«Пра тое, як я... [13 несур'ёзных апавяданняў]»

785

Описание

Вядома, трынаццаць — лік няшчасны. i тым не менш перад табою, дарагі чытач, менавіта трынаццаць апавяданняў — трынаццаць здарэнняў, трынаццаць лёгкіх, займальных, вясёлых гісторый з нашага мітуслівага жыцця. У сваіх апавяданнях аўтар выкарысгаў магчымлсці гратзску, анекдота, наўмысна сур'ёзнае звёў да несур'ёзнага, спадзеючыся такім чынам зменшыць страхотлівы сэнс, што існуе ў ліку трынаццаць... «Пра тое, як я...» — першы зборнік прозы паэта Леаніда Дранько-Майсюка.



Настроики
A

Фон текста:

  • Текст
  • Текст
  • Текст
  • Текст
  • Аа

    Roboto

  • Аа

    Garamond

  • Аа

    Fira Sans

  • Аа

    Times

Пра тое, як я... [13 несур'ёзных апавяданняў] (fb2) - Пра тое, як я... [13 несур'ёзных апавяданняў] 287K скачать: (fb2) - (epub) - (mobi) - Леанід Дранько-Майсюк

Леанід Дранько-Майсюк ПРА ТОЕ, ЯК Я...

13 несур'ёзных апавяданняў

Падрыхтаванае на падставе: Леанід Дранько-Майсюк, Пра тое, як я...: 13 несур'ёзных апавяданняў. — Мінск: Мастацкая літаратура, 1992.— 109 с.

Рэдактар: Рыгор Барадулін

© OCR: Камунікат.org, 2010

© Інтэрнэт-версія: Камунікат.org, 2010

Пра тое, як я забароненую літаратуру чытаў

Усё, што чытаць ні даводзіцца,— уголас чытаю. Так лепей мае шары і паўшаркі ўсмоктваюць рэчывы спажыўныя інтэлекту чужога. Чытаць уголас нават выгодна — усё адно як у сябе на кухні размаўляеш з некім, а частаваць таго, некага, не трэба. Верце майму вопыту акулярнаму — усё дазволенае і ўсё забароненае ўголас добра чытаецца.

Задзярыце голаў на мой паверх высокі. Усе вокны патушаныя, а маё на кухні, як памідор пераспелы,— чытаю і на гадзіннік не гляджу. А ў вакно толькі тады ўлуплюся, калі ў фортачку плюнуць захочацца.

Плюну гэта я, парадуюся, як ляціць маё плюнутае ўніз,— проста на святло ліхтара філармоннае, і зноў за чытанне хапаюся. Ляпаю языком няўтомным, то ў адну сківіцу таўку, то ў другую. Не маўчу — уголас чытаю.

I вось неяк, вечарам чыхірным, калі дачытаў не што-небудзь, а літаратуру забароненую і, храбуснуўшы ўсімі касцякамі анатомнымі, пацягнуўся губамі прымоўклымі да фортачкі чыстае, каб запусціць плевача паэтычнага, гэта значыць, каб адпачыць з пырскам, і такі запусціў, і мой плявач паэтычны паляцеў у бязносую морду ліхтаровую,— у тое ж імгненне самае з-пад вакна майго машына ад'ехала: жоўтая, з антэнай на дашку і лямпай сіняю, амаль такою, якой грэюць вушы застуджаныя.

I хіба цяжка здагадацца інтэлігенту местачковаму — што гэта за машына такая?

Цопнуліся мае шары аб паўшаркі і далі інфармацыю — на дашку антэна! — мяне запісвалі!

Маё чытанне забароненае на круг наматалі!

I ад гэтай думкі аракульскай брыдка ў роце зрабілася, быццам мяне ўжо напаілі каля нараў з пагнутай кварты алюмініевай кафейным напіткам «Дружба». Да дзвярэй нават пацягнула — ці не звоняць ужо?

Не, я не з пакалення паслухмянага, бухарынскага, каб чакаць, палец смокчучы, ды яшчэ самому дзверы адчыняць, каб пасля ў атачэнні Шынялёў маўклівых, носам хлюпнуўшы, мінорна выдыхнуць у прыспанае вуха жончына: «Дарагая, гэта нейкая памылка. Будзь спакойная, я вярнуся хутка».

Усяго начытаўшыся па завязкі самыя, я ўжо ведаю, што адтуль, куды завязуць на сваім транспарце Шынялі маўклівыя, дваццаць параў ботаў не знасіўшы,— не вернешся. Хоць у гэтым трэба жыць вопытам пакалення паслухмянага...

Дык калі ж яны па мяне прыйдуць? Праз гадзіну, дзве?

Там, у сябе, яны павінны яшчэ раз праслухаць плёнку. Гэта як закон. Трэба ж выявіць узровень забароненасці. Значыць, хвілін дваццаць будуць слухаць. А раптам яны не разумеюць па-беларуску? I перакладчыка пад рукой не будзе, які б мог адразу растлумачыць, што «курыць» і «паліць», «сімвал» і «сымбаль», «крэсла» і «фатэль» — адное і тое ж, га? Пакуль знойдуць нейкага там выпускніка філфакаўскага і пакуль той небарака вочы разлупіць (на вуліцы ж ноч) і, учытаўшыся ці, дакладней кажучы, услухаўшыся ўгэтыя нязвыклыя для вуха «філязофіі» і «клясы», нарэшце перакладзе,— пройдзе добрая гадзіна. А то й болей.

Далей Шынялі зробяць даклад высокаму Шынялю, а той яшчэ вышэйшаму. Ізноў гадзіна, не менш. I без пракурорскага дазволу сярод ночы не пасунуцца. Патрэбна ж санкцыя. Не, калі прыйдуць, то толькі раніцай — не раней. А за гэты час можна ад любога дзёгцю адшкрэбціся.

За гэты час я й сапраўды ад дзёгцю адшкрэбся — забароненую літаратуру выкінуў. I апошні «Огонёк» таксама. Ці мала якая раніца ў краіну прыйдзе? Вось так звязаў усё ў адзін пук, спусціўся ў двор і шпурлянуў у кантэйнер. За горадам, на сметніку, няхай той чытае, каго не запісваюць.

Раніцай пра ўсё расказаў жонцы.

Нічога, суцешыла мяне жонка, магнітная плёнка яшчэ не доказ злачынства.

Мы выпілі кавы і выйшлі з дому. Яна на сваю працу, я — на сваю.

На рабоце мяне спыталі (вядома, шэптам) — ну як, прачытаў? Чытаю, адказаў я таксама шэптам. Чытай, падбадзёрылі мяне, і перадай другому. Моўчкі, аднымі толькі вачыма, я адказаў, што гэтак і зраблю.

Вечарам у двары мяне перастрэў грузчык з гастранома. Калі ён дурань, то не зусім — так, толькі дурнаваты, але з біяграфіяй. Казалі, што ў гады маладыя ён па вярхах палётаў, у пітве ніжэй за каньяк не апускаўся, а цяпер накруціў яго лёс на шпулю дэмакратычную. Тым не менш не забываў ён сваё высокае мінулае і да кожнага звяртаўся аднолькава і на «вы»... Вы, пралетарыяты-дэмакраты, не абыдзіце былога арыстакрацюгу савецкага, праявіце салідарнасць, памажыце рублём...

Салідарнасць праяўлялі і рублём памагалі. Але не толькі на дурніцу ён выцягваў грошы з пралетарыяцка-дэмакратычных кашалькоў. Час ад часу грузчык ператвараўся ў кааператара-анучніка і прапаноўваў сёе-тое ў яго купіць. Напрыклад, слоік трохлітровы, украдзены ў гастраноме, старое крэсла разлезлае ці звязку часопісаў пазалеташніх, знойдзеных недзе на гарышчы, і г. д.

Пачуўшы роднае і зразумелае «вы, пралетарыяты-дэмакраты», я звыкла палез па кашалёк. Грузчык імгненна ацаніў маю высакароднасць і паважна падаў мне «Огонёк». Мой — уласны, выкінуты ноччу. «Огонёк» быў у плямах і ў нейкіх лушпайках. I не дзіва! За ноч магло і не тое прысохнуць у кантэйнеры.

Так я і купіў свой «Огонёк», які не паспелі на сметнік вывезці, і быў рады, што грузчык не дапаў да літаратуры забароненае. Мусіць, калі калупаўся ў кантэйнеры, ён успомніў сваю маладосць бліскучую і сваіх настаўнікаў малінавых, што вучылі яго лагодна толькі аднаму — пільнасці да ўсяго варожага і забароненага. Дык вось, патрымаў грузчык маё чытанне, магчыма, гартануў трохі і кінуў назад у кантэйнер.

Маліўся б я на грузчыка да ікаўкі, каб так было. Але ж ён не кінуў, а за рубель усё да апошняй старонкі жонцы маёй аддаў. Ішла яна па двары, раней за мяне з работы вярталася... Ну, а далей можна й не расказваць. Адно дадаць трэба — грузчык ведаў, што толькі мы з жонкай у гэтым доме па-беларуску размаўляем, ну, відаць, і вырашыў пусціць сваю знаходку па самым дакладным адрасе.

Нічога, цяпер ужо я суцяшаў жонку, бяда пакуль малая. За дзень не прыйшлі, на рабоце не зачапілі, мусіць, прыглядваюцца. Ну дык і няхай! А сёння вечарам, дзе-небудзь пасля адзінаццаці, я прайдуся да Свіслачы, як збоку глянуць — на такі праменад лёгкі, і выкіну ўсю яе ў ваду. (Тут я дзеўбануў скручаным «Огоньком» у літаратуру забароненую.) Са Свіслачы зялёнае ніякі грузчык не дастане.

Не, сказала мая жонка, лепей я прайдуся пасля адзінаццаці і ўсё зраблю за цябе, мой дарагі, а ты сядзеш на тое месца, дзе і ўчора сядзеў, і гэтак жа ўголас пачнеш якую-небудзь газету савецкую чытаць. Я табе падрыхтавала тут усяго...

Зірнуў я на падваконнік, на пак газет, і ў сэрцы маім каханне забухала. Ну як тут жоначку разумную не прыгорнеш да пацалунка свайго. Што прыдумала інтэлігентка — ап'янець можна! Толькі гэта Шынялі наструняць свае антэны на маё вакно пераспелае, памідорнае, а я тут і ўлуплю на іхнюю хвалю прыёмную дэзінфармацыю дазволеную. Пра перабудову што-небудзь, пра вайну з бюракратамі...

Мы так і зрабілі.

Як толькі баўкнула адзінаццаць і пад вакном запаліўся ліхтар, жонка з прывязаным да літаратуры забароненае малатком (шкада, праўда, малатка, ды іншай жалязякі ў хаце не знайшлося) пайшла ў бок Свіслачы. А я заняў свой акоп каля вакна — адчыніў шырэй фортачку, зірнуў адным вокам на вуліцу, а другім, як тычкай, упёрся ў «Звязду» — у артыкул рэдакцыйны. Як толькі пад'едуць, я ім і ачухацца не дам — адразу ўрэжу. Пакуль жа для сябе стаў абкатваць пачатак першай фразы: «Сёння ў святле апошніх рашэнняў набываюць вялікую вагу...» Напачатку ўзяў высока, потым трохі ніжэй, але не спадабалася ні тое, ні гэтае. Лепей узяць недзе пасярэдзіне, пачаць словабрэхам звычайным, дыктарскім. Але ж... могуць падумаць, што гэта радыё... Не, трэба хвастаць сваім голасам і з прысвістам.

Усё ж даволі хутка я настроіўся на чытку, таму сядзеў сабе спакойна, можна сказаць — адпачываў, здзекліва ўяўляючы той спрыт, з якім неўзабаве прымуцца Шынялі намотваць на магнітафон артыкул звяздоўскі. У тым, што яны прыедуць, не сумняваўся. Працуюць жа не ў пажарнай.

Напрыканцы трэба сказаць, што галава ў мяне была свая, у сцяну ёю ніколі не тоўкся. Пакідаў думаць. Вось і на гэты раз таксама. Шкрабянула нешта ў падчарэп'і маім, рыпнула, шары і паўшаркі ўзбунтаваліся, як усё роўна пацук на жываце маім голым прабегся — лапамі, падла, па грудзіне зацопаў. Ажно шкарпэткі да пят папрысыхалі.

А што, калі не ўслухаюцца Шынялі, не ўшалопаюць, што «Звязду» чытаю, І падумаюць — учарашняе ім на антэну вешаю. Газета ж беларуская! А ўчора таксама ж па-беларуску языком лёпаў. Не, трэба мяняць мову, бо пасля не дакажаш ім, што Ілья — прарок, калі на лаўку халодную пасадзяць.

Я выцягнуў з гурбы газетнае «Советскую Белоруссию» і, як пішуць літаратары-пачаткоўцы, уздыхнуў з палёгкаю. От, было б — калі б і сёння папёр па-беларуску!

Пад вакном прагула машына і спынілася. Я нават не зірнуў на яе, упэўнены, што гэта ўчарашні жоўты начнічок з антэнаю на дашку і той самай лямпай сіняю, якой грэюць застуджаныявушы.

Часу ў мяне не было, каб выбраць з «Советской Белоруссии» паласу найбольш артадаксальную, і я пачаў з самага пачатку: «Пролетарии всех стран, соединяйтесь!»

21 верасня 1988

Пра тое, як я ў заходнеберлінскую оперу хадзіў

Трэба прызнацца — у Заходнім Берліне для чалавека нашага ўсё цікава, нават опера. Ну, што такое опера — ці расказваць? Чыталі ж!

I я не без гэтага — таксама чытаў. Не буду хлусіць, што мне вельмі спевы падабаюцца, але іншы раз люблю падцягнуць, пачуўшы песню ў двары, а ўслед за ёй — свісток міліцэйскі.

Кажуць, на оперу трэба настроіцца папярэдне. Ну дык я настроіўся яшчэ дома, калі пашпарт замежны атрымаў. Дый тут хвіліну кожную настройка эмацыянальная адбываецца. Куды ні зірнеш — перад вачыма ўсё Заходні Берлін, і вечар ужо на лоб насоўваецца, падыхваючы піўком 12-градусным, і гаспадары ўзрушана гэтак прамаўляюць, нібы на трыбуну ўзышлі — сёння будзем слухаць «Запіскі з Мёртвага дома» пісьменніка вашага Дастаеўскага.

Што скажаш на гэта гаспадарам клапатлівым? Толькі ў ладкі й заплешчаш.

Заварушыўся я, і ўся наша кампанія турыстычная, як апараная, забегала. Усе пачалі гальштукі сіне-жоўтыя на шыю накручваць ды ў кішэнькі пінжакоў запіхваць расчоскі гумаўскія.

Тут наш кіраўнік цудоўны, размаўляючы з гаспадарамі, нібыта паміж іншым, паказаў мне на дзверы, гэта значыць — на два словы ў калідор прасіў.

Будзеш старшым групы, сказаў мне ў калідоры кіраўнік цудоўны, а я гэту оперу ўжо глядзеў... у Баранавічах... моцная штука... мне трэба тут пацікавіцца іхнім вітрынным дызайнам, дык ты ўжо глядзі там, у оперы, каб усё з паўабарота было...

Я супакоіў адразу ж яго — усё з паўабарота й будзе, а вы, паглядзеўшы оперу ў Баранавічах, спакойна сабе адпачывайце, вывучайце дызайн мясцовы.

Кдраўнік, вядома, застаўся задаволены і я — таксама, па самыя бровы ап'янены паўнамоцтвам нечаканым.

Гаспадары нямецкія ўжо чакалі, і я з гонарам, на які здатныя толькі сяржанты Арміі Савецкай, вывеў з гасцініцы сваё войска турыстычнае ў сіне-жоўтых гальштуках.

Быў вечар, і па ўсім Кайзердаме (так у іх Ленінскі праспект называецца) свяціліся ліхтары — масіўныя і чорныя, нібы крыжы высозныя.

Гэта ліхтары незвычайныя, растлумачылі гаспадары, гэта падарунак Гітлеру ад Мусаліні.

Ну-у, не паверыў я, залупіўшы голаў у неба нямецкае.

Так-так, пацвердзілі гаспадары, таксама ўтаропіўшыся ўгору.

Ліхтары, як распяцці, пагрозна навісалі над галавой.

У-у, фашысцюгі, сказаў нехта з нашых і нагнуўся, каб пашукаць пад нагой камень. Тут я напружыўся, адным словам, падрыхтаваўся вырваць у яго з рук справядлівую зброю пралетарскую, але неўзабаве пачуў у голасе майго падначаленага расчараванне поўнае — бедная краіна, і каменя пад нагой не знойдзеш.

Астатнія выказалі маўклівую пагарду ліхтарам мусалініеўскім, па-вайсковаму пакінулі Кайзердам электрасыты, ступілі ўслед за гаспадарамі на такую ж яркую Бісмаркштрасэ, і, нарэшце, усе мы апынуліся перад самой операй.

У вестыбюлі гаспадары ўручылі нам па жоўтым білеціку.

Ніякай цаны на білеціках жоўтых не стаяла, і мы зусім спакойна падалі іх кантралёру.

I ўжо зусім як нармальныя людзі падышлі да гардэроба, на хаду вылазячы з куртак балонневых.

А тут і пачалося...

За кожную куртку «драй марка», сказаў гардэроб па-нямецку.

Найн, дружна адказалі мы і не выпусцілі куртак з рук.

Трохі падумалі, пасля азірнуліся на гаспадароў. А іх няма, у шчыліну нейкую, нібы знарок, запароліся. Таму самі збіваць цану мы не сталі і паціху адышлі сабе ўбок. Паціху-то паціху, а мандражык лёгкі ўсё ж палез пад калашыны.

I разумнаму ясна, што без каманды войска гіне, а ў оперы сённяшняй, усе ведаюць, камандую я. Значыць, мне і абараняць інтарэсы нашых працоўных на чужыне.

Чаго захацеў, падаў я голас упэўнены, «драй марка» — пара калготак чорных. Так нараспранаўшыся, можна вярнуцца дахаты з чамаданам галодным.

Вакол у знак згоды абурана загулі. Ша, таваршы, рабіце так, як я, і — ніякіх гардэробаў!

Я скруціў у камяк сваю куртку і стаў яе засоўваць пад пінжак.

Таварышы выгукнулі ўслед за мной — ніякіх гардэробаў! — і зрабілі тое ж.

Пакуль гаспадары недзе распраналіся, адлічвалі паложаныя «драй маркі», мы — з курткамі пад пінжакамі — пачалі паходжваць сабе па вестыбюлі.

Дык вось, паходжваючы разам з усімі і пазіраючы на цэннікі розныя, зусім выпадкова даведаўся я, што кожны наш квіточак жоўты ў пяты рад каштуе шэсцьдзесят марак.

Моцна ўражаны, нібыта піянінам прыціснуты, давёў інфармацыю народу.

За што так, не паверыла маё воінства збялелае. Мяне й самога ледзь не разрывала — і сапраўды, трэба мець дзядзьку ў Таронта, каб гэта ўтрубіць у пятым радзе пару джынсаў.

Тым часам удалечыні вестыбюля гаспадары паказаліся. Да нас яны пакуль не спяшаліся, пачалі ўглядацца ў люстэрка, пасля — сталі да праграмак прыцэньвацца...

Наперад, гукнуў я і рашуча ступіў да касы. За мной адчайна рушылі астатнія.

Жоўта-сінія гальштукі нашыя, прыціснутыя курткамі скручанымі, абурана ўздымаліся, і апускаліся, і зноў уздымаліся, прагнучы вырвацца з-пад пінжакоў.

Мы, не змаўляючыся, вырашылі здаць білеты!

Ці ж не вар'яцтва гэта: за тры гадзіны пасядзёнак у радзе пятым заплаціць па шэсцьдзесят марак, гэта значыць грашыма роднымі — дваццаць рублёў!

Як гэта гаспадары датумкалі да такога? А яшчэ немцы! I які ж гад плёў пра іх, што яны грошы. лічыць умеюць?!

Мусіць, усё гэта я сказаў уголас, бо вакол у знак згоды зноў абурана загулі.

Ша, таварышы, не дайшоўшы да касы, супакоіў я,— новую думку маю!

А навошта здаваць білеты, лепей жа прадаць, га?

Гэта ж голы пройгрыш — здаваць? Каса хоць і капіталістычная, але, як і ў нас, абавязкова за кожны білет вернуты нешта сабе ўварве. Разявішся гэта на ўсе шэсцьдзесят марак, а са сподка выграбеш толькі пяцьдзесят. I праклінай тады Нямеччыну колькі ўлезе. Не, лепей усё ж прадаць. Прадаючы, можна нават зарабіць марак дзесяць-дваццаць.

Падцягнуўшы да грудзей сваю куртку скручаную (яна ў мяне зусім на жывот была апала), я даў каманду шукаць пакупнікоў.

Я быў упэўнены ў поспеху. Заходні Берлін усё ж не Давыд-Гарадок. А настрой у маіх падначаленых, як і належыць апошнім часам, быў ініцыятыўна-кааператарскім. Інструктаж ад мяне яны атрымалі пэўны, таму новая цана білетаў закруцілася на языках іхніх.

Напачатку я прапанаваў скубянуць «ахтцых»* марак, робячы такім чынам запас, каб пасля, сустрэўшыся з поўным «найн», можна было сысціся з кліентам будучым таксама на выйгрышных для кожнага з нас «зыбцых»** марак...

* Восемдзесят

** Семдзесят

Але тут — хоць ты смарканіся пры ўсіх! - падышлі гаспадары.

Падышлі гэта яны прычасаныя і рашуча на гадзіннік паказалі. Часу на продаж не было. Яго якраз хапала, каб адно ў залу прайсці, менавіта ў пяты рад валютны.

Зірнуў я на гвардыю сваю вокам пільным сяржанцкім і — як апалоніка глынуў. Так мяне ўсяго й перасмыкнула. Стаяць мае салдаты пузатыя ўсе, як пляшкі па 0,7. А замест наклеек на кожным крыўда літарамі буйнымі накрэмзана. Без акуляраў можна прачытаць: раней бы трохі ў гэту оперу піхнуцца, то якраз бы свае законныя «ахтцых» марак ухапілі б... А твары, твары ў іх — чыста прасы распаленыя. Адным словам, яшчэ трохі — і бунт пачнецца.

Зноў супакойваю, кажу ім звыклае «ша, таварышы», курткі з-пад пінжакоў выцягвайце і здавайце бясплатна мне. Калі ўжо йсці ў залу, дык пры парадзе.

Пачалі яны рассупоньвацца і ў мяне пытацца — а сам куды дзенешся?

I я таксама, кажу ім, як толькі электра патухне, з барахлом вашым у залу пайду.

План мой войска прыняло.

Гаспадары пайшлі паперадзе, каманда мая ўнагон, а я, нібы з пажару прыбегшы, з бярэмкам апранах аршанска-лідскіх уваткнуўся ў залу, як толькі лямпачкі павыключалі.

Клопату, вядома, займеў багата — столькі дабра чужога на руках! Толькі пільнуй. Добра, хоць крэсла вольнага ў цемры шукаць не трэба — кінуў апранахі ў кут, а зверху іх сабой прытаптаў. Вось табе й крэсла ўсё.

А тым часам на сцэне опера загаманіла.

У оперы гэтай Сілы Чорныя, спяваючы, хвасталі нагайкамі катаржан, якія былі Сіламі Светлымі і таксама спявалі. Зразумела, што ў думках я рашуча перайшоў на бок пакрыўджаных Сілаў Светлых. I тут мне вельмі захацелася сярод гэтых Светлых Сіл убачыць самога пісьменніка Дастаеўскага і ўголас падзякаваць яму за нязломнасць ягоную ў змаганні з царызмам крывавым.

