Янка Брыль МУШТУК I ПАПКА
Апавяданні, мініяцюры, маленькая сага
Падрыхтаванае на падставе: Янка Брыль, Муштук i папка. Апавяданні, мініяцюры, маленькая сага, — Мінск: Мастацкая літаратура, 2007. — 238 с. — (Бібліятэка школьніка).
Copyright © 2013 by Kamunikat.org
ДАСКАНАЛАСЦЬ МАЙСТРА
У багатым суквецці выдатных беларускіх пісьменнікаў XX стагоддзя Янка Брыль займае пачэснае месца. Ён пражыў 89 гадоў. На працягу шасці дзесяцігоддзяў з невялікім гакам ствараў мастадкія творы, многія з якіх сталі нашай бясспрэчнай класікай i знайшлі шырокае прызнанне ў вялікім свеце. Але нельга думаць, што жыццёвая i пісьменніцкая дарога Брыля ўсцілалася ружамі. Складаных, драматычных паваротаў на гэтай дарозе было шмат.
Нарадзіўся Іван Антонавіч Брыль 4 жніўня 1917 года ў сонечнай Адэсе. Ягоны бацька Антон Данілавіч меў сялянскія карані, але працаваў у Адэсе «правадніком першакласных вагонаў». Там прайшло ранняе дзяцінства Янкі Брыля. Ен быў самым малодшым у бацькоў, якія мелі ажно дзесяцера дзядей. Трое з ix памерлі малымі, астатнія павырасталі, але мелі розны лёс.
«Улетку дваццаць другога года бацька, знясілены двума наваратамі тыфусу, брушнога i зваротнага, паддаўся жончыным угаворам i вярнуўся з ёю i меншымі дзецьмі на сваю радзіму, у вёску Загор'е», размешчаную «паблізу ад Міра на Наваградчыне» (цяпер гэта Карэліцкі раён Гродзенскай вобласці). «Тут гаспадарыла маці — Анастасія Іванаўна, да самай смерці Настуля, родам з суседняй вёсачкі Маласельцы, з працавітай, нябеднай сям'i»,— прыгадваў Янка Брыль у аўтабіяграфічным нарысе «Думы ў дарозе».
Зімой 1924 года Антон Данілавіч, «прастудзіўшыся ў лесе, злёг i памёр». Расціла трох самых малодшых хлопцаў (Колю, Міхася i Янку) ужо адна маці. Была яна дужая i па-сялянску цягавітая.
Калыскай пісьменніцкіх дум Янкі Брыля стала не Адэса, а Загор'е, a калі браць трошкі шырэй, дык Наваградчына. Яна пасля Рыжскага падзелу Беларусі адышла да палякаў.
У Загор'і Янка Брыль закончыў польскую пачатковую школу. Потым была сямігодка, таксама польская, у суседнім мястэчку Турэц. У 1931 годзе Брыль «паступіў у Наваградскую гімназію, але не змог там вучыцца з-за матэрыяльных абставін»,— адзначаў Уладзімір Калеснік, надзвычай таленавіты літаратар шырокага профілю i выдатны педагог, блізкі Брылёў сябра, яго сааўтар (разам з А. Адамовічам) па выдатнай дакументальнай кнізе «Я з вогненнай вёскі».
Давялося налягаць на самаадукацыю. «З чатырнаццаці год за сталага працуючы ў гаспадарцы, я многа чытаў, настойліва займаўся самаадукацыяй (нават i эсперанта вывучаў), многія ночы праседжваў над першымі творамі»,— прызнаваўся Янка Брыль.
Спачатку ён пісаў вершы. Адзін з ix у 1938 годзе паявіўся ў віленскім часопісе «Шлях моладзі». Гэта было першае выступленне Янкі Брыля ў друку. Але сапраўднага поспеху ён дасягнуў не ў вершаскладанні, a ў прозе, якую патроху пісаў з той пары, калі «не ўмеў яшчэ як след касіць».
Сапраўдным пачаткам сваёй літаратурнай працы Янка Брыль не раз называў «Марылю», апавяданне, пад якім стаіць падвойная дата: 1937-1943. Шліфавалася яно не толькі на паперы, але i ў думках, калі паперы пад рукамі не было i быць не магло. Так давялося рабіць, калі Брыль з марской пяхоты разгромленай польскай арміі трапіў у нямецкі палон, з якога ўцёк на радзіму i потым стаў партызанам.
У канчатковым выніку атрымаўся твор не проста змястоўны i глыбокі, а выдатны. Ствараючы вобразы Марылі i іншых персанажаў, пісьменнік ішоў ад жывога жыцця, абапіраўся на сваё веданне ix рэальных прататыпаў.
Былі свае прататыпы i ў дзейных асоб з апавяданняў «Маці», «Memento mori», «Надпіс на зрубе» i многіх іншых твораў Янкі Брыля. Ён сам казаў, што амаль заўседы пісаў з большай ці меншай аглядкай на канкрэтных жывых людзей, якія існавалі ў сапраўднасці i станавіліся для пісьменніка своеасаблівымі натуршчыкамі.
Але ўзятае ад такіх натуршчыкаў у мастадкіх творах абавязкова дапаўняецца аўтарскай фантазіяй. Без яе ўдзелу мастацкія вобразы ўвогуле не ствараюцца. Ix глыбіня i пераканальнасць дасягаюцца толькі тады, калі вынаходлівая аўтарская фантазія трывала абапіраецца на добрае веданне рэчаіснасці, на яе глыбокае i арыгінальнае асэнсаванне, па-майстэрску рэалізаванае ў мастацкім слове.
У апавяданні «Марыля» ўсё гэта ёсць. Таму мы выразна ўяўляем тую ж Марылю, нявестку багатага вяскоўца Сцяпана Жука, загубленую празмернай працай у цяжарным стане, бачым, як жывога, безадказнага балбатуна свата — пана Чыжэўскага, здатнага на дасціпныя прыгаворкі тыпу гэтай: «Малады з маладушкай сюды-туды — i дачушка, праз гадок — сынок, а то i зноў дачка, i што ж,— падай малачка!» Такая мова, няхай i з вуснаў чалавека нікчэмнага, звяртае на сябе ўвагу як прыкмета пісьменніцкага майстэрства. Трапнасцю вызначаюцца i кароткія, але сутнасна змястоўныя характарыстыкі персанажаў. «Свёкар быў звер i скупеча», «зямля ненаежная»... Адной гэтай фразай «схоплены» характар Сцяпана Жука, яго непамерная прагнасць. Яна яскрава праяўляецца i праз канкрэтныя дэталі, такія, як паточаная шашалем шалёўка, выбраная старым Жуком на труну для ўнука. Ніколькі не лепшая за Сцяпана Жука i яго жонка Катрына, якая загортвае нямыты трупік унука ў кавалак бруднай старой кашулі.
Непрывабна выглядае ў анавяданні i брат Марылі Мікіта, які сваю бяссільную злосць вымяшчае на кабыле Машцы, б'ючы яе да крыві.
Вельмі каларытныя ў творы праклёны, густа рассыпаныя па апавядальнай плыні. Сама яна разгортваецца энергічна, без лішніх ускладненняў i неабавязковых паваротаў.
Бадай, яшчэ больш імкненне да сцісласці праявілася ў зусім кароценькіх апавяданнях «Маці» i «Memento mori».
У апавяданні «Маці» актыўнасць падачы апісанняў добра бачыцца ў тым, што пра старую хату жанчыны сказана: яна «ў шэрай, па-начному ўжо аднатоннай, чыстаполіцы стомлена патушыла агеньчыкі акон». Так той хаце надаецца дзейсны характар. Яна як быццам ажыўляецца. Сама жанчына знарок, для большай абагульненасці вобраза, пакінута без імені. Ёсць высокая псіхалагічная дакладнасць у тым, як тая жанчына, ужо выразна ўсведамляючы, што яе гоняць на смерць, думае не пра сябе, свой лес, a толькі пра сыноў. Яе вялікая дабрыня выяўляецца праз тое, што яна, не раздумваючы, корміць уцекачоў-палонных, хоць ведае, што рызыкуе ўсім. Бо за гэта гітлераўцы расстрэльваюць не толькі саміх спагадлівых жыхароў, але i ix сем'i, паляць іхнія хаты. А як хораша сказана, што жанчына, ідучы на смерць, «свае худыя, так мала ў жыцці цалаваныя рукі... трымала мазалямі да мазалёў». Дэталь з выключнай выразнасцю!
Моцна пакладзены i заключны, самы апошні штрых пра дарогу смерць «Маці не ведала, хто яна. Не думала аб тым, што не з адным толькі жахам глядзелі на ix паход сустрэчныя,— што вобраз яе засядзе ў сэрцы многіх мужчын горкім, няўмольным дакорам, што вочы i рукі яе ўспамінаць будуць нават дужыя людзі, выганяючы з душы апошні страх перад начной партызанскай атакай». Гэтай фразай выразна падкрэслена, што мужнасць самаахвярнай жанчыны не была дарэмнай, не прапала бясследна. З такіх подзвігаў нараджалася, вырастала ўрэшце вялікая перамога.
Полымі лаканічна нядадяела ў «Memento mori» ёмістая па сэнсе канцоўка пра смерць ад фашысцкай кулі старога печніка, якому гітлераўцы гатовы былі дараваць жыццё за добра зробленую (па прымусу!) печ. Але дзед ласку гітлераўцаў, якія спалілі ўсіх яго аднавяскоўцаў, не прыняў. «I ён згарэў — адзін, хто мог бы ў той дзень не згарэць. I ён жыве». Гэтым «I ён жыве» стары дэвіз «Memento mori» («Памятай аб смерці») выяўляе сваю вялікую глыбіню, яшчэ раз сцвярджае, што смерць гераічная ўзвышае чалавека, забяспечвае доўгатэрміновую памяць пра ягонае высакародства.
Як бачым, i кароценькія апавяданні Янкі Брыля ўмяшчаюць у сябе многае. Зрэшты, Брыль не лічыў кароткасць твора абсалютнай вартасцю, якой трэба дабівацца ўсюды i заўсёды. Калі для змястоўнага выяўлення хвалюючай задумы вельмі ўжо маленькі памер не падыходзіў, мастак дазваляў сабе раскошу пісаць твор даўжэйшы. Так, апавяданне «Надпіс на зрубе» (1958) значна большае не толькі за «Маці», «Memento mori», але i за «Марылю».
Ладнага памеру патрабавала праблематыка твора, яе пэўная разгалінаванасць. Заклапочаны ўсё большым наступам сучаснікаў на прыроду нарачанскіх ваколіц, маляўніча ўзноўленых у «Надпісе на зрубе», Брыль устрывожана думаў i пра размах дачнага будаўніцтва ў тых мясцінах, i пра падсочку ў надазёрным сасняку, прызначаным дураломамі пад высечку ў недалёкім часе. Пра ўсё тэта пісьменнік разважае не ад свайго ўласнага імя, а ад імя галоўнага героя — дзеда Вячэры. Ён пражыў на свеце ўжо дзевяноста «больш катаржных, чым радасных гадоў», «з панамі за возера ваяваў» — удзельнічаў у нарачанскім паўстанні рыбакоў. За гэта трапіў i ў віленскую турму Лукішкі.
Але Астап Вячэра захаваў здольнасць радавацца жыццю i жывую душу. Яна шчодра раскрываецца ў трапяткой цікавасці да прыроды, гімн хараству якой пяецца ў апавяданні, а яшчэ ў сардэчнай любасці да дзяцей, ужо сваіх унукаў. I яны дружаць з дзедам. Гэта ж пра яго, старога Астапа Вячэру, з замілаваннем намаляваны падшыванец Міхаська, які яшчэ толькі вучыцца добра выводзіць літары, з гонарам напісаў на новым бервяне перасыпанай дзедавай хаты свае пераможнае: «Мой дзед». Ганарыцца такім дзедам ёсць усе падставы. Празваны каралём вугроў, Астап Вячэра становіцца як бы часткай прыазёрнай прыроды.
Пісаўся вобраз старога Вячэры з асобы не толькі рэальнай, але ў пэўным сэнсе i гістарычнай. Яго прататыпам стаў нарачанскі рыбак Міхаіл Роліч, які быў удзельнікам паўстання рыбакоў у 1935 годзе. Toe паўстанне ў свой час мела шырокі розгалас. Яго па свежых слядах адлюстраваў Максім Танк у сваёй славутай паэме «Нарач» (1937). Янка Брыль добра ведаў Роліча, некалькі разоў сустракаўся з ім у нарачанскіх мясцінах.
«Надпіс на зрубе» належыць да апавяданняў, у якіх шмат месца займае свет прыроды. Жывёльны свет адлюстроўваецца ў апавяданнях «Цюцік» (1937) i «Ветэрынар» (1942). Абодва яны напісаны з добрым разуменнем нораваў жывёл (сабачкі i козліка), ix звычак, а таксама псіхалогіі дзяцей, якія душой цягнуцца да «братоў нашых меншых», адчуваюць радасць ад судакранання з імі. У «Ветэрынары» апавядальнікам выступае падлетак, якому добра пасуе гумарыстычная ўсмешка, прыкметная ў творы.
Янка Брыль любіў гумар, трапна карыстаўся ім i ў жыццёвых стасунках, i ў мастацкай творчасці. Сутыкаючыся з дурнотай наяве ці пішучы пра яе, не грэбаваў i з'едлівай іранічнасцю, а то пераходзіў i на сарказм.
Але з асаблівай асалодай i часта захопленасцю пісаў ён пра радасць жыцця i хараство добрых людзей. Па характеры таленту ён быў лірыкам у прозе, схільным да павышанай адкрытай эмацыянальнасці пісьма. Але ягоны лірызм вельмі багаты на адценні i звычайна не падмяняецца павярхоўным сюсюканнем, тымі «охамі» ды «ахамі», на якія часта збіваюцца пасрэдныя дзіцячыя пісьменнікі. «За паэтычнай, лірычнай атмасферай яго твораў адчуваецца самае ўдумлівае пранікненне ў глыбіні чалавечай псіхалогіі». У Брыля «чалавек раскрываецца ва ўсёй складанасці яго пачуццяў»,— слушна пісаў Алесь Адамовіч. Але пранікненне ў псіхалагічныя глыбіні асобы, яе ўнутраны свет не перашкаджала Брылю бачыць чалавека ў рознабаковых сувязях са светам, ставіць яго «ў шырокі кантэкст чалавецтва» (словы Алеся Адамовіча). Гэта істотна ўзбагачала выяўленчыя магчымасці нашай літаратуры, павялічвала цікавасць да брылёўскага слова ў нас на радзіме i далека за межамі Беларусі.
Чытаючы паэтычную прозу Янкі Брыля, як казаў Міхась Лынькоў, нібы пранізаную сонцам, пачынаеш лепш бачыць i адчуваць праявы прыгожага ў жыцці i як бы ачышчаешся душой...
Янка Брыль настойліва дамагаўся гэткага ачышчэння, паэтызуючы ў некаторых творах i вельмі празаічныя, пазбаўленыя кідкай прывабнасці рэчы ці з'явы. Яскравы прыклад такой паэтызацыі дае выдатна напісанае апавяданне «Галя» (1953). Расказваючы пра тое, як яно нарадзілася, пісьменнік прыгадаў, што аднойчы, у час летняга побыту на Наваградчыне, яму цэлую ноч надакучаў, не даючы заснуць, гул трактара. Але вынаходлівая фантазія падказала, што гэты гул зусім іначай бы ўспрымаўся, калі б яго слухала жанчына, закаханая ў трактарыста. Для яе ён бы напоўніўся высокай паэзіяй, якая на поўную моц гучыць i ў апавяданні Брыля, дзе пра трактар Сяргея з ласкавым прозвішчам Юрачка сказана, што ён «вясёлы, працавіты», а ягонае грукатанне бадзёрае. I сам той Сяргей, Сярожа паказаны як вясёлы гарманіст, які ўмее «молада, хораша, звонка» спяваць, паказаць сябе ў зухаватым танцы i ўжо гэтым прываражыць дзяўчыну. Пра Галю пісьменнік расказвае паэтычна, з лірычнымі інтанацыямі, замілаванасцю, а часам i з відавочнымі песеннымі адгалосамі. Паэзія весела звініць, пераліваецца ў шчырым, чыстым каханні Сярожы i маладой Галі.
Ды выходзіць замуж Галя не за Сяргея, якога не дачакалася з турмы (ён туды трапіў за рэвалюцыйную дзейнасць), а за нялюбага Хамёнкавага сына. I саграшыла яна з тым Хамёнкавым сынам яшчэ да шлюбу.
Старая, як свет, гісторыя: дзяўчына кахае аднаго, а выходзіць замуж за другога. Але для Галі тэта малое суцяшэнне. Затое сапраўдную радасць дае ёй дачушка Сонечка. Хораша напісана ў апавяданні, што яе «цёплыя плечыкі» маладзіца гладзіць з пяшчотай, абдымае малую «ўсю зараз, з усімі яе думкамі» ды называе сонейкам.
Янка Брыль тонка разумеў жаночую i дзіцячую псіхалогію, любіў у дзецях «абаяльнасць нявіннасці, чысціні», ix непасрэднасць, адкрытасць для радасці i засмучэння, бачыў, як лёгка адно пачуццё прыходзіць на змену другому.
Дзецям прысвечаны вялікія падборкі ягоных лірычных i лірыкафіласофскіх мініяцюр. Жанр як быццам просценькі, спакусліва лёгкі. Але сапраўды вартыя мініяцюры атрымліваюцца толькі ў глыбокіх, вельмі арыгінальных майстроў слова.
Янку Брыля i тут, у мініяцюрах, выручалі ўдумлівая, дапытлівамудрая назіральнасць, дасціпны гумар i добрая самакрытычнасць, якая не дазваляла збівацца на самазахопленасць, а яшчэ вялікае душэўнае багацце, глыбінная чалавечнасць i маральна-этычная патрабавальнасць, павага да жывога жыцця, уменне бачыць i хараство ў ім, i драматычны напал, i трагічную выбуховасць пры складаных паваротах.
Ён рана пачаў весці блакнотныя запісы для сябе, арыентаваныя на фактычную дакладнасць, шчырасць i пачуццёвую непасрэднасць, што надавала ім лірычную танальнасць, выразна акрэсленую асабовасць.
У 1965 годзе Брыль адважыўся выйсці з мініяцюрамі i на людзі. Так паявілася кніга пад узнёслай паэтычнай назвай «Жменя сонечных промняў». У прадмоўцы да яе гаворыцца: «I вось пісьменнік прапануе ўвазе чытача сваё захапленне жыццём, чалавекам, прыродай, сваю любоў, нянавісць i смутак, усмешкі i роздум». Хораша аформленае пад запісную кніжку выданне мела вялікі поспех. Яго ўпэўнена прагназаваў брат Янкі Брыля. «Міша неяк нядаўна казаў, што гэта будзе самым значным з усяго, што я зраблю»,— занатаваў той прагноз Брыль у 1960 годзе.
Акрылены амаль сенсацыйным поспехам «Жмені сонечных промняў» пісьменнік стаў друкаваць свае мініяцюры рэгулярна. I паявіліся кнігі «Вітраж» (1972), «Акраец хлеба» (1977), «Сёння i памяць» (1985), «Вячэрняе» (1994), «Дзе скарб ваш» (1997), «З людзьмі i сам-насам» (2003) i інш.
У 2004 годзе пабачыў свет невялічкі зборнік мініяцюр «Блакітны зніч», a ў 2006-м — зборнік «Парастак». Гэта апошняе прыжыццёвае выданне Янкі Брыля. Сам ён пакінуў белы свет (вядома, толькі ў фізічным сэнсе, бо духоўна, чалавечай абаяльнасцю, сваімі творамі застаецца з намі назаўсёды) 25 ліпеня 2006 года.
Янка Брыль любіў мініяцюры, бо яны давалі яму магчымасць выяўляць сябе з найбольшай свабодай i ўрэшце паўнатой. «Тут я адчуваю сябе ў найбольшай ступені самім сабой i сваю кнігу выбранага ў гэтым жанры чакаў як нечага самага важнага з усяго, што рабіў i раблю»,— адзначаў пісьменнік. У сваёй сукупнасці мініяцюры Брыля сталі важкім сведчаннем пра духоўнае жыццё мастака i грамадскую атмасферу часу. Таму аўтар друкаваў ix ахвотна, не скупячыся.
У пяцітомным Зборы твораў пісьменніка мініяцюры занялі самы вялікі, памерам на 591 старонку, том.
У трохтомніку Выбраных твораў (1992-1993, апошняе аб'ёмнае выданне, падрыхтаванае самім Брылём) таксама шмат месца адведзена мініяцюрам. Вялікая падборка прысвечана дзецям. Яна мае назву «Адкуль паэзія» i ўключае запісы, якія рабіліся на працягу амаль сарака гадоў (1946-1983). Назва гэтая вельмі характэрная, бо адлюстроўвае чароўную паэзію дзяцінства, прывабнасць i хараство дзіцячага свету, пісьменніцкую радасць ад судакранання з ім.
У ладборцы «Абы на здароўе» змешчаны мініяцюры за тыя ж гады пра дарослых людзей. Адлюстроўваючы ix псіхалогію, норавы i звычкі, добрае i заганнае ў іхнім жыцці, Янка Брыль паўстае ў поўным бляску свайго мастацкага майстэрства.
Мініяцюра «Трохі пра вечнае» (1971) цікавая, акрамя ўсяго іншага, тым, што яна паказвае шырокі кругагляд, уласцівы пісьменніку, яго ўменне свае назіранні за жыццём, роздум над імі ўключадь у літаратурны кантэкст, падсвечваючы ім убачаную з'яву ці кідкую дэталь. Назіраючы за бусламі, любуючыся ix прыгажосцю, Брыль прыгадвае, як глядзелі на буслоў, што пісалі пра ix А. Міцкевіч i М. Рыльскі, а праз польскага акадэміка С. Піганя, які рабіў каментарый да паэмы «Пан Тадэвуш», прыгадвае рымскага паэта Авідзія, які жыў амаль за дзве тысячы гадоў да нас. Ён лічыцца песняром кахання, але, аказваецца, разважаў i пра колер бусліных крылаў.
Вельмі важкая тут выснова, што вялікая паэзія непарыўна звязана з жыццём, «яна сама — жыццё, увекавечанае ў слове». Ёсць у гэтай мініяцюры i лірычны пачатак. Ён бясспрэчны i ў прачулых згадках пра пахаванне сястры, i ў заключных радках («Клекачыце, буслы! Няхай жыве, як сонца, вечная паэзія! I тут, над нашай ракою»). Але адкрыты лірызм дапаўняецца філасофскім роздумам. I мы на гэтым канкрэтным прыкладзе нераконваемся, што ў мініяцюрах Янкі Брыля ёсць не толькі шчодрасць пачуцця, але i насычанасць думкай, глыбокая аналітычнасць.
Шчодра выявіўся брылёўскі талент i ў жанры аповесці. Шмат выдавалася i перакладалася на розныя мовы аповесць «У Забалоцці днее». Яна была адзначана Дзяржаўнай прэміяй СССР (1952) i дапамагла пісьменніку трывала сцвердзіцца ў савецкай літаратуры.
З цікавасцю перачытваюцца i сёння аповесці « Сірочы хлеб », «У сям'і», «На Быстранцы», «Апошняя сустрэча», «Ніжнія Байдуны», «Золак, убачаны здалёк» (у 1982 годзе адзначана Дзяржаўнай прэміяй Беларусі імя Якуба Коласа) i асабліва «Муштук i папка» (1990). Гэта твор дакументальны, з моцнымі аўтабіяграфічнымі элементамі, напісаны пасля таго, як аўтар, атрымаўшы доступ да архіўнай справы, нарэшце даведаўся пра трагічны лёс самага старэйшага брата Валодзі, закатаванага ва Украіне, дзе ён працаваў, у час масавых рэпрэсій. Згадваюцца ў аповесці i пакуты яшчэ аднаго брата Янкі Брыля — Ігната, які пры савецкай уладзе стаў свяшчэннікам, за што таксама быў рэпрэсіраваны i ў якасці зэка працаваў на будаўніцтве Беламорканала, a дажываў свой век «за ўральскім хрыбтом».
Пра гэта Янка Брыль не мог расказваць раней i таму, што бальшавіцкая цэнзура такіх згадак не цярпела, i з-за апасення за ўласны лёс, які мог атрымаць трагічнае завяршэнне, калі б у Савецкай Беларусі даведаліся пра ўвесь гэты па бальшавіцкіх мерках страшэнны кампрамат.
Пакінуў свой важкі след Янка Брыль i ў вялікім эпічным жанры. Яму належаць раманы «Граніца» (застаўся незавершаным) i «Птушкі i гнёзды» — твор надзвычай арыгінальны i глыбокі. Аўтабіяграфічны пачатак пераважае i ў ім. Але мастак, не жадаючы ўсё зводзіць да ўласнай аўтабіяграфіі, «схаваўся» за героя Алеся Руневіча, якому аддаў вельмі многае з перажытага самім. У падзагалоўку гэты раман названы кнігай адной маладосці. Тут гітлераўскі фашызм, з якім Брыль непасрэдна сутыкнуўся ў часы палону, наказаны знутры, з самых вытокаў, з каранямі i той глебай, на якой яны ўмацоўваліся.
Выдатнае майстэрства Янкі Брыля, ягоныя дасягненні ў літаратуры ўшанаваны званнем народнага пісьменніка (1981). Быў Янка Брыль i дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР, адным з кіраўнікоў Саюза пісьменнікаў Беларусі, шмат займаўся грамадскімі справамі. I ўсюды працаваў з поўнай аддачай, абараняў праўду i справядлівасць. Ягоны гуманізм, узрошчаны на талстоўскіх традыцыях, у самыя цяжкія часы мы ўспрымалі як глыток свежага паветра.
Дзмітрый Бугаёў
АПАВЯДАННІ
Цюцік
1
Ён нарадзіўся ў лесе, у двары таго дзядзькі, што пільнуе лес. Спачатку нічога не бачыў i ніяк не называўся,— жыў сабе вобмацкам, ды ўсё. Было нешта вялікае, калматае, цёплае, у чым ён хаваўся разам ca сваім чорным казытлівым чмысікам; там жа была нейкая соска з крынічкай цёпленькага малака; а нешта вялікае, добрае грэла цюціка, абнюхвала i лізала, пяшчотна i многа. Было яшчэ нешта другое — маленькае, цёпленькае; яно тоўхалася з ім разам у пушыстай аўчыне i, заблудзіўшыся, дарма намагалася адабраць у яго соску з малаком i ўсё мармытала, усё пахныквала...
Пасля цюцік стаў бачыць i ўцяміў, што тое вялікае нешта з пушыстым цёплым кажухом i соскамі — гэта яго мама, калматая сука Муха, a цёпленькі мармытун — брат, такі самы шчанюк, як i ён. З ім разам цюцік ссаў матку, пасля хлябтаў малако з чарапка, гуляў на двары i ў будзе на саломе.
I ніколі яму на цямок не ўзышло, што з ім будзе далей.
Аднойчы маці недзе пабегла, а яны з братам сядзелі ў будцы i глядзелі на двор. Церушыў дождж, на будку капала з яліны, i не хацелася нават носа высаджваць на двор.
Цераз леснікову сядзібу, дарогай, ехалі фурманкі з дровамі. Дзядзькі спыняліся каля студні i паілі коней. Яны цмокалі на шчанят у будцы, гаварылі пра ix, але ніхто не чапаў.
А пасля дык едзе адзін толькі дзядзька на сівай, пацярушанай грэчкай, кабыле. Спыніўся каля студні, раскілзаў сваю здыхатую ды давай цягаць ёй ваду вагой у старое заплеснелае карыта. П'е Сіўка, а дзядзька падсвіствае ёй i глядзіць на шчанят. Пасля гэта — шлэп, шлэп у лапцях — падышоў да буды.
— І-і,— кажа,— якія харошанькія!
Усадзіў у буду руку i пагладзіў ix, прыгаворваючы: «Цюценькі, цюцькі...» За каршэнь выняў цюціка з буды, узяў на рукі, пагладзіў, пагаварыў, зноў палажыў, а сам пайшоў у хату.
З хаты выйшлі яны ўдвух з дзедам Арцёмам.
— Я ж кажу, чалавеча,— гаварыў дзед,— бяры хоць абодвух, балазе i сукі няма.
— Дзе там, дзеду, абодвух,— адказаў дзядзька,— будзе мне i з адным моташна. Баба ў мяне драпежная, сама ніяк не наесца.
— Эй, а што ж ты? Мужчына, я ж кажу, як той мядзведзь, а бабы баішся.
— Якое там, дзеду! Воўк сабакі не баіцца, але не хоча звягі слухаць.
— Я ж i кажу — часцей нос падціраў бы.
— A ўжо ж неяк там будзе.
— Дык у што ж ты яго возьмеш, чалавеча?
— Мяшэчак вось...
I дзядзька зняў з воза мокры мех з рэшткамі сена.
— Дзяржы ж т’каля. Я ж кажу — ядуць усё, як старыя, i ў роце чорна: злосныя.
Дзед выняў цюціка, расшчаміў яму зубы, паказваючы дзядзьку цюцікаў чорны рот, i апусціў шчанюка ў мех. Мех завязалі, i цюціку зрабілася цёмна. Дзядзька закурыў з дзедам з бараняга капшука, сунуў яму нейкую нуду на махорку, прывязаў мех на дровах i паехаў.
Была позняя, шэрая восень, гразка, i на звілістых лясных дарогах — глыбокія выбоі. Дровы моцна калывала i трасло, мех качаўся на паленах. Цюціка ў мяху кідала ўва ўсе бакі; у цемры ён тоўхаўся носам у бясконцае мокрае палатно i жаласна пахныкваў.
Лесам, лесам, пералескамі — i дзядзька выехаў на шырокі гасцінец. На глыбокім пяску перастала трасці. Цюцік супакоіўся, сагрэўся трошкі i заснуў.
2
Дахаты дзядзька прыехаў позна. Мокры, ацэплы, галодны. Распрог сваю Сіўку, упусціў яе ў хлеў, узяў на адну руку мокры хамут з шорамі, a ў другую — мяшок з цюцікам i пайшоў у хату. Там сабе лямпачка свеціць, цёпла, i дзеці яго, Міхась i Волька, гэтак радыя будуць пярэстаму цюціку!..
— Што гэта, дзеці? — усміхаецца дзядзька, прыўзняўшы руку з мяшком.— Можа, шышкі яловыя або шэранькі зайка? Не, гэта вось што!
I дзядзька вытрас цюціка на падлогу.
— Сабачка! Мама, сабачка! — закрычалі Міхась i Волька.— Ах ты, наш малышок! Цюценька мой, i лапкі рабенькія, сыценькі, цёплы... Мама, дай яму малачка! У кошчын чарапок!
— Яшчэ чаго не было,— аказалася маці.— Мала яшчэ, што галубоў гіблота, дык новую трасцу прывалок. Дальбог, i гэтага звяду! Не бачыла смуроду!
— От ты сціхні,— адказаў ёй бацька.— Якраз табе хлеба не хопіць. Засцігнула. Есці лепш давай!
Ён распрануўся i сеў каля стала. Волька падышла да яго, палажыла яму ручкі на калені i спытала, пазіраючы ў вочы:
— А што мы яму, тата, есці будзем даваць?
— От, пакуль малачко будзе хлябтаць, а потым бульбу свіную. Гэтак, як Курцік, памятаеш? — адказаў тата i пагладзіў Вольку па галоўцы.
— Пэўна,— аказалася ад печы мама.— Свіную бульбу. А потым заколеш яго. На вось, жары! — паставіла яна на стол капусту.
Але бацька ўстаў i пайшоў да паліцы, на якой стаял! збанкі з малаком, завешаныя зрэбнай полачкай.
— Хаця ж поўнага не пачынай, каб цябе ліха заела! Дай я сама!
А першы з краю збанок якраз быў поўны. Хацеў бацька ўзяць яго, на злосць бабінай звязе, але падумаў i ўзяў пачаты. Міхась падставіў кошчын чарапок, тата наліў малака, узяў цюціка за каршэнь i ткнуў мызачкай у малако. I малыш пачаў прагна хлябтаць.
Міхась i Волька падскаквалі ад радасці i смяяліся на ўсю хату. Тата паджургваў сваю пасаломленую чупрыну i таксама емяяўся.
А той, за каго пасварыліся — галодны цюцік з рабенькімі лапкамі,— хлябтаў, разгірачыўшыся, i толькі пачмыхваў, павільваў тоўстым хвосцікам i ўвачавідкі таўсцеў.
3
Маму звал i цётка Алена.
I вось гэтую зіму нешта дрэнна куры нясліся ў цёткі Алены. Адна марока. Выпусціць яна ix з падпечка, хопіць адну-другую за крыллі, памацае ды лаецца:
— А каб вас каршун падзёр! Адно павыядаліся, як копы!
Шэраму пеўню пападала па пер'і, i, адскочыўшыся, ён нездаволена кудкудыкаў, не ведаючы, чаго яна хоча — дурная баба...
— Агрызайся яшчэ, ціпун табе на язык, жарабец ты!
На «шчадра» цётка Алена накарміла ix куццёй у вялікім абручы з кадушкі, i неўзабаве Драпясценькая выйшла з падпечка, скочыла на лаву i на ўсю хату раскудахкала, што яна зняслася. Мама паслала Міхася пад печ з газоўкай.
— Ёсць! — крыкнуў Міхась.— У гэтым куточку яйцо, a ў гэтым яшчэ адна сядзіць, жоўтая!
Ад крыку яго закалыхаўся агеньчык газоўкі i цёмныя цені, а курыца спалохана паклявала галавой i кудахнула.
— Ну, вылазь, а то спудзіш яе! — гукнула маці пад печ, i Міхась вылез на хату.
— Мне зварыш, мама, мне! — затупала Волька.
A Міхасю проста хацелася самому кудахкаць ад радасці. Ён падсунуў яечка цюціку пад нос. Шчанюк панюхаў яго, завіляў хвосцікам i аблізаўся.
— Яшчэ чаго не было! — крыкнула мама.— Навучы, бацькаў сынок! Дай сюды яйцо! А ты вон, здыхата!
Мама адшпурнула цюціка нагой. Шчанюк заплакаў i лёг у сваім кутку.
Плакаць яго навучыла цётка Алена. Так з самага рання i лічы, што як дзядзькі дома няма, дык i паплачаш. I каб сказаў было за што! Хоць бы надоечы. Знайшоў ён у каморы пад скрыняй палавіну каравай халявы ад старога валёнка i панёс яго дзе-небудзь лепш перахаваць. А цётка стрэла яго ў сенях i дала прачуханца махрамі. А тут, як наліха, з кожным днём усё цікавей рабілася пашукаць што-небудзь, знайсці ды занесці ў лепшае месца. I заўсёды амаль спаткаешся з гаспадыняй i яе пякучымі махрамі...
Цётка нібы знарок шукала прычыны, каб звесці цюціка. I такі знайшла.
Аднойчы яна выпусціла курэй з падпечка, а сама пайшла недзе з бязменам, прычыніўшы дзверы. Малых не было дома: Міхась пайшоў у школу, а Волька да свае сяброўкі Тоні. А сам дзядзька паехаў у млын. Цюцік убег у кухню пагрэцца, а пасля — нюх, нюх, нюх,— пад печ. А там тры яечкі, такія самыя, як Міхась панюхаць даваў — цёпленькія, гладзенькія. Цюцік узяў адно асцярожненька ў зубы, панёс.
— О, гэта дык але! — стрэла яго ў сенях цётка. Схапіла цюціка за хвост, развязала другой рукою фартух i давай яго сцябаць, прыгаворваючы: « А я табе! А я табе!» A цюцік крычаў на ўвесь свет. Цётка вынесла яго на двор i шпурнула цераз плот на мерзлую раллю.
Снегу было няшмат, i цюцік выбіў лапку. Заенчыў, заплакаў. Пасядзеў, палізаў больку, хацеў ісці, але толькі ступіць — заенчыць зноў. I ён пачыкіляў: тры з палавінай, тры з палавінай... Плот быў новы i зусім шчыльны. Як ні намагаўся цюцік ушыцца на свой двор — не было нават малое дзірачкі. Тры з палавінай, тры з палавінай... «Ы-хы-хы! Ы-хы-хы!..» Пасля плот кончыўся, а навокал усё снег ды снег, а па снезе паскрэбвае сярдзіты вецер.
Чыкіляў, чыкіляў цюцік i апынуўся пад нейкім гумном. З дзядзькавага хутара, сам таго не ведаючы, ён прычыкіляў у вёску. Пачынала шарэць. Цюцік кульгаў па вуліцы i пахныкваў. Падышоў да нейкіх варот, цікнуў спаднізу i палез на падворак. Пуста навокал, i сені зачынены. У наступных дзвярах у куточку была дзірка, для ката. Цюцік панюхаў i палез. Цёмна. Нюх, нюх, нюх... Адна толькі шорсткая кастрыца. А потым раптам — шшух! — i паляцеў кудысьці старчма. Стукнуўся аб нешта цвёрдае, вострае, перакуліўся i ўпаў на сырое каменне. Пабіў лабаціну, спіну. Плакаў, плакаў, як той бедны Якаў, i ўсё яму пан бог аднакаў. Тады ён змоўк i прыслухаўся: ціхенька, цёмна, толькі пахне квашанай капустай i сырою бульбай. У кутку шарганулася нешта па дошках, а пасля запішчалі, зацяўкалі пацукі.
«Ну,— падумаў цюцік,— прападу я тут за нішчымны квас...»
4
У Габрусёвых у хаце была толькі бабка Хвядося. Шарую гадзіну спраўляла сабе ды паглядала ў вокны, што гэтак позна, a хатніх — няма ды няма. Яны пайшлі да малатарні да Якіма — i Сцяпан, i Настуля, i Рыгорка.
— А-а, што ж гэта так забавіліся? Скаціне не давана. Хм, пайсці хоць бульбы ўнесці.
Бабуля апранула кажушак, узяла кошык i патэпала ў пагрэбнік. Падышла да жарала, кінула туды кошык i ну ступаць на лесвічку.
— А-я-яй! — заенчыла нешта адтуль.
— Пан Бог з намі — што ж гэта? — Уздрыгнулася бабуля ды ходу.— Хай яго ліха, што ж гэта? — Пастаяла, падумала.— Пайду хіба газоўку вазьму.
Але старая i з газоўкай пабаялася. Стала зноў чакаць хатніх. Прыйшлі яны, i бабуля ім расказала.
— Хадзем! — сказаў Рыгорка.
Яны пайшлі. Хлопец палез у яму.
— А мо не лезь, унучак, хай яго...
Шаркнула запалка, i ў жарале засвяцілася.
— Сабачка, баба, сабачка! А мой жа ты!
З ямы пачулася пахныкванне.
Цюціка дасталі i панеслі ў хату. А там ужо мама агонь запаліла.
— Бедненькі, цюцька, галодненькі,— шкадавала яна.
— Хай яго! Толькі напалохалася,— смяялася бабуля.— Дальмала: што за звер?..
— От, бедавалі па Лыску. От i сабака будзе. Бачыш, які ладны,— казаў тата, папыхваючы люлькай.
Налілі цюціку капусты.
— Бачыш, бачыш, аж чарапок падскоквае! — смяяўся тата.
— Нейкая ж зараза ножку перабіла,— гаварыў Рыгорка, прыглядаючыся.
Тата адкашляўся i плюнуў.
— Мала хіба дурняў на свеце,— сказаў ён i зноў зацягнуўся дымам.
— От дзе — буху, буху, як у бочку, a ўсё смокча махнушу гэтую,— сказала мама.
А бабуля Хвядося:
— Што ж ты,— кажа,— другі б'еш скацінку: скацінка ж немая, мілыя, яна не скажа...
A цюцік толькі аблізваўся ды павільваў тоўстым хвосцікам.
Рыгорка занёс яго ў хлеў, пагладзіў i палажыў ля Гнедчынага катуха, а сам пастаяў i пайшоў.
Цюцік пачаў прыслухоўвацца, нюхаць. Пад ім навокал пахла конскім гноем i аржаной саломай, а над галавой хрупала сена кабыла. Пачуўшы сабачы дух, яна панюхала i, не датыкаючыся да цюціка цёплымі, валасатымі губамі, з агідай пырхнула. Цюціку здалося, што i яна ўжо ведае пра ягоную крыўду i шкадуе яго. Ён пахныкаў ёй трохі, а потым змоўк. Гнедка хрупала мерна, павольна, час ад часу спыняючыся, каб насцеражыцца, паслухаць...
Ах, як добра цюціку, як смачна ў жываце, які ён пузаценькі, цёплы i мляўкі!
Цюцік скурчыўся i шчасліва заснуў.
Марыля
У багатага дзядзькі Жука, без пары нарадзіўшы малое, памерла нявестка Марыля.
Звялі маладзіцу ca свету сямейнікі. Свёкар быў звер i скупеча, «зямля ненаежная». А сынок— яшчэ горшы. Воза сена не мог накласці, няўдаліца, i ўсё злаваўся. А хто ж заўсёды першы пад рукой, як не жонка? I ёй даводзілася часта. Як толькі пажаніліся, дык i набіць яе не мог, пакуль не навучыўся. Свякроў была вельмі ж драпежная ў працы. Калісь нават дзяцей на полі ці ў градах раджала. Цяпер хадзіла згорбіўшыся i ўсё подбегам, трушком, быццам ёй горш, як усяму свету, часу не хапала. На кірмаш сядзе ехаць i то, здаецца, бегла б на возе, каб хутчэй справіцца. На добры лад, ёй ужо зусім не след было працаваць, а яна-такі ўсюды трапляла. Усю малацьбу цапамі пераб'е разам з маладымі. Тады ўжо, бачыце, насмела можна пілаваць: «Я вось i то, а вы-то, што ж?» Жміндзіла — хай бог крые...
Марыля — сірата з далёкай вёскі. I ліха ж яе падагнала выйсці за гэтага Івана! Жыла яна дома пры тату i браце. Пасля тата памёр i адпісаў ёй ажно паўтары дзесяціны, бо яна была з ганьбай: на правай руцэ тры крайнія пальцы наўскасяк аджавала трыбай малатарні. Ад залатой рукі першай у вёсцы жняі i праллі засталася толькі кукса. Марыля абкручвала яе хусцінкай, спачатку ад болю, а потым ад сораму. Сваты пачалі абмінаць яе, i маладосць завяла без пары. Марыля была ціхая, пакорная работніца i жаль свой дзявочы хавала глыбока: па вачах — што пасумнелі, праўда, пасля прыгоды — немагчыма было пазнаць, колькі слёз праліваюць яны ў адзіноце. Думала ўжо дзеўкай векаваць, i з думкай гэтай крыху лягчэй было датуль, пакуль у хаце спачувалі. Пасля ж прыйшлося рознае пачуць ад брата i ад братавай — што i казаць... Марыля зрабілася зусім чужой i лішняй у татавай хаце i ўсё больш ды больш стала думаць аб замужжы,-— хоць які, абы свой куток.
I вось тады падагнала Івана.
Паслухаць было, што казалі аб ім людзі, але нейкі туман найшоў на дзяўчыну, нічога не бачыла. Прыехалі яны тады — мамачкі! — гарэлкі, цукерак, віна... Сватам быў нейкі купец-свінабой. Апрануты абодва па-панску. А як пачаў сват гаварыць — паслухаць толькі! Іван не спадабаўся ёй адразу. Расказвае, колькі ў ix поля, кароў, свіней, як ён з мамаю лён палоў. I ўсё ікае ад выпіўкі, усё садзіць у вочы дымам папяросы. А нос, нос! — быццам нечым наліты, упяўся ўніз i цягне за сабой лупатыя вочы. Прыйшлося, аднак, пагадзіцца, бо цяжка было спадзявацца на лепшага.
Пра пасаг гаварылі нямнога. Паўтары дзесяціны — гэта была амаль палавіна ўсёй татавай гаспадаркі. Прасіць у Мікіты, Марылінага брата, больш, можна было хіба толькі пазычыўшы вачэй у сабакі. Аднак сват i ca сваімі вачыма не пасаромеўся патрабаваць яшчэ i карову.
— Малачко трэба не мне i не вам, яно трэба дачушкам, сынкам,— гаварыў ён Мікіту.— Справа наша старая, а ix — маладая. Малады з маладушкай сюды-туды — i дачушка, праз гадок — сынок, а то i зноў дачка, i што ж,— падай малачка! Не скупіцеся, пане Мікіта, i будзе ўсё на гэтым шытакрыта...
Мікіта быў чалавек гарачы, часта лаяўся, соваўся нават i з кулакамі, аднак доўга спрачацца са сватам не змог,— уступіў i карову, хоць у хаце былі таксама малыя. A выпраўляючы Марылю, расплакаўся, як бабёр, i ўсё аддаў пасля, i вяселле справіў з апошняга, як усе добрыя людзі.
Увечары, напярэдадні шлюбу, дзяўчаты, плетучы вяночак з руты, заспявалі:
Зборная субота настае, Марылька дружыну збірае. Сама маладзенькая між усіх, Схіліла галованьку ніжэй усіх, Схіліла галованьку з касою, Паліліся слёзанькі ракою...I Марыля заплакала. Заплакала не вясельнымі слязьмі, для звычаю, a сапраўднымі, сірочымі. Гэтак ясна зрабілася ўсё,— што без долі сцерлася маладосць, што i цяпер на шчасце спадзявацца цяжка...
— Не плач, галубка, змірышся,— шаптала ёй цётка, маміна сястра, і, азірнуўшыся на Стэпку, Мікітаву бабу, зашаптала цішэй: — Не будзеш хоць хлебу ці добраму слову жадна, не тое што ў гэтай брыдоты...
Ды Марыля не чула, не разумела нічога. Яна ўсё плакала, прыпаўшы галавой да цёткі.
...Грызня, пабоі, беспрасветная праца... Дома нават з куксай работніцай была, там жа таўкачом празвалі. Пераступі — кепска, недаступі — яшчэ горш! А пасля ж яшчэ старыя схамянуліся, што мала ix Ванечка пасагу ўзяў... Тады пайшло яшчэ горш.
I чаму ёй не ведаць было ўпору пра Івана, чаму не знайшоўся добры чалавек ды не сказаў ёй гэтага, чаму яе самую асляпіла?.. Лепш бы ўжо наймічкай век звекаваць.
Гэты дурань ніяк не мог ажаніцца. Куды ні ткнецца — прымуць,— вядома, багаты,— але паглядзяць на самога, паслухаюць, што аб ім людзі гавораць, i аддадуць утратнае. Тады ўзяўся ажаніць яго той самы пан Чыжэўскі, купец з мястэчка, свінабой. От, сабакар i п'яніца, ды брахаць вельмі спрытны,— хоць каго закалыша. Як яна ненавідзела пасля, даведяўшыся аб усім, яго тлустую свіную морду!.. Сыходзіла з хаты, абы ён заехаў да ix.
...Апалі дзявочыя грудзі, уваліліся вочы, кукса была вечна абкручаная лапінкай, а левая рука карэлая, парэпаная. Спачатку хоць песні спяваліся. Абы толькі ўспомніла пра долю,— у кожным напеве сірочай тугі i жалю чулася нешта такое, што душыла за горла, займаючы дух, i па-дзіцячы хацелася плакаць: «Мамачка, галубка!..» А потым i гэта зрабілася надта балючым.
* * *
На другім годзе пачулася Марыля першым дзіцем. Але i гэта не ратавала яе ад здзеку. На восьмым месяцы сталася тая бяда, што звяла яе ў дамавіну.
Перад касавіцай кончылася ў пограбе бульба, i стары загадаў бабам ачысціць пограб ад бруду. Сам ён крыў гумно ў суседа, a Іван паехаў у млын. Марыля ўлезла ў яму, наскрэбла першы кошык гразі з бульбяной гніллю i кастрыцай і, падаючы яго наверх свякрові,-— раптам войкнула, кінула кошык i села...
Як толькі i прайшла тая ночка!.. Пад раніцу як быццам адлягло. Свякроў знала, што будзе бяда, i таму не пайшлаў лён, а выйшла палоць грады. «Ну ж i свет пайшоў,— мармытала яна,— абы трохі, дык i на табе...» Стары правіў у хаце хамут. Марыля ляжала на палку, з каптаном пад галавой, i, не сціхаючы, стагнала. Раптам яна прарэзліва войкнула раз i другі... Пачалося. Стары яшчэ ніжэй згорбіўся над хамутом, а пасля такі не вытрымаў,— выйшаў i паклікаў старую. Абціраючы чорныя рукі падолам, цётка Катрына патрухала ў хату. Стары пастаяў ля плота, уталопіўшыся ў грады, пайшоў пад гумно, вярнуўся пад адрынку, зноў пастаяў пад плотам, тупа гледзячы на бацвінне,— i нідзе не мог знайсці прыпынку.
«Што ж гэта? — падумаў ён.— Спалохаўся, ці што?» — I пайшоў у хату.
— Мамачкі мае, а-а-ах, род-нень-кія-я-а...— стагнала Марыля.
Не гледзячы туды, стары прайшоў i сеў над хамутом.
— А ты, таўкачына, чаго? — закрычала старая, убягаючы з кухні з чыгуном вады ў закасаных руках.
Стары вінавата згорбіўся i замітусіўся: за хамут ды ходу з хаты... Але i ў адрынцы ён не мог узяцца за работу. Слухаў. Марыля крычала хрыпла i дзіка, а потым заціхла. «Відаць, паўсім?» — падумаў стары. I раптам чуе: дрэп, дрэп, дрэп ад сяней — ідзе яго Катрына.
— Ну, пакінь хамут, Сцяпан: трэба трунку зрабіць,— сказала яна, увайшоўшы ў адрыну.— Божа мой, Божа!.. I што ж гэта робіцца? — I раптам — а-ха-ха-а! — заплакала наўзрыд.
У нагах непрытомнай нявесткі ляжала нежывое дзіця. Стары зірнуў на яго i моўчкі пасунуўся з хаты. Узяў з каморкі сякеру, пілу, жменю цвікоў i пайшоў у адрыну. Рукі ў яго неяк дзіўна дрыжалі. Прысеў на калодцы i закурыў люльку. Супакоіўшыся трохі, узлез наверх i пачаў ca стукам перакідаць дошкі, шукаючы патрэбнага кавалка. Выбраўшы паточаную шашалем шалёўку, скінуў яе наніз, паскроб трохі гэблікам, парэзаў i збіў трунку.
На той час вярнуўся з млына Іван. Ён увайшоў у хату, нічога не ведаючы.
— Падла ты, абармот крывалапы! — сустрэла яго маці.— Ці раз ужо я казала табе!.. Дарвешся — як да скаціны, каб цябе на скулы збіла, каб цябе! Цяпер вось маеш! Шморгай носам, каб цябе пятля зашмаргнул а!..
Гэтым разам Іван змаўчаў i панура паклыпаў з хаты.
Старая выцягнула са свайго падгалоўя брудную, працёртую на спіне кашулю, адарвала лапіну, угарнула ў яе нямыты трупік дзіцяці i палажыла яго ў трунку. Няўмела стукаючы малатком i загінаючы старыя, павыпростваныя цвікі, сама забіла века i, паклікаўшы з сяней Івана, загадала яму несці за ёй трунку.
Марыля заварушылася, павярнула галаву i паглядзела.
— Ах, ма-мач-кі-і... Мама, сынок?..
— Нежывое, дзеткі, нежывое... Ніхто гэтаму не прычына. Вось панясём, пахаваем...
Марыля працягнула рукі, хацела абаперціся i ўстаць, але не здужала. Рыўком толькі падняла проставалосую галаву, апала назад на каптан і, заплюшчыўшы вочы, заплакала.
Старая ўзяла ў сенях рыдлёўку i патрухала на загуменне. Следам за ёй ішоў Іван, несучы пад пахай трунку.
...Назаўтра рана, той самай загуменнай сцяжынкай, ішлі на могільнік чатыры мужчыны з рыдлёўкамі: капаць другую, ужо большую магілу...
* * *
— Маўчы ты мне лепш са сваім «па-харошаму!». Ён яе са свету звёў, а ты... Удушыць яго мала за гэта! Я з яго скуру палосамі драў бы, а ты!..— крычаў Марылін брат Мікіта.
Яго пухкія маладыя губы дрыжалі ca злосці пад рыжаватымі, запушчанымі вусамі. З-пад шапкі лезла калматая, нястрыжаная чупрына, а вочы блішчалі, як з падпечка. З рота нясло гарэлкай, і, гаворачы, ён пырскаў слінай на свайго швагра, Сымона, які сядзеў побач з ім. Мікітава баба, падсухая, белабрысая Стэпка з хітрымі, як у Сымона, вачыма, сядзела ў перадку. Яны вярталіся з хаўтураў па Марылі. Вярталіся без пары, бо п'яны Мікіта расплакаўся ca злосці i, схапіўшы ўслон, кінуўся да Івана. Ix разнялі, i хітры Сымон паспяшаўся ўцячы. Яны ехалі ўжо чацвёрты кіламетр ад Пагор'я, a Мікіта яшчэ ўсё трапятаўся. Толькі ўспомніць мёртвы Марылін твар i грукат жвіру па дошках труны — зноў хацелася біць насатую морду дурнога Івана, забойцы ягонай сястры...
— Эх, Мікіта,— гаварыў Сымон,— ты, бачыш, i на мяне ўжо злуеш. Тут, брат, ні бой, ні слёзы не памогуць. Ну што, наклеілі б нам, колькі б улезла, i ўсё... А трэба па-харошаму. Марылі не паднімеш, а пасаг трэба вярнуць. I поле, i карову. Дзяцей няма — чорту лысаму даруеш? Малады Жук — булава, ды стары хадовы чалавек, з ім без суда не абыдзешся. I ты не драмі ў шапку, a ў суд, па-харошаму, о! Тут яшчэ справа заблыталася, што поле змянілі, ды гэта таксама нічога.
— Гэта-то гэта,— згадзілася Стэпка,— а то запырскаецца, i ўсяго. Я i сама казала...
— Што ты казала? Я i сам ведаю, лепш за вас! Яна ў мяне не сястра, а сястрычка была, а ён!..
— Унь машына, трымай! — перапыніла яго Стэпка.— Трымай хоць ты, Сымон!
З-за гары, бліснуўшы шклом на сонцы, якое ўжо заходзіла, з ровам выпаўз аўтобус.
— Я i сам сваю кабылу ўдзяржу! — крычаў Мікіта.— Ніякіх мне чарцей не трэба, сам гадаваў. Машка, глядзі!
А Машка ўжо заказырылася. Гэта была гнядая, яшчэ не да смерці худая кабылка, якраз тая гарапашніца, што валочыць мужыцкую долю.
— Трымай, каб цябе за грудзі ўзяло, каб цябе! — крычала Стэпка, але Мікіту відаць былі толькі яе разяўлены рот i рукі, якія з адчаем учапіліся за цапкі драбінаў.
