дарослым пачаў хадзіць з сябрамі ў вандроўкі на байдарках. Хаўрус беларусацэнтрычных людзей. Аўтараў. Сваіх лёсаў. І крэатараў змесціва і вобразу Беларусі.

Да нас раз-пораз далучаўся брат аднаго з удзельнікаў. Масквіч, хоць і народжаны ў Менску. Нармальны, добры чалавек. Ён днямі слухаў размовы пра беларускую нацыянальную ідэю, пра творчасць, пра сваё… Але раптам пад чарку ля вогнішча з імпэтам так бабахнуў: «Я ўсё разумею! Але чаму вы не хочаце далучыцца да Расеі?!».

Так адзін малады немец неяк у мяне запытаўся: «А навошта вы адраджаеце беларускую мову?».

А знаёмая літаратарка распавяла, як размаўляла ў электрычцы з цётухнай з правінцыі беларускай мовай.

— У вас что там в Минске — принято говорить по-белорусски?

— Так.

— Совсем обнаглели!

Так, абнаглелі — заявілі права на сваё. На «я»:).

10. Быць асобаю, быць кімсьці

У дзень галасавання на рэферэндуме 1995 года я дзяжурыў на адным з участкаў у Ленінскім раёне Менска. Сярод іншага вырашаўся лёс нацыянальнай сімволікі — бел-чырвона-белага сцяга і герба «Пагоня».

Да позняй ночы мы сядзелі з ахоўнікам-міліцыянтам у холе школы нумар 55. Натуральна, разгаварыліся. «А па мне хоць майткі драныя будуць над Домам Урада, галоўнае — каб нармальна плацілі», — са спакойным цынізмам патлумачыў сваю пазіцыю старэйшы лейтэнант. Потым запытаўся:

— А чаму вы па-беларуску гаворыце?

— Бо я беларус.

— …

Пад трохкроп’ем я ўзнаўляю завісанне праграмы ў галаве суразмоўцы. Кшталту: «А я тады хто?».

Твая пазіцыя можа выклікаць і раздражненне, і адкрытую агрэсію. Бо ты як бы намякаеш чалавеку з «таго боку» — а ён хто? Проста нехта? Ці хтосьці? Калі хтосьці — то як можа вызначыцца?

Проста чалавек? Ужо няблага. Тады чаму ён нервуецца з беларускай мовы, якую чуў калі не ад бацькоў, дык ад дзядоў? Ды хоць бы праз абвесткі ў грамадскім транспарце кожны дзень?

Бо яно не прынята — размаўляць беларускай мовай? Традыцыя не такая? Ці дзесьці ўнутры сябе чалавек разумее, што «нешта тут не так», дзесьці ў яго хіба, і яму няёмка гэта прызнаваць?

У Беларусі быць палякам, літоўцам, габрэем ці татарынам — гэта таксама ўчынак. Савецкі каток прайшоў па ўсіх. А быць расейцам?

Неяк я рабіў апытанне на вуліцах Менска. Пытанне было такое: «Ці існуе ў Беларусі расейская дыяспара?».

Сустрэў адну кабету сярэдняга веку, на выгляд і па маўленні настаўніцу вясковай школы. Яна мне адказала па-расейску, але з цудоўным беларускім вымаўленнем:

— Ды што вы! Яны ўсе даўно асіміляваліся!

У зрусіфікаванай Беларусі расейцы асіміляваліся? Так! Бо мова, дакладней, выбар той ці іншай мовы — гэта толькі вынік больш глыбокіх працэсаў.

У БССР асіміляваліся амаль усе — увасобіліся ў савецкага чалавека. Таму калі ў канцы 1980-х — пачатку 1990-х людзі абіралі свае тоеснасці, яны рабілі гэта нанова, амаль з нуля.

Этнічны беларус мог па-расейску плакацца, маўляў, «такую страну развалілі», а сын ці дачка расейскіх інжынераў з Ленінграда перапісвалі ў пашпарце імя паводле беларускай мовы і хадзілі з бел-чырвона-белым значком у касцёл на беларускамоўныя службы (у праваслаўных цэрквах беларускамоўных службаў не было).

«Мяне бацькі навучылі быць культурным», «Мяне бацькі навучылі паважаць іншых», «Мяне бацькі навучылі самастойна думаць».

Быць кімсьці. Быць асобай. Да нацыянальнай самаідэнтыфікацыі ты прыходзіш пасля «я», «сваё», «наша супольнае».

11. Быць беларусам

Аднойчы ў менскім офісе радыё «Свабода» ўручалі прыз пераможцу радыйнага конкурса. Прызам быў сучасны прымач. А атрымліваў яго сціплы мужчына сярэдняга веку. Не грамадскі актывіст, не заўзятар палітычных форумаў, не ўдзельнік якіх-кольвек суполак. Проста работнік на пасадзе загадчыка склада.

— Я за пятнаццаць гадоў працы ў фірме ні разу нікому не казаў, што слухаю радыё «Свабода». Я ўвогуле ніколі не выказваў свае погляды. Ну такі я чалавек — ціхі, можа крыху баязлівы, — сарамліва ўсміхаўся наш пераможца. — І вось аднойчы слухаю ў сябе на складзе перадачу, а тут нечакана для мяне заходзіць дырэктар. Я разгубіўся. Але гляджу, што і ён разгубіўся. Дырэктар тады здзіўлена так кажа: «Дык і ты слухаеш «Свабоду», а я думаў, толькі я адзін у нас такі!»

Гісторыя мне нагадала апавяданне аднаго амерыканскага фантаста. У невялікім гарадку ў бацькоў быў хлопчык, які ўмеў лётаць. Бацькі баяліся, што такая «загана» будзе неадэкватна ўспрынятая грамадствам, таму дазвалялі сыну лётаць толькі ўначы ў садзе, каб ніхто не ўбачыў.

Па сюжэце за колькі гадоў перад тым праз мястэчка прайшла бабуся, кармілася ў людзей, і бацькі думалі, што гэта чараўніца так аддзячыла ім за гасціннасць.

Аднойчы хлопец пайшоў на цэнтральны пляц паглядзець, як на царкву ўсталёўваюць новы крыж. І тут раптам рабочы сарваўся з даху…

Хлопец узляцеў, пачаў цягнуць небараку ўгару, але сілаў бракавала. І тады ўсе прысутныя на пляцы падхапіліся, узляцелі і дапамаглі хлопчыку.

Так я бачу і нас — беларусаў. Можам лётаць, але саромеемся. І толькі ў крытычнай сітуацыі яднаемся адзін з адным.

Севярын Квяткоўскі

1. ПРАТЭСТ

— Выбар беларушчыны для мяне быў яшчэ і пратэстам супраць савецкай ідэалогіі, якая да беларусаў ставілася як да адзінарогаў, нейкіх прыдуманых істотаў. А я не прыдуманы — я ёсць! — У самым канцы васьмідзясятых гадоў у горадзе Менску беларусамі менавіта станавіліся. — Я добра памятаю гэтае пачуццё несправядлівасці і тое адчуванне спраўджанасці, якое даваў мне працэс рэканструкцыі свету. — Мы мелі тады значна большую, чым у цяперашніх чатырнаццаці-пятнаццацігадовых, патрэбу ў пратэсце, і мая дэманстратыўная беларуская мова гэтую патрэбу цалкам задавольвала. На мяне абарочваліся, мне плявалі ўслед, мова шакавала — а мне гэта і было трэба. — Пытанне беларускай ідэнтычнасці, беларускай мовы заўжды было для мяне пытаннем гармоніі з іншымі і з самім сабой. — Быць беларусам — гэта здзяйсняць свае ідэі. — Жаданне быць беларускай — гэта, па-першае, маё жаданне быць сабой. — Гэта былі не раптоўныя змены, а штодзённая праца над сабой. — Чытаў у дзяцінстве беларускія, татарскія, туркменскія народныя казкі, але туркменам не стаў, а стаў беларусам. — Як кожны вясковы хлопец, я адаптаваўся да асяродку: перайшоў на расейскую мову. — Я хацеў быць не як усе. У беларускай мове мяне прывабіла пэўная элітарнасць. — Дыскрымінацыя была шалёная. Нашыя падпітыя хлопцы маглі пабіць проста ля крамы толькі за тое, што нехта не так казаў. — Хацелася актыўнасці, зменаў у жыцці, а таму насуперак шэрай масе і дзякуючы аднадумцам, сярод якіх былі і беларускамоўныя, я сам стаў змяняцца. Беларуская мова была сімвалам гэтых зменаў.

Юры Вінаградаў: Духоўны выбар

— Я прыйшоў атрымліваць пашпарт. Так склалася, што разам з мамай. Быў 1985 год. Чыноўніца пашпартнага стала будзённа задавала пытанні. Калі яна запаўняла графу «нацыянальнасць», я ні секунды не вагаўся і адказаў: «Беларус!»

Адразу ў цішы кабінета прагучаў кінематаграфічны, з добра пастаўленым голасам крык мамы: «Юрачка, падумай, гэта ж на ўсё жыццё!»

* * *

Мой дзед па маці ваяваў у Арміі Краёвай і часам распавядаў мне пра савецкіх партызанаў рэчы, якія не супадалі з афіцыйнай ідэалогіяй.

А бабуля па бацьку была заслужанай бальшавічкай у Маскве. Што праўда, бабуля да рэвалюцыі валодала цэлым гмахам, і яе не рэпрэсавалі толькі таму, што яна была з самых першых бальшавікоў. А вось іншага сваяка па бацьку — стрыечнага дзеда — расстралялі. Нават партбілет не дапамог, бо ён ад 1914 па 1917 год працаваў у Парыжы (кухарам). І дзеда рэпрэсавалі, таму прозвішча Вінаградаў узятае ад аднаго з сваякоў — ад граху падалей.

Майго роднага дзядзьку ўжо ў Менску паставілі на ўлік у КДБ пасля таго, як на пачатку 1980-х у Рускім драматычным тэатры спрабавалі выявіць ультранацыяналістаў.

З іншага боку, мой бацька — прыезджы з Масквы — не ўспрымаў беларускую культуру. Не тое што ненавідзеў, проста яму не хапала ведаў, ставіўся да беларускага як да правінцыйнага.

Я гадаваўся ў горадзе, дзе практычна не было старой інтэлігенцыі. Культурны нацыянальна арыентаваны асяродак быў знішчаны ў Менску ў 1930-я. Фактычна інтэлігенцыя Беларусі фармавалася нанава. І выбар беларускасці для мяне быў не этнічны, а духоўны, светаглядны. Як і шмат для каго з менчукоў, хто меў часткова беларускія карані ці нават зусім іх не меў.

Дзякуючы сваякам і знаёмым, я атрымаў магчымасць наведваць запаснікі музеяў і бачыць там экспанаты не толькі фальклорнай, а і шляхецкай мінуўшчыны Беларусі. Выбар беларушчыны для мяне быў яшчэ і пратэстам супраць савецкай ідэалогіі, якая да беларусаў ставілася як да адзінарогаў, нейкіх прыдуманых істотаў. А я не прыдуманы — я ёсць!

Альгерд Бахарэвіч: У менталітэт і голас крыві я не веру. Я веру ў мову і свядомасць.

— Як я стаў беларусам? На пытанне, сфармуляванае такім чынам, адразу ж хочацца запярэчыць: маўляў, беларусамі не становяцца, імі нараджаюцца, дый што гэта за народ такі, прыналежнасць да якога трэба здабываць. Але ж не: у самым канцы васьмідзясятых гадоў у горадзе Менску беларусамі менавіта станавіліся.

Гэта быў час, калі дарослыя фактычна наноў адкрывалі для сябе свет. Знікалі белыя плямы гісторыі — айчыннай, савецкай, сусветнай; на нас абрынулася мора дагэтуль забароненай інфармацыі; старыя аўтарытэты з грукатам падалі нам пад ногі, а новыя падымаліся з магілаў і іх талакою цягнулі на апусцелыя пастаменты. Дарослыя шмат чыталі, штовечар глядзелі тэлевізар і жахаліся: усё было не так, як іх вучылі — высветлілася, што іх падманвалі, як дзяцей, нашых збянтэжаных дарослых.

І калі ты, падлетак, любіў чытаць і ўмеў слухаць — табе было чым заняцца. Мяне ў той час найбольш цікавілі мастацтва, гісторыя і палітыка. Праз іх, паступова, але даволі хутка, я зразумеў, што мы — дзеці людзей, якіх падманулі самым падступным чынам: нашых бацькоў вучылі глядзець на свет чужымі вачыма, гаварыць чужой моваю, думаць чужымі мазгамі — навучылі пачувацца вечнымі гасцямі там, дзе яны былі дома. Я добра памятаю гэтае пачуццё несправядлівасці і тое адчуванне спраўджанасці, якое даваў мне працэс рэканструкцыі свету.

Бацька штодня ездзіў на працу ў Жодзіна, а ў электрычках тады раздавалі бээнэфаўскія газеткі. Адну ён прыцягнуў дамоў. У той час я чытаў усё запар, ад Шапэнгаўэра і Сартра да сумнеўных парнаграфічных брашурак; прачытаў і тую газетку — і быццам плеўку сарвала з вачэй. Я зразумеў, што жыву не ў СССР, а ў Беларусі.

Як і большасць аднагодкаў той пары, я хварэў на рок-музыку: неўзабаве высветлілася, што рок магчымы па-ўкраінску — сапраўдным культурным шокам было для мяне знаёмства з творчасцю «ВВ», «Вопляў Відаплясава». Вось жа, украінцы, літоўцы, латышы свайго не саромеюцца, а мы? Зразумела, што пасля гэтага мне заставаўся адзін крок да «Мроі», якая мяне так уразіла, што я наклеіў на сцяну пакоя іхнае фота і ўсім тлумачыў: існуюць і нашы, беларускія рокеры. Узгадаваныя на Грабеншчыкове сябры слухалі з недаверам… Потым, пазней, былі «Ulis», «Мясцовы час»… Тады я ўжо страшэнна захапляўся літаратурай, папісваў вершыкі — і калі стаў чытаць «Тутэйшых», вырашыў, што пісаць буду толькі па-беларуску.

«Тутэйшыя» не адпавядалі стэрэатыпам пра беларускую літаратуру, іх беларуская мова не была школьнаю, іх цікава было чытаць, іх не любілі настаўнікі — што яшчэ трэба было, каб адчуць да іх сімпатыю? Наогул, мы мелі тады значна большую, чым у цяперашніх чатырнаццаці-пятнаццацігадовых, патрэбу ў пратэсце, і мая дэманстратыўная беларуская мова гэтую патрэбу цалкам задавольвала. На мяне абарочваліся, мне плявалі ўслед, мова шакавала — а мне гэтага і было трэба.

Ужо ў трынаццаць гадоў я быў вельмі палітызаванай асобай і перакананым антысаветчыкам. Я насіў на штрыфлі пінжака бел-чырвона-белы значок. Мой дзённік стракацеў надпісамі «Хай знікне Савецкая імперыя!», «Смерць камуністам!», «Маскалі, дамоў!», «Жыве незалежная Беларусь!». Я пісаў сачыненні тарашкевіцай і ўсю праблематыку твораў белсавецкіх пісьменнікаў зводзіў да таго, што камуністаў чакае Нюрнберг.

Потым я вышыў на пінжаку зялёнымі ніткамі загадкавыя слова «Так нельга» і апранаў яго ў школу. Я адказваў ля дошкі па-беларуску: спачатку на ўроках гісторыі, потым і на іншых. Я нахабна накідваў усім беларусацэнтрычны погляд на свет. У пачатку дзевяностых ужо наведваў палітычныя мітынгі, адкуль прыносіў розныя катэхізісы кшталту «Што трэба ведаць кожнаму беларусу». Са мной у школе праводзілі строгія размовы, стаўленне, аднак, было на дзіва ліберальнае, бо вучыўся я някепска і эпоха была ўжо не тая, лютаваў хіба настаўнік вайсковае падрыхтоўкі. Дарослыя азадкамі адчувалі, што Савецкі Саюз імкліва коціцца да свайго канца. Яны проста не ведалі, што рабіць. Здаецца, яны і цяпер не ведаюць, тыя пастарэлыя дарослыя з майго 1990 года.

У менталітэт і голас крыві я не веру. Я веру ў мову і свядомасць. Пытанне беларускай ідэнтычнасці, беларускай мовы заўжды было для мяне пытаннем гармоніі з іншымі і з самім сабой.

Беларускамоўны беларус — гэта не эфірнае, празрыстае, безаблічнае стварэнне, завіслае паміж небам і зямлёй, якое невядома адкуль узялося і невядома чаму атрымала ўласную дзяржаву і хоча пры гэтым, каб яго прызнавалі за чалавека, за асобу, за роўнага.

Беларускамоўны беларус ведае, хто ён; ведае, што мае такое ж права быць роўным сярод роўных, як і іншыя; ведае, што ён еўрапеец; ведае, адкуль ён і дзе яго дом. Беларускамоўны беларус мае грунт для свайго існавання і здольны яго абараніць. Бо насамрэч «я» — гэта тое, чым я адрозніваюся ад астатніх.

Аліна Радачынская: Жаданне быць беларускай — жаданне быць сабой

— Сям’я мая расейскамоўная, і беларускамоўнага мэтаcкіраванага выхавання ніколі не было. Хутчэй закладаўся нейкі дух пярэчання. Калі б не ён, то, можа, існавала б сабе спакойна і не шукала прыгодаў на сваю псіхіку.

Мы жывем, ставім сабе пытанні, шукаем на іх адказы, спрачаемся з іншымі. Быць беларусам — гэта спрачацца са сваім расейскамоўным наваколлем. Быць беларусам — гэта адольваць свой шлях, які, магчыма, падштурхне іншых людзей рухацца да беларускасці.

Да пэўных рэчаў чалавек даходзіць сам, чытаючы кнігі, школьныя падручнікі. Пазней усе веды гуртуюцца ў нешта адно цэлае, і тады табе трэба вырашаць, хто ты ёсць і навошта? Для мяне апошнім штуршком да беларушчыны стаў пераезд на навучанне ў Менск, дзе з’явіўся беларускамоўны асяродак і з гэтага магчымасць перайсці на родную мову. У Рагачове, маім родным горадзе, гэта было б цяжка.

Жаданне быць беларускай — гэта, па-першае, маё жаданне быць сабой. Запаў у памяць выраз: «Чалавек можа цалкам рэалізаваць свае рэсурсы — інтэлектуальныя, маральныя, духоўныя, — толькі размаўляючы на роднай мове». Гэта былі словы выкладчыцы. Тады, на першым курсе, і пачаўся пераход на беларускую мову. Пры тым, што навучалася на расейскай філалогіі. Група была ў шоку. Першы дзень яны пыталіся, што са мной здарылася, другі дзень пасмейваліся, на трэці сказалі, што гэта ўжо не смешна, а цяпер прымаюць як факт.

Андрэй Саротнік: Супрацьпастаўляць сябе іншым

— Нарадзіўся ў Савецкім Саюзе, быў узорным піянерам, але ўжо тады ўва мне прабіваўся беларускі нацыяналізм: беларускі сцяг праз яго арнамент я лічыў самым прыгожым са сцягоў СССР. У восем гадоў я ўжо ўспрымаў футбол як спаборніцтва, і калі «Дынама-Менск» гуляла ў фінале з «Дынама-Кіевам» і прайграла, то я плакаў, таму што прайгралі нашыя.

Дома ў нас была добрая бібліятэка. Я чытаў Васіля Быкава, Уладзіміра Караткевіча. Вучыўся ў беларускай школе. Таму для мяне не стаяла пытання, ці беларуc я? Між іншым, у дзяцінстве чытаў беларускія, татарскія, туркменскія народныя казкі, але туркменам не стаў, а стаў беларусам.

Мне далі ў школе медаль, і ён з «Пагоняй», як і атэстат. Мусіць, з апошніх запасаў. У 1995 годзе, калі нацыянальную сімволіку змянілі на падобную да савецкай, я прыехаў у Менск вучыцца. Як любы вясковы хлопец, я адаптаваўся да асяродку: перайшоў на расейскую мову. А потым была вясна 1996 году, пачаліся шматтысячныя акцыі пратэсту. Студэнты — яны заўсёды пратэстуюць… Тады я і паспрабаваў вярнуцца да беларускай мовы, але цалкам не атрымалася. Цяпер карыстаюся, бывае, і расейскай.

Быць беларусам — гэта супрацьпастаўляць сябе расейскамоўным не ў тым, дык іншым сэнсе. Беларускасць найбольш заўважна праяўляецца праз мову, хаця гэта і не галоўная адмета.

Глеб Хамутоў: Я хацеў быць не як усе

— Падлеткам я адчуваў сябе большасцю: слухаў тое, што ўсе, глядзеў тое, што ўсе. Я разумеў, што гэта няправільна, што так не павінна быць. З гэтага пачаў шукаць нешта, што б мяне адрознівала ад большасці ў розных сферах жыцця. У беларускай мове найперш прывабіла яе пэўная элітарнасць.

Пошук альтэрнатывы прывёў да беларускамоўных кніг, людзей, музыкі і г. д. Неяк мяне запрасілі ў тусоўку, дзе ўсе размаўлялі на беларускай мове. А я не мог сказаць ані слова! Гэта мяне моцна засмуціла. Недзе ў 2007 годзе пачаў зрэдзьчас размаўляць па-беларуску.

Затым неяк у школе цэлы дзень гаварыў толькі на беларускай мове. У мяне паўжартам спыталі: «Ты цяпер заўсёды будзеш па-беларуску размаўляць?». Я тады падумаў: «А чаму б і не?» Той момант стаў для мяне катарсісам. З той пары і навярнуўся на мову. Для большасці маіх знаёмых гэта быў шок — мой пераход на беларускую.

Я максімаліст, таму не разумею людзей, якія лічаць, што размаўляць з усімі і заўсёды па-беларуску — гэта ўчынак. Разам з тым я ўсведамляю, што найлепей заахвоціць людзей да мовы, беларускай культуры можа толькі ўласны прыклад. Калі ты сам размаўляеш па-беларуску, калі ты паказваеш сваю ўнутраную сілу, людзі ідуць за табой. І тады важнай становіцца не толькі мова. Калі пры гэтым ты якасна робіш сваю працу, то людзі пачынаюць з павагай ставіцца і да беларускай ідэі.

Ксюша Юшына: Я аcэнсавана выйшла з інфармацыйнага вакууму

— У 1995 годзе маці аддала мяне ў беларускамоўны клас. З гэтага і пачалася мая беларускасць. Дома мне ніхто па-беларуску размаўляць не забараняў, усе паставіліся досыць прыязна, за што маім хатнім вялікі дзякуй.

Самае цікавае, што ў сваім выбары маці турбавалася не пра маю мову, а каб я не трапіла да злой класнай. Гэтая настаўніца літаральна «тэрарызавала» клас маёй на год старэйшай сястры, але працавала яна выключна з расейскамоўнымі вучнямі.

Вось так родная мова ўзяла мяне пад ахову ўжо з маленства. Дзіўная выпадковасць. Хаця не, нічога выпадковага не бывае.

Але працэс усведамлення сябе як часткі нацыі адбываўся ўжо ў пару майго сталення. Я аcэнсавана выйшла з расейскага інфармацыйнага вакууму, у якім раней знаходзілася, і беларуская мова пераможна запанавала ў маёй галаве.

Цяпер я ў сферы, вельмі далёкай ад усяго «беларускага», і хто мяне блізка не ведае, дык лічыць, што проста я навучалася на філфаку ці гістфаку. Але гэта ўсё ад стэрэатыпаў, а я вельмі люблю парушаць стэрэатыпы.

Быць беларусам для мяне — гэта ўсведамляць сябе часткай вялізнай сям’і, імя якой — беларусы. І тут нельга не сказаць пра мову.

Кожны сам абірае, на якой мове яму «любіць сваю Радзіму», і я не хачу нікога прымушаць, але ж калі мы жадаем захаваць сябе як нацыю, пагарджаць роднай мовай недапушчальна.

Для мяне тут самае галоўнае тое, што дзякуючы беларускай мове я знайшлася ў гэтым свеце і цяпер па-сапраўднаму адчуваю сябе шчаслівай.

Вераніка Бурак: Быць сабой

— Мае бацькі, прабабулі і прадзядулі паходзяць з Цэнтральнай Беларусі, таму я беларуска паводле паходжання.

Я не патрапіла ў дзіцячы садок, і маім выхаваннем займаліся прабабуля і бацька. Прабабуля нават не ведала рускай мовы, размаўляла на сумесі беларускай і польскай. У дзіцячыя і школьныя гады я шмат часу бавіла ў вёсцы — гэта таксама пакінула свой адбітак. На вёсцы я гаварыла па-беларуску ў знак пратэсту. Бо мясцовыя хлопцы і дзяўчаты перада мной пачыналі размаўляць па-расейску (натуральна, з беларускім гэканнем, дзеканнем, цеканнем). За такую «добрую» звычку я атрымала не вельмі добрую мянушку.

Мая цётка жыве ў Віцебску, і я да яе езджу ў госці. А яе сыну вельмі не падабаецца беларуская мова. Таму раней кожны раз, калі я прыязджала і ён ішоў са мной побач, я пачынала на чысцюткай беларускай мове гучна размаўляць на ўсю вуліцу. Ён уцякаў на іншы бок і крычаў, што не ведае мяне.

А яшчэ праз мову праяўлялася маё падлеткавае жаданне вылучыцца з натоўпу. Тых, хто размаўляе і жыве па-беларуску (думае па-беларуску, праяўляе сябе беларусам), у нас адзінкі, раўнуючы з астатнімі.

Бацькі да маёй беларушчыны ставіліся спакойна. Больш за тое, яны мяне падтрымлівалі і падтрымліваюць.

Але насамрэч усведамленне сябе як беларускі (а не пратэст, не жаданне вылучыцца з натоўпу), пачало фармавацца толькі ў старэйшых класах.

Чалавек павінен трымацца за сваё, бо яно яму роднае.

Алесь Наркевіч: Галоўнае — беларуская мова

— Мая беларуская свядомасць прыйшла да мяне, зразумела, не з дзяцінства. Мае дзяды і бабулі размаўлялі па-беларуску, бацькі на трасянцы, але не па-расейску. У дакументах, якія яны рэгулярна перабіралі і перачытвалі, праскоквала: беларус, выдадзена такому і такому, беларусу.

У час калі я вучыўся ў школе, маладыя людзі з вёскі яшчэ размаўлялі па-беларуску. Нашыя крутыя вілейскія «пацаны і дзіфчонкі» клікалі іх «крэсты». Часцяком былі бойкі. У СПТУ-200 людзі з вёсак прыязджалі вучыцца на камбайнёраў і трактарыстаў. Дыскрымінацыя была шалёная. Нашыя падпітыя хлопцы маглі пабіць іх проста ля крамы толькі за тое, што нехта не так казаў.

Мне не падабалася няроўнасць «крэст — не крэст». Дагэтуль дзіўлюся, чаму так было. Вясковых не паважала не толькі моладзь, але і старэйшыя. Увогуле, мяркую, несправядлівасць не ёсць чымсьці нармальным.

Беларус — чалавек, які ведае, што ён беларус, і яго гэта задавальняе. Але мала проста сказаць: «Я беларус», гэта павінна быць напоўнена сэнсам. Галоўнае для беларуса — гэта мова. Прыйдзе яна — прыйдзе і ўсё астатняе.

Сяргей Яўменаў: Беларуская мова як сімвал зменаў

— Не магу сказаць, каб у дзяцінстве бацькі мне моцна прышчаплялі любоў да беларускасці. У памяці засталіся адно словы маці. Відавочна, што гэтага было мала, каб усвядоміць сябе беларусам.

Беларусам я пачаў рабіцца паступова ўжо ў падлеткавым узросце. Гэтаму паспрыяла знаёмства з творчасцю NRM, а затым і з астатнім беларускім рокам. Пазней у ліцэі ў нас была проста выдатная выкладчыца беларускай мовы. Тады і апякла крыўда — мова найпрыгажэйшая ў свеце, а мы ёй не карыстаемся! Але і гэтага было недастаткова…

Ужо ва ўніверсітэце з’явілася непераадольная прага грамадска-палітычнай дзейнасці. Хацелася актыўнасці, зменаў у жыцці. А беларуская мова ж была сімвалам гэтых зменаў.

І я пачаў размаўляць на роднай мове. Спачатку з сябрамі, потым ва ўніверсітэце, на працы і, нарэшце, дома. З бацькамі было цяжэй за ўсё. Толькі калі яны зразумелі, што гэта маё жыццё, дык толькі тады прынялі маю мову.

Я лічу, што прыгажосць свету — у разнастайнасці, а таму калі ты маеш сваю мову, то і барані сваё!

Быць беларусам — гэта ствараць свой культурны асяродак сваімі ўласнымі сіламі. Я, напрыклад, разам з сябрамі арганізаваў актыўную гарадскую гульню «Пошук».

Гульні адбываюцца па ўсёй Беларусі. Праз беларускамоўныя заданні моладзь знаёміцца з культурай і гісторыяй сваіх гарадоў. Цікава, што пераважная колькасць удзельнікаў «Пошуку» — расейскамоўныя. Але ў гульні некаторыя з іх з часам пераходзяць на беларускую, хаця б у размовах са мной.

Георгій Плашчынскі: Быць беларусам — гэта свядома абраны шлях

— Памятаю, маці ды бабуля спрачаліся ў 95-м годзе, у якую навучальную ўстанову мяне аддаць — расейскамоўную ці беларускамоўную. Выбралі на карысць першай. Таму я вывучаў беларускую мову і літаратуру толькі ў базавай школьнай праграме. Беларусам, якім гонар звацца, усвядоміў сябе, калі пачаў займацца грамадскай дзейнасцю.

Менавіта тады я з захапленнем чытаў «Каласы пад сярпом тваім» Караткевіча, вершы Купалы і Багдановіча, прозу Быкава. Уразіла мяне ягоная «Аблава». Я зразумеў, як дорага каштавала нашым продкам захоўваць дух свабоды і беларушчыны, і гэта выклікала ў мяне павагу.

2. ПОШУК І АДКРЫЦЦЁ

— Адкрываючы ў сабе беларуса, я перажыў незабыўнае адчуванне — гэта як выйсці з пакою з штучным святлом у яркі дзень на вуліцу. — Бацька вучыў, што варта шукаць праўду, спазнаваць, ацэньваць рэчаіснасць. — Разуменне таго, што я беларус, прыйшло да мяне раптоўна. Прага напоўніць жыццё родным і знаёмым, тым, што ў мяне адабралі, недадалі, была вельмі моцная. Тым, што адабралі, а я знайшоў! — Гэта было сапраўднае адкрыццё. — Ведаць, што ты не самотны. Ты — частка вялікай сілы. — Гэта было своеасаблівае адкрыццё — цэлы свет з блізкай, але на той момант няроднай мовай.

Сяргей Салаш: Я адкрыў новую планету

— З малых гадоў Беларусь для мяне — гэта Печы (раён вайсковага гарадка ў Барысаве), а таксама вёскі маіх бацькоў, што на Слонімшчыне і Дзятлаўшчыне.

Хаця маё станаўленне адбывалася па-за межамі Беларусі. Сем апошніх школьных гадоў я правёў у ГДР (зямля Мекленбург-Памеранія) і ў Ашхабадзе, дзе і атрымаў дыплом аб сярэдняй адукацыі. Бацька — вайсковец, падпалкоўнік. Таму нам давялося ладна павандраваць.

Але мне больш важнымі падаюцца самыя раннія пробліскі беларускасці. Пачынаючы ад першай кнігі, прачытанай самастойна па-беларуску — «Людзей слухай, а свой розум май» — яшчэ калі я жыў у Пячах, і перачытанай годзе ў 1987-м у Астраўцы, куды наша сям’я з ГДР прыехала на вакацыі да сваякоў. Былі і пошукі кніг пра Беларусь у жаўнерскай бібліятэцы ў вайсковай частцы ГСВГ (Групы савецкіх войскаў у Германіі). Тады я знайшоў кнігу нейкага беларускага пісьменніка. Сёння мне здаецца, што гэта быў Змітрок Бядуля. Былі і размовы з сябрамі-грузінамі, якія міжволі змусілі мяне з прыкрасцю зразумець, што я не ведаю роднай мовы.

Мае бацькі заўсёды імкнуліся вярнуцца на радзіму. Бывала, маці, быццам без дай прычыны, але возьме ды запытае мяне, ці ганаруся я тым, што я беларус? Мабыць, якраз у гэтыя моманты яна моцна сумавала па радзіме.

Дакладна магу сказаць, што ў сярэдзіне 90-х мяне ўжо непакоіў стан беларускай мовы ў грамадстве, і таму я адчуваў глыбокую нацыянальную абразу ад змены дзяржаўнай сімволікі.

Прасвятленне было не раптоўнае: пачыналася ўсё з часопіса «Беларуская мінуўшчына», які на самым пачатку 1994 года чытаў па складах і, можа, нават дзеля прыколу. Гэта як упершыню па-польску чытаць. Быццам зразумела ўсё, толькі ну надта складана. Але зацягнула як магнэсам…

А чытаць пачаў пасля спрэчкі з сябрам, які не мог мне давесці, што ў Беларусі ёсць свая гісторыя, а я якраз хацеў гэтых доказаў. Сам сябар ніякіх «мінуўшчынаў» не чытаў. Яму хапіла ўрокаў гісторыі ў Пячанскай сярэдняй школе. Ён нічога толкам не ведаў, але быў перакананы, што ў Беларусі ўсё сваё было і ёсць. Мяне цяжка было пераканаць без аргументаў, да таго ж я досыць моцна быў абазнаны якраз у імперскай расейскай гісторыі. Вось таму і набыў часопіс па беларускай гісторыі, першы, які патрапіў на вочы. Мабыць, тады і адбылася канчатковая рэвалюцыя ў маёй свядомасці. Я хутка зрабіўся моўным радыкалам — паўсюль і заўжды размаўляў толькі па-беларуску. Сёння стаў спакайнейшы.

Як патлумачыць суайчыннікам, навошта ім нацыянальнасць? Якая ім практычная карысць?

Пытанні няпростыя. Заклінаннямі любіць мову, шанаваць продкаў і слаўную гісторыю не дапаможаш. Заклінаць можна ў дзіцячых садках, а з дарослымі людзьмі такія рэчы не пройдуць.

Адкрываючы ў сабе беларуса, я перажыў незабыўнае адчуванне — гэта як выйсці з пакоя з штучным святлом у яркі дзень на вуліцу ці як адкрыць новую планету. Хіба дрэнна быць першаадкрывальнікам?

