Адам Мальдзіс АСТРАВЕЧЧЫНА, КРАЙ ДАРАГІ…
Нарыс
Падрыхтаванае на падставе: Адам Мальдзіс, Астравеччына, край дарагі…: Нарыс — Мінск: Мастацкая літаратура, 1977. — 208 с.
© Камунікат.org, 2012
Трэба дома бываць часцей,
Трэба дома бываць не госцем,
Каб душою не ачарствець,
Каб не страціць святое штосьці.
Рыгор Барадулін1.
Дык дзе ж усё-такі тая Астравеччына? Шлях ад Мінска да Гудагая. Як тры Сінгапуры або дзесяць Ліхтэнштэйнаў. Беларуская Швейцарыя. Так пачыналася Астравеччына. Што прывозіш і вывозіш, мая зямля?
На пачатку сухой і халоднай вясны 1974 года ў калідоры Саюза пісьменнікаў БССР не сказаць, каб ад вялікай зацікаўленасці, а хутчэй так, ад няма чаго рабіць у зацяжным перапынку, адзін празаік задаў мне пытанне:
— То куды сёлета збіраемся адпачываць? На якія-такія воды?
— Відаць, паеду ў свой Астравец. Сёлета яму спаўняецца роўна пяцьсот. Ды і, як пісаў паэт, трэба дома бываць часцей…
— То не ведзялэм, жэ пан сен уродзіл в Польсцэ, — перабіў мяне субяседнік.
— Чаму ў Польшчы?
— Чаму-чаму. Ды таму, што адзіны вядомы мне Астравец — гэта Островец Свентокшыскі. У самай карэннай Польшчы.
— А хіба вы ніколі не чулі, што ў Беларусі ёсць Астравецкі раён? На самай поўначы Гродзеншчыны, на мяжы з Літвой.
— Ды кінь ты мяне разыгрываць! Што-што, а Беларусь я ведаю не горш сваёй далоні. Няма такога раёна!
І адышоў пакрыўджаны. Нібы я засумняваўся ў нечым вельмі для яго святым.
І тым не менш Астравецкі раён існуе. Не верыце? Тады вазьміце першы том БелСЭ і адкрыйце яго на 533 старонцы. Або гляньце на любую карту Беларусі. Прабачце, не на любую. Апрача выдадзеных у 1962–1965 гадах, калі Астравеччына была падзелена паміж Ашмянскім і Смаргонскім раёнамі.
А яшчэ прасцей упэўніцца ў рэальнасці Астравеччыны — пайсці на мінскі вакзал, узяць білет па цягнік, што адпраўляецца ў бок Прыбалтыкі, скажам, на славутую «Чайку», і праз дзве з паловай гадзіны сысці ў Гудагаі, на апошняй беларускай станцыі. Яшчэ чатыры кіламетры аўтобусам на поўнач — і будзе Астравец!
У такую дарогу я і адправіўся жнівеньскім ранкам таго ж 1974 года. Пасля ўедлівых дажджоў нарэшце выглянула сонейка, і праз акно вагона было відаць, як усюды, нягледзячы на ранішнюю расу, завіхаюцца камбайны: уборка і так зацягнулася на паўмесяца або добрых тры тыдні. Ад дажджоў і вятроў збажына палягла, парасла травой. Як там, на Астравеччыне, нялёгка, мусіць, убіраць? І не толькі ўбіраць. Гэты ж год для Астравеччыны цяжкі ўдвайне. Мала таго, што вясной прыйшлося перасяваць і азіміну, і ярыну, а летам пасевы прыбіла дажджом, у маі на дадатак яшчэ разлютаваўся яшчур. Каб спыніць эпідэмію, пісалі мне, прыйшлося ліквідаваць цэлыя фермы. У раёне быў аб’яўлены самы строгі каранцін. У колькі галоў, колькі тон мяса абышлася раёну тая пошасць? І як усё гэта адаб’ецца на сёлетніх і не толькі сёлетніх паказчыках?
І ўвогуле — як там? Калі не лічыць кароткіх прыездаў да родзічаў, апошні раз па-сапраўднаму я быў на Астравеччыне год дваццаць назад. У 1954 і 1955 гадах, праходзячы практыку ў раёнцы, аб’ездзіў на рэдакцыйным веласіпедзе амаль усю Астравеччыну, праўда, без яе паўночнай, завілейскай часткі, прылучанай ад былога Свірскага раёна толькі ў 1959 годзе. Уражанні з таго часу засталіся даволі змрачнаватыя. Рэдка дзе ў калгасах былі добрыя кіраўнікі. Жыта сеялі і жалі ўручную. Ураджай у сем-восем цэнтнераў з гектара лічыўся ўжо дасягненнем. Зімой раскрывалі на кармы саламяныя стрэхі. На працадзень прыпадала сама болей па кілаграму збожжа.
А як жывецца табе, Астравеччына, цяпер?
Пакуль «Чайка» без прыпынкаў мінае прыгарадныя станцыі, на хвіліну-другую заплюшчваю вочы і стараюся ўзнавіць у думках абрысы Астравецкага раёна. Ён больш прадаўгаваты — выцягнуўся ўздоўж граніцы з Літвой нешта на пяцьдзесят кіламетраў. На поўдні і ўсходзе мяжуе з Ашмянскім і Смаргонскім раёнамі, на поўначы — з Мядзельскім і Пастаўскім. На поўдні Астравеччыну працінае чыгуначная лінія Мінск — Вільнюс. Па цэнтру раёна бяжыць на захад гістарычны Полацкі тракт, па якому ішлі войскі і Баторыя, і Карла XІІ, і Напалеона, і розных іншых няпрошаных гасцей. А побач з трактам віецца быстрая Вілія. Злева яна тут прымае воды Ашмянкі і Лошы, справа — Страчы, Сарачанкі і Балошынкі. Недзе за Быстрыцай Вілія перацінае літоўскую граніцу і набывае новае імя — Нярыс. Увогуле тэрыторыя раёна невялікая — усяго 1558 квадратных кіламетраў. Хаця невялікая адносна, па савецкіх маштабах. На тэрыторыі Астравеччыны лёгка змесцяцца тры такія дзяржавы, як Сінгапур ці дзесяць Ліхтэнштэйнаў. А Манака дык тое ўціснулася б роўна тысячу разоў!
І смею сцвярджаць, што, акрамя Навагрудчыны і, можа, Мазыршчыны, такіх прыгожых мясцін, як на Астравеччыне, няма ў Беларусі нідзе. Тое ж самае сведчылі мне дзесяткі іншых людзей, што пабывалі тут, — фалькларысты, мовазнаўцы, мастацтвазнаўцы, гісторыкі. Сведчыў, зачараваны выгінастымі берагамі Лошы, Уладзімір Караткевіч, не забываючы пры гэтым, вядома, падкрэсліць перавагі свайго Падняпроўя. Астравеччына, пры ўсёй яе някідкай, спакойнай прыгажосці, сапраўды зачароўвае разнастайнасцю, зменлівасцю пейзажаў. Тут ёсць усё! На поўдні, нібы клешні краба, праляглі адгор’і Ашмянскага ўзвышша. Далей на поўнач ідзе Нарачанска-Вілейская нізіна, прарэзаная катлавінамі рэк. Лоша, перагароджаная плацінай Янаўскай ГЭС, утварае вялікае вадасховішча. У далінах рэк багата тарфавіскаў і ройстаў — балот, дарослых багуном і журавіннікам. Далей на поўнач пачынаюцца сасновыя бары, ператканыя бярозаю, асінаю і ляшчыннікам. Зноў немаведама адкуль бяруцца пасмы ўзгоркаў. А сярод іх раптам выблісне азёрнае вока Падкасцёлка ці Падліп’я. Выблісне і адаб’е заціхлыя вяршаліны дрэў на навакольных курганах. На поўначы, дзе на Сарачанку нанізана Каймінская група азёраў, або ўздоўж Полацкага тракту, ля Катлоўкі, ледавік у свой час так мудрагеліста пахадзіў і наварочаў, што ўсе віды беларускага ландшафту можна пабачыць, стоячы на адным месцы. Адным словам — беларуская Швейцарыя.
Не менш разнастайнае тут насельніцтва. З трыццаці трох тысяч жыхароў нешта восемдзесят шэсць працэнтаў складаюць беларусы. У Гервяцкім сельсавеце набярэцца з добры дзесятак літоўскіх вёсак. Тут захаваліся літоўскія песні і звычаі, старадаўняя гаворка, якую яшчэ да рэвалюцыі даследаваў літовец Э. Вольтар, у 1931 годзе — эстонец П. Арумаа, а сёння вывучае маскоўская лінгвістка Т. Суднік. На поўначы, у ваколіцах Быстрыцы, часта пачуеш польскую мову — тэксты, запісаныя тут, увайшлі ў нядаўна выдадзены двухтомнік «Польские говоры в СССР». Урэшце за Віліяй, ля Падольцаў, калісьці пасяліліся тры вёскі рускіх старавераў. Цяпер усё гэта так перамяшалася, што ў сям’і адначасна гавораць на дзвюх, трох або нават чатырох мовах. Адным словам, на гэтым культурна-моўным паграніччы — сапраўдны інтэрнацыянал. І нібы сімфонія дружбы, гучаць старадаўнія назвы вёсак. Чуюцца ў гэтай сімфоніі дзве мелодыі. Беларуская: Белая Вада, Малыя Пушчавыя, Вялікае Туроўе, Сівы Ручэй, Дравасекі, Грачанішкі, Клецішча, Лаўкі, Ніўе, Навіна, Папялішча, Салаўі… І літоўская: Альгіняны, Ажуройсці, Варняны, Дайлідкі, Дайнава, Дзірмуны, Кайміны, Карвелі, Супраненты, Завідзіненты. І яшчэ польская нота — пераважна там, дзе жыла засцянковая шляхта: Бжэг, Дамброва, Каменічнік, Маліняк, Відлы, Замэчак… Многа назваў, якія сведчаць аб беларуска-літоўскім моўным паграніччы: Гудагай, Гудэлі, Гудэлішкі, Гудзенікі… Іх паходжанне стане зразумелым, калі прыгадаць, што гудасамі літоўцы раней называлі беларусаў і ўвогуле славян. Праўда, некаторыя назвы згубілі свой першапачатковы, часам прыгожы сэнс. Скажам: Газа, Бадзівалы. Яшчэ ў дакументах XІX стагоддзя яны зваліся: Гожа, Будзівалы. Ці Рымдзюны. Калісьці зваліся яны Рындзюнамі, ад літоўскага рында — жолаб. Пасля ж нехта з канцылярыстаў змяніў выпадкова літарку — і назва згубіла сэнс.
А прозвішчы! Божа мой, якія каларытныя, непаўторныя прозвішчы на Астравеччыне! Ёсць выразна беларускія: Бразевіч, Бублевіч, Тарашкевіч, Жытковіч, Кукаловіч, Стафановіч, Бернатовіч, Адамковіч, Пашкевіч, Мураўскі, Вішнеўскі, Шаблавінскі. Вянгроўскі, Дрэма, Рожка, Грыва, Карабец… Ёсць яўна літоўскія: Шэміс, Бразіс, Кайрыс, Куліс, Мажэйка, Рамейка… Але больш такіх, што ўзніклі на скрыжаванні дзвюх моў, што не сустракаюцца больш анідзе: Букель, Якель, Шукель, Кацінель, Мяшкель, Габздыль, Тварагаль, Рэкець, Скіруць, Сянюць, Жамойць, Андралойць, Шляхтойць, Часнойць, Чапукойць, Масойць, Матыяшкойць… Бяру тыя, што бытуюць на Астравеччыне здаўна, прасочваюцца па дакументах з XVІ–XVІІІ стагоддзяў.
Раней такое шматмоўнае, шматнацыянальнае суседства не сказаць, каб дужа было згодным. Палякі, хоць іх тут была яўная меншасць, імкнуліся навязаць сваю волю: як жа, непадалёку ад сённяшняй мяжы раёна, у Зулове, нарадзіўся сам Юзаф Пілсудскі, а хіба мог ён нарадзіцца сярод беларусаў?! І беларусаў для іх не было. У 1937 годзе ў Вільні выйшаў другі том саліднага даведачнага выдання «Вільно і земя Віленьска». На картах там, дзе цяпер Астравеччына, памечана: беларусаў — нуль працэнтаў. Зразумела: усіх беларусаў-католікаў зрабілі палякамі (дарэчы, нацыянальнасць з веравызнаннем часам блытаюць на Астравеччыне і сёння). Прыцяснялі палякі і літоўцаў: забаранялі ім вучыць на роднай мове дзяцей, ставіць літоўскія спектаклі. Нават клерыкальная віленская «Крыніца» не сцерпела, калі ў 1924 годзе ў Варнянах судзілі старшыню літоўскага асветніцкага таварыства «Рытас» праф. Краўяліса. Яго, пісала газета, а таксама некаторых настаўнікаў і нават бацькоў «асудзілі ў Варнянах на штраф па 100 мільёнаў кожнага (у 1924 годзе польскія грошы былі абясцэнены. — А. М.). Словам, цяжка ў нас пашыраць родную асвету!»
Часам успыхвалі канфлікты паміж беларусамі і літоўцамі, якім, здавалася б, зусім не было чаго дзяліць. Зрэшты, гэтыя канфлікты пераважна на сумленні гмінных чыноўнікаў і гервяцкіх ксяндзоў. У кнізе «Вільнюс і Віленскі край», якая выйшла ў 1932 годзе ў Каўнасе на літоўскай мове, паведамлялася, што ксёндз Маліноўскі наўмысна шапялявячы і ціха чытаў літоўскі тэкст евангеліі, каб выклікаць гервяцкіх парафіян на правакацыі. А ксёндз Рамейка ў 1928 годзе частаваў гарэлкай беларускіх сялян з Сакалойцяў, каб тыя адмаўляліся выконваць літоўскія псалмы, спявалі іх па-польску. Калі ўзнік скандал, сяляне самі ж выкрылі ксяндза, крыкнулі яму ў касцёле: «Як цяпер, так зубы вышчыраеш, чаму ты пярод казаў нам пяяць» (гэтыя словы ў літоўскай кнізе пададзены па-беларуску). Гервяцкі паланафіл нацкоўваў «гіргуноў» на «чагакоў» і наадварот. І тыя з нажамі, палкамі і камянямі ішлі на касцельным цвінтары вёска на вёску, прабівалі галовы і ламалі рэбры. Літоўцу жаніцца на беларусцы? Беларусу быць кумам у літоўцаў? Нізавошта! Праклянуць і тыя, і другія.
Сёння ўсе гэтыя спрэчкі даўно быллём параслі. Наколькі помніцца, ужо ў 1954–1955 гадах нечым звычайным былі беларуска-літоўскія вяселлі. Працуючы поплеч, у адных і тых жа калгасах, беларусы і літоўцы штодзённа прыходзілі адзін другому на дапамогу. У Гервяцкай дзесяцігодцы вучні па выбару змаглі вывучаць беларускую або літоўскую мову. А на паліцах бібліятэк у Гервятах, Рымдзюнах і Гірах сталі мінскія выданні Купалы і Коласа і вільнюскія выданні Цвіркі і Нерыс. З яблыка разладу гервяцкі «астравок» ператварыўся, як пісаў у вершы адзін з мясцовых пачынаючых паэтаў, у «бастыён дружбы».
Астравеччына… Слова гэта з’явілася толькі ў апошняе дзесяцігоддзе. Раней, і пры царскай уладзе, і пры панскай Польшчы, Астравец быў глухім мястэчкам. Нават не цэнтрам воласці ці гміны. Усяго толькі — парафіі. Сто гадоў назад тут былі толькі дваццаць дзве драўляныя хаты. Пяцьдзесят — толькі адна вуліца з дзвюма мураванкамі. Тэрыторыя Астравеччыны была падзелена паміж Ашмянскім, Свянцянскім і Віленскім паветамі.
Сваю «кар’еру» Астравец зрабіў толькі пры ўладзе Саветаў і выключна дзякуючы ёй. Як і калі гэта адбылося? Перагортваю запісы, зробленыя пры гутарцы з першым сакратаром Астравецкага райкома партыі Рыгорам Рыгоравічам Панамаровым. Пасля вайны ён быў міністрам нарыхтовак сельскагаспадарчых прадуктаў БССР, выбіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР. Цяпер персанальны пенсіянер, жыве ў Мінску. Падцягнуты і на дзіва на свае гады бадзёры, ён ахвотна ўспамінаў былое.
Расказвае Рыгор Рыгоравіч Панамароў:
— Калі ўтварыўся Астравецкі раён? Было гэта недзе ў сярэдзіне студзеня 1940 года. Па даручэнню ЦК Камуністычнай партыі нашай рэспублікі яшчэ з двума таварышамі я выехаў у былы Ашмянскі павет, які меркавалася падзяліць на тры раёны. У Ашмянах прыблізна, па карце, вызначылі граніцы. К вечару, памятаю, дабраўся да станцыі Гудагай. Там была таможня — непадалёку ж праходзіла граніца з Літвой, тады яшчэ буржуазнай. Пераначаваў я з нашымі таможнікамі, а назаўтра ўзяў курс на Астравец. Гляджу — звычайная драўляная вёсачка. Няма дзе размясціць раённыя ўстановы, няма дзе нават жыць. Тады рашыў паездзіць па раёну. У Малях, дзе якраз кватараваўся наш кавалерыйскі эскадрон, знайшоў транспарт. Заглядаю ў адну вёску, другую. Найбольш прыйшліся даспадобы Варняны. Чысценькія, акуратныя, у самым цэнтры раёна. А галоўнае — ёсць пусты будынак былой польскай гміны. Тут і рашылі часова размясціць райвыканком. Для райкома ж аблюбавалі старадаўні двухпавярховы будынак, што ля касцёла. На першым паверсе была аптэка — яна так і засталася. На другім, дзе раней жыў аптэкар, абсталявалі райкомаўскія кабінеты.
Хто тады мне дапамагаў? Другім сакратаром райкома быў Бушанаў — ён загінуў у белафінскую вайну. Трэцім — Бродскі. Райвыканком узначальваў Рудэнка. Вельмі дапамагала мясцовае насельніцтва, прадстаўнікі Рабочай гвардыі. Помню, на станцыі Гудагай яе ўзначальваў Ганчароў. Калі мы ўпершыню сустрэліся, ён высыпаў перада мной цэлы мяшок самых розных пісталетаў, адабраных у паліцыянтаў і асаднікаў. Запомніўся таксама Свірскі. Ён часта выступаў перад людзьмі з прамовамі на польскай мове, дзівосна мог валодаць аўдыторыяй.
З чаго пачыналася дзейнасць райкома? Калі я ехаў у Астравец, разумеў усю адказнасць, ускладзеную на мяне партыяй. Раён быў прыгранічны, шматнацыянальны. Нельга было дазволіць ніводнага непрадуманага кроку. Пачалі мы з сялянскіх сходаў, на якіх растлумачвалі ўнутраную і знешнюю палітыку нашай краіны. Клубаў тады не было, таму сходы праводзілі ў некалькі прыёмаў. У Гервятах сход праходзіў тройчы. У цесную сялянскую хату з’яўлялася адна група сялян, стоячы, бо не было крэслаў, уважліва слухала гадзіну-другую, потым дзякавала, кланялася, надзявала шапкі і адыходзіла. Услед хату запаўнялі іншыя. Насельніцтва ўвесь час падтрымлівала нас, папярэджвала аб магчымай небяспецы. Начавалі мы звычайна там, дзе і працавалі. І вось часта прыбягае хтосьці з вяскоўцаў і шэпча: пан сакратар, сёння ноччу вам лепш змяніць месца, могуць быць непрыемнасці. Але непрыемнасцей не было. Не прыпомню ніводнай ахвяры, ніводнага варожага тэрарыстычнага акту. Бывала, едзеш адзін, з пісталетам, вядома, у кішэні — і нічога. Неяк зімой быў я ў тых жа Гервятах. Узладавалі мне на санкі элегантнае крэсла з панскага маёнтка, каб я перадаў яго ў парткабінет. Сеў на крэсла, еду… Раптам у лесе конь спужаўся нечага, панёс, перакуліў санкі. Ляжу, бачу: уперадзе маячаць дзве чалавечыя постаці. Ну, думаю, канец! Ды не, спынілі каня, дапамаглі мне абтрэсціся, пажадалі шчаслівай дарогі…
Тады ж, у 1940 годзе, на Астравеччыне былі арганізаваны першыя калгасы — у Варнянах, Гервятах… Батракі з панскіх маёнткаў збераглі жывёлу, збрую, плугі, а потым перадалі ключы ў рукі прадстаўнікоў Савецкай улады. У Гервятах так зрабіў Гурскі. Потым старшынёй калгаса стаў там былы батрак Краўчун. Ужо ў першы год «батрацкія» калгасы моцна сталі на ногі. У Гервятах на працадзень выдавалі па восем кілаграмаў збожжа, дваццаць бульбы, шэсць фуражу. Усе калгаснікі ліквідавалі, як тады казалі, бескароўе, перасяліліся з баракаў у нармальныя дамы. Калгасам вельмі дапамагала МТС, дырэктарам якой быў, памятаецца, Мікалаеў. Мела яна нешта каля пятнаццаці трактароў. Іх першае з’яўленне ўсюды ператваралася ў свята. У Гервятах за трактарам ішла ледзь не ўся вёска.
Адначасова вяліся культурныя пераўтварэнні. Адчыніліся школы. У Гервятах, памятаецца, сямігодка дзейнічала ў былым палацы пані Дамейкавай, і хадзіла туды з чатырыста дзяцей. Цяжка было з настаўнікамі, яшчэ цяжэй з медыкамі. На ўвесь раён мы засталі толькі аднаго фельчара. Але кадры паступова прыбывалі з усходняй Беларусі.
Калі мы перанеслі цэнтр у Астравец? Хоць Варняны знаходзіліся амаль пасярэдзіне раёна, але мы разглядалі іх як часовую сядзібу. Астравец быў намнога бліжэй да чыгункі. Таму мы пачалі там будаўніцтва. З былых панскіх маёнткаў перавезлі зрубы для раённых устаноў. З іх стварылася цэлая новая вуліца, якую назвалі Савецкай. Дзесьці ў жніўні 1940 года канчаткова пераехалі ў Астравец. З дапамогай мінскіх шэфаў дасталі электрадынамку. Невялікую, усяго на пяцьдзесят кілават. Але хапала, каб хоць на пару гадзін даць святло для ўстаноў, упершыню ў гісторыі Астраўца запаліць лямпачкі на вуліцах. Пачалося будаўніцтва новага цаглянага клуба. У старым упершыню ў Астраўцы сталі дэманстравацца кінафільмы. Адным словам, глухая калісьці вёска ажыла.
Пасля той гутаркі я сказаў на развітанне Рыгору Рыгоравічу, што яго, першага, даваеннага сакратара, па Астравеччыне помняць і цяпер. Адзін гервяцкі калгаснік казаў мне калісьці: «За дваццаць год панскай улады стараста гміны ў мяне не быў ні разу, хаця гміна стаяла побач з маёй хатай. А гэты, прыязджаючы здалёку, з Варнян і Астраўца, пабываў тройчы. Зойдзе, зразумела так раскажа, што чуваць на свеце, ажно хочацца жыць».
…А «Чайка» тым часам мінула Маладзечна, Залессе, дзе Агінскі калісьці стварыў свой журботны паланез «Развітанне з радзімай». Мінула Смаргонь, што ўвайшла ў гісторыю хваляваннямі 1905 года, а яшчэ — абаранкамі і «мядзведжай акадэміяй». Краем прыхапіла хвалістую Ашмяшчыну. І імпэтна ўварвалася на Астравеччыну. Раз’езд Скярсціны. Слабодка, адна з трох Слабодак раёна. Тут у 1710 годзе мазырскі падстараста Казімір Беліковіч заснаваў касцёл і кляштар кармялітаў, спаленыя потым сялянамі. Пранюны… Стоп, памяць! На Пранюнах варта крыху спыніцца. Хаця б таму, што яны ўвайшлі ў літаратуру.
У польскага пісьменніка Ігнація Ходзькі, які жыў не так далёка адсюль, у фальварку Дзевятня пад Свірам, ёсць раман «Пустэльнік у Пранюнах», заснаваны на рэальных фактах і дакументах. Калісьці, гаворыцца ў рамане, у Пранюнах, пры Чорным тракце, што, мінаючы Ашмяны, ішоў з Мінска на Вільню, стаяла драўляная капліца, а пры ёй па чарзе жылі тры пустэльнікі. Пакрыўджаныя феадальным грамадствам, яны шукалі забыцця ў вясковай цішы, сярод старых кніг.
Зычны голас правадніцы перанёс мяне з мінулага ў сучаснасць. «Худохай! Худохай!» — абвяшчала яна з яўна эстонскім акцэнтам. І праўда, за акном праплыла старая вежа з чырвонай цэглы — раней нават будзённыя вадакачкі будавалі ў стылі рамантычных замкаў. За ёю паказаліся пакоўныя склады райспажыўсаюза, пагрузачна-разгрузачныя платформы. З аднаго вагона выгружалі трактары, другога — угнаенні ў поліэтыленавых мяшэчках (а раней жа выкідвалі лапатамі — ажно белы пыл пакрываў усе навакольныя дрэвы). З доўгай платформы рабочыя скочвалі бярвенні. Ого, гэта нешта новае. Раён, у якім сорак два працэнты плошчаў занята лясамі, увозіць драўніну! Міжвольна ўспомніўся допіс са станцыі Гудагай, надрукаваны ў 1923 годзе ў польскім часопісе «Земя ойчыста». Нехта В. Скіндэр скардзіўся: «Цяжкія мы цяпер перажываем часы, эканамічнае жыццё проста невыноснае. Цяжка дастаць сельскагаспадарчыя прылады. Але не ўсім цяжка. Каля нас ёсць такія, хто можа жыць добра і нават вельмі добра, але яны жывуць за кошт цэлага краю, усяго народа. Напрыклад, пан Дамейка мае больш дзесяці тысяч гектараў лесу, прадае яго на вываз. На станцыі Гудагай, пры чыгунцы, навалена да некалькі дзесяткаў тысяч сажняў белай і маладой яліны, якую штодзённа вывозяць — цэлымі цягнікамі — дзесьці за граніцу. Наш народ уздыхае і чакае лепшых часоў». У Гудагаі тады, зразумела, вагоны толькі пагружаліся. Бо што было выгружаць? Запалкі, якія потым шчапаліся папалам, а то і на чатыры часткі, завозілі ў крамы балаголы на фурманках. Нават у першыя пасляваенныя гады Астравеччына больш вывозіла, чым завозіла, асабліва лесу.
А сёння? Сышоўшы на перон, падыходжу да Георгія Антонавіча Луцкага, які вось ужо дваццаць пяць год сустракае і праводзіць тут цягнікі, і, павітаўшыся, пытаюся:
— Завозна сёння?
— За гэтыя суткі выгрузілі дваццаць чатыры вагоны — цэлы састаў. Прыбыла меліярацыйная тэхніка, нафтапрадукты, шыфер, некалькі «Жыгулёў», макулатура для альхоўскай кардоннай фабрыкі. Пагрузілі ж усяго шэсць вагонаў. Пайшло жыта новага ўраджаю, крыху цэглы, кардон, мэбля. Вядома, радуе, што ўся краіна шле нам тавары, але і крыху сумнавата становіцца, калі адпраўляем пустыя вагоны. На добры толк павінна яно сходзіцца. Заводзік бы Астраўцу нейкі.
Заводзік… Забягаючы наперад, скажу, што пра заводзік для Астраўца ці Гудагая мараць тут усе — ад сакратара райкома да выпускнікоў дзесяцігодкі. Гарадское насельніцтва ў раёне не складае і дзесяці працэнтаў — у шэсць разоў менш, чым у сярэднім па рэспубліцы. Шукаючы работу, многія пакідаюць Астравеччыну: у 1969 годзе тут жыло трыццаць сем тысяч чалавек, а ў 1974 годзе — ужо трыццаць тры тысячы. Некалькі соцень рабочых штодзённа ездзіць аўтобусамі і прыгарадным цягніком за сорак кіламетраў — у Вільнюс. Завод патрэбны Астравеччыне як паветра, як вада!
Услед за дзяжурным іду да станцыйнага будынка. Узвялі яго з чырвонай і белай цэглы сто год назад. Як сведчаць «Минские губернские ведомости», першы цягнік на лініі Мінск–Вільня прайшоў 14 студзеня 1873 года. Праўда, БелСЭ ў артыкуле пра Астравец сцвярджае, што чыгунка праз Гудагай пралягла толькі ў 1882 годзе, але як жа маглі ісці цягнікі па неіснуючай чыгунцы?! І яшчэ загадка: да пачатку XX стагоддзя станцыя называлася не Гудагай, а Слабодка, хаця да Слабодкі даволі далекавата, і ў той жа час ля Слабодкі, у Каменцы, здаля ад чыгункі, стаіць будынак, цюцелька ў цюцельку падобны на гудагайскі вакзал. Калі не лічыць колеру. Пры апошнім рамонце высакародную чырвоную цэглу вакзальнага будынка пафарбавалі без тынкоўкі ў ядавіта-зялёны колер. Знікла адчуванне матэрыялу, а заадно і рамантычны настрой. Пры рамонце ліквідавалі буфет, у якім так добра было ў мароз піць падагрэтае піва, седзячы ля распаленай грубкі і слухаючы перастук колаў цяжка гружаных цягнікоў. Спілавалі таксама некалькі старых разложыстых таполяў. Ды гэта, мусіць, апраўдана: выверне бурай такую махіну на рэйкі — быць бядзе. Не апраўдана іншае. Цяпер, не лічачы ранішніх і вячэрніх гадзін, калі адыходзяць прыгарадныя і далёкабежныя паязды, вакзальны будынак пустуе. А пасажыры, якім трэба перасесці на аўтобусы, з чамаданамі ў руках цягнуцца за кіламетр на прыпынак, перанесены пад самы лес. Нават не прыпынак, а халодны і змрочны навесік. Розныя ведамствы ніяк не могуць дамовіцца, каб абодва вакзалы з выгодай для пасажыраў сумясціць пад адным дахам.
Зрэшты, сёння мне на той прыпынак няма чаго кіравацца. Трэба спачатку зайсці да сястры ды павітацца з добра знаёмымі гудагайцамі. З Іосіфам Жмачынскім, старшынёй Гудагайскага сельсавета: у вайну яго маці прывандравала бежанкай з-пад Чашнікаў у нашы Расолы, выгадавала чацвёра дзяцей-сірот, а Іосіф атрымаў вышэйшую гістарычную адукацыю. З Мечыславам Козічам, брыгадзірам брыгады чыгуначнікаў, якая трымае палатно ў ідэальным стане, выпольвае ледзь не кожную траўку і нядаўна стала калектывам камуністычнай працы. З загадчыцай фельчарска-акушэрскага пункта Ганнай Лукінічнай Грабянцовай, якая ў вайну лячыла партызан (першага пацыента прывялі ёй пераапранутага бабай), а цяпер атрымала званне Заслужанага работніка аховы здароўя. Вечарам заглянуць у бібліятэку, якая з прыходам энергічнай Таісы Васькоўскай стала «Бібліятэкай выдатнай працы», — асабліва добра наладжана тут работа з кніганошамі і дзецьмі. Паглядзець кінафільм у былой пажарнай «рамізе», дзе ўладарыць паўнаваты і дабрадушны Іван Акінча, узнагароджаны нядаўна знакам «Выдатнік кінематаграфіі СССР».
Дабіраючыся да Ленінскай вуліцы (у Гудагаі, дзе яшчэ пры маёй памяці стаяла ўсяго 18 хат, з’явіліся цэлыя вуліцы!), на ўсякі выпадак зварочваю да вялікай купы макулатуры, што прызначана для Альхоўскай кардоннай фабрыкі — з адыходаў там вырабляюць за змену да шасці тон чамаданнага кардону. Колькі год назад мой сын прынёс з той звалкі рэдкія выданні Граноўскага, Талстога, Энгельгардта, Бергсана, бязбожна спісаныя і выкінутыя, калі меркаваць па штампах, бібліятэкай Інстытута педагогікі Міністэрства асветы БССР. На.гэты раз мой улоў быў крыху скрамней: усяго некалькі кніг з аўтографамі беларускіх пісьменнікаў. Хоць і падпісаныя даволі адказнаму таварышу, хай ужо лепей будуць у маіх зборах…
На парозе драўлянага, але абкладзенага цэглай сестрынога дома ў нос прыемна ўдарыў запах самаробнай смажанай каўбасы. «Знюхаў, нябось!» — сказалі мне на павітанне…
2.
Дарога ў чатыры кіламетры. Адкуль пачаўся Астравец? Пяцьсот гадоў гісторыі і крыху ўспамінаў. Барацьба на тры франты. З Мядзельскіх лясоў — на Астравеччыну. Хроніка пасляваеннага года. Каго ўзяць у космас?
Назаўтра раніцай рашыў не чакаць аўтобуса і ісці ў Астравец пешшу.
— Не ідзі, бо людзі засмяюць, — раіла сястра. — Скажуць, пяць капеек на аўтобус пашкадаваў. Цяпер у нас ніхто не ходзіць. Будуць гадзіну чакаць, а не пойдуць. Панства такое сабе развялі.
Але я не паслухаўся і, выбраўшыся з пасёлка, пайшоў па знаёмай з дзяцінства брукаванай дарозе. Вось паваротка на Палушы, дзе ў вайну гітлераўцы расстралялі цэлы табар цыган. Вось лагчына ў лесе, дзе ў сорак першым загінулі чатыры нашы воіны.
Па дарозе ў Астравец я скрупулёзна падлічваў усе машыны, якія праносіліся міма. Пасля вайны, бывала, ідзеш са школы — і хоць бы адна мільганула фарамі. У 1955 годзе ўжо можна было налічыць да дзесяці грузавікоў. Год з дзесяць назад ішлі мы разам са школьным сябрам Чаславам Мекіным і так, дзеля жарту, зафіксавалі сорак дзевяць. А сёння, узняўшыся на ўзгорак, адкуль раптам адкрываецца від на Астравец, аднатаваў сто трыццаць восьмую машыну — нейкую ні да чаго не падобную тэхнічную лабараторыю. І ўсё гэта вытрымлівае той жа даваенны ці можа нават дарэвалюцыйны брук. Калісьці гладзенькі, бо што яму фурманкі, цяпер ён, рабацяга, увесь у зморшчынах і калдобінах. Асфальту просіць.
Раней, стоячы на ўзгорку, там, дзе злева і справа старыя і новыя могілкі («горад мёртвых папярэднічае гораду жывых», — па-філасофску сказаў, пабываўшы тут, вядомы літаратуразнаўца Генадзь Кісялёў), можна было ўвесь Астравец абняць адным позіркам. Даўжэйшая цэнтральная вуліца і дзве меншыя вулачкі, забудаваныя аднапавярховымі драўлянымі хатамі. Стары трохпавярховы млын пад Лошай. Бляшаны комін лесапільні. Густыя прысады каля былога маёнтка, дзе ў XІX стагоддзі жылі Кастравіцкія і Жылінскія — тыя самыя, з якіх французскі паэт Гіём Апалінэр, беларускі празаік Карусь Каганец і Іосіф Жылінскі, што пачаў у XІX стагоддзі асушаць Палессе. Злева — магутны чатырохграннік касцёла, пабудаванага ў 1785 годзе ў стылі класіцызму і сапсаванага пазнейшымі пераробкамі. Асабліва прывабна выглядаў адсюль Астравец марозным ранкам, калі над кожным комінам застыгаў высокі лісіны хвост клубістага дыму.
Цяпер від з пагорка зусім змяніўся. На галоўнай, Ленінскай вуліцы з’явіліся двух- і трохпавярховыя мураванкі — жылыя дамы, магазіны, установы. Па дарозе на Бялькішкі вырас першы мікрараён. У цэлы гарадок разросся прамкамбінат. Замест халоднай драўлянай школы, больш падобнай на барак, — сучасны трохпавярховы будынак. З Каменкі ў Астравец перасялілася раённая бальніца. У былым банку адкрылася дзіцячая музычная школа. Пашыраюцца комплексы будаўніча-мантажнага ўпраўлення меліярацыі, міжкалгасбуда, станцыі абслугоўвання «Сельгастэхнікі». Пра такія арганізацыі дваццаць год назад і паміну не было. А кварталы дабротных прыватных дамоў цягнуцца за гарызонт — пад Кавалі, Ліпнішкі, Малі. Цяпер у Астраўцы не тры, а дваццаць тры вуліцы.
А ўвогуле Астравец цяпер нагадвае падлетка, які раптам, на пяцісотым годзе быцця, вырас са старой апраткі — і яна пачала разлазіцца па швах. Галоўная вуліца безнадзейна перакапана — ужо з год пракладваюць і ніяк не могуць пракласці першую водаправодную і каналізацыйную лініі. Машыны ездзяць па ўзбочынах, і густы пыл выбеліў лісце таполяў і ліп. Спушчаны і раскапаны маляўнічы стаў ля млына. Новыя мураваныя дамы выглядаюць з-за старых драўляных халуп. Мешаніна стыляў: ад пасляваеннага «барока» да «барака». Занадта многа слядоў правінцыяльнай неахайнасці — у безгустоўных шыльдах, коса пакладзеных тратуарах, невыразных стэндах нагляднай агітацыі. І толькі раённы вузел сувязі, куды штодзённа паступае каля дзвюх тысяч пісем і звыш сарака тысяч экземпляраў газет і часопісаў, выглядае сучасна, «фарсіць» першымі ў Астраўцы неонавымі літарамі. Што ж, падумалася, калі ў пяцьсот год нечакана да цябе прыходзіць другая маладосць і на старым драўляным месцы прарэзваюцца новыя, каменныя зубы, розныя выдаткі, відаць, непазбежныя. Выдаткі росту.
Павярнуўшы каля універмага направа, знаходжу гасцініцу і разам з іншымі кліентамі цярпліва чакаю, пакуль вернецца дзяжурная, якая, кажуць, даехала на «ровары» даіць карову. Потым высвятляецца, што месцаў няма, бо ў гасцініцы ўсяго дзесяць пакойчыкаў. Да таго ж сюды прыязджаюць на дзень, на два, ад сілы на тыдзень, а я хачу пасяліцца на месяц з гакам… Пачынаю весці перагаворы з работнікамі райкома партыі. Нарэшце свабодны ложак знаходзіцца. Мой сусед па пакою, мяркуючы па ўсяму, рэвізор, ляжыць у адзенні на ложку і, нібы дэтэктыў, чытае нейкую інструкцыю.
Пажадаўшы рэвізору поспеху, іду шукаць тое месца, адкуль пачынаўся Астравец. Недзе ж павінен быць «востраў» на Лошы. Хутчэй за ўсё, ён там, дзе калісьці быў панскі двор. Кіруюся на мост, што каля млына. Але моста ўжо няма. На яго месцы закладваюць новую плаціну. Паабапал ляжаць старыя, выцягнутыя з вялікай глыбіні дубовыя пáлі. Надрыўна вуркоча матор, што з катлавана пампуе і ніяк не можа выпампаваць грунтавыя воды. Хісткая кладка вядзе на той бераг — да прамкамбіната, цагельні і старых прысад. Па дрэвах мяркую: было шматвяковае «гняздоўе». Урэшце ля Лошы, там, дзе справа ў яе ўпадае вёрткая Кегна (ліхаманкава ўспамінаю сугучныя літоўскія словы: біцца, разлівацца, астравіна…), знаходжу правільнае чатырохвугольнае гарадзішча, парослае ў апошнія часы купамі дрэў. З двух бакоў — натуральны водны рубеж, з двух другіх — сляды абарончых канаў. Далей на поўдзень, кажуць, на два кіламетры раней цягнуліся валы, ірыгацыйныя збудаванні, групы курганоў. Наколькі я ўпэўніўся ў размовах з беларускімі археолагамі, астравецкае гарадзішча амаль невядома навуцы і ніколі спецыяльна не даследавалася, не раскопвалася. Хто тут жыў раней, у язычаскія часы? Балтыйскія ці славянскія плямёны?
Пісаную гісторыю Астраўца мы можам пачынаць толькі з першага яго ўпамінання ў дакументах — з 1474 года, калі кіеўскі ваявода Марцін Гашталд заснаваў тут драўляны касцёл і кляштар дамініканаў.
Далейшыя дзеі старадаўняга паселішча прасочваюцца з цяжкасцю. Шукаючы ў розных архівах і бібліятэках матэрыялы па гісторыі беларускай літаратуры, я адначасова па драбніцы збіраў і ўсё, што датычыцца Астраўца і Астравеччыны. Некаторыя са знойдзеных дакументаў маюць толькі мясцовую цікавасць. Другія ж звязаны са значнымі падзеямі ў краіне, праліваюць па іх нейкае дадатковае святло.
Пройдземся ж па нешматлікіх вехах сціплай гісторыі Астраўца.
1537 ГОД. Па прывілею польскага караля Сігізмунда Аўгуста Астравец пераходзіць да Станіслава Гашталда, навагрудскага, а потым віленскага ваяводы, першага мужа будучай каралевы Барбары.
1546 ГОД. Той жа кароль дае чарговаму ўладальніку Астраўца, Карыцкаму, права трымаць карчму.
1596 ГОД. Уладальнікі астравецкага маёнтка пішуць на старабеларускай мове «заяву» ашмянскім павятовым уладам, што з вёскі Кавалі «не ведома где зашил», г. зн. проста збег прыгонны пана Філіпа Браніцкага Ян Ошкел. Адшукаць непаслушнага селяніна, здаецца, не ўдалося.
КАНЕЦ XVІ – ПАЧАТАК XVІІ СТАГОДДЗЯЎ. Астравец пераходзіць з рук у рукі, як ігральная карта. У 1594 годзе яго прадаюць Унучку. Той праз два гады збывае маёнтак Рызгорскаму. У 1600 годзе гаспадаром Астраўца зноў становіцца Унучак, у 1608 — Алясніцкі, 1609 — Гарэцкі і Беліковіч. Урэшце Ян і Ганна Багушэвічы прадаюць «двор Астравец» нейкаму шляхціцу Падбіпенце за тысячу коп літоўскіх грошай.
1618 ГОД. Чарговы ўладальнік Астраўца, Ян Корсак, робіць такі завяшчальны запіс: «Паколькі я, знёсшы стары, пабудаваў у мястэчку маім Астраўцы новы каталіцкі касцёл і… дамініканаў там падзяліў грунтамі, а пэўнага фундушу ім да гэтага часу не даў, таму цяпер… гэтым тастамантам запісваю названаму астравецкаму кляштару свой уласны, куплены фальварак Палуш са ставам, прыгоннымі, ворнай зямлёй, сенажацямі, пушчай і ўсім, што толькі да яго належала, аддаляючы ўсіх крэўных і сваякоў маіх…, другі фальварак Новараны (цяпер Вавераны. — А. М.) …А паколькі цяпер 6 манахаў жыве і каб іх потым 12 было, то да гэтых 2 фальваркаў дабаўляю трэці фальварак Запрудзе (цяпер, мусіць, Прудзішча. — А. М.), адлучыўшы яго ад свайго маёнтка Ясева ў Ашмянскім павеце…»
1654 ГОД. Захавалася люстрацыя астравецкага двара. Пакой у ім быў белены, з кафлянай печкай і двума шклянымі вокнамі. Стаялі тут «стол сасновы, лавы дзве». Побач з домам узвышаліся «пякарня», два хлявы, гумно на восем тарпоў, свіран, пуня з жэрдак на сена. У хлявах люстратар налічыў пяцьдзесят чатыры галавы буйной рагатай жывёлы, сорак пяць авечак, шаснаццаць коз, трыццаць шэсць свіней. Прозвішчы тагачасных прыгонных сялян і сёння можна сустрэць паблізу Астраўца: Марцін Букель, Янук Кацінель, Марцін Ручка, Стасюк Янкойць…
1774 ГОД. У рукапісным аддзеле Цэнтральнай бібліятэкі АН Літоўскай ССР захавалася квітанцыя, якая сведчыць, што дваццаць чацвёртага лютага ўладальнік астравецкай карчмы ротмістр Сакалоўскі спаўна заплаціў сорак злотых чопавага падатку.
1818 ГОД. У люстрацыі мясцовага кляштара сказана, што астравецкім дамініканам тады належала трыццаць «дымоў», сто шэсць мужчынскіх прыгонных душ. Кожны мужчына і жанчына, не лічачы «гвалтаў» і талок, тры дні ў тыдзень хадзіў на пашнчыну. Штогод кляштар меў тысячу пяцьсот пяцьдзесят рублёў даходу, з іх дзвесце пяцьдзесят пяць рублёў з арэнды дзвюх корчмаў, тартака і млына.
1823 ГОД. Астравецкіх дамініканаў наведаў візітатар Фаустын Цяцерскі, асоба вельмі цікавая. У 1797 годзе ён узначаліў першую ў Беларусі і Літве змову супраць цара. За гэта Павел І саслаў яго ў Сібір на катаргу. Вярнуўшыся, Цяцерскі (дарэчы, брат беларускага пісьменніка Міхала Цяцерскага) апісаў сваё прабыванне на катарзе ў каларытных дзённіках, якія неаднаразова выдаваліся і ў нас, і за рубяжом. І вось Ф. Цяцерскі ў Астраўцы. Тое, што ён тут пабачыў, прывяло яго ў жах. У манастыры — распуста. «Манашаскім саслоўем, — запісаў у Астраўцы візітатар, — сёння свет пагарджае, ва ўнутраным жыцці яно не прытрымліваецца ніякіх межаў, выходзіць з паслушэнства, і таму над ім варта асабліва задумацца». Атмасфера ў манастыры крыху «нармалізавалася» толькі пасля таго, як з яго «збег» нейкі Якубоўскі. Не знайшоў Цяцерскі ніякай веры і ў панскіх маёнтках. Найбольш візітатара жахнула нядоля астравецкіх прыгонных сялян: беднае простанароддзе, піша ён, «абцяжарана працай, прыгнечана пагардай, пазбаўлена хлеба, жывёлы, пасеваў і надзеі, земляробы жывуць без эмоцый, нібы быдла, толькі даюць знаць, што існуюць. Вось дакладны малюнак чалавечай беднасці».
1858 ГОД. Вядомы археолаг Яўстафій Тышкевіч падрабязна апісаў астравецкі касцёл і кляштар у часопісе «Тэка віленьска». Ён адзначыў, што ў касцёле віселі два рэдкія званы з лацінскімі надпісамі; адзін адліты ў 1711 годзе ў Кенігсбергу Якубам Дортманам, а другі — у 1644 годзе ў Вільні Янам Брэнельтам. З помнікаў аўтара зацікавілі падгроб’і Андрэя Касакоўскага з 1681 г., Жылінскіх з 1838 г. і Кастравіцкіх з 1845 г. «Парафіяне з ніжэйшага класа, — прызнаваў Тышкевіч, — жывуць тут у вельмі бедным стане».
1905 ГОД. Жыхары Астраўца перасталі мірыцца з «бедным станам». І ў соннае мястэчка дакаціліся хвалі першай рускай рэвалюцыі. Чацвёртага снежня 1905 года пяцідзесяціпяцігадовы жыхар Астраўца Вінцэнт Феліксавіч Дубіцкі сарваў царскія сцягі, вывешаныя з нагоды імператарскага «цезаімянінства», звярнуўся да натоўпу сялян з заклікам: «Далоў сцягі, далоў урад, не трэба нам цара!» «Астравецкае таварыства», ад імя якога дзейнічаў Дубіцкі, мела адгалінаванні, было звязана з віленскімі рэвалюцыйнымі арганізацыямі. Пры вобыску ў рэдактара віленскага органа РСДРП «Социал-демократ» паліцыя знайшла гранкі артыкула астравецкага жыхара М. Цяркі. Не без уплыву «Астравецкага таварыства» ўзбунтаваліся сяляне ў Палушах. Многія рэвалюцыянеры, у тым ліку і Дубіцкі, трапілі ў турму.
1930 ГОД. Успыхнула забастоўка на цагельні паноў Сацанкаў. Узначальваў яе сын батрака, былы чырвонаармеец Вікенці Іосіфавіч Падаліс. Паны адмовіліся прыняць патрабаванні. Падаліс быў звольнены.
1933 ГОД. На другой астравецкай цагельні, што належала купцу Барану, рабочыя адмовіліся браць плату цэтлікамі, якія можна было атаварыць толькі ў краме таго ж Барана. На Першамайскае свята фармоўшчыкі і абпальшчыкі вывесілі чырвоныя сцягі. Мітынгавалі. Слухалі перадачы мінскага радыё. Кіраваў барацьбой той жа Падаліс.
ВЕРАСЕНЬ 1939 ГОДА. Астраўчане радасна віталі савецкую конніцу, кідалі кветкі на танкі. У мястэчку арганізаваўся атрад Рабочай гвардыі. Старшынёй валаснога сялянскага камітэта выбралі Падаліса. Яго ж астраўчане паслалі ў Беласток, дэлегатам Народнага сходу Заходняй Беларусі. Неўзабаве ўтварыўся Астравецкі раён.
Фашысцкая навала абарвала першыя крокі Савецкай улады на Астравеччыне.
…Для кожнага вайна пачыналася па-свойму. У паш дом яна ўварвалася чэрвеньскім ранкам выбухамі бомб, кінутых на станцыю Гудагай і чыгуначны мост праз Лошу. Ці не ў той жа дзень у нас з’явіліся новыя людзі: жонка камандзіра Чырвонай Арміі Вера Міхайлаўна Барчукова з дачкой Маяй і трамбаніст Герман з беларускага опернага тэатра. Яны ўцякалі з Вільнюса па Чорнаму тракту на ўсход, але іхняя машына сапсавалася, і бацька прывёў іх, разгубленых, пажыць, пакуль нешта ўсталюецца. Памятаю страх, з якім глядзелі старэйшыя на Маю, калі яна ўсаджвалася ля немцаў, што дзёрлі на панадворку пер’е з курэй, і бесклапотна напявала: «Широка страна моя родная…» Па вёсцы пайшлі чуткі, што ў нас хаваюцца «камісары». Тады бацька папрасіў Германа выйсці на ганак і на ўсякі выпадак пратрамбоніць хаця б з пару мінут. Так нашы Расолы ўпершыню далучыліся да класічнай музыкі… Потым, ужо студэнтам, я адшукаў у Мінску абедзве сям’і.
Дзейнічаючы па прынцыпу «Раздзяляй і пануй», гітлераўцы прырэзалі Астравеччыну, населеную пераважна беларусамі, да генеральнай акругі «Літва». З воласці, з Шумска, прыходзілі на нямецкай і літоўскай мовах абвесткі, якія загадвалі плаціць розныя падаткі — нават за комін, нават за сабаку, здаваць збожжа і сала, валёнкі і кажухі. З Шумска ж прыязджалі з вобыскамі паліцаі, паролі штыкамі кожны куль саломы ў тарпе. Сёння дзіву даюся, як яны не апорвалі нашых прымітыўных схованак: на збожжа — паміж шафай і забітымі дзвярыма, на сала — за шуфлядамі камода. Немцы, што ахоўвалі мост праз Лошу, тыя не спускаліся да вобыскаў, а толькі камандавалі: прынясі яек, прынясі самагонкі. Аднойчы, помніцца, добра нажлукціўшыся, пачалі шастаць па хаце. Мы, купка вясковых дзяцей, схаваліся на печ, за комін. А яны прыкмецілі на этажэрцы гіпсавага Шапэна, адзіную рэч, якая ў нас стаяла «проста для красы». Тоўсты немец пагразіў Шапэну пальцам: «Но-но, юдэ!» А другі, крывы, разнёс яго на кавалкі куляй з пісталета. Мы заёрзалі ад страху па ночы. І тут немцы з рогатам: «Партызанэн, партызанэн!» пачалі пуляць у наш бок, у комін. Пасля гэтага мы доўга ўзрываліся ноччу спрасоння і нешта гаварылі. Другі раз п’яны фольксдойч Пралеўскі, які да гэтага прыкідваўся зацюканым лесніком, наладзіў на пацеху немцам кашэчы бой: узяў старога ката ў адну руку, маладога — у другую і пачаў сціскаць ім хрыбетнікі. Ашалелыя ад болю каты сталі выдзіраць адзін аднаму вочы. Потым некуды сышлі з дому. Зрэшты, за Шапэна і за катоў — як мне здавалася — я адпомсціў праз тыдзень-другі. Пайшлі мы ў Астравец у госці да швагравага брата, а там пад канец застолля ўварваліся п’яныя немцы. Адзін рассеўся на канапе і пачаў лапаць незнаёмую маладзіцу. Аднекуль знайшлася мышалоўка, і я паціху падсунуў яе да кароценькіх пальцаў няпрошанага госця. Шчоўкнула спружына — і тут жа пачуўся роў. Насілу гаспадар пераканаў немцаў, што мышалоўка валялася на канапе і да іх прыходу.
Былі і рэчы больш сур’ёзныя. Уся вёска па чарзе хавала яўрэйку-краўчыху. З-за гэтага бацьку і яшчэ некалькі чалавек потым выклікалі ў воласць. Вярнуўся бацька з сінякамі і з тыдзень адлежваўся. Потым мне ўдалося выцікаваць, што швагер хавае ў падпечку чыстыя бланкі аўсвайсаў, прынесеныя з Астраўца. Толькі пасля вайны, калі прыходзілі з удзячнасцю людзі, высветлілася, што бланкі ішлі акружэнцам і «бяспашпартным» актывістам.
Тады ж я зразумеў, што немцы бываюць розныя. У нашы Расолы неяк заблудзіў хлопец гадоў чатырнаццаці па імю Ёган. Яго лавілі ў Гудагаі і яшчэ недзе. На мігі ён мне паказваў, што яго хацелі «пах-пах» і што яго маці дужа дрэнна. Каталіся мы з ім на самаробных санках. А потым ён, пабачыўшы, што бацька запрагае каня, каб ехаць на станцыю па вапну, падумаў, што яго хочуць выдаць немцам, і паціху падаўся, колькі я ні клікаў яго, у лес, некуды ў бок Вільнюса. Назаўтра ў вёсцы казалі, што ля Шумска яго злавілі і што шукаў ён дзесьці ў Мінску магілу расстралянага бацькі-антыфашыста.
Час тады быў пануры. Вечарынкі ў вёсцы гуляліся рэдка і чамусьці заканчваліся заўсёды бойкай — на нажы або калы. Песні спявалі сумныя, слязлівыя: «Сухая ляшчына на Барніхі лесе», «Пасею гурочкі», «На позицию девушка», «Ям здрадзона всьруд мілосьці». Нядаўна прагледзеў тэксты, запісаныя тады ад вясковай пяюхі Любы Урлік. Пераважаюць «жорсткія» турэмныя рамансы тыпу:
Усе бутылкі шавяляцца, Усе стаканы гавараць, Усе людзі весяляцца — Млада Ядзя ў турме…Нецікава ішло таксама наша дзіцячае жыццё. Школ не было. На нейкі месяц прыехаў з Шумска настаўнік-літовец, пераканаўся, што па-літоўску мы ведаем дзесятае праз дваццатае, і вярнуўся назад. Крыху хадзілі на прыватныя ўрокі ў Сяржанты, да пані Эйніковай. Але яна нас прымушала зубрыць вершыкі тыпу «Кто ты естось» і патрабавала бездакорных манер, якія нам і не сніліся. Прыйшлося зноў перайсці на самаадукацыю — у суседзяў з даваенных школьных бібліятэк засталіся сякія-такія кнігі. Пачалі пазычаць, выменьваць, купляць.
Урэшце з Яўгенам і Мар’янам Мальдзісамі арганізавалі ўласную бібліятэчку ў шэсцьдзесят кніг. Быў там том Горкага, «Ганна Карэніна» ў польскім перакладзе, польскі ж пераклад Янкі Маўра, прыгодніцкія аповесці пра індзейцаў. За карыстанне бібліятэкай увялі невялікую плату — рубель у месяц (цікава, што на маркі тады ў нас ніхто не лічыў; эквівалентам па-ранейшаму быў рубель або пуд збожжа). На сабраныя грошы куплялі ў вільнюскіх антыкварнікаў новыя кнігі, а Яўген, цяпер адзін з вядучых мастакоў-графікаў Познані, выразаў з гумы бібліятэчны штэмпель, які і сёння захоўваецца ў маім пісьмовым стале. Спрабавалі мы арганізаваць і нешта накшталт канцэрта: развучылі казку, вершы Міцкевіча, выпрасілі хату, але якраз у Расолы, на імяніны да адной старой панны, прыйшлі з моста немцы, пабачылі самаробную афішу і строга загадалі: аніякіх зборышчаў. Паціху ад бацькоў, хоць яшчэ і бязмэтна, пачалі назапашваць абрэзы, рассыпны порах. Па нядзелях, прыгнаўшы на абед каровы, праводзілі на сенажаці муштры з драўлянымі вінтоўкамі. Жаданне нешта рабіць было. Толькі пеставала старэйшага чалавека, які б намі пакіраваў.
І ўвесь гэты час Расолы жылі надзеяй на вызваленне, прагна лавілі кожную вестку з фронту, радаваліся кожнай удачнай партызанскай дыверсіі. У дзіцячым дзённіку, пісаным хімічным алоўкам у польскіх яшчэ сшытках, захаваліся такія запісы: «25.І.43. Знайшоў некалькі савецкіх лістовак. Пад Сталінградам перамагаюць нашы». «5.ІІ.43. Немцы аб’явілі жалобу, бо пацярпелі паражэнне пад Сталінградам. Пэўна, ім скора каюк». «13.ІІ.43. Баючыся партызан, немцы загадалі людзям высякаць лясы каля каляі. Цяпер цывільным можна ехаць у Вільню толькі на гружаных пяском платформах. Іх гоняць па дзве перад паравозам». «28.V.44. У Расолах з’явіліся першыя савецкія партызаны. Зайшлі да Яначкі Грамашэўскага і далікатна папрасілі пад’есці». «26.VІ.44. На ўсходзе ўвесь час грымяць узрывы». «29.VІ.44. Партызаны штурмам узялі Гервяты». «3.VІІ.44. Гарыць Гудагай, Астравец. Уздоўж усёй каляі стаяць нямецкія эшалоны, бо недзе за Вільняй узарваны тунель». «4.VІІ.44. Відзеў ужо трох саветаў». «5.VІІ.44. Немцы з маста абстрэльвалі партызан, якія ў розных месцах узарвалі каляю і адрэзалі дарогу паяздам. Снарадам у Сяржантах забіла Казлоўскіх — дачку і зяця пані Эйніковай. Шкада іх: зусім і не паны, ненавідзелі немцаў, а Казлоўскі любіў напяваць пад нос «Марсельезу». «6.VІІ.44. Вечарам у Рудніку і іншых лясках каля Расолаў сталі на начлег часці Чырвонай Арміі».
