«Кароткi шпацыр са станцыi»

1350

Описание



Настроики
A

Фон текста:

  • Текст
  • Текст
  • Текст
  • Текст
  • Аа

    Roboto

  • Аа

    Garamond

  • Аа

    Fira Sans

  • Аа

    Times

Джон О'Хара

Кароткi шпацыр са станцыi

Пераклад: Уладзiмiр Шчасны

У лютым гэтага года, у пятнiцу вечарам Фрэнсiс Кiнг задрамаў адразу ж, як толькi цягнiк адышоў ад трыццатай стрыт, i праспаў бы ўсю дарогу да Паолi, каб не Джо Дайберт. Джо Дайберт паволi патрос яго за плячо.

- Прачнiся, Фрэнсiс, - сказаў Джо Дайберт. - Пакажы мамачцы вочкi.

- Га?.. А, прывiтанне, Джо. Што, прыехалi? - схамянуўся Фрэнсiс Кiнг.

- Думаю, сам разбярэшся. Што ты такое сёння з'еў у абед, хлопча? спытаўся Джо Дайберт.

Яны ўдвух выйшлi са станцыi. Iшлi нага ў нагу, але моўчкi, пакуль не выйшлi на двор.

- Падвезцi пад гару?

- Не, дзякуй, - сказаў Фрэнсiс Кiнг. - Да заўтра.

- Заўтра субота. Заўтра не ўбачымся.

- А што сёння еў у абед ты? Мы мяркуем прыехаць заўтра да вас на вячэру. Асцеражней едзь, мiстэр Дайберт. Асцеражней едзь. - Фрэнсiс Кiнг наставiў каўнер, нацягнуў пальчаткi. Але цяпер, калi ён застаўся адзiн, яму стала млосна ад думкi, што трэба iсцi пехатой пад гару да Кардзiф-роўд. Iсцi было недалёка, тры кварталы, i, пэўна, не адну тысячу разоў ён праходзiў iх, нават не заўважаючы; тым не менш цяпер яго ногi важылi тону. У яго не кружылася ў галаве, ён не адчуваў нiякага болю. Проста захацелася пастаяць тут некалькi хвiлiн.

Сябры i iх жонкi махалi яму рукамi, вiталi сiгналам, жадалi добрай ночы. Яны ўсе ведалi, што ўвечары Фрэнсiс Кiнг нiколi не згаджаўся, каб яго падвозiлi.

- Забыў нешта, Фрэнсiс? - спытаўся адзiн сябар, якi iшоў пеша.

- Проста збiраюся з думкамi, - адказаў Фрэнсiс Кiнг, i гэта было праўда: ён намагаўся зразумець прычыну свiнцовай цяжкасцi ў нагах. Ён ведаў, што дойдзе не далей як да Арлiнгтондрайв, што ў самым нiзе схiлу, што туды ён дацягнецца, ногi давядуць, але не далей. А потым яму стала сорамна i няёмка ад праўды: не такi жахлiвы быў уздым на Кардзiф-роўд, як думка пра тое, што яшчэ раз, пасля тысяч такiх разоў, ён пройдзе, адвёўшы вочы, каля крамы Лiдзii Браўн, робячы выгляд, што крамы няма, што няма нiякай Лiдзii Браўн.

Крама "Тэк-рум" была страшэнна дарагая, кошты на ўсё ў Лiдзii Браўн неверагодныя. Амаль усюды на Чэстнат-стрыт рэчы з кашамiру можна было купiць танней, i конскiя прылады, якiмi яна яшчэ гандлявала, на Чэстнат-стрыт каштавалi меней. Падарункi мужчынам былi даражэйшыя, чым у нью-ёркскiх унiвермагах, цэны на дзiцячыя тавары былi жахлiва завышаны. Але сябры Лiдзii Браўн не пераставалi купляць у яе, калi толькi мелi магчымасць, зачараваныя яе мужнасцю, а можа, таму, што iм падабалася сама крама i добры парадак, якi яна ў ёй навяла, сярод кантор па продажы нерухомай маёмасцi, вiнных крам, аптэк, цырульняў, налепленых тут, паблiзу станцыi. "Тэк-рум" - гэта прыемнае i зручнае месца, куды можна зайсцi выкурыць цыгарэту, выпiць кубак кавы ранiцай i гарбаты ўдзень. Даўнiя сябры маглi пазычыць парасон, пакiнуць свае рэчы, патэлефанаваць. Гэты цагляны дом з белай аздобай вабiў да сябе. А калi за будынiну, якая стаяла каля самай броўкi, i чаплялiся дзверцамi машыны, дык што значаць у наш час некалькi шкрабiн, калi на кожнай стаянцы вам могуць нарабiць столькi ўсякага, што шкрабiны будуць здавацца дробяззю. Нiхто з сяброў Лiдзii Браўн не хацеў, каб яна кiнула свой занятак, i яна заўсёды ўсмiхалася ў адказ, калi яны жартавалi пра завышаныя цэны на чатнi*, ангельскае печыва, iталiйскую скуру або шведскiя вырабы з дрэва. Часам у якой-небудзь фiладэльфiйскай краме прадавец казаў:

* Чатнi - iндыйская прыправа да мяса.

