Уладзiмiр Арлоў
Вова Цымерман
Блаславёны, хто мае на свеце дом, у якiм прамовiў першае слова, навучыўся хадзiць пад стол, а потым датупаў да ганка, бразнуўся з яго i, румзаючы ад страху ды болю, папоўз на збiтых каленках да веснiцаў.
Тое месца, дзе стаяў некалi наш скарбовы драўляны полацкi дом, ужо даўно занятае прысадзiстым бетонавым кубiкам Палаца культуры завода шкловалакна. Часам я заходжу ў ненавiсную мне спаруду, блукаю па яе пустых калiдорах i спрабую ўявiць, дзе што месцiлася ў тыя гады, калi паляцеў у космас Юры Гагарын i нашую вулiцу назвалi ягоным iмем.
Сам дом быў, здаецца, там, дзе сёння шатня, "шпакоўня", - акурат на месцы цяперашняй прыбiральнi, а пад падлогаю глядзельнае залi, магчыма, ацалела жменька попелу з таго раскладзенага пад маёй улюбёнай папяроўкаю вогнiшча, дзе мы некалi спалiлi, папярэдне выкалаўшы яму вочы, партрэт Iосiфа Вiсарыёнавiча Сталiна. Тады мне было дзевяць гадоў, а Вову Цымерману, што разам з намi браў удзел у карнай акцыi, - на паўтара меней, але гэты рослы мурлаты хлопчык з падобнымi да двух мячыкаў ружовымi шчокамi мог лёгка адужаць любога з нас.
Статыстыка сведчыць, што ў 1885 годзе з кожнае сотнi палачанаў габрэямi было шэсцьдзесят шэсць, а на пачатку XX стагоддзя - роўна палова. У гады майго дзяцiнства агульныя лiчбы, вiдавочна, змянiлiся, але нашага раёна гэта нiяк не датычыла. Вакол нас жылi Шэфы i Гофеншэферы, Лiўшыцы i Эпштэйны, Рафайловiчы, Сралiовiчы i Герцыковiчы, трохi далей - Берманты, Бернштэйны, Кацы, Кацманы i Кацнельсоны. Дзякуючы сваiм пазнейшым гiстарычным росшукам я заўважыў, што некаторыя прадстаўнiкi гэтых слаўных фамiлiй упарта захоўвалi вернасць прафесiям продкаў. Абодва дарослыя Сралiовiчы, напрыклад, працавалi ў гарадской друкарнi - праўда, не гаспадарамi, як iхнi дзед, а ўсяго толькi метранпажамi з вечна чорнымi ад волава i фарбы пальцамi. Бермант i Бернштэйн, гэтаксама як iх сваякi перад "вялiкiм кастрычнiкам", жывiлiся з фатаграфii.
Комментарии к книге «Вова Цымерман (на белорусском языке)», Владимир Алексеевич Орлов
Всего 0 комментариев