Джэймс Олдрыдж
Паляўнiчы
Пераклаў Максiм Валошка
Рою - такому, якi ён ёсць, - першапраходцу новых сцяжынак, пiянеру, чалавеку сярод людзей, якi, як i ўсе да яго падобныя, у рэшце рэшт дабiваецца перамогi над чалавечым адчаем.
Раздзел першы
Рой Мак-Нэйр дакладна ведаў, дзе выберацца з лесу, таму не затрымаўся, калi трапiў на закiнутую лесавозную дарогу. Каржакаваты i дужы, мускулiсты i рухавы, якi выкацiўся з кустоў, як бочка, якую не спынiць. Рой не запаволiў хаду i на цяжкiм пад'ёме па лысым гранiце, проста згорбiўся пад цяжарам грузу, каб даць палёгку кароткiм i дужым нагам. Справiўшыся з пад'ёмам, ён падняў галаву i хутка акiнуў вокам тое, што назвалася пасёлкам Сэнт-Элен.
Гэтая купка раскiданых па наваколлi будынкаў была прыцiснута i, можна сказаць, раздушана ляснымi i гранiтнымi масiвамi, якiя цесна прыпiралi яе да пустога берага возера Гурсы. Пазiраючы на пасёлак, Рой усмiхаўся - найперш Сент-Элену, але i ад згадкi пра тыя днi, калi ён бываў на гэтым схiле са сваiм сябрам Джэкам Бэртанам. Калi б Джэк знаходзiўся зараз побач з iм, Рой кiўнуў бы абыякава ў кiрунку Сент-Элена i прамовiў бы з выклiкам: "Усё яшчэ трымаецца, Джэк. Усё яшчэ трымаецца!" На гэта Бэртан адказаў бы пагардлiва: "Гэты горад будзе стаяць тут i пасля таго, як памрэш ты, Рой, яшчэ доўга пасля таго, як ты памрэш i цябе пахаваюць".
У той час Рой гучна смяяўся б з гэтага ажно да самага канца спуску. Да самага пасёлка ён дражнiў бы Джэка Бэртана, заахвочваючы яго абараняць Сент-Элен ад пагрозы канчатковага паглынання лесам. Тады, пасля доўгага паляўнiчага сезону ў лесе, Рою падабалiся аргументы Бэртана на карысць Сент-Элена, iх не хапала яму i зараз. Рой любiў пазiраць на гарадок з гэтага схiла i хацеў, каб падчас гэтага прысутнiчаў Джэк Бэртан. Але вось ужо чатыры гады, як Бэртан пакiнуў паляванне на карысць фермерства, i Рой, спускаючыся па схiле адзiн, звыкла ўсмiхнуўся, калi гарадок знiк з вачэй, захiнуты бярозамi i соснамi, што цесна абступiлi дарогу.
Хоць Рою было радасна, што хата ўжо блiзка, ён ведаў, што па дарозе яго засмуцiць выгляд разбуранай фермы. Ён прыпынiўся на дарозе i зiрнуў на яе: адзiная ацалелая сцяна на парослым участку. Гэта i само па сабе было сумнае вiдовiшча, але для Роя трагедыя заключалася ў iншым, у назойлiвым напамiнку пра чалавека, якога ён хацеў забыць: пра Эндзi Эндруса, якi ўжо даўно прапаў без вестак. Кожны год, пазiраючы на рэшткi старой фермы, Рой задаваў сабе пытанне: а што, калi Эндзi Эндрус вярнуўся ў Сент-Элен i зараз усё маё жыццё паляцiць у тар-тарары?
- Бедны Эндзi, - прамармытаў ён. Дзiўнае пачуццё - прыязнасць да сябра i страх перад прывiдам - ахапiла Роя. - Аднак, вiдаць, яго ўжо i на свеце няма. - Рой толькi напалову верыў у гэта; але, як выклiк лёсу, ён намаганнем волi прымусiў сябе забыцца пра Эндзi: калi пасля дванаццацi гадоў адсутнасцi Эндзi вярнуўся дамоў, значыць, нiчога не зробiш i давядзецца пераадольваць розныя цяжкасцi. Але зараз куды важней не забыцца пра таго, хто яму сапраўды больш небяспечны, пра пушнога iнспектара, але перад гэтым апошнiм спускам ён не мог выкiнуць з галавы нi адно, нi другое.
Найбольш блiзка было iсцi па дарозе, але звычайна Рой адразу ж збочваў з яе, абыходзiў гарадок i падыходзiў да хаты з тыльнага боку. Тут было менш шанцу сустрэць iнспектара, якi меў права спынiць i абшукаць яго ў спадзяваннi знайсцi незаконную i несезонную пушнiну, што iнспектар i спрабаваў рабiць штогод на працягу ўжо дваццацi гадоў. На гэты раз Рой даўжэй чым звычайна не збочваў з дарогi, бо спазнiўся. Яму хацелася вярнуцца ў Сент-Элен яшчэ да змяркання, карцела паспець на вячэру на братаву ферму. Страсаючы пот, якi сляпiў яму вочы, i апошнi раз папраўляючы на плячах лямкi, ён заўважыў, што над галавой кружыцца вялiкая вушастая сава. Ён спынiўся i ўбачыў, як яна распасцерла крылы i па ўсiх правiлах спiкiравала цераз прасеку з вяршынi высокага дрэва да самай зямлi. У лесе стаяў ужо густы змрок, каб заўважыць канец пiке, але Рой зразумеў, што яно скончылася, калi на ўвесь лес пачуўся савiны енк i плач.
Хоць Рою i не хацелася затрымлiвацца, ён збочыў i пачаў прадзiрацца праз кустоўе, каб паглядзець, што здарылася. На ўзлеску, амаль ля самай зямлi, ён убачыў саву. Яна моцна засела галавой у раскрыжаваннi ствалоў маладой бярозкi. Сава ў адчаi i гневе шырока распасцерла крылы, а кiпцюрамi глыбока ўпiлася ў мох i зямлю. Калi Рой падышоў, яна паспрабавала пагрозлiва падняць галаву. Рой знайшоў палку, i сава схапiла яе сваiм крукаватым носам. Пасля ён рассунуў ствалы бярозкi i вызвалiў саву. Яна ўпала, i Рой адышоўся, баючыся, што сава зачэпiць яго падчас узлёту, але яна трапяталася на зямлi: яе крылы былi амаль што вырваны.
Рой падняў маленькую палявую мыш, якую выпусцiла сава. Мыш была жывая, але ўся здранцвела са страху. Рой паклаў яе ў бяспечнае месца памiж двух карчоў i вярнуўся да савы. Яна смяротна разбiлася. Рой адышоўся, двойчы стукнуў бярозавым суком па яе галаве, i сава сцiшылася. Ён падумаў: "I чаму гэта сава, начны птах, задумала паляваць днём? Вiдаць, ад старасцi? Альбо з голаду?" Ён паглядзеў, як шмыгнула далей ад страху апрытомнелая мыш, пасля рушыў па дарозе далей.
Ён збочыў з яе, калi ўбачыў агнi крамы Дзюкэна. Ён перасек пустку i збiраўся нырнуць у пiхтавы маладнячок, калi спераду, крокаў за пяцьдзесят, з'явiўся чалавек, якi, вiдаць, чакаў яго. Рой рэзка павярнуўся i iмгненна знiк, з усяе сiлы дзеручыся праз густы зараснiк. Ён спынiўся толькi тады, калi пачуў, як яго клiча знаёмы голас. Калi павярнуўся, дык убачыў за спiнай худую постаць з сякерай у руцэ i пачуў смех Джэка Бэртана.
- А ты становiшся неабачлiвым, - сказаў той. - Я заўважыў цябе за мiлю, яшчэ на спуску.
- Фермер Джэк! - радасна ўсклiкнуў Рой. - Што ты тут робiш?
- Падпiльноўваю цябе, а ты прэш як мядзведзь.
- Я так i ведаў, што гэта ты, бо iншай такой худзiзны няма ў цэлым Сент-Элене.
- Ты думаў, што гэта iнспектар, - адказаў Бэртан.
Рой пасмяяўся i з Бэртана i з сябе.
- Аднак што ты тут усё-такi робiш? - спытаўся ён яшчэ раз.
Бэртан узяўся за сякеру:
- Карчую вось гэтую пустку.
- Дык ты батрачыш на матухну Дэнiс?
- Я фермер, - сказаў Бэртан. - У сваiм жыццi я не буду нi на каго батрачыць. Дровы матухне Дэнiс, зямля мне.
- Абкрадваеш бедную старую, - сказаў Рой.
- Ты мяне паслухай, - адказаў Бэртан. - Адным цудоўным днём iнспектар падпiльнуе цябе i, калi ўбачыць, што ў тваiм мяшку пушнiны звыш нормы, адбярэ ў цябе ўчастак, а самога аддасць пад суд!
Гэта была помста, але гэта было i цвярозае папярэджанне чалавека, што ведаў, якiм няшчасцем было б для Роя пазбаўленне свайго паляўнiчага ўчастка i права на паляванне. А гэтае няшчасце пагражала Рою падчас кожнага вяртання ў Сент-Элен, бо ён, як зарэгiстраваны трапер*, меў права на пэўную колькасць скурак кожнага пушнога звера i не больш.
* Трапер - у Паўночнай Амерыцы паляўнiчы на пушнога звера, якi скарыстоўвае пасткi.
Спынi i абшукай яго iнспектар зараз - гэта было б канцом для Роя-паляўнiчага, бо, вядома ж, у яго за спiнай было шмат больш за норму, i Джэк Бэртан гэта добра ведае.
- Ну, iнспектару яшчэ трэба злавiць мяне, - прамовiў Рой.
Згадка пра даўнi паядынак з iнспектарам была прыемнай для Роя, але папярэджанне Бэртана на iмгненне засмуцiла яго.
- Адным цудоўным днём ён зловiць цябе, Рой, - сказаў Бэртан i перавёў гаворку на iншае. - Як паляванне? - спытаўся ён, абмацваючы заплечны мяшок Роя.
- Вясновы бабёр, андатра, - прамовiў Рой, - некалькi лiсiц i катоў. Мала становiцца, Джэк, вельмi мала.
- Калi ж ты збiраешся выправiцца на поўнач, Рой?
- Калi так будзе працягвацца, дык не затрымаюся. Вылаўлены ўвесь участак. Хiба што за Чатырма Азёрамi знойдзеш ладную бабровую хатку. А норак мне за цэлы год нiводнай не трапiлася. Канчаецца для нас паляванне, Джэк.
- Пра гэта ты казаў яшчэ чатыры гады таму.
- Казаў i зараз кажу, - мiрна запярэчыў Рой. - З Муск-о-гi скончана. Можна аддаць тэрыторыю Бобу i iншым Аджыбуэям.
У свой час Муск-о-гi быў паляўнiчай тэрыторыяй iндзейскага племенi Аджыбуэяў. Гэта яны назвалi так недаследаваную прастору, якая раскiнулася на поўнач ад возера Гурон аж да хрыбта Срэбны Даляр. Пiянеры выжылi адтуль iндзейцаў, i на працягу двухсот гадоў заказнiк Муск-о-гi добра служыў паляўнiчым i дробным фермерам. Ён i зараз кармiў iх, асаблiва тых трынаццаць трапераў, якiя мелi там паляўнiчыя ўчасткi; але Рой перакананы, што ў Муск-о-гi хутка паляўнiчым не будзе чаго рабiць.
- Праўда, Джэк, - сказаў ён, - вось i дапалявалiся.
- Дык што ж цябе тут трымае? - спытаўся Бэртан. - Трэба хутчэй перасоўвацца на поўнач, а то будзе позна. Усе паляўнiчыя Муск-о-гi разявяць рот на новыя ўчасткi на поўначы, i на будучы год ты застанешся са сваiм iнтарэсам. Дык што ж цябе тут трымае? - Джэк Бэртан ведаў, што ўтрымлiвае Роя. Рой любiў вяртацца з лясоў у сваё абжытае жытло. Рою цяжка будзе падацца далёка на поўнач i адрэзаць сябе ад сваiх, стаць бяздомнай лясной скацiнай. Але, з iншага боку, за пятнаццаць гадоў сумеснага палявання Бэртан ведаў, як патрэбен Рою лес. У Роя не было iншага жыцця.
- Але калi ты не прыспешыш свае пярэбары на поўнач, Рой, табе давядзецца тут калупаць зямлю за кавалак хлеба. - Зважаючы на тое, што Рой адразу ж стаў змрочны, Джэк зразумеў, якая для яго гэта страшэнная пагроза, i пашкадаваў, што сказаў пра гэта падкрэслена выразна.
- Раней ты станеш прэм'ер-мiнiстрам, чым я фермерам, - прамовiў Рой i ўсмiхнуўся свайму ранейшаму таварышу па паляванню. - Эх ты, фермер Джэк! сказаў ён. - Фермер Джэк!
- Ну i што, што фермер? Чаму гэта дрэнна?
- Нядрэнна для хворага i для жанатага, бо што яшчэ застаецца? Але каб у цябе была хоць якая мажлiвасць, ты заўтра ж вярнуўся б у лес. - Рой ведаў, што гэта не зусiм так. Джэк Бэртан быў фермерам ад нараджэння i па добрай волi, але ён надта зжыўся з лесам, каб забыцца пра яго канчаткова. Хоць ён i адмовiўся ад палявання, але адзiн раз у год выпраўляўся ў лес, - каб назапасiць аленiны, як ён сам казаў, але на самай справе - i Рой гэта ведаў, каб выгнаць з сябе лес на ўсю рэшту года. - Ну як, збiраешся сёлета? спытаўся Рой.
- Мажлiва i выберуся ў лес да Каляд на аленя, - адказаў Бэртан.
- Слядоў многа, - прамовiў Рой, - а самога аленя не бачыў.
- А ласi?
- Ну, лася заўсёды ўпалюеш. Справа ў тым, каб высачыць яго раней за Мэрэя або Зела Сен-Клера. Яны ўжо торкаюць свой нос ва ўсе ўчасткi, рыхтуюцца да зiмовага палявання.
- А iнспектар рыхтуе iм па добрай турэмнай камеры. Мэрэю адваляць дзесяць гадоў, калi iнспектар зловiць яго, а Зел - той адразу трапiць у Форт-Уэнтварт. Iнспектар папярэдзiў, што ў горадзе, яго не зачэпiць, але калi сустрэне ў лесе, дык пасадзiць абавязкова. А Мэрэя пасадзяць, дзе б ён нi трапiўся.
- Няхай толькi не спрабуе лавiць iх у лесе. А то калi сустрэнуць яго там Мэрэй або Зел - будзе лiха.
- Глядзi, не давай iм дазволу на карыстанне тваiмi хiбарамi, - хутка сказаў Бэртан.
- Але хiба iх упiльнуеш? Яны як снег, выпаў - i няма яго. А Мэрэн я не бачыў цэлае лета.
- А Зел толькi што заявiўся ў горад, - паведамiў Джэк.
Рой недачуў, i яму стала вельмi прыкра.
- Хто прыйшоў у горад? - спытаўся ён.
- Зел Сен-Клэр, - адказаў Джэк.
- А, Зел! - Рой зiрнуў на Джэка, яму хацелася даведацца, цi не вярнуўся Эндзi Эндрус; але спытаць пра Эндзi было для яго вялiкай пакутай, як пакутай было для Джэка Бэртана сказаць хоць слоўка пра былога iхняга супольнiка, хоць Джэк ведаў, як турбуе гэта Роя.
- А дзе Зел? - спытаўся Рой, зноў праганяючы з галавы Эндзi, пераконваючы сябе, што i сёлета, як i раней, Эндзi не з'явiўся i не з'явiцца нiколi. Пайшоў i не вернецца. - Хiба Зел працуе на дарозе? - спытаўся ён у Джэка.
- Не. Я пусцiў яго ў закiнуты будан у канцы маёй лесасекi. У яго жонкi яшчэ адно немаўля.
- I навошта ты пускаеш яго ў будан? Ты ж дарожны ўпаўнаважаны? Ты мусiш сачыць за парадкам! - Рою падабаўся тытул "дарожны ўпаўнаважаны" не толькi за гучнасць, але яшчэ i за тое, што яго насiў сябар Джэк Бэртан, хоць i быў ён толькi дзесятнiкам у час летнiх дарожна-рамонтных клопатаў. - А Зел плацiць табе?
- Гэта за маю развалюху? Я пусцiў яго, каб ён ачысцiў i ўзараў лесасеку.
- Хочаш зрабiць з яго фермера?
- Не. Але зараз, калi ён страцiў свой участак у лесе, яму нельга грэбаваць нiчым.
- З Зела, як бы нi стараўся ён пракармiць сям'ю, акрамя валацугi нiколi нiчога не атрымаецца. Ты нiколi не зробiш з яго фермера, - сказаў Рой.
- Тым горай для яго, - заўважыў Джэк.
- Я думаю, што Мэрэй таксама пастараецца ўбачыць жонку i дзяцей.
- Яна паехала ў Марлоў, працуе на кансервавым заводзе, - прамовiў Джэк.
- Бедная Мэрэй! - уздыхнуў Рой. - Несправядлiва гэта з боку iнспектара так прыцясняць чалавека толькi за тое, што ён узяў некалькi скурак не ў сезон.
- Не ў сезон i не там, дзе дазволена! У хацiне Мэрэя ў пушным запаведнiку знайшлi скурак на дзве тысячы даляраў. Калi б ён не ўцёк, з iм расправiлiся б адразу.
- Ат, што тут казаць, абодва злодзеi i валацугi! - прамовiў Рой, папраўляючы лямкi заплечнага мяха.
- А калi ты не перастанеш мець з iмi справу, скончыш тым жа: станеш не паляўнiчым, а зверам. - Гэта быў выраз Роя, якi Джэк павярнуў супраць яго самога. Але Рою падабалася, што Джэк паўтарае яго словы.
- Пакуль мяне чакаюць дома, я не стану валацугам, - сказаў Рой, хаваючы сур'ёзнасць за жартаўлiвым тонам. - Я яшчэ зайду да цябе, Джэк. Абавязкова зайду, перш чым вярнуцца на возера.
- Ты нап'ешся, i я цябе не ўбачу, пакуль сам не збяруся на возера! гукнуў на развiтанне Джэк Бэртан, але Рой быў ужо далёка, i ў адказ Джэк пачуў са змроку вячэрняга лесу толькi яго смех.
Цемра апярэдзiла Роя, i калi ён адчынiў дзверы ў цёпла напаленую кухню, яго нявестка гатавала вячэру.
Яна спалохалася.
- Думала, што гэта мядзведзь, Руф? - спытаўся Рой.
- А як я магла даведацца, што гэта ты? - незадаволена прамовiла яна. - Сэм дома, а больш мы нiчога не чакаем. Хiба можна так перцiся просто з лесу?
Роя цешыў яе спалох i ён не звярнуў увагi на яе незадаволены тон. Сэм вярнуўся так рана? - спытаўся ён, паставiўшы мех ля сцяны i вывалiўшы рукi.
- Ён заўсёды вяртаецца рана, - з'едлiва адзначала Руф Мак-Нэйр. - Да зiмы далёка, а ён рэдка працуе цэлы дзень. Позна выходзiць, рана вяртаецца.
- Вiдаць, старэе, - сказаў Рой i пайшоў па лесвiцы ў свой пакой. Ён скiнуў на падлогу мех i дастаў запалкi, каб запалiць лямпу. Яна была брудная - i нi кроплi газы. Ён спусцiўся ў кухню i пачаў налiваць яе з невялiкага бiтона. Тут зайшоў брат.
- Ну, як справы? - спытаўся ён.
- Няблага, Сэм, няблага.
- Як сёлета бабёр?
- Скуркi добрыя, толькi мала. - Гаворачы з братам, Рой ветлiва выпрастаўся, але Сэм ужо выйшаў. Рой зноў сагнуўся i залiў лямпу. Ён выцер яе, запалiў i занёс у свой пакой.
Рой выцягнуў з мяшка тры звязкi скурак i паклаў iх пад матрац. Гэта не тое, каб ён iх хаваў. Ён клаў iх туды, каб разгладзiць: бо за цэлы дзень яны скамячылiся ў мяху. Больш у мяшку нiчога не было. Ён шпурнуў яго пад ложак i выцер брудныя рукi аб калашыну. У непрыбраным пакоi было пыльна i душна, таму ён адразу разнасцежыў акно.
Затым Рой пайшоў у кухню, памыўся ля ракавiны, пад пiльным позiркам худзенькай, з бяскроўным тварам дзяўчынкi гадоў васьмi.
- Добры дзень, Грэйс, - сказаў ён, але дзяўчынка моўчкi назiрала, як ён плюхаецца. Рой памыў за дзвярыма ногi i падняўся да сябе, каб да вячэры пераапрануцца ва ўсё чыстае. Калi палез па чыстую сарочку ў сасновую камоду, высветлiў, што добрая палова яго рэчаў знiкла: свiтэры, летняя бялiзна, нават порткi i боты. Бывала, раней таксама прападала сарочка-другая, але такога яшчэ не здаралася. Гэта яго раззлавала. Хто гэта такi ўвiшны: брат цi гэтае хлапчанё - пляменнiк Фрэнк? Нельга сказаць, што яму было шкада вопраткi. Роя злавала, што так сустракаў яго пасля адсутнасцi родны дом. Гэта было прыкметай нечага больш грознага, чым проста знiкненне нейкiх шмотак. Ён адагнаў горкiя думкi, спусцiўся ўнiз i сеў за стол.
Там ужо быў Фрэнк, якому мацi рабiла прачуханца за тое, што ён прападаў аж да ночы. Гэта быў ружовашчокi хлапчук гадоў дванаццацi, ростам з бацьку i вышэй за Роя. Але ён быў худы, i блакiтная сарочка Роя вiсела на iм, як на калу. "Значыць, гэта Фрэнк", - падумаў Рой.
- Хэло, Фрэнкi, - прамовiў ён да хлапчука.
- Хэло, Рой, - гучна адказаў той.
- Размаўляй з дзядзькам як след, - паправiў яго бацька. - А калi яшчэ раз заявiшся так позна, выпраўлю спаць у хлеў, са свiннямi. - Пагроза была сур'ёзная, але выказана была неяк вяла.
Фрэнк усмiхнуўся Рою, i ўсе працягвалi моўчкi вячэраць.
Вячэра была прэсная, нясмачная, зусiм не такая, якой чакаў Рой. Зараз восень, павiнна быць маладая бульба, гарошак, гарбуз, капуста, новы хлеб. А замест усяго гэтага вывараная свiнiна i кукурузная каша. Добра яшчэ, што свiнiна была свежая.
- Ты што, купiў парсюка? - спытаўся Рой.
- Не, прадаў свiнню, - адказаў Сэм. - Апошнюю. Зараз у гэтым доме не хутка паласуюцца свiнiнай. - I быццам адказваючы на наступнае пытанне Роя, Сэм хуценька працягваў: - Давялося прадаць яе, Рой, каб купiць у Пiта Дрокэна хоць крыху гарбаты i цукру. Сабе пакiнулi толькi кумпяк; яна ў нас была адкормленая. - У яго словах зноў прагучала вялая горыч.
- Трэба ж было хоць нешта прадаць, каб атрымаць грошы, - з'едлiва дадала Руф.
Рой прамаўчаў. Тое, што тварылася ў гэтым доме, падабалася яму ўсё менш i менш, але нiчога ўжо не магло здзiвiць яго тут нi ў мiнулым, нi ў сёлетнiм, нi ў будучым годзе. Проста справы iшлi ўсё горай. Пасля вячэры дзяцей адаслалi спаць, хоць Фрэнк гучна пратэставаў, што яшчэ толькi восем гадзiн. На гэта мацi не знайшла лепшага адказу, як даць кухталя, i з адыходам дзяцей кухня адразу стала змрочнай.
Сэм i Рой уселiся ля печкi, а Руф прыбiрала са стала. Усе трое доўга маўчалi. Сэм курыў, Рой жаваў тытунь i стараўся атрымаць асалоду ад усведамлення, што ён, нарэшце, у сваiм доме. Але гэта яму не ўдавалася, бо ён не мог быць спакойным нават дома, пакуль не даведаецца пра Эндруса. Яму хацелася абыякава спытацца ў Сэма: "А Эндзi яшчэ не вярнуўся?" Але менавiта гэтых слоў ён i не мог вымавiць, i таму сядзеў моўчкi i чакаў, калi загаворыць Сэм. Як i ў мiнулыя гады, Рой пераконваў себя, што калi б Эндзi вярнуўся, пра гэта хоць хто-небудзь ды сказаў бы, аднак ён не быў перакананы i чакаў.
- Калi збiраешся вярнуцца на возера? - спытаўся Сэм.
- Праз некалькi дзён, - адказаў Рой.
Сэм не пазiраў на малодшага брата.
- А ты не мог бы затрымацца? - спытаўся ён.
- Я павiнен вярнуцца, Сэм. Я прыйшоў толькi ўзяць харчу на зiму.
Брат i так ведаў гэта, але Рой iмкнуўся быць цярплiвым.
- А ты не мог бы застацца тут да зiмы? - спытаўся Сэм.
- Навошта? - Рой быў здзiўлены.
Сэм памаўчаў, падшукваючы аргументы на карысць сваёй просьбы.
- Табе трэба застацца i дапамагчы мне па гаспадарцы, Рой. Толькi да зiмы, толькi некалькi тыдняў.
Яны абодва гаварылi стрымана,i зараз былi вельмi падобныя. Сэм быў толькi на паўтара года старэйшы за Роя i на нейкiя два дзюймы вышэйшы. Складам, манерай гаворкi i знешнасцю яны былi падобны адзiн да аднаго, толькi Сэм быў больш рыхлы i марудлiвы. Але яны па-рознаму адносiлiся да жыцця. Рой не меў нi прыгнечанасцi, нi спагады да сябе, нi горычы. Сэму ж былi ўласцiвы ўсе тры гэтыя пачуццi, i калi яны выяўлялiся, Рой проста не ведаў, як сябе паводзiць.
- Я не магу заставацца гэтай парой у горадзе, - паволi адказаў ён.
- Але чаму? - спытаўся Сэм. - Што дадуць табе гэтыя некалькi тыдняў?98
- Шмат, Сэмюэль. Участак стаў небагаты, ты ж ведаеш. Пастак у мяне столькi, што я ледзь паспяваю iх абысцi, але здабыча такая малая, што рана цi позна мне давядзецца браць новы ўчастак на поўначы.
- Ты ўжо даўно гаворыш пра гэта, - сказаў Сэм i цыркнуў слiнаю ў агонь. Я ведаю, што твой участак збяднеў. Менавiта таму табе i трэба застацца ў Сент-Элене. Паляванне ў Муск-о-гi закончана, Рой. Лепей ты дапамог бы мне ўратаваць ферму. Аднаму чалавеку гэта не пад сiлу. Чаму б табе не паспрабаваць хоць адзiн год? Чаму?
- Я паляўнiчы, Сэм. Ты - фермер.
- Проста я старэйшы сын! - самотна прамовiў Сэм. - А ты фермер лепшы, чым я, такiм фермерам я не стану нiколi.
Рой не любiў, калi яму гэта казалi, але ведаў, што гэта праўда. Калi пасля першай сусветнай вайны ён дзевятнаццацiгадовым юнаком вярнуўся з Францыi, два гады гаспадарыў на ферме. I гэтыя два гады пасля вайны ён не даваў ферме захiрэць, ачысцiў ладны ўчастак зямлi, апрацаваў яе так, што яна трымалася да гэтага часу. Але двух гадоў фермерства для Роя было дастаткова, i ён узрадаваўся, калi старэйшы брат вярнуўся з Таронта з пустымi рукамi i пачаў займацца фермай. Сэм быў старэйшы, i ферма належала яму. Iхняя мацi памерла, пакiнуўшы iх яшчэ зусiм малымi, бацька памёр, калi яны абодва былi на фронце, а малодшы брат хутка пакiнуў Сент-Элен i пачаў працаваць на руднiках у Сэдберы. Зараз ферма належала Сэму, i гэта ён мусiў працаваць на зямлi, а не Рой. Ён не адмаўляўся дапамагчы Сэму летам, калi на гэта можна выкраiць час i калi яму можна пабыць у горадзе, але зараз зусiм не той час, каб Рою тырчаць у Сент-Элене, i Сэм гэта добра ведае.
- Ну толькi зараз, толькi адзiн раз, Рой, - прасiў Сэм. - Дапамажы мне падрыхтавацца да зiмы.
- Калi я застануся да зiмы, - сказаў Рой, - тады я ўжо не здолею пайсцi.
- А навошта табе iсцi! - настойваў Сэм.
Рой адчуў пастку, але спрачацца яму не хацелася.
- А хiба ў цябе дрэнна iдзе гаспадарка, Сэм? - спытаўся ён. - Не павiнна. - Ён прамовiў гэта як мага спакайней.
Сэму таксама не хацелася спрачацца, але ён не мог справiцца з пачуццём горычы.
- Лепш ўжо быць батраком. Працуючы на iншага, ва ўсякiм разе, хоць у канцы кожнага тыдня атрымлiваеш грошы. А выручка з фермы - яе i не бачыш.
- Хiба ты нiчога не атрымаў ад ураджаю?
- Атрымаў, але, калi за ўсё заплацiў, грошай не хапiла нават на насенне, не кажучы пра нейкiя закупкi ў Дзюкэна. Я ўсё яшчэ выплачваю па закладной, а таксама нядоiмку за трыццатыя гады, i нават зямельную пазыку, якую бацька атрымаў яшчэ ў тысяча дзевяцьсот трэцiм годзе.
Рой ведаў пра гэтыя даўгi, але якi фермер не мае даўгоў. Фермерам заўсёды даводзiлася выкручвацца, плацiць, калi ёсць чым, а не - дык залазiць у даўгi, праклiнаючы высокiя адсоткi i падаткi i зямельныя банкi, якiя абдзiралi iх да нiткi. I ўсё адно ён ведаў, што Сэм не павiнен быў так збяднець; збяднець аж да таго, каб спусцiць апошнюю свiнню. За ўвесь той доўгi час, што Мак-Нэйры апрацоўвалi зямлю, не было, здаецца, выпадку, каб хто-небудзь з iх прадаваў апошнюю свiнню, i дзеля чаго: на гарбату i цукар. Такое мог зрабiць толькi чалавек, даведзены да мяжы адчаю.
- На гэтых лясных фермах аднаму яшчэ можна перабiцца, - працягваў Сэм. Можна пракармiцца тым, што дае ферма: ёсць сваё масла, малако i хлеб, але для сямейнага чалавека гэтага мала, Рой. Мала.
- А я думаў, што цэны на хлеб зараз добрыя, - сказаў Рой.
- Яны добрыя з самай вайны, але што толку, калi на ўсё iншае цэны растуць яшчэ хутчэй. Да таго ж у мяне недаспела пшанiца i няма кармоў. Усё лета зямля мокла, i палова сена згнiла.
Рой аднак не мог зразумець.
- Але, калi зямля такая цяжкая, чаму ты вясной не пасеяў гарох альбо нейкую iншую гароднiну?
- Ды не цяжкая яна, - сказаў Сэм, - а ўся забалочаная, пракiсла.
- Дык асушы яе.
- Ты ж ведаеш, толькi пярэдняе поле ўзарана як след. Усё астатняе макрэча.
- А хiба нельга было дастаць машыну? Пракапаць канавы?
- У мяне толькi дзве рукi, - сказаў Сэм. - Вось чаму табе i трэба застацца. Мы наладзiлi б асушку сядзiбнага надзела, выкарчавалi б сорак чацвёртую расчыстку, маглi б пасеяць чырвоную канюшыну, а мо кукурузу альбо бульбу. Мне патрэбны працоўныя рукi, Рой, а наняць я нiкога не магу.
- А я думаў, што ты выкарчаваў сорак чацвёртую яшчэ летам.
Руф Мак-Нэйр, заняпалая жанчына з пагардлiвым позiркам i адвiслымi грудзямi, прысела ля стала.
- Ён быў вельмi заняты, усё здаваў коней, - сказала яна, - а грошы трацiў Бог ведае на што. Усё лета прагуляў, глядзеў, як працуюць iншыя.
Сэм не спрачаўся з жонкай, i Рой ведаў, што справа тут не ў ляноце. Слабасць Сэма ў iншым: ён няздольны зразумець, што фермерства - гэта разлiк; разлiк ва ўсiм; нiколi не купляць насення больш, чым можаш пасеяць, нiколi не сеяць больш за тое, што можаш убраць, прадаючы, нiколi не пакiдаць жывёлу i сям'ю без прыпасаў. У Сэма не хапала для гэтага нi спрыту, нi жадання. Калi ён i страцiў марна ўсё лета, гэта сведчыла не пра ляноту, а хутчэй пра тое, што ён быў у адчаi.
- А як конi? Працуюць? - Роя гэта цiкавiла асаблiва, бо гэта ён купiў брату двух цяжкавозаў-клайдсдэляў, купiў толькi два гады таму, затрацiўшы на гэта паўгадавую выручку ад палявання. Але i гэта не паспрыяла Сэму.
- Я прадаў запрэжку, - сказаў Сэм i ўпершыню зiрнуў на Роя.
- Навошта, Сэм, - злосна ўсклiкнуў Рой. - Гэта была лепшая запрэжка ў Сент-Элене!
Сэм спрабаваў нешта сказаць, але ў яго нiчога не атрымалася.
Рой пашкадаваў пра сваю нястрыманасць. Сваё здзiўленне i гнеў ён нейтралiзаваў звыклым намаганнем трымаць язык за зубамi. Яму стала шкада брата, ён быў горка расчараваны i прыгнечаны тым, што гэты развал адбываецца на яго вачах, не толькi душэўны распад брата, але i распад дома, сямейнага кутка.
- А як жа ты справiшся без коней? - сумна прамовiў Рой.
- Нiяк не спраўлюся, калi ты не дапаможаш мне. Пра гэта я i талкую табе, Рой.
У нежыццёвым тоне Сэма ўсё тая ж вялая пагроза. Але Рой не паддасца, ён нават не верыць, што справы дрэнь. Сэм разгублены i самотны, проста не падобны сам на сябе.
- А што, калi я папрашу Джэка Бэртана, каб ён дапамог табе? - прапанаваў Рой. - Джэк зробiць усё, што можа.
- У яго i без мяне хапае клопату, - сказаў Сэм.
- Не хочам мы яго, - умяшалася Руф Мак-Нэйр. - Ён свiнапас i лесаруб, адно слова - падзёншчык.
- Ён добры фермер, Руф, - прамовiў Рой.
- А для мяне ён заўсёды будзе батраком, i я не хачу, каб такiя людзi дапамагалi мне дарма. Яму патрэбна падзёншчына. Такiм ён быў, такiм i застанецца.
Рой цярплiва выслухаў яе, ён ведаў, што яна грэбуе Джэкам, як можа грэбаваць дачка фермера сынам батрака. Бацька Джэка дзесяць гадоў батрачыў у бацькi Руф - старога Боба Мудзi. Сёння нiхто з гэтай сям'i не затрымаўся на зямлi, а ў Джэка была свая ферма, якая ўсё ж кармiла яго. Ён нават купiў два акры той зямлi, якую стары Мудзi мусiў прадаць, калi яго зрабiлi банкрутам зямельныя банкi i зламалi пастаянныя спрэчкi, сваркi i грубасць сваiх жа дзяцей, у тым лiку i Руфi. Рой заўсёды ўсведамляў тое зло, якое яна прынесла ў iх дом, паступова аблытваючы спакойнага Сэма сваёй фанабэрыстасцю i дробязнасцю, нiколi не падтрымлiваючы яго ласкавым словам, спагадлiвым клопатам, дапамогай у працы. Яна так добра пастаралася зрабiць Сэма такiм, якiм ён стаў, што Рой ужо не аддзяляў iх адно ад аднаго, хiба што толькi ў тым, што Сэм быў канчаткова знясiлены i амаль не размаўляў з жонкай, хоць яна яшчэ i зараз спрабавала падбухторваць яго. "Бедны Сэм, - падумаў Рой. - Яму патрэбна была цiхая, спакойная жонка, якая клапацiлася б пра яго i паважала. А ён атрымаў злосную бабу, якая трымала яго пад пастаянным страхам, чаплялася да кожнага слова i кожную спрэчку ператварала ў грубую лаянку. Яе пошлая грубасць была галоўнай прычынай сённяшняга становiшча Сэма".
- Не хачу я яго, - паўтарала яна i зараз пра Джэка Бэртана. - Я яму i самому скажу тое ж самае проста ў вочы, калi вы яго сюды прывядзеце. Ён не патрэбен нам!
- У яго ж уласная ферма, - сказаў Рой, звяртаючыся да, Руф з марнай спробай абаранiць Джэка. - I гаспадарыць ён няблага.
- Яму iнакш i нельга, маючы гэткую жонку: напладзiлi цэлы вывадак.
Гэтыя грубыя словы, сказаныя з цынiчнай усмешкай, былi падмацаваны непрыстойным жэстам яе нязграбных рук. Роя абурыла такая грубасць, не вартая чалавека, i ён адвярнуўся.
Сэм пакiваў галавой.
- Джэк выкручваецца таму, што збiрае хоць нейкi капiтал - карчуе зямлю iншым, працуе на дарозе, прадае гарбузы, але праз год-другi i яго прыцiснуць. Усе гэтыя карлiкавыя фермы ў сасновай зоне не выжывуць. Тут месца зусiм не для ферм. Уся гэтая паласа ўздоўж Гурона ўзнiкла таму, што некалькi пустагаловых бедных кратоў, накшталт дзядулi Мак-Нэйра, прывалаклiся сюды за лесарубамi i пачалi калупацца пасярод скал: вырасцяць бульбу, выгадуюць свiней i выцягваюць грошы з лесарубаў. Мо тады гэта i было вынiковым, але яно скончылася адразу, як толькi лясныя кампанii ўзялi ўсё забеспячэнне ў свае рукi. А пасля, калi лесарубы агалiлi ўсю акругу i пайшлi, фермерства тут пазбавiлася апошняга сэнсу. Тады трэба было сысцi i Мак-Нэйрам, iсцi ў Манiтобу, на Нiягару, у Буфало, у Дэтройт. А яны не сышлi, чаплялiся за лясную ўскраiну, як занесеныя снегам авечкi, якiя баяцца скрануцца з месца, - Сэм носiкам бота адчынiў дзверцы печкi i плюнуў на вуголлi. - Дык вось, я менавiта той Мак-Нэйр, якi не затрымаецца тут, калi не атрымае дапамогi. Я гэта кажу сур'ёзна, Рой.
Рой прамаўчаў.
- Калi ты прыйдзеш наступным разам, Мак-Нэйраў тут ужо небудзе.
Рой ступiў некалькi цяжкiх крокаў, адчынiў дзверы кухнi i цвыркнуў у цемру чорным струменем тытунёвай жвачкi. Вярнуўся да агню, усеўся на сваё месца побач з братам i прасядзеў там моўчкi, пакуль рашэнне, што мае быць, не ўклалася ў яго ў галаве. Тады ён падняўся наверх i адразу спусцiўся ўнiз з вялiкiм пакункам i двума звязкамi скурак з-пад матраца.
Руф Мак-Нэйр назiрала за iм. Ведаючы, куды ён збiраецца, яна з'едлiва прамовiла, калi ён адчыняў знадворныя дзверы:
- Вось пойдзеш так калi-небудзь да Эндруса i спаткаеш свайго Эндзi.
Рой прыпынiўся ля адчыненых дзвярэй.
- Кажуць, што яго бачылi! - гукнула яна следам.
Рой iмкнуўся не слухаць яе, але гэтыя словы ўжо ўчапiлiся ў яго i рвалi на часткi яго насцярожанае сумленне. Шыбуючы па асветленых месяцам камянiстых градах на палях i сасновых лясах, ён увесь час думаў: а што, калi Эндзi Эндрус ужо дома, з Джын, i чакае, калi на дарозе з'явiцца Рой. Вось ужо дзесяць гадоў, iдучы па гэтых мясцiнах, Рой задаваў сабе ўсё тое ж пытанне, але нi разу яшчэ не было i прыкмет на тое, што Эндзi дзесьцi тут.
Дванаццаць гадоў таму апошнi раз бачылi, як Эндзi Эндрус пешкi iшоў па дарозе ў Марлоў, крышку п'янаваты, да той мяжы, каб не звяртаць на сябе ўвагi, але, вiдаць, дастаткова цвярозы, каб ведаць, што рабiць. Пакiнуўшы жонку i дваiх дзяцей, ён так i не вярнуўся. Нават палiцыя не змагла адшукаць яго жывога цi мёртвага. Усе, хто ведаў Эндзi, у тым лiку i Рой, верылi, што Эндзi жывы i калi-небудзь вернецца. Ён заўсёды быў няўрымслiвы i хуткi на рашэннi, лёгка трапляў у бяду, але заўсёды з яе выблытваўся. У дзяцiнстве яны з Роем i Джэкам Бэртанам былi тройкай неразлучных малайцоў, неўтаймоўных, апантаных духам разбурэння, iх рэдка бачылi ў школе, яны вечна прападалi ў лесе, аблазiлi ўсю акругу ад Гурона да Соа. Дваццацiгадовымi юнакамi яны разам палявалi i ставiлi пасткi, але Эндзi быў занадта няўрымслiвы, каб праводзiць у лесе месяц за месяцам, i ён выправiўся ў Таронта, адкуль хутка вярнуўся з жонкай, жанчынай, народжанай i выхаванай у горадзе, якога яна да гэтага нi разу не пакiдала. Ажанiўшыся, Эндзi зрабiў усё, што мог, каб наладзiць аседлае жыццё. Яго бацькава ферма была ўжо даўно закiнутай, i Эндзi перабраўся на ранейшую ферму Мак-Нэйраў - драўляны зруб на тры пакоi з прысядзiбным участкам. Некалькi гадоў ён быў падзельнiкам у Сэма Мак-Нэйра, працаваў заўзята, калi працавалася, але так i не стаў фермерам, не затрымаўся на зямлi. I Рой i Джэк Бэртан заўсёды лiчылi, што ў рэшце рэшт ён уцячэ, а калi ён уцёк, iм стала не хапаць яго, асаблiва Рою. Акрамя таго, што ён страцiў Эндзi-сябра, не стала i незаменнага партнёра ў дзелавых аперацыях. Iменна Эндрус забiраў у Роя ўсе лiшкi пушнiны - усе незаконныя i не ў сезон здабытыя скуркi - i спакойна збываў iх на пушнiннай факторыi ў Бага - блiжэйшым гарадку, кожны раз чакаючы, пакуль Рой не вернецца ў лес, i пазбаўляючы яго ад усялякай падазронасцi. Тым, што Рой так лёгка збываў увесь свой незаконны набытак, i тлумачылiся яго паляўнiчыя поспехi. Без незаконнай пушнiны ён нядоўга пратрымаўся б на сваiм паляўнiчым участку, на законную норму нельга было пражыць. Калi Эндзi збег, Рой апынуўся ў складаным становiшчы. Сам ён не мог вазiць скуркi на факторыю, гэта было б надта адкрыта i небяспечна. На дапамогу прыйшла мiсiс Эндрус, якая прадоўжыла збыт пушнiны за грошы - звычайныя камiсiйныя ў такiх здзелках. Рой згадзiўся на гэта спачатку неахвотна, але пазней добра ацанiў яе паслугу. Хутка ён зразумеў, што гэтая мiнiяцюрная гараджанка, якая так i не вызвалiлася ад сваiх гарадскiх звычак i манер, на самай справе ўвайшла ў смак гульнi з законам. Для яе гэта быў паядынак, у якiм яе аўтарытэт гараджанкi i мiнiяцюрная знешнасць спаборнiчалi з даверлiвасцю iнспектара i праставатасцю акружной палiцыi, - паядынак, якi яна вяла тымi ж макiавелеўскiмi метадамi, якiмi змагаўся супраць iнспектара сам Рой.
- Калi iнспектар зловiць вас, - сказаў ёй аднойчы Рой, - ён адпусцiць вас, калi вы скажаце яму, у каго ўзялi пушнiну.
Яе адказ дадаў штосьцi новае ў iх адносiны.
- Па-першае, спачатку iнспектар зловiць вас, - адказала яна, - а, па-другое, пра мяне ён даведаецца толькi ад вас. Не iначай. - Яна прамовiла гэта спакойна, яе ласкавыя вочы перахапiлi позiрк Роя, абвяргаючы i пацвярджаючы яе ж словы.
Усведамленне агульнай справы неяк па-новаму звязала iх. Iхняя блiзкасць узнiкла без складаных перажыванняў, а як нешта натуральнае i нечаканае, i сумленне мучыла Роя толькi тады, калi ў гэта ўмешвалiся iншыя. Яго нявестка Руф, своечасова ўставiўшы заўвагу пра "гэтую мiсiс Эндрус", магла ў грахоўным святле выставiць сама добрыя намеры Роя. Але сама Джын Эндрус не стварала з гэтага маральнай праблемы. Калi б яна сказала яму: - Мы не павiнны, Рой, - ён падпарадкаваўся б голасу сумлення i нiколi больш не прыйшоў бы да яе. Але яна прымала гэтую блiзкасць гэтак жа проста, як i сам Рой. Эндзi яе кiнуў; нiякiя абавязацельствы яе не звязвалi; грамадскiя ўмоўнасцi не ў залiк; з Эндзi было скончана.
I ўсё адно, кожны раз, iдучы цераз гэтае поле, Рой перажываў цяжкiя хвiлiны. А раптам Эндзi вярнуўся! - i, стукаючыся ў дзверы i адчыняючы знаёмую засаўку, пакутаваў ад сумненняў.
- Ну i чалавек, заўсёды з'яўляецца як прывiд з хворымi нервамi, - сказала яму Джын Эндрус. Яна спалохалася гэтак жа, як i Руф Мак-Нэйр, i Рой засмяяўся, як умеў смяяцца толькi ён, па-першае, таму, што яна спалохалася, а пасля i таму, як яна гэта прамовiла. Ён ведаў, што нiводнай тутэйшай жанчыне такое i ў галаву не прыйшло б.
- Хэло, мiсiс Эндрус, - прамовiў Рой i ветлiва, i нiякавата.
- Хэло, Рой, - адказала яна.
- Я прынёс пушнiну. - Ён дастаў звязкi.
- А я ў такое надвор'е чакала вас не раней наступнага тыдня, - сказала яна.
Яму хацелася пажартаваць, што не чакаў яго i iнспектар, але ён яшчэ не дазваляў сабе такога панiбрацтва з ёю. Ён проста паклаў скуркi на цырату кухоннага стала. Пакуль яна разглядвала iх, ён падняў века драўлянай лавы-кладоўкi i дастаў адтуль некалькi старых газет.
- Толькi чатырнаццаць, - сказала яна. - Дрэннае паляванне, Рой.
- Яшчэ нiколi не здабываў так мала скурак з такой цяжкасцю, - сказаў ён.
- Затое добрыя. - Яна падняла скурку лiсы.
- Гэта праўда, але якiя яны хiтрыя, - сказаў Рой. - Пакуль вось гэтую даставаў з пасткi, я i не думаў, што яна жывая. А як толькi вызвалiў ёй галаву, яна ўкусiла мяне за руку i стала ўцякаць. Давялося застрэлiць. Добра яшчэ, што скурка засталася цэлай, я патрапiў проста ў вока. Паляўнiчае шчасце, - дадаў ён.
- Якое варварства, - зазначыла мiсiс Эндрус.
Рою зусiм не падабалася, што яго лiчаць жорсткiм, але нязвыклы выраз развесялiў яго i ён упершыню з часу з'яўлення тут зiрнуў на мiсiс Эндрус.
Яна была невысокага росту, крыху нiжэйшая за Роя, але значна танчэйшая. Хоць ёй было ўжо каля сарака, але бледная скура яе была не па гадах свежая i гладкая; i нiякай вясковай грубаватасцi не было ў гэтай яшчэ не старой з выгляду гараджанкi. Рухi яе былi больш рэзкiя i хуткiя, чым у жыхарак Сент-Элена, але ў iншым яна была даволi вытанчаная. "Нарадзiлася ў трамваi, выхоўвалася на далiкатэсах", - гаварыў Рой, калi даведаўся пра Джын гэтулькi, што пачаў заўважаць яе рэзкiя рухi i празрыстую скуру. Гледзячы як яна налiвае ваду для кавы ў вялiкi эмалiраваны iмбрык i ставiць яго на плiту, Рой зноў адзначыў тую неадпаведнасць, якая кожны раз турбавала яго падчас сустрэчы пасля доўгага расстання. Яна была спакойная, нават ласкавая жанчына, але ў яе манерах не было сабранасцi. Яе тонкiя рукi i доўгiя пальцы пастаянна рухалiся, але заўсёды мэтанакiравана. Яна то глыбока ўздыхала, то перабiрала пальцамi кароткiя валасы з завiткамi, i кожны з гэтых рухаў быў трошкi мiтуслiвы, недастаткова сцiплы для такой жанчыны. Рой назiраў, як яна сыпала каву ў заварнiк. Яна рабiла гэта менавiта так, як зрабiў бы сваiмi агрубелымi рукамi няўклюдны лесавiк Рой, i гэта так знервавала яго, што ён адвёў вочы. На адлегласцi ён уяўляў Джын Эндрус больш стрыманай i строгай. У рэшце рэшт гэткая Джын у ёй пераможа, калi маўклiвая, але яўная незадаволенасць Роя прымусiць яе зразумець i зрабiць мяккай гэтую рэзкасць, якая так не пасуе ёй. I адначасна як любiў ён нямы смех, якi свяцiўся ў яе ярка блакiтных вачах, гарэзлiвасць i гумар за звычкамi цiхонi.
- Пра Эндзi нiчога не чуваць? - спытаўся ён надзвычай спакойна, загортваючы скуркi ў газету i ўкладваючы iх у куфар ля акна.
На гэтае звыклае пытанне яна звычайна адмоўна круцiла галавой.
На гэты раз яна ўзяла газету з палiчкi над камiнам i падала яе Рою.
- Не ведаю, цi Эндзi гэта, цi не, - сказала яна, паказваючы на заметку. У яго ёсць iншае iмя?
Рой прачытаў заметку. З яе даведаўся, што нейкi Эндру Дж. Эндрус, без пэўнага месцажыхарства, асуджаны акружной сесiяй на шэсць месяцаў турэмнага зняволення за крадзеж чатырох мяшкоў збожжа i за спробу (свядома альбо не) прадаць тое ж самае збожжа яго сапраўднаму гаспадару.
- Падобна на Эндзi! - з адабрэннем зазначыў Рой.
- Дык гэта ён?
Рой сказаў:
- Не, Эндзi завуць не Эндру Дж. Эндрус, а Элiстэр Гардон Эндрус. Хiба яна не ведае?
- Я не ведала iншага iмя, акрамя Эндзi, - сказала яна. - Дзякуй Богу, што ён не ў турме.
- Бедны Эндзi, - сказаў Рой.
Ён гартаў газету далей. Гэта была "Таронта стар энд Джорнел".
- Дзе вы гэта ўзялi? - спытаўся ён.
- Мне прынясла Руф Мак-Нэйр.
Рой успыхнуў i шпурнуў газету, нiбыта гэта была сама Руф.
- Руф сказала мне, што Эндзi бачылi тут.
- Нехта сказаў ёй, што Эндзi працуе на руднiках у Сэдберы, - патлумачыла яна. - Але Эндзi нiколi не працаваў бы на руднiку. Праўда?
Рой пацiснуў плячыма i не адказаў.
Мiсiс Эндрус зразумела, што Рой паступова мякчэе, i сама стала больш асцярожнай. Яна вяла гаворку ласкава, рухалася больш плаўна, уважлiва кантралявала свае жэсты i адразу пачала прыбiраць на кухнi. Уся бяда была ў тым, што доўгая адзiнота Роя ў лесе рабiла надта высокай яго патрабавальнасць да iншых, асаблiва да яе. А Джын ведала, што яна даволi неахайная: не ў адзеннi, а па гаспадарцы. Уборка пачалася са слоiкаў на стале, у якiя яна налiла ўжо воцат са спецыямi, каб марынаваць радыску, рэпу, буракi i зялёныя памiдоры. Яна засунула тазы з рэшткамi гароднiны пад стол i разгладзiла на буфеце дарожкi з цыраты. Хацела падмясцi падлогу, але перадумала.
Рой назiраў за гэтым i зразумеў, чым гэта выклiкана. Усё, што яна зараз рабiла, было крыху знарочыстым. Яна нiбыта пакеплiвала з яго ўяўленняў пра чысцiню i парадак. Яна дабiлася свайго, ён памякчэў i ўжо быў гатовы рассмяяцца, калi ў кухню зайшоў яе чатырнаццацiгадовы сын.
- Хэло, мiстэр Мак-Нэйр, - прамовiў ён. Пры iншых абставiнах ён назваў бы Роя па iменi, але пры мацi гэта быў мiстэр Мак-Нэйр.
- Добры вечар, Джок, - сур'ёзна адказаў Рой i зазначыў, як i штогод, якiм падобным на Эндзi расце гэтае хлапчанё. Голас, пастава, смелы погляд, вiдавочная незалежнасць - усё гэта было ад Эндзi.
- Учора я сустрэў iнспектара, - сказаў Джок, - ён спытаўся ў мяне, цi ў горадзе вы. Я адказаў, што Рой мне не бацька i што ў горадзе яго няма, а калi ён з'явiцца, вы ўсё адно яго не зловiце. - Джок засмяяўся, засмяялася i яго мацi.
- А што ён хацеў, той iнспектар? - спытаў Рой. Больш ён нiчога не прамовiў, i яго пытанне прагучала занадта заклапочана.
- Ён хацеў проста даведацца, цi вярнулiся вы, - сказаў хлопчык. Ён ведаў, што зрабiў Рою непрыемнасць i што Рой нiколi на яго не пакрыўдзiцца. Але гэта не было з яго боку знарочыстай жорсткасцю. Ён любiў Роя. Кожны год ён упрошваў мацi адпусцiць яго ў лес разам з Роем, хоць самому Рою не казаў пра гэта нi слова.
- Як школа? - спытаў Рой.
- Да Каляд закончу.
Рою хацелася спытаць у яго, цi не збiраецца ён паступiць у якi-небудзь тэхнiкум у Сэдберы або ў Соа, але, як зазначыў хлопчык, ён не бацька яму. У адпаведнасцi з тым, як Джок рос i адбiваўся ад рук, Джын Эндрус некалькi разоў спрабавала пераканаць Роя дзейнiчаць па-бацькоўску, не адносна адказнасцi, а проста ў якасцi цвёрдай рукi. Але Рой адмовiўся ад усялякага ўмяшальнiцтва. Ён любiў Джока як сына Эндзi - i ўсё тут. Больш глыбокiя, бацькоўскiя пачуццi былi затрачаны iм на малодшую сястру Джока - Джульету. Яна пражыла толькi восем гадоў, i за гэты кароткi тэрмiн Рой палюбiў дзяўчынку як уласнае дзiця, i Джульета адказвала яму такой жа шчырасцю. Яна была падобная на мацi, але ў яе была асаблiвая дзiцячая высакароднасць, i яна лягчэй прынараўлiвалася да людзей, асаблiва да Роя. Лепш за яе ён нiколi нiкога не ведаў. Калi аднойчы ён вярнуўся дамоў i даведаўся, што яе адвезлi ў акруговую бальнiцу, адкуль яна i не вярнулася, гэта стала для Роя першым сур'ёзным ударам, i вельмi надоўга жыццё яго зрабiлася змрочным.
Джок захапiўся сваiмi справамi i хутка выйшаў, а Джын Эндрус налiла Рою кавы i паставiла кубачак на ўскрай плiты, каб прымусiць яго перайсцi са скрынi ў крэсла.
- У Мемарыял Хол адкрылi кiно, - распавядала мiсiс Эндрус, - Джок дапамагае кiнамеханiку.
Рой моўчкi пiў каву.
- Рой, - спытала яна, - Эндзi меў схiльнасць да механiкi?
- Эндзi? Не, Эндзi быў проста Эндзi, - адказаў ён.
- Значыць, Джок пераняў гэта ад мяне. - Бацька Джын, як яна сама казала, быў вагонаважатым у Таронта, майстар на ўсе рукi. Яна расказвала пра гэта i раней, шмат разоў.
Рой быў нязвыкла стрыманы, i яна здагадалася, што дома ў яго не ўсё ладна.
- Я выпiсала кулiнарную кнiгу, - сказала яна.
- Вам гэтая кнiга непатрэбна, Джын, - запярэчыў ён. Гэта ўласна азначала, што кнiга ёй вельмi спатрэбiлася б.
- Я ведаю, што я дрэнны кухар, - прамовiла яна, каб расшавялiць яго.
З гэтай нагоды яны даволi доўга спрачалiся. Чым больш Рой хвалiў яе стравы, тым больш вiдочна станавiлася, што кухарыць яна не ўмее i нiколi не навучыцца.
- Ва ўсялякiм разе, марынады я сёлета пастаўлю, - сказала яна.
Яны ўжо гатавалiся, i Рой з задавальненнем прынюхваўся да паху розных прыпраў, гарачага воцату i солi. Менавiта гэта ён i разлiчваў знайсцi, вярнуўшыся дамоў. Мо iменна таму Джын раптам распачала тое, што iншым часам лiчыла б марнатраўствам. Навошта гатаваць марынады, калi iх можна купiць у краме ў Дзюкэна?
- Джынi, - паклiкаў Рой, - колькi я зарабiў грошай?
- Дакладна не магу сказаць, Рой. Восемсот даляраў, а мо i дзевяцьсот.
- Восемсот цi дзевяцьсот, - задуменна прамовiў Рой, штосьцi падрахоўваючы. Ён пазiраў проста ў белае полымя лямпы. Яно амаль асляпiла яго, i калi ён перавёў позiрк на Джын Эндрус, дык убачыў затуманеную пляму, а ў ёй светлыя валасы i тонкi воблiк, надта тонкi: востры нос i блакiтныя, вельмi блакiтныя вочы. Яна пiльна назiрала за iм. - Мне спатрэбiцца на зiму дзвесце даляраў.
- А хiба вы не пакiнулi пушнiны для Пiта Дзюкэна?
- Пакiнуў. Яна дома. Але грошы мне патрэбны на iншае.
Звычайна сваю законную норму пушнiны Рой прадаваў адкрыта Пiту Дзюкэну як прадстаўнiку Гарадской закупачнай кампанii. Гэты законны заробак iшоў на тое, каб забяспечыць харч на ўвесь сезон, на новыя пасткi, патроны, адзенне i iншыя асабiстыя патрэбы. Грошы за продаж незаконнай пушнiны Джым Эндрус захоўвала для Роя; i яна прытрымлiвала iх моцна, каб ён не змарнаваў iх па п'янцы. Яна пагадзiлася на гэта па ўласнай просьбе Роя i зараз выдавала яму грошы толькi на разумныя патрэбы. Рой ведаў, якое супрацiўленне яму трэба вытрымаць.
- Я мушу пакiнуць трохi грошай Сэму, - прамовiў ён.
- Вы хочаце падараваць яму ваш зiмовы заробак?
- Так, калi толькi вы не дадзiце мне для яго сотню-другую, - сказаў ён з надзеяй.
- Я не дам гэтых грошай, - спакойна запярэчыла яна. - Гэта вашы грошы, а не Сэма. У Сэма ёсць ферма, ён не мае патрэбы ў грашах.
- Ён не ўтрымае ферму, калi не дастане грошай на выдаткi, - сказаў Рой. Ён дайшоў да мяжы.
- Я ведаю, - яна пакруцiла галавой. - Але гэта не справа. Грошы не дапамогуць Сэму, - дакладныя рысы яе рота сталi больш жорсткiмi.
- Гэта ўтрымае яго на ферме, - пераконваў Рой.
- Не. Грошы ён возьме, а ферму ўсё адно кiне. Ён не фермер, Рой. I навошта спрабаваць затрымаць яго тут?
Рой зiрнуў на Джын Эндрус так, нiбыта яна была для яго чужая, гараджанка, якая не магла зразумець, што значыць ферма для лесавiка-паляўнiчага. Яна нiколi не зразумее, што будзе, калi Сэм кiне зямлю Мак-Нэйраў. Джынi вытрымала яго дакорлiвы позiрк як жанчына, якая, вядома, ведала, што азначае страцiць сваю хату, але яшчэ i як жанчына, якая не магла не ўлiчваць рэальнасць. Яна паглядзела на вялiкую моцную галаву Роя, упалыя сухiя шчокi, маленькiя глыбокiя вочы, на яго кароткiя рукi, аднолькава тоўстыя ад локця да самай кiсцi, i спытала сябе, цi ёсць у Канадзе больш мяккi чалавек, якога засмуцiла б матэрыяльнае i духоўнае падзенне iншага чалавека.
- Сэм гаворыць, што справiцца, калi я дапамагу яму перагораць гэтую зiму, - сказаў Рой. Ён не збiраўся гэта гаварыць, але давялося.
- Што, застацца на ўсю зiму? - не стрывала яна.
- Так.
- Ён не мае права патрабаваць гэта, Рой!
Роя ўжо не турбавала, цi правiльна гэта. Яму неабходна рашэнне. Яна павiнна зразумець, што Сэму трэба атрымаць гэтыя грошы.
- Якi сэнс вам заставацца i працаваць на ферме для Сэма, - рэзка прамовiла яна. Перспектыва таго, што Рой трапiць у пастку i будзе вымушаны батрачыць, абурыла яе не менш, чым самога Роя. Адабраць яго ў лесу i замацаваць на ферме - гэта ўсё адно, што льва пасадзiць у клетку, - параўнанне, якое ўзнiкала ў яе ў галаве кожны раз, калi яна сама пачынала думаць пра тое, каб прасiць Роя кiнуць паляванне i застацца ў горадзе.
- Яму патрэбны грошы для гаспадаркi, - пераконваў Рой, - усё роўна, застануся я альбо не.
Яна па-ранейшаму лiчыла, што грошы не вырашаць усiх праблем Сэма, але не стала пярэчыць. Яна не хацела, каб Рой страцiў сямейны кут, бо ў гэтым хавалася яшчэ адна небяспека для яе. Джынi лiчыла, што, страцiўшы хату, Рой пойдзе яшчэ далей у лес i зусiм не будзе вяртацца ў горад. Яна ведала, якiя цяжкасцi чакаюць Роя, але ёй варта падумаць i пра сябе, пра свае справы i адчуваннi, а яна, са свайго боку, зусiм не хацела, каб Рой пайшоў на поўнач.
- Калi вы туды пойдзеце, вы ўжо не вернецеся, - сказала яна яму, калi аднойчы яны паспрабавалi цвяроза разабрацца ва ўсiм гэтым.
- Я вярнуся ў Сент-Элен, толькi калi мне будзе куды вярнуцца, - настойваў ён, - i на поўнач я не пайду, калi не буду мець прытулку тут.
- Гэта толькi словы, - сказала яна. - Я ж ведаю, што на поўнач вы пойдзеце менавiта тады, калi тут у вас нiчога не застанецца. Возьмеце i знiкнеце як леташнi снег.
- Не, Джынi. Не! - запэўнiваў ён. - Калi тут у мяне нiчога не будзе, я не пайду на поўнач, бо там я зусiм здзiчэю, стану сапраўдным лясным сычом. Я пайду, толькi калi мне будзе куды вярнуцца, i я абавязкова буду вяртацца. Але ўчастак спустошаны, Джынi, i рана цi позна мне ўсё адно давядзецца пайсцi на поўнач.
- Ну, а я тады вярнуся да сваiх у Таронта, - папярэдзiла яна. Не, яна яго не палохала. Яна спрабавала хоць нейкiм чынам прыстасавацца да яго складаных адносiн з Сент-Эленам i лесам. Яна разумела, як патрэбна яму апiрышча тут, каб прыняць рашэнне пайсцi на поўнач, але чым больш складана ўсё гэта станавiлася, тым больш рашуча яна адмаўлялася думаць пра гэта, i нарэшце яна заявiла яму: Рабiце як хочаце, але, калi вы пойдзеце на поўнач, я з'еду дамоў.
Гэта была iх адзiная сварка, i зараз яны баялiся паўтору яе. З маўклiвай згоды яны пазбягалi гэтай тэмы. Рой ведаў, што калi ён пойдзе на поўнач, яна сапраўды вернецца ў Таронта, але абое яны ўсведамлялi, што рана цi позна яму давядзецца iсцi глыбей у лес, далей на поўнач, iначай трэба кiдаць паляванне i фермерстваваць у Сент-Элене. Але ўсё гэта было для Джынi катастрофай, i яна не магла больш думаць пра гэта.
- Бярыце вашы грошы для Сэма, - сказала яна, - але толькi глупства гэта, Рой. Гэта вашы грошы, i калi-небудзь яны яшчэ спатрэбяцца вам.
- Спатрэбiлiся ўжо, - адказаў ён.