Вольга Рудніцкая: Кожная нацыя адрозная ад іншых, але не менш багатая

— Тое, што я люблю Беларусь і што мне не ўсё роўна, што з ёй адбываецца, я зразумела ў школе. Гэта быў цудоўны час адраджэння, калі толькі пачыналі выходзіць нацыянальныя падручнікі па гісторыі, калі мы вышуквалі ў новых часопісах і кніжках дадатковыя матэрыялы пра Гедыміна, Стэфана Баторыя, Бону Сфорца, Льва Сапегу. Гэтыя імёны зачароўвалі, рабіліся асновай тваёй свядомасці, твайго гонару і нават твайго штодзённага існавання.

Шмат у чым на такое стаўленне да гісторыі і на свядомае адчуванне сябе беларускай паўплываў бацька. У яго была моцная нацыянальная самасвядомасць. Таксама ён вучыў, што варта шукаць праўду.

А яшчэ ў нас была цудоўная настаўніца па гісторыі. Мы ведалі пра гісторыю Беларусі ўсё. Менавіта дзякуючы ёй словы «нацыянальная самасвядомасць» сталі аднымі з самых галоўных у маім жыцці. Ды і роднае Маладзечна заўсёды было горадам, у якім моцна адчуваўся дух свабоды і патрыятызму.

Пасля часта падарожнічала, шмат у якіх краінах атрымалася пабываць. Пабачыўшы свет, яшчэ больш запэўнілася, што кожная нацыя адрозная ад іншых, але не менш багатая, і варта ганарыцца тым, што маеш. І мова нашая сапраўды, як казаў Багушэвіч, такая ж людская і панская, як французская, нямецкая ці іншая якая.

Аляксей Валабуеў: На мяне паўплывала пачуццё справядлівасці

— Я вучыўся ў школе па «бел-чырвона-белых» падручніках. Але пасля школы ўвогуле не цікавіўся беларушчынай. Не магу сказаць, што на маё вяртанне ў «бел-чырвона-белы» свет паўплывалі нейкія палітычныя падзеі. Калі казаць папросту, дык нельга было трываць далей несправядлівасць. А «Белоруссия» — гэта несправядлівасць.

На жаль, я не размаўляю ўвесь час па-беларуску. Гэта звязана і з працай, і са старымі знаёмствамі. Комплекс яшчэ да канца не пераадолены:) А моўны комплекс, бадай, самы цяжкі. Ён вымагае ці не найбольшых высілкаў, каб ад яго вызваліцца.

Зрэшты, мова — гэта яшчэ далёка не ўся беларушчына. Натуральна, тут я маю на ўвазе архітэктуру, музыку, жывапіс, скульптуру і шмат чаго яшчэ.

Я не магу сказаць, што асяродак свядомых беларусаў — гэта проста клуб па інтарэсах. Гэта як паралельны свет, які, што праўда, усё часцей перасякаецца са сваёй паралеллю.

Іван Осіпаў: Я знайшоў адабранае

— Я нарадзіўся ў 1985 годзе ў Гомелі, але вырас ў вёсцы Абакумы. У дванаццаць год пачаў захапляцца гісторыяй, археалогіяй. Дарэчы, у школцы беларуская літаратура і мова мне падабаліся больш за расейскую літаратуру і мову. Калі меў пятнаццаць год, у Абакумы прыехалі археолагі і я пайшоў да іх памочнікам. Аднойчы яны пачалі мяне распытваць, што я ведаю не толькі пра блізкія, але і пра аддаленыя ад нас мясціны? Менавіта тады я неяк у адзін момант адчуў, як моцна звязаны з маёй вёскай ды яе наваколлем. І з гэтага адразу заняўся краязнаўствам.

Яшчэ праз два гады я зразумеў, што гісторыя маёй вёскі — гэта частка вялікай гісторыі ўсёй Беларусі, якая настолькі ж мне блізкая, як і мясцовая гісторыя.

Але канчаткова я вырашыў, што я беларус, калі прачытаў кнігу Леаніда Дайнекі «След ваўкалака». І аж спалохаўся, калі зразумеў, колькі ведаў мне бракуе.

Тады я пачаў скупляць беларускія кнігі, беларускую музыку, каб запоўніць пустоцце ўнутры сябе, каб вярнуць тое, што ў мяне адабралі, а я знайшоў!

Алесь Залескі: Паўплывала музыка

— Я нарадзіўся ў Растове-на-Доне, і калі не лічыць двух гадоў, калі гадаваўся ў бабулі ў Рэчыцы, увесь час жыў у Расеі. Бацькі мае расейскамоўныя. Не магу сказаць, што яны неяк паўплывалі на маю беларускасць. Дваццаць пяць гадоў свайго жыцця я адчуваў сябе расейцам і нават ганарыўся гэтым!

У канцы 2005 года я чарговым разам прыехаў з Піцера ў Рэчыцу на адпачынак, падчас якога звярнуўся да сябра-аднакласніка, каб той параіў мне які-небудзь беларускамоўны гурт — хацелася прывезці дадому якойсьці экзотыкі. У выніку набыў два CD гурта «Крама».

Спачатку я здзівіўся існаванню беларусаў, якія размаўляюць на роднай мове не таму, што адказваюць на занятках па беларускай літаратуры, а таму, што любяць яе. Ну і галоўнае — беларускамоўная музыка, бо я і ўявіць не мог, што яна ёсць і што ў яе такія разнастайныя стылі! Гэта было сапраўднае адкрыццё. Дзесьці праз два гады і мая першая песня на беларускай мове пад назвай «Пустэча» (гурт «Люэс») з’явілася ў сеціве.

Быць беларусам, усведамляць сябе беларусам — гэта адчуванне такога велізарнага шчасця, што больш нічога і не трэба, застаецца толькі памерці.

Віктар Казлоў: Мяне ўскалыхнула ідэя беларускай дзяржаўнасці

— У дзяцінстве ў мяне не было асаблівага адчування нейкай нацыянальнай прыналежнасці. Толькі бабуля і дзядуля размаўлялі на беларускай мове. Па-сапраўднаму я адчуў сябе беларусам толькі пасля вяртання з навучання ў Расеі. Гэта было ў 1991 годзе — акурат калі разваліўся Савецкі Саюз.

На радзіме мяне амаль адразу ўскалыхнулі ідэі нацыянальнай дзяржаўнасці, самабытная культура, беларуская мова. Мы разам з жонкай пачалі «ісці» да беларускасці. Я пачаў зноў вывучаць беларускую мову, хоць і вучыў яе ў школе, але як нешта непатрэбнае.

Што праўда, дзякуючы настаўніцы беларускай мовы і літаратуры Алене Мікалаеўне тады я палюбіў творы беларускіх літаратараў — Коласа, Купалы, Караткевіча, Крапівы…

Быць беларусам для мяне — гэта адчуваць, што беларусы — адзін з многіх народаў на Зямлі са сваёй самабытнай гісторыяй, традыцыямі і культурай. Ведаць, што шмат беларусаў змаглі запісаць сваё імя ў сусветную гісторыю — і ганарыцца гэтым.

Таня Анікеенка: Ведаць, што ты не самотны

— «Да пабачэння-пячэнне» — тое нешматлікае, што трымае мая галава яшчэ з дзіцячага садка. Відаць, гэтае самае «пячэнне», што так надзейна засела ў маіх звілінах і сталася адным з самых першых (калі не лічыць мамінага захаплення адраджэнскімі ідэямі падчас цяжарнасці мною) штуршкоў для майго пазнейшага ўсведамлення сябе беларускай.

Вядома, гэта жарт, але ж хто ведае, мо і ў ім ёсць частка праўды. Сапраўднае ж усведамленне з’явілася значна пазней. Вядома, і да гэтага было разуменне, што я належу да пэўнай нацыі, быў дзённік з абрысамі Беларусі, «дзяржаўны сцяг» і «дзяржаўны герб» над дошкаю ў класах, але…

Гэта быў дзявяты клас, я перайшла ў новую школу і патрапіла «ў добрыя рукі» да настаўніцы беларускай мовы і літаратуры Алены Іванаўны Чырковай. Пазней у мяне з’явяцца «свядомыя» сябры, адпаведныя памкненні і веды. Але галоўным чалавекам у маім уласным «беларускім адраджэнні» была менавіта Алена Іванаўна, з якой і пасля заканчэння школы засталіся цудоўныя адносіны.

Што ж такое быць беларусам? Гэта значыць — ведаць, што ты не самотны. Ты — частка вялікай сілы са сваёю культурай, сваім менталітэтам, сваёю гісторыяй, якую, зрэшты, ты сам і ствараеш.

Марыя Дуброўская: Гэта было своеасаблівае адкрыццё

— Мы з маці даволі часта вандравалі ў краіны бліжняга замежжа, і там была выразна бачная ментальная розніца паміж беларусамі і расейцамі, палякамі, украінцамі. Нават у нейкіх дробязях можна знайсці адрозненні. Беларусы — рахманыя, спакойныя, больш даверлівыя, шчырыя…

3. ГОНАР І ГОДНАСЦЬ

— Думаў, што беларускамоўны чалавек не можа быць дрэнным. — Беларусам я менавіта стаў. — Для мяне Беларусь — нібы населеная выспа. — У маёй сям’і ніколі не размаўлялі па-беларуску, але з дзяцінства нас вучылі паважаць родную мову. — Жаданне размаўляць па-беларуску было ў мяне заўсёды. Перашкаджала толькі тое, што «не разумеюць», «не падтрымліваюць», «будуць смяяцца». — Мне падабаюцца людзі, якія ўмеюць думаць.

Юрась Новікаў: Гонар і годнасць

— Малым жыў я з бацькамі ў былой Усходняй Прусіі, на Калінінградчыне, ці, па-нашаму, на Каралявеччыне. Вучыліся ў нашай школе беларусы, расейцы, украінцы, башкіры, азербайджанцы, татары, цыганы ды шмат хто яшчэ.

Але для нас, шкаляроў, рэальна існавалі толькі дзве нацыянальнасці: «рускія» і «нярускія». «Нярускія» — тыя, хто размаўляе сярод іншых сваёй мовай (у нас так рабілі толькі цыганы і літоўцы), а ўсе астатнія — «рускія».

Аднаго лета адпачывалі мы з татам на моры, на Куршскай касе паміж Балтыкай і залівам, куды Нёман упадае. Усё там было добра: і мора, і дзюны, і сонца. Вось толькі кармілі ў сталоўцы той базы адпачынку малавата. А гэта ж памежная зона, транспарту няшмат, па крамах у суседняе мястэчка часта не паездзіш…

Наракалі на гэта ўсе, кожны сняданак, абед ды вячэру наракалі. А мы з татам па абедзе ішлі ў тамтэйшы буфет і куплялі кавалак сала ды да яго цыбулькі ці часнычку, і хлеба бралі.

Таму ў нас праблемы недаядання не было. А вось усе астатнія сварыліся, збіраліся скардзіцца на адміністрацыю, бадзяліся галодныя, злыя, але сала таго не куплялі. Не куплялі ані, хоць бы з голаду пухлі. Вось з таго часу я і зразумеў упершыню, якая ёсць вялікая розніца паміж намі і гэтымі незразумелымі расейцамі.

На маю думку, галоўнае ў чалавеку — гонар і годнасць. Але немагчыма ўявіць годнага чалавека, які не паважае свой народ. Калі хто выракся сваіх каранёў, дык у нейкі момант ён зможа кінуць і бацькоў, і сяброў, і веру.

Галоўнае — любіць, мацаваць і бараніць сваю сям’ю, бо гэта падмурак усяго. Быць гаспадаром у сваёй хаце, сваім горадзе і сваёй краіне, бо калі ў хаце чыста і ладна, дык і з гасцей ніхто на стол брудныя боты не пакладзе. Любіць (ці прынамсі паважаць і шанаваць, калі любоў не склалася) свой край, мову, культуру, веру.

За мяжой я і школу скончыў. Таму калі прыехаў у Беларусь, дык толькі тады зразумеў — вось гэта мой край. Увесь час, і ва ўніверсітэце, і там, дзе працаваў, побач заўсёды былі пераважна людзі разумныя, таму калі хто беларускасць і не падтрымліваў, дык і не ўспрымаў яе варожа.

Алесь Мазанік: Думаў, што беларускамоўны чалавек не можа быць дрэнным

— Я заўсёды вельмі шанаваў людзей, якія размаўлялі па-беларуску, нават да пэўнага часу меркаваў, што беларускамоўны чалавек не можа быць дрэнным. Аднак пакрысе жыццё запэўніла мяне, што сама мова не робіць з чалавека анёла. Хаця мушу зазначыць, што сярод маіх беларускамоўных знаёмцаў куды больш адэкватных, чым сярод носьбітаў іншых моваў.

Калі мы з маці пайшлі ў менскі музей Янкі Купалы, мне было недзе каля дзевяці гадоў, я хадзіў у расейскамоўную школу, а дома мяне выхоўвалі ў духу інтэрнацыяналізму.

Заходзіў я ў музей адным чалавекам, а выйшаў іншым. Менавіта тады, прайшоўшы наскрозь невялікі двухпавярховы дамок, наслухаўшыся таленавітых экскурсаводаў, я адчуў подых беларушчыны, які й зараз мяне падтрымлівае, калі здараюцца «чорныя» дні календара.

Нашыя пісьменнікі, такія як Максім Багдановіч, Васіль Быкаў, Уладзімір Караткевіч, Уладзімір Арлоў, Міхась Чарняўскі, Мікола Ермаловіч і, вядома ж, Янка Купала ды Якуб Колас, заўсёды былі, ёсць і будуць для мяне асабіста ды, хочацца спадзявацца, для ўсіх беларусаў прыкладамі адданасці свайму народу.

Жыць у Беларусі й звацца беларусам паводле пашпарту — гэта не мой выбар.

Мой выбар — быць Беларусам з вялікае літары, каб нашыя продкі, тыя людзі, што загінулі дзеля наступных пакаленняў, ганарыліся намі з нябёсаў, каб нашая мова й культура панавалі на айчынных прасторах.

Пры гэтым, як пісаў Уладзімір Арлоў, нашыя госці, прадстаўнікі іншых народаў, мусяць адчуваць сябе ў Беларусі ўтульна, але заўсёды памятаць, хто тут госць, а хто — гаспадар!

«Быць беларусам — што гэта значыць?» — гэты ўрывак з песні Аляксандра Памідорава заўсёды грае ў мабільным, калі мне тэлефануе нехта з тых, хто, на мой погляд, варты «беларусам звацца».

Андрусь Такінданг: Пытанне выбару

— У дзяцінстве мне вельмі падабалася маляваць, і бацькі вырашылі, што будзе слушна, калі я стану вучыцца па мастацкай спецыяльнасці. Так я пачаў займацца культурай у мастацкім каледжы.

Мая маці размаўляе па-беларуску, і, натуральна, гэтая мова для мяне — сродак штодзённых зносін. Потым была Акадэмія мастацтваў, Універсітэт культуры і мастацтваў, а пасля музыка. Паколькі маёй мовай зносін была беларуская, то і песні таксама былі беларускамоўныя.

Па адной лініі мае бабулі-дзядулі беларусы, па другой — паходзяць з Рэспублікі Чад. З гэтага як бы ўзнікае пытанне выбару. Але я выбару ніколі не рабіў, проста я жыву ў гэтай краіне, шаную сваю сям’ю і мне не абыякава, што тут адбываецца. Праблема выбару можа паўстаць, калі ў чалавека ёсць нейкія ваганні, а калі ён арганічна жыве, працуе і цалкам знаходзіць сябе на гэтай зямлі, дык што яму яшчэ выбіраць?

Я не магу ставіць іншым нейкія крытэры беларушчыны, бо кожны чалавек сам мусіць для сябе вырашыць, лічыць ён сябе беларусам ці не.

Ян Маркаў: Быць у гармоніі са сваёй краінай

— Як ні дзіўна, асэнсаванае разуменне, што я беларус, менавіта беларус, а не расеец ці ўкраінец, прыйшло да мяне ў Маскве, падчас навучання ва ўніверсітэце.

Тады я сустрэў прадстаўнікоў іншых нацыянальнасцяў, перш за ўсё каларытных каўказцаў, якія, нягледзячы на маю правінцыйную ксенафобію, выклікалі цікавасць сваёй натуральнай нацыянальнай адметнасцю і ўпэўненасцю, што іх мова і культура калі не найлепшыя, то, прынамсі, самыя прыгожыя і багатыя.

Пасля было знаёмства з беларускамоўнай моладдзю Масквы. Многія з гэтых людзей потым сталі маімі сябрамі…

Самыя першыя ўспаміны пра беларускасць звязаныя з бабуляй, якая з маленства лучыла мяне праз словы, прымаўкі з тым, што сёння я называю Беларуссю. Потым быў прадмет «Мая Радзіма — Беларусь», які я вывучаў у пачатковай школе і які, як і ўсе, вельмі не любіў, таму што засвойваць яго даводзілася на незразумелай беларускай мове; першы канцэрт канцэрт NRM і першыя кнігі Мележа ды Караткевіча.

Быць беларусам для мяне — гэта перш за ўсё быць у гармоніі са сваёй краінай; быць яе грамадзянінам, паважаць культуру, мову, звычаі свайго народа, ведаць гісторыю… Карацей кажучы, любіць сваю краіну, але менавіта краіну, а не дзяржаву.

Зміцер Кісель: Я быў маладым злодзеем без нацыянальнасці

— «Гэтая беларуская кроў проста мяне дабівае. Ну вось не дае мне гэтая беларускасць падмануць кагосьці, зрабіць камбінацыю. Хаця не, магу надурыць, але не скарыстаюся з гэтага…», — такой была выснова пасля маёй размовы са знаёмым, які да апошняга ўпэўнены, што не беларус я, хоць і іду беларускім шляхам.

Я на яго не крыўдую, бо чую канструктыўную крытыку, а часам і такія выразы, што хоць ты запісвай: «Кісель, калі ты здымаеш акуляры, то ты аферыст з Захаду, калі іх надзяваеш, то сімпатычны аферыст з Захаду, калі маўчыш, я думаю, што ты паляк, а калі гаворыш, разумею: гэта класічны беларус-еўрапеец-аферыст».

Гісторыя майго шляху да таго, як я стаў беларусам, пачыналася з акна са свечкаю і супрацьгаза.

«Рабаванне» музея Якуба Коласа ў Пінкавічах, адкрытага Іванам Іосіфавічам Калошам у лістападзе 1990 года, было добра спланаванай акцыяй з удзелам двух маіх сяброў-родзічаў, свечкі ды дзедаўскіх супрацьгазаў.

Але спачатку нарадзілася ў мяне цяга да гісторыі. І нават да гістарычных каштоўнасцяў. І была яна настолькі моцная, што калі я бачыў нешта каштоўнае, яно неяк адразу ўжо станавілася маім, спачатку ў думках, а пасля ў кішэні.

Сям’я мая — паляшуцка-ўкраінская, таму і гаворкі там не вялося пра штосьці беларускае — дзед штодня распавядаў пра свае погляды на Пінск па-ўкраінску. Мову беларускую я чуў толькі ад дзядзькі Міколы. Ён мне даволі дзіўныя вершы чытаў — мацерныя, і ўсё пытаў: «Ведаеш, хто напісаў?» Ну адкуль мне, дзесяцігадоваму хлопцу, такія вершы ведаць? Але дзядзька Мікола таксама не быў пэўны: «Ці Колас, ці Купала? — не ведаю. Вось там у той хаце музей яму адкрылі — ён і напісаў. Ідзі да дырэктара, хай раскажа, толькі ты яму вершы пра валасы і дзяўчат не чытай, бо тое кепска!» Так дзядзька Мікола адправіў мяне ў музей Якуба Коласа ў вёсцы Пінкавічы Пінскага раёна, што быў праз дарогу ад нас.

Сам будынак быў новы, хаця яго падмурак застаўся ад першай школы, якую пабудавалі ў 1864 годзе. Цяпер гэта мёртвы музей, а ў маім дзяцінстве ў 1990-х там было жыва — штодня працуе, дзверы адчыненыя, і 70-гадовы Іван Іосіфавіч са сваім шчэ больш старым сябрам Мікалаем Уладзіміравічам разважаюць пра мову, гісторыю, палітыку.

Я ўжо тады ведаў з аповедаў розных мужыкоў, што Мікалай Уладзіміравіч «порох на фронте не нюхал», бо быў афіцэрам НКУС ці штабістам; ну, тое казалі адныя, а ўлады — зусім іншае, хаця ўладам ён у 1994 годзе крэслам у спіну кінуў з крыкам: «Я за Пазняка!».

Уладзіміравіч — дзіўны чалавек, чаго вартыя толькі яго лісты ў райвыканкам пра адсутнасць дэмакратыі ў вёсцы Пінкавічы і патрабаванне дэмакратычнага кандыдата ад вуліцы…

Я быў малы, але галава мая працавала, я думаў, што нешта гэтыя дзяды круцяць. Цяпер бы сказаў «апазіцыйныя дзяды-франтавікі», але галоўнае было не гэта, а тое, што з іх расповедаў у мяне нараджалася цяга да гісторыі. А яшчэ былі дзед, бабуля і прабабуля. Яны захоўвалі ў хаце ўсялякія дзіўныя рэчы: нейкія выявы Леніна, сцягі розных народаў і часоў, медалі, і кожны вечар перад сном мне апавядалі, што гэта за Ленін і дзе яму ў нашым Пінску помнік стаіць.

Апавядалі так цікава, што праз пэўны час недалічыліся медалёў, сцягоў і выяваў Леніна — усё гэта мне спатрэбілася ў «штабіку», які я пабудаваў у балотах. Дарогу туды ведалі толькі двое маіх сяброў — Віця ды Ігар.

Дзед пачаў на мяне крычаць:«Вярні, пірат, хоць сцягі, я імі збіраўся гуркі ды памідоры падвязваць!» Карацей, сцягоў 7–8 вярнуў. Між іншым, яны былі вялізныя, і такая добрая тканіна. Прабабуля трымала іх у руках і казала: «Ой, Дзімку, я ў часы вайны, калі немцы прыйшлі, з такога сцягу спадніцу сябе зрабіла, выразаўшы Леніна з сярэдзіны. Дык пасля судзілі, калі бальшавікі тыя прыйшлі, сусед нагаварыў!» Гэтак мая бабуля выказала свой сум па тым, што я такую тканіну па балоце цягаю… А я слухаў яе і спазнаваў не толькі гісторыю, але і кошт розным рэчам.

То быў нейкі выходны дзень апошняга лета ХХ стагоддзя. Іван Іосіфавіч і Уладзімір Мікалаевіч нават і не запыталі, навошта я завітаў у музей. А я забыўся павітацца, бо вочы адразу пабеглі па экспанатах, а ногі за імі па залах.

Музей меў чатыры вялізныя пакоі. У першым я пабачыў лад жыцця беларуса-палешука, у другім — жыццё Якуба Коласа ў Пінкавічах, трэці знаёміў з сябрамі і калегамі Коласа, а чацвёрты — з яго ліставаннем ды ўсялякім іншым. Мяне зацікавіў першы пакой, дзе розныя лыжкі, сякеры — карацей, тое, што я лёгка магу вынесці на памяць, бо астатняе было за шклом.

Стаю, чытаю сшытак вучня Якуба Коласа, раптам нейкі голас па-беларуску, я азірнуўся і бачу — дырэктар. Але ж ён маўчыць, а голас плыве. Нейкі дзядзька вершы чытае і каментуе. Думаў, радыё, ды тут Іван Іосіфавіч кажа: «Гэта гучыць голас Якуба Коласа, Дзіма!» Ну, тут я ўжо пачаў слухаць, а дакладней, рабіў выгляд, што слухаю, гледзячы на аловак Коласа і ўяўляючы яго ў сваім «штабіку».

Потым мы доўга гутарылі. Я ўжо быў «адукаваны», чытаў Максіма Горкага «Маці» ў 9 (!) гадоў і пра высылку Леніна (усё таго ж аўтара) чытаў. Да таго ж мая прабабуля апавядала мне пра цара, палякаў, катаў-бальшавікоў і немцаў, таму я ведаў шмат чаго. Іван Іосіфавіч гэта заўважыў і сказаў, што сыграе мне на скрыпцы і, самае галоўнае, — на мандаліне пад вершы Коласа. Зноў я рабіў выгляд, што слухаю, а сам трымаў у руках нейкую пляшку польскага часу і ўяўляў, як з яе п’ю ў «штабіку».

Наступным разам я прывёў у музей сваіх родзічаў-сяброў — Віцька ды Ігара. Больш за месяц мы «ашываліся» ў музеі, пакуль у мяне нараджалася ідэя, «як будзем браць музей». (Тут мяне натхняў Мамачка з фільма «Республика ШКИД».) Доўга я выбіраў, у чым маю пільную патрэбу, а што можа пачакаць. Потым яшчэ праверыць трэба было Івана Іосіфавіча на яго чуйнасць, наколькі чалавек уважлівы, таму зрабілі з хлопцамі наступную інтрыгу.

У жніўні ехала экскурсія з Баранавічаў. Я даведаўся і думаю: вось мы і паспытаем пільнасць дырэктара. Знайшоў нейкія акуляры разбітыя, вялізныя такія. Падумаў-падумаў і вырашыў: начаплю іх на вялізны бюст Якуба Коласа, заўважыць Іван Іосіфавіч ці не? Начапіў, змяшаўся з гасцямі з Баранавічаў, і тут вядзе нас гід да бюста, бо менавіта з яго пачынаецца экскурсія. Усе глядзяць і не разумеюць, чаму акуляры на бюсце, але маўчаць. А дырэктар на гэта не звяртае ўвагі і рушыць экскурсію далей. Адсюль і наша выснова: няўважлівы, ды і ўзрост ужо за 70 гадоў.

Наступным выпрабаваннем стаў чарговы прыезд экскурсіі, недзе з-пад Берасця. Тады мы ўтрох — я, Ігар і Віця — залезлі пад печ, і калі натоўп шкаляроў наблізіўся да нас, я пачаў лашчыць нагу дзяўчынкі. Яна маўчала, але адчувалася, што напружылася. Неўзабаве яе адвялі ў аўтобус, адкуль яна ўжо не выходзіла. Добра, што не крычала, інакш маглі нас убачыць. Хаця з-пад печы быў іншы выхад, таму мы б збеглі ў любым выпадку. Але ўсё атрымалася як найлепей, і я пачуваўся героем.

Нарэшце план быў гатовы. Як вядома, усё геніяльнае проста. Для таго каб нашыя твары не распазналі, мы надзенем супрацьгазы, якія мой дзед колькасцю каля сотні забраў у момант развалу СССР з тэхнікума. Як казаў дзед, тады неслі ўсё, ад сцягоў да тэлевізараў. Між іншым, я і па сёння не зразумеў, чаму ж ён вынес менавіта супрацьгазы і бюст Леніна. Ды гэта іншая гісторыя… Таксама мы запланавалі прыхапіць з сабой свечкі, каб усё бачна было. Перад «рабаваннем» Віцёк пакінуў адчыненай фортку ў пакоі, дзе былі выстаўлены прылады жыцця беларуса-палешука.

Вечар настаў. Недзе а 23-й гадзіне мы былі каля акна з адчыненай форткай. Як залез у пакой, дык адразу запаліў свечку. Хлопцы нешта марудзілі, а мне ў супрацьгазе было цяжка дыхаць, і я яго скінуў з галавы. Зазірнуў у пакой сяброў і калегаў Коласа. З нечага ўгледзеўся ў партрэт Змітра Жылуновіча. Сэрца грукоча… Раптам гасне свечка, быццам бы нехта дзьмухнуў на агеньчык. Кінуўшы супрацьгаз і свечку, я з крыкам: «Колас! Хлопцы, Колас, ратуйце!» куляй вылецеў праз акно…

Пасля той прыгоды я, дзевяцігадовы хлопец, ужо без дурных думак кожныя выходныя прыходзіў у музей і дапамагаў Івану Іосіфавічу, а ён мне апавядаў пра былое, даваў паслухаць голас Коласа, граў мне на мандаліне і скрыпцы. Так прамінулі 4 гады, і настала жудаснае лета 2003 года. Я даведаўся, што Івана Іосіфавіча звальняюць з працы. Тады я ўпершыню запытаўся ў яго па-беларуску: «Іван Іосіфавіч, Вам кепска?!»

Ён стаяў каля таго ж бюста Якуба Коласа, абапёршыся на яго плячо.

— Дзіма, а што адчувае маці, калі ў яе забіраюць дзіця? — у сваю чаргу запытаўся ён.

У той момант усё, што апавядаў мне Іван Іосіфавіч пра Каліноўскага-Купалу-Коласа, усё, што расказваў пра Беларускую сацыялістычную грамаду, пра мясцовых дзеячаў, уявілася мне ў зусім іншым святле…

А яшчэ праз нейкі час ён узгадаў: «Думаеш, я не ведаў, хто акуляры на бюст начапіў, хто пад печ лазіў? Я ведаў, але нічога не казаў, бо адчуваў, што ты беларускі хлопец!»

Я сумаваў і нават плакаў. Музей перастаў быць маім. Да таго ж новы дырэктар панішчыў бярозы, якія садзілі вучні Коласа, і зрэзаў вялікую вярбу — сімвал майго дзяцінства. Дарэчы, першыя мае самадрукаваныя ўлёткі былі менавіта пра гэта…

Тады я з горыччу зразумеў, што мой шлях да беларускасці пачынаецца з таго самага, з чаго ён пачынаўся сто год таму для герояў гэтага музею.

Руслан Ясаеў: Я застануся тут, на гэтым «населеным востраве»

— Беларусам я менавіта стаў. Мае карані недзе ў гарах паўночнага Каўказа. Беларуска толькі маці, а бацька — цалкам каўказскі чалавек. Я ўсё жыццё пражыў амаль не выязджаючы, у Беларусі. Заўжды хацелася стаць больш падобным да людзей, што жывуць тут адвеку. Маючы права народжанага беларуса, я не меў права беларуса, продкі якога жылі тут пакаленнямі.

Беларускую мову люблю з дзяцінства. Дзякуючы сваёй бабулі я слухаў беларускае радыё, асабліва любіў беларускія казкі. Не было такога, каб я яе кепска разумеў.

Усвядомленае пачуццё таго, што я беларус, з’явілася дзякуючы рэдактару нашай школьнай газеты, да калектыву якой я далучыўся ў 10 класе. Рэдактар хоць і не размаўляў па-беларуску, але… распавёў мне, што такое «тарашкевіца». Пасля з’явілася жаданне самому размаўляць з кімсьці па-беларуску. У інтэрнэце я знайшоў сяброў з розных гарадоў. Хтосьці таксама, як і я, толькі пачынаў размаўляць па-беларуску.

У Стругацкіх ёсць фантастычны раман «Цяжка быць Богам». Там апісваецца, як чалавек трапіў у зусім іншы свет, не падобны да яго роднага. І ў гэтым свеце перад ім паўсталі сур’ёзныя праблемы, якія ён здолеў вырашыць. Напрыканцы рамана ў яго з’явілася магчымасць вярнуцца на сваю планету, але ён сказаў: «Не. Я застануся тут, на гэтым населеным востраве». Вось так і для мяне Беларусь — нібы той населены востраў. Хоць карані мае не тут, але я разумею, што ні на які паўночны Каўказ адсюль не з’еду.

Таццяна Абдулхакава: Я з гэтым адчуваннем нарадзілася

— У маёй сям’і ніколі не размаўлялі па-беларуску, але з дзяцінства нас вучылі паважаць родную мову. Памятаю свае дзіцячыя кніжкі, дзе былі беларускія казкі, апавяданні, вершыкі, якія я ведала на памяць.

Потым была беларускамоўная школа (у вёсцы яна адна, таму выбіраць не даводзілася). Тэарэтычна навучанне павінна было праходзіць па-беларуску, бо падручнікі былі беларускія. Але амаль усе настаўнікі размаўлялі па-расейску. Зрэшты, пытання наконт таго, куды паступаць пасля школы, амаль не ўзнікала. Ведала, што гэта будзе менавіта беларуская мова і літаратура.

Мне складана вызначыць той момант, калі я свядома зразумела, што я беларуска. Напэўна, я з гэтым адчуваннем нарадзілася. Таму і пытання наконт роднай мовы ў мяне ніколі не ўзнікала. Я заўсёды ведала, што родная — беларуская.

Вольга Пашкевіч: Я заўжды лічыла сябе беларускай

— Расейская мова — яна для вуліцы, для размоваў з незнаёмымі людзьмі ці з тымі, хто не разумее беларускую мову. А нам і на сваёй добра. Роднай мове мяне вучылі бацькі, таму натуральна, што я з імі размаўляю па-беларуску. Але з сябрамі таксама. Неяк так мне зручней. Колькі сябе памятаю, заўжды лічыла сябе беларускай. Некалі нават паспрабавала з сябрамі па-расейску гаварыць, але надта смешна атрымалася.

Шмат людзей лічыць, што калі нехта размаўляе па-беларуску, то ён нейкі вясковы прастак, які нават не змог навучыцца гаварыць па-расейску. Што за глупота! Як сцвярджаюць знаўцы, наша мова адна з найпрыгажэйшых ў свеце паводле меладычнасці. Таму няма чаго саромецца размаўляць на беларускай мове.

Вольга Палівода: Мне падабаюцца людзі, якія ўмеюць думаць

— Мая маці расейка, бацька беларус. Але пра беларускасць у сям’і ніхто асабліва не згадваў. Бацькі ад палітыкі трымаюцца ўбаку, хаця і маюць сваю ўласную пазіцыю. А вось дзядуля любіў размаўляць па-польску. Любоў да радзімы, па вялікім рахунку, прывіў менавіта ён.

Навучалася ў беларускай школе, таму што гэта была адзіная ў Маладзечне гімназія.

Усе прадметы, апроч рускай мовы, выкладаліся па-беларуску. Потым давялося перавучвацца, здаваць біялогію па-руску: ныркі — почки, і гэтак далей… Але гэта не было складана, бо мы на перапынках заўсёды размаўлялі па-расейску. Тады неяк і не задумваліся пра мову. Калі пераехала ў Менск, беларускасць зрабілася бліжэйшай. Магчыма, таму, што стала больш самастойна думаць. І ўжо не так стрымлівалі бацькі і асяродак.

