Уладзiмiр Арлоў
Маналог святога Пётры
Ачхi! Ачхi! Выбачайце, шаноўныя. Ачхi! Вось так i ачынаешся кожнае ранiцы. Каб ён пражыўся ў апраметнай з самымi зацятымi грэшнiкамi! Гэта я пра катар. Ачхi!
У якiм жа гэта годзе прыстаў ён да мяне, не раўнуючы як святая доказная iнквiзiцыя да бязвiннае душы? Ачхi!
Праклятая чыхаўка вытрасла з маёй гарапашнай галавы, нiбы зернейкi вiдуку, усе дарэшты даты. Затое, дзякаваць Богу, усё астатняе ў памяцi трымаецца, быццам дзеялася не даўней мiнулай нядзелi. Вось як учора было, бачу праявы таго злашчаснага лета, калi ў наваколлi трывала гэткая сухмень, што ўвачавiдкi жоўклi зялёныя сенажацi i пачыналi ўжо людцы паспалiтыя загадваць, цi не давядзецца сёлета разгаўляцца грэшным чынам катамi ды кашчавымi сабакамi. I прычынiўся той парою ў нашым касцёле нечуваны цуд. Аднойчы прычакаўшы, пакуль арганiсты ўзяў першы акорд i хор утрапёна зацягнуў "Ave Maria!", заступнiца наша Мацi Божая заплакала ў сваiм алтары буйнымi, як боб, слязамi. Не дзiва, што падхапiў я тады пякельны катар. Цэлы месяц нi на хвiлю не зачынялiся касцельныя дзверы.
Адале, скажу вам, шаноўныя, прачуўшы аб наскiх дзiвосах ды нагледзеўшыся на збоi вернiкаў, што цягнулiся да нас, не стрываў, пусцiў слязу Мiкола-ўгоднiк з праваслаўнай царквы, якая касавурылася на касцёл цераз пляц.
А там на вунiяцкiм храме Звеставання, што каля торжышча, пачалi прамаўляць пад час ютранi прарокi Захарыя ды Iсая, i ўсё, кажуць, найчасцей гугнявым голасам бажавольнага Баўтрамея, што жыў за ярам у звярынай бярлозе.
Ведама ж, дакацiлася пагудка пра небывалыя падзеi куды след, i разы тры нiштавата прычасцiў сухую, як порах, зямельку дождж. А потым жыхары знакамiтага нашага места ды сяляне паблiзных вёсак i зусiм паарлелi, убачыўшы, як папаўзлi з замкавае брамы вазы з соллю i княскiя людзi сажань за сажнем сталi густа салiць брукаванку ўсцяж возера, паўз фару i да самага вiленскага тракту.
Зноў заманулася яснавяльможнаму валадару праехацца ўлетку на санках, прамчаць новую каханку на мядзведжай запрэжцы. А людцам паспалiтым таксама ўсцеха - да трэцяга калена сабранае солi стане.
Ачхi! Вы ўжо даруйце, шаноўныя, трэба начхацца ў запас, бо дзе гэта вы бачылi святога Пётру, якi чхае на музейных наведнiкаў?
Ну так, цяпер я экспанат. Але, калi хтосьцi з вас скажа: "Sic transit gloria mundi"*, я запярэчу. Хiба рацыя наракаць мне на свой лёс? Было нас шасцёра братоў, а застаўся на свеце адно я. А цi не паважны век маё без малога чатырыста гадоў, пражытыя ў гэтых барочных мурах, што памятаюць ядры маскоўскага цара, шведскага караля i французскага iмператара ды град нялiчаных асколкаў ад нямецкiх бомбаў?
* Так мiнаецца зямная слава (лац.).
Часам я шкадую, што ў мяне драўлянае сэрца, а часам радуюся з тае самае прычыны, бо iначай яно не вытрывала б усяго, што мне выпала пабачыць. Але, вiдаць, яно не зусiм драўлянае, бо такiмi вось чыстымi вясновымi ранкамi, калi маладыя сонечныя промнi запальваюць пазалоту капiтэляў i гзымсаў, а на белыя сцены шматкалёрна кладуцца цёплыя водсветы вiтражоў, я адчуваю, як маё сэрца прачынаецца i дзесьцi там, у душы, нараджаецца цiхая музыка...