Вясёлы шафёр пачаў трубіць.
— Каб табе хрыпела ў горле, каб табе! — зноў крычала Стэпка.
Машку вось-вось пасадзіў бы на хвост, ды левая ляйчына,— вядома ж, уся на вузлах,— лопнула, i Машка паляцела цераз равок направа, у жыта. Воз сцялежыўся. Сымон, вырабіўшыся з-пад Мікіты, схапіў кабылу за аброць. Забыўшыся пра страх, Машка прагна хапала сівыя каласы красуючага жыта.
— П'яніца ты, абібок! Лейцаў людскіх няма! — барахталася з-пад воза Стэпка.
— Дай мне, дай здыхату! — схапіўся Мікіта да Машкі.
Ён хвастаў яе кулакамі па храпе, а кабыла курчылася ў хамут i адварочвала галаву, зубамі i губамi трымаючы зашчэмленыя каласы з сіва-зялёнай маладой саломай.
— Мала, мала яшчэ?..
Ад удару па косці храпы зайшлася болем Мікітава рука, а з Машчыных зубоў i губы пайшла кроў.
— Мала, мала яшчэ?..
Думаў, усю сваю крыўду выб'е. Пасля заплакаў, адышоўся. А яна толькі крутнула галавой ды зноў за каласы.
— Ну, i хіба ж ты гаспадар? Хіба ж гэтак трэба па-харошаму? Эх ты!..— казаў Сымон, звязваючы ляйчыну.
Мікіта маўчаў. Бяссільная злосць вылілася на Машку, яго безадказную памочніцу, i ясна стала, якая яна, гэта злосць, горкая, дзікая i дурная.
— Памажы! — загадаў Сымон, беручыся складаць сцялежаны воз.
Мікіта вінавата памог яму, а пасля папрасіў:
— Я лягу, Сымон, а ты за мяне пакіруй...
...Сонца зайшло, i пачалося змярканне — ціхае, свежае, з расой i камарамі. Машка, ужо зусім забыўшыся пра крыўду, рупліва тупала па пяску, тоўхаючыся ўперад галубінай хадой. Брат гаварыў сястры аб тым, як ім трэба адсудзіць Марылін пасаг,— гаварыў спакойна, «па-харошаму». Сястра падтаквала яму. А мужык яе — бедны, аброслы Мікіта — ляжаў ніцма i не чуў: спачатку ён уздрыгваў ад глыбокага, недзе з-пад самага сэрца плачу, а потым заснуў i хроп.
«Вазьмуся нябось за яго!» -— раз-пораз думала Стэпка.
* * *
— А справа, брат, вельмі простая,— казаў старому Жуку пан Чыжэўскі,— табе, значыцца, гэтак: бабе i сыну ўдзяўбі, што нябожчыца нявестка сама захацела свой пасаг прадаць, бо зямля была вам не з рукі. Вы хацелі тыя самыя паўтары дзесяціны ля дому купіць, а яна была гуляка: абы схадзіць хораша, з'есці, выпіць, цукерак, скажам, пасмактаць. Грошы, як вада, сюды-туды i перамыкала без толку...
— Неяк, бачыце, пане Чыжэўскі...
— Што тут «пане Чыжэўскі»... Сведкі — галоўнае. Ты, брат, сам павінен ведаць, не малы: не падмазаўшы, не паедзеш!..
— Я ведаю, я толькі да таго, ці ўдасца?
— Чаму ж раптам «не ўдасца»? Прысяга будзе, праўда, але хто ж яе сёння баіцца? Ну што, падумай, сведкі знойдуцца.
Гаварылі яны ў местачковай карчме, зашчапіўшыся ў баковачцы. На століку была бутэлька i закуска. Жук атрымаў учора павестку на суд з Мікітам за Марылін пасаг i, як з усякай важнай справай, прыйшоў з павесткай да Чыжэўскага. Гэта быў местачковы кулак, які нажыў на гандлі свіннямі тоўстую кішэню i яшчэ таўсцейшую морду. З кожным днём ён рабіўся ўсё больш ды больш падобным да свайго тавару i выглядам i натурай. Усякая подласць, пачаўшы ад недаважвання i недалічвання i канчаючы хоць бы на сённяшняй справе, рабілася ім спрытна i з ахвотай, абы толькі было выгадна. Жук штогод прадаваў два-тры ўкормленыя парсюкі, i паміж ім i свінабоем Чыжэўскім даўно завязалася нейкая прыязь. Марылін пасаг, праўда, прадалі з яе згоды i купілі столькі ж зямлі бліжэй. А таму цяпер трэба баяцца, што Мікіта адсудзіць яе...
— Ну, як ты, Жук,— надумаўся ці мне шукаць?
— Што ж, хіба Лустач ці Свісток,— адказаў стары, падумаўшы.
— Абодва пойдуць,— сказаў свінабой.— А трэці ёсць у мяне. Гаваку Антося знаеш?
— Пэўна.
— Ну, дык ты ix ідзі пакліч. Абодва сёння на рынку. Ды, зрэшты, i Гаваку сам пакліч. Скажы яму, што я прасіў. А я вас тут пачакаю. Падрыхтую тут усё як мае быць...
...На рынку, у гушчары вазоў з задзёртымі аглоблямі, стары Жук першага знайшоў Лустача. Побач з ім каля воза стаяў i Раман Чачотка, па мянушцы Свісток.
Лустачыха, уладзіўшы свае справы, ужо сядзела на возе i глядзела на каня, які хрупаў сена з пярэдняга палукашка,— глядзела злосна i сумна, нібы чакаючы, калі ж гэты конь павернецца нарэшце задам i павязе яе дахаты. «I чаго ён яшчэ ўсё ные тут? — думала яна пра свайго чалавека.— Не лізнуў яшчэ, ліха яго галаве!..»
Жук павітаўся, адвёў Лустача ўбок i пачаў з ім шаптацца.
Лустач быў прымак з той даволі рэдкай пароды прымакоў, якія змаглі адразу захапіць у хаце ўладу, пасля чаго жонка толькі агрызаецца здалёк ды з асцярогай, не пападаючы пад руку. Гэта быў чалавек з сярэдняга гатунку подлых людзей,— усякай подласцю ён адстойваў толькі свае асабістыя справы, не нападаючы першы. Але за добрую чарку мог дапамагчы чалавеку, бо на сваю чарку не заўсёды хапала.
— Гэта можна,— сказаў ён, даволі хутка зразумеўшы Жука. Чаркай запахла густа. Прыйшло якраз тое, без чаго яму сумна было б вяртацца дахаты.— Раман! — паклікаў ён Свістка.— Ідзі сюды!
Раман Чачотка — высокі, лёгкі мужчына ў акуратных лапціках — служыў пры цару гарадавым i дагэтуль яшчэ не мог прывыкнуць да працы на гаспадарцы. За гэта яго i празвалі Свістком. Гаспадарка была малая, дзве дзесяціны, поле добрае, але без добрых рук хлеба яно давала няшмат. Свісток «зрабіў камбінацыю» — прадаў бацькаву гаспадарку i купіў шэсць дзесяцін пяску за Нёманам, куды перавёз свае старыя будынкі i стаў лічыцца лясным хутаранінам. Падраслі дзеці, пачалі араць той пясок лепш за бацьку, але пясок не стаў ад гэтага больш хлебным за чарназём, пакінуты ў роднай вёсцы. Нельга сказаць, каб Чачотка быў нездаволены іменна панскай уладай, каб ён, як іншыя беднякі, чакаў прыходу савецкай улады,— Свісток наогул, не залазячы глыбока ў палітыку, чакаў перамены, прыходу іншай улады, якая заўважыць яго i ўлічыць яго былыя заслугі i чын. Сёння Раман прыехаў купіць пудзік жыта на хлеб. Пачаўшы яшчэ з дому, ён усю дарогу «абдумваў камбінацыю»,— як гэта ад тых дзвюх залатовак, што жонка сабрала, прадаючы яйкі i масла, адкалоць пару грошаў на чарку. Жонкі ён не баяўся. Зрэшты, i на кірмаш сёння прыехаў адзін. Але за жонкай цяпер стаялі два сыны, якія ўжо гаварылі з бацькам па-даросламу, i гэта было не вельмі прыемна...
Свісток стаяў з мяшком пад пахай, слухаў Жука i Лустача — сябра свайго яшчэ па японскай вайне — i з першых слоў уцяміў, што Бог нарэшце зірнуў на яго ласкавейшым вокам.
— Калі трэба, дык трэба,— сказаў ён.— Вось толькі мне скокнуць да Цукермана, жыта купіць.
— Скокнеш пасля,— сур'ёзна сказаў Лустач.— Цукерман твой у лес не ўцячэ.
— I гэта праўда,— таксама сур'ёзна згадзіўся Свісток.
Ён падышоў да сябравага воза i кінуў на яго свой скручаны мяшок.
Лустачыха ўсё зразумела.
— Піліп,— сказала яна,— зноў наліжашся! А я тут стой да ночы.
— Упадак цябе не возьме,— адказаў прымак.— Сядзі вось ды бурчы колькі ўлезе. Пайшлі, мужчыны!
Стары Жук сказаў ім, куды ісці, а сам пайшоў шукаць Гаваку.
Гавака быў сёння на рынку таксама без бабы, з рабою, як зязюля, дачкой. Яна стаяла каля воза, гледзячы, як бацька збіраецца запрагаць кабылу.
Выслухаўшы просьбу Жука, Антось Гавака — мужчына ў новым, цаглянага колеру паўкажушку i ў добрых, зацярэбленых гноем ботах — павярнуў каня ў аглоблях галавой да перадка i паставіў дугу да кола.
— Калі Чыжэўскі там,— сказаў ён,— дык i я табе, браце, не вораг. Падыдзем i зробім.
Гэта ўжо быў пародзісты падлюга, для якога подласць даўно стала верай i шчасцем. Уся ваколіца, апроч яго нешматлікіх сяброў, людзей, вядома, «не менш талковых», думала пра Гаваку так, як думаюць пра гадзіну, на якую лепш за ўсё не наступаць. Ён наступаў амаль заўсёды першы. Нешта адразу пасля вайны Гавака захапіў за бясцэнак нядрэнны хутар паблізу ад свае вёскі, i, судом адагнаўшыся ад намаганняў законных нашчадкаў нябожчыка хутараніна, ён разласаваўся на суды i навучыўся ix выйграваць. Стравіць табе жыта ці авёс, ды глядзі, што i цябе яшчэ засудзіць, калі сунешся да «сэндзі пакою» — міравога суддзі.
Жука Гавака лічыў раўнёй сабе, «сапраўдным гаспадаром», i просьбу яго прыняў даволі ахвотна. Да таго ж яшчэ суд — справа прывычная, а дармовую чарку выпіць у добрай кампаніі — таксама можна.
— Яно, браце, дарэчы, я Чыжэўскага сёння не бачыў,— гаварыў ён, ідучы ад воза побач з Жуком.
* * *
Два тыдні пасля гэтага быў суд. Мікіту адмовілі ў іску, апіраючыся на сведак, якія аднагалосна давялі, што пасаг свой Марыля прадала сама i прагуляла. A паўтары дзесяціны зямлі ва ўрочышчы Навінкі куплены Жуком за яго кроўныя грошы...
— Устаць! — грымнуў судовы выканаўца.
Прысутныя ўсталі. Суддзя надзеў сваю ярмолку i ўрачыста прачытаў:
— Іменем Рэчы Паспалітай польскай... i г. д. i г. д.
А перад ім стаяў растрапаны Мікіта, у лапцях i дзіравай куртцы. Гледзячы на задаволеныя морды Івана, старога Жука i іхніх сведак, яму хацелася хапіць з пакрытага зялёным сукном стала крыж з распятым Богам i шпурнуць яго ў сытую, важную морду суддзі... Ды тут ужо была не Машка i не баба, на якіх можна бяскарна зганяць злосць, а грозны, непахісны мур, які яму не нрабіць галавой.
— Пане сэндзя,— сказаў Мікіта, ужо са слязьмі на вачах, я незадаволены судом, я буду падавацца далей...
— Маеце права,— спакойна адказаў суддзя,— на гэта ёсць акруговы суд у Навагрудку.
...Пакуль у тым самым нумары карчмы Жук з сынам, Чыжэўскім i сведкамі замочвалі выйграны суд, гасцінцам шпарка тупала галубінай хадой худая гарапашніца Машка. Мікіта, выпіўшы з бяды, ляжаў ніцма на возе i ўжо зусім не мог разабрацца, ці прыняць крыўду, ці падавацца вышэй,— дзе яго, пры беднасці i прастаце, чакала хутчэй за ўсё яшчэ большая крыўда...
1937-1943
«Ветэрынар»
Нашу Сіўку нешта трывожыла.
Прыйдзеш у хлеў пасля ночы, дык пад нагамі ў яе кола вытаптана, як каля малатарні, а сама яна пасуслена ўся, пад пахамі мокра, i грыва паплецена ў коскі, ды гэтак хораша, быццам знарок.
Прабавалі ўсялякай рады. Усіх шаптух абхадзілі. Адна шаптуха параіла ўзяць чырвонай бульбы з белымі вочкамі, якая завецца вар'яткай, надзерці яе на тарку i мазаць Сіўку нанач. Другая параіла, каб апоўначы верхам на Сіўцы аб'ехаць тры разы вакол могільніка. Але нішто не памагло.
Узлаваўся наш тата.
— Ну ix,— кажа,— з шаптухамі! Толькі ўсё сала ды крупы звёў. Паеду заўтра па ветэрынара, няхай хлеў агледзіць, што ён скажа, паглядзім.
— Што ён табе паможа, ветэрынар гэты! — засупярэчыла мама.
Ды тата сказаў ёй, што «тут ужо няхай твая галава не баліць»,— i паехаў.
Чакалі мы, чакалі. Мама i стол заслала настольнікам, i хату разы два перамяла, i фартух новы падвязала. A ўжо толькі ўвечары — лах-лах калёсы: уз'язджае наш тата на двор. Уваходзіць у хату, а на руках у яго маленькі сівенькі козлік.
— Вось я вам якія лекі купіў! — кажа тата. Развязаў казлу ножкі i пусціў яго на падлогу.
У козліка — рожкі i пад мызачкай ледзь-ледзь пачалася бародка.
— Дык гэта ты — ветэрынар? — скубянуў я яго за бародку.
А ён — таўхель мяне рогам, i мы ўсе ў рогат: i тата, i мама, i я.
— Сіўку трывожыць ласіца,— кажа тата,— мне ветэрынар сказаў. Казыча кабылу, каб яна бегала, спацела, а тады пот яе смокча. Ласіца вельмі казінага паху баіцца, адразу не пойдзе. A шаптухі немаведама што раілі. Туманяць вочы, дый толькі.
— Ну, будзем бачыць,— сказала мама,— што ты з сваім казлом вымудруеш.
A козлік, мусіць, не ведаючы, што аб ім ідзе гутарка,— скок на лаву, скок на стол, на ложак, а з ложка на печ. Стаў на коміне ды «ме-е-е!». Першы раз такім тонкім, дрыжачым гол асам.
Ах ты, свавольнік!
* * *
Памясцілі козліка з Сіўкай разам.
I з таго часу ласіца перастала Сіўку i ганяць, i косы заплятаць у грыве. Толькі козлік пасля ночы стаіць ці ляжыць замучаны, сам не свой, ды толькі тоненька, дробненька: «Ме-е-е!..»
— О, бедны мой ветэрынар! — жартую я, ды яму не да смеху.
Пасля ж i яго пакінула ласіца — зусім адчапілася. Спаць прымасціўся ён у Сіўчыным катуху, на сене. Сіўка спачатку пырхала на яго i туліла вушы, а потым прызвычаілася ці, можа, таксама ўцяміла, што ён яе «ветэрынар».
Паілі козліка малаком з бутэлькі цераз соску. Угледзіць толькі — эх, бяжыць! Укленчыць i смокча, узяўшы соску на язык, толькі хвосцікам падрыгвае. Вельмі ж я любіў падманьвацца з ім гэтай бутэлькай з малаком. Як ён бегае за мной i мекае i тоўхаецца рожкамі ў калені!
Падрос козлік i вельмі ж развалачыўся. Панадзіўся ў Піліпавы грады i ўсе капусныя высадкі абцерабіў. Ганяе яго цётка Марта i лаецца: «А каб цябе так ды гэтак!»
А дома ў нас панадзіўся ў каморку, па крупы. Так сабе клямку рогам — раз, дзверы — таўхель, скіне днушка з кубельца i — чаў-чаў-чаў — есць, толькі бародкай трасе. А то хлеб знойдзе, усе боханы паабгрызае. Проста рады няма. «А каб цябе воўк заеў!» — лаецца мама. А ён забяжыць за вугал ды толькі бародку сваю высуне, цікуе. Век жа не будзеш стаяць, пойдзеш, а ён тады зноў — дэб-дэб — ідзе назад.
A хітры, хітры!
Збяруцца каля нас мужчыны на вуліцы, гутараць, кураць. А ён — тыц у тое кола са сваёй барадой, стаіць i слухае таксама. Я да яго з надворка ці з акна:
— Эй, ты, ветэрынар!
А ён адвернецца — ме-е-е! — i слухае далей.
— Дайце вы яму, дзядзькі, закурыць! — крычу я, а мужчыны смяюцца.
Нехта зачэпіць яго, дык ён толькі рогам штурхне (не лезь, не перашкаджай) i зноў слухае. Ах ты, барадаты!
* * *
Тата паехаў да цёткі Марылі i прывёз назад нашага Жука.
Наша цётка — удава, жыве наводшыбе ад вёскі i вельмі ж баіцца зладзеяў. Прыстала да таты ўвосень, i ён даў ёй Жука на ўсю зіму.
Вярнуўшыся дахаты, Жук доўга не мог супакоіцца, прызвычаіцца зноў. Ляжыць навязаны, маўчыць, маўчыць, а потым — воў, воў, воў — пачынае выць ад сумных думак.
Козлік з ім спачатку не сябраваў. Усё валочыцца недзе ці лазіць па двары, таксама сумуе. У нас вароты новыя, заложым падваротню, дык ён i не вылезе ніяк. Падыдзе да Жукавай будкі, брэнкае па ёй рагамі, разбудзіць Жука, узлуе. Той з будкі: «Ррр!»
Ды так ужо казёл абрыдаў сабаку сваім прыставаннем, што Жук аднойчы не стрываў ды хваць яго з будкі за бараду! Упяўся мой «ветэрынар», аж вочы вылупіў ды дзікім го ласам: «Ме-е-е!»
— Ой, барада, барада! — крычу я, бегучы ад хаты.
Вызваліў яго ад Жука, а ён мяне за гэта рогам ды пад бок. А пасля разагнаўся, каб стукнуць, ды я схіліўся ўбок.
Пасля ж яны з Жуком здружыліся так, што аж дзіва. Падыдзе козлік да будкі — брэн, брэн рагамі, а Жук спачатку толькі: «Ррр!» А потым такі раскатурхаецца, вылезе, панюхаюцца на прывітанне i пайшлі гайсаць вакол двара! Палётаюць, пацешацца i да сенцаў. Стаяць абодва каля дзвярэй, чакаюць, каб ім чаго далі. «Ветэрынар» дык той проста прэцца ў хату ці ў кухню сам, а Жук толькі хвастом павільвае кожнаму, хто ні выйдзе. Гэты хоць трохі сораму меў: яму скажы, дык паслухае, згорбіцца — i ў будку; прынясеш есці — твая ласка, а не — дык i так будзе спаць. A козлік — ого!
I вось аднойчы яны раптам зніклі абодва. Апаўдні толькі прыбягае Жук адзін. Віляе, віляе хвастом, быццам нешта хоча сказаць, ды не можа.
— Дзе ж ты, нягоднік стары, козліка дзеў? — накінулася мама.— Скавычы вось цяпер, як сабака, адзін. Сорамна, цьфу!
I што ж, Жук i праўда стуліўся, прыгорбіўся, быццам ад сораму, i моўчкі палез у будку.
* * *
Дзень няма козліка, другі няма, цэлы тыдзень няма. Мы ўжо так i падумалі, што ён загінуў назаўсёды.
Аднак, на другім ужо тыдні, дачуваемся, што наш «ветэрынар» жывы, што ён ажно ў Лядах — трэцяй вёсцы ад нас, па дарозе да цёткі Марылі. Вось ліха — няўжо яны ішлі туды?..
Я гэта за кіёк i пайшоў у Ляды, кіламетраў з пяць па гасцінцы. Прыйшоў, іду па вёсцы. Хацеў толькі каго-небудзь спытацца, дзе тая Янкава Стэпка жыве, у якой апынуўся козлік, ажно бачу: на нечым двары, у садку, стаіць мой «ветэрынар»! Стаіць пад яблыняй дыбка i ўспінаецца, каб дастаць на галінцы лісток. А вакол яго дзеці.
— Ветэрынар! — гукнуў я яшчэ ад варот.
А ён пазнаў нябось i бяжыць мне насустрач.
— А што, паслухаў, схадзілі? Упрочкі хацеў уцякаць?
А ён — штурхель мяне рагамі. Таксама хацеў бы нешта сказаць, ды не можа.
Выйшла з хаты жанчына, тая самая Янкава Стэпка, ды кажа:
— Гэта ж я вось раненька выйшла на вёску, а ён ляжыць на мастку i ўцякаць не ўцякае. Замарыўся, відаць. Я гэта за рогі яго ды дахаты. А чорны сабака — таксама, мусіць, ваш — за мною: «Ррр!» А я гэта фуртух расперазала ды як махну на яго, дык ён i пабег ад мяне. Доўга круціўся каля нашай хаты, пакуль малыя, каровы гонячы, не патурылі яго з вёскі. А гэты, вось бачыш, прывык.
Цётка, дык тая нічога: бяры, кажа, калі ён ваш, але ад малых я ледзь адпрасіўся: прывыклі да казла, не аддаюць.
Начапіў я козліку аборачку на рогі i павалок ca двара.
Мне дахаты спяшацца трэба, а «ветэрынар» — хоць ты яму што хочаш — дрэп-дрэп, дый годзе. Папасу я яго трохі каля прысад i далей. Ужо зусім пад вечар дабрылі мы дахаты.
Ну ж i ўводзіны былі! Распытваюць мяне, смяюцца. А малых дык цэлая чарада за намі ўчапілася.
Падвёў я «ветэрынара» да будкі. Вылез Жук, панюхаў козліка, а той рагамі — таўхель яго, а сам адышоўся i лёг.
— Ну, Лявон,— кажа мне дзядзька Паўлюк, наш сусед,— гэта ж, брат, казка, жывая казка! I трэба ж, ліха ім, надумацца ды згаварыцца!..
— Ветэрынар! — кажу я козліку.
А ён толькі павярнуўся.
— Ну што ж, ідзі раскажы, як вы ў госці хадзілі. Будзем казку пісаць.
А ён нават не ўстаў.
1942
Галя
Калісьці, пры панах, гэта быў хутар. З шасцю дзесяцінамі добрага поля адразу за садам, з новым вялікім гумном, двума хлявамі i малой старасвецкай хатай. Без шчыта яна, наўкруг накрытая саломай, зяленай ад моху, нізка насунутай на малыя прыплюшчаныя вокны. Так i глядзела на свет, як сам гаспадар, заўсёды зажмураны Данька, стары Хамёнак, бязлобая галава якога нібы ўрасла ў зімовую шапку — аблезлы, раней, калі верыць старому, гарадскі каракулевы каўпак.
Цяпер гэты каўпак недзе яшчэ ўсё валяецца на гарышчы, а сам Данька Хамёнак ляжыць на ўзгорку пад хвойкамі i муравой. Ад хутара засталіся толькі сад, скрыпучы журавель над зрубам студні i тая самая хата.
У хаце ад усёй Хамёнкавай сям'i ўцалела толькі нявестка Галя з дзецьмі, хлопцам i дзяўчынкай.
Спакойны жнівеньскі вечар. Сонца зайшло. Галін хлопец, падлетак Антось, пайшоў у поле да малатарні. На верхавіне старой ліпы за агародам пагасла чырвань на лісці; шпакі ўзняліся з голля i панеслі свой кірмаш у вёску. Пад паветкай за сенцамі, аддаўшы вячэрні ўдой, лягла на свежым подсціле карова. У хаце за сталом сядзіць чарнявая Сонечка, на поўны рот запіваючы хлеб сырадоем. Тонкія загарэлыя ножкі яе, як i ва ўсіх пастушкоў, папораны ржышчам. Сонечка памыла ix каля студні халоднай вадой, i ногі садзеюць да самых каленак. Яна то пацірае ix адна аб адну, то проста стрыжэ імі пад высокай лавай. Сонечка хоча гаварыць.
— Мамка,— кажа яна,— а сёння Лёня Сцяпанаў смяяўся з мяне. Ты, кажа, пані. Ты, кажа, хутаранка. А чаму? Чаму ён смяецца?
Галя стаіць, прыпёршыся да шафкі з посудам, амаль прысеўшы на яе. Над галавою Галі, на сцяне — стары гадзіннік. На запыленым цыферблаце яго напісана не нашымі літарамі нейкае слова. За ўсе гады, пакуль гадзіннік тут вісіць, ніхто нават не пацікавіўся, што яно азначае. Наогул па гадзінніку разбіраліся толькі мужчыны i Галя. Свякруха пражыла свае семдзесят год, ні разу не падумаўшы аб тым, якое сёння чысло... Даўжэйшая стрэлка гадзінніка адламалася яшчэ ў вайну, кароткая стаіць на адным месцы тыдні ўжо, мусіць, ca тры. Жніво. Галіны рукі, загарэлыя да лакцёў, гудуць ад стомы. Галя яшчэ ўсё як быццам не дома. У памяці бясконцым ланцужком ідуць адзін за адным вузлы перавяслаў, закручаныя спрытнымі пальцамі, адзін за адным кладуцца на пожні цяжкія снапы. У вушах яшчэ цокат жняяркі, паасобныя словы, абрыўкі песень, смех, шум збажыны i шоргат іржышча...
— Мамка, чаму?
Галя прыпамінае словы дачкі.
— Чаму? — перапытала яна, яшчэ не гатовая да адказу.
I Сонечка адказвае на пытанне сама.
— Мы, кажа, у вёсцы жывём,— гаворыць яна, жуючы,— а вы на хутары. I дзед твой быў пан, i тата пан, i ты таксама паненка.
— А ты скажы яму, што ён яшчэ дурны,— гаворыць Галя нейкім млявым, бяссільным ад стомы голасам.
Яна хацела гаварыць яшчэ нешта, але раптам змоўкла. Слых яе зноў улавіў той самы, на момант згублены гул. У хаце пад старым гадзіннікам зноў засталася яна не ўся, нібы не ўся яшчэ вярнулася з поля.
— Ты еш, дачушка. Еш ды лажыся. Годзе.
— А ты куды пойдзеш?
— Я хутка прыйду.
Галя стаіць за вішняком, успёршыся рукамі i грудзьмі на шэрую жэрдку старой агароджы. Галя глядзіць у поле. Ногі ў церпкай, халоднай расе, вочы — недзе далека, далека... У пшаніцы, якая даходзіць да самага вішняку, сакочуць конікі. Далей недзе — лён стаіць у пучках; таксама многа, многа льну. Яшчэ ўсё цёплы, не астыў ад спёкі, пахне,— смачна пахне, нібы прысмажаны алей... А над пшаніцай, над лёнам, над хлебнай, спакойнай зямлёй — высока ў небе поўны, усім задаволены месяц.
Ды ўсё гэта так сабе, усё гэта — дзеля таго, каб далека над полем разносіўся гул, грукатанне трактара. Там, дзе ён, дзе сядзіць за рулём той адзіны ва ўсім гэтым свеце, каму ад болю сэрца, ад цяжкай журбы хочацца крыкнуць:
— Ся-ро-жа-а! Ся-рож-ка-а!!
Ён даўно ўжо Сяргей, а не Сярожа, ён даўно ўжо забыўся,— відаць, выцер з памяці ўсё, што калісьці было. А ты крычы, ты ўспамінай, раздзірай сваю душу, дурніца, хоць да крыві...
А то ж было яно, было, калі ён быў i для яе Сярожка. Ох, як даўно гэта было! Не, не даўно, здаецца, толькі ўчора.
Галя толькі яшчэ на дзеўку бралася, калі ў ix вёску, Гаросіцу, прыйшлі з Касцюкоў краўцы-кажушнікі, два здаравенныя панурыя браты. Абодва ў доўгіх кажухах, нібы ў доказ таго, што не заўсёды шавец ходзіць без ботаў, абодва ў вялізных шапках, нібы па цэлай авечцы ў ix на галаве, абодва ў лапцях i вусатыя.
— Дзеўкі, глядзіце — Торбы ідуць! — заўважыла ix праз акно адна з дзяўчат-кудзельніц.
Кажушнікі i сапраўды так называліся — Торба. Цімох Торба i Ціхан Торба. Мала ведаючы ix — не пазнаеш, каторы Ціхан, каторы Цімох.
— I нейкі хлопец з імі, дзеўкі, гвалт! Дальбог, харошанькі! З гармонікам!
I праўда — з кажушнікамі ішоў дзяцюк... Ну, проста хлопчык! У кароткім кажушку, у ботах, з гармонікам за плячыма. Адна з дзяўчат пастукала галоўкай верацяна ў акно. Ён, вядома, пачуў, азірнуўся. Узмахнуў рукою i стаў, засмяяўся: «Добры дзень!» Можа, нават зайшоў бы ў хату, ды вось адзін Торба, што ішоў з драўлянай планкай-метрам у руцэ, азірнуўся таксама, нешта сказаў, i хлопец пайшоў. Дзіўным здалося дзяўчатам, а потым i ўсім у Гаросіцы, што ў ад наго з гэтых Торбаў ды можа быць такі сын. Такі беленькі, спрытны... Зусім нібы чужы каля тых двух вусатых здаравілаў.
Ён быў іхні пляменнік, сірата з далёкай вёскі. Завуць Сяргей, a прозвішча таксама дзіўнае, як у дзядзькоў, але прыгожае — Юрачка. Вельмі ж да твару яно Сяргею. Так яго i завуць: хто — Сярожа, хто — Юрачка.
Ну, спрытны быў, вясёлы Юрачка, харошы! Дзядзькі яго — вялізныя, a ўсё ж улазілі яны ў найменшую хату. Здымуць шапкі свае, кажухі, застануцца з аднымі вусамі, прысядуць да стала — толькі сапуць над аўчынамі. Так i жывуць на свеце — моўчкі. А Юрачку ў кожнай хаце было цесна. Вядома, не адзін — з гармонікам. Часамі нават да вечара не можа датрываць: уваткне іголку ў кашулю на грудзях, закруціць нітачку, азірнецца на дзядзькоў ды за свой інструмент. Усё рабіў спраўна. Гармонік у яго не так сабе, a ў цётчыну хустку закручаны. Разгорне хустку — гармонік ажно зіхаціць, а расцягне яго — раздасца кожная хата!
Адзін, два танцы прайграе — дзядзькі маўчаць. Пасля старэйшы Торба, Цімох, той, што з метрам хадзіў, прагудзе:
— Можа, годзе, Сяргей? Можа, людзі не любяць?
У адказ на гэта Юрачка крута, з разгону паварочваў вальс на «Мікіту».
Людзі, што ў хаце былі, здаецца, ураз маладзелі. Дзяўчаты — ну, тыя адразу гатовы былі рвануцца з прасніц ды замяцеліць падоламі. Сам гаспадар, калі ён не зусім стары, пачынаў непрыкметна паварушваць пад лавай наскамі ботаў ці лапцей. Нават бабка, што памятае прыгон, i тая высоўвала з-за коміна галаву... А Юрачка патрасаў, як жаўранак, чубам i ўслед за музыкай падпяваў:
A Мікіта жыта вее, Мікіціха муку сее, Мікіта, Мікіта, Клінам шуба пашыта!..Молада, хораша, звонка спяваў гарманіст.
Толькі дзядзькі маўчалі. Нават шыць не спыняліся. Ды таксама не скажаш пра ix, што не рады, асабліва ведаючы, што i гармонік Сяргею купілі яны.
Вясёлы месяц быў тады ў Гаросіцы. Танцы, песнi — штовечар! Шкада, што не хапіла ў ix аўчын на ўсю зіму...
Ой, мамачка! Для ўсіх вясёлы, а для Галі... ну, і не кажы...
Усё гэта — было.
Цяпер над полем ціхі поўны месяц. Галіны ногі ў халоднай расе. Плечы стынуць пад тонкай сукенкай... А трактар гудзе i гудзе... Не пакінеш яго, не забудзеш, што гэта — Сярожа, яе Сярожа... Божа мой, як гэта горка, балюча ад думкі такой!.. А ён жа быў яе, яна была — яго, яны так хораша, так многа цалаваліся. Ды не многа, а тыдзень адзін, a ў тыдні ж толысі сем начэй.
Спачатку любіла Галя адна, баючыся сама сабе прызнацца ў гэтым, саромеючыся лішне пазіраць на яго, каб не падумалі ды не пазналі. Яна была наймалодшая ў іхняй дзявочай кампаніі. Сірата з самай беднай у Гаросіцы хаты Марылі Парабчанкі. Так ix i называлі спрадвеку — парабкамі. Бацькі ў Галі не было. Ніколі не было, хоць ён i жыў недзе, а можа, i сёння жыве, не думае нават аб тым, што ёсць у яго дачка. На пашы дзеці лаялі яе брыдкім бязлітасным словам — байстручка. Ды з часам гэта слова абвалілася з яе, як шалуха. Прыгожай, спраўнай вырастала Галачка. У беднай сіраты — добра, хораша ў песні пяецца! — толькі чорныя бровы. Затое бровы — шнурочкам, вялікія карыя вочы, маленькія спрытныя рукі i лёгкія ножкі. Чырвоная хусцінка з вышытымі над ілбом пшанічнымі каласамі, неяк па-свойму, непаўторна завязаная на чорных густых валасах, была ў сірочай красе тым нечым вельмі важным, вельмі ўдала знойдзеным, з-за чаго вар'яцелі бадай усе гаросіцкія дзецюкі. А пойдзе ў танец Галачка — пастой ды паглядзі!
Спачатку Юрачка толькі глядзеў. Глядзеў i рэзаў на гармоніку амаль без адпачынку. Вядома, гуляць пад добрую музыку кожны ахвочы, a падмяніць Сярожу не было каму.
Ды вось у адну нядзелю прыйшоў з суседняй вёскі Качаны Іван Чарнагрэбень, які таксама мог іграць. Гэта ўжо быў пажылы кавалер, падпольшчык, шэсць год прасядзеў у турме, толькі ў гэтую восень вярнуўся. Маладзейшыя хлопцы ў Гаросіцы i асабліва дзяўчаты — хоць ён быў просты такі i вясёлы — з пашанай i неяк міжвольна, не змаўляючыся, гаварылі Івану «вы». На той час свайго гармоніка Іван не меў. Пакуль сядзеў у турме, маці прыйшлося крута, i сын напісаў ёй прадаць трохрадку на хлеб. Толькі пасля даведалася Галя, што Сярожка ўжо быў знаёмы з Чарнагрэбенем. Ды не толькі знаёмы...
Не раз хадзіў ён ноччу ў Качаны, ды без гармоніка: на нейкую ціхую справу... Але пра гэта ён не паспеў ёй нічога сказаць.
Цяпер, калі Юрачка паставіў на калені Івану свой гармонік,— абодва яны па-свойску ўсміхнуліся. Адзін з просьбай: «Мо рэзнеце, Іван Сцяпанавіч, на радасць ды на лёгкі скок працоўным?», другі — ад нейкай не па ўзросту Івана маладое ўцехі: «Рэзну, браце, даўно ўжо не рэзаў!»
I Чарнагрэбень рэзнуў. He зусім яно так, як Сяргей, ды ўсё ж полечка «Галка» пайшла «з-пад карча», па-сапраўднаму.
Юрачка страсянуў галавой, устрапянуўся, як выпушчаны са жмені верабей, паправіў паясок на сваёй вышыванай кашулі i рушыў у кут, дзе сядзелі дзяўчаты. I хата, поўная хата людзей,— насцярожылася. «Мяне возьме, мяне»,— засвяціліся вочы, забіліся сэрцы дзяўчат. А ён падышоў да Галі. Проста i спрытна, як ён рабіў усё, Сярожа пакланіўся. З усмешкай, вядома, такой, што ў ёй i просьба i радасць: «Нарэшце мы пойдзем!..»
I вось яны выйшлі ў круг, абняліся.
Мужчыны прыўсталі з лаў, маладзіцы націснулі з кута на сярэдзіну, моладзь нібы стаілася ў чаканні нечага, што ўбачыш не вельмі часта.
Дачакаўшыся такта, Юрачка тупнуў i — завірылі!.. Малыя боцікі яго то ледзь краналіся дошак падлогі, то раптам гулка i чотка — па паваротах улева ці ўправа — білі, як выгаворвалі, чачотку. Вакол яго светлавалосай галавы толькі мільгаў румяны тварык пад чырвонай хусцінкай. A ўсё ж такі можна было прыкмеціць, разглядзець i залатыя каласы на чырвані, i чорныя бровы, i вусны, што так i не маглі стрымаць усмешкі сораму i шчасця... Усім было відаць, а Юрачку найлепш.
— Круг, дайце круг! — крычалі дзецюкі, хоць ніхто з ix не думаў пакуль што сам выходзіць у круг. А ён сціскаўся, не стрымаць яго было нават дзесяткам плячэй.
Дзядзька Раман Кругляк, стары ўжо, сівы чалавек, узбіўся з валёнкамі на лаву i зверху, падняўшы палец угару, вось-вось гатовы быў крыкнуць: «Эх!»
Нібы пачуўшы гэты выраз усеагульнага захаплення, Юрачка заспяваў:
Чорна галка, Чорна галка,— Ты мая, Ты мая!На гэтым песню яго абарвалі.
— Правільна, Юрачка! Правільна! — загула, нібы ўздыхнула з палёгкаю, хата. I толькі тады ўжо, нібы давёўшы да поўнага ладу тое, што трэба было давесці, моладзь пусцілася ў танец.
Так пачалося ix каханне.
Гэта быў толькі ўступ да вялікага шчасця, што мела прыйсці, што пачалося ў тую ж ноч, калі ён цалаваў яе каля іхняга акна, а Галя закрывала твар рукамі i прасілася: «Сярожа, міленькі, не трэба...» Ды рукі гэтыя яму зусім няцяжка было разнімаць. А шчасця, гарачага, хмельнага шчасця ім ніяк нельга было ўдосталь напіцца, хоць прастаялі на снезе амаль да світання.
Праз тыдзень Юрачка пайшоў з дзядзькамі ў Касцюкі, дахаты.
I хто мог падумаць, што ix развітанне — навек!..
Цяпер вось стой ды слухай, як за пшаніцай, за вырваным ільном гудзе яго вясёлы працавіты трактар. Думай пра першую радасць сваю, крычы, звар'яцей ды крычы, каб успомніў цябе i прыйшоў. З ім калісьці цёпла было стаяць i на снезе, а цяпер табе, баба, холадна ўжо i на летняй расе. Ідзі, ідзі, дурніца, у хату, дарэмна стаіш... Няхай трактар гудзе, няхай не дасць табе заснуць да дня.
Галя ціха пайшла.
Дзверы — i ў сенцах, i ў кухні, i ў хаце — старыя, скрыпучыя. Як ты ні асцерагайся, усё роўна скрабянуць па сэрцы. У хаце змрочна. Стаіць-то яна вокнамі на поўдзень i на ўсход, але акенцы гэтыя глядзяць з-пад нізкіх капяжоў, нібы пануры чалавек, толькі пад ногі. Галя ідзе ў той куток, дзе ложак, наўздагад, на хаду ўжо расшпільваючы сукенку. Распрануўшыся, яна асцярожна абмацвае край ложка i асцярожна лажыцца. Ды ўся гэтая асцярога — дарэмная. Сонечка яшчэ ўсё не спіць.
Шчака на падушцы, рука пад шчакой, а вочы глядзяць у паўцемру. Галя знайшла рукой яе цёплыя плечыкі i прыгарнула малую — усю зараз, з усімі яе думкамі.
— Мамка, а дзе наш тата?
— Спі, дачушка, ён хутка прыедзе.
— «Прыедзе, прыедзе»... Я малая была— ты ўсё казала i цяпер усё кажаш. Мамка, а тата харошы?
— Харошы, харошы...
— А Лёнька, дурань, гаворыць, што тата не ў горадзе, што ён у астрозе сядзіць, што ён... Як гэта, мамка?
— Што?
— Ну, як гэта?.. Ой, я забылася.
— Ты вось спі. Заўтра зноў не захочаш уставаць.
— А Лёнька кажа...
— Сціхні! — крыкнула Галя. Нават i для самой сябе нечакана злосна, а што ўжо казаць пра малую.
Сонечка ўздрыганулася i заціхла. Цяпер бы ёй якраз i заплакаць ад крыўды, але яна памаўчала хвілінку, а потым цёплая тонкая ручка яе працягнулася да Галінай шыі, трошкі напружылася, абняла i нібы самай моцнай сілай зноў прыцягнула маці да сябе.
— Я, мамка, буду спаць. I ты cпi. Добра?
— Добра. Ты толькі адвярніся да сцяны. На гэты вось бачок...
Нялёгка Галі вымавіць адразу столькі слоў. Ды вось малая заціхла. I добра. Гэтак будзе лепш i ёй, i маці.
«Не трэба ёй пакуль што бачыць маіх слёз, не трэба ведаць, што думаю я пра таго, хто стаў на гора наша бацькам яе, a маім мужам... Давай, дачушка, лепш заснём...»
За нізкай столлю, за страхой — высока над хатай стаіць у небе поўны ціхі месяц. За пшаніцай, за пахам ільну спыніўся недзе ў полі трактар. Cпi, маладзіца, не паспееш адпачыць, пакуль паблекне месяц. Cпi, спяшайся заснуць, пакуль трактарыст i прычэпшчык закурваюць... Ды яна не паспела, вядома. I не старалася, відаць. I трактар зноў гудзе, зноў над палямі коціцца, як хвалі на вялікім возеры, яго бадзёрае грукатанне.
— Мамка, а я ўжо ведаю — тата наш спекулянт... А што гэта, мамка? Ты спіш?
Галя маўчыць.
«Не ўсё гэта, не ўсё, што ён, твой бацька, спекулянт. Ды я пакуль што памаўчу. А ты лепш cпi, не забівай галоўку думкамі. Няхай ужо маці — ёй варта, яна заслужыла — няхай лепш маці падумае...»
...Гарманіст Юрачка больш не прыйшоў у Гаросіцу — ні шыць кажухі, ні цалаваць сваю Галю, ні ўпотай ад яе хадзіць у Качаны. Нешта хутка пасля ix першага развітання камсамольца Сяргея паны пасадзілі за краты. Не аднаго, вядома,— узялі з ім разам i іншых, з Гаросіцы i з Качаноў. Другі раз пайшоў у турму i Іван Чарнагрэбень. У верасні трыццаць дзевятага года, вярнуўшыся ў родную вёску, Сяргей адразу ж пачуў, што дзяўчына яго — за другім.
Як гэта сталася, што малады Хамёнак, Данькаў сын, узяў дачку Марылі Парабчанкі?
Гледзячы збоку, для многіх гэта было ясна. Ён — закахаўся, відаць, так, што пайшоў супраць волi бацькоў. Ну, а на месцы Галі пайшла б за яго не адна. Такі, людцы мае, хутар, ды i хлопец — нічога не скажаш. А што свёкар ліхі чалавек, дык жа не з ім, не з Данькам слінявым жыць. Прыйдзе час i на Даньку.
Сама Галя ведала больш. Мікола лазіў за ёю даўно, яшчэ да Юрачкі. Гаворка пра арышт Сяргея i Галіны горкія слёзы былі днямі ягонай радасці. Спачатку яна, вядома, i гаварыць не давалася, а потым смутак патроху заглух. A Мікола налазіў — штовечар, то больш. Нават плакаў i страшыў, што кончыць, зарэжа i яе, i сябе... Заступіцца не было каму. Пра гэты замуж шчаслівы трубілі не толькі чужыя — i сваякі, i маці была на яго, Міколавым, баку... Першы раз ён узяў яе ледзь што не сілай. Адразу свет завязаў, заставалася толькі плакаць i моўчкі ісці за ім, у ім шукаць паратунку ад ганьбы. На Данькаў хутар яна прыйшла яшчэ з дзявочым выглядам. Калі ж маладзіцы ўжо нельга было больш схаваць таго, што стала прыкметным раней, чым у хаце чакалі,— у свёкравым вечным зудзенні толькі i чуваць было: «Байстручка, жабрачка, няўдаліца...»
Апошняе слова ён разумеў па-свойму. Яна была i спраўная, i працавітая, ды гэта ўсё — не тое. I жыць, i працаваць трэба толькі таму, каб быць багатым. Хамёнак жыў для гумна. Галава пад старым каўпаком i старасвецкая хатка патрэбны былі менш, чым гэтае гумно. Гумно павінна заўсёды быць поўнае. Дзеля гэтага трэба мець поле. Больш поля — большае гумно. Менш паспіш — болей зробіш. Не з'ясі, не зносіш — больш застанецца. Збіраючыся жаніць сына, Данька перасыпаў гумно, растачыў яго для тых снапоў, што прыйдуць сюды з пасажнага поля. А сын узяў ды звар'яцеў... Галя была для Данькі не сямейнік, яна толькі замяніла наймічку. Колькі яна ні працуй — усё гэта будзе не тое. Ніколі ёй не адрабіць за крыўду, за абразу, за ўрон, нанесены Данькавай гаспадарцы.
Мікола здаваўся іншым за бацьку толькі раней, да вяселля. Тут, на хутары, калі яна пераступіла з ім парог гэтай чортавай ямы,— Хамёнак застаўся Хамёнкам.
Свёкар Данька... Тры разы за ўвесь час ён быў ласкавы да Галі, гэты чалавек.
У першы дзень пасля вяселля свякроў зварыла чыгун бульбы ў лупінах i з чыгуном паставіла на стале. Данька зняў свой каўпак, прыгроб рукамі валасы, перахрысціўся i сеў за стол.
— Масла мо трохі растапі,— сказаў ён жонцы.
Яна была паслухмяная, ціхая, верная, гадоў ужо сорак маўчала, як цягавіты, непераборлівы конь. Пайшла ў камору i вярнулася з лыжкаю масла. Яго аказалася мала на ўсю скавародку. Вяртацца зноў у камору, зноў лезці ў слоік — гэта было ўжо звыш сіл i прызвычаення. I старая схітрыла перад новым сямейнікам: павярнулася да стала спіной i плюхнула ў масла тры лыжкі гарачай вады. Усе заўважылі гэта, i кожны па-свойму маўчаў. Галя здзівілася, Міколу стала нават няёмка, а старому было прыемна ўдвая — i за хітрасць сваёй гаспадыні, i за тое, што гэтай хітрасці ніхто, як відаць, не заўважыў...
Чорнымі кіпцюрамі даўно нямытых рук ён абіраў сваю бульбіну i, прыплюшчыўшы вочы, маўчаў. Пасля пачаў абмачаць яе ў «масла». Штораз адкусіць бульбіну, то больш усё лезе са шчопцямі ў жыжку.
— Еш, нявестачка, еш,— гаварыў ён.— Дома ж у вас не было. У галечы расла. Абмачай.
Другая ласка прыйшла праз паўгода, у летнюю ноч. Міколы не было нешта дома, старая крахтала на печы, а стары яшчэ соваўся па двары. Пасля ён падзюбаў тымі самымі бруднымі шчопцямі ў шыбу i зусім нечакана паклікаў нявестку па імені:
— Галя!
Яна ажно ўздрыганулася.
— Ідзі сюды, Галя!
Здзівілася. Выйшла. «Чаго яму трэба?..» Данька патупаў па сцежцы туды, дзе ад поля — вішняк. Спыніўся. Яна падышла i спынілася воддаль.
— Ночка якая, га?— сказаў стары.— Канюшына як пахне нава, ліха яго галаве!.. Столькі коп!.. Пайдзі ты, Галя, другую дзяружку вазьмі. Пойдзем, яшчэ разочак прынясём. Зімой лішні ахапак як знойдзеш.
Галя ўбачыла пад пахай у яго скамечаную дзяругу.
— Я ніколі не крала,— сказала яна.— Трэба вам, мала свайго, дык ідзіце.
Павярнулася i пайшла. Не чула нават, што ён там бурчаў. Вядома — што. Ён нездарма скідае свой каўпак, толькі хрысцячыся перад іконай, а разувае лапці раз на тыдзень, у суботу. Ён нездарма зрабіў вялікае гумно.
Трэцяя ласка прыйшла тады, калі яна нарадзіла Антося i, пасля цяжкіх родаў, ляжала цэлы тыдзень у ложку.
— Курыцу трэба зарэзаць,— на трэці дзень аб'явіла свякроў.
Гэтая думка, народжаная ў пакутах, не вельмі ўзрушыла Даньку. Не памагала i тое, што сын — дагэтуль такі паслухмяны, разумны — таксама настойваў на тым, што курыцу ўсё ж такі трэба зарэзаць. Была i курыца такая, не нясушчая,— хадзіла толькі ды сакатала чортведама чаго каля акон, нібы сама прасілася пад нож. Жонка i сын не адставалі. Нявестка, немач на яе, ляжыць, а бульба ўся яшчэ не капана... Стары паклікаў курыцу ў сені, зачыніўся, злавіў яе ў кутку i ўзяў сякеру. Прысуд быў выкананы на парозе. Тады Данька ўнёс яе ў хату, кінуў на падлогу i сказаў:
— Бярыце. Ешце.
Гэта было шаснаццатага верасня — апошні дзень панскай улады.
Паны ўцяклі, а Хамёнак застаўся. Данька не доўга патрываў. Не спаў, не разуваўся ўсю зіму, нават хрысціцца пачаў у сваім каўпаку. «Канец... Канец свету...» — крахтаў ён, лежачы на печы. Напрадвесні старога нарэшце памылі i вынеслі з хаты ўперад нагамі. Назаўтра Мікола ўзяў яго каўпак, шпурнуў з сяней на гарышча i стаў гаспадарыць сам.
Праз год памерла свякроў.
...Трактар гудзе. Поўны месяц высока стаіць над палямі. Адзін будзе гудзець усю ноч, другі — свяціць трактарысту да сонца.
Чарнявая Сонечка цёпла дыхае носікам маме ў плячо. Даўно заснула, успомніла слова, якім назвалі на пашы яе амаль невядомага бацьку. Няхай пакуль што спіць, няхай не ведае больш...
Галя ўстала. Хацела выйсці ў кухню, напіцца, але раздумала i падышла да акна. Не адчыняецца яно, i фортачкі няма. A ўсё ж тут лепш чуваць, як за прасторам калгаснай пшаніцы, за лёнам духмяным бяссонна, нястомна працуе трактар.
— Сярожа,— шэпчуць сухія, гарачыя Галіны вусны,— Сярожа, можа, зайшоў бы? Ну, хоць напіцца...
Ды не, ён не зойдзе.
Ён заходзіў у гэтую хату адзін толькі раз.
Гэта было напрадвесні сорак чацвёртага года.
Нешта апоўначы Хамёнкавых разбудзіў стук у акно. Ясна — хто гэта: адны былі ў той час гаспадары начэй. Адчыняць i цяпер пайшла Галя. Сам гаспадар у такіх выпадках не ўставаў з пасцелі.
Следам за Галяй увайшло толькі двух, рэшта стаяла з коньмі на дварэ. Галя пабольшыла кнот у газніцы, а сама пайшла ў куток. Яе справа закончана, гаспадар будзе гаварыць сам.
— Добры вечар! Што, хворы? — спытаўся адзін з партызан.
— Ды так, таварышы, няхай яго немач...
— Сэрца?
— Не, яно, каб сказаць...
— Язва?
— У мяне, таварышы...
— Што ж, душа па радзіме баліць? Ляжы, ляжы. Я ведаю — ты спраўкі хочаш паказаць.
Партызан уключыў электрычны ліхтарык, i гаспадар заморгаў у святле.
— Усё нармальна,— сказаў партызан.— Хвароба працякае правільна. Барада запушчана, боты схаваны, самагоначка ёсць...
Мікола зразумеў гэта па-свойму.
— Ды недзе кропля ёсць, таварышы. Добра, што вы напомнілі.
— Ляжы, ляжы, Хамёнак, не ўставай. Няхай пастаіць самагонка твая. Заўтра заедуць бобікі. А можа, з імі i сам пан фельдфебель. А нам твае танцы ды спевы не трэба. Вахлак.
— Вось вы не верыце, таварышы...
— Ды што нам верыць — мы бачым,— перабіў яго партызан.— Бачым цябе наскрозь. У нас, брат, дакладна запісана ўся гісторыя тваёй хваробы — i барадатай i безбародай. Ты ўсюды ўсё адбываеш сваёй самагонкай. Народ абліваецца кроўю, а ты... Віляеш, як сука, i нашым, i вашым. Ды што нам з табой гаварыць. Дзе Каштанка? Пад'ём!
Хамёнак усё яшчэ цяжка, не збаўляючы выгляду хворага чалавека, узняўся i сеў на ложку.
— Галя, дай мне валёнкі.
Яна не хацела выходзіць з кутка. Хацелася нават шпурнуць ix, гэтыя знарок ірваныя валёнкі, у гэтую рыжую, знарок запушчаную бараду. Хацелася проста заплакаць ад крыўды i сораму... Аднак яна ўзяла з печы валёнкі i панесла ix перад сабой, каб хоць гэтак, хоць трошкі даўжэй не паказваць людзям, ад каго яна зноў зацяжарала...
— На,— сказала яна адно слова, якое здолела вымавіць.
I тады ён, Сярожа, сказаў:
— Добры вечар, Галя! I ты ад нас хаваешся?
Ах, ну чаму ты, дурніца, тады не сказала яму:
«Забяры мяне, родны, адгэтуль!» Чаму не назвала яго тым іменем, якое даражэй табе за ўсе на свеце імёны,— Сярожа? Чаму?..
Таму, што i мову табе, i слёзы адняло ад жалю да сябе, ад сораму.
— Добры вечар,— сказала яна, апусціўшы вочы.
Вельмі добра, што пры газніцы было цемнавата, што ён не асвятліў яе ліхтарыкам. Відаць, хоць трошкі яшчэ паважаў ён яе — калі ўжо не Галю сваю, дык жанчыну.
Яна не пайшла за імі ў гумно, засталася ў сенцах, на парозе, у адчыненых дзвярах. Хутаючыся ў незашпілены кажушок, яна чула... не чула, а прагна слухала маладую гутарку вольных, шчаслівых людзей.
