Вiнцэсь Мудроў
Ведзьма
Пасьля залевы сонца палiла па-чорнаму, i ў зале разнасьцежылi вокны. Пахi цёплага асфальту, прывялай травы, таполевай лiстоты завiсьлi ў паветры, перамяшалiся з пахамi парфумы, жаночага поту, вiннага перагару, i дыхаць стала зусiм цяжка.
- Ну, хто наступны? - млявым голасам запытаўся Першы, адною рукою перабiраючы паперы, а другою паслабляючы вузел гальштука.
Паслабiўшы вузел так, што сталi бачныя сiвыя валасы на грудзiне, Першы зiрнуў з-пад iлба ў канец залi й запытальна выдыхнуў:
- Таварыш Мурленя?
Усе разам ацiхлi, гудлiвы чмель, якi ўляцеў быў у расчыненае вакно, плюхнуўся на штору, i запанавалая цiша надала моманту элемэнты злавеснай урачыстасьцi.
На мiнулым тыднi Мурленя езьдзiў у Вiцебск на нейкiя спаборнiцтвы, патрапiў там у выцьвярэзьнiк, i цяпер увесь партыйна-гаспадарчы актыў наструнена чакаў - як адаб'ецца гэтая падзея на ягоных паводзiнах. Старшыня спорткамiтэту ўскочыў на ногi, зiрнуў на Першага затуманенымi ад грамадзкiх турботаў вачыма i, ускудлацiўшы непаслухмяны вiхор, з камсамольскiм iмпэтам заварушыў магутнай скiвiцай.
"Анi ў знак... Хаця б сумеўся, сволач..." - падумаў Макар, скоса пазiраючы на Мурленеву скiвiцу. Важкая й круглявая, што той жарон, скiвiца хадзiла ўбокi, iльсьнiлася на сонцы, малола нейкую несянецiну пра спартыўныя посьпехi таварыства "Ўраджай".
"Што яму будзе, таму Мурленю... Зяць дырэктара базы... Гэта Хамiцкi патрапiў у мыцельнiк, дык усю душу небараку вытрасьлi". - Апанаваны такiмi думкамi, Макар уявiў на хвiлю - што б было, калi б у выцьвярэзьнiк убiўся не Хамiцкi, а ён сам, i па целе ягоным прабеглi халодныя мурашкi. Мурашкi беглi ад патылiцы да хвастца, i давялося нават зварухнуць азадкам, каб пераканацца, што пад iм не мурашнiк, а райкамаўскае крэсла.
Крэсла рыпнула, чмель узьняўся ў паветра, а Першы, перапынiўшы Мурленю, запытаў:
- Вы штосьцi хацелi сказаць, Макар Iванавiч?
Пытаньне прагучала зьнянацку. Макар не пасьпеў нават уцямiць - што да чаго, замармытаў штосьцi ў адказ, i па тым, як скасавурыўся Першы й як нэрвова заляпаў алоўкам па стале, можна было зразумець, што ён нечым незадаволены.
- ... За справаздачны пэрыяд падрыхтавана: значкiстаў ГПА - 48 чалавек... - абудзiўся ацiхлы было старшыня спорткамiтэту, але яго iзноў перапынiлi.
- Таварыш Мурленя, а цi не маглi б вы сказаць, як рэалiзуюцца талёны на харчаваньне, якiя атрымлiвае ваш камiтэт? - Задаўшы гэтае пытаньне, загадчыца райана Сьцефурак адкiнулася ў крэсьле, чмель зь дзiўнай для яго хуткасьцю пачаў кружыць вакол Мурленевай галавы, а аловак у руцэ Першага пакiнуў стукаць i застыў у паветры.
Iншым бы разам Макар расхваляваўся, пачаў бы сябе ўпiкаць за тое мармытаньне: трэба ж было перапынiць Мурленю, задаць якое пытаньне, але сёньня на такiя перажываньнi ён быў папросту ня здатны.
Мурленя зашамацеў паперамi, рыхтуючыся годна адказаць загадчыцы, мiмаходзь баднуў галавой, адбiваючыся ад чмяля, i жартаўлiвым голасам прамовiў:
- Цi ня выгнаць гэтую заразу?
I хаця Мурленя меў на ўвазе пракуду-чмяля, усе разам паглядзелi на Сьцефурак, i тая, гэтак жа, як i Макар, заклапочана заезьдзiла на азадку.
Актыў заварушыўся, зашаптаўся. Першы стукнуў алоўкам па графiну, а Фаiна Рыгораўна Сьцефурак, прыхапiўшы са стала тэчку з надпiсам "На подпiс", пачала махаць ёю ў паветры, выганяючы з залi абрыдлую жамяру.
Нарада доўжылася тры з паловаю гадзiны. За гэты час шафёры, што прывезьлi ў райкам старшыню калгаса "Азяркi" й дырэктара саўгаса "Азярышчанскi" выпiлi чатыры пляшкi "чарнiла", мужык загадчыцы райана, Мiкола Сьцефурак, прывёз дахаты i разгрузiў ля плота машыну крадзеных дошак, у раённай больнiцы упершыню за два гады Пяцiгодкi якасьцi - нарадзiлася двойня, Зямля крутнулася на колькi там градусаў, i выгiнасты цень на яе паверхнi прапоўз ад Далёкага Ўсходу да сiняга Байкалу.
Усё iшло сваiм, загадзя вызначаным ладам. Круцiлася Зямля i сьвяцiла сонца, нараджалiся двойнi й лёталi чмялi, кралiся дошкi й пiлося "чарнiла" й заядалася нясьпелымi ранэтамi, i сакавiтае чвяканьне ўперамежку з прыцiшанымi шафёрскiмi галасамi ўрывалася ў разнасьцежаныя вокны.
Макар сядзеў ля вакна i чуў, як адзiн з кiроўцаў, бразнуўшы дзьвёркаю "ўазiка", мацюкнуўся i, дажоўваючы яблык, прамовiў:
- Раней раз на месяц зьбiралiся, а цяпер штодня балбочуць, курвы...
Вадзiла казаў яшчэ нешта, але ягоныя словы пакрыў гаўклiвы кашаль. Старшыня "Азяркоў", Мiшка Мандрык, якi сядзеў побач, нечакана закашляўся, зашоргаў нагамi па падлозе, а паслабiўшы па прыкладу Першага квяцiсты гальштук на шыi, голасам гогалеўскага мерцьвяка прасiпеў:
- Ду-ушна!
У залi iзноў заварушылiся, загаманiлi, графiн чарговым разам дзынкнуў, а Мiшка Мандрык, выдаўшы шэптам мудрагелiстую тыраду, першымi словамi якой былi: "Выганю да д'ябла", выцер канцом гальштука потную лабацiну.
Гадзiньнiк на сьцяне паказваў палову шостай.
Пры Калупайку такiм часам жанчыны пiсалi цыдулкi, просячы адпусьцiць iх цi то ў палiклiнiку, цi то ў ясьлi па сына, цяпер жа нiхто нiчога не пiсаў, i Макар, памружаўшыся на апалыя стрэлкi гадзiньнiка, зь нейкай няўцямнай трывогай згадаў тую пару, калi ён хадзiў на райкамаўскiя iмпрэзы як на сьвята. Яму нават здалося, што гэта было бог ведае калi. Ён нават паварушыў пальцамi, рахуючы днi й тыднi, а налiчыўшы дваццаць адзiн дзень, ня даў веры сваiм падлiкам.
* * *
Ранiцою, прачнуўшыся авосьмай, ён любiў хвiлю-другую палашчыцца ў пасьцелi, любiў пазяхнуць, пацягнуцца, пачухаць жарсьцьвяныя валасы на пахвiне й толькi тады падымаўся на ногi. Раней гэтага часу Макара не маглi абудзiць нi цвырканьне вераб'ёў пад вокнамi, нi лаянка суседзяў за сьцяною, нi сонца, што мела паганую звычку лезьцi ў вочы.
Тае ранiцы ён прачнуўся а шостай.
Наўкол было цiха: суседзi яшчэ спалi, вераб'i недзе лёталi, i сонечны промень ня лез у вочы, а сьветлаю плямай ляжаў ля ног, лiючы лагодную цеплыню на аголеную лытку. I ўсё ж такi ён прачнуўся, пачухаў потную пахвiну i ўздыхнуў, прымусiўшы мiрыяды пылiнак замiтусiцца ў сонечным сьвятле, зрабiўшы яго жывым i амаль адчувальным на дотык, i ад таго раеньня ў Макара закружылася галава й сон зьляцеў з павекаў.
Ён адразу ж устаў, пайшоў, хапаючыся за сьцены, у прыбiральню, а ўбiўшыся ў цёмны катух, доўга стаяў там, абапёршыся рукой на халодны стаяк.
Такiмi хвiлямi, калi вушы поўнiлiся бадзёрым цурчэньнем i нiз жывата працiнаў лёгкi халадок, Макар мiжволi згадваў мiнулую п'янку, i затуманеная вiнным чадам, але чуйная й чэпкая на дэталi памяць яму нiколi не здраджвала, ды гэтым разам пахмельны чад выпетрыў з галавы рэшткi памяцi, i ён ня мог узгадаць: як там усё было, з кiм даехаў да горада i як наогул патрапiў дахаты. Але адна згадка - няўцямная, як сон, i няўлоўная, як водар парфумы, усё ж цьвелiла сьвядомасьць... Учора ўвечары ён танцаваў з Данутай... Макар зьмежыў павекi, намагаючыся вярнуцца ў зманлiвы сьвет учарашняга вечара, i пакiнуты без нагляду струмень стоена зашамацеў па падлозе. Не разьнiмаючы павекаў - каб не спужаць, не разьвеяць шчымлiвай згадкi, - ён паспрабаваў на слых выправiць становiшча, але ня даў рады й давялося прымружыцца, выглядаючы ўнiтаз, а потым шукаць яго спачатку левай, а потым правай нагой.
Рука ўхапiлася за фаянсавую гiру, бачок над галавой гартанна керхануў, завыў, як той воўк на пiлiпаўку, i ў гэтым шалёным, дагэтуль нечуваным выцьцi Макару выразна пачуўся ягоны ўласны голас. Нават ня голас, а роспачны крык, якi вырваўся з прапiтай глоткi i, скалануўшы каналiзацыйныя трубы, суцiх, заглушаны аднастайным шумам вады.
Звычайна людзi не пазнаюць сваiх галасоў - яны iм здаюцца чужымi, але тут ня столькi вуха, колькi сама душа Макарава пачула той лямант, i Макар ужо гатовы быў крыкнуць штосьцi самому сабе ў цёмную зеўру ўнiтаза, ды ня крыкнуў: выпусьцiў паветра i, не абабiўшы апошнiх кропляў, выйшаў з прыбiральнi.
Праз хвiлiну, падпальваючы нягнуткiмi пальцамi фаерку пад чайнiкам, ён яшчэ раз прыслухаўся да пошуму вады ў прыбiральнi й з сардэчным клёкатам у горле прамовiў:
- Дапiўся, бляха.
Чорныя мятлiкi гэтым разам ня лёталi ўваччу, галава амаль што не балела, а вось душа... душа заходзiлася ад сьвербу, трымцела ў грудзiне, варушылася ў страўнiку, а калi чайнiк закiпеў-засьвiстаў на высокай ноце, раптам схаладнела, сьцiснулася ў камяк i зашылася пад драбы.
Чайнiк сiпеў ня так як раней - адчайна, раскоцiста, i сярод гэтага раскоцiстага сьвiсту Макару выразна пачулiся нечыя галасы. Гаварылi двое мужык i баба. Ён нават разабраў словы, сказаныя мужыком, штосьцi накшталт: Адпраўлю ў Акадэмiю - i, прыкруцiўшы ручку плiты, пацёр дрыжачай рукой тое месца, куды, па ягоных меркаваньнях, забiлася ягоная ўлякнутая душа.
Насланьнё не адпускала й пазьней, калi ён чысьцiў зубы i галiўся. Электрабрытва "Харкiв" - старая, з надтрэснутым корпусам, гудзёлка, якая звычайна працавала з натугаю й ня столькi галiла, колькi дзёрла шчацiньне, зумкала, як цыркулярка, а калi Макар паднёс яе да шчакi, - нiбыта папярхнулася i немым голасам завiшчэла: - Забудзь мой нумар, жывёлiна! - Электрабрытва выпала з рук, стукнулася аб край ракавiны, завiсла на шнуры i толькi тады загула ў сваiм звычайным тэмбры.
З ваннай Макар выкулiўся, трымаючыся рукамi за сьцены. Таямнiчыя галасы яго не на жарты ўсхвалявалi, i ад таго хваляваньня пот пацёк з-пад пахаў, i ногi зрабiлiся ватнымi i нягнуткiмi. Да таго ж, душа Макарава, якая дагэтуль варушылася недзе пад драбамi, падступiла да горла, i ён адрывiста iкнуў. Абапёршыся на дзьвярны ўшак, Макар iкнуў другiм разам: зычна, ядрана, а згледзеўшы свае штаны, якiя вiселi на люстры, iкнуў яшчэ раз - цяпер ужо зусiм па-вар'яцку, страсянуўшы пры гэтым друзлым чэравам.
Штаны зьлёгку варушылiся ад проймы, i гэта стварала ўражаньне, што ў пакоi нехта сасiлiўся. Дрогкаю рукою ён зьняў штаны з кандэлябры, упiхнуў левую, больш гнуткую, нагу ў правую калошу ды зноў скамянеў, пачуўшы суседавы храп за сьцяною.
"Дапiўся... да глюкаў дапiўся... Што ж цяпер будзе? Каму я такi патрэбны?" - вiхурылi ў галаве панiчныя думкi, i рукi цягнулiся да кнiжнай палiцы, i вочы выглядалi карэньчык "Мэдычнага даведнiка", i пазбаўленыя падтрымкi нагавiцы нясьпешна спадалi долу.
"Азоаспэрмiя...", "Актывацыя яйка...", "Алергii" - пажоўклы ад курава палец лiхаманкава гартаў даведнiк, а адгарнуўшы сто трыццатую старонку, гэтак жа лiхаманкава праехаўся пазногцем па словах "Алькагольны галюцыноз".
"На першы плян выступаюць слыхавыя галюцынацыi: шум, крыкi, галасы, якiя звычайна асуджаюць дзеяньнi хворага альбо выказваюць пагрозы... Пры гэтым у хворага захоўваецца ясная сьвядомасьць... Хворы апынаецца ва ўладзе "галасоў", яму здаецца, што яго хочуць забiць альбо зьняславiць".
"Забiць альбо зьняславiць," - уголас паўтарыў Макар, хвiлiну стаяў нерухомы, а калi за сьцяною зноў схрапянуў сусед, захлопнуў кнiгу i з рашучасьцю, на якую толькi быў здольны, прашаптаў:
- Зь сёньняшняга дня - нi кроплi.