Пісьменніка Дастаеўскага сярод катаржан я не ўбачыў, але ўгледзеў нешта такое, што не здолеў бы прыдумаць у сваім рамане самым паклёпніцкім нават Салжаніцын. Чорныя Сілы былі апрануты ў шынялі жандарскія, што правільна, але на галовах у іх шчыльна сядзелі энкавэдзісцкія фуражкі! Як ні выпручвай шыю, хоць брывамі да рампы гарачае цягніся,— так яно і ёсць. На малінавых аколышах горда паблісквалі родныя зорачкі пяцікутныя.

Заварушыўся не адзін я, нашыя ў пятым радзе валютным таксама засоўгаліся. Мусіць, дзяцінства ўспомнілі. Шмат каму з нас у дзяцінстве дзяды-пенсіянеры дарылі шапкі такія.

Зразумела, крыўдна нам зрабілася ў гэтай оперы за зняважаную частку гардэроба роднага. Хоць ты бяры ды пратэстуй. Але як жа гэта зрабіць, на барахле чужым седзячы?

I ўсё ж, каб хоць неяк адпомсціць, намацаў я на адной з куртак замок-маланку. Нішто сабе замок трапіўся — рыпучы. Хіба не зброя ў оперы правакацыйнай? Самая што ні на ёсць. Шмаргануў раз — як палкай па плоце выйшла. Адразу чуваць: з-пад Віцебска замок, а не з-пад Мюнхена соннага. Шмаргануў другі раз і трэці — няхай ведае чужая опера, як наша мінулае гераічнае высмейваць.

Замок заела, і я ўзяўся за другі.

Як бы там ні было, але пратэст мой, пэўна ж, падзейнічаў. Артысты неяк разгубіліся і перасталі спяваць, а зала з усіх бакоў залупіла ў ладкі.

Я з палёгкай выпрастаўся і для смеху таксама некалькі разоў дзяўбануў кулаком аб кулак.

Артысты пачалі згінацца ў паклонах нізкіх, нібыта прасілі прабачэння, і вінавата паглядзелі ў мой бок.

Нічога... мы добрыя... даруем, прымірэнча прамовіў я.

Так мінулася дзея першая, і я падняўся са свайго седала. З пятага раду да мяне, як да камандзіра, праціснуліся мае сябры адданыя. Вырашылі — быць напагатове. А раптам у другой дзеі на сцэну выпусцяць не проста жандараў у фуражках энкавэдзісцкіх, а зусім каго-небудзь на таварыша Кагановіча падобнага.

Але ў другой дзеі артысты былі больш абачлівыя, да таварыша Кагановіча не дайшло.

Сілы Светлыя па-ранейшаму гэтак жа доўга спявалі і раз-пораз хапалі адзін аднаго загрудкі. Трэба думаць, разказвалі пра сваё жыццё гаротнае. А Сілы Чорныя, вядома ж, з нагайкамі і ўсё ў тых жа фуражках малінавых выбягалі на сцэну толькі два разы. Так што ў другой дзеі толькі два разы шмаргануў я ў сваім кубле замком-маланкай, што з-пад Віцебска.

Болей нічога цікавага не адбылося, і на гэтым спектакля скончылася.

Зала ізноў з-за вуха запляскала ў ладкі, а каманда мая з пятага раду, каб не губляць час, ірванула да мяне — апранацца.

Апрануўшыся, здагадалася, што не проста гэта курткі на сябе ўсцягла, а зэканоміла пры маёй дапамозе таварыскай шмат валюты.

Не, усё-ткі і ў оперы, нават і ў нямецкай, ёсць асалода.

Я і сам быў задаволены: па-першае, усё выйшла з паўабарота, як і прасіў мой кіраўнік цудоўны; па-другое, я зразумеў, што толькі той не памыляецца, хто камандуе. Дык няхай жа глядзіць Еўропа, як выходжу я паперадзе ўсіх на Бісмарк-штрасэ.

Гаспадары ўсё яшчэ былі захоплены музыкай, што так глыбока перадала амаль кожны нюанс прозы трагічнае нашага пісьменніка Дастаеўскага, а я на чале свайго войска бадзёрага раптоўна завёў пад ліхтарамі мусалініеўскімі: «А я лягу-прылягу!» Войска падхапіла.

Зэр гут, сказалі гаспадары, зналёту працятыя песняй славянскаю, і рушылі ўслед за намі да гасцініцы.

З цемры, як рыбіны, вынырвалі юнакі маўклівыя і прапаноўвалі рэкламкі начных кавярняў і клубаў.

Вольна раскідваючы ўшыркі рукі стамлёныя, я не прапускаў ніводнае рэкламкі.

А што?

Дома іх можна будзе раздаваць як сувеніры.

6 снежня 1988

Пра тое, як я ў баль-маскарадзе ўдзельнічаў

Установа ў нас нічога — навукова-даследчая, вывучае ўсё, даследуе і Новы год ніводзін без баль-маскараду не прапусціла.

Раней так было.

Нацягнеш на сябе якога-небудзь зайчыка кардоннага, матлянеш два разы вушкамі ватнымі і за гэта прафком аднагалосны дае моркаўку ружовую, моркаўку спелую такую: ну там блакноцік у клетку дробную з фабрыкі добрушскае «Герой працы», ці каробачку-пушку з кнопкамі канцылярскімі № 2 з ГПЗ-12 гомельскага, ці яшчэ нешта такое кішэннае, на смецце падобнае. Але штб лепшага чакаць было ў тыя дні ардэнаносныя, калі душыў усіх застой манументальны.

Ну, а цяпер, у эпоху вольную, дэтэктыўную — ніякіх табе блакнотаў ды кнопак гомельскіх! Чытайце аб'яву — за лепшы ўбор маскарадны прафком, як бацька добры, сто рублёў чыстымі адлічвае. Здалёку відаць — не капейкамі газетнымі пахне. Сто рублёў на аб'яве лічбамі вокадзёрнымі бліскаюць.

Хаця ж тут і пачухацца трэба, усёй фізіялогіяй варухнуць.

Ясна ж: зайчыкам кардонным не вылавіць паперку хрупасткую. У звера буйнейшага трэба ўлазіць і не толькі морду хаваць — усё астатняе таксама.

Паглядзеў я на сябе ў люстэрка, язык высалапіў. Што ж такое вырабіць, якую маску вычаўпці, каб гэта адразу журы графіннае самлела, а прафком аднагалосны заместа аднае сатнягі дзве зліплыя ўручыў?!

Брахаць не буду — не адзін я з такімі думкамі пакутнымі. Навокал таксама думаюць, каля аб'явы, нібы каля стала заказаў, топчуцца, умовы конкурсу ў кніжкі запісныя натуюць. Грунтоўна рыхтуюцца калегі-навукоўцы.

Канкурэнты!

Пахадзіў я збоку іх, памеркаваў і ў бібліятэку з гарачкі ткнуўся. Гартануў газеты, часопісы. Няўжо перабудова родная не выратуе, без ідэі пераможнае пакіне?

I што ж вы думаеце — не пакінула! На такі план навяла, што аж калатнула мяне ад пятак да сківіцаў самых. Калі толькі ўсё зрабіць так, як над газетамі падумалася, калі ні ў чым не змыліцца, а перш за ўсё ў голасе, у жэстах і, само па сабе, у адзенні, то не толькі сотня прафкомаўская ў маю кішэню скокне, а будзе забяспечана мне пашанота вечная ад нашага па ўзросту пенсійнага, а па духу ўсё яшчэ камсамольскага начальства.

Дзякуй богу: час яшчэ ёсць і на рэпетыцыю, і на амуніцыю.

I тым не менш я неяк адразу стаў баяцца спазніцца, а яшчэ больш прагаварыцца. I ад думкі прыкрае, што не стрымаюся і, сам таго не хочучы, раскрыю свой план цудоўны, я тут жа ў бібліятэцы збялеў хваравіта і з такім скрогатам падвальным зубы сціснуў, што бібліятэкарка, кінуўшыся да мяне, уваткнула мне ў рот аловак чырвоны, каб сківіцы расцяць, і, мусіць, чакаючы, што на стол пена пальецца, локцем спіхнула на падлогу ўсе да аднае падшыўкі.

Добрая душа — ёй здалося, што ў мяне прыпадак.

З гэтага дня, хаваючыся ад усіх, пачаў я рыхтавацца да маскарада навагодняга. Вырашыў нічога нідзе не прасіць, не пазычаць, каб, крый божа, не здагадаліся.

Час паказаў, што я майстар канспірацыі. Падрыхтоўка мая прайшла па ўсіх канонах работы падпольнае. Патроху-патроху, гузік да гузіка, і торба з рэквізітам неабходным зрабілася поўная. Адзенне, сям-там голкай прыхопленае, падышло як мае быць, паходку мяккую я адпрацаваў, жэсты велічныя — таксама, некалькі значных фраз навучыўся гаварыць голасам дзяржаўным, валасы ж па ўзоры памятным зачасаў, для большай пэўнасці нават жончыным лакам прыціснуў. Толькі вось трохі з вусамі выходзіла няўпраўка. Спачатку, запусціўшы іх, спадзяваўся, што да свята вырастуць. Аднак жа раслі яны марудна, выбіваліся на паверхню свежую кусцікамі вярблюджымі і да ўсяго яшчэ — у колцы-драпалкі закручваліся. Нават на ката дохлага я не паходзіў, а не тое што...

Узнерваваны, браўся за брытву гострую, галіўся, а пасля за бутэлечку з тушшу хапаўся. Густа мазаў пад носам квачыкам-мазунком, туш старанна пальцамі расціраў і з надзеяй да люстэрка падыходзіў.

Зноў не тое.

Мусіў тады, не шкадуючы, адцяць ад старога каўняра цыгейкавага лапічак пышны. Чорны лапічак, футравы. Падсунуў пад нос яго і ўздыхнуў шчасліва. На клей пасадзіць — і цырк поўны будзе!

Не стану ўтойваць — за дні рэпетыцыяў сваіх і такіх вось прымерак драматычных схуднеў я. Чэраўца маё круглае пляскатым, як стол, зрабілася, нос-храпунец панчохай выцягся і нават адна рука папрутчэла, гнуцца, як след, перастала. Па нервах мяне стукнула, ці што?

Павёў тады плячом марудна, локцем, як завесамі, рыпнуў, і ўзнялася мая рука ўдубянелая неяк урачыста, ну зусім па-царску ўзнялася. Вось ён, узрадаваўся я,— жэст, гісторыі памятны. Журы графіннае перад ім, як гарох, рассыплецца разам з прафкомам аднагалосным.

Шчыра скажу, марыў я пра маленькую перамогу, ну пра такі тулончык невялікі, а тут адразу ўсе аўсцярліцы ўпалі да ног маіх шчаслівых.

I вось як было.

Надышоў нарэшце той вечар баль-маскарадны. Канкурэнты мае, вядомая справа, хто ў чым прыпёрліся. Лёгка можна здагадацца, што былі тут усе гэтыя, ватай напханыя,— зайцы і мядзведзі, прынцы й мушкецёры, арлекіны й мальвіны, драконы і вярблюды. Свінняў было штукі тры: адна ў адну — хоць ты ў хлеў заганяй. Натуральна, што быў чорт, на гэты раз вельмі ачалавечаны — у масцы бюракрата з тэлефонам на шыі. Нават нехта сноўдаўся каля ёлкі ў фраку Пячорына, і за гэтым Пячорыным бледным неадступна хадзілі два Паўкі Карчагіны з маўзерамі напагатове.

Я ж пакуль не пераапранаўся, толькі вусы цыгейкавыя наляпіў. Трымаў усё сваё начынне ў торбе каля ног.

А тым часам карнавал шыкоўны пайшоў. Аркестра на ўвесь дых «кракадзіла Гену» ўляпіла, бібліятэкарка, пераапранутая ў камбінезон трактарысткі Ангелінай, стала крыкам заказваць «бугі-вугі» — танец свае маладосці нядаўняе, а Пячорын бледна-кальсонны, убачыўшы чорта-бюракрата з тэлефонам на шыі, спапяліў яго позіркам арыстакратычным. Са школкі вядома, што Пячорын не здатны, як Паўка М. Астроўскага, на ўчынкі рашучыя. Толькі й можа вось так — вочы паставіць.

Трэба дадаць яшчэ, што на сталах шведскіх ляжалі бутэрброды савецкія. Ясна, што за яда... Але на той жа мэблі скандынаўскай стаяў яшчэ і чай наканьячаны. Хто мог, а маглі, вядома, усе, той браўся за кухлік з чаем гэтым і куляў яго сабе пад маску навагоднюю. Я пакуль што асцерагаўся куляць, памятаючы пра сваю торбу. Толькі так злёгку тры разы смактануў, але ж без поцягу асаблівага.

Журы пенсійнае, таксама чаю папіўшы, пачало рахавацца. Нудна пачало рахавацца, па-графіннаму, але спяшаючыся. Што тут казаць — людзі веку немаладога, ім заўсёды карціць усё раней скончыць. Я ўжо хацеў быў крыкнуць, каб пачакалі,— я ж яшчэ свайго коніка не выкідваў. Ды ў гэты самы момант да ёлкі ў халаце сярэднеазіяцкім наш дырэктар выйшаў.

Дарэчы, дарма ён пераапранаўся ў світку закаспійскую. Хоць на асла яго зараз пасадзі, усё роўна кожны скажа, нават здалёку зірнуўшы,— ці не Рыбентроп гэта ўсеўся на транспарт Хрыстовы? Што ёсць, то ёсць. Вельмі ўжо ж падобны дырэктар наш на сябрука Вячаслава Міхайлавіча.

Па звычцы, дырэктар хацеў прыўзняць было капялюш, каб гэта выцерці лоб трыбунны. Ён толькі што ў два бакі добра-такі паскакаў вакол ёлкі з бібліятэкаркай, якая мела моду свае «бугі-вугі» любімыя завяршаць больш дынамічным «ча-ча-ча».

Пашукаў гэта дырэктар капялюш, памацаў сабе, як хвораму, лоб, а на лобе — чалма. Ды што тут паробіш, калі пот цурчыць. Мусіў дырэктар расплесці гэту арафатаўку, каб хоць ёю выцерціся. Дык вось, выціраецца ён, пасля танцаў здыхацца не можа, але ўсё ж прынцыпова гэтак звягае да ўсіх — таварышы, маўляў, сябры, сярод нас ёсць тыя, хто не захацеў выканаць умоваў конкурсу і прыплёўся, даруйце, прыйшоў на свята без убораў маскарадных. Узвысім наш голас абурэння, сябры і таварышы, і пакажам на іх пальцам...

Гэта так ён пажартаваў, але пальцам крывым усё ж тыцнуў. I ясна ў каго — у мяне.

Што вы, таварыш (пасля звароту з'едлівага «таварыш» ён на памяць зачытаў усё напісанае на старонцы першай майго пашпарта савецкага), толькі вусы наляпілі, дзе ваш касцюм навагодні?

Трошкі пачакайце (я таксама назваў дырэктара па пашпарту), праз хвіліну буду гатовы.

Выперся гэта я з залы агульнае, завярнуў за рог, расперазаў сваю тарбіну і — аблачыўся.

Калі вярнуўся, аркестра, выпільваючы: «дзевачка Таня, чаво табе нада», не пакідаючы іграць, уся — да апошняга смыка — неспадзявана зубамі заляскала. З кожнай секундай ляскат зубоўны ўзмацняўся і ўзмацняўся, пакуль дарэшты не заглушыў «дзевачку Таню» варожую.

У парозе я наўмысна прыпыніўся; з гонарам крамлёўскім разламаў дзве папяросы «Герцагавіна Флор», не спяшаючыся, натаптаў імі люльку, шкрабянуў запалкай і, пыхнуўшы два разы дымком гаючым, прыкурыў.

Вакол мяне на дыбачках стаяла цішыня круглая. Пах каньяку падчаяны паволі змешваўся з водарам высакародным «Герцагавіны флор». Зайцы перасталі скакаць, свінні рохкаць, мядзведзі працягваць лапу, драконы выпускаць дым, а вярблюды, зразумела, плявацца.

Дырэктар-рыбентроп стаяў у напалове раскручанай чалме закаспійскай і вольным яе канцом, на ўсякі, відаць, выпадак, стаў звязваць сабе ногі.

Трымаючы люльку ў руцэ напаўсагнутай, я мякка ступіў хромавымі ботамі па паркеце — рушыў у глыбіню залы.

Бібліятэкарка ад страху прысела і хацела накрыцца. Але чым?

На ёй толькі ж, памятаеце, амазонка трактарысцкая.

Беднай жанчыне давялося з галавою адкрытай паўзці хавацца пад ёлку.

З ёю ўслед пасыпаліся ўсе гэтыя мальвіны й арлекіны і яшчэ нехта з рагамі.

Прынцы ж і мушкецёры, паклаўшы рукі на шпагі, пакуль яшчэ захоўвалі спакой.

А вось інтэлігент Пячорын, дурань, тузануўся — пратэставаць захацеў, ці што?

Тады Паўкі Карчагіны ўзнялі свае маўзеры паслухмяныя і замест кампрэса прыклалі іх да гарачай галавы пячорынскае.

Аркестра ўрэзала «Інтэрнацыянал»!

З імператарскай лянотаю, узвысіўшы руку правую, я спыніў музыкаў.

Прывэтствую вас, дарагіе таварышчы і паздраўляю сы праздныкам (зусім па-каўказску я да журы звярнуўся).

Яшчэ і ў гэты момант я марыў, як ужо прызнаваўся тут, пра маленькі Тулон. Пра Тулон свой невялікі думаў. Я сапраўды думаў толькі пра сто рублёў халяўныя, якія з асалодаю апушчу ў кішэню глыбокую, генералісімускую. Але тут, не плюючы, а словам кажучы — мільёны пасыпаліся...

Пасля майго вітання шчырага наканьячанае журы пенсійнае падхапілася і выгукнула як па камандзе: слава Вівосіпу Вісарывонавічу, сла-в-ва!

Сла-в-ва!—падхапілі зайцы, свінні, мядзведзі, вярблюды і, здаецца, усе астатнія. Нават з-пад ёлкі нехта пішчаў мне славу. Мусіць, бібліятэкарка.

Яна, дарэчы, ужо выпаўзала на волю, распіхвала ў бакі мальвінаў і арлекінаў няўцямлівых, адначасова робячы мне нешта падобнае на кніксен галандскі.

Бібліятэкарка глядзела на мяне аддана. Мужная жанчына. Не падымаючыся, яна папаўзла выбаўляць дырэктара.

Вівосіп Вісарывонавіч, вы... да нас... праз столькі часу (вызвалены з чалмы, дырэктар хацеў ад радасці ўпасці мне на грудзі, але я стрымаў яго позіркам сталёвым). Я баяўся, што ў экстазе патрыятычным ён можа паадкусваць з плячэй маіх зоркі генералі-сімускія... А ў нас такое робіцца ў краіне... дарагі Вівосіп Вісарывонавіч... такое робіцца...

Дырэктар не вытрамаў і заплакаў.

Журы пенсійна-графіннае заплакала таксама.

Што яны... падурэлі (падумаў я), няхай даюць сто рублёў халяўныя, і ўсё тут. Па ўсім жа відаць, што апранаха мая лепшая.

Я ўжо хацеў сказаць пра гэта, як тут, адштурхнуўшы абодвух карчагінцаў, на сярэдзіну залы выбег Пячорын белакальсонны.

Таварышы, вы што, аслеплі ці чаю перапілі... у нас баль-маскарад... свята... а вы ўсё ў дрэнную палітыку перакруцілі і вам павінна быць сорамна (Пячорын звярнуўся да дырэктара), вам таксама (выдаў порцыю журы), а вам асабліва (гэта ўжо мне)...

I што я тут бачу! Слёзы дырэктара пасля філіпікі пячорынскае неяк адразу павысыхалі; журы, гэта старое шмоцце графіннае, пачало збянтэжана сівую патыліцу шкрэбці, а да Пячорына па-саюзніцку прынцы з мушкецёрамі падступілі.

Ах, сволачы, грошы мае заціснуць хочаце! Тады я раскручу вас на ўсю вяроўку саюзную!

Лаўрэнцій (гукнуў я ў прастору, ні на што пакуль не спадзеючыся)!..

На «лаўрэнція» ж адгукнуўся імгненна наш адказны за абарону грамадзянскую Пятро Пятровіч. Былы палкоўнік, ён папёр на мяне бухам страявым. Не спыняючыся, наставіў каўнер пінжака і пад самае горла падгарнуў улогі. Пінжак стаў падобны на фрэнч. I яшчэ Пятро Пятровіч паспеў на хаду ператварыць акуляры ў пенснэ — абламаў на іх дужкі.

Слухаю вас, Вівосіп Вісарывонавіч!

Мяне аж сцепанула. I нядзіва. Так нечакана ўбачыць каля сябе Лаўрэнція самога! Аднак перамог я спалох здрадніцкі і канчаткова зжыўся з роляй правадыра любімага.

Лаўрэнцій (ціха, зусім ціха сказаў я), вы этом зале прысутствуют подлые агенты імперыалізма і перві із ных...

Музыканты пападалі, прыкрываючы галовы пюпітрамі. Журы графіннае, як і трэба было чакаць, палезла пад стол. Бібліятэкарка мужная закрыла сабой дырэктара. Мальвіны з арлекінамі так і засталіся пад ёлкай. Зайцы, свінні, мядзведзі, драконы і нават вярблюды перабеглі на мой бок. Прынцы і мушкецёры, так і не выцягшы сваіх шпагаў, адступілі да стала шведскага. Карчагіны зноў узнялі свае маўзеры паслухмяныя і, не чакаючы каманды, пачалі цэліцца ў патыліцу Пячорына...

Марудна з кута ў кут прайшоўся я па зале паркетнай, чуючы толькі сваё дыханне дзяржаўнае. Як скіпетр, у руцэ левай нёс перад сабою люльку патухлую. Увагнуўшы галаву, зноў распаліў яе і падумаў — што ўсе шпагі і маўзеры гэтыя ў параўнанні з такой вось люлькаю...

У падвал яго, расстраляем пасля (ужо не хаваючыся, па-беларуску загадаў я начальніку абароны грамадзянскае).

У падвал Пячорына! Вядзіце туды, дзе процівагазы ляжаць (крыкнуў Карчагіным мой адданы Лаўрэнцій)!

Дырэктар-рыбентроп выйшаў з-за бібліятэкаркі і ўпаў перада мной на калені.

Вівосіп Васарывонавіч, пашкадуйце нас і не пакідайце!

Не пакіну (суцешыў я).

21 снежня 1988

Пра тое, як я цукар купляў

Іду гэта ў гастраном, пасвістваю, а пад рэбрамі шатуны рагатлівыя так і ходзяць, ледзьве не распірае мяне. Не вам казаць, але рагатаць хочацца больш, чым выпіць.

А прычына ўсяму такая.

Трохі прыпазніўся я ў трэці пад'езд, у якім талоны на цукар давалі, і толькі гэта зубы расціснуў, увайшоўшы,— талоны тут даюць? А дзядок з домакіраўніцтва, шыла такое канцылярскае, як вызверыцца:

— Якія вам талоны! Вы яшчэ скажыце карткі хлебныя! Хіба не па-руску тут напісана «прыглашэння»?

