«Пачакай, затрымайся...»

464

Описание

отсутствует



Настроики
A

Фон текста:

  • Текст
  • Текст
  • Текст
  • Текст
  • Аа

    Roboto

  • Аа

    Garamond

  • Аа

    Fira Sans

  • Аа

    Times

Пачакай, затрымайся... (fb2) - Пачакай, затрымайся... 488K скачать: (fb2) - (epub) - (mobi) - Елена Семеновна Василевич

Алена Васілевіч Пачакай, затрымайся…

Аповесць

Частка першая

Храстовы кароль

Увесь свет, усе вакол людзі жывуць як людзі, адна толькі я папялею на павольным агні. А што, калі пра мяне забудуць? Ці згубяць маю заяву і мае дакументы? Ці дзе ў дарозе згубіцца выклік на экзамены? Што тады будзе?..

А жыццё наўкола з яго штодзённым клопатам і тузанінай тым часам ідзе як і заўсёды, як вечна. I што яму да таго, што вось-вось — і ад чалавека застанецца толькі жменька попелу.

…Пісьмо, адрасаванае мне асабіста, на маё ўласнае прозвішча, дастаўляе надвячоркам лістаносец Федзя Жук. Пісьмо дома мяне не застае, яно знаходзіць мяне за гумнамі, пад дубам, каля дзядзькі Мікалаевае копанкі. Там на вогнішчы я вару бульбу на вячэру. Ладны пабяляны чыгунок маладое бульбы. Каля вогнішча сабралася дзятвы і падлеткаў мала што не з усяе вёскі. I таксама амаль усе з чыгункамі. Традыцыйная сялянская вячэра ўлетку. Да гарачае бульбы абавязкова рыхтуецца расол: забелены лыжкай смятаны ўкіслы бярозавік з дзежкі, з крышанай зялёнай цыбуляй і гурочным цветам (першыя агурочкі рваць шкада). Смаката!

Умела раскладзены агонь аднолькава служыць усім. Кожнаму чыгунку хапае агню, хапае жару. I не заўважыш, як закіпіць бульба, як паспеюць гарэлікі.

Лістаносец Федзя Жук да копанкі, да агню, падкатвае на веласіпедзе. (Фарсіць! — веласіпед куплены толькі гэтым летам.) Гультаявата злазіць і кладзе веласіпед на траву. Малыя ад агню ўсе як адзін кідаюцца да Федзевага веласіпеда — хоць пальцам пакратаць бліскучыя нікеляваныя спіцы ці пазваніць галасным званком.

— Ану, кыш! — адпужвае малых Федзя і, перакінуўшы скураную торбу на жывот, спаважна ляпае па гэтай тоўстай торбе.

— Хто хоча скакаць? — пытаецца Федзя.

Скакаць гатова ўся малеча. Федзя адмахваецца:

— Мала кашы елі… Ну, хто? — звяртаецца ён да старэйшых і наровіць стаць побач з Анюткай Корбутавай. Прыгожая, зграбненькая Анютка падабаецца Федзю.

— Паскачы сам, а мы паглядзім, — ведае ўжо сваю ўладу над Федзем Анютка.

— Ану, давай хутчэй, што там у цябе! — камандуюць Федзю старэйшыя хлопцы.

— Не дам, пакуль не паскача той, каму пісьмо.

— Дык каму пісьмо?! — наступаюць на Федзю хлопцы, маючы намер адабраць у яго торбу.

— Няхай яна скача, — ківае ў мой бок Федзя і выкручваецца ад хлопцаў.

— Буду я скакаць яму яшчэ! Давай пісьмо, Жучыла! — мяне ўсю так і калоціць: ад хвалявання, ад няпэўнасці — ці тое гэта нарэшце пісьмо, якое мне гэтак патрэбна, і што ў ім пішацца.

Але хіба ты ўтрымаеш гэтага Жука.

— Вадзім, Лёня, адбярыце ў яго!

Федзя кідаецца наўцёкі, хлопцы гоняцца за ім, ловяць і, паваліўшы, адбіраюць паштальёнскую скураную торбу. I тут жа вытрасаюць яе на траву. Вытрасаюць і маё пісьмо.

— Ого, як з друкарні ўсё роўна!

— Аддайце маё пісьмо! — кідаюся я да хлопцаў і вырываю з іх рук белы тоненькі канверт.

Хутчэй дадому — прачытаць без сведак… Па дарозе, аднак, я не вытрымліваю, хаваюся ў снапах канапель пад гумном, нецярпліва разрываю канверт. З канверта выпадае вузенькая паперка, аддрукаваная на машынцы: «Паважаны тав. Гурновіч, вы дапушчаны да прыёмных іспытаў. Просьба з’явіцца на іспыты першага жніўня. Сакратар прыёмнай камісіі…» — і неразборлівы подпіс. I ўсё. I больш ні слова.

Я чытаю паперку раз, другі раз, перачытваю трэці — гэта, значыць, я — «паважаны таварыш», гэта, значыць, мяне дапусцілі да іспытаў і мяне выклікаюць… Выклікаюць!

Забыўшы пра бульбу, пра вогнішча, пра ўсё на свеце, па разоры, па калючым гарбузніку я імчу дадому. Паказаць пісьмо.

I схаваць яго, каб не згубілася!

— Дапусцілі! Выклікаюць ужо! — яшчэ з весніц на ўвесь двор крычу я.

Баба Іваніха каля калодзежа намывае на заўтра бульбу. Ад майго воклічу яна ўздрыгвае і спалохана выпростваецца:

— Каго выклікаюць?.. Куды?!

— Вось! Мяне! — размахваю я канвертам у яе перад тварам.

Баба Іваніха нічога не разумее. Мне гэта і смешна, і злосць бярэ: заўсёды ёй трэба тлумачыць, як быццам самой цяжка здагадацца.

— Мяне выклікаюць на іспыты!

— Ну, то і паедзеш, то і будзеш здаваць, — як пра рэч самую звычайную, кажа баба Іваніха (быццам самой ёй такія пісьмы прыходзяць штодня). — Я спужалася: думала, барані божа, каго выклікаюць туды…

— А дзе Саша? — пытаюся я; што гэта баба разумее: туды… Усё ёй страшна…

— З поля яшчэ не прыйшла — дзе яна… — бярэцца зноў за бульбу баба Іваніха. — Ну, то дзякуй богу, што выклікаюць. Цяпер, глядзі, бярыся як след за кніжкі… Дасць бог, паступіш, як вучыцьмешся.

Дасць бог… Бабу толькі слухай. Я кірую ў хату з намерам надзейней схаваць сваё пісьмо ў куфры. Але тут жа і перадумваю: мне ж хочацца паказаць яго і тым, хто астаўся каля вогнішча, каля чыгункоў з бульбай… Як ні кажы, а з усёй вёскі паступаем усяго толькі мы з Маняй Паўлавай удзвюх… I пакуль што такое пісьмо атрымала я адна… Маня дакументы здавала пазней, і ёй няма яшчэ выкліку. А можа, і ёй сёння быў — Маня жыве ў канцы вёскі, а там Федзя раздаў пошту раней… Так ці інакш, я не магу адразу ўзяць і схаваць сваё пісьмо, нікому яго не паказаўшы, у куфар, у прыскрынак (там ляжаць усе мае скарбы).

Пасля вячэры я доўга не магу заснуць, кручуся ў пасцелі (гарачыня — коўдра пячэ, як агнём), мацаю пад падушкаю тоненькі канверт — у куфар яго схаваю заўтра… Цяпер я абміраю ўжо ад новага хвалявання: як яно будзе на тых іспытах?.. А што, як я не здам?.. А якія там будуць настаўнікі і як яны будуць пытацца?..

Сон мяне зморвае толькі на світанні, калі пачынаюць ужо добра шарэць вокны. Я засынаю і зноў тут жа патанаю ў свой шчаслівы неспакой… Зноў іду я па галоўнай вуліцы, што вядзе да педвучылішча, як і ў той дзень, калі несла здаваць дакументы. Вуліца шырокая, брукаваная, і назва яе — Пралетарская. На Пралетарскай вуліцы — адна каля аднае — стаяць крамы. У крамах — праз вялізныя вокны — пазіраюць на вуліцу нейкія дзіўныя, вельмі прыгожа апранутыя хлопцы і дзяўчаты. Здалёк і не пазнаеш, што яны нежывыя, што гэта вітрына толькі… На Пралетарскай вуліцы Дом Саветаў. Двухпавярховы цагляны будынак, а перад ім на высокім пастаменце — Ленін. Імклівая рука правадыра заклікае наперад. Толькі наперад!..

Пралетарская вуліца вядзе да чырвонага ўрачыстага мура. У дзвярах яго стаіць гэтакі ж урачысты і непрыступны — такім ва ўсякім разе ён здаецца — стары, з выгляду вельмі падобны на храстовага караля. З сівой барадой, у чорнай з залатой акаймоўкай форме і ў гэткай самай з золатам і бліскучым казырком шапцы. Не хапае толькі булавы ў руках.

Храстовы кароль урачыста адчыняе перада мною цяжкія дзверы:

— Ідзі смела, не бойся!

Я іду ў тыя дзверы. Я памятаю, што некалі маме-нябожчыцы на картах заўсёды выпадаў храстовы кароль — казённы мужчына. I мама заўсёды радавалася: храстовы кароль быў на дабро.

Лялькі

Акно ў вагоне расчынена, і я падстаўляю стрэчнаму ветру твар, працягваю яму рукі.

Оковы тяжкие падут! Темницы рухнут, и свобода Вас примет радостно у входа…

Мне страшэнна хочацца высунуць у акно і галаву — а што там наперадзе? — але няможна: сварыцца праваднічка.

«Оковы тяжкие падут…» Гэта маё пытанне на іспытах: расказаць на памяць «Пасланне ў Сібір» А. С. Пушкіна… Але ж гэта не толькі маё пытанне — гэта і вершы пра мяне самую… Імі поўніцца ўся мая істота: аковы ўпалі! Цямніцы рухнулі! Я — на волі!.. Як быццам і не было таго калацення і страху. Як быццам не было ніякіх іспытаў… Толькі чароўныя палотны-спісы засталіся бялець на сцяне: прозвішча, курс, група… Поруч другі спіс: стыпендыя. Поруч — трэці — інтэрнат.

Нібыта і не было ніякага ні страху, ні калацення.

Дадому я прыязджаю ўжо студэнткаю.

Ці трэба казаць, што дома страчаюць мяне зусім як не мяне: урачыста, з павагай і гонарам. Паглядзець на студэнтку сышлася радня; суседкі — то тая, то другая — заскокваюць пазычыць хлеба ці рэшата…

— Уга! Гэта ўжо і Ганька вярнулася з экзаменаў?

— Вярнулася студэнтка, а то хіба не пара? — баба Іваніха сама падае мне полудзень. Малых — Жэню і Віціка — трапкачом выганяе з-за стала: — Дайце ёй папалуднаваць. Вунь як змарнела за гэтыя іспыты…

— А то хіба лёгка навукі дабіцца? Гэта вам не лён на таку абіваць… Маладзец, Ганька! Бывайце здаровы… — і суседка знікае.

— Ганька, а дзе ты цяпер жыцьмеш? — малых выгналі з-за стала, дык яны цяпер шыюцца з другога боку.

Дзе я буду жыць цяпер? Цяпер я буду жыць у інтэрнаце. На Калоніі…

— А дзе ты яду брацьмеш? — гэта мая Калонія Жэню і Віціка ніколечкі не абыходзіць: пустое слова для іх…

Дзе буду браць яду? А стыпендыю хто будзе атрымліваць?.. Іспыты я здала на «добра» і «выдатна», і таму стыпендыю мне прызначылі павышаную. Звычайная — шэсцьдзесят рублёў а павышаная — семдзесят пяць. Нават падумаць страшна — гэтулькі грошай!

— Ты ў нас цяпер буржуйка будзеш, — кажа сястра Анюта. Яна аж з Таліц прыйшла на гэту падзею — маё вяртанне з іспытаў. — Бачыце, кім цяпер Ганька будзе, як добра вучылася звяртаецца яна да пляменнікаў. — А вы гультаі. Вам свіней нават цяжка выгнаць на выган…

Малыя не крыўдзяцца: вялікі клопат, што самі яны гультаі. Затое Ганька!.. Яны не даюць мне пад’есці:

— А што ты нам купіш?

— Кукіш купіш… Бач, ужо знайшліся ахвотнікі да пакупак, — сварыцца баба Іваніха. — Пабачым, як вы самі будзеце вучыцца, а то, бач, — што ты ім купіш…

Мне шкада малых: усе на іх наваліліся. Але за іспыты я, і праўда, добра выгаладалася: смажэнікі з маласольнымі гуркамі здаюцца царскай ядою!

— Схадзем, Ганечка, да мяне. Паможаш мне бульбы накапаць… Нешта мне сёння недабрыцца… — Анюта цяжарная, яна заняла паўлавы.

— От, табе абы толькі цягаць яе. Няхай лепш дома адпачне, — кажа сястра Саша.

— Я ўжо адпачыла. Я схаджу памагу! — Я люблю Анюту і гатова хадзіць да яе хоць кожны дзень.

Нам з ёю ўдзвюх заўсёды цікава… Да таго ж — і сапраўды, як ёй капаць тую бульбу, як ёй згінацца — гэтакая тоўстая зрабілася.

— Ты б да Каці, дзеўка, паказалася, — папракае Анюту маці — баба Іваніха (Каця — участковая акушэрка).

— Усё не збяруся ніяк. Заўтра ўжо з’езджу.

— Ды глядзі, няхай Васіль каня запражэ, — наказвае маці.

— Запражэ, няўжо ж пацягнуся…

Я пад’ела (сёння мне падалі, сёння за мной прыбралі!) і гатова ўжо ісці ў памочніцы да Анюты.

— Ну то бывайце здаровы, — цяжка ўстае з лавы і развітваецца Анюта.

От дзіва! Як быццам гэта хата ніколі не была ёй роднаю.

— Пайдзі здарова! — жадаюць Анюце на дарогу маці і сёстры. Няўжо і яны адвыклі ад яе? Прыйшла — пайшла…

Дзіва, дый толькі! Я гэтага зразумець, а тым больш прыняць сэрцам ніяк не магу. Як можна адвыкнуць ад дому? Як можна адвыкнуць ад Анюты? Я ж ад яе не адвыкла!

Дарогі ў Таліцы — адна ўсяго вярста. Сцежачкаю, наўскасок, спачатку цераз сваё жыта, а потым цераз таліцкія льны. Сцежачка ідзе паўз могілкі. Каторы год ужо тут спіць-спачывае мама. Каб магла яна ўстаць, каб сама я мела ўладу разбудзіць яе сёння… Пра гэта думае і Анюта. I Анюта ўслых гаворыць:

— От, Ганька, каб твая маці дачакалася сённяшняга дня… Колькі б ёй радасці было ўбачыць цябе студэнткаю!

Каб дажыла мама… Каб дачакалася… Я нічога не адказваю Анюце, бо ведаю, што, як толькі загавару, абавязкова заплачу. I мы абедзве моўчкі мінаем могілкі. Сонца на захадзе, і Анюта спяшаецца дадому.

Анюціна хата з краю вёскі, ля самага выгану. Двор з хлявом і скацінаю адгароджаны, і хата стаіць у садзе, сярод чысценькай муравы. Абступілі яе кругом і заглядваюць у вокны мальвы і кусты вяргіняў.

Хараство! Хораша і чыста ў Анюты і ў хаце.

I сама яна нейкая зусім не такая, як усе вясковыя жанкі. Анюта ўсё сама шые: і сабе, і дзецям. Цяпер вось толькі…

Мы з Анютаю бяром кашы, рыдлёўкі і ідзём у загарадзь капаць бульбу. А там, на суседскім агародзе, перапалох, мітрэнга.

— Анютка, галубка! Пакліч свайго Васіля, няхай бярэ пілу і сякеру і хутчэй бяжыць сюды!.. — на ўсю сядзібу лямантуе баба Алімпа.

— Што ў вас нарабілася? — спяшаецца да яе Анюта.

— Гэта ж Ігар ушчаміўся ў арфу, і ніяк яго не выбавіць адтуль… А нашых мужчын ніводнага дома няма — у лесе…

— Як гэта ён у той арфе апынуўся?

— У хованкі гулялі… I я ж тут, старая дурніца, была. Яшчэ задушыцца дзіця, — плача баба Алімпа, подбежкам шкандыбаючы назад да арфы.

— Дзе ж ён тут? — заглядваем мы абедзве з Анютай у арфу.

— Усярэдзіну ўбіўся… Мо зацёкся ўжо…

— Ды няма яго тут, цётка. Што вам здалося?

— А бацюхны мае, ён жа крычаў…

— Зірніце самі.

— Няўжо ж гэта ён уцёк, каб не білі…

— Няўжо ж ён дурны чакаць, пакуль пачнуць арфу секчы, — смяецца Анюта. — Добра напалохаў бабу — і ўцёк!

— Ах ты, лайдак! Ах, вуж печаны! — на ўсю загарадзь грозіць баба Алімпа. — Прыйдзеш ты мне дадому! Я табе пакажу арфу!

I не зразумець ужо, за што яна злуецца на ўнука: за тое, што ўлез у арфу і напалохаў яе, ці за тое, што сам выкараскаўся і ўцёк. Мы з Анютаю капаем бульбу, потым нясём яе ў кашах дадому, потым пачынаем уходжвацца: прыйшлі з пашы каровы і авечкі, дзеці прыгналі свіней з выгану. Неўзабаве прыходзіць з калгаснае работы і Васіль. I ён памагае Анюце: носіць у хату кашы з бульбаю, носіць ваду.

Сядзець доўга за вячэрай няма звычкі. Стол прыбіраем мы з Васілём самі. Анюта ледзь дацягнулася да ложка. Потым кладуся я з малымі — і тут, у Анюты з Васілём, іх таксама двое, і таксама дзяўчынка і хлопчык — як і ў нас дома, у сястры Сашы. Каб не разбураць прыбранага ложка, мы сцелемся на падлозе. Тушыць лямпу і апошнім кладзецца каля Анюты, на кухні, Васіль.

Стома і сон агортваюць мяне адразу, як толькі я кранаюся галавою падушкі. Малыя яшчэ штурхаюцца і капрызяць, але я ўжо нічога гэтага не чую. Я ўжо сплю. Я здала іспыты. Я на волі. Кайданы спалі…

Прачынаюся я ад спалоханага Васілёвага голасу:

— Ганька! Устань, Ганька!..

Я падхопліваюся на пасцелі і не магу зразумець, калі ж тая ноч паспела мінуць…

— Устань, Ганька! — гэта ўжо Анюцін голас, з кухні. Толькі чаму ён гэтакі слабы і жаласны, не голас нават, а плач. Смутна здагадваючыся пра нешта няпэўнае, я нацягваю сукенку і выбягаю на кухню.

— Бяжы, Ганечка, да Лаўрыніхі… Пабудзі яе… Скажы, што я раджаць надумалася… А ты, Васіль, будзь каля мяне…

— Бяжы хутчэй, галубка!..

Я ўжо за парогам, за веснічкамі. Бягу колькі сілы!.. Толькі куды ж гэта я бягу спрасоння? Мне ж трэба ў вёску, а я — на выган…

…Лаўрыніха толькі божкае і не паспявае за мною. На парозе ў сенцах ледзь пераводзіць дух, адчыняе дзверы ў хату… Хата нас страчае прарэзлівым гукам:

— Ага!

— Ну, вось і дзякуй богу! — у цемнаце, на абразы, хрысціцца Лаўрыніха.

— Ой, паміраю!.. — стогне Анюта.

Мяне зноў адпраўляюць з хаты — пасылаюць бегчы ў Зялёную Дуброву паклікаць мацеру — бабу Іваніху. I зноў бягу я ў цемры выганам, потым сцежачкаю цераз лён, потым паўз могілкі (і толькі ў думках паспяваю папрасіць: «Мамачка, зрабі так, каб Анюта не памірала…»), бягу жытам і не адчуваю, як сцябаюць па твары каласы, як калючымі вусамі казычуць шыю… Гэтак жа подбежкам, удзвюх ужо з бабаю Іваніхаю, вяртаемся мы назад.

Бярэцца на ранак. I калі мы прыбягаем на таліцкі выган, усход над лесам ужо добра ружавее. Яшчэ не ведаючы, што з Анютаю, і баючыся таго, што адбылося, мы ўваходзім — паперадзе баба Іваніха, я следам — у хату.

На ложку, на падушцы поруч з Анютаю, ляжаць дзве спавітыя лялькі. Лялькі маўчаць, а Анюта, як толькі ўбачыла мацеру, пачынае галасіць:

— А што ж я рабіцьму з імі… Я ж з імі прападу…

Маці і Лаўрыніха суцяшаюць Анюту. Нешта гавораць ёй. А я стаю ля парога і не чую, што яны гавораць. Я не зводжу воч з гэтых дзвюх спавітых лялек і міжвольна, як быццам збоку, гляджу на сябе самую, гэтакую ўжо дарослую… I ў мяне няма нават кроплі сумнення, што Анюта і сапраўды прападзе. «Калі яна дачакаецца людзей ад гэтых лялек?..»

Калонія

Два прыземістыя баракі на голым пляцы пры ўездзе ў горад і ёсць тая самая знакамітая Калонія, куды, па традыцыі, педвучылішча спіхвае толькі першыя курсы.

У нядзельныя дні на Калонію, як на кірмаш, з’язджаюцца фурманкі. Дзядзькі ў даўжэзных суконных халатах, калі дажджовіца ці якая халепа, і цёткі ў мультаноўках і кажухах, абапнутых посцілкамі — бацькі і маткі студэнтаў. Паволі злазяць яны з вазоў, паволі разгінаюць знямелыя за дарогу спіны і ногі і, прывязаўшы да суседняга плота каня, бяруцца вызваляць вазы. Мяхі бульбы, кошыкі яблык, торбы і торбачкі скораму, боханы хлеба, гладышы і бутэлькі малака — усё гэта дзеткам-студэнтам, што, падаўшыся ў навуку, з’ехалі за свет. Дзеткі — ужо ладныя дзяўчаты і цыбатыя юнакі — радню чакаюць з цямна. Тут іх не трэба падганяць. Барзджэй пацалаваўшыся з мамаю і татам, яны таксама памагаюць распакоўваць вазы. I потым ужо весела вядуць бацькоў у інтэрнат, кожны ў свой пакой.

Калі ж надвор’е стаіць добрае, не цэдзіць дождж, не мяце завіруха, тады, на выхадны дзень, Калонія сама кіруецца да родных гнёздаў. Тады ў інтэрнаце застаюцца толькі самыя далёкія ці тыя, каму няма да каго кіравацца, няма спадзявацца на каго.

Нядзельнымі надвячоркамі з розных бакоў, з розных дарог Калонія сходзіцца назад на свой голы пляц, у свае несамавітыя баракі.

Прывілеямі карыстаюцца другія і трэція курсы — яны селяцца ў арыстакратычнай прафшколе (з таго часу, як прафшкола як навучальная ўстанова скончыла сваё існаванне і з усімі будынкамі перайшла пад інтэрнат да педвучылішча). На Калонію прафшкола глядзіць з пагардай, а хутчэй зусім не жадае заўважаць яе: каланіяльная зелень… Не дзіўна таму, што ступіць за вароты прафшколы можа толькі той, у каго ёсць сувязі…

Калонія цярпліва чакае свайго часу.

Я са сваім дашчаным чырвоным куфэрачкам і, як гара, высокім сенніком, вядома ж, застаюся на Калоніі. Засцілаю жалезны салдацкі ложак (у самым кутку прахаднога пакоя) белай прасціною. На падушцы ў мяне — агульнапрыняты інтэрнацкі шык! — накрухмаленая і падсіненая мярэжаная накідка з марлі. Дзяўчаты-суседкі на сваіх тумбачках выставілі дзеля хараства пустыя бутэлечкі з-пад адэкалону і каробачкі ад пудры. Трэба будзе і мне паклапаціцца. У мяне няма ні бутэлечак, ні каробачак ніякіх — затое ў мяне ёсць паштоўкі. Голуб, увесь у срэбры і з гэтакім жа срэбраным канвертам у дзюбцы, кружыцца над сталом з велікоднымі яйкамі. I яшчэ пастаўлю кацянят з бантамі — у кошыку…

Міжвольна мне ўспамінаецца наш інтэрнат у школе. Я добра ведаю, што Маня Жук, наша выхавацелька і наш стараста, дала б мне за гэтыя велікодныя яйкі… Дала б і за срэбнага голуба, і за кацянят з бантамі. Усё гэта Маня зняважліва звала мяшчанствам. Пры Мані ў нашым пакоі не было ніякага мяшчанства. На сценах у нас віселі толькі партрэты правадыроў і выдатных пісьменнікаў краіны.

Але ж не пачну я тут, на Калоніі, заводзіць тыя нашы парадкі. Ды і хто мяне тут паслухае? Зноў я ў пакоі, як паглядзець збоку, самая меншая. Дома, здаецца, як быццам і вырасла, як быццам і дарослая. А як толькі пакажуся на людзі — драбяза драбязой…

Ад Калоніі да педвучылішча немалая дарога. За канца ў канец цераз увесь горад. Спачатку трэба мінуць Камсамольскі бульвар з помнікам-абеліскам чатырнаццаці чырвоным партызанам, якіх расстралялі ў дваццатым годзе белапалякі. На абеліску чатырнаццаць прозвішчаў — большасць тутэйшых, знаёмых, — Цішкевіч, Саладуха, Раўтовіч, Бялько, Красуцкі — відаць, былі ўсё мужчыны і хлопцы з недалёкіх сёл… Дагэтуль партызаны і партызанская тэма вывучаліся толькі ў падручніках па гісторыі і літаратуры і мелі дачыненне як быццам толькі да кніг. А цяпер гэта гераічная гісторыя кожнага з нас як бы кранаецца штодня…

Штодня, спяшаючыся на заняткі, мы мінаем сціплы каменны абеліск і, як завучаны ўжо добра ўрок, паўтараем у памяці балючы пералік невядомых нам гераічных жыццяў…

Першая ўзорная школа (на шыльдзе — літары золатам!) звяртае маю ўвагу перш за ўсё тым, што наша школа была таксама ўзорная. Няхай сабе і другая ў раёне… Успамінаецца яшчэ, што ў гэтай школе (да рэвалюцыі тут была мужчынская класічная гімназія — над уваходам год збудавання — 1617) вучыўся некалі мой стрыечны брат Сцёпа. Дома не раз успаміналі: няма ў гімназіста галёшаў ці няма форменнага шыняля — швейцар і на парог не пусціць…

Камсамольскі бульвар упіраецца ў шырокую вуліцу Валадарскага. А дома ў нас яе і дагэтуль завуць па-ранейшаму: Выгодаю. На Выгодзе, у доме Гаховіча, жыў некалі з братам Колем мой бацька. Коля аднойчы прынёс мне падарунак ад гаспадаровае дачкі Тамары — ляльку, якой я дала імя таксама Тамара. Лялька Тамара была маім багаццем і маёй уладай над сяброўкамі: яна насіла ружовае шаўковае плацце і шаўковыя панталоны з брыжыкамі. I яшчэ мая лялька заплюшчвала і расплюшчвала вочы і клікала: «Ма-ма…»

Гаховіча з дачкою, расказвалі потым у нас дома, некуды выслалі з горада. Бацька мой памёр, а брат Коля як паехаў пасля яго смерці да цёткі, недзе пад Рудзенск, так і не напісаў ніводнага пісьма.

У педвучылішча прыводзіць Калонію Пралетарская вуліца. Педвучылішча — самы высокі ў горадзе трохпавярховы цагляны мур. Да рэвалюцыі тут змяшчалася камерцыйнае вучылішча. Дома, калі я толькі яшчэ падала дакументы і чакала выкліку на іспыты, баба Іваніха хвалілася суседкам:

— Наша ж Ганька дабіваецца ў камерчаскае вучылішча…

I вось, выходзіць, дабілася…

Мы — студэнты

Першыя дні. Першыя лекцыі. (У педвучылішчы ў нас ужо няма звычайных урокаў — тут у нас ёсць гучныя лекцыі!) Яшчэ не ўсе з нас маюць сталае месца ў аўдыторыі (і класаў няма — ёсць аўдыторыі!). Не кожны выбраў сабе яшчэ сталага суседа.

Толькі Рая Байцова і Роза Вальфсон — гараджанкі — усюды разам. Яшчэ з прыёмных іспытаў. Яны і цяпер сядзяць разам за першай партай, перад сталом, за якім сядзяць выкладчыкі. Раю і Розу ні з кім з нас не зблытаеш: гарадская мода, руская мова, а самае галоўнае — гэта смеласць і незалежнасць у паводзінах: і з выкладчыкамі, і на перапынках.

Я, мусіць, хутчэй памерла б, чым адважылася б вось так спрачацца, як Рая Байцова, з нашым класным кіраўніком Уладзімірам Феафілавічам Ляўковічам:

— Байцова, я даручаю вам (у педвучылішчы ўсіх нас завуць на «вы»: мы ж — студэнты!) правесці агульны сход. Вы ў нас будзеце за старасту.

— Я не ўмею праводзіць сходы, Уладзімір Феафілавіч!

— Вучыцеся.

— Але вы павінны будзеце мною кіраваць!

«Вы павінны будзеце…» Ну, хто б гэта з нас, вясковых дзяўчат ці хлопцаў, адважыўся б гэтак гаварыць? А самае галоўнае — хто б з нас здолеў гэтак — ні ў каго з нас і слоў бы гэтакіх не знайшлося б.

Недзе на трэці ці на чацвёрты дзень я нарэшце займаю месца на першай парце ад дзвярэй. Няма больш зручнага месца: ты і наперадзе, ты і збоку — ад вока выкладчыка… Да мяне падсядае новенькая. Яна чамусьці спазнілася на заняткі. На першых лекцыях мы толькі яшчэ прыглядаемся адна да аднае.