- Мы больш гэтым не гандлюем. Адзiнае месца, я думаю, дзе вы зможаце гэта купiць, дык у краме Лiдзii Браўн. Вы ж ведаеце "Тэк-рум"? Усё ў "Тэк-рум" было найвышэйшай якасцi.

Фрэнсiс Кiнг накiраваўся адразу ў "Тэк-рум", i ў яго хапiла сiлы падняцца па трох прыступках. Крама была ярка асветленая трыма матавымi лямпамi-шарамi, што звешвалiся са столi, але калi ён увайшоў, дык нiкога не ўбачыў. Потым з пакоя, недзе ў глыбiнi крамы, выйшла Лiдзiя Браўн.

- Прывiтанне, Фрэнсiс, - сказала яна. - Што-небудзь здарылася?

Ён кiўнуў.

- Я не ведаю, што такое. Захацелася прысесцi на хвiлiну.

- Вып'еш шклянку вады? Брэндзi? Можа, паклiкаць доктара?

- Я проста хачу пасядзець хвiлiнку. Нiчога асаблiвага. Гэта не сардэчны прыступ.

- Я прынясу табе брэндзi, - сказала яна.

Ён сеў, расхiнуў палiто, зняў капялюш, пальчаткi i паклаў iх на прылавак. Яна вынесла з бакавога пакоя кiлiшак брэндзi i, пакуль ён пiў, апусцiла жалюзi.

- Я ўсё роўна збiралася iх апусцiць, - сказала яна i стала перад iм, склаўшы на грудзях рукi, паглядаючы паверх акуляраў.

- Каб толькi ты магла паглядзець на сябе збоку, - сказаў ён.

- Калi ўвайшоў, ты не быў такi бадзёры. Што ты сёння еў у абед?

- Ужо другi чалавек у мяне пытаецца пра гэта. Я заснуў у цягнiку, i Джо Дайберт задаў мне гэта ж пытанне. Рагу з вустрыц, яблычны пiрог, два кубкi кавы. Тое, што я ем кожную пятнiцу вось ужо трыццаць гадоў, апрача тых, што адбыў на вайне. А што ты ела, Лiда?

- Бутэрброд з курыцай i шклянку малака. А што?

- Не ведаю. Дай, думаю, спытаюся. Ты ж у мяне спыталася.

Яна села ў крэсла насупраць яго i закурыла цыгарэту.

- Нiхто не паверыў бы, што першая наша размова пасля столькiх год будзе пра тое, што мы елi ў абед.

- Што ж, я думаю, праз столькi гадоў гэта адзiнае, пра што мы можам пагаварыць.

- Ты маеш рацыю. Ну, як сябе адчуваеш?

- Шмат лепш, дзякую. Я пайду, не хвалюйся.

- Не спяшайся. Мне няма чаго рабiць да сямi.

- А потым што робiш?

- Што?

- Я зусiм не цiкаўны. Мне часта хацелася ведаць, што ты робiш, калi не займаешся справамi.

- Вельмi мiла, Фрэнсiс. Гэта мяне кранае.

- У цябе добрая крама, - сказаў ён.

- Мне ён падабаецца.

- Справы, напэўна, iдуць добра.

- Даволi добра. Гандаль на каляды нiколi не быў такi паспяховы, як сёлета.

- Я рады за цябе.

- Роўз дапамагла, - сказала Лiдзiя Браўн.

- Няма патрэбы мне пра гэта гаварыць. Аплочваю чэкi я. Чаму ўсмiхаешся?

- Адзiная сувязь памiж намi было тваё прозвiшча ўнiзе чэка. Фрэнсiс Д. Б. Кiнг. Фрэнсiс Д. Б. Кiнг. Я памятаю, часта пiсала, "мiстэр i мiсiс Кiнг", каб ведаць, як гэта будзе выглядаць. Лiдзiя Б.Кiнг. Мiсiс Фрэнсiс Д.Б.Кiнг. Л.Б.К. Я думаю, усе дзяўчаты робяць тое самае.

- Гэтак было i са мной. Я пiсаў "мiсiс Кiнг" i думаў пра цябе.

- Няўжо праўда?

- Чыстая праўда. I Лiдзiя Б. Кiнг, i Лiдзiя Кiнг. Не прыпомню, каб пiсаў Л. Б. К., але, магчыма, пiсаў i так.