Сліну па барадзе пусціў, сківіцы змазаў і так сваімі зубкамі трактарнымі заляскаў, што вакол нават жаночае ляляканне сціхла.

Мала таго — кожную жылу злосцю напамцаваў, поламі плашчыка страсянуў, ажно бляшкі нейкія ў кішэнях зайгралі.

Што тут далей размалёўваць. Не дзядок, а ястраб глядзеў на мяне, гатовы задушыць за слоўца вясёлае.

Неяк трэба ж было ратавацца, таму я прымірэнча выдыхнуў:

— Ну добра, таварыш дзед, мір, і ўсё тут, няхай будуць «прыглашэння».

— Не будуць, а ёсць! — дзядок пераможцам паглядзеў на ўсіх. Лёгка, па-вайсковаму, крутануўся ён цераз плячо левае і тыцнуў у паперыну на падваконніку:

— Так, хто ў спісе наступны... Селіванаў? Вам два прыглашэння... Распішыцеся... Далей... Волкава! Так, Волкава... Чатыры... Шукайце сваю графу... Распісвайцеся... Сыцэвіч?..

Спіна за спінай, локці за локцямі — сунулася чарга, і вось я ўсутыч падышоў да паперыны дзедавай, да яго рота металічнага:

— Мне, калі ласка, тры «прыглашэння».

— Прозвішча? — пытаецца, вачэй не падымаючы.

Называюся.

— Так-так-так,— затакаў дзядок, зубы металёвыя паказваючы,— ёсць такі... Правільна, тры... распісвайцеся!

Здаецца, прыпадак ягоны мінуўся, злосць лішняя са слінай выцекла.

Я спакойна распісаўся «дзе трэба было», а дзядок павучальна прамовіў:

— «Прыглашэння» не перадаваць, не губляць, нідзе не пакідаць.

— А за граніцу можна вывозіць? — спытаў я.

— Раю лепш паслухаць,— у дзядковых кішэнях зноў бляшкі брынкнулі.— Тут з пятага пад'езда адзін аткалоў штуку, за той месяц усе «прыглашэння» прадаў. Жонка да нас кожны дзень бегала, а што мы? Міліцыя? А пакуль яна бегала, ён і за энергаталоны ўзяўся...

Паабяцаў я дзядку паперкі яго не прадаваць і не губляць. Пакляўся нават атаварыць іх усе да аднае. Хіба цяжка? Гастраном жа — толькі пад арку

Дык вось, пакінуўшы пасвістваць, заходжу ў гастраном, падаю з паклонам лёгкім «прыглашэння» дзедавыя, і без пытанняў мне выстаўляюць чатыры пакеты цукру і яшчэ з паўпачэчка ў прыдатак даюць. Якраз столькі выйшла, колькі й абяцаў дзядок — па паўтары кілі на адно «прыглашэння». Ну што тут размалёўваць — усё чыста, а галоўнае, хутка. Ажно захацелася мне ўсіх пахваліць. I дзядка таксама.

Але пакуль хацелася, неяк падазрона паглядзеў я на паўпачэчка, што напрыканцы займеў. Нейкім пуховым ён у далоні здаўся. Каля касы не ўтрымаўся я, на вагу паклаў. Лічбы электронныя замітусіліся, сюды-туды скаканулі і на экранчык выплылі 511 грамаў.

Нават лішак ёсць?!

Расчараваўся я, убачыўшы такое. Прызнаюся, думаў маленькі шумок узняць — маўляў, злодзеі... абвешваюць... Ну і яшчэ што-небудзь гарачае запусціць...

У касіркі ж падсіненай перапытаў з падміргам фарцоўскім:

— А ці не лішнія адзінаццаць грамаў краіна родная мне ўсыпала?

Тая як сядзела, так і заляглася ў смеху бяздонным. Рот разявіла — верабей, не склаўшы крылы, заляціць:

— Ой, ой, вой, вы ж і скажаце-пакажаце... краіна родная... Гэта ж пакет столькі важыць... ой, ой...

Я таксама горла з каўняра высунуў і пасмяяўся разам з касіркай падсіненай. Прызнаюся вам, іншы раз добра пасмяяцца ў гастраноме. Ад паліцаў, на якіх бляшанкі стаяць, слаўная акустыка ўтвараецца.

I тут, смеючыся, не згледзелі мы з касіркай, як да нас, вясёлых, цыганы падышлі — сумныя-сумныя. I не без таго, вядома — рамантычныя, такія ўзнесеныя. Героі праўдзівыя, пісьменніка Горкага. Шкада, што я маляваць не ўмею, бо цыган такі малады, няголены, з рукзаком на плячы і цыганка ж такая самая — маладая, цяжарная, з дзіцянём на руках. Ну, ці не карціна?!

Ды мала мы пацешыліся з касіркай, мала палюбаваліся на іх — цыганы ж ёсць цыганы. Ні табе «дзень добры,», ні «дабранач» — адразу за сваё. Без «прыглашэнняў» напрамілы бог пачалі цукар прасіць. Адразу відаць, не разумеюць, штб ў краіне робіцца.

— Не, не,— ледзьве адышла ад смеху касірка падсіненая,— талоны трэба.

— «Прыглашэння»,— удакладніў я, дастаючы грошы.

— Во-во... «Прыглашэння»,— падхапіла касірка.— «Прыглашэння» ў вас ёсць?

— Ой, мамко мая,— завяла цыганка,— мы ж з далёкага краю, дзе ж тыя «прыглашэння» ўзяць?

— Вось у чалавека спытайце! — усклікнула касірка, аддаючы мне рэшту.

«Паразітка,— падумаў я,— зараз навяжа на маю голаў цыганоў гэтых, і круціся пасля».

Як падумаў — так і сталася. Падступае да мяне цыган малады з рукзаком сваім гарохавым.

— Пачуй мяне, дзядзе, прадай кілё цукру, у мяне дзіця малое, у соску няма чаго насыпаць.

Цыган стаў вельмі блізка ад мяне, а я заўсёды нервуюся, калі чужыя людзі да самых рэбраў падыходзяць, што ажно не прадыхнуць ад іх.

А ў мяне апарат самагонны прастойвае трэці дзень,— раздражнёна кажу цыгану і нават сабе не веру, што так цудоўна выкручваюся.

— Ой, ой, вой... вы ж і скажаце-пакажаце... апарат прастойвае,— зноў заляглася касірка. Яе пачало падкідваць ва ўсе бакі, як у аўтобусе ракаўскім.

Ні грама не магу прадаць, цыган,— ужо спакойна кажу далей, прыкрываючыся касірчыным войканнем,— майму апарату трэба роўна чатыры з палавінай кілаграмы, роўна столькі, колькі я купіў зараз. Засыплю менш, не пацягне машына... Значыць, неяк другім разам прадам, а цяпер не магу.

Цыган стаіць, як глухі, нічога не гаворыць, ну, а мне што? У бараду яму глядзець? За сумку сваю поўную — і ў дзверы шырокія!

Іду, галаву цісну ў плечы, не аглядваюся, а на вуліцы ўсё ж азірнуўся... А цыган? Не быў бы, канечне, цыганам! Як тое цяля навязанае, услед за мной бяжыць.

Даганяе.

— Паслухай, дзядзе, я ўжо ў трэцю лаўку заходжу, і нідзе цыгану цукру не прадалі. Плюнь на свой апарат. На табе пляшка гарэлкі...

Так гэта ён прамаўляе, засопшыся, і, не скідаючы з пляча рукзак, як штукар які, выхоплівае з яго пляшку серабрыстую:

— Пашкадуй маё дзіця, дзядзе...

Ну, навошта такія просьбы слёзныя? Хіба ж я сэрца не маю? Вось яно, пад косткай стукае. Таму без важданіны лішняй вяду цыгана за кіёск газетны. Хаваемся.

— Давай сваю пляшку,— загадваю, намацваючы ў сумцы пачэчак няпоўны, і ўжо намерваюся выцягці яго, аднак саромеюся,— пляшка гарэлкі ўсё ж! — і вымаю на паверхню пакет кілаграмовы.

... I як у гастраном, так і з гастранома — іду гэта я, пасвістваю, а шатуны рагатлівыя пад рэбрамі так і ходзяць. Рагатаць, рагатаць хочацца.

А дома?

А дома доўга не чакаў — капялюшык фальговы з пляшкі серабрыстае ламануў і, шклянку не шукаючы, з гарлячка салодкага смактануў прысадзіста.

У роце... ракаўкамі запахла і мазутаю разбаўленаю.

Вада!

Родная вада, свіслацкая!

Ах ты, цыган, цыган,— герой літаратурны! Дзе ты зараз са сваёю мадоннай вандроўнаю?! Гарэлку б тваю байдарачную ды дзядку жалезазубаму...

Гора ж маё гэтае дзякуючы маёй натуры зубараготнай паскавытала нядоўга. Дзядка вось успомніў і зноў — рагатаць, рагатаць хочацца.

28 снежня 1988

Пра тое, як я ад’ютанту Пілсудскага не паверыў

Таварышы камуністыя і некамуністыя!

Сёння мы шчыра ўзяліся разбураць наш вобраз любімы — вобраз ворага. Усё так. Разбураць трэба. Для чаго ж тады ў Еўропе Жэневу над возерам будавалі.

Але разбураць зусім, да костак белых,— я б вам, сябрукі дарагія, не раіў. Фрагменты асноўныя любімага вобраза нашага ўсё ж трэба пакінуць і ў падвалах дзяржаўных схаваць. Няхай паляжаць. Валасамі адчуваю: спатрэбяцца.

Яны, ворагі, ізноў могуць згуртавацца, шкодніцтвам заняцца і ў прамысловасці, і, як заўсёды,— у пытанні нацыянальным. Самы раз тады выцягнуць з падвалаў дзяржаўных уцалелыя рэшткі вобраза вечнага і скласці ў адно, каб нашыя людзі даверлівыя адразу ж успомнілі, як гэта вораг выглядае, якое піва, ад усіх затуліўшыся, смокча. Тады чалавеку простаму лягчэй будзе дзейнічаць і на вуліцы, і ў сябе дома.

Памятаць трэба, ворагаў розных і па дзень сённяшні — гібель. Затаіліся толькі. А раней?

А раней і таго болей — куды хлопцы нашыя ні стралялі, у ворага так і траплялі. Ды ці вам расказваць?! Ведаеце, колькі стрэлаў, столькі й ворагаў. Па-стаханаўску й тут даводзілася...

Ворагі ўнутраныя, са школкі вядома, неяк лягчэй у рукі даваліся. Свае ж усё-ткі. А вось тыя, што збоку, што з Еўропы чарапічнае да нас у капелюшах перліся,— тыя не надта. Мусіць, таму, што хітрэйшыя — пры навуцы большай былі ды пры блакнотах чыстых. Самі кніжкі пісалі!.. Я тут нядаўна зусім аднаго такога блакнотчыка накрыў, кніжку яго, са слоў польскіх складзеную, прачытаў. Відаць, што наўмысна ён па-польску літары выводзіў ды коскі крэсліў,— каб гэта з боку нашага пралетарскага хутка не ўшаломкалі. Дурань! Сам у лапці ўскочыў. Я не вучыўся ў Варшаве і па Кракаве ў гальштуку агурковым не хадзіў, а пісаніну яго дэфензіўную з прагляду першага развязаў. Я ж не толькі пільны — й таленавіты, як смоўж. Да чаго, да чаго, а да слоўцаў польскіх ліпкі. I хітрасці тут аніякае. Проста ў гады свае лепшыя застуды не баяўся, і калі дзьмулі з Віслы вятры бельведэрскія,— я заўсёды высоўваў шыю з чаратоў сваіх палескіх, слухаў мову панскую да ікаўкі сіняе. Такая ў мяне была сарбона саматужная.

Блакнотчык жа гэты польскі ў гады трыццатыя пры пагонах капітанскіх пабліскваў і пры пасадзе не абы-якой соладка пасопваў. Дзіва што — ад'ютант самога Пілсудскага!

Дзе цяпер ён?—трэба на вуліцу менскую імя Майсея Саламонавіча схадзіць, у хлопцаў тамтэйшых папытацца; а тады, у днепрагэсныя трыццатыя, у Варшаве не заседжваўся — то па Егіпце безаўрор-ным валачыўся, то на Мадэйру некалгасную плыў. Куды Пілсудскі, туды й ён — жыццё блакнотнае.

З твару блакнотчык гэты на інтэлігента круціў, а з душы — і па фотаздымку відаць — на дыскрэдытанта поўнага. Карлу Бернгардавіча Радэка хацеў дыскрэдытаваць.

Сакрэт малы, што часам апошнім у кожнага з нас з'явіўся свой правадыр любімы,— з ліку рэабілітаваных. Нехта ўпадабаў Рыкава, нехта Бухарына. А мая сімпатыя палітычная — Карла Бернгардавіч Радэк.

Спытаецеся: за што ж я палюбіў яго? Адкажу з даверам: палюбіў я Карлу Бернгардавіча, вядома ж, не за акуляры круглыя, а за слоўцы ясныя, рэвальверныя. У палітыцы тыя слоўцы густа лёталі і ў паэзію бокам вострым заскоквалі. Ясенін памёр, сказануў неяк Карла Бернгардавіч, бо яму не было для чаго жыць. Ну ці ж не мудра й коратка па ўсяму гэтаму калябарыкаднаму — «нежалеюнезовунеплачу»!.

I ў побыце сваім Карла Бернгардавіч па-рэвальвернаму прынцыповы быў. Усё лішняе ад сябе гнаў, не даваўся раскошы ў абдымкі рыначныя. Ну, не падумайце толькі, што на кухні агульнай з сям'ёй харчаваўся, што з дачкою ды жонкаю, напрыклад, пакойчык самотны фанерынаю дзяліў. Не без таго,— кватэрку меў асобную, домработніца часам заходзіла. А што ж, хіба Карла Бернгардавіч радавы пралетар самагонны? Каньячнага ўзроўню рэвалюцыянер! Ды трэба сказаць, што кватэрка ягоная — сціплая-сціплая была, адно жыць сям'і савецкай. Не кватэрка,— а кубельца такое, непадалёк ад вежаў крамлёўскіх. Вось і дачка Карлы Бернгардавіча Соф'я Карлаўна «Огоньку» паведаміла: «Жили мы скромно, хотя вроде бы всё было».

Ці ж не праўда?!

I хто ведаў, што яшчэ ў трыццатыя днепрагэсныя супраць гэтай праўды святое, супраць таго, што сям'я Карлы Бернгардавіча жыла па-спартанску празрыста, выступіў ад'ютант Пілсудскага. Блакнотчык гэты, конарміяй не прыдушаны.

Ён употайкі, як сталяр падвальны, дзённічак нагаблёўваў, у якім старанна стружка за стружкаю апісваў усе дыхі і выдыхі свайго дзядка вусатага,— і ў гэтым жа паментніку дэфензіўным збэсціў на смалу чорную імя чыстае Карлы Бернгардавіча агністага, кватэрку яго птушыную сметнікам назваў, і не толькі...

Карла Бернгардавіч з а'д'ютантам Пілсудскага выпадкова пазнаёміўся — у цягніку мяккім Варшава — Масква. Ад'ютант самохаць у Сібір меціў, быццам вывучаць для свае кніжкі новае тыя мясціны нашы цудоўныя, у якіх дзядэк ягоны гады маладыя на высылцы праседзеў.

А я так думаю, для пырску ў вочы ўся гэта вандроўка сібірская рабілася. Загадана было блакнот-чыку з Бельведэру самога: падсесці гэта ў цягнік мяккі да Карлы Бернгардавіча, каб сёе-тое выведаць з нашых мараў перадваенных. Па-іншаму й быць не магло.

Ад'ютант (а ці ўпершыню яму!) адразу ж перакінуўся ў авечку інтэлігентную, і таму пільнаму Карлу Бернгардавічу давялося размаўляць з ім зусім па-таварыску.

Так яны ехалі ў цягніку пасцельным, слоўцамі прыязнымі стукаліся, і да ўсяго да гэтага — ад'ютант Пілсудскага частаваў Карлу Бернгардавіча сабаёнам даўкім.

А на календарах, трэба сказаць, стаяла лета года 1933-га. Стогны й праклёны народныя плылі над цягніком пасцельным, пакуль ён, цягнік пасцельны, марудна па каляі вузкай да Стоўбцаў пагранічных шкрабаў. Енкі людскія на хаду ў купэ шыліся, а па купэ расцякалася пара вінная ад сабаёну глынутага. Ад'ютант баяўся вельмі, каб голас люду спакутаванага не дайшоў да слыху інтэрнацыянальнага Карлы Бернгардавіча, і таму балбатаў ён абы пра што і ўсё падліваў Карле Бернгардавічу сабаёну даўкага.

Балбатнёй і сабаёнам ад'ютант імкнуўся заглушыць шчырыя просьбы народныя аб вызваленні.

Паміж Баранавічамі і Стоўбцамі ён змогся, і яму здалося, што балбатня і сабаён не памогуць, што яшчэ імгненне і ... працоўныя Беларусі Заходняе да таварыша Радэка дагукаюцца. Каб не сталася таго, ён і ўчыніў меру мокрую: пляшку з сабаёнам наў-мысна са століка спіхнуў.

Пляшка ляснулася.

Ад'ютант хоць і нерваваўся, а ўсё дакладна разлічыў.

Карлу Бергнардавіча крыху аглушыла, і якраз глухата гэтая прыпала на тую пару хвілінную, калі ён пачынаў ужо да пакуты людское прыслухоўвацца.

Ці трэба казаць, што каб не гэтая акцыя злос-ная, што каб не гэты сабаён цукровы, які ажно па-цёк па штанах Карлы Бернгардавіча далікатнага, што каб не балбатня ад'ютанта спланаваная,— то Карла Бернгардавіч барыкадны, пачуўшы толькі пер-шы стогн заняволены, адразу ж лупануў бы на сябе чырвоную крывуліну стопкранаўскую і кінуўся б вызваляць край наш родны, прыгнечаны?! Не, казаць не трэба...

Але вось цягнік пасцельны прамінуў Стоўбцы акупаваныя, пераехаў у Негарэлае нашае, і дыхаць лягчэй зрабілася. Тут паслалі пад колы каляю шырокую, савецкую; тут свяціла сонца і гучалі песні. I гэтак было скрозь, аж да Масквы самае.

На тэрыторыі нашай ад'ютант Пілсудскага хвост падціснуў, сядзеў моўчкі і са століка на штаны Карле Бернгардавічу ўжо нічога не выліваў.

У Маскве ж Карла Бернгардавіч запрасіў ад'ютанта блакнотнага да сябе дамоў, у буданчык свой сямейны.

А вораг, таварышы камуністыя й некамуністыя, вы ведаеце,— заўсёды вораг!

Ад запрашэння, зразумела ж, не адмовіўся, папіў, паеў, ні ад чога не адсоўваючыся, а пасля ў сваім дзённіку паганым лютымі словамі польскімі зганьбаваў кватэрку дэмакратычную майго рэвалюцыянера любімага. Даю пераклад поўны тых слоўцаў пасквільных: «Карал Радэк меў кватэру вельмі прасторную (!).. Шэсць вялізных (!) пакояў і аграмаднай (!) тэрасы на даху магло б хапіць на значна большую сям'ю, чым яго».

Клічнікі ў дужках мае. Ды хіба клічнікамі гэтымі абароніш Карлу Бернгардавіча сумленнага? «Шэсць пакояў» ды яшчэ «вялізных»! Няўжо зноў трэба да ўспамінаў Соф'і Карлаўны вяртацца («жнлн мы скромно»), каб хоць як да праўды выплысці?! Але ж для ворага праўды не існуе. Калі яму трэба — палаты крамлёўскія нам прыпіша. А мы, таварышы камуністыя й некамуністыя, добранькія такія,— не знішчыўшы яго, ужо ўхапіліся пад корань зводзіць вобраз ягоны.

Сябрукі дарагія, што ж гэта мы?!

Выкарыстаная літаратура:

1. Mieczysław Lepecki Pamiętnik adiutanta Marszałka Piłsudskiego Państwowe wydawnictwo naukowe, Warszawa 1987, str.* 175

2. «Огонёк», 1988, № 52, с. 28

9 студзеня 1989

Пра тое, як я ў аптэцы начной дзяжурыў

У. М. Паўлаву

Чаго толькі са мною ні здаралася, калі ў Маскве вучыўся! У якія толькі цянёты не трапляў! У якія пасткі ні ўскокваў! Пра ўсё не ўспомніш, не раскажаш. Ды выпадак адзін для ўмацавання нашае галоснасці гультаяватае ўсё ж варта прыгадаць, бо ён, выпадак гэты, пераўзышоў усе мае выбрыкі студэнцкія.

Вучыўся гэта я ў інстытуце Літаратурным і клопату з вучобаю парнаскаю не меў аніякага. Валачыўся адно, як Ясенін у дні нэпа залатога, па славутым бульвары Цвярскім — каля нечага спыняўся, да нечага падыходзіў. Да МХАТа саркафажнага ці да будыніны тассаўскай. На той час у яе вокнах экранных выразна і з цвёрдых пазіцый класавых фатаграфічна біўся нястомны пульс краіны бамаўскай і да гэтага пульсу нястомнага, не дыхаючы, прыкладалася вухам рознакаляровым чарада прагрэсіўная чалавецтва чырванасцяжнага. Назіраць было цікава...

У запасе, як і ў кожнага паэты маскоўскага, у мяне была вечнасць, у кішэні — стыпендыя імя Канстанціна Сіманава, а ў думках туманных — яшчэ больш туманны Стакгольм. Апошняе натуральна што пераважала, таму час ад часу пытаўся я ў кіяскёраў прыслеплых, што пад шыльдаю «Мосгорсправка» сядзелі: а ці не ведаюць яны — прыязныя — адрас дакладны камітэта па прэміі Нобелеўскай? На памяць кіяскёры прыслеплыя гэты адрас не ведалі і пачыналі нудна, старонка за старонкаю праглядаць свае талмуды тысячалістыя, а я тым часам не чакаў — ішоў далей да кіёска наступнага і шчыра прызнаюся: у дні застойныя нічагусенькі такі не рабіў такога, што магло б хоць бы на дзень радасны наблізіць да народа-працаўніка сённяшнюю перабудову.

У дні маскоўскія свае быў я невылечным банвіванам.

Цяпер, вядома, шкадую, што пускаў энергію маладую дымам рэстаранным у паветра маскоўскае. Праўда, употайкі пісаў я вершыкі фрывольныя пра стараватых правадыроў нашых, выносячы іхнія прозвішчы плакатныя ў запамінальныя рыфмы дактылічныя: цячэ ж Нява — Брэжнева; прасціна вам — Усцінава; паненка вам — Чарненкава і г. д. Але ўжо тады разумеў-здагадваўся, што малая гэта цагліна ў сцяну нашае дэмакратыі класавае. Здагадваўся і разам з тым абачліва не пускаў сваю творчасць падпольную на крутыя сцежкі самвыдавецкія — адно зрэдку паказваў яе сябру-правізару.

Сябар таксама студэнтам быў, вучыўся на фармфаку, а па начах працаваў — у аптэцы паблізу ад праспекта Міхалываныча Калініна дзяжурыў. У вольны вечар я да яго ў аптэку заходзіў, іншы раз нават начаваць заставаўся.

Сябар любіў слухаць маю фронду вершаваную.

Калі я чытаў, ён глядзеў на мяне з той любасцю нефальшывай, з якой тата Бурацінаў некалі ўзіраўся на палена бярозавае.

