Алесь Аркуш
Клясычная эвалюцыя Сяргея Дубаўца
Кiм стаў бы Сяргей Дубавец, калi б нарадзiўся ў цывiлiзаванай, дэмакратычнай, беларускай Беларусi? Напэўна, гучным празаiкам. Альбо аўтарытэтным лiтаратурным крытыкам. Альбо i тым i другiм адразу. Аднак Сяргей Дубавец нарадзiўся ў БССР.
Творчы шлях Дубаўца можна ўмоўна падзялiць на некалькi пэрыядаў: "перабудовачны", "вiленскi" i "ipso articulo temporis"*. Разглядаючы гэтыя пэрыяды, цiкава прасачыць за эвалюцыяй Дубаўца.
* У адказную хвiлiну (лац.)
"Перабудовачны". Другая палова 80-х - пачатак 90-х. У 1985 годзе ў Савецкiм Саюзе пачынаецца гарбачоўская перабудова. Са спазьненьнем (Вандэя), але працэс дэмакратызацыi, дэманапалiзацыi i дэiдэалягiзацыi пачынаецца ў Беларусi. Вяртаюцца зь небыцьця iмёны i творы рэпрэсаваных "нацдэмаўскiх" пiсьменьнiкаў. Ствараецца БНФ, мацнее адраджэнскi рух. Галоўнымi лiтаратурнымi пляцоўкамi Дубаўца становяцца "ЛiМ" i "Нёман". Сяргей пiша прозу, крытычныя i лiтаратуразнаўчыя артыкулы, дапамагае рэабiлiтоўваць спадчыну. Зьяўляецца адным з лiдэраў лiтаратурнай арганiзацыi "Тутэйшыя" (узьнiкла ў 1987 г.). Найбольшым посьпехам карысталiся яго артыкулы пра "новую культурнiцкую сытуацыю". Ён першы пачаў пiсаць пра арганiзацыйную i эстэтычную манаполiю СП, пра дэвальвацыю мастацкага слова, пра неабходнасьць рэформаў у культурнай сфэры.
Дубавец робiцца галоўным iдэёлягам тагачаснага беларускага культурнiцкага нонканфармiзму.
Яму здавалася, што дастаткова графаманаў назваць графаманамi, а генiяў генiямi i адбудзецца катарсiс беларускага духу. Ад ягонага бескампрамiснага пяра дасталося i лiтаратурным iмiтатарам, i "прыкарытным" лiт.чыноўнiкам, i "певунам" сацыялiстычнага ўчора.
Некалькi гадоў бесперапыннай барацьбы не прынесьлi станоўчых вынiкаў. "Тутэйшыя" развалiлiся, дзяржаўныя часопiсы як друкавалi шэры паток, так i працягвалi друкаваць, СП заставаўся аморфным, бязьлiкiм гуртом.
Але Бунтар не здаваўся. У 1991 годзе Дубавец пачынае свой галоўны праект "Наша Нiва".
З рызыкоўнага аднаўленьня першай беларускай газэты бярэ адлiк i новы творчы пэрыяд пiсьменьнiка - "вiленскi". Сяргей пераяжджае ў Вiльню, стварае рэдакцыю "НН", улазiць у скуру друкара i газэтчыка. Вакол Дубаўца паўстае "каманда" - Мiнкiн, Харэўскi, Дзярновiч, Бабкоў, Шупа, Астраўцоў, Аблажэй. "Наша Нiва" робiцца iнтэлектуальным, элiтарным выданьнем. На яе старонках друкуюцца творы Мiлаша, Шульца, Борхеса. З беларускiх аўтараў - Глёбус, Мiнкiн, Пятровiч, Сапач. "Чырвонай нiткаю" праз усю газэту праходзiць тэма беларускай Вiльнi. Дубавец, з дапамогаю выданьня, спрабуе "гадаваць" беларускую элiту новай фармацыi. У гэты час ён пачынае пiсаць нататкi на палiтычныя тэмы, у тым лiку i для газэты "Свабода".
У 1995 годзе крызiс у вiленскай "НН" дасягнуў апагею. Катастрафiчна не хапала сродкаў - газэта ня стала масавай (г.зн. прыбытковай). Разьвеяўся iдэалiстычны мiт пра калыску беларускага адраджэньня - Вiльню (летуанiзацыя ў горадзе ўпарта набiрала абароты). Адбылiся канфлiкты ў самой "камандзе" палова актыву адышла ад газэты. "Наша Нiва" ня здолела сфармаваць мацярык новай сучаснай лiтаратуры (Дубавец паўтараў: няма прозы, няма прафесiйнай лiтаратуры). Бадай, за выключэньнем Сяргея Шыдлоўскага, газэта ня здолела адкрыць нiводнага новага iмя. Да ўсяго гэтага дадавалiся вонкавыя складанасьцi - жорсткасьць рынкавых варункаў, пагаршэньне палiтычнай сытуацыi на Бацькаўшчыне.