... Круглявы iмбрычак стаяў пасярод стала i спалохана бразгаў накрыўкаю. Гэтае бразганьне блытала думкi, напiнала нэрвы, таму Макар, не дачакаўшыся, пакуль запарыцца гарбата, нацэдзiў у конаўку рудаватай вадкасьцi, далiў кiпню, i ў паветры запахла нябожчыкам.
- Што ж там было? - выдыхнуў пахмельны пакутнiк, парушыўшы лямiнарную павольнасьць пары, што падымалася з конаўкi.
Адказу на гэтае пытаньне не было. Макар пацёр скронi, крэкнуў, абхапiў рукамi голаў i стаў безуважна сачыць за кружэньнем чаiнак у вiры ненастоенай гарбаты.
Учора, упершыню за ўвесь час рэдактарства, яго запрасiлi на райкамаўскую п'янку. Ладзiлi яе з нагода ад'езду Калупайкi - Iван Iванавiч ехаў у Вiцебск, другiм сакратаром абкаму.
Выбiцца з Азярышча ў вобласьць, ды яшчэ на такую пасаду - учынак амаль што неверагодны. Хадзiлi чуткi, што Iван Iванавiч даў некаму хабар, а ягоная жонка, падчас наведаньня сталiцы, гуляла зь мiнiстрам сельскай гаспадаркi i вiдавочна ў ложку - упрасiла таго прапiхнуць мужа ў абкам. Так гэта, цi не сказаць цяжка, але Калупайка зьяжджаў, i на загараднай турбазе арганiзавалi разьвiтальную вечарыну.
Пра п'янкi на "Качыным Востраве" - так назавалася турбаза - апавядалi шмат розных плётак. Слухаючы iх, Макар глытаў сьлiну, употай чухаў пахвiну, якая пачынала раптам сьвярбець, i на дне цiхмянай рэдактарскай душы кожнага разу варушылася крыўда. На загарадныя гулянкi яго не запрашалi.
I вось учора, па абедзе, пад рэдакцыйнымi вокнамi зь нецярплiвасьцю квакнула легкавушка. "Мандрык", - мiльганула тады ў Макаравай галаве; Макар схамянуўся, выцягнуў са стальнiцы мутную шклянку - у Мандрыка нiколi не было з чаго пiць - i шырокiм крокам падаўся на двор.
Сябрук часьцяком прыяжджаў такой парой - ехаў з абеду ў "Азяркi" i па дарозе зарульваў у рэдакцыю. Звычайна яны кулялi па дзьвесьце пяцьдзесят, таропка, што тыя зайцы, закусвалi зялёнай цыбуляй i разьвiтвалiся да вечара. Гэтым разам Мiшка быў за рулём. У машыне сядзеў яшчэ нехта, i Макар, раўнiва намацаўшы шклянку ў кiшэнi пiнжака, адчынiў дзьверцы "ўазiка". Дакладней, дзьверцы адчынiлiся самi: ён толькi нацiснуў на ручку, i на грудзiну насунулася важкая, спавiтая цупкiм полiэтыленам, туша.
Тушы Мандрык вазiў i раней - i райкамаўцам, i абкамаўцам, i пракурору, але рабiў гэта ўпотай, па начах. Тут жа вёз сярод белага дня, у самую сьпёку.
- Залазь ужо як-небудзь, - прамовiў Мiшка, i ў голасе ягоным чулася лёгкае хваляваньне.
Абхапiўшы рукамi сьцягняк, Макар убiўся разам з тушаю ў кабiнку, стукнуўся галавою аб нешта брынклiвае i гучна мацюкнуўся. На сядзеньнi, адна на адной, стаялi, падпiраючы брызэнтавы верх, скрынi з гарэлкаю.
- Ня лайцеся! - прагучала над вухам, i Макар зьнiякавеў. Наперадзе, поруч зь Мiшкам, сядзела загадчыца сэктару ўлiку Азярышчанскага райкаму Данута Станiславаўна Францкавяк.
Той хвiляй ён прагнуў толькi аднаго: зьнiкнуць! Альбо правалiцца. Альбо ператварыцца ў адну з тых мух, што бiлiся ў шыбу.
Данута Станiславаўна была ягонай тайнай сымпатыяй. Доўгiх дзесяць месяцаў - ад дня свайго прыезду ў Азярышча - ён марыў спаткацца з гэтай жанчынай. У галаве Макаравай ужо быў распрацаваны сцэнар такога спатканьня, а хвараблiвыя, узбуджаныя алькаголем фантазii кожнага разу пераносiлi яго ў сутонлiвы, напоўнены чароўнымi пахамi i суцiшнымi песьнямi пакой, пасярод якога, на мяккiм варсiстым дыване, ляжала ў паставе ўсходняй адалiскi Данута Станiславаўна Францкавяк.
I вось ён паўстаў перад Данутай - у абдымку з разабраным баранам, з мацюкамi на вуснах i з парэзаным аб гострую стужку, якiмi абабiваюць скрынi, iлбом.
- Трымай, паварочваю! - гукнуў Мандрык, пайшоў на разварот, i давялося ўперцiся рукамi ў скрынi, каб тыя не абрынулi на голаў.
Прыхаваўшыся за тушай, Макар пашукаў - чым бы гэта прамакнуць юшку на лобе; нiчога вартага не знайшоў i прамакнуў партбiлетам.
За ўвесь час, пакуль яны ехалi да "Качынага Вострава", Данута анi разу не азiрнулася. Сядзела моўчкi, безуважна пазiраючы на дарогу. Маўчаў, адчуваючы настрой пасажыркi, i Мiшка Мандрык. Але й яно i добра: Мiшка меў звычку пацьвельваць зь сяброў у прысутнасьцi жанчын, i гэтае маўчаньне было адзiным, што лагодзiла душу такiмi вусьцiшнымi хвiлiнамi.
Усю дарогу Макар хаваўся за тушай, шморгаў носам, i нават калi "ўазiк", квакнуўшы наастачу, спынiўся ля мураванкi з выяваю качкi на франтоне i Данута Станiславаўна, не сказаўшы нi слова, выйшла з машыны, ён усё яшчэ баяўся падняць галаву, i Мiшку давялося ляпаць яго па карку i з гарэзьлiвай iскрынкай уваччу кiваць на скрынi з гарэлкаю.
Яны выпiлi паўпляшкi, выпалiлi па цыгарэце, прыхапiлi тушу i падалiся да возера - кроiць мяса на шашлыкi.
Макар кроiў мяса з шалёнай апантанасьцю. Распранены па пояс, з налепленым на лбе лiстком трыпутнiку - рана ўсё яшчэ крывавiла - ён дэманстраваў Мiшку сваю дасьведчанасьць у шашлычнай справе, а пачуўшы жаночыя галасы, што даляталi з суседнiх кустоў, схапiў мэталёвы пожаг i зь лiхаманкавым iмпэтам пачаў налыгваць кавалкi баранiны.
Ён налыгваў трэцi пожаг, калi ў вушах зазьвiнеў пералiвiсты жаночы сьмех.
- Што ж вы робiце? - прамовiла Данута Станiславаўна, падышоўшы блiжэй, а яе сяброўка - райкамаўская сакратарка Марына, - хаваючы ў далонь крывую ўсьмешку, патлумачыла: - Мяса спачатку марынаваць трэба.
Жанкi пастаялi крыху, пагаманiлi i, падхапiўшы мяднiцу з гарою пакроенага мяса, пайшлi ў бок турбазы.
- Ну чаму, чаму я такi? - прамармытаў Макар, ляпнуў па лобе, забiваючы камара, i толькi тады зразумеў, чаму сьмяялiся жанчыны. На лобе, як той лазенны лiст на пэўнай мясьцiне, красаваў лiсток трыпутнiку.
- Ну чаму?.. - прастагнаў ён другiм разам ды нечакана сьцепануўся ад шалёнага ляманту i плёхканьня вады за сьпiнаю. Гэта Мiшка Мандрык сiгануў з масткоў у празрыстую глыбiню ляснога возера.
Потым яны зноў сядзелi ў кабiнцы - пiў, праўда, толькi ён, Макар, - тапiў у гарэлцы сваю няўклюднасьць, - i калi на базу завiтаў Калупайка на шэрай "Волзе", пад нагамi Макаравымi ўжо зыбалася зямля, а ўвушшу натужлiва гулi званы. Потым ён пiў за бяседным сталом, потым ля вогнiшча, закусваючы недапечанай баранiнай, потым яшчэ недзе, а таму й ня дзiва, што наступным ранкам пахмельная памяць зеўрала праваламi i адзiнае, што запомнiлася, дык гэта п'яная пыса дырэктара канторы кiнапракату Даўгалёва, зь якiм ён цалаваўся ўзасос i якому кляўся ў вечнай дружбе.
I яшчэ адна згадка не давала спакою: ён танчыў з Данутай. Згадка была цьмянай, амаль няўлоўнай, i калi Макар, дзьмухнуўшы на гарбату, заплюшчваў вочы, спрабуючы вярнуцца ў прыцемную залю, дзе ён кружыў з Данутай, уваччу кожнага разу паўставалi альбо вясёлкавыя шары, альбо барвовая пыса Васькi Даўгалёва. I толькi калi ён сёрбнуў гарбаты i на шырокiм лабешнiку ягоным заблiшчэлi пацеркi поту, нос адчуў раптам дзiўны, нi з чым не параўнальны пах Дануччыных валасоў. У прадчуваньнi шчымлiвых згадак Макар iзноў заплюшчыў вочы, але тут з носа ягонага сарвалася кропля поту, плюхнулася ў конаўку, i гук гэты канчаткова разагнаў салодкiя мроi. Макар мацюкнуўся, выцер твар кухонным ручнiком i, дапiўшы гарбату, пайшоў зьбiрацца на работу.
Галава пасьля п'янкi была як цэбар, сьвятло брынiла ўваччу, i дзесьцi на самым дне душы варочалася хваравiтае пачуцьцё - цi то вiны, цi то крыўды, цi то яшчэ нейкай халеры. Такiмi хвiлiнамi, - а надаралiся яны ледзь не шторанiцы, - Макар унiкаў сустрэч зь людзьмi, а таму, прачынiўшы дзьверы, прыслухаўся - цi ёсьць хто на лесьвiцы.
Долу бег, пераскокваючы праз тры прыступкi, i ўсё ж, вылятаючы з пад'езда, наляцеў на хахлушку зь 10-й кватэры. На шыi ў суседкi вiсела нiзка зашчэпак, а да правага клуба была прыцiснута алюмiнiевая мяднiца.
- Добройi раныцi! Доброго вам здоров'iчка! прасьпявала хахлушка, i Макару пачулася ў тых словах злая гiронiя.
- Добрага... - буркнуў ён, не ўздымаючы вачэй, выйшаў на падворак, а заўважыўшы на вяроўцы хахлушкавы трусы з жоўтай мецiнай, скрывiўся i сплюнуў пад ногi салодкую сьлiну.
Мястэчка Азярышча - што б там нi казалi - ня самае страшнае месца ў сьвеце. Зялёнае, суцiшнае, аднапавярховае, з гусiнымi чародамi на ўскраiне i з цыкляпiчнай ленiнскай галавой у цэнтры, яно магло б улагодзiць якога-небудзь адстаўнiка ў дачны сэзон, але нiяк не Макара, якi дагэтуль пяць гадоў пражыў у сталiцы i душа якога прыкiпела да людзкой мiтусьнi, шкла, бэтону, начнога нэону, павiльёну "Ясень", дзе давалi сьвежае пiва, ды iншай урбанiстыкi.
На апошнiм курсе ВПШ яму паабяцалi былi месца ў адной са сталiчных газэт, ён нават хадзiў у рэдакцыю i напiсаў пару артыкулаў пад рубрыкай "Правафлянговыя", але ў апошнi момант месца тое занялi, а яму, уручыўшы дыплём, загадалi ехаць у гарпасёлак Азярышча й ачолiць там раённую газэту.
Зьяжджаць са сталiцы на край сьвету не хацелася. Тры днi Макар абмываў "корачкi", на пытаньнi сяброў - куды яго пасылаюць - адказваў кароткiм мацюгом, а на чацьверты дзень, завiтаўшы ад ранку ў павiльён "Ясень", паведамiў сабутэльнiку - Лёньку Холаду - пра сваё разьмеркаваньне.
Лёнька, вiцебскi малец, якi таксама вучыўся ў партшколе, адразу ж пасуравеў з твару, выпiў нагбом кухаль пiва i, паклаўшы на Макаравы плячук сваю пудовую руку, выдаў фразу, ад якой Макару стала моташна й гарачыя голкi кальнулi пахвiну: - Гiблае месца.
Сябрук спаражнiў без перадыху яшчэ адзiн кухаль i распавёў вусьцiшную гiсторыю пра рэдактара азярышчанскай газэты Несьцяронка.
Несьцяронак гэты, па словах сябра, пiў горкую да поўнага ачмурэньня: спаў пасярод вулiцы, з моста куляўся, а аднаго разу, схапiўшы калун, бегаў вакол хаты, намагаючыся забiць сваю жонку, з якой быў у разводзе. Паколькi журналiсты наогул народ пiтушчы, а рэдактар да таго ж меў заслугi перад радзiмаю - у вайну завiхаўся ў СМЕРШу, дык раённае начальства глядзела на ўсе гэтыя выбрыкi скрозь пальцы. I вось, калi да пэнсii Несьцяронку заставалася нейкiх паўгода, у Азярышчанскi райкам прыслалi Галiну Спартакаўну Пiдуту.
Згадаўшы пра Пiдуту, сябра пасуравеў яшчэ болей, здушыў у бляшанцы папяросу, хрыплым голасам запытаў:
- Ня чуў пра такую?
Макар страсянуў галавой, а Лёнька, пасьля паўзы, прамовiў:
- Яе ў нас усе ведаюць. Страшная баба. Прышыбееў у спаднiцы.
Сябра дапiў пiва, выцер рукавом пузырыстую пену з вуснаў.
- Як толькi ў якiм раёне хлопцы запiваюць, абкам туды Пiдуту шле, трэцiм сакратаром. Яна там i лютуе. У Азярышчы адразу ж два павiльёны зачынiла - на базары i ля аўтастанцыi. Дырэктару прамкамбiната за п'янку страгача ўляпiла, а потым за Несьцяронка ўзялася. Па пяць разоў на днi ў рэдакцыю заходзiла, з вобласьцi брыгаду сацыёлягаў выклiкала - дасьледаваць работу рэдактара. Карацей, увесь плех небараку пераела. Аднойчы прыйшла ў рэдакцыю - Несьцяронак якраз на гарышчы быў, у яго там у бутлях яблычнае вiно дасьпявала, - падышла да лазу i гукае: "Таварыш рэдактар, што вы там робiце?" Ну, а Несьцяронак ужо глынуў з бутлi, душа рвалася на волю, ён i вырашыў... пажартаваць. Раней у рэдакцыйным будынку бязногi iвалiд жыў, пасьля яго на гарышчы два старых пратэзы засталiся. Ну i пажартаваў: зьняў штаны, упiхнуў у калашыньне пратэзы, загарлаў нема: "Бывай, Радзiма!" - i апусьцiў штаны ў лаз. Нiбыта ён засiлiўся. Пiдута, як толькi штаны пабачыла, адразу самлела: iнсульт, заварот кiшак i штосьцi там па жаночай лiнii. Несьцяронак глянуў долу i, як быў у трусах, так i скацiўся па драбiнах. Пачаў штучнае дыханьне рабiць - рот у рот. Тут прыбiральшчыца прыбегла - загаласiла на ўсё Азярышча. Падумала, што рэдактар трэцяга сакратара гвалтуе. Карацей, схапiў Несьцяронак Галiну Спартакаўну за голыя лыткi, гукнуў свайго намесьнiка, i ўдвох паперлi самлелую бабу ў больнiцу.