Уночы ў аптэку ягоную звычайна прыходзілі старыя людзі. Ясным яснае, што старасці іхняй, акрамя валідолу і нітрагліцэрыны, нічога не было патрэбна. Ну яшчэ маглі папрасіць свечы з беладоннай ды які-небудзь пустырнік.

Аднак жа пасля выявілася, а да гэтага я й вяду сваё слоўца вясёлае, што старыя людзі па начах шукаюць яшчэ й зялёнку.

Звычайную зялёнку пякучую!

Аптэка была маленькая і празрыстая, як шклянка. Нічога ад мяне схаванага ў ёй не было. Я добра ведаў, што дзе ляжыць, на якой паліцы шкляной якая пляшачка дробная густа пылам пакрываецца.

Часам, калі мой сябар соладка да падушкі прыкладаўся, а ў дзверы званіў якісь масквіч нецярплівы, я з задавальненнем адсоўваў ад сябе блакнот з рыфмамі і хоць не ведаў ніводнага слова з клятвы Гіпакратавай, але ж начныя абавязкі правізарскія ад душы спаўняў...

У Маскве толькі што адбегала, адплавала, адскакала і ўрачыста адфанфарыла Алімпіяда. Толькі што над Лужнікамі ўзняўся, падвешаны да балёнаў дзіцячых, мядзведзь заплаканы. Ён памахаў усім мяккай лапаю, пусціў апошнюю слязу развітальную і пад вершы паэта народнага Дабранравава Міколы хуценька памкнуўся ў бок да Швецыі манархічнае. Дарма думаць, што палёт у бок да Швецыі манархічнае кімсьці быў тайна задуманы і авантурна спланаваны — вось так нечакана развітацца не толькі з Алімпіядай маскоўскаю, але і назусім з краінаю Леаніда Ільіча.

Не, прывязаны да балёнаў мядзведзь не збіраўся эміграваць і ў Швецыю паляцеў толькі таму, што яго панёс туды моцны паўднёва-ўсходні вецер. Дзьмуў бы іншы вецер, ну, скажам, у бок да камянёў Уральскіх, то няшчасны Міша й на Урал паляцеў бы.

Да Швецыі, аднак, мядзведзь не даляцеў.

У адной з неспакойных рэспублік прыбалтыйскіх, каля самага мора, яго ўгледзелі нашы пільныя жаўнеры-пагранцы са службы абароны процінябеснае. З воклічам шкадавання ціхага: «Эх, Міша, і ты туды ж» яны запусцілі ў любімца алімпійскага ракету паслухмяную.

Пра трагедыю над Балтыкай мы з сябрам даведаліся з лістка дысідэнцкага «Згублены ўраджай». Лісток гэты нехта ўначы пад аптэчныя дзверьі падсунуў.

Памаўчалі мы, уздыхнулі раз-другі — шкада ўсё ж мядзведзя — і тут жа ў аптэцы й памянулі славутага нябожчыка. Чым памянуць, у аптэцы заўсёды знойдзецца.

Памянуць памянулі, але супраць жаўнераў нашых слова дурнога не сказалі. А што тут дурнога скажаш? Хлопцы ў шапку не спяць, за службу аберуч трымаюцца. З першай ракеты пацэлілі!

Ясней за яснае, што і за здароўе пагранцоў нашых ёмкіх пацяглі мы па кроплі вострай.

Дык гэта вось адсюль, з гэтай самай кроплі вострай, і пачаў да мяне набліжацца той выпадак легендарны, пра які я намерыўся расказаць вам у сваім апавяданні студэнцкім.

Спаласнуўшы колбы, сябар папрасіў:

— Пабудзь за мяне ў аптэцы, гэту ноч пасляалімпійскую хачу лірыцы аддаць.

Хіба адмовіш, пачуўшы такое!

— Аддавай,— кажу,— мне ж зусім не цяжка масквічоў начных таблеткамі супакойваць.

Сыпануўшы на язык жоўтых бабкоў аскарбінавых (дарэчы, ідучы да дзяўчыны, аскарбінку танную можна ўжываць заместа заўсёды нямашнага дэзадаранту), сябар сышоў з аптэкі, пакінуў мяне сам-насам з лістком антыўрадавым «Згублены ўраджай».

Каб час не цёк, а бег, я прачытаў яшчэ раз нататку пра смерць мядзведзя лужнікоўскага.

Пуск ракеты аўтар ананімны абазваў актам тэрарыстычным і патрабаваў суда міжнароднага. I над кім бы вы думалі? Над жаўнерамі з абароны процінябеснае? Не. Над самім Леанідам Ільічом!

Ну, гэта занадта, падумаў я. I толькі так падумаў, як у дзверы пазванілі...

Пасля званілі яшчэ і яшчэ, і не толькі старыя людзі. Які хочаце ўзрост пальцам у званок тыкаў. Нават дзяўчаткі мададзенькія па гумачкі інтымныя прыбягалі.

За ноч нахадзіўся я да дзвярэй, насоўгаўся. Зусім загракаўся. Без прывычкі яно і ў Парыжы цяжка, а тут — аптэка! Таксама прамысловасць хімічная. I мне, задыханаму, часам здавалася, што нашу я не маленькія карабкі-пушачкі, не бутлікі дробныя ў жмені трымаю, а цэлыя бярэмкі ўсіх гэтых анальгінаў ды аскафенаў аберуч да грудзей прыціскаю...

Пад самы ранак, калі ў заапарку краснапрэсненскім, успамінаючы сваю радзіму цёплую, пакутніцы малпы закрычалі; калі ўжо павінен быў з мацыёну лірычнага мой сябар вярнуцца і калі ўжо вочы мае малінавыя зрабіліся і выцягліся долу, усё адно як лампасы генеральскія,— яно й навалілася, крыламі сваімі каляровымі залопала...

Толькі гэта я прылёг, прыціснуў плячыма падшыўку «Здароўя», ажно дзверы затрэсліся, ад званка-звона закалыхаліся. Відаць, нехта моцна хворы, падумаў я, ідучы адчыняць, да кнопкі электрычнае прыляпіўся.

I каго ж я за акенцам фанерным убачыў?

Мо сябра-правізара — вясёлага, шчасліва падгулялага?

Зусім не.

За фанерным акенцам убачыў я пяцёра-шасцёра мужчын-ахоўвачаў у аднолькавых шынелепадобных апранахах. Трымаючы рукі ў кішэнях, яны стаялі на тратуары паўкругам. Стаялі і маўчалі. Яшчэ хвіліна — і з-за спінаў гэтых фігурантаў маўклівых (зраблю тут перадых!),— без капелюша, з яркімі, нават уначы, зоркамі ва ўсе бакі пінжака і з узнятым пальцам акрываўленым паволі выйшаў сумны Леанід Ільіч.

Ці вам казаць, што адразу не паверыў я ў Леаніда Ільіча жывога. Мне падалося, што гэта з мяне, соннага і стомленага, захацеў пасмяяцца мой сябар дарагі, мой правізар адданы. Пасля спаткання шчаслівага ад няма чаго рабіць недзе здзёр з плота плакат манументальны і, разбудзіўшы мяне званком інквізітарскім, разгарнуў, паразіт, на ўсю шырыню дзвярэй аптэчных гэтую агітацыю вулічную, з намаляваным на ёй Леанідам Ільічом і ягонымі хлопцамі маўклівымі. Праўда, на плакатах я ніколі не бачыў, каб Леанід Ільіч быў сумны ды яшчэ з пальцам падзёртым.

Не, гэта ўсё ж быў не выбрык майго любімага сябра-правізара, гэта...

— Добрай раніцы,— сказаў мне Леанід Ільіч, усё трымаючы перад сабою палец укалечаны. Сказаў вельмі проста і чалавечна, як і належыць правадыру камуністычнаму, і паглядзеў на мяне без хітрасці аніякай, як на свайго аднапалчаніна-малазямельца.

Цёплы голас правадырскі мяне расчуліў, палец паранены ўстрывожыў, і мне зрабілася вельмі сорамна за свае подлыя вершыкі фрывольныя, за свае гнюсныя рыфмы дактылічныя.

Леанід Ільіч бліжэй падступіў, і яго ахоўвачы невясёлыя таксама крок наперад зрабілі.

Я ж ветліва адхіснуўся, здаецца, назад адышоў, хаця ногі мае і не варухнуліся. У пройме акенца фанернага Леанід Ільіч зусім па-дзяржаўнаму выглядаў, як у тэлевізары.

Ён паклаў свой няшчасны пальчык на падваконнічак:

— Бачыце... Палез гэта ў кішэню ўнутраную і накалоўся аб гэтую зорку...

Леанід Ільіч даверліва паказаў мне зорку наравістую, што так неспадзявана сваёй прыколкай драцяной яму палец абдзёрла. Далей з тым жа даверам светлым здаровай рукой вывернуў штрыфель, і я ўбачыў, як з глыбіні пінжака сярод іншых драцін — зламысная прыколка зубам шчупаковым бліснула.

Смешна прызнацца, але ў маёй машыне не знайшлося ні ёду, ні зялёнкі. Можа, у вас ёсць?

Ах, вось яно што! Зялёнка патрэбна — і ўвесь клопат! Добра, што так. А то ўжо галава мая ад поўнай мабілізацыі мазгоў пухнуць пачала.

Я далікатна шмаргануў на дзвярах замком і Леаніда Ільіча параненага ў аптэку запрасіў.

Фігуранты, не вымаючы з кішэняў рук, увайшлі без запрашэння.

I толькі гэта за ахоўвачам апошнім дзверы зачыніліся, як і ўтварыўся самы што ні на ёсць момант кульмінацыйны.

Я паляцеў стукацца галавою аб паліцы шкляныя —кінуўся зялёнку шукаць, а Леанід Ільіч сціпла падышоў да століка, на якім, нядбайна пакінуты, ляжаў «Згублены ўраджай»...

— Ужо прачыталі? —спытаў ён пакрыўджана. Пляшачка з зялёнкай у маёй далоні памакрэлай імгненна ярка-чырвонай, як мак, зрабілася.

Мне захацелася стаць вар'ятам, і я, няма сумнення, ад страху і звар'яцеў бы, каб не сэрца добрае Леаніда Ільіча.

— Вам гэту пракламацыю, вядома ж, падсунулі,— зусім па-бацькоўску сказаў ён.

— Так, так... падсунулі, гады! Сюды... пад дзверы! — выкрыкнуў я з палёгкаю.

— I мне таксама падсунулі,— уздыхнуў Леанід Ільіч,— і таксама пад дзверы. Вам калі? Уночы?.. (Я махнуў галавой). Вось і мне ноччу... Вы толькі падумайце, што робіцца? За гэтага мядзведзя дурнога патрабуюць, каб мяне судзілі. Не па-чалавечы гэта. Дый сам мядзведзь, штучка такая з пчоламі ў носе... папёрся проста ў Швецыю! Ну хоць бы Польшчу братнюю выбраў. Слова камуніста, што жывы застаўся б. На польскім напрамку ў нас пэвэо слабейшае стаіць. Вось так... Дык што — давайце вашую зялёнку.

Пасля маналога такога шчырага на рану Леаніда Ільіча я гатовы быў абрынуць не тое што зялёнку, а ўсю аптэку сябраву...

Аперацыя прайшла ўдала. Перавязка таксама. Я далікатна абгарнуў рану, рэшту бінту закінуў Леаніду Ільічу на шыю — зрабіў для зручнасці перавязь. А раптам у машыне палец заные? Самы раз тады ўсю руку ўсунуць у пяцельку — няхай адпачывае.

Мой спрыт аперацыйны Леаніду Ільічу спадабаўся, і на самы адыход ён разгаманіўся са мной ужо зусім па-сямейнаму.

— Дык, значыць, у аптэцы працуеце?

— Не-е зусім... Літаратар я.

— Пішаце?

— Угу...

— Я таксама пішу. Што-небудзь маё чыталі?

— А як жа ж, чытаў...

— Спадабалася?

— Вельмі...

За гэты час мы так і не прыселі. Хоць колькі таго часу прайшло? Хвілін дзесяць, не болей. Аднак было відаць, што Леанід Ільіч стаміўся, што яму, перавязанаму, у машыну хочацца.

— Хутка памру,— раптам сказаў ён,— а ў Палітбюро поўны завал...

Пасля гэтай шчырасці генсекавай ахоўвачы ў шынелепадобных апранахах па-конску з нагі на нагу пераступілі. Я ж дзеля бяспекі сваёй, адчуваючы незадаволенасць ахоўвачоў, уцягнуў галаву ў плечы і апусціць вушы паспрабаваў. Каб не пачуць лішняга. Але ўсё ж пачуў.

— Уся надзея на моладзь,— прамовіў Леанід Ільіч.— Мы тут нядаўна ў склад Палітбюро ўвялі маладога. Гарбачоў яго прозвішча. Я на яго вельмі спадзяюся.

9 красавіка 1989

Пра тое, як я з Масквы ў Мінск мэблю перавозіў

Юрыю Кабанкову

Так, быў у мяне і гэты клопат — з Масквы ў Мінск мэблю перавезці. Пра ўсё распавядаць не буду, што там ды як — пачну з самага цікавага...

Тарабаніць гэта таксоўка грузавая на вакзал Беларускі, мэблю маю вязе, шафёр — машыноўшчык ахавы — у мемуары ўбіўся, успамінае, як ён Высоцкага адзін раз бачыў, а мы з сябрам-літаратарам збоч яго ў кабіне прывінціліся, слухаем нудоцце гэтае пра караля Таганкі. Вакзал Беларускі, дзякуй богу, не забавіўся, высунуўся на вочы падковай каменнаю, і толькі я падумаў пра шчасце, якое падковы прыносяць, як машыноўшчык наш таксоўку сваю на тормаз мёртвы, як на ланцуг кароткі, пасадзіў,— да багажні метраў сто не даехаў.

А сам?

Глядзіць проста перад сабою, сапляводам гарбатым, як рашпілем, пагрозліва шморгае, гэта значыць бачыць нас у кабіне не хоча.

Чаму?

— А вы,— тлумачыць,— пра генія народнага Валодзьку Высоцкага няўважліва слухалі. Не люблю, калі да імёнаў святых адносіны такія. Дый знак тут пастаўлены.

Сапраўды, перад намі на драціне калыхалася бляшка круглая з палоскай белаю. I палінезійцу французскаму ясна — далей ехаць нельга.

Тады мой сябар-літаратар пытаецца з намёкам колкім, у вуха машыноўшчыку кропельніцу такую ўстаўляе:

— А калі б уважліва пра генія слухалі, то спакойна пад знак пагнаў бы?

— I не піскнуў бы,— адказвае,— а так не магу. Высоцкі для мяне — усё. Рэлігія. За яго нават з генерала пыл выб'ю. А вы, калі расказваў, насамі ў бакі вадзілі, на архіцяктуру любаваліся. Злазьце цяпер і плаціце, што за дарогу наляпала...

Злезлі мы і падумалі толькі: вось што можа здарыцца ў Маскве, калі Высоцкага не ўшануеш. Да багажні не даехаўшы, на голы асфальт спусцяць. Калі не Высоцкім — «знакам» вочы залепяць. А «знак» у жыцці нашым страшней за бясхлебіцу.

Мэблі ў мяне было не вельмі, але ж было столькі, што ў жменю не возьмеш, на карак не закінеш. I на вяроўцы, як кароўку ўпірлівую, не павядзеш.

Але не абышоў я з сябрам-літаратарам і два разы вакол сваёй паклажы святое, выглядаючы палёгку якую, а палёгка проста ў грудзі алкаголем танным дыхае, коламі металічнымі ажно да вежаў крамлёўскіх грыміць. Два насякі сінявухія з вазкамі доўгімі прысунуліся і, зубоў не паказваючы, мэблю маю падхапілі і пагналі без пугі да багажні.

Мы, не дыхаючы, унагон.

У багажні ж насякі з трэскам выхапілі вазкі свае доўгія з-пад мэблі і, памяняўшы на тварах сіні колер на чырвоны, як чакухай па лобе, улупілі басам:

— Адзін з нулём за рэйс!

Ад пачутага калатнула мяне, па нервах сцёбнула. Ды ненадоўга памаракі мае загусцелі. Спрыт з насякамі размаўляць сякі-такі меўся. Нездарма ж у Трэцім Рыме чатыры гады пражыў.

— Гэта цана для ткачых іванаўскіх,— кажу,— а не для праўнукаў Радзівілавых. Даю два з нулём, толькі не ведаю, якой валютай плаціць: керанкамі дэмакратычнымі, чырвонцамі нэпманскімі ці карбаванцамі акупацыйнымі, штампаванымі ў Роўне ў травені 42-га года?

Усё гэта выдыхнуў на хуткасці фарсажнай. Насякі аглушаныя глядзелі на мяне з замілаваннем авечым, як на свайго калегу старэйшага. А я не змаўкаў:

—... магу падпісаць чэк, які са свайго рахунку бяздоннага аплоціць грамадзянка Францыі пані Гвяздкоўская — пазашлюбная дачка былога прэзідэнта польскага Масціцкага.

I вось тут, мусіць, і ўскочыў я ў палонку.

Ці то пра францужанку — міфічную пані Гвяздкоўскую — насякі маскоўскія нешта чулі, што, зразумела, вельмі неверагодна, ці то я ў адну лузу тры шары заляпіў адразу, што таксама кісель у супе пры маёй нянавісці да більярда, але як бы там ні было — мае памочнікі сіне-чырвоныя страсянулі грывамі і цуглі выплюнулі:

— Ты што нам,. палітбюр, бакі закручваеш! Мы што, гаішнікаў для дружбы народаў уломвалі? «знак» для музея малявалі? Зімою, рукі марозячы, вешалі! Давай адзін з нулём, а то піяніну з рэбраў зробім!

Трэба сказаць, што насякі маскоўскія людзі страшэнна музычныя. З носа чужога могуць скрыпку дастаць, нават са смыкам ужо наканіфоленым. Ну а з рэбраў не тое што піяніна — арган могуць скласці. Пра ўсё пра гэта я добра ведаў, сябар-літаратар — таксама. А калі так, то што тут вышукваць новую пані Гвяздкоўскую — плаці, дый годзе.

Я заплаціў.

— Дарогу! — закрычалі мне.

Я ледзьве паспеў убок прыняцца.

Міма правезлі скрыню доўгую.— нейкі вялізны, шчыльна збіты пенал. Следам пругка прайшоў афіцэр, наглуха пераплецены рамянямі, а за ім — два салдаты з аўтаматамі. Скрыню з багажні вывезлі на перон...

У багажні стаяла будка шкляная, зробленая пад кіёск. У будцы пакалыхвалася круглая, як ілюмінатар, галава прыёмшчыка. Прыёмшчык быў не стары і не малады, не худы і не тоўсты — рыхтык Чычыкаў, толькі, зразумела, што не дваранскага, а паходжання звычайнага, маскоўска-пралетарскага.

Прыёмшчык сказаў, што рэек на ўпакоўку капітальную няма, што мэблю абкруцяць папераю, але абкручванне гэтае ён аформіць упакоўкай капітальнаю, і што мне трэба згадзіцца і заплаціць за паперу, як за рэйкі, і калі я згаджуся, то багаж мой хутчэй адправіцца.

Я згадзіўся.

Прыёмшчык-чычыкаў, з будкі не вылазячы, пакавачоў паклікаў. Пакавачы прыбеглі і пачалі пакаваць. Запакаваўшы, ускінулі маю мэблю пакутную на тачку самаабслугоўвання маркі «Камсамольск-на-Амуры» і паказалі на перон — вязіце!

Прыпадаючы на ўсе чатыры калены, мы з сябрам-літаратарам выпіхнулі тачку з багажні. Адно кола гэтага транспарту маладзёжнага праз кожныя два крокі сервізныя старанна выводзіла акорды пачатковыя вернападданніцкага гімна «Боже, царя храни».

На пероне стаяў афіцэр, пераплецены рамянямі, і ўсё тыя ж двое салдат з аўтаматамі. Яны пагрузілі скрыню сваю ў цягнік калінінградскі і цяпер ужо ад няма чаго рабіць толькі сябе ахоўвалі ды сваю зброю.

Мы з крэктам і мелодыяй небяспечнаю гімна манархічнага рушылі да вагона багажнага мінскага цягніка.

Мінскі багажнічы — гэткая шпала ў кухайцы — зірнуў у квіток мой і хехекнуў толькі:

— Хрэн вам у цюцьку. У вас павінны быць рэйкі, а не кулёк гастраномны. Па дарозе ўсё гэта растрасе да фені, а мне пасля соплі падцягвай. Не п-пр-рым-маю такое.

I дзвярыма — шморг, адно шчылінку — кулак прасунуць — пакінуў.

Мы ўперамежку (то я, то сябар-літаратар, то сябар-літаратар, а то зноў я) сталі шоўкам лезці ў вушы махнатыя мінскага багажнічага. Мы галасамі трагічнымі апавядалі пра хітрага прыёмшчыка-чычыкава, пра ягоных пакавачоў паслухмяных, успомнілі нават і пра машыноўшчыка фанатычнага, што згроб нас на дол разам з мэбляй няшчаснаю. Мы, як маглі, лашчыліся да багажнічага, бо ведалі: шпалу ў кухайцы пагрозай не праткнеш і пані Гвяздкоўскай не спакусіш.

Нічога не памагло.

Больш таго — мінскі багажнічы нездарма ж пакінуў у дзвярах шчыліну з кулак. Ён прасунуў у яе доўгі кіёк металічны і стаў адпіхваць ім ад вагона свайго нашу тачку музейную. Рабіў ён гэта з радасцю вялікаю і жаданнем дзіцячым перамагчы.

Тут мы не ўпарціліся. Няхай. Кій багажнічага ніякай шкоды ўчыніць нам не мог. Хіба толькі паперу падзерці на мэблі. Мусіць, пра марнасць сваіх намаганняў агрэсіўных уцяміў і багажнічы. Ён схаваў сваю дзіду і крыкнуў у шчыліну:

— Пшлі адсюль, падлы маскоўскія! Вечна ў вас рэек няма! Калі ў вас толькі што было?! Не прыму ад вас і трэскі!

I ўсё на гэтым — дзверы ляпнулі, як сківіцы драконавы.

На крык вайскоўцы падышлі.

— Праблемы? — коратка спытаў афіцэр.

— Праблемы,— адказаў я.

— Вам куды?

— На Мінск.

— Здавайце на наш калінінградскі. Усё адно дарога праз Мінск,— заключыў афіцэр.

Паслухаліся мы афіцэра — не толькі ж пры пісталеце чалавек, пры розуме таксама. Зноў на ўсе калены наляглі, тачку да цягніка калінінградскага завярнулі...

— Я ў вас, хлопцы, магу прыняць, але баюся, што ў Мінску не паспею выгрузіць... мала стаім,"— калінінградскі багажнічы папароў мезенцам у зубах.

Па гэтым папорванні маляўнічым можна было здагадацца, што багажнічы калінінградскі не ўмеў хлусіць і што не засох яшчэ на шпалу паганую, як яго менскі аднапрафесіец. Але калі ўсё ж даводзілася падманваць,— хоць ты руку прывязвай! — заўсёды лез мезенцам у зубы.

— Што ты, бацька,— усклікнуў мой сябар-літаратар,— у Менску цягнікі доўга стаяць, нават берлінскія. Паспееш не толькі выгрузіць, да знаёмай стрэлачніцы на какаву забегці.

Выратоўца наш памяркоўны ўсміхнуўся. I толькі. Мезенец з рота не выпусціў. I ці выпусціў бы, каб сябар-літаратар не шапнуў мне: «Дай гэтаму кенігсбержу траяк».

Даў.

