«Адзiнота на стадыёне»

1306

Описание

Творчасьць Адама Глёбуса (сапраўднае імя Ада́мчык, Уладзіме́р Вячасла́вавіч) даволі спэцыфічная, радыкальна адрозьніваецца ад колішняй літаратуры савецкага часу. «Адзінота на стадыёне» - другая кніга аўтара, беларускага пісьменьніка, мастака, выдаўца, удзельніка таварыства «Тутэйшыя». Кніга сладаецца з чаіырнаццаці апавяданьняў, кожнае зь якіх – завершаны твор. Тэма – жыцьцёвыя гісторыі, назіранні за штодзённасьцю, перажываньні і пошукі сэнсу жыцьця. Адам Глёбус здольны вылускаць з паўсядзённасьці і звычайнасьці нешта цікавае і неардынарнае. Здольнасьць увайсьці ў душу героя і паказаць сьвет ягонымі вачыма робіць творчасьць Глёбуса даступнай і займальнай. Кніга адрасавана шырокаму колу чытачоў. (Н.Г.)



Настроики
A

Фон текста:

  • Текст
  • Текст
  • Текст
  • Текст
  • Аа

    Roboto

  • Аа

    Garamond

  • Аа

    Fira Sans

  • Аа

    Times

Адзiнота на стадыёне (fb2) - Адзiнота на стадыёне 317K скачать: (fb2) - (epub) - (mobi) - Адам Глобус

Адам Глёбус АДЗIНОТА НА СТАДЫЁНЕ

Падрыхтаванае на падставе: Адам Глёбус, Адзiнота на стадыёне — Мінск: 1989.

© Камунікат.org, 2012

Вова, Вова

У плане пакой квадратны. Вышыня сцяны роўная яе даўжынi. Акно i дзверы зачынены. У пакоi цёпла. Пахне шпалерным клеем. Падлога акуратна заслана абгортачнай папераю. На паперы, пасярэдзiне пакоя, стосам ляжаць стужкi шпалераў. Стужкi аднолькавай даўжынi. Сцены, з якiх знялi старыя шпалеры, падобныя да геаграфiчных картаў, а дзiркi ад цвiкоў — на абазначэннi населеных пунктаў. Аконная рама акрэслiвае чатыры фрагменты мiкрараённага краявiду. Аконная рама белая, як столь i дзверы. У адным з чатырох кутоў стаяць лескi, каля iх — табурэт. Калi куты пакоя злучыць па столi ўяўнымi дыяганалямi, якраз у кропку перакрыжавання ўбiты крук, на якiм вiсiць шкляны шараабрысны свяцiльнiк. Шар не гарыць. У пакоi светла. За акном дзень. На падваконнi ляжаць каўпакi ад дзвюх разетак i выключальнiка, адвёртка i шэсць вiнтоў. Шыбы запацяваюць, зацягваюцца мутнасцю. Кубiчная прастора адгароджана ад свету стандартным акном, пабеленай столлю, дашчанай падлогаю i гладкiмi дзвярыма.

У пакоi двое рабочых. Старэйшы мае пяцьдзесят гадоў. Маладзейшаму каля дваццацi пяцi. На абодвух цёмныя курткi, шырокiя порткi i грубыя чаравiкi з рантам. Вопратка i абутак у крапках мелу, фарбы i клею. У старэйшага двухдзённая шарая, што порах, шчацiна. Маладзейшы чыста паголены. На галовах у iх аднолькавыя берэты, раней чорныя, а зараз выцвiлыя, шарыя. Рабочыя працуюць моўчкi, добра ведаючы кожны свае абавязкi i магчымасцi. Старэйшы рабочы на некалькi сантыметраў меншы ростам за маладзейшага. Якi, як i напарнiк, мае незапамiнальную, звычайную, нiчым не адметную знешнасць. Усе рысы, жэсты, рухi, паводзiны гэтых рабочых маглi б належаць iншым, але на дадзены момант належаць iм.

Адна сцяна кубiчнага пакоя, сцяна, дзе рабочыя знялi каўпакi з разетак i выключальнiка, сцяна, у якой няма нi акна, нi дзвярэй, агульная з другiм пакоем двухпакаёвай кватэры.

Другi пакой мае iншы выгляд, процiлеглы выгляду першага пакоя. У плане другога ляжыць не квадрат, а прамакутнiк, складзены з двух квадратаў. Пакой мае два аднолькавыя акны. У iм пабеленая столь, новыя шпалеры i свежапафарбаваная, але ўжо два днi як сухая, падлога. Ён бiтма набiты мэбляю i рознымi неабходнымi i непатрэбнымi рэчамi, каб не замiналi рамантаваць астатняе памяшканне. У пакоi цяжка знайсцi i нават убачыць канкрэтную рэч. Усё стаiць i ляжыць без логiкi i парадку адно перад адным, адно на адным, адно за адным... Канты, вуглы, куты, рагi, плоскасцi, заглыбленнi, адтулiны, дзiркi, складкi, а не рэчы прадстаюць перад вачыма. Урачыстасць, парад, фэст, а ў рэшце рэшт — гармiдар рэчаiснасцi, матэрыi, быту i дабрабыту. Метал, шкло, дрэва, керамiка, папера, тканiна i шмат, шмат iншых матэрыялаў, з якiх утвараюцца iнтэр'еры, перамешваюцца, пераплятаюцца, перакрэслiваюць адзiн аднаму незалежнасць i адасобленасць. Жыллё трансфармуецца ў лабiрынт фактур i афарбовак.

На фоне трыумфу неабавязковых нацюрмортаў двое хлопцаў глядзяць тэлевiзар. Большаму, дванаццацiгадоваму, даручана глядзець меншага, шасцiгадовага. Меншаму наказана слухацца. Яны ўдвух сядзяць на адным крэсле, утаропiўшыся ў выпуклы экран. Большы з хлопцаў, яго клiчуць Вовам, уважлiва сочыць за падзеямi на тэлеэкране. Меншы, у яго iншае iмя, час ад часу паглядае на Вову. Гэтыя хлопцы — браты. Большы правай рукою абдымае меншага за плечы, каб той не з'ехаў з крэсла. Меншы, як i брат, маўчыць. Хлопцы падобныя, вельмi падобныя, можна было б сказаць, што гэта адзiн i той жа чалавек адначасова жыве ў розных узростах, каб не вочы. У меншага яны неаднолькавыя — правае па-славянску блакiтнае, а левае шарае. Вова мае цёмныя, ледзь не чорныя, азiяцкiя вочы. На тэлеэкране з каляровых нiтак плятуцца электравыявы.

* * *

У кубiчным пакоi працягваецца праца. Маладзейшы рабочы час ад часу ўзлазiць на лескi. Тады старэйшы намазвае клеем шпалерыну. Мужчыны ўважлiва правяраюць, каб арнаменты на папярэдне прыклеенай стужцы супалi з арнаментамi наступнай. Пакуль намазваецца чарговая стужка, маладзейшы паспявае пераставiць лескi на паўметра наперад. Старэйшы працуе няспешна ў знойдзеным i замацаваным за гады рытме. Усе аперацыi паўтараюцца i паўтараюцца без вiдавочных змен. Упэўненыя рукi маладзейшага разгладжваюць вiльготную паперу на даволi роўнай плоскасцi кватэрнай сцяны. Перад тым як пачаць намазваць стужку, старэйшы акуратна, каб не расплёхаць, размешвае клей у белым эмалiраваным тазе. У белым вiры круцiцца скажонае адлюстраванне пакоя з яркiм светлым акном.

— Асцярожна! Ты тут асцярожна, каля разеткi. Можа токам ляснуць. Чуеш? — папярэджвае старэйшы.

— Чую. Я i так асцярожна.

— Можа, выкруцiць пробкi? А?

— Не трэба. Я асцярожна. Малыя тэлевiзар глядзяць.

— Глядзi сам. Я папярэдзiў, — старэйшы намазвае чарговую стужку.

— Хопiць. Наступную не намазвай. Гэтую клеiм i — абедаем, — загадвае маладзейшы.

— Добра, амаль палову зрабiлi. А што, дарэчы, на абед? А?

— Грыбны суп, калдуны i кампот з яблыкаў.

— Няблага, як у рэстаране, нават кампот з яблыкаў.

— А я не люблю калдуны. I бульбу не люблю — нi смажаную, нi печанаю, нiякую. Мне лепш есцi хлеб, чым бульбу.

— Аддасi iх мне, я люблю ўсялякую бульбу, нават халодную замест хлеба.

— Не магу, не магу галодным працаваць. Ды ў ядзе я даўно перастаў разбiрацца. Ем усё, што даюць. Люблю не люблю, а ем.

— Мы шмат робiм таго, што не любiм. Ад гэтага нiкуды не падзенешся, — сцвярджае старэйшы рабочы.

— Не падзенешся, гэта то так, — згаджаецца маладзейшы.

У ванным пакоi ўсхвалявана лапочуць неадрэгуляваныя краны. Манатонна, з поўнай адсутнасцю тэмпераменту, мармыча гарачы. Парыпвае, мяняе танальнасцi, павiсквае халодны. Шумiць вертыкальны струмень.

— Скажы "р-р-рыба", — Вова звяртаецца да брата.

— Не хачу.

— Скажы.

— Ну, выба.

— Ужо лепш. Раней была фыба.

— Я навучуся. Пваўда?

— Канечне, навучышся. Абавязкова! — Вова ўстае з крэсла, гладзiць кароткападстрыжаную галаву брата i працягвае гаварыць: — I я раней гаварыў лыба замест рыба. I як сам бачыш, навучыўся.

— А як ты навучыўся? — меншы скiдвае Вовiну руку са сваёй галавы.

— Паўтараў, паўтараў розныя словы, дзе ёсць "р", i нiчога не атрымлiвалася. Лыба заставалася лыбаю. Я ўжо думаў, што нiколi не навучуся, што ўсё жыццё буду з лыбай жыць. Але не. На кухнi мацi пякла дранiкi, я падышоў i сказаў: "Мама, я хачу др-р-ранiк". I ўсё. I навучыўся. Заўсёды ёсць адно слова, з якога пачынаеш добра вымаўляць "р-р-р".

— Дв-в-ванiк! Дв-в-ванiк! Дванiк! — у вачах меншага брата з'яўляецца расчараванне.

— У кожнага гэтае слова сваё. У мяне быў дранiк. У цябе будзе iншае.

— Якое будзе ў мяне? Ты скажы мне яго.

— Я не ведаю, i нiхто не ведае. Толькi калi ты навучышся вымаўляць "р-р-р", тады даведаешся.

— А калi я навучуся?

— Хутка, табе ўжо шэсць гадоў. Хутка навучышся. Рабочыя ўжо есцi пайшлi, — Вова пераводзiць гутарку на iншую тэму.

— Ага, яны ядуць калдуны i п'юць кампот. Я хачу кампоту i калдуноў. А гвыбны суп я не буду.

— Спачатку глянем, што яны там зрабiлi.

— Пайшлi, толькi я выключу тэлевiзаў.

— Не трэба, хай думаюць, што мы гледзiмо.

— Тады я пвыбаўлю гуку, — меншы кранае рэгулятар. Дужэе джазавая мелодыя.

— Зрабi цiшэй. Чуеш?!

— Чаму?

— Бо не пачуем, як вернуцца рабочыя.

Меншы зноў кранае рэгулятар. Музыка цiшэе. Напружана i асцярожна, каб не пачулi з кухнi мужчыны, дзецi праходзяць калiдорам i зачыняюцца ў кубiчным пакоi. Вова бярэ з падваконня адвёртку. Меншы выбiрае адзiн з шасцi вiнтоў. Абклееныя светлымi шпалерамi сцены выдаюць большымi за неабклееныя, таму пакой мае скасабочаны выгляд — нiбыта ў плане яго ляжыць ромб, а не квадрат. Большы падсоўвае лескi блiжэй да сцяны. Меншы з хлопцаў цiкуе за братам, сцiскаючы ў кулаку тонкi вiнт. На запацелых шыбах вiльгаць збiраецца ў кроплi i выкладае на матавай мутнасцi льдзiстыя вяровачкi.

* * *

На кухнi пануе ўстойлiвы, моцны, салодкi пах смажанай бульбы. Старэйшы рабочы кроiць на важкiя лусты бохан чорнага хлеба. Маладзейшы напаўняе глыбокiя мiсы грыбным супам. На газавай двухкамфорнай плiце астываюць дзве аднолькавыя па аб'ёму каструлi — адна з бурштынавым кампотам, другая з духмяным супам.

— Калi не разбiрацца ў ядзе, можна i атруцiцца, — разважае старэйшы.

— Труцяцца сапсаваным, а не тым, чаго не любяць. Я адрознiваю сапсаваны прадукт ад свежага. Гэта ўжо абавязкова.

— А ў мяне бывае, што не магу стрымацца, так хочацца есцi. Ведаю, ведаю: што не зусiм добры суп, што гэтаму супу два днi, а ўсё роўна налiваю ў мiсу i з'ядаю.

— Мяне дык не прымусiш з'есцi сапсаванае, нават крышачку прыпсаваны прадукт. Праўда, аднаго разу...

— Хопiць за сталом! А?! — рэзка перарывае старэйшы.

— Ты ж сам пачаў пра атруту.

— Пачаў i скончыў. Усё. Гамон. Сядай i еш. Бяры хлеб.

— А ты хлеба не пашкадаваў, накроiў на дзесяцёх, — гаворыць маладзейшы рабочы, садзiцца да стала, бярэ лусту i адкусвае вялiкi, як праглынуць, кавалак.

У ванным пакоi з непрыкручанага крана капае. У вялiкiм пакоi на экранным шкле на змену мультыплiкацыйнаму саксафону вымалёўваецца барабан з надпiсам: "Канец фiльма". У калiдоры добра чуваць, як аб керамiчную ракавiну разбiваюцца капкi.

Вова праводзiць адвёрткаю па сухой атынкоўцы тонкую вертыкальную драпiну. Каб лепш бачыць, што робiць старэйшы брат, малодшы падыходзiць блiжэй да сцяны. На абгортачную паперу i чырвоныя прыступкi лесак цярушыцца з-пад сталёвага вастрыя адвёрткi светла-шэры пясок. Большы выразае на паверхнi сцяны ўласнае iмя — "Вова". У шарае вока малодшага трапляе парушынка; той, паморгаўшы, трэ кулаком запарушанае вока, напоўненае слязьмi i болем. Хлапечая рука з адвёрткаю паглыбляе элементы друкаваных, даволi роўных i шырокiх, выразных лiтар. Вова вельмi задаволены. Малодшы, забыўшыся на вока, маленькiм вiнтом пачынае выдрапваць на сцяне iмя, не сваё, а iмя, дадзенае бацькамi старэйшаму брату, — "Вова". Лiтары, зробленыя тупым, не прыдатным для гэткай справы iнструментам, — танклявыя, нахiленыя. Большы перасоўвае лескi па шапаткой, зацярушанай пяском паперы на старое месца, забiрае ў меншага вiнт i вяртае разам з адвёрткаю на алейна-белае падваконне, да круглых каўпакоў. Меншы паслухмяна пакiдае разам з братам пакой. У пустым, аптычна скасабочаным пакоi застаюцца надпiсы — "Вова" i "Вова".

* * *

— У супе, як нi прамывай грыбы, заўсёды на дне пясок, — сур'ёзна даводзiць старэйшы.

— На зямлi, на пяску растуць, што ў тым дзiўнага?

— Асаблiва ў сухiх грыбах, — не чуючы пытання, працягвае старэйшы рабочы.

— Са свежых супу нiхто не варыць. Смажаць цi соляць. А суп — гэта ўжо зiмою, а лепш калi пад вясну. Люблю. Люблю збiраць грыбы, — маладзейшы падымае край мiсы, каб было зручней дачэрпаць суп, i дадае: — Каб не работа, дык кожны дзень хадзiў бы ў лес.

— Зiмою? А?

— Зiмою, вядома, не.

— Я i кажу, што зiмою не пойдзеш. Таму я больш люблю рыбу лавiць. Рыбу i зiмою i летам можна лавiць.

— А я не люблю рыбу лавiць. Есцi люблю. Смажанага карася цi карпа за мiлую душу i зараз з'еў бы. А рыбалку не люблю. Трэба сядзець на адным месцы, глядзець у адну кропку, на паплавок.

— Ты не сядзi, а хадзi па беразе.

— Зiмою? Ходзiш i круцiш новыя пелькi ў лёдзе. Ходзiш i круцiш. Так?

— Зiмою сапраўды не паходзiш, — згаджаецца старэйшы.

— Я што кажу: лета, як нi круцi, лепш за зiму. Усё проста i ўсё ясна, — маладзейшы дапiвае кампот i па загаду старэйшага пачынае, бразгаючы мiсамi, мыць посуд. Старэйшы закiдвае нагу на нагу i закурвае папяросу. Перакурыўшы i пакiнуўшы ў маленькай кухнi пасмы дыму, рабочыя вяртаюцца да стоса шпалераў.

* * *

У душным ванным пакоi перачакаўшы, пакуль пройдуць рабочыя, хлопцы заходзяць у пракураную кухню. Большы налiвае невялiкiм апалонiкам у глiняныя мiсы гарачы суп. Меншы, ад няма чаго рабiць, пастуквае лыжкай па цыраце, якой засланы квадратны на тонкiх трубчатых ножках стол. У кухнi пахне тытунём, калдунамi i грыбным супам. Вова хутка з'ядае сваю порцыю i накладае ў гэтую ж мiсу сакавiтыя калдуны. Меншы просiць даесцi за яго суп, бо ён болей не можа, бо ён у дзiцячым садзе атруцiўся грыбамi, бо ён усё роўна не будзе есцi гэты суп. Па-жывёльнаму вуркоча стары, спрацаваны за дзесяць гадоў халадзiльнiк. Большы хлопец забiрае ў меншага мiсу з недаедзеным астылым супам i падсоўвае таму сваю з гарачымi, толькi з духоўкi, калдунамi. Меншы з радасцю разразае вiдэльцам апетытную тушку з чырванавата-рудою скарынкаю. З-пад вiдэльца ў мiсу выцякае густы мясны сок з круглымi вочкамi тлушчу.

— Яны не ваззлуюцца? — пачынае меншы.

— А чаго iм злаваць?

— Мы папсавалi сцяну.

— Рабочыя заклеяць сцяну шпалерамi, i надпiсаў не будзе вiдаць.

— Дык нашто мы тады пiсалi?

— Мы пiсалi, каб ты навучыўся вымаўляць "р".

— У слове "Вова" няма "в-в-в".

— Чаго няма?

— Няма "в-в-в".

— У слове "Вова" ёсць "в-в-в". Ты хочаш сказаць, што ў iм няма "р-р-р".

— Так, — уздыхае меншы i дадае: — I я не навучыўся вымаўляць гэта. Дык нашто мы пiсалi?

— Мы пiсалi, — большы паглядае на столь, нiбы на белай столi напiсаны адказ, — мы пiсалi... Каб ты... Каб ты пар-р-раз-зумнеў. Зразумела?

— Не-е-еа.

— Паразумнеў, паразумнеў. Паўтарай.

— Пав-в-вазумнеў, пав-в-вазумнеў...

— Стоп. I гэта слова не тое. I яно не падыходзiць.

— Не падыходзiць, — уздыхнуўшы, згаджаецца меншы.

* * *

Кароткi ўказальны палец старэйшага з рабочых паказвае на Вовiна слова, выдрапанае пад столлю. Маладзейшы не здзiўляецца, ён спакойна глядзiць на рэльефны надпiс. Старэйшы заўважае крывыя лiтары меншага з братоў i сваiм кароткiм пальцам, на якiм сiнее вытатуiраваны пярсцёнак, паказвае на iх.

— Што будзем рабiць з гэтымi Вовамi? — раiцца маладзейшы.

— З чым? З надпiсамi?

— З дзецьмi, — удакладняе маладзейшы рабочы; ён, стоячы на табурэце, гладзiць шырокай даланёю шурпатую сцяну ў тым месцы, дзе атынкоўку пашкодзiлi адвёрткаю; счакаўшы, ён кажа: — Адвёрткаю пiсаў...

— У iх свае бацькi ёсць. Хай i глядзяць. А мы заклеiм, папера добрая, тоўстая, i вiдаць не будзе. Ты згодзен? А?

— Згодзен, — маладзейшы саскоквае з табурэта i загадвае: — Намазвай! Я чакаю...

— Зараз пачну. А што ты хацеў за сталом расказаць? А?

— Нiчога.

— Нiчога? — здзiўляецца старэйшы.

— Так. Нiчога не хацеў расказаць.

— Ты ж пачаў, ды я перапынiў.

— Пачаў, а цяпер не пачну. Ты не разважай, а лепш добра намазвай, пропускаў не рабi.

— Я намазваю добра. Табе яшчэ павучыцца трэба, каб так намазваць. Расказвай лепш. А то, глядзi ты на яго, вучыць мяне ўзяўся.

— Заўтра за абедам я табе ўсё i раскажу.

— Можаш не расказваць нi сёння, нi заўтра, — старэйшы робiць выгляд пакрыўджанага.

— Добра. Слухай. Не крыўдуй. Чуеш? I чаму ты, калi пра што пытаеш, гэтае "а" дадаеш?

— Не ведаю. Прывык. А калi i як, не помню.

— Пакiнем гэтае "а". Слухай. Сядзелi мы ў сталоўцы. Я i яшчэ двое хлопцаў, аднакурснiкаў маiх. Яны сябравалi. Сiтуацыя непрыемная, калi побач двое сяброў, а ты iм толькi знаёмы цi аднакурснiк. Неўраўнаважаная сiтуацыя. Мы тады ўзялi салату са свежай капусты. Падсоўваю да сябе талерку, а там чарвяк. Невялiкi чырвоны чарвяк, на такога добра рыбу лавiць. Я цiхенька, каб сябры не пабачылi, выкiнуў чарвяка пад стол. Але яны заўважылi. Я моўчкi ем капусту. А першы кажа, што ён бы не еў, i другi пагаджаецца, што ён бы таксама не еў. А я iм кажу, што яны гэтую ж самую салату ядуць, i калi чарвяк трапiў у маю талерку, дык гэта чыстая выпадковасць, бо з адной каструлi ўсiм накладалi. Першы засмяяўся. Злосна засмяяўся. I другi засмяяўся. Тады я ведаеш што зрабiў?

— Што? А?

— Ізноў тваё "а". Яно хутка да майго языка прыклеiцца.

— Добра, добра. Не будзе больш таго "а". Што далей?

— Плюнуў я першаму ў талерку з супам.

— Плюнуў?

— Плюнуў i кажу, можаш, гавару, не есцi суп, бо яго налiвалi ўсiм нам з адной каструлi: i мне, i табе, i яму. Можаш, гавару, не есцi, бо я гэты суп ужо еў.

— I што?

— Нiчога. Усталi яны i пайшлi. Абед на стале застаўся. Потым тыдзень цi два не гаварылi са мной. А потым забылiся цi выгляд зрабiлi, што забылiся.

— Я б табе гэтага так проста не пакiнуў.

— І я б, на iх месцы, не пакiнуў. Але сiтуацыя была перакошаная: яны ўдвух, а я — адзiн. Ім няёмка, мусiць, было. Цi звязвацца не захацелi. За дурня палiчылi. Вось i мы цяпер, заклеiм надпiсы i не будзем звязвацца.

— Зараз iншая справа.

— Іншая. Іншая. Справа. Злева. Намазвай. Чаго стаiш? Думаеш? — заспяшаўся малады рабочы.

Стужка за стужкай кладзецца на сцяну. Ствараецца вiдавочны прыклад, дзе аднолькавае за аднолькавым рухаецца ў часе i прасторы, каб сцвярджаць нязменную нерухомасць. Пад адной са шпалерын знiкае Вовiн надпiс, знiкае спачатку для зроку рабочых, каб паступова сцерцiся i ў свядомасцi астатнiх. Наступная стужка хавае нахiленыя несамавiтыя лiтары, напiсаныя меншым з братоў. Аптычна перакошаны пакой марудна, але няўмольна вяртаецца ў стан роўнага, толькi што не эталоннага, куба.

Ну, што тут скажаш?

Першы вечар

— Спiш?

— Сплю!

— Спi... Толькi скажы мне, колькi можна спаць? Дзень спiш, вечар спiш i ноччу будзеш спаць. Можа, устанеш?

— ...

— Можна пайсцi да Дзiны.

— А можна i не пайсцi.

— Давай спаць.

— Дык нашто ты мяне будзiў?

— Не ведаю.

— А хто ведае?

— Я думаў, ты.

— Ён думаў!

— Мне здавалася, што ты згодзiшся пайсцi.

— Да яе не пайду.

— Прашу цябе.

— I не прасi.

— Чаму?

— Яна сама прыйдзе.

— Ты так думаеш?

— Не, я не думаю, думаеш у нас толькi ты.

— Не веру. Чаму ж яна дагэтуль не прыйшла?

— У нас цёмна, i яна думае, што нас няма.

— А дзе мы?

— Ты пра гэта ў яе спытаеш.

— Спытаю. А святло трэба было раней запалiць.

— Я ж спаў.

— Ты i пры святле можаш спаць.

— Што мне святло, я магу хадзiць i спаць.

Запальваецца святло.

У пакоi пабеленыя сцены. Фрэдзя стаiць каля дзвярэй. На iм фуфайка, джынсы i гумовыя боты. Базыль выпрастаўся на ложку. За шыбамi цемра, вадкая i густая, што нафта. На дзвярах зроблены крэйдаю надпiс. Няма нiчога больш пэўнага за часовае жыллё. На Фрэдзевым ложку ляжыць гiтара. Базыль цiха гаворыць:

— Можа, песню?

— Я ўжо сабраўся iсцi.

— А ты разбярыся. Глянь на сваю гiтару. З ёй нi адна Дзiна нi ў якое параўнанне не iдзе.

— А што будзем спяваць? — Фрэдзя расшпiльвае фуфайку. — Мо нашу?

О-ой, цi мне ох.

На балоце мох.

Хлопчык па дзяўчыначцы

Сем гадочкаў сох...

За дзвярыма галасы — мужчынскi i жаночы. Настойлiвы стук перарывае песню. Базыль крычыць, каб за дзвярыма пачулi:

— Не зачынена!

Заходзiць рыжая Дзiна, а за ёй высокi барадаты Фэлiкс.

— Добра спявалi. Я Фэлiксу казала, што вы добра спяваеце, а ён не верыў.

— Я сказаў, што трэба паслухаць. А ты адразу — не верыў.

— Сядайце, калi прыйшлi, — Фрэдзя пасоўваецца на ложку, даючы месца Дзiне.

— Ты захварэў? — Фэлiкс падыходзiць да Базыля.

— Я памёр, а ён кажа "захварэў", — Базыль ляжыць тварам да сцяны.

— Калi так, можам i пайсцi, — гаворыць Фэлiкс.

— Прыдумаў, — Базыль садзiцца на ложку. — Садзiся, Фэля. Я прыдумаў, што мы будзем рабiць.

— Што?

— Я з Дзiнай буду "хварэць", а ты, — ён кiвае на Фрэдзю, — будзеш гуляць з Фэлiксам у шашкi.

— I гэта ўсё? — Фрэдзя крывiцца.

— Усё, але генiяльна. Я ўпэўнены, што пераможа Фрэдзя.

— Адкуль столькi iмпэту? — Фэлiкс развязвае i вешае на бiла доўгi шалiк. — Ён нiколi не пераможа, i ты, Базя, гэта ведаеш.

— Фэля, ты — цынiк. Цынiкам прыйшоў, цынiкам i пойдзеш, — Базыль задаволены.

— А ты са сваiм дурнаватым аптымiзмам дагуляешся...

— Хлопцы, кiньце! — iх спыняе Дзiна. — Фрэдзечка будзе гуляць у шашкi i абавязкова пераможа. Праўда, Фрэдзя?

— Паспрабую, мо i атрымаецца.

Базыль дастае з-пад ложка свой чамадан i ставiць яго на папа. Фрэдзя вымае з кiшэнi фуфайкi шашкi. Фэлiкс уладкоўваецца на Базылёвым ложку. Дзiна адчыняе фортачку i закурвае цыгарэту.

Яны — Фрэдзя, Базыль, Фэлiкс i Дзiна — студэнты iнстытута. Іх паслалi на бульбу. Ім не шанцуе. Трэцi дзень iдзе дождж.