Больш на гэты конт яны не размаўлялi, пакiнуўшы пытанне не вырашаным.
Не вырашаным заставалася i пытанне пра Эндзi, бо нiводзiн з iх не мог уключыць Эндзi ў нясмелыя спробы хоць неяк вырашыць будучыню. У сваiх адносiнах яны моўчкi зыходзiлi з таго, што Эндзi пайшоў i нiколi не вернецца, але ва ўсiх iхнiх спробах цвёрда наладзiць сваё жыццё Эндзi адыгрываў пэўную, таемную ролю. З-за гэтага Джын ненавiдзела прывiд мужа нават больш, чым яна магла б ненавiдзець яго жывога, i яна ведала, што Роя таксама бянтэжыць няўпэўненасць у тым, як жа на самай справе складваецца сiтуацыя з Эндзi. Ён нiбыта блукаў па голай палярнай пустэчы, шукаючы адзiна правiльны шлях i не знаходзiў яго.
На пэўны час яны абое затаiлiся кожны са сваiмi развагамi.
Звычайна да гэтага часу Рой ужо дастаткова дабрэў, i Джын Эндрус магла спакойна церабiць i падражнiваць яго, паступова выклiкаючы на своеасаблiвыя праявы пачуццяў. Нават у лепшыя часiны гэта было нялёгкай справай, Рой належаў да тых мужчын, якiя не ўмеюць падысцi да жанчыны першымi. Ён не дакрануўся б да яе па сваёй уласнай iнiцыятыве. Ён не мог дазволiць сабе гэтую блiзкасць, пакуль дамашняя цеплыня i вабнасць гэтай адной-адзiнай жанчыны не растаплялi, не паглыналi яго цалкам. Джынi ведала, што сёння гэта будзе складана.
Яна не мела звычкi ласкава турзаць яго за вуха, калмацiць яго рэдкiя валасы i абдымаць яго моцную шыю, - у iх усё адбывалася iнакш.
Перш за ўсё яна падлiвала яму кавы. Неўзабаве ён турботна ўставаў. Тады яна здымала свой фартух i ўбiрала ў яго Роя - i ён браўся перамываць талеркi, слоiкi, чысцiць нажы i вiдэльцы, адным словам, усё, што трапляла пад руку. I тады яна пачынала пакеплiваць з яго ўбору i цясней завязваць тасьму фартуха, здзьмухваць з яго ўяўныя пылiнкi, наводзячы крытыку на чысцёху Роя. Ён адштурхоўваў яе, але яна не супакойвалася. Ён спрабаваў зняць фартух, але яна не дазваляла, злосна ашчаперваючы яго за плечы. Тады плечы яго абмякалi, тоўстыя кiсцi звiсалi па баках, i ён станавiўся такiм, якiм яна хацела: грубым альбо мяккiм, рэзкiм альбо пяшчотным, такiм, а зрэдзь часу i насмешлiвым, настойлiвым, дужым, нечаканым i ненадзейным. Тады ў iх не было слоў. Была толькi адна доўгая канадская ноч.
Раздзел другi
Ранiцай Рой згатаваў сняданак: напёк аладак, падсмажыў яечню з салам. Джок i сам Рой паснедалi ў задаволеным маўчаннi. Джын Эндрус ела са сваёй звыклай абыякавасцю да ежы. Яна была яшчэ пад уражаннем перажытага i так пiльна пазiрала на Роя, што яму было няёмка перад яе сынам. Калi Джок пайшоў у школу, ёй давялося асаблiва складана змагацца з сабой. Ёю яшчэ валодала невыразная прага стварэння, у той час як Рой адчуваў здаровае пачуццё закончанасцi i не заўважаў нiчога, акрамя цудоўнай ранiцы.
- Дык што, возьмеце грошы? - прымусiла яна сябе спытацца ў Роя, калi ён адыходзiў.
- Не ведаю, Джынi, - сказаў ён.
- I застанецеся на зiму?
- I гэтага не ведаю, - сказаў ён. - Пабачым. Я яшчэ вярнуся.
На iмгненне яна ўявiла, што Рой перадумаў даваць грошы Сэму i мо ўсё ж застанецца на зiму дапамагаць яму. Яна i радавалася i ўнутрана пратэставала супраць такога рашэння i доўга стаяла ля дзвярэй, назiраючы, як ён пераходзiў поле i пералазiў цераз загарадку, кiруючыся да фермы Сэма.
Рой сабраў пушнiну, якая засталася ў спальнi, i, адыходзячы, паспрабаваў пазбегнуць зневажальна адкрытага позiрку нявесткi. Але яна застала яго на лесвiцы.
- Табе не варта вяртацца да нас, калi ты бавiш час там аж да ранiцы, сказала яна. - Гэта нядобра!
Ён не адказаў, ён нават не пазiраў ёй у вочы. Ён пайшоў моўчкi, абураны i зганьбаваны, i толькi радасць ад маючай быць праходкi сярод белага дня па Сент-Элену крыху супакоiла яго.
У адпаведнасцi з тым, як лес i ворыва саступалi месца гораду, прыродная бясплоднасць зямлi станавiлася ўсё больш выразнай. Ад ускраiн горада i да самага возера Гурон невялiкiя роўныя пляцоўкi былi ўздыблены i зацiснуты магутнымi гранiтнымi скаламi, голымi, дзiкiмi; i рэдкiя елкi тырчалi сярод iх кплiва, быццам надмагiльныя помнiкi над вартымi жалю лапiкамi расчышчанай зямлi. Гэтае каменнае царства распасцiралася аж да возера, i ўсюды ўладарылi скалы, велiчныя i непрыступныя, але ўсюды мiж iмi вiлiся вузкiя небрукаваныя дарогi i агароджы, складзеныя з валуноў; прыляпiлiся крамы, бачны тэлеграфныя слупы i нават чыгунка - адрэзак Канадскай Цiхаакiянскай, якая абрывалася ў Сент-Элене, не надзялiўшы пасёлак нi станцыяй, нi таварнай платформай. Заняпалы, але ўчэпiсты гарадок, якi даводзiўся да дрыжыкаў частым пранiзлiвым асеннiм ветрам. Рой зноў усмiхнуўся яму, калi выйшаў на цвёрда ўтаптаную сцежку да крамы Пiта Дзюкэна.
Сустрэчныя цёпла вiталiся з iм. Старэйшых ён ведаў па iменi, але было шмат навiчкоў, якiя прыходзiлi кожны год альбо вырасталi падчас яго адсутнасцi, i гэтых ён не ведаў. На тратуары з дошак перад маленькай крамай з бярвення Рой на iмгненне затрымаўся, разглядваючы новую шыльду.
- "П.Дзюкэн", - чытаў ён голасна. - "Мяса i Бакалея. Мука i Фураж". - Ён перачытаў надпiс i пачаў шукаць на шыльдзе што-небудзь лепшае. - "Няма нiчога больш духмянага, чым гарбата Салада! Палiце цыгарэты "Консульскiя"! Пiце апельсiнавы сок!" "П.Дзюкэн. Мяса i Бакалея".
Апошнi скарочаны варыянт упрыгожваў шкло ўваходных дзвярэй. Ён адчынiў iх i ўвайшоў.
- Прывiтанне найлепшаму жанiху ва ўсiм Муск-о-гi! - гукнуў ён маладомў брунету, якi стаяў за акуратным прылаўкам. - Цi мо ты ўжо не жанiх, Пiт?
- А Божухна, дык гэта ж Рой. Сватай мяне, Рой, сватай! Я чакаў цябе не раней чым праз два-тры днi. А цi бачыў ты, што iнспектар толькi што пайшоў па дарозе сустракаць цябе? - Рой мiжволi азiрнуўся, а раптам Дзюкэн i сапраўды не жартуе, але француз засмяяўся. - Што, трапiўся?
- А я i не супраць сустрэчы з iнспектарам, - ветлiва адказаў Рой. - У мяне добрая пушнiна.
- Добрая i законная, - сказаў Пiт Дзюкэн. Ён скiнуў белы фартух i аддаў яго нейкай таўстушцы, якая ўсмiхнулася Рою, калi ён паспрабаваў разабрацца, якая ж гэта з сясцёр Фiлiпс.
Дзюкэн правёў яго цераз моцна напаленую краму ў наступны пакой, якi служыў яму канторай. Гэта быў даўгаваты пакой з пiсьмовым сталом, прадранай кушэткай, чыстымi занавескамi. Дзюкэн сеў за стол i пачаў прымаць у Роя пушнiну, уважлiва яе разглядваючы.
- А якая зараз цана? - спытаў Рой.
- Дрэнная, - адказаў Дзюкэн. - Ваенны бум падае. Хутка цяжка будзе збываць пушнiну. Цана падае, Рой.
- А цана на прадукты расце, - падхапiў Рой. Гэта было сказана не ў адрас Дзюкэна, а пра дзiўную асаблiвасць цаны, якая не дазваляла чалавеку пракармiцца за заробак. - Усе цэны растуць, але калi табе надарыцца нешта прадаць, яны адразу ж падаюць.
- Грошай становiцца мала, Рой.
- А як у фермераў?
- Зноў просяць крэдыт.
- Я ведаю пра гэта, - прамовiў Рой, думаючы пра Сэма.
Яны больш нi пра што не гаварылi, пакуль не сышлiся на цане за пушнiну. Рой не ведаў гарадскiх цэн, але сваю цану ён у Пiта выбiў, як той нi ўпарцiўся. Гэта было нялёгка, але выручка апраўдала яго спадзяваннi, i Рой быў задаволены. Дзюкэн запiсаў цану кожнай скуркi, падвёў вынiкi i спытаў у Роя, цi пусцiць гэтую суму, як звычайна, на аплату зiмовага заказу.
- Крыху пачакай, Пiт, - сказаў Рой. - Я пасля скажу.
- Калi табе патрэбны грошы зараз, а зiмнi правiянт - у крэдыт, ты скажы, Рой, я табе заўсёды паверу.
Дзюкэн прапаноўваў гэта па-сяброўску, i па-свойму ён быў сябрам i Рою i ўсiм траперам Сент-Элена. Не першы раз ён забяспечваў у крэдыт любога трапера пад улоў, некаторых ён крэдытаваў на два i нават на тры сезоны, але на больш не згаджаўся нiкому. Дзюкэн на справе перакананы, што крэдыт зусiм не азначае безнадзейнага доўгу: пры належным кантролi гата проста выгаднае ўкладанне грошай. У аперацыях з траперамi яму было забяспечана вяртанне пазыкi ў выглядзе пушнiны. Ён гарантаваў сябе ад рызыкi, стаўшы прадстаўнiком пушной кампанii, да якога траперы ўсё адно былi вымушаны зносiць сваю пушнiну за даўгi. Iнакш iм не атрымаць нiякiх прадуктаў з крамы Пiта Дзюкэна, а таксама i ад двух iншых крамнiкаў гарадка. Але гэтая сiстэма распаўсюджвалася толькi на трапераў, а не на фермераў. Дзюкэн рэдка крэдытаваў фермераў, хоць, вядома, былi i выключэннi. З дробнымi фермерамi i здольшчыкамi ён практыкаваў абмен сваiх тавараў на iхнiя прадукты. Менавы гандаль аджыў свой век яшчэ калi быў жывы яго дзед, а бацька гандляваў за наяўныя. Але Пiт атрымаў краму, калi ў ёй не было нi абароту, нi наяўных, словам - нiчога. Яго бацька - скупаваты французскi буржуа - славiўся сваёй чыста брэтонскай, капеечнай ашчаднасцю. На той час, як ён памёр, пахiснулася рэпутацыя нават Дзюкэнаў. Але яго сын вярнуўся з другой сусветнай вайны з маленькiмi чорнымi вусамi, цвярозай камерцыйнай ацэнкай блiжняга i дзелавой кемнасцю, якую выхавала ў iм пасада сержанта па гаспадарчай частцы. Ён пачаў гандляваць усiм i з усiмi, беручы на сябе як мага больш прадстаўнiцтва i заводзячы як мага больш новых сувязей; гандляваў справядлiва, калi даводзiлася быць сумленным; гандляваў несправядлiва, калi гэта абяцала выгаду i нiчым не пагражала, нават стратай добрага iмiджу. Ён быў добры крамнiк, i яго маленькая крама стала своеасаблiвым цёплым, утульным i добра забяспечаным клубам для ўсяго Сент-Элена, дзверы якога былi адчынены i для адносна багатага i для параўнальна беднага клiента, чые патрэбы абслугоўвалiся Пiтам тым больш ахвотна, што гэта давала яму добры прыбытак i прывольнае жыццё. Пiт быў сама ўдачлiвым чалавекам ва ўсiм Сент-Элене.
- Што, Сэм табе што-небудзь вiнен? - спытаў Рой.
- Толькi пару даляраў, якiя ён пазычыў у жнiўнi, - адказаў Пiт. - Мне вельмi не падабаецца ўся гэтая гiсторыя з продажам свiннi, але калi б не я, яе купiў бы нехта iншы, а я даў яму добрую цану.
Рой разумеў гэта.
- Вазьмi тое, што ён павiнен табе, з пушных грошай, але больш не пазычай яму.
- Добра, Рой, - твар Дзюкэна зрабiўся заклапочаным. - Скажы, Рой, ты не збiраешся застацца з iм у горадзе? Ён казаў, што будзе цябе пра гэта прасiць.
- Я яшчэ не ведаю, - сказаў Рой, - але ты ўсё ж адкладзi мне ўсё неабходнае на зiму. Калi правiянт мне не спатрэбiцца, я табе скажу.
- А цi чуў ты, што Эндзi Эндрус блукае недзе тут блiзка? - сказаў Дзюкэн. Па-сутнасцi гэта было не пытанне, а папярэджанне.
Рой нiяк не адгукнуўся на гэта, на адваротным баку рэкламнага праспекта ўнiвермага ў Таронта ён склаў спiс таго, што яму патрэбна на зiму, i аддаў яго Дзюкэну. Затым яны разам прайшлi па краме, адзначаючы тыя ласункi i прысмакi, пра якiя не ўспомнiў Рой. Тут ён дадаў да заказу сушаных фруктаў, кансерваванай вiшнi, паштэту, яшчэ некалькi слоiкаў джэму i два пакеты мятных ледзянцоў як сама выгадных цукерак. Рой памераў кароткiя гумовыя боты. У лесе яны былi не надта выгодныя, але ён купiў iх i паклаў на самае дно мяшка. Мяшок ён пакiнуў прадаўшчыцы, якая выконвала заказ, i нагадаў ёй, што шэсць дзесяткаў яек трэба пакласцi разам з хлебам абавязкова зверху, а масла ў бляшанках - на самы нiз, разам з ботамi. Яны вярнулiся ў ранейшы пакой, дзе Пiт Дзюкэн налiў Рою вялiкую шклянку Блэк-энд-Блю, хлебнай гарэлкi шатландскага рэцэпту, дзевяностаградуснай, як значылася на бутэльцы. Гэтая шклянка, якую падносiў Дзюкэн, заўсёды была першай пасля вяртання Роя з лесу. Затым былi i iншыя, але нiводная не была такой смачнай, нават другая, якая выпiвалася адразу за першай.
- Ого, нiбыта плугам пераварочвае ўсяго, - сказаў Рой. Яго адразу забрала, ён пачырванеў, i вочы ў яго заблiшчалi.
- Хочаш пару бутэлек у твой мяшок?
- Не, - адказаў Рой. Яму было цяжка адмаўляцца. Але пакуль яшчэ ён цвярозы, не хацелася браць з сабой у лес гарэлку, хоць для большасцi трапераў гэта было звыклай з'явай. - Зрэшты, адну бутэльку пакладзi ў дарогу, папрасiў ён.
- Я i сам думаю выйсцi на паляванне, блiжэй да Каляд. У вярхоўях рэчкi Ўiп-о-Ўiл, - сказаў Дзюкэн. - Паеду на сабаках. - Як i кожны жыхар Сент-Элена, Дзюкэн выпраўляўся на паляванне, як толькi з'яўлялася магчымасць, але Рою заўсёды здавалася, што ён крыху выхваляецца сваiмi лайкамi, адкормленымi сабакамi, якiя грызлiся i падвывалi недзе за крамай. Сабакi - гэта добра, Рой i сам на iх ездзiў, але гэта толькi для сур'ёзнага палявання, а не для прагулкi ўдвух на нейкiя там два тыднi. Пiт проста адпачываў у лесе ад свайго клопату спадчыннага крамнiка, крамнiка ў трэцiм пакаленнi.
- Налiць яшчэ? - Дзюкэн узяўся за бутэльку.
Рой пакруцiў галавой i адным рыўком адарваў сваё дужае цела ад стала.
- Пайду паталкую з iнспектарам, - сказаў ён, i не паспеў Дзюкэн запярэчыць, як яго i след прастыў.
Iнспектар жыў у казённым доме, збудаваным у казённым стылi, квадратным двухпавярховым доме без усялякага намёку на архiтэктурныя ўпрыгожаннi. Адзiнай уступкай эстэтыцы быў маленькi ганак, якi разам з дошкай для аб'яў i вызначаў воблiк дома. Рой зiрнуў на плакаты, якiя матлялiся на дошцы. "Аберагайце багаццi прыроды i прыгажосць вашага лесу!" - прачытаў ён гучна, смакуючы паэтычнасць афiцыйнай мовы. "Сто гадоў трэба вырошчваць яго, а знiшчыць можна за хвiлiну. ПАКIДАЮЧЫ ЛЕС, ПАТУШЫЦЕ КАСЦЁР!". I гэта яму спадабалася.
- Хэло, Мак-Нэйр, - прывiтаў яго iнспектар, ледзь толькi той адчынiў дзверы. - Я збiраўся ўжо выходзiць.
- У абход, iнспектар? - спытаў Рой.
- Абход я рабiў учора, - адказаў iнспектар.
- Як жа вы не сустрэлi мяне? - сказаў Рой.
- Прыйдзе час, сустрэну, - суцешыў яго iнспектар.
Рой засмяяўся.
- Калi вы адыходзiце, я зазiрну iншым разам.
- Не. Заходзьце. Пазней вы будзеце моцна п'яны, каб дабрацца да мяне, iнспектар зачапiў за сама балючую струну, i Рой падумаў, што iнспектар iграе несумленна.
Яны зайшлi ў маленькi квадратны пакой, сцены якога былi завешаны аб'явамi, плакатамi, календарамi, пукамi наколатых папер i картамi. На сасновым стале ляжалi карты, некалькi скурак норкi i адна бабровая, пасткi, патроны, компас, бiнокль, а пад сталом стаялi два чучалы лiсы. Iнспектар усеўся афiцыйна, за канторку, паставiўшы сваё плеценае крэсла так, каб можна было назiраць за Роем. Рой жа ўжо сцiшыўся. Гэта былi ўладаннi iнспектара, яго прыгнятала маса папер, канторка з адкiдной дошкай, чатыры цi пяць тоўстых квiтанцыйных кнiг, горы бланкаў паляўнiчых пасведчанняў, прыскрыначкi стала, запоўненыя пiсьмамi, цыркулярамi, паведамленнямi, пастановамi, бюлетэнямi, загадамi, вымовамi, справаздачамi. Толькi тут, у канторы, Рой па-сапраўднаму адчуваў вялiзную адмiнiстрацыйную машынў, якую ўвасабляў iнспектар сваёй масiўнай персонай. Рой аддаў iнспектару пяць даляраў за паляўнiчы дазвол на год.
- Як палявалася гэтым сезонам? - спытаў iнспектар, падпiсаў квiтанцыю i падаў яе Рою разам з жэтонам i маленькай зялёнай кнiжачкай, экземплярам "Дадаткаў да Закона пра Паляванне i Лоўлю Рыбы 1946 года".
- Норму вылавiў.
- А каму прадалi?
- Пiту Дзюкэну.
- Пушнiна першагатунковая?
Рой кiўнуў.
- Ёсць што-небудзь выключнае?
- Няма.
Iнспектар задаў яшчэ некалькi пытанняў пра звера: многа яго цi мала, неспакойны ён цi даверлiвы, цi няма слядоў ваўка, рысi, мядзведзя i iншых драпежнiкаў, мышэй, лемiнга, а таксама зайца i iншай дзiчыны. У Роя на ўсё быў гатовы адказ. Iнспектар слухаў яго ўважлiва i ўслухоўваўся не толькi ў звесткi, але i ў ацэнкi самога Роя. Рой бачыў у лесе тое, чаго не прыкмячалi iншыя звераловы, i ўмеў расказаць пра ўбачанае захоплена, як сапраўдны апавядальнiк. Сам гэтага не ўсведамляючы, Рой стаў лепшай крынiцай iнфармацыi пра ўсе сезонныя змены ў жыццi фаўны Муск-о-гi. А паколькi iнспектар сур'ёзна цiкавiўся натуральнай гiсторыяй свайго раёна, дык усю iнфармацыю Роя ён перадаваў у Таронта старанна i дакладна.
- Здаецца, што звяроў у лесе меншае, Рой, - сказаў ён. - Я ўсё чакаю, што дэпартамент прыме ў адносiнах да вашага брата паляўнiчага нейкiя рашучыя меры - накладзе забарону на бабра альбо андатру, цi на любога пушнога звера. Нешта ж трэба рабiць.
- Вы хочаце выгнаць нас на поўнач, iнспектар, - сказаў Рой, здзекуючыся з уласнага гора. - А што робiцца там, на той тэрыторыi?
- Гэта не мой раён, - адказаў iнспектар, - але з месяц таму быў цыркуляр з дэпартамента пра тое, што ўсе, хто хоча, могуць атрымаць новыя ўчасткi на поўнач ад Сярэбранай ракi, яны могуць падаць заяўкi не пазней як у маi. Хочаце, я ўключу i вас?
Iнспектар адкiнуўся ў крэсле, i яго вялiзны жывот прымушаў сумнявацца, што ён пакiне гэтае крэсла. Твар у яго быў чырвоны, патылiца тоўстая, рукi пульхныя, але калi ён уставаў i рухаўся, было бачна, што гэта чалавек вялiкай энергii, чалавек, якi выконвае свае абавязкi з бязлiтаснай настойлiвасцю. Роя не ўводзiў у зман яго знешнi выгляд таўстуна; ён ведаў захапленне iнспектара тлустай свiнiнай i добрым пiвам. Не, Рой разумеў, што недаацанiць гэтага чалавека - значыць, зрабiць вялiкую памылку. Iнспектар быў такi рухавы, што Рой, калi залазiў у самы гушчар лесу, часта азiраўся назад, цi няма побач iнспектара.
- Я мог бы падабраць вам добры ўчастак, - прапанаваў яму iнспектар.
- А можна адкласцi гэта да майго вяртання вясной?
- У любы час да мая месяца, - паўтарыў iнспектар, - але чым раней вы вырашыце, тым большы выбар.
- Я адкажу вам, калi вярнуся ў сакавiку, - сказаў Рой.
Iнспектар пацiснуў плячыма. Ён быў задаволены, што Рой застанецца тут яшчэ на адзiн сезон. Ён так i сказаў яму: - Рой, я не хачу, каб вы iшлi на поўнач, перш чым я злаўлю вас з незаконнай здабычай. Тады вам усё роўна давядзецца пайсцi, бо я адбяру ў вас туташнi ўчастак.
- Злавiць мяне? - сказаў Рой. - А навошта вам мяне лавiць?
- Ды ўжо не ведаю, - сказаў iнспектар, - але з усiх паляўнiчых майго раёна iменна вас вырашыў я злавiць з доказамi злачынства. Вы водзiце мяне за нос ужо дваццаць гадоў, але я да вас падбiраюся. I чакаць засталося не вельмi доўга.
Рой адхiснуўся ад канторкi.
- Але калi вы хочаце злавiць мяне, чаму вы не пойдзеце са мной у лес? Там вы ўжо напэўна злавiлi б мяне.
Iнспектар бываў у лесе не адзiн раз - i ў паляўнiчых буданах Роя i па ўсяму ланцугу яго пастак, схадзiў яго ўчастак удоўж i ўпоперак i цiчога не знайшоў. Калiсьцi даўно ён пераканаўча даказаў Рою па колькасцi яго пастак i пялаў для пушнiны, скарыстаных патронаў i па дзесятку iншых прыкмет, што Рой страляе i ловiць звера больш за норму. Гэтае абвiнавачанне ён кiнуў Рою ў твар у яго хацiне, калi абодва яны былi значна маладзейшыя. Рой аж загарэўся ад гневу, але стрымаўся i прамаўчаў; маўчаў ён i пазней на ўсе абвiнавачаннi iнспектара. Узважыўшы гэтую тактыку Роя, iнспектар прыйшоў да высновы, што словамi ад яго нiчога не даб'ешся. Рой спакойна адмоўчваўся i даваў магчымасць iнспектару знайсцi пушнiну цi злавiць яго на месцы злачынства.
- Сёлета мо i выберуся, - сказаў iнспектар.
- Давайце, будзеце госцем.
- Вы i не даведаецеся, калi я з'яўлюся i адкуль.
- А хiба бяспечна блукаць па лесе цiшком? Можа надарыцца няшчасце.
- Небяспечна тым, хто будзе з незаконнай пушнiнай.
- А дзе яе дзець, незаконную пушнiну?
- Я цудоўна ведаю, што вам не пражыць на вашу норму, Рой, - сказаў iнспектар. - Няма жадання лавiць вас, Рой, а ўсё адно давядзецца. Так што сёлета будзьце асаблiва пiльныя.
- Я заўсёды пiльны. Пiльна сачу за кожнай пасткай.
- А я буду не там, - сказаў iнспектар. - Я буду ў вас за спiнай.
Рой засмяяўся, нiбыта ён толькi i чакаў зручнага выпадку, а iнспектар усмiхнуўся.
- Ведаеце, на ваш участак многа ахвотнiкаў.
Рой кiўнуў.
- Няхай бяруць. Ён ужо апусцеў.
- А як жа вам удаецца браць з яго здабычу?
Рой пацёр рукi i пачаў задаволена хiстацца ў сваiм крэсле.
- Пайшлi, вып'ем са мной, iнспектар. Мо вам удасца напаiць мяне i выведаць усе мае сакрэты.
- А я iх i так ведаю. Небяспечныя сакрэты. Яны давядуць вас да бяды. Вы калi-небудзь плацiлi падаходны падатак, Рой?
Рою здалося, што больш дзiўнага пытання ад iнспектара ён не чуў.
- А я не згадаю, каб нехта мне прапаноўваў яго плацiць, - сказаў ён.
- Гэта не адгаворка, - зазначыў iнспектар.
Рой адчуваў, што тут нейкая пастка, вырвацца з якой у яго не хопiць сiлы.
- Мне здаецца, што я зарабляю не столькi, каб мяне абклалi падаходным падаткам, - асцярожна прамовiў ён.
- Якраз дастаткова? - настойваў iнспектар.
Ён ямчэй усеўся ў крэсле. Вось як лёгка прыперцi Роя да сценкi, чаго яму хацелася ўжо дваццаць гадоў. Ён добра разумеў, што Рой адчувае сябе выкрытым, злоўленым i прыгавораным. Але не гэтага ён дабiваўся. Iнспектар зарагатаў ад думкi пра козыры, якiя ў яго былi, але якiмi ён не хацеў карыстацца.
- Не турбуйцеся, Мак-Нэйр, - сказаў ён афiцыйным тонам. - Я не маю справы нi да падаходнага, нi да ўсялякага iншага падатку. Мне патрэбна iншае: злавiць вас знянацку з незаконнай пушнiнай. Падумаеш, падаходны падатак! - ён засмяяўся, зарагатаў вар'яцкiм смехам, ляпнуў Роя па калене i зноўку зарагатаў, назiраючы, як той ачуньвае ад нечаканасцi.
Рою было ўжо дастаткова. Ён устаў, збiраючыся iсцi.
- Толькi не трапляйцеся мне разам з Мэрэем альбо Зелам Сен-Клэрам, - дадаў iнспектар. - Я ведаю, што яны карысталiся вашай хацiнай, i калi я злаўлю iх там, то i вас у дадатак.
Рой яшчэ не дараваў iнспектару яго дзiўнага жарту з падаходным падаткам.
- Толькi калi выберацеся гэтай зiмой, - сказаў ён, - асцерагайцеся. У мяне вакол хацiны расстаўлены некалькi мядзведжых пастак. Да мяне наведваецца нейкi чорны мядзведзь. Таму будзьце асцярожныя, iнспектар.
- Мядзведжыя пасткi i неспадзяваная куля! Добра, буду асцярожны, Рой. Вось, вазьмiце. Захаваў спецыяльна для вас. - Ён падаў Рою стос супрацьпажарных плакатаў, ведаючы, як яму падабаецца iх кiдкi драматызм. Калi збiраецеся назад у лес?
- Яшчэ не ведаю.
- Я думаю, гэта залежыць ад таго, колькi вы вып'еце.
Гэта залежала ад Сэма, але Рой не збiраўся дакладваць пра гэта iнспектару. Ад думкi пра Сэма Рою сапраўды захацелася выпiць яшчэ, але ён ведаў, што спачатку трэба разабрацца з Сэмам. Не паддаючыся спакусе, ён проста з канторы iнспектара перасек вулiцу i чыгунку, прайшоў мiма царквы i, пераадолеўшы некалькi гранiтных градаў, дабраўся да фермы Джэка Бэртана.
- Мiсiс Бэртан! - паклiкаў ён яшчэ з парога. Унутр ён не заходзiў. Яму было цяжка проста вось так зайсцi ў хату, нават у хату Джэка. Ён толькi ўсунуў у дзверы галаву. - Дзе Джэк, мiсiс Бэртан?
Выйшла мiсiс Бэртан, сарамлiвая, абы як апранутая жанчына з невыразным тварам; маленькая i добрая iстота.
- Добры дзень, Рой, - сказала яна. - Джэк недзе каля хлява. Як вам жывецца?
- Цудоўна. А як вашая сям'я? Яна пачырванела, вiдаць, таму, што была бачна хуткая прыбаўка яе сям'i.
- Джэк рамантуе хлеў, - зноўку перавяла яна гаворку на свайго мужа.
Рой ссунуў на патылiцу сваю суконную шапку i пайшоў шукаць Джэка. Той стаяў на лесвiцы, выраўноўваў i прымацоўваў дранiцы на страсе хлява. Хлеў быў стары, з дошак, на сасновых слупах. На месцы некаторых згнiўшых слупоў засталiся ямы, тыя слупы, што засталiся, ледзьве падтрымлiвалi страху. Хата таксама была накрытая дранiцамi, а сцены злеплены з гладкай i цвёрдай глiны. Хата, высокi хлеў з кароўнiкам, нiзкi свiнарнiк - усё збiлася на голым, пранiзаным ветрам лапiку зямлi. Адзiнае дрэва, маладая сасна, адзiнока расла ля загарадкi з дроту, якая цягнулася па схiле да дарогi. Гаспадарка была старой i занядбанай, але зблiзку яе ажыўляў шум жылля - дзiцячы плач, брэх сабакi, пiск парасяцi, рык каровы - усе гэтыя гукi i пахi фермы.
- Глядзi, не звалiся i не развалi гэтую крывульку, - гукнуў Рой Джэку. Злезь, пакуль няма ветру i пакуль ён не павалiў цябе разам з тваiм хлявом.
Джэк Бэртан не зварухнуўся, ён забiваў цвiкi ў дранiцу i мацюкнуўся, калi яна раскалолася. Тады ён злез на зямлю, схаваў малаток у заднюю кiшэню, а пласкагубцы - за пояс, надаўшы тым самым аб'ёмнасць сваёй гнуткай, худой фiгуры.
- Не, гэты хлеў не павалiцца, - сказаў Бэртан. - Я знарок пакiдаю зверху дзiркi, каб вецер свабодна праходзiў, толькi таму ён i трымаецца.
Рой паглядзеў на дзiркi.
- Спрытны ты фермер, Джэк, - сказаў ён. - Шкада, што мой Сэм нiяк не справiцца з фермай.
- Ён прасiў цябе застацца на зiму?
Рой кiўнуў.
- Ён ужо тыднi два таму казаў, што збiраецца прасiць цябе. Але я думаў, што ён не адважыцца. Дык ты застанешся?
Яны зайшлi ў хлеў, каб схавацца ад ветру. Там было цёмна i пуста, стаяў ядавiты пах перапрэлага гною. У стойле чулася толькi мыканне гадавалай цялушкi, якое рэхам адбiвалася ад высокай страхi. Некалькi свiней рылася ў загарадцы ля дзвярэй, але болей у хляве нiчога не было. Пазней, блiжэй да снегу, хлеў запоўнiцца жывёлай - сведчаннем фермерскiх поспехаў Джэка Бэртана: пяць кароў, шэсць свiней, двое коней, дзве казы i пяць клетак з ангорскiмi трусамi. Усё гэта ўцiснецца ў хлеў i будзе грэцца ўласнай цеплынёй i дыханнем.
- Уявiць не магу, што будзе з фермай, калi я не застануся, - разважлiва прамовiў Рой. Каб нешта вырашыць, ён чакаў дапамогi ад Джэка, але ведаў, што Джэк не можа нiчога парадзiць яму. - Бяда яшчэ вось у чым, - працягваў Рой. Сэму стукнула ў галаву, што на ўсёй Гуронскай паласе трэба паставiць крыж i што для дробнага фермера тут усё скончана. - Ён пачакаў, спадзеючыся, што Джэк будзе адмаўляць гэта, адмаўляць, што ўся iхняя акруга вымерла.
- А ён мае рацыю, Рой, - сказаў Джэк, i абодва яны паглядзелi цераз вузкую паласу раллi на лес, якi распасцiраўся на поўнач аж да палярных снежных пустэч. - Дробныя фермы аджылi сваё, зараз яны не пракормяцца.
- А як жа ты?
- Перабiваюся, бо зараз ёсць попыт на ўсё, нават на трусiны пух i свiную шчэць. Але хiба гэта сапраўднае фермерства, Рой? У фермераў тут адна надзея вялiкая ферма, шмат розных пасеваў, шмат жывёлы, iнвентару i машын. Але на дробнай ферме нiчога гэтага мы не даб'ёмся, ды, мажлiва, i на вялiкай таксама. Нiкому не пад сiлу набыць увесь iнвентар, якога патрабуе гэта зямля. Адзiны спосаб - гэта арганiзавадь агульны фонд, дзе можна было б наняць трактар, конныя граблi, жняярку, а то i проста працаваць на iх агулам, пераязджаючы з фермы на ферму. Але ўрад нават пальцам дзеля гэтага не паварушыць, дык мо i праўда гэтыя фермы аджылi сваё. Вось хiба толькi калi наладзiць узаемадапамогу i агульны збыт...
Роя здзiвiла, што ў Джэка таксама свае клопаты i трывожныя думкi.
- Цябе паслухаць, дык ты таксама не супраць скончыць справу i здацца, сказаў ён Бэртану.
- I не падумаю! Я нiколi не здамся!
Тонкiя губы ў яго сцiснулiся, на худых скулах выступiлi два белыя жаўлакi. Рой засмяяўся.
- Табе варта заняцца палiтыкай, - сказаў ён. - Напрыклад, у фермерскiм аб'яднаннi.
- Што аб'яднаннi? Там толькi тое i ведаюць, што рабiць паскудства i рваць чужы кавалак з рота. Нам трэба аднавiць прагрэсiўную партыю. Працерцi ўсё з пясочкам. Нiякiх пасрэднiкаў i лiхвяроў, нi спекулянтаў, нi працэнтнай кабалы, нiякiх асаблiвых прывiлей царкве, чыгункам i лясным кампанiям. Знiзiць узносы па закладных, зняць адсоткi, нiякiх падачак дзялкам з грамадскай казны.
- I сярэднюю адукацыю!
- Так, i сярэднюю адукацыю!
- Эх ты, фермер Джэк! - выразна прамовiў Рой.
- Дык што, застанешся на зiму тут? - памаўчаўшы, спытаў Джэк.
- Не, я гэтага не магу. - Рой глыбока засунуў рукi ў кiшэнi сваёй брызентавай курткi. - Вось што, Джэк, мо знайшоў бы ты каго-небудзь, хто згадзiўся б папрацаваць з Сэмам гэтую зiму? Грошай Сэму даваць не варта. Усё адно ён iх змарнуе. Я хацеў пакiнуць iх табе i папрасiць, каб ты плацiў работнiку штотыднёва. Мо з памочнiкам Сэм неяк справiцца. Як ты лiчыш?
- Зараз цяжка знайсцi работнiка.
- Я ведаю.
- Цi многа ты можаш пакiнуць?
- Каля трох соцень. Па сотнi на месяц.
- Гэта добрая аплата, ды толькi зараз нiхто не хоча працаваць на ферме.
Рой прыхiнуўся да загарадкi, вялiкiм i ўказальным пальцамi ён падняў шапку за казырок, а астатнiмi паскроб у валасах, затым зноў насунуў шапку. - Гэта ўсё, што я магу прыдумаць. Альбо заставацца самому.
- Не, табе заставацца не варта, Рой, - сказаў Джэк Бэртан. - Я каго-небудзь знайду. Як ты думаеш, калi ён яму спатрэбiцца?
- З наступнага месяца.
- А ты ўпэўнены, што Сэм захоча каго-небудзь, акрамя цябе?
Рой пакруцiў галавой. Гэтага ён не ведае. Да таго ж ён не ведае, што скажа Руф Мак-Нэйр.
Нават ведаў, пра што ён думае.
- Спадзяюся, ты яшчэ заспееш Сэма, калi вернешся з зiмовага палявання. Вядома, работнiк - гэта дапамога, але я на гэта не разлiчваў бы.
- Хто купiў коней? - раптам спытаўся Рой.
- Бiлi Эдвардс, з таго берага.
- А адкуль у яго грошы?
- Пазычыў пад ураджай. Добрыя былi конi, Рой. Ён iх выкармiў як мае быць i, я думаю, ужо апраўдаў свае грошы, здаючы коней у наймы.
- Бедны Сэм, - сказаў Рой, i яны выйшлi з хлява.
Джэк павёў Роя паказаць сваю гаспадарку: свiнарнiк i куратнiк, а пасля i саму хату, дзе куча светлагаловых дзяцей валтузiлася на падлозе каля знерваванай мацi.
Яны спусцiлiся ў пограб, дзе Джэк паказаў сваё паветранае ацяпленне: вакол старой жалезнай печы ён выклаў цагляную награвальную камеру, i, калi печ грэлася, гарачае паветра паступала ў хату праз сiстэму прадушын у падлозе. Зараз у печы яшчэ не палiлi, i ў пограбе было холадна, але суха. Джэк атынкаваў сцены i замазаў шчылiны. На падлозе, на палiцах i на лавах была раскладзена гароднiна летняга i асенняга збору: гарбузы, буракi, кукуруза, бульба, нават зялёныя памiдоры, яблыкi, агуркi i некалькi слоiкаў сушанага гароху. Прыпасаў на зiму было дастаткова. Яны вылезлi з пограба i ўселiся на кухнi, застаўленай бутэлькамi i слоiкамi з нарыхтоўкамi мiсiс Бэртан. Рой захапляўся цеплынёй i ўтульнасцю гэтай кухнi. Нават абшарпаныя сцены - i тыя мелi надзейны выгляд. На адной з iх красавалася сурвэтка, на якой было вышыта: "Маме". Над ёй вiсела скрыпка без струн.
- Вось закончыў пограб, цяпер вазьмуся за верх, - сказаў Джэк, заўважыўшы, што Рой азiраецца навокал. Вось яна, пастаянная чарга рамонту, падумаў Рой, спачатку хлеў, свiнарнiк i куратнiк, затым пограб, i толькi пасля ўсё iншае.
- Мэй, - звярнуўся Джэк да жонкi, - у цябе нiчога не знойдзецца Рою ў дарогу?
Мiсiс Бэртан ужо выставiла перад Роем два слоiкi: адзiн - з парэчкамi, другi - з чырвонай капустай. Невядома, хто бянтэжыўся больш - госць цi гаспадыня, але Рой пераадолеў няёмкасць, ён запiхаў у кожную кiшэню па слоiку, а дзецям дастаў свае ледзянцы. Ён купiў iх сабе, але ў яго быў яшчэ адзiн пакецiк у мяшку ў Дзюкэна.
- Пайду, наведаю Сен-Клэра, - сказаў ён Джэку i хутка ўстаў.
- Толькi глядзi, каб у цябе не было з сабой грошай, - папярэдзiў Джэк, праводзячы Роя. - Калi хочаш з iм выпiць, лiчы, што тваiх грошай не будзе.
- I адкуль у табе гэты закон i парадак, Джэк? - сказаў Рой. Яны пастаялi моўчкi. - Дык я прышлю табе тры сотнi. А ўбачымся, хутчэй за ўсё, яшчэ да Каляд - на возеры.
- Хутчэй, што так, Рой.
- Дык, значыць, месяца праз паўтара.
- Так, Рой. Бывай! Да хуткай сустрэчы!
Рой ужо кацiўся па схiле да дарогi, ногi яго ўздымалi клубы пылу, i вецер адносiў iх. Пылу было не вельмi многа, але з цягам часу маленькая нерухомая хмарка станавiлася ўсё больш густой, i хутка Джэк бачыў толькi пыл, а пасля i хмарка знiкла сярод дрэў.
Раздзел трэцi
Зел Сен-Клэр быў чалавечак невысокi, меншы за Роя i худы. Французы Сент-Элена сцвярджалi, што сваiмi запалымi шчокамi, пранiклiвым позiркам, сiнню на падбародку i слабым, такiм слабым целам ён падобны на маленькага высахлага французскага кюрэ. Але Рою не было нiякай справы да гэтай клерыкальнай знешнасцi, ён бачыў у Зеле штосьцi больш зразумелае, напрыклад насiльшчыка, якi ненавiдзiць сваю працу.
Рой знайшоў яго па гуку сякеры на далёкiм канцы лясной расчысткi Джэка Бэртана. Зел ссякаў вялiзную бярозу, i ўсё цела яго паўтарала ўзмахi сякеры.
- Цяжкая праца для ляснога валацугi! - звярнуўся да яго Рой.
Зел абапёрся на бярозу i перадыхнуў.
- Гэта ўсё iнспектар, каб на яго лiха, - сказаў ён.
Рой засмяяўся.
- А хiба дрэнны iнспектар? Захоўвае закон i парадак.
- Пачакай, хутка здаволiцца. Я пра гэта паклапачуся.
- Ты лепш пра сябе паклапацiся. Калi ён убачыць цябе ў лесе, тут табе i канцы.
- I яму будуць канцы! - сказаў Зел i правёў Роя праз гушчар, якi ён высякаў. Чатырохвугольная высечка, зацiснутая скаламi i лесам, ужо часткова зарасла лiпай, ядлоўцам i густымi парасткамi бярозак. Ёй было толькi чатыры цi пяць гадоў, але праз год-два яна стане сапраўдным лесам, якi давядзецца высякаць як след, сякерай. Зараз Зел Сен-Клэр яшчэ мог справiцца з бярозай вялiкiм садовым нажом або з дапамогай пала, i за сякеру браўся толькi дзеля сасны або рослай бярозы. Джэк Бэртан своечасова аб'явiў вайну наступу лесу, купiўшы гэтую высечку летам i ачышчаючы яе да зiмы. Рой цанiў Джэка, ён быў перакананы, што з часам Джэк стане знакамiтым чалавекам у Сент-Элене, калi толькi Сент-Элен i дробныя фермы наогул ацалеюць. Зараз, пасля размовы з Джэкам, Роя гэта турбавала асаблiва.
- Выпi! - Зел Сен-Клэр падаў яму бутэльку з нейкiм пойлам, падазрона празрыстым i бясколерным. Зел дастаў яе з дупла, дзе ў яго ляжалi куртка i нож. - Дастаў у Оле Андэрсана. Жывая вада!
Рой выпiў i адчуў на нёбе лёгкi прысмак анiсу, але калi гэтае пойла абпалiла гартань, ён зразумеў, што п'е амаль голы спiрт. Яны выпiлi зноў.
- Гэтая штука даканае цябе, Зел, - сказаў Рой.
- Не гэта, дык iншае, - з сумам азваўся Зел, i яго перакручанае сухое цела не выяўляла першай умовы жыцця - жадання жыць.
Гэта прыгнятала Роя. У лёсе Зела ён убачыў лёс усiх звераловаў, пазбаўленых права на паляванне. Ён прапанаваў французу выпiць яшчэ, i сам таксама глынуў.
- А мо iнспектар яшчэ верне табе твой участак? - сказаў яму Рой.
- Забярэ яго ў Брэка Гарта i аддасць мне? Напэўна ж не!
- А чаму ты не пойдзеш на поўнач, на новыя тэрыторыi? Тут нам усё адно няма чаго рабiць, ты ж гата ведаеш. Чаму ты не дасi дзёру на поўнач, Зел?
- А жонку i дзяцей кiнуць тут?
- Пражывуць, пакуль ты там увойдзеш у сiлу.
Зел пакруцiў галавой, i Рой зразумеў, што ўсё гэта ён шмат разоў перадумаў i адкiнуў усе варыянты як безнадзейныя, яшчэ нiчога не зрабiўшы.
- Iнспектар пахаваў мяне тут, - сказаў Сен-Клэр, - i ён нацкуе на мяне ўсiх iнспектараў на поўнач ад Муск-о-гi. Але ўсё роўна ён не выжыве мяне з Сент-Элена. Я пайду ў лес i ўсё адно буду займацца паляваннем, хоча гэтага iнспектар цi не, а калi сустрэнемся - тым горш для яго.
Траперы звычайна адпускалi ў адрас iнспектара сама страшныя пагрозы, i слухачы прывыклi не прымаць iх усур'ёз альбо прымалi з вялiкай скiдкай. Але ў двух выпадках Рой быў схiльны верыць у сур'ёзнасць пагрозы: з боку Сен-Клэра з-за яго азлобленасцi i Мэрэя - з-за яго абыякавасцi: той не выяўляў да iнспектара нi павагi нi нянавiсцi, але, сустрэўшыся твар у твар, ведаў бы, што зыход адзiн - забiць альбо быць забiтым. Да гэтага часу Рой заўсёды лiчыў, што Мэрэй для iнспектара больш небяспечны, але злосць Зела была такой лютай, што гэта пачынала турбаваць Роя, i ён зноў прапанаваў выпiць.
- Я на возеры буду адразу ж за табой, - сказаў яму Зел. - Вось закончу гэтую расчыстку i тады мне хопiць на правiянт.
- Хiба Джэк Бэртан плацiць табе за гэтую расчыстку?
- А як жа.
- Дык, значыць, Джэк пасаромеўся прызнацца ў сваёй велiкадушнасцi!
Рой засмяяўся.
- Згодна з маiмi разлiкамi, я буду там у сярэдзiне лiстапада, - сказаў Зел.
- Гарачы будзе сезон, - сказаў Рой. - Вiдаць, паўгорада збiраецца ў лес, у тым лiку i сам iнспектар. Занадта людна будзе там, Зел, занадта людна. - Рой так i не вырашыў, што яму падабаецца больш: кантакты з людзьмi, калi iх многа збiралася ў лесе, цi дзiўная адзiнота падчас палявання, далёка ад людзей. Зараз, падагрэты гарэлкай, ён быў за кампанiю. - Вядома, - сказаў ён Зелу. Прыходзь у любы час. Карыстайся любой з маiх хацiн - i пайшоў ён к чорту, iнспектар. А што чуваць пра Мэрэя? Дзе ён? Я не бачыў яго ад вясны.
Сен-Клэр пiльна зiрнуў на Роя, а затым сцiшыў свой слабы голас так, што яго было ледзь чутна.
- Рой, - сказаў ён. - Мэрэй гэтай восенню не вяртаўся. Ён пайшоў у заказнiк Срэбных Даляраў, каб выбраць i зладзiць там зiмоўку.
- У пушны заказнiк?
- Так, у заказнiк. Аднойчы яго ўжо злавiлi там, але другi раз не зловяць. Заказнiк мае тысячу квадратных мiль, i ён ведае там азёры, i рэкi, i балоты, пра якiя самi абходчыкi нiчога не ведаюць. Ён i зараз там, вядзе разведку звяроў. А за дваццаць гадоў звяроў, вiдаць, развялося там безлiч, аж кiшаць. Асаблiва баброў, Рой. Там, вiдаць, гэтага бабра так многа, што скурак i на трактары не вывезеш. Вось мы па яго i рушым. Хочаш разам з намi? У снежнi.
Двойчы, калi выпадала дрэннае паляванне, Рой ставiў пасткi ў заказнiку Болд-Рывер, якi з захаду блiзка падыходзiў да Муск-о-гi. Тады яго не мучыла сумленне, але пазней, калi разважыў, ён двойчы вырашаў нiколi больш гэтага не рабiць: з-за некалькiх скурак не варта трапляць у турму i губляць права на паляванне. I зараз, калi б ён не выпiў столькi гэтай атруты, ён адразу ж адмовiў бы Зелу, сказаў бы рашучае "не". Але зараз у iм загаварыла гарэлка.
- О, гэта было б добра! - усклiкнуў ён. - Браць баброў у заказнiку! Вось разышоўся б наш iнспектар! - ён засмяяўся.
- Што ж тут складанага, Рой, асаблiва калi нас будзе трое.
- А я вам навошта? - рэзка спытаўся Рой.
Зел ведаў, што Роя не падманеш.
- Паслухай, Рой, - сказаў ён. - Ты лепшы звералоў у цэлым Муск-о-гi. Ты адзiн можаш налавiць баброў больш, чым палова трапераў усёй тэрыторыi, было б толькi што лавiць. А ў заказнiку - там баброў колькi хочаш. Там на балоце гэтулькi хатак, што бабрам есцi няма чаго. Што яшчэ табе патрэбна? I ўся гэтая пушнiна ў адным месцы: не трэба рабiць дзесяткi мiль дзеля праверкi пастак, вышукваць сляды. Увесь бабёр жыве ў адным месцы, толькi i чакае добрага звералова. Цябе, Рой. Гэта ж зусiм проста, праўда. За адзiн раз ты з намi наловiш гэтулькi, што хопiць, каб сабрацца на поўнач i яшчэ застанецца. Бабёр заўсёды ў добрай цане, ты ж гэта ведаеш. Справа выгадная.
- Цi не занадта, Зел?
- Вось пачакай, паразмаўляеш з Мэрэем, пагаворыш з iм. Утрох мы дамовiмся. Ну як?
Перспектыва была зваблiвая, i Рой задумаўся, перш чым адказаць.
- Дык пойдзеш?
Рой уздыхнуў. У iм абудзiлiся рэшткi перасцярогi.
- Не. Арудуйце вы ўдвух з Мэрэем. Вы свабодныя валацугi, Зел. А я цягавiты трапер.
- Не доўга i табе засталося. Звяроў жа няма.
Яны дапiлi гарэлку, i гэта зрабiла iх шчырымi сябрамi i неразлучнымi кампаньёнамi. Сен-Клэр склаў iнструмент у дупло, апрануў куртку, i яны рушылi ў адзiны бар Сент-Элена. Гэта быў, двухпавярховы будынак з дошак, ён меў шэсць пакояў; некалi тут знаходзiлася багатая крама. Там, дзе раней быў мясны прылавак, зараз абсталявана стойка, а на палiцах замест розных тавараў шклянкi i бутэлькi з рознымi напiткамi. Рой i Зел Сен-Клэр завалiлiся ў бар нiбыта два знясiленыя мулы, якiя вось-вось упадуць насамi на зямлю ад непасiльнай ношы.
- Клем, - гукнуў Рой бармену-янкi, - я сабраўся ў пекла, дык дай мне якога-небудзь мядзведжага пойла, каб хутчэй дабрацца туды. Дай мне гэтага Блэк-энд-Блю. Даставай бутэльку.
Рой яшчэ памятаў, як налiў сабе, Зелу; памятаў, што Клем налiў па шклянцы сабе i Джэку Прату, адзiнаму сент-эленскаму блазну. А пасля ўсё перамяшалася, паплыло - i ён не ведаў, што адчуваў i, асаблiва, што рабiў. Цьмяна помнiў усё новыя порцыi выпiўкi, тое, як падаў i падымаўся зноў, i як яго нехта бiў; хлапчукi, якiя дражнiлi яго на вулiцы: "Ты п'яны, Рой, ты буянiш, Рой". Але ён ужо не помнiў, як пераконваў iх: "Ну што вы, хлопцы. Хiба ж я п'яны?" - i як шпурляў у iх камянямi, калi яны не супакойвалiся.
А пасля хлапчукоў у памяцi быў правал да таго самага моманту, калi ён прачнуўся ў густой цемры, увесь хворы i збiты. Галава ажно трашчала, яму было блага. Ён ляжаў нерухома, iмкнучыся разабрацца, дзе ён. Гэта яму доўга не ўдавалася, ён крыху паварушыўся i раптам адразу зразумеў:
- Джынi, - сказаў ён цiха.
Тая, што ляжала побач, не зварухнулася. Рой таксама не варушыўся i доўга прыслухоўваўся, як яна дыхае ў глыбокiм сне. Пасля ён асцярожна злез з ложка i ледзьве выстаяў, бо так моцна пахiснуўся. Ён ведаў, дзе мусiў быць яго касцюм, але доўга не знаходзiў яго. Седзячы на падлозе, ён нацягнуў шкарпэткi i боты i тут заўважыў, што акно крышку пасвятлела.
Апрануўшыся, ён прашаптаў яшчэ раз: "Джынi!" Яна не адказала, i ён падышоў да яе. Рой не мог чакаць больш i як мага хутчэй выбраўся з пакоя. На кухнi ён цяжка ўздыхнуў i пачаў шукаць сваю брызентавую куртку i пакет. Яны ляжалi ля акна на куфры. Апрануўшы куртку, ён пачаў шукаць шапку i знайшоў яе ў кiшэнi разам з чатырма кавалкамi мыла "Люкс". У пакеце былi два слоiкi - падарунак мiсiс Бэртан i два iншыя, яшчэ цёплыя, пакладзеныя туды Джын Эндрус. Ён не глядзеў, што яна яшчэ паклала туды, але яму давялося запалiць лямпу, каб напiсаць запiску з просьбай перадаць трыста даляраў Джэку Бэртану.
Яму зноў стала так блага, што ён сеў на куфар i схапiўся за галаву. Яго апаноўваў сорам, i ён iмкнуўся хутчэй выйсцi з гэтага здранцвення, каб пайсцi не сустрэўшыся з Джынi. Уласна, ён ведаў, што хацеў сысцi не толькi ад Джынi, але i ад сябе. Найбольш страшныя i ганебныя для яго былi гадзiны п'янага забыцця. Раней Джынi Эндрус расказвала яму, якiя гадасцi вытвараў ён у п'яным выглядзе, непаўторную брыдоту. Гэта заўсёды гняло яго, ён заўсёды баяўся зрабiць паскудства, нават проста звычайную няветлiвасць. З часам яна перастала саромiць яго, зразумеўшы, што яму самому невыносна сорамна. Наадварот, яна старалася суцешыць яго, нагадваючы, якiм ён можа быць добрым i бяскрыўдным. Але Рой не ведаў, у што верыць, i чым больш яна падбадзёрвала яго, тым больш ён сумняваўся. Пакаянне было непазбежна, i ён хацеў пакiнуць яе вось так, сярод ночы, - каб толькi не сутыкнуцца днём вочы ў вочы з ёй i з самiм сабой.
Ён цiхенька прычынiў уваходныя дзверы i на хвiлiнку затрымаўся на парозе, глынуўшы цудоўнага халоднага паветра. Калi ён праходзiў мiма акна спальнi, Джынi пачула яго цяжкае дыханне i сама таксама цяжка ўздыхнула, бо баялася гэта рабiць з таго часу, як пачула, што Рой прачнуўся. Вось ён i пайшоў, i памiж iмi зноў зiма, яшчэ адна доўгая канадская зiма.
На ферме нi Сэм, нi Руф яшчэ не ўставалi, бо толькi бралася на дзень. Рой пастараўся iх не разбудзiць, бо ведаў: Сэм зноўку пачне дабiвацца ад яго адказу на пытанне, якое Рой хацеў лiчыць вырашаным. Калi б ён дачакаўся Сэма i сказаў яму, што Джэк нойме i заплацiць работнiку, Сэм мог бы не пагадзiцца, i Рою давялося б пачынаць усё спачатку. Рой аддаваў усё гэта Джэку, якi павiнен расказаць Сэму i тым самым зрабiць яго адмову немажлiвай. Сэм прыме работнiка. Сэм не паедзе, не пакiне ферму. Джэк Бэртан уладзiць усё гэта з Сэмам, справа зараз за Джэкам.
Рой пераапрануўся i амаль што бягом пусцiўся ў горад.
У Дзюкэна ён прайшоў праз заднiя дзверы. Заплечны мяшок для яго быў гатовы, увесь заказ спакаваны, i Рой яшчэ раз з удзячнасцю ацанiў спрыт i дзелавiтасць Пiта Дзюкэна. Нават новыя пасткi былi распакаваны i прымацаваны як след - звонку мяха. А пад пасткi была засунута бутэлька Блэк-энд-Блю.
Рою яна была патрэбна як нiколi.
- Малайчына, Пiт, - сказаў ён i адкупорыў бутэльку, каб адразу ж глынуць.
Яго адурманеную галаву i абпалены язык ашаламiла новым ударам.
- Ух! Гэтая i быка звалiць! - прамовiў ён голасна.
Рой закiнуў мяшок за плечы, ссунуў з хворай галавы пас, запхнуў бутэльку ў кiшэню i рушыў у дарогу. Кожны раз, калi яму хацелася глынуць, даводзiлася абапiрацца аб дрэва, каб мяшок не перакулiў яго, калi ён закiдваў галаву. Было нязручна, i халодны спiрт сцякаў па падбародку на патылiцу.
- Гэтая i быка звалiць! - паўтараў ён пасля кожнага глытка.
Ён пiў зараз, каб забыцца, што быў п'яны, i каб вытравiць з памяцi ўсе тыя непрыемнасцi, якiя засталiся там, у гарадку. Па-першае, як ён дабраўся да хаты Джын Эндрус учора вечарам? Гэта заўсёды было яго першай загадкай. Яму заўсёды ўдавалася дабрацца туды, але як - ён нi разу не мог успомнiць. Затым Сэм. Сэм хоча кiнуць ферму. Рой ведаў, што яму варта застацца i неяк уладзiць справу. Трэба было застацца i самому прапанаваць Сэму наняць работнiка, а не пакiдаць рашэнне за Сэмам. Сэм можа адмовiцца. Гэтая паўмера Роя можа толькi падштурхнуць яго на нешта адчайнае. Сэм можа адразу ж сабрацца i з'ехаць. Але Рой ведаў, што Джэк Бэртан не дапусцiць гэтага. Джэк угаворыць яго застацца. Джэк знойдзе яму работнiка, Джэк падтрымае яго. Зараз справа за Джэкам. Нават Сент-Элен - i той зараз трымаецца на Джэку. Джэк, якi не здаецца, якi не дасць выжыць сябе з фермы нi зямельным банкам, нi адсоткам па закладной, нi драпежнiкам i рвачам, нi падаткам, нi недахопу iнвентару, зямлi, дапамогi, асушэння, грошай i прадбачлiвасцi. Сент-Элен будзе iснаваць, пакуль ёсць Джэк, а пакуль яны абодва на месцы, не забудзецца, не прападзе i Рой, там, у самай глыбiнi лесу. "Не, не здамся! Вытрымаю!" Ён усё яшчэ адчуваў i ўсведамляў.
Ён зноў выпiў. На гэты раз ужо за сябе: ён развiтваўся з Сент-Эленам, пакiдаючы там занадта мала сябе; пакiдаючы прывiд Эндзi, якога там мо i няма, хоць хто ведае; пакiдаючы ўсё не вырашаным. Рой апошнi раз iшоў на паляванне ў гэты лес, ён гэта ведаў; ён прадчуваў гэта i ў мiнулыя гады, але сёлета ён ведаў гэта дакладна. Участак спустошаны. Гэта ён таксама ведаў i ў мiнулыя гады, але зараз павiнна адбыцца канчатковая праверка, так гэта цi не так. Вось тады ўсё i пачнецца. Пайсцi на поўнач i пакiнуць Сент-Элен. А што пасля? безнадзейна пытаўся ён у самога сябе. Цi будзе тут Сэм i старая ферма, цi будзе тут Джынi i ён сам альбо лес канчаткова праглыне яго, адарве ад людзей i пакладзе на яго сваю лапу? Не! Ён не жывёлiна. Чым больш назiраў ён за звярамi, тым больш востра адчуваў, што ён чалавек i мае патрэбу ў людзях. Лес i пустыня не праглынуць яго, але Сент-Элен мусiць дапамагчы яму. Сент-Элен, i Сэм, i Джынi, i Джэк Бэртан, i сама гэтая скупая, дзiкая зямля.
Рой ужо дабраўся да той мясцiны на пад'ёме, дзе старая лесавозная дарога залазiла на голы гранiтны грэбень. Каб пераканацца, што iснуе Сент-Элен, яму трэба было азiрнуцца. Вось ён, на месцы, яшчэ не прачнуўся, асветлены страшным зарывам усходу. Рой пастаяў, пераступаючы з нагi на нагу, ён чакаў, цi не з'явiцца дымок, маленькая чорная фiгурка, грузавiк, хоць нейкая прыкмета жыцця. Усё было пуста, i Сент-Элен бачыўся такiм, нiбыта ён прайграў сваё змаганне з лесам i хутка знiкне. Такiм Рой i панёс яго з сабой у лес, калi збочыў з дарогi ў падлесак, з п'янай галавой, п'яны пад цяжкiм грузам, з п'янымi вачамi i п'яным распухлым ротам, увесь п'яны, высмактаўшы белую бутэльку i шпурнуўшы яе перад сабой так, што яна на друзачкi разбiлася аб камянi, п'яны да непрытомнасцi, акрамя ног, якiя яшчэ пераступалi, i iнстынкту накiрунку. Менавiта яны i вялi Роя ў глыбiню лесу яшчэ доўга пасля таго, як свядомасць зусiм пакiнула яго.
Раздзел чацверты
Рой стаяў адной нагой у чоўне, а другой адштурхнуўся i вывеў яго з маленькай скалiстай бухты. I адразу ж ён укленчыў на адно калена i пачаў грабцi, скарыстоўваючы разгон ад штуршка. Вострае вясло хутка пагнала човен па цiхай вадзе. Яго дужыя рукi так дакладна прыкладвалi сваю сiлу, што не было нi рыўкоў, нi затрымкi, а толькi настойлiвае i роўнае слiзганне цвёрдага брызентавага корпуса, якi разразаў ваду.
Ён плыў па Мускуснай затоцы, якая вяла яго да галоўнага возера i галоўнай з яго хацiн i была адным з асноўных участкаў яго палявання. Гэта быў штучны вадаём, пакручасты i зарослы, утвораны старой бабровай запрудай, якая так надзейна перагарадзiла ручай, што атрымалася азярцо з крутымi, густа зарослымi лесам берагамi. Iдэальнае месца для мускуснага пацука - андатры. Не надта глыбока, дно i берагi густа ўкрытыя асакой, рагозам, стрэлкалiстам i чаротам i дуплiстымi карчамi - важная ўмова для андатры. На шэра-карычневай паверхнi вады скрозь вытыркалiся травянiстыя, злепленыя з гразi i галiнак астраўкi. На большых былi норы андатры, на меншых яны спакойна харчавалiся, будучы ў бяспецы ад сваiх ворагаў. Рой скiраваў човен да аднаго з такiх астраўкоў. Некаторымi з iх ён карыстаўся як прыкрыццём, прынаджваючы качак, i зараз, калi човен выйшаў на адкрытую ваду, з iх узнялася хмара чыркоў, крохаляў, чырвонагаловых i чарнакрылых дзiкiх качак i свiстух. Яны ўзнялiся невялiкiмi шумнымi купкамi i знiклi.
Каля аднаго з астраўкоў Рой падняў дзвюх качак, якiх ранкам падстрэлiў з берага. Ён кiнуў iх на дно лодкi i зноў павярнуў да берага, каб пачаць агляд пастак.
Рою да гэтага часу было блага, але гэта была слабасць папраўкi. Ён не памятаў, як дабраўся да балота, не памятаў нават, як пакiнуў Сент-Элен. Ведаў толькi, што прачнуўся сёння ранiцай у сваёй хацiне на балоце, што яго моцна ванiтавала i што нейкiм чынам ён захаваў цэлым свой мяшок - нават яйкi. Горшае мiнулася, але i зараз ён з цяжкасцю мог засяродзiцца на тым, што робiць. Яму даводзiлася напружваць памяць, каб не прапусцiць пастку. Ён ведаў, што на гэты раз, як нiколi, трэба не прапусцiць нiводнай. Абловам на гэтым балоце заўсёды пачынаўся ў яго зiмовы сезон, i заўсёды гэта было паказчыкам, якога можна чакаць палявання. Ён ужо наблiжаўся да першай пасткi, як раптам пачуў, што яго клiчуць з водмелi перад хацiнай.