Пачала пісаць вершы па-беларуску. Нашая мова вельмі прыемная, меладычная. Але з беглай гаворкай у мяне праблемы, таму што няма з кім размаўляць. Цяпер крыху больш занятая, а раней штосераду хадзіла на Корч. Гэта яблыневы сад у Менску каля Нацыянальнай бібліятэкі на «Усходзе». Месца тусоўкі тых, хто цікавіцца старадаўняй беларускай музыкай. Прыемная атмасфера, танцы, адкрытыя для стасункаў людзі, магчымасць размаўляць з жывым чалавекам па-беларуску. Бо дома няма з кім, калі толькі з аркушам паперы…

Мне падабаюцца людзі, якія ўмеюць думаць. Лічу, што тыя, хто ўсвядоміў сябе беларусам, ужо прайшоў пэўны шлях станаўлення сябе як асобы.

4. ЛЮБОЎ

— Беларусь — гэта як каханне. — Сэрцам любіць тое месца, дзе я жыву. Я лічу, што ўсё пабудавана на любові, у тым ліку і беларушчына. — Я часам параўноўваю сваю любоў да роднай мовы з любоўю да дзяўчыны, бо яна прыгожая, мілагучная, родная. — Мой бацька займаўся музыкай і прывіў мне любоў не тое каб да беларускай культуры, а ўвогуле да культуры. — Падабаецца ці не — адчуваеш сэрцам. — Маё захапленне Беларуссю тоеснае захапленню прыгажосцю сусвету. — Гэта своеасаблівы стан душы, калі ты добра разумееш, хто ты, дзе ты, чаму ты тут і чаму ты такі, а не іншы.

Сяргей Сакума: Беларусь — гэта як каханне

— На ўсходзе Беларусі, дзе я нарадзіўся, усе вакол размаўлялі па-расейску. Толькі бабуля, што жыла разам з намі, раптам устаўляла свае «анягож», «скуля я ведаю». Я неўпрыкмет набіраўся такіх словаў і пасля ўстаўляў у школьныя сачыненні.

Памятаю, яшчэ ў дзясятым класе на занятках па беларускай літаратуры на мове гаварыла толькі настаўніца. Таму я атрымліваў немалое задавальненне, калі падчас адказу на запытанне настаўніцы мне шэнціла скласці цэлы сказ, не ўжыўшы ніводнага расейскага слова. На першым курсе ў студэнцкім інтэрнаце мяне пасялілі ў блоку, дзе суседзямі, на шчасце, апынуліся тры хлопцы, якія ўвесь час размаўлялі па-беларуску і якія былі сапраўды шчырыя і свядомыя. Не прамінула і двух тыдняў, як і я сам ужо гаманіў па-беларуску, і так мне гэта падабалася, што і слова не даваў уставіць сваім суседзям.

Пасля былі Дзяды. Я пайшоў з сябрамі ў Курапаты. Крыжы ўздоўж дарогі, невялікія яміны і пагоркі паміж дрэваў. З’явілася калона са сцягамі, прычым сцягоў, падавалася, было болей, чым людзей. Калона рухалася, нібыта адна з грунвальдскіх харугваў. Мне мроілася, што ўсё магчыма, што праз дзесяць гадоў усе будуць размаўляць па-беларуску. Мабыць, тады я ўпершыню і адчуў, што беларус — гэта і я таксама.

Быць беларусам — гэта ісці ў свет не з пустымі рукамі і чалавекам без роду, а з гонарам несці свету нашыя здабыткі і каштоўнасці.

Беларусь жыве, пакуль жывуць людзі, якія носяць яе ў сваім сэрцы.

Беларусь — гэта як каханне.

Віктар Сямашка: Сэрцам любіць тое месца, дзе я жыву

— Яшчэ да школы пастаянна чуў беларускую гаворку з тэлевізара й радыёкропкі. Дагэтуль памятаю, як мяне ўразіў голас Караткевіча… Таму першы ўрок беларускае мовы ў 5-м класе школы для мяне не стаў чымсьці дзіўным. Я зразумеў усё, што сказала выкладчыца, акром хіба слова «наогул», якое яна часта паўтарала. На тым жа ўроку першымі, скажам так, свядома засвоенымі мной беларускімі словамі сталі «абрус», «лыжка» й «відэлец». Праўда, адвольна размаўляць па-беларуску пачаў толькі год праз дзесяць, напачатку тысячагоддзя. Таму я ведаю, што я ёсць беларусам з маленства.

Ведаць гэта й не абцяжарваць гэтае веданне нейкімі дадатковымі (пафаснымі, прынцыповымі, пратэстнымі) сэнсамі для мяне заўсёды было натуральна. Мае бацькі мову ведалі й паважалі. Цяперака ж мне часам і беларускамоўныя сны сняцца.

У нашым жыцці ўсё важна. Я адчуваю, што нездарма нарадзіўся менавіта тут, менавіта ў гэты час і менавіта беларусам. І дзякую Богу за гэта!

А быць беларусам — гэта значыць для мяне, перш-наперш, сэрцам любіць тое месца, дзе я жыву, любіць тутэйшых людзей незалежна ад паходжання, любіць сваю культуру — мову, звычаі, гісторыю — і пашыраць уласныя веды ды практыкі. Па-другое, быць карысным для роднай зямлі, а калі маецца такая магчымасць, праслаўляць яе і верыць, што жыццё ў Беларусі некалі будзе больш гарманічным.

Зміцер Суліменка: Як любоў

— Быць беларусам у Беларусі вельмі цяжка. Яшчэ цяжэй ім стаць, бо ў нас беларускасць не вітаецца, лічыцца непатрэбшчынай. Я сам калісьці зневажаў усё беларускае. Тады я вучыўся ў пятым класе. На ўроках беларускай мовы я на ўвесь клас выказваў сваё абурэнне тым, што мы вывучаем непатрэбную мову.

Але потым здарыўся адзін выпадак. Я штогод ездзіў да бабулі ў горад Марыупаль (Данецкая вобласць) і адпачываў там некалькі тыдняў. Але гэтым разам нешта так засумаваў па радзіме, што пачаў успамінаць беларускую мову і нават паспрабаваў на ёй гаварыць. Потым, калі мы былі ў горадзе, я гучна размаўляў на мове, каб усе чулі. Людзі вакол, вядома, не прымалі яе за беларускую, а лічылі, што гэта ўкраінска-польская.

Той выпадак вельмі на мяне паўплываў. Ужо бліжэй да сёмага класа я пачаў адчуваць сябе свядомым беларусам. Гэты працэс паскорыўся падзеямі 2006 года. Шмат людзей пасля выбараў пачалі цікавіцца беларушчынай, размаўляць на беларускай мове. Я часам параўноўваю сваю любоў да роднай мовы з любоўю да дзяўчыны, бо яна прыгожая, мілагучная, родная. У радасці і суме яна разам з табою, неад’емная частка твайго «Я».

Шчытова Таццяна: Я нарадзілася беларускай

Я паходжання амаль расейскага. Аднак завуся Яна, бо Яна — гэта яна. Нарадзілася на Смаленшчычне, а беларускую мову палюбіла праз Караткевіча. Мне параіла сяброўка прачытаць збор яго апавяданняў. Спачатку чытала са слоўнікам, потым у часопісе пабачыла «Дзікае паляванне». Але калі аповесць выйшла на расейскай мове, я ўжо магла абысціся без перакладу. Чытаць Караткевіча на беларускай і на расейскай — вялікая розніца.

Маё захапленне Беларуссю тоеснае захапленню прыгажосцю сусвету.

Заўжды хацелася ведаць вытокі рэк. У дзевяць гадоў я зрабіла першае ў жыцці падарожжа ўверх па Свіслачы, прайшла кіламетры тры. Потым вярнулася сама, грамадскім транспартам. Пазней я пачала цікавіцца вытокамі Беларусі.

Быць беларускай — увесь час даведвацца нешта новае пра Беларусь, вандраваць па ёй і ведаць яе амаль наскрозь. Праз гэта я скончыла курсы экскурсаводаў і цяпер працую як прафесійны экскурсавод. Для мяне беларушчына — гэта людзі. Яны ў Беларусі цудоўныя. Люблю беларускіх людзей. Быць беларускай для мяне — гэта ведаць і вытокі свайго радаводу. Дзякуючы маці я ведаю свой род да прапрапрапрадзеда, імем якога названая вёсачка на Смаленшчыне.

Дзяніс Шляхціцаў: Творчасць — жыццёвае крэда

— Неверагодна, але я адчуў сябе беларусам яшчэ ў 3-м класе. Мая бабуля дазваляла мне не вучыць беларускія вершы, казала, што гэта складана і не заўсёды добра зразумела. Таму я быў, калі можна так сказаць, «вызвалены» ад хатняга задання па літаратуры.

Але вершы я ўсё ж такі вучыў, бо яны вельмі мне падабаліся! Цяжка гэта перадаць, толькі калi я чытаў вершы, дык адчуваў эмацыйную сувязь з мовай, нібыта прапускаў праз сябе яе мілагучнасць, незвычайную музычнасць.

Дзяніс Ясінскі: Шукаў для сябе падтрымкі

— Бацькі аддалі мяне ў беларускую школу. Памятаю, як цяжка было вывучаць незразумелую для мяне мову, як скардзіўся матулі, што не разумею многіх словаў. Неяк дома спытаў, што такое вавёрка, і ад старэйшага брата пачуў: «Дурак, это же ворона».

У 90-я гады я ўжо чуў дома беларускую мову, яна хоць не часта, але ўсё ж гучала: мая маці, вяртаючыся з працы, дзе вучыла дзяцей на мове, не пераходзіла на расейскую. Таксама бацька ці яго сябры, якія прыходзілі да нас, перыядычна карысталіся мовай, бо былі прыхільнікамі БНФ.

Памятаю, як гартаў газету «Пагоня», безумоўна, мала што разумеючы з таго, што там напісана. Мая маці набывала мне кнігі толькі на беларускай мове: бацькі лічылі, што хутка ўсе будуць размаўляць па-беларуску, аднак… Давучваўся я ўжо на расейскай мове.

Трэба сказаць, што я заўжды лічыў сябе беларусам, хаця размаўляў па-расейску. Па-беларуску — хіба толькі ў школе на ўроках. У ВНУ я спрабаваў перайсці на мову, толькі неяк не атрымлівалася. Я загаварыў па-беларуску адно пасля заканчэння ўніверсітэта, калі паехаў працаваць па размеркаванні ў Гомельскую вобласць — не самы прыдатны асяродак дзеля гэтага. Дык чаму так здарылася? Цяжка адказаць. Мне падаецца, што ў той час я шукаў сабе хоць у чым падтрымкі, і такой падтрымкай стала для мяне мая мова, якая цяпер заўжды застаецца са мною.

Наталля Шырокава: З маленькай любові пачынаецца вялікая

— Беларускай я стала 11 кастрычніка 1987 году, калі мае бацькі пачулі мой першы крык. А бацькі мае былі беларусамі (прынамсі, так было запісана ў пашпарце).

Зрэшты, у дакументах ты можаш быць запісаны як паляк, рускі, немец і г. д., але быць беларусам. Беларус — гэта своеасаблівы стан душы. Яго цяжка выказаць словамі, можна толькі адчуць.

Вось тры фактары, якія зрабілі мяне сапраўднай беларускай:

1. Любоў да таго, што вакол цябе і захапленне ад прыроды.

Безумоўна, вельмі важную ролю адыгрывае тое, дзе ты жыў і ў якой сям’і гадаваўся. У маім жыцці два такіх месцы — Віцебск і вёска Прудняні, дзе жыла мая бабуля. Менавіта ў вёсцы я прыдбала сабе любоў да айчыны. Я палюбіла Беларусь, яшчэ нават не разумеючы, за што і што я палюбіла.

З маленькай любові пачынаецца вялікая.

2. Праўдзівыя веды пра Радзіму.

Сярод родных і блізкіх мне людзей большая частка была «таталітарнага» крою, якая адчувала сябе не асобным, а беларуска-савецкім народам. Але ў гэтым не было іх віны. Проста ім ніхто не казаў праўды.

У школе ў мяне былі такія ж настаўнікі. А сапраўдныя веды я атрымала тады, калі пачала рыхтавацца да паступлення на гістарычны факультэт. Я вельмі шмат чытала па гісторыі Беларусі, і ў нейкі момант прыйшло «прасвятленне».

3. Мова родная, а не чужая!

Што за народ без мовы? У вёсцы я размаўляла больш на беларускай (трасянка, у якой зберагаюцца моўныя асаблівасці), а ў горадзе — на расейскай. З першага курса ўнівера я стала носьбітам «беларускіх адраджэнскіх ідэй», але мне не хапала адвагі, каб канчаткова перайсці на беларускую мову, хаця я і моцна жадала гэтага. Шчыра кажучы, я проста баялася, што з мяне будуць кпіць і здзекавацца нават блізкія.

Але аднойчы я зрабіла сабе падарунак: у дзень нараджэння сустрэла ўсіх сяброў беларускай мовай і з гэтага моманту стала самай шчаслівай! Я перамагла… Я стала сапраўднай беларускай.

Я лічу, што народа без мовы не існуе. І я яе ніколі не кіну, «каб не ўмерці»!

5. ЦУД

— Бывае, я тлумачу сваю беларускасць тым, што ў маленстве быў уджалены роем крывых пчол, якія, баронячы вуллі свая… — Проста аднойчы я прачнулася і зразумела, што больш так не магу і што я пачынаю размаўляць па-беларуску. — Беларускасць ці імкненне да яе стала маім чароўным абавязкам. — А нам трэба змагацца за тое, каб з’явілася духоўная еднасць, духоўнае сяброўства. — Трэба проста абудзіць у сабе глыбока схаваныя пачуцці, разуменне ўласнай ідэнтычнасці. — Прага атрымаць удзячнае слова і лагодную ўсмешку ад продкаў пералілася ў прагу й моц усведамляць сябе беларусам. — Нейкі шрубчык у маёй свядомасці рэзка перакруціўся. — Беларуская мова — гэта не толькі сродак вербальных зносін, але і асобны светапогляд. — Дасягнуць пэўнай ступені духоўнага развіцця. — Гэтае адчуванне прыйшло знутры з усведамленнем таго, хто я: як частка маёй самаідэнтыфікацыі як чалавека.

Сяргей Балахонаў: Звышнатуральнае пачуццё

— У сям’і не было нейкага адмысловага выхавання любові да беларускага. Але, зрэшты, ні ад таты, ні ад мамы — выхадцаў з вёскі — нельга было пачуць і абразлівых словаў на адрас беларускае мовы.

Мне не давялося наўмысна станавіцца беларусам. Колькі сябе памятаю, я заўсёды прыязна ставіўся да беларушчыны. Мне з дзяцінства падабалася беларуская мова. Чаму так сталася, я дагэтуль не магу патлумачыць рацыянальным чынам.

У доме былі кнігі беларускіх і расейскіх народных казак на беларускай мове — мае ўлюбёныя чытанкі з таго моманту, як я ўвогуле навучыўся чытаць. Яшчэ да школы мне было вядома, што я беларус. Што праўда, спачатку вымаўлялася мной гэтае слова няправільна — бералус. Не зважаючы на такую акалічнасць, я ганарыўся і нават быў у пэўнай ступені шчаслівы ад таго, што з’яўляўся бералусам. У вёсцы любіў гартаць беларускамоўны буквар Анатоля Клышкі. Мабыць, з яго я ўпершыню даведаўся пра Францішка Скарыну. Расе скамоўныя буквары і азбукі, з якімі даводзілася засвойваць грамату ў школе, такой магчымасці не давалі.

Як невыпраўны ідэаліст, я часцяком выгледжваю вытокі ўласнае беларускасці ў нечым звышнатуральным. Іншым разам я проста перакананы, што ўва мне праявіўся невядомы навуцы ген беларушчыны.

Бывае, я тлумачу сваю беларускасць тым, што ў маленстве быў уджалены роем крывых пчол, якія, баронячы вуллі свая, не зрабілі мне смерць, а прышчапілі любоў да тутэйшае зямлі і яе мовы.

Зусім нядаўна мне расказалі, што зноў жа ў маленстве мяне вельмі злякаў сабака — злякаў так моцна, што мая звычайная бойкасць некуды прапала, замяніўшыся невытлумачальнай бояззю ўсіх і ўсяго. Адзіным чалавекам, да каго пайшоў без боязі, была бацькава бабуля — носьбітка сакральнай народнай веды. Я не памятаю ні яе, ні ўсёй гэтай гісторыі. Але, кажуць, пасля яе шэпту маё насланнё знікла. А можа, у шэпце была не толькі сіла, здольная выратаваць ад злякання?..

Зрэшты, маё звышнатуральнае навяртанне ў беларушчыну кампенсавана тым, што я ніяк не магу перайсці на беларускую мову як асноўную мову паўсядзённай камунікацыі. Не атрымалася гэтага зрабіць ні ў 1990-я гады, ні ў пачатку новага тысячагоддзя. Цяпер я нават не рызыкую марыць пра тое, што такі пераход для мяне магчымы. Хаця думаю пераважна па-беларуску.

Творы таксама пішу па-беларуску. Беларускія прыказкі і прымаўкі першымі прыходзяць у галаву і ў разе патрэбы агучваюцца нават у рускамоўным коле. Ужываць беларускую мову шчасціць па родзе заняткаў (пакуль выкладанне гісторыі Беларусі цалкам не пераведзенае на расейскую мову), у вузкай сяброўскай кампаніі, у сеціве… Безумоўна, гэта вельмі мала. У гэтым мая жыццёвая драма. Я па-ранейшаму ганаруся тым, што з’яўляюся беларусам.

У цяперашнім адчуванні гонару няма колішняй дзіцячай наіўнасці, няма і былога юнацкага пафасу. Мне проста хочацца быць беларусам. Быць і нікому не тлумачыць, навошта мне тое патрэбна. Мяркую, што гэта вельмі беларускае жаданне.

Наталля Залеская: Усвядоміла сваю адказнасць

— Мая гісторыя пераходу да беларускасці можа здацца даволі знаёмай для ўсіх тых, хто ўжо зрабіў гэты крок. Проста аднойчы я прачнулася і зразумела, што больш так не магу і што я пачынаю размаўляць па-беларуску. Мне тады было 16 гадоў, я вучылася ў адзінаццатым класе.

У маёй сям’і беларуская мова ніколі не гучала, бо продкі мае з Расеі. Але я нарадзілася тут, і так сталася, што яшчэ ніколі ў жыцці не была ў «великой и могучей».

Кажуць, што радзіму не выбіраюць. Яна, як маці, адна. Але я ўсё ж такі мусіла зрабіць гэты выбар. З дзяцінства я чула толькі рускую мову, ні-ко-лі не была ў вёсцы, не бачыла тыповага беларускага побыту, не ела сапраўдных беларускіх страваў, не чула беларускіх песняў… Таму выхаваць любоў да беларускай мовы і культуры ў маёй сям’і не было каму. Я жыла як жывецца, не пераймаючыся пытаннямі нацыянальнага самавызначэння.

Пакуль у маім жыцці не з’явіліся два настаўнікі. Настаўніца гісторыі Святлана Мікалаеўна і настаўніца беларускай мовы Галіна Антонаўна. Іх урокі абуджалі маё ўяўленне пра цудоўную краіну Беларусь. Мне вельмі цікава было іх слухаць, думаць з імі, разважаць… Але ўрокі заканчваліся, і я забывалася пра Беларусь і беларускую мову, вяртаючыся да сваіх дзіцячых праблем.

Толькі аднойчы зерне, кінутае выдатнымі настаўнікамі, прарасло. І я зразумела, што ніякая я не руская, а самая сапраўдная беларуска. І загаварыла на мове. І тады змянілася ўсё жыццё.

Да таго ж зразумела галоўнае: побач абавязкова павінен быць чалавек, які цябе падтрымае. Чалавек, які будзе для цябе прыкладам.

Магчыма, таму я і стала настаўнікам. Адчула, што павінная аддаць грамадству сваю пазыку. І як калісьці мяне прывялі да беларускай мовы, так і я павінная дапамагчы дзецям зразумець іх месца ў свеце, іх прызначэнне і лёс — быць беларусамі. А з гэтага ведаць і паважаць сваю мову, культуру і свой народ.

Я выкладаю беларускую мову з пятага па восьмы класы. Працую ў самай звычайнай сярэдняй школе, дзе для большасці вучняў я адзіны чалавек, які размаўляе па-беларуску.

І гэта дадатковая адказнасць. Бо я прадстаўляю не толькі сябе, але і ўсіх свядомых беларусаў.

Я працую над тым, каб для сённяшніх дзяцей беларуская мова не была «нудной обязаловкой», а стала сучаснай, цікавай і патрэбнай.

Неяк адзін з маіх вучняў зрабіў мне камплімент: «Ну, вы самый продвинутый учитель белорусского языка!». І я намагаюся сапраўды быць такой. З сённяшнімі дзецьмі трэба размаўляць на іх мове, быць з імі побач, на роўных, калі хочаш, каб яны цябе не толькі пачулі, але і ўсвядомілі, асэнсавалі сказанае табою.

На жаль, аднаго майго жадання для змены стаўлення адносна беларускай мовы недастаткова. «А вы по-русски хоть умеете разговаривать?», «Как?! Вы всегда-всегда говорите по-белорусски?! Ну ничего себе…» Такія каментары мне даводзіцца чуць ад дзяцей даволі часта. Напэўна, як і кожнаму іншаму беларускамоўнаму чалавеку ў наш час.

Я не ствараю сабе ілюзій наконт сваёй асобы і маіх магчымасцяў у беларусізацыі і ні ў якім разе не раблю з сябе звышчалавека. Але я веру, што шлях у тысячу міляў пачынаецца з першага кроку. І гэты крок я імкнуся рабіць штодня.

Я ведаю, што ў той дзень, калі адзін з маіх вучняў свядома пачне трымацца беларускай мовы, я стану самым шчаслівым чалавекам на зямлі. Бо тады я зразумею, што мая праца не была марнай.

Кацярына Лабецкая: Зачараваная на абавязак

— Раскажу вам адну гісторыю. Яна не завершаная, пакуль я жыву, але вы маеце поўнае права дадумаць яе і паставіць свой знак капірайту.

Аднойчы позна ўвечары сустрэлася я ў карчме з балотнай цыганкай. Яна амаль што прайшла міма, але раптам уважліва глянула ў мае вочы. «Не вярзі абы-як. Гавары нармальна», — прашыпела цыганка, як гадзюка. «Тваё дзела», — падумала я. «Хопіць быць рускай. Ты — беларуска. Яшчэ і з таемнай жаночай сілай, якая раскрыецца пасля дваццаці». Тут мяне, як кажуць у моладзевым асяроддзі, торкнула. Я адчула хвалі току ў руках і нагах. Нават страшна трохі стала. «А мо яна праўду кажа, хто ж яе ведае, адкуль яна тут з’явілася?».

Аднак неўзабаве, як ва ўсякай казцы, цыганка знікла і больш на маім шляху не з’яўлялася.

З той пары беларускасць сталася як маім абавязкам, так і наканаваннем.

Тут мне згадваецца ўкраінская народная песня. «Горыць, горыць сосна, горыць та палае, кліча Галя крыкам, крыкам — промовляе: «Хто мэнэ пачуе нехай порятуе, да пізноі ночі дочак не пушчае». Цыганка, як у гэтай песні, прывязала мяне сваімі вядзьмарскімі словамі да пякельнага дрэва беларускасці. Але я на яе зусім не злуюся, нават удзячная. Адно вярэдзіць душу — што я падтрымліваю двухмоўе паўсюль, дзе бываю. Бо паважаю выбар кожнага чалавека. І ганьба таму, хто пахваляецца нацыянальнай пыхай. Ім бы хоць якую іншую мову, толькі не маскальскую. Дурасць гэта.

Адзін хлапец нават параіў мне адрэзаць ад сябе, так бы мовіць, свой «маскальскі хвост» (у маіх генах чвэрць маскоўскай культуры). Не буду я гэтага рабіць ніколі. Я, дарэчы, думала, што падчас кахання не змагу размаўляць па-беларуску. Але размаўляла. І было цудоўна. Між іншым, я зусім не ўспрымала гэта як нейкую экзотыку. Гэта было натуральна і вельмі шчымліва.

Сяргей Вітушка: Каб быць беларусам, даволі жыць у Беларусі і тут займацца гаспадаркай

— Маё ўсведамленне сябе беларусам трошку змяняецца ў часе. Пачыналася ўсё з этнічнасці. У сям’і я атрымаў класічнае этнічнае выхаванне.

Жыццё прайшло ў горадзе, дзе я скончыў звычайную расейскамоўную школу, у якой беларускія мова і літаратура былі толькі як прадметы. У сям’і размаўлялі на трасянцы, якая ёсць адной з формаў беларускай (гарадской) мовы. Кожнае лета, а часам і выходныя, я праводзіў у бабулі на вёсцы. У гаворцы бабулі была беларуская аснова. Трапляліся і расейскія словы, але было і шмат такіх, якіх я ў горадзе ніколі не чуў. І гэта было натуральна, як тое, што неба сіняе.

Магчыма, каб нейкі іншы збег абставінаў, дык я прайшоў бы такую ж эвалюцыю, як большасць жыхароў Беларусі: стаў бы рускамоўным. Але атрымалася наадварот.

Уплыў сям’і — аснова. Яшчэ ролю адыграў уласны няўрымслівы характар. Мне ўсё нечага хацелася: раней за іншых уступіў у камсамол, хадзіў у гурткі, і спартовыя, і мастацкія. Калі скончыў школу, а затым вучэльню, то пайшоў на завод. Таксама б, можа, пакаціўся па звычайнай сцежцы: гарэлачка, дзяўчаты… Але крыху прыхварэў і быў вырваны са звыклага сяброўскага кола. З’явілася шмат вольнага часу, каб чытаць кніжкі. Выпадкова натрапіў на Караткевіча, і яго творы мне вельмі спадабаліся.

Этнолагі кажуць, што этнас — гэта агульная тэрыторыя, культура, самасвядомасць. То бок агульная плоць, гаспадарка і сяброўства. Каб быць беларусам, трэба ў сабе мець хаця б два з гэтых складнікаў: доўга жыць у Беларусі і тут займацца гаспадаркай. А яшчэ трэба змагацца за тое, каб з’явілася духоўная еднасць, духоўнае сяброўства. Праз размовы, праз культуру, праз гісторыю. І гэта задача тых людзей, якім гэта ўжо дадзена, — падзяліцца з астатнімі сваім багаццем, шчымлівай любоўю да Беларусі.

Наталля Пушкарова: Больш, чым запіс у дакуменце

— У пасведчанні аб нараджэнні ў мяне, як у кожнага, хто нарадзіўся перад 90-мі, запісаны нацыянальнасці бацькоў. Абодва рускія, хоць бацька з Украіны, а карані маці ўвогуле вызначыць цяжка. І я, як наіўная дзяўчынка, доўгі час была ўпэўненая, што і мая нацыянальнасць — расейская.

У дзявятым класе я пераехала ва Украіну, у Кіеў, дзе калісьці нарадзілася. Я старанна вучыла ўкраінскую мову, гісторыю, аднак не магла забыцца на сваё «беларускае мінулае» і пры кожнай магчымасці распавядала пра Беларусь.

Пры пераездзе не атрымалася ўзяць з сабой кнігі, музычныя запісы. І аднойчы я папрасіла сяброўку, каб тая ў лісце напісала мне што-небудзь беларускае. Я памятаю, як чытала «Паміж пяскоў егіпецкай зямлі…» — санет Максіма Багдановіча, накрэмзаны яе вучнёўскім почыркам, і плакала. Праз тры месяцы я ўжо была ў Беларусі. У той дзень я ўсвядоміла, што я беларуска, нягледзячы нават на маё ўкраінскае паходжанне.

Цяпер я разумею, што папяровая праўда часта фальшывая, трэба верыць толькі сваім адчуванням і сваім перакананням. Быць беларусам — больш, чым мець запіс у нейкім дакуменце, больш, чым мець бацькоў-беларусаў па паходжанні.

Гэта ўнутраны стан чалавека, які ўсведамляе сябе часткай народа, ведае і шануе традыцыі сваёй краіны, нясе вялікую адказнасць за свае ўчынкі, за свае словы. Права быць беларусам трэба заслужыць. Таму пакуль я толькі імкнуся быць беларускай.

Наста Захарэвіч: Гэта асобны светапогляд

— Да дзявятага класа беларуская мова для мяне была як замежная. Усё змянілася, калі адным з профільных прадметаў навучання стала беларуская мова. І, як мы жартавалі, трошкі літаратура. Тады я і зразумела, якая яна прыгожая і мілагучная.

Можна, вядома, доўга і пафасна апісваць «момант прыходу да мовы», але гэта не самае цікавае. Уласна кажучы, і не самае складанае. Значна складаней «перайсці на мову».

Калі ты бачыш чалавека ўпершыню — лёгка пачаць размаўляць з ім на мове, але звярнуцца з беларускім словам да сяброў ці родных — вось сапраўднае выпрабаванне. Ва ўсякім выпадку, для мяне гэта было вельмі цяжка. З бацькамі і да сёння працягваю размаўляць па-расейску.

Найбольш складанымі ў засвойванні мовы былі першыя два месяцы. На той час я жыла ў Берасці, а там беларуская мова выклікае ў людзей не найлепшыя эмоцыі. Гэта ў Менску белмова лічыцца элітарнай, а там усё па-іншаму. Часам ледзьве не да слёз даходзіла. Часта чула ў свой адрас, што «ўсё гэта юнацкі максімалізм, і хопіць ужо выпендрывацца». Хаця насамрэч думкі выдзеліцца з натоўпу праз беларускую мову ў мяне ніколі не было. Усё атрымалася само сабою.

А цяпер я вельмі ўдзячная тым, хто тады мяне зразумеў і падтрымаў. Бо калі б адмовілася ад мовы і вярнулася да расейскай, то шмат страціла б у сваім жыцці.

Памятаю, як некалі ў «Кантакце» сустрэла апытанне: «Чаму беларускамоўныя дзяўчыны могуць сустракацца толькі з беларускамоўнымі хлопцамі?». Што за глупота? — падумала я тады. Затое цяпер разумею, што гэта праўда. Беларуская мова — гэта не толькі сродак вербальных зносін, але асобны светапогляд. Я змянілася. Вельмі. І бачу, як пад уплывам беларускай мовы іншыя змяняюцца таксама.

Надзея Паўлава: Разнастайныя факты склаліся ў цэласны малюнак

— Усвядоміць сябе беларусам у нашай краіне — значыць дасягнуць пэўнай ступені духоўнага развіцця. У другім класе я нават прасіла маму, каб яна вызваліла мяне ад заняткаў па беларускай мове. Потым была глыбока ўдзячная ёй, што яна мяне не паслухалася.

Калі пачала самастойна знаёміцца з беларускай мовай, дык хутка адчула, як кепска выкладалі яе ў школе, абыякава, без любові. Адначасна знаёмілася з цікавымі людзьмі, якія любяць Беларусь, ведаюць яе гісторыю і традыцыі і, натуральна, размаўляюць па-беларуску.

Усё гэта супала з маім навучаннем на архітэктурным факультэце, са знаёмствам з беларускай архітэктурай, з новым бачаннем гісторыі роднага Менска, са шматлікімі паездкамі па разбураных помніках беларускага дойлідства і культуры.

Пакрысе ўсе гэтыя разнастайныя факты склаліся ў цэласны малюнак.

А потым склалася сітуацыя, калі я была змушаная сур’ёзна падумаць пра магчымасць эміграцыі. Тады я і зразумела, што нават калі перавязу з сабой, напрыклад, у Канаду, усіх сваіх самых любых людзей, я ўсё роўна там страчу вялікую частку сябе. Ужо хаця б таму, што я займаюся мастацкай фатаграфіяй і рэстаўрацыяй помнікаў архітэктуры. А за мяжой гэтыя кірункі маёй працы не будуць мець сэнсу.

Так атрымалася, што я нарадзілася і вырасла тут. І для мяне ўсё Сапраўднае таксама тут. Там — цікава. Там варта папрацаваць, павучыцца, пасябраваць з рознымі людзьмі. Але Быць — тут.

Анка Упала: Інтымнае пытанне

— У трэцім класе на пытанне настаўніцы беларускай мовы «Ці трэба вучыць беларускую мову?» я адказала, што не трэба і што лепей, каб усе паступова перайшлі да таго, каб размаўляць на якой-небудзь адной мове, бо так зручней. А моманту, калі зразумела, што беларуская мова патрэбная мне асабіста, я дакладна не памятаю. Гэтае адчуванне прыйшло знутры з усведамленнем таго, хто я: як частка маёй самаідэнтыфікацыі як чалавека. Як імя, як пол, як сацыяльныя ролі. Быць самой сабой — важна.

Я жахлівы інтраверт, і пытанне беларускасці для мяне інтымнае, як усё, што закранае эмоцыі.

Беларускае для мяне пачалося з дзіцячых кніжак з казкамі, якія купляла мне маці, і замацавалася песнямі гурта N. R. M. «Long live Лявон Вольскі!» атрымоўваецца.

Дарэчы, першую касету з запісам акустычнага канцэрту N. R. M. я выйграла на турніры па «Што? Дзе? Калі?», арганізаваным пісьменнікам Аляксеем Бацюковым. Турнір быў прысвечаны наданню Магілёву Магдэбургскага права, і пытанні задаваліся па-беларуску.

6. ЛОГІКА

— Проста ўключыўся ў галаве нейкі тумблер. Вакол мяне не было ні мітынгаў, ні незалежных выданняў. — Шмат беларусаў «абуджаецца» менавіта за мяжой. — Зрабіць мікс з нацыянальнага з сусветным і сучасным. — Культурна-ментальнае мы самі сабе рабілі. — Аскепкі прачытанага і ўбачанага склаліся ў мазаіку. — Часамі здаецца, што ў Беларусі існуе два сусветы. Маленькі сусвет зацятых беларусаў і вялікі сусвет постсавецкіх беларусаў — чарговых «тутэйшых». — Калі табе не ўсё роўна, што адбываецца ў гэтай краіне. — Я ўсё жыццё хачу быць адметным. — Асноўнае — не кроў, а самаадчуванне.

Таццяна Нядбай: Вырашаеш ты сам

— У нас у школе лакальная ідэнтычнасць была дастаткова развітая: мы былі з Полацка-самага-старажытнага-горада-Беларусі!