Уся Хамёнкава хітрасць аказалася тут проста смешнай. Два дні выскубаў ён у тарпе саломы схованку, тры месяцы пакутавала ў цемры раскормленая жарабіца. А тут адзін з гэтых хлопцаў пастукаў, відаць, у вядро і, нібы поп, прамовіў:
— Дзе ты там, грэшная душа? Выходзь на божае святло.
Каштанка зафыркала ў адказ, i гэтае фырканне пакрыў вясёлы смех i гоман на таку.
Ён, Хамёнак, яшчэ ўсё ныў:
— З выгляду яна, i праўда, як быццам нічога. Ды, падла, без ног...
— Хэ! Та ў нэі дзійсно тількі чатыры ніжкы, хлопцы! — пачуўся прыемны голас аднаго з тых жартуноў, што хораша, відаць, спяваюць. Украінец.— Так шчо, таварышу ўзводны,— гаварыў ён,— моя біда, а ваш наказ залышыцця, мабуць, у сілі. Я конячку сідлаю, так?
— Сядлай, Арцём. Толькі хутчэй,— пачуўся голас Сярожы.
«Ён — камандзір. Я так i ведала»,— міжволі з радасцю падумала Галя.
Тым часам той весялун, каго звалі Арцёмам, зняў з невялікага каня сядло i перанёс яго на іхнюю Каштанку.
— Эх, здоровенькы булы, ластіўко! — сказаў ён.— А мого Чалого ты, борода, бэры. Тількі не ў яму цю постаў. Прыйду — побачу, як тый його годуватымэш. Він — заслужэны кінь. Ну, Господы, благословы!
Хлопец паставіў у стрэмя нагу, i вось на светлым фоне снегу вырас над іхняй Каштанкай яго сілуэт.
Наструненая павадамі жарабіца затанцавала па прыгуменні.
— Прощай, борода! — пачуўся яшчэ адзін голас.— Ты, кстати, эту пакость сбрей. Мы как-нибудь зайдем, проверим. Вообще, разочка два в неделю бриться — это на здоровье.
— Не слухай, дзядзька, які ён фельчар? Ты лепш пчол у ёй развядзі.
— Точно! Медку не будет, но заснуть не дадут.
— Паехалі! — зноў пачуўся голас Сяргея.
Яны паехалі, а Хамёнак застаўся. Пакінуты стомлены канюк, якога ён трымаў за павады, узняў галаву, заржаў. Неяк сумна, балюча — услед ix маладому смеху, цокату мноства падкоў па аблыселым бруку дарогі...
— Не плач, ідзі лажыся, чаго ты...— гудзеў Хамёнак з-пад коўдры.— Ты думаеш, што мне яе не шкада. Такая, ліха ім, кабыліца!..
— Пайшоў ты к чорту! — сказала яна i палезла на печ.
Хамёнак маўчаў нядоўга.
— Ага-а! — пачуўся ў цемры яго зларадны голас.— Дык ты па ім, па гэтым шыбеніку! Ну, паглядзім!..
Ён i тады яшчэ страшыў, ужо ў канцы панавання чужынцаў, ужо напярэдадні вызвалення.
...За акном пачынае світаць. Вялікі, поўны месяц вось-вось пабялее, закончыць дзяжурства над полем, перадасць яго сонцу.
А трактар гудзе i гудзе...
«Зайдзі, зайдзі, Сярожа, яшчэ раз. Апошні разок!..»
Галя глядзіць удаль, успёршыся на падаконнік.
А гул усё, здаецца, набліжаецца. Так, ён бліжэй, штораз бліжэй!..
«Ідзі, ідзі адтуль, дарагі мой, куды ты пайшоў пад песню свайго гармоніка на вуліцы, пад цокат падкоў на дарозе,— з той яснай стараны, адкуль ты не вяртаўся гэтак доўга!..»
Збылося!
Трактар спыніўся. Рокат замоўк.
Галя ўстала i адышла ад акна. Міжвольнымі рухамі рук яна адразу паправіла валасы, пасля — таксама міжвольна — закрыла рукамі твар.
Сяргей ідзе. Яшчэ ўсё малады, як i ў той час, толькі цяпер — у сінім заплямленым камбінезоне, з пшанічным чубам над блакітнымі вясёлымі вачыма, з кепкай у левай руцэ. Вось-вось зашалясціць пад яго ботамі росная трава, захрупае жвір каля прызбы, працягнецца да шыбы родная рука, застукае ціхенька ў шкло i — кончыцца ўсё, што было... Ідзі, ідзі, я чакаю даўно... ой, даўно!
Ды што гэта!..
Ну, а ты думала — што?..
Трактар гудзе ізноў. I гэты гул цяпер штораз — далей.
Як гэта проста ўсё, як зразумела, што ён завярнуўся,— i як гэта страшна!..
Сядзь i сядзі каля акна. Хочаш — крычы, а хочаш — маўчы, пазірай. Ёсць i яшчэ адно, што табе засталося,— заплач.
I Галя выбрала апошняе. Не выбрала — яно прыйшло само. Прыпаўшы тварам да гарачых рук на падаконніку, яна заплакала — горка, наўзрыд. Плакала доўга, як дзіця, калі яго пакрыўдзяць i пакінуць у такой вось чужой i цёмнай хаце. А потым, як дзіця, стамілася ад слёз. Вярнулася стома на вочы, мякка, уладна, асела на душу...
Жняя заснула.
А трактар гудзе i гудзе...
...За садам — пшаніца. Багаты хлебны прастор. Над калоссем — густая парная імгла, праз якую спакойна глядзіць на зямлю негарачае сонца. Сёння, у нядзелю, яно нібы адпачывае само i хоча даць выхадны ад спёкі ўсяму, што жыве.
Такога мора пшаніцы не бачылі тут, на месцы нядаўніх палосак ды межаў, ніколі. Прыгнешся трохі — амаль зусім не варушыцца цяжкае ды непахілае калоссе, цёпла-вільготнае ў імгле, нібы спацела... Харошая пшаніца. Так i трэба! Над шчоткай меднага калосся — шэрыя няўрымслівыя вераб'і. Дажылі да раскошы. Так i лётаюць, так i шчабечуць, так i садзяцца на каласы, нібы пчолы на кветкі. Толькі тыя заўсёды працуюць, гудуць сваю песню сур'ёзна, a вераб'і цяпер шчаслівыя, без клопату. Зусім легкадумны народ.
А трактар яшчэ ўсё гудзе i гудзе...
Хто там змяніў гарманіста Сяргея?
Каля студні мыецца Галін хлопец Антось. Нацягаў у карыта сцюдзёнай вады, зняў кашулю, i на ўвесь двор чуваць, як ён фыркае ды пакрэктвае ад здавальнення. Харошы хлопец, жывы, працавіты.
Добра, што цягне яго да людзей. Сам, па сваёй ахвоце i пазаўчора i ўчора хадзіў з сябрукамі за вёску да малатарні. Антось выціраецца свежым кужэльным ручніком. I зноў, здаецца, на ўвесь двор чуваць, як аж рыпіць яго загарэлы твар, моцныя рукі, што заслужылі i сёння адпачынак.
Галя вельмі любіць Сонечку. Галю ў маленстве ніхто не здымаў. Якія там маглі быць здымкі. Добра хоць, што люстэрка было ў Парабчанкі. Ды Галя глядзіць на Сонечку сваю, як у люстэрка. Такою, мусіць, толькі такою была яна сама калісьці — з вялікімі вачыма, чорненькая шчабятушка...
Сонечка стаіць на пасцелі ў кароткай чысценькай кашульцы. Яшчэ ўсё сонная, ды ўжо з усмешкай на прыплюшчаных карых вачах, яна працягвае да Галі тонкія загарэлыя ручкі. Мама надзявае на ix маленькі крэмавы станік, потым зашпільвае яго, спрытна перабіраючы пальцамі белыя гузікі. А тонкія цёплыя ручкі малой ужо абвіліся за Галіну шыю. Чорнавалосая галоўка сама схілілася на маміна плячо. Ой, як прыпала б яна да падушкі!.. Ды нічога, Сонечка ўстане таксама ахвотна. Яна ведае, што цяпер жніво, што ёй i сёння трэба замяніць Антося, пакуль ён паспіць. На двары ўжо стаіць, чакаючы сваю пастушку, ласкавая, спакойная Падласка. У жоўтым чысценькім збанку стаіць на стале каля кубка цёплы сырадой.
— Ты, мамка, спала са мной?
— З табою. То ж мы разам з табою заснулі.
— Сёння, мамка, нядзеля?
— Нядзеля. Сукенку ты надзенеш новую, дачушка. Гэтую.
— А ты, мамка, пойдзеш у поле. Жыта дажалі, дык трэба ўжо авёс. I авёс, пшаніцу. Антось таксама пойдзе.
— Ён паспіць. Ён малаціў усю ноч.
— Антось наш вялікі. Ён у нас, мамка, харошы.
— Харошы, дочка, харошы.
— I я харошая, мамка. Я цябе слухаю.
— Ты — таксама, дачушка. Ты лепшая за нас усіх.
Галя падцягвае малой таксама, як i станік, свежыя, гладкія трусікі, а потым туліць да грудзей усю яе — такую родную, цёплую. «Сонейка мае! Чаму ж я не нарадзіла цябе ад таго, хто быў мой?!.»
А за акном — чуваць — гудзе, ракоча нястомны рабацягатрактар... Хто там сядзіць за рулём? Хто там змяніў Сярожу?
— А я ўчора думала-думала, думала-думала,— шчабеча Сонечка,— i ўспомніла: спе-ку-лянт! А што гэта, мамка? Што?
— Вырасцеш, дочка, яшчэ трохі i тады зразумееш, тады я скажу. Ты — харошая, ты больш не будзеш пытацца?
— Не буду. Я Падласку паганю.
...Галя ідзе па расе каля пшаніцы, туды, дзе дарога ў поле.
«Не, ён — не толькі спекулянт,— у думках гаворыць яна, нібы яшчэ ўсё размаўляючы з дачкой.— Ён — баязлівец, злосны, плюгавы, шкодны чалавек. Ён ніколі не быў тваім бацькам, дачушка мая, не быў маім мужам. Ніколі!..»
Яна ўспамінае яго бараду. Кудлатую, рыжую, з пчоламі. Назаўтра пасля таго, як забралі Каштанку, ён доўга скроб тупою брытвай гэтую бараду — крахтаў, стагнаў перад аблезлым трохкутнікам люстэрка, a ўсё ж такі скроб. I кожны тыдзень галіўся, да самага прыходу нашай арміі, штоночы чакаючы тых, што абяцалі прыехаць праверыць. Яны, вядома, не прыехалі, а ён, вядома, не змяніўся. Пайшоў на фронт. Ну, прастрэлілі трохі руку... Куды ён толькі не тыцкаўся з гэтай рукой, каб давесці, што ён за савецкую ўладу! Куды ён толькі не ездзіў на свае гешэфты!.. Стоўбцы, Баранавічы, Мінск... I вось сядзіць. Даездзіўся, дабурчэўся...
Можа, нядобра гэта, што яна не шкадуе яго? То ж бацька дзецям, пражылі столькі год... Ды не, не шкадуе, ні разу нават, здаецца, i не падумала.
А трактар гудзе...
Хутка знікне імгла, i за пшаніцай, за лёнам адкрыецца чорны прастор свежай, духмянай раллі, стане відаць, колькі за ноч узняў зямлі яе Сярожа. А можа, гэта ён яшчэ сядзіць за рулём? Не, не ён. Нават трактар ракоча не там — не даходзіць у сэрцы яго несціханы, бязлітасны, добры, любімы гул. Не, не ён.
Нехта ідзе па дарозе...
Божа мой — ён!..
Галя хацела рвануцца, пабегчы туды, але спынілася — глядзіць... Сярожа ідзе без шапкі, у сінім, расхрыстаным на грудзях камбінезоне — такі самы, якім яна нібыта бачыла яго праз акно.
«Не, ён не ўбачыць мяне!.. Не, не цяпер!..»
Яна сышла са сцежкі ў пшаніцу.
Сяргей ідзе i не бачыць над калоссем яе галавы ў белай хустцы, пад колер імглы. Ды ён сюды i не глядзіць... Толькі на яго, услед яму глядзяць Галіны карыя сумныя вочы...
«Вярніся ты хоць як-небудзь назад, мая харошая, мая загубленая маладосць! Вярніся, заспявай мне вясёлую песню пра чорную галку, якая яшчэ ўсё твая, зірні мне ў вочы, i я сама падпалю гэты хутар, вазьму дзяцей, пайду з табой усюды, куды скажаш!..»
A пшаніца, якая пшаніца навокал! Густая, чыстая, высокая. Так i трэба!
Галя яшчэ не думае пра гэта: толькі адчувае. Мазольная спрытная рука жняі пайшла па каласах, i пяшчотныя дотыкі ix разбудзілі ў душы пачуцці светлай, харошай палёгкі...
«Іван Сцяпанавіч! Дзядзька Іван! Памажыце мне, дзядзька!»
Галіны вусны шэпчуць гэта, як даўно завучаныя словы. I дзядзька Іван, разумны Іван Сцяпанавіч, той самы Іван Чарнагрэбень, падпольшчык i гарманіст у мінулым, цяпер старшыня ix калгаса, глядзіць на Галю з-пад густых, ужо як быццам з сівізной брывей.
«Што ты хочаш, Галіна?»
«Дзядзька Іван, я не хачу там жыць, вазьміце вы мяне назад у нашу вёску. Зрабіце мне хатку, i мы з Антосем адробім, за ўсенька адробім. Здыміце з мяне яго прозвішча, дзядзька Іван. То ж вы i самі ведаеце ўсё — хто ён, хто я i хто мае дзеці...»
«Не плач, Галіна, не трэба. Уладзім».
А Галя плача. Ідзе па дарозе i плача. Праз імглу i праз слёзы, што засланілі ад яе гэты пракляты, яшчэ ўсё не зраўнаваны з зямлёю хутар, працягваюцца тонкія загарэлыя ручкі, цёпла кладуцца на шыю яе, i каля самага вуха чуваць:
«Ты харошая, мамка мая!»
Не, гэта ты харошая, ты, мае сонейка, ты лепшая за ўсіх! I доля твая будзе не такой, як у мамы. Ніхто не насмяецца з твайго жыцця...
А трактар гудзе i гудзе...
Там — не Сярожка. Ды гэта нічога. Ноччу будзе зноў ён. Зноў будзе балець па ім яе душа, да самага світання...
Няхай сабе. Абы толькі гудзеў.
Маці
Жнучы, яна стамлялася з кожным днём усё больш. Гарачую задуху цяжка было ад махнуць ад знямоглых грудзей нават самай вялікай, самай каласістай жменяй. A рабіць трэба было, хоць i свету не бачыш... I яна жала, нікому нічога не кажучы.
Увечары, вяртаючыся дахаты са сваім наймалодшым, у тое страшнае лета адзіным у хаце сынам, старая ледзь перастаўляла ногі, натруджаныя гадамi бязлітаснай працы. Паблеклыя вочы яе глядзелі на свет з-пад нізка насунутай хусткі, здаецца, зусім абыякава.
Аднак яны бачылі многа.
Вось, нечакана спыніўшыся, маці азірнулася на свайго хлопца, які, таксама з сярпом на плячы, пачціва ішоў ззаду, запавальняючы хаду, па-пастушынаму «клюючы» салодкі жытні каласок.
— Глядзі, Васіль, як ён упяўся... Эх! Трымайся, нябога, стой!
Сын перастаў на момант «кляваць», зірнуў у той бок, куды яна паказвала. За вялізнай узорнай дзяругай цераспалосіцы, недзе далёка-далёка за ўзгоркам патухала зара, a зусім блізка ад мяжы, па якой яны ішлі, стаяў пахілы мэндлік жыта. Уранні па нівах, з гары ў даліну, прайшоўся нізам вецер i панасоўваў мэндлікам шапкі на самыя вочы. Мала таго, каторы слабей пастаўлены, дык i ўсяго яго ці нахіліў, ці нават абярнуў зусім. Той, на які паказвала маці, нахілены ўсімі снапамі ўдагон ранішняму ветру, што быў ужо на другім канцы свету,— той не хацеў упасці. I старая жняя ўсміхнулася, гледзячы на яго амаль таксама ўлюбёна ў жыццё, як у тыя гады, калі яна была парабчанкай у панскім двары i не ведала стомы, бегаючы вакол чужога шчасця.
Калі мяжа ўперлася ў гасцінец, маці з сынам павярнулі ўлева.
Па сцежцы на траве абочыны пайшлі таксама: яна — спераду, ён — ззаду.
Па правай руцэ ўздымалася высокая града гасцінца, па левай час ад часу блізка гулі тэлеграфныя слупы.
Прагудзе адзін, пасля ідзеш, пасля зноў стаіць ды гудзе, нібы нешта жывое,— так сумна, нават злавесна, усцішна мармычучы.
На адным слупе, ужо недалёка ад павароту на іхні хутар, старая заўважыла белую плямку паперы — на ўзроўні вачэй. Прайшла міма: няма калі думаць пра ўсё... Потым спынілася. Сказаць сыну, каб зірнуў, што гэта,— не паспела: ён ужо сам чытаў, кінуўшы каласок. Прачытаўшы, аддзёр паперку, парваў яе на кавалачкі i сыпануў імі, нібы жменяй мякіны, камусьці нябачнаму ў вочы.
— Што гэта?
— Каб не давалі есці байцам. Каб выдавалі ix паліцаям. Дадуць гарэлкі i тытуню.
— Няхай бы сабе вісела, сынок. Няўжо ж ix нехта паслухае?
— Будуць расстрэльваць тых, хто не паслухае. Усю сям'ю. I хату спаляць.
— На ўсё божая воля...
Яны пайшлі — зноў адно за адным i моўчкі.
Дома, у сенцах старое хаты, яшчэ пры панах выкінутай з вёскі на хутар, маці ўваткнула свой серп у шчыліну над вушаком. Сын зрабіў тое самае. Яна паправіла аберуч хустку, зверху ўніз з прыціскам правяла рукамі па твары, нібы здымаючы стому з вачэй, i ўжо хацела сказаць, што вось толькі падоіць карову ды будуць вячэраць.
— Я пайду ў вёску,— апярэдзіў яе Васіль.
— Зноў! — больш спалохана, чым злосна, крыкнула яна. А потым перайшла на ласку: — Не ішоў бы ты лепш. Заўтра ж рана ўставаць.
— Ну што ж, i ўстану.
— Дык павячэраў бы хоць.
— Я скора прыйду.
— Ведаю я гэтае скора... Ой, находзішся ты! Давядзе цябе тэты Азароначак! Успомніш ты мае слова!..
— Нічога, маці. Спалохалася?
— Вось тады пасмяешся! Знайшоў чым гуляць! Па-твойму, я сляпая — нічога не бачу, або дурная — нічога не ведаю?
Ён падумаў, што больш не варта... Не, ён проста ўспыхнуў:
— Яшчэ чаго — будзе вучыць!
I пайшоў.
Зноў дай божа цярплівасць на ўсенькую ноч!..
Праз якую гадзіну старая хата ў шэрай, па-начному ўжо аднатоннай, чыстаполіцы стомлена патушыла агеньчыкі акон.
Маці не спіць.
Каля гэтага хутара фронт — трагічны пачатак вайны — прайшоў, як нейкі раптоўны віхор,— i верхам, i нізам. Раўлі самалёты, ірваліся бомбы, грукаталі танкі, беглі па збожжы салдаты... Прайшоў гэты віхор i праз душу: ён нечакана вымеў з хаты абодвух старэйшых сыноў. Сцяпан толькі пазалетась, калі прыйшлі таварышы, вярнуўся з панскага астрога, прычакаўшы нарэшце таго, за што пакутаваў. Уладзік, самы старэйшы, гаспадар, змабілізованы панамі ўлетку трыццаць дзевятага года, толькі ў замаразкі прынёс асміну вошай з нямецкага лагера.
I вось пайшлі яе хлопцы зноў, цяпер ужо на ўсход. I не вяртаюцца, як іншыя... Не паспелі i ажаніцца,— так хутка праляцеў ён, тэты час ix доўгачаканай волі. Уладзік толькі дрэва навалачыў, каб новую хату рубіць. Сцяпан у сельсавеце сядзеў, старшынёю. A Васіль — гэты вучыўся дзве зімы ажно ў Наваградку...
Так, тых няма. Бог святы ведае, што будзе... А гэты, апошні, не хоча сядзець у хаце, шукае няшчасця. Дачакалася — нават не скажа, куды i чаго...
...Яны прыйшлі яшчэ зацемна. Старая не спала ад болю ў нагах, i асцярожны стук у шыбу не разбудзіў яе, а проста спалохаў. Пакуль яна ўзняла з падушкі галаву, пакуль у гэтай сівой проставалосай галаве сто разоў перавярнулася думка — хто гэта? — i нават радасць — а можа? — пакуль яна ўстала, пачуўся амаль да шэпту прыглушаны голас:
— Хозяин!.. Хозяин, открой!..
Як вядзецца спрадвеку, яна спачатку прыткнулася лбом да шыбы, паглядзела. Потым выйшла ў сенцы, дрыжачымі рукамі выцягнула засаўку i адчыніла дзверы. Стала толькі зусім ясна тое, аб чым яна здагадалася адразу: гэта — яны, байцы...
Адзін з ix,— a колькі ўсіх было, не паспела заўважыць адразу ў матава-празрыстым паўзмроку дасвецця,— адзін падышоў да яе i ўсё яшчэ шэптам сказаў, нібы спытаўся:
— Мать? Ты нам хлебушка дай, родная... Ты не бойся: мы сразу же уйдем... Из лагеря бежали...
Шэры i гладкі тэлеграфны слуп са злавесным гудзеннем праплыў перад яе вачыма... З той самай паперкай, якую рваў яе хлопец... Мільганула думка, трывогай тузануўшы за сэрца: а ён яшчэ не вярнуўся!.. Белая пляма паперкі махнулася разам са слупам удаль i знікла. Застаўся толькі страшны няголены твар чалавека з вялікімі вачыма. Засталіся толькі яны — цяпер ужо добра відаць — учатырох.
— Заходзьце, хлопчыкі! Я вам хоць малачка... Хоць смагу прагнаць... Лямпу не будзем запальваць...
Апошняе яна сказала, пераступаючы парог.
............................................
I на гасцінцы, i ў мястэчку, на ўсім — так добра знаёмым i якім жа кароткім цяпер — шляху ад роднай хаты да свежай ямы ў лапухах добрыя людзі бачылі яе пакутніцкі паход. I ўсім было зразумела, куды i завошта.
Чатыры босыя, у вайсковых лахманах мужчыны, з рукамі, скручанымі назад калючым дротам, па двух ішлі следам за ёю. Ёй фашысты зрабілі палёгку: не звязалі рук... Што ж, яны не баяліся яе нават так, як гэтых бяззбройных, знясіленых уцекачоў. Адзін з байцоў, яшчэ зусім хлапчук, нядаўна астрыжаны пад машынку, з усіх сіл намагаўся не ўпасці i, ззаду гледзячы на таварышаў, узнімаў, як i яны, галаву.
Свае худыя, так мала ў жыцці цалаваныя рукі яна трымала мазалямі да мазалёў. Шаптала свае, зусім новыя словы малітвы. I ў ранішнім святле роднага сонца ясным быў яе твар, хоць па маршчынах міжвольна каціліся слёзы. Яна i тут не думала пра сябе. Дзе ён, яе Васілёк, чаму не вярнуўся?.. Як добра, Божа ласкавы, што ён не прыйшоў, не прыбег нават i на пажар роднай хаты!.. Відаць, далека ўжо недзе сынок, відаць, адкапалі-такі яны з Азаронкам свае кулямёты... Дзе яны, Уладзік i Сцяпан?.. Хавай ix, Божа, усіх трох ад куль, дай ім усім убачыць матчыну магілу!.. I тут душа яе вярталася да гэтых, да чужых сыноў, з якімі так моцна зрадніла доля... Яна чула ix крокі — шорганне босых ног па жвіры, чула i цяжкае дыханне... Яна аддала ім усё, што магла... А тут нават не азірнешся. I яна рабіла адно — яшчэ як мама вучыла — малілася. I за сваіх сыноў, i за чужых, i за сябе...
Горача дыхалі клыкастыя, дурныя зяпы аўчарак. Чорнай сталлю паблісквалі ў голых да локцяў, загарэлых руках аўтаматы. Час ад часу на ўзбоччы гудзелі тэлеграфныя слупы.
Маці не ведала, хто яна. Не думала аб тым, што не з адным толькі жахам глядзелі на ix паход сустрэчныя,— што вобраз яе засядзе ў сэрцы многіх мужчын горкім, няўмольным дакорам, што вочы i рукі яе ўспамінаць будуць нават дужыя людзі, выганяючы з душы апошні страх перад начной партызанскай атакай...
1957
Memento mori
Позняй восенню сорак трэцяга года на адным з самых спакойных перагонаў Беларускай чыгункі ўзарваўся нямецкі вайсковы эшалон.
Праз дзень, халодным, золкім досвіткам, бліжэйшую да месца катастрофы вёску акружылі карнікі. Жандары ў касках i стракатых плашч-палатках i мясцовыя здраднікі-паліцаі ў чорных, прамоклых шынялях прыехалі з райцэнтра на пяці машынах. Веска была вялікая, але «накрыць» яе ўдалося хутка i спраўна. Як высветлілася значна пазней, уцалела толькі двое: хлапчук, які выпаўз баразной у загуменныя кусты, i дзед, што якраз заначаваў у сваяка на дальнім хутары.
Усе іншыя жыхары сагнаны былі ў той канец вёскі, дзе стаяла старая вялізная адрына,— усё, што ўцалела ад калгаснай фермы.
Зондэрфюрэр, начальнік экспедыцыі, разважыў, што прымусіць «бандытаў» капаць сабе яму — доўгая гісторыя. Значна прасцей спаліць ix у гэтай адрыне. Пакуль яго падначаленыя заганялі вёску ў трое шырокіх варот драўлянай будыніны, ён стаяў трохі збоку, на ўзгорачку, i непрыемна моршчыўся ад дзікага крыку i плачу...
Побач з ім амаль непрыкметна ўздрыгвала ад пранізлівай слаты маладая збялелая перакладчыца.
— Мы хутка скончым гэтае швайнэрай [1] i тады, фройляйн Бэра, паедзем дахаты. Будзе зноў цёпла... О так!..
Істота ў скураным паліто i белай вязанай хустцы выклікала на твар крывое падабенства службова-інтымнай усмешкі.
Так бы ўсё i было, як бывала, аднак, зірнуўшы ў натоўп сваіх ахвяр, што набліжаліся да крайняй ад яго чорнай пячоры варот, зондэрфюрэр заўважыў знаёмага.
— Адкуль я ведаю яго?.. О! Мэншэнскінд [2], дык гэта ж той пячнік! Скажыце, фройляйн Бэра, каб яго падагналі сюды.
Печніка падагналі.
— Біст ду дох аўх гip, майн лібэр кэрль? [3] — засмяяўся начальнік.
Пячнік нічога не зразумеў. Ды, відаць, i не чуў. Бледны, без шапкі на лысіне, аброслы сівеючай шчэццю, ён упёрся ў немца скамянелымі вачыма i маўчаў. Толькі бяскроўныя губы перасмыкаліся, як ад нязбытнага жадання гаварыць.
Улетку ён рабіў зондэрфюрэру печы. Знайшлі яго i прывялі, вядомага на ўсю ваколіцу. Пяць раніц дзяжурны жандар абшукваў яго i кожны раз аднолькава весела знаходзіў у кішэнях майстра тое самае крэсіва, самасад i кавалак чорнага хлеба. А печы атрымаліся выдатныя. Кухар хваліць пліту, а сам зондэрфюрэр — грубку з белай кафлі. Вось i цяпер ён ледзь не заахкаў на ўспамін аб яе гладкай цеплыні.
— Скажыце яму, фройляйн Вэра, што ён не будзе спалены. Спытайцеся, ён хоча жыць?
— Спадар зондэрфюрэр кажа, што вы, дзядзька, будзеце жыць. I ён пытаецца, ці вы гэтага хочаце?
Пячнік толькі паварушыў бяскроўнымі губамі.
— I скажыце яму... Спытайцеся, хто ў яго там ёсць.
— Спадар зондэрфюрэр пытаецца, хто ў вас там ёсць? Там — у адрыне?
З вуснаў у чалавека сарваліся словы:
— Там... мая... баба...
— Ён кажа, што там яго жонка.
— Скажыце яму, што жонка яго таксама не згарыць. Ён можа ўзяць яе.
— Спадар зондэрфюрэр кажа, што фрау... што жонку сваю вы можаце забраць.
Бяскроўныя губы ў сівеючай шчэці заварушыліся зноў:
— У мяне там i дачка... з малымі дзет... камі...
— Ён кажа, што там у яго ёсць дачка са сваімі дзецьмі.
— О! Мэншэнскінд! Можа, у яго яшчэ хто-небудзь ёсць?
— Спадар зондэрфюрэр пачынае выказваць нездавальненне. Ён пытаецца, хто ў вас там ёсць яшчэ?
— Скажы яму, што ў мяне там суседзі... А ты скажы, што яны сваякі...
— Ён кажа, што ў яго там многа сваякоў. А таксама суседзі.
— Суседзі?! Эс іст абэр этвас цу ляхен!.. [4] Можа, ён хоча, каб я аддаў яму ўсю гэтую банду? Спытайцеся ў яго апошні раз: чаго ён хоча, вар'ят?
— Спадар зондэрфюрэр пачынае злаваць. Вы, дзядзька, не дурыцеся, калі хочаце жыць. Зараз адрыну падпаляць. Ён кажа, што вы, мусіць, хацелі б забраць адтуль усю банду.
Пад чорнай навіссю броваў ажылі нарэшце вочы. Губы зусім перасталі дрыжаць. Нібыта не сваю, незвычайным жэстам, пячнік узняў галаву:
— А ён што думаў? I ўсіх! Усіх добрых людзей!.. Можа, ён ім раўня — гэты твой гаспадар? Або ты, можа?.. Цьфу!..
Чалавек плюнуў пад ногі, тады павярнуўся i ўжо не тым няпэўным крокам, як сюды, пайшоў да варот адрыны.
Быў нейкі момант разгубленасці, а потым зондэрфюрэр сарваў з правай рукі мокрую скураную пальчатку, адшпіліў кабуру, выхапіў пісталет i прыцэліўся...
У жудасным ляманце стрэл амаль не пачуўся.
Але пячнік упаў.
Ён яшчэ ўздрыгваў, калі яго паднялі i кінулі цераз парог, пад ногі збою аднавяскоўцаў.
Тады вароты назаўсёды зачыніліся.
I ён згарэў — адзін, хто мог бы ў той дзень не згарэць.
I ён жыве.
1958
Надпіс на зрубе
1
Дзве рыбацкія вёскі, у якіх жывуць дзед Вячэра i ўнучак яго Міхась, разлучаны вялікай вадою. Дзедава веска, Падвалока, стаіць на паўднёвым схіле доўгай касы, якая, урэзваючыся ў возера, падзяляе яго на дзве затокі. Нівішчы, у якіх амаль сем год таму назад нарадзіўся Міхась, відаць, калі глядзець з канца касы, на ўсходнім беразе — кіламетраў пяць па вадзе.
Яшчэ вельмі рана. Жнівеньскае сонца толькі-толькі збіраецца ўзыходзіць. Міхась недзе спіць у адрынцы на сене, да вушэй нацягнуўшы на сябе мамін бывалы кажушок. Пойдзем спачатку да дзеда, у Падвалоку.
Зямля тут благая, пясчаная, i вельмі мала яе: усяго, што на касе, па гектару, па два на хату. Падвалокаўцы спрадвеку жывуць з рыбы — i да савецкай улады, i цяпер, стаўшы лепшай брыгадай вялікага рыбгаса. Усё тут у ix рыбацкае: i назва вёскі пахне рыбаю, як невады-падвалокі, i возера пахне, i пясок, i хаты, i нажы, якімі крояць хлеб, i падушкі, якія даюцца гасцям на сена...
Дзедава хата стаіць усімі вокнамі на возера, да сонца. За гумном (а гумны тут, па ўраджаю, маленькія) на высокім узгорку тырчьщь аброслы бур'яном нямецкі бліндаж, яшчэ з Першай сусветнай вайны. З яго як на далоні відаць усё возера — водная прастора, што запаўняе амаль увесь абруч кругагляду. Пакуль жыла старая Вячэрыха, яна часта ўзыходзіла сцежачкай на гэты бліндаж i з-пад рукі выглядала свайго нястомнага Астапа. Пажыла яна, няма чаго грашыць, семдзесят сем гадоў. А вось ужо дзесяць мінула, як дзед, трохі старэйшы за яе, жыве адзін. I толькі сёлета перастаў ён рыбачыць, адгрукаўшы на гэтай цяжкай працы не нейкія там трыццаць тры гады, як той, што злавіў залатую рыбку, a роўна семдзесят пяць. Многія рыбакі не памятаюць нават, калі гэта дзеда Вячэру празвалі «каралём вугроў» — найбольшым майстрам па лоўлі той дзівоснай рыбы, якая ў навальнічныя ночы выходзіць з глыбіняў на бляск маланкі i скача, як вужака, над хвалямі, якая выпаўзае па расе паласавацца маладым гарохам, а нераставаць ідзе ажно ў далёкае цёплае мора... Цяпер ужо стары сам узбіраецца сяды-тады на тое ўзвышша, адкуль яго чакала калісьці Гануля, i глядзіць таксама з-пад рукі, але куды быстрэйшым вокам на любую ваду, усю ласку i ўсе капрызы якой ён вывучыў не горш, чым натуру свае нябожчыцы, а дно азёрнае — лепш, чым падлогу роднай хаты.
Па даўняй звычцы i сёння адстаўны «кароль вугроў» падняўся на досвітку. Унучкі яшчэ спалі на шырокім ложку ў запеку — куды рука, куды нага. Нявестка ціха кешкалася над імі, пачынаючы апранацца. Накрыўшы кепкай нерасчасаную сівізну, дзед выйшаў з хаты, асцярожна рыпнуўшы дзвярыма. Збіваючы шэрымі калошынамі расу з зялёнага бульбоўніку, стаўляючы сухія, загарэлыя ступакі неяк крыва, нібы ён на ўсякі выпадак стараўся лепш трымацца за зямлю, стары падаўся па той самай сцежцы-баразёнцы ўгару, на той самы сямейны назіральны пункт. Ён спяшаўся, але, узышоўшы на бліндаж, нібы замёр, гледзячы туды, адкуль вось-вось павінна было паказацца сонца.
На ўсходзе, за ціхай затокай, за соснамі на далёкім узгорку якраз цяпер палыхнуў язык полымя... Не, гэта не здалося: ён усталяваўся, пачаў разрастацца, набіраць паўкруглую форму i нарэшце, наліўшыся ў барвовы круг, зусім непрыкметна адскочыў ад зямлі. I амаль адразу ўсунуўся знізу ў хмарку, што зацягнула ў тым месцы далягляд.
Высока-высока над дзедам паружавела лёгенькае воблака. Вузкая хмарка ўсё больш ды больш налівалася чырванню, а высокае воблака ўсё святлела, траціла ружовасць. Вогненны круг другім напорам прарэзаўся з хмаркі-смугі ўгару. Возера заззяла радасцю.
Нават адгэтуль, з бліндажа, стала відаць, як за вялізнаю ліпай, за скупымі i марнымі мэндлікамі жыта, за адцвітаючай грэчкай i алешнікам на беразе, у першых промнях новага дня пабліскваюць крыллі чаек. На поўдні, за большай затокай, выразна адлюстроўваецца ў вадзе высока падняты жоўтым абрывістым берагам сасняк. На поўначы, дзе вёска i рыбгас, уздоўж берага папоўз лёгкі туман... Можна падумаць, што стары акадэмік Васіль Раманавіч, дзедаў добры знаёмы, зноў запаліў на новай дачы грубку i зноў бурчыць на печніка, а дым, як i ўчора ўвечары, зноў не ідзе ўгару... На ўсход не вельмі зірнеш — сонца ўзяло сваё!
А над усёй гэтай прыгажосцю, у чыстым небе, трохі воддаль ад воблачка, ужо зусім неружовага, стаіць поўны месяц. Ён не свеціць — выпусціўшы наперад сонца, сам адступіўся, сціпла паблек, a неўзабаве непрыкметна знікне.
Ды, гледзячы на ўсход, стары Вячэра не любуецца. Адтуль павінны паказацца лодкі. Брыгада яшчэ не вярнулася з першага сёлета ўлову сілявы. Зрэшты, брыгада — брыгадай, а патрэбен старому сын. Нават не столькі сын, як лодка... Пад казырком памятай кепкі, пад сівізною брывей напружана жмурацца вочы. Яны наглядзеліся за век i на яснае сонца, якога так шмат бывае на крынічна-празрыстай азёрнай вадзе, i на сцюдзёную чорную цемрадзь, калі вада i вецер — не разбярэшся: хто зверху, хто знізу! — здзекуюцца з упартасці чалавека. Ужо i стомленыя, але яшчэ ўсё па-рыбацку цярплівыя, быстрыя вочы знайшлі-такі ў вясёлым бляску залатой вады патрэбнае!
— Ідуць,— шапнуў стары.
Чатыры лодкі прыйшлі да берага амаль праз гадзіну.
Не толькі ўсе жанчыны ды дзяды, але i наймалодшае рыбацкае пакаленне — як гэта ні дзіўна каля вады, a ўсё ж такі чарнаногае — высыпала на вільготны затупаны пясок. Следам за людзьмі на сустрэчу сілявы выйшла з хат, гарышчаў i розных спецыяльных закаморкаў усё кашэчае насельніцтва Падвалокі.
Дарослыя ажыўлена гутарылі i пераклікаліся з лодкамі. Дзеці, падкасаўшы портачкі i прыпадняўшы падолікі, шумліва палезлі парэпанымі нагамі ў чысценькую i цёплую, нібы нагрэтую мамай, ваду. Каты — залежна ад узросту — то нецярпліва пахаджалі, задраўшы хвасты, церліся каля гаспадарскіх ног i па-блазенску дакучліва вякалі, то стрымана, салідна аблізваліся, жмурачы лянівыя вочы.
Толькі адзін, найбольш бывалы i вопытны тыграў сваяк, вядомы на ўсю вёску валацуга i злодзей Цярэшка, сядзеў воддаль, на зялёным прыгорку, цікуючы i на ваду, i на сушу з аднолькавым скепсісам на вусатым мурле.
Чатыры вялікія чорныя лодкі адна за адной чырканулі насамі па пяску. Бабы, дзяды i дзеці з вясёлым гоманам рушылі да лодак, a рыбакі, больш скупа выказваючы свае пачуцці, панеслі насустрач ім карычневыя жмуты сетак, у кожнай з якіх ужо нежывым серабром стракацелі незлічоныя сотні сілявак. Пачалася марудная праца — вылузванне рыбы з вочак сеткі ў скрыні: для адпраўкі, калі падыдзе рыбгасаўскі кацер.
Учора стары Вячэра, якому i на пенсіі не сядзіцца ў хаце, сам выбраў месца — найбольш надзейнае. Усе чатыры трыццаціметровыя палотнішчы сетак, непрыкметнаю сценкай апушчаныя ў глыбіню на якарах i паплаўках, былі цяпер густа ўтыканы сілявай. Відаць, не адзін яе гуллівы або напалоханы шчупакамі касяк напароўся на нябачную капронавую смерць. Як заўсёды, старая сілява пазасядала ў вочках жабрамі, амоладзь, падсіляўнікі,-— пупкамі. Кволая тлустая рыбка заснула даўно, толькі-толькі папаўшы ў бяду, аднак i ў сетцы, i ў руках, i ў скрынках, што стаялі на пяску, прыемна пахла смачнай спакуслівай свежасцю.
— Ну, бацька, тоня, браце ты мой, выйшла — во!
Сын Вячэры Іван, высокі бялявы мужчына гадоў сарака, які толькі з гэтай зімы пачаў хадзіць за бацьку ў брыгадзірах, выцер рукі аб порткі i самавіта ўзяўся гарнуць цыгарку.
— Сёння пойдзеце туды, за Качан, на Мітрафаніху,— глыбока тоячы гордую радасць, паказаў дзед доўгай рукою на вадзяную бясконцую роўнядзь.— Ты, можа, у лодцы пакурыш, Іване? Паедзем.
— Куды?
— А што я ўчора казаў.
— Зноў ты пра тое!.. Ганначка! Не ламі яе! Ых, жабянё! Ты не ўмееш сама, дык на маму зірні!..
Поўненькая дзяўчынка з вялікімі светлымі вачыма, вельмі падобная на бацьку, тузалася з ужо абдзёртай i раздзёртай сілявінай, ніяк не могучы выцягнуць яе з вочка сеткі. Малады пярэсты i падчапісты кот, як быццам хочучы дапамагчы малой, з налёту ўчапіўся ў рыбку, ярасна мармычучы. Дзяўчынка крыкнула: «Апсік, здыхоцце ты!», а бацька схапіў ката пад жывот, размахнуўся i шпурнуў яго ў ваду.
— Яшчэ i ён, ідры яго айн, цвай, драй!..
Гэта стала сігналам трывогі. Цярэшка — самы бывалы i найбольш скептычна настроены падвалоцкі тыграў сваяк — маланкай шугануў ад вады. За ім — усё кашэчае пагалоўе. Пакуль той пярэсты падчапісты небарака выбіраўся з вады, адчайна малоцячы лапкамі, усе яго аднапляменнікі ўжо аблізвалі вусы, з платоў i стрэх цікуючы на пакінуты рай.
A рагаталі нямногія: найбольш Ганначка ды іншыя дзеці. Малады Вячэра ўсміхнуўся, гледзячы на малых, i пад гэтай усмешкай так i схавалася прычына яго сапраўднай злосці.
— Эх, бацька! I захацелася ж табе, браце ты мой!.. Ну што ж, пайду вазьму пілу i сякеру...
2
Паўднёвы бераг большай затокі, да якога накіраваліся стары з Іванам, пакрыты вечна жывым сасновым шумам.
Хораша тут, калі бывае час палюбавацца!..
Цяпер вось нізам сцелецца верас у румяным ранішнім святле, а над верасам — таксама ў сонцы — густа высяцца гонкія сосны. Добра ўзняць галаву, заглядзецца на ix шэра-зялёныя, са стальным адлівам, кучаравыя верхавіны на фоне цёплага блакіту i галубіных воблакаў. Сосны гамоняць. Нібы расказваюць чароўныя казкі маленства — адну за адной, нястомна i радасна, ціха i мудра, як гэта можа добрая, пагодлівая старасць. Возера сёння маўчыць. Каля нізкага берага, чыста пясчанага ці пабрыджанага рэдзенькай травой, ледзь чутна, раскошліва пахлёбвае хваля. Чайкі гуляюць над люстранай вадою, пікіруючы на спажыву, або садзяцца на вільготны, вылізаны прылівам пясок, толькі імi затупаны, пацярушаны іхнімі перцамі. Тут жа, выштурханая на бераг мноствам бурных прыбояў, парахнее, петрае на сонцы разбітая лодка. Па рыбацкаму звычаю лодкі пакідаюцца назаўсёды там, дзе ix засцігне апошняя бяда.
Далей на поўдзень — абрывісты бераг. Высокі, амаль з марскою галькай унізе, з мыльным намывам пены. Вада дні i ночы, гадамі падточвае жоўтыя пласты пяску, які абсоўваецца, здрадліва агольваючы карэнне самых смелых соснаў, што густа выйшлі тут на край абрыву. Яны — вялікія i меншыя — адчаянна чапляюцца за абрыў, а потым усё ж такі падаюць...
А наверсе па-ранейшаму патрэскваюць пад нагамі дробнае сучча i старыя хрусткія шышкі. Праглядваюць мілымі вочкамі кветкі іван-ды-мар'я. Час ад часу ў вершняку перасвістваюцца каршуны, i ніяк не пасуе ім іхні свіст, зусім не маладзецкі i не грозны.
Вельмі прыемна бывае, калі ў гэтую дзіч з маляўнічай дарожкай, што пятляе паблізу ад берага, калі ў гэтую раскошную глухамань раптам урэжацца клін жыта, якое ўжо духмяна палавее, ці бульбы, якая цвіце. Знак, што i тут пахадзіла рука чалавека...
«Кароль вугроў» сядзіць на карме, стырнуючы малым вяслом, i пільна ўглядаецца ў недалёкі ўжо сасновы бераг, нібы нешта там выбірае. Падбародак старога, пакрыты нізкай густой зарасцю, больш чым калі задраны ўгару, амаль да самага носа. Ад гэтага заўсёды сціплы i прыемны выраз дзедавага твару здаецца цяпер не проста злосным, а нават драпежным.
Прычына гэтай злосці з лодкі яшчэ не відаць: яна вось-вось адкрыецца за павароткай... Але стары ўжо бачыць яе: у вачах яго з самай вясны стаіць густы, высокі Пярэймаўскі бор, пакалечаны падсочкай... Яшчэ адзін знак чалавечай рукі...
«Каб яна каторая i адсохла! Не дай божа, калі рука без галавы!..»
Так думае цяпер, як здаецца Івану, яго няўрымслівы стары.
A ў Івана ўжо злосць адышла. Ён паволі, зладжана, з прыроджанай рыбацкай зграбнасцю працуе вёсламі i ўсміхаецца час ад часу, гледзячы на надзьмутага бацьку. Праўда, есці Івану вельмі хочацца, але што ж ты зробіш: стары — як малы!.. Вясляр сядзіць задам да месца, куды яны плывуць, i з-за спіны стырнавога — то злева, то справа — усё яшчэ добра відаць яму родная Падвалока. Шэрыя стрэхі. Рэдкія дрэвы. Лiпa — нібы цёмная хмара за іхнім гумном. Лявей — даўно стары вятрак, ужо толькі з двума абшарпанымі крыламі, вельмі падобны на страказу. Паміж ліпай i ветраком бародаўкай тырчыць бліндаж. Лодкі i людзі на светлым беразе. Людзі ўжо разыходзяцца... Эх, ідры яго айн, цвай, драй! Добра было б цяпер расцягнуцца на свежым сене пад прахалоднай страхой гуменца! Нават каб Маня туды прынесла снедаць, га? Каб дзверы самі за ёй зачыніліся?.. Іван са старым былі ўжо зусім недалёка ад свайго месца. Ужо нават чуваць быў за ўсплёскамі вёслаў маркотны шум падсочаных пярэймаўскіх соснаў. А тут пачалося раптам нешта зусім нечаканае... Уся Падвалока паказалася Івану з-за спіны старога i паплыла, паплыла, паплыла ўправа...
— Куды ты вернеш, бацька?
— Куды трэба. Махай трохі лепш!..
Іван спачатку зазлаваў — зусім здзяцінеў стары! — а потым засмяяўся. Яны павярнулі дахаты... Ну што ж, пасля, як стары аддасца, даведаемся пра ўсе гэтыя яго выкрутасы. А тым часам як быццам нават запахла смажанай сілявай...
Выгібы хваль, разварушаных лодкай, пабліскваюць, адсвечваюць на пясчаным дне. Далей ад берага, на глыбіні чатырох-пяці метраў, відаць густая, высокая водарасць — нібы лес з-пад крыла самалёта. Спакваля пачынаецца «паглыб» — заўсёды таямнічае сіне-шэрае бяздонне. Там недзе нячутна шугаюць за спажываю вялізныя, як бярвенні, ненажэрныя шчупакі. Шугаюць, гады, a ў падвалоку не хочуць!..
Калі лодка прыстала да апусцелага берага, каля сетак, развешаных на дручках, не пахаджалі ўжо нават i кантралёры-каты.
Сілява смажыцца без усякага тлушчу. Можна нават, калі спяшаешся, i не чысціць яе, хопіць добра перамыць. Найлепш смажыць у печы, каб рыбу падрумяніла лёгкае полымя — з сухенькіх, як соль, сасновых паленняў.
Калі мужчыны зайшлі ў хату, Маня, якая праз акно ўбачыла, што яны набліжаюцца да берага, адразу i падала ім на стол вялікую, духмяную, гаманлівую скавараду. Іван накроіў тоўстымі лустамі свежага хлеба i нецярпліва паклікаў бацьку з сяней. Стары, ужо значна ніжэй ад носа трымаючы свой падбародак, увайшоў у хату з бутэлькай жоўценькай пярцоўкі.
— Жыў адзін дзівак,— сказаў ён, ставячы на стол паўлітроўку,— які ўсё з усякім дурнем чаркай дзяліўся. Дай, Маня, шклянку. Ды i сама прысядзь.
Далонню ў донца — ён легка выбіў з бутэлькі кардонны корак, наліў першую чарку. Урачыста пажадаў сыну з нявесткай добрага здароўя. Паволі, смакуючы, выпіў.
— А потым? — спытаўся Іван, з затоеным смехам гледзячы на амаль зусім распагоджаны бацькаў твар.
— А потым ён i тую порцыю, што раней падсоўваў усякаму, пачаў сам выпіваць. На добрае, сыне, здароўе!..
Смачна апёкшы рот i ўсё нутро пахучай, моцнай вадкасцю, Іван пачаў жаваць папоўніцы. Эх, i рыбка ж яна — сілява! Нават i костачкай не ўколешся!
— Я ж i кажу,— гаварыў стары, старанна дрыгаючы пакрытым сівой зарасцю падбародкам,— каб тая ручка адсохла, што галавы не слухае.
— Ты зноў пра падсочку?
— А што ж? Хіба ж гэта парадак? Увесь Пярэймаўскі бор падсочылі! Над самым возерам! Я яшчэ, шануючы вас, з голай с... бегаў, калі ён стаяў. Дзве вайны выстаяў, а цяпер вось знайшоўся дурань — на выруб яго!..
— Вы, тата, ешце,— ціха азвалася поўненькая чарнабровая Маня.— Стаяў ён i будзе стаяць...
— Паваляць, дачушка! Год-два, i паваляць! На тое ж i подсочку зрабілі... А ты чаго выскаляешся?
Іван, адрагатаўшыся, спытаўся:
— Дык ты яго пашкадаваць хацеў? З пілою?
Стары загарэўся, нават руку з кавалкам хлеба задзёр.
— Гатовае, што на двары ляжыць, кожны дурань можа ўзяць! Ты мне не тыцкай гэтым паленам пад нос! Сам здароў, ведаю, што раблю!..
— Ну i пярцоўка... Яна ў сваёй хаце п'ецца лепш...
— А ты бо сціхні! — накінулася на Івана жонка.— Еш ды ідзі, куды трэба! Я вам, тата, яшчэ вось... Знайшоў з каго выскаляцца!
Яна завінулася каля прыпека i падышла адтуль да стала з вялікай конаўкай чаю, заваранага на ліпавым цвеце. З той самай, як хмара, ліпы, што за гумном. Потым прынесла жоўты паліваны слоічак з мёдам i чыстую лыжку.
— А дзе ж гэта дзеці? — спытаўся дзед.
— Гэля пасе. А Ганначка памчалася недзе.
— А ты ім чаю давала?
— Няўжо ж.
— I Гэлі трэба было таксама. Яна нешта кашляла ноччу...
Канчаткова размораны ласкай ліпавага цвету i мёду, стары глядзеў на адзінага з жывых, наймалодшага, спраўнага i вясёлага сына, на ціхую рабацяшчую маладзічку, ад якое ў хаце ніхто яшчэ не чуў ліхога слова. Глядзеў i сёрбаў памалу. Падумаў нават, што няблага было б цяпер прылегчы на часіну адпачыць... Але, дапіўшы з конаўкі салодкую цеплыню, ён нечакана стукнуў посудам па стале i ўстаў.
— Хадзем, тым часам, возьмем сваю! Пакліч каго-небудзь яшчэ — Храпуна ці Сцяпанавых хлопцаў...
3
Найпрыгажэйшы бывае чалавек тады, калі ён не ведае пра гэта, калі ён не бачыць самога сябе. На жаль, нават часцей за ўсё тады, калі яго не бачыць ніхто.
Старога Вячэру ў лодцы бачыла цяпер толькі пяцігадовая Ганначка. Поўненькая, светленькая, любіміца сям'і, яна круцілася, як сініца, на сярэдняй лаўцы, перад сваім дзядулем, глядзела на яго, зусім не думаючы, што любуецца, i то сама шчабятала, то слухала, не бядуючы, што яшчэ няшмат разумее.
А дзед быў прыгожы.
Без шапкі, у шэрай, як ралля, расхрыстанай на сухіх, загарэлых грудзях кашулі. Упёршыся худымі i пругкімі, як смаляныя галіны, нагамі ў рабрыну вялікай лодкі, «кароль вугроў» паволі i няспынна разгойдваўся ўперад-назад, рытмічна ўзмахваючы цяжкімі вёсламі. З вельмі дакладнай i неабходнай для справы скупасцю заграбаў ён ціхую празрыстую ваду. Так лёгка i хораша, спраўна i спорна ідуць у пракосе сапраўдныя касцы. Белы маршчыністы лоб над загарэлымі скуламі шчодра акроплены потам. Сівыя валасы, хоць i прычасаныя перад ад'ездам у людзі, як толькі ён зняў кепку, зноў растрэсліся, прынялі свой звычайны, сціпла кучаравы беспарадак.
Прыгожая была гэта шэрая, вельмі жыццёвая, натуральная прастата, гэтая яшчэ ўсё не растрачаная сіла, якую i не высушылі, i не прыглушылі дзевяць дзесяткаў больш катаржных, чым радасных, гадоў. Прыгожы быў позірк светла-блакітных вачэй пад густымі, сівымі брывамі, вачэй адкрытых i чыстых, як само бясхмарнае неба, паўторанае ў крынічным люстры бяскрайняга возера. Прыгожы быў, урэшце, увесь гэты звычайны, будзённы малюнак: вялікая чорная лодка на вадзяной пустыні, у лодцы — шэры дзед i светленькая ўнучка, а за кармой, на буксіры,— доўгае сасновае бервяно i яшчэ даўжэйшы трохкутнік растрывожанай вады.
—...I скавалі яны, унучачка, дзеда ланцугамі i пагналі ажно ў Вільню. I пачалі яны там, у нейкім склепе, скабліць мяне бізунамі, ліць мне ў нос ваду з газай...
— А навошта?
— Каб балела, унучачка. «Ты, кажуць, камуніст пракляты, бязбожнік, бунтаўшчык!» Які камуніст? Увесь народ пакрыўджаны, усе нашы паберажане падняліся!.. Не хочам мы, каб вы ў нас возера пад казну адбіралі! «Мільч, кажуць, хаме! Мы ў цябе, кажуць, не толькі возера, мы ў цябе i здароўе можам адабраць!..» Але ж не адабралі, унучачка, хоць i я пабываў на тых самых Лукішках...
— А на якіх гэта лукішках?