Ну, ведама, людзi сабралiся - нават прадаўшчыцы з суседняй крамы прыбеглi. Убачылi Несьцяронка ў трусах i вырашылi, што трэцi сакратар пад iм самлела.
На наступны дзень розных камсiсiй панаяжджала, крымiнальную справу завялi, але неўзабаве ўсё ацiхла. Пiдута ў больнiцы паўгода качалася, потым у санаторыi адпачывала, але так дарэшты i не ачуняла. Цяпер у Азярышчы таварыствам аховы помнiкаў кiруе.
- А Несьцяронак? - дрогкiм голасам запытаў Макар.
- На поўнач зьехаў, да роднага брата. Брат ягоны ў Надыме працуе.
Хвiлiну сябры палiлi, засяроджана паглядаючы на пустыя кухлi, пасьля чаго Лёнька Холад iкнуў i бадзёра паведамiў:
- Не сумуй, у мяне ў тых мясьцiнах стрыечны брат жыве - ён мне пра ўсё гэта i распавёў. Мiшкам завуць. Прозьвiшча Мандрык. Калi што - дапаможа.
Уражаны аповедам, Макар запiсаў рэквiзыты Лёнькавага брата ў нататнiк i ўспомнiў пра iх толькi празь месяц, калi прыехаў у Азярышча.
Дзень той запомнiўся да драбностак.
На дварэ быў верасень, i першы жаўталiст, узьвiхураны цягнiком, цiха ападаў долу. Скочыўшы з вагоннай прыступкi, Макар схапiў адзiн лiсьцiк, сьцiснуў зубамi чаранок i пасьмiхнуўся нязыркаму сонцу, што прабiвалася скрозь вецьце высокiх бяроз. Ён паблукаў па прыстанцыйным базарчыку, на якiм пяцёра скурчаных бабуль прадавалi грыбы абабкi й недасьпелыя брусьнiцы, прайшоўся па галоўнай азярышчанскай вулiцы, пазначыўшы свае новыя, яшчэ не разношаныя туфлi попельна-шэрым пылам, пастаяў, як той вiцязь перад Галавою, ля помнiка правадыру i, спытаўшы п'янаватага дзядзьку, дзе месьцiцца рэдакцыя, падаўся ў той бок, куды кiўнуў, мацюкнуўшыся, азярышчук.
Рэдакцыйны будынак - прысадзiсты, урослы ў зямлю, - нiчым ня розьнiўся ад вясковай хаты, адно што пад вокнамi не буялi флёксы, а на пазадзьдзе адсутнiчаў хляўчук. Керхануўшы дзеля салiднасьцi, Макар увайшоў у вохкi прыцемак, пашукаў вачыма прастакутнiк лаза на столi i, не без хваляваньня, падышоў да абабiтых дэрмацiнам дзьвярэй.
У маленькiм, упрыгожаным выцьвiлымi плякатамi габiнэце, сядзеў сярэдняга веку мужчына ў швэдры i, мылячы вуснамi, штосьцi размашыста пiсаў на абрыўку паперы.
Мужчына, не перарываючы пiсанiны, скасiў пукатае вока, запытальна таргануў падбародзьдзем, а ўбачыўшы валiзу, ускочыў з крэсла.
- Хамiцкi, Сазон Пятровiч, - адрэкамэндаваўся гаспадар габiнэту, працягнуўшы хударлявую руку. - Даўно вас чакаем. Ужо i ў абкам тэлефанавалi. Ад працы ж проста захлынаемся. Вось, пiшу, - вiнавата пацёр далонi Хамiцкi, справаздачу з партсходу на прамкамбiнаце. Цiкавы атрымаўся сход. Было некалькi прынцыповых выступленьняў.
"П'е, - падумаў Макар, увабраўшы носам цяжкое, прыпраўленае пiўнымi парамi i пахам мышынага гаўна паветра.
Сазон Пятровiч яшчэ добрых паўгадзiны апавядаў аб складанасьцях журналiсцкай працы, казаў пра тое, што яму, адказнаму сакратару, даводзiцца выконваць рэдактарскiя абавязкi - хадзiць на партсходы i нарады, пiсаць справаздачы ды розныя афiцыйныя матэрыялы, а калi, суняўшыся на хвiлю, спытаў, цi не схадзiць iм у мясцовы рэстаран паабедаць, Макар засьцерагальна кашлянуў i, пасунуўшы блiжэй да сьцяны валiзу, паведамiў:
- Я ў райкам. Хутка буду.
"Разьвiнцiўся без начальства... Сядзiць у габiнэце i пляшка пад сталом, -падумаў Макар грукнуўшы дзьвярыма. - Я гэтаму Хамiцкаму рогi пазьбiваю. Забудзе - у якiм баку гарэлачная крама".
Апанаваны думкамi аб мацаваньнi працоўнай дысцыплiны, ён дабрыў да райкама - навюткай чатырохпавярховай будынiны - i, узьбiраючыся на высокi ганак, вырашыў на першым жа паседжаньнi бюро райкама ўзьняць пытаньне аб пераводзе рэдакцыi ў больш прыстойныя апартамэнты.
Паблукаўшы па пустых калiдорах, ён знайшоў, нарэшце, сэктар улiку, адчынiў дзьверы i нечакана аслупянеў, забыўшыся i на Хамiцкага, i на працоўную дысцыплiну, i на новыя апартамэнты. За перагародкай, якая падзяляла габiнэт на дзьве паловы, стаяла жанчына i, паставiўшы на крэсла зграбную нагу, падцягвала белую панчоху. Ён угледзеў мацiцовае, не прыхаванае капронам сьцягно, адчуў падатлiвасьць маладога жаночага цела, i душа ягоная, а разам зь ёю i нiжняя скiвiца суладна затрымцелi.
Iншая кабета ў такой сытуацыi схамянулася б, таропка абцягнула спаднiцу, а гэтая, убачыўшы наведнiка, задуменна палашчыла калена, уздыхнула i толькi тады падышла да перагародкi.
Дрогкай рукой ён перадаў дакумэнты, разоў дваццаць перапiсаў заяву з просьбаю паставiць яго на ўлiк, а выкулiўшыся з габiнэту, столькi ж разоў перачытаў па складах прозьвiшча загадчыцы на цьмянай шыльдзе.
- Да-ну-та Ста-нiс-ла-ваў-на Франц-ка-вяк.
Ну, а першае, што ён убачыў, вярнуўшыся ў габiнэт адказнага сакратара, былi пляшка гарэлкi i дзьве бляшанкi кiлек у тамаце.
- Абмыць жа трэба... - лiсьлiва прамовiў адказны сакратар, прыхоўваючы за сьпiнаю мiтусьлiвыя рукi.
Думкi блыталiся ў галаве; ён не адразу ўцямiў - што трэба абмываць, i толькi праз хвiлiну, суняўшы хваляваньне, загадна махнуў рукой:
- Пайшлi на прыроду!
Яны прыселi пад кустом бузiны, непадалёку ад рэдакцыi, i Хамiцкi, завiхаючыся з пляшкай, раз-пораз паглядаў праз шчылiны штыкетнiку на рэдакцыйны ганак. Разьлiваючы гарэлку, адказны сакратар нечакана наструнiўся i злавесна прашаптаў:
- Пiдута...
У прасьвецьцi мiж штыкецiн варушылася нечая пахiлая постаць.
Хамiцкi кульнуў шклянку, закiнуў у рот кiльку i, жуючы, распавёў страшную гiсторыю пра тое, як ягоны былы шэф ледзь ня збыў са сьвету трэцяга сакратара райкама. Хамiцкi рыхтык паўтарыў аповед Лёнькi Холада, за выключэньнем аднае дэталi: штаны Несьцяронак усё ж такi пасьпеў насунуць, але не пасьпеў зашпiлiць; яны зрэшты рэшт звалiлiся, i рэдактар, заблытаўшыся ў калашыньнi, павалiўся разам зь Пiдутаю пасярод больнiчнага двара.
- Ходзiць цяпер, вiжуе, ды дакладныя запiскi ў абкам пасылае, карга лупатая, - Хамiцкi налiў па другой i, ўзьняўшы шклянку, дадаў: - Тут нядаўна яшчэ адна халера зьявiлася - Касьян Пракопавiч Зёх.
Адказны сакратар глынуў гарэлiцы, а паколькi думаў аб непрыемным, дык папярхнуўся, закашляўся i скрозь кашаль растлумачыў:
- Адстаўнiк... мэмуары... эх-хы... эх-хы... пiша. Я ад яго... эх-хы... эх-хы... у шафе хаваюся.
Калi гарэлка была дапiтая, Хамiцкi падхапiўся, падцягнуў нагавiцы i, кiнуўшы кароткае: - Я зараз, - зьнiк за кустамi.
"Цудоўны хлопец!" - падумаў Макар пра свайго адказнага сакратара i яшчэ падумаў, што выбiваць новыя апартамэнты, вiдаць, ня варта, бо тут, сярод кустоў бузiны i глогу, яно зацiшней i заўсёды можна ўзяць чарку, не адыходзячы далёка ад рэдакцыi.
Хамiцкi вярнуўся хвiлiн праз дзесяць i, зразумела, не з пустымi рукамi. Яны кульнулi яшчэ па сотцы, укiнулi ў раты па цыгарэце, i Макар запытаўся пра тое, што даўно сьпела на канцы языка.
- А-а... Данута Станiславаўна... - прамармытаў Сазон у адказ, зацягнуўся пякучым дымам i распавёў пра трох Дануччыных мужоў, адзiн зь якiх засiлiўся, другi ўтапiўся ў Гатаўскiм возеры, а трэцi завэрбаваўся матарыстам на гандлёвы флёт, i з той пары яго ў Азярышчы нiхто ня бачыў.
- Тут шмат хто да яе ласы, ды яна баба гордая. Усiх адшывае. - Сазон спахмурнеў, а Макара такiя словы ня толькi натхнiлi, але й засмуцiлi. Данута, гэтая недаступная для мужчын кабета, дэманстравала свае ногi, а ён, недарэка, стаяў як слуп, ня здолеўшы сказаць камплiмэнта.
Неўзабаве i другая пляшка паляцела ў кусты, i па шамрэньнi лiсьця Макар заразумеў: насьпела ягоная чарга лезьцi ў кiшэню.
Разам з грашыма ён выцягнуў зашмальцаваны нататнiк, перагарнуў старонкi, п'янавата зiрнуў на сабутэльнiка.
- Ты, часам, Мандрыка Мiхаiла ня ведаеш?
- Мiшку?! Мандрыка?! - не сваiм голасам галёкнуў Хамiцкi i, нiчога больш ня кажучы, паведамiў, што бачыў Мiшкавы "казёл" ля мясцовага рэстарана.
Азярышчанскi рэстаран "Калiна красная" скаланаўся ад папулярных песень i сiплага баса кучаравага здаравiлы, якi сядзеў за крайнiм столiкам, бязладна падпяваючы рэстаранным музыкам. Лёнька Холад нiчога не казаў пра свайго брата, але Макар, убачыўшы здаравiлу, iнтуiтыўна прызнаў у iм таго самага Мандрыка. I не памылiўся, бо калi ўладальнiк сiплага баса загарлаў зусiм шалёным голасам, Хамiцкi шматзначна кiўнуў галавой.
Пасьля сталiцы азярышчанскi рэстаран выглядаў даволi ўбога. У залi панаваў прыцемак, афiцыянткi былi падабныя да пiянэрважатых - белы верх, чорны нiз, а музыкi лабалi мiма нот. Макар паглядаў на ўсё гэта з непрыхаванай гiронiяй, а таму й рушыў па залi хадою рэстараннага заўсёднiка - валюхаста i шаргатлiва.
- Вам прывiтаньне ад Лёнi Холада! - выгукнуў Макар, падышоўшы да столiка.
Здаравiла абарваў песьню, колькi часу сядзеў з адкрытым ротам, а потым, усхапiўшыся на ногi з iмпэтам Сазона Хамiцкага, адчайна загарлаў:
- Лёнька?! Холад?! Дзе ён?!
Прагнутая пастава, шалёны бляск вачэй i сьцiснуты ў кулаку вiдэлец выяўлялi рашучасьць зараз жа бегчы на пошукi брата, таму прыйшлося тлумачыць таварышу, што Лёнька Холад жывы, здаровы i ў дадзены момант знаходзiцца ў сталiцы, дзе вучыцца на трэцiм курсе Рэспублiканскай партшколы.
Здаравiла махнуў рукой, загадваючы субяседнiкам ссоўваць сталы, i шалёны iмпэт ягоны вылiўся ў магутны воклiч:
- Маша! Яшчэ тры бутэлькi!
Мiшка Мандрык гуляў у рэстаране ня проста так, а абмываў пераходны Чырвоны сьцяг, якiм надоечы ганаравалi ягоны калкас за посьпехi ў выкананьнi Харчовай праграмы. Разам зь iм за сталом сядзелi галоўны iнжынэр калгаса - сiвы й дарэшты п'яны чалавек, якi ўжо не даваў рады адрэкамэндавацца, кiраўнiк раённай канторы кiнапракату Даўгалёў - менавiта так, па прозьвiшчы, кiраўнiк i прадставiўся, а таксама старшыня спорткамiтэту Аляксандар Мурленя, далучанасьць якога да спорту выдавала трыкатажная масьцерка з самаробным знакам фiрмы "Адзiдас" на грудзiне.
Мандрык ужо дрэнна валодаў языком, але, тым ня менш, пачаў апавядаць пра сваё дзяцiнства, пра стрыечнага брата Лёньку Холада, зь якiм яны выпiлi аднойчы адразу адзiнаццаць бутэлек гарэлкi, а пачуўшы ад Хамiцкага, што ў газэце цяпер будзе новы рэдактар, распавёў усё тую ж гiсторыю пра Несьцяронка. Як вынiкала з аповеду, штаноў Несьцяронак усё ж такi не губляў, бо iх падтрымлiваў нейкi падшыванец, якi бег сьледам аж да самай больнiцы.
