Раман прыгодніцкі і фантасмагарычны
ПралогМора ля прычала смярдзела, як быццам русалкі пераквасілі капусту. Марскую, вядома.
Крываносыя чаіцы брыдка лаяліся хрыпатымі галасамі, забыўшыся, што калісьці карміліся з рук ангельскага святога Баўтрамея і вядуць свой род ад грэцкага князя Кеіка, ператворанага ў птушку. За што ператворанага? А не трэба было параўноўваць сябе са старым раўніўцам Зеўсам, а сваю жоначку — з фанабэрыстай Герай.
Пад бокам каржакаватага партовага маяка матросы ў чырвоных шапках і матросы ў белых шапках лупілі адзін аднаго ў славу родных караблёў, што гайдаліся непадалёк на далоні Ліёнскага заліва, падкурчыўшы ветразі, як вялізныя кажаны-альбіносы — крылы. Нешматлікія гледачы лена спрачаліся, чыя банда пераможа.
Нават Адысей, які дваццаць гадоў плыў да гэтага берага, завагаўся б — ці прычальваць?
Але Адысей быў усё-ткі царом, хоць і дробненькім. А простым людцам і тут было хлебна і рыбна. Порт Латэ гуў, нібыта павятовы сеймік у далёкай ліцвінскай Рэчыцы альбо Наваградку. Мінакі з мястэчка Манпелье, што знаходзілася непадалёк ад порта, у гарах, штурхаліся гэтак жа, як шляхцюкі ў дзвярах менскай ратушы.
Праўда, жанчыну з дзіцем на руках, якая стаяла, кагосьці чакаючы, на прасоленай морам брукаванцы ўзбярэжнай, ніхто штурхануць не насмеліўся б.
І не таму, што матрасня, загарэлая да чарнаты, докеры з аршыннымі плячыма ды партовыя гандляры, увішныя, як вугры, у слаўнай правінцыі Лангедок раптам пачалі шанаваць высакародных дам. Ну хаця б з нагоды нядаўняга вяселля шаснаццацігадовага дафіна з аўстрыяцкай прынцэсачкай Марыяй Антуанэтай. Не, наконт прынцэсачкі і ейнага нядошлага сужонца яны маглі толькі шчодра адсыпаць слоўцаў, салёных і вохкіх, як мора.
Комментарии к книге «Авантуры Пранціша Вырвіча, здрадніка і канфедэрата», Людмила Ивановна Рублевская
Всего 0 комментариев