- Рой! Рой Мак-Нэйр!
Човен уткнуўся ў вялiзны камяк злiплых водарасцей.
- Хто там? - гукнуў Рой. - Гэта ты, Джэк?
Ён падумаў, што гэта Джэк дагнаў яго, каб сказаць, што Сэм усё кiдае цi мо, што вярнуўся Эндзi Эндрус.
- Гэта я. Скоцi Малькольм.
- Скоцi? Прывiтанне, Скоцi, зараз прычалю. - Голас Роя прагучаў цiха i блякла, губляючыся ў балотным зараснiку. Кароткiмi ўдарамi вясла ён павярнуў човен да хацiны. - Хiба ты ў Сент-Элен?
- Не. Я з табой у лес, - адказаў Скоцi.
- Тады табе пашанцавала пазбыцца доўгай дарогi, бо праз паўгадзiны мяне тут не было б.
Скоцi Малькольм паляваў разам з траперам, якога ўсе называлi Самсонам. У кожнага быў свой участак, але палявалi яны разам. Iхнiя ўчасткi знаходзiлiся на паўночны захад ад Роя, i праехаўшы на чоўне Роя па возеры, Скоцi выйграваў дваццацiкiламетровы пераход па высокiх хрыбтах, якiя вялi ў яго гаспадарку.
- Я ўчора даведаўся, што ты пайшоў з Сент-Элена, - сказаў Скоцi i нагнуўся, каб схапiць човен за нос. - Ну i шпарыў жа ты. Я iшоў палову ночы, каб дагнаць цябе.
Скоцi Малькольм усеўся на камень, каб зняць мяшок, i падаў Рою ружжо. Гэта быў танклявы, вёрткi, жыццярадасны кельт, не вышэйшы за Роя, гадоў на дзесяць маладзейшы за яго па ўзросту i гадоў на дваццаць - складам цела. Ён быў апрануты як сапраўдны паляўнiчы i трапер, не тое што Рой, якi меў выгляд рабочага лiцейшчыка па дарозе на завод. У Скоцi была хоць i паношаная, але сапраўдная паляўнiчая шапка. Яго шарсцяная куртка была спартовага крою, яго боты былi паляўнiчыя боты, з гумовымi галоўкамi i высокiмi халявамi з мяккай скуры.
- Глядзi, не намачы свае боцiкi, - сказаў Рой, калi Скоцi апусцiў свой цяжкi мех на дно чоўна. Боты ў Скоцi i ў лесе заўсёды былi вычышчаны да бляску, i кожны год хто-небудзь дражнiў Скоцi, што яны распалохаюць звяроў, атруцяць ваду, заблытаюць усе сляды i падпаляць лес.
- Глядзi, не патапi лодку, - не застаўся ў даўгу Скоцi.
Калi ён усеўся, узяў у рукi другое вясло, замалаванае скураной лямкай, але адразу ж мусiў адпусцiць яго i схапiцца за борт, бо Рой адхiнуўся назад i моцна нахiлiў човен.
- Што здарылася, Рой? - гукнуў Скоцi цераз плячо. - Ты што, стаў стары для вясёлых забаў?
- Гэта ўсё твая вага: як перац, не ўраўнаважыш.
- Гэта ўсё ты, бяздонная бочка, бач, набраўся.
- А ты даўно стаў непiтушчым?
Скоцi не адказаў. Скоцi не быў непiтушчым, з гэтым ён мусiў згадзiцца, але ён заўсёды дакладна адрознiваў дабро i зло, нават у самiм сабе, i асаблiва ў Роя, якi часта не спраўджваў яго надзей.
Яны адштурхнулiся ад берага i паплылi да першай пасткi Роя.
- Як гэта ты яшчэ не вылавiў гэтае балота ўжо шмат гадоў таму? - сказаў Скоцi.
- Андатра ў гэтым балоце не звядзецца нiколi, Скоцi. Яшчэ не было нiводнага сезона, каб я не ўзяў тут хоць што-небудзь.
- Магчыма. Але. што ты маеш на ўвазе пад што-небудзь?
- Тры, часам чатыры пацукi на дзесяць пастак. Часам вясной справа даходзiць да недамеркаў, але тады я здымаю пасткi i даю iм падрасцi. Дзiўна, Скоцi, але я заўсёды вылоўлiваю сама старых i сама вялiкiх пацукоў, а потым iдуць усё драбнейшыя.
Рой меў права гаварыць пра андатры, бо (з iх дваiх) ён быў знатаком. Усе траперы ставiлi пасткi на розных звяроў, але большасць з iх спецыялiзавалася на нейкiм адным. Рой заўсёды працаваў у сваiм стылi - быў спецыялiстам масавага аблову. Ён спецыялiзаваўся на тых пушных звярах, якiя збiраюцца ў вялiкай колькасцi ў пэўным месцы: бабёр альбо андатра жывуць супольна ля плацiн i на балоце; яны нiкуды з месца не сыходзяць i штогадовым прыплодам не толькi аднаўляюць колькасць, але i павялiчваюцца. Скоцi аддаваў перавагу больш палахлiваму i рухомаму, але i болей каштоўнаму зверу: норцы, кунiцы, ласцы зверу-валацугу, якога трэба было ўмець высачыць, выведаць сцежкi, вадапоi, начлегi.
Першая пастка была пустая, але не на ўзводзе.
- Вiдаць, сарваўся, - сказаў Скоцi, утрымлiваючы човен на месцы.
- Ды не. Гэта сiстэма "Вiктар" са складаным засцерагальнiкам, яны безадмоўныя. Сама спрытная андатра, i тая не вызвалiцца. А гэтая, вiдаць, ссунула старажок.
- А чаму ты не паставiш пастку глыбей у нару, каб яна не магла зайсцi збоку?
- Тады цягне за ланцужок.
Пастка стаяла ў харчэўнай нары. Гэта была невялiкая ямiна ў рыхлым абрыве, верхняя частка знаходзiлася над узроўнем вады, нiжняя - пад вадой. У пошуку кала, якiм была замацавана пастка, Рой апусцiў рукi глыбока ў ваду.
- Ты што, дастаеш яго? - спытаў Скоцi.
- Не. Забiваю глыбей.
Рой падрыхтаваў пастку i паставiў яе ў нары пад вадой.
- Цяпер не выцягне, - сказаў ён.
Затым Рой зрэзаў тры цi чатыры сцяблiны чароту i ўваткнуў iх у гразь ля пасткi як сцiплую прынаду.
Яны аб'ехалi ўсё балота, агледзелi ўсе пасткi: i ў харчэўнях, i ў начлежных норах, i на купiнах, дзе пацукi пачаргова пакiдаюць сляды пахкага лiпкага мускусу, выклiкаючы на спатканне або на паядынак; i ля дупляных карчоў, якiя служылi iм уборнымi. Нiдзе, нiчога.
- Засталося яшчэ два, - сказаў Рой.
- Здаецца, ты можаш паставiць крыж на гэтым балоце, - сказаў Скоцi.
Але ў апошнiх пастках было па андатры.
- Неблагiя, - сказаў Скоцi.
- Сярэднiя, - запярэчыў Рой, кiдаючы пацукоў у човен. - Упершыню ў мяне на гэтым балоце такая няўдача.
- Дзве на дзесяць пастак - гэта няблага, Рой. Рою давялося згадзiцца, але раптам ён прыняў рашэнне.
- Давай пройдзем яшчэ раз. Я здыму палову гэтых пастак. Навошта яны будуць дарма сядзець у гэтым балоце.
- Хiба табе не хапае пастак?
- Не.
- Дык навошта здымаць iх?
- Пустая справа, Скоцi. Пустая справа.
Яны знялi чатыры з дзесяцi пастак i пераправiлiся на другi бераг возера, дзе i прыпынiлiся сярод густых водарасцей. Скоцi вылез першы i прытрымлiваў човен, а Рой не захацеў больш мачыць ногi. Ён закiнуў мех за плечы i перадаў ружжо Скоцi. Стаўшы на каленi, Рой хуткiм рыўком закiнуў човен сабе на галаву, i яны пачалi перанос. Вёслы, замацаваныя ў скураных уключынах, ураўнаважвалi човен на плячах, а барты ўпiралiся ў перадплечча. Галоўнае было - трымаць раўнавагу, i Рой свабодна размахваў рукамi, iдучы за Скоцi па вузкай лясной сцежцы ўгару па крутым пад'ёме.
Яны не размаўлялi. Яшчэ да канца пад'ёму пайшоў дождж. Спачатку вельмi малы, каб прабiць сасновыя галiны, навiслыя над сцежкай, але з часам ён пачаў лiць на iх цэлыя ручаi вады, i яны iшлi то мокрымi прагаламi, то нагрэтымi сухiмi алеямi з соснаў, дзе было суха над галавой, суха ў паветры, суха ўсюды. Так i дайшлi яны да перавала. Пераадолеўшы яго i пачаўшы доўгi спуск, яны ўсё часцей траплялi на мокрыя прагалы i праз гадзiну пакручастага спуску прамоклi да касцей i выбралiся да вузкага канца возера Акулы.
- Спусцi човен на ваду, а я пагляджу. Тут у мяне дзве пасткi на норак, сказаў Рой. Ён апусцiў човен на водмель i пайшоў па беразе памiж скаламi i бураломам. Пасткi стаялi ля ўвахода ў жыллё норак, ля самай вады. Рой зiрнуў на гладкую скалу, якая спускалася да пляскатай пясочнай водмелi, i яшчэ раз падумаў, што няма лепшага месца для норкi. Але ў гэтыя пасткi за ўсю вясну не трапiла нiчога. Зараз таксама нiчога не было, i ён зняў iх.
- Ты становiшся занадта разборлiвы, Рой, - сказаў Скоцi, калi ўбачыў пасткi. - Навошта ты зняў i гэтыя?
- Тут няма больш пушнога звера, - сказаў Рой.
- Ты занадта патрабавальны, - Скоцi залез у човен. - Звер прыходзiць i сыходзiць, - дадаў ён.
- Ён сыходзiць, сыходзiць i сышоў ужо! - сказаў Рой. - Ва ўсякiм разе адсюль ён сышоў.
- А ты на сябе проста дурноту напускаеш, - сказаў Скоцi, i ад моцнага ўдару вясла нос чоўна так нырнуў у ваду, што Рою давялося двойчы спрацаваць вяслом, каб яго выраўнаваць. - Ты гэтулькi гадоў даказваеш, што ўчастак пусты, але кожны раз нейкiм чынам спраўляешся. Пушнiны становiцца меней i дзiчыны таксама, але гэтую справу можна паправiць. Так бывала заўсёды.
- А зараз не тое. З кожным годам звер адыходзiць усё далей на поўнач.
Ад дажджу вада стала нiбыта мёртвая, i нос чоўна лёгка рэзаў яе падатлiвую паверхню. Хоць час наблiжаўся да поўдня, бачнасць праз дождж была дрэнная.
- Сыходзiць на поўнач, - паўтарыў Скоцi. - Усе вы зацыклiлiся на гэтым. Усе збiраюцца iсцi на поўнач.
Рой i сам не быў перакананы, цi правiльна ён робiць, калi здымае пасткi. Хто ведае, мо гэтая пакорлiвасць адчаю i зборы на поўнач - усё гэта толькi адлюстраванне яго краху ў Сент-Элене.
- А як жа iначай, Скоцi, - звярнуўся ён да дужай спiны i моцнай патылiцы спераду ад сябе. - Усiм нам давядзецца альбо iсцi на поўнач, альбо асесцi на ферме ў Сент-Элене. Так што выбiрай, Скоцi. Выбiрай любое з двух.
Увесь час паездкi па возеры яны не пераставалi спрачацца.
- Паслухай, але з гэтым ты мусiш згадзiцца, - сказаў нарэшце Скоцi, калi яны пачалi працягваць човен цераз вузкую перамычку да апошняга возера. - Калi ты не перастанеш здымаць адсюль пасткi, то гэтай зiмой пушнiны ў цябе не будзе.
Зараз Скоцi цягнуў човен на галаве, а Рой iшоў спераду, пасмiхаючыся з таго, што Скоцi ў спрэчцы, як i заўсёды, занадта прымае ўсё да сэрца. Але мiжволi хацелася падзялiць аптымiзм Скоцi адносна iх будучынi, i хоць сам Рой занадта цвяроза глядзеў на рэчы, каб з iм пагаджацца, усё ж слухаць яго было прыемна. На iмгненне гэта ажывiла ў iм страчаную веру ў свой паляўнiчы ўчастак.
Перш чым выпраўляцца на апошняе возера - возера Т, галоўную базу паляўнiчай гаспадаркi Роя, яны спынiлiся паснедаць у адной з яго старых, закiнутых хацiн. Калiсьцi паляўнiчым цэнтрам Роя былi Мускусная затока i першая збудаваная на ёй хацiна. Пазней ён перасунуўся на поўнач i збудаваў гэтую хацiну на возеры Т. Яшчэ пазней, дзесяць гадоў таму, ён перайшоў яшчэ далей на поўнач i збудаваў сваю трэцюю хацiну на другiм беразе возера, да яе было дзве гадзiны на лодцы. Як i многiя азёры Канады, гэтае возера было названа з-за сваёй формы, якая нагадвала вялiкую лiтару Т. Зараз яны знаходзiлiся ля асновы лiтары, а каб патрапiць у апошнюю хацiну Роя, трэба было падымацца па сярэдняй палачцы, павярнуць налева i плысцi да канца папярочкi.
- Дзе твой ключ? - спытаў Скоцi, калi яны скiнулi мяхi ля парога хацiны i атрэслiся ад дажджу.
- А чаму ты не хочаш раскласцi вогнiшча тут, на паветры? - спытаў Рой.
- Навошта? Хiба ты зняў печку?
- Не, яна стаiць на месцы, - адгукнуўся Рой i дастаў ключ з цвiка пад страхой.
Скоцi адчынiў дзверы, i яны ўвайшлi.
Рою гэтага не хацелася, ён не любiў заходзiць у свае закiнутыя хацiны. Яна была збудавана моцна, сухая, але ўнутры неверагодна занядбаная. У ёй стаяў цяжкi пах гнiлi, i ўсё было запаскуджана мышамi. Мышы пагрызлi матрац, i ўся хацiна аж да самых крокваў была ў рэштках мачалы i раслiннага пуху. Усюды - на палiцах, на груба змайстраваных сталах, у печы i нават у лямпе былi мышыныя гнёзды. Рой i Скоцi затупалi нагамi, i большасць мышэй схавалася, але некаторыя засталiся i нахабна пазiралi на нечаканых гасцей.
Адна не магла выбрацца са слоiка, пакуль Скоцi не павалiў слоiк, а тады шуснула прэч. Рой сплюнуў у далонь тытунёвую жвачку i папусцiў гэтым камяком ў апошнюю мыш, якая сядзела на печы. Ён не трапiў, але мыш схавалася ў адчыненай канфорцы i болей не паказвалася. Гэта была вялiкая беланогая палёўка, iншыя ж былi звычайныя шэрыя хатнiя мышы i адзiн пацук, на якога Скоцi доўга паляваў, выганяючы бярозавым паленам з усiх куткоў, i нарэшце забiў, калi той кiнуўся ў адчыненыя дзверы.
- Навошта ты яго забiў? - спытаў Рой.
- Заўсёды забiваю пацукоў, - сказаў Скоцi. - Ненавiджу гэтых гадзiн!
- А чым яны больш гiдкiя за мышэй? Забiваеш адных, забiвай усiх!
- Не, пацукоў я не пераношу, - адказаў Скоцi.
Рой не спрачаўся. Iншым часам ён прымусiў бы яго яшчэ раз выкласцi свае тэорыi пра дабро i зло ў свеце жывёл. Але Рой ужо забыўся пра Скоцi. Аглядваючы хацiну, ён адчуваў, што час i жыццё бягуць надта хутка. Яшчэ параўнальна нядаўна гэтая хацiна ў глыбiнi лесу жыла паўнакроўным жыццём - i здавалася, што гэта будзе доўжыцца бясконца. Зараз яна была занядбана i амаль што разбурана. Яшчэ крыху - i пазы разыдуцца, страха правалiцца, бярвеннi патрэскаюцца, падлога прагнiе i ўся пабудова развалiцца. Пакуль што яна выглядала моцнай, але Рой ведаў, што яна асуджана. Гэта было своеасаблiвым напамiнкам, што лес можа праглынуць усё - чалавека, хацiну, увесь пасёлак Сент-Элен. Рой падумаў, што нават не лес разбурае справы рук чалавечых, а само жыццё апераджае iх. Рой не мог бы вызначыць гэта больш дакладна, але часам у яго ўзнiкала думка, што ў гэтым вiнаваты чалавек, што прырода заўсёды будзе перамагаць людзей, калi людзi не справяцца з прыродай яе ж зброяй. Ён цвёрда верыў у перамогу чалавека над прыродай, але гэтая хацiна была доказам, што ён часткова пераможаны, што звер сышоў ад яго сваiм шляхам, на поўнач, i што хутка яму давядзецца iсцi туды таксама. Гэта было правобразам таго, што чакае i Сент-Элен, калi голы гранiт i бясплодная зямля перамогуць Сэма i фермера Джэка.
- Пайшлi адсюль, - сказаў ён Скоцi. - Лепш перакусiм на паветры.
Яны замкнулi дзверы хацiны i расклалi цяпельца ля самага возера.
Гэтая паласа вады была для Роя сапраўдным домам. Ён любiў плысцi па ёй i назiраць, як яна рассоўваецца перад iм у шырокае палатно возера, як растуць высокiя скалы, а затым становяцца нiжэйшымi i знiкаюць, схаваныя густымi зараснiкамi пiхты, елак i соснаў. Менавiта тут ён зноў пачынаў асаблiва востра адчуваць лес. Для яго гэтае возера было пачаткам бязлюднага краю, якi распасцёрся неабжыты i некрануты да самага залiва Гудзона. Тое, што на карце памiж возерам i Арктыкай былi пазначаны паселiшчы i гарады, не мела значэння. Гэта былi вялiкiя канадскiя лясы, i чым вышэй Рой уздымаўся па возеры Т, тым шчыльней яны абступалi яго. Калi дождж сцiх i неба пасвятлела, перад iм узнiклi знаёмыя скалы, дрэвы i хрыбты. Яны так выразна адбiлiся ў яго галаве, што ён нават не ўсведамляў, што бачыць iх, i ўсё адно кожны раз знаходзiў нешта новае, асаблiва калi вяртаўся з Сент-Элена.
- Ты прыкмецiў, што сасна i елка абганяюць бярозу, - сказаў ён Скоцi.
Яна знаходзiлiся на памежжы асновы i перакладзiны лiтары Т. Насупраць iх, за сама шырокiм плёсам, быў круты схiл хрыбта, якi цягнуўся па самым беразе на тры-чатыры мiлi. Яны добра бачылi лес па ўсiм схiле, лес, спаласаваны раз'юшанасцю лесаруба i агню.
Гэта быў маладняк на высечках, найбольш густыя зараснiкi моцнай бярозкi, ужо аголенай блiзкай зiмой. Бярозы ярка бялелi на фоне чорнай зямлi, скал, што прыпiралi iх да схiла. Але якiм частым нi быў узор бяроз, цёмна-зялёныя верхавiны пiхты i елкi станавiлiся ўсё больш шматлiкiмi. У барацьбе за сонца памiж маладымi бярозкамi i хваёвымi дрэўцамi марудлiвыя ў росце хваёвыя ў рэшце рэшт бралi верх. Рой ведаў, што яны перамогуць бярозу. Хутка ўся акруга зноў стане хваёвым лесам, калi толькi апантаныя лесарубы альбо шалёныя пажары не знiшчаць увесь хваёвы маладняк.
- А што я табе заўсёды кажу, Рой, - прамовiў Скоцi. - У лесе ўсё мяняецца. Тое, што часова знiкае, пазней вяртаецца зноў. Звер таксама вернецца, як i гэтыя пiхты.
Рой задзёр галаву i засмяяўся.
- З цябе атрымаўся б добры святар, Скоцi.
- Не разумею, чаму гэта заўсёды ўзбрыдзе табе ў галаву, - сказаў Скоцi.
- Заўсёды спадзяешся ўбачыць тое, чаго на самай справе няма, - настойваў Рой.
- А на тых астравах ты ставiў пасткi? - спытаў Скоцi, перастаўшы веславаць, калi яны выйшлi на шырокае месца.
Справа ад iх, у самым цэнтры возера, над вадой уздымалiся два зарослыя рэдкiм лесам астраўкi - вяршынi дзвюх падводных скал.
- Не, калi замерзне, я стаўлю там дзве пасткi на лiсу, - адказаў Рой.
- Ты губляеш добрыя мясцiны для спажывы, - зазначыў Скоцi. - На такiя вось астраўкi норкi залазяць у гнёзды качак i чаек. Пастаў тут пару пастак, Рой.
- Але праз тыдзень-другi ўсе птушкi паляцяць, - сказаў Рой. - А з iмi сыдуць i норкi.
- Дык гэта ж праз некалькi тыдняў. I ўсё адно, калi возера замерзне, норкi там абавязкова будуць.
Рой ужо даўно страцiў надзею злавiць хоць адну норку на гэтых астравах, але зараз яго перапаўняла энергiя. Лес завалодаў iм, i ён павярнуў човен да выспы.
- Ладна, угаварыў ты мяне, Скоцi! - гукнуў ён. - Давай, мо паспеем паставiць пастку-другую i да змяркання вярнуцца дамоў.
Iх аб'яднанымi намаганнямi дванаццацiфунтовы човен хутка рэзаў цiхую ваду. Яны так старалiся, што нос чоўна задраўся, а карма асела. Адхiнуўшыся, яны знарок перанеслi цэнтр цяжару назад, каб плысцi на адной карме i такiм чынам зменшыць супрацiўленне вады. Трэба было быць першакласным грабцом, каб так моцна грабцi пры такой нераўнамернай i вялiкай нагрузцы, але абодва былi майстрамi сваёй справы. Яны хвалiлiся адзiн перад адным, старалiся разагнаць лодку як мага мацней кожны пад час свайго грабка. Удары вёслаў былi ўсё больш хуткiя i рэдкiя, човен усё больш задзiраў нос, але нiкому з iх не ўдавалася перамагчы. Зрэшты, вага i сiла тут не мелi значэння. Патрабавалася майстэрства i вынослiвасць, i абодва не здалiся да самай выспы.
Дапамагаючы адзiн аднаму, яны паставiлi тры пасткi на абедзвюх выспах. Працавалi спорна i хутка, скарыстаўшы дзеля прынады адну з падстрэленых Роем качак.
- Хутчэй, Скоцi, - сказаў Рой i адштурхнуў човен ад берага, ледзь дачакаўшыся сябра. - Я зусiм не збiраюся прагульваць цябе па возеры. Бярыся за вясло. Я з табой так папрацую, што ты да хацiны ледзьве дойдзеш. Давай, Скоцi! Давай!
Цяпер яны па-сапраўднаму спяшалiся, i было не да размовы. Толькi зрэдку Рой адкiдваў галаву i смяяўся, смяяўся з iхняга спаборнiцтва, смяяўся з напружаных i рухомых плячэй Скоцi, якiя мiльгалi перад iм, смяяўся ад зваблiвай радасцi зноў быць у лесе паблiзу ад сваёй хацiны.
Урэшце Рой замучыў Скоцi: ён быў маладзейшы, да таго ж гэта быў звыклы шлях Роя, якi спяшаўся дамоў. Вечарэла, а Рой быў нястомны ў змаганнi з цемрай. Рой, калi сказаць праўду, гроб за дваiх, калi яны ўцягнулiся ў вузкi залiў возера i перад iмi на самым беразе раптоўна з'явiлася нiзкая драўляная хацiна, якая нiбыта прысела на вялiзным пляскатым валуне.
- Вось табе i прыемнае вiдовiшча, - сказаў Рой стомленаму Скоцi. - Хацiна ў лесе, вяртанне паляўнiчага дадому.
- Дзе яго нехта чакае, - дадаў Скоцi.
З комiна iшоў дым, i калi яны спынiлi човен у скалiстай бухце, дзверы хацiны адчынiлiся i з iх выйшлi двое.
Раздзел пяты
- Сахаты! - усклiкнуў Рой.
Гэта быў мажны мужчына. Паводзiў ён сябе бяспечна, хадзiў няспешна. З бяспечнасцю сапраўднага ляснога валацугi пераадолеў ён дваццаць ярдаў, якiя аддзялялi хацiну ад вады. Ён быў вельмi падобны на ляснога звера, iмем якога яго назвалi, i Рою заўсёды здавалася, што яму былi б да твару i магутныя рогi сапраўднага лася.
- Няўжо гэта Рой? - прамовiў Мэрэй, i ў гэтых словах не было таемнага сэнсу, усё было як на далонi, упэўнена i спакойна да апатычнасцi.
- А адкуль ты ведаў, што гэта не iнспектар? - радасна гукнуў Рой, даючы волю сваёй радасцi.
- Ды яшчэ з таго берага чуваць, як ты рагочаш, - сказаў Мэрэй.
- Хэло, Самсон, - звярнуўся Рой да другога. - Я прывёз табе твайго напарнiка.
Самсон быў зусiм iншы. Недзе пасярэдзiне памiж моцна збiтым мацаком Роем i моцнай высокай фiгурай Сахатага. Калi б не было побач Мэрэя, Сахаты здаваўся б волатам. Але не за рост узнагародзiлi яго мянушкай. З-за густой чорнай барады назвалi яго Сахатым. З-за барады i яшчэ з-за рашучых рухаў, рашучай паходкi i рашучай постацi: поўная процiлегласць Мэрэю, якi ўзвышаўся над iм па волi прыроды, а не па сваёй уласнай волi.
- Ты што, п'яны? - спытаўся Самсон у Роя.
- Спытай у Скоцi, - адказаў Рой. - Ён то цвярозы, але зусiм стамiўся.
Мэрэй i Самсон пацягнулi ў хацiну мяхi i ружжы, а Рой са Скоцi тым часам выцягнулi човен з вады i перавярнулi яго на берагавое каменне. Рой падняў двух злоўленых пацукоў i накiраваўся да хацiны так шпарка, быццам выбiраўся ў вялiкi пераход. Скоцi зусiм знясiлена шкандыбаў за Роем.
- Ты толькi панюхай, Скоцi, - сказаў Рой, калi яны ўвайшлi ў хацiну.
Калi Рой убачыў распалены агонь i варыва, ён зусiм растаў.
- А што ў цябе на патэльнi? - спытаў ён у Мэрэя.
- Ды вось падстрэлiў аленяня ля Нябеснага возера, - адказаў Мэрэй, адразаючы яшчэ два кавалкi ад неразабранай тушы аленя, якая ляжала побач. Ён кiнуў мяса на вялiкую патэльню i заняўся кухарствам, а Рой i Скоцi прыселi на адзiн з ложкаў, каб разабраць мяхi.
- Як маецца твой сябар iнспектар? - спытаў Мэрэй.
- Збiраецца зiмой адведаць нас, - сказаў Рой.
- Ты, вядома, запрасiў яго? - прабубнiў Самсон.
- Вядома! - адказаў Рой, маючы асалоду ад таго, што ён адзiны чалавек, якi можа кiнуць выклiк iнспектару, за што яго i дражнiлi, быццам яны з iнспектарам сябры закадычныя.
- А ў нас i пастка для iнспектара падрыхтавана, - сказаў Самсон.
Пайшла гаворка пра iнспектара, якая станавiлася тым больш ажыўленай, чым большымi былi пагрозы. Больш за ўсiх адпускаў пагроз Самсон, найбольш спакойным быў Скоцi, якi заявiў, што iнспектар, уласна, выконвае свае абавязкi.
- Эх, iнспектар, iнспектар! - толькi i прамовiў Мэрэй.
Рой, здымаючы боты i шкарпэткi i раскладваючы iх на падлозе ля печы, слухаў i падахвочваў iншых. Седзячы на ложку i хiстаючы тоўстымi босымi нагамi, якiя не даставалi да падлогi, ён паволi прывыкаў да сяброўскiх абдымкаў сваёй хацiны.
- Падкiнь дроў, Сахаты, - сказаў ён у такт сваiм развагам. - Нарэшце паляўнiчы вярнуўся дадому!
Рой чакаў, што той адгукнецца на яго закiд, але Мэрэй толькi цiха ўсмiхнуўся, i гэта засмуцiла Роя. Ён заўсёды iмкнуўся рассмяшыць Мэрэя па-сапраўднаму, прымусiць яго сыграць сваю ролю ў гэтым лясным спектаклi, але Мэрэй хiба што зрэдку кiдаў лянiвую заключную рэплiку. Адзiны раз ён засмяяўся, калi Рой упершыню назваў яго лясным валацугам.
Мэрэй працягваў кухарыць, а Рой дастаў сцiзорык з доўгiм лязом. Ён плюнуў чорнай ад тытунёвай жвачкi слiнай на брусок, падвастрыў нож i пачаў абдзiраць скуркi з андатры.
- Ты калi-небудзь бачыў, як янот есць пацукоў? - спытаў Рой.
- Ды тут нiколi не было янотаў, - адказаў Мэрэй.
- Яны ўсе сышлi на поўнач, - укалоў Роя Скоцi.
Рой засмяяўся:
- Праўда твая, Скоцi. А вось у мiнулым годзе я бачыў янота на балоце. Ён рабаваў мае пасткi. Аднойчы ноччу, седзячы на купiне, я бачыў, як ён распраўляўся з маiм пацуком. Пачаў ён з таго, што адгрыз яму галаву, затым сцягнуў скурку вось так, як i я зараз. Калi ён скончыў, я яго застрэлiў. Атрымаў гатовую скурку пацука i ў дадатак янота.
- Ты, вiдаць, яго выдрэсiраваў, - сказаў Самсон. - Калi назiраеш, як ты распраўляешся з гэтымi пацукамi, можна падумаць, што ў цябе ёсць iндзейская кроў.
Рой сцягваў скуркi на iндзейскi манер - ад галавы да хваста, замест звычайнага спосабу трапераў, якiя, наадварот, пачыналi з хваста. Яны паспрачалiся, як ужо дзесяткi разоў спрачалiся пра гэта. Рой даказваў, што, здзiраючы скурку ад галавы, чысцей аддзяляеш тлушч ад скуркi i не рвеш яе, у той час як Скоцi i Самсон даказвалi, што тады скурка перасыхае, псуецца i ломiцца. У рэшце рэшт апошняе слова засталося за Роем, бо яму заўсёды ўдавалася атрымлiваць сама высокую цану за пушнiну, хоць гэта на самай справе было вынiкам больш якаснай апрацоўкi скуркi, значна больш якаснай, чым у каго-небудзь у Муск-о-гi. Але i гэта не спыняла спрэчкi, i яны доўга яшчэ пярэчылi адзiн аднаму. Усе, акрамя Мэрэя. Ён не праяўляў нiякай цiкавасцi да розных спосабаў разбiрання пацукоў. Здзiраеш з пацука скурку... Ну, i здзiрай... Вось i ўсё!
- Янот, - сказаў Скоцi, - ведаў, што рабiў. Няма ў лесе лепшага звера, чым янот, - працягваў Скоцi. - I больш ахайнага, чым ён. Якi звер, акрамя яго, перш чым з'есцi мяса, памые яго ў вадзе?
- I як толькi ён яго не падсмажвае? - насмешлiва зазначыў Рой.
- Ну, але гэтае, ва ўсякiм разе, падсмажана, - сказаў Мэрэй пра свае бiфштэксы з аленя. - Давайце талеркi.
Яны елi, седзячы на сасновай лаўцы ля стала, прыбiтага да сцяны. Як i ўсё ў хацiне, стол быў самаробны, але не крывы i моцны. Рой майстраваў яго на гады. Ён збудаваў хацiну так моцна, што Самсон запэўнiваў, што гэта ён сам сабе змайстраваў труну. Але для хацiны яна была занадта вялiкая - дваццаць футаў на васемнаццаць, i без адзiнай шчылiны. Акрамя стала тут было два ложкi, галава да галавы, у адным канцы ля дзвярэй маленькi столiк з умывальным тазам, кладоўка, ля акна скрыня з дабром Роя i невялiкая жалезная печка. Усё было змайстравана грунтоўна: падлога моцная, з бярвення, без перакосаў i прагiбаў, страха з толю, чатыры акны. У адным кутку да самай страхi былi складзены бярозавыя цуркi, i Рой, на хвiлiну адарваўшыся ад яды, падкiнуў некалькi цурак у печку.
Стала горача, Самсон ускочыў i адчынiў дзверы.
- Тут задыхнешся з табой, - закрычаў ён.
- Снегавiк Самсон! - паскардзiўся Рой. - Ты калi-небудзь замерзнеш. Хутчэй за ўсё, у сваёй хацiне.
У супрацьлегласць хацiне Роя, у Самсона была хiлая хiбара, уся на скразняках. Самсон знарок трымаў яе ў запусценнi. Скоцi, якi жыў разам з iм, казаў, што зiмой у ёй зусiм невыносна, але Скоцi нiколi не скардзiўся, бо згодна з яго перакананнямi, ён мусiў улiчваць правы iншага. Яны абое пакутвалi ад гэтага, але Рой ведаў, што абое задаволены тым, як i чаму пакутуюць.
- Як гэта ты не задыхнуўся ў сваiм танку на фронце? - сказаў Рой Самсону. - Ты, вiдаць, свiдраваў дзiрачкi ў бранi, каб дыхаць свежым паветрам.
- Калi станавiлася горача, - сказаў Скоцi, - ён выскокваў i бег побач.
Франтавыя справы былi тым адзiным, чым Скоцi i Самсон дражнiлi адзiн аднаго. Яны разам пайшлi на фронт i служылi на адным танку, гэтаксама як i зараз жылi ў адной хацiне. Яны ваявалi ля Арнгема, вызвалялi Данiю, перапраўлялiся цераз Рэйн, а пасля вярнулiся дамоў, занялiся паляваннем; адзiн яшчэ больш загрубелы, другi з iдэямi. Мiж сабой яны захоўвалi мiр тым, што нiколi не спрачалiся, хоць Рой за апошнiя два гады шмат разоў спрабаваў справакаваць iх. Адзiн да аднаго яны адносiлiся з павагай, нават калi спрачалiся пра ваенныя справы, у iхнiх перапалках не было з'едлiвасцi, зусiм не было.
- Ведаеш, я ўжо амаль дабудаваў хацiну ў заказнiку, - спакойна заявiў Мэрэй, пакiнуўшы сваю валавяную талерку i абапёршыся на стол.
- Табе лепш было б не расказваць пра гэта ў прысутнасцi такiх законапаслухмяных грамадзян, - зазначыў Рой, налiваючы ўсiм па вялiкаму кубку кавы.
- А я думаў усiх вас запрасiць туды з сабой, - сказаў Мэрэй.
- Зел ужо запрашаў мяне, - азваўся Рой.
- А як вы? - спытаўся Мэрэй у астатнiх.
- А там норка водзiцца? - спытаў Самсон.
- Што толькi там не водзiцца, - адказаў Мэрэй. - Усяго на ўсiх хопiць. Там можна налавiць столькi, што хопiць на шмат гадоў наперад, асаблiва бабра. Нiдзе не бачыў гэтулькi бабровых хатак, Рой.
- Дык як, Самсон? - спытаў Рой. - Пойдзеш туды?
- А ты? - спытаў Самсон.
- Мо i пайду, - падахвоцiў яго Рой. - Асаблiва калi пойдзеш ты.
Скоцi ведаў, што Рой можа справакаваць Самсона на любую, нават сама безразважлiвую справу. У мiнулым годзе, перад самым ледаставам, ён паспрачаўся з Самсонам на пяцьдзесят даляраў, што той не пераплыве возера. Самсон пераплыў, але пасля гэтага ледзьве выжыў. Зараз Рой падбухторваў Самсона на забаву яшчэ больш смяхотную i небяспечную, i Скоцi чакаў бяды.
- Калi вы, сябры, надумалi стаць мiльянерамi, - сказаў ён, - чаму б вам не абрабаваць банк? Гэта не больш рызыкоўна, чым паляваць у заказнiку.
- Ды нiхто цябе там i не ўбачыць, у заказнiку, - сказаў Мэрэй.
- Вельмi нават проста! - заявiў Рой.
- А яшчэ прасцей папасцiся, - папярэдзiў Скоцi.
- Яго прападобнасць, айцец Скоцi Малькольм, - сказаў Рой. - Чаго, уласна, ты баiшся? Iнспектара?
- Нiчога я не баюся, i iнспектара таксама, - сказаў Скоцi. - Вам, сябры, проста не церпiцца парушыць закон. Толькi i чакаеце выпадку. А як жа можна без закону? Чым была б без яго наша краiна?
- Менавiта тым, чым з'яўляецца i зараз, - адказаў за ўсiх Рой.
- Трэба ж ва ўсiм адрознiваць дабро i лiха, - настойваў Скоцi.
- Тады гэта лiха, - сказаў Рой. - Пойдзем, Самсон?
На барадатым твары Самсона было выразна бачна, як яму цяжка ўстрымацца супраць адкрытай каверзы.
- Скоцi? - усклiкнуў ён. - Што ты на гаты конт думаеш?
- Не, вы ўжо без мяне!
Самсон пацiснуў плячыма, i гэта было дастаткова выразным адмаўленнем, але Рой ужо не мог стрымацца i прыставаў да Скоцi аж да той пары, пакуль Мэрэю гэта не надакучыла.
- Ладна, адзiн або ўсе, - сказаў ён. - Але толькi кожны са сваiмi пасткамi.
Скоцi адчуў, што, бадай, перайшоў мяжу са сваiмi павучаннямi, ён пакалупаўся ў брызентавым мяху i дастаў бутэльку гарэлкi.
- Мара звералова, - сказаў ён Рою. - Пачынай!
- За вашу прападобнасць! - усклiкнуў Рой i адразу ж прыклаўся да бутэлькi, быццам чалавек, якi памiраў ад смагi.
Да гэтай пары Рой несур'ёзна адносiўся да прапановы Мэрэя паляваць у заказнiку. Разыгрываў на гэты конт ён i Самсона. Але ў душы ён ведаў, што заводзiць Самсона таму, што сам заведзены Мэрэем, паддражнiвае Самсона рызыкоўнай iдэяй таму, што яна i самога яго зачапiла за жывое. Заўсёдная гiсторыя. Даўнiшнi выклiк Самсону пераплысцi возера ўзнiк з насмешлiвай заўвагi Самсона, нiбыта Рой старэе. Ён перакiнуў насмешку на самога Самсона, i так атрымалася, што замест саракатрохгадовага мужчыны цераз возера паплыў малады дваццацiсямiгадовы чалавек. На гэты раз Роя выратавала тое, што Самсон ледзь вытрымаў гэтае выпрабаванне, i Рой з задавальненнем пераканаўся, што маладыя целы могуць быць менш вынослiвыя, чым тыя, што старэюць. Але зараз Мэрэй прапаноўваў сур'ёзна, i Рою даводзiлася аднаму змагацца са спакусай i самастойна рабiць выбар.
- Даўжыня таго возера каля дзесяцi мiль, - расказваў Мэрэй, пакуль усе чацвёра дапiвалi гарэлку. - З усiх бакоў у яго ўпадаюць рэчкi, i на кожнай бабровыя плацiны, так што ўсё навокал забалочана. На ўсiх запрудах, вiдаць, не менш трохсот бабровых хатак. А гэта значыць, не менш дзевяцiсот дарослых баброў. Так, Рой?
- А чаму ж нiхто iх там не ахоўвае? - спытаў Рой.
- Не ведаю, - сказаў Мэрэй, - але ўжо больш як пяць гадоў туды нiводзiн абходчык i носу не паказваў. Нам трэба толькi перакiнуць туды адзiн з тваiх чаўноў яшчэ да марозаў, тады можна будзе аблоўлiваць адну рэчку за другой. I ўся гэта першагатунковая пушнiна на адным пятачку!
Адзiн з чоўнаў Роя! Мэрэй патрабаваў шмат i ведаў гэта, як ведалi i Рой, i Самсон, i Скоцi. Але Мэрэй умеў прасiць, ён не лiчыўся з тым, пра што просiць, умеў прасiць з мiмаходнай абыякавасцю. Рой ухiлiўся ад прамога адказу.
- А скуль ты ведаеш, што абходчыкi туды не зазiраюць? - спытаў у Мэрэя Скоцi.
- Яны заўсёды пакiдаюць свае сляды, - сказаў Мэрэй. - Забiваюць слупы, пазначаюць дрэвы, дарогу. А вакол гэтага возера нiякiх слядоў альбо адзнак няма; я там усё аблазiў. Ва ўсякiм выпадку, да блiжэйшага кардона там не менш як трыста мiль, i гэта на самай ускраiне заказнiка.
- А мо яны пра гэтае возера наогул не ведаюць? - сказаў Рой.
- Я ў гэтым цалкам перакананы, - сказаў Мэрэй.
- Ты i мiнулым разам быў перакананы, аднак жа трапiўся, - сказаў Скоцi. Ён пашкадаваў, што дастаў бутэльку, баяўся, што яна магла падштурхнуць Роя да вар'яцкiх учынкаў, i лiчыў сваiм абавязкам змагацца за Роя супраць злачыннага ўплыву гэтага валацугi.
- Мiнулым разам, - спакойна азваўся Мэрэй, - мне давялося прайсцi праз увесь заказнiк, каб дабрацца да месца палявання. Вось яны мяне i высачылi. Але гэтае возера ў сама далёкiм канцы. Туды мы можам патрапiць, калi абыйдзем участак Iндзейца Боба i зрэжам на поўнач ад твайго, Скоцi, затым перацягнем човен праз хрыбет Белых гор i спусцiмся па далiне да Сярэбранай ракi. Возера крыху на поўнач, i знайсцi яго няпроста. Яно губляецца сярод соцень iншых азёр i ў самiм заказнiку i за яго межамi. Нам толькi трэба дабрацца туды да замаразкаў i аблавiць болей рэчак, пакуль яны моцна не замерзнуць. Iнакш давядзецца зрабiць добры шпацыр туды i назад.
Рой устаў i сплюнуў жвачку проста ў печку. Самсон быў заняты чарговым глытком з бутэлькi. Мэрэй круцiў самакрутку надзвычай старанна i вельмi лоўка.
Скоцi нервова пстрыкаў затворам свайго трыццацiпяцiкалiбернага рэмiнгтона.
- А чаму б i на самай справе нам не выправiцца туды, Скоцi? - раптам спытаў Самсон.
- Не, выбачайце! - паўтарыў Скоцi.
Рой больш не ўгаворваў Самсона. Але сам ён станавiўся ўсё больш перакананы ў сваiм рашэннi.
- Хоць яшчэ раз па-сапраўднаму паглядзелi б на баброў, - усё больш горача разважаў ён. - А то тут на гэтыя пакiнутыя хаткi глядзець гiдка. Калi пойдзе бабёр, увесь лес апусцее, а бабёр сыходзiць, Скоцi; мне ты можаш паверыць, ён сыходзiць. I ты гэта ведаеш, i я ведаю, i ўсе мы ведаем. Сыходзiць усё роўна як фермеры з Сент-Элена. Вылавiлi звера, выаралi зямлю.
- Проста ты сп'янеў раней часу, - зазначыў Скоцi.
- I ты, i iнспектар, абодва вы толькi i ведаеце, што нагадваць мне, што я п'яны!
Усе яны добра выпiлi, таму спрэчка разгаралася i пераходзiла на асобы, пакуль, нарэшце, Скоцi не закрычаў, iмкнучыся ўратаваць Роя ад самога сябе:
- Ты скончыш тым, што апынешся па-за законам, як Мэрэй!
Мэрэй зрабiў яшчэ глыток i спакойна слухаў iхнюю спрэчку.
- Я яшчэ не па-за законам, - пярэчыў Рой.
- Але хутка будзеш, - настойваў Скоцi. - Пападзешся на незаконнай лоўлi ў заказнiку, вось ты i па-за законам, Рой.
- Я не збiраюся пападацца, - крычаў Рой. - Я ўсё жыццё лавiў каралеўскую дзiчыну, аднак не пападаўся. Так, я страляў каралеўскiх аленяў у самой Англii i не пападаўся. Чаму ж мне трэба пападацца зараз?
Гэта была даўняя пахвальба Роя, кожны звералоў Муск-о-гi чуў ад яго самога альбо ад iншых, што Рой паляваў на каралеўскую дзiчыну ў Вялiкiм Вiндзорскiм парку. Падчас першай сусветнай вайны часць Роя была раскватаравана ў ваколiцах гэтага парка, i Рой пераконваў, што забяспечваў аленiнай увесь лагер, пералазячы праз каралеўскi плот, ловячы аленяня або лань i з дапамогай ротных кухараў замяняў ёю канiну, якую давала iм iнтэнданцтва. Гэта была адна з лепшых ставак Роя ў яго гульнi з жыццём, гэта, ды яшчэ тое, што ў шаснаццаць гадоў ён мог пахвалiцца, што акружнасць грудной клеткi ў яго рэкордная для ўсёй Канадскай армii.
- Чулi мы, як ты абедаў за кошт караля, - кiсла перапынiў яго Скоцi. Толькi ў Вiндзорскiм парку не было нiякiх iнспектараў, а ў заказнiку iх пяць. I яшчэ, Рой, трэба ж калi-небудзь спынiць гэтае браканьерства.
Рой засмяяўся.
- Мы браканьерым толькi таму, што нехта назваў гэта браканьерствам. Пачакай, вось хутка iнспектар аб'явiць мёртвы сезон на ўсе вiды пушнога звера ў нашым Муск-о-гi i кожную злоўленую табой мыш таксама аб'явiць браканьерствам.
- Ну, гэтага яны не зробяць, - сонна азваўся Самсон.
Рой выпiў тое, што заставалася на дне бутэлькi. Гарэлка была густая i мутная, i калi яна абпалiла яму язык, да Роя вярнуўся заснулы гумар.
- Самсон, - сказаў Рой, - калi кароль аб'яўляе бабра пацуком, а рысь мядзведзем, ён усё адно мае рацыю. Так сказана ў законе пра звералоўства i рыбалоўства. Губернатар таксама можа назваць кожную рэч, як ён захоча. Ён можа аб'явiць рыбу пушным зверам, ён можа ўсялякае стварэнне лiчыць каралеўскай дзiчынай i на ўсё заявiць каралеўскае права. Губернатар у дзяржаўным савеце можа аб'явiць бярозу пiхтай, сасну - клёнам, возера - ракой, дрэва - каменнем. На тое ён i губернатар. I калi ён заявiць, што ты браканьер, дык, клянуся Богам, Самсон, ты iм i будзеш, чым бы ты на самай справе не займаўся. Дык чаму ж нам не браканьерыць? I чаму б нам не паляваць у заказнiку? Што, хiба гэта не той жа лес? Усялякая дзiчына належыць лесу, а лес належыць траперам, гэтаксама, як Сент-Элен належыць фермерам, а Сэдберы - шахцёрам. Ты верыш у тое, што ты браканьер, толькi таму, што браканьерам цябе называе губернатар. Так! А ты паспрабуй злавiць мяне, калi я залезу ў лес!
- Ты п'яны! - з агiдай сказаў Скоцi.
- Ваша прападобнасць, вельмi шаноўны айцец iнспектар Скоцi Малькольм, прамовiў Рой.
- Дык што, ты i на самай справе туды збiраешся? - спытаў Скоцi.
Рой засмяяўся.
- А што, там i праўда процьма баброў, Сахаты?
- А як жа, - сказаў Мэрэй, якi з кожным глытком станавiўся ўсё больш спакойным, усё больш разважлiвым.
- Тады чаму б не пайсцi, - сказаў Рой. - Пайду. Хоць бы дзеля таго, каб паказаць нос гэтаму губернатару.
- Пакажы iм, Рой! - падтрымаў Самсон.
- Вось мы з табой i пакажам усяму свету, Самсон, - сказаў Рой.
- Мы з табой, - паўтарыў Самсон, устаючы на ўвесь свой рост побач з Роем.
- Самсон, - сказаў Рой, - даю пяцьдзесят даляраў, што ты не выкiнеш Скоцi за дзверы. Даю сто, што зачэпiш яго за парог!
Тут засмяяўся нават Мэрэй.
- А я даю яшчэ пяцьдзесят, што не скiнеш Роя ў возера, - сказаў ён Самсону.
Скоцi гаротна дапiваў гарэлку, а тым часам выклiкi станавiлiся ўсё больш адчайнымi.
- Хто лепшы стралок ва ўсiм Муск-о-гi? - раптам спытаў Рой.
- Я! - закрычаў Самсон.
- Ну што ж, паглядзiм, як ты падстрэлiш мыш у тым кутку з трыццацiпяцiкалiбернага ружжа Скоцi, - сказаў Рой. Ён узяў рэмiнгтон Скоцi i падаў яго Самсону. - Пяць даляраў!
- Дай патронаў, - папрасiў Самсон у Скоцi.
Скоцi зiрнуў на свайго напарнiка.
- Толькi не маiмi патронамi, - адрэзаў ён.
- Ну, хопiць, Скоцi, - прасiў Самсон.
Iншыя назiралi за iхняй перапалкай, чакаючы, што яна ператворыцца ў сварку. Яшчэ нiколi ў iх не заходзiла так далёка. Скоцi быў раз'юшаны, а Самсон поўны самаўпэўненай ганарлiвасцi, i абодва п'яныя.
- Калi вы распачнеце стральбу тут, хто-небудзь стане пацярпелым, - сказаў Скоцi.
- Перастань, Скоцi, - сказаў Рой. - Дай яму пастраляць.
Ведаючы, што гэтага рабiць нельга, але не жадаючы сварыцца з Самсонам, Скоцi разарваў пачак i даў Самсону прыгаршчы патронаў. Самсон сядзеў на адным ложку з Роем, а Мэрэй i Скоцi - на другiм, усе ў адзiн рад ля адной сцяны хацiны. Падстрэшша, з якога вылазiлi мышы, было на iншым канцы, на верхнiм бервяне, якое яднала сцяну са страхой. Па гэтым бервяне мышы маглi бегаць вакол усёй хацiны, але часцей за ўсё яны з'яўлялiся над дзвярыма. Гняздо, вiдаць, было ў iх у куце, за складзенымi цуркамi.
Чацвёра паляўнiчых чакалi з'яўлення першай мышы, ружжо ляжала ў Самсона напагатове папярок калена.
- Калi куля дасць рыкашэт, - сказаў Скоцi, - яна каго-небудзь з нас укакошыць.
- Мо i цябе, Скоцi, - сказаў Рой.
Самсон выстралiў.
Куля вылецела са ствала з хуткасцю каля двух тысяч футаў у секунду. Гэта была куля з мяккiм наканечнiкам, яна стукнулася ў сухое сасновае бервяно зусiм побач з мышшу, адкалола трэску, якою мыш расплюшчыла аб страху, адскочыла да бакавой сцяны i правалiлася ў бярозавыя цуркi. Гук выстрала i вiск рыкашэта прымусiў усiх прыгнуцца i на iмгненне знерухомець. Пасля гэтага Скоцi ўсклiкнуў:
- Ён заразiў твае пяць даляраў, Рой!
- I праўда, халера, патрапiў, - сказаў Рой.
Замест таго каб скончыць гульню, Самсон стаў хвалiцца сваiм майстэрствам.
Нават Скоцi не магло не падабацца, як страляе Самсон. Бо нават п'яны Самсон страляў лепш за ўсiх. Гук выстрала не прымусiў мышэй уцякаць, а толькi ўстурбаваў iх, i Самсон злёту дастаў куляй беланогую мыш, калi яна скокнула на пустую бляшанку з-пад тытуню.
- З такога ружжа нельга прамазаць, - сказаў Мэрэй.
Вiнтоўка Скоцi была новенькая, i яе затвор шчоўкаў з выразным гукам дакладнага механiзма. Гэта было першае, што набыў Скоцi на дэмабiлiзацыйную дапамогу пасля вайны. Безадмоўнае, сучаснае, дальнабойнае i трапнае ружжо. У самога Самсона быў стары бокфлiнт*, i Рой пераконваў, што няма на свеце ружжа больш няўклюднага i дрэнна збалансаванага.
* Двухстволка з вертыкальным размяшчэннем ствалоў.
Самсон карыстаўся самаробнымi валавянымi кулямi, вялiкiмi цяжкiмi балванкамi, якiя зблiзку забiвалi напавал, але на адлегласцi больш за шэсцьдзесят крокаў выдыхалiся.
- А ты паспрабуй са сваёй бранябойкi, - папрасiў Рой Самсона. - Паглядзiм, як лупiць гэтая гармата па маленькiх мышах.
Самсон паспрабаваў i прамахнуўся, валавяная куля зрабiла дзiрку ў страсе, неверагодны выстрал аглушыў iх гулкiм рэхам ад усiх чатырох сцен. Не вытрымаў нават Рой.
- Хопiць, - сказаў ён. - Смальнi вось з гэтага. - I ён падаў сваё ружжо.
Гэта быў паляўнiчы вiнчэстэр з рычажным механiзмам затвора, сама жаданае ружжо лесавiкоў усёй Амерыкi i асаблiва канадскiх трапераў. Яно было не даўжэйшае чым карабiн. Ложа ў яго было пашчапанае, механiзм затвора крыху расхлябаны, але ў руках Роя гэта было дасканалае ружжо. Для свайго калiбра яно мела зычны голас, i першасны шчаўчок яго рычажнага затвора супадаў з выстралам, так хутка ён адбываўся ў руках добрага стралка. Самсон зрабiў з яго два стрэлы: адзiн раз патрапiў, другi прамазаў.
Затым мышы пэўны час не паказвалiся, але ўсе чацвёра цярплiва чакалi.
Зараз кожны вышукваў сабе цэль, i калi перапалоханыя мышы зноў замiтусiлiся з кута ў кут, уверх па сценах i ўнiз па бярвеннях, - адзiн паляўнiчы за другiм спускаў курок, i ўсе разам прыгiналiся, калi куля рыкашэцiла над iхнiмi галовамi альбо скакала каля iх на падлозе. Толькi Скоцi не страляў. Ён любiў страляць, але не хацеў браць удзел у тым, што лiчыў жорсткай забаўкай.
- Гэтыя беланогiя мышы нiкому не робяць шкоды, - казаў ён. - Навошта вы iх расстрэльваеце? Пашкадуйце кулю для пацука.
Рой таксама нiчога не меў супраць мышэй, але сцвярджаў, што яны крадуць у яго шкарпэткi, зацягваюць у нару i робяць з iх гнёзды. Гэта было апраўданнем, да таго ж Рой наўрад цi ўсведамляў, што ён забiвае. Самсон ужо наогул не ўсведамляў, што робiць. Мэрэю было рашуча ўсё роўна, што ён робiць, усё роўна, што трапляла яму на мушку: птушка, звер цi чалавек. У яго была старая вiнтоўка ваеннага ўзору, няўклюдны прыклад якой ён абстругаў пад паляўнiчае ружжо. Гэта зрабiла значна цяжэйшай яе дульную частку, акрамя таго, падчас кожнага стрэлу вочы зацярушвала порахам, але бiла ружжо даволi трапна па асноўнай дзiчыне ласю; страляючы па ласю, ён рэдка прамахваўся.
- Глядзiце, - сказаў Рой у час чарговай перадышкi.
Невялiкая рабая ласка, выскачыўшы з кутка, пагналася за мышшу i знiкла ўслед за ёю. Яна мiльганула так хутка, што яны яе ледзьве прыкмецiлi.
- Яна ў мяне свойская, - сказаў Рой. - Ловiць мышэй.
- Вось гэта мiшэнь, - дадаў Мэрэй. - Рухомая мiшэнь, тое, што трэба.
Усе пагадзiлiся. Калi назiралi за ласкай, якая ганялася за мышамi, здавалася, што яна не адна, а не менш дзесятка. Ласка знiкала ў сама маленькай дзiрцы i вылятала адтуль з неверагоднай хуткасцю.
- Давайце прыбавiм святла, - сказаў Мэрэй i падцягнуў кнот газавай лямпы так, што яна ярка асвялiла падстрэшша, дзе схавалася ласка.
- Даю дзесяць даляраў, што нiхто не пападзе ў ласку, - сказаў ён.
Рой лiчыў гэтак жа. Ды ён i не хацеў пападаць у ласку.
Яна з'явiлася ў хацiне летам, калi ёй было некалькi месяцаў - яшчэ ў карычневай скурцы. А зараз яна ўжо насiла сваю белую зiмовую апратку i амаль што вырасла. Рой не хацеў, каб яе падстрэлiлi, але яму хацелася паспрабаваць выйграць у гэтай амаль безнадзейнай гульнi.
Яны сядзелi i чакалi, i кожны падрыхтаваў ружжо.
Самсон свiстаў i пiшчаў, iмкнучыся выклiкаць ласку са сваёй схованкi.
Скоцi насцярожана маўчаў.
Рой хiстаўся, хоць i меў насалоду ад гэтага спаборнiцтва.
Мэрэй чакаў, нiбыта нi пра што i не думаў.
Раптоўнае з'яўленне ласкi iмгненна выклiкала выстрал. Адбылося гэта так хутка, што ўсе здзiвiлiся, а яшчэ больш яны здзiвiлiся, калi ўбачылi, што ласка, разарваная куляй амаль папалам, звалiлася ў рукамыйны таз.
Усе зiрнулi на Скоцi.
- Не люблю ласку, - сказаў iдэалiст Скоцi. - Яна заўсёды на некага палюе крыважэрная. Забiвае дзеля таго, каб забiць.
- Вось гэта быў выстрал! - шчыра здзiвiўся Самсон удачы сябра.
Роя гэта амаль працверазiла, а Мэрэй гучна засмяяўся.
- Не сярдуй, Рой, - сказаў Скоцi, адчуваючы, што Рой незадаволены. Трымай! - ён зноў палез у мех i дастаў яшчэ адну бутэльку гарэлкi. - Гэтая яшчэ мо смачнейшая.
Рой выпiў, выпiў i Скоцi. Пра iншых яны забылiся, бо памiж Скоцi i Роем была даўняя спрэчка, якую не маглi зразумець Мэрэй i Самсон. Спрэчка была такая сур'ёзная i глыбокая, што нiкому з iх не трэба было зараз гаварыць. Яны ведалi думкi адзiн аднаго i без гэтага. Стрэл, якi забiў ласку, быў толькi чарговай праявай iхняй спрэчкi, i хоць абодва былi п'яныя, яны i зараз вялi спрэчку.
Рой быў матэрыялiст, аб'ектыўны назiральнiк жыцця лесу. Уласны вопыт навучыў яго, што ўсе звычкi i навыкi лясных звяроў (лютыя альбо спакойныя) гэта частка натуральнага працэсу, працэсу эвалюцыi i барацьбы за iснаванне, што кожны звер мусiў забiваць, каб выжыць, хоць у далейшым ён i сам можа стаць ахвярай больш дужага драпежнiка. Для Роя гэта быў натуральны працэс, тое, што варта прызнаць як iснасць, няхай сабе гэта жорстка цi мiласэрна, трагiчна цi смешна. Ён прымаў гэта як аб'ектыўны факт i даўно перастаў шукаць у гэтым працэсе дабро цi зло, бо сам ён не ўдзельнiчаў у гэтым. Рой ведаў, што чалавек стаiць збоку i над усiмi iншымi. Ён уключаецца ў працэс толькi як валадар, бо прырода i ўсё ў ёй варожае да чалавека. Прырода знiшчыла б людзей, калi б яны агульнымi намаганнямi не дабiлiся перамогi над ёй i не сталi кiраваць ёю. Рой заўсёды ўключаў сябе ў гэтую агульную барацьбу з прыродай; часткай яе былi i пабудова гэтай надзейнай хацiны, i скарыстанне чалавечага спрыту падчас адлову звяркоў: пушнiна на продаж, мяса на ежу - усё дзеля таго, каб выжыць у гэтай барацьбе з прыродай. Як iстота грамадская, якая здольная да спачування i самаабмежавання, Рой, вядома, меў свае сiмпатыi i антыпатыi i ў тым, што рабiў сам, i ў тым, што рабiлi звяры, але, сiмпатызуючы аднаму зверу, ён прымаў iх усiх i без патрэбы нiколi не ўмешваўся ў iхняе жыццё. Ён любiў назiраць за жыццём, не парушаючы яго рытму. Яму падабалiся мышы, але ён з задавальненнем назiраў, як ласка выконвае сваё прызначэнне, калi палюе на мышэй. Гэта была не жорсткасць, гэта быў закон жыцця. Часам Рой усё ж умешваўся, часам ён уключаў сябе альбо сваё ружжо ў гэты працэс, проста, каб паглядзець, што з гэтага атрымаецца, але нават i тады гэта было толькi развiццё працэсу, яго праверка. У астатнiм Рой захоўваў найстражэйшы нейтралiтэт. Часам жорсткасць таго, што адбывалася ў лесе, абурала яго, але ён нiколi не караў аднаго звера за жорсткасць у адносiнах да другога. Гэта было б таксама праявай жорсткасцi, яго жорсткасцi, а ён не хацеў быць жорсткiм. Ён забiваў мядзведзя, калi той нападаў на яго, аленя - калi патрэбен быў харч, бабра - за тое, што яго скурка патрэбна яму; але забойства дзеля забойства было яму агiдна. I не менш агiдным было б для яго забойства на правах нейкай боскай асобы, якая абвясцiла адных жывёл добрымi, другiх - дрэннымi, адных невiнаватымi, другiх вiнаватымi. Для Роя гэта было б адзнакай сама неверагоднай абстрактнай жорсткасцi, i менавiта ў гэтым быў сэнс яго маўклiвай спрэчкi са Скоцi Малькольмам.
Скоцi Малькольм быў iдэалiст, ён верыў, што iснуе агульнаабавязковы для ўсiх прынцып дабра i зла, што дабро i зло iснуюць на свеце, проста iснуюць, iснуюць як вышэйшы закон. Для Скоцi ўвесь жывёльны свет быў страшным асяроддзем, жорсткiм i злачынным кругаваротам: забi, каб не быць забiтым; працэсам, якi па самой сваёй сутнасцi заганны, заганны ў цэлым i ва ўсiх сваiх частках. Кожны раз, калi гэтага патрабавала яго пачуццё дабра i зла, Скоцi ўмешваўся ў гэты працэс. Ён забiваў саву, калi бачыў, што яна нападае на зайца; ён вызваляў муху з павуцiны i забiваў павука; ён забiў ласку, бо яна палявала за дробнымi мышамi. Ён не задумваючыся караў вiнаватых, бо дакладна ведаў, што добра i што дрэнна. Ён гэта ведаў, пакуль не сутыкнуўся з супярэчнасцямi, якiя ўзрушвалi яго. Сёння ён мусiў забiць ласку, бо яна напала на мышэй, але ж заўтра ён, магчыма, будзе вымушаны забiць лiсу, якая пагонiцца за ласкай.
Рой не пераставаў выкрываць гэтае слабае месца ў яго тэорыях, але Скоцi заўсёды пачынаў талкаваць пра жорсткасць, апраўданую i неапраўданую. Ён сцвярджаў, што некаторыя жывёлы горшыя за iншых i таму iх трэба вучыць. Гэта прыводзiла Скоцi да прызнання, што некаторых жывёл ён ненавiдзiць i пагарджае, а iншых паважае як узор прыстойнасцi i добрых паводзiн. Ён усiх лясных звяроў надзяляў чалавечымi якасцямi: жорсткасцю, вернасцю, ахайнасцю, стараннем альбо знарочыстай подласцю. Жывёл, якiя яму падабалiся, ён забiваў неахвотна. Тых, якiх ненавiдзеў, забiваў з задавальненнем. Ён ненавiдзеў норку, таму што норка, гэтаксама як i ласка, была сама пражорлiвым з маленькiх драпежнiкаў лесу. Скунс яму падабаўся сваёй храбрасцю, мядзведзь тым, што ён прасцяк, янот тым, што ён чысцюля, бабёр - як выключны разумнiк; але лiсой ён грэбаваў за яе хiтрыкi, ваўка не любiў за бязлiтаснасць, вавёрку за надакучлiвасць, кунiцу за тое, што яна абкрадвала яго пасткi. У яго была тэорыя, што сама пакорлiвыя насельнiкi лесу - сама жывучыя i таму яны перажывуць драпежнiкаў i заселяць зямлю. Ён сцвярджаў, што дзiкабраз, якi толькi тым i ўмее ўратавацца, што згортвацца ў калючы клубок, - цар лесу таму, што выйграваў барацьбу з працiўнiкам. З iм не маглi справiцца нават пражэрлiвасць i жорсткасць сама мацёрага забойцы лесу - расамахi. Расамаха магла забiць i з'есцi дзiкабраза, нягледзячы на яго iголкi, але адразу пасля гэтага яна i сама здыхала, вельмi пакутлiва, бо iголкi з'едзенага дзiкабраза раздзiралi ёй горла, лёгкiя i страўнiк. Для Скоцi ў гэтым была паэзiя справядлiвай адплаты i зарука таго, што пакорлiвыя ўзвысяцца i што пасiўная абарона адзiна правiльная абарона. Ён дастасаваў гэта i да скунса, спрачаўся з Роем, што скунс iдэал жывёльнага свету. Скунс бясшкодны, адважны, усе ў лесе пазбягаюць яго проста таму, што баяцца, каб ён не аблiў iх смярдзючым струменем з хваставой залозы; скунс своеасаблiвы i незалежны, жыве адзiн i не кантактуе нават са сваiмi родзiчамi, ён ахайны, надзейны, дужы. Скунсу прызначана было стаць iдэальным узорам дабра, як ваўку альбо норцы - узорам зла. Усё прадвызначана - каму наканавана нарадзiцца забойцам, а каму - яго ахвярай; i барацьба памiж iмi - гэта барацьба зла з дабром. Вера Скоцi ў дзiкабраза i скунса прыводзiла яго да высновы, што пакорлiвыя перамогуць, хоць i з яго дапамогай.