У школьныя гады нацыянальнасць не была для мяне нечым такім, што як спадчына пераходзіць ад бацькоў да дзяцей. І тады, і цяпер у большай ступені мне здаецца гэта пытаннем уласнага выбару чалавека. Гэта як калі ўсталёўваеш праграму, выбіраеш опцыю — на якой мове ўсталяваць. Так і тут — ніхто і ніколі за цябе гэтага не вырашыць — вырашыш ты сам. Не кажу, што так мусіць быць ува ўсіх. У некаторых сем’ях існуюць трывалыя нацыянальныя традыцыі і дзеці ўсведамляюць сваю нацыянальнасць як штосьці зададзенае. У мяне гэта было маім уласным выбарам.

Вырасла ў цалкам расейскамоўнай сям’і. Тата ніколі не вучыў беларускую мову ў школе, бо быў сынам ваеннага, і калі пачалі з’яўляцца мае першыя публікацыі (артыкулы і вершы) беларускай мовай, часта дражніў мяне — перакладзі. Але гэта ўжо былі «свядомыя» часы. Раней жа ў нас увогуле не ішлося ніякім чынам пра нацыянальнасць у сям’і — яна існавала толькі ў пашпартах мамы і таты. Памятаю, калі мне было прыкладна 11 гадоў, у музычнай школе настаўніца запісвала мае дадзеныя — адрас, тэлефон, нацыянальнасць.

— Национальность?

— …Не знаю…

— Как не знаешь? А папа кто по национальности?

— Не знаю, наверное, русский.

Яна тады паглядзела на мяне, як на вар’ятку. А я і насамрэч існавала па-за гэтымі сутнасцямі, іх не было ў маёй актуальнай карціне свету.

Пасля дазналася, што прозвішча бацькі раней гучала не Нетбаев, а Нядбай. Гэта ўжо цяпер я разумею, што і адзін мой дзядуля (з Браншчыны) і другая мая бабуля (са Смаленшчыны) — ніякія не «русские». Вядома, беларусы. Маці — украінка, мажліва, на адну чвэрць габрэйка.

Усё навокал пераходзіла на беларускую мову, у нашай гімназіі ўжо некалькі год як існавалі паралельныя класы, выкладанне ў якіх вялося цалкам на беларускай мове, вышэйшая адукацыя пераводзілася на беларускую мову… А я ў шостым класе спрачалася з настаўнікам беларускай мовы і літаратуры (рэакцыя на прымус) — чаму, калі я першае сваё слова прамовіла па-расейску, павінна лічыць беларускую мову роднай і надаваць ёй столькі ўвагі? Яго адказы былі непераканаўчымі — пафаснымі.

Беларускасць. Проста ўключыўся ў галаве нейкі тумблер. Вакол мяне не было ні мітынгаў, ні незалежных выданняў. Быў нелюбімы настаўнік беларускай мовы і літаратуры (як, зрэшты, і сам прадмет). Але з’явілася сяброўка, якая не «навярнула» мяне ў новую нацыянальнасць, але паказала яе, і я з радасцю «навярнулася».

Часам, асабліва ў Полацку, сустракаю расейскамоўных людзей, ад якіх можна пачуць захопленае: «Размаўляе на такой прыгожай беларускай мове!». Такое ўражанне, што беларускамоўныя там становяцца проста прыгожым прадметам інтэр’еру для адных і, вядома, (усё яшчэ) бээнэфаўцамі для іншых.

Маленькае мястэчка не дазваляе пакуль што мове выконваць камунікатыўную функцыю — хочаш ты таго ці не, гэта становіцца сведчаннем або твае арыгінальнасці, або ненармальнасці.

Я часцей стала размаўляць па-расейску з тымі прыяцелямі, хто размаўляе па-расейску са мной. Гэта не азначае адыходу ад беларушчыны, але, хутчэй, наадварот — я дастаткова пэўна пачуваюся беларускай і магу дазволіць сабе «мяняць вопратку». Бо ўпэўненая ў сваёй сутнасці, але зноў-такі, пытанне нацыянальнасці не з’яўляецца для мяне нечым такім, што характарызавала б мяне нейкім чынам або рабіла лепшай ці горшай. Гэта як колер вачэй або валасоў, які, пры жаданні, можна змяніць.

З іншага боку, мяне нездарова смяшыць само слова «беларушчына». «Змаганне за беларушчыну», «на карысць беларушчыны» і да таго падобнае — чужыя для мяне канцэпты.

Я проста беларуска.

Зміцер Навіцкі: Беларусам патрэбныя грошы і танныя візы

— Мае бабулі і дзядулі — «тутэйшыя», паходзяць з вёсак Стаўбцоўшчыны. Але ўсведамленне сябе беларусам з’явілася падчас вандроўкі па Індыі. Два месяцы ў краіне, якая для заходняй ментальнасці здаецца іншай планетай, моцна абвастрылі пачуццё «беларуса». У Індыі я перачытаў дапаможнік па гісторыі Беларусі і амаль усяго Караткевіча.

Ведаю, як і я, шмат беларусаў «абуджаецца» менавіта за мяжой. Хапаюцца чытаць літаратуру, цікавіцца гісторыяй. Як толькі беларусы пачнуць ездзіць далей за Пухавічы, адразу пачнецца ўздым нацыянальнай ідэі.

Грошы — і танныя візы… Вось і ўсё, што цяпер нам патрэбна.

«Чым вы адрозніваецеся ад іншых народаў?» — гэта першае пытанне, якое гучыць ад іншаземцаў. І сам, калі вандруеш, шукаеш тыя ж самыя адрозненні. У кожнай нацыі сваё адчуванне жыцця. Кожны народ бачыць свет па-рознаму. Гэта самае цікавае: зразумець, чаму тая ці іншая нацыя жыве менавіта так, як жыве.

Ёсць агульныя рысы: чым больш мора і сонца, тым больш усмешак на тварах і менш жадання працаваць. Чым халадней і складаней жыць, тым больш даверу да слова чалавека — занадта вялікі кошт памылак. Таму паўночныя людзі больш надзейныя.

Так званую абыякавасць да жыцця беларусаў таксама лёгка растлумачыць: у катаклізмах апошніх 200 гадоў зніклі гены непакорлівасці. Выжылі толькі хамелеоны ці непрыкметныя, якія не ўступаюць у канфлікт. Іншых выслалі, павесілі або расстралялі. З мовай і культурай тая ж самая гісторыя: «Что не доделал русский штык, доделает русская школа», — гэтыя словы Мураўёва падхапіла і савецкая школа, выхаванцам якой з’яўляюся і я.

За мяжой нас амаль не ведаюць, хіба «Чарнобыль-Лукашэнка». Я б іншым народам расказаў пра беларусаў так: гэта народ, які знішчалі ўсе апошнія стагоддзі, і досыць паспяхова. Глядзіце на нас, мы прыкладам. Каб народ прытомнасць страціў — дастаткова забраць у яго гісторыю і мову. Але вы, французы, амерыканцы, кітайцы… можаце нас абудзіць. Прыязджайце, сфармуйце попыт на нашыя каштоўнасці.

Таварышы турысты, каб даведацца, хто такія беларусы, Караткевіча чытайце, «Ладдзя Роспачы» павінная стаць вашай падарожнай кніжыцай па Беларусі. Ці, іншаземнае спадарства, запрашайце да сябе. Пакажыце беларусам, што кожны народ імкнецца падкрэсліць: «Я — не такі, як іншыя». Каталонцы не лічаць сябе іспанцамі, баварцы досыць кпліва глядзяць на астатнюю Германію. Дзе нашыя палешукі, у якіх нават свая мова ёсць? Пакуль няма і беларусаў, але абавязкова з’явяцца: грошы і танныя візы.

І яшчэ. Нацыянальная ідэя — вельмі добры бізнес. На нацыянальным можна няблага зарабляць. У сусветным культурным працэсе вялікім попытам карыстаюцца менавіта нацыянальныя адметнасці. Паўднёвая Амерыка ці Афрыка, Індыя ці Кітай — уся справа ў тым, хто перадасць адчуванне жыцця свайго народа на зразумелай замежнікам мове.

Таму сучасны беларус не павінен чапляцца толькі за беларускую мову, за Якуба-дзядзьку ды Янку-дзядзьку. Ён павінен зрабіць мікс з нацыянальнага з сучасным сусветным.

Джон Ленан, сэр Пол, MGMT разам с Сhemical Brothers — усё гэта побач, але з моцным беларускім акцэнтам — вось мой сучасны вобраз «homo беларус».

Той, да якога трэба ісці, мультыкультурны чалавек сусвету. Які ўспрымае ўсіх, Талстога-Дастаеўскага і Кена Кізі пад спевы Manu Chao. Выдатна валодае расейскай, беларускай і англійскай мовамі. І пажадана вучыць мову суседа, паляка ці літоўца.

З імі мы набудзем маштабнасць мыслення. Адчуванне, што Лондан не так далёка, а вучыцца ў Паўднёвай Афрыцы цікава. А спевы, літаратуру-танцы трэба рабіць так, каб прадаваць сусвету, не звужаць тэмы на варыяцыі сахі-касы ці таталітарнасці ўлады.

Грошы і танныя візы.

І ўсё будзе добра.

Я шлях ад чалавека абыякавага, «тутэйшага», да «беларуса» прайшоў гады за два пасля Індыі. Цяпер магу ўпэўнена разважаць пра баявую крывіцкую магію ці літвінства беларусаў. Не забываючыся пра тое, што ў Еўропе сумна, у Індыі брудна, у Расеі жорстка, але ўсюды — цікава рознымі поглядамі на жыццё. І, самае прыемнае ва ўсіх вандроўках, — вяртанне на Радзіму.

Да сваіх людзей.

Да беларусаў.

Я з імі ментальна супадаю. Таму пытанні мовы і іх «беларускасці» мяне не вельмі непакояць.

Як толькі з’явяцца грошы і танныя візы — мы адразу ўбачым нараджэнне беларусаў як асобнай нацыі.

Гэтаксама як два гады таму «нарадзіўся» беларусам я.

Святлана Курс: Аскепкі прачытанага і ўбачанага склаліся ў мазаіку

— Вядома, я нічагуткі не ведала пра Беларусь. Проста калі ў 1991 годзе прынялі сцяг і герб, калі абвясцілі ўрачыстым голасам пра незалежнасць, у мяне быццам аскепкі прачытанага і ўбачанага склаліся ў мазаіку. Нейкія сярэднявечныя намёкі з Багдановічавых вершаў, «Пагоня», старыя манахі, замкі… Карціна сталася цэльнай: краіна, гісторыя, культура, мова гэтай краіны. І я ў ёй.

Я нарадзілася ў тыповай беларускай вёсцы, сярод людзей з натуральнай простанароднай беларускай мовай. У школе пра гісторыю Беларусі казалі ў кантэксце вайны ды крыху рэвалюцыі. Каштоўнасць мовы і старадаўняй гісторыі не акцэнтавалася.

Найцікавей для мяне былі кнігі і прырода. І мае сямейнікі. У мяне была вельмі харызматычная бабка, якая па-беларуску гаварыла мудрэй за Коласа. Мама вучыла ў школе — мову і літаратуру. Было шмат нашых кніжак: Пысін, Караткевіч, Танк, Чорны… Я ўсё гэта чытала, тым больш, што савецкія кніжкі ў мясцовых бібліятэках былі ну зусім нягодныя.

Аднак мая мама, як бальшыня беларусаў, хацела для дачкі лепшай долі. Чаго ты будзеш нэндзіцца з беларускай мовай. Вучы расейскую, яна запалоніць свет, — сказалі яны мне з дырэктаркаю. Я паверыла і пайшла на расейскае аддзяленне.

У Менску мне было файна з маёй новай мовай і нацыянальнасцю. Рушчына мне не муляла, мне трэба было разабрацца, што гэта за штука такая — Менск. Ніхто па-беларуску не гаворыць, як мама і казала, але курсу да трэцяга гэта мяне пачало няслаба раздражняць. Я пазнаёмілася з дзяўчатамі і хлопцамі з беларускага аддзялення. У адрозненне ад рускага, беларускае аддзяленне ўражвала сваёй жыццёвасцю. Яны былі больш грубыя, рэзкія, жывыя і сапраўдныя. Навучылі мяне піць, гуляць. Лаяцца. Хадзіць на мітынгі.

Так што калі першы раз спрабавалі закрыць «Народную газету», мы з сяброўкаю намалявалі плакат і сталі каля Вярхоўнага Савета. Потым самі знайшлі БНФ і ўступілі ў яго. Мы тады былі адзіныя беларускія маладыя партыйкі на ўвесь Менск. Таму хадзілі клеіць улёткі з 60-гадовымі мужчынамі і жанчынамі. І зараз мы з імі здароўкаемся на вуліцах.

А культурна-ментальнае мы самі сабе рабілі. Мне хацелася, каб рушчыны было менш, а беларушчыны больш. Адначасна, думала я, стане больш свабоды і культуры. Я дагэтуль так думаю. Колькі людзей гавораць у побыце расейскай, аднак робяць вартыя беларускія рэчы, лідар гурта «Neuro Dubel» Аляксандар Кулінковіч, напрыклад. Колькі самі не могуць перайсці на беларускую мову, але аддаюць дзяцей у беларускія класы, купляюць ім беларускія кніжкі.

Часам я думаю, як сябе адчувае чалавек, народжаны ў нармальных умовах, калі не трэба выбіраць сабе нацыянальнасць? Думаю і не магу зразумець…

Святлана Пажарава: Перакрыжаванне сусветаў

— Тое, што называюць нацыянальным адраджэннем пачатку 1990-х, з іншага боку барыкады ўспрымалася як снег на галаву. «Адчапіцеся! Якая беларушчына! Тут невядома, як жыць далей, а гэтыя бажаволкі з сваёй беларушчынай!»

Часамі здаецца, што ў Беларусі існуюць два сусветы. Маленькі сусвет зацятых беларусаў і вялікі сусвет постсавецкіх беларусаў — чарговых «тутэйшых». На дзіва і на жаль, гэтыя сусветы амаль не перасякаюцца. Беларускамоўныя сябруюць з беларускамоўнымі і наадварот…

Перакрыжаванні гэтых сусветаў здараюцца рэдка, адно з іх было ў 2006 годзе на пляцы Каліноўскага (Кастрычніцкая). Менавіта там я пабачыла, што такое быць беларусам, менавіта там я палюбіла бел-чырвона-белы сцяг, менавіта там я стала беларускай. У гэтыя некалькі дзён на плошчы і за кратамі адбылася рэвалюцыя ў маёй душы. Прыйшла на Плошчу за праўдай, а знайшла тут сваю нацыянальнасць.

Праз чатыры месяцы, калі я ўжо навучалася па праграме Каліноўскага, шмат хто здзіўляўся з маіх словаў, што яшчэ ў сакавіку я не ўмела размаўляць па-беларуску. Мову ўзгадаць не так ужо і складана — было б жаданне.

«Каб любіць Беларусь нашу мілую, трэба ў розных краях пабываць». Я не разумела гэтых радкоў, пакуль не выехала за мяжу. Як сціскаецца сэрца, калі бачыш пагардлівае стаўленне іншаземцаў да Беларусі. Як крыўдна заўважаць, што Беларусь знікае з свядомасці нашых суседзяў. Яе не пералічваюць палітыкі, калі кажуць аб інтарэсах на ўсходзе, яе не згадваюць выкладчыкі ва ўніверсітэтах, калі прыводзяць прыклады аб краінах былога СССР, а аднакурснікі-палякі ўжо тры гады пытаюцца ў мяне: «Як там справы ў вас ва Украіне?», хаця я ўжо трэці год ім тлумачу: «Я з БЕ-ЛА-РУ-СІ!»

Мы ператварыліся ў краіну-прывід, у народ-прывід. І нідзе гэта так не кідаецца ў вочы, як за мяжой. Трэба, каб кожны беларус пабачыў гэта на свае вочы.

І апошняе. Мяне, бывае, пытаюцца: што трэба, каб мы сталі беларусамі? Цяпер я адказваю, зыходзячы з уласнага досведу: трэба, каб часцей здараліся перакрыжаванні двух беларускіх сусветаў.

Таццяна Печанко: Неабыякавасць

— Усё адбывалася вельмі паступова, але паслядоўна. Мне заўсёды ў школе падабалася беларуская мова і літаратура, хаця чытаць я вучылася, як і большасць тагачасных дзяцей, па альфабэце са словамі на першай старонцы: «Ленін жыў, Ленін жывы…» і так далей па тэксту. Людзі майго ўзросту і старэйшыя, думаю, памятаюць гэтыя радкі.

Таму не было нічога дзіўнага ў тым, што ў першыя свае школьныя гады я чытала апавяданні пра Леніна і шчыра верыла: які гэта харошы дзядзечка, як ён любіў дзяцей… Аднак праз некаторы час усё змянілася.

Памятаю, як мой бацька адзін з першых у нашым невялікім Белаазёрску здаў свой партбілет. Нарэшце ўголас загаварылі пра незалежнасць. На той момант мне было зусім мала гадоў і шмат чаго я не разумела, аднак усё, што адбывалася вакол, аказвала свой уплыў.

Памятаю, як я зайздросціла малодшай сястры, якой пашчасціла патрапіць у хвалю беларусізацыі, і яна да 8-га класа вучылася па-беларуску. Хоць нашы бацькі і не размаўляюць на беларускай мове, аднак яны яе любяць і вельмі добра разумеюць, што, жывучы ў Беларусі, натуральна думаць і размаўляць па-беларуску, таму і аддалі сястру ў беларускамоўны клас.

Яшчэ ўзгадваю момант, калі, нягледзячы на ўсе ўгаворы, а пасля і пагрозы, увесь мой клас адмовіўся ўступаць у БРСМ. Наш дырэктар тады назваў нас «асіным гняздом», але зрабіць нічога не змог, так і сышоў ні з чым. Як ні дзіўна можа прагучаць, на той момант гэты агульны пратэст быў для нас праявай любові да сваёй краіны і праявай беларускасці.

Калі я прыйшла вучыцца ва ўніверсітэт, мне пашчасціла сустрэць беларускамоўных сяброў. І я сама стала гаварыць па-беларуску. Гэта не было для мяне цяжка. Усё атрымалася вельмі натуральна, бо да гэтага моманту ў маёй галаве ўжо склаліся ўсе элементы пазла. Бадай нават можна сказаць, што мая беларускасць расла разам са мной.

Мне падаецца, што на сённяшні дзень быць беларусам — гэта калі табе не ўсё роўна.

Калі табе не ўсё роўна, што адбываецца ў краіне.

Калі ты гатовы штосьці рабіць для таго, каб у Беларусі жыць было лепей, каб твае дзеці не праходзілі свой «крыжовы» шлях да беларускасці, а ад самага нараджэння раслі ў беларускім асяроддзі.

Калі, адпачываючы на самым прыгожым пляжы ў свеце ля самага сіняга мора, праз некалькі дзён ты ўсё адно схочаш дадому, у Беларусь.

Валерыя Чарномская: Да Бога лагічна звяртацца па-беларуску

— Некалі яшчэ ў школе мы з сяброўкай размаўлялі па-беларуску, хаваючыся, як ціхія алкаголікі. У нас быў настаўнік гісторыі, які проста ненавідзеў беларускую мову і не лічыў беларусаў за нацыю. Я з ім увесь час спрачалася, і гэта прымусіла мяне грунтоўна вывучыць гісторыю Беларусі. Бывала, на нашыя спрэчкі сыходзіў цэлы ўрок…

Мяне пахрысцілі ў 11 гадоў. Чамусьці да Бога было лагічна звяртацца па-беларуску, нягледзячы на тое, што размаўляла на расейскай.

У 1993 годзе, у 15 гадоў, я была на першым мітынгу. Мы ішлі з бел-чырвона-белымі сцягамі ад плошчы Незалежнасці па праспекце Францыска Скарыны, спяваючы беларускія песні. Гэта вельмі моцна натхніла мяне. Пасля я ўсіх віншавала з 75-годдзем БНР. Праўда, некаторыя не разумелі і думалі, што гэта іх віншуюць з 75-годдзем. Я якраз заканчвала школу, калі адбываліся вялізныя мітынгі, пераварочвалі машыны. Я там прысутнічала. Перайшла на беларускую мову ўжо ва ўніверсітэце. На другім курсе пачала пісаць расейскія лекцыі па-беларуску.

Часта ездзіла да бабулі ў вёску ва Усходняй Беларусі. Там размаўлялі на трасянцы, але збольшага беларускай. У 1997 годзе першы раз была на Аршанскім фэсце. Сабралося ўсяго 30 чалавек, бо летась усіх разагналі. Там у мяне ўпершыню ўзнікла вострае пачуццё радзімы, бо мне ўявілася, што тут побач пахаваныя мае продкі.

Калі раніцай стаіш над Дняпром і адчуваеш, што ты належыш гэтай зямлі, што ты адказны за яе, гэта, магчыма, і азначае быць беларусам.

Аляксей Мінчонак: Чыстая логіка

— Я гадаваўся ў звычайным постсавецкім асяродку. Да беларушчыны спрычыняўся толькі летам, калі штогод прыязджаў на вёску пад Чэрвенем і чуў там гаворку прабабулі (зрэшты, не выключаю, што прабабуля паходзіла аднекуль з Палесся).

Памятаю, яна заўсёды казала замест звычайнага расейскага «у нас есть это» беларускае гаворкавае «ў нас ё гэта». Вось праз гэтае «ё» я і адчуў, што нешта тут не так, што мова ў нас не «адна і тая ж».

Я 1983 года нараджэння. Да чатырох год жыў у Серабранцы, затым ва Уруччы, а потым у Малінаўцы. У нас на Малінаўцы было шмат перасяленцаў з чарнобыльскай зоны, у школе вучняў і настаўнікаў з «зоны» было больш, чым карэнных менчукоў.

Пагарды да перасяленцаў не было. Мы нармальна разам тусаваліся. У мяне сярод іх было шмат сяброў. Праз гэта я блізка пазнаёміўся з «беларускай глыбінкай», пачуў мноства гісторый пра вясковае жыццё. Уласна, менавіта тады, недзе ў сёмым класе, я канчаткова зразумеў, што я беларус.

Бадай апошнім штуршком быў наступны выпадак на ўроку гісторыі. Настаўніца распавядала, што на мяжы Беларусі з Украінай людзі размаўляюць з украінскім акцэнтам, а на мяжы з Польшчай яны маюць польскі акцэнт. Карацей, яна казала пра ўплыў іншых моваў на беларускую.

Я сядзеў, слухаў, а потым узняў руку і спытаў: «Людміла Васільеўна, а чаму гэта іншыя мовы ўплываюць на беларускую? Вам не падаецца, што гэта беларуская мова ўплывае на замежныя?»

Чыстая логіка, нуль рамантыкі. Рамантыка з’явілася пазней. Класе ў восьмым ці дзявятым у мяне закахалася (як мне падаецца) дачка нашага былога дырэктара. А дырэктар быў камуністам (дарэчы, таксама прыехаў з «зоны»), нават у Вярхоўны Савет 13-га склікання ад камуністаў балатаваўся. Калі не памыляюся, яго не абралі, але потым ён такі патрапіў на службу ў Адміністрацыю.

Гуляў я з ягонай дачкой па вуліцах вясновымі вечарамі, размаўлялі. А потым яна і кажа: «Я не разумею, навошта патрэбная гэтая беларуская мова?» Прыйшлося ёй тлумачыць пра палякаў, якія па-польску размаўляюць, чэхаў, літоўцаў ды нават украінцаў.

Лішне казаць, што больш мяне гэтая спадарыня не бачыла. Тады мне ўжо гадоў 14–15 было.

А цяпер я адказваю проста — «таму што я беларус». Не люблю заводзіць маралізатарскія размовы на гэтую тэму з незнаёмымі людзьмі. Вось адзін сябра мой любіць падобнымі рэчамі займацца, і гэтай сваёй уласцівасцю часам мяне нервуе. Стаіш, п’еш піва, а ён пачынае нейкага алканаўта «палітыцы партыі» вучыць:)

Я не люблю людзям тлумачыць, што белае — гэта белае. Але не выключаю, што проста не веру ва ўласныя здольнасці ў справе пераканання. Вось сябра верыць, і таму з ім алканаўты пачынаюць па-беларуску размаўляць:)

Я ўсё жыццё хацеў быць адметным. Напэўна, і мая беларушчына нейкай часткай звязаная з гэтым жаданнем. Я разумеў, што быць беларусам — гэта не быць, як усе. Скажам, у субкультурным сэнсе, я слухаў «Нірвану», а ўсё маё атачэнне — расейскую папсу.

Але што да беларускасці, дык тут усё было інакш. Я разумеў, што вось гэтая зямля — гэта наша. А там вунь — гэта вялікая Расея, але яна не наша. То бок тут нейкі іншы ўзровень адметнасці. Напэўна, гэта яго называюць патрыятызмам.

Аляксандра Валодзіна: Асноўнае — не кроў, а самаадчуванне

— Мае сваякі з Расеі часам злуюцца, нагадваюць, што я напалову расейка, але я ўпарта лічу сабе беларускай. Колькі сябе памятаю, у сям’і я заўсёды размаўляла па-беларуску.

Беларус — гэта той, хто сябе ім лічыць. Я не думаю, што ўсё залежыць ад паходжання, хаця шмат хто кажа, быццам асноўнае ў нацыянальным вызначэнні — гэта кроў, але, на маю думку, асноўнае — гэта самаадчуванне.

Сваю гісторыю кожны будуе сам. Хаця шкада, што ў нашым грамадстве беларускасць усё яшчэ вылучае цябе сярод іншых.

Алесь Зайцаў: Мая беларускасць — гэта прыроднае

— У тым, што я лічу сябе беларусам, здавалася б, няма ніякай логікі. Я не хадзіў у беларускамоўны дзіцячы садок, не вучыўся ў беларускамоўнай школе, бацькі і сваякі мае беларускай мовай не карысталіся, і ўзору ўсведамлення сябе беларусам, па вялікім рахунку, мне ніхто не падаваў.

Адзінае, пра што можна ўзгадаць, гэта хіба заняткі беларускай мовы і літаратуры ў старэйшых класах школы. Настаўніца Антаніна Сяргееўна, як цяпер памятаю, была не проста настаўніцай для сваіх вучняў, але ў пэўнай ступені прыяцелькай.

Праз гэта, відаць, і чыталася ўсё з прыемнасцю і вучылася досыць лёгка, бо ніякай напругі паміж шкалярамі і выкладчыцай не было. Мы нават, па сакрэце кажучы, на перапынках пілі каву разам з ёй, а яна ніколі і ні пры якіх абставінах па-расейску не размаўляла, толькі на беларускай мове.

Таму я лічу, што мая беларускасць — гэта прыроднае. Нягледзячы на мае беларуска-нямецка-руска-польскія карані, народжаны я быў менавіта на гэтай зямлі і народжаны менавіта беларусам. Таму натуральна аднойчы мусіў адчуць гэта. Што і здарылася, калі нечакана напісаўся першы верш. І напісаўся той верш чамусьці менавіта на беларускай мове. Вось тады і адчуў напоўніцу, што я беларус і гэта мой натуральны стан.

Як усведамляю сабе, што ў небе аблокі плывуць, сонца свеціць, дык разам усведамляю і тое, што я беларус. Тады і выспела мая невытлумачальная любоў да Беларусі.

А праз некалькі гадоў, падчас навучання ва ўніверсітэце, я патрапіў у беларускамоўнае асяроддзе, займеў сяброў — свядомых беларусаў, і мая падсвядомая беларускасць пачала сама сабою ўвідавочнівацца. Шмат хто дапамагаў у гэтым, і, на дзіва, ніхто не перашкаджаў, за што я і тым і другім удзячны.

Ну а ў тое, што ў кожным з сапраўдных беларусаў хаця б на падсвядомым узроўні закладзеная любоў да той зямлі, на якой ён нарадзіўся, да гісторыі і культуры гэтай зямлі, я проста не магу не верыць.

Ганна Мядзведзева: Гэта жыццё, гэта лёс

— Тое, што мы беларусы, я ведала заўжды. Нават дзядуля, які з Бранскай губерні, называў сябе беларусам. І назва яго вёскі беларуская — Сачылава.

У тую пару на беларускай мове ўвогуле не размаўлялі нідзе: не было ні беларускіх школаў, ні нават беларускіх класаў. У нас дома таксама не размаўлялі па-беларуску, толькі асобныя словы сустракаліся. Напрыклад, бабуля мне заўсёды казала: «Дабранач!». Што праўда, мне заўжды набывалі чытаць беларускія кніжкі. А яшчэ мая бабуля добра гатавала спрадвечныя беларускія стравы: дранікі, мачанкі, цялячы бок у прэсным цесце (тады фальгі не было), гусь з бруснічным сочывам (не кетчупам альбо маянэзам), халаднікі, вельмі шмат бульбы.

Потым, ужо ў час перабудовы, дзесьці ў 1986–1987 годзе, сярод моладзі пачаў уздымацца беларускі рух, і я ў Траецкім прадмесці пазнаёмілася з нейкімі хлопцамі. Выпадкова, але праз тое, што мне вельмі спадабалася іх беларуская мова. Яны мяне запрасілі ў «Талаку» — тады было такое аб’яднанне. Мы там вучылі беларускія песні… Вось, падаецца, і ўсё.

Мой стрыечны брат, які жыве ў Маскве, з паходжання беларус. Але толькі з паходжання. У яго нават у пашпарце «беларус» напісана праз два «с». Ён заўжды смяяўся з таго, як я кажу па-расейску: «Когда завтра приду со школы». А ён кажа: «Как это — «со …»? Из школы!» Цяпер некаторым беларускім словам мне цяжка знайсці адпаведнік у расейскай мове. Калі руйнуюць будынак, то яго менавіта руйнуюць, а не «сносят». «Сносят» — няправільнае, няёмкае слова. Адразу бачна, што з хаты робяць руіны. «Няўрымслівы» лепш за «непоседливый». Беларускія словы больш сакавітыя, яны адлюстроўваюць саму сутнасць таго, што мы кажам.

Быць беларускай — гэта жыццё, гэта лёс. Я не скажу, што мы горшыя ці лепшыя за іншыя нацыі. Мы проста іншыя.

7. БАБУЛІ І ДЗЯДУЛІ

— Я стаў беларусам, прыязджаючы кожнае лета ў Беларусь да бабулі. — Бабуля і «Песняры» мяне далучылі да беларускага нацыянальнага космасу. — Быць свабодным. — Натхненне прыйшло каля Вострай Брамы. Экскурсавод пачаў чытаць верш Багдановіча «Пагоня». — Я абраў больш роднае. — Усё адно што адказаць, як быць чалавекам. — Расплюшчыць вочы і азірнуцца.

Сяргей Міхалок: Я стаў беларусам, прыязджаючы кожнае лета да бабулі

— Я нарадзіўся ў Дрэздэне, пасля жыў у Нарыльску (поўнач Расеі). У Беларусь прыехаў у 18 гадоў. Таму ўсё, што звязана з беларускай літаратурай, з беларускім мастацтвам, мне даецца з цяжкасцю. Бо мая галава ў 18 гадоў ужо была забітая.

Мае тата і мама вырашылі, што я буду жыць у Менску — гэта было загадам. Хоць я хацеў жыць у Краснаярску.

Пакуль я ўпісваўся ў беларускае грамадства — дык бачыў шмат негатыву. Я паступіў у Інстытут культуры, дзе спрачаўся да «хрыпаты» з выкладчыкам беларускай мовы і літаратуры. Ён мне даводзіў, што ў сусветнай культуры Максім Багдановіч не менш значная фігура, чым Міхаіл Лермантаў.

Я не ведаў Багдановіча, я ведаў Лермантава.

Я стаў беларусам, прыязджаючы кожнае лета да бабулі. Бацькі выдаткоўвалі вялікія грошы, каб штогод выпраўляць мяне з Сібіры ў вёску Самахвалавічы.

Калі я вяртаўся назад, цяжка было камунікаваць з сябрукамі, бо я «гэкаў», «чэкаў», карацей, гаварыў на трасянцы.

Маё адчуванне беларускасці найперш звязанае са святам Івана Купалы. Мяне не садзіў дзядуля на каленкі і не казаў: «Унучак, ты — беларус, мы — беларусы».

Але мяне цягнула туды. Мяне цягнулі пахі, раса…

Мне добра ў Кішынёве, мне добра ў Дамінікане, мне добра ў Ерэване, мне добра ў Парыжы. Мне паўсюль добра. Але каб адхэкацца, мне трэба прыехаць у Менск.

Калі я прыязджаю ў Беларусь, я адчуваю, што я дома. Што я цвёрда стаю на зямлі.

Уладзімір Арлоў: Бабуля і «Песняры» мяне далучылі да беларускага нацыянальнага космасу

— Я нарадзіўся і рос у наскрозь русіфікаваным Полацку. У нас была толькі адна шыльда на беларускай мове — «Лазьня». Я маленькі не ведаў, што гэта такое. Гэта для мяне нават была не шыльда, а проста слова з мяккім знакам, якое было выкладзена з цэглы на тым будынку, куды мы з татам хадзілі кожную суботу.

Але чалавек, калі нараджаецца на гэтай зямлі, калі жыве на ёй, атрымлівае проста ад нараджэння гэты ген беларускасці. І трэба толькі, каб гэтае зерне ў нейкі момант прарасло, каб быў нейкі штуршок, каб яно не загінула.

Яно не загінула ўва мне, таму што ў мяне была баба Аўгення, да якой мяне вазілі на лета. Баба Жэня была маёй першай настаўніцай беларускай мовы і беларускай гісторыі. Дзякуючы бабулі, я пачаў разумець, што я — не проста савецкі хлопчык Вова. Што ў мяне ёсць іншая Радзіма — зямля, дзе гавораць на той мове, на якой гаворыць мая бабуля, тая зямля, на якой людзі пабудавалі Сафійскі сабор і Спаса-Ефрасіннеўскую царкву. Усё гэта дрэнна стасавалася з песенькай, якая тады часта гучала з рэпрадуктараў: «Мой адрес — не дом и не улица, мой адрес — Советский Союз».

Калі я вучыўся ў 10-м класе, у наш горад прыехаў ансамбль «Песняры». Тады ён яшчэ называўся «Лявоны». Мой тата быў пракурорам Полацку, і таму ён мне прынёс запрашальнік на гэты канцэрт. Я быў прасунутым школьнікам, слухаў «Beatles», «Rolling Stones» і даволі скептычна паставіўся спачатку да нейкіх там «Лявонаў».