Ачхi! О жудлiвае насланнё Люцыпара! Ачхi! Усё, апошнi раз, бо вунь ужо iдзе Алена, як зазвычай, усмешлiвая, лёгкая i пекная, што той анёлак.
Наша навуковая супрацоўнiца стагоддзi на тры з паловаю маладзейшая ад мяне, аднак у яе галоўцы з дробненькiмi залацiстымi кудзеркамi змяшчаецца гэтулькi iмёнаў, падзей i, галоўнае, датаў, што нават я крышачку зайздрошчу ёй. Праўда, калi чытаеш пра ўчыненую стральцамi разню i калi на ўласныя вочы бачыш, як плыве цераз храм чырвонае ручво i ў iм кешкаецца немаўля - гэта, прысягаю светлай памяццю майго бацькi, зусiм розныя рэчы.
Ды лепей, шаноўныя, замест жудлiвых прыгадаў, пакуль Алена з экскурсiяй падыдзе блiжэй, намалюю я вам свой партрэт.
У мяне грубаваты, але мужны i нават паглядны твар з шырока пасаджанымi вачыма. Вятрыска жыццёвых нягодаў ваяўнiча ўскудлацiў мае густыя валасы i бараду. На дужых рамёнах - апанча. Цi трэба дадаваць, што, як i належыць святому, трымаюся я з годнасцю. Тым больш у маiх каструбаватых руках звыклага да працы чалавека не абы-што, а ключ ад райскае брамы.
Вам цiкава, адкуль музейны экспанат гэтак добра ведае сваё аблiчча, быццам штодня круцiцца каля люстра, усё роўна як дзяўчына на выданнi? А летась пашчасцiла i мне глянуць у люстэрка, калi тыднi з два вылежваўся на стале ў рэстаўратараў, што няблага падлячылi мае старэчыя хваробы. Апроч, вядома, чыхаўкi, а прызнацца ў ёй перашкодзiла мая прыродная сцiпласць.
- Перад вамi драўляная скульптура святога Пётры, - цурчыць Аленiн галасок. - На жаль, гiсторыя не захавала iмя выдатнага майстра...
Антосем яго звалi.
Майго бацьку, чалавека, што выпусцiў мяне на свет з невiдушчага i глухога дубовага кругляка.
Ён быў каржакаваты, з цёмна-русымi доўгiмi валасамi i рахманымi сiнiмi вачыма. У аблiччы гэтага цiхмянага чалавека не было нiчога нязвычнага, але калi Творца сапраўды iснаваў, дык Антось быў вельмi падобны да яго. З каляных i пяшчотных Антосевых далоняў выпырхвалi драўляныя жаўрукi, iльвы на падлокнiцах крэслаў, не паспеўшы нарадзiцца, хапалi зубамi разец, а па мядзведзю, якога мой бацька выштукаваў у паляўнiчай зале, аднойчы пекануў з рушнiцы зляканы княскi госць.
Але то былi нявiнныя забаўкi, бо Антось не проста штукарыў, а аздабляў ва ўсiм вялiкiм наваколлi храмы, i я на свае вушы чуў, як варшаўскi прыяцель нашага валадара аддаў за бацьку табун арабскiх скакуноў.
Па жылах Антосевых бегла адважная кроў. Браты мае, яшчэ не агойтаўшыся як след пасля цеснае майстэрнi ў новым шыкоўным жытле, ледзь не засталiся сiротамi, а маё жыццё дык наогул вiсела на павучынцы. Хтосьцi з добрых людзей нашаптаў айцу Геранiмусу, што святы Пётра (гэта значыць я) задужа выдае з твару на княскага стайнiка Сымона. Яшчэ паўбяды, каб гэты Сымон быў праўдзiвае рымскае веры цi, на горшы выпадак, вунiтам. А ён, як на тое, схiзмат праваслаўны, якi не верыць, што святы дух сыходзiць не толькi ад Бога-Бацькi, але i ад Бога-Сына.