Груз ваш дрэнна ўпакаваны,— сказаў на гэта «кенігсбержац».

Я аж задыхнуўся, пачуўшы такое, усё роўна як вуголіну гарачую глынуў:

— На, дзядзька, яшчэ траяк і паказвай, куды згружаць.

Я баяўся, што і пасля другога траяка ён засуне свой кручкаваты, як зазубец, мезенец паміж зубоў. Што тады? Зноў успамінаць грамадзянку французскую пані Гвяздкоўскую?

Ды «кенігсбержац» тут забыўся на палец. Пажвавеў. Неяк адразу ад кораня да верхавіны сівой памаладзеў увесь:

— Значыць, хлопчыкі, так: траякі гэтыя я, калі што якое, на прыёмцы ў Мінску аддам. Раптам увапруцца там, скажуць, што ў паперы ўсё... падзерлася... пабілася, а пакуль што пакуйце ў гэты куток.

Ён паказаў куды.

Мы ў апошні раз крэктанулі і, як жаба на корч, у вагон калінінградскі падзерліся. Як мае быць, з мэбляю на хрыбце. Уладкавалі яе каля скрыні доўгае, таго самага пенала незразумелага, з якім прыбылі на вакзал вайскоўцы.

Тут бы, здаецца, і пот выцерці...

Ды не!

На хвільку якую прыселі на скрыню гэтую: ці то адпачыць, ці то яшчэ раз паглядзець малітоўна на сваю зорку светлую — багажнічага калінінградскага. А ён, як толькі прыселі мы, у адзін момант з анёла ў сатану ператварыўся, у таго самага, які звычайна што б ні было пасмейваецца сабе ціхенька з усяго: хі-хі-хі ды хі-хі-хі, і ад таго пасмейвання ў людзей добрых з вушэй вата выпадае.

— Куды селі... хі-хі-хі... куды селі хі-хі-хі... вы ж на героя брэжнеўскага селі, стукнутага ў Афганістане.

Мы падхапіліся як апараныя, імгненна ўцяміўшы, што ў пенале драўляным была схаваная труна цынкавая.

А «кенігсбержац» далей малаціў:

— А летам што бывае, летам... білетаў няма, усе пруцца да мяне. Пусці, просяць, заплоцім... а ў мяне ўжо стаяць гэтыя нары кабульскія. Іншы раз і не адныя. Кладу на іх зайцоў і зайчыц усялякіх, а раніцай, бывае, на вушка й шапну: а ці ведаеце, мае вы дарагія, на якой вы пасцелі спалі?.. Аднаго разу студэнта і студэнтку да самага Калінінграда так вёз, дык студэнтачка, калі даведалася, у калготках басейн зрабіла... хі-хі...

На гэтым хі-хі кволенькім «кенігсбержац» змоўк раптоўна, быццам прусака глынуў.

У вагон увайшоў афіцэр, туга пераплецены рамянямі, і два салдаты з аўтаматамі.

Сумны выйшаў канец у майго апавядання вясёлага.

28 чэрвеня 1989

Пра тое, як я яўрэю знаёмаму эміграваць дапамог

Яўрэй мой знаёмы Лёва Каганаў эміграваць надумаўся. I не тое каб ён рыхтаваўся вельмі, грошы там употайкі збіраў ці мову ангельскую, хаваючыся, вучыў. Не, нічога такога і думаць не рабіў. Нават радыё іерусалімскае і то не слухаў.

Эміграваць Лёва Каганаў зусім знянацку надумаўся.

I было тое «знянацку» так.

Ішоў неяк Лёва па самым цэнтры мястэчка нашага сталічнага, чаравікамі новымі асфальт падмецены таптаў, капейкамі меднымі ва ўсіх кішэнях супакоена пазвоньваў...

I тут —на табе!

Ці то праз капейкі гэтыя паганыя, што галасіста з ног да вушэй сакаталі, ці то праз чаравікі новыя, неабстуканыя, ці то ў кіёску часопіс «Молодая гвардия» ўбачыў, а магчыма, і кроў Майсеева ўзбаламуціла галаву — зрэшты, хто яго знае, ад чаго,— толькі ж зусім выразна падумалася Лёву: «Эміграваць трэба».

I думка гэтая спадабалася, як пернік салодкі, і Лёва некалькі разоў абсмактаў яе ўголас і для большага задавальнення, як калоду картаў, ператасаваў словы: «Эміграваць трэба... Трэба эміграваць...»

Ну, што тут скажаш — намер панскі, абы здароўе!

Махнуў мой Лёва ў чаравіках сваіх неабстуканых у Маскву, і ў Маскве яму ветліва растлумачылі: калі ласка, эмігруйце, едзьце сабе на радасць паветрам новым дыхаць, толькі збірайцеся ў паход загранічны грамадзянінам самастойным, а не бежанцам кволым. Толькі так, а не інакш — і калі так, то дарогі вам шчаслівае...

I сапраўды ж, у паперы бежанскія Лёва аніяк не ўлазіў — да сцяны казённай яго ніколі не прыпіралі, у лякарню псіхічную прымусова не гналі, нават у тралейбусе на нагу ні разу не наступілі.

Вярнуўся з Масквы замаркочаны...

— Што рабіць, не ведаю,— жаласліва прамовіў, у піваглытні са мной сустрэўшыся.— Бежанцам памажы зрабіцца, а то капейкамі меднымі і ў Амерыцы званіць буду.

Слаўны Лёва чалавек, шчыры — памагчы такім заўсёды хочацца. Таму, ад піва не адсоўваючыся, пачаў я думаць, усялякія планы рамантычныя маляваць.

Прапанаваў пакуль самае лёгкае:

— Можа, адлупіць цябе тут?.. Міліцыя набяжыць, дружыннікі... пратакол нашкрабаюць. А я прызнаюся, што біў цябе свядома, як яўрэя ненавіснага, і не толькі біў, але й жыдам абзываў.

— Гэтага мала,— памеркаваўшы, уздыхнуў Лёва.

— Мала?! — здзівіўся я, з павагай зірнуўшы на свае кулакі трохлітровыя.

— Мала,— растлумачыў Лёва.— Каб гэта сама міліцыя мяне прылюдна змалаціла, вось тады эфект быў бы, да самай Каліфорніі пыл віўся б...

— Не, міліцыя — гэта надта прафесійна. Трэба нешта шукаць прасцейшае, амацёрскае — ну, так на ўзроўні дзвярэй магазінных.

— У гастраном схадзі, папрасі малака па-яўрэйску. На цябе адразу вочы малінавыя вырачаць, завушніцамі бліскучымі пачнуць трэсці. А ты стой на сваім. Ні слова па-газетнаму! Цябе да апошняга шнурка аблаюць. Хто? Ды ўсе яны — і прадаўшчыцы-завітрынніцы і пакупнікі-лявітрыннікі. Усе будуць крычаць, патрабаваць, каб слоўцамі нефармальнымі людзей працавітых не збіваў са штыху. Толькі ў гастраноме правы твае хельсінскія зняважацца ўшчэнт!

I тут мой Лёва, не падымаючы галавы, са слязой сцюдзёнаю ледзьве вымавіў:

— Я ж ні слова па-яўрэйску не ведаю. I горка-горка заплакаў.

У піваглытню нібы чорт ускочыў.

Крамяныя, як гарэхі, слёзы Лёвіны са звонам навальнічным разбіваліся ў куфлі парожнім. Пад Лёвінымі локцямі эпілептычна калаціўся стол, з-пад Лёвы шалёным мустангам рваўся ўслончык пластмасавы, а за Лёвінай спінай галодны зубр мазаічны, выкладзены ва ўсю шырыню сцяны са шкельцаў каляровых, зняможана падагнуў пярэднія ногі.

На нас глядзела ўся піваглытня, а найбольш дык гаспадар яе — кругляк чырвоны з ручніком на шыі, падобны на трэнера па рылабіццю, гэткі баксердыст-куфленедаліўшчык.

Прадчуваючы пратакольна няўхільнае набліжэнне скандалу, пільны куфленедаліўшчык рашуча перакрыў кран і падсунуў да сябе тэлефон. Праўда, ён яшчэ не ведаў, куды званіць, якія колы выклікаць — тыя, што круцяцца пад крыжам чырвоным, ці тыя, што элегічна пакалыхваюцца пад гарызантальнай паласою сіняю.

Я па-адвакацку ўзняў руку, супакоіў баксердыста-куфленедаліўшчыка, і мы вычухнуліся з Лёвам на вуліцу...

Мы йшлі ўсё па тым жа цэнтры мястэчка нашага сталічнага, дзе Лёву напаткала шчаслівая, а цяпер такая пакутная думка аб эміграцыі.

Мы ступілі на мост.

Пад мастом абыякава булькацела лірычная радасць юных сувораўцаў і пенсіянераў-адхіленцаў — нашая Свіслач каналізацыйная.

I тут, на мосце, на самой яго сярэдзіне бетоннай бульварнымі агнямі Парыжа недасяжнага заззяла перад вачыма патрэбная здагадка. Я нарэшце зразумеў, нечакана прыдумаў, як памагчы няшчаснаму Лёву, майму Лёву цудоўнаму, каб гэта ён вылецеў з лесу нашага ў свет шырокі не ганарыстым арлом, на якога ў тым свеце шырокім ніхто й вокам спагадным не кіне — а-а, не загінеш, жыві тым, што ў дзюбе прынёс,— а пырхануў туды вераб'ём у меру абскубленым, якому на згрызоты лёсу, дакументальна аформленыя, шчодрае зерне пасыплецца.

— Дай свой пашпарт,— урачыста сказаў я. Лёва ні аб чым, вядома, не здагадваючыся, палез у кішэню.

Я трохі патрымаў ягоны пашпарт у руках, пагартаў і кінуў з моста. Лёгкай чырванакрылаю чайкай паляцеў дакумент Лёвін у прыгажуню Свіслач.

Каб Лёва не самлеў і не нарабіў ляманту афрыканскага, адразу растлумачыў:

— Заўтра пойдзеш у міліцыю і скажаш: пашпарт укралі ў гастраноме. I не прызнавайся, што ты Каганаў. З гэтага дня тваё прозвішча Кагановіч. Запомні Ка-га-но-віч. Новы пашпарт няхай на Кагановіча выпісваюць...

Бачна было, што да Лёвы прастата маёй задумы унікальнае не даходзіла. Са страхам гледзячы ў Свіслач, ён выкаўтнуў:

— А якая ж мне выгада Кагановічам рабіцца?

— Выгада немаленькая,— весела супакоіў я.— Стогадовы Лазар Майсеевіч па цяперашнім часе перабудовачным, як ні круці — ахвяра, постаць, можна сказаць, трагічная. А раз так, то ўсе сваякі, паўсваякі і аднафамільцы ягоныя таксама не ў прэзідыумах зараз ілбамі свецяць, а пад венікам сядзяць, сківіцы сцяўшы. Павер мне, Лёвачка, легенды лепшай для бюракратаў іміграцыйных не прыдумаць.

Радасць гамерычную Лёвы Каганава, прабачце, Кагановіча, апісваць не буду. Тут не хапіла б таленту і Шолама-Алейхема. Скажу адно — мой сцэнарый Лёва адыграў выдатна, радок у радок,— і ўжо праз нейкія два месяцы незаўважныя лёгка скокнуў у Рым дэмакратычны, а пасля з хуткасцю крэйсерскай даплыў і да супердэмакратычнага Нью-Йорка.

I апошняя навіна.

Учора з Амерыкі райскае прыйшоў да мяне ліст у абалонцы хрупасткай. Першы ліст ад Лёвы — на гэты раз не памылюся — Кагановіча. Сярод ахаў і охаў, анняў і танняў мой былы знаёмы паведамляў, што заключыў дамову з самым прэстыжным выдавецтвам Нью-Йорка на выданне кнігі мемуарнае «Мой дзед Лазар Кагановіч — жыццё і змаганне» і ўжо атрымаў аванс.

4 лістапада 1989

Пра тое, як я Маршалка Кім Ір Сена сустракаў

Сядзеў я неяк у карчме Траецкай, кавай гарачай цешыўся і зусім не здагадваўся, што мястэчка наша сталічнае самому Маршалу Кім Ір Сену дужа спадабалася. I настолькі дужа, што захацелася Маршалу на суботу-нядзелю прыехаць да нас. Дзіўнага тут нічога няма. Іншы раз маршалам і не тое хочацца.

Не паспеў я каву гарачую дапіць і дагартаць да сярэдзіны свой часопіс любімы «Паралітычны субяседнік», як таварыш Кім, раз-пораз паўтараючы па-беларуску словазлучэнні гасцявыя «шыра дз-зя-кку-ю» і «кал-лі лла-скк-ка», паспяхова даляцеў з Пхеньяна ў Смалявічы нашыя.

Ну, само па сабе, што паміж кіраўніцтвам местачковым і Маршалам Кім Ір Сенам была на візіт гэты дамоўленасць пэўная.

А як жа ж!

Прыляціш без дамоўленасці,— ніхто цябе не сустрэне, і прасіся тады да цёткі смалявіцкай нанач.

Са Смалявічаў кіраўніцтва наша местачковае павезла Маршала Кіма на полудзень урачысты ў харчэўню местачкомаўскую. Падсілкавацца ж трэба. Не будзеш гэта без полудню ўрачыстага па мястэчку сталічным халявамі бліскаць. Нават я і то без карчмы Траецкае спаць не кладуся.

Па дарозе ж на полудзень урачысты і з праграмаю візіту таварыша Кіма пазнаёмілі. I было ў той праграме днём першым — наведванне Кургана Велічы Будучай, а днём другім стаяла — наведванне Выстаўкі Дасягненняў.

Маршал Кім Ір Сен, чалавек мяккі ды інтэлігентны, праграму шчодрую местачкомаўскую прыняў з радасцю.

Урачысты полудзень прайшоў урачыста.

Падмацаваўшыся, Маршал Кім Ір Сен далікатна пацікавіўся, дзе гэта знаходзіцца Курган Велічы Будучай? Самы паважаны з паважаных местачкомаўцаў нашых адказаў, што Курган за мястэчкам знаходзіцца. А Выстаўка Дасягненняў?—было новае пытанне. У мястэчку,— быў новы адказ.

Маршал адразу ж папрасіўся на Выстаўку Дасягненняў. Здагадаўся, мусіць, што гэта бліжэй будзе.

Самы паважаны з паважаных местачкомаўцаў нашых абачліва згадзіўся з такой рэвізіяй праграмы візітнай і гэтак жа абачліва з хвіліну паўсміхаўся таварышу Кіму — адразу на Выстаўку Дасягненняў? Цудоўна!.. Пасля гэтак злёгку, нібы ў харэаграфіі тонкай, павёў плячом — даў зыак Памочніку. Памочнік імгненна прыняў знак і пабег званіць на Выстаўку Дасягненняў — а ці ўсё там падрыхтавана? Ён дазваніўся да Камандзіра ачаплення ганаровага і пачуў даклад: «Падрыхтавана ўсё, можаце ехаць. Толькі ж... няма сцягу каэндээраўскага. Дэфіцыт. Адзін сцяг на ўсё мястэчка й ёсць, дык яго са Смалявічаў адразу ж патарабанілі на Курган Велічы Будучай, куды планавалі напачатку павесці і госця высокага. I толькі пасля таго, як высокі госць пабудзе на Кургане, сцяг мелі неўпрыкметку перакінуць сюды, на Выстаўку Дасягненняў, перад самым, так сказаць, з'яўленнем таварыша Кіма».

Памочнік цвёрда прамовіў: «Без сцяга нельга».

Тады Камандзір прапанаваў: «Калі зусім нельга, то хоць здалёку, каб не так гола было, можна вывесіць амерыканскі сцяг. Ён у нас ёсць. На тым жа тыдні дэлегацыю з Чыкага сустракалі».

Памочнік яшчэ цвярдзей прамовіў: «Амерыканскі й не думай!» I загадаў сцяг каэндээраўскі намаляваць.

Пакуль Маршала Кіма вялі да машыны, падрабязна тлумачачы і паказваючы на пальцах, што ён толькі што з'еў і выпіў, на ганку шырокім Выстаўкі Дасягненняў, разаслаўшы кавалак прасціны цумаўскай, два лейтэнанты пачалі маляваць штандар дзяржаўны дружалюбнай нам краіны. Лейтэнанты працавалі старанна, можна сказаць, мужна, працавалі спяшаючыся,— ім было адведзена на такую работу нязвыклую толькі пяць хвілін. Каб не памыліцца і захаваць усе прапорцыі неабходныя, лейтэнанты зазіралі ў дапаможнік — геаграфічны атлас для дзяцей дашкольных, ну, кніжку такую каляровую пад назваю «Свет і чалавек», у якой былі паказаны ўсе сцягі свету, каэндээраўскі таксама.

Па краях прасціны цумаўскай лейтэнанты правялі дзве паласы сінія, а паміж імі — шырэйшую, чырвоную, абачліва пакінуўшы на ёй белы кружок, у які далікатна ўмалявалі зорку палымяную.

У атласе каля кожнага сцяга стаялі чалавечкі лялечныя ў світках нацыянальных; каля каэндээраўскага можна было ўбачыць мужычка ў шыраполым, як самбрэра, чорным капелюшы і ў шырокім балахоне блакітным, і ягоную сяброўку ўсмешлівую ў пышна-рукаўнай кашулі зялёнай і ў спадніцы доўгай, ружовай — ног зусім не відаць.

Лейтэнанты надумаліся перамаляваць іх на прасціну сваю, каб гэта сцяг больш нацыянальна выглядаў. Камандзір жа ачаплення ганаровага не дазволіў — часу ж зусім няма, картэж і не збачыш, як з'явіцца!

Лейтэнанты паслухмяныя асцярожна паднялі прасціну і пачалі сушыць. Сушылі, не варушачыся, каб, крый бог, фарба сіняя не змяшалася з чырвонаю...

Камандзір прыспешваў.

Лейтэнанты падышлі да флакстэнгі, на якой самотна пакалыхваўся сцяг нашага мястэчка сталічнага, і прымацавалі сваю прасціну. Недасушаны сінь-чырвона-сіні штандар марудна папоўз угару.

Калі ён яшчэ толькі поўз па флакстэнзе, я ўжо выходзіў з карчмы Траецкае, і нейкая сіла авантурная павярнула мяне ў той бок, дзе знаходзілася Выстаўка Дасягненняў.

Зноў-такі прызнаюся — нічагусенькі ні пра што не ведаючы, яшчэ на дальнім падыходзе да флакстэнгі я ўбачыў свежапаголеную грамадскасць нашага мястэчка сталічнага з кветкамі ў руках, убачыў лейтэнантаў і аркестрантаў заклапочаных, цэлае мора заклапочанае міліцыянтаў і, нарэшце,— не проста заклапочанага, а зусім ашалелага Камандзіра ачаплення ганаровага.

Усе, як галубятнікі, угару глядзелі.

Угары вольна пацялепваўся сцяг нашага мястэчка сталічнага, а побач, на суседняй драціне, прыгнечана звісала, не хацела гуляцца з ветрам цумаўская прасціна сіне-чырвоная.

Камандзір ачаплення ганаровага схапіўся за галаву і забегаў вакол флакстэнгі.

Лейтэнанты паслухмяныя доўгай рэйкай металічнаю спрабавалі разварушыць прасціну, пусціць яе па ветры. Нічога не памагала. Сцяг самаробны звіўся ў трубку і звісаў, як перабіты хобат.

Камандзір ачаплення ганаровага некалькі разоў хапаўся за кабуру — ці то хацеў настрашыць лейтэнантаў няспрытных, ці то мерыўся сам застрэліцца, каб не даць ганьбе ўчапіцца ў свае пагоны чыстыя.

Нервы, нервы... Ды, дзякаваць богу,— кабура выратавальна не расшпільвалася...

Прынеслі яшчэ адну рэйку. Дзве рэйкі доўгія бездапаможна стукаліся адна аб адну, жаласліва звінелі, і ўсё ўверсе заставалася так, як і было.

Падыходзілі простыя людзі і — добрыя душы,— бачачы такую бяду незвычайную, пачыналі радзіць. Не мной заўважана, але гэта так — людзі простыя заўсёды гатовыя хоць словам паспрыяць вайскоўцам.

— Вецер падла,— казаў круглы, як глобус, Распранальшчык з тэатра опернага,— от каб знізу падзьмуць чым...

— Так, вецер слабы,— падтакнула мадам Ах, гаспадыня шынка кааператыўнага «Грошы наперад»,— трэба, каб пажарныя з уключанымі фенамі падняліся наверх і высушылі фарбу.

— Фены не памогуць,— не згадзіўся Распранальшчык круглы.— I з фенамі небяспечна. У нашым тэатры ўчора ў грымёрнай фен стрэліў, як пісталет, і дужа напалохаў прыму-балерыну.

— Я так думаю,— прыкметна ажывілася мадам Ах,— што гэта й быў пісталет і яго вашай прыме-балерыне ў адчаі вялікім падсунуў муж-раганосец.

— Ну што вы, у тэатры нашым няма такіх мужоў,— запярэчыў Распранальшчык тэатральны.

Да гэтай пары ветлівае далучыўся неўзабаве дзядок планканосны, аддзелакадраў-скі. Дзядок планканосны прапанаваў зняць наш сцяг і апусціць у вядро з фарбаю, каб і ён звіўся ў трубку набраклую і выглядаў на флакстэнзе аднолькава з каэндээраўскім.

Дзядка ж ніхто не паслухаў.

Нейкая цётка з зубам залатым параіла лейтэнантам напалоханым недасушаны сцяг чужы трымаць на руках, як ручнік з хлеб-соллю. Цётка прастадушна выставіла рукі перад сабою — паказала, як гэта зрабіць.

Камандзір ачаплення ганаровага, усё яшчэ бегаючы, зыркнуў на яе, як на дыверсантку нявыяўленую. Цётка пакрыўдзілася, але з вачэй камандзіравых не сышла. Відаць было, што яна шчыра шкадавала і Камандзіра забеганага, і лейтэнантаў няшчасных, і ўсю астатнюю маўклівую гвардыю міліцэйскую.

Ад гаспадыні шынка кааператыўнага «Грошы наперад» галантнай мадам Ах я й даведаўся пра візіт Маршала Кім Ір Сена.

Сэрца маё не магло спакойна глядзець на невымерныя пакуты камандзірскія.

— Не псуйце зброю,— сказаў я, убачыўшы, што ён зноў спрабаваў, як пасту з цюбіка, выціснуць з кабуры пісталет.— Здыміце абодва сцягі і госця высокага сустрэньце па-народнаму.

— Як гэта па-народнаму? — сцепануўся Камандзір, не забываючы загад Памочнікаў.

— Народнымі песнямі, скокамі, можна і гульнямі. Кіраўнікі рэспублік народных заўсёды фальклор любяць.

Ну, ці ж не дзіва — мая парада залатая? Дзіва!

Камандзір ачаплення ганаровага паглядзеў на мяне, як на збавіцеля. Плечы ў яго імгненна папаўнелі, зрабіліся шырокія і засланілі цвёрды голас Памочнікаў. Пагоны заблішчэлі, як вітрыны. Голасам, якім можна аглушыць каня, ён загадаў лейтэнантам ачысціць флакстэнгу і павярнуўся да аркестрантаў: «Што-небудзь народнае!»

Пад самыя воблакі беспартыйныя шуснулі мажорныя, горача любімыя народам «Тры танкісты»!

... Далажылі: картэж набліжаецца, ужо зусім блізка матацыклы ганарыстыя барабаняць усімі цыліндрамі.