Пад канец заняткаў нас ужо не разальеш вадою. Як мы толькі дачакаемся заўтрашняга дня?..

Мая суседка Шура Палявая — цяпер я ведаю, што яна будзе і мая сяброўка, сяброўка на ўсё жыццё! — самая прыгожая дзяўчына на першым курсе. Такіх прыгожых дзяўчат я яшчэ не страчала ні разу ў сваім жыцці. I я ганаруся, што такая прыгажуня выбрала ў суседкі менавіта мяне, а не каго іншага з дзяўчат.

Шура прыехала аднекуль з-за свету, з нейкага Лоева на Дняпры (яна кажа, што Лоеў — гэта таксама горад…). I ён, відаць, і сапраўды недзе за светам, бо вельмі ж смешная гаворка ў Шуры. Што ні слова, то ўсё яна «шчокае»:

— Нам трэба даказаць, шчо ў прамавугольным трохвугольніку… Шчо квадрат гіпатэнузы роўны суме квадратаў катэтаў… — так, напрыклад, даказвае ля дошкі тэарэму Піфагора Шура Палявая.

I, вядома ж, уся аўдыторыя смяецца. Смешна і мне. Што гэта за мова такая?

— Шчо табе смешна? Шчо ты смяешся? — крыўдзіцца і на мяне Шура, па-дзіцячы маргаючы заўсёды крышку здзіўленымі, як асака, зялёнымі вачыма.

Аднак крыўды яе хапае ненадоўга. У Шуры мяккі характар. Мо таму і лёгка нам з ёю дружыць. Я, наадварот, крыўду забываю цяжка, асабліва калі мяне пакрыўдзілі злосна ці знарок.

На першым часе мяне здзіўляе, што дома Шура ніколі не паспявае падрыхтавацца да заняткаў. Рыхтуецца яна заўсёды ў педвучылішчы і заўсёды спехам, на перапынках, перад пачаткам урокаў. Не такая прыкладная ўжо і я сама. Напрыклад, я таксама спісваю перад урокамі і на перапынках задачы па стэрэаметрыі ў Надзі Гірко. (Наш выкладчык матэматыкі Садоўнікаў пазней махне на мяне рукою: у мяне абсалютна адсутнічае прасторавае ўяўленне.) Спісваю, вядома, зусім не таму, што ў мяне не хапае часу рашыць іх. Проста задачы па стэрэаметрыі ў мяне адразу «не атрымліваюцца», а ламаць галаву над імі ў мяне зусім няма ніякай ахвоты. Старая — яшчэ са школы — песня…

Шура ж не вучыць дома і вусных урокаў. Неяк аднойчы, калі мы пасля заняткаў праводзімся і развітваемся асабліва доўга, Шура расказвае мне, што яна жыве ў роднае сястры і за тое, што жыве ў яе і што сястра яе вучыць, у Шуры не патрабуюць грошай — Шура павінна няньчыць сестрыно дзіця, мыць пялёнкі, прыбіраць кватэру, бегаць у магазіны. Сястра — жонка камандзіра, «ваенная дама» — ведае толькі прыбірацца і хадзіць штовечара са сваім камандзірам у кіно. Сястра вельмі прыгожая і капрызная жанчына, а яе камандзір намнога старэйшы за яе, ва ўсім ёй патурае… Таму ўвесь хатні клопат і ляжыць на Шуры.

Хто-хто, а я ведаю, як жыць у сваякоў. I мне да слёз шкада Шуру. I я таксама расказваю ёй усё пра сваё жыццё: і як бацька пакінуў некалі нас з мамаю, і як памерла мама. Як потым забраў мяне да сябе дзядзька Мікалай, і як мне ў яго жылося, і як цяжка жывецца цяпер без гаспадара сястры Сашы. А тут яшчэ і я ў яе на шыі… Вось чаму я і паступіла сюды, у педвучылішча, «на свой хлеб».

Мы з Шураю раскрываем сэрцы адна адной гэтак шчыра і горача, што абедзвюм нам хочацца плакаць. I мы гатовы, здаецца, каб гэта была не вуліца, абняцца і паклясціся, што мы ніколі-ніколі ў жыцці не пакінем адна другую, што мы будзем дружыць да смерці…

Добрых дзяўчат на нашым курсе многа. Можна смела сказаць, што большасць дзяўчат у нас выдатных! Затое хлопцы — усе, як адзін, нейкія недарэкі. Занялі Камчатку і яшчэ задзіраюць насы: маўляў яны не заўважаюць дзяўчат… Падумайце! Было б каму задзіраць тыя насы. Устане каторы адказваць выкладчыку, дык пыкае, мыкае — праціўна слухаць!

I мяне толькі дзівіць — і не толькі дзівіць, а нават і злуе, — што нічога гэтага не заўважае Шура. «Глядзі, — шэпча яна мне, скоса пазіраючы ў бок класнае дошкі, — а Валодзька Гурбо на нашым курсе самы прыгожы хлопец…» (А той Валодзька ніяк не можа рашыць ураўнення з адным невядомым…)

Валодзька Гурбо самы прыгожы хлопец на нашым курсе? Божа!.. Сухі таран, да таго ж, як жэрдка, доўгі. I чорны, як грак… А Шура мне сваё: «Глядзі, якія ў яго прыгожыя зубы… I вочы. Мне падабаюцца ў хлопцаў такія сур’ёзныя вочы…»

Вось ужо не звярнула б увагі ні на вочы, ні на зубы Валодзькі Гурбо…

— Ша-дай! — расцягвае Садоўнікаў і махае рукой. Гэты жэст яскрава гаворыць: што з цябе больш выцягнеш… і Садоўнікаў ставіць у журнал Валодзьку Гурбо «здавальняюча». Паставіць студэнту «нездавальняюча» ў Садоўнікава не паварочваецца рука: у студэнта знімуць стыпендыю.

Шура цераз плячо праводзіць Валодзьку позіркам да самае яго Камчаткі. Хоць забі мяне, а я не магу зразумець гэтага яе захаплення. Мне, напрыклад, мог бы спадабацца толькі такі хлопец… Толькі такі… Аднак які — пэўна акрэсліць свой ідэал я нават сама не магу. А Шура аж млее. Ды і Валодзька Гурбо, здаецца, неабыякавы да яе. На кожным перапынку і ён усё круціцца то каля нашае парты, то каля акна на калідоры, дзе мы, дзяўчаты, звычайна абмяркоўваем усе свае сакрэты… Падумаеш, каханне…

Такі раблю я выгляд. А ў самой, недзе на самай-самай глыбіні сэрца, усё часцей і часцей пачынае варушыцца не то неспакой, не то сумненне, не то чаканне: а да мяне яно прыйдзе? I калі? I якое яно будзе?

Стыпендыя

Першую стыпендыю мы, першакурснікі, чакаем з пачуццём, якое ні з чым не параўнаеш. На другіх ужо і трэціх курсах стыпендыя азначае выключна крыніцу матэрыяльнага зместу: грошы. Яны патрэбны на кожным кроку, без іх нідзе не абыдзешся. Нам жа, першакурснікам, яшчэ не знаёмым з гэтай усемагутнай уладай, нам стыпендыя ўяўляецца чымсьці больш ідэальным: яна сцвярджае перш за ўсё нашу прыналежнасць да той вышэйшай касты, якою, несумненна, з’яўляецца студэнцтва ў параўнанні са школьнікамі. Па-другое, стыпендыя абяцае нам хоць і не поўную, а ўсё ж незалежнасць. Ад дому і ад сваякоў. I абяцае хоць які пярэдых ад вечнае жыццёвае няхваткі… Наўрад ці ўсё гэта мы ўсведамляем розумам. Першая стыпендыя цалкам знаходзіцца ў сферы нашых пачуццяў.

I вось настае нарэшце вялікі дзень!

Мы ўжо ведаем, дзе бухгалтэрыя, дзе каса, і, як толькі звініць апошні званок з апошняе лекцыі, мы натоўпам — з трэцяга на першы паверх — нясёмся па лесвіцы. Аднак знайшліся і больш увішныя за нас: каля квадратнага акенечка касы цягнецца ўжо ладны хвост. Хутчэй прымкнуць да гэтага хваста!

Касір, лысы старэнькі ў акулярах, яшчэ не ведае ніводнага з нас, першакурснікаў. I таму ён падоўгу і прыдзірліва разглядае і параўноўвае кожнага з нас з фотакарткаю на студэнцкім білеце. Гэта разгляданне цягнецца марудна доўга… (Як быццам нельга было пасадзіць другога касіра, а не абавязкова гэту старую порхаўку…) Нарэшце да квадратнага акенечка даходзіць і мая чарга. Касір круціць у руках мой білет, пазірае то на мяне ў акенечка, то на мяне на білеце.

— Гурновіч… Хто Гурновіч?

— Я — Гурновіч.

— А дзе гэта відно, што ты Гурновіч?

— У вас жа мой білет…

— Дык хіба гэта ты?

— А хіба не я?

— Я не ведаю, хто гэта, — бубніць касір і, паслініўшы пальцы, адлічвае мне грошы.

Потым ён іх некалькі разоў пералічвае, потым кладзе ў мой білет, прыўстае і яшчэ раз углядаецца ў мой твар, як быццам я прыйшла яго ашукаць ці абакрасці.

Што там адбываецца далей — мне ўжо няма ніякае цікавасці. У маіх далонях шамаціць пяць навюткіх паперак. Дзве ружовыя, размашыстыя, з партрэтам Леніна ў авале — трыццаткі і тры шэра-блакітныя — пяцёркі. Семдзесят пяць рублёў! Зроду ў жыцці я не трымала ў сваіх руках столькі грошай. Куды з імі цяпер падзецца? Куды схаваць, каб не згубіць хаця? Пра тое, каб ісці і па дарозе ў інтэрнат купіць сабе хоць цукерак — і думкі такое няма. Як гэта ісці і вось так адразу аддаваць некаму, у некага разменьваць гэтакія звонкія паперкі? Каб яшчэ хаця старыя былі ці якія пашмальцаваныя… Як скупы рыцар, я не магу дачакацца моманту, калі пераступлю парог інтэрната і схаваю сваю казну ў свой чырвоны куфэрак…

А ў інтэрнаце таксама нязвычнае ўзрушэнне! Усе атрымалі стыпендыю. Нашы суседкі з другога курса — яны ходзяць цераз наш пакой — ужо сядзяць перад люстэркамі, пудрацца і падводзяць бровы. (За стыпендыю накупілі парфумы!) А мы, цяляты-першакурснікі, мы сядзім на сваіх ложках і ўсё не можам нацешыцца на свае паперкі…

— У панчоху будзеш складаць? — насмешліва кідае ў мой бок Валя Жаўрыд. Яна знарок выходзіць са свайго пакоя ў наш — паказацца. Валя і без таго прыгожая, а як падчарніла бровы і вейкі ды як напудрылася — дык вачэй не адвесці.

— Пачакай, гэта яны адразу такія ашчадныя… Як і мы былі, — смяецца Валіна суседка Ніна Бахта. Ніна не пагарджае гэтак, як Валя, намі, першакурснікамі. Яна заўсёды дае нам добрыя парады.

— З першае стыпендыі вы павінны абавязкова пайсці і сфатаграфавацца, — павучае нас Ніна.

— Я фатаграфавалася з кожнае, — незалежна падкрэслівае Валя, зноў сядаючы да люстра. I, відаць, гэта праўда: у Валі да яе хараства яшчэ і адзетак, і абутак добры. Відаць, бацькі добра жывуць. То можна і з кожнае стыпендыі фатаграфавацца.

— А мне трэба тату грошы завезці, — як быццам з некім спрачаецца, кажа мая суседка Марфа з Замошша. Ёй, і праўда, трэба завезці грошы бацьку: бацька адзін, удаўцом, гадуе пяцёра. I вось Марфу яшчэ адправіў вучыцца.

— А мне малым трэба… — у Мані Прусаковае дома таксама не лішніца, таксама хата малых і толькі бацька з мацераю робяць у калгасе. У Мані добрае сэрца; яна вельмі любіць гэтых сваіх малых — братоў і сясцёр, хоць праз іх ёй не перападае нават лішняе паркалёвае сукенкі. Але Мані як быццам і не патрэбны строі. Як не патрэбна ніякая пудра, ні алоўкі на бровы і павекі (яны ў яе і так цёмныя). У Мані добры высокі рост і на галаве — каса — нібыта карона з золата. Золата гэта пераліваецца, ззяе — і ў яго бляску нават не звяртаеш увагі на Маніны несамавітыя строі.

Трэба і мне… I мне трэба аддаць грошы сястры Сашы. (Каму і аддаваць, калі не мне?) I малым трэба абавязкова нешта купіць — яны ж мяне заўсёды гэтак чакаюць… Не, я не буду траціцца на нейкую там пудру, ці памаду, ці фатаграфаванне. Я без усяго гэтага абыдуся. Вучыцца я ішла для таго, каб вучыцца, а не каб пудрыцца ці мазацца крэмамі. Я буду памагаць дадому…

З такімі дабрачыннымі думкамі і намерамі замыкаю я сваю казну ў свой чырвоны драўляны куфэрак. Не пакідаюць яны мяне і ўсю дарогу, пакуль я іду на выхадны дадому. Як я ўсіх абрадую!

…Дома маю стыпендыю сустракаюць хутчэй ніякавата, чым з гучным захапленнем. Вядома, знайшлося б ёй месца — гэтулькі дзірак кругом. Але сястра Саша і баба Іваніха як быццам саромеюцца: ты заслужыла і ў цябе тут жа адабраць з рук гэту стыпендыю…

— Мая галубка, — кажа баба Іваніха, — гэту нашу прорву не загаціш. А табе і самой трэба.

— А што я буду рабіць з імі? — я і сапраўды не ведаю, што мне рабіць і куды мне растраціць — толькі на сябе — гэтулькі грошай. Навошта мне іх столькі? Яны мне ўжо цягнуць уніз рукі — гэтыя паперкі…

— Зробіш, — кажа Саша. — Купі сабе, я бачыла, вельмі харошыя трыкатажныя рубашкі з гальштукамі. У цябе ж няма ніякіх строяў. Бэзавую выберы… — Саша любіць гэты колер.

— Няхай цяплейшую якую адзежыну на зіму купіць, — дае сваю параду баба Іваніха.

Парашаем на тым, што дома я ўсё ж пакіну трыццатку. (Малыя рвуць з рук: «Дай нам патрымаць!» А баба Іваніха ім фартухом: «Гэта вам, вужы печаныя, забаўка — грошы? Бачыце — Ленін!») Сорак пяць рублёў вазьму патраціць на ўласныя патрэбы. Патраціць, вядома, з розумам. («Глядзі, дзеткі, не марнуй дарэмна грошы…»)

На наступны выхадны я прыходжу дадому ўжо ў бэзавай трыкатажнай кофтачцы з гальштукам. У інтэрнаце, у мяне на тумбачцы, стаіць ужо бутэлька трайнога адэкалону. У кашальку я нашу дзве квітанцыі на атрыманне фотакартак. Я з Шурай Палявой і я адна. Паштоўкі: 6Ч9 і 9Ч12… Малым, бабе Іванісе і сястры Сашы — дзвесце грамаў «падушачак»…

З першай стыпендыяй разлічылася!

Жыццё-быццё

Першы «Г» курс займаецца на трэцім паверсе. На трэцім паверсе займаюцца ўсе першыя курсы. I калі перад пачаткам заняткаў мы нясёмся ў свае аўдыторыі — з гэтае Калоніі заўсёды спазняешся, — чыгунныя лесвіцы, а разам з імі і ўвесь будынак вучылішча гудуць, як царкоўны звон.

Наш швейцар — з выгляду вельмі падобны на храстовага караля — заўсёды сарамаціць нас:

— Вы знаходзіцеся ў сценах навучальнай установы, — і, напэўна, успамінае тыя часы, калі ў гэтых сценах былі зусім іншыя парадкі: з’явіўся навучэнец без галёшаў ці без форменнага шыняля — і вон за дзверы!

Перапынкі мы звычайна праводзім на калідоры. На нашым паверсе сцены калідора ўпрыгожаны карцінамі ў цяжкіх рамах. Ад цьмянага асвятлення карціны таксама здаюцца цемнаватымі і таму, напэўна, такімі таямнічымі. Таямнічы магутны лес, хаціна на ўзлеску, жаночая постаць над лясной ручаінай… Нас, навічкоў, гэты жывапіс захапляе і інтрыгуе: хто ж ён быў, той мастак, што пакінуў нам, на захапленне, гэтыя свае творы? Кажуць, што ён таксама быў студэнтам, таксама вучыўся ў гэтых сценах і хадзіў па гэтых калідорах… А цяпер ён сам вучыць дзяцей недзе на вёсцы. Дзе ні пачуеш, у школах не хапае настаўнікаў.

На наш паверх, у час перапынкаў, нярэдка заходзяць хлопцы з трэцяга курса — вядомыя тэхнікумаўскія кавалеры. У іх на прымеце ўсе самыя прыгожыя першакурсніцы. I хоць не ўсе сярод нас самыя прыгожыя — аднак хлопцаў гэтых ведаем мы ўсе…

Забягае да нас сакратар камсамольскага камітэта Курбыка, шустры хлапец з ускудлачанымі валасамі. Яго дзяўчаты не цікавяць. Яго цікавіць, як ідзе ў нас сацыялістычнае спаборніцтва: паміж курсамі і паміж асобнымі студэнтамі. (Мы, вядома, спаборнічаем з Шурай Палявою.) Які курс узяў найбольш абавязкаў і які ідзе ў перадавіках. Абавязкаў нямала, і ў перадавікі выскачыць нялёгка. Па ўмове сацыялістычнага спаборніцтва трэба:

Добра вучыцца. Не спазняцца на заняткі. Мець добрую дысцыпліну. Дапамагаць адстаючым. Усім падпісацца на газеты. Абавязкова ўдзельнічаць у насценным друку. Ахапіць усіх студэнтаў гурткамі МОПРа, ГСО, ПВХО. Здаць нормы на значкі I і II ступені ГТО і ВС.

Дык якія тут дзяўчаты будуць у галаве сакратара камсамольскага камітэта?

Паважна абходзіць і знаёміцца з намі, першакурснікамі, рэдактар насценнай газеты выпускнік Алесь Кандыбовіч, з выгляду вельмі падобны на Маякоўскага. Гэтакі ж высокі, гэтакія ж раскіданыя на два бакі валасы і да таго ж — паэт таксама. Амаль у кожным нумары насценгазеты яго вершы, узнёслыя, патрыятычныя, баявыя.

Я Алеся Кандыбовіча ведаю: мы жывём у суседніх вёсках, і нам па дарозе хадзіць дадому. Мне ён некалькі разоў нават падносіў маю кашолку. Да таго ж Алесь Кандыбовіч вельмі часта праводзіць дадому маю суседку Валю Жаўрыд і заходзіць да нас у інтэрнат. Але я ўсё роўна яго саромеюся: падобны на Маякоўскага, піша вершы, праводзіць дзяўчат.

Алесь Кандыбовіч, як ён сам тлумачыць, хоча выявіць сярод нас літаратурныя таленты. Выяўляць-то ён выяўляе, але вершы друкаваць найбольш яму даводзіцца ўласныя. Нешта не відно сярод нас талентаў. (Я пра гэты свой «талент» тут, у педвучылішчы, дык саромеюся нават заікнуцца.)

Талентаў патрабуе ад нас і нас класны кіраўнік Уладзімір Феафілавіч. За вочы мы завём яго «факстрот». Ён высокі, худы і ходзіць, падважваючыся, як на спружынах. «Факстрот» патрабуе ад нас талентаў тэатральных, мастацкіх. Уладзімір Феафілавіч сам выдатны чытальнік і музыкант. Ён кіруе ўсёй мастацкай самадзейнасцю педвучылішча, і яму хочацца, каб і яго курс вылучаўся талентамі, як вылучаюцца некаторыя іншыя курсы. Як, напрыклад, другі курс.

Валодзя Бабейка — сын настаўніка, іграе на раялі. Гэты талент у нашым асяроддзі, вядома, не ідзе ні ў якое параўнанне. Напрыклад, на вечары Валодзя Бабейка (у цёмным гарнітуры, у белай сарочцы пад гальштукам) выходзіць на сцэну, кланяецца глядзельнай зале, а Уладзімір Феафілавіч — наш чароўны «факстрот» — выходзіць следам за ім і гучна, як сапраўдны артыст, аб’яўляе:

— Глінка: «Жаваранак»… Выконвае студэнт другога курса (паўза) Уладзімір Бабейка!

Усё замірае. Валодзя ўскідае над клавішамі рукі — і ў зале, адкуль ён толькі залятае, пачынае раптам кружыцца, трапятаць крыльцамі і залівацца спевам жаўрук.

Валодзю са сцэны праводзіць гром воплескаў.

Ну і Валодзя… Кажуць, і бацька яго, і дзядзькі ўсе таксама музыканты, вядомыя на ўсю акругу. Кажуць, без іх не абходзіцца ні адно вяселле, ні адно свята.

Пасля Валодзі Бабейкі выступае другая любіміца педвучылішча — Лена Ванкевіч. Лена — спявачка з мяккім пранікнёным голасам. У яе рэпертуары — народныя песні. Лена спявае «Калыханку».

А-а-а-а, мой сынок. А-а-а-а, мілы… Не крычы, не плач дарэмна, Набірайся сілы…

I хоць сярод нас, студэнтаў, няма яшчэ ніводнага чалавека, у каго ўжо была б патрэба спяваць калыханкі, Ленін спеў заварожвае ўсіх нас. Мы плешчам у далоні, тупаем нагамі: «Ле-на!.. Ле-на!.. Лена!..» — і не дазваляем ёй пакінуць сцэну.

I чарнявая сімпатычная Леначка — на перапынках яна здаецца вельмі звычайнай — зноў і зноў выбягае з-за куліс, кланяецца, шчасліва ўсміхаецца і зноў спявае. Цяпер яна хоча нас даканаць жартаўлівай народнай песняй «Хлопец пашаньку пахае…». I даконвае! У яе выкананні столькі гумару, столькі прывабнасці і шчырай прастаты!

Праграма разнастайная і вялікая.

— Уладзімір Маякоўскі! «Стихи о советском паспорте»…

Слухачы ўжо ведаюць: вершы Маякоўскага будзе чытаць падобны да Маякоўскага Алесь Кандыбовіч. Уласныя вершы Кандыбовіч толькі друкуе, са сцэны ён чытае толькі вершы Маякоўскага.

I сапраўды, на сцэну выходзіць Алесь Кандыбовіч. Шырокі крок. Адна рука ў кішэні, другая адкідвае непаслухмяныя цёмныя валасы.

Я волком бы выгрыз бюрократизм! К мандатам почтения — нету! К любым чертям с матерями катись Любая бумажка, но эту!.. —

і Алесь Кандыбовіч выцягвае з кішэні сваю «краснокожую паспортину»…

Зала ўзрываецца ад воплескаў.

Потым з чытаннем уласных вершаў выступаюць паэты Алесь Заяц, Іван Крот, Іда Рубінштэйн… Усё гучныя імёны! Вершы іх, на жаль, не такія гучныя…

Потым паказваюць скетч… А пасля пад духавы аркестр пачынаюцца танцы.

На танцах застаюцца старэйшыя курсы і тыя з дзяўчат-першакурсніц, каго запрашаюць старэйшыя хлопцы. Шура Палявая застаецца. Яе запрашаюць!

Валодзя Гурбо толькі кідае з кутка на Шуру змрочныя позіркі. Мне здаецца, што за гэты вечар ён яшчэ больш схуднеў і пачарнеў. Мне яго шкада. Мяне таксама ніхто не запрасіў… Шура, шчаслівая і яшчэ прыгажэйшая, чым заўсёды, ідзе ў круг, забыўшы нават, што мы з Валодзькам існуем на свеце. Вось табе і сяброўства да смерці…

Вучымся

З першых жа дзён заняткаў наперад у нас вырываецца Рая Байцова. Настаўнікам прыемна чуць бліскучыя адказы здольнай студэнткі — у Раі адны толькі выдатныя адзнакі. Роза Вальфсон ідзе другім нумарам: яна не такая здольная, як Рая, яна і менш ахвочая да таго, каб не разгінацца над падручнікамі. Затое ў Розы бясконца абаяльная ўсмешка і такі гарэзлівы позірк, што нават калі яна і не вывучыць тэму, не кожны выкладчык знаходзіць адвагу паставіць ёй кепскую адзнаку.

I Роза сціпла апускае вочы і садзіцца на месца. А праз хвілінку, падняўшы вечка парты, крадком ужо кідае позірк на старонку зачытанага рамана Лідзіі Чарскай «Ва ўладзе золата».

Роза ідзе другой студэнткай.

Астатнім паспяваць за Раяй Байцовай і Розай Вальфсон нялёгка. Няма ні таго бойкага слова, ні тае смеласці, што з пялёнак выхоўвае горад. Нібыта на рукі твае, і на ногі, і нават на мову набіты жалезныя абручы. Вёска… I немалы час спатрэбіцца, пакуль здолее яна гэтак жа лёгка павярнуцца, гэтак жа смела ўсміхнуцца, і загаварыць, і бліснуць чароўнай усмешкай…

О мілая мая вёска!

Найбольш дарослай на нашым курсе мне здаецца Таня Мялешка — хударлявая дзяўчына недзе з-пад Чырвонае Слабады. Ёсць у ёй нешта нетутэйшае, нешта не зусім ад вёскі і не зусім ад горада. Таня і апранаецца крыху інакш, як мы ўсе, вясковыя дзяўчаты (але і не так, як Рая Байцова і Роза Вальфсон), яна ўмее і сама штодня накручвае на паперкі валасы. I што самае дзіўнае — дзяўчаты, якія жывуць з Таняю ў адным пакоі, расказваюць, што яна атрымлівае пісьмы ад хлопцаў! А гэта ўжо недасягальнае… I яшчэ Таня не мінае ніводных танцаў, і з танцаў яе заўсёды таксама праводзяць хлопцы — са старэйшых курсаў.

Таня стараецца вучыцца. Яна кажа, што, як вывучыцца, абавязкова забярэ да сябе матку (матка яе, тэхнічка ў школе, жыве адна), каб даць ёй палёгку.

Мне Таня Мялешка падабаецца, і я хацела б сябраваць з ёю таксама. Але якая ёй цікавасць? У мяне ж няма ні хлопцаў, ні пісем… Пра што яна будзе са мною гаварыць? Пра алгебру ці геаметрыю? Тут, праўда, у нас з ёю аднолькавыя поспехі: ні я, ні яна, як толькі кантрольная, без шпаргалкі задачу не рошым.

Звычайна ў нас на кантрольнай адзін варыянт з Надзяй Вярбіцкай.

— Надзя… — шэпчам мы з Таняю Мялешка — адна з аднае, другая з другое парты. — Ты рашыла?

У Надзі Вярбіцкай на твары заўсёды салодкая ўсмешка.

— Не расіла, — пасміхаецца Надзя: яна не выгаворвае шыпячых.

У гэты час па праходзе між партаў кіруецца Садоўнікаў. На яго поўным твары — летуценне і лянота адначасова.

— Бешкарышна, Гурновіч, шама рашай, шама… — у яго, наадварот, усе свісцячыя гукі шыпяць.

— Жмінда! — без усякай ужо надзеі шапчу я ў бок Вярбіцкай.

У гэты час з другога боку шэпча мне Роза Вальфсон:

— Ганька, ты рашыла задачу?

— Не яшчэ…

— А які ў цябе адказ у першым прыкладзе?

— Ноль цэлых і сем дзесятых…

— А ў мяне ноль і тры дзесятых…

— Ноль і тры?.. — І я хапаюся зноў за першы прыклад.

— Дзешач хвілін жасталошя… — глядзіць на гадзіннік Садоўнікаў. — Вальвшон, ты ўжо шпішала?

(У адрозненне ад астатніх выкладчыкаў Садоўнікаў заве ўсіх на «ты».)

— Не яшчэ… — не прыслухоўваецца да таго, што пытаецца выкладчык, Роза.

— Яшчэ не шпішала… I ты, Гурновіч, яшчэ не шпішала?..

— Я не спісваю… — Я стараюся глядзець на Садоўнікава невінаватымі вачыма, а сама ў гэты час хаваю шпаргалку пад «рызінку» на панчосе (нейкая добрая душа прыслала).

— До-о-обра… Ведаю я чабе. Хто рашыў кантрольную?

Надзя Вярбіцкая як апараная першая выхоплівае руку ўгору.

Садоўнікаў не глядзіць на яе.

— Я расіла, — не ўседзіць на месцы Вярбіцкая.

— Ідзі, ідзі, Вярбічкая, — усё гэтак жа не гледзячы на яе, махае на дзверы Садоўнікаў.

— Ты, Гірко, не рашыла яшчэ?

— Я яшчэ рашаю…

— Яшчэ не пашпела ўсім шпаргалкі напішаць? — спакойна цікавіцца Садоўнікаў. I праўда: Надзя Гірко памагае ўсяму свайму варыянту.

Надзя Вярбіцкая выносіць сваю салодзенькую ўсмешку за дзверы.

— Жмінда…

Гэта нікога не абурае. Усе мы даём спісваць адно аднаму, усе памагаем, калі хто чаго не ведае або не вывучыў. Соня Серада, напрыклад, тая есці не пойдзе ў сталоўку, а будзе разбіраць табе па клетачцы якога-небудзь анофелеса ці дажджавога чарвяка… Толькі скажы ёй. Яна ўсе гэтыя інфузорыі і туфелькі ведае лепш за самую Раманоўскую — нашу біялагічку.