Не Божы знак, а злачынныя падкопы заклятых ворагаў пана Езуса ўгледзеў айцец Геранiмус у гэткiм дзiве. Дайшло, шаноўныя, да таго, што пробашч наш стаў у часе набажэнства збiвацца, не раўнуючы як падгулялы шкаляр.
Угневаны князь загадаў мяне пашчапаць i спалiць, а бацьку майго Антося, каб мацнела ягоная вера, пасадзiць, не ўважаючы на былыя заслугi, у лёху да мядзведзя. Ды не паспелi замкавыя людзi спраўдзiць жорсткага княжага ўказу, бо прыступiлiся да места царскiя ваяводы з незлiчоным войскам. Два тыднi бацька мой i ўсе мужчыны, чые рукi маглi трымаць зброю, не спускалiся з гарадскiх муроў. Забыўшыся на звадкi i варажнечу, каталiкi, вунiты i праваслаўныя адным гуртам лiлi на галовы абложнiкам агнёвую смалу, скiдвалi прыступныя драбiны ды секлiся ў рукапашнай. Добра памяталi жыхары слыннага места, як адны хрысцiяне выразалi ў памежным Мсцiславе другiх хрысцiянаў, не пакiнуўшы на вулiцах i дзвюх жывых душ.
Адбаранiлiся на той раз мае землякi. А тым часам ачахла i полымя княскага гневу. Лагадней стаў паглядаць на мяне i айцец Геранiмус, балазе ненавiсны вораг ягоны схiзмат Сымон пад час вылазу ў варожы табар налажыў галавою, i ўзнялася душа стайнiкава прамютка на нябёсы.
О, чаму нiхто не клаў у мае драўляныя вусны Слова! Колькi маглi б яны распавесцi вам, шаноўныя дбайцы аб роднай гiсторыi! Свая адмысловая показка знайшлася б i дзеля кожнага, хто прыходзiць сюды проста падзiвiцца.
Вось гэтым дваiм, што даўно ўжо не слухаюць Алены, а шэпчуць адно аднаму пяшчотныя словы, якiх у сэрцах iхнiх болей, чым у нашай царкве святых, я распавёў бы, як на гарадскiм пляцы палiлi чараўнiцу.
А была яна, скажу вам, шаноўныя, такой самай чараўнiцаю, як я - царом Саламонам. Адзiнае, што было ў дачкi клепнара Лявона з Цiхай вулiцы чароўным, дык гэта яе хараство. Пабачылi б вы Хрысцiнiну паставу - князёўна! А белы, як парцаляна, твар з танюткiмi чорнымi бровамi, а гарэхавыя, жывыя, нiбы мiркiль, вочы, а вейкi, быццам мяккiя крыльцы баечных мятлушак... Кажуць, калi Хрысцiна прыносiла ў бацькаву майстэрню полудзень, малаточкi маладых чаляднiкаў самi сабой выбiвалi ў яе гонар сонечную мелодыю. А калi ў нядзелю яна ў сваiм зялёным фаляндышавым саяне з кшталтам чорнага аксамiту прыходзiла разам са старым Лявонам на iмшу, далiбог, у касцёле ставала святлей, i, палохаючы пацеры, па-над галовамi вернiкаў луналi чароды грахоўных падумак.
Але яна, гэтая красуня з дзвюма цяжкiмi смалянымi косамi, была незачэпаю.
Сам княскi медыкус, бялявы станiсты прыгажунчык, што штудыяваў на ўлохскiх унiверсiтэтах лекарскiя i грахаводныя навукi, той самы медыкус, па якiм сохла безлiч жаночых сэрцаў у замку i месце, гэтым разам толькi аблiзнуўся.