Потым яны скакалi з Мандрыкам хуткi танец, потым ён, пад незадаволеныя позiркi старшынi спорткамiтэту, запрашаў на танец афiцыянтку Машу, а ранiцою, абуджаны галасiстымi азярышчанскiмi пеўнямi, доўга ляжаў на старой рэдакцыйнай канапе, няўцямна пазiраючы на столь i выпусьцiўшы духi, - аж застагналi пад сьпiнай ржавыя спружыны, - падзячыў лёсу, якi дараваў яму сустрэчу з Данутай.
Памяць людзкая ўладкавана даволi дзiўна: зь яе выпетрываюцца падзеi мiнулага дня i ў той жа час захоўваецца тое, што надарылася даўняй парой.
Вось i Макар: выпiў лiтровую конаўку гарбаты, згадваючы - як ён патрапiў дадому, сышоў пры гэтым потам, абпалiў кiпнем вусны, ды так нiчога й не згадаў. Але затое цiхi верасьнёўскi дзень, калi ён прыехаў у Азярышча, запомнiўся ў самых дробных дэталях. Запомнiлiся пахi, зыкi, п'яныя песьнi Мiшкi Мандрыка, запомнiлiся, нарэшце, мацiцовае Дануччына сьцягно i падрапаная, сталiнскiх часiн, канапа, якую ўвесну вынесьлi на сьметнiк. Успамiны гэтыя прыходзiлi ня толькi гульлiвымi вечарамi, але й пахмельнымi ранкамi, калi ён брыў у рэдакцыю. Вось i зараз, пераходзячы галоўную азярышчанскую вулiцу, Макар згадаў, як Данута падцягвала панчоху, запаволiў крок i ледзь не патрапiў пад колы райкамаўскай "Волгi".
Заскуголiўшы гамульцамi, машына ўзьехала на бардзюр, люта ўзвыла, i перапуджаны Макар убачыў за вясёлкавай шыбай Калупайку, якi, цi то жартам, цi то ўсур'ёз пагразiў яму пальцам. Зь перапуду, а можа яшчэ зь якой прычыны, тлумная галава ўраз прасьвятлела, i ў ёй нарадзiлiся словы:
- Я ведзьма. Са мною лепш ня зьвязвацца.
Гэта памяць вярнула той ласкавы шэпт, якi прагучаў учора ўвечары, калi яны танцавалi з Данутай у камiннай залi.
Калупайкава легкавушка зноў заскавытала - цяпер ужо на рагу Савецкай i Чырвонаармейскай, павярнула ў бок райкама, i Макар, адрыгнуўшы ўчарашнiм шашлыком, прысьпешыў хаду.
А дзевятай гадзiне ў раённым камiтэце партыi павiнна была пачацца нарада актыву, i таму пляц нерад ленiнскiм помнiкам быў спрэс застаўлены аўтатранспартам. Стаялi тут ня толькi "Волгi" ды старшынёўскiя "козьлiкi", але й бартавыя "газоны", тры "iнвалiдкi" i нават машына для адпампоўваньня вады, вядомая ў народзе пад назваю "гаўнавоз": гэта завiтала на нараду арганiзатар мясцовага радыё Газевiч, зяць якой працаваў iнжынэрам у вiцебскiм "Водаканале". Але дзiвiцца такой колькасьцi машын не даводзiлася, бо на сёньняшняй нарадзе Калупайка мусiў разьвiтацца з актывам i, да таго ж, чакаўся прыезд абласнога начальства.
Хаця гадзiньнiк паказваў палову дзесятай, ды й Калупайка быў на месцы, заходзiць у райкам нiхто не сьпяшаўся. Актыў стаяў ля ганку - гаманiў, смалiў цыгарэты i зрэдзьчасу зь лёгкiм спалохам у вачах пазiраў на дарогу.
- Першага чакаем... з вобласьцi, - патлумачыў прычыну прыганкавага стаяньня Сашка Мурленя, пацiснуўшы потную Макараву руку.
Макар уплiшчыўся ў натоўп, парукаўся з дырэктарам прамкамбiната Куксёнкам, з iнструктарам раённага таварыства "Веды" Лукашонкам, яшчэ зь нейкiмi людзьмi i, выцягнуўшы з прапанаванага яму пачка цыгарэту, агледзеўся.
Мiшкавага "ўазiку" на пляцы не было. Макар пакруцiў галавой, нахiлiўся да Мурленевай запальнiчкi, i гарбата, якая поўнiла страўнiк, моташна падступiла да горла. Давялося стаiць дых, прыцiснуць далонi да вуснаў, а калi бунтоўная вадкасьць уляглася, выцерцi лiпучы пот з лабешнiка.
- Ну дык хто там будзе замест Калупайкi? - кволым голасам запытаўся iнструктар таварыства "Веды" Лукашонак.
Усе замоўклi, зiрнулi на Мурленю, i той, сабраўшы зморшчыны на пераносьсi, паведамiў:
- Са Шклоўскага раёна таварыш. Былы загадчык зьверафэрмы. Кажуць - зусiм не ўжывае.
Трывожная вестка гэтая павiсла ў паветры. Куксёнак зморана крэкнуў, у Лукашонка ў зубах задрыжэла цыгарка, а па Мурленевым твары прабегла навальнiчна-фiялетавае сьвятло: да райкама ехала мiлiцэйская машына зь мiгалкай, сьледам - блiскучая чорная "Волга", а за ёю - на статутнай адлегласьцi - тузаўся на апошнiх кроплях бэнзiну запылены Мiшкавы "ўазiк".
- Спазьняесься, - выгукнуў Макар, калi сябрук вылез з машыны.
- З Даўгалёвым важдаўся. Усю вэранду мне абванiтаваў, - патлумачыў Мандрык, брыдка мацюкнуўся i, азiрнуўшыся, крыкнуў свайму кiроўцу: - Пазычыш бэнзiну i стой тут. Чуеш?
- Чую! - незадаволена адгукнуўся кiроўца. Кiроўца выкiнуў на асфальт пакарабачанае вядро, i Мiшка, перакрывiўшыся ад бразгату, прыклаў далонь да хваравiтай патылiцы.
Макар таксама пацёр патылiцу i як бы мiж iншым спытаў:
- Слухай, а хто мае штаны... на люстру павесiў?
- Я павесiў, - патлумачыў сябар. Мiшка ўставiў у рот цыгарэту, але тут жа зразумеў, што палiць няма калi, i ўпiхнуў цыгарэцiну ў нагрудную кiшэнь.
- Завёў цябе ў прыбiральню, а ты й апаратуру дастаць ня можаш. Засцаў усе штаны. Я iх i павесiў на прасушку.
Мiшкавы сiплы бас скаланаў перапонкi. Добра яшчэ, што людзi былi занятыя сваiмi размовамi, i Макар стоена перавёў дых..
Пакуль iшлi райкамаўскiм калiдорам, Мiшка апавядаў пра Даўгалёва, якi, дапiўшыся да божай моцы, абванiтаваў падлогу i турэцкi палас, але Макар ня слухаў сябра. Спынiўшыся пасярод калiдора, ён наставiў на сябра дапытлiвыя вочы:
- Я што... сапраўды танцаваў з Данутай?
Мандрык зiрнуў на бокi, узяў яго за штрыфелi пiнжака, ды тут жа адпусьцiў; даў дарогу загадчыцы райана Сьцефурак i злавесным голасам прамармытаў:
- Трымайся далей ад гэтай бабы. Раю табе як сябар.
З нагоды прыезду абласнога начальства ў залi паседжаньняў наваскавалi паркет, павесiлi новыя кандэлябры, стол заслалi зялёным сукном, а на задняй сьцяне, замест няўклюднага бээсэсэраўскага герба, прымацавалi барэльеф правадыра. Гiпсавая аграмадзiна ўражвала настолькi, што пад ёю нiхто не насьмельваўся садзiцца, i Макар, убачыўшы вольныя крэслы, усеўся пад правадыром. Ён дастаў нататнiк, пстрыкнуў асадкай, але рабiў усё гэта машынальна, з адключанай сьвядомасьцю. У сьвядомасьцi тым часам бясконцым паўторам гучалi апошнiя Мiшкавы словы. Мандрык, вядома ж, зайздросьцiў яму. Таму i вылез са сваiмi парадамi. Але каму яны патрэбныя, гэтыя парады?
Думкi варушылiся ў галаве, i Макар не заўважыў, як поруч прымасьцiўся Сашка Мурленя, не пачуў, як яго паклiкалi сесьцi блiжэй да прэзыдыюму, i апрытомнеў толькi тады, як з бакавых дзьвярэй выйшла абласное ды раённае начальства, i ўсе гамузам ударылi ў ладкi. Пляскалi спачатку седзячы, потым стоячы, нарэшце сунялiся i дружна зарыпелi рассохлымi крэсламi. Макар таксама памкнуўся сесьцi, але так i застыў на паўсагнутых: у залю, праз бакавыя "сакратарскiя" дзьверы ўвайшла Данута.
Пад пiльнымi позiркамi прысутных загадчыца сэктару ўлiку прайшла па залi, i, напоўнiўшы прастору пахам польскай парфумы, села поруч з Макарам.
У тарцы стала, дзе сядзеў прэзыдыюм, заварушылiся, зашапталiся, усхвалявана керханулi: гэта Калупайка прачышчаў глотку перад выступленьнем.
- Хвалюецца, - прамармытаў, дыхнуўшы перагарам, Мурленя, потым прамарматаў яшчэ нешта, але Макар не пачуў.
Той хвiляй ён наогул страцiў здольнасьць штосьцi чуць, а рэдкiя фразы, якiя даляталi да сьвядомасьцi, успрымалiся як фрагмэнты нейкай дурноты.
Валасы Дануччыны струменiлi пахi, ад якiх кружылася галава; ён стрымлiваў дыханьне, мружыў вочы i скрозь вясёлкавыя веi зладзеявата паглядаў на аголеныя жаночыя каленi. Зрэшты, галава кружылася ня толькi ад чароўных пахаў, але i ад шалёных фантазiй. Макару мроiлася, што ён цалуе гэтыя каленi, лашчыць языком вельмi пяшчотна i вельмi павольна - Дануччыны сьцёгны. Данута пры гэтым цiха стагнала, а калi ён - у думках - прыпаў вуснамi да празрыстых нэйлёнавых трусiкаў, - менавiта такiмi ён iх уяўляў, - застагнала ўголас i зморана папрасiла вады. Макар схамянуўся i насамрэч пачуў жаласьлiвыя енкi. Але енчыла не Данута, а Пiдута, якой стала млосна ад задухi.
Праз пару хвiлiн, калi самлелую Галiну Спартакаўну вывелi з залi, Калупайка дзесятым разам адкерхаўся, пачаў знаёмiць прысутных з кантрольнымi лiчбамi, на якiя мусiў выйсьцi раён, а першы сакратар абкаму, дамагаючыся цiшынi, пастукаў асадкай па графiну, неадрыўна пазiраючы пры гэтым на Дануччыны каленi. Данута перахапiла рэдактарскi пагляд, закiнула нага на нагу i - о жах! - прыцiснулася цёплым клубам да Макара. Макар усхапiўся, выпрастаў хрыбцiну, здрыгануўся ўсiм целам i, прыхоўваючы хваляваньне, пляснуў у ладкi, ухваляючы Калупайкаву заяву пра тое, што жывёлаводы раёну ня толькi выканаюць, але i перавыканаюць даведзеныя пляны.
З залi Макар выходзiў дарэшты зьбянтэжаны, змораны ад салодкай пакуты i з застойнымi зьявамi ў нiзе жывата. Каб прыхаваць - цяпер ужо застойныя зьявы, давялося сагнуцца, захiнуць пiнжак, прыцiснуць да нiзу жывата нататнiк, а калi з-за сьпiны пачуўся Мiшкавы голас: - Куды ты?! - ён, не павярнуўшы галавы, незадаволена выдыхнуў: - У прыбiральню!
... Пасьля прыцемку райкамаўскiх калiдораў сонца ўдарыла ў вочы, тупымi iголкамi кальнула скронi.
- Не забывайце нас, Iван Iванавiч! - гукалi з натоўпу, - выбачайце, калi што ня так.
Iван Iванавiч - расчырванелы, расчулены, абдораны чырвонымi гвазьдзiкамi, штосьцi казаў у адказ, цiснучы руку ачунялай Пiдуце. Галiна Спартакаўна, аднак, поцiскамi не абмежавалася - палезла цалавацца, i Калупайку прыйшлося ўхiнацца i падстаўляць для пацалункаў танклявую шыю.
На добры лад, трэба было падысьцi да Калупайкi, разьвiтацца, сказаць колькi словаў, але нейкая сiла стрымлiвала Макара, а калi ён узьняў нагу, каб iсьцi па сходах, за сьпiнай зацюкалi туфлiкi i хтосьцi крануўся ягонага локця.
- Чаму вы мяне пазьбягаеце? - голасна запыталася Данута, прымусiўшы здрыгануцца ня толькi Макара, але й загадчыцу райана Сьцефурак, якая стаяла поруч.
Краем вока ён бачыў, як людзi з натоўпу разам паглядзелi на Дануту.
- Я тут днямi артыкульчык накрэмзала. Хачу вам паказаць, - цяпер ужо цiха, амаль шэптам прамовiла загадчыца сэктара ўлiку, ускiнуўшы на Макара даўжэзныя, шчыгульна пафарбаваныя вейкi.
- Ну вядома, Данута Станiславаўна, паглядзiм. Альбо я, альбо Хамiцкi, гэтак жа цiха прамармытаў Макар, i Данута, крутнуўшыся на абцасiках, абдарыла яго шматабяцальнай фразай: - Я пазваню, - i гэткай жа шматабяцальнай усьмешкай.
Ад будынка райкама да рэдакцыi - хады блiзу кiлямэтра, а калi iсьцi напрасткi, агародамi, дык i таго меней. Летась супрацоўнiкi рэдакцыi ўнадзiлiся былi хадзiць кароткай дарогай, але гаспадар сотак абзавёўся сабакам, сабака падзёр Несьцяронку штаны, калi той бег на пленарнае паседжаньне, i пасьля таго выпадку хадзiць напрасткi нiхто не наважваўся.
Шыбуючы ўздоўж плота, Макар супынiўся на iмгненьне, разважаючы - цi варта рызыкаваць, пасьля чаго азiрнуўся, адсунуў дошку ў плоце i зашапацеў калашыньнем па бурачным лiсьцi. Па гароду ён iшоў мерным крокам, прыслухоўваючыся да сабачай зьвягi, - сабака брахаў недзе на другiм канцы вулiцы, - а занурыўшыся ў кусты i пачуўшы, што кудлаты злодзей брэша недзе непадалёку, гiзануў як мае быць.
Хаця i прабег няшмат, але дарэшты змарыўся i, задыханы, зь лiстком бузiны ў валасах, паўстаў перад Хамiцкiм.
У габiнэце адказнага сакратара дурманiста пахла гарэлкай. Макар перавёў дых, незадаволена ўскiнуў брыво, i памiж iм i адказным сакратаром адбыўся кароткi дыялёг.
- Зноў?!
- Iванавiч! Расiнкi ў роце не было.