Дубавец зразумеў, што якасьць роднай лiтаратуры нельга палепшыць "прафесiяналiзацыяй" пiсьменьнiкаў, i нiякiя эўрапейскiя "лiкбезы" тут не дапамогуць. Сытуацыю, па вялiкаму рахунку, ратавала толькi нацыянальная дзяржаўная палiтыка.
У 1995 годзе пачаўся трэцi пэрыяд творчага шляху Дубаўца - "ipso articulo temporis". Дубавец, не вагаючыся, пакiнуў лiтаратурную крытыку i лiтаратуразнаўства (магчыма, i прозу). Ягонай новай стыхiяй сталi палiтыка, геапалiтыка, выдавецкая справа. Галоўнай пляцоўкай - газэта "Свабода". Пiсьменьнiк вяртаецца ў Менск (вiленская рэдакцыя "НН" лiквiдуецца). Прыход да ўлады Лукашэнкi глыбiнна спалiтызаваў беларускiя творчыя асяродкi. Небясьпека страты незалежнасьцi шыхтуе ў ваярскiя харугвы нават кучаравых лiрыкаў. Дубавец i раней ня быў палiтычна цнатлiвым творцам, але цяпер ён заняў пазiцыю аднаго з самых радыкальных беларускiх дзяржаўнiкаў. Што казаць, калi самому Пазьняку, "бацьку народа", дасталося ад "сына народа" за памяркоўнасьць i нягiбкасьць. Безумоўна, хутка паўстане новая наменклятура пры дзяржаўнай культуры (скобелевы etc.), - пустое месца хутка запаўняецца. Але наяўнасьць незалежных выданьняў i культурнiкаў новай фармацыi створыць умовы, пры якiх падобны калабарацыянiзм будзе прыводзiць да творчай сьмерцi. Таму на слугаваньне пойдуць самыя недарэкi, нязграбы i iмпатэнты, або ворагi Беларусi. Сапраўдная культура апынецца ў татальнай апазiцыi. Гэтак даводзiў Дубавец.
Дубавец спрабуе рабiць камэрцыйную, прыбытковую "Нашу Нiву", якая ператварылася ў тыднёвiк (вiдавочна, скарыстоўваючы вопыт дэмакратычных газэтаў апошняй "хвалi" - "Имя", "БДГ"), iмкнецца ладзiць новы лiтаратурны мацярык з дапамогаю распачатай кнiжнай сэрыi "Сучасная лiтаратура". I палiтыка, палiтыка...
Вы скажаце - клясычны лёс беларускага творцы. Узгадайма Жылку, Гаруна, Танка. Падобны лёс быў угатаваны i Багдановiчу. Я ня буду спрачацца. Магчыма, сапраўды, справу маем з чымсьцi спадчынным.
Якiя эвалюцыйныя зьмены адбылiся з тагачасным Дубаўцом як з асобаю? Па-першае, вiдавочна, ён пачаў улiчваць жыцьцёвыя рэалii. Не дастаткова разумець, што трэба, неабходна яшчэ ўсьведамляць - цi рэальна тое зьдзейсьнiць. Па-другое, Дубавец стаў больш дэмакратычным - тыднёвiк упяцёх ня зробiш. Па-трэцяе, лiтаратура ў ягонай дзейнасьцi як бы адышла на другi плян (не да лiтаратуры?). Па-чацьвертае, ён пачаў ствараць рэгiянальныя культурнiцкiя сеткi - падпiска, рэалiзацыя кнiг. Дубавец стаў сапраўдным лiтаратурным мэнэджэрам. Калi б мы мелi яшчэ з дзясятак падобных арганiзатараў лiтаратурнага працэсу, тады за лёс роднай лiтаратуры можна было б не хвалявацца.
1996 г.
P.S. З таго дня, як пiсалiся гэтыя радкi, мiнула больш за шэсьць гадоў. Эвалюцыя Дубаўца за гэты час спазнала новыя пэрыяды свайго разьвiцьця. Пра iх, аднак, - асобным разам.
Комментарии к книге «Клясычная эвалюцыя Сяргея Дубаўца (на белорусском языке)», Алесь Аркуш
Всего 0 комментариев