Калi не iдзе дождж, з акна можна ўбачыць возера i груды, што пазарасталi ядлоўцам. Яшчэ можна глядзець на пясчаную дарогу, што вядзе ў лес. Дарога, пэўна, не вядзе ў лес, яе праклалi ў нейкую вёску i далей. Але нiхто са студэнтаў не ведае нi назвы той вёскi, нi таго, што за ёй. Для iх дарога вядзе ў лес. А цяпер iдзе дождж i за шыбамi цемра. Дзiна стаiць спiнаю да акна, курыць i сочыць за гульнёй. Базыль падказвае хады i робiць усё, каб не даць Фэлiксу засяродзiцца. Фэлiкс робiць выгляд, што ён спакойны. Фрэдзя праводзiць дамку. Гульня заканчваецца Фрэдзевай перамогай.

— Ты не даеш мне гуляць, — Фэлiкс звяртаецца да Базыля.

— Мы табе казалi, што выйграе Фрэдзя, — Дзiна смяецца.

— Ён выйграў таму, што Базыль не дае мне думаць.

— Згуляйце яшчэ партыю, — Базыль пачынае расстаўляць шашкi.

— Давай згуляем, — прапаноўвае Фрэдзя.

— Толькi хай яны iдуць адсюль, — Фэлiкс не хавае крыўды.

— Ха, ён прыйшоў, я спаў. Ён пабудзiў мяне, сеў на мой ложак i зараз гаворыць, каб я пайшоў. А куды мне iсцi? На дождж?

— Добра, мы пойдзем у кароўнiк, — гаворыць мiнорны Фрэдзя. — Вартаўнiк спiць, святло там добрае... Пайшлi, Фэлiкс.

— Лепш з каровамi быць, чым з такiм... Прабач, Дзiна, — Фэлiкс складае шашкi.

Дзiна застаецца з Базылём. Яны сядзяць на ложках насупраць адно аднаго i маўчаць. Потым Дзiна ўстае, падыходзiць да акна i зачыняе фортачку. Хлопец засоўвае пад ложак чамадан, якi Фэлiксу i Фрэдзю быў замест стала, iдзе да дзвярэй i цiха гаворыць:

— Я патушу святло?

— Патушы, — адказвае Дзiна.

У цемры чуваць, як Базыль зачыняе дзверы на ключ.

Другi вечар

— Есцi хочаш? — пытаецца Фрэдзя ў Базыля.

— Не. Нас добра кормяць.

— I я не хачу.

— Нашто пытаць?

— Ёсць такая гульня, адзiн гаворыць, што для яго самае смачнае, а другi... Вось для цябе, што самае смачнае?

— Бананы.

— Бананы. Добра. А другi павiнен даказаць, што гэта зусiм не смачна.

— Дакажы, — Базыля зацiкавiла гульня.

— Мыла твае бананы, калi iх ясi, такое адчуванне, што поўны рот мыла набраў. Як? Будзеш гуляць?

— Дурная гульня.

— Прыдумай лепшую, — кажа Фрэдзя.

У пакоi цiха. Хлопцы ляжаць на засланых шэрымi коўдрамi ложках.

— Запалi святло, — просiць Фрэдзя.

— Нашто?

— Каб Дзiна бачыла, што мы дома.

— Дома? — перапытвае Базыль.

— Прабач, я памылiўся. Яна павiнна бачыць, што мы тут.

— А ты ўпэўнены, што яна прыйдзе? — у Базылёвых словах ёсць здзеклiвая iнтанацыя.

— Ты гэта лепш за мяне ведаеш, — Фрэдзя злуе, у яго зрэнках дрыжаць дзве, нiбыта выгравiраваныя, срэбныя лямпачкi.

— Я ведаю, але...

— "Але" на гэты раз не будзе. Думаеш, мы з Фэлiксам не здагадалiся, чаго ты так упарта i, дарэчы, няўмела дамагаўся?

— Чаго?

— Сёння ты iдзеш у кароўнiк!

— Дзiна, Дзiна, Дзiна! — спявае Базыль.

— Мне падабаецца Дзiна, — Фрэдзя гаворыць так цiха, што Базыль не чуе, i Фрэдзя паўтарае грамчэй: — Дзiна мне падабаецца.

— А ёй падабаюся я. А ты ёй зусiм не падабаешся. Прабач, што зробiш. Фэлiксу i табе падабаецца Дзiна, а той Дзiне падабаецца Базыль, а Базылю, калi шчыра, Дзiна зусiм не падабаецца. Не люблю рыжых. I калi ты хочаш, каб я пайшоў сёння ў кароўнiк гуляць з Фэлiксам у шашкi, то я так i зраблю.

Фрэдзя маўчыць. Ён ляжыць на ложку i думае, што сказаць Дзiне.

— Ты, можа, заснуў?

— Не, я думаю, што ёй сказаць i, акрамя банальнасцяў, нiчога вартага прыдумаць не магу. Дзiна, ты мне падабаешся. Дзiна, ты прыгожая. Дзiна, няўжо, калi адзiн чалавек падабаецца другому, не можа быць паразумення? Няўжо недастаткова пачуццяў аднаго, каб другому было лепш, а не наадварот? I гэтак далей, да бясконцасцi. Адно глупства.

— А ты яшчэ падумай, мо i знойдуцца словы, — Базыль стрымлiваецца, каб не засмяяцца, але Фрэдзя не заўважае iронii.

— Думаць уголас. Выказваць усё, што прыйдзе ў голаў. А цi варта? Паказаць сваё пачуццё? Шчырасць?! Яна можа выклiкаць у лепшым выпадку адмаўленне i непрыняцце тваiх слоў, а ў горшым — спачуванне. А калi абысцiся банальнымi сказамi, можна i не разлiчваць на разуменне. Так?

— Слухай, мой дарагi Фрэдзя. Ты хочаш застацца з Дзiнай i пагаварыць? Калi ласка, заставайся i гавары. Як i што ты будзеш казаць — твая справа. Можаш быць наiўным цi банальным, але гэта неiстотна. Яна прыйдзе да мяне, а я, каб цябе не пакрыўдзiць, пайду ў кароўнiк...

— I ты пачынаеш мяне шкадаваць.

— Не, я табе ўчора сказаў, што твая гiтара ў сто разоў лепшая за Дзiну. Давай лепш песню.

Фрэдзя бярэ гiтару. Хлопцы спяваюць:

О-ой, цi мне ох. На балоце мох. Хлопчык па дзяўчыначцы Сем гадочкаў сох. Со-ох жа ён, со-ох, Высах на былiнку, Закахаўся ў дзяўчыначку — Журавi-i-iнку...

Дзверы адчыняюцца, Фэлiкс i Дзiна заходзяць у пакой.

— Даўно не бачылiся, — Фрэдзя моцна пацiскае вялую руку Фэлiкса.

— А што мы будзем сёння рабiць? — пытае Дзiна. Пытанне тычыцца больш за усiх Базыля.

— Гуляць у шашкi, — адказвае той.

— У кароўнiк я не пайду, — Фэлiкс падкручвае вусы.

— А хто сказаў, што трэба iсцi ў кароўнiк? Можна i тут гуляць. Праўда, Фрэдзя? — пярэчыць Базыль.

— Можна i пад дажджом, i ў калiдоры гуляць, калi на iнтарэс, — Фрэдзя паварочвае голаў, глядзiць на Дзiну i працягвае: — Быў бы iнтарэс i будзе гульня. Цiкаўнасць патрэбна, азарт.

— Азарт — не шлях да перамогi, — Фэлiкс складае доўгi свой шалiк, кладзе яго на калена. — Азартныя людзi не перамагаюць.

— Паглядзiм. Стаўлю Фрэдзевы шашкi супраць твайго шалiка, — Базыль запытальна пазiрае на Фэлiкса.

— Я пачну гуляць толькi таму, каб заўтра ты не змог мяне зацягнуць за шашкi. Можаш лiчыць, што ў мяне двайны азарт. Уставай, апранайся i пайшлi, — Фэлiкс засоўвае пад фуфайку шалiк i выходзiць.

— Базыль, ты толькi не доўга, — у голасе Дзiны расчараванне.

— Дзiначка, ды мы яго ў адно iмгненне без шалiка пакiнем — i шалiк твой.

— Нашто ён мне?

— Так заўсёды: табе нешта даюць, а ты пытаешся нашто.

— Ты скора? — голас Фэлiкса за дзвярыма.

— Іду.

— Трэба змыць надпiс, — гаворыць Дзiна, як толькi дзверы зачыняюцца.

— Табе не падабаецца афарызм?

— Я не люблю, калi згадваюць дом, а я ў гэты момант далёка ад яго.

— Ты не любiш успамiнаць пра свой дом?

— "Дом" гучыць правiнцыйна. У мяне кватэра на сёмым паверсе. Калi i ўспамiнаю, дык хутчэй iнтэр'ер, мой пакой, нейкiя рэчы, напрыклад, пiсьмовы стол. Ты ведаеш, у мяне незвычайны стол. Верхняя дошка абцягнута зялёным сукном. Суседзi хацелi выкiнуць яго, а я папрасiла, каб аддалi мне. За гэтым сталом некалi гулялi ў карты. А ты не гуляеш у карты?

— Не навучыўся гуляць як след. А увесь час прайграваць i рабiць выгляд, быццам усё роўна, прайграю я цi выйграю, нецiкава. Тым больш не люблю здзеклiвых слоў, якiя так i сыплюцца, калi пачынаеш памыляцца, блытаешся i нарэшце застаешся "дурнем".

— Я думала, што ты падчас гульнi не перажываеш.

— Хаваю пачуццi.

— Атрымлiваецца?

— Не заўсёды. Калi мы засталiся ўдваiх, я хацеў не казаць табе, што...

— Што ты... Далей не трэба. Ведаю i не хачу, каб ты гаварыў далей. Толькi цяпер я зразумела, што Базыль знарок падмануў Фэлiкса. Скажы мне, вы з Базылём дамовiлiся? Так?

— Я папрасiў Базыля...

— I ён пагадзiўся?

— Ты не даеш дагаварыць, i я не адкажу на тваё пытанне.

— Мне лепш пайсцi, — Дзiна ўстае i падыходзiць да дзвярэй.

— Дзiна!

— Што? — яна паварочваецца.

Фрэдзя бачыць яе твар, i яму робiцца крыўдна за самога сябе, за сваю дурнаватую сцiпласць, за няздатнасць сказаць нешта прыемнае.

— Ты хацела выцерцi надпiс.

— Што мне вашы надпiсы, — кажа яна i выходзiць.

— Бывай, — гаворыць Фрэдзя зачыненым дзвярам.

Трэцi вечар

Акно адчынена. Сонца зайшло. Фрэдзя i Базыль глядзяць на светлую дарогу. Базылёва рука ляжыць на Фрэдзевым плячы. Хлопцы бачаць возера, лодку i рыбака, што знерухомеў над бэзавай вадою, пад фiялетавым небам. У Базыля на шыi Фэлiксаў шалiк. Фрэдзя трымае гiтару.

— Фрэдзя, я падумаў...

— Ты пачынаеш думаць?

— Шалiк твой.

— А нашто ён мне?

— Спатрэбiцца.

— Давай.

Базыль аддае шалiк. Фрэдзя ўзважвае яго на руцэ.

— Глядзi! — Базыль паказвае на дарогу.

Па светлым пяску дарогi iдуць Дзiна i Фэлiкс. Вiдаць, што яны гавораць мiж сабой, i Дзiна смяецца, але галасоў не чуваць.

— Ідылiя, — Базыль малюе квадрат у паветры. — Можна выразаць i ўстаўляць у раму, атрымаецца карцiна.

— Пошлая карцiна атрымаецца, — пярэчыць Фрэдзя.

— Чаму гэта пошлая?

— А можа, i не. Той, хто будзе глядзецъ на карцiну, i ведаць не будзе, хто тая Дзiна i хто той Фэлiкс. Не будзе ведаць, дзе яны былi ўчора i што гаварылi пазаўчора. Толькi ён i яна, дарога i вечар, возера i далёкi лес, i невядома, што за тым лесам. Можна будзе дадумваць iх дыялог i рабiць яго смешным цi сумным, якiм заўгодна.

— Іх ужо не вiдаць.

— А то я не бачу.

— Дадумваць не будзем.

— Не.

Фрэдзя падыходзiць да дзвярэй i выцiрае шалiкам надпiс.

— Што ты робiш? — у словах Базыля няма нi абурэння, нi здзiўлення. Ён пытае дзеля таго, каб запоўнiць пустату.

— Учора Дзiна прасiла, каб я выцер надпiс, ды не было чым.

Фрэдзя шпурляе шалiк у акно.

— Ты што? — Базыль спрабуе злавiць шалiк, але той пралятае за некалькi сантыметраў ад ускiнутай рукi.

— Я падарыў шалiк рыбаку.

— Якому рыбаку?

— А таму, што ў лодцы на возеры. Холадна яму: восень.

Хлопцы маўчаць. За акном хутка цямнее.

— Каханне. А цi ёсць яно? — пытаецца Фрэдзя.

— Ёсць, — гаворыць Базыль, але вiдаць, што ў яго няма веры ў сваё слова.

— Ты ўпэўнены?

— Калi ёсць слова, дык i за словам павiнна быць.

— Рай... Бог... Пекла... Д'ябал... Словы ёсць, а за iмi — цемра.

— У мяне больш аргументаў няма, каб пераконваць i даводзiць табе тое, што я i сам не ведаю дакладна. А ты кахаў?

— Можа, i кахаў. Адразу не скажаш.

Базыль шкадуе Фрэдзю i гаворыць:

— I я не помню. Гаварыць, праўда, гаварыў. Я кахаю цябе... Каханая... А каб кахаць, мусiць, i не.

— А я i не гаварыў. Неяк абыходзiлася. Застанься... Пайшлi... Ты мне падабаешся... А "я цябе кахаю" не было. Можа, калi смеючыся, з ухмылкай. Вось так.

— Пра сяброўства, дарэчы, цяжэй гаварыць, чым пра каханне. Каханне i ёсць толькi, пакуль пра яго гавораць, а як перасталi гаварыць, яго няма. А пра сяброўства можна i не гаварыць.

— I не гавары.

— Я маўчу.

— Нам не трэба нiякiх слоў, мы i так адзiн аднаго зразумеем.

— Давай нашу, — Фрэдзя бярэ гiтару.

— А мо без гiтары?

— Сапраўды.

— Тры-пятнаццаць...

— Стой. А ты змог бы за мяне жыццё пакласцi?

— Змог бы, i не адзiн раз.

— Тры-пятнаццаць.

— О-ой, цi мне ох. На балоце мох. Хлопчык па дзяўчыначцы Сем гадочкаў сох. Со-ох жа ён, со-ох, Высах на былiнку, Закахаўся ў дзяўчыначку — Журавi-i-iнку. На тае дзяўчынцы Ён не ажанiўся. На гаркiх асiначках Задавi-i-iўся. На гаркiх асiначках Задавi-i-iўся.

Слон

Іду па наждаку асфальту. Вулiца дыхае дымнаю гарачынёю гарадскога вечара. Камяк чырвонага сонца пагойдваецца ў шчылiне памiж гмахаў. Ужо месяц, як пасля заняткаў у мастацкiм вучылiшчы хаджу ў сквер, каб за шараю гадзiну зрабiць "слана". Гэтае стварэнне з дроту i ўсялякiх iншых "скарбаў", знойдзеных на сметнiцах, павiнна ўпрыгожваць сквер.

У шоргаце абцасаў чую пытанне: "Чаму робiш "слана"?" Адказ у мяне ёсць, але скончыцца ён не клiчнiкам, не кропкаю, а пытальнiкам. Чаму чалавек вядзе пруцiкам па штыкетнiку? Чаму падбiвае нагой парожнюю бляшанку? Чаму ён, стоячы каля вады, кiне ў яе камень, калi не паспее спытаць сябе, нашто я раблю гэта? Можа, ён слухае голас дрэў, якiя перад iм зараз не што iншае, як штыкецiны? Можа, у бразгатаннi бляшанкi ён чуе аркестравую медзь? Можа... Можа... А можа, i не?

Нясу кавалак запэцканага ў цэмент, падабранага на будоўлi руберойду. Заходжу ў двор шматпавярховага квартала. Трэба паглядзець, цi няма каля кантэйнераў са смеццем якога дроту. Увесь набытак склалi дзве спiнкi ад крэслаў. Наступны двор можна прамiнуць — там дбайны прыбiральшчык. Усё роўна заходжу.

На кантэйнерах тырчаць каты. У кожнага свой асобны кантэйнер. Наблiжаюся. Каты з лянотаю ў лапах саскокваюць i павольна адыходзяць з выглядам, быццам яны нiякага дачынення не маюць да бруду. З майго асабiстага назiрання — каты больш нагадваюць смецце, чым мой "слон". Дроту няма. Затое ёсць бляшанка з-пад кавы. Далей... Далей... Тры сметнiцы, i нiводнага падарунка лёсу. Нарэшце знайшоў iржавы сталёвы дрот. Намацваю ў кiшэнi абцугi. Дрот можна браць — абцугi не забыў. Каб алюмiнiевы цi медны, дык абцугi на халеру, а на сталёвы без iх нiяк нельга.

Людзi аглядаюцца, калi iду па праспекце, смяюцца. А калi праходжу па вузкiм, бяздрэўным, чырвона-чорна-шэрым завулку, яны палохаюцца, пераходзяць на другi бок, робяць выгляд, што не заўважаюць мяне.

Нарэшце сквер. Мой сквер, у якiм няма нiводнай заасфальтаванай сцежкi, гэтым ён мне i падабаецца. Сквер нагадвае кавалак кiнематаграфiчнай планеты, на якой павiнен жыць "слон". Да таго, як пачаць рабiць "слана", я маляваў на сценах "твар сонца", але малюнак не змывалi, не зафарбоўвалi, i таму кожнага разу трэба было шукаць новае сцяны. Абрыдлi мне пошукi. Якраз i трапiўся на творчай дарозе сквер. Сквер, адна назва, што гэта сквер. Колькi дзесяткаў дрэў, прыцiснутых з двух бакоў цагляным плотам да рэчкi, а з трэцяга вузкай вулкаю з бразгатам трамвайных колаў. Першае, што я стварыў у скверыку, дык напiсаў на чырвонай заводскай сцяне крэйдаю "Вова" i намаляваў "твар сонца"...

Складаю свой скарб на траву. Іду да рэчкi. Трэба надраць аеру, каб "слон" атрымаўся зялёны. Як i заўсёды, у адзiн чаравiк набраў вады. Чаму вады набiрае адзiн чаравiк? А мыю потым два? Чорт яго ведае. Ды i пляваць на чаравiк. Трэба хутчэй рабiць "слана".

Працую ўжо з паўгадзiны. Звязваю каркас з дроту i спiнак ад крэслаў, ляплю на яго дзёран, што надраў на беразе. Атрымлiваецца малавыразная цёмна-зялёная гурба, якая сiлуэтам нагадвае слана. Абкладаю "скульптуру" аерам. Атрымлiваецца гафрыраваны "слон", але затое сакавiта-зялёны. Застаецца зусiм драбяза — вушы i вочы зрабiць. Адна бляшанка фiрменная з-пад кавы, другая з-пад кiлькi, так што вочы будуць розныя. Прабiваю слановую галаву дубчыкам у тым месцы, дзе будуць вочы, абломваю канцы, каб з кожнага боку тырчала сантыметраў на пяць, i чапляю бляшанкi. "Слон" трохi лупаты, але гэта мяне не бянтэжыць. Малюю крэйдай на руберойдзе выкрайку, а потым нетаропка абрываю па контуры. Можна было б i выразаць, але мне падабаецца рваны контур вушэй. Так яны выглядаюць жывейшымi. Раблю з дубчыкаў штыры i прымацоўваю вушы. Ледзь не забываюся пра бiўнi. Выломваю каля рэчкi дзве арэхавыя галiны, абдзiраю iх, i свежыя "бiўнi" даканчваюць майго "слана" з хобатам i аеравым хвастом.

Задаволены тым, што праца скончана, мыю чаравiкi i рукi, саджуся на лаўку, так, каб было вiдаць "слана", i закурваю.

Наколькi ведаю свой горад — у iм жыве толькi адзiн слон, i той iснуе з дзевяцi гадзiн вечара да шасцi гадзiн ранiцы. Больш сланоў няма, а калi няма, то i не павiнна быць. Можа, iх наогул не павiнна быць? Не ведаю, не ведаю... Але ж карцiць рабiць гэтага "слана", i зраблю ў скверы каля бруднай рэчкi, дно якой заслана ржавымi гнутымi бляшанкамi. Чаму слон, а не леў цi конь? Таму, што слана рабiць лягчэй, i па хобаце i вялiкiх вушах лёгка пазнаць, што гэта менавiта слон, а не конь цi леў якi. А вось чаму з дзевяцi да шасцi, пытанне больш складанае...

Вось якраз i прычына iдзе гэтага абмежавання ў часе — прыбiральшчык. Гэта ружоватвары хлопец у джынсах i вельветавай кепцы. У яго вачах свецяцца два цьмяныя, нiбы скамечаныя, сонцы. Ён сварыцца на мяне, на "слана" i ўвесь белы свет. Яму блага, калi iдзе дождж, блага, калi дождж не iдзе i вецер нясе пыл i смецце на яго ўчастак. Яму блага, калi iдзе снег, блага, калi снег не iдзе, бо тады мусiць быць галалёд. Гэта прафесiйная сварка, з якой кожны сапраўдны дворнiк пачынае свой дзень, бо ён вымушаны разглядаць кожную з'яву прыроды як патэнцыяльнае смецце. Прыбiральшчык — змагар за чысцiню! На гэтым дворнiку чырвона-жоўтая клятчастая куртка, дзякуючы якой ён i атрымаў ад мяне мянушку Лiстапад.

"Слон" яму замiнае, не дае спакойна жыць. Лiстапад, пэўна, i не спiць праз майго "слана". Уяўляецца, як прыбiральшчык варочаецца на ложку, крэкча, змагаецца ў сне са "сланом". Той кiдаецца на яго, як Цмок на Івана-дурня. А Лiстапад, у адной руцэ з венiкам, у другой — з рыдлёўкаю, з астатнiх сiл адбiваецца. Але ў рэшце рэшт адсякае зялёную галаву Цмока-слана. Хiстаючыся, Лiстапад-Іван-дурань iдзе пад мост i кладзецца спаць у явар... Бач ты яго, перамог. Ура! Ура! Так што не буду цябе, браце Лiстапад, шкадаваць. Не буду прыслухоўвацца да нараканняў на "слана" i надвор'е. А заўтра зноў буду рабiць "слана" з доўгiм, як хобат, хвастом. Шкада, што прыбiральшчык iншай думкi на гэты конт. Кожную ранiцу ён знiшчае пачвару, нягледзячы, што яна з болем уваччу глядзiць на венiк.

Дакурваю цыгарэту, кiдаю недапалак у сметнiцу, падкрэслiваю любоў да чысцiнi. Устаю i накiроўваюся дадому. А, чорт, абцугi забыўся! Вяртаюся па абцугi. "Слон" на месцы, абцугi побач. Забiраю абцугi, кладу ў кiшэнь. Іду дадому. Заўсёды, калi пакiдаю "слана", думаю пра ноч, пра бясконцасць адчыненай прасторы, пра адзiноту, якая агортвае мяне... На хвалях адзiноты гойдаецца папяровым караблiкам душа. Такi малюнак душы мяне задавальняе — супакойвае. Папяровы караблiк, складзены з бела-белага, аж да блакiту чыстага, аркуша над цёмна-карычневай вадою i адсутнасць адлюстравання, адлюстравання душы. Гляджу ў неба i ад нечаканасцi спыняюся — нада мною плыве замест месяца белы-белы папяровы караблiк. Не, трэба змянiць малюнак душы. Караблiк павольна ператварыўся ў звычайную квадру.

Спачатку я змяняю свой белы караблiк на зялёны, потым на чырвоны на чорнай вадзе i ўрэшце спыняюся на чорным на чырвонай вадзе. А чаму караблiк? I ўяўленне мяняе яго на бляшанку, падобную да вока апошняга "слана". Думкi ўжо пакiдаюць гэтую тэму, як трапляецца такi вобраз: душа — гэта кропля вады. Толькi яна павернута сваiм цяжкiм бокам не да зямлi, а наадварот. Параўнанне душы з кропляю, што вострым канцом скiравана да цэнтра Зямлi, спыняе маю фантазiю. Успамiнаецца "слон". А якая ж у яго душа? Цi ёсць яна ў яго? Цi, можа, у нас адна на двух? Няўжо гэтая нязграбная пачвара з палкамi замест бiўняў i ёсць адлюстраванне майго духу?

Засынаю з думкаю, што заўтра будзе сонечна. Вось будзе сонца, i хоць ты стой, хоць падай — яно будзе. Якое? Гэтага не ведаю. Гэтага не ведае нiхто, акрамя самога заўтра. Засынаю, спадзяюся, што сонца будзе "слановым", бо згадваецца кантэйнер, з якога дастаю тоўсты, у палец, алюмiнiевы дрот, каб зрабiць заўтрашняе сонца "слановым".

Горад спiць.

...стаю на балконе (гэта ў сне), гляджу ў двор. Раптам наша, сто разоў бачаная, сметнiца пачынае спяваць: "I туды гара. I сюды гара. А за тымi крутымi гарамi нiчога няма..." Каты саскокваюць з кантэйнераў i ўцякаюць. Такое адчуванне, што ў чатыры ржавыя кантэйнеры схаваўся рок-гурт. Песня пачынае бiцца ў сцены. Яна робiцца аглушальнаю. Кожны акорд, як цвiк, забiваецца ў вуха. Пад скронню варушыцца пытанне. Чаму нiхто не прачынаецца? Хачу ўцячы з балкона, ды дзе там. Дзверы зачынены, i замест звычайных балконных дзвярэй бачу чырвоную, як адзiн з караблiкаў маёй душы, жалезную браму. Яе з першага погляду, як з другога i трэцяга, адчынiць немагчыма. "I туды гара. I сюды гара-а-а..." — равуць кантэйнеры... Гляджу долу. Ізноў незразумелае — знiклi балконы, якiя заўсёды былi пад нашым. Вокнаў няма. Адны сцены. "I туды сцяна, i сюды сцяна-а-а..." Пад чэрапам варушацца думкi. Дзе глупства, а дзе разумнае, адрознiць немагчыма. Сцяну трэба прабiваць! Але як, як прабiць? Калi яна ў кожным, калi сцены скрозь, нават ува мне, у маёй душы стаiць сцяна — бясконцая, шэрая, атынкаваная, шурпатая, халодная, няўежная... Адчуваю бездапаможнасць усялякай фiзiчнай сiлы. Рукi робяць абы-што. Яны ломяць адна адну, каб праз фiзiчную пакуту зварухнуць духоўную моц. А душа застаецца нерухомай, яна не слухаецца, яна проста слухае, а не чуе. Яна, перапалоханая бясконцасцю сцяны, маўчыць. Сцены пачынаюць хiстацца. Балкон трасе. Кантэйнеры адчыняюцца, з iх верне смецце. Яно ўздымаецца чатырохкутнымi пiлонамi, даходзiць да другога паверха. Пiлоны аб'ядноўваюцца крыж-накрыж у адну чатырохногую пачвару. З яе ў два бакi пачынаюць расцi шлангi ад асенiзатарскай машыны. Гэта ж "слон"! Мне — спакайней. У шлангу хрыпiць спачатку цiха, з-за какафонii, што яшчэ ўсё вiсiць над балконам: "Сцяна..." Гук пачынае мацнець. Апошняе "а" б'е каменем у маё вуха... "Слон" варушыцца. Перастаўляе адну нагу, грукае чобатам-кантэйнерам аб бетонны бардзюр. Яго хобат чапляе суседнi дом. Дом ператвараецца ў руiну, у друз. "Слон" праз пыл крочыць да мяне. Ён топча машыны, як бляшанкi. Запамiнаецца нумар адной з раструшчаных — 00-07 МІФ. Не ведаю толькi — нашто. Мусiць, для дакладнасцi. "Слон" б'е хобатам у мой дом. Балкон нахiляецца. Пералятаю праз парэнчы, прачынаюся...

У суседнiм пакоi б'е гадзiннiк: "Шшш-бум-на-а-а..." А мне яшчэ чуецца рэха сну: "Сцян-на-а-а..."

Устаю. Не снедаю. Бягу ў сквер. Ранiца сустракае мяне глыткамi халоднага паветра i тонкiм цэлафанам лёду на калюгах. Ранiца сонечная, без ветру. Прыбiральшчык сварыцца i шыбуе да "слана". Вярба, за якой хаваюся, глуха, ледзь чутна шапоча лiсцем, падобным да лiстоты з могiлкавых вянкоў, аблiтых парафiнам. Лаўлю сябе, што жую лiсток горкi i нясмачны. Калi ўважлiва сачу за iншымi, чамусьцi забываю сябе. I зусiм нечакана ўсведамляю, што нешта непатрэбнае раблю. Вось i цяпер гэты лiст з вярбы ем.