— Смяешся, дурненькая. Гэта турма такая, куды паны замыкалі нашага брата.
— А навошта?
— Каб ён там гніў, унучачка. Каб ён супраць ix не ішоў. А як ты не пойдзеш? Бяда цябе сама падгоніць. Як той казаў: не для Пана Езуса, а для хлеба куса. Колькі людзей ішло за нашу мазольную праўду! I моладзь, i старыя. Нават i дзеўкі, i бабы. А ён мне кажа: «Ты камуніст!..» I ў турму цябе. Каб дома, унучачка, сям'я твая слязьмі крывавымі аблівалася.
— А бабуля твая аблівалася?
Ганначка ведае толькі сваю бабулю — маміну маму, якая сядытады прыязджае да ix з тае вёскі, дзе зусім няма возера. Другая бабуля, пра якую ёй часта расказвае дзед,— істота амаль казачная, бо была яна даўно, i была, відаць, толькі дзедава.
— Аблівалася, унучачка, яшчэ як!
— А тата абліваўся?
— Хапала i яму. I яму, i цётцы Надзі, i тым тваім дзядзькам, што на вайне пагінулі. Тата твой быў тады ўжо сапраўдны работнік.
— А мама?
— Яна, унучачка, жыла тады яшчэ ў свае мамы, у Вераб'ях.
— А яна аблівалася?
— Не ведаю, колькі ёй там прыйшлося. Бо было яно, унучачка, так: каму — па каму, а каму — дык адразу два.
— Дзядуля?!
— Ну?
— А я вазьму цяпер ды з лодкі — скок!
— Я табе скокну, дурненькая! Скокнеш, дык i не выскачыш.
— I выскачу! Выскачу на палена, што лодка яго валачэ, а тады пабягу, пабягу, пабягу па палене!.. А потым па вадзе i далёкадалёка-далёка! Вунь туды, дзе лес, або яшчэ далячэй — туды, дзе сонца. Залезу ў хмарку i — скок!
Дзед ужо не адказвае на гэта мілае, як жаўрукова ў небе, шчабятанне. Ён ціха, бязгучна рагоча, падняўшы вёслы, адкінуўшыся галавою назад. Вось тут i раскажы ёй!.. Людзі жылі, колькі страху, колькі бяды, колькі пакуты ўсякай было, а яно цяпер i слухаць не хоча. Як тую казку на печы: цікава — вочак не зводзіць, а не — не хачу. I няхай сабе! То ж дваццаць год прайшло з таго часу, як мы тут, беднякі, бунтаваліся...
Дзед i ўнучка маўчаць. I ўсё навокал маўчыць — i вада, i неба. Па дарозе з Нівішчаў у мястэчка — дзеду ўжо добра відаць — ідуць час ад часу машыны. То з сенам, то са снапамі, то пустыя. Аднак ідуць яны моўчкі. Не чуваць таксама i цокату жняяркі, якая вунь дзе, на жоўтым полі, махае крыллямі... I чайкі амаль зусім не лётаюць. I рыба ўжо не жыруе. Адзін толькі белы матыль ляціць насустрач лодцы. О, мінае! З Нівішчаў у Падвалоку. Малое, а не баіцца. Сядзеў бы недзе, дурань, на сваёй капусце! Нябось намахаешся — блізкі свет... Маўчыць, не аказваецца i блясна на доўга адпушчанай дарожцы, дошчачку якое дзед падлажыў пад сябе. Сяды-тады ён патузвае жылку, правярае, хоць i не вельмі верыцца, што ў такую глухату які-небудзь вар'ят схопіць. Няхай сабе цягнецца... Пры немцах адзін партызан расказваў, што ў іхняй Арлоўскай губерні, ідучы калісьці ў царкву, мужык браў з сабою аброць: мо трапіцца каняжына якая па дарозе, дык пад'едзем!..
Потым стары ўспамінае пра сваё ранішняе здарэнне. Спазніўся вось толькі дарма, выбраўся з дому ў свіныя галасы... Ён доўга маўчыць. А Ганначка перагнулася тым часам цераз левы борт i пялёхтаецца ручкамі ў вадзе.
— Сядзь, дурненькая. Не дай божа чаго, дык я не вельмі нырну за табою. Такі шчупак з мяне, што абое — на дно. Сядзь хораша, як сядзела.
Кажучы гэта, дзед не спыняецца думаць пра сваё. Думаць — мала, трэба i падзяліцца думкай з добрым чалавекам.
— Жыве другі,— пачаў ён,— i сам не ведае, на якім ён свеце. Такі лес, унучачка, што душа радуецца. Над самым возерам, сасна ў сасну! А тут узялі ды зрабілі падсочку!..
— А што гэта?
— Смалу пускаюць з сасны.
— А навошта?
— Лес гэты думаюць секчы. Крапівою б каторага, каб ты сесці паўгода не мог!.. Хто дзе ўздумае, як уздумае, так i кладзе гэты лес... Хадзіў я днямі ў раён. А па дарозе зайшоў да Васіля Раманавіча, таму што мы з ім, унучачка, часта любім пагаварыць. Вунь туды!..
Ён кіўнуў барадою ў той бок, дзе — за шасцю-сямю кіламетрамі гладкай вады — віднелася новая дача. Ганначка вельмі пільна паглядзела ў той бок і, нічога, апроч светлай плямкі ў сіне-зялёнай смузе лесу, не ўбачыўшы, сказала:
— У ix ёсць хлопчык Ігар.
— Ёсць, унучачка. Я ж табе пра яго гаварыў. I сам Васіль Раманавіч таксама чалавек харошы. Акадэмік. «Мы, кажа ён мне, дабяромся да ix, Астап Іванавіч, да такіх лесарубаў!..» Вось, думаю, такога б нам начальніка ў раён!.. A ўчора гэта, унучачка, іду я зноў каля дачы, заходжу, а той Васіль Раманавіч як не ехаў у Мінск, так i не едзе. Няўжо ж вы, кажу яму, чакаеце, пакуль замест Пярэймаўскага бору адны пеньчукі застануцца? А ён смяецца, седзячы ў цяньку, у такім, унучачка, крэсле, што ўсё гайдаецца сюды-туды. «Зробіцца, Астап Іванавіч. Не будзьце, кажа... пісімілістам». Хлопец ты, думаю я пра яго, таксама не маладзён — казаў, што шэсцьдзесят год,— але няўжо ж ты i праўда так ужо знябыўся ды здарожыўся?! Само ж яно не зробіцца. Сабе ты нябось не чакаў, пакуль яно зробіцца само — кубаметраў са сто на дачу спляжыў. Яшчэ i так лесу — гектараў са два — прыгарадзіў. Каб нават i па грыбок не выйсці з-за плота!..
Ганначка ўжо не перапытвае. Яна сядзіць зусім спакойна, глядзіць на дзеда i на ўсё зусім ціхенька... I дзед здагадваецца, у чым тут справа.
— Зараз, унучачка, даграбёмся. Каб не гэтая дзеравяка, дык мы б з табою... А во! Бачылі вы?..
Ён пусціў вёслы i выхапіў з-пад сябе дошчачку дарожкі.
— Aгa! I добры, відаць! Ты толькі, унучачка, сядзі! А я яго... Каб яго Бог памножыў!..
Стары стаяў у лодцы на ўвесь свой высокі рост i, з тварам па-маладому радасна напружаным, туга наматваў дарожку на дошчачку.
— Пахадзі! Пазухуй! Калі ўжо ты, дурніца, учапіўся ў такую пару, дык я цябе... Ага!..
Над вадой паказалася раскрытая ў смяртэльным жаху зяпа драпежніка...
Убачыўшы такія чалеснікі, такую браму, пераважная большасць спінінгістаў крычыць звычайна: «Кілаграмаў, брат, з дзесяць!» — i перабольшваюць, вядома, разоў так у тры ці ў чатыры. Дзед Вячэра ўжо аж надта прывык да гэтай куплі на вока: ён памыляўся толькі на грамы. A ўсё ж i ён хваляваўся цяпер, як малады. Наструнены надзеўнаю жылкай шчупак, як аўсяны жарэбчык на кордзе, казырыўся не вельмі доўга. Стары то папускаў яму, то зноў напінаў дарожку, а потым, адчуўшы момант, павалок без усякага лішняга спосабу. Прыгнуўшыся, ён узяў з-пад ног вялікі падсак, спрытна падвёў яго пад шчупака i папусціў дарожку. Насмерць перапалоханы дурань адчаянна, слепа нырнуў у вялікую сецістую торбу i вось ужо закалыхаўся ў ёй над паверхняй вады, вось ужо, вызвалены з падсака, пляснуўся на дно лодкі.
Стары ўчапіўся адной рукой у яго бярвеністы хрыбет, другою моцным рыўком націснуў лыч уніз i адчуў, як усярэдзіне, у каркавіне шчупака хруснула косць.
Бліскучая, слізкая рыбіна пакінула пругка i ліхаманкава змяіцца ў руках, абмякла i лягла на чорнае, смаляное днішча. Зеленаватазалацістая, у белы гарошак.
— Два з палавінаю, ад сілы — два шэсцьсот! — выдыхнуў, зверху гледзячы на здабычу, стары.
Трохі напалоханая ўсёй гэтай валтузнёй, светленькая Ганначка ўжо смяялася, падскокваючы на лаўцы, усплёскваючы поўнымі гагарэлымі ручкамі:
— Міхасю! Дзядуля любенькі, Міхасю! I шчупака, i торбу з сілявай — усё!..
— Усё, унучачка, усё яму,— гаварыў яшчэ задыхана дзед, ужо беручыся за вёслы.
4
Сілява вельмі смачная i ў юшцы. I мудрыць доўга не трэба: перамыў яе ды ў чыгун, чым больш, тым будзе тлусцей ды смачней. Солі туды, пару бульбін, калі ёсць пад рукою, хаця б з адну цыбуліну. Вядома, калі б перцу ды лаўровага лісту — яшчэ лепш. А то ёсць у каторых мускатны арэх... Ат, сіраце — прыкіпіць у жываце! Не дай божа горшай бяды, як юшка без таго арэха ці перцу...
На загуменні вёскі Нівішча, на сухенькім пяску, крокаў са тры ад возера, каля альховага куста варушыцца, патрэсквае невялікае вогнішча. У бледным полымі стаіць трыножка, на якой — вялікі чыгун. Юшка толькі што пастаўлена. Дачка дзеда Вячэры, яшчэ не старая, рухавая ўдава Надзя, толькi што прыбегла са жніва зварыць абед майстрам, што робяць хату. Паставіўшы юшку, Надзя чысціць шчупака: «Рыба з рыбай... Ну што ж! Гэта ж не тое, што свая печ...»
З двара зусім добра чуваць, як там цокаюць сякеры. Бацька недзе камандуе, дай яму Бог здароўя. Гэта ж такое бервяно прывалок! I не спыталася нават, дзе ўзяў: у лесе ці дома? Нешта яно ляжалае... Відаць, сваё. Пад вокны, кажа, вельмі добра. Бо хату ж не новую рубяць, а перасыпаюць старую. Пяць кубаметраў толькі i далі ў раёне. Начальнік малады яшчэ, але ўпарты. «З лесам,— кажа,— цётачка, цяпер у нас вялікі дыфінцыт. Будуйцеся з мясцовых матэрыялаў: з цэглы, з саману. Дык мы тады паможам вам i шыферу дастаць». Гаворыш ты, хлопча, можа, i добра, але дзе ж я тых мясцовых матэрыялаў вазьму, калі ix у нашым калгасе не робяць? Ды ці з маім ротам мышэй лавіць? Хай ужо як хлопцы падымуцца. Юрка вунь з сякерай на вугле сядзіць, як сапраўдны работнік. A Міхась... Яна ўзняла вочы ад шчупака i паглядзела на возера. Ад берага да глыбіні — ідзеш, ідзеш, ідзеш, ды i агоркне. Вось дзе хіба раскоша малым! Як качаняты, плешчуцца на мелізне. Вунь як крычаць! I Міхась там, i Ганначка...
Стары Вячэра падышоў амаль зусім нячутна. Калі Надзя азірнулася на шоргат босых ног, бацька, па звычаі сваім, без шапкі, стаяў ужо за яе спіною, з-пад рукі гледзячы туды, дзе шумелі малыя.
— Ён нас сустрэў вунь там! — паказаў рукою стары.
— Цэленькі дзень з вады не вылазіць,— з усмешкай дадала дачка.— А вас дык не мог дачакацца. Галовы ўсім папрабіваў: «Дзед ды дзед!..»
— А яна гэта яшчэ ў лодцы сукеначку з сябе, портачкі з сябе, а сама — плясь у ваду. Панавучваліся! I не пазнаеш, каторае тваё: усе голыя, усе трапечуцца, усе крычаць!..
— Вы, тата, прылеглі б дзе ды адпачылі. Зробяць i без вас. А я вось зараз...
Стары, нічога не адказаўшы, пайшоў у ваду. Нават не падкасаўшы сваіх шэрых картовых калашын.
Свежыя людзі — скажам, дачнікі, якія прыязджаюць на рыбгасаўскі бераг,—вельмі здзіўляюцца, што многа рыбакоў зусім не ўмее плаваць. Хто не ўмее, а хто нават не любіць. Саўка Сякач з Падвалокі i спаў бы, здаецца, у лодцы, a ўжо гадоў з дваццаць — сам хваліцца — не купаўся ў возеры. Няхай сабе дзівяцца, хто хоча. I стары Вячэра, «кароль вугроў», таксама плавае, як калун. Аб гэтым страшна падумаць, калі бачыш, як ён спакойна стаіць у лодцы, выбіраючы перамёты, а лодку тую шыбае з хвалі на хвалю, як трэску!..
Каб лягчэй было згінаць натруджаны на зрубе крыж, стары спыніўся толькі тады, калі вада заняла яму па калені. Цяжка нагнуўся, зачэрпаў жылістымі зверху, каравымі з сярэдзіны рукамі чысценькай цёплай вады i з асалодай у ёй запырхаў. Яшчэ, яшчэ раз. Добра! Хацеў нават гукнуць на ўнукаў, але падумаў: «Няхай сабе! Ім цяпер не да дзеда...» I зноў пабрыў да берага.
— Жывуць каторыя,— пачаў ён, прысеўшы каля вогнішча,— жывуць ды глядзяць, каб толькі дзе-небудзь уварваць, адскубці, пацягнуць... Чужому не скажу, дачушка, бо брыдка... I я табе гэтае палена не сваё хацеў прывезці, а таксама крадзенае. Учора такое злосці набраўся за тую падсочку... Я гаварыў ужо табе. Ды i на Васіля Раманавіча, што марудзіць... Ужо з Іванам да самай Дзікай Бабы падплылі. Лесніку Буглацкаму, падумаў, залію тым часам вочы якою-небудзь пярцоўкай i — як камень у возера... Але ўсцярог мяне Бог на старасці год. Не наеўся ты, кажа, Вячэра, дык i не наліжашся. Няхай стаіць тая сасна ды Богу дзякуе, што я хацеў, ды мне хацень не даў...
Подых дыму, чортведама адкуль i як разгарнуўшыся, махнуўся па Надзіных вачах. Не выціраючы слязы, жанчына глядзела на бацьку, трымала за доўгую ручку скавараду i ніяк не магла прыдумаць, з чаго тут пачаць...
— Можа, тата, Івану гэта не падабаецца, што вы сваё гатовае з двара берацё? Івану ці Мані...
— Яно, вядома, дачушка, кожны дурань зможа гатовае ўзяць. Але ж я яшчэ ў сваёй хаце гаспадар. Каму не падабаецца, дык той i памаўчыць. Скажам, мае сонца ўжо нізенька, ужо я не магу, як раней, ноч апоўнач ці на вугра табе, ці на сіляву, ці на шчупака... Але ж i пенсія мая, мае пяцьсот рублёў, таксама на дарозе не валяюцца!.. Ды нешта мы з табою, дачушка, не пра тое. Іван табе брат ці не брат? Двое ж вас толькі — меншых — i засталося ў мяне. А такой Мані, як наша, днём з агнём пашукаць...
Да тае слязы, што ад дыму, далучылася раптам яшчэ адна. Надзя ніжэй схілілася над скаварадою.
— Нічога, дачушка... Каб жа яна, бяда, ды толькi па лесе хадзіла! Тут не падменішся: дай, можа, я за цябе памру. Колькі ўжо раз я лёг бы тым часам!.. Маці твая, нябожчыца...
Ды тут ix вельмі дарослую, сумную гаворку абарваў дзіцячы смех i крык:
— Ура! Здавайся!
Гэта крычаў Міхась, а з ім, не менш ваяўніча, i Ганначка. Абое — голыя, мокрыя, укачаныя ў пясок.
Яны падкраліся з-за куста. Усё было зроблена вельмі удала. Спачатку яны паўзлі — зусім-зусім так, як Міхась бачыў нядаўна ў кіно. Потым беглі прыгнуўшыся. Потым зноў паўзлі... Ды толькі вось дзед зусім не спалохаўся. Ён сядзіць, абняўшы худымі рукамі мокрыя калені, і, закінуўшы галаву, рагоча.
— Дзед! Ну, дзед! Ну, годзе!
— Годзе, унучак, годзе. Не буду.
— Ты на вайне быў?
— Хай яна спрахне — быў.
— Я ведаю! Ты быў i на японскай, i на мікалаеўскай, ты i з панамі за возера ваяваў!.. За тую вайну ў цябе Георгіеўскі крыж, а за гэтую — толькі партызанскі медаль. Бо ты ўжо быў стары i толькі так памагаў партызанам!..
— Годзе ўжо, ты! Завучыў, як малітву! — памкнулася перапыніць яго маці.
— А Ганначка кажа, што як мы падкрадзёмся ды крыкнем, дык дзед спалохаецца... А ты...
— I не казала! I не казала! — смяялася, намагаючыся закрыць яму рот, дзяўчынка.
— А я ёй кажу...
— Ды годзе ўжо ты, смала! — крыкнула маці.— Дзе ж ваша вопратка?
— Там!
— Ваяка! Раскрычаўся тут, галапупец! I з дзеўкай яшчэ стаіць. Ану, бягом апранацца! Будзем палуднаваць.
Апошняе было сказана не толькі без усякай злосці, а нават з нейкай шматабяцаючай суровай пяшчотнасцю. Голыя, выпеставаныя сонцам i вадой, рыбацкія анёлачкі хоць без крылаў, ды летам ірвануліся з месца, пацешна пабеглі па светлым i пухкім пяску.
— Дзяўчынка, няўрокам кажучы, як бурбалка! — засмяяўся ўдагон стары.— I Міхась удалы хлопец.
Ёршык чысты, дый годзе! Радасць табе адна — i малы, i старэйшы. Спраўныя хлопцы, дачушка, а ты...
Неўзабаве ёршык i бурбалка, адзін у чорных кароценькіх штоніках, а другая ў светлай сукеначцы, ішлі абапал старога па дарожцы з берага да зруба, i вельмі ж хацелася ім узяць дзядулю за рукі. Аднак абедзве яны былі занятый: дзед нёс перад сабою вялікі чорны i гарачы чыгун з юшкай, абгарнуўшы яго анучай. Надзя хацела ўзяць чыгун сама, але стары не даў. I вось яна ідзе ззаду за ім i нясе толькі скавараду i місу з кавалкамі ўсмажанага шчупака.
— Дзед! — забягае наперад Міхась.
— Ну, што?
— А ты тое палена падняў бы?
— Якое?
— Ну, тое, што ты прывалок!
— А-а, тое. Відаць, падняў бы. Каб толькі вытрубіў усю гэтую юшку ды мо яшчэ каб умяў усяго шчупака. Ну, ды хлеба тым часам бохан, як добрае кола.
— А мы купаліся, i хлопцы кажуць, што ты не падняў бы.
— Ат, нічога яны не ведаюць.
— Глобышаў Лёнька, дык той не ведаў нават, за што ты называется «кароль вугроў»!..
— Вось бачыш! Які, унучак, кароль, такая i слава.
Каля зруба, пад бэзам яны абедалі: дзед, мама, іхні Юрка, два чужыя дзядзькі, што наняліся перасыпаць іхнюю хату, i Ганначка з Міхасём. Малыя сядзелі, вядома, абапал дзеда. Пасля мама зноў пайшла ў поле, а тыя дзядзькі, Юрка i дзед «прылеглі трохі адпачыць». Трохі, трохі... A самі ўжо i паснулі, ужо i храпуць!..
Міхась задумаўся, стоячы перад сваёй госцяй пасярод пустога, залітага сонцам двара, закіданага трэскамі i пацярушанага саломай са старой страхі. На вішні яны ўжо сёння былі двойчы. Яблыню трэслі таксама. Ажно не елася цяпер ад аскомы. Купацца, можа, пасля. На гасцінец ісці — неахвота. У поле, назіркам за мамай,— дарма, бо прагоніць назад...
— Давай у «класы» пагуляем! — сказала Ганначка.
Яны разграблі салому i трэскі, нарысавалі кіёчкам «класы». Паскакалі трохі на адной назе, а потым Міхась сказаў, што больш не хоча.
— Я пайду хутка ў школу,— паведаміў ён навіну, якую ўжо i Ганначка чула не раз.— Мне яшчэ два месяцы не хапае да сямі год, але настаўнік кажа: нічога. I я ўжо ўмею пісаць.
— Ну, напішы што-небудзь. Як наша Гэля.
— Якраз, вельмі твая Гэля напіша!..
Чым напісаць — Міхась ведаў. У старэйшага цеслі, дзядзькі Антося, які храпе вунь паміж дзедам i Юркам, ёсць за халявай чорны плоскі аловак. Ён вельмі вялікі i называецца сталярскім. Доўга не думаючы i не раячыся з Ганначкай, Міхась на пальчыках падкраўся да дзядзькавай нагі i асцярожненька, нават падпёршы языком шчаку, выцягнуў той сталярскі аловак. «На сценах пішуць толькі такімі. Напішам — i зноў яго дзядзьку ў халяву. А напісаць найлепш вось тут». Сасновае бервяно, якое дзед уранні прыцягнуў, было ўжо хораша аплазавана, узята ў вуглы i называлася цяпер «падваконнем». Яно легла ў сцяну якраз на вышыні Міхасёвага лба. Забыўшыся, што дзядзькаў аловак не хімічны, хлопчык паслініў яго i ўзяўся за работу. Пакуль ён мазольна, зноў падпёршы шчаку языком, выводзіў адну за адной сем літар, з якіх складаліся два яго запаветныя словы, Ганначка глядзела на Міхасёву руку i на таямнічае пятлянне тоўстага алоўка, як зачараваная. За сёмай літарай стала кропка. Каб напісаць яе, Міхась апошні раз паслініў сталярскі аловак i выкруціў гэтую кропку ямачкай у не зусім яшчэ зацвярдзелай смаліста-духмянай драўніне.
— О! — сказаў ён голасам пераможцы.
— А што гэта?
— Вось i не ведаеш!
— Мі-хась-ка, што-о?
Чарнявы, загарэлы ёршык, унук старога «караля вугроў», горда i радасна прачытаў:
— Мой дзед.
МІНІЯЦЮРЫ
Адкуль паэзія
Усякую — непазбежную, зразумелую, а часта i непатрэбную — заклапочанасць i сумоту старэйшых здорава разбівае — як лёд на вадзе, як акно з духаты — звонкі дзіцячы смех.
За сцяной хлапчукі глядзяць па тэлевізары мультфільм i час ад часу рагочуць. Смех іхні вельмі канкрэтны. А мне яго, як заўсёды, так добра, радас на чуць. Ажно сам засмяешся. Міжвольна, соладка, нібы праз сон.
* * *
Вушаты, з мілай мордачкай, трохгадовы ваяка зусім сур'ёзна пытаецца ў мамы:
— Паедзем да дзеда Сцёпы i разап'ём бутэлечку вінца?
Мама паблажліва смяецца: што вы хочаце — малое.
I я смяюся. Успомніўшы, як гэтая самая мама, дваццаць гадоў таму назад, зрабіла аднойчы вялікае адкрыццё. Знайшла старую пальчатку і, успомніўшы Падласку, узняла тую пальчатку ў левай руцэ, а правай начала пацёгваць за пальцы:
— Дой-дой, дой-дой!..
I не змагла ад радасці стрываць — ажно зайшлася ад мілага звонкага смеху.
* * *
У хаце — першы сынок, першы ўнучак. Ён увайшоў у жыццё ўсёй сям'і поўнаўладна, як рэфарматар. Нават граматыку сваю ўвёў. Пра сябе ён, напрыклад, гаворыць звычайна так:
«Валодзя хочаш спаць». «Валодзя не хочаш есці». «Валодзя пойдзеш на двор».
I ўсё гэта важна ў яго, неабвержна. I ўсё гэта міла.
Паснедаўшы, маленькая Алеся ішла ў абход сваіх цётак, якіх у вёсцы было ажно тры. Прыйдзе, сядзе хорашанька на лаве і, пачакаўшы:
— А мы дык сёння нічога не варылі.
— Ах, мая долечка! Вось дзе хіба маці ў цябе! Я табе зараз...
Алесю кармілі, робячы выгляд, што так ёй, беднай, i паверылі. Пад'еўшы ды пагуляўшы тут трохі, нібы для адводу вачэй, госця ішла да наступнае цёткі. I там паўтараліся гopa i шкадаванне.
Цяпер — здаровая, весела-грубаватая дзесяцікласніца — яна сама смяецца з гэтага, калі ёй напамінаюць. I апетыт яшчэ ўсё нішто сабе, служыць.
* * *
Калі ён уранні прачнецца, а мама яшчэ не ўстала ды нікуды не пайшла, трохгадовы малы бяжыць да яе пагрэцца i пагаварыць.
Апошнім часам ён мнагавата гаворыць пра Дзіну, двухгадовую дзяўчынку, якая нядаўна з'явілася на іхнім двары. Гаворыць так неабыякава, што мама нарэшце пытаецца:
— Ты яе любіш?
— Люблю.
— Такую малую смаркатую плаксу, зусім непрыгожую?
Малы на нейкі момант задумваецца, а потым гаворыць такое...
Наіўная i, мусіць, падсвядомая дзіцячая мудрасць, нібы па натхненню, што ў перадачы нашай, дарослых, гучыць не так нечакана, кантрастна i верагодна:
— Яна прыгожая, бо я яе люблю!
* * *
Верачка дапытваецца ў мамы, як гэта родзяцца дзеці. Сяк-так, з мамінага педагагічнага расказу, уцяміўшы, яна заключае:
— А як зусім не будуць нараджацца дзеці, дык астанецца, мамачка, адзін асфальт?
* * *
Пяцігадовы ўнучак адгуляў сваё лета ў вёсцы, у бабы з дзедам, i паслязаўтра, як толькі мама прыедзе i дзянёк пабудзе, паедзе з ёю зноў у свой горад.
Баба лепшая. Яна хоць i пакрычыць часамі, што з ім работы ніякай не зробіш, але i шкадуе Геніка, i сырадою яму, i цукерачку, i спяць яны разам, амаль штовечара засынаючы пасля казкі.
А дзеду ўсё часу няма, дзед усё на рабоце. I калючы ён, i пястотаў не любіць, разоў са два нават страшыў свавольніка рэменем.
Ды вось прыехаў дзед з мястэчка i прывёз унуку падарунак. A які!..
Генік узяў чаравічкі аберуч — блішчастыя, чорныя — ткнуўся сваім пацешным курноссем у адзін, у другі.
— Бабка,— сказаў,— яны мне пахнуць лепш, як усе твае кветкі!
Рот ад радасці — да вушэй.
А кветак у бабы — поўны гародчык.
* * *
Зіначка ледзь не трапіла над машыну. Чула сігнал з-за павароткі, але ж ніяк не спыніла веласіпед. Ездзіць яна яшчэ не на сядле, а «ногу пад раму», i так не вельмі зручна тармазіць.
Шафёр разгубіўся, ірвануў улева, зламаў плот i паехаў у бульбу. Ужо i спыніцца не мог,— сябар, што побач з ім сядзеў у кабіне, націснуў на тормаз.
Бываюць цуды! — i дзяўчынка жывая, кудысьці ўцякла, i веласіпед цэлы, i машына — потым убачылі — цэлая. Плот паставілі — проста ўмомант. I плакаць хацелася дзядзьку-шафёру, а ён усміхаўся...
Толькі Зіначку не адразу знайшлі. Дый не знайшлі б — сама яна прыйшла аж з трэцяга гарода. Калі ўжо i тая машына даўна паехала, калі ўжо i баба крычала, крычала ды сціхла. Баялася, распусніца, што баба будзе біцца. За тое самае, што «лётае на гэтым лісапедзе, як шалёнае».
Зіначка есць малако з хлебам i ўжо расказвае:
— А я, бабка, у Сымонавай бульбе ляжу i ножкі свае гладжу, а яны ўсё дрыжаць!.. А яны ўсё дрыжаць!..
* * *
Мароз i сонца. У клетках гараць вясёлай чырванню гілі, таўкуцца шэрыя чачоткі, як сонечныя зайчыкі, скачуць па пруціках шчыглы. Шмат галубоў. Непаэтычна неяк, груба гавораць пра ix галубятнікі,— нібы гэта ў ix сапраўды толькі гандаль, а не паэзія.
Самае незвычайнае, што я ўбачыў там, на птушыным рынку, за ўсе гады: хлопчык доўга стаяў, любаваўся, прыцэньваўся, пасля купіў чачотку — па грашах,— адышоўся трохі з натоўпу i выпусціў яе з рукі. Глядзеў услед. Нават пасля таго, як знікла...
* * *
Можна прыехаць кудысьці далёка, скажам, з Мінска ды ў Гданьск, як мы цяпер, можна бачыць i чуць штосьці важнае, значнае, на міжнароднай антываеннай сустрэчы, а потым...
Потым, седзячы ў чужой, сяброўскай кватэры, толькі з малымі, бо гаспадыня выбегла «на хвілінку», можна пачуць ад малой, разгулянай дзяўчынкі... Гэта нічога, што вы чужая, ажно замежная цёця, што дома вы маці дарослых дзяцей, што вы педагог, па-свойму салідны i паважаны... Можна пачуць i такое, зрэшты, зусім дзелавое, сур'ёзнае:
— Проша пані, a пані можа стаць на галаве, як я?
Можна пачуць. I яшчэ раз — іменна добра, што так далёка ад дому — сардэчна, молада засмяяцца. Дзеці!..
* * *
Госця. Разумна, весела шчабятлівая першакласніца. Ва ўсім чырвоным. І шчокі— з марозу— чырвоныя. Памагаю ёй распрануцца i гавару:
— Ты разумееш, што было б, калі б цябе ўбачыў індык?
— А бык? — усцешана пытаецца яна.
Нам весела.
* * *
Дзесяцігадовы, пацешна сур'ёзны Жэнька прыйшоў адведаць хворага сябрука. Цукеркі, якімі яго пачаставалі, з'еў, a апельсін усё не пачынае.
— Чаму? — спыталіся.
— Я тату занясу. Ён хворы.
Здорава!.. Успомніўся ягоны, вельмі малазнаёмы мне бацька, з выгляду — малады, нават i пуставаты. Усё знешняе, што мне ўяўлялася, раптам адпала, перакрэсленае гэтай дзіцячай чысцінёй,— мне стала ясна, што Жэнька мілы, разумны, ветлівы — не так сабе: што нехта ж яго так выхоўвае, што некага ж ён за штосьці так любіць.
A ў Жэнькі, пры ўсёй яго сур'ёзнасці, тырчаць ружовыя вушы. Гэта — таксама здорава: смешна i міла. I вельмі істотна для паўнаты яго вобраза.
* * *
Жнівеньская раніца.
У рэдкім лесе — заліты сонцам папаратнік.
Пад адным такім парасонам хітра схаваўся вялікі падасінавік. Дзяўчынка хадзіла, хадзіла па лесе i надарэмна толькі стамілася. Прылегла адпачыць, пасля расплюшчыла вочы — ён!.. Прыгожы, любы, як казачны прынц.
* * *
Малец з чацвёртага класа піша ў піянерскую газету пра непаладкі ў іхняй школе.
— Здольнасці ёсць, але ж залішне ён нейкі сур'ёзны, не па гадах,— кажа сваім супрацоўнікам цёця рэдактар, поўная строгая дама. I яна вырашае заняцца гэтым талентам сама.
«Напішы нам, Валодзя, як вы святкавалі ёлку».
У адказ апісана ёлка ў вясковай школе, а потым — прыпіска:
«Наш дырэктар, Мікалай Пятровіч Чыжык, купіў на сабраныя вучнямі грошы цукерак i большую палавіну забраў сабе...»
Цёця рэдактар піша яшчэ больш педагагічны ліст:
«Напішы нам, Валодзя, пра вясну — як яна прыйшла ў ваш калгас, колькі радасці яна прынесла рабятам вашай школы. Паспрабуй апісаць гэта вершам».
Вершык прысланы доўгі, грунтоўны i... з празаічнай прыпіскай:
«А наш дырэктар усё ж такі злодзей».
* * *
Скульптар паказвае школьнікам сваю майстэрню, ахвотна i цікава расказвае амаль пра кожную групу, пра кожны бюст,— як гэта робіцца, як працавалася. Жывыя, дапытлівыя пяцікласнікі слухаюць надзіва ціха.
Ды вось гаспадар, чалавек ужо сівы, стаміўся.
— Задавайце мне, дзеці, пытанні. Ну,— паўтарыў ён пасля невялікай паўзы,— хто з вас хацеў бы пра штосьці спытацца?
Здаровы, трохі перакормлены, але вясёлы, хоць часамі i недарэчы, Сёмка ўздымае руку.
— Скажыце, дзядзя, а што гэта там за генерал? Вунь, у кутку! Вусаты, у шапцы!..
— Гэта, хлопчык, не генерал...— ледзь не ўздыхае скульптар.— Гэта, дзеці, Іосіф Вісарыёнавіч Сталін!..
Ды на малых ні тэкст гэты, ні ўздыхлівы падтэкст не робяць ніякага ўражання.
Яны нарадзіліся ў другой палавіне стагоддзя.
* * *
Цудоўная музыка — «Танец маленькіх лебедзяў»!.. Асабліва тады, калі прамінула вялікая небяспека, бяда, калі хочацца ціха заплакаць ад шчасця.
Відаць, таму ў мяне такое адчуванне, што я яе, здаецца, упершыню пачуў i назаўсёды палюбіў улетку сорак пятага года на праглядзе мастацкай самадзейнасці беларускіх дзіцячых дамоў.
Танцавалі маленькія дзяўчаткі-сіроты, дужай народнай рукою ўратаваныя ад фашысцкага знішчэння.
* * *
Успомніў свайго цыбатага загарэлага хлопчыка i шэрае вякалакацяня, з якім ён там, у вёсцы, дружыць.
Яно занудлівае, лезе пад рукі, на стол, на падаконнік — колькі яго ні скідай, i ўсё кавэнчыць, скрабе па душы.
Ён абураецца, калі коціка крыўдзяць — скідаюць, кешкаюць, гоняць,— бярэ яго на рукі, гладзіць, нясе з хаты i здзіўлена глядзіць на ўсіх, асабліва, здаецца, на бацьку...
Не праваронь ты, бацька, чагосьці ў яго выхаванні, не разбурай таго, што сам узводзіш — чытаннем, гутаркай, прыкладам.
* * *
Дзяўчынка так i пільнуе, кал i той тата зноў будзе закурваць. Яна тады тушыць запалку. Пацешна i тое, як яна хукае, не могучы сагнаць з канца танюсенькай палачкі пушынку полымя i, яшчэ больш — яе ўпэўненасць, зусім сур'ёзная, у тым, што яна — памагае.
Уранні, як толькі ён, малады паэт,— калі з прыемнасцю, калі бязлітасна памыўшыся да пояса халоднай вадой,— заходзіў у свой рабочы пакойчык (яшчэ ўсё смешна называць гэты закутак кабінетам), адразу яго сустракала дачка. Партрэт на акне за пісьмовым сталом.
Падперла кулачкамі твар i зажурылася. Такія сур'ёзныя вочы. A губкі ўмеюць так пацешна надзімацца. Не злосна, ад клопату.
I подпіс пад фота: «Памагаю тату думаць».
У кіслым настроі ён нават фыркаў: «Сентыментальнасць, бабскія штучкі...»
Часцей, аднак, вітаўся з «сааўтаркай», i працавалася весялей.
* * *
З пісьма:
«...Майго малога без усякае віны дзіка пабілі днямі два васьмікласнікі. Нейкімі «спартыўнымі прыёмамі», а як упаў — нагамі. I дома ён перамагаў свой плач значна старэйшай крыўдай: «Як яны маглі мяне біць — ляжачага?!»
Пачуў я гэта ад жонкі, як ездзіў дахаты, але асабліва балюча стала ўчора, тут, у нашай лясной адзіноце. I ноччу думаў, i ўранні з гэтым прачнуўся. Боль бацькі i боль чалавека: якая моладзь расце!..
Супакойваў сябе тым, што горш будзе, калі i мой стане пасля такім малойчыкам са спартыўнымі прыёмамі.
Але i гэта, браце, не супакойвае...»
* * *
Ён пакрыўдзіў яе, сваю дзяўчынку, i горка думаў, што цяпер трэба будзе знайсці нейкі ход, каб памірыцца.
А яна паплакала трохі i ўвечар, вяртаючыся ca школы, купіла там, у школьным кіёску, два аркушы зялёнай паперы. На ягоны i свой пісьмовыя сталы. Чыстай, зялёнай, як маладзенькая рунь.
Што гэта, ад чаго — ад думак яе, васьмігадовага чалавека? Ці «проста любоў»?..
* * *
Бедны чалавек абслугоўвае багатых. А разам з ім прыйшоў сынок — малы, маўклівы сведка, назіральнік ад імя Вялікай Справядлівасці...
Тэма — даўно няновая. Я проста неяк па-новаму, для самога сябе, адчуў гэта, нават убачыў вочы хлопчыка.
* * *
Дарослую, самастойную і, здаецца, непрыступную модніцу знарок ударылі па назе.
Трымалася яна, трымалася, а потым такі адкульгала да сцяны, прысела на выступе — зусім адна — i ціха заплакала. Як у маленстве.
Але, я гэта... уявіў.
* * *
Худы i вясёлы сабачы падлетак, спушчаны з ланцуга, брэхам ды тузаннем паднімае карову, што спачывала сабе на двары, вярнуўшыся з пашы, турбуе свінню, што абурана рохкае на яго, блазнюка,— скача цюцька, не можа нацешыцца.
Госці з горада, хлопчык i бацька, глядзяць на сабаку, стоячы каля плота. Хлопчык любуецца, звонка смяецца. Бацька панура маўчыць: ці натура такая, ці клопат які ў чалавека.
Вось па двары пайшла кошка. Спаважна i ціха, задумаўшыся пра сваіх кацянят, што спяць на гарышчы.
Сабака скочыў да яе, каб ірвануць. Відаць, не злосна, не па спрадвечнай традыцыі, a зноў жа ад радасці.
Ды кошка абурана пырхнула, сіганула на плот, там наставіла хіб, начала хулігана адчытваць — сіпеннем ды хорканнем.
Пануры хлопчыкаў бацька нарэшце зарагатаў.
Разам з сынам. I ў ім прачнулася маленства.
* * *
Адпяваюць старога Навума. У хаце, дзе ўжо спявалі — па радыё — i Робсан, i Казлоўскі, i Ларэці, гудзе старэнькі поп, а дзве пеўчыя цягнуць, калісьці прыгожымі галасамі, пра «житейское море» i «тихое пристанище».
I ўсё гэта гучыць як не з гэтага свету.
А потым — ціхая паўза, i з сяней, таксама забітых людзьмі, чуецца голас малога, з бацькавых рук:
— А дзе мой дзед Аюм?
I па людзях-суседзях, што ведаюць малога Коліка, які вельмі сябраваў з нябожчыкам, пайшоў ціхенькі, толькі ў думках, смяшок.
А то, можа, мне проста здалося?
* * *
I дагэтуль люблю пазіраць у вагоннае акно на тое, як цягнік на паваротах выгінаецца вужакай.
Цяпер вось, раніцай другога дарожнага дня, малая светлая дзяўчынка ўбачыла гэтае дзіва ў акне i закрычала з калідора ў купэ:
— Мама, а нас вязе паравоз!
I мы, хто быў у калідоры, засмяяліся. Якое мiлае адкрыццё!
* * *
Цудоўны дзень — з глыбокім снегам, што лёг учора, з марозікам, сонцам, з прыволлем, якім я толькі што любаваўся з гары, з цішынёй, што так добра лажыцца на душу,— цудоўны!..
Зайшоў на котлішча былога прыдарожнага хутара. Стаяў у зарасніку дзядоўніку. Ён — ну, італьянскія пініі: разгалісты i высокі, у рост чалавека.
Думалася пра шчасце пазнавання свету, пра майго хлопчыка з яго бясконцымі, нястомнымі «чаму?».
Як ён глядзеў бы на шматфарбны цуд — шчыгла ці снегіра на гэтых шчодрых шышках!..
Добра, што i мне яшчэ хочацца так пазіраць — яго вачыма, з яго ўсмешкай. Не баючыся, што «брыдка» — калі б хто ўбачыў,— «не салідна» мне лезці сюды цераз глыбокі, завалены снегам меліярацыйны роў.
* * *
Дзе б я ні быў, якая б гэта ні была далёкая, цудоўная краіна,— усюды для маці, бабуляў, бацькоў — аднолькава простыя чалавечыя абавязкі i клопаты. I ўсё гэта робіць тую экзотыку так прыемна,— па-чалавечы звычайнай i простай, як маё роднае Загора.
* * *
Ранняя, шэрая раніца. Дворнічыха, пажылая, сумна заклапочаная жанчына, лапаціць снег з шырокага тратуара. Мернае, аднастайнае шкрэбанне, якога хопіць надоўга.
Насустрач старой, па начной яшчэ, непрыбранай, чысценькай белі ідуць на першую праходку ясельныя дзеці. Як заўсёды, за ручкі, пацешныя ў сваім мініяцюрным падабенстве да людзей дарослых.
Першы хлопчык, што не трымаецца за руку з сябруком, a ідзе як быццам спераду, спыніўся i сам у сябе спытаўся:
— Што гэта бабуля робіць? — I ўсцешана здагадаўся: — Дарогу для нас!
Дворнічыха перастала лапаціць, выпрасталася i ўжо ўсміхаецца, адно што не кажа: «Праўда, для вас».
Так усміхаюцца толькі дзецям.
* * *
Осла. Порт. Да нашага цеплахода прыйшоў пацешным парадам дзіцячы духавы аркестр. У горадзе пачаўся традыцыйны тыдзень музыкі. Канцэрт, які мы слухаем з ніжняй палубы.
Дзябёлы чорны дырыжор аж прысядае, каб быць бліжэй да сваіх малых i маленькіх трубачоў ды барабаншчыкаў, i падпявае ім, размахваючы доўгімі рукамі ў белых пальчатках. Настаўнік!
Добра зблізку глядзець на твары, нібы расшыфроўваючы яшчэ адзін народ.
I неяк па-новаму дзіўна, што вось i нельга прабіцца словамі з тых моў, якія ты ведаеш, у чыстую душу, якой любуешся праз дзіцячыя вочы, дзіцячую ўсмешку.
Космас, галактыка, міжпланетныя сувязі... А на Зямлі яшчэ столькі вялікай работы!..
* * *
Успаміны — як вочкі той сеткі, якую мы пляцём усё жыццё, адзінай сеткі, адзінай справы жыцця.
Уранні зноў мяне наведаў нечаканы ўспамін. Пра тое, як я калісьці вяртаўся зімою з вёскі, дзе многа пісаў у ціхай братавай хаце, i як мяне дома, яшчэ на дварэ, сустрэў мой малы. Не ішоў, а бег перада мною на пяты паверх, сам пазваніў, сам крычаў маме, што я прыехаў, спяшаўся распранацца i — адразу патрабаваў свайго, па чым засумаваў у месячнай разлуцы.
Мы з ім палеглі на дыване, паставілі там, на падлозе, лямпу з зялёным абажурам i чыталі. П'еро, Андэрсена, Талстога, Носава, народныя казкі... Не ўсё зараз, вядома, a штосьці з названага.
Не праходзіць такое бясследна. Ці не таму ён днямі, ужо тым часам юнак, прылёг увечары на тахце, дзе я сядзеў, галаву палажыў на мае калені, нібы так сабе, нібы між іншым, i доўга не вызваляў чупрыну з-пад мае рукі?..
He круці галавой, калі будзеш гэта чытаць. I мне пісаць такое як быццам няёмка. Як быццам гэта — толькі наша з табою, не больш.
* * *
З намі тут, у вёсцы, маленькая Дануся, якая ўся жыве ў казачным свеце, заражаючы гэтым i нас.
Учора пад вечар удвух з сынам-студэнтам праходзілі каля знаёмай сасны, дзіўна нахіленай над ракою, з грывай галля — толькі ад вады. На апусцелай буслянцы, якая вянчае сасну, марадзёрылі вароны, штосьці там матлошачы. Без буслоў i жабам жывецца вальней ды смялей. Над самым берагам, дзе ён адхонны, многа ix уцякае з-пад ног ці тлуста чмякаецца ў ваду.
I мы смяяліся, як падзяцінеўшы, што ў жабаў, чаго добрага, i свята ёсць такое — «бусліны адлёт».
— У ладкі плешчуць,— кажу, уявіўшы, як яно выглядала б у мультфільме. A фізік мой дадае:
— Яшчэ таму буслу i хустачкамі махаюць.
* * *
Уранні мы з ёю сустрэліся каля сталовай дома адпачынку. Снедаць яшчэ ранавата было, ніхто не ішоў. А яна ўжо сядзела на лаўцы.
— Здарова, Алеся! Ты ўжо, відаць, паснедала?
I вітацца, i адказваць — замнога адразу, i яна толькі адказвае:
— Паснедала.
Мама малое працуе тут на кухні. У Алесі румяныя, поўныя шчокі, a саліднасць — на пятым годзе — як у дарослай. Нават i хустка завязана «пад бараду», як у бабулі-калгасніцы, пры якой малая гадуецца.
Навокал сосны.
— Вунь там вавёрачка. Бачыш?
Вавёрачкі няма, але мне хочацца пагаварыць.
— Я ўчора бачыла. Яна там учора скакала.
— А ты хацела б так, як яна, паскакаць на сасне?
— Што я — дурная па дрэвах скакаць?..
Дома, у горадзе, ёсць у мяне такая ж суседачка. Толькі што далікатна, чула выхаваная іншай бабуляй, артысткай на пенсіі.
Аднойчы, у дачным лясочку, тупае па дарожцы толькі ў трусіках, бела-пяшчотная, поўненькая.
— Мурашка мяне ўкусіла. Але ж і я зрабіла ёй непрыемнасць.
— Якую?
— Патрымала за ножку ўніз галавою.
* * *
Гаварыў па міжгароднім телефоне з сынам.
У яго вялікі клопат. Заўтра трэба ехаць з мамай у грыбы, бо яго няма з кім пакінуць дома. I трэба вельмі раненька ўставаць... Голас — амаль праз слёзы.
А прычына, вядома, не ў гэтым. На суседні двор, месца іхніх баталій, прыйшоў экскаватар. I так жа добра глядзець, як ён капае канаву! Глядзець — не так сабе, не як-небудзь, а з даху гаража. Хоць мама i крычыць за гэта, хоць бацька — па тэлефоне цяпер — угаворвае быць асцярожным ды паслухмяным.
Нагаварылі мы з ім пра ўсё гэта, i так мне міла, i смешна, i па-сур'ёзнаму добра было ад нашай дружбы!..
A назаўтра — званок. Мой друг, аказваецца, не вытрымаў саліднасці. Знайшоў адзін баравік, i годзе: «Буду сядзець у машыне». Прыйшлі грыбніцы, глядзяць — яго няма. А потым голас — куды там ужо да геройства! — «Мама!» з самай верхавіны сасны... Страшна, вядома, страшна было, пакуль ён злазіў адтуль, i ручкі дрыжалі, i мама з цёткамі заміралі ўнізе, з усёй сілы трымаліся, каб не ахнуць ды не спалохаць яго...
— Ты што ж гэта, стары, экскаватар убачыць хацеў?
Разумею становішча, стараюся пытацца весела. Ды ў трубцы голас — поўны належнай пакоры, i вечнае:
— Я больш не буду.
Будзеш, хлопец! Будзь, хоць i страшна, хоць я i павінен казаць, што не трэба!..
* * *
Хлопчыку пяць гадоў. «Як мужчына мужчыну» — бацька расказаў яму, што такое ў сапраўднасці Дзед Мароз. I малы паверыў. Аднак, калі яму мама вярнула Дзеда — сказала, што тата пажартаваў, што Дзед прыходзіць, прыносіць пад ёлачку падарункі — хлопчык быў рады яшчэ больш.
Дзецям патрэбна казка. Яна не разбураецца сапраўднасцю.
На піянерскую ёлку хлопчыка ўзяла старэйшая сястра. Найбольш уразілі яго вялікі мішка i ліса, што разам з дзецьмі танцавалі вакол ёлкі. У перапынку ён убачыў, як ліса — зняўшы маску — піла ў буфеце піва. Спацелы дзядзя!.. Цягне з кухля, ажно лісіны хвост падрыгвае... A ўсё ж i пасля гэтага малы расказваў пра лісу — як яна з імі весела, пацешна вырабляла ў карагодзе!..
* * *
Навокал лістота, кветкі, а на руках у маладога бацькі — яго першае дзіця, дзяўчынка. Яна яшчэ ўсё маўчыць, відаць, ніяк не могучы пераступіць той парог, за якім, побач з разуменнем жыццёвых з'яў, будзе яшчэ i магчымасць падзяліцца з кім-небудзь першымі ўражаннямі i зародкамі думак. Яна маўчыць, наглядае ці проста глядзіць, час ад часу захоплена махае ручкай i вымаўляе нейкія дзіўныя, таямнічыя, смешныя падабенствы слоў. А потым, нібыта прагнаўшы ад сэрца шчаслівы, але цяжкаваты зарад уражанняў, зноў пачынае маўчаць...
Таму, што ў кожнай хвіліне нашага існавання бацьку хочацца бачыць няспынны рост яго дзяўчынкі, яму здаецца цяпер, што маўчанне i задуменны позірк яе — гэта першыя, ледзь бачныя адзнакі сталасці. I хлопцу чамусьці хочацца быць больш дзяціным, чым яна. Ён прысядае з ёю на руцэ i з роснай травы ў сасновай засені паднімае на сонца фарфорава-белую кветку рамонку. Ручка працягваецца да яе, i смешна маленькія пальчыкі заціскаюць у жменьку зялёнае каліва. Заціскаюць i — так жа пацешна! — падаюць кветку ў рот, на першы, таксама фарфоравы зуб. Што ж, такі ўжо спосаб праверкі на трэцяй сотні пражытых дзён!..
I вось ізноў яму радасна ад думкі, што яна, яго наступніца, пачынае жыццё ад пачатку, што ён паможа ёй пачаць яго лепш, чым сам пачынаў.
* * *
Стаміўшыся на вуліцы або ныючы дома, хлопчык, чатыры гады, вельмі любіць гартаць перакідны каляндар.
Пасля неяк маці, вярнуўшыся з працы, ласціцца з ім:
— Вось i вясна. I як жа я цябе ў вёску да цёці адпраўлю? А сама буду плакаць?..
— Я без цябе не паеду. I цяпер не паеду, i на другі каляндар не паеду!..
* * *
Чырванашчокі, вочы блішчаць, рукі ўсе падрапаны да крыві. Шчасліва хваліцца бацьку, як забаўляўся з катом:
— Ён мяне ляпкай, а я яго — люцькай!..
I столькі радасці, смеху!..
* * *
Па радыё спявалі дзеці, i вельмі свежа здалося, што гэта — тыя самыя, якіх я слухаў i пяць, i дзесяць, i трыццаць год таму назад...
Такое ж адчуванне бывае, калі слухаеш, а то нават калі назіраеш птушак.
* * *
Яна нарэшце разбагацела — ёй узялі кацяня. Нават сама хадзіла з татам па яго, i кошку-маму бачыла, а потым з дому, пры татавай дапамозе, пазваніла свайму найлепшаму другу — дзядзьку: што ў яе ёсць!..
Дзядзька-студэнт назаўтра вярнуўся з заняткаў, трохі паспаў i, перш чым заняцца сваёю матэматыкай, пазваніў трохгадовай сяброўцы... ад імя кошкі-мамы:
— Мяў!.. Як там у вас жыве мая маленькая?..
Пляменніца — паверыла i гаварыла з ім, як з мамай кацяняці.
Калі ўжо трэба растлумачваць гэта прозай,— што ж, у яго ёсць адчуванне смешнага, а яна — уся ў краіне казкі.
* * *
Шасцігадовая Груня ўцякла з дзіцячага дома, дзе яе крыўдзілі, аб'ядалі большыя дзеці. Ды не таму яна падалася ў родную вёску,— там конча трэба было (якая, божа мой, сталасць!) апалоць у гародзе бульбу, бо няма каму гэта зрабіць.
Іхні тата памёр раней, чым памерла мама, старэйшы брат, афіцэр, i сястра, санітарка, былі на фронце. Тры меншыя дзяўчынкі — шэсць, восем i дванаццаць год — уладжаны такім чынам: найменшую здалі ў дзіцячы дом, найбольшую ў вучылішча, а сярэдняя недзе дома, але не сядзіць яна ў хаце, па людзях пайшла, i з бульбай на яе няма надзеі.
Маленства — ваеннае...
Пра яго ўспамінае, расказвае нам сусед па бальнічнай палаце. Той брат дзяўчынак, афіцэр, які яшчэ ўсё ніяк не адыдзе ад колішніх ран.
* * *
Светлая, зялёная раніца ў парку. Сустракаю малога з канькамі i торбачкай цераз плячо. Зусім незнаемы, a ўсміхаецца так, нібы рад мяне бачыць. Вітаемся.
— Дзе быў?
— На трэніроўцы.
У другім канцы парку — дзіцячы спартыўны комплекс.
— Колькі табе гадоў?
— Заўтра... Не,— радасна паправіў сам сябе,— сёння шэсць!
— Дзень нараджэння. Што ж, браце, віншую.
Руку нават паціснуў, маленькую, цёплую. Спытаўся, як завуць, хто ў яго дома.
Смеласць, талковасць, спорт — усё гэта сучаснае. A мілая, чыстая ўсмешка яго — гэта вечнае.
Як гэты цудоўны сонечны ранак, i зеляніна, i золата верасня. Мне добра. Яму, відаць, таксама. Бо ўжо далей не пайшоў, як дагэтуль, памалу, а пабег са сваімі канькамі i торбачкай.