Або Тоня Данілевіч. Між сабою мы завём яе Аляксандрам Македонскім. Яе сярод начы разбудзі і спытай — калі пачалася вайна Алай і Белай Ружы, дык яна табе не толькі год успомніць (хоць вучылі мы гэтую «Алую» І «Белую» ружы сто гадоў назад), а пералічыць яшчэ эканамічныя прычыны, раскажа, якія трафеі былі ўзяты… Або ўсе гэтыя рускія князі, розныя там Андрэі Багалюбскія, ці Юрыі Далгарукія, ці Усевалады Вялікія Гнёзды — пра іх Тоня расказвае так, нібыта ўсе яны былі яе родныя дзядзькі…

Нібыта яна гасціла ў іх.

Сама я пішу дыктоўкі без памылак. Удаюцца мне таксама і хатнія ўкладанні. Я магу іх пячы, як аладкі.

I сабе паспею і дзяўчатам напяку кожны раз. Лічыцца таксама за мною і вусная літаратура: галоўная тэма твора, яго ідэйная накіраванасць, сацыяльная характарыстыка вобразаў… Паспрабуй не ведаць гэтага ў Стычынскай! Яна ўсяму курсу (па алфавіце!) заляпіла па «калу» толькі за тое, што ніхто з нас не запомніў імя няні Таццяны Ларынай. («Другі раз будзеце чытаць уважліва»…)

Ну і шчасце мае наш Уладзімір Феафілавіч — гэтакую жоначку! — шкадуем мы свайго курсавога кіраўніка.

Вось яго дык мы любім! Яго лекцыі ў нас — як свята. На іх лёгка і радасна. I ён не толькі вучыць нас — ён яшчэ і выхоўвае. I не дзіўна, што хлопцы нашы непрыкметна пераймаюць і яго гаворку і нават хаду. А дзяўчатам таксама хочацца быць і лепшымі і прыгажэйшымі перад Уладзімірам Феафілавічам.

…Не шукае ніхто з нас помачы таксама ў нашага старасты, самай лепшай студэнткі і самай актыўнай камсамолкі Раечкі Байцовай. I яна, як і Вярбіцкая, таксама не паможа. Расчырванеецца, развохкаецца, ледзь не заплача (не напісала, не рашыла, не вывучыла…). А потым, гэтаксама як і Вярбіцкая, першая выхапіць руку: «Я ведаю!..»

Такія вось мы на першым курсе. Вось так мы вучымся.

Метамарфоза

Адразу ж пасля другой стыпендыі на маёй тумбачцы пасяляецца шкляная баначка з надпісам «Метамарфоза». На вечку «Метамарфозы» — зверху — папяровая галоўка пісанае красуні. Адчыніш вечка, а там гэта самая красуня ўся ў рабацінні… Значыць, вымаж баначку — і сама сябе не пазнаеш… Мяне «Метамарфоза», хоць я і не разумею сэнсу гэтага слова, цікавіць. Мне таксама не шкодзіла б займець хараства…

З другой стыпендыі заводзіцца і выконваецца, як воінская павіннасць, жалезнае правіла: фатаграфавацца! Фатаграфавацца і абавязкова мяняцца фотакарткамі з дзяўчатамі-сяброўкамі. Ну, і з хлопцамі таксама — вядома, з тымі, хто сам першы табе падорыць сваю фотакартку. Мы, дзяўчаты, у першую чаргу павінны зняцца цэлым інтэрнацкім пакоем… Да таго ж кожная з нас — мала ні мала, а дзве-тры сукенкі мае абавязкова… Вось і трэба зняцца ў кожнай. А хто забароніць памяняцца з сяброўкай ці пазычыць? Неабходна таксама зняцца ў паліто… Зімовае паліто з футравым каўняром на нашым курсе ёсць толькі ў Раі Байцовай і Розы Вальфсон. Рая — тая і сама шкадуе кожны дзень насіць сваё новае паліто — шэрае сукно з чорным коцікавым каўняром. Рая даношвае вучнёўскае, з рукавамі да локця і аблезлым зайцам.

А Роза не шкадуе. Розіна паліто мы ўсе чамусьці завём «шубаю» — і вось у гэтай «шубе» ды яшчэ з капелюшом (Роза купіла сабе сіні капялюш з шырокімі палямі) фатаграфуецца ўвесь наш курс! Я ў гэтым капелюшы і ў Розінай «шубе» на фотакартцы (6x6) здаюся такой важнай, што дома мяне адразу не пазнаюць.

— А хто ж гэта за дзеўчына ў капелюшы, усё роўна як пані на патрэце? — адводзіць далёка ад вачэй руку і ўглядаецца баба Іваніха.

— Паглядзеце лепш, то мо і пазнаеце, — пасміхаецца збоку сястра Ніна.

— Дзе ж я пазнаю, — вяртае назад мне мой «патрэт» баба Іваніха.

— То гэта ж яна сама, — бярэ картку ў рукі Ніна.

— Дзіва што сама! Будзеце мне тут дурыць галаву, — крыўдзіцца баба Іваніха.

Сястра Саша забірае картку ў Ніны з рук.

— Каб не ведала, то і я не пазнала б, — кажа яна.

Самая не ведаю, радавацца мне ці крыўдаваць на іх, што яны не пазнаюць мяне. Я, мусіць, каб не ведала, таксама не пазнала б сама сябе тут, на гэтым «патрэце». I сапраўды, «шуба», капялюш — і ўсё чужое… I я нейкая як быццам чужая, нават самой сабе. Але на гэтай фотакартцы я як быццам і нічога сабе… Ці зноў жа: мо ўсё гэта ад Розінае «шубы» і капелюша?

З наступнай стыпендыі я сама купляю капялюш. Маленькі светла-карычневы капялюшык, упрыгожаны залацістаю шаўковаю стужкаю. На мой погляд — дык ён прыгажэйшы за Розін капялюш. (Вось каб толькі да яго яшчэ і паліто з футравым каўняром! Або няхай бы сабе і без каўняра — але каб новае…) Наступная хваля дзявочых здымкаў з нашага курса ідзе ўжо ў маім капелюшы. (Ага! «Выйшаў я ўпярод!»)

На гэты раз дома ў нас ідзе ўжо абмеркаванне адначасова і майго ўласнага капелюша і ўсіх маіх, разам з дарункамі, здымкаў.

I зноў, як і заўсёды, з прамовай выступае баба Іваніха.

— У печы можна выпаліць… — Гэта яна пра мае фотаздымкі — яны мігцяць ёй у вачах, гэтыя шубы і капелюшы, яна іх ніяк не можа адрозніць.

— На хлеб можна напаліць, — смяецца Ніна.

— Няўжо ж, абы толькі грошы марнаваць… Зноў жа гэты капéлюш (баба Іваніха так і вымаўляе: «капéлюш»). У агарод хіба каб павесіў вераб’ёў пужаць.

«Капéлюш» узрывае мяне, нібыта дынамітам.

— Калі вам трэба, станьце самі і пужайце вераб’ёў…

Я добра разумею, што я няўдзячнае свінчо (кожны раз, кожны выхадны баба Іваніха страчае мяне і адпраўляе на цэлы тыдзень з поўнымі кашолкамі), што мне трэба змоўчаць. Клопат вялікі з тым «капелюшам»… Але я ўжо, як наравісты конь, стала на дыбкі, і мяне ўжо не стрымаеш.

— Я за свае, не за вашы грошы купляю… — сама бачу, разумею, што трачу апошняе сумленне, і ўсё роўна не даюся зацугляць сябе.

— А хто ж кажа, што не за свае… За свае, а за чые ж яшчэ… — баба Іваніха пакрыўдзілася і адступілася да печы.

— От, знайшлі за што ўсчаць сварку, — сястра Саша заўсёды першая ўзлівае вады на пажар.

— Можна ж і не сварыцца. Можна і прыкусіць язык, калі трэба, — з гэтымі словамі Ніна ідзе за дзверы. Да каго адносяцца гэтыя словы, не трэба тлумачыць…

— Бо разумная ж вельмі зрабілася. У горадзе вучыцца.

I гэта я разумею.

— От памаўчыце і вы, — абзываецца зноў Саша.

Тым часам усімі маімі «шубамі» і «капелюшамі» завалодваюць Жэня з Віцікам. Яны раскладваюць іх, як калоду карт: дама, кароль. Кароль, дама, дама…

— Ганька, а што тут напісана?

— «Жыццё — барацьба, жадаю перамогі!» — гэты мужны дэвіз пасылае мне Шура Палявая.

— А тут?

«На памяць дарагой сяброўцы Ганьцы ад яе сяброўкі Тані… Памятай і не забывай…» — гэта ад Тані Мялешкі. Таня паспела зняцца яшчэ з букетам апошніх астраў і вяргінь: прыціскае астры і вяргіні да грудзей і загадкава ўсміхаецца.

— А тут?

«На ўспамін Ганьцы ад Валодзі» — па-мужчынску коратка і ясна. Гэта Валодзя Гурбо. Мне сваю фотакартку ён падараваў таму, што я сябрую з Шураю Палявою. Яго Шураю…

— А тут? А тут? А тут, Ганька?

— Адчапіцеся, надакучылі!

— Няўжо ж, прычапіліся… Спаць пара! — грозіць на ўнукаў баба Іваніха, аднак у яе голасе ўжо не чутно крыўды, у ім хутчэй спагада: з дарогі ж яна, дайце адпачыць…

— Дайце я буду масла біць, — кажу я бабе Іванісе і забіраю ў яе бойку.

— На, пабівай, ужо хутка…

Смачна пахне кіслай маслёнкаю. Утульна муркае і штурхае пад локаць кошка Антаніна. Баба Іваніха парадкуе ў печы чыгуны… Па хаце нячутна ступае чараўніца Метамарфоза. Добры вечар…

«Шагай наперад, камсамольскае племя…»

Дзве падзеі адначасова радуюць і палохаюць мяне страшэнна. Першая: я рыхтуюся паступаць у камсамол. I другая: прыйшоў тэрмін атрымліваць мне пашпарт.

Больш за ўсё гэтыя падзеі трывожаць мяне тым, што я баюся пагубляць, як атрымаю, камсамольскі білет і пашпарт. Згубіш камсамольскі білет — і адразу ж выключаць з камсамола. Згубіш пашпарт — і адразу ў турму (такое і не іншае пакаранне ўяўляецца мне). Бо хто мне паверыць: можа, я прадала іх якому-небудзь шпіёну? Вось так пакутую я, задоўга яшчэ да таго, як атрымаць мне свае першыя, самыя адказныя дакументы.

Пашпарт, праўда, мо яшчэ і рана мне атрымліваць: калі я нарадзілася, дакладна ніхто не памятае. Арыентуемся на маю аднагодку Анютку Корбутаву: яна нарадзілася на другі дзень Каляд (яе-то маці добра памятае!), а я за Анютку старэйшая на два дні. Значыць, мой дзень нараджэння ў студзені… Аднак Міша Няронскі — цяпер ён наш сваяк — атрымлівае мне ў раённым загсе метрыку аб нараджэнні, у якой мой узрост павялічваецца на цэлы год… Гэта падзея, як і кожная іншая, абмяркоўваецца перш за ўсё ў нас дома. Нашых дамашніх яна не задавальняе. Міша, які атрымліваў мне метрыку, махае на ўсіх рукой.

— Чаго вас палохае гэты год? Што яна, хлопец, што трэба будзе ісці на год раней у салдаты? Падумаеш: дадалі адзін год? Затое не трэба было цягацца на «наружны від». — Гэты «наружны від» Міша вымаўляе з нейкай амаль гідлівасцю. Мне ён таксама праціўны. Ісці на «наружны від» — устанаўліваць узрост па знешнім выглядзе — гэта трэба ісці на нейкую камісію, каб цябе глядзелі, слухалі… Мо яшчэ голую?!. Нізашто на свеце! Я хутчэй згадзілася б на дзесяць лішніх год. А то, падумаеш, нейкі там адзін год…

— А дзяўчыне, ты думаеш, ён патрэбны — лішні год? — пытаецца Анюта. Яна прыехала да нас з каляскай з абедзвюма сваімі лялькамі. А лялькі ўжо як быццам і нічога — выдурваюцца. Ужо самі сядзяць у калясцы, не выпускаючы з ратоў ружовых пустышак. I Анюта ўжо не плача. Яна ўжо цешыцца: харошыя дзевачкі растуць, спакойныя.

— Ах, замуж яе не возьмуць за гэты лішні год! — як запалка, загараецца Міша. — У вас адно толькі ў галаве — замуж…

— А як жа ты думаў — і замуж спатрэбіцца, — сваё ўстаўляе баба Іваніха.

— Ёй яшчэ трэба пачаць і скончыць навуку — тады будзеце клапаціцца пра замуж! — ускоквае з месца Міша.

Я гатова ўсіх іх паразрываць за гэту гаворку, за гэты замуж: на чорта ён мне здаўся!

…Пашпарт я атрымліваю неяк вельмі будзённа: здаю тры фотакарткі, здаю метрыку і іншыя патрэбныя даведкі — і на трэці дзень атрымліваю кніжачку ў цубкай рудой (зусім не «краснокожей») вокладцы: «Пашпарт…»

Стыпендыю я больш не замыкаю — яна выцякае ў мяне, як вада скрозь пальцы… А вось на пашпарт — на чырвоны свой куфэрак — я вешаю замок! Не дай божа яму згубіцца ці трапіць у варожыя рукі!

У камсамол нас прымаюць зусім інакш. Спачатку мы падаём заявы ў камітэт камсамола. Потым на агульным камсамольскім сходзе расказваем свае біяграфіі. Потым, калі камсамольскі сход за нас прагаласуе і прыме ў свае шэрагі — тады мы ідзём яшчэ ў райкам камсамола на зацвярджэнне.

Райкам камсамола — утульны асабняк у зеляніне — стаіць, углыбіўшыся ў двор, па вуліцы Пралетарскай. З раніцы ў мяне калоціцца сэрца. Апетыту ніякага — я нават не іду абедаць у нашу студэнцкую сталоўку (сваё жыццё я падтрымліваю толькі булачкаю за пяць капеек…). Мяне не пакідае лёгкая дрыготка: а што, калі раптам райкам камсамола возьме ды не зацвердзіць мяне ў шэрагах камсамола?.. Скажуць — у яе дзядзька раскулачаны, яе стрыечнай сястры муж… Мне страшна нават думаць пра сваю радню… Праўда, гэтак жа хвалююцца і іншыя мае аднакурснікі: у Тоні Данілевіч таксама нейкія цёткі высланы недзе вельмі далёка (не то на Салаўкі, не то ў Котлас). I Валодзя Гурбо, як і я, жыве ў сваякоў — толькі яго бацькі высланыя… Амаль у кожнага нешта ёсць, амаль кожнаму сваякі не даюць жыцця… Толькі мая Шура Палявая чыстая, як шкельца: самая старэйшая сястра яе — настаўніца і замужам таксама за настаўнікам; сярэдняя сястра — настаўніца таксама. Гэта ж, тутэйшая сястра, — жонка камандзіра! Бацькі ў Шуры таксама дома, на месцы. Ёсць чаму пазайздросціць…

У райкам камсамола нас выклікаюць на шэсць гадзін вечара. Страх страхам, але ўсё роўна гэты дзень у нас — свята: у гэты дзень мы апранаем лепшыя свае строі, у гэты дзень усе мы, не як звычайна, прыціхлыя і ўрачыстыя… У райкаме чакаем яшчэ з гадзіну на калідоры. У зашклёнай вітрыне на сцяне — усё Палітбюро. I гэта вельмі дарэчы: хоць кожны і ведае склад яго назубок, а ўсё роўна паўтарыць не пашкодзіць. У райкаме нас чакаюць іспыты па палітграмаце.

У кабінеце сакратара райкама за чырвоным сталом сядзіць сам сакратар — хударлявы цёмнавалосы хлопец з камсамольскім значком на сацінавай касаваротцы, яшчэ нейкі хлопец з вясёлым позіркам і гэткім жа вясёлым чубам і яшчэ дзяўчына — таксама ў сацінавай сіняй сукенцы з белым мярэжаным каўнерыкам. Гэтыя абое таксама з камсамольскімі значкамі.

У кабінет нас выклікаюць па адным.

Перад чырвоным сталом у мяне падкошваюцца ногі.

— Раскажы сваю біяграфію.

Я паўтараю сваю біяграфію.

— Маладзец, што не спалохалася цяжкасцей і пайшла вучыцца далей. Нам патрэбны педагагічныя кадры на вёсцы, — хваліць мяне сакратар.

— Назаві склад усіх членаў і кандыдатаў Палітбюро, — гэтага патрабуе ад мяне хлопец з вясёлым позіркам і вясёлым светлым чубам.

А я іх толькі што ўсіх перагледзела ў твар на вітрыне! Склад Палітбюро я паўтараю, як табліцу множання.

— Якія грамадскія абавязкі выконваеш? — гэта пытанне задае мне дзяўчына ў сіняй сукенцы з белым каўнерыкам.

— З’яўляюся членам МОПРа, рыхтуюся здаць нормы ГСО і ПВХО…

— Вельмі добра, але я пытаюся, які ты ўдзел прымаеш у грамадскім жыцці свайго калектыву?

Калі казаць праўду, дык у грамадскім жыцці я не прымаю ніякага прыкметнага ўдзелу. Але калі топішся…

— Прымаю ўдзел у курсавой сценгазеце…

— А яшчэ? — гэта ўсё дзяўчыне хочацца ад мяне дзейнасці.

— Хопіць! Добра… Як, таварышы, вы лічыце: Ганна Гурновіч вартая быць у шэрагах Ленінскага камсамола?

— Вартая, чаму ж не! — весела і адразу ж згаджаецца з сакратаром светлы хлопец.

Дзяўчына маўчыць.

— Галасуем, значыць. Хто — за?

«За» галасуюць усе трое.

— Віншую цябе, Гурновіч! Ты прынята ў шэрагі Ленінскага камсамола! — урачыста паціскае мне руку сакратар райкама.

Я накіроўваюся за дзверы як п’яная.

— Пакліч наступнага! — загадвае мне ўслед сакратар.

У кабінет ідзе наступны.

Райкам камсамола мы не пакідаем да таго часу, пакуль не пройдуць усе да апошняга чалавека… Гадзіны за тры прапускаюць нас усіх, за выключэннем аднаго Рыгора Дарашэвіча. У Рыгора бацька сядзіць у турме. Хто ж яго прыме ў камсамол?

У інтэрнат мы вяртаемся позна вечарам. На вуліцы ўжо амаль не страчаецца людзей. Мы пабраліся за рукі шарэнгамі, заняўшы ўвесь брук, крочым сярэдзінаю Пралетарскай вуліцы.

— Запявай! — звонка камандуе Валодзя Гурбо.

I нехта з дзяўчат адклікаецца на яго каманду гэтак жа звонка і задзірыста:

Шагай вперёд, комсомольское племя, Шути и пой, чтоб улыбки цвели, Мы покоряем пространство и время, Мы — молодые хозяева земли…

Песню падхоплівае ўвесь строй.

Нам весела. Мы адважныя. I сапраўды ў гэты вечар як ніколі адчуваем сябе гаспадарамі нашага маленькага горада: «Мы — молодые хозяева земли!»

Познія пешаходы туляцца ў цень да сцен будынкаў: адкуль гэты паход і куды ён кіруецца?

Мы кіруем на нашу Калонію. «Ведь мы такими родились на свете, что не сдаёмся нигде и никогда!»

Гэта песня зусім нядаўна гучала на экране. З экрана яна перакінулася ў клубы і гурткі мастацкай самадзейнасці, адтуль выплеснулася на вуліцы і плошчы. Цяпер яе спявае кожны юнак і дзяўчына, спяваюць усе! Камсамольскі гімн. З ім на вуснах уступае ў самастойнае жыццё пакаленне камсамольцаў трыццатых гадоў!

Падаюць сняжынкі

Першыя крокі зімы. Цярушыць і тут жа растае першы сняжок. Санная дарога яшчэ не ўлеглася, у калёсах таксама ўжо не язда: ліпне снег. З дому мне наказалі абавязкова чакаць падводы ці саней.

Вось так непрыкметна, нібыта закружанае вірам, прамільгнула першае паўгоддзе і надышлі зімовыя канікулы. Наша Калонія раз’язджаецца па хатах — на санях, на фурманках, хто на чым здолее.

З раніцы сеецца спорны снег. Пад поўдзень ён ужо ладна засцілае зямлю. Пад вечар санная дарога хоць куды. Па дарозе з педвучылішча я паспяваю забегчы яшчэ ў магазіны: купіць гасцінцаў дадому (якраз і стыпендыю далі нам на канікулы). Мяне непакоіць — хто па мяне заедзе і ці заедзе. Начаваць у пустым і халодным інтэрнаце (у нашым пакоі ўжо нікога не засталося) няма ніякай цікавасці.

…На Калоніі, якраз пад вокнамі нашага пакоя, стаіць, я бачу, Каштанка, наша, даручаная калгасам, кабыла. Каштанка запрэжана ў вішнёвы вазок (вазок яшчэ майго дзядзькі Мікалая). На вазку сядзіць нейкі мне зусім не знаёмы хлопец… Можа, гэта не Каштанка і, можа, гэта не дзядзькаў вазок? Але кабыла, пазнаўшы радню, падняла ад посцілкі з сенам галаву і коратка павіталася са мною: «І-і-г!..» Каштанка! Я падышла б да яе абавязкова пагладзіць добрую разумную галаву, змахнуць снег з грывы, але ж гэты хлопец сядзіць… Я подбежкам, пазбягаючы недаўменнага Каштанчынага позірку, шмыгаю на ганак інтэрната.

— Яна сабе недзе ходзіць, а мы яе тут чакаем цэлую гадзіну, — гэта наш сусед Ігналь. Ён сядзіць на халодных жалязяках майго, пустога ўжо, ложка.

— Добры дзень… Я толькі ў магазін забегла…

— Добра забегла. Дубовік, настаўнік, там мо адубеў, седзячы.

Ах, дык вунь хто гэта — настаўнік… А я яго яшчэ ні разу не бачыла дома!

— А чаму ж ён не зайшоў з вамі ў пакой?

— У гэтым тваім пакоі таксама хоць сабак ганяй. Але ўсё ж… Я папрасіўся, дык мне тэхнічка дазволіла…

— З нашага пакоя паехалі ўжо ўсе.

— Я бачу, што паехалі… Дык і ты, дзеўка, хутчэй збірайся, ды едзьма…

— Я звечара яшчэ сабралася. Я хутка…

— Я ж кажу, а то настаўнік там зусім здубянее…

(Дзівак нейкі сапраўды — сядзіць на холадзе…)

— Дык няхай бы ж зайшоў!

— Саромеецца, мусіць: тут жа ў вас гэтулькі дзявок маладых.

— Падумаеш, гэткі сарамяжлівы.

Мы з Ігналем нясём мае рэчы на вазок. I дзіўна: самой мне чамусьці таксама сорамна робіцца: і клумкаў маіх, і гэтага чырвонага майго куфэрка. Каб хаця не сядзеў у вазку гэты настаўнік…

— Ну, як вы тут, настаўнік, не змерзлі? — збірае з-пад ног у Каштанкі сена Ігналь.

— Што вы — цёпла! — чырванее настаўнік. Ён у кароценькім паліцечку, у зімовай шапцы. На нагах скураныя чаравікі. Наўрад ці ўжо гэтак яму цёпла.

— Цёпла, то і добра, — згаджаецца Ігналь. — Маладому і мне было цёпла.

— А то ўжо вы гэтакі стары… — нешта ж трэба ўсё-такі гаварыць.

— Пасаджу я вас, як маладых, у задку, — і сапраўды саджае мяне поруч з настаўнікам на задняе сядзенне Ігналь і закідвае нашы ногі ахапкам сена: — А то адляцяць, пакуль даедзем дадому…

Мы з настаўнікам не ведаем, куды дзецца. I без сена горача… Ігналь забірае лейцы, садзіцца сам у перадок, кратае з месца Каштанку:

— Ну, з богам.

— А чаму гэта вы на нашай Каштанцы?

(Можа, хоць яна, Каштанка, выратуе нас.)

— А чаму гэта я павінен вазіць цябе на сваім Мальчыку? — Мальчык — даручаны Ігналеў конь.

— Дык вы ж не толькі мяне…

— Не толькі цябе. На Мальчыку сёння бабы да ветрака паехалі.

Хутка і Каштанка з Мальчыкам нам не памога… Змаўкае Ігналь. Маўчым, як рыбы, і мы з настаўнікам. Маўчання гэтага першы не вытрымлівае Ігналь:

— Што гэта вы маўчыце, моладзь, усё роўна як старыя… Гаварылі б пра што-небудзь.

— Пра што вам гаварыць?

— Сабе гаварыце…

— У вас да якога канікулы? — упершыню звяртаецца да мяне настаўнік. (З выгляду ён яшчэ зусім хлапчук — які з яго там можа быць настаўнік?)

— Да адзінаццатага.

— I ў школах таксама да адзінаццатага.

I мы змаўкаем зноў. Змаўкаем надоўга і безнадзейна.

— Глядзі, як сыпле. Усё роўна як з меха… — зноў стараецца вынырнуць Ігналь. — На тым тыдні, калі дарога ўляжацца, лес пачнём вывозіць. Канюшню новую калгас маецца з вясны будаваць… Няхай сыпле… — закурвае Ігналь.

I праўда: снег кружыць, іскрыцца. Снег засыпаў Ігналеў каўнер на кажусе, засыпаў настаўнікаву шапку. Ён сеецца нам на бровы, на вейкі. Павекі робяцца цяжкія — маргнеш, і яны апахнуць табе шчокі смяшлівым халадком…

Падаюць сняжынкі, Дыяменты-росы, Падаюць бялюткі За маім акном, Расчасалі вішні Шоўкавыя косы I ўранілі долу Снегавы вянок…

Гэта настаўнік не вытрымаў, загаварыў вершамі Паўлюка Труса. I я ведаю на памяць амаль увесь «Дзесяты падмурак» — уступ да яго мне здаецца вяршыняй паэзіі…

Дзесьці ў прасторах Празвінелі бомы, Дацвілі пялёсткі Нечае тугі… I, здаецца, зноўку Еду я дадому Пераведаць родных, Блізкіх, дарагіх…

— Гэта пра вас, — усміхаецца мне настаўнік.

— I праўда: як быццам і сапраўды пра мяне.

Зноў зіма паслала Снежныя кілімы, Зажурыла беллю Паплавы, лугі. I прыходзіць радасць У красе маўклівай. Адплываюць хвалі Смутку і тугі…

Гэтыя радкі мы паўтараем ужо ўдваіх… Паўтараем ціха, зладжана, быццам яны напісаны таксама пра нас дваіх.

— Вось бачыце, і разгаманіліся, — падахвочвае нас Ігналь.

— А мы мяркуем пастаноўку ставіць, — паведамляе мне настаўнік.

— Пастаноўку? Якую? Дзе?

— У школе паставім. Я думаю «Прымакоў» Купалы паставіць. Нямнога дзеючых асоб. На першы раз…

— А хто ж будзе ўдзельнічаць?

— Як хто? А хіба мала знойдзецца і студэнтаў, і старэйшых вучняў.

Збярэцца і праўда нямала.

— Вось возьмем і прапануем вам Кацярынку…

— Што вы! Я не ўмею…

— Ніхто не ўмее. У нас жа няма артыстаў. Усе будуць пачынаць.

— Гэта вы добра, настаўнік, прыдумалі. Нешта ў нас даўно моладзь аціхла… Некалі яшчэ мы, калі маладымі быўшы, ставілі, з таго часу і няма нічога…

— Будзе! У гэтыя канікулы паставім, — цвёрда абяцае настаўнік.

— Калі ж мы паспеем? — мяне гэта таксама ўжо захапіла.

— А вось заўтра днём усе і збяромся. Якраз нядзеля.

— Нешта не верыцца…

— Без веры нічога не будзе.

Не, ён не такі ўжо ціхі і сарамяжлівы, гэты настаўнік. I не такі маўчун. У яго прыемны твар. Нават вельмі прыемны…

— Ну як, моладзь, пагрэемся? — пытаецца ў нас Ігналь і саскоквае з вазка. — Ногі, халера на яго, зайшліся… Давайце і вы, настаўнік…

Услед за Ігналем саскоквае з вазка і настаўнік. Для настаўніка то ён сапраўды шчуплаваты. I ростам не вельмі ўдаўся… Ігналь і настаўнік, пабраўшыся за білы, бягуць абапал вазка. Каштанка як трухала, так і трухае па мяккай дарозе.

— Далучайцеся да нашага кросу! — смяецца да мяне настаўнік.

У мяне ногі таксама добра змерзлі — колькі там таго цяпла ад тых бурак, пашытых са старога сукна… I я саскокваю з вазка. От, гэта і сапраўды крос! Сапраўды «парылка», як кажа Ігналь. Хвілін якіх праз дзесяць мы садзімся ў вазок ужо распараныя, як у добрай лазні.

— Вучыцеся, моладзь, як трэба жыць на свеце! — задаволена павяртае да нас чырвоны потны твар Ігналь. — А то памерзлі б, як мышы…

— Мышы, дзядзька, якраз і не мерзнуць, — кажа настаўнік.

— Як у нары, — не здаецца Ігналь. — А пасадзі яе вось гэтак, як нас з вамі, на вазку, ды абуй у такія чаравікі, як у вас, настаўнік…

Мы з настаўнікам уяўляем сабе, як едзе вось гэтакі вазок, а на ім расселіся мышы, і ўсе ў чаравіках…

Нам весела.

— То-та ж! — зноў дастае з кішэні тытунь і закурвае Ігналь. — Я вас сёння дамчу дадому пад першы сорт!