На беразе брудна-шэра-зялёнай рэчкi гараць карункi першага лёду. Лiстапад нясе рыдлёўку i венiк. Падыходзiць да "слана", дакурвае папяросу, кiдае недапалак у траву. I з усяго маху сячэ рыдлёўкай па зялёнай, блiскучай спiне "слана". Потым ад пярэдняй часткi адсякае галаву, кладзе яе на рыдлёўку, нясе да рэчкi. Кiдае як мага далей ад берага, за лёд. Вяртаецца, грузiць на рыдлёўку нагу i аеравы хобат, зноў накiроўваецца да рэчкi. За шэсць ходак ён топiць усяго "слана". Потым зграбае рэшткi дзёрну i ўтоптвае iх у сметнiцу. Свiшча i ўсмiхаецца, iдзе ў другi канец сквера пачынаць свой звычайны працоўны дзень. Выходжу з-за вярбы паглядзець на рэчку. Вада калышацца, а ў ёй варушацца водарасцi, пераблытаныя з iржавым дротам i iншымi рэшткамi маiх "сланоў". На белым лёдзе выразна чарнее след дворнiка. Крычу на ўвесь сквер, аж да трамвайных рэек: "Добрай ранiцы, Лiстапад!" — iду ў бок вучылiшча, пакiдаю скверу рэха сваiх крокаў.

Вечар. Раблю "слана" з карычневай балонневай курткi, якую знайшоў на будоўлi. Балонневы, зашмальцаваны каля кiшэняў, у кропельках вапны "слон" атрымлiваецца лепшы за iншых. Але i яго чакае жорсткi лёс — паплыць па рэчцы блiскучым пухiром. Пакiдаю "слана". Іду i разважаю. Хопiць, больш не буду рабiць "сланоў". Навошта замiнаць Лiстападу з яго надзвычайным бачаннем чысцiнi? Але стоп! Ён бачыць чысцiню ад трамвайных рэек i да цаглянай сцяны, i ўкладаецца яго бачанне ў восемдзесят рублёў зарплаты. А мой "слон" i паўкапейкi не каштуе. Нават "дзякуй" нiхто не сказаў...

У наступны вечар замест падмеценай, падрыхтаванай да працы пляцоўкi мяне сустракае "слон". I я раблю незразумелае. З падрыхтаванага дроту выгiнаю адмычку. Адчыняю дашчаную скрынку, у якой Лiстапад хавае iструменты. Бяру рыдлёўку i новы, якi не бачыў асфальту, венiк. Падыходжу да "слана" i адсякаю зялёную галаву. Кладу яе на рыдлёўку, нясу i кiдаю ў рэчку. Як гэта нi сумна, сплаўляю карычневы балонневы пухiр. Потым чыста прыбiраю сквер i закурваю. Думаецца пра Лiстапада, пра тое, што яму выпiшуць блакiтны бюлетэнь, якi аплацяць у бухгалтэрыi домакiраўнiцтва. Гэты бюлетэнь рана цi позна трапiць на сметнiцу, i нехта атрымае магчымасць зрабiць з яго караблiк.

Стаiць сонца.

Хто з нас не хацеў навучыцца ездзiць на ровары "без рук"?

Ян i Янiна стаялi на прыпынку з надзеяй сесцi на апошнi трамвай. Яна ў кароткiх джынсах i чырвонай мужчынскай кашулi. На iм пасястая, чорная з белым, майка i таксама джынсы. На асфальтавым востраве прыпынку ўзвышаўся над чарападобнай сметнiцай лiхтарны слуп. У Янiны белыя красоўкi i рознакаляровыя гольфы — адзiн цёмна-жоўты, другi ярка-сiнi. У Яна на левым запясцi блiшчэў важкi гадзiннiк з шырокiм бранзалетам.

— Лiхтар нагадвае дрэва, — Ян парушыў цiшыню.

— Сапраўды... Толькi якое? — спытала Янiна.

— Знешне, калi слуп прымаць за ствол, ён падобны да сасны. А калi лямпу назваць яблыкам, атрымлiваецца, што лiхтар — яблыня.

— Лiхтар — гэта жалезная яблыня. Мне падабаецца.

У яе круглыя арлекiнскiя вочы з доўгiмi веямi, пафарбаванымi тушшу. У ягоных вачах стаiлася стома. На пялёстках жаночых пазногцяў ляжаў тонкi слой лiлейна-белага лаку. Вуглаваты профiль, акуратная стрыжка i высока паголеныя брытвай скронi рабiлi Янаў твар мужным.

— Калi сустрэнемся? — спытаў Ян.

— А калi ты хочаш, каб я прыйшла?

— Сягоння ў нас што, серада цi аўторак?

— Быў аўторак, а зараз серада.

— Аўторак, — ён сам сабе палiчыў днi. — Можна ў пятнiцу.

— Пятнiца далёка.

— Давай у чацвер.

— У чацвер я са сваiм iду ў госцi.

— Тады застаецца заўтра, бо ў суботу i нядзелю еду за горад, а панядзелак вельмi далёка.

— Заўтра яно i сёння... А дзе i калi?

— Недзе пасля работы, гадзiн у сем, на гэтым прыпынку.

— У сем, на гэтым прыпынку, — паўтарыла яна i пагладзiла лiхтарны слуп.

— Кожнага разу на развiтанне мы гаворым адны i тыя словы. А нашто?

— Не трэба пытаць — нашто. Мы ўсё роўна не знойдзем адказу.

Ён паглядзеў на гадзiннiк i сказаў:

— Палова другой. Ужо паўтары гадзiны, як серада.

— Серада, — паўтарыла яна цiхiм адсутным голасам.

Янiна злавiла пушынку i пачала разглядаць.

* * *

Яны пазнаёмiлiся ў батанiчным садзе. Стаяла спёка. Янiна з мужам глядзелi, як садоўнiк палiвае кветкi. Садоўнiк палiваў стомленыя ад спёкi лiлеi, калi падышоў Ян з жонкай. Яны ўчацвярых глядзелi на аранжавую палiвачку i блакiтныя струменi вады. "Што можа быць прыгажэйшым за кветкi?" — сказаў тады Янiнiн муж. Ён так i сказаў, не спадзеючыся пачуць адказ. Ён звяртаўся хiба што да кветнiка i здзiвiўся, калi Янава жонка сказала, што прыгажэйшымi за кветкi могуць быць толькi нажнiцы садоўнiка. Усiм спадабаўся жарт. Толькi садоўнiк не пачуў жарту, ён не слухаў, яму было ўсё роўна, яму трэба было хутчэй палiць лiлеi, зацярушаныя гарачым гарадскiм пылам. Учацвярых яны пайшлi ў кавярню, бо iм спадабаўся жарт з нажнiцамi, i Янiнiн муж прапанаваў выпiць за садовыя нажнiцы i за лiлеi...

* * *

— Трамвай не прыйдзе, — сказаў Ян.

— Табе трэба набыць машыну i прыязджаць на спатканнi, — параiла Янiна. Яна адшчыкнула зерне ад пуху, выкiнула зерне ў сметнiцу i здзьмула пух з далонi.

— Машына не для мяне. Люблю хуткасць i краявiды люблю. Так што даеду да першага слупа.

— Няўжо ты ўмееш вадзiць машыну?

— Таму i не ўмею. Толькi ровар.

— Можна прыязджаць на спатканнi на роварах.

— А ты добра ездзiш? — у сваю чаргу спытаў ён.

— У свой час ездзiла няблага, але калi тое было, шчэ да вяселля.

— I я даўно ездзiў, раней цэлае лета руль з рук не выпускаў.

— I я руль не выпускала з рук, бо так i не навучылася ездзiць "без рук".

— Хто з нас не хацеў навучыцца ездзiць на ровары "без рук"? — пытанне засталося без адказу.

"Прыгожа, калi мужчына трымае звычайную брытву, — думала Янiна, разглядаючы чарговую пушынку, пушынка была без насення, — муж нiколi не карыстаецца звычайнай, не той чалавек, яму дастаткова электрабрытвы. Ян голiцца толькi звычайнай i толькi сваёй. Галенне — рытуал. Зараз Ян сумны. Ён мне падабаецца. Люблю яго, ягоны профiль, кароткую стрыжку, ягоныя вочы, нават ягоны сум я люблю. А муж? Муж ёсць муж. З мужам спакойна, муж гарантуе пэўнасць. А што б мой рабiў, каб даведаўся? Цi яму сказалi, што мяне з Янам бачылi? Не... Наўрад... А калi i так, дык што? Муж будзе маўчаць. Ён заўсёды так: што б нi адбылося, ён маўчыць. Ён будзе прымаць нашы пачуццi як абавязковыя, як непазбежныя. Ян iншы. Ён каханы. Пра мужа так не скажаш. Каханы муж. Глупства. А калi Янава жонка i мой муж... Не, я б заўважыла, i Ян заўважыў бы. А мо ён, як i мой, маўчаў бы? Якая рознiца? Хто? Дзе? З кiм? Калi? Якое мае значэнне? У Яна жонка, у мяне муж. Мы не будзем разам. Я не пакiну мужа, i Ян не пакiне жонку. Трэба пакiнуць сустракацца. На спатканне больш не прыйду. Вырашыць прасцей, чым зрабiць. Як-небудзь... Скажу, што я цяжарная. Дапаможа. Пэўна, адзiнае выйсце так i сказаць. Падман. Ян не паверыць. Не змагу так сказаць, каб паверыў. Здагадаецца i пакрыўдзiцца. Чаму я не магу яго пакрыўдзiць? Такога не можа быць? Можа. Я захацела дзiця, i мы вырашылi... Хто мы? Чаму дзiця павiнна быць мужава? Таму, што павiнна быць мужава, так лепш, так спакайней, таму, што муж любы i дзiця любае. А Ян каханы, i не больш. Вар'яцею. Чаго не хапае? Патрэбна дзiця, i ўсё будзе добра. "Патрэбна дзiця" — як брыдка! Бог пакарае за гэтае "патрэбна". Паспрабую. Народзiцца дзiця, не будзе калi сустракацца з Янам. Часу не стане. Ян прыгожы. Не, ён непрыгожы, i гэта iдыятызм карыстацца ў наш час звычайнай брытвай..."

Янiна села на сметнiцу.

— Устань са сметнiцы.

— Чаму?

— Непрыемна глядзець, калi ты сядзiш на сметнiцы.

— А ты не глядзi на мяне.

— А куды мне глядзець?

— Куды хочаш...

Ён паглядзеў на гадзiннiк.

— Мне непрыемна, калi ты глядзiш на гадзiннiк, — яна лепш уладкавалася на сметнiцы, упрыгожанай рэльефнымi кветкамi.

"Калi? Калi ўсё гэта скончыцца? — думаў Ян. — Хопiць, хопiць сустрэч, хлуснi, падманаў... Мне патрэбен спакой. Неабходна знайсцi занятак. Напрыклад, паляванне. Можна пачаць ездзiць на паляванне. Я не паляўнiчы. Кепска страляю... Калекцыя. Можна збiраць калекцыю матылёў. Не тое. Я не калекцыянер. Колькi разоў пачынаў. Можна пiць. Спачатку пачну моцна пiць, потым кiну. Не атрымаецца, не хопiць здароўя моцна пiць. Ад гарэлкi дурэю, а вiно не пераношу. Можа, пачаць разводзiць кветкi? Не хопiць упартасцi. Не садоўнiк я i не паляўнiчы. Дзiця. Застаецца дзiця. Сын цi дачка? Якая рознiца? Дзякуй Богу, не можам гэтага запланаваць. Добра, калi сын, але i дачка добра. Маленькая дзяўчынка. Чаму ўяўляецца смуглая дзяўчынка, калi я i жонка светлыя? Бог ведае. Няма кватэры. Толькi праз тры гады будзе кватэра, у лепшым выпадку праз тры... А за тры гады дзяўчынка навучылася б гаварыць. Яна абавязкова навучылася б гаварыць. Але яе няма. Ёсць Янiна. Яна была дзяўчынкай... Ха... Тая, што была дзяўчынкай, вырасла i сядзiць на сметнiцы. Рознакаляровыя гольфы. Жоўты i сiнi. Якога д'ябла яна носiць розныя гольфы? Каб усе пыталi. Колькi разоў чуў. Колькi пытаўся, столькi чуў. Яна прыгожая. Яна мне падабаецца. З ёй не сумна. Пасля блiзкасцi мне сумна. Робiцца сумна, калi яна пачынае апранацца. Яна любiць яркую вопратку, i мне падабаецца чырвоная кашуля. Што я магу з гэтым зрабiць? Але трэба пакiнуць сустракацца. Трэба сказаць, што яна мне надакучыла, што я ўжо не кахаю яе. Так i сказаць: нам не трэба сустракацца. У яе муж, якi нi ёсць. У мяне нiколi не было рэўнасцi да яго. Чаму яна не пакiне яго? Чаму ў iх няма дзяцей? Хлопчыка?! У яе абавязкова народзiцца хлопчык, i ўсё стане на сваё месца. Яны ўтраiх — яна, хлопчык i муж — хадзiцьмуць кожную нядзелю ў батанiчны сад i глядзецьмуць на садоўнiка, што з аранжавай палiвачкi наталяе смагу летнiх кветак. Яна перастае апранаць розныя гольфы, бо аднаго разу хлопчык спытае: "Мама, чаму ты носiш розныя гольфы?" А яна не зможа сказаць яму: "Каб усе пыталi!" Яна не скажа яму так, бо ён яе сын, ён — не ўсе..."

— Пацалуй мяне, — Янiна выпусцiла з рукi пушынку.

— Тут? На вулiцы? На прыпынку? — Ян шукаў апраўданне, бо не хацеў цалаваць жанчыну на сметнiцы.

— А што ў тым дзiўнага? Ноч. Нас не бачаць.

— Мы пад лiхтаром, — ён паглядзеў на цыферблат i, здзьмуўшы валаконца тапалёвага пуху, што прыляпiўся да губы, дадаў: — Дзве гадзiны. Трамвая не будзе. Трэба лавiць таксi цi прыватнiка шукаць. Уставай, i пайшлi.

— Устала i пайшла, — не ўстаючы са сметнiцы, сказала яна.

— Устань са сметнiцы.

— Не злуй. Лепш пацалаваў бы мяне.

— Спачатку ўстань. I я табе казаў — мы пад лiхтаром. Дый хопiць на сёння. Што гэта за жаданне пацалункаў на сметнiку.

— Не на сметнiку.

— А дзе?

— Не ведаю. А пацалунак з тапалёвым пухам, мусiць, прыемна. А калi табе замiнае святло, пабi лiхтар. Будзе цёмна, я ўстану са сметнiцы, i ты мяне пацалуеш.

— Няма каменя.

— А ты гадзiннiкам.

— Гадзiннiкам?

— Шпурнi ў яго гадзiннiкам. Пабi г"дзiну, якая пнецца з ночы ўтварыць дзень.

— Нашто?

— Мы ж дамовiлiся не пытацца — нашто.

— Добра. Тады я скажу: "Мне шкада гадзiннiка i шкада лiхтара".

— Табе ўвесь час нечага шкада. Табе шкада гадзiннiка, шкада лiхтара, шкада пацалунка, шкада... — яна на iмгненне спынiлася, думаючы, гаварыць наступнае слова цi не, i сказала: — Шкада жонку. Так жа?

— Але, — нечакана спакойна прамовiў ён.

— Я прашу, каб ён мяне пацалаваў, а ён глядзiць на гадзiннiк... Прашу, каб ён пабiў лiхтар, а ён, Бог мой, зноў глядзiць на гадзiннiк... Ён шкадуе ўвесь свет. А мяне яму не шкада...

Ён расшпiлiў бранзалет i ўзважыў гадзiннiк у руцэ, як узважваюць камень перад тым, як шпурнуць. Ян зразумеў, што не пацэлiць. Бранзалет не дасць разлiчыць палёт. Ян добра кiдаў камянi. Ён з дзяцiнства любiў кiдаць камянi. Хто далей. Але зараз ён зразумеў, што з першага разу не пацэлiць. Бранзалет прымусiць гадзiннiк куляцца ў паветры. Бранзалет прымацаваны да корпуса, не здымеш. Трэба спрабаваць. Ян размахнуўся, нiбыта дакрануўся да высокай лямпы левай рукою, i з усяе моцы пусцiў гадзiннiк з правай рукi. З фуркатам той праляцеў за паўметра ад лямпы i ўпаў на трамвайную рэйку. Ян падняў пабiты гадзiннiк, зноў прыцэлiўся, i зноў цiхая вулiца пачула гучнае фуркатанне. Гадзiннiк праляцеў за метр ад лямпы. Трэцi раз Ян доўга выбiраў месца, з якога кiнуць, але i гэта не дапамагло. Гадзiннiк ледзь крануў рабрыстае шкло каўпака i бразнуўся на асфальт. Ян не стаў падымаць гадзiннiк, ён не стаў збiраць тое, што засталося ад гадзiннiка.

— Мо нам не варта больш сустракацца? — спытаў ён хутчэй у лiхтара, чым у Янiны.

— Не гавары глупства, — адказала яна.

— Ты лiчыш маю прапанову глупствам?

— Так, я лiчу твае i свае прапановы глупствам i не больш таго.

— Калi так, тады йшчэ не ўсё страчана.

— А ў нас няма чаго губляць.

— Нават гадзiннiка, — удакладнiў Ян.

— Ты ўжо не шкадуеш гадзiннiк?

— Няма чаго шкадаваць.

— Добра, калi няма чаго шкадаваць.

— А ты не палохаешся пустаты, што ўзнiкае, калi ўжо няма чаго шкадаваць?

— Не, — адказала жанчына i спытала: — А ты?

— Мне сорамна, — сказаў Ян. — Сорам адчуваю.

Не дамаўляючыся, Ян i Янiна пайшлi ў бок прыпынку таксi. Яны не мiнулi i паўквартала, як з-за рога iм насустрач вырулiла палiвальная машына. У яе быў вялiкi аранжавы бак i ярка-блакiтная кабiна. Янiна ўскiнула руку. Машына прытармазiла.

— Табе куды? — спытаў шафёр палiвальнай машыны.

Янiна назвала адрас.

— Сядайце, — запрасiў шафёр, адчыняючы блакiтныя дзверы.

Янiна села ў кабiну, Ян застаўся стаяць на тратуары.

— А ты? — спытаў шафёр.

— Ён не паедзе, яму блiзка.

— Як сабе хоча, — пачулася праз рыпенне дзвярэй.

Палiвалка завуркатала, завярнулася, калываючыся на рэйках. Аранжавы бак машыны знiк за рогам. Ян вярнуўся на прыпынак, пазбiраў рэшткi гадзiннiка i кiнуў у сметнiцу, да тапалёвага пуху. Потым сеў на асфальт, абапёрся спiнаю на лiхтарны слуп, сагнуў ногi i, паклаўшы локцi на каленi, схiлiў голаў. Думкi змянялi адна адну, i, як звычайна перад сном, у iх не было нi логiкi, нi парадку.

"Можна адпачыць, — думалася Яну. — Спяшацца няма куды. Сумна глядзець на тых, што спяшаюцца. Хто не спяшаецца, той чакае, як мы сёння, як зараз я. Той, хто спяшаецца, ужо спазнiўся. Хай спяшаюцца, а я адпачну. Потым прыйдзецца ўстаць i пайсцi. Потым хай, толькi не зараз. Я вярнуўся, каб адпачыць. Пасля трэба ўставаць, iсцi, ехаць... Так робiцца. Я не выключэнне. Кiрунак вызначыў не я. Чалавек не вызначае кiрунак. Далей пустата. А мо там тапалёвы пух? Ён жа паўсюль. Не, толькi не пух. Холад. Там пустата i холад. А што я магу? Што можна зрабiць? Вяртацца. Не садзiцца ў машыну, не iсцi наперад, а вяртацца. Процi цячэння вады. Можна прапусцiць сваю чаргу. Можна... А далей? Далей прыйдзецца разам з усiмi, як усе, як усё. Трэба ўстаць, бо засну. Не засну. Спаць не хачу, як у дзяцiнстве — засынаеш i гаворыш: "Спаць не хачу, не буду спаць!" А сон бярэ сваё. Якi б я хацеў убачыць сон? Мо пра Янiну? Яна ў рэальнасцi, клiкаць у сон няма патрэбы. А пра што? Пра ровар? Я хлопчык. Можна саснiць, як еду на ровары "без рук". Часам сню, што лётаю без крылаў i прылад, сам па сабе. Жаданне ператвараецца ў яву. Паспрабаваць i з роварам. Я — хлопчык — разганяю на пустой вулiцы ровар, мiльгаюць сметнiцы i лiхтары, адпускаю рукi, еду "без рук".

Сiстэма

Барыс упэўненай хадою шпарка iшоў праз парк.

— Мужык...

"Толькi гэтага не хапала".

— ...пастой. Дапамажы, дай пару капеек.

"Яшчэ адзiн у тэлефоннай будцы", — падумаў Барыс.

— Зараз, — ён дастаў з кiшэнi колькi манет i падаў iх таму, хто прасiў. Той схапiў Барыса за рукаво i сказаў:

— А ты бага-аты.

"Хопiць. Не хацеў, але..." — падумаў Барыс i ўдарыў вольнай рукою таму, хто трымаў яго за рукаво, у твар.

Манеты зазвiнелi па асфальце. Завiшчалi дзверцы тэлефоннай будкi.

Барыс пабег насустрач таму, хто чакаў у будцы. Барыс хацеў ударыць, ды прамахнуўся. Яму ўдарылi ў жывот, потым у плячук i зноў у жывот. Барыс пачаў задыхацца — боль працяў яго. Яму ўдарылi збоку ў скронь.

"На-а!" — пачуў Барыс, i свет разляцеўся на дробныя кавалкi.

* * *

"Дзе я? Скронь. Ударылi ў скронь. Паркавая лаўка, я пад ёю. Скаты, завалаклi пад лаўку, каб не валяўся навiдавоку. Здагадалiся ж... М-м-м... Зараз пройдзе. Кулаком так не шарахнеш. Чаго ляжаць? Уставай!"

Барыс выбраўся з-пад лаўкi. У парку было пустэльна. Сосны знерухомелi ў шарай гадзiне.

"Вечарэе. Колькi я праляжаў? Гадзiну? Болей? Ну i выгляд".

Барыс паабтрасаў пыл i сухое лiсце, што былi на вопратцы, i пайшоў да цэнтральнай паркавай брамы.

"Пачысцiцца, памыецца, адпрасуецца i будзе як новае. Колькi часу? Скаты, гадзiннiк за дзве капейкi i той забралi. Так табе i трэба. Так i павiнна было быць. Раней цi пазней — няма рознiцы. Інакш i быць не магло. Пасаду захацеў мець?! Штаны пачысцiў, туфлi наваксаваў, пастрыгся, пагалiўся?! Як жа ж, на прыём да мiнiстра першы раз iдзеш! Сам мiнiстр запрасiў, час прызначыў. Трэба выгляд мець, каб не Барысам, а Барысам Барысавiчам дапамаглi зрабiцца. Не ў джынсах жа чакаць пераўвасаблення. Вось i пераўвасобiўся. Чаго папёрся праз парк? Забыў? Не забыў. Тады было iнакш. Мы прасiлi не так. Мы грошы сшыбалi да-лi-кат-на".

Барыс прыпынiўся каля пустой лаўкi i загаварыў:

— Дзяўчаткi прыгожыя, добры вечар. Паглядзiце на мяне. Паглядзiце ўважлiва на мяне, на мае джынсы i куртку, яны бачылi ўсе айчынныя хiт-парады. А цяпер мне так балiць жывот, што няма нiякага ратунку, акрамя шклянкi таннага вермуту. Можа, вы дасце беднаму хiпi адзiн рубель дваццаць дзве капейкi i ўратуеце яго ад пакутлiвай смерцi? Дзякуй, прыгожыя. Мне толькi рубель i дваццаць дзве капейкi, а больш не трэба. Дзякуй, дарагiя. Гуд бай!

Барыс перайшоў да наступнай лаўкi, схiлiў галаву i зноў загаварыў да пустой лаўкi. Ён прамаўляў цiха, але з упэўненасцю, якая з'яўляецца ў чалавека, калi ён адны i тыя ж словы гаворыць сто першы раз.

— Хлопец. Брат, прабач, дапамажы. Калi можаш, дай колькi манет. Калi можаш... Я прашу. Не крыўдуй. Дзякуй, брат.

"Давалi. Адчынялi сумачкi i давалi. Даставалi з кiшэнi i сыпалi на далонь. Выцягвалi партманет i адлiчвалi. Хто капейкi, хто рублi. Хто на вiно, хто на хлеб, хто на бiлет. Дапамагалi беднаму хiпi, выратоўвалi небараку студэнта, шкадавалi абрабаванага чалавека... Сотнi версiй, сотнi шляхоў. Людзi давалi нам грошы. Мы прасiлi — яны давалi.

Але было i па-другому, калi заехалi Шведу пасля першага слова свiнцовым кастэтам. Ён так падаў патылiцай на асфальт, што я спалохаўся: цi не забiлi Шведа? Толькi яго не забiлi. А пасля бойкi былi разборы i скрынка вiна.

А дзе цяпер той Швед? Няўжо ён застаўся такi, як i быў пад крамай "Тытунь" у сваiм бамбасховiшчы? Сто гадоў не бачылiся. Пэўна ж, Барыс, ты стаў iншы, ты ў падвалы i бункеры не ходзiш, ты вiна таннага не п'еш, анашу не курыш, калёсы не глытаеш... Ты — асоба! Ты да мiнiстра на прыём iшоў. Асоба! Мiнiстр! Прыём! Атрымаў? Цябе чакалi, а ты ў парку рогам зачапiўся. Цябе шпана мужыком называе, а ты бiцца палез. Дапамог бы хлопцам i пайшоў бы цiха. Як жа ж, пайшоў бы... Яны што, не ведаюць такiх, як ты — адпрасаваных, пастрыжаных? Такiя як да першага тэлефона дапаўзаюць, так i пачынаюць на дапамогу клiкаць. Толькi не ведалi хлопцы, што не будзеш ты нi званiць, нi выклiкаць. А пойдзеш ты, Барыс, па сiстэмнай мянушцы — Бэр, да Шведа ў бамбасховiшча, бо што гэта за свет, калi Бэр у Мiнску праз парк прайсцi не можа? Мiнiстр? У мiнiстра папросiм прабачэння".

* * *

Няпэўнае святло запалкi намацала ў цемры магутныя дзверы ў бамбасховiшча. Бэр ударыў у дзверы нагою — раз, другi, трэцi... Заскрыгатала засаўка. У светлым прагале цямнеў сiлуэт. Ён быў напагатове.

— Што трэба? — гыркнуў сiлуэт.

— Швед ёсць?

— Залазь, — сiлуэт саступiў дарогу.

Зялёныя сцены бамбасховiшча i слабыя лямпачкi ў драцяных каўпаках сустрэлi госця больш ветлiва.

— Хто? — Шведаў голас пад нiзкай столлю праз пакоi i калiдоры даляцеў да Бэра.

— Да цябе, — пачулася з-за Бэравай спiны.

Бэр зайшоў у пакой, застаўлены станкамi i варштатамi. Швед ляжаў на канапе, якая сваёй бардовай аксамiтнай абiўкаю i белымi гнутымi ножкамi ў стылi ракако зусiм не пасавала да шызага халата на гаспадары.

"Пастарэў, Швед. Няма джынсаў. Няма курткi. Няма доўгiх, па плечы, валасоў. Няма хiпi".

— Бэр? Заходзь! Не чакаў я. Сядай цi кладзiся, калi хочаш, — Швед сеў на канапе.

— Пастарэў ты, Швед, а з падвала не вылез, — Бэр сеў побач са Шведам.

— Добра, што зайшоў. Пастарэў, кажаш? А я газету бачыў, а ў ёй твой партрэт. Дык ты высока далез. Правiльна... Павярнi галаву.

Бэр паказаў Шведу чырвоную прыпухлую скронь.

— Нармуль. Дапамаглi, кажаш, мяне ўспомнiць, — сказаў той, разглядаючы кровападцёк.