* * *
Васемнаццацігадовая дробненькая дзяўчына, хатняя работніца:
— У каго я, цётачка, малых ні няньчыла — усюды яны на мяне ўсе падобныя! Люблю я ix, хоць яны мне з самага малку рукі, цётачка, паўрывалі...
* * *
Няньцы чатыры гады, меншай сястрычцы два. Гарадскія госці ў бабулі на хутары. Ідуць па садзе. Большая па прывычцы дае «нашай малой» чарговае настаўленне:
— Днём свеціць сонца, а вечарам лямпа... Праз дзірку ў плоце вылазяць з саду на выган.
Воддаль пасецца кабыла з жарабём. Туды няможна, a вельмі хочацца. I нянька гукае:
— Коська, ідзі сюды! I з рыжыбяткамі Толькі не задаўляйце нас...
* * *
Ад новых непрыемнасцей па радыё, ад думак пра пагрозу новай вайны — сон быў цяжкі, кашмарны. Здаецца, я за горадам, у лесе. На Мінск упала атамная бомба, там ужо нікога няма, а мы тут толькі паслеплі. Таўкуся паміж дрэў, крычу. I гэта — горш за смерць!..
Прачнуўшыся, думаў пра сына: што я сказаў бы яму, калі б пачалася вайна, як растлумачыў бы ўсю яе страшную недарэчнасць?..
А потым ён прачнуўся, прыбег да мяне — доўгі, шчарбаты, цёпленькі — i ўперамежку паміж двума сваімі шчаслівымі снамі паведаміў:
— У Ірачкі паслязаўтра дзень нараджэння.
— Ты яе любіш?
— Aгa.
— Мы ёй купім з табой шакаладку, i ты занясеш?
— Ага.
Ірачцы, што гуляе з бабуляй на нашым двары,— два гады.
I ўсё гэта, вядома, вельмі важна.
* * *
Гледзячы праз акно вагона на жоўтую безліч лугавых кветачак, падумаў пра якую-небудзь гарадскую дзяўчынку: як яна разгубілася б ад такога багацця красы...
Успомніў тую маленькую казашку, што вынесла на сцэну алма-ацінскага опернага тэатра кветкі для мілай Бібі-Гуль, спявачкі. Падала, абняла цёцю за шыю адной ручкай, тады пабегла назад і... спынілася, разгубіўшыся ад новых бурных воплескаў. Здзіўлена паглядзела ў залу, на безліч людзей,— відаць, не здагадваючыся, што апладзіруюць яны ўжо i ёй,— тады пайшла, а потым зноў пабегла.
* * *
Простыя чалавечыя радасці. Прыехалі рэдкія, далёкія госці — пляменнік з жонкай i сынам. Адзінаццацімесячны смехунок, ён стаў адразу цэнтрам нашай сям'і. Снедаючы, абгаворваем яго прыкметы. Мама мая, напэўна, сказала б: «Правае вока меншае — нашай пароды». А яшчэ ў яго радзімая плямка на светленькай галаве.
I тут мне ўспомніўся мой — ужо з вусамі i хрыплым трынаццацігадовым басам. Ён у школе. Каб ён быў тут, за сталом, пахваліўся б, вядома, таксама радзімкай на галаве...
Чаму, навошта запісваю такую дробязь?
Бо ад таго, што хлопец умяшаўся б у гутарку са сваёю асобай, нібы просячы звярнуць увагу i на яго, патрымаць i яго, хоць якую хвіліну, у цёплым святле чалавечай увагі,— ад гэтага мне стала i добра на душы, i сумнавата, i захацелася пашкадаваць не толькі яго i не толькі таму, што ён — мой.
Гэтым пачуццём, як сілай жыцця, павінна быць насыпана наша слова. I гэтая «дробязь» — не дробязь.
* * *
Люда любіць i ўмее прыдумваць.
Яшчэ калі яна была зусім маленькая, трохі больш за паўтара года, i тата, стоячы на верандзе, трымаў яе на руках, Людачка заўважыла, як пад застрэшкам у павуціне б'ецца i ные муха.
— Пуця! — сказала яна, працягнуўшы заслінены пальчык.— Пуця гута-та!..
A «пуці» было не да гушкалкі.
Потым неяк, гадоў яшчэ праз паўтара, глянула малая раненька ў акно i ўсцешылася:
— Ой, мама, а сняжок які за ноч падрос! Большы яшчэ, як учора!..
Цяпер ужо Людзе пяты год.
Сёння нядзеля, i тата не пайшоў на работу. Люда прачнулася, бачыць — Пампушка, яе меншая сястрычка, яшчэ спіць, мама ўжо кудысьці пайшла, а тата сядзіць ды чытае.
I Люда задумалася, падпёршы кулачком i пасля сну не вельмі румяную шчаку.
— Ну, што? — спытаўся, пачакаўшы, тата.— Што, мая цёцямаркоця?
— Тата, а Маша ж з'ела ўсю пахлёбку!..
— Якая Маша? Якую пахлёбку?
— А там, што мама ўчора нам чытала: пра Машу i пра трох мядзведзяў.
— Ну i што?
— Маша з'ела ўсю пахлёбку, а чым жа мядзведзіха накарміла тады малога Мішутку?
— Та-ак... Тут, брат, i сапраўды задача...
— А я, тата, думала, думала i прыдумала!
— Ну?
— Ты вось паслухай. Маша пайшла тады ў лес па грыбы?
— Ну, скажам, па грыбы.
— I назбірала грыбоў?
— Трэба думаць, што назбірала.
— А потым яна спалохалася мядзведзяў i ўцякла праз акно... А грыбы ж свае яна забылася! Ага!.. I Мішуткава мама падсмажыла ix маленькаму... Праўда?
* * *
Ca старэйшай бацькі паехалі на курорт, а меншую ўзяла ў вёску бабуля. Там Аня палюбіла Мальву, бабіну карову. Яны з бабуляй удзвюх сустракалі яе з пашы, калі яна мукала яшчэ здалёк, а потым Мальва ціха стаяла, пакуль у даёнку дзюрчаў сырадой. Такі смачны, духмяны, цёпленькі! Бабуля баялася, што тут малой, можа, горш, як на тым курорце, i ўсё паіла, паіла тым сырадоем — уранні, апоўдні, увечары. I вярнулася Аня дахаты — ну, як пампушка.
Нешта хутка пасля таго, як усе прыехалі зноў дахаты, гаварылі ўвечары, хто кім збіраўся быць, кім стаў. I Аня сказала — зусім сур'ёзна:
— А я вырасту i буду каровай i буду даваць многа малака!..
* * *
Мама працуе на ферме, занятая з ранняга ранку да позняга вечара. Тату лягчэй — ён вартуе саўгасныя сенакосы. Дарослыя дзеці — сучасная моладзь: пазагараць з транзістарам, парыбачыць, з клуба вярнуцца на досвітку, адаспацца... А маленькая Зося, якой шэсць гадоў, гуляе — па праву маленства. Загарэлая, ціхая, з сарамлівай усмешкай.
З дачніцай, што жыве ў ix, пайшла ў чарніцы. Ідуць дахаты, назбіраўшы, i цёця пытаецца:
— Kaгo ж ты, Зося, пачастуеш сваімі ягадамі?
Малая доўга маўчыць, потым кажа:
— Маму.
— А чаму толькі маму?
— Бо яна ўсё робіць.
* * *
Чыстага маленства, зусім без прымесі з пазнейшымі ўспамінамі, з расказамі старэйшых пра мяне,— няма. Я намагаюся яго дастаць, i, як дастану, мне вельмі добра.
* * *
Саракатрохгадовая маці, дачка майго даўняга сябра, паказала мне днямі свой... ну, не талісман які, вядома ж, а проста адзін з прыемных успамінаў маленства. Той самаробны альбом з маімі вершамі i братавымі малюнкамі да ix, які мы з братам падаравалі ёй... трыццаць пяць год таму назад. I мне цяпер стала ад гэтай, зусім нечаканай, сустрэчы з тым падарункам вельмі прыемна, можа, не менш, чым ёй калісьці.
I тое прыгадалася, як мы рабілі альбом, як нам здавалася, што праца тая — толькі пачатак таго, што мы будзем рабіць. I сум па брату яшчэ раз вярнуўся: не толькі таму, што яго ўжо даўно няма, але i таму, што ён не здзейсніўся як мастак. I сум толькі мой: што я так мала пісаў для дзядей, хоць i марыў калісьці быць толькі дзіцячым пісьменнікам. А разам з сумам прыйшло i радасці трохі: ад тых, няхай сабе сціплых, удач, што былі, i ад надзеі, яшчэ ўсё надзеі на ўдачы, што будуць. I тое нарэшце прыйшло, ужо амаль невытлумачальнае, што прасвечвае радасць сустрэчы з альбомам — яшчэ адно пранікненне ў чароўны свет паэзіі маленства.
* * *
Хацеў узяць да чаю яшчэ кавалачак пірага, але падумаў: «Няхай застанецца малому». I ўспомніў N., з яго сялянскім розумам, з яго заўсёды бадзёрай, бяскрыўдна-хітраватай усмешкай. Ён напэўна сказаў бы: «Тут нам не ўзяць, не з'есці самому — смачней, чым узяць».
* * *
Прыхварэўшы, добра супакоіцца ад будзённай мітусні, апусціцца да свайго надзейнага грунту, засяродзіцца на галоўным, падумаць, пачытаць, папрацаваць.
Нават прыходзіць, вяртаецца дзіцячая цікаўнасць, вастрыня ўспрымання — пачынаеш заўважаць тое, чаго раней або даўно не заўважаў.
Задрамаў пасля банек i прачнуўся ўжо цёмначы. Пасля змястоўнага, светлага дня. Ляжаў у сталовай на канапе, глядзеў у змроку на белыя дзверы свайго кабінета, адчыненыя ў сталовую,— дзіўна, нібыта інакш, чым заўсёды, асветленыя адтуль, дзе мой хлапчук чытае або піша за маім сталом, пры маёй настольнай лямпе.
I вось іменна яны, асветленыя белыя дзверы, i напомнілі мне дзіцячую здольнасць ціха, паэтычна засяроджвацца на самым нязначным, самым звычайным.
* * *
У міжгароднім аўтобусе. За маёю спіной малы гаворыць з бабуляй:
— А чаму ў цябе такі ногаць вялікі?.. Бабка, пагладзь маю ручку, пагладзь!..
Якая ж бездань паміж гэтай чыстай душой i нячыстай рукой яго бабы, маёй знаёмай, нядаўна скінутай з пасады старшыніхі калгaca! «За злоўжыванне службовым становішчам...»
Стаім у мястэчку. Піжоністы рыжы сабака сядзіць на асфальце, на самай сярэдзіне шашы. А хлопчык непакоіцца, ледзь не да слёз:
— Цюцьку машына зарэжа!.. Бабка!..
Не адчуеш так поўна i непасрэдна. А шчэбет ягоны — амаль непаўторны, бо ён не паддаецца перадачы словамі дарослага.
Думаў пра абнаўленне душы самай высокай паэзіяй — паэзіяй маленства. Безліч граняў у гэтай паэзіі, як безліч сонечных промняў i пырскаў расы ў гэтых промнях.
* * *
Дзед, баба i госця-ўнучка перад тэлевізарам.
Ужо цікавае пачалося, аднак малая саскокнула з канапы, пабегла ў мой пакой, прынесла цёплы халат i палажыла мне на калені.
Потым, калі цікавае закончылася, я паклікаў яе i ціха, у цёплую шчочку, спытаўся, чаму яна так зрабіла.
— А твае ж ногі баляць, i трэба, каб цёпла было.
Восем гадоў. Маленства сутыкаецца з пачаткам сталасці.
* * *
Часамі здавалася, што зачаста, залішне па-сямейнаму расказваць так з міжнароднай эстрады пра свайго першага, адзінага сынка. Як быццам песцячыся перад людзьмі, з нейкім какецтвам званнем маці.
Вядомая, любімая спявачка, польска-савецкая, а то хутчэй савецка-польская — Ганна Герман.
А цяпер вось успомніў яе, у памяці, у душы пачуў «Рэха», «Калыханку», яе, толькі яе адзінай голас, яго абаяльную шчырасць, i ясна стала, што яна не магла інакш, што i хораша гэта было i сумнавата ўжо тады, як быццам ад прадчування, што цяпер ён, той польскі хлопчык, ужо без мамусі, i аднаго таго, што голас яе радуе нас многіх, яму, вядома ж, вельмі мала...
* * *
— Толя плісёў!
Так вось, у трэцяй асобе, голасна i ўсім аб'яўляе ён, двухгадовы герой, калі яго прывядуць уранні ў яслі.
I тут, вядома ж, не гонар нейкі, а проста радасць. А таксама яшчэ вельмі значны, непераможна вечны падтэкст — абаяльнасць нявіннасці, чысціні.
* * *
Мноства чырвоных ягадак — на вялікай цыраце, разасланай у кухні на падлозе. Парэчкі сохнуць, перамытыя. Увечары яшчэ трохі не двухгадовую Волечку, якая хацела з імі забаўляцца, угаварылі, што ягадкі ўжо епяць. A ўранні яна, сама прачнуўшыся, прытэпала да ix, прысела на падлозе, маючы поўнае права меркаваць, што i яны ўжо таксама «прачнутыя».
* * *
Прыйшоў у госці дваюрадны браток, старэйшы на паўтара года.
Пад вечар, накачаўшыся на дзедавай тахце — весела, што тыя медзведзяняты,— яны пачалі танцаваць.
Хлопцу хацелася i дзеду i сястры паказаць, які ён маладзец; ён многа тупаў, хутка кружыўся, голасна крычаў, смяяўся.
А яна, танцорачка на трэцім годзе, кружылася памалу, нават спаважна, i прыгаворвала яшчэ, што трэба ціха, ціха, А потым, стомлена прыпыніўшыся, сказала радасна, ці то ўсім, ці то сабе:
— Во як танцуе ўнучка!..
* * *
Старэйшая, што ўжо амаль зусім выходзіць з усякага маленства, пайшла прайсціся з маленькай, якая яшчэ ўсё ў казачным шчасці пачатку.
Вяртаюцца з ляснога берага ракі. У маленькай на чырвонай вязанай шапачцы светла-шэрым маладзіком панасаджваны маладзенькія шышкі лопуху, прыліпалкі. Сустрэўшы дзеда, абедзве ўнучкі смяюцца, шчаслівыя кожная па-свойму.
Адна сваёй паблажлівай дванаццацігадовай даросласцю, а другая — сваім шчабятліва салодкім маленствам.
* * *
Бабуля рада, што маленькі ўнучак добра есць. З лыжачкі, у яе на каленях. Ахвотна, весела, папоўніцы.
Гэта ледзь не балюча пранізвае дзеда, які любуецца збоку. Ён думае, як гэта страшна, калі такім гэтага не даюць!.. Голад беднасці, сіроцтва. Голад вайны, акупацыі.
* * *
Мама — ужо крыху падношаная, з яшчэ ніштаватымі рэшткамі былой красы. Бабуля — ну, як бабуля, але выглядам — не дай бог горш i далей. I неспакойная, шчабятлівая ўнучка гадоў дзевяці. Узрост, у які я цяпер, з-за такое ж унучкі, можна сказаць, закаханы. На пероне ў Стоўбцах, кал i мы чакалі электрычкі, малая з'ела вішню, а костачку палажыла на рэйку. Праходзячы міма, я не вытрываў: «Ну вось, a цягнік i абернецца». Мы з ёю засмяяліся. Цяпер мама ўважліва вяжа, бабуля паспрабавала драмаць, падлажыўшы да сценкі каля акна мяккую торбачку пад шчаку. A ўнучка ўсё пашчабечвае паміж імі.
Такія простыя, звычайныя хвіліны будуць імі ўспамінацца потым, як шчасце. Асабліва — не дай бог,— калі стане горш...
* * *
Даўняя-даўняя гутарка сярод вясковых мужчын, да якое i я, юнак, а можа, яшчэ i падлетак, прыслухоўваўся. Вечная тэма — пра выхаванне дзяцей.
Помніцца толькі адно — за яго панурую незвычайнасць: «Дзіця павінна ўсіх баяцца». Сказаў гэта маўкліва важны прымак з далекаватай вёскі. Толькi ўсяго i сказаў.
* * *
У вакзальным падземным пераходзе малая дзяўчынка толькі на момант адстала ад мамы i страшна закрычала ў сустрэчных патоках дарослых ды незнаемых... Ды тут вярнулася мама, з другім, меншым, дзіцем «за ручку». Хапіла сваю большую за руку i павяла-пацягнула туды, куды спяшалася.
А я паспеў i нібыта спалохацца за малую, i супакоіцца, нават успомніўшы весела тое, што неяк бачыў па тэлевізары. Як гутарылі малпы, сабраўшыся чародкай, i адно малое хацела недазволена адлучыцца, а мама-малпа, не спыняючы гутаркі з суседкамі, між іншым, хапіла свайго няўрымсту за хвост i падцягнула да сябе.
* * *
На пляжы, каля «пераадзявалкі» чарга. Пажылы ўсмешлівы мужчына стаіць за ціхім, акуратным хлопчыкам. Пытаецца:
— А ты, малы, чаго туды?
— Я надзеў трусікі задам наперад.
Калі хлопчык дачакаўся i пайшоў у загарадку, мужчына ўсміхнуўся мне, незнаёмаму, i сказаў:
— Што ж, гэта лепш за тое, што я ўчора бачыў. Падлеткі ў парку пыл паднялі каля лаўкі, на якой сядзела нейкая старая. Яна зрабіла ім заўвагу, дык яны: «Ты што, баба, зусім звар'яцела? Хто на цябе пыліць? Каму ты патрэбна?»
* * *
Поўны месяц над грэбенем лесу. Жнівеньская халаднаватая самотнасць.
Маленькая шчабеча з мамай, пакуль шчасліва заснуць. Чуючы гэта з другога пакоя, журботна думаю, што вось жа яшчэ i яна з'явілася на свет,— нібы зусім адна супраць усяго нялюдска цяжкага, што будзе i на яе шляху...
* * *
Сумны ды горкі роздум, калі трэба спаць, а сон не ідзе... I тут з кута, дзе ўнуччын ложачак, у цемры радасны голас праз сон, як водгук чагосьці там вельмі вясёлага: «Яна такая вялікая!..» Не больш, аднак i тон, i змест такі, што i самому стала добра.
* * *
Балючая памяць. Ляпнуў малoгa, які капрызнічаў, а ён расплакаўся горка, крапліста, i ад мяне пачаў шукаць абароны ў мяне — прытуліўся... Бо нікога на свеце болыи не было, толькі мы ўдвух. I ён яшчэ немаўля.
* * *
Кожнае дзіця — новае выданне чалавека, новае i нечаканае. Кожны дзень нечаканае, то вясёлае проста, а то i мудрае нечаканасцю.
* * *
Скажам, як сказаў бы нейкі спаважны i суровы дзядзька:
— Добра з малымі папесціцца. Спачатку з дзецьмі, цяпер з унукамі.
1946-1983
Абы на здароўе
У лодцы на возеры трое. Спінінгіст-тэарэтык дакучліва павучае госця, як трэба лавіць. Тэорыю падмацоўвае прыкладамі. Найбольш, як водзіцца, з уласнай практыкі.
— Навешаў я раз добры такі кукан шчупачкоў i прычапіў за кармой. Дык што ты думаеш? Усе паўцякалі праз горла найбольшага...
Госць у тон яму дадае:
— А найбольшы, раней чым таксама ўцячы, крыкнуў: «Хадзяін, вазьміце вяровачку!» I тады ўжо нырнуў.
Бяззубы мясцовы рыбак, што сядзіць на вёслах, ажно адкінуўся назад — смяецца ціхім, справядлівым рогатам.
* * *
Адзін сынок, дый той у горадзе. Летам старому бацьку яшчэ сяк-так — на сонцы пасядзіць, карову папасе. A зімой занясло двор снегам — роўна са студняй. Рэдка хто зойдзе, сядзіш адзін, як воўк.
У кухні, дзе цяплей, над сталом мармыча рэпрадуктар. Дзед ляжыць на печы i слухае. Перадаюць нейкую казачку для дзяцей. Разышліся ў тым радыё раптам сабакі брахаць, гyci гегаць, куры кудахтаць... Дзед ведае — гэта артысты. Рагоча да слёз:
— А каб на вас нечага, каб на вас!..
I ўсё цяплей на душы.
* * *
Шафёры, чалавек з дзесятак, сумуюць на ганку райвыканкома. Гарачыня. Начальства нікуды не едзе — нарада. Лена перабрэхваюцца, мала рагочуць.
Вось грукоча брукам на матацыкле нейкі дзяцюк або, можа, i дзед... Не пазнаць — даўно не голены, ледзь не да самых вачэй абвязаны хусткай.
Ленае слова самага веселуна:
— Гэты ўжо, хлопцы, лішняга слова не скажа.
I вялыя ўсмешкі.
* * *
— Калісьці маці мая ішла замуж, дык не магла дастаць панчох пад вянец. Анучак накруціла беленькіх у хадакі. Спадніца доўгая — яно i не відаць, як там вышэй. А цяпер у мяне тры дзеўкі модныя. Дальбог, братко, мяхі старым капронам завязваю!
* * *
— Яшчэ пасля вайны, як толькі ісалгасы арганізоўвалі, быў у нас конік Аршын. Збракавалі яго потым i прадалі на беражэнскія хутары. Аднаасобніку.
Дык ён назад уцякаў, у калгас. Дзядзька, што купіў,— верхам на суседскага каня i наўздагон. Пёр, пёр наш Аршын, а потым, хлопчыкі,— брык! — i інфаркт! Ca страху, што трэба вяртацца на хутар. Саз-на-цяль-ны!..
* * *
Поўненькі, з прыемнай усмешкай ляснічы смяяўся калісьці, што з Масквы яму пішуць: «Колькі ў вас рабчыкаў на адзін гектар лесу?»
— Падумаў за сталом дый напісаў — дваццаць тры. Навука! Учот!
А цяпер вось ён прыехаў да мяне шукаць ратунку,— падрабіў сабе атэстат сталасці, а нехта выдаў... З той самай прыемнай усмешкай раіць мне быць добранькім — памагчы яму схаваць канцы.
А дзе ж навука, «учот»?
* * *
Даволі часта чалавечы дур праяўляе ўласцівасць захоўвацца ў свежым выглядзе да самага паважанага ўзросту.
* * *
Нарачанскі рыбак пад чаркай расказвае пра зяцякрамніка, што ён — баязлівец. Ішоў па лесе з грашыма, запынілі «нейкія смаркачы», напалохалі — аддаў, а сам цяпер захварэў на сухоты.
— Які ж ты пасля гэтага беларус? — абураецца цесць перад выпадковымі слухачамі.— Прасцеця маю скромнасць i дурату, але, як быўшы ў разведцы мікалаеўскай арміі, я лічу, што беларус павінен быць такі. З куста гавораць: «Я воўк, я цябе з'ем». А ён павінен адказаць: «Калі ты воўк, дык я леў, i я не баюся цябе!» А то што!..
* * *
На сямейным застоллі малады гаспадар, вясёлы калгасны шафёр, расказвае гасцям пра свае пчолы:
— Паабсякаюць яны трутням крылы — ляжаць тыя ўхаджоры, як збанкі. А раней як жа ix хораша запрашалі туды!.. От дзе, браточкі, наша мужчынская доля!..
* * *
Бабка з кошыкам. Кошык абвязаны.
Малады зладзяйчук пільнаваў яе на вакзале, сесці ёй памог, a толькі цягнік крануўся — выхапіў кошык i пабег.
Паўза. Потым з акна паказалася бабка:
— Еш, еш на здароўе, сынок!
У кошыку быў хрэн. Не цёрты, карэньчыкі.
* * *
Таўкачаваты дзяцюк з багатай хаты. Гадоў пад сорак, а яшчэ ўсё кавалер. Многа сватаўся, скрозь адмаўлялі. Нарэшце адна згадзілася, але... адмовіўся ён сам.
— Чаму?
— Дурная. Бо за мяне адразу йдзе.
* * *
«Чалавек — гэта цэлы свет», як сказаў...»,— гаворыць важны дакладчык, цытуючы агульнавядомае з прыкметным задавальненнем першаадкрывальніка.
А мне ўспамінаецца, што ў гэтага чалавека — цэлы свет рэферэнтаў. Адзін з ix вось i знайшоў яму гэты банальны афарызм. Каб i яшчэ ў адным непатрэбным наказе было славутае «вобразна кажучы».
* * *
Таварыш, якога ўжо трыццаць год кідаюць то на дзёгаць, то на оперу, усюды разбіраецца аднолькава. Але ж усюды кіруе. Цяпер, кіруючы выхаваннем будучых жывапісцаў ды графікаў, прыехаў праверыць, як паводзяць сябе студэнты-мастакі на летняй практыцы.
— Чаго сядзіце тут, а не рысуеце?
— Натуршчыкаў чакаем, Аляксей Міхайлавіч.
Суровы, важны позірк з-пад капелюша:
— Ну дык пакуль што рысуйце фон!..
* * *
Беларускія турысты ў парыжскім аўтобусе. Як звычайна бывае далека ад дому, у адпачынку: «Таварышы, давайце будзем пасля прыезду дружыць, сустракацца!..» Згода i захапленне. Старшы групы i тут адчувае сябе адказным.
— Арганізацыю гэтай справы бяру на сябе. Мне гэта проста: вазьму ў БРК прафсаюзаў вашы адрасы, даручу свайму сакратару абзваніць усіх, i збяромся.
Мал ад ы, вясёлы скептык:
— Міхаіл Сямёнавіч! I я на гэты час найму сакратара. Каб ён дагаварыўся з вашым.
* * *
Грандыёзная дама, што пабывала ў важнай замежнай камандзіроўцы, дакладвае з трыбуны пра сваё падарожжа. На выдатным узроўні спеласці:
— Пасля, таварышы, мы паехалі глядзець Елісейскія Палі. Факт застаецца фактам — яны даволі прыгожыя... А вось амерыканскія цукеркі i торты — зусім, таварышы, не смачныя, i гэта — факт...
* * *
Вельмі любіць праяўляць сваю сціпласць у першых радах высокага прэзідыума.
У далейшых радах, тым больш у заднім, рабіць гэта — цяжэй.
* * *
Хваліцца, што калісьці, у маленстве, краў яблыкі ў багатага суседа.
А што краў i ў другіх — не хваліцца: яны былі небагатыя.
I ўжо зусім маўчыць пра тое, што — на цёплай пасадзе — крадзе i цяпер.
* * *
Бывалая i важная курортніца хадзіла ў шторм па беразе. Адна.
— Мора так шуміць, так шуміць!.. Проста станет ды думает... Ах, ды хіба ж гэта хто-небудзь зразумее!..
* * *
Дзве «святыя сям'і» вельмі дружаць. У адной — сын жаніх, разумненькі, адкормлены, вясёлы здаравяк; у другой — дачка на выданні, мілавідная, з тоўстаю залацістай касой. Дачы побач. Купацца ходзяць павольненька. Там перакусваюць. А пад вечар — таксама ціха i радасна — ідуць з вялікімі гарадскімі сумкамі... у калгасны гарох.
* * *
У вагоне, убачыўшы першую горную рэчку, дзяўчынка ўскрыкнула:
— Ах, мама, Церак!
Дзябёлая мама ў раскошнай піжаме, паблажліва:
— Гэта не Церак. Церак я ведаю: у Цераку я мыла мае ножкі.
* * *
Упасвены пудоў на сем, а на курорт паехаў. Жонка звоніць пасля па аўтамату, хваліцца:
— Лёва не ўзяў ні кілаграма. Толькі вельмі пасвяжэў.
А Лёва, стоячы побач з тэлефоннай будкай, толькi пацее ды аддзімае.
* * *
Стары яўрэй, кравец у майстэрні, заваленай маладымі порткамі, якія хочуць стаць вузейшымі i — як мага хутчэй.
— Вы ведаеце, што такое мода? Вазьміце бочку i кладзіце туды порткі — год, два, тры... А потым, калі яна ўжо будзе поўная, перавярніце бочку i даставайце порткі — год, два, тры...
* * *
Не бачыліся з ваенных дзён. Хлопец быў ён тады нядрэнны, а цяпер — от сабе ды так сабе, з тых, што «сёння інакш не пражывеш». Расказвае пра свой сад, як ён яго даглядае. Па-сяброўску паведамляе вытворчы сакрэт:
— Сучка ёсць у мяне. Калі яна гандлюе, дык я налаўлю тых сабак, навешаю ix ды назакопваю пад яблынямі — во калі родзяць!..
* * *
«Вяселле Кларачкі было ў тую суботу».
«Ну, i колькі яны выручылі?..»
З падарункаў.
Гэты дыялог дзвюх мінскіх цырульніц успомніўся мне, калі нам паказвалі новыя, зайздросна спланаваныя раёны Ростака. Фройляйн гід, расказаўшы пра многае, прапанавала задаваць пытанні. «Пра горад, пра жыццё ўсёй рэспублікі».
Бывалая, рухавая жоначка велічна маўклівага кампазітара папрасіла з канца аўтобуса перадаць наперад наша першае пытанне:
— А дзе тут, скажыце, можна купіць у вас шчотку для расчэсвання пудзеля?
* * *
Здаравенны лысы Калодка, не так пісьменны, як хітраваты i ўпарты дзядзька, першы пасляваенны старшыня сельсавета. Апраўдваецца на раённай нарадзе:
— Хто яго, таварышы, так ужо чыста з усім i справіцца. Цяпер жа ў нас, у такім сельсавеце, больш тое пісаніны, чым калі-та было ў мінскім губеранскім упраўленні... Тут вы, таварышы, крытыкуеце нас за падзёж. A які падзёж?! Адна тая цялушка здохла. Дык жа ж мы на месца яе другую купілі!
Пытанне з прэзідыума:
— Купілі? А за што?
Калодка з-за трыбуны:
— Як гэта — за што? Са срэдстваў гэтай самай цялушкі!
У зале рогат. Зноў голас з прэзідыума:
— Калодка, ты вясёлы чалавек. Ды растлумач ты нам, калі ласка, што ж гэта за срэдствы ў той вашай цялушкі.
— Як гэта — што за срэдствы? А мы ж яе скуру прадалі!..
* * *
Самаздаволены пашляк, пакуль што не выкрыты злодзей, прыехаў у сваю вёску на нядаўна купленай «Волзе». Выходзяць з жонкай — абое да ззяння перапоўненыя шчасцем i сваёй перавагай над гэтымі людзьмі, суседзямі...
Стары Паўлюк, які сёе-тое ведае пра ix, які самому Богу ў вочы сказаў бы, што думае:
— Ну ж i раз'еўся ты, падла, як тая карова на казённай бразе!..
* * *
Унук:
— А я, дзеду, болей з'ем за цябе!..
Дзед:
— Я ўжо, браце, за век наеўся.
* * *
Пажылы, з залатымі зубамі дзядзька ідзе пад вечар па вуліцы i з кожным весела загаворвае, крычучы на ўсю вёску.
Сядзіць на лаўцы настаўнік.
— На сонейка выйшлі? Добры вам вечар!..
Едзе з поля калгаснік, з ім пад'язджае раённы ўпаўнаважаны.
— А што ж гэта ён вас, таварышок, ды так неганарова пасадзіў? Хоць бы дзяружку якую... А-я-яй!..
Пасе баба козы.
— Здарова, Агата! Каровы пасеш? Кажаш: козы? Нічога, падрастуць козы — каровы будуць!..
I так — ад хаты да хаты.
* * *
У вагоне прыгараднага цягніка фабзаец частуе аднавяскоўца лімонам. Абабралі яго, як апельсін, i смокчуць, жуюць.
— Не магу, брат,— кажа нарэшце аднавясковец.— Кіслоцце нейкае, аж сцепае...
— Трэба прывыкнуць,— сур'ёзна, з пачуццём перавагі кажа юнец, гараджанін з гадавым стажам.
* * *
Можаш напісаць эпапею, зрабіць незвычайную хірургічную аперацыю, выдумаць звышвадародны цуд — усё адно не будзеш такі задаволены сабою, як дама-мяшчанка, калі яна едзе ў тэатр ці на рынак на ўласнай машыне. Дый на службовай, мужавай.
* * *
У праўленні калгаса, дзе вырашаюцца жыццёва важныя справы, дзе сядзяць у шапках, плююць на падлогу, густа лаюцца самым непрыкрашаным матам,— жыве белы коцік.
Маўклівы дзядзька, рахункавод, штодзень, з гаспадарскай акуратнасцю, корміць коціка малаком, якое прыносіць з дому i ставіць у шафе з паперамі.
Коцік садзіцца да яго на стол i час ад часу падсоўвае лапкай костачкі лічыльнікаў, думаючы, што гаспадар яго, калі лічыць,— таіссама гуляе.
* * *
Заслужаны чалавек прыехаў у родную вёску.
Спраўная хітраватая маладзічка, пляменніца, просіць у яго за малодшага брата. Сяк-так закончыў вячэрнюю школу, валочыцца толькі.
— Каб гэта яго, дзядзька Валодзя, у фельчарскую хоць?..
Вядома, дзядзька — абы захацеў — прапіхне.
Ды ён вось абедае i расказвае прытчу:
— Сабраліся раз яўрэі, мужчыны, i вырашылі добра выпіць на свае кучкі. Каб танней абышлося, надумаліся прыкаціць у сінагогу бочку i кожны раз, прыходзячы маліцца, прыносіць кожны па шклянцы віна. Вось i падумаў адзін бедны Янкель: «А што там вельмі пазначыцца, калі я ўлію аднудругую шкляначку вады?» I стаў прыносіць ваду. Прыйшлі тым часам кучкі, адкрылі хлопцы бочку, а там — адна вада!.. Ты мяне зразумела?
Відаць, зразумела. Маўчыць.
* * *
Стары вясковы байдун, што любіць кнігі, расказвае:
— Ішлі раз Пушкін, Лермантаў i яшчэ адзін, каб паглядзець, каб было пра што пісаць. А насустрач ім едзе цар Петр (не Пётр, а Петр) i Сталыгіін. Сталыпін кажа: «Давай спытаемся, чаму таўстадумы пехатой ідуць». «Лепш ты ix не чапай»,— кал<а Петр. A Сталыпін не вытрываў i спытаўся. Дык Пушкін кажа яму: «Бо цар усіх аслоў саноўнікамі парабіў, няма на кім ездзіць». А Петр Сталыпіну:
«А што, маць тваю, не казаў — не чапай!..»
* * *
Да майкі прышыта кішэнька, у якой зашпілены партбілет. Так i мыцца выходзіць на агульную кухню камунальнага асабняка, i ў прыбіральню ідзе за дрывотню, i дровы коле так, i на лаўцы сядзіць, калі не на службе.
Усю вайну быў ваенкомам у глухім узбекскім кішлаку. Жонка, настаўніца, хваліцца суседкам, як ім тады цягалі бараноў, ды рыс, ды фрукты ўсякія — за бронь ці хоць за адтэрміноўку...
Цяпер, на другім годзе пасля перамогі, гэты прававерны працуе інструктарам.
Вярнуўся з пасяўной, выйшаў на кухню — у майцы з зашпіленай кішэнькай — уздыхнуў, пазяхнуў i прызнаўся заслужана:
— Ну, адсеяўся!..
Таксама, як i адваяваўся.
* * *
Калі мы хадзілі ў школу, некалькі хлапчукоў i дзяўчынак з Загора, каля Турца пасвіў каровы наняты пастушок, як нам здавалася, вельмі пацешны: мардаты, з бабскім голасам. I часта мы, то хто-небудзь адзін, то ўсе разам, пакеплівалі з яго. I вось аднойчы старэйшы брат таго хлапчука, ужо не пастушок, а парабчук у тым самым Турцы, залёг у прыдарожнай канаве i, як толькі мы зноў пачалі пацяшацца з малога, выскачыў са свае засады i пагнаў нас, «гімназістаў», пугаю перад сабой!..
Успамінаецца гэта даволі часта, i смяюся я — смехам тых парабчукоў.
* * *
У Маскве, на Усесаюзнай сельскагаспадарчай выстаўцы, з павільёна ў павільён хадзіў пенсіянер i ўсюды пакідаў у кнізе водгукаў запісы вершам. Накшталт гэтага:
Электротрактор — не кобыла, Сильней кобылы в сотни раз. Наш курс направлен к изобилью, Исполним партии приказ!..Далей былі подпіс, прафесія, дакладны адрас, дата.
Ён не дзівак, як той апостал Пятро,— не будзе чакаць трэцяга пеўня, прадасць цябе трохі раней.
* * *
Дама-ўрач, прыкметна закаханая сама ў сябе, вальсуе ў доме адпачынку, легка i важна носячы вакол кавалера свой здаровы, выдатна вядомы ёй арганізм.
Хлопец танцуе не толькі культурна, але i скульптурна — без усякага выразу твару, з аднастайна i нудна правільнымі рухамі. Так будуць весяліцца робаты?
* * *
Загадчык базы, пакуль папаўся на недастачы, закладваўся з жонкай, хто з ix з'есць больш шакаладных цукерак.
Гаворка пра гэта ідзе на судзе.
* * *
У Пятра i Паўла, двух абібокаў, даўно ўжо цякуць хаты. У дажджлівыя ночы, сплючы, Пятро накрываецца непрамакальным плашчом. А Павел, як менш культурны, лезе ў печ.
* * *
Шырокая дачніца ў шахеразадным халаце велічна праплыла па вёсачцы з трыма лісічкамі ў манерна ўзнятай руцэ. Сама знайшла!..
За ёю — муж. З кошыкам. Сухашчавы, у паласатай піжаме. Як вязень канцлагера.
* * *
Пра прымака, які ўзяў у хаце ўладу:
— Учора купалі яго. Жонка шаруе плечы, цешча грэе каля грубы споднікі, а цётка стаіць каля дзвярэй, каб дзеці холаду не напусцілі...
* * *
Кавалер з другое вёскі, каб паказаць сябе, насыпаў у кішэню портак дробязі. Скача польку са звонам. А падшыванцы бегаюць, хіхікаюць, крычаць:
— Дзядзька, дай цвік!
* * *
Даўнейшае.
Карчма над Нёманам, на ўскраіне малога заходне-беларускага мястэчка. Карчмар, стары Абрам Эля, прыехаў ca станцыі, прывёз сякі-такі тавар. Нашылася суседскай дзетвары. Просяць, каб расказаў, як ён бачыў цягнік. Расказвае, з добрай усмешкай у барадзе:
— Машынке хап а пружынке, пружынке хап а машынке, машынке хап а паравоз, паравоз хап а калёс, калёс хап а вагон, вагон хап а пасажыр, пасажыр хап а чамадан, чамадан хап а вешч... Кандуктар — грэйсэ пуза, а клайнэ дудочке — фю-ю-ю! I ўшо!..
* * *
Сімпатычны маёр, падвыпіўшы ў гасцях, абураецца, як дрэнна ідзе ў нас змаганне з хуліганствам. Абурэнне — на філасофскай аснове.
— Паколькі дзяржава трымаецца на сіле, дык i трэба гэтую сілу прымяняць. Разумна. А то паставяць міліцыянера з адным лёгкім ды з пустой кабурой — хто яго будзе баяцца? А трэба мужчына — во! — складвае два кулакі ў адзін.— Такі як дасць шпане якой, дык той з першабытнаабшчыннага ладу, мінаючы ўсе стадыі развіцця, шугане адразу ў камунізм!..
* * *
Калі знялі рэдактара газеты, сакратар — таварыш рухавы ды з паслухмянай усмешкай — тры дні хадзіў на працу ў новым гарнітуры, повен затоенай, хвалюючай надзеі...
Пасля надзеў старэйшы гарнітур і... радасна сустрэў новае начальства.
* * *
Калгасны брыгадзір расказвае, пасварыўшыся з гультаём, што вельмі доўга запрагаў:
— Быў такі парабак у папа, што сам ніколі не ўставаў, а поп яго будзіў. А неяк сам устаў. «А мой жа ты Зміцерка!» — узрадаваўся поп. А той: «Нічога, бацюшка, я сваё нацягну абуванейкам!..»
* * *
Гаваркая прыемная гаспадынька, палячы раненька ў печы, расказвае праезджаму начлежніку:
— Пляменніца мая, Анюта, сястрына дачка, у вайну была ў Германіі. Вывезлі ix, усю сям'ю... Потым амерыканцы ix аслабанілі. I Анюта ледзь не выйшла, кажа, за аднаго француза. Таксама вывезены быў, толькі што з Францыі... Цяпер ужо Анюта замужам. I чалавек, здаецца, нішто сабе, i дзеткі харошыя. А яна ўсё шкадуе, што за таго свайго Жана не выйшла. Ніхто, кажа, не ўмее так хораша ўхаджваць, як французы... Можа быць.
* * *
Вусаты салідны дзядзька, калгаснік, хваліцца прыезджаму інжынеру:
— Мой пляменнік таксама ў Мінску вялікі чалавек: іграе ў оперным тэатры на трубе нумар адзін.
* * *
У маскоўскім кафэ.
Загарэлы стомлены палкоўнік глядзіць на тоўсты карак i азадак маладога афіцыянта і, уздыхнуўшы, з прыціскам кажа:
— Эх, паганяць бы хоць тыдзень!.. Яны тут — усе сардэчнікі. А пражыве такі трыста гадоў, як крумкач!..
* * *
Малады інструктар райкома па зоне. А зона яму трапілася — проста рай. Возера, лес, леснічоўка, веска. Знаёмыя настаўнікі, у якіх канікулы,— кампанія. Зойдзе таварыш у ваду, спачатку толькі па калені, i пастаіць сабе даўжэй на сонейку. Здаровы, сыты — на радасць усёй радні. «Як перамыты», кажуць пра такіх.
Ды тут яго райскае лета абтрагедзілася: аднаго з калгасных старшыняў прыйшлося зняць, а на яго месца, не маючы лепшага выбару, прызначылі нашага курортніка. Божа мой — колькі гора!.. Толькі назаўтра душа яго выплыла наверх з прадоння чорных дум, i ён сказаў найбліжэйшаму сябру настаўніку:
— Чорт яго, зрэшты, бяры! Хоць добры дом пабудую!..
* * *
У летнім парку дохленькі мешчанін фатаграфуецца на фоне здаравеннага, страшэннага льва. Ад радасці, што той — каменны.
* * *
Сённяшні магнат вельмі любіць расказваць, як ён бедаваў ды гараваў у маленстве. Колькі яшчэ ў яго апраўдання для раскошы i дармаедства, колькі здаровай спажывецкай прагнасці!..
* * *
Трыццаць дзевяты год. Заходнебеларускі гарадок. Кірмашны дзень. Праезджы бедны яўрэй пытаецца ў тутэйшага багатага:
— Ну, вы ўжо, таварыш Борух, «Кацюшу» навучыліся спяваць?
— Ох, умею! I вывучыў, i запомніў. Умею. Яна мне каштавала ўжо дзве камяніцы i аптэку!..
* * *
У пуставатым вакзальным рэстаране джазгае аркестр. Барадаты абшарпаны аматар класікі не вытрываў, крычыць з-за століка:
— Не наганяй на душу таінсцвенны мрак — іграй Чайкоўскага!
* * *
— Начальніка гэтага трэба яшчэ ўмець пачаставаць. Ён табе правай курынай лапкі есці не будзе!..
— Чаму?
— Бо курыца ж сядзіць заўсёды на правай лапцы. Дык левая — мякчэйшая.
* * *
Стары прадавец у кніжна-газетным кіёску ніяк не можа знайсці фота кіназоркі, якое просяць дзве школьніцы.
Пачынае ix далікатненька адгаворваць:
— Яна, вы знаеце, такая шчупленькая... Нічога асаблівага!..
* * *
У міжгароднім аўтобусе — элегантная дамачка з мужам- афіцэрам. Наша, мясцовая моладзь. Ды ўжо толькі па саломінцы на яе паліто можна здагадацца, што на аўтобусны прыпынак бацька са свёкрам прывезлі ix у развалах.
* * *
Амаль усё геніяльна простае ўжо выдумана. Пакуль мы збіраліся выступіць, мудрацы мінулага разабралі ўсе лягчэйшыя, выгаднейшыя тэзісы.
* * *
Дзядзька-малакавоз, у якога на пункце не прынялі пракіслага малака, прыйшоў у райком, да самога першага сакратара.
— Скажыце мне, калі ласка, якім малаком мы будзем Амерыку даганяць — толькі салодкім ці i кіслым таксама?
Сакратар быў у вясёлым настроі.
— А гэта як хто любіць. I прастакваша таксама добра.
— Ну, дык пазваніце вы, таварыш сакратар, тым абармотам, каб прынялі маю прастаквашу.
* * *
Артыстка i на пляжы іграе — выконвае ролю прыгожа, пяшчотна адпачываючай. Пачне ў ваду заходзіць — проста танец німфы па каменьчыках!..
Атрымаўшы званне заслужанай, яна пакінула свайго старога мужа, рэжысёра.
Матылёк выпырхнуў, а кокан недзе застаўся.
* * *
Работнікаў культуры прывезлі ў перадавы калгас.
«Охі» ды «ахі» сведчаць больш пра адарванасць высокіх гасцей ад жыцця, чым пра веліч ды выключнасць поспехаў гэтага калгаса.
A ў час абеду, які ім даў калгас, поспехі тыя яшчэ пабольшалі — каму ўдвая, а каму дык i больш...
* * *
Увосень сорак восьмага года я прыехаў у вельмі рэдкі тады — трохі добры, a трохі паказны — калгас на Стаўбцоўшчыне. Сядзіба былога маёнтка. На двары нікога не відно. Толькі дзверы адрыны адчынены. Падыходжу туды. Хтосьці нябачны верне з торпа на ток атаву. Потым яна перастала валіцца, а з цёмнага, пыльнага паднябесся пачуўся голас:
— Дай яму, Божа, здароўя!
— Каму? — здзівіўся я.
— О, ён яшчэ пытаецца каму! Бацьку Сталіну нашаму!
Дзед Ігнат, авечы пастух i актывіст — на выпадак прыезду карэспандэнтаў. Дух часу дакрануўся i да яго,— трошкі стары сам дакумекаў, больш навучыўся, наслухаўся ад другіх. Былы панскі парабак хваліць правадыра народаў — першая фраза ў карэспандэнцкі блакнот. Большасць журналістаў ці начавала ў старшыні калгаса, ці толькі «перакусвала». I кожны раз старому перападала чарка. Ён паднімаў яе з тым самым «дай яму, Божа, здароўя!».
* * *
«Цяпер інакш не пражывеш»,— гавораць некаторыя, апраўдваючы большую або меншую подласць.
Як быццам не цяпер, a калісьці, у любы іншы час, нельга было сказаць i не гаварылася таксама.
* * *
Дзве бабулькі сустрэліся, добра-такі пагаварылі, стоячы на дарозе, а потым адна схамянулася:
— Я ж табе, мілая, здаецца, здрастуй не сказала! Ну, то здрастуй.
* * *
Канцылярская «пстрычка» (зранку нервовая):
— Не дурыце вы мне, бабка, галавы! Я вам не машына!
Бабка (нібы не маючы права нервавацца):
— Была б ты, мая дзевачка, машынай, дык хоць не лаялася б так.
* * *
«Ідзі, каб ты ў Цінева зайшоў!» — клялі ў нашай вёсцы старыя. I нідзе навокал ніякага Цінева не было.
Няўжо гэта ад ціны,— каб цябе цінай у рэчцы якой зацягнула?
Цётка ўсё наракала, войкала: «Ой, гора, гора!..» I пачалі яе зваць Горай. Ну, а мужа — адпаведна — Горам.
Пайшоў аднойчы дзядзька Гор у заработкі з касой, на Князева ўрочышча Нісараўшчыну. Махаў, пацеў цэлы дзень, a ідучы дахаты (i сапраўды — «ой, гора, гора!..»), згубіў заробленую саракоўку.
З таго часу i ходзіць па вёсцы свая, мясцовая прыказка, гадоў каля сотні:
«Зарабіў, як Гор на Пісараўшчыне».
Толькі ўсё менш ды менш людзей памятае, адкуль яна з'явілася.
I яшчэ адна: «Спазніўся, як кожаўскі святы».
У недалёкай вёсцы Кожава завялася была калісьці нейкая секта. Дайшлі да таго, што іхні «старэйшы брат», прапаведнік, павёў тых дзядзькоў ды цётак з сем'ямі ў белы свет. Па Святым Нісанні: «Идите и проповедуйте Евангелие». Выйшлі за вёску, i тут адзін дзядзька спыніўся ды кажа:
— Брація i сестры, забыўся я свіней з хлява выпусціць. За што будзе скацінка божая пакутаваць!.. Пайду я выпушчу яе i даганю вас.
Пабег i.,.. не вярнуўся «кожаўскі святы». Так i спазніўся ў царствія нябеснае.
* * *
Мужчыны мыюцца пад душам.
Балбатлівы:
— Усё памыем, усё!..
Маўклівы яму:
— Ты язык свой не забудзься адшараваць.
* * *
Мілыя рэдакцыйныя дамачкі! Адна з ix наткнулася ў рукапісе на такую фразу: «Она протянула руку и теми же белыми теплыми пальчиками, что гладили когда-то его волосы и обнимали его шею, ласкала серо-голубой, с розовыми пятнами и щекочущими волосками нежный храп кобылицы».
Наткнулася i — стомленая, з цыгарэтай у пальцах, з выразам незразумела грэблівых пакут на тварыку — напісала на полі адрасаванае аўтару:
«Храп? Может быть, круп? А если круп, то почему же с розовыми пятнами?..»
Другая прачытала ў іншым рукапісе наступнае: «В штаб отряда, который остановился на дневку, пришел старый крестьянин.
— Сынок,— сказал он командиру,— есть у меня поросенок откормленный: прячу от злыдней в гумне под соломой. Пускай твои хлопцы возьмут. За то, что вы молодцы. До Баранович отсюда — четыре километра, там их, немцев,— гиблота, а вы вот стали у них под боком и стоите!..»
Другая дамачка не выказала аўтару свайго недаўмення, а проста трошкі паправіла тэкст, зрабіла ў ім адзін касметычны мазочак, Дадала адно слова ў самым канцы, пасля чаго апошні сказ загучаў такім патрыятычным чынам:
«...а вы вот стали у них под боком и стоите, сражаясь!..»
Аўтару — прыгадаўшы «Рабіну» — ажно заспяваць захацелася:
Что стоишь, сражаясь...
Прычым «сражаясь» — наднёўцы, нібыта нават так сабе, між іншым. Малы атрадзік — з вялікім, цяжка ўзброеным гарнізонам...
Стой аўтар ды маўчы. Або сядзі, «сражаясь»...
* * *
Трохі начытаны, недавучаны дзядзька, філосаф i сектант, але сумленны чалавек. Я хачу яго паважаць, не хачу, каб ён падумаў, чаго добрага, што я гляджу на яго зверху. А ён, пасля доўгай гутаркі, дзе я больш слухаў, хутчэй з ветлівасці, чым з цікавасці, гаворыць з хітранькай усмешкай перавагі:
— У вас, у вашай суяце, няма калі нават падумаць. А я сабе ў дзярэўні многа мыслю. Многа, спакойна мыслю...
Нібы алей цісну — саматужная вытворчасць думкі. Часамі толькі з меншай карысцю. Як самамэта.
* * *
Дзядзька прыехаў з суда, дзе яго зноў пакрыўдзілі. Вячэрае i, нібы на пацеху сабе, расказвае бабе:
— Ну ж адвакаты i рэзаліся — як сабакі!..
* * *
— Сустрэўся я ў Кіславодску са школьным сябрам. Калісьці булава быў, булава, а цяпер — начальнік. Хаджу з ім i думаю: як жа гэта магло так здарыцца?.. А тут бабка стаіць, працягнуўшы руку з медзякамі. Пакуль я ў кішэню, дык ён апярэдзіў мяне:
— Прасіце, бабуля, у новенькіх, а мы ўжо ад'язджаем — ані капейчыны!..
А сам жа толькі ўчора прыехаў.
* * *
Вельмі пасрэдны, але зусім дастаткова самаўпэўнены паэт за трыбунай.
— Прачытаю вам свой новы верш. Верш — без назвы.
I ўздыхнуў. Як быццам толькі ў гэтым i бяда.
* * *
— Скажы ты, браце, што гэта робіцца? Чацвёрты год у нас калгас, i насенне далі гатунковае, i хімпраполка пачалася, а асоту скрозь поўна. Так i прэ, так i прэ!..
— А што ты хочаш? Тыя разы, пры адзіналічастве, як ты на сяўбу выязджаў? Баба табе i хвартух памые беленька, i перахрысцішся ты, укленчыўшы на раллі, набярэш таго жыта... Ну, проста свята ў цябе! А цяпер? Толькі маць ды перамаць адзін перад адным... Вось асот той i прэ!..
Народны толк: мала любасці да зямлі.
* * *
Бяздзетная цётка, пава акадэмічнага выгляду. A пляменніца, яшчэ падлетачак, a ўжо стараецца пераймаць яе хаду, i выгляд, i філасофію.
— Собака, видимо, очень голодная: ест хлеб. Ни одна уважающая себя собака не станет есть хлеба.
* * *
Трупу стваральнікаў мастацкіх вартасцей, людзей пераважна пажылых i нямоглых, што ўжо i вартасцей сваіх даўно не ствараюць, зноў шчодра ўзнагародзілі.
Узяць бы ды нетактоўна спытацца ў каторага або i ва ўсіх адразу:
— Ну, надоўга вам гэтага хопіць?
Бо кожны год паважаным трэба пачэсваць пяткі, пры кожнай — i агульнанароднай, i асабістай — нагодзе.
* * *
Успамінаецца аптыміст:
— Баба мая нажала тры капы пшаніцы. Снапы велікаватыя. Казаў ёй: меншыя вяжы. Глядзі ты, што было б не тры, а без малога i чатыры!..
* * *
Сядзім за багатым i шумным вясковым сталом. Кіраўніцтва калгаснае, раённае, абласное. Пісьменнікі свае, беларускія, i госці з іншых рэспублік, дзеля якіх i свята наладжана.
Насупраць мяне, цераз стол — мясцовы лысенькі калялітаратурны старацель. Нібы разгублены, нібы сумнавата яму без работы. Ды вось нехта з раённых таварышаў, цераз тры чалавекі налева, у нейкай незразумелай руплівасці папрасіў старацеля наглядаць, каб «на гэтым участку стала ўсё было добра». Усцешаны i натхнёны даверам, той нахіліўся да мяне над посудам i закрахтаў, перабіваючы нашу вясёлую гаману:
— Іван Антонавіч! Памагайце мне, калі ласка, сачыць за парадкам!
Штат ужо намячаецца.
* * *
Былая красуня, калісьці дробная i быстрая, за дваццаць пяць пасляваенных гадоў трохі залішне распаўнелая, ад на з тых мілых i гераічных дзяўчат, што не трапілі ў рукі ворага, як Зоя, a дайшлі з-за лініі фронту ў партызанскі тыл i ваявалі, радысткамі ці падрыўніцамі, пакуль не сталі — некаторыя — жонкамі камандзіраў.