Не ведала, ой не ведала Хрысцiна, што душа ў пана лекара чарнейшая за найчарнейшы атрамант, якiм змацоўваюць дамову з д'яблам. I калi захварэла ўлюбёная князева дачка i не адпрэчылi лiхаманку заморскiя пiгулкi, абвясцiў медыкус, што гэта наслала чары на высакародную кроў Лявонава Хрысцiна...
Толькi для аднаго чалавека на ўсiм белым свеце не была яна незачэпаю, i чалавек гэты стаяў у натоўпе i неўразуменнымi вачыма глядзеў, як чырвоныя языкi, перабягаючы з палена на палена, лiслiва падкрадаюцца да босых Хрысцiнiных ног.
Божа, малiўся я, ты нагадаваў пяццю хлябамi пяць тысяч галодных! Ад твайго слова засохла смакоўнiца. Ад дотыку тваёй рукi ў невiдушчых расплюшчвалiся вочы! Злiтуйся над не вiнаватаю нi ў чым, апрача свае прыгажосцi, дзяўчынаю! Уратуй яе ад ненажэрнага полымя! Ты чуеш, Божа?
А мо ты хочаш узяць яе на неба? Тады пакарай яе катаў, пакарай медыкуса, бо грэх ягоны трыкротна варты смерцi!
Новыя роспачныя малiтвы вырывалiся з маёй душы, але ён не чуў, а мяне ўжо дапiнала гарачае дыханне вогнiшча. I тады я пачаў блюзнерыць i ў думках сваiх даходзiў да грахоў, адпусцiць якiя не можа нават самая дарагая прошча*. Але ён застаўся глухi, i тады я ў адчаi звярнуўся да яго астатнi раз. Божа, папрасiў я, калi ты ёсць, спапялi мяне.
* Iндульгенцыя.
I ён зноў не пачуў.
А дым ужо ахiнуў Хрысцiнiну постаць, i па-над пляцам разлёгся вусцiшны крык звар'яцелага старога Лявона, i ў разнасцежаныя дзверы касцёла згледзеў я, як белыя галубы скiнулi па перку на цёмна-русую голаў чалавека з неўразуменнымi вачыма. I быў гэты чалавек мой бацька Антось...
Ачуўшыся ад прыгадаў, я бачу поруч аточаную дзецьмi настаўнiцу i чую штосьцi пра цёмных продкаў i рэлiгiйную ачмару.
Як вы мяркуеце, шаноўныя, цi ўратавала б мяне гэтая кабета ў той даўнi ўжо дзень, калi на цвiнтары загарэлася вогнiшча з абразоў i старадрукаў нашае друкарнi, i на самым яго версе, быццам ерэтыкi, ляжалi мы з Паўлам i братамi Янам, Мацвеем, Маркам i Лукашом? У перадсмяротнай тузе я глядзеў, як полымя паспешлiва гартае кнiгi, ператвараючы словы ў тло, а калi агонь падышоў усутыч, я стаў развiтвацца з сiнiм, нiбы бацькавы вочы, небам, i апошняе, што ўбачыў, перш чым нiзрынуцца ў нябыт, была кнiга, якую святы Паўла трымаў ва ўзнятай над полымем руцэ.
Мяне выцягнуў з агню стары настаўнiк, i па тым часе, шаноўныя, гэта быў не абы-якi ўчынак. А ў дрывотнi я пачуваўся, далiбог, лепей, чым прарок Iёна ў чэраве ў левiяфана. Праўда, вылячэнню чыхаўкi новы прытулак не спрыяў, ды затое майму ратаўнiку ўдалося пераканаць усiх, што яму проста трэ было сухое дрэва на распалку ў печы.
Вы не ўяўляеце, як прыемна адчуваць, што вунь той модны танклявы юнак з рудымi вусамi зрабiў бы на месцы настаўнiка тое самае. Ён яшчэ не наблiзiўся, адно глянуў здаля, а маё драўлянае сэрца ўжо страпянулася, кранутае чыстым i цёплым струмком яго думак. А думкi ягоныя пра майго бацьку, пра безыменных мастакоў, што малявалi гэтыя дзiвосныя абразы, пра зямлю, якая iх нарадзiла. (Ты манiў у сваiм пасланнi, мой аднайменнiк святы Пётра, калi пiсаў, што ўсякая плоць, як трава, i ўсякая слава чалавечая, як квет на траве; засохла трава, i квет яе апаў. Ты манiў.)