Але тата мне сказаў: «Ты ведаеш, канцэрта можа і не быць, таму што яны зараслі страшна». «Песняроў» выклікалі тады ў гаркам партыі і сказалі: «Альбо вы, дзікабразы, пойдзеце ў цырульню, альбо канцэрта не будзе». На маё вялікае шчасце, Мулявін выбраў цырульню і канцэрт адбыўся. Я пайшоў туды з сябрамі.

Канцэрт складаўся з двух аддзяленняў — у адным спяваліся беларускія песні, а ў другім — песні з рэпертуару «Бітлоў». З гэтага канцэрта я ўжо вяртаўся іншым чалавекам. Два тыдні, напэўна, ува мне гучала «Александрына». Я вельмі шкадую, што хоць некалькі разоў і сустракаўся з Мулявіным, але так яму і не расказаў гэтую гісторыю, не сказаў «дзякуй» за тое, што «Песняры» мяне далучылі да таго, што можна назваць «беларускім нацыянальным космасам».

Для з’яўлення нацыянальнай самасвядомасці могуць быць самыя розныя каталізатары. Я думаю, што для кагосьці ім стане гурт «N. R. M.» альбо кнігі Уладзіміра Караткевіча.

Я аднойчы выступаў у Эстоніі, і да мяне на сустрэчу прыйшоў адзін прадпрымальнік. Ён расказаў мне такую гісторыю. У 2000 годзе яму пасля анкалагічнага дыягназу дактары сказалі, што яму ўжо мала засталося. У яго страцілася ўсякая цікавасць да жыцця. Ён ляжаў, губляў вагу, глядзеў у адну кропку. І раптам ва ўсім гэтым яму пачало мроіцца адно і тое ж, як ён, калі яшчэ вучыўся ў віцебскім інстытуце, уносіць у залю на нейкім інстытуцкім вечары бел-чырвона-белы сцяг. І вось, распавядаў ён мне, гэтыя мроі цягнуліся і цягнуліся. І тут яму раптам захацелася есці. Спачатку бульбы, кажа, потым селядца, потым падняцца. Гэты ўспамін, ён лічыць, яму дапамог, вярнуў да жыцця і прывёў у беларускае таварыства.

У маім уяўленні, калі казаць пра 20 ст. і нават пра яго працяг у 21-м, галоўная падзея беларускай гісторыі — гэта абвяшчэнне незалежнасці БНР, калі беларусы зноў атрымалі статус дзяржаўнага народу, ужо пад сваёй сучаснай назвай.

У маім жыцці былі самыя розныя святкаванні. Аднойчы я, напрыклад, быў у Празе, выступаў у Чэшскай нацыянальнай бібліятэцы на канферэнцыі, звязанай якраз з гэтым днём. А потым мы паехалі на могілкі, дзе пахаваныя два першыя старшыні рады БНР — Пётра Крэчэўскі і Васіль Захарка. Сустракаў я 25 сакавіка і з віленскімі беларусамі, і з беларусамі латышскімі. Але ў большасці выпадкаў я быў на Беларусі.

У канцы 80-х гадоў у Полацку мы святкавалі нейкім вузкім колам з роднымі і сябрамі. У Менску святкаванне мела ўжо больш шырокі размах. Добра памятаю святкаванне ў 1993 годзе. Урачыстае пасяджэнне адбывалася хай сабе не ў Тэатры оперы і балету, але ў Беларускай дзяржаўнай філармоніі. На гэтым святкаванні выступаў тагачасны старшыня БНР Язэп Сажыч, які быў ганаровым госцем. Міліцыя тады падтрымлівала парадак, а не дубасіла нас. Узгадваю таксама святкаванне 2000 года, калі было больш за 500 затрыманых.

Відаць, лепш, чым сказаў Васіль Быкаў, не скажаш. Гэта «свечка надзеі», якую ўжо амаль сто гадоў захоўваюць сэрцы і душы незалежных беларусаў і якая асвятляе шлях наперад, таму што ідэалы БНР яшчэ канчаткова не здзейсніліся. Мы маем незалежную Беларусь, але ў ёй няма яшчэ тых дэмакратычных правоў і свабодаў, якія абвешчаны былі Другой Устаўной граматай у 1918 годзе.

Ірына Мішкевіч: Я сапраўдная дачка сваёй зямлі

— Нарадзілася я ў Ленінградзе і жыла там шэсць гадоў. Кожнае лета ездзіла да бабулі ў Беларусь, адкуль прывозіла ў дзіцячы садок словы «патэльня», «бульба». Я кажу: «Гэта бульба», — а дзеткі мне: «Что?.. Это картошечка!» Вельмі крыўдавала, што мяне не разумелі. У нейкі цудоўны момант маці пачала самааддана і натхнёна вывучаць гісторыю. Яна й бацьку падцягвала да беларушчыны — яны абодва з паходжання беларусы.

Калі я крыху падрасла, мы пераехалі ў Беларусь. Пачаліся ўрокі гісторыі і літаратуры ўжо ў беларускай школе.

Пакрысе ў мяне склалася ўражанне, што наша культура вясковая. Не ў сэнсе правінцыйнасці, а ў тым сэнсе, што яна вельмі чыстая, максімальна набліжаная да прыроды й простага быцця на зямлі. Можа, якраз з гэтага мы больш маўклівыя за іншых.

Сяржук Лапуць: Быць свабодным

— Як і шматлікія дзеці, чые бацькі паходзяць з вёскі, летнія месяцы я бавіў у бабулі з дзядулем. Хаця, пераехаўшы ў горад, мае бацькі «загаварылі па-гарадскому», беларускую культуру й мову я ўсмактаў з самага маленства менавіта праз вёску. Часам маё вясковае маленства зацягвалася і на матуліна «соскучился, сынок?» я пытаўся ў бабулі: «Хто гэта?».

Натуральна, тады я яшчэ не ўяўляў сябе беларусам. Бо для такога маштабнага ўсведамлення быў яшчэ занадта малы. Хутчэй за ўсё, я быў проста «тутэйшым», «мясцовым», «нашым»…

Першае здумленне, што я беларус, з’явілася досыць нечакана — падчас гульні ў казакі-разбойнікі… На летнія вакацыі ў вёску з’язджалася шмат дзяцей з розных мясцінаў (дажываючага свае апошнія гады) Савецкага Саюзу. Былі дзеці й з Літвы. А паколькі савок там ляснуўся яшчэ задоўга да афіцыйнага распаду СССР, дык і людзі пачуваліся больш нацыянальна свядомымі. А літоўскія дзеці лічылі сябе больш годнымі за нас, «мясцовых савецкіх беларусаў», якія «забылі сваю мову і гісторыю». Шчыра кажучы, мне — малому дзіцёнку — было дзіўна і нечакана чуць такія рэчы, але менавіта тады я пачаў задумвацца над тым, хто я й дзе я?

Другі этап гэтага працэсу пачаўся ў сярэдняй школе, калі ад сваіх знаёмых я даведаўся, што «круче, если твоя фамилия кончается на — ов» і калі хто-небудзь з тваіх бацькоў расеец… Не ведаю, скуль гэта бралася ў асяродку дзяцей шостых-сёмых класаў, але менавіта тады я ўпершыню зразумеў, што права быць беларусам трэба ўмець бараніць.

Ну і, нарэшце, рэферэндум 1995 года, у тым ліку і па змене дзяржаўнай сімволікі, які ўсё расставіў на свае месцы. З гэтага часу «быць беларусам» стала для мяне нечым значна большым, чым назвай маёй нацыянальнасці. Бо я ўжо ведаў, як важна заставацца беларусам і шанаваць сваё, каб вярнуць страчаную Свабоду.

Таша Міхайлоўская: Каб адчуць, што я беларуска, спатрэбілася з’ездзіць на экскурсію ў Літву

— Бацькі у мяне размаўляюць па-расейску і брат амаль не ведае беларусай мовы… А на мяне, мабыць, бабуля паўплывала. Яна мне чытала беларускія казкі. Бабуля з Усходняй Беларусі, але канчаткі ў словах кшталту «-ся» ў яе заўжды добра адчуваліся.

Яшчэ мне пашчасціла вучыцца ў беларускамоўным класе, прычым цэлыя тры гады. Памятаю такое здарэнне: на лецішчы мая сяброўка пачала размаўляць па-беларуску. Я была моцна здзіўленая, што яна размаўляе на іншай мове. Пытаюся ў маці: «Мама, чаму Каця так размаўляе?» А маці адказвае: «Ну, вы ж пойдзеце ў першы клас. Яна трэніруецца. Можа, і ты патрэніравалася б?» А я абурылася. Думаю: што тут трэніравацца?

Для таго каб адчуць, што я беларуска, спатрэбілася з’ездзіць на экскурсію ў Літву. Я займалася ў гуртку мяккай цацкі, і нашая настаўніца дамовілася з Беларускай школай у Вільні, каб мы з’ездзілі і паглядзелі горад, адпачылі.

Мне было гадоў дванаццаць. Мы аблазілі з экскурсаводам усю Вільню. Экскурсія вельмі ўразіла, бо мы прыехалі ў краіну, дзе на вуліцах не было чуваць расейскай мовы. Я ведала, што ў Францыі размаўляюць па-французску, у Англіі — па-англійску. Але адна справа ведаць, а іншая — пачуць мову суседзяў.

Натхненне прыйшло каля Вострай Брамы. Экскурсавод пачала чытаць верш Багдановіча «Пагоня». Сказала, што верш напісаны пра «Пагоню», якая перад намі на Вострай Браме… а мы нават не згадалі, хто такі Багдановіч. І стала вельмі сорамна, што перад намі стаіць, як нам падалося, літоўка, якая ведае нашую гісторыю і адкрывае нам нашых паэтаў. Гэта было адчуванне ўласнай няздатнасці. Мабыць, з яго і нарадзіліся першыя думкі пра тое, што ў маім жыцці нешта не так і што мне, мусіць, трэба неяк мяняцца..

Быць беларускай — значыць найперш ведаць гісторыю сваёй сям’і. Можна паходзіць з іншай краіны, але ўсё роўна трэба ведаць, як твой род дайшоў да Беларусі, як злучыўся з яе культурай.

Ігар (Molatau) Жалткоў: Я абраў больш роднае

— У маёй сям’і, як у большасці беларускіх сем’яў, увесь час адлюстроўвалася гісторыя краіны. Перад вайной жаночая палова заявіла адназначна: сям’я польская. Мужчыны сталі супраць мурам — мы беларусы — і пайшлі ў савецкае войска. Бабулі сімпатызавалі «акоўцам», пасля вайны з’ехалі ў Польшчу на мазурскія і прускія землі, дзяды вярнуліся з вайны з медалямі і даслужыліся да палкоўнікаў.

А мае бацькі рэпрэзентавалі ўжо іншыя плыні і тэндэнцыі паваеннай айчыннай гісторыі. Тата прыехаў з Расеі несці святло «вялікай культуры» (тады расейцаў размяркоўвалі выключна на «нярускую» перыферыю), маці таксама прыехала па размеркаванні — будаваць мост праз Нямігу, — але ўжо з беларускай глыбінкі. Калі мне было два гады, памёр дзед, і зусім нямоглая бабуля засталася адна. Маці настаяла на яе пераездзе да нас. Тут і пачалося маё выхаванне.

У нашай сям’і барацьба за душу малалетняга менчука ў першым пакаленні трывала з моманту, як я навучыўся чытаць. Народжаная ў Капыльскім раёне, бабуля гаварыла з намі выключна па-беларуску, наракала ўвесь час на маці, што «з маскалём пабралася» і не стамлялася распавядаць мне пра вясковае жыццё. Калі я збіраўся да школы і начапляў на спіну бліскучы чэшскі «ранец», бабуля падыходзіла і ці то з недаверам, ці то нават з жахам у голасе пыталася: «Табе не муляе, унучак? Купяць малому абы-што, а ён потым мучыцца». Гэта «муляе» назаўсёды засталося ў памяці.

Відаць, прысутнасць бабці і яе кпіны прымусілі маці набыць кніжачку Васіля Віткі і пачаць штовечар чытанкі перад сном казак і вершыкаў па-беларуску. А бацька захапляўся класічнай расейскай літаратурай, цытаваў Пушкіна ды Ясеніна, круціў на прайгравальніку кружэлкі з операмі «Яўгеній Анегін» і «Хаваншчына». У сем гадоў я ведаў тую «Хаваншчыну» амаль на памяць.

На пачатку 80-х пайшла мода «вызваляць» школьнікаў ад вывучэння беларускай мовы. Вучняў «вызвалялі» перадусім ад умення пісаць па-беларуску, то бок выказваць свае думкі, хаця пакідалі абавязак ведаць тое-сёе пра беларускую літаратуру. Бацька настаяў-такі на «вызваленні» — асноўнай прычынай быў слабы зрок. Не ведаю, што потым адбывалася ў яго душы і якія галасы што нашэптвалі, аднак вось дзіва — праз год пасля «вызваленчага» паходу да завуча ён справадзіў мяне на… прыватныя рэпетыцыі па беларускай літаратуры да суседкі-настаўніцы. Бабулі тады ўжо не было на свеце.

Бліжэй да магічнай даты «шаснаццаць» у мяне пачаўся прыступ падлеткавага максімалізму. Пасля падарожжаў з таткам па СССР — ад Масквы праз Урал да Уладзівастока, ад Кіева да Тбілісі, ад Алматы да Краснаводска (цяпер Туркменбашы) — я вырашыў, што быць расейцам — гэта крута і пачэсна. Таму, калі пайшоў да пашпартысткі, запісаўся «рускім». Бацька ганарыўся, а маці ўздыхала і нагадвала пра бабулю. Не дапамагло. Два гады я хадзіў пэўны, што зрабіў найлепшы выбар.

Мае расейскія сваякі, канечне, былі не горшыя за беларускіх, але ж… У 1989 годзе я паехаў на пахаванне дзядзькі ў вёску ў Тульскую вобласць. Вёска тая, дарэчы, не надта далёка ад беларускай мяжы, і да яе прасцей даехаць са Смаленска. Я трапіў у расейскую правінцыю, у іхную вёску. І, мабыць, тут я адчуў выразную розніцу паміж нашай вёскай, нашымі людзьмі ды расейцамі.

Не было пачуцця, што гэта роднае. Нібыта тое самае, але не тое самае. Я не кажу тут пра моўны аспект. Інтанацыі, выраз твару, атмасфера. Тым больш — тады буяла «перабудова», і расейская вёска пачала ператварацца ў нешта жахлівае, бо яе пакінулі ўсе: і дзяржава, і нармальныя людзі… Бадай, тады і адбыўся пералом. Я вярнуўся дамоў з пачуццём прыналежнасці да іншай нацыі, а не да той, да якой належаў мой дзядзька-нябожчык, і бацька, і тыя дзядзькі, якія засталіся шчэ жывыя.

Тады я і ўсвядоміў Беларусь як штосьці роднае. І сувязь з зямлёю, людзьмі, больш зразумелай, больш натуральнай для мяне. Нават прырода і тая падалася больш свойскай у параўнанні з расейскімі краявідамі, дзе, дарэчы, было мала хвоі.

На той час сітуацыя ў грамадстве рабілася ўсё больш неадназначнай. Міхаіл Гарбачоў з экранаў тэлевізараў казаў: «Таварышы, трэба вызначацца». Людзі пачалі звяртаць больш увагі на сваю гісторыю, на карані… Карацей, і я адчуў, што мне трэба канчаткова вызначыцца, тым больш што я толькі напалову этнічны беларус, то бок — па крыві.

Упэўненасць у гэтым падмацавалася паступленнем у БДУ. Хтосьці з новых знаёмцаў на іспыце распавёў пра Ігнатоўскага, хтосьці пра «Сузор’е» з «Песняй пра зубра» і «Мрою», і «Бонду». Пачаліся гаворкі пра перабудову, пра стварэнне грамадскіх рухаў накшталт балтыйскіх, у хаце з’явіліся самвыдатаўскія кніжачкі. Захапленне дысідэнцкім рухам стала займаць значнае месца ў фармаванні светапогляду. Жаданне змяніць навакольны свет нарэшце прывяло мяне да пытання: які ж ён мае быць, гэты новы свет?

І тут я ўсё часцей стаў прыгадваць бабцю з гэтым яе «муляе», бо штосьці сапраўды пачынала мне муляць, там, у душы. Душэўны неспакой і дыскамфорт ставалі ўсё больш моцнымі. Адной ночы — далібог, шчырая праўда — прыйшла да мяне ў сне бабуля Ніна і пытаецца: «Ці не муляе табе, унучак?». Вось тады я і зразумеў, што мне муляе беларускасць. Тоіцца сабе недзе ў сярэдзіне, «скрабець і трэць» тваё сумленне, чапляецца за твае думкі… Вырашыў я тады даць ёй дарогу і выпусціць на волю. Так я прыйшоў да сябе, дакладней, вярнуўся.

З таго часу і хаджу беларусам. Шчыра кажу — цяжка быць беларусам; беларус, які вярнуўся да сваёй мовы, гісторыі, культуры, выклікае раздражненне шмат у каго. Таму што нагадвае тым, хто вырашыў палегчыць сваё жыццё праз расейскамоўнасць, — кім яны ёсць насамрэч. І як бы яны ні пазбаўляліся беларускага акцэнту, ні ўладкоўваліся на працу ў Маскву, ні запрашалі на свае дні нараджэння расейскіх зорак (я бачыў гэта на ўласныя вочы), калі яны чуюць такога беларуса, дык разумеюць, што ўсе іх вымогі марныя і яны насамрэч ніколі не стануць сапраўднымі расейцамі, ці там немцамі, ці яшчэ кімсьці. Усе іхнія развагі, што «мне ўсё роўна, кім быць, я чалавек сусвету» — гэта лухта.

Беларусам быць цяжка яшчэ і таму, што пакуль у нас не шмат нагоды для радасці і больш падставаў для суму. Але ж калі ў нас з’яўляецца нагода для радасці, то гэта сапраўды вялікая радасць, бо яна ў нас агульная з нашымі продкамі, якія стагоддзямі і стагоддзямі жылі на гэтай зямлі.

Цяжка быць беларусам, аднак цяпер мне нічога не муляе.

Алена Савеня: Усё адно што адказаць, як быць чалавекам

— Сорамна ўспомніць, але ў школе я не любіла гісторыю Беларусі. Не тое каб я яе не ведала, але школьная праграма досыць сціпла згадвала пра паходжанне беларусаў, затое стракацела сухімі фактамі пра Вялікую Айчынную. Нудна было страшэнна.

Неяк класе ў 8-м ішлі мы на Вялікдзень на могілкі з бацькамі (хто ходзіць на Радаўніцу, а на Ганцаўшчыне, адкуль я родам, — на Вялікдзень). І тут бацька пачынае ўзгадваць: «Вось у гэтых лясах твой прапрадзед паляваў разам з Радзівілам, а парабкі хадзілі да яго на працу». Ганарліва так сказаў, накшталт «а ты думала!» І ў той момант мяне як ударыла: «У мяне быў прапрадзед!!!» Хто, адкуль, прычым тут парабкі?

І я пачала даймаць бабуль-дзядуль, жывых на той час, каб яны апавядалі пра сваё жыццё, продкаў, звычаі… Так, па сутнасці, у мяне з’явілася Радзіма.

Сярод маладых і апантаных гісторыкаў ідуць спрэчкі (добра, што камянямі не кідаюцца) пра месца ліцвінаў у нашай гісторыі, пра сялянскае паходжанне беларускай нацыі (многія з гэтага камплексуюць чамусьці).

А па мне галоўнае — жыць на зямлі, якая мае сваю гісторыю. Дзеля гэтага трэба толькі развіваць нацыянальную адукацыю, каб мае дзеці размаўлялі па-беларуску не толькі дома, але і ў школе.

Шчыра прызнаюся, што да канца не ведаю, як гэта — быць беларусам? Усё адно што адказаць, як быць чалавекам.

Юры Несцярэнка: Беларускамоўныя людзі — закрыты клан

— Карані маёй беларускасці звязаныя хутчэй не з бацькамі, а з дзядамі і бабулямі. Гэта былі вясковыя людзі з адпаведнымі побытам і гаворкай, распаўсюджанай толькі ў іх мясцовасці. Тыя ўражанні дзяцінства — хай і досыць позна, ужо пасля 30 гадоў — паўплывалі на тое, што я падахвоціўся ўжываць і захоўваць беларускую мову.

Вельмі моцна на мяне паўплывала творчая сустрэча з пісьменнікам Уладзімірам Арловым і бардам Змітром Бартосікам. Арлоў мяне здзівіў тым, што ён, сучасны высокаадукаваны чалавек, піша кнігі на беларускай мове. А напрыканцы сустрэчы я даведаўся, што Бартосік не беларус. Але так, як ён размаўляў на беларускай мове, я, беларус, на той момант размаўляць не мог. І для мяне гэта быў шок.

Згадаю яшчэ адну сустрэчу. У нас, у мястэчку Бялынічы на Магілёўшчыне, была невялікая дыяспара каўказцаў з Грузіі, Арменіі, Аджарыі… Яны тут жылі і працавалі — трымалі крамы. Аднойчы каўказцы наладзілі сустрэчу з актыўнымі беларускамоўнымі людзьмі. З каўказскага боку быў малады вядоўца, а старэйшы сядзеў недзе далей. Малады вядоўца пачаў казаць: «Поднимем тост за эту землю, которая дала нам возможность здесь жить без войны и работать. Выпьем за самостийность Беларуси!» А старэйшы паправіў: «Ты что, не понимаешь? Не за самостийность, а за незалежность!»

На жаль, пакуль на Беларусі з іншаземцамі размаўляць па-беларуску немагчыма. Таму тыя людзі, што ў нас карыстаюцца беларускай мовай, выглядаюць як своеасаблівы клан. Застаецца хіба спадзявацца, што некалі сітуацыя зменіцца да лепшага.

8. ВЕДА

— Трэба было перажыць шмат чаго, каб усвядоміць і ацаніць вартасць гэтых двух словаў: «Я — беларуска». — Чаму мы павінныя змяніць нашы сімвалы, якія мне вельмі падабаліся, на нешта іншае. На нешта, у чаго няма каранёў. — У пэўны час я зацікавіўся гісторыяй. Прычым гісторыяй навакольнага краю, а не ўсёй планеты. — Быць беларусам — гэта калі ўвесь традыцыйны космас рэзануе з зямлёй — спевы, строі, легенды і паданні, вясковыя хаты, крыжы на могілках. Гэта наш спосаб існаваць, спосаб адчуваць і разумець сусвет і сябе ў ім.

Настасся Шамрэй: На падсвядомым узроўні я заўсёды ведала сваю нацыянальнасць

— Памятаю, калі я пайшла ў першы клас, то мела даволі вялікую праблему з беларускай мовай. Неяк на мяне накрычала настаўніца, што я не маю з сабой «алоўка». А мае «карандаши» ляжалі ў пенале і не ведалі, што гэта гаворка пра іх. Але з цягам навучання ў беларускамоўнай школе я пачала прызвычайвацца да мовы і яе адрозненняў ад «русского языка». Любіла беларускія казкі, з задавальненнем чытала беларускую літаратуру.

Недзе ў пятым ці шостым класе настаўніца па гісторыі запыталася, хто якой нацыянальнасці. «Хто лічыць сябе палякам?» — палова класа падняла рукі (і я ў тым ліку). «Хто лічыць сябе рускім?» — рукі падняла другая палова. «А цяпер скажыце, хто лічыць сябе беларусам?» — мы былі ў шоку. Як гэта — беларусам? У Лідзе ўсе ці каталікі, то бок «палякі», ці праваслаўныя, то бок «рускія». Наўрад ці менавіта тады я ўсвядоміла сябе беларускай, але добра запомніла, што каталічка — гэта не абавязкова полька.

Потым доўгі час мне было ўсё адно, хто якой нацыянальнасці. Галоўнае, каб чалавек быў цікавы. Калі сутыкалася з беларускамоўнымі, не вылучала іх з агульнага шэрагу — звычайныя людзі, я іх разумею, яны мяне таксама. Толькі яны трошкі часцей за іншых размаўляюць пра палітыку. А ў астатнім усё о’кей.

Неўпрыкмет міналі школьныя гады, і аднойчы я вырашыла, што хачу быць журналісткай. Атрымалася патрапіць на факультэт беларускай філалогіі і культуры ў БДПУ (Педагагічны ўніверсітэт), дзе я атрымлівала дзве спецыяльнасці — журналістыка, пра якую марыла, і беларуская мова і літаратура — так бы мовіць, пабочны эфект.

Тое, што пры паступленні падалося пабочным эфектам, змяніла мяне да непазнавальнасці. Менавіта ва ўніверсітэце я адкрыла для сябе Беларусь: літаратуру, мову, гісторыю, у тым ліку і гісторыю мовы, а таксама выкладчыкаў, якія апавядалі, хто такі Быкаў, што зрабіў Каліноўскі, як гучаць дыялекты нашай мовы ў розных раёнах. Беларусь для мяне набывала размаітыя колеры і адценні, рабілася больш прывабнай і ўтульнай.

Сёння здаецца, што на падсвядомым узроўні я заўсёды ведала сваю нацыянальнасць і ганарылася гэтым. Проста трэба было шмат перажыць, каб усвядоміць і ацаніць вартасць гэтых двух словаў: «Я — беларуска».

Раман Бекарэвіч: Мой доўгі шлях, альбо Як я асэнсаваў сябе беларусам

— Я нарадзіўся ў расейскамоўнай сям’і, але ўсе мае родныя, акрамя бабулі па матчынай лініі, па пашпарце былі беларусамі. Першым штуршком да асэнсавання сябе беларусам, напэўна, былі мае школьныя падручнікі, што распавядалі пра паходжанне нашых нацыянальных сімвалаў (я пайшоў у школу акурат у 1991 годзе).

Гэтыя кнігі на ўсё жыццё прышчапілі любоў да бел-чырвона-белага сцяга і Пагоні. І потым, у 1995 годзе, мне, дзіцяці, было вельмі цяжка зразумець, чаму ад іх адмовіліся? Чаму мы павінныя змяніць нашы сімвалы, якія мне вельмі падабаліся, на нешта іншае? Аднак мае бацькі растлумачылі мне, што наш сцяг падчас вайны выкарыстоўвалі фашысты, нагадалі пра майго дзядулю й прадзеда, якія змагаліся супраць захопнікаў пад чырвонымі сцягамі. І я з паразуменнем прыняў гэтае тлумачэнне.

Потым доўгі час я зусім не думаў ні пра тое, што такое быць беларусам, ні пра тое, чаму мы павінны бараніць нашу мову. Але ў школе мы шмат чыталі беларускую літаратуру. А настаўніца па гісторыі была вельмі строгая — жанчына яшчэ савецкага гарту. Як у савецкія часы яна муштравала вучняў па гісторыі КПСС, так і мы былі вымушаны старанна вывучаць гісторыю ВКЛ і станаўлення беларускай дзяржаўнасці. З таго часу ў мяне ўжо не было сумневу, што мы — беларусы і ў нас ёсць шматвяковая культура. Аднак я не адчуваў сябе часткай гэтай культуры да сямнаццацігадовага ўзросту.

Менавіта тады я ўпершыню пабачыў сямейныя рэліквіі — старадаўнія дакументы, якія сведчылі пра маю прыналежнасць да шляхецкага роду. З іх я і даведаўся, што мае продкі, пачынаючы з шаснаццатага стагоддзя, лілі кроў, абараняючы межы сваёй Бацькаўшчыны ад нападаў «вялікага ўсходняга суседа». Я пабачыў сваё генеалагічнае дрэва і тыя самыя шляхецкія граматы імператрыцы Кацярыны Другой, пра якія столькі чуў у школе.

Гэтыя старыя паперы зрабілі на мяне незабыўнае ўражанне. Пасля чаго і адчыніліся таямнічыя дзверы ў маёй свядомасці. Я пачаў цікавіцца нашай гісторыяй, стаў чытаць шмат кніг на роднай мове і задаваць сабе пытанні, на якія няпроста знайсці адказ.

Апошнім крокам да майго самавызначэння як беларуса стала праца ў Расеі ў студэнцкія гады. Там мне было вельмі сорамна, што ні я, ні мае суайчыннікі не ведаем сваёй мовы. Але разам з тым менавіта там я зразумеў, што беларусы й расейцы зусім розныя, што мы нават метафарычна не можам называцца адзіным народам.

Я — Беларус! І я ганаруся гэтым.

Генадзь Трахімавіч: Убачыў нешта новае — здзівіся

— Я нарадзіўся ў Заходняй Беларусі ў 1934 годзе ў Глыбокім. Для мяне беларушчына — гэта найперш гісторыя.

Мае два сыны жывуць ва Ульянаўску. Калі яны прыязджаюць у Беларусь, я заводжу іх на могілкі і паказваю: тут у мяне з боку бацькі пахавана пяць пакаленняў; еду на другія могілкі і кажу, што тут пахавана шэсць пакаленняў з боку маткі. Адна нявестка спытала: ну і што? А другая сказала: калі каго народзіць — прывязе ў гэтую царкву, у якой былі хрышчаныя шэсць пакаленняў нашых сваякоў. І вось маю ўнучку хрысцілі ў гэтай царкве, пабудаванай у 1642 годзе.

Да гісторыі Беларусі мяне прыахвоціў бацька. Яго выхаванне грунтавалася на такім прынцыпе: убачыў нешта новае — здзівіся, раскрый рот і не закрывай да таго часу, пакуль не даведаешся, што гэта такое. А перастанеш здзіўляцца — ты нябожчык.

Я лічу, што калі не ведаеш сваіх каранёў, ты ўжо не беларус.

Андрэй Захарэвіч: Нам ёсць чым ганарыцца

— У дзяцінстве я размаўляў па-беларуску ў асноўным з бабуляй і дзядулем, таму што маці ў мяне нарадзілася і нейкі час гадавалася ў Расеі — дачка вайскоўца. Беларускую мову яна ўрэшце вывучыла, але вымаўленне такое, што часам і сёння яе цяжка зразумець.

Усё пачалося з таго, што я зацікавіўся гісторыяй. Але гісторыяй не ўвогуле, а свайго роднага краю. Праз некаторы час вырашыў перайсці на беларускую мову. Атрымалася не з першай спробы: псіхалагічна вельмі складана. Хаця жонка мяне адразу падтрымала. Яна сама з беларусаў, з тых, што калісьці паехалі на Урал паводле рэформы Сталыпіна. Знайшоў я жонку ў Кыргызстане.

Здаралася, мне нават давалі зніжкі ў крамах за беларускую мову. Нечакана падзякавалі за добрае вымаўленне, калі станавіўся на ўлік у ваенкамаце ў Ленінскім раёне Менска. Сябры з Расеі, калі прыязджаюць, просяць больш размаўляць па-беларуску. Ім цікавыя нашыя мова і культура не ў іх падабенстве да расейскай, а ў адрозненнях. Аднаму з іх вельмі спадабалася слова «сябра», ён доўга адпрацоўваў яго вымаўленне і цяпер любіць прамаўляць пры кожнай сустрэчы.

Быць беларусам — гэта быць як самім сабой, так і нашчадкам сваіх продкаў.

Зміцер Трафімчук: Стаў беларусам праз мову

— Я стаў беларусам праз мову. Дзесьці цягам году пераконваў сябе, што варта пачаць размаўляць па-беларуску. І ўвесь гэты час займаўся самаадукацыяй, шмат чытаў, знаёміўся з людзьмі, якія дапамагалі мне пераканацца, што абраны мной шлях — правільны і па-беларуску размаўляць варта. І вось на працягу ўжо досыць доўгага часу я карыстаюся беларускай, што ніяк не замінае мне ў стасунках з іншымі людзьмі.

Мае бацькі калі і паўплывалі на маю беларускасць, то несвядома. Так бы мовіць, на генным узроўні. У атачэнні, дзе я рос, людзі размаўлялі на «лёгкай» (скажам так, каб не ўжываць больш грубых тэрмінаў) беларускай мове. А цяпер ужо хутчэй я на іх уплываю. Бо мая прафесія — філолаг, і мой абавязак — правільнае валоданне мовай.

Быць беларусам — гэта найперш не саромецца таго, што ты беларус. Адказ абстрактны, але насамрэч ён адсылае да гісторыі нашай штодзённасці. Шмат якія людзі, пазіцыянуючы сябе беларусамі, не ведаюць элементарных беларускіх каштоўнасцяў, не валодаюць інфармацыяй, звязанай з гісторыяй Беларусі, бо не кожны можа дайсці да бібліятэкі. А калі б гэтая інфармацыя была паўсюль, перадусім на радыё і тэлебачанні, яна б, напэўна, шмат каго схіліла натхніцца беларушчынай. Як гэта было ў маім выпадку.

Дзяніс Голін: Найпершае ў пошуках і вызначэнні ідэнтычнасці — гэта мова

— Напэўна, мая беларускасць пачалася з зацікаўленасці гісторыяй. Не беларускай, а наогул. Гісторыяй старажытнага свету, Сярэднявечча… Пасля надышоў час і гісторыі Беларусі, якую пачалі выкладаць у школе. Недзе тады трапіла мне ў рукі кніжка Вітаўта Чаропкі «Імя ў летапісе» і адкрыла вочы на выбітных асобаў роднай зямлі. Асабліва падабаліся нарысы пра барацьбу з крыжакамі.

Канчатковая ж мая «беларусізацыя» адбылася пасля першага курсу журфаку, калі з агульнай парады выкладчыка і «на злосць усім» я ўсё лета намагаўся думаць і размаўляць па-беларуску. Вярнуўся з вакацыяў іншым чалавекам. Дарэчы, бацькі паставіліся да гэтай метамарфозы як да з’явы натуральнай.

Таму з уласнага досведу магу сказаць, што найпершае ў пошуках і вызначэнні сваёй ідэнтычнасці — гэта мова. Яна робіць нас такімі, якімі мы ёсць. Памятаю часы, калі англійская была адзіна прымальнай у тутэйшай цяжкой музыцы. Але менавіта беларускамоўны праект, дзе я пачаў музычную творчасць, звярнуў на сябе ўсеагульную ўвагу.

Памятаеце прадмову да фільма Андрэя Кудзіненкі «Акупацыя. Містэрыі»? «Пяцьсот гадоў таму яны не ведалі, што яны беларусы, але іх дзяржава была найвялікшай у Еўропе. Калі яны даведаліся пра гэта, у іх ужо не было дзяржавы, і іншыя лічылі іх то недаробленымі рускімі, то непаўнавартаснымі палякамі. Але беларусы яшчэ былі. Нарэшце іх запісалі ў савецкі народ. А потым пачалася вайна і акупацыя. Пасля гэтага беларусаў засталося зусім мала. Цяпер у беларусаў ёсць дзяржава. Але іх саміх ужо не засталося».