— Дапамаглi, як бачыш. Вось я i прыйшоў спытаць. Хто мяне ў парку пад лаўку паклаў? Ішоў я праз парк. Падыходзiць адзiн i кажа: дапамажы. Другi ў тэлефоннай будцы чакае. Я спяшаўся, думаю, чорт з табой. Дастаў я жменю дробязi. А ён мне кажа — багаты мужык ты. Сам разумееш, гэта ўжо — нявыкрутка. І панеслася, i пакацiлася... Прачнуўся я пад лаўкаю.

— Дзе гэта было? — Швед устаў, засунуў кулакi ў кiшэнi халата, потым дастаў з кiшэнi папяросу, прадзьмуў, закурыў i крыкнуў у бок дзвярэй: — Тушкан, вентыляцыю ўключы.

— Зараз, — азваўся той, што адчыняў дзверы ў бамбасховiшча.

Загула вентыляцыйная сiстэма. Па пакоi прабег ледзь улоўны скразнячок.

— Каля дзiцячай чыгункi, — удакладнiў Бэр.

— А з выгляду яны як?

— Думаў, што калi я пачну, дык i пакладу абодвух.

— А дакладней можна, цi так гахнулi, што памяць адбiлi?

— Шарахнулi як мае быць, але памяцi не адбiлi. Наадварот, як бачыш, дарогу ў твой падвал успомнiў... Слухай. Адзiн меншы за мяне, рэдказубы, з вусiкамi рэдкiмi; да цырульнiка падобны цi да бармена, на iм джынсовая куртка i значок, рот з высалапленым языком — Ролiнг Стоўнз.

— Ведаю, — ашчэрыўся Швед, — ёсць такая гнiль рэдказубая. Алекс яго мянушка. Хiба ты яго не мог навучыць, як грошы сшыбаюць?

— Гэтага я навучыў, але быў i другi, той, што ў будцы стаяў. Яго не помню. Як зачапiлiся, сам разумееш, не было калi разглядаць.

— Забралi што? Цi так пабiлi?

— Грошы, гадзiннiк...

— Ясна. Эй, Тушкан, мы пайшлi, а ты сядзi, не адчыняй.

* * *

Побач са Шведам Бэр адчуваў сябе маладзейшым на гадоў дзесяць.

"Раней хадзiлi мы па вулiцах, i не было ў тых вулiц тупiкоў. Сядзелi мы ў скверах i пiлi вермут, i забаўлялiся з дзеўкамi, i слухалi музыку, i самi спявалi... Была сiстэма, i ездзiлi мы па краiне аўтастопам, i ў кожным вялiкiм горадзе нас чакалi падвалы з напiсанымi на сценах адрасамi iншых такiх падвалаў, дзе не зачыняюцца дзверы, i было вiно, i быў хлеб. Называлi нас i хiпi, i патлатымi, i джынсовымi, i падонкамi, шкодным элементам, i люмпен-пралетарыятам, i чорт ведае чым, i Бог ведае кiм... А мы пляваць хацелi на ўсе гэтыя назвы, мы ехалi, а потым iшлi, а потым зноў ехалi, i ў дарозе не было тупiкоў. Толькi Шведу не пашанцавала, трапiў ён у тунель, дзе выключылi святло, — знайшлi ў ягонай сумцы шпрыц i ампулы з кайфам. Два гады Шведа не было ў абдымках дзяўчат i на дарогах. Вярнуўся ён стрыжаны, з вялiкiм шнарам на вуху. Выпiлi мы пляшку каньяку ў вакзальным буфеце за сустрэчу, за сяброўства, за два доўгiя-доўгiя гады i разбеглiся ў розныя бакi..."

— Знойдзем. Гадам буду, а мы iх вылавiм. Калi не памылiлiся i ў парку Алекс быў — мы iх каля нямецкага рэстарана i знойдзем, — Швед заводзiў сам сябе.

У рэстаран ён зайшоў адзiн. Бэр застаўся чакаць на алеi, ён сеў так, каб быў вiдзён, на усялякi выпадак, рэстаранны ганак, дзе курылi п'янаватыя студэнты.

Швед хутка з'явiўся на ганку.

— Зробiм так. Я падыду адзiн, быццам п'яны, i паклiчу iх у двор, быццам хачу пярсцёнак iм здаць, быццам не хапiла мне сёння i я хачу дабавiць, а на кiшэнi — нулi... Карацей, напляту. Як толькi завяду iх пад арку, уставай i за намi iдзi, толькi не спяшайся, я адзiн iх пакладу.

— Адзiн такi паклаў, а потым пад лаўкай прачнуўся. — Бэр адчуў, як задрыжэла ў яго калена, яно заўсёды дрыжэла перад бойкаю, да першага ўдару.

— Спакойна, Бэр. Яны як цапы панабiралiся, а я ў форме. Ведаеш, як з бухадзелам завязаў. Не магу пiць, пячонка не дае. Іголку зусiм забыў. Толькi калi пакурыць, i тое зрэдку. Во як, даўно не бачылiся... Пакладу я iх, вярняк. Хто такi Алекс? Хто такi Цапок? Хто яны супроць Шведа? Галоўнае, каб не даць уцячы аднаму, пакуль я другога бiць буду. Зробiм не так. Ты будзеш у двары чакаць. Калi якi дзёрне, ты спынiш. Першым грохну Цапка, а Алекс хай бяжыць, ён твой. Толькi не пабяжыць Алекс, будзе спадзявацца, што яны ўдвух мне рыла надзяруць. Ідзi.

— А калi гэта не яны, не Алекс i Цапок, у парку былi? — Бэр кiўнуў на рэстаранны ганак.

— Яны, — Швед гмыкнуў.

— Пайду гляну.

— Толькi ў рэстаране ты не зачапiся.

— ...

* * *

У рэстаран Бэр зайшоў праз чорны ход. У калiдоры, каля буфета стаялi i курылi афiцыянты. Бэр узяў пачак цыгарэт i выйшаў у залу.

Цапок i Алекс сядзелi за столiкам каля эстрады, на якой тоўстая салiстка манерна расцягвала словы англамоўнага шлягера. За столiкам сядзелi яшчэ дзве дзявулi. Яны смяялiся, i Цапку з Алексам не было калi заўважыць Бэра.

* * *

У дваровай альтанцы курылi хлопец з дзяўчынай. Бэр сеў насупраць iх i сказаў цiха:

— Слухай, мне тут пачакаць трэба. Ясна? А ты з дзяўчынкай пойдзеш i пасядзiш на алейцы цi ў другiм якiм месцы. Горад вялiкi...

Хлопец з дзяўчынай сышлi. Бэр застаўся чакаць бойкi ў начным двары.

"Не атрымаецца з мяне асобы. Я — жлоб, казёл... Толькi без "казла"! Добра, хай без "казла". Проста — жлоб мiкрараёнскi, жлоб з мiкрагi... Куды лезу? Чаго пнуся? Па кабiнетах на сагнутых нагах з усмешачкай, у калiдорах з тымi, на каго брыдка глядзець, вiтаюся за руку. Пяць гадоў поўз, прынiжаўся, прыкiдваўся, i нарэшце пашкадавалi, прынялi за свайго, давялi да прыёмнай, арганiзавалi сустрэчу... Працуй, Барыс! Ты — свой, сiстэмны, цябе прынялi, залiчылi ў легiён! А ты праз парк, замест таго каб на аўтобусе па праспекце. А ты бiцца з-за дробязi. Але гэта лёс такi: i на праспекце маглi спынiць..."

Пад аркаю з'явiлiся тры мужчынскiя постацi. Швед iшоў пасярэдзiне, ён хiстаўся.

— Давай, — Бэр пазнаў Алексаў голас.

— На-а, — Швед ударыў, толькi не Алекса, а высокага Цапка, у пах. Цапок скурчыўся. Алекс не чакаў такога павароту. Ён толькi i паспеў, што руку падставiць пад Шведаў кулак, але кулакоў у Шведа два.

— Ляжаць, скаты! — Швед нахiлiўся над Цапком. — Грошы!

— За што? — застагнаў Цапок.

— За парк, за лаўку...

— Ён сам завёўся, мы не хацелi...

— Грошы! — ашчэрыўся Швед.

Цапок зрабiў спробу падняцца, яму было цяжка лежачы даставаць з кiшэнi грошы. Швед выцяў Цапка нагою ў грудзi.

— Ляжаць, сказаў!

Цапок з Алексам дасталi нарэшце грошы i аддалi iх Шведу. Бэр стаяў воддаль i глядзеў, як Цапок зняў з рукi гадзiннiк i той знiк у Шведавай кiшэнi.

— Мы пайшлi... Пакуль не выйдзем са двара — не ўставаць.

Цапок з Алексам не адказалi.

* * *

Бэр i Швед пайшлi на праспект паўз рэстаранныя вiтрыны, у якiх стаялi пузатыя нямецкiя вазы.

— На грошы.

— Многа.

— Я пакiнуў сабе гадзiннiк, а ты сабе новы купiш. Давай пройдземся. Даўно мы з табой не хадзiлi.

Бэр i Швед накiравалiся ў бок вакзала. Яны мiнулi магазiн "Падарункi", дзе на шыльдзе зiхацеў бронзавы матыль, i пайшлi па цёмнай алеi.

— Вi ол лiў iн зэ елаў субмарын1, — праспяваў Швед.

— Та-да-та та-да-та-та, — дапамог яму Бэр. Яны спынiлiся i смяялiся на алеi. Стаялi i смяялiся. Яны смяялiся гучна, яны рагаталi... Старонняму чалавеку магло б здацца, што за iх рогатам i сапраўды тоiцца нешта смешнае, але смешнага нiчога не было. Гэты рогат быў звычайнай iстэрыкай людзей, што выйшлi з бойкi пераможцамi.

— Швед, у цябе ёсць работа?

— Хочаш захалтурыць? Прыходзь да мяне, пасталярыш.

— Не, такая работа, каб на гады два, тры...

— Ёсць адна справа. Год можна пратрымацца. Усе канторы шызанулiся на вымпелах, усiм сягоння патрэбен рэкламны вымпел цi каляндар. А друкаваць iх нескладана. Мой Тушкан i падпiсаўся, а яму напарнiк патрэбны.

— Пайшлi, я пагаманю з Тушканам.

— Не, з Тушканам я сам буду гаварыць, калi што якое. А каму грошы спатрэбiлiся?

— А што гэта за Тушкан?

— А чорт яго ведае. Я ж з малалеткамi зачапiўся. Памятаеш, колькi iх у мяне ашывалася? Разагнаў. Усiх выгнаў, каб не смярдзелi. Сiкуны! Яны адзiн аднаго закладваць пачалi. I з-за чаго? З-за дзевак, з-за травы... Смех! Раз да мяне людзi прыйшлi, папярэдзiлi. Так i так, Швед, хочаш, каб падвал у цябе застаўся — ганi ад сябе шпану. Другi раз людзi прыйшлi, а каб трэцi раз не прыходзiлi, я ўсiх смаркачоў з iхнiмi сiкухамi i выгнаў. Не бiў, не палохаў, проста сказаў, каб забылi дарогу ў мой падвал. Яны забылi, а мне сумна стала. Прывык я працаваць, калi мне ў спiну глядзяць. Адным, наадварот, каб цiха, каб нiкога не было. А мне лепш, калi нехта ў пакоi сядзiць, каб, зрэшты, было каго ў краму паслаць. Сумна мне стала, тут якраз Тушкан i знайшоўся. Еду я ў электрычцы. Халадэча. За вокнамi снег з дажджом, а ён у тамбуры стаiць у адной кашулi. Пакурылi мы ў тамбуры, пагаварылi. У яго, акрамя кашулi, штаноў i чаравiкаў, нiчога i не было. Пашкадаваў я бiчугу, пусцiў у падвал.

— А як зваць яго?

— Кажа, што Саша. Толькi ён такi Саша, як я Дэдэрон. Раз назваў Тушканам, ён азваўся, так i пайшло... Цяпер ён справу сабе знайшоў... Дык каму грошы спатрэбiлiся?

— Мне.

— Тушкан табе не напарнiк.

— Чаму?

— Не будзеш ты з iм працаваць.

— Не разумею.

— Разумееш. Няма табе дарогi ў падвал.

Бэр засмяяўся, але Швед не падтрымаў яго.

— Не круцi, Швед. Мы з табой сябрамi заўсёды былi. Хто мне дапаможа, калi не ты? Трэба мне ў сiстэму вярнуцца. Уладкуюся вартаўнiком, а на вымпелах падымуся. Будуць бабкi, будзем далей думаць. Не магу я, Швед, не магу ў iхняй сiстэме жыць, па паркету хадзiць, на цэментовыя твары глядзець. Лепш у падвале па цэменце хадзiць ды на людзей глядзець. Пяць гадоў я на жываце поўз. Ведаеш, я ж пад iнтэлектуала касiў... А больш не магу, бо яны не б'юць, яны плююць у душу... Усё робiцца толькi за спiнаю. У вочы толькi добрыя словы, а за спiнаю бруд. Стаiш, бывала, у светлым калiдоры, дзе адных дзвярэй на тры iнтэрнаты хапiла б, стаiш i разважаеш з якiм-небудзь намеснiкам загадчыка аддзела пра этычныя каштоўнасцi i эстэтычныя набыткi. Ён цябе ненавiдзiць, i ты яго адпаведна. Толькi ты яму гэтага не гаворыш, i ён табе гэтаксама. Здаецца, закапаў бы яго, рукамi асфальт узарваў бы, каб гэтага казла ў зямлю загнаць, ды не... Стрымлiваешся.

Не ведаю, цi ёсць у чалавека душа? Але ў мяне дзiўнае адчуванне пачало з'яўляцца... Заходжу я ў свой офiс, а душа пакiдае мяне, яна застаецца за дзвярыма. Я працую — запаўняю бланкi, падлiчваю працэнты, выконваю параграфы, размаўляю, адказваю па тэлефоне, пiшу лiсты... Толькi ўсё робiцца механiчна. Нарэшце я выходжу з офiса — i душа вяртаецца. Не магу я так далей жыць. Сам сябе пачынаю баяцца.

— Не ганi фуфел, Бэр, не пралезе. Ты адзiны, хто чысты з нашай сiстэмы выйшаў. Нi кiр, нi бабы, нi нарката цябе не хвалявалi. Няма табе дарогi ў падвал. Думаеш, не хачу з табой працаваць? Хачу. Толькi з усiх нас ты адзiн iншым стаў. Нi Баця, нi Iрэн, нi Малы, нi Кэт, нi Салавей з Гаранiным — нiхто з падвала не выйшаў, мы ўсе ў бамбасховiшчах засталiся, а ты выбраўся. За тое, што шчанюкоў не здаў, дзякуй. Не псiхуй. Ну, падставiлi яны падножку, але мы з iмi разлiчылiся — грошы твае ў тваёй кiшэнi. А далей нашы дарогi разбеглiся. Калi што якое, заходзь.

* * *

Бэр пайшоў на вакзал. Яму захацелася пастаяць на пероне, паглядзець на людзей, што ад'язджаюць, хацелася апынуцца ў натоўпе, хацелася расплавiцца ў развiтаннях i сустрэчах.

З-за рога, насустрач Бэру, выйшлi двое мужчын. Ён пазнаў iх. Ён рэзка развярнуўся i пабег. Тупат пакацiўся па пустэльнай вулiцы. Бэр выбег на плошчу. Праз плошчу ён бег лёгка i хутка, але яму здавалася, што так марудна ён нiколi ў жыццi не бегаў. Бэр азiрнуўся, Цапок i Алекс адставалi. Бэру пачало не хапаць паветра, нябачныя рукi сцiснулi горла. Больш ён не азiраўся.

З плошчы, па лесвiцы, праз арку ён забег у двор. Цёмны, без лiхтароў, засаджаны кустамi унiверсiтэцкi двор.

Бэр кiнуўся напрасткi, па кустах i газонах, па кветнiках i праз нiзкiя садовыя штыкетнiкi... Ён нават не заўважыў, што разадраў калашыну. На сярэдзiне двара ён зачапiўся за дрот, упаў, садраў скуру на далонях, але iмгненна ўскочыў i кiнуўся далей.

На вулiцу, праз яе, у прахадны пад'езд, на апошнi паверх, праз гарышча, у другi пад'езд, у двор, да сцяны, на сцяну, па ёй, на дах, па пажарнай лесвiцы, на кантэйнер са смеццем, паўз гаражы, да плота, праз плот, у сквер, праз вулiцу, у двор...

Слоўнiк

Хiпi — моладзь, якая выказвала тэатралiзаваны пратэст супраць забюракратызаванага грамадства.

Разборы — высвятленне адносiн.

Бункер — падвал, бамбасховiшча, прыстасаванае для слухання музыкi цi iншых заняткаў сучаснай моладзi.

Калёсы — таблеткi з наркотыкамi.

Сiстэма — арганiзацыя хiпi, арганiзацыя.

Ролiнг Стоўнз — назва рок-гурта.

Аўтастоп — бясплатны праезд на спадарожных машынах.

Кайф — асалода, наркотык.

Здаць — прадаць.

Іголка — шпрыц (тырчаць на iголцы — сiстэматычна ужываць наркотыкi).

Падкурыць — пакурыць анашу.

Казёл — апошнi чалавек, гомасексуалiст.

Мiкрага — мiкрараён.

Трава — анаша.

Бiч — валацуга.

Падняцца — зарабiць грошы.

Бабкi — грошы.

Касiць — прыкiдвацца.

Гнаць фуфел — падманваць.

Кiр — алкаголь.

Бэр — мядзведзь у старажытных славян.

Памiж папярэднiм i наступным

— Ара гадае! Ара гадае! — голас гучаў над пляцам.

Вецер прыносiў на паўднёвы пляц водар марскiх хваль. Срэбнае, падобнае да вялiкай манеты сонца ўзышло над шэра-блакiтнымi гарамi.

Мужчына сядзеў у кавярнi за белым круглым сталом. Кавярня — некалькi сталоў i гэтакiх жа эмалева-белых крэслаў, буфет i стойка — мясцiлася на другiм паверсе марпорта ў каланадзе. Буфетчыца смажыла буйное зерне кавы на электрапанiве. Ад гаркаватага паху дарагой кавы, ад ранiшняга, маладога сонца, ад марскога сакавiтага паветра, а найбольш праз тое, што ў мужчыны адпачынак, ён меў добры настрой. Мужчына не спяшаючыся пiў другую фiлiжанку густой, горкай, без цукру кавы, курыў доўгую, дарагую цыгарэту i глядзеў на пляц з веернымi пальмамi.

— Ара гадае! Ара прарочыць лёс! — гукаў дзед у фрэнчы чыгуначнiка. На руцэ ў яго сядзеў чырвона-блакiтны, стракаты вялiкi папугай.

Мужчына дапiў каву i перакулiў фiлiжанку на чысты сподак. У цёмна-карычневым абстрактным малюнку знайшоўся толькi жаночы профiль. Мужчына выйшаў на пляц. Трэба было шукаць прыватную кватэру цi гатэль. Быў апошнi месяц вясны. Курортны сезон яшчэ толькi пачынаўся, i таму мужчына не вельмi непакоiўся, што застанецца без кватэры.

— Ара гадае, — побач пачуў мужчына i азiрнуўся. Дзед з папугаем глядзеў на яго.

— Колькi каштуе шчасце? — спытаў мужчына.

— Рубель.

— Дорага.

— Папугаю патрэбны арэхi, гэта сапраўды трохколерны ара, рэдкая птушка...

— Трымай, — сказаў мужчына i аддаў новую блiскучую манету.

— Ара, работай, ара, работай, — паўтараў дзед.

Папугай замахаў крыламi i праз гэта выдаваў большым. Адна папугаева лапа была схоплена металiчным пярсцёнкам. Тонкi, пэўна, ад кiшэннага гадзiннiка ланцужок быў прыпаяны да пярсцёнка, а другiм сваiм канцом зачэплены за чыгуначны гузiк на форменным фрэнчы гаспадара. На плячы ў дзеда вiсела зялёная дыктавая скрынка, скручаныя ў трубкi паштоўкi стаялi ў ёй. Скручаныя паштоўкi былi падобныя на гiльзы ад паляўнiчай стрэльбы. Гаспадар перасадзiў ару з рукi на скрынку. Ара схiлiў галаву, паказаўшы жоўты чуб на патылiцы, i вялiкай, падобнай да абрыкосавай костачкi дзюбаю выцягнуў паштоўку. Быццам бы нечым здзiўленае цi чымсьцi спалоханае папугаева вока пазiрала на мужчыну.

— А чаго ён на ланцугу?

— Неяк уцёк. Праўда, потым вярнуўся, — адказаў гаспадар i аддаў бязважкую папяровую "гiльзу".

Сонца згубiла срэбра — зрабiлася флуарэсцэнтным. Вецер ацiх. Пачыналася спёка. Мужчына знайшоў вольную лаўку. Цёмна-сiнi цень падаў на яе ад разлогае магнолii. Пачынаўся паўднёвы дзень, гарачы i кантрастны. "Ты спаткаеш каханне i сустрэнеш сваё шчасце, калi прыедзеш сюды другi раз", — прачытаў мужчына. На другiм баку паштоўкi быў каляровы анiлiнавы фотаздымак — гатэль i бананавае дрэва, асветленыя флуарэсцэнтным нежывым сонцам.

Гатэль, у якiм знайшоўся двухмесны нумар, мужчына адшукаў даволi хутка, яму пашанцавала. Ён заплацiў за абодва месцы, каб не сапсаваць доўгачаканы адпачынак выпадковымi знаёмствамi. За акном нумара зелянеў дэндрарый. Мужчына доўга глядзеў на невысокую гару, карцела ўбачыць паўлiна, што, схаваўшыся ў зелянiне, крычаў нервова-траскучым голасам. На густа-блакiтным небе смарагдавыя кiпарысы выглядалi iспанскiмi вежамi Гаўдзi. Ядлоўцавыя дрэвы i кедры былi аскетычныя i суровыя побач з далiкатнымi бананамi i лакавымi магнолiямi. На гару ездзiў па тросе цацачна-чырвоны вагончык. Экскурсiя ў дэндрарыi пачыналася на гары, i турыстаў везлi туды ў вагончыку. Нарэшце мужчына ўгледзеў крыклiвую птушку. Паўлiн быў бруднага колеру, а складзены хвост нагадваў пук iржавага дроту. Непрыемная iстота, падумаў ён, i чаму гэта яе называюць прыгожай i экзатычнай; у параўнаннi з папугаем-арай гэта проста металiчны муляж, а не паўднёвая птушка... Мужчына скiнуў кiтайскiя порткi колеру хакi i светла-шэрую кашулю з кароткiмi рукавамi. У новай вопратцы ён адчуў сябе няёмка, здавалася, што ўсе людзi, калi выйсцi з гатэля, будуць на яго глядзець. Але мужчына хутка забыў пра няёмкасць, баваўняныя кашуля i порткi падабалiся яму.

Першы дзень на новым месцы заўсёды доўгi. Мужчына загараў на пакуль яшчэ вольным пляжы. Купаўся ў ёдзiста-салёнай вадзе спакойнага мора. Пiў каву пад стракатымi палатнянымi парасонамi, шмат з асалодаю курыў прывезеныя з дому цыгарэты. Заходзiў у магазiны. У крамах купляў зграбныя паўбутэлькi пепсi-колы з блакiтна-чырвонымi этыкеткамi i такiмi ж чырвона-блакiтнымi знакамi на зубчастых бляшках. Чытаў, схаваўшыся ад спёкi ў сiнiя паркi, англiчанiна Томаса Мора. Ён не ўспамiнаў пра сваю працу, пра дом... Ен адпачываў, не разважаючы пра мiнулае i будучае. Абедаў мужчына ў грыль-бары, еў добра падсмажанае кураня, упрыгожанае зелянiнай, i пiў белае сухое вiно. Вечарам ён пайшоў у кiнатэатр. Паказалi нудны прыбалтыйскi дэтэктыў; падзеi разгортвалiся ў пурпуровых iнтэр'ерах. Кiнатэатр быў летнi, без даху, мужчына глядзеў на чорныя вежы кiпарысаў над экранам i на нямоглы ветах над кiпарысамi. У кiнапраекцыйным святле лёталi матылi, а на экране мiльгалi iхнiя ценi. Дзень скончыўся. Доўгi першы дзень адпачынку скончыўся. За гатэльным сталом у сваiм нумары мужчына пападпiсваў паштоўкi з вiдамi горада i мора. Стомлены, ён лёг спаць. Мужчыну прыснiлася дзяцiнства — магазiн "Прырода", хвалiстыя папугаi ў клетках i марская свiнка ў дыктавай паштовай скрынцы.

* * *

Размова з жанчынай — прадаўшчыцай паштовак — разбурыла знойдзены мужчынам спакой.

— Ты зноў купляеш тыя ж самыя паштоўкi? — сказала яна.

— Якая рознiца?

— Падумала, што забыўся.

— Не помню, што браў раней, але рознiцы няма. Колькi з мяне?

Мужчына разлiчыўся i паклаў купленыя паштоўкi ў кнiгу Томаса Мора. Ён падумаў, што гэтыя прастакутныя стандартызаваныя краявiды больш адпавядаюць "Утопii", чым уклееныя шызыя iлюстрацыi. Мужчына падумаў, што трэба самому зрабiць малюнкi да Мора, трэба намаляваць горад, мора i сонца. Што ён прыедзе дадому i на вялiкiх аркушах, белых i чыстых, пачне маляваць. А потым вялiкiя малюнкi ён развесiць на сценах майстэрнi. Пачне вечарэць, i густое, поўнае водару з лiповага цвету сонечнае святло паляцiць у майстэрню праз адчынены квадрат акна. Малюнкi патаемна зазiхацяць, бо намалюе iх простым алоўкам на вялiкiм фармаце. Мужчына падманваў сябе, ведаючы, што так не будзе. Зробяцца iшыя малюнкi, а гэтых не будзе. Але ад гэтых падманных думак была радасць.

— Ты купляеш тыя ж паштоўкi, — ён зноў пачуў голас жанчыны. Звычайныя словы разбурылi знойдзены спакой.

Паснедаўшы ў таннай сталовай i вырашыўшы больш не наведваць гэты металiчна-дыктавы ангар, у якiм стаяў моцны пах дэзiнфекцыйных хiмiкатаў, мужчына пайшоў на платны пляж. Пляж быў амаль пусты, чыста падмецены i цiхi. Рады драўляных лежакоў пад складзенымi парасонамi нагадвалi незвычайны стадыён. Некалькi хлопцаў у чырвоных, нацягнутых на плаўкi, трусах ныралi з хвалярэза ў шкляную глыбiню. Ныральшчыкi смяялiся, папiхалi адзiн другога, давалi нырца, проста падалi ў ваду i зноў узлазiлi на бетонны аброслы водарасцямi i дробнымi вострымi ракавiнамi хвалярэз. Адзiн з хлопцаў падышоў да мужчыны i папрасiў закурыць. Мужчына даў цыгарэту. Хлопец папрасiў яшчэ адну, але мужчына больш не даў. Хлопцы сядзелi на хвалярэзе i курылi, перадаючы адзiн другому цыгарэту. Мужчыну было добра вiдаць, што ў iх аднолькавыя трусы — чырвоныя з шаўковымi зялёнымi лампасамi. Такая ж сакавiта-зялёная шаўковая блузка была на прадаўшчыцы паштовак, падумаў мужчына, i яму зрабiлася няўтульна з таго, што, лежачы на пляжы, ён думае пра незнаёмую прывабную жанчыну. Ён паспрабаваў думаць пра iншае — малюнкi на вялiкiх аркушах, праца, такая, што забываеш пра час, дом... I чым больш яму хацелася забыць жанчыну, тым больш выразна ён разумеў, што не можа гэтага зрабiць. Вечарам, седзячы ў кавярнi, мужчына вырашыў запрасiць прадаўшчыцу ў бар.

У гасцiнiчным нумары мужчына доўга ляжаў, не могучы заснуць. Ён перабыў на сонцы. Яго калацiла — гарачыня пералiвалася ў халадэчу. Да плячэй не дакрануцца. Выратавала таблетка анальгiну i дзве цыгарэты, выкураныя ўзапар. Прачнуўся ён позна i доўга слухаў, як напружана рыпеў трос, як вуркатаў вагончык з экскурсантамi. На пляж у гэты дзень мужчына рашыў не хадзiць.

* * *

— Добрай ранiцы, — павiтаўся мужчына.

— А я думала, што ты пакрыўдзiўся. Толькi якая зараз ранiца?

— Каму дзень, каму ранiца. — Ён паглядзеў на дагледжаныя рукi, якiя трымалi бляшанку з дробнымi грашыма, падумаў, што трэба запрасiць жанчыну ў бар, i сказаў:

— Мне патрэбна паштоўка — бананавае дрэва i гатэль.