Перачытваючы гэтыя напаўсцёртыя запісы, падумаў, што партызаны ў нашых ваколіцах дзейнічалі значна менш, чым, скажам, на Мядзельшчыне ці Ушаччыне. Першае іх з’яўленне ў Расолах адносіцца толькі да 1944 года. Чаму? Відаць, таму, што, па-першае, блізка праходзіла чыгунка, а дзе чыгунка, там і гарнізоны, узмоцненая ахова, ды і да Вільнюса — рукой падаць, нейкіх 35 кіламетраў. Па-другое, у наваколлі не было вялікіх лясоў, пушчаў. Немалаважнай таксама акалічнасцю было, што Астравеччыну прырэзалі да акругі «Літва». У мястэчках паўсюль кватараваліся гарнізоны літоўскіх паліцэйскіх. Моцны ўплыў мела тут і польскае нацыяналістычнае падполле. Атрады Арміі Краёвай на чале з Кміціцам і Лапашкай дзейнічалі ля Міхалішак і Кямелішак. «Акаўцы» марадзёрнічалі пад маркай савецкіх партызан, арганізавалі напады на іх у Супранентах і Каранятах. Вось чаму нашым мсціўцам прыходзілася тут змагацца літаральна на тры франты: не’толькі супраць немцаў, але і супраць літоўскіх і польскіх нацыяналістаў.
І ўсё ж нашы партызаны на Астравеччыне дзейнічалі! Асабліва ў яе паўночнай, больш лясістай частцы. У гэтым я пераканаўся, вывучаючы ў партархіве Інстытута гісторыі партыі пры ЦК КПБ справы партызанскіх брыгад, якія дыслацыраваліся ў былой Вілейскай вобласці. Аказваецца, весткі аб многіх падзеях ці то не даходзілі да Расолаў, ці то прайшлі міма дзіцячай увагі.
Першымі на Астравеччыне пачалі дзейнічаць атрады партызанскай брыгады імя Варашылава, якой камандаваў Фёдар Рыгоравіч Маркаў, потым Герой Савецкага Саюза. Ледзь не першым баявым хрышчэннем аб’яднаных груп Ф. Р. Маркава і С. А. Пранько ў складзе каля дваццаці чалавек была ліквідацыя паліцэйскага гарнізона ў Клюшчанах, праведзеная 25 жніўня 1942 года.
У сшытку «З гісторыі І-й Вілейскай партызанскай брыгады імя Варашылава», які захоўваецца ў партархіве, клюшчанская аперацыя апісана з каларытнымі дэталямі. Першапачаткова партызаны, гаворыцца ў гэтым рукапісу, заляглі ў Рудні, у трох кіламетрах ад Клюшчан. Адзін нявопытны хлопец выпадкам параніў там Маркава ў руку, і гэта ледзь не сарвала аперацыю. Але камандзір усё ж перамог боль і загадаў правесці штурм у ноч з нядзелі на панядзелак, калі паліцаі, хутчэй за ўсё, будуць п’яныя. Папярэдне была перарэзана тэлефонная сувязь з Кямелішкамі і Лынтупамі. У разведку пайшлі двое — Вася Чорны (Фірсаў) і Харытон Балюцкі. Звесткі, прынесеныя імі, не супадалі: Чорны казаў, што ўсе спяць і вартавога няма, Балюцкаму ж здалося, нібы ён чуў бразгат зброі. Маркаў рашыў акружыць паліцэйскі пастарунак з розных бакоў, некалькімі разрозненымі групамі. Урэшце замаячыў у цемры і сам двухпавярховы будынак. Партызаны заляглі паўкругам. Спачатку меркавалася кінуць у вокны на гранаце, але аказалася, што знутры вокны застаўлены дошкамі. Тады рашылі падпаліць дом. Маркаў загадаў Адольфу Буцько насіць дровы і складваць іх уздоўж сцен. Іншыя кінуліся за саломай. Буцько паднёс да саломы запалку. Праз колькі мінут занялася полымем сцяна.
І тут з дзвярэй прыстройкі нечакана выбегла зусім голая жанчына. Пачуўся лямант: «Не чапайце мяне!» Партызаны крыху разгубіліся: а можа, пастарунак у іншым месцы?!
— Дзе паліцаі? — спыталі яны шэптам.
Жанчына сказала, што паліцыянты на другім паверсе і што іх чалавек з дваццаць. Сама ж яна прыбіральшчыца. Жанчыне даюць накінуць на сябе нейкую адзежыну і адпускаюць у цемру. Праходзіць яшчэ некалькі мінут. Раптам з будынка чуецца голас: «Палаўк!» Па-літоўску гэта азначае: «Пачакай!»
— Ды хрэна ты там уседзіш пад лаўкай! — іранічна кідае Міхал Беспаленаў, абыгрываючы гучанне літоўскага слова.
— Залп! — коратка камандуе Маркаў.
У будынку пачалася. паніка. Праз агонь з акна выскачыў высокі паліцэйскі. За ім другі, трэці. Яны спрабуюць уцячы. Але Пранько страляе з аўтамата, Фірсаў і Кудрашоў — з вінтовак. Ворагі пачынаюць выскакваць з другога акна. У іх цэліцца Асяненка — той самы Васіль Мікалаевіч Асяненка, які тады быў намеснікам па разведцы камандзіра партызанскага атрада імя Суворава, потым стаў старшынёй Астравецкага райвыканкома, а пазней, будучы ў Глыбоцкім раёне, атрымаў за высокія ўраджаі званне Героя Сацыялістычнай Працы.
Урэшце выскачыў з вінтоўкай і сам камендант. Яго дагнаў Міхал Беспаленаў і агрэў прыкладам. Камендант учапіўся ў партызана. Прыйшлося ворага дабіць.
Такім чынам, гаворыцца ў летапіснай гісторыі брыгады імя Варашылава, ад куль і агню ў Клюшчанах загінула васемнаццаць паліцаяў. І толькі тром удалося знікнуць. Услед за пастарункам партызаны падпалілі валасную ўправу. Мясцовае насельніцтва з радасцю глядзела на гэты «фейерверк».
Наступныя баявыя дзеянні брыгады імя Варашылава на Астравеччыне адносяцца да лета 1943 года. У «Журнале» атрада імя Пархоменкі адзінаццатага чэрвеня 1943 года зроблены такі запіс: «Бародзіч з узводам байцоў спаліў драўляны мост каля Міхалішак на шасейнай дарозе Вільня–Полацк. У баі забіта восем чалавек паліцаяў». Асабліва актыўна дзейнічаў атрад імя Аляксандра Неўскага, створаны на тэрыторыі Астравеччыны вясной 1943 г. на базе дыверсійнай групы М. В. Сцяпанава. Начальнікам штаба гэтага атрада быў С. А. Варламаў. На рахунку атрада — спаленыя кардонная фабрыка ў Альхоўцы, спіртзавод у Палянах, разгромленая малачарня ў Стрыпішках. Трыццатага жніўня партызаны пад камандаваннем Варламава ўзарвалі маслазавод у Кямелішках. Памагаў ім мясцовы сувязны — паляк Стась. Маслазавод знаходзіўся ўсяго ў дваццаці метрах ад будынка, дзе размяшчаўся гарнізон у трыццаць чалавек. Пасля выбуху партызан абстралялі, але яны без страт здолелі адысці ў лес. Немцы, што прыбылі неўзабаве на сямі машынах, у час аблавы ўжо нікога не знайшлі. А літоўскія паліцаі, баючыся, што іх пакараюць, на наступны дзень захапілі зброю і зніклі ў невядомым кірунку.
Некалькі атрадаў брыгады імя Варашылава пабывалі на Астравеччыне восенню 1943 года. Вяртаючыся з Пабрадскага раёна, група пад камандаваннем Сердзюкова з атрада імя Суворава дванаццатага кастрычніка замініравала каля Міхалішак Полацкі тракт. На міне падарвалася машына. Дваццаць другога кастрычніка група Трункова з атрада імя Пархоменкі абстраляла пастарунак у Жукойнях-Жалядскіх. «У выніку абстрэлу, — гаворыцца ў данясенні, — забіты тры і ранены пяць паліцэйскіх, астатнія разбегліся». Дваццаць шостага кастрычніка група Молчана з таго ж атрада «спаліла дзяржаўны маёнтак Свіранкі, узяла некалькі тон хлеба». Атрад «Знішчальпік» пранік у раён Варнян. Дваццаць сёмага кастрычніка ім «на шасэ Астравец-Варняны была знішчана сувязь на адлегласці аднаго кіламетра».
З дваццатага лютага па чацвёртага сакавіка 1944 года некалькі атрадаў брыгады зрабілі аб’яднаны рэйд у бок Вільнюса. Шлях ляжаў праз Супраненты, Жукойні, Кямелішкі, Быстрыцу. На маршы партызаны правялі шэсць баёў. У ноч на другога сакавіка аб’яднаныя сілы трох атрадаў штурмавалі варожы гарнізон у Кямелішках. Захаваліся падрабязныя данясенні аб ходзе аперацыі і нават размаляваная ад рукі карта баявых дзеянняў. З карты відаць, што наступленне вялося з трох бакоў: з поўначы — ад вёскі Вердзялішкі, захаду — ад Хмялян і паўднёвага захаду — ад Загорышак. Пакінуўшы засады на дарогах Міхалішкі–Кямелішкі і Карколішкі–Кямелішкі, партызаны падышлі да мястэчка і пачалі яго атакаваць. Бой працягваўся тры гадзіны. Як сказана ў рапарце, атрады штурмам авалодалі паўднёва-заходняй часткай апорнага пункта праціўніка, занялі два дзоты і акружылі казармы. Але выбіць ворага з казармаў не ўдалося. У аперацыі было забіта дзесяць ворагаў і ранена сем, спалены валасная ўправа, магазін, лесакантора і малачарня. Дасталіся і трафеі — адзін ручны кулямёт і тры вінтоўкі.
У лютаўска-сакавіцкім рэйдзе па Астравеччыне побач з беларусамі, рускімі, прадстаўнікамі іншых народаў удзельнічалі таксама літоўскія партызаны. Намеснік старшыні Прэзідыума Вярхоўнага Савета Літоўскай ССР Іонас Вільджунас, вядомы сярод падпольшчыкаў пад імем Івана Іванавіча, у кніжцы «Барацьба без перадышкі», выдадзенай у 1971 годзе на літоўскай мове ў Вільнюсе, піша, што праз Кямелішкі часта ішоў шлях у Вільнюс разведгрупы на чале з Вілюцісам, якая ўваходзіла ў атрад Свірына. Вілюціс ведаў гэтыя мясціны як свае пяць пальцаў. І тым не менш адзін з такіх маршаў праз Кямелішкі закончыўся трагічна.
…Неяк у партызанскую брыгаду імя Варашылава прыбыла маладая літоўская партызанка Соф’я Гарадзецкітэ. Дачка каўнаскага адваката, яна дасканала ведала некалькі моў і стала ў Маркава перакладчыцай. Потым рашылі выкарыстаць яе як разведчыцу і паслаць у той жа Каўнас. Да Вільнюса Соф’ю суправаджала група Вілюціса. І вось лютаўскім днём народныя мсціўцы размясціліся на пастой у ваколіцах Кямелішак. Мясцовыя сяляне сказалі Вілюцісу, што з ім хоча спаткацца лейтэнант з літоўскай «самааховы», якая абараняе кямелішскі гарнізон. Вілюціс ведаў лейтэнанта, бо той некалькі разоў перадаваў разведчыкам каштоўныя звесткі. Праз пару гадзін сустрэча адбылася. Прыйшоўшы ў вызначанае месца разам з некалькімі паліцаямі, лейтэнант сказаў, што кямелішскі гарнізон не хоча больш служыць акупантам. Але літоўцы баяцца, што немцы палічаць іх дэзерцірамі і вывезуць у Германію іх сем’і. Таму няхай група Вілюціса інсцэнізуе напад на Кямелішкі і «абяззброіць» іх. Уся зброя ноччу будзе сабрана ў адно месца, так што партызанам аперацыя нічым не пагражае. Вілюціс згадзіўся.
І вось каля адзінаццаці гадзін ночы партызаны ўвайшлі ў Кямелішкі, зайшлі ў прызначаны дом і пачалі чакаць лейтэнанта. Раптам на двары пачулася польская гаворка. Перасцерагальна крыкнуў нешта літоўскі лейтэнант. І — раздаліся стрэлы. Партызаны зразумелі, што трапілі ў засаду, і спрабавалі ўцячы. Але ўжо было позна. Вілюціса і Гарадзецкітэ ля парога дома польскія нацыяналісты збілі з ног, звязалі іх і назаўтра расстралялі.
Што ж адбылося ў Кямелішках? Даведаўшыся праз дзень аб правале, Свірын, натуральна, падумаў, што літоўскі лейтэнант быў звычайным правакатарам. Але потым высветлілася, што ўсё было значна складаней. Пасля сустрэчы з Вілюцісам, ідучы назад у Кямелішкі, лейтэнант і яго людзі наткнуліся на польскіх нацыяналістаў і былі абяззброены. Адзін з паліцаяў лісліва прызнаўся «акаўцам», куды і чаго яны хадзілі. На гэта палякі сказалі: навошта вам, каб вас абяззбройвалі «чырвоныя»? З такім жа поспехам гэта можам зрабіць і мы! Выпытаўшы месца сустрэчы, «акаўцы» рашылі звесці рахункі з савецкімі партызанамі. Лейтэнанту не ўдалося своечасова папярэдзіць Вілюціса аб небяспецы.
Урэшце, у капцы чэрвеня 1944 года на тэрыторыі Астравеччыны пачала дзейнічаць брыгада імя ЦК КП(б)Б, якая і вызваліла Астравец яшчэ да прыходу Чырвонай Арміі. Сфарміравалася гэта брыгада ў сакавіку 1943 года ва Ушацкім раёне. Потым перадыслацыравалася на Вілейшчыну, распачала «рэйкавую вайну». У маі 1944 года, калі брыгада размяшчалася ля возера Нарач, прыйшоў загад Вілейскага падпольнага абкома партыі перамясціцца на Астравеччыну. Тады ж з ліку лепшых партызан утварыліся Астравецкі падпольны райком партыі і райком камсамола. Першым сакратаром райкома партыі стаў Фёдар Іванавіч Ларыёнаў. Ураджэнец Крыўска Уваравіцкага раёна Гомельскай вобласці, ён арганізаваў у роднай вёсцы калгас, узначальваў яго, а затым, у вайну, быў закінуты ў варожы тыл. Цяпер пенсіянер, жыве ў Глыбокім. Другім сакратаром выбралі камісара брыгады Уладзіміра Пятровіча Шчуцкага (цяпер педагог у Вілейцы). Сакратаром райкома камсамола быў вылучаны Васіль Мяфодзьевіч Пелюхаў. Педагог па адукацыі, ён узначальваў палітычнае кіраўніцтва ў першай роце атрада імя Суворава. Пелюхаў адзін вытрымаў няроўны бой з фашыстамі, якія ішлі спаліць вёску Калодзіна на Мядзельшчыне. Пасля вайны працаваў на Астравеччыне дырэктарам Валэйкішскай і Гервяцкай школ. Недарэчна загінуў у аўтамабільнай катастрофе ў 1969 годзе.
Членам бюро падпольнага Астравецкага райкома партыі быў ураджэнец Магілёўшчыны, выпускнік Гомельскага лесатэхнічнага інстытута Фёдар Мікалаевіч Івендзікаў. Перайшоўшы паўночней Віцебска лінію фронту, ён разам з групай М. З. Умінскага ўліўся ў брыгаду імя ЦК КП(б)Б, стаў камісарам атрада імя Пархоменкі.
…Памятаецца, Фёдар Мікалаевіч Івендзікаў першым прывёз у Расолы доўгачаканую вестку пра Перамогу. Прымчаўся ён надвячоркам на ўспацелым кані. Прывязаўшы яго да жэрдкі, паправіў шырокі вайсковы рэмень, на хаду спытаў, дзе бацька, і пайшоў у кусты, дзе з лазні, ад напаленых камянёў, ішоў дымок. Зразумела ж, мы пашыбавалі за ім.
— Кідай, стары, паліць у лазні! — загадаў ён бацьку. — Перамога! Чуеш, стары, мір падпісаны! Трэба хутчэй сабраць людзей. Хай усе ведаюць, усе радуюцца!
— Я мігам, Фёдар Мікалаевіч, мігам!
Праз якую гадзіну ў хаце было паўнютка. Прыйшоў нават Верамей, які на сходы не хадзіў ніколі. Усе ўважліва слухалі, што казаў ім «райкомаўскі начальнік». Пра тое, які нялёгкі быў шлях да Перамогі і колькі ахвяр ён патрабаваў. Пра тое, што нарэшце наступіў мір і трэба будаваць новае, мірнае жыццё. Доўга гаварылі ў той вечар, пасеўшы на лавы і ложкі. Ну і чарка «кустоўкі» знайшлася, вядома. Дзіцячая памяць захавала прозвішча чалавека, які без сядла прыехаў на чорным кані, — Івендзікаў.
А потым, гартаючы ў 1967 годзе кніжку І. Клімава і Н. Гракава «Партизаны Вилейщины», я зноў натрапіў на тое ж прозвішча. У кнізе прыводзіўся склад Астравецкага падпольнага райкома партыі: Ларыёнаў Ф. І. — сакратар, Шчуцкі У. П., Івендзікаў (без ініцыялаў) — члены бюро.
— Ці не той самы гэта Івендзікаў? — мільганула думка.
А яшчэ праз пару год, пасля аднаго майго артыкула ў «Советской Белоруссии», на кватэры раздаўся тэлефонны званок:
— Скажыце, а вы часамі родам не з Астравецкага раёна? Дужа рэдкае прозвішча, сустракаецца толькі там…
Аказалася, што Фёдар Мікалаевіч Івендзікаў цяпер старшыня Рэспубліканскага камітэта прафсаюза работнікаў лясной, папяровай і дрэваапрацоўчай прамысловасці, што жывём мы ў суседніх дамах і, безумоўна, не раз сустракаліся, хоць і не пазнавалі адзін аднаго. З таго часу пачалі вітацца. Усё дамаўляліся аб сустрэчы, але па-сапраўднаму сустрэліся і ўволю пагаварылі толькі напярэдадні 30-годдзя вызвалення Беларусі. Прыйшоў Фёдар Мікалаевіч стомлены цяжкім днём, але калі гаворка пайшла пра падзеі вайны, у ягоных светла-сініх вачах зноў успыхнулі іскрынкі бадзёрасці. Нібы побач сядзеў не паўнаваты чалавек з акуратным праборам сівых валасоў, а той няўрымслівы мужчына, амаль юнак, падпяразаны шырокім скураным рамянём.
Расказвае Фёдар Мікалаевіч Івендзікаў:
— Гэта было дзесьці дваццатага мая. Партызанская брыгада імя ЦК КП(б)Б толькі што з цяжкасцю выйшла з акружэння ў Докшыцкім раёне і размясцілася на Мядзелыпчыне. Наш атрад знаходзіўся ў вёсцы Рудзічы, іншыя атрады — у Сватках і Пількаўшчыне, адкуль родам Максім Танк. Дарэчы, камандзірам атрада імя Жукава быў у нас Браніслаў Андрэевіч Жук, які цяпер жыве на Астравеччыне. Астравецкі райком стварыўся па рашэнню Вілейскага абкома. На пасяджэнні бюро збіраліся мы амаль кожны дзень: прымалі ў партыю людзей, абмяркоўвалі сітуацыю і настроі мясцовых жыхароў, заслухоўвалі сваіх разведчыкаў, што вярталіся з Астравецкага раёна. У канцы чэрвеня на партыйным сходзе стаяла пытанне аб разгроме фашысцкіх гарнізонаў у Астраўцы і Гудагаі. Брыгада тады лічыла больш трохсот трыццаці чалавек, з іх дзесяць членаў партыі, восемдзесят тры камсамольцы.
На Астравеччыну перамясціліся мы прыкладна праз месяц — у канцы чэрвеня. Фарсіраваўшы Вілію і Ашмянку, дабраліся да Якентан. Некалькі дзён правялі ў лясах. Урэшце рашылі штурмам узяць Астравец. Трэцяга ліпеня выйшлі да вёскі Бялькішкі. Тут, у лагчыне, у густым альшэўніку, у нас быў «разварот». Адзін атрад скіраваўся направа, на варнянскую дарогу. Другі — налева, прыкладна да цяперашняга райпрамкамбіната. Атрад жа, у якім быў я, пайшоў прама па жыце на Астравец. Раптам у мястэчку раздаўся не то стрэл, не то выбух. Відаць, немцы нешта ўзарвалі. Можа, склад з боепрыпасамі. І адразу пачаўся пажар. Гэта важна падкрэсліць. Потым пайшлі чуткі, што Астравец падпалілі партызаны. Але ж нам не было ніякага сэнсу гэта рабіць. Наадварот, мы далі каманду, каб ніхто не страляў запальнымі кулямі. Пажар пачаўся яшчэ да нашых першых залпаў.
На жаль, групе аўтаматчыкаў, якую мы скіравалі ў абход, не ўдалося перарэзаць дарогу Астравец–Гудагай. Перашкодзіла рака, балоты. Таму каля дзевяноста гітлераўцаў з астравецкага гарнізона прарваліся ў Гудагай. Адтуль нас абстралялі з гарматы. Але мястэчка было ўжо наша. У Астраўцы мы ўзялі добрыя трафеі: шэсць кулямётаў, сорак вінтовак, аўтамашыну, два матацыклы, два склады з харчамі, дзвесце галоў жывёлы, якую тут жа вярнулі насельніцтву. У цэлым жа на Астравеччыне мы выратавалі і перадалі Савецкай уладзе дванаццаць млыноў, дзве цагельні, лесапільню, дзве электрастанцыі, чатыры трактары, два лакамабілі.
Назаўтра раніцай наша баявая дарога павяла з Астраўца на Гудагай. Вораг супраціўляўся тут мінут трыццаць — сорак. Але пасля дзвюх атак мы перарэзалі чыгунку з боку вёскі Палушы, падпалілі казармы. І тады рэшткі фашыстаў, чалавек з дзесяць, уцяклі па збажыне на Табарышкі. На станцыі і паблізу яе мы захапілі чатыры эшалоны праціўніка з розным ваенным грузам. На пошце аказалася многа нямецкіх пасылак з прадуктамі — акупанты адпраўлялі дамоў беларускае сала і каўбасу. А ў мястэчку Гудагай, за чатыры кіламетры ад станцыі, узялі склад з абмундзіраваннем і пасцеллю. Гэта было нам надта на руку, бо ў паходах мы паабнасіліся. Самы ж галоўны вынік гудагайскай аперацыі ў тым, што мы ў двух месцах перарэзалі чыгунку з Маладзечна на Вільнюс. На перагоне Солы–Гудагай і далей, на Шумск, узарвалі каля двухсот рэек. І таму за некалькі дзён на захад не прарваўся ніводны нямецкі эшалон. А ў Смаргоні ж іх сабралася нямала…
Такім чынам, яшчэ да прыходу рэгулярных часцей нашай Арміі ў Астраўцы, Гудагаі, Варнянах і іншых вёсках устанавілася Савецкая ўлада. Дарэчы, райцэнтраў, вызваленых партызанамі, не так і многа: Карэлічы, Узда, Капыль, з былых — Любча, Старобін, Свір. Вось, здаецца, і ўсё. Пасля вызвалення штаб нашай брыгады і разведчыкі размясціліся ў вёсцы Кавалі, першы атрад пад камандаваннем Крэмса — на станцыі Гудагай і ў Табарышках, другі — у Астраўцы, трэці — у Гервятах, чацвёрты і пяты — у Варнянах і Дравяніках. Пачалі рамантаваць масты, лавіць па лясах немцаў, літоўскіх паліцаяў і польскіх легіянераў. Бюро райкома партыі збіралася тады кожны дзень. Абмяркоўвалі данясенні разведчыкаў, якія хадзілі ў бок Вільнюса. Хачу сказаць, што мясцовае насельніцтва вітала нас вельмі цёпла. Усе запрашалі ў хаты, частавалі. Я і цяпер з удзячнасцю ўспамінаю Браніслава Кацінеля, у доме якога я тады жыў…
У Астраўцы ж наша брыгада злучылася з Чырвонай Арміяй. Да яе прыходу жыхары мястэчка падмялі вуліцы, вывесілі чырвоныя сцягі. Здаецца, шостага ліпеня ў Якентанах нашы разведчыкі спаткаліся з разведчыкамі 144-й стралковай дывізіі Трэцяга Беларускага фронту. Было іх семнаццаць чалавек, у тым ліку трое конных. Усе яны прыбылі ў Астравец. Мы іх шчодра пачаставалі, пешым далі коней — і паехалі яны далей, на Палушы. А к вечару пайшлі рэгулярныя часці. Воінамі і баявой тэхнікай былі запруджаны літаральна ўсе дарогі — з Варнян, Якентан, Дзягенева. Усё гэта рухалася на Шумск і Вільнюс — далей на захад.
Пасля злучэння з Чырвонай Арміяй брыгада імя ЦК КП(б)Б была расфарміравана. Большасць партызан пайшлі дабіваць ворага. Некаторыя засталіся на Астравеччыне, каб стаць на чале розных участкаў партыйнага і савецкага жыцця. Фёдар Мікалаевіч Івендзікаў загадваў агульным аддзелам райкома партыі. Першым яго сакратаром з месяц заставаўся Фёдар Іванавіч Ларыёнаў, якога потым накіравалі старшынёй райвыканкома ў Шаркаўшчыну, а на яго месца прыбыў Іван Васільевіч Мацюшаў. Удзельнік вызвалення Астраўца Сямён Мацвеевіч Місуноў паехаў адбудоўваць Мінск, стаў машыністам бульдозера, а ў 1958 годзе атрымаў Героя Сацыялістычнай Працы; у Мінску выйшла яго кніжка «Механізмам — поўную нагрузку». Некаторыя з партызан брыгады імя ЦК КП(б)Б жывуць у Астраўцы і цяпер. Гэта муж і жонка Ліпскія, Катасонавы, браты Алексяёнкі, медсястра Ганна Пятроўна Сітнікава, Аляксандр Піменавіч Яфрэмаў, Цімафей Аляксеевіч Ігнаценка. Родам яны пераважна з Ушаччыны, дзе фарміравалася брыгада.
Многа на Астравеччыне і былых партызан Шаснаццатай Смаленскай брыгады, якая вызваляла Міхалішкі, пад няспыннай бамбёжкай варожай авіяцыі адбудавала тут разбураны мост. Былая адважная разведчыца Валянціна Сцяпанаўна Астапава, якая згубіла ў вайну ўсіх сваіх блізкіх, узначальвае цяпер раённую планавую камісію. Адзін з самых паважаных астраўчан — былы намеснік камандзіра брыгады Васіль Сяргеевіч Дублёных. Мікалай Сяргеевіч Беркутаў рэдагаваў пасля вайны астравецкую раёнку. Менавіта ён угаварыў мяне калісьці напісаць першую заметку ў газету. Пасля, у 1964 годзе, выдаў кніжку «Ой, бярозы ды сосны…», дзе ёсць некалькі радкоў пра міхалішскую аперацыю. Партызаны сталі на чале амаль усіх сельсаветаў.
У жніўні і верасні 1944 года сотні жыхароў Астравеччыны далучыліся да воінаў Чырвонай Арміі. Сапёрам стаў Антон Міхайлавіч Урбановіч з вёскі Гіры. Ён размініраваў некалькі тунеляў у Варшаве, адважна ліквідаваў апутаныя дротам штабелі бомб і снарадаў ля польскай вёскі Кшывіцэ. Чатыры ўзнагароды ПНР знайшлі яго праз 25 год. Уцёкшы з работ у Германіі, служыў у разведцы Другога Украінскага фронту Эдвард Вікенцьевіч Лаздоўскі. Цяпер ён жыве ў Міхалішках. Дакінуўшы ў ваенкамаце да сваіх семнаццаці год яшчэ два, пайшоў у Войска Польскае Франц Станіслававіч Дамброўскі. Радавым салдатам зенітнага батальёна вызваляў ён Варшаву і Берлін. Цяпер шафёр Астравецкай аўтабазы, ударнік камуністычнай працы. У нямецкім гарадку Фройльвальдунг, атакуючы ў лоб дзот, загінуў адзін з першых, яшчэ даваенных камсамольцаў раёна ўраджэнец Варнян Аляксандр Кардзіс. Дзесяткі прозвішчаў тых, хто загінуў у баях за Радзіму, высечаны сёння на сціплых абелісках, што стаяць у цэнтрах вёсак — у Гервятах і Гірах, Чэхах і Бабраўніках, Падольцах і Міхалішках.
Пасля вызвалення жыццё Астравеччыны пачало паступова нармалізавацца. Аднавіліся ўсе тры даваенныя калгасы — у Варнянах, Гервятах і Вітках. Да 7 лістапада 1944 года ўступіла ў строй астравецкая лесапільня. Потым далі прадукцыю цагельня, некалькі вапнавых ям, арцелі столяраў у Малях, бондараў у Кумпянах, шорнікаў у Каценавічах. Астравецкая МТС на чале з былым партызанам Браніславам Андрэевічам Жукам арганізавала курсы механізатараў. У дні веснавой сяўбы 1945 года трактарысты Іван і Леанард Валуевічы на сваіх «націках» перавыконвалі дзённыя нормы ў два з лішнім разы. Беззямельныя і малазямельныя сяляне атрымалі каля дзвюх тысяч гектараў панскай зямлі. Ужо ў верасні 1944 года ў шасцідзесяці трох школах раёна села за парты пяць тысяч шэсцьсот вучняў. Працавалі два дамы сацкультуры і чатырнаццаць хат-чытальпяў. Лепшай лічылася байканская, дзе «ізбачка» Соф’я Вікенцьеўна Кандратовіч, потым дэпутат Вярхоўнага Савета БССР, арганізавала драматычны і харавы гурткі, курсы па ліквідацыі непісьменнасці. З Маладзечна ў Гудагай пачаў хадзіць «рабочы» поезд — вагоны былі таварныя, «цяплушкі», але абстаўленыя доўгімі драўлянымі лаўкамі. На вуліцы ў Астраўцы загарэліся першыя пяць электралямпачак, гучна загаварыла радыё. Музыкі зноў сталі па вёсках іграць вяселлі і вечарынкі, на якіх падлеткі фарсілі ў фрэнчах, перашытых з трафейных шынялёў.
Найпершым клопатам тады была, вядома, дапамога фронту. Збожжа ў фонд Чырвонай Арміі здавалі нават тыя, хто меў ільготы. Па выніках хлебапаставак у 1944 годзе Астравецкі раён заваяваў Пераходны Чырвоны Сцяг абкома партыі і аблвыканкома. Сяляне Дравяніцкага сельсавета адправілі савецкім воінам падарункі: палатно, пальчаткі, ваўняныя шкарпэткі, шалікі, насавыя хусцінкі, сала, грошы. Вучні Астравецкай школы сабралі на эскадрыллю «Савецкі школьнік» тысячу трыста рублёў, Быстрыцкай — тысячу дзвесце рублёў. Самаахвярна працавалі сяляне на зімовых лесанарыхтоўках. Пілуючы драўніну, сёстры Браніслава і Ядвіга Юхно з Зыбнішак, Алена і Яніна Курыла з Ігнацова выконвалі дзённыя нормы на сто дваццаць – сто пяцьдзесят працэнтаў.
Што і казаць, часы тады былі цяжкія. Па лясах бадзяліся разнамасныя банды Яцмана, Кукаловіча, Карвецкага. Яны рабавалі і тэрарызавалі сялян, забівалі актывістаў. Ад варожай кулі загінуў старшыня Дравяніцкага сельсавета Якушчонак. Ловячы бандыта Баранчыка-Куліса, які засеў на падстрэшку аднаго з хутароў, загінулі работнікі міліцыі Пагажэлвскі і Бяляеў. На мемарыяльнай дошцы, прымацаванай да будынка міліцыі, акрамя іх прозвішчаў значацца прозвішчы Васілевіча, Дайлідовіча, Міхаля, Рагожнікава, Сташкевіча, Шыціка, Яфімава. Распаўсюджваліся правакацыйныя чуткі аб часовасці Савецкай улады. Варнянскі селянін Ляховіч патаемна купіў ад суседа кавалак зямлі за трыста пяцьдзесят пудоў жыта і трыццаць тысяч рублёў грашыма, а ў купчай, падпісанай ксяндзом, было сказана, што купля «становіцца сапраўднай толькі пасля ўладкавання становішча». Ворагі на поўным сур’ёзе расказвалі жахі пра калгаснае жыццё, дзе, маўляў, усе будуць спаць пад адной коўдрай, а коўдру гэту будзе пацягваць трактар.
Але Астравеччына справілася з усімі пасляваеннымі цяжкасцямі. Кожны год, кожны месяц тады прыносіў нешта новае.
А сёння? Што ведаю я пра сённяшнюю Астравеччыну? Хто сёння ідзе ў перадавіках? І ў які калгас ці саўгас мне перш за ўсё накіравацца? Значыць, трэба скласці паперы і ісці да «першага».
Дзмітрый Канстанцінавіч Арцыменя, першы сакратар Астравецкага райкома партыі, аказаўся якраз у кабінеце. Дапытліва глянуў прымружанымі вачыма:
— Заходзьце. Чаго ж стукаць, калі дзверы адчынены?
— Уявіце сабе, Дзмітрый Канстанцінавіч, — крышку няўпэўнена і ўзнёсла пачаў я, адрэкамендаваўшыся гаспадару кабінета, — што вы камплектуеце раённую дэлегацыю з пяці чалавек, каб паслаць на сустрэчу з жыхарамі іншай планеты. Выбіраеце «самых-самых». Каб не сорамна было за раён, за нашу краіну, у рэшце рэшт, за ўсю зямлю. Каго б вы назвалі?
— Колькі павінна быць кіруючых работнікаў і колькі радавых? — усміхнуўся першы.
— А гэта па вашаму меркаванню.
— Ну тады давайце падумаем разам.
Хутка аказалася, што «разнарадкі» ў пяць чалавек не хопіць аніяк. У маім блакноце з’явілася дзесятае, пятнаццатае, дваццатае прозвішча. І ўсё «самыя-самыя».
— Я вам не навязваю іх. Прыгледзьцеся асабіста. Акажуцца нецікавымі — не пішыце.
— І апошняе, Дзмітрый Канстанцінавіч, дазвольце на адзін дзень стаць вашым «ценем» у паездцы па раёну.
— Што ж, — характэрным рухам першы адкінуў назад непаслухмяныя валасы, — на тым тыдні я іду ў адпачынак. Але да гэтага паспрабуем паездзіць. Праз пару дзён, пасля настаўніцкай канферэнцыі. Вам, відаць, цікава будзе пабываць і на канферэнцыі.
3.
Астравец глядзіць у будучыню. Крыху пра нялёгкую работу міліцыі. Адкуль бярэцца адчай? Работа павінна прыносіць радасць. Армія ў пяцьсот трыццаць педагогаў. Неўміручы працэнт паспяховасці. У гасцях у Максіма Логвінавіча. Амаль як ва «Узнятай цаліне»
Раніцай у гасцініцы мяне абудзіла галасістае петушынае кукарэканне. Густа брахалі сабакі. Нехта, выганяючы на пашу карову, смачна кляў: «Куды ты, каб цябе ваўкі разарвалі і даесці не маглі, каб ты самагонкай даілася і не магла раздаіцца…»
Астравец — у дарозе. Адна яго нага — у мінулым, у вёсцы, другая — у будучым, у горадзе.
Якім будзе яно, гэта будучае?
Іду ў горпасялковы Савет, да «мэра» Астраўца Владлена Алфеевіча Філатава. Шчаслівае супадзенне: у ягоным кабінеце — архітэктар раёна Уладзімір Кірылавіч Парахонька.
— Сёння ў Астраўцы жыве каля чатырох тысяч чалавек, — пачынае Владлен Алфеевіч. — Здаецца, не так і многа. Але ж у канцы мінулага стагоддзя іх было ўсяго сто семдзесят шэсць. У пасёлку — больш сямісот жылых дамоў. Штогодна будуецца каля васьмідзесяці кватэр, да сарака індывідуальных дамоў. Да трыццацігоддзя Перамогі адкрыем у парку помнік воінам Савецкай Арміі і партызанам. Каля былога млына робім вялікае возера. Будзе на ім лодачная станцыя. А ў старым млыне адкрыем рэстаран «Паплавок».
— Чаму абавязкова «Паплавок»? «Паплаўкі» ёсць усюды, ужо аскоміну набілі. Хай будзе, скажам, «Чортаў млын». І абстаўце яго адпаведна.
— Ну, няхай сабе і «Чортаў млын»… А потым пачнем рэканструкцыю цэнтра, — Владлен Алфеевіч разгортвае праектны план. — Вось тут, дзе цяпер драўляныя домікі, узнімуцца сяміпавярховыя жылыя дамы, гандлёвы цэнтр, праляжа бульвар. На цэнтральнай плошчы пабудуем адміністрацыйны будынак, кінатэатр, крыху воддаль — гасцініцу на сто месц. Мяркуем, што ў Астраўцы будзе жыць каля дзесяці тысяч чалавек.
— Не густа. Ды і чаму сяміпавярховыя дамы? Ні ў пяць, ні ў дзевяць, як кажуць, паверхаў. Не то з ліфтам, не то без яго. І ці не думаеце вы, што гэты план, мякка кажучы, адстане ад жыцця? Ён не прадугледжвае ў цэнтры свабодныя плошчы. Мы ж не ведаем, што і як захочуць тут будаваць нашы нашчадкі.
— Гэтак архітэктары спланавалі, — Владлен Алфеевіч ківае ў бок Уладзіміра Кірылавіча.
— А што я? — крыўдуе архітэктар. — Так склалі ў Гродне.
— А як справы з генпланамі для іншых населеных пунктаў?
— Пакуль што маем такія планы толькі для Страчанкі і Слабодкі. Спраектавалі жылы квартал у Вароне. Канчаем генплан для Гервят. Усяго ў раёне мяркуем пакінуць дваццаць адзін калгасны цэнтр ды яшчэ трынаццаць вёсак з абмежаваным развіццём.
— Ці не замала? Па Беларусі з дваццаці шасці тысяч сельскіх населеных пунктаў вылучана больш трох тысяч. Гэта значыць, прыкладна кожны дзевяты. У Астравецкім раёне каля чатырохсот шасцідзесяці населеных пунктаў. Падзяліце на дваццаць адзін. Атрымоўваецца больш дваццаці. А суцэльных жа палёў тут мала. Усё лясамі размежавана. Ці не далёка будзе людзям ездзіць на работу?
— Хто яго ведае, — спрабуе абараняцца раённы архітэктар. — Сярод гэтых чатырохсот шасцідзесяці пунктаў — многа асобных хутароў. Больш, чым у іншых раёнах. Ды і цяжка нам нешта планаваць. Тут ёсць калгас — тут ён ужо далучыўся да суседняга. Колькі разоў мяняліся межы сельсаветаў…
— А пакуль няма планаў, калгаснікі будуюць, як хочацца. Уздоўж шумных дарог. Адзін ставіць дом ганкам да вуліцы, другі — ганкам у двор… Ды і навошта абавязкова зносіць усе хутары і сядзібы? Стаіць сядзіба на ўзбоччы, не перашкаджае трактарам — можна, падрамантаваўшы, адкрыць калгасны дом адпачынку, летні піянерскі лагер, майстэрню для народных умельцаў. Скажам, у Турлах. Цудоўны мураваны палац з каланадай у стылі класіцызму. Помнік архітэктуры. Калісьці Котвічы туды перавезлі рэнесансныя ляпныя ўпрыгожанні з ніжняга віленскага замка. Зрабілі мазаічную падлогу, якая значыцца ў многіх даведніках. Вакол старыя прысады. Ідэальнае месца для дома адпачынку.
— Ужо няма палаца ў Турлах. Былы старшыня міхалішскага калгаса Уланоўскі разабраў па цэглу. Паркет спалілі на кармакухні.
— А варнянскі ансамбль? Гэта ж адзіны ў Беларусі выпадак «тыпавой» сельскай забудовы XVІІІ стагоддзя. Унікальны архітэктурны комплекс!
— Не ведаю. Генплан па Варнянах яшчэ не закончаны. А пра помнікі архітэктуры лепш спытайце ў Вольгі Іванаўны Карсюк. Яна старшыня раённага аддзялення Таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры.
— Ну а як ідзе падрыхтоўка да пяцісотгоддзя Астраўца? — пытаюся на развітанне ў Владлена Алфеевіча.
— Памаленьку ідзе. Рыхтуецца вечар, выстаўка. А што б вы са свайго боку прапанавалі? Вы ж «адкрылі» нам гэты юбілей…
— Можна было б запрасіць на свята прадстаўнікоў Астраўцоў і Востраваў з Расійскай федэрацыі, Украіны, Літвы, Польшчы, устанавіць з імі пабрацімства. Пабрацімства паселішчаў, што пачыналіся на «востраве».
Твар старшыні смутнее:
— Дзе на ўсё гэта ўзяць грошы…
Неўзабаве ў кабінеце Вольгі Ціханаўны Глушковай, сакратара райвыканкома, жанчыны энергічнай і дзелавой, мы размаўлялі з Вольгай Іванаўнай Карсюк. Як пра старшыню Астравецкага сельскага Савета я чуў пра яе многа добрага. Як пра старшыню раённага аддзялення Таварыства аховы помнікаў — больш дрэннае. Вярнуўшыся з экспедыцыі на Астравеччыну, работнікі акадэмічнага «Збору помнікаў гісторыі і культуры Беларусі» здзіўляліся, што яна не ведае нават, колькі ў раёне абеліскаў у гонар загінуўшых воінаў. Слаба чытаюцца лекцыі, збіраюцца членскія ўзносы. Нішто з помнікаў у раёне не ахоўваецца, не рэстаўруецца, не папулярызуецца. Гаварыць пры гэтай сустрэчы прыйшлося пераважна мне. Пра тое, што закінута сядзіба ў Дубніках, куды да сваіх сваякоў Мінэйкаў часта прыязджаў Генрык Сянкевіч. Тут ён адпачываў сярод лясоў, прыйшоў да тэмы рамана «Патоп». Тут, каля былога палаца, знаходзяцца старадаўнія лёхі, дзе, як кажа легенда (мне яе паведаміў з Маладзечна былы наборшчык друкарні палітаддзела Варнянскай МТС Мікалай Лазар), шведскія войскі пры адступленні затапілі ў балоце некалькі бочак з залатнікамі… Пра пахілы дубовы крыж, пастаўлены ля былога маёнтка Анеліна ў гонар паўстанцаў 1863 года, Кастуся Каліноўскага, які, кажа легенда, прыязджаў сюды да сваёй нарачонай… Пра камень у Альгінянах з надпісам: «Тут ляжыць Фёдар Старасельскі. Жыў год 80. Памёр у 1612 годзе». Гэты надпіс пачаў каваць сабе пры жыцці бацька, закончыў жа сын, які праз гады цудам вярнуўся з татарскага палону… Пра высокамастацкі абраз XV стагоддзя, што, зроблены на дубовай дошцы, захоўваецца ў гудагайскім касцёле… Пра міхалішскі перыяд работы славутага італьянскага скульптара Перэці…
Вольга Іванаўна згодна ківае галавой. Але асаблівага энтузіязму ў яе вачах няма. Не ляжыць у яе, відаць, душа да гэтай грамадскай нагрузкі. І тут нічога не зробіш. Грамадскія арганізацыі таму і грамадскія, што трымаюцца на сапраўднай чалавечай апантанасці. Як раённае Таварыства аховы прыроды, якое ўзначальвае намеснік старшыні райвыканкома Расціслаў Арсенцьевіч Герт. Створаны два заказнікі — каля Астраўца і Кямелішак. Зімой дзічына добра падкормліваецца. За апошнія гады ўзрасло пагалоўе ласёў і дзікіх свіней. У ціхіх затоках на Віліі і Страчанцы пасяліліся бабры. А ў балотах ля Вераб’ёў сталі зімаваць дзікія качкі. Сакратар таварыства, былы партызан з Чэрвеншчыны Адам Рыгоравіч Красоўскі носам чуе браканьераў. Бывае, вядома, гуртам заб’юць лася, спусцяць у рэчку аміячную ваду або высекуць уздоўж Лошы вербалозы. Але, як правіла, вінаватага спасцігае заслужаная кара. Выкарчаваў жыхар Ізабеліна каля дзесяці кустоў бэзу — аштрафавалі на пяцьдзесят рублёў. Зламаў шафёр у Гервятах грушку — прымусілі спецыяльна прыехаць да гаспадара і папрасіць прабачэння. Таму і слава пра таварыства ідзе далёка за межы раёна.
Выйшаўшы з райвыканкома, выпадкам сустрэў аднаго з актывістаў Таварыства аховы прыроды інспектара міліцыі Часлава Людвікавіча Чарняўскага. Вольным часам ён прападае ў лесе. Не столькі палюе, колькі любуецца хараством, вывучае звычкі дзікіх звяроў.
З Чэсем Чарняўскім мы даўнія сябры. Разам хадзілі ў школу, разам жылі тады ў «інтэрнаце» пані Адэлі, адзінокай манашкі-тэрціяркі. Яна няспынна папікала нас у бязбожнасці, страшыла пякельнымі карамі, а калі гэта не дзейнічала, наўмысна стала рана выключаць электрасвятло. Сама кладзецца спаць — і мы павінны. Прыйдзе згрызеная касцельнымі згрызотамі або сваркамі з братам — і на нас спаганяе сваю злосць. І не толькі злосць. Пачалі знікаць сала і каўбаса, паднесеныя нам на тыдзень з дому. «То коці, дзяткі, коці, жэбы іх д’яблі взелі», — супакойвала яна нас. Але Чэсь, самы назіральны з нашай тройцы, хутка высачыў сапраўднага «ката»…
— Бачыш, у цябе ўжо тады былі задаткі следчага, — жартую, успамінаючы той канфуз нашай гаспадыні. — Ты ж, здаецца, вучыўся ва ўлікова-фінансавым тэхнікуме, потым працаваў у банку, казалі, быў старшынёй калгаса ў Лошы… Не шкадуеш, што змяніў прафесію, пайшоў у міліцыю?
— Ведаеш, не шкадую. На маёй галаве цяпер барацьба з раскраданнем сацыялістычнай уласнасці — ОБХСС называецца. Без банкаўскай загартоўкі, без старшынёўства ў калгасе, мусіць, не змог бы цяпер рабіць. А так прыедзеш куды-небудзь: той рахуначак падайце, тут у вас сальда, прабачце, ліпавае. Памятаю, ляснічы з Гервяцкага лясніцтва Міндрык падняў вэрхал: укралі чатырыста рублёў. ІІрыехаў, гляджу: адчынены сейф. Ніхто не прызнаецца. Але чую — нешта не так. Пачаў капацца ў ведамасцях на зарплату, выклікаць людзей. Працавалі, пытаюся, на падкормцы? Не. За грошы распісваліся? Не. Тут мы і выкрылі сардэчнага. Пяць год атрымаў.
— Відаць жа, бываюць цікавыя выпадкі, прыходзіцца і жыццём рызыкаваць? — настройваю Чэся на дэтэктыўную хвалю.
— Цяпер рэдка. А раней, калі працаваў у крымінальным вышуку, усякае бывала. Аднойчы на хутары нехта праз дзверы застрэліў старога. Не хацеў адчыняць, значыць. Слядоў ніякіх. Праўда, людзі казалі, што па наваколлі ездзілі цыганы. Высачылі мы іх у Свіры. Акружылі дом. Мне выпала зайсці ў дзверы. Заходжу і не віджу, што адзін цыган выскачыў цераз акно і пабег на могілкі, а ўсе нашы кінуліся за ім. А ў хаце чацвёра мужчын, хлапец бегае. Акружылі мяне, нешта даказваюць, гяргечуць. Бачу, адзін міргае, знак камусьці за маёй спіной падае. Крутнуўся — стаіць хлапец з узнятай сякерай. Выбіў сякеру. Тут на мяне і наваліліся. Добра, што свае падаспелі. Злавілі мы забойцаў, прызналіся яны, як старога праз замочную шчыліну забілі… З цыганамі ў мяне наогул даўняя «дружба». Адну ашуканку, якая прадавала падробленае золата, лётаў браць аж у Малдавію — яе нам вільнюскія калегі дапамаглі выследзіць. Каб ты ведаў, як кляла мяне ў самалёце…
— Ты б апісаў усё гэта…
— Няма часу. А пісаць — то ў раёнцы пісалі. Праўда, пра іншы выпадак. Аднойчы ў Страчанцы паспрачаліся двое суседзяў. Адзін пырнуў другога нажом у шыю. Суседзі зашчапілі бандзюгу знадворку на кручок, але ў хату лезці баяцца… Паведамілі мне, прыязджаю, праўда, у грамадзянскім, але з пісталетам у кішэні. Разбіў, стаўшы на дровы, акно. Гляджу, бандзюга бегае па хаце з нажом. Хто палезе — заб’ю, крычыць. Кінь нож, Адам, спакойна кажу яму, а я пакладу пісталет, абыдземся без крыві, кажу. А ён не здаецца, шпурляе ў мяне чым папала. Жанчыны лямантуюць на вуліцы: не лезь, начальнічак, можа, дзеткі маеш, дык асіроціш, прыб’е цябе. Тут нехта здагадаўся адцягнуць яго ўвагу, пачаў калаціць у дзверы. Адам аглянуўся. Я — скок у хату праз акно, паваліў яго, выбіў нож, звязаў рукі. А бабы на вуліцы ледзь не з кулакамі лезуць да сваіх мужыкоў: як прыйдзеш п’яны, то ты, халера, герой, чалавек аж з раёна мусіў прыехаць, а ты што?.. Потым экспертыза ўстанавіла, што ў яго буйнае вар’яцтва. Небяспечны для грамадства, адным словам.
— Значыць, цікава?
— Цікава — не тое слова, — на высокім Чэсевым ілбе збіраюцца задуменныя складкі. — Пакуль што патрэбная гэта работа. І цяжкая. Акрамя ўсяго я яшчэ і сакратар нашай партарганізацыі. А ў ёй дваццаць шэсць чалавек. Той запусціў вучобу, у таго не ладзіцца з сям’ёй. Транспарту няма. Жулікі на «Волгах», а мы за імі на папутных. З кватэрамі тугавата: даюць у першую чаргу спецыялістам, а мы нібы і не спецыялісты. Ды і жонкі не заўсёды разумеюць, нашто нам вечна ганяцца па вёсках. Адзіная радасць — у раёне стала нібы зацішней. У міліцыю цяпер прыходзяць маладыя, адукаваныя хлопцы. Вазьмі ўчастковага з Міхалішак, Мікалая Гушчу. Завочна вучыцца на юрфаку універсітэта. Строгі такі. Засячэ, што нехта ў рабочы час п’е ў «Вецярку», адразу звоніць на работу: вылічце з зарплаты!
— Ну і памагае?
— Слабавата. З «Вецярка» ўцякаюць у кафэ «Пад кустамі». Прыходзіцца яму там шукаць… Ты ўжо прабач мяне, — спахапіўся Чарняўскі, глянуўшы на гадзіннік. — Мяне павінен чакаць адзін растратчык. А ўвогуле трэба было б пасядзець.
— У астравецкай турме?
— Не, што ты, — збянтэжыўся, не зразумеўшы жарту, Чэсь. — У нас сваёй турмы няма. У Вільнюс возім. Толькі КПЗ засталася. Я меў на ўвазе: пасядзець за вячэрай. І не «Пад кустамі». У нашай «Ёлачцы». Адзначым сустрэчу.
— Прыйдзецца.
Развітаўшыся, іду ў раённую бібліятэку. Цікава знайсці нумар «Астравецкай праўды», дзе пісалі пра адзінаборства Чарняўскага з бандытам. Але аказваецца, што раёнка ёсць толькі за самыя апошнія гады. Ранейшыя гадавікі адпраўлены ў макулатуру. А што, калі некаму спатрэбіцца звярнуцца да гэтага летапісу раённага жыцця? Ехаць у Мінск, у Ленінку?
— Цесна ў нас, — апраўдваецца загадчыца бібліятэкі Яніна Мураўская. — Бачыце: стары драўляны домік, наскрозь правяваецца вятрамі. І кніг у нас усяго трыццаць сем тысяч на тысячу восемсот чытачоў.
— А ці памятаеце, калі ў нас былі ўсяго тры тысячы кніг і месціліся мы ў драўляным катушку, дзе цяпер дзяжурны прадмаг? — адзываецца з абанемента Ніна Лаўрэнцьеўна Атосіна. Яна нязменна працуе ў бібліятэцы ўжо каля трыццаці год. Сотні тысяч кніг прайшлі праз яе рукі.
— Чаму ж не памятаць. Яшчэ бралі ў вас па чарзе, усяго на адну ноч, адзіны экземпляр «Маладой гвардыі», зачытаны да дзірак. А то збіраліся каля адзінага стала і чыталі ўслых «Рыбакову хату».
Цяпер у чытальнай зале з дзесяць сталоў. Паліцы з часопісамі, картатэкі. Добра аформленыя стэнды. І — хоць бы адна жывая чытацкая душа. Чаму?
— Не ідуць! — злосна паблісквае акулярамі загадчыца. — Нядаўна мы падрыхтавалі пушкінскі вечар, развучылі вершы, урыўкі з «Барыса Гадунова». Дык, не паверыце, сарвалася мерапрыемства. Сабраць канферэнцыю чытачоў — цэлая праблема.
— Канферэнцыю… А вы шукаеце новыя метады работы?
— Калі тут да новых метадаў, — загадчыца зрываецца ледзь не на адчайны плач. — Столькі цяпер увялі справаздач! Апошні месяц былі на ўборцы, запусцілі ўсю метадычную работу. Ды і хто такі малады спецыяліст? Закончыць бібліятэчны факультэт інстытута, а атрымоўвае ўсяго восемдзесят пяць рублёў, толькі на дванаццаць рублёў больш, чым бібліятэкарка пасля дзесяці класаў. Жыве на прыватнай кватэры, перспектывы ніякай. На адным энтузіязме далёка не заедзеш. Таму і не хочуць з раёна ісці ў бібліятэкары і культработнікі. Прыязджаюць пераважна з іншых раёнаў. Адпрацуе такая тры гады і ўцякае. Я таксама ўцяку! Абавязкова ўцяку! У Смаргонь ці Мядзель, бліжэй да родзічаў… Вы прабачце ўжо, што я так разнервавалася. Набалела даўно…
Назаўтра раніцай Астравец расцвіў кветкамі. Амаль ад кожнай школы на выстаўку, прыўрочаную да жнівеньскай нарады настаўнікаў, неслі вяргіні, астры, гладыёлусы. Вялізныя букеты, цэлыя бярэмы. Навошта столькі? Хай бы лепш красаваліся на клумбах. І дзе гарантыя, што вынікі конкурсу будуць падведзены аб’ектыўна? Адзін педагог мне задаволена прызнаўся, што «ягоны» букет назбіраны па агародчыках вяскоўцаў.
У фае Дома культуры бачу даўно знаёмыя, блізкія твары. Сціплая, энергічная, падцягнутая Каіса Яўгеньеўна Гарына, якая адкрывала нам веліч Талстога і прыгажосць Тургенева. Соф’я Сяргееўна Алейнік, калісьці першая піянерважатая Гудагайскай школы і аб’ект бандыцкага праследавання, а цяпер матэматык. Яе муж, крыху аскетычны Мікалай Канстанцінавіч Алейнік, былы партызан. Нас ён калісьці цярпліва вучыў чарчэнню. Праўдалюб і філосаф Мікалай Іванавіч Пырачкін, якому нядаўна прысвоілі заслужанага настаўніка. Дзве аднолькава рухавыя — нягледзячы на паўнаватасць — астравецкія «беларускі» — Ганна Іванаўна Герт і Ганна Мікітаўна Ігнатовіч. Па слядах Ганны Мікітаўны, выдатніцы народнай асветы, пайшло ўжо некалькі выпускніц, якія вярнуліся ў раён. Трыццаць два гады яна выкладае родную мову і літаратуру, з іх дваццаць сем — на Астравеччыне. Выкладчык фізкультуры Здзіслаў Здзіслававіч Шырынскі. Яго вучні, напрыклад, Караліна Пятровіч, заваёўвалі першынство СССР у розных відах спорту. Калісьці ён паказваў нам пасведчанне асобы, прабітае фашысцкай куляй — яна толькі крыху не дайшла да сэрца. Здзіслаў Здзіслававіч штурмаваў Варшаву, родны горад сваёй маці, знаёмай з самім Ф. Э. Дзяржынскім. А бацька Шырынскага быў відным рэвалюцыянерам і военачальнікам, начальнікам Цэнтральнага архіва Чырвонай Арміі.
Шкада, што ў гэтым святочным натоўпе ўжо не ўбачу твару Івана Дамінікавіча Карабца. Ураджэнец вёскі Задворнікі, ён яшчэ да рэвалюцыі выехаў у Піцер, там, як пісаў мне перад смерцю ў лістах, некалькі разоў бачыў Леніна. Пасля вайны вярнуўся на радзіму і вёў у нас матэматыку. Высокі, плячысты, сівы, чырванатвары, ён да хрусту перапляце вузлаватыя сялянскія пальцы і застыне ля дошкі, нібы мармуровая глыба. Слухае, а што ты варты. Любіў пафіласофстваваць аб прыгажосці матэматыкі, скрытай ад гультаёў за сям’ю пячаткамі. Летам і зімой купаўся ў Лошы, чым выклікаў наша здзіўленне — пра «маржоў» тады мы і чуць не чулі. Іван Дамінікавіч быў першым і, здаецца, адзіным да гэтага часу настаўнікам раёна, узнагароджаным ордэнам Леніна.
Кудысьці выехаў з раёна наш Цярэнці Мікітавіч Крыўко. Ціха, разважліва, моршчачы свой сакратаўскі лоб, ён расказваў нам жыццяпісы беларускіх пісьменнікаў, вучыў спасцігаць хараство купалаўскага «Кургана», коласаўскай «Новай зямлі», вершаў Багдановіча і раманаў Чорнага. Па святах (о, маралізатары, не кідайце толькі ў нас каменнем!) мы бралі паўлітэрку і ішлі да яго ў цесную кватэрку, пераробленую з былой крамы. Цярэнці Мікітавіч загадваў жонцы засмажыць яешню, і можна было ўдоваль пагаварыць, аб чым хочаш, пачціва паспрачацца. Не ўсе з нас, хто спрабаваў тады рыфмаваць, звязалі свой лёс з літаратурай, але штосьці ад тых спрэчак у кожнага засталося.
…Як добры сон, успамінаецца наш дружны, хоць і разнамасны дзесяты клас. Трое вясковых хлопцаў, сямёра пераважна местачковых дзяўчат. Халодная драўляная школа на ўзлессі, ля могілак. Навагоднія вечары, на якіх рэзалі польку Адась Урбановіч, цяпер паважаны гродзенскі медык, ці наняты «збоку» Зыгмусь Дамброўскі. Пастаноўкі «Несцеркі» і «Хто смяецца апошнім» (тэкст «Несцеркі», чамусьці на рускай мове, прыслаў нам сам Вольскі, і мы потым яго перакладалі на беларускую мову). Перадвыбарныя выезды на санках з канцэртамі ў вёску. Перапіска з балгарскімі школьнікамі. Розныя прыемныя і непрыемныя, але сёння ўсё роўна прывабныя здарэнні. Разляцеліся выпускнікі таго, 1951, года па ўсёй краіне, а двое трапілі ажно ў Польшчу. Толькі Вера Дубіцкая і Іван Дарашкевіч вярнуліся ў свой раён, каб працаваць настаўнікамі.