- Дап'ешся. Выганю н-нахер... (У гэтым месцы рэдактар уздыхнуў.) Мне хто-небудзь званiў?
- Званiлi.
- Хто?!!
- Зёх.
- Фу ты, йоп... - Макар вылаяўся, зьняў з валасоў лiсьцiк i панылым крокам рушыў у свой габiнэт.
Касьян Пракопавiч Зёх не даваў жыцьця. Мiнулым летам прынёс у рэдакцыю аўтабiяграфiчны раман - дванаццаць дробна сьпiсаных сшыткаў - i загадаў надрукаваць бяз правак i скарачэньняў. Хамiцкi ў прысутнасьцi аўтара прачытаў дзеля прылiку першую старонку, задаў пару пытаньняў, а калi за ганаровым чэкiстам зачынiлiся дзьверы, запiхнуў сшыткi ў нiжнюю стальнiцу.
Рэшту лета i ўсю восень стары псюк хадзiў у рэдакцыю як на працу. Прыйдзе, сядзе насупраць Хамiцкага i глядзiць таму ў вочы. I вось аднойчы, калi Сазон прагнуў пахмялiцца i пад сталом у яго ўжо стаяла адкаркаваная бутэлька, у габiнэт увайшоў Касьян Пракопавiч.
Як потым апавядаў Сазон, той хвiляй зь iм здарыўся прыпадак: уваччу пацямнела, увушшу зазьвiнела, правая нага зьнянацку тузанулася, i ён апрытомнеў толькi тады, як пачуў пах разьлiтай гарэлкi.
Макар тады ўжо працаваў рэдактарам: пачуў краем вуха здушанае вяканьне, выйшаў на калiдор i з жахам назiраў, як Хамiцкi, узяўшы наведнiка за каршэнь, выносiў таго на сьвежае паветра.
Такiя абыходзiны з ганаровым чэкiстам маглi мець наступствы, таму Сазон выцягнуў са стальнiцы сшыткi, тры днi i тры ночы разьбiраў крамзолi, а потым цэлы месяц на старонках "Зары камунiзму" друкавалiся ўрыўкi з аўтабiяграфiчнага рамана, у якiм галоўны герой - Касьян Зёх - грамiў у ваколiцах Ферганы нацыяналiстычныя банды Карым-башы i Назарбая.
Пасьля той публiкацыi нага ганаровага чэкiста доўга не ступала на рэдакцыйны ганак - Сазон з Макарам ужо з палёгкаю аддзьмулiся, прыбiральшчыца цётка Маша паставiла па iх просьбе васкоўку ў невельскай царкве, але пэўнага ранку ў Макаравым габiнэце пагрозьлiва грукнула кульба i на стол ляглi дзьве важкiя тэчкi з рукапiсам новага аўтабiяграфiчнага рамана "Расеi верныя сыны".
У першым разьдзеле раману, - а Макар толькi яго i адолеў, - апавядалася, як батальён пад камандаваньнем капiтана Зёха дэпартаваў з Каўказа сем'i здраднiкаў. У порце Махачкала батальён сагнаў на баржу чэчэнак зь дзецьмi, баржу адцягнулi ў мора, а потым патапiлi - разам са здраднiкамi. Прачытаўшы гэта, Макар схаваў раман у сэйф, а потым - ужо на поўным сур'ёзе - папрасiў прыбiральшчыцу паставiць васкоўку за спачын бязьвiнна патопленых чэчэнак.
Згадка пра Зёха сапсавала настрой. Макар плюхнуўся ў крэсла i, неадрыўна пазiраючы на тэлефон, падсунуў пад нос газэтныя гранкi, якiя ляжалi на стале.
Чытаць гэтую лухту не хацелася, ды i нэрвы былi не на месцы; радкi скакалi ўваччу, i цяжка было дапяць да сэнсу прачытанага. Макар прабег вачыма нейкую нататку, але нiчога не зразумеў, пацёр рукамi пераносьсе i стаў чытаць па-новай - уголас i водзячы закарузлым пальцам па рухавых радках.
- "Да позьняй ночы гараць агнi ў вокнах Бычкоўскага клюба, - прамармытаў Макар i адкашляўся. - Сяльчане прыходзяць у клюб адпачыць, паглядзець цiкавы фiльм, азнаёмiцца з кнiжнымi навiнкамi, у тым лiку i з матэрыяламi Лiпеньскага Пленума ЦэКа КаПэЭсЭс. вялiкую дапамогу ў падборцы лiтаратуры аказваюць наведнiкам загадчыца бiблiятэкi Э. А. Забыронька i прапагандыст..."
"Забыронька цi Забаронька?" - падумаў Макар, адарваўшыся ад тэксту, i ў той жа мiг са столi пасыпалася парахня: гэта Хамiцкi выцяў кулаком у сьценку.
Кожны раз, убачыўшы ў вакне пакамечаны каепронавы капялюш, ён бег хавацца ў катух, дзе прыбiральшчыца - цётка Маша - ставiла вёдры, але цяпер кульба стукала па калiдорных масьнiчынах, i Макар, пакрыўшы мацюгамi белы сьвет, палез хавацца ў шафу.
У шафе панавала цемра - адно маленькi струмок сьвятла прабiваўся скрозь замочную шчылiну. Тут пахла мышамi, старымi газэтамi i тут, у зацiшку, добра думалася, i думкi прыходзiлi ў галаву суладныя i чыстыя. Ну а калi разгарнуць сяньнiк, якi, скручаны, ляжаў на сподзе, дык можна было i задрамаць. Сяньнiк той застаўся ад Несьцяронка, i, па словах Хамiцкага, былы рэдактар раскручваў яго падчас начных дзяжурстваў, прымаючы разам з машынiсткай Люсяй экстраныя паведамленьнi ТАСС.
Гэтым разам Макару й сапраўды добра думалася, i думаў ён пра Дануту. Думаў доўга - хвiлiн дзесяць, потым думкi сталi блытацца, аддаляцца, i ля самага вуха пачулася трывожнае буханьне. Ён расплюшчыў вочы, матлянуў рукамi, думаючы, што патрапiў у труну, а калi буханьне паўтарылася, вохнуў i незадаволена запытаў:
- Ну чаго ты?
- Людзi прыйшлi, аб'яву прынесьлi. Пытаюцца - хто там так страшна храпiць? - растлумачыў адказны сакратар, i рэдактар, салодка пазяхнуўшы, вылез са схову.
... Тэлефон зазаванiў а пятай гадзiне. Да таго часу ён ужо стамiўся хвалявацца, i кашуля ўжо ня прэла ад цыганскага поту. Але ўсё адно: пачуўшы Дануччын голас, Макар зьнiякавеў, i слухаўка памкнулася высьлiзнуць з млявай рукi.
- Ну дык я вас чакаю, - гукнула Данута Францкавяк, i тэлефонныя глыбiнi напоўнiлiся вясёлымi жаночымi галасамi. Данута была не адна, i гэтыя галасы вiдаць, ейных сябровак - вярнулi ў душу пачуцьцё няўцямнай трывогi.
"А можа гэта пастка? Можа, зь яго хочуць пасьмяяцца?" Ахоплены беспрычыннай трывогай, ён выйшаў з рэдакцыi i няпэўным крокам рушыў у невядомасьць. Макар iшоў i быў амаль упэўнены: вось зараз, тут, у бузiньнiку, павiнна надарыцца штосьцi страшнае.
У бузiньнiку, аднак, нiчога такога не надарылася. Ён вылез з кустоў, пералез праз жардзянiк i вось там, на бурачных лехах, сэрца ягонае абарвалася i закацiлася на самы дол жывата. У разоры, прыхаваны да самага ашыйнiку чырвоным бацьвiньнем, сядзеў вiславухi злодзей i шчэрыў iклы.
Сабака быў невялiкi - звычайны дварняк, якiх шмат бегае па завугольлi. Аднак пра лютасьць гэтай кудлы казалi страшныя рэчы, таму Макар, ня зводзячы вачэй з кудлатай галавы, даў заднi ход: рушыў да кустоў дробным крокам. Але хiтрыкi такiя не прайшлi. Кудлаты злодзей страсянуў вушамi, яшчэ больш вышчарыўся i папераджальна гыркнуў.
- Божухна, дык што ж гэта робiцца? - плаксiва выдыхнуў Макар i нечакана для сябе самога плюхнуўся на каленi. Плюхнуўся, а потым згадаў бацькавы аповед пра хлопца, якi ўратаваўся ў першую пасьляваенную зiму ад ваўка, якi пераняў небараку ў чыстым полi. Усталопiўшыся на ваўчару, хлопец гадзiну цi дзьве стаяў, зьнiякавелы, а потым, стаўшы вокрач, забрахаў па-сабачы. Гэта яго i ўратавала. Пачуўшы брэх, ваўчара таксама зьнiякавеў i, падкурчыўшы хвост, зьнiк зь вiдавоку.
Макар глынуў паветра i забрахаў з такiм iмпэтам, што не пазнаў уласнага голасу. У дадатак ён яшчэ i заскавытаў, прапоўз вокраччу па баразьне, i сабака, пабачыўшы такiя жахi, зьбянтэжана крутнуў галавой, прыцiснуў вушы i зьвёў да пераносься ўмэнт палагаднелыя вочкi.
Перавядзем разам з героем аповеду дых, абаб'ем разам зь iм калашыны i згадаем тую пару, калi нашымi немаладымi ўжо душамi авалодала запозьненае, а таму хваравiтае i ўсёпаглынальнае каханьне. Згадаем пару, калi недзе пад сэрцам нараджалiся новыя надзеi, ценька гучалi новыя песьнi, калi жар каханьня казытаў пяткi й нам увесь час карцела некуды бегчы. I хаця жар той быў усяго толькi бэнгальскiм агнём, мiтусьлiвым фаервэркам у цемрыве шэрых будняў, душа ляцела на прывiдны агонь, не раўнуючы, як начны матылёк на палахлiвае полымi васкоўкi.
Вось i наш герой, напоўнiўшы навакольле шапаценьнем бурачнага лiсьця, ляцеў на згубны агонь, недзе пад сэрцам ягоным нараджалiся тамлiва-трапяткiя надзеi i гучалi... не, ня песьнi, а словы кагадзе прачытанай нататкi. Словы ўбiлiся ў памяць, з кожным крокам гучаньне iх мацнела, убiралася ў сiлу, а калi наш герой упiхнуў галаву ў пралом пахiлага плоту i азiрнуўся, з вуснаў ягоных сарвалася малiтоўная скорагаворка: - Да самай ночы гараць агнi Бычкоўскага клюба...
На трэцi павер узьбег на адным дыханьнi, пужлiвай чапляй прайшоўся па дывановым ходнiку i толькi на канцы калiдора дазволiў сабе аддыхацца. Кашлянуў, крануўся пальцамi дзьвярной ручкi ды так i застыў у непаразуменьнi: там, за дзьвярыма, чуўся жаночы сьмех, прыглушана дзынкнулi шклянкi, i нехта, праўдападобна загадчыца райана Сьцефурак, прамовiла:
- Абавязкова завiтай у Лiвадзiйскi палац. Гэта цуд нейкi!
Кароткую хвiлю за дзьвярыма панавала цiша, потым Сьцефурак гучна крэкнула, суцiшна мацюкнулася, замармытала штосьцi, выразна прамовiўшы словы "шчасьлiва адпачыць", i празь iмгненьне паўстала перад Макарам.
- Данута Станiславаўна! Да вас наведнiк, - выгукнула загадчыца райана i, кiнуўшы празь плячо няўцямную фразу: - Пазванi, як даедзеш, - высьлiзнула з габiнэту.
Данута была не адна - у габiнэце, закiнуўшы нага на нагу, сядзела сакратарка Марына i яшчэ адна кабета, прозьвiшча якой Макар ня ведаў. На стале грувасьцiлася пляшка шампану, блiскалi чатыры келiхi й ляжала каробка чакалядных цукерак.
- А-а... журналiсты! - сьпеўна i зь лёгкай гiронiяй у голасе азвалася Данута Станiславаўна, i Макару ад тае гiронii стала не па сабе.
Ён спынiўся ля бар'ера, спалохана зiрнуў на бутэльку.
- Заходзьце, Макар Iванавiч, ужо бег гiронii прамовiла гаспадыня габiнэту, мелькам паправiўшы прычоску. - Гэта мы тут, дурныя бабы, гулянку арганiзавалi. Водпуск абмываем. Заўтра ў Крым еду.
Яшчэ колькi iмгненьняў Макар муляўся ля бар'ера, а потым, пад цiкаўнымi позiркамi Дануччыных сябровак, прайшоў на нягнуткiх нагах да крэсла, сеў i, ратуючыся ад жаночых вачэй, склаў далонi на тым месцы, дзе схадзiлася ў адно калашыньне парусiнавых штаноў.
Данута падхапiла недапiтую бутэльку, спраўна, не раўнуючы, як кельнэр, разьлiла рэшту шампану па келiхах.
- Я вам у свой налiла. Не пагрэбуеце?
Макар глынуў пiтва i закашляўся, дробнымi пырскамi пакрыўшы парусiнавыя нагавiцы.
- Ну што вы, Макар Iванавiч. Супакойцеся, нiкога ня бойцеся, - прамовiла, цi, лепей сказаць, прасьпявала Данута Станiславаўна, ляпнуўшы Макара па сьпiне.
Сытуацыя вымагала нейкай дзеi, нейкiх арыгiнальных словаў, i Макар, адкерхаўшыся, афiцыйным тонам запытаў:
- Ну, а як там наконт артыкула?
Запытаўся, а потым пашкадаваў, бо Дануччыны сяброўкi разам засьмяялiся, а загадчыца габiнэту з робленай крыўдай выдыхнула:
- Вось якiя пайшлi кавалеры. Iх не жанчыны цiкавяць, а нейкiя артыкулы.
Болей Макар не прамовiў нi слова. Сядзеў, увабраўшы голаў у плечы, слухаў сакратарку Марыну, якая распавядала - як шмат ёй даводзiцца друкаваць рознай лухты, - i нiяк ня мог уцямiць: дзеля чаго яго сюды запрасiлi.
Нарэшце, хвiлiн празь дзесяць, сакратарка ўзьнялася, плюснула Дануту ў шчаку, пажадала добрага адпачынку i жанкi гамузам выйшлi ў калiдор. Разьлеглы габiнэт напоўнiўся цiшынёю, i ўсё наўкол набыло суворае аблiчча. З шафы сувора паглядаў гiпсавы Энгельс, стрыжаны "пад польку" Брэжнеў ня менш сувора паглядаў з партрэта, i нават шыльда з надпiсам "Намэнклятура абкама" на даўжэзным, застаўленым аднолькавымi шэрымi тэчкамi стэлажы, набыла пагрозьлiва патаемны сэнс. Дзесьцi там, у шэрым шыхце, стаяла i ягоная асабiстая справа.