I праўда, дадому, ужо добра ўцёмначы, прыязджаем мы «пад першы сорт»… Ігналь спыняе вазок каля свае хаты. Мы з настаўнікам нясём мае рэчы да нашага двара ўдваіх. Аднак зайсці ўдваіх у хату мы не адважваемся. Мы развітваемся тут жа на вуліцы, каля нашых варот.

— Дык, значыць, заўтра стрэнемся? — кажа настаўнік і падае мне руку.

— Стрэнемся… — захліпаецца нешта ў мяне ў грудзях (хутчэй бы тое заўтра!).

Бразгае ў дзвярах клямка, і з сянец чуецца голас сястры Сашы:

— Гэта ты, Ганька?.. А мы ўжо чакаем, чакаем…

Крылы

Цяпер ужо не мы бегаем глядзець, што робяць у школе артысты, — цяпер ужо на нас, артыстаў, бегаюць глядзець другія — гэтакая ж самая малеча, якой былі некалі мы самі, калі да нас з Паўстыня прыязджалі настаўнік Гладкі і камсамолка Аўдоцця і ставілі ў хаце майго дзядзькі Мікалая «Збянтэжанага Саўку»…

З тае пары ў дзядзькавай хаце многае змянілася. Цяпер у «зале» школа. У «сталовай», дзе некалі мясцілася ўся дзядзькава сям’я, дзе мясцілася і я таксама, — настаўніцкая і жыллё самога настаўніка. Дзядзькава сям’я развеялася па свеце, як палова па ветры…

…На зімовыя канікулы і сапраўды збіраецца нямала нас, студэнтаў і старэйшых вучняў — хлопцаў і дзяўчат. Да нас ходзяць яшчэ хлопцы-студэнты з Таліц. Валодзя Рэут чытае ўголас усім нам п’есу Янкі Купалы «Прымакі»… Валодзя чытае выразна, з гумарам, ад кожнае асобы. Ужо толькі слухаючы Валодзю, мы ўсе ў захапленні. А калі і сапраўды паставіць гэтых «Прымакоў» на сцэне. Хіба мы не здолеем?

— А цяпер давайце падумаем над размеркаваннем роляў, — звяртаецца да ўсіх нас настаўнік, калі чытанне скончана.

— А вось тут трэба памаракаваць, — сплёўвае на цыгарку і прытоптвае яе ботам Валодзя Рэут — непрыкметна для ўсіх ён ужо ўвайшоў у ролю Максіма Кутаса, Мацейкавага бацькі.

— А тут няма чаго і маракаваць, — кажа настаўнік. — Кутас у нас ужо ёсць…

Валодзя толькі пацепвае плячыма.

— Ты сам і будзеш Кутасом, — кажа Адамаў Вадзім. Ён асядлаў парту і сядзіць на ёй, як на кані.

— Дзядзьку Кутасу трэба падабраць цётку Домну, — смяецца Надзя Ларыёнішына.

— Вара будзе за Домну, — кажа Вадзім.

— А чаму і не — Вара будзе! — згаджаецца Валодзя Рэут.

— Я не буду! Я нічога не ўмею! — адмахваецца Вара. Настаўнік дае магчымасць усім прыняць удзел у абмеркаванні дзеючых асоб.

— Як астатнія мяркуюць? — пытаецца ён.

— Чаго там не ўмець. Завяжаш хустку пад бараду — чым не Домна будзеш? — не ўсміхнуўшыся нават, жартуе Вадзім.

— Сам завяжы!

— Не, Вара, вам не трэба адмаўляцца. Я ўпэўнены, што ў вас атрымаецца. — звяртаецца да Вары настаўнік, і Вара прыкметна здаецца.

— Я ж ніколі не выступала.

— Усе мы невялікія артысты, — супакойвае яе настаўнік. — Паспрабуем, чаго мы вартыя.

Калі ж чарга даходзіць да роляў Мацейкі і Кацярынкі, нібыта згаварыўшыся, усе нашы хлопцы і дзяўчаты паказваюць на нас з настаўнікам.

— Будзе замячацельная пара! — ківае, пасмейваючыся, на нас Вадзім, і мы самі, таго не заўважаючы, заліваемся абое краскай.

…Вось так яны пачынаюцца, а потым і ставяцца на нашай самаробнай сцэне купалаўскія «Прымакі». Зноў, як і дзесяць гадоў назад, хлопцы габлююць у падпаветках дошкі і цягаюць іх у школу. Зноў дзяўчаты зносяць з дому самыя лепшыя коўдры-перабіранкі на заслону і на кулісы. Зноў сцягваем мы з хат услончыкі, ложкі, качэргі, рэшаты — абсталёўваем хату, адкуль я, Кацярынка, павінна буду пайсці замуж за Мацейку.

Сястра Анюта рыхтуе мне, Кацярынцы, адпаведныя строі: шые зграбны андарачок, фартух, аддае ўсе свае, дзявочыя яшчэ, пацеркі: каб я, Кацярынка, спадабалася Мацейку. Самой Анюце вельмі падабаецца мая роля, падабаецца, што Мацейку будзе іграць настаўнік…

— А ён нічога хлопец, — хваліць Анюта настаўніка.

I невядома чаго я чырванею — нібыта гэта мае нейкае дачыненне і да мяне.

— Нічога асаблівага, — я стараюся паказацца абыякавай.

«Прымакоў» мы рыхтуем і ставім за адзін тыдзень. За гэты тыдзень школа робіцца нашым другім домам, нашым галоўным інтарэсам і жыццём. Маё ўласнае жыццё за гэты тыдзень набывае нябачныя крылы. Як быццам я жыву не на зямлі, а лунаю на гэтых крылах у нейкай завоблачнай прасторы.

Але вось надыходзіць дзень, а потым і вечар апошняга развітання… Яно кароткае і вельмі паспешлівае. Я нясу ў школу настаўніку Дубовіку кніжку, якую ён даў мне пачытаць на канікулы. Мы абое страшэнна збянтэжаныя, і мова ў нас аднялася гэтак жа, як і ў той першы дзень, калі Ігналь вёз нас на канікулы дадому.

— Бывайце, — так я і не ступіла далей парога.

— Бывайце, — кажа настаўнік і працягвае мне другую кніжку. — Вазьміце вось гэта. I толькі не разгортвайце дома… Добра?

— Добра…

— Разгорнеце тады, калі прыедзеце ў інтэрнат… Абяцаеце?

— Абяцаю…

I я выбягаю на школьны ганак. Маё сэрца вось-вось выскачыць з грудзей і разаб’ецца на друзачкі… Я прыціскаю яго да кніжкі, якую толькі што даў мне настаўнік Дубовік. I бягу, бягу колькі сілы цераз дарогу да свае хаты. I толькі тут, на парозе, спыняюся.

У небе, на срэбным чаўне, плыве задуменны поўнік. На вуліцы і ў вокнах хат ціша і сон… Я чую, як скрыпнулі школьныя дзверы, як паспешлівыя крокі збеглі з ганка… Што рабіць? Што рабіць?! Мае нябачныя крылы ўзнімаюць мяне з месца і нясуць у дзверы сваёй хаты.

— Бр-р-разь!

На небе

У хаце сон і ціша. Прыкручаны кнот у лямпе. Ледзь мігае сляпы агеньчык. Дзеці і сястра Саша, усе трое, спяць на адным ложку. Баба Іваніха пахрапвае на печы. Мой ложак засланы. Ён чакае мяне. Але хіба я здольна легчы і спаць… Хіба я засну? Я намацваю на комінку запалкі, у кутку на паліцы намацваю газоўку і, як злодзей, выкрадваюся з цёплае хаты.

— Гэта ты, Ганька? — пытаецца баба Іваніха.

— Я зараз… — шапчу я і нячутна прыціскаю клямку з сянец… I на дыбачках, цераз сенцы, крадуся ў новую хату. Пахне сухім халодным зернем і мышамі, пахне яблыкамі і яшчэ нечым, чаму і назвы не знойдзеш. Зімою тут не ступіць: уся хата застаўлена дзежкамі, ліпоўкамі, ліповачкамі — са збожжам, з мукой, з ільняным семем, сушанымі яблыкамі… (Куды падзелася ўсё маё летняе старанне, усе мае ўборы і хараство?) Ля самых дзвярэй старчма стаіць сяннік — мая інтэрнацкая пасцель на наступныя паўгода. У цемры я чапляюся за сяннік — і ён пляскаецца на падлогу (каб ты згарэў!). Я чыркаю запалкай — і трапяткое святло выхоплівае з цемры кодаўбы і дзежачкі пасярод хаты… На вокнах мярцвеюць сухія мушкаты — забылі за цяплом перанесці ў тую хату, і мушкаты памерзлі. А якім вясёлым полымем шугалі яны ў мяне ўсё лета!.. Іншы раз за гэтыя мушкаты я пазагрызала б усіх хатніх — сёння мне не да іх. Я нават не заўважаю іх, як наогул вакол сябе нічога не заўважаю. У руках у мяне кніжка «Выбраныя вершы» А. С. Пушкіна… Я дала слова, дала абяцанне, што не разгарну яе, аж пакуль не прыеду заўтра ў інтэрнат… Я трымаю яе ў руках… Разгарнуць ці не разгарнуць… Стрымаць сваё слова ці не стрымаць? А вы самі стрымалі б яго? Вы самі вытрымалі б да заўтра?

Выбраныя вершы… Я ліхаманкава гартаю іх. У цьмяным бляску газоўкі мітусяцца старонкі і радкі пушкінскіх вершаў… «Духовной жаждою томим…», «Исчезли юные забавы…», «И с каждой осенью я оживаю вновь!..» Далей! Далей!.. I вось нарэшце!

Я помню чудное мгновенье. Передо мной явилась ты, Как мимолетное виденье…

На гэтай старонцы я знаходжу канверт! Маленькі зграбны канверт з блакітнай акаймовачкай. Канверт моцна заклеены клеем. Разарваць яго — дык як тут павернецца рука рваць такое хараство?.. А тут жа, пад рукою, няма ні нажніц, ні нажа. I ў тую ж хату па іх не пойдзеш. Не хапала, каб усе паўстоўкваліся і паўставалі. Застаецца толькі асцярожненька, асцярожненька абгрызці канцік канверта… А ў канверце!.. На гладкім глянцаваным аркушыку, у рамачцы, намаляваны фарбамі партрэт незнаёмай мне красуні. На адваротным баку партрэта найпрыгажэйшым почыркам — прапісныя літары з дзівоснымі вусікамі і завіткамі — прысвячэнне: «Анне»… (Анне — гэта значыць, мне!) Вось яно:

Чакаю я з табою стрэчы. Пакутую ад нематы. Гляджу на зоркі кожны вечар… Ці прыйдзеш ты? Ці прыйдзеш ты?!.

Божа мой! Гэта мне?. Я перачытваю вершы раз, другі, трэці… Я вывучваю іх на памяць. Я паўтараю іх ужо з заплюшчанымі вачыма. Міжвольна параўноўваю з пушкінскімі вершамі. I гэтыя мне здаюцца лепшымі… Яны прысвечаны мне!

Спаць кладуся я далёка за поўнач. Зноў варочаецца на печы баба Іваніха.

— Чаго гэта ты сёння не заснеш усю ноч? — сама яна ўжо выспалася — колькі таго сну трэба старому, заклапочанаму чалавеку. А тым часам дзяруць горла ўжо другія пеўні.

— Я сплю… — прытвараюся соннаю, а ў самой і блізка няма таго сну.

Ну як заснуць? Як заснуць?.. «Ещё недавно мир был так хорош… Но всё равно ты не придёшь… Не придешь… Духовной жаждою томим… И шестикрылый серафим… Как мимолетное виденье…»

Скажыце, а вы заснулі б?..

На зямлі

Хочаш не хочаш, але калі ты ўзяўся спаборнічаць, ды яшчэ ўсім курсам, то тут табе ўжо ніхто спуску не дасць. Зрыўшчыкаў сацыялістычнага спаборніцтва ніхто не пацерпіць.

I мы спаборнічаем: здаём нормы на значкі ГТО («Готов к труду и обороне»), ВС («Варашылаўскі стралок»), страляем з малакалібернай вінтоўкі. Здаём… Толькі не я: я ніяк не магу пацэліць у «яблычка», усе мае кулі ляцяць «па малако»… Вось табе і сцебель, грэбень, рукаятка!.. Састаўныя часткі затвора — іх я пералічу, хоць разбудзі мяне сярод ночы. «Варашылаўскага стралка» мне не бачыць як уласных вушэй… А дарэмна: мне трэба толькі зайсці да доктара-акуліста і папрасіць выпісаць мне акуляры (я блізарукая з маленства). I тады палі з чаго хочаш, хоць з бярданкі, хоць з кулямёта ці нават з гарматы…

Але я хутчэй згаджуся памерці, чым надзець акуляры.

А праз мяне церпіць увесь курс. Нібы камень на шыі — цягну я ўніз агульныя дасягненні і поспехі… Праўда, я стараюся на занятках ГСО («Готов к санитарной обороне») і ПВХО («Готов к противовоздушной химической обороне»). Цераз плячо процівагаз. Нам не страшны ніякі вораг, няхай толькі сунецца, мы ўзброены да зубоў… На грудзях у мяне апрача значкоў ГСО і ПВХО яшчэ прыколаты значок МОПРа. Кожны месяц плачу я (і мне наклейваюць маркі) пяць капеек у фонд міжнароднай арганізацыі дапамогі рэвалюцыянерам. Мае ўзносы памагаюць гуртавацца міжнароднаму рэвалюцыйнаму руху. Недалёкі той час — кожны ў гэтым перакананы, — калі міжнародны пралетарыят з’яднае свае шэрагі і пераможа сваіх уладароў-капіталістаў. Гэтак, як перамог пралетарыят у нашай краіне…

I, вядома ж, да маіх грудзей прымацаваны камсамольскі значок. Я нават выбрана членам камітэта камсамола нашага педвучылішча. А ў галаве гэтага члена цяпер зусім іншае: каб толькі хутчэй дачакацца каля акна на калідоры стрэчы з настаўнікам Дубовікам… Праўда, стрэчы гэтыя хутчэй нагадваюць гульню ў пошту: не столькі тае гаворкі, як кожны з нас хутчэй імкнецца перадаць другому вынашаную і напярэдадні каліграфічна перапісаную пакуту сэрца за тыдзень… Настаўнік Дубовік выказвае яе вершамі. Сама я здольна толькі на сумную прозу… (Муза мая чамусьці ад мяне адступілася.) Ужо і дзяўчаты ўсе ведаюць (і бачаць, бачаць!) пра гэтыя стрэчы і пасланні. Ужо і выкручвацца няма як (ды, кажучы па праўдзе, і не хочацца выкручвацца). Каханне… Як у Тані Мялешкі, як у Шуры Палявой. Ад яго няма спакою, няма сну, а самае галоўнае — няма вялікага старання да навукі… Каханне робіць дзіва з маім жыццём. Робіць яго незвычайным, уздымае і нясе мяне на крылах. Усё вышэй і вышэй над зямлёю! Нават няма калі заўважыць, што на гэтай грэшнай зямлі грэецца ўжо ласкавая вясна, а ў дзверы педвучылішча ўжо настойліва грукаюць іспыты… Хто ім рад? Але куды ты ад іх дзенешся?

Так, у педвучылішчы мы больш за ўсё баімся іспытаў па фізіцы. Корчык бязлітасны!

«Калі я пастаўлю студэнту „здавальняюча“, значыць, я абкраду дзяржаву…» — вось закон яго існавання. I таму Корчык ставіць студэнту «нездавальняюча»… Тады ён дзяржавы не абкрадае — тады студэнт ужо не атрымлівае ў дзяржавы шэсцьдзесят рублёў стыпендыі.

Гэтай вясной у педвучылішчы здараецца падзея, якая ўскалыхвае ўсе курсы ад першага да трэцяга. Недзе за месяц да экзаменаў нейкія тры змрочныя постаці ў чорных масках заступаюць вузенькі хісткі Чортаў мосцік якраз у тую пару, калі Корчык вяртаецца позна вечарам, з другое змены, з апошняе лекцыі. Корчык хоча размінуцца, але маскі абступаюць яго з трох бакоў.

— Рукі ўгору!

Пад пахай у Корчыка бітком набіты партфель — у гэты дзень якраз ён даваў трэцяму курсу кантрольную, прысланую з Наркамата асветы.

— Рукі ўгору!

Партфель ляціць у чорную бездань. Ён не зашпілены, і з яго вылятаюць вялікія белыя матылі — кантрольныя. Белыя матылі кружаць у цемры, паволі падаюць на ваду, паволі адплываюць…

Ніхто не ведае, што было далей, якая гаворка адбылася ў той вечар на Чортавым мосціку. Назаўтра Корчык на заняткі не з’явіўся. Ён захварэў. Не з’явіўся ён і на другі дзень. А на трэці дзень у курсавым журнале з’явіліся адзнакі па апошняй кантрольнай па фізіцы… Усе работы былі толькі добрыя!

У сувязі з гэтай падзеяй, мусіць, таму гэтак шанцуе на іспытах і Валодзю Гурбо. Валодзя не здае фізіку разам з усім курсам — у яго памерла цётка. Здаць іспыты дырэкцыя дазволіла яму асобна. А сам Корчык запрашае Валодзю прыйсці здаваць іспыты ў яго дома. Няшчасны ідзе… I што ж? Корчык страчае Валодзю ў садзе, у плеценым крэсле, пад густой ліпаю. Тут жа ў цяньку стаіць невысокі, круглы стол, а на ім падрыхтаваны ўжо ўсе прылады для катавання: чарнілка, ручка, наглянцаваны аркуш паперы… Корчык запрашае Валодзю садзіцца да стала. Валодзя — яго ўжо няма жывога, ад яго толькі цень — сядае.

Корчык распытвае Валодзю пра здароўе, выказвае яму сваё спачуванне ў няшчасці і нарэшце задае для прыліку некалькі пытанняў па фізіцы. Валодзя паступова адходзіць, нешта спрабуе нават адказваць на Корчыкавы пытанні. Корчык вуснымі Валодзевымі пытаннямі задаволены… Застаецца рашыць задачу. Корчык дыктуе ўмову задачы, Валодзя запісвае ўмову на глянцаваным аркушы і зноў жа спрабуе нешта рашаць…

У гэты час з’яўляецца з падносам служанка. На падносе чайнік, два кубкі, цукарніца, пячэнне. У Валодзі ад нечаканасці сутарга зводзіць руку. А Корчык сам бярэ ў служанкі кубкі і сам разлівае чай…

— Задача нікуды не дзенецца, а вось гарбата астыне, — падсоўвае ён Валодзю кубак духмянага пітва.

У Валодзі зводзіць і другую руку.

— Прашу вас, малады чалавек…

— Я яшчэ не скончыў задачу… — не ведае, што яму рабіць, вучань.

— Задача не воўк, у лес не ўцячэ, — супакойвае вучня настаўнік.

Задачу адсоўваюць убок. Пачынаецца чаяпіцце.

Адзнаку па фізіцы Валодзя атрымлівае выдатную.

Валодзевы іспыты робяцца легендаю педвучылішча.

Начны матылёк

Мне ўжо ўсё вядома. Мне толькі трэба вырашыць самой: ісці ці не ісці. Мне толькі трэба самой, на ўласныя вочы, упэўніцца: так ці не так?

I хоць самаю глыбінёю душы я адчуваю, што ўсё так. Усё так… А зрабіць з сабою не магу нічога… Усё-такі пайду. Пайду…

I я пачынаю апранацца. Мусіць, толькі перад смерцю, калі б толькі чалавек здольны быў збіраць сябе ў сваю апошнюю дарогу, мусіць, толькі тады ён адчуваў бы гэтакі сум развітання з жыццём. З мілым, дарагім жыццём, якое яму ўжо больш не належыць…

З гэтакім настроем я збіраюся на вечарынку… Мне б, каб на разумную галаву, зусім не трэба было б ісці на гэту вечарынку: навошта? Але і навошта дазваляць людзям лічыць мяне за няшчасную?.. Я не буду няшчаснаю. Я буду вясёлаю. Буду весялейшай нават, чым заўсёды.

Дарэмна гэтак старалася Анюта шыць мне новае плацце, дарэмна цешылася, як пашыла: «Ты ў нас цяпер як сапраўдная гарадская. Твой настаўнік…»

Няма ў мяне ніякага «майго настаўніка». I ніколі яго не было… На сцяне, поруч з люстрам, вісіць толькі дарунак настаўніка Дубовіка: Сталін трымае на руках Мамлакат Нахангаву з букетам кветак… У Сталіна такі добры бацькоўскі позірк, і чарнакосая маленькая ўзбечка абняла яго за шыю гэтак даверліва… Гэта для мяне, каб упрыгожыць нашу хату, маляваў настаўнік Дубовік Сталіна з баваўнаводкай Мамлакат Нахангавай зімою, пасля купалаўскіх «Прымакоў». А цяпер ён ужо малюе не мне. Заброцкай Веры намаляваў настаўнік Дубовік дыван на сцяну: цяпер пра гэты дыван з аленем на ўзлеску гаворкі на ўсю вёску: гэтакае хараство!.. Праўда, і Вера слаўная дзяўчына…

З расчыненых акон школы ў вокны нашай хаты льецца задуменны вальс «Дунайскія хвалі». Іграе на гармоніку Павел Корбут — мой далёкі сваяк, закаханы ў Анютку Корбутаву. Мы ўсе завём яго Анютчыным жаніхом. Сама Анютка — светлыя валасы яе коцяцца хвалямі па плячах — кружыцца ў вальсе з Вадзімам Адамавым (Вадзіму яна таксама падабаецца). Танцуе Анютчына сястра Вара, танцуюць абедзве Надзі — Паўлава і Ларыёнішына, — яны абедзве танцуюць з таліцкімі хлопцамі. I раптам на сярэдзіну круга выплывае яшчэ адна пара… Першае, што паспяваю я адзначыць, — гэта ганарыста прыўзнятую, асветленую задаволенаю ўсмешкаю, прыгожую галоўку дзяўчыны. У хлопца кідаецца мне ў вочы чамусьці толькі адкладны белы каўнер сарочкі. Як ён сам глядзіць на дзяўчыну — гэтага я не бачу: новая пара знікла ў крузе…

Я не бачу, я ўсёй сваёй істотай адчуваю толькі, як перашэптваюцца нечага, убачыўшы мяне ў парозе, жанкі, што сядзяць на ўслонах уздоўж сцен. Як ківаюць яны адна адной, паказваючы то ў мой бок, то ў бок пары, што зноў кружыцца пасярэдзіне круга…

Нарэшце вальс знемагае. «Кавалеры» вядуць «паненак» да месца. «Паненкі» тоўпяцца ўсе гуртам каля расчыненага на двор акна. У мяне быў крос у педвучылішчы, і таму я прыйшла на выхадны дадому позна і спазнілася на вечарынку. Таму я павінна падысці да гурту, павінна з усімі павітацца… Такі няпісаны закон вясковага этыкету.

…Мне весела. Я ледзь не бегла — гэтак спяшалася на вечарынку. I таму гэтак весела і бесклапотна вітаюся я са сталымі жанкамі, з дзяўчатамі… Працягваю руку Веры Заброцкай. (Якая яна сёння прыгожая!) Вера адказвае мне на вітанне, стрымана ўсміхаецца: гэта я адчуваю сябе нібыта на распаленай скаварадзе, а ў яе перада мною няма ніякае віны. Яна мне можа сёння нават паспачуваць.

У каханні няма віноўнікаў: у каханні ёсць перамога і забыццё.

На наступны танец мяне запрашае мой сваяк Павел Корбут. Свой гармонік ён аддаў і самому ахвота патанцаваць. (Праўда, Анютка паспела ўжо зноў з некім павіхрыцца — ёй не трэба чакаць хлопцаў — яны выбіраюць яе адзін перад другім.) Настаўнік Дубовік і Вера Заброцкая зноў танцуюць разам. Са мною «мой настаўнік» нават не павітаўся…

— Слухай, Ганька, што гэта азначае? — пытаецца ў мяне Павел і выразна паказвае ў бок Дубовіка і Веры. Ён лічыць, што, карыстаючыся правам сваяка, можа лезці мне ў душу разам са сваімі наваксаванымі ботамі…

— Што — што азначае? — мне хочацца гэтага дурня паслаць к чорту. Але ж людзі вакол.

— Чаму гэта твой Дубовік не выпускае Заброцкай з рук?

— Чаму гэта ён мой?

— Ну, не прыкідвайся… I гэта — глядзі якая!

— А табе што да гэтага? Ты глядзі на сябе!

У гэты час якраз кружыцца паўз нас Анютка Корбутава. I зноў з Вадзімам. Анютка размахвае шаўковым шалікам так, каб абавязкова зачапіць нас з Паўлам. Павел імкнецца наўздагон Анютцы.

— Ну цябе! — кідаю я Паўла. — Адтаптаў мне ўсе ногі… — і прыкідваюся, раблю выгляд, што я не магу ступіць, кульгаю — гэтак ступіў ботам мне на нагу Павел.

— Вось кавалер! — смяюцца ўслед нам жанкі (нібыта без іх не абышлася б гэта вечарынка).

Я кульгаю мацней…

— Схаджу дадому, пагляджу нагу…

— Гэта ж трэба! — спачуваюць мне жанкі.

— Давай я цябе правяду, — шчыра бянтэжыцца мой сваяк.

— Я сама… Я сама… Танцуй.

I я бягу дадому.

…У хату, у расчыненае акно, заляцеў начны матылёк. Ён трапечацца, б’ецца ў лямпавае шкло, спальвае на агні кволыя крыльцы. Усяго і жыцця ў яго — адзін толькі дзень. I вось прамільгне ён, гэтакі трапяткі і прыгожы — і няма, як і не было…

Я падаю на ложак, на падушку, закрываюся з галавой.

Прафшкола

I вось мы ўжо студэнты другога курса. Вось мы ўжо і — прафшкола. Пасля няўтульнай калоніі прафшкола здаецца нам царскімі палацамі. Новы наш інтэрнат нагадвае сабой сапраўдны студэнцкі гарадок. Сюды не заедзеш і не зойдзеш без пропуска — не пусціць дзяжурны. Прафшкола мае ўласную танцпляцоўку, а гэта азначае, што тут пануюць і свае жалезныя законы (паспрабуй прайсці сюды чужак, з горада, на танцы!). Нарэшце прафшкола мае і сваю ўласную, можна сказаць, цётку Розу, якую, дарэчы, тут ніхто інакш не заве, як «Халвою». «Халва» — крамка з выгляду вельмі падобная на шпакоўню — сапраўдная крыніца існавання студэнцкай браціі. Нават не маючы капейкі за душою, студэнт заўсёды атрымае ў цёткі Розы крэдыт пад стыпендыю — сто грамаў халвы, ці няхай сабе бутэльку морсу, ці кухан, пасыпаны макам.

Прафшкола стаіць над рэчкай і весела хаваецца ў густой зеляніне бэзу і старых прысад. За спіною ў яе — старыя яўрэйскія могілкі. Тут напышлівы мармур помнікаў, прыдбаных яшчэ некалі да рэвалюцыі багатымі гандлярамі, адапхнуў у глушыню жоўтых акацый убогія камяні і пахілыя драўляныя слупкі яўрэйскай беднаты. Гэту наглядную класавую няроўнасць узброеныя да зубоў палітграматай студэнты і студэнткі педвучылішча топчуць літаральна нагамі: дзяўчаты слізгаюць на люстраных венецыянскіх плітах факстроты, хлопцы практыкуюцца рабіць на іх «стойку»… (Вайна багаццю!)

Яшчэ могілкі вельмі прыдаюцца прафшколе на рамантычныя спатканні. Няма таксама лепшага схову і цішыні, як тут, і ў час іспытаў: кожны, самы нават забыты, бугарок клапатліва падсцеле табе зялёную хусцінку муравы.

I наогул прафшкола — гэта прафшкола. Гэта табе зусім не тое, што нейкая там абшарпаная Калонія… I сапраўды студэнтамі па-сапраўднаму мы пачынаем адчуваць сябе толькі тут, у прафшколе. Да таго ж як ні кажы, а другі курс. У наступным годзе — мы ўжо выпускнікі… З прафшколы і ў педвучылішча хадзіць напалову бліжэй, чым з Калоніі: цераз Чортаў мосцік (вузенькі, гарбаты, з адною толькі парэнчаю цераз рэчку), цераз Летні сад (грамадская думка горада сцвярджае, што наш Летні сад — другі пасля Летняга саду ў Ленінградзе).

Зусім пад бокам у прафшколы і славутая «Зорка» — гарадскі кінатэатр, дзе кожны тыдзень круцяцца новыя фільмы.

Сердце — тебе не хочется покоя… Сердце — как хорошо на свете жить… Сердце — как хорошо, что ты такое… Спасибо, сердце, что мы умеешь так любить…

З ранку да позняй ночы, куды ні пайдзі, сіпяць на слупах і сценах чорныя папяровыя рупары. Спявае Леанід Уцёсаў. Любімец публікі… На «Вясёлых рабят» горад валіць валам. Прафшкола, вядома, наперадзе.