Ля выстаўкі вучнёўскай тэхнічнай творчасці знаходжу Веру Дубіцкую — цяпер ужо Веру Адольфаўну, выкладчыцу геаграфіі Варонскай васьмігодкі. У яе былым доме, даўно ўжо знесеным, часта збіраліся мы ў вольную хвіліну. Стары Дубіцкі расказваў розныя гісторыі. Перад смерцю ён чамусьці прасіў, каб на пахаванні заспявалі «Ермака». Застаўшыся адна, маці, простая санітарка райбальніцы, дала дзецям адукацыю. І цяпер у сям’і Дубіцкіх двое настаўнікаў, урач, наборшчыца друкарні.
— Ну як, — пытаюся ў Веры, загадзя спадзеючыся на станоўчы адказ, — задаволена ты цяпер сваёй прафесіяй, сваім выбарам жыццёвага шляху?
— Не зусім, — чую збянтэжаны адказ. — Табе, як аднакласніку, магу прызнацца, што, калі б на тое мая сіла, змяніла б прафесію. Пайшла б на лекара.
— Чаму?
— Цяжка працаваць. Кожны дзень мучышся. Паставіш невуку, які не хоча або не можа вучыцца, двойку — будзеш дрэнным настаўнікам. Знізіш працэнт паспяховасці школы. Паставіш як патрыёт школы тройку — зусім разбэсціцца вучань. І іншыя, гледзячы на яго. Троечнікам прыходзіцца ўжо ставіць чацвёрку, чацвёрачнікам — пяцёрку. А што выдатнікам?
Працэнт паспяховасці? Хіба ён жывы? Пра яго столькі ж пісалі… Хаця, з другога боку, які выбраць іншы крытэрый работы школы?
Цікава, ці будзе гэты няшчасны працэнт фігураваць у дакладзе загадчыка райана? У выступленнях? Трэба паслухаць.
Спачатку — вітаюць маладых настаўнікаў. Узбуджаныя, загарэлыя, модна апранутыя, з кветкамі і віншавальнымі паштоўкамі ў руках яны займаюць першыя рады ў зале. У школы раёна прыбылі шэсцьдзесят два выпускнікі інстытутаў і універсітэтаў! Раённы калектыў педагогаў прыкметна «памаладзеў». Прыгадваю, што пры панскай Польшчы ў трыццаці чатырох пачатковых школах і чатырох школах другой ступені (сярэдняй не было ніводнай) на Астравеччыне працавала ўсяго каля пяцідзесяці настаўнікаў — менш, чым цяпер прыбыло за адзін год. І зусім ніякага параўнаныя з больш аддаленымі часамі. У 1777 годзе на Астравеччыне было ўсяго пяць парафіяльных школ — у Астраўцы, Быстрыцы, Варнянах, Гервятах і Міхалішках, дзе разам вучылася шаснаццаць дзяцей шляхты і трыццаць чатыры — сялян, а выкладалі малапісьменныя арганістыя (у Варнянах, праўда, па ланкастэрскай сістэме).
Сёння, як аб гэтым гаварылася ў дакладах загадчыка райана Леаніда Уладзіміравіча Батуры і сакратара райкома камсамола Івана Іванавіча Санько, на Астравеччыне сем сярэдніх і дваццаць чатыры васьмігадовыя школы, з тры дзесяткі пачатковых (лік пачатковых увесь час скарачаецца, бо ссяляюцца вёскі, ды і менш родзіцца дзяцей). Выкладае ў іх звыш пяцісот педагогаў, а вучыцца пад шэсць тысяч школьнікаў. А якія добрыя, цікавыя справы ў вучняў, пра што мы калісьці і не марылі. Займаюцца на ўчастках рознымі доследамі, перапісваюцца з вучонымі. Вывучаюць трактар і аўтамабіль. Ездзяць на экскурсіі ў Маскву і Ленінград, Мінск і Вільнюс. Сустракаюцца з равеснікамі з Манастыршчанскага раёна Украіны і Швянчонскага раёна Літвы. Дапамагаюць ташкентцам у пошуках магіл узбекскіх салдат, што загінулі, вызваляючы Беларусь. Збіраюцца на спаборніцтвы механізатараў, злёты турыстаў. Праводзяць зборы на тэму «Слаўся, Прынёманскі край!».
Называюцца прозвішчы лепшых. Тых, хто працуе з поўнай аддачай. Заслужаных настаўнікаў БССР Гурскай, Катасонавай, Новікавай, Прохаравай, Пырачкіна, Пяткевіча, Філатавай. Выкладчыцы біялогіі ў Варнянскай школе-інтэрнаце Казакевіч, у якой тэорыя арганічна спалучаецца з практыкай. Настаўніцы з Гір Шакола, якая добра наладзіла кабінетны спосаб навучання. Урэшце, прозвішчы тых, у каго ўсе вучні вучацца на чатыры і пяць…
Толькі на чатыры і пяць? Усе вучні і кожны год? І ніводнага дэбіла? Не, тут нешта не так. Ці не пахадзіў тут той жа няшчасны працэнт? Па раёну ён з году ў год расце. Памятаецца, дваццаць год назад, калі, будучы на практыцы, я пісаў аб такой жа жнівеньскай нарадзе, Астравецкі раён займаў па паспяховасці пятнаццатае месца ў вобласці. З трохсот васьмідзесяці вучняў Варнянскай школы тады не паспявала сто сем, кожны чацвёрты. Сёння паспяховасць па раёну складае дзевяноста дзевяць працэнтаў.
Дык чаму ж тады разам з павелічэннем працэнта паспяховасці зніжаецца колькасць выпускнікоў, якія паступілі ў вышэйшыя навучальныя ўстановы? У 1973 годзе з двухсот шасцідзесяці дзесяцікласнікаў паступіла трыццаць шэсць, сёлета ж з трохсот дваццаці — толькі дваццаць! Усяго шэсць працэнтаў пры сярэдніх чатырнаццаці-пятнаццаці па краіне! Што тут: недахоп ведаў, правінцыяльная няздольнасць перамагчы ў конкурсе ці падзенне «прэстыжнасці» вышэйшай адукацыі? Прадстаўніца Гродзенскага педінстытута дацэнт Кукоўская настойліва заклікала настаўнікаў, каб тыя агітавалі вучняў паступаць у вышэйшыя навучальныя ўстановы. Калі такое бывала?
І яшчэ праблема: паступаюць у вышэйшыя навучальныя ўстановы, асабліва ў педагагічныя, пераважна дзяўчынкі. Жанчын сярод педагогаў раёна — чатырыста дзевяці) чалавек. Семдзесят сем працэнтаў пры сярэдняй лічбе па краіне семдзесят пяць. У чым справа? Куды ідуць хлопцы, на якіх усё ж падае і будзе падаць асноўны цяжар навукова-тэхнічнай рэвалюцыі?
Даклады і выступленні закраналі і іншыя балючыя, праблемныя пытанні. Усенавуч выконваецца ўсяго на дзевяноста працэнтаў. Астравецкі раён тут адстае ад іншых. Слабейшыя вучні пасля васьмі класаў ідуць у тэхнічныя вучылішчы, якія не даюць сярэдняй адукацыі. Відаць, такіх вучылішчаў увогуле не павінна быць. Хочаш пасля васьмі набыць прафесію — набывай адначасова і сярэднюю адукацыю!
А з якімі працоўнымі навыкамі ўступаюць у жыццё тыя, хто пасля дзесяцігодкі рашыў застацца ў родным калгасе? Такіх з кожным годам усё больш. Але ці кожны з іх зрабіў выбар свядома? Прафарыентацыя часам праводзіцца няўмела. У школу, расказваў адзін прамоўца, запрасілі старую даярку. А яна раіць: дзетачкі ж вы мае, не ідзіце ў калгас, будзеце ўсё жыццё мучыцца, як я, рукамі працаваць… Працаваць рукамі? У век механізацыі? У тым і бяда, гаварылі і дакладчык, і прамоўцы, што ў школе вучань прывучваецца пераважна да ручной працы. Уручную апрацоўваюцца школьныя дзялянкі, збіраецца ўраджай. У лепшым выпадку — зааруць трактарам. Значыць, трэба шырэй уводзіць механізацыю, а для гэтага — мацаваць сувязі з калгасамі. Бо неспрактыкаваныя выпускнікі могуць расчаравацца ў сваім выбары.
З прамоўцаў асабліва запомніліся тры: дырэктар Гервяцкай дзесяцігодкі Эдуард Міхайлавіч Пяткевіч, завуч па някласнай рабоце Спондаўскай дзесяцігодкі Іван Мікітавіч Мартынаў і намеснік старшыні райвыканкома Расціслаў Арсенцьевіч Герт. Стрыманы і падцягнуты Эдуард Міхайлавіч бездакорнай, хоць крыху і архаізаванай мовай (падумалася: інтэлігент у пятым пакаленні) падрабязна расказваў, як у іх наладжана вытворчае навучанне. Іван Мікітавіч, поўная супрацьлегласць яму — гарачы, рухавы, заклікаў паляпшаць работу школьных музеяў і вывучаць гераічнае мінулае, палемічна адстойваў свайго вучня, круглага сірату, якому старшыня калгаса не хацеў даць накіраванне ў інстытут. Змагаючыся за гэтага вучня, Мартынаў абапёрся на дапамогу ажно Івана Фролавіча Клімава, з якім яго звязвае партызанская дружба. І дабіўся свайго: вучань паступіў у ветінстытут, куды яго і цягнула… Расціслаў Арсенцьевіч Герт з глыбокім веданнем спраў гаварыў аб перспектывах, аб новых школьных будынках, якія ўзнімуцца ў Астраўцы, Варнянах, Падольцах, на станцыі Гудагай (праўда, у гэтых перспектывах ёсць такое, што і насцярожвае: 10 васьмігодак будзе пераведзена ў пачатковыя школы, а гэта значыць, што яшчэ сотні калгаснікаў, дзецям якіх далёка будзе да школы, кудысьці пераедуць, часцей за ўсё за межы раёна). Біў трывогу з поваду таго, што толькі дваццаць працэнтаў спецыялістаў, у тым ліку дваццаць пяць працэнтаў настаўнікаў — выхадцы са свайго раёна (у Карэліцкім раёне — семдзесят). А чалавек, не звязаны глыбокімі каранямі з месцам сваёй работы, часта яго мяняе.
— Вось вы часта скардзіцеся, што падае прэстыж настаўніка, што не здымаюць перад вамі шапку, як пяцьдзесят год назад. А што вы самі робіце, каб умацаваць гэты прэстыж? — пытаў у прысутных Расціслаў Арсенцьевіч. — Які прыклад вы паказваеце дзецям? Не забывайце, што раней настаўнік быў адзіным спецыялістам у вёсцы, цяпер жа — дзесяткі. І вы павінны вылучацца сярод іх сваімі ведамі, паводзінамі, удзелам у грамадскім жыцці.
На жаль, і ў дакладах, і ў выступленнях вельмі бегла і агульна («належыць», «трэба рашуча ўзняць», «наш абавязак») гаварылася пра маральнае і эстэтычнае выхаванне маладога пакалення. Таму варта было б канкрэтна паглядзець, як вучні ведаюць літаратуру, мастацтва. Правесці нейкую сацыялагічную анкету, ці што? Трэба наконт гэтага параіцца з Леанідам Уладзіміравічам Батурай. І задаць яму некаторыя з тых «чаму», што ўзніклі ў час нарады. Асабліва наконт працэнтаманіі.
Але калі мы вечарам сустрэліся, дыскусіі ў нас не атрымалася. Леанід Уладзіміравіч, чалавек, як я пераканаўся, мэтанакіраваны, напорысты і не дужа ўступлівы, ахвотна пагаджаецца:
— Працэнт паспяховасці — сапраўды не лепшы крытэрый. Атрымоўваецца, нібы настаўнік сам ставіць ацэнку за сваю працу. Суб’ектывізм тут непазбежны.
— Але ж гэты суб’ектывізм скіраваны толькі ў адзін бок — у бок завышэння. Пра гэта ведаюць лодары — і не працуюць у чвэрці. Не чытаюць мастацкія тэксты. Навошта? Тройка будзе. І на другі год не пакінуць.
— Што зробіш. Націскаюць на нас — ціснем і мы на працэнт. А дзе знайсці іншы, больш дакладны крытэрый?
— Знайсці можна. Напрыклад, ацэнкі, атрыманыя выпускнікамі пры паступленні ў інстытуты і тэхнікумы, — наколькі яны адпавядаюць прастаўленым у атэстатах.
— Уступныя экзамены — таксама ў нейкай ступені латарэя. Ды і не можам мы арыентавацца толькі на тых, хто паступае. Многія застаюцца ў калгасах.
— З цягам часу, можа, экзамены, хаця б вусныя, стануць прымаць вылічальныя машыны. Тады ацэнкі стануць больш аб’ектыўныя.
— А што загадаеце рабіць з тымі, хто не хоча вучыцца?
— «Литературная газета» ўжо не раз пісала: ставіць двойкі. Пераводзіць з двойкай у наступны клас. Ставіць двойкі ў непаўнацэнным атэстаце. Тады патрабавальнасць стане большая. Цяпер многа гавораць аб перагрузцы школьнікаў. Я не спрачаюся: такая перагрузка сапраўды існуе, бо ў праграмах шмат другараднага. Але ж вучні слухаюць аб сваёй перагружанасці — і лынды б’юць. Калісьці мы здавалі чатырнаццаць экзаменаў. Былі пераводныя іспыты. На сачыненнях ніхто не клаў нам мастацкія тэксты. І нічога, здавалі, паступалі. Не шэсць, не дзесяць працэнтаў, як цяпер, а восемдзесят — сто. З дзесяці чалавек нашага класа Зыта і Яніна Букель, Ядвіга Анімуцкая, Вера Дубіцкая, Аляксандра Капылова, Віта Кузьменка і Іван Дарашкевіч сталі настаўнікамі, Антаніна Шмань — лекарам, Часлаў Мекін — спецыялістам-чыгуначнікам.
— Аргумент непераканаўчы. Колькі тады было выпускнікоў у раёне?
— У 1948 годзе — дзевяць, 1949 годзе — шэсць, 1951 годзе — дзесяць чалавек.
— Вось бачыце. Тады вучыўся той, хто імкнуўся. А сёння сярэднюю адукацыю павінны атрымаць усе. Педагагічны «шлак» расце.
— Згодзен. Але згадзіцеся і вы, што жаданне вучыцца ў інстытуце, асабліва сярод хлопцаў, цяпер меншае. Ці не звязана гэта неяк з агульным ростам дабрабыту? Вучня не запалохаеш, як раней, што калі ён не будзе вучыцца, то пойдзе пасвіць свіней або трэсці гной. Ён стане трактарыстам ці шафёрам і будзе атрымоўваць рублёў дзвесце ў месяц. А колькі цяпер у сярэднім атрымоўвае настаўнік?
— Сярэдняя зарплата па раёну, калі лічыць і дырэктараў, і завучаў, складае сто трыццаць дзевяць рублёў з капейкамі.
— А ў будаўніцтве, я бяру афіцыйныя звесткі, сярэдні заработак па краіне — сто шэсцьдзесят чатыры рублі, на транспарце — сто пяцьдзесят сем рублёў. Вось і падае прэстыжнасць прафесіі настаўніка, культработніка. Нядаўна ў Мінску выйшла кніжка Р. Грабеннікава «Проблемы культуры современного села». Там прыведзены табліцы прэстыжнасці той ці іншай прафесіі, складзеныя на аснове сацыялагічных апытанняў у вёсцы. Дык па іх прэстыжнасць настаўніка складае ўсяго трыццаць працэнтаў, а механізатара — дваццаць два працэнты, палявода — пятнаццаць працэнтаў. Праз восем год пасля заканчэння школы тыя, хто адразу пайшоў працаваць, адчуваюць сябе лепш за тых, у каго ёсць дыплом. Вось і ідуць моцныя галовы туды, дзе можна зарабіць больш. І не праз пяць год, а неадкладна. У педінстытуты паступагоць пераважна дзяўчаты і то не заўсёды з лепшых вучаніц. Кола замыкаецца: сярэдні настаўнік будзе пладзіць сярэдненькіх вучняў і вьшускнікоў. Чым гэта пагражае для навукова-тэхнічнай рэвалюцыі?
— Ну, адразу ўсім павысіць зарплату нельга. Ды, як кажуць, не хлебам адзіным жыве настаўнік. Акрамя матэрыяльных стымулаў у нас ёсць яшчэ маральныя.
— А мы часта карыстаемся гэтымі стымуламі? Цяпер я чытаю аповесць Генрыха Далідовіча «Усё яшчэ наперадзе». Напісана яна пра маладога настаўніка, які пасля інстытута прыехаў у сельскую школу. Вось як разважае галоўны герой — і я цалкам падзяляю яго думку: «Гэта вельмі добра, што ў нас шануюць рабочых людзей. Але ці часта вы бачылі, каб хвалілі ці ўзнагародзілі медалём ці ордэнам настаўніка ў дваццаць ці дваццаць пяць…, а працу яго мала хто бачыць, калі не лічыць казённых заўваг інспектара… Вось чаму адны настаўнікі папрацуюць у школе і ўцякаюць, другія — б’юцца сумленна і свету не бачаць, а трэція — робяць сабе паціху, напаўсілы ды грабуць капейку». Скажыце, Леанід Уладзіміравіч, колькі ў раёне настаўнікаў, узнагароджаных ордэнам Леніна, Працоўнага Чырвонага Сцяга?
— Чатыры чалавекі маюць ордэн «Знак Пашаны», 3 чалавекі — медаль «За працоўную адзнаку», трыццаць два чалавекі — значок «Выдатнік народнай асветы». Ёсць яшчэ розныя граматы…
— А дэпутатаў райсавета колькі з настаўнікаў?
— Адзін.
— Вось бачыце. Не прыкмячаем мы яшчэ па-сапраўднаму настаўніка, слаба цэнім яго цяжкую працу. Мне сёння спадабалася, як вы віталі маладое папаўненне. Звяртаючыся да новых настаўнікаў, Ганна Мікітаўна Ігнатовіч сказала: «Жадаю вам дажыць у нашым раёне да пенсіі». Усё правільна. Але вось пажылая настаўніца, якая сядзела побач са мной, настаўніца заслужаная, пра яе часта ў газеце пішуць, з горыччу шапнула: «Хто іх тады ўспомніць! Хто іх пасадзіць на першыя рады з кветкамі, калі споўніцца дваццаць пяць год іх работы ў школе!» Пасля сённяшняга свята пачнуцца для папаўнення будні. То кватэры няма, то дроў не даюць, то старшыня адмовіцца ў райцэнтр падвезці, як аб гэтым днямі «Правда» пісала.
— У нас многія старшыні пачынаюць разумець, што ад школы, ад таго, каго яны выпусцяць, залежыць заўтрашні дзень калгаса. Вазьміце вы Руновіча. Калгас імя Янкі Купалы сярэдненькі. А ўсё-такі знайшоў сродкі, каб пабудаваць і школу, і дом для настаўнікаў.
— І многа такіх у раёне?
— Не надта. Іншы, як куркуль, ціснецца, не разумее, што кожны рубель, зэканомлены на школе, на настаўніку…
— На культуры ўвогуле!
— …На культуры, потым адгукнецца дзесяткамі і сотнямі рублёў страт, адгукнецца бракаробствам, несумленнай працай. Па-сапраўднаму мы не паставім асвету, пакуль не станем глядзець на яе як на сферу вытворчую, прадукцыйную. Не разумею, чаму так лічыцца, што настаўнік нічога матэрыяльнага не стварае. Інжынер стварае тэхніку. Настаўнік жа стварае галоўную вытворчую сілу, фарміруе чалавека! А мы часам хочам рабіць навукова-тэхнічную рэвалюцыю без настаўніка.
Рассталіся мы прыміраныя, амаль аднадумцамі. Палеміка сапраўды не атрымалася.
— Жыццё мяняецца, — працягваў разважаць Леанід Уладзіміравіч, калі мы выйшлі на начную вуліцу. Ішоў жнівеньскі зарапад, ледзь прыкметны ў святле ліхтароў. — Мяняецца і ставіць усё новыя праблемы. Раней адбою не было ад заяў у школы-інтэрнаты. Цяпер жа ў Варнянах пустуе некалькі дзесяткаў месцаў. Прыедзеш да бацькоў, угаворваеш, а яны кажуць: мы не такія бедныя, каб аддаваць з вачэй дзіця, даіць дзяржаву. Можа, і маюць рацыю. А з аблана патрабуюць: запаўняй! А не то на «кавёр» выклічам, стружку здымем… Цікава, у літаратуразнаўстве з вас таксама стружку здымаюць?
— Чаму ж, бывае.
І мне чамусьці прыгадалася, як першы раз у жыцці з мяне здымалі «стружку». Тут, у Астраўцы. У кабінеце першага. Праўда, не вельмі строга, больш з гумарам.
…Неяк яшчэ пры буржуазнай Польшчы жыла ў нашых Расолах старая і адзінокая жанчына Міхаліна Грамашэўская. Зямлі крыху мела, лесу, залатнікоў закапаных. Наняла маладога парабка Івана Верам’я. А потым усё пачалося, як у «Пясках» Серафімовіча. Старая, мусіць, паабяцала Івану, што апіша на яго хутар, і павяла ў касцёл браць шлюб. Уся вёска дзівілася з таго вяселля. І смяяліся з Івана, і шкадавалі яго: маладосць на залатнікі прамяняў. Верамей спадзяваўся, што жонка працягне год-два і аддасць богу душу. А яна трымалася. Нават рэўнавала: з сякерай бегала, калі ён каму ўсміхнецца, на картах варажыла, калі ён паедзе з вяскоўцамі на рынак. З выгляду жылі бедна. Дом старэнькі, скасабочаны, на падлозе бруду на палец. Сабака — і той шкілет, адны косці. «Гэта ён ад злосці такі, ад злосці», — апраўдваўся Верамей. Увогуле ён любіў прыкінуцца гэтакім тупаватым прастачком, ашукаць іншага. Прыйдзе ў млын, бывала, завоз вялізны, на суткі, а ён просіцца: «Прапусціце, браткі, без калейкі, жонка па старасці скончылася, хаваць трэба, пірагі пячы». Людзі, вядома, ведаючы яго лёс, прапускалі. А ён змеле, вернецца дахаты, напячэ посных блінцоў і падаé на ложак:
— На, еш, вашэця, гэта ўжо астаткі. Пара сказаць, дзе вашэця залатнікі прыхавала.
Старая цыркала па аднаму залатніку. Ён іх зашыў пад падэшву ў бот — каб ніхто не ўкраў. Неяк у вайну ішоў пешшу ў Вільнюс, падэшва пратапталася, а залатнікі сеяліся па дарозе. Сусед ішоў і падбіраў. І падсмейваўся над Верам’ём.
І вось пачалася калектывізацыя. Аддаць зямлю, за якую заплачана маладосцю? Нізавошта! Прыйдуць Верам’я агітаваць, а ён ляжыць на ложку, закіданы анучамі, трасецца. «Не рушце яго, — кажа старая Міхаліна, — яго гарачка травіць, у яго запаленне паловы мазгоў…» Пастаяць і пойдуць.
Аднойчы, пасля чарговага такога візіту, адчуваючы, што ў ягоную хворасць ніхто не паверыць, бо ўсе бачылі, як ён толькі што заганяў слупкі для плота, прыбягае ён да нас і просіць:
— Дай, браток, нейкіх таблетак, а то мяне грып бярэ. Бачу: прыкідваецца, дурня строіць. Чым тут яго правучыць? Ага. Дастаю пачку пургену і спакойна так падаю:
— Іх трэба піць адну за другой. Тры мінуты пройдуць — і наступную. Але ж у дзядзькі зэгарка дома няма. Таму піце тут. Я буду глядзець на зэгарак.
Што тады пачалося! Назаўтра Верамей пабег у Астравец: Мальдзісёнак хацеў атруціць! Вось як вы заганяеце ў калгасы… Пасярэдзіне ўрока ў клас убег знерваваны дырэктар і загадаў мне:
— У кабінет да Максіма Логвінавіча, хутчэй! Не думаў я, што вы так школу зганьбіце!
А я і не ведаю, у чым справа. Асцярожна рыпаю дзвярыма першага — сакратаркі ў прыёмнай тады яшчэ не было. За сталом сядзіць чалавек з сіваватым чубам. Насуплена глядзіць паўз акуляры. Побач яшчэ нехта, потым даведаўся: пракурор. Злосная ўсмешка першага не прадвяшчае нічога добрага.
— Ну, скажы нам, юнаша, — кажа ён нізкім басам, — як ты людзей труціш…
Скончылася, вядома, смехам:
— Ну ідзі, юнаша, грызі навукі. Толькі больш гэтай ерундзісцікай не займайся. А то пурген з мыш’яком перапутаеш.
З таго часу я не раз слухаў Максіма Логвінавіча, гаварыў з ім. І заўсёды здзіўляў ён аргументаванасцю і праматой суджэнняў. Прамата часам пераходзіла ў рэзкасць, але рэзкасць заслужаную і справядлівую. Памятаю, неяк у навагоднюю ноч жаніўся распешчаны сынок вельмі паважаных бацькоў. Усё раённае начальства было ўжо ў зборы, а Максім Логвінавіч усё не ішоў. Паслалі адных пасланцоў, другіх. Урэшце за паўгадзіны да Новага года паехалі за ім у вазку самі маладыя. Прыязджаюць. Максім Логвінавіч адзінока сядзіць за недапітай чаркай і патэльняй смажанай бульбы.
— Апранайцеся хутчэй, даражэнькі Максім Логвінавіч! Вы ж сватам у нас.
— Не буду сватам на такім вяселлі. Хіба ты не бачыла, за каго ідзеш? Ён жа нават нагі тваёй не варты…
Якраз Максім Логвінавіч Язычэнка і праводзіў на Астравеччыне калектывізацыю. Трывала ўвайшоў у народную памяць. Пасля яго было многа першых. Іх памятаюць цьмяна, а яго ўспамінаюць.
Назаўтра іду ў драўляны домік, у якім вось ужо год з дваццаць пяць жывуць Каіса Яўгеньеўна Гарына і яе муж, Максім Логвінавіч Язычэнка. На панадворку буйна цвітуць з густам пасаджаныя кветкі. На ўсёй Астравеччыне садавіна якраз не ўрадзіла, а тут яблыні стаяць, цяжарныя яблыкамі.
Максім Логвінавіч узняўся са спартанскага жалезнага ложка, адклаў кніжку ваенных мемуараў. Павітаў такім жа густым басам. Тыя ж самыя валявыя абрысы твару. Толькі чуб увесь пасівеў і на пераноссі больш маршчынак.
Расказвае Максім Логвінавіч Язычэнка:
— Ці люблю ваенныя мемуары? Вядома, люблю. Бо сам вайну прайшоў. Застала яна мяне знянацку. Да вайны самым мірным чалавекам быў — загадваў асветай у Лёзне, дырэктарстваваў у адной віцебскай школе. А тут немцы пачалі горад бамбіць. Кажуць, каля Віцебска варожы дэсант высадзіўся. Развітаўся я з Каісай Яўгеньеўнай, тваёй вучыцелькай, і пайшоў добраахвотнікам у знішчальны батальён. Выбраліся з горада, а дзе немцы, не ведаем. Ідзём на світанні праз жыта. Толькі-толькі пачало каласіцца, расістае такое. Раптам заціўкалі кулі. Вяду за сабой у атаку — я ж палітрук. Тут — нечым гарачым у плячо. Ляжу ў разоры. А скрозь кволыя каласочкі відаць: недзе далёка выкочваецца на неба барвовае сонца. І не разумею, сонца гэта ці крывавыя кругі ў вачах плывуць.
Пасля той раны неяк ачуняў. Пачаў партызаніць, камісарыць. На Мсціслаўшчыне, Аршаншчыне. За лінію фронту, у Маскву лётаў. Назад з важнымі заданнямі скідвалі.
Як я ў Астравец трапіў? Дзесьці ў сорак восьмым выклікалі з Крычава ў Мінск і прапануюць: паедзеш першым у Астравец. Той самы Астравец, які ты вызваляў у трыццаць дзевятым. З калектывізацыяй там нелады. Далей трох батрацкіх калгасаў не зрушацца. Я і згадзіўся. Да мяне ў Астраўцы першым быў Мацюшаў. Чалавек сумленны, але з людзьмі гаварыць не ўмеў. Прыйдзе да яго хто, а ён павесіць галаву на стол і маўчыць. Адвучыліся людзі да яго хадзіць. Прыехаў, сяджу дзень, сяджу тыдзень — нікога. Тады сабраў сакратароў, Лук’янава, Волкава: давайце самі па людзях станем хадзіць і ездзіць. Па тых калгасах, што на паперы нібы ёсць, а на самай справе іх няма. Старшыня жарнельскага калгаса так і пісаў у даведцы для райфа: «Паведамляем вам, што ў нашым калгасе калгаснікаў няма». Ерунда, канешно, выходзіць. Прыязджаем мы ў Ізабеліна на сход, а тут нехта свіран падпаліў. Усе і разбегліся. Прыехалі другі раз — нікога з дарослых няма, толькі дзеці з-за вуглоў выглядваюць. Тут мне прыдаўся вопыт дваццаць дзевятага года, калі, будучы страхагентам, я сходы ў Чашніцкім раёне праводзіў. У тую калектывізацыю, у трыццаць першым, у партыю ўступіў.
Самае цяжкое было не заявы сабраць, а жывёлу і пасевы абагуліць, межы разараць. Сітуацыі былі ну прама, як ва «Узнятай цаліне». Неяк звоняць з Вароны: бабы прагналі трактарыстаў, пяском ім вочы засыпалі. Выклікаю Іванова: паехалі! Прыязджаем, глядзім: стаяць каля сельсавета два трактары. «Што вы, хлопцы, баб спалохаліся?» — смяюся трактарыстам. Яны ў амбіцыю, завялі маторы. Каля Сыманель зноў жанчыны затрымалі. Старшыня Варонскага сельсавета Малання Сенюць, тады дэпутат Вярхоўнага Савета БССР, мне на дапамогу прыбегла. Нічога не выходзіць. Адна нібы памірае на дарозе, другая ёй валяр’янку нясе. Дзяцей папрыводзілі. Вэрхал, крык. А тут, як на той грэх, першы сакратар абкома Клімаў наехаў. «Што ты, Малання, з народам не ўмееш гаварыць?» — пытаецца. І праўда, не ўмела, болей пра сябе думала. Узялі тады мы ўсе і пайшлі паперадзе, а трактары за намі. Жанчыны разгубіліся, адсталі. Так і пачалі першую калгасную сяўбу ў Сыманелях.
А то прыязджаю ў Гальчуны. Чую крык. Аказваецца, жанчыны нарвалі крапівы, выпацкалі яе ў каламазь і давай ганяцца за Смаляком. Тады ён калгас там арганізоўваў. Разбегліся, убачыўшы нас, па полі. А мы за самай злой… Дагналі, той жа жыгучкай нажгалі і яшчэ за хуліганства для страху абяцалі пасадзіць.
Самы трагічны дзень у маім сакратарстве? Такіх было многа. Тады ў раёне банды лютавалі. Едзем мы з Івановым у Быстрыцу адной дарогай, а вяртаемся другой, каб з тропу збіць. Яшчэ да мяне тут расхадзіўся Яцман, сын крамніка з Міхалішак. Хеўру сабе падабраў. Рабаваў, забіваў. У яго была карта Астраўца з крыжыкам каля кожнай хаты, дзе жыло начальства. Раз Яцман даведаўся, што ў Валэйкішках, а можа, у Слабодцы, не помню ўжо, наш старшыня райплана Мікалай Сцяпанавіч Калгушкін будзе рабіць даклад. Калгушкін паехаў не адзін, узяў з сабой участковага Міхаля, лейтэнанта міліцыі Сташкевіча, двух «ястрабкоў». Толькі пачаў даклад, як бандыты акружылі хату і падпалілі яе. Калгушкін смелы быў хлопец, даўся ў акно. За акном стаялі двое з вінтоўкамі. Ён кінуў гранату і прабіўся. А Міхаль са Сташкевічам загінулі.
Пасля гэтага начальнік раённай міліцыі Вячкілеў рашыў у што б там ні стала ўзяць Яцмана. Падабралі адчайнага хлопца, Васіля Камарэнку. Ён пераадзеўся, пачаў хадзіць па вёсках, нібы гадзіннікі рамантуе. Зайшоў да сястры Яцмана і пачаў жаліцца: растратчык ён, саветы яго шукаюць. Сястра і паверыла. Камарэнка ўвайшоў у давер Яцмана. «Пойдзем у Гервяты, — шэпча неяк яму, — я ведаю там багатага старога, прыкокнем яго, а грошы возьмем!» Камарэнка даў знаць Вячкілеву. У хаце старога зрабілі засаду. Але Яцман па дарозе яшчэ захацеў забіць гранатай старшыню Гервяцкага сельсавета Сільвестрава. Камарэнку не было другога выхаду, прыйшлося прыбраць бандыта. А яго банду ліквідавалі каля Навасадаў.
Потым аб’явіўся Вінцук Карвецкі, дэзерцір з Чырвонай Арміі. Уцягнуў у банду двух сваіх братоў. Стараўся запалохаць людзей. Прыйшлі ноччу да аднаго кандыдата ў дэпутаты, вывелі на вуліцу, загадалі раздзецца, нацерлі спіну цёркай і пасыпалі соллю. Потым аблілі дом нечым, падпалілі і сказалі: «А цяпер можаш служыць саветам».
Самы трагічны дзень, відаць, быў, калі людзі Карвецкага забілі ў Дайлідках Калгушкіна і Ушакевіча. Хто такі Ушакевіч? Іван Аляксандравіч, старшыня Якентанскага сельсавета. З цікавай сям’і быў. Яго дзядзька, Уладзімір Іванавіч Ушакевіч, стаяў на чале Якентанскага сельсавета яшчэ да вайны. У сорак першым схаваў у страсе свайго хлява сельсавецкую пячатку і штамп. Колькі трымалі ў турме, нічога не выдаў. Не выдалі людзі і яго. У гады акупацыі па-ранейшаму лічыў сябе старшынёй. Пячаткай завяраў дакументы для акружэнцаў. Многіх людзей выратаваў тады. Пасля вайны я бачыў тую пячатку ў райвыканкоме. Бацька Івана Аляксандравіча таксама быў камуністам, старшынёй калгаса.
Ну, значыць, едзе Калгушкін у Якентанскі сельсавет. «Не фарсіце, хлопцы, — гавару яму, — не сядайце ў прэзідыум, сярод людзей растварыцеся». Не паслухаў. «Што, — абураецца, — на сваёй зямлі ад некага буду хавацца?!» Прыехалі ў Дайлідкі, пачалі сход. А тут Карвецкі са сваёй хеўрай. Спачатку спалілі сельсавет, перарэзалі тэлефон на Астравец. Потым акружылі хату. Ушакевіча забілі ў прэзідыуме адразу, Калгушкіна толькі ранілі ў правую руку. Ён выцягнуў пісталет, прытаіўся ў цемнаце, бо лямпу разбілі. Бандыты смела заходзяць у сярэдзіну, свецяць ліхтарыкам у твар мёртвага Ушакевіча. А Калгушкін тым часам страляе з левай, кладзе аднаго падлюгу. Ну і зрашэцілі яны яго потым! Дванаццаць ран мы налічылі. Калгушкіна і Ушакевіча ўрачыста хавалі ў Астраўцы. Працэсія з вянкамі выцягнулася на кіламетр. Бацька Ушакевіча не вынес усяго і праз чатыры дні памёр.
Гібель Калгушкіна і Ушакевіча была, як бы сказаць, кульмінацыяй класавай барацьбы. З пяцідзесятага ўсё супакоілася. Пачалі падбіраць кадры. Памятаю, доўга не маглі знайсці старшыню ў «Шляху Леніна». Прыгледзеўся я да Андрушкевіча. Выцягнуў яго раз з пошты, павазіў па палях — згадзіўся. І добра кіраваў. Потым, з «Чырвонай зары», пачалося ўзбуйненне калгасаў. Замест ста дзесяці стварылі трыццаць. Таксама цяжка было: пакуль конь стаіць у сваёй вёсцы, ён яшчэ нібы напалову свой. Багатыя калгасы не хацелі лучыцца з беднымі. Хаця якое там багацце. Працадзень у тры кілаграмы збожжа і адзін рубель — на старыя! — лічыўся ўжо высокім. Але мы бачылі перспектыву. Гаварыў усім, што жыццё іншым будзе. Не верылі мне. Але цяпер сустрэнуся з людзьмі, і мне не сорамна ім у вочы глядзець.
На развітанне бяру з Максіма Логвінавіча цвёрдае слова, што ён пастараецца напісаць падрабязныя мемуары. Такі жыццёвы матэрыял не павінен прапасці. Аднекваецца: няма літаратурнага таленту. «А нашто ваша Каіса Яўгеньеўна? — кажу. — Дапаможа».
Прыгадаўшы Каісу Яўгеньеўну, я адначасна ўспомніў, што сёння засядаюць філалагічныя секцыі настаўніцкай канферэнцыі. Іду на беларускую. Праходзіць яна ў кабінеце беларускай мовы і літаратуры Астравецкай дзесяцігодкі. На сценах — партрэты класікаў. Старанна падабраныя кніжныя стэнды. Выстаўка лепшых сачыненняў. Вядзе пасяджэнне гаспадыня гэтага кабінета Ганна Мікітаўна Ігнатовіч. За партамі — адны жанчыны. Праўда, спачатку сядзеў і адзін мужчына, але к канцу кудысьці знік. Фемінізацыя сярод беларусазнаўцаў няўмольна набліжаецца да ста працэнтаў. Большасць апранута неяк па-дамашняму, па-вясковаму. Куды ім цягацца ў модзе з «фізічкамі» ці «англічанкамі». Пайшлі яны ў інстытут (пераважна на завочнае аддзяленне) з вёскі, вярнуліся туды ж, ці, дакладней, зусім з яе не выязджалі і цяпер разрываюцца паміж праверкай сшыткаў, прысядзібным участкам, дзецьмі, грамадскімі даручэннямі. Часам бягуць у школу ў тым жа адзенні, што даілі кароў. Слухаю даклады — добрасумленныя, карысныя, але без палёту думкі, без праблем. Ды і адкуль палёт, калі няма асаблівага часу і імкнення сачыць за навінкамі?! На раён, пераважна для бібліятэк, ідзе пяцьдзесят восем экземпляраў «Полымя», семдзесят экземпляраў «Літаратуры і мастацтва». Да настаўніка яны амаль не даходзяць. А які ж, прабачце, выкладчык літаратуры без літаратурных выданняў.
Сумленна нясуць яны сваю ношу, сумленна стараюцца навучыць пісьменнасці. Але ці здольны запаліць у душы падлетка нязгасны праметэеў агонь, любоў да прыгожага?
4.
Адзін дзень з Дзмітрыем Канстанцінавічам. Усё пачынаецца з дарогі. У што абыходзяцца зачыненыя вокны? Сустрэча з дзелавым чалавекам. Зямлю трэсці нельга! Што даюць тры «кіты»? Дружба ідзе на карысць. Старшыня — калісьці і цяпер. І Астравец — свету не канец
Ад Рыгора Рыгоравіча Панамарова праз Максіма Логвінавіча Язычэнку ланцужок гістарычнага развіцця савецкай Астравеччыны прыводзіць нас да Дзмітрыя Канстанцінавіча Арцымені. У сённяшні дзень.
Першы заўсёды істотна ўплывае на аблічча раёна. Ад яго ў многім залежаць эканамічныя паказчыкі і маральны клімат.
Ідучы ў прызначаны дзень і час на другую сустрэчу з Дзмітрыем Канстанцінавічам, я стараўся ўспомніць, што пра яго чытаў і чуў. З біяграфіі, надрукаванай у сувязі з выбраннем у Вярхоўны Савет БССР, ведаў, што нарадзіўся ён у 1932 годзе на Брэстчыне ў беднай сялянскай сям’і. Рана асірацеў. Вучыўся ў Пінску на меліяратара. Працаваў у Зэльве сакратаром райкома камсамола. Пасля Вышэйшай партшколы быў на партыйнай і савецкай рабоце. З 1967 года ў Астраўцы. Усё ў гэтым шляху тыпова і ўзаемазвязана логікай нашага жыцця.
— Строгі, але справядлівы, — гаварыў мне трактарыст, які пабываў у яго на «каўры». — Доўга возіцца з чалавекам, нібы з арэхам. Усё прыкідвае, як раскалоць яго, каб глянуць, ці ёсць усярэдзіне нейкае здаровае зерне. І толькі калі ўнутры пуста або ўсё спарахнела — рубіць з пляча.
— Да яго ідуць усе, — гэта ўжо словы жанчыны. — Ці муж зап’е, ці з пенсіяй цяганіна, ці ў садзіку не топяць. Другія не вырашаць, а ён вырашыць.
— Працуе на знос, — чуў я з вуснаў старшыні калгаса. — Ніколі не адпачывае. Вырвецца на поўдзень — і то да канца пуцёўкі не дацерпіць. Часта бярэ на сябе тое, што павінны рабіць іншыя.
Па дарозе мяне агарнулі сумненні. Што Дзмітрый Канстанцінавіч павязе мяне ў лепшыя гаспадаркі, у гэтым я быў перакананы. Які сапраўдны гаспадар не ганарыцца сваімі дасягненнямі?! У рэшце рэшт, я і прыехаў, каб пабачыць лепшыя, характэрныя рысы Астравеччыны. Дрэннае — яно часовае. Але ці атрымаецца ў нас гаворка пра тое, што праблемнае? Ці часам агульныя лічбы не заслоняць сапраўдны сэнс падзей?
Разабраўшыся з наведвальнікамі, Дзмітрый Канстанцінавіч сходзіць па прыступках уніз, скіроўваецца да машыны. Прафесіянальна абстуквае скаты, засяроджана глядзіць на шчыток.
— Шафёра чакаем? — пытаюся.
— Навошта шафёр? — здзіўляецца Дзмітрый Канстанцінавіч. — Паехалі!
Дваццаць год назад раённае начальства не мысліла сябе без шафёра. Нават старшыні калгасаў не хацелі самі лейцамі тузаць…
З другога боку, тое, што Дзмітрый Канстанцінавіч сам сядзіць за рулём, мяне крышку збянтэжыла. Значыць, размова не атрымаецца. Цяжка кіраваць і адначасна адказваць на пытанні.
Аднак паступова я адчуў, што Дзмітрый Канстанцінавіч не толькі плаўна вядзе машыну і абдумана падтрымлівае гаворку, але і дакладна прыкмячае ўсё, што робіцца паабапал, на калгасных палях. І не толькі прыкмячае, але і ўзважвае, ацэньвае, каб потым за адно старшыню пахваліць, за другое паўшчуваць. З некалькіх варыянтаў выбірае найлепшы. Нібы ў той кібернетычнай машыне. Закладваеш у яе мноства разнастайнай інфармацыі, а яна выдае аптымальнае рашэнне.
— З чаго пачнём?
— Пачнём з дарогі. Добрая дарога — гэта і эканоміка, і быт, і культура…
— З дарогамі справы ў нас дрэнныя, — загарэлы, абветраны твар Дзмітрыя Канстанцінавіча адразу хмурнее. — У раёне няма ніводнага кіламетра асфальтавых дарог. Толькі заасфальтаваныя вуліцы ў Астраўцы, Варнянах, Страчанцы. На галоўных дарогах ляжыць стары, даваенны брук. Прызначаны для коннага руху, ён не вытрымлівае вялікіх нагрузак. Прыходзіцца ўвесь час рамантаваць.
— Каля Філіпан я бачыў такую карціну. На дарозе разабрана нешта з кіламетр бруку. Машыны аб’язджаюць па канавах, узбочынах, ламаюцца, сутыкаюцца. А на дарозе адзінока сядзіць брукар і павольна ўкладвае камяні. Неяк не вяжацца гэта: сотні машын — і адзін чалавек.
— Няма спецыялістаў. Павывеліся. У век асфальту ніхто не хоча ісці ў брукары. А асфальту нам не даюць. Тут мы намнога адстаём ад суседняй Літвы.
— Гэта я таксама заўважыў. Пераедзеш мяжу — ці па Полацкаму ці па Чорнаму трактах — адразу пачынаецца асфальт. Прыпынкі добра абсталяваны, указальнікі ўсюды, лаўкі для адпачынку. Нават розныя анекдоты на дарожныя тэмы хадзіць пачалі.
— А нам не да смеху. Адзінае выйсце пакуль што — у добрых гравійках. Пракладваем дарогу на Шумск, каб напрамкі звязацца з Вільнюсам. Падсыпаем старыя тракты на Быстрыцу і Ізабелін. Цяпер на чале ДЭУ паставілі былога экскаватаршчыка маладога ініцыятыўнага камуніста Мар’яна Гана. Не пабаяўся ён розніцы на шэсцьдзесят рублёў у зарплаце, найшоў, дзе цяжка. І адразу відаць: не памыліліся мы.
За некалькі дзён я паспеў пераканацца, што Дзмітрый Канстанцінавіч любіць маладыя кадры і смела давярае ім адказныя ўчасткі. Загадчыкі аддзелаў народнай асветы і культуры Леанід Уладзіміравіч Батура і Мікалай Мікалаевіч Ялоўскі, галоўны ўрач раёна Валянцін Аляксандравіч Ражко — усе з 1944 года. У саракавыя гады нарадзіліся старшыні калгасаў імя Леніна і «Чырвоная зара» Іосіф Пятровіч Сантоцкі і Вячаслаў Іосіфавіч Адахоўскі. Спалучэнне старых, вопытных кадраў і моладзі дае добрыя вынікі.
— Доўгі час Астравецкі раён плёўся ў хвасце не толькі вобласці, але і рэспублікі, — расказвае Дзмітрый Канстанцінавіч. — Дзесяць гадоў таму ўраджай у сем цэнтнераў з гектара лічыўся высокім дасягненнем. За надой у дзве тысячы літраў ад каровы прадстаўлялі да ўзнагароды. Але з часу, калі адбыўся гістарычны сакавіцкі Пленум ЦК КПСС, усё змянілася да лепшага. Сельская гаспадарка Астравеччыны крута пайшла ўверх. Сёлета ў нас вельмі неспрыяльны год. Вясна была халодная і сухая. Прыйшлося перасяваць дзве з паловай тысячы гектараў азімых. Перасявалі б і яравыя, калі б слепа выконвалі ўсе дырэктывы, паспяшаліся з сяўбой. Бачыце, у нас прагноз надвор’я часам набывае дырэктыўны характар. Потым прагноз не збываецца, а расплачваюцца за ўсё калгасы… Летам, наадварот, абяцалі засуху, а пачало ліць як з вядра. Збожжа палягло, парасло. На некаторых участках — сто працэнтаў палегласці. Гадоў з няць назад не ўбіралі б, спісалі б на стыхіі. А сёння ўбіраем. І ведаеце, колькі намалочваем? — Дзмітрый Канстанцінавіч павярнуўся ад руля і задаволена прыжмурыў вочы. — Па трыццаць — сорак цэнтнераў з гектара. На некаторых участках у «Чырвоным Кастрычніку» і «Рассвеце» ячмень дае да сямідзесяці цэнтнераў! Ніколі не было ў нас такога ўраджаю. На круг па раёну атрымоўваецца па дваццаць восем цэнтнераў. За апошнюю дзесяцігодку валавы збор збожжа павялічыўся ў нас у тры з паловай разы. Якім шляхам мы гэтага дабіліся? Проста. Далі больш угнаенняў, лепш сталі апрацоўваць глебу. Пачалі па-сапраўднаму сеяць ячмень. Сёлета яго пасевы складаюць у нас сорак восем працэнтаў усіх збожжавых. Адна замена жыта і аўса ячменем дала нам сёлета прыбаўку ў дзесяць тысяч тон збожжа. Таму рэальны ўраджай супадае з нашымі прагнозамі, а часам і пераўзыходзіць іх.
— А як справы ў жывёлагадоўлі? Раён жа мае жывёлагадоўчы ўхіл.
— І тут гэты год для нас цяжкі. Вясной чыгуначнікі занеслі аднекуль яшчур. Прыйшлося знішчыць дзве тысячы трыста свіней, шэсцьсот кароў. Чатыры тысячы свіней здалі некандыцыйнымі. Людзі змагаліся самаахвярна. У Варнянах мусілі дняваць і начаваць на ферме. Яшчур здаўся, не пайшоў далей, хаця да суседняга хлява заставалася трыццаць метраў. Але страты нанёс нам вялікія, нешта на восемсот тысяч рублёў. І ўсё ж сёлета ў нас паказчыкі вышэй леташніх. Валавая вытворчасць малака за год павялічылася на пяць працэнтаў, а надой ад каровы — на сто адзінаццаць кілаграмаў. А ў параўнанні з 1966 годам пагалоўе жывёлы ўзрасло ўдвая, вытворчасць мяса з трыццаці чатырох цэнтнераў на сто гектараў сельгасугоддзяў — да ста чатырнаццаці цэнтнераў. Жывёлу цяпер здаём сярэдняй вагой трыста семдзесят два кілаграмы. Аб’ём валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі павялічыўся за дзесяцігоддзе ў два разы, а прадукцыйнасць працы — у два з лішнім разы. За ўсё гэта ў 1973 годзе атрымалі пераходны Чырвоны сцяг ЦК КПБ, Савета Міністраў БССР, Белсаўпрофа і ЦК ЛКСМБ з выдачай другой грашовай прэміі.
— Я разумею, — працягваў Дзмітрый Канстанцінавіч, — ад мяне вам хацелася б пачуць не голыя лічбы, а каларытныя факты. Але для мяне гэтыя лічбы — як музыка. За імі — напружаная, цяжкая праца трынаццаці тысяч нашых калгаснікаў. І радасна, што праца іх усё вышэй аплачваецца. Да 1966 года грашовая выручка ўсіх гаспадарак складала шэсць мільёнаў рублёў. А сёлета маем шэсць з паловай мільёнаў толькі чыстага прыбытку, уся ж грашовая выручка ўзрасла да дваццаці дзевяці мільёнаў. Гэта дало мажлівасць удвая павялічыць аплату аднаго чалавека-дня: з двух рублёў у 1966 годзе да без малога чатырох у гэтым годзе.
Злева замільгалі густыя прысады былога маёнтка. Сто гадоў таму тут, у Малях, жыў першы рускі консул у Японіі, аўтар першага японска-рускага слоўніка Іосіф Гашкевіч. Пісаў тут свае працы па ўсходняй філалогіі.
— Варта было б увекавечыць яго памяць.
— Не меншай памяці ў нашчадкаў заслужылі сённяшнія жыхары Маляў, — Дзмітрый Канстанцінавіч дыпламатычна накіроўвае гаворку ў іншым кірунку. — Цяпер тут лепшы ў раёне калгас «Чырвоны Кастрычнік». І паказчыкі тут намнога вышэй. На сто гектараў сельгасугоддзяў атрымліваюць па пяцьсот восем цэнтнераў малака і дзвесце восем цэнтнераў мяса. Сярэднесутачныя прывагі адкормачных бычкоў складаюць семсот шэсцьдзесят грамаў. За ўсё гэта ў 1973 годзе калгас атрымаў памятны Чырвоны Сцяг Міністэрства сельскай гаспадаркі СССР і ЦК прафсаюза работнікаў сельскай гаспадаркі і нарыхтовак. Што яшчэ? Выраслі цудоўныя людзі. Даяркі Яніна Казюлевіч і Галіна Ждановіч, узнагароджаныя нядаўна ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга. Загадчыкі вытворчых участкаў Эдмунд Ракоўскі і Іосіф Стэх. Аграном Валянцін Балабановіч. Заатэхнік Міхал Новікаў. Сакратар партарганізацыі Яніна Новік. Ну і старшыня, выпускнік Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі Часлаў Рынкевіч. Калі ён прыйшоў сюды ў 1959 годзе, калгас замыкаў зводку ззаду. А цяпер менш, чым за чатыры гады, выканаў пяцігодку па мясу і завяршае па малаку. Нядаўна Часлаў Іосіфавіч атрымаў ордэн Кастрычніцкай Рэвалюцыі.
— Пачакайце, ці не з Альгінян ён родам?
— Так, ён з Альгінян, з мясцовых сялян.
— Тады я добра памятаю яго па школе. Яшчэ расказваў, як будучы хлапчуком, у вайну, разам з Вяржбіцкім, тым самым, што цяпер настаўнічае ў Альгінянах, папярэдзіў партызан аб фашысцкай засадзе ля Гур. Партызаны паехалі іншай дарогай і самі ўстроілі засаду на немцаў. Многа таксама было гаворкі, як яго бацька, яшчэ аднаасобнік, паехаў у гервяцкі калгас, доўга хадзіў па фермах і палях і здзіўлена ківаў галавой: няўжо людзі могуць жыць без уласнай зямлі?! Ці мог ён прадбачыць, што сын стане старшынёй лепшага ў раёне калгаса!
— Зараз сустрэнем і яго самога, — сказаў Дзмітрый Канстанцінавіч, затармазіўшы ля мальскага клуба — першага калгаснага клуба ў раёне.
Часлаў Іосіфавіч сядзеў у вялікім і пустым кабінеце. Толькі сціплы стол і пару крэслаў. Ні дывана, ні штор.
— Мільёнамі варочаеце, а мэблі талковай купіць не можаце, — незадаволена пачаў, вітаючыся, Дзмітрый Канстанцінавіч. — Калгас пачынаецца з кабінета старшыні.
— Няма дзе купіць, — апраўдваўся Рынкевіч. — Можа, толькі літоўцы памогуць.
— Дарэчы, як у цябе дружба з літоўцамі? Часта бываеш у Швянчонскім раёне?
— Цяпер мы адгружаем для калгаса «Ляўдэс драўгістэ» элітнае насенне. А яны за нас збожжапастаўкі здаюць.
— Кілаграм за кілаграм?
— Вядома. На дружбе нажывацца — грэх. Яны ж нам таксама дапамагаюць. То запчасткамі, то вопытам закладкі шматгадовых культурных пашаў.
— Ну добра, тады паехалі на ферму!
Хоць ужо з тыдзень прыпякала сонца, але да фермы даехаць было цяжкавата. Машына буксавала ў гразі. Дзмітрый Канстанцінавіч рэзка пераключаў скорасці.
У валоўніку стаялі тлусценькія бычкі і, адбіваючыся хвастамі ад бязлітасных мух, вяла хрумсталі кукурузнае лісце. У нос ударыла спёртае паветра — хоць ты сякеру вешай!
— Дзе ветэрынар? — злосна спытаўся Дзмітрый Канстанцінавіч.
Іван Касмовіч, увесь кругленькі, вырас, нібы з-пад зямлі.
— Ты спытай у жывёлы, як ёй дыхаць! Хіба цяжка адбіць вокны?
— Усе людзі на рабоце, — бліснуў шкельцамі акуляраў ветурач.
— Ах, на рабо-о-це! А ў гэтай духаце кожны бычок не дабярэ за суткі ў вазе мінімум сто пяцьдзесят грамаў! Памнож на чатырыста. Ды гэта ж шэсцьдзесят кілаграмаў у дзень, тысяча восемсот у месяц. Цяпер памнож на тры рублі. Пяць тысяч чатырыста рублёў страты ў месяц! Ты якую зарплату атрымоўваеш?
— Ну, няхай, дзвесце.
— Твая зарплата за два гады! Каб сёння ж усё выправілі!
— А цяпер паехалі ў Едаклані. Паглядзім, як там Ракоўскі ўбірае, — пачаў тушыць пажар Часлаў Іосіфавіч.
Насустрач ужо імчыцца на матацыкле Ракоўскі. Калісьці ён таксама прайшоў разам з намі праз «пансіён» пані Адэлі. Потым не пайшоў вучыцца. Упушчанае наганяе цяпер завочна.
— Як жнецца?
— Цяжка. Раней такую палеглую збажыну нават касой ніхто не касіў бы. А цяпер Часлаў Тухта, наш ветэран, пад нуль стрыжэ. Праўда, камбайн толькі ў адзін бок прыходзіцца пускаць. Але затое які ўраджай! Па сорак восем цэнтнераў на лепшых участках!
— Па калгасу на круг смела трыццаць сем цэнтнераў будзе, — устаўляе Рынкевіч. — Гэта на дзесяць цэнтнераў больш, чым летась.
— Малайцы, хлопцы! Узялі псіхалагічны рубеж! Раней лічылі: вышэй трыццаці не ўзнімемся. Цяпер пара думаць пра сорак пяць на круг.
— І так тут ужо Украіну развялі! — смяецца аграном Соф’я Дубіцкая, якая, убачыўшы машыну, падаспела на размову — вёрткая, рухавая, толькі вочы блішчаць і зубы бялеюць на загарэлым твары.
— Можам і да пяцідзесяці ўзняцца, — пагаджаецца старшыня. — Цяпер землі ў пас выраўняліся. Няма дрэннай зямлі. Кладзі ўгнаенні — і ўсюды будзе запраграмаваны ўраджай. Механізатары выраслі, агратэхніку ведаюць. Ганарацца сваім ураджаем, сваім калгасам.
— На людзей не крыўдуем, — разважліва дадае Дубіцкая.
— Вашых людзей — на руках насіць, — пагаджаецца сакратар. — Асабліва даярак. Толькі глядзіце: «Запаветы Ільіча» пачынаюць вас па малаку абстаўляць.
— Не дадзімся!
— А вы сапраўды раззлуйцеся і не дайцеся. Хай закране гэта ваша самалюбства. Кармоў удосталь. Каровы на вашай ферме лепшыя, чым у Малях, а надоі ніжэй. У чым справа?
— Можа быць, статак завялікі…
— Не ведаю. Паглядзіце, пашпіёньце ў Малях іх сакрэты. Падрыхтуйцеся і па-дзелавому пагаварыце з людзьмі. Можа, з прэміямі ўраўнілаўка? Каровы розныя, магчымасці розныя, а прэміі аднолькавыя… Калі надоі не падцягнеце — размаўляць з вамі больш не буду!
З Едаклань дарога прывяла нас у Ліпнішкі, на будаўніцтва тыпавога кароўніка на дзвесце галоў. Дзмітрый Канстанцінавіч і тут усіх ведаў па прозвішчу, з усімі быў на «ты». Прызнацца, спачатку такое «ты» мяне крыху бянтэжыла: ці не прыніжае яно часам чалавечую годнасць? Але потым адчуў, што ў ім не было пі высакамернасці, ні панібрацтва, што гучала яно проста і натуральна.