— Бананавае дрэва... Пачакай. Здаецца, у мяне iх купiлi оптам.

— А хто, ты не памятаеш?

— Дзед у чыгуначным фрэнчы. Ёсць у нас такi. З'явiўся ў горадзе на пачатку красавiка. Ты яго, пэўна, бачыў. Папугай у яго стракаты, яркi... Ара гадае! Ара гадае! Ара прарочыць лёс! Каля марпорта. Бачыў?

— Бачыў. Каля марпорта, на пляцы. — Мужчына, каб хоць як падтрымаць гутарку, спытаў: — Чаму ён купiў менавiта гэтую паштоўку, а не вiд прывакзальнай плошчы, напрыклад?

— Не ведаю. А ты, як разумею, ужо знайшоў свой лёс?

— Так.

— I што, калi не сакрэт, цябе чакае?

— Мяне чакае шчасце i каханне, калi зноў прыеду сюды.

— Ты прыедзеш... — сказала яна.

Ён не зразумеў, пытанне гэта цi сцвярджэнне, i сказаў:

— Лепш не чакаць другога разу, а сустрэцца сёння ўвечары.

— Я не супраць.

— На жаль, не ведаю горада. Марпорт, пляж i аўтавакзал...

— Можна каля марпорта.

— У восем чакаю. Там добрая кавярня.

* * *

На пляж ён не хадзiў. Вясна на поўднi канчалася, i вось-вось павiнны былi закрасаваць магнолii. Мужчына падумаў, што дома толькi пачынаецца вясна i на дарожных адхонах па леташняй шорсткай траве з'яўляецца мяккая зелянiна. Ён iшоў па горадзе, думаючы пра вясну i жанчыну ў шаўковай блузцы, i яму зажадалася сесцi ў любы, першы, што трапiцца, аўтобус i паехаць абы-куды. Трапiўся двухсалонны "Ікарус", але мужчыну не пашанцавала. Аўтобус спынiўся на прывакзальнай плошчы. Вадзiцель у сапсаваны мiкрафон аб'явiў, што чыгуначны вакзал — гэта апошнi прыпынак, i папрасiў пасажыраў выйсцi. Мужчына зайшоў у прыгарадныя касы i ўзяў бiлет на электрычку. Да адпраўлення яшчэ заставалася колькi хвiлiн. Ён вярнуўся на прывакзальную плошчу, каб разгледзець вежу з гадзiннiкам. Вежа траплялася на кожнай другой паштоўцы. Стромкая, чатырохкантовая, пад тонкiм высозным шпiлем, з круглым гадзiннiкам, вежа была сiмвалам горада. На глыбока-чорным цыферблаце памiж арабскiмi лiчбамi блiшчэлi латунныя знакi задыяка. Мужчына знайшоў свой знак — Вагi. Вагi былi памiж дзевяткай i дзесяткай. Не супадае, падумаў ён, мой любiмы час пачынаецца недзе ў сем вечара, а заканчваецца не ў дзесяць, а прыкладна ў восем. Мужчына пачаў разглядаць другiя знакi, але пара была iсцi на электрычку, i ён запомнiў, акрамя свайго, знак Скарпiёна. Скарпiён быў падобны на павука з хвастом. Электрычка ляцела над пляжамi i прыбоем. У вагоне было блакiтна i хiстка ад мора, святла i руху. Мужчына не ведаў, куды i нашто ён едзе, але яму падабалася глядзець на жывую стужку прыбою, на паўпустыя пляжы, на кандовыя хваляломы... На станцыi, дзе ён сышоў, пахла свежым хлебам. За стойкаю ў прывакзальным буфеце двое армян у модных нясвежых кашулях пiлi пiва з вялiкiх шкляных куфляў. У буфеце, акрамя пiва i бутэрбродаў з сырам, нiчога не было. Мужчына ўзяў бутэрброд. Хрумсткая скарынка яшчэ цёплага хлеба з сырам i маслам нагадала мужчыну яго дзяцiнства i чэргi па хлеб. Пiва мужчына не пiў. Ад пiва ў яго пачынала балець галава. Мужчыну захацелася выпiць паўшклянкi белага вiнаграднага вiна, але вiна ў буфеце не было. У прыстанцыйным кiёску яму трапiлася на вочы паштоўка з бананавым дрэвам. Ён купiў дзве i падумаў, што яны зусiм не патрэбны яму. У кiяскёркi мужчына спытаў, цi можна за гадзiну зайсцi ў лес; тая сказала, што можна, i растлумачыла, як iсцi. Невялiкае паўднёвае мястэчка пахла сераю i марскою соллю. Зеленкаваты пыл ляжаў на прыдарожнай траве. Сцежка стромка пачала ўздымацца на гару. Iсцi было цяжка. Незнаёмы, хай сабе i светлы, лес насцярожваў. Глiнiстую зямлю засцiлала вялiзнымi плоймамi леташняе лiсце. Белыя, што крэйда, камянi выступалi з-пад лiсця i здавалiся кавалкамi святла. Мужчына падняў адзiн гладкi, але не слiзкi камень. Было прыемна адчуваць у руцэ важкасць i цеплыню прыдарожнага каменя. У вiльготна-цёмнай ямцы, дзе толькi што ляжаў камень, заварушыўся чорны, нiбыта выпацканы машынным алеем, скарпiён. Гiдлiвасць апякла мужчыну. Ён вярнуўся на станцыю. У горад мужчына даехаў аўтобусам. Лежачы ў нумары, ён чытаў Мора. Думкi блыталiся, забывалiся папярэднiя абзацы, логiка ўцякала, сэнс расцярушваўся... Ён адклаў кнiжку i пачаў рабiць спробы ўспомнiць жанчыну. Успамiны былi падобны на замаруджаны, блага зманцiраваны тэлефiльм. Складны столiк з паштоўкамi пад веернымi пальмамi. Побач — маладая жанчына. Торс, вылеплены блузкаю, спаднiцай i ветрам. Пальцы пералiчваюць пачак паштовак. На паштоўках бананавае дрэва i гатэль. Жаночыя вусны шэпчуць лiчбы. Адсутнасць макiяжу. Блакiтна-зялёнае вока. У iм — мужчына i свет... Мужчына адчуў, што засынае. Каб не заснуць, ён прыняў душ i апрануў свежую кашулю.

* * *

Вечарэла. Мужчына i жанчына сядзелi за белым сталом у кавярнi марпорта. Высока над пiрсам стаяў скрылiк маладзiка.

— Паштоўку з бананавым дрэвам я сабе набыў.

— Нашто яна табе? — жанчына глядзела на маладзiк.

— Вырашыў даведацца, чаму дзед з папугаем прадае менавiта гэтую паштоўку.

— Даведаўся?

— Так.

— I чаму?

— Таму, што бананы тут не выспяваюць.

— Пры чым тут бананы? Яны не выспяваюць, бо не хапае цяпла...

— I шчасця тут няма, бо яму не хапае цяпла, — перабiў яе мужчына. — Ён табе абяцае. Разумееш?! Ён табе абяцае шчасце i каханне ў наступны раз, калi ты зноў прыедзеш сюды. За абяцанне ты плацiш грошы. Другiя табе нават не абяцаюць кахання. А ён тым i адрознiваецца, што абяцае. Праз год ара зноў будзе сядзець навязаны, зноў будзе гадаць i прарочыць, толькi ў другiм горадзе...

— Глупства, — спынiла яго жанчына.

— Чаму?

— Глупства, вось i ўсё. Гэты хабёл з папугаем не такi разумны, як ты думаеш.

— Можа, i так, але гэты хабёл знайшоў, як пяцiкапеечныя паштоўкi прадаваць за рубель.

— Гэта знайшоў не ён.

— А хто?

— Не ведаю. Спытай лепш у мора. I давай не будзем пра папугая, пра папугаяў. Усе яны папугаi.

— Добра, не будзем. Зрэшты, мы пра iх i не гаворым. Мы гаворым пра каханне, якога няма.

— Нашто ты купляў у яго паштоўку?

— Каб зразумець, як працуе сiстэма.

— Зразумеў?

— Зразумеў.

— I цябе больш не цiкавяць паштоўкi?

— Не цiкавяць.

— Шкада. Я страцiла клiента. Не крыўдуй. Калi цэлы дзень прастаiш за прылаўкам, усе людзi ператвараюцца ў клiентаў. Непрыемна, але гэта так. Не будзем больш гаварыць пра паштоўкi.

— Згода, — сказаў мужчына. Ён устаў i падышоў да буфетнай стойкi. Буфетчыца сварылася з дзябёлай эстонкай. Буфетчыца не дала рэшты i пераконвала эстонку, што, маўляў, налiла больш соку. Эстонка патрабавала вярнуць грошы i даць кнiгу скаргаў. Буфетчыца вярнула рэшту. Інцыдэнт скончыўся. Мужчына заказаў дзве кавы i вярнуўся за стол.

— У мяне заўтра вольны дзень, можна куды-небудзь паехаць, — сказала жанчына.

— Я тут нiчога не ведаю.

— Ёсць неблагi пляж, толькi туды трэба плыць на катэры.

— Можна i на катэры.

— А калi будзе дождж?

— Дажджу не будзе.

— А калi ён усё ж такi будзе?

— Паплывём на падводнай лодцы, — сказаў мужчына.

* * *

Дажджу не было. "Ракета" на падводных крылах, абагнуўшы пiрс з маяком, выйшла ў мора. Мужчына курыў на верхняй палубе. Жанчына стаяла побач. Па дарозе яны сустрэлi такую ж самую "ракету" на падводных крылах, што iшла ў процiлеглым кiрунку. Жанчына памахала рукою, i нейкi чалавек у белай кашулi памахаў у адказ. "Ракета" прышвартавалася да драўлянага прычала. Акрамя мужчыны i жанчыны, на гэтай станцыi нiхто не сышоў.

— Звычайна на гэтай станцыi "ракета" не спыняецца, але яна ёсць па маршруту, i я папрасiла, каб прычалiлi, — сказала жанчына. Мужчына прачытаў на дашчанай блакiтнай будцы, што стаяла на беразе каля прычала, шыльду: "Станцыя Востраў".

— Гэта сапраўды востраў? — спытаў ён.

— Гэта не востраў, гэта гара. Рэчка разыходзiцца на два рукавы, i атрымлiваецца, што вакол гары вада. У горад мы вернемся на электрычцы.

— Цудоўная станцыя Востраў, — сказаў мужчына.

— I мне падабаецца, мы сюды ездзiлi з аднакурснiкамi. Была поўня, i мы купалiся. Ведаеш, якi цуд плаваць ноччу, калi над морам поўня! Шкада, што зараз ранiца i няма поўнi...

— Учора быў толькi маладзiк. I добра, што зараз ранiца i няма тваiх аднакурснiкаў.

— Можа, i так, — пагадзiлася жанчына.

Яны iшлi каля самай вады па вiльготным жвiры. Потым паднялiся на гару i пайшлi праз платанавы лес. Сонца вялiкiмi дрогкiмi плямiнамi ляжала на зямлi. Ствалы i галiны ў платанаў былi плямiстыя, што маскхалаты. Мужчына падумаў, што, нават калi iдзе дождж, платаны выдаюць асветленымi сонцам. Пляж, на якi прыйшлi мужчына i жанчына, быў невялiкi. Яго нiхто не прыбiраў. На светлым пяску ляжалi карчы i бярвеннi побач з сухiмi водарасцямi, выкiнутымi хваляй i высушанымi жорсткiмi касымi промнямi.

— У гэтага пляжа ёсць адна загана, — жанчына сказала хутчэй сабе, чым мужчыну.

— Якая?

— Часам у гэтую бухту мора прыносiць нафту. Яе амаль не вiдаць.

Жанчына зайшла ў ваду. Зiхоткая, што срэбра, вада пасыпалася з яе далоняў.

— Здаецца, нафты няма.

Мужчына не распранаючыся лёг на гарачы пясок. Ён любiў глядзець на сонца, заплюшчыўшы вочы. Жанчына падышла i села побач.

— Як ты ставiшся да нудысцкiх пляжаў? — спытаў мужчына.

— Нармальна. А ты?

— Калi малюеш аголеную, гэта здаецца нармальным, але распрануцца самому — iншая рэч. Цяжка пераадолець сорам.

— Яго трэба пераадолець адзiн раз.

— Жанчынам лягчэй.

— Аднолькава.

— Жанчынам лягчэй. Ведаю па натуршчыках. Нават калi ў майстэрнi адны мужчыны, не кожны пагодзiцца пазiраваць аголеным.

— А чаму?

— Не ведаю. Ёсць такi факт. Высновы не мая спецыяльнасць.

— Ты саромеешся мяне? — спытала жанчына.

— Не, — адказаў ён, не расплюшчваючы вачэй. Жанчына распранулася i зайшла ў белую хвалю. Мужчына, не адкрываючы вачэй, ляжаў на пяску. Ён любiў глядзець на сонца, заплюшчыўшы вочы, калi прыемная чырвань ператвараецца ў зялёныя зоры, што плывуць i плывуць прад вачыма. Яго супакойвала кiнетыка прыроды, падпарадкаваная рытму сэрца. Жанчына выйшла з мора. Яе смуглае прыгожае цела, аблiтае сонечнасцю, свяцiлася.

— Тут дзiўны пясок, — сказала яна.

— На iм можна бясконца маляваць, — сказаў мужчына i адкрыў вочы, — а хвалi будуць змываць малюнкi. Ты будзеш пазiраваць, а я — маляваць, а хвалi будуць змываць малюнкi. Гэта цудоўна, калi малюнкi не застаюцца. Ты разумееш, гэта тое, што трэба — працаваць, ведаючы, што твае творы нiхто не пабачыць, толькi ты адзiн. А мора будзе выносiць прысуд тваiм малюнкам...

— Прабач, я не разумею.

— Гэта проста. Мы памiраем, i хваля смерцi змывае нас i нашы сляды, як марская хваля знiшчае малюнак на пяску. Кожны ведае, што знiкне. I рана цi позна знiкне памяць аб iм, але ён спадзяецца на цуд, на рай, на памяць iншых людзей... Спадзяецца на заўтра. А я — не, не спадзяюся на заўтра. Я не веру папугаю, не веру паштоўкам, не веру сонцу над морам. Я веру, што каханне тут, зараз, i я веру, што кахаю цябе...

Мужчына стаяў на пяску каля мора. Хвалi кацiлiся на бераг i вярталiся ў мора. Жанчына стаяла спiнаю да зямлi, а мужчына — спiнаю да мора. I было сонца. I быў дзень. I быў вецер. Ён маляваў на пяску. А хваля змывала малюнак. Ён маляваў аголеную жанчыну. А хваля не пакiдала i следу. Ён маляваў хутка i не паспяваў. А хваля паспявала. Ён рабiў некалькi лiнiй, i малюнак знiкаў. I ён зразумеў, што не трэба маляваць жанчыну, што яе для яго няма, што ёсць толькi ён i сонца, ён i мора. I ён пачаў маляваць сонца, мора i горад. I зноў не паспяваў. I ён зразумеў, што не трэба маляваць мора, i сонца, i горад, што ён паспее напiсаць на пяску, у прасторы памiж папярэднiм i наступным, толькi адно слова.

Вертыкаль, птушка кранае дзюбаю вертыкаль — лiтара К.Птушка iмкнецца ўзляцець, гарызанталь перакрэслiвае крылы — лiтара А.Дзве вертыкалi i агульная дыяганаль — лiтара И.Круг, вертыкаль — лiтара Ф.Кропка над И.

Мужчына паспяваў.

Ён паспяваў напiсаць слова.

Слова ў прасторы памiж папярэднiм i наступным. Кайф. Хваля. Кайф. Хваля. Кайф. Хваля. Кайф...

Потым было звычайнае — быў мужчына i была жанчына, была блiзкасць i сонца, i мора, i вецер...

— Ты маляваў мяне? — спытала жанчына.

— Так.

— Малюнкi былi добрыя?

— Так.

— Яны былi падобныя на мяне?

— Так, — сказаў мужчына.

Вечарэла. Да электрычкi яны iшлi праз платанавы лес. Светлая зелянiна платанаў трымала ў сабе дзённае святло. У электрычцы яны не гаварылi. На прывакзальнай плошчы мужчына спынiўся i, разглядаючы вежавы гадзiннiк, спытаў:

— Якое тваё сузор'е?

— Скарпiён.

— Не люблю скарпiёнаў.

— I я iх не люблю, але ж гэта толькi назва, выпадковая назва сузор'я, а не зоркi. Да зор назва не мае нiякага дачынення.

— Цiкавы адказ.

— Я гэта прачытала ў нейкiм часопiсе.

— У якiм?

— Не памятаю, помню, там былi фотаздымкi з замежнымi модамi.

* * *

Ранiцай у кавярнi да мужчыны за стол падсеў незнаёмы, кава была гарачая, i ён нязграбна трымаў фiлiжанку ў двух пальцах.

— Добрая кава, — сказаў незнаёмы.

Мужчына ў адказ кiўнуў.

— Ведаеш кавярню "Тры магнолii"?

Мужчына iзноў кiўнуў у адказ.

— Там няблага каву гатуюць. А больш у гэтым горадзе добрай кавы не знойдзеш.

— Курыць будзеш? — мужчына паклаў на стол пачак цыгарэт.

— Не, я не куру.

Каля буфетнай стойкi стаялi i перагаворвалiся дзве маладыя масквiчкi. Незнаёмы паглядзеў на загарэлых жанчын i сказаў:

— З жанчынамi тут блага. Рэстаран. Таксi. Грошы. А без гэтага нi адна не згодзiцца з табою пайсцi. Блага тут з жанчынамi. А адкуль у мяне тыя грошы, ну, адкуль яны наогул бяруцца ў гэтых "чорных"? Блага тут з жанчынамi.

— Блага, — сказаў мужчына.

Незнаёмы дапiў каву i выйшаў з кавярнi. За стол да мужчыны селi дзве загарэлыя масквiчкi.

— Прабачце, у вас ёсць запалкi? — спытала першая.

Мужчына паставiў на стол французскую запальнiчку. Жанчыны закурылi.

— Ты ведаеш, колькi каштуе паштоўка ў гэтага папугая? — спытала першая.

— Колькi? — перапытала другая.

— Два рублi.

— I ты купiла?

— Сорам сказаць. Не вытрывала. Купiла.

— I што?

— "Вас чакае каханне" было напiсана на паштоўцы.

— I ўсё?

— Усё.

— За два рублi можна было i больш напiсаць... Мужчына выйшаў з кавярнi i накiраваўся да кiёска сваёй знаёмай жанчыны. Ён iшоў па вулiцы, якая пахла смажаным тлушчам i гарачым алеем. Пачаўся курортны сезон.

— Як iдзе твой гандаль? — спытаў мужчына.

— Нiшто, — адказала яна.

— Я заўтра ад'язджаю. Пакiну табе сонца, мора i вецер.

— А я не люблю пляж, не люблю мора.

— Чаму?

— Рэдка туды хаджу. Адкладаю на заўтра, а заўтра так i застаецца заўтра.

— Разумею. Я вырашыў зрабiць падарунак, — ён паклаў на слiзкiя паштоўкi "Утопiю" Томаса Мора.

— Мне яна не патрэбна...

Да кiёска падышоў стары чалавек у белых шортах i белай кашулi з кароткiмi рукавамi. Нос у чалавека быў заклеены белай паперай.

— У вас ёсць канверты "авiя"? — спытаў ён.

— Ёсць.

— Мне адзiн.

— Калi ласка.

— А чаму ён такi пакамечаны?

— Ен трапiў сюды выпадкова. Я гандлюю паштоўкамi. Канверт у мяне адзiн.

— Мне не патрэбен пакамечаны канверт.

— А ў мяне другога, на жаль, няма. Купiце на пошце. Тут побач.

— Пакамечаны мне не патрэбен. Колькi каштуе гэтая кнiга, цi яна таксама трапiла сюды вьпадкова? — нервова спытаў чалавек з заклееным носам.

— Два рублi, — апярэдзiў жанчыну мужчына.

Чалавек паклаў на паштоўкi два металiчныя рублi i пайшоў у бок пошты.

— Нашто ты прадаў яму кнiгу? — спытала жанчына.

— Яна мне на патрэбна, як i табе.

— Мне падалося, што гэты ў шортах ненармальны.

— Чаму?

— Цяпер без рознiцы — "авiя" цi не, а па-другое, нешта ў iм... Я не ведаю, як сказаць. Карацей, ненармальны.

— А мне наадварот здаецца, што ён самы нармальны. Толькi ягонае шчасце папугай ара выцягнуў у канверце "авiя".

— Ты так думаеш?

— А што застаецца думаць? I наогул — нашто думаць, калi ара гадае?! — спрабаваў жартаваць мужчына. Яму захацелася хутчэй вярнуцца дадому.

* * *

Мужчына даляцеў нармальна. Дома, не здымаючы нават капелюша, ён падышоў да кнiжнай палiцы i, пагартаўшы пяты том "Жыцця жывёл", прачытаў: "Трохколерны ара вымер на пачатку XX стагоддзя. Жыў гэты папугай на..."

— Шкада, — сказаў мужчына намаляванаму папугаю i паўтарыў: — Шкада...

Аголеная ў тралейбусе

Чэсь любiць метал; рэжа сталь, як паперу. Трубы i прэнты згiнаюцца ў яго руках, як васковыя свечкi ў гарачай вадзе. Ён — спецыялiст па выкананню кратаў. Чэсь, адзiны на сваiм прадпрыемстве, хто займаецца дэкаратыўнымi кратамi ад эскiзаў i чарцяжоў да зборкi на аб'ектах. Яго паважаюць, яму зайздросцяць, калi атрымлiвае заробак; яго падманваюць, яму дапамагаюць, калi закрываюць i падпiсваюць нарады. Чэсь працуе ў цэху, дзе лiставая сталь i гудзенне газазваркi нiкога не дзiвiць, а звычайны голас немагчыма пачуць. Працаваць у яго атрымлiваецца. Ён здатны рабiць i лепш, i больш, але не вытрымае фонд зарплаты, i ў планавым аддзеле зляцяць прэмii, таму робiцца столькi, колькi трэба, каб з табою вiталiся за руку, а не кiвалi, касавурачыся на падлогу цi столь.

Знешнасць давала Чэсю шанц трапiць у кiназоркi, чые партрэты вырэзваюцца мiнiяцюрнымi нажнiцамi i развешваюцца ў дзявочых пакоях заводскiх iнтэрнатаў. I ён бы трапiў, ён нават выканаў адну ролю ў тэлеспектаклi, але перакананне, што гаварыць чужое i рабiць выгляд, быццам кiмсьцi прыдуманае — тваё ўласнае, Чэсь не здатны, i ён гэта ведае. Лепш балоны з ацэтыленам i жалеза, чым камера i манiтор, — думае Чэсь. Ягонаму характару адпавядае дэмакратычная вопратка нашага часу — джынсы, куртка i красоўкi, так можа апрануцца i дырэктар, калi едзе за горад, i грузчык з татуiроўкай на ўсю спiну, калi збiраецца ў рэстаран, i дзяўчо, як ляцiць на першае спатканне, i яшчэ немаведама хто з нас.

* * *

Жджоўк-жджоўк! Шчоўкае фортка на прахадной. Чэсь аглядаецца на браму свайго прадпрыемства. Да брамы прывiнчаны дарожны знак: чырвоная палоса перакрэслiвае чорны клаксан. Дарога да метро не запаўняецца падзеямi. Шчы-дзынь. Пятакi высыпаюцца ў падсветленую металёвую шуфлядку. Паўз малочныя цылiндры свяцiльнiкаў Чэсь апускаецца на платформу. Вывучэнне лiнолеуму на вагоннай падлозе — сумны i бесперспектыўны занятак. Выходзiць з метро больш прыемна, чым спускацца туды, што б там нi казалi, а яно так. На аўтобусным прыпынку Чэсь закурвае. Адно, што суцяшае ў гадзiннай дарозе з працы, гэта — iндустрыяльныя краявiды з iх дзiўнай здольнасцю быць заўсёды новымi i цiкавымi. Перасадка на тралейбус выконваецца iмгненна. У тралейбусе не прадыхнуць. Тры прыпынкi на адной назе. Нарэшце палова пасажыраў сыходзiць. Чэсь разглядае спадарожнiкаў. Ёсць твары, на якiя сорамна глядзець, асаблiва калi iх пара — ён i яна, яшчэ горш, калi яны смяюцца. Побач з Чэсем чытае спартыўную газету руды кучаравы маладзён. "Чым жа ты займаешся, ку-ча-ра-вы? Рыбалоў-спартсмен? Рыбалоў-спартсмен!" — круцiцца ў Чэся, калi заўважаецца прыгажосць. Галантнасць i прыгажосць належаць жанчыне. Яна ў акулярах, але можна ўявiць жанчыну i без акуляраў, i без празрыстых пластыкавых клiпсаў, i без пластмасавага драпежнага манiкюру, i без манернага залатога гадзiннiка на ланцужку, i без сумкi з неабавязковымi рэкламнымi надпiсамi, без курткi пастэльных тонаў, без лёгкай сукнi... Чорныя панчохi можна пакiнуць, а можна i не пакiдаць. Мужчына не пакiдае на жанчыне панчох. Яна застаецца аголеная ў паўпустым тралейбусе... "Вы зараз будзеце сыходзiць?" — у адзiн голас пытаецца ў Чэся пара. Той саступае дарогу. "Дазвольце пазнаёмiцца. Прабачце, дазвольце, калi ласка, пазна...", — думае Чэсь, калi разам з парай сыходзiць жанчына ў чорных панчохах. На прыпынку назбiралася тралейбусаў. Чэсь бачыць, як прыгажосць знiкае за дзвярыма рыбнага магазiна. Знаёмства адкладаецца назаўсёды. Руды сыходзiць на наступным прыпынку. Бух-бух па прыступках — i Чэсь на асфальце свайго мiкрараёна. Праз падземны пераход, да гастранома, паўз яго, да кафэ "Сустрэча", паўз кафэ, да кiёска. У вiтрынах выстаўлены календары на наступны год, на календарах леташнiя летнiя краявiды. "Яшчэ вясна, а календары назапашаны наперад. Чорныя лiчбы — буднi, чырвоныя — святы i нядзелi. Чырвоных значна менш", — думае Чэсь, калi трапляе ў свой пад'езд. Дзынь-дзы-ы-ыннь. Жонка адчыняе дзверы, муж заходзiць у кватэру.

* * *

На кухнi многа белага. Белы стол, белая плiта, белы халадзiльнiк... Кафлю з празрыстым шэрым малюнкам таксама можна назваць белай. Чыста i светла на кухнi.

Жонка i муж сядзяць за сталом, перад iмi талеркi з рысам.

— Такое адчуванне, што жыву ў гумовым пакоi, а ўсе мае спробы вызвалiцца — толькi марныя ўдары ў тоўстую чорную гуму. Добра яшчэ, калi чую грукат за сцяной, а то глухата... Цi варта жыць? Цi трэба намагацца, калi не жыццё, а iснаванне ў гумовым пакоi? — пачынае гаворку муж.

— Сапраўды, гумовы смурод, якiм набрыняла рэчаiснасць. Скрозь гумовы смурод. Вар'яцтва i самагубства здаюцца ратункамi. Жыць не хочацца, — працягвае гаворку жонка.

— Можа, паспрабуем жыць наноў? Пераедзем у другi горад. Не спадабаецца — паедзем у мястэчка, куды-небудзь да мора, на поўдзень. Я ўладкуюся на пляж выратавальнiкам, цi на маяк, цi на лодачную станцыю вартаўнiком. Ты забудзеш сваю лабараторыю i радыяцыю. Я выкiну з галавы камандзiроўкi i краты. Будзем хадзiць да мора i сядзець на пяску i глядзець на прыбой. Цi пойдзем у парк, дзе можна ноччу пад лiхтаром стаяць каля белай скульптуры i чытаць. Недзе павiнна знайсцiся гармонiя, суладнасць памiж светам i намi. Можа, паспрабаваць?

— Знаёмая казала, што на ўзбярэжжы ноч пераначаваць можна толькi за тры рублi, i то калi папярэдне, за месяц цi за два, дамовiшся.

— Дамаўляйся i едзь. Табе трэба адпачыць, а то дацягнем, як мiнулым летам, да восенi, i нi ты, нi я не адпачнём.

— Так i зраблю. Паеду на Балтыку, там не так горача, як на поўднi. Не пераношу спёкi. Гэты пот, пот, пот...