…Неўзабаве разліваецца «Волга-Волга» — па гарадах, па мястэчках, па ўсёй краіне. Тут ужо гледачоў палоняць Ігар Ільінскі і Любоў Арлова. Затым грыміць «Цырк». I зноў разам з ёю, з праслаўленай Арловай, здаецца, уся наша бязмежная Радзіма калыша на добрых клапатлівых руках чорнае негрыцянскае хлапчанё: «Спі, мой бэбі…»

Ідэя братэрскага інтэрнацыяналізму разам з калыханкай Арловай гучыць у кожным сэрцы непадробна і шчыра. Спі і расці дужым, маленькі чорны брат…

…Каля «Зоркі» ў прыстойным зялёным буданчыку, як і належыць, прадаюцца воды і піва. Перад пачаткам сеансаў у піўны буданчык не прабіцца. У прадаўшчыцы няма хвіліны азірнуцца: усе даюць наперабой грошы, усе хочуць піць, усіх паспей напаіць да сеанса. Ад пацёртых рублёвак і траячак на нейкі момант яна толькі адрознівае шоргат новенькае ружовае трыццаткі. I трыццатка атрымала піва і рэшту… Дзякуй богу, званок — перадыхнуць якое паўгадзіны, прыбраць грошы і прылавак. А там зноў пачнецца… I прадаўшчыца бярэцца за грошы: рублёўкі да рублёвак, траячкі да траячак… I зноў увага яе на нейкі момант звяртаецца на трыццатку. Зусім новенькая, толькі з банка, відаць… Мусіць, у студэнтаў сёння стыпендыя (студэнтаў адрозніваць навучылася яна ўжо з першага позірку: іх не зблытаеш ні з кім). Па выпрацаванай звычцы прадаўшчыца машынальна глядзіць храбусткую трыццатку на святло. Круціць яе і так і гэтак… А божачка! Падробленая! Няма вадзяных знакаў… Гвалт!

…Уладальнікаў трыццаткі прадаўшчыца назаўтра пазнае. Яна іх, як адчувала ўсё роўна, і ўчора прыкмеціла (як не прыкмеціць жанчыне прыгожага хлопца?..). Вось гэты невысокі, са светлым тварам, падаваў ёй трыццатку, а худы чарнявы браў рэшту… Яна яшчэ спытала ў светлага: «Вы разам?» — «Мы — заадно…» — са смехам адказаў ён ёй. Смеючыся, яны і падаліся на вуліцу. Яна гэта добра памятае.

Уладальнікамі новенькай трыццаткі аказваюцца студэнты нашага педвучылішча, нашае прафшколы знакамітыя мастакі Кулікоўскі і Раманоўскі. Яны і самі не адмаўляюцца: трыццатку намалявалі, каб праверыць свае мастацкія здольнасці: пазнаюць ці не?

Раманоўскага і Кулікоўскага (яны лепшыя студэнты) бярэ на парукі педвучылішча, і суд прысуджае ім толькі па году ўмоўна.

Халва

«Халвой» мы завём цётку Розу, якая гандлюе ў крамцы на рагу вуліцы поруч з нашай прафшколай. Цётка Роза выключны чалавек: яна ведае кожнага студэнта ў твар і не памятае ніводнага нашага сапраўднага прозвішча. I таму ўсе мы ходзім у гучных літаратурных імёнах. Вось як гэта выглядае.

Апошнія дні перад стыпендыяй. Уся прафшкола вытрасла ўжо свае кішэні, і студэнцкае жыццё, за нязначным выключэннем, перабіваецца выключна ў крэдыт. Наш другі курс займаецца на другую змену — і гэта, вядома, дадатна ўплывае на нашы кашалькі: хто спіць, той есці не просіць. I таму мы спім — хто даўжэй… Аднак колькі ні спі — адзін раз да заняткаў пад’есці трэба…

— Дзяўчаткі, у каго ёсць адзінаццаць капеек? — прыадчыняе дзверы з суседняга — прахаднога — пакоя ў наш Таня Мялешка (адзінаццаць капеек каштуе бутэлька морсу).

— У мяне ёсць пустая бутэлька… — з пасцелі яшчэ, з падушкі, узнімае галаву Саша Прышчэпа. Яна ў нашым пакоі складае выключэнне, яна ў нас самая заможная: у Сашы старэйшыя брат і сястра настаўнікі, а брат нават дырэктар школы. Саша кожны месяц атрымлівае добрую падмогу. Не дзіўна, што на мінулым тыдні яна выкінула з тумбачкі ладны кавалак сала: ёй тое сала здалося ёлкім.

— Можна ўзяць? — пытаецца Таня.

— Вазьмі. Толькі скажы Халве: Карэніна здала. Няхай выкрасліць.

— Добра, скажу. — Таня з бутэлькай знікае. Праз хвіліну ў адчыненае акно мы ўжо чуем яе голас на дварэ. У самым найлепшым настроі Таня шыбуе на рог вуліцы да Халвы.

Живём мы весело сегодня. А завтра будет веселей!

Таня без спеваў не ступіць ні кроку.

На Танін стук у акенечка высоўвае са свае крамкі-шпакоўні ўскалмачаную галаву (яна не носіць хусткі) цётка Роза.

— Добры дзень, цётка Роза!

— Добры дзень.

— Цётка Роза. Карэніна перадала пустую бутэльку, дык выкрасліце… А мне запішыце, калі ласка, кухан і бутэльку морсу. Да стыпендыі…

Цётка Роза гартае сваю бухгалтэрыю. У яе зашмальцаваным «гросбуху» зроду не разабраўся б ніводзін рэвізор — сама цётка Роза плавае ў ім, як рыба ў вадзе.

— Карэніна? Анна?

— Анна Карэніна, — паспешліва паўтарае Таня.

— Выкрэсліваю. Карэніна… Адна бутэлька.

— А мне, цётка Роза, запішыце…

— Каму гэта «мне» пісаць, каму? Куды ты гэтак спяшаешся? — сама цётка Роза, наадварот, зроду нікуды не спяшаецца.

— Ларынай. Таццяне Ларынай — адзін кухан і адну бутэльку морсу.

— Ларынай? Ты ж мінулы раз, здаецца, была Растова.

— Што вы, цётка Роза! Растова — гэта не я. Я — Ларына…

— Ларына-Шмарына… — драпае ў жорсткім шэрым «гросбуху» цётка Роза: «Тэ Ларына… Адна бутэлька морсу і адзін кухан…»

— Дзякуй, цётка Роза, — спяшаецца ад акенечка Таня Мялешка.

— А Карэніну я выкрасліла ці не? — сама з сабою разважае цётка Роза.

У гэты час да акенечка прасоўваецца наступная рука.

— Цётка Роза, запішыце, калі ласка, да стыпендыі… Адну «Пушку» — Вронскаму.

Цётка Роза запісвае адну «Пушку» і пытаецца:

— А дзе бутэлька, Вронскі? Ты ўчора браў у мяне морс ці не?

— Браў, цётка Роза, але я бутэльку перадаў з Анегіным.

— Анегін казаў, што гэта бутэлька Андрэя Балконскага.

— Не, цётка Роза, гэта ён забыў маё прозвішча.

— Забыў тваё прозвішча?.. Вялікая мне бяда: Вронскі-Шмонскі… Абы бутэльку мне здаў…

— Цётка Роза, а мне сто грамаў халвы.

— Кажы: да стыпендыі.

— Да стыпендыі, цётка Роза.

— Ты Растова? — з-пад акуляраў пазірае на мяне цётка Роза. — Ці мо і ты сёння Ларына-Варына?

— Не, цётка Роза, я — Растова. Наташа Растова… (гэта я гэтакая сціплая тут, каля Розінай шпакоўні).

— Еш на здароўе, — загортвае ў нейкі шэры абрывак мае салодкія тлустыя сто грамаў цётка Роза.

— Дзякуй! — I Наташа Растова імчыць па брукаваным двары снедаць халвою.

Добрая, разумная сівая Халва, дзякуй тваёй памяці…

Што я сабе думаю

Дадому, на выхадныя, як і некалі са школы, зноў ходзім мы разам з Вараю Корбутаваю (Вара ў гэтым годзе канчае педвучылішча). Я люблю Вару. Люблю, мусіць, за ўсе тыя рысы ў яе характары, якіх і блізка няма ў мяне самое. Сама я — вецер. Сёння мне падабаецца адно, заўтра — зусім другое. Сёння гатова аддаць душу і цела, заўтра я магу пасварыцца за дробязь. (Так мы з Шурай Палявой і сябруем: то мы гатовы памерці адна за адну, то мы панадзімаемся і па некалькі дзён не размаўляем. А потым зноў нас не разальеш вадою…) То мне нечым вельмі спадабаўся хлопец (які ён разумны, які незвычайны!), то праз два дні — я стрэла яго на вуліцы, і ён сказаў мне нешта не пад гумар — і ён ужо дурань несусветны. Вара Корбутава зусім іншая за мяне. Вара спакойная, заўсёды роўная і разважлівая. I таму калі мне трэба якая-небудзь сур’ёзная парада, то я іду па яе толькі да Вары. I, самае галоўнае, Вары смела можна даверыць любы свой сакрэт, любую таямніцу. Вара ўмее яе захаваць надзейней за цябе самую.

У абедзвюх нас другая змена, і дадому мы прыходзім, хоць і выбіраем самую кароткую дарогу, познім ужо вечарам. Мы не заходзім у сёлы, мы іх мінаем па загуменні, паплавамі, палявымі сцежкамі і дарогамі. На ўсіх гэтых дарогах і сцежках нас страчае і праводзіць прытомленая восень. Мяккай атавай сцелюцца перад намі паплавы. Пахілыя вербы шчодра сыплюць пад ногі нам золата. Прыдарожныя ветракі паволі махаюць услед нам шэрымі крыламі. «Не спыняйцеся! Ідзіце… Ідзіце…» — шугаюць драўляныя крылы.

Па дарозе нас агортвае ноч. Густая цішыня, здаецца, аж звініць у вушах. Здалёку даносіцца толькі рэдкі брэх сабак, пабліскваюць агеньчыкі апошняга сяла, якое нам трэба мінуць. А там Барэцкі лес, а за лесам, цераз мосцік, — і нашы хаты.

Мы прызвычаеныя да гэтае позняе дарогі, і ўсё роўна кожны раз, як толькі заходзім у лес, ён як быццам сціскае нас у сваіх абдымках. Вакол чарната — хоць выкалі вока. Дарогі мы не бачым — мы яе адчуваем толькі нагамі.

Ху-ху-ху! — палохае раптам начную цішу сава.

Лоп-лоп-лоп! — каля самага вуха, у чорным як сажа ельніку, пачуецца раптам мах тугіх крылаў. Я, хоць і ведаю, што гэта, усё роўна ўздрыгваю ад страху.

— Каб ты здохла была! — неяк вельмі звычайна жадае саве Вара.

Яе спакойны голас адганяе і мой страх.

— Я ўночы ў лесе нічога не баюся: ні ваўка, ні савы. Я б спалохалася чалавека, — кажа Вара.

I я, мусіць, спалохалася б… Але ж чалавек усё-такі не воўк… Чалавек не з’есць…

— Яшчэ як… — не дагаворвае Вара.

Я нічога не кажу. Я ведаю, чаму так кажа Вара. Чалавек (а не воўк!) прынёс ёй боль, ад якога яна пакутуе вось ужо другі год і ніяк не пазбавіцца ад яго. Каханне… Мне хочацца ўпэўніць сябе, што я таксама пакутую ад кахання. Я нават сама хацела б пакутаваць ад кахання… Але ў мяне няма ніякае пакуты. Мая пакута скончылася гэтак жа хутка, як і прыйшла… Я маўчу.

Неўзабаве лес канчаецца, і над полем, над грабніком выплывае поўнік. Яго бляскам заліты ўвесь свет. У гэтым фантастычным бляску звычайныя кусты і дрэвы здаюцца нейкімі прытоенымі жывымі істотамі. Ад гэтага дзівоснага начнога хараства і захапляюча, і страшнавата.

Дома ў нас яшчэ не спяць. Баба Іваніха і Саша ўходжваюцца пасля позняе вячэры. Малыя — вучаць ці не вучаць — сядзяць над кніжкамі.

За тыдзень у нас дома нічога не зрабілася. («I дзякуй богу, што нічога не зрабілася!..» — так заўсёды гаворыць баба Іваніха.) Усё, як і было… Клопат толькі ў нашых вучняў. Як і я сама некалі. Жэня — яна ўжо ў трэцім класе — ніяк не дасць рады цягнікам, якія то наганяюць адзін аднаго, то чамусьці позняцца прыйсці ў час на станцыю…

— Ганька, памажы мне рашыць задачу, — ные над падручнікам Жэня.

Я ўжо распранулася, пад’ела, бяруся памагаць.

Адзін цягнік ішоў з хуткасцю… У другога хуткасць была меншая. Другі абагнаў — першы спазніўся, бо недзе стаяў… Што за вар’яцтва! Людзям трэба ехаць, а тут нейкая гульня… У мяне б яны хадзілі як міленькія! У мяне хадзілі б… А вось у задачы — у мяне ж! — яны ані з месца. Я пакрэмзала ўжо ўсе Жэніны чарнавікі.

— Ну што, атрымоўваецца? — раз-пораз звяртаецца да мяне Жэня. Цягнікі ёй абрыдлі, і яна з задавальненнем малюе кветкі.

— «Атрымоўваецца»… Чаму ж у цябе самое не атрымоўваецца?..

I я працягваю біцца галавою аб сцяну. Нарэшце мой характар усё ж бярэ верх.

— А няхай яны згараць, гэтыя твае цягнікі! — мне хочацца шпурнуць у печ і гэты сшытак, і гэты задачнік.

Баба Іваніха глядзіць на наша рашэнне і божкае.

— Мая ж ты дзевачка, — кажа яна мне, — якая ж з цябе будзе настаўніца? Цябе ж у школе дзеці засмяюць.

На адзін момант я сама сябе ўяўляю настаўніцай. Трэці клас. Урок арыфметыкі. У адной задачы са станцыі выходзяць цягнікі. У другой — выліваецца і наліваецца вада ў пустыя бочкі. У трэцяй трэба размераць да метра рулон сукна на паліто і гарнітуры. Жах! Сама сабе ў гэты момант я здаюся такой няшчаснай і загубленай, нібыта гэтыя цягнікі завезлі і кінулі мяне недзе, адкуль мне няма ўжо ні ходу, ні выхаду…

I гэта ж праўду баба Іваніха кажа: якая з мяне будзе настаўніца?..

Хвароба

У нас ідзе ўрок беларускай мовы. Зімовы дзень нейкі пахмурны і нудны: ці то адліга, ці то снег спрабуе церушыць. Усе, каго ні выклікае Цімошак, адказваюць таксама вяла і нудна.

Цімошак гэтага не любіць. У яго не будзеш заікацца каля дошкі. Ён з цябе не будзе цягнуць па слову: «Ну, а далей? Падумайце яшчэ, падумайце добра…»

— Вы не ведаеце беларускую мову. Вы яе не любіце! — толькі ў твары загарыцца Цімошак. I пасадзіць, і не пашкадуе: дрэнна!

Ён невысокі і шчуплы, апрануты і адпрасаваны заўсёды так, што ўсё на ім здаецца з іголачкі. I яшчэ — дакладны. Усё роўна што яго цыбулька-гадзіннік на ланцужку. Як пакладзе яго на стол з пачатку ўрока — так па гэтым гадзінніку ўжо не змарнуе ні хвіліначкі.

— У мяне няма часу гуляць у гульні. I ў вас таксама няма. Вы яшчэ не вельмі перапрацаваліся, — гэта да нас, студэнтаў, калі нам хочацца адвесці на ўроку ўвагу Цімошака куды-небудзь убок.

I вось ідзе ўрок Цімошака.

— Гурновіч! — недзе трэцяй ці чацвёртай выклікае мяне да дошкі Цімошак. — Ахарактарызуйце ўмоўную сувязь складаназалежных сказаў. I разбярыце сказ. Я зараз прадыктую.

Цімошак дыктуе мне сказ, я пачынаю запісваць яго на дошцы і выпускаю з рук крэйду. Нагінаюся падняць яе — і раптам адчуваю, што не ўтрымаюся і павалюся. Апошнія дні мне неяк вельмі кепска. А сёння я наогул ледзь устала з ложка… I ўсё ж я раблю намаганне, пішу… I зноў у мяне крышыцца і падае на падлогу крэйда.

— Што гэта з вамі сёння? — сярдзіта пытаецца ў мяне Цімошак, ён арганічна не пераносіць ніякай неахайнасці. Я зноў нахіляюся падняць крэйду і зноў губляю раўнавагу.

— Гэтак мы да заўтра не напішам з вамі аднаго сказа!

Не, сказ мы ўсё ж дапісваем, але каб расказаць, у чым выяўляецца ўмоўная сувязь у складаназалежных сказах — на гэта сілы ў мяне ўжо не хапае. Я яшчэ спрабую нешта тлумачыць, нешта звязваць, але адказ мой такі нязграбны і бездапаможны, што яго моташна слухаць… Расчырванелы Цімошак сядзіць перад сталом і, не гледзячы ў мой бок, толькі дробна пабарабаньвае нагой аб падлогу — прыкмета яго найвышэйшага нездавальнення.

— Сядайце, Гурновіч, — коратка кідае мне Цімошак, калі я нарэшце канчаткова знемагаю. — Вы не толькі не вучыце беларускае мовы, вы яшчэ яе і не паважаеце! — і ставіць мне ў журнал «нездавальняюча».

Я цягнуся да месца і не саджуся нават, а падаю на парту.

— Няма чаго плакаць. Ніхто другі за вас беларускую мову ўсё роўна не вывучыць, — нават не гледзячы ў мой бок, сурова кажа Цімошак.

— Яна хворая! — ускідваецца Шура Палявая. — Бачыце, як яна збялела.

— Хворая, дык трэба лячыцца.

Самой нешта сказаць у сваю абарону я ўжо не знаходжу сілы. Я ўжо наогул не чую і не бачу, што робіцца ў аўдыторыі далей.

Пасля гэтага я цэлы тыдзень не хаджу на заняткі — ляжу ў інтэрнаце ў пасцелі. У мяне зусім прападае сіла, прападае апетыт, мне нічога на свеце не хочацца. Я толькі ляжу і драмлю, нават не сплю, як спяць усе людзі, як сама спала яшчэ зусім нядаўна.

У канцы тыдня да мяне наведваецца наша суседка Надзея.

— Што гэта з табою?! — палохаецца Надзея. — Была гэтакая вясёлая дзеўка — і на табе раптам…

Я і сама не ведаю, што са мною зрабілася.

— Дык трэба ж да доктара ісці! А то яшчэ памрэш, не дай божа…

Смерць мяне палохае. Я не хачу паміраць. Я хачу жыць! I ў той жа дзень, адразу ж пасля Надзеі, я іду ў амбулаторыю да доктара. Поўная прыгожая жанчына з рэгістратуры запісвае, хто я і што. Мусіць, і яна бачыць, што са мною вельмі кепска. Яна сама бярэ мяне і вядзе па доўгім калідоры да белых дзвярэй, перад якімі сядзіць і стаіць доўгая чарга хворых. Па дарозе прыгожая жанчына мяне супакойвае:

— Нічога, ачуняеш. Я цябе да самага лепшага доктара запісала. Да самога Мышковіча! — Імя доктара Мышковіча яна вымаўляе з падкрэсленай павагай.

Імя доктара Мышковіча вядома і мне. Яго ведае не толькі ўвесь горад — ведаюць яго нават у нас дома. Ён лічыцца лепшым доктарам у горадзе, і таму ўсе цяжкія хворыя едуць лячыцца толькі да доктара Мышковіча.

Доктар Мышковіч загадвае мне распрануцца да пояса. Ён доўга выстуквае мае плечы і грудзі, доўга прыслухоўваецца да нечага ў мяне ўсярэдзіне трубкаю, а потым вухам. Доўга піша нешта ў тоўстую кнігу, піша мне рэцэпты. Нарэшце звяртаецца да мяне:

— Табе, дзяўчынка, давядзецца пакуль кінуць заняткі… Давядзецца крыху адпачыць — у цябе парок сэрца… — па тым, як вымаўляе ён гэта «дзяўчынка», з якім шчырым шкадаваннем глядзіць мне ў твар, я здагадваюся пра дзве рэчы. Адна, што доктар Мышковіч і сапраўды вельмі добры доктар. I другая, што мае ўласныя справы вельмі кепскія.

— А вось з гэтым ты пойдзеш у туберкулёзны дыспансер, і там табе зробяць усё, што трэба.

Пры словах «туберкулёзны дыспансер» мне чамусьці ўспамінаецца мой аднакурснік Холад Іван, якога мы пахавалі на першым курсе вясною, перад самымі іспытамі. Ён таксама ўсё хадзіў у гэты самы туберкулёзны дыспансер лячыцца… (Парок сэрца мне здаецца не вартай увагі дробяззю.)

— Ну, ну, вышэй галаву! — як па кнізе чытае адчуванне маё доктар Мышковіч. — I ніякіх заняткаў! Ніякіх! Толькі адпачынак… — ласкава выштурхоўвае ён мяне за свае дзверы.

У туберкулёзным дыспансеры ніхто мне не спачувае і ніхто не суцяшае мяне. Там мне наогул нічога не кажуць. Там гэтакіх бедакоў, як я, паўнюткі калідор. У дыспансеры даюць мне адразу на цэлы месяц вызваленне ад заняткаў, даюць кучу рэцэптаў на лекі — і едзь з богам дадому.

Ад цягніка з Паўстынскага раз’езду я ледзьве цягнуся. Па мяне прыехала сястра Ніна, і калі я ўжо канчаткова знемагаю, Ніна бярэ мяне, як малое дзіця, на плечы і нясе гэтак на сабе, на плячах… Вось да чаго я дайшла за апошнія два тыдні.

Дома мяне страчаюць слязамі і божканнем.

— Што ж табе сказалі тыя дактары? — дапытваецца ў мяне баба Іваніха.

— А што яны мне сказалі? Нічога яны мне не сказалі. Доктар Мышковіч сказаў пакінуць заняткі і адпачываць. А ў туберкулёзным дыспансеры наогул нічога не сказалі…

— А то ім вельмі бяда вялікая. Вельмі яны нешта самі там ведаюць! — ганіць і ўшчэнт скасоўвае медыцыну баба Іваніха. — Трэба па бабах кінуцца. Трэба дома шукаць нейкіх лекаў, а не глытаць гэту іх атруту… — зняважліва махае яна на мае бутэлечкі і парашкі.

— Мо ты спалохалася чаго, дык трэба нейкае рады шукаць па бабах, — такі дыягназ ставіцца мне дома. I сапраўды, уся мая радня кідаецца «па бабах».

А я тым часам надзейна пасяляюся на печы (нешта мне ўсё холадна, усё я не нагрэюся). Наперадзе ў мяне на цэлы месяц няма ніякага клопату пра заняткі (ёсць афіцыйнае вызваленне!). Сплю я колькі хачу — цяпер мяне ўжо ніхто не будзіць. I рабіць нічога мне таксама не трэба. Зіма — няма клопату ў полі, не дакучаюць выган, паша (цяпер ужо мяне сестрыны дзеці заступілі — цяпер яны пасуць калгасных цялят). Жэня і Віцік таксама, як толькі прыбягуць са школы (настаўнік Дубовік у нашай школе ўжо не настаўнічае — ён пераехаў у другую школу), адразу лезуць да мяне на печ. Мне з імі весела!

— От, дасць бог, і без дактароў ачуняеш, — падбадзёрвае мяне баба Іваніха і падае мне на печ літровую конаўку ячменнае кавы з малаком. Дома чамусьці лічыцца, што маю хваробу трэба лячыць параным малаком і гарачаю ячменнаю каваю. Кава варыцца ў печы, у гладышы. За дзень гэтае кавы і малака я выпіваю па некалькі літраў.

I сапраўды я пачынаю хутка ачуньваць. Ці то ад лекаў, ці то ад бесклапотнага жыцця ў мяне зноў паяўляецца румянец на твары, прыкметна паўнее і ажывае цела.

— Уга, дзеўка, хутка ты сама занясеш мяне ў Паўстынь! — жартуе Ніна з мае попраўкі.

Мне ўжо не хочацца сядзець на печы, і я злажу на хату. Мяне ўжо цягне на вуліцу. Да людзей. Я памагаю Сашы на цялятніку. Хаджу з ёю даваць трусянку нашай карове… I ўсё роўна дазволены мне доктарам месяц я сумленна выседжваю дома. А калі вяртаюся назад, у інтэрнат, у педвучылішча, дзяўчаты мяне не пазнаюць.

— Добрая ў цябе была хвароба! Мо прыкідвалася толькі…

Не, не прыкідвалася я. Толькі якая была ў мяне хвароба, я і сёння не ведаю. Доктар Мышковіч сказаў тады: парок сэрца…

Няўжо яно з тым даўнім парокам столькі вытрымала б?..

Жывыя жывуць

Гэтай раніцай усе газеты выходзяць з жалобнымі паведамленнямі: загінуў славуты лётчык-выпрабавальнік Герой Савецкага Саюза Валерый Чкалаў. Той самы Чкалаў, які скарыў сваім бяспрыкладным пералётам цэлы свет. Масква — Паўночны полюс — Амерыка — без пасадкі.

Як цяжка хаваць Радзіме такіх сыноў як непамерна балюча аддаваць іх зямлі…

Я іду на вакзал сустракаць сястру Сашу. Саша едзе ў бальніцу раджаць і вязе сёе-тое і мне з дому. Летам яна ездзіла даведацца гаспадара Валодзю (ён адбывае свой тэрмін на канале Масква — Волга)… Сашы дазволілі, і яна пражыла ў яго там аж цэлы тыдзень. I вось цяпер прыйшоў ужо тэрмін яе…

I Саша чула ўжо ў цягніку сумнае паведамленне. Настаўнік з Паўстынскае школы прачытаў у газеце. Валерый Чкалаў — хто яго не ведае, колькі разоў у газетах друкаваліся яго партрэты. Мусіць жа, і дзеці асталіся, і жонка. Саша шкадуе па-жаночы, гэтак, як шкадуюць нябожчыкаў у вёсцы: малады — жыць бы ды жыць толькі. Ды яшчэ пры такім жыцці, якое было ў яго напэўна ж.

Саша цяжкая, непаваротлівая. Як яна цягнула яшчэ гэтыя мае збанкі. Я забіраю ў яе сваю кашолку, забіраю яе клунак — дзіцяці — і вяду яе ў бальніцу.

— Трэба ж мне ў гэтакі дзень надумацца, — непакоіцца Саша. Яна ўпэўнена, што будзе раджаць сёння, што больш яна ўжо не працягне. — Аж страшна…

Як тут суцяшаць і чым суцяшаць у такой справе?

— Мо ты яшчэ паляжыш… — як быццам гэтым, што паляжыш, можна нешта перайначыць, няўпэўнена кажу я. Мне і самой не хочацца, каб Саша раджала ў гэты дзень. I мне страшна.

— Не, буду. Больш не працягну ўжо… — як дарослай, кажа мне Саша.

Ну, а хіба я не дарослая?

Я чакаю ў прыёмным пакоі, пакуль запісваюць Сашу ў бальніцы. Чакаю, пакуль яе слухаюць ці што ёй там робяць. Думаю, што яна яшчэ выйдзе да мяне. Але да мяне выходзіць фельчарыца ў белым халаце.

— Ты тут ёй нічым не паможаш, — звяртаецца да мяне фельчарыца, зачыняючы перад маім носам белыя дзверы: — Яна яшчэ паляжыць…

Мне раптам робіцца бясконца боязна і сумна. А што, як Саша памрэ?.. Я баюся заплакаць і хутка, каб не бачылі маіх вачэй людзі, выбягаю з прыёмнага пакоя.

На заняткі мне ісці не хочацца. У мяне сёння няма ніякага настрою займацца. Ды і якія заняткі? Ідзе ўжо трэцяя лекцыя. I я іду ў інтэрнат. Іду Летнім садам. Сад увесь у інеі і здаецца ў гэты бязветраны зімовы дзень яшчэ прыгажэйшым, чым улетку. У паветры кружаць рэдкія, як пух, сняжынкі. Бярэцца мароз. Пад нагамі вясёлы скрып. Гэтакі спакой і хараство на свеце! А нехта ў гэты час памірае. Некага закідваюць мёрзлымі грудамі цяжкое зямлі… Нехта нараджаецца. Каб таксама памерці… Чаму абавязкова людзям паміраць, чаму ім не жыць, не захапляцца такой вось прыгажосцю вечна?

Я ўспамінаю сваю нядаўнюю хваробу. Цяпер мне здаецца, што яе не было, што я ніколі не хварэла, што была гэткая лёгкая і здаровая, як сёння, заўсёды. I ў мяне раптам узнікае жаданне не толькі мець здароўе — мне хочацца адчуваць яго, хочацца карыстацца ім! Як?.. Я стаўлю сваю кашолку пад заінелае дрэва — разбягаюся па лёдзе катка! Не трэба канькоў — і так добра… Круг! Яшчэ круг! Яшчэ…

Як добра, што я здаровая, што я не памерла, што я жыву!

…Назаўтра раніцою я зноў іду ў бальніцу даведацца Сашы. Аказваецца, учора вечарам Саша нарадзіла хлопчыка.

Праз некалькі дзён прыязджае на санях Ніна і ў кажухах і падушках вязе Сашу з дзіцём дадому.

Аб’ява ў газеце

Я не люблю чытаць газет. Мне робіцца сумна, як толькі я разгарну газету. Вось часопісы дык я чытаю. Ад вокладкі да вокладкі — абы дарвалася ў чытальню. Так і гэты раз — «Смена» прачытана да апошняй старонкі… Засталося рашыць толькі красворд. Вядома, разгадваю я не ўсё, але гэта мяне не спыняе… Вядомы пісьменнік. Вядомы твор. Вядомы лётчык. Каштоўны камень… Стоп! Каштоўны камень я ведаю адзін толькі — рубін. У маміным дзявочым пярсцёнку ён гарэў чырвонаю кропелькаю крыві… Рубін, але ён не падыходзіць… Якія яшчэ ёсць каштоўныя камяні?.. Позірк мой бязмэтна блукае па сценах чытальні, па вокнах, спыняецца на стэлажах. Каштоўны камень… Каштоўны камень… На краі стала, за якім я сяджу, ляжыць падшыўка газеты «Звязда». Буйнымі літарамі «Звязда» па ўсёй старонцы аб’яўляе прыём дакументаў… Куды яны, усе гэтыя прыёмы? Мне яны ўжо непатрэбныя, але ж цікава…

Беларускі дзяржаўны універсітэт… Гомельскі педагагічны… Віцебскі медыцынскі інстытут. У самым куточку газеты Рагачоўскі настаўніцкі інстытут аб’яўляе прыём заяў на гістарычны і літаратурны (рускае І беларускае аддзяленне) факультэты… Заявы прымаюцца ад асоб, якія скончылі 9 класаў або два курсы педвучылішча. Экзамены па беларускай і рускай мове і літаратуры (вусны і пісьмовы), па гісторыі, геаграфіі і канстытуцыі… Толькі.