У кароўніку, а затым на таку, на полі Дзмітрый Канстанцінавіч часта нешта прапаноўваў: пашырыць стойлы, больш рацыянальна класці падлогу, ачышчаць збожжа, на іншай скорасці весці камбайны. Выкладваў аргументы, сыпаў спецыяльнымі тэрмінамі. Людзі слухалі ўважліва, але без ліслівасці. Часцей за ўсё пагаджаліся: так будзе лепш. Часам аспрэчвалі. Тады ўсе аргументы ўзважваліся. І Арцыменя без ценю самалюбства пагаджаўся:
— Не трэба! Калі зерне пры другой паніжанай скорасці будзе заставацца ў саломе, тады не трэба. Працуйце на першай.
Яшчэ раз пераехаўшы Малі, палюбаваўшыся новымі цаглянымі дамамі (гадоў восемдзесят таму тут было ўсяго дзевятнаццаць хат, у 1960 — сорак дзевяць, а сёння — сто дзевяць, цэлых пяць вуліц!), узялі кірунак на Варняны. Паабапал дарогі рыжэла ржышча.
— Непрыгожыя, голыя становяцца палі, — уздыхнуў Дзмітрый Канстанцінавіч. — На іх люба глядзець, калі спее ўраджай. Тады зямля мае асаблівы сэнс і прыгажосць.
— А вось у Макаёнка, у п’есе «Таблетку пад язык», адзін герой кажа, што зямлю трэба трэсці, як грушу.
— Не-е. Ты патрасеш яе, дык яна потым цябе так трасяне, так дасць па зубах, што дзесятаму адхочацца. Зямля — самы каштоўны дар прыроды, і калі яе трэсці, то што застанецца наступным пакаленням? Што яны — дзякуй нам скажуць? Не-е, зямлю песціць, даглядаць, любіць трэба. Па мне, той не хлебароб, хто коласам не любуецца, у каго сэрца не баліць, калі гэты колас дажджом да зямлі прыбівае. Любіць так, як Рынкевіч. Паглядзіце, як палі ў яго выраўняны, уходжаны.
Сакратар глянуў скоса на мой блакнот, у якім ад трасаніны з’яўляліся адны загагуліны, і павярнуў гаворку ў іншым кірунку:
— Я тут крыху паўшчуваў Рынкевіча, і магло здацца, што ён не вельмі гаспадарлівы старшыня. Гэта не так. Рынкевіч дзелавы чалавек. Асоба, якая зрабіла пры сацыялізме кар’еру ў лепшым сэнсе гэтага слова. Ён носам чуе, дзе можна атрымаць рубель.
— Пра такіх у народзе кажуць, — жартую, — што яны за капейку здольны носам вош па ржэўніку на кіламетр гнаць…
— Правільна. Толькі Рынкевіч зробіць гэта не за асабістую, а за калгасную капейку. У яго высокая рэнтабельнасць. Кожны рубель, укладзены ў вытворчасць малака, прыносіць пяцьдзесят чатыры капейкі прыбытку. Кожныя сто гектараў сельгасугоддзяў даюць у яго прадукцыі на пяцьдзесят з нечым тысяч рублёў у год. Галоўнае ж, Рынкевіч бачыць перспектыву, адчувае і выкарыстоўвае новае. Праўда, часам празмерна захапляецца. Возьмецца за адно — забудзе іншае. Жывы чалавек. Ідэальныя — яны толькі ў кніжках бываюць.
— А як у яго з кадрамі? Калгас жа побач з Астраўцом. Людзі ўцякаюць?
— Раней уцякалі. Цяпер — вяртаюцца. Стварае ўмовы, дае кватэры, механізатарам — новую тэхніку, то і вяртаюцца. Цяпер з «прыгарадных» калгасаў, дзе ёсць культура, дзе некаму з сям’і можна на завод устроіцца, ніхто не бяжыць. Вакол Астраўца праблемы з рабочай сілай няма. Найбольшы адток — якраз з глыбінных вёсак, дзе дрэнна з бытам, з культурай. Нам бы, — уздыхнуў Дзмітрый Канстанцінавіч, — нейкі заводзік, каб зімой можна было б заняць частку калгаснікаў. Зімой бы працаваў у дзве змены, летам — у адну. Вось вы, літаратары, ледзь не трагедыю робіце, калі жонка застаецца ў калгасе, а муж ідзе на завод або наадварот. А па мне, такія сем’і стаяць на найбольш трывалай эканамічнай і маральнай аснове. Спалучаюцца гарадская цывілізацыя і вясковая блізкасць да прыроды. Больш устойлівымі становяцца заработкі. У вёсцы цяпер зарабляюць не менш, чым у горадзе, і не дзеля заробкаў у горад ірвуцца. Ірвуцца таму, што праца цяжэй, менш механізаваная, што летам з рублём лёгка, а зімой з заробкамі слабавата.
— Але ж матэрыяльны дабрабыт часам мае свае выдаткі. Ёсць грошы — больш пачынаюць піць.
— Не абавязкова. Ёсць у нас у «Рассвсце» вёска Завельцы. Адна з самых багатых у раёне. У кожным доме тэлевізар. Трынаццаць легкавых аўтамашын на вёску. Дык у тых дамах, дзе з’явіліся аўтамашыны або збіраюцца купіць, менш сталі піць. Нейкая мэта з’явілася. Аўтамабіль становіцца не раскошай, не модай, а прадметам ледзь не першай неабходнасці. П’юць там, дзе нізкая культура, дзе ў сям’і няма ніякай мэты. У цэлым жа дабрабыт з’яўляецца вялікай рухаючай сілай. Раней людзі былі незадаволены: працуем, працуем, а атрымоўваем мала. Цяпер такіх скаргаў ужо не пачуеш. А сталі людзям больш плаціць — сталі яны лепш, больш якасна працаваць. Важна толькі, каб чалавек ведаў мору, не стаў крахаборам.
Машына плаўна ўзляцела на ўзгорак, і ўперадзе паказаліся ажурныя — у стылі ракако — вежы варнянскага касцёла. Нібы спаборнічаючы з імі, узняліся ўвысь, гатовыя да старту, блішчастыя шапкі сянажных вежаў. Справа разлягліся новыя жывёлагадоўчыя карпусы.
— Наша гордасць! Міжкалгасны механізаваны комплекс па адкорму свіней. Цяпер тут адначасова стаіць тры тысячы дзвесце галоў. З дапамогай студэнтаў Гродзенскага медінстытута будуецца новы корпус на чатыры тысячы васемсот свіней. А ўсяго тут, у калгасе імя Чапаева, будзем адкормліваць дваццаць чатыры тысячы ў год.
Ля фермы нас сустракае аператар Іван Станіслававіч Равойць. Акуратны такі, падцягнуты, у халаце. Ён адзін корміць тысячу пяцьсот свіней. Зрэшты, корміць — не тое слова. Пяць разоў на дзень ён прыходзіць сюды, каб паглядзець, як працуюць механізмы. Мука ж сама паступае па трубаправодах, сыплецца ў загарадкі. Віславухім застаецца толькі падбіраць яе. Віску пры гэтым, праўда, мнагавата.
— Тэхналогія венгерская, — тлумачыць Дзмітрый Канстанцінавіч. — Гэта трэці такі свінарнік у Саюзе і першы ў Беларусі. Будавалі — многія былі супраць. Нават спагнаннямі нам запахла. А збудавалі — праз паўгода тут абласны семінар правялі. Палякі прыязджалі з Беласточчыны, дык ім таксама вельмі тут спадабалася. Вось так і жывём: за адно і тое ж спачатку пакараюць, а потым пахваляць.
— А колькі свініны можа адкарміць адзін чалавек? Памятаю, год дваццаць назад самы высокі паказчык па раёну быў у Ядвігі Таргонскай з калгаса імя Куйбышава. Тады яна адкарміла пяцьдзесят восем свіней і дала краіне пяцьдзесят шэсць цэнтнераў мяса. Цікава было б параўнаць гэтыя лічбы з цяперашнімі.
— Вось і падлічыце з Іванам Станіслававічам. Я ж тым часам пагавару са старшынёй калгаса Пострашам. Бачыце, вунь падрульвае на машыне да нас.
Расказвае Іван Станіслававіч Равойць:
— Колькі ў год атрымліваю свініны? Давайце зрахуем. Стаіць у мяне на адкорме звычайна тысяча пяцьсот галоў. Прывозяць іх па трыццаць кілаграмаў. Сярэдняя прывага ў суткі складае да паўкілаграма. Значыць, за дзень атрымліваю да сямі з паловай цэнтнераў свініны. За тыдзень маю амаль столькі, колькі было ў Таргонскай за год. Ну, а за год мы здаём дзяржаве больш трох тысяч кабаноў сярэдняй вагой да ста сарака кілаграмаў. Праўда, сёлета яшчур, каб на яго немач, трохі нашкодзіў.
Якія ў мяне заработкі? За цэнтнер прывагі я атрымліваю рубель. Значыць, сем з паловай рублёў у дзень, дзвесце з гакам у месяц. Да гэтага дадайце прэміі. Іншыя шэпчуць: мнагавата, ён жа там толькі кнопкі націскае. Але ж той, хто рукамі на полі робіць, дае за дзень прадукцыі, чытаў аб гэтым у газетах, сама болей на дзесяць рублёў. Рабочы на заводзе — на пяцьдзесят — семдзесят рублёў. А я адзін — ну, можа, не зусім адзін, ёсць жа падвозчыкі кармоў, — калі лічыць на рубель дзевяноста за кілаграм, даю прадукцыі ў дзень на тысячу трыста рублёў з нечым. Цэлая фабрыка мяса!
Які ў мяне рабочы дзень? У восем прыходжу карміць. Запальваю лямпачкі — гэта для жывёлы сігнал. Уключаю аўтакармленне і аўтапаенне. За гадзіну спраўляюся. Потым — з часу да двух і з пяці да шасці. На вячэрнюю кармёжку ўжо не іду, за мяне ўсё робяць аўтаматы. Нядзелю таксама маю вольную. Часамі яшчэ трэба нешта паправіць, праводку праверыць. Так што, лічыце, я ўжо рабочы. І не рукамі раблю, а болей галавой. І ў свінарніку чыста, гноем не смярдзіць. На дварэ горача, а тут прахалода, дзве мікракліматычныя ўстаноўкі ўключаны. Зімою грэецца падлога. Толькі пылу зашмат. Мука распыляецца, на сценах асядае, на трубах. Збіраемся на грануляваны корм перайсці. Тады стане зусім чыста.
Што я рабіў раней? Маё жыццё простае, як ва ўсіх. Вучыўся ў школе. Нас у маці засталося трое, таму толькі шэсць класаў скончыў. Пайшоў у армію. Пасля арміі ўчотчыкам на ферме рабіў. Калгас быў тады слабы. На ферме — чатыры даяркі, тры свінаркі. За год давалі трыццаць сем тон мяса, цяпер жа разам даём тон нешта семсот. Пакуль стаць аператарам, гадоў дзесяць участкам у Варнянах заведваў, лепшы ў раёне ўраджай збіраў. Зараз вот ужо другі год, як тут. Жыву пад дастаткам, усяго хватае. Домік толькі цеснаваты. Бачылі два рады мураванак на рынку? Іх яшчэ Абрамовічы строілі, дзвесце год назад. Раней былі аднолькавыя, цюцелька ў цюцельку, кожная на дзве сям’і. Гэта цяпер усялякія катухі да іх дарабілі. Ну дык вось, жыву я ў палавіне такой мураванкі. Сам будавацца не маю часу і сілы, а калгас дамоў будуе мала.
Якія ў мяне планы? Галоўны план — вывучыць сыноў, вывесці ў людзі. Іх у мяне трое. Старшы хоча найсці на інжынера па сельгасмашынах, улюбёны ў тэхніку. Сярэдняга на агранома цягне. Дзеці павінны быць разумнейшыя, чым мы. Мы спачынем, а ім далей ісці.
— Цудоўны камуніст, — ціха прамовіў Дзмітрый Канстанцінавіч, калі мы з Варнян выехалі на абсаджаны старымі дрэвамі гервяцкі тракт. — Такімі, як Равойць, паступова стануць усе работнікі сельскай гаспадаркі. За імі будучыня. Вёска пераходзіць на індустрыяльную аснову. Адбываецца рэвалюцыя, роўная калектывізацыі.
— Калі не большая! Аб’яднаўшыся ў калгасы, людзі, вядома, аб’ядналі сваю зямлю, прылады працы. Але працавалі па-старому, уручную. Коньмі аралі, з сявенькі сеялі, сярпом жалі, часам цапом малацілі. На працадзень атрымоўвалі тое ж жыта, малолі яго, самі пяклі хлеб. Кожны калгас меў чатыры фермы — прынамсі, да гэтага заклікалі. Адным словам, ледзь не натуральная гаспадарка, толькі што агульная. Але паступова вёска асвойвалася з механізацыяй, электрыфікацыяй, хімізацыяй. І вось колькасныя змены перайшлі ў якасныя. Адбыўся скачок. Узніклі буйныя індустрыяльныя комплексы. Нядаўна мяне папрасілі быць перакладчыкам пры некалькіх групах польскіх партыйных работнікаў, якія вывучалі наш сельскагаспадарчы вопыт. Разам з імі паглядзеў Задняпроўскае тэрытарыяльнае аб’яднанне каля Оршы, комплексы пад Віцебскам. І быў прыемна здзіўлены, што за гэтых дваццаць год, пакуль займаўся толькі гісторыяй літаратуры, наша вёска пайшла так далёка ўперад. Цяпер зноў прыемна ўражаны, што такія ж комплексы ўжо дзейнічаюць на маёй Астравеччыне. Праўда, чысціні там было болей. І кветак. І пад’язныя дарогі лепшыя. Вонкава варнянскі комплекс пакуль што не надта радуе вока.
— Не ўсё адразу. Прыйдзе час і на кветкі. Каля комплексу перагародзім рачулку, штучнае возера створым. Зламаць старыя формы, перайсці на новыя, індустрыяльныя рэйкі нялёгка. Але мы павінны гэта зрабіць, інакш адстанем ад жыцця. Тры «кіты», канцэнтрацыя, спецыялізацыя і кааперацыя, даюць нам велізарныя перавагі і магчымасці інтэнсіфікаваць вытворчасць. Хіба раней можна было б пабудаваць такі варнянскі комплекс? Ён жа каштуе семсот тысяч! Адзін калгас не мог выдзеліць такія грошы.
— А колькі гаспадарак яго будавала?
— Сем калгасаў вытворчага аб’яднання «50 год СССР». Яны ж сумесна правялі залужэнне на плошчы звыш чатырохсот гектараў. Цяпер разам у Варнянах будуць будаваць завод камбікармоў, два цэхі па вытворчасці вітаміннай травяной мукі. Усё робіцца на аснове паглыбленай кааперацыі. Калгас імя Чапаева спецыялізуецца на адкорме свіной, а маладняк сюды паступае з рэпрадуктарных гаспадарак «Рассвет», «Запаветы Ільіча» і імя Кірава. У сваю чаргу «Радзіма» спецыялізуецца ў гэтым аб’яднанні на адкорме бычкоў, там будуецца валоўнік на чатыры тысячы галоў разавай пастаноўкі. Маладняк дагадоўвае «Перамога». Племянных жа цялушак усім дае калгас імя Леніна. Такая ж спецыялізацыя і ў земляробстве: адны вырошчваюць на насенне збожжа, другія — бульбу, трэція — лубін, чацвёртыя — шматгадовыя травы. У раёне створаны чатыры аб’яднанні. У будучым застануцца два, а можа, і адно на ўвесь раён. З міжкалгаснымі севазваротамі, сапраўднымі фабрыкамі мяса і малака.
— Ну, а канкрэтныя вынікі спецыялізацыі?
— У 1968 годзе свінагадоўляй у раёне займаліся дваццаць дзве гаспадаркі. Разам яны далі восемсот трыццаць дзве тоны мяса. Цяпер — шэсць гаспадарак, але даюць яны каля дзвюх тысяч тон — у два з паловай разы больш. Сабекошт цэнтнера свініны ў калгасе імя Чапаева складаў сто шаснаццаць рублёў, цяпер — семдзесят рублёў. У Равойця затраты часу на цэнтнер складаюць гадзіну.
— А праблемы?
— Кааперацыя нясе і свае праблемы. Адны гаспадаркі лепш выконваюць абавязацельствы, другія — горш. Рассветаўцы пастаўляюць у Варняны здаровых, укормленых парасят, а кіраўцы — слабых, хілых. Часам па руках і нагах звязвае банк. Ніяк не хацеў адкрыць рахункі для аб’яднанняў. Няма добрых тыпавых праектаў вялікіх кароўнікаў. Заказваць жа індывідуальныя дарагавата. Людзі цяпер павучыліся лічыць капейку. Асабліва такія, як Рынкевіч, як Галагаеў, старшыня гервяцкага калгаса…
Андрэй Андрэевіч Галагаеў, мажны мужчына з добра сівой шавялюрай, якраз аддаваў распараджэнні каля канторы. Усюды — абкладзеныя паўцагелкамі рады вяргіняў і настурцый, акуратна памаляваныя плоцікі. Сама кантора таксама нібы разнафарбная вясёлка. Усярэдзіне — густоўная і даходлівая наглядная агітацыя. Стаяць фікусы, трумо. У адрозненне ад рынкевічаўскага, кабінет абстаўлены з густам. Блішчыць паліраваная мэбля. На стале — свежыя кветкі. У шафе — БелСЭ і іншыя даведнікі. На сценах — драўляныя сувеніры. Адным словам, прыемна зайсці і пасядзець.
Але мы доўга не расседжваліся. Паехалі глянуць на будаўніцтва новага збожжатока і валоўніка. Потым — у Гайголі, дзе ішло жніво. Уздоўж дарогі сцяной у два метры стаяла крыху пажоўклая кукуруза, цэнтнераў так на пяцьсот трыццаць масы з гектара. Зелянела лапушыстая куузіка. Чарнелі дажджавальныя ўстаноўкі, непатрэбныя у гэтым годзе. Як і ў Малях, павітаўшыся з людзьмі, Дзмітрый Канстанцінавіч падзадорваў іх: чаму па прывазе адстаіцё ад «Чырвонага Кастрычніка», а па ўраджаю — ад «Рассвета»? Дзе ваша самалюбства? У вас жа ўсе магчымасці ёсць, аграном такі талковы, дысертацыю завяршае. Глядзіце, трымайце яго, а то ў інстытут перацягнуць. Дарэчы, вось і ён сам, ваш Сігізмунд Сігізмундавіч Валуевіч, мчыцца на машыне. Чарнявы, стройны, барадаты, у чорнай «чортавай скуры». Памахаў рукой праз акно і знік у клубах белага пылу.
У Гайголях, на вялікай роўнядзі, плылі чарадой шэсць камбайнаў. Мы доўга стаялі і любаваліся, як Эдуард Скерла спрытна паднімаў палеглую збажыну мудрагелістым самаробным прыстасаваннем, навешаным спераду на машыну. Стаяў на мосціку і пільна ўглядаўся ўніз.
— Віртуозы! — усклікаў сакратар. — Сапраўдныя прафесары ад тэхнікі! Ім бы пры жыцці помнікі будаваць! На дажынках абавязкова пастаўце іх на п’едэстал славы. Нічога страшнага не будзе, калі і пачастуеце. Толькі запрашайце абавязкова з жонкамі.
— Значыць, добры стары абрад дажынак жыве?
— А як жа! Выстройваюцца ў шарэнгу камбайны, пераможцы ўзнімаюць сцяг, падносяць старшыні каравай і сноп. Лепшым — прэміі, ганаровае месца ў застоллі. І ніхто на людзях не напіваецца. Напіваюцца за вугламі… Пакрыху ўкараняюцца ў нас і новыя абрады, святы. Да Дня работніка сельскай гаспадаркі прыўрочваем раённую выстаўку. Запрашаем гасцей з Літвы, Украіны, суседняга Смаргонскага раёна. Падводзім вынікі спаборніцтва, ладзім канцэрт. Сапраўднае свята працы і дружбы народаў.
— Калісьці, — прыгадваю, — з гэтай дружбай у Гервятах не ўсё было ладна. У вільнюскіх архівах мне даводзілася сустракаць многа судовых спраў, заведзеных на гервятцаў у сувязі з нацыянальнымі канфліктамі. Людзі абражалі адзін другога, ламалі рэбры, пісалі даносы, падпальвалі хаты. А цяпер?
— Раней улады наўмысна нацкоўвалі народ на народ. А цяпер няма чаго дзяліць. За ўсе гады прабывання на Астравеччыне не прыпомню ніводнага нацыянальнага канфлікту. Літоўцы вучацца ад беларусаў і наадварот. У адной і той жа хаце гавораць па-беларуску, па-літоўску, па-руску, па-польску. Добрай школай інтэрнацыянальнага выхавання тут служыць наша спаборніцтва з Швянчонскім раёнам. Мы ідзём уперадзе па ўраджаях, а яны па малаку і мясу. Мы ім даём насенне больш ураджайных сартоў жыта і бульбы, а яны нам — насенне траў. Сустрэчамі асабліва не захапляемся, але часта бываюць дзелавыя паездкі. Правяраем выкананне абавязацельстваў, дзелімся сакрэтамі. Нам асабліва прыдаўся іх вопыт асушкі балот дрэнажным спосабам. Праводзім дні Швянчонскага раёна ў нас, а яны дні Астравецкага раёна ў сябе. Над Віліяй збіраемся на сумесныя святы. Літоўскі і беларускі друк многа піша пра наша спаборніцтва.
— Мы швянчонцам нават свайго старшыню ўдружылі, — дапаўняе Андрэй Андрэевіч. — Міхала Куліса з Гальчун. Ён цяпер калгасам «Кратуоніс» кіруе. Летась мы далі ім дзесяць тон насення жыта «белта». Занеслі іхніх лепшых людзей у сваю кнігу гонару. Яны ж нас штучнаму арашэннню абвучылі. Мы ім дапамагаем скараснымі касілкамі, а яны нам — дыскавымі сеялкамі. З канцэртамі ў Гервяты прыязджаюць. Наша дружба прыносіць падвойную карысць — матэрыяльную і маральную.
Паабяцаўшы гервяцкаму старшыні, што я яшчэ прыеду, каб падрабязней пра ўсё распытацца, мы развітваемся, рассаджваемся па розных машынах. Наш курс цяпер на Рымдзюны, на «Рассвет». Еду туды з асаблівай цікавасцю. Год дваццаць таму мяне паслалі ў «Рассвет» напісаць нарыс пра старшыню калгаса. Прозвішча старшыні называць не буду, бо ён ужо нябожчык ды і партызаніў нядрэнна. Тады прагрымеў на ўвесь раён дзвюма калгаснымі цагельнямі, якіх ужо і след загінуў. Прыехаў я, застаў яго ў абед у ложку. Ён абліўся халоднай вадой, сказаў брыгадзіру прыгнаць брычку. І конь пацягнуў нас па пясках уздоўж Ашмянкі і Віліі. Старшыня паціху кляваў носам, прывязаўшы лейцы да ручкі. А конь на памяць зварочваў куды трэба, спыняўся ля хутароў. З хаты нехта выбягаў, запрашаў «пана прэдседацеля» ў пакой. Старшыня для прыліку аднекваўся, але ахвотна ўсаджваўся за стол. На стале з’яўлялася заткнутая папяровым коркам пасудзіна з самагонкай, маласольныя агуркі, рыжыкі са смятанай, вашчына з мёдам. А калі на адным стале не з’явілася нічога, старшыня мутна глянуў на скручанага ў тры пагібелі гаспадара і, бразнуўшы дзвярыма, выйшаў на панадворак. Каля пярэплату ляжала копка сена. «А, накасіў усё-такі ў маім лесе!» — узрадаваўся старшыня. Падышоў да копкі, злосна раскідаў яе нагамі. Я тут жа рашыў, што з мяне хопіць, і вярнуўся ў Астравец. Рэдакцыйнае заданне так і засталося нявыкананым.
Дык вось той старшыня ды і іншыя тагачасныя старшыні баяліся «раённага начальства». Прадчуваючы разнос, загадзя сыходзілі з канторы, хаваліся на хутарах. Пасыльныя цэлымі днямі для прыліку шукалі іх і вярталіся ні з чым або таксама напіўшыся.
Цяпер жа, пераканаўся я за сённяшні дзень, старшыня сам ахвотна ідзе насустрач «раённаму начальству». Каб атрымаць параду, даведацца, як там у суседзяў, а то і папрасіць нешта. Вунь ізноў легкавушка насустрач пыліць. Не іначай старшыня «Рассвета». Так і ёсць: Леанід Міхайлавіч Дарафей, чацвёрты «матарызаваны» старшыня за сённяшні дзень.
— Ці езджу я на кані? — усміхаючыся, перапытвае рымдзюнскі старшыня. — Не, не езджу, бо нікуды не паспеў бы. Цяпер з маладых рэдка хто ўмее і каня запрэгчы. Усе за руль рвуцца.
У адрозненне ад Рынкевіча і Галагаева Дарафей больш маўклівы. Кожнае слова ўзважвае. Гаворыць ціха, спакойна. І ўвогуле ўвесь ён — увасабленне засяроджанасці і ўраўнаважанасці. Вонкава ў ім мала ад старшыні: невысокі, апрануты ў звычайную тэніску (хоць і пры чорным капелюшы), ён, спачатку здалося, неяк раствараўся сярод іншых калгаснікаў. Але я ўжо ведаў, што дысцыпліна ў Леаніда Міхайлавіча выдатная, што ўмее ён гаварыць з людзьмі, як ніхто іншы. Спакойны, ветлівы, але настойлівы, калі захоча каго пераканаць. І людзі за ім ідуць, вяртаюцца сюды пасля арміі. Па выніках 1973 года калгас атрымаў Памятны сцяг ЦК КПСС, Савета Міністраў СССР, ВЦСПС і ЦК ВЛКСМ. Цяпер на год раней тэрміну завяршае пяцігодку па збожжу. Ячмень «Маскоўскі–121» даў тут па пяцьдзесят цэнтнераў з гектара пры запраграмаваных сарака.
— Леанід Міхайлавіч, — пытаюся, — а ці было часам, каб вы разгневаліся?
— Было аднойчы, — неяк зусім па-дзіцячаму прызнаецца старшыня. — Прыязджаю гарачай парой на поле. Гляджу: п’юць у кустах чарніла. Тут не стрымаўся: што вам, іншага часу, лайдакам, няма!
Утрох аглядаем апошнюю нязжатую ніву. Камбайны якраз ціха стаялі пад жнівеньскім сонейкам, што зрэдку хавалася за распараныя, млявыя хмаркі. Людзі, таксама схаваўшыся на ўзмежку ў цянёк, елі поўднік — сёрбалі боршч, вылоўлівалі адтуль кускі мяса. Потым калгасная кухарка разам з сынком-памочнікам сабрала алюмініевыя талеркі ў аўтобусік, таксама калгасны, і прысела паслухаць, што новага скажуць сакратар і старшыня. А гаварылі яны толькі прыемнае. Што сёлета на круг будзе па цэнтнераў трыццаць пяць збожжа, у абавязацельствах жа запісана трыццаць. Што лепшых людзей, такіх, як Генадзь Ярмак і Зянон Тэрас з сынам Іванам, шафёр Браніслаў Аўгуль, які перавёз на ток пад дзве сотні тон збожжа, трэба, звыш іншых прэмій, звазіць на экскурсію ў Ленінград.
За якіх мінут дваццаць камбайнеры зноў былі на сваіх мосціках, зноў паплылі ў знойнае мроіва, старанна абжынаючы слупы розных ліній.
— А ці не здаецца вам, што гэтых слупоў на палях замнога?
— Здаецца, ох, яшчэ як здаецца! Эканомім на дроце, а губляем на полі. Трэба было б лініі весці толькі ўздоўж дарог, аб’ядноўваць, дзе гэта мажліва.
— А вазьміце лес. Вядуць лінію — пад ёй прасека. Колькі драўніны гіне. Кажуць, такую завядзёнку пачалі ў нас немцы яшчэ ў першую вайну. Каб лінія праглядалася, каб ніхто не пашкодзіў. У сябе, нябось, прасекаў не робяць…
— Ну, гэтага мы тут не вырашым, — перапыніў нас Леанід Міхайлавіч. — Давайце лепш з’ездзім у Завельцы, паглядзім наш рэпрадуктар.
На ўскраіне чысценькіх, дабротных Завельцаў, тых самых, дзе ў кожным шостым двары ёсць аўтамабіль, а ў кожным другім — матацыкл, стаіць з дзесятак пабудоў, старых і новых. У новым свінарніку, дзе падлога падаграваецца электрычнасцю, а кармленне і ўборка цалкам механізаваны, пад электралямпамі ляніва грэюцца парасяткі, уткнуўшыся лычыкамі ва ўлонні сваіх мацёр. Ад кожнай свінаматкі ў год тут атрымліваюць да дваццаці парасят. Потым адсюль іх вязуць на адкормачны комплекс у Варнянах, ідуць, прабачце мне, вегетарыянцы, на біфштэксы і адбіўныя…
А барвовае — на добрае надвор’е — сонца няўмольна набліжалася да небасхілу. Ад Ашмянкі, а можа нават ад самой Віліі пацягнула прахалодай. Камары шалёна затаўклі мак. Пара збірацца назад. Дамаўляюся, што пры наступнай сустрэчы Леанід Міхайлавіч пазнаёміць мяне з цікавымі людзьмі.
— Ты з Бублевічам звядзі, з Уладзімірам Іванавічам, — напамінае Арцыменя на развітанне Дарафею. — Я пра яго Пятру Міронавічу Машэраву расказваў, калі мы былі ў Рымдзюнах. Гэта ж падумаць! Персанальную пенсію прапануем, а ён адмаўляецца. Гаворыць, мне і так усяго хапае.
— Дзмітрый Канстанцінавіч, а ад чаго не адмовіліся б вы? — задаю крышку правакацыйнае пытанне, калі мы выехалі на гервяцкую дарогу. — Уявіце, што я чараўнік і магу выканаць тры вашы любыя жаданні. Што б вы папрасілі?
— Гм, трэба падумаць, — Дзмітрый Канстанцінавіч прымае правілы гульні. — Найперш папрасіў бы тэхнікі. Столькі, колькі трэба. Нам не хапае дзвесце трактароў МТЗ або пяцьдзесят «кіраўцаў». Трэба было б яшчэ сто камбайнаў. Потым папрасіў бы мінеральных угнаенняў! Цяпер мы ўносім па пяць-шэсць цэнтнераў на гектар, а трэба хаця б дванаццаць. Па-трэцяе, нестае будаўнічых матэрыялаў. Наша ПМК-88 штогодна не выконвае план будаўніча-мантажных работ. Толькі за апошнія чатыры гады недаасвоіла звыш шасцісот тысяч рублёў капіталаўкладанняў. А гэта значыць, што каровы стаяць у старых хлявах, людзі не справілі наваселляў. Можна яшчэ дадатковае жаданне? Запчасткі! Чорт яго ведае, куды яны дзяюцца. У газетах пішуць, што запчастак выпускаецца ў чатыры разы больш, чым прадугледжана абгрунтаванымі нарматывамі. А трактары і машыны стаяць! У «Сельгастэхніцы» не дастанеш, а ў запаслівага левака за пару бутэлек водкі — дастанеш. Я думаю, што тут бяда ў размеркаванні. Адказвала б «Сельгастэхніка» за спраўны стан калгасных трактараў — усё інакш было б.
— А жаданні асабістыя?
— Якія там асабістыя. Сваім лёсам — выбарам жыццёвага шляху, ці што — я задаволены. Астравеччына мне спадабалася адразу. Прыгожыя мясціны, сумленныя, працавітыя людзі. Не кляўзнічаюць, не закідваюць скаргамі. Хіба што паступіць адна кляўза ў месяц ды і то ад местачкоўцаў. Вядома, раён адстаў у развіцці. Асабліва ў 1962–1965 гадах, калі яго не было. У Ашмянах і Смаргоні глядзелі на далучаныя калгасы як на пасынкаў, фінансавалі іх дрэнна. Калі б не гэта, многія хлопцы былі б ужо героямі. А так мы толькі цяпер выходзім на карэліцкі ўзровень. Радуе, што вось і сын працавіты расце. Сёлета сам пасля школы папрасіўся ў «Шлях Леніна» памочнікам камбайнера. На дзесятым небе быў, калі набіў зернем першы бункер… Адно толькі, што часу малавата. Чытаць няма калі. Толькі ў водпуску ці зімой.
— І што апошнім часам прыпала да густу?
— Уважліва перачытаў усяго Быкава. Пачалі пра яго многа спрачацца, дык рашыў мець сваю думку. Чытаў з задавальненнем. Праўда, не спадабалася, што Быкаў абавязкова выведзе на пярэдні план і нейкага слабенькага чалавека. Але тут я, як і кожны, магу памыляцца.
У Малях мы на хвілінку звярнулі на збожжаток. Спускаўся змрок. Ад лагчын узнімаўся густы, нібы сырадой, туман. Сыта рыкалі, ідучы з пашы, каровы. Разнастайныя вячэрнія гукі выразна даплывалі сюды, на ток, дзе ляжалі, нябачна выпраменьваючы назапашанае цяпло, вялікія груды ячменю. Прасунеш у яго руку — знутры ідзе густы хмельны пах. Мільёны зярнятак, і ў кожным затоена новае жыццё.
На «газіку» пад’ехаў да нас Рынкевіч і ўзбуджана пачаў расказваць, як яму ўдалося знесці яшчэ два хутары. На адным жылі старыя брат і сястра. Калісьці бацькі не дазволілі ім завесці свае сем’і, бо не было б каму абрабляць дваццаць восем гектараў зямлі. Потым бацькі памерлі, дзеці пастарэлі. Жылі на хутары без святла, без радасці. Нават людской пасцелі не мелі. Цяпер калгас даў ім у Малях дом за дзесяць тысяч, купіў тэлевізар, нават белыя прасціны. Расплакаліся, калі першы раз ім уключылі святло. Тады здаўся і другі хутаранін. Да гэтага доўга супраціўляўся: на хутары можна і курэй выпусціць у калгаснае збожжа, і сенца лішняга на продаж урваць, і самагону выціснуць з пудзік. Прыйшлося і суседу пераехаць у вёску.
— Так, у жыцці ўсё складана, — пад’язджаючы да Астраўца, Дзмітрый Канстанцінавіч нібы падвёў вынік усяму дню. — З Свіслачы мне дужа не хацелася ехаць сюды. Астравецкі раён лічыўся самым глухім у вобласці. «Астравец — свету канец!» — хадзіла пагаворка. Жонка плакала: чым ты правініўся? Але выклікалі ў Гродна і сказалі: трэба. Ад цябе, сказалі, мы не патрабуем многага, аднаві толькі ў Астраўцы годнасць партсакратара — раней раёну доўга не шанцавала. Так я згадзіўся і так прыехаў сюды. І цяпер не шкадую.
5.
Калі настаўніцу, дык з машынай! Сустрэча з сельскім інтэлігентам. Чалавек, які двойчы гарэў. Аграном з сям’і аграномаў. Два погляды на жыццё. Рымдзюнскія перамены
Паступова асэнсоўваючы паездку з Дзмітрыем Канстанцінавічам Арцыменем, я зразумеў, што яе маршрут быў выбраны не выпадкова. Гэта нібы рэкамендацыя: вось сюды, у Варняны, Гервяты, Рымдзюны, варта вярнуцца яшчэ раз, каб паглядзець усё больш уважліва, без спешкі.
На аўтастанцыі аказалася, што на Варняны цяпер аўтобусы ходзяць кожную гадзіну, а раніцай і вечарам — яшчэ часцей. Ужо за Варнянамі яны расходзяцца ў розныя бакі: які на Вільнюс, які на Міхалішкі і Кямелішкі, які на Гервяты, Рымдзюны і Маладзечна. Гэта не тое што год дваццаць назад, калі на Астравеччыну пралёг першы маршрут Вільнюс–Гіры.
На аўтобусным прыпынку, абшарпаным і непрыбраным, сабралася спорна народу. Маладыя хлопцы, па руках відаць — механізатары, гучна і бессаромна ўспамінаюць свае начныя прыгоды:
— Так ты да яе кінуў хадзіць?
— А мне што — цацкацца, калі бацькі за ёй «Жыгулі» не даюць?
— А кошкі, мабыць, на душы скрабуць. Навучыцелька ўсё ж.
— Шмат я відзеў такіх навучыцелек… Які ў яе там заробак! Не бойся, пры маёй халтуры знайду сабе кралю і з «Жыгулямі».
Старая ў вялікай клятчатай хустцы ўсё памыкалася ўмяшацца ў гэту гаворку. Але не наважылася. Толькі нешта шаптала высахшымі вуснамі. А калі хлопцы, галёкаючы, уселіся на спадарожную машыну, замахала ім услед кароценькім кійком.
— А кыш-ш! А кыш-ш, паскудства!
Пра сцэну на аўтобусным прыпынку за якую гадзіну я расказваў Эдуарду Міхайлавічу Пяткевічу, дырэктару Гервяцкай дзесяцігодкі. Школа нібы вымерла — усе былі на бульбе. Ён жа сядзеў у вузенькім кабінетчыку і запаўняў доўгую зводку.
— Цяпер у вёсцы стала модна мець жонку з дыпломам, — нявесела ўсміхаецца дырэктар. — З інстытутаў пераважна прыязджаюць дзяўчаты. А за каго загадаеце ім замуж ісці? За калгаснікаў. Калгаснік жа часта зарабляе ўдвая больш, чым настаўніца. Чаму б не пафарсіць, легкавушку ў пасаг не запатрабаваць?
— Але ж такі сямейны саюз вытворчасці і адукаванасці, культуры можа даць добры плён!
— Чаму не. Тут усё залежыць ад таго, хто каго павядзе, чый пачатак пераможа. Бывае, прысядзібны ўчастак, пагоня за рублём давядуць настаўніцу да таго, што нічога інтэлігентнага ў ёй не застанецца. Бывае, яна ўзніме мужа да свайго ўзроўню, прымусіць яго вучыцца.
— Значыць, цяга да навукі ў хлопцаў цяпер ніжэй, чым у дзяўчат?
— Выходзіць, што так. Проста змяніліся стымулы. Раней веды асацыіраваліся з дастаткам. Цяпер такой сувязі няма, Матэрыяльныя стымулы змяніліся маральнымі, прэстыжнымі. Калі хлопцы і паступаюць, то толькі не ў педагагічны.
— А куды яны ідуць? Эдуард Міхайлавіч, вы, здаецца, працуеце ў Гервятах даўно, можаце зрабіць абагульненні…
— Працую я тут сапраўды гадоў ужо дваццаць. Ужо дзеці маіх першых выпускнікоў скора стануць выпускнікамі. Новае пакаленне прыйшло.
— І якое ж яно, гэтае пакаленне? Як складваўся лёс колішніх выпускнікоў і складваецца лёс цяперашніх?
— У 1956 годзе ў нас быў першы выпуск. З яго ў вышэйшыя школы паступіў кожны чацвёрты. А з дваццаці шасці выпускнікоў 1973 года — толькі два, сёлета — таксама два.
— Шэсць-восем працэнтаў. Удвая менш, чым у сярэднім па краіне. Чаму?
— Пры ўсім нашым старанні сельскім выпускнікам цяжка дужацца з гарадскімі. У сувязі з пераходам на новыя праграмы семдзесят — восемдзесят працэнтаў нашых дапаможнікаў устарэла. Цяпер нам патрэбны тэлевізары, магнітафоны, адных мікраскопаў — дваццаць штук. З бюджэту ўсяго гэтага не купіш.
— А дапамога калгаса? Дарэчы, як у вас узаемаадносіны з калгасам увогуле? Наколькі мне вядома, жонка і дачка старшыні працуюць у вашай школе. Значыць, адносіны павінны быць добрыя.
— Не спяшайцеся з вывадамі. У наш планавы век не павінна быць нічога стыхійнага. Таму і нашы стасункі рэгулююцца дакументам. Мы першымі ў раёне сёлета распрацавалі сумесныя мерапрыемствы з калгасам. Яны адобраны райкомам партыі, апублікаваны ў газеце. Давайце разам пройдземся па асобных пунктах. «Калгас абавязваецца дапамагчы школе ў абсталяванні кабінета па вывучэнню трактароў і сельгасмашын» — тут усё ў парадку, далі нам вузлы. «Штогодна выдзяляць школе да тысячы рублёў на наглядныя дапаможнікі, спортінвентар і кнігі для бібліятэкі» — тут нічога мы не атрымалі, бо ў праўленні нібы не ведаюць, як і на што можна пералічыць грошы. «Выдзяляць тэхніку і ўгнаенні для прышкольнага ўчастка, забяспечваць школьны трактар і аўтамашыну гаруча-змазачнымі матэрыяламі» — з гэтым у нас нядрэнна. «За кошт калгаса накіроўваць выпускнікоў у інстытуты і тэхнікумы» — нічога не выйшла, бо не знайшлося ахвотнікаў ды і спецыялістаў у калгасе дастаткова. «Наладзіць з верасня бясплатнае харчаванне для дзяцей калгаснікаў» — таксама загвоздка. Наш старшыня ківае пальцам на суседзяў: пачакаем, як яны, іхнія дзеці таксама ходзяць у нашу школу. «Скіраваць у завочную вучобу моладзь, якая не мае сярэдняй адукацыі» — паслана пяць чалавек, пераважна дзяўчат з канторы. «Накіраваць важатымі восем перадавікоў вытворчасці» — сказалі, што няма магчымасці. І гэтак далей.
— Цяпер возьмем другі бок, школу.
— Сваё слова мы трымаем. Штогодна ўбіраем калгасу звыш чатырохсот топ бульбы, сто пяцьдзесят тон караняплодаў. Сёлета паша вытворчая брыгада вырасціла пяць гектараў буракоў. Вучні — найпершыя памочнікі Валуевіча ў яго навуковых доследах. Штогодна чытаем для калгаснікаў да ста лекцый, ставім канцэрты, шэфствуем над ветэранамі вайны і працы. Вядзём прафарыентацыю. Амаль усе выпускнікі выходзяць ад нас з правамі трактарыстаў-машыністаў трэцяга класа. Летам многія вучні працавалі памочнікамі камбайнераў.
— Значыць, засталіся пасля выпуску ў родным калгасе?
— Уявіце сабе, не. З апошняга выпуску засталіся толькі два троечнікі. Астатнія — хто куды: у тэхнікумы, вучылішчы, на заводы падаліся. Прадбачу ваша пытанне: чаму мы арыентуем, а яны не арыентуюцца? Таму што іх не задавальняе перспектыва. Наш калгас дае ім добрыя заработкі, але не стварае належныя культурна-бытавыя ўмовы. Жылыя дамы амаль не будуюцца. Пра дзіцячы сад гаворка вядзецца год з дваццаць. Клуба фактычна таксама няма. Есць старая, яшчэ, мусіць, дарэвалюцыйная развалюха. А ў ёй — ані самадзейнасці, ані вечароў. Культработнікі пабудуць з год і шукаюць лепшае месца. Узнікаюць нажніцы паміж культурнымі запатрабаваннямі і рэальнымі магчымасцямі іх задаволіць. А запатрабаванні ў нас высокія. Амаль з кожнай сям’і, асабліва з літоўскай, хтосьці жыве ці вучыцца ў Вільнюсе. Ёсць з чым параўнаць.
— Калі не памыляюся, Гервяцкая школа — адзіная дзесяцігодка ў Беларусі, дзе вядзецца выкладанне літоўскай мовы.
— Так. Прыкладна шэсцьдзесят працэнтаў нашых вучняў — літоўцы. Па свайму выбару яны могуць вывучаць літоўскую ці беларускую мову. Многія потым паступаюць у літоўскія інстытуты, становяцца вядомымі ў Літве людзьмі. Праўда, цяжкавата ім. У мясцовай літоўскай гаворцы многа беларусізмаў, дыялектных форм.
— Пра гэта я ўжо чытаў у працы Тамары Міхайлаўны Суднік «Диалекты литовско-славянского пограничья». Там ёсць цэлы раздзел пра гервяцкую гаворку. Даследуюць яе і вільнюскія філолагі.
— Цяпер з Вільнюса і з Мінска да нас часта прыязджаюць комплексныя навуковыя экспедыцыі. Найбольш буйная была ў 1970 годзе. Арганізавалі яе Інстытут літоўскай мовы і літаратуры АН Літоўскай ССР і Літоўскае таварыства па ахове помнікаў і краязнаўству. Але ўдзельнічалі таксама вучоныя з Мінска, Масквы, Таліна — усяго сто пяцьдзесят чалавек. Прыехалі да нас фалькларысты, этнографы, гісторыкі, медыкі, метэаролагі, харэографы, кампазітары. Усебакова даследавалі пятнаццаць вёсак, запісалі ад двухсот з нечым выканаўцаў больш трох з паловай тысяч твораў літоўскага і беларускага фальклору, часта унікальных. Напрыклад, у Гірах захавалася рэдкая літоўская песня пра паўстанне 1863 года і Кастуся Каліноўскага, па матывах якой вядомы літоўскі мастак Арунас Тарабілда зрабіў цыкл гравюр. Асабліва цікава выключная блізкасць літоўскіх і беларускіх працоўных песень; латышскія роднасныя літоўскім па мове, але намнога далей па зместу. Перад ад’ездам вучоныя арганізавалі ў Рымдзюнах развітальны вечар. А потым запрасілі лепшых выканаўцаў у Вільнюс.
— Пра гэта я ведаю. Расказвала наша фалькларыстка Лія Салавей. Сустрэча ў Вільнюсе выглядала так. У памяшканні школы мастацтваў адкрылася выстаўка сабраных этнаграфічных матэрыялаў. Пра вынікі экспедыцыі дакладвалі яе кіраўнікі: Норбертас Велюс, прафесар Бернардас Падзегімас, філолаг Алаізас Відугірыс. У перапынках іграла народная капэла з Рымдзюн — скрыпка, гармонік і бубен. Зала зачаравана слухала літоўскія і беларускія народныя песні, а часам нават асцярожна падхоплівала і дапамагала, калі хто крыху збіваўся. Апошнюю, віншавальную песню праспявалі ўсе стоячы. Самы стары з гервяцкіх гасцей абвязаў Велюса, нібы маршалка на вяселлі, васьмярнёвым ручніком. Потым дэманстравалі фільмы, знятыя ў экспедыцыі. Сустрэча закончылася пачастункам гасцей — абслугоўвалі іх хлопцы і рабілі гэта сур’ёзна і спрытна.
— Літоўцы ўмеюць рабіць такія святы. Тая сустрэча надоўга застанецца ў памяці нашых калгаснікаў. Як праяўленне дружбы двух народаў-суседзяў.
— Застанецца і кніжка. Нашы дзве акадэміі рыхтуюць тоўстую манаграфію «Гервяты», прысвечаную гэтаму непаўторнаму астраўку двуадзінай культуры.
— Будзе ў гэтым томе і мой краязнаўчы артыкул. Пра дасягненні мясцовага калгаса, развіццё асветы.
— Прабачце, Эдуард Міхайлавіч, з якой вы сям’і? Калі вы прамаўлялі на жнівеньскай канферэнцыі, мне здалося, што вы патомны інтэлігент. Такія бездакорныя манеры, дыкцыя. Тое ж самае гаварыла мне, калі я збіраўся сюды, антраполаг Лідзія Цягака. У шэсцьдзесят сёмым годзе яна збірала ў вас матэрыялы. «Такая бібліятэка багатая, — захаплялася яна, — такія рознабаковыя інтарэсы, столькі грамадскіх спраў!»
— Мне прыемна пачуць гэтыя словы, — Эдуард Міхайлавіч упершыню за ўсю сустрэчу па-сапраўднаму ўсміхнуўся. — Але я і мая сястра-настаўніца інтэлігенты толькі ў першым пакаленні. Нарадзіўся я непадалёку, у Снігянах. Гэта ўжо Смаргоншчына. Бацькі былі звычайнымі сялянамі, але любілі кніжкі. Памятаю, як чыталі «Скрыпачку беларускую» Багушэвіча. Прыносіў яе дзед з суседняй вёскі Падбярозы.
— Напэўна «Скрыпачка»? З партрэтам аўтара?
— Партрэта не прыпамінаю. Але такіх па зместу твораў больш нідзе не сустракаў. Усе клаліся ад смеху, дзівіліся, што аўтар так ведае вясковае жыццё. Можа, гэта і быў той трэці зборнік Багушэвіча, які ўсе так упарта шукаюць.
Тым часам Эдуарда Міхайлавіча выклікалі ў раён, а я пайшоў палюбавацца школьным дваром. На клумбах другі раз у гэтым годзе зацвіла шыпшына. У садзе нязвычна, бо сярод жоўтай лістоты спялелі вішні. Раслінны свет аніяк не мог сарыентавацца ў капрызах сёлетняй пагоды.
Са школы пайшоў у цэнтр Гервят, над якімі ўзвышаўся чырвоны шпіль неагатычнага касцёла, збудаванага на пачатку стагоддзя віленскім дойлідам Вацлавам Міхневічам. Тут пачынаў мастацкую дзейнасць славуты літоўскі спявак Кіпрас Пятраўскас. Яго брат Мікалас працаваў у касцёле арганістам, арганізаваў хор. Бацька сталярнічаў, любіў рабіць скрыпкі. У той цяжкі час Пятраўскасы арганізавалі ў Гервятах духавы аркестр, які іграў народныя песні, «Варшавянку» і «Марсельезу».
Некаторыя аматары лічаць гервяцкі касцёл галоўнай архітэктурнай славутасцю Астравеччыны, хаця па сваёй гістарычнай і мастацкай каштоўнасці ён намнога ўступае варнянскаму ансамблю і барочнаму касцёлу ў Міхалішках. Адзінае, што тут ёсць сапраўды выключнае, гэта перавезены з Клюшчан пяцікутны уніяцкі абраз «Дзева Марыя — апякунка ўсіх веруючых». Мастацтвазнаўца Гурый Барышаў, які паказваў мне здымак гэтага абраза, вагаўся: рэнесанс ці можа нават готыка… Невядомы мастак быў несумненна смелым для свайго часу чалавекам. Лісліва ўзнімаюць вочы ў неба манархі, сквапна паглядаюць манахі. Кволы анельчык цягне з пякельнага бяздоння душы шляхціца і ксяндза. Падумаць толькі, на што ішоў мастак: памясціць у пекле нават ксяндза! Захацелася паглядзець на арыгінал, але на плябаніі сказалі, мусіць, дзеля адчэпнага, што ксяндза няма дома.
За касцёлам, на беразе Лошы, аглядаю ўкрыты шатамі дрэў стары абшаляваны дом. Цяпер тут акуратненькая бальніца на пяцьдзесят ложкаў. Радуюць вока стэнды з выказваннямі рускіх і беларускіх класікаў пра здароўе. А раней тут жылі жорсткія паны Дамейкі, супраць якіх бунтаваліся мясцовыя сяляне на чало са сваім завадатарам Валэйкам. У сваю чаргу Дамейкі купілі ў 1801 годзе Гервяты ад рускага пасла ў Стамбуле Шусэл-Жуфрэ. Да гэтага мястэчка належала віленскаму біскупству. Атрымала яно Гервяты ў 1434 годзе, відаць, ад князя Сігізмунда Кейстутавіча і потым увесь час павялічвала маёнтак — у 1474 годзе за трыццаць пяць коп грошы пражскіх біскуп купіў халопа Лелюша з сынамі Янам і Трабусам, што «сядзелі» пад ракой Лоша («Галоша»), а ў 1480–1491 гадах прыдбаў дванаццаць чалавек «гальчунцаў», якія акрамя паншчыны плацілі дваццаць шырокіх пражскіх грошы, пуд і два сіты льну і давалі коней на паслугі. А яшчэ раней Гервяты былі ў руках літоўскага князя Германта і называліся Германтамі. Упершыню паселішча ўпамінаецца ў 1271 годзе.
Каля касцёла зноў выходжу на колішнюю рыначную плошчу, упрытык абстаўленую старымі драўлянымі дамамі. Пад канец XVІ стагоддзя тут і «на вуліцах» стаяла трыццаць халуп. У 1912 годзе польскі часопіс «Люд» пісаў, што на плошчы выдзяляліся чатыры шынкі, а ў былой карчме гандляваў таварамі Станіслаў Шэміс, брат мясцовага літоўска-польскага паэта Адама Шэміса, які памёр у невядомасці на віленскім бруку ў 1905 годзе. Цяпер на плошчы ўзвышаецца помнік тым, хто загінуў на гервяцкай зямлі або пайшоў з гэтай зямлі дабіваць фашыстаў і не вярнуўся. Сённяшняе інтэрнацыянальнае брацтва акроплена тут крывёй прадстаўнікоў розных народаў: рускіх лейтэнанта Васіля Вяслова і сяржанта Аляксея Ксенафонтава, літоўцаў Леанардаса Даўгуля і Вацловаса Гродэля, беларуса Івана Шаўракі і паляка Станіслава Бараноўскага. На плошчы выраслі новыя будынкі сталовай, магазіна. Воддаль красуецца абноўленая кантора калгаса… Пара зайсці туды і задаць старшыні пытані, што ўзніклі пры гаворцы з дырэктарам школы.
Андрэй Андрэевіч якраз нервова гаварыў па тэлефоне. Мяркуючы па тону — з раённым начальствам:
— Ды зразумейце ж вы! Сёння раніцай ужо быў мароз! Трэба ратаваць кукурузу, а сілы мала. Няма людзей, кажу, няма транспарту. Трэба і лён абмалачваць, і развозіць яго на сцелішчы. Усё ўпіраецца ў транспарт. Тры машыны стаяць без рысор. Не, рысоры ў «Сельгастэхніцы» ёсць, але кажуць, што мы ўжо свой ліміт выбралі. Падкіньце пару машын з аўтабазы… Ах, нават так… Тады буду вымушаны пісаць афіцыйна!
— Паехаў Дзмітрый Канстанцінавіч — і нельга вырашыць нават простае пытанне, — Андрэй Андрэевіч раз-пораз глыбока і цяжка ўздыхае. — Ніхто не хоча браць на сябе адказнасці.
— Што, не хапае рабочай сілы?
— Пазарэз не хватае!
— А пасля дзесятага класа хто-небудзь да вас прыйшоў?
— Не ведаю. Была тут у мяне адна на прымеце, Вольга Гражуль. Правы трактарыста мае, летам памочнікам камбайнера працавала. Абяцаў ёй першы новы трактар.
— Адна — з трыццаці двух сёлетніх выпускнікоў? Сапраўды выходзіць, як у тым вершы Бураўкіна: «Уцякаюць хлопцы ў гарады, ад зямлі бацькоўскай уцякаюць, іх плугі і косы не цікавяць, надакучыў жніўня пыл руды…»
— Прычым тут плугі і косы… У нас усё цяпер механізавана. Збожжа і сеюць, і жнуць машыны, закладваюць сянаж — таксама. Значыць, менш калгаснікаў трэба. Вось толькі ўборка бульбы, лён. Вымушаны школьнікаў браць, студэнтаў запрашаць…
— Але ўсё ж уцякаюць ці не? Можа, плаціце мала? — прыкінуўся я недасведчаным.
— І заработкі ні пры чым. Даярка Гэнуэфа Бублевіч зарабіла ў нас за год дзве тысячы восемсот рублёў, механізатары Іван Стэх і Антон Койра — па тры тысячы шэсцьсот рублёў. А з хаты ж яшчэ нехта ходзіць. На яду гэтыя грошы траціць не трэба, бо і мяса, і малако, і бульба — усё сваё. Хіба што на хлеб і цукар.
— Куды ж ідуць такія грошы?
— Купляюць тэлевізары, халадзільнікі, пральныя машыны, матацыклы. Пачалі купляць аўтамашыны, але пераважна сваім дзецям — у Вільнюс. І ўсё роўна грошы застаюцца, ляжаць.
— Дзе? У ашчаднай касе?
— Напалавіну. Часта па звычцы дома, у старой панчосе. Потым то згінуць, то згараць, то злодзей украдзе. Вунь у Лаўрыновіча быў пажар, дык тысячы абгарэлі. Чаму не кладуць у касу? Часам па спрадвечнай сялянскай недаверлівасці. Часам не хочуць важданіны. Бо ў пагоні за планам накапленняў работнікі кас любяць чыніць штучныя перашкоды, калі хто захоча ўзяць уклад назад.
— Ведаю некалькі такіх фактаў. Мясцовыя дзеячы прымушаюць хадзіць па грошы некалькі разоў падрад, пісаць заявы, на што патрэбны тыя грошы… Але мы ўхіліліся ад асноўнай тэмы: чаму маладым не сядзіцца ў вёсцы?
— Нікуды не ўхіліліся. Таму і не сядзіцца, што няма дзе і як рэалізаваць заробленыя грошы. Не на водку, а культурна. Як у горадзе.
— Во-во! А калгас хіба не павінен ім тут дапамагчы? Маладым ой як трэба добрая кватэра, асабліва пасля вяселля. Колькі разводаў таму, што цяжка ўжыцца з цешчай або з свякрухай. Зноў жа, калгасніку хочацца мець усе выгоды. Гарачая вада ў доме яму трэба больш, чым іншаму гараджаніну, бо гараджанін пераважна не працуе ў такім пыле і не ходзіць па такой гразі. Вось вазьміце і дапамажыце маладому калгасніку, прывяжыце яго да зямлі калгаснай кватэрай. Або хай будуецца кааператыўна. Грошы ж у яго ёсць. Колькі вы цяпер дамоў будуеце?
— Тры дамы. І будуем якраз кааператыўна. Трыццаць працэнтаў пакрывае калгас, семдзесят — на выплату. Але пералічылі мы рамонтна-будаўнічаму ўпраўленню трыццаць тысяч, заклалі яны фундаменты і — кінулі… Тут я з вамі згодзен, што мы часам недальнабачна робім. Закінем культуру і быт — адаб’ецца на вытворчасці. Трэба нам браць прыклад з Літвы. Многіх яна перавабіла ад нас лепшымі бытавымі ўмовамі. Але тут мы бяссільныя: будаўнічыя арганізацыі не спраўляюцца з аб’ёмам работ. Грошы ў нас ёсць, а аб’ект не ўключаецца ў тытульны спісак.
— Значыць, грошы цяпер ёсць…
— А як жа. Прыехаў я сюды ў шэсцьдзесятым годзе — а да гэтага працаваў бухгалтарам, вызваленым партсакратаром — у сейфе толькі неаплачаныя ведамасці за тры гады. Ды і ў ведамасцях тых — як кот наплакаў: па трыццаць капеек на працадзень старымі. Усе хлявы раскрыты, салому на корм, ведаеце, аж з Эстоніі вазілі. Кінуў усе сілы на лён. Здалі мы яго патаемна, на суседні «Рассвет» аформілі, бо ў нас усе банкаўскія рахункі былі замарожаны. Выручылі першых дзвесце тысяч. Выдалі патроху людзям. Паверылі яны нам. Потым перайшлі на гарантаваную аплату. У год выдавалі па трыста тысяч… А летась выплацілі семсот, сёлета будзе каля васьмісот. Даход летась склаў каля паўтара мільёна, з іх чыстага прыбытку — шэсцьсот восемдзесят тысяч. Рэнтабельнасць вытворчасці даведзена да сарака двух працэнтаў.