Вось у чым была рознiца памiж iмi, вось сэнс iхняй маўклiвай спрэчкi.
Гэта была маўклiвая спрэчка, бо нiхто з iх не ўмеў выказаць сваiх аргументаў словамi. Яны нiколi не маглi дайсцi да сутнасцi справы. Яны разумелi, пра што спрачаюцца, але спрачацца маглi толькi фактамi, прыкладамi. Яны i зараз спрачалiся ўсё пра тое ж, хоць i былi моцна п'яныя.
Рой адказваў, што Скоцi паступiў жорстка, калi забiваў ласку.
Скоцi адмаўляў гэта, кажучы, што забойцаў трэба знiшчаць.
Рой пытаўся, чаму Скоцi не заб'е свайго ўлюбёнца скунса? Скунс знiшчае мышэй, знiшчае ўдвая больш, чым цэлы вывадак ласак, i з'ядае iх, нават калi наеты.
Скоцi пярэчыў, што скунс - iншая справа, ён знiшчае дзеля харчавання, а не таму, што любiць забiваць. Акрамя таго, у скунса шмат iншых прыстойнасцяў, i ён зноў пералiчыў iх, хоць Рой адразу ж заявiў, што гэтыя прыстойнасцi ёсць i ў ласкi, i ў лiсы, i ў норкi. Рой сцвярджаў, што такiя ж прыстойнасцi маюць i iншыя драпежнiкi. Норка, напрыклад, клапатлiвая мацi, яна сама заморыць сябе голадам, каб толькi накармiць дзяцей. Расамаха адводзiць людзей i сабак ад сваiх дзяцей, рызыкуючы ўласным жыццём, а любiмец Скоцi, паважаны дзiкабраз баязлiвы i плаксiвы, падчас нават невялiкай небяспекi забiваецца ў нару з дзецьмi, бурчыць, плача i плюецца, а часам нават пакiдае дзяцей. А наконт таго, што дзiкабраз наследуе зямлю, Рой даказваў, што мядзведзь (якiм Скоцi захапляецца) можа без асаблiвай для сябе шкоды забiць i з'есцi дзiкабраза, як, зрэшты, i кунiца-рыбачка. Але гэты довад толькi ўзмацнiў захапленне Скоцi мядзведзем, бо, маўляў, ён i есцi ўмее разумна, культурна, не абжыраецца да смерцi.
Спрэчка працягвалася доўга i закончылася, як канчаецца заўсёды; закончылася ў той самы момант, калi яны зачапiлi сутнасць пытання. Калi Рой спытаў, як можна вырашыць, як звер мае рацыю, а якi не, Скоцi запярэчыў, што тут i рашаць няма чаго. Адны спрадвечна маюць рацыю, iншыя вiнаватыя таксама спрадвечна, i ўсе жывёлiны падпарадкоўваюцца пэўнаму закону. Тут Рой спытаў калi ёсць набор чыстых i нячыстых, то як чалавек можа прывучыць ваўка мiрна суiснаваць з зайцам, ласку з мышшу, льва з авечкай, сабаку з катом.
I вось тут абодва пачыналi блытацца, i iхняя спрэчка пераходзiла ў маўклiвую нязгоду, нязгоду па галоўных поглядах на жыццё - невырашальных, бо яны не ўмелi яе вырашыць.
- Ладна, - сказаў Самсон, злазячы з ложка. - Пайду пакупаюся ў возеры. Пайшлi, Сахаты! Няхай яны перагрызуць адзiн аднаму горла, вышукваючы кожны сваю праўду. А я пайду пакупаюся ў возеры.
Мэрэй устаў таксама. Ён мог назiраць за ўсiм, што б чалавек нi рабiў.
Рой стаў iх стрымлiваць.
- Толькi цябе ў гэтым возеры i не хапала, - казаў ён Самсону. - Яно толькi i чакала, што ты п'яны ў яго боўтнешся.
- Я яго злаўлю, калi ён увалiцца, - сказаў Мэрэй.
- Ведаю я цябе, будзеш стаяць i любавацца, як ён тоне, - сказаў яму Рой.
Аб'яднанымi намаганнямi Скоцi i Рою ўдалося ўтрымаць Самсона i Мэрэя ў хацiне. Скоцi спакусiў iх рэшткамi гарэлкi, а Рой дашкандыбаў да дзвярэй i замкнуў iх. Калi яны як-кольвек размясцiлiся на ложках на начлег, Рой зрабiў апошняе наступленне на сiлы прыроды. Ён цалкам загрузiў печ бярозавымi цуркамi, i тады, калi ён стомлена ўпаў на ложак побач са Скоцi, чырвонае полымя зацьмiла слабое святло лямпы, i Рой, яшчэ да таго, як заснуць, адчуў чароўную нязручнасць нясцерпнай гарачынi iм жа напаленай печы. Хоць у гэтай бiтве ён заўсёды мог застацца пераможцам! I з пачуццём атрыманай перамогi ён хутка заснуў.
Раздзел шосты
Ранкам Рой сабраўся i пайшоў, не чакаючы, пакуль прачнуцца iншыя.
Яму хацелася схавацца ад вынiкаў учарашняй п'янкi, незалежна ад таго, якiя яны мусiлi быць. Ён цьмяна помнiў, што абяцаў Мэрэю перабавiць для яго човен праз хрыбет Белых Гор у заказнiк. Яму не хацелася выконваць сваё абяцанне, не хацелася адчуваць тую няёмкасць, якая авалодвае кожным пры сустрэчы з учарашнiмi сабутэльнiкамi.
Калi ён плыў па возеры, вада, здавалася, храбусцела пад дном лодкi. Неба было халоднае, цёмнае, але гэта была напружанаа цемра, гатовая iмгненна саступiць ранiшняму ззянню. Лес зацiх i, неверагодна сцiшаны, здаваўся закiнутым, мёртвым. Але недзе ў цiшынi быў чуцен кволы капеж i больш востры гук вады, якая бегла па схiле. А пасля, калi ён вывеў човен на сярэдзiну возера, калi на навакольных хрыбтах успыхнулi першыя водблiскi свiтання, разам з ранiцай нарадзiлiся i першыя гукi ляснога жыцця. Снегавая сава - апошнi голас ночы - загукала, пралятаючы над яго галавой. Пасля аднекуль здалёку данеслася цяўканне лiса. Затым птушкi: чорнагаловая сiнiчка зачырыкала чык-а-дзi-дзi-дзi-дзi; засвiсталi, заверашчалi, зацмокалi вавёркi; засакаталi сойкi; пачулася "бзт", "бзт" курапатак. Гэта былi слабыя гукi, якiя ледзь даносiлiся да сярэдзiны возера, але ён чуў iх i ўсе адрознiваў. А да таго часу, як святло разлiлося на ўсё неба, сам лес пачаў падмiргваць, патрэскваць i пакрэктваць незразумелымi гукамi свайго маруднага абуджэння.
Рой ведаў: нiшто на свеце не магло параўнацца з тым задавальненнем, якое ён адчуваў зараз, у першы дзень сваёй чарговай бiтвы з вераломнымi хiтрыкамi прыроды, зараз, калi ён плыў у цяжка нагружаным чоўне па галоўнай артэрыi свайго лесу, ужо адчуваючы прыемны здаровы голад. Ён ведаў, што на гэты раз чакаецца бiтва i за самога сябе: быць яму траперам цi валацугай, п'янiцай цi фермерам, чалавекам цi зверам. Але ў яго быў план; нейкiя абрысы плана, з дапамогай якога ён павiнен усё i назаўсёды ўладзiць, i ён збiраўся гэты план апрабаваць.
Ланцуг пастак Роя знаходзiўся па вялiзным крузе працягласцю пяцьдзесят мiль. Паўднёвай асновай яго i пачаткам маршруту было возера Т. Звычайна ён пачынаў абход пастак, праплываючы да самага канца возера Т i правяраючы ўзбярэжныя норы. Затым пакiдаў човен на тым беразе i iшоў на поўдзень, праз хрыбты да Чатырох Азёр: гэта была яго галоўная паляўнiчая гаспадарка, багатая на бабра i андатру. На Чатырох Азёрах у яго была невялiкая хацiна, з якой ён, перш чым iсцi на захад да Лiтл-Рывер, як правiла, за тры-чатыры днi абыходзiў усе пасткi на рэках, якiя ўпадалi ў возера. Часам да адыходу на захад ён паляваў на лася на балотах памiж Чатырох Азёр, але часцей здавальняўся аленем, якога забiваў на хрыбтах па дарозе на Лiтл-Рывер. Гэта быў хуткi вузкi ручай, на якiм вадзiлiся норкi, i тут праходзiла заходняя мяжа ўчастка Роя. На другiм беразе пачыналася гаспадарка Скоцi i Самсона, тут яны часам сустракалiся. Па гэтым ручаi Рой спускаўся на поўдзень да свайго апошняга возера, якое ён назваў Пiт-Пiт, згодна са своеасаблiвым гукам, з якiм рэчка ўлiвалася ў азёрную ваду. Адсюль, каб дабрацца да хацiны, яму заставалася пераадолець яшчэ адзiн хрыбет, тым самым замкнуўшы круг цi квадрат маршруту на ўсход, поўнач, захад, поўдзень i зноў на ўсход. Як правiла, абыход усяго ланцуга пастак займаў пяць-шэсць дзён. На гэты раз ён вырашыў зрабiць iнакш. Для пачатку ён праплыў як звычайна да ўсходняга канца возера Т, правяраючы пасткi на норак, некаторыя здымаючы, iншыя нанава зараджаючы, - як i тыя, што напярэдаднi паставiў са Скоцi. У самым канцы возера Т ён зацягнуў човен пад вялiзную ўпалую сасну, прыкрыў яго галiнкамi, а затым расклаў цяпельца, каб згатаваць сняданак. Наеўшыся хлеба са свiнiнай i запiўшы салодкiм чаем, ён закiнуў за спiну важкi мех i пайшоў не на поўнач, а на ўсход i iшоў на ўсход амаль паўдня, пакуль не дасягнуў плыткай, з парогамi, рачулкi. На тым беразе яе была хацiна, i калi Рой уброд перабраўся да яе, яго сустрэла браханне сабак, кудахтанне перапалоханых курэй i, нарэшце, высокi худы iндзеец.
- Хэло, Рой, - сказаў iндзеец.
- Хэло, Боб, - сказаў Рой.
Iндзеец Боб: яго назвалi так таму, што сапраўднае iмя было занадта складанае. Рой ведаў яго i ахвотна называў бы Боба па iменi, радуючыся таму, як яно гучыць - Хома-Хоманi: першая хмурынка на небе, - але гэтае iмя Боба было не для белага, няхай сабе i для Роя.
Бо нават маленькая бронзаватварая iндыянка - яго жонка - зараз называла яго Боб. Адзенне Боба таксама было адзеннем белага: шапка з зайца, скураная куртка, сiнiя палатняныя штаны, але iндзейскiя макасiны з аленя. Усё гэта сядзела на высокiм худым, спакутаваным целе сухотнага чарнавокага, бледнага чалавека, якi нагадваў Рою засохлы клён, з якога выцадзiлi занадта шмат соку.
- Добра, што ты тут, - сказаў Рой.
- Я толькi што збiраўся ў Сент-Элен па муку i правiянт, - сказаў Боб.
- Хiба не позна? - спытаў Рой.
- Сёлета ўсё спазнiлася, Рой.
- Спазнiлася? - паўтарыў Рой, думаючы пра звера. - Цi проста сышло?
- Мала-мала спазнiлася i мала-мала сышло, - сказаў Боб.
Гэта была пародыя на нiбыта iндзейскую гаворку, якой Боб карыстаўся як своеасаблiвым пакеплiваннем над белымi. Па-ангельску ён гаварыў як i ўсе ў Сент-Элене, як усе паляўнiчыя, але час ад часу перадражнiваў той жаргон, якi белыя прыпiсвалi iндзейцам. Зараз ён не пакеплiваў над Роем, якога любiў. Проста гэта быў мiжвольны пратэст.
- Боб, - сказаў Рой, - я хачу пайсцi на Зялёныя Азёры, туды, дзе мая гаспадарка ўклiньваецца ў тваю. Ты не супраць, калi я прайду па тваiх землях, каб трапiць на азёры?
- А чаго ты туды пойдзеш, Рой?
- Я хачу вылавiць там усё, што мне ўдасца. Я засяду ў сваёй хацiне на Чатырох Азёрах i расстаўлю пасткi па ўсёй акрузе, столькi пастак, каб здолеў толькi запомнiць iхнiя месцы. Звера там мо i небагата, але калi ён ёсць, то я вазьму яго да рэшты. Масавы аблоў! Я хачу аблавiць нават Зялёныя Азёры. Я там нiколi не ставiў пастак, сабраць там можна небагата, але яны, зрэшты, усе ў адной жменi, i чым яны горшыя за тутэйшыя вялiкiя азёры?
Зялёныя Азёры, маленькiя, акружаныя амаль непраходнымi зараснiкамi, праўду кажучы, былi Рою непатрэбныя. Ён назваў iх зараз афiцыйнай назвай, але часцей называў Нiкчэмнымi Азёрамi, Непрыдатнай зямлёй, Спустошанай акругай.
- Магчыма, там ёсць пушны звер iменна таму, што я яго там не лавiў, сказаў ён. - Ва ўсякiм выпадку, паспрабую, але для гэтага мне трэба прайсцi па тваёй зямлi, каб не блукаць па гэтых лясах.
- Вядома, - адказаў Боб. - Прашу цябе.
- А цi ёсць сцежкi проста да Зялёных Азёр?
- Ёсць адна старая паляўнiчая сцежка, але лепшы шлях туды па хрыбце.
- А табе не будзе непрыемна, калi ўбачыш мяне на хрыбце?
- Зараз я рэдка хаджу туды, - сказаў Боб. - Надта далёка.
- Хочаш, я падстрэлю табе якую-небудзь дзiчыну на мяса, калi сустрэну, вядома? - спытаў Рой.
- Там шмат аленяў, - сказаў Боб. - Убачыш, страляй.
Прапануючы забяспечыць Боба мясам, Рой хацеў адплацiць за дазвол на праход па яго ўчастку. Мяса было амаль адзiнай ежай iндзейскай сям'i. Боб паляваў як i ўсе, але ён не мог дазволiць сабе незаконнага палявання. За гэта яго iндзейца - чакала такая ж адплата, што i белага, але для iндзейца страта ўчастка была стратай самога жыцця. I вось Iндзеец Боб неяк перабiваўся на законнай норме. Гэта давала магчымасць штогод купляць крыху правiянту ў краме, але большую частку харчу ён выдзiраў з зямлi, тут, ля свайго ручая, вырошчваючы крыху кукурузы i азёрнага рысу, трымаючы курэй, свiней, коз i ловячы летняй парой столькi рыбы, колькi мог правялiць альбо захаваць на зiму ў сваiм пограбе.
- Чаму ты не папросiш участак у бабровым заказнiку Джэймс-Бэй? - спытаў Рой у Боба.
Як i некаторыя iншыя заказнiкi Канады, Джэймс-Бэй быў буйным лясным заказнiкам, закрытым для ўсiх трапераў, акрамя абмежаванай колькасцi iндзейцаў; гэта была гаспадарка, дзе кiшэлi маладыя бабры; абароненыя законам бабры хутка размнажалiся i давалi гарантаваны ўлоў.
- Не ведаю такой зямлi, Рой, - адказаў Боб.
Рой ведаў: Боб хацеў гэтым сказаць, што Муск-о-гi яго дом, дом яго продкаў. Ён не хацеў пакiдаць яго, як Рой не хацеў пакiдаць Сент-Элен.
- Ты маеш рацыю, - разважлiва прамовiў Рой. - Джэймс-Бэй - гэта вельмi далёка адсюль.
- Скончыцца тым, што я стану фермерам, расчышчу вось тут лес i буду фермерстваваць, - сказаў Боб. Як i Рой, ён ведаў, што звяры сыходзяць на поўнач i хутка зусiм знiкнуць. Як i Рой, ён ведаў, што нiколi не здолее пакiнуць лес, i чым пакiдаць яго, ён быў гатовы паспрабаваць фермерства ў лесе.
- А што скажа крымiнальны кодэкс наконт гаспадаркi на поўначы? - спытаў у яго Рой. - Ты ж мог паспрабаваць атрымаць участак на поўначы?
- Цяжка адказаць, Рой. Адна справа, калi чытаеш закон, зусiм iншая, калi яго парушаеш, асаблiва крымiнальны кодэкс.
Крымiнальным кодэксам звычайна называлi палажэннi пра iндзейцаў. Рой чытаў гэтыя палажэннi, чытаў iх у хацiне Боба, дзе яны вiселi як яшчэ адна насмешка Боба над белымi. Рою яны здалiся такiмi падобнымi на палажэннi пра звяроў, што ён прыйшоў да высновы, што iндзейцаў захоўваюць як звяроў, як асколак натуральнага i пажаданага ляснога жыцця, якому нельга было даць знiкнуць зусiм.
- Ну што ж. Я пайду, Боб, - сказаў Рой.
Выгляд iндзейца пачаў засмучаць яго. Думка, што Iндзеец Боб асуджаны заставацца тут, - усё адно, будзе да рэшты вылаўлены гэты ўчастак цi не, заўсёды засмучала Роя.
- Калi ты збiраешся iсцi на поўнач на новыя землi? - спытаў iндзеец Роя.
Рой пачаў ужо пераходзiць рэчку.
- Яшчэ не ведаю, Боб. Гэта будзе залежаць ад многiх абставiн. Але хутка гэта высветлiцца.
- А Сахаты таксама недзе блiзка? - перамагаў Боб шум парогаў.
- Блiзка. А што?
- Нехта ставiў пасткi на маёй плацiне ля старых карчоў. Вiдаць, Сахаты.
- Ты так лiчыш? - спытаў Рой. Зараз яму таксама даводзiлася крычаць.
- Скажы яму, калi ён будзе шукаць свае пасткi, што яны вiсяць на сухiм дрэве ля плацiны.
Тут не было злоснай задумы, iндзеец паступiў менавiта так, як паступiў бы любы трапер, знайшоўшы на сваiм участку чужыя пасткi, ён зняў бы iх i павесiў. На другi раз ён меў права забраць iх сабе.
- Добра, Боб. Убачымся, калi я буду вяртацца.
- Шчаслiвай дарогi, Рой.
Рой перайшоў раку i па закiнутай сцежцы пайшоў на поўнач, да Чатырох Азёр.
Яшчэ завiдна дабраўся ён да сваёй хацiны, скацiўшыся з апошняга схiла, як перагружаны састаў, якi цiсне на паравоз i падганяе яго. Пакуль ён запальваў лямпу i раскладаў цяпельца, мышы разбеглiся па кутках i адтуль назiралi, як ён распакоўвае правiянт i хавае яго ў моцную скрыню, скрэмзаную слядамi iхнiх зубоў. Рой стамiўся; калi павячэраў, ён прытушыў агонь, павалiўся на ложак i адразу ж заснуў.
Ранiцай Рой хутка i лоўка распачаў свой масавы аблоў.
Перш за ўсё ён праверыў пасткi на Чатырох Азёрах, зняў аднаго бабра i адну андатру. Затым пачаў расстаўляць пасткi ва ўсiх хоць крыху прыдатных мясцiнах. У яго хацiне на Чатырох Азёрах было дзесяць старых пастак сiстэмы Ньюхаўс; ён iх падрамантаваў, пачысцiў i расставiў на бабровых гацях, на харчовых пляцоўках андатры i ля хатак. Ён паставiў паўдзесятка пастак першага нумара па берагах i на пясчаных мелях. Гэтыя прызначалiся для норак, якiя кожную ноч блукаюць па беразе ў пошуках рыбы i жаб. Калi справiўся з Чатырма Азёрамi, Рой зрабiў двухдзённы пераход убок, на поўнач ад участка Iндзейца Боба, да Зялёных Азёр. Гэта былi глыбокiя азёры, не надта зручныя для баброў, але тут маглi вадзiцца норкi i можа быць выдра. Перш за ўсё трэба было разведаць звера, адшукаць красамоўныя кучкi акрываўленых пёраў ля жылля норак, недаступныя сховы ласак, слiзкiя глiняныя схiлы, па якiх выдра, гуляючы, з'язджае ў ваду. Ён выявiў мала слядоў выдры i норкi, але там, дзе яны былi, паставiў пасткi, паставiў хiтра, скарыстаўшы дзеля прынады рыбу, злоўленую сеткай у Чатырох Азёрах. На адным з Зялёных Азёр былi дзве невялiкiя бабровыя гацi, i тут ён таксама паставiў тры пасткi проста ля хатак.
- "Забаронена законам, - гучна спяваў Рой, калi ставiў свае пасткi, любому грамадзянiну ставiць пасткi блiжэй чым пяць футаў ад жылля бабра". Ну што ж, пан губернатар, я, здаецца, парушаю закон, але майце ахвоту з'явiцца тут i злавiць мяне на месцы злачынства. Майце ахвоту з'явiцца i паглядзець, як даводзiцца беднаму чалавеку выкручвацца, каб злавiць нейкага бедалагу-бабра.
Калi Рой расставiў усе свае пасткi, ён пачаў ладзiць iншыя, больш хiтрыя.
Ён добра ведаў параграф пра гэты вiд пастак, i паколькi адзiнай крынiцай друкаванай паэзii для Роя была мова палажэнняў пра дзiчыну, ён ахвотна цытаваў на памяць вытрымкi з закону. Параграф быў вельмi просты, ён абвяшчаў, што любому грамадзянiну забараняецца законам карыстацца гэтым вiдам пастак для любой мэты на ўсёй тэрыторыi акругi Сент-Элен.
Рой ладзiў пасткi ў разлiку на любога звера, якi ў iх трапiць, няхай сабе гэта рысь, лiс, кунiца-рыбачка альбо нават воўк. Шкуры ваўка iшлi за бясцэнак, але за ваўка старэйшага за тры месяцы плацiлi дваццаць пяць даляраў прэмii; i хоць Рой лiчыў гэта толькi суровай помстай закону ў адносiнах да чацвераногага паляўнiчага, ён не губляў гэтай магчымасцi.
- Iдзе вайна, - казаў Рой звярынай брацii на паляўнiчых сцежках, - i нехта ў ёй павiнен перамагчы. Нехта павiнен перахiтрыць iншага, таму асцерагайся, жорсткi воўк, крывасмок-норка, насцярожаная лiса, рысь-чашчавiк. Нехта з вас павiнен перахiтрыць iншага.
Рой быў вельмi хiтры. Ён не лiчыўся спецыялiстам па звярах, якiя бегаюць i якiх цяжка злавiць, але ён мог перахiтрыць iх, бо ведаў iхнiя звычкi. Усе звяры хадзiлi па сцяжынках, пратаптаных буйнымi звярамi, такiмi, як алень альбо лось. На такiх сцежках i ставiў Рой свае пасткi. Асаблiва хiтра ставiў iх на лiсу. Звычайна Рой перагароджваў звярыную сцежку ствалом; ён падкочваў ствол да месца з дапамогай рычага, да якога дакранаўся толькi ў пальчатках, цалкам пазбягаючы ўсялякага чалавечага паху. Перагарадзiўшы дарогу, ён закручваў адзiн канец доўгага дроту вакол цяжкага ствала, а затым прыладжваў пятлю так, што лiса павiнна была трапiць у яе, калi б захацела абысцi ствол. Сiло майстравалася са стальной раяльнай струны, моцнай i пругкай, а каб i на ёй не заставалася слядоў дотыку чалавека, Рой нацiраў яе воскам. Некаторыя траперы карысталiся для гэтага мускусам бабра альбо пацука, але Рой лiчыў, што перша чым зваблiваць чуйны нос лiса гэтым падманлiвым пахам, лепш нейтралiзаваць сiло нейтральным пахам воску. Ён яшчэ нiколi не правяраў гэтай сваёй тэорыi, але зараз, расставiўшы шмат пастак вакол Зялёных Азёр i Чатырох Азёр, а таксама на хрыбтах i ў далiнах, ён мусiў праверыць сапраўдную iх вартасць i сваё ўласнае паляўнiчае майстэрства.
У апошнюю чаргу Рой заняўся кунiцай i блiзкай да яе кунiцай-рыбачкай. Гэтыя каштоўныя пушныя звяры маглi трапiць у любую з яго пастак, у пастку на норак, у некаторыя сiло нават у пасткi на баброў i андатраў. Але паляванне спецыяльна на рыбачку альбо на кунiцу патрабавала асаблiвага вопыту i майстэрства. Яны не толькi рэдка сустракалiся, але, як правiла, нiколi не выяўлялi свайго жылля. Паляўнiчаму даводзiлася здагадвацца, дзе iх шукаць, здагадвацца пра iхнiя звычкi. Абедзве мелi багатую шаўкавiстую карычневую пушнiну стойкага колеру, за яе заўсёды добра плацiлi. Абедзве жылi на дрэвах, не карысталiся логавамi альбо норамi. Абедзве харчавалiся дробнай жыўнасцю зайцамi, вавёркамi, мышамi, усiм, што трапляла на iх востры зуб. Разважаючы пра iх, Рой згадаў, што за ўсё сваё доўгае жыццё ў лесе ён бачыў кожнага з гэтых звяркоў толькi пяць цi шэсць разоў, асаблiва кунiцу. Яна жыла ў самым гушчары i цемры хвойных нетраў i не пераносiла вады i сырасцi. А рыбачку, наадварот, можна было звычайна знайсцi каля балота альбо ручая, хоць i тут яна знаходзiлася на вершалiнах дрэў i спускалася толькi паляваць. Яны былi злосныя ворагi, i ў сутычках кунiца звычайна перамагала свайго родзiча. Яны абедзве палявалi паасобку, пераважна ноччу. Пра iхнiя звычкi ў Роя захаваўся толькi адзiн успамiн. Аднойчы на яго вачах рыбачка загрызла чырвоную вавёрку; убачыўшы Роя, рыбачка адкусiла ў вавёркi пушысты хвост i кiнулася да блiжэйшага дрэва. Яна iмгненна знiкла ў лiстоце i паляцела з верхавiны на верхавiну, трымаючы ў зубах вавёрку, але пазбавiўшыся яе хваста, якi перашкаджаў бы так хутка бегаць.
Рой ладаваў свае пасткi на кунiцу i рыбачку чырвонай вавёркай, але замест таго, каб замацоўваць пасткi на паваленым ствале альбо на зямлi, ён падвешваў iх так, што ў скачку за вавёркай кунiца альбо рыбачка павiнны былi абавязкова патрапiць у пастку. Ён паставiў пяць паўтарачных пастак, усе вакол Зялёных Азёр. Для рыбачкi ён выбiраў навiслыя над вадой елкi, для кунiцы заходзiў глыбей у гушчар. Гэтым Рой закончыў ставiць ланцугi пастак для масавай лоўлi.
Але паставiць пасткi было толькi пачаткам. З гэтага дня яму трэба было настойлiва i метадычна аглядаць пасткi, абыходзячы iх у строгай паслядоўнасцi i замяняючы прынаду. Ён абышоў спачатку Чатыры Азёры, праверыў пасткi, а калi вяртаўся ў хацiну, праверыў яшчэ некалькi пастак. Затым зрабiў двухдзённы абыход Зялёных Азёр, па дарозе туды праверыў пасткi, выбраў тыя, што ля вады, а па дарозе назад праверыў астатнiя. Яму давялося цягнуць на сабе ўвесь правiянт, прынаду, сакеру i злоўленую дзiчыну. Абход даводзiлася рабiць хутка, бо на Зялёных Азёрах у яго не было iншага сховiшча, акрамя шалаша з галiнак пiхты, якi ён змайстраваў пад вялiкай сасной. Значыць, яму даводзiлася нясцi i спальны мяшок, а для чалавека, якi прывык да зручнасцi сваiх хацiн, гэта было вялiкай стратай. Але ён не здаваўся, спадзеючыся, што вынiк апраўдае ўсе затраты. За два тыднi Рой злавiў чатырох баброў, чатыры андатры, адну норку i дзвюх ласак. Больш рэдкая дзiчына - лiса, рысь, рыбачка, выдра - зусiм не траплялася яму, хоць ён выявiў шмат слядоў лiсы i рысi i ведаў, што рана цi позна ён зловiць iх. Але для гэтага патрабавалася шмат цяжкай працы, бясконцай працы.
- Вось табе i адзiнаццаты нумар! Чым не аўталiнiя? - мармытаў ён сам сабе, калi знясiлена вяртаўся ў сваю хацiну ля Чатырох Азёр. - Вось табе i канвеер! - Але ён працягваў гэта толькi тры тыднi, а пасля зразумеў, што пара спынiцца: пачаў выпадаць снег.
Усё пачалося з невялiкай завiрухi i парывiстага паўночнага ветру. Чысты раннi сняжок пасцiлкай лёг на лес, азёры i хрыбты гор, i ўжо з гэтага снегападу ў далiнах утварылiся гурбы. Усю гэтую завiруху Рой пераседзеў у сваёй хацiне на Чатырох Азёрах. Калi завiруха сцiхла, ён зрабiў апошнi абыход - снег прымушаў яго спяшацца i хутчэй правяраць пасткi на Лiтл-Рывер, а затым скiраваць на поўдзень i паглядзець, што робiцца ў яго на возеры Пiт-Пiт. Абодва гэтыя ўчасткi былi закiнуты iм амаль на месяц, i Рою трэба было вырашыць, цi варта дзеля новага ланцуга пастак забывацца на ўсе старыя. Ад гэтага рашэння шмат залежала ў далейшых паводзiнах Роя.
Падчас апошняга абходу яго затрымлiваў рыхлы снег, якi даводзiлася абтоптваць адразу. Абход быў няўдалы. На Чатырох Азёрах папалася некалькi баброў i некалькi андатраў. I ўсё. Па дарозе на Зялёныя Азёры ён знайшоў у адной пастцы лiсу. Лiса сядзела на сцежцы, драцяная пятля захлiснула ёй шыю, але яна была яшчэ жывая i нагадвала сабаку на прывязi. Яна злосна пазiрала на Роя, якi iшоў па сцежцы. Рой спынiўся.
- Эх ты, палахлiвая лiса, - задумлiва прамовiў Рой, - сёння ты перамудрыла.
Iншыя звяры, якiя траплялi ў пастку, адчайна вырывалiся; але чым мацней яны вырывалiся, тым мацней зацягвалася пятля на шыi, i чым мацней яна зацягвалася, тым мацней яны вырывалiся, пакуль пятля не душыла iх да смерцi. А гэтая лiса? Рой зразумеў, што яна таксама спрабавала вырвацца, але хутка зразумела, што барацьба для яе небяспечная. Тады яна прыцiхла i пачала чакаць, цi не ўдасца перахiтрыць пастку. Яна i зараз хiтра пазiрала на Роя, цi не ўдасца ёй перахiтрыць яго.
Гэта быў адзiн з тых выпадкаў, калi Рою цяжка забiць звера. Ён заўсёды здзiўляўся знаходлiвасцi, яго здзiўляла настойлiвая барацьба звера за жыццё, здзiўляла ўсё, што магло перахiтрыць механiчную вераломнасць пасткi. Але iшла вайна, i ён быў яе ўдзельнiкам. Заставалася толькi выклiкаць лiсу на супрацiўленне. Рой так i зрабiў, ён пачаў трывожыць яе доўгiм сасновым суком, а калi яна стала адсоўвацца ад палкi i мацней зацягнула пятлю, Рой двойчы моцна стукнуў яе па галаве, так моцна, што палка зламалася. Лiса была мёртвая, а Рой - пераможца мiжвольны - стаяў i захапляўся чыстай шаўкавiстай поўсцю.
Больш нiчога ў сваiх пастках ён не знайшоў, а на Зялёных Азёрах у пастку трапiла толькi адна норка. Нi бабра, нi андатры, нi выдры, нi кунiцы, нi рыбачкi. Рой сяк-так пераседзеў марозную ноч у занесеным снегам шалашы на Зялёных Азёрах, а затым шпаркiм тэмпам рушыў па снезе назад да хацiны на Чатырох Азёрах, раздумваючы, цi ўдалася справа з масавай лоўляй, цi варта тут вылаўлiваць усё, што толькi можна, за кошт усiх iншых участкаў.
У хацiне ён падлiчыў сваю здабычу.
Усяго было злоўлена шэсць андатраў, пяць баброў, дзве норкi, чатыры ласкi i лiса. Вывад зразумелы. Для такога напружанага палявання вынiк быў мiзэрны, хоць, калi гаварыць шчыра, гэта была неблагая трохтыднёвая здабыча. Але Рой не апраўдваў выключную стаўку на iнтэнсiўную лоўлю ў гэтым месцы на шкоду ўсiм iншым. Акрамя таго, Рою здавалася, што ў далейшым ён не набярэ тут i гэтага. Ён злавiў чатырох баброў на Зялёных Азёрах, i болей там баброў не было, iх неабходна выкрэслiць з далейшага палявання. На Чатырох Азёрах заставаўся яго звыклы рэзерв - паўтара дзесятка хатак i некалькi новых збудаванняў маладых баброў. Але пры такой iнтэнсiўнай лоўлi гэтага было мала. На Чатырох Азёрах трэба спынiць паляванне, калi ён мае намер захаваць там хоць некалькi баброў i андатраў. Мо i варта было праводзiць тут iнтэнсiўную тыднёвую лоўлю, але не больш за тыдзень. Таму ён пакiнуў усе свае пасткi на ранейшых месцах, але ўжо дакладна ведаў, што павiнен iсцi на Лiтл-Рывер, унiз да возера Пiт-Пiт i назад у сваю хацiну. Трэба рухацца, пакуль снег не выпаў па-сапраўднаму, а рэкi i азёры не скавала лёдам.
Перш чым пакiнуць Чатыры Азёры, Рой прайшоўся па яловых балотах памiж азёрамi. Ён шукаў сляды лася, ведаючы, што Джэк Бэртан, калi назапашвае мяса на ўсю сям'ю, аддае перавагу буйному ласю, а не дробнаму аленю. Рой знайшоў сляды, памёт i абадраную кару на дрэвах там, дзе вялiзны самец стараўся спынiць сверб сваiх раскiдзiстых маладых рагоў. Але самога лася ён так i не знайшоў. Ён убачыў шмат слядоў аленяў, але за ўсе тры тыднi не сустрэў нi аленiхi, нi цяляцi. Гэта было нязвыкла i трывожна, i па дарозе на Лiтл-Рывер ён пiльна сачыў, цi не з'явiцца на хрыбце алень альбо лось у далiне. Ён прыкмецiў адну белахвостую аленiху на схiле каля Лiтл-Рывер i паспеў выстралiць, але ўбачыў толькi, як мiльганула i знiкла ўдалечынi яе белае люстэрка.
- Ну што ж, хоць адзiн алень ёсць у гэтым лесе, - сказаў ён. - Пакiну яго для Джэка. Для фермера Джэка, выратавальнiка Сент-Элена.
Рой гучна засмяяўся ад уласнага жарта, i яго зычны смех рассыпаўся па ўсiм лесе. Ён пайшоў на поўдзень да возера Пiт-Пiт i дамоў, гадаючы, цi застане ў сваёй хацiне Сахатага, цi ён пайшоў ужо ў заказнiк.
Раздзел сёмы
Мэрэй пайшоў, але ў хацiне быў Джэк Бэртан.
- Як Сэм? - спытаў Рой, калi ўбачыў, хто ў яго ў гасцях.
Джэк прычынiў дзверы, на якiя цiснула намеценая завiрухай гурба; яго цела, падобнае на жэрдку, здавалася, расло з бёрнаў падлогi.
- Сэм ўсё яшчэ на ферме, калi ты пытаеш пра гэта, - сказаў ён. - Але не ведаю, цi доўга ён там будзе.
- Цi прыняў ён работнiка?
- Так, але быў вельмi сярдзiты на цябе за тое, што ты пайшоў моўчкi. I Руф таксама сердавала. - Словы Джэка гучалi змрочна. - Ён усё яшчэ гаворыць пра сыход.
- А каго ты наняў iм у памочнiкi?
- Бiлi Эдвардса.
- Бiлi? Гэта той, што купiў каня?
- Ага, ён. Яму патрэбны грошы. Наяўныя. Я наняў яго i каня даволi танна. Бiлi добры працаўнiк. Калi я адыходзiў сюды, ён пачаў капаць канавы на сядзiбе. Ведаеш, ён збiраўся хоць нейкiм чынам выкарыстаць нават тое сапрэлае сена, але нi ў чым не сустракае падтрымкi Сэма.
Рой быў удзячны, але не чакаў нiчога добрага.
- Будзем спадзявацца, што Бiл расшавелiць Сэма, - сказаў ён i скiнуў з плячэй свой мех.
- Магчыма.
Рой сумняваўся ў гэтым i раптоўна адчуў, што Сэм знарок губiць яго, iмкнецца зрабiць з яго ляснога валацугу без iншага прыстанiшча, акрамя гэтага лесу, без iншага жылля, акрамя вось гэтай хацiны.
- Не, ты падумай, Джэк. I як гэта чалавек можа так проста пакiнуць сваю хату? - закрычаў Рой. - Як можа Сэм нават думаць пра такое?
- Акрамя Сэма шмат хто ў Сент-Элене зробiць тое ж самае, - сказаў Джэк. Ажно да самай вайны ўсе мы былi сведкамi, як дробныя фермеры адзiн за адным выбывалi з гульнi. Вайна крыху прыпынiла гэта, але зараз усё пачынаецца нанава. Стары Прат ужо распрадаецца, Рой, а калi стары Прат сышоў з арбiты, чаго дзiвiцца дзеянням Сэма?
Але Роя не суцяшала разбурэнне iншага.
- Для Сэма гэта не апраўданне, - горка зазначыў ён.
- Ён яшчэ мо выстаiць, - памеркаваў Джэк.
- Сумняваюся, - сказаў Рой. - Сумняваюся!
Рой адчуваў, што Джэк сказаў яму не ўсё, але больш нiчога сказаць не паспеў, бо з'явiўся Зел Сен-Клэр; у руках у яго было ружжо, у чорных зубах кароткая пiпка.
- А ты калi сюды з'явiўся? - здзiўлена спытаў Рой.
- Яшчэ ўчора вечарам, - адказаў Сен-Клэр. - Я сустрэў Джэка на Мускуснай завадзi, па дарозе сюды. А зараз я хадзiў шукаць аленяня цi яшчэ каго-небудзь на абед.
- А дзе Сахаты?
- Вiдаць, займаецца паляваннем разам з Самсонам i Скоцi. У канцы таго месяца ён сказаў, што я знайду яго тут. Ён павiнен быць недзе недалёка.
- Дык ён яшчэ не пайшоў у заказнiк?
- Як ён пойдзе без мяне? - сказаў малеча Зел, i яго спiты, зарослы сiвой шчэццю твар стаў злосным i пакрыўджаным. - Мы дамовiлiся сустрэцца тут, i калi ты не пярэчыш, я пачакаю iх тут дзень-другi.
- Вядома, - сказаў Рой. - Каля месяца таму ён быў у мяне, але я думаў, што ён пайшоў у заказнiк. Ён хацеў перакiнуць туды човен. Але мне здаецца, што час для гэтага надта познi; праз тыдзень усюды будзе лёд.
- Ну што ж, пойдзем пешкi, - адрэзаў Зел. - А ты пойдзеш?
- Пры Джэку не магу табе адказаць, - сказаў Рой, выцiскаючы з сябе невясёлы жарт.
Джэк Бэртан старанна рабiў выгляд, што i ўвагi не звяртае на iхнюю размову i цалкам захоплены распальваннем лямпы. Затым ён заняўся кухарствам, але Рой рашуча перапынiў гэта, бо Джэк быў дрэнны кухар. Рой прагаладаўся, таму хутка зрабiў абед з бекону, бобу, яек, бульбы i бляшанкi персiкавага кампоту. Джэк не ўмеў нават зварыць каву, якую любiў Рой, таму той налiў вады з вядра ў эмалiраваны кацялок, закiпяцiў яе, сам насыпаў туды молатай кавы. У дарозе ён пiў гарбату, але ў сваёй хацiне ласаваўся моцнай салодкай кавай са згушчоным малаком. Падчас яды пачалi распытваць Роя, як iдуць яго справы. Ён расказаў iм пра масавую лоўлю на Чатырох Азёрах i прызнаў эксперымент няўдалым. Яны пярэчылi, што ўвогуле ўлоў у яго неблагi, але Рой сказаў, што i гэткага ўлову ён больш не даб'ецца.
- На Зялёных Азёрах больш не засталося баброў, а лiсы i рысi не хопiць i па адным на пастку. Дзеля забавы там можна паставiць адну-дзве пасткi, але сапраўднай лоўлi там не чакай. Непатрэбнага клопату шмат, а здабытак - на капейку.
- Мы з Зелам праверылi некалькi тваiх пастак па дарозе сюды, - сказаў Джэк. - На балоце мы знялi пацука. - Джэк сказаў, што яны садралi скурку i паставiлi яе на распялку. Яна i вiсела на дроце разам са скуркамi дзвюх андатраў, якiя Рой узяў на тым жа балоце.
Рой пачаў ужо распраўляцца з норкай, якую злавiў на Лiтл-Рывер. Седзячы на ложку, ён прытрымлiваў карычневага звярка памiж каленяў, асцярожна падразаў скуру ўздоўж лапак, здзiраючы яе цалкам, i адначасова ачышчаў ад тлушчу. Калi скурка была знятая, Рой нацягнуў яе пушнiнай унутр на доўгую драўляную рамку. Затым, заганяючы ў цэнтр рамкi клiн, ён пачаў расцягваць яе, змазваючы скурку мылам "Люкс", якое ўсунула яму ў кiшэню Джынi Эндрус. Рой славiўся тым, што ўмеў расцягваць скуркi лепш за ўсiх трапераў Муск-о-гi. Ён мог расцягнуць скурку сярэдняга бабра да памераў буйнога, а буйнога - да вялiкага, вялiкага як цэлую коўдру.
- Хутка ты так напрактыкуешся, - сказаў яму Джэк, - што з ласкi расцягнеш iльва.
Рой засмяяўся, але яму здалося, што Джэк жартуе нездарма. Ён зноў падумаў, што Джэк нешта недагаворвае, але, вiдаць, не хоча гаварыць пра гэта пры Зеле.
Магчымасць пагаварыць з Роем адзiн на адзiн з'явiлася ў Джэка на другi дзень, калi яны ўдвух на чоўне зрабiлi невялiкi аб'езд пастак на возеры Т. Але Джэк зноў нiчога не сказаў, i Рой перастаў нават асцярожна нагадваць пра тое, чым ён быў заклапочаны. Высветлiлася толькi адна праблема, але Рой ведаў, што не яна на самай справе клапацiла Джэка.
- Некалькi дзён таму iнспектар выправiўся ў абход, - сказаў Джэк.
- Куды?
- Не ведаю. Ведаю толькi, што ён пайшоў з Сент-Элена.
- Што, шукае сабе прыгоды?
- Так, i мо менавiта тут, - сказаў Джэк. - Ты ведаеш, што будзе, калi ён застане Зела i Сахатага ў цябе ў хацiне?
- Я заўсёды магу сказаць, што не клiкаў iх.
- Гэта не дапаможа, - засцярог Джэк. - Тады табе канцы.
- Мне i так канцы, - сказаў Рой. - Нiводнай скуркi з цэлага возера.
З возера Т яны вярнулiся з пустымi рукамi, i Джэк пераканаў Роя папаляваць з iм на хрыбтах каля Чатырох Азёр, адначасова аглядаючы пасткi, але галоўным чынам адсочваючы аленя альбо лася; аднаго для Джэка, другога Рою на зiмнi запас. Яны пайшлi на другую ж ранiцу i пешкi прайшлi маршрут Роя ў зваротным напрамку, угару да возера Пiт-Пiт i Лiтл-Рывер, затым па хрыбтах да Чатырох Азёр. Зела Сен-Клэра яны пакiнулi ў хацiне чакаць вяртання Мэрэя, i толькi ўдалечынi ад Зела i хацiны Джэк сказаў нарэшце Рою тое, што ўвесь час займала яго. Ён сказаў пра гэта Рою, калi яны залезлi на Снежную Скалу - найвышэйшы пункт уладанняў Роя. Яны стаялi там, пазiраючы на хрыбты, што раскiнулiся ва ўсе бакi, на пашу ласёў i недаступныя тарфяныя балоты. Адсюль лоўка было сачыць за дзiчынай, i яны спынiлiся тут паснедаць.
- Здаецца, я павiнен сказаць табе, што Эндзi Эндрус вярнуўся, - сказаў Джэк.
- Эндзi? - перапытаў Рой. - Вось д'ябал!
- Ён з'явiўся тыдзень таму, - дадаў Джэк.
- А дзе ён з'явiўся?
- У Джынi. Да яе i прыйшоў.
- I ён быў там, калi ты адыходзiў?
Джэк кiўнуў.
- Здаецца, што так, - сказаў ён.
Рой доўга не мог прамовiць нi слова, маўчаў i Джэк. Джэк не раз прыкiдваў, цi варта наогул сказаць пра гэта Рою, але ведаў, што раней цi пазней Рой ўсё адно даведаецца, i сядзеў як на iголках, баючыся, што Зел Сен-Клэр скажа пра гэта першы. Джэк не хацеў, каб Рой даведаўся пра гэта ад Сен-Клэра, бо разумеў, якi выбар патрэбна будзе зрабiць Рою. У яго i так была пагроза страцiць родную хату, iснавала неабходнасць пакiнуць лес i заняцца фермерствам, а таксама непакоiла перакананасць, што паляванне для яго скончылася. А зараз ён мог страцiць i сваю Персефону*.
* Персефона - у антычнай мiфалогii жонка гаспадара падземнага свету, якую муж адпускаў на зямлю да яе мацi Дэметры толькi на некалькi месяцаў за год.
Джэк ведаў таксама, што для Роя магчымы два рашэннi. Па-першае, праседзеўшы зiму тут, ён мог на будучы год пайсцi на поўнач, атрымаць там новы ўчастак. Менавiта гэтага хацеў Джэк для свайго старога сябра, але ён ведаў, як мала для гэтага шанцаў. Зараз, калi Эндзi вярнуўся, калi Сэм не адмовiўся ад свайго намеру кiнуць ферму, калi Рой асаблiва востра адчуваў цiск лесу, - было верагодна, што ён не заглыбiцца ў глуш, пакiдаючы за сабой гэткую неразбярыху. У адрозненне ад Джынi Джэк ведаў, што Рой не пойдзе ў глуш, калi яму не будзе куды вярнуцца. Зараз Рой страцiў абедзве свае апоры, i другое мажлiвае для яго рашэнне было пайсцi з Зелам i Мэрэем у заказнiк з рызыкай, што, найбольш верагодна, яго зловяць, адбяруць дазвол i дзялянку i гэтым загубяць яго самога. Гэта была адна з прычын, чаму Джэк iмкнуўся звесцi Роя ад Сен-Клэра i Мэрэя. Джэк спадзяваўся, што да таго часу, як Рой вернецца ў хацiну, Зел i Мэрэй будуць ужо далёка. I ён цвёрда вырашыў як мага даўжэй утрымлiваць Роя ад вяртання ў хацiну.
- Значыць, Эндзi ўсё-такi вярнуўся, - спакойна сказаў Рой. - Ну што ж! Ён вытрас рэшткi гарбаты ў агонь кастра.
Джэк затаптаў агонь i сабраўся iсцi далей.
- Ну як Эндзi? - марудна прамовiў Рой.
- Патаўсцеў, - сказаў Джэк. - Ён быў у армii.
- Вiдаць, без грошай?
- Ды не. Я бачыў, як ён у бары заказваў шкалiк для Сэма. Ён i сам, здаецца, стаў ахвочы да бутэлькi.
- Што-небудзь казаў?..
Джэк разумеў, пра што пытаецца Рой.
- Не, нiчога.
- I збiраецца застацца?
- Цяжка сказаць. Ты ж ведаеш Эндзi.
- Ён застанецца, - сказаў Рой. - Ва ўсякiм выпадку, да майго вяртання.
Ведаючы Эндзi, Рой быў здзiўлены, што той не з'явiўся проста да яго ў лес, каб высветлiць адносiны. Эндзi заўсёды дзейнiчаў напралом, як бык, атакуючы любую цяжкасць слепа i лбом у сцяну.
- Як ты думаеш, цi прыйдзе ён у лес? - спытаў Рой.
- Не ведаю, - адказаў Джэк. - Я яму сказаў, што цябе неўзабаве чакаюць у Сент-Элене.
Джэк зрабiў усё, каб папярэдзiць з'яўленне Эндруса тут, у лесе, але Джэк не сумняваўся, што, калi Эндрус зразумее сапраўдны сэнс "дзелавых адносiн" Роя i Джынi, першая ж хваля неўтаймоўнага гневу абвязкова прывядзе яго сюды.
Рой нiчога больш не пытаў, i яны сачылi за аленем далей.
Iм трапiлася шмат слядоў аленя на снезе, але нiводнага аленя так i не ўбачылi. Ноч яны правялi ў хацiне ля Чатырох Азёр, а затым аднавiлi паляванне, адначасова аглядалi пасткi Роя. Рой выявiў яшчэ аднаго бабра i рысь у пастцы, i яму зараз даводзiлася цягнуць на спiне вялiкi груз. Яны пайшлi па заснежаных хрыбтах да возера Т i ў накiрунку да хаты, разыходзiлiся, каб ахапiць звыклыя сцежкi аленяў, i зноў сустракалiся ў дамоўленых месцах.
- Хочаш пабачыць мядзведзя? - спытаў Рой, калi яны сустрэлiся ля вялiкай кучы горных валуноў, абкружаных хвойным зараснiкам.
- А дзе ён?
Рой паказаў унiз.
- Прыгледзься вунь да тых скалаў.
Мядзведзь, вялiзны буры лежабока, з'явiўся амаль у тое ж iмгненне i то подскакам, то марудна, шлэпаючы вялiзнымi вiхлястымi лапамi па цвёрдым снезе, рушыў проста да маладой пiхты. Калi дайшоў да ствала, на заднiх лапах выцягнуўся на ўвесь рост i драпнуў па дрэве кiпцюрамi так высока, як толькi здолеў дастаць. Затым ён зароў i злосна ўкусiў за ствол.
- Вiдаць, тым самым ён паказвае iншым мядзведзям, якi ён вялiкi, - сказаў Джэк. - Не iнакш ён вырашыў пахвалiцца ростам перад сяброўкай альбо супернiкам.
- Не ведаю, - сказаў Рой, - але толькi самкi робяць тое самае.
- Нiколi не бачыў, каб яны так грызлi ствол, - сказаў Джэк.
- Гэта яшчэ мала, а я бачыў, як адзiн мiшка ўсеўся на малады дубок i пачаў скакаць на iм, як на канi. - Яны мелi мажлiвасць цiха перагаворвацца, бо былi значна вышэй i за ветрам. - Ты звярнi ўвагу, якi ён адкормлены. Ён зусiм падрыхтаваўся залегчы на зiму. Гэта дрэнная прыкмета, Джэк. Яны так рана кладуцца ў бярлогу, толькi калi становiцца мала дзiчыны.
Яны пазiралi, як мядзведзь прынюхваецца да ветру.
- Дык што, хочаш яго? - зноў спытаўся Рой.
- Занадта шмат клопату, - адказаў Джэк.
Рой прыцэлiўся. Яму даводзiлася страляць у мядзведзяў, калi патрэбны былi цi то скура, цi мяса, але зараз, калi ў гэтых мясцiнах iх заставалася ўсё менш, яму зусiм не хацелася забiваць. Аднак быў момант, калi зацiснуты, але суровы пратэст супраць лёсу заглушыў у iм лепшыя памкненнi: ён ненавiдзеў зараз Эндруса i прыцэлiўся ў мядзведзя; але сама прага жорсткасцi выклiкала агiду да яе, i ён перавёў мушку на ствол пiхты.
- Глядзi, як ён зараз падскочыць, - сказаў Рой. Ён трапiў у ствол каля самага мядзведзя, i адколатая куляй трэска выпадкова стукнула мядзведзя па носе. Мядзведзь замахаў перад сабой вялiкiмi пляскатымi лапамi, нiбыта адмахваўся ад пчол цi мух, затым зноў злосна ўкусiў за дрэва i кiнуўся наўцёкi, а Рой крыкнуў яму ўслед: - Не пакiдай слядоў, гультай, а то я з цябе скуру спушчу!
Джэк i Рой гучна смяялiся, гледзячы, як ён уцякае.
- Ты калi-небудзь бачыў, як яны нападаюць на вулей? - спытаўся Рой. - Ну рыхтык скунсы. Лезе проста на рой i разганяе пчол так, што тыя накiдваюцца на яго i заблытваюцца ў поўсцi, а мiшка сядзiць, збiрае iх i есць.
Зноў засмяялiся, i Джэк разумеў, што Рою зараз лягчэй. Дай толькi час, i лес ўсё вылечыць. Яны iшлi разам аж да возера Т.
Дя возера яны зноў разышлiся, i хутка Рой прысеў адпачыць на скалiстым схiле, адкуль снег знесла ветрам. Тут было ветрана, але яму падабалася сядзець менавiта на гэтым хрыбце, бо адсюль на поўнач было далёка вiдно за межы яго ўчастка, а на поўдзень за возерам Т мора лясных верхавiн цягнулася аж да самага Сент-Элена. Ён пазiраў унiз, на чорную ваду возера ў снежным атачэннi, i раптам пачуў самалёт.
Ён назiраў, як самалёт паволi ляцiць над нiзкiмi шэрымi воблакамi, дробная iстота с лапамi качкi i крыламi малiнаўкi. Машына зрабiла круг над возерам, затым узяла курс на захад i пачала планiраваць.
Рой устаў.
- Не iнакш як адзiн з гэтых маленькiх гiдрапланаў, - сказаў ён трывожна.
Трывога яго нарастала, калi ён зразумеў, што самалёт вялiкiмi бясшумнымi кругамi iдзе на знiжэнне да возера Пiт-Пiт.
- Джэк, - паклiкаў Рой. - Дзе ты, Джэк?
Адказу не было.
- Джэк! - зноў паклiкаў ён.
Нарэшце з'явiўся, засопшыся, Джэк.
- Вось халера, а я толькi высачыў лася, - сказаў ён. - Мне здаецца, я загнаў яго ў той канец лесу. I што патрэбна ласю на гэткай вышынi? - Джэк гаварыў шэптам, узбуджаны сваiм адкрыццём значна больш, чым Рой. - А што ў цябе?
- Ты зiрнi на гэты аэраплан, - сказаў Рой.
Самалёт толькi што з'явiўся зноў.
- Ён сядзе на возера Пiт-Пiт, - сказаў Рой. - Калi Зел i Сахаты зараз у хацiне, яны не ўбачаць i не пачуюць яго. Здаецца, што iнспектар падкрадваецца да мяне з-за вугла. Раздабыў адну з машын лясной аховы. Глядзi туды, на возера Пiт-Пiт, бачыш, ён ужо планiруе.
- Усё адно, ты занадта далёка, каб дабрацца да хацiны раней за iх, сказаў Джэк. - Ты не паспееш папярэдзiць.
Рой стаяў, пазiраючы ўнiз на возера Т. Вецер прыбiваў да берага астраўкi рыхлага снегу, i, хоць пад iмi дзе-нiдзе блiскаў лёд, возера яшчэ не зусiм замерзла.
- На ўсходнiм канцы ў мяне застаўся вялiкi човен, - сказаў Рой. - Я схаваў яго там, калi пераправiўся да Iндзейца Боба. Калi я зараз хутка спушчуся ўнiз, дык магу што-небудзь выцiснуць з гэтага чоўна i прыплысцi да хацiны раней, чым яны заявяцца там.
- Ну, табе давядзецца папрацаваць на возеры Т, каб абагнаць iх. Так, папрацаваць давядзецца добра! - сказаў Джэк. - Але ты iдзi. I хутчэй. Сахаты i Зол, вiдаць, яшчэ там i нiчога не ведаюць. Калi iнспектар накрые iх, усiм вам хана. Хутчэй, Рой!
Але Рой ужо iмчаўся па схiле да далёкай унiзе вады. Сваю ношу ён скiнуў побач з Джэкам i зараз узрываў рыхлы снег, коўзаючыся па iм на крутым доўгiм схiле. Джэк не мог зразумець, як Рою ўдаецца трымацца на нагах, бо ён спускаўся вельмi хутка. Але Рой здолеў захаваць над самай зямлёй цэнтр цяжару свайго каржакаватага важкага цела i без прыгод скацiўся ўнiз да вады.
Каля таго месца, дзе ён схаваў човен, вада ўжо добра замерзла, i Рою давялося цягнуць човен па здрадным лёдзе да чыстай вады. Калi лёд пачаў трэскацца пад нагой, ён ускочыў у човен, вывеў яго з дробных iльдзiн i пачаў веславаць. Да гэтага часу ён ужо спацеў i знясiлеў, але рукi яго самi па сабе апускалi жоўтае вясло ў халодную ваду. Там, дзе яна была вольнай ад лёду, ён хутка слiзгаў уперад, але там, дзе шаўкавiсты лядок ужо ўкрыў паверхню, яму даводзiлася нацiскаць i тады чулiся крохкiя гукi ледзяных крышталiкаў, якiя крышылiся пад носам чоўна падчас кожнага ўдару вясла. Ён зразумеў, што рухаецца надта марудна. Знайшоўшы чарговую водмель, ён павярнуў да берага, хутка выскачыў з чоўна i зламаў сухую ялiнку, мёртвую i рудую, але яшчэ з iголкамi. У яго не было сякеры, каб ссекчы жывое дрэва, i таму ён замацаваў сухую елку памiж распоркамi, прывязаў яе раменнымi ўключынамi, а затым зноў стаў на калена i веславаў далей. Вецер ударыў у густую паверхню елкi, якая складала каля дванаццацi футаў, i човен адразу паплыў хутчэй. Пры спадарожным парывiстым ветры ён нёсся зараз з такой хуткасцю, што пад цяжарам елкi ледзь не чэрпаў носам бурлiвую ваду. Нават на падмерзлых участках ён рассоваў тонкiя льдзiны i не збаўляў хуткасць.
Рою ўдалося абысцi найбольш замерзлыя ўчасткi, але часам, калi лёд са скрыгатаннем сяiзгаў па афарбаваным брызенце бартоў, яму здавалася, што човен прабiты. Чым блiжэй падплываў ён да хацiны, тым больш дапамагаў яму вецер, i, iмкнучыся злавiць яго парывы цi прасоўваючы човен праз ледзяную плёнку, Рой ужо пачынаў спадзявацца, што паспее.
Ён з такой хуткасцю нёсся да скалiстага прычала, што яму давялося кiнуць вясло i паспрабаваць утрымаць човен, адвязаўшы елку, затым надзвычайнымi высiлкамi ён падняў яе тырчком i, захоўваючы раўнавагу падчас рэзкiх парываў ветру, вывеў ствол за борт i кiнуў убок, як дроцiк. Гэта яму ўдалося, але човен ледзь не перакулiўся i зачэрпнуў столькi вады, што адно вясло сплыло. Рой ледзь паспеў схапiць другое i хоць крыху затармазiў човен, тым самым аслабiў удар аб скалу.
Але ён спазнiўся. Побач з Зелам Сен-Клэрам там ужо стаялi два мужчыны.
Раздзел восьмы
- Гэта Рой Мак-Нэйр, - сказаў Зел незнаёмым мужчынам.
Рой ужо заўважыў, што сярод iх не было iнспектара.
- Добры дзень, - сказалi яны Рою.
Рой нiчога не адказаў. Ён яшчэ не мог аддыхацца пасля такога напружання. Ён ведаў, што гэта прадстаўнiкi нейкай улады, ён беспамылкова вызначыў гэта па iхняй гаворцы i манерах, як бы па-сяброўску i нязмушана яны сябе нi паводзiлi. Адзiн быў таўстун, з пранiклiвымi вачыма i ўпэўненай лiнiяй рота. Другi малады бландзiн сярэдняга росту. Апрануты як паляўнiчыя, у чырвоныя курткi i кепкi, абодва ў высокiх паляўнiчых ботах i скураных пальчатках. Тыповыя асобы пры пасадзе, толькi невядома якой. Рой падумаў, цi не леснiкi гэта? Ва ўсякiм разе не пушнiнныя iнспектары.
- Мяне завуць Бэрк, - сказаў камлюкаваты.
Ён гаварыў рашуча, амаль рэзка, не спускаючы жывых вачэй з заклапочанага твару Роя.
- А гэта Ласон, - сказаў ён пра маладога бландзiна. - Мы работнiкi па ахове рэсурсаў пушнiны i рыбы.
Рой нiколi пра такiх не чуў.
- Вы iнспектары? - смела спытаўся ён.
- Бiёлагi, - адказаў Бэрк.
Ён заўважыў спалох Роя i ледзь прыкметна ўсмiхнуўся, але вочы яго смяялiся з удалага жарта.
- Iнспектары? - паўтарыў ён. - Не, з iнспектарамi мы не маем нiчога агульнага.
Ласон таксама зразумеў сiтуацыю i рассмяяўся, адкiнуўшы галаву назад.
- Мы вас устурбавалi, - сказаў Ласон, праводзячы рукой па доўгiх светлых валасах. Ён усё яшчэ смяяўся проста ў твар Рою. - Мы аддзел Упраўлення па запаведнiках. Не маем нiчога агульнага нi з iнспекцыяй, нi з кантролем толькi ахова.
Рой трымаўся насцярожана.
- Цi можна нам у вас пераначаваць? - спытаў Бэрк. - У нас ёсць спальныя мяшкi, i спаць мы будзем на падлозе.
- Калi ласка, - сказаў Рой, нiчога больш iм не прапануючы i ўсё яшчэ з сумневам. - А чаго вы з'явiлiся на возеры Пiт-Пiт?
- Возера Пiт-Пiт? - паўтарыў Бэрк, нiбыта ўслухоўваўся ў гэтую назву.
- Гэта адзiная тут прыдатная пасадка на ваду, - сказаў Ласон. - У возера ўпадае некалькi рэк, i яны адсунулi плывучы лёд. Але ля берага яго ўсё адно шмат, так што я сеў крыху далей. Вы задаволены?
Ён пытаўся ў Роя, як госць у гаспадара, i тут не чуваць было нiякага ашуканства. Рой сказаў, што ўсё нармальна, толькi ён здзiўлены, чаму яны не селi блiжэй да хацiны. Аднак пазней Рой зноў засумняваўся.
- А адкуль вы пра мяне даведалiся? - спытаў ён як мага больш абыякава.
- Мы ведалi толькi, што недзе недалёка павiнна быць паляўнiчая хацiна, сказаў Бэрк i ледзьве ўсадзiў сваё масiўнае цела ля печы. - Мы абляцелi ўвесь Муск-о-гi, i нам трэба было дзе-небудзь апусцiцца на начлег.
- А ваша хацiна нанесена на карту, - дадаў Ласон.
Яны вiдочна хацелi развеяць сумненнi Роя, i Рой бачыў, што яны робяць гэта старанна i цярплiва, але яму i гэтага было мала.
- А з вамi ёсць яшчэ хто-небудзь? - спытаўся ён i падклаў дроў у печ.
- Не. Нас толькi двое, - сказаў яму бландзiн Ласон. - Наша машына падымае толькi дваiх. I то яна з цяжкасцю садзiцца на ваду.
Рой верыў iм, але ведаў, што iхняе з'яўленне тут можа абярнуцца рознымi нечаканасцямi. I чаго iх сюды занесла? Што спатрэбiлася гэтым бiёлагам у такой глушы? Рою не зусiм было зразумела, чым наогул займаюцца бiёлагi, але ён ведаў, што гэтая праца надта спецыфiчная, вельмi складаная. Яны, вядома, адукаваныя людзi, але не навiчкi ў лесе. Трэба з iмi асцярожна. Не iнакш гэта звязана з Сахатым i з заказнiкам.