На партызанскім свяце ў прыпушчанскай вёсцы, крыху захмялеўшы, з многімі сустрэўшыся, многім сказаўшы сваё бравае «здароў, фашыст!», яна прысела на лаўцы перад хатай i прыціхла побач са старэнькай партызанскай маці.
— Цётачка, родная, калі мы з Вялікай зямлі прабіраліся, дык трапілі адзін раз ноччу пад першы агонь. I я адбілася ад групы. Дзевятнаццаты, цётачка, год! Бягу па лесе, плачу адна. Усе малітвы бабчыны паўспамінала. Усе ix уголас пералічыла. Во — камсамолка!..
* * *
У доме, дзе трэба пісаць, два маладыя, таленавітыя дзень у дзень частуюцца, то самі толькі, то ў кампаніі са старэйшым калегам. Ён, праўда, менш здольны, але таксама душэўны.
Вось яны зашчапіліся ў пакоі ад наго з маладых, а ля дзвярэй, на посцілцы ляжыць рыжая сучка, з якою гаспадар пакоя, ад шчодрасці пачуццяў, вельмі дружыць.
Ён мне спатрэбіўся, i я спусціўся з другога паверха, пастукаў, пастаяў побач з сучкай, якая ветліва ўсталаіціха, прыязна віляла хвастом. Задзвярыма — маўчанне. А ведаю, што яны там. Пастукаў яшчэ раз. Дарма. Ну што ж, пайду. На сходках -— тоўстая дарожка, крокі ў тапачках ім, у пакоі, нячутныя. А ключ у замку, з сярэдзіны, пачуўся мне выразна. Я спыніўся. Дзверы прыадчыніліся — сучка ўвайшла ў пакой — дзверы зноў зачыніліся.
Колькі ж трэба там калектыўна тварыць, каб узяло ды здалося, адразу ўсім тром, што пастукала, папрасілася — сучка?..
* * *
Сам ад сябе ў бутэльку не ўцячэш.
* * *
Які няўдзячны сон! Ён даў мне службовую машыну, прыехаць сюды, у вёску, а я ўзяў ды сасніў, што ён пашыў сабе — нарэшце! — нейкую вельмі ж адказную літаратурную уніформу, спачатку доўга стаяў у ёй задам да мяне, а потым павярнуўся i бліснуў у вочы ўсімі сваімі галунамі ды эмблемамі.
* * *
Давай лепш без лішняга гонару — абодва будзем у пяхоце, побач. Бо наліха мне тая кавалерыя, дзе я — найчасцей — за каня!
* * *
«Блаженни кротции...» Ix вельмі зручна крыўдзіць.
* * *
Насі сабе доўгія патлы, вусы, бараду, толькі не думай, што гэта так важна, сучасна, рэвалюцыйна... Купі сабе джынсы за дзвесце дзесяць рублёў, толькi, дарэчы, за ўласныя, запрацаваныя грошы...
Зяць-прымак, нейкі трохі настаўнік ці выхавацель у вячэрняй школе, здаравяк, растаўсцелы на цесцевых халтурных ганарарах. Чырвоная гладкая маска не тоўпіцца ў багатай барадзе — хоць ты вазьмі ды падумай, што толькі на дзярме яна, такая пышная, i вырастав. Смачна абедаючы, расказвае госцю:
— Кагда мы, яшчэ студзентамі быўшы, прачыталі сціх NN, што i ён — за бароды, за доўгія валасы, то очань абрадваліся, дажа хацелі ісці ў саюз пісацяляў, паблагадарыць.
Усё — у барадзе...
* * *
Дакладчык цытуе ўрывачак юбіляравай прозы. Самай звычайнай, нават на думку самога юбіляра. Ды вось найважнейшы ў гэтым прэзідыуме павярнуўся да тых, што сядзяць ззаду, кіўнуў галавой i шапнуў: «Добра». I пайшло па службовай лесвіцы: ківанне галоваміi паўтаранне шэптам таго «добра» — аж да апошняга раду, хто чуў, а хто i не чуў той цытаты.
* * *
Дробны зазнайка i паслядоўны, напорысты руцінёр. Садзіцца ў адзін з самых першых радоў i цярпліва перажывае «вялікую несправядлівасць»: i адзнаку з'езда, пяро, далі яму не «залатое», а «сярэбранае», i фатаграфуюць яго не столькі, як іншых...
Ды вось пад вечар зала амаль апусцела ад доўгіх прамоў, фатографы аціхлі. Толькі адзін, найболып назолісты i найлепш знаёмы з нашай мінскай абстаноўкай, яшчэ ўсё бушуе. «За неимением гербовой» пачаў апрацоўваць Яго,— з усіх бакоў заходзячы, пільна наводзячы сваю трубу. I вось на твары аб'екта з'явіўся выраз: «Нарэшце!..»
* * *
Трэба думаць, што птушка спявае толькі таму, што захацелася спяваць.
Маладзенькая пасудніца Айстэ, літоўка з яшчэ дзіцячымі коскамі, дзіцячымі вачыма i губамі, з гуллівай усмешкай i сарамлівым выстаўляннем кончыка языка — любіміца ўсяго санаторыя Айстэ — уключыла ў пустым вестыбюлі прайгравальнік i пад гукі моднага танца модна i міла танцуе. I вучыцца, i цешыцца — усё сама сабе.
Я прыпыніўся, ідучы з марозу, i паглядзеў здалёк, i стала хораша на душы, дарма, залішне сур'ёзнай ды пацяжэлай.
* * *
У парку.
П'яны хацеў паказаць малым вельмі смешнае. Схапіў сабачку за хвост, размахаў вакол сябе, каб шпурнуць у раку, але выйшла наадварот — цюцька на бераг паляцеў, а дурань — у плашчы, без шапкі, пад гальштукам — у неглыбокую i гразкую ваду.
Бурная радасць дзяцей.
* * *
Пра гэтага чалавека гавораць, што ён «суб'ектыўна сумленны». «Каб гэта ж ад ад наго яго залежала... Каб у яго не сям'я... Каб яму не трэба было друкавацца, абараняць дысертацыю, ехаць у замежнае падарожжа...» Можа, ён i сказаў бы тады якое смялейшае, разумнейшае слова. А так сумленне ў яго — «аб'ектыўнае», «на грамадскіх пачатках» — звыш усіх тых названых i не названых «каб».
* * *
«Туды выбраны толькі лепшыя з лепшых...» Чуючы такое, адразу i міжвольна думает пра самога сябе, нявыбранага, i пра іншых, што таксама не «лепшыя», а — выходзіць па простай логіцы — горшыя.
Калі гэта — жарт у мяне, дык зусім ужо прыкра чуць тое «лепшыя з лепшых» ад чалавека, што сам трапіў туды i сам жа пра гэта гаворыць, нават — тым больш абдумана — піша...
* * *
«У рабоце семінара прыняла ўдзел...» Так будзе заўтра надрукавана ў газеце. I я магу засведчыць, што гэта праўда. Я сам бачыў i чуў, як яна пазваніла алоўкам па графіне, калі адзін з удзельнікаў семінара больш-менш цікава выступаў i ў зале пачулася ажыўленне.
* * *
Госця, блізкага чалавека, папрасілі заспяваць. I ён спявае. Нягучна, але прыемна i шчыра.
Гаспадыня, дама цалкам станоўчая, паслухала разам з усімі, а потым, выбраўшы зручную паўзу, спакойна, салідна сказала бясспрэчную ісціну:
— Калі б вам, Міхаіл Пятровіч, своечасова паставіць голас, вы маглі б добра спяваць.
Госць не вельмі збянтэжыўся: ён яе ведаў даўно. Яму хацелася, у тон гаспадыні, дадаць: «Магчыма, нават i на сцэне». Ды ён маўчаў i думаў:
«А я на сцэну не хачу. I не збіраўся. А хачу проста спяваць, калі бывае весела, i тады, калі плакаць хочацца, i тады, калі з добрымі хлопцамі, хоць i ўяўляючы толькі, што мы спяваем добра...»
Толькі цяпер яму спяваць ужо больш не хаце л ася.
* * *
Зямляк, былы барытон у славутым ансамблі, хваліцца шчыра, што перайшоў на... мясакамбінат, i там яму жывецца значна лепш.
— Уранні бясплатная шклянка кофы i булачка, a ўдзень — тры блюды за пятнаццаць капеек...
I трэба ж было так доўга барытоніць!
* * *
З адным работнікам выдавецтва стаялі мы ўдвух каля нейкай гарызантальнай, глыбокай нары. Гаварылі пра штосьці вясёлае, i раптам аднекуль пачуўся несусветны лямант знаёмага графамана, якому толькі што забракавалі рукапіс. Крык набліжаўся, i я, каб схавацца, уцячы ад яго, нырнуў у тую нару. Далека, глыбока — ажно пачаў задыхацца...
Дзякуй богу — прачнуўся!
* * *
Сустракаючы самыя простыя прозвішчы, бачыш, што любое слова можа быць умоўным, i ганарыцца можна прозвішчам Дзірка, Парцянка, Дубіна...
«Мы, Дубіны, любім есці забелены панцак гарачы...» Чым гэта горш, менш ганарова за «мы, Вішнявецкія», «мы, Сапегі»? Або той «друг человечества граф Безбородько» (ці як там яго), што насмяшыў мяне такою эпітафіяй у някропалі Аляксандра-Неўскай лаўры.
* * *
Ён ганарліва закапыліў губу. Нам гэта смешна, а для яго за гэтай грымасай — дурное шчасце самаздаволенасці.
* * *
Дырэктар аднаго з выдавецтваў забракаваў фальклорны зборнік з-за прадмовы, дзе гаварылася, што i да Кастрычнідкай рэвалюцыі нашы фалькларысты мелі пэўныя поспехі.
— Як гэта так! — абурыўся «падкаваны» таварыш.
Калі ж яму падсунулі, як прыклад, Шэйна i Карскага, гэта «нічога не сказала».
Сваё рашэнне ён абгрунтаваў:
— Талстой, Леў Мікалаевіч,— вялікі пісьменнік? Бясспрэчна, вялікі. Але ж мы гэтага не падкрэсліваем.
* * *
Нарысіст — «для ўзмацнення канфлікту» — зрабіў героя свайго нарыса інвалідам вайны, з пустым рукавом.
Сустрэліся потым — герой i кажа:
— Вось як трэсну вам гэтым пустым рукавом!..
I тыцкае пад нос пісаку здаравенны кулачышча.
* * *
Ён горача пакахаў, але яна адказала:
— Працуй лепш, можа, тады я i адкажу табе ўзаемнасцю...
Прачытаўшы гэта ў новым рамане, крытык млява, бяззуба гугніць:
«У каханні яна аддала перавагу грамадскаму над асабістым...»
* * *
«Як мыш пад венікам»...
A калі ўдумацца ў такое становішча, у такі настрой? Каб самому так апынуцца?..
* * *
Пільнае вока спынілася на цьмяным загалоўку.
— «Души священные порывы...» Вы што? Як можна ix душыць i хто ў нас ix, скажыце, калі ласка, душыць?
* * *
У трылогіі Сянкевіча крымскі хан, слухаючы іншаземных паслоў, жаваў бананы. Потым вялікі меў ласку загаварыць. Ён выплюнуў недажаванае на далонь, падаў яго бліжэйшаму візіру. Той з паклонам прыняў, стаў з глыбокай пашанай дажоўваць...
Калісьці гэта напамінала мне нашых філосафаў.
* * *
Сядзіць сабе ў любой кампаніі ціхенькі, малапрыкметны таварыш i хітранька ўсміхаецца...
Ты красамоўны, разумны, вясёлы — што ж, смейся, жартуй, разгортвай, як паўлін, свой хвост бліскучасці. Але глядзі — спаткнешся, скажаш ці зробіш якое глупства — малапрыкметны таварыш абавязкова заўважыць. I ты тады зусім інакш зразумееш ягоную ўсмешку — усмешку з надзеяй на гэтае глупства.
Страшны ты чалавек, хітраваты таварыш!
* * *
Авечкі навязаны, а ягняты ад ix не ўцякуць. Гаспадыня з вядром бульбянога пойла ідзе ix паіць, бо поўдзень, горача. Ідзе яна наўскасяк маёй сцежцы i трохі спераду. Падумаў: сцежкі сыдуцца — павітаемся. Яна паставіла вядро, нагнулася да пустога чыгунка, што стаіць каля авечак, знізу ўбачыла мае ногі i ледзь не падскочыла са страху, калі я ў той жа момант сказаў свой «добры дзень». I мы — абое старыя — молада засмяяліся. Такога не прыдумаеш.
* * *
Былы партыйны работнік, таварыш салідны i прыемны, інвалід вайны. Разумна, весела расказваў у вагоне, як ён калісьці прысутнічаў на адным пасяджэнні прэзідыума Акадэміі навук. Слухалася сельскагаспадарчае пытанне. Таму, што самога прэзідэнта не было, пасяджэнне вёў віцэ-прэзідэнт, Якуб Кол ас. Свінагадоўля разглядалася i здалёк i зблізку, i вырашана было нарэшце, што, каб падняць яе, неабходна мець больш заатэхнікаў.
Тады слова ўзяў віцэ-прэзідэнт.
— Калі я быў, таварышы, малы,— сказаў ён,— дык бацька часам браў мяне на кірмаш, у Стоўбцы або ў Нясвіж. Купляў ён там парася, а мама выкормлівала з яго вепрука — пудоў на дзесяць — пятнаццаць. Спачатку на зеллі, потым на вобмешцы. Умела яна ix карміць. Свінням, таварышы, трэба не многа заатэхнікаў, а добры харч.
* * *
Энергічны, вясёлы фатограф зайшоў да намесніка галоўнага рэдактара з «цікавай тэмай». Што? «На прывакзальнай плошчы імя Адзінаццатага ліпеня ёсць дом нумар адзінаццаць, дзе на адзінаццатым паверсе, у інтэрнацкім пакоі нумар адзінаццаць жыве адзінаццаць дзяўчат». «I што?» — спытаўся я. У адказ — толькі смех, яшчэ ўсё мал ад ы на пятым дзесятку, бяскрыўдны.
Успомніў гэта цяпер, чытаючы пра Віні-Пуха. «У дзядулі два імені, спецыяльна на той выпадак, калі ад но ён дзе-небудзь згубіць».
Тут ужо ўсміхнуўся я, падумаўшы, што ў палякаў імён бывае i па тры, чатыры, пяць. Яшчэ большая асцярожнасць, прадбачлівасць.
* * *
Малады грузчык, што вучыцца завочна ў тэхнікуме, пытаецца ў пажылога шафера лесавоза, дзе б гэта знайсці лягчэйшую работу.
— А вот,— зусім сур'ёзна кажа той, спраўны, вясёлы рабацяга,— у нас будуюць каля вёскі птушкаферму. На сто дваццаць тысяч лехгорнаў. Ужо набіраюць рабочых — на курашчупаў.
* * *
Старая хваліцца:
— Дзеці мае, дзякуй богу, добра жывуць: самі не робяць, толькі другіх правяраюць.
* * *
Вахлакаваты, але ж i з гонарам трактарыст любіць паўспамінаць пра вайну, калі ён быў танкістам. I ўзнагароды ёсць, i раненні, i ў акружэнні быў, i наступаў. Трохі, аднак, перабірае з успамінамі, зашмат паўтораў, папахвае i пахвальбой. Сябры па саўгаснай рабоце — i маладыя, i старэйшыя, што i самі ў запечку не сядзелі,— пачалі з яго зрэдку пакепліваць:
— Скажы, гэта цябе, людзі казалі, каля Навасёлак заклініла ў танку? Усе вашы наперад ірванулі, а ты дзён пяць ці нават сем не мог з таго танка вылезці. Пакуль ажно тэхнікі не прыехалі. Бабы цябе праз шчыліну аладкамі кармілі...
Таварыш ветэран зноў выбухае справядлівым, засліненым гневам, а хлопцы смяюцца.
* * *
Рухавы мужчынка гадоў за сорак. Сюды, за вялікае возера, дзе пасецца калгасны статак, прывозіць на маторцы даярак, забірае малако. Адзін з нямногіх, што ўцалелі ў яго вёсцы ад фашысцкага расстрэлу.
З родным дзядзькам, які яго тады выратаваў, часам! б'ецца на вёсцы, на пацеху суседзям, вядома ж, пад чаркай. Амаль зусім няма правага вуха. Думалася, што гэта — памятка тых страшных дзён, i думалася з пашанай. А потым аказалася, што гэта чалавек аднойчы фанабэрыўся, выпіўшы, як ён можа голымі рукамі ўзяць любога злоснага сабаку. ГІаказаў гэта на практыцы. I нейчы Мурза ад грыз
яму добрую палавіну вуха. I гэта «сэ ля ві»?..
* * *
Гумар, кал i зусім няма чаго рабіць, а чакаць, у гэтым выпадку аўтобуса, трэба. Вось горба смецця амаль каля самага Немана, а на ёй — атопак-чаравік.
— У раку яго, хай плыве,— кажа адзін, а другі:
— Ну, хоць свету пабачыць.
* * *
Два лядашчыя сабакі, большы i меншы, рыжы i чорны, брахач i падбрэхіч, выскачылі з хутарскога двара i з ёкатам кінуліся да мяне. Знаёмыя, нястрашныя, i я сказаў ім:
— I не брыдка, хлопцы, удвух на аднаго? А ты ж, рыжы, яшчэ i з вусамі.
I тут сталася нечаканае: яны адбегліся, паселі мордамі да Немана, што ўнізе, пад абрывам, а за ім лугі i лес на даляглядзе, зноў браханулі, але ўжо неяк інакш, i тут жа брэх гэты — з унутранай патрэбы ў жаласці, у нараканні — перайшоў у выццё з падвываннем, таўсцей i танчэй. Так i павылі дуэтам, невядома, чаго i навошта.
Пакуль я пастаяў, смеючыся, што вось шкада — няма з кім парагатаць.
* * *
Наша любімае «ў цэлым». Можна i так: у цэлым накрыўся дзіравым плашчом.
* * *
Выпускніца вясковай вячэрняй школы вучыцца на філфаку — там, куды знатнаму сваяку лягчэй было яе ўладзіць. Дзеўка бойкая, што ўжо i чарку ведае, i кавалераў. На першым курсе экзамен па рускай літаратуры. Выцягнула білет: «Поэма М. Ю. Лермонтова "Демон"». Ціхі жах... Ды тут ёй раптам пашанцавала: адной студэнтцы стала дрэнна, i гэтая, з білетам, кінулася ёй па ваду. На калідоры гарачым шэптам спыталася:
— Які гэта, дзевачкі, дэман? Той, што Мазепа?
— Ды не! Гэта той, што лятаў!
Няўжо i яны ўваходзяць у тыя мільёны з вышэйшай асветай, якімі мы даволі часта казыраем?
* * *
Пажылы народны артыст не захацеў больш выступаць па радыё пасля таго, калі ў адной перадачы, дзе яны выступалі разам з маладзейшым, толькі заслужаным, яму, народнаму, заплацілі «за гаварэнне» тыя самыя дзесяць рублёў, што заслужанаму за імітацыю сабачага брэху.
* * *
Пакінутая мужам, відаць, каб i гэтым заспакоіць неяк сваю крыўду, жанчына весела расказвае пра дробязную акуратнасць «гэтага чалавека»:
— Няма таго, каб узяць ды проста гузік прышыць, калі гэта трэба, або ўжо мне сказаць. Дык не, ён спачатку ў сваім блакноціку акуратна запіша: «Прышыць гузік!..»
Сяды-тады гэта мне ўспамінаецца ў дачыненні да самога сябе. Замест таго каб проста браць таго быка за рогі, я доўга, здалёк прыцэльваюся, прымяркоўваюся да тэмы, запісваю, перазапісваю... I сяды-тады ўспамінаю той запіс пра гузік.
1946-1983
Трохі пра вечнае
Над Нёманам — тры векавыя дубы. Пад першым я ляжу, гляджу на другі i на трэці. Стаіць ix тут, магутных ды прыгожых, больш, аднак мне хапае i трох. Нават i двух — таго, пад якім я прылёг у цяньку, дарагім пасля пыльнай, спякотнай дарогі, i бліжэйшага, на які я гляджу значна больш. На буслянку. Ёсць яна i на трэцім, далейшым дубе, нават i бусел там стаіць, нерухомы, як помнічак, але на гэтую, бліжэйшую, буслянку, хоць i схаваную ў густой цёмна-зялёнай кроне, глядзіцца, лежачы, проста чамусьці лепш — нібы чакаючы чагосьці большага, чагосьці незвычайнага.
Канчаецца ліпень. Бусляняты гэтай парой амаль зусім дарослыя, толькі зблізку адрозніш ix ад бацькоў.
На дубе маім, заслоненыя лістотай, дарослыя буслы ці бусляняты стаялі нябачныя, моўчкі,— я толькі здагадваўся, што яны там ёсць.
Потым здагадка спраўдзілася. Нечаканым, велікакрылым шах-мах. Буслы ўзняліся з-за лісцяной маскіроўкі i вось — з'явіліся на блакіце. Блізка, ледзь не рукамі ix дастаць. Даўно прывычны i такі заўсёды новы цуд.
Тут я ix пазнаў, маладых. Па дзюбах, па нагах — яшчэ не чырвоных, па тым, як яны, пакружыўшыся для размінкі над родным дубам, пачалі садзіцца на гняздо. Павіселі над ім, перабіраючы цыбамі, няўдала цэлячыся імі, каб хаця ж не міма.
А потым прыляцеў надубны гаспадар. Чырвананосы, чырвананогі, з жабай у дзюбе — ну, проста для малюнка ў дзіцячую кніжку. На гняздо ён сеў упэўнена, адразу. I тады — апошні доказ, што першыя два маладыя,— пачулася ix нецярплівае, нават яшчэ ўсё пястотнае сіпенне.
А мне ізноў успомніўся сёлетні сакавік.
...Мы яе неслі спачатку з крутога, коўзкага ўзгорка, а потым доўга па вуліцы, над глыбокай сцюдзёнай гразёю, над бруднай наледдзю, над раўчукамі, што мутна i весела булькалі насустрач нашаму сумнаму шэсцю.
Ёй ужо было знойдзена месца ў цясноце спрадвечных магіл. Яе там засыпалі жвірам. Маю старэнькую пакутніцу-сястру.
I ўвесь тэты час, пакуль мы ішлі i стаялі, звінеў у небе жаўранак. Здавалася, адзін усё, той самы ранні, што здуру прыляцеў ужо, не самому сабе, а камусьці на радасць.
Пасля быў вечар, нудота i гоман п'яных памінак, а потым — ноч i раніца. Я зноў прыйшоў у гэтую хату на ўзгорку, да якое прывык за жыццё, у якой упершыню мяне не сустрэла яна, старая гаспадыня.
Прыйшоў з нечаканым i дзіўным у тэты дзень пробліскам радасці ў сэрцы i ў першым слове на парозе...
Чаго ж такая неадпаведная радасць?
Узыходзячы на круты, коўзкі ўзгорак, я — нібы хтосьці мяне штурхануў — зірнуў угару, туды, дзе побач з хатай, на агародзе пад самыя хмары ўздымаецца змалку знаёмая, старая ліпа.
На ліпу выкінуты быў — на самую вяршыню — белы сцяг вясны: там сядзеў першы сёлетні бусел. Вельмі ранні, яшчэ нечаканы.
Я пастаяў каля плота, шчасліва намагаючыся ўявіць ягоны шлях ад пірамідаў да нашых надрэчных лугоў.
Сашка, найменшы ўнучак мае сястры, ужо адчуў гэты вялікі цуд. Ён забаўляўся цяпер каля будкі з сабакам, натуральна шукаючы новай пацехі.
«Хлопчык, відаць, не ўявіць бусліны вырайны шлях, як я. Куды яму з яго веданнем свету! А свежасць радасці жыцця ў мяне амаль такая ж, мусіць, як i ў яго...»
Так думалася мне, пакуль на ліпе бялела, адпачываючы, мая зусім неспадзяваная радасць.
Белы сцяг вясны...
Тады ж адразу, адчуўшы гэта, я ўспомніў, што з'яву такую першы назваў так Міцкевіч, што, панашаму, па-пісьменніцку кажучы, гэта чужое.
У яго толькі трохі інакш:
Во już bocian przyleciał do rodzinnej sosny I rozpiął skrzydła białe, wczesny sztandar wiosny.Не белы сцяг, a ранні. I не складзены так, як у гэтага, што на ліпе, а распасцёрты ў палёце.
Прыйшла вясна, а потым пачалося лета. Тыдзень за тыднем мяне непакоіў той сцяг. Ездзячы па многіх вёсках i палях, бачачы ix, буслоў, я ўспамінаў таго, на голай ліпе, i дакараў сябе, што вось жа ніяк не магу адчапіцца ад думкі, дзе тут, у радасці гэтай, мае, дзе чужое.
Гэтая думка, гэты шчымлівы клопат вярнуўся i цяпер, ліпеньскім сонечным адвячоркам.
Чаму гэта — «літаратуршчына», «кніжнасць», калі я, гледзячы на буслоў, зноў вось успамінаю Міцкевіча? Цяпер ужо не аднаго, а з Рыльскім. Яшчэ вясной ад неспакою свайго я перачытваў ягоны пераклад «Пана Тадэвуша»: толькі тую мясціну, дзе даецца малюнак надзвычай ранняга вяртання з выраю.
...Дочасно чорногуз на сосну прйлетів, Де вже не рік, не два гніздо його чорніло, I крилы розіп'яв, неначе прапор білий...Акадэмік, які i ў сівай старасці мог па-малечы хвалявацца, злавіўшы от сабе акунька (я гэта бачыў тут, над Нёманам), Максім Тадэевіч любіў навуковую дакладнасць. Да «білого прапору» ім зроблена заўвага перакладчыка:
«Паэтычная вольнасць: у сапраўднасці бусел, маючы белае тулава i шыю, крылы мае чорныя.— М. Р.».
Ха, ха!.. Прыемна ўсё-такі i ў акадэміка знайсці пралік!.. Гледзячы з-пад дуба на буслоў у палёце, знізу над крылы, бачу: яны не белыя, як у Міцкевіча, але ж i не чорныя, як у Рыльскага. Яны чорнабелыя. Во!
Але i гэта не ўсё. I тут я не зусім арыгінальны. Станіслаў Пігань, яшчэ адзін акадэмік, польскі, у заўвагах да «Пана Тадэвуша», апраўдваючы паэта, піша: «Крылы ў яго «распрасцёртыя», г. зн. бачныя знізу, робяць уражанне белых».
Але не ў гэтым для мяне галоўнае. Далей ён піша:
«Падобнае акрэсленне бусла з распасцёртымі крыламі як белакрылага знаходзім мы яшчэ ў Авідзія».
Вунь ажно дзе ды калі!.. Усе яны — украінец, пал як, старажытны рымлянін — ішлі ад жыцця, вялікая паэзія звязана з ім непарыўна, яна сама — жыццё, увекавечанае ў слове.
I нежыццёвым, непраўдзівым было б замоўчваць, як, гледзячы на тое, што я бачу сам, я i ўспамінаю сказанае — ад перажытага — іншымі, перажываючы яго па-свойму, зноў.
Клекачыце, буслы! Няхай жыве, як сонца, вечная паэзія! I тут, над нашай ракою.
1971
МУШТУК I ПАПКА
Маленькая сага
ДЗВЕ ПАХАРОНКІ
У жніўні сорак дзевятага, кал i я, праз дваццаць сем гадоў пасля таго, як мяне вывезлі з Адэсы, наведаў горад майго пачатку, з ім нас, мяне i жонку з нашай малою дачкой, знаёміла ўдава майго найстарэйшага брата.
Таго амаль легендарнага Валодзі, які павінен быў забраць мяне з заходнебеларускай вёскі ў савецкі горад, як толькі я падрасту, а брат, закончыўшы свой сельгасінстытут, усталюецца ў пэўную самастойнасць. З гэтым не атрымалася... А ў трыццаць восьмым Валодзю закатавалі ў Белай Царкве, паблізу якое ён працаваў заатэхнікам у саўгасе.
Братавая Надзя да сваіх сарака чатырох пастарэла ў злыбедах жонкі «ворага народа», працавала кандуктарам трамвая, жыла ў пакойчыку старога дома з падлеткам сынам. На гэты дзень яна ўзяла адгул. Калі мы селі ў трамвай i я хацеў узяць білеты, Надзея Іванаўна шапнула:
— Не надо, Ваничка. Кондуктор — моя знакомая, проедем и так.
Усмешка яе бядняцкай задаволенасці, што можа вось i так яшчэ пачаставаць дарагіх гасцей, запомнілася мне ледзь не поруч з яе расказам пра першае i адзінае спатканне з арыштаваным мужам.
Познім зімовым вечарам, нарэшце падпільнаваўшы, дачакаўшыся таго, ад каго гэта залежала, яна ўпала перад ім на калені, у снег, i ён — надзіва — дазволіў спатканне.
Валодзя быў скатаваны, у пашматаным, выбруджаным адзенні, i ён здолеў неяк шапнуць ёй:
— Я ничего не подписал.
У вёсцы маці расказвала мне, хлапчуку, што ён быў гарачы i горды... Згадаю дзве паперыны.
Рабочы хлопец, шафёр аўтобуса, наведаў мяне ў бальніцы. Усім, хто прыходзіў, я быў, вядома, рады, аднак з асаблівай удзячнасцю, з прыемным здзіўленнем сустрэў гэтага госця. Мы зрэдку перазвоньваліся, сустракаліся яшчэ радзей, але ж вось ён дачуўся, сабраўся i перадачку прынёс. Я памятаю яго яшчэ няўрымслівым падшпаркам, у апошнім ваенным годзе; сустракаўся з яго старэйшым братам, прыгожым, выхаваным юнакбм, перад самым яго адыходам у армію; ведаў іхнюю маці, прыбіральшчыцу, ціхую, цягавітую кабеціну з дабрадушнай усмешкай. I ў беднасці, i ў ваенным ліхалецці яна здолела падняць сваіх гарушчых мальцаў людскімі ды не распуснымі, як i хацеў бы ix бацька, які прапаў недзе ў лагеры. Калі мы з маім нечаканым госцем, я лежачы, ён седзячы, гутарылі паціху, між іншым успамінаючы яго маму i брата, ён дастаў партманэ, пашукаў у ім i падаў мне паперыну.
Так я i ўбачыў першую пахаронку.
У маім Загоры з франтоў не вярнулася трыццаць чалавек. У старэйшай сястры загінуў адзіны сын. Аднак такой паперкі мне ўбачыць не прыйшлося. Ніхто не паказаў, а сам жа не будзеш прасіць. Нават у сястры не змог.
А тут я трымаў яе ў руках i праз тры дзесяткі гадоў бачыў i таго, хто не вярнуўся, i тую, што плакала да апошняга дня. Мне стала сцішна, уявіўшы, як ён, гэты шматок казённай паперы, быў прачытаны найбліжэйшымі першы раз...
Значна раней за тую ціхую гутарку ў бальніцы я таксама ўпершыню, i толькі яе адзіную, убачыў іншую «пахаронку» — даведку пра пасмяротную рэабілітацыю. Еалі дакладней, дык копію з яе, прысланую мне братавай.
На танна-жаўтлявым лістку не вельмі спраўна было надрукавана, што ваенны трыбунал Кіеўскай ваеннай акругі 8 студзеня 1957 года пераглядзеў справу па абвінавачанні майго брата i вырашыў, што «постановление Тройки (так яно там — з вялікай літары!) при Киевском Облуправлении НКВД УССР от 28-го сентября 1938 года в отношении Бриля Владимира Антоновича отменено (тут i далей падкрэслена машыністкай) и дело о нем производством прекращено за отсутствием состава преступления». Гэта ўжо не падкрэслена.
«Ён быў, сынок мой, гарачы i горды...»
A ўжо не з матчыных слоў, а з братавага пісьма памятаю такое.
Вясной трыццатага года па нашых мясцінах прайшоў вялікі градабой, i мы пра гэтую бяду напісалі братам за мяжу. Бо ix жа там было ў нас два. Уладзімір i Ігнат. Выразна помніцца, як адказаў нам Валодзя,— тыя словы з яго пісьма, што тады не здаваліся мне, дый старэйшым у нашай сям'і, небяспечнай неасцярожнасцю:
«Вы пишете, что у вас побил град. А кто у нас побил — черт его знает».
I гэта, відаць, пра «год вялікага пералому», а то ўжо i пра набліжэнне смяротнага голаду на хлебароднай Украіне?..
Нядаўна я прачытаў у газеце такое выказванне:
«Усе асобы, якія абвінавачваліся ў шпіянажы, асуджаліся толькі ваенным трыбуналам. У адпаведнасці з законам перагляд гэтых спраў, а ix была пераважная большасць, аказаўся ў кампетэнцыі галоўнай ваеннай пракуратуры».
Асуджанага «тройкай» рэабілітаваў ваенны трыбунал. Значыцца, i тут хвароба часу — шпіёнаманія. Не абмінула гэта, як віна, i Валодзю.
А Надзя казала, што яго судзілі — так гаварылася ў саўгасе, пакуль яе з малымі адтуль не выгналі,— як «разоблаченного сына польского помещика»...
Ад кіеўскіх сяброў я даведаўся, хто ўвосень трыццаць восьмага ўзначальваў тую «тройку», што з вялікай літары. Таварыш сакратар абкома за дваццаць наступных гадоў вырас на кіраўніка адной з рэспублік. «За Богам малітва, за царом служба не прападаюць». Калі ён прыехаў на святкаванне саракагоддзя БССР на чале сваёй дэлегацыі, я горка пажартаваў пры сябрах, што вось вазьму тую «пахаронку», падыду ў перапынку да высокага госця i спытаюся: ці памятаеце вы, паважаны, такую вось справу? I назаву, i пакажу, i дадам. Хоць i ведаю, што дарма гэта,— адкуль жа яму памятаць? Што — ён, мой брат, адзін прайшоў праз такі суд?.. Дый наогул — як гэта несалідна, калі не горш: далі вам, Брыль, запрашальны білет на такое высокае святкаванне, а вы?.. Да госця такога — ды з чым? Трэба ж думаць!.. Хоць яно,— вы, чаго добрага, скажаце,— i праз тры гады пасля Дваццатага з'езда...
Гістарычны Дваццаты яшчэ свяжэйшы быў у памяці ў той дзень, калі ў мяне гасцявалі таварышы па працы i я паказаў ім нядаўна атрыманы дакумент пра невінаватасць майго брата.
Адзін з гасцей, былы ваенны журналіст, паэт пасрэдны, але з амбіцыяй («I Пушкіна пры жыцці не вельмі заўважалі!..»), прыпсаваў нам застолле выпадам супраць другога госця, які меў няшчасце трапіць у палон: «На фронце я такіх, як ты, страляў бы!..» Калі ж даведка, якую я паказваў, апынулася i ў яго руках, ён уважліва паглядзеў яе, з натарыяльным штампам уключна, а тады сказаў мне, гаспадару:
— А што ж ты дагэтуль пра брата маўчаў? На ўвазе меліся, вядома, i анкеты. Бо ён у нас меў да ix службовае дачыненне. Цяпер, праз трыццаць гадоў пасля таго застолля, можна спытацца ў мяне: што, i такія ў цябе (або, па-маладому, у вас) гасцявалі?
Што ж, людзі пазнаваліся на паваротах. Як i цяпер яшчэ ўсё пазнаюцца.
ЗВАНОК
Гэта было напісана вясной восемдзесят восьмага. I яно мне здавалася ўсім, што я ведаў i буду ведаць пра братаў лес.
A ў студзені года наступнага, летась, на Рыжскім узбярэжжы, пасля самотнай праходкі па нешматлюдным зімовым пляжы, уздоўж сасонніку на крутым беразе, пад стомлена-спакойнае паплёскванне вады i гулліва-надрыўны чаячы крык, я запісаў:
«У каго спытацца ў Кіеве, як мне даведацца больш пра Валодзю? »
У псіхолагаў, трэба думаць, ёсць адпаведнае тлумачэнне такому стану душы. Я ж толькі заўважаю гэта ў апошнія гады ў самім сабе i не магу назваць такую з'яву інакш як прадчуванне, уласцівае старасці. Цяпер, больш як праз год, выпісваючы з блакнота тое мае пытанне пра брата, магу ўжо i сказаць, што я, зноў жа цьмяна ды падсвядома, набліжаўся ў той час да таго, што мелася на мяне неўзабаве абрынуцца...
У Кіеве пра Валодзю пытацца не прыйшлося: Кіеў азваўся сам.
23 сакавіка 1988 года — надзвычайная, паваротная дата — уранні з Кіева мне пазваніў незнаемы журналіст, украінскі карэспандэнт «Литературной газеты». Пазней, калі я пазнаёміўся з гэтым, як для мяне — маладым, энергічным, талковым таварышам, вельмі дзіўнай здалася першая, пасля вітання i рэкамендацыі, фраза яго паведамлення:
— Я хочу вас обрадовать...
Ад гэтай... радасці я разрыдаўся.
Як i тады, калі ў маю сям'ю, таксама па «міжгорадзе», з местачковай пошты, у нашым Турцы брат Коля праз хрып i трэск прабіўся з весткай пра зусім нечаканую, недарэчную смерць сярэдняга паміж намі — Мішы.
А яно ж, тое «обрадовать», калі падумаць спакойна, дык i сэнс пэўны тоіць. Страшная таямніца нашага найстарэйшага, пачынаючы з таго званка, пачала раскрывацца, ім пачаўся пакутлівы год, пра які мне трэба расказаць.
За чатыры месяцы да званка з «Литературной газеты», з паведамлення таго самага незнаёмага карэспандэнта я ўпершыню прыняў у памяць слова Быкаўня, украінскі адпаведнік нашых Курапатаў. I нават блізка тады не падумаў, што тая назва, той лес пад Кіевам праз нейкі час назаўсёды ўвойдзе ў мае жыццё.
Неўзабаве ў газеце з'явілася ў мільённым памнажэнні друкаванае пацвярджэнне якраз таго, што мяне ўразіла з тэлефоннай трубкі.
Пры эксгумацыі сталінскіх ахвяр, закапаных у Быкаўнянскім лесе, па знойдзеных там рэчах з індывідуальнымі адзнакамі ix уладальнікаў следства здолела ўстанавіць прозвішчы чатырнаццаці бязвінна рэпрэсіраваных. Сярод ix — наш Валодзя. На месцы захавання знойдзены муштук з надпісам: «Брыль В. A. 16.IX.1937 г.».
Толькі праз сем месяцаў пасля гэтай публікацыі я буду трымаць на далоні той лімоннага колеру касцяны муштучок, які пад зямлёй, сярод астанкаў жахлівай брацкай магілы праляжаў больш за палавіну стагоддзя. Буду чытаць-перачытваць на ім старанна, далікатна, нават з прэтэнзіяй на арнамент выскрабеныя прозвішчы (і маё!), дзве літары ініцыялаў, што так хвалююча, горка, імем брата i бацькі, расшыфроўваюцца ў маёй свядомасці, i дату — дзень, месяц, год,— якая пасля агледзін муштука яшчэ блізу месяца будзе для мяне няпростай загадкай...
Тры невялікія абзацы — столькі я змог напісаць у блакноце пасля таго званка. Аднак i тады, у такім хваляванні, з'явілася думка, нават i прыкрая,— «пра нашу гэтую прафесійнасць»... Ледзь не адразу падумалася, што напішу пра знойдзены муштук, нават слова гэтае вынесу ў загаловак. I гэта, скажам у апраўданне сабе, відаць, зусім натуральна. Калі думаць пра службу словам.
Натуральна яшчэ i таму, што i ў той дзень, i пасля ды пасля да мяне ўсё ішлі ды ішлі сямейныя ўспаміны...
ТАКАЯ РАМАЧКА
Сага — ісландскі старадаўні празаічны сказ, аповесць. Слова, можа, i завысокае для нас, нашай вяскова-гарадской ды нізавой сям'і. Зрэшты, кал i ў англійскага класіка «Сага пра Фарсайтаў» — твор высокаарыстакратычны, дык «Сага роду» ў майго польскага сябра Рыся Дабравольскага — рабоча-сялянская, аднак i яна расказана з належнай годнасцю ды правам. Ёсць i ў мяне ўпэўненасць, якая паўтараецца сяды-тады, што кожная чалавечая сям'я мае права на сагу, як i кожны з людзей на напісанне ўспамінаў. У кожнага яны ёсць, кожны перабірае ix у памяці, з выпадку якога, а то i так сабе. Асабліва пад старасць. A калі яшчэ i выпадак, прычына, дык успаміны самі пачынаюць жывей выядрывацца ў душы, як зоркі ў небе мінулага, збірацца, складацца ў яшчэ адну сямейную сагу.
У мяне ёсць выпадак, прычына... Аднак я сваю сагу за многа гадоў растрос па аповесцях, апавяданнях i запісах i цяпер магу яе толькі дапаўняць.
I дай мне Бог справіцца з гэтым як след, з накіраванасцю ў галоўнае, з двума замежнымі братаMi, а перш за ўсё — з нашым бедным Валодзем у цэнтры.
...Да лета семдзесят другога года мы з Ганнай заставаліся ўдваіх з усёй нашай дзесяткі Антосевых ды Настуліных дзяцей; сястры было семдзесят восем, мне пяцьдзесят пяць, найстарэйшая i кайменшы, такая «рамачка» для астатніх васьмі.
Трое памерлі ў маленстве: Марыя, Павел i Міша. З ix, па матчыных расказах, мне больш-менш выразней уяўляўся той наш першы Міша, які памёр найбольшым з траіх, шасцігадовым. Маці даволі часта ўспамінала яго як «такое ж удалае дзіця», нават размовы з ім, прадучы, уголас прыгадвала. Праз два гады пасля яго смерці ад усёмагутнай тады шкарлятыны нарадзіўся Міша другі — мой Міша, хочацца сказаць,— якога назвалі так ці таму, каб памяць пра першага была менш балючай, ці таму, каб, згодна з народным павер'ем, хлопец надзейна вырас i жыў шчасліва.
У маім маленстве Ганна, настолькі старэйшая за мяне, здавалася чужою цёткай. Аўдавела да сарака, зямлі было многа, гаспадарка растрэсена, a рабіць няма каму, дзяцей пяцёра, а найстарэйшай шаснаццаць. Падняўся гаспадар, адзіны сын, ды на яго прыйшла ўсяленская пахаронка: памёр ад цяжкіх ранаў каля Кёнігсберга. Перажыла траіх дачок, засталася пры апошняй, тым часам i пажыць бы, але ж старасць. Пад канец i аглухла зусім, i ледзь хадзіла, i ўсе мае намаганні дапамагчы сталічнай медыцынай не дзейнічалі.
Апошні раз — хто ж калі ведае, што апошні? — я гасцяваў у ix вялікім, раскіданым па ўзгорках ды ярах, цёпла i сумна з маленства знаёмым Палужжы ўлетку семдзесят другога. Пасядзелі на сонейку, ужо не на траве, а на табурэтках над травою, пагаманілі сяк-так. Пастарэлы, атаўсцелы гараджанін i забітая нягодамі, зусім нямоглая вясковая бабуля. Адно запомнілася найлепш — як яна махнула высахлай ад старасці рукой i сказала з нейчай, пачутай, а то i са сваёй ужо, самой зразумелай філасофіяй згоды:
— Ат, ці кошык бульбы больш з'ясі, ці кошык менш — усё адно!..
Я не ведаў i ведаць не мог, што гэта ў нас была апошняя сустрэча, але зноў жа як быццам штосьці прадчуваў, бо развіталіся мы не так сабе, a нібы надоўга — урачыста неяк, абняўшыся. А потым, вярнуўшыся з падарожжа па Енісеі, пачуўшы, што Ганны няма, я быў за тое наша развітанне ўпотай, спакойна рады, як за нейкі незвычайны абавязак, належна выкананы абрад —нібы апошняя споведзь ды прычасць.
«Рамачкі» больш не было — я заставаўся адзін з усёй бацькоўскай сям'і.
Абедзве сястры, Ганна i на два гады маладзейшая Віліта (Уліта ці Іуліта па Святцах), пайшлі векам па маме: абедзве памерлі таксама добра на восьмым дзесятку, адна «ад старасці», другая ад раку. Браты ніводзін не дацягнулі да шасцідзесяці. Ігнат намёр ад лейкеміі, Мікалай ад інсульту, абодва на ніасцідзесятым годзе. Міхаіл — на пяцьдзесят другім, раптоўна i «легка», ад сэрца. Ну, а Уладзімір, найстарэйшы з нас, братоў, пайшоў з жыцця ў найстрашнейшых пакутах, у трыццаць дзевяць — ад Сталіна.
Усё жыццё мяне не пакідала адчуванне, што вось я найменшы ў сям'і. Ці прывычка, ці, можа, такая ўжо рыса характару — нейкая дзіцячасць назаўсёды?..
Так думалася да муштука.
Але загрымеў той званок — i я другім пасля Ганнінай смерці наваратам адчуў тую «рамачку», ужо толькі паміж братамі, яшчэ раз, ужо назаўсёды журботна ўсвядоміў, што я — адзін з усіх, што я за ўсіх братоў старэйшы... Бо што такое шэсцьдзесят, пяцьдзесят, а тым больш Валодзевы трыццаць дзевяць перад маімі семдзесят трыма? Ужо мне тужыцца, смуткуецца, бядуецца па ім — як наймалодшым сярод нас...
НАД ПАЛАВІНАЙ ЗДЫМКА
Яшчэ адно, пасля сагі, высокае слова — архіў. У мяне ён за паўстагоддзя сабраўся, можна сказаць, немалы: антрэсолі забіты папкамі, поўна i ў тумбах стала. А дома ў нас, у Загоры, перад вайной была на гарышчы вялікая карзіна, з кнігамі прывезеная з Адэсы. У тую карзіну «за польскім часам» клаліся i пісьмы ад замежных братоў, замежнага дзядзькі, замежных братавухаў, калі яны засталіся адны, толькі з малымі дзецьмі. У партызаны мы пайшлі сям'ёй, схапіўшы толькі неабходнае, дый то далёка не ўсё. Праўда, свае рукапісы я загадзя закапаў у дубовай бачулцы, таксама адэскай, у суседняй вёсцы, у гумне дваюраднага брата. Толькі гэта i ацалела, бо ад карзіны на гарышчы не засталося i следу.
У канцы сорак дзевятага года, над націскам падазрэнняў ды паклёпаў вакол маіх уцёкаў з палону i «сацыяльнага паходжання», спалохаўшыся горшага, мы з Мішам пераглядзелі тое, што ў акупацыю закопвалася. Сёе-тое яшчэ давялося спаліць, каб «у выпадку чаго лішне не ўскладняць біяграфію». Маю, вядома. Я ўжо не раз пашкадаваў, што мы тады так зрабілі. На добры лад, можна было зноў схаваць гэта недзе да лепшага часу. Ды хто ж яго так ужо спадзяваўся? A ў страху вочы заўсёды вялікія.
Даваенная перапіска не захавалася. Захаваліся фотаздымкі. Што ў нас, у сем'ях сёстраў i братоў, што ў сваякоў па розных вёсках ды гарадах.
Я i пачну з ад ной дарэвалюцыйнай фатаграфіі.
Ніжняя палавіна здымка наўскасяк адарвалася i прапала. Знаёмы фатограф перазняў яго так, што як быццам яно з тым абрывам так было i задумана. На ацалелай палавіне — бацька i абодва старэйшыя браты, пазней, на працягу нашых вясковых гадоў, для нас, трох меншых, дзіўна замежныя...
Думкі, згадкі адны, паасобку не ходзяць. Над гэтым здымкампаўздымкам я летась быў неяк задумаўся, успомніўшы Жукоўскага з той гарышчанскай карзіны — дванаццацітомны Збор твораў у чатырох кнігах, акуратна, моцна пераплеценых. Жыва ўявілася, як i калі гэтае багацце магло быць куплена: ці яшчэ тады, калі яны, хлопцы, вучыліся ў Міры, у гарадскім вучылішчы, ці тады, калі былі ў Адэсе гімназістамі?.. Трэба сказаць, што хоць Ігнат малодшы на паўтара года, вучыліся яны ўвесь час вобруку, i ў загорскай царкоўнапрыходскай, i ў гарадскім, i ў класічнай гімназіі, i ў сельскагаспадарчым інстытуце. Чамусьці найцяплей мне думаецца, што здымак зроблены тады, калі яны законны лі гарадское i прыехалі паступаць у гімназію.
Бацьку — сорак чатыры. Ён пасярэдзіне. Абняў у поясе старэйшага, стройна-высокага пятнаццацігадовага Валодзю. Меншага бацька называў па-гарадскому Ігнашай, a імені Ігнат, Игнатий па Святцах, не любіў. Меншы ці самахоць, ці па ўдалай падказцы фатографа абняў аберуч бацькаву левую руку, на локцевым згібе, i злёгку прытуліўшыся да гэтай дужай i добрай рукі з ледзь не дзіцячым яшчэ, чыстым, сур'ёзным выразам твару. Падлетак на чатырнаццатым годзе.
Усмешка ў мяне. Ад таго, што нядаўна расказваў Шура, Ігнатаў адзіны сын, на шэсць гадоў маладзейшы за мяне пляменнік. З бацькавых слоў успомніў ён, як тыя два выпускнікі местачковага вучылішча пайшлі ў Адэсе на славуты базар Прывоз, а там купілі «сініх», баклажанаў, вельмі ж смачных з выгляду, i паспыталі ix на хаду, i ўпотай папляваліся.
На хлопцах строгія цёмныя гімнасцёркі, шырокія рамяні з адпаведнымі спражкамі. З якімі «сімваламі» на ix, наогул чыя гэта форма — ужо i спытацца няма ў каго. Усе мае знаёмыя, што ў розны час вучыліся ў гарадскім, паадыходзілі ў вечную памяць.
Зноў адхіленне ў мяне. У адзін час з нашымі ў Міры вучыўся Уладзімір Жылка, у сталасці — таленавіты паэт i таксама сталінскі асуджэнец. Над старонкамі грунтоўнай кнігі пра яго жыццё i творчасць мне прыемна i сумна думалася i зноў вось думаецца, што яны, падлеткі з Загора i Макашоў, i зналіся, i сябраваць маглі...
A галоўнае, што, гледзячы на абарваны здымак, уявілася, дык гэта ўзаемнае шчасце: хлопцам мець такога бацьку, а яму — такіх сыноў.
Па гімназічным «Свидетельстве» за шосты клас, прысланым сёлета мне з архіва адэскага сельгасінстытута, можна меркаваць, што Валодзя літаратуру любіў. Паміж двух «хорошо» i дзевяці «удовлетворительно» горда ўзвышаецца адно «отлично» — па рускай мове i «Словесности» (там гэта з вялікай літары). Аднак большым кніжнікам мне бачыцца Ігнат. Таму што i вершы яго, юнацкія i пазнейшыя, я чытаў, i ў перапісцы нашай з ім у 1944-1960 гадах бывала гаворка пра літаратуру. У яго — Дастаеўскі, о! «А вы, инженеришки человеческих душ, мелко плаваете». I непасрэдна гута рыл i мы з ім пра любімыя кнігі ў летнія дні сорак шостага года, калі ён са сваім Шурам, студэнтам, нядаўнім афіцэрам-франтавіком, гасцявалі ў мяне ў Мінску i ў вясковых родзічаў. Са здымка мне ўявілася, што хлопец, які абнімае бацькаву руку, што іменна ён просіць у нашага папы (па-гарадскому ўсё) грошай на той Поўны збор Жукоўскага, які значна пазней i мне даў нямала высокае асалоды. Просіць, добра ведаючы, што адмовы не будзе, як ніколі не было. А бацька дае, як даваў i будзе даваць, з тою шчаслівай гордасцю, якую мог ведаць сын патомнага «дваровага» мужыка, што так шчасліва выбіўся ў людзі: праваднік першакласных вагонаў!..
I яшчэ адно, ужо зусім сваё, тады мне адчулася — жаль, што на маю долю дружбы з бацькам прыйшлося так мала...
Ранейшых здымкаў Валодзі i ігната не захавалася, а быць яны, трэба думаць, был i. Як было ў ix i маленства, якое праходзіла там, дзе i мае, наша з Мішам (другая дружная пара), i іхнія ўспаміны пра маленства мне ў асноўньш не вельмі цяжка ўявіць. Toe, што ўспаміналася аднаму з ix на таежным лесапавале, на будаўніцтве Беламорканала, а другому за перадсмяротнымі кратамі, у горадзе з паэтычнаю назвай Белая Царква. Дашкольнае i школьнае маленства ў родным Загоры, у старадаўнім Міры, з яго замкам i паркам, з шумнымі кірмашамі, дзе так цікава было патаўчыся, з царквой, у якую ix, «гарадскіх», вадзілі, з касцёлам, у які з'язджалася навакольнае панства, з сінагогай i ешыботам, каля якіх снавала многа пейсатых «падрабінкаў», сваіх i замежных, з мячэццю для агароднікаў i кажушнікаў татараў.
Было дзевяць вёрстаў дахаты, стары гасцінец, па якім у свой час нямала выхадзіў ды выездзіў i я...
З матчыных расказаў пра зусім малога Валодзю помніцца тое, як ён, дачакаўшыся бацькі з Адэсы, спаць лажыўся ў абдымку з яго чыгуначніцкай шапкай,— каб той ноччу не ўцёк у свой далёкі таямнічы Горад, каб потым зноў так доўга не прыязджаць. I такое яшчэ — як ён аднойчы, ужо крыху старэйшы, некуды знік, прапаў, i мама была ў вялікай трывозе. «Можа, дзе ў Каралевец ужо з віціннікамі заплыў?!» Ад гэтага сказа, які дакладна запомніўся, добра пахне мне роднай гісторыяй. I Каралевец, а не Кёнігсберг, i віціны, віціннікі, да якіх на Нёман, шэсць вёрст па нашай ціхай лугавой Вушы, не наўда i дабрацца. Прынамсі, ва ўяўленні запрацаванай, спалоханай маладзіцы. Яшчэ ж i гаварылася — i тады, i ў маім маленстве: «Лусту адкрою табе тоўстую, як віцінніку!..» Чалавеку цяжкай працы.
Малы Ігнась не толькі вучыўся лепш за Валодзю, гультаяватага «бацькавага пестуна», не толькі пайшоў у школу не зусім шасцігадовым, але наогул быў у нейкай меры вундэркіндзікам. I сястра Віліта, i наш сусед Алесь Шут, калі яны ў сорак шостым сустрэліся з Ігнатам у Загоры i трохі паўспаміналі свае школьныя гады, весела называл! яго, пажылога ўральскага выкладчыка, Сусаніным.