— Куды ж ідзе прыбытак?
— Звыш чатырохсот тысяч — на папаўненне асноўных фондаў. Цяпер мы многа будуем: вялікі тыпавы механізаваны валоўнік, збожжаток і сховішча на тысячу тон збожжа. Купілі чатыры арашальныя ўстаноўкі. Маем дванаццаць камбайнаў, сорак трактараў, дваццаць пяць аўтамашын, у тым ліку пяць легкавых — усе галоўныя спецыялісты забяспечаны транспартам. У загадчыкаў участкаў — матацыклы… Яшчэ тысяч семдзесят — восемдзесят выдзяляем на дадатковую аплату, прэміяванне.
— А на культурна-бытавыя патрэбы?
— Як і належыць, як і належыць, не больш і не менш, тысяч пятнаццаць. Расходзяцца яны неяк…
— Вунь у школе скардзяцца, што грошы на дапаможнікі абяцалі, а не пералічаеце. Бясплатнае харчаванне вучням не арганізавалі.
— А што мы можам, што мы можам… У банку нам сказалі: не маем такога права. А з харчамі пачакаем, як іншыя калгасы.
— Навошта ж было тады падпісваць сумесныя мерапрыемствы? Як вы школе, так і школа вам…
Такі паварот гаворкі не вельмі падабаецца старшыні. Зрэшты, у мяне склалася ўражанне, што ён сам разумее хісткасць многіх сваіх аргументаў. Ды і што гэта я ўвесь час толькі пра моладзь, культуру, быт. Андрэй Андрэевіч сапраўды лепшы старшыня ў раёне, сапраўды ўмее лічыць і берагчы капейку. А што парой беражэ не там, дзе трэба, дык тут вінаваты не ён адзін: за вытворчасць здымаем стружку, а за культуру хіба што паўшчуваем. Прыгадаліся словы з нарыса «Курземітэ» Іманта Зіедоніса, які якраз пачаўся друкавацца ў «Дружбе народов»: «Палітыка будняў ёсць, няма палітыкі выхаднога дня».
— Учора ў абласной газеце прачытаў, што ваш калгас за чатыры гады справіўся з пяцігадовым планам па вытворчасці збожжа. Выходзіць, можна вас, Андрэй Андрэевіч, павіншаваць.
— Ёсць такое, — твар Галагаева адразу святлее. — Планавалі на канец пяцігодкі дзве тысячы тон, а сёлета сабралі дзве тысячы восемсот. Па трыццаць тры цэнтнеры з гектара выйшла, а было, калі прыехаў сюды, усяго па пяць-шэсць цэнтнераў. І не толькі па збожжу. За тры з паловай гады завяршылі пяцігодку па вытворчасці мяса, цяпер завяршаем на малаку. На сто гектараў зямлі сёлета ўжо атрыманы сто дваццаць адзін цэнтнер ялавічыны. Праўда, не ўсе фермы працуюць аднолькава. Усё залежыць ад людзей.
— Раскажыце, хаця б коратка, пра лепшых.
— Каго б тут выдзеліць? Выдатна працуе даглядчык Часлаў Глаўдзель. У яго волікі прыбаўляюць на адкорме амаль па кілаграму за суткі. Вывучае новае, цікавіцца літаратурай. Сярод даярак лідзіруе Генуэфа Бублевіч з Гайголяў. Здаецца, сёлета яна першай у нас пераадолее чатырохтысячны рубеж. Добрае слова трэба сказаць пра звеннявую Марыю Равойць. Сёлета лён палёг, машыны яго не ўзялі. Прыйшлося рваць па-дзядоўску, рукамі. А плошча немалая, трынаццаць гектараў. Лічым, што ў яе будзе да васьмі цэнтнераў валакна з гектара. На раённую Дошку гонару збіраемся рэкамендаваць. Працуе Равойць у Міцюнах. Загадчыцай вытворчага ўчастка там Тарэза Сцефановіч, мясцовая, з Бабраўнік. Маладой дзяўчынай прыехала яна да нас пасля Гродзенскага сельскагаспадарчага інстытута. Працавала аграномам-насенняводам. А тут загадчык у Міцюнах захварэў. Паслалі яе. Прыглядалася, раілася са старшымі. Цяпер міцюнскі ўчастак ідзе ўперадзе не толькі па калгасу, але і па раёну. Або вазьміце нашых галоўных спецыялістаў. Калі прыехаў сюды, усе былі з сярэдняй асветай. Цяпер і заатэхнік, і галоўны інжынер, і загадчык майстэрнямі маюць інстытуцкія дыпломы. Галоўны аграном кандыдацкую піша. Дарэчы, з ім я раю вам спаткацца асабіста. Увогуле людзі за апошні час змяніліся. Раней прыходзілі на сходы п’яныя, абы-як адзетыя, выступленняў талковых не было. Цяпер гаспадарамі сябе лічаць. І, паверце, для мяне найбольшая радасць, калі адчуваеш, што ты людзям патрэбны. Неяк пусцілі паніку, што мяне ў суседні калгас хочуць узяць. Што тут пачалося! Так заядла выступаць пачалі, каб толькі мяне пакінулі…
Тут Андрэй Андрэевіч глянуў на гадзіннік і дакорліва паківаў галавой:
— Глядзі ты, колькі прагаварылі! Гадзіны з тры. А ў колькі ацаніць рабочую гадзіну старшыні? Ніхто яшчэ не падлічаў. І не падлічыць. Ну ладна, — Андрэй Андрэевіч адчуў маё пачуццё вінаватасці, — паедземце разам. Можа, дзе па дарозе Сігізмунда Сігізмундавіча зловім. Носіцца, як учадзелы. Толькі ці ўдасца ў вас гаворка. Яму як якая лейчына пападзе…
— Андрэй Андрэевіч, — спытаў я, калі «газік» ужо нёсся ці то ў Гялюны, ці то ў Гальчуны, ці то ў Гайголі — вечна блытаю гэтыя тры падгервяцкія вёскі, — рэдакцыйныя хлопцы расказвалі мне, што вы двойчы гарэлі: на фронце і ў мірны час. Было такое?
— Было. Калі мяне прызвалі ў армію, а прызывалі са Шклоўшчыны, папаў я ў танкавыя часці. Стаў механікам-вадзіцелем. І тут вайна. У першы ж дзень пайшлі ў контратаку. Вопыту асаблівага не было, адзін форс. Люкі задраіў моцна, на ўсе вінты. Танк загарэўся з сярэдзіны, ад мяне. Разрадзіў я тушыцель, прыбіў агонь, але люк раздраіць не магу, задыхаюся. Непрытомнага выцягнуў мяне Міша Усольцаў, наш заражаючы. Потым на танку прарваліся з акружэння. Эх, Міша, Міша, ці жывы ты? Я ж доўга цябе шукаў, бо жыццём табе абавязаны. Потым шмат ваявалася. На мінах падрываўся, пад Сталінградам у абедзве рукі раніла. А той першы бой пад Кандалакшай і цяпер стаіць у вачах. Другі раз… Ды што другі раз, хіба яго параўнаеш з першым? Пераехаў сюды. Прыглядаюся. На вясковае вяселле неяк мяне запрасілі. Толькі селі за стол — пажар у Гудзеніках, за кіламетр. Дабеглі, патушылі — і ўсё.
Па сціпласці старшыня прамаўчаў, што і ў той, другі раз таксама было цяжка. Ратуючы дзяцей, жывёлу, дабро, прыйшлося не раз кідацца ў полымя. Пасля таго вяселля доўга смылелі апёкі.
— Рашучы чалавек Андрэй Андрэевіч, адважны, — пацвердзіў мае меркаванні Сігізмунд Сігізмундавіч, калі я ля бульбяных буртоў перасеў са старшынёвай машыны ў аграномаўскую. — І гаспадар добры. У яго прыроджанае чуццё ёсць, дзе, калі і што сеяць, на чым можна зарабіць грошы.
— А спрачацца часта даводзіцца? — прыгадаліся мне словы Галагаева пра «лейчыну».
— Уявіце сабе, за шэсць год Андрэй Андрэевіч ні разу не падняў на мяне голас. Раімся, спрачаемся — хто каго пераканае.
— І да дысертацыі вас не раўнуе?
— Уявіце сабе, не, — Сігізмунд Сігізмундавіч доўга і заразліва смяецца. Увогуле, як я пераканаўся, усё ён робіць весела і напорыста. — Лаяльна ставіцца. Кажа, вартая справа. І публікацыі ў часопісах з’яўляюцца, і практычная аддача ёсць.
— Значыць, як звычайна гаворыцца, тэму падказала жыццё…
— Нялёгкае жыццё, дадайце. Неяк прыехаў да нас з райкома Арцыменя. Заклікае падвоіць пагалоўе жывёлы. «А чым карміць будзем?» — пытаю. «А навошта цябе пятнаццаць год вучылі?» — адказвае. Ён паехаў, а я хаджу, прыкідваю. Поле — яго не расцягнеш, яно не з гумы. Але два і нават тры ўраджаі з яго сабраць можна. Скосім мы на зялёны корм жыта, пачынаем сеяць салодкі лубін, куузіку. Толькі цяпер уся загвоздка, калі, як і чым засяваць, як зямлю абрабляць. Зноў узнімаць яе плугам? Зноў яе, сардэчную, культыватарам ці дыскамі? Не-е. Вы чыталі кнігу «Вар’яцтва ратая» аднаго амерыканскага фермера? Шкада, многа згубілі. Дык вось: вар’яцтва — гэта бясконца пераворваць глебу. Ад гэтага разбураецца яе структура, пачынаюцца пылавыя буры. Таму рашыў прымяніць іншы спосаб, сеяць без апрацоўкі. Лубін — ён прарастае. Пачаў доследы, вучняў зацікавіў, нават жонку — яна тут эканамістам, значыць, лічыць умее. Уявіце сабе, спачатку ледзь не ўсё сарвалі галубы. Выбіраюць насенне — і, пішы, прапала. Прыйшлося старога ставіць, каб рукамі махаў. Вядома, сучаснай сеялкай можна заправіць лубін і па глыбіню. Але ж усё гэта трэба высветліць.
— Тэма як фармулюецца?
— Так і фармулюецца: «Асаблівасці вырошчвання кармавога лубіну ў паўкосных пасевах». Кіраўнік мой — у Інстытуце земляробства.
— Пасля абароны, вядома, вас, як практыка, перавабяць туды. Ці, можа, выкладаць пойдзеце?
— Так я вам і скажу! — Сігізмунд Сігізмундавіч зноў весела і заразліва смяецца. — А ўвогуле, я патрыёт Астравеччыны. Тут, у Малых Дзяранках, я нарадзіўся. Тут працаваў аграномам бацька. У Жукойнях аграномам робіць сястра. Брат таксама падаўся ў Гродзенскі сельска-гаспадарчы. Так што, лічыце, вырасла цэлая валуевічаўская дынастыя аграномаў. А якая дынастыя без зямлі, без гэтых вось палёў.
А на палях тым часам прыжмуранае вока агранома прыкмячае непарадак. Гродзенскія студэнты сядзяць на сцірце саломы, чакаюць, пакуль разгоняць барозны. Адвозіць бульбу таксама няма каму.
— Не разагналі з учарашняга, бо баяліся замаразкаў, — апраўдваюцца мужчыны. — Вот і цяпер не ведаем, разворваць на заўтра ці не.
Валуевіч нейкую хвіліну вагаецца, якое прыпяць рашэнне. Наараць — можа прымерзнуць, не наараць — людзі будуць з раніцы марнаваць час… Кідае спрактыкаваны погляд на сонца, на хмары.
— Разганяйце! Без рызыкі нічога не бывае.
— А адвозіць бульбу, да скрыні, Дамастой нікога не даў. Нават на нарадзе не быў, — з задавальненнем удае свайго загадчыка ўчастка круглатвары здаравяка. — Пры нашым Ромусі такога не відалася.
— Зноў Дамастой! — порахам узрываецца аграном. — Вечна мне за яго нарады рабі!
Мы імчымся ў Гайголі, і Сігізмунд Сігізмундавіч расказвае мне: раней тут брыгадзірыў Раман Сыс, з практыкаў. Але ўсяго чатыры класы меў, сваяцтвам аброс. У вёсцы, дзе палова пасельнікаў — твае сваты або кумы, гэта цэлая праблема. Рашылі замяніць спецыялістам з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй. А тут прыслалі гэтага Івана Дамастоя… Вечарам укіне пяцьсот грамаў і ідзе рагатаць да дзяўчат. А днём спіць як пшаніцу прадаўшы.
На наш бразгат клямкай Дамастой выходзіць па ганак, сонна пацягваецца, пачэсвае рэдкую бараду. Усе ўшчуванні праз адно вуха ўваходзяць, праз другое выходзяць.
— Флегмы — на цэлы калгас, — паківаў кучаравай галавой Валуевіч, калі мы пайшлі шукаць чалавека да скрыні. — Цэлая праблема, гэты Дамастой. Хоць і з троечнікаў, але ўсё ж спецыяліст. Паспрабуй звольніць. Ды і Сыс назад не пойдзе, гонар мае.
— Вось і прыходзіцца вам за такога спецыяліста ўсё самому рабіць.
— Прыходзіцца. Працуеш на знос. Не помню ўжо, калі ў выхадны адпачываў. Па праўдзе кажучы, то і адпачываць няма дзе. У клубе — ніякай культурнай атмасферы. Нават касцюм адзяваць не хочацца, калі ідзеш туды…
У той празрысты вераснёўскі дзень мы яшчэ доўга калясілі па палях «Радзімы»… Адкрыта кажучы, мне прыемна было любавацца, як працуе калгасны аграном. Стройны, падцягнуты, па-сучаснаму барадаты, ён імкліва бег ад машыны то да трактарыстаў, якім не ўдавалася прыкрыць палеглае ржышча, то да буртаўшчыкоў, у якіх бурты выцягваліся ледзь не на кіламетр. Кожнага ведаў па імю, кожнаму даваў нейкую параду. У гэтага хапала энергіі на цэлы калгас.
— І якая ў вас мэта на бліжэйшы час? — спытаў я ў Валуевіча, калі мы развітваліся каля калгаснай канторы.
— Абараніцца, вядома. Гэта ж не толькі мая асабістая, прыватная справа… Потым — выйсці на першае месца ў раёне па ўраджаях. Уявіце сабе, заядае самалюбства. Бал зямлі ў нас вышэй, чым у суседнім «Рассвеце», у Дарафея, а ўраджай з гектара — ніжэй. Ніяк не зразумею, чаму. Нейкі сакрэт, мусіць, маюць.
— Паспрабую выведаць гэты сакрэт, — жартую. — Заўтра якраз выбіраюся ў Рымдзюны.
— А сёння ўжо ў гасцініцу?
— Не, яшчэ хачу адшукаць у Гервятах двух рэвалюцыянераў. Літоўскі мастацтвазнаўца Уладас Дрэма, дарэчы, таксама выхадзец з вашых мясцін, гэтай зімой расказваў мне, што ў трыццатыя гады ён вёў тут па заданню КПЗБ нелегальную работу, раздаваў і расклейваў лістоўкі. Гервяцкае падполле тады ўзначальваў дзядзька Дрэмы Юрый Юр’евіч Мацко. Цікавы чалавек. Да Кастрычніка . служыў у Петраградскім лейб-гвардзейскім сапёрным палку. Слухаў Леніна на Абухаўскім заводзе, потым, вярнуўшыся ў Гервяты, разам з Іванам Юшко, Іванам Кулісам і Рафалам Рэмісам устанавіў сувязь з ашмянскай арганізацыяй КПЗБ. Пасля трыццаць дзевятага быў тут першым старшынёй сельсавета, сакратаром партарганізацыі.
— Тады ведаю яго. Але вы спазніліся. Юрый Юр’евіч, або, як яго ўсе тут называлі, Ягор Ягор’евіч памёр чатыры гады назад.
— А Іван Андрэевіч Юшко? Ён быў першай рукой Мацко. Немцы яго прыгаворвалі да расстрэлу…
— Юшко жыве. Толькі нічога ўжо не бачыць. Дом яго адразу ж за клубам.
— Тады бывайце. Толькі не працуйце на знос. Хай Дамастоі менш спяць!
…На стук у дзверы Іван Андрэевіч Юшко адказаў па-літоўску: прашаў! Па-літоўску адказаў і ўнуку, які прыбег з другой палавіны хаты з пытаннем, а дзе ж бабуля — бобутэ. Але са мной гаварыў па-беларуску. А потым высветлілася, што Іван Андрэевіч добра гаворыць яшчэ па-руску і па-польску. Працуючы фарбавальшчыкам у Рызе, крыху падвучыўся па-латышску і нямецку. А ў Гельсінгфорсе, куды лёс закінуў яго яшчэ да рэвалюцыі, ужо сёе-тое разумеў па-фінску.
— Мой бацька быў у пані Дамейкавай за парабка, жыў у рудэры на чатыры сям’і, без даху, — успамінае ён, гледзячы выцвілымі невідушчымі вачыма ў мой бок. — Ніяк яна не хацела, каб я ішоў у свет, у заработкі. «Гды сына пусьціш, — прыгразіла бацьку, — то і сам вон пуйдзеш». І што вы думаеце, выгнала. Людзі тады далёка шукалі хлеба. Мой сын, — невідушчы позірк скіраваўся ў кут, завешаны фатаграфіямі, — паехаў за работай аж у Аўстралію. Анагдайшым летам прыязджаў сюды, плакаў — так не хацелася зноў кідаць роднае месца. Каб не сям’я, застаўся б тут.
Тым часам у хату ўвайшла і сама бобутэ. Хударлявенькая, чысценькая, светленькая. Узяла ля прыпечка зэдлічак, паставіла яго на саматканай дарожцы, што пралягла да стала па вышараванай да жаўцізны падлозе, села сціпленька і, сплёўшы рукі на каленях, замілавана слухала. Часам памыкалася ўставіць якое слова.
— Ты лепей скажы чалавеку, як у Вільню на з’езд ездзіў.
— А што расказваць. Ну, быў у Вільні на капэзэбоўскім з’ездзе разам з Вінцуком Буцвілам. Адтуль ворак нелегальнай літаратуры прыцягнуў. На плячах з Гудагая пяшком нёс. Потым вяскоўцам пад вялікую ноч раздаў. У якім гэта годзе было? Як жа вам, дарагі чалавек, прыпомніць, столькі вады ў Лошы працякло з таго часу. Быў я знаёмы і з Дзяржынскім, і з Бабінскім, і з Міцкявічусам-Капсукасам. Каб так раней — і на валовай скуры не спі’салі б усяго, што я вам нагаварыў бы. Жаль, што паперы прапалі. Уваткнуў у страху, калі меліся прыехаць з вобыскам, і забыў места. — А ў апошнюю вайну?
— У вайну многіх гервяцкіх пастралялі. Быў тут пісарам у гміне Войцех Шутовіч. брат віленскага беларускага літаратара Янкі Шутовіча. Літоўскія паліцаі ўзненавідзелі яго, што гаварыў па-беларуску. А тут адкрылася, што яшчэ партызанам памагаў. Пагналі ў Астравец і расстралялі. Забілі майго швагра Ядзевіча. За падпольную работу. Мьі тады часта збіраліся ў Антопа Ашкялойця, наша радзіва тайком слухалі. Мяне таксама прыгаварылі да расстрэлу за бальшавізм. Свае ж прыгаварылі, літоўцы. Тады літоўцы на літоўцаў шлі. Добра, што стрыечны брат мяне выручыў, за свіной выкупіў. Цяжка было тады, але мы верылі, што будзе так, як цяпер стала.
А старшыня калгаса, успомнілася мне, жаліўся, што няма чаго паказваць у невялікім пакойчыку, мансардзе, якую, пераабсталёўваючы кантору, прызначылі пад музей. Стаіць той пакойчык пусты. Толькі пара каменных сякер, знойдзеных школьнікамі, валяецца ў куне.
А пройдзе час. Трэба будзе адчыняць музей. І тады людзі схамянуцца, што ў іх вёсцы жыў, працаваў, змагаўся рэвалюцыянер Іван Андрэевіч Юшко. Але акажацца, што нават фатаграфіі талковай не збераглося. Як пасля Юрыя Юр’евіча Мацко. Зайшоў — ужо зусім перад прыходам аўтобуса — да ягонай дачкі Марыі Юр’еўны Русінскай, а ў яе толькі пажаўцелы, непрыгодны для рэпрадуцыравання здымак часоў царскай арміі.
…І зноў, як пісаў Генадзь Бураўкін, я «душою падарожніка прадаўся зялёнай магіі дарог». На гэты раз — магіі абсаджанага старымі бярозамі тракту-гасцінца, што вёў на Рымдзюны.
А кожная чарговая паездка — гэта свежыя краявіды, сустрэчы з новымі людзьмі, новыя размовы, якія наводзядь на роздум.
От і на гэты раз. Не паспеў аўтобус спыніцца на скрыжаванні дарог, як у яго неяк крадком заглянула жанчына з вяроўкай у руках. Прыклала далонь прыстрэшкам да броваў, змерала ўсіх вачыма.
— А я думала, што будзе хто знаёмы ехаць, — звяртаючыся да ўсіх нас, голасна прамовіла яна. — Гэтак ж бо кароўку на базу завяла. Грошай вялікіх з хаты не брала, думала, заплацяць за кароўку. А тут на табе, ні рубля ў касе, сказалі. Цяпер пехатой прыйдзецца тупаць…
— Нашто пехатой, — дружна абурыўся аўтобус. — З кім не бывае! Колькі тых няшчасных капеек…
— Гэта ж бо, — лапатала жанчына, узлезшы на высокае пярэдняе сядзенне, — як вясной кароўку здавала, то адразу выдалі. А цяпер прыйдзецца ліха ведама колькі ездзіць.
— Пэўна, што так, днёўкі шкада, — пагадзілася жанчына з перавязанай рукой.
— Якой там, людцы мае, днёўкі. Не хаджу я на работу. Нэрвы дактары ў мяне прызналі. Бядую, што зноў не будзе на каго гаспадарку кінуць. Трое свінчат у мяне, цялушку ў нядзелю на рынку купілі. Гэта ж мужык мой у Вільні ўкалывае, толькі па суботах прыязджае. Заробак прывязе ці памыць што.
— Куды ўдваіх такія грошы дзяваць…
— Гэта ж бо лавачніца мне халадзільнік добры дакляравала. За гэта мой платы ёй па нядзелях гародзіць. Гэта ж бо ў людцаў ёсць, а ў нас няма. Хай стаіць, есці не просіць.
— І на той свет з сабой узяць можна, — уядала ўсё тая жа жанчына з забінтаванай рукой. — У пекле свая прахалода будзе.
— Якое там пекла, пляцеш, людзіна, абы-што, — спалохалася жанчына з вяроўкай. — Мне, можа, у нядзелю ксёндз разграшэнне ад усіх грахоў даў.
Усе нялоўка замоўклі. Маўчалі і тады, калі жанчына з вяроўкай выходзіла, падзякаваўшы хлопцам за тыя капейкі. І толькі калі шафёр, бразнуўшы дзвярыма, даў газу, аўтобус дружна загуў:
— Ёй — даваць? Што ў вас, хлопцы, капейку няма куды дзець?
— Яна ўсіх нас купіць і прадасць.
— Халадзільнік ёй трэба! Будзе стаяць для красы. За элекстрыку пашкадуе плаціць.
— А хто ёй ад гультайства дасць разграшэнне?!
— Чым чалавек болей грэшыць, тым болей у модлы кідаецца. Вунь у астравецкім касцёле Андралойць якім набожным прыкідваўся. За градусамі кленчыў, ксяндзу прыслугоўваў. А аказалася, што касцельныя грошы краў. Чалавек для касцёла варотцы за так выкаваў, а Андралойць сказаў, што трыста рублёў яму за гэта заплаціў. У нядзелю бабы таму Андралойцю комжу пасярод касцёла здзёрлі, калі хацеў зноў прыслугоўваць.
— А ў Быстрыцы вунь раскралі грошы, што людзі на цвінтарную агароджу збіралі.
— Божачка, што робіцца, я на рынку ў Міхалішках чула…
І пайшло, і пайшло…
— Жывуць жа людзі, — нібы падсумавала жанчына з пакалечанай рукой. — На полі лён яшчэ нявыцераблены стаіць, бульба ўся непачатая, а ёй каб хоць душа засмылела. Сядзіць дома, цялушак і парсюкоў сваіх корміць. І болей нас заробіць, як сыр у масле качаецца.
Усю гэту размову я пераказаў Леаніду Міхайлавічу Дарафею, рымдзюнскаму старшыні, які выпадкам аказаўся на сваёй машыне каля аўтобуснага прыпынку. Мы паехалі ў кантору, дзе прыемна пахла свежымі кветкамі, была ціш і спакой. Пасля нервовай атмасферы ў «Радзіме» гэты спакой асабліва ўразіў. Ніхто не ўсоўваў галаву, каб вырашыць дробязную справу, ніхто не «выбіваў» з раённага начальства дапамогу.
— Што ж, жанчыны ўхапілі, як кажуць, за жывое, — павольна падбіраючы словы, выказвае сваю думку Леанід Міхайлавіч. — Выкарміць іншая за год пару цялушак і пару вепрукоў — ужо тысячы з дзве і мае. Нашто на калгасную работу хадзіць? Вядома, у калгасе зарабляюць не менш, а то і больш. Свінаркі ў Завельцах маюць да трохсот рублёў у месяц. Да чатырохсот на сям’ю выходзіць. Але ў калгасе гэтыя рублі цяжэй дастаюцца. Двайная работа: і на ферме, і ў сваім агародзе. Таму і не любяць у вёсцы такіх людзей, што для сябе жывуць, як тая жанчына з вяроўкай.
— На адным полюсе — эгаісты. А на другім хто?
— Людзі, для якіх на першым месцы — агульнае, калгаснае. Такіх у нас большасць. Назваць прозвішчы? Свінарка Марыя Іванаўна Аўсюкевіч з Завельцаў. Васемнаццаць год на ферме. Дарошчвае парасят, аднятых ад свінаматкі. За год да дзвюх тысяч іх выходжвае. Нядаўна ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга ўзнагароджана. Загадчык участкам Альфонс Карлавіч Аўгуль. У яго самыя высокія ўраджаі збожжа. Свінар-механізатар Іван Іванавіч Рожка. Днюе і начуе на ферме. Франц Адамавіч Міхно з Завельцаў, былы чапаевец. Уладзімір Іванавіч Бублевіч, пра якога вам тады расказваў Арцыменя. Зрэшты, пагаварыце з ім самі.
— Леанід Міхайлавіч, а ці не атрымоўваецца так, што эгаісты жывуць сабе ўволю, карыстаюцца ўсімі асалодамі жыцця, а сумленныя калгаснікі не бачаць за работай свету, забываюць пра асабістыя клопаты. Гэта толькі мааісты заклікаюць да аскетызму, выступаюць супроць матэрыяльных даброт для народа. Нам жа — тут я не буду арыгінальным — патрэбна гарманічнае спалучэнне грамадскага і асабістага. Ёсць такое спалучэнне ў вашых «маякоў»?
— Нейкая залатая сярэдзінка, значыць. У ідэале яно і павінна быць. У жыцці ўсё складаней. Пагаварыце самі з людзьмі.
— Тады добра. Цяпер крыху пра тых жа людзей, толькі з іншага боку. Адкрыта кажучы, мне здаўся нязвычным спакойны настрой у вашым калгасе. Нібы і няма ўборкі. У вас што, студэнты бульбу капаюць?
— Якія там студэнты, — усміхаецца Дарафей. — Не далі ніводнага. Нават старшакласнікаў няма на полі. Усе ў Гервятах. А мітусні няма, таму што кожны пры дзеле. Абыходзімся сваімі сіламі.
— Значыць, моладзь ад вас, так сказаць, не мігрыруе?
— Патроху выязджаюць, асабліва дзяўчаты. Але стараюся ўгаварыць. Пасля васьмігодкі хлопцы ідуць у СПТВ у Ашмяны, вяртаюцца трактарыстамі. У нас цяпер сорак маладых механізатараў — па два на трактар. Таму і сярэдняя выпрацоўка на экіпаж амаль у два разы вышэй, чым па раёну — нешта каля дзвюх тысяч васьмісот гектараў. Шафёры дык пасля арміі застаюцца. Даведаюся, што вярнуўся каторы — паеду, пагавару, абяцаю, што змагу. Асабліва важна падтрымаць яго ў першы месяц, пакуль яшчэ не прыжыўся, яшчэ і туды і сюды кідаецца. Так што збоку механізатараў не бярэм. Кадры ў нас у норме.
— А што гэтыя кадры маюць для душы ў вольны час?
— Малавата. Заключаем дагаворы з філармоніяй, Гродзенскім драмтэатрам. Даём бясплатна турысцкія пуцёўкі. Бібліятэку ў Завельцах за свае грошы пабудавалі, тэлевізар і радыёлу туды купілі. Клуб, праўда, у нас стараваты. Прыглядаемся да будынка Міжкалгасбуда ў Астраўцы — зала там добрая. Але цяжка дабіцца, каб уключылі ў тытульны спісак, потым знайсці падрадчыка.
— Пакуль вы ставілі машыну, да мяне тут падышоў адзін каларытны стары. Не ведаю, дзеля чаго, скардзіўся мне, што ў Навасёлках днём і ноччу гоняць цукроўку. Днём і ноччу прыязджаюць да іх аматары таго зелля, аж у вясковых сабак, як ён выразіўся, пашчэнкі забалелі ўвесь час брахаць. Значыць, п’юць яшчэ ў выхадныя?
— Патроху п’юць. Але стараемся стрымліваць. Зарплату д’яніц жонкам аддаём. Сёлета ў нас двое паляцелі за шклянку з кіруючых пастоў. А раней быў проста страх. Прыехаў я сюды першы раз у жніўні. Уборкі ніякай, камбайны стаяць. На праўленне прыходзяць пад газам. Чалавек па пяцьдзесят набіваецца. Гамоняць усе разам. Цяпер многае змянілася. Вёска, людзі, надоі, ураджай.
— Дарэчы, аб ураджаях. Учора ў Гервятах Валуевіч з сапраўднай зайздрасцю казаў мые, што ў вас, відаць, ёсць нейкія сакрэты. Зямля ў вас горшая, а збожжа збіраеце болей.
— Сапраўды так. У нас бал трыццаць восем, каля Віліі — адны пяскі, а ў іх — сорак чатыры, сярэдні для раёна. Але на круг у нас выйшла каля трыццаці пяці цэнтнераў. А планавалі па дваццаць тры. І то толькі на семдзесят пяты год. Сёлета намалацілі амаль дзве з паловай тысячы тон.
— Пачакайце хвілінку. Нядаўна ў вільнюскім архіве мне трапілася гаспадарчая кніга рымдзюнскага маёнтка з 1834 па 1850 год. Належаў ён тады не то Куркоўскаму, не то Яздоўскаму. Рымдзюнскі пан скрупулёзна запісваў, колькі выгнаў гарэлкі на броварах у Рымдзюнах і Віктасіне, колькі прымусова спаіў яе сялянам у сваіх корчмах у Кністушках, Пелегрындзе, Петрыках, Гірах, колькі чаго высеяў, колькі сабраў. Возьмем для прыкладу 1834 год. У цэлым па маёнтку, а межы яго блізкія да межаў вашага калгаса, было нажата тысяча шэсцьсот дзевяноста дзевяць коп збожжа, пераважна жыта. Кожная капа тады давала ў сярэднім два з паловай пуды. Накінем яшчэ паўпуда, бо панская зямля была ўгноена лепш сялянскай. Выходзіць больш пяці тысяч пудоў, каля васьмідзесяці тон. Накінем яшчэ столькі ж збожжа, сабранага з сялянскіх загонаў. Разам сто шэсцьдзесят, ад сілы дзвесце тон.
— У дзесяць — пятнаццаць разоў меней, чым намалацілі мы сёлета. І ўлічыце яшчэ, што бульбы той пан садзіў мала, кукурузы і кармавых буракоў не ведаў увогуле. Асноўны даход, відаць, быў ад збожжа, якое пераганялася на гарэлку. Дарэчы, суму даходу той пан не запісаў?
— Запісаў. У 1850 годзе яго гадавы даход склаў восем тысяч семдзесят чатыры рублі. Паступіў ён пераважна ад карчмароў. Трохі яшчэ далі індыкі і сыры, прададзеныя ў Вільні і Ашмянах.
— Вось бачыце. А мы ў мінулым годзе атрымалі мільён дзвесце тысяч рублёў прыбытку, з іх пяцьсот тысяч чыстага. Расходы таксама ў той кнізе ўказаны?
— А як жа. То на заморскае віно, то на кватэру ў Вільні, то на дарагія сукні жонцы. У віст праігрываў многа. Імшу ў гірскай капліцы закупляў. На культуру расходаваў капейкі: на білет у віленскі тэатр, дагератыпны здымак, французскі часопіс. Найбольш мяне ўразіла, што ў гэтым спісе не аказалася ніводнага рубля, патрачанага на кнігі. А пан жа быў заможны, сына ў Дэрпцкім універсітэце вучыў.
— Цяпер у нас толькі ў Завельцаўскай бібліятэцы звыш сямі тысяч кніг.
— А куды ідуць калгасныя грошы?
— Многа будуем. Узвялі цэлы комплекс у Завельцах, дзе мы сёлета збіраемся атрымаць каля шасці тысяч парасят. Увялі там цэхавую арганізацыю працы. Збудавалі механізаваны збожжаток са складам на тысячу тон. Бульбасховішча на паўтары тысячы тон. Цяпер на чарзе — тыпавыя майстэрні, свінарнік на паўтары тысячы галоў, тры дамы для спецыялістаў. Жылля будуем усё яшчэ замала. Замала і на культуру выдаём: нейкіх пяць-дзесяць тысяч рублёў…
— Але мы ўхіліліся ад пытання, пастаўленага ўчора Валуевічам. Як вам удаецца атрымаць большы ўраджай, чым у «Радзіме»? Выкладвайце сакрэты.
— Сакрэтаў ніякіх няма. І Валуевіч гэта добра ведае. Проста стараемся ўзняць агульную культуру земляробства. Якім чынам? Па-першае, угнаенні. На гектар збожжавых сёлета ўнеслі трыста пятнаццаць кілаграмаў мінеральных тукаў у дзеючым рэчыве. Апрача таго пад ураджай гэтага года вывезлі васемнаццаць тысяч тон арганічных кампостаў. Па-другое, структура пасеваў. Цяпер больш палавіны збожжавага кліна занята ячменем, які даў па сорак чатыры цэнтнеры. Сеем толькі першакласным насеннем, раяніруем новыя сарты. Па-трэцяе, агратэхніка. Добра ўзарэш, у час пасееш і збярэш, то і збожжа ў свірне будзе. Толькі такім чынам мы дабіліся сёлета прыбаўкі ўраджаю на сем цэнтнераў з гектара. Іншых сакрэтаў у нас перад Валуевічам няма. Так і скажыце яму, калі будзеце вяртацца праз Гервяты.
— Перш, чым вяртацца, трэба было б пабачыцца з Бублевічам.
— Гэта мы мігам. Бублевіч недзе каля сваёй піларамы. Зараз прыйдзе.
Праз пару хвілін, далікатна пастукаўшы, у кабінет зайшоў Уладзімір Іванавіч Бублевіч. Падцягнуты, вастраносы, з характэрным для літоўска-беларускага пагранічча падбародкам, ён не мігаючы глядзеў светла-блакітнымі вачыма і стараўся зразумець, дзеля чаго яго адарвалі ад работы. Леанід Міхайлавіч уздыхнуў з палёгкай і адразу ж кудысьці памчаўся на машыне, даверыўшы нам свой зацішны кабінет.
Расказвае Уладзімір Іванавіч Бублевіч:
— Вот вы хочаце дазнацца, як я жыў за панскім часам. Цяжка жыў. Родам я не адсюль, а з Вашкун. Там на нас, чатырох братоў, тры гектары зямлі было. Застаўся я сіратой у чатырнаццаць гадоў, пачаў батрачыць. Потым у прымы ў Рымдзюны пайшоў. Раней калі хлопец меў зямлю, то ўсюды славіўся. А я не моў нічога, толькі вот гэтыя рукі. Таму прыстаў да бяднячкі. Прымачы хлеб — сабачы. Палоскі ў нас вузенькія. Летам босыя ходзім. Ярмячок, посны халаднічок, бульбачка. Хоць ты ў магілу кладзіся жыўём. Народ тады вакол сябе нічога не відзеў. Толькі што на рынак з’ездзіш. Усе няграматныя. У школу я не хадзіў аніводнага дня. Гэта сам праз сябе навучыўся чытаць, рахаваць. Цяпер любы аб’ём вымераю, да ўсяго галавой дайду. Але колькі тую галаву накруціш.
У сорак чацвёртым, калі прыйшлі нашы, пагаварылі мы з мужчынамі і рашылі ісці ў армію, гітлераў дабіваць. Служыў у сапёрах. Ехаў дахаты, думаў, пачнецца спакойнае жыццё. Ажно не, бандытаў трэба было вылавіць, яцманцаў. У Сакалойцях яны майго брата, сакратара сельсавета, забілі зімой. Завезлі да Вяллі і кінулі цела ў пролубку.
У сорак дзевятым я першым закапёршчыкам калгаснага строю стаў. Палохалі нас багацейшыя, гразіліся вешаць на бярозах. Але я сказаў: давай, хлопцы, пісацца, уся Расія, уся Беларусія ў калгасах, а мы што, будзем адставаць? Мяне выбралі кладаўшчыком. Кладаўшчык тады пасля прадсядацеля і брыгадзіра трэцяя фігура была. Людзі прывозілі мне збожжа, я важыў, адбіраў насеннае. Чысцілі мы яго ўручную — веялі шуфлямі. Колькі злосці, нянавісці было. Але і колькі радасці, дабрыні. Восем гадоў кладаўшчыком прарабіў, потым два гады намеснікам старшыні быў, жывёлаводам, брыгадзірам. Цяпер камандую калгаснай піларамай. Усе гэтыя гады старшыня рэўкамісіі. Работы хватае.
Чаму я адмовіўся ад персанальнай пенсіі? А што мне з гэтых грашэй — кашу варыць? Мая пенсія, жонкі, рублёў трыццаць на раме зарабляю. На сваіх харчах. Дзеці ў мяне ўжо асобна жывуць. Старэйшыя тут, у калгасе. Новыя дамы маюць. Часам мне памогуць, часам я ім сталярку зраблю. Малодшы на шахту завербаваўся. На рускай там ажаніўся. Добра так жывуць, дружна.
Ці давольны я цяперашняй маладзёжай? Розная яна бывае. Некаторыя раздзічэлі з выгоды. Людской культуры ім не хватае. Калі б я быў маладым, то больш акуратна рабіў бы, чым яны. Не падабаецца мне, што ў Рымдзюнах ніводнай маладой дзяўчыны не застаецца. Усе ў навуках. А хто ж будзе лён абрабляць? На кім нашы хлопцы пасля арміі жаніцца будуць? Перацягнуць іх гарадскія.
Як склалася жыццё маіх братоў? Я ж казаў ужо, што аднаго забілі бандыты. Другі жыве ў Вільнюсе і лічыць сябе літоўцам. Трэці выехаў у Польшчу і лічыць сябе палякам. Я ж пачуваюся беларусам. Цэлы інтэрнацыянал, калі з’едземся разам.
Што б мне яшчэ хацелася? Пажыць хоць годзік па-гарадскому. Каб такія выгоды. Не, не абавязкова ў горадзе, але па-гарадскому. Каб гэта ўсё табе на месцы. Як гэта зрабіць, каб маладыя ў горад не рваліся? Не ведаю. Забараняць нельга. А можа, з таго хлапчука вялікі чалавек выйдзе. Тады, можа, горад прыціснуць, каб там не так улежна было? Хаця што гэта такое я вам гавару. Прыціскаць — гэта дрэнна, трэба вёску падцягваць, каб як у горадзе было. Што мне яшчэ хацелася б? Памаладзець напалавіну. Тады я ўжо ведаў бы, што з сабой рабіць. Вучыўся б, кнігі грыз. І жыў бы ўволю. Цяпер жа жыві і жыць хочацца — так яно ўсё навокал стала.
6.
Адзін дзень з Расціславам Арсенцьевічам Гертам. Культуры нестае кадраў. У вёсцы, якую ўпамінаў Пушкін. Дыялог у школьным музеі. Адкуль у Беларусі тундра? Калгас назвалі імем «жалезнага камісара». Над быстрай Віліяй, у Быстрыцы. Слова — жанчыне. Чалавек, які прыручыў ваўка
Паступова пачынаю арыентавацца, «хто ёсць хто» ў Астраўцы. У кожнага з кіраўнікоў раёна — свой стыль работы, свой характар.
З намеснікам старшыні райвыканкома Расціславам Арсенцьевічам Гертам я знаёмы даўно — яшчэ з таго часу, калі ён быў дырэктарам Гудагайскай школы. Пасля ён сакратарстваваў у калгаснай партарганізацыі, загадваў аддзелам народнай асветы. З 1968 года па сутнасці кіруе ўсёй раённай культурай.
Сустракаемся мы з Расціславам Арсенцьевічам пагодлівым суботнім ранкам. Гады густа прыцерушылі сівізной ягоныя чорныя валасы, але вялізныя карыя вочы паглядаюць молада і засяроджана. У машыне дамаўляемся, што паедзем у завілейскую частку раёна, якую я менш за ўсё ведаю. Райвыканкомаўскі «газік» імчыць хутка і плаўна.
— Расціслаў Арсенцьевіч, — пачынаю гаворку. — Пазаўчора мне давялося быць у Завельцах. Спадабаліся мне яны сваёй акуратнасцю. Зайшоў і ў сельскую бібліятэку, якая ужо даўно называецца бібліятэкай выдатнай работы. Але нічога асабліва выдатнага там не пабачыў. Праўда, унутры ўтульна. Тэлевізар, радыёла, шторы, настольныя лямпы. Людзі многа чытаюць мастацкай літаратуры, асабліва беларускай. Аднак так званыя мерапрыемствы праводзяцца пераважна з вучнямі. Краязнаўства ніякага. Новая бібліятэкарка, нядаўняя дзесяцікласніца, не ведае дакладна, за што і як брацца. Вакол бібліятэкі гола. Ні дрэў, ні кветак.
— Трэба будзе падказаць, каб восенню правялі суботнік.
— Суботнік суботнікам, а добра было б пашырыць традыцыю, якая жыве ў Мікалаеўшчыне, на радзіме Якуба Коласа. З месяц таму мне давялося там пабываць з групай славацкіх і польскіх гасцей. Дык ведаеце, што іх найбольш уразіла? Бясхітрасны расказ Яўгеніі Мікалаеўны, жонкі Уладзіміра Іванавіча Міцкевіча, дырэктара філіяла коласаўскага музея. «Вось гэта дрэва, — паказвала яна, — мы пасадзілі, калі нарадзілася дачка, гэта — калі прыйшоў на свет сын, а гэтыя — у гонар нявесткі і зяця». І дрэвы растуць. Ніхто іх не ламае. Чаму б не зрабіць гэта звычаем і на Астравеччыне? Народзіцца чалавек — пасадзі ў скверы ці парку дрэўца, жэняцца маладыя — хай пасадзяць клёнік з бярозкай, ідзе хлопец у армію, пакідае вёску — хай пакіне пасля сябе аднавяскоўцам і нейкую жывую памяць!
— Атрымаецца амаль па-горкаўску: ты паехаў, а дрэўца, пасаджанае табой, расце…
— Але не адсутнасць зелені найбольш мяне ўразіла ў Завельцах. Пытаюся ў аднаго сустрэчнага чалавека, у другога: ёсць бібліятэкарка на рабоце ці не? А хто яго ведае, адказваюць, можа, прызначылі новую, а можа, і не… Нават старшыня калгаса не мог сказаць нічога пэўнага. Нельга ўявіць сабе, што людзі не ведалі б, ці ёсць у калгасе аграном, заатэхнік, інжынер. А ўвага да спецыялістаў ад культуры… Ці не таму і іх прэстыжнасць, як паказалі сацыялагічныя даследаванні, у дзесяць разоў ніжэй прэстыжнасці настаўнікаў і ў дваццаць разоў — механізатараў?! Ці не таму такая цякучасць кадраў у культуры?! З сорак аднаго работніка бібліятэк сёлета звольнілася па раёну семнаццаць — амаль палавіна.
— Так, кадры — наша балючае месца. Мала нам даюць спецыялістаў з вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыяй. Ды і з раёна не хочуць ісці ў культработнікі. Адзіная надзея на Інстытут культуры. Наступная наша бяда — памяшканні. Толькі тры з трыццаці пяці клубных будынкаў узведзены па тыпавых праектах.
— Гэта дрэнна. У рэшце рэшт прыгадаем, што запісана ў Праграме нашай партыі: «…ад культурнага росту насельніцтва ў велізарнай меры залежыць уздым вытворчых сіл, прагрэс тэхнікі і арганізацыя вытворчасці…»
— Няўжо вы сумняваецеся ў тым, ці дбаем мы пра культуру? Нядаўна работу раённага аддзела культуры па-дзелавому абмеркавалі на бюро райкома партыі, прынялі канкрэтнае рашэнне. Мушу заўважыць, што ўсё пазнаецца ў параўнанні. Многага нам яшчэ нестае, бо абмежаваны нашы магчымасці, але колькі зроблена ў параўнанні з мінулым!
— Тады пяройдзем, калі ласка, да канкрэтных лічбаў і фактаў.
— Пра асвету асабліва гаварыць не буду, бо вы самі прысутнічалі на настаўніцкай канферэнцыі. Скажу хіба, што, калі я прыехаў сюды пасля Мінскага педінстытута, мы ціха марылі пра васьмігадовы ўсенавуч. А сёння мы блізкія да завяршэння ўсенавуча сярэдняга. Больш трохсот чалавек вучыцца ў чатырох вячэрніх школах і дваццаці сямі вучэбна-кансультацыйных пунктах. Да вызвалення на ўсю Астравеччыну былі тры дактары і пяць фельчараў. Лячылі яны за вялікія грошы. А сёння ў трыццаці медустановах працуе дзвесце трыццаць медработнікаў, у тым ліку дваццаць сем урачоў. Інтэлігенцыя актыўна ўдзельнічае ў грамадскім жыцці. Настаўнікі і медыкі — асноўныя нашы лекары. Толькі па таварыству «Веды» сёлета прачытана каля дзвюх тысяч лекцый. Працуе сем народных універсітэтаў. Праўда, малавата чытаецца лекцый для моладзі, на маладзёжныя тэмы.
— Дзе ж моладзь можа сабрацца, каб пагаварыць, правесці вольны час? Калісьці сустракаліся на вечарынках або папрадушках — па чарзе ў кожнай хаце. Цяпер у хаты не пускаюць: дарагая мэбля, маляваная падлога… А клуб часам далёка, за пяць кіламетраў бездаражы.
— Нельга ж у кожнай маленькай і бесперспектыўнай вёсачцы будаваць клуб. Не бойцеся, цяпер моладзь узброена матацыкламі, пераадолее, калі захоча, любую адлегласць. У раёне для яе адчынены семдзесят пяць культурна-асветных устаноў. Хаця не ўсе яны добра працуюць — часам няма людзей, малавата кніг і абсталявання.
— Але ж ёсць і лепшыя?
— Тут магу назваць Гірскую сельскую бібліятэку. Бібліятэкай выдатнай працы яе зрабіла Антаніна Фамінічна Багачова. Кнігі тут бярэ чатырыста пяцьдзесят пяць чытачоў. На кожнага ў год прыпадае па дванаццаць выдач. Гэта адзіная ў нас сельская бібліятэка, якая карыстаецца прамым міжбібліятэчным абанементам. Добрыя кантакты са школай, з сельсаветам. Гіры — вельмі чыстая вёска, многа кветак. І выключная мастацкая самадзейнасць. Пажылыя паказваюць старадаўнія літоўскія танцы — «Польку старых», «Малунеліс», «Сукцініс», «Ланцугеліс», беларускую «Лявоніху». Ездзілі з імі на агляд у Гродна, у суседні Швянчонскі раён. Кіруе ансамблем Вацлавас Лукшас, былы артыст ансамбля «Летува». Той жа ансамбль памог нам народнымі касцюмамі. Увогуле дружба з Літвой стымулюе нашу мастацкую самадзейнасць. Усе хочуць выступаць у канцэртах у Швянчонісе. Швенчанеляі або Пабрадзе. Літоўцы так цёпла нас спатыкаюць: з духавым аркестрам, кветкамі, з пеністым півам і кменістым сырам. Паказваюць нам выстаўкі, музеі, мясціны агульнай партызанскай славы. А як горача апладзіравалі астраўчане спектаклям Швенчанеляйскага народнага тэатра. У яго рэпертуары ёсць і творы беларускіх драматургаў.
— Памятаецца, як пачыналася гэта дружба год дваццаць назад. З Жарнель тады адправілася ў Буйвіджай адна фурманка. Ні музыкі, ні кветак, ні самадзейнасці…
У гаворцы незаўважна праляцелі Філіпаны, Варняны, Газа. Выскачылі на Полацкі тракт.
— Вёска паступова змяняецца, — працягвае Расціслаў Арсенцьевіч. — Калісьці ніхто не думаў пра сваю аўтамашыну, рэдка ў каго было радыё. А цяпер у раёне каля двухсот асабістых машын, дзве тысячы трыста трыццаць матацыклаў, чатыры тысячы тэлевізараў. У Вароне і Карвелях выраслі дыхтоўныя цагляныя дамы для калгаснікаў. Варона, цэнтральная сядзіба калгаса імя Карла Маркса, спланавана па-сучаснаму: дзейнічае клуб на дзвесце месц, на плошчы перад клубам — помнік Марксу, пракладваецца цеплатраса і водаправод. У калгасах «Рассвет», імя Калініна, саўгасах «Рытаньскі», «Падольскі» будуюцца тыпавыя магазіны, у Варнянах, Рытані і Рымдзюнах — тыпавыя майстэрні. І галоўнае, змяніўся лад мыслення селяніна, узрасла яго сацыяльная актыўнасць.
Тым часам наш «газік» імкліва ўзбег на пагорак, і ўперадзе адкрылася шырокая, парослая лясамі пойма Віліі. На яе беразе раскінуліся Міхалішкі — старадаўняе мястэчка з багатай гісторыяй і рэвалюцыйнымі традыцыямі. Калісьці яно называлася Вілеа, потым жа змяніла назву па прозвішчу ўладальнікаў Міхальскіх. Пасярод мястэчка ўзвышаюцца дзве вежы манументальнага і лаканічнага барочнага касцёла, пабудаванага ў 1653 годзе дойлідам Пенсам для манахаў-аўгустыянаў. Багатае ўнутранае ўбранства, разьбу для шасці алтароў выканаў італьянскі скульптар Перэці — той самы Перэці, які афармляў славуты віленскі сабор Пятра і Паўла. Памагалі яму мясцовыя вучні, Жалевіч, напрыклад. Пад касцёлам знаходзяцца вялікія катакомбы з грабамі Бжастоўскіх, фундатараў гэтага будынка. Зрэшты, грабніцы былі абрабаваны яшчэ ў пачатку мінулага стагоддзя.
— А вы ведаеце, што і Міхалішкі, і гэты касцёл упаміналіся самім Аляксандрам Сяргеевічам Пушкіным? — пытаюся ў Расціслава Арсенцьевіча.
— Дзе іменна?
— У «Гісторыі Пятра І», — дастаю з партфеля выпіскі. — Вось паслухайце: «Пётр сабраўся ехаць у Польшчу, але 5 мая захварэў ліхаманкай — і паспеў выехаць не раней, як у канцы мая. Па шляху да Полацка, аглядваючы сад і касцёл у мястэчку Мікалішкі (так у Пушкіна названы Міхалішкі. — А. М.) у пана Бжастоўскага, атрымаў ён паведамленне, што шведы морам і сухім шляхам ідуць да П. Б. (Пецярбурга. — А. М.). Пётр адправіў туды Меньшыкава, але той хутка вярнуўся, даведаўшыся па дарозе, што шведы ўжо прагнаны». Пушкін тут крышку недакладны, бо было гэта не ў канцы мая, а ў пачатку ліпеня, калі Пётр ехаў ужо з Полацка ў Вільню. У Міхалішкі ён прыбыў 6 ліпеня, начаваў тут і назаўтра атрымаў звесткі з Пецярбурга аб узмацненні непрыяцеля. Князь Меньшыкаў выехаў у Пецярбург пасля абеду, але, ад’ехаўшы сто кіламетраў, вярнуўся назад. З Міхалішак Пётр паслаў у Маскву, да Ціхана Мікітавіча Стрэшнева, пісьмо, надрукаванае ў «Деяниях Петра Великого» ў 1788 годзе.
— Вось у Пушкіна ўпамінаецца пан Бжастоўскі. Ці захаваліся пра яго якія звесткі?
— Больш — пра ягоных продкаў, якія былі даволі цікавымі людзьмі. Бжастоўскія, дакладней палкоўнік літоўскіх войск Ян Бжастоўскі, купіў Міхалішкі ад Міхальскіх у 1604 годзе. Ён жа пачаў разгалінаваную міхалішскую лінію Бжастоўскіх. Найбольшую вядомасць у ёй атрымаў сын Яна Цыпрыян. Нарадзіўся ён у Міхалішках у 1612 годзе. Вучыўся ў віленскай акадэміі, потым набіваў руку ў дыпламатыі пры двары Альбрыхта Радзівіла. Гэта Цыпрыян фундаваў у Міхалішках касцёл і запрасіў сюды аўгустыянаў. У гісторыю ён увайшоў галоўны чынам як прадстаўнік Рэчы Паспалітай на перагаворах з Маскоўскай дзяржавай, прыхільнік міру паміж абедзвюма краінамі. З яго ўдзелам быў заключаны Андрусаўскі мір 1667 года. Бжастоўскі тройчы ўзначальваў пасольства ў Маскву і карыстаўся павагай рускіх цароў. Міхаіл Фёдаравіч падараваў яму нават багаты абраз багародзіцы.
У адрозненне ад Цыпрыяна яго сын Канстанцін Бжастоўскі, з якім і гаварыў, відаць, Пётр Першы, бо памёр ён у 1722 годзе, вызначаўся рэакцыйнасцю. Атрымаўшы адукацыю ў Рыме і стаўшы віленскім біскупам, ён насаджаў фанатызм, цкаваў беларускага атэіста Казіміра Лышчынскага. Чалавек жорсткі і валявы, вёў крывавыя міжусобныя войны з іншымі магнатамі. Пакінуў пасля сябе некалькі кніг па тэалогіі. Пляменнік Канстанціна Юзаф вымураваў у Міхалішках палац, спалены ў вайну 1812 года. Апошнія з Бжастоўскіх праславіліся толькі празмернай скупасцю і прагнасцю. Разам з адміраннем дваранства як класа пачалася фізічная і маральная дэградацыя магутнага раней роду.
— Усё гэта вы абавязкова перадайце завучу Міхалішскай школы Кляцоўскаму. У сябе ён стварыў лепшы ў раёне краязнаўчы музей. Часта расказвае пра знаходкі ў раённай газеце. Гарачы энтузіяст краязнаўства.
У новым двухпавярховым будынку Міхалішскай школы Расціслава Арсенцьевіча акружылі настаўнікі. Трэба было вырашыць мноства неадкладных спраў. Шэсць чалавек пасля восьмага класа не пайшлі ў дзевяты. Чаму? Ці пагаварыў хто з імі і з бацькамі? Да ўчарашняга дня не працавала школьная сталовая. Што зрабіў дырэктар, каб дзеці мелі гарачы абед? Хутка восень, а настаўнікі не забяспечаны палівам. Ці нельга на гэта выдзеліць грошы з цэнтралізаваных сродкаў? З Маркун, вялікай вёскі ў сотню двароў, не арганізавана падвозка дзяцей. Хадзіць ім прыходзіцца за пяць кіламетраў па дрэннай дарозе. Ці звяртаўся дырэктар у праўленне калгаса? І ці нельга было б арганізаваць суботнікі па рамонту дарогі? Пытанняў процьма, і па кожнаму намеснік старшыні райвыканкома прымае кваліфікаванае рашэнне.
Потым усе гуртам ідзём у вузенькі пакойчык школьнага музея. Каменныя сякеры і рубілы, знойдзеныя вучнямі ў ваколіцы — тут, дзе зліваюцца з Віліяй Страчанка, Сарачанка і Ашмянка, дзе ланцуг азёр стварае штучную перашкоду з поўначы, людзі сяліліся даўно. Пад шклом ляжаць паржавелая зброя, грошы, пячаткі. Праз Міхалііпкі ішоў шлях многіх заваёўнікаў.
— Кажуць, — тлумачыць Міхал Андрэевіч Кляцоўскі, — што пасля няўдачнага бою шведы закапалі дзесьці тут сваю казну. У маладога Котвіча, міхалішскага пана, нават быў нейкі патаемны план. Ён многа капаў, але нічога не знайшоў.
— А ці ведаеце вы, што ў час касцюшкаўскага паўстання каля Міхалішак, у Палесціне, стаялі войскі палкоўніка Дзеева? Ён накладваў кантрыбуцыю на навакольныя вёскі, таму што ў іх успыхвалі бунты. За Дзеевым, гаворыцца ў дакументах, ішлі «натоўпы ўзброеных сялян».
— Не, пра гэта мы не ведалі. Але затое вядома, што ў Міхалішках быў Напалеон. Пры раскопках французскіх магіл калісьці, кажуць, знайшлі залатое стрэмя. А бліжэй да возера Падкасцёлак ёсць Зязюлькін лес. У легендзе гаворыцца, што назвалі яго так, бо тут спыніўся на адпачынак Напалеон. Павесіў на сук капялюш. І тут яму якраз закукавала зязюля. «Панове, — сказаў імператар, — нядобра яна нам вяшчуе. Ці не прыйдзецца нам яшчэ раз тут пабываць?» І праўда, пабываў пры адступленні. Не тут, дык у Ашмянах.
— У тую вайну 1812 года праз Міхалішкі сцягваў да Свянцян войскі Барклай-дэ-Толі. 19 чэрвеня Міхалішкі абміналі воіны Дохтурава, сярод якіх быў і Вікенці Равінскі, верагодны аўтар беларускай паэмы «Энеіда навыварат». А бліжэй да Альхоўкі ў лясах партызанілі беларускія прыгонныя сяляне.
— Народ тут заўсёды вызначаўся непакорным духам. Вось метрыка аднаго з прыгонных, які ўдзельнічаў у бунце 1861 года. Тут і ў Турлах мужыкі ўзяліся за косы. Пан Котвіч выклікаў царскія войскі.
— Трэба вам неяк паказаць «непаслушэнства і значны бунт супраць двара», якія ў 1692 годзе ўчынілі жыхары вёсак Маркуны і Чэхі. Прыгонныя ўзняліся супраць Радзівілаў і іх арандатара шляхціца Падарскага. ІІасля падаўлення на вёскі быў нкладзен штраф у 250 злотых.