- Ну што ж, вы патрапiлi адразу на вячэру, - сказаў ён.
Гэта былi першыя дружалюбныя словы. Ён заўважыў, што яны пераглянулiся нiбыта з палёгкай. Нягледзячы на падазрэннi, яны падабалiся Рою, як часта падабалiся людзi з першага позiрку. Яны вельмi розныя, але яскрава бачна, што яны добра разумеюць адзiн аднаго i што iх яднае сапраўдная дружба. А Рою падабалася, калi адзiн чалавек разумее другога, калi адзiн аднаго разумеюць усе людзi, звязаныя агульнай справай.
- Вы, вiдаць, ляцелi па возеры з усёй моцы, - сказаў Бэрк Рою.
Рой усё яшчэ цяжка дыхаў, шапкай выцiраючы пот з твару, куртку ён скiнуў, каб крыху астыць у цёплай хаце.
- Вiдаць, цяжка веславаць у чоўне, - дадаў Бэрк.
- Я стараўся iсцi ўпоравень з ветрам, - сказаў Рой.
Бэрк уважлiва паглядзеў наРоя, i той зразумеў, што гэтыя словы спадабалiся камлюкаватаму бiёлагу. Рою здавалася, што гэты чалавек хутка схоплiвае i разумее думкi i пачуццi iншых, i скаванасць Роя паступова знiкала.
- Вы, спецыялiсты, вiдаць, прагаладалiся? - спытаўся ён.
- Праўда, мы не супраць згатаваць для ўсiх смажанiну, - адказаў Бэрк. Калi ў вас знойдзецца рондаль добрай ёмiстасцi, я адразу ж i пачну. Вы не супраць?
Зноў Рой ацанiў гэтую шчырую прапанову. Ён не пярэчыць, калi яны зоймуцца вячэрай. З iхняга боку гэта было ветлiва. Яны, вiдаць, ведалi, як трэба паводзiць сябе ў чужой хацiне i як паводзiў бы сябе ў падобных абставiнах прышлы паляўнiчы. Насцярожанасць Роя стала яшчэ меншай, i ён выйшаў пашукаць Зела Сен-Клэра, якi знiк, як толькi з'явiўся Рой. Зела знайшоў каля скалiстага прычала, ён лавiў вясло Роя, якое плавала ў вадзе.
- Пайшлi да iх, Зел, - сказаў Рой. - Яны неблагiя хлопцы.
- Пайшлi, - сказаў Зел. - Зiрнi.
Рой паглядзеў туды, куды паказваў Зел. А ён паказваў на два калы, якiя тырчалi з вады маленькай бухты, што пачыналася ля скалiстага прычала. Гэта былi небяспечныя калы рыбалоўнай сеткi, той сеткi, якая забяспечвала Роя шчупачаняткамi i шчупакамi для прынады, для ежы. Падчас доўгай адлучкi на Чатыры Азёры i на Зялёныя Азёры ён забыўся затапiць яе на зiму. I зараз прысутнасць яе была вiдавочнай для кожнага чалавека, якi хоць крыху разбiраўся ў лоўлi рыбы.
- "Лоўля сеткай альбо iншым чынам, акрамя вуды цi спiнiнга, строга забаронена", - сказаў Рой. Вось што гаворыць закон, i хоць гэта было не надта страшнае парушэнне, якое iншым часам сышло б з рук, зараз выяўленая сетка магла мець сур'ёзны вынiк.
- Пайшлi, Зел, затопiм яе, - сказаў Рой.
Яны ўжо спускалi човен на ваду, калi з хацiны выйшаў Ласон з цэлым абярэмкам нейкiх прыбораў.
- Цi не дазволiце пакарыстацца вашым чоўнам? - спытаў ён у Роя.
Рой не адказаў.
- Толькi дзеля некалькiх глыбiнных пробаў, - патлумачыў Ласон i падняў на выцягнутай руцэ нейкi палатняны конус з медным цылiндрычным наканечнiкам. Толькi вось тут, побач, - дадаў ён у адказ на недаверлiвы позiрк Роя.
Рой даў яму човен i стаў сачыць, як лоўка ён вяслуе ўздоўж берага. Ласон спачатку агледзеў азерныя водмелi, затым выбраў месца i падвеславаў да берага. Рознымi шуфлiкамi, чарпакамi i прыборамi ён узяў у бутэлечкi пробы вады, глею, наносаў, а пасля пераправiўся на другi бераг возера. Ужо сцямнела, i назiраць за iм азначала толькi прыцягваць увагу. Рой махнуў на яго рукой i павёў Зела назад у хацiну, каб ён дапамог другому бiёлагу гатаваць смажанiну. А Бэрк зняў куртку i боты, абуў зручныя макасiны i стаяў над сама вялiкiм рондалям Роя, дзе былi ўжо тлушч i масла. Ён прынёс сюды свой правiянт, i на падлозе ля дзвярэй былi складзены бабёр, андатра, заяц i курапатка.
- Гэта з тых узораў, якiх мы сёння знайшлi, - сказаў ён. - Я пакiнуў толькi тое, што спатрэбiцца, а iншыя пойдуць у кацёл. Для сапраўднай паляўнiчай смажанiны не хапае толькi вавёркi.
- Вы што, i гэтага бабра пусцiце ў кацёл? - спытаў Рой.
- Вядома. А вы супраць?
- Не, давайце! - сказаў Рой, яшчэ не зусiм давяраючы таму, што гэты спецыялiст можа згатаваць смажанiну з бабра, андатры i вавёркi.
- Дык вам сапраўды патрэбна вавёрка? - недаверлiва спытаў Рой, маючы жаданне паглядзець, як гэты прафесар будзе гатаваць смажанiну з вавёркi.
- А вы можаце здабыць вавёрку?
- А ў вас ёсць дваццацiдвухкалiберная? - спытаў Рой.
- Ёсць у Ласона. Зараз яна ў вас пад ложкам.
Рой дастаў ружжо i выйшаў з хацiны, адчуваючы, што ўсё гэта радуе Бэрка. Рой яшчэ раз сказаў сабе, што гэтыя людзi паступова заваёўваюць яго давер, заваёўваюць, калi абыходзяцца з iм як з роўным, паводзяць сябе як i сябры-лесавiкi, амаль што як браты-паляўнiчыя.
Ён ведаў, што для гэтага ёсць свае прычыны, i хоць мiжволi паддаваўся iхнiм дружалюбным паводзiнам, усё адно з недаверам пытаўся ў сябе - навошта iм спатрэбiўся яго давер. Усё ж яны прадстаўнiкi ўлады, якiя б у iх нi былi прафесii. Праз некалькi хвiлiн Рой падстрэлiў чырвоную вавёрку, калi яна на хваёвым суку вiшчала на яго, свайго сябра i ворага. Калi ён вяртаўся ў хацiну, сустрэў Ласона, якi iшоў ад возера. Човен быў перакулены на прычальнай скале. Усё так, усё зроблена, як трэба.
У хацiне Ласон паказаў здаравенную рыбiну.
- Бачыце, што я тут знайшоў, Кевiн? - сказаў ён Бэрку.
- Ого, дык гэта ж чорны акунь, Уiл! - усклiкнуў Бэрк. - Дзе вы яго знайшлi?
- Ды тут, у сетцы Роя, - сказаў той. - Я не спадзяваўся, што мы знойдзем чорнага акуня ў азёрах Муск-о-гi.
Рой чакаў асуджэння за сетку, але Бэрк толькi зiрнуў на Роя так, нiбыта гэта яго яшчэ больш пацешыла.
- А цi падстрэлiлi вавёрку? - спытаў Бэрк.
Рой падняў вавёрку, трымаючы яе за хвост.
- Калi я зраблю замеры гэтага тыпа, - сказаў Ласон наконт акуня, - вы можаце дадаць яго да ўсяго астатняга. - Ён стаў на каленi i выцягнуў акуня на разасланай газеце, змерыў яго i ўважлiва агледзеў. - Дарэчы, - сказаў ён быццам мiж iншым, не падымаючы вачэй ад акуня, але гэта адносiлася да Роя: - я затапiў вашу сетку на той выпадак, калi хто-небудзь сюды зазiрне i пацiкавiцца ёю. Я не памылiўся?
Рой памарудзiў з адказам, затым усмiхнуўся. Здавалася, што зараз ён зарагоча. Зел Сен-Клэр глядзеў на роя гарачымi вачамi кельта, ён асуджаў гэтую нямую сцэну, у якой вытрымка задушыла ў гэтых англасаксаў i гумар i запал. Як паляўнiчы, хоць зараз i пазбаўлены права паляваць, Зел дастаткова выразна разумеў сiтуацыю, каб не ўмешвацца ў гульню Роя, але гэта каштавала яму шмат намаганняў. Пра сетку Рой больш нiчога не сказаў: нi прабачэння, нi жарту. Вiдаць, ён зразумеў нарэшце, што гэта за людзi, i хутка пачуўся яго гучны смех, а затым зарагатаў i бландзiн Ласон. Нават Бэрк усмiхнуўся, распраўляючыся з бабром, i вочы ягоныя заблiшчалi ад вострага адчування задавальнення.
- А чым вы, уласна, займаецеся? - спытаў Рой.
Ён назiраў, як Бэрк, седзячы на парозе, абдзiраў i абскрэбваў бабра, быццам сапраўдны паляўнiчы. Ласон усё яшчэ не ўставаў з падлогi: седзячы ля печы, ён моцнымi ўдарамi рассякаў акуня, мерыў яго асобныя часткi, пасля выпатрашыў, страўнiк паклаў у слоiк. Гэтыя людзi ведалi сваю справу, i гэта падкупляла Роя.
- Мы проста блукаем па розных мясцiнах i глядзiм, як жывецца дзiчыне i рыбе, - сказаў Бэрк. - Ласон iхтыёлаг. - Бэрк паказаў цераз плячо сточаным паляўнiчым нажом. Адначасна ён зiрнуў на Роя, каб пераканацца, цi спадабалася яму гэтае слова, i Рой зразумеў, што яно якраз яму i прызначана.
- Ён спецыялiст па рыбе, - патлумачыў Бэрк.
- А вы? - спытаў Рой.
- А я заолаг, - сказаў Бэрк.
- Значыць, спецыялiст па дзiчыне?
- Вы маеце рацыю.
- А што вы робiце тут у Муск-о-гi? - спытаў Зел Сен-Клэр.
- Глядзiм, як тут жывецца рыбе i дзiчыне, - паўтарыў Бэрк.
Ласон зiрнуў на Сен-Клэра i зразумеў, што трэба супакоiць i француза.
- Вам, сябры, няма чаго баяцца, - сказаў ён. - Мы на самай справе не маем нiчога агульнага з iнспектарам.
- Вы ангелец? - спытаў Рой у Ласона.
- Нiбыта напаўангелец, - адказаў бладзiн.
Яго гаворка толькi часткова нагадвала ангельскую, i, як мог зразумець Рой, у астатнiм ён размаўляў як канадзец. Ён значна адрознiваўся ад свайго старэйшага спадарожнiка. Ва ўсiм, што Бэрк назiраў збоку, Ласон прымаў актыўны ўдзел. Бэрк усё ведаў, але Рой здагадваўся, што Ласон здольны ўсё адчуваць. I знешнасцю, i ўчынкамi Ласон паказваў, што яму падабаецца жыць, i за гэта Рой прымаў яго, як прымаў яго адкрыты хлапчуковы смех. У нечым гэты смех быў нават празмерны. Бэрк быў не надта схiльны смяяцца, ён хутчэй смяшыў iншых, нечаму ўсмiхаўся цiшком. Гэта быў чалавек, якi выклiкаў захапленне, i Рой бачыў, што малодшы спадарожнiк аддаваў яму належнае.
- Ну вось, з гэтым усё, - сказаў Бэрк i кiнуў кавалкi бабровага фiле ў рондаль. - Зараз возьмемся за пацука.
У справу пайшло ўсё: андатра, заяц, курапатка, акунь i апошняй - маленькая чырвоная вавёрка. Ён выбiраў толькi лепшыя кавалкi, але i так рондаль быў поўны мяса i прыправы з цэлых бульбiн, цыбулiн, морквы i жменькi пахучай травы.
- А смажанiна будзе тлустая, - сказаў Рой.
- Трэба ж нагульваць тлушч на зiму, - сказаў Бэрк, ляскаючы сабе па жываце.
Гэтак сказаць мог бы i сам Рой, i гэта яшчэ павялiчыла яго давер. Але ўсё адно ён не мог даўмецца, чаго яны ад яго хочуць? Дзесьцi ўнутры ўсё яшчэ жыло сумненне, хоць яны яму i падабалiся, i ён шукаў адгадку: чаго яны хочуць.
Ён так i не знайшоў адказу аж да таго часу, калi дзверы хацiны адчынiлiся i з цемры ў яе зайшоў Джэк Бэртан. Ён быў зацярушаны свежым снегам, яго худыя шчокi палалi чырванню i распухлi, ён аж згiнаўся пад цяжарам сваiх рэчаў i рэчаў Роя.
- Фермер Джэк усё ж прабiў сцежку.
- Гэта твой цюк прабiў мне спiну, - сказаў Джэк.
- Узяў таго лася? - спытаў Рой.
- Не. - Джэк зiрнуў на незнаёмцаў, але прамое пытанне Роя адразу ўнесла атмасферу даверу. Уласна, Бэртану не было чаго хавацца, у яго быў дазвол на адстрэл лася i аленяў. - Заўтра я яго абавязкова вазьму, - сказаў Джэк Рою. Лось адбiўся ад чарады на верхняй пашы. Там я заўважыў i аленя.
Госцi слухалi, але маўчалi.
Рой сказаў:
- Гэта спецыялiсты па дзiчыне i рыбе, Джэк.
Ён прамовiў гэта, каб падвесялiць Бэрка. Гэта тлумачыла iхняе з'яўленне для Джэка, але, замест таго, каб увязацца ў далейшую гульню з Бэркам, Рой раптам замаркоцiўся. Джэк адчуў гэтую раптоўную перамену настрою Роя i здзiвiўся. Ён не здагадваўся, што глыбока ў душы Рой па-ранейшаму турбаваўся пра Эндзi i Сэма, пра Сент-Элен i пра Джынi. Зараз гэтая турбота стала прыкметнай. Быццам гэта Джэк прынёс яе з сабой i быццам сам Эндзi з'явiўся разам з Джэкам. Прыход незнаёмых людзей часова адагнаў гэтую турботу, але Джэк спалохаў яго дыханнем Сент-Элена.
Хутка Джэк зразумеў, што на Роя напала маркота. У такiм настроi Рой быў слабы i безразважлiвы. Зел ужо тут, Мэрэй вось-вось з'явiцца, значыць, усё яшчэ iснуе небяспека, што яны ўгавораць Роя iсцi з iмi ў заказнiк. Адзiнай даступнай Джэку контрмерай было жаданне зноў зацягнуць Роя ў лес. Ён пачаў з размовы пра ласёў.
- Ведаеш, Рой, - сказаў Джэк, - я чуў, як гэты лось на хрыбце двойчы паклiкаў, як цяля, нiбыта чакаў, што яму адкажуць.
- Занадта позна для лася, - безуважна адгукнуўся Рой.
- А я табе кажу, што чуў, - настойваў Джэк.
- Ну калi чуў, значыць, клiкаў, - заключыў Рой.
Але тут размову пра лася падхапiў Ласон.
- I на самай справе, сёлета, здаецца, мала ласёў, - сказаў ён Рою. - Як на вашым участку?
- Малавата, - адказаў Рой. - Усяго становiцца мала.
Джэк, уласна, не гэтага хацеў, але наведвальнiкi яўна нечага чакалi ад Роя. Яны падхапiлi гэтую тэму i пачалi распытваць Роя пра дзiчыну, паляванне, але без вялiкага поспеху. Рой еў смажанiну i адказваў неахвотна. Нарэшце Бэрк перавёў размову ад становiшча дзiчыны на яе звычкi. Паволi i паступова ён уцягваў у гаворку i Роя. Пацiху, пакрысе Бэрк раскатурхваў яго, то жартам, то пакеплiваннем, i ўсё больш уцягваў яго ў сутнасць гаворкi. У ёй прыняў удзел i маленькi Зел Сен-Клэр, i менавiта ён пераважыў. Ён ляжаў на ложку Роя i нават не здаваўся такiм кволым, бо добра пад'еў.
- Дзiўна, - сказаў ён, пазiраючы чорнымi вачамi на бабровыя скуркi над галавой, - дзiўна, як адны жывёлiны трымаюцца адной самкi, а iншым быццам усё роўна, абы адарваць сваё дзе давядзецца.
- У лесе няма такога звера, якi трымаўся б адной самкi, - заявiў Рой.
- А бабёр, - запярэчыў Зел.
- Хiтры бабёр зусiм не такi прыкладны ў сямейным жыццi, як гэта звычайна лiчаць, - сказаў Рой.
- Ён прытрымлiваецца адной самкi, - настойваў Зел.
- Ён выбiрае сабе сяброўку, будуе хатку i клапоцiцца пра сяброўку i дзяцей, - сказаў Рой, - але, акрамя таго, начамi ён знiкае ў пошуках iншых самак. Мне надаралася лавiць старых самцоў на месцы сустрэчы, куды яны прыходзiлi шукаць чужых самак. Тое ж самае i скунс. Сваю самку ён пакiдае ў нары i iдзе шукаць iншую. Гэта праўда, мiстэр Бэрк? - спытаў Рой.
- Праўда, - адказаў Бэрк.
- Я вам i больш магу расказаць, такога вы, напэўна, не бачылi, - працягваў Рой. Ён папраўляў у печы дровы. Джэк, якi назiраў за iм, трохi супакоiўся. - У Калiфорнii я бачыў халастога бабра, старога халасцяка, якi збудаваў сабе хату i жыў у ёй адзiн. Хочаце верце, хочаце не, мiстэр Бэрк.
- Чаго толькi не бывае ў Калiфорнii, - згадзiўся Бэрк.
- Ты ж нiколi не быў у Калiфорнii, - сказаў Зел Рою.
Той нiбыта не пачуў заўвагi Зела.
- Альбо вазьмiце норку там, на захадзе. З усёй прынады прызнае толькi крутое яйка. А калi не сервiруеш ёй крутых яек, яна выпраўляецца на бераг акiяна i спакойна чакае, пакуль ён выкiне ёй рыбу на абед. Вось гэта мясцiны! - сказаў Рой. - Нават бабёр здольны заленавацца. Без вялiкай патрэбы нават плацiну не збудуе, не ўмее пракладваць пратокi. Жыве сабе побач з фермерамi i аб'ядае фруктовыя дрэвы. Ён мае там летнюю нару, зiмовую нару - i ўсё! Гэта праўда, бабёр жыве ў Калiфорнii прыпяваючы.
Усе засмяялiся, i Рой гучней за iншых.
- Хiба не так, мiстер Бэрк? - сказаў Рой.
- А калi ж ты быў у Калiфорнii? - дапытваўся Зел.
- Расстаўляў я там аднойчы пасткi, - сказаў Рой. - Залатая гата была лоўля!
Джэк часта чуў расказ пра калiфарнiйскую лоўлю Роя, але так i не мог вырашыць, верыць у гэта цi не. Адзiны раз, калi Рой на доўгi час пакiдаў Сент-Элен, быў цяжкi час крызiсу на пачатку трыццатых гадоў. Тады Рой знiк ажно на паўтара года. Вядома, ён мог быць i ў Калiфорнii, хоць Джэк меркаваў, што Рой проста працаваў на ферме дзе-небудзь у Мiчыгане, але быў занадта ганарлiвы, каб прызнацца ў гэтым.
- Вось я раскажу вам, што бачыў у адной бабровай хатцы, - сказаў Рой.
- Дзе? У Калiфорнii? - недаверлiва спытаў Зел.
- Не, тут на Чатырох Азёрах, некалькi гадоў таму, - адказаў Рой. - Неяк на свiтаннi я натрапiў на бабровую хатку i знайшоў у ёй старога бабра, якi хроп на ўсю акругу. - Рой прамовiў гэта так сур'ёзна, што ўсе паверылi яму, хоць i засмяялiся. Такiм чынам, размова скiравала ў вызначаны Бэркам напрамак. Яна стала дыялогам памiж Бэркам i Роем, з якога Бэрк выведваў усё, што яго цiкавiла.
Рой захапiўся сваiмi ляснымi прыгодамi, што i патрабавалася Джэку. Рой сядзеў на скрынi ля акна, жаваў сваю жвачку "Прынц Альберт", ляпаў сябе па каленях, калi даходзiў да нечага захапляльнага, надаваў твару сур'ёзнасць, калi трэба было быць сур'ёзным, але, па-сутнасцi, яго словы былi звернуты да Бэрка: Рой нiбыта запрашаў яго сваiм аўтарытэтам аспрэчыць iх дакладнасць, знарок змешваючы праўду з няпраўдай, сур'ёзнае i жартаўлiвае, каб выклiкаць Бэрка на спрэчку i тады паспрачацца з iм як след. Але Бэрк толькi пытаўся i слухаў.
Часам даходзiла да сапраўднага глупства.
- Цi бачылi вы калi-небудзь лiсу, - сур'ёзна пытаўся Рой у Бэрка, - як яна залазiць у возера з галiнкай у зубах i чакае, пакуль усе паразiты нё збяруцца на галiнку, а пасля выпускае яе з зубоў, а сама плыве да берага?
Калi размова пайшла пра лiсу, Рой расказаў, як яна ў пагонi за зайцам iдзе за iм след у след, як балансуе хвастом падчас бегу. Скончыўшы расказ пра лiсу, ён перайшоў на рысь. Як няўклюдна даганяе яна зайца, як скача i правальваецца ў снег замест таго, каб слiзгаць, як на лыжах.
- Ведайце, што рысь палюе па вялiкiм крузе, як трапер па ланцугу пастак, гаварыў ён Бэрку. - Да таго ж, ведайце, што яна скарыстоўвае тады чалавечую сцежку.
Бэрк зноў прамаўчаў.
Пасля рысi прыйшла чарга мядзведзя.
- Мядзведзь забiвае, - казаў Рой, - толькi тады, калi iншым шляхам не можа здабыць сабе ежу. Як i iншыя буйныя жывёлiны, ён ахвотна суiснаваў бы мiрна. Ведайце, што ён гатовы саступiць падчас сустрэчы са скунсам, ведайце, што ён дзелiцца са скунсам сваёй здабычай. Альбо норка... Аднойчы, - сказаў Рой, - я раскапаў яе нару, якая была дарэшты запоўнена жабамi, акуратна складзенымi адна да адной, як сардзiны. Альбо лось. Лася нельга ўтапiць, нават калi застрэлiш яго на глыбокiм месцы. Альбо рысь... Ведайце, што калi яна трапiць у ваду, дык плыве абавязкова па прамой. Альбо алень... Цi бачылi вы калi-небудзь, як алень раптам пакiдае пашу i як вiхор iмчыцца праз зараснiкi, а затым быццам нiчога i не было, пачынае шчыпаць траву?
Расказ Роя быў бясконцы, але гэта захапляла Бэрка не менш, чым самога Роя, i ён ахвотна дзялiўся з Роем сваiмi ведамi пра лясных звяроў, але ведамi крыху iншага кшталту: Бэрк расказваў, што бабёр, калi наесца водарасцяў, хварэе жыватом. Ён расказаў Рою, што мядзведзь кладзецца ў бярлогу з-за недахопу ежы, а не з-за нейкага iнстынкту. Што на некалькi месяцаў затрымлiваецца развiццё зародка мядзведзiцы: ён пачынае хутка развiвацца толькi тады, калi яна залягае на зiму ў цёплую бярлогу. Што паласаты суслiк, гэты класiчны зiмоўшчык, падчас зiмовай спячкi знiжае пульс ад нармальных трохсот удараў да чатырох.
Веды Бэрка былi таксама бязмежныя, але ён выбiраў з таго, што было яму вядома, толькi лепшае, каб зрабiць уражанне на Роя. Ён патлумачыў, як ад шматлiкасцi альбо адсутнасцi зайца i лемiнга залежыць усё жыццё лесу, таму што яны з'яўляюцца галоўнай ежай драпежнiкаў. Як заяц размнажаецца да пэўнай мяжы, а затым з-за нейкiх дзiўных прычын пачынае хварэць на страўнiк, i гэта дзiўная хвароба зводзiць яго са свету амаль што цалкам, i тым самым часова затрымлiвае ўвесь цыкл ляснога жыцця ажно да пачатку новага актыўнага размнажэння. Гэта быў найбольш яскравы прыклад жыццёвага працэсу ў лесе, i Рою падабалася, калi яму тлумачылi такiмi спецыяльнымi тэрмiнамi. Бэрк назваў яшчэ адзiн прыклад: лемiнг - маленькая паўночная мыш - качуе тысячнымi чародамi, калi размнажэнне становiцца несувымерным з наяўным харчам; лемiнг качуе на поўдзень цераз азёры i рэкi i, нарэшце, тоне цэлымi мiльёнамi ў рацэ Святога Лаўрэна, пераплысцi якую яму не хапае сiлы. Бэрк даказаў Рою, як наяўнасць альбо адсутнасць гэтых дзвюх жывёлiн вызначае лёс iншай дзiчыны, бо галадоўка распаўсюджваецца на ўсе вiды жывёл. Лiса i рысь з-за адсутнасцi зайцаў вымушана паляваць на норку, скунса i аленя. Воўк таксама пачынае ганяць аленя, нават лася, дабiрацца i да дзiкабраза, а часам зводзiць са свету i болей слабых сваiх суродзiчаў. Церпяць усе вiды мышэй, бо розныя драпежнiкi настойлiва ганяюцца за iмi i на нiжэйшай рысе пэўнага цыкла знiшчаюць амаль цалкам. Iх лёс падзяляюць курапаткi, якiя становяцца галоўнай ежай для рысi, лiсы i норкi, калi зайцоў альбо мышэй становiцца зусiм мала. Парушэнне суадносiн вымушае вушастую саву шукаць замену зайцу i мышы i нападаць на больш буйных жывёлiн. Бэрк расказаў Рою пра ўвесь гэты працэс, i той зразумеў, што нiколi раней нiчым так не захапляўся. Ён толькi час ад часу падыходзiў да печкi, каб паварушыць там дровы, альбо да дзвярэй, каб сплюнуць цераз парог тытунёвую жвачку.
Слухалi i iншыя, i Джэк разумеў, што зрабiў правiльна, калi задумаў усё гэта. Джэк сядзеў наводдаль на лаве, паклаў доўгiя рукi на стол i час ад часу круцiў самакрутку. Зрэдку ён уставаў i падкручваў газоўку цi трос за плячо Зела Сен-Клэра, якi часта драмаў i пачынаў храпцi.
Калi ж Бэрк зноў змянiў гаворку на падрабязны роспыт пра дзiчыну ў Муск-о-гi, Джэк зразумеў, чаго хочуць гэтыя людзi ад Роя, у прыватнасцi, чаго хоча ад Роя Бэрк. Бэрку трэба было атрымаць падрабязныя звесткi пра дзiчыну на ўчастку Роя, звесткi, якiх ён не атрымаў бы, калi б не заваяваў давер Роя. Бэрк цярплiва апрацоўваў Роя, пакуль не пераканаўся, што той можа расказаць усё, пра што яму хацелася даведацца. Ён задаваў Рою дакладна сфармуляваныя пытаннi пра сляды лася i аленя, пра напрамкi i даўжыню iхнiх сцежак, пра сярэднюю колькасць баброў на адну хатку, пра дакладную колькасць андатраў на балотах. Бэрк патрабаваў поўнага малюнка: чым харчуецца дзiчына, дзе яна пераважна жыве (асаблiва норка i лiса), цi ёсць у акрузе ваўкi i колькi iх. Гэта былi дакладныя, амаль што рэзкiя пытаннi, але задаваў ён iх так, што Рой мiжволi адказваў на iх сумленна i дакладна.
Часам Джэка палохала, што Рой падвядзе сябе некаторымi сваiмi адказамi, але Рой, хоць i захапiўся пытаннямi Бэрка, нiчога не сказаў з таго, што магло б выдаць яго незаконныя дзеяннi. Ды i Бэрк не настойваў нi на адным рызыкоўным пытаннi. Калi Рой быў блiзка да таго, каб выявiць, што ён так шмат ведае пра вясновыя звычкi баброў у iхнiх хатках i пра летнiя звычкi норкi iменна таму, што займаўся пазасезоннай лоўляй, Джэк спрабаваў перавесцi гаворку на iншую тэму. Але Роя нельга было збiць з панталыку. У Бэрку ён убачыў чалавека, якi ведаў пра дзiчыну не менш за самога Роя. А Рой любiў лес гэтак жа, як i Бэрк, ён разумеў не толькi барацьбу i раўнавагу ў прыродзе, але i ўвесь працэс ляснога жыцця.
Як i Рой, Бэрк не iмкнуўся ўвесцi ў жывёльны свет нейкiя "павiнен" альбо "не павiнен" i не разглядаў звяроў з пункту погляду iх карысцi для чалавека. Ён прымаў жывёльны свет такiм, якiм ён быў, i гэта больш за ўсё iншае пераканала Роя, што Бэрк заслугоўвае даверу. А пасля Рой зразумеў, чаму Бэрк захацеў заваяваць яго давер. Бэрку патрэбны былi гэтыя звесткi, гэты падрабязны i дакладны малюнак становiшча з дзiчынай у Муск-о-гi як чалавеку, жыццё якога было прысвечана вывучэнню i спазнанню лесу; гэта была яго праца, яго спецыяльнасць; i як знаўца сваёй справы, Рой ахвотна даваў звесткi, якiя патрабавалiся Бэрку, нават разумеючы, што гэта можа паслужыць матэрыялам для нейкага рашэння ўладаў пра Муск-о-гi. У запале Рой неаднаразова быў блiзка да таго, каб выдаць сакрэт сваёй пазасезоннай лоўлi, але Бэрк сам тактоўна засцерагаў яго ад гэткай безагляднасцi.
Затым прыйшла чарга Роя задаваць пытаннi, не проста пытаннi пра дзiчыну, але галоўныя пытаннi пра сваё iснаванне. I Бэрк быў менавiта той чалавек, якi мог развеяць сумненнi i трывогi Роя. Бэрк мог даць вычарпальны i канчатковы адказ на пытаннi, цi сапраўды дзiчына Муск-о-гi сыходзiць на поўнач, цi вернецца яна, цi скончана тут лоўля, цi гэткае ўжо безнадзейнае паляванне ў Муск-о-гi, як ён даказваў сабе з году ў год.
Ды не проста было задаваць такiя пытаннi.
- Скажыце, - спытаўся Рой для пачатку, - цi заўсёды лось i алень жылi ў Муск-о-гi, цi яны прыйшлi сюды са Штатаў?
- Па маiх звестках, - сказаў Бэрк, - першая белахвостая лань была адзначана блiз Сент-Элена ў тысяча восемсот восемдзесят шостым годзе, а першы лось - прыкладна ў тысяча восемсот восемдзесят дзевятым. I прыкладна ў той жа час апошнi лось быў зарэгiстраваны ў штаце Ныо-Йорк, такiм чынам, зусiм верагодна, што лось прыйшоў сюды са Штатаў, ды i алень таксама.
- Але як магло здарыцца, - спытаў Рой, - што аленя тут стала нiбыта больш. Зараз у Муск-о-гi аленяў больш, чым дваццаць гадоў таму. Няўжо яны ўсё яшчэ прыходзяць з поўдня?
- Сумняваюся, - адказаў Бэрк. - Колькасць аленяў зараз расце на поўднi таксама, як i тут. Гэтаму садзейнiчала тое, што зводзяцца першабытныя лясы. Аленю патрэбна паша, i ён ахвотна жыве ў маладым лесе, на высечках, таму са знiкненнем лесу аленя становiцца больш.
- А чаму становiцца менш лася?
- Бо лось - насельнiк балот. Ён больш разборлiвы ў выбары месца, Рой. Чалавеку лягчэй дабрацца да яго, таму ён i сыходзiць на поўнач, усё глыбей i глыбей, куды не ступала нага чалавека. Яго, як i мядзведзя, выжылi з такiх цудоўных, вядомых мясцiн, як Муск-о-гi.
- А астатняя дзiчына? - спытаў Рой. - Яна таксама сыходзiць на поўнач?
- Не, - адказаў Бэрк, усведамляючы, што яго адказу напружана чакаюць усе тры паляўнiчыя, асаблiва Рой. - У Муск-о-гi дзiчына знiшчаецца альбо проста вымiрае. На поўначы дзiчыны больш, але не таму, што яна прыходзiць з Муск-о-гi. Не, Муск-о-гi губляе дзiчыну па волi прыроды i паляўнiчага. Яна не можа аднавiць страты. I зараз у яе няма на гэта шанцу.
- А будзе?
Бэрк разумеў, чаму Рой чакае адказу на гэтыя пытаннi, але, зiрнуўшы на яго сваiм вострым позiркам, вырашыў, што нiчога не трэба хаваць.
- Не, - разважна прамовiў Бэрк. - Страты незаменныя. Пэўны час дзiчына яшчэ будзе, але большасць пушнога звера, такога, як бабёр, норка i андатра, будзе змяншацца, пакуль некаторыя з iх не вымруць канчаткова, а iншыя стануць рэдкасцю. Гэта непазбежна, калi, вядома, урад не закрые палову Муск-о-гi для палявання i лоўлi, а затым установiць дзе-небудзь заказнiк для бабра i андатры.
- А цi хочуць гэта зрабiць?
Бэрк устаў i нервова прайшоўся па хацiне, бразгаючы ў кiшэнi нажом i ключамi.
- Не ведаю, што зробiць урад, Рой, - сказаў ён. - Але нешта мусiць зрабiць. Ён можа закрыць усе ўгоддзi альбо толькi палову - я гэтага не ведаю.
- А калi?
Бэрк пацiснуў плячыма.
- Мо ў будучым годзе, а мо праз год. Але, вiдаць, хутка.
- Значыць, паляванню ў Муск-о-гi сапраўды канец? - спытаў Рой.
Рашуча сцiснутыя губы на iмгненне расцiснулiся, выдаючы сумненнi Бэрка.
- Мне хацелася б аспрэчыць гэта, Рой, але вы самi, напэўна, ведаеце.
- Вы спецыялiст, - сказаў Рой. - Вам i кнiгi ў рукi.
Бэрк кiўнуў.
- Вы маеце рацыю. На жаль, гэта так.
Да гэтай пары Рою пагражаў выпадковы капрыз прыроды, але словы спецыялiста пра тое, што паляванне тут скончана, надавалi гэтаму безапеляцыйнасць чалавечага выраку. Хвiлiну Рой памаўчаў. Яны ўсе маўчалi. Рой мелькам акiнуў вокам сваю хацiну. Пасля ён засмяяўся так, як нiколi яшчэ не смяяўся.
- Дык, значыць, усiм нам хана, - сказаў ён.
- Не думаю, - мякка зазначыў Бэрк. - Не забудзьцеся, што iснуюць звярыныя заказнiкi. Прыйдзе час, i яны ўратуюць паляўнiчых.
- А якi толк ад дзiчыны ў заказнiках?
- Рана цi позна ахоўваемая дзiчына заказнiкаў размножыцца i распаўсюдзiцца на суседнiя ўгоддзi. Мо для вашых мясцiн у гэтым i няма сэнсу, але ў рэшце рэшт гэта адзiная надзея для паляўнiчых, Рой.
Рой гэта ведаў, але зараз для яго не было суцяшэння. Ён быў занадта прыгнечаны крахам Муск-о-гi.
- Iдзе працэс, а нам хана! - вось i ўсё, што прамовiў ён напрыканцы.
Iншыя не зразумелi, але Джэк яго зразумеў, i яму гэта не спадабалася. Рой зноў засмяяўся кароткiм злосным смехам, i Джэк ведаў - гэта Рой прызнае, што лес i Сент-Элен, нарэшце, перамаглi яго: лес, Сент-Элен i Эндзi.
Раздзел дзевяты
Ранiцай Джэк, Зел i Рой выправiлiся на возера Пiт-Пiт, каб правесцi спецыялiстаў, якiя адляталi на сваiм маленькiм гiдраплане. Пакуль Зел i Джэк дапамагалi Бэрку грузiцца, Рой разам з Ласонам здымаў з матора падшываны чахол.
- Куды вы кiруеце зараз? - спытаў Рой. - На поўнач?
Ласон зiрнуў на пабялелае возера, якое замерзла амаль да сярэдзiны. Нават вузенькая чорная палоска вады была накрыта ледзяной плёнкай.
- Не, - адказаў Ласон. - Трэба яшчэ наведаць iндзейца на парогах Уош-Уош. Спадзяюся, мне ўдасца пасадзiць самалёт на раку, калi, вядома, яна не замерзла.
- А пасля куды? - асцярожна спытаў Рой.
- Сент-Элен, а затым у Таронта. Калi мы не паспяшаемся вярнуцца туды, нас дзе-небудзь замарозiць. - I ён нагой стукнуў па паплаўку, на якiм стаяў.
- А што вы хочаце ад Iндзейца Боба?
- Нам патрэбна рыба з яго ракi, - патлумачыў Ласон. - Чорны акунь, калi ўдасца яго знайсцi.
- Вы лiчыце, што рыбную лоўлю забароняць, як i паляванне? - спытаў Рой.
Ласон, круцячы вiнт, кiўнуў бялявай галавой.
- Баюся, што так i будзе, - сказаў ён.
- Я разумею, дзiчына сыходзiць, - сказаў Рой. - Але чаму знiкае ў нашых азёрах рыба? Тым больш чорны акунь. Яго ж тут нiхто не ловiць дарэшты, i незразумела, чаму з кожным годам яго становiцца ўсё менш.
- Надта шмат iлу ў гэтых азёрах, занадта густая вада для чорнага акуня, растлумачыў Ласон. - Пакуль навокал былi сасновыя лясы, вада затрымлiвалася ў глебе, яе затрымлiвалi мох i хвоя, усмоктваючы, ахалоджваючы i паступова фiльтруючы ў ручаi цераз балота. А зараз у гэтых аголеных зараснiках без падлеску вада проста сцякае ў азёры, зносячы з сабой шмат прымесяў i захоўваючы высокую тэмпературу. Iл асядае на дно, зацягвае гнёзды акуня i яго iкру. Вось i выводзiцца акуня ўсё менш i менш. Гэткая ж сiтуацыя i са шчупаком. Увесь кругаварот жыцця ў рыбы парушаны. Для захавання прамысловай рыбы ў гэтых азёрах трэба на некалькi гадоў забаранiць лоўлю.
- А Iндзеец Боб i жыве, лiчы, адной рыбай, - сказаў Рой. - Яму гэта будзе не даспадобы.
- Вядома, - сказаў Ласон, на iмгненне адчуўшы, як ўсё гэта змрочна. - Ну, Рой, спадзяюся, мы з вамi яшчэ сустрэнемся, - сказаў ён i падаў руку. - На будучы год мы вернемся паглядзець, як тут у вас iдуць справы.
Падышоў i Бэрк.
- Так, мы вернемся. - Бэрк зiрнуў на Роя. - I наступным разам вы не старайцеся абагнаць на возеры вецер.
Рой засмяяўся, але гэта быў толькi адбiтак яго звычайнага смеху.
Ласон узяўся за трос i вывеў машыну на чыстую ваду. Яны залезлi ў маленькую кабiну i селi поплеч. Ласон нешта напампоўваў, турзаў за адзiн рычаг, за другi. Матор забуркатаў i змоўк, затым забуркатаў зноў i нарэшце ўсмактаў лятучую сумесь i запрацаваў як след. Увесь лес адгукнуўся на металiчны голас маленькай машыны. Ласон правёў яе па вадзяной сцежцы, крута павярнуў, адарваў ад вады i амаль iмгненна знiк за хрыбтом, пакiнуўшы дзiўную пустэчу i маўклiвасць.
- Пайду шукаць гэтага махляра Мэрэя, - сказаў Зел i павярнуўся да хацiны. - Здаецца, ён пайшоў без мяне, але я хачу пераканацца, Рой. Я пайду, вiдаць, да Скоцi i Самсона, пагляджу, цi няма яго там. А калi яго няма i там, я пайду за iм у заказнiк.
Рой нарэшце адважыўся на скачок.
- Я пайду з табой, - сказаў ён Зелу.
- У заказнiк? - Зел не верыў сваiм вушам.
- Iменна! - кiнуў яму цераз плячо Рой. - Пройдзеш са мной праз Чатыры Азёры, i там я збяру свае бабровыя пасткi.
- Я спадзяюся, ты разумееш, што робiш? - хутка ўмяшаўся Джэк Бэртан.
- Вядома, разумею, - адказаў Рой. - На гэты раз цудоўна разумею.
- Не, не разумееш! - шырокiмi крокамi даганяючы Роя, крыкнуў Джэк. Нейкi час яны iшлi моўчкi, затым Джэк сказаў: - Няма сэнсу ўцякаць ад гэтага, Рой. Рана цi позна, але табе давядзецца вярнуцца ў Сент-Элен. - Надта занепакоены Джэк не захоўваў межы прыстойнасцi i дадаў: - Усё роўна, будзе там Эндзi цi не.
Рой на гэта не адгукнуўся, як маўчаў ён i на ўсе звароты Джэка да яго розуму. Чым больш распальваўся Джэк, тым больш спакойным станавiўся Рой; калi прыйшлi ў хацiну, ён пачаў збiраць у дарогу правiянт, паказваючы тым самым, што рашэнне яго цвёрдае. Зел аж са скуры вылузваўся, дапамагаючы яму, i Рой нагрузiў у мех Зела ўсё тое, што не ўлезла ў яго ўласны.
Нарэшце Рой поўнасцю адчынiў засланку, каб хутчэй згарэлi дровы, а затым усе яны рушылi ў напрамку Чатырох Азёр; але Джэк пайшоў не толькi дзеля таго, каб закончыць паляванне, але i з надзеяй адгаварыць Роя ад яго неразумнай задумы.
Усю рэшту дня Рой здымаў свае пасткi на Чатырох Азёрах i хоць часам пасмiхаўся, што Джэк ходзiць за iм, як прывязаны, i iмкнецца ўгаварыць, але жарты ў яго неяк не атрымлiвалiся.
- Дарэмна стараешся, - спакойна сказаў ён, калi яны ўладкавалiся на начлег у хацiне на Чатырох Азёрах. - Я мушу iсцi.
- Ты з глузду з'ехаў, - сказаў Джэк.
Рой чуў, як хрыпiць Зел Сен-Клэр.
- На мой розум, дык табе лепш спынiцца ў Сент-Элене, - сказаў Джэк.
- Мо я i не супраць, - з горыччу азваўся Рой, - калi б было за што зачапiцца.
Джэк яшчэ нiколi ў жыццi не чуў такой горычы ў словах Роя, i хоць ён i раней здагадваўся, як падкасiў Роя Сэм, а зараз у дадатак i Эндзi, але толькi цяпер ён раптам зразумеў, як недаацэньваў глыбiню пачуццяў Роя. Цяпер ён ведаў, што на гэтую авантуру Роя штурхаюць менавiта падзеi ў Сент-Элене, але ён таксама ведаў, што апошняй кропляй была размова з Бэркам i Ласонам. Усё гэта турбавала Джэка, i ён не ведаў, як яму падступiцца да даўняга сябра. Упершыню ў жыццi ён не мог зразумець, што з Роем адбываецца.
- Ты ж ведаеш, - нагадаў яму Джэк, - Сэм яшчэ не з'ехаў.
- З'едзе, - абыякава азваўся Рой. - Ён паедзе!
Джэк здаўся. Больш ён не прамовiў нi слова ажно да наступнай ранiцы, калi яны падышлi да хрыбта, па якiм Зел i Рой павiнны былi пайсцi да хацiны Скоцi i Самсона.
- Я пастараюся, каб Сэм застаўся, - сказаў Джэк. Гэта была апошняя безнадзейная спроба затрымаць Роя. - А Эндзi, магчыма, i з'едзе.
- Фермер Джэк! - гукнуў Рой i памахаў вольнай рукой, хутка аддаляючыся ад яго па хрыбце. - Да вясны? - крычаў ён, не азiраючыся i згiнаючыся пад цяжарам заплечнага меха. - Вясной убачымся! - А сам сабе дадаў вельмi спакойна: "Калi давядзецца!"
Рой павёў Зела па хрыбтах, вольных ад снегу, выбраўшы больш доўгi, але больш лёгкi шлях да Лiтл-Рывера; перабраўшыся цераз раку, яны выйшлi на сцежку да хацiны Скоцi i Самсона. Хутка вечарэла, i Рой убачыў, што яму не ўдалося сэканомiць час. Ён паскорыў крок, i ўсё адно было ўжо зусiм цёмна, калi яны падышлi да разнасцежаных дзвярэй хацiны, з якой клубамi валiў дым.
- Хто гэта там? - сустрэў iх голас Самсона.
Скоцi быў здзiўлены, але Мэрэй вiтаў iх:
- Хэло, Рой, хэло, Зел, - у яго словах не было здзiўлення, толькi звычайнае вiтанне - i нiчога больш.
- Дык ты тут? - напаў на яго Зел. - Чаму ты не зайшоў па мяне? Я чакаў цябе ў Роя цэлы тыдзень.
- А я якраз збiраўся iсцi па цябе, - сказаў Мэрэй, дапамагаючы iм скiнуць мяхi.
- Позна ж ты сабраўся, - разышоўся Зел.
Мэрэй не стаў з iм спрачацца, i ў ягоных вачах можна было прачытаць поўную абыякавасць - цi ўзяць Зела, цi пакiнуць яго, чакаць Зела альбо не чакаць.
- Значыць, i ты сабраўся? - сказаў Скоцi Рою.
- Падобна на тое, Скоцi, - неахвотна адказаў Рой.
- Гэта няправiльна, Рой, - пакруцiў галавой Скоцi.
Рой не спрачаўся, не называў Скоцi прападобным.
- Правiльна цi няправiльна, - сказаў ён, - якая рознiца?
- Што i казаць, падманеш ты iнспектара, - сказаў Самсон.
Мэрэй пазiраў на Роя i бачыў толькi лепшага звералова Муск-о-гi. Але сiтуацыя яму падабалася.
- Гэта праўда, Рой, - сказаў ён, - iнспектар надта здзiвiцца, калi даведаецца, што ты залез у заказнiк! Ён, вядома, перакананы, што ты ловiш больш за норму, але ўсё-ткi лiчыць цябе законапаслухмяным траперам. Вось здзiвiўся б ён, калi б убачыў цябе з намi! Уяўляю! - Яны не ўслухоўвалiся ў няспешную гаворку Мэрэя, i ён не меў прэтэнзiй.
- Адным цудоўным днём не толькi Рой здзiвiць гэтага нягоднiка iнспектара, - гарачыўся ўвесь узбуджаны Зел.
- А чаму ты, Самсон, не iдзеш з намi? - хутка спытаў Рой. Ён не жартаваў, ён быў сур'ёзны, нават занадта сур'ёзны. Яго мускулiсты твар напружыўся, маленькiя вочы схавалiся ў зморшчынах, калi ён здзеклiва зiрнуў на Самсона.
- Спытайся ў Скоцi, - сказаў Самсон. - Калi пойдзе ён, пайду i я.
- Пайшлi з намi, Скоцi, - сказаў Рой; гэта быў не здзек, а проста безнадзейны заклiк. - Чаму ты не iдзеш?
- Каб табе было не сорамна туды iсцi? - сказаў Скоцi.
Роя гэта не кранула, i Скоцi пашкадаваў, што сказаў гэта.
- Я жанаты, Рой, - сказаў Скоцi, каб вылучыць неабвержны аргумент i iстотную прычыну. - Жанаты i Самсон. Мы не можам так рызыкаваць, як рызыкуеце вы.
- А што такое? - умяшаўся Зел. - Сахаты жанаты, i я жанаты.
- Так, - марудна запярэчыў Скоцi, - i калi б вы маглi атрымаць назад вашыя надзелы, вы ўчапiлiся б у iх зубамi i рукамi. Дык навошта ўцягваць Роя ў вашыя неразумныя задумкi?..
- Ладна, Скоцi, - спакойна прамовiў Рой, i больш да гэтай тэмы яны не вярталiся.
- А як жа з тваёй уласнай лоўляй, Рой? - спытаў Самсон. - Калi iнспектар захоча праверыць цябе, ён адразу зразумее, што цябе няма.
Рой кiўнуў.
- Я i хацеў папрасiць цябе i Скоцi, каб вы час ад часу правяралi мае пасткi. Усё, што трапiць у iх - вашае, толькi стаўце iх зноў. Можаце карыстацца маiмi хацiнамi. Як? Згода?
Скоцi i Самсон пераглянулiся.
- Ладна, - сумна адказаў Скоцi.
- А калi ты вернешся? - спытаў Самсон.
- Пра гэта ты спытай у Сахатага, - адказаў Рой.
- Не ведаю, - сказаў Мэрэй. - Гледзячы, як пойдуць справы. Лавiць баброў цяжка, калi балота замерзне. Будзем там тыдняў восем-дзевяць.
Рой еў фасолю, падагрэтую для яго Скоцi.
- Калi хто-небудзь будзе наводзiць пра мяне даведкi, - сказаў ён Скоцi. кажы, што я тут паблiзу ў разведцы, скажам, у лесе, каля ўчастка Боба.
- I ўсё адно ты дзейнiчаеш няправiльна, Рой, - даказваў Скоцi. - Навошта тады законы пра паляванне, калi кожны будзе парушаць iх?
Гэта быў працяг iхняй нявырашанай спрэчкi, бо калi Скоцi шчыра паважаў закон i захапляўся iм, то Рой адносiўся да закону звысоку. Скоцi баяўся закону як маральнага кодэкса, Рой баяўся толькi пакарання згодна з законам. Яны не маглi сысцiся наконт гэтага, i Рой не меў настрою працягваць спрэчку звыклым для iх спосабам прыкладаў i пярэчанняў. Рой не адрознiваў у гэтым пытаннi невiнаватага ад вiнаватага, гэта не прыходзiла да яго само, i ён не дазваляў сабе задумвацца над гэтым. Калi закон парушаў Скоцi, ён пакутаваў, але калi яго парушаў Рой, сумленне ставiла пад сумненне сам закон, i ў гэтым выпадку ён не баяўся закону. Дрэнна было толькi тое, што ён парушаў уласныя iнтарэсы звералова. Якiм бы цяжкiм нi было паляванне ў Муск-о-гi, ён ведаў, як ведаў i Бэрк, i Скоцi, i любы звералоў, што пушныя заказнiкi - гэта адзiнае спадзяванне трапераў. Лавiць у iх было грахом для звераловаў, але становiшча склалася так, што Рою даводзiлася душыць у сабе гэта прафесiйнае сумленне. Ён дзейнiчаў так, як мусiў дзейнiчаць, i разважаць тут не было пра што.
- Застаецца толькi спадзявацца, што цябе не зловяць, - такiм было апошняе слова Скоцi.
Рой пацiснуў плячыма i працягваў даядаць фасолю.
Раздзел дзесяты
Дарогу паказваў Мэрэй, але пракладваў сцежку i таптаў снег Рой. Згодна з указаннямi Мэрэя ён кiраваўся то на адзiнокую сасну, то на граду пагоркаў, то на карабельны гай, то ў далiну. Большай часткай нельга было абысцiся без плеценых канадскiх лыжаў, i на долю Роя выпадала сама цяжкая, знясiльваючая праца, але i ў гэтым выпадку два iншыя ледзь паспявалi за iм. Рой iмкнуўся наперад так, нiбыта адчай падганяў яго, i ногi яго iшлi самi, якiм бы глыбокiм нi быў снег. Мэрэй нёс сама цяжкi груз, у тым лiку большую частку пастак; нават гэтаму велiкану даводзiлася паскараць свой шырокi крок, каб паспець за Роем. Мэрэй iмкнуўся скарачаць дарогу, iдучы нацянькi, але Рой кожны раз выбiраў да таго ж i больш лёгкi варыянт i нi на хвiлiну не збаўляў тэмп.
- Ты, вiдаць, спяшаешся? - сказаў Мэрэй пасля двух дзён такой дарогi.
- Навошта губляць час? - адказаў Рой.
- Але ж часу ў нас дастаткова, - зазначыў Мэрэй.
- Гэта як сказаць, - запярэчыў Мэрэю Зел, але той нiяк не зрэагаваў. А iменна Зелу даводзiлася цяжэй за ўсё: Мэрэй неаднойчы ўжо выцягваў яго са снегу i нёс яго мех, пакуль ён трохi не дужэў, каб цягнуць груз далей. Але Зел усё адно быў за Роя. - Чым хутчэй мы туды трапiм i чым хутчэй выберамся, тым лепей для нас, - казаў ён.
Першыя тры днi яны iшлi прыкладна па прамой. Мясцовасць iм была добра знаёмая, i нiякiх адкрыццяў не прадбачылася. Але на чацвёрты дзень яны пераправiлiся цераз Серабрыстую раку i паднялiся на хрыбет Белых гор. Хрыбта такой вышынi не было ва ўсiм Муск-о-гi; востры, як брытва, ён выцягнуўся з усходу на захад як кiнуць вокам. Гэта быў межавы хрыбет, якi адразаў Муск-о-гi ад пустынных участкаў на поўначы. Залазячы на гэты хрыбет, Мэрэй двойчы губляў арыенцiры, i толькi калi дабраўся да самай вяршынi, ён зноў вызначыў напрамак.
Там, наверсе, перад iмi паўстала зусiм новая для iх краiна, не падобная на iхнiя ўчасткi. Пазiраючы на яе з радасцю i хваляваннем, Рой зразумеў, чаму яе называюць краiнай Срэбных Даляраў.
- Глядзiце, якiя азёры! - захоплена ўсклiкнуў ён. - Вось гэта краiна! Я ўздымаўся на гэты хрыбет на ўсходзе, але такога яшчэ не бачыў. Тут усё не такое. Зусiм не такое.
Сапраўды, гэта не было падобна на нагрувашчванне невысокiх аднастайных хрыбтоў Муск-о-гi, гэта была краiна кантрастаў. Тут былi i адгор'i, i высокiя пiкi, i глыбокiя далiны. Былi i плато, якiя выцягнулiся вузкiмi палоскамi памiж гор, пляскатыя i гладкiя, яны таксама былi ўсеяны азёрамi i сасновымi лясамi. У параўнаннi з больш мiрным пейзажам Муск-о-гi тут ўсё было ўздыблена i скручана. Лясы, яшчэ не кранутыя сякерай, цёмныя гушчары i побач ззялi на сонцы здраднiцкiя снежныя схiлы.
- Яно мо i прыгожа, - сказаў Мэрэй, - але на такiм схiле сам чорт галаву скруцiць. А зараз, калi яны заледзянелi, на iх i нам можна галаву зламаць. Бачыш лес на тым баку плато? - спытаў Мэрэй у Роя.
Рой зiрнуў цераз два хрыбты i плато на густы сасновы лес.
- Пастарайся вывесцi нас туды найбольш дакладна, - сказаў Мэрэй. - Якраз там мая хацiна. У канцы вунь таго азярца.
Гэты апошнi адрэзак шляху Рой правёў так, што ва ўсiх аж дух заняло. Яго прыспешваў яшчэ i звычайны азарт гонкi з дзённым святлом. Кожны крок у гэтай новай краiне прыносiў яму задавальненне, кожная цяжкасць была прыемнай. На гэтым апошнiм пераходзе давялося абыходзiць шмат лясных гушчароў i зараснiкаў, i хоць часцей за ўсё мэта паходу была схаваная, Рой прывёў iх проста да месца. Шлях гэты iм варта было добра запомнiць, бо яны не рызыкавалi пазначаць свой шлях, як бы цяжка нi было знайсцi яго пасля. Яны былi ў заказнiку, i чым менш слядоў заставалася пасля iх - тым лепей. Заказнiк не меў мяжы альбо iншых апазнавальных знакаў, але яны ведалi, што ён пачынаўся ад хрыбта Белых гор, i чым далей яны адыходзiлi ад хрыбта, тым больш паглыблялiся ў заказнiк. Да таго часу, як Рой вывеў iх глыбокай далiнай да ўказанага Мэрэем сасновага лесу, хрыбет Белых гор ледзь дымiўся вечаровай смугой далёка ззаду, а самi яны былi ў глыбiнi заказнiка.
- Вось тут i пачынаецца сама цяжкае, - сказаў Мэрэй, калi яны ўвайшлi ў лес. - Зараз мне трэба знайсцi свае прыкметы, - i ён пайшоў першы.
Нават малеча Зел узбадзёрыўся, i, калi напалоханая лань вылецела на iх з сасновых зараснiкаў i адскочыла ўбок, ён гукнуў:
- Глядзiце, як уцякае!
Рою было прыемна бачыць, як ажывае Зел.
- А ты не думаеш, што твой крык пачуе абходчык i за сотнi мiль адсюль? сказаў ён Зелу.
Пры згадцы пра пушных абходчыкаў Зел напусцiў на сябе абыякавасць.
- Колькi мiль адсюль да блiжэйшага кардона? - спытаў ён у Мэрэя.
- Каля паўтары сотнi, - адказаў Мэрэй. - Не тое, каб пастаянны пост, а проста ўкрыццё для леснiкоў.
- I наогул больш верагоднасцi сустрэць тут леснiкоў, а не пушных абходчыкаў, - сказаў Рой. - Тут ёсць што аберагаць. Якi лес!..
Вакол iх узвышалiся каланады адвечных соснаў. Дрэвы такiя вялiкiя, што стаяць даволi рэдка, хоць лес здалёку здаваўся вельмi густым. Пад нагамi снегу мала, ён, вiдаць, яшчэ не паспеў прабiцца праз густую хвойную страху. Цёмна, спакойна, цiха.
У далёкiм канцы гэтага лесу, на ўскраiне плато, сярод вялiкiх дрэў схавалася маленькая хацiна Мэрэя. Яны выявiлi яе, толькi калi падышлi зусiм блiзка, бо так удала схаваў яе Мэрэй сярод соснаў. Яна была замаскiравана вялiзнымi нiжнiмi галiнамi, якiя хавалi i страху i сцены. Мела яна пятнаццаць на пятнаццаць футаў. Уваходзячы ў дзверы, давялося моцна нагнуцца.
- I колькi часу ты яе будаваў? - здзiўлена спытаў Рой, гледзячы на прамыя, цесна падагнаныя сцены, звонку абмазаныя глiнай i непадуладныя ветру.
- Амаль усё лета, - адказаў Мэрэй, - i палову восенi.
- Дык вось чым ты займаўся! Лавiў тут дзiчыну i будаваў таемныя хацiны! сказаў Рой.
Увайшоўшы ўнутр, ён агледзеўся i дастойна ацанiў майстэрства Мэрэя. Ён быў лесавiк ад нараджэння, i ўсякая лясная справа iшла спорна. У хацiне было нават акно i складзена прымiтыўная печ: ахвочы да камфорту Рой нават не чакаў такога. Жоўтае аконнае шкло было з трымплексу, i Мэрэй патлумачыў, што здабыў яго ў Скоцi, якi ў сваю чаргу адхапiў яго на нейкай звалцы ваеннай маёмасцi, ды так i не знайшоў, дзе яго скарыстаць. Печ, складзеная з камянёў i глiны, была шэдэўрам. У паглыбленнi сцяны быў змайстраваны ачаг з невялiкай печчу, i конусам быў складзены комiн, абшыты бляхай з бiдонаў. Рой адзначыў, што комiн, злеплены з камянёў i глiны, быў выведзены каля сама вялiкага дрэва так, што дым слаўся па ствале i рассейваўся, перш чым падняцца над лесам.
- Здаецца, ты сабраўся тут асесцi надоўга, - сказаў Рой.
- Так, гэта не на адзiн год, - адказаў Мэрэй. - Я думаю лавiць у гэтым заказнiку кожную зiму, ды i кожную вясну таксама, калi не перашкодзяць абходчыкi.
Сумненнi адносна Мэрэя, якiя прыгняталi Зела ўсе чатыры днi iхняга шляху, на час рассеялiся, калi ён убачыў хацiну, якая здзiвiла яго i выклiкала захапленне.
- Тут можна чакаць другога прышэсця, - сказаў ён Мэрэю, - i нiхто на свеце цябе не знойдзе, нават гэтыя боўдзiлы-абходчыкi.
Мэрэй скiнуў свой вялiзны цюк пастак i правiзii, i ён з грукатам упаў на падлогу.
- Ты не надта паплёўвай на гэтых абходчыкаў, Зел, - сказаў Мэрэй. - Яны вядомыя прайдохi. Пусцi iх па следу, i яны табе што захочаш знойдуць.
Рой падумаў, што Мэрэй знарок дражнiць Зела, але ў Мэрэя не было нiякага жадання адпомсцiць свайму надакучлiваму напарнiку альбо падсмейвацца. Ён казаў тое, што думаў, i гэта беспамылкова ўздзейнiчала на Зела Сен-Клэра.
- Але iм нялёгка будзе знайсцi гэтае месца, - супакойваў Зела Рой.
- Толькi сачыце за iхнiмi самалётамi, - папярэдзiў Мэрэй, а затым дадаў: Пайшлi, я пакажу вам возера.
Да ўзлеску было крокаў семдзесят, а далей - строма. Пад ёй у крутой катлавiне знаходзiлася заледзянелае возера, дакладней, два азярцы ў форме банта, з выспаю пасярэдзiне. Уздоўж усяго пляскатага берага выдзялялася паласа, якая паўтарала яго абрысы. Гэта была паласа балота, якое зрабiлi бабры, калi перагарадзiлi каля вусця некалькi горных ручаёў.
- Так, гэтае месца вартае ўвагi, - сказаў Рой. - Амаль што возера Фей. Ён назваў яго як мага далiкатней не толькi таму, што быў зачараваны iм, але i з-за яго крылатых абрысаў. - Шкада, што мы не прыйшлi сюды раней, з чоўнам. А то не ўдасца яго абысцi.
- А што я табе казаў, - абыякава зазначыў Мэрэй. - Вунь за той паласой выгаралых соснаў бачна Сярэбраная рака. Калi б мы плылi сюды на чоўне да марозу, гэта сэканомiла б нам дзень. Тады дастаткова было б перацягнуць човен цераз гэтае вось плато.
Рой паглядзеў на тонкую нiтку далёкай ракi, на тысячы блiскучых азёр, на бязмежны далягляд, якi адкрываўся з гэтай вышынi. Гэта былi вялiкiя канадскiя лясы, якiя распасцерлiся далёка за межамi Муск-о-гi. Гэта былi прасторы, дзе кожны крок адкрываў новыя гарызонты, усё больш дзiкiя, усё больш прывабныя. Быць гаспадаром гэтай краiны, блукаць без перашкод па яе лясах i гарах, адчуваць дзiкую магутнасць гэтых ветраў - вось што прадчуваў зараз Рой.
- Не магу зразумець, - сказаў ён разважлiва сваiм сябрам, - як гэта я шмат гадоў таму не стаў лясным валацугай? - I ўсмешка паволi скрывiла яго губы.
Мэрэй зарагатаў, што здаралася з iм вельмi рэдка.
Зел прапусцiў словы Роя мiма вушэй.
- Дык як мы распачнем паляванне? - спытаў ён, фарсiруючы рашэнне, якое трэба было прыняць.
- А як атрымаецца, - адказаў Мэрэй.
- Паслухай, - не сунiмаўся Зел, - лепш за ўсё было б вылавiць тут усё, што можна, i як мага хутчэй. Трэба ставiць пасткi густа, каб лавiць звера больш, а затым змывацца. Як ты лiчыш?
- Навошта такая спешка? - спытаў Мэрэй.
- Тым разам ты не спяшаўся, таму i трапiўся, - укалоў яго Зел.
Мэрэй задумлiва зiрнуў паўзверх чорнай шавялюры Зела.
- А як лiчыш ты, Рой? - паспешна спытаўся той.
Рой разумеў, чаму Мэрэю не хацелася спяшацца. Ён i сам не спяшаўся б. Убачыўшы гэтую краiну, ён не хацеў прызнаваць неабходнасць спешкi i асцярожнасцi, саму магчымасць адступлення. Рой ужо адчуваў, што тут яго родная прастора, i думаў, што Мэрэй адчувае тое ж самае. Яму хацелася мець задавальнення як мага больш i без спешкi. Але рэшта цвярозасцi i ўсведамленне, што лепш яму не станавiцца на нейчы бок, вызначылi яго адказ.
- Мне здаецца, што лавiць трэба хутка, - сказаў ён, - але наладжваць шалёную гонку не варта.
Мэрэй пацiснуў плячыма, Зел чакаў, што будзе далей.