Можа, гэта мне сніцца? Але не, я не сплю. I Рагачоўскі настаўніцкі інстытут сапраўды аб’яўляе набор на літаратурны факультэт. Прымае студэнтаў педвучылішчаў, якія скончылі два курсы. I на экзаменах не трэба здаваць ніякае матэматыкі, ніякае фізікі!.. У мяне такое адчуванне, нібыта ў мяне здарылася нешта з галавою: чытаю вачыма, а сабе не веру… Я кідаю красворд (не трэба мне каштоўных камянёў!), здаю лабарантцы часопісы і хутчэй бягу з чытальні. Бягу ў інтэрнат — хутчэй расказаць дзяўчатам.

Свежае паветра паступова ахалоджвае маю галаву, прыносіць мне развагу і сумненні: усё добра, толькі ў аб’яве гаворыцца, што ў дадатак да дакументаў студэнты педвучылішча павінны прыслаць яшчэ афіцыйную даведку-дазвол на паступленне ў інстытут з педвучылішча… Ці дазволіць яшчэ дырэктар, ці дасць такую даведку?

А калі і дасць, то ці здолею я сама здаць там, у інстытуце, экзамены?.. I як не здам, то што рабіць тады? Куды дзецца ад сораму? Захацела, бачыш, у інстытут… Я ўяўляю сябе пасаромленай гэтым зваротам з інстытута тут у нас, у інтэрнаце і ў педвучылішчы. Усе будуць смяяцца і расказваць: паступала ў інстытут і не паступіла…

— Нізашто! — гэта ўжо адносіцца да майго першапачатковага рашэння пахваліцца сваім намерам дзяўчатам з інтэрната. Хто мяне прымушае?.. Падам дакументы, а там будзе відно: паступлю, не паступлю… Аднак што я іх падам — у гэтым я ўжо не сумняваюся. У мяне зноў гучыць у вушах шкадаванне бабы Іваніхі: «Якая ж з цябе, мая дзевачка, настаўніца… Цябе ж вучні засмяюць…» Я і сама ніколькі не сумняваюся, што засмяюць. Праз гэтыя праклятыя цягнікі, праз гэтыя пустыя і напоўненыя вадою дурныя бочкі…

Далей маё жыццё ідзе ўжо і сапраўды як скрозь сон. Скрозь сон размаўляю з дзяўчатамі і хаджу на кансультацыі. Скрозь сон здаю іспыты за другі курс, хаджу па вуліцах. Вакол мяне ўжо нічога не існуе. Рэальны свет з’яў растварыўся, знік. Існуе толькі няісны яшчэ для мяне літаратурны факультэт інстытута.

— Ведаеш, што ўчора сказаў мне Валодзька Гурбо?.. — шчасліва смяецца Шура Палявая.

Божа, навошта мне яе Валодзька Гурбо…

Я ўжо сфатаграфавалася на дакументы і, здаецца, нядрэнна атрымалася. Атрымала ўжо даведку аб стане здароўя.

Доктар Мышковіч гэты раз мяне амаль не стукае і не слухае. Ён мною задаволены: «Ідзі, дзяўчынка, скачы», — з такімі словамі выпраўляе ён мяне за свае белыя дзверы на гэты раз. Я, і праўда, ад доктара Мышковіча з яго даведкай бягу бягом.

Адразу ж пасля экзаменаў атрымліваем мы, другія курсы, і пасведчанні з усімі гадавымі адзнакамі. Застаецца толькі атрымаць дазвол ад дырэктара педвучылішча. Я набіраюся адвагі і стукаю ў высачэзныя дзверы дырэктарскага кабінета. Дырэктар педвучылішча — поўны лысы мужчына — сядзіць за сваім неабсяжным, як поле, дубовым сталом. Я заікаюся, чырванею, паведамляю, што хачу паступаць у інстытут.

— У інстытут? — аж прыўстае дырэктар. — У інстытут, такая малая? — і як добры, спагадлівы бацька, які ведае, што дзіця яго хоча зрабіць глупства і яго можна пераканаць не рабіць гэтага глупства, дырэктар мякка і ў той жа час настойліва раіць мне: — Табе няма куды спяшацца, табе трэба яшчэ падрасці. Вунь якая ты яшчэ… Тады і будзем гаварыць пра інстытут. Ідзі.

Ах, так? Дык я ўсё роўна буду паступаць — і без дазволу!

Частка другая

Спатканне

Дзве шустрыя, як мышкі, дзяўчынкі гатовы правесці і паказаць мне хоць усе вуліцы. Яны не ведаюць толькі аднае: Смідовіча. Смідовіча сорак два…

— А навошта яна вам?

— Я там некалі жыла…

— Калі?

Калі?.. Сказаць ім, што іх тады яшчэ не было на свеце… I мы ідзём далей, прыглядваемся, чытаем надпісы, шукаем вуліцу Смідовіча… Пачакайце, пачакайце, дзеці! А куды ж Пясчаная плошча падзелася?

— Пясчаная плошча? Мы не ведаем. Яе не было.

Не было Пясчанае плошчы? Як не было?! На Пясчанай плошчы грымелі некалі медныя трубы вайсковых аркестраў. На Пясчанай плошчы, уздоўж трыбуны, «рубіла крок» пяхота. На Пясчанай плошчы паласкалася чырвань сцягоў у дні ўсіх рэвалюцыйных свят і дэманстрацый… Як не было Пясчанае плошчы?

Тое месца цяпер цяжка нават пазнаць: забудаваўся клінічны гарадок. Што ж — гэта вельмі добра — клінічны гарадок.

А на былым падворышчы Смідовіча сорак два — тут некалі быў наш інтэрнат — гнецца ад цяжару спелых антонавак дагледжаны, ужо ў добрай сіле, сад. З глыбіні саду на мяне, тут нікому не знаёмую, здзіўлена пазіраюць блакітныя аканіцы.

Усё мінаецца. Усё мінаецца.

Рагачова, якім ён застаўся ў маёй памяці, няма. Забудаваўся і сёння ўсё яшчэ будуецца зусім новы горад. I ў той жа час ён — ранейшы, мілы Рагачоў з яго даваеннымі ганачкамі на вуліцу. Мусіць, на гэтыя чужыя ганачкі і цяпер, як і некалі да вайны, прыходзяць вечарамі на спатканні рагачоўскія хлопцы і дзяўчаты…

А які ж ты сам зрабіўся за гэты час, стары Дняпро?

Вячэрні спакой над Дняпром адчуваеш усёй істотай: слыхам, зрокам і, здаецца, нават на смак. Ён важкі і крышку прытомлены дзённай стомай. Ён прахалодны, бо яго астудзілі дняпровыя хвалі. Звонкі ён ад пазалоты апошніх промняў, што ўпалі недзе за Збароўскім лесам. Свежаму чалавеку гэты вячэрні спакой на Дняпры хочацца ўдыхаць усімі грудзьмі і піць невялічкімі глыткамі, хочацца на нейкі момант растварыцца ў ім і зліцца з гэтай невыказнай урачыстасцю прыроды… Твае адчуванні разгоніць хіба толькі гучны ўсплёск ёмкай рыбіны, шолах вясла на прыціхлай рачной роўнядзі, ды яшчэ квокат ачмурэлых жаб у прыбярэжных затоках.

I зноў цішыня. I зноў гэтак жа няспешна гоніць магутныя воды і робіць сваю няспынную работу Дняпро. Спяшаецца нанач з дзённых пошукаў сямейка качак: белы стракаты качур і яго шэрая гаспадынька. Ад стомы яна схіліла галоўку на крыло свайму сябру. Так вось, мусіць, і праплаваюць усё сваё качынае жыццё — крыло ў крыло. Добра: крыло ў крыло…

— Злавіў?!

— Злавіў…

— Што?

— Плотку.

— Пакажы…

— Я гляджу — клюнула! Падсек — і!..

У высокім хлапчукоўскім голасе жывой рыбінай трапечацца шчасце.

— А я сабе таксама на жаронку злавіў…

У гэтым голасе ўжо зусім іншае адценне: за робленай абыякавасцю — зайздрасць, якую немагчыма ні адолець, ні схаваць.

Гэта хлапчукі-рыбаловы.

Гэтым двум у падкасаных штанах, у выгаралых на сонцы майках не холадна і нічога не боязна. Ім няма ніякае справы да тых «Амурскіх хваляў», што плешчуцца ў гарадскім садзе і дрыжыкамі праймаюць нейчыя сэрцы. Іх праймае адно, толькі рыбалову знаёмае, захапленне і хваляванне.

…Вуліцы горада падходзяць да самага Дняпра. Крайнія домікі ўпіраюцца ў стромкі бераг і, здаецца, вісяць над самым абрывам. Маленькая, як чырвоная макавая кветка, дзяўчынка выбягае ўслед за маткай з веснічак. I маці, і дзяўчынка спускаюцца з абрыву ў лодку. Дзяўчынка трымаецца за матчыну сукенку, а маці нахіляецца і чэрпае вёдрамі ваду з Дняпра. Потым яны паволі ўзнімаюцца на бераг і ўвесь час нешта гавораць і смяюцца. Насустрач ім бяжыць старэйшая дзяўчынка. Маці нясе ваду ў хату, сёстры бяруцца за рукі і штосілы пачынаюць клікаць у вячэрні змрок:

— Тат-ка, едзь хут-чэй да-до-му! Тат-ка, едзь хутчэй да-до-му!

Ад супрацьлеглага берага, з лодкі, у адказ ім коціцца над вадою нізкі мужчынскі голас:

— Е-ду-у-у…

— Глядзі, якая сонейка! Глядзі, якая сонейка! — тупае ў захапленні ножкамі меншая і паказвае сястры на чырвоны, як рэшата, круглы поўнік.

— Дзеці, — дадому! — чуецца з расчыненага акна.

— Ай, мамачка…

— Не «ай», а пара!

Такі роўны, нічым не патрывожаны голас бывае толькі ў шчаслівых жанчын! Не трэба нават бачыць — і так няцяжка ўявіць, як рупліва рыхтуюць вячэру мужу і дзецям моцныя здольныя рукі, як сцелюць яны пасцелі і падбіваюць падушкі… Роўна дыхаюць грудзі, спакойна б’ецца сэрца: у яе царстве заўсёды парадак і лад. Дзеці дагледжаныя і здаровыя. Муж клапатлівы і добры.

Дзіўнае жаночае сэрца. У цябе ж ёсць шчасце сваё. I ты ж ні з кім не захочаш ім памяняцца. Дык чаму ж ты раптам пазайздросціла чужому шчасцю?

…Поўнік паступова блякне і адплывае ўсё вышай і вышай. Вось аперазала Дняпро срэбная дарога, і высеяліся ў небе зоркі. Адзін за другім тухнуць у вокнах агні.

Добрай ночы!

Вось і ўсё. Бывай, Рагачоў!

…Цягнік кранаецца. Набірае хуткасць. Усё далей і далей адбягаюць апошнія прывакзальныя агні.

З гэтага самага перона майскім ранкам сорак першага года цягнік павёз насустрач вайне маё каханне. I не вярнуў.

Бывай, Рагачоў.

Бывай, маё юнацтва.

Чаго ж ты, сэрца, плачаш?..

Еду на край свету

Еду на экзамены ў Рагачоў. Дакументы дайшлі. Выклік атрыманы — і вось еду… Сястра Саша на возе вязе мяне на Урэчча, на станцыю, пасадзіць на цягнік. Як і заўсёды, мой дурны характар ужо даў поўны ход назад: мо лепей мне вярнуцца на гэтым самым возе дадому і нікуды не ехаць?.. Дзе той Рагачоў, дзе і як рабіць тыя перасадкі… Перасядкі дзве: у Асіповічах і ў Жлобіне. I мне вядома ўжо — ад дасведчаных людзей, — што выбірацца з іх усё роўна што з ямы. Людзі сядзяць у гэтых Асіповічах па тыдню. Я з тае ямы зроду не выберуся. Гэта пэўна. I на экзамены не паспею. I наогул, што чакае мяне ў гэтых Асіповічах і тым Жлобіне, я нават уявіць сабе не магу.

— Ты, Ганька, у людзей пытайся. Ты не саромейся. Свет не без добрых людзей.

Хто-хто, а яна, Саша, у гэтым добра ўпэўнілася. Яе гэтыя перасядкі добра навучылі. Як ехала да Валодзі, купіла білет да горада Дзімітрава пад Масквою, а перасела і заехала аж на Украіну. Не так білет закампасціравала… Я сама добра памятаю тую Сашыну дарогу. Як яна тады выбралася з тае Украіны, як знайшла таго свайго Валодзю. Але ж знайшла. I не толькі Валодзю, а і хлопца сабе знайшла… Так па тым горадзе Дзімітраве і сына назвалі: Дзіма.

— Ты перш за ўсё як прыедзеш у Асіповічы, закампасціруй білет, — вучыць мяне Саша. — Тады ў цябе рукі будуць развязаныя.

Развязаныя рукі… Я сама ўся як звязаная вяроўкамі. Як яго кампасціраваць, той білет?

На станцыі, на Урэччы, білет да Рагачова бяром мы вельмі хутка. Ахвотнікаў сядзець па тыдні ў нейкіх Асіповічах і Жлобіне няма. Едзе ўсяго толькі нейкі малады хлопец з маладою жанчынаю і яшчэ сядзіць на лаўцы, каля станцыі, мужчына з чорным скураным партфелем. Не малады і не вельмі стары яшчэ. У прыстойным гарнітуры і ў акулярах.

Сама я зроду не адважылася б, а Саша падыходзіць да гэтага мужчыны і пытаецца:

— Можа, і вы едзеце? — паказвае яна ў бок чыгуначных рэльсаў.

— Еду, — пасоўваецца на лаўцы мужчына, каб даць месца і нам сесці, і рэчы пакласці.

Саша кладзе на лаўку мой фанерны баульчык. Мне хочацца, каб Саша распытала ў гэтага мужчыны, куды ён едзе. Вось каб у Рагачоў…

— А ў вас хто едзе? — усміхаецца мужчына. Па яго ўсмешцы відно, што, хто едзе ў нас, ён сам бачыць.

— Ды вось дзеўчына едзе. Паступаць, — ахвотна адказвае Саша.

— А куды?

— У Рагачоў. У інстытут надумалася.

— У Рагачове добры інстытут. Добры… — паўтарае мужчына.

— То вы мо і самі з Рагачова будзеце? — з надзеяй пытаецца Саша.

— Не, я не з Рагачова. Але нам будзе па дарозе.

Мужчына гаворыць спакойна. У голасе яго гучыць добразычлівасць. Я ўлоўліваю яе адразу. I адразу ж у мяне нібыта камень звальваецца з душы: з гэтым чалавекам мо не прападу і я.

— Дык я ўжо вас папрашу… Вы ўжо яе не кідайце, — і сапраўды шчыра просіць мужчыну Саша. — Ніколі ж яшчэ не ездзіла гэтак далёка адна. А завезці няма каму. Ды і не выпадае…

Мне няёмка: ну навошта ўсё гэта расказваць, быццам я такая маленькая.

— Нічога, — супакойвае нас абедзвюх мужчына. — Даедзе сама. Калі ўжо едзе паступаць у інстытут, то даедзе!

Мне робіцца амаль весела. Сапраўды ж — еду ў інстытут! Толькі б вось заехаць…

Мужчына глядзіць на свой гадзіннік, глядзіць на наш воз і на нашу Каштанку. Каштанка сумленна хрумстае сена з посцілкі.

— Вам жа, мусіць, няблізка ехаць? — пытаецца ён у Сашы.

— Ды і няблізка, — адказвае Саша.

— То вы едзьце дадому. Бо цягніка яшчэ больш за гадзіну чакаць… А мы ўжо самі сядзем і паедзем.

Саша рада. А мне адразу страшнавата: каб яна мяне пасадзіла… Але ж я ведаю: ёй сапраўды ехаць няблізкі свет, ды і дзіця малое дома будзе някормленае.

— Ну, то я ўжо буду на вас спадзявацца, — яшчэ раз просіць мужчыну Саша, — каб яна не праспала дзе перасадкі…

— Не хвалюйцеся, усё будзе ў парадку.

Я пакідаю на лаўцы свой баульчык, іду з Сашаю да воза. Нельга ўсё ж сказаць, каб мне было вельмі спакойна.

— От і дзякуй богу, што добры чалавек трапіўся, — радуецца Саша.

Я маўчу. Чалавек добры — гэта я і сама адчуваю. Але ўсё роўна… Мы с Сашаю цалуемся. Саша садзіцца на воз. Каштанка вязе яе дадому. А я… Я саромеюся першая пачынаць гаворку са сваім спадарожнікам. Мне няёмка, і я не ведаю, куды сябе дзець.

— Што ж, нам трэба пазнаёміцца, — кажа мой спадарожнік. Відаць, ён разумее мой стан і хоча памагчы мне. — Маё прозвішча Мялешка, Іван Сцяпанавіч… Я працую дырэктарам леспрамгаса.

Якое прыемнае супадзенне!

— У нас на курсе таксама ёсць студэнтка Мялешка… Таня Мялешка, — мне здаецца, што гэта супадзенне павінна быць прыемнае і дырэктару леспрамгаса.

— Мялешкаў у Беларусі многа, — зазначае ён. — Ну, а ваша імя я ўжо знаю. Мама вас звала…

— Гэта не мама…

— Не мама? А хто ж?

— Гэта мая стрыечная сястра…

— А мама?

— Мама памерла… — мне пра гэта заўсёды цяжка гаварыць.

— Даўно?

— Ужо дзевяць гадоў.

Мялешка больш нічога не пытае ў мяне пра маму.

— Сястра ў вас добрая, — памаўчаўшы, кажа ён.

Вельмі добрая!.. Хіба я сама гэтага не ведаю? Я толькі не ўмею выказаць. Была б я сама добрая… Я добра ведаю ўсе свае грахі перад сястрою, перад бабаю Іваніхаю. I ў душы я кожны раз кляну сябе і каюся. Абяцаю быць добраю і самой. Але адна справа каяцца і абяцаць. Другая справа быць чалавекам… Я і з гэтым паступленнем дома ўсіх загрызла: паеду — не паеду…

— Вельмі добра, што вы паступаеце ў інстытут, — сур’ёзна хваліць мой намер Мялешка.

I я раптам пачынаю расказваць яму ўсё пра сваё паступленне: і як аб’яву зусім выпадкова прачытала ў газеце, і як успомніла задачу з цягнікамі, і як да дырэктара хадзіла. Успамін пра дырэктараву адмову аддаецца ўва мне непрыемным іголачным уколам: а што, калі мяне без дазволу дырэктара не прымуць?..

— Не хвалюйцеся, прымуць! — весела абнадзейвае мяне Мялешка. — А экзамены ж вы здасцё добра. Я ў гэтым не сумняваюся!.

Яго настрой перадаецца і мне. I мне робіцца лёгка на душы: няўжо ж сапраўды я не здам экзамены, не здам добра? Матэматыкі ж — мае пакуты — не будзе!.. Не будзе гэтае мае кары!

— Ну вось нам і пара, — зноў глядзіць на гадзіннік Мялешка.

Чуецца здалёку свісток паравоза, стук колаў — праз хвіліну прыбывае на станцыю цягнік. Мялешка бярэ свой партфель, бярэ мой баульчык. Я не адстаю ад яго ні на крок… Селі! Раздаецца звон у чыгунную рэйку — адпраўленне. Зноў свісток паравоза — паехалі!

У Асіповічах мы чакаем перасядкі. Цягнік на Жлобін будзе ў дзве гадзіны ночы. Кампасціраваць білеты каса пачне за гадзіну. На станцыі, за людзьмі, няма дзе ўпасці яблыку. Не разабраць, дзе хто сядзіць, дзе хто ляжыць. Ходзяць па нагах, пераступаюць цераз галовы… Каля касы вавілонскае стоўпатварэнне.

— Хадзем у сквер, там будзе хоць чым дыхаць, — кажа Мялешка, і я пакорліва іду следам за ім. Мяне непакоіць, як жа мы закампасціруем білеты. Да касы нават не падступіцца.

— Кампасціраваць будзе хутка, кампасціраваць другая чарга, — нібыта адгадвае мае думкі Мялешка.

Ён саджае мяне ў скверы на лаўцы, пакідае мне свой партфель («Пасядзі, я хутка прыйду», — кажа ён), а сам некуды ідзе. Яго няма доўга, і я пачынаю непакоіцца. Ён, вядома, не пакіне мяне. Вось жа яго партфель. Але ўсё роўна… Мялешка вяртаецца з дзвюма бляшанымі конаўкамі гарачага чаю. Мы дастаём нашы запасы і з задавальненнем пачынаем піць чай. Я толькі цяпер адчула, як я выгаладалася.

— Еш, еш, не саромейся! — падае мне белую булку Мялешка. Я частую яго сухой хатняй каўбасой — у бабы Іваніхі каўбасы заўсёды смачныя!

— Смачна! — хваліць і Мялешка. I калі мы канчаем з ядою, пытаецца раптам у мяне: — Добра жыць на свеце, Ганька?

— Добра…

— Цудоўная штука — жыццё… — узнёсла кажа Мялешка і закурвае папяросу.

Ён доўга і моўчкі курыць.

— I ведаеш, — як да роўнай сабе, звяртаецца ён да мяне, — ніколі чалавек не ўгадае, дзе яму што падаруе жыццё… Якую нечаканасць…

Я маўчу. Мне жыццё сёння падаравала ў спадарожнікі яго — цудоўнага чалавека (інакшым я ўжо не магу яго ўспрымаць) з сівымі скронямі і маладым позіркам. Сёння я ўдзячна свайму жыццю, свайму лёсу.

— А цяпер — паспі. Вось табе пад галаву мой партфель… А я пачытаю — балазе, свеціць ліхтар. I вазьмі вось мой плашч, укрыйся.

Мне не хочацца спаць. Я саромеюся лажыцца вось тут, на лаўцы, пры чужым мужчыне. Але і адмаўляцца мне няёмка.

— Не бойся, я цябе разбуджу.

I ён сапраўды будзіць мяне, калі прыходзіць час ісці кампасціраваць білеты.

— Ганька, — лёгенька дакранаецца ён да майго плечука. I я ўмомант ускокваю. Я не ведаю, ці спала я нават.

— Звяла вокам?

— Выспалася…

— Ну, я пайшоў.

I зноў я чакаю яго. Чакаю з трывогай і нейкай не знаёмай мне да сённяшняга дня цеплынёй у сэрцы: як быццам гэты чалавек мне вельмі-вельмі родны.

Ён вяртаецца не скора.

— Ну, пайшлі.

— Як — ужо?

— Наш цягнік ужо стаіць на пуці.

— Мы не спознімся?

— Не бойся.

Мы ўліваемся ў густы натоўп, і ён зацягвае нас, як вір.

— Не згубіся, — кажа Мялешка і бярэ мяне за руку. Рука ў яго моцная і гарачая. Нас з усіх бакоў штурхаюць, раз’ядноўваюць. Я баюся патануць у гэтым віры.

— Не бойся. Не бойся… — моцна трымае мяне за руку мой спадарожнік.

Нарэшце нас уціскаюць у вагон. А ў вагоне — прастор! Свабодныя паліцы. Мы займаем адразу аж дзве. Ніжнюю і верхнюю.

— Вось тут, унізе, будзеш спаць ты. А я палезу наверх, — уладкоўвае нашы нямудрыя пажыткі Іван Сцяпанавіч.

— Нізашто!

Я ўжо выспалася, і мне не хочацца спаць. Я не засну яшчэ і таму, што ў Жлобіне ў мяне зноў перасадка, што я баюся праспаць.

— Спіце вы, а я буду сядзець! — цяпер ужо загадваю я Івану Сцяпанавічу.

Ён некаторы час нешта вырашае.

— Ну, тады няхай зойме гэту паліцу хто-небудзь іншы… А я лягу тут, унізе. А ты пасядзі каля мяне… А калі захочаш спаць — пабудзіш. Добра?

Цяпер ужо я кладу яму яго партфель за падушку і ўкрываю яго плашчом, як быццам старэйшая цяпер я, а не ён.

— Ах, Ганька, Ганька… — кажа Іван Сцяпанавіч.

— Спіце! — загадваю я і саджуся ў яго збоку.

Вагон наш ужо запоўніўся. Людзі сядзяць і ляжаць, хто якое месца паспеў захапіць. Глуха грукаюць калёсы, закалыхваюць, нібы ў калысцы… Заснуў і мой спадарожнік. Сама я не засну.

…Прачынаюся я ад таго, што еду на нашай кабыле Каштанцы. Каштанка, здурнеўшы, бярэ раптам угалоп, і я не ўтрымліваюся ў яе на спіне — лячу цераз галаву. Гоп — аб зямлю!..

Свеціць у акно сонца.

— Прыехалі!.. — кажа мне нейчы вельмі знаёмы голас. Я расплюшчваю вочы і нічога не разумею: у мяне пад галавою чорны скураны партфель, сама я ўкрыта плашчом. Зноў мы ў Асіповічах?

— Ты ж заснула, — смяецца Іван Сцяпанавіч, — схілілася на столік і заснула…

Сам ён стаіць на праходзе перад акном каля століка.

— Жлобін ужо? — палохаюся я: можа, я праспала?!

— Жлобін.

Я хуценька расчэсваю валасы, апранаю сваю шэрую картовую ад касцюма жакетку.

— Я цябе правяду. Да касы…

Мы ідзём да касы.

— Займі чаргу, — кажа мне Іван Сцяпанавіч.

Я займаю чаргу. Стаю далёка ў хвасце. Ці хоць паспею закампасціраваць білет?..

— Паспееш… Праз дзве гадзіны ты ўжо будзеш у інстытуце, — кажа Іван Сцяпанавіч, калі мы выходзім на перон.

Праз дзве гадзіны?!

Чуецца званок адпраўлення.

— Гэта мне, — кажа Іван Сцяпанавіч. — Ну, Ганька… — падае ён мне руку.

Мне шкада развітвацца з ім. Але ж там, каля касы ў станцыйнай зале, мая чарга…

Іван Сцяпанавіч стаіць на падножцы вагона і махае мне рукою. Я махаю яму ў адказ. Няўжо мы ніколі больш не стрэнемся?.. I я бягу ў дзверы вакзала, да свае чаргі.

…А праз дзве гадзіны я і сапраўды спыняю свой крок перад дзвярыма Рагачоўскага настаўніцкага інстытута. Як жа ты стрэнеш мяне, інстытут?

За акном цягніка

А далей усё мільгае, нібыта за акном цягніка. Інстытут, экзаменатары, новыя знаёмствы з абітурыентамі… Нас тут, усіх, хто прыехаў здаваць іспыты, завуць абітурыентамі. (Я гэта слова чую ўпершыню.)

Усё мне тут, у інстытуце, падабаецца. У адрозненне ад нашага мура-педвучылішча ён нейкі вельмі прыветны і сонечны. Можа, таму, што вокны шырокія, светлыя? Ці таму, што стаіць у кляновых прысадах? Ці што замест двара дбайна дагледжаны і выпеставаны кветнік? Мая няўдзячная памяць толькі тое і робіць, што адшуквае цьмяныя плямы на тых сценах, якіх два гады назад я дамагалася гэтак жа палка, як сёння дамагаюся гэтых…

Іспыты для мяне няцяжкія (ці такія я здавала!). I дзяўчаты-сяброўкі ў мяне ўжо завяліся. Я нават не збіраюся адразу ехаць дадому — з бабруйчанкаю Жэняю маю намер ехаць у Бабруйск. Там жыве мая стрыечная сястра Вера. Яна ўжо замужам за камандзірам, ужо «ваенная дама».

У Бабруйск можна ехаць цягніком. Можна і на падарожнай машыне. Толькі прагаласаваць… Цягнік, я лічу, — старасветчына. А вось на машыне я яшчэ ні разу ў жыцці не ездзіла. I мы з Жэняй, з самае раніцы, ідзём на Бабруйскую шашу — галасаваць.

Чакаем на мураве каля прыдарожнага слупа, каб, як толькі пакажацца аўтамашына, адразу і руку ўгору… Да паўдня па Бабруйскай шашы прайшлі ўсяго толькі адна «эмка» і дзве паўтаратонкі. У «эмцы» — камандзіры. Паўтаратонкі нагружаны пяском, відаць, вязуць на нейкае будаўніцтва. У наш бок, вядома, ніхто і не глядзіць. Пасля паўдня рух па шашы ажыўляецца: равучы, ідуць на пад’ём — вось сіла дык сіла! — аж некалькі, адна за другой, трохтонак. Таксама пясок і каменне. I трохтонкі не спыняюцца. Праносіцца яшчэ некалькі «эмак»… Я гатова ўжо разарваць сябе, што пацяглася, дурная, на гэта дурное галасаванне… Цягнік даўно ўжо завёз бы мяне ў той самы Бабруйск. I дадому ўжо завёз бы… А цяпер невядома, ці будзе начны. Можа, давядзецца да раніцы чакаць на станцыі. I ці будуць яшчэ білеты раніцай?

Праз увесь горад, злосная, няшчасная, цягнуся я на станцыю. (Жэня вяртаецца пераначаваць да знаёмых.) За дурною галавою… Мне ўжо не хочацца ніякага Бабруйска, мне ўжо толькі б дадому вярнуцца.