На халадзiльнiку спiць малы чырвоны тэлевiзар. На шкафчыку маўчаць магнiтафон i транзiстар. Памiж iмi на стосе часопiсаў i газет свецiцца залатою тлустасцю бутэлька са сланечнiкавым алеем.

— Паедзеш адна?

— Ты ж не зможаш?!

— Знойдзеш знаёмую. Дый з грашыма туга. Нашто куплялi прыёмнiк з магнiтафонам i яшчэ тэлевiзар, калi не глядзiм i не слухаем?

— Давай прадамо, — прапаноўвае жонка.

— А можа, мне на ўсход з'ездзiць? Папрацаваць з год у лесанарыхтоўчай брыгадзе, зарабiць колькi тысяч, а потым вольным пабыць, работы пашукаць, каб без камандзiровак. Цi лепей на вялiкую будоўлю на поўнач, дзе перспектыва i маштаб. А пасля купiм дом i сад. Не. Сад я сам пасаджу. Нi градаў, нi кветнiкаў, нi кустоўя не будзе, толькi трава i яблынi з пабеленымi стваламi. Дом таксама белым пафарбуем, а дзверы i аконныя рамы — блакiтныя. Плот вакол сада зробiм кратаваным i сiнiм, а сцежкi i двор тоўчанай цэглай засыплем i бардзюр з цэглы выкладзем. Сярод яблынь абавязкова некалькi антонавак прышчэпiм. Якi водар у вераснёўскiх антонавак! Цуд, мёд, а не яблык — наш "антон". А ўзiмку сад прыгожы, графiчны, як мае краты ў светлым iнтэр'еры. За садам майстэрню паставiм. Невялiкiя заказы можна i дома рабiць. А вечарам будзем чытаць. Я, калi заходжу ў бiблiятэку, часам страх адчуваю, робiцца жахлiва, што не паспею прачытаць столькi кнiжак. А вось ад таго, што магнiтафонных стужак не праслухаю цi вiдэакасет не пагляжу, страху няма. Стэлажы пад кнiгi я зраблю сам i абавязкова са шклом, каб пыл не псаваў паперу. Можа, мне паехаць?

— Едзь. Толькi не дзеля заробку. З'ездзi, адпачнi...

— Адпачнi! Адпачнi!! Адпачнi!!!

Муж бярэ бутэльку з алеем i разбiвае аб газавую плiту.

Жаўтлявыя рагi паўзуць па слiзкiм пластыку шкафчыка i дзвярах халадзiльнiка. На столi, нiбыта зоры на небе, праяўляюцца крапкi алею, якi вокамгненна знiшчае чысцiню кухнi. Аскепкi шкла асыпаюцца на лiнолеум. Выбух узарванай бутэлькi застаецца на слыху.

Муж i жонка прыбiраюць на кухнi, шаруюць, выцiраюць, мыюць, падмятаюць, зграбаюць... Нарэшце муж перакульвае вядро над адкiдной шуфлядай смеццеправода, i вольнае шкло грукацiць у вертыкальным жалезным тунелi.

— Цяпер чыста. Мне лягчэй. Мне добра. Мне весела. Нервы! А цяпер мне спакойна, нiбыта я вырваўся з гумовага пакоя, — гаворыць муж, калi хавае парожняе вядро ў шкафчык пад адшараванай ракавiнай.

— Разумею, кажу глупства, але ты наступным разам як-небудзь папярэджвай мяне, а то я спалохалася. Можа, павячэраем? — мякка пытае жонка.

— Давай вячэраць, — муж садзiцца за стол.

* * *

Кi-гi, кi-гi, кi-гi!.. Электрабудзiльнiк падае голас.

Гарката зубной пасты застаецца да першага глытка кавы. Кухонны гадзiннiк толькi тое i робiць, што нагадвае пра спазненне. Спружына ў дзвярах пад'езда рыпiць пранiзлiва i жаласна. Йi-i-i. На прыпынку цямнее натоўп. Твары сонныя i злосныя. Тралейбусы падыходзяць адзiн за адным. Усё разлiчваецца да драбнiц — крок управа цi ўлева, i ты не апынешся насупраць дзвярэй, i ты не паспееш заняць месца, а будзеш стаяць, i цябе пачнуць папiхаць з прабачэннямi i моўчкi. Чэсь уладкоўваецца ля акна. Доўгiя, ажно ў два тралейбусныя прыпынкi, заводскiя карпусы цягнуцца за шклом. Ранiцай у тралейбусах не жартуюць, а сварацца, жартуюць вечарам, да якога яшчэ далёка. Чэсь не слухае сваркi, ён сядзiць, ён едзе на работу, ён чытае падрыхтаваныя звечара газетныя ранiшнiя навiны. Перасадка зацягваецца — перапоўненыя аўтобусы не спыняюцца. Вымушаны перакур. Недапалак разам з навiнамi ляцiць у сметнiцу. Дзяжурны пятак знiкае ў шчылiне. Непрыемнае адчуванне, што аўтамат у метро не спрацуе, з'есць пятак i ўдарыць па каленях чорнымi загародкамi. Гумовыя парэнчы i прыступкi эскалатара паўзуць не сiнхронна, гэта абнадзейвае, што век робатаў яшчэ не скора. У вагоне насупраць Чэся сядзяць студэнткi i чытаюць адзiн на дзвюх канспект. Чэсь сыходзiць разам са студэнткамi. Пасажыры накiроўваюцца пад арку. Чэсь падыходзiць да калоны i прыхiнаецца спiнай да мармуру.

* * *

Ён узляцеў у метро. Спачатку прыйшло адчуванне, што ён можа ўзняцца над запалiраванай мiльёнамi падэшваў цэментавай платформай. Ён паспрабаваў адарвацца ад плоскасцi, i ў яго атрымалася. Мужчына ўзлятаў марудна, цяжка i незаўважна для людзей. Ён узняўся пад самую столь, раскiнуў рукi i... Завiс паралельна пабеленым панелям. Цела не чулася лёгкiм, наадварот, яно нiбы налiлося волавам. Здатнасць пераадольваць прыцягненне далася праз пакутлiвую страту пластычнасцi, праз халодны страх пераўвасаблення. Шоргат, бразгат, грукi, шэпты злiлiся ў манатонны гул, ацiхлi, знiклi. Колеры пашарэлi, выцвiлi. Запанаваў дальтанiзм. Электрычкi прыбывалi i адыходзiлi. Пасажыры запаўнялi вагоны i спяшалiся да эскалатараў. Нiхто не спыняўся, усе беглi, iшлi, спяшалiся. Нават i тыя, што чакалi на платформе, спяшалiся: хутчэй-хутчэй працягваць свой рух па гарызанталi. Мужчына сачыў мiтусню з абыякавым спакоем на твары. Ён быў вышэй. Яму захацелася ўзняцца яшчэ вышэй, працяць панелi i жвiр, працяць глебу i асфальт i ўзлятаць. Ён дакрануўся да столi, на далонi засталася пабелка. Пад тонкiм пластом мелу быў непрабiвальны бетон. Мужчына апусцiўся долу, на тое самае месца, з якога ўзлятаў, i назаўсёды, ён упэўнены, згубiў, страцiў, знiшчыў сваю здольнасць уздымацца, сваю сiлу пераадольваць прыцягненне. Была радасць, што ён лётаў, хай у метро, хай толькi раз за жыццё, але ён узняўся.

* * *

Мармур прыемна халодзiць спiну i супакойвае. Чэсь разглядае свае рукi — рукi працоўнага чалавека. З метро, праз другiя скразнякi, праз падземны пераход, паўз рабочую сталоўку i кулiнарыю, паўз малочны бар, мiма каруселяў i пясочнiцы, да прахадной. Клаксан на дарожным знаку падбухторвае выгукнуць на ўсю моц дзiцячае "Бi-бi-бi-i-i!". Паказваецца пропуск. Фортка шчоўкае за спiнай. Работа пачынаецца.

Заказ

Стома. Адчуваю страшэнную змучанасць. Больш за суткi не спаць i атынкоўваць — гэта ўжо не для мяне. Раней даязджаў дадому, i толькi тады стома навальвалася i я засынаў, зараз не паспяваю пераступiць парог аўтастанцыi, як на мяне пачынае цiснуць нябачны цяжар. Пратрымацца б яшчэ з гадзiну. У аўтобусе можна паспаць. Нашто я звязваюся з манументальным мастацтвам? Нашто мне рыштаваннi, кельмы, цёркi, тынк? Фiзiчная праца, залежнасць ад такiх матэрыялаў, як жвiр i вада, вярчэнне бетонамяшалкi — яны забiваюць мастака. Пасля дзённiкавы запiс не магу зрабiць: папера страчвае матэрыяльнасць, калi думаю пра вапну i цэмент. Праца скончана, заказ выкананы. Больш нiякiх залатых гор, нiякiх дамоў. Кнiжная графiка дае нармалёвы заробак, нi табе гатэльных ручнiкоў, нi рэстаранных сняданкаў. Як жа я змучыўся, здарожыўся...

Трэба даведацца, калi пойдзе аўтобус на Мiнск.

— Праз паўгадзiны, бiлеты па прыходзе аўтобуса... — абыякавы голас касiркi.

Як хочацца легчы на станцыйную лаўку i праспаць паўгадзiны. I яшчэ смажыць. У горле i ў роце гарката ад тытуню. Толькi што пiў (iдучы да станцыi, нахiляўся ледзь не да кожнай калонкi). Аўтобус будзе ў дарозе паўтары гадзiны, i абавязкова захочацца вады. Лепш зараз нап'юся. Іду па аўтастанцыйным пляцы, наўскос, да калонкi. Вада халодная. Струмень моцна аддае ржою. Я прызвычаiўся да мутнаватай вады, смачнай яе лiчу. У целе з'яўляецца бадзёрасць.

Кашуля вiсiць на плоце. Па спiне коцяцца сцюдзёныя струменi — прыемна. У целе лёгкасць, i стомы амаль не чуваць. Вяртаюся праз пляц, асветлены ранiшнiм сонцам. Далёкi рэпрадуктар iграе гiмн — шэсць гадзiн ранiцы.

Каля акенца касы стаiць высокая маладзiца. Яна абапiраецца локцем на маленькае падваконне i чытае раман. На ёй лёгкая сукенка i туфлi на тонкiх абцасах. Побач стаiць вялiкая сумка, поўная райскiх яблыкаў. Правiнцыйная прыгажуня не без цiкаўнасцi чытае перакладны раман мiнулага стагоддзя. За паўкроку ад прыгажунi пагойдваецца на крываватых нагах джынсовааблiчны юнак. Ён абапiраецца адразу на дзве нагi, што гаворыць аб яго закутасцi i несталiчных манерах. Юнак трымае перад сабою скураны партфель. Вiдаць, што партфель цяжкi, але юнак не ставiць яго на пыльную дашчаную падлогу, бо партфель новы i юнаку шкада паставiць чыстую рэч на нямытыя дошкi. У юнака рэдкiя вусы i блiзка пасаджаныя вочы. На лаўцы, побач з акном, сядзiць мажны мужчына ў светлай з мяккiм брылём кепцы. Твар у мужчыны рыхлы, бялкi вачэй мутныя, быццам ён толькi што перастаў плакаць. Мажны, унурыўшыся, глядзiць на сцяну перад сабою. Якраз прад ягонымi вачыма вiсiць тэлефонны аўтамат. Мажны мог бы глядзець у акно, але ён утаропiўся на аўтамат, быццам чакае, што той зазвонiць.

— Мiнск? — запытальна гляджу на прыгажуню.

— Усе на Мiнск. Вы чацвёрты, — упэўнены адказ.

— Я прыходзiў раней. Нiкога не было, i не было каму сказаць, што я першы. А зараз мне, пэўна ж, не павераць.

— Не паверым, — за ўсiх адказвае жанчына, яўна адчуваючы сябе гаспадыняю. — Трэба было стаяць, былi б першым, а так вы — чацвёрты...

Саджуся на лаўку, адчыняю дыпламат i дастаю часопiс, якi браў у дарогу i якi не было часу паглядзець. Гартаю тонкiя старонкi. Малюнкi, фотаздымкi, слайды — яны смяюцца i плачуць, крычаць i маркоцяцца. Афiцыйныя i лiрычныя, стрыманыя i ганарыстыя — яны мiльгацяць уваччу. Рознагарнiтурныя шрыфты размаiтых загалоўкаў лiтаральна выскокваюць з-пад пальцаў — iмкнуцца сваёй дробнай кiдкасцю зачапiцца за памяць, абудзiць свядомасць сваiм агульнадаступным сэнсам. А мне зноў захацелася спаць, а я зноў палонны стомы. Інфармацыя, так добра закампанаваная на разваротах, завiсае на паўдарозе да мэты.

Кiдаю манументалку — вiтражы, мазаiкi ды фрэскi з ляўкасамi. Прыязджаю, iду ў рэдакцыю якога часопiса цi выдавецтва, бяру заказ на малюнкi...

На станцыю заходзiць каржакаваты мужчына. Ён у майцы. Каржакаваты заходзiць на аўтастанцыю, як дамоў. Ён вядзе за руку хлопчыка. Тоўсты сонны хлопчык гучна пляскае па падлозе босымi нагамi. На галаве ў хлопчыка пластмасавы шлем пад славянскага воiна. Мужчына п'янаваты, ён, пэўна, як i я, яшчэ не клаўся спаць. Ягоная рука не адразу цаляе манетай у шчылiну тэлефоннага аўтамата.

— Алё, алё... — бас, адпаведны плячам у майцы, напаўняе залу аўтастанцыi. — Алё! Гэта хлебны? Яню паклiч. Ага, Яню... Яня, ты? Вось званю. Як хто? Мужчына. Збысь, твой муж. Кiнь гэта. Я не п'яны. Кажу, што не п'яны. Мы тут з Алегам, на аўтастанцыi. З аўтастанцыi званю, з аўтамата. Што я хачу ад цябе? Нiчога не хачу... Мо ты вернешся?! А?! Во i Алег хоча, каб ты вярнулася. Мы з бабай яму шлем i меч купiлi на дзень нараджэння... А што табе мая мацi? Не з мацi маёй ты жывеш, а са мною, з Алегам. Не кладзi трубкi. Пагавары з сынам...

Мужчына перадае хлопчыку трубку. Тая гучна стукае аб сярэбраны шлем. Хлопчык становiцца на дыбачкi, але не можа дацягнуцца да мiкрафона. Каржакаваты бярэ сына на рукi.

— Мам... Я, Алег... Не, ён не п'е. Баба казала, што зробiць у доме другi ўваход, калi ты вернешся. Мама, ты прыходзь да нас...

— Давай трубку i iдзi на двор, — шэптам кажа каржакаваты i апускае сына на падлогу. Хлопчык iдзе на пляц, сядае на кукiшкi i малюе пальцам на пяску.

— Падвучваю? Хай сабе i падвучваю, а што ў тым благога? Ён жа мой сын, вось i слухае бацьку. Я не п'ю. Што ты чуеш? Мо яшчэ скажаш, што табе смярдзiць? Ага, смярдзiць! Ідзi ты... Я кажу — iдзi ты ведаеш куды. Ты ў нас усё ведаеш. Гэта я дурны. Падла ты. Дзiця без мацi расце, а яна ў сталiцу збiраецца. Ну i едзь. Абыдземся...

Праз аўтастанцыйную залу ляцяць тэлефонныя гудкi.

— Падла ты! — яшчэ раз гаворыць каржакаваты, чапляе на храмiраваныя рогi трубку i iдзе на двор. Бацька бярэ сына за руку. Яны iдуць праз сонечны ранак. Хлопчык азiраецца на свае малюнкi. Пластмасавы востраканечны шлем блiшчыць на сонцы.

Няёмкасць вiсiць на аўтастанцыi. Мужчыны пазiраюць на прыгажуню так, быццам гэта ёй сказалi, што яна падла. Прыгажуня саромеецца. Нават праз пудру вiдаць, як чырванее твар. Яна апускае вочы i робiць выгляд, што чытае, у яе блага атрымлiваецца абыякавасць.

— Я зараз вярнуся. Калi хто прыйдзе, вы ўжо скажыце, што я трэцi, — гаворыць мажны.

— Скажам, скажам, — запэўнiвае прыгажуня.

Мажны выходзiць на пляц i закурвае. Мне добра вiдаць, як ён разглядае хлопчыкавы малюнкi, як абiвае попел з цыгарэты, як ходзiць. Мажны прахаджваецца па пляцы i затоптвае малюнкi, зробленыя хлопчыкам. Мажны мяне раздражняе, бо знарок затоптвае малюнкi. Я добра бачу, як сандалеты друкуюць сляды на пясчаных абрысах. Ну, хадзi ты дзе хочаш, а нашто малюнкi таптаць? Я не памыляюся. Ён разварочваецца i зноўку iдзе па малюнках...

— Я не скажу, што ён трэцi, — гавару голасна i жорстка.

— А мы скажам, — пярэчыць прыгажуня. Яна ўжо забылася на няёмкасць.

— Цяпер я трэцi.

— Не бойцеся. Усе паедзем.

— Баяцца? Той, што ў кепцы, ён хай баiцца. Ён жа таўчэцца каля дзвярэй, бо баiцца. А я ведаю, што паеду.

Прыгажуня загароджваецца выратавальным раманам, дэманстратыўна паказвае класiчную назву на слiзкай вокладцы.

Прывiтальна сiгналячы, пад'язджае мiжгароднi аўтобус. Калi вяртаецца мажны, я ўжо стаю за юнаком. Той перастаў хiстацца i трымае партфель у адной руцэ, а ў другой сцiскае прыгатаваныя на бiлет рублi.

— Я тут стаяў, — звяртаецца да мяне мажны.

— Дзе? — раблю выгляд, што першы раз яго бачу.

— Тут, за гэтым чалавекам з партфелем, — занепакоiўся ён.

— Я цябе не бачыў.

— Слухай, хлопец, канчай.

— Сам пачаў, а мне гаворыць — канча-ай.

— Чаго ты завёўся?

— Я? Завёўся? Кiнь ты, завёўся. Я быў першы, апынуўся чацвёрты. А зараз я — трэцi, а ты — чацвёрты, — адчуваю, што i сапраўды завёўся. Ён растаптаў малюнкi на пяску, а я з пяску i вапны цэлыя суткi рабiў малюнкi. Адцягнутая паралель, але дастатковая, каб мяне раззлаваць. Наблiжаю твар да белага брыля так, каб не бачыць мутных вачэй, i цiха кажу:

— Ты — чацвёрты.

"Прыбыў прахадзяшчы аўтобуш Магулёў-Мiншк. Ёсць адно мешца", — прасiпеў рэпрадуктар.

— Усе бачылi, што я стаяў!

— А мо ты сядзеў на лаўцы i глядзеў на тэлефонны аўтамат?

— Так, я сядзеў...

— Во, ты сам i сказаў, што тут не стаяў, — перабiваю мажнога.

— Хлопец... — голас дрыжыць, — хлопец... — Ён ужо не ведае, што казаць, i пазiрае на прыгажуню. Тая, узяўшы бiлет з месцам, рашае падтрымаць пакрыўджанага.

— Ён тут стаяў, — гаворыць яна ўладарным тонам.

— Стаяў? Ён ужо сам сцвердзiў, што не стаяў, а сядзеў.

Бiцца мажны не палезе. Калi б на ягоным месцы апынуўся каржакаваты, што тэлефанаваў у хлебны, магла б i бойка пачацца; а гэты, у кепцы, пракаўтне крыўду. Ён ужо думае, як адступiцца. Спакойна, Вадзiм, спакойна. Ты ўжо заняў трэцяе месца. Яно табе не патрэбна. Цябе суцешыць толькi першае. Так што аддай трэцяе месца. Зрабi дзядзьку нечаканую радасць. Ты ж добры, толькi крыху ператамiўся i раззлаваўся з-за глупства, з-за нейкага там контуру на пяску...

— Я смехам, — гавару, — бярыце бiлет.

— Ён смехам, — мяккi брыль паварочваецца да прыгажунi, на рыхлым твары — палёгка.

— Жартачкi, — рот прыгажунi расцягваецца. — Ну ў цябе i жарты.

— У вас, — кажу ёй.

— У вас жарты! — папраўляе сябе прыгажуня.

— Так лепш, прыгажуня!

— Камплiмент? Цi спроба пазнаёмiцца?

Падсоўваючы грошы пад касавую шыбу, мажны не ўтрымлiвае колькi манет. Яны коцяцца ў розныя бакi. У мажнога калоцяцца рукi — перахваляваўся дзядзька, вось i рукi не слухаюцца.

— Ну, што вы. I думаць не думаў знаёмiцца на аўтастанцыях, — раблю iдыёцкi твар i разглядаю нос прыгажунi.

Мужчына ў белай кепцы збiрае свае манеты.

— Адзiн да Мiнска, — даю касiрцы глянцавы чырвонец. Яна выбiвае бiлет i адлiчвае рэшту рублямi.

— У вас усе рублi брудныя.

— Спознiцеся на аўтобус.

— Прабачце, я не пачуў, што вы сказалi?

— Якiя мне даюць, такiя i я даю. Другiх няма. Чырвонцы я не малюю.

— Пераканаўча...

— I не кажыце, — апошняе слова пакiдаю за ёй.

Каля аўтобусных дзвярэй юнак есць яблык, некалькi мужчын кураць. Сярод курцоў белы мяккi брыль. Заходжу ў аўтобус. У канцы салона абапiраецца на незанятае крэсла прыгажуня. Праходжу ў самы хвост аўтобуса.

— Садзiся, хлопец, — запрашае старая кабета. Яе далонь стукае па вольным сядзеннi.

— У мяне без месца.

— Тут палова без месца. Зоймеш, i тваё будзе. Я во да Бялынiч прастаяла. Змучылася.

— Мо вы сядзеце? — прапаноўваю прыгажунi.

— Дзякуй. Там крэсла зламанае. Я пачакаю, мо гэта вольнае.

— Як сабе хочаш, — саджуся. Крэсла не адкiдваецца.

Стома ўцiскае мяне ў крэсла. Яна налiвае болем суставы... Колькi iх у мяне? Нi скуры, нi мышцаў, нi сэрца, нi душы я не адчуваю. Я нiбыта складзены з адных суставаў, i ўсе яны ныюць, распухаюць, баляць, выломлiваюцца... Страшэнны боль працiнае вострым дротам хрыбетнiк. Боль канцэнтруецца ў сёмым шыйным пазванку. Я расцiраю яго. Жаданне вырваць i выкiнуць!

Аўтобус набiрае хуткасць. Крэслы парыпваюць. Буркоча матор. Музыка, лiпучая i салодкая, што патака. Нехта ўключыў магнiтафон. Гомасексуалiстычная творчасць "Новай хвалi" — "Бэд Блю Бойз". Не пераношу слiнявы пасцельны музон. Устаю i iду па гумовай падлозе, пераступаючы праз сумкi, чамаданы i рэчмяхi. Юнак, што купляў бiлет другiм, прыцiскае да жывата аднакасетнiк.

— Я суткi не спаў, твой маг не дае заснуць. Вырубi яго. Ка-лi лас-ка.

— Я зраблю цiшэй.

— Паўтараю. Прашу цябе, выключы магнiтафон. Я не "блакiтны", каб засынаць пад скавытанне гермафрадытаў.

Юнак расшпiльвае партфель i дастае навушнiкi. Яму сорамна, але ён надзявае iх.

— Дзякуй, зносак, — кiваю, ён не чуе слоў i кiвае ў адказ. Яму не пашанцавала, да Мiнска прыйдзецца стаяць.

Сiлуэты мажнога ў кепцы i юнака ў самаробных навушнiках пагойдваюцца каля кабiны вадзiцеля. Нарэшце засынаю. Тое, што бачу, — не сон, а чаргаванне рэчаў, якiя бачыў за апошнi дзень...

Пераапранаюся. Чорныя порткi без паса. Замест паса раблю зашчапкi з алюмiнiевага дроту. Пачак цыгарэт i запалкi перакладаю ў кiшэнi рабочай курткi. Цяжкая тачка спыняецца каля гурбы жвiру. Рыдлёўка перамешвае вапнавы раствор. Ён фарбуецца. Каляровыя пасмы пiгменту цягнуцца за лязом. Пялёстак кельмы шпурляе аднатонны раствор на сiта. Ім стукаю аб таз. Той, поўны чорнага раствору, цяжкi, ледзь падняць, нясу да сцяны. Яна робiцца чорнай i выклiкае жах. Мне пачынае здавацца, што я не зраблю з графiту, што яно абрынецца, цi я не паспею выразаць, а тынк засохне. Другi слой — шэры. Ён кладзецца ўдвая лягчэй i лепш зацiраецца. Упэўненасць i спакой вяртаюцца ў душу. Верхнi слой белы. Яго раблю лепшым за папярэднiя, адмысловым. Ад сцяны цягне сцвярджальным духам будоўлi. Я ем сала з хлебам i цыбуляю. Трэба як мага больш з'есцi, каб не заснуць i скончыць працу. Жую, а перад вачыма кругамi ходзiць зграбная цёрка, раўняючы i раўняючы i без таго ўжо роўную плоскасць. Прыбiваю падрыхтаваны малюнак. На iм арган у натуральную велiчыню. На арганных трубах сядзяць пташкi — два галубы i салавей. Загадзя завостраны скальпель уваходзiць у прахалодны тынк. Выразаю першую дэталь — валюту на арганным камуфляжы. Прыкладаю да сцяны далонi. Прыемная шурпатасць i чысцiня. Прыкладаюся шчакой да тынку. Трэба паслухаць, адчуць сцяну, паверыць у яе, адчуць яе падрыхтаванасць да ператварэння. Сцяна чакае. Дэталi з'яўляюцца ў рэльефнай трохколернасцi. Тынк паступова высыхае. Рэзаць цяжэй i цяжэй. Нарэшце праца скончана. Радавацца няма сiлы. Прыбiраю, пераапранаюся ў дарожны строй i iду на станцыю. Побач, над маiм плячом, ляцiць салавей...

— Прачынайся, хлопец. Мы ўжо ў Мiнску, — будзiць мяне старая.

— Я спаў?

— Спаў, усю дарогу спаў, — яна сочыць, як наплывае на аўтобус паралелепiпед шматпавярховага будынка...

— Колькi паверхаў? Палiчыць не паспела.

— Многа.

— Я налiчыла дваццаць. Можа такое быць?

— Можа быць i дваццаць два.

— Буду-уюць.

Аўтобус спыняецца. Калi выходжу на тратуар, прыгажуня ўжо стаiць на асфальце. Яна трымае сумку, поўную дробных яблыкаў, i глядзiць на мяне. На прыгажунiным твары разгубленасць.

Прыгажуня! Якая ты прыгажуня? Рыбiна ты, якую шпурнулi ў траву. Сена ты ў лужыне на асфальце. Ты спадзяешся, што мы пойдзем разам i я дапамагу несцi пачастунак тваiм сталiчным сваякам? Ты глядзiш мне ў вочы, шукаючы падтрымкi... Дарма. Ты не паверыла, што я быў першым у чарзе па бiлеты. А я iм быў, бо першы той, хто едзе дадому, а не наадварот. Сталiца — Мiнск — мой дом, а ты спадзяешся на паразуменне...

Пакiдаючы за плячыма правiнцыялку з яе велiзарнай сумкаю, накiроўваюся да таксафонаў.

— Слухаю вас...

— Добры дзень, гэта я — Вадзiм.

— Я пазнаў цябе, Вадзiм. Адкуль тэлефануеш?

— З аўтавакзала. Толькi прыехаў. Заказ я зрабiў, сто гадоў прастаiць, гарантую. Грошы пры мне, заўтра прынясу твае дваццаць пяць працэнтаў.

— А калi працэнты перакласцi на рублi, колькi прынясеш?

— Колькi прынясу, столькi i будзе.

— Якi сабака цябе ўкусiў?

— Я даручаў табе шукаць заказы, i ты iх знаходзiў. Я працаваў з табой, а цяпер мне больш не патрэбна твая дапамога. Я больш не магу цягаць тазы з тынковачным растворам. З мастака я зрабiўся маляром, атынкоўшчыкам... Добра, што ты не бачыш мяне. На руках ад вапны — слановая скура, панцыр, а не скура, а ў маёй галаве столькi пяску, што хмарачос можна пабудаваць дваццацiдвухпавярховы. Я дайшоў да ручкi, запiс у дзённiку не магу зрабiць, лiст не магу напiсаць. У мяне ўжо нi сяброў, нi жанчын няма. Адны заказы. Вiтражы i сцены, сцены i вiтражы. Са мною неведама што творыцца — я на людзей кiдаюся, як сабака...