О не, шаноўныя, я не абмовiўся, што ведаю, аб чым думае гэты юнак.
За столькi гадоў кожны на маiм месцы навучыўся б чуць думкi людзей не горш за iхнiя словы. А цi трэба здзiўляцца таму, што я магу зазiрнуць у кнiгу чалавечага лёсу? Бачу ў ёй, што хлопец гэты - мастак i свечка яго душы будзе гарэць моцна i роўна i не пагасне, пакуль ён не збярэцца ў сваю астатнюю дарогу.
Чаму пячатка маўчання ляжыць на маiх вуснах?! Я распавёў бы яму пра мастакоў, што размалёўвалi мой старадаўнi прыстанак фрэскамi.
Iх было двох - бацька i сын, i яны гаварылi мiж сабою той моваю, што i Антось.
Цяпер на месцы фрэсак белая неруш тынку - сам пан Бог не здолеў бы дапамагчы рэстаўратарам пасля таго, як на фрэскi гадамi любавалiся вецер i дажджы. А тады...
Гэтыя двое, што пачыналi свой дзень з пацераў святому Лукашу*, былi праўдзiвыя цудатворцы. Здавалася, iхнiм пэндзлям аддалi барвы самыя зыркiя i зiхатлiвыя з вясёлак, што ад стварэння свету запальвала над гэтай зямлёю сонца. Здавалася, з вуснаў намаляваных iмi сiвабародых прарокаў вось-вось зляцiць вешчае слова, а кветка ў руках у царыцы Саўскай была гэткай жывою, што на яе аднойчы ўсцешана апусцiлася заляцелая ў храм пчала-медавiца...
* У сярэднявеччы апостал Лука лiчыўся апекуном мастакоў.
Князь па-каралеўску адарыў мастакоў золатам з бяздонных сваiх скарбнiц ды, мала гэтага, абвясцiў наваколлю, што дае ў гонар слынных майстроў баль. Кажуць, болей чым сотню суседзяў i васалаў сабрала ў замку тая бяседа, i на пачэсным месцы сядзелi мастакi ў дараваных князем адамашкавых, з залатым тканнём каптанах, i слугаваў iм на знак асаблiвае мiласцi адмысловы стольчы накладаў на ўзорыстыя срэбныя споды дзiчыну, падлiваў у звонкiя венецыянскiя келiхi французскае вiно. А ў глухiм замкавым сутарэннi, куды знадворку не даляцiць нават гарматнага стрэлу, ужо чакаў кат з гострым, бы асiнае джала, кордам.
Ноч навылёт вiрыла застолiца, а на свiтаннi, у няпэўным святле аплытых свечак трохi цверазейшыя з бяседнiкаў змецiлi, як бацька i сын заснулi ў высокiх, аздобленых разьбою крэслах, звесiўшы русявыя галовы на грудзi, i княскiя людзi асцярожлiва паднялi крэслы i панеслi некуды па заблытаных пераходах.
Напоеныя падступным зеллем мастакi цiха ўсмiхалiся ў сне i не ведалi, што больш нiдзе i нiколi не паўтораць яны свайго дзiва, бо з гэтае ранiцы iх вочы будуць заўсёды бачыць адно цемру...
Зiрнiце, шаноўныя, як лазуркава, пунсова i бурштынава ўспыхнулi вiтражы ў заходнiх вакенцах! Гэта значыць, Алена пабегла ўжо на свае вечаровыя лекцыi на гiстарычным факультэце i хутка я застануся сам-насам з марудлiвай паўнаватаю прыбiральшчыцай цёткай Ядвiсяй.
