Апавяданьні і аповесьць
Падрыхтаванае на падставе: Мудроў Вінцэсь, Гісторыя аднаго злачынства. Апавяданьні і аповесьць, — Мінск: Бібліятэка часопіса Маладосьць, 1993.
Copyright © 2015 by Kamunikat.org
Апавяданні Міша з прастрэленым вухамУзьбягаючы па прыступках, Сьцяпан падняў галаву і ўбачыў валасатыя ногі Нінэль Міхайлаўны. Начальніца стаяла на лесьвічнай пляцоўцы паміж другім і трэцім паверхамі і, мяркуючы па ўсім, некага прабірала.
Гадзіньнік паказваў палову адзінаццатай. Каб не сустракацца з начальніцай такім нязручным часам, Сьцяпан зьбег на другі паверх, разгарнуў «Советскую Белоруссию» і, пазіраючы між радкоў, прыслухаўся.
— Пра несуноў матэрыял падрыхтавалі? — пыталася Нінэль Міхайлаўна пераселым ад курава голасам, і ў адказ ёй пачулася запабежлівае лепятаньне асыстэнткі Барановіч.
— Жук затрымлівае... колькі разоў казала... – лепятала Барановіч, і Сьцяпан, пачуўшы сваё прозьвішча, брыдка вылаяўся.
На свой паверх ён дабіраўся запасным ходам. У левым крыле рэдакцыйнага будынку вось ужо другі год нешта рамантавалі, і запасны ход быў застаўлены розным малярскім начыньнем. Падымаючыся па лесьвіцы, Сьцяпан зачапіўся нагою за бочку з вапнаю, выцяўся лобам аб козлы, а выбраўшыся з гэтага хломазду, доўга абабіваў штаны, са злосьцю плюючы на далоні. Замкнуўшы пазычаным на вахце ключом дзьверы запаснога ходу, ён паправіў гальштук, з турботлівым выглядам на твары рушыў па калідоры.
Навокал дзынкалі тэлефоны, кляцалі друкаркі, з жаночай прыбіральні далятаў вясёлы сьмех, а з прачыненых студыйных дзьвярэй на калідорны прасьцяг вырываліся зыкі, якія спачатку насьцярожылі, а потым насьмяшылі. Там, за дзьвярыма, нехта пакутліва ўздыхаў, жаласьліва вохкаў і бразгаў шкляным посудам. Сьцяпан зазірнуў у студыю і ўбачыў карэспандэнта абласнога радыё Сяргейчыка. Той сядзеў за мантажным сталом, пакутліва вохкаў і дрыжачай рукой наліваў у шклянку мінскую №2. На карэспандэнтавым твары ляжаў цень пахмельнай хваробы. Сьцяпан кашлянуў, працяў Сяргейчыка гіранічным позіркам, і калега, глынуўшы мінэралкі, зашэрхлым голасам прамовіў:
— На раён езьдзілі. Да Цярэнція Пракопавіча.
Комментарии к книге «Гісторыя аднаго злачынства», Винцес Леонидович Мудров
Всего 0 комментариев