- Па-мойму, так, - сказаў Рой. - Мы з Зелам можам весцi аблоў азёр. Я вазьмуся за бабра, а Зел можа выграбаць андатру, яна больш даверлiвая. А пакуль мы зоймемся гэтым, - звярнуўся ён да Мэрэя, - ты можаш паляваць па ўсёй акрузе, ставiць сiло на сцежках звяроў i наогул усюды, дзе ўбачыш сляды лiсiцы, норкi i рысi. Як вы думаеце?
Яны згадзiлiся i прапанавалi сякiя-такiя ўдакладненнi. Усю пушнiну вырашылi зносiць у хацiну, скуркi было вырашана дзялiць пароўну, кожны сам мусiў разбiраць сваю долю, i дзялёжку праводзiць адразу ж, так, каб кожны мог трымаць сваю здабычу напагатове на выпадак нечаканых уцёкаў. Былi выпрацаваны абавязковыя для ўсiх правiлы паводзiн. Не раскладваць агню для падвячорка, нiякiх кастроў па-за хацiнай. Але перш за ўсё i важней за ўсё - не страляць. У iх усiх з сабой былi вiнтоўкi, але тут гук стрэлу разносiцца на дзесятак мiль, i стральба магла выклiкаць да iх цiкавасць. Мэрэй лiчыў, што гэта лiшняя засцярога, але здаўся настойлiвасцi Зела i ўгаворам Роя. Нiякага палявання, нiякай стральбы, як бы спакушальна блiзка не з'яўляўся алень. Амаль зусiм сцямнела, а яны ўсё стаялi на схiле над возерам Фей. Нiбыта кажан, яно чарнела ў начной цемры, i Рой апошнiм пакiнуў яго, калi яны, нарэшце, сабралiся вярнуцца ў хацiну.
Раздзел адзiнаццаты
Рой даў магчымасць Мэрэю свабодна перасоўвацца i задаволiў нецярпенне Зела, а сам пачаў дзейнiчаць на возеры Фей так, нiбыта збiраўся раскiнуць тут сапраўды ланцуг пастак. Ён меў натуру захавальнiка i нiколi не браў з бабровай супольнасцi больш за тое, што маглi аднавiць ацалелыя сем'i. Ён заўсёды выкарыстоўваў гэтую формулу захавання дзiчыны на сваiх уласных участках, што забяспечвала яму пастаянны ўлоў бабра, хоць з часам усё меншы, але ж рэальны, не тое, што ў iншых звераловаў, якiя выбiралi свае бабровыя хаткi падчыстую. Зараз гэта ўжо быў iнстынкт, i гэтак жа iнстынктыўна ён скарыстоўваў свой метад размяшчэння пастак на балотах вакол возера Фей. Ён не ставiў пастак там, дзе, ведаў, былi малыя альбо цяжарныя самкi. Затое ён актыўна лавiў там, дзе было верагодна злавiць найбольш сама старых i буйных самцоў.
Пасля першай жа разведкi вакол возера Фей ён зразумеў, што ў замерзлых балотах больш дарослых баброў, чым у яго пастак. Ля затравянелых купiн, вакол рэдкiх зараснiкаў елкi i на тысячы створаных бабрамi астраўкоў было так многа бабровых хатак, што Рой адразу адчуў сябе пераможцам над тым пастаянным адчуваннем паражэння, якое выпрацавалi ў яго апошнiя дзесяць гадоў палявання ў спустошаным Муск-о-гi. Гадамi прырода абкрадвала яго, скарачала колькасць дзiчыны, i ён пастаянна адчуваў сябе пераможаным i падманутым. А тут ён, нарэшце, кiнуў выклiк прыродзе, даў ёй добрую аплявуху, ад якой у яго ажно закiпела кроў - стукнула ў ногi, затрымцела ў сплюснутых кончыках пальцаў. На гэтых пяцi квадратных мiлях забалочаных берагоў баброў было больш, чым яму калi-небудзь даводзiлася бачыць на адным месцы; больш, чым ён мог вылавiць сваiмi дваццацю пасткамi за шэсць гадзiн кароткага зiмовага дня. А там, дзе ёсць бабёр, павiнны быць шмат i iншых звяроў, якiя палююць на бабра: лiса, рысь, норка. I хутка Рой пачаў ставiць пасткi на драпежнiкаў вакол усяго балота, iмкнучыся стварыць адзiную сiстэму пастак на ўчастку даўжынёй каля сямi мiляў i шырынёй на паўмiлi; напачатку гэта яму ўдалося зрабiць, але пазней не ўдалося скарыстаць, бо ў яго не хапала часу на тое, каб вызваляць i зноў заражаць свой абмежаваны запас пастак.
Кожны вечар усе яны вярталiся ў хацiну на строме, i па меры таго як накаплiвалася пушнiна, удача станавiлася ўсё больш вiдавочнай. Каб справiцца са сваiм уловам, iм даводзiлася займацца скурамi вельмi позна. Як i Рой, Зел аб'явiў, што на балотах за возерам Фей андатры больш, чым ён можа вылавiць з дапамогай наяўных пастак. Здаралася, што Зел лавiў сваiмi пасткамi баброў i ласак. Кожны вечар змешаны ўлоў Зела i Роя быў такiм жа разнастайным, як i здабыча Мэрэя на яго паляўнiчых сцежках. Мэрэй прыносiў менш пушнiны, што было натуральна, бо пасткi i сiло на паляўнiчых сцежках не маглi, вядома, даць столькi, колькi сканцэнтраваны аблоў багатага бабровага балота.
- Гэта не тое, - уздыхаў Зел пасля двух тыдняў палявання. - Я мог бы ўзяць удвая больш андатры, калi б хапала пастак. Калi б узяцца як след, мы праз два тыднi маглi б выбрацца адсюль з такой здабычай, што больш i не панесцi. Эх, мала ў нас пастак!
- Ты заўсёды спяшаешся, - сказаў Мэрэй. - Твая пушнiна нiкуды ад цябе не ўцячэ.
- Яно то так, - пярэчыў Зел, - але хутка скончыцца масла i сала. - Зел быў галоўным кухарам: ён рабiў гэта лепш за ўсiх. - Ды i мука, мяса канчаюцца.
У першыя ж днi Мэрэю пашчасцiла злавiць маладую лань; ён спрабаваў злавiць i другую, але пакуль што без поспеху. З'яўленне людзей, вiдаць, спалохала большую частку аленяў, якiя чулi кожны iхнi след на сваiх сцежках i станавiлiся яшчэ больш чуйнымi. Амаль кожны дзень Рою сустракалася лань, а то i дзве, а Мэрэй сцвярджаў, што за дзень яму трапляецца i пяць, i шэсць, але заўсёды яны паказвалiся толькi на iмгненне, былi далёка i адразу ж знiкалi.
- Не плач, - сказаў Мэрэй Зелу такiм тонам, што Рой па-новаму паглядзеў на сваiх сяброў. - Не плач, будзе табе лань, калi гэта ўсё, што патрэбна твайму жывату.
- Гэта твайму жывату патрэбна шмат! - усклiкнуў Зел. - Гэта ты ляжыш на адзiным ложку, а нам з Роем даводзiцца спаць на падлозе. Ты з'ядаеш удвая больш, чым мы. Як магло стацца, што ты сабраўся ў дарогу ад Скоцi, калi раней ты збiраўся зайсцi па мяне? Бо ў цябе ж нават пасткi былi ўжо сабраныя!
Мэрэй нiчога не запярэчыў, ён моўчкi адчынiў дзверы i высмаркаўся проста на чысты белы снег за парогам. Зел не супакойваўся, пакуль Рою не надакучыла i ён не спынiў гэтую грызню. Жыццё ў цеснай хацiне было даволi змрочным i без гэтых сварак.
У хацiне было цёпла, але адсутнасць сама элементарных зручнасцей пачынала нерваваць Роя. Печ дымiла, а падчас моцнага ветру вялiкая сасна пачынала хiстацца i ўся хацiна з рыпеннем хiсталася на яе карэннях. Мэрэй нарыхтаваў надта мала дроў, i папаўненне запасу лягло на Роя, а зiмой гэта было складана i цяжка. У iх было толькi адно вядро i для мыцця i для пiтной вады, а глыбокае азярцо, на якое разлiчваў Мэрэй, калi выбiраў гэтае месца, аказалася гнiлаватым, гарбата i кава аддавалi зямлёй i грыбамi, а Рой гэтага не любiў. Iм даводзiлася эканомiць газу, i таму ў хацiне заўсёды быў паўзмрок: днём ад ляснога ценю, ноччу ад прыкручанага кнота.
На долю Роя выпала i падтрыманне чысцiнi: даводзiлася прыбiраць рэшткi пасля разборкi жывёлiн, якiя затоптвалiся ў брудны снег на падлозе, выветрываць задушлiвы смурод ад пушнiны i кухарства. Каб зносiць гэткае жыццё, Рою патрабавалася зручная хацiна, а Мэрэю толькi i трэба было ад хацiны, каб яна засцерагала яго ад ветру. Зела яна таксама цiкавiла толькi як месца для харчавання i сну. Мэрэй быў неахайны i абыякавы, а Зел толькi неахайны, i ў iхнiм таварыстве Рой лавiў сябе на тым, што ён пачаргова то грубы, то здзеклiвы. У хацiне ён быў маўклiвы i кожны дзень з палёгкай сыходзiў унiз па заснежаным схiле, у марозны халадок возера Фей.
Краiна гэтая не трацiла для Роя сваёй зачараванасцi i - Рой гэта ведаў нiколi не страцiць. На заснежаных плато, калi ўзiраўся ў далёкiя лясы i азёры, Рой забываўся пра маркотнае жыццё ў хацiне. Усё часцей i часцей Рой выбiраўся з азёрнай катлавiны, далей ад бабровай лоўлi на хрыбты i цераз iх на азёры ад аднаго да другога, плануючы цэлую сетку аблову ўсёй гэтай тэрыторыi, у думках пракладваючы сцежкi вакол асобных пiкаў, зразаючы вуглы на хрыбтах, выбiраючы месцы, адно лепшае за другое, для хацiны, для волаку i для блiжэйшага маршруту назад у Сент-Элен.
У гэтыя iмгненнi Сент-Элен уяўляўся яму толькi ў вобразе Джэка Бэртана: Джэк, яго ферма, яго шматлiкая дзятва. У малюнку, якi ўзнiкаў у яго ў думках, не было нi Сэма, нi Эндзi, нi нават Джын. Яна, вiдаць, была страчана для яго нават у думках, як усё знiкала са свядомасцi, калi ён нечага пазбаўляўся, справядлiва i назаўсёды. Але чым больш аддаляўся яе воблiк, тым больш хацелася Рою ўявiць сабе Джынi Эндрус i тым большы неспакой гэта выклiкала.
Вось пра што ён думаў, калi халодным змрочным днём сядзеў на вяршынi невялiкай гары i пазiраў на поўдзень цераз хрыбет Белых гор. Ён залез так высока, што мог зазiрнуць паўзверх хрыбта. I як сягаў яго позiрк, ён у думках пракладваў па лясах i плато карацейшую дарогу ў Сент-Элен. Ён быў цалкам захоплены гэтым, калi побач з iм з'явiўся Мэрэй, i Рой ажно падскочыў, бо яго засталi знянацку. Ён быў падобны на аленя, якi хоча кiнуцца ў лес.
- Я заўважыў цябе яшчэ з таго боку далiны, - спакойна прамовiў Мэрэй i сеў побач з Роем на сук пiхты. - Што ты тут робiш? Падпiльноўваеш дзiчыну?
Рой пакруцiў галавой i адчуў, як напружаны мускулы шыi i як сцiснулася цела.
- Не, - сказаў ён, - проста я прыкiдваў, як пракласцi шлях адсюль проста ў Сент-Элен.
- Лепш за ўсё iсцi вакольным шляхам, праз участкi Скоцi i Iндзейца Боба, сказаў Мэрэй. - Калi нацянькi, то давядзецца доўга iсцi па адкрытай мясцовасцi. А што? Хiба ты збiраешся раз на тыдзень хадзiць туды?
- Не, проста так. Забаўляўся, - сказаў Рой, ведаючы, што Мэрэй не ацэнiць яго планы ператварыць краiну Срэбных Даляраў у арганiзаваную сiстэму ўчасткаў для ўзаконенага палявання. Наадварот, Мэрэй мог быць нават супраць такiх планаў, бо зараз увесь гэты край пэўным чынам належаў яму, i не толькi згодна з яго ўласным уяўленнем, але i ў вачах Роя i нават Зела Сен-Клэра, Мэрэй знаходзiўся ў гэтай краiне як неад'емная яе частка, i для Мэрэя не iснавала нi Сент-Элена, нi iнспектараў, нi наогул чалавечых законаў.
- Калi надарыцца выпадак, - сказаў Мэрэй, - нам варта скiраваць на захад, на той бераг ракi, паглядзець, якiя мясцiны там. Днямi я быў там, i мне здалося, што там яшчэ вышэй. А ты не заўважыў, што чым вышэй, тым цяплей?
Рой кiўнуў галавой:
- Унiзе каля возера зараз, вiдаць, градусаў на пяць халадней, чым тут. I сушэй. Рукi там проста дымяцца, калi знiмеш рукавiцы. - Рой зiрнуў на сваю руку i толькi зараз заўважыў у руцэ ў Мэрэя ружжо. - Ты што, на паляваннi? спытаў ён.
- Проста шукаў аленя, - i вялiкая рука Мэрэя нецярплiва перахапiла ложа армейскай вiнтоўкi. - У пастцы iх не дачакаешся. Вось убачу буйнога самца, i нам хопiць яго на некалькi тыдняў.
- Ох i пападзе табе ад Зела, калi захочаш страляць тут! - папярэдзiў Рой.
- Ану яго! Плаксiвец! - са шкадаваннем сказаў Мэрэй. - Зайдзi ты з таго боку лесу, напярэймы, а я паспрабую выгнаць, - папрасiў ён Роя.
Уяўленне пра дарогу ў Сент-Элен у Роя даўно знiкла. Ён сказаў: - Ну што ж, - i пайшоў за Мэрэем па снезе i па скалах на сама аленевую строму. Па дарозе iм сустракалася шмат слядоў, адбiткi капытоў, памёт, з'едзеныя верхавiны маладых клёнаў, але хоць яны прачасалi, падзялiўшыся, вялiкую паласу лесу, нiчога iм не трапiлася. Нават i гэтае паляванне без ружжа давала Рою задавальненне, i ён упершыню ўсвядомiў, як сумна займацца толькi адловам баброў. Ён бачыў гэта i па Мэрэю. Мэрэй быў паляўнiчы ад прыроды, у iм было мала ад звералова, i калi ён iшоў па гэтай краiне з ружжом у руках, гэта было апраўдана ўсiм: i яго няўрымслiвай галавой, i яго цвёрдым крокам, i яго моцнай рашучасцю забiць усё, што нi трапiць на мушку.
- Глянь, - раптам гучна зашаптаў Мэрэй.
Яны ляглi на зямлю за снежнай гурбай, як зайцы, што схавалiся ў канаве. Спераду i нiжэй, на ўскраiне замерзлага балота, паказалiся два вялiкiя цёмныя звяры. Яны былi напалову схаваныя за кустамi, але iх выдавала вялiкая рагатая галава.
- Ат, д'ябал! - узбуджана прашаптаў Рой. - Гэта ж лось са сваёй каровай.
Мэрэй ужо папоўз убок, каб вылезцi з валуноў i кустоўя, якiя перашкаджалi яму прыцэлiцца. Рой застаўся на месцы, аддаючы права дзейнiчаць Мэрэю.
Але не паспеў Мэрэй выстралiць, як лось, адчуўшы чалавека, iрвануўся цераз лёд у балота, ласiха за iм. Гледзячы на высока ўзнятыя рогi, Мэрэй зразумеў, што скачкi станавiлiся ўсё больш шырокiмi i хуткiмi. Але ласi былi занадта цяжкiя, лёд пад iмi трашчаў i ламаўся, амаль заглушыўшы першы безвынiковы стрэл Мэрэя. Яны ўжо мiнулi замерзлае балота, i, адколваючы вялiкiя кавалкi лёду, лось ужо выбiраўся з вады, калi грымнуў другi стрэл. Але Мэрэй цэлiўся не ў лася: блiжэй да яго была ласiха, якая яшчэ боўталася ў вадзе. У тое ж iмгненне лось рэзка павярнуўся, убачыў, што адбылося з самкай, i кiнуўся ў напрамку Мэрэя i Роя. Усiм сваiм масiўным целам ён урэзаўся ў замерзлае балота, нiбыта i не заўважыў яго, вялiзныя капыты ўздымалi фантаны белага раструшчанага лёду. Ён разбураў усё на сваiм шляху. Калi выбраўся на зямлю, ён без прыпынку кiнуўся на паляўнiчых, ламаў дрэвы, адкiдваў вялiкiя камякi снегу, з хуткасцю i злосцю шалёнага слана. Рой схаваўся за вялiзны валун, лёг на зямлю, i, калi лось пранёсся мiма, ён праз цяжкi грукат страшных капытоў пачуў гук стрэлу. Мэрэй прамахнуўся, грукат капытоў сцiх удалечынi, i тады яны ўсталi, трывожна азiралiся.
- Я яго адразу ж забiў бы, - сказаў Мэрэй, - але я не ведаў, куды ты адскочыш, i прытрымаў стрэл, аднак, думаю, я яго ўсё ж падстрэлiў. Вось дык махiна! - Марэй аж крычаў ад захаплення i, апераджаючы Роя, кiнуўся ў халодную ваду да вялiкай тушы, якая сцякала густой цёмнай крывёю на скрышаны лёд.
- Ну вось вам i мяса! - гучна крычаў Мэрэй.
Вядома, не мяса парушыла яго звычайную абыякавасць, i Рой гэта ведаў. Але, нягледзячы на гэта, Мэрэй страляў у ласiху таму, што мяса яе было больш прыемнае, чым у самца. На сваiм участку кожны паляўнiчы страляў бы, вядома, па самцу, бо звычайна ласiх бывае менш, але Мэрэй, нават калi б у яго быў свой участак, не прытрымлiваўся гэтых правiл. Для яго адна жывёлiна была варта другой.
- "Забаронена законам, - працягла прамовiў Рой, пераканаўшыся, што ласiха мёртвая, - паляваць, лавiць альбо iншым чынам знiшчаць самак аленя любога ўзросту".
Але Мэрэй яго не слухаў. Ён яшчэ цешыўся забойствам i рыхтаваўся разбiраць тушу. Трэба было спачатку выцягнуць яе на цвёрдую зямлю. Раўняючыся сiлай з жывёлiнай, якую ён забiў, Мэрэй схапiўся за вялiкую галаву, напружыўся i з дапамогай Роя зрушыў яе з месца, з цяжкасцю выцягнуў гэтыя трыста мёртвых кiлаграмаў на бераг i задаволена выцер успацелы твар мокрым рукавом.
- "Таксама забаронена законам, - нараспеў i на ўвесь голас працягваў Рой, - страляць цi iншым спосабам знiшчаць любога лася, якi плыве ў вадзе любога возера альбо ракi".
- Якi плыве! - паўтарыў Мэрэй. - Гэты дурны лось сам завёў сваю карову сюды. I яна засела. Iнакш я напэўна прамахнуўся б.
Рой засмяяўся.
- Але ўсё адно ты забойца, Сахаты! - сказаў ён.
Мэрэй не стрываў:
- А ты часам бываеш падобны на iнспектара ў паляўнiчых штанах.
Гэты абмен камплiментамi надаў iм добрага настрою, i яны пачалi разбiраць ласiху, пакуль яна яшчэ не астыла. Яны не клапацiлiся, каб разабраць яе па ўсiх правiлах, а толькi паднялi тушу на дрэва - ад ваўкоў i адсеклi ад задняй часткi добры кавалак на першы час. Калi закончылi гэта, вымылi акрываўленыя рукi ў палонцы i выправiлiся ў зваротны шлях. Яны пераможна пратоптвалi сабе сцежку ў снезе: ляжка ласiхi тырчала з заплечнага меха яе забойцы.
Iхняя ўзбуджанасць усё яшчэ не знiкла, i ўсю дарогу яны жартаўлiва перамаўлялiся, як раптоўна iхнюю бесклапотную балбатню перапынiў стрэл.
Яны знерухомелi.
- Гэта не Зел, - сказал Рой. - Надта далёка!
- I нашмат больш на поўнач, - задумлiва дадаў Мэрэй.
На поўнач - азначала, што стралялi ў глыбiнi заказнiка, значна глыбей, чым зайшлi яны самi.
- Ну вось, - прамовiў Рой, якi ўсё яшчэ перажываў сваю радасную бесклапотнасць: - Гэта, вiдаць, нейкi абходчык адгукаецца на нашыя стрэлы, лiчыць, што стралялi свае. I нам зараз застаецца спакойна сядзець i чакаць, калi нас зловяць.
Пасля гэткай фiласофскай высновы яны працягвалi балбатаць, i iхняе шчаслiвае ўзбуджэнне не магла парушыць нават думка пра незразумелы стрэл. Яны шумна ўвалiлiся ў хацiну, але тут iх сустрэў злосны Зел Сен-Клэр.
Ён абрынуў на iхнiя галовы цэлую лавiну французскай i ангельскай лаянкi, абвiнавацiў абодвух у iдыятызме i злосных намерах, гаварыў, што абодва яны ўступiлi ў змову супраць яго, што яны ўцягнулi яго ў гэтую брудную справу i нагрузiлi ўсёй цяжкай працай, што яны падманваюць яго, хлусяць i яшчэ Бог ведае што.
Гэта засмуцiла Роя: ён бачыў, што Зел думае пра гэта сур'ёзна, а такiх важкiх i горкiх абвiнавачванняў Рою не даводзiлася чуць нi разу ў жыццi. Мэрэй дык проста паклаў свой ласiны кавалак на стол i пачаў рэзаць яго нажом, а косцi секчы сякерай, на папрокi Зела ён адказваў толькi асаблiва сярдзiтымi ўдарамi гэтай маленькай, але смяротнай зброi. Калi Мэрэй, нарэшце, адрэзаў кавалак, дастатковы для вячэры, ён падаў яго Зелу, тым самым моўчкi запрашаючы яго заняцца сваёй справай. I тут раптам Зел сцiшыўся i заплакаў ад прынiжэння. Ён схапiў мяса, шпурнуў яго ў сцяну i куляй выскачыў у марозную цемру. Мэрэй падняў мяса, вельмi марудна i старанна абцёр яго i паклаў на скавараду. Рой узяў вядро i пайшоў па ваду, а заадно зiрнуць, як там Зел. Зел сядзеў каля азярца i плакаў, як малое дзiця. Рой спакойна пасядзеў каля яго, а пасля сказаў:
- Хопiць, Зел. Тут холадна.
Зел пайшоў за iм i пачаў кухарыць i падаваць на стол, моўчкi i старанна. Калi ўсе ўжо наелiся сакавiтага i смачнага мяса, Зел, нарэшце, перапынiў маўчанне:
- А вы чулi той стрэл? - спытаў ён жаласлiва.
- Вiдаць, яшчэ адзiн галодны браканьер падстрэлiў сабе аленя на вячэру, разважна прамовiў Рой.
- А мне здалося, што гэта драбавiк, - зазначыў Мэрэй.
- А мо гэта Самсонава пушка? - выказаў меркаванне Рой.
- Не, - сур'ёзна запярэчыў Зел. - Ён нiколi не кiне Скоцi.
Рой усмiхнуўся з уласнага жарту, але адчуваў, што яму не хапае Скоцi i Самсона. Яму не хапала магчымасцi адзiн або два разы за сезон схадзiць да iх цераз раку, прадоўжыць спрэчку са Скоцi альбо не першы раз выпрабаваць надзейнасць iхняга сяброўства, падбухторваючы аднаго супраць другога.
- Люблю я Скоцi, - прамовiў ён. - Цяжка было б без яго Самсону.
Нiхто не падтрымаў гэткай праявы пачуццяў, i Рой выкiнуў гэта з галавы. Яму не хапала i Джэка: Джэка ў лесе, Джэка ў Сент-Элене альбо проста Джэка ў любой сiтуацыi. Пра гэта таксама варта было забыцца, i Рой са здзiўленнем пераканаўся, што яму гэта ўдаецца лёгка. Тут усё на свеце некуды адступала. Рой нiбыта пераступiў, нарэшце, мяжу, i ў вялiкай адзiноце гэтага жыцця мiнулае пачынала адлушчвацца ад сённяшняга. Мiнулае можна было згадваць i нават сумаваць па iм, але сапраўднае было вакол яго. Нават прымiтыўная хацiна здавалася не такой i дрэннай, калi ў ёй спрачалiся. Калi Зел паводзiў сябе больш спакойна, а Мэрэй больш чалавечна, i ў гэткiм невялiкiм прыстанiшчы было дастаткова прасторна i ўтульна. Усё гэта было часцiнкай сапраўднага, i Рой адчуваў, што варта дастойна пражыць i гэтае жыццё. Шторанiцы, i з кожным днём усё мацней, ён жыў асалодай, як будзе iсцi вакол возера, уверх па хрыбтах i куды-небудзь убок, наўздагад. Пакуль рухалiся яго ногi, ён быў шчаслiвы, i Джэк, i Скоцi, i Самсон, i Эндзi былi з iм як успамiн дзяцiнства; ён памятаў iх выразна, але з яго жыцця яны сышлi.
- Як справы з бабрамi? - спытаў у яго аднойчы ранiцай Мэрэй, калi збiраўся ў звыклы паход. - Усё яшчэ хапае?
- Ледзь спраўляюся з iмi, - адказаў Рой.
Мэрэй усмiхнуўся:
- Ну што ж, значыць, хутка напакуем мяхi i назад?
Рой ведаў, што Мэрэй хiтруе, але не паддаўся на гэта. Рой не спяшаўся ў зваротны шлях. У яго адчаi была i свая стомленая задаволенасць, прыняцце няшчасця, нават пэўная лёгкасць ад таго, што магутны лёс адразу вырашыў усе яго сумненнi. Раней Рой нiколi не мiрыўся з уварваннем лёсу ў яго жыццё, але цяпер непазбежнасць давала магчымасць глядзець на сябе збоку, здымала цяжар што-небудзь вырашаць i рабiць. Ён нават мог уявiць сабе Эндзi i Джынi i маляваць малюнак свайго вяртання ў Сент-Элен.
Эндрус, вядома, зазлуе. Часамi на яго не было супынку, i колькi разоў хлапчуком Рой зазнаваў на сабе цяжар яго кулака i ўдары галавой, якiмi Эндзi частаваў яго падчас прыступу шаленства. Праўда, Эндзi звар'яцее. Ну i што? Што ён скажа? Рой ледзь не засмяяўся. Эндзi не прывык стрымлiваць свой язык, вось ён i вылье ўсё на Роя: лаянку, праклёны, папрокi, знявагу, кпiны. Ён мог абразiць Роя, зрабiць яму балюча, больш балюча, чым хто iншы. Галоўны яго папрок Рою будзе ў вераломнасцi, схаваным падмане, халодным разлiку. Рою, якi сам нiколi не шукаў выгады ў чужой бядзе, цяжка будзе ўсё гэта выслухаць. Але Эндзi вып'е асалоду сваёй помсты дарэшты, i Джынi таксама атрымае сваю долю. Тут малюнак цямнеў. Што зробiць Эндзi ў адносiнах да Джынi? Цi кiне ён у твар ёй тыя ж знявагi, цi пакажа яе як распуснiцу, а самога сябе як бязгрэшнага? Рой быў абураны, яго так i турзала ўскочыць i выставiць Эндзi контрабвiнавачваннi. Якое права мае Эндзi вяртацца i патрабаваць аднаўлення таго, ад чаго сам уцёк? Ва ўсiм вiнаваты сам Эндрус. Гэта ён улез у iхняе жыццё, ён здрадзiў iм. Але цi гэтак будзе разважаць Джынi? Яна павiнна адчуваць тое ж, што i Рой! Яна ведае, што памiж iмi iснуе тое, да чаго няма справы Эндрусу, якiя б нi былi на гэты конт законы краiны.
Калi б Роем кiравалi абурэнне i ўсведамленне ўласнай праваты, ён адразу ж пакiнуў бы хацiну i накiраваўся б проста ў Сент-Элен. Але як толькi знiкла пачуццё лёгкасцi, прынесенае фаталiзмам, Рой зноў станавiўся грэшнiкам. Ён ведаў, што з вяртаннем Эндзi Эндруса вiнаватым аказаўся ён сам, i Джынi, i ўвесь свет. Джынi была для яго страчана, як страчана была дзiчына ў Муск-о-гi, i Сэм, i страчаны Сент-Элен. Нiчога не засталося на свеце, куды Рой мог бы вярнуцца.
- Нешта ты стаў задумвацца, сябрук, - сказаў яму неяк Мэрэй, калi выходзiў з хаты. - Ты нечым заклапочаны?
Рой нiчога не адказаў, пацiснуў плячыма i пайшоў на сваё возера Фей.
Лоўля баброў яго раздражняла; здабыванне скуркi стала для яго дакучлiвай павiннасцю, таму ён пачаў паскараць лоўлю такiмi спосабамi, якiх нiколi раней не дазваляў сабе, як занадта згубных i спусташальных для бабра. З сабой ён меў каля дзесятка сiло, i ён пачаў ставiць iх петлi з дроту зусiм блiзка да выхада з хатак i на шлюзах каналаў, што азначала пагалоўнае знiшчэнне. Гэткiя спосабы палявання ў Муск-о-гi заўсёды выклiкалi ў Роя агiду, але зараз ён са здзiўленнем лавiў сябе на тым, што тут гэткае пачуццё ў яго не ўзнiкае. Ён згадаў параграф, дзе гаварылася, што законам забараняецца любой асобе выкарыстоўваць сiло для лоўлi бабра ў любую пару года. Ды не было звыклага гумару ў тым, што ён абвяшчаў, быў толькi адкрыты цынiзм, накшталт хуткасцi i спрыту, з якiм ён спраўляўся з сiло, каб хутчэй пакiнуць балота дзеля новых блуканняў па хрыбтах, дзеля новых разведак i планаў, якiя зараз займалi большую частку ягонага дня. Калi яго адольвала гэтая прага новых адкрыццяў, лоўля баброў здавалася яму марнай тратай часу, i чым блiжэй знаёмiўся ён з гэтай краiнай, тым большым станавiлася нецярпенне закончыць аблоў, правесцi яго iнтэнсiўна, нават бязлiтасна, каб толькi хутчэй вызвалiцца i цалкам аддацца асваенню цудоўных прастораў краiны Срэбных Даляраў.
- Дзе ты прапаў? - аднойчы спытаўся ў яго Зел цiхiм, светлым вечарам, калi яны засталiся ў хацiне ўдвух. - Разы са два я шукаў цябе на возеры Фей, але цябе там нiбыта i не было!
Рой не хацеў распачынаць гаворку з Зелам.
- Вiдаць, блукаў недзе паблiзу, - з сумам азваўся ён i адразу ж пашкадаваў пра гэта. - Я часта падымаюся на хрыбет, Зел, каб зiрнуць, цi нiкога няма вакол. Ды i холадна на гэтым балоце, не вытрымлiваю.
- Вы з Сахатым толькi тым i заняты, каб блукаць невядома дзе, прамармытаў Зел. - Дзе Сахаты? Яму даўно пара вярнуцца.
Але гэтай ноччу Мэрэй так i не вярнуўся. Зел занепакоiўся, а Роя гэта хоць i турбавала, аднак больш за ўсё пацяшала, калi ён уяўляў сабе, як Мэрэй зайшоў, нарэшце, так далёка, што i не вернецца за адзiн дзень. Ён не думаў, што з Мэрэем нешта здарылася, ён быў вельмi вопытны лесавiк. Iншым, больш гераiчным часам, з Мэрэя мог атрымацца даследнiк новых земляў, чалавек, якi мог бы пракласцi шлях, знайсцi неверагодную колькасць скарбаў, адкрыць кантынент i не надаць асаблiвай увагi свайму адкрыццю. Для Мэрэя гэта азначала б толькi наступны пагорак альбо наступную далiну, ён i зараз, верагодна, затрымаўся на нейкiм з гэтых пагоркаў альбо ў якой-небудзь далiне, замарозiў сябе на трыццацiпяцiградусным марозе, замест таго каб ляжаць на цёплым ложку, якi Зел не забыўся адразу ж заняць. Аднак жа Рой зайздросцiў Сахатаму.
- Ты пойдзеш шукаць яго? - спытаў Зел, калi прачнуўся марозным досвiткам.
- Не, - адказаў Рой. З кожным днём ён, сам не ведаючы чаму, адказваў Зелу ўсё больш лаканiчна.
Якраз апоўднi першага дня адсутнасцi Мэрэя Рой заўважыў, калi выпраўляўся на Сярэбраную раку, маленькага чалавечка на схiле каля балота андатраў. Рой ледзьве бачыў яго ўдалечынi на крутым снежным схiле праз серабрысты частакол бяроз. Гэта быў Зел, ён нешта майстраваў памiж двух ствалоў, i па нейкiх асаблiвых прыкметах Рой вызначыў нават на такой адлегласцi, што будаваў памост. I Рой ведаў навошта. Зел майстраваў тайнiк для пушнiны, якая будзе схаваная ад вачэй кампаньёнаў i недасяжная для драпежнiкаў.
- Так, значыць, Зел пакрыху махлярыць, - усмiхнуўся Рой. Зараз ён быў перакананы, што частку вылаўленых андатраў Зел апрацоўвае на месцы, каб не ўлiчваць iхнюю пушнiну падчас агульнай дзяльбы. Рой крыху пастаяў, каб канчаткова пераканацца ў махiнацыях Зела, пасля пацiснуў плячыма i пайшоў прэч. Гэта яго не пацешыла, як было б раней, i не раззлавала. Яму было абыякава, i дробны махляр Зел i яго пушны склад, - усё гэта ўяўлялася зараз дробным, страшна дробным.
Некалькi разоў за дзень Рой чуў стрэлы. Па гуку гэта нагадвала вiнтоўку Мэрэя, але поўнай перакананасцi ў яго не было. Вечарам Зел зноў бушаваў наконт пагiбельнай для iх стральбы Мэрэя, але сам Мэрэй гэтага не чуў. Яго ўсё яшчэ не было, i вярнуўся ён толькi праз суткi. Ён прыйшоў з першымi парывамi завiрухi. Яго твар пунсавеў, калi ён нагой адчынiў дзверы i кiнуў на падлогу блiскучую чорную шкуру вялiзнага мядзведзя. Рой зачынiў дзверы, у якiя рвалася замець, а Мэрэй нагнуўся i строс з галавы i шыi тоўсты пласт снегу.
- Так атрымалася: цi мне загiнуць, цi яму, - сказаў Мэрэй пра мядзведзя. Вось я яго i забiў. Ты б ад смеху памёр, Рой. Сяджу я ўчора ў схованцы пад скалой, стараюся неяк сагрэцца, а ён лезе туды ж. З першага разу я прамазаў, а ён пачаў паварочвацца, каб вылезцi, i я другiм уляпiў яму ў горла. А тлусты! Стаiць раскiрэчыўшыся, нiбыта скунс, а такi тлусты, што i з месца не можа скрануцца.
- А што яшчэ прынёс? - спытаў Зел.
- Ат, дробязь, - сказаў Мэрэй, дастаючы з мяха некалькi скурак. - Лiсяня ды кацяня, вось i ўся здабыча.
- I гэта за тры днi палявання! - заенчыў Зел.
Роўны голас Мэрэя звычайна запаўняў усю хацiну, але зараз Мэрэй маўчаў, i гэта было папярэджанне Зелу i злавесная прыкмета для Роя. Сахаты ўжо не нагадваў болей быка, якi лянiва адганяе хвастом мух; зараз ён быў больш падобны на свайго цёзку лася, якi гатовы кiнуцца на дакучлiвую нiкчэмнасць i павалiць яго, затаптаць магутнымi капытамi. Рой бачыў гэта, i яму было ўсё роўна. Ён безуважна назiраў, чыя ж возьме, як назiраў бы за сустрэчай вавёркi i шашка, калi б яны задумалi падужацца. Для Роя гэта былi новыя адносiны да людзей, якiх ён яшчэ не ўсведамляў. Ён толькi ведаў, што кожны з iх зараз самагодная адзiнка i мяжа iхняй адчужанасцi менавiта ў тым, што, жывучы так, як яны тут жылi, яны засталiся замкнутымi адзiночкамi: няма ў iх нi сяброўства, нi ўзаемнай дапамогi. Зараз страта гэтага пачуцця супольнасцi яго не кранала, i яму было ўсё роўна, што станецца з кожным з iх.
Снег iшоў трое сутак, i часам напружанасць станавiлася пагрозлiвай. Чым больш спакойна i бесклапотна адмахваўся ад дакучлiвай мухi Мэрэй, тым больш ядавiтым i iстэрычным станавiўся Зел. Памiж iмi не ўзнiкала сапраўднай спрэчкi, толькi дробныя сутычкi: каму галiцца першым альбо хто прынясе вады, цi хто хроп усю ноч. Справа дайшла да выбуху, калi Зел заявiў, што, як толькi скончыцца завiруха, iм трэба выбiрацца з заказнiка. Пушнiны ў iх дастаткова, а стрэлы Мэрэя, напэўна, ужо прыцягнулi ўвагу, i iх шукаюць.
- Яшчэ не выплакаў свайго воцату! - сказаў Мэрэй.
- А ты наогул не хочаш мець нiякiх стасункаў нi з чым, - з'едлiва азваўся Зел, i твар яго скрывiла ад злосцi. - Ты страцiў рэшткi чалавечага аблiчча. Блукаеш па лесе, як звер. Сам становiшся лясным зверам i Роя цягнеш туды...
Мэрэй засмяяўся, а Рой запхнуў у рот порцыю жвачкi.
- А ты таксама страцiў сваё ранейшае аблiчча, Зел, - сказаў Мэрэй. - Пара табе садзiцца на зямлю ў Сэнт-Элене i заняцца фермерствам. Вiдаць, iнспектар адбiў табе ўсе бэбахi. Зараз лес для цябе найбольш прыдатнае месца, Зел. Вельмi прыдатнае!
- Гэта табе ў зручны момант хто-небудзь усадзiць кулю ў патылiцу, а я пасля гэтага яшчэ доўга буду займацца паляваннем, - адказаў Зел. - I калi ты думаеш, што я спалохаўся iнспектара, можаш ашчаджаць слiну, гэтаму iнспектару засталося нядоўга гуляць. А калi хочаш каму-небудзь параiць заняцца зямлёю, то парай Рою. Гэта ён з тых, што здыхаюць у свiнарнiку.
Мэрэй даў магчымасць адказаць Рою, але Рой устаў, каб паварушыць вуголле.
Iхняе маўчанне яшчэ больш распалiла шаленства Зела.
- Ты спытай у Роя, што ён будзе рабiць, калi Эндзi зразумее, хто займаў яго месца апошнiя дванаццаць гадоў.
У Роя ў руках было бярозавае палена, i яно адразу ж прасвiстала ў паветры i стукнулася ў сцяну хацiны, але Мэрэй своечасова спусцiў з ложка тоўстую нагу i сапхнуў Зела на падлогу. У напружанай позе, седзячы на кукiшках, Рой быў падобны на "вадзянога быка", мускулы на шыi набрынялi i, здавалася, вось-вось лопнуць, цяжкiя рукi вiселi па баках, быццам гнеў яго знясiлiў. Вось-вось нешта здарыцца, але Мэрэй устаў i ўздыхнуў.
- Ну, - сказаў ён i выцягнуў з-пад ложка вузел з адзеннем. - Я хаваў гэта на чорны дзень, але сёння ў нас тут зусiм чорна. - Ён дастаў бутэльку спiрту, пераступiў цераз скурчанага на падлозе Зела i стараўся дастаць нож, каб адкаркаваць бутэльку. - Не прадыхнуць ад воцату! - дадаў ён, налiваючы ў два кубкi. - Вось вам. За тое, каб згiнулi, нарэшце, закон i парадак.
Не закон i парадак, а думкi пра Сент-Элен, вось што трэба было залiць Рою вiном. Удар Зела здзiвiў яго мацней, чым ён мог чакаць, i, здавалася, перарэзаў апошнюю нiтачку, якая прывязвала яго да Сент-Элена. Ён ведаў, што для яго гэта зараз пустое месца, i ўзяўся за бутэльку, адкiнуўшы ўсялякiя цуглi, i горыч праглынула ў iм рэшткi цвярозага гумару.
Раздзел дванаццаты
Калi завiруха, завалiўшы ўсё снегам, нарэшце сцiхла, Рой узяў ружжо i на лыжах выправiўся на паляванне на хрыбты. Хутка ён высачыў i застрэлiў аленя. Хоць Рой разабраў тушу i павесiў на дрэва, ён ведаў, што сапраўднай патрэбы забiваць гэтага аленя (да таго ж самку) не было, бо ў iх яшчэ заставаўся вялiкi запас ласiнага мяса. Але, калi ён i ўсвядомiў на iмгненне ўсю непатрэбнасць iмкнення забiць, гэтая думка згiнула ў радасным адчуваннi, што ён зноў на паляваннi, i ён не сыходзiў з хрыбтоў, працягваў падпiльноўваць дзiчыну, ён быў гатовы забiваць усё, што трапiць яму на мушку, забiваць, не адчуваючы падчас гэтага абсалютна нiчога, акрамя паляўнiчага азарту.
Пад снегам усё навокал было яшчэ больш дзiўным. Вялiкая заснежаная краiна, краiна доўгiх закругленых лiнiй, якiя недзе ўдалечынi пераходзiлi ў снежны гарызонт. Пад нагамi то цвёрды гранiт, то мяккiя гурбы. А лясы i азёры нiбы вялiзныя сховы цiшынi. Часцей за ўсё чуваць было рыпенне лыжаў па снезе, i кожны раз, як яно чулася, гэты гук вiбраваў i праходзiў праз ногi Роя, праз усё ягонае цела. Гэта быў гук дарогi, частка таго, што i трымала яго ў дарозе, пакуль ён не заходзiў так далёка, што даводзiлася вяртацца, каб паспець да цемры.
Рой закiнуў усе свае пасткi на возеры, i гэта непакоiла яго. Што гэта за лоўля, калi пасткi цэлымi суткамi заставалiся са здабычай, але яшчэ горш было пакiнуць iх пасля завiрухi. Завiруха замяла пасткi, i, акрамя збору здабычы, трэба было пераставiць увесь ланцуг пастак, бо зараз яны апынулiся глыбока ў снезе.
I гэтым днём яму не ўдалося вярнуцца своечасова i агледзець пасткi, бо ён заўважыў дым на ўсходзе i падняўся на адну з блiжэйшых вяршыняў. Але i адтуль ён не мог вызначыць, цi далёка дым, бо снег i шэрае неба скрадвалi адлегласць. Ён вырашыў, што гэта не надта далёка, бо дым быў бачны i ў гэткi змрочны дзень. Вядома, гэта мог быць i Мэрэй, i падчас вячэры ў хацiне ён спытаў:
- Ты быў сёння на ўсходнiх участках?
Мэрэй пакруцiў галавой.
- Я быў на поўначы, на азёрах, шукаў сляды норкi. Iх там шмат. А што?
Рой расказаў яму пра дым.
- Ты, вiдаць, маеш рацыю, Рой, - прамармытаў Мэрэй, напхаўшы ў рот сакавiтага мяса. - Нехта вядзе паляванне ў заказнiку, i даволi бяспечна.
- Як i мы! - умяшаўся Зел i зiрнуў на Роя, на яго закапаную крывёю аленя куртку.
Але Рой не адказаў на выклiк, яго перасталi цiкавiць спрэчкi з Зелам, Мэрэем i з самiм сабой. Ён толькi фыркнуў, плюнуў i працягваў есцi, пытаючыся ў самога сябе, цi прычэпiцца да яго Зел за нявыбраныя пасткi, i панура разважаючы, як ён яго спынiць. Але Зел не згадаў пра гэта, ён пачаў пра недахоп правiянту.
- Закончылася бульба, - аб'явiў iм Зел, - i масла таксама. Засталося ўсяго некалькi бляшанак кансерваў на зваротны шлях, ды яшчэ слоiкi з ягадамi, слоiк марынаду i крыху хлеба ды сухароў.
Слоiк з ягадамi - падарунак мiсiс Бэртан, а марынад быў ад Джынi. Рою захацелася пакаштаваць, цi смачны ён, цi ўдалося Джынi згатаваць нешта не падобнае на яе звыклае прэснае варыва? З абыякавай паблажлiвасцю ён мог зараз захапляцца той прымусовай дамавiтасцю, якую яна напускала на сябе дзеля яго. Не першы раз за гэтыя дванаццаць гадоў ён так востра адчуў, што значыць для яго Джынi, як цесна звязаны iх жыццi, як гэта было правiльна i як правiльна гэта было б i ў будучым. Раптам гэта завалодала ўсёй яго iстотай, i ўпершыню з часу вяртання Эндзi ён уявiў сабе ўвесь воблiк Джынi; усё iхняе знаёмства; i пасля скачок ад прыватнага, ад iх блiзкасцi, - да значэння гэтага для яго; да яго самога, што неаддзельны ад Джынi, як бы нi супрацiўлялася гэтаму яго ўстрывожаная свядомасць; ён не можа дапусцiць, каб з Джынi так мiмаходам здзекаваўся нейкi прыдуркаваты, каб яна падпарадкоўвалася самавольству Эндзi. Не, ён гэтага не стрывае!
Але цi не позна? Справа не ў Эндзi, а ў iм самiм. Ён загiнуў; i не толькi таму, што прырода адолела яго, загнала ў лес. Прырода выхапiла яго з таго асяроддзя, iснаванне па-за якiм для яго было немагчымым. Гэта зрабiла з яго адзiночку - i ўсё. I вось зараз ён меў вынiк свайго паражэння, дзялiў яго са сваiмi спадарожнiкамi: двума загiнуўшымi чалавекамi.
- Давай пакаштуем марынаду, - сказаў Рой Зелу, калi яны селi за стол.
- Гэта што, справа рук Руфi Мак-Нэйр? - спытаў Мэрэй.
Рой адмоўна пакруцiў галавой i сарваў накрыўку.
- А як маецца Сэм? - працягваў Мэрэй.
- Выдыхся! - сказаў Рой, торкаючы вiдэльцам у зялёныя памiдоры.
- Яны там у горадзе ўсе выдыхлiся, толькi гэтага не ведаюць, - сказаў Мэрэй.
Рой адарваўся ад ежы.
- Толькi не Джэк. Джэк Бэртан, той не здасца!
- Ну, як марынад? - спытаў Зел, гледзячы на Роя вачыма, якiя ўсё разумелi.
- Смачны, - сказаў Рой. У памiдорах было занадта цукру, але для першага разу нiчога; зрэшты, iншыя разы для Джын, вiдаць, былi яшчэ менш удалыя.
- Два-тры дрэнныя гады - i Джэк здасца, як i iншыя, - падсумаваў Мэрэй.
Рой не спрачаўся.
Ранiцай ён праверыў пасткi i дастаў з-пад снегу столькi здабычы, што яму стала сорамна за прапушчаны дзень. Дастаючы пасткi з-пад снегу i закладваючы iх на новым месцы, ён заадно не мог не адзначыць асаблiвыя павадкi баброў на новых сцежках у глыбокiм снезе. Часова гэта яго захапiла, асаблiва калi ён натрапiў на двух старых баброў, якiя валiлi невялiкую вярбу. Ён назiраў, як яны паводзiлi сябе: пачалi грызцi ствол не з таго боку i ўсё ж звалiлi вярбу на чысты лёд, дзе iм зручна было адабраць з яе кару. Рой ужо даўно прыйшоў да высновы, што справа зусiм не ў здагадлiвасцi бабра, якi валiць дрэва на ваду альбо на лёд, гэта значыць, iменна туды, куды патрэбна. Тлумачылася гэта проста тым, як раслi дрэвы. Большая частка галiн у вынiку трапiчных умоў расце звычайна на асветленым i адкрытым баку i пераважае сюды дрэва, таму яно i падае на адкрытае месца, як бы нi падгрызалi яго бабры. Аднак Рой усё адно ўсмiхаўся, назiраючы за гэтымi бабрамi, i распачаў з iмi гульню ў снежкi; ён цiхенька наблiжаўся да iх, каб праверыць, як блiзка можна падысцi, перш чым яны пачуюць яго альбо адчуюць яго пах. Ён падышоў крокаў на дванаццаць i лёг у снег, ляпiў снежку. Пасля, асцярожна падняўшы галаву над гурбай, прыцэлiўся i снежкай збiў аднаго бабра з ног. Рой засмяяўся, але ў тое ж iмгненне вярба з шумам упала, i ён здрыгануўся ад нечаканасцi. Спалоханыя бабры знiклi, а Рой, пасмiхаючыся, рушыў далей, на душы ў яго палягчэла. I ўсё-такi ён не зняў ненажэрныя сiло, якiя i на гэты раз падвоiлi яго здабычу.
- Справа ёсць справа, - суцяшаў сябе Рой. - Пакуль можаш, бяры што можаш.
У час абходу ён чуў яшчэ два стрэлы, на гэты раз вельмi блiзка.
"Напэўна, гэты забойца - Сахаты", - падумаў Рой.
Стрэлы яго ўсхвалявалi; але крыху пазней ён зусiм страцiў спакой. На адной са сцежак ён убачыў труп шэрага ляснога ваўка. Гэта быў буйны пляскатагаловы самец з бела-шэра-карычневай пушнiнай. Ён ляжаў на сцежцы мёртвы, зяпа яго была разяўленая, тоўстыя скачанелыя ногi выцягнутыя, як палкi. Здавалася, што ён ужо з тыдзень як здох, але снегам яго не занесла i пушнiна была яшчэ як у жывога. Рой перавярнуў яго скачанелае тулава, ён хацеў знайсцi раны альбо ўкусы, але нiякiх адзнак вiнаватага ў смерцi не было. Прыкметы, аднак, былi вiдочныя, i Рой не стрываў.
- Яшчэ не хапала, каб Зел скарыстаў белае сiло! - сказаў ён гучна.
Белым сiло iндзейцы называлi яд, i труп ваўка сведчыў альбо пра прамое атручэнне, альбо пра тое, што ён з'еў iншую атручаную жывёлiну. Апошняе было больш верагодным, бо Зел нiколi не згадваў пра сiло на ваўка. Зел, вiдаць, клаў атручаную прынаду ў пасткi для андатраў, норак i iншага пушнога звера. Сорам, якi адчуваў Рой з-за сваiх бабровых сiло, знiк перад гэтым разбуральным зверствам. Атручэнне не абмяжоўвалася першай ахвярай. Атручаная жывёлiна, уключаная ў ланцуговую рэакцыю знiшчэння адных драпежнiкаў iншымi, можа атруцiць яшчэ пяць. Гэты атручаны воўк, якi, верагодна, пакаштаваў атручанай андатры, у сваю чаргу, нёс смерць для кожнага звера, якi захацеў бы пакаштаваць яго мяса, няхай гэта мядзведзь, пацук, лiса, iншы воўк, кунiца, рыбалоў, рысь альбо нават вушастая сава.
Рой адцягнуў ваўка да россыпу валуноў i прыкрыў iмi труп як мага больш старанна. Яго абурэнне не знiкла, але ён памеркаваў, што наўрад цi мае права абурацца. Чым злачынства Зела горшае за яго ўласнае злачынства? I дзе тыя абвiнавачваннi Зелу, якiх ён не мог бы дастасаваць да сябе? Труцiць пушнога звера - гэта толькi крыху горш за паляванне з дапамогай сiло на бабра, i, хто ведае, цi не дайшоў бы сам Рой да атручэння баброў? Ён i думкi не дапускаў апраўдваць сябе адноснасцю маралi, яго палохала сiла самаабвiнавачання, якое выклiкала ў iм гэта здарэнне. Ён адчуваў не толькi вiну, гэта было самавыкрыццё. Гэта адкрывала Рою вочы на ўласныя паводзiны больш, чым якiя-небудзь папярэднiя ўчынкi альбо словы. Яму хацелася хутчэй вырвацца адсюль назад, да Скоцi i Самсона, назад да людзей, дзе немажлiвай будзе гэта пагiбельная адзiнота, разбэшчванне i распад. Яму хацелася вырвацца адсюль, пакуль яшчэ яго не злавiлi, не пакаралi, не выкiнулi з асяроддзя людзей. Яму хацелася вырвацца з гэтага заказнiка назад да сваёй звыклай лоўлi, да звычайнага жыцця, да адчування бяспекi, народжанага кантактамi з людзьмi, назад у Сент-Элен.
Нарэшце, вось яно. Гэта не было асабiстае рашэнне Роя, гэта было вызваленне ад бязглуздай волi лёсу. Што б нi было ўжо страчана, Сент-Элен усё ж заставаўся ключом да ўсяго ягонага iснавання, i ўцячы яшчэ раз ён не здолее. Рой зразумеў, што ў ягоным жыццi ёсць штосьцi большае, чым адзiнота, страх i паражэнне. Трэба было змагацца. Ён даволi доўга жыў цвёрдай самадысцыплiнай, страх перад будучай бядой не мог авалодаць iм надоўга. Ён ведаў, што перш за ўсё яму трэба вярнуцца ў Муск-о-гi i ў Сент-Элен, назад да рэальнасцi, да непазбежнага вырашэння ўсяго далейшага жыцця, назад да Эндзi Эндруса.
Раздзел трынаццаты
Рой чакаў зручнага выпадку, каб прапанаваць сябрам выправiцца ў зваротны шлях. Пачаўся люты, i хутка трэба будзе спыняць любое паляванне. Ён разабраў усю сваю пушнiну, спакаваў яе, усведамляючы, што больш ён не падыме нiводнай скуркi. З ежай было складана, запас быў на зыходзе, i яны харчавалiся амаль выключна мясам. Акрамя таго, вакол iх у заказнiку стала выразна адчувацца небяспечная прысутнасць iншых людзей. Ужо некалькi разоў проста над галавой у iх з'яўляўся маленькi гiдраплан. Усё, здавалася, было падрыхтавана для вырашальнага сiгнала Роя да выступлення, але зручнага моманту не знаходзiлася.
Мэрэй зноў некуды знiк, а да Зела нельга было падступiцца. Гэты чалавечак даведаўся, што для Роя не сакрэт ягоныя падзвiгi атрутнiка. Акрамя таго Рой меркаваў, што Зел хоча давесцi свой тайнiк да такiх памераў, каб можна было яго даiць будучым летам i восенню. Зел быў так захоплены стварэннем гэтага таемнага склада, што зараз i не заiкаўся пра тое, каб паспяшацца з адыходам з заказнiка. Ён нават пераадолеў свой страх перад прысутнасцю пабочных у заказнiку i змрочна карыстаўся непаўторнай магчымасцю адразу паквiтацца за многiя гады няўдач. Рой не знаходзiў сiлы нi крытыкаваць, нi прыспешваць Зела. Ён не мог перашкаджаць чалавеку, якi адчайна змагаўся з сiлай абставiн.
Аднак трывога Роя ўсё большала.
Ён ведаў, што рана цi позна, як толькi паблiзу з'явяцца пушныя абходчыкi альбо леснiкi, iхняя прысутнасць будзе выяўлена. I Мэрэй толькi спрыяў гэтаму. Падчас яго адсутнасцi буйнакалiберная вiнтоўка заяўляла пра сябе гучна i часта, i Рой пачынаў думаць, што лес назаўсёды праглынуў Сахатага. Рой вырашыў, калi Сахаты хутка не вернецца, iсцi без яго, нават без iх абодвух, калi спатрэбiцца.
Але атрымалася так, што менавiта Зел i прымусiў iх зняцца з месца.
У адсутнасць Мэрэя Рой, у дадатак да лоўлi баброў, звычайна абходзiў i ягоныя пасткi на звярыных сцежках, i на адной з такiх сцежак яго дагнаў Зел. Быў моцны, пякучы мароз, i змерзлы Рой прысеў, каб перакусiць кавалкам халоднай ласяцiны разам з рэшткамi марынаваных памiдораў са слоiка Джын.
- Рой! - задыхаючыся прашаптаў Зел. - Рой, iдзi хутчэй, зiрнi сам. Лопнiце мае вочы, калi зараз нейкiя два д'яблы не пракладваюць сцежку па схiле. Пайшлi на вяршыню. Iдзi хутчэй!
Дажоўваючы ласяцiну, Рой iшоў за Зелам да блiжэйшай вяршынi - крутога пiка з пляцоўкай наверсе. Зел асцярожна запоўз на пляцоўку i паказаў Рою на асветлены сонцам пакаты схiл, як ён казаў, ён бачыў цi то дзве, цi то тры чалавечыя фiгуры.
- Паслухай, Зел, - сказаў Рой. - Як ты мог што-небудзь убачыць на такой адлегласцi? А мо гэта проста аленiха з дзiцем?
- Двухногая аленiха? - з'едлiва адказаў напарнiку Зел.
- На такой адлегласцi што хочаш можа здацца!
- Пачакай, сам убачыш, - сказаў Зел. - Калi яны сапраўды пракладваюць сцежку, яны з'явяцца на тым жа схiле, толькi вышэй. Пачакай, зiрнi...
Рой скончыў ласяцiну i пачаў назiраць за далёкiм схiлам. На iм была сотня адкрытых палосаў памiж купкамi соснаў, i на кожнай з iх маглi з'явiцца людзi, якiя прабiвалi сцежку. Калi яны з'явяцца на гэтым схiле, за пяць мiль адсюль, значыць, яны iдуць на поўдзень, але Рой пакуль яшчэ не надта давяраў паведамленню Зела.
- Глядзi! - прашаптаў Зел i ледзь не падскочыў ад узбуджанасцi. - Глядзi вунь на тую адкрытую палоску памiж сухiмi клёнамi. Глядзi!
- А ты маеш рацыю, - сказаў Рой, бо ён выразна ўбачыў дзве маленькiя чорныя фiгуркi, гэта праўда былi людзi. Яны iшлi адзiн за адным, высока падымалi ногi, i таму нават на такой адлегласцi можна было беспамылкова сказаць, што яны чалавечага роду.
- I нi той, нi другi не Мэрэй, - сказаў Зел. - Занадта малыя.
- Мо гэта якраз тыя браканьеры, - выказаў меркаванне Рой, але ён ведаў, што гэта не так.
- Абходчыкi! - заенчыў Зел i нагнуўся. Адна з фiгур падняла рукi, быццам падносячы да вачэй бiнокль. - Абходчыкi або леснiкi! - паўтарыў Зел. - Трэба ўцякаць адсюль.
- Трэба паглядзець, што яны будуць рабiць, - хутка запярэчыў Рой i ўтрымаў Зела. - Паглядзiм, куды яны пойдуць.
Пакуль яны гаварылi, чалавечкi паднялiся на вяршыню i сталi азiрацца, затым павярнулi на сорак пяць градусаў i пайшлi назад, на паўночны захад. Рой iмгненна павярнуўся, пачаў узiрацца ў паўночныя хрыбты i хутка ўбачыў тое, што i чакаў убачыць.
- Вунь там яшчэ двое, - сказаў ён Зелу i паказаў на поўначы яшчэ дзве фiгуркi, якiя на iмгненне з'явiлiся на хрыбце. - Бачыш, што яны робяць? спытаў ён у Зела. - Чацвёрка праходзiць усю мясцовасць зiгзагамi. Яны прачэсваюць участак за ўчасткам не горш за леснiкоў. Так, Зел, пара канчаць. Пайшлi ў хацiну - i гайда.
- А як жа Сахаты? - спытаў Зел.
- А ты ведаеш, дзе ён зараз?
- Не, але трэба паспрабаваць знайсцi яго. I як быць з пасткамi?
- Кiнуць. Нам нельга марудзiць, калi яны пойдуць у наш бок. Пайшлi адсюль, i хутчэй. - Рой ужо таптаў снег сваiмi кароткiмi гумовiкамi, выкiдваючы наперад рукi, каб iхняя вага падштурхоўвала яго наперад.
- Калi мы пойдзем без Сахатага, - подбегам паспяваючы за Роем, гаварыў Зел, - дык ён можа папасцiся. Трэба шукаць яго альбо хоць неяк папярэдзiць.
- Калi ты захочаш папярэджваць яго стрэламi, - сказаў Рой, - тады ўся гэтая хеўра адразу яс навалiцца на нас. Сахаты, вiдаць, ужо сам заўважыў гэтых законнiкаў. Пайшлi... Хутчэй!
- А мне здаецца, што трэба даць некалькi стрэлаў.
У Роя быў вiнчэстэр, але ён рашуча паўтарыў сваё "не".
- Пачакай, вось выберамся з хацiны ў лес - тады iншая справа, - сказаў ён. - Будзем на сцежцы, тады страляй колькi хочаш.
Рой прыспешыў хаду, стараючыся iсцi па нiзiнах i не чакаючы Зела. За сабой ён пакiдаў пратаптаную сцежку, па якой Зелу лёгка было iсцi ўслед.
- I дзе гэта Сахаты? - пытаўся ў сябе Рой, падыходзячы нарэшце да хацiны i ведаючы, што не пакiне яе, пакуль не зробiць хоць нейкай спробы знайсцi Мэрэя альбо папярэдзiць яго. - I дзе падзеўся гэты валацуга?
А валацуга тым часам быў у хацiне, скiдваў з палiц пустыя слоiкi, зрываў са сцен скуры, адзенне i розны рыштунак. Ён ужо амаль закончыў гэты пагром i быў заняты дзяльбой рэшткаў хлеба i цукру.
- Я так i думаў, што вы хутка з'явiцеся, - спакойна сказаў ён Рою. - А дзе Зел?
- Iдзе. Ты бачыў гэтых малойчыкаў?
- Вядома. Я за iмi два днi сачыў. Сёння ранiцай я праскочыў проста ў iх пад носам. Ну, вы сабралiся? - Мэрэй набiваў свой мех нейкiм адзеннем. Дапамажы мне спусцiць гэтае смецце ў возера, - папрасiў ён.
Рой дапамог яму аднесцi да палонкi ў замерзлым возеры цэлую кучу пустых бляшанак, вядро, бутэлькi, кацялок, гаршкi, сапсаваныя пасткi, пустыя каробкi ад патронаў. Яны звязалi вяроўкай усе гэтыя здраднiцкiя доказы iхняй прысутнасцi i затапiлi ў возеры, затым вярнулiся ў хацiну, дзе ўжо збiраўся ў дарогу Зел.
- Калi ты вярнуўся? - спытаў ён у Мэрэя.
- Не вельмi даўно, - адказаў Мэрэй.
- Чаму ты не прыйшоў раней, каб папярэдзiць нас? - дапытваўся Зел.
- Вось зануда! - сказаў Мэрэй. - Гэта што, чарговая порцыя воцату? Патрымай яе ў сябе, бо як стукну па галаве прыкладам. Я ачышчаў хацiну. Я ведаў, што вы i самi заўважыце гэтых следапытаў, як яны блукаюць па лесе.
Мэрэй быў азмрочаны, але ён зусiм не так злаваўся i спяшаўся, як хацеў гэта паказаць. Ён спакойна ўсеўся i пачаў мяняць шкарпэткi, пакуль яго спадарожнiкi хутка заканчвалi ўкладку адзення, прыбораў для галення, коўдраў, правiзii i пушнiны.
- Ведаеце, што можна было б зрабiць? - сказаў Мэрэй, няспешна i з веданнем справы скручваючы папяросу. - Можна было б знайсцi тут у лесе надзейную мясцiну i залегчы там, пакуль не сыдуць адсюль гэтыя законапаслухмяныя халуi.
- Залягай на здароўе! - адрэзаў Рой.
- А якi сэнс пакiдаць заказнiк, пакуль мы не вычарпалi ўсiх яго магчымасцяў, - сказаў Мэрэй. - У лесе гэтыя малойчыкi нас не знойдуць. Яны, вiдаць, i мiма гэтай хацiны пройдуць i не заўважаць.
- Магчыма, - сказаў Зел. - Але з мяне хопiць, Мэрэй. З мяне хопiць!
У Роя ўсё было сабрана i падрыхтавана. Мэрэй дапамог яму ўзвалiць за спiну цяжкi груз. Калi дапамагаў Зелу, ён засмяяўся, бо той ажно захiстаўся ад неверагодна цяжкай ношы.
- Крыху паквапiўся, - сказаў ён Зелу.
- Што ты гаворыш? - падазрона спытаў Зел, але адказу не было.
Затым Рой дапамог узвалiць мех Мэрэю.
- Можаш заставацца, калi хочаш, - сказаў Рой, - але я адчуваю сябе як загнаная лiса. Мне трэба пакiдаць памiж мной i абходчыкамi як мага больш адлегласцi. Так што рушым!
Мэрэй старанна зачынiў за сабой дзверы, а Рой праверыў вонкавую кладоўку, цi няма там правiзii. Яе засталося ў iх вельмi мала, па разлiках Роя - не больш як на тры днi.
- У якi бок пойдзем? - у апошнi момант спытаў Зел.