— Як сабе хочаш, а ў мяне якраз для цябе добры заказ.

— Добры цi злы — мне без рознiцы, я больш не буду займацца манументалкай.

— А чым станеш займацца, калi не сакрэт?

— Графiкай.

— Ты не зможаш пераквалiфiкавацца. Ва ўсялякiм разе, не цяпер.

— Чаму я не змагу?

— Таму, што ёсць заказ, якi ты будзеш рабiць. Ты ж хацеў зрабiць крэматорый?

— Крэматорый?

— Так.

— Твае дваццаць пяць працэнтаў?

— Дамовiмся.

— Не дамовiмся...

— Ты ператамiўся, табе трэба адпачыць i падумаць.

— Я ўжо рашыў.

— Эскiзы да крэматорыя ты ўжо зрабiў. Заўваж, цябе нiхто не прасiў, ты сам iх зрабiў. А я толькi знайшоў месца для рэалiзацыi тваiх iдэй.

— Ды згары ты разам з крэматорыем...

— Заказ не гарыць. Наконт працэнтаў дамовiмся. Адпачывай...

Наблiжаюся да тралейбуснага прыпынку, дзе чакаюць ледзь не ўсе пасажыры з майго аўтобуса. Зыркi агеньчык таксi зiхацiць над чорным люстэркам вымытай вулiцы. Выходжу на сярэдзiну дарогi i, ускiнуўшы руку, спыняю "матор".

— Вы не ў аэрапорт? — нехта пытаецца ў маёй спiны.

— Мне ў другi бок.

Таксiст шчоўкае лiчыльнiкам.

— Цэнтр, — кiдаю таксiсту.

Скразняк прыемна студзiць патылiцу. Лiповыя ствалы спяшаюцца насустрач лабавому шклу.

— З шабашкi? — пытае таксiст.

— Можна i так сказаць.

— Я адразу здагадаўся, як толькi ты на дарогу выйшаў...

— Вiдаць, што з шабашкi?

— Вiдаць.

Таксiст расказвае анекдоты, пашлаватыя i без гумару, але я смяюся i расказваю яму некалькi абстрактных анекдотаў. Таксiст не вельмi разумее iх, але смяецца. Далей мы маўчым. На развiтанне пакiдаю яму паўрубель, на гарбату. Падымаюся ў калодзежы пад'езда да сваiх дзвярэй. Вось i дома. Нарэшце.

Раскiдваю вопратку ў перадпакоi. Заходжу ў пакой, ён у мяне i зала, i спальня, i гасцёўня, i сталовая... Нацiскаю на кнопку магнiтафона. Аднапакаёўку перапаўняе металiчны гук электрагiтар, прыкуты да рэзкага галашэння. Спачатку душ. Стаю пад гарачымi струменямi. Пасля голы iду да шафы, на падлозе застаюцца плямiны. Загортваюся ў крухмальную прасцiну. Заварваю моцную гарбату i п'ю, седзячы ў крэсле, пасярод пакоя. Вялiкае люстра шафы якраз насупраць, а ў iм — мой партрэт. Засцiлаю чыстую бялiзну. Кладуся. Чытаю: "А зараз высплюся, як чалавек". На гэтым сказе спыняюся, паўтараю яго, адкладваю кнiгу i засынаю. Прачынаюся i не помню сноў.

Узнiкае жаданне апрануць касцюм i абавязкова павязаць гальштук. Пакуль прыбiраю кватэру, жаданне мацнее. Завязваю перад люстэркам гальштук i зашпiльваю пiнжак. З люстэрка на мяне глядзiць малады чалавек — зусiм не я. Ён спакойны, упэўнены. Ён штодня ходзiць у дэпартамент i г. д.

Спяшацца няма куды. Адчуваю сваю адпаведнасць класiчнаму праспекту. Дый як не адчуць яе, калi ў кожнай вiтрыне мая светлая кашуля i мой адпрасаваны касцюм, мой урачысты гальштук, мае залатыя запiнкi i мае новыя туфлi. Толькi твар змянiўся, ён застыў, знерухомелi вочы i вусны. Мяне цяжка пазнаць, нiкому i ў голаў не прыйдзе, што я сёння кельму трымаў i тачку са смеццем вазiў.

Карнiзы, капiтэлi, аркi, маскароны... Як добра, што яны заўсёды чакаюць мяне. Што яны дачакалiся мяне сягоння. Вось гэты стогадовы маскарон, над магазiнам "Фiлатэлiст". Ён заўжды вiтаецца пры сустрэчы i мiргае, мiргае каменнымi вачыма. А карынфская капiтэль на дзяржбанку абяцае падарыць мне лiст-акант. Вежа насупраць кнiгарнi — у нас з ёй даўняе каханне. А ў аркадзе кiнатэатра я не магу не стукаць абцасамi. Купал галоўнага паштамта, як спiна дыназаўра, што хаваецца за жалезнай брамай. На стадыёне цiшыня. Расшпiльваю пiнжак i засоўваю рукi ў кiшэнi. Стаю на самай высокай трыбуне. Панарама заводскага раёна геаметрычная i выразная. Вецер забаўляецца з гальштукам. На прыступках рэстарана "Беларусь" мяне хапаюць за локаць.

— Не пазнаеш?

— Пазнаю.

— А што ў касцюме i пры гальштуку? Мо на прыём хадзiў?

— Ты здагадаўся, калi пахаванне называюць "прыёмам". Бывай.

— Бывай.

Застаюся адзiн. Мне няма куды iсцi, мне няма да каго iсцi. Мне нават няма каму патэлефанаваць. Выразна чую свой голас:

— Ты зараз яму патэлефануеш, ты возьмеш заказ. Крэматорый — твая тэма. Калi памiрае чалавек, людзi завешваюць люстэркi, каб не множылася гора. I ў тваёй працы не павiнна быць адлюстраванняў, нiякiх слiзкiх i блiскучых матэрыялаў. Усё будзе матавым, шурпатым, фактурным. Нiякiх цёплых гарачых тонаў. Стэрыльнасць, строгасць, халоднасць... Чыстая ўрачыстасць павiнна ў цябе атрымацца. Ты ведаеш, як зрабiць крэматорый, i зробiш яго. Нехта павiнен рабiць чорную работу. Дык хай робiць той, хто ведае, хто не баiцца яе, хто верыць у сябе...

Таксафон прагна глытае капейкi.

— Слухаю вас...

— Зноў я.

— Ты спаў?

— Якая рознiца?

— I ўсё ж?

— Спаў.

— Добра. Яшчэ адно неабавязковае пытанне. Ты не помнiш, якi бачыў сон?

— Сноў не было.

— Добра. Усё добра.

— Я згодны рабiць крэматорый.

— А ў мяне i сумненняў не было. Твая тэма, твой аб'ект.

— Гэта мой апошнi аб'ект. Калi трэба пачынаць?

— Учора. Праект i дамова ў тваёй паштовай скрынi.

Вымаю з паштовай скрынi пакунак. Цiкаўнасць падганяе мяне. Разгортваю слiзкую кальку праекта. На ёй накрэслены конус. Чыстая, дасканалая фiгура, як i павiнна было быць. Толькi нешта занадта вялiкая зала. Якi маштаб? Шукаючы маштаб, вочы чапляюцца за назву — праект цырка.

Уваччу круцяцца стракатыя, шматгранныя, рознакаляровыя шкельцы вiтража-калейдаскопа, а ў iх адбiваюцца твары i постацi. Рагоча мажны. Хiхiкае юнак. Смяецца прыгажуня. Каржакаваты пасадзiў сына на плечы. Хлопчык аберуч трымае, каб не звалiўся з галавы, свой шлем...

А ў рэшце рэшт?! — думаю я. — А ў рэшце рэшт...

Капялюш пажарнага колеру

Можа, гэта i адзiная значная падзея ў маiм жыццi, але я не шкадую, што давялося адчуць смерць мастака, якi жыў у маёй душы. Кожны чалавек мае схiльнасць да мастацтва, толькi, вядома, не кожны становiцца мастаком, а тым больш не кожны ведае, што мастак можа i памерцi, загiнуць раней за самога чалавека. Таму я i напiсаў невялiкi тэкст, якi, можа, i дарэмна назваў апавяданнем, тэкст пра лёс мастака, якi быў ува мне.

Мастак жыў ува мне даволi доўга, i нельга сказаць, каб умовы былi благiя цi я меў жаданне пазбавiцца ад яго. Наадварот, я дапамагаў яму i калi наведваў школу мастацтваў, i калi займаўся ў акадэмii на аддзяленнi жывапiсу. У вучнёўства i ўдасканаленне таленту я верыў i пасля заканчэння вучобы, якая давалася цяжка з прычыны маёй схiльнасцi да максiмалiзму. На выставах мае карцiны звычайна вывешвалi сярод плакатаў. Каляровыя рэпрадукцыi, пад якiмi чорным на белым выдрукоўвалася маё прозвiшча, часцей за ўсё выклiкалi спрэчкi. Не адзiн раз я даставаў з паштовай скрынкi лiсты ад невядомых апалагетаў i апанентаў маёй творчасцi. На тэлефонныя парады пакiнуць займацца маразмам я адказваў маўчаннем. Сябры мяне хвалiлi. Ворагi, як i належыць паводзiць сябе ворагам, ганiлi, не прымалi i крытыкавалi ў друку i на сходах. Некалькi старэйшых мастакоў актыўна падтрымлiвалi мяне, i я адным з першых сярод сваiх аднакурснiкаў атрымаў майстэрню. Запланаваны рост сучаснага мастака адбываўся даволi нармальна, калi не лiчыць канфлiктаў памiж мной як чалавекам i мастаком, якi жыў ува мне. Прычыну я бачыў перш за ўсё ў тым, што "мой мастак" не прымаў замацаваных iншымi канонаў i будаваў свае законы i правiлы.

Прайшло некалькi гадоў пасля заканчэння акадэмii, i на стэлажы ў майстэрнi назбiралася даволi многа скончаных прац. Я напiсаў заяву на персанальную выстаўку. I мяне ўключылi ў спiс. Праз паўгода я павiнен быў развесiць свае палотны па сценах невялiкай светлай залы ў Палацы прафсаюзаў. З падпiсаным дазволам на выставу я пакiнуў Саюз мастакоў i пайшоў у процiлеглы бок ад сваёй майстэрнi. Я хадзiў па горадзе i сам не заўважыў, як апынуўся ў касах Аэрафлоту. Я разглядаў оп-артычную рэкламу, калi да мяне падышоў незнаёмы i шэптам спытаў:

— Вам патрэбен бiлет на поўдзень?

Незнаёмы меў iнтэлiгентны выгляд, белыя рожкi кашульнага каўняра свяцiлiся на чорнай воўне швэдра, выгляд зусiм не стасаваў з прапановаю.

— Магу дапамагчы, — я пачуў яшчэ раз голас, якi быў надзiва падобны да голасу майго настаўнiка фiласофii. Незнаёмы паправiў акуляры. Ён даволi спакойна пачакаў, пакуль я перабраў усе, колькi ўспомнiў, "за" i "супраць".

— Дапамажыце, — сказаў я. Незнаёмы кiўнуў, i я ўбачыў акуратную лысiну, падобную да танзуры. Ён забраў мой пашпарт i грошы, а праз паўгадзiны я ўжо меў бiлет на самалёт i сядзеў на алеi, дзе так прыемна думалася, што заўтра буду ў далёкiм паўднёвым горадзе.

Прыморскi горад з акультуранымi руiнамi некалькiх старажытных дзяржаў мне спадабаўся. Ранiцамi, калi ўсе адпачыннiкi накiроўвалiся на пляж, я хадзiў да разбураных сабораў. Мой расклад вiдавочна не супадаў з раскладам прыезджых, i я адчуваў волю i лёгкасць. Я жыў, як вольная пташка, пакуль не ўбачыў капялюш.

Якi быў капялюш! Яго колер, ярка-пажарны колер я любiў з дзяцiнства. Пажарным я называю колер, якi мы бачым на пажарных шчытах, вогнетушыцелях i пажарных машынах. Густа-чырвоная фарба на металёвых i драўляных паверхнях з цягам часу набывае спецыфiчнае адценне, гэта не чырвоны, не пунсовы, не пурпуровы i не руды, не ржавы i не бурачковы, не малiнавы i не аранжавы, як не крывавы i не вогненны, а менавiта пажарны колер. Саламяны конус са скруглёнай вяршыняю быў за верх, а палi былi роўныя, шырокiя i аднолькавыя з усiх бакоў. Белыя, вышываныя шоўкам кветкi аздаблялi незвычайны ўбор. Я толькi ўбачыў такое дзiва на палiцы галантарэйнага кiёска, i рука сама выцягнула нататнiк з грашыма. Але я падумаў, што рэч у гаспадарцы зусiм не прыдатная, i ўсе яе вартасцi, мастацкiя i эстэтычныя, не маюць нiякага дачынення да самай мiзэрнай функцыянальнасцi, я так падумаў i адышоў ад кiёска, за шклом якога агнiўся капялюш.

Лежачы на пляжным лежаку пад палатнянымi парасонамi, я думаў пра капялюш. Нашто ён мне? Можа, каму i прыдасца, а мне толькi — купiць i выкiнуць. Можна яшчэ падараваць. А каму? Хто яго насiць будзе? Можа, дзе-небудзь далёка-далёка i носяць, а ў нас нават на пляжы нiхто не надзене. Дзяўчына? Ды няма такога дзявочага твару, якi б мог паспрачацца ў прыгажосцi з такiм высокiм i яркiм капелюшом. А якая дзяўчына пагодзiцца, каб капялюш быў прыгажэйшы за твар? Нiякая. Дзецям ён вялiкi. Жанчына? Ды жанчына хутчэй атрымае сонечны ўдар, чым пагодзiцца з выглядам, якi можа стварыць з яе саламяны ўбор. Мужчына? Калi незнаёмаму я падару капялюш, ён не зразумее, а знаёмых у радыусе ста кiламетраў я не маю. Я разважаў i разважаў, пакуль не скемiў: адзiнае месца, якое застаецца для капелюша, гэта мая ўласная галава. Я ўявiў сябе ў капелюшы i пераканаўся, што кветкi трэба паабрываць.

З капелюшом пад пахаю я прыйшоў да антычнай руiны, схаваўся ў цень i больш як гадзiну прамучыўся, але спароў кветкi. "Прыгожа!" — сказаў я ўголас забароненае для мастакоў слова. Я надзеў капялюш i пайшоў да мора. Рэплiкi, якiя пачуў на пляжы, я запомнiў надоўга. Я не магу гарантаваць нi парадак, у якiм яны ляцелi ў мяне, нi дакладнасць кожнага слова, але агульны сэнс быў такi:

— Жлоб! — было першае, што я атрымаў, пакуль прайшоў некалькi кiламетраў па бетону.

— Мама, паглядзi, якi дзядзя, i я хачу такую шапку.

— Вы працуеце ў цырку?

— Ходзяць жа такiя, i як iх толькi зямля носiць!

— Вазьмiце мяне з сабою.

— (Цалкам нецэнзурны выраз.)

— Я такога... яшчэ не бачыла, колькi жыву.

— Такi не купiш, самаробны... Якая пластмасавая штампоўка? Кажу табе саламяны i самаробны, i колер дзiкi, нi адна фабрыка так не зробiць.

— Вам да твару i вельмi.

— Фраер... Мы такiх... (Далей доўга i незразумела пра што.)

— Вiдны хлопец, i раптам такое.

— У, гэта да!

— Дажылiся! Унiтаз на голаў надзень. З такiх i пачынаецца! Можа, усе голыя хадзiць пачнём? Цьфу!

— Ёсць жэст! Ёсць!

— Усё паўтараецца.

— Зноў хiпi? Цi гэта панк?

— Не, ён чысты.

— Кажу табе, недзе схавалi кiнакамеру i здымаюць, вот не верыш... А я кажу — здымаюць.

— Знойдзецца каму сапсаваць настрой.

— Толькi так i трэба, толькi так.

— А дзе вашы рапаны?

— Што чырвана, то хораша.

— На большае розуму не хапiла.

— Д'ябал спакусiў, няйнакш.

— Патрэбны зялёныя порткi да чырвонага капелюша.

— Не порткi патрэбны, а пяро паўлiна за вуха i пальмавы лiст у руку, а так бездухоўна выйшла, без палёту, ведаеце, без прарыву.

— А здымiце яму капялюш, i хто ён? Нiхто!

— Не скажыце, зараз ён якраз лiдэр i кумiр.

— Ізаляваць яго... Ізаляваць...

— А што гэта за дзядзя?

— Гонар у хлопца ёсць, не кожны так зможа. Адзiн супраць усiх. I дзеля чаго? Спытайце. А дзеля самога сябе.

— Шкоды ён не робiць.

— Яшчэ як робiць. Ён парушае звычкi i ка... (далей не пачуў).

— Моцна, па-нашаму.

— У iм нешта ад Адама, ад першага чалавека, ёсць, напэўна, адзiнота.

— Нашто вытыркацца?

— Ён ёсць, згодны. А як жа астатнiя, iх на пляжы тысячы?

— Цiкава, кiм ён працуе?

— I што ж гэта ты, хлопец, робiш, га?

— Ён чырванее.

— Заўтра яго не будзе, гарантую.

— (Пачатак сказа я не пачуў) ...iрт i агонь.

— Чалавекам i толькi чалавекам.

— З капелюшом два метры трыццаць адзiн цi трыццаць два сантыметры.

— (Жорстка i нецэнзурна.)

— Яму ўсё роўна.

— Такiх трэба шкадаваць, а вы такое гаворыце.

— Ха-ха-ха-ха...

— Пустата.

У мяне няма жадання рабiць аналiз рэплiк, i не таму, што я не бачу, хто стаiць за кожнай з iх, а таму, што гэта марная справа.

Пляж скончыўся, яго перагароджваў высокi дашчаны плот. Я прайшоў праз браму i апынуўся на вялiзнай пустэчы, спрэс застаўленай бетоннымi блокамi i трубамi. Цiха i жалобна было сярод будматэрыялаў. Мора манатонна шархацела прыбярэжным жвiрам. Я прайшоў праз гэты часовы склад i выйшаў на бераг катлавана. Вялiкi катлаван, якi вырылi пад фундамент невядомай мне пабудовы, прыцягваў, як прыцягваюць варонкi стадыёнаў. Па разварочанай экскаватарнымi гусенiцамi дарозе я спусцiўся ў катлаван. Мяне абступiлi пясчана-скалiстыя стромы, над якiмi навiсла густое паўднёвае неба.

Шорсткi свiст прымусiў мяне азiрнуцца. Камень упаў побач. На беразе катлавана цямнелi постацi падлеткаў. Я паказаў iм кулак. Другi камень таксама ўпаў побач, а трэцiм яны пацэлiлi мне ў калена. Я схапiў з-пад ног вялiкi глыж i пабег да падлеткаў. Калi я апынуўся наверсе, задыханы, з глыжом у руцэ, падлеткаў нiдзе не было вiдаць. Блокi i панелi стабiльна ляжалi на шэрай бястраўнай зямлi. Кароткiя ценi падкрэслiвалi асветленыя сонцам фактуры i паверхнi, за якiмi нашэптвала бясконцыя гекзаметры абыякавае мора. Я паглядзеў у катлаван. На сподзе валяўся мой капялюш. Я вярнуўся на пляж i пайшоў той жа дарогаю, памiж тых жа людзей, толькi нiхто не глядзеў на мяне i не крычаў услед.

Вечарам мне зрабiлася блага, я адчуў у сабе пустату. Я закрываў вочы i бачыў, як iду сам сабе насустрач, адзiн з маiх "я" быў у капелюшы. Спаць я не клаўся, я хадзiў гуляць да антычных руiн. Пад ранiцу вiдовiшча, што мучыла мяне, знiкла, яно перастала з'яўляцца ўваччу, як толькi я ўсвядомiў пра смерць "майго мастака". Мастак, якi жыў ува мне, памёр.

Вы можаце спытаць: з якой прычыны? Але я не раблю анатамiравання з'явы. Я толькi пераказваю факты. Адзiнай больш-менш вартай гiпотэзай, якой я прытрымлiваюся, з'яўляецца: смерць з прычыны рэалiзацыi магчымасцей, развiццё спынiлася, адбылася крышталiзацыя, i мастак памёр.

Ад выстаўкi я адмовiўся, бо не хацелася збiраць гледачоў ля карцiн творцы, якi страцiў самога сябе. У сваёй майстэрнi я дазволiў працаваць студэнту, якi i зараз працуе там. Мастацтва я пакiнуў не адразу, я спрабаваў маляваць i нават скончыў некалькi невялiкiх прац, толькi ўсе яны з'явiлiся дэманстрацыяй рамяства, i не больш.

Вы маеце поўнае права спытаць у мяне, а дзе я працую i чым займаюся цяпер. Я адкажу. Выкладаю красленне ў сярэдняй школе, тлумачу, чым адрознiваецца аксанаметрыя ад перспектывы. Мае вучнi, канечне, не ўсе, старанна асэнсоўваюць сакрэты двухмернай i трохмернай прасторы. Я iмi задаволены збольшага.

Часам, калi вучнi пакiнуць клас i я сяджу адзiн перад пустымi крэсламi i сталамi, мне ўспамiнаецца пляж, капялюш i я ў гэтым капелюшы; тады мне пачынае здавацца, што мастакi зусiм i не памiраюць, яны проста назаўсёды пакiдаюць нас i жывуць асобна ў нашых творах, нашых мастацкiх жэстах. Так i мой мастак iдзе па пляжы...

На фоне барака

— Алё... Ты?

— Я.

— Пазнаў?

— Пазнаў.

— Ведаеш?

— Ведаю — няма нашага Мiхася.

* * *

На аўтобусным прыпынку каля плошчы Перамогi ў час пiк стаяў паэт у незашпiленай куртцы. Ён трымаў дзве вялiзныя сумкi, напакаваныя дэфiцытнымi прадуктамi. Ён глядзеў на перапоўненыя аўтобусы, i было крыўдна, што з такiмi сумкамi нi ў гэтыя, нi ў наступныя аўтобусы не ўваб'ешся.

Да паэта падышоў малады чалавек i павiтаўся. Той паставiў на зямлю сумкi i сказаў:

— Не ўбiцца. Хм... Адзiн за адным iдуць, i не ўбiцца. Хм... Хм... А ты куды?

— Дамоў. Давайце дапамагу. Нам жа па дарозе.

— Дапамажы, бо набраў — не падняць, ажно па вулiцы сорам iсцi... Хм... Гэта ж у мяне юбiлей.

— Вiншую.

— Дзякуй. Хм... Толькi не люблю я гэтых юбiлеяў. Дэрмацiнавых папак надораць (куды iх падзець?), лухты нагавораць, брыдка слухаць. А потым стол, i сам разумееш, трэба, каб на стале было, а ў мяне талерак столькi няма, каб на iх усiх хапiла. Пайду сёння вазьму напракат. Што мы тут стаiм? Пайшлi на мост, а там, за скверам, на аўтобус сядзем.

Яны ўзялi сумкi i пайшлi па праспекце, пад вясновымi лiпамi.

— Як падумаю, што на сцэне сядзець, што вершы ў мiкрафон чытаць, аж млосна робiцца... Хм... Так мы з табой i не схадзiлi да Н., а трэба яго знайсцi, трэба да яго схадзiць. Забылi яго, знарок забылi i сябры, i ворагi. А ён у Мiнску, я нават бачыў яго, ён у такiм прыстойным палiтоне. Хм... I шалiк, i туфлi. Я нават узрадаваўся, што ён так добра выглядае... Казалi ж рознае: i што спiўся, i што звар'яцеў, i што з работы прагналi... Думаў падысцi, а тут са мной людзi былi, няёмка iх кiнуць, а пакуль развiтаўся, пакуль пачаў даганяць... Ён некуды знiк. Натоўп... Мы каля цэнтральнага унiверсама стаялi, i, як зараз, якраз час пiк быў... Добра, хоць палiто на iм новае i выглядаў ён iнтэлiгентна, толькi ў твары нешта не тое, змянiлася нешта, ён так галаву крыху набок трымаў i сам сабе ўсмiхаўся... Хм... Разумееш, стары, я не хачу сказаць, што зусiм ненармальна, але нешта ў гэтай усмешцы ненатуральнае было. Хм... Я ж яго добра ведаў, друкаваў яго, дапамагаў; толькi ў яго ж сябры былi, дзе мне за гэтымi сябрамi? Ну, сябры дык сябры, як сабе хочаш, сябры яму i дапамаглi. Хм... Трэба нам з табой да яго схадзiць, проста без папярэджання пайсцi. Ён жа — паэт. Гэта сябры думаюць, што яго няма, што забылi яго, а ён ёсць.

— Так, трэба схадзiць. Я ў канцы лета вольны буду, мы i сходзiм.

Яны селi ў аўтобус. У аўтобусе маўчалi. Сышлi на прыпынку "Кальцо".

— Я ўсё ваш партрэт нiяк не зраблю, хоць палатно падрыхтаваў i эскiзы зрабiў, — выбачаўся малады чалавек.

— Хм... А можа, да мяне зойдзеш?

— Не выпадае сёння.

— А што за эскiзы?

Паэт i малады чалавек гаварылi на скрыжаваннi. Падобныя да сабак сумкi стаялi каля ног.

— На другiм плане барак, памятаеце ваш радок: "Разбiраюць барак пад маiм акном..."1 Шэрае неба над баракам, ён ружовы, цёмны, з сiнiмi акенцамi... I яшчэ шэрая восеньская трава. На першым плане — вы ў белай кашулi i пры гальштуку. Гальштук — чорны, вузкi, драматычны. Хочацца, каб ён быў пранiзлiва, шчымлiва драматычны... А яшчэ на плечы вы накiнулi фуфайку... Мне здалося, што ў гэтым спалучэннi — белая кашуля, чорны гальштук, незашпiленая фуфайка — ёсць метафара. Твар у вас будзе малады, твар дваццацiгадовага хлопца, якi збiраецца памiрыць горад i вёску. Я бачу гэты партрэт, ён ужо ёсць для мяне. Цяжка расказаць, здаецца, нешта недагаворваеш, i выява не складаецца ў адно цэлае. Лепш я намалюю i пакажу.

— Зрабi. Хм... Атрымаецца, думаю, мадэрнова. Добра, я пайду... Ты заходзь. Мы ж — суседзi. Як-небудзь пад вечар выберашся з дому, то заходзь.

* * *

— Трэцюю аперацыю зрабiлi. Шво разыходзiцца, не трымаецца. Кажуць, што занадта вялiкую дозу абпраменьвання далi, таму i не трымаецца шво.

— А я не магу ў ракавы барак хадзiць. Не магу, i ўсё.

— Кажуць, там вельмi многа самагубстваў.

* * *

На пахаванне паэта малады чалавек спазнiўся. Ён прыйшоў, калi гаварылiся жалобныя прамовы. Да труны было не падысцi, бо ў пакоi, дзе ляжаў нябожчык, i ў фае перад пакоем было поўна людзей. Малады чалавек не пачуў прамоў, яны ўсе сплаўлялiся ў манатоннае бу-бу-бу-бу-бу. Ён паглядзеў на спiны i патылiцы лiтаратараў i выйшаў на ганак.

Вынеслi труну.

Малады чалавек убачыў шэры профiль i здзiвiўся, што гэты востры профiль, профiль, што пагойдваецца над натоўпам, што ён не мае анiякага дачынення да паэта. Гэта — цела, а не паэт.

Труну паставiлi ў жоўты, з чорнай палосай, кароткi аўтобус, i той пацiху паехаў.

* * *

Пасля пахавання малады чалавек зайшоў у бiблiятэку. Пасля жахлiвай гарачынi, што была на вулiцы, у чытальнай зале сустракала адносная прахалода.

Бiблiятэкарка стаяла каля стала i пакавала гаспадарчую сумку. Пасля занавешаных чорным крэпам люстэркаў, пасля музыкi, якая будавала нябачную лесвiцу да выгбы смерцi, пасля расцiснутых на асфальце хрызантэм будзённы занятак немаладой жанчыны, што клала ў сумку хлеб, набыў для маладога чалавека значнасць, нават мiстычнасць.

— Вы новыя кнiжкi прыйшлi паглядзець? — спытала яна i прапанавала яму прайсцi да стэлажоў.

— Я проста зайшоў. Захацелася пабыць у цiшынi i схавацца ад сонца. На вулiцы жахлiвая гарачыня, такая гарачыня, што галава пачынае балець.

— Так, гарачыня. Страшэнная гарачыня, i Мiша памёр...