— А яшчэ старажылы ўспамінаюць, што ў Міхалішках былі хваляванні ў 1905 годзе Але дакументальн звестак у нас няма.
— Магу вам тут удружыць. не так даўно ў Вільнюсеод папераў адваката Тадэвуша Урублеўскага, мне далося адшукаць «Акты» па справе беспрацоўнага міхалішскага настаўніка Гірша Каварскага і яго сяброў, дзе красамоўна расказваецца аб рэвалюцыйных падзеях. Узнавіць іх можна прыкладна так.
…У той дзень, 9 студзеня 1906 года, неспакойна было на сэрцы ў міхалішскага паліцэйскага стражніка Клінцэвіча. Напярэдадні прыйшла з павета папера: спаўняецца гадавіна з дня расстрэлу ў Пецярбургу, бальшавікі зноў пададуць голас, будзьце напагатове, бо інакш навісне пагроза над вашай кар’ерай. Спачатку Клінцэвіч толькі ўсміхнуўся: у глухім мястэчку — ды рэвалюцыянеры. Але тут жанчыны прынеслі вестку, што ў Міхалішкі з’ехалася нешта з дваццаць чалавек рамеснага люду з Вільні, Смаргоні і Свіра. Прыбыў да бацькоў і галоўны бунтаўшчык Гірш Каварскі. Маладыя сабраліся і пачалі аб нечым раіцца.
— Трэба разагнаць! — вырашыў Клінцэвіч і, націснуўшы на вушы форменную шапку, скіраваўся на местачковую плошчу. Дайшоў да вугла — і струпянеў: насустрач яму правільнымі шэрагамі ішлі дэманстранты. Уперадзе горда крочыў Каварскі, за ім — местачковы шавец Вайнштэйн, кацельшчык Гайкоўскі — чалавек з пяцьдзесят. Марозны ветрык паласкаў чырвоны сцяг. Над калонай узвілася песня:
Ура, ура, ура! Не нужно нам русского царя, Ни царицы, ни полиции…— Р-разыдзіс-ся! — падаў голас стражнік, але дэманстранты яго не слухалі. Загучэла новая песня: «Марш, марш вперед, рабочий народ!» Клінцэвіч разгубіўся: не даруюць яму гэтага ў павеце. Падышоў ён да моладзі і стаў угаворваць:
— Разыдзіцеся па-добраму. Ужо позна, вы людзям спаць перашкодзіце.
— Няхай старыя спяць! — дзёрзка адказаў Каварскі. — А мы, маладыя, ужо прачнуліся!
Аб тым, што адбылося ў Міхалішках, Клінцовіч падрабязна данёс павятоваму прыставу. Справа была скіравана ў Віленскую палату. Рэвалюцыянерам пагражала турма, бо следства ўстанавіла, што яны мелі зброю, чыталі лістоўкі, былі звязаны са смаргонскай групай сацыял-дэмакратаў. Але Каварскі і Гайкоўскі на суд не з’явіліся, Вайнштэйна ж абараніў Урублеўскі…
— А потым эстафету барацьбы перанялі кэпэзэбоўцы. Нелегальную дзейнасць вёў тут ураджэнец Бабраўнік Іван Адамавіч Лукша. Будучы сакратаром Пабрадскага райкома партыі, першую ячэйку ён арганізаваў у Баранях. Потым ячэйкі з’явіліся ў Міхалішках, Варнянах, Жукойнях. Сакратаром Міхалішскага падрайкома КПЗБ быў Іосіф Гражуль, актывістамі — Рамуальд Маціеўскі, Ізідор Бяляўскі, Франц Бублевіч. Лукшу выдаў пляменнік. Уцёкшы з камеры смяротнікаў у Францыю, наш зямляк стаў членам французскай кампартыі, удзельнікам Супраціўлення. У сорак сёмым вярнуўся на радзіму з білетам, падпісаным Марысам Тарэзам.
— Тут, я бачу, ляжаць кнігі В. Цімафеева «Таварышы лётчыкі» і Г. Гофмана «Нараджэнне подзвігу». Якое яны маюць дачыненне да Міхалішак?
— Самае непасрэднае, — цяпер тлумачыць Міхал Андрэевіч. — Іх аўтары ў сорак першым годзе сустрэлі ў Міхалішках вайну. Тут знаходзіўся тады вучэбны аэрадром з летнім лагерам. Яшчэ 21 чэрвеня курсанты давалі ў міхалішскім клубе канцэрт. А назаўтра з захаду з’явіўся аднаматорны самалёт без апазнавальных знакаў і сеў недалёка ад хутара, пад лесам. Высадзіў двух пасажыраў і на відавоку адляцеў на захад. Пакуль дабеглі нашы патрулі, невядомыя скрыліся ў лесе. А праз дзесяць мінут загарэўся хутар. Гэта быў сігнал. Адразу ж з’явіліся дваццаць чатыры варожыя пікіроўшчыкі і пачалі бамбіць аэрадром.
— Трэба было б увекавечыць памяць той трагедыі помнікам.
— І не толькі той. Памяць мірных жыхароў Міхалішак, пастраляных ва ўрочышчы. Памяць двух невядомых лётчыкаў. Старая Лаздоўская расказвала мне, што ля былога двара ў жніўні 1944 года невядомыя людзі, якія гаварылі не па-руску, але і не па-нямецку, пахавалі з салютам двух сваіх таварышаў. Магчыма, гэта былі лётчыкі з эскадрыллі «Нармандыя-Нёман».
— Наколькі мне помніцца, гэта эскадрылля ў Міхалішках не дыслацыравалася.
— Ну і што? Нейкі падбіты самалёт мог сесці на запасны аэрадром.
Глянуўшы на экспанаты больш позняга часу — камсамольскі білет дэпутата Міхалішскага сельсавета Васіля Гнядоўскага, які не вярнуўся з фронту, фатаграфіі воінаў, што вызвалялі Астравеччыну, пісьмо школьнікам В. Нікалаевай-Церашковай, мы выходзім на ганак. Кароткі перакур.
— Дзе яшчэ ў раёне ёсць школьныя музеі? — пытаюся.
— Абавязкова пабывайце ў Быстрыцкай васьмігодцы. Ну і, вядома, у Спондах, у партызанскім музеі Мартынава. А якія крыніцы вы яшчэ параілі б для міхалішскага музея?
Можна выкарыстаць кнігу вядомага археолага Канстантага Тышкевіча «Вілія і яе берагі», выдадзеную на польскай мове ў Дрэздэне ў 1871 годзе. Аўтар апісвае навуковую экспедыцыю, арганізаваную ім на плытах па Віліі. У кнізе ёсць малюнкі Міхалішак. Калі Тышкевіч быў тут, мястэчка лічыла тры з палавінай сотні жыхароў, шэсцьдзесят два дамы. На запушчаным квадратным рынку месціліся маленькія крамы. Абгарэлай стаяла ратуша. Трэба сказаць, што з 1689 года Міхалішкі карысталіся прывілеямі: новыя пасяленцы не плацілі дзесяць год падаткаў, местачкоўцы мелі ўласны мяшчанскі суд, маглі праводзіць у год чатыры ярмаркі. Тышкевіч падрабязна апісваў выгляд мясцовых сялян і мяшчан. Сярод жанчын пераважалі бландзінкі з малымі круглымі часамі і прадаўгаватымі тварамі. Маладзейшыя насілі хусткі на галаве, стракатыя фартушкі, гарсэцікі, пацеркі, півоніі ў валасах. Больш пажылыя хадзілі ў каптурках, кабаціках, каляровых спадніцах. «Мужчыны апрануты не менш чыста, носяць яны нейкія невыразнага крою сурдуты з шэрага сукна — нешта сярэдняе паміж старой капотай і сучасным сурдутам; усе ў доўгіх ботах, часта падперазаныя зверху чырвоным поясам».
— Мусіць, Тышкевіч апісаў і міхалішскі касцёл?
— Вядома. У касцёле яго прывабіла высокамастацкае скульптурнае афармленне. Быў тут апраўлены ў серабро і каштоўныя каменні абраз святой Кацярыны з славянскім надпісам — трафей з часоў вайны Рэчы Паспалітай з Масквой 1612 года. Вісеў бронзавы звон з гербамі Бжастоўскіх, датаваны тым жа годам. Прытым самы вялікі з чатырох міхалішскіх званоў, піша Тышкевіч, быў утоплены пры перавозе ў Віліі. Моста тады тут не было, толькі перавоз.
З Міхалішак мы, ужо ўтрох, скіраваліся ў завілейскую частку раёна. Паўз дарогі мільгалі старыя меднастволыя сосны, прасціраліся непраходныя балоты, марэнныя азёры.
— Зараз мы вам пакажам сапраўднае дзіва прыроды, — паабяцаў Герт. — На правым беразе Страчы ёсць адзінае ў Беларусі адлажэнне міжмарэнных лентачных глін з рэшткамі арктычнай расліннасці. У прыледавіковых слаях знойдзены сляды тундравай флоры: лісточкі і насенне травяністай івы, карлікавай бярозкі, курапаткавай травы, лапчатніка з групы снежных. Адным словам, Арктыка ў Беларусі.
— Мне пра гэтыя адлажэнні расказваў вядомы беларускі геолаг Леанід Мікалаевіч Вазнячук. У 1966 і 1967 гадах ён вёў тут, на Паўднёва-Свірскай градзе, геалагічныя даследаванні. Упершыню адлажэнні на беразе Страчы адкрыў у 1931 годзе польскі вучоны В. Галіцкі. Але ў яго не было грошай на раскопкі. У падмарэнных глінах, парушаных ціскам ледавіка, Вазнячук знайшоў, апрача рэштак дрыясавай флоры, больш ста ракавін малюскаў, у тым ліку аднаго марскога. У часы валдайскага аледзянення ён быў занесены сюды аднекуль з поўначы, можа, з Рыжскага заліва. Радыёвугляродным метадам у Ленінградскім універсітэце вызначылі, што ўзрост гэтых рэштак — каля дваццаці тысяч год.
Мінуўшы хутар Камарышкі, спыняемся на высокім, у чатыры метры, беразе Страчы. Павольна і шырока плыве яна тут, злёгку віруе на павароце. У паўдзённых промнях сонца відаць, як сярод гнуткай травы ляніва ходзіць рыба. За тысячагоддзі рака выгрызла луку метраў у трыццаць. Агаленне нагадвае слоены пірог. Спачатку ідзе шэры пясок, потым — шэравата-буры, брудна-чорны, ніжэй — зеленаваты суглінак, у самым нізе — шэравата-карычневыя гліны, зноў пясок. Усё гэта спрасавана і выгнута ўверх-уніз. Без мікраскопа ніякіх «арктычных» рэшткаў, вядома, не пабачыш…
У той дзень мы яшчэ многа калясілі па паўночнай частцы Астравеччыны. Расціслаў Арсенцьевіч цікавіўся, як нарыхтаваны кармы ў «Зары» і пачаўся новы павучальны год у Завідзіненцкай васьмігодцы. З гордасцю паказаў маляўнічы, схаваны сярод лясоў, на беразе рыбнага става, пасёлак кардоннай фабрыкі «Альхоўка». Цяпер тут скрыжаваліся інтарэсы розных рэспублік. З Беларусі і Літвы ідзе макулатура, Расіі — цэлюлоза, Украіны — вугаль і гліназём. На фабрыцы працуюць беларусы і рускія, літоўцы і палякі, украінцы і татары.
Пад вечар, шукаючы сляды Баляслава Андрэевіча Шукевіча, які ў рэвалюцыю 1905 года чытаў на кямелішскім цвінтары адозвы і заклікаў жанчын «адпусціць сваіх мужоў і сышоў на ўзброенае паўстанне», мы пабывалі ў Кямелішках і нават заехалі ў Літву, у заасфальтаваную і асветленую лямпамі дзённага святла вёску Прэнай, адкуль Шукевіч быў родам. Але даведаліся толькі, што ў 1907 годзе, калі яму ўдалося ўцячы з пецярбургскай турмы, ён, хутчэй за ўсё, падаўся за акіян. Вярталіся ў змроку, так і не паспеўшы толкам агледзець унікальны драўляны касцёл у Кямелішках, збудаваны генералам Прушынскім у 1781 годзе, а таксама старыя будоўлі ў былым маёнтку, якія помняць дзёрзкія напады сялян і батракоў 1923–1924 гадоў. Побач, у Рызгорах, кажуць, ёсць драўляны палац, варты, каб яго перавезці ў скансен.
Зваротны шлях ляжаў па Жукойні, на калгас імя Гімбіцкага.
— Чаму — імя Гімбіцкага?
— На гэта пытанне вам лепш адкажа Міхал Андрэевіч. Разам з юнымі краязнаўцамі ён раскапаў усю гісторыю, напісаў у раённую газету. Потым перайменавалі калгас.
— Вы пшэбольшваеце мае заслугі, — сціпла падаў голас з задняга сядзення Кляцоўскі; ён доўга настаўнічаў у Літве, таму некаторыя беларускія словы вымаўляе на літоўскі або польскі лад. — Гэта вучні знайшлі ў лесе, акаля вёскі Сарочча, закінутую магілу, зацікавіліся, каго тут пахавана. Аказалася — Канстанціна Аляксандравіча Гімбіцкага. У Жукойнях ён чалавек прышлы, ад Докшыц. Ажаніўся за Польшчай. Брашуркі людзям чытаў. У саракавым выбралі яго старшынёй Жукойненскага сельсавета. Дзяліў землі пана Рамінскага, які збег сабакам сена касіць. У Шайкунах і Падліп’і арганізаваў калгасы. А тут немцы. З імі вярнуўся пан Рамінскі. Выпытаў, хто яго зямлю дзяліў. Выследзілі Гімбіцкага, калі ішоў з партызанскім заданнем. Прывязалі за шыю да фуры, да аглобляў, і пагналі праз вёску. Доўга катавалі. Потым прымусілі самому сабе выкапаць дуобу, магілу значыць. І расстралялі. Цяпер перанеслі астанкі ў Жукойні, помнічак паставілі.
— У раёне ёсць яшчэ калгасы, пазваныя імёнамі мясцовых герояў?
— А як жа, быстрыцкі калгас імя Яўсеева. Яўсееў загінуў тут у грамадзянскую вайну. «Жалезным камісарам» яго ўсе звалі. Будзеце ў Быстрыцы — паглядзіце пра яго экспазіцыю ў школьным музеі.
Быстрыца так ці інакш была намечана ў маім маршруце. Па-першае, гэта адно з самых старадаўніх пасяленняў на Астравеччыне. У хроніках Стрыйкоўскага і Каяловіча гаворыцца, што тут знаходзілася першая сталіца Вялікага княства Літоўскага. Каля Быстрыцы, ля хутара Лінаморгі, ёсць старадаўняе гарадзішча або язычаскае ахвярнае месца, пад назвай «Замкаўшчына» падрабязна апісанае Тышкевічам. У 1390 годзе Ягайла заснаваў тут адзін з першых у княстве касцёлаў і пасадзіў манахаў-пакутнікаў. Як цэнтр аднайменнага стараства Быстрыца назначана на карце Т. Макоўскага 1613 года, выдадзенай у Амстэрдаме. Па-другое, хацелася даведацца, ці застаўся ў жывых А. Касаты, адзін з арганізатараў Савецкай улады на Астравеччыно ў 1919 годзе. У Быстрыцы, Варнянах і Міхалішках тады ўзніклі рэвалюцыйныя камітэты. 2 лютага 1919 года віленская газета «Грамадзянін» паведаміла: «М. Быстрыца. 28 студзеня адбыўся сход воласці. Выбралі рэўком. Калі раней сяляне дзякуючы ксяндзоўскай агітацыі не хацелі выбіраць свайго сельскага камітэта, дык цяпер чуецца рэзкі пералом у псіхіцы народных мас, цяпер сяляне з ахвотай бываюць на сходках і агульнымі сіламі ствараюць сваю ўладу. Трэба заўважыць, што вельмі многа працы на арганізацыю мясцовага сялянства палажыў т. А. Касаты з засценка Юзэфова».
Гарысты шлях, паабапал якога сярод раллі віднеліся язычаскія курганы, прывёў назаўтра аўтобус у Быстрыцу, цэнтр калгаса імя Яўсеева. На скрыжаванні дарог узвышаўся помнік «жалезнаму камісару». Грошы на яго будаўніцтва сабралі камсамольцы. Цяпер стала традыцыяй уручаць каля помніка камсамольскія білеты.
Памяць пра Трафіма Якаўлевіча Яўсеева свята зберагаюць вучні Быстрыцкай васьмігодкі. Разам з дырэктарам школы Генадзем Мікалаевічам Глінскім аглядаем стэнды сціплага, але змястоўнага музея. З перапалавіненай белякамі фатаграфіі, падараванай вучням дачкой камісара, на мяне глядзяць калючыя чорныя вочы. Загарэлы твар, скуранка. А побач — радкі з песні Пуцілаўскага кавалерыйскага палка, у якім камісарам быў Яўсееў:
Стальной Трофим Евсеев Сказал перед полком: Врагов мы впрах развеем Путиловским клинком.Трафім Якаўлевіч — сын уральскай зямлі. Нарадзіўся ён у горадзе Ніжняя Салда. Парабкаваў, рабіў на заводзе. У першую імперыялістычную служыў у лейб-гвардзейскім Гродзенскім палку, атрымаў Георгіеўскі крыж. Кастрычніцкая рэвалюцыя зрабіла Яўсеева ваенным камісарам. Ваяваў з калчакаўцамі, быў дэлегатам VІІІ з’езда бальшавіцкай партыі. А калі на Краіну Саветаў папалі пілсудчыкі, аказаўся са сваім палком ля Віліі. У час баёў за пераправу, у ліпені 1920 года, правёў разведку мясцовасці, паказваючы прыклад, першым кінуўся ў атаку, заклікаў варожых салдат павярнуць зброю на паноў афіцэраў. Нечаканая куля абарвала жыццё камісара. Утрымаўшы пераправу, байцы пахавалі яго на беразе Віліі. А праз год Радзіма ўзнагародзіла Яўсеева ордэнам Чырвонага Сцяга. Пра ўральскага рабочага-бальшавіка сардэчна пісаў у сваіх успамінах легендарны Гая Гай.
Мясцовыя жыхары А. Сімановіч, Б. Нарэйка, А. Ільюк запомнілі месца, дзе быў пахаваны герой, і расказалі аб ім быстрыцкім і кямелішскім школьнікам. Пачаўся збор матэрыялаў. Аказалася, што ў Ніжняй Салдзе ёсць вуліца імя Яўсеева. Быстрыцкія піянеры ездзілі туды калгасным коштам, а пасля прымалі ў сябе ўральскіх следапытаў.
Школьны музей расказаў мне і пра іншыя старонкі гісторыі. Звычайна лічыцца, што на Астравеччыне ў 1940–1941 гг. былі толькі тры калгасы — у Варнянах, Гервятах і Вітках. Але вось учора ішла гаворка пра арцелі, арганізаваныя Гімбіцкім; сёння ж з музейных матэрыялаў даведаўся, што батрацкі калгас на чале з А. Слядзевічам быў таксама ў Быстрыцы, а сяляне Рагалішак, Жарнель і Ракішак, аб’яднаўшыся ў арцель, выбралі старшынёй Архіпа Васілеўскага.
У быстрыцкім музейчыку ёсць яшчэ адзін экспанат, міма якога нельга прайсці без хвалявання. Гэта выцвілая ад часу фатаграфія маладой і прыгожай дзяўчыны з хутара Юзэфова Валерыі Ігнатаўны Тубіс. Рамантычна-ўзнёслая, у дзевятнаццаць год яна стала першай у наваколлі камсамолкай, першай быстрыцкай «ізбачкай». У акупацыю збірала і перапісвала лістоўкі, скінутыя з самалётаў. Аднойчы восенню паліцаі ўварваліся ў дом Тубісаў, знайшлі камсамольскі білет. Босую, па мёрзлай зямлі пагналі Валерыю ў Жарнелі на допыт. Хацелі выведаць, з кім мела сувязь. Дзяўчыну білі, адлівалі вадой і зноў білі. Але яна нічога не сказала, толькі гідліва плюнула ў вочы паліцаю. Расстралялі камсамолку ў лесе, ля хутара Санова.
— Школьныя і калгасныя музеі варацца, як кажуць, ва ўласным соку, ніхто ім не дапамагае, не кіруе імі, — паскардзіўся Глінскі, калі мы выйшлі на вуліцу. — Па прыкладу Швянчонскага раёна на Астравеччыне даўно пара стварыць дзяржаўны ці грамадскі гісторыка-краязнаўчы музей. Рашэнне аб яго арганізацыі вынесена сесіяй раённага Савета яшчэ ў пачатку 1973 года. Але пра сам музей пакуль што нічога не чуваць. Ці то няма энтузіяста, ці то няма экспанатаў.
— Як няма экспанатаў! Столькі матэрыялаў захавалася ва ўдзельнікаў падполля, воінаў, што родам з Астравеччыны, партызан. Скажам, сельсавецкая пячатка, якую збярог у вайну Ушакевіч, франтавы блакнот Дамброўскага, фатаграфіі Калгушкіна, Шастапалава, Палуніна. Колькі каштоўнасцей знікае з раёна! Зусім нядаўна яшчэ жыла ў Варнянах «сабачая пані». Празвалі яе так, бо заўсёды карміла зграю сабак. У яе былі кнігі XVІ стагоддзя, карціны, гравюры. Прыехалі прыватныя калекцыянеры і скупілі ўсё гэта за шалёныя грошы. Або міхалішская калекцыя лекара Мінкоўскага. Тышксвіч бачыў у яго рэчы, выкапаныя з магіл этрускаў, тонкі саксонскі фарфор. Некуды ж усё гэта дзяецца…
З Генадзем Мікалаевічам мы агледзелі касцёл, збудаваны ў 1760 годзе. У яго барочнай архітэктуры перакрыжаваліся самыя розныя ўплывы — мясцовыя і італьянскія. Канстанты Тышкевіч, які з дапамогай валаснога праўлення запісаў у Быстрыцы некалькі беларускіх народных песень, бачыў у гэтым касцёле тры званы з гербамі Бжастоўскіх і дзве куніцы, прыбітыя ля дзвярэй на знак, што тут здзяйснялася «арбітральная ўлада над сялянамі». Зразумела, цяпер ужо нічога такога мы не пабачылі. А не пабачыўшы, скіраваліся на высокі бераг Віліі, падмыты быстрымі водамі. Тут рака сапраўды віляе, робіць крутыя павароты. Відаць, таму і завецца Вілія, хаця так думаюць далёка не ўсе антрапанімісты. Некаторыя выводзяць гэту назву ад старажытнаславянскага велья — вялікая, іншыя — ад літоўскага вільніс — хваля або вілюс — здрада. А Тышкевіч прыводзіць легенду, у якой і рака і яе назва бяруць пачатак ад слёз няшчаснай Вуляны, мужа якой бог ператварыў у камень.
Сёння апетая паэтамі Вілія прыкметна памялела. З’явіліся пясчаныя косы. Высока вытыркаюцца камяні, названыя ў народзе то Макрагузамі, то Казакамі. А калісьці па рацэ густа плылі стругі, байдакі, лайбы, плыты. У 1856 годзе праз Быстрыцу прайшло да тысячы плытоў з лесам. Мясцовыя флісакі сплаўлялі драўніну ў Прусію, а па дарозе назад, ля Катлоўкі і Міцкун, іх падпільноўвалі разбойнікі. Па Віліі плылі ўверх, да Міхалішак, гарматы, якія Стэфан Баторый браў з сабой у паход супраць Івана Грознага. А яшчэ раней тут была камора, дзе бралі пошліну (мыта). Захаваўся прывілей Сігізмунда І, пісаны ў 1542 годзе ў Вільні на старажытнай беларускай мове. У прывілеі, між іншым, гаворыцца: «Там, в Быстрыцы і Пеменчыне, где перед тым стародавно мыто было бірано, мают ад плоту протэстёвого і бервенного і тэшнічного по тры грошэй плаці, а в плоце протэсовом і бервенном і тэснічном по трыдцаці бервен мает быці. А што на онех плоцех будет вложено, яко бочкі, драніцы, збожжа, сена і якекольвек жывносці, масла, яйца, сыры і рыбы і ў вершог і колько чолнов будет накладено, от того всего нікоторого мыта не мает быці брано, а в колодном плоту дрэвнянном 60 колод мает быці, як од дрэвнянного, так і од пліценія мыта по 12 пенязей мают даваці. Іно мы тепер с выроку нашого на том жэ зоставуем, іж там, в Быстрыцы і Неменчыне, от плоту протесового і борвеннаго і теснічного по 3 гроша, а от плоту дрэвенного і от пліценіц по 12 пенязей за мыта мают даваці».
Сёння чыгункі і шасейныя дарогі ўзвалілі на сябе ношу, якую раней несла Вілія. Хіба што рыбацкая лодка пакажацца на яе «лініі гнуткай вечнага руху», як пісаў у вершы «Вілія» Мар’ян Дукса, або саматужны паром. У Быстрыцы моста няма, і з-за гэтага машынам прыходзіцца рабіць круг у 40 кіламетраў — на Міхалішкі. Бо падзея на паром малая. То парвецца канат, то збяжыць перавознік (тут цэлая вёска так і завецца: Перавознікі).
Яшчэ з паўдня пайшло на тое, каб высветліць, што пра Касатага ў наваколлі ніхто нічога не памятае. Няўмольны час хутка згладжвае чалавечыя сляды, калі іх своечасова не фіксаваць і не ўвекавечваць.
А як гэтыя сляды зберагаюцца, скажам, у Вароне? «Вёска, якая лётае», мае таксама багатае мінулае. Варонская капліца з адзінай, па-мойму, у Беларусі рэнесанснай атыкай упамінаецца ў многіх працах па архітэктуры. Тут раней вісела палатно выдатнага жывапісца Ш. Чаховіча «Святы Францішак Ксаверы сярод індзейцаў». Жыхары Вароны і навакольных вёсак удзельнічалі ў падзеях Кастрычніка. Баніфацы Георгіевіч Стакун з Нідзян у 1917 годзе ўзначальваў атрад Чырвонай гвардыі, ахоўваў Смольны. З Арджанікідзе, дзе ён цяпер жыве, прыязджаў у Варону, перадаў вучням каштоўныя экспанаты. Блізкі родзіч Баніфацыя Георгіевіча Міхал Іосіфавіч Стакун — член партыі з 1912 года. У 1917 годзе быў у рэўкоме Выбаргскай стараны, сустракаўся з Ільічом. У канцы 30-х гадоў быў старшынёй ЦВК БССР. А хіба не варты асобнага музейнага стэнда былы воін, вызваліцель Будапешта Міхал Лукіч Купрэвіч, які дваццаць год, да пенсіі, узначальваў калгас імя Карла Маркса, вывеў яго ў лепшыя?! Або каваль з саракагадовым рабочым стажам і віленскай вывучкай Мечыслаў Сцяпанавіч Гіновіч, на грудзях якога — шэсць урадавых узнагарод СССР і ПНР?! Або даярка Малання Станіславаўна Жыліс, узнагароджаная ордэнам Леніна і залатым медалём ВДНГ СССР?!
Але ў Вароне аказалася, што ніякай такой музейнай экспазіцыі ў школе ўжо няма. Спіхнуўшы з плячэй, яе перадалі ў праўленне калгаса, а там — звалілі ў кут, запёрлі на замок. Паўтарылася тая ж гісторыя, што ў Гервятах. Выходзіць, гісторыка-краязнаўчыя музеі існуюць, пакуль яны пры школе. І сапраўды, як тут абысціся без настаўнікаў, без вучняў?!
Са школы іду шукаць Маланню Станіславаўну Жыліс — пагаварыць з ёй мне абавязкова раіў Дзмітрый Канстанцінавіч. Сярод новых цагляных дамоў знаходжу драўляную хату. Малання Станіславаўна была якраз дома, нешта варыла на сняданне ці, можа, каб было з запасам, на абед на шырокім прыпечку. Пабачыўшы незнаёмага чалавека, зняла чыгунок з трыножніка, прыгасіла трэскі і запрасіла прайсці ў вялікую і прахалодную чыстую палавіну, дзе пад сукаватымі фікусамі стаяў стол, засланы абрусам. Мянялася тэма гаворкі — мяняўся і твар гаспадыні. Ён станавіўся то валявым і суровым, то іранічна-насмсшлівым, то па-жаноцку лагодным.
Расказвае Малання Станіславаўна Жыліс:
— Як я стала даяркай? О, гэта доўгая песня. Нарадзілася я не тут, а паблізу, у Кулішках. Гэта я ўжо ў Варону потым замуж выйшла. Скончыла сем класаў, пайшла памагаць бацькам. Адзін раз пасу сваю Рагулю, а тут узмежкам ідзе Купрэвіч, наш быўшы прадсядацель. Нешта ж яму кінулася ў вочы, як я з каровай абыходзілася. Ідзі, кажа, да мяне на ферму даяркай, не пашкадуеш. Даўно гэта было, у пяцьдзесят шостым годзе. А і праўда, не пашкадавала. Даяркай дак я чалавекам стала. У школу вучні просяць. Дэпутатам раённага Савета выбралі. Такрочным годам я ад каровы надаіла па чатыры тысячы шэсцьсот сорак восем кілаграмаў малака. Сёлета дала слова чатыры тысячы семсот. Толькі вот яшчур нам нашкодзіў. Малако сільна ўпала, бо толькі на адным полі мусілі пасціць. За восем месяцаў маю па дзве тысячы дзевяцьсот пяцьдзесят кілаграмаў ад кожнай з дзевятнаццаці кароў. Можа, і вазьму сваё. Раней кароў мы не падкормлівалі. А цяпер даём канюшыну, муку. Удзень выганяю да трохсот кілаграмаў, па чатырнаццаць ад каровы. Болей не выходзіць. Ведаеце, мяне сёлета Соня Янушковіч абганяе. І Ядзя Ігнатовіч. А было ж, у мяне яны вучыліся. Спачатку перажывала, а цяпер не надта гарую. Адной жа гадоўлі з імі, разам у дзеўках хадзілі. Няхай і яны трохі пацешацца славай. А там і я зноў, можа, уперад вырвуся. Баюся толькі даярак з «Запаветаў Ільіча». Саўко там добра ідзе, Мацкела. У іх пашаў болей. Бо ў нас кароў падвоілася, а пашы засталіся тыя ж. Цяпер во лёнам яшчэ заслалі.
Як я дабілася такіх надояў? Ведаеце, карову любіць трэба. Адным і тым жа часам даіць. Вымя памасіраваць, падмыць. Вунь на беразоўскай ферме, з якой мы сараўнуемся, кажуць; калі дасі палізаць солі або паласавацца канцэнтратаў, тады і добра. У абед дак у абед, вечарам дак вечарам. А каровы тым часам ад чакання нервуюцца, малако зарываюць. Чысціня трэба. Мы ў сябе на ферме вокны белім, летам кветкі ставім. Кароўнік у нас цяпер новы, на дзве сотні галоў. Доім «Імпульсам», рукамі толькі паддойваем. Гной транспарцёрам вывозяць. Так што рабіць лягчэй стала. Цяпер я так прывыкла да кароў, што, здаецца, без іх жыць не магла б. Стараюся, як каля сваіх. Бывае, што і ў хаце чаго не дараблю. Неяк пашэнціла зламаць руку, дак усё роўна на дойкі хадзіла, глядзела, каб зменшчыца кароў не запусціла.
Ці не цяжка мне адной, без мужа, упраўляцца і на ферме, і дома, гадаваць трое дзяцей? Цяжка, а што ж вы думаеце. Увесь час подбегам. Людзі казалі: не разводзься, у цябе ж і гады немаладыя, і дзеці ўсе ўжо школьнікі. Але ў мяне ж і свой розум, свой гонар ёсць. Не магла я мірыцца далей. І піў, і рукі доўгія меў. Цяпер вунь сваю цётку ганяе начамі. На аліменты мала плаціць, бо суткамі на ложку валяецца. Яго ўжо нічым не паправіш. І пры ім я дома ўсё сама рабіла — дровы шчапала, сена касіла. Цяпер хоць душа спакойная. Яно-то раней чалавек цярпеў бы, свая зямля не дала б годнасць паказаць. А цяпер не той час, каб над чалавекам здзекаваўся хто. Не плаціць аліменты, дак сваіх грошай хваціць — па сто семдзесят у месяц выходзіць. І дзяцей у людзі выведу. Мушу вывесці!
Па ўсяму відаць было, Малання Станіславаўна ўжо спяшалася на ферму, таму, пажадаўшы ёй поспехаў у жыцці, пайшоў на аўтобусны прыпынак. У чаканні нейкага транспарту прысеў на лаўцы побач з паўнаватым і добра сівым мужчынам. Ён аказаўся на лёгкім падпітку і ахвотна распачаў гаворку. Колькі слоў пра дажджы, што зноў зачасцілі, колькі слоў пра запушчанасць варонскага помніка архітэктуры. Потым запанавала няёмкае маўчанне, і, каб парушыць яго, я спытаў на ўсякі выпадак:
— Вы не ведаеце часам, у каго тут ёсць прыручаны воўк? Нядаўна ў беластоцкай «Ніве» чытаў, што каля Вароны быў зняты аматарскі фільм пра гэтага ваўка. Па тэлебачанні яго яшчэ паказвалі.
— А братка ж ты мой! Так бы адразу і спытаў… У мяне той воўк жыве! А фільм здымаць прыязджаў Аляксандр Ляховіч. То пойдзем да мяне паглядзець, на ваўка. І на дзікіх качак, што пад акном плаваюць. Баюся толькі, як старая нас прыме, бо сёння ж я трохі правініўся. Ну нічога, маім грамаадводам будзеце. Пры чужым чалавеку літаніяў яна не чытае.
Падхапіўшы мяне пад руку, мужчына весела прадставіўся:
— Вацлаў Іванавіч Блажэвіч, калісьці млынар, а цяпер ляснік. А заадно старшыня Варнянскага таварыства паляўнічых. А з кім маю гонар?
І нечакана задэкламаваў па-польску:
— О Літво, ойчызно моя, ты естэсь, як здрове…
Потым усю дарогу да Тартака нешта ды дэкламаваў. Міцкевіча, Багушэвіча, Сыракомлю. Сур’ёзнае і фрывольнае. Як і належыць былому мельніку, а цяпер лесніку, сыпаў анекдотамі, паляўнічымі гісторыямі.
— Яўрык у мяне як з’явіўся. Пайшлі мы гуртам на паляванне з маёй сучкай Ледзі. Глядзім — логава, пяцёра ваўчанят. Праседзелі ўвесь дзень, чакалі ваўчыцу, але яна не прыйшла. Тады падзялілі малых. Хто пазабіваў і здаў, а я стаў гадаваць. Воўк у лесе таксама патрэбны. Ён санітарную службу нясе. Мала цяпер нешта ваўкоў стала… Ну, а Яўрык вырас вялікі. У клетцы сядзіць, бо курэй душыць. Старая на мяне злуецца, кажа, мяса на яго не набярэшся. Але нічога, хай жыве. Бывае, я яго на паляванне з сабой бяру, у пару з Ледзі. Добра цікуе, толькі што не брэша, а яўкае. Заўжды са мной вернецца дахаты.
— А як цяпер дзічыны ў лесе — большае або меншае?
— Больш стала. Як замацавалі на Гродзеншчыне лясы за паляўнічымі арганізацыямі, то больш. Мы ж падкормліваем звяроў, тапінамбур для іх садзім. Нядаўна падлічвалі дзічыну, то налічылі каля двухсот дзікоў, каля васьмідзесяці ласёў, дзве з паловай сотні баброў, казуль многа. Цяпер дзікоў і ласёў па ліцэнзіях для заграніцы адстрэльваем. Нядаўна быў дэлегатам раённай канферэнцыі Таварыства па ахове прыроды, то чуў пра ўсё гэта. Наша таварыства мае сто сорак чатыры пярвічныя арганізацыі, болей семнаццаці тысяч членаў. Ёсць каму абараняць прыроду. Раённая газета часта друкуе старонку «Прырода і чалавек». Хаця і браканьераў хватае. Вунь у Жарнелях нядаўна стралялі без ліцэнзіі ў лася, а забілі калхознага каня. Што з такімі рабіць — не ведаю.
— У Чэхаславакіі добра прыдумалі. Ружжы — не ў паляўнічых, а ў праўленні таварыства. Ідзеш на калектыўнае паляванне — бяры ружжо.
— Хіба што так зрабіць. І яшчэ бяда ёсць з рыбай. Рыбы ў нас многа: стронга водзіцца, плотка, харыус, каля Альхоўкі — шчупакі па дзесяць кілаграмаў. Але зімой часта на Янаўскай ГЭС раптам спускаюць ваду. Вясной, калі лёд растане, ляжаць адны рыбіны костачкі. Спускаюць ваду і ў нераст. А колькі труецца хлоркай, аміячнай вадой. У «Перамозе» з дзіравай бочкі вылілася з дзесяць тон аміяку, дык усю рэчку Голштуп затрулі. Ну ладна, цяпер ша, самы небяспечны момант: вунь на панадворку мая старая стаіць.
І Вацлаў Іванавіч раптам пачаў ісці задам.
— Навошта ж так?
— А каб мая мела па чым адразу плескача даць!
Але плескача не было. Было гасціннае запрашэнне ў хату. Пакуль гаспадыня ўкройвала вэнджанага кумпячка, мы падышлі да Яўрыка. Пабачыўшы гаспадара, воўк радасна забегаў і нават лізнуў яму руку. Калі ж я падсунуўся да клеткі, ён халодна бліснуў вачыма, ашчэрыў жоўтыя зубы. Нерухома стаў у ненатуральнай позе.
— Артыст, праўдзівы артыст, — засмяяўся Вацлаў Іванавіч. — І ў фільме ён так іграў.
Потым мы агледзелі пасеку, стары млын, дзе калісьці, відаць, пілавалі дошкі, бо адкуль жа тады назва Тартак. Цяпер ён, замшэлы, стаяў нерухома. Толькі па латаку звонка цурчэла крынічная вада. Бегла яна з става, акружанага ніцымі вербамі. А па тым ставе плавала чародка дзікіх качак. Ад людзей яны не хаваліся, надчэквалі, ці не кіне ім хто жменьку збожжа.
— Дзівы дзіўныя цяпер з жывёлай творацца, — філасофстваваў Вацлаў Іванавіч. — Не баіцца ні людзей, ні машын, у гарады ідзе. Птушкі ў радыятарах трактараў гнёзды віюць. Клімат змяніўся, ці што. Каля Петраполя лебедзі сталі зімаваць. Качкі таксама не хочуць адлятаць.
Зімой ім тут зацішак, бо стаў не замярзае. Кругом лясы. На гарах мяцеліца свішча, а сюды, у лагчыну, вецер не дастае. Ды што там, лепей пойдзем у хату.
А ў стогадовай хаце Блажэвічаў — сапраўдны музей. Над халадзільнікам апошняй маркі вісіць цьмянае люстэрка ў разной раме. Бабка гаспадыні атрымала яго ад сваёй бабкі. Стаіць пузатая камода з тонкай разьбой. Уселіся мы на шырокай лаве з высокай спінкай, упрыгожанай разьбою. На маленькім падаконніку чырвоным полымем цвілі пеларгоніі. Прыкрыты кужалем стаяў тэлевізар. У закутку бялела пральная машына.
— Каб гэта такое жыццё ў маладыя гады! — уздыхнуў гаспадар, наліваючы ў чарачкі першаку. — У мяне розум быстры быў, але вучыцца давялося мала. Бацькам памагаў, потым на свой хлеб сеў. У вайну на фронце ваяваў, у балотах мок, Кенігсберг штурмаваў. У калгас уступіў. Тады здавалася: аддай зямлю, аддай каня, а як жыць без усяго свайго? А цяпер калі б хто сілком сунуў тую зямлю назад, сказалі б: навошта яна, адчапіся! Значыць, не зямля сама па сабе шчасце дае. Вунь я на калгасным сыноў вывучыў. Адзін заатэхнікам у сваім калгасе, другі шафёрам у Астраўцы, трэці армію дабывае. Чаго ж болей хацець.
— Так ужо нічога і не хочацца! — тут я рашыў паўтарыць пытанне, пастаўленае пару тыдняў назад Дзмітрыю Канстанцінавічу. — Уявіце, што перад вамі чараўнік, які можа выканаць тры любыя жаданні. Што б вы папрасілі?
— Першае — каб дзеці шчасліва жылі…
— І каб жонак добрых знайшлі, — перабіла гаспадыня. — Цяпер жа столькі разводзяцца.
— Другое — каб вайны ў нас доўга не было…
— Што ты чаўпеш, стары, — зноў перабіла гаспадыня. — Каб ніколі не было. Нідзе і ніколі.
— Ну, і каб дажыць да камунізма. Паглядзець сваімі вачыма, як яно там будзе!
7.
У «богам пазабытым» кутку. Справа ўсяго яго жыцця. Там, дзе чорт уссеўся на ледавік. Што паказала анкета. Трактарыст з душой інтэлігента. Першы Герой Сацыялістычнай Працы ёсць — хто наступны?
Вацлаў Іванавіч Блажэвіч, думалася мне на папутцы па дарозе ў Астравец, закончыў усяго пару класаў пачатковай школы. Але яго зацікаўленні шырэй, чым у іншага дыпламаванага спецыяліста. Паслухалі б вы, як ён эрудзіравана і дасціпна каменціруе міжнародныя падзеі, як ведае мінулае свайго кутка зямлі. Паэзію ён мог бы чытаць на памяць, мусіць, усю ноч. Нешта ж разбудзіла ў яго імкненне да прыгожага, прагу духоўнасці, Ці, можа, тут справа ў «прыроджанай быстрасці», як ён сам казаў, у спрадвечнай народнай цікаўнасці і кемлівасці?!
А як гэта імкненне да прыгожага выхоўваецца ў маладога пакалення Астравеччыны? Які эстэтычны зарад атрымоўваюць школьнікі?
Вярнуўшыся ў Астравец, іду ў аддзел народнай асветы. Леанід Уладзіміравіч згодзен, каб у дзвюх-трох дзесяцігодках правесці нешта накшталт анкеты. Выбіраем сельскую ў Жукойнях і местачковую ў Міхалішках. Яно добра было б узяць і Астравецкую, толькі не хопіць ужо часу.
У Жукойні рашыў дабірацца кружным шляхам, праз Спонды. Трэба паглядзець музей партызанскай славы ў Спондаўскай дзесяцігодцы.
За Віліяй праз прыцярушаныя дробным дажджом шыбы пільна ўглядаюся ў навакольныя краявіды. Калісьці тут, у Баранях, у мнагадзетнай сям’і лесніка, парадзіўся беларускі клерыкальны паэт Казімір Сваяк (Канстанцін Стаповіч, 1890–1926). Чалавек супярэчлівага жыццёвага і творчага лёсу, у сваім вершаваным зборніку «Мая ліра», выдадзеным у Вільні ў 1924 годзе, ён выкрываў сацыяльны і нацыянальны ўціск беларускага селяніна, шчыра спачуваў яго нядолі, за што ледзь не трапіў у турму. Але глядзеў ён на жыццё вачыма ідэаліста, раздвоены, не мог выйсці з «блуднага кола». Тут, у Клюшчанах, Сваяк нейкі час працаваў ксяндзом, намагаючыся па меры магчымасці даць сялянам грамату, тут у 1916 годзе ставіў свае драматычныя сцэнкі. У адным з твораў ён пісаў, што народ у гэтых мясцінах жыве ціхі, «богам пазабыты». Удалечыні ад гарадоў і вялікіх дарог, сяляне ніколі не вылазілі тут з «цемры і забітасці». Вось што, своеасабліва ўторачы Казіміру Сваяку, сведчыў у сваёй кнізе «Пад возам і на возе» (Кракаў, 1911) ксёндз Ю. Бародзіч, папярэднік Сваяка па Клюшчанскай парафіі. Рэакцыянер, ваяўнічы паланафіл, адзін з ініцыятараў усмірэння сялянскага бунту 1905 года ў Жукойнях-Жалядскіх, ён тым не менш вымушаны быў прызнаць: «Клюшчанская парафія, якая лічыць тры тысячы душ, з’яўляецца самай беднай у епіскапстве, бо знаходзіцца ў закінутай ваколіцы — далёка ад чыгуначнай станцыі, а зямля тут пясчаная, мала ўрадлівая. Народ тут мяшаны, складаецца з беларусаў, палякаў і літоўцаў, вельмі цёмных і забабонных, пераважна непісьменных». Раней адсюль у газеты паступалі толькі сумныя весткі накшталт вось гэтай, узятай з першага нумара «Нашай нівы» за 1915 год: «Клюшчаны. Зладзеі абакралі беднага селяніна, апошнюю адзежу, ало злыдняў злавілі, ды тыя падмазалі сведкаў».
Сёння «закінутая ваколіца» выраўнялася з іншымі мясцінамі. Выпрасаваныя ледавіком палі рэжуць трактары. Насустрач густа трапляюцца машыны і матацыклы. У Страчы і іншых вёсках на вуліцы асфальт. Над хатамі — густы лес высокіх тэлеантэн. Многа цагляных дамоў. Спондаўская дзесяцігодка таксама месціцца ў тыпавым двухпавярховым будынку.
Школьны музей паказвае яго энтузіяст Іван Мікітавіч Мартынаў. Невысокі ростам, хударлявы, рухавы, ён ніколі не ходзіць спакойна, а ўсё бяжыць подбегам, усё спяшаецца. З выгляду яму ніколі не дасі пяцідзесяці сямі гадоў.
— На старасць у мяне ёсць тры лякарствы, — смяецца Іван Мікітавіч, — рыбалка, дарога (сюды я дабіраюся штодзень са Свіры за дванаццаць кіламетраў: летам на мапедзе, а зімой і пешшу) і вось гэты музей. Вывучаць гісторыю партызанскага руху стаў таму, што сам партызаніў у Нарачанскім краі. Вось мы часта гаворым: ніхто не забыты і нішто не забыта, а многае забываецца ж. Тут я стаўлю перад сабой дзве мэты: зберагаць памяць пра народны подзвіг і на яго прыкладзе выхоўваць маладое пакаленне.
Школьны музей цесніцца ў маленькім пакойчыку. Раней тут быў пусты канец калідора. Старшыня калгаса «Ясная Паляна» Сяргей Міхайлавіч Мароз у парадку шэфства памог зрабіць сценку, дзверы. Вучні выгаблявалі і зашклілі стэнды, на якіх — сотні фатаграфій і жыццяпісаў, размешчаных у строгім і, можа, крыху аднастайным парадку.
— Пачалося ўсё з матэрыялаў пра ўраджэнца вёскі Жукойні-Жалядскія Аляксандра Паўлавіча Сільмановіча, — каменціруе Мартынаў, узняўшы на лоб масіўныя акуляры. — Да рэвалюцыі ён выехаў у Піцер, працаваў на фабрыцы «Вулкан». У верасні 1917 года ўступіў у партыю. Удзельнік штурму Зімняга. Падаўляў банды генерала Шкуро. Сільмановіч некалькі разоў бачыў і чуў Леніна: ля Фінляндскага вакзала, у Народным доме, на гістарычным пасяджэнні Петраградскага Савета. Слухаў і ў час вучобы на курсах прапагандыстаў ЦК. Успаміны Аляксандра Паўлавіча надрукаваны ў кнігах «Герои Октября» і «Ленин всегда живой», выдадзеных у Ленінградзе і Варонежы. Цяпер Сільмановіч персанальны пенсіянер, жыве ў Маскве. Адтуль прыслаў дзецям абедзве кніжкі з аўтографамі.
Пераходзім да стэнда з партызанскімі лістоўкамі, данясеннямі. Вось заява аб прыёме ў партыю народнага мсціўца Яўгена Брадовіча, на якой скупа напісана: «Забіты». Вось гімназічная фатаграфія Фёдара Рыгоравіча Маркава.
— У брыгадзе Маркава, — расказвае Іван Мікітавіч, — я партызаніў, выконваў абавязкі камісара атрада імя Суворава, уваходзіў у Пастаўскі падпольны райком камсамола. У партызаны трапіў, уцёкшы з палону — нас акружылі ў першыя ж дні вайны за Каўнасам, амаль на граніцы. Не раз ваяваў і тут, на Астравеччыне, каля Клюшчан і Спондаў. Непадалёку адсюль загінула адважная камсамолка Надзея Асяненка. Яе імем хочам назваць сваю піянерскую дружыну, робім пра яе асобны стэнд.
— Мусіць, не раз даводзілася, партызанячы, бываць у цяжкіх пераплётах?
— Чаму ж. Аднойчы нас, пяцёра разведчыкаў-камсамольцаў, паслалі на заданне да чыгункі Вільнюс–Полацк. Ноччу мы дабраліся да вёскі Норкавічы, пад Лынтупамі, спыніліся на хутары перадыхнуць. На варце паставілі Усевалада Партаса. Агледзеў ён усё — здаецца, спакойна. Але цішыня была зманлівая. Аказваецца, гітлераўцы высачылі нас па дарозе і паслалі ў Норкавічы атрад з дваццаці трох паліцаяў. Заданне ў іх было: узяць нас жыўём. Камандаваў здраднікамі нейкі Яцэвіч. Паліцаі бясшумна акружылі хутар, бясшумна знялі нашага вартавога. Яцэвіч з двума прыхваснямі ўварваўся ў сені, адчыніў дзверы ў хату і скамандаваў па-польску: «Рэнцэ до гуры!» Ускочыўшы з ложка, я хацеў выхапіць пісталет, але куля тут жа перабіла мне правую руку. Тады левай рвануў да сябе з кута аўтамат, нацэліў на дзверы і неяк націснуў на спуск. Яцэвіч, хапаючыся за дзверы, асеў на зямлю. Яго ранены дружок кінуўся за печку. Але тут ворага дабіў прыкладам Яўген Будзько. Тады мы дружна выскачылі на вуліцу і, хоць параненыя, адкрылі агонь. Паліцаі разбегліся хто куды. Сяляне перавязалі мяне суровым палатном, і мы паволі вярнуліся на сваю базу.
— З Маркавым, відаць, часта давялося сустракацца?
— Вельмі часта. І ў вайну, і потым. Я пад яго начальствам потым восем год працаваў у Маладзечанскім аблвыканкоме, дзе ён першым намеснікам старшыні быў. Ведаеце, мне давялося па яго заданню тут, у Клюшчанах, Трашчанах, Спондах, калектывізацыю праводзіць. Сказаў мне Маркаў: «Ты прывык слухацца, ты і едзь». У лясах тады многа бандытаў было. Едзеш на падводзе, бачыш: у лесе цыгаркамі зацягваюцца. Прыкінешся мясцовым — белы каўнерык наверх адкладзеш, пра вечарынку голасна гаворыш. А мне ж цяжка па-беларуску гаварыць, я ж родам з Саратаўскай вобласці… Добра. Прыехаў у Клюшчаны. З чаго пачаць? Рашылі пачаць з Кісялёў, дзе найбольш хутароў было. Калі там пойдзе, то і ў вёсках пойдзе. Сабралі актыў, дабраліся да Кісялёў. Стукаем у дзверы — пазачыняны. Тады рашылі інакш. Нанялі музыканта, устроілі вечарынку, усю ноч танцуем. А чуць зара, сабраў сваіх, размеркаваў на хатах і сказаў: «Цяпер бабы павінны выходзіць, каб кароў падаіць, дык вы далікатна так падыдзіце, дайце добрыдзень і запрасіце на сход. Тут ім не будзе куды дзявацца…» Добра! — гэта слова гучыць у вуснах Івана Мікітавіча часта і сакавіта. — Сабраліся на сход адны мужчыны. Дзве гадзіны расказваю пра калгасы. Гавару: вам жа лепей будзе, калі раней уступіце. Пачалі галасаваць. Ніхто не хоча першым падымаць руку «за». Тады пытаюся: а хто проціў? Таксама ніхто. Добра, кажу, тады давайце выбіраць праўленне. Выбралі. «Ну што, — кажу, — жадаю поспеху вашаму калгасу, бывайце!» — «Э, так не пойдзе, — гамоняць, — спачатку мы вас падкінем. Вы ж нас абхітрылі: мы вас у абед чакалі, а вы ў хатах ні свет ні зара заявіліся». Добра. Падкінулі мяне ўверх, знеслі па паўлітэрцы самагонкі. Так і пачаўся першы ў Клюшчанскім сельсавеце калгас. У Масцянах і Лакцянах было ўжо лягчэй. «Маладзец! — пахваліў мяне Маркаў, прыехаўшы сюды. — Трэба, каб усе ў цябе падыходу вучыліся.»
— Вы б пра Маркава ўспаміны напісалі.
— Паступова збіраю матэрыялы. Вось зрабіў артыкул для зборніка «Люди Нарочанского края». Але ўсё нестае часу. Многа сіл музей аднімае. Цяпер мы задумалі паказаць не толькі брыгаду Маркава і не толькі свой раён, але ўвесь Нарачанскі край, усе брыгады, якія тут дзейнічалі. Праз сельсаветы выявілі ўсіх жывых партызан у суседніх раёнах, у тым ліку і ў Швянчонскім. Паслалі ўсім партызанам пісьмы з просьбай прыслаць фота і кароткую біяграфію. Пісалі ад рукі, бо машынкі ў нас няма. Не ўсе адклікнуліся: то сфатаграфавацца не збяруцца, то лічаць нас несур’ёзнай арганізацыяй. Ало кожны дзень прыходзіць да дваццаці пісем. Усё вось тут, у алфавіце зарэгістраваны. Няхай для гісторыкаў партызанскага руху будуць. У музеі праводзім сустрэчы з удзельнікамі вайны, урокі мужнасці. Бацькі заходзяць, вучні суседніх школ. Адзін не справіўся б, вядома. Савет музея дапамагае — Надзя Свірбут, Люда Валуевіч, Валодзя Чарняўскі. Прыемна, што мой энтузіязм стаў іх энтузіязмам. Значыць, недарма жыццё жыву.
Па сваёй сціпласці Іван Мікітавіч утаіў ад мяне, што музей, гісторыя партызанскага руху — не адзіная яго «палымяная страсць». Ён яшчэ прыроджаны прапагандыст, кіраўнік раённага семінара прапагандыстаў па навуковаму камунізму. Супрацоўніца раённай газеты Ала Уладзіміраўна Ражко, якая была ў яго на занятках у школе асноў марксізма-ленінізма калгаса імя Янкі Купалы, расказвала, мне, што такой уважлівасці і арганізаванасці слухачоў яна не сустракала нідзе. Агульны матэрыял умела ўвязваецца з мясцовым, гавораць людзі сваімі словамі, без падглядак. А яшчэ Іван Мікітавіч — прыроджаны лектар. Вучыць лектарскаму мастацтву школьнікаў. Дае ўсім магчымасць карыстацца сваёй багатай бібліятэкай і картатэкай. Таму імя Івана Мікітавіча, выдатніка народнай асветы, прапагандыста з трыццацігадовым стажам, занесена на абласную Дошку гонару.
— А яшчэ мы думаем, — сказаў Мартынаў, збіраючыся, нягледзячы на ноч і дождж, ехаць на мапедзе ў свой Свір, — стварыць у музеі інтэрнацыянальны куток. Ужо атрымалі матэрыялы ад Бронюса Урбонавічуса з Літвы. З Рыгі адгукнуўся Сяргей Варламаў, які тут, на берагах Страчанскага возера, у красавіку 1942 года арганізаваў свой дыверсійны атрад… Вы не глядзіце, што мне скора на пенсію. Я многае яшчэ здужаю. Пры адной толькі ўмове: калі на мяне ніхто не крычыць. Спрабавалі тут па дробязях: «У бараноў рог сатру!» На хамства я проста не рэагую, замыкаюся ў сабе. І далей ціха раблю справу свайго жыцця!
«Сапраўдны падзвіжнік! — падумалася мне, калі я застаўся адзін у незнаёмай настаўніцкай кватэры: гаспадары, ад’язджаючы ў госці, пакінулі ключы. — На такіх заўсёды трымалася і трымаецца асвета, народная культура».
Назаўтра раніцай прамой дарогай, што ледзь віднелася ў тумане, падаўся на Жукойні. Іх тут двое: Жукойні-Жалядскія, дзе калісьці быў кляштар, і проста Жукойні — калісьці цэнтр Аляксандраўскай воласці Свянцянскага павета. Паўз дарогі прывідамі выплывалі з туману стогадовыя дрэвы, урослыя ў зямлю хутары. Ля Каймін (Кайміны па-літоўску — суседзі) доўга любаваўся азёрамі-блізнятамі, злучанымі шырокай пратокай, якія нібы спалі, ухутаныя коўдрай-туманом, у зямным улонні, а гэты сон сцераглі стромкія ўзгоркі, парослыя купамі сосон. Мясцовыя людзі і гамоняць, што гэта злосны чорт усеўся тут на ледавік і наараў такога.
У акуратным будынку Жукойненскай дзесяцігодкі, упрыгожаным вясёлым чырвона-зялёным арнаментам (нанесла яго на сцены сама дырэктар школы Лідзія Іванаўна Рубан), знаходжу адну з лепшых настаўніц беларускай мовы і літаратуры ў раёне Лілію Іванаўну Ромаш. Разам з ёй праводзім задуманую анкету. Дзесяць пытанняў — па беларускай літаратуры, дзесяць — з іншых галін, каб вызначыць агульнакультурны кругагляд. У заключэнне: кім хочаш стаць і дзе хочаш жыць. І коратка: як уяўляеш сваё жыццё год праз дваццаць. Падпісвацца не абавязкова… Адказы атрымаліся цікавыя. Ало вывады рабіць ранавата, бо ў класе ўсяго адзінаццаць вучняў. Паглядзім, што будзе заўтра ў Міхалішках. Там жа два дзесятыя класы.
— Ды і ці дасць што істотнае гэта анкета? — думалася мне ў час няблізкай пешай дарогі ў Міхалішкі. — Ну добра, сёння я высветліў, што з адзінаццаці вучняў толькі трое змаглі па памяці назваць галоўных герояў коласаўскай трылогіі «На ростанях». Але ж можна ведаць прадмет, вызубрыць яго дзеля экзаменаў — і застацца эмацыянальна глухім, не загарэцца святым агнём любві да яе вялікасці літаратуры. Іншы вучань добрасумленна пералічыць усе раскладзеныя па полачках «рысы» Лабановіча, аднак з расчлененых частак у яго ўяўленні не ўзнікне мастацкі вобраз. Галоўнае — ці з’явіцца ў школьніка ўнутранае жаданне звяртацца да той жа трылогіі на працягу ўсяго жыцця. Ці стане ён пасля школы перачытваць Купалу і Багдановіча. Не сакрэт жа, што вучні часам на пяцёркі пішуць сачыненні, нават не прачытаўшы сам твор. Нашто абцяжарваць сябе нейкімі там эмоцыямі, калі галоўнае — адзнака, галоўнае — экзамены, а літаратуры, чалавеказнаўству ў сістэме гэтых адзнак і экзаменаў адводзіцца далёка не галоўнае месца… Вось і выходзяць са школы людзі, часта нагружаныя вялікай сумай ведаў, але духоўна, эмацыянальна збедненыя. Іх задаволіць транзістарны музычны эрзац, гультаяванне перад тэлевізарам. У вольны час ён не возьме ў рукі класіку, а задаволіцца «прамяністым». І са школы асабліва не спытаюць; за такі брак, бо як жа яго выявіць і вымераць? Па якой шкале адзнак?