- Можна прайсцi праз гэты лес, а затым падацца на поўнач, - сказаў Мэрэй.
- На поўнач? - здзiвiўся Рой. - Навошта на поўнач?
- Туды шлях свабодны, Рой.
- Свабодны шлях у невядомае, - азваўся Рой. - Я пайду на поўдзень.
- Няма сэнсу выходзiць з лесу на поўдзень, - пярэчыў Мэрэй. - Там нас чакае палова ўсiх абходчыкаў заказнiка, i яны сядуць нам на шыю, як толькi мы з'явiмся.
- Ён мае рацыю, Рой, - сказаў Зел, - не будзь упартым. Мы можам адарвацца ад гэтых абходчыкаў, калi адразу ж пойдзем на поўнач. Там знойдзецца сотня пунктаў, у якiх мы можам выйсцi з лесу i пакiнуць iх з носам.
- Ну выйдзеш ты з лесу, - сказаў Рой, - а што далей? Як ты разлiчваеш патрапiць у Сент-Элен? Яны ж загародзяць усе дарогi.
- Сент-Элен? - сказаў Мэрэй. - А на якога д'ябла нам вяртацца ў Сент-Элен?
- Ты з глузду з'ехаў вяртацца туды зараз, - падтрымаў яго Зел.
- Магчыма, - сказаў Рой i не стаў iм тлумачыць, што поўнач азначае для яго новую пагрозу адзiноты. Яго спадарожнiкi былi ўжо адлучаны ад Муск-о-гi, iм было ўсё адно. Але Рой ведаў, што для яго адзiная надзея - гэта вярнуцца на свой участак i пасля ў Сент-Элен так, каб нiхто i не здагадаўся, што ён быў у заказнiку. Пайдзi ён на поўнач, i яму спатрэбяцца месяцы адседжвання i розныя хiтрыкi, каб дабрацца назад у Сент-Элен, а за гэты час напэўна выявiцца яго злачынства. Да Мэрэя i Зела гэта не мела адносiн, бо яны i без гэтага ўжо толькi ценi людзей. Але калi ён, Рой, зараз не вернецца ў Сент-Элен, iнспектар, вядома, здагадаецца, што справа нячыстая. Значыць, гэта было пытанне бяспекi - але не толькi. Рашэнне яго было цвёрдае. Трэба iсцi на поўдзень, небяспечна гэта цi не. Ён мусiць вярнуцца да свайго ўласнага iснавання. Мусiць. Ён павiнен жыць ва ўласнай хацiне, з яе звыклым укладам, з цвёрдай пэўнасцю, якую яна яму давала, з грамадскiм абавязкам, якi яна на яго ўскладвала. Побач за ракой павiнны быць Скоцi i Самсон, а там за лесам Сент-Элен. Ён мусiць вярнуцца i сустрэцца з Эндзi. Ён ведаў i гэта, нават калi са сцiснутымi зубамi iшоў на рызыку быць злоўленым, прарываючыся на поўдзень. Але ён павiнен быў выбраць гэты шлях i прарвацца мiма абходчыкаў, якiя яго чакалi.
- Iдзiце на поўнач, калi хочаце, - паўтарыў ён. - А я iду дамоў.
Яны зноў пачалi яго пераконваць, але станавiлася надта небяспечна заставацца ў лесе, якi пачалi ўжо прачэсваць два патрулi. Мэрэй не разумеў рашэння Роя, але гэта яго не датычыла. Зел прыгледзеўся да Роя i, здавалася, на iмгненне нешта зразумеў. У яго самога была нават хвiлiна хiстання, а пасля ўзнiкла цьмянае, але яўнае шкадаванне, што ён не можа iсцi з Роем.
- Калi дабярэшся, - сказаў ён Рою, - хоць як-небудзь паведамi маёй старой, што я таксама падамся дамоў, як толькi спраўлюся з гэтай пушнiнай. Скажы ёй, што на гэта мне спатрэбiцца некалькi месяцаў.
- Добра, Зел, - адказаў Рой.
- А на будучы год вернемся сюды? - спытаў Мэрэй.
- Цяжка сказаць, Сахаты, - няўпэўнена адказаў Рой, - але з табой я дакладна ўбачуся.
- Магчыма, - засмяяўся Мэрэй. - Магчыма.
Рой махнуў iм рукой, i ў яго ружжы бразнуў затвор. Затым ён пайшоў унiз па схiле прабiваць сваю апошнюю сцежку па белым возеры Фей. Ён меркаваў, што пакуль яшчэ нiкога з iх не заўважылi. Гэта была перавага перад магчымымi праследвальнiкамi. Ён зiрнуў у чыстае неба з марным спадзяваннем на снег, якi зацерушыў бы ягоныя сляды, але пры такiм надвор'i - а яно магло трымацца яшчэ шмат дзён - ён ведаў, што пакiне за сабой выразны след, след дзвюх чалавечых ног, якi цяжка схаваць у гэтай свежазаснежанай краiне. Ён вырашыў iсцi на захад да Сярэбранай ракi, замест таго каб скiраваць адразу на поўдзень да ўчастка Скоцi. Ён разлiчваў, што калi да Сярэбранай ракi яго не дагоняць, ён можа спакойна iсцi ўздоўж яе русла да самага Муск-о-гi. Таму ён павярнуў на захад.
- Калi хочуць злавiць, дык давядзецца палавiць, - прамармытаў ён, папраўляючы на лбе галаўную папругу, i з гэтымi словамi пачаў паход, якi павiнен быў стаць апошнiм выпрабаваннем для яго дужых ног, апошнiм выклiкам заблытаным абставiнам i чалавечаму закону, адным словам, - яго вынiковым выклiкам лёсу.
Ён адчуваў адносную бяспеку, пакуль трымаўся лясiстых нiзiн, але неўзабаве яму давялося выйсцi на адкрытую мясцовасць, каб перасекчы адзiн хрыбет, а затым i наступны. Ён увесь час стараўся iсцi за чарговым грэбенем, каб схавацца ад праследвальнiкаў, i быў перакананы, што не страцiць нiводнага шанцу, якi давалi яму яго спрыт i знаходлiвасць, як раптам яго аглушыла з'яўленне яшчэ дваiх людзей. Яны з'явiлiся з зусiм нечаканага напрамку i iшлi супрацьлеглым схiлам нiзiны. Ён упаў на снег у цень скалы, але яго мех высока тырчаў над снегам, i Рой, калi назiраў за iмi, адчуваў сябе як паралiзаваны страхам цецярук. Яны былi так блiзка, што ён адрознiваў iхнiя твары, i, без усялякага сумнення, гэта былi пушныя абходчыкi. У iх былi форменныя штаны, скураныя курткi i ўвесь рыштунак абходчыкаў. Яны яшчэ не заўважылi яго, але яму нельга было крануцца з месца раней, чым яны адыдуцца хоць на паўмiлi. Асцярожна паварочваючы галаву, ён азiраўся ва ўсе бакi, пакуль не ўбачыў другую пару таго ж патруля. Iдучы ўлукаткi, яны разам з калегамi густа прачэсвалi ўсю мясцовасць, як гэта рабiў i першы патруль.
Другая пара была так далёка, што Рой ледзь мог iх адрознiць, аднак у адным з iх ён угадаў воблiк, надта падобны на пушнога iнспектара з Сент-Элена. Рой не быў цалкам перакананы, але i ад таго, што ён убачыў, кроў молатам застукала ў ягоных вiсках. Ён усё яшчэ не мог скрануцца з месца, бо першая, блiжняя пара не сыходзiла з грэбеня, але калi яна, нарэшце, стала спускацца, заходзячы яму за спiну, ён цiхенька пералез цераз грэбень i пачаў хуткi спуск, скарыстоўваючы i сваю вагу i вагу свайго грузу, з адчаем i злосцю топчучы снег i ведаючы, што патруль вось-вось перасячэ яго сляды - вось тады i пачнецца сапраўдная пагоня.
Раздзел чатырнаццаты
Нiзка нагнуўшы галаву i выпрастаўшы спiну, ён набiраў хуткасць, быццам паволi сталеючы шторм, дабiваючыся максiмуму, нязменнага i на схiлах, i ў нiзiнах, i праз лес, i ўздоўж хрыбтоў. Ён ведаў, што нiхто не здолее спаборнiчаць з iм адзiн на адзiн, але яму даводзiлася спаборнiчаць з тэхнiчнай перавагай праследвальнiкаў: яны былi больш экiпiраваныя для праследавання, чым ён для ўцёкаў. Перш за ўсё, чацвёра на аднаго, а гэта былi амаль вырашальныя абставiны, калi трэба было прабiваць сцежку. Рою даводзiлася, не збаўляючы тэмпу, самому таптаць сабе сцежку, часцей лыжамi. А чацвёра праследвальнiкаў маглi рабiць гэта па чарзе, даючы адпачынак тром iншым. Ужо гэтая перавага пазбаўляла Роя надзеi пратрымацца больш за два-тры днi: пасля гэтага, калi не пачне iсцi снег, яны дакладна дагоняць яго.
- Ну што ж ты, снег! - сказаў ён, на iмгненне падымаючы ў неба натруджаную лямкамi галаву.
Але ў небе не было нi хмурынкi, i Рой уключыў i надвор'е ў пералiк сваiх ворагаў, пагарджаючы i ясным небам i застылай марознай бесклапотнасцю.
Рой нi разу не прыпынiўся, не азiрнуўся. Ён узяў на ўлiк паток свайго часу. Каб не паддацца нi на крок сваiм праследвальнiкам, яму трэба было выцiснуць з кожнай хвiлiны ўсю прастору, што ўкладвалася ў яе, кожны крок, цвёрды снег, строга разлiчаны ашаламляльны спуск па крутым схiле. Нiхто не дагнаў бы яго адзiн, i ён хацеў скарыстаць гэтую адзiную сваю перавагу як адзiны шанц на выратаванне. Да высокага водападзельнага хрыбта памiж возерам Фей i Сярэбранай рэчкай ён яшчэ цешыў сябе спадзяваннем, што абодва патрулi не заўважылi яго слядоў i, магчыма, зусiм за iм не гоняцца. Але тыя некалькi хвiлiн, якiя ён прабыў на грэбенi, каб аддыхацца i агледзецца, паказалi, што ягоны след выяўлены i пагоня пачалася.
Ён ведаў i яшчэ адну iхнюю перавагу. У iх былi палявыя бiноклi, а яму даводзiлася напружваць зрок на неадольныя для вока дыстанцыi, i не толькi каб знайсцi iх, але i каб яшчэ раз праверыць, цi гонiцца за iм яго прыяцель i непрыяцель-iнспектар, цi гэта толькi выпадковае падабенства. I зноў ён не мог вырашыць дакладна, i зноў iшоў наперад, прыгнечаны гэтай нявысветленасцю становiшча. Калi сярод iх не было iнспектара - гэта была проста адчайная гонка з прадстаўнiкамi закону. Але калi гэта быў сапраўдны iнспектар з Сент-Элена тады Рой супернiчаў не толькi з законам. Гэта была адкрытая сутычка з адзiнай сiлай, якая магла адабраць у яго ўсё - не толькi па закону, але i як стаўку дваццацiгадовай барацьбы, з якой Рой да гэтага часу выходзiў пераможцам. "Калi гэта скончыцца?" - пытаўся Рой сам у сябе. Ён толькi што пазбавiўся такой жа небяспекi ў заказнiку, а зараз аказалася, што ён мусiў весцi новую барацьбу ўсё ў той жа вайне. Калi гэта скончыцца? Тады, калi ён вернецца? Калi схаваецца ў сваёй паляўнiчай хацiне альбо дома ў Сент-Элене? Цi там усё пачнецца спачатку? Няўжо Эндзi, у рэшце рэшт, пераможа яго? Яго розум працаваў гэтак жа хутка, як i яго кароткiя дужыя ногi, якiя рабiлi адзiн цяжкi крок за другiм i перасоўвалiся наперад, але без нейкай пэўнай канчатковай мэты.
- Дзе ж ты, снег, дзе ты, палярная завiруха? - шаптаў ён.
Але надвор'е было па-ранейшаму яснае, i адвячоркам ён ужо ведаў, што яны iдуць па яго следзе. Але ён быў занадта знясiлены, каб хавацца, i лёг у сваiм спальнiку на першым жа свабодным ад снегу месцы сярод скал. Ён прагна з'еў халоднага гарошку проста з бляшанкi i запiў яго зялёнай гарохавай вадкасцю. Усю правiзiю ён упакаваў у мех зверху, але частка яе правалiлася на дно, i зараз ён паспрабаваў прыкiнуць, як доўга хопiць яму ежы.
Пры велiзарнай эканомii - днi на тры, вырашыў ён. Тры днi велiзарнай эканомii, i пастаянны голад.
Яшчэ не свiтала, а ён ужо быў у дарозе i да поўдня пераправiўся цераз Сярэбраную рэчку. Двойчы ён бачыў за сабой людзей, але яны былi далёка i адставалi ўсё больш. За ноч iхняя перавага знiкла, бо з надыходам цемры iм, як i яму, давялося спынiцца. Акрамя таго, яны не маглi iсцi нацянькi, бо не ведалi, куды скiруе Рой, а таму не маглi нi разлiчыць, нi прадбачыць яго маршрут. Iм проста даводзiлася iсцi па яго слядах i, магчыма, чакаць самалёта.
Неба магло прынесцi Рою i вялiкую небяспеку i вялiкую палёгку, i ён няспынна сачыў за iм. Па-першае, у прадбачаннi самалёта, якi мог выявiць яго i адразу загубiць. Па-другое, у спадзяваннi на снег, якi прыкрыў бы яго сляды i даў бы яму магчымасць звярнуць на поўдзень i дабрацца дадому. Пакуль не пачаўся снегапад, ён не мог паварочваць на поўдзень i тым самым адкрыць iм сваю канчатковую мэту. Яму даводзiлася арыентавацца на захад, на захад ад Сярэбранай рэчкi, нават на паўночны захад ад яе; даючы такога кругаля, ён спадзяваўся пераканаць праследвальнiкаў, што хоча дабрацца да стаянак лесарубаў, якiя былi раскiданы ў раёне лесараспрацовак на паўночным захадзе адсюль, у суседняй акрузе.
Пераправiўшыся цераз Сярэбраную рэчку, ён пакiнуў межы заказнiка, але гэта не ратавала яго ад небяспекi. Нават болей - гэта стварала дадатковую небяспеку: зараз ён знаходзiўся ў зусiм невядомай яму краiне сярод хрыбтоў i гор, нiзiн i лясных масiваў, дзе нiколi не быў. Трымаць правiльны накiрунак зараз яму дапамагаў толькi маленькi компас у пятлiцы, а арыентавацца - толькi ўласнае адчуванне мясцовасцi. Уся надзея была на тое, што калi яны ведалi гэты край i звыклыя маршруты, дык Рой разумеў мясцовасць. Ён разумеў яе, як чалавек, якi ўсё жыццё назапашваў выпадковыя назiраннi над няроўнасцю зямной кары. Мiмаходзь азiраючыся па баках, ён мог уявiць сабе, якiя пад'ёмы i спускi чакаюць яго наперадзе, на яшчэ невядомых яму ўчастках. Ён мог здагадацца пра характар схiлаў i хрыбтоў i нечаканых глыбокiх нiзiн, i на гэта накладваўся дзiўны малюнак зямлi пад зямлёй, уяўленне пра дзiкую сiлу, схаваную пад гэтымi гранiтнымi схiламi, пра пакуты i сутаргi, у якiх нараджалася гэтая краiна i якiя, наколькi ўяўляў сабе Рой, яшчэ могуць паўтарыцца i перарадзiць яе. Дзiўная гэта была часам краiна, снегавы ложак заснулых велiканаў, краiна, якой Рой гатовы быў захапляцца, пакуль яна не выступiць супраць яго.
Ён адхiлiўся далёка, надта далёка на захад i вырашыў рызыкнуць i папаляваць. Яму патрэбна была ежа, бо прыпасаў засталося толькi на два днi. Праследвальнiкi ўсё адно ведалi, дзе яго шукаць. Гук стрэлу iм не дапаможа i не прыспешыць iх. Рой застрэлiў двух зайцаў i курапатку i вечарам, пад прыкрыццём вялiкай сасны, распалiў касцёр. Ён падсмажыў усю здабычу, з'еў колькi здолеў, а рэшткi схаваў на заўтра. Затым растапiў крыху снегу ў кацялку i заварыў гарбату. Падмацаваўшыся, ён быў гатовы да выпрабаванняў наступнага дня.
А снегу ўсё не было.
Рою здавалася, што ўся прырода супраць яго. Ён ведаў, што далей на захад iсцi нельга, адтуль яму ўжо не прабiцца да сваёй хацiны, бо праследвальнiкi будуць i спераду i ззаду. Ён вышукваў на хрыбце аголеныя схiлы, дзе б згубiлiся яго сляды, дзе ён мог бы павярнуць на поўдзень; але ветру не было, каб сагнаць снег з хрыбтоў, i сама большае, што ён мог зрабiць, - гэта цягнуць за сабой пiхтавую галiнку, каб хоць крыху загладзiць сляды.
Ён спрабаваў i iншыя хiтрыкi, хоць яны i забiралi ягоны час: напрыклад, iсцi ўлукаткi, а затым старанна загладжваць сляды метраў на пяцьдзесят. Ён ахвяраваў на гэтыя хiтрыкi каштоўны час, але ў сваiм адчайным iмкненнi адарвацца ад пагонi хапаўся за любыя сродкi.
У тым, якiя бескарысныя яго хiтрыкi, ён пераканаўся, калi выйшаў на адкрытае месца'i адразу ж пачуў стрэл, а затым убачыў, як куля стукнулася аб скалу крыху нiжэй за яго. Ён бачыў i чалавека, якi зрабiў гэты папераджальны стрэл. Гэта быў той мажны: сам iнспектар альбо яго двайнiк, чалавек, якога Рой баяўся зараз больш за ўсё iншае.
- Ну дзе ж снег?! - крычаў Рой у неба.
Неба было шэрае, але марознае, i ўвесь дзень мароз мацнеў. Рой адчуваў гэта таму, што быў змучаны i пастаянны пот ахалоджваў яго цела, замарожваючы бялiзну. Толькi ў час руху ён развiваў у целе дастаткова цяпла, але як толькi спыняўся, яго трэсла, ён губляў апошнiя сiлы, i, вiдаць, наблiжаўся час, калi праследвальнiкi яго дагоняць.
Яго ахапiла вострае пачуццё нянавiсцi да марозу i да акаляючай цiшынi, i да глыбокага снегу, якi хапаў яго за ногi i аддаваў ворагу. Ён ненавiдзеў кожны пад'ём, якi патрабаваў дадатковых высiлкаў, i кожны лес, якi загароджваў яму адносна лёгкi шлях па раўнiне. Ён усё часцей думаў, цi не кiнуць яму ўсю здабытую пушнiну, цi не аблегчыць свой груз. Але тое, што прымушала яго рухацца наперад, пакiдала гэты груз на спiне. У гэтай пушнiне было апраўданне ўсяго, i кiнуць хоць частку яе менавiта зараз - азначала занадта шмат у чым прызнацца хоць бы самому сабе. Розум падказваў яму схаваць пушнiну, а затым вярнуцца па яе летам. Але што б нi казаў яму розум, ён ведаў, што калi пакiне тут пушнiну, ён нiколi па яе не вернецца, што ён страцiць адзiн са стымулаў уцякаць. Пушнiна ў мяху за спiной была не проста грашамi - гэта была напружанасць усiх сiл i перамога над кпiнамi прыроды, якая была супраць яго i абыякавай рукой прытрымлiвала снег i дапамагала яго ворагам. Ён ненавiдзеў неба, скалы, дрэвы, азёры, аленяў, якiя кожны дзень перабягалi яму дарогу, дзiкабраза пад дрэвам, скунса на ягонай сцежцы, лiсу i яе сляды на снезе, рысь, ваўка i рыжую вавёрку. Уся краiна стала яго ворагам, i ў смяротнай стомленасцi ён гатовы быў ненавiдзець яе да самага свайго канца.
А пасля ён ледзь не заплакаў ад роспачы, калi пачуў i ўбачыў блакiтны гiдраплан. Гiдраплан не быў падобны на малiнаўку, як самалёт Ласона, не, гата была цяжкая качка з непрыемным рыкаючым гукам, магутная машына, якая то апускалася зусiм нiзка, то ўзлятала ўгару, вышукваючы яго, таму ён iмкнуўся iсцi толькi праз лес, з марным спадзяваннем схавацца, марным таму, што для арыентацыi яму ўсё роўна даводзiлася выбiрацца на адкрытую мясцовасць. Яна лёгка знаходзiла яго i са свiстам кружылася над iм, але ўжо вечарэла, i Рой зноў хаваўся ў лесе i надоўга адрываўся, а ёй даводзiлася адлятаць на начлег яшчэ да наступлення цемры, i Рой выйграў яшчэ адзiн дзень для перамогi альбо паражэння.
- Ну вось, нарэшце i адолеў мяне прыяцель-iнспектар! - сумна ўсмiхнуўся Рой.
Ён пасмяяўся з прыяцеля-iнспектара i зрабiў тое, на што iнспектар нiколi не пайшоў бы. Калi сцямнела, Рой прадоўжыў свой шлях. Гэта была рызыка, на якую не пайшоў бы нiводзiн лесавiк. Iсцi па такой мясцовасцi ў цемры было небяспечна не толькi само па сабе (калi спатыкнешся, можна адразу сарвацца i зламаць сабе шыю), было небяспечна i тым, што мiжволi беручы ўлева, можна лёгка прыйсцi менавiта туды, дзе найбольшая пагроза. Гэта быў сляпы шлях без усялякiх арыенцiраў, напралом, праз усе хрыбты i нiзiны. Гэта быў шлях навобмацак, калi давяраеш толькi iнстынкту i компасу - гэтаму безнадзейнаму спалучэнню супярэчлiвых iмпульсаў. Рой так стамiўся за гэты начны пераход, што сон здаўся адзiным, чаго мог хацець чалавек. Ногi яго падкошвалiся, i ён дарагой цаной плацiў за сумнiўную перавагу адарвацца ад пагонi максiмум на пяць-шэсць мiль. Але зараз для яго гэта быў адзiны шанц, i ён iшоў i падаў у цемры, настойлiва iшоў на захад, усё яшчэ не асмельваючыся павярнуць на поўдзень, усё яшчэ чакаў снегу, якi павiнен жа быў калi-небудзь пайсцi.
Чатыры мiлi ён не змог адолець i, не прайшоўшы i трох, скiнуў сваю ношу на снег, выцягнуў з яе спальнiк i вырашыў, што ранiцай не ступiць i кроку. Хай прыходзiць iнспектар. Хай будзе што будзе. Памiтусiўся, i хопiць. Лёгка хацець прыстанiшча ў Сент-Элене, калi яно магчыма, але зараз гэта недасягальная мара. Занадта высокая цана за ганьбу, якая яго чакае. Не, хопiць! I ён дазволiў сабе вялiкую раскошу: больш не трэба будзе думаць пра Сент-Элен, сустракацца з Эндзi, не давядзецца пераносiць усё тое горкае i пакутлiвае, што падрыхтавана яму ў канцы гэтага шляху. Заўтра iнспектар можа з'явiцца i забраць яго; заўтра ён гатовы прыняць усё: цяжар жыцця, паражэнне, якое яго аблегчыць, i яго канец.
Апошнiм намаганнем ён расклаў спальнiк i, як толькi залез у яго, заснуў, неверагодна стомлены.
Раздзел пятнаццаты
Снег пайшоў пад ранiцу, калi Рой яшчэ спаў, i снег не разбудзiў яго. Снегам занясло спальнiк, яго выпрастаныя рукi, нават твар i ўсю галаву, а ён усё спаў, пакуль не развiднела. Тады ён расплюшчыў вочы i сеў.
- Iдзi, снег, iдзi! - закрычаў ён. I яшчэ раз, i яшчэ.
Ён строс снег з шапкi i ботаў, якiя паклаў пад галаву, абуў iх i быў гатовы ў дарогу. Яго кароткiя ногi гатовы былi таптаць снег, усё яго цела было гатова да пераходу, якi павiнен быў раз i назаўсёды адрэзаць яго ад пагонi. Ён не губляў часу на яду. Пажаваў кавалак смажанага зайца, закiнуў свой занесены снегам мех за спiну, высмаркаўся проста ў снег i адразу ж стаў на лыжы.
Рой ведаў, што яшчэ далёка не ўцёк ад небяспекi. Спаў ён доўга, i патрулi маглi быць у яго за спiною, дастаткова блiзка, каб выявiць яго сляды яшчэ да таго, як iх зацярушыць снег.
На першы хрыбет ён падымаўся вельмi асцярожна, заклапочаны тым, каб вызначыцца на мясцовасцi пасля сляпога начнога пераходу. Свае назiраннi ён рабiў пад прыкрыццём бярозавага зараснiку, i яго сэрца радавалася ад снежнай смугi, белага палатна на схiлах, радавала яго i нiзкае цяжкае неба, невыразны i засмужаны гарызонт.
- Ну, дзе ж вы, паляўнiчыя? - у захапленнi крыкнуў ён.
Яму хацелася крычаць iм: дзе вы-ы? Дзе дзеўся ўвесь ваш закон i парадак? Чатыры чалавекi i ўсе iх палявыя бiноклi i шыкоўны рыштунак i правiзiя - усё гэта зараз было непатрэбнае. Адзiнае, што магло яго знайсцi i загнаць, гэта самалёт, але ў такое надвор'е i гэта малаверагодна, у такое надвор'е ён мог не баяцца, што яго заўважаць - цi то з неба, цi то з зямлi. Сама добрае надвор'е для лiсы, казаў ён, i лiса схавае сляды.
Зараз ён дакладна ведаў, што яму рабiць. Ён павярнуў проста на ўсход, iдучы паралельна курсу, якога трымаўся да гэтага. Ён ведаў, што патрулi абшукаюць увесь раён, дзе згубяць яго след, але цi дадумаюцца яны вяртацца назад, каб лавiць яго ў сябе за спiной? Ён гэта ведаў i на гэта разлiчваў i працягваў заблытваць след, iдучы проста на ўсход, нават без намёку на паўднёвы напрамак. Ён iшоў так усю ранiцу, яго адноўленая энергiя грэбавала стомленасцю ног, лыжы былi нiбыта крылы на задубелых халодных нагах. Ён iшоў з максiмальнай хуткасцю да той пары, пакуль не адчуў, што яго надзейна абараняе снег - снегапад, якi ўсё мацнеў i заносiў яго сляды, як толькi з iх сыходзiлi лыжы. Зараз ён сапраўды спяшаўся, бо ведаў, куды iдзе, i хацеў скарыстаць усе шанцы. Ён iмкнуўся скарацiць дарогу, iшоў па адкрытай мясцовасцi, гэтаму спрыяла дрэнная бачнасць. Ён ведаў, што адарваўся ад праследвальнiкаў, i спакойна пайшоў нацянькi па замерзлым ручаi, разлiчваючы трапiць на возера i далей на карацейшую дарогу да далёкiх хрыбтоў Муск-о-гi. Шлях па ручаi быў круты, але гэта было толькi дадатковай праверкай яго майстэрства ездзiць на лыжах, адным з тых дробных выпрабаванняў, якiя толькi падбадзёрвалi яго. Цяжар меха прыгiнаў яго да зямлi, але ён не ўпаў i не пайшоў больш павольна.
Ручай ужо станавiўся шырокiм перад упадзеннем у возера, i па характары вусця ён бачыў, што вясной гэта паўнаводны, бурлiвы паток. Хоць гэта i павiнна было перасцерагчы яго, ён працягваў iсцi проста па ручаi ў возера. Занадта позна ён заўважыў палонку на водмелi, куды пад вуглом упадала другая замерзлая рэчка. У тое ж iмгненне ён адчуў, што лёд пад iм прагiнаецца. Калi лёд трэснуў, ён яшчэ спрабаваў збочыць, але зразумеў, што ўсё гэта дарэмна: лёд раскалоўся i праглынуў яго. З задушаным крыкам ён з размаху стукнуўся аб край лёду i адчуў, як холадам сцiснула галаву.
Апускаючыся на дно, ён зразумеў, што не выплыве, калi не здолее вызвалiцца ад мяха. З усiх сiл стараючыся дастаць нож, ён боўтаўся, адчуваючы, як ледзяная вада ахоплiвае ўсё яго цела, цесна абдымае неверагодным холадам. Дастаць нож не ўдавалася, не было часу. Ён выпусцiў з рук ружжо, i гэта быў зараз яго адзiны ўсвядомлены ўчынак, хоць ён i ведаў, якi гэта смяротны грэх. Смех сяброў-паляўнiчых гучаў у ягоных вушах, калi ён нарэшце прабiў галавой ледзяную плёнку i шумна выдыхнуў з лёгкiх паветра.
Ён трымаўся за лёд i разважаў, як яму вылезцi з вады з мехам на плячах i з лыжамi на нагах. Ахвяраваўшы ружжом, ён не хацеў ахвяраваць i пушнiнай. Марудзiць было небяспечна, але ён уважлiва даследаваў моц лёду. Затым павярнуўся да яго краю спiной, каб мех аказаўся на лёдзе, i вызвалiў рукi. Адштурхнуўшы мех далей ад палонкi, ён сам выкацiўся на лёд, быццам мокры цюлень на лыжах. Ляжаў на лёдзе i асцярожна падштурхоўваў перад сабой мех, так ён дабраўся да моцнага лёду. Тады ён дастаў сякеру i, пакiнуўшы мех на беразе, кiнуўся да блiжэйшых дрэваў. Яму было так холадна, што, здавалася, ногi вось-вось хруснуць i адломяцца. Усё цела бiлi дрыжыкi.
Васьмi такiх хвiлiн было дастаткова, каб забiць чалавека, i Рой ведаў, што бегчы далёка няма калi. Ён адразу прыкмецiў сярод дрэў лепшае палiва - стары дупляны корч, сухi i трухлявы. Ён захапiў на распалку сухi пiхтавы сук, знямелымi рукамi падцягнуў яго да карча, раскалоў i расшчапiў корч i запалiў пiхтавы сук васковай запалкай са сваёй воданепранiкальнай запалачнiцы. Пiхта загарэлася, смала ўспыхнула, пырснула ва ўсе бакi, i корч адразу ахапiла полымя. Рой стаяў блiзка да агню, зрываў сваё адзенне i адчуваў, як полымя лiжа яго твар. Калi абгарэў сук, полымя апала, але пачаў разгарацца корч, i Рой стаяў выцягнуўшы да яго рукi. Адна рука пацяплела, ён яшчэ пашчапаў ахоплены агнём корч i, калi агонь успыхнуў мацней, убачыў, што на руках гараць валасы. Цяпла ён амаль не адчуваў, але адчуў пах гарэлага мяса i тады зiрнуў на ногi, якiя былi амаль што ў агнi. Тлушч выступiў на скуры i сцякаў па лытках, станавiўся пухiрамi i шыпеў, як сала на ражне. Ён хуценька адступiўся i павярнуўся да агню спiной.
Ён ведаў, што скалечыў сабе ногi. Было недаравальным глупствам стаяць так блiзка ад агню, але вернутае цяпло было варта таго. Ён нагнуўся i пакачаў адзенне па снезе, каб выцiснуць з яго хоць крыху вiльгацi, а затым устаў i, стоячы голым на снезе, засмяяўся:
- Вось каб зiрнуў на мяне зараз iнспектар!
I дадаў, назiраючы за тым, як ад агню падымаецца струмень дыму:
- Эх, iнспектар, iнспектар!
Iнспектар i яго патрульныя, верагодна, заўважаць гэты дым, i Рой ведаў, што зноў страчана яго перавага. Ён не мог спяшацца, бо яму патрэбен быў час, каб пацяплела цела i адзенне. Ён разлiчыў, што на гэта спатрэбiцца рэштка дня i ўся ноч, але выходзiць трэба вельмi рана.
Пакуль яшчэ было светла, ён галяком зрабiў некалькi кароткiх адлучак, каб набраць палiва i падцягнудь мех. Вада не трапiла ўнутр меха, i там знайшлiся сухiя шкарпэткi, сухi быў i спальнiк. Ён залез у яго, уладкаваўся каля самага агню i спаў прыхваткамi, часта прачынаўся, каб падкiнуць дроў у агонь.
Яшчэ да свiтання ён выбраўся ў дарогу. Па мяккiм снезе iшоў настойлiва, але павольна. Цяжкi шлях, хмурны, марудны i цяжкi. Снег перастаў, i патрулям было лёгка высачыць яго ад месца начлегу, але ён упарта i панура цягнуўся да блiжняй хацiны ў Муск-о-гi. Калi ён можа iсцi, нягледзячы на абадраныя, пакрытыя пухiрамi ногi, здубянелае цела, усё большы голад i знясiленне, тады ён усё ж выжыве. Зараз яго мала непакоiла, зловяць яго патрулi цi не. Яму былi патрэбны цяпло i сховiшча. Яму патрэбна было чалавечае жытло, каб схавацца ад суровай раз'юшанай прыроды.
Раздзел шаснаццаты
Ён ужо амаль трацiў прытомнасць ад слабасцi, i ў яго з'явiлася думка, што прыйшоў канец, як раптам ён убачыў на сцежцы Iндзейца Боба. З'яўленне iндзейца яго ўразiла, як уразiла б усё знаёмае, бо ўвесь свет нiбыта адышоў ад яго пасля трох дзён напаўмеханiчнага слiзгання па снезе i прытоптвання снегу. Свядомасць была амаль што выцеснена пакутлiвай аднастайнасцю гэтага вымушанага прасоўвання наперад крок за крокам, дзень за днём. Але з'яўленне на сцежцы Iндзейца Боба было такiм рэальным, што прывяло да вяртання i iншых рэальнасцей, у тым лiку i ўласнага знясiлення i адчаю. Калi ён паспрабаваў спынiць свае апухлыя вочы на высокай фiгуры iндзейца, дык ледзь не ўпаў.
- Я i думаў, што гэта ты, - сказаў яму Боб.
Рой ледзьве пачуў яго словы.
- Хэло, Боб! - сказаў ён i захiстаўся на сваiх лыжах. Мех прыцiскаў яго да зямлi i разломваў яму спiну.
Боб не быў упэўнены, што Рой не п'яны. У Роя быў выгляд сапраўды п'янага.
- Што з табой, Рой? - спытаў Боб. - Табе дрэнна?
- Так, Боб. Так, так, дрэнна. Правалiўся пад лёд. Некалькi дзён таму. А цi далёка да хацiны на Чатырох Азёрах?
- Некалькi мiль, - сказаў Боб i падняў мех Роя. - Вызваляй рукi, - сказаў ён, - i iдзi за мной.
Рой паслухаўся, i, калi груз быў зняты з плячэй, яму стала яшчэ цяжэй трымацца на нагах. Зараз у гэтым амаль не было сэнсу.
- Пайшлi, Рой, - прапанаваў Боб. - Не адставай!
- Iдзi, - сказаў ён Бобу. - Iдзi, а то я ўпаду i памру.
Iндзеец узвалiў на свае плечы яго вялiзны мех i пачаў пракладваць сцежку, спачатку павольна, але затым прыспешчваючы крок. Калi Рой падаў, Боб не падымаў яго, а толькi чакаў, каб ён сам устаў, ведаючы, што сама нязначная дапамога можа даканаць Роя. Рой i сам добра ведаў гэта, але ўсё адно сварыўся, што Боб не дапамагае яму, i даходзiў да шаленства, што той не звяртае ўвагi на яго сварку.
Боб вёў яго сама лёгкiм шляхам, якi быў i сама доўгiм, але Рой валокся амаль механiчна, нiбыта яго прыцягваў магнiт. Ён зноў страцiў усялякае адчуванне рэальнасцi, яго абуджалi толькi пакутлiвыя спускi на лыжах. Ён бачыў перад сабой дзве доўгiя нагi ў руху, i яны вялi яго ўжо за межамi ўсялякай вынослiвасцi. Калi ногi, нарэшце, спынiлiся, перад iмi ўзнiклi абрысы ягонай хацiны на Чатырох Азёрах. У яго яшчэ хапiла сiлы скiнуць з ног лыжы i перакулiцца цераз парог, але калi ён бразнуўся на бярозавы ложак, апошнi атам яго энергii быў зрасходаваны i ён адразу правалiўся ў глыбокi сон.
Рой заўсёды жыў у свеце рэальнага, i пячатка падсвядомага не пакiнула на iм свайго кляйма. Але гэтай ноччу падсвядомасць, нiбыта наганяючы страчаны час, адразу паквiталася з выразнасцю яго думак. Рэальныя падзеi апошнiх дзён i нерэальны свет кашмараў сплялiся ў адзiн балючы клубок. Цудоўная рэальнасць свету, гуку i дотыку пакiнула яго i саступiла месца чорным, пакутлiвым вобразам зямлi, якая расколвалася, курчылася, вырывалася з-пад яго ног. Яшчэ больш дзiўнымi былi вобразы людзей, якiя вырасталi ў дрэвы, у звяроў, у горы. Роя яны мучылi i прыгняталi, а затым адна вялiзная гара, якая вырасла пад самае неба i выцягнула наперад скалiстую руку, аглушыла яго ледзяной дубiнай. Наносячы ўдар, гара раптам ператварылася ў Эндзi, i з адчуваннем цяжкай рукi Эндзi ён прачнуўся.
- Так, значыць, паляўнiчы вярнуўся дамоў, - пачуў ён.
- Скоцi! - Рой яшчэ нiколi так не радаваўся чалавечаму голасу.
- Ага, ён!
Рой адчуваў, як яго рот распаўзаецца ва ўсмешцы.
- Калi ты ўстанеш, - сказаў Скоцi, - я маю, чым цябе пачаставаць. Здаецца, ты згаладаў.
Рой сеў i ўбачыў, што на яго пазiраюць Скоцi, Самсон i Iндзеец Боб. Засмяяцца ён не мог, бо распухлi губы i язык. I ён толькi ўсiхнуўся, адчуваючы цяпло хацiны ля Чатырох Азёр. Зараз ён усё разумеў. Мiжволi ён азiрнуўся: дзе ж Эндзi? Але Эндзi тут не было.
- Прывiтанне цёплай кампанii, - сказаў ён.
- Мы з Самсонам прыйшлi ўчора вечарам, - растлумачыў яму Скоцi. - Трэба было зрабiць апошнi абход тваiх бабровых пастак, перш чым здымаць iх.
- Здымаць? А мо яшчэ рана?
- Ведаеш, запахла смажаным, Рой, - сказаў Самсон. - З той пары, як ты пайшоў, сюды зазiралi розныя людзi.
- Iнспектар? - спытаў Рой.
- Не. Яго i духу не чуваць.
Рой цяжка ўздыхнуў.
- Ён гнаўся за мной. Хiба ты не заўважыў учора, што за мною гналiся? спытаў ён у Iндзейца Боба.
- Я нiкога не бачыў, Рой, - адказаў Боб. - I нiкога не шукаў. Я не ведаў, што ты быў у заказнiку, мне Скоцi сказаў пра гэта толькi ўчора вечарам.
- А дзе мая пушнiна?
- Мы схавалi яе на дрэве, Рой.
Рой устаў, i ўсе падумалi, што ён адразу ж упадзе, але ён утрымаўся i падышоў да печкi. Толькi зараз ён адчуў, нарэшце, боль усiх сваiх ран i ўсяго спакутаванага цела, крывавыя пухiры на лытках, сцёртыя ступнi, ламату ў грудзях i ў нагах. I тым не менш увесь свет нiбыта накладваў на яго гаючую павязку, усё навокал было жывое, гарачае, i як доказ гэтага побач быў Скоцi.
- А як наконт яды? - спытаў ён у Скоцi.
Ён ведаў, што пасля яму будзе дрэнна, але еў прапанаваныя яму Скоцi яечню з салам i бульбу, еў з прагнасцю згаладалага чалавека. Падчас яды ён расказваў iм пра заказнiк, пра свой сыход i пагоню, аж да таго моманту, як сустрэў Iндзейца Боба.
- Ты перакананы, што нiхто мяне не пiльнаваў? - зноў спытаў ён у Боба.
- Я нiкога не бачыў, - паўтарыў Боб, i яго чорныя сумныя вочы на iмгненне ажывiлiся. - Яны, вiдаць, згубiлi цябе ля таго возера, дзе ты правалiўся.
- Магчыма, - сказаў Рой, - але мне здавалася, што яны iдуць за мною, - ён памацаў сухую скуру свайго зарослага твару, яна была брудная i пачырванелая. А як паляванне ў вас? - спытаў ён.
- Паляванне? - перапытаў Скоцi. - Можна лiчыць, што нiяк. На гэты раз ты меў рацыю, Рой. Звера няма, прапаў, быццам i не было. За шэсць тыдняў я не бачыў нiводнай норкi, а Боб у пагонi за дзiчынай зайшоў вунь куды. Нават аленi знiклi. Знiкла ўсё, акрамя зайца i лiсы. Нам з Самсонам не сабраць i авансу на будучы год, калi б не дадатковы ўлоў з твайго ўчастка.
- А як ты, Боб? - спытаў Рой.
- Пушнiны няма, Рой. Нiчога, толькi крыху маладых баброў i выпадковыя норкi. Гэта не паляванне. - Нiколi яшчэ твар iндзейца не быў гэткiм празрыстым i з такой злавеснай чырванню. Здавалася, нават у ягоных вачах была смерць, i Рою стала нiякавата, гледзячы на яго. - Няма пушнiны, няма, - сказаў iндзеец.
Рой зноў прысеў на ложак, ведаючы, што ён зараз скажа, i ўсё адно баючыся пачаць.
- Вы бачылi, колькi я прынёс пушнiны? - спытаў ён.
- Вядома, - адказалi яны.
- Вось вам трэба падзялiць яе са мной, - сказаў ён.
- Навошта? - спытаў Скоцi.
- Там больш, чым патрэбна мне, - сказаў Рой.
Яны нiчога не сказалi. Рой пазiраў то на аднаго, то на другога.
Скоцi павольна пакруцiў галавой.
- Навошта табе дарыць нам пушнiну? - сказаў ён. - Мяркуючы па тваiм выглядзе, яна дасталася табе вельмi нялёгка. Пушнiна твая. Яна табе яшчэ спатрэбiцца.
- Не ўся, - запратэставаў Рой.
- Уся, да адзiнай скуркi! - адрэзаў Скоцi.
- Паслухай, Скоцi, - сказаў Рой. - Не давай ты волi над сабой твайму закону i парадку. Так, яна з заказнiка, але ж пра гэта нiхто не ведае.
Скоцi пакрыўдзiўся.
- Мяне не гэта хвалюе, Рой.
Рой зразумеў, што сказаў не так, але яму трэба было сказаць iм гэта. Ён хацеў аддаць iм пушнiну, але не мог растлумачыць, што аддае iм iхнюю законную долю за тое, што яны жывыя людзi, за тое, што яны яго сябры, за тое, што яны зараз побач з iм. Права на долю здабычы ў заказнiку давала iм само iх iснаванне, але ён не спадзяваўся растлумачыць iм гэта, бо i сам добра не разумеў гэтага. Ён ведаў толькi, што павiнен прымусiць iх узяць пушнiну, i ён угаворваў iх i паасобку, i ўсiх разам, але нiводзiн з iх не згадзiўся.
- Навошта нам браць чужую пушнiну? - спытаў Самсон.
- Дык яна зусiм не чужая, - сказаў Рой.
- А чыя ж?
- У нейкiм сэнсе яна ваша, як i мая.
Скоцi засмяяўся.
- Няма чаго раскiдвацца сваiм дабром, Рой, - сказаў ён.
- Боб! - звярнуўся Рой да iндзейца.
- Пушнiна твая, - сказаў Боб i амаль усмiхнуўся, рэдкi выпадак: прывiд з адзнакай жыцця.
Рой ведаў, што яны адмаўляюцца з тым жа глыбокiм пачуццём павагi, з якiм ён прапануе. Аднак быў момант, калi яму здалося, што Скоцi не хоча браць таму, што ўзяць яе было б несумленна, а Iндзеец Боб таму, што гэта было небяспечна. Але думка гэтая адразу ж знiкла - ён надта добра ведаў гэтых людзей. Пасля ён абвiнавацiў самога сябе, што гэтым падарункам ён iмкнецца частку адказнасцi за браканьерства ў заказнiку перакласцi на iх, але пазней ён адпрэчыў i гэта, бо i зараз ён не адчуваў пакут сумлення. Паляванне ў заказнiку навучыла яго баяцца адзiноты i самазнiшчэння, i закон не меў да гэтага нiякiх адносiн. Затым ён зразумеў, што прапанаваў сваiм сябрам частку самога сябе. Тая ўзаемная павага, якая рабiла неабходным гэты ўчынак, рабiла непазбежным iх адмаўленне, i, радуючыся гэтаму, ён не настойваў.
- А як ты думаеш, што сталася з Сахатым i Зелам? - спытаў у яго Самсон.
- Яны ўзялi курс на Паўночны полюс, - адказаў Рой.
- Ну i пагулялi вы там уволю, - працягваў Самсон. - Шкада, што я не пайшоў з вамi.
Рой хацеў адказаць шчыра, хоць на хвiлiну быць з iмi шчырым. На яго твары можна было прачытаць гэтую праўду, i Скоцi з Бобам прачыталi яе, але Рой толькi ўсмiхнуўся Самсону.
- Праўда? - сказаў ён. - Адзiн раз за год я думаў наведвацца туды для адпачынку. Наступным разам пойдзем са мною, Самсон. Там якраз патрэбен такi чалавек, як ты. Усе звяры там толькi i чакаюць, каб аддаць табе свае скуры.
- Праўда? Гэта мяне задавальняе, - важна адказаў Самсон.
- Мы з табой супраць усяго свету, - падхапiў Рой.
- I супраць iнспектара, - нагадаў Скоцi.
Рой рассмяяўся, як бывала раней, i са шчаслiвым стогнам павалiўся на ложак.
- Ваша вялiкасць, Скоцi Малькольм! - сказаў ён. Так ён ляжаў, маючы асалоду, пакуль яго не напалохала мiнулае. - Калi iспектар усё яшчэ на маiм следзе, - сказаў ён, - мне лепш сысцi на возера Т i прыкiнуцца прыкладным траперам.
- Сёння ты нiкуды не пойдзеш, - сказаў яму Скоцi.
- Табе будзе дрэнна, Рой, - сказаў Боб.
- Ведаю, - адказаў Рой. - Толькi я ўсё адно пайду.
Яны так i не пераканалi яго, паказалi, дзе схавана пушнiна, i прыбралi ў хацiне, пакуль ён адпачываў. Калi яны скончылi, ён апрануў сваю брызентавую куртку i выйшаў.
Самсон спытаў:
- А дзе тваё ружжо, Рой?
- Згубiў! - сказаў Рой.
- А вохцi мне, ён утапiў ружжо ў тым возеры! - загукаў Самсон. - Ён згубiў ружжо!
- Даводзiлася выбiраць: ружжо альбо жыццё, - спрабаваў абараняцца знiякавелы Рой.
Яны засмяялiся, Скоцi i Самсон рагаталi аглушальна, а Iндзеец Боб даволi абыякава назiраў, як белыя людзi разыгрываюць сваю звыклую гульню ў адносныя каштоўнасцi.
- Ну як? Задаволены? - сказаў Рой. - Пайшлi!
Яны развiталiся каля хацiны; Скоцi павёў Роя проста на возера Т, Iндзеец Боб зноў пайшоў на паляванне, а Самсон накiраваўся на захад, да Лiтл-Рывера. Ён пайшоў з хацiны апошнiм i, праводзячы доўгiм позiркам камлюкаваты сiлуэт Роя, не мог стрымаць захаплення, якое межавала з зайздрасцю.
Каб дабрацца да хацiны на возеры Т, Рою i Скоцi спатрэбiлася ўся рэштка дня, i па дарозе Рою, як ён i чакаў, стала блага. Але калi апынуўся ў хацiне, глядзеў на фантан полымя ў печцы, дзе Скоцi рыхтаваў вячэру, Рой адчуваў, што да яго вяртаецца ранейшая сiла. Кожны гук i пах былi для яго гаючым бальзамам, i не было рэчы ў хацiне, якая нездавалася б яму новай i свежай.
- А ў тваю адсутнасць да цябе прыходзiў госць, - сказаў яму Скоцi.
- Мядзведзь з лесу?
- Не зусiм, - запярэчыў Скоцi. - Прыходзiў Эндзi Эндрус, каб убачыць цябе.
- Убачыць мяне?
- Ага.
- А ён не сказаў, чаго хацеў?
Скоцi пакруцiў галавой.
- Сказаў, што зайшоў па дарозе.
- А чаго?
- Не ведаю, Рой. Ён мала гаварыў.
Рою стала лягчэй. Ён доўга моўчкi слухаў, як боўтаюць у кацялок кавалкi бульбы, якую рэзаў Скоцi. Ён ведаў, што Скоцi нiколi не скажа яму, цi гаварыў Эндзi пра Джынi.
- Як ён? Джэк кажа, што патаўсцеў.
- На казённым хлебе. Быў у армii, - сказаў Скоцi.
- Сказаў, што робiць у Сент-Элене?
- Не. Ён наогул гаварыў мала. Яны з Самсонам у той жа вечар напiлiся.
Раней Скоцi любiў Эндзi, як i ўсе яны, але было зразумела, што зараз ён Эндзi не любiць. Рой задумаўся - чаму. I зноў спытаўся ў сябе: а як ён сам адносiцца да Эндзi. Ён ведаў Эндзi такiм, якiм ён быў дванаццаць гадоў таму, i такога чалавека ён не мог не любiць. Але зараз да яго пачуццяў дамешвалася непрыязнасць. Ён усё больш востра адчуваў, што Эндзi не павiнен быў вяртацца ў Сент-Элен. Рой быў яшчэ занадта слабы i не мог выявiць свае сапраўдныя адносiны да Эндруса, але адно было для яго зразумела: ён не стрывае, каб яго ў нечым абвiнавацiлi. Няхай Эндзi сярдуе, хай скарыстае сiлу - гэта яго справа; але любая яго спроба зняважыць Джынi i самога Роя выклiча толькi адпор, гэта ён ведаў дакладна.
- Ведаеш, - задумлiва гаварыў Скоцi. - У нечым Эндзi падобны да Мэрэя. Хоць ён i служыў у армii, але, гледзячы на яго, адразу пазнаеш у iм валацугу. Яму на ўсiх i на ўсё напляваць. Такi тлусты, абыякавы да ўсяго сяржант, да таго ж валацуга.
- I хай бы заставаўся ў армii! - сказаў Рой, знаходзячы iмгненна палёгку ў сваёй незадаволенасцi, але яшчэ больш перакананы, што Эндзi шукае з iм сваркi.
Гэтага Рой ужо не баяўся, але ў думках справiўшыся з Эндзi, ён выявiў, што ў яго ёсць i iншыя, больш страшныя сумненнi. У заказнiку Рой нi разу не сумняваўся ў Джынi таму, што нiяк не мог уявiць сабе нейкiя адносiны памiж ёй i Эндрусам. Калi ён уяўляў сабе яе, дык яе воблiк звязваўся для яго толькi з iм самiм. Гэтую iлюзiю ён прынёс з сабой з заказнiка. Зараз, аднак, усё змянiлася. Так блiзка ад дому i падобна на рэальнасць, ён пачаў думаць пра саму Джынi, i гэта прынясло яму новыя пакуты, новыя пытаннi: як яна ўспрыняла вяртанне Эндзi, цi задаволена гэтым так, як была задаволена дванаццаць гадоў таму? За ўсе гэтыя дванаццаць гадоў яна нi разу не сказала дрэннага слова пра Эндзi, нi разу не крыўдавала на яго за знiкненне i, што важней, нiколi не была пастаўлена перад неабходнасцю выбiраць памiж iмi. Дык што ж яна адчувае зараз? Цi мог Эндзi так проста ўвайсцi ў дзверы яе кухнi i замянiць сабой сезоннага, паўпрывiднага госця - яго, Роя? Рою не хацелася верыць у гэта, але ён ведаў, што не выключана i такая магчымасць. Эндзi вярнуўся, вось, магчыма, i ўсё, што зараз азначае для яго Джынi.
- А пра Сэма ён што-небудзь казаў?' - спытаў Рой, ускладваючы апошнюю надзею на брата. Калi Сэм трымаецца моцна, мо ўсё астатняе не мае значэння, бо Рой вырашыў, што ён не прападзе, калi ацалее брат i яго дом. Каб толькi Сэм быў яшчэ тут.
- Са слоў Эндзi я зразумеў, што Сэм яшчэ не фермер, - сказаў Скоцi.
- А як даўно гэта было?
- З месяц таму.
- За месяц шмат што можа здарыцца, - панура сказаў Рой.
- Калi ты думаеш схадзiць у горад? - спытаў Скоцi.
Рою i самому хацелася задаць сабе гэтае пытанне.
- Мне здаецца, я лепш пачакаю i разбяруся ва ўсiм, - сказаў ён. - Трэба нарасцiць крыху мяса i разабраць скуркi, каб лягчэй было з iмi справiцца. Зараз, калi Джынi была недасягальнай, ён ужо думаў пра тое, як яму самому ўладкоўваць сваю незаконную пушнiну. - Вiдаць, праз тыдзень-другi збяруся, калi тым часам не з'явiцца прыяцель-iнспектар.
- А ён ведаў, за кiм гонiцца?
Рой пацiснуў плячыма.
- Хутка ўсё высветлiцца, - ён сеў за стол i ўсё яшчэ адчуваў ненатолены голад. - Калi iнспектар падазрае, што гнаўся за мной, яму трэба гэта яшчэ даказаць. Я больш нiкуды не пабягу.
Iнспектар не паказваўся, але Рой сядзеў у сваёй хацiне на возеры Т яшчэ доўга пасля таго, як сiла яго аднавiлася i ўся пушнiна была рассартавана. Хацiна была адзiнай надзейнай апорай яго жыцця. Здавался немагчымым пакiнуць яе дзеля злавесных сюрпрызаў Сент-Элена, дзеля клубка складанасцей, у якi ўплялiся i iнспектар, i Сэм, i Джын Эндрус. Увесь тыдзень ён з дня ў дзень збiраўся схадзiць у Сент-Элен, але кожны раз выгляд хацiны i возера спыняў яго. Ён ведаў, што так цi iнакш, але гэта яго апошнiя днi ў апошняй хацiне Муск-о-гi, i гэта здавалася яму пераканаўчым довадам, каб не спяшацца. Ён больш не гадаў, што чакае яго ў Сент-Элене. У галаве былi толькi хацiны i ўчастак, нiбыта яны ўтрымлiвалi ключ да ўсiх рашэнняў. Калi iнспектар мае хоць нейкiя ўлiкi супраць яго, тады ўчастак адбяруць. Але калi iнспектар i не адбярэ яго, усё адно гэтай паляўнiчай мясцiне прыйшоў канец, а з ёю канец i яму, як прыйшоў канец i Скоцi, i Самсону, i Iндзейцу Бобу. Ён ведаў гэта, i ведаў ужо даўно, але адна справа ведаць, другая - глядзець у твар раптоўнай бядзе. Калi ў Сент-Элене чакала яго вырашэнне гэтага пытання, дык там жа чакала яго шмат iншых рашэнняў, таму, стамiўшыся ад чакання, ён, нарэшце, закiнуў за плечы свой мех i ў апошнi раз выправiўся ў дарогу па возеры Т, пакуль яшчэ цяпло не зрабiла лёд ненадзейным.
Раздзел семнаццаты
Калi ён па звычцы асцярожна абмiнуў далёкiя фермы, Сент-Элен сустрэў яго поўнай цемрай: нi агеньчыка яму насустрач, i з вялiкай гранiтнай скалы ён мог толькi ўяўляць сонны горад. Нiдзе нiкога, i нiадкуль нiякага гуку. Хоць Рой вельмi дасканала прадумаў сваё начное вяртанне, яно яго не радавала. Нават iнспектар - i той адолеў яго, прымусiў iсцi крадком, як злодзея, i груз на яго плячах наўрад цi быў варты той ганьбы, якой за яго заплачана.
Падыходзячы да фермы, ён верыў, што знойдзе там Сэма. Усё было знаёма нават у цемры. Свiран, вяндлярня, дзiўныя сiлуэты конных грабляў i плугоў, месiва ўжо расталага снегу - усё было ранейшым, ранейшым павiнен быць i гаспадар. Сэм мусiў быць тут, i Рой без роздуму пераступiў парог кухнi i цiха падняўся ў свой пакой.
Ён вобмацкам знайшоў лямпу там, дзе ёй i належала быць, i ўздыхнуў з палёгкай. Затым запалiў запалку, паднёс яе да кнота i, падняўшы лямпу, агледзеўся.
На iмгненне святло асляпiла яго, але затым тое, што ён убачыў, аглушыла яго як абухом па галаве. На яго ложку спалi дзецi, акрамя таго, у пакоi былi яшчэ два ложкi i на iх iншыя дзецi, амаль падлеткi. Нейкi хлопчык спалохана выскачыў з-пад коўдры, i Рой, якi спадзяваўся ўбачыць знаёмы твар, быў расчараваны.
- Не крычы, - сказаў Рой хлопчыку. - Я не ведаў, што вы тут. Я не ведаў, што Сэм з'ехаў. Толькi не крычы.
Хлопчык не закрычаў, але нехта з дзяцей ускрыкнуў, i Рой не ведаў, што яму рабiць. Калi той ускрыкнуў яшчэ раз, Рой паставiў лямпу на месца, патушыў i выйшаў. Поцемкам ён кулём скацiўся ўнiз па лесвiцы i ледзь не згубiў свой мех, якi зачапiўся ў кухонных дзвярах, а за яго спiной у хаце пачулiся крыкi i пачалася мiтусня. Ён iшоў, пакуль не апынуўся на сорак чацвёртай расчыстцы, блiзка ад старой хаты Мак-Нэйраў, дзе жыла Джын Эндрус. Тут ён спынiўся. Яго вабiлi толькi дзве мясцiны, i ён не ведаў, якую выбраць, не ведаў, куды яму пайсцi, i яшчэ да канца не ўсведамляў бяды, якая яго спасцiгла.
Пасля ў яго свядомасцi застаўся толькi Джэк Бэртан.
Iдучы па полi i па каленi правальваючыся ў снежную кашу, ён спрабаваў вызначыць сiлу нанесенага яму Сэмам удару. Ён спрабаваў распалiць у сабе злосць i як мага больш рэзка ацанiць дэзерцiрства брата, яму патрабавалiся гнеў i злосць, каб усвядомiць гэта як рэальнасць. Але як нi стараўся, не было нi гневу, нi болю. Была толькi слабасць у каленях i млоснасць. Сэм не пакiнуў яму нiчога, нават адчування спагады да самога сябе.
Ля хаты Джэка ён не адразу адважыўся крыкнуць, але пасля начная адзiнота пераважыла яго хiстаннi.
- Джэк! - закрычаў ён. - Ты тут, Джэк?
Яму давялося паклiкаць Джэка некалькi разоў, перш чым нехта адказаў. Нарэшце ў акне з'явiлася мiсiс Бэртан i спытала, хто крычыць.
- Гэта Рой Мак-Нэйр, мiсiс Бэртан. Джэк дома?
Мiсiс Бэртан зрабiла яму знак праз двайное шкло, каб ён заходзiў. Ён вобмацкам зайшоў у цёмную кухню i чакаў, што нехта спусцiцца да яго; i зноў з'явiлася мiсiс Бэртан. У старым палiто на плячах, яна трымала ў руках газавую лямпу. Яна спынiлася на верхняй прыступцы лесвiцы, i Рой зразумеў, што яна баiцца спусцiцца, вiдаць, думае, што ён п'яны.
- Дзе Джэк, мiсiс Бэртан? - спытаў Рой.
- Ён пайшоў з рамонтнай камандай, - сказала яна.
- Яго няма?
- Яны каля Марлоў, ачышчаюць канавы, каб не затапiла дарогу, растлумачыла яна.
- Я толькi што вярнуўся ў горад, - сказаў Рой. - У нашай хаце нехта чужы. Цi можна мне пераначаваць у вас на кухнi?
- Там няма на што легчы, Рой, - сказала яна. - Вы можаце ўладкавацца ў другiм пакоi. Там ёсць канапа.
- Дзякуй вам, мiсiс Бэртан, - сказаў Рой i, пазiраючы ўгору на гэтую сцiплую цяжарную жанчыну, востра адчуў, што нават i ў гэтай хаце для яго няма нiчога: няма апiрышча ў здаровай упартасцi фермера Джэка. Джэк яму быў вельмi патрэбны зараз, i Рой засердаваў, што яго няма. - Вы iдзiце спаць, - сказаў ён мiсiс Бэртан. - Мне нiчога не трэба.
Яна сказала, што на канапе ёсць ватная коўдра i падушкi, i спытала, цi не дастаць яму яшчэ адну коўдру.
- Не. Iдзiце спаць, - стомлена паўтарыў ён. - Мне нiчога не трэба.
Ён адразу ж заснуў, i змарыла яго не проста стома, а гора. Ранiцай ён склаў коўдру i пайшоў, калi яшчэ ўсе спалi. Яму не хацелася сустракацца з мiсiс Бэртан альбо з кiм-небудзь з яе пяцi дзяцей, якiя не стрымлiвалiся ў праяўленнi сваiх пачуццяў. Акрамя таго, яму трэба было схаваць у надзейным месцы сваю пушнiну; ён пайшоў у хлеў i ў цёмным кутку падцягнуў яе пад самую страху, скарыстаўшы вяроўку i блок, якiмi Джэк падымаў туды летам свiныя скуры.
Было яшчэ рана, i Рой пайшоў па полi да дарогi, так i не ведаючы, куды яму зараз iсцi. Сент-Элен быў для яго чужым горадам, пустым горадам, нават варожым горадам. Ён баяўся яго, зараз ён баяўся ўсяго; дэзерцiрства Сэма пазбавiла яго ўсялякай мужнасцi. Ён глядзеў на блiскучыя мокрыя валуны, што ўжо вылазiлi з-пад снегу, назiраў за першымi чародкамi шпакоў, за вераб'ямi, якiя мiтусiлiся па полi. Ён прайшоў мiма пратэстанцкай царквы, голага ашаляванага зруба; Джэк назваў гэта сама нягеглым збудаваннем ва ўсiм Сент-Элене. Зараз i ўвесь горад быў пануры. Ён стаяў мокры, панылы гэтым перадвясеннiм часам, i вада, якая збiралася з лесу i пагоркаў, была такая актыўная, што гатова была змыць яго дарэшты.
- Хэло, Рой! - паклiкаў яго нехта з грузавiка, што ехаў па дарозе.
Рой памахаў рукой.
- Вас падвезцi?
Рой не помнiў гэтага юнака. Мо малады Джонсан, альбо старэйшы сын Лэкстана, альбо нехта iншы з гарадской моладзi. Рой не пазнаваў яго.
- Не, - сказаў ён. - Мне недалёка.
Грузавiк паехаў, а Рой усё iшоў па дарозе, не ведаючы куды. Калi выйшаў за межы горада, ён трапiў на чорную бясконцую стужку шашы. Гэтая бясконцасць дарогi цягнула яго за сабой. Ён адчуў спакусу - iсцi, iсцi ўсё наперад i наперад, пакiдаючы тут усе цяжкасцi. Ён ведаў, што гэта прыкладна тое ж, што дванаццаць гадоў таму зрабiў Эндзi Эндрус: стаў на дарогу i пайшоў куды вочы глядзелi. А чаму i не? Рой усё iшоў, але ведаў, што iдзе нiкуды. Ён iшоў па дарозе, бо яму не было больш чаго рабiць, а калi сонца ўзышло i дарога стала дымiцца, ён павярнуўся i пайшоў назад у Сент-Элен.
Было толькi адно месца, дзе ён мог з'явiцца, i ён пайшоў туды. Апоўднi Рой быў ужо такi п'яны, што не мог вылезцi з кутка бара. Ён разлёгся на ўвесь рост на палiцы з надпiсам: "Мука i бабовыя", - часам стагнаў, як ад зубнога болю, але часцей смяяўся над карцiнай на сцяне ў яго ў нагах, дзе быў намаляваны Сент-Элен. Карцiна была адной з рэклам Дзюкэна, дакладней, плакатам, якi заклiкаў да вольнага жыцця на прыродзе, усхваляў лясную рамантыку iхняга канадскага горада. Рой не мог зразумець сапраўдны сэнс карцiны, але агульнае ўражанне ў яго было, i галава паслужлiва дапаўняла дэталi, якiх не хапала.
- Моцна трымаецца за сваё, - паўтарыў ён. - Моцна трымаецца стары гарадок.
- Чаму ты не iдзеш дамоў? - пытаў у яго амерыканец Клем ужо ў другой палове дня. - Iдзi, Рой. Iдзi дамоў.
