Уладзiмiр Арлоў
Сiбiрская аповесць
Нiчога не памерла ўва мне, толькi iлюзii.
Генры Мiлер
У гэтай гiсторыi пойдзе гаворка пра падзеi, якiя насуперак
усяму сапраўды адбылiся, а таксама пра падзеi, якiя павiнны
былi адбыцца, але ў апошнi момант сарвалiся; якiя чакалiся,
аднак так i не здарылiся; якiя адбылiся не так, не тады i не
з тымi; якiя здарылiся, але былi прызнаныя несапраўднымi;
якiя нiколi не адбывалiся i не маглi адбыцца, аднак зрабiлiся
агульнавядомымi i нават трапiлi ў энцыклапедыi.
Рэмiнiсцэнцыя з забытага аўтара
Загадкавае слова "Сiбiр" жыццёвыя вятры ўпершыню закiнулi ў маю свадомасць, калi я меў гадоў пяць ад нараджэння, а да нашых полацкiх суседзяў прыехаў з гэтага самага "Сiбiру" нейкi крэўны.
Сiбiрскi сваяк выцягнуў з вагона багаж i ўбачыў на пераходзе праз чыгуначную каляiну папярэджанне: "Сцеражыся цягнiка!" Зацкавана азiрнуўшыся, ён выплюнуў з рота "беламорыну" i, схапiўшы валiзы, вомегам кiнуўся далей ад вакзала i ад сцiжмы беларускiх зладзюгаў-цягнiкоў, гатовых вокамгненна прыставiць ягонаму майну ногi.
Гэтую показку на нашай вулiцы не распавядаў хiба што глуханямы дзед, якi жыў са сваiмi двума тузiнамi катоў каля пампоўнi. Слухачы дралi смехам бакi, i я рагатаў разам з усiмi, хоць напачатку - адно за кампанiю, бо, што такое "цягнiк", ведаў не лепей за сiбiрскага чалдона.
Згадка пра маю першую сустрэчу з Сiбiрру твар у твар пахне не кедравай жывiцаю i не гарачымi пельменямi, а - свежай чалавечаю юшкай.
Каляндар паказваў чэрвень, пiк гэтак званага застою. Пахаваўшы бацьку, я даганяў свой студэнцкi будаўнiчы атрад (скарочана - СБА) "Victoria", што ўжо кармiў беларускай крывёю сiбiрскую камарэчу на стромiстых берагах ракi Кець.
Калi вы ўважлiва ўгледзiцеся ў новую палiтычную мапу свету, выдадзеную нядаўна венскай фiрмаю "Freytag und Berndt", дык знойдзеце ценькую чырвоную нiтачку чыгункi, што цягаецца на поўнач ад Томска, безнадзейна абрываючыся ў кропцы з мiкраскапiчным подпiсам Веlуi Jar. Якраз туды я павiнен быў трапiць, каб выпiць з сябрамi за светлую бацькаву памяць ацалелую ад памiнкаў пляшку "Белавежскай" ды зарабiць сваю тысячу, або, як тады казалi, дзесяць "кавалкаў", а потым уразiць чым-небудзь адну полацкую й пару менскiх дзяўчатак, з удаванаю абыякавасцю пракаментаваўшы сiтуацыю сакраментальнаю фразай: "Нiхто не забаронiць нам жыць прыгожа".
Комментарии к книге «Сiбiрская аповесць (на белорусском языке)», Владимир Алексеевич Орлов
Всего 0 комментариев