Адчуваньне таго, што ён, Макар, не шараговы партыец, а намэнклятура абкаму, кранула душу трапяткiм халадком, утуленая ў плечы галава годна ўзьнялася, але ў наступнае iмгненьне зноў убiлася ў плечы: у габiнэт, бразгаючы спаласнутымi келiхамi, увайшла Данута Станiславаўна. Нiчога не сказаўшы, нават не зiрнуўшы ў ягоны бок, гаспадыня габiнэту паставiла келiхi ў бранiраваны сэйф, прыбрала са стала пустую пляшку, потым падышла да люстэрка i доўга папраўляла прычоску, раз за разам паўтараючы адну i тую ж фразу:
- Божухна, што з валасамi?
Каб нейкiм чынам засьведчыць сваю прысутнасьць, Макар рыпнуў крэслам, стрымана кашлянуў, але гэта не дапамагло. Гаспадыня габiнэту глядзелася ў люстэрка, перабiрала паперы, зачыняла фрамугi i не зьвяртала на яго анiякай увагi.
Макар пачаў хвалявацца i падумаў быў - цi не сысьцi ўпрочкi, ды тут Данута, выцершы пыл з гiпсавага Энгельса, кiнула на падваконьне анучку, крутнулася, як тая дзяўчынка, на адной назе i весела прамовiла:
- Ну дык што, iдзем?
Сказана гэта было з такой лёгкасьцю, з такой iскрыстай бестурботнасьцю, што ў Макара ёкнула сэрца i ён, забыўшыся пра ўсё на сьвеце, прыхапiўся з крэсла i зрабiў крок насустрач свайму шчасьцю.
Нi ў калiдоры, нi на сходах яны, дзякаваць богу, нiкога ня стрэлi, а вось на ганку сутыкнулiся са збоем жанчын - былi там i райкамаўкi, i райвыканкамаўкi, i яшчэ немаведама хто. Iдучы па прыступках, Макар паскорыў крок, намагаючыся абмiнуць усiх гэтым пляткарак, але Данута схапiла яго за рукаво, сагнула руку абаранкам i, пiхнуўшы пад локаць далiкатныя пальцы, зацюкала абцасамi па асфальце. Так яны i пайшлi, пад ручку, i сьпiна Макарава сьвярбела ад пранiзьлiвых жаночых позiркаў.
Зьлёгку замглёнае, дасьпелае сонца яшчэ было высока. Сонца вiсела над будынкам райкама, па-над возерам, адбiваючыся ў яго спакойным люстры, над дымным комiнам льнозавода, якi вытыркаўся з-за дахаў азярышчанскай ускраiны, што называлася Зарэччам. Там, у Зарэччы, гарлалi пеўнi, крычалi вароны, бязладнай грамадой пералятаючы зь месца на месца, i голасна мэкалi козы.
Макар ня бачыў сонца, ня бачыў крыклiвых варон, ня чуў казiнага мэканьня. З усiх ворганаў пачуцьця ў яго працаваў толькi нюх - ён удыхаў водар парфумы, невiдушча ступаў па ходнiку, i Дануце даводзiлася тузаць спадарожнiка за руку, каб абмiнуць лужу альбо каровiну ляпеху.
Яны дайшлi да ўнiвэрмага, павярнулi на Чырвонаармейскую i тут, абмiнаючы чарговую лужыну, Данута пацягнула яго за рукаво.
- Памятаеце, што я сказала, калi мы танцавалi?
Ступiўшы нагой у лужу, Макар спынiўся, асавела паглядзеў пад ногi.
- Вы што, як конь - на хаду сьпiце? - рагатнула спадарожнiца, i гэтае параўнаньне вярнула Макару слых i зрок. - Учора... на "Качыным Востраве"... я сказала, што прыношу мужчынам няшчасьце...
Макар няпэўна кiўнуў, паспрабаваў пасьмiхнуцца.
- I не баiцеся зьвязвацца... з такой ведзьмай?
Макар страсянуў галавой, а Данута, паправiўшы валасы на скронях, задуменна i разам з тым нерашуча прамовiла:
- Ну што ж, тады пойдзем да мяне. Пачастую вас кавай.
Ад такой прапановы можна было ашалець. У гарачкавых мроях Макар са сьлязьмi на вачах уяўляў - як ён пакахаецца з Данутай Станiславаўнай. Яму ўяўлялiся прызнаньнi, нясьмелыя пацалункi, прагулянкi ў фасфарычным сьвятле лiхтароў. Але каб так, адразу, без нiчога нiякага, Данута запрасiла да сябе пiць каву - такога ён не ўяўляў нават у самых сьмелых лятунках. Таму й аслупянеў Макар, i Данута, абмiнуўшы лужыну, зь нецярплiвасьцю выдыхнула:
- Ну дык iдзем, цi так i будзем стаяць?
Цагляны дом у канцы Чырвонаармейскай вулiцы быў адзiным пяцiпавярховiкам у Азярышчы i менаваўся Домам спэцыялiстаў. Там, у двухпакаёвай кватэры з усiмi выгодамi, жыла Данута Францкавяк.
Цёмнымi вечарамi, кульнуўшы добрую чарку, Макар часта блукаў каля гэтага дома, заходзiў у пад'езд, крадком падымаўся на трэцi паверх, каб крануцца рукой запаветных дзьвярэй, а iншым разам, пад роспачны брэх сабак, залазiў на яблыню, што расла на другiм баку вулiцы, i апантанымi вачыма глядзеў на зялёны квадрат - вакно Дануччынай спальнi.
Пару разоў ён бачыў, як Данута распраналася, а аднойчы, угледзеўшы ў пройме рассунутых штораў нейкага мужыка ў салатавай майцы, ледзь не самлеў ад рэўнасьцi i, сьлiзгануўшы нагой па суку, звалiўся долу.
Цяпер ён iшоў з Данутай па Чырвонаармейскай - уздоўж парэпанага плоту, мiма газэтнага шапiка, мiма сьметнiцы i горбiўся ад таго шчасьця, якое на яго раптам абрынула.
Ля пад'ездных дзьвярэй Данута на iмгненьне спынiлася.
- Вось тут я i жыву, у дваццаць трэцяй кватэры.
Спынiўся i Макар. З захапленьнем зiрнуў на вокны трэцяга паверха, вiнавата шморгнуў носам i раптам, у памкненьнi кiнуцца немаведама куды, разявiў рот i выцягнуў шыю.
- Куды вы? - крыкнула Данута, калi ён сарваўся зь месца.
- Я зараз... Я вомiгам, - гукнуў Макар, завярнуў за рог дома i стаў на хаду поркацца ў кiшэнях.
Сэрца парывiста бiлася, набойкi на абцасах лiдзкiх "гадаў" ляскаталi па ходнiку, i язык, спрабуючы ўгнацца за тымi зыкамi, таропка паўтараў адну i тую ж фразу:
- Да позьняй ночы гараць агнi ў вокнах Бычкоўскага клюба...
У краме шампанскага не было, а таму давялося бегчы ў "Калiну красную". Разганяючы курэй да качак, ён дабег да рэстарана, узьляцеў на ганак i ў дзьвярах сутыкнуўся зь Мiшкам Мандрыкам.
- Макар?! Ты што? Куды ляцiш?
Ён не адказаў, адно махнуў рукою, узьбег на другi паверх i, перапудзiўшы афiцыянтку Машу, зморана прасiпеў:
- Шампанскага... Бутэльку... за любыя грошы.
Каб iзноў не сутыкацца з Мандрыкам, ён скарыстаўся чорным ходам, пералез цераз плот i пашыбаваў агародамi, сьцiскаючы ў руцэ, нiбыта апошнюю гранату, бутэльку рэстараннага шампану.
Здавалася, чаго прасьцей - нацiснуць кнопку званка. Працягнi руку, тыцнi пальцам у пукаты гузiк, i за дзьвярыма пачуецца мэлядычнае бомканьне. Аднак, падышоўшы да дыхтоўных, абабiтых чорным дэрмацiнам дзьвярэй зь лiчбаю "23" на люстраным сукосьнiку, Макар зьнiякавеў, прыслухаўся да навакольных зыкаў i, не рашаючыся пазванiць, з шумам перавёў дыханьне.
На лесьвiцы было цiха; так цiха, што ён чуў грукат уласнага сэрца. Сэрца бiлася, як стрыножаны певень. Каб суняць шалёнае бiцьцё, Макар прыцiснуў далонь да грудзiны, налёг лобам на дзьвярны вушак i спалохана азiрнуўся: за сьпiнаю рыпнулi завесы, i ў пройме дзьвярэй блiснулi вочкi нейкай старой кабеты. Дануччына суседка пачала сьвiдраваць яго сваiмi вачыма-сьвярдзёлкамi, таму нiчога не заставалася, як нацiснуць на кнопку званка.
Пасьля першага званка яму не адчынiлi. Макар прыслухаўся ў спадзеўцы пачуць таропкiя крокi, але за дзьвярыма было цiха, i толькi аднастайны цьмяны пошум далятаў аднекуль здалёк, магчыма, зь iншай кватэры. Палец зноў нацiснуў на пукаты гузiк, цьмяны пошум ацiх, дзьверы адчынiлiся, i перад вачыма паўстала гаспадыня кватэры. Галава Дануччына была спавiтая махровым ручнiком.
Данута хмыкнула i, пакiнуўшы дзьверы адчыненымi, зьнiкла ў ванным пакоi.
... Дануччына кватэра ўражвала: пад высокай стольлю вiсела шыкоўная кандэлябра, на падлозе ляжаў варсiсты дыван, але што ўражвала найболей, дык гэта няўлоўны, хвалюючы пах, якi лунаў у паветры, ды выгодны, абцягнуты зялёным аксамiтам фатэль, у якi ён плюхнуўся, агледзеўшы пакой.
Крэсла было на дзiва мяккiм. Ён лiтаральна патануў у iм i, выпрастаўшы стамлёныя ногi, задаволена крэкнуў. Дзiўна, але той хвiляй ён зусiм не хваляваўся. Сэрца бiлася з разважлiвай упэўненасьцю, Макар паспрабаваў нават усхваляваць сам сябе, уголас прамармытаўшы: - Я тут, у багiнi, - але гэта не дапамагло. Ён заставаўся спакойным яшчэ доўгiх чатыры хвiлiны - аж да той пары, пакуль да таямнiчага паху, што лунаў у пакоi, не дамяшаўся другi - пах даўно ня мытых шкарпэтак. Мiкар убiў галаву мiж каленяў, патрабавальна зварухнуў ноздрамi: шкарпэткi сьмярдзелi як мае быць. Не надумаўшы нiчога лепшага, ён сьцягнуў з пятак сьмярдзючкi, таропка запiхнуў у кiшэнi.
Сядзець з голымi нагамi, аднак, не выпадала. Абламаўшы жоўты пазногаць на пальцы левай нагi, Макар прабег у калiдор, стаў насоўваць свае стаптаныя "гады", i акурат у гэты момант дзьверы ваннага пакоя расчынiлiся i стукнулi яго ў лабешнiк.
- Ох, якi вы разбэшчаны мужчына! - з асуджальнай весялосьцю прамовiла гаспадыня кватэры, i ў Макара ад такiх слоў гарачкава заiрдзелiся шчокi.
Данута падышла да трумо, расхiнула крысьсё кiтайскага халата, пiльным вокам агледзела ў люстры свае зграбныя, шчыльна ссунутыя ногi.
Ад такой вiдзежы ў Макара загарэлiся ня толькi шчокi, але й патылiца.
- Вы што там, заснулi? - гукнула Данута, а калi госьць, не пачуваючы пад сабою ног, ступiў на мяккi дыван, павярнулася i гульлiва запытала: - Як я вам, падабаюся?
На твары Макаравым адбiлася сарамлiва-разгубленая ўсьмешка, а Данута, не чакаючы адказу, крутнулася перад люстрам i, расьцягваючы зыкi, прасьпявала:
- Ды падаба-а-юся...
Потым яна села ў фатэль i ўжо сур'ёзным i крыху сiплаватым голасам дадала:
- Шмат каму падабаюся, ды толькi замуж нiхто не бярэ...
Запанавала цiша. Госьць муляўся пасярод пакоя, цягнуў долу штаны, каб прыкрыць голыя ногi, а гаспадыня тым часам сядзела ў фатэлi, бузуважна паглядаючы некуды паўзьверх Макаравай галавы. Колькi доўжылася маўчаньне? Хвiлiну, дзьве, а можа ўсе пяць? Але Данута ўрэшце рэшт ачулася, ускiнула вочы i, заўважыўшы пляшку шампану на стале, тыцнула пальцам у бок сэрванту.
- Вазьмiце... там, за шклом... фужэры.
Келiхi былi адмысловыя, на высокiх ножках, з залатымi птушкамi на баках. Узяць iх дрыжачымi пальцамi ўяўлялася справаю даволi складанаю, данесьцi да стала было яшчэ складаней, але Макар з годнасьцю справiўся з заданьнем напоўнiў пакой крыштальным звонам i, пазмагаўшыся з пляшкаю, стрэлiў у столь полiэтыленавым коркам.
У паветры запахла пiўнымi дражджамi, няўрымсьлiвая вадкасьць зашыпела ў келiхах, папёрла празь верх, а Данута, хiтнуўшы галавой, задуменна прашаптала:
- Божа мой, тры гады мазгi кампасьцiраваў...
Макар глынуў напою, папярхнуўся, iкнуў; у нос яму дало салодкiм пахам гнiлых яблык.
- Калi б вы ведалi - як мне ўсё абрыдла. - Данута таксама глынула шампану i бязгучна iкнула. - Кожны дзень адно i тое ж. Усё тыя ж пысы, усё тыя ж размовы... Як? Як вырвацца з гэтай ямы? Вы ня ведаеце? - жанчына наставiла на госьця свае шэрыя вочы, i госьць, ня ведаючы, што адказаць, таропка напоўнiў фужэры.
Вiно казытнула коўцiк, палiлося ў нутро, але да страўнiка не дапяла захрасла недзе ў шлунках.
- I навошта вы тады ўвайшлi? - уздыхнула Данута, утрапёна i зь нейкiм дзiўным шкадаваньнем паглядзеўшы на Макаравы "гады".
- Калi? - не зразумеў Макар, неўпрыкмет адцягнуўшы калашыньне i гэтак жа неўпрыкмет адрыгнуўшы дражджавым духам.
Гаспадыня кватэры не адказала: закiнула на сьпiну вiльготныя валасы, дастала з паддону стала парцалянавую попельнiцу, пачак iмпартных цыгарэт i мiнiятурную запальнiчку.
Запальнiчка пстрыкнула, i па тым, зь якiм iмпэтам заскакалi ў Дануччыных вачах увiшныя вогнiкi, можна было зразумець, што жанчына гатовая расплакацца.
- Ну дык што - iдзiце ў ванную.
Галавакружна-пахкi дым, якi выдыхнула Данута, ачмурыў настолькi, што Макар забыўся на хвiлю - дзе ён, што зь iм i чыё гэта калена выбiлася з туркусовага, колеру марской хвалi, халата.