Менавіта ад людзей, якія бяруць на сябе нялёгкі абавязак звацца беларусамі, залежыць, ці будуць беларусы. І якімі будуць.

Аляксандр Тамковіч: Сорамна перакладаць беларуса на беларускую мову

— Я былы вайсковец, дакладней вайсковы журналіст. Вучыўся на факультэце журналістыкі Львоўскага вышэйшага ваенна-палітычнага вучылішча. Да гэтага скончыў «рускую» школу і адзін курс Ленінградскага тэхналагічнага інстытута халадзільнай прамысловасці. Зразумела, беларускую мову нідзе належным чынам не вывучаў. Таму, каб ніхто не смяяўся з памылак, пісаў на «великом и могучем».

Так было да траўня 2007 года, калі рэдактар газеты «Новы час» Аляксей Кароль прапанаваў мне зрабіць серыю нарысаў «Найноўшая гісторыя Беларусі ў асобах». З задавальненнем пагадзіўся, засмучаў толькі адзін момант — газета на беларускай мове, а я пішу на расейскай. У адказ прагучала — пішыце на расейскай, будзем перакладаць. І тут мне, шчыра кажучы, стала крыху сорамна ад таго, што хтосьці будзе перакладаць на беларускую мову беларуса…

Як вядома, лета — «мертвый сезон», таму мы вырашылі дачакацца восені. Першы нарыс на беларускай мове з’явіўся 12 верасня 2007 года. Напісаны ён быў з дапамогай руска-беларускага слоўніка і камп’ютарнай праграмы «Літара», якая падкрэслівае чырвоным колерам памылкі і «русізмы». Зараз серыя нарысаў працягваецца, толькі аб’ектам стаў «трэці сектар». У слоўнік я амаль не заглядваю. Няма такой неабходнасці.

Я родам з захаду Беларусі, а там раней панавалі дзве мовы — мясцовая (беларуская) і польская. Толькі апошнім часам дадалася яшчэ і расейская. Па сутнасці, адбываецца тое, што і ўсюды, пасля таго як сюды прыйшлі «саветы». У маіх родных Ашмянах ніколі (адно выключэнне) не было «свайго» начальства. Іх заўсёды прысылалі з Усходу.

Аднойчы ехаў па квіток на Маскоўскі аўтавакзал. У падземным пераходзе, каля «палітэху» нейкі юнак спяваў на беларускай мове. Такога я ніколі не сустракаў. Каб адчуваць сябе беларусам, не трэба нейкага пафасу. Дастаткова свядома рабіць тое, што будзе рабіць цябе беларусам.

Аксана Сулейманава: Паўплывала школа

— Сям’я мая інтэрнацыянальная: бацька — татарын, маці — расейка, бабуля і дзед — беларусы, а яшчэ адна бабуля — украінка. Нарадзілася я ў Беларусі, атрымлівала сярэднюю адукацыю ў беларускамоўнай школе. У нашай сям’і ніколі не размаўлялі на беларускай мове, бо ні маці, ні бацька яе добра не ведалі. Таму сям’я ніяк не паўплывала на маю беларускасць. Гэта зрабіла школа.

Дзякуючы маім настаўнікам па беларускай мове, гісторыі, геаграфіі я зразумела, хто я такая. Потым вучылася ў БДПУ імя Максіма Танка па спецыяльнасці «Геаграфія. Беларуская мова і літаратура». Цяпер выкладаю гэтыя прадметы ў школе.

Але больш за ўсё на мяне паўплывалі кнігі. Я вельмі любіла і люблю чытаць, і найперш мне падабалася чытаць кнігі на беларускай мове. Мне здаецца, што нават апісанне прыроды на ёй гучыць больш чароўна, чым на расейскай.

Калі чытаеш беларускія кнігі, дык здаецца, што вяртаешся ў дзяцінства, дзе ўсё табе знаёмае і дзе ты адчуваеш сябе вельмі ўтульна.

Быць беларусам — гэта не значыць запіс у пашпарце.

Быць беларусам — гэта мець беларускую душу.

Ганна Емялёва: Гэта наш спосаб існаваць

— Я нарадзілася на гэтай зямлі. І з часам пачала адчуваць яе. Адчуваць, што людзі, якія спрадвеку тут жылі, іх мова і культура — гэта сама гэтая зямля. І увесь космас рэзануе тут з традыцыйнай культурай людзей, што жывуць на гэтай зямлі: спевы, строі, легенды і паданні, вясковыя хаты, крыжы на могілках — усё знітавана.

Мне здаецца, што няма іншага сэнсу і няма большага шчасця за гэтую задзіночанасць. Тут адна песня бабулі можа змяніць жыццё назаўсёды.

9. СВАЁ

— Калі вы патрапіце ўхапіць розніцу паміж паняццямі «народ» і «натоўп» — вы ўжо напалову беларус. — Нішто так не загартоўвае характар, як простая рэч — гаварыць па-свойму ў іншамоўным натоўпе… Таму так важна — знайсці сваіх! — Трэба адрозніваць мову як ідэю і мову як нешта неаддзельнае ад асобы. — Мяне ўразіла, што падчас беларуска-шведскай літаратурнай вечарыны шведскі амбасадар звяртаўся да прысутных… па-беларуску! — Беларускасць была, ёсць і будзе заўсёды побач, проста мы часам не заўважаем. — Нават аповед пра свае карані для мяне ёсць культурай, таму што гэта частка нашай агульнай гісторыі. — Мяне вельмі ўражваюць знаёмствы з людзьмі, якія адчуваюць сваю прыналежнасць да пэўнага народа.

Ганна Кісліцына: Жыццё з самапавагай

— Часта чую гісторыі: чалавеку ўпала на галаву цагліна ці токам яго стукнула — і ён загаварыў па-ангельску або, да прыкладу, па-старагрэцку… Ніякага такога здарэння са мной не было.

Мая беларускасць развівалася паслядоўна. У два гады, як любяць згадваць мае сямейнікі, я паставіла на вушы ўсіх выхавацелек маскоўскага дзіцячага садка пытаннем: «Дэ моя хустка?» Ніхто з іх не ведаў заходнепалескага дыялекту, а я літаральна перавярнула ўсё дагары нагамі. Таму маму вечарам сустракалі ўсе, хто там працаваў… Вось такія мы, беларусы — у вечным пошуку свайго!

Калі мне споўнілася чатыры, на пытанне: «Кім ты будзеш, калі вырасцеш?», упэўнена адказвала: «Беларускай паэтэсай!» Мама пісала вершы і ўсе яе сяброўкі па маскоўскім Літаратурным інстытуце былі беларускімі паэткамі. Яны былі прыгожымі, густоўна апраналіся і моцна адрозніваліся ад звычайных жанчын. Паглядзіце на фотаздымак маладзенькай Раі Баравіковай і вы мяне зразумееце… Беларусы такія — упэўненыя ў тым, што яны самыя лепшыя: самыя прыгожыя, самыя працавітыя. З самымі чыстымі вуліцамі ў свеце!

Калі мне было восем, разам з усім атрымала школьны падручнік па беларускай мове. У канцы яго былі слупкі са словамі, якія трэба было запомніць. Мой сусед па парце Вова Казырыцкі аднойчы знайшоў там незнаёмае слоўка і спытаў мяне, што яно значыць. Але націск у ім паставіў няправільна, на апошні склад. Давялося зірнуць і прачытаць самой. «Дык гэта ж «аўторак», «вторник»! — лёгка пераклала я. «Дык ты беларуска!» — здзівіўся ён… Быць беларусам — гэта не толькі мець беларускае прозвішча, а элементарна разумець родную мову.

Калі мне было сямнаццаць, я трапіла на пасяджэнні легендарнага таварыства «Тутэйшыя». Усе былі старэйшыя за мяне, з вышэйшай адукацыяй ці старшакурснікі. Каб камунікаваць на роўных, даводзілася шмат чытаць…. Аказалася, што каб называцца беларускай, трэба ведаць гісторыю нацыянальнай культуры.

Быць беларусам — гэта паважаць сябе. Ніколі не гань сваё — і без цябе знойдуцца тыя, хто гэта зробіць! Крытыкуй, але толькі тое, што можна выправіць. Калі ты не паважаеш сябе, свой род, сваю мову — то хто будзе паважаць цябе? Самапавага — першая аснова для павагі з боку іншых. Гэта важна і для чалавечых стасункаў, і для міждзяржаўнага камунікавання. Жыццё без кахання — сумнае, жыццё без павагі з боку іншых — невыноснае!

Быць беларусам — гэта значыць адрозніваць паняцці «народ» і «натоўп». Варта паважаць свой народ, яго мову, гісторыю і культуру, але пры гэтым захоўваць самастойнасць думкі, заўсёды помніць, што натоўп можа памыляцца. Калі вы патрапіце ўхапіць розніцу паміж паняццямі «народ» і «натоўп» — вы ўжо напалову беларус.

Мне пашанцавала — я вырасла ў нацыянальна-свядомым асяродку, таму стаць беларускай мне было проста. Цяжка было загаварыць па-беларуску самой. Падазраю, што нішто так не загартоўвае характар, як простая рэч — гаварыць па-свойму ў іншамоўным натоўпе… Таму так важна — знайсці сваіх!

Аляксей Дзікавіцкі: Глядзець на свет з беларускай перспектывы

— Беларусам я стаў гадоў у пяць. Зразумела, што несвядома. Мая мама паводле нацыянальнасці мардвінка (мардоўка) з Урала, а бацька — беларус з Палесся. Да школы я гаварыў выключна на палескім дыялекце, бо выхоўваўся ў дзеда з бабцяй на вёсцы пад Пінскам.

У маленстве мы паехалі на радзіму маці і аказалася, што ў тых гарах мяне ніхто практычна не разумее. Старыя маміны сяброўкі тузалі мяне, кажучы маёй маме: «Ой, Фаина, настоящий беларусёнок у тебя растет». Я ім спяваў БССРаўскі гімн ды размаўляў «по-нашому», а яшчэ гаспадарскім вокам (навучыў дзед, светлай памяці) рабіў заўвагі наконт вядзення гаспадаркі ў тых краёх: «Каня дрэнна запраглі, тут прапалоць трэ было б, бульба ў вас нейкая дробненькая» і г. д… Потым у юнацтве быў Караткевіч, Быкаў, рок-гурт «Мроя».

Не праміну заўважыць, што стасоўна ўсведамлення ўласнай беларускасці немалую ролю адыграла і нянавісць да савецкага ладу.

Першы пратэст на пляцы Леніна ў Пінску 7 лістапада 1990 года з транспарантам «Вялікі кастрычнік зрабіў нас рабамі» і пашытым маці з прасціны і сарванага ўначы БССРаўскага сцягу, сцягам бел-чырвона-белым….

Быць беларусам — натуральна. Бо іначай мы выглядаем як малпы, калі жылы рвем, каб, прыкладам, авалодаць дасканала маскоўскім ці піцерскім «говорком», не ведаючы свайго роднага слова.

Быць беларусам — гэта значыць глядзець на ўсё, што адбываецца ў свеце з беларускае перспектывы.

Уладзіслаў Ахроменка, буржуазны літаратар: Свае грады

— Люлі-люлі-люлі, паляцелі куры. Селі на варотах у чырвоных ботах. Спі, дачушка, заплюшчы вочкі і спі. Бач, цёмна за вокнамі. І коцікі ўжо спяць, і сабачкі, і куры зараз на жардзіну пасядуць і паснуць. Што — казку на ноч расказаць? Пра каралевіча на белым кані? А давай лепш пра нашага вершніка-абаронцу…

Бачыш, над тваім ложкам анёльчык парцалянавы. Гэта твой асабісты абаронца. Вось так і кожнаму краю Пан Бог таксама свайго абаронцу прызначыў. Палякам — Бялага Ожэла. Украінцам — Трызуб, у якім слова «воля» зашыфраванае. Нам, беларусам, — адважнага вершніка з крыжам на шчыце. Але ж любоў да свайго краю не з яго пачынаецца.

А вось паслухай, з чаго. Бачыла ў мяне ў кабінеце старыя фотаздымкі на сцяне? Гэта нашыя з табой Дзяды. Тамака прыгожая такая дзяўчына — мая бабуля Марыя Сазонтаўна ў маладосці, твая прабабка. Сама яна з Баршчоўкі, што пад Рэчыцай. Не, дзіцё, яна нават не ведала, што ў нас такі абаронца ёсць. Час гэткі быў, за вершніка з крыжам на шчыце і ў Сібір можна было патрапіць! Сібір? Гэта далёка-далёка на ўсход, у Азіі, потым у падручніках пачытаеш.

Але ж Марыя Сазонтаўна навучыла мяне, што азначае любіць наш край. Жылі мы ў сваім дамку на ўскрайку Гомеля, і быў у нас уласны гародчык. «Грады», «гурок», «кроп», «цыбуля» — першыя беларускія словы, якія ад яе пачуў. Але ж грады — гэта найперш не словы, а праца. Як снег сыдзе і глеба прагрэецца, зямлю трэба дбайна перакапаць. Камякі граблямі паразбіваць. Гною прывезці і раскідаць. Гуркі-памідоры-кроп-пятрушку пасадзіць. Дый яшчэ час трэба ведаць, калі і што садзіць. На маладзік лепш за ўсё… Потым цярэбіць, паліваць, песціць. Памідоры да дрыноў падвязаць, калі падымуцца і заквітнеюць. І шмат чаго яшчэ.

Вось твая прабабка і працавала ад рана да рана. Ведаеш, якая самая страшная лаянка ў яе была? «Абібок» і «лайдак». І страшэнна абуралася, калі чула ад некага, што ў яго, маўляў, працы няма. «Стань да дзвярэй і зачыняй-адчыняй, зачыняй-адчыняй, — раіла. — Праз дзесяць хвілінаў абавязкова знойдзеш сабе занятак».

Затое ўвосень нашыя грады — цуд і казка. Сакаўныя стрэлы цыбулі. Зялёныя шыхты часныку. Панская раскоша памідораў. Пупырчатыя гуркі з-пад шырокіх лістоў.

А як ты думаеш — каб нейкі прыхадзень узяўся нашыя грады душыць, што б твая прабабка зрабіла? Правільна, адразу за вілы. І наш вершнік бы ёй абавязкова дапамог.

Мае грады? Кампутар, за якім працую. У маці — свае грады, офіс. У бабулі — фартэпіяна, якое яна ўсё жыццё выкладала…

Ну, абібокі, знайшла пра каго згадваць! Сама падумай, нашто такім грады? А як градаў няма, значыцца, няма і чаго бараніць. Вось таму наш вершнік такім і не патрэбны. А яны вершніку — тым больш, і ніколі ён ім не дапаможа. Яшчэ і выспяткаў надае, як пабачыць…

Так што, дзіцё, любіць свой край і быць беларусам — гэта не проста словы. Край — гэта тое, што табе ў спадчыну перайшло. Тое, што ты заўсёды станеш бараніць. Гародчык з кропам, цыбуляй і гуркамі, на якім твая прабабка корпалася. Яе магіла, куды мы з табой на Дзяды ездзілі. Плюшавы мішка, з якім ты зараз засынаеш. Яшчэ я малым з ім засынаў, мне ж яго Марыя Сазонтаўна акурат і падарыла…

А як падрасцеш, дачушка, дык зазірнеш за плот, што нашыя грады ад нашае вулкі адгароджвае. Вуліца тая не канчаецца тупіком, а выходзіць у шырокі свет. І калі ты любіш свой край, дык абавязкова сустрэнеш там нашага вершніка-абаронцу, і ён заўсёды табе дасць рады.

Казачны каралевіч? І яго, пэўна, у сваім жыцці напаткаеш. Толькі не забудзься, нават каралевіч без уласных градаў і працы на іх — ніякі не каралевіч, а звычайны абібок і лайдак.

Таццяна Беланогая: Быць чалавекам — гэта і значыць быць беларусам

— Яшчэ з маленства я ведала, што ёсць шмат краінаў. У нас дома вісела вялікая мапа, і нам падабалася гуляць у такую гульню: адзін загадвае краіну, астатнія пасля шукаюць яе. Тады я і зразумела, што ёсць нейкая штука, якая адрознівае людзей, і яна звязаная з мапай. Калі крышку падрасла, то мы з сябрамі рабілі пашпарты. У мяне быў сшытак з пагоняй і сцягам, якія я выразала і наклеіла на свой пашпарт.

Пытанне пра тое, хто ты і навошта, не прыходзіць з пустога месца, роўна як і пытанне пра этнічную прыналежнасць. Я яго сабе задала пасля беларускамоўных кніжак з казкамі, вершамі… У паэзіі Анатоля Сыса я адчула любоў да сваёй зямлі, да ўсяго існага.

Мая бабуля з-пад Жыткавічаў, і ў яе паляшуцкае вымаўленне. У вёсцы бабулі дзеці размаўлялі па-беларуску. Яны не маглі сказаць «сапоги», яны казалі «боты», і для іх гэта было натуральна. А мы цяпер жывем пад Маладзечнам, і там больш класічная беларуская мова. Я ўжо — пакаленне гораду, але сказаць, што я дрэва без кораню, не магу. Я ведаю не толькі, што такое літаратурная мова, але ўжываю і словы, якія чула ў дзяцінстве.

Любоў да прыроды, да сваёй зямлі не можа не спарадзіць пытання: «Чаму ты не размаўляеш па-беларуску?». Тое, што нашыя людзі не карыстаюцца роднай мовай, — гэта прыкры феномен нашай гісторыі.

Мова сілкуецца яркімі, незвычайнымі постацямі, людзьмі мастацтва, высокамаральнымі асобамі. Менавіта яны ёсць той сілай, якая здольная ўсё перайначыць да лепшага.

Трэба адрозніваць мову як ідэю і мову як нешта неаддзельнае ад асобы. Мова можа і проста падабацца. Але часам людзі рэзка рэагуюць на тое, што чуюць беларускае слова. Не ведаеш ты мовы, дык хаця б паводзь сябе па-людску: паважай яе. Быць чалавекам — гэта і значыць быць беларусам.

Кацярына Сарокіна: Стала сорамна перад сябрамі

— Беларускай я сябе ўсвядоміла пасля наведвання Прагі, дзе пабачыла сваіх знаёмых. Яны колькі гадоў жывуць за мяжой, але мова іх зносінаў — беларуская. Сорамна было б, прыехаўшы з Менску, звяртацца да іх па-расейску. «Як вы размаўляеце, Каця?» — запыталіся ў мяне. «Паспрабую па-беларуску», — адказала я. І ў мяне атрымалася. Напэўна, прынеслі карысць школьныя заняткі, дзе мы прымусова вывучалі родную мову, але не зусім разумелі навошта.

Неяк так склалася, што ўсё тое лета прайшло пад сцягам беларушчыны. Гэтаму спрыялі і новыя знаёмствы, і розныя мерапрыемствы ды забавы, напрыклад, славуты менскі асяродак «Карчы», дзе людзі танчаць пад дуду.

Але найболей мяне ўразіла, што падчас беларуска-шведскай літаратурнай вечарыны шведскі амбасадар звяртаўся да прысутных… па-беларуску!

Сур’ёзнае выпрабаванне — размаўляць на роднай мове ўвесь час. Пакрысе да гэтага прызвычайваю бацькоў і ўжо чую ад іх: «Добрай раніцы, дачушка!». Сябры ставяцца даволі лаяльна, часам нават намагаюцца адказваць па-беларуску, часам просяць прабачэння, што ўжываюць расейскую.

Ва ўніверсітэце размаўляю на расейскай, бо мая будучая прафесія — юрыст — іншага не прадугледжвае. Адзіны закон, які я сустрэла ў беларускамоўным варыянце, — Канстытуцыя. Што датычыць мінакоў на вуліцы ды прадаўцоў у крамах, то рэагуюць яны часам неадэкватна; добра, калі проста здзіўлена агледзяць, а здараецца, што часам могуць і абразіць. Ну і цьфу ім пад ногі, як кажуць у Адэсе.

Ёсць такі жарт: «Вы так прыгожа размаўляеце па-беларуску, а навошта?»

Дзеля сябе. Бо тады адчуваю, што маю Бацькаўшчыну.

Уладзімір Крумін: Быць самім сабой

— Беларускасць была, ёсць і будзе заўсёды побач, проста ты часам не заўважаеш яе. Ты яе не чуеш, як не чуе дрэнны музыка фальшу; ты яе не бачыш, як не бачыць абмежаваны чалавек нечага выключнага на малюнку генія; ты яе не адчуваеш, як не адчувае загрубелая скура лёгкага дотыку…

А можа проста яшчэ не твой час.

Сярэдзіна 90-х, Горадня, ноч, кватэра на апошнім паверсе, нешта не спіцца, ды яшчэ хлопцы пад півас і гітару песні равуць знізу на лаўцы. Спачатку так, звычайнае: «Беспечный ангел», «Это всё» — ведаем, самі можам, нецікава… І тут, дзесьці ўжо пад золак, — «Твой рок-н-рол даўно памёр…» — ого, гэта як так?

Галасы злучаюцца, раскладаюцца, перакрыжоўваюцца — рыхтаваліся, пэўна. Спачатку нясмела, потым гучней, адна песня, другая, шостая. І ў кожнай крыўда, боль і сум, а яшчэ — злосць.

На мяне рэдка штосьці ўздзейнічае больш, чым добрая музыка — і гэта быў той самы выпадак. Пэўна, я быў адзіны ўдзячны слухач, які слухаў музыкаў да раніцы, калі яны, ужо ўшчэнт сарваўшы галасы, разышліся па хатах. Вось так усё і пачалося.

Быць беларусам для мяне — гэта быць самім сабой. Праўда, да гэтага яшчэ вельмі далёка.

Павел Дармель: Чужая культура абудзіла цікавасць да сваёй

— Я беларус не толькі праз тое, што тут жыву. Мае бацькі, бабулі і дзядулі — беларусы. Нават аповед пра свае карані для мяне ёсць культурай, таму што гэта частка нашай агульнай гісторыі.

Дзяцінства я бавіў на Палессі, і мне на ўсё жыццё запомнілася ягоная атмасфера, адметнае маўленне. У школе я па рускай літаратуры не прачытаў амаль нічога, а вось па беларускай — усё. Яна мне лепей давалася і выглядала цікавейшай.

Гэтаксама і гісторыя Беларусі мне была цікавейшая за сусветную, і ведаў я яе лепш. Я часта бываю за мяжой, у мяне там ёсць сябры. Я бачу іх культуру, іншую, але яна мяне не захоплівае, а толькі абуджае цікавасць да сваёй. Калі мы ездзілі з рок-гуртом «Тарпач» у Польшчу на дзесяць дзён, то размаўлялі там толькі па-беларуску, хоць у Беларусі я карыстаўся расейскай.

Па вяртанні дахаты я ўжо думаў па-беларуску, але марудна, і таму зноў перайшоў на расейскую. У нас шмат хто ўвогуле не разумее беларускай мовы. Я працую ў краме, і з тых, хто да нас прыходзіць, літаральна адзінкі размаўляюць па-беларуску. Такая нашая рэальнасць.

Эдуард Мацюшонак: Як мастак, я непарыўна звязаны з маёй зямлёй

— Я ўсвядоміў сябе беларусам, калі пачаў прапускаць праз сябе ўсё тое, што бачыў наўкол. Але, зразумела, гэтага тады не ведаў. Значна пазней, пакрысе знаёмячыся з літаратурай і мастацтвам, я пачаў вызнаваць сябе чалавекам, які жыве на гэтай зямлі і належыць да гэтага народа.

Мяне вельмі ўражваюць знаёмствы з людзьмі, якія адчуваюць сваю прыналежнасць да нейкага народа і пераканаўча тлумачаць свой выбар.

Як мастак, я непарыўна звязаны з маёй зямлёй. Колер атрымліваецца няяркі. Як у Сергіевіча, мастака з вельмі беларускім светаадчуваннем. Колер яго прац — як срэбная вуаль. Я заўважыў такое і ў сабе: спакойныя колеры найлепш выказваюць мае думкі.

Я з вёскі. У маім маленстве бацькі шмат працавалі і на выхаванне не мелі часу. Галоўным цэнзам для паводзінаў было трымацца, каб усё было па-людску. Ты не павінен рабіць тое, што абгавораць у вёсцы. А яшчэ на мяне вельмі паўплываў касцёл. Але ён выхаваў не столькі беларускасць, колькі духоўнасць. Чалавек не павінен прыносіць нікому шкоды.

Можна шмат казаць пра беларускасць і не быць беларусам. Каб быць беларусам, трэба ведаць мову, гісторыю хаця б свайго краю, з павагай ставіцца да людзей, якія навокал цябе. А тое, што ты робіш, павінна агучвацца нашай мовай. І ўсё гэта павінна ісці з душы.

Вольга Гардзейчык (Charlotte): Насуперак усяму

— Я ў беларушчыну прыйшла не па свядомым выбары й не стыхійна, а насуперак. Насуперак усяму. Усё мусіла б быць наадварот.

1985–1986: Крэсты

У класе, гадоў у 13–14, мы пачалі кпіць з тых, хто на выходныя й канікулы ездзіў у вёску ды прывозіў адтуль словы «калідор», «пінжак». Такія гаротнікі зваліся «крэсты»: па назве вуліцы Крэсцьянскай, якая вызначала мяжу горада і, адпаведна, адсланяла «гарадскіх» ад «дзярэўні». «Крэсты» былі ў пагардзе. Хто не ўмеў казаць чыста па-расейску, не меў ніякіх шанцаў зрабіцца аўтарытэтам у маім 7–8–9–10 «А» ці хаця б проста «выбіцца ў людзі».

1985–1988: «Здраўствуйця, дзеці»

Наступным цвіком у труну беларушчыны была Варвара Васільеўна, настаўніца мовы ў школе і жонка вайскоўца (хоць, пэўна, у адваротнай чарговасці), якая стварала моцны кантраст з адукаванай, густоўнай й прывабнай «русічкай». На жаль, Варвара Васільеўна прадмета, які выкладала, не ведала, не любіла й сваёй нелюбоўю з намі цягам шасці год шчодра дзялілася. Мова й літаратура стаялі ў раскладзе заўжды парай — зручна для прагулаў.

1989: «Вецер падзьмуў — што ты скажаш яму?..»

Прыйшла перабудова, якая мяне, выдатніцу й хуліганку, моцна цікавіла і натхняла. Замест чытання класічнай літаратуры і дысідэнцкага «самвыдату» я пачала шукаць найноўшай інфармацыі пра свет — і адно з «інфа-акенцаў» намацала выпадкова, заседзеўшыся даўжэй, чым звычайна, на кухні ў татарскай бабулі Музы. Гэта была «Беларуская маладзёжная» (дагэтуль магу праспяваць джынгл, значыць, запомню ўжо назаўжды:)) Цалкам іншае жыццё, інфармацыйны й культурны прарыў, адважная (а тады падавалася — нахабная) прапанова каштоўнасцяў і нацыянальных кодаў, журналісты-асобы, чые імёны запомніліся імгненна, разам з рэпартажамі — Дайнэка, Лукашук, Радкевіч, Вольскі… Гэта было так цікава і непадобна ні да чаго навокал, што я пачала стала слухаць «БМ» — і адзінае, што мне ўвесь час вельмі й вельмі замінала — гэта мова. Ну, чаму нельга ўсё тое ж самае, але па-расейску — раздражнялася я, седзячы ў бабулі на кухні ў Калінкавічах Гомельскай вобласці.

1989–1992: «Гэта тыя дзве, што з камсамолу…»

Расейскае аддзяленне філфака БДУ, па большасці дочкі партнаменклатуры з Пуліхава, перамежаваныя тургенеўскімі «дзевушкамі» «з нізоў». Мы з сяброўкай туды патрапілі выпадкова, па інерцыі ды паводле парадаў старэйшых: маўляў, расейская мова элітная і кавалак хлеба верны… Беларушчынай тут не пахне, прынамсі, не ў нас, элітных. Гэта тыя, што на паралельным патоку, моўныя, з вёсак панаехаўшыя — нешта варушацца, газетку факультэцкую выдаюць, сустрэчы з Лойкам і іншымі літаратарамі ладзяць, але мы далёкія ад гэтага. Затое з сяброўкай выходзім «па ўласным жаданні» з камсамолу, і на нас прыходзяць глядзець экскурсіі са старэйшых курсаў. Ганарымся.

1992–1993: «Няма больш смешнай аповесці ў свеце»

Паралельна з вучобай патрапляю ў тэатральна-багемна-постдысідэнцкую тусоўку, дзе пануюць інтэлект, снабізм і пагарда да нацыянальнага руху. «Наша девочка не будет бегать по баррикадам. Фу.» Але дзевачку ўпарта й насуперак усяму цягне туды, дзе свежы вецер перамен. Дзе Пазняк, велічэзны як помнік. Дзе Курапаты. Дзяды. Там адкрываецца іншая праўда, усё аказваецца не такім, як падавалася і як вучылі, і аднойчы на мітынгу — са страхам, змяшаным з гідлівасцю — запісваюся ў шэрагі БНФ. Далей ідзе лавінай: першая акцыя, якую пад снега-дажджом ладзім з сяброўкай перад Домам урада. Дэпутат 12-га склікання Крыжаноўскі, вяртаючыся з абеда, забірае ў святая святых наш мокры плакат «АБАРОНІМ СВАБОДУ СЛОВА!» з дваццаццю сабранымі подпісамі, а мы застаемся — поўныя светлых надзеяў. (Дарэчы, мой расейскамоўны мужык, ашмянскі каталік, кпіў з дзейснай жонкі й не ўхваляў маёй палітактыўнасці («не, толькі не БНФ…»), але дапамагаў маляваць трафарэтам той першы й апошні плакат, бо мае мастацкія здольнасці роўныя нулю). Потым я пачынаю кожную сераду бегаць на Маскоўскую Раду БНФ, мае новыя знаёмыя — ціхія інтэлігенты з Паўднёвага Захаду і актыўныя рабочыя стуль жа… Працы шмат, крылы адрастаюць, з’яўляецца сэнс жыцця і штодзённыя заданні. З сяброўкай у кухонных размовах практыкую беларускую. Уголас і на людзях шчэ баюся.

1994–1995: О Феліні, о Антаніёні…

У віры. Ніводная акцыя не абыходзіцца без актыўнага ўдзелу ў яе падрыхтоўцы і рэалізацыі. Знаю пайменна ўсе першыя шэрагі калоны, знаю на памяць усе нашыя мэты і шляхі іх дасягнення. У Зянона не закаханая, не. Можа, таму так лёгка пагаджаюся паспрабаваць уладкавацца ва Управу, дзе патрэбная студэнтка-сакратарка. І мяне бяруць! Нягледзячы на татальную рускамоўнасць. Пазняк пагаджаецца — а я абяцаю яму, што перайду на мову. Пераходжу. Сябры Управы пачынаюць больш рэгулярна й ахвотна збірацца на пасяджэнні.

Мае багемныя расейскамоўныя сябры тым часам пераконваюць мяне, што ніякай Беларусі няма, што наіўных дзетак выкарыстоўваюць на «пушачнае мяса», што трэба думаць пра высокае й не разменьвацца дзеля хцівых палітыкаў. Мне прыводзяць у прыклад Мандэльштама й Бродскага, і Пастэрнака, і Высоцкага, і Акуджаву, а я й сама іх люблю, і мне не хочацца нікому\нічому здраджваць, і цяжка нешта супрацьпаставіць, апрача вызваленчай барацьбы, якую трэба весці вось цяпер, менавіта цяпер — і я гэта фанатычна разумею. З мяне смяюцца, а я ўцякаю з высокадухоўных пасядзелак на мітынгі, не ўсведамляючы, што разрыў заўжды дзейнічае ў два бакі і што сыход маленькай дзяўчынкі крыўдзіць тых, хто застаецца… Я разумею пакуль толькі тое, што чую ад іх — што Беларусі няма як культурнага факту, і што нягожа барыш

10. БЫЦЬ АСОБАЙ, БЫЦЬ КІМСЬЦІ

— Прага да індывідуальнасці ў мяне асабіста вылілася ў беларускасць. — Важна быць Кімсьці. Калі ты — Хтосьці, а не Нехта. — Я зразумеў, што навакольны свет можа прагінацца пад нас, нягледзячы на выразнае «дзеканне» і «яканне». — Мо’ не гэтак важна ўсведамляць сябе менавіта беларусам, але кімсьці сябе ўсведамляць важна з пункту гледжання цэласнасці асобы. — Любая адрознасць — гэта патэнцыйная перавага. — Я ішоў за большасцю, напэўна, камплексаваў. Можа, думаў, што застануся адзін, калі пачну размаўляць па-беларуску. — Калі ты не ўяўляеш сабой штосьці як чалавек нацыянальны, то наўрад ці будзеш варты чагосьці і як глабальны, як касмапаліт. — Словы пачыналі выклікаць захапленне ад вымаўлення, ад гукаў невядомай да гэтага часу прыгажосці. — Беларусам можна нарадзіцца, каб потым стаць кім заўгодна.

Віталь Сіліцкі: Быць у сваім часе

— Я рос за савецкімі часамі, калі ў пятай графе бацькоў — абодвух — было выразна запісана «беларус» і «беларуска», і нікім іншым, акрамя як беларусам, па канонах савецкай нацыянальнай палітыкі я быць не мог. Ды і ідэалагічная машына тады працавала напоўніцу.

Партызаншчына і Машэраў, Хатынь і Курган Славы, МАЗ і БелАЗ, «Песняры» і «Верасы», тэлевізар «Гарызонт» і найлепшая савецкая лядоўня, «Нарачанскі» хлеб, Дынама-Менск і СКА-Мінск, Вольга Корбут і Аляксандр Мядзведзь, пяць гатункаў каўбасы ў краме пры галечы на паліцах у Расеі (бацькі і дзядзькі вярталіся з камандзіровак і расказвалі страшылкі пра іх Смаленскі ды Іванавы) — гэта была разгалінаваная сістэма сімвалаў і брэндаў, якая мацавала гонар за тое, што мы жывем у самай крутой савецкай рэспубліцы — БССР.

Канечне, у Маскве тавараў было нават больш, але тое Масква, у Прыбалтыцы мянты з доўгімі валасамі і рок-музыка легальная, але тое ж антысаветчыкі, а ў нас усё, як мусіла быць ва ўзорнай савецкай дзяржаве — лепш і больш правільна, чым там, у самым цэнтры. Таму тое, што потым казаў Лукашэнка, — пра беларусаў, як тых жа расейцаў, толькі са знакам якасці, — проста стоадсоткава адпавядала майму дзіцячаму светапогляду, з якім я жыў, можа, гадоў да 13–14, пераходнага ўзросту.