Аказваецца, «яма» не ў адных толькі Асіповічах. Яма, ды яшчэ якая яма, і тут!.. Толькі ў Асіповічах са мною быў Іван Сцяпанавіч Мялешка. Мілы Іван Сцяпанавіч, з якім шкадаваннем і пяшчотай успамінаю я яго тут, у гэтым рагачоўскім стоўпатварэнні. Каб здарылася цуда і з’явіўся ён…

— Ану, грамадзяначка, з дарогі! — здаравенны дзядзька ў белым фартуху, з бляхаю на грудзях змахвае мяне з дарогі, як паперку. У дзядзькі на галаве два здаравенныя чамаданы. Іх ён, як фокуснік, прытрымлівае адною рукою, у другой нясе таўшчэзны, як бочка, скураны баул.

— З праходу, грамадзяне і грамадзяначкі! З праходу! — далей тралюе сабе дарогу дзядзька ў белым фартуху.

— Куды цябе трасца нясе! — абураецца мужчынскі голас недзе з-пад лаўкі: чалавек выцягнуў ногі, каб адпачылі, а не каб таўкліся па іх… Толькі што наступілі мне на нагу. Цяпер я адчуваю, што сама стаю абцасам на нейчым шырокім боце… На адной назе доўга не выстаіш… Наўрад ці большае пекла было і ў Асіповічах.

— Дзяўчына з баульчыкам, вам далёка ехаць? — адчуваю, што пытанне гэта адносіцца да мяне, раблю спробу павярнуцца на голас. Па-мойму, ён належыць вось гэтаму прыгожаму хлопцу ў белай рубашцы. (У шырокім разрэзе каўняра выглядае паласатая матроская цяльняшка.)

— Вы на які цягнік? — усё ж гэта ён пытаецца ў мяне.

— Я і сама не ведаю…

— Ну, які напрамак?

— На Слуцак.

— Ого, зямлячка! Давайце сюды, на маё месца! — устае з лаўкі хлопец. Ён высокі, плячысты. I яшчэ гэта цяльняшка… Дзе я яго бачыла? Ага! Здавалі разам гісторыю… Мне трэба было якраз заходзіць, і ён у гэты самы час падышоў да дзвярэй з хлопцамі. Я тады яшчэ паспела заўважыць гэту яго цяльняшку. Не запомніла твару, а цяльняшка запомнілася. Яшчэ нехта з іх пажадаў мне тады ўслед: «Ні пуху ні пер’я…»

— А вы?.. — няёмка неяк узяць вось так сагнаць чалавека і самой усесціся.

— Сядайце, сядайце. У мяне там чарга па білеты, дык мне ўсё роўна трэба ісці паглядзець.

— Вы таксама на Слуцак?

— Дык я ж і кажу: землякі.

— Дык, можа, вы і мне?..

— Што за пытанне: давайце чатыры рублі!

Госпадзі, ды каб у мяне банк цэлы быў — я і яго аддала б…

— Трымайце вось гэта! — кідае ён мне на калені вайсковага тыпу сумку на рэмені. — Я пайшоў.

— Бачыш — маладыя, дык адразу і згаварыліся, — кажа да мяне пажылая жанчына, што сядзіць тут жа на лаўцы. — А я другі дзень сяджу… Два паязды не згледзела.

Ну, чым ёй паможаш?

— А куды вам ехаць?

— Я, мая галубка, далёка еду… У Пярмяцкі вокруг аж…

Па тым, як уздыхае жанчына, няцяжка здагадацца, што радасці гэты «Пярмяцкі вокруг» ёй не абяцае…

— Узялі ўжо білет?

— Узяла. Як стала сёння ў поўдзень, дык толькі к вечару дастаялася. Як мыш, вылезла мокрая ўся… Дзякуй яму, гэты вось ваш хлапчына паглядзеў маіх клумкаў. Я, сказаць праўду, і пабойвалася. Розныя людзі ёсць…

Клумкаў у цёткі і праўда многа. Да каго яна едзе, чаго — лепей не пытацца.

— Дык я вось і кажу: як маладая, дык адразу і згледзеў, — зноў успамінае цётка.

Я і сама дзіўлюся гэтаму. Есць жа ўсё-такі ў мяне шчасце. Каб не гэты хлопец, я, мусіць, як і гэта цётка, і за два дні адсюль не выехала б…

— Вікторыя! — здалёку паказвае мне білеты мой новы знаёмы. Ён трымае іх высока над галовамі людзей, што снуюць туды-сюды, як мурашкі.

Я смяюся ад шчасця.

Смяецца і цётка.

— Бач, як спраўна павярнуўся, як дзеўчыну добрую ўбачыў…

— А што ж! — не адмаўляецца хлопец. — Давялося, праўда, каля касы локцямі крыху папрацаваць… — і ён выразна паказвае, як ён там, каля касы, «працаваў» локцямі. — Але ж затое — перамога!

Яшчэ якая перамога!

— Сядайце… — мне няёмка сядзець, я хачу ўстаць: чалавек, можна сказаць, з пекла выхапіў мне білет, а я яшчэ і месца яго заняла.

— Сядзіце! — рукою паказвае, каб я не ўставала, хлопец і азіраецца кругом. — Зрэшты, ёсць ідэя, — паведамляе ён.

Удзячная, я гатова прыняць любую яго ідэю.

— Да адыходу нашага цягніка застаецца яшчэ роўна гадзіна… — ён глядзіць на круглы гадзіннік на сцяне, — гадзіна і семнаццаць хвілін. Хадзем на перон, а тут няхай цётка лепей падрэмле. Ёй яшчэ не хутка ехаць.

— А мой ты галубок, які ж ён будзе ў мяне той сон, з гэтымі клумкамі…

Госпадзі, якія яны ўсе падобныя, гэтыя цёткі, і ў нас дома, і тут… I чаму толькі жыццё даецца ім гэтак нялёгка… Сама я сёння гатова падзяліцца з гэтай цёткаю сваім лёсам. Маю дарогу апошнім часам ён высцілае пухам: і сюды даехала лёгка, і экзамены здала добра, і, напэўна ж, залічаць мяне ў інстытут…

I вось яшчэ гэта сённяшняя стрэча з гэтым хлопцам… Скрозь натоўп мы працярэбліваемся да выхаду на перон. Як ні дзіўна, хоць і цёплая летняя ноч, перон амаль пусты. Толькі некалькі чалавек сядзяць на лаўцы і на шырокіх прыступках, што вядуць да перона. (I чаму толькі гэтыя людзі таўкуцца ў той станцыйнай духаце?)

Мы таксама садзімся на прыступкі. Навокал ціша і бязмоўнае мігценне залатых зорак на чорным аксаміце неба. Мы глядзім у гэтае зорнае неба і доўга маўчым.

— «Звезда с звездою говорит…» — першы парушае маўчанне хлопец. — Сто гадоў прайшло — і быццам у свеце нічога не адбылося: усё тыя ж зоркі, усё тое ж неба. Як і пры Лермантаве… Толькі пры Лермантаве не было вось такіх чыгунак…

— Былі карэты…

— Былі карэты! I былі зухаватыя гусары, якія тайна звозілі дзяўчат да царквы!.. Слухайце, — раптам мяняе тэму гаворкі хлопец, — а што, калі пацікавіцца, як вас завуць? I наогул, калі б нам перайсці з гэтага афіцыйнага «вы» на звычайнае таварыскае «ты»? Памятаеце: «Пустое „вы“ сердечным „ты“ она случайно заменила»… Я — Іван Лазоўскі. Дазваляецца зваць проста, як заве мяне мая мама: Ваня, — і ён працягвае мне сваю руку.

Іван… Ваня… Гэта імя я ўспрымаю, як даўно-даўно знаёмае.

— Вось і добра. А то гадзіну гамонім — і незнаёмыя.

Да пасадкі мы паспяваем даведацца ўсё, што датычыцца нашых жыццёвых апісанняў. Лазоўскі родам з-пад Грэска, а ў Грэску жыве нейкая наша далёкая цётка (я яе зроду не бачыла). Не дзіўна, што Грэск робіцца мне як быццам удвая сваяком…

Як і сама я, Ваня скончыў два курсы тэхнікума. Толькі кінатэхнікума ў Віцебску. I тут у нас агульнае…

— У мяне мама вельмі добрая, — расказвае мне Лазоўскі. — Нас усіх чацвёра. Дык мы, як былі малыя, усе каля яе толькі і грэліся… Бацька ў нас не такі…

I вось тут у нас агульнага няма. У мяне няма нікога: ні добрае мамы, ні бацькі.

— Маме з бацькам цяжка…

Я адчуваю, што ён не ўсё дагаворвае, што яму няёмка расказваць усё мне, па сутнасці, зусім не знаёмаму і чужому чалавеку. Хоць самой мне вельмі хацелася б, каб ён гэтага не адчуваў. Каб і ў яго было гэтакае ж прыхільнае да мяне адчуванне, гэтакая шчырасць, як і ў мяне да яго. Я была б няўдзячная, калі б адчувала да яго нешта іншае: чалавек, можна сказаць, выратаваў мяне. Аднак не адна толькі ўдзячнасць селіцца ў маім сэрцы… Такіх хлопцаў я яшчэ ні разу ў сваім жыцці не страчала. Ёсць і прыгожыя, і някепскія хлопцы і ў нашым педвучылішчы, але ў нас яны чамусьці дурні (зноў кепскае педвучылішча!). Лазоўскі мне падабаецца натуральнасцю сваіх паводзін. За гэта, я разумею, і цётцы на вакзале ён спадабаўся. Інакш ці пакінула б яна на яго свае клумкі…

У цягніку нам няма калі спаць — нейкія там тры гадзіны язды — ды ніводзін з нас усё роўна і не заснуў бы. Які там сон. Усю дарогу Лазоўскі чытае мне на памяць вершы. Ён ведае паэтаў, пра якіх я нават не чула. Вось ён дык ведае літаратуру!

I ён у гэтым інстытуце будзе на месцы…

Лазоўскі чытае мне незнаёмыя вершы на беларускай мове. Я не пазнаю паэта, але вершы мне падабаюцца. Хто іх напісаў?

— Разумееш… — закурвае ў цемнаце хлопец. — Вершы гэтыя напісаў адзін дзівак. Вершы, я табе скажу, не такія ўжо добрыя, як табе здаецца…

— Мне яны падабаюцца.

— Падабаюцца таму, што ты добрая дзяўчына, — смяецца Лазоўскі і, відаць не жадаючы называць імя паэта, раптам кажа: — I наогул ты падобна на коласаўскую Аленку…

(Прыемнае, вядома, параўнанне…)

— Дзе я падобна… — сам ён, бадай, таксама, мусіць, нечым на Сцёпку Баруту змахвае.

— Ты вершы часам не пішаш?

— Што ты! Я не ўмею… — хлушу я. Я хутчэй памерла б, чым прызналася пра тыя свае нязграбы, што пісала некалі яшчэ пасля школы. Ён бы мяне, напэўна, засмяяў за іх.

— А я думаў — пішаш.

— Я не ўмею…

— Можа, ты і добра робіш, што не пішаш… — зноў як быццам нечага не дагаворвае Лазоўскі.

Не, цяпер ужо нізашто нельга прызнавацца.

— Добра, што мы з табою стрэліся. — пасля нядоўгага маўчання кажа Лазоўскі.

Я нічога яму не адказваю, хоць сама рада гэтаму ў сто разоў больш за яго.

— Ты калі будзеш выязджаць на заняткі? — пытаецца ён.

— Я не ведаю, мо дваццаць дзевятага…

— Давай дваццаць восьмага выедзем. Каб застаўся адзін дзень на ўладкаванне.

Я згаджаюся на дваццаць восьмае. Абы нам разам з ім ехаць!..

…У Асіповічах мы робім другую перасядку. У мяне такое адчуванне, нібыта гэтыя апошнія два тыдні я няспынна імчуся цягніком і спыняюся толькі для таго, каб зрабіць перасядку… На Слуцак з Асіповіч у вагоне ўжо збіраецца некалькі чалавек нас, студэнтаў. Вяртаюцца хлопцы і дзяўчаты з Мінска, Гомеля, Магілёва. Таксама паступалі. Вытрэсваем, якія ў каго засталіся, апошнія харчовыя запасы. Гуртам знішчаем усё да крошкі. Весела!.. Нехта ідзе да правадніка напіцца вады і вяртаецца з навіною:

— Праверка пашпартоў!

— Фю-ю-у… Хлопцы! А я ж дома пашпарт забыў. Пацягнуць яшчэ.

— Завальвайся на паліцу, нібыта спіш, — раіць нехта Лазоўскаму.

Іван борздзенька вымахвае на трэцюю паліцу. Павяртаецца тварам да сцяны. Сваю вайсковую сумку засоўвае ў куток, далей з вачэй. Нехта падае яму, каб відны былі — стопку канспектаў (прадбачлівыя людзі на экзамены з пустымі рукамі не ездзяць).

Праверка набліжаецца:

— Ваш пашпарт!

— Ваш…

— Ваш…

Наша купэ прымоўкла, чакае чаргі. Нарэшце…

— Таварышы, падрыхтуйце дакументы!

Мы іх ужо ўсе падрыхтавалі.

— Ваш пашпарт!

— Ваш…

— Ваш…

— А гэта — хто? — пранізлівы позірк на трэцюю паліцу.

— Гэта з намі… Студэнт. Здаў экзамены і не дацягнуў да дому.

— Бывае…

— На «выдатна» ўсё здаў, дык не адаспіцца…

— Разбудзіце яго!

— Мы яго будзілі — ніяк не дабудзіцца…

— Перастараўся…

— Ладна! — і загадны жэст рукой: далей!

У-у-ух! Пранесла…

Лазоўскі не злазіць з трэцяе паліцы ўжо да самага Слуцка. А раптам зноў вернуцца тыя і захочуць усё ж пацікавіцца яго сціплай асобай.

Я першая прыехала. Выходжу на васьмідзесятым раз’ездзе, ці, як у нас завуць яго, у Камянных. Мілыя, родныя мае Камянныя! Ох і палячу ж я дадому!

З акна вагона махаюць мне мае суседзі-спадарожнікі. Лазоўскі звесіў галаву з паліцы і таксама крычыць мне ў расчыненае акно:

— Дык дваццаць восьмага, Ганька! Чуеш?..

— Добра!.. Да сустрэчы!..

Няма спакою на зямлі

За нейкіх дзён пяць да ад’езду на заняткі мне прыходзіць пісьмо: «Вы будзеце залічаны студэнткай інстытута пры той умове, калі будзеце мець пры сабе даведку з педвучылішча…»

Усё-такі пра яе там не забылі!

— Паедзь, папрасі яшчэ раз. Мо той антыхрыст, дырэктар, не пашкадуе табе яе, — як заўсёды, дае параду мне баба Іваніха.

I я еду ў педвучылішча. А дырэктар у адпачынку… Быў бы хоць наш Уладзімір Феафілавіч. Але нашага Уладзіміра Феафілавіча няма і ўжо больш не будзе… Вясною ён доўга хварэў і ляжаў у бальніцы. Апошні раз, калі мы ўсім нашым курсам хадзілі яго даведацца, выйшаў да нас у сінім бальнічным халаце. Недарэчны той халат яшчэ больш падкрэсліваў яго худабу і сутуласць. Выйшаў з томам Леніна і алоўкам. Ён і нас вучыў працаваць над кнігай толькі з алоўкам у руках. Але хто гэта з нас слухаў? Хіба ўжо толькі, калі было заданне канспектаваць… Больш мы Уладзіміра Феафілавіча не бачылі. Яму нават не было дазволена пабачыцца з жонкаю і маленькім сынам… Як цяпер будзе без яго педвучылішча? Без яго лёгкіх спружыністых крокаў? Без яго высокага насмешлівага голасу (колькі адценняў было ў ім!)? Немагчыма ўявіць.

З гэтым адчуваннем, без усякае надзеі, і вяртаюся я дадому.

— Ну, што ж ты паедзеш без гэтае даведкі. Грошы толькі праездзіш і ўсё роўна вернешся назад… — кажа Саша.

А хіба я сама пра гэта не думаю?.. Дзе тыя грошы, каб іх вось гэтак марнаваць.

— Мая галубка, клопат ужо з тымі грашыма, — не мне, а Сашы кажа баба Іваніха. — Неяк жа будзе. А як яна не паедзе ды сама не ўпэўніцца, то век потым будзе шкадаваць… А так, можа, яшчэ і без тае паперкі прымуць.

Вось гэта ж і ёсць! А можа, і прымуць… Мала што напісалі. А паглядзяць, як здала экзамены…

— Я б сказала, дзеткі, няхай яна едзе… — стаіць на сваім баба Іваніха.

— Няхай едзе, — не вельмі ахвотна згаджаецца Саша.

I я збіраюся ехаць.

Перад раз’ездам на заняткі ў нас, у Зялёнай Дуброве, збіраецца развітальная вечарынка. Амаль уся наша моладзь, як птахі, разлятаецца па розных гарадах. Ні кроплі суму: нязведаная будучыня поўніць нашы сэрцы бадзёрасцю і надзеяй. Наперад, і як мага хутчэй!

I ад’язджаем мы ўсе гуртам; хто ў Гомельскі педагагічны, хто ў Магілёў, хто ў Мінск. У Рагачоў еду я адна. Можа, я яшчэ і вярнуся… Я забараняю сабе думаць пра гэта. Я еду — і ўсё!

Ого, што зрабілася з Урэцкай станцыяй! Натоўп людзей — і ўсё пераважна моладзь. I ўсе таксама з куфэркамі, з чамаданамі, з кашолкамі — усе з дому, усе ў навуку!

На пероне таўхатня, гвалт, спешка.

— Волька, дачушка, хустку забыла!..

— Глядзі ж, Колечка, адразу ж напішы!..

— Мама, сюды бяжэце!..

— Ганька, Ганька, сюды!..

Стаянка ўсяго тры мінуты. Званок. Адпраўленне. Як толькі мы паспелі ўскочыць у вагон… I, вядома, не ўсе разам ускочылі — парассыпаліся па розных вагонах. А ў Асіповічах рассыплемся зусім: усе паедзем рознымі цягнікамі.

У Асіповічах сходзім гэтак жа натоўпам, як і садзіліся. З рэчамі ўсе імкнём да вакзала — займаць чаргу да касы. Зноў…

— Ганька, добры дзень!

Божа мой! А я ж зусім забыла. Зусім забыла!.. За гэтымі даведкамі, за гэтымі хваляваннямі, за вечарынкаю…

— Я цябе бачыў, як ты садзілася на Урэччы. Я цябе клікаў…

— Я не чула… (Я і сапраўды не чула ў тым вэрхале.)

— Давай сюды да нас! У сквер…

Я стаю па адзін бок невысокага паркана. Яны — па другі: Ваня Лазоўскі і яшчэ нейкі хлопец разам з ім.

— Як жа я?

— Давай рэчы. Давай рукі!

— Валечка, Антось, бывайце… Нам разам… — паказваю я на Лазоўскага і паспешліва развітваюся са сваім вясковымі сябрамі — яны едуць у Мінск.

— Бывайце! — махае Валі і Антосю шапкаю Лазоўскі. — Больш яна вам не належыць!

Я падаю хлопцам цераз паркан свае рэчы. Цераз паркан, за рукі, падхопліваюць хлопцы мяне самую.

— Здарова, Ганька! — трасе аберуч маю руку Лазоўскі. — Знаёмся, мой друг — Міша Грамыка.

— Грамыка, — падае мне руку Ванеў сябар.

— Як добра, што вы мяне ўбачылі!

— А ты думала! З намі не прападзеш!.. — хваліцца Лазоўскі.

— I жыць не будзеш, — стрымана пасміхаецца яго сябар.

— Не палохай яе… Што будзем рабіць, сябры? — звяртаецца да нас з Мішам Лазоўскі і тут жа сам і адказвае: — Перш-наперш, вядома, білеты… Міхась, трымай! — дастае ён з кішэні свой білет. — Ганька, дзе твой білет? (Я ліхаманкава пачынаю шукаць свой білет — я схавала яго, каб не згубіць, недзе аж на дне свае карзіны…) Давай, брат Міша, ідзі ў разведку, а мы тут з Ганькай наконт тайнай вячэры памяркуем.

Міша ідзе ў разведку. Мы з Лазоўскім застаёмся ў скверы адны — дакладней, адны на гэтай лаўцы.

— Давай раскладвай рэчы па ўсёй лаўцы, каб не лезлі ўсякія… хто непатрэбны, — загадвае мне Лазоўскі.

Я хапаюся раскладваць па лаўцы рэчы: і сапраўды, вельмі патрэбны будуць нам тут усякія…

— Ну, што, Ганька, — пытаецца ў мяне Лазоўскі, не пакідаючы парадкаваць нашу гаспадарку. — Ты мяне ці хоць раз успомніла?

— Успомніла… — я адказваю не вельмі ўпэўнена: успамінаць пра яго то я ўспамінала. Але вось каб думаць… У мяне і часу не было і настрой быў такі паганы.

— А я пра цябе часта думаў. Вось думаў… — даказаць Лазоўскаму, што ён думаў пра мяне, перашкаджае Міша Грамыка.

— Парадак! — кажа Міша. — Там дзяўчаты стаялі, яны таксама кампасціравалі на Жлобін…

— Ну, вядома, дзе дзяўчаты, — ты таксама там! — сур’ёзна перабівае яго Лазоўскі. — Але я на цябе не крыўдую… — Ён паслаў на лаўцы газету і ўжо раскладвае яду.

— А ты думаў, што ты толькі адзін… — не застаецца ў даўгу Грамыка.

— Думаў…

Мне слухаць іх і смешна, і дзіўна: аднаго з іх я ведаю адзін усяго дзень, другога бачу ў вочы першы раз. I вось сёння буду сядзець з імі тут, можа, усю ноч, а заўтра паеду з імі далей.

— Ну, таварышы!.. Ганька, ты сядай вось сюды, на мой драндулет. Цябе ён вытрымае… А мы з табой, Міхась, прылепімся вось тут…

Мяне саджаюць на «драндулет», самі хлопцы прымошчваюцца збоку на лаўцы. Пачынаецца «тайная вячэра».

Лазоўскі, па ўсім, вылучаецца сярод нас як бы за кіраўніка, за старэйшага. Ціхмяны Міша больш слухае, чым гаворыць сам. У мяне самое такое адчуванне, нібыта я ведаю абодвух іх вельмі даўно, ведаю заўсёды, гэтак жа, як сваіх вясковых хлопцаў.

Пасадка, як і мінулы раз, калі я ехала на экзамены, пачынаецца глыбокай ноччу. Натоўп з клумкамі, з мяшкамі, з чамаданамі валам валіць на перон. Плачуць сонныя дзеці. Гамана. Крык. Хлопцы забіраюць рэчы (мае таксама), і мы ўсе трое ўліваемся ў гэты людскі вір. Як і мінулы раз, калі я ехала з Іванам Сцяпанавічам Мялешкам. За ўвесь гэты час я нават не ўспомніла пра яго. Такая чорная людская няўдзячнасць. Аднак голас майго сумлення вельмі слабы…

…Першае, што нас цікавіць у інстытуце, — гэта спісы. Мы праціскаемся да іх скрозь натоўп хлопцаў і дзяўчат, ліхаманкава шукаем свае прозвішчы… Астроўская, Брыкет, Башаркіна, Біруля, Герчык, Гурава, Жалудовіч, Дубіна… Майго прозвішча няма.

Хлопцы знайшлі сябе адразу і цяпер памагаюць шукаць мяне. Мяне няма. У дадатковых спісах няма таксама: Аграновіч, Беразоўскі, Грыбок, Дубаленка… Няма.

— Толькі не плакаць! — прыкрыквае на мяне Лазоўскі. — Міхась, бяры рэчы — і пайшлі ў інтэрнат!

— Я паеду дадому…

— Паспееш дадому, — кажа Лазоўскі. — Спачатку ўладкуемся ў інтэрнаце, а потым будзе відно.

— Хто ж мяне пусціць у той інтэрнат…

— Мы з ім! — паказвае на Мішу Лазоўскі.

Хлопцы вядуць мяне ў дзявочы інтэрнат: вуліца Смідовіча, сорак два.

На ганку інтэрната нас страчае мажная жанчына ў хатнім заплёханым фартуху, без хусткі. Па ўсім адчуваецца, што яна тут за гаспадыню.

— Добры дзень, прымайце гасцей, калі ласка! — пачціва вітаецца з жанчынай Лазоўскі.

— Добры дзень, добры дзень… Толькі ж я прымаю нявест, а жаніхі няхай самі пра сябе клапоцяцца.

— Жаніхі спачатку павінны паклапаціцца пра нявест… — вядзе сваю лінію Лазоўскі.

— Праўда, праўда! — Гаспадыні падабаецца гэты ветлы прыгожы хлопец. — А накіраванне дзе ваша?

— Ды ведаеце, не аказалася на месцы сакратара. «Хуткая дапамога» забрала…

— А божа мой, што ж гэта з ёю зрабілася, з Нінаю Аляксандраўнаю!..

— Не ведаем… — у скрусе паціскае плячыма Лазоўскі, — пры нас якраз прыехала карэта…

— А божа мой, божа… — божкае жанчына і вядзе нас па калідоры інтэрната. — Вось так і жыві чалавек…

— Няшчасце, не кажыце… — падтаквае ёй Лазоўскі.

Мы з Мішам ідзём следам за імі і душымся ад смеху. Гаспадыня адмыкае нам адны дзверы, другія… Усе пакоі яшчэ незанятыя.

— Пакуль ніхто не прыехаў выбірайце любое месца, — дазваляе яна нам.

Мы ходзім, разглядаем пакоі, прыкідваем, дзе які ложак стаіць зручней.

— Ну, даволі перабіраць, — нарэшце кажа Лазоўскі, вяртаючыся ў самы светлы пакой. — Вось гэты пакой мы выберам. Вось гэтае месца, — паказвае ён на ложак, які займае ўтульны кут каля расчыненага акна. У акно заглядвае яблыня… Усіх ложкаў у пакоі восем.

— На здароўе пасяляйцеся, а я збегаю ў інстытут, даведаюся, што там з Нінаю Аляксандраўнаю здарылася, — кажа гаспадыня.

Мы пераглядваемся: будзе нам Ніна Аляксандраўна!

Але якраз у гэты самы час чуецца па калідоры тупат ног, чутно, людзі нясуць цяжкія рэчы. Смяюцца дзяўчаты, басіць хлапечы голас. Дзякуй богу!

— Нам трэба таварыш Кабетаву!

— Я — таварыш Кабетава!

— Прыбыло папаўненне… — падміргвае нам з Мішам Лазоўскі.

Мы зачыняем дзверы за «таварыш Кабетаваю» і рассаджваемся на пустых ложках. Хлопцы рагочуць.

— А што будзе з Нінаю Аляксандраўнаю?..

— Няхай жыве Ніна Аляксандраўна!

— Самы лепшы пакой… — абходзіць вакол стала Міша Грамыка.

Я сама радуюся, сапраўды — самы лепшы.

— А цяпер, — зноў загадвае мне Лазоўскі, — разбірай свой пасаг, сцялі пасцель і кладзіся спаць. I чакай нас з Міхасём у дзве гадзіны. Пойдзем разам абедаць — і ў кіно.

Ім яшчэ кіно ў галаве.

— Праз два тыдні тваё імя будзе ўпрыгожваць усе інстытуцкія спісы! — прарочыць мне на развітанне Лазоўскі. — Ну, Міхал, пайшлі і мы ўладкоўваць свае жыцці…

I пайшлі.

А я і сапраўды разбіраю свае рэчы і кладуся спаць. I тут жа засынаю як забітая.

…Майго прозвішча няма ні ў адным інстытуцкім спісе.

— Ідзі на штурм. Толькі на штурм! — натхняе мяне Лазоўскі.

I я пачынаю абіваць парогі дэканата.

— Мікалай Аляксандравіч, мяне чамусьці няма ў спісах.

— Няма? Чаму няма?

— Я не ведаю…

— Дык, можа, вы не здавалі ў нас экзаменаў?!

— Як не здавала! Зірніце ў ведамасць!

— Ніна Аляксандраўна, дайце мне ведамасць!.. М-так… Няблага. Няблага… — Мікалай Аляксандравіч Пагуляй — наш дэкан, ён чытае ў нас літаратуру XIX стагоддзя. Залаты век… — Дык у чым жа, уласна кажучы, справа? — позірк яго вузкіх, цёмных вачэй пранізлівы і агністы. Ад гэтага позірку нічога не схаваеш.

— Я не ведаю…

— У чым жа ўсё-такі справа, Ніна Аляксандраўна?

— Яна з педвучылішча, Мікалай Аляксандравіч. У яе няма пісьмовага дазволу на паступленне…

— Вось яно што! — адкідвае з вачэй непаслухмяны цыганскі чуб Пагуляй. — Няма пісьмовага дазволу, а яна хоча ў спісы!..

Я ўжо гатова заліцца слязамі.

— Мікалай Аляксандравіч, яна вельмі добра здала экзамены… На нашым аддзяленні лепш за ўсіх… — звычайна са мною ідзе ў «хадакі» хто-небудзь з дзяўчат з нашага курса. «Хадакі» ідуць у якасці маральнай падтрымкі, яны ж і ўзнімаюць мае акцыі…

— Яна добра здала экзамены! Ды каб яна здала іх кепска, хто б з ёю размаўляў наогул?.. Ніна Аляксандраўна!

— Я вас слухаю, Мікалай Аляксандравіч.

Пакутлівая, як перад смяротным прысудам, паўза.

— Ніна Аляксандраўна! — урачыста загадвае Пагуляй. — Унясіце яе прозвішча ва ўсе спісы літаратурнага факультэта беларускага аддзялення!