* * *

Калi малады чалавек вяртаўся дадому, невядома адкуль яму на рукаво ўпала тонкая, што вяровачка, бiтумная смала i зрабiла на кашулi заўсёдную жалобную стужку.

Заўсёды на "ты"

Усё было як заўсёды. Адна з шасцi люмiнесцэнтных лямп не гарэла. Пад рукамыйнiкам стаяла сметнiца, поўная папяровых трафарэтаў, побач — чатырохногi табурэт. Каля сцяны сохлi магазiнныя шыльды. Як заўсёды, у мяне было многа афармiцельскай работы.

Я пачуў, як грымнулi дзверы, i цёмны калiдор запоўнiлi ўпэўненыя крокi.

— Здароў, злыдух, — сказаў ён, той, з кiм я заўсёды на "ты".

— Здаравейшых бачылi, — адказаў я.

— Чаму ты не прыйшоў?

— Не змог.

— Не змог... Ты абяцаў... Я спадзяваўся...

— Як спадзяваннi?

— Ты — злыдух.

— Ведаю.

— Без мяне ты гэтага не ведаў. Тваё слова — нуль. За яго капейкi не дам, — сказаў ён.

— Другiя дадуць.

— Што мне другiя?!

— I я так падумаў i не пайшоў.

Ён падышоў да шыльды. Памацаў, цi высахла фарба. Фарба не высахла. На лiтары "а" ў слове "магазiн" засталiся адбiткi пальцаў. Ён вымыў рукi, закурыў танную цыгарэту i сказаў:

— Ты мяне кiнуў у самы адказны момант.

— Брахня. Самы адказны момант... Брахня! Ты ведаў, што сваё атрымаеш. Ведаў i атрымаў роўна, колькi належыць. Нi больш нi менш — роўна!

— Так, я сваё атрымаў, але ты павiнен быў прыйсцi, — сказаў ён, той, з кiм я нiколi не быў на "вы".

— Чаму павiнен?

— Ты абяцаў.

— Абяцанкi... Можна без гэтага.

— А раней?

— Што раней? Раней было тое самае, што зараз. Як заўсёды.

— Раней ты прасiў, i я прыходзiў, — сказаў ён.

— Раней i я прыходзiў, калi прасiў ты. Мо не так?

— Так.

— Дык што?

— Ты — злыдух.

— Усё. Хопiць, — сказаў я, узяў пэндзаль i зафарбаваў адбiткi ягоных пальцаў на лiтары "а" ў слове "магазiн".

Ён сеў насупраць мяне на табурэт i закурыў новую цыгарэту.

— Не хвалюйся. Я хутка пайду. Выкуру цыгарэту i пайду, — сказаў ён.

— Я не хвалююся.

— Хвалюешся. Бачу. Не хвалюйся, я дараваў.

— Мне дараванне не патрэбна.

— Яно патрэбна мне, — сказаў ён i ўстаў. Ён затушыў недапалак у струменi вады i шпурнуў у сметнiцу да папер.

— Колькi мы не бачылiся? — спытаў ён.

— Год, — сказаў я, бо гэта я помню дакладна — над рукамыйнiкам на сцяне застаўся надпiс: 29 верасня ў панядзелак у 20 гадзiн быць у майстэрнi з iнструментам.

— Год, гэта многа, — сказаў ён.

— Ты прыйшоў павiншаваць мяне з Новым годам?

— Не, я прыйшоў, каб прапанаваць работу, — сказаў ён i сеў насупраць мяне на чатырохногi табурэт.

— Учора я бачыў карлiка...

— Мяне гэта не цiкавiць, — сказаў ён.

— Паслухай. Учора вечарам я бачыў карлiка ў падземным пераходзе. У пераходзе было многа народу. Я курыў каля выхаду з метро. Ты ж ведаеш, я не люблю, калi ў метро многа народу — скончыўся канцэрт. Народ разышоўся. Я пачуў за спiнаю крокi падкаваных абцасаў. Мне падалося, што iдзе велiкан. Я азiрнуўся i ўбачыў карлiка. Карлiка на вялiкiх абцасах. Нашто карлiку такiя высокiя абцасы? Ты падумай, ну нашто яму гэтыя пяць сантыметраў, калi ён усё роўна застаецца карлiкам?

Адна з шасцi лямп не гарэла. Ён курыў i не слухаў пра карлiка. Яму было нецiкава. Ён устаў, потым узлез на табурэт, выкруцiў лямпу дзённага святла, тую, што не гарэла, i паставiў у сметнiцу.

— Так лепш, — сказаў ён.

— Трэба ўставiць лямпу, — сказаў я.

— Будзе больш святла i больш чысцiнi, — пагадзiўся ён.

— Трэба ўставiць лямпу, тую, што ты паставiў у сметнiцу.

— Чаму? — здзiвiўся ён.

— Яна цэлая.

— А чаму не гарэла?

— Не была ўкручана да канца, таму што адна лямпа павiнна быць запасной, як чацвёртая нага ў табурэце. Табурэт стаiць на трох нагах, чацвёртая ў запас...

— Не разумею, — сказаў ён.

— Гэта няважна.

Ён дастаў лямпу са сметнiцы i ўставiў яе. Святло мiргнула. Лямпа загарэлася. Тады ён трохi выкруцiў яе. Лямпа патухла. Ён сеў на табурэт.

— Паслухай... — сказаў я. — Сягоння ранiцай, калi ехаў на працу, я зноў сустрэў таго ж карлiка. Карлiк сядзеў у трамваi побач з неграм. Абцасаў не было, не было тых высокiх падкаваных абцасаў, былi звычайныя. Негр сядзеў, выставiўшы ногi на праход, а ногi карлiка вiселi над падлогаю. Тулава i галава ў карлiка былi большыя, чым у негра. Спачатку я не пазнаў яго. Мяне здзiвiла вялiкая галава. Я падышоў блiжэй i толькi калi ўбачыў кароткiя ногi — пазнаў яго. Калi не бачыць карлiкавых ног, можна было падумаць, што побач з неграм сядзiць вялiзны чалавек — велiкан.

— Нашто мне карлiк? — спытаў ён.

— Не ведаю.

— Я прыйшоў, каб прапанаваць добрую работу за добрыя грошы, — сказаў ён.

— У мяне хапае работы. У мяне па горла работы. Мяне не цiкавiць работа. Мяне цiкавiць — нашто карлiку спатрэбiлiся пяцiсантыметровыя абцасы?

Я не заўважыў, як той, з кiм я на "ты", знiк. Калi грымнулi дзверы, я ўбачыў пусты табурэт, i калi я ўбачыў чатырохногi табурэт, зразумеў: карлiку былi патрэбны абцасы, каб даставаць да падлогi, калi ён сядзеў на канцэрце.

* * *

Я ведаю, што ён, той, з кiм я заўсёды на "ты", прыйдзе. Прыйдзе, каб сказаць: "Здароў, злыдух!" Я чакаю. Чакаю, калi грымнуць дзверы i гулкi калiдор напоўняць упэўненыя крокi, калi ўсё будзе як заўсёды.

Часам я гавару з iм — сам з сабою, сам-насам. Але гэта блага, гэта ненармальна заставацца на год сам-насам. Трэба, каб ён, той, з кiм я нiколi не быў на "вы", прыйшоў i сеў насупраць мяне на табурэт. I ён прыйдзе. Ён прыйдзе, i грымнуць дзверы. Галоўнае, каб я быў на месцы, каб я быў адзiн i работы было па горла.

Вентылятар

Мужчына ляжаў на канапе i чытаў газету. Ён адпачываў. Мужчына паклаў пад галаву падушку i няспешна праглядаў артыкулы i фотаздымкi. Ён лiчыў, што мае поўнае права паляжаць вечарам на верандзе ў цiшынi i паглядзець газету.

У другiм кутку веранды ў вялiкiм крэсле спаў сiвы дзед. Ён быў у тым узросце, калi ява i сон вельмi хутка i амаль незаўважна змяняюць адно другое. Дзед прыйшоў на веранду, каб пагаварыць з сынам, але не заўважыў сам, як заснуў у старым любiмым крэсле.

На светлай падлозе стаяў белы вентылятар. Ад вентылятара да разеткi струменiўся тонкi дрот. Вентылятар нетаропка паварочваў цылiндрычную галаву i абвяваў вялiкую частку веранды, ад канапы да крэсла.

— Цiкавы факт, — гучна, каб пабудзiць бацьку, сказаў мужчына.

— Як? — дзед павярнуў галаву.

— Людзi крадуць грошы ў дзяржавы... На, пачытай...

— Я не чытаю вашых газет.

— I калi гэта ты газеты перастаў чытаць?

— Як вы пачалi пiсаць пра ЯГО.

— Пры чым тут ЁН?! Я кажу, людзi крадуць дзяржаўныя грошы, кладуць у сваю кiшэню мiльёны i не баяцца, што iх выкрыюць i застрэляць. Цiкавы факт — у Маскве...

— Нецiкава мне, — бацька не дае сыну дагаварыць. — Мне нецiкава чытаць i глядзець тэлевiзар. Радыё яшчэ магу паслухаць, калi музыка, але шум вентылятара мне больш падабаецца. Вуркатанне вентылятара я люблю слухаць удзень, а ўночы прыемна ўслухоўвацца ў шапаценне вiнаграднай лiстоты.

— Ты кажаш так, быццам я вiнаваты, што пра ЯГО пiшуць.

— Ты не вiнаваты. Нiхто не вiнаваты. Ты не пiшаш i не крадзеш, я не чытаю. Вiнаватыя адышлi ў нябыт. Ты хочаш спрэчкi, табе патрэбна дзеянне, а мне спакой. Выключы вентылятар, калi ласка.

Мужчына ўстаў i выключыў вентылятар. Пластыкавыя пялёсткi застылi ў цiшынi, з якой выплыў шолах вiнаграднай лiстоты.

Вечар прынёс палёгку. На веранду прыйшла прыемная пасля дзённай задухi прахалода. Вiнаград шчыльна аплятаў веранду, i па сценах плавалi дрогкiя авалы святла.

Зайшоў загарэлы хлопчык i спытаў:

— Можна, я пайду ў порт паглядзець, як адыходзiць карабель?

— Гуляй у двары, — адказаў мужчына i лёг на канапу.

— Та-а-ат, — зацягнуў хлопчык.

— Якi сягоння карабель? — спытаў дзед.

— "Расея" i "Эстонiя". "Эстонiя" адыходзiць, а на яе месца, каля другога прычала, стане "Беларусь". Тры караблi ў порце. Та-а-ат, мне хочацца схадзiць. Усе хлопцы з двара iдуць.

— Адпусцi яго. Тры вялiкiя караблi не часта збiраюцца ў адзiн дзень. У свой час я цябе адпускаў, — заступiўся за ўнука дзед.

— Ідзi, але потым адразу дадому.

— Дзед, а я табе вячэрнюю газету прынясу, хочаш?

— Прынось.

— Дзед, а хочаш, я табе вентылятар уключу?

— Ідзi ў порт, глядзi на караблi, — дзед усмiхнуўся ўнуку.

Хлопчык выбег з веранды.

— Нашто газета, калi не чытаеш?

— Табе аддам.

— А ў порт, дарэчы, ты мяне не заўсёды пускаў.

— Трэба было зусiм не пускаць, бо ты так нiчога i не зразумеў.

— Растлумач. Чаго я не зразумеў?

— Ты не зразумеў, што карабель падобны да сабора. Ёсць урачыстасць i падзея, калi карабель пакiдае порт. З'яўляецца сум. Здаецца, адкуль? Знаёмых на караблi няма. Чужыя людзi на палубе, чужыя на прычале. Ты стаiш сярод чужых людзей, глядзiш, як адыходзiць карабель, i адчуваеш адзiноту i страту. Разам з пачуццём саборнасцi i ўрачыстасцi да цябе прыходзiць адзiнота, адчуванне iмгненнасцi твайго быцця. Дзецi таму i ходзяць у порт, яны не разумеюць, а толькi адчуваюць страту, iм нязвыкла. I яны просяць бацькоў адпусцiць i ходзяць у порт глядзець на караблi.

— Карабель больш падобны да дома. Дом на вадзе. Ён разварочваецца, а народ чакае, што карабель не развернецца, а зачэпiцца за прычал, i ўсе стануць сведкамi катастрофы.

— Дом, — цiха, самому сабе, сказаў дзед.

— Капiтан — домакiраўнiк, а каманда — супрацоўнiкi домакiраўнiцтва. Можна было б i ў домакiраўнiцтвах увесцi форму з фуражкамi i чорнымi брылямi, з кукардамi i лычкамi. Толькi спачатку будзе смешна, як сустрэнеш сантэхнiка з аксельбантамi i пагонамi.

— Ты паедзеш на дачу? — бацька спынiў развагi сына. — I чаму гэта я свой дом называю "дача"? Скажы, чаму я кажу "дача" на свой дом? Я ўсё жыццё працаваў, каб мець дом. Я працаваў пры ІМ i пасля ЯГО. Я зразумеў, што на свеце ёсць адзiн культ — КУЛЬТ ЗЯМЛІ. Я хацеў мець свой дом на сваёй зямлi. Я купiў дом, а цяпер называю яго "дача". Чаму?

— Не выпадае мне ехаць.

— Электрычнасцi там няма, але можна жыць i без электрычнасцi.

— Наступнымi выхаднымi з'езджу.

— Так кожны раз. А я не магу. Гэта адзiнае, што я хацеў бы зрабiць i чаго не магу. Усё ж дом надта высока ў гарах. Баюся, што не дайду. Надта высока...

— Без электрычнасцi нават вентылятар не працуе.

Дзед устаў з крэсла i выйшаў з веранды. Ён не пачуў сынавых слоў, бо сказаў самому сабе:

— Пайду спаць.

Мужчына перагарнуў старонку i пачаў чытаць. Ён адпачываў на асветленай вечаровым сонцам верандзе.

Дарма

У пусты i халодны тралейбус увайшоў стары дзед.

Ён сеў на першае сядзенне i склаў рукi на чорнай кавеньцы. Няголены, доўгi твар старога быў хваравiты i белы. Бляклыя вочы глядзелi на свет з абыякавасцю, так звычайна людзi пазiраюць на зламаную i ўжо непатрэбную рэч.

Тралейбус ехаў па начным горадзе.

Праз некалькi прыпынкаў у тралейбус увайшоў немалады тоўсты мужчына ў шэрым палiто i шэрым, з кароткiмi палямi, капелюшы.

— О, здароў! — мужчына пакратаў дзеда за плячук.

— А, то — ты, а я, брат, не пазнаў. Акуляры не ўзяў, не бачу нiкога, не пазнаю, — сказаў дзед, прыўзняўшы руку над кавенькай, i дадаў: — А можа, не будзем вiтацца за руку? Холадна пальчаткi здымаць.

— Не будзем, — пагадзiўся мужчына i лёгенька паляпаў па дзедавай руцэ.

Тралейбус кацiўся па выстуджаным снежаньскiмi маразамi праспекце i сыпаў яркiя, пякучыя iскры.

— Ты на месцы? — спытаў дзед.

— Не. Пайшоў. Вольны чалавек я цяпер.

— Звольнiлi?

— Ды не, сам пайшоў. Яны, праўда, не надта каб i трымалi. Трыццаць гадоў аддаў i пайшоў.

— Не прасiў, каб дазволiлi яшчэ працаваць?

— Не.

— Правiльна, i я ў свой час не прасiў.

— Я помню. Я ж на тваiм месцы да канца i дабыў.

Тралейбус адчынiў дзверы, але хлопец з дзяўчынай, што стаялi на прыпынку, пэўна, чакалi iншы нумар. Тралейбус паехаў далей, паўз цьмяныя вiтрыны зачыненых гастраномаў.

— Сядай, — прапанаваў дзед.

— Пастаю, — адмовiўся мужчына.

— Ты куды ездзiў?

— Сыну мэблю дапамог пераставiць. Бацькам ён стаў.

— Хлопчык? Дзяўчынка?

— Хлопчык.

— Назвалi як?

— Нiяк не назвалi. Не паспелi яшчэ. Сын хацеў, каб маё iмя далi. А я кажу, не трэба. Пажыву яшчэ...

— Правiльна. Наступнага хай назаве тваiм.

— Во, i я так сказаў.

Тралейбус павольна i неяк стомлена ўз'ехаў на мост i шпарка пакацiў з моста.

— А ты адкуль? — спытаў мужчына.

— У сястры быў.

— Як яна?

— А нiчога яшчэ. Трымаецца. Унукi, дзецi сумаваць не даюць.

— А хiба табе даюць?

— А хто мне можа не даваць?

— А дзе твае?

— Дачка з мужыком на поўнач па грошы паехалi i дзiця павезлi, дурнi. Казаў, каб пакiнулi, дык не. А старая мая прапiску змянiла, яе ўжо няма.

— А я i не ведаў.

— Мне таксама час прапiску мяняць, а то вернуцца мае з поўначы з грашыма, а тут я — хворы i стары.

— Ну, ты кiнь. Рана яшчэ, — тоўсты мужчына хацеў збiць гутарку ў нейкi iншы бок, але не ведаў, у якi, i таму ў яго нiчога не атрымалася.

— Што тут кiдаць? Як нi кiнь i куды нi кiнь, а надышоў час, i трэба збiрацца. Я вось пацiху i пачаў.

— Другiя жывуць, — спрабаваў пярэчыць мужчына.

— Я на iх паглядзеў i на сябе паглядзеў, — у дзедавых вачах быў спакой i ўпэўненасць, ён разважаў: — Няма ў iх радасцi, брат. Пажыў, i хопiць. Пажыў, колькi мог, а болей не трэба. Нашто намаганнi, калi радасцi ў iх анiякай няма? Суцэльны боль.

— Нейкая ўсё ж ёсць.

— Нейкая ёсць, толькi гэтая нейкая — зусiм нiякая. Ды мне i не сумна. Ведаеш, брат, не сумна мне з таго, што памру.

— А што сумаваць? Усе там будзем, — мужчына паправiў капялюш.

Тралейбус не спынiўся. Шафёр бачыў, што нiхто не збiраецца выходзiць, i не тармазiў каля заснежанага прыпынку. Святлафоры адключылi чырвонае i зялёнае святло i мiргалi цьмяным жоўтым агнём.

— Ногi пачало адбiраць. З кавенькай хаджу, — дзед пастукаў у падлогу кавенькай.

— А што з нагамi?

— Хто iх ведае.

— Можа, тромб?

— Ды не.

— А што? Вены?

— Не вены.

— А ты ў доктара быў?

— А як жа ж, быў. Толькi дактары маладосцi не даюць. Паглядзеў ён, казаць нешта пачаў, толькi я не надта каб слухаў, бо сам ведаю, калi пачало адбiраць, дык пара мне збiрацца...

— Яшчэ пажывеш, нiкуды не дзенешся, — зрабiў спробу пажартаваць немалады мужчына.

— А як ты думаў, яшчэ пажыву. Трэба тое-сёе парабiць.

— Паробiш.

— Параблю.

Тралейбус iзноў не спынiўся, бо нiхто яго не чакаў i нiхто не збiраўся выходзiць.

— А ты, вольны чалавек, чым займаешся? — спытаў дзед.

— Нешта ўсё раблю, цi рамонт, цi з машынай у гаражы, нешта раблю, рукi не маўчаць.

— А з мяне работнiк анiякi, пагалiцца i тое цяжка, дажыўся во.

— А ты ў цырульню хадзi.

— Ногi адымаюцца, баляць.

— А, ногi, я i забыўся. Слухай, мо да мяне зойдзем, пасядзiм, па чарцы возьмем? — пажвавеў мужчына.

— Не, ты што, позна ўжо.

— А што позна? Куды спяшацца? На работу нам не ўставаць, — мужчына мiргнуў дзеду.

— Твае паклалiся спаць.

— Хай леглi, хай спяць, лiха iх не возьме. А мы з табой на кухнi сядзем. Успомнiм. Пагаворым. Пасядзiм.

— Не, брат, не магу. Нашто гарэлку марнаваць, калi радасцi з яе няма?

— У нас ёсць што ўспомнiць. Ты даруй мне за тое, за месца. Не па-людску тады выйшла. Я ўсё спяшаўся некуды. А куды, спытай? Нашто? Я толькi цяпер i зразумеў, што памылiўся тады. Пайшлi, пасядзiм. Грыбы ў мяне ёсць, чарка...

— Дзякуй за чарку, за грыбы. I не думай, што я не iду да цябе з-за таго месца. Я даўно табе дараваў. Позна ўжо. Проста позна, брат.

— Дарма. Дарма адмаўляешся. А што ж гэта ён робiць? Што ж ён, лiха яму, на прыпынках не спыняецца? Я ж свой праехаў, — мужчына грукнуў кулаком у дзверы кабiны.

— Што? — азiрнуўся шафёр.

— Як што! Ты ж на прыпынках не спыняешся!

— Не шумi, дзед, не шумi. Спынiмся.

— Ты павiнен спыняцца!

— Не шумi.

Тралейбус прытармазiў i адчынiў дзверы.

— Цэлы прыпынак праехаў, — злаваўся мужчына.

— Ноч на вулiцы. Спяць усе. А ты шумiш.

— Управы на цябе няма.

— Давай, дзед, сыходзь, не трымай машыны.

— Я не трымаю, — немалады мужчына паправiў капялюш, наставiў каўнер i сышоў з тралейбуса. Развiтацца са старым дзедам ён забыўся.

Тралейбус зачынiў дзверы i хутка павёз аднаго пасажыра.

А ты не смейся

Дождж. Альтанка. Збысь i я.

— Заб'ю, — кажа.

— Як?

— Не ведаю.

— Не заб'еш.

— Чаму?

— Таму, што не ведаеш.

— Прыдумаю.

— Тады i пагаворым.

Збысь праводзiць пальцам па нiжняй губе i кажа:

— Губа трэснула.

— Даўно?

— Не гоiцца. Смяяцца не магу. Балiць.

— А ты не смейся — не будзе балець.

— Дзякуй, дапамог, — ён спрабуе ўсмiхнуцца, на губе выступае кроў. Збысь дастае брудную насоўку i прамакае ранку. На матэрыi зачырванела пляма. Выгляд крывi заварожвае.

— Нешта здарылася? — пытаю з непераадольнай непрыяззю.

— Заб'ю.

— Каго?

— Яна кiнула мяне. Дачку завезла да сваiх бацькоў, а сама жыве з гэтым... Я заб'ю яго.

Збысь расцiскае кулак. Замест маленькага безыменнага i сярэдняга пальцаў з далонi тырчаць кульцi.

Такiя людзi, як Збысь, спачатку выклiкаюць спачуванне, а потым непрыязнасць.

— Бачыш?

Маўчу. Не ведаю, што казаць. Цi патрэбны тут словы? Збысь шукае падтрымкi. А чым я магу дапамагчы? Сваёй бяды хапае, магу пазычыць. Хто ён для мяне? Сябрамi мы не былi, так, знаёмыя. Ён гаворыць пра забойства. Паказвае скалечаную руку. Нарэшце даходзiць, што i я павiнен гаварыць хоць што, толькi не маўчаць.

— Як жа гэта ты? — спачування не атрымлiваецца нi на калiва.

— Жыў на лецiшчы. Спакайней. Думаў, лес уратуе. Хацелася цiшынi. Толькi не для мяне цiшыня тая. Узяў сякеру, паклаў руку на калодку, секануў. Адскочылi толькi фалангi з пазногцямi. Болю не пачуў. Падалося, што замала, што не дапаможа. Секануў зноў. Боль быў не такi жахлiвы, як думалася. Я працверазеў. Сiла, што сцiскала душу, адпусцiла. Балелi толькi пальцы. Я — трывушчы. Адсечанае закапаў, не хацеў, каб якi сабака з'еў. Праз колькi тыдняў рука загаiлася. Усiм сказаў, што выпадкова, што сякера з дзяржальна саскочыла. Пальцы загаiлiся, а сiла, якая сцiскала душу, вярнулася. Не магу знайсцi ратунку. Убачыў цябе i падумаў, што дапаможаш. У мяне пачуццё, нi розуму, нi логiкi, адно пачуццё. Я адчуў дапамогу. Ты не ведаў, што не жартую, i знайшоў, хай часовае, выйсце. Ты адсунуў забойства. Я не памылiўся. Тупею i тлусцею ад уколаў, таму i памылiцца магу. Доктар кажа, што ўсё мiне. Увесь час хочацца есцi, хочацца салодкага. Колюць iнсулiн. Разумею, павiнны быць змены, але, калi яны наступяць, невядома. Лягчэй чакаць, калi ведаеш тэрмiн. Невядома, што чакае мяне наперадзе. Доктар абяцае хуткiя змены, а я не веру. Пачынаю тлумачыць свой стан, не разумее. Ён шукае хваробу ў целе, а яна... Не ведаю, дзе яна. Калi б хвароба была ў целе, боль забiў бы яе. А боль не забiў хваробу, яна ёсць. Урач, усё адно як папугай: пройдзе, мiне, пераломiцца, менш хваляванняў, больш гуляйце на вулiцы, нi кроплi алкаголю, хвароба мiне... Калi? Не ведаю. Можа, праз месяц, можа, праз год, можа, праз тры... Што, я сапраўды падобны да вар'ята? Так? Ты скажаш — не падобны. Падман! Схлусiш, схаваеш праўду, але падманваюць усе, я не крыўдую. Ведаеш?! Раскажу табе тое, чаго не казаў доктару, бо той не выпусцiў бы мяне з бальнiцы, а насiць халат я больш не хачу. Выю па начах, выю — ууууу, як воўк. Раскажу спачатку. Мы жылi ўтраiх — я, жонка i наша дачка. Сям'я была. Быў вечар. Я з жонкай сядзеў на канапе, а дачка, ёй тады было гады тры, выключыла святло i села памiж намi. Мы сядзелi ў цёмным пакоi. Дачка сказала, што мы — ваўкi. За акном — завiруха, люты. А яна кажа, што ўсе мы ваўкi: i ты, тата, i ты, мама, i я. Сказала i завыла — ууууу. Смешна атрымалася, тоненька. Дачка пачала смяяцца, а я сказаў, што ваўкi не смяюцца i выюць яны не так, бо ў iх выццi пакута ёсць i лютасць. Паказаў, як вые воўк — ууууу. Дачка з жонкай завылi разам са мною — ууууу... Падалося мне, што пакой ператварыўся ў лютаўскi лес. Мы потым смяялiся. Цяпер, калi засынаю, я чую нашае выццё, i робiцца невыносна, i я выю — ууууу... А смяяцца не магу. Вось i губа трэснула.

Збысевы чаравiкi забэрсаны рознымi матузкамi. Латаныя-пералатаныя джынсы ледзь дастаюць да высока нацягнутых шкарпэтак. Верхнi гузiк кашулi не зашпiлены, бо зашпiлiць яго проста немагчыма. Некалi стыльны пiнжак завузкi ў плячах i таксама не зашпiлiўся б. Неадпаведнасць вопраткi i фiгуры робiць са Збыся блазна, але блазна не цыркавога, а тэатральнага.

— Здрада — добра цi блага? — пытае.

— Звычайна кажуць...

— Ты, як ты мяркуеш?

— Ты прымушаеш судзiць з завязанымi вачыма.

— Не прымушаю, крый Божа.

— Здрада — зло. Але цi можам той учынак назваць здрадаю? Цi адчуваем адказнасць за прысуд, цяжар адказнасцi, якi большы за той, што ўзяў на сябе здраднiк падчас самое здрады? Цi можна чалавеку асудзiць чалавека на смерць?..

— Дзякуй, што паслухаў, — кажа. — Ты можаш яшчэ паразважаць, а я пайду. Апошнiм часам не слухаюць мяне, мо толькi брат, ён i джынсы даў.

Збысь засунуў скалечаную руку ў кiшэнь пiнжака i выйшаў з альтанкi. Я застаўся перачакаць дождж.

Оглавление

  • Адам Глёбус АДЗIНОТА НА СТАДЫЁНЕ
  • Вова, Вова
  • Ну, што тут скажаш?
  • Слон
  • Хто з нас не хацеў навучыцца ездзiць на ровары "без рук"?
  • Сiстэма
  • Памiж папярэднiм i наступным
  • Аголеная ў тралейбусе
  • Заказ
  • Капялюш пажарнага колеру
  • На фоне барака
  • Заўсёды на "ты"
  • Вентылятар
  • Дарма
  • А ты не смейся Fueled by Johannes Gensfleisch zur Laden zum Gutenberg

    Комментарии к книге «Адзiнота на стадыёне», Адам Глобус

    Всего 0 комментариев

    Комментариев к этой книге пока нет, будьте первым!