Гэта ix першая настаўніца так яго называла, калі на праходцы з вучнямі па зімовых сцежках пускала яго першым у ланцужку малечы. Гноміка ў гарадскім башлыку.
Мама расказвала i пра яго «распусту».
У наваколлі нашым былі тады маёнткі ды маёнтачкі. У адным з большых, што называўся Уцехай, у пана Анцуты быў аканомам беларус Дзядзюшка. Ездзіў на пары, у брычцы, i для вёскі быў панам. I вось аднойчы з чародкі малых, калі гэты пан ехаў ступою, наш Сусанін гукнуў на яго: «Дзядзюшка-пярдзюшка!..» А сам наўцёкі. Пан аканом не паленаваўся спыніцца, спытаўся ў дзяцей, чый гэта хлопец, зайшоў у наш двор, балазе недалёка, i паскардзіўся гаспадыні, нават i пакрычаў. Маці знайшла распусніка і, хоць пан ужо i пайшоў, дала дурноце махроў. Яна не толькі потым, удавою, ужо для Мішы i мяне, была ў выхаванні строгай.
Яшчэ пра сябе, гледзячы на другіх.
Думаю вось, якія ў нашага бацькі былі пачуцці да Валодзі, першага сына, i якія да мяне, апошняга? Пасля дзвюх дачок, калі адной было пяць, а другой тры,— нарэшце першы сын!.. А я нарадзіўся, калі яму было сорак сем. Пра гады, якія мне вельмі мала помняцца, пазней, калі ўжо бацькі даўно не было, мама неяк успамінала: «З каленяў не спускаў, па галоўцы ўсё гладзіў». I першы здымак такі, трошкі на трэцім годзе — на бацькавых каленях.
У «Птушках i гнёздах» раздзел «Падарожжа ў найлепшае» i тая асаблівая сцэна ў ім, дзе смяротна хворы бацька, калі мы былі адны ў хаце, прасіў мяне маліцца за яго, бо «молитва ребенка услышится», напісана з памяці, без выдумкі.
Я не мудрую з кампазіцыяй i тут — гэта проста частка ўспамінаў з тых леташніх сакавіцкакрасавіцкіх дзён, калі — ад званка да наведання
Быкаўні, да спаткання з Валодзевай справай — нямала думалася пра адно. I запісы рабіліся.
Я, вядома, хацеў ехаць у Кіеў адразу, аднак абодва карэспандэнты «Литературной газеты», якія былі мне там неабходныя для пачатку, службова выязджалі на даўжэйшы час. Пасля надарылася зручная прычына пабываць i ў Адэсе, i ў Кіеве, а можа, думалася, i ў Белай Царкве,— мяне запрасілі на Шаўчэнкаўскае святочнае падарожжа ў палавіне мая па Дняпры, ад самага Чорнага мора.
МАЯ АДЭСА
Трэба вярнуцца ў жнівень сорак дзевятага. Тады мне было трыццаць два, жонцы дваццаць восем, а нашай Галі, старэйшай, няпоўныя чатыры. Да гэтага часу малая паспела шмат адпакутаваць. Блізу год ляжала ў пасцелі, ад каленяў да грудзей закаваная ў гіпсавую шкарлупу, поўзала ў ёй, як чарапаха, па падлозе, да болю жаласліва прасілася «на ручкі», а потым, вызваленая з гіпсу, зноў пачала вучыцца хадзіць. Пажылы, культурна дасціпны прафесар, які i наша дзіця выратаваў ад калецтва, павіншаваў мяне з перамогай i загадаў:
— У Крым, таварыш дарап, у Крым!..
Жнівень, амаль да канца праведзены намі ў краі шчодрага сонца i цёплай вады, якая дзень-ноч набягала то меншымі, то большымі хвалямі на чысценькі мяккі пясок, прайшоў надзвычай хутка. Ды ўсё ж дзяўчынка наша паспела добра загарэць, пасмялець у хадзе i «аддаць рыбкам» ледзь не ўвесь запас сваіх трусікаў, якія ласкавае мора ахвотна брала з яе вясёлых рук.
I вось мы вяртаемся. Ужо не едзем у вагоне, як сюды, а плывём. На палубе цеплахода — маленькая малпа Яшка, якою ўвесь дзень заняты многія пасажыры, асабліва такія, як наша. Яна — пад пільным, шчаслівым наглядам мамы. А мне прыемна стаяць бліжэй да самага носа нашага судна, паміж спакойным морам i ясным небам поўдня...
Цеплаход ідзе з Феадосіі ў Адэсу, у мой сямейна легендарны горад. Мы начавалі ў ялцінскім порце, потым на рэйдзе перад Еўпаторыяй i вось набліжаемся да канца цудоўнага марскога падарожжа, першага ў маім жыцці.
«Дэльфіны любяць музыку». Пра гэта i чыталася, i чулася. А тады, у сорак дзевятым, ix было вельмі многа.
Пазней я бываў на Чорным моры або каля яго даволі часта, i з захаду i з усходу, перасёк з поўдня на поўнач, i ніколі не бачыў столькі дэльфінаў за адзін раз. На шляху Стамбул — Адэса мы двойчы спыняліся на ноч, у Варне i ў Канстанцы,— з асцярожнасці, бо i тады яшчэ, увосень пяцьдзесят шостага, лепш было пабаяцца не дазвання вылаўленых мін. Не памятаю, ці падумаў я тады, як думаецца цяпер, калі пішу гэта: як жа ix абыходзілі разумныя, гуллівыя прыгажуны яшчэ на сем гадоў бліжэй да Другой сусветнай?
Святочна помніцца мне той першы падыход да адэскага порта. Уваход у пачатак жыцця, у першую, гарадскую, палавіну маленства. На раскошна пагодлівым захадзе сонца, пад прывольна-пяшчотную мелодыю i словы новай тады песні «В тумане скрылась милая Одесса» дэльфіны суправаджалі наш разрумянены сонечным развітаннем цеплаход, нібы ганаровы эскорт. Вынырвалі, ныралі, зноў вынырвалі, як вывінчваліся з чысценькага прадоння ў высокаіскрыстых усплёсках, i толькі што не перагукваліся радасна з усіх бакоў, паміж сабой i з людзьмі, што ўсе былі на палубах, што ўсе заслуханыя ў музыку, як i яны...
Сустрэчы, а лепш сказаць — знаёмствы з родным! — мы, позна ўладкаваўшыся ў гасцініцы, пачалі назаўтра зранку. I з самага галоўнага — з дзядзькі Паўла.
У нашага бацькі родных братоў не было, у дзядзькі таксама, i яны, дваюрадныя, дружылі лепш за іншых родных. Дома мы дзядзьку не засталі. Людзі, што жылі пры ім, у другім пакойчыку двухпакаёвай кватэры, на здзіўленне нам сказалі, што ён — семдзесят восем гадоў! — на рабоце... То за ручку з Галяй, то на руках з нашай курортніцай мы падаліся на вакзал, балазе туды з Вазнясенскага завулка, з маленства памятнага па назве, недалёка.
Шматпакутны ён быў чалавек, дзядзька Павел. Старэйшага сына, у Грамадзянскую чырвонаармейца, белыя захапілі ў палон i замучылі. Таксама з маленства памятаю тое жахлівае, што чуў — пра пяцікутныя зоркі, павыразаныя на жывым чалавеку. Адзіная дачка памерла ад сухотаў, пакінуўшы бацькам малога сына. Ён памёр, калі ўжо нас у Адэсе не было, на тое самае, што i маці. Цётка Марта памерла ў акупацыю. Малодшы сын, ніколі мною не бачаны траюрадны брат, інжынер «по мукомольному делу», жыў далека, у Данбасе. Забраў быў бацьку, калі той зусім састарэў, але ён там не прыжыўся: «Разведзены жаніўся з разведзенай, з дзецьмі ад першага мужа,— ну што яны мне за родзічы?..» Так ён пісаў у Загора Віліце.
Мы знайшлі яго на пероне. Сівы дзядок у форменнай шапцы i тужурцы — не ў такім, праўда, шыку, як на даўнейшых здымках з нашым бацькам,— сядзеў на табурэтцы каля брамкі, правяраючы перонныя білеты. Кал i мы ўтраіх спыніліся каля яго, адбыўся такі дыялог:
— Добрый день! Вы Павел Осипович Брыль?
— Да, я. А вы кто будете?
— Узнавайте.
Ён паглядзеў на мяне больш уважліва i абыякава крутнуў галавой:
— Не знаю вас.
— Я — Ваня, сын Антона Даниловича.
— Голубчик! — з усхліпам крыкнуў стары, нялёгка ўсхапіўся i працягнуў да мяне дрыготкія рукі.
I вось я ўжо плачу, пішучы гэта, убачыўшы побач з дзядзькам свайго бацьку, адчуўшы цеплыню ix адносін.
З усяго даваеннага ліставання Загора з Адэсай, цераз граніцу, для дарослых тады зусім незразумелую, нейкім цудам захавалася ў мяне бацькава пісьмо дзядзьку, напісанае 6 снежня 1923 года, вечарам на зімовага Міколу, роўна за тры месяцы да бацькавага перадсмяротнага «духовного завещания», якое таксама ёсць у мяне. Шсьмо чамусьці не адаслана было. Яно пачынаецца словамі «Дорогой братец, Павел Осипович», а далей, з усёй кранальнай непісьменнасцю бацькі адукаваных дзяцей (на ўвазе маю старэйшых братоў), яно расказвае, як жылося тады, калі чалавек вярнуўся туды, адкуль падаўся ў свет, як думалася — назаўсёды. Вось урывак з таго вялікага i шчырага, як апошняя споведзь, паслання:
«...А мне скажу Павлуша скажу откровенно живется несладко а хуже всего что здоровья нет больше болею чем здоров а еще досадно и трудно терпеть недостатки коник паршивеньки и его мучу и себя земля твоя запущена обрабатывать с трудом ох голубчик от жизни остались только воспоминания а жизнь похоронена не знаю как живется тебе там а здесь деревня была есть и будет деревней а нам разоренным и без денег приехавши в голые старыя углы это не жизнь а пытка все жалеем что уехали...»
«Голубчик Павел», нягледзячы на дружбу з «голубчиком Антоном»,— а слова гэтае было ў ix як быццам адно на двух,— у Загора разам не вярнуўся. Ён быў па натуры яшчэ больш за нашага невясковы, хоць i не такі энергічны ды абароцісты. Можна сказаць: мядзведзь наадварот — бо ён, калі ажаніўся, мерыўся па нагаворы жонкі i радні заняцца гаспадаркай, але ўздыхаў: «Эх, каб гэта ж так, як мядзведзь на зіму, заснуць на ўсё лета, а на зіму прачнуцца i — на цёплую печ!..»
Праўда, карэнне вясковае ён, застаўшыся ў горадзе, не абсякаў. На сваю зямлю прыслаў нам заверанае польскім консульствам у Кіеве даручэнне на часовае карыстанне — усё ж з надзеяй на славуты «ўсякі выпадак». Польскія ўлады спрабавалі зямлю тую ў нас забраць, як маёмасць чужынца, а мы судзіліся з казной аж да прыходу іншай улады. Тады ўжо Міша, польскі салдат, які па абмену вярнуўся з нямецкага палону ў лістападзе трыццаць дзевятага, пайшоў з тым даручэннем у сельсавет: бярыце, таварышы, зямлю савецкага грамадзяніна. Шнуры тыя пайшлі па людзях, a Міша з Колем былі рады, што так цяпер не раскулачаць, не вывезуць, хоць на гэта i свайго ўласнага хапала, а на дадатак — я быў у Германіі...
Дарэчы, улетку сорак першага, калі прыйшла акупацыя, у пакінутым сельсавеце нашы знаёмыя бачылі спісы людзей, якіх не справіліся вывезці на ўсход. Там — з-за мяне — значылася i наша сям'я, i яшчэ дзве сям'і, у тым ліку i ўдовай бяднячкі Турчыхі з дзецьмі, два старэйшыя сыны якое таксама былі з польскага войска ў палоне.
Дзядзькавай хатай, каморкай, пограбам, хлявом i гумном карысталіся далейшыя сваякі, а потым яшчэ ўсё пры Польшчы, ён напісаў нам прадаць будынкі i пляц i грошы выслаць яму, бо i жывецца туга, i хварэюць жонка i ўнук. Хіерапіскай ды перасылкай займаўся я. Памятаю з прыемнасцю, як паслаў тыя злоты, а таксама i недаўменне помніцца, з якім чытаў дзядзькавы радасна-ўдзячныя каракуле з пералікам тых звычайных i не вельмі дарагіх у нашым мястэчку рэчаў, якія там, у Саветах, купляюцца цераз загадкавы, экзатычны «Торгсйн». Скажам, бялізна, порткі, чаравікі...
Пасля вайны старому не палепшала...
Ды ён заставаўся самім сабою, усё яшчэ службістам.
Нам ён сказаў, што вызваліцца ў шэсць гадзін i будзе нас чакаць. А пакуль што, як мы зразумелі, ён на рабоце. Людзі зрэдку ідуць праз брамку, у каго трэба праверыць перонны, каму адказаць на пытан не, што ён тым часам, гаворачы з намі, i рабіў.
Здарылася так, што мы, без віны вінавата, увечары прыпазніліся да яго. I тут я ўспомніў тое, што чулася пра дзядзьку ад старэйшых сямейнікаў: што i нервовы ён, i крыўдлівы, i рэзкі бывае, хоць i душэўны чалавек, i любіў спяваць украінскія песні, асабліва са сваёю таласістай хросніцай, нашай Вілітай. Гэта i ў Загоры, калі ён туды прыязджаў, i ў Адэсе, дзе яна вучылася шыць, a ў вайну i ў бежанстве была. На нас ён пакрыўдзіўся, пабурчаў, што мы «знайшлі раднейшых», а тут i вячэра даўно гатова, i суседзі запрошаны. Мы з жонкай павінаваціліся, ён хутка адышоў, разгаманіўся. Пад смажаную скумбрыю, якая i сапраўды астыла, пад памідоры, кабачкі i іншую смакату мы выпілі маленькімі чарачкамі «Червоного міцного», ад чаго Адэса цяплей спалучылася з Украінай, а адтуль — i з нашымі роднымі мясцінамі.
Ён гаварыў па-адэску. «Я слышал за тебя по радио, но думаю: не напишу! Кто чей племянник — я твой или ты мой? Почему Улита мне пишет, а ты что — не можешь?» Хвалячы калі-небудзь, гаварыў: «Это — тот парень». «Слушай, голубчик, сюда...» Да Ніны маёй звяртаўся «мадамачка». «Внучаньку», як i на пероне, пагладзіў па галаве. Паскардзіўся на сваю пенсію: шэсцьдзесят гадоў у адным дэпо, а плацяць капейкі. «Обидно, голубчик Ваня! А все равно — приболею когда, не выйду, так и кажется, что там без меня все поезда постали!..» Праз мноства небеларускіх гадоў прарывалася i наша, загорскае. «Калхоз там хочуць рабіць? Так жа з нашых гор трактары к чорту пазвальваюцца!» А яшчэ i такое, зусім ужо сваё:
«Ванячко, сэрцо мае ўсё баліць. Стары я, адзінадзіночанькі...»
Калі яго субкватаранты, пажылая бяздзетная пара, што i з падрыхтоўкай вячэры дапамагалі, сціпла развіталіся i пайшлі, я нарэшце спытаўся — пачакаўшы i прыцішана:
— Дядя Павел, как же это с Володей нашим случилось?
Стары, заслужаны рабочы, партрэт якога вісіць на вакзале, бацька двух камуністаў, старэйшы з якіх яшчэ i герой, ён адказаў мне зусім «па-старарэжымнаму», не вельмі i прыцішаючыся:
— Жидова партейная погубила его, вот как!..
Так мы з жонкай другі раз за дзень пачулі тое, чаго не было ў пісьмах. Што нейкі М., партыйны сакратар, яўрэй, калі Валодзя, загадчык саўгаснага аддзялення, па справядлівасці выкрасліў яго са спісу на ўзнагароджанне, спадцішка насмуродзіў у гістарычнае «куды трэба». Былі ў яго i сувязі, i памагатыя, на беспартыйнага «паляка», радня якога за мяжой, ды яшчэ i «памешчыкі», таго «куды трэба» хапіла...
Цяпер — пра тых, кім дзядзька папракнуў мяне, сказаўшы пра «раднейшых за яго».
Ігнат яшчэ вясной сорак пятага пісаў мне: «Дяде Павлу и Наде по некоторым причинам не пишу». Мае заходніцкае неўразуменне ён праясніў праз год пры сустрэчы. A нядаўна яго Шура, калі мы зноў закранулі гэтую тэму, яшчэ раз растлумачыў тыя «некаторыя прычыны». Сам ён, Ігнат, сначатку свяшчэннік, пасля «перековки» на Беламорканале са сваёй папоўскай маланадзейнасцю схаваўся за ўральскім хрыбтом, а Валодзя наогул «вораг народа» — што гэта за сваяцтва для дзядзькі з яго сынам-камуністам? А для Надзі — мужаў брат i поп былы, i зэк? А для самога Ігната — з адзіным сынам, за якога дрыжалася ўсю вайну, які павінен далей вучыцца? I асцярожнасць тут, i ўсёмагутны таварыш Страх!..
Тыя «некаторыя прычыны», сцішнаватае для нас з жонкай пачужэнне родных людзей паміж сабою мы ў нейкай меры адчулі i самі. У адносінах дзядзькі з удавой i сіротамі найстарэйшага пляменніка, сына «голубчика Антона», а тым больш да сваякоў па жонцы другога пляменніка, Ігната. Здалося нават, што ўсе яны, бліжэйшыя i далейшыя родзічы, нібы толькі дзякуючы нашаму прыезду i дачуліся адны пра адных, схамянуліся, што вось жа поблізу жывуць, а так даўно не сустракаліся, не ведаюць дакладней: хто, дзе, што...
На «Сквере 9-го Января», які я памятаю як «Старосенную площадь», дзе замест сённяшніх пастарэлых таполяў i акацыяў была проста бязмежная для малечы прастора, стаяць у рад некалькі аднатыпных невысокіх камяніцаў з брамамі i тунельнымі ўваходамі на квадратныя «італьянскія дворыкi», замкнёныя сценамі — на тры паверхі адна, ад вуліцы, i на два з цокалем з трох іншых бакоў, з вялікімі вокнамі i балконамі — усярэдзіну. Мяркуючы па колішніх расказах старэйшых i па сваёй памяці, а цяпер i па некалькіх дзвярных візітках, якія паспелася заўважыць, кватэры тут здаўна i пераважна заселены беларусамі. Лейка, Літвінка, Радзюк, Шавейка, Стэльмах, Булдык, Пляскач... У большасці гэта ўжо дзеці i ўнукі тых, што наязджалі ў Адэсу-маму на лягчэйшы хлеб i часцей за ўсё ўладкоўваліся на «жалезнай дарозе». Удала сяліліся паблізу ад вакзала, які цяпер, пасля ваеннага разбурэння, адбудаваны па-сучаснаму, а дамы — тыя самыя.
Зайсці ў нашу былую кватэру, паказаць яе жонцы, а перш за ўсё пабачыць самому, я не змог, бо там не было нікога дома. Зайшлі мы толькі да Ігнатавых сваякоў па ягонай Веры Раманаўне. Старая мачаха, пажылая сястра па бацьку. Выпадкова, пасуседску пабачыўся там i з мамінай, нібы спрадвечнай сяброўкай, якая пляснула далонькамі i развяла ix, пачуўшы, чый я: «Господи, такой крошка был! Сколько же лет прошло?..» A ў іншым доме, цераз адзін, праясніўшы нумарацыю, якая змянілася, мы знайшлі нарэшце i засталі дома тых, каго хацелі пабачыць першымі.
Вузкі, бедны пакойчык. На тое мае, у сорак дзевятым, яшчэ маладое ўспрыманне — немаладая жанчына, як пішацца даўно i часта, са слядамі былое красы, не вельмі здаровая з выгляду. Надзя, «Надежда Ивановна Бриль». Беларуска, па бацьках зямлячка, з не надта далёкага ад Загора Бярозаўца. У дзявочым прозвішчы Трыбуць рускае вымаўленне даўно адкінула мяккі знак i пераставіла націск з другой на першую галосную — Трибуц. Нават такой беларускасці не засталося.
Праз нейкі месяц яна мне напіша: «...Вы все стоите перед глазами, особенно Вы, Ваничка (разрешите мне называть Вас так, как-то роднее),— как много общего у вас с Володей!..» А тады, спачатку, была таксама стрыманасць. «По некоторым причинам»? Аднак не доўга. Потым пайшлі i гутарка блізкіх людзей, i плач, i трохі смеху...
Віктар — бялявы, моцна загарэлы, быстры адэскі галубятнік i рыбак. У мамы,— яна мне сцішана расказвала,— быў клопат i страх, калі ён, у іхняй чуткай камунальнай камеры з дзвюма койкамі, малым сталом каля сцяны i традыцыйнай «керосинкой» у кутку, аднойчы закрычаў... «подумайте только!» — пра Сталіна: «Я ненавижу его! Он убил моего папу!..»
Набліжалася першае верасня, яму трэба было ў сёмы клас, а яшчэ не сабраўся, падручнікаў ды сшыткаў не купіў. Я тады, ужо трэці год, быў «пры грашах»: за той час выйшлі два зборнікі, вясной апублікавалася ў часопісе першая частка рамана. Мы былі з Віктарам адны ў пакойчыку, жанчыны выйшлі ў магазін. I вось я з грошай, якія заставался да Мінска, працягнуў хлопцу купюрыну: меншыя грошы былі ў жонкі. Ён сумеўся: «Мне никогда таких денег не давали. У мамы нет. Она мне не разрешила бы взять...» Заплакаць можна ад такога, але я стрымана i з няёмкасцю ўгаварыў яго ўзяць i пайсці, адразу цяпер, купіць усё, што трэба. Потым, калі ён хутка вярнуўся з бярэмем кніжак i сшыткаў, мы i далей былі адны ў пакоі, зноў трэба было ўгаворваць пляменніка рэшту пакінуць сабе. «Нет, дядя, я отдам их маме». Строгасць выхавання? Сталенне ў беднасці?.. Кранае гэта i помніцца. I вывад я для сябе зрабіў тады, на некалькі гадоў наперад...
Валя жыла асобна i з'явілася пазней. Сярод маіх пляменнікаў — большасць дзяўчат. Калі я ўпершыню ўбачыў «адэскую Валю» (ёсць i другія Валі, вясковыя), ix, пляменніц, было чатырнаццаць. Няёмка перабіраць, ацэньваць, але пятнаццатую, Валодзеву, я любіў, здаецца, найбольш. Перад усім, вядома, з-за яе трагічнага сіроцтва. Дый так, сама па сабе, яна была слаўная. Добрая, шчырая, шчабятліва-вясёлая. I ўся наша радня яе любіла. Гэта — пазней ужо, пасля таго, як я ўлетку пяцьдзесят дзевятага ездзіў на толькі што купленай «Волзе» ў адэскі дом адпачынку ўкраінскіх пісьменнікаў, а вяртаючыся адтуль, з прыемнасцю пачаставаў нашу Валю радзімай бацькоў. З жонкай, траіма дзецьмі i госцяй — на Кішынёў, Львоў, Брэст, з заездам у Белавежскую пушчу, i — у нашу сталіцу, Загора. Дзе жылі яе цётка i дзядзька. Тады ў суседнія Маласельцы, дзе яшчэ адзін дзядзька. Пасля ў «далёкае» па-ранейшаму, за цэлых семнаццаць вёрст, Палужжа, дзе найстарэйшая цётка. I ўсюды столькі дваюрадных, i ўсе так шчыра рады ёй!..
A ў сорак дзевятым убачыў яе i сапраўды «з першага позірку» палюбіў я першы.
...Два здымкі ў альбоме. Гляджу на ix — праз сорак гадоў пасля той першай сустрэчы.
На адным — дзве сям'і, абедзвюх Трыбуцянак, Надзі i яе старэйшай сястры. У тое хлопец i дзве дзяўчынкі, у нашай толькі маленькая Валя. Па выглядзе яе можна меркаваць, што было ў трыццаць трэцім або ў трыццаць чацвёртым годзе. Цыбаценькая, тады светлагаловая, яна сядзіць на бацькавых каленях, тварыкам вельмі падобная на таго, каго абняла тонкай ручкай за шыю., замкнутая ў кальцы ягоных рук, счэпленых спераду ў «клямары» вялікіх далоняў. Вясёленькая — побач з яго вялікай, пад машынку астрыжанай галавой i худым, чагосьці сумным тварам. Побач з тым, каго я ледзьледзь, «як праз сон», памятаю i не ведаю так, як трэба ведацца братам. Яна — як іскарка, што збліжае нас хоць так: з ім была ў маленстве, са мной у маладосці... Мець брата i так вось, больш як праз паўстагоддзя, пазнаваць яго вельмі здалёк, прыблізна, па здымках такое даўнасці — як гэта дзіўна, нязвычна да сцішнаватасці!
На другім здымку, таксама не пазначаным датай, Валі, адной тут, па выглядзе нейкіх дзевяць гадоў. Яна ўжо чарнявенькая, пастрыжаная пад хлопчыка, з непаслухмяна прыгладжанай направа грыўкай. Вялікія цёмныя вочы, гатовыя бачыць не проста вельмі многа, але ўсё-ўсё. I стрыманая ўсмешка. Бацькава. Складзеныя рукі — локцямі на засланым стале, a далоні схаваныя. Шчаслівае дзіця ў сям'і, якой страшны лёс мноства іншых людзей яшчэ не пагражаў сваім наканаваным набліжэннем...
Цяпер адной з маіх унучак, сынавай дачцэ, таксама шчасліва-вясёленькай, якраз столькі, колькі Валі на здымку. Я даўно прызвычаіўся да глыбейшага пазнавання жыццёвых з'яў такім чынам, што перш за ўсё i міжвольна стаўлю ў розныя незвычайныя сітуацыі сваіх найбліжэйшых, уяўляючы ix на тым месцы. I мне цяпер, праз унучку, балюча бачыць, як яе даўняя равесніца,— Надзя расказвала мне i пра гэта,— крычала цераз бездапаможны плач:
— Ты не иди за ним! Ударь его! Прогони их! Папочка, не иди!..
Гэта — увосень трыццаць сёмага, калі Валодзю арыштоўвалі. Калі прыйшлі ў сям'ю i па нейкім «праве» забралі бацьку. У тых, для каго ён — усё.
Думаючы пра яго, бацьку тое дзяўчынкі, пра лёс яго, мне страшна, жудасна перайсці думкай i сэрцам да бацькі гэтай дзяўчынкі, ставіць унучку на месца пляменніцы, сына на месца брата. А ён жа, Валодзя, таксама быў сынам!.. Цераз сваіх найбліжэйшых — да разумення агульналюдскога. Тут мы становімся найбліжэй да спрадвечнага, найвярнейшага запавету чалавечнасці: палюбі бліжняга як самога сябе, як сваіх найраднейшых, такое хочацца дадаць.
У сорак дзевятым Валя была на сваім дваццаць першым. Мела сыночка, мужа. (Мы не пабачылі яго, ён паехаў да маці, у сяло.) Прыгожанькая, стройная, бойкая адэсітка. Калі мы віталіся, упершыню ў жыцці, яна какетнула: «Я не целую вас, дядя, я накрашена». «А мне это совсем не мешает»,— адказаў я, абняўшы яе, танклявую, моднаэлегантную, ці то з нейкім дзіўным, невыразна светлым напамінам пра кагосьці вельмі блізкага, любімага, ці то з прадчуваннем нашай сардэчнай дружбы, з перапіскай i спатканнямі.
На працягу наступных гадоў, да восені семдзесят другога,— да таго адвячорка, калі яна, касір невялікай аптэкі, маці двух сыноў i жонка хваравітага мужа, шафёра таксі, сумна вярталася з працы і... назаўсёды ўпала на тратуары свайго завулка. Падкошаная кровазліццём у без пары пасівелую галаву, бездапаможную ў жахлівым тупіку наркаманавай маці.
I ўсё гэта жыццё, жыццё!..
Дзядзька Павел яшчэ ў пяцьдзесят трэцім годзе пайшоў з дому i не вярнуўся, так ужо абяспамяцеў. Надзя ледзьве знайшла яго ў адной з бальніцаў, на самым адыходзе.
Сама яна, сардэчніца, памерла ўлетку шэсцьдзесят сёмага.
Потым Валя. I ўжо таксама семнаццаць прайшло.
Мая Адэса для мяне пусцее...
Зрэшты, на гэты раз я меў толькі тры гадзіны вольнага часу, ад самалёта да вечара ў тэатры, дзе будзе Шаўчэнкава міжнароднае свята, дзе трэба будзе выступіць, а пасля вечара — на цеплаход i ў Херсон, i далей.
Я паспеў толькі сустрэцца з Віктарам, пагаварыць ды памаўчаць удвух над Валіным фотаальбомам... Інжынер-будаўнік, i ён тым часам — куды мы, Божа, спяшаемся? — таксама ўжо добра на шостым дзесятку.
А бацьку не памятае зусім...
БРАТ № 17643
Быкаўнянскія сосны больш дародныя за нашы, што ў Курапатах, хоць i растуць таксама на пясчаным грунце. I лес як быццам чысцейшы, цяплейшы. Як у нас на Брэстчыне. Сярод соснаў сямтам акацыі, якім гадоў па дваццаць пяць. Трава i траўка, свежая, якою гэтай вясной пакрылі раскопкі, маскуючы сляды эксгумацыі. Яшчэ i бярозкі, таксама сёлета пасаджаныя,— у светлым дзіцячым няведанні яны хораша прыняліся, зелянеюць новай лістотай, пяшчотна стракацяць тоненькімі стваламі i галінкамі.
Прастадушны румянец вялікіх півоняў — букеты ў нашых руках. Я прыехаў сюды са сваім даўнім сябрам, украінскім пісьменнікам. Кветкі мы пакладзём да помніка з чырвонага граніту, перад якім стаімо. На ім надпіс: «Вічна пам'ять», а што было яшчэ ў правым ніжнім кутку — пра ахвяры... нямецка-фашысцкіх зверстваў — акуратна здзёўбана. Нядаўна. Пад націскам грамадскасці.
«У мяне не забілі нікога — ні маці, ні жонкі, ні брата...» Успамінаецца такі пачатак ваеннага верша аднаго з нашых паэтаў. Гэты першы радок засеў у памяці даўно i частавата паўтараецца з нейкім няпростым сэнсам.
Успамінаецца i бліжэйшае, з тэлеперадачы пра адкрыты, паказальны суд паміж староннікамі розных лагераў: прасталінскага i новага, сучаснага.
Слова сваё прагрэсіўны адказчык пачаў з таго, што ў сям'і яго ніхто не быў рэпрэсіраваны, i таму ён будзе гаварыць зусім аб'ектыўна. Як i той, у каго не забілі нікога, i таму ён пра зверствы гітлераўцаў таксама гаворыць з вышэйшай пазіцыі.
I дзякуй Богу, што не забілі, не рэпрэсіравалі.
A ў мяне тут брат, у сябра майго жончын бацька. Усенароднае мы адчуваем праз сваіх. Мяркую так па сабе, бо мы, вядома, маўчым. Усе ж яны, якіх тут пад старой i новенькай травой толькі сямтам прыкрытая безліч, усе камусьці блізкія, а з гэтых блізкасцей i складаецца неабдымна жахлівая лічба сталінскіх ахвяр, пра якія так пранікнёна гавораць словы памінальнай малітвы: «...имена же их Ты, Господи, веди...» I ад свайго, ад роднага ідучы, я неяк бачу, нібы ўяўляю мноства тых, каго не бачыў, не ведаў, а намагаюся адчуць ix жывымі, у невыносных пакутах. З яшчэ большай безліччу іхніх сем'яў, таксама ж ахвяр, пакутнікаў.
Зусім нядаўна я ўпершыню дакрануўся да братавай «справы».
Адзін з карэспандэнтаў «Литературной газеты», не той, што званіў мне два месяцы таму назад, а цяпер у далёкім ад'ездзе,— другі, старэйшы, знаёмы i паважаны даволі даўно, дапамог мне i кіеўскаму сябру скантактавацца з гарадской пракуратурай. Там нас прыняў следчы па Быкаўні, сярэдніх гадоў таварыш, інтэлігентны i сціплы.
Нечакана, адразу расхваляваўшыся, я пачаў гаварыць яму тое, што чуў i думаў дагэтуль пра брата, паўтараць паўвекавую сямейную легенду пра «сына польскага памешчыка», закатаванага ў белацаркоўскіх засценках, які на спатканні з жонкай сказаў,— я паўтарыў гэта ледзь не з прыплачам гордасці,— што ён нічога не падпісаў...
I тут таварыш следчы па асоба важных справах падсунуў злева да сябе нейкую папку, разгарнуў яе i ветла, сумна паведаміў страшнае, паваротнае:
— Падпісаў. Падпісаў...
І адразу дадаў пра вочную стаўку з братам у турме, пра што ў папцы маецца запіс.
Той чалавек, з кім была вочная стаўка, братаў таварыш па працы, разам арыштаваны ў трыццаць сёмым па падазрэнні ў шкодніцтве, у пяцьдзесят шостым, калі рыхтавалася Валодзева рэабілітацыя, засведчыў — братава прызнанне ва ўсім, што яму навязвалі, выбіта катаваннямі.
A галоўная яго «віна», адно з трох абвінавачванняў,— славуты, універсальны шпіянаж. Але не ў польскім варыянце, як можна было б па простай логіцы меркаваць, а... нямецкі, на карысць Германіі, яшчэ з дагітлераўскай пачаўшы, з дваццатых гадоў...
Здаецца, што не пазней, a іменна тады, у горкім ашаламленні такім паваротам трагедыі, я ўспомніў не толькі тое наша пісьмо пра градабой трыццатага года i словы з Валодзевага пісьма: «Вы пишете, что у вас побил град. А кто у нас побил — черт его знает». Калі ён мог такое пісаць за мяжу, дык мог жа i думаць так, i гаварыць з кім-небудзь. Я ўспомніў i іншае. Спачатку тое, як мы ад'язджалі з Адэсы, як Валодзя, плачучы, ніяк не мог закончыць развітвацца з бацькам, на хаду саскочыў з праёма таварнага вагона, у якім мы ўжо ціха паехалі, i доўга махаў услед сваёй студэнцкай шапкай. I тут жа ўспомніў я, як вясной дваццаць чацвёртага Валодзя нам пісаў, што, атрымаўшы вестку пра бацькаву смерць, ён кінуў усё i паехаў да нас, у Загора, аднак на граніцы яго затрымалі, вярнулі назад. Гэта магло б лічыцца доказам, не меншым за тое «черт его знает», але не стала, знайшлося другое...
Карэспандэнт, якога з намі не было, які папярэдне дагаварыўся са следчым пра наша спатканне i даў нам з сябрам сваю службовую машыну, спачатку ў пракуратуру, потым у Быкаўню, гаварыў мне па тэлефоне, што братаву справу хутчэй за ўсё, дый напэўна, мне не пакажуць: таямнічае «не положено...».
Папка ляжала перад следчым, разгорнутая на той вочнай стаўцы, а я глядзеў на яе здалёк, усётакі збіраючыся папрасіць — хоць кінуць вокам, хоць у руках патрымаць. Следчы тым часам рабіў сваё. Паколькі справа пачыналася са знойдзенага муштука, ён спытаўся, ці пацвярджаю я, што брат мой курыў. Я сказаў, што па расказах маці i старэйшых братоў ведаю — курыў. Спачатку ўпотай, выходзячы на балкон. Ад матчынага вока цяжка штонебудзь утаіць. Калі бацька вярнуўся з чарговай паездкі, яна расказала яму пра патайныя папяроскі. I бацька вырашыў справу так, што падарыў даросламу любімцу партсігар — куры ўжо адкрыта.
Расказваючы гэта, я нібы раптам успомніў, што пазычыў у Віктара Валін фотаальбом, а там жа на адным са здымкаў — Валодзя якраз з цыгарэткай у муштуку. Не надта выразна, аднак...
— О, гэта вельмі важна,— сказаў следчы.— Альбом з вамі?
Ён папрасіў прынесці яго з гасцініцы. А я спытаўся пра муштук — ці можна паглядзець. Яго, аказалася, няма, ён у іншым месцы, вось толысі фотаздымак, але ў адным экземпляры, i даць мне хоць здымак нельга.
Калісьці пра аднаго з маіх літаратурных герояў я напісаў, што ён любіў часамі ісці да сэрца другога чалавека напрасткі. Гэтую рысу характару я герою пазычыў. А цяпер, успомніўшы пра яе, вырашыў прымяніць. Пачаў з муштука, што вельмі хацеў бы яго не толькі ўбачыць, але атрымаць, як горкую сямейную рэліквію. А тады сказаў i пра папку. I потым дзякаваў сабе ў душы за тое напрасткі. Пра муштук следчы сказаў, што той, магчыма, пойдзе на экспертизу, аднак ён перадасць маю просьбу. А што да папкі, дык прамаўчаў, а потым знайшоў такі выхад:
— Пачнём з таго, таварышы, што вы цяпер, паколькі транспарт у вас ёсць, паедзеце ў Быкаўню, а пасля абеду пазваніце, каб я быў на месцы, i прыязджайце з альбомам.
Я зразумеў, што тут не ўсё залежыць ад яго, хоць ён i па асоба важных справах, аднак i на яго як чалавека можна разлічваць.
Сябру майму, паглядзеўшы даведку пра таксама пасмяротную рэабілітацыю яго цесця, медыка з дарэвалюцыйнай адукацыяй, ён сказаў «пакуль што» адно: расстраляны — бясспрэчна, але ці ў Быкаўні закапаны, ці ў іншым лесе каля Кіева — цяжка сказаць. Такіх захаванняў знойдзена некалькі, i яшчэ, трэба думаць, яны не ўсе...
Пасля абеду мы званілі з майго гасцінічнага нумара ў пракуратуру доўга i беспаспяхова. «Найгорш даганяць i чакаць» — мудрасць з вялікага вопыту. Толькі зусім пад канец рабочага дня панылыя працяглыя гудкі перасталі нас раздражняць — трубка паднята!
Следчы, яшчэ задыхана, растлумачыў простую прычыну: ездзіў па выкліку, толькі што зайшоў, i ясна, таварышы,— сустрэнемся ўжо заўтра ўранку.
Глядзенне на папку толькі здалёк i на наступны дзень закончылася не адразу. Сябру майму не было чаго рабіць у пракуратуры, i я прыехаў туды адзін. Следчы спачатку пазнаёміўся з «вельмі важным» фота ў прынесеным мною альбоме, папрасіў яго для пераздымкі, прыняў у мяне другія братавы фатаграфіі, копіі ix, захопленыя мною з Мінска, нібы з прадчуваннем патрэбнасці, а тады выклікаў падначаленага, даў яму тую балючую папку, а мяне папрасіў ісці з гэтым таварышам у яго кабінет. Я падзякаваў з пэўнай палёгкай, зразумеўшы, што i прасіць, i чакаць было варта. I ўжо раскрыўся душой на чытанне, якім бы яно ні было для мяне...
У сваім кабінеце новы таварыш сядзеў не адзін, за другім сталом пісаў нешта яшчэ адзін супрацоўнік. А сам ён папрасіў мяне прысесці паўзбоч яго стала, на якім станкачом грувасцілася старая пішучая машынка. Таварыш сеў таксама. А папка лягла на стол — зноў здалёк... Таварышу трэба было спачатку апытаць мяне для справы па Быкаўні, пасля надрукаваць пратакол...
Праз месяц я зноў сядзеў у гэтым пакоі. Таварыш зноў апытваў мяне, дадаткова — пра тыя здымкі, якія я даў следству, а ён тады забыўся спытацца ў мяне, хто там яшчэ на тых здымках, калі яны, здымкі, рабіліся. За другім разам гутарка наша была карацейшая, i таварыш убачыўся больш сімпатычным, асабліва калі сказаў, што тады, у тыя трыццатыя, проста «уничтожались все мыслящие люди», калі да ўсяго, што мною чыталася ды чулася, ён дадаў i такое, новае для мяне, так сказаць — «чыста савецкае». Некаторым жанчынам яшчэ i цяпер паведамляецца пра пасмяротную рэабілітацыю мужоў, а гэтыя цёткі ды бабкі, аказваецца, не проста не ведалі пра тое, што іхнія расстраляны або памерлі ў лагеры, a думалі столькі гадоў, што гэта яны, сволачы, пакінулі сям'ю, удала замёўшы сляды...
А першы раз таварыш апытваў мяне так няспешна, у два пальцы клацаў на сваім «станкачы» так марудна, даваў мне той пратакол прачытаць, падпісаць... А папка ўсё ляжала... i мне ўжо да болю хацелася выбухнуць, толькі ж баяўся, што напсую, i цярпеў, паглядаў. I нарэшце яна, тая ліловая папка з пяцізначным нумарам, чорна, выразна выведзеным пасля стандартна надрукаванага «ДЕЛО», лягла перада мною на суседнім невялікім стале.
Анкета. Ордэр на арышт. Другі — на вобыск. Даносаў няма, допытаў сведак таксама. Пачата справа 27.XI. 1937 года. Пасля — паўза на цэлыя чатыры месяцы, а 22.ІІІ.1938-га — «заявление» на імя начальніка аператыўнай групы «куста», падпісанае вязнем белацаркоўскай турмы. Служыў дзянікінцам. Потым дэзерціраваў з Чырвонай Арміі. З 1928 года нямецкі шпіён, цераз консульства ў Кіеве. Шкодніцтва на працы заатэхнікам, знішчэнне маладняку. I перад подпісам вязня — подпісам іншым почыркам! — такая канцоўка:
«Моя работа как шпиона и двурушника заслуживает тяжелейшего наказания, сознавшись чистосердечно прошу даровать мне жизнь и дать возможность исправиться».
Гэта я запісаў.
Ашаломлены болем, ухапіўся пасля таго «заявления » за сведчанні братавых саслужыўцаў, узятыя пад канец 1956 года. Таксама выпісаў з некаторых галоўнае. Перш за ўсё тое — з вочнай стаўкі.
Ветэрынар Л. Клісенка, у адзін дзень з Валодзем арыштаваны за сумеснае шкодніцтва на рабоце, да чаго потым яму дадаліся яшчэ i «антысавецкія анекдоты», праз два месяцы пасля вочнай стаўкі быў выпушчаны з турмы, a ў кастрычніку пяцьдзесят шостага засведчыў, «як камуніст», што на той вочнай стаўцы:
«...Бриль подтвердил о тех анекдотах. На коридоре я возмущенно спросил, как же это ты сделал, и он мне сказал: «Если бы тебя так избивали, как меня, ты еще не то сказал бы». Наблюдая за Брнлем, я заметил, что он находился в крайне подавленном состоянии и был ко всему безучастен. Тогда он бросил такую фразу: «Если бы ты знал, что я на себя наговорил! Я уже не жилец на этом свете, я почти слеп». Более того, в тот момент Бриль производил впечатление полувменяемого человека».
У пакой да таварыша, які здымаў з мяне пратакол, i да яго маўклівага супрацоўніка за трэцім стадом пачалі заходзіць то адзін, то другі, з пагаворваннем пра абед. Мяне з папкай пакінуць аднаго, вядома, не маглі, i я пачаў спяшацца. A ўсё ж i са сведчанняў іншых братавых саслужыўцаў у пяцьдзесят шостым паспеў сёе-тое выпісаць.
Я сазваніўся з сябрам, да якога паабяцаў зайсці адгэтуль, i не падумаў адразу, чаму ён здзівіўся, што я не стаў слухаць, як мне лепш даехаць да яго, сказаў, што дайду пехатой.
А тады я ішоў — спачатку ўніз па крутым завулку, завужаным высокім плотам нейкага будаўніцтва, а потым доўга, вельмі доўга па люднай, шумнай вуліцы. I ў маёй утрапёнай душы паўтараліся то чорныя, то святлейшыя плямы з той акаяннай папкі, то запісаныя мною, то не. Канцоўка «заявления», падпісаная іншым почыркам,— тая апошняя просьба.
Вузенькая паперына, не першы i не другі, а то i не трэці або чацвёрты, цьмяна-мурзаты экземпляр з-пад машынкі, куды персанальнае ўпісана ад рукі, a ўсё падпісана чырвоным алоўкам i замацавана трохкутнай пячаткай — пра тое, што «приговор приведен в исполнение».
Братавы словы ў двайной падачы — цераз Клісенку i таго, хто пратаколіў: «Если бы ты знал, что я на себя наговорил!.. Я уже не жилец...»
Тады яшчэ словы іншага саслужыўца, старшага заатэхніка В. Коваля, які ведаў Валодзю ў 1930-1937 гадах:
«Характеризуя Бриля с политической стороны, я могу сказать, что он был настоящий советский человек. Политикой он не интересовался, так как все время отдавал основной работе. Случаев вредительства в совхозе не было никогда. Один из лучших совхозов не только на Украине, но и в СССР...»
Яшчэ адзін, Ф. Гацэнка, дырэктар саўгаса, у якім Валодзя працаваў раней, у іншым кутку Кіеўшчыны:
«Работал Бриль добросовестно, все у него было в образцовом порядке. Всем своим поведением он создавал впечатление лойально настроенного по отношению к советской власти человека».
Звычайныя, пратакольна будзённыя словы. Можа, яны i гаварыліся людзьмі, якія сведчылі, даслоўна так, а хутчэй так службова запісваліся„ А мне яны гучалі так па-людску, так высока, змястоўна, былі такою светлай разрадкай у невыноснай чарнаце, што я, як толькі выйшаў са старога цаглянага дома пракуратуры, яшчэ спускаючыся па крутым, пустым завулку, заплакаў ад шчасця такога выхаду ў справе, ад удзячнасці тым людзям...
Дайшоўшы нарэшце да сябра, я пачаў званіць па гарадской даведачнай, шукаць тэлефоны тых, чые адрасы запісаў. Адзін з Васільхава, другія два кіяўляне. Аказалася, што тэлефонаў кватэрных няма. А ісці шукаць людзей я ў той дзень не мог.
Назаўтра ўранні, па тэлефоне развітваючыся са следчым, чаго я не змог зрабіць учора ў пракуратуры, бо ён кудысьці пайшоў, я спытаўся пра тых, каму хацеў падзякаваць. Ён адказаў, што ўсе яны ўжо не жывуць. Пра гэта я i сам учора, астыўшы, падумаў: дзе там — дзевяцьсот першы, дзевяцьсот трэці, дзевяцьсот шосты гады нараджэння... Палажыўшы тэлефонную трубку, я сказаў сам сабе — чамусьці па-польску, як выдыхнуў:
— Cześć ich pamięci!
ЧАМУ ТЫ ПАКІНУЎ?..
«Чаша сия» Ігната таксама не абмінула. Па-свойму. I на шэсць гадоў раней за Валодзю.
Пасля заканчэння гімназіі ў яго спачатку быў намер паступіць на медыцыну. Цьмяна ўспамінаю мамін расказ пра тое, што ён ад гэтага намеру адмовіўся, не могучы пераносіць анатамічкі. Сярод прысланага мне з архіва адэскага сельгасінстытута ёсць таксама даведка, што «Бриль Игнатий Антонович, 19 лет», працаваў у бальніцы санітарам. Магчымасць наглядзецца на розныя жахі была, Разам з Валодзем, нібы па іхняй спрэжанасці ў вучобе ад самага маленства, i ён паступіў у сельгасінстытут, але закончыў толькі два курсы. Бо паралельна i ледзь не падпольна рыхтаваўся да іншага. Вясной дваццаць другога экстэрнам здаў экзамены за духоўную семінарыю i неўзабаве быў рукапаложаны, перад гэтым, як належыцца, ажаніўшыся.
Гэта — знешні бок справы, частка біяграфічных даных. Як знешняе можна дадаць, зноў жа з матчынага расказа, што ён яшчэ гімназістам, ды нешта хутка пасля паступлення, уцёк быў у манастыр, а бацька знайшоў яго там i забраў, пасля чаго называў часамі трынаццатым апосталам. Забягаючы наперад, ажно ў 1952 год, згадаю, як ён пісаў мне тады: «Радует твое трудолюбие в развитии дарования, печалит твое отношение к самому дорогому для меня и покойной матери». На ўвазе мелася «безбожие», праяўленае ў аповесці «У Забалоцці днее», а таксама i наша з Мішам захапленне Талстым, пра што Ігнат ведаў яшчэ з даваеннага часу.
Хто з ix на каго больш уплываў у набожнаеці, ён на маці пазней ці яна на яго раней, з маленства, мне цяжка сказаць. Мама, пры ўсёй наяўнасці ў яе натуры здаровага сялянскага сэнсу i гумару, i верыла, i малілася шчыра. Ад нашага з Мішам юначага вальнадумства, калі ўжо махры ў выхаванні не памагалі, яна, старая i нямоглая, з невылечна хворай нагой, магла часамі сысці на ранішнюю малітву ў каморку, дзе, стоячы перад цьмяна-гарызантальным акенцам, шаптала ўвесь немалы набор сваіх пацераў. Не памятаю, ці гэта я неяк аднойчы падгледзеў, ці потым, у палоне, у суме разлукі ўяўляў яе перад тым акенцам, цераз якое ў спакутаваны, адухоўлены твар свяціла роднае сонца, таксама ня~ стомнае. Затое помніцца зусім выразна, як яна тады, калі лепш хадзілася, прыйшла аднойчы з мястэчка, за чатыры вярсты з царквы і, сеўшы каля стала адпачыць, сказала:
— Вось хоць ачалавечылася. А то i жыў бы чалавек без слова божага, як якая скаціна...
Кожны з нас, а я думаю перш за ўсё пра братоў, любіў яе па-свойму. Па праву старэйшага, бо Валодзі ўжо не было, Ігнат пісаў мне, але з надзеяй на перадачу Колю i Мішу, вясной сорак пятага, калі ўсе ваенныя злыбеды закончыліся: «Дорогие братья, насколько возможно заботьтесь о маме, мы все в большом долгу перед нею. Она выносила в сердце все наши невзгоды». Гэта ўжо цяпер мне захацелася падкрэсліць, наўздагон, думаючы перш за ўсё пра нашага найстарэйшага,— колькі яна выплакала па ім, спачатку як прадчуваючы бяду, а потым i ведаючы пра яе...
Быў у адным з Ігнатавых пісьмаў i прыклад з геніяльным Пастэрам, які, калі ў яго спыталіся, як ён сумяшчае свае веды з вераваннем, адказаў: «Я многа вучыўся i веру, як брэтонскі селянін, a калі б я мог яшчэ больш вучыцца, я верыў бы, як брэтонская сялянка».
Ігнат наш верыў — амаль з маленства i да смерці ў сане протаіерэя з акадэмічнай адукацыяй, закончанай у апошнія гады жыцця завочна.
Ягоны Шура ў бяздольным маленстве ізгоя-паповіча, калі бацьку забралі, быў пераведзены маткай на яе прозвішча, бо інакш не прымалі ў школу. Мабілізаваны на другі дзень вайны «са студэнцкай лаўкі», вярнуўся ардэнаносным параненым афіцэрам. Энергетык з грунтоўнай адукацыяй i шматгадовай практыкай на ўральскіх электрастанцыях, у канцы шасцідзесятых ён пераехаў з сям'ёй i з аўдавелай маткай у Мінск, «бліжэй да радні i радзімы». Праз нейкі час яго павысілі на пасадзе i адпаведна прапанавалі ўступіць у партыю. На прыёме знайшоўся, вядома, марксіст «с вопросиком»: «А скажыце, таварыш Лейка, як вы ставіцеся да таго, што ваш бацька быў папом?» Адказ чалавека на шостым дзесятку гадоў: «Я ўсё жыццё глыбока паважаў яго, i памяць яго паважаю». Такое ж магу сказаць i я — пра бацьку i пра сына. Дарэчы, «вопросик» не перашкодзіў на прыёме, бо i кандыдат — адпаведны работнік, i час быў ужо крыху не той, хоць i «застойны».
A ў даўнасці маёй, у тым дваццаць другім годзе, калі на адэскім пероне ішло развітанне перад разлукай, калі наша сям'я трагічна распалавіньвалася ўслед за падзелам i Беларусі на дзве палавіны, калі Валодзя ніяк не мог развітацца,— Ігнат адчуваў сябе як быццам спакайней. Удваіх са сваёю Верай яны развіталіся з усімі як належыцца хораша i сталі сабе на пероне, побач. «Той плача,— успаміналамне ў вёсцы мама, прадучы,— а гэты стаіць са сваёю матушкай, i абое маўчаць». «Матушка» -— гэта пра Веру, маладзенькую, вось-вось i пападдзю. Бо ён, Ігнат, быў яшчэ не ў расе.
Веру нашы бацькі любілі, я памятаю гэта па маме. Ціхая, сціплая сірата пры мачасе, дачка бацькавага саслужыўца i блізкага земляка. А з Ігнатам яны, маладыя, сябравалі, яшчэ ходзячы ў гімназіі, кожнае ў сваю. Дый жылі нашы сем'i — вокны ў вокны, цераз забрукаваны дворык, нават паверх той самы.
Яшчэ раз, i не апошні, вяртаючыся да розных дакументаў, якія Валодзеў Віктар сёлета што выпрасіў, а што спісаў для мяне ў архіве сельгасінстытута, адкуль i ён, як званіў мне, так нямала даведаўся пра свайго бацьку, я з прыемнасцю сустрэў даведку, выдадзеную Ігнату. Будучы студэнтам, ён, аказваецца, падзарабляў у садаводстве ў якасці «огородного рабочего» i, як дадаў да гэтага Шура, калі мы глядзелі з ім тыя даведкі, «насіў маёй маме ружы. Яна расказвала мне». Тады, відаць, расказвала, калі яны, маці i сын, былі з Ігнатам разлучаны.
Шура прынёс мне яшчэ адзін цікавы i патрэбны дакумент, знойдзены ў маленькім чамаданным архіве, што застаўся пасля яго набожнай мамы. Мне хочацца прывесці тое пасведчанне ў шэрых вокладачках проста поўнасцю:
«УССР. Губтрудсобес и Губкомтруд. Подотдел учета и распределения силы.
Личный учетный билет № 8292. Лейко Вера Романовна, 1901 г. р., возраст 19 лет. Педагог дошкол ьн. Белорусская труд, школа № 115. Судейский пер., 2.16.XII.1920 г.
Продлен до 9.V.1921 г.».
На Ігната такой даведкі няма, не захавалася. А ён таксама працаваў тады вечарамі ў беларускай школе, можа, i ў той самай. У пачатку сорак пятага, калі я паслаў яму свае першыя публікацыі ў газеце-плакаце «Раздавім фашысцкую гадзіну», ён мне пісаў, што яны з Верай чытаюць ix разам, бо «мы ведь с нею учительствовали в белорусских школах в Одессе».