Гонар за дасягненні БССР для мяне асабіста нікуды не знік, ён проста гарманічна пераплёўся з тымі новымі сімваламі і святынямі, якія актуалізаваліся падчас трансфармацыі ў «свядомага».

Пазіцыю атаясамлення ўсяго БССРаўскага з акупанцкім ці каланіяльным лічу проста глупствам. Усё ж такі БССРаўскі патрыятызм ствараў нейкую прастору брэндаў. А з паспяховымі брэндамі трэба рабіць тое ж, што зрабілі хрысціяне з паганскімі сімваламі — проста іх інкарпаравалі.

Дык вось, гонар за поспехі БССР пры гэтым натуральна ўжываўся з пагардай да беларускай мовы. Не паважаць яе, як і ўсё, што было звязана з Беларуссю да 1917 года, школа і сям’я вучылі элегантна і старанна.

Не, ніхто не казаў тады, што беларуская мова — гэта гаўно, і нават вадзілі да завуча за тое, што сцябаліся з настаўніка фізікі, які размаўляў з моцным вясковым акцэнтам (і капалі на мазгі, ціпа па беларускай зямлі ходзіш, беларускі хлеб ясі, а з беларускай мовы смяешся!). Але падручнікі і выкладчыкі былі такімі ніякімі, нецікавымі — асабліва падручнік гісторыі Абэцэдарскага. Кожны раз, калі па ім нешта задавалі, бляваць хацелася.

Ды і літаратура — хто памятае, той пацвердзіць, што ўвесь курс (з гэтымі «Я мужык-беларус» і іншым нудоццем) толькі ўмацоўваў комплекс уласнай непаўнавартаснасці і пачуццё падзякі Расеі ды роднай партыі за тое, што выцягнулі яны нас з гэтага балота на БССРаўскія вышыні.

Як зламаўся гэты ўзорны савецкі беларускі светапогляд? Тут трэба адразу адзначыць, што так званы пераходны ўзрост у мяне прыпаў акурат на часы перабудовы. То бок нармальны юнацкі пратэст супраць шэрай рэчаіснасці атрымаў мегападпітку ад таго патоку контры, які паліўся на галовы ідэалагічна цнатлівых савецкіх грамадзянаў. Бузіў і пратэставаў я разам са сваім пакаленнем і так, як гэта было тады крута — быў і хэві-металістам — не таму, што любіў «метал», а таму што гэта злавала бацькоў і настаўнікаў. Быў футбольным фанатам і з задавальненнем кідаў камяні ў аўтобусы з заўзятарамі «Жальгірыса» і кіеўскага «Дынама».

Дарэчы, менавіта гэтыя фанацкія групоўкі першымі культывавалі нацыяналістычныя слоганы, што выклікала адпаведную контррэакцыю і самакапанне. Але ўвогуле канец 1980-х быў эпохай, калі на вачах рушыліся міфалогія савецкага часу і свет нашых бацькоў, калі пераасэнсоўваліся каштоўнасці, а моладзь шукала ўсё новыя формы ўцёкаў ад паўсядзённасці і праяваў індывідуальнасці.

Прага да індывідуальнасці ў мяне асабіста вылілася ў беларускасць. Гэта здарылася дзякуючы таму, што я цяпер называю «анталагічным шокам» — вонкаваму імпульсу, які імгненна, без шуму і пылу, змяніў маё светаадчуванне. Проста аднойчы да нас у клас прыйшла новая настаўніца беларускай мовы і літаратуры, якая вельмі адрознівалася ад папярэдніх ідэалагічна правільных цётачак. Звалі яе Ніна Міхайлаўна Трушанава, было ёй гадоў 27, і яна была блізкай да тых нефармальных колаў, з якіх паўставалі «Талака» і «Тутэйшыя».

Яна адразу пачала нам апавядаць на ўроку пра тое, што беларуская мова знікае, а гэта ніякая не сялянская мова, а нармальная еўрапейская мова, і што мы — такі ж народ, як немцы і французы, і маем уласную гісторыю і гонар, і нам ёсць чым ганарыцца, а мы не дбаем пра гэта. Імпульс быў дадзены.

Хтосьці слухаў AC/DC, хтосьці насіў доўгія валасы, хтосьці танчыў брэйк, а мая індывідуальнасць выявілася ў тым, што я пачаў размаўляць па-беларуску — і не толькі на ўроках беларускай мовы і літаратуры.

Гэта ўводзіла мой асяродак у стан сапраўднага шоку, з чаго я рабіў выснову, што «іду правільным шляхам», ну а калі класная вар’яцела ад таго, што школьны дзённік я пачаў весці па-беларуску — гэта быў супердрайв! Дарэчы, «падняць» белмову да размоўнага ўзроўню я здолеў сам за тры месяцы: проста тупа чытаў у гэты час пераважна беларускую літаратуру — прычым добрую літаратуру, дзякуючы той жа Ніне Міхайлаўне (так, дарэчы, адкрыў для сябе Караткевіча), прымушаў сябе думаць па-беларуску і размаўляць сам з сабой; калі не ведаў словаў — лез у слоўнік.

Праз некалькі гадоў тым жа макарам выцягнуў і ангельскую мову на ўзровень ад «чытаю са слоўнікам» да свабоднага валодання!

А потым пайшло-паехала. 1988–1989 гады: Курапаты, БНФ, «ЛіМ», бел-чырвона-белы сцяг і «Пагоня», захапленне ад падзеяў у Прыбалтыцы (і дадатковы драйв ад таго, у які жах яны ўводзілі бацькоў), першае знаёмства з несавецкімі версіямі гісторыі Беларусі, першыя звесткі пра Вітаўта і Сапегу, бітву пад Оршай і Літоўскія статуты…

Усё гэта ішло на ўра і мела падрыхтаваную глебу. Так што на гістфак (потым нас адразу пераслалі на філасофска-эканамічны факультэт) у 1989 годзе я ішоў ужо даволі сфармаваным «свядомым» і нефармалам, які паспеў і на мітынгі пабегаць, і ўлёткі паразносіць, і прайшоў праз прафілактычныя размовы з участковым.

Сям’я і школа на ўсё гэта глядзела, як на юнацкі максімалізм, кшталту падрасце-перабесіцца. І не ведалі яны, што светапогляд і каштоўнасці, што закладаюцца ў чалавека паміж 15 і 20 гадамі, закладаюць падмурак яго індывідуальнасці на ўсё жыццё. Таму мне проста пашчасціла быць дзіцём свайго часу — быць кімсьці, акрамя як беларусам, я ўжо проста не мог.

Алеся Серада: Важна быць Кімсьці

— У чацвёртым класе прыйшло ўсведамленне, што беларуская мова — мая нацыянальная. Кажуць, да таго я размаўляла на «трасянцы» і мяне пэўны час перавучвалі размаўляць «чыста» па-расейску ды па-беларуску, але сама я гэтага не памятаю.

Аднак дакладна памятаю, як пішу практыкаванне, дзе трэба перакласці на беларускую слова «мешок», і перакладаю яго як «мех» (і адкуль я толькі ўзяла гэтае слова? Магчыма, з дзіцячых вершаў Барадуліна або Бураўкіна…). Настаўніца мне яго выправіла на «мяшок», а я абурылася: як мне падавалася, рускія і беларускія словы для аднаго і таго ж павінныя быць рознымі!

Быць беларусам — гэта без сумневу лічыць сябе беларусам. А моўныя, этнічныя або іншыя прыкметы, на мой погляд, з’яўляюцца другаснымі.

Важна быць Кімсьці. Калі ты — Хтосьці, а не Нехта.

Самаідэнтыфікацыя, у тым ліку нацыянальная, — фундамент асобы. Калі гэты фундамент хісткі, калі ты сам не ведаеш, хто ты, то вельмі цяжка будаваць на ім гарманічны светапогляд, які дапаможа ў няпростых публічных ды прыватных сітуацыях.

Юля Аляксеенка: Гарманічнае развіццё

— У жыцці ці не кожнага маладога чалавека надыходзіць момант, калі ў яго ўзнікаюць памкненні нешта глабальна змяніць у сабе. Хтось змяняе стыль адзення ці фрызуру. Хтось пачынае курыць ці курыць кідае. А я пачала размаўляць па-беларуску.

Мой асяродак быў расейскамоўным — хаця бацькі мае паходзяць з Браншчыны, г. зн. з гістарычна беларускіх земляў, а бабуля нават выкладала беларускую мову і літаратуру. Таму беларушчына спярша прыйшла да мяне праз кнігі — гадоў у адзінаццаць. Натуральным працягам гэтаму сталася цікаўнасць да гісторыі сваёй краіны і культуры.

«Моўнасць» прыйшла крыху пазней. Прыехала я неяк да сваякоў у Маскву — і быццам убачыла сябе збоку. Мова, на якой размаўляла я, моцна адрознівалася ад мовы маскоўскіх сяброў. Мае «дз», «ц» ды яканне за нейкі месяц давялі мне, што сапсаваную рускую лепей замяніць літаратурнай беларускай моваю.

Беларуская мова — гэта тая плынь, злавіўшы якую, я сапраўды стала адчуваць сябе больш ёмка. Дарэчы, мова для мяне ні ў якім разе не праява апазіцыйнасці, як і не спроба стаць «элітаю».

Мова — галоўны сродак мыслення. Таму яна накладае на паводзіны чалавека моцны адбітак, хоча ён гэтага ці не.

Як на мяне, дык нельга ўявіць нацыю, якая хоча вылучацца, але не хоча заявіць пра сябе на сваёй, адметнай мове. Таму будучыня беларускай нацыі залежыць толькі ад нашага выбару. Я зрабіла яго на карысць беларускай мовы.

Быць беларускай — самае натуральнае, кім можа быць дзяўчына, якая нарадзілася і жыве ў Беларусі, дзе ўсе дарагія яе сэрцу повязі. Быць беларускай — гэта значыць быць сабою. І не саромецца гэтага.

Паўлюк Канавальчык: Адчуваць сябе абсалютна камфортна

— Усведамленне сваёй беларускасці да мяне прыйшло на пачатку 1980-х, калі я вучыўся ў чацвертым ці пятым класе. У нас былі два вучні — дзеці вайскоўцаў. Раней мы неяк на гэта не звярталі ўвагі. Але калі прыйшла пара вывучаць родную мову, іх нечакана для нас вызвалілі ад яе вывучэння: пачалі адпускаць з урока. І пакуль мы вучыліся дзекаць і цекаць, гэтыя халяўшчыкі хадзілі ў магазін па «калеўскую» жуйку і пілі малочныя кактэйлі. За гэта іх пачаў ненавідзець увесь клас. Вось так мы і ўсвядомілі, што ёсць беларусы, а ёсць дзеці вайскоўцаў.

Быць беларусам вельмі важна. Гэтак жа сама важна, як быць індзейцам або неграм. Адпаведна быць беларусам — гэта дзекаць, цекаць, вымаўляць цвёрда «р» і «ч» і пры гэтым адчуваць сябе абсалютна камфортна.

Я вучыўся ў старэйшых класах у 1989-91 гг., калі ўсё ў краіне (СССР) віравала. Я быў ужо зацятым незалежнікам-антысаветчыкам. Памятаю, як у 10-м класе з гэтай прычыны мне яшчэ ставілі «неуд» за паводзіны, а ў 11-м класе ўжо — «выдатна», і нават даручылі весці палітінфармацыю. Вось так я зразумеў, што навакольны свет можа прагінацца пад нас, нягледзячы на выразнае «дзеканне» і «яканне».

Сяргей Харэўскі: Цэласнасць асобы

— Мо’ не гэтак важна ўсведамляць сябе менавіта беларусам, але кімсьці (носьбітам калектыўнае памяці, традыцыі, менталітэту, комплекса ідэяў). І ўсведамляць з пункту гледжання цэласнасці асобы, паўнавартаснае персанальнае ідэнтыфікацыі. Гэта як усведамляць сябе мужчынам ці жанчынаю. Быць нікім — ненармальна.

Быць беларусам сёння — гэта імкнуцца згадаць бабчыны калыханкі, дзедавы словы, асэнсаваць, што насамрэч гаварылася за сямейнымі сталамі пра паноў і царкву, вайну і калгасы.

Гэта вымысляць і праектаваць ўласную краіну, што мы збудуем для сваіх дзяцей; гэта, перад сном змружыўшы вочы, марыць пра далёкую, але ззяючую прышласць, у якой і даробак нашых дзядоў і прадзедаў не пайшоў на глум, а тое, што засеялі мы, расквітнела дагэтуль нябачанымі краскамі дзівоснае прыгажосці.

Нарадзіўся ў беларускай сям’і, дзе палова радакоў былі начальнікамі, а палова — вяскоўцамі і пралетарыямі, скончыў элітную менскую школу з мастацкай спецыялізацыяй № 26, дзе ўсё было па-расейску, але настаўнікі, збольшага габрэі, не душылі маёй беларускасці.

Менскае мастацкае вучылішча імя Глебава, дзе маімі добрымі сябрамі сталі Лявон Вольскі, Міхал Анемпадыстаў, Тодар Кашкурэвіч, Віктар Корзун, іншыя хлопцы і дзяўчаты, дзякуючы якім я выпрастаў плечы, бо быў ужо не самотны.

Інстытут імя Рэпіна Акадэміі Мастацтваў у Пецярбурзе, дзе мая этніка ўжо моцна вылучалася, што дало мне сілы расправіць і крылы. Давучваўся ў Менску і Варшаве, выкладаў тамсама, а яшчэ ў Вільні й Празе, ужо як мастацтвазнаўца, культуролаг, беларусіст.

Азіраючыся, думаю, што найбольш паўплывалі на мой культурны выбар вясковыя хлопцы, у вясёлую й няўрымслівую гурму якіх я з асалодаю ўліваўся на канікулах. Забавы і праца з імі, дзіцячыя таямніцы, лес і поле, родныя вясковыя хаты мне сняцца цяпер часцей. Бо туды ўжо не вернешся… Гэтае адчуванне балючае страты, незваротнасці — вельмі беларуская рыса.

Алесь Чайчыц: Быць асобаю

— Нацыянальная ідэнтычнасць — натуральны складнік ідэнтычнасці чалавека, яго пазіцыявання ў сістэме каардынатаў грамадства паводле яшчэ адной прыкметы. Асабліва гэта актуальна для такой вялікай шматнацыянальнай краіны, як Расея, якая ёсць домам для людзей з больш за 150 этнасаў — у тым ліку і для нас, расейскіх беларусаў.

Такім чынам, для мяне заставацца сабой — значыць у тым ліку заставацца беларусам.

Гэтак часта даводзіцца назіраць людзей, што, пераехаўшы ў Маскву, ужо праз год пачынаюць заўзець за «сваю» расейскую зборную па футболе, абмяркоўваць, як «у іх» праходзяць выбары ў Дзяржаўную Думу. Прыкра бачыць нават беларускамоўных людзей, якія пасля пераезду ў Маскву і пры элементарнай магчымасці знайсці ў Маскве беларускамоўных праз нейкі час ужо пачынаюць звяртацца да цябе па-расейску.

У сучасных умовах, калі дзякуючы камунікацыйным тэхналогіям можна ці не з любой кропкі планеты слухаць беларускае радыё, чытаць беларускую прэсу і стасавацца з беларусамі з усяго свету, гэта прыватны выбар кожнага чалавека, асімілявацца ці не.

Народжаны ў шматнацыянальнай сям’і ў Маскве, за сваё жыццё я жыў у Беларусі на працягу ўсяго аднаго з паловай года. Дзяцінства прайшло ў далёкім замежжы ў якасці дзіцяці афіцыйнага прадстаўніка Беларусі, і гэта, напэўна, адыграла вырашальную ролю.

Больш за палову свайго дзяцінства я вучыўся з дзятвой з дзясяткаў розных краінаў, але таксама хадзіў у школу пры амбасадзе Расеі, дзе засвойваў розныя веды разам з дзецьмі расейскіх дыпламатаў. На гэтым фоне беларускасць натуральна звярнула на сябе ўвагу як яскравая адметнасць, якою ты пачынаеш цікавіцца.

Паступова пачаліся пошукі шляхоў рэалізацыі тых пачаткаў, што былі закладзеныя ў свой час нядзельнай маскоўскай беларускай школкай, а яшчэ беларускімі казкамі і вершыкамі, якім у дзяцінстве вучыў бацька. Неўзабаве на дапамогу прыйшлі сучасныя тэхналогіі: за валоданне беларускай мовай я найперш удзячны інтэрнэту.

Можна быць «як усе», а можна заставацца сабой. Любая адрознасць — гэта патэнцыйная перавага. Калі ты не маеш адметнасці, што выцякае з ідэнтычнасці, табе няма чаго прад’явіць гэтаму свету. Тое, што не з’яўляецца ўнікальным, што падобнае да іншага — не нясе інавацыйнасці, таму не мае вартасці. Гэта тычыцца не толькі ідэяў, але і іх носьбітаў ды генератараў — людзей, а таксама створанага імі інтэлектуальна-культурнага асяродку, дзе ідэі нараджаюцца.

У сучасным свеце асімілявацца ці не — гэта прыватны выбар чалавека. Асабіста я зрабіў выбар на карысць таго, каб не асімілявацца, не адмаўляцца ад сваіх беларускіх каранёў і мець беларускасць у якасці сваёй нацыянальна-культурнай ідэнтычнасці. Я не хачу быць ані тым тыповым расейцам, што забыў свае татарскія ці ўкраінскія карані, ані тым тыповым расейскім беларусам, што выракся сваёй беларускасці.

Беларускасць — гэта ўсведамленне свайго месца не толькі ў сучасным свеце, але і ў гісторыі чалавецтва. Я — чалавек, які жыве на планеце Зямля ў пачатку 21 стагоддзя. Беларускасць — тая пупавіна, што праз гэтую моўна-культурную пераемнасць злучае мяне з маімі продкамі і ўсёй гісторыяй чалавечай цывілізацыі.

Быць беларусам — гэта быць як грамадзянінам, так і асобаю. Але найперш быць і заставацца самім сабою.

Зміцер Конанчык: Хвароба прынесла абнаўленне

— Гісторыя маёй беларускасці звязаная са зрокам. Я моцна застудзіў вока, была страшная хвароба, якую нават не буду называць. Думаў, што ўсё не так страшна, і вырашыў перачакаць. У выніку давялося звярнуцца ў шпіталь: дактары спалохаліся. Два тыдні я ляжаў там. Падаецца, не так шмат, але доўгі час не было зрухаў, і было страшна. Вока практычна не бачыла… Дактары вельмі палохалі, казалі, што магу на адно вока аслепнуць. Гэта было акурат перад Калядамі. За той час я пераасэнсаваў сваё жыццё і зразумеў, што трэба заняцца нечым вартым. Даўно думаў пра выбар мовы: беларуская альбо расейская? Білінгвізм для мяне тады быў нейкім вычварэнствам. Ды гэта й зразумела: чалавеку прасцей мець адну мову для паўсядзённага ўжытку, родную. Дзве родныя мовы — гэта нонсэнс.

Ёсць такая версія, што хвароба патрэбная людзям для таго, каб абнаўляцца. Раней я ішоў за большасцю. Відаць, думаў, што застануся адзін, калі пачну размаўляць па-беларуску, хоць са школы любіў беларускую мову. Між іншым, абедзве мае бабулі размаўлялі фактычна па-беларуску, да таго ж адна з іх была выкладчыцай беларускай мовы. Размаўляць з імі па-расейску мне заўсёды было няёмка. Пасля таго як я вылекаваўся, прамінуў месяц ці два, і я прапанаваў сваёй дзяўчыне пачаць размаўляць па-беларуску. У выніку я цяпер размаўляю і па-расейску, і па-беларуску. Але, безумоўна, другое больш прыемна.

Быць беларусам азначае тое ж, што і быць прадстаўніком любой іншай нацыі. Калі ты не ўяўляеш сабой штосьці як чалавек нацыянальны, то наўрад ці будзеш варты чагосьці і як глабальны, як касмапаліт.

Марына Весялуха: Асаблівасці характару і жыццёвая пазіцыя

— Можна сцвярджаць, што мая беларускасць сфармавалася паступова. Гэтаму спрыялі чатыры чыннікі, якія і сталі для мяне тымі чатырма «кітамі», што сышліся разам і склалі цвёрды падмурак маіх сённяшніх поглядаў і перакананняў.

Кіт 1. Вёска на Віцебшчыне, дзе прайшло маё ранняе дзяцінства. У дзіцячы садок я не хадзіла, часта заставалася з дзядулем і слухала казкі яго ўласнага сачынення: пра «курную хатку» без вокнаў і дзвярэй і пра слана, які на хобаце вазіў бабу ў краму. Дзед Мар’ян на маю замову не мог у дэталях узнавіць першапачатковы варыянт казкі, таму кожны раз ствараў новую мадыфікацыю аповеду. Казка пра «курную хатку» была самай «сталай» і нязменнай, таму я любіла яе найбольш.

Кіт 2. Школа на Гарадзеншчыне. Самая сапраўдная беларускамоўная. Усе падручнікі на беларускай мове. На ўсіх уроках размаўляем толькі па-беларуску. Калі вітаемся, настаўнікам кажам «Добры дзень». Адразу заўважаем памылкі ў мове маладых настаўніц, якія яшчэ не прызвычаіліся да атмасферы школы. Дзіўна, але ў той час здавалася, што па-іншаму і быць не можа, што не існуе падручнікаў па матэматыцы, фізіцы, астраноміі, гісторыі на рускай мове.

Кіт 3. Разумовыя здольнасці і акадэмічныя прэферэнцыі. Я паводле азначэння гуманітарый. Ніколі не любіла дакладныя навукі з іх сумнымі формуламі і нецікавымі задачамі. Мяне больш прываблівалі гісторыя (з захапляльнымі аповедамі настаўніка, былога дырэктара школы), літаратура (не ведаю чаму, але беларуская мне падабалася больш, чым руская, хоць другую выкладалі цікавей), замежная мова. Шматразовы ўдзел у алімпіядах па беларускай мове дапамог дастаткова добра ёю авалодаць, а аматарская любоў да чытання паступова перарасла ў прафесійны інтарэс.

Кіт 4. Асаблівасці характару і жыццёвая пазіцыя. Індывідуалізм і нонканфармізм, упартасць у адстойванні сваіх поглядаў, імкненне да ведаў, не знаёмых іншым, дапамаглі мне 3,5 гады быць адзінай цалкам беларускамоўнай студэнткай на факультэце замежных моваў БарДУ. Цяпер беларускасць і беларушчына — неад’емная, цалкам усвядомленая частка маёй асобы і майго жыцця.

Не люблю натоўпаў і людных месцаў. Беларускамоўны асяродак пакуль нельга назваць «людным», але хацелася б, каб ён такім стаў.

Пётр Мартыновіч: Ад нараджэння я адчуваў сябе беларусам

— Я нарадзіўся на Палессі ў вёсцы Заеліца побач з Глускам, што ў Магілёўскай вобласці. Размаўлялі ў нас па-беларуску, рускую мову вучылі ў школе. Самі рабілі сабе вопратку: кашулі з ільну, лапці з ліпы ці бярозы. Лапці плесці мяне навучыў брат, калі мне было пяць гадоў.

Замест святла карысталіся лучынай. Гэта быў вельмі цяжкі час. Сталін усіх абклаў падаткамі. Мусілі плаціць за кожнае дрэва. Працавалі ў калгасе за «працадні», жылі са сваіх невялікіх надзелаў. Тату перад вайной рэпрэсавалі. Ён быў старшынёй калгаса, на яго напісалі ананімку. Уначы прыехаў за ім «чорны воран». Судзіла тройка, далі яму сем гадоў. Але з пачаткам вайны бацька збег дадому.

У вёсцы ўсе атаясамлівалі сябе з беларускай нацыяй, іншага разумення папросту не было. Таму ад нараджэння я адчуваў сябе беларусам. З маленства дзядуля апавядаў мне казкі ды розныя паданні. Казаў, што яго стрыечны брат паляваў разам з чарцякамі, аднойчы і яго запрасіў на паляванне. Яны настралялі шмат звера, а потым убачылі чарцякоў, якія тых звяроў заганялі.

Дзядуля шмат баек ведаў, якія яму перадаліся ад старэйшых. Ён навучыў мяне паляваць, рыбу вудзіць. Пахавалі яго, калі ўжо вайна пачалася. У вёсцы нават казалі, што мой дзядуля нібы ведаў, калі яму пакідаць гэты свет.

Я лічу, што для беларуса няма лепшай зямлі за беларускую. Хутчэй, канечне, у маральным, чым у матэрыяльным плане. Самі беларусы — добразычлівыя, даверлівыя людзі. У нас раней абыходзіліся без замкоў на дзвярах, а законам было шчырае слова. Я даволі пражыў, бачыў і вайну, і пасляваенны, зруйнаваны Менск, аб’ехаў шмат краінаў, але калі б мне прапанавалі абіраць, дзе нарадзіцца, я б усё адно абраў гэтую зямлю.

11. Быць беларусам

— Не быць беларусам — значыць рабіць выгляд, што цябе няма. — Поўная талерантнасць да ўсяго свайго. — Беларус — падземная халодная вада, якая нясе ў сабе і карысныя, і таксічныя рэчывы і шукае выйсця вонкі. — Беларусы не такія талерантныя, як часта думаюць. — Беларус адрозніваецца большай замкнёнасцю. — Беларусамі не робяцца, беларусамі нараджаюцца. Толькі па крыві. — Пераломным момантам для мяне стала паездка ў ЗША, калі па некалькі разоў тлумачыў, чым ты сапраўды адрозніваешся ад рускіх. — Быць беларусам — гэта значыць усведамляць сябе беларусам незалежна ад нацыянальнасці. — Беларусы скіраваныя на сябе і асцярожныя ў выказваннях. — Уласцівая абыякавасць да пытанняў «чысцiнi крывi», абы суседзi не заміналі жыць. — Беларусы пакуль яшчэ жывуць пры дарозе. Таму можна ўсё страціць, знікнуць сярод іншых, а можна дабудаваць нацыю.

Віталь Гуркоў: Беларусы патэнцыйна маюць выключны байцоўскі ген

— Беларус — той, у каго сямейныя карані звязаны з нашай зямлёй. Нават калі чалавек будзе крычаць, што ён расеец, ён усё адно — беларус, хоць і са згубленай самасвядомасцю. Гісторыя зблытаная, людзі ёй не цікавяцца, таму і «губляюцца».

Быць беларусам — гэта адраджаць гісторыю, мову, нешта рабіць для Беларусі. Напрыклад, зборная па тайскім боксе — гэта беларусы. Мы ездзім па свеце, часта перамагаем, крычым «Беларусь!», апрануўшы нашы «боршч»-касцюмы (яны чырвона-зялёна-белыя, як боршч са смятанай). І многія праз нас даведваюцца, што на зямлі ёсць такая краіна.

На жаль, мы ўнікальна аморфныя і абыякавыя да сваёй культуры, мовы, гісторыі. Відаць, у свеце сапраўды мала народаў, якія гэтак жа, як беларусы, свядома топчуць тое, чым павінны ганарыцца.

Беларусы павінны паважаць і хрысціянскія, і народныя традыцыі (напрыклад, Купалле). У мяне перад вачыма Мексіка. Там хрысціянства і нейкія старажытныя традыцыі ды веравызнанні спляліся ў гарманічны сімбіёз. Поўная талерантнасць да свайго.

Ганаруся гістарычным мінулым Беларусі. І тым, што беларусы патэнцыйна маюць выключны байцоўскі ген, які, праўда, трэба абуджаць.

Андрэй Кудзіненка, рэжысёр кіно: Беларусы — гэта брутальныя тыпы

— Я чалавек, які ідзе супраць ветру. З дзяцінства мне падабалася беларуская эстэтыка. Але мне не падабалася сітуацыя, калі ты аматар Дынама-Кіеў, а ўсе — за Дынама-Менск. Заўжды біліся праз гэта. Кожнае лета я праводзіў ва Украіне. Мне тады больш падабалася Украіна.

Пасля паехаў вучыцца ў Кіеў, а там сутыкнуўся з такой гісторыяй: ты не наш, ты з Беларусі, «бульбаш», — мяне так увесь час клікалі. На другім ці трэцім курсе нас цалкам перавялі на ўкраінскую мову выкладання.

А потым я трапіў у Менск, які не падабаўся мне з дзяцінства.

Як ні дзіўна, Менск я палюбіў дзякуючы дзяўчыне. Я прыехаў на вяселле да сястры, а гэтая дзяўчына мне цэлы дзень паказвала Менск — і я афігеў. Аказваецца, раней я Менска не ведаў, для мяне гэта быў спрэс шэры горад. Але пакуль прыгожая дзяўчына вадзіла мяне па Менску, я закахаўся ў гэты горад, хаця яшчэ больш закахаўся ў гэтую дзяўчыну (шкада, лёс нас развёў). Пасля я ўжо прыехаў вучыцца ў Менск, гэта былі 1990-я гады. Я прыехаў і тут застаўся.

Гэта якраз быў час нацыянальнага ўздыму. У Кіеве ў мяне былі праблемы, таму што я не свой, не ўкраінец, мовы не ведаў. Дарэчы, праз такія ж праблемы я потым «ваяваў» з беларускімі нацыяналістамі ў Акадэміі. Я трапіў ва ўтульнае асяроддзе, дзе да маладога пакалення заляцаліся «монстры» беларускага кіно — Ганкін, Ігнацьеў, Вінаградаў. Яны, сыходзячы, паводзіліся вельмі далікатна.

Нам яны расказвалі, што ў 1960-я гады ўсе музыкі, рэжысёры былі адной кампаніяй, хадзілі ў адныя і тыя ж рэстараны і разам рэалізоўвалі свае задумы — так нараджалася прыгожае беларускае мастацтва, пасля такога не было. Я закахаўся ва ўсіх гэтых старых, бо яны былі шчодралюбныя, зайздрасць паміж пакаленнямі — гэта ўжо комплексы. Нас яны білі пад сраку ўверх.

Беларусы не такія талерантныя, як часта думаюць, яны падазроныя. У Расеі людзі ставяцца да цябе значна прасцей. Беларусы недаверлівыя, іх трэба «прабіваць», ёсць планка для праверкі. Ёсць і злосныя беларусы. Не трэба лічыць, што беларусы — талерантныя мілыя хлопцы, гэта брутальныя тыпы. У беларусаў ёсць нейкая здатнасць да сабранасці перад чужаком.

А з пазітыўных рысаў беларусаў — гэта ўбіранне ў сябе іншых культураў. Людзі, калі прыязджаюць сюды, хутка адаптуюцца і робяцца сваімі. Таму ў людзей з былых савецкіх рэспублік да Беларусі асаблівае стаўленне.

Сяргей Дубавец: Гэта работа

— Не быць беларусам — значыць рабіць выгляд, што цябе няма.

Гаворка ідзе пра базавы інстынкт самазахавання, які выяўляецца двума спосабамі. Першы — мімікрыя: я схаваўся, змяніў афарбоўку, зліўся з прыродай, з натоўпам, з фонам. Ці — прыкінуўся мёртвым. Мяне няма. Другі спосаб — праз выяўленне ўласнае самасці, тоеснасці, адметнасці ад іншых. У абодвух выпадках ты маеш шанец выжыць, але ў першым выпадку проста выжываеш, а ў другім выжываеш як ты.

Быць беларусам — гэта работа. Работа гаварыць па-беларуску і ўдасканальваць свае веды, расшукваць сваіх продкаў і наведваць котлішчы роду, выхоўваць дзяцей у духу пераемнасці. Як і кожная творчая работа, яна ўзнагароджваецца эўфарыяй здабыткаў і кароткімі імгненнямі шчасця. Быць беларусам — такая самая работа, як быць французам, ці палякам, ці расейцам. Калі беларус гаворыць па-расейску, ён не робіць сваю работу быць беларусам, але ён не робіць і работу быць расейцам, ён толькі спакушаецца плёнам работы расейца і ягонымі кароткімі імгненнямі шчасця.

Мімікрыя — не работа. Гэта неўсвядомленае перажыванне, загнанае ў падкорку. Што б табе ні казалі беларусы, якія не робяць сваёй беларускай работы, але іх нацыянальная здрада сядзіць у іх пад страўнікам. Яны гоняць ад сябе непрыемныя думкі прэч, але тыя ад гэтага толькі глыбей выядаюць нутро і часцяком прыводзяць да фізічных разладаў і хваробаў.

У выніку кожны атрымлівае сваё — хто работу й імгненні шчасця, а хто чужыя цацкі і праблемы з кішэчнікам.

Андрэй Курэйчык: Без беларускай мовы беларус не беларус

— На жаль, беларусы ўнікаюць адказнасці хоць за што-небудзь. У людзях застаецца рабская, халопская псіхалогія, сфармаваная тымі чужынцамі, якія фактычна стагоддзямі панавалі над нашымі землямі. Менавіта таму мы ўсё яшчэ маем праблемы з нацыянальнай ідэнтыфікацыяй. Халоп не мае нацыянальнасці. Вольны чалавек заўсёды мае Радзіму. «Беларус» — гэта чалавек, які адчувае адказнасць за развіццё нацыянальнай дзяржавы, яе мовы, культуры і мастацтва.

У нас ёсць рысы добрыя і ёсць дрэнныя. Да добрых я б залічыў «душэўнасць», рэдкая для Захаду якасць. Прыемна, што ў Беларусі яшчэ не ўсё вырашаюць грошы, няма пралічанага, ашчаднага практыцызму ва ўсім. У беларусах засталося шмат вясковага, рамантычнага і нават міфалагічнага. Яны ў большасці сваёй шчырыя і нязлосныя. Але ў нашым нацыянальным характары ёсць і заганы: беларусы закрытыя, іх абсалютна не турбуюць чужыя пакуты, калі гэта не датычыць іх асабіста (уся Еўропа і Амерыка збіралі грошы на дапамогу гаіцянам, якія гінуць ад гвалту, афрыканскім дзецям, што галадаюць, пацярпелым ад вайны палестынцам, але я не ведаю беларуса, які адправіў бы ім хоць капейку). Беларусы рэдка робяць выбар рацыянальна, і з гэтага ўсе праблемы нашай палітычнай сістэмы.