- У мяне няма дома, - адказаў Рой. - Няма ў мяне хаты.
- Дык iдзi да Джэка Бэртана.
- Джэк пайшоў! - закрычаў ён. - Джэк пайшоў ратаваць горад ад паводкi.
Амерыканец адчапiўся, i Рой усю ноч праспаў на палiцы. Ён прачнуўся толькi раз, разбуджаны непераадольнай патрэбай зараз жа ўстаць i iсцi да старой хаты Мак-Нэйраў, аднак нейкая iнстынктыўная абачлiвасць затрымала яго.
Ранкам Скоцi i Самсон знайшлi яго там: ягоны твар быў шэры, вочы чырвоныя. Ён сядзеў ля дзвярэй на кукiшках, падставiўшы галаву пад промнi яркага сакавiцкага сонца.
- Вось дзе ён, наш знакамiты звералоў! - сказаў Самсон.
- Мы шукалi цябе, - сказаў Скоцi. - Калi ты прыйшоў у горад?
Рой хацеў узяць сваю шапку, каб засланiць вочы, якiя ён падняў на Скоцi. Шапкi не было.
- Я вярнуўся нядаўна, - сказаў ён.
- Ну што ж, якраз своечасова, - сказаў Скоцi, стройны i чысценькi, у гарадскiм пiнжаку i свежаадпрасаваных габардзiнавых штанах. - Нас усiх склiкае iнспектар.
- Каго склiкае? - спытаў Рой i, нарэшце, устаў.
- Усю кампанiю, - патлумачыў Самсон. Ён таксама прыбраўся, барада i валасы былi падпраўлены, i ён стаяў выпрастаны на ўвесь свой вялiзны рост, i яго чырванашчокi здаровы твар ажно свяцiўся. - Гэты iнспектар рыхтуе нам нейкую брыдоту.
- Прыяцель-iнспектар! - сказаў Рой i насупiўся. - Не хачу бачыць iнспектара! Прыяцеля-iнспектара! - крычаў ён. - Прыяцель-iнспектар!
- Пайшлi, Рой. Калi ты не прыйдзеш, ён можа нешта западозрыць.
- Што ён хоча? - спытаў Рой.
- Не ведаю, - сказаў Скоцi, - ён выклiкаў сёння ўсiх трапераў Муск-о-гi. Нешта рыхтуецца. Так што табе лепш прыйсцi самому i паглядзець. Якi сэнс хавацца?
Рой узрадаваўся хоць нейкай пэўнасцi, нейкаму завяршэнню.
- Дзе мая шапка? - сказаў ён. - Дзе яна, Самсон?
Самсон знайшоў яе ў бары i нацягнуў Рою на галаву. Iшлi моўчкi. Рою не было што гаварыць, Скоцi быў надта засмучаны выглядам Роя i яго бедамi. Час ад часу Самсон пазiраў на Скоцi, круцiў галавой i некалькi разоў падтрымлiваў Роя, калi той спатыкаўся. Не даходзячы да канторы iнспектара, Рой спынiўся ля снежнай гурбы i пацёр мокрым снегам твар i рэдкiя валасы, вочы, шыю. Ён выцер твар шапкаю, высмаркаўся проста ў снег, ачысцiў з каленяў гразь, але, калi яны па высыпанай пяском сцежцы падыходзiлi да канторы, выгляд у яго быў дрэнны.
У маленькай канторы iнспектара ўжо сабралiся iншыя дзесяць трапераў Муск-о-гi. Са з'яўленнем Роя, Скоцi i Самсона ў зборы былi ўсе трынаццаць. Тут былi людзi, якiх Рой не бачыў па пяць-шэсць гадоў, хоць яны лавiлi ў Муск-о-гi амаль побач. Усе даўнiя сябры, якiя вiталi адзiн аднаго грубаватымi жартамi сапраўдных лесавiкоў.
- Хэло, Рой, - казалi яны. - Вось ён, граза калiфарнiйскiх баброў, наш Рой Мак-Нэйр!
Нiхто не высмейваў ягонага пакамечанага выгляду, i некаторыя не глядзелi на яго: яны ўжо ведалi пра Сэма. Яны ведалi пра яго больш, чым сам Рой. Рой яшчэ нi з кiм не гаварыў пра дэзерцiрства брата, i нiхто з iх не пачынаў гэтай гаворкi; нiхто не хацеў быць надакучлiвым. "Ну як, яшчэ не злавiў ён цябе, Рой?", - звыкла гаварылi яны, ведаючы, што Рой любiць, калi яму нагадваюць пра паядынак з iнспектарам.
Рой адказваў усiм, але ў яго жартах не было запалу, i ён быў задаволены, калi яго пакiнулi ў спакоi ў кутку побач з Iндзейцам Бобам.
- У цябе ўсё нармальна, Рой? - спытаў iндзеец.
Рой кiўнуў.
- Нармальна, Боб, - сказаў ён. - Як у бабра на плацiне!
Больш яны не размаўлялi, чакаючы з'яўлення iнспектара.
Разам з грузнай фiгурай iнспектара ў пакоi з'явiўся яшчэ адзiн камлюкаваты мужчына. Гэта быў Бэрк - той заолаг, якi быў у Роя на пачатку зiмы. Рой устрывожыўся, гэта была не проста ўлада. Прысутнасць Бэрка азначала ўварванне высокай навукi, абяцала рашучыя меры.
- Пакуль пачаць пра справу, - сказаў iнспектар, уважлiва, амаль з асуджэннем пазiраючы ў iхнiя твары, - я хачу сказаць вам вось пра што. Перад самымi Калядамi нехта з вас распачаў паляванне ў заказнiку Срэбных Даляраў. Я гэта ведаю таму, бо быў там, i я ведаю, што гэта нехта з вас, бо ледзь не злавiў вiнаватага. - Ён памаўчаў, даючы магчымасць задумацца над яго словамi, гатовы з неверагодным пры яго паўнаце спрытам схапiць вiнаватага. - Аднаго з браканьераў мы злавiлi, таго, за кiм сачылi. Гэта Джэк Сэнбi з Шасцi Рэк. Ён паляваў у заказнiку, як у сябе дома. Але ў пагонi за iм мы напаролiся яшчэ на цэлую кампанiю. Iх было два цi тры чалавекi, i мне здаецца, што сярод iх Мэрэй i Сен-Клэр. Хто быў трэцi - я яшчэ не ведаю. Толькi ведаю, што ён уцёк у Муск-о-гi з вялiкай ношай незаконнай пушнiны. Дык вось, калi я знайду гэтую пушнiну ў некага з прысутных, абяцаю, што даб'юся для яго суровага турэмнага зняволення. Мне вельмi не хочацца, каб хто-небудзь з вас, сябры, трапiў у бяду, асаблiва зараз. Але калi я злаўлю яго, не будзе нiякага патурання i нiякага апраўдання. Узяць скурку-другую звыш нормы - гэта адно, але рабаваць заказнiк - гэта ўжо недаравальна. Таму, хто б гэта нi быў, няхай асцерагаецца. Закон не дрэмле!
Рой не зводзiў вачэй з iнспектара. У мёртвай цiшынi, якая наступiла пасля гэтай заявы, ён чакаў погляду-асуджэння. Чакаў i гатовы быў сустрэць не мiргаючы, хоць вочы i былi чырвоныя, балелi. Але для iнспектара Рой нiбыта i не iснаваў, ён нi разу нават не зiрнуў у яго бок. Аднак Рой ведаў, што ўвесь гэты маналог быў адкрытым папярэджаннем яму. Iнспектар ведаў, каго ён даганяў. Без слоў ён казаў Рою: "Я ведаю, што гэта ты, i я ледзь не злавiў цябе. Выкрываць цябе я не хачу, але не рабi нiчога, што прымусiць мяне зрабiць гэта. Калi пушнiна дзе-небудзь у цябе схавана, хай там i застаецца. Зараз я мог бы накласцi на цябе руку, Рой, але я не хачу. Таму сцеражыся. Я цябе адпускаю!" Са шкадаваннем цi спачуваннем, але iнспектар, нарэшце, адолеў яго, паклаў на абедзве лапаткi, а пасля сам падняў. Горшага i прыдумаць нельга: гэта была не дапамога, гэта было поўнае паражэнне.
- I яшчэ, - працягваў iнспектар, - я так упэўнены, што Мэрэй i Сен-Клэр прымалi ў гэтым удзел, што атрымаў у палiцэйскiм упраўленнi акругi ордэр на iхнi арышт. Кожны, хто дасць iм прытулак, будзе вiнаваты ў патураннi iм, i лiчыце гэта за афiцыйнае папярэджанне. Гэтым валацугам дарогi сюды няма, i ў тутэйшым лесе iм нiколi не паляваць. Пра гэта я паклапачуся.
Зноў панурае маўчанне. Iнспектар усмiхнуўся: ён, вiдаць, пашкадаваў, што стварыў такую напружаную атмасферу, але што-небудзь змянiць ужо не мог.
- Я не хачу вас крыўдзiць, звераловы, - сказаў ён, - таму што горшае яшчэ наперадзе, але я хачу, каб вы зразумелi, што ўсё мяняецца. Калi вы хочаце калi-небудзь паляваць у Муск-о-гi, шмат што трэба змянiць, таму не думайце, што я круты таму, што я iнспектар. Я вымушаны прымаць крутыя меры таму, што ўся гэтая тэрыторыя, можна сказаць, вычарпана для звералова, i я проста спрабую ўратаваць рэшткi. - Ён кiўнуў на Бэрка, якi стаяў побач. - Вось мiстэр Бэрк з Аховы пушных i рыбных рэсурсаў. Ён раскажа вам, што засталося ад нашага Муск-о-гi, а засталося няшмат. Ён скажа вам i пра пастанову, i думаю, што многiм з вас яна будзе не даспадобы.
Бэрк не глядзеў на iх, здавалася, ён звяртаўся да жменькi дробязi, якую падкiдваў на далонi.
- Вы ўсе за апошнi год у розны час бачылi Ласона i мяне ў Муск-о-гi, i вы ведаеце, што праведзена надзвычай сур'ёзнае абследаванне дзiчыны гэтага ўчастка. - Ён падняў вочы. - Вы, звераловы, ведаеце пра дзiчыну больш за мяне, i вы ведаеце, як яе становiцца мала. Вы ведаеце, што пушнiны ў Муск-о-гi не можа больш хапаць на жыццё трынаццацi трапераў на трынаццацi ўчастках. - Бэрк на iмгненне затрымаў вочы на Роi, але быў падкрэслена абыякавы, трымаўся холадна. - Многiя з вас, вiдаць, памятаюць, чым было звералоўства да тысяча дзевяцьсот трыццаць пятага года, калi былi створаны заказнiкi. Да тысяча дзевяцьсот трыццаць пятага года гэта была шалёная гонка па азёрах, рэках i сцежках, i кожны трапер ставiў свае пасткi там, дзе хацеў, пакуль не сустракаў пасткi iншых. Тады ён збочваў, калi баяўся, альбо вычышчаў чужыя пасткi, калi быў дастаткова нахабны. Падзел усёй тэрыторыi Муск-о-гi на ўчасткi спынiў такое становiшча. Ён даў вам трынаццаць пэўных участкаў, па, адным на кожнага. Гэта спынiла сваркi i драпежнiцтва адзiн супраць аднаго, але не знiшчыла пагрозы залiшняга аблову Муск-о-гi. Магчыма, калi б вы больш ашчадна абыходзiлiся з вашымi ўчасткамi, дык там i зараз было б больш дзiчыны, але не ўсе былi дбайнымi гаспадарамi. Некаторыя з вас ганялiся за кожным цэнтам, якi можна было выцiснуць з пастак, i вы спусташалi ўчасткi дарэшты. Я нiкога не абвiнавачваю, бо ведаю, што трапер сам сабе не вораг, я ведаю, што спусташалi ўчасткi вы не без падстаў. Але факт ёсць факт. Пушнiны засталося хiба што на палову вас, i калi зараз не прыняць неадкладных мер, дык хутка яе не застанецца зусiм. Мы меркавалi, што заказнiк на Сярэбранай рацэ калi-небудзь уратуе Муск-о-гi, мы на гэта спадзявалiся.
Рою хацелася пратэставаць, апраўдвацца, але ён слухаў Бэрка, а яго траперскае сумленне мучыла яго.
- На няшчасце, - працягваў Бэрк, - заказнiк не даў яшчэ жаданых вынiкаў, часткова з-за браканьерства, але галоўным чынам таму, што ён яшчэ занадта малады. - Рой адзначыў гэта як частковае апраўданне яго вiны, а Бэрк працягваў гаварыць: - Дык вось, паколькi няма надзеi захаваць увесь Муск-о-гi, я прыехаў сюды, каб паведамiць вам пастанову дэпартамента. Цi ёсць у вас пытаннi, перш чым я абвяшчу яе?
Нiхто не скрануўся з месца, нiхто не прамовiў нi слова.
- Яна надта простая, - рэзка прамовiў Бэрк, апусцiў свае манеткi ў кiшэню i агледзеў прысутных, - i яна надта суровая: з трынаццацi ўчасткаў Муск-о-гi сем будуць закрыты, а шэсць захаваны. - Тут ён прыпынiўся, даючы магчымасць пярэчыць i пытацца, але пэўны час усе маўчалi.
Затым пачаў Самсон:
- А якiя ўчасткi будуць закрыты?
Iнспектар падаў Бэрку карту.
- Нам давядзецца закрыць тыя ўчасткi, дзе менш за ўсё засталося дзiчыны, сказаў Бэрк. - Зараз я назаву iх. - Ён вадзiў тоўстым пальцам па зялёнай карце Муск-о-гi i абвяшчаў канец аднаго ўчастка за другiм, а траперы сачылi за гэтым пальцам, якi абвяшчаў лёс кожнага з iх. Ён закончыў, лёс стаў вядомы. Участак Роя ацалеў, адзiн з двух участкаў Скоцi i Самсона быў закрыты, закрыты былi i ўчастак Iндзейца Боба.
Але гэта не магло быць канчатковым рашэннем.
- А як жа быць нам? - сказаў нехта.
Многiя незадаволена зашумелi, але тут умяшаўся iнспектар.
- Мiстэр Бэрк толькi назваў закрытыя ўчасткi. Ён не сказаў, хто будзе карыстацца тымi, што засталiся. Нам здаецца, што вы павiнны вырашыць гэта самi, памiж сабой. Вас тут трынаццаць, адкрытых участкаў шэсць, i мне здаецца, што адзiная магчымасць паступiць справядлiва - гэта кiнуць жэрабя. Як вы лiчыце?
Зноў пачаўся шум.
- А вы прагаласуйце, - прапанаваў Бэрк.
Прагаласавалi, i большасць была за жэрабя.
- Лепш за ўсё зрабiць так, - прапанаваў Бэрк. - Той, чый участак аб'яўлены адкрытым, калi выцягне жэрабя, захавае свой участак. Той, чый участак закрыты, калi выцягне жэрабя, атрымае блiжэйшы з адкрытых участкаў. Добра?
- Добра! - Iм хацелася скончыць як мага хутчэй.
- Перш чым вы будзеце цягнуць жэрабя, - працягваў Бэрк, - я мушу паведамiць вам новыя правiлы, якiя дзейнiчаюць падчас новага становiшча. Нам вядома, што пры iснуючай норме адлову немагчыма пражыць, таму мы хочам даць вам палёгку. Больш не будзе жорсткай нормы альбо сезонных абмежаванняў для бабра i андатры.
Гэта iм спадабался, i яны зашумелi з адабрэннем.
- Але, - працягваў Бэрк, - за кожны сезон будзе дазволена браць не больш як двух баброў i дзвюх андатраў з кожнай нары вашага ўчастка. Вы павiнны кожны год самi вызначаць, колькi ў вас хатак i нор, i колькасць здабытых скурак не павiнна перавышаць гэтую колькасць больш як удвая. Калi будзеце лавiць залiшне, колькасць хатак зменшыцца, а разам i ваша норма. Калi будзеце разумна гаспадарыць, вы станеце звераводамi, колькасць хатак будзе з кожным годам павялiчвацца, а з iмi i ваша здабыча. Ну як, справядлiва?
- Справядлiва, - адгукнулiся яны i запатрабавалi цягнуць жэрабя.
- Павiнен яшчэ дадаць, - дыпламатычна закончыў Бэрк, - што лоўля рыбы ў любы час забаронена на два гады.
Гэта была крутая мера, але iх больш цiкавiла звералоўства, i яны зноў сталi падганяць з жараб'ёўкай.
Iнспектар i Бэрк нарэзалi трынаццаць лiсцiкаў паперы, напiсалi на шасцi з iх адно слова "Участак" i склалi шэсць разоў.
- Пазычце нам сваю шапку, Рой, - папрасiў Бэрк, i цень усмешкi мiльганула ў ягоных вачах.
На хвiлiну ў iх прачнулася пачуццё гумару. Самсон сарваў з галавы ў Роя яго пашкуматаную шапку i кiнуў Бэрку. Усе засмяялiся, а Рой з панурай нiякаватасцю прыгладзiў мокрыя валасы.
- Ну, давайце пачнем! - сказаў Бэрк i пачаў паволi абносiць шапку.
Першыя два выцягнулi пустыя паперкi i прамаўчалi. Трэцiм цягнуў Льюiс Бэрк, старэйшы звералоў Муск-о-гi, дзiўнаваты маленькi iрландзец з сiвой галавой i шэра-карычневым ад загару тварам. Ён лавiў звяроў у Муск-о-гi ўсё сваё жыццё i жыў лясным сычом, не пакiдаючы свайго ўчастка. Пра яго паспелi ўжо забыцца i ўспомнiлi толькi зараз, калi ён цягнуў жэрабя. Калi выцягнуў паперку, ён бездапаможна азiрнуўся - ён не ўмеў чытаць.
- Табе пашанцавала, Лью! - закрычаў яму Скоцi. - Участак твой!
Стары нiчога не адказаў, толькi акуратна склаў лiсток, нiбыта гэта быў на самай справе законны дакумент на права валодання.
Затым падышоў Самсон, азiрнуўся на Скоцi i пацягнуў.
- Пуста, - сказаў ён. - Нiчога няма.
Скоцi мiргнуў i асцярожна выцягнуў руку. Ён спачатку ўсмiхнуўся, паказваючы падпiсаны лiсток, але затым знiякавеў.
- Я не вiнаваты, - сказаў ён Самсону. - Праўда, не вiнаваты!
- Рой, - хутка паклiкаў Бэрк i падаў шапку.
Рой зiрнуў на Бэрка i згадаў шалёную гонку па возеры Т, калi прыляцеў самалёт бiёлагаў. У ягоных пальцах зараз было возера Т i яго хацiна, i ўвесь Муск-о-гi, i на iмгненне ён убачыў, як вяртаецца туды i зноў шукае шчасце нават на ўсечанай тэрыторыi, у Муск-о-гi, якi страцiў палову свайго насельнiцтва i большую частку дзiчыны.
- Гэта ваша шапка, Рой, - сказаў Бэрк. - Смялей цягнiце!
Рой пацягнуў - - i Рой выйграў, i пачулiся вiтаннi ў гонар Роя, i ён зразумеў - перад iм толькi адно рашэнне: як i раней - лес. Не было нi Сент-Элена, нi Сэма, нi Эндзi, нi нават Джын. Пасля ён зразумеў, што выбраў сабе лясную адзiноту, i пачаў назiраць за Iндзейцам Бобам.
Iндзеец не прывык гуляць пры вырашэннi жыццёва важных пытанняў, азарт не быў характэрным для яго народа. Рабiць стаўкi яго прымушалi толькi вымушаныя адносiны з белымi людзьмi, але i тут закон адбiраў у яго аднолькавы шанц, як закон адбiраў, напрыклад, права ўжываць спiртное. Але зараз яму была навязана сама буйная гульня ў ягоным жыццi, i ён паглядзеў на Бэрка з пагардай iндзейца не толькi да аднаго Бэрка, але i да ўсiх Бэркаў на свеце.
Боб прайграў, але, памiраючы, яго вочы i смяротна белыя губы нiчога з ягоных пачуццяў не выявiлi.
Тры iншыя надпiсаныя лiсцiкi былi хутчэй трагедыяй, чым спрыяннем лёсу, i апошнi выцягнуў п'янiца iрландзец, якога лес паступова губiў i зараз мог загубiць канчаткова.
- Так, з гэтым вырашылi, - сказаў iнспектар, i ў яго быў выгляд чалавека, якi таксама нешта страцiў. - Застаецца дадаць няшмат. Новыя ўчасткi на поўначы па-ранейшаму адкрытыя i будуць адкрытыя да мая. Калi хто-небудзь з вас хоча паляваць там, я прыму заяву i абяцаю, што вы атрымаеце ўчасткi. Я ведаю, што гэта далёка i што амаль немагчыма жыць тут, у Сент-Элене, а паляваць там. Гэта, вядома, ужо не мой раён. Але я паспрабую дабiцца, каб быў вызначаны зручны шлях па рацэ Ўiп-о-Ўiл, каб за кошт урада былi ачышчаны волакi i нешта накшталт сцежак, каб кожны хоць раз за сезон мог дабрацца сюды пешкi i на лодцы. Я не ўпэўнены, што мне гэта ўдасца, але вось мiстэр Бэрк згодзен паклапацiцца пра гэта ў дэпартаменце. Дык вось, калi нехта хоча атрымаць участак на поўначы, запiшыцеся ў мяне. Здаецца, усё.
Яны разыходзiлiся няспешна, бо такi сход наўрад цi паўторыцца, i кожны меў што сказаць iншаму. Выключэннем быў Рой, i Рой пайшоў першы. Iдучы мiма iнспектара i Бэрка, ён спынiўся, каб узяць сваю шапку. Бэрк падаў яе Рою.
- За паляўнiчае шчасце! - з усмешкай прамовiў ён, вiдаць, чакаючы, што Рой на гэта неяк адгукнецца.
Рой узяў шапку i ў прыязным позiрку Бэрка ўбачыў магчымасць уласнага адраджэння. Ён мог вярнуцца да сваiх азёр, i лясоў, i звярыных сцежак. Мог вярнуцца да змены паляўнiчых сезонаў i аднавiць свой паядынак са стыхiямi i з пушным iнспектарам.
У адказ на заахвочвальную ўсмешку Бэрка ў iм расло жаданне мець усё гэта, i ўсё адно ён ведаў, што не вернецца. Калi няма для яго Сент-Элена, няма i Муск-о-гi, i вобраз Муск-о-гi стаў цьмяным. Рой адзеў шапку на галаву.
- Як палявалi, Рой? - спытаў iнспектар.
- Добра.
- Пушнiна, вядома, першагатунковая?
- Розная.
- А каму прадалi? - спытаў iнспектар.
- Яшчэ пакуль нiкому, - сказаў Рой i раптам прыняў рашэнне. - Ведаеце што, iнспектар, - прамовiў ён. - Калi не будзе пярэчанняў, аддайце мой участак Iндзейцу Бобу. Вы не будзеце супраць?
Iнспектар не адразу зразумеў Роя.
- Навошта? - сказаў ён. - Вы атрымалi яго, а Боб возьме сабе ўчастак на поўначы.
Рой страцiў цярпенне.
- Я адмаўляюся ад свайго ўчастка. Перадайце яго Бобу, калi, вядома, ён захоча.
Рой ведаў зараз, што жаданне адмовiцца ў яго ўзнiкла яшчэ ў той момант, калi ён убачыў у руках iндзейца чысты белы лiсток. У гэты момант уласная перамога Роя стала для яго крахам, i зараз ён без шкадавання аддаваў участак Бобу. Яго не клапацiла, што ён парушыў закон цi паляваў у заказнiку. Ён аддаваў участак Бобу таму, што не мог вярнуцца ў Муск-о-гi, аддаваў як усвядомлены iм доўг перад iндзейцам i перад любым чалавекам, перад усiмi людзьмi, якiя ў сваю чаргу былi ў даўгу перад iм i выручылi б яго ў выпадку патрэбы.
- Хай бярэ яго, - сказаў Рой, - каб толькi iншыя не шумелi.
Iнспектар пацiснуў плячыма.
- Як хочаце, Рой. - Ён нiчога не разумеў.
- Тады бывайце, - сказаў Рой.
- А чаму вы не хочаце, каб я запiсаў на вас адзiн з паўночных участкаў? спытаў iнспектар, якi пачынаў нервавацца ад выбрыкаў Роя.
- Не трэба пра гэта, iнспектар, - адказаў Рой.
- Дык вы не хочаце новага ўчастка?
- Не, - адказаў Рой. - Не хачу.
- Але чаму? - умяшаўся Бэрк.
Рой зiрнуў на гэтага вучонага лесавiка i засумняваўся: цi ведае ён на самай справе, што такое лес? Як яму давесцi, гэтаму Бэрку, што ён страцiў Сент-Элен, а значыць, страцiў i Муск-о-гi, страцiў i поўнач. Як яму давесцi, што куды б ён нi пайшоў, яго ўсюды чакае доля ляснога сыча, як расказаць гэтаму Бэрку пра ўсё?
- Чаму б вам не пайсцi на поўнач? - не здаваўся Бэрк.
- Надта далёка.
- Вы ненармальны, - прамармытаў iнспектар.
- Магчыма, - сказаў Рой i пайшоў.
Рой не еў ужо цэлыя суткi i ведаў, што, калi вып'е хоць кроплю, яму стане блага. Ён нацягнуў шапку так, каб засцерагчы вочы ад сонца, i ляжаў на лаўцы каля бара Клема. Ён не хацеў больш нiчога вырашаць, нi пра што думаць. Яму было прыемна, тут на сонцы, i хацелася заснуць, але заснуць ён не паспеў. Нейкi бяздомны сабака абнюхаў яго i лiзнуў твар, калi ён апусцiў руку, каб пагладзiць яго. Пасля прыйшоў Самсон.
Самсон ссунуў ногi Роя з лаўкi.
- Куды гэта ты спяшаешся? - спытаў ён i сеў. - Мы шукалi цябе, а цябе няма.
- Я спаць хачу, - адказаў Рой.
- Iнспектар кажа, што ты адмовiўся ад свайго ўчастка i не захацеў браць на поўначы. Гэта праўда? Ты на самай справе зрабiў гэта?
Рой перавёў погляд на бляклую пляму возера Гурон.
- Праўда, Самсон, - сказаў ён абыякава.
- Я яшчэ разумею, чаму ты аддаў свой участак, - сказаў Самсон. - Але чаму не iсцi на поўнач? Гэтыя мясцiны чакаюць такiх, як ты. Ты гадамi гаварыў пра тое, каб пайсцi на поўнач. Дык што ж сталася, чаму ты перадумаў, калi ёсць такая мажлiвасць?
Рою мiжволi давялося разыгрываць Самсона.
- Старэю я, Самсон, для такiх прыгод, - сказаў ён. - Гэта для такiх дужых хлопцаў, як ты. - Рой успомнiў, колькi разоў ён спрабаваў разлучыць Скоцi з Самсонам i нiчога не выходзiла. А як лёгка разлучылi iх абставiны.
- Што ты будзеш рабiць без Скоцi? - спытаў ён здзеклiва.
Вялiкiя далонi Самсона былi такiя цяжкiя, што сабака глуха забурчаў.
- Скоцi адмовiўся ад свайго ўчастка i вырашыў iсцi на поўнач разам са мной. Давай i ты з намi. Чаму ты не хочаш? Што з табой?
Рой не адказаў, але засмяяўся са Скоцi, як смяяўся з Самсона. Смяяўся ён i з сябе, са сваiх спроб разлучыць iх.
- Дык што, Рой? - спытаў Самсон.
- Я вырашыў адпачыць, - адказаў Рой.
Самсон не адставаў ад яго, не пераставала яго рука церабiць сабаку. Але ад абодвух ён нiчога толкам не дабiўся, ды тут з'явiлiся Скоцi i Джэк Бэртан.
- Так! - сказаў Рой. - Значыцца, з'явiлiся яго экселенцыя айцец Малькольм i дарожны ўпаўнаважаны.
- Я прывёў Джэка, - дзёрзка пачаў Скоцi, - каб хоць ён навучыў цябе. Паслухай, Рой. Ты аддаў свой участак Iндзейцу Бобу, гэта твая справа, мяне гэта не турбуе, - эмацыянальнасць гэтага iдэалiста была надта яўнай i падкрэсленай. - Але навошта адмаўляцца ад новага ўчастка на поўначы? Што ты думаеш рабiць далей? Сядзець тут i памiраць?
- Пайшоў ты, Скоцi, - панура прамовiў Рой.
Скоцi адмовiўся ад уяўна гнеўнага тону.
- I чаму табе не пайсцi на поўнач са мной i Самсонам? - пытаўся ён. - Чаму ты не папросiш iнспектара запiсаць цябе на адзiн з тых участкаў?
Рой паглядзеў на толькi што наваксаваныя боты Скоцi.
- А навошта табе iсцi на поўнач? - спытаў ён у Скоцi. - Ты ж выцягнуў свой стары ўчастак, навошта табе валачыся на поўнач?
- Не будзь упартым, Рой, - папрасiў Самсон. - Чаму ты не хочаш пайсцi з намi?
- Але чаму б вам не пайсцi зараз у бар i не напiцца? - спытаў Рой, i адразу ж закрычаў на iх, каб не думаць, якое гэта было б шчасце - пайсцi на поўнач з Самсонам i Скоцi, шчасце, якое ён не прымаў дзеля непазбежнай адзiноты, якая чакала яго ўсюды ў лесе. Калi ўжо нiчога не было для яго ў Сент-Элене, дык нiчога не было для яго i ў лесе. Як яны не могуць гэтага зразумець?
- Схадзiце, - крычаў ён iм, - схадзiце i добра напiцеся, пакуль вас не зжэрла ледзяная пустыня!
- Мо ты ўгаворыш яго, - сказаў Скоцi Джэку. - Ты не маеш рацыi, Рой, i сам гэта добра ведаеш. - I ён павёў Самсона ў бар.
Рой адразу ж напаў на Джэка.
- Ну, - сказаў ён. - Выратавальнiк дарог! Выратавальнiк горада! Што яшчэ. ратаваць збiраешся? - Але атака была слабая.
- Мне паведамiлi, што ўчора вечарам ты не знайшоў мяне, - сказаў яму Джэк, не звяртаючы ўвагi на яго горыч.
- Я нiкога не знайшоў учора вечарам, - адказаў Рой.
Джэк сеў.
- Ты, вядома, заходзiў дамоў?
Рой павольна кiўнуў.
- Прыйшоў у свой пакой, а там чужыя дзецi. - Ён прыкрыў шапкай вочы i гаварыў вельмi спакойна. - Хто купiў ферму, Джэк? Нехта з Раселяў?
- Не. Яе купiлi зямельныя агенты, а заплацiў, вiдаць, банк.
- Банк? А навошта яму хата фермера?
- Але ж гэта яшчэ даволi прыстойная ферма...
- Але навошта банку купляць яе? Банк - гэта ж проста будынак. Навошта яны скуплiваюць фермы? Якая ў гэтым патрэба? - Рой, нарэшце, знайшоў падставу для незадаволенасцi, але i гэта не давала палёгкi. - Што ж зрабiў Сэм? - пытаўся ён у Джэка. - Узяў i прадаў iм ферму?
- Не, быў аўкцыён, а банк даў больш за ўсiх.
- А каго яны пасялiлi на ферме?
- Бiлi Эдвардса, - сказаў Джэк.
- Спачатку ён атрымаў майго каня, а зараз i ферму, ў дадатак!
- Ён добры фермер, Рой. Ён будзе на ёй як след працаваць.
- Вядомая справа! Таму, напэўна, банк i пасадзiў яго туды.
- Вiдаць.
- А як жа Сэм?
- Ты нiчога не чуў пра Сэма?
- Не, - адказаў Рой.
- Сэм проста сышоў. - Джэк пацiснуў плячыма. - Уцёк.
- Разам з Руф?
- Не, кiнуў яе. Усё кiнуў. Забраў палову грошай, адным цудоўным ранкам пайшоў на станцыю i знiк. Знiк!
- Зусiм як Эндзi, - сумна, але без горычы прамовiў Рой.
- Так, падобна, - сказаў Джэк i замоўк у чаканнi.
Рой павiнен быў задаць гэтае пытанне. Зараз ён не мог не задаць яго.
- А што з Эндзi? Дзе ён?
- Недзе тут, - сказаў Джэк.
- А Джынi?
- Па-ранейшаму ў старой хаце Мак-Нэйраў.
Рой падняў шапку, i сонца асляпiла яго.
- Ты яе яшчэ не бачыў? - спытаў Джэк.
Рой пакруцiў галавой.
- Яшчэ не, - сказаў ён. - А Эндзi з ёй?
Джэк пацiснуў плячыма.
- Магчыма, - сказаў ён.
На iмгненне Рою здалося, што Джэк мог бы сказаць больш, але той змоўк i неяк неахвотна ўсмiхнуўся. Сабака зноў пачаў лашчыцца да Роя. Той механiчна церабiў яго галаву, морду, шыю. Сабака быў, вiдаць, ручны i заскуголiў, калi рука Роя перастала гладзiць яго.
- Джэк, - вiнаватым тонам сказаў Рой, успомнiўшы, нарэшце, нешта важнае. Я схаваў у тваiм хляве пушнiну.
Джэк кiўнуў.
- Я бачыў.
- Я яе забяру адтуль. Мо сёння вечарам.
- Калi захочаш, - сказаў Джэк.
- Не, сёння вечарам, - сказаў Рой.
- Ладна, - сказаў Джэк. - Мо пераначуеш у нас?
Рой кiўнуў.
- А як твая ферма? - спытаў ён.
- Становiцца падобнай на ферму, - сказаў Джэк.
- А сям'я?
- Нармальна, Рой. На будучы год адкрываем сярэднюю школу ў Марлоў. Учора гаварыў з адмiнiстрацыяй.
- Марлоў? Гэта ж за дзесяць мiль, - сказаў Рой. - Якi сэнс для нас?
- Дзесяць мiль? - Джэк пацiснуў плячыма. - Арганiзуем аўтобус.
- Фермер Джэк! - сказаў Рой, i гэтыя словы прабiлiся ў яго пацяжэлую галаву. Яму захацелася падчапiць Джэка, пажартаваць наконт схаванай пушнiны, наконт горада, наконт дарогi, наконт школы. Джэк быў тут i чакаў гэтага, амаль малiў Роя не адасабляцца. Дзiўнае гэта было маўчанне, але неўзабаве яно перарасло ў пераможную перадышку, бо менавiта гэтае маўчанне вярнула Рою пэўнасць, ад якой яму не было дзе схавацца. Гэта была пэўнасць Джэка, якi нiколi не здаецца. Джэка i яго фермы, Джэка i яго школы - сярэдняй школы! Iменна тое, як Джэк сцвярджаў свае правы, уратавала Роя ў гэты вырашальны, апошнi момант. Зараз ён не мог уцячы ад самога сябе.
- Добра, - прамовiў Рой i ўстаў. - Мне трэба iсцi, Джэк.
Джэк ведаў, куды iдзе Рой, i ведаў, што яго чакае, але ён мог толькi сказаць:
- Бадай, трэба, Рой.
- Тады бывай, - сказаў Рой i пайшоў прэч не сваёй звыклай паходкай, а крыху хiстаючыся, нiбыта Блэк-энд-Блю яшчэ туманiла яму галаву. Джэк назiраў, як ён перайшоў дарогу i нацянькi пайшоў да старой хаты Мак-Нэйраў.
Раздзел васемнаццаты
Падмытыя платы са снегу павалiлiся, вераб'i адчайна мiтусiлiся ў гразi сярод скал i ў раскiслым тарфянiку. У лесе было шмат сiнiх соек, а ў кустах скакалi сiнiцы. На поле выйшлi людзi з канавакапальнiкамi i плугамi, i ўжо блiзка ад старой хаты Мак-Нэйраў Рой спынiўся, каб паназiраць за адным з работнiкаў. Гэта быў Бiлi Эдвардс, ён кiраваў сваiм канём. Рой здагадаўся, што ён трымае курс на далёкае поле, цi то ачышчаць, цi то прайсцi карчавальнiкам, цi то вывезцi карчы. У яго не было нядобрых адносiн да Бiлi Эдвардса, ён не мог дрэнна адносiцца нi да кога, хто ўзяўся б адрадзiць гэтую ферму, але ў iм расла сляпая незадаволенасць адзiным цагляным будынкам у Сент-Элене, якi зараз валодаў ёй. Што патрэбна банку ад фермы? Што наогул хоча банк ад чалавека?
Усё больш заводзячы сябе, ён iшоў па раллi, каб было бачна, што яму напляваць на банк; выклiк быў i ў тым, як шумна пачысцiў ён ногi аб жалязяку i рэзка штурхануў нагой дзверы ў кухню. Пасля гэта з яго зляцела, i ён увайшоў у хату вельмi асцярожна.
Ён спадзяваўся ўбачыць Джынi на кухнi. Але яе не было там.
- Мiсiс Эндрус! - сказаў Рой, каб заявiць аб сваёй прысутнасцi.
Адказу не было. Рой агледзеўся. На кухнi быў беспарадак, якi з'яўляецца адзнакай жанчын, не прывыклых прыбiраць пасля сябе. На стале стаяла вядзерца з попелам, вiдаць, каб пасыпаць сцежку. Рой зняў яго, пасля склаў параскiданыя дровы ля печы. Затым сеў на куфар ля акна i пачаў чакаць. Спачатку ён падумаў, што трэба, вiдаць, пайсцi, але занадта шмат намаганняў запатрабавала дарога сюды, i ён сцiшыўся, залезшы з нагамi на куфар.
Усёй iстотай Рой адчуваў, што сапраўды паляўнiчы вярнуўся дамоў, i гэта пацягнула яго на сон, такi патрэбны яму зараз. Ужо цямнела, а ён усё спаў. Яго разбудзiў гучны крык.
- Рой! - пачуў ён. - Рой! - гэта было падобна на рыканне.
Упершыню за ўсё жыццё ў Роя пахаладзела ўсё нутро ад непераадоленага страху; Рой адчуў яго жалезны поцiск: у роце з'явiўся непрыемны смак, губы высахлi i галаву нiбыта сцiснулi абцугамi. На iмгненне ён увесь зледзянеў, але адразу ж усхапiўся i выпрастаўся, гатовы атрасцi сонны кашмар.
- Рой!
Ля дзвярэй Эндрус - не чалавек, а гара.
- Рой!
Разгледзець адзiн аднаго ў змроку яны не маглi.
Рой усё яшчэ не ўсведамляў, што адбываецца.
- Так! - холадна адказаў ён. - Гэта я.
- Ну, вядома ж, ты! - закрычаў Эндзi i кiнуўся да стала, але адразу ж застыў, як па сiгнале. Нават слабое, рэшткавае святло з акна перашкаджала яму, i ён пачакальна ўзiраўся з цемры.
Даволi доўга яны маўчалi i не рухалiся. Рой лiхаманкава думаў, як яму хутчэй абяззброiць Эндруса, але мiжволi апынуўся ў абароне, вырашыў не лезцi першым, менш гаварыць i проста чакаць.
Затым пакой зноў напоўнiўся зычным голасам Эндруса:
- Мне сказалi ў бары, што ты вярнуўся. Я даўно хацеў убачыць цябе...
- Я ведаю, - сказаў Рой i адчуў на сваiх ляжках сутаргавую хватку ўласных пальцаў. Зараз ён быў гатовы на ўсё, так, ён вiнаваты, так, яму страшна, але перш за ўсё ён напагатове. Даўшы iнiцыятыву Эндрусу, ён чакаў, як вызначыцца ступень iх варожасцi, але цiкаўнасць перамагла, i ён зiрнуў на Эндзi. Ён не мог бачыць яго выразна, але тое, што ён бачыў, выклiкала ў яго дзiўнае i непатрэбнае тут пачуццё сiмпатыi да гэтага магутнага цела, яго росту i аб'ёму, яго шумнага дыхання. Рой зноў адчуў усю нястрымнасць Эндруса. Той зараз быў гатовы на ўсё.
- Я хадзiў у лес... - пачаў Эндзi.
- I гэта ведаю, - адрэзаў Рой.
Прыхаваная варожасць у голасе Роя, здавалася, збiла Эндруса i крыху насцярожыла яго даверлiвую бяспечнасць. Ён увесь аж затрымцеў ад крыўды.
- Ах, д'ябал! - сказаў ён i цяжка ўздыхнуў. - Трэба запалiць святло. - Ён пстрыкнуў запалкай i пайшоў проста да капцiлкi, якую Джынi трымала на камiннай дошцы на той выпадак, калi сапсуецца газавая лямпа. Ён прынёс капцiлку на стол, запалiў яе, сеў насупраць Роя i холадна спытаў:
- Як жывеш, Рой?
Толькi зараз Рой добра бачыў Эндруса i зразумеў, што воблiк, якi ён захоўваў у памяцi, быў Эндзi iхняга юнацтва: бесклапотны малады бамбiза, шалёны сiлач, захоплены гарлапан, нястомны анархiст. Да таго часу, калi Эндзi пакiнуў Сент-Элен, ён стаў тоўстым i грубым, але Рой неяк забыўся пра гэта, i зараз выгляд гэтага мяснiка з мясiстым тварам i халоднымi вачыма ашаламiў яго. Ён усё ж спадзяваўся ўбачыць ранейшы воблiк сябра.
- Ты, вiдаць, не чакаў, што я вярнуся, - абыякава заявiў Эндрус. Гэта гучала пагрозлiва.
- Магчыма, - сказаў Рой i ўвесь напружыўся, бо адчуваў на сабе пiльны позiрк Эндзi, якi ацэньваў яго.
- Здаецца, ты зусiм не хочаш бачыць мяне, - закрычаў Эндзi.
- Не. - Рой усё яшчэ чакаў, адчужана i абыякава, ён не хацеў даходзiць да галоўнага. - Калi-небудзь ты ж павiнен быў вярнуцца.
- Праўда, Рой.
Эндрус хацеў яшчэ нешта дадаць, але тут яны разам пачулi, як Джынi Эндрус за дзвярыма нешта гаворыць да сабакi, i абодва сядзелi моўчкi, пакуль яна не ўвайшла ў хату. Яна зiрнула спачатку на Эндзi, затым на Роя. Пасля прычынiла дзверы, нiбыта прымала выклiк.
- Гэта з вамi прыйшла гэтая лайка? - спытала яна ў Роя.
- Са мною, - вiнавата адказаў ён.
- Яна ўжо даўно швэндаецца па горадзе, - сказала мiсiс Эндрус. - Вiдаць, адбiлася ад некага з iндзейцаў.
Яна нi слова не прамовiла да Эндруса: нiбы не заўважала яго, але, i не заўважаючы, прымала яго прысутнасць як непазбежнасць, i мiжвольны позiрк Эндзi даказаў гэта. Тым самым Рой быў нiбыта адхiлены, i ён з адчаем зiрнуў на Джынi, каб пераканацца ў гэтым. Ён не рашыўся зiрнуць ёй у твар, але назiраў за кожным рухам мiсiс Эндрус, за тым, як яна скiдала чаравiкi i здымала кароткую шэрую армейскую куртку. Калi скiнула гэтую няўклюдную абалонку, яна стала той статнай i мiлай жанчынай, якой ён прывык яе сабе ўяўляць, i тады ён знiякавела зiрнуў ёй у твар. Кароткiя кучаравыя валасы былi надта кароткiя, твар пахудзеў: толькi гэта ён i заўважыў на яе тонкiм твары, якi заўсёды быў вуглаватым i вострым, i зараз нiчога iншага ён на яе твары не прачытаў.
- Дык ты ўсё гандлюеш незаконнай пушнiнай? - пачуў ён голас Эндзi.
- Так, - цвёрда сказаў Рой. - А Джынi прадае тое, што я злаўлю. - Яму трэба было хоць нейкiм чынам уключыць у размову Джынi.
- Яна мне расказвала. - Эндрус пазiраў на яго з незразумелай горыччу тлустага мядзведзя.
- Чаго ты вярнуўся, Эндзi? - незадаволена спытаў Рой.
- Не ведаю, Рой. Трэба ж было некалi вяртацца, вось i вярнуўся.
- Табе не трэба было вяртацца! Эндрус пацiснуў плячыма:
- Магчыма. - Ён пачынаў злавацца.
Рою хацелася, каб Джынi падтрымала яго, але яна занялася вячэрай. Яна знарок выключыла сябе з гаворкi. Рой застаўся адзiн.
- Ты хочаш застацца ў Сент-Элене? - спытаў ён у Эндзi з жаданнем як мага хутчэй усё высветлiць i скончыць, злуючыся на Джынi i iдучы напралом.
Гэта для Эндзi было ўжо занадта.
- Ну i Рой, - закрычаў ён. - Што з табой сёння? Што з табой? - бушаваў ён. - Не, вы толькi падумайце! Я вось ужо колькi гадоў, як сышоў з горада, мог сто разоў памерцi. Так, так! Джынi кажа, што ты i лiчыў мяне мёртвым. I вось я вяртаюся. Вось я, тут. Прыходжу, каб пабачыць цябе. А ты сядзiш, як сыч, над вожыкам. Што з табой, Рой? Чаго ты злуешся? Ты не хацеў мяне бачыць?
Рой ледзь дыхаў.
- Што са мной? - недарэчна паўтарыў ён.
- Ага, што з табой?
У гэтым сярдзiтым воклiчы перад Роем уваскрос яго ранейшы сябар. Цяжар гадоў быў скiнуты, узрост забыты, тлусты твар быў афарбаваны згадкамi; i Рой убачыў, што гэта ўсё ж Эндзi, Эндзi з халодным пустым позiркам, але недзе ўнутры - усё той жа няўрымслiвы i непаседлiвы Эндзi.
- Ты проста застаў мяне знянацку, - сказаў Рой, i губы яго скрывiлiся ад усмешкi.
- Так, знянацку, але ж я думаў, што ты кiнешся да мяне на шыю. Сябар Рой! Адзiны чалавек, якi павiнен узрадавацца мне. Ты горш за Джынi.
- А Джынi табе ўзрадавалася? - забыўшыся пра стрыманасць, спытаў Рой.
Круглыя вочы Эндруса абмацалi ўсяго Роя.
- Дык вось што цябе турбуе? - Эндзi адкiнуў галаву i рассмяяўся так, што ажно закалацiўся стол, бразнуў рондаль на палiцы, замiргала лямпа. - Ну i дурань жа я! Як гэта я не здагадаўся! Джынi? - Эндрус павярнуўся, каб убачыць жонку, быццам ён толькi зараз успомнiў пра яе, i пакруцiў галавой. - Ах, Джынi! - сказаў ён. - Дык у чым справа? Хiба Рой не клапоцiцца пра цябе? Хiба вы не валодаеце разам знакамiтай пушной фiрмай: Рой i кампанiя? - Ён задаволена стукнуў цяжкай далонню па стале. Рой не верыў вушам. Вось яна, хвiлiна, якой ён баяўся цэлыя дзесяць гадоў! Дык вось яна крыўда, дакор, абвiнавачанне: некалькi з'едлiвых слоў, паблажлiвая ўсмешка.
- Аблапошылi Роя, - сказаў Эндзi, i ягоны смех сведчыў, што чакаць можна ўсяго.
- Перастань смяяцца, - сказала яму Джын Эндрус.
- Ведаеш, Рой, - сказаў Эндзi, зноў звяртаючыся да сябра. - Калi б у яе была сiла, яна схапiла б мяне за каршэнь i выпхнула за дзверы адразу ж, як я сюды заявiўся месяц таму. Тады яна зусiм звар'яцела.
- Ты не маеш права асуджаць яе, - сказаў Рой, усё яшчэ не верачы сабе i не верачы нi ў што.
- А я яе не асуджаю, - сказаў Эндзi i пацягнуўся, выпрастаўшы свае ручышчы i расправiўшы грудзi, як мяхi. - Але чаго ёй вар'яцець? Павiнна радавацца, што я ад яе своечасова сышоў. Праўда, Джынi?
- Не махай рукамi, - сказала яму Джынi, - а то высыплеш на сябе муку, i спынi гэтыя размовы.
- А ты ўсё яшчэ крыўдуеш на мяне, Рой, - спытаў Эндзi, тупаючы ля плiты.
Рой не крыўдаваў, ён, нарэшце, зразумеў i ўспрыняў як належнае, што Эндзi нiяк не хвалюе такое становiшча. Ну нi кропелькi! Эндзi, несумненна, усё ведаў, але яго гэта быццам не датычыла. Яго мiжвольны жарт быў выклiканы тым, што iхнiя адносiны яго пацешылi, але за гэтым не было нi адабрэння, нi асуджэння, а тым больш выраку. Эндзi глядзеў на гэта дакладна так, як Рой на натуральны працэс ляснога жыцця. Гэта здзiвiла Роя, - спачатку з'явiлася адчуванне палёгкi, а затым i трывогi. Ён разумеў амаральнасць у прыродзе, але ў адносiнах да самога сябе яна была непрыемная яму. Тут было нешта абыякавае, i, гледзячы на выцвiлыя вочы сябра, ён бачыў у iх нешта халоднае i нечалавечае. I праўда: "Гэты хлопец - прыродны валацуга!" Нядзiўна, што ёнi не гневаецца, i не асуджае. Эндзi Эндрусу рашуча на ўсё напляваць.
- Не, я на цябе не крыўдую, - сказаў Рой збянтэжана, але крыху супакоена. - А што ты рабiў усе гэтыя гады?
- З адной заварухi ў другую, - сказаў Эндзi, - усё больш у армii.
- Не разумею, навошта табе армiя? - сказаў Рой.
- Спачатку цяжка было, гэта праўда, але пасля пачалася вайна. Вось гэта была вайна, Рой! - Вiдаць, нават згадка пра гэта была для яго прыемнай, нават вочы на iмгненне заззялi, i яго захапiлi ўспамiны.
- Ты ўсё яшчэ ў армii?
- Не. Некалькi месяцаў, як пакiнуў.
- Зусiм? - Рою хацелася скончыць хутчэй.
- Нiбыта так, калi толькi зноў не прагаладаюся, - Эндзi меў на ўвазе сваю паўнату, ён паляпаў сябе па жываце i засмяяўся. - Я чуў, што ты быў у заказнiку з Сахатым? - сказаў ён.
Джынi зiрнула на яго.
- Цiшэй, - сказала яна, - могуць пачуць.
- А як маюцца гэтыя валацугi, Сахаты i Зел? - спытаў Эндзi, якi прапусцiў мiма папярэджанне Джынi, ён пазiраў на яе, як яна падышла да плiты i паставiла на агонь каву.
Рой таксама назiраў за Джынi. Яму хацелася ўстаць i самому зварыць каву, але ён прымусiў сябе сядзець на месцы.
- Нiчога, жывуць. Яны пайшлi на поўнач, ратавалiся ад патрулёў.
- А чаму вярнуўся ты? - спытаў Эндзi.
Рой пацiснуў плячыма.
- Ды вось рызыкнуў, - сказаў ён няпэўна.
- Тут цябе нiчога не трымае, Рой? - загрымеў Эндзi.
Рой не адказаў.
- Ты ўпэўнены, што цябе тут нiчога не ўтрымлiвае?
- А што мяне можа трымаць? - нецярплiва агрызнуўся Рой.
Эндзi быў у захапленнi.
- Не ведаю, Рой. Толькi ў цябе выгляд сямейнага чалавека, увесь заклапочаны, згорблены, зусiм як Зел. Гэта нядобра...
Рою гэта не падабалася, i ён усё менш ахвотна адказваў на пытаннi i на грубаватыя жарты. Эндзi быў ранейшы, але Рой ведаў, што сам ён ужо не ранейшы Рой; i гэта яшчэ больш бянтэжыла яго. Ён ужо страцiў першапачатковы план i мэту гэтай сустрэчы - стыхiйны напор гiганта Эндзi звалiў усё ў адну неверагодную кучу. Мо таму Джынi i вырашыла не ўмешвацца. А ў Эндзi проста не было за што зачапiцца, Рой не ведаў, як да яго падступiцца.
- Рой, - працягваў мiж тым Эндзi, - табе трэба было б нешта зрабiць, напрыклад, падацца ў Штаты. Тут ты зусiм зарос мохам. Сядзiш так, нiбыта i не збiраешся ўставаць з месца. Хопiць, Рой, пайшлi i атрасем пыл гэтай мясцiны з нашых ног. Давай, Рой!
Пачуўшы гэты гарачы заклiк, Джынi перастала збiраць вячэру i зiрнула на мужчын; але ў гэты момант яны не помнiлi пра Джынi. У гэтых словах захавалася былое захапленне, аднак Рой не зусiм разумеў намер Эндзi.
- Не сядзi ля дамашняй печы, Рой, апячэшся, - настойваў Эндзi.
Толькi зараз Рой зразумеў: Эндзi спрабуе ўратаваць яго, уратаваць яго ад Джынi. Сямейнае жыццё, хата, клопаты, словам, усё тое, што было ўвасоблена ў Джынi, ад усяго гэтага Эндзi паказваў Рою шлях выратавання. Гэта была праява такога сяброўства Эндзi ў адносiнах да Роя i такой абыякавасцi ў адносiнах да Джынi, што Рой засмяяўся, гледзячы на Эндзi, як ён смяяўся б, калi б слухаў лухту прыдуркаватага Джэкi Прата.
- Ты i на самай справе валацуга! - не вытрымаў Рой. - Табе толькi i бадзяцца па свеце, толькi i лезцi на ражон.
- Ну i што? Гэта праўда, Рой! Пойдзем?
Рой пакруцiў галавой i зноў засмяяўся.
- Не, дзякую!
- Ды ну цябе, Рой. Прысохнуць твае штаны да гэтага крэсла. Пайшлi адсюль. Пайшлi ў бар i вып'ем. - Эндзi ўжо стаяў у дзвярах. Рой устаў. Джынi паставiла капцiлку на камiн i, не апускаючы рукi, глядзела: не на Эндзi, на Роя. Пайшлi, Рой! - клiкаў Эндзi.
Рой хiстаўся i вагаўся.
- Не, я застануся, - сказаў ён.
- Перастань. Пайшлi! Я тут не буду доўга. Пайшлi, Рой. Хоць раз нап'ёмся як след!
- У мяне i так ажно трашчыць галава, - сказаў Рой. - Мо заўтра.
- Заўтра мяне тут ужо мо не будзе.
- Дык ты сапраўды ў Штаты?
- Так, i зараз ужо назусiм. Чаго мне вяртацца ў гэтыя правiнцыяльныя гарадкi, тут мне няма месца, Рой!
Ён выразна адчуваў асалоду ўцёкаў i не пакiдаў пасля сябе зусiм нiчога. Эндзi нiчога не даваў, нiчога i не патрабаваў. Ён проста сыходзiў - i сыходзiў так, нiбыта i не вяртаўся, нiбыта i раней нiколi не сыходзiў i нiколi тут не жыў. Ён яшчэ раз спытаўся ў Роя:
- Дык iдзём?
- Зараз не, - адказаў Рой.
Усё было зразумела, i Эндрус сказаў:
- Твая справа, Рой. Ты скончаны чалавек! - Ён памаўчаў, а затым засмяяўся сваiм абыякавым смехам. I вось ужо ён пайшоў прэч, кiнуўшы на развiтанне: - Ну што ж! Значыцца, я спазнiўся. Бывай, сябар. Бывай, Рой! - i не азiраючыся, не падумаўшы i хвiлiну пра жыццi, якiя пакiдаў за сваiмi плячыма, як тур, кiнуўся проста праз гразь i ў тое ж iмгненне знiк у змроку. Рой паслухаў яго цяжкiя крокi, але i гук iх растаў гэтак жа, як растаў у цемры Эндзi. Ён пайшоў - i ўсё было скончана.
А Рой усё яшчэ ў задуменнi доўга стаяў ля вушака.
- Iдзiце, Рой, - паклiкала яго Джынi. - Вячэра на стале.
Калi Рой увайшоў на кухню, уся няёмкасць яго з'яўлення тут зноў ахапiла яго. Ён сеў за стол, але ўспомнiў, якi ён брудны i растрапаны. Ён памыўся над ракавiнай, выцер твар кухонным ручнiком i хутчэй зноў сеў за стол, дзе чакала яго Джынi. Толькi зараз Рой заўважыў адсутнасць яе сына.
- А дзе Джок? - спытаў ён.
- Я адаслала яго ў Таронта да свайго бацькi, - сказала Джынi. - Я не хацела трымаць тут яго пры Эндзi.
- А ён бачыўся з Эндзi?
Яна адмоўна пакруцiла галавой. Ей, здавалася, было нават непрыемна гаварыць пра Эндзi, але яна ўселася ў крэсла, паклала локцi на стол i стала пiльна пазiраць на Роя, прымушаючы яго зразумець, што зараз яны адны.
Пра вячэру забылiся.
- У Эндзi тут няма нiякага iнтарэсу, Рой, - сказала яна. - Я яму спачатку спрабавала растлумачыць, але ён не слухае. Я i перастала.
Рой кiўнуў. Ён, зрэшты, зразумеў Джынi, яшчэ калi Эндзi быў тут. Яе прымушала маўчаць не тое, што яна прымала Эндзi, а тое, што ён для яе быў пустым месцам.
- Эндзi ўвесь час прыходзiў сюды? - спытаў ён, каб назаўсёды скончыць з гэтым.
- Я бачыла яго толькi два-тры разы, i ён прыходзiў сюды толькi пытацца пра цябе. Першы раз я спрабавала растлумачыць яму, але ён не слухаў. Тады я сказала яму, што не хачу яго больш бачыць. Я прагнала яго. Я ведала, што ён яшчэ ў горадзе, але не бачыла яго да мiнулага тыдня. - Ён адчуваў злосць у яе голасе, i гэта надавала яму сiлы.
- Пра што ён гаварыў? - спытаў Рой.
- Нi пра што. Зусiм нi пра што, - сказала яна. Зараз яна была спакойная, клапатлiвая, засцерагала Роя ад пакут сумлення, бо зараз у iх пачыналася барацьба з сабой. - Я сказала яму, што не хачу бачыць яго. Вось i ўсё. Вось i ўсё, што было, Рой, але яму было ўсё адно. Яго нiчога не цiкавiла, ён нават не слухаў мяне.
Рой усё яшчэ не верыў. Ён не рашаўся радавацца таму, што Джын Эндрус аб'явiла яму свой выбар. Яна дастаткова выразна сказала яму, што абараняла iнтарэсы абодвух i сцвярджала iх права жыць так, як яны жылi, але ва ўсiм гэтым было iншае.
- Не думаю, каб ён вярнуўся яшчэ раз, - сказала яна.
Тут Рой зразумеў, што становiшча ў iх горшае, чым было раней.
Пакуль яны лiчылi, што Эндзi прапаў i, магчыма, нiколi не вернецца, у iхнiх адносiнах была пэўнасць i яснасць. Зараз, калi ён усё ж вярнуўся i зноў пойдзе, становiшча станавiлася больш заблытанае, чым раней. Яны заўсёды будуць ведаць, што Эндзi ёсць, усё адно - далёка цi блiзка. Зараз ён быў рэальнасцю, а не воблiкам мiнулага. Абыякавы разрыў Эндзi з гэтым мiнулым зусiм нiчога для iх не мяняў; Эндзi нiбыта злавiў iх у пастку, i Рой не бачыў нiякага выйсця, асаблiва зараз, калi ў яго не было ўчастка. Сэм пайшоў, i iсцi на поўнач не было сэнсу: нiчога надзейнага не заставалася для яго ў Сент-Элене. Нават Джынi.
- Вячэра стыне, - сказала яна, здагадваючыся, пра што ён думае, i iмкнучыся ўнушыць яму цярпенне. Няхай пазней сам ва ўсiм разбiраецца.
- А дзе пушнiна? - спытала яна.
- Я пакiнуў яе ў Джэка.
Рой паспрабаваў есцi, але кавалак станавiўся ў яго папярок горла, i ён пачаў прыглядвацца да Джынi так, як нiколi не глядзеў на яе раней. Ён глядзеў без звыклай нiякаватасцi, нiбыта меў нарэшце на гэта права.
- А ўсё-такi няхай бы ён лепш не вяртаўся, - сказаў Рой.
Гэта было сама большае, што ён мог сказаць, чым мог вымераць iхнюю бяду.
- Я ведаю, - сказала яна. - Але на гэты раз ён не вернецца.
Ён ведаў, што яна прапануе яму надзейнае сяброўства, абароненае ад любых чужых памкненняў. Гэта ён атрымаў, i ён ведаў гэта лепш, чым калi-небудзь. I ўсё адно гэта нiчога не вырашала. Сапраўды скарб, схаваны ў тым, што яму прапаноўвалася, выслiзгваў з ягоных рук. Затым зноў з'явiлася злосць на Сэма, зноў успыхнуў ягоны бунт супраць лёсу; страта Сент-Элена i лесу ўвасобiлiся ў адной гэтай жанчыне, у адной гэтай хаце, якая зараз належала банку.
- Як гэта яны вас тут пакiнулi? - спытаў ён.
Джынi нiбыта здзiвiлася пытанню, але пасля павольная ўсмешка паказала, што яна зразумела. Яна ўстала, абышла вакол стала i села каля Роя з падкрэсленай рашучасцю. Затым паглядзела на яго быццам з неразуменнем.
- Я думала, што Джэк расказаў...
- Што расказаў?
Яна зноў памаўчала.
- Спадзяюся, гэтым разам было добрае паляванне?
Рой ведаў цану гэтым яе спакойным словам: ён бачыў горад Таронта, чуў званок трамвайнага вагона, якi вадзiў яе бацька, бачыў усiх гэтых гарадскiх жанчын, якiя спяшалiся да сваiх пiшучых машынак цi да прылаўкаў, каб абслугоўваць народ.
- А што? Чаму гэта так важна?
- Вось чаму. Я патрацiла тыя шэсцьсот даляраў. Я купiла гэтую хату i ўчастак на чатыры акры. На аўкцыёне. Ён iшоў асобна, вось я i купiла яго, Рой.
Рой ляпнуў сябе па тоўстых каленях.
- Вы купiлi старую хату?! - сказаў ён.
- Купiла.
Ён гатовы быў кпiць над лёсам, смяяцца. Раптам ён усё зразумеў. Яму вярталi ўсё яго жыццё, а Эндзi нiбыта i не было. Вось яна, пэўнасць, якую ўвесь час у яго адбiралi. Джын уцягнула яго назад у жыццё, яна дала яму адзiна магчымы адказ - i менавiта тут, у Сент-Элене. Але свет зноў пагрозлiва насоўваўся на яго.
- Чатыры акры гразi! - сказаў ён. - Вы хочаце зрабiць з мяне фермера? - Ён быў гатовы зноў растаптаць усё гэта.
- Не, Рой, не, - сказала яна. - Не кажыце, што я хачу зрабiць з вас фермера. Проста я купiла хату, вось i ўсё.
- Правiльна, Джынi, - хуценька адказаў ён.
- Я зусiм не хачу зрабiць з вас фермера, - паўтарыла яна.
- А цi ведаеце вы, што я не маю больш паляўнiчага ўчастка, - сказаў ён.
- Я ведаю. Я бачыла ў горадзе Скоцi i iншых.
- А мо i мне варта стаць фермерам, - бесклапотна прамовiў ён.
- Вы скончылi б, як i ваш брат Сэм.
Зараз ён цудоўна ведаў усё, усё, што паслалi яму багi, але яму хацелася падражнiць яе.
- А што, калi я пайду на поўнач? - сказаў ён. - Тады вы, вядомая рэч, выправiцеся ў свой Таронта?
- Вы можаце iсцi куды хочаце, - спакойна адказала яна. - Я выкупiла гэтую ферму. Я i буду ўтрымлiваць яе. А вы iдзiце куды хочаце!
- I вы думаеце справiцца з фермай? - ён стараўся запалохаць яе. - Вы думаеце, што адна справiцеся з чатырма акрамi?
- I з гэтым спраўлюся, - сказала яна.
- Праўда, - сказаў ён супакоена. - Бадай што справiцеся!
- А як вы? - спытала яна са сваiм гарадскiм лаканiзмам.
- Што я... - пачаў ён.
Яна чакала.
Затым ён раптоўна пайшоў да дзвярэй.
- Я хутка вярнуся, Джынi, - сказаў ён.
- Куды ты? - гукнула яна наўздагон.
- Пайду паталкую з iнспектарам, - азваўся ён i ў тое ж iмгненне знiк за дзвярыма.
Яна назiрала, як ён спускаўся з ганка, а iндзейскi сабака - за iм. Яна чула, як ён клiкаў сабаку, бачыла, як ён, высока ўздымаючы кароткiя ногi, з плюханнем iшоў па гразi, нiбыта гэта была паляўнiчая сцежка, i чула, як ён смяяўся сваiм ранейшым смехам.
Комментарии к книге «Паляўнiчы (на белорусском языке)», Джеймс Олдридж
Всего 0 комментариев