Значыць, вельмі многа тут залежыць ад урока (пакінем убаку недасканаласць падручнікаў). Адзін настаўнік анатамізуе мастацкі твор па схеме і тым самым забівае любоў да літаратуры. Другі вучыць мысліць і адчуваць, фарміруе асобу, яе маральны патэнцыял. Шкада, што не пабываў на ўроках у Ліліі Іванаўны Ромаш, хаця з яе небанальных разважанняў пра літаратуру відаць, што такі эмацыянальны зарад яны павінны даваць. А вось у Міхалішках, у дадатак да анкеты, трэба будзе схадзіць на ўрокі рускай і беларускай літаратуры. Схадзіць… А ўрок стане тады ўзорна-засушаным. Вось каб гэта прысутнічаць так незаўважна, нябачна…
На шашы мяне абагнала машына з чырвоным крыжам на баку, рэзка спынілася, падала назад. Гэта ў галоўнага ўрача раёна Валянціна Аляксандравіча Ражко ёсць добры звычай падвозіць выпадковых падарожных. Да самых Міхалішак расказваў ён мне пра свае радасці і клопаты. Пра куміра ўсіх жанчын Астравеччыны Аляксандра Пятровіча Апалінскага, які вось ужо дваццаць год узначальвае радзільнае аддзяленне. Пра хірурга Яўгена Паўлавіча Канановіча. Пад час вайны ён партызаніў, а цяпер заканчвае кандыдацкую дысертацыю, ва ўмовах Астраўца робіць трэпанацыю чэрапа і іншыя складаныя аперацыі. Скардзіўся на тое, што Астравецкая раённая бальніца — самая. малая ў вобласці, усяго на сто дваццаць пяць ложкаў, таму і цяжка размясціць усе аддзяленні.
У Міхалішскай школе з ходу напрошваюся да Алы Паўлаўны Леўшынай на ўрок рускай літаратуры ў дзесятым класе. Праходзіць ён у няўтульным пакоі, дзе нішто не нагадвае пра літаратуру. А іншыя ж урокі, падумалася, тут праводзяцца ў багата абстаўленых кабінетах… Але пачынаюцца заняткі — і перастаеш заўважаць заплямленыя сцены і паламаныя крэслы. Разам з вучнямі пераношуся ў супярэчлівы свет, пасолены жывымі героямі горкаўскай п’есы «На дне». Менавіта жывымі! За ўвесь урок я ні разу не пачуў слоў «рысы вобраза», «тэма». І настаўніца, і вучні адносяцца да Саціна, Лукі, Кляшча як да жывых, паўнакроўных людзей. Што вам падабаецца і што не падабаецца ў Саціне? У чым прычыны яго раздвоенасці? Давайце падыскуціруем, узважым усе «за» і «супраць»! Хлусня ці не хлусня прамовы Лукі? І ў чым шкода такой хлусні? І чым Лука падобны да Платона Каратаева? Урок ідзе па плану і адначасова — ён імправізацыя: адказы вучняў нараджаюць нечаканыя пытанні. На ўвесь клас толькі два-тры пасіўныя, адсутныя абліччы. Усе добра арыентуюцца ў тэксце п’есы. Чыстая руская мова. Дробныя пагрэшнасці тут жа выпраўляюцца. Пасля ўрока вучні не выглядалі змораныя, спакваля пакідалі клас — нібы яшчэ жылі ў іншым вымярэнні, створаным геніем мастака.
А цяпер — анкета. Цікава, у якім класе веды будуць лепшыя: у дзесятым А, дзе «прывілеяваныя» местачкоўцы, ці ў дзесятым Б, дзе вучні прышлыя з іншых, глыбінных васьмігодак?
З семнаццаці вучняў дзесятага А класа шасцёра сваім любімым беларускім пісьменнікам назвалі Івана Мележа, чацвёра — Івана Шамякіна, двое — Івана Навуменку, па аднаму «голасу» атрымалі Купала, Чорны, Маўр і Быкаў. Адпаведна любімыя творы — «Людзі на балоце», «Сэрца на далоні», «Сасна пры дарозе» (аднекуль з’явіўся яшчэ «Вячэрні сеанс»). Амаль усе сярод герояў коласаўскай трылогіі пазвалі Лабановіча і Ядвісю, а двое яшчэ — Аксёна Каля і …Тулягу. Толькі трое ведаюць зборнік Багушэвіча… «Мая дудка». І толькі адзін сярод лаўрэатаў Ленінскай прэміі назваў П. Броўку (іншыя пералічылі амаль усіх масцітых).
Горш з мастацтвам. Выканаўцу галоўнай ролі ў кінафільме «Каліна чырвоная» не ведаў ніхто. Шастаковіча лічылі пісьменнікам. Сярод любімых музычных твораў — «песні», «песні і танцы», «эстрадная песня», і толькі два «пробліскі»: раманс «Я помню чудное мгновенне» і «паланэс». Сярод любімых фільмаў на першым месцы «Чатыры танкісты і сабака».
Дзевяць чалавек хоча жыць у вёсцы (няблага!), шэсць — у горадзе, адзін — у мястэчку, двое вагаюцца. Пяцёра аддаюць перавагу прафесіі педагога (нядрэнна ў параўнанні з іншымі анкетамі), трое — шафёра, двое — інжынера, па аднаму прэтэндэнту ў «артысты ансамбля танца», ткачыхі, медсёстры, аўтаслесары, бухгалтары і «гіёлагі» (з пісьменнасцю тут горш, чым у Жукойнях — «будзім ходзіць», «лётаць на космас»).
Усе ўпэўнены, што праз дваццаць год будуць жыць пры камунізме. Усім хочацца, каб горад, завод прыйшлі ў вёску, каб былі добрыя дарогі, а ў Міхалішках — свой народны тэатр. Людзі знойдуць «такую планету, на якой ёсць разумнае жыццё», на іншых планетах «сабяруць першы ўраджай і закладуць фундамент першага жылога дома», а «на Марсе мы будзем адчуваць сябе, як у бога за пазухай». Вучоныя прадоўжаць жыццё да ста пяцідзесяці год. «Рыбы будуць знаходзіцца ўсюды ў поўнай бяспецы» і ўвогуле «будзе не жыццё, а маліна». Амаль усе пішуць пра тэхнічны прагрэс, матэрыяльны дабрабыт. Духоўнае, маральнае, на жаль, адступае на задні план. Толькі двое турбуюцца пра тое, каб моладзь у будучым не сядзела на шыі сваіх бацькоў, каб кахала «мацней, чым Рамеа Джульету». Толькі адзін вучань вызначае і сваё месца, свой удзел у пабудове «ўсеагульнага шчасця»: «Калі я скончу Інстытут, я абавязкова прыеду працаваць у сваю вёску і буду сваёй працай набліжаць светлае будучае нашай вёскі».
На калідоры падпільноўвае мяне выкладчыца беларускай мовы:
— Як адказалі?
— Слабавата, — даверліва паказваю папярэднія падлікі: яна ж павінна быць маёй саюзніцай па выяўленню нейкай і няпоўнай, прыблізнай карціны. — Не ведаюць, што Броўка і Мележ лаўрэаты Ленінскай прэміі.
— А хіба Мележ лаўрэат? Не ведалі мы.
— Далей. Творы Караткевіча не назваў ніхто. Сталіцу Таджыкістана — таксама ніхто. Многія лічаць, што першая сусветная вайна пачалася ў 1812 годзе, а другая — у 1941-м.
— Ці-ка-ва! Ну, вы прабачце мне, я зараз…
За пару хвілін пачынаюць пісаць адказы дваццаць тры вучні дзесятага Б. З вучнямі дзесятага А яны сустрэцца не маглі, бо тыя пайшлі дамоў. Але праводзіць далей «эксперымент» амаль не мае сэнсу. Літаральна ўсе цяпер ведаюць лаўрэатаў, ведаюць Шукшына і Душанбэ. І нават твор Караткевіча… «Каласы цвітуць».
І ўсё ж дзесяты Б, наперакор прагнозам дырэкцыі, спадабаўся больш, чым дзесяты А. Вяскоўцы больш чытаюць і глыбей адчуваюць. Сярод твораў Быкава яны назвалі не толькі «Альпійскую баладу», «Жураўліны крык» і «Трэцюю ракету», але і «Сотнікава», «Дажыць да світання», «Абеліск», «Здраду». Ведалі не толькі пра «Дудку беларускую», але нават пра «Скрыпачку», што не дайшла да нас. Указвалі год, месца і назву першага скарынінскага выдання (тут за «чысціню эксперыменту» магу ручацца, бо ні пра Быкава, ні пра Багушэвіча, ні пра Скарыну на калідоры ўпаміну не было). Сярод любімых фільмаў на першым месцы — «Семнаццаць імгненняў вясны», «А досвіткі тут ціхія», «Рускае поле» («Фантамас» пасаромлены — толькі адно «ачко»). Любімыя музычныя творы — «Танец маленькіх лебедзяў», «Паланез» Агінскага, «Апасіяната», «Дразды», «Садко»…
Ці не прагай духоўнасці абумоўлены і крыху іншы выбар жыццёвага шляху. Толькі сямёра згодны застацца ў роднай вёсцы, астатнія імкнуцца ў горад — інжынерам, урачом, канструктарам, артысткай, токарам, настаўнікам. Ёсць рамантычнае імкненне паехаць на БАМ.
І, на першы погляд, дзіўна: жадаюць жыць у горадзе, ало іх мары пра будучае (ва ўсіх да аднаго!) звязаны з пераменамі якраз у вёсцы! Вучань, які хоча працаваць у горадзе токарам: «У нашай вёсцы пастрояць новую, светлую і многаэтажную школу. Там можа будуць вучыцца мае дзеці». Вучань, які спярша таксама вырашыў жыць у горадзе: «Праз 20 гадоў наша вёска ператворыцца ў гарадскі пасёлак. Прафесія мая будзе звязана з музыкай. Праз 20 год я буду працаваць у сваёй вёсцы. Ручная праца заменіцца машыннай». Марыя Дуброўская, якая надпісала свой адказ і якая хоча стаць артысткай у Мінску: «Скончу школу, пакіну сваю вёску Вялікія Свіранкі, дзе я вырасла, а праз 20 год я яе не пазнаю. Замест размытай дажджамі вуліцы будзе пралягаць шырокая асфальтаваная дарога. Супраць кожнага дома будуць цвісці ружы, так як цвіце маладосць… Замест старога клуба будзе вялікі, з чытальнай залай. Прыйдзеш з работы, а табе, калі ласка, можна адпачыць». Вучаніца, якая адказала амаль на ўсе пытанні анкеты: «Беларускую мову я хачу выкладаць у роднай вёсцы, якая, вядома, зменіцца за гэты срок. На месцы цяперашняй пустэльні можа вырасце невялікі завод ці фабрыка… Працавітасць, павага да другіх, узаемадапамога стануць галоўнымі рысамі кожнага чалавека».
І яшчэ адна адметнасць у параўнанні з «местачкоўцамі». Тут большае разуменне ўзаемасувязі часоў і пакаленняў. Таго, што «наша «сённяшняе» існуе за кошт працы нашых продкаў». Вучаніца, што хоча быць у горадзе настаўніцай, піша: «І на адным з урокаў гісторыі я расказала б сваім вучням пра дзевятую пяцігодку… Гады дзевятай пяцігодкі ўвойдуць у гісторыю, як гады вялікіх адкрыццяў і здзяйсненняў». «І праз 20 год будзе шапацець пад маім акном рабіна, якую я пасадзіла цяпер».
З такой моладдзю Астравеччына можа крочыць у будучыню! Няхай яна не ўсё тое ведае, што ёй належыць, што ведаюць яе аднагодкі ў горадзе (розныя ўмовы ўсё ж!). Але ў яе ёсць галоўнае — імкненне да прыгожага змястоўнага жыцця. Прыгожага — не ў тым сэнсе, як яго разумеюць аматары дзікіх завыванняў. Не пустое сузіранне на плоціку, а праца, радасць пазнання. Па ўсяму відаць, «транзістарны стыль жыцця», які захапіў частку юных астраўчан, сярод такой моладзі, як вучні дзесятага Б, не пусціў і не можа пусціць глыбейшых карэнняў. Проста тут мацнейшая сувязь з зямлёй, з прыродай, з працай. І таму — большыя перспектывы ў вялікае жыццё.
Перспектывы… Цяпер яны пераважна залежаць ад самой жа моладзі: старайся, вучыся, працуй — і здзейсняцца ўсе мары. А раней… Тут мне ўспомнілася заметка, апублікаваная ў астравецкай раённай газеце 17 верасня 1946 года. Селянін з вёскі Падваранцы, што каля Міхалішак, Віктар Адамавіч Багдановіч пісаў, што да вызвалення яго старэйшую дачку Яніну ніяк не хацелі прыняць у віленскую гімназію, бо на дзесяць душ сям’і прыпадалі ўсяго чатыры гектары зямлі. Здольная дзяўчына мусіла пайсці ў швачкі. Затое малодшыя дзеці, Уладзімір, Часлаў, Алена, Соф’я, Юзэфа, цяпер, радаваўся селянін, усе вучацца: хто ў Міхалішскай школе, а хто ў фінансавым тэхнікуме ці педвучылішчы… Цікава было б даведацца пра далейшы лёс гэтай сям’і.
— Віктар Адамавіч Багдановіч вам часам не сваяк? — пытаюся ў настаўніцы Валянціны Канстанцінаўны Багдановіч, якая калісьці ў нас, у Астравецкай школе, выкладала нямецкую мову.
— Чаму ж не, — смяецца яна. — Гэта мой свекар. А Уладзімір, пра якога ён тады пісаў, — мой муж, як вы ведаеце, таксама настаўнік Міхалішскай школы. Часлаў цяпер кіруе ў калгасе ўчасткам. А колькі настаўнікаў, журналістаў, аграномаў, медыкаў у нашай сям’і — пальцаў пералічыць не хопіць. Падумаць толькі, якую кар’еру зрабіла наша сям’я за нейкіх там трыццаць год, на памяці аднаго пакалення: дзед больш самавукам быў, а ўнукі ўсур’ёз пра аспірантуру задумваюцца. Ды што гэта я вас марыную ў школе. Хадземце да нас на абед.
За сталом, сервіраваным з гарадской вытанчанасцю, акрамя гаспадароў па-суседску сядзеў яшчэ адзін чалавек. Чыста паголены і дагледжаны твар, акуратна прычасаныя валасы, моднага колеру нейлонавая кашуля, чыстая, сакавітая мова. «Відаць, таксама хтосьці з педагогаў, — мільганула спачатку думка. — Толькі адкуль мне помніцца ягонае прозвішча: Раўдановіч Леанід Тамашавіч. Здаецца, гэта вучні, пішучы пра сваю будычыню, пра тое, з каго б яны хацелі ўзяць прыклад у жыцці, двойчы ці тройчы назвалі яго, сельскага механізатара. І яшчэ калгаснага агранома, Зою Георгіеўну Шыловіч». Каб не трапіць у няёмкае становішча, на ўсякі выпадак задаю нейтральнае пытанне:
— Ну, як у калгасе арэцца зябліва?
— Нядрэнна. Сёння гектараў з шэсць заараў. Толькі вот дажджы пачаліся. На нізаўі гразка стала.
— І работа ўвесь час брудная… Вы не шкадуеце, што назаўсёды звязаліся з трактарам?
— Ніколечкі! Калі дзень не пайду на работу, то, наадварот, хворым пачуваюся.
Расказвае Леанід Тамашавіч Раўдановіч:
— Вы хочаце ведаць, калі і як я трактарыстам стаў? Душой — то яшчэ ў маленстве, калі першы раз трактар пабачыў. Прыйшоў ён у нашы Раўданішкі агромністы, жалезны, нібы з казкі. Мяне ўсё карціла дазнацца, як ён гэта ўнутры ўстроены, што без каня арэ. Пачаў драўляныя трактары і машыны майстраваць. Дома цяжкавата было, бо рана мы засталіся без бацькі. Таму пасля шасці класаў мусіў думаць пра хлеб для сям’і, пра заробкі. Прыйшла ахвота паступіць на курсы трактарыстаў. У 1959 годзе вярнуўся ў Міхалішкі. Пачаў рабіць. Спярша не ўсё ўдавалася. Вопыту неставала. Болей васьмі цэнтнераў збожжа з гектара мы тады не збіралі.
А тут у калгас новая аграномка прыехала, Зоя Георгіеўна Шыловіч. Са Случчыны яна, але скора да Міхалішак прывыкла. Усіх сваімі песнямі падкупіла. Скора за мясцовага хлопца-шафёра замуж пайшла. Прымусіла яго падвучыцца. І нас усіх вучыла. Гэта ад яе ў трактарыстаў пайшла завядзёнка сельскагаспадарчыя кнігі чытаць, часопісы выпісваць. І любві нас да зямлі, да работы вучыла. Ніяк не магу забыць, як яна плакала над выпаленымі сонцам пасевамі. Вы думаеце людзі так раней сваю зямлю любілі, як мы цяпер калгасную? Яна іх у ярме трымала, яны яе потам палівалі. Паспрабуй, узары канём няхай і вузкія гоні! А цяпер ніва шырокая, роўная, добра дагледжаная, то і радуецца вока, калі глядзіш на яе.
Сказаць па праўдзе, то ўраджай шмат у чым ад нас, механізатараў, залежыць — як узаром, пасеем, збяром. У жніво я на камбайн перасядаю, на «Колас». Складаная тэхніка, але слухаецца добра. Збожжа не будзе чакаць. За дзень да сарака шасці тон намалачваю. Цяпер тут, у калгасе імя Кірава, да трыццаці цэнтнераў з гектара збіраем. А ўпэўнены, што і па шэсцьдзесят будзе. Калі захоўваць усю агратэхніку, севазвароты не парушаць, як каму ўздумаецца. А цяпер зноў на трактар вярнуўся. Бывае, па дзесяць гадзін з кабіны не вылажу. З напарнікам, з Францам Бернюкевічам, у год да шасцісот гектараў выганяем. Можа, калі ён і абгоніць мяне. Усё, што ведаю, стараюся яму перадаць. Каб машыну па гуку мог распазнаць і зразумець. Цяпер я першае месца заняў на раённых спаборніцтвах, другое — на абласных, а можа, калі ён зойме. Вучу яго, каб машыну паважаў, каб у полі пад дажджом не пакідаў. Бо колькі ў нас яшчэ той тэхнікі ржавее.
Наша прафесія, далажу я вам, цяжкая, але аўтарытэтная. За намі будучыня. Цяпер некаторыя шумяць, што вот людзей у вёсцы мала, што ўсе ў гарады хочуць. А па мне, то людзей у вёсцы яшчэ замнога. Замала механізатараў, каб толькі яны рабілі ўсю работу. Да гэтага ж ідзе.
Так што сваім выбарам я задаволены. За работу атрымаў ордэны Працоўнага Чырвонага Сцяга, «Знак Пашаны». Во нядаўна «Жыгулі» купіў, новую мэблю, добрае адзенне. Толькі адпачыць няма дзе. У «Вецярок» светлы касцюм не адзенеш. У клубе цёмна, лямпачкі пабіты. Толькі адно кіно круцяць. У бібліятэцы цікавых кніг мала. Возьмеш каторую, пачытаеш, як пра нашага брата трактарыста пішуць, нібы адно толькі яму ў галаве, каб укалываць, сумна стане, аддасі назад, не дачытаўшы… Ну, яшчэ ў Вільнюс калі на выхадны з’ездзіш.
Мае жаданні? Чалавек мусіць ставіць перад сабой нейкую высокую мэту. І старацца дайсці да яе. Можа, палічыце нясціплым, але хочацца дацягнуць да Героя. Вунь як Паташкевіч у меліярацыі, першы Герой Сацыялістычнай Працы на Астравеччыне.
А мне тут жа прыгадалася, што пра Франца Іосіфавіча Паташкевіча сказаў Дзмітрый Канстанцінавіч Арцыменя:
— Я часта бачыў, як людзі добра працуюць. Але аж каб так працавалі — не бачыў. Паслухалі бы вы, як хораша пра яго выступалі рабочыя, абмяркоўваючы яго кандыдатуру. «Калі ён мала накапае, — гаварылі, — у яго настрой падае; не прапусціць ніводнага выпадку, каб памагчы іншым». Баяўся, што, стаўшы Героем, можа, зазнаецца. Ажно не, яшчэ прыбавілася ў яго ахвоты. Нядаўна прыз яго імя механізатарам устанавілі.
Вярнуўшыся ў Астравец, я скіраваўся на пошукі Франца Іосіфавіча. Але калі нядзеляй знайшоў на ціхай вулачцы абрамлены асеннімі вяргінямі акуратны фінскі домік і пачаў націскаць на кнопку званка, жанчына з суседняга гародчыка крыкнула, што Паташкевічы — хоць раз у год — выбраліся ў госці на сваю радзіму, дзесьці пад Маладзечна. Мусіць, назаўтра суседка далажыла пра тую кароткую размову, а пачуццё абавязковасці не давала Францу Іосіфавічу спакою («як жа, нехта шукаў мяне і не знайшоў!»), бо ў панядзелак вечарам, кіруючыся ўскоснымі прыкметамі, ён сам адшукаў мяне ў гасцініцы, тут жа запрасіў да сябе ў госці; «Паглядзець, як жывём!»
У старшага машыніста-экскаватаршчыка Астравецкага будаўніча-мантажнага ўпраўлення меліярацыі Франца Іосіфавіча Паташкевіча неяк арганічна спалучаецца грамадскае і асабістае. Так, цэлымі днямі, часам ад цямна і да цямна, у гарачыню і ў сцюдзёны дождж, рызыкуючы праваліцца ў халодную жыжку, угрызаецца ён каўшом свайго экскаватара ў клейкую твань балот. Так, многа часу аддае грамадскай рабоце — як член бюро райкома партыі, член бюро сваёй пярвічнай партарганізацыі, як настаўнік моладзі і рацыяналізатар. Але адначасова ён не ахвяруе асабістым. Умее цаніць радасць жыцця: асалоду падарожнічаць на ўласным «Масквічы», утульнасць пакоя, абстаўленага сучаснай мэбляй. Ганарыцца дзецьмі, якія прыносяць са школы выдатныя адзнакі і яшчэ на дадатак займаюцца музыкай. У гэтай сям’і, адчуваеш з першага погляду, пануе дух таварыскасці, а старэйшыя дзеці глядзяць за парадкам і памагаюць малодшым, бо Ніна Герасімаўна, жонка Франца Іосіфавіча, таксама поплеч з ім працуе на балотах. Калі блізка ад Астраўца — прыязджаюць вечарам дамоў, а калі далёка, за Кямелішкамі або Гервятамі, — тыднямі жывуць у вагончыках у полі.
— Каб гэта ўсё падлічыць, колькі я выняў зямлі з 1961 года, як тут працую… — думае ўслых Франц Іосіфавіч. — Возьмем у год восемдзесят тысяч кубоў. Тады за ўвесь час набярэцца да мільёна. Мільён кубоў — гэта недзе дзвесце кіламетраў канавы сярэдняй шырынёй у шэсць метраў. Як адсюль да Мінска і нават далей. Сёлета даў слова выняць шэсцьдзесят пяць тысяч кубоў. А ўжо ёсць шэсцьдзесят сем тысяч. Да канца года яшчэ палавіну плана дам. Так што сваю пяцігодку за тры з паловай гады выканаў.
— Чаму ж у іншых паказчыкі не такія?
— У іншых? — гаспадар на хвіліну задумваецца. — Іншыя любяць самае цяжкое на заўтра пакінуць. У нашай рабоце ўсялякае бывае. Парвецца гусеніца — лезь у балотную гразь. Колькі разоў, паглыбляючы рэчку, правальваешся ў халодную ваду. Усюды ёсць лепшыя ўчасткі і горшыя. Нешта цябе так і падмывае: пакінь цяжэйшы ўчастак, заўтра даробіш. А ты не даешся, бярэш сябе ў рукі: не, трэба зрабіць цяпер! Ты ж сялянскі сын, думаеш, з дзяцінства прывучаны к труду… Прыеду вечарам дадому — увесь час думаю, што мне назаўтра трэба, каб прастояў не было. Прадбачу, якія часткі могуць выйсці са строю, каб запасныя ўзяць. Масла каб хапіла і каб сэканоміць яшчэ. Для паліва бакі ў нас малыя, дык я запасны стаўлю, каб час не ўпусціць. Стараюся і маладых падцягнуць. Тэорыі-то ў іх часам болей, чым у мяне, а практыкі намнога меней. Цяпер пры нашым упраўленні філіял Слонімскага вучылішча адкрылі, дык маладыя ў мяне практыку праходзяць. Ужо чалавек з трыццаць абучыў. Каб лепей працаваць, ездзім за вопытам на выстаўку ў Маскву, да суседзяў у Швянчонскі раён. Яны там у сябе ўзялі курс толькі на дрэнаж. Калектары заглыбляюць у зямлю і тым самым на квадратным кіламетры да гектара зямлі эканомяць.
Нашу гаворку перапыняе Ніна Герасімаўна. Пытаецца, дзе апошні нумар «Работніцы і сялянкі».
— Аб чым гэта я казаў? Ага, аб людзях. Цяпер у нас чалавек з трыста механізатараў, з іх палова ўдарнікі камуністычнай працы. А ўсё не хватае. Па аднаму трактарысту на два трактары прыходзіцца. Людзі багацей сталі жыць, то шукаюць, дзе работа чысцей і лягчэй. Хаця і ў нас шмат лягчэй стала. Калісьці, гадоў з дзесяць назад, зімой мы рамантавалі тэхніку пад адкрытым небам. Кранаў не было — ломікамі падымалі. Мароз пацісне, то агонь раскладвалі. А цяпер майстэрні збудавалі. Толькі трэба пляцоўку ўсю забетаніраваць, як у літоўцаў. Не так гразка стане, можна будзе без гумовых ботаў хадзіць. Паляпшаць то яно можна без канца.
— Так што паступова змяняеце аблічча раёна…
— Намнога змяняем. Цяпер у год пад паўтары тысячы гектараў зямлі асушаем. Стараемся, як у літоўцаў: не адкрытым спосабам, а дрэнажом. Нядаўна перад партсходам адным падлічылі, што за ўвесь час наша ўпраўленне меліяравала дваццаць дзве з паловай тысячы гектараў балот, з іх амаль трынаццаць тысяч — ганчарным дрэнажом. Яшчэ на дваццаці трох тысячах гектараў культурна-тэхнічныя работы правялі: кусты раскарчавалі, каменне звезлі. Дзе былі непраходныя ройсты, там цяпер збажына расце, каровы пасуцца. Не ўсюды, канечне, часам зноў прыйдзе зямля ў запусценне.
У пакой зайшла сярэдняя дачка, каб узяць з канапы акардэон. Заадно прыхапіла ноты. Думкі Франца Іосіфавіча зноў пайшлі ў іншым кірунку:
— Мне ў свой час не давялося вялікую навуку займець. А цяпер пазнавата ўжо, гады не тыя. Дык хай яны, дзеці нашы, спакойна вучацца. Ім гэта ой як прыдасца. Жыццё — яно прама на вачах усё болей навукі патрабуе, усё большы імпэт набірае. Усё роўна, як балоцістая рэчка. Ледзь цячэ, сонная, вада то на берагі, то на трыснягі натыкаецца. А паглыбіш дно экскаватарам, выпраміш русло — вунь як пабяжыць яна. Усё скарэй і скарэй. Так і наша жыццё. Выпрамленае яно цяпер і, як кажуць у нас на палітзанятках, паскоранае. За адно пакаленне зменіцца столькі, колькі калісьці за стагоддзі не мянялася. Тыя ж балоты стаялі балотамі ад цара Гароха.
— Толькі, мусіць, параўнанне з рэчкай не зусім удачнае. Вада можа раптам сплысці, і рака абмялее.
— Вада можа. Яна свой канец мае. А жыццё — не. Бо яму канца-краю няма. Толькі нам цяжка сабе ўсё гэта ў галаве прадставіць. Думка чалавека, ягоная душа болей учэпістыя, болей трымаюцца за старое і прывычнае. Таму некаторых і муціць ад цяперашняй скорасці жыцця. Некаторым хочацца сысці на бераг, агледзецца, адчакацца, адляжацца. Але дзе ж ты сыдзеш цэлы, калі скорасць ужо набрана! А сыдзеш, то не дагоніш, без надзеі адстанеш. Значыць, трэба, каб і чалавек так жа скора развіваў сябе, як развіваецца само жыццё.
…Астравеччына па праву можа ганарыцца сваім першым Героем Сацыялістычнай Працы. Хто стане наступным? Раўдановіч? Жыліс? Валуевіч? Хтосьці са старшынь калгасаў? А можа, нехта з маладзейшых, чыя вялікая слава яшчэ наперадзе. Скажам, даярка з «Запаветаў Ільіча» Марыя Саўко, якая ўпэўнена выбіваецца на першае месца па раёну. Або шафёр з «Зары» Войцех Пуховіч, удастоены права сфатаграфавацца ля Сцяга Перамогі за тое, што ў жніво перавозіць да шасцісот тон збожжа. Або ўчарашняя дзесяцікласніца, загадчыца фермы ў калгасе імя Чапаева Міраслава Блашкевіч, выбраная дэпутатам абласнога Савета. Ці нехта з тых, хто днямі адказваў на анкету ў Міхалішскай і Жукойненскай школах.
Пажывём — пабачым.
8.
Заўсёды там, дзе трэба. На месцы Гудагайскага канцлагера. Легендарны след нявесты Кастуся Каліноўскага. «Мой родны кут…» Расказвае сакратар партарганізацыі. «І тчэ, забыўшыся, рука…» Гісторыя аднаго сялянскага роду. Магнітафонная стужка памяці. Жыццё ідзе па наступнаму кругу
Тым часам водпуск няўмольна набліжаўся да канца. Куды падацца ў два дні, што засталіся да ад’езду? У калгас імя Леніна, дзе працуе Марыя Уладзіславаўна Сакалоўская, якая вось ужо дваццаць пяць год атрымлівае высокія ўраджаі льну і за гэта ўзнагароджана ордэнам Леніна? У калгас імя Куйбышава, які больш дваццаці год узначальвае адзін старшыня — Уладзімір Уласавіч Сідарэнка? Пагаварыць з астравецкай паштальёнкай Тэрэзай Пятроўнай Івашка, якая, ратуючы дзяцей, сама амаль не загінула ў полымі? А можа, заняцца народнымі ўмельцамі — разьбярамі, ткачыхамі, музыкантамі?
Але нечаканая сустрэча скіравала думкі ў зусім іншым напрамку.
Насупраць гасцініцы мяне аклікнуў чалавек, які вёз на фурманцы нейкія бляшаныя прылады, трымаючы лейцы левай рукой:
— Здароў! Што, ужо не пазнаеш сваіх? Я ж старшынёй вашага Дравяніцкага сельсавета быў, а мая Ніна Якаўлеўна настаўнічала ў вашых Расолах.
Ну як не пазнаць Дзмітрыя Харытонавіча Смаляка! Колькі разоў ён праводзіў у нашай хаце бурныя сходы. Дэмабілізаваны воін, ён смела змагаўся ў калектывізацыю з бандытызмам і кулацтвам.
— Давайце прыгадаем тыя часы, Дзмітрый Харытонавіч.
— Пачакай троху. Вот адвязу гэтыя бандуры, і зойдзем да мяне.
…Жыццё не песціла Дзмітрыя Харытонавіча. І ніколі ён не шукаў лёгкіх шляхоў. У саракавым годзе пайшоў з Ушаччыны ў армію. У першыя ж месяцы вайны быў ранены ў левае плячо. Камандаваў узводам на Волхаўскім фронце, там жа падаў заяву ў партыю. Зноў раненне — на гэты раз у нагу. Вызваляў Лугу, Ноўгарад. У сорак чацвёртым раздрабніла правую руку. Вярнуўся дамоў учарнелы, з пратэзам. Папрасіўся ў маці пераначаваць, то яна спярша не пазнала. Потым не ведала, што з радасці рабіць. Калі сяброўкі пыталі: «Чаму прытуляеш левай?» — жартаваў: «Бо левая бліжэй да сэрца». Прапанавалі яму паехаць у Астравец намеснікам дырэктара МТС па палітчастцы. А тут якраз у Дравяніках бандыты вечарам прама за сталом забілі старшыню сельсавета Якушчонка. Паказаў Смаляк сваё скіраванне сакратару райкома Мацюшаву, паглядзеў той і кажа: «Няшчасце ў пас. Паедзеш у Дравянікі. Ты франтавік — табе і карты ў рукі».
— Народ тады жыў у Дравяніках бедна. Падлогі гліняныя. У ложках салома. Тут жа, у хаце, свінні стаяць, — успамінае той, сорак пяты, год Дзмітрый Харытонавіч. — Бандыты, вядома, гняздзіліся не тут, а на засценках — у Прокартах, Чырвоным Бары, Карыціне. Не раз прыходзілі ў Дравянікі. Яны на Івендзікава цікавалі, на ўпаўнаважанага райкома партыі. На мяне таксама. Але людзі нас папярэджвалі. Не раз глядзеў смерці ў вочы. Выручала вытрымка і кемлівасць. Смела па іх ішоў. А вот новага ўчастковага Васілеўскага забілі. Разам з сынам Якушчонка злавіў ён бандыта Часнойця. Вопыту не было, таму не абшукалі. Бандыт выцягнуў пісталет і стрэліў у Васілеўскага. Тады Якушчонак наваліўся на Часнойця зверху, неяк націснуў нагой курок вінтоўкі і так прыкончыў бандзюгу.
— Максім Логвінавіч расказваў мне, як жанчыны на вас напалі, калі вы ў Гервяцкім сельсаваце калгасы арганізоўвалі.
— Усялякае бывала. У Ключніках, Пугавічах, Гялюнах. Людзі баяліся першымі падаваць заяву, дык я пакідаю скручаных нумароў у шапку і кажу: «Цягніце, хто выцягне першы нумар, той і напіша першым, і бандыты не будуць мець прычыны да вас чапіцца». Цяпер спаткаюся з людзьмі — дзякуюць, што іх у калгас агітаваў. Ды я не толькі агітаваў, а і старшынёй быў. У «Чырвонай зары», у Лошы. Прыехаў туды — усё развалена. Сабраў людзей, пачаставаў папяросамі, пытаюся: «З чаго пачнем?» — «Хаця па кілаграму на працадзень дайце!» Неяк выкруціўся, даў па кіло трыста. Паверылі мне. Праўда, скора захварэў, на аперацыю пайшоў. Прыйшоў новы — з маладых ды ранніх — зноў усё запусціў. З таго часу ў Лошы многа старшынь памянялася. Толькі цяпер, пры Адахоўскім, калгас пайшоў угару. Раю табе там пабываць. У іх сакратар партарганізацыі вельмі талковы.
— Гэта ж побач з маімі Расоламі.
— У Расолах ужо быў? Не было часу, кажаш? Нікога са сваіх там ужо няма? Усё роўна сорамна не быць. Хоць проста так схадзіць бы.
— Відаць, так і зраблю. Ну, а дзе вы цяпер, Дзмітрый Харытонавіч, працуеце? Чаму самі за фурмана?
— Хоць і ў начальстве, але калі трэба, то і каня запрагу, — смяецца Смаляк. — На камбінат камунальных прадпрыемстваў мяне кінулі. З’явіўся такі ў Астраўцы. Наладжваю службу быту, хоць мог бы ўжо даўно пайсці на пенсію. Мусіць жа нехта быць там, дзе трэба!
…Значыць, цяпер — у Расолы! Ашмянскім аўтобусам даязджаю да Гудагая (прыгадваю, што тут у юнацтве бываў вядомы польскі празаік Тадэвуш Канвіцкі і што тут нарадзіўся Янка Шлыковіч, сябра Япкі Купалы па Акопах). Ад прыпынку лясной дарогай кіруюся на Палушы. Наўзбоч яе, каля старой школы, стаіць сціплы помнік. Трафарэтны надпіс сведчыць толькі, што тут пахаваны воіны, якія аддалі сваё жыццё за Радзіму. Хто? Калі? Колькі? Не даюць яснага адказу на гэтыя пытанні і друкаваныя крыніцы. У чацвёртым томе БелСЭ сказана неакрэслена: «Помнік на брацкай магіле 95 сав. воінаў, якія загінулі ў Айч. вайну». Але ж асаблівых баёў тут не было… Іншыя даведнікі пішуць пра восемдзесят ваеннапалонных, расстраляных у Гудагаі ў 1944 годзе. Значыць, канцлагер? І тут цьмяна ўспомніліся чутыя ў дзяцінстве расказы пра жахлівыя справы, што тварыліся ў старой школе і навокал яе. Трэба будзе ў Палушах распытаць старажылаў.
Вёска Палушы, што раптам паўстала на гарызонце пасля лагоднага павароту лясной дарогі, за апошні час прыкметна вырасла, папрыгажэла. Там, дзе ў 1618 годзе быў дамініканскі фальварак, цяпер пабудаваны буйныя фермы, кантора саўгаса імя Мічурына, першая двухпавярховая жылая мураванка, цэлая вуліца маладажонаў. Левабярэжныя і правабярэжныя Палушы падзяляе абмялелая Лоша. Калісьці яе воды перагараджалі млыны з рыбнымі ставамі — два ў Палушах, у Лошы, Рымунях. Цяпер збожжа ніхто сам не меле. Ставы спусцілі, млыны разабралі. Вунь ад палушанскага засталіся толькі гнілыя пáлі добра відочныя побач з хісткім мостам. Кажуць, у 1905 годзе каля гэтага млына пачалося выступленне палушанскіх сялян.
Узняўшыся па дарозе, якая ніколі не перасыхае ад сцюдзёных крыніц, на даволі стромкую гару, збочваю налева, па-сваяцку заходжу ў стары, з маленькімі яшчэ вокнамі дом Караля Казіміравіча Вішнеўскага, заядлага паляўнічага і рыбалова. Але, у адрозненне ад іншых паляўнічых і рыбаловаў, у яго няма звычкі перабольшваць. Таму яго расказ — з папраўкамі на час — з’яўляецца верагоднай крыніцай інфармацыі:
— На другім годзе вайны немцы задумалі абнавіць чыгунку, дабавіць другую каляю. Мясцовыя людзі на работу не ішлі. Тады пачалі завозіць ваеннапленных. Везлі іх тут многа на захад. Каторыя выскоквалі на хаду поезда і забіваліся. Каторых выкідвалі мёртвымі. Каля былога пераезду на Табарышкі палушанцы потым пахавалі сем чалавек. Адзін быў, відаць, высокі военачальнік. Поезд на пад’ёме каля выемкі сцішваў ход, таму і ратаваліся тут. Ды дзе ты выскачыш добра, калі многа сутак не еўшы… У Гудагай завезлі чалавек з трыста. Набілі ў школу, а каторыя начавалі пад голым небам. Акружылі школу калючым дротам, будкі паставілі з кулямётамі. Але ўсё роўна многія ўцякалі, па лясах іх з сабакамі лавілі. У лагеры была свая арганізацыя, і адзін раз спрабавалі яны ўцячы ўсе разам. Толькі сілы былі няроўныя. Палушанцы чым маглі, то дапамагалі. Дзеці праз дрот хлеб кідалі. Немец не падпушчае, аўтамат наводзіць, а дасі яму дзесятак яек, то адвернецца і нібы не відзіць, як кінеш булку хлеба. Тут жа пленныя падзеляць яе на роўненькія кусочкі. Аднак потым перасталі нас падпушчаць, бо, кажуць, нехта ў хлебе напільнік перакінуў. Многа іх змёрла і пахавана ў той магіле. З трохсот чалавек к канцу засталося семдзесят, і тых некуды вывезлі. Мусяць жа недзе жыць людзі, што ўратаваліся з пекла, толькі цяжка патрафіць на такіх. Хто хаваў беглага ў сябе, той ніякіх адрасоў не запісваў.
— А як было ў 1905 годзе, калі бунтавалі палушанскія сяляне?
— Тады я яшчэ хлапчуком быў, але добра ўсё помню. Вярнуўся з Вільні стары Мацей Адамковіч і кажа мужчынам: «У горадзе заводы стаяць, людзі бунтуюць, каб усё было наша!» — «Выходзіць, і млын наш павінен стаць!» — рашылі мужчыны. Млын у Палушах казённы быў, яго браты Карабцы арандавалі. Прывязе хто змалоць зярно ці зваляць сукно, бо пры млыне фолюш быў, Карабцы да двух гарнцаў збору сабе яшчэ трэці дабіраюць. Мельнік Іван Кацінель сабе таксама крадзе. Проста ратунку ад іх не было. Ну, пайшлі ўсе мужчыны да млына. Іосіф і Антон Чарняўскія падважылі застаўкі, спусцілі ваду. «Убірайцеся адгэтуль, — кажуць Карабцам. — Мы самі цяпер гаспадарамі будзем. Свабода цяпер усім!» А мельнік тым часам на каня ды ў Ашмяну. Прыехалі стражнікі, войска поўна. Каго падстрэлілі куляй, каго скавалі. Але людзі бараніліся: сунецца стражнік у хату, а баба возьме жару з печы і жарам яму ў вочы. Чарняўскага тады забілі, Замару на вольсе, дзе ён ратаваўся, паранілі. Восем чалавек пагналі ў ашмянскую турму. Ало скора выпусцілі, бо генеральша Дабжынская з Лошы за мужыкоў уступілася. Не ведаю, які ў яе тут інцярэс быў. Кажуць, што хоць пані, а таксама за рэвалюцыю стаяла…
З Палушаў ледзь відочная, зарослая дарога вядзе на Сяржанты. З левага яе боку, на беразе Лошы — купка амаль зраўняных з зямлёй курганоў. Археолагі адносяць іх да ўсходне-літоўскага тыпу і датуюць прыкладна VІ–VІІІ стагоддзямі нашай эры. Ф. Пакроўскі, які капаў тут у канцы мінулага стагоддзя, у адным з курганоў знайшоў чалавечы шкілет — з галавой, звернутай на захад, і рукамі, складзенымі на грудзях. У Сяржантах былі адкапаны гліняныя пацеркі, жалезны ножык, абломак крэмневага нажа, гліняны чарапок з птушынымі касцьмі. Усяго Пакроўскі тут знайшоў з паўсотні курганоў дыяметрам да дзесяці метраў і вышынёй з паўметра. Сёння іх тут намнога меней, бо некаторыя зраўняліся з зямлёй. А ўвогуле Астравеччына ў мінулым, відаць, была густа населена. Апрача Астраўца і Быстрыцы, старадаўнія гарадзішчы зарэгістраваны ў Якубішках і Гурах. Групы курганоў ёсць каля Лошы, Гудагая, Будран, Жукойняў-Жалядскіх, Пільвінаў. У народзе іх пераважна называюць шведскімі або французскімі капцамі.
А яшчэ хутар Сяржанты ўвайшоў у гісторыю тым, што 17 снежня 1909 года тут адбыўся… землятрус. «Наша ніва» тады пісала, што ў той дзень «жонку арандатара фальварка Сяржанты разбудзіў страшны гром. Зазвінелі шклы ў вокнах, і здалося гаспадыні, што падае дом. Але ўсё ўціхла. Хутка прыбег і арандатар, што быў пры скаціне ў хляве, і расказаў, што і ён таксама чуў гул, быццам гром праляцеў па небе, зямля задрыжала, і жывёлы пападалі на калепі. Выбежаўшы з хлеву, ён убачыў быццам роў глыбокі, каторы цягнуўся, мусіць, з вярсту ўздоўж з паўночы на палудня-усход. Думаюць, што гэта адгалос таго страшэннага трасення зямлі, што зруйнавала ў Італіі некалькі вялікіх гарадоў і без ліку вёсак. Гэтае землетрасенне, як кажуць, адазвалася ў некалькіх месцах Віленскай губ.». Колькі ў той інфармацыі праўды, а колькі засцянковай хлусні ці фантазіі — сказаць сёння цяжка. Старажылы нічога падобнага не памятаюць, а роў адшукаць не ўдалося. Праўда, ёсць доўгія акопы часоў першай імперыялістычнай вайны. Але яны не там, дзе стаялі хлявы, а далёка ў лесе, каля дарожкі на Анелін.
Ад маёнтка Анелін таксама ўжо амаль нічога не засталося. Двухпавярховы дом пана Доўнара-Запольскага, які жорстка караў нават тых, хто выпадкам заблудзіць у яго лес, у саракавым годзе перавезлі ў Астравец. Старая афіцына з доўгімі верандамі перавандравала ў Гудагай. Хатка, дзе жыў на беразе Лошы (вясной — па лавы ў вадзе) пастух Касінскі, ад часу, мусіць, збуцвела. Стаяць толькі векавыя дрэвы, чырванее ягадамі шыпшына. І яшчэ на скрыжаванні дарог (адна — з Анеліна на Расолы, другая — гасцінец з Палушаў на Лошу, Шумск і Вільнюс) пахіліўся пачарнелы дубовы крыж, пастаўлены ў гонар паўстанцаў 1863 года, на памяць пра Кастуся Каліноўскага.
Легенду пра Анелін і пра гэты крыж я пачуў яшчэ ў дзяцінстве ад старога Грывы. Жыў ён у Палушах. Не ведаю, ці мог нават распісацца. Але з неймавернай лёгкасцю ўсё рыфмаваў. Як калісьці Ян Баршчэўскі, хадзіў ад хаты да хаты, на вяселлях і хрэсьбінах, і за пачастунак расказваў вершыкі аб мясцовых здарэннях. Але аднойчы нехта пачаставаў Грыву чаркай не пасля канцэрта, а да яго, і ён пусціў са сцэны такога «пеўня», што ва ўсіх абвялі вушы. Болей яго ў Астравец ніхто не запрашаў.
І вось неяк нядзеляй Грыва заходзіць да нас і гэтак складна ўсіх віншуе. Потым пачынае расказваць, адкуль пайшла назва той ці іншай вёскі. Этымалогія ў яго была свая. Расолы — таму што тут карчмар зліваў у рэчку расол ад агуркоў, і людзі прыходзілі з пахмелля, нагіналіся да вады і пілі. Палушы — таму што там людзі па вушы пагразлі ў грахах. Дайноўка — бо там раней жылі адны жабракі; бегучы за карэтамі, што ехалі па Чорнаму тракту, яны ўвесь час крычалі: «Дай зноўку!» Іншыя назвы выходзілі ўжо зусім непрыстойна.
— А Анелін? — спыталі мы.
— Анелін? Тут проста. Ад анёла, анёлка. Гадоў сто назад, яшчэ да Дэйнараў, да Пілятовічаў, жыла тут паненка. На імя Марыся мела. Прыязджаў да яе тайком з Вільні нарачоны яе, адзін дзяцюк, што проціў цара ішоў. Яго схапілі, пачалі здзекавацца. А тут і яе паклікалі на следства. Яна маладая была, дурная яшчэ, таму і сказала, дзе і што было. Яго павесілі тады, пры вялікім сцячэнні народу павесілі. А яна ўзяла сабо гэта ў галаву, што выдала яго, і ўжо нікуды адсюль не выязджала, да старасці ў дзеўках застаўшыся была. Каб той грэх зняць, ахвяравалася дабро людзям рабіць. Вучыла мужыцкіх дзяцей, лячыла зёлкамі. Калі смерць пачула, той крыж на растаях дарог паставіла за яго душачку. Анёлкам пры жыцці была, анёлкам, пэўна, у рай пайшла, таму і называлі Анелінам.
Адкрыта кажучы, уся гэта гісторыя доўгі час мне здавалася чыстай фантазіяй. Праўда, Уладзімір Караткевіч, пабываўшы ў Анеліне і выслухаўшы легенду, сказаў, што ў гэтым нешта ёсць, і нават напісаў апавяданне «Крыж Анеліна». Але вось у Вроцлаве, у бібліятэцы «Асалінэум», я напаткаў рукапіс Людвікі Радзевіч родам з Ямантаў «Горстка ўспамінаў з 63 г.». Аўтарка піша, што яе сястра Марыя «была нявестай Кастуся Каліноўскага»… З даследаванняў Генадзя Кісялёва цяпер стала вядома, што Марыя Ямант па нявопытнасці адмоўна паўплывала на ход следства. Грыва не мог усяго гэтага чытаць, і тым не менш яго расказ блізкі да гістарычнай праўды. Супадзенне? Наўрад. Значыць, трэба шукаць дакумент, які засведчыў бы, што Яманты неяк маёмасна былі звязаны з тым жа Анелінам…
З узгорка, ад крыжавых дарог добра ўжо відаць Расолы — маленькая вёсачка ў абрамленні лясоў і кустоў. Да болю знаёмая і адначасна ўжо незнаёмая. Зніклі многія хаты, а тыя, што засталіся, папрыгажэлі, абшаляваныя, памаляваныя. Хоць вёсачка прызначана на знос, да кожнай хаты бягуць слупы электралініі, над стрэхамі выцягнуліся жэрдкі з тэлеантэнамі. Змяніўся і сам краявід. Замест пярэстых лапікаў — суцэльныя дагледжаныя палі. Высечаны адны сасоннікі і альшэўнікі, затое падраслі другія. Пераараны старыя дарогі і сцежкі, затое па цаліку пракладзены новыя. Гэты краявід быў маім, тым — з дзяцінства, і адначасна ўжо не маім, а вунь тых, незнаёмых хлапчукоў, што галёкаюць над Расалоўкай. І з шкадаваннем падумалася, што тая блізкасць да прыроды, тая арганічная еднасць з ёю і вастрыня ўспрыняцця, калі ведаеш час цвіцення кожнай лугавой траўкі, час выспявання кожнай ягады і час высыпання кожнага грыба, калі пазнаеш па голасе кожную птушку і можаш гадзінамі нерухома любавацца хараством, — усё гэта беззваротна адышло ў мінулае, усё гэта не вернецца, нават калі б адарваўся ад старадаўніх рукапісаў і кніг і зноў пасяліўся ў хаце, знаёмай да драбніц, але цяпер ужо нікому непатрэбнай. Здаецца, зменшылася яна, усохлася і спіць, прыкрыўшы дзеля спакою вачаніцы вокнаў пальцамі дошак. Здзічэлі яблыні, заплыла студня. А калісьці ж усё гэта было цэлым светам, агромністым і непаўторным. Вярнуць яго ці вярнуцца ў яго нельга. Можна толькі ўзнавіць у памяці.
У 1861 годзе ў Расолах былі ўсяго тры рэвізскія душы. Усе Мальдзісы. Адкуль яны прыйшлі, невядома.
Можа, з літоўскай вёскі Гіры. Ва ўсякім разе ў гірскім інвентары 1703 г. мне трапіўся прыгонны Кшыштаф Мальдзіс, які меў чвэрць валокі падзелу, хадзіў пяць дзён у тыдзень на паншчыну і плаціў 13 злотых чыншу.
Нядаўна, на творчым вечары Дануты Бічэль-Загнетавай, злавіў сябе на зайздроснай думцы, што вось яна ведае сваю прабабку, а я нават свайго дзеда зусім не ведаю. Якім ён быў? Колькі меў зямлі? Мусіць, мала, калі маю маці ніяк не хацелі аддаць за бацьку, у якога, «акрамя скрыпкі за душой, нічога не было». А ў матчыных жа бацькоў, Вянгроўскіх з Задворнік, таксама не густа было: на пяць дачок — паўвалокі зямлі і шнурок лесу. Не дачакаўшыся благаславення, маладыя крадком уцяклі ў Пецярбург і пажаніліся там.
Так, генеалогія сялянскага роду — не тое што шляхецкага. Яе не прасочыш па гербоўніках, па дагератыпных здымках. Сяляне адыходзілі бясследна і натуральна, як натуральна адмірае восенню прырода.
Але як бы там ні было, Расолы ў пачатку XX стагоддзя разрасліся. З’явіліся Грамашэўскія, потым купілі зямлю Урлікі. Усе яны перажаніліся, перарадніліся. На ўзгорках, дзе раней быў лес, з’явіліся хутары — Горныя Расолы або Козы. Паступова вёска расслаівалася, абрастала супярэчнасцямі. Антон Урлік па мянушцы «кайць нітым» меў пяцьдзесят гектараў зямлі, але напрадвесні аб’язджаў суседзяў, просячы даць што на пасеў. А яго браты на такіх жа надзелах заклалі моцныя гаспадаркі. Уладзімір Грамашэўскі з бядоты і няшчасцяў прапіваў апошні пуд жыта, набіваючы — дзеля жонкі — пусты мяшок анучамі. А яго суседка праз плот Міхаліна Грамашэўская збірала залатнікі, спраўляла гучнае вяселле з Верам’ём. Юзук Мальдзіс, у якога было дзяцей, як бобу (яго так і празвалі — «боб», а яшчэ — «гопала», бо вечна з гора «гопаў» па сваю замучаную жонку), вясной карміўся адным шчаўем, крапівой і лебядой. А яго стрыечны брат, родны брат майго бацькі, узвёў дом з двума ганкамі, збіраў грошы. Грошы былі ўсё людскія, бо Ян Мальдзіс, будучы санітарам на імперыялістычнай вайне троху падвучыўся «правіць косці», і да яго — як да «фейчара» — прыязджалі здалёк, таму што сапраўдных дактароў тады было мала. Ламіў «фейчар» не меней, чым дыпламаваны лекар. Але потым усё багацце пайшло марна. Неяк у белы дзень загарэўся хлеў, у якім пад страхой ляжалі схаваныя грошы, і ад перажыванняў дзядзька скора памёр. Сярэдняя яго дачка таксама ўзяла сабе ў галаву, што згарэў яе пасаг. Застаўшыся ў дзеўках, пачала страшэнна баяцца попелу. Калі пабачыць дзе попел, мусіць усё дома і самую сябе вымыць у дванаццаці водах. Тыднямі не дазваляла маці паліць у печы. Мы, малыя, не разумелі ўсёй трагічнасці сітуацыі і часта падсыпалі попелу пад брамку, каб пасмяяцца, як немаладая жанчына няўмела пералазіць праз плот.
Але найвялікшай трагедыяй была адсутнасць зямлі. Дзядзька Юзук за галаву хапаўся, як яму падзяліць чатыры гектары пяску на дзевяцера дзяцей. Работу — дзе ты яе знойдзеш. Дарогі ў свет — ніякай. Немаведама, чым усё гэта скончылася б, калі б не верасень 1939-га і не калектывізацыя. Вызваленыя ад улады зямлі, лішкі рабочых рук спатрэбіліся ў іншых месцах. Юзуковы дзеці жывуць цяпер у розных кутках краіны — ад Літвы да Поўначы. У Расолах засталіся толькі двое — малодшы Юлюк і Лёнька. Лёнька выйшла замуж за Верам’я, таго самага, які так доўга супраціўляўся калгасу. Пасля смерці старой Міхаліны ён нарэшце падаў заяву, але толку з яго ў калгасе было мала: то жыта пакрадзе, то каню вока выб’е, то знахарствам зоймецца. Прыедзе да яго жанчына здалёк, з-пад Міхалішак, паскардзіцца на «памутненне ў вачах», паставіць ён яе на калені пад абразам, скруціць руку жгутам і пытае: «Ну як, божанька дваіцца ў вачах?» Пачуўшы, што божанька сапраўды дваіцца, адпусціць жгут і пакладзе на ложак адпачыць на дзве гадзіны. А сам возьме тым часам яе каня і вывезе гной на свае соткі. Пасля адпачынку жанчыне, вядома, палягчэе, і яна аддзячыць якой дзесяткай… Свае знахарскія здольнасці Верамей расхвальваў незнаёмым людзям, ездзячы на паяздах. Бо аднавяскоўцы нізавошта да яго не ішлі.
Цяпер Верам’і жывуць у «фейчаравай» хаце, адкупленай, кажуць, за Міхалініны залатнікі. Жывуць па-рознаму, бо паўтарылася тая ж сітуацыя, што ў «Пясках» Серафімовіча. Іншы час крышку паабчасаў уласніцкую натуру Верам’я. Здаецца, ён кінуў свае штучкі і ездзіць, пасівелы, але з моцнымі, маладымі зубамі, кудысьці на работу ў Вільнюс. Верам’ёвы дочкі закончылі дзесяцігодку і глядзяць на жыццё ўжо зусім іншымі вачыма, чым бацька. Такая няўмольная хада гісторыі!
Тым часам з-за асенніх хмар выглянула няяркае сонца, пасерабрыла пакрытае кроплямі расы павуцінне «бабінага лета». У гэтай празрыстасці Расолы здаліся яшчэ больш утульнымі. Але як ні хораша тут, трэба далей у дарогу. Сашчыкнуўшы з яблыні пару чырвоных дзічак і напіўшыся са студні вады, знайшоў лясную дарогу, што праз Рудпік вяла на Лошу. Ранейшы чыгуначны пераезд цяпер за непатрэбнасцю закрыты, але людзі ўсё роўна ідуць нацянькі. Каля капліцы, дзе шукальнікі скарбаў нядаўна раскрылі магілу генерала Дабжынскага, зварочваю на Чорны тракт, на Лошу. Ды пад самай вёскай сустрэчная жанчына паведаміла, што сакратара калгаснай партарганізацыі, Івана Іванавіча Лавора, у канторы няма, што ён, відаць, у школе, дзе яго асноўная работа. Вось ужо сем гадоў ён дырэктарам у Дайноўскай васьмігодцы.
З Горкі, дзе ў былым панскім доме месціцца школа, відаць далёка. Злева, па Чорнаму тракту — Дайноўка, за ёй — Міндзяны, калісьці цэнтр Міндзянскага стараства, Байканы; правей, уздоўж ракі — Лоша. Палі ляжаць пераважна на схілах узгоркаў, апаэтызаваных на палотнах лашанскага мастака Льва Дабжынскага (у 1938 годзе ў Вільні адбылася яго пасмяротная выстаўка). Калісьці гэта была, калі не лічыць ваколіц Клюшчан, самая бедная і цёмная, самая «беларуская» частка Астравеччыны. А як цяпер?
У Дайноўскай школе — ідэальны парадак. За старымі прысадамі з лістоўніц і блакітнай елкі — дагледжаны школьны ўчастак. Каля ганка мноства кветак. У калідоры развешаны розныя граматы і дыпломы (у тым ліку — дыплом удзельніка ВДНГ), схемы турысцкіх паходаў на Нарач, у багушэвічаўскія Кушляны, на фабрыку «Альхоўка». У адрозненне ад некаторых дзесяцігодак раёна, у беларускіх тэкстах не відаць ніводнай памылкі ці апіскі. Хоць на вуліцы гразь, у школе чыста, бо ў бытавым кутку ляжаць розныя шчоткі, ёсць і чым залапіць выпадковую дзірку.