Свежапаголеная грамадскасць нашага мястэчка сталічнага засцярожліва прамовіла: «О-о-о-о-!» — і ўзняла над сабою кветкі чырвоныя.

— Танцаваць! — выгукнуў Камандзір ачаплення ганаровага і, прысеўшы, каб не вытыркацца, абхапіў за клубы цётку-«дыверсантку».

Цётчын зуб залаты гулліва бліснуў.

Да гаспадыні шынка кааператыўнага «Грошы наперад» галантнай мадам Ах намёртва прыляпіўся круглы Распранальшчык тэатральны.

I мора міліцэйскае разбеглася на пары.

I лейтэнанты, сцягі схаваўшы, выціраючы адзін аб аднаго сіне-чырвоныя пальцы, таксама ўтварылі тандэм грацыёзны.

Свежапаголеная грамадскасць нашага мястэчка сталічнага танцавала, як і стаяла,— не пакідаючы калонаў.

А я не пусціўся ў скакача, хаця б мог запрасіць дзядка планканоснага, аддзелакадраўскага. Але што мне дзядок з танцамі гэтымі. Іншае рупіла: хацелася ўбачыць зблізку Маршала славутага.

Аркестранты не змяншалі мажору. Іхнія «Тры танкісты» грукаталі ўсімі гусеніцамі. Праўда, рытму гусенічнага не зусім вытрымваў Камандзір ачаплення ганаровага. Пасля ўсяго перажытага і перадуманага яго маглі б задаволіць толькі паважна-элегічныя «Сопкі Маньчжурыі».

Міліцыянты ж маладыя, учапіўшыся адзін аднаму ў партупеі хрупасткія, трымаліся стылю масава-касавага,— яны шчыра вытанцоўвалі бескампрамісны рок.

А далей?

А далей усё было, як на вяселлі добрым.

Маршал Кім Ір Сен, толькі ўгледзеўшы скокі бурныя, вядома ж, не ўтрымаўся,— скінуў свой кіцель строгі і запрасіў у круг самага паважанага з паважаных местачкомаўцаў нашых.

Для Камандзіра ачаплення ганаровага гэта было найвышэйшай узнагародаю.

— Ты, хлопец,— во! — шапнуў ён мне пасля скокаў выратавальных.— Заўтра ў нашу лазню сходзім. I ў наш буфет.

18 верасня — 11снежня 1989

Пра тое, як я ўпершыню за мяжу збіраўся

У апошні год застойны за мяжу мяне паклікалі. Блізка зусім, на ровары можна даехаць, але ўсё ж — за мяжу, на той бок невядомы.

Чаму б не паехаць, калі й час выпаў добры, і грошы на дарогу неяк самохаць набеглі, і ў грудзях настрой гітарны варухнуўся, і з таго боку несавецкага, паперынай запрашальнаю ветліва махнуўшы, гукнулі праз драты калючыя: пры-я-яздж-жа-ай!

Паабяцаў я, што прыеду, і пабег у АВІР.

У АВІРы не валаводзілі, імгненна ўсё зрабілі. Ды што там імгненна,— проста рэактыўна квіткі ўсе падкнопілі, матузкі ўсе падшнуравалі, пячаткай сіняю анкету маю выязную надзейна прыдушылі і да ўсяго — у пакой светлы зайсці папрасілі. Нешта ўдакладніць захацелі, чаго ж яшчэ.

У пакоі светлым дзядзька аднавокі сядзеў. Немалады, у гадах ужо дзядзька. Над ім карціна шырокая вісела, а на карціне — Кастусь Усцінавіч газету «Правда» чытаў.

Утульна мне ў пакоі светлым здалося, неяк па-сямейнаму цёпла паказалася. Зусім не так, як на вакзале.

Дзядзька аднавокі анкету маю адсунуў, папку чырвоную з надпісам «Сусед» аднекуль з-пад сябе выкалупнуў і прамовіў радасна:

— Гэта вельмі добра, што Сусед ваш з трыццатага года нараджэння. На фронце, значыць, не быў...

— Не, не быў,— адказваю ўпэўнена, а сам пры гэтым вейкамі лып-лып здзіўленае раблю: пры чым тут Сусед мой, думаю.

— I ў паліцыі, відаць, таксама не служыў? — Тут дзядзька прыўскінуў над сталом сваё вока асляпляльнае, а на папцы чырвонай рашуча матузкі сінія распусціў.

— I ў паліцыі не служыў,— кажу спакойна, але ж лыпачы свае не магу спыніць. А пятамі схаванымі дык зусім жыватрус адчуваю. Бачу, што паміж мною і дзядзькам аднавокім гаворка лысая пачынаецца, згодаю непрычэсаная.

— Так , вы з мястэчка N палескага,— нібы сам з сабою гаворачы, разважліва прамармытаў дзядзька, заплюшчыў вока баявое, нешта, мабыць, успомніў вельмі значнае, напружыўся і тут жа падкінуў пытанейка далікатнае:

— А ўласаўцы ў мястэчку N стаялі?

— Не ведаю,— схлусіў я.

— Стаялі, і вы пра гэта знаеце, вам Сусед расказваў!

Я пачырванеў, як школьнік:

— Прабачце, забыўся... з галавы неяк выпала.

— Не хлусіце болей,— параіў дзядзька і зноў узяўся за сваю папку чырвоную з матузкамі сінімі.

— Не буду,— паабяцаў я.

— Расказвайце.

— Што расказваць?

— Ну, калі вы з мястэчка N палескага, то пра Суседа расказвайце...

— А-а...

— ... пра тое, як Сусед ваш да іх бегаў! Кароткае іх прагучала трыбунальна.

— Толькі адзін раз і прыбягаў! — запярэчыў я рашуча.

— Ведаю, што адзін,— суняў маё хваляванне дзядзька аднавокі,— але прыбягаў — чаму?

I тут зразумеў я прыгнечана, што за дзве капейкі ад дзядзькі цікаўнага не адчэпішся, таму, не думаючы доўга, выклаў адразу ўсе залатоўкі свае:

— Чаму? Папрасіць з пісталета стрэльнуць, вось чаму...

— Правільна, так і было,— пахваліў дзядзька,— і што ж, далі яму стрэльнуць?

— Далі.

— Куды страляў?

— У неба.

— Колькі разоў?

— Раз усяго...

— Усё супадае, усё так і было,— пачуў я нечаканае заключэнне,— сапраўды, страляў ён адзін раз з пісталета ТТ узору Трыццатага года, калібр 7,62 міліметры...

Дзядзька змоўк, спахмурнеў, схаваўся ў нейкія ўспаміны патаемныя.

А я падумаў пра Суседа свайго, таго колішняга хлопчыка трынаццацігадовага,— рызыканта вялікага. Была вайна, у полі і ў лесе стралялі, і яму таксама захацелася стрэльнуць, і ён не з'еў сваё сала пастушкоўскае, заплаціў ім за выстрал у неба.

Дзядзька прачнуўся:

— Дык вы разумееце, што гэта за пляма? Сусед ваш страляў з уласаўскага пісталета!

— Пісталет не ўласаўскі, а ТТ, Тульскі Токарава, вы ж самі сказалі,— пачаў я хітраваць.

— Пісталет варожы! — растлумачыў дзядзька.— I за адзіны стрэл з яго ваш Сусед свядома прынёс уласаўцам сала. Так?

— Прынёс,— уздыхнуў я, і ў пакоі светлым яшчэ больш пасвятлела.

— Дык выходзіць, што ён карміў чужую армію разбойную!

Ехаць за мяжу мне расхацелася, і з усіх думак блытаных адна ясная выплыла, чыста экстрэмісцкая: зараз падымуся і смальну гэтаму гарбылю аднавокаму ў вуха парасячае.

Дзядзька ж авіраўскі далей мудра пракурорстваваў:

—... і маючы такога Суседа вы за граніцу збіраецеся?

Тут мой экстрэмізм падпольны абачліва саступіў сцежку класіцы выратавальнай. Класіка выйшла крыху зыначаная, пад сітуацыю падагнаная.

— Сусед за суседа не атвечает! — крыкнуў я на ўвесь гэты пакой светлы.

Мне пашанцавала.

Добра, што крыкнуў я моцна, голасу не пашкадаваў.

Мяне пачуў сам Кастўсь Усцінавіч. Той самы, што на карціне шырокай. Ён заклапочана згарнуў у трубку газету «Правда» і сцёбнуў ёю па патыліцы авіраўца аднавокага. Сцёбнуў і астматычна выдыхнуў:

— Не забывайце, таварыш, гэты афарызм гуманны!

— А я й не забываю,— сцяўся дзядзька пакараны. Ён крутануўся тварам да правадыра.

О, метамарфоза нечаканая! Дзядзька ўжо апраўдвацца мусіў:

— Вы не падумайце, Кастусь Усцінавіч, што я да Суседа нашага таварыша маладога нешта падазронае маю. Зусім не. Я ж разумею, што Суседу ягонаму было тады толькі гадкоў трынаццаць. Я разумею, што ён у небе страляў. Няхай з пісталета варожага, але ж у неба. Праўда, сала нашае ворагу аддаў.

— Сала шкада,— згадзіўся Кастусь Усцінавіч.

— Але гэта нічога,— ажывіўся дзядзька,— бо ўсё пасляваеннае жыццё Суседа прайшло па нашых, па савецкіх законах. Зараз ён шостым сакратаром аднаго гаркома палескага працуе. А пра яго, нашага таварыша маладога (дзядзька аднавокі на мяне паказаў), далажу вам, Кастусь Усцінавіч, толькі самае добрае. Сумленны, правераны малады чалавек, анкету чыстую мае. Бацькі ў яго цудоўныя. Можна смела пускаць. А пра Суседа ягонага я так... для памяці спытаў. Стрэл гэты ў анкету не ўпішаш, а забываць не варта.

— Не варта,— згадзіўся Кастусь Усцінавіч і параіў,— але й валаводзіць з нашымі грамадзянамі маладымі таксама не варта.

— I я пра тое ж! Няможна валаводзіць! Няхай наш таварыш малады едзе за мяжу, няхай на здароўе па Еўропе ходзіць, толькі...

— Што толькі? — Кастусь Усцінавіч здзекліва пасміхнуўся.— Зноў Сусед?

— Ды не! — закруціўся дзядзька авіраўскі.— Я пра іншае... Паверце, я вельмі рады, што нашаму таварышу маладому і час выпаў на паездку добры, і грошы на дарогу самохаць набеглі, ажно ў жмені не стоўпяцца, і цудоўна, што ў грудзях ягоных маладых настрой гітарны варухнуўся, а самае лепшае дык тое, што з таго боку несавецкага яму паперынай запрашальнаю махнулі ветліва. Я сам з балкона авіраўскага бачыў тое памахванне і сам жа з балкона афіцыйна закрычаў праз драты пагранічныя, калючыя: прыедзе, прыедзе ваш сябар! Не хвалюйцеся!..

Дзядзька аднавокі адсопся, адпачыў секунду і, не азірнуўшыся на мяне, зноў языкаваць кінуўся:

— Дык я не пра гэта ўсё, Кастусь Усцінавіч, я пра іншае... я наперад кідаю, наперад разважаю. Скажам, наш таварыш малады ваенкамату спатрэбіцца. Га? Ну раптам ваенкамат захоча радавога запасу (тут дзядзька маё прозвішча назваў) на рубяжы абаронныя паставіць. А ў гэты самы час, калі ваенкамат захоча, наш радавы запасу будзе па Еўропе хадзіць. Што тады?

— Праблема? — Кастусь Усцінавіч пачухаўся на карціне шырокай.

— Я не скажу, што праблема вялікая, так сабе праблемка,— супакоіў правадыра дзядзька,— можна сказаць, што праблемка зусім аніякая. Больш таго, праблемка простая, як шомпал. Усяго й зрабіць трэба, што нашаму таварышу маладому зараз жа ў ваенкамат збегаць, тут недалёка, і ў ваенкома нашага на два тыдні ў Еўропу адпрасіцца.

— А што,— усцешыўся Кастусь Усцінавіч,— збегайце, малады чалавек, адпрасіцеся. Няхай на анкеце ваенком напіша, што адпускае вас.

На гэтым ён змоўк, глыбей у карціну адсунуўся і нанова газету «Правда» разгарнуў.

Замаркочаны, выйшаў я з пакоя светлага.

Нават не падзякаваў ні Кастусю Усцінавічу, ні дзядзьку аднавокаму.

Зрэшты, за што ім дзякаваць, асабліва дзядзьку?

У Суседа майго, цяпер высокапартыйнага, коршакам учапіўся.

Бяда такая — з пісталета стрэльнуў.

Смех!

Не сынам жа палка ўласаўскага быў...

У ваенкамат прыйшоў я з настроем нулявым. Увесь перакручаны прыйшоў. Злы. Адна палёгка, што ваенкамат — не гастраном, чаргі ніякае, таму на ваенкома я адразу наскочыў.

Ваенком — з ордэнам Вялікай Айчыннай — анкету маю ўважліва прачытаў, пасля перачытаў, вочы пацёр, на мяне тройчы паўзіраўся, моўчкі ад ілба да патыліцы думку нейкую паганяў, зноў на мяне паглядзеў і, як той авіравец аднавокі, папку чырвоную з надпісам «Сусед» аднекуль з-пад сябе выкалупнуў і тыя ж самыя матузкі венозна-сінія распусціў пагрозліва.

I раптам не пытанне — аперкот у сківіцу самую:

— Дык Сусед ваш нарадзіўся ў трыццатым годзе?

— О-о-о, толькі заокаў я, ды тут адна каманда, і гэты законнік пачне зараз пра фронт пытацца...

Які ж я здагадлівы — так і выйшла!

— На фронце, вядома ж, не быў?

— Не быў,— прашаптаў я і пашукаў на сцяне Кастуся Усцінавіча выратавальнага.

У кабінеце ж ваенкома ніякіх партрэтаў не было, толькі на сейфе прымасціўся бюсцік Суворава.

— I ў паліцыі не служыў? — рытарычна спытаў ваенком і сам жа ўдакладніў, нібыта памог мне,— па малалецтву...

I тут мяне ўзбурыла, што называецца, закруціла і, як таго сабаку шалёнага,— па цаліку сакавіцкім панесла.

— Ён да ўласаўцаў у мястэчку N бегаў! — ускінуў я над сталом ваенкомаўскім усе свае кулакі фіялетавыя.

— Да ўласаўцаў?! У мястэчку N?! — замілавана, па-дзіцячы ўсклікнуў ваенком.

— Да ўласаўцаў! — Ад крыку ў мяне й вушы зрабіліся чарнільныя.

— Бегаў?! — усё з тым жа замілаваннем дзіцячым перапытаў нечакана памаладзелы ваенком.— У мястэчку N?

Я нічога не разумеў, абсалютна нічога не цяміў — адкуль замілаванне гэтае? з чаго ў ваенкома сліна такая?

Я толькі бачыў, што ваенком то на паверхні боўтаўся, то з галавою патанаў у глыбокай палонцы пачуццёвай, поўнай нейкай экзальтацыі цьмянай.

У два словы кажучы: гінуў чалавек.

Па-рыцарску я кінуў яму саломінку выратавальную, яшчэ раз пацвердзіўшы:

— Так, бегаў... У нас, у мястэчку N палескім у сорак трэцім уласаўцы стаялі і за кавалак сала дазволілі Суседу майму з пісталета стрэліць...

Мая саломінка выратавальная ператварылася ў галіну пальмавую, бо...

Ваенком падбег да мяне, абняў і пацалаваў. Ваенком рухаўся вулканічна. Усё на ім было гарачым, нават пагоны. Ордэнам Вялікай Айчыннай ён абпаліў мне шчаку.

Дык за сала далі стрэльнуць! — ваенком толькі што не лямантаваў, сціскаючы мае плечы цывільныя. Віхура шчасця неўтаймавана шалела ў ягоным старым целе ваяцкім. На вейках настальгічна блішчэлі слёзы. Нарэшце ён схамянуўся, адпусціў мяне, узяўся за анкету маю:

— Што мне напісаць трэба?

— Напішыце ў левым кутку верхнім, што з першага ліпеня ажно па пятнаццатае вы не будзеце браць мяне на зборы вучэбныя, і падпішыцеся.

Ваенком напісаў, распісаўся і прыляпіў да ўсяго пячатку сонцаўсходную.

— Перадайце Суседу вашаму прывітанне,— нечакана папрасіў ён.

— Ад вас? — недаўменна перапытаў я.

— Не! — напужаўся ён.— Не ад мяне асабіста, а так... ад Міністэрства Абароны.

Я развітаўся з ваенкомам, да дзвярэй лёгка павярнуў, а на душы — ні ўсмешкі, ні зернятка светлага.

Здаецца ж, перамог, прабіў сабе сцежку за драты пагранічныя, а ў роце — кісла, і сэрца не спявае — толькі дрыгае. У галаве ж зусім свярботка ўсчалася пякучымі пытаннямі напаленая: хто ж дзядам гэтым крэсельным пра Суседа майго высокапартыйнага насвістаў? З чаго гэта ён — Сусед мой высокапартыйны — у іхнюю памяць склератычную так моцна ўштампаваўся? Чаму...

Выйшаў я з кабінета ваенкомаўскага, дзвярыма не ляпнуў — адно што на нітку жывую прычыніў, шчылінку на валасок пакінуў.

Усё абачліва зрабіў.

У кабінеце ж адразу гаворка пачалася.

— Чый гэта недарасль? — спытаўся ў ваенкома голас.

Голас — бадзёры, арыстакратычны.

— Гэта — ліцьвін малады, Аляксандр Васільевіч...

А, здагадаўся я,— бюсцік Суворава загаварыў. Той самы, што на сейфе. Генералісімус! Ваенком тлумачыў:

—... Сусед ягоны быў отракам у кампанію апошнюю і неяк сала мне на пазіцыю прынёс. Я яму за гэта з пісталета стрэльнуць даў.

— Сала смачнае было? — пацікавіўся генералісімус.

— Не паспеў пакаштаваць, Аляксандр Васільевіч,— сумна прызнаўся ваенком,— пакуль рыхтаваў отрака да стральбы, сала ўкраў бамбардзір з бастыёна суседняга.

— I як ты злодзея пакараў?

— Выбіў гаду вока,— сказаў ваенком.

— Садзеяў недурсцвенна,— пахваліў генералісімус.

19 верасня 1990

Пра тое, як я з Лепшым кампазітарам беларускім пазнаёміўся

Усё пачалося з трэмало тэлефоннага. Не, званіў не Лепшы кампазітар беларускі, гукі дрыготкія пасылаў мне шчыра адзін паэт рускамоўны. Гукі, скажу вам, зусім жалобныя.

Клопат быў у паэта рускамоўнага, неспакой творчы. Паэт сваім вершам на мове рускай упрыгожыў ноты Лепшага кампазітара беларускага. Вершам трагічным упрыгожыў з рыфмамі мужчынскімі!

Але верш гэты, так і сказаў мне паэт рускамоўны, павінен гучаць і па-беларуску. I тут жа дадаў: так аўтар музыкі хоча.

Хіба мог я адмовіць, калі сам Лепшы кампазітар беларускі просіць?! Той самы адзіны на свеце кампазітар, што напісаў тую самую мелодыю рамэотужлівую, што прымушала мяне, дурня пятнаццацігадовага, штовечар у штанах адпрасаваных дзерціся на самы ўскрай Давыд-Гарадка і там, чатыры пальцы за губу заклаўшы, свістам бандзюжным Джульету Сеген пад вярбу гарынскую клікаць і, цалуючы яе, уяўляць са стогнам балотным, што гэта й ёсць яна — тая самая Незваротная, тая самая Незгаворлівая, што пакінула па сабе толькі золкі і туманы...

Згадзіўся я адразу, абнадзеіў паэта рускамоўнага сваім імпэтам творчым і сустрэцца з ім у Палацы Музыкі дамовіўся.

Сустрэліся.

Паэт рускамоўны, чалавек надзвычай дзелавіты, адразу ж пратаптаў мне дарогу да стала венскага Лепшага кампазітара беларускага. Я толькі тое сцяміў, што верш на мове рускай ён мне там, каля стала, пакажа, магчыма, нават запіс магнітафонны дасць паслухаць...

Лепшы кампазітар беларускі не за раялем сядзеў малінавым,— за сталом венскім, і не проста сядзеў, а значком дэпутацкім на далечгук, г. зн. на тэлефон, з усяе моцы налягаў. Са мною, праўда, павітаўся, прысесці папрасіў — і ўсё.

Заняты!

Прысеў я.

Паэт рускамоўны збоку прысябрыўся.

Селі мы, значыць, ногі падагнуўшы, чакаем, а Лепшы кампазітар беларускі па далечгуку размаўляе. Гаворка ягоная з субяседнікам нябачным пад знакам largo адбываецца, пад знакам рытмічным праходзіць — у тэмпе самавітым.

Сваімі словамі далікатнымі перакажу яе, гаворку гэтую дуэльную.

З таго пачну, што ў момант гэты Лепшы кампазітар беларускі ў начальніка нейкага высокага кватэру вымагаў. I не адну кватэру, а дзве.

Адразу дзве!

Мусіць, каб другі раз не званіць, значком дэпутацкім на далечгук не навальвацца.

Удакладню: кватэру першую для кампазітара юнага вымагаў, кватэру ж другую — для дырыжора маладога выскубваў.

Кампазітар юны (мы яго бачылі) стаяў за дзвярыма. Белы стаяў, як матылёк майскі. I ўсё за галаву кучаравую трымаўся.

Дырыжора маладога за дзвярыма не было.

Лёгка здагадацца, што начальнік высокі не хацеў развітвацца з дзвюма кватэрамі. Сапраўды, як гэта можна,— неяк так адразу ды з дзвюма. Не па-нашаму гэта. Не па-савецку.

Лепшы кампазітар беларускі даводзіў, што гэта ўсё якраз па-нашаму і што дзеля гэтых дзвюх кватэр ён спецыяльна з берагоў Масквы прыехаў, прапусціў у Савеце Вярхоўным нейкае паседжанне важнае.

Начальнік высокі тым часам інтэлігентна выбачаўся: тра-та-та, гэта ўсё цудоўна, але ж яму зараз трэба на паседжанне таксама важнае, часу вольнага на бяседу ён зусім не мае, хоць музыку й любіць...

У адказ яму ляцела шляхетнае: вы, таварыш начальнік высокі, са сваімі хлопцамі партыйнымі ўжо семдзесят тры гады засядаеце, а музыкі таленавітыя тым часам без кватэраў ходзяць...

Гаворка па далечгуку відавочна рытмы ваяўнічыя набывала,— хвілінаю зусім у presto пераходзіда.

Кампазітар юны, маючы слых бездакорны, кожны раз на presto ў кабінет заскокваў. Баяўся. Ува мне і ў паэту рускамоўным канкурэнтаў бачыў. А раптам і мы па кватэру?

Трэба думаць, што далей начальнік высокі вучыў дэпутата народнага: дзве кватэры адразу ніхто ў СССР не просіць, трэба адну прасіць.

Лепшы кампазітар беларускі імгненна кансенснуў: добра, давайце адну кватэру сёння, другую — заўтра!

Бедны начальнік высокі, толькі й падумаў я, разважаючы моўчкі пра пераклад будучы.

Тут Лепшы кампазітар беларускі не ў далечгук прамовіў,— у мяне спытаўся:

— Вы адсюль ці знекуль?

— Адсюль,— адказваю.