Без беларускай мовы беларус не беларус. Нават калі вы не размаўляеце на мове (а гэта пераважная большасць нашага насельніцтва), вы павінны яе ведаць. Мова — душа любой нацыі. Мова — гэта тое, што ў першую чаргу адрознівае адну нацыю ад іншай. Гэта галоўны выразнік нацыянальнага духу. Відавочна, што ў нас яго пад’ёмам займаюцца недастаткова. Надзея толькі на наступныя пакаленні, бо мы адраджэнне нацыянальнай мовы правалілі.

Віталь Рыжкоў: Скептыцызм і песімізм — з надзеяй у душы

— Разуменне «я — беларус» часам прыходзіць праз адмаўленне сваёй прыналежнасці да іншых нацый, напрыклад, «а я ж — не рускі», што ўздымае ціхія, аселыя на дне комплексы нацыянальнай самасвядомасці з назвай «тутэйшасць».

Як любы нацыянальны чалавек, я гатовы адмовіцца ад навязлых нацыянальных штампаў («быць японцам — значыць есці палачкамі, піць сакэ і ведаць тры родныя альфабэты») праз іх запростасць і немінучую схільнасць здрабняць уяўную альбо рэальную глыбіню міфа сваёй нацыі; я б памысліў «быць беларусам» як метафару падземнай ракі, не пазбаўленай праблем экалогіі наземнага свету.

Беларус — падземная халодная вада, якая нясе ў сабе і карысныя, і таксічныя рэчывы і шукае выйсця вонкі.

Побытавая фізіягноміка («У вас ува ўсіх такія сумныя вочы!» — адзначаюць знаёмыя ўкраінцы), дасціпнае вызначэнне Міколам Трусам настроевай скіраванасці большасці беларускіх песень (рэпертуар — «гаўно доля») вымушаюць думаць, што скептыцызм і песімізм — з надзеяй у душы — ёсць, можа, і не ўнікальным, але апорным пунктам светагляду беларусаў.

Я ўяўляю, як у цягніку з гастарбайтарамі, што накіроўваецца ў бок Падмаскоўя, уначы ўключаецца святло, і памежнікі замест праверкі пашпартоў пачынаюць апытваць шматнацыянальную масу пасажыраў пра асноўныя падзеі гісторыі іх народа, каб вызначыць нацыянальнасць кожнага. Сонны беларус, калі надыходзіць яго чарга, пазяхае і спакойна пералічвае: Аршанская бітва, абвяшчэнне БНР, уз’яднанне Усходу і Захаду Беларусі, стварэнне незалежнай дзяржавы ў 91-м.

Пэўна, памежнік мусіў бы нешта западозрыць.

Зміцер Вішнёў: У Беларусі многа рамантыкаў, таму ў нас шмат выдатнай паэзіі

— Для мяне важны не запіс у графе нацыянальнасць… Для мяне істотныя погляды чалавека. Я хацеў бы, каб беларусам мог называць сябе той, хто неабыякава ставіцца да беларускай культуры, мовы, традыцыі. Я маю на ўвазе, што можна назваць беларусам чалавека з расейскімі, украінскімі, габрэйскімі каранямі… Бо ментальнасць тых, хто жыве ў Беларусі, абумоўленая самой прасторай. Тутэйшасцю. І наш «рускі»-па-пашпарце будзе адрознівацца характарам ад «рускага» з Расеі.

Я магу згадаць тузін беларускіх літаратараў, якія па паходжанні маюць расейскія, украінскія, габрэйскія, калмыцкія карані. Праўда, думаю, будзе нетактоўна іх пералічваць па імёнах, бо гэта нешта, у пэўным сэнсе, асабістае.

Мой шлях да беларускасці быў досыць складаным. Пакручастым. У маім атэстаце няма беларускай мовы, бо я не вывучаў яе ў школе, як дзіцёнак савецкага вайскоўца. Да таго ж сярэднюю адукацыю я атрымліваў у вячэрняй школе. У маім атэстаце няма і замежнай мовы, як і яшчэ шмат якіх дысцыплінаў. Тым не менш, я паступіў на завочнае аддзяленне БДУ (факультэт журналістыкі). І потым сваімі сіламі, праз слоўнікі і чытанне кніжак, праз прыяцеляў з будучага літаратурнага руху Бум-Бам-Літ, засвоіў мову.

Гэта быў доўгі і цяжкі шлях, але светлы. Потым шмат у чым мне дапамагла журналісцкая дзейнасць у газеце «Культура», дзе я працаваў тры гады. Пазней, праз некалькі гадоў штодзённых практыкаў з мовай, я зразумеў, што не толькі стаў думаць па-беларуску, але і сніць. Чамусьці згадваецца, як ужо будучы літкансультантам Саюза беларускіх пісьменнікаў, мяне спыніў у калідоры Дома літаратараў Янка Брыль і пахваліў з выхадам першай кнігі, якая называлася «Штабкавы тамтам». Наш мэтр сказаў шмат добрых слоў, я быў здзіўлены, што Брыль са сваім рэалістычным поглядам на жыццё ўспрыняў маю паэтычную постмадэрнісцкую гульню.

Я не магу сказаць, што беларус — баязлівец, як часам нехта аб гэтым гаворыць — не. Цярплівы — так. Беларус адрозніваецца ад чалавека з Расеі большай замкнёнасцю. Мне здаецца, што на гэтую рысу характару паўплывалі шматлікія войны, якія пракаціліся па беларускіх землях. Да таго ж беларусы — гаспадарлівыя людзі. А яшчэ ў Беларусі многа рамантыкаў, таму ў нас шмат выдатнай паэзіі.

Анатоль Лазар (Wiecier Miechaniczny): Ведаць уласную гісторыю

— Само слова і панятак «беларус» вельмі фармальнае. «Беларускасць» выбіраюць як пальчаткі, паглядаючы на ранішні выпуск надвор’я па ТБ. І атрымліваецца поўная дэмакратыя: «Хачу — буду беларусам», «Не хачу — не буду», «Беларус па суботах», «Беларус на паўстаўкі». Беларусамі не робяцца, беларусамі нараджаюцца. Толькі па крыві. Усе астатнія «свядомасці», «асэнсаванні», «грамадскія пазіцыі» — гэта гульня ў сацыяльную адаптацыю пад прэсам сучаснага грамадства. А вось гены — гэта не палітычная партыя, у іх не ўступіш і на плошчу не зрушыш.

Веданне ці няведанне гісторыі аніяк не ўплывае на сам факт гэтай гісторыі. Гісторыю можна прыдумаць, можна трактаваць, можна зрабіць афіцыйнай, можна — альтэрнатыўнай… Гэта ўплывае толькі на змест суб’ектыўнага стаўлення да пэўнай гістарычнай трактоўкі. На жаль, амаль усё сучаснае грамадства вывучае гісторыю па датах у падручніках. Вельмі мала людзей ведаюць уласную гісторыю, гісторыю сваіх продкаў і цалкам канкрэтнага абсягу зямлі, на якой яны жывуць. Я сустракаў індывідуумаў, якія памятаюць кожны радок са «100 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі», але не ведаюць нават дзявочага прозвішча сваёй маці.

Яўген Барышнікаў: Ідэнтычнасць не этнічнага паходжання

— Быць беларусам — што гэта значыць? Дзіўна на такое пытанне адказваць чалавеку, у якога ў пасведчанні пра нараджэнне напісана «рускі». Мой дзед быў афіцэрам, служба кідала яго па розных мясцінах, але пазней сям’я асела ў Беларусі. Таму падчас усіх перапісаў шчыра кажу, што я рускі. Калі вучыўся ў школе, былі знаёмыя беларускамоўныя, але нашы размовы пра мову заставаліся на ўзроўні лёгкіх сантыментаў.

Пераломным момантам для мяне стала паездка ў ЗША, калі неаднойчы даводзілася тлумачыць, чым ты сапраўды адрозніваешся ад расейцаў, — і асабліва калі нарадзіўся сын. Мяне, канечне, яшчэ можна папракнуць, што я маскаль. Таму я хацеў бы, каб каштоўнасці, якія я цаню ў беларуса, ён меў насамрэч. Каб ён мог сказаць: беларуская мова — мая родная. А дзеля гэтага трэба ведаць яе і размаўляць на ёй самому.

Людзі ў нас, вывучаючы ў школе беларускую мову і літаратуру, але жывучы ў абсалютна расейскамоўным асяродку, думаюць, што яны могуць вось так пстрык — і пачаць размаўляць па-беларуску. Хаця насамрэч нават самага элементарнага, напрыклад, як будзе «чайнік» па-беларуску, не ведаюць. Недзе каля года ў мяне заняло вывучэнне мовы, чытанне тэкстаў, спробы засвоіць камунікаванне на мове.

Выхаваць беларускамоўнае дзіця ў Беларусі — гэта праблема. У нашых умовах быць беларусам — гэта пэўны пратэст. Тым не менш, цяпер я пачуваюся вельмі гарманічна.

Ідэнтычнасць, яна хутчэй не этнічнага паходжання. Заўсёды ёсць лаяльнасць да пэўных каштоўнасцяў, культурных кодаў, гістарычных падзеяў, асобаў, міфаў. Важны момант — адчуванне прыналежнасці да зямлі. Напрыклад, бабулі ў вёсцы — тутэйшыя, і ім усё роўна, як называецца пры гэтым дзяржава, бо людзі прывязаныя менавіта да зямлі.

Валянцін Стэфановіч: Мова магла б быць чыннікам, які адрознівае нас ад іншых людзей

— Калі казаць у агульным сэнсе, то тыя людзі, якія вызнаюцца грамадзянамі Беларусі, адпаведна з’яўляюцца і беларусамі. Калі паглядзець на гэтае пытанне больш вузка, то быць беларусам — гэта значыць усведамляць сябе беларусам незалежна ад нацыянальнасці, колеру скуры, месца пражывання і нараджэння.

Я па жыцці беларускамоўны чалавек, і мая сям’я таксама. Я гэта раблю не дзеля таго, каб паказаць, які я патрыёт, а таму, што мне гэта падабаецца. Вось гэта для мяне асабіста і азначае быць беларусам.

Я заўсёды крытычна стаўлюся да такіх агульнастатыстычных рэчаў, як нацыянальны характар альбо ментальнасць, бо ўсё залежыць ад канкрэтных людзей. Можна заўсёды сустрэць абвяржэнне любога нацыянальнага стэрэатыпу.

Мне здаецца, што мова магла б быць чыннікам, які адрознівае нас ад іншых людзей.

Аляксандар Грыцанаў: Змагацца за гонар нашай зямлі

— Быць беларусам — гэта не толькi i не столькi добра разумець тых, хто размаўляе на матчынай мове (а таксама па-расейску, па-польску i па-ангельску), але яшчэ i змагацца за гонар нашае зямлi. Дзеля гэтага ствараць рэчы (найперш у сэнсе творчасцi) сусветнай якасцi.

Калi Беларусь паўстане сапраўды незалежнай, нам трэба будзе паказаць свету нешта яшчэ, акрамя мовы. Нешта еўрапейскага кшталту, сусветнай значнасці: дзеля гэтага нашае аб’яднанне — Менскае фiласофскае кола — зрабiла ўжо дванаццаць энцыклапедый без усялякай падтрымкi ад дзяржавы (ратуй Бог) i ад сучасных «нацыянальных колаў» (сёння амаль тое ж самае варта сказаць i пра iх).

Беларусам уласцівыя самыя розныя і часам супрацьлеглыя якасці.

Могуць шмат часу трываць пэўныя здзекi, але за нейкай мяжой трывання гатовыя выбухнуць паўстаннем.

Не думаюць пра «чысцiню крывi», пакуль суседзi не замінаюць жыць.

Моцна паважаюць працу, але маюць пэўную пагарду да сапраўднай адукацыi.

Упершыню я адчуў сябе беларусам — дакладней, жыхаром i грамадзянiнам нашай Айчыны — у 1964 годзе. Мой бацька, якi нарадзiўся пад Магiлевам, але ўсё сваё жыццё адслужыў у расейскім войску, даў мне прачытаць даўно чаканую мной кнiжку «Падарожжа на Кон-Цiкi» ў перакладзе на матчыну мову. Гэта было маё першае знаёмства з беларускiмi словамi i нават лiтарамi. Кнiга мне вельмi спадабалася, за тры тыдні я перачытаў яе разоў дзесяць. А потым запытаў бацьку, навошта нам чытаць па-беларуску? На што ён адказаў: «Мы тут нарадзiлiся, мы тутэйшыя; наша жыццё — гэта мова».

Жанна Літвіна: Беларусы мусяць прайсці праз спазнанне саміх сябе

— Я пачуваюся і хачу пачувацца беларускай, бо Беларусь — гэта месца, дзе я жыву і хачу жыць. Быць беларусам — гэта мой клопат пра тое, каб мая радзіма займала адметнае месца ў еўрапейскім кантэксце. Я хачу, каб у маіх суайчыннікаў была магчымасць інтэгравання з еўрапейскай супольнасцю. Трэба, канечне, захоўваць сваю самаідэнтыфікацыю, але і рухацца да еўрапейскасці. То бок беларускасць — гэта частка маёй грамадзянскай і прафесійнай пазіцыі.

Мне вельмі не падабаюцца такія зацяганыя словы, як талерантнасць альбо памяркоўнасць. Я катэгарычна з гэтым не згодная. Канечне, цяжка вызначыць нацыю адной рысай. Але я думаю, што беларусам уласцівая ўпартасць, уменне прыстасоўвацца і выжываць. Так гістарычна склалася, што нізкі ўзровень жыццёвых патрабаванняў беларуса прадыктаваны генетычнай памяццю, бо на нашай зямлі было столькі войнаў. Гэтым уменнем прыстасоўвацца да жыццёвых цяжкасцяў я таксама б патлумачыла і агульную сітуацыю ў краіне.

З самых значных гістарычных падзеяў на першае месца я б паставіла ўтварэнне БНР. Другая падзея — абвяшчэнне суверэннай Беларусі пасля распаду СССР. Гэта адбылося без крыві і не было намі заваявана, таму, відаць, мы не ўсвядомілі да канца значнасць гэтай падзеі.

Асабістую ролю ў маім жыцці гралі часы перабудовы. Гэта быў перыяд усведамлення таго, што мы не проста аморфная маса, а нацыя.

З традыцыяў трэба захоўваць рытуалы ўшанавання памерлых. Гэта тое, на чым базуецца сённяшняя беларуская сям’я. Таксама вельмі важная павага да старэйшых.

Я не магу дараваць беларусам няведання мовы хаця б на побытавым узроўні. А яшчэ больш я не дарую няведання мовы журналістам, якія на дзяржаўных каналах робяць сюжэты пра беларускую культуру і дазваляюць сабе гаварыць па-руску з беларускамоўнымі дзеячамі. Я лічу гэта недапушчальным.

Я ганаруся неверагоднай прыгажосцю беларусаў. Я вельмі люблю шчырасць і адкрытасць простых вясковых людзей, нягледзячы на нязгоду з іх грамадзянскай і палітычнай пазіцыяй. Я таксама люблю нашу прыроду.

Па вялікім рахунку, мы шчырыя, адкрытыя і надзейныя людзі. Мне падаецца, што да беларусаў паўсюль з павагай ставяцца як да добрых працаўнікоў.

Мяркую, што беларусы павінныя прайсці праз спазнанне саміх сябе. Мне хацелася б, каб нашыя людзі паставіліся да зменаў улады з разуменнем і ўсвядомілі ўсе складанасці, з якімі яны могуць пры гэтым сутыкнуцца. То бок мне хочацца, каб беларусы перажылі пераломныя часы прыстойна і выйшлі з выпрабаванняў з беларускай мудрасцю і цярпеннем.

Ілона Карпюк: Быць беларусам — гэты пэўны выклік

— Імкнуся, каб у маім жыцці гэтае слова — беларуска — было натуральным, звычайным, штодзённым. Каб не трэба было пра гэта нагадваць і думаць, як гэта захаваць. Цешуся, што мой муж таксама беларус з Падляшша, і ў нас будзе такой уся сям’я.

І ўсё ж пры нашых умовах быць беларусам — гэта пэўны выклік. Цяпер, напрыклад, турбуюся, ці змагу выхаваць беларусам сваё дзіця, ці ў гэтых абставінах навучым яго нашай хатняй, беларускай мове. На беларускасць трэба надалей працаваць, таму прысвячаю гэтаму частку сваёй дзейнасці. І для мяне гэта таксама значыць быць беларусам.

Пра беларусаў наогул гаворыцца, што яны ветлівыя, а з гэтага занадта сціплыя. Трэба хацець больш, мацней, хутчэй! А мы так спакойненька ідзем па сваім шляху, за мэту абіраючы ўласнае выратаванне. Гэта мусім пераадолець. Трэба жыць паўнавартасна і такім сябе лічыць сярод іншых грамадстваў і народаў.

З гісторыі магу, зразумела, пералічыць Грунвальд, Слуцкі чын ці 25 сакавіка, але, па шчырасці, самыя важныя падзеі для мяне адлюстраваныя ў 1990-х — пачатку 2000-х. Ніколі не забуду, як у ліцэі мы рыхтавалі розныя ўрачыстасці з нагоды Дня Волі і з гонарам чыталі «Рэквіем для бензапілы» Уладзіміра Арлова. Гэта быў знак новых часоў для нас.

З перспектывы Падляшша шмат зменаў прынес пачатак 90-х гадоў. Гэты час узрушыў беларусаў па абодва бакі польска-беларускай мяжы. Беларусізацыя ў Беларусі вельмі моцна паўплывала і на беларускую суполку ў Польшчы, а дэмакратызацыя Польшчы памяняла магчымасці і ўмовы нашай дзейнасці.

Калі гаварыць пра беларусаў Падляшша, дык нашы традыцыі вельмі моцна звязаны з праваслаўнай культурай. Яна вызначае нашу беларускасць. Напрыклад, у нашых вёсках вельмі важныя парафіяльныя святы. Адначасова гэта і беларускія святы: тады мы сустракаемся, гаворым паміж сабой па-беларуску, сядзім за адным сталом.

Раство, Вялікдзень, Дзяды, Правадная нядзеля, калі збіраліся на могілках і ўсе пакаленні бяседавалі з продкамі. Іх я лічу вельмі моцнымі беларускімі традыцыямі. У нашай сямейнай парафіі Пятра і Паўла кшталтавалася і мая беларускасць таксама. А на фоне святаў згадала б яшчэ не толькі традыцыі беларускіх спеваў, але і забудову хаты, дбання пра панадворак, суседскае жыццё. Усё гэта спецыфічнае можам адчуць і сёння, хаця носьбітаў былых традыцыяй штораз менш.

Не магу адмовіць людзям, якія не карыстаюцца беларускай мовай, у праве лічыць сябе беларусамі. У дзяцінстве адзінай мовай, якую ведала я і многія з маіх сяброў, была польская мова, так як і шматлікія беларусы хаваліся ў расейскай мове. Асноўнае, каб прыйшло разуменне, што нашым абавязкам ёсць вывучыць родную мову. Гэта вызначальны чыннік! Мне пашанцавала, бо беларускі дыялект дзядоў пачала засвойваць вельмі рана.

Мы можам ганарыцца беларускай вытворчасцю, у тым ліку спажывецкай. Сыркі, квас, хлеб, касметыка, валёнкі і шмат чаго яшчэ можна пералічваць так доўга, доўга.

Мы можам ганарыцца і нашай мовай. Яна адзіная ў свеце, як у выпадку і кожнай мовы, але нашая вельмі спеўная і мілагучная. Дзякуючы гэтаму музыка лёгка ствараецца пад беларускае слова.

Ганаруся нашай матэрыяльнай культурай. Я, праўда, не тая асоба, што сядзіць па вечарах і вышывае. Але ведаю такіх людзей. Праз вышыўку і ўзоры, як і праз нашыя сямейныя традыцыі, мы яднаемся з нашымі продкамі.

Нельга не ганарыцца тым, што пасля доўгіх гадоў русіфікацыі (ці, як у нас, паланізацыі) ёсць людзі, якія ў розных галінах жыцця і мастацтва дэманструюць высокае майстэрства. Без комплексаў. Без прыніжэння.

Нас робіць адметнымі сярод суседзяў і ва ўсім свеце гісторыя барацьбы за захаванне сваёй культуры.

Беларусы не ёсць тым народам, які лёгка дабіваецца свайго. Шмат часу прасядзелі сціпла ў куточку паміж вялікімі нацыямі, якія вырашалі наш лёс. Але нават у такіх умовах мы збераглі сваю спадчыну. Мая беларускасць была прыхаваная дзядамі і бацькамі ад чужынцаў. Трэба было толькі яе пашукаць.

Наша культура будзе развівацца і, можа, некалі стане заўважнай у еўрапейскай перспектыве. Вядома, што магчымасці для папулярызацыі культуры замінае палітыка дзяржавы. Адчуваем гэта балюча тут, на Беласточчыне. Але ж вось, апрача беларусаў, што жывуць у Беларусі, ёсць беларусы па-за межамі. Спадзяюся, што супольна вытрымаем гэтае палітычнае выпрабаванне і ахвотных захоўваць ды папулярызаваць беларускасць не будзе бракаваць і потым. Беларускую традыцыю не так лёгка спыніць.

Яўген Калмыкоў: Вельмі трэба пастарацца, каб стаць нацыяй дарэшты

— У мяне бацька — беларус, маці — украінка. А мог у савецкі час запісацца расейцам. Запісаўся беларусам. Не так проста беларусаў акрэсліць, як, напрыклад, некаторыя іншыя народы: дзяржаўнасць, мова, царква. Быць беларусам — значыць мець супольную прастору, любіць яе. Мець супольныя рысы характару. Супольныя звычкі і супольныя стравы кухні, урэшце. Я запісаўся беларусам, бо інакш уявіць сябе не мог. Я нарадзіўся ў Беларусі, вакол усё, што я люблю (мая малая радзіма — цэнтр Менска, дзе з кожным месцам мяне штосьці звязвае). Быць беларусам — любіць сваё.

Беларусы жывуць на памежжы. У расейцаў так: «Ты за ці супраць, цябе цалаваць ці біць?». У беларусаў можа быць адначасова і цалаваць, і біць. А яшчэ абвостраны індывідуалізм. Памятаю, у савецкім войску ўсе адразу разбіліся па зямляцтвах, а беларусы трымаліся асобна. Дык на нас паўгода іншыя ездзілі, пакуль мы не сцямілі, што да чаго. І вось такі індывідуалізм кепскі для супольных дзеянняў. З іншага боку, дапамагае. Беларус можа моўчкі ківаць, а пасля зробіць як лічыць патрэбным.

Гістарычныя веды ў мяне хаатычныя. Ведаю легенду пра тое, чаму беларуская сям’я з-пад Ушачаў на Віцебшчыне мае прозвішча Калмыковы. Нібыта ў Сярэднявеччы пасля чарговай спусташальнай вайны туды запрасілі жыць калмыкаў. Мы сапраўды маем такія крыху ўсходнія рысы ў абліччы.

Што да асноўных для Беларусі падзеяў, то гэта Полацкая дзяржава, падзелы Рэчы Паспалітай, утварэнне БНР.

Я гарадскі чалавек. Мне цяжка ўявіць, каб у сучасным горадзе прытрымліваліся старадаўніх традыцыяў. Відаць, у кожнай сям’і ёсць штосьці сваё.

Я магу пэўны час, падбіраючы словы, падтрымліваць размову па-беларуску. Аднак мне цяжка, бо асяродку ў мя

Кароткае пасляслоўе рэдактара

— Я быў моцна ўсцешаны, калі ў сваю пару на сайце Budzma.org шырока разгарнуўся праект «Як я стаў беларусам» (і яму ў працяг супольна з парталам Tut. by — «Быць беларусам»). Але не толькі таму, што ён інтэрактыўна пашыраў дыскурс беларускай Беларусі. Быў у гэтым праекце і мой уласны «інтарэс».

* * *

Недзе яшчэ на пачатку 1990-х, я таксама хацеў зрабіць нешта падобнае, прынамсі тыпалагічна. Тады мы ўсе, хто далучаўся да нацыянальнага Адраджэння, з ахвотай распавядалі адзін аднаму, як хто апынуўся пад бел-чырвона-белым сцягам і гербам «Пагоня». І ў нейкі момант мне ўвідавочнілася, што кожны з нас меў свой адметны, ні да каго не падобны шлях да Беларусі. Разам з тым, персанальна гэта заўсёды была вялікая экзістэнцыйная падзея.

З усяго гэтага мне аднойчы і падумалася, што добра было б з такіх гісторый скласці кнігу. Тым болей, што мае суразмоўцы і самі па сабе былі таго вартыя: філосафы, празаікі, паэты, мастакі… Але тую сваю задуму я так і не спраўдзіў, хаця ўсе мае сумоўнікі яе шчыра віталі. Надта шмат усяго рознага прасілася быць зробленым у тую эпоху глабальных перамен.

* * *

Таму няма нічога дзіўнага, што я моцна абняў Севярына Квяткоўскага, калі ён сказаў пра кнігу, якую збіраецца зрабіць з свайго «будзьмаўскага» праекта.

Пра вартасці (і недахопы) яго працы я казаць нічога не буду. Бо ёсць справы, найбольшая вартасць якіх у тым, што яны ёсць зробленымі.

Як ні скрушна пра гэта думаць, але ў Беларусі і на пачатку ХХІ ст кожны становіцца беларусам паасобку і да таго ж яшчэ праз супраціў дзяржаве, грамадству, школе, часам сям’і. Вось чаму пачуўшы пакліканне, чарговы абраннік Беларусі мусіць сам, «уласнымі рукамі» выштукоўваць з сябе беларуса. Ён вучыць беларускую мову, заглыбляецца ў гісторыю, чытае літаратуру, шукае паплечнікаў. Мяркую, дзеля апошняга яму найперш і прыдасца дапаможнік «Як стаць беларусам». Там іх, паплечнікаў, шмат, і ўсе яны ўжо маюць досвед перастварэння сябе ў беларуса. Гэта не можа не натхняць.

Кніга «Як стаць беларусам» яшчэ доўга будзе актуальнай у нашай краіне. Але менавіта таму яна патрэбная ўжо сёння.

* * *

У бальшыні навелак кнігі для іх герояў быць беларусам перадусім азначае размаўляць на беларускай мове. А шлях да мовы звычайна арганізуе сюжэт расповеда. Каб застацца разам з героямі кнігі, напрыканцы сваіх нататак я таксама дазволю сабе хоць трошкі згадаць пра гэта:

— Я быў выгадаваны ў мястэчку Свіслач, дзе тады яшчэ панавала беларуская мова. Толькі пазней Менск з Масквой даастачы зрусіфікавалі маю вербальную сутву. Аднак па вяртанні з Расеі ў Беларусь мяне, як злачынцу, пачалі ўсюды пераследаваць беларускія словы. Каб адчапіцца ад назолы, я пачаў сам у сабе перакладаць кожнае рускае слова на роднае. А пасля змусіўся і думаць па-беларуску.

Праз нейкі час я ўжо нязмушана рэфлексаваў і размаўляў так, як яно і належыць тутэйшаму чалавеку. Таму і забыўся на мову, як на ўласную праблему. Аднак неяк прачнуўся і не мог заснуць. Нешта ў маім увогуле звычайным сне было дзіўным. Ды раптам схамянуўся: там усе размаўлялі па-беларуску! Усцешана пасміхнуўшыся, я адразу заснуў.

Але яшчэ больш весела мне было прачнуцца і падумаць, што калі на беларускай мове загаварыла маё падсвядомае, дык ужо можна спакойна паміраць. Паколькі цяпер і на тым свеце, дзе няма ні ратоў ні вушэй, у мяне з роднай мовай праблемаў не будзе.

Валянцін Акудовіч 

Хаця да канца я ўсвядоміла сябе беларускай значна пазней, на першым курсе журфаку БДУ. Менавіта там я пазнаёмілася з сучаснай беларускай паэзіяй. Гэта было дзіўнае адкрыццё — цэлы свет з блізкай, але на той момант няроднай мовай.

У школе для таго, каб дзеці не любілі беларускую мову і літаратуру, зрабілі ўсё. Пасля яе Янка Купала і Якуб Колас выглядалі братамі-блізнятамі, жанчын у паэзіі не існавала ўвогуле, самым сучасным паэтам быў Рыгор Барадулін, а адзінай тэмай у літаратуры — «сялянская».

І вось журфак. Знаёмства з творамі Валярыны Куставай, Вольгі Гапеевай, Арцёма Кавалеўскага, Насты Кудасавай, Наталлі Кучмель, Анатоля Сыса… «Беларуская паэзія можа быць сучаснай» — год перад тым ніколі б не паверыла ў такія словы.

Пад уплывам літаратараў пачала вывучаць мову і сама пісаць вершы. Моўны запас папаўняўся з кожнай кнігай, я адкрывала для сябе новыя рыфмы, нечаканыя эпітэты, яркія метафары.

А як цяжка спачатку было размаўляць па-беларуску! Калі ў кожны сказ ублытваюцца расейскія словы, выразы ці калі ты не можаш перакласці думкі з расейскай мовы на беларускую.

Цяпер я часцей карыстаюся роднай мовай у размовах з беларускамоўнымі сябрамі, знаёмымі, але працягваю гаварыць і па-расейску. Я не лічу, што для таго, каб быць беларусам, неабходна размаўляць толькі на сваёй мове.

Можна шмат нагаварыць пафасных прамоваў наконт спадчыны, але самае галоўнае — зразумець, што самае каштоўнае для цябе тут, што гісторыя твайго жыцця, летапіс твайго дзяцінства застаецца разам з табой толькі на тваёй радзіме. Яна адзіная суправаджае цябе праз усё тваё жыццё.

ні па барыкадах гойсаць. Хочацца адказаць аргументавана… Хочацца супрацьпаставіць. І — дзякуй богу — тут з’яўляюцца яны.

1995–1996: «Всякие Лявоны Вольские…»

Чуваць іх было задоўга да з’яўлення — курткі-касухі й боты-казакі, спрэс чорная скура ды ланцугі, якімі рокеры, што прывіды, звінелі здалёк. З выгляду страшныя, валасатыя, шумныя, яны гаварылі між сабой па-беларуску, жартавалі і вызнаваліся ў размове інтэлектам (нарэшце!) не горшым, чым тыя, з вежы слановае косці. А самае смешнае — іх звалі Алесь Дайнэка, Лявон Вольскі, Зміцер Лукашук, Алена Радкевіч, Кася Камоцкая.

Менавіта знаёмства з рокерамі — умоўна назаву вас так, прабачце, Алесь, Кася, Зміцер, на той час вы былі (ці, прынамсі, мне здаваліся) адзіным фронтам — дало мне тую, адчайна неабходную дозу беларускай культуры — сучаснай, злой, сцёбнай, без «скоцкага сур’ёзу», без скідак на «недаразвітасць» — якая памагла мне выстаяць. Далей мне было што супрацьпаставіць усім апанентам, спрэчкі былі абгрунтаванымі. Не «рушнічочкі, васілёчкі», а Сыс, Глобус, Дубавец. Цяпер я сыходзіла на канцэрты NRM — і мне было шкада тых, хто застаецца. Я ведала ўсе песні Касі, запісаўшы іх на рыпучы дыктафон і спісаўшы слова за словам. Я знайшла сваіх герояў, якія спявалі для мяне й пра мяне. І мне ў маёй беларушчыне можна зайздросціць.

не не было, у юнацтве гадаваўся ў Маскве. Хаця, зразумела, чытаю без праблемаў. Тыповая сітуацыя для многіх беларусаў. Але ў той ці іншай ступені кожны беларус мусіць ведаць беларускую мову. Пажадана ў большай ступені.

Ды нават на прыкладзе «Ляпісаў» скажу. Сяргея Міхалка ж ніхто не прымушаў пісаць беларускамоўныя песні. Торкнула штосьці чалавека. І некалькі песняў, на мой погляд, атрымаліся вельмі добра.

Я расказваю пра Беларусь толькі лепшае. Расейцам кажу: у нас як у Еўропе. Заходнееўрапейцам — у нас дзікая прырода. У нас няма чагосьці кідкага, як самая вялікая статуя Ісуса ці самая шырокая рака. У Беларусі трэба пабыць, пажыць, каб адчуць прыгажосць. Напрыклад, я ў пятым класе гуляў на ўскрайку Менска, за кружной дарогай, і раптам трапіў на балота. І мяне так уразіла, калі я пабачыў, якім балота можа быць прыгожым!

У нас шмат вады. У паветры, унутры нас, мы гэтым дыхаем, і гэта ўплывае на характар. Людзі з суседніх краінаў, якія працуюць з беларусамі, кажуць, што па заканчэнні супрацы беларус усё роўна да канца не задаволены вынікам.

З адмоўнага — беларусы лёгка мімікруюць у іншых краінах. Зразумець, што перад табой суайчыннік, можна толькі тады, калі пачнеш супольную працу ці разам пасядзіш за сталом. Хоць зноў жа — хто як. Калі з «Ляпісаў» хацелі зрабіць масквічоў, адмовіліся не згаворваючыся. Міхалок падкрэслівае, што гурт беларускі, і жыць каманда ў Маскве не засталася, хоць маскоўскія прадусары настойвалі.

Беларусы пакуль яшчэ жывуць пры дарозе. Таму можна ўсё страціць, знікнуць сярод іншых, а можна дабудаваць нацыю. Вельмі трэба пастарацца, каб стаць нацыяй дарэшты. Але шанцы ў нас ёсць.

Оглавление

  • Севярын Квяткоўскі Як стаць беларусам. Сто гісторый
  • Як я стаў беларусам
  • 1. ПРАТЭСТ
  • 2. ПОШУК І АДКРЫЦЦЁ
  • 3. ГОНАР І ГОДНАСЦЬ
  • 4. ЛЮБОЎ
  • 5. ЦУД
  • 6. ЛОГІКА
  • 7. БАБУЛІ І ДЗЯДУЛІ
  • 8. ВЕДА
  • 9. СВАЁ
  • 10. БЫЦЬ АСОБАЙ, БЫЦЬ КІМСЬЦІ
  • 11. Быць беларусам
  • Кароткае пасляслоўе рэдактара Fueled by Johannes Gensfleisch zur Laden zum Gutenberg

    Комментарии к книге «Як стаць беларусам. Сто гісторый», Севярын Квяткоўскі

    Всего 0 комментариев

    Комментариев к этой книге пока нет, будьте первым!

    РЕКОМЕНДУЕМ К ПРОЧТЕНИЮ

    Популярные и начинающие авторы, крупнейшие и нишевые издательства