Разам з Іванам Іванавічам Лаворам, невысокім паўнаватым мужчынам, якога акуляры не стараць, а, наадварот — маладзяць, аглядаю ягоную асабістую бібліятэку. Поўны збор твораў Леніна. Метадычная літаратура па гісторыі. Даведнікі па сельскай гаспадарцы. Дапаможнікі лектара. І мастацкія творы: Пушкін, Блок, Ман, Купала, Гарэцкі, Дубоўка, Караткевіч, Маўр, розная перыёдыка.
— А як жа інакш! — каменціруе Іван Іванавіч. — Каб быць сакратаром партарганізацыі, каб добра выкладаць гісторыю, трэба многа ведаць самому.
Расказвае Іван Іванавіч Лавор:
— Адкуль я родам? З Плябаніі, што пад Радашковічамі. У бацькі была вялікая сям’я, ажно шаснаццаць чалавек. Калі мне было два гады, мы паехалі на заработкі ў Рыгу. Але ў трыццаць восьмым мне трэба было ісці ў школу. Латышскай мовы я не ведаў, а беларускія школы ў Рызе к таму часу, пасля смерці Райніса, ужо закрылі. Таму бацька рашыў вярнуцца на радзіму. Яго не раз прымушалі запісацца калі не палякам, то хоць католікам. Але ён ніяк не згаджаўся. У вайну наша сям’я была звязана з партызанамі. Мне самому не раз даводзілася раскідваць лістоўкі.
Пасля вайны ўсё ў мяне пайшло, як у іншых. Закончыў дзесяцігодку, стаў педагогам. Трынаццаць год настаўнічаў у Юрацішкаўскім раёне, збудаваў дзве школы. У шэсцьдзесят восьмым паслалі сюды. Першае ўражанне было страшэннае: усё разбурана, запушчана. Казаў жонцы: «Адмоўлюся!» А яна мне: «Дакажы, на што ты здольны!» Паволі ўсё наладзілася. Цяпер пасля васьмігодкі вучні пераважна ідуць у дзевяты клас. Сёлета з дзевятнаццаці пайшло трынаццаць, чацвёра паступілі ў тэхнікумы і толькі адзін паехаў працаваць у Вільнюс, будзе вучыцца ў вячэрняй. Праблем і супярэчнасцей многа. Дзеці прыходзяць да нас больш развітыя. Вось і сумуюць, калі дрэнныя ўрокі, адбіваюцца ад рук. Маладыя настаўнікі мала патрабавальныя, дазваляюць сабе спазняцца на ўрокі.
Колькі год, як я ўжо сакратаром у калгасе? Гады чатыры будзе. «Чырвонай зары» доўга на старшынь не шэнціла. Адахоўскі, Вячаслаў Іосіфавіч, сюды трынаццатым ці чатырнаццатым прыехаў. Калі яго выбралі, папрасіў слова трактарыст Віцька Багдановіч з Кяждун і прачытаў свой вершык «Як нараджаўся і жыве наш калгас». Трапна ахарактарызаваў там кожнага з папярэднікаў. Але Адахоўскі не падобны на іх. Стаў ён працаваць у цесным кантакце з партарганізацыяй, з людзьмі. Сёлета мы ўпершыню выканалі абавязацельствы па ўраджайнасці: амаль па дваццаць восем цэнтнераў выйшла. А ў 1961 годзе ўсяго па пяць з паловай цэнтнераў было. Узрасла цяпер аплата, сталі вяртацца з Вільнюса людзі.
Мы стараемся, каб партарганізацыя ўплывала на ўсе справы ў калгасе. Падабралі дзевятнаццаць агітатараў і палітінфарматараў. Для сходаў выбіраем найбольш надзённыя пытанні: вызначаем ход чарговых палявых работ, падводзім вынікі спаборніцтва. Яшчэ нядаўна мелі семсот тысяч рублёў доўгу. Таму вынеслі на сход пытанне аб фінансавым стане калгаса. Эканаміст далажыў, які лепш за ўсё выбраць напрамак. Рашылі больш сеяць ячменю. І сёння наша каса папаўнела. У пас на ўліку семнаццаць камуністаў, з іх тры трактарысты, тры загадчыкі ўчасткаў, адна даярка. Імкнёмся, каб кожны меў канкрэтнае даручэнне, адказваў за свой участак, прымаў адзіна правільныя рашэнні. І вынікі відаць: пяцігадовае заданне па збожжу, малаку і мясу выконваецца паспяхова.
Персанальныя справы? Ведаеце, ужо два гады, як не было. Апошняга мы разбіралі Казлоўскага. Сваім трактарам ён цешчын дом развярнуў, жонку з дзецьмі кінуў. Але аказалася, што ўсё не так проста. Цешча нацкоўвала дачку на зяця, прымусіла яе схаваць яго партбілет. Некалькі разоў збіраліся мы, каб усё ўзважыць. Паверылі яму, абмежаваліся суровай вымовай. Цяпер ён развёўся і працуе нармальна. Вядома, нам многае трэба яшчэ зрабіць, каб людзі культурней жылі. У Лошы клуб неблагі, але працуе ў ім жанчына без спецыяльнай адукацыі. Самадзейнасці няма, толькі кіно ды танцы. Трэба будзе мне з настаўнікамі нешта прыдумаць. Хацелася б, каб пасёлак вырас такі, як у Верцялішках, каб школу новую збудаваць. Ало на ўсё гэта патрэбны грошы. Значыць, мусім узнімаць даходнасць калгаса.
Што я лічу — як гісторык — найбольш важным у тых пераменах, што тут цяпер адбываюцца? Адразу цяжка адказаць. Мусіць, тое, што ўсё больш гістарычным становіцца само быццё чалавека. Прытым кожнага чалавека, а не выбраных адзінак. Праілюструю гэта прыкладам. Калісьці, у канцы XVІІІ стагоддзя, Міндзянскае стараства належала віленскаму суддзі Кшыштафу Козелу. У Гродзенскім архіве захаваўся інвентар яго ўладанняў. Адтуль мы ведаем, што ў Міндзянах або Бязлепах тады жылі прыгонныя Якуб Пілецкі, Юзаф Бязлеп, Юзаф Кандратовіч і іншыя, ведаем, колькі дзён яны хадзілі на паншчыну, якія плацілі падаткі. Але што мы можам сказаць пра іх як пра асобы? Нічога. Сялян, якія бунтаваліся ў Маркунах і Чэхах, мы не ведаем нават па прозвішчу. Нават ад пана Козела не засталося яго драўлянага замка. А вазьміце вы нашых сучаснікаў. Людвіка Мацвеевіча Пыжа з Рукшаняў, які ўдзельнічаў у рэвалюцыі, слухаў на Фінляндскім вакзале Леніна, потым сядзеў у Бярозе, урэшце быў першым старшынёй Байканскага сельсавета. Ці Тарэзу Казіміраўну Баршчэўскую з Байкап, адкормшчыцу жывёлы. Звычайная жанчына, маці васьмярых дзяцей. А так самааддана працуе, што ўзнагароджана ордэнамі Леніна, Працоўнага Чырвонага Сцяга. І галоўнае, ведае, дзеля чаго стараецца, адчувае сваё месца, сваю ролю ў пераменах. Адчувае сябе асобай. Такіх па калгасу, па раёну ўсё болей. Вазьміце Паташкевіча, Жыліс, Галагаева, Рынкевіча. Творцы гісторыі! Праўда, пакуль што палацаў такіх не будуюць, каб на вякі стаялі і вока радавалі. Але з гістарычнай перспектывы сёння, мусіць, важней сотні звычайных дамоў, дзесяткі звычайных фермаў. А пабагацеем — і палацы з’явяцца. На ўсё свой час.
Тут нашу «філасофію», як выразілася гаспадыня дома, перапыніла з’яўленне гасцей. Перад адыходам пытаюся:
— Калісьці тут, у навакольных вёсках, было развіта мастацкае ткацтва. Уручную ткалі дываны, посцілкі, ручнікі. Потым везлі на «Казюкі», на віленскі кірмаш. А камерсанты перапрадавалі гэта хараство ў Заходнюю Еўропу. Як цяпер — ткуць?
— Бліжай да чыгункі то не надта. Пасля вайны ўвайшло ў моду крамнае. Сваё, ручное перастала лічыцца каштоўнасцю. Некаторыя нават саромеюцца даматканага, ганяюцца за польскімі капамі. Замест дываноў у Дайноўцы, у калгаснай арцелі, разам з ланцугамі для навязвання кароў робяць безгустоўныя пластмасавыя ўпрыгожанні «пад бурштын». Калі хочаце знайсці народнае мастацтва, то едзьце ў Чэрнішкі. Або ў Дравянікі. Там санітарка Сташкевіч тчэ.
— А наогул-то ў апошнія гады народныя промыслы ажывіліся. Вакол старога разьбяра па дрэву Вікенція Францавіча Ягелы ў Страчы і Сенюцях стварылася цэлая школа. Выточваюць з чачоткі вазы для алоўкаў, попельніцы. Бярозавыя пацеркі не адрозніш ад бурштыну. Усё гэта закупляецца, ідзе і на экспарт. Вырабы Ягелы атрымалі на ВДНГ у Маскве бронзавы медаль.
— Так, Астравеччына славіцца народнымі ўмельцамі, — рэзюміраваў гаспадар дома. — Пачалося з Ванды Кулды, што з калгаса імя Янкі Купалы. За свой рушнік яна калісьці стала лаўрэатам Сусветнага фестывалю моладзі ў Маскве. Баляслаў Францавіч Сымановіч з Руднішак праславіўся разьбой па дрэву. Выстаўляліся яго барэльеф Леніна, бюст Міцкевіча, з аднаго кавалка дрэва выразаў паўтараметровую сялянку, прыгожую і гордую. А ў Міхалішках жыве майстар на ўсе рукі Леанід Маўчан. Добра ставіць абеліскі, рэжа па дрэву, робіць музычныя інструменты, іграе на скрыпцы, малюе. Такіх многа. Вунь у Астраўцы ганчар чарапічнага завода Уладзімір Кардзіс здымае дакладныя копіі з карцін, інжынер Павел Жугалёў займаецца чаканкай па металу. Вучацца ў Мінску будучыя графікі і скульптары — Александровіч, Драбышэўскі… Блізкасць да прыроды заўсёды добра ўплывала на эстэтычныя густы, паэтычнае ўяўленне.
…Марыю Уладзіміраўну Сташкевіч дома я не застаў. Дзеці праводзілі мяне праз агароды ў вялікую і чыстую лазню. Праз маленькія вокны прабіваліся промні асенняга сонца, залацілі шматколерную аснову, што ішла ад навоя да нічальніцаў і бёрдаў. Не прыкмячаючы мяне, Марыя Уладзіміраўна раз-пораз націскала на панажы. Куляй лётаў у яе руках чаўнок з утокам. І там, дзе ўточную нітку прыбівала набільніца, паўставаў непаўторны беларуска-літоўскі ўзор. Раней ткалі ў два колеры: чорны і белы, чорны і жоўты, чорны і чырвоны, белы і чырвоны. Тут жа я, не лічачы адценняў, прыкмеціў сем: на зеленавата-блакітным фоне выступалі белыя, чорныя, чырвоныя, жоўтыя, аранжавыя квадрацікі і лініі, тканыя дымкай.
— Гэта я на выстаўку падгатаўліваю, — з гордасцю сказала ткалля. — Ужо тры дываны ў мяне з музеяў купілі. Тку і на прадажу, для людзей, каторы закажа. З воўны, з шоўку, хочаце — пакажу.
— І ад каго вы навучыліся так? — захацелася спытацца, калі мы ішлі праз гародчык.
— Ад маці. І троху вот ад іх! — Марыя Уладзіміраўна паказала рукой на кветнік, у якім дацвіталі крыху пачарнелыя ад марозу вяргіні, мальвы і астры.
Але ў доме мяне чакала расчараванне. Тыя, на продаж, як неба ад зямлі, адрозніваліся ад прызначанага на выстаўку. Буйныя кветкі былі скапіраваны з польскіх кап. Крыклівыя колеры. Вычварныя лініі…
І зноў — у дарогу. На готы раз — у Задворнікі. Стары шлях вёў каля дравяніцкай гары-гарадзішча, якую, кажуць старыя, у светлае падвор’е відаць аж з-пад самага Вільнюса, каля густых прысад колішняга дравянінкага двара. Задворнікі — хутчэй за ўсё таму, што ўзніклі яны якраз за дваром, у доўгай лагчыне. З поўначы, за раскапанымі тарфянішчамі, — лагодныя ўзгоркі. З поўдня — сасновыя бары, узвышша з цвінтарнымі крыжамі. За апошнія гады Задворнікі разрасліся аж пад Палушы. З’явіўся магазін, аўтобусны прыпынак. Калісьці падслепаватыя хаты стаялі па-жабрацку — бокам да вуліцы. Маладыя сяліліся пад адным дахам або будаваліся на загуменні. Цяпер крытыя шыферам і пашаляваныя дамы павярнуліся да вуліцы тварам, глядзяць на яе трыма-чатырма вокнамі.
Першым у Задворніках паставіў хату ганкам да вуліцы дзядзька Тамаш Вянгроўскі, муж адной з чатырох маміных сясцёр. Ён лічыўся ва ўсёй сям’і ды і ў наваколлі вялікім аўтарытэтам, бо без суда справядліва разбіраў спрэчкі і крыўды, мірыў ворагаў.
Сваю новую хату Тамаш Вянгроўскі пачаў будаваць у вайну, пры немцах, калі ад чужых, як казаў ён, не грэх было красці драўніну. Аднойчы, падводзячы зруб пад самыя кроквы, дзядзька паслізнуўся на імху, які клалі паміж бярвеннямі, упаў і зламаў нагу. Але хату было каму закончыць; падрасталі чатыры сыны — Манюсь, Стаська, Янка і Зюнька, дзве дачкі — Гэля і Маня. Са старэйшай, пісанай прыгажуняй Гэляй, у вайну здарылася няшчасце: наліваючы ў лямпу газу, перамешаную з бензінам, яна паднесла бідон блізка да полымя; агонь апаліў твар, пакінуў чырвоныя рубцы. Але пасля вайны яна шчасліва выйшла замуж за суседа Стасюка Карабца. Маладыя доўга не аддзяляліся ад бацькоў, бо жыць было дзе, а не было куды ісці.
Новая хата Вянгроўскіх аказалася ў самым віры бурных падзей. Стась запісаўся ў «ястрабкі», стаў працаваць у краме. У Вянгроўскіх па дарозе з Дравянік часта спыняўся ўпаўнаважаны райкома Івендзікаў, а на яго цікавалі бандыты. Аднойчы яны акружылі хату і пачалі страляць праз вокны. Больш гадзіны вёў абарону бацька з сынамі, узяўшы ў рукі сякеры, паленні, чыгункі.
Калі гулялі хрэсьбіны Карабцовага сына Геніка, першага ўнука дзядзькі Тамаша, а было гота недзе ў пяцідзесятым годзе, сляды ад куль — у акяніцах, вушаках, дзвярах — былі яшчэ свежыя, непачарнелыя. У Задворніках толькі-толькі арганізаваўся калгас. Уся вёска пайшла туды за Вянгроўскімі, бо многія спачатку аднекваліся: «Як Тамаш, так і я, ён жа мацней жыве, з яго і пачынайце». На хрэсьбіны сабраліся чалавек дваццаць. Па кругу хадзіў адзін графін з «кустоўкай». У вялікіх місках стаяла вараная свініна. А да паленай з ячменю кавы быў цёмны няслоены пірог. Гаварылі ўсе пра калгасы: як яно будзе без уласнай зямліцы, без каня, без саду, які якраз аблажылі вунь якім падаткам. Цешыліся, што ў Задворнікі прыслалі трактар з плугамі, баронамі і нават з культыватарам. Толькі бяда; трактарыст яшчэ партачыць, пясок наверх выкідвае. Падцвельвалі пад кумамі, частавалі праз адчыненыя вокны суседзяў. Назаўтра ў цёткі Тамашыхі выкуплялі «петушкі» — мясцовы варыянт «бабінай кашы». А потым шчаслівых дзеда і бабу павезлі тапіць на старой «бядзе», падаслаўшы ў яе саломы. Каб падпітыя госці не павярнулі аглоблямі куды ў гразь, прыйшлося гаспадарам адкупляцца гарэлкай і закуссю, узятымі з сабой. пад палу. ІІад вечар па вёсцы пайшлі вымазаныя сажай «цыганы» — пераадзетыя жанчынамі мужчыны, пераадзетыя мужчынамі жанчыны. Каля кожнай хаты — зноў пачастунак. Танцавалі пераважна пад язык, бо суседскі хлапчук умоў толькі факстрот «Хороши весной в саду цветочки». Захмялелы дзядзька Тамаш запяваў дрыжачым басам сваю любімую:
Служыў я ў папа першае лета, Даў жа мне пап курку за гэта. Мая кура-златапюра Па падворку хадзіла, Кураняткі вадзіла І чубок надзімала, Свайго пана пацяшала: — Куд-куда-куда-куда!..Адступаючы ўбок, трэба сказаць, што Астравеччына ўвогуле багата народнымі песнямі, асабліва жартоўнымі, жніўнымі. Многа іх запісалі тут у 1947 годзе Я. Матулойць, у 1954 годзе — М. Грынблат, у 1970–1971 гадах — Л. Салавей, Г. Барташэвіч, А. Фядосік, А. Ліс, С. Шушкевіч, С. Бахмет, В. Скідан, К. Кабашпікаў. Вазьміце акадэмічны том «Жартоўных песень», выдадзены ў 1974 годзе. Дзесятая частка іх, 35 з 365, запісана на Астравеччыне; у іх ліку — такія песні, сёння агульнавядомыя, як «Ты сказала ў панядзелак», «Пасылала мяне маць», «Касіў Ясь канюшыну», «Як паехаў мой міленькі». Некаторыя з прыведзеных у зборніку песень («А дзе ж ты была, Міхалінка мая», «Сядзелі мужчыначкі на страсе», «Прыйдзі, прыйдзі, Яначка») сустракаюцца толькі на шматмоўнай Астравеччыне. Многія з іх спяваліся ў хаце дзядзькі Тамаша. Але, паўтараю, любімай у яго была песня пра курку, да якой потым дабаўляліся качка, гуска, індык, козачка і кароўка, і ўсё гэта падавала свой голас…
І вось паступова вялікая хата Тамаша Вянгроўскага пачала пусцець. Першым яе пакінуў Мар’ян. Выехаўшы ў Польшчу, ён ажаніўся на немцы, якая яго ратавала ў няшчасці, стаў шахцёрам. Па малапісьменнасці дапусціў растрату ў краме Стась. Пасля колькіх год турмы ён асеў па Поўначы, пілаваў карэльскі лес. Ажаніўся і аддзяліўся, збудаваўшы сваю хату, Іван; з Задворнік гэту хату ён перавёз у Астравец, стаў механізатарам па асушцы балот. Да тэхнікі пацягнула і малодшага Іосіфа — цяпер ён зкскаватаршчыкам у Маладзечне. Марыя выйшла замуж у Ліпнішкі, за Браніслава Козіча, і стала хадзіць з ім на ферму: ён механікам, а яна даяркай. У Задворніках засталася адна Галіна, якая працавала звеннявой па льну. Яе Генік, вярнуўшыся з арміі, падаўся ў Вільнюс у слесары. Старыя Вянгроўскія, пакуль маглі, хадзілі ў калгас, затым жылі з пенсіі і сотак. Вядома, і дзеці памагалі. Потым занядужала цётка Стася. Пахаваўшы яе, дзядзька Тамаш пераехаў да сына ў Маладзечна, цешыўся там цяплом, ваннай ды тэлевізарам. Але на вясну ўсё роўна прыязджаў у Задворнікі: пасадзіць бульбу, дагледзець яблыні, падперці плот. Раскіданыя па свету, усе разам Вянгроўскія збіраліся цяпер рэдка. Хіба што чыё вяселле, хрэсьбіны (ад Янкавай дачкі дзядзька Тамаш дачакаўся першага праўнука) або прыедзе з Польшчы Мар’ян ці з Поўначы Стась. Тады ўжо збяруцца сваякі і ў першай, і ў другой, і ў трэцяй «стрэчы»; беларусы і «ліцвіны», рускія і палякі.
Як, скажам, на вяселле Марыінай дачкі Саламеі або, па-вясковаму, Салюні. Скончыўшы школу, нейкі час яна працавала афіцыянткай у астравецкай «Ёлачцы». Вёрткая, рухавая, абслугоўвала кліентаў хутка і спраўна. Але потым надакучыла слухаць заляцанні камандзіровачных дзядзькоў, і Салюня падалася ў Вільнюс, на завод. Там пазнаёмілася з рабочым Сцяпасам Ляховічусам. Вяселле рашылі іграць толькі «ў адзін канец», бо Сцяпас (а для сваіх — Сцёпа ці Стафан) напалову сірата, жыве з маці.
Вялікая, свежа пафарбаваная хата Козічаў жыла падрыхтаваннямі да вяселля цэлы месяц. Сцены аклеілі новымі шпалерамі, разабралі перагародкі. Нанятая кухарка смажыла, пякла, варыла, тушыла гарачыя стравы і халодную закусь, каб было не горш, чым у горадзе. Састаўленыя сталы заслалі абрусамі, азелянілі галінкамі аспарагусу. Чакалі нешта пад сотню гасцей, сярод іх старшыню калгаса Рынкевіча. Але для яго пачатак мая — самая гарачая пара, пасяўная. Таму не прыехаў, толькі пераслаў віншаванні. Ды і сваякоў сабраць не так лёгка. Праўда, самыя дасужыя з’явіліся ўжо зрання: сядзяць на лаўках, дзівяцца, як гэта ў Бранюка ўсё акуратна і дагледжана, часта міргаюць гаспадару, каб вынес з каморы чаго падмацавацца.
Тым часам дружкі прыбіраюць маладую да шлюбу: накідваюць на валасы празрысты вэлюм, прышпіляюць (пакуль што яшчэ з левага боку) бант з міртам і аспарагусам. За выкуп такія ж банты, толькі ўжо на правы бок, прымацоўваюць сватам. Тамашова сям’я амаль уся ў зборы. Нестае толькі Мар’яна, бо спазніліся з запрашэннем. Сам дзядзька Тамаш на вяселле купіў модны шырокі гальштук. Сядзіць на ганку, мружыць вочы на веснавое сонца, прытупвае ў такт гармоніку, але сам ужо ходзіць з цяжкасцю. Што зробіш: восемдзесят сем гадоў, нейкая млявасць даймае.
Нарэшце пад’язджае аўтобус з вільнюскімі гасцьмі. Паважна выходзіць малады, яго маці, брат, падперазаны як старшы сват даматканым ручніком, дружкі і дружбанты. Прывезеная адтуль жа капэла рэжа літоўскую польку. Козічы сустракаюць гасцей, запрашаюць за стол. Маладой яшчэ не час сядаць побач з маладым, і яна снуе каля печы, іранічна жартуе: «А можа, я тут зусім непатрэбная?»
— Як будзем гаварыць, сват? — звяртаецца брат маладога да дзядзькі маладой, што ажаніўшыся на сястры Браніслава Козіча, працуе ў Вільнюсе шафёрам. — Па-літоўскаму, па-рускаму, па-польскаму або, можа, па-простаму?
— Гавары, сват, так, як гаворыш, абодва ў адной Вільні жывём.
— Ну то будзем пачынаць вяселле! Музыка — марш! Сваты ўважліва прыглядаюцца адзін да аднаго: хто каго возьме, каму кіраваць вяселлем? Адзін віднейшы, але ў другога затое лепей падвешаны язык. Пагаджаюцца; кіраваць разам.
Тым часам настае пара ехаць у Астравец, у загс. Маладыя становяцца на даматканым перабіраніку, атрымліваюць бацькоўскае благаславенне. Пад гукі марша садзяцца ў легкавушку. За ёй пыліць аўтобус. Усе Ліпнішкі і добрая палавіна Кавалёў выйшлі праводзіць маладых. Вяселле ў вёсцы — усё яшчэ тэатралізаванае прадстаўленне, і ў ім мусяць быць гледачы і статысты.
Пачакаўшы крыху ля клуба, пакуль выйдзе папярэдняя пара, у строгім парадку заходзім у спецыяльна падрыхтаваную залу. Сцены ўпрыгожаны мазаікай, карцінамі. На ўзвышэнні іграе эстрадны аркестр РДК. Загадчыца раённага бюро загса Марыя Васільеўна Мядзелец, апранутая ва ўрачыстую чорную сукенку з белым каўнерыкам, вітае маладых, звяртаецца да іх з кароткай прамовай пра радасці, цяжкасці і адказнасць сумеснага жыцця.
— А цяпер дазвольце задаць вам адно пытанне: вы згодны быць мужам і жонкай?
— Так!
— Так!
— Тады ў поўнай адпаведнасці з нашым заканадаўствам прашу жаніха і нявесту падысці да стала і змацаваць сваю волю ўласнаручнымі подпісамі!
Музыка іграе туш. Услед за маладымі подпісы ставяць сведкі. Сярод іх па востраму тварыку пазнаю Данусю Карабец, дачку Галіны. Страх проста, як бяжыць гэты час…
— А цяпер прашу вас, Саламея Браніславаўна, і вас, Сцяпан Уладзіслававіч, абмяняцца пярсцёнкамі!
Аказаўшыся ў цэнтры ўвагі, непрыкметная да гэтага Салюня нібы расцвіла. Здымае свой пярсцёнак рашуча і ўпэўнена. Сцёпа — наадварот — ад людскіх позіркаў бянтэжыцца, яго круглы твар чырванее. Нарэшце ўсё ўладжана.
— Прашу дружак і дружкоў перачапіць маладым кветкі з левага боку на правы!
Музыка зноў рэжа нешта вясёлае.
— Дарагія сябры! Цяпер вы ўжо муж і жонка! Жадаю вам шчасця ў жыцці. Прашу вас асвяціць ваша ўступленне ў шлюб першым шлюбным пацалункам!
Маладых вітае падперазаны чырвонай стужкай Мікалай Мікалаевіч Ялоўскі, старшыня раённай камісіі па новых абрадах. Ён уручае шлюбнае пасведчанне. Затым віншавальнае слова кажа сакратар райкома камсамола Іван Урбановіч.
— Першы тост за здароўе маладых! — патрабавальна камандуе Марыя Васільеўна.
— Напоўніце келіхі шампанскім!
Цёплае шампанскае пеніцца, ляціць цераз край. Новыя бутэлькі адкрываюцца па-заліхвацку: каб стрэльнула ў столь.
— А цяпер першы сямейны вальс! Шырэй круг! Уступіўшы месца наступнай пары, маладыя і госці з клуба ідуць да помніка Леніну, ускладваюць кветкі.
Каля аўтобуса нейкі час чакаем сваццяў, якія не вытрымалі і забеглі на хвіліну ў магазін. «Жанчыны ёсць жанчыны!» — гаворым паблажліва. Але потым аказалася, што свацці думалі не пра сябе, а пра вяскоўцаў. Уздоўж дарогі ў Ліпнішках стаялі жанчыны і дзеці, і па старой завядзёнцы ім трэба праз акно кінуць цукерку; раней на траву ляцелі ляндрынкі, цяпер — «каракумы» і труфелі. Мужчынам што цукеркі. Збудавалі браму, перагарадзілі дарогу жэрдкай і патрабуюць выкуп. Нават стол загадзя паставілі. Пашаптаўшыся, сваты бяруць сумкі з графінамі і выскокваюць з аўтобуса. Перагаворы ідуць доўга, але паспяхова.
Ля парога маладых спатыкаюць з хлебам, соллю і кілішкамі чырвонага віна расчуленыя бацькі:
— Каб вам, дзеткі, жылося доўга, дружна і спорна! Любіце адзін аднаго, шануйце аж да смерці!
Уверх на шчасце ляцяць недапітыя кроплі з кілішкаў.
Нарэшце ўсе ў строгай субардынацыі зноў размясціліся за сталамі. Як і належыць, далейшым гасцям, сваякам маладога — лепшыя месцы. Тостаў тут асабліва гаварыць не прынята. Проста п’юць за здароўе маладых, за здароўе бацькоў, потым хорам патрабуюць пасаладзіць гарэлку. За сталом, дзе я сяджу, — больш пажылая радня: жанчыны — у павязаных пад бараду шаўковых хустачках, мужчыны — без гальштукаў, але ў дарагіх касцюмах, нейлонавых кашулях і лакіраваных туфлях. Мне цікава глянуць на гэта застолле іхнімі вачыма. Уключаю «магнітафон памяці»:
— Калісьці васэля не такое васолае было. Маладых нешта ды грызла. То пасаг, то зямля.
— А потым грызла цешча ці свякруха. Я да сваёй на дом пайшоў. Дзесяць гадоў, аж да калхозаў, мучыўся. Цесць усё не пазваляў аддзяліцца. Кажа: шнюры вузкія, як ты іх падзеліш. Зямля трымала, рукі ёй былі патрэбныя.
— А цяпер адразу аддзяляюцца, на свой хлеб ідуць. Вунь Салюня з Сцёпкам таксама ў сваю хатку пойдуць. Ягоная матка ім аддае прыбудоўку ў садзе.
— Цяпер то рэдка дзе бацькі з вялікімі дзецьмі жывуць.
— Паасобку яно, мае рыбачкі, нават лепей. Кожнаму свае соткі. Нерваў не трэба псаваць. У госці можна хадзіць.
— Я і кажу, васалей цяпер васэля, багацей. Што мы, кум, калі ў пачатку мая свежыя агуркі відзелі, спелыя памідоры? Хто там тыя катлеты ці салаты рабіў? Ці тарты заказваў!
— Але, усім сваім абыходзіліся.
— Толькі манаполькі дакупіш. Адну літровую бутэльку ці дзве.
— Ты можаш, сват, прачытаць, што на тых бутэльках напісана? Но? І я не. Не па-нашаму шапісана, па-загранічнаму. Людзям, відзіш, ужо свая казёнка нясмачная. Каньякі ім падавай, шампанскія.
— Але, людзі не так цяпер берагуць рубель.
— Ад горада вучацца. Хочуць усё па-гарадскому, Каб адзецца ў крымпліны. Вунь свацці зноў сукенкі памянялі, модзяцца.
— А мне, мае рыбачкі, болей у горадзе васэля падабаецца. Таксі кветкамі ўбяруць, ляльку пасадзяць, вечарам у рэстаране балююць.
— Тэж сказала! У горадзе не так цікава. Тут людзі ў парозе стаяць, мы на іх паглядзім, яны на пас паглядзяць. А ў горадзе… Была я неяк у маіх, малую вечарамі няньчыла, бо якраз маю ў камандзіроўку ў Маскву паслалі. Гляджу раз з кухні праз акно: падкачвае свадзьба. «У каго гэта?» — пытаюся ў зяця. «Не знаю, — кажа, — наверна ў тых, што над намі жывут». Я за хустачку і скарэй да дзвярэй, каб пайсці паглядзець. А зяць так сур’ёзна: «Не ідзіцо, мамаша, не пазорце міня, у нас эта ні прынята». Я і абсела. І чаму гэта ў горадзе людзі ў свае кватэры зашываюцца?
— Ну, суседзе, не слухай ты гэтых баб — загавораць! Для хлеба, пане, для хлеба гардло пшэмочыць тшэба!
— Поехала душа в рай…
— Дар по вена!
— Правільна, яшчэ па адной! Толькі перш дастань унь тыя грыбочкі.
— А я, мая ты рыбачка, скажу табе, чаму людзі ў горадзе па сваіх кутах зашываюцца. Ішла я неяк па горадзе, дак думала. Праз вёску ідзе чалавек, дак усе насы ў вокнах. Хто ідзе, куды і чаго — усё вядома. Як у ціятры якім. Таму што за дзень ну дваццаць чалавек пройдзе, ну трыццаць. І ўсе свае. «Добрыдзень» дасі. А ў горадзе тысячы іх бягуць, як мурашкі. Аж зморышся, гледзячы. Нэрвы за дзень, мая рыбачка, сапсуюць, то і бягуць подбегам дахаты. Уключаць целевізар, а і там людзі. Толькі над гэтымі ты ўжо нібы гаспадар, бо захацеў і выключыў іх. А на вуліцах ужо не выключыш. Вот і замыкаюцца, каб аддыхнуць, адным пабыць. У горадзе яно шкадней жыць, чым у вёсцы.
— Затое чысцей. У сваіх я ледзь не кужны дзень у ванне мылася. І ў магазіне што захацеў, то і купіў.
— Так ужо і купіш! Чаму ж яны за моднымі трантамі ў вёску едуць?
— Бо ў нас яшчэ такіх не купляюць. Гэта ж грэх глядзець, ідзеш па Вільні, глядзіш ззаду і не пазнаеш, хто ідзе, хлопец ці дзеўка. Валасы доўгія, порткі шырокія, торбы вялікія, падэшвы тоўстыя. А ўсё каб на іх глядзелі.
— Толькі па цыцкастоі і адружніш.
— Дзе там, мая рыбачка, цяпер і яго не носяць.
— Нядоўга гэта будзе. Як кароста: высыпіцца і зноў знікне. У тым і краса дзеўкі, што яна на хлопца не падобна! Папомніце маё слова: скора старая мода вернецца!
— Ужо варочаецца! Доўгія спадніцы носяць!
— Во гэта мне па нутры, а то паабгалялі лыткі.
— Налі нам, кума, з той блішчастай бутэлькі. Такога не каштавала ішчэ.
— Вот ты казаў, сват, што раней васэля не такое васолае было. Яно праўда. Але цяпер яно не такое цікавае. Прасцей стала, ці што. Калісьці трэба было ведаць, калі якую песню спяваць. На дзяжу саджалі.
— І ты сядала?
— Я-то ўжо не.
— А я сядада. На вывернуты кажух.
— Ну і што, дзяжа праўду паказала?
— А гэта мне ўжо ведаць!
— Цяпер яно лягчэй маладым. Самі пазнаёмяцца, палюбяцца, як Салюня са Сцёпкай, і бяды бацькам няма. А калісьці трэба было роўную не па сэрцу, а па маёнтку падбіраць. Каб пасаг добры, каб шнюр які можна было да свайго датачыць. У сваёй вёсцы не падбярэш, так за свет людскі прыходзілася сватоў слаць.
— Затое болей слухаліся бацькоў. Чуць што: праганю з хаты, зямлі не дам! Яно-то дрэнна, што зямля такую сілу над людзьмі мела. Але чым гэту сілу цяпер замяніць?
— На добрага то і слова хваціць. А як уродзіцца які.
— Не скажы, рыбачка, усё ад бацькоў залежыць.
— Колькі тых дзяцей цяпер. Адно ці двое. Чым людзі разумней становяцца, тым меней дзяцей.
— Калісьці я раджала, колькі магла, а тэраз — колькі хочуць.
— Шмат залежыць, хто ўласць у хаце возьме. Бывала яно, усе грошы ў гаспадара, а цяпер бабы заграблі касу.
— Ад цябе заграбеш. Прап’еш усё і абліжашся.
— Не за свае п’ю, успакойся!
— Тваё здароўе, Салюня, усе мы за тваімі сталамі ў «Ёлачцы» гадаваліся!
— Ты не падмеціла, кума, якой нагой Салюня парог пераступала? Правай ці левай?
— Усё роўна якой. Хай будуць шчаслівыя. Нешта водка горкая, каб яе халерыя, стала. Пара зноў падсаладзіць!
— Го-о-рка!
— Давай і мы з табой, свацютка, буську зробім!
— Іш чаго, стары корч, захацеў! Па табе ўжо магільнік плача.
— Гы-гы-гы, стары конь…
— А недзе ў славакаў маладыя, глядзела я па цілівізару, кусок цукру папалам дзеляць, каб салодка ўсё жыццё было.
— Ну і пышнае васэля Козічы справілі. Вы не ведаеце, колькі грошай пайшло?
— А табе што да таго? Сваіх пайшло, не тваіх. Запрасілі, то і сядзі.
— Маладым болей у памяці застанецца.
— Нешта Рынкевіча няма. Абяцаўся хоць вечарам пад’ехаць, калі дараваць маладых будуць. Ужо ж скора.
— То ў вас, свацютка, каравай вечарам дзеляць?
— Які там каравай. У нас каравай не прынята. Дораць так.
— Пасуньцеся, сваткі, вылезці трэба.
За сталом застаюцца толькі Саламея і Сцяпан, першыя дружкі. У куце займаюць месца вясковыя спявачкі. Жаласліва і працяжна, у адзін голас, пачынаюць даравальную:
Млода парачка, матачка даруе, Малада, з падзякай нізенька пакланіся! Сваточкі, дарыце, дарыце, За печкай не сядзіце, Па сметніку не капайце, Па грошыку не збірайце. Кацілася падушачка з печы, Ударыла Салюньцы ў плечы, Ударыла, але не забіла, Каб млода Салюня Сцёпачку любіла.Потым замест «матачкі» і «сваточкаў» ідуць «цёценька», «дзядзечка», «залоўка», «мільянер». На стале вырастае стос кап, сурвэт, гадзіннікаў, лялек і іншых патрэбных і непатрэбных рэчаў. Многія дораць грашыма — хай будзе маладым на першыя крокі. Урэшце свацці звязваюць падарункі ў посцілку. Спявачак саджаюць за стол і частуюць.
— У каго свярбяць ногі, хай ідзе на танцы! — заклікае сват.
Танцуюць у нанятай хаце ў другім канцы вёскі. Клуба ў Ліпнішках няма. А хто багацей жыве, у каго мэбля паліраваная ды падлога маляваная, той не хоча пусціць. Таму музыкі перавандравалі ў самую неахайную ў вёсцы хату, дзе маладзіца толькі па суседках лётае.
— Не можа ваш старшыня раскашэліцца і збудаваць якую брыгадную хату, — гавораць, прахалоджваючыся пасля агністай полькі, вільнюскія госці.
— Да хрэсьбін, можа, і збудуе, — жартам адказваюць мясцовыя. Тут ім, відаць, крыху і сорамна за Ліпнішкі.
— А што, не агледзішся, як Бранюк дзедам стане.
— Даўно ж гэта, здаецца, сам жаніўся. З Задворнік Маню прывёз.
— Мае гонар стары Тамаш за сваіх дзяцей. Усе работы не баяцца.
— Толькі нешта паслабеў ён сам.
— Не, ішчэ нічога. Чарку перакуліў. Закусіў са смакам.
— Чым у гэтай духаце да цеснаце танцаваць, пойдзем лепей, сват, месца на сон шукаць. Бо потым усё зоймуць.
Але ў тую ноч на саломе засталося многа свабодных месц, бо найбольш вынослівыя так і не клаліся спаць, хіба што трохі прыдрамнулі за сталом. Чуць світала — яны ўжо ішлі «лячыць галовы» тым, хто адаспаўся. Усе распытвалі, дзе і як правялі ноч маладыя. Сцёпа ў адказ таямніча ўсміхаўся. Хоць гэта на ўласным вяселлі, здаецца, і няможна, узяў у рукі баян і зайграў такую празрыстую мелодыю, што ўсе канчаткова зразумелі, чаму Салюня выбрала менавіта гэтага невысокага, сціплага хлопца з роўным праборам кароткіх валасоў.
Галоўнай падзеяй другога дня вяселля былі, вядома, маршы. Кожнаму капэла іграла — па яго ж выбару — адну або дзве мелодыі. Адзін хоча «Зорку Венеру», другі «Паланез» Агінскага, трэцяму падай «девчонку», да якой вернецца салдат, чацвёртаму — літоўскую застольную «Клюку, клюку, клюку, гярсім по сцеклюку», пяты патрабуе польскую «Мазурку Дамброўскага». І музыкі былі на вышыні, толькі пры «Верасах» крыху замяліся. Затое і кідалі ім густа. Хто па дзесятцы, а сваты і па дваццацьпятцы. З дамоўленай сумы ў чатырыста рублёў маладым прыйшлося даплаціць нешта рублёў пятнаццаць. У месяц тры-чатыры вяселлі…
— І чаму гэта мы не завядзём такіх сваіх музыкаў? — дзівуецца адзін з сватоў. — Усё на Літве наймаем.
— У раённым жа клубе ёсць. Учора маладым ігралі.
— Мала што там ёсць. А хто па вёсках іграць будзе?
— І нашы так не патрафяць. Нашы болей жаласліва іграюць.
— Цяпер то не так жаласліва. Калісьці ж, здаецца, — аж за сэрца бярэ.
І да мяне, праз стол:
— Хочаш, сваток, ціхенька заспяваю старую. Такіх ужо не пяюць:
— Ой, рубаў ён дроўцы З маіх плечанькаў. — Ой, няпраўда твая, Мілая мая, Бо рубаў я дроўцы З белай бярозы.Надрыўны, грудны голас мацнеў, перакрываў застольную гаворку. Паступова ўсё сцішалася. Заслухаліся музыкі. І ўжо не было нічога, апрача песні. А песня жалілася:
— Ой, віў ён павады З маіх валасоў. — Ой, няпраўда твая, Мілая мая, Віў я павады З чорнага шоўку. — Ой, пускаў ручайкі З маіх слёзанак. — Ой, няпраўда твая, Мілая мая, Ой, пушчаў я ручайкі З зімнай крыніцы.К вечару ўсё часцей пачыналі песню «Бывайце здаровы». То адны госці, то другія спяшаліся на цягнік, на аўтобус, да гаспадаркі. Кожны адыходзіў з ладным кавалкам торта, з бутэлькай у сумцы. «Гэта вам на дарогу васэльнай кіслі», — гаварыла, уручаючы пачастункі, гаспадыня. Узняліся да свайго заказнога аўтобуса і вільнюскія госці.
— Куды вам, яшчэ даедзеце, сонца яшчэ высока, — супакойваў іх Козіч.
— Дарога немалая, сорак кіламетраў.
— А як мы калісьці пехатой хадзілі? — умяшаўся стары сват. — Выйдзеш на світанні, а пасля абеду ўжо ў Вільні. На кірмаш, у суд, з працэсіяй у Кальварыю, каб у бога дажджу выпрасіць.
— Ну і як, дождж быў?
— Калі быў, а калі і не.
— Ну-то няхай у вас цяпер дождж заўсёды ў пару будзе. Вісу гяро! Усяго добрага! Вшысткего найлепшэго! Саламея, не марудзь тут, хутчэй у Вільнюс прыязджай! Імя ж у цябе — як у нашай Саламеі Нерыс.
Дзядзька Тамаш па-ранейшаму сядзеў, прыкрыўшыся, на ганку, праводзіў усіх затуманенымі слязой вачыма.
— Цяпер на аўтобусе што. Калісьці мы са сваей Стасяй да шлюбу коньмі ехалі. Коні слабыя былі, дак чвяртку водкі ў вуха ўльеш, каб панеслі. Хацелася паказаць форс.
— Шчасліва заставацца! Цяпер-то, можа, праз год які на хрэсьбінах у Салюні ўвідзімся.
— Куды мне ўжо. Пясэцкі мяне ў госці чакае. Пажыў, дзяцей упарадкаваў, унукаў каторых…
Праз тыдзень дзядзька Тамаш сканаў. Труну паставілі ў апусцелай задворніцкай хаце, якую ён сам склаў з абчасаных бярвенняў. З пахаваннем надчэквалі дні з тры, бо хацелі, каб з Польшчы паспеў Мар’ян. Да позняй ночы ля труны сядзелі спевакі. Прыходзілі людзі з суседніх вёсак. Сваякі прыносілі вянкі. Меўся прыехаць з Мінска даўні сябар нябожчыка Фёдар Мікалаевіч Івендзікаў. Але падвяла машына.
Нарэшце на таксі з’яўляецца стомлены дарогай Мар’ян. Робіцца апошні аматарскі здымак. На машыну засцілаюць самаробны дыван, ставяць труну. Стары Мялешка бярэ міску з жытам, нібы сейбіт, абыходзіць навокал. Цяжкое зерне гучна б’е ў дубовыя дошкі.
На могілкі ішла ўся вёска. Пах сырога пяску, што жаўцеў вакол ямы, зліваўся з пахам ігліцы, ранняга бэзу і паленых зёлак. Калі апускалі труну, зусім блізка двойчы закукавала і папярхнулася зязюля. А недзе ўдалечыні прагрымеў першы пасля доўгай сушы веснавы гром.
З могілак усе вярнуліся зноў у дом. Цяпер ён застаўлены сталамі. Ведаю, многія супраць таго, каб услед за пахаваннем ішоў пачастунак. Але старадаўнія славянскія памінкі, па-мойму, добры звычай. Клопаты аб самых звычайных рэчах не дазваляюць, не даюць часу блізкім застацца ў адзіноце, сам-насам з горам. Зноў жа, многія сваякі прыйшлі здалёку, з другіх вёсак, прагаладаліся. За жалобным сталом людзі засяроджваюцца, успамінаюць нябожчыка, яго справы. П’яных звычайна не бывае. Але пасля першай чаркі ажыўляецца гаворка:
— Глядзі ты, памёр у маі, як і яго Стася.
— Але, усе там будзем. не на васэля едзем, а ўжо з васэля.
— Не ўвідзеў, як яго яблыні зацвілі. Дагледжаныя ўсе, пабеленыя.
— Стараўся да канца. Як кажуць, у магілу збірайся, а жыта сей!
— Хай яму зямля лёгкай будзе! Быў чалавек, і няма…
— Ад кужнага чалавека нешта застаецца. То дом, то сад, то дзеці.
— Дзеці ў яго што трэба!
— Глядзі, яшчэ ў дзвярах відаць сляды ад тых куль.
— То ойцец падняў нас абараняцца, — на правах старэйшага ўспамінае Мар’ян. — Прыйшлі ночай удзевяцёх. Хацелі Стася забіць, што «ястрабком» быў. А можэ, думалі, жэ Івендзікаў нацуе. Грукаюць у дзверы, энкавэдзісты, кажуць. А яке ж там энкавэдзісты, калі акяніцы знадворку зачыняюць. Ойцец шэпча: «Будзем бараніцца да астатняга!» Хто ўзяў сякеру, хто плашчак. Кулі праз сцяну не бяруць, тылько праз акно. Палезуць яны, а мы іх паленнямі. Гляджу, выставіў адзін люфу аўтамата, а другі батарэйкай свеціць. Я взёлэм саган ад печы ды па батарэйцы. Тады яны гранат жуцілі, гранат ад дзвярэй адскочыў, на падушку ўпаў і не разарваўся. Гэліну пярыну на ложку кулі ўсю ў камкі збілі. Так і не пусцілісьмы іх…
— Цяпер людзі даўжэй жывуць, але іх жыццё скарэй бяжыць. Калісьці час не меў значэння. Год падобны быў на год. Усё па кругу ішло, ад жніва да жніва.
— Не толькі ў людзей час скарэй бяжыць. У вяшчэй таксама. Мой бацька ў васэльным касцюме ў труну лёг, а мае дзеці за год па касцюму здзіраюць.
— Я і кажу: жыццё скарэй ляціць. Як поезд, калі разгон набірае. Каторы і хацеў бы сысці, але не сыдзе, толькі ногі паломіць. Дзе ж ты астановіш той свет.
— А вот кагда я ў Карэліі работаў, так гэта была работа. Лясам канца-краю нет, не то што здзесь. Ідзеш і валіш электрычэской пілой. А за табой гладкае поле астаётца.
— А вы знаеце, людзі, — зноў пазнаю голас Мар’яна, — жэ в Польсцэ злапалі Сакалоўскага, што пры немцах бургамістрам в Островцу быў, што залатыя зубы ў людзей выбіваў. Расстралялі яго на Беласточчыне.
— Але, смерць — яна бывае дваякая: чалавечая і сабачая.
— Глядзі ты, Мар’ян столькі ў Польшчы жыве, на нямкіні жаніўся, а па-нашаму гаварыць не забыўся.
— Заўтра трэба на балота ісці, — гэта ўжо голас Івана. — Падсохла трохі, то хоць машыны не загразнуць.
— Ты што чокаешся! Забыўся, што на памінках не чокаюцца?
— Ешце, людцы добрыя, — гота голас Гэлі, — кажыце, калі што скончылася. Можа, кавы каму яшчэ ці гарбаты.
— Ты думаеш, сусед, што ты ясі? Хімію ясі! Паверце мне, мы ішчэ вернемся да гною, станем яго ўважаць.
— Хіба ў нас чай?! — пазнаю голас Іосіфа. — Нядаўна мы ездзілі ў Ташкент, памагаць пасля трасення зямлі. Я там і на экскаватары рабіў, і на кране. Прыходзіць адзін узбек і просіць: «Я знаю, что вашэму крану здзесь не развярнутца. Но будзь добр, здзелай міласць, дай вінаграду сазрэць. Тогда мы быстра домік знясём». Паспеў вінаград — запрасіў ён нас у госці. Мы «салям» далі. Пасадзіў ён нас на падлогу, на дыван. Фруктамі частуе, пловам, зялёным чаем. Вот гэта быў чай! Адразу смагу здымае.
— Глядзі ты, на дыване ядуць.
— Раней, бывала, стаіш малы за печай, калі госці прыедуць, глядзіш на стол, палыкаеш слінку, а матка цябе супакойвае: «Не плач, дзеткі, госць — не свіння, усё яйко не з’есць, табе пакіне».
— А моя жонка з Немец патэльню прывезла. Без клустасці смажыць.
— Ну гэта ты прыдумаў, дзе гэта відана, каб без клустасці.
— А чаму вы сына па-нямецку назвалі?
— Эрнстам? То ў чэсць Эрнста Тэльмана, якога фашысці расстралялі. Файны хлопец расце.
— Але, ружных людзей на свеце ёсць. Хто гэта раней ведаў пра іх.
— І людзі сталі разумнейшыя, багацейшыя. Толькі ці дабрэйшыя?
— Грунт, што мір цяпер усюды, у тым В’етнаме супакоіліся.
— Пане Мялешка, а табе, як старшыні вясковага камітэту, трэба парупіцца, каб магільнік абгарадзіць.
— Добра яшчэ, што не на Салюніным васэлі так здарылася. Што тады было б рабіць?
— За спакой яго душачкі! Хай у чысцы не затрымліваецца, прама ў рай ідзе.
— За што ёй — у чысцец, нават калі б той дзе і быў? Што ён там награшыў? Не мацюкнуўся нігды, чалавека не скрыўдзіў, па совесці жыў. Толькі калі кілішак выпіў да песню запеў. Але які ж гэта грэх?
— Помню, казаў ён: «Толькі пачнеш нешта разумець у жыцці, як паміраць пара».
— Але, нам бы так лёгка памерці; як сказана, усе мы з праху паўсталі і ў прах абернемся. Чалавек усё перажыве, толькі смерці не перажыве.
— Не ў прах, а ў зямлю. Тут ружніца ёсць. Усё з зямлі вырастае.
— Людзі! Здаецца, дожджык пачаў крапіць! Павінна ўсё зазелянець.
— Покі чалавек чалавекам, ён усё заўтрашнім днём жыве, на лепшае надзеецца. Не ўчарашнім, а заўтрашнім.
— Пара збірацца! Заўтра ж рана на работу. Выходзячы з хаты, я аслупянеў. На зацэментаваным ганку стаяла трохгадовае дзяўчо ў сукенцы ў буйныя чырвоныя гарохі, нашытай навыраст (сялянская звычка шыць навыраст засталася), і засяроджана разгортвала цукерку. На мяне здзіўлена глянулі прыжмураныя, не па-дзіцячаму сур’ёзныя вочы дзядзькі Тамаша. Тыя ж абрысы твару, рэзка выдзеленыя шчокі. Можа, праўнучка?
— Чыя ты?
— Градзянка.
Градзянка? Гэта, здаецца, сястра дзядзькі Тамаша замужам за Градзём… Значыць, не праўнучка. Значыць, адбіліся гены нейкага агульнага, больш далёкага продка…
Вялікая, пабудаваная ганкам да вуліцы хата Вянгроўскіх стаяла адзінока і сіратліва. Хіба Іосіф сюды прыедзе летам адпачыць. Апусцела адно гняздо. Але замест яго ў розных кутках краіны і нават за яе межамі ўзнікла многа іншых. Парушылася спрадвечная прыкаванасць, «прыпісанасць» да зямлі: з шасці дзяцей дзядзькі Тамаша з ёй звязаны толькі трое. Ды і звязаны па-іншаму: уся гэта зямля іх і яны «прыпісаны» ўжо да ўсёй зямлі. А ўнукі… Дынастыя хлебаробаў становіцца дынастыяй хлебаробаў і рабочых. Жыватворчы час уварваўся ў хату Вянгроўскіх, разбурыў колішнюю патрыярхальную замкнутасць, адкрыў новыя далягляды, устанавіў новыя сувязі. Жыццё сям’і Вянгроўскіх, неаддзельнае цяпер ад жыцця ўсёй краіны, пайшло па новаму, вышэйшаму кругу.
Гісторыя працягваецца (замест эпілога)
Як ні старайся ўхапіць рысы хуткаплыннага часу, усё роўна пакажаш не сённяшні, а толькі ўчарашні дзень. Здаецца, паставіўшы кропку, прымусіў імгненне спыніцца, а яно ўжо змянілася зусім іншым імгненнем, бо час паскорана бяжыць далей. Не агледзішся, як тое, чаго ты толькі што быў сведкам, становіцца гісторыяй.
З таго лета і ранняй восені 1974 года прайшло каля трох год. За гэты час працавітыя рукі жыхароў Астравеччыны ўпісалі яшчэ многа старонак у летапіс народнага быцця.
Юбілей Астраўца доўга адкладваўся. Новая хваля дажджоў зацягнула ўборку, цэлыя бульбяныя палі аказаліся пад вадой, таму было не да ўрачыстасцей. Урэшце рашылі юбілей сціпла прыўрочыць да Кастрычніцкіх свят. На ўрачыстым сходзе з дакладам выступіў Д. К. Арцыменя. «Мэр» Астраўца В. А. Філатаў абвясціў аб прысваенні Максіму Логвінавічу Язычэнку, Браніславу Антонавічу Жуку і Вікенцію Іосіфавічу Падалісу ганаровых званняў заслужаных грамадзян Астраўца. Перавязаныя пунсовымі стужкамі, з сімвалічнымі ключамі ў руках, яны запялі месца ў прэзідыуме, расчулена дзякавалі. У фае дзейнічала выстаўка прамысловай і сельскагаспадарчай прадукцыі, вырабаў народных умельцаў. А ў вялікім канцэрце зводны хор выканаў песні «Ой, зайграйце, музыкі» і «Астравецкі вальс», музыку якіх напісаў М. Ялоўскі, словы ж — райкомаўскі работнік Р. Карачун. Пятрусь Броўка, які раней балаціраваўся тут у Вярхоўны Савет СССР, прыслаў астраўчанам сардэчныя віншаванні. А Уладзімір Караткевіч выказаў свае пачуцці ў вершы, які пачынаецца словамі:
Маленькі астравок маёй зямлі, Зялёны Астравец над срэбнай Лошай, Такі прытульны і такі харошы, Як сонца, бор і родныя палі.9 мая 1975 года ў Астраўцы, у маладым парку, што па дарозе на Малі, ветэраны вайны ўрачыста адкрылі помнік воінам і партызанам — ці не апошнюю работу вядомага скульптара Яраміра Печкіна. На курганчыку паўсталі фігуры двух воінаў: адзін знясілена падае, падкошаны ў баі, а другі, пераймаючы эстафету, горда ўзнімае ўверх зброю-сцяг. І было нешта непаўторнае ў спалучэнні яркіх колераў: чырвань сцягоў, крывава-барвовы адліў скульптурнай кампазіцыі, бель і жаўцізна першых веснавых кветак, празрыстая зелень бярозак, а над усім гэтым — бяздонны блакіт неба. Тысячы астраўчан, госці з Літвы і Украіны журботна ўскладалі вянкі, глядзелі тэатралізаванае шэсце пра баявыя старонкі гісторыі. Такой урачыстасці і такога шэсця Астравец яшчэ не бачыў.
15 чэрвеня 1975 года жыхары Астравеччыны аддалі свае галасы за кандыдатаў у дэпутаты Вярхоўнага Савета БССР Маланню Станіславаўну Жыліс і Андрэя Андрэевіча Галагаева — дваіх з герояў гэтага нарыса.
Астравецкі раён паспяхова выкапаў план дзевятай пяцігодкі. За гэты час, рапартаваў XXVІІІ з’езду КПБ Д. К. Арцыменя, «сярэднегадавая вытворчасць прадукцыі сельскай гаспадаркі раёна ўзрасла на 53 працэнты. Ураджайнасць збожжавых культур з 11,7 цэнтнера даведзена да 22,4 цэнтнера. Валавая вытворчасць збожжа павялічылася ў два разы, вытворчасць мяса — у 1,9, малака — у 1,3 раза. Калгасы і саўгасы прадалі звыш пяцігадовага плана 13,1 тысячы тон збожжа, 12,4 тысячы тон бульбы, 4,6 тысячы тон мяса… У разліку на кожны гектар сельскагаспадарчых угоддзяў у сярэднім атрымана чыстага прыбытку ў 3 разы больш, чым у папярэдняй пяцігодцы. Капітальныя ўкладанні на абнаўленне асноўных фондаў павялічыліся ў чатыры разы. Прадукцыйнасць працы ўзрасла на 50,4 працэнта». Па выніках 1975 года раён зноў выйшаў пераможцам у сваёй групе па вытворчасці і продажу збожжа і бульбы і зноў атрымаў пераходны Чырвоны сцяг ЦК КПБ, Савета Міністраў БССР, Белсаўпрофа і ЦК ЛКСМБ. А калгас «Чырвоны Кастрычнік» выйшаў у дзевятай пяцігодцы пераможцам усесаюзнага сацыялістычнага спаборніцтва. Усё гэта дало падставы карэспандэнту «Советской Белоруссии» П. Суткаленку нядаўна сцвердзіць, што «Астравецкі раён выйшаў у лік перадавых у нашай рэспубліцы».
Дзмітрый Канстанцінавіч Арцыменя пайшоў нядаўна ў Гродна на павышэнне. Першым сакратаром райкома партыі стаў былы старшыня райвыканкома Ціхан Іванавіч Місуна, сын селяніна-партызана з вёскі Місуны, што на Мядзельшчыне.
З Ціханам Іванавічам мы сустрэліся на пачатку 1977 года. Новы першы сакратар, які пераняў эстафету ад Д. К. Арцымені, быў у добрым гуморы. Яшчэ б! Раён, стартаваўшы ў дзесятую пяцігодку, выканаў заданні 1976 года па ўсіх паказчыках. Ураджай збожжа склаў 29,7 цэнтнера. Раён выйшаў пераможцам ва Усесаюзным сацыялістычным спаборніцтве.
Адным словам — навін безліч. І кожны дзень дабаўляе новыя.
Дык скажыце, паважаныя чытачы, хіба не аджыла свой век старая прыказка «Астравец — свету канец»? Бо на Астравеччыне — усё, як у людзей.
А часам і лепей.
Комментарии к книге «Астравеччына, край дарагі…», Адам Иосифович Мальдис
Всего 0 комментариев