Кампазітар юны, дзверы прачыніўшы, трагічна зашаптаў з парога, што і ён адсюль, а не з краю чужога. Зашаптаў і яшчэ больш збялеў. Не ведаў матылёк белы, што я перакладаць прыйшоў на мову беларускую верш з рыфмамі мужчынскімі...

Галоп тэлефонны між тым працягваўся.

Начальніку высокаму з пакоя гэтага горача гаварылася: у вас, начальнікаў высокіх, кватэры па сем пакояў, большыя, чым уся плошча Палаца музычнага...

А начальнік высокі, уздыхаючы, гаварыў аб рынку ды ініцыятыве эканамічнай і зноў бажыўся, што надта ж музыку любіць...

Нарэшце Лепшаму кампазітару беларускаму ўсю гэту паэзію слухаць набрыдзела, развітаўся ён з начальнікам высокім, пажадаў яму здароўя добрага.

Пажадаў яму здароўя добрага і, было відаць,— на паласу творчую настроіўся.

Я нагамі сагнутымі варухнуў, перакладаць падрыхтаваўся. I паэт рускамоўны па верш свой песенны палез...

Ды зноў няўпраўка.

Парторг Палаца Музыкі натыкаецца, вачамі заклапочанымі глядзіць.

— Паслухай, парторг,— адразу ж прамовіў да яго Лепшы кампазітар беларускі,— ты ў ЦК хадзіў?

— Хадзіў,— прызнаўся парторг.

— За каго прасіў?

— За дырыжора маладога.

— А за кампазітара юнага забыўся?

— Забыўся...

— Я так і знаў!

— За дваіх адразу ніхто не просіць,— запярэчыў парторг.

— Паслухай, парторг, ты прасіў за дырыжора маладога, што прыпёрся да нас аднекуль, а кампазітар юны адсюль. Наш — кампазітар юны! Ты разумееш, пра што я?

— Дырыжор малады — прафесіянал выдатны,—адбіваўся парторг,— яму кватэра патрэбна. Кватэра!

— Кватэра — гэта капітал, парторг! Б'юся аб заклад, што твой дырыжор малады са свістам нас абстукае, кватэру ўхапіўшы. I года ў ёй не пажыве, як выскрабе на яе дамок з пальмаю пад акном. Пакіне ён балота нашае, парторг! Не верыш? Стаўлю на ўсе твае ганарары інвалютныя!

Пашкадаваў парторг свае ганарары інвалютныя і, не раздумваючы надта, за парог памёўся.

Лепшы кампазітар беларускі яшчэ больш уважліва на мяне паглядзеў і зноў-такі тое ж пытанне падсунуў:

— Вы адсюль ці знекуль?

— Адсюль,— адказаў я з гонарам.

— А я столькі ў сваім жыцці падтрымліваў тых, што знекуль, валацугам усякім памагаў, рабіў іх народнымі артыстамі, кватэру адну за адной выбіваў. А яны... А вы не па кватэру?

Тут узняўся велічна мой калега рускамоўны і растлумачыў:

— Гэта наш паэт нацыянальны, які перакладаць нас будзе!

Лепшы кампазітар беларускі ўзрадаваўся, што я не па кватэру.

— Поэт — это личность!—сказаў ён па-руску. А кампазітару юнаму між тым надакучыла чакаць, дзверы ён штурхануў рашуча:

— Як там з кватэраю маёй?

— Віцёк, пашанцавала табе. Добра, што кватэру ты просіш, а не машыну пральную. Кватэра будзе. Заўтра!

Кампазітар юны калыхнуўся сюды-туды і на падлогу пачаў валіцца. Ад шчасця зусім непрытомны стаў.

Мы з паэтам рускамоўным падхапілі яго, каля сябе прыладзілі.

I хвіліны дохлай не мінула, як нейкі аўтамабіліст пазваніў,— прасіў падфарнікі дастаць на мадэль дзевятую.

— Коля! — адказаў Лепшы кампазітар беларускі. — Падфарнікі будуць!

У кампазітара юнага дыханне яшчэ не выраўнялася, як увайшоў флейтыст Міша Акрабаткін.

У Мішы Акрабаткіна свае праблемы: ягоны далечгук электронны быў безнадзейна састыкаваны з далечгукам суседкі злое. Расстыкаваць трэба. Лепшы кампазітар беларускі імгненна далечгукі гэтыя несумяшчальныя расстыкаваў...

Пасля чыста паголенага Мішы, увапхнуўся нехта доўгі, худы і нямыты. З пашпартам у руцэ.

Як вы самі здагадаліся, з'явіўся адзін з рыцараў багемы.

— Ба-аць-ка! — багемшчык слязіну каўтануў.— Пазыч пяцёрку, а я пашпарт пакіну...

Лепшы кампазітар беларускі пазычыў багемшчыку нямытаму дваццацьпятку і папрасіў толькі пашпарт не пакідаць.

Усе просьбы гэтыя ды візіты цярпеліся намі даволі спакойна, але з'явішча наступнае да сініх плям напалохала, у тры вузлы калашыны звязала.

Спачатку здалёку, а пасля пад самымі дзвярыма начулася працяглае, жудаснае: ааааа! Ажно пяць «а»!

Невыноснае, драматычнае сапрана!

Кампазітар юны, гэты матылёк бляклы, пачуўшы яго, не проста ачуняў, а ў коршака ператварыўся і ўчапіўся нам гузікі абдзіраць.

Мы з паэтам рускамоўным пачалі мужна бараніцца.

Пакуль бараніліся, не ўбачылі, як уляцеў у кабінет віхор цалінны.

Кабінет здрыгануўся ўвесь, юзам пайшоў.

А далей...

А далей струны раяля малінавага перапляліся, папера нотная закружылася, і батальён прусакоў аглушаных дружна выбег з Палаца Музыкі калоннага на пляц Саборны.

Ратуючыся, мы з паэтам рускамоўным упалі на падлогу, прыціснулі сабою кампазітара юнага. Ён жа і пад намі не супакойваўся, гузікі нашыя лупіў, не шкадуючы.

Лепшы кампазітар беларускі апынуўся на раялі.

А сапрана драматычнае не змаўкала — завывала, скавытала, енчыла.

Калі ж папера нотная супакоілася і на нас уся чыста пападала, калі струны раяля малінавага расплятацца пачалі і па адным з пляца Саборнага прусакі сталі вяртацца, калі «ааааа» дзікае ў «ыыыыы» невыразнае перайшло, толькі тады мы галовы пападымалі, толькі тады мы кабетку маладую ў калготках доўгіх над сабой убачылі.

— Ыыыыы,— гаварыла яна і паказвала некуды на дзверы.

Ясна было, што не ў калідор пальчык яе накіраваны, а некуды значна далей.

Кабетка, кабетачка! Маладзічка такая няшчасная. З яе касметыка сыпалася тынкоўкаю мініяцюрнаю, ну проста элегантна адвальвалася касметыка на патыліцы нашыя набраклыя.

— Пусціце мяне! — зароў пад намі кампазітар юны.— Гэта жонка мая!

Жонка?! Мы пусцілі.

— Анжэлачка, ты даведалася! Анжэлачка, ты ўжо знаеш усё! — радасна крычаў кампазітар юны.— Але ж навошта гэтак радавацца?

— Чаму радавацца, пень?! — Анжэлачка схапіла свайго моцарта ашалелага за нос.— У мяне ў ЦУМе сумку пырнулі, усё ляпнулася... Ыыыыы...

— Што ляпнулася, Анжэлачка? — кампазітар юны забыўся вызваліць нос, таму пытанне ягонае глуха, як пад сурдзіну, праскрыпала.

— Усё, што ў сумцы было, казёл! — удакладніла Анжэлачка.— З талонамі на гарэлку ў прыдачу.

Яна адштурхнула ад сябе кампазітара юнага і села зняможна на клавіятуру далікатную раяля малінавага.

— Ратуйце! — кампазітар юны цупнуўся на калені.— Талоны прапалі!..

А цяпер зраблю я адхіленне маленькае ў Еўропу шчаслівую. Адхіленне маленькае, але са зваротам здзеклівым. Звярнуцца хачу да кампазітараў ангельскіх ды кампазітараў гішпанскіх.

Хлопцы, ці можаце вы так? Га? Ну, як Лепшы кампазітар беларускі? Ну, талоны ці можаце знайсці, украдзеныя ў гішпанак вашых калготканогіх ды ангелек сухіх? Што? Не можаце? Такая й музыка вашая!

А Лепшы кампазітар беларускі можа!

Вось ён з раяля малінавага саскокнуў, па лістах нотных да стала венскага рашуча падышоў, далечгук накруціў, з некім пагаварыў ласкава,— і праз дзесяць хвілінаў няпоўных талоны ўкрадзеныя знайшліся і ўсё астатняе, што ў сумцы было.

Жонка кампазітара юнага салютна ўзрадавалася, а сам ён, матылёк белы, крылцамі кволымі ўдвая залапатаў.

Сышлі яны, дзякаваць богу, і мы адразу да творчасці кінуліся.

Паэт рускамоўны верш свой на паперы паказаў і магнітафон уключыў.

Лепшы кампазітар беларускі прамовіў: «Пераклад песні гэтае быць павінен...»

Не дагаварыў ён, да канца не растлумачыў мне, якім пераклад песні гэтае быць павінен,— бо тэлеграму прынеслі.

— Вам тэлеграма крамлёўская! — урачыста абвясціла сакратарка тонкаабцасая.

Ого!

Мы з паэтам рускамоўным адышлі ў куток цямнейшы.

Тэлеграма крамлёўская змяшчала заяву катэгарычную. Таварыш Лепшы кампазітар беларускі, гаварыла тэлеграма крамлёўская, Вы прапусцілі на берагах маскоўскіх паседжанне важнае. Адсутнасць Ваша паўплывала дрэнна на вынік галасавання па пытанні пераходу краіны роднае на эканоміку рыначную. Заўтра ж чакаем Вас у наш Савет Баявіты.

Тэлеграму падпісаў заўсёдна абаяльны — т. Нінашаў-Нівашаў.

28 верасня 1990

Пра тое, як яў тэатры падлогу мыў

Сяргею Казначэеву

Гады сямідзесятыя...

Я — студэнцік дохлы, выхаванчык самадзейнасці местачковай, а вакол — Масква тэатральная, Масква афішная. Галаву маю кучаравую духам закулісным прадзімала, алкаголем сцэнічным закалыхвала. Ліхтары бульварныя бутафорскімі здаваліся, а стокішэннікі, фарцоўшчыкі нахабныя, у сваіх акулярах дымных — рэжысёрамі.

Драбяза любая тэатрам пахла!

У аптэках вату прадавалі — Джульеты, а ў гастраномах каўбасу наразалі — Мельпамены.

Вахцёркі старэнькія, што спазналі некалі эмпірэй гімназічны, называлі Станіслаўскага купцом Аляксеевым, а дзяўчаткі-маляры на сваіх рыштаваннях высокіх, густа абкіданых вапнай краплістаю, элегічна ўздыхалі — пра Таццяну Дароніну думалі.

Агні прэм'ерныя драпежна асляплялі дыпламатаў надушаных, абпальвалі на іхніх сурдутах двухбортных каралавыя гузікі. У лімузінах плавіліся перагародкі шкляныя, і штучна пышныя жонкі дыпламатавыя баяліся за свае турнюры.

Тэатралы-шавіністы радаваліся, што Чэхаў у Таганрогу, а не ў Жмерынцы нарадзіўся, а тэатралы-касмапаліты марылі пра тэатр народаў на поўдні Сахары.

Ад воплескаў кананадных пад сцэнаю глухлі каты, і на святло пражэктараў выскоквалі мышы. З лапак і хвастоў палахлівых асыпаўся пылок парфумы французскае.

У перапынках, кавай пырскаючы, сварыліся драматургі маладыя. Гжэчнасць вялікая і малая камечылася, як праграмка. Нават класікі і то страчвалі годнасць хрэстаматыйную. Шэкспір цкаваў Розава, Гогаль — Макаёнка.

Усяго было.

Нястачы ніякае.

Анаго толькі бракавала — білетаў.

I хоць сямідзесятыя, і хоць Масква тэатральная, Масква афішная, а білетамі вольнымі ўсё ніяк не зацвітала.

I хоць каты аглушаныя з мышамі ачамрэлымі, а з білетамі, як з тымі бананамі афрыканскімі,— адно сліну глытай. Так нешта дробнае зрэдку пракідвалася, да пальцаў прыліпала. Але ж дробнае і абы-куды...

А мне хацелася ў той тэатр, што на Малой Броннай славутай, ды ў той тэатр, што на Малой Броннай славутай — білетаў і да вешалкі не было. Ва ўсякім разе для мяне.

Пэўна ж, выпраўка мая дохлакучаравая касіру на зуб не клалася, бо ні разу бронь шчаслівая не зрабілася маёй і ні разу кантрамарка з акенца адміністратарскага не зляцела ў далоні мае гарачыя.

Праўда, разы два мне шчасціла, і хоць са спазненнем, але ў залу глядзельную ўсё ж пратыкаўся... Квіток неяк выдзер з пераплатаю ў аднаго стокішэнніка філёўскага, калі ўжо глядзенне пачалося.

А другі раз на бабулек-білетарвачак сентыментальна наваліўся, слязіну доўгую пусціў, шчыра хлусячы: учора я ў тэатры вашым цудоўным быў і ў сёмым радзе білет камсамольскі забыўся...

Білетарвачкі ў гады трыццатыя, відаць што, камсамолілі ад душы поўнае, трагедыю маю зразумелі, дакумент юнацтва пашукаць пусцілі, але ва ўсе астатнія разы — куралём за дзверы выкідвалі.

Хадзіў я, як той Янка пад вярбой, маркоціўся, усё думаў: як жа гэта ў тэатры любым сваім чалавекам зрабіцца? Як жа гэта клопату білетнага ў вочы не бачыць?

Аж неяк гляджу: аб'яву на дзверы службовыя лепяць. Чытаю і задыхаюся ад таўкачні сардэчнае: тэатру на Малой Броннай славутай падлогамый патрэбен! Не падмятайла ў двары з дзеркачом абшморганым, а майстар лоску ўнутранага, магчыма, на самой сцэне...

Прасіцца кінуўся, не думаючы.

Яшчэ ў парозе, страхуючы сябе, закрычаў слёзна, што я не проста з вуліцы, што я свой, што я — друг тэатра!

Нават дырэктар пачуў.

Узялі мяне і што рабіць адразу ж паказалі: шараваць падлогу, праўда, не на сцэне, а каля вешалкі, ды яшчэ ў вазы-попельніцы, што ў курылцы на ножках бусліных целяпаюцца, ваду наліваць. Каб гэта пажару якога не ўчынілася.

Прыбіранне такое спадабалася мне.

На два пальцы работа.

Увесь клопат, што па вешалцы з анучаю прабегчыся ды з вядром пажарным у курылку скокнуць.

Так і рабіў, не ленаваўся.

I дзесяць хвілін са стрэлкі вялікай не саскоквала, як падлога блішчэла і з попельніцаў брыдотаю не дыхкала. А пасля...

А пасля ў душы маёй спяваць пачыналі скрыпкі пяшчотныя. Рукі свае напаўпралетарскія спаласкваў, ад бруду штаны атрапаў і нішкам, амаль нагінкам, у ложу дырэктарскую ўціскаўся.

А ложа дырэктарская, як тая крыніца фальклорная, заўсёды поўнаю стаяла. Гледачы там фасоністыя падбіраліся, а глядачкі — прыталеныя. Але ж і я тут не лішні: нікога не зачэпваю, у каркі чужыя густа не дыхаю, са шчыліны, нікому не бачнае, крэсельца раскідное, брэзентовае дастаю і па-гаспадарску ўтрамбоўваюся.

За два тыдні ўвесь рэпертуар паглядзеў, праўда, крыху прыпазняючыся на адкід заслоны, бо прыбіранні мае на самыя пачаткі глядзенняў прыпадалі. Ды я не крыўдаваў, за анучу браўся, спяваючы; падлогу, як бляху салдацкую, націраў; у вазы-попельніцы ваду ліў, паплёўваў. Стэрыльнасць аптэчная з рук маіх белым кацянём саскоквала, ва ўсе куткі забягала.

Зусім не хлушу пра стэрыльнасць аптэчную.

Я ж прычындалы прыбіральшчыцкія, тыя, што да мяне былі, памяняў, шчотку старую ды анучу злямчаную — з першага дня выкінуў. Зірнуў на шчотку. Не шчотка — сустаў рэўматычны! Ганьба мне шчоткай такою любімы тэатр падмятаць! А з анучы — мяне ледзьве не вымуціла. Не анучу, нейкую рагожыну ўбачыў, ушчэнт абсвінячаную.

Кінуўся ў цэх кравецкі і на анучу новую два метры каніфасу галандскага выдурыў. А дзеля шчоткі лепшае напачатку ў касцюмераў воўны новазеландскае наскуб, а пасля ў сталяроў кіёк з бамбуку індыйскага вып'яніў. Кіёк той на плашку сандалавую нажывіў,— воўна новазеландская сама да сандалу прысмакталася, у пучкі пабралася і санітарна натапырылася.

Шчоткі гэткае эстэцкае і Меерхольд не бачыў!

Вакол адразу ж: о-ё-ёй ды а-я-яй! Скрозь па тэатры ад здзіўлення вочы вырачыліся: што робіцца, маўляў, якія падлогамыі ў мастацтве з'явіліся!

Праўда, здзіўляліся, я сказаў бы, неяк насцярожана, падазрона, ніхто ўголас не падзякаваў за старанне маё, за жаданне маё падзвіжніцкае — усё-ўсё для тэатра рабіць, нават, калі трэба, канарэек на рэшаце выседжваць.

Падзякаваў толькі адзін чалавечак добры. Не з тэатра чалавечак — з вуліцы. Дзівосны такі, рахманы — не раўня стокішэннікам бульварным.

Перад тым як раптова сустрэцца з ім — усё маракаваў я, як гэта свае страсці мельпаненныя задаволіць, глядзенні ўсе з самага пачатку паглядзець? Трэба ж неяк расклад падлогамыйны змяніць, каб у ложу дырэктарскую адначасова з гасцямі фасоністымі шкрабянуцца.

Ці памочніка пашукаць...

Неяк увечары іду ў тэатр, іду-спяшаюся. Да званка першага часу капля малая засталася, а тут, у дзвярах службовых, хлопец адзін з вачыма бабруйскімі ловіць за руку.

О, думаю, зямляк.

Нехта з артыстаў маладых ці з абслугі тэатральнае.

Зараз цыгарэту папросіць. Ды не.

Хлопец з вачыма бабруйскімі пра цыгарэту й не думае, а пачынае хваліць мяне ды кампліментамі замілаванымі з ног да галавы ўцяпляць.

За што толькі?

А хлопец не змаўкае, блытана гаворыць:

—...наша абшчына падтрымае вас, калі вам цяжка будзе... Клопат ваш чалавечы высока ацэніцца...

— Які мой клопат? — перапытваю ды на хлопца дзіўнага тупа гляджу, вушыма пацепваю.

А ў хлопца вочы не проста бабруйскія — дзве свечкі ясныя, і цюбецеечка нейкая да патыліцы прылеплена.

— Клопат ваш вялікі,— тлумачыць,— кожны вечар вы прыбіраеце чыста-чыста святыню нашу.

— Святыню?

Нічога не цямлю з таго, што чую, а тут ужо й званок першы брамкае. Хачу пайсці, а хлопец гэты, цюбецеечку паправіўшы, за хвіліну кароткую паспявае мне цэлую лекцыю прачытаць пра гады мінулыя майго тэатра любага.

I даведаўся я, што пры цары тут сінагога была, а ў камсамольскія дваццатыя — падмосткі яўрэйскія. I на падмостках тых цуды жывапісныя вытвараў Шагал, а цуды акцёрскія — Саламон Міхоэлс...

— Я з тыдзень назіраю за вамі,— узрушана прызнаўся хлопец,— вы так шчыра працуеце. Нават анучу са шчоткаю памянялі! Да вас ніхто гэтак чыста падлогу не мыў...

Шкрабнуў другі званок.

I з ім, з гэтым званком другім, авантурка дробная ў крыві маёй горача загіялёхкала. Пацягнуў я хлопца зычлівага ў дзверы службовыя, да самое вешалкі давёў. Шчотку бамбукавую з анучай каніфаснаю паказаў і растлумачыў коратка:

— Вы сказалі, што падтрымаеце, калі мне цяжка будзе. Дык падтрымайце, падлогу памыйце. А мне трэба глядзенне сённяшняе з пачатку паглядзець...

Хлопец здрыгануўся ўвесь, за цюбецейку схапіўся. Нешта прамовіць хацеў, але зазвінеў трэці званок, і я пакінуў хлопца, пабег у ложу дырэктарскую выцягваць са шчыліны патаемнае сваё крэсла брызентовае. Я быў аглушаны шумам ніягарскім удачы неспадзяванае. Нарэшце!..

Нарэшце ў ложы я з самага пачатку.

У гэты вечар «Жаніцьбу» паказвалі.

На сцэну выйшаў небарака Падкалёсін (артыст Мартынаў). Я падумаў пра бабулек мурашканогіх, што пры вешалцы тупаюць. Пашанцавала бабулькам — сёння раней дахаты пойдуць. Калі на сцэне Падкалёсін-Мартынаў, «Жаніцьба» заўсёды карацейшаю выходзіць. Калі ж фрак падкалёсінскі артыст Волкаў усцягвае, бабулькі стогнуць, як паланянкі егіпецкія, бо артыст Волкаў — маруда страшэнная, глядзенне кожнае на паўгадзіны зацягвае...

Падкалёсін-Мартынаў паглядзеў уважліва на ложу дырэктарскую, і тут... дзверы за маёй спінаю адчыніліся з трэскам фехтавальным.

Нібы ад позірку ягонага!

Ложа здрыганулася, усе паверылі, што сапраўды ад вачэй таленавітых дзверы адчыніліся.

Я трыумфаваў, звысоку пазіраў на гледачоў фасоністых: ну што, барахольшчыкі, катарсіснуліся?! Адчулі, што значыць мастацтва непадманнае?

Па галаве ды карку маім заскакаў халаднічок застудны.

Я крутануўся, каб гэта дзверы прычыніць, і рукою на нешта мяккае напароўся.

На дырэктара! Ён стаяў у парозе, узброены лютасцю.

Вядома ж, дзверы адчыніліся не ад вачэй таленавітых, трэск фехтавальны з дзвярыма дырэктар учыніў...

Дырэктар схапіў мяне за каўнер, выскуб разам з крэсельцам з ложы і абурана загадаў:

— Ідзі за мной, друг тэатра! Па дарозе я стаў апраўдвацца:

— Таварыш дырэктар, паверце, вашым гасцям дарагім я не замінаў. Я ж толькі хвілінку пасядзеў, не больш...

Ён не слухаў — злы і ў злосці сваёй беспамылковы, як Зеўс. Была б у руках ягоных маланка — спапяліў бы мяне разам з гузікамі...

Меў рацыю класік, усе трагедыі чалавечыя з вешалкі пачынаюцца. Дырэктар жа і прывалок мяне да вешалкі.

— Мыйце падлогу, друг тэатра! — закрычаў ён.— I не здзекуйцеся з людзей!

Я ... здзекуюся! З каго?

I тут убачыў я хлопца з цюбецейкаю на патыліцы. На ягоным локці сагнутым целяпалася ануча каніфасная, а шчотка бамбукавая вытыркалася аднекуль з-за пляча, як штуцэр мікалаеўскі.