"Як жа так? Адразу ў ванную... Мы ж нават не пацалавалiся..." - думкi непрагляднай завiрухай закружылiся ў галаве, ад iх зрабiлася цёмна ўваччу, i зьбянтэжаны госьць, выставiўшы наперад рукi, невiдушча пасунуў у ванную.
Вiльготны пах цi то мыла, цi то шампуню, яшчэ больш ускружыў галаву. Вочы прабеглiся па шыхце рознакаляровых бутэлек з шампунем, па блiскучых колцах, на якiх вiсела полiэтыленавая заслона, i, нарэшце, засяродзiлiся на запацелым люстэрку. Пальцы кранулiся вiльготнай паверхнi, намалявалi на iм размашысты квадрат, i ён убачыў у люстры свой вагняшчокi твар.
Ён скiнуў штаны разам з трусамi, здзёр кашулю, сьцярожка залез у ванную. Зьнямелыя пальцы крутнулi кран, i ў патылiцу ўдарылi халодныя струменi з душа.
Мыла было сьлiзкiм, духмяным, круглявым па форме i ўвесь час высьлiзгвала з далонi. Макар абмацваў рукамi выгiнастае дно ваннай, а намацаўшы круглявую сьлiзготу, з апантанасьцю мармытаў:
- Сяльчане прыходзяць сюды адпачыць, паглядзець цiкавы фiльм...
Потым ён выцерся махнатым ручнiком, выцягнуў са штаноў трусы, а згадаўшы iмя загадчыцы бiблiятэкi Забыронькi, прыкусiў дрыготкую вусну. Трусы былi падзертыя, ад iх тхнула мачой, таму, павагаўшыся, Макар нацягнуў штаны на голае цела. Ён паспрабаваў запiхнуць трусы ў кiшэню, але яны туды ня лезьлi, i ў галаве нарадзiўся дзёрзкi плян: адразу з ваннай пайсьцi на кухню й выкiнуць трусы ў фортку.
Сьцярожка, каб не нарабiць груку, ён выйшаў у калiдор, зьбiраўся ўжо прасьлiзнуць на кухню, але, угледзеўшы ў пройме дзьвярэй Дануту, застыў, ачмурэлы.
Калi б гаспадыня кватэры паўстала перад iм голай, ён не ачмурэў бы так, як тою хвiляй. Не, Данута не была голай, але ейны ўбор - белыя панчохi, карункавы пас, такiя ж карункавыя пальчаткi да локцяў i празрысты станiк у буйную сетку - перацяў дыханьне, халодным жарам апалiў нiз жывата. Ногi зрабiлiся ватнымi, таму Макар, схапiўшыся за вушак, апусьцiўся на каленi, выцер вiльготнымi трусамi агiдны пот з iлба.
Данута сядзела, адкiнуўшы галаву на сьпiнку фатэля, палiла цыгарэту i, падчас чарговай зацяжкi, разам з дымам выдыхнула фразу:
- Ён заўсёды мяне так апранаў.
Дрыжачай рукой Макар паспрабаваў запiхнуць трусы спачатку ў прарэх, затым у кiшэнь, потым папоўз вокраччу па мяккiм дыване, неадрыўна пазiраючы на ружовыя смочкi, што прабiвалiся скрозь белую сетку станiка. З кожным ягоным рухам Данута ўсё болей i болей рассоўвала каленi, i перад вачыма паўставала карцiна, ад якой, здавалася, пацелi вочы i варушылiся валасы, прычым ня толькi на галаве. Апанаваны сьцiхотам, Макар падпоўз да фатэлю, з трапяткой пяшчотай пацалаваў абцягнутае панчохай калена, памкнуўся да панадных вуснаў, але Данута, перакрывiўшыся, схапiла яго за чупрыну i тыцнула носам у грудок iмшыстых валасоў, якiя дурманлiва пахлi шампунем.
Праз гадзiну, адчынiўшы ўдарам нагi рассохлыя дзьверы, Макар выйшаў з пад'езда i парывiста ўдыхнуў зьвiнючага паветра. За гэтую гадзiну нiчога навокал не зьмянiлася - дзесьцi на верхнiм паверсе ўсё так жа фальшыва пiлiкаў гармонiк, па сьметнiку блукалi тлустыя гракi, ад першага пад'езда ад'ехала машына - Макару нават падалося, што гэта быў Мiшкавы "ўазiк", - а над Азярышчанскiм возерам падымаўся ўгору вечаровы туман. I ўсё ж такi штосьцi зьмянiлася ў сьвеце, штосьцi ў iм адбылося. I Макар, яшчэ раз удыхнуўшы паветра, зразумеў: зьмянiлася ягоная душа. Душа стала маладой i лёгкай, яна варушылася ў грудзях, падступала да горла i прасiла песьнi.
Перапоўнены пачуцьцямi, Макар капнуў нагой трусы, якiя ён кагадзе шпурнуў у фортку i якiя цяпер ляжалi пасярод ходнiку, i, згадаўшы, як дрыжэла Данута, як роспачна схаапiла яго за вушы i зморана застагнала, раскiнуўшыся ў крэсьле, здрыгануўся i ад макаўкi да пятак i пакрыўся гусiнай скурай.
Мiлосная замарач, аднак, доўжылася нядоўга. Бо адразу ж уваччу паўстала iншая сцэна - калi Данута, вохнуўшы раз астатнi, упёрлася яму ў грудзiну каленам i рашуча прамовiла: - Ня трэба.
Данута прамовiла гэта ў той момант, калi ён, Макар, ужо спусьцiў штаны i сапрэлы дручок сьлiзгануў па iмшыстых валасах, i гэтыя два словы ўтаймавалi юр, i дручок, зачапiўшыся за карункавы пас, абмяк, i разам зь iм абмякла бязвольна i пакорлiва - усё ягонае цела.
Дома ён доўга й бязмэтна блукаў па пакоi, потым доўга мыўся пад душам, сьпяваючы на поўны голас, нарэшце, плюхнуўся на канапу i палiў да позьняй ночы, зачараванымi вачыма паглядаючы на шэрую столь.
Тае начы ён ня спаў, i толькi на золку, калi ў вокны ўбiўся няўтульны сьвiтанак, унурыўся - цi то ў сон, цi то ў паўсонную замарач; яму мроiлiся нейкiя страшныя патарочы, увушшу зьвiнелi нечыя галасы, i недзе на доле, у недасяжнай далечынi, ляжалi, спавiтыя ранiшнiм сном, дзьве плямы. Адна, вялiкая, была Чорным морам, другая, меншая, - Азоўскiм. Плямы цьмяна блiшчэлi, вабiлi i ўадначас пужалi сваiм халодна-ртутным бляскам, з кожным iмгненьнем павялiчвалiся ў памерах, i Макар, за хвiлю да таго, як плюхнуцца ў ваду, прачнуўся.
Сонца ўжо грэла пятку, на гадзiньнiку была палова восьмай, а за сьценкай, як заўсёды такiм часам, стрымана лаялiся суседзi.
Ад роспачнай пацягушкi хруснулi косткi, скрыгатнулi зубы, i на вуснах адбiлася лагодная ўсьмешка. Усьмешка, аднак, уквецiла твар толькi на iмгненьне: твар нечакана спахмурнеў, вочы зьбеглiся да пераносься, i Макар падхапiўся з ложка.
- Праспаў, халера! - вырвалася з самлелых грудзей, i левая нага патрапiла, як заўсёды, ў правую калошу.
Празь дзесяць хвiлiн ён ужо цiснуў званок Дануччынай кватэры, i старая порхаўка, рыпнуўшы завесай, прамовiла ў сьпiну:
- У санаторыю зьехала... на машыне... з мужыком нейкiм.
Порхаўка зашамкала штосьцi пра блудлiвых мужыкоў, а Макар налёг iлбом на дзьвярны вушак, скрыгатнуў зубамi i застагнаў, ды так роспачна, што старая перахрысьцiлася i спалохана прычынiла дзьверы.
* * *
- Сядайце, таварыш Мурленя. Вы нас не пераканалi. - Першы ляпнуў рукою па стале, а калi спорткамiтэтчык стаў казаць штосьцi ў сваё апраўданьне, ляпнуў яшчэ раз, ды так хвацка, што ўсе ацiхлi, i пранiзьлiвую цiшыню неабачлiва парушыў гудлiвы свавольнiк. Чмель, паблукаўшы недзе, iзноў уляцеў у залю, скрыжаваўшы на сабе асавелыя позiркi раённых актывiстаў.
- Цi той гэта? - суцiшна запытаўся Мiшка Мандрык, i тут жа, зiрнуўшы на ўскудлачаную галаву Фаiны Сьцефурак, вакол якой наразаў колы гудлiвы свавольнiк, з палёгкай прашаптаў: - Той самы.
Стрэлкi гадзiньнiка мiж тым канчаткова абвiсьлi, паказваючы палову сёмай. Якраз гэтай хвiлiнай сымфэропальскi хуткi спыняўся на станцыi Азярышча. Макар зыркнуў на райкамаўскi гадзiньнiк, потым на свае "камандзiрскiя", асуджана вохнуў i расшпiлiў яшчэ адзiн гузiк на кашулi.
Апошнiя тры днi далiся Макару ў знакi: ён пазбыўся сну, зблажэў з твару, i жыцьцё ягонае ператварылася ў суцэльны кашмар. Апанаваны мазахiсцкiмi вiдзежамi, ён уяўляў, як Данута мiлуецца на марскiм беразе са старымi армянамi, уяўляў, як яе загарэлыя, абцягнутыя белымi панчохамi каленi лашчаць нечыя валасатыя лапы, i ад тых уяўленьняў яму рабiлася млосна, кроплi халоднага поту беглi па драбах, i Макар у адчаi прагнуў лiзнуць перасьмяглым языком высокае неба.
Зрэшты, неба ён так i не лiзнуў, але затое дастаў адрас санаторыя, у якiм адпачывала Данута. Два днi круцiўся ў райкамаўскай прыёмнай, а на трэцi дзень, паклаўшы на край Марынiнага стала разьмяклую чакалядку, пачуў:
- У Мiсхоры яна. Санаторый "Советская Белоруссiя".
Зачынiўшыся ў габiнэце, ён да самага вечара круцiў тэлефонны дыск, спрабуючы злучыцца з Мiсхорам, потым нейкiм дзiўным чынам апынуўся ў "Калiне", напiўся там, як павук, i процi ночы выправiўся на чыгуначную станцыю.
Наступным ранкам, разьдзершы павекi, ён угледзеў у ваконным вакне жаўтлявы будынак з шыльдаю "Дно", утрапёна мiргнуў вачыма i скацiўся з палiцы.
Ранак быў халодным. Вецер шкамутаў кашулю, ганяў па лобе клок зьлiплых валасоў, казытлiва пералiчваў драбы, але Макар не адчуваў холаду. Стоячы на пляцформе, з пакамечаным рублём у кiшэнi, ён паспрабаваў уцямiць: як патрапiў на цягнiк i чаму паехаў на поўнач, калi Мiсхор знаходзiцца на поўднi, i, нiчога ня ўцямiўшы, пайшоў шукаць рэдакцыю мясцовай газэты, каб пазычыць у калегаў грошаў на адваротную дарогу.
Наогул, апошнiмi днямi, пачынаючы ад векапомнай п'янкi на загараднай базе, Макару стала ня толькi адбiваць памяць, але й пачала мроiцца розная лухта. Засынаючы, ён чуў Дануччын сьмех, Данута прыходзiла да яго ў снах; ён, укленчаны, кранаўся гладкага калена i, узьняўшы вочы, з жахам бачыў, што перад iм не Данута, а страхаморлiвая ведзьма. Ранiцою, з пахмельля, ён чуў мармытаньне, якое далятала з вадазьлiўнага бачка, а ўдзень яго часьцяком ахоплiваў жах, i ў такiя хвiлi яму карцела выкiнуцца ў вакно альбо гваздануць бутэлькай па галаве небараку Хамiцкага. Вось i цяпер, пачуўшы вантробны голас Тарзана Пятровiча Куксёнка, якога сталi прабiраць сьледам да Мурленем, Макар памкнуўся гваздануць дырэктара прамкамбiната графiнам па галаве, але, адумаўшыся, скрыгатнуў зубамi i - нечакана для сябе самога - рушыў да выхаду. Ля самых дзьвярэй за iм увязалася чмялiна, а яшчэ праз хвiлiну з залi сьцярожкiм крокам выйшаў Мiшка Мандрык.
Што б там нi казалi паэты-песеньнiкi, а каханьне - страшная рэч. Тлумiць, мучае, а парой наогул нiшчыць людзей. I якiх людзей! Можна налiчыць не адзiн дзесятак славутасьцяў, якiя, зазнаўшы няшчаснага каханьня, засiлiлiся, атруцiлiся, альбо, як талстоўская Ганна, кiнулiся пад колы цягнiка. Скажам таксама, што i аўтар гэтага аповеду зьведаў свойчас мiлоснае ачмурэньне, а таму, апiсваючы пакуты свайго героя, працяўся да яго шчыраю спагадай.
Ну сапраўды, цi можна было не паспачуваць герою, апiсваючы, як той даставаў з рэдакцыйнай шафы ружы, якiя тры днi прастаялi ў слоiку з-пад гарчыцы, а ружы аказалiся прывялымi; цi ж можна было не хвалявацца, апiсваючы, як герой iшоў, пасьля доўгай разлукi, на сустрэчу са сваёй каханай, i цi можна было не мацюкнуцца, згадаўшы старую порхаўку, якая сядзела ля пад'езда? I, падумаўшы, аўтар выкiнуў гэтыя сцэны з аповеду, каб не надаваць твору залiшняй шчымлiвасьцi i не засьмечваць яго нецэнзурнымi мацюкамi.
- Прыехала. Гадзiну таму, - паведамiла порхаўка, калi Макар падышоў да пад'езда. Навiна напоўнiла душу яшчэ большым неспакоем. Зрабiўшы выгляд, што нiчога ня чуе i ня бачыць, Макар выцягнуў з газэтнага скрутку прывялыя ружы, увабраў голаў у плечы, нясьмела пераступiў парог.
Гэтым разам ён адразу ж пазванiў, i ў той жа мiг, як званок ацiх, сэрца ягонае спынiлася. Магчыма, калi б гаспадыня кватэры забавiлася i не адразу адчынiла, Макар бы тут, ля дзьвярэй, i памёр, але, на шчасьце, за дзьвярыма рыпнула падлога, кляцнуў замок i на парозе паўстала яна... Данута. Сэрца балюча сьцялася i затахтала з такiм iмпэтам, што ў Макара закружылася галава i кветкi, якiя трымаў за сьпiнаю, высьлiзнулi з самлелых пальцаў.
Ён стаяў, панурыўшы веi, баячыся зiрнуць на Дануту, а калi, нарэшце, зiрнуў, дык сэрца ягонае iзноўку спынiлася. На загарэлым Дануччыным твары, дакладней, у куточках пульхнатых губ, блукала грэблiвая ўсьмешка. Акурат такая ж усьмешка блукала на вуснах мадам Сьцефурак, калi тая выганяла з залi гудлiвую жамерыну.