- Проста не магу ўявiць цябе такiм сентыментальным. Рамантычным.

- Ты забылася.

- Няўжо? Я - забылася. Якое неверагоднае нахабства трэба мець, каб сказаць такое. Адно мне так i не ўдалося - забыць. Цi можаш ты сабе ўявiць, што кожную ранiцу, калi я адчыняю краму, вось амаль ужо трыццаць гадоў, бачу, як ты праходзiш мiма па дарозе на цягнiк. Ты нiколi не зайшоў, нават не зiрнуў у мой бок. I гэта я забыла? Ты нават не заўважаеш крамы.

- Я заўсёды ведаў, што ён тут. Памятаю, у вайну, на перадавой, цемра, хоць выкалi вока, а я ўсё думаю, як тут дома. Успамiнаю ўсе будынкi ў нашым раёне, усе крамы i заўсёды тваю краму.

- Я ўсё спадзявалася, што цябе заб'юць на вайне.

- Што?!

- Ты лiчыш, што ў гэта цяжка паверыць?

- Я лiчу, што ў гэта немагчыма паверыць. Да таго як пачалася вайна, прайшло добрых дзесяць гадоў, як мы пасварылiся. Адно - не размаўляць са мной, але так ненавiдзець, каб хацець маёй смерцi праз дзесяць гадоў! Я ж не зрабiў нiчога дрэннага, Лiдзiя.

- Мне ты зрабiў, Фрэнсiс. Ты ўсё роўна што забiў мяне. Паглядзi на мяне. Хто я? Мне хутка шэсцьдзесят, нiякiх перспектыў на дзяцей, а я люблю дзяцей. Кватэра над крамай, замест утульнага ўласнага дома.

- Усё гэта крыўдна i не цяжка зразумець, але так ненавiдзець, каб хацець маёй смерцi... Ведаеш, калi б я ведаў гэта тады, я мог бы зрабiць табе такую ласку.

- Ну, што ты, Фрэнсiс.

- Праўда. Калi я ад'язджаў на Цiхi акiян, я ўладкаваў усе справы, зрабiў завяшчанне на Роўз i дзяцей. Карацей кажучы, прывёў усё да парадку. Але я не мог вярнуць тое, што зрабiў табе. Мне здаецца, што вельмi рэдка здараецца так, каб чалавек рабiў памылку i нiчога не мог паправiць, абсалютна нiчога. Але я не думаў, што ты так моцна мяне ненавiдзела.

- Яшчэ як.

- I цяпер?

- Цяпер? У гэты момант? Не. - Яна адвяла ўбок задуменны позiрк. - Калi ты ўвайшоў, у цябе быў выгляд, як быццам зараз павалiшся тут i памрэш.

- Атрымалася б няёмка.

- Канечне. Але вось ты спытаўся ў мяне. Цi ненавiджу я цябе цяпер? I адказ - не.

- Чаму?

- Сам павiнен здагадацца, Фрэнсiс.

- Таму, што ў цябе не засталося нiякага пачуцця. Цi не так?

- Так.

- Я так мала быў падобны на жывога, што ты не магла мяне больш ненавiдзець?

- Праўда.

- Як я выглядаю цяпер?

- О, цяпер, мне здаецца, добра.

- Таму ты павiнна зноў мяне ненавiдзець.

Яна адмоўна пакiвала галавой.

- Не, зусiм не. Я нiколi больш не буду цябе ненавiдзець.

Яе твар раптам стаў ясны i прыгожы, вочы такiя ж блакiтныя, як надзеты на ёй швэдар, i светлыя, як нiтка жэмчугу на шыi.

- Лiдзiя, - сказаў ён.

- Што?

- А нiчога будзе, калi я яшчэ зайду калi-небудзь?

- Не.

- Нiколi?

- Нiколi, - сказала яна. - Я сапраўды больш не хачу цябе бачыць, Фрэнсiс.

- Вось як, - сказаў ён. - Ну, што ж - дзякуй за брэндзi. - Ён падняўся, узяў капялюш i пальчаткi.

- Можа, выклiкаць таксi? - спыталася яна.

- Не, дзякую, - сказаў ён.

Яна адчынiла i патрымала яму дзверы, i калi ён выйшаў, пачуў, як шчоўкнула спружына замка. Ён не паспеў дайсцi да Арлiнгтондрайв, як яна патушыла святло ў краме, i iсцi да Кардзiфроўд было вельмi цёмна. Цёмна i холадна, да таго ж дзьмуў моцны вецер.

Комментарии к книге «Кароткi шпацыр са станцыi», Джон О'Хара

Всего 0 комментариев

Комментариев к этой книге пока нет, будьте первым!

РЕКОМЕНДУЕМ К ПРОЧТЕНИЮ

Популярные и начинающие авторы, крупнейшие и нишевые издательства