Пішучы пра вучобу ў Мірскім гарадскім вучылішчы, я адзначаў, як мне прыемна было думаць, што ў адзін час з нашымі вучыўся Уладзімір Жылка... У верасні шэсцьдзесят сёмага мы, чатыры беларускія літаратары, будучы ў Маскве, паехалі ў Хімкі — наведаць старога Міхайлу Грамыку. Вучоны-геолаг, паэт i драматург, яшчэ адна ахвяра сталінскай барацьбы з беларускім «нацыяналізмам», ён быў яшчэ i вельмі змястоўны, абаяльны чалавек. Светла ўспамінаецца мне вечар, праведзены ў гасціннай сям'і гэтых маскоўскіх беларусаў, а перш за ўсё — сам белабароды, у белай доўгай кашулі, светлы душой гаспадар. Потым, прачытаўшы, што ён у пачатку двадцатых гадоў наладжваў i вёў у Адэсе беларускія школы, я сумна пашкадаваў, чаму не ведаў пра гэта ў той вечар. Тады старэнькая гаспадыня сказала, адкуль яна родам — з мястэчка Ярэмічы, што за шэсць кіламетраў ад маёй вёскі, i мы весела паўспаміналі роднае Наднямонне. Зноў жа неяк па-зямляцку шчымліва-светла думалася над Верыным даўнім адэскім пасведчаннем пра тое беларускае настаўнічанне, i шкада (ох, ці мала чаго шкада!..), што i ў Грамыкаў пра гэта не згадалася, бо не ведаў, i з братавай не сабраўся пагаварыць як след пра гэта дый пра іншае таксама...
Тая адэская моладзь, пераважна дзеці чыгуначнікаў, русіфікаваная царкоўнапрыходскімі школкамі ў вёсках, гарадскімі вучылішчамі ў мястэчках Беларусі, гімназіямі ды інстытутамі ў рускамоўным горадзе, дома чула беларускую мову бацькоў, адчувала роднасць яе такім чынам. Нашы хлопцы найбольш па маме, якая потым, у вёсцы, i мне дала вельмі нямала род нага ў пісьменніцкім станаўленні. I таму мне Ігнатава з Верай настаўнічанне бачыцца невыпадковым. Не думаю, што i ў Валодзі тое роднасці не было, х.оць ён чамусьці не настаўнічаў.
Службу свяшчэннікам Ігнат пачаў — выразна помніцца гэта змалку па зваротным адрасе яго пісьмаў адтуль — у сяле Візірка на Адэшчыне. Арыштавалі яго ў кастрычніку трыццаць першага года; Шура i дзень мне дакладна назваў — 31-га, страшны дзень ix сямейнай гісторыі. Спачатку рабілі вобыск. Хлопцу было тады восем гадоў, ён памятае, як адзін з чэкістаў нават вядро памыйнае не абмінуў — выплюхнуў яго перад ганкам: ці не схаваны там якія доказы або каштоўнасці. Ігнат яшчэ заставаўся дома. Назаўтра, калі малы прачнуўся, то ўбачыў, што бацькаў ложак —засланы. Спытаўся, дзе папа, а мама заплакала. Зрэшты, яна, відаць, яшчэ i не спынялася ціхенька плакаць.
Свяшчэнніка адправілі на. лесанарыхтоўкі, у тайгу каля Марыінска, адкуль пасля перавезлі на будаўніцтва Беламорканала.
Амаль праз сорак гадоў пасля таго будаўніцтва, падарожнічаючы па Карэліі, у драўлянай Кемі, перавалачнай перад Салаўкамі, я, наслухаўшыся расказаў пра частыя гукі начных адстрэлаў у той час, успамінаў Ігнатавы пісьмы з тых катаржных мясцін. Пісьмы — ужо без зваротнага адраса, з суровай тэлеграфнасцю тэксту, на няпоўную старонку са сшытка, адкуль тры словы адчаканіліся ў маёй памяці, нібыта назва аповесці з таго жыцця: «Одет, обут, накормлен». I подпіс: адно загалоўнае «И» з кропкай... (У лістападзе трыццаць дзевятага, мокры, халодны, галодны нявольнік, зусім нядаўні польскі салдат, я пісаў з «арбайтскаманды» маме — тымі самымі словамі пра сваё ўжо — «адзеты, абуты, накормлены». Пісьмо гэтае, на стандартным лагерным бланку, першае мае пісьмо з палону, дайшло i захавалася...) Успаміналіся ў Кемі i чатыры радкі Ігнатавага зэкаўскага верша, што трапілі ў маю памяць з яго пасляваеннага пісьма з Урала:
Малыша моего мне хотелось бы видеть портрет:
У меня, как вы знаете, ведь его нет. Радость будет большая моя. Ах, мой мальчик, порадуй меня!Улетку трыццаць трэцяга года мы атрымалі ў Загоры яшчэ адно кароценькае нісьмо з подпісам И., i я са здзіўленнем убачыў на наштовым штэмпелі слова Мінск (а можа, i Менск: не запомнілася). Колькі розных здагадак i меркаванняў у нашай вясковай глухамані!.. Намнога назней стала вядома, дзе ён быў, адкуль вяртаўся. З «перековки», датэрмінова, як ударнік. Так успамінае яго сын. А я чытаў нядаўна, што, калі тое славутае будаўніцтва было трыумфальна закончана, начальства атрьшала ордэны, а кожны шосты зэк (там гэтае слова i ўзнікла) адпускаўся дахаты. Відаць, наш аказаўся шостым.
Забралі айца Ігнація ў pace, a вярнуўся ён у нейкім бушлаце, «лагерном серяке», разрэзаным на левым баку, дзе нутраная кішэня. Расказаў, што ў вагоне ён засынаў на сярэдняй паліцы, а цераз праход ляжала нейкая жанчына. Нібыта праз сон, яна махнула рукой i — ён пачуў праз дрымоту — ляпнула па левым баку яго грудзей. А потым, калі ён прачнуўся,— там было разрэзана, дакументы i сякія-такія грошы зніклі. Суседка — таксама. Праз нейкі час, ужо ў Адэсе, дзядзька Павел прынёс з вакзала яго паперы, знойдзеныя ў смеццевай урне: па прозвішчы ix аддалі старому Брылю.
Неўзабаве прыехаў з Кіеўшчыны Валодзя. Шура бачыў тую сустрэчу. Мамы, фельчаркі, дома не было. Абдымаючы брата, дзядзька Валодзя расплакаўся, але ж адразу тады i сказаў:
— Ну что, помог тебе твой Христос?
На што Ігнат адмахнуўся:
— Об этом не будем. Не будем.
Па характары ён быў стрыманы, аскетычны. У маладосці купаўся ў моры зімой, правяраў сябе доўгаю галадоўкай, строга займаўся гімнастыкай па сістэме Мюлера. Бязлітасна муштраваў па ёй Колю i Мішу, з абліваннем халоднай вадой уключна. Толькі мяне яшчэ не чапаў, па малалецтве ці па матчынай забароне. Нават i ў вёску ён нам тое «пособие» палажыў у карзіну разам з іншымі кнігамі, i мы з Мішам, вярнуўшыся з вучобы на гаспадарку, у разгары самаадукацыі нават i таго Мюлера не абмінулі, што было смешна для юнакоў, скажам, пасля накідання гною або малацьбы цапамі. A Ігнату ён, Мюлер, i галадоўкі, i маржаванне, можна думаць, i ў тайзе, i на канале прыдаліся як набытая загартоўка.
Пра стрыманасць. У сорак шостым, калі яны з Шурам прыехалі да мяне, я быў на рабоце, у рэдакцыі. Прыбег дахаты, куды было недалёка, задыханы, кінуўся вітацца i заплакаў. А брат, такі незнаемы i такі свой па расказах ды пісьмах, у той час не святар, а часова, дзесяць гадоў, выкладчык рускай літаратуры, геаграфіі i нямецкай мовы ў Троіцкім рабфаку, саракапяцігадовы, трохі вусаты мужчына ў даўгавечнай выгаралай касаваротцы,— ён павітаў мяне стрымана, словамі першымі i ў памяць маю — назаўсёды:
— Спокойно. Спокойно.
Расказваючы пра тую сустрэчу бацькі з дзядзькам, дзе быў закрануты Хрыстос, Шура мне сказаў, што бацька тады вельмі пакрыўдзіўся. Гэтую крыўду я памятаю i па Ігнатавым расказе пра сустрэчу ca старэйшым, які ў той час, можна сказаць, быў у росквіце сваёй кар'еры: i прэміі атрымліваў, i на курорты ездзіў, нават з наркомам сустракаўся. I крыўда тая, справядлівая, усё-такі ў нечым была для мяне з нейкай горкай недагаворанасцю...
Сухаром Ігнат не быў. У адзін з тых радасных дзён, над рэчкай i яго маленства, над нашай ціхай, маляўнічай Вушай мы сядзелі з ім удвух, з вудачкамі, глядзелі на паплаўкі, на родную красу, няспешна гаманілі. I вось ён пачаў спакваля падбірацца са сваім запаветным — угаворваць, каб я ахрысціў сваю Галю, якой не было яшчэ года.
Пасля «перековки» ёнбыўпаспрабаваўзноўстаць свяшчэннікам, але яго зноў, ужо ў іншай вобласці, выклікалі i строга папярэдзілі. Прыйшлося падацца за Урал, балазе там былі знаёмыя па Адэсе, надзейныя. Яны, самі ўжо там абжыўшыся, змаглі ўладзіць яго настаўнікам у ix рабфаку. Дырэктар, праўда, касавурыўся на той разрэзаны ды зашыты лагерны «серяк», аднак i выкладчыкі былі патрэбны, i рэкамендатар салідны,— новага прынялі. Настаўнічаў ён на добрым узроўні, карыстаўся пашанай студэнтаў i выкладчыкаў, аднак у душы заставаўся самім сабою. Што i ўсплыло наверх праз год пасля гасцявання ў нас. Ён па здароўі звольніўся ў рабфаку i зноў аблачыўся ў расу.
Але пакуль што мы з ім над ракой.
Мама жыла тады ў мяне, яна засталася ў Мінску, не з яе здароўем было ехаць у вёску на спадарожных грузавіках. На тэму святога хрышчэння яны з Ігнатам паспелі сам-насам пагаварыць. I вось ён прадоўжыў тэму на адпаведным узроўні:
— Не лишай ты своего ребенка благодати, которую сам получил...
Я ўжо добра асвойтаўся з ім i ў адказ, з цёплай рыбацкай лянотай, адказаў нешта так: я вельмі рад, што вы з Шурам прыехалі, што мы нарэшце ўбачыліся, i я магу табе, бадай, уступіць — ахрысціць малую...
I тут ён зусім нечакана сышоў з набожнага тону, засмяяўся свабодным мужчынскім смехам:
— Чудак! Да разве же это — для меня?
I стаў яшчэ бліжэйшым.
Аднак невыразна прыкрае ўражанне ад той яго сухаватаправеднай крыўды на Валодзю за Хрыста не толькі закранула мяне ў тыя нашы загорскія дні — я гэта ўспомніў i летась, пасля ракавога кіеўскага званка. Баюся браць грэх на душу, але быў, здаецца, i затоены працяг той праведнай ісрыўды: калі прыйшоў Валодзеў час — яму, маўляў, ніхто не дапамог, нічога не дапамагло!..
I горка думалася мне, пасля таго званка згадалася, што калі б i самому яму, Ігнату, пасля арышту,— Шура расказваў: не бітаму,— прыйшлося так пакутаваць у бясконцых, пякельна напрактыкаваных катаваннях, дык, можа, i ён сказаў бы са свайго крыжа — у душы ці ўголас:
— Божа мой! Божа мой! Чаму ты пакінуў мяне?
Як гаварыў гэта — нялёгка думаецца — i Валодзя.
ВАКОЛ ПАДТЭКСТУ
Сорак гадоў насіць у памяці вобраз брата, які не скарыўся ад катаванняў, «нічога не падпісаў», а потым уведаць, што адбылося не так,— гэта нялёгка...
Пасля дняпроўскага тыдня, на працягу якога столькі было вячэрняй i ранняй красы ўкраінскай прыроды, шматлюддзя сустрэчаў у некалькіх гарадах, столькі паэзіі i музыкі, Шаўчэнкавай i народнай, пасля Быкаўні i папкі з пяцізначным нумарам — я апынуўся ў родным наднёманскім кутку, у прылясной цішыні.
I кожную раніцу абуджаўся з тым самым сумам i болем...
За тым, пра што я даведаўся, прыадкрыўшы заслону паўвекавое даўнасці, адчуваўся глыбокі, цёмны, студзёны падтэкст...
Я шукаў выхаду, i ён мне ўсё з большай ды большай настойлівасцю бачыўся ў тым, што трэба зноў ехаць у Кіеў, пагартаць тую папку яшчэ раз.
Было i тое, што адцягвала ўвагу ад аднаго, рассейвала яе i неяк супакойвала,— сякія-такія дачныя клопаты, чытанне вялікай карэктуры, глядзенне па тэлевізары Першага з'езда народных дэпутатаў. Аднак жа праз некалькі дзён я ўжо званіў з Мінска ў Кіеў, следчаму, i дамовіўся пра сустрэчу. Справа была яшчэ ў яго.
Пачалося лета, курорты, канікулы, з білетамі ў паўднёвым кірунку стала туга, i самалёт быў мне ў Саюзе пісьменнікаў забяспечаны толькі на дваццатае чэрвеня. Але i гэты дзень нарэшце прыйшоў. I вось я яшчэ з аэрапорта званю ў гарадскую пракуратуру, зноў чую знаёмы голас: калі ласка, чакаю.
Праз дзве гадзіны, уладзіўшыся ў гасцініцы i дачакаўшыся канца абедзеннага перапынку, я прыйшоў да следчага і, павітаўшыся яшчэ раз, прысеў да стала, у добрым настроі i поўнай гатоўнасці. А ён, усётакі сімпатычны хлапчына, скажам па праву ўзросту, убачыўся нейкім стомленым ды маркотным. I зусім не спяшаўся даваць мне папку. На ягоным стале яе не было. I ён прыкметна змагаўся з няёмкай неабходнасцю штосьці сказаць. А потым i сказаў, з недагаворваннем ды невыразнасцю, што справу даць мне другі раз — не можа. Яна ўжо не ў яго...
Ясна стала адно — я прыляцеў дарма. I падумалася таксама, пачалася такая здагадка, што за дзве гадзіны, ад майго званка да прыходу, адбылося тое, што ён камусьці пазваніў, на ўсякі выпадак папрасіў дазволу паказаць мне яшчэ раз, i яму, таксама на ўсякі выпадак, не дазволілі.
Дзіўны характар у мяне! — успрыняў я няўдачу... раптам спакойна, як быццам нават ці не з палёгкай. A ў апраўданне самому сабе падумаў: ну што ж, нічога не зробіш, можа, нічога я там больш i не вычытаў бы, хопіць i таго, што прачытаў месяц таму назад. Цудам паказаўшыся з таго страшнага часу, папка тая махнула ліловым хвастом і, нібы залатая дзедава рыбка, нырнула ў сваю, зноў таямнічую, недасягальную глыбіню — «пучину совершенной секретности», выкінуўшы на бераг «вещдок с индивидуальным признаком» — муштук.
Яшчэ раз успомніўся компас у маім палоне: як хітра мы з сябрам схавалі яго перад вобыскам у бараку — загарнулі ў шматок бруднай газеціны i кінулі каля лагернай «лятрыны», так сказаць, адкрытай прыбіральні, даўжэзнай яміны з жэрдкамі на слупках, для доўгага, натужнага сядзення галодных нявольнікаў. Нехта яшчэ хітрэйшы прыкмеціў, як быў кінуты той шматок, падняў яго, компас узяў, a газеціну шпурнуў. Як жа абурыўся гэтым мой сябар па таямніцы, па намеры ўцякаць дахаты, як ён злаваў на мяне за... спакой! Ён той компас недзе (ужо не памятаю дзе) раздабыў, спачатку насіў таямніцу адзін, потым даверыўся мне, а я... Што ж, я цяпер, праз сорак дзевяць гадоў, зноў успомніўшы тое, падумаў, што ў мяне, чаго добрага, было i падсвядомае прадчуванне, чым закончыліся б на радзіме нашы ўцёкі, калі б яны ўдаліся. Тады, улетку саракавога. Яшчэ на двух «нямецкіх шпіёнаў» стала б i больш, а потым i менш — адразу, у Еурапатах ці, спакваля, у якім-небудзь з ГУЛАГаў. Праўда, праз два месяцы я ўсё-такі ўцякаў, з іншым сябрам, бо з тым разлучыла няволя, i праз тры тыдні нас злавілі, ужо на польскай зямлі. I яшчэ раз, відаць, трэба падзякаваць лесу, што не ўдалося стаць «інпіёнам»...
А якая ж тут аналогія з папкай? Так думаў я, ідучы з пракуратуры. I адказаў самому сабе: ды проста тая, што ўжо не будзе больш так балюча рупіць, абы прачнуўся, што не прачытаў братаву справу з як найбольшай увагай, што павінен быў убачыць у ёй значна больш, чым убачыў. Хопіць, відаць, i таго, што ведаю, каб надежна сказаць сваё, напісаць патрэбнае. Нават канцоўка сама па сабе атрымалася. Тое, што называецца крывавай сталіншчынай, не канчаецца — ёсць яшчэ сілы, якім не патрэбна поўная ліквідацыя белых, чорных, чырвоных плямаў нашай жахлівай гісторыі, што не так легка сілы тыя пойдуць на ператварэнне ўсіх лубянак у музеі ці кнігасховішчы, як прапанаваў на з'ездзе адзін з народных дэпутатаў, не дадуцца яны, тыя сілы, i пад народны кантроль, як патрабаваў другі дэпутат. Хутчэй паставяць помнікі ў раскрытых Курапатах ды Быкаўнях, чым пойдуць на раскрыццё іншых захаванняў памардаваных, на рассакрэчанне цяжкаўяўнай безлічы спраў — у папках i без ix...
Калі пра безліч, дык вось i прыклад: з адной Белай Царквы, з аднаго «куста раёнаў» — 17 643. А на Валодзю нашым i не пачалося, i не закончылася...
Канец майго сумнага дня прайшоў у беспаспяховых намаганнях дастаць на заўтра білет на самалёт або цягнік; пад вечар прыйшлося-такі звярнуцца ў Саюз пісьменнікаў.
A ўранні трэба было пазнаёміцца з тым Палацам культуры, дзе раней рыхтаваліся трупы для Быкаўні.
...Мой Кіеў.
Першае ўражанне — у тым усё, не раз успомненым дваццаць другім — доўгі мост на шырокім Дняпры, які мы пераязджаем, высокі бераг, густая зеляніна дрэў, золата купалоў з іскрыстымі крыжамі. Праз шэсцьдзесят сем гадоў бачу, як ён асцярожна сунецца па тым мосце, наш бруднаватабелы таварны вагон... I я ўдзячны таму, хто тады разбудзіў мяне зарана, каб я панёс на ўсё жыццё ўспамін пра першае бачанне такой красы. А разбудзіў хутчэй за ўсё бацька. Маці пашкадавала б у сваёй больш практычнай любасці да найменшага, а бацька не мог не паказаць таго, чым сам неаднойчы любаваўся з правадніцкага акна. Так мне хочацца думаць. Бо так зрабіў бы i я, дый рабіў падобнае з дзецьмі, а цяпер з унукамі.
Пасля, у глухой заходніцкай вёсцы, Кіеў быў для мяне на каляровай паштоўцы, забытай некім у адной з нашых адэскіх кніжак. На ёй былі i Дняпро, i зеляніна на кручы, i залатыя купалы. На для кагосьці звычайнай, паднішчанай паштоўцы, з якое дзіцячае сэрца так многа бачыла. Гэта — пакуль навучыўся чытаць. Бо тады ён, мой Кіеў, пачаў адкрывацца ў кнігах, скажам — у Гогаля, з апісання Падола ў «Віі», а далей i ў многіх іншых.
ІІершы ў жыцці, дзіцячы прыезд у Кіеў адбыўся ў раннюю рань канца мая. Другою майскай ранню, i таксама з поўдня, летась я набліжаўся да любага горада па Дняпры. Пад салаўіны бой на абодвух церпка-зялёных, крыху прымглёных берагах, абапал шырокай, спакойнай вады. Пад гутарку з другім старым дзіваком, якому таксама не спіцца,— з кітайскім паэтам, перакладчыкам Кабзара. Таварыш i ў нас, у Мінску, бываў. У гутарцы на сыраватачысценькай, яшчэ пустой палубе, пад песні салаўёў, мы ўспомнілі, між іншым, i пра яшчэ аднаго салаўя — несмяротную дацкую казку з прастадушна чароўным пачаткам, які мы на мове Талстога, якога таксама згадвалі, працытавалі, дапамагаючы адзін аднаму, амаль з дзіцячай прыемнасцю: «Ты, верно, знаешь, что в Китае все жители китайцы и сам император китаец». Без лішніх ды гучных слоў адчуваліся намі i мудрасць, i краса чалавечых, братніх адносін, да якіх яшчэ так далека...
A ў душы ў кожнага з нас было, вядома, i штосьці толькі сваё. Што ў яго — я магу вельмі прыблізна меркаваць. A ў мяне быў глыбінна прыглушаны боль, прадчуванне ўжо недалёкай сустрэчы з братняй трагедыяй...
Побач са словам Быкаўня, з якім я нядаўна зблізіўся, стаялі яшчэ тры словы: Жовтневий палац культуры. За першым бачылася невымерная магіла, за другімі — патайное месца забойстваў...
Палац гэты я ўбачыў спачатку толькі збоку, праездам. Першы раз едучы ўранні з гасцініцы ў пракуратуру, папрасіў таксіста паказаць мне яго, паехаць тою дарогай. I неўзабаве здзівіўся, што гэты будынак з выгляду я ведаю, што ён — цераз вуліцу ад высотнай гасцініцы на гары, дзе я некалькі разоў спыняўся. I ў падарожжы з найбліжэйшымі, вяртаючыся з чароўнага Закарпацця, i ў камандзіроўцы, калі мы прыехалі ў Кіеў удвух з маладым, ці не найбольш сімпатычным мне нашым пісьменнікам, а тут i з даўнімі сябрамі сустрэліся, i новых набылі...
А наведаць Палац культуры ў маі мне не ўдалося, не хапіла часу.
Цяпер, уладжаны якраз у той, даўно знаёмай гасцініцы, я з найранейшага ранку быў гатовы да сустрэчы з палацам, перад вайной — галоўным падзямеллем братняй Украіны. Гатовы i толькі стрымліваўся, каб не прыйсці зарана, калі там яшчэ не будзе яго цяперашніх гаспадароў. А ледзь прычакаўшы пачатку рабочага дня — пайшоў.
У даведніку «Кшв» пра «Жовтневий палац культури» напісана, што ў дваццатых — трыццатых гадах XX стагоддзя ў ім «розмищувалися різні державни установи». I як даніна сучаснасці (год выдання даведніка — 1981) адзначана, што двойчы там выступаў Леанід Ільіч Брэжнеў, уручаючы гораду i рэспубліцы ўзнагароды.
У іншай украінскай кнізе я прачытаў, што гэты колішні «Институт благородных девиц», збудаваны ў пачатку мінулага стагоддзя, пераабсталяваны быў пад сядзібу Народнага камісарыята ўнутраных спраў УССР пасля таго, як у чэрвені 1934-га ў Кіеў з Харкава перанеслі сталіцу рэспублікі. У гэтым гмаху размясціліся i работнікі наркамата, i тыя, з кім яны «працавалі». У турме гэтай было ціха, як у магіле. Наглядчыкі хадзілі перад камерамі ў валёнках па дыванах, вязняў на допыты выклікалі шэптам.
Падобнае, пра цішыню, чытаў я летась i яшчэ ў адной кнізе, рускай, у дачыненні да самых першых насельнікаў палаца «благородных девиц», якія тут «ходили бесшумно, как того требовал устав заведения».
Трэба думаць, што гэтай даўняй традыцыі прытрымліваліся i «тройкі» з усім дапаможным персаналам інстытута ўсясільных катаў, i гукі расстрэлаў не парушалі рабочай цішыні паверхаў — схаваныя глыбока, за тоўстымі сценамі.
Дзень абяцаў стаць зноў спякотным, але раніца была яшчэ толькі прыемна светлая, молада свежая пасля начной астыласці. Лістота дрэў i травы на адкосе ад вуліцы гусцела сакавітасцю. Урачыста яснелі кветкі. Чысценька ўсюды, злёгку росна. Перачырыкваліся вераб'і. Стары дворнік на ўзбочнай ад вуліцы алеі ішоў сабе па нядаўна палітым асфальце. Мы павіталіся, пастаялі, ён паказаў мне, дзе, за вуглом, цэнтральны ўваход.
Даўні, класічны колер сцен — светла-жоўты. Белыя калоны, белая аблямоўка акон i дзвярэй. Тры паверхі i цокаль, пад якім падзямелле, куды мне трэба заглянуць.
Пажылы вахцёр, калі я пачаў гаварыць яму, што мне трэба, сказаў, што ён тут працуе даўно, але нічога такога не ведае. Аднак начальніку свайму, па маёй просьбе, пазваніў. Неўзабаве да нас спусціўся малады ветлы мужчына і, выслухаўшы мяне, павёў у падзямелле.
Бясконцы лабірынт. Былыя камеры. I сцішна, як пад пірамідай. Хоць я пад пірамідамі i не бываў -— проста такое адчуванне чагосьці аграмаднага, цяжэннага над табою... Як быццам усе тыя асобатроечныя фараоны яшчэ ўсё сядзяць наверсе, яшчэ ўсё «судзяць», ціснуць зверху ўсім сваім злавесным цяжарам... Там, дзе былі камеры, карцэры, бойні,— цяпер то нейкія майстэрні, дзе відаць адзін-два чалавекі, а то ўсё дзверы, дзверы, ці так зачыненыя, ці пад навясным замком. Дзе ж тут стралялі? Ад куль на паверхах, з дыванамі i валенкам!, не чуваць было наганных туканняў?.. Ветлы таварыш не ведае. Ідзём, ідзём... I вось ужо выхад — на задні двор.
Тут мой прыязны чычэронэ ўбачыў каля грузавіка старога без шапкі, з мноствам ордэнска-медальных планак, павітаўся з ім i папрасіў падысці.
Пазнаёміў нас. Чалавеку гэтаму, як аказалася, ужо за восемдзесят, сёе-тое ведае i раскажа.
I расказаў, што прыблізна, па чутках, а што i дакладней, вядомае яму. Вазьму з дакладнага.
У вайну гмах быў разбураны бомбамі. Аднаўляць яго сабраліся толькі ў пачатку пяцідзесятых гадоў. Прыбіраючы, вымятаючы ацалелае падзямелле, вёдрамі выносілі кулі. Была тут у той час i механізацыя, транспарцёр для падачы трупаў на грузавікі. Начамі...
Так я выйшаў адтуль — з тою транспартнай стужкай, на якой мне бачыўся i Валодзя, з тымі кулям!, відаць, у большасці расплясканымі аб бетон, кожная з якіх 9 грамаў, стандартных, як i 100 грамаў, агульнанародных, i адна з ix— ягоная, наша.
ПРАЦЯГ
Калі мы развітваліся са следчым, ён нараіў мне пра муштук напісаць у пракуратуру рэспублікі. Даў адрас i прозвішча.
«На гэтым будзе i ўсё»,— падумалася, запісаўшы.
З пракуратуры той мне адказалі тыдні праз два, а паехаць па «вещдок» я сабраўся ажно праз тры месяцы.
...У чорным канверце ад фотапаперы ў тумбе майго пісьмовага стала вось ужо хутка чвэртку стагоддзя ляжыць страшны здымак. Канверт гэты не адзін, у іншых таксама здымкі, у розны час атрыманыя ад сяброў-фатографаў. Але ж як толькі я, для чаго-небудзь перабіраючы фота, выпадкова ды памылкова загляну i ў той канверт — заўсёды міжволі ахну!.. Там — наш, мой Miшa на белым, пад белым, пакуль прывязуць труну...
Здаецца, першая смерць, што так глыбока мяне ўразіла, нават у параўнанні са смерцю бацькоў, Бацькаву смерць я, шасцігодак, усвядоміў не адразу. Маці памерла ў такім узросце, калі мы, пачуўшы ад знаёмага пра смерць каторага з яго бацькоў, міжволі пытаемся, a колькі ёй ці яму гадоў. Пачуўшы, што i нямала, гаворым, каб перакрыць няёмкасць: «Усё роўна шкада». A Міша памёр так нечакана, так без пары, так адчувальна нагадаўшы мне, што вось i гавары, i спадзявайся, плануй, а яна толькі пстрыкне, як з-за вугла, i ўсё — назаўсёды, беспаваротна...
Пра здымак той я ўспомніў, думаючы, як жа сустрэнуся з муштуком. Стары ўжо, здаецца, i з вопытам, a наіўна падумаў, што яго аддадуць мне ўсё-такі неяк больш-менш урачыста...
Праўда, таварыш, які адказаў мне замест таго, каму я пісаў, сустрэў мяне ветліва, нават здзівіўся, што я прыехаў, бо можна ж было i выслаць мне муштук. Як быццам не сам ён, пракурор i кіраўнік адпаведнай трупы, пісаў мне, што «мундштук будет вручен Вам в удобное для Вас время», i нумар свайго кабінета паведаміў. Я сядзеў, ён шукаў, адамкнуўшы адзін з двух сейфаў каля сцяны. Шукаў марудна, шалпочучы раскалмачанымі папяровымі скруткамі, перабіраючы, абшукваючы ix адзін за адным, некаторыя развязваючы, тады завязваючы, усё гэта няспешна, заклапочана, i толькі ў самым апошнім скрутку знайшоў патрэбнае. Падаў мне, а я... без хвалявання ўзяў яго, амаль зусім спакойна. Распіску напісаў пад дыктоўку, нібы атрымаўшы на складзе нейкую запасную частку.
I таксама спакойна спытаўся, ці можна мне паглядзець у ix братаву справу.
А яна, аказалася, была ўжо не тут, а там, адкуль бралася для следства. Я ўжо ведаў, што іменна гэты таварыш, з кім гавару, не дазволіў у чэрвені даць мне папку яшчэ раз. I я не паверыў яму, што справа не ў ix,— падумаў, што ён адводзіць убок. Але таварыш параіў мне самому зайсці ў Камітэт дзяржаўнай бяспекі i папрасіць. Назваў адрас, растлумачыў, як даехаць. I я, у тым самым — дзелавым, ці што,— спакоі вырашыў сваё «ісці да сэрца напрасткі» прымяніць яшчэ раз.
Там, пакуль што ў прыёмнай, элегантны прапаршчык прапанаваў мне пасядзець. Намеснік старшыні камітэта якраз заняты іншым наведвальнікам. Мінут праз дзесяць мой папярэднік выйшаў, i я быў запрошаны ў кабінет. Яшчэ ўсё спакойна вылажыў сваю просьбу. Малады чалавек выслухаў мяне, сказаў, што іменна сёння вырашыць гэта нельга. «Гэтаж не проста спусціцца ўніз ды папку тую ўзяць — архіў наш не тут, гэта справа некалькіх дзён». А ў мяне зваротны білет, цягнік праз тры гадзіны. Таварышу намесніку, вядома, трэба i параіцца. А мне, старому, з хворымі нагамі, не так ужо i зручна паехаць-прыехаць... I тут ён параіў зрабіць прасцей: напісаць ім з дому, на імя старшыні камітэта (назваў імя, па бацьку, прозвішча), i папку мне, «у парадку выключэння», вышлюць для прачытання ў ваш, беларускі, Камітэт дзяржбяспекі.
Вунь на якім узроўні пайшло! Ажно, вядома ж, не верыцца...
Дома, адаспаўшыся пасля дзвюх начэй «пункцірнага» ад грукату колаў недасыпання, я павагаўся трохі, a ўсё ж такі напісаў у тую найвышэйшую інстанцыю — хай ужо будзе, што будзе. Адаслаў пісьмо ў панядзелак, a ў пятніцу пад вечар — чаго не бывае ў наш час! — сам старшыня камітэта пазваніў мне з Кіева, што папка будзе днямі выслана. Пра «выключэнне» i намёку не было. Яшчэ больш — на развітанне ён ажно расчуліў мяне, пажадаўшы добрага здароўя... «от вашего читателя».
Яшчэ праз два тыдні мне пазванілі з нашага камітэта.
ПРАВА БОЛЮ
Ідучы на другое спатканне з братавай справай апоўдні, я думаў, што сёння, вядома ж, прачытаць яе як след не здолею. Так i сказаў супрацоўніку ў цывільным, які зачыніўся са мной у пакоі i, пакуль я чытаў, цярпліва, карэктна глядзеў на мяне з-за другога стала. Ці проста так сабе, ці хутчэй успамінаючы тое, што ён, трэба думаць, сам папярэдне вычытаў у гэтай кіеўскай папцы. Яго прысутнасць я, i заглыблены ў сумна знаёмы тэкст, адчуваў па ягоных вачах — не бачыў ix, а падсвядома адчуваў.
Першы раз, у Кіеве, справу чытаў я трохі больш за дзве гадзіны. Цяпер прайшло тры, калі я адчуў, што годзе, усё, больш не магу... I не здзівіў гэтым свайго наглядчыка: ён i гэта прыняў карэктна.
Выбух, што скалануў маю душу ў канцы мая, дэтаніраваў болем i сумам усе пяць месяцаў. Сёння боль паўтарыўся ці не з большай нават сілай, хоць i без выбуху. Здавалася, што я сваёй настойлівасцю вось i дамогся таго, што сам сябе падняў на новую, вышэйшую, паліцу, на якую цяпер паложана папка, i сам сябе гвазнуў адтуль аб падлогу. Потым — бяссонная ноч, блакнот, раз-поразу святло, ад якога не рабілася відней. Падтэкст, адчуты раней, заставаўся. Жахлівы падтэкст таго часу, a ў ім — ад наго чалавечага лесу. Спробы пранікнуць у той падтэкст зноў натыкаліся на глухату навечнага маўчання, у якое пайшлі ўсе тыя, хто мог бы мне многае праясніць або сказаць хоць нешта, так неабходнае!..
Было i тое, што пры другім чытанні праяснілася. З муштуком. Але i гэта не адразу.
Чытаючы справу ў Кіеве, я не звярнуў увагі на дату на адной з самых першых паперак — 16.IX.937 г. Не звярнулі на гэта ўвагі i юрысты. Следчы, напрыклад, пытаўся, што яна азначае на муштуку, i я сказаў: братаў дзень нараджэння. Раней, з маіх слоў, так было напісана ў газеде «Літаратура i мастацтва», а пазней, увосені, паўтарыў я гэта, выступаючы ў Курапатах. Словам, нібы i ўзаконілася. Пры Шуравай дапамозе. Ведаючы абодва, што бацька яго маладзейшы за дзядзьку большменш на паўтара года, мы пайшлі ад Ігнатавага дня нараджэння 20.XII (ст.ст.) 1900-га i выйшлі на той загадкавы верасень. Бо дакладнейшай даты не было, ні ў нас, ні ў Віктара. А тут нібыта першы раз гляджу — у справе паперка — папярэдні, больш за два месяцы да арышту, выклік Валодзі да пракурора, іменна ў гэты дзень, 16 верасня.
Ну, а як жа дзень нараджэння?
Дапамога прыйшла з нечаканага боку. Пасля беспаспяховых тэлефонных перамоваў ды перапіскі з архівамі ў Мінску, Гродне, Наваградку я ўспомніў нарэшце пра адэскі сельгасінстытут, пазваніў Віктару, каб ён спытаўся, як там у ix з архівам. Праз месяц, у лютым, я атрымаў цэлы пакет дакументаў, сярод якіх пасведчанне пра заканчэнне шостага класа гімназіі i копія метрыкі, двойчы з дакладнай датай Валодзевага нараджэння — 10 (22) ліпеня 1899 года.
Муштук — касцяны, ім ні зарэзацца, ні парэзацца нельга, таму яго ў вязня i не забралі. Выскрабці на ім тую сакраментальную дату пасля таго, як той вязень зусім аслеп ад катаванняў, сам ён не мог. Выходзіць — або ён зрабіў гэта неўзабаве пасля арышту ў белацаркоўскай турме, або i раней, вярнуўшыся ад пракурора Вялікапалавецкага раёна, з гутаркі пра «шкодніцтва на рабоце», бо быў жа яшчэ два з палавінай месяцы дома. А магло быць i так, што па просьбе яго, аслеплага, калі ад пералому да смерці было яшчэ столькі дзён i начэй, гадзін i мінут для роздуму, успамінаў, адчаю, надзеі... хоць бы на лагер, можа, тады гэтую няхітрую гравіроўку мог зрабіць хто-небудзь з сяброў па камеры...
У Курапатах, у некалькіх правераных захаваннях, сярод мноства астанкаў не знойдзена ніводнага «рэчавага доказу з індывідуальнай адзнакай», на якім стаяла б прозвішча ці хоць імя ахвяры. Толькі на адной расчосцы, таксама касцяной, ёсць надпіс, таксама выскрабены нечым, на польскай мове:
Ciężkie są chwile więźnia. Minsk, 25.04.40. Myśl o was doprowadza mnie do rozpaczy. А на другім баку расчоскі: 26.IV.40. Rozpłakałem się — ciężki dzień. Тут свой падтэкст, які мяне, пры пэўным веданні Польшчы наогул, а тым больш палякаў у Заходняй Беларусі, хвалюе з іншымі здагадкамі ды меркаваннямі...
У Быкаўні, сярод знойдзеных імянных «вещдоков», чатырнаццаты па ліку — муштук. З прозвішчам, з ініцыяламі, з датай, але нічога на ім пра «цяжкія хвіліны», думкі пра родных, пра плач... Такое тут — зноў жа ў падтэксце. I ён, падтэкст гэты, не толькі ў лесе гэтых двух, курапацкага паляка i быкаўнянскага беларуса,— усенародны ён, усясветны!..
Муштука, што цяпер затаіўся ў шуфлядзе майго пісьмовага стала, магло i не быць — ужо i знойдзенага, i абвешчанага ў друку. Нібыта падказаў мне хтосьці мудры — папрасіць у следчага аддаць рэліквію родным. Ён сказаў тады пра экспертызу, а пазней, калі мне муштук аддалі, растлумачыў па тэлефоне, у чым яна, экспертыза, заключалася б. Вельмі проста — дзеля таго, каб навукова ўдакладніць, што муштук сапраўды касцяны, яго спачатку трэба было б раскрышыць...
А так ён сведка i катаванняў, i падзямельных стрэлаў, i начнога закопвання, i сам выйшаў з таго палітычнага пекла, i мяне ўжо двойчы — цераз ліловую, з мноствам наклеек, крыху зацапаную папку — уводзіў туды ж...
Ці вытрымаў бы я яшчэ i трэці раз?
Выпісваю блакнотнае:
«Бывае так горка i цёмна ад тое папкі, што ўчора нават... праўда, упершыню, падумалася: няхай бы лепш я, ужо адзін, апошні з сясцёр i братоў, застаўся лепш пры тым варыянце Валодзевага канца, які мы ведалі да знойдзенага муштука!.. Хоць «ведалі» не падыходзіць — толькі меркавалі...»
За пятнаццаць месяцаў, падораных муштуком i папкай, я многа чытаў блізкага майму болю, патрэбнага для маёй задумы. Турэмныя ды лагерныя ўспаміны тых людзей, што выжылі. Яны — i нямногія з ліку забітых ды замучаных, ix адначаена i многа, калі далічыць i тых, пра каго яны расказалі, a ўлічыўшы ix права i абавязак гаварыць i за тых, што самі ўжо нічога не скажуць, ix — вялікае мноства. Бо праўда ix — найвялікшая.
Гэтая праўда свяціла i мне, дапамагаючы ад свайго, сямейнага ісці шырэй. I тое, чым я хачу падсумаваць свае пошукі, свой роздум, мне цяжка дый i не трэба аддзяляць ад таго, што я ўзяў ад народжанай у пакутах праўды другіх людзей, ад ix вопыту, што мне дапамагала ў цяжкія хвіліны.
Справу чытаў я двойчы, з пакутлівай пільнасцю. Раіўся з двума юрыстамі, у Кіеве i ў Мінску. Па маёй просьбе, з ужо адасланай папкі, мне прыслалі ксеракопіі чатырох вырашальных дакументаў: з аднаго боку — выпіска з пратакола пасяджэння «тройкі» i з акта пра выкананне прысуду, а з другога боку — заключэнне па архіўна-следчай справе па абвінавачанні i акрэсленне ваеннага трыбунала,— прысуд i забойства, расследаванне i рэабілітацыя, яшчэ ад на чалавечая гісторыя, заключаная ў векапомных датах: 1937-1956. I шкодніцтва (артыкул 54-7 украінскага Крымінальнага кодэкса), i шпіянаж (артыкул 54-6) юрыдычна палічаны поўнасцю бяздоказнымі. Так i падкрэслена: «не нашло своего подтверждения». Ca спасылкамі на розныя архіўныя нумары i абрэвіятуры. А тое, што як між іншым, дадаткова, без якога-небудзь артикула, ушчэмлена паміж тымі «вінамі» — служба ў белых i дэзерцірства ад чырвоных — пры разглядзе справы на рэабілітацыю праігнаравана зусім, не згадваецца аніяк...
Што застаецца?
Жахлівы махавік круціўся ва ўсю няспынную сілу, жорны малолі, не буксуючы ў чалавечай крыві. I брату майму, як i многім, патрэбен быў той, хто штурхане пад махавік, у жорны, i той знайшоўся. Гэта мог быць i загадкавы М., яўрэй, i нехта рускі, украінец, беларус — у мярзотнікаў таксама ж ёсць свой няпісаны інтэрнацыянал. Імёны членаў яго з надзейнай сакрэтнасцю, відаць, наперад ахоўваючы сакрэты метадаў, схаваны недзе ў іншых папках, кажуць: з паметкай «агентурные сведения», i папкі тыя не паказваюць нават «у парадку выключэння». Ба ўспамінах людзей, якія цудам ацалелі ў жорнах «класавай барацьбы», мне двойчы сустрэлася такое акрэсленне «судоў» i «асобых нарад»,— судзілі не за што, а дзеля чаго. Чалавека трэба было знішчыць, камусьці гэта было патрэбна, i яно рабілася. З усёй каравасцю крыважэрнага хамства, з тоўстымі белым! ніткамі юрыдычнага дылетанцтва, з магільнай неразгаданасцю падтэксту. Многа ўсялякіх варыянтаў у тым падтэксце, а вядома агульнае адно — такі быў час i лад.
Яшчэ два запісы з розных дзён.
Першы — зроблены адразу пасля другога чытання справы:
«...Душа мая зыоў дакранулася да бездані жаху, ужо ў большим спакоі, аднак i зноў яна смуткуе, няхай сабе не смяротна, як у Валодзі было, але блізка да гэтага. Хрысту было лягчэй: ён жа i Богачалавек, i тры апосталы, найвярнейшыя з дванаццаці, былі пры ім. А брату майму не было каму сказаць у безвыходнасці чалавечай тугі: «Душа моя скорбит смертельно; побудьте здесь и бодрствуйте со мною...»
I другі запіс, пазнейшы:
«I зноў, i ўжо даўно не ўпершыню вяртаецца бачанне страшэнна невымернай чалавечай крыўды i абразы. Ён працаваў сумленна, жыў сціпла, шчасліва ў сям'і, i вось яго бяруць, катуюць датуль, пакуль яму не стане абыякава, што перапісваць пад дыктоўку (тое «заявление»), што падпісваць, нібы нямоглай старэчай рукой (тыя тры пратаколы), тады яшчэ паўгода — скатаванага да слепаты, зламанага, зганьбаванага — трымаюць за кратамі, каб потым завезці за сто з гакам кіламетраў, у галоўнае падзямелле, дзе ў рабочым парадку, на масавым канвееры застрэліць ва ўпор у скронь ці ў патыліцу, а потым механізавана, на транспартнай стужцы выкаціць у грузавік,— ноччу! ноччу! — завезці далей за горад, у лес, i закапаць разам з мноствам таксама скатаваных, зламаных, зганьбаваных, у скронь ці ззаду застрэленых, навекі,— бо так i лічылі каты-следчыя, атлусцелыя «троечнікі» ірадавыязабойцы,— навекі, наглуха закапаных у «праклятае народам» небыццё. Разам з усімі бездапаможнымі пратэстамі, заклікамі да справядлівасці, з мільённадушным адчаем: за што? у імя чаго?..»
Пры той жахлівай масавасці генацыду — у адным чалавечым лёсе няма нічога надзвычайнага.
Апроч цуду з імянным муштуком, цуду — аднаго на сотні тысяч ці на мільёны. I мне так неабходна найясней убачыць, як расказачь пра гэта — пра звычайнасць i незвычайнасць, універсальнасць трагедыі, заключанай, як у маленечкай кроплі, у гісторыі адной чалавечай сям'і. На прыкладзе свайго мне лепш, а можа, i найлепш відно, як гэта жудасна — замучыць, забіць невінаватага. Думаючы пра мільёны, адзін бачыцца вельмі маленькім, у вялікай краіне, тым больш ва ўсім вялізным свеце гэта так мала — адзін. A ў сям'і, у душах родных гэта ж цэлы свет болю. A ў душы найраднейшай — у матчынай? Я памятаю, я чую зноў, як яна плакала начамі... Не ведаю, што адчуваў бы я як сын яго, як бацька, як шчыры друг. Я адчуваю сваё, як ледзь не па-сыноўняму малодшы брат. Так пазнаю, i яшчэ пазнаю свайго таямнічага, амаль зусім невядомага... Вось я чытаю пра допыты, пакуты, стойкасць i ламанне i ўвесь час міжволі думаю пра свайго. Ён трымаўся чатыры месяцы. Ён быў, як маці казала, «гарачы i горды», i гэта раз'юшвала катаў, яшчэ ўзмацняла яго i так невыносныя пакуты. Сам ён зламаўся? Яго зламалі! Як многіх, вельмі многіх... Гляджу на фота яго, адно з апошніх, ужо, як мне здаецца, з тым сумам у вачах, гляджу найменшы на найстарэйшага, цяпер старэйшы за яго на паўстагоддзя, i хочацца бацькавым любімым словам сказаць, i я гавару: «Голубчик мой!..» I плачу за ўсіх, за бацькоў, за сясцёр i братоў. I за Валю ягоную, нашу мілую Валю, якая плакала б цяпер найбольш.
«Віна» з пакутнікаў пераходзіць на віііу над крэслена, без двукосся — на іхніх «суддзяў», на той час, на тую палітыку, аслепленасць, апантанасць, чуму, халеру... штосьці яшчэ горшае!.. I як ні многа я чытаў i слухаў пра той генацыд, не памятаю, каб сярод прычын, якія спрыялі яму, накіроўвалі яго, была названая яшчэ ад на прычына, вельмі істотная, з найгалоўнейшых — партыйная дысцыпліна, што спараджала, натхняла, апраўдвала выканаўцаў...
У «Выпісцы з пратакола пасяджэння Тройкі», нібы незаўважна, сціпла, стаіць такая вышынская фраза: «В проведении шпионской деятельности сознался». I яна там, для «тройкі» — галоўнае. Агавор самога сябе, выбіты катаваннямі, быў для ахвяры не проста небяспечны, а смяротны. Канцоўка ў «заявлении», трафарэтна прадыктаваная вязню, з тым «сознавшись чистосердечно прошу даровать мне жизнь и дать возможность исправиться» — гэта банальны інквізітарскі цынізм. Ужо само накіраванне следствам справы на «асобую нараду» азначала i суд i прысуд адразу...
A быў жа яшчэ i нагавор. На ветэрынара Клісенку, таварыша па працы. Таксама выбіты катаваннямі, а тым не менш такі мне балючы. I радасна, што нагавор Клісенку не зашкодзіў. Праз два месяцы пасля вочнай стаўкі з Валодзем ён быў выпушчаны з турмы пад распіску пра нявыезд, дапушчаны да ранейшых абавязкаў, каб потым, у маі трыццаць дзевятага, калі ўжо не было яжоўшчыны, а прыйшло берыеўскае ўступнае паслабленне, быць апраўданым пракуратурай «як няправільна арыштаваны». Не ўзяўся пад увагу i той «антысавецкі анекдот», які, дарэчы, не падняўся да самога Сталіна, a быў нібыта расказаны пра Калініна. Сяржант Сагалаеў, які i следства вёў, i пратакол вочнай стаўкі падпісваў, вышэй узняцца не асмеліўся...
З падтэкстам бачыцца мне ўвесь той нагавор. Балюча было ад падазрэнняў, чытаючы i ў «заявлении», i ў пратаколах перадсмяротнае трызненне блізкага чалавека... Няўжо i гэта было патрэбна толькі для таго, каб так ламаць i зламаць упартую ахвяру?
Я паўтараю — як гэта добра, радасна, што нагавор той не зашкодзіў, што Клісенка дажыў да часу, калі ў яго сталі зноў пытацца пра Валодзю, i сумленна сказаў пра яго тое, што так прычынілася да зразумення, да апраўдання хоць пасмяротнага. Свет не без добрых людзей, i шкада, што падзякаваць ім ужо нельга.
У прачытаным мною для тэмы маёй, занатаваным ёсць i развагі аднаго з тэарэтпыкаў мужнасці. З вышкі сваёй ён «аб'ектыўна» прымервае ды акрэслівае, хто з пакутнікаў як зламаўся, як ён мог не зламацца i як гэта, бачыце, добра было б, каб i тут герояў было ў нас як найбольш. Такое адчуваецца ў гэтай дасужай філасофіі.
Назаву два імені.
У пісьме да Аляксандра Салжаніцына Варлам Шаламаў, турэмна-лагерны пакутнік з дваццацігадовым стажам, піша так:
«...Я за свае два следствы не падпісаў ніводнага пратакола супраць самога сябе i ніякіх прызнанняў не даваў — толк быў той самы. Далі тэрмін i так. Да таго ж на следстве мяне не білі. A калі б білі (як з другой палавіны 1937 года i пазней) — не ведаю, што я зрабіў бы i як бы паводзіў сябе». А праз два гады, у іншым пісьме, паўтарае: «Я не ведаю, як бы я трымаўся, калі б мне іголкі ўсаджвалі пад пазногці».
Аўтар «Архіпелага ГУЛАГ», з навуковай грунтоўнасцю апісаўшы пяцьдзесят два спосабы катаванняў, кажа пра тых, хто не вытрымліваў:
«Чалавек дзейнічае напалавіну свядома або зусім несвядома, дык за яго паказанні не трэба на чалавека крыўдзіцца».
I далей, пры ўсёй эпічнай стрыманасці гэтага, таксама нетэарэтыка мужнасці,— такі прарыў у сардэчную, мудрую чалавечнасць:
«Брат мой! Не асуджай тых, хто трапіў у такое, хто аказаўся слабым i падпісаў лішняе...»
Не кожны мог быць героем. Аднак каму ж яно дадзена — права рабіць такую праверку мужнасціі
Я не ведаю, колькі ён перанёс, мой брат, ці на долю яго выпалі ўсе катаванні, усе пакуты, якія можа вынесці чалавек. Мне вельмі прыкра, балюча, што ён зламаўся, i мне яго, роднага, вельмі шкада.
Аднаго з тых, каго было так многа, многа...
Праклён i ўсім катам, i кожнаму ладу, які на гэтым трымаецца!
СВАЁ
Я абавязаны яму жыццём.
Быў дзень, калі я, настолькі малы, што змог пралезці паміж радкаватымі металічнымі прутамі старога балкона, праціснуўся так i, з другога боку, упёршыся нагамі i ўчапіўшыся рукамі, пачаў пагойдвацца наперад ды назад. Пакуль не стала страшна i не закрычаў!.. Валодзя выбег на мой крык, паспеў схапіць за каўнер паліцечка. Старога, сіняга, якое я даношваў пасля двух старэйшых.
Я той чорны каракулевы каўнерык запомніў на ўсё жыццё. А на балкон той i на брук пад ім глядзеў у сорак дзевятым. I яшчэ раз, праз сорак гадоў, калі мне пазванілі пра муштук, успомніў таксама...
А мог жа я таксама i памерці разам з ім, нашым найстарэйшым. Калі б здзейснілася тое, што бацька вырашыў, калі з жонкай i меншымі ад'язджаў у вёску. Каб Ігнат, уладзіўшыся на прыходзе, забраў на выхаванне, на вучобу Мішу, а Валодзя, калі закончыць свой інстытут i стане працаваць, а я тым часам падрасту, забраў мяне. Коля застанецца пры бацьках, каб вырасці гаспадаром.
Бацька памёр праз два няпоўныя гады. Мяжа паміж Загорам i Адэсай варожа ўмацавалася. I з нашай замежнай вучобай нічога не выйшла.
У Валодзевым трыццаць сёмым мне было дваццаць. Многія там, куды мы меліся выехаць, у «ворагі народа» траплялі значна маладзейшымі. Курыў бы я, жывучы пры Валодзю, ці не курыў бы, як у Загоры, цяжка сказаць. Застаўся б ад мяне які-небудзь «вещдок» ці не застаўся б — таксама не скажаш.
Ёсць i такое яшчэ.
У першым раздзеле гэтай журботнай недасагі я расказаў, як адзін з маіх паплечнікаў па пісьменніцкім гурце, убачыўшы пасведчанне пра Валодзеву пасмяротную рэабілітацыю, высокаідэйна спытаўся, чаму я маўчаў, што брат мой быў рэпрэсіраваны.
Другі паплечнік, па гурце партызанскім, таксама мой трохі начальнік, вычытаўшы ў газеце пра знойдзены муштук, пазваніў ноччу па міжгароднім, паспачуваў і... зноў жа спытаўся, чаму я пра брата не казаў нічога раней.
У пасляваенным, літаратарскім, варыянце гэта прыдалося б для належнага выпраўлення майго «складанага» жыццяпісу, дапамагло б патаемным біёграфам.
Ну, a ў ваенным, лясным, чаго добрага, прыдалося б яшчэ больш. Асабліва — калі б адразу не «польскі памешчык», a «нямецкі шпіён». Ды таму, хто i сам быў два гады ў Германіі...
Як тут не радавацца жыццю?!
Магло ж быць i трохі не так...
1990
1
Свінства (ням.)
(обратно)2
Даслоўна — «дзіця чалавечае», адпавядае беларускаму «хлопча» (ням.)
(обратно)3
I ты таксама тут, мой дарагі? (ням.)
(обратно)4
Гэта ўжо проста смешна!.. (ням.)
(обратно)
Комментарии к книге «Муштук i папка. Апавяданні», Янка Брыль
Всего 0 комментариев