- Не прыходзьце сюды, - сказала, як адсекла, гаспадыня кватэры i, прычыняючы дзьверы, дадала: - I не званiце.
Хвiлiн дзесяць - ня меней, - стаяў Макар перад дзьвярыма i ачомаўся толькi тады, як на доле керханулi i прастору скаланулi шаргатлiвыя крокi. Ён падняў з-пад ног букецiк, блiснуў сьлязьлiвым вокам i, зьбягаючы па сходах, упёр прывялыя кветкi знаёмай бабулi.
Невядома - куды б кiнуўся Макар i што б ён стаў рабiць, калi б не наляцеў у дзьвярах пад'езда на шырокую сьпiну Мiшкi Мандрыка. Мiшка стаяў на парозе i смалiў папяросу.
Iншым днём ды iншым часам Макар зьдзiвiўся б такой сустрэчы, але цяпер, асавела глянуўшы па баках, ён адно толькi мыкнуў ды рассунуў два пальцы, просячы ў сябра папяросiну. Не дачакаўшыся, пакуль Мiшка выцягне з пачка беламорыну, Макар яшчэ раз мыкнуў i няпэўнай хадою пайшоў сваёй дарогаю.
- Макар, што з табой? Дзе ты быў? - голас сябруковы прагучаў глуха, усё адно як з бяздоннай боднi.
Мандрык схапiў яго за пiнжак, паклаў на каршэнь сваю вузлаватую, упрыгожаную сiняй катвiгай руку, зазiрнуў у самыя вочы, i ў Макара адлягло ад сэрца.
Потым была "Калiна": шалёная п'янка, песьнi, гарачыя румзы на сябруковым плячы, нарэшце, тэлефонны званок з рэстараннай кухнi, дакорлiвыя Дануччыны словы: - Ну я ж прасiла... - якiя прыглушала сквiрчэньне секунцоў на патэльнi, потым былi скокi да поўнай зморы, цьмянае сьвятло лiхтароў, брэх сабак у Зарэччы i сiплыя Мiшкавы мацюгi ля вуха: - Ды куды ты, йоп!.. Далася табе гэтая лярва.
Ноччу ён спаў на падлозе, не распрануўшыся, у сьне яму мроiўся Дануччын сьмех уперамешку зь Мiшкавымi мацюгамi, мроiлася чмялiнае зумканьне, сквiрчэньне секунцоў на патэльнi; ён iзноўку падаў у Чорнае мора, а за хвiлю да таго, як плюхнуцца ў цёмныя хвалi, здрыгануў нагой i зь цяжкасьцю разьмежыў павекi.
Тыя, каму даводзiлася прачынацца на падлозе ўласнай кватэры, звычайна адразу ж iшлi на кухню, выпiвалi нагбом паўчайнiка i, завiтаўшы ў прыбiральню, з воклiкам: - Ой, бля-а... - валiлiся на канапу. Макар, аднак, не пайшоў на кухню - ён наогул ня мог нiкуды пайсьцi, бо не даваў рады падняцца на ногi. Пусьцiўшы густую сьлiну i пацёршы даланёю гузак на лобе, герой аповеду зморана войкнуў i папоўз да тэлефону.
Палец нiяк не патрапляў у дзiркi тэлефоннага дыску, i патрэбны нумар прыйшлося набiраць пяць разоў запар. Была шостая гадзiна ранiцы, таму ў слухаўцы доўга сьпявалi гудкi, чулася мернае рыпеньне, падобнае на рыпеньне старых спружынаў у ложку, нарэшце, гудкi абарвалiся, i на другiм канцы дроту прыспана азвалася Данута.
- Станiслава Данутаўна, - блытана прасiпеў Макар, кашлянуў, каб прачысьцiць глотку, i тая, да каго ён зьвяртаўся, скаланула мэмбрану страшным воклiчам: - Забудзь мой нумар, жывёлiна!
Слухаўка азвалася кароткiмi гудкамi, выпала з рукi, матлянулася на вiтым шнуры, паўтараючы сцэну са шпiёнскiх фiльмаў.
А палове дзесятай Макар прыйшоў у рэдакцыю i перш-наперш зазiрнуў у габiнэт адказнага сакратара.
Хамiцкi - мужык цёрты, цынiчны, якi зжыў са сьвету трох жонак, але й той, пабачыўшы шэфа, спалохана адхiнуўся, i ў пашыраных зрэнках ягоных мiльганула неспакойная думка: "Вось што робiць з чалавекам каханьне!"
На шэфа было страшна глядзець: твар меў зялёнае адценьне, валасы ўскудлачаны, на лобе налiваўся сiньню аграмадны гузак, а вочы зьбiлiся ў кучку, i цяжка было зразумець - на каго яны глядзяць: на яго, Хамiцкага, цi на брэжнеўскi партрэт, якi вiсеў на сьценцы.
- Ну, як тут? - запытаўся шэф не сваiм голасам, i адказны сакратар няўцямна перасмыкнуў плячыма.
Шэфава рука палезла ў кiшэнь, кiнула на стол скамечаны трульнiк, затым храбусткi рубель, i адказны сакратар, бяз слоў зразумеўшы, што да чаго, схапiў грошы i выбег з габiнэту.
Калi б Макару прапанавалi адарваць палец, сесьцi на вогнiшча альбо выдраць пару здаровых зубоў, а наўзамен паабяцалi патушыць агонь, якi палаў у душы, ён бы без ваганьняў пагадзiўся. Але ж нiхто нiчога не прапаноўваў, душа гарэла сiнiм полымем, i Макар не знаходзiў сабе месца. Ён мерыў габiнэт нэрвовым крокам, - хадзiў ад шафы да вакна i наадварот, - потым стаў хадзiць вакол стала, пару разоў парываўся некуды пазванiць, але, падняўшы слухаўку, iзноў кiдаў на вагар, а адчуўшы лёгкае ўдушша, падцягнуў непадатныя просвы i адчынiў вакно.
Мядовы ветрык крануўся лоба, на кароткае iмгненьне разагнаў пякельныя думкi. Макар заплюшчыў павекi, удыхнуў пахi летняга дня, а калi зiрнуў на сьвет, дык убачыў пляшку гарэлкi ў руках адказнага сакратара.
- У Будулая ўзяў, - паведамiў Хамiцкi i, у спадзеўцы атрымаць свае сто грамаў, праглынуў няпрошаную сьлiну.
Гарэлку ў Азярышчы, з прычыны ўборачнай кампанii, давалi толькi ў рэстаране, i ад ранку, калi рэстаран быў на замку, даводзiлася бегаць да цыганаў, што жылi ў Зарэччы.
- Давай! - незадаволена выдыхнуў Макар, стомлена ўздыхнуў i стаў лiчыць працяглыя Сазонавы глыкi.
... Гарэлка апалiла паднябеньне, зь цяжкасьцю прайшла ў нутро. Макар скрывiўся, адрыгнуў, зноў прыклаўся да рыльца, i ў гэты момант на рэдакцыйны падворак выехала, блiснуўшы бампэрам, шэрая "Волга". Машына спынiлася пасярод двара, газанула, i зь яе выйшлi двое: нейкi мiлiцэйскi чын i сакратар абкаму Калупайка.
Прыгнуўшы голаў, Макар выбег у калiдор, мерачыся даць дзёру праз заднiя дзьверы, але, згадаўшы, што дзьверы зачынены, вярнуўся ў габiнэт, прыхапiў са стала недапiтую пляшку i з грукатам увалiўся ў шафу.
- Ну, хто тут ёсьць? - пачуўся неўзабаве прыглушаны Калупайкавы голас, i пад шафаю рыпнулi масьнiцы.
Разважаючы на добры лад, можна было меркаваць, што Калупайка зазiрне ў пусты габiнэт дый сыдзе з рэдакцыi. Але ж рыпеньне масьнiчын засьведчыла iншае: сакратар абкаму сыходзiць ня надта сьпяшаўся.
Макар памiргаў у цямноцьцi, прыпаў левым вокам да замочнай шчылiны i ўбачыў Калупайку, якi наблiжаўся да шафы. Сэрца ёкнула, Макар адхiнуўся ад шчылiны, стукнуўся патылiцай аб заднюю фанэрыну i ад страху перастаў дыхаць. Ня дыхаў ён хвiлiны тры, а калi зноў прыпаў да шчылiны, Калупайка ўжо сядзеў у крэсьле i з насьцярожлiвай усьмешкай на твары накручваў тэлефонны дыск.
Голас Калупайкавы гучаў глуха, невыразна, i асобныя словы нават цяжка было разабраць.
- Нам трэба пагаманiць, - стоена казаў сакратар i нават тут, унутры фанэрнай шафы, было чутна, што сакратар хваляваўся.
Калупайка кашлянуў, са стогнам уздыхнуў i пасьля паўзы прамовiў:
- Ну добра, не жадаеце размаўляць са мной асабiста, давядзецца размаўляць з кiраўнiком абласнога камiтэту партыi. Карацей, я высылаю "Волгу".
Макар бачыў праз шчылiну, як Калупайка падышоў да вакна, махнуў рукой, i на падворку парывiста загула машына.
Потым госьць стаў хадзiць па габiнэту, запусьцiўшы рукi ў штаны i штосьцi там перабiраючы, i Макар, падгледзеўшы гэта, скрывiўся i прыпаў вуснамi да пляшкi.
"Волга" вярнулася надта хутка, але галава пасьпела захмялець, замочная шчылiна плыла перад вачыма й даводзiлася штохвiлi мiргаць, каб яна не сплыла канчаткова.
На калiдоры зацюкалi жаночыя туфлiкi. Макар прыпаў да рыльца, потым да шчылiны i ўраз працьверазеў: у габiнэт увайшла Данута. Увайшла рашуча, грацыёзна, пераблытаўшы думкi ў галаве i чарговым разам перацяўшы дыханьне.
Данута села ў крэсла, i ў шчылiне сталi бачны толькi частка загарэлай рукi ды мысок лякiраванага туфлiка.
Калупайка штосьцi сказаў - словы гэтыя праляцелi мiма вушэй, - а вось Дануччына фраза: - Жонцы паспавядайцеся! - казытнула ня толькi слых, але й душу.
- Дана, ну як ты не разумееш, - прамармытаў Калупайка, абхапiўшы рукамi голаў. - Развод для мяне - гэта канец кар'еры. Ты гэтага хочаш?
- Я ўжо нiчога не хачу, - адгукнулася Данута, i зь вiдавоку зьнiклi адразу i рука, i мысок лякiраванага туфлiка.
- Твае выбрыкi проста зьдзiўляюць, - сакратар абкама шаргатнуў нагой па падлозе. - Тады, на "Качыным Востраве"... - У гэтым месцы сакратар уздыхнуў: "Пакахаю першага, хто ўвалiцца ў залю..." Ну, павiсла ты на гэтым п'яным ёлупнi. I што? Думала, я пабягу тапiцца?
Пачуўшы пра "Качыны Востраў", Макар тузануўся, бухнуў азадкам у заднюю сьценку i замёр бяз духу.
- Э-эх, Данка! - вырвалася з сакратарскай глоткi, i Макар iзноў зiрнуў у шчылiну. - Няўжо ж я цябе тут пакiну?
Калупайка дастаў з кiшэнi нейкую паперку, пачаў чытаць: - Вулiца Савецкая, 45 А... Трыццаць шэсьць квадратаў, санвузел разьяднаны... - У гэты мiг Дануччына рука пацягнулася за паперкай, а Калупайка, схапiўшы Дануту за пальцы, юрлiва гукнуў: - Спачатку пацалунак!
I тут надарылася неверагоднае: Данута падхапiлася з крэсла i спрытна ўселася на Калупайкавых каленях.
- Ну ты хоць яму аддалася? - пралепятаў сакратар, цалуючы аголены Дануччын плячук.
- Вось яшчэ! - фыркнула Данута, чытаючы паперку, а Калупайка, пасьля роспачнага ўздыху, прамовiў: - Ну як жа... гэты ёлупень у цябе цэлых дзьве гадзiны адседзеў.
Данута паспрабавала зьлезьцi з каленяў, але сакратар надзейна абхапiў яе за сьцёгны.
- Гэта табе Мандрык сказаў, шпiён твой?
- Ну, ня злуй, - Калупайка прымiрэнча перавёў дых, - я гэтага п'янтоса хачу ў Маскву паслаць, у Акадэмiю грамадзкiх навук. Дзеля гэтага сюды i прыехаў.
Валасатая рука накрыла абцягнутае белай панчохай калена, паткнулася пад спаднiцу, i ўсё патанула ў тумане. Макар лiхаманкава працёр вочы, i ў галаве ягонай замiтусiлiся, шукаючы выхаду, абрыўкi фраз: "Павiсла на ёлупнi... Мандрык... шпiён твой..." Галаве стала горача, цела скаланулi дрыжыкi, ён рассунуў форткi дзьвярэй i ўбачыў, што з Калупайкам цалуецца не Данута, а нейкая страхаморлiвая каргота.
- Ведзьма, - прашапталi сасьмяглыя вусны, лёгкiя ўвабралi паветра, i Макар, выкулiўшыся з шафы, страшным голасам загарлаў:
- С-сука!
Жаночы вiскат зьлiўся з рэхам гэтага крыку, перад вачыма мiльганулi задзёртая спаднiца, расшпiлены прарэх i шэрыя мужчынскiя туфлi. Туфлi затупалi па падлозе, узьнялiся ў паветра, iмкнучыся да адчыненага вакна; Макар ухапiўся рукамi за левую туфлiну i пачуў звон разьбiтага шкла, мацюкi i трэск штыкецiн пад вокнамi.
Ён зь цяжкасьцю падняўся на ногi, перакiнуў з рукi ў руку сакратарскi абутак, а згледзеўшы на падворку мiлiцэйскага палкоўнiка, памкнуўся зноў залезьцi ў шафу. Па дарозе ён наступiў на пляшку, падскочыў, улякнута паглядзеў сабе пад ногi. Недапiтая гарэлка разьлiлася па падлозе, дакладна паўтарыўшы абрысы Азоўскага мора.
- Ён там, у рэдакцыi, - даляцеў з падворка плаксiвы голас, i па правай назе паплыло мяккае i пяшчотнае цяпло. Яно плыло ўсё нiжэй i нiжэй, аж пакуль пад нагою не пачала расьцякацца цёмная пляма. Пляма расла ва ўсе бакi i неўзабаве стала нагадваць па форме Чорнае мора. I вось, калi ў калiдоры цяжка затупалi, а пад вокнамi жаласна заенчылi, дзьве плямы зьлiлiся, адкрыўшы вачам бязьмежны прастор, i схаладнелае сэрца парывiстым бiцьцём вiтала сутокi стыхiй.
Комментарии к книге «Ведзьма (на белорусском языке)», Винцесь Мудров
Всего 0 комментариев