— Прачабце, калі толькі можаце,— загаварыў мой памочнік шчыры,— я не памог вам, бо не паспеў сказаць... вы так хутка пайшлі... я не паспеў папярздзіць, што сёння субота!

— Субота?! Ну, дык і што, што субота?

— А тое,— уздыхнуў мой памочнік няўдалы,— што ў суботу мне рабіць нічога няможна.

— Як гэта няможна?

— А так...

— Хто вы такі? — здзівіўся я.

— Габэ абшчыны маскоўскае.

Ах, лабастук я дурны, што вычаўп з яўрэем набожным! Гэта ж так — у суботу яму, маладому, не тое што падлогу мыць, нават раман пра каханне чытаць нельга.

Хлюпанос я ваўкаваты,— чалавека добрага да гароху салёнага давёў...

Застаўшыся сам-насам з анучаю каніфаснаю, памочнік мой нечаканы з думак адчайных пазелянеў на лісце майскае.

Страшэнна баючыся ўчыніць грэх, ён вельмі інтэлігентна папрасіў бабулек мурашканогіх зрабіць за яго прыборку.

Тыя ж адно рукамі замахалі.

Тады ён выскачыў у калідорчык паміж вешалкай і кулісамі і натыкнуўся на артыста М. Казакова, што ў грыме спяшаўся на сцэну.

Шчыра і ветліва мой памочнік цудоўны папрасіў артыста М. Казакова памыць падлогу і працягнуў яму анучу каніфасную.

Заклапочаны артыст засцерагальна хістануўся да сцяны і ўжо думаў бараніцца, але яго мужна засланілі дзве практыканткі-ўгікаўкі, якія, дзякаваць богу, на той момант педагагічна таўкліся за кулісамі, г. зн.— назіралі зблізку за майстрамі-артыстамі ў імгненні перадсцэнічныя.

Артыста М. Казакова практыканткі абаранілі, але гэтак жа мужна абараніць дырэктара тэатра, што раптова з'явіўся за кулісамі, не паспелі.

Памочнік мой залаты, не кідаючы анучы каніфаснае, усімі пальцамі ў дырэктара ўчапіўся і слоўцы такія выслязіў: памыйце, дарагі таварыш, у вешалцы і памяняйце ваду ў курылцы, бо сёння — субота, а я — габэ абшчыны маскоўскае...

Па дырэктары — і не дзіва ж! — пот гарачы равамі шырокімі пацёк.

Дырэктар адразу ўцяміў,— хто вінаваты ва ўсім. Вось чаму з такой лютасцю жоўтаю ён выскуб мяне са сваёй ложы.

Што выскуб так недалікатна — гэта нічога. Зубы ж мае не трэснулі. I што назаўтра з работы папёр, з пасады падлогамыйнае скінуў — таксама бяда малая.

Бяда ж вялікая ў тым, што падумаў пра мяне, як пра стокішэнніка. Зусім пагана падумаў, быццам і папраўдзе я хацеў паздзекавацца з чалавека цудоўнага.

I тое бяда, што ў сваім тэатры любым я не паглядзеў з пачатку глядзення ніводнага.

28 лістапада 1990—13 студзеня 1991

Пра тое, як я ў недазволеным мітынгу ўдзельнічаў

У нашым мястэчку сталічным Левыя і Правыя... даўно ўжо даўно жывуць. Ці не з дзён рукапісных Менеска славутага? А мо і таго даўней. Звестак дакладных няма. Добра вядома толькі тое, што заўсёды Левыя былі неспакойныя, а Правыя адно й рабілі, што іх супакойвалі.

Левыя звычайна прамаўлялі: “Бачыце, шьто робіцца! І ведаеце, хто вінаваты?!” а Правыя, на тое казалі: “І нічога таконга не робіцца, а калі й робіцца, то вінаватыя ў гэтым вы”.

Левыя з Правымі часта сварыліся, горла адны на адных люта настаўлялі. У Правых было войска, таму ў сварках яны заўсёды перамагалі. Войска заўсёды бывае толькі ў Правых. Калі ж войска з’яўляецца ў Левых, то Левыя тады імгненна забываюць, што яны левыя.

Я – як і кожны чалавек недурны, у якога не адзін розум, а два, – пасярэдзіне быў, паміж Левымі і Правымі стаяў. Мне падабаліся Левыя, але і з Правымі я не хацеў сварыцца. Навошта? Свае ж людзі таксама.

Не ведаю, як дзе, а ў нашым мястэчку стольным любімы занятак Левых – мітынгі, ну а ў Правых сваё хобі – нарады. Часцей за ўсё, засядаючы, Правыя паглыблена вывучалі заявы Левых, учытваліся ў кожны хвосцік. У заявах сваіх Левыя звычайна прасілі дазволіць ім правесці мітынг чарговы. Называлі дзень. Правыя ж адмаўлялі і на заявах Левых рэзалюцыравалі нешта такое?а ці звычайна не ў гэты дзень нарадзіўся Карл Маркс? А ці не супадае гэта з 60-годдзем высылкі Троцкага? А ці не перашкодзіць гэты мітынг правядзенню свята рыбака?..

У тры словы кажучы: Правыя не папускаліся.

I з мітынгам, у якім я ўдзельнічаў, Правыя таксама не папусціліся. Учыталіся ў заяву падазроную, на партрэт Дзяржынскага ўсе разам паглядзелі, абжоўваць пачалі. А чаму ўдзельнікаў столькі? А чаму ў месцы такім (Левыя думалі на могілках сабрацца)? А ці толькі гэтых яны будуць памінаць, а можа, й тых?

Пасля ўсіх пытанняў цяжкіх Правыя — дзеці ж сялян — уздыхнулі зусім па-сялянску: а каб вы спрахлі, Левыя, а каб вы галавой налажылі, дыхаць не даяце, паразіты, ну дык і мы вам...

I далі пакуль сваім лектарам адданым заданне — скрозь, дзе толькі можна, гароху дэзінфармацыйнага пасыпаць. I пабеглі лектары-пляткары адданыя ва ўсе бакі мястэчка нашага сталічнага, пазаймалі ўсе трыбуны з графінамі зялёнымі, гарох жменямі пачалі шпурляць: «Не слухайце, людцы, лайдакоў левых, на могілкі не йдзіце. Бо калі пойдзеце, паб'юць вас. Хто біць будзе, не ведаем, але чутка ёсць — хлопцы-парашуталётцы спрыт свой інтэрнацыянальны пакажуць».

Здрыганулася па першым часе мястэчка наша сталічнае, рэбры свае худыя каля пазванкоў адчула. Але гэта толькі па першым часе. А ў дзень мітынгу — дрыготка мінулася. Мала хто паслухаў лектароў-плеткароў. Хоць яны не толькі ад сябе палохалі — усё больш на газету «Вячэрні піск» спасылаліся ды на хлопцаў-парашуталётцаў налягалі.

У дзень мітынгу местачком — галоўны будан Правых — на Бастылію стаў падобны, і ў натоўпе нават гукнуў нехта: «Людовіка на плаху!» Пазней, праўда, выявілася, што смерць «людовіку» патрабаваў пераапрануты Правы.

Я купіў кветкі. Каб кветкі ўцалелі ў штурханіне людской, я загарнуў іх у некалькі газецін кааператарскіх. Выйшаў пакунак ладны — шырэйшы з аднаго канца, чым з другога. Здаля зірнуўшы, можна было падумаць, што ў руцэ ў мяне загорнуты цясак адналязовы, або сякерка кухонная, або яшчэ нешта небяспечна гастраномнае.

На падыходзе да могілак мітынговых мяне спынілі два міліцыянты лычкапагонныя, на пакунак паказалі:

— Што гэта ў вас?

Яны спыталі, вядома ж, па-руску, і гэтак жа па-руску адказаў я.

— Спутніца тревог.

— Што?! — вочы ў міліцыянтаў бліснулі, як гузікі уніформныя.

Зразумеў я, што пакаленне сённяшняе нашай міліцыі бяссоннай дрэнна ведае вечна маладую паэзію Льва Ашаніна. Растлумачыў, як спецыяліст:

— Красная гвоздика — спутница тревог.

— Цветы, что ли? — усё яшчэ не верылі міліцыянты лычкапагонныя.

— Можаце памацаць,— дружалюбна прапанаваў я.

Яны памацалі мой пакунак батанічны, пасля панюхалі і прапусцілі мяне да самай брамы.

А ў браме іхнія аднапрафесійцы мужныя стаялі двума радамі шчыльнымі. Не праткнуцца на могілкі, не прапаўзці. Відаць па ўсім, Правыя загадалі нікога да магіл не пускаць — ні Левых, ні такіх, як я, што абачліва пасярэдзіне таўкуцца.

— Пусціце, хлопцы,— знарок авечым голасам папрасіўся я.

— Не пусцім,— адказваюць.

— На магілку начальніка любімага хачу букецік пышны пакласці,— слязу ім на пагоны наганяю.

— А ты свой букецік пышны да манумента «Мястэчка-Герой» пакладзі,— раяць міліцыянты маладыя.

Сумна.

Бачу: аж на могілках не хто-небудзь, а знаёмыя Левыя ходзяць, замаркочанасць паказваюць. Прайшлі, значыцца, раней, мусіць, з ночы яшчэ, калі не было гэтай варты двухрадовай.

Усунуўся тут я паўз галовы міліцэйскія, паклікаў самага знаёмага Левага, растлумачыў яму ветліва: кветкі шэфіку любімаму не даюць пакласці, кажуць, да манумента нясі. Пакладзі, дарагі спадар, за мяне. Магіла вунь яна, пад сасною...

I толькі гэта я кветкі аддаў, як вакол усё закруцілася, завірыла, накрыўку рваць пачало. Гэта,— не разбіраючы дзе Левыя, а дзе тыя, што пасярэдзіне,— рушыла ў наступ гумовабіўны войска Правых. На адну аглоблю ўсіх мерыць стала, у адну гурбу чалавечую зганяць. Так вось Левыя на ўвесь гэты мітынг недазволены аб'ядналіся з тымі, што пасярэдзіне.

Са мною, значыць.

У такую хвіліну ўдалую Левыя заўсёды трыумфуюць, з-пад іхніх крылаў вераб'іных пёры арліныя феерычна вылазяць. Правыя ў кожным сваім наступе безаглядным заўсёды падвойваюць, а то й патройваюць батальёны Левых. I не толькі за кошт чалавечкаў такіх, як я, што век свой заўсёды пасярэдзіне боўтаюцца, але ж і за кошт сваіх ахвяр, за кошт сваіх людцаў службовых, пераапранутых... То з аднаго краю, то з другога можна было пачуць: «Не біце мяне, я ж свой! Во мае дакументы!» Войска Правых суцяшала: «Маўчы, падла, тут усе свае».

Войска Правых манеўрам абыходным сувораўскім аб'ект (г. зн. могілкі) — блакіравала. У першай яго лініі дзейнічала група фотабіццяроў адчайных. Гэта былі спецыялісты рашучыя па абясшкоджванні тэхнікі аптычнае. Людзі далікатныя, абыходлівыя,— але зараз яны зусім не мелі часу, каб гэта паказаць усе свае далікацтвы душэўныя,— каб, скажам, па-гусарску галаву схіліўшы, напачатку засведчыцца засмучаным фота- і кіназдымшчыкам, а пасля ласкава пераканаць іх, што іхнія фоташчоўкі і кіназдымалкі робяць тут, на мітынгу недазволеным, справу шкодную, недзяржаўную. Так, часу на дыпламатыю не было, але каб хоць ён і быў, час гэты салонны, усё адно мала што б змянілася, бо фотабіццяры адчайныя зусім не верылі ў мысленне дзяржаўнае фота- і кіназдымшчыкаў засмучаных. Паблізу іх, засмучаных, дзейнічалі фотабіццяры, як каты галодныя паблізу мяса. З мяўканнем дзікім выдзіралі з рук фоташчоўкі і збівалі з плячэй кіназдымалкі.

Дарагое начынне аптычнае на асфальт ляцела.

На шашы ўздоўж могілак мітынговых вырасла сцяна механізаваная — дымна паварушвалі цыліндрамі вялізныя, як сланы, спецмашыны і маленькія, як мухі, спецмашынкі; чакалі пасажыраў фургоны элегічныя з вокнамі закратаванымі; падрыг-валі раструбамі на кабінах вадамёты бескампрамісныя; «Ікарусы» дэмакратычныя, поўныя курсанцкай моладзі баявітай, астматычна выдыхалі едкую саляру недапаленую; жыгалі сюд-тут па-камсамольску бадзёрыя матацыклы аўтаінспекцыі; і здалёку сарамліва паблісквалі крыжамі маркоўнымі самаахвярныя пырхаўкі санітарныя.

У кузавах адкрытых «Уралаў» зубрападобных гвардыя Правых сядзела. Хлопцы — галава ў галаву. Усе ў шаломах непрамакальных і з гнуткімі гумовымі паленцамі ў руках,— усе закрытыя ад свету белага бліскучымі, як вітрыны, шчытамі. Гвардыя ў рэзерве была.

Крыху воддаль ад гэтай мотакалоны засаднай чарнела «Волга» местачкомаўская. У ёй сядзеў бацька нашага мястэчка стольнага — першы гаспадар местачкома, чалавек прынцыпаў і перакананняў нязменных. У сваім паліце габардзінавым пасля го-да 85-га ён зашыў зачытаны ўшчэнт «Курс ВК.П(б) кароткі».

Праз хвіліну кожную ў местачкомаўцы чорнай тэлефон званіў. Першы гаспадар местачкома ўважліва слухаў — дакладвалі то з аднаго, то з другога суда народнага. Скрозь па мястэчку нашым суды народныя ўжо гатовыя былі прыняць да працэсу справядлівага падбухторшчыкаў ярых, г. зн.— галоўных Левых. Чакалі ўжо сведкі, свае крэслы мяккія пазаймалі суддзі,— і ўжо на сталы панавальвалі стосы пратаколаў запоўненых. Толькі падпісаць іх засталося. А ў касы ашчадныя быў загадзік пушчаны маланкава: галоўных Левых, дый астатніх, негалоўных, аштрафаваных па суду на дзвесце рублёў савецкіх, абслугоўваць без чаргі,— як ветэранаў вайны апошняе.

Пазваніў у местачкомаўку чорную і пракурор мястэчка галоўны. Далажыў трывожна: ноччу з будынка пракуратуры зніклі ключы ад кабінетаў і падвалаў усіх, і нават ад увахода цэнтральнага. Пра гэтае шкодніцтва нечуванае ўжо дадзена інфармацыя ў газеты і на тэлебачанне. Шкоднік жа — вядомы. Гэта начны вартаўнік пракуратураўскі. Есць падазрэнне: начны вартаўнік пракуратуры нашае звязаны з Левымі. Цяпер яго ловяць і, вядома ж, зловяць, і ключы адбяруць, і — само па сабе — пакараюць. Ды ўцеха з таго пакуль што малая,— бо ўсе ж працаўнікі пракуратуры нашае местачковае, гэтыя рыцары мастацтва юрыдычнага, таўкуцца цяпер на вуліцы, не маючы аніякай магчымасці заняць свае вышыні крыленкаўскія. Ужо з гадзіну, як яны не абараняюць правы законныя нашых местачкоўцаў сумленных, бо на вуліцы немагчыма ж прымаць заявы ці пратэсты там якія. I нават ён, пракурор галоўны, таксама на вуліцы таўчэцца і дакладае ў местачкомаўку чорную не па клавішным сваім арганчыку, а па траскуне вулічным, ледзьве ўвапхнуўшы ў яго дзве капейчыны медныя.

Першы гаспадар местачкома з надзеяй чакаў гэтае данясенне трывожнае. I вось — дачакаўся. А тут яшчэ пазваніў збеглы вартаўнік начны, пацвердзіў святасць слоў пракуроравых. Значыць, усё ўлічана, самы час надаваць аперацыі размах стратэ-гічны...

I на Левых былі пушчаны сілы гвардзейскія, і Левыя разам з тымі, хто пасярэдзіне, мусілі былі адысці ад могілак мітынговых, адступіць за межы нашага мястэчка сталічнага.

Там, за мястэчкам, у чыстым полі паэтычным, што паволі ў пагорак пераходзіла, і адбыўся мітынг забаронены.

Лідэр Левых, падобны на высокую свечку запаленую, гаварыў проста і выразна, і гаварыў якраз пра тое, пра што ўсе пачуць хацелі. Яго слухалі, як у касцёле,— седзячы. Лідэр Левых, як варажбіт, умеў пераконваць голасам. Голас ягоны марна не губляўся, насычаў паветра і, няхай ненадоўга, але тыя, што пасярэдзіне, страчвалі іронію сваю, а сумленныя абывацелі й болей таго — на гэтым пагорку голым адчувалі сябе паўстанцамі. I нават моладзь курсанцкая, якая, лёгка прабегшы па чыстым полі фальклорным і апярэдзіўшы астатніх вайскоўцаў, першая на схіл пагорка ўзышла,— і тая знерухомела, пачуўшы лідэра Левых.

— Курсанты, сядайце! — запрасіў ён. Моладзь баявітая па-дзіцячы пачырванела і памкнулася было прысесці, але ўсё ж не зрабіла гэтага,— бацькоў-камандзіраў пасаромелася.

Першы гаспадар мястэчка баяўся лідэра Левых. Ён увогуле баяўся людзей, якія размаўлялі па-беларуску і ўмелі прамаўляць словы, на паперку не напісаныя.

Яму далажылі пра схіл пагорка, на якім мітынгоўцы сышліся і які ўжо часткова курсантамі акружаны. Ён зірнуў на карту і алоўкам чырвоным вакол пагорка варожага намаляваў абараначак. Намацаў пад габардзінам цёплым «Курс кароткі», паразважаў, на карту гледзячы: мясціна крутая, тэхніку гнаць не варта, а па-пяхотнаму трэба вывесці некалькі рот, шчыльней абкласці аб'ект (г. зн. пагорак) і ціскануць.

Яму захацелася на свае вочы ўбачыць канец баталіі слаўны.

I ён убачыў.

— Што рабіць з лідэрам Левых? — спыталіся ў яго.

— А што, вы яго ўжо спаймалі?

— Не яшчэ,— адказалі разгублена.

— Ну, дык лавіце і праз суд вышліце яго ў РСФСР. Толькі праз суд!

Левых са схіла пагналі.

Левыя і тут не ўпарціліся. Уцякалі хто як мог, угінаючы плечы і галовы ад кулакоў ды паленцаў гумовых. Разам з Левымі беглі абывацелі і ўцякаў я. Уцякаў у гурце тых, што заўсёды пасярэдзіне.

Ні кулаком, ні паленцам мяне не зачапілі. Мне, наогул, пашанцавала. Я ўспароўся проста на радыятар местачкомаўкі чорнае, з якос якраз першы гаспадар местачкома вылазіў. Да мяне прыпознена ахоўнікі кінуліся, але я, ратуючыся, апярэдзіў іх, смела да гаспадара першага падступіў. Я паказаў на Левых, што, уцякаючы, рассыпаліся вакол, і цвёр-да прамовіў:

— Таварыш генерал, Левыя ні слова не разумеюць па-руску. Вазьміце мяне за перакладчыка, лягчэй у вас работа пойдзе.

Не ведаю, ці добра я зрабіў, абазваўшы першага гаспадара местачкома генералам, але тое, што прапанаваў свае паслугі філалагічныя, займела свой выбрык станоўчы. Мяне прапусцілі праз шчыты празрыстыя і шаломы непрамакальныя,— прапусцілі, не пакамечылі, а назаўтра нават запрасілі ў пакой высокі. Так, так,— сам першы гаспадар местачкома, запомніўшы мяне, зрабіў ласку, да сябе паклікаў.

— Мы ведаем,— сказаў першы гаспадар местачкома,— што вам падабаюцца Левыя, але й з намі, Правымі, вы сварыцца не хочаце. Мы ведаем, што вы заўсёды пасярэдзіне, што б ні было. Гэта вельмі добра. Учора вы прасіліся на работу, але перакладчыкаў з мовы беларускае ў нас шмат. Мы вам работу другую прапануем, вельмі важнуюдля мястэчка нашага. Мы вас папросім арганізаваць Партыю Пасярэдзіне. Так-так, Партыю Пасярэдзіне. Пэ Пэ скарочана. Вам, як лідэру партыі новай, дэкляруем усё — і местачкомаўку чорную з тэлефонам, і пакой высокі ў любым, дзе захочаце, будынку мястэчка. Галоўнае, каб мы ў гэты час трагічны былі разам.

— Дзякую,— прашаптаў я ўзрушана,— я падумаю.

— Добра,— сказаў гаспадар местачкома,— толькі з адказам не спяшайцеся, падумайце хвілін пяць.

У пакой высокі ўвайшоў збеглы начны вартаўнік пракуратураўскі:

— Таварыш першы гаспадар, лідэр Левых злоўлены.

— Судзіце яго,— загадаў першы гаспадар местачкома.

— Ужо засудзілі,— прамовіў збеглы вартаўнік пракуратураўскі.

— Тады высылайце ў РСФСР!

— Ужо выслалі, таварыш першы гаспадар местачкома.

— Збеглы вартаўнік начны пракуратураўскі задаволена выслізнуў з пакоя высокага.

— Забыўся папярэдзіць вас,— ласкава загаварыў да мяне першы гаспадар местачкома,— на людзях вы і ўся партыя ваша будзеце дзейнічаць незалежна ад нас, Правых. На сваіх мітынгах і ў сваіх газетах будзеце безаглядна спрачацца з намі, крытыкаваць нас, нават лаяць. Але ў нейкі момант, каб ворагі нашыя не здагадаліся, што мы саюзнікі, і каб зусім іх заблытаць, нам давядзецца вас арыштаваць, як лідэра легальна варожай нам партыі. Давядзецца судзіць вас і выслаць...

— У РСФСР?! — напалохаўся я.

— Ды што вы! — усклікнуў першы гаспадар местачкома.— Сваіх мы ў РСФСР не высылаем. У адваротным кірунку паедзеце. Ну, скажам, у бок якога-небудзь каралеўства соннага. Бельгій-скага, напрыклад, або Шведскага.

7 ліпеня 1989 – 14 красавіка 1991

Оглавление

  • Леанід Дранько-Майсюк ПРА ТОЕ, ЯК Я...
  • Пра тое, як я забароненую літаратуру чытаў
  • Пра тое, як я ў заходнеберлінскую оперу хадзіў
  • Пра тое, як я ў баль-маскарадзе ўдзельнічаў
  • Пра тое, як я цукар купляў
  • Пра тое, як я ад’ютанту Пілсудскага не паверыў
  • Пра тое, як я ў аптэцы начной дзяжурыў
  • Пра тое, як я з Масквы ў Мінск мэблю перавозіў
  • Пра тое, як я яўрэю знаёмаму эміграваць дапамог
  • Пра тое, як я Маршалка Кім Ір Сена сустракаў
  • Пра тое, як я ўпершыню за мяжу збіраўся
  • Пра тое, як я з Лепшым кампазітарам беларускім пазнаёміўся
  • Пра тое, як яў тэатры падлогу мыў
  • Пра тое, як я ў недазволеным мітынгу ўдзельнічаў Fueled by Johannes Gensfleisch zur Laden zum Gutenberg

    Комментарии к книге «Пра тое, як я... [13 несур'ёзных апавяданняў]», Леанід Дранько-Майсюк

    Всего 0 комментариев

    Комментариев к этой книге пока нет, будьте первым!

    РЕКОМЕНДУЕМ К ПРОЧТЕНИЮ

    Популярные и начинающие авторы, крупнейшие и нишевые издательства