Узнятыя ёю пылiнкi будуць павольна танцаваць у стомленым сонечным промнi, i, выбачайце, не будзе ўжо нiякае змогi ўтаймоўваць чыхаўку... Паглядзелi б вы, як пасля майго чыху цётка Ядвiся няўцямна-палахлiва азiраецца на бакi i хапатлiва жагнаецца на мяне i чамусьцi на жалезнага рыцара, якi вартуе ўваход. Ну даруйце мне, старому, гэтую бяскрыўдную забаву.
Недабудаваны гараж... Паўтары тысячы доўгу... Тэрмiнова трэба майстар, каб змураваць на летнiку камiн... Цiкава, якая нiтачка прывяла яго сюды? Ага, хоча вызнаць, цi каштоўныя яго абразы, тыя дзве цёмныя дошкi, на якiх амаль нiчога не вiдаць i якiя ён забраў пасля хаўтураў з матчынай хаты. Мо пашэнцiць каму-небудзь выгадна збыць, каб вярнуць пазычкi?
Гэты лысаваты дагледжаны чалавек прыпыняецца каля мяне, я на iмгненне сустракаюся позiркам з мiтуслiвымi вачыма за круглымi шкельцамi акуляраў, i гэтага дастаткова, каб кiнуць вока ў яго будучыню.
Ён яшчэ не ведае, што там засталося зусiм мала дзён. Але журботна мне з iншае прычыны.
Ну што, скажыце, зменiцца, калi ён даведаецца пра пухлiну, якая ўжо расце ў ягоным страўнiку? Пачне бегаць, шукаць нейкiя лекi...
Я хацеў бы, шаноўныя, каб ён пачуў пра друкароў з нашае друкарнi, што стаяла водблiз гарадскога млына да таго страшнага пажару пад час даўняй вайны са шведамi.
Пра худога i цыбатага, нiбы птушка жораў, мнiха, якi ўзiмку i ўлетку хадзiў у адной лапленай сутане i якi насмельваўся казаць непачцiвыя словы самому князю, вiнавацячы яго ў адступе ад бацькоўскiх звычаяў i слова. Казалi, мнiх той быў заможным шляхцiцам, ды змяняў поўны трыбух на друкарскi варштат, каб даць люду паспалiтаму духоўную лусту, як запавечыў Францыск Скарына са слаўнага места Полацкага.
Згадаў бы я i другога ў друкарскiх справах майстра, чалавека простай сялянскай крывi, што, ратуючыся ад гневу маскоўскага патрыярха, вярнуўся на Бацькаўшчыну, знайшоўшы прыстанак у княскай друкарнi. Не ведаю ягонага аблiчча, бо быў ён не рымскае веры i касцёл абмiнаў, не перажагнаўшыся, але ведаю, што ў астатнi свой дзень друкаваў ён лемантар на роднай мове, калi ворагi былi ўжо на вулiцах места, i астатнi раз убачыў сонца, баронячы на парозе друкарнi кнiгi. Лысаваты ўжо далёка адсюль - спяшаецца кудысьцi ў вулiчным збоi, а я па-ранейшаму думаю аб iм. Цi патрэбна яму тое, што я памятаю?
Раней я меркаваў, што яна, гэтая памяць, наогул не трэба нiкому, апрача некалькiх дзiвакоў, бо жыць без яе людзям зручней i ўтульней. Ды апошнiм часам да мяне ўсё часцей прыходзяць iншыя думкi. Бо ёсць жа Алена, i той мастак з рудымi вусамi, i фацэтны паэт, што складае пра мяне паэму... А пакуль ёсць сейбiты, будуць i ўсходы. Хiба могуць вякi велiчы, перамог i пакутаў пакiнуць па сабе толькi тло?
Зрэшты, дбаннем рэстаўратараў, стагоддзяў пяць жыцця мне яшчэ забяспечана.
Так што, шаноўныя, пагледзiмо.
1982
Комментарии к книге «Маналог святога Пётры (на белорусском языке)», Владимир Алексеевич Орлов
Всего 0 комментариев