— Дзякуй, Мікалай Аляксандравіч!

— Марш на лекцыю! Вы што, не чулі званка? — грыміць Пагуляй.

«Дан приказ…»

Наш інстытуцкі верасень супадае з хвалюючай гістарычнай падзеяй: Чырвоная Армія вызваліла з-пад улады пілсудчыкаў нашых братоў — заходніх беларусаў. Слова «таварыш!» — самае папулярнае цяпер там, дзе яшчэ зусім нядаўна былі Усходнія крэсы, дзе родная беларуская мова ледзь не каралася законам.

Наш інстытут на гэту падзею адклікаецца палка і дзейна. Выпускнікі падаюць заявы з просьбай накіраваць іх на работу ў заходнебеларускія школы. Многіх пасылаюць: настаўнікі цяпер патрэбны там больш, чым хто…

Мы, першакурснікі, зайздросцім нашым старэйшым сябрам, аднак разумеем і другое: нам туды яшчэ рана. Нам яшчэ самім не шкодзіць падвучыцца…

…Не праходзіць і двух месяцаў заняткаў, як па інстытуце раптам праносіцца чутка: хлопцаў ваенкамат будзе забіраць у вайсковыя вучылішчы. Каго калі — дакладна пакуль што невядома нічога. Хлопцы то адзін, то другі атрымліваюць павесткі, ходзяць на нейкія камісіі, у ваенкамат, і пакуль што ўсе вяртаюцца. Аднак таго запалу, з якім пачыналіся заняткі, няма ўжо і следу. Тыя, хто атрымаў павестку, амаль не ходзяць ужо на лекцыі, настрой упаў. Страчваецца, тым часам, і дзявочая раўнавага. Два месяцы — дастатковы тэрмін для таго, каб выявіцца ўжо і сардэчным прыхільнасцям.

Атрымаў павестку і ходзіць па камісіях Лазоўскі. I яго мала відно на занятках. А калі і паказваецца, то маўклівы, раздражнёны. Я не адважваюся нават падысці да яго, не толькі каб яшчэ пра нешта распытваць. Стаіць у калідоры інстытута каля акна, лёгенька барабаніць пальцамі ў шыбу і насвіствае: «Дан приказ: ему — на запад, ей — в другую сторону…»

Наогул мы з Лазоўскім увесь гэты час амаль не страчаемся, хоць і займаемся на адным аддзяленні, разам наведваем лекцыі, ходзім у чытальню, у сталоўку. Нешта нічога не атрымліваецца ў нас з нашым знаёмствам. Я — заўсёды са сваім «сёмым», са сваімі дзяўчатамі. Лазоўскі або адзін, або з хлопцамі таксама.

Міша Грамыка — ён на гістарычным — той часта заходзіць да нас на факультэт. Тады толькі мы і збіраемся разам. Я не хачу набівацца на гэта сяброўства, хоць маё самалюбства і пакутуе: што ж усё-такі здарылася? Чаму Лазоўскі сам не падыходзіць да мяне? Я ўпэўнена, што не павінна першая падыходзіць да яго, шукаць з ім гутаркі ці яго ўвагі. Я не хачу набівацца! А ў яго няма адбою ад дзяўчат. Аня Батракова — наша факультэцкая красуня — не дае яму праходу.

— Лазоўскі, зірні, я так збіраю затвор (гэта на ваенных занятках)? Лазоўскі, дай мне руку, а то я звалюся (гэта на фізкультуры). Лазоўскі, пакажы свой канспект, я не запісала цытату (на лекцыі).

Яе зусім не бянтэжыць тая акалічнасць, што месца на лекцыі займае не ён, гэты самы Лазоўскі, ёй, а яна сама колькі сілы імчыць паперадзе «патоку», каб заняць два месцы поруч. «Тут занята!» — садзіцца яна сама і кладзе на свабоднае месца свае канспекты. I абавязкова цягне на гэта месца яго. А калі ён не ідзе — вялікая бяда! — яна сама перасядае да яго.

Гэта бачыць ужо ўвесь курс, увесь курс падсмейваецца, але Аня і вухам не вядзе. «Хто з вас устоіць перад маім хараством?» — ганарыстым позіркам акідвае яна хлопцаў. I праўда, не ўсе хлопцы вытрымліваюць гэты зманлівы позірк блакітных, як неба, вачэй у шоўку доўгіх чорных веек. Не адзін з іх гатовы пісаць ёй хоць усе канспекты — за гэтыя свежыя, як пялёсткі ружы, шчочкі з пяшчотнымі ямачкамі, за гэтыя пунсовыя поўныя губкі, за бяздумную ўсмешку, асветленую бляскам роўных, як шнурочак, бялюткіх зубоў. Прыгожая — нічога не скажаш.

На нас, дзяўчат, Аня Батракова глядзіць зняважліва: падумаеш!.. Непакоіць яе крыху толькі Нюша Філіповіч. Ёй таксама падабаецца Лазоўскі, але Нюша не кідаецца за ім гэтак, як Аня. У Нюшы свая і, трэба сказаць, больш надзейная тактыка: за яе дзейнічаюць яе сяброўкі. Нюша была замужам, і, вядома, яе жыццёвы вопыт не параўнаеш з Анінымі заляцаннямі. Ну, і калі гаварыць шчыра, Нюша, мусіць, усё ж хутчэй можа спадабацца, чым Аня. Ва ўсякім разе, сама я ўпадабала б Нюшу… Яна негаваркая. Яна заўсёды апранута прыгожа і стрымана. I галаву яна ўмее трымаць так, нібыта носіць не чорную бліскучую касу, а царскую карону.

Вядома ж, я пакутую. Адкуль я што ведаю? Нехта бачыў, нехта некаму казаў — і наша Вольга пачула! — што Лазоўскі хадзіў з Нюшаю Філіповіч у кіно. Вядома ж, Вольга тут жа прыляцела да мяне: «Ганька, кінь ты гэтага свайго Лазоўскага!..»

А што кідаць? Каго кідаць?

Я іду ў бібліятэку памяняць кнігі і страчаю там Лазоўскага. Таксама здае кнігі.

— Добры дзень, Ганька, — падае ён мне руку: сёння ён не быў на лекцыях. — Як ты маешся?

— Добра.

— Мы з табою даўно не бачыліся.

— Мы з табою бачыліся ўчора.

— Я не пра тое… Я пачакаю цябе. Пойдзем разам. Добра?

— Пачакай.

Лазоўскі гаворыць са мною неяк асабліва мякка. I позірку яго нейкі ўсё роўна як вінаваты, і голас гучыць не так, як звычайна, асабліва ў апошні час… Мне на момант успамінаецца наша першая стрэча з ім і наша язда ў цягніку дадому, а потым зноў сюды, на заняткі ў інстытут… Я ўпэўнена — каб не ён, я ў той жа самы першы дзень кінула б інстытут і паехала дадому.

— Я ўнізе пакуру.

— Я хутка…

На гэты раз я не лажу па бібліятэчных паліцах — мне няма калі. Наша бібліятэкарка Чарняк, засушаная, як грыбок, старая, пытаецца:

— А браць — вы нічога не будзеце браць?

— Вазьму, — я падаю бібліятэкарцы першую, што трапіла мне пад руку, кнігу. Я нават назвы не прачытала.

Як яна марудна запісвае!

…Лазоўскі чакае мяне на вуліцы. Курыць.

— Гатова?

— Гатова.

— Давай пройдземся, Ганька?..

— Давай. А куды?

— Куды ты скажаш — туды і пойдзем… Пойдзем, калі хочаш, на Днепр.

— Хадзем.

Над дняпровымі кручамі, там, дзе сярод старых хвой пасяліліся гарадскія могілкі, — усе стрэчы, усе развітанні.

— Я хачу сказаць табе адну навіну, Ганька…

Па тым, як ён не дагаворвае, як глыбока зацягваецца недакуркам папяросы, я разумею, не трэба і пытацца, навіна гэта мяне не абрадуе. I таму я не пытаюся, якую навіну ён хоча сказаць мне. Лазоўскі кажа сам:

— Заўтра, Ганька, я ўжо ад’язджаю…

— Куды? I чаму заўтра?

— Ёсць ужо загад ваенкома. Едзе дванаццаць чалавек з нашага інстытута.

— Куды?

— Пакуль што дадому. Да асобага выкліку.

— Але чаму ж дадому? Чаму не адсюль, калі так?

— Загад. Такі загад.

У кастрычніку, хоць і пагодлівы дзень, Днепр не такі ўжо ласкавы. Лазоўскі накідвае мне на плечы свой пінжак.

— Каб не змерзла, — усміхаецца ён і лёгенька абнімае мяне за плечы.

I мне чамусьці хочацца плакаць… Мы доўга ходзім па беразе Дняпра, узбіраемся на яго кручы, умошчваемся і сядзім на выгнутым ствале хвоі — ліры.

— Я буду пісаць табе, Ганька. I ты мне абавязкова адказвай. Добра?

— Добра…

— I яшчэ… Не думай нічога кепскага… Добра?

Я не ведаю, пра што ён кажа, я толькі здагадваюся.

— Добра… — ківаю я, стараючыся не паказваць сваіх вачэй.

— Мы з табою павінны будзем абавязкова стрэцца… Чуеш, Ганька?

— Чую…

— Дык чаго ж ты адварочваешся?

— Я не хачу, каб ты ехаў… — больш ужо вытрымаць я не магу.

— Ах ты, дурненькая… А ты думаеш — сам я хачу гэтага?

— А ці нельга было папрасіць, каб тады, як скончыш інстытут?..

— Гэта ж армія, Ганька. Што ж бы гэта было, каб усе пачалі прасіцца: той вучыцца хоча, а той жаніцца захацеў… — Лазоўскі жартам хоча ўзняць мой настрой.

— Армія… — я і сама гэта разумею.

— Ты толькі пішы мне!

— Буду пісаць. I ты пішы…

— Я вечарам прыйду. З дзяўчатамі ж тваімі таксама трэба развітацца. Дык ты абавязкова будзь дома!

— Дзе ж я яшчэ буду…

— А цяпер давай з табою развітаемся. Тут…

— Не, не… Потым.

— Чаму потым?

— Так… добра?

— Добра…

Сёмы

У маім жыцці не было яшчэ ніводнае такое восені. Узнімеш галаву — і толькі хмары, хмары. Шэрыя, нізкія, цяжкія. I няма ніякага прасвету.

I няма пісьма…

Паехаў — і як быццам патануў у ваду… «Не думай толькі нічога кепскага…» Не думай. А што ж думаць? Прайшлі ўжо ўсе магчымыя тэрміны: тыдзень, два тыдні, месяц… Прайшло тры месяцы. Чакаць ужо няма чаго, няма ўжо ніякай надзеі.

А я чакаю ўсё роўна — безнадзейна ў безнадзейнай цемры.

…За восенню прыходзіць зіма, як і спрадвеку, у срэбры, у бляску, у звоне. Але і зімы я не заўважаю. У мяне ўсё цягнецца панурая восень.

Не бачу, не чакаю канца і марнею ў гэтай бясконцай восені я — тая, якое ніхто не бачыць і нават не падазрае, што такая я існую на свеце. Усе бачаць і ведаюць мяне зусім другую. Тую, якая штодня ходзіць на заняткі ў інстытут, бегае з дзяўчатамі ў сталоўку, рыхтуецца начамі да экзаменацыйнай сесіі. I ходзіць, вядома, у кіно. I нават з хлопцамі… Гэта другая я з выгляду заўсёды такая бесклапотная і нават легкадумная, што зроду ніхто не паверыць, што я магу быць нейкая іншая.

Ганька пакутуе? Ганька чакае пісем? А чаго ж гэта гісторыкі зачасцілі ў сёмы пакой?

Дурныя вы!.. Мішка Грамыка з Лазоўскім выраслі на адной вуліцы, на адным выгане. Разам хадзілі па адной сцежцы ў школу. I хаты іхнія стаяць страха да страхі… Я гэтыя іх сцежкі ведаю цяпер — ад Мішкі, а не ад Лазоўскага, — як свае ўласныя, нібыта я таксама хадзіла па іх уласнымі нагамі… I няўжо ж ніхто на свеце не разумее, што калі ты адзін, адзін на цэлым свеце, і над табою толькі беспрасветная восень, няўжо ніхто не разумее, як такому чалавеку патрэбен хоць самы кволы праменьчык?

На свеце ніхто нічога не разумее…

Ну-ка, чайка, отвечай-ка. друг ты или нет, ты лети-ка, отнеси-ка милому привет…

Насця Дзятлава, як і заўсёды, чым бы яна ні была занятая, нават калі шпаргалку піша, абавязкова наспеўвае сабе пад нос.

— Хопіць табе ўжо. Я сёння нічога не паўтарыла, — пакутліва адмахваецца ад Насцінай «чайкі» Вольга Башаркіна. Вольга з Прапойска, і таму мы яе ўсе завём: прапамчанка.

— На, лепей з’еш, а то высахла ўся на трэску з гэтым паўтарэннем. — адламвае ад цэлае булкі і дае кавалак Вользе Жэня Шурына. (Тая самая Жэня, з якою мы некалі галасавалі на Бабруйскам шашы.) Сама Жэня ад паўтарэння і ад экзаменаў не высахне… Няхай кругом пажар, няхай патоп, Жэня кроку не дадасць: куды спяшацца? Яна не вельмі паспяшае нават на спатканне з хлопцам. «Чакае? Памірае?.. Няхай памірае, я яго не абабрала…»

— Адчапіся з гэтай ядою!.. Фроська, ты ж усё ведаеш. Што трэба дадаваць: адзін год да з’езда ці з’езд да года? Наумовіч нам тлумачыў, але я ніяк не запомню…

— Трэба дадаваць адзінаццаць год, пачынаючы з шостага з’езда. Шосты — у семнаццатым годзе, сёмы — у васемнаццатым… I так да дзевятнаццатага… — тлумачыць Фрося. Яна ў нас стараста пакоя, і, можна смела сцвярджаць, сярод усіх нас яна — самы сур’ёзны і сталы чалавек. Яна і па гадах за нас старэйшая. Мы ўсе толькі вучымся, а яна да інстытута, ого, колькі ўжо напрацавалася. I на Бубруйскім дрэваапрацоўчым камбінаце працавала, і рахункаводам… Таму цяпер, у інстытуце, яна займаецца не гэтак, як мы. Фрося рыхтуецца сістэматычна, штодня. Яна не марнуе часу на шпаргалкі — у яе ўвесь матэрыял заканспектаваны… Мы ўсе, астатнія з нашага сёмага пакоя, гэтак рыхтавацца не ўмеем. Да таго ж мы яшчэ і добрыя гультаі…

— Пачакай, пачакай! — нібыта Фрося спяшаецца ўцякаць, стрымлівае яе Вольга. — Паўтары яшчэ раз, я зараз запішу. У мяне ўсе з’езды ў галаве пераблыталіся…

— I што ты толькі будзеш рабіць з гэтаю сваёю рулеткаю на экзамене… — смачна ўмінае сухую булку Жэня.

— Абы я толькі паспела ўсё выпісаць…

— Вынаходніцтва Дзіны Антонавай, — не адрываючыся ад канспекта, заўважае Фрося.

— Гэта ж пры мне якраз было, — смяецца Аня Славіна.

Яны зямлячкі з Вольгаю: Аня таксама з Прапойска. Аня вельмі прыгожая дзяўчына. Прыгожая і ганарыстая. Будзе хлопец паміраць па ёй, самой ёй будзе падабацца, а яна з яго толькі насміхаецца: падумаеш, такі кавалер…

— Раскажы, Анька, усё роўна ўжо, — адкладвае ўбок свае запісы Вольга.

— Што расказваць. Мы якраз з Дзінкаю разам зайшлі. Выцягнулі білеты. Дзінка пайшла адказваць першай да дошкі. А Гудковіч сядзіць за сталом. — Аня паказвае, як стаіць ля дошкі Дзінка, як сядзіць засталом Гудковіч. — I Дзінка раптам забыла, ці што… — Аня ад смеху не можа далей працягваць.

— Што забыла? — нам усім ужо цікава паслухаць, што было далей.

— Раптам… Ха-ха-ха… Шпаргалка…

— Выпусціла з рук?! — жахаецца Вольга.

— Гудковіч спачатку не зразумеў… Ха-ха-ха!.. Узяў гэтак асцярожненька, нібыта вужаку, двума пальчыкамі… — Аня ўсё гэта ілюструе ў дзеянні. — I да Дзінкі: «Ля камарад Антонава кэс кё сэ?..» А Дзінка… Ха-ха-ха!.. Збялела: «Жэ нэ компранэ па ву…» А Гудковіч ёй раптам па-руску: «Затое я вас добра разумею! Сядайце!..»

— Я таксама магу забыць і выпусціць, як спалохаюся… — хвалюецца Вольга.

— А мне каб яшчэ адзін толькі дзень, — кажа Жэня, — тады б я ўсё паўтарыла, а так не паспею.

— А я сёння ўжо нічога больш не буду вучыць. Пайду ў кіно, — прыхарошваецца перад люстрам Аня Славіна.

— Ты ўжо зусім здурнела праз гэтага свайго Зорку… — Вольга лічыць, што яна павінна трымаць у руках зямлячку.

— У мяне ўсё роўна галава распухла, — смяецца Аня. Смяецца, вядома, не таму, што гэта яе вельмі захапляе. Захапляе яе зусім іншае: Зорка на Цымерманцы будзе чакаць яе з білетамі.

— А ты, Ганька, чаму не збіраешся? — Вольга павінна мець вычарпальную інфармацыю, інакш яна не здолее працягваць сваю капітальную падрыхтоўку да заўтрашняга экзамена.

— Не хачу, дык і не збіраюся.

— Твой жа Мішка таксама, напэўна, будзе…

— Дык і бяжы да яго! — абрыдлі мне гэтыя шпілечкі, абрыд Мішка.

— Змоўкніце! — спыняе нас Фрося.

— Хлопцам добра, — сцеле пасцель Жэня. — I не вучаць, і лепш за дзяўчат здаюць.

— Не «не вучаць», а вучаць разумна. Не зубраць усё ўпрыцён, а вучаць галоўнае… Пакажы свой гістарычны дакумент, — звяртаецца да Вольгі Фрося. — Ну вось, калі ласка: «У снежні 1900 года за граніцай выйшаў першы нумар газеты „Іскра“. Эпіграфам да яе былі ўзяты словы з адказу дзекабрыстаў Пушкіну: „Из искры возгорится пламя…“» Няўжо на гэта таксама патрэбна шпаргалка?

— «Откуда ты, прелестное дитя?..» — спытаў бы Пагуляй, прачытаўшы эпас Вольгі, — кладзецца ў ложак Жэня. — Ой, дзяўчаткі, стрэла я ўчора Пагуляя з жонкаю… Ён такі прыгожы, а яна…

— Дурная ты, ведаеш, хто яна!.. — перабівае Жэню Фрося.

— Не разумею прыгожых мужчын, якія жэняцца з непрыгожымі жанчынамі, — складае пад падушку канспекты і падручнікі Жэня.

— А я ніколі не пайшла б замуж за прыгожага, — катэгарычна паведамляе Вольга.

— А я пайду толькі за прыгожага! — пазіцыя Жэні дыяметральна супрацьлеглая. — А ты, Ганька?

— Ганька будзе чакаць Лазоўскага.

— Каго захачу, таго і буду чакаць…

Буду чакаць, чакаю, чакала… А пісьма няма.

— Слухай, Ганька, напішы лепей верш, як наш сёмы рыхтуецца да экзаменаў — прапануе, лежачы ў пасцелі, Жэня.

Я нічога не адказваю. I ў мяне распухла галава. I я ўжо больш не магу рыхтавацца. Мо і праўда лепей сесці і напісаць верш?..

Масква

Я ведаю яе даўно. Яшчэ з дзяцінства. З тых яшчэ часоў, калі мы з мамаю доўгімі зімовымі вечарамі сядзелі на печы, дралі пер’е і мама расказвала мне вершы. (Казкі расказваць мама не любіла, казкі хілілі яе ў сон.) Расказвала пра Маскву.

Город чудный, город древний, Ты вместил в свои концы И посады, и деревни, И палаты, и дворцы. Опоясан лентой пашен, Весь пестреешь ты в садах, Сколько храмов, сколько башен На семи твоих холмах! На плечах твоих старинных Вырастают дерева. Глаз не схватит улиц длинных — Это матушка Москва!

«Матушку Маскву» ў нас дома ведалі ўсе: сёстры Саша з Анютаю з гімназіі, мы з Нінаю ад мамы і ад сясцёр.

З тых часоў майго дзяцінства многа чаго змянілася. Я сама вырасла і не раз зімавала ў Маскве з дочкамі Ларынымі… Кружылася «в вихре вальса» на маскоўскіх балах разам з Наташай Растовай… Нарэшце, будучы пераконанай камсамолкай, не прамінала ніводнае рэвалюцыйнае дэманстрацыі:

«Страна моя, Москва моя! Ты самая любимая!..»

I вось зноў мяне чакае Масква. На гэты раз не кніжная, не праграмная, не з радыёрупараў, а самая сапраўдная, жывая Масква.

Нас, студэнтаў-выдатнікаў, пасля зімовае сесіі інстытут прэміраваў бясплатнымі пуцёўкамі на экскурсію ў Маскву.

Якая ж ты, Масква, цяпер?

…Адразу з Беларускага вакзала выходзім на плошчу, а потым — на вуліцу Максіма Горкага. Як і мы сёння, ён таксама ішоў па гэтым самым пероне, выходзіў у гэтыя самыя дзверы. I на момант спыняўся: павітацца пасля доўгай разлукі з ёю, спытаць: «Якая ж ты, Масква, цяпер?..»

— Таварышы, увага! — як квактуха куранят, збірае нас вакол сябе наш кіраўнік Ханін. Шырокі, прысадзісты, у расшпіленым паліто і ссунутай на патыліцу футравай шапцы, ён і сапраўды напамінае квактуху. — Таварышы, усе тут? Ніхто не згубіўся?

Ханін выкладае ў нас гісторыю сярэдніх вякоў і, ведучы лекцыю, мае звычку ўсе імёны і даты падзей запісваць на дошцы. Пры гэтым ён так грукае крэйдай, што крэйда ў яго пальцах крышыцца на муку. З аўдыторыі пасля лекцыі Ханін выходзіць што з млына — увесь белы.

Ханін заўсёды возіць у Маскву студэнтаў на экскурсіі. Ён ведае, дзе можна зручней размясціцца, у якой сталоўцы танней харчавацца. Да таго ён надзіва рухавы і спрытны чалавек, хоць з выгляду і грузны.

— Давайце ўмовімся адразу — не адставаць! — звяртаецца да нас Ханін. — А хто адстане… Заўтра з самае раніцы перш за ўсё мы ідзём на Красную плошчу. Хто адстане — кіруйце туды…

Больш на гэту тэму: хто адстане, хто заблудзіцца — у нас няма гаворкі. Нібыта ён палкаводзец, а мы яго войска. Ханін вядзе нас наперад!

У Маскве ўжо вечар, і нам трэба знайсці студэнцкі Пушкінскі гарадок. Там мы будзем жыць усе дзесяць дзён.

— Трымайцеся ўсе каля мяне, у метро лёгка адстаць, — папярэджвае нас Ханін.

Я сутаргава чапляюся за Фросю, чапляюся за Бірукова (Бірукоў — наш камсамольскі сакратар і амаль жыхар нашага сёмага: Бірукову падабаецца Жэня, і ён не вылазіць з нашага пакоя). Хутчэй, хутчэй, не адставайце! У метро нас падхоплівае паток… Білеты, кантралёры і — раптам! Душа адрываецца ад цела і коціцца недзе ўніз, пад ногі людскому патоку, у прорву… (Ну, калі я ўжо адсюль вярнуся жывая…) А людзям навокал хоць бы знак: коцяцца ў прорву і яшчэ кніжкі чытаюць.

Азірнуцца і ўразумець, што з табою здарылася, ці жывая ты — няма калі… Няма калі перавесці дух і азірнуцца на казачную прыгажосць падземнага царства. Усё кругом так і зіхаціць, так і ззяе… Але дзе там разглядацца.

— Ж-ж-жух! — праносіцца свіст, і на пероне спыняецца электрапоезд.

— За мною! Усе за мною! — нібыта заклікае ў бой, крычыць нам у гэтым маскоўскім метро Ханін і чакае, пакуль мы ўсе ўціснемся ў вагон.

Л-л-лясь!.. Ці хаця сеў ён сам? Куды мы без яго дзенемся адны, у гэтым віры?.. Ханін сеў. Азірае вагон: ці ўсе мы тут. Фросю адціснулі недзе ў куток. Я чапляюся за руку Шуркі Лашкевіча… Вось гэта дык цесната. Такой няма нават на нашых вакзалах… Але і тут чытаюць кніжкі.

— Шурка, што будзе, як мы згубімся?

— Не згубімся! — трымае мужчынскі гонар Шурка. (А сам у Гомелі, на экскурсіі ў палацы князя Паскевіча, заснуў каля грубкі і зваліўся з табурэткі…)

— Таварышы, выходзім! — камандуе Ханін і зноў чакае, пакуль мы ўсе выскачым з вагона.

Выскокваем.

— Цяпер нам трэба зрабіць пераход на станцыю Плошча Рэвалюцыі, — кажа Ханін. I зноў шыемся мы ўслед за ім у натоўп, якому, здаецца, тут няма канца. Цяпер ужо мы не спускаемся, цяпер эскалатар (трэба запомніць гэту назву!) ужо ўзносіць нашы душы недзе ўгору, можа, у самае неба… Зноў электрапоезд, зноў пераход, уверх-уніз па гэтых дзіўных, нібыта жывых, лесвіцах…

— Прыехалі! — нарэшце паведамляе Ханін. Ён чырвоны, спацеў, выцірае хусцінкай твар. — Усе тут? Ніхто не адстаў?

— Усе…

— Няма Шуркі Лашкевіча!..

— Шурка! Шурка! Шуркі Лашкевіча няма.

Дзе яго цяпер шукаць?.. Іголку ў стозе сена лягчэй знайсці.

— Вось табе і маеш! — аднак Ханін не злуецца. Такія падаруначкі яму не ў навіну: з кожнае экскурсіі хто-небудзь ды адстане. — Пачакаем, можа, пад’едзе.

Мы чакаем Шурку паўгадзіны, гадзіну… Позна ўжо.

— Будзе навука, — кажа Ханін, — запомніце гэта кожны. Гэта вам не па Цымерманаўскай разгульваць… У Маскве перш за ўсё патрэбна дысцыпліна. Паехалі!

I мы едзем — ужо трамваем — у свой Пушкінскі гарадок. Бедны Шурка, дзе ён і што з ім будзе?..

...Назаўтра раніцай мы ўсе ідзём на Красную плошчу. Ідзём да Маўзалея Уладзіміра Ільіча Леніна. Адсюль пачынаецца Масква…

Мы ўсе хвалюемся, ці скора ўжо?.. Ці скора? I калі нарэшце доўгачаканы момант настае, то што ж мы бачым?

Па самай сярэдзіне Краснай плошчы крочыць Шурка Лашкевіч!

Шурка адстаў ад нас на перадапошняй станцыі. Спачатку страшэнна спалохаўся, пачаў азірацца, шукаць нас і прапусціў некалькі электрапаяздоў. Махнуўшы рукой — усё роўна не дагоніш! — Шурка вырашыў аб’ехаць усе станцыі метро, паглядзець: няўжо ўсе яны такія дзівосныя… А калі зачынілі метро, Шурку затрымала міліцыя. I дала на ноч цёплы прытулак… Ну, а куды трымаць свой шлях раніцай, Шурка ўжо ведаў. Раніцай яго чакала Красная плошча.

З Краснае плошчы Ханін вядзе нас і становіць у чаргу недзе аж у Аляксандраўскім садзе. Чарга віецца па заснежаным парку, па бруку Манежнай плошчы і жывою ручаінаю выплёскваецца на Красную плошчу. У гэтай ручаіне і мы імкнём прыпасці да тых святых камянёў, якія вартуюць вечны сон Леніна… Крок за крокам. Усё бліжэй і бліжэй.

Замерла, не зварухне заінелымі вейкамі варта. Заінелыя бровы, заінелыя каўняры на шынялёх.

Мусіць, вось гэтакі ж мароз трашчаў і ў тыя дні, калі не стала Леніна…

Прыступка за прыступкай.

— Асцярожна…

— Асцярожна…

Асцярожна. Не патрывожце яго сон. Запомніце яго такім на ўсё жыццё. На ўсё жыццё захавайце яго вобраз у сэрцы. Асцярожна…

Людзі выходзяць да Крамлёўскай сцяны.

Імёны. Імёны. Імёны. Кіраў. Куйбышаў. Горкі. Крупская…

Усё такія нядаўнія і горкія страты.

Ці здолеем мы, новае пакаленне, здзейсніць іх надзеі?

З гэтым пачуццём, усхваляваныя і прыціхлыя, пакідаем мы Красную плошчу.

— Таварышы! — узнімае руку Ханін. — Усе на месцы?

— Усе.

— Уперад!

— Уперад і ўперад! — іншых слоў ад Ханіна за ўсе гэтыя дзесяць дзён у Маскве мы не чуем.

Уперад — і справа ад нас, за вуглом, цэрква: тут вянчаўся Пушкін з Наталляй Ганчаровай. Уперад — і на некалькі хвілін мы спыняемся на ціхай вуліцы перад асабняком графа Растова, дзе расла Наташа. Праз паўгадзіны мы ў Траццякоўскай галерэі.

Уперад… Уперад… Але перад цяжкімі ўрачыстымі дзвярыма Вялікага тэатра мы ўжо не паспяшаем. Мы ідзём на балет «Бахчысарайскі фантан». Марыю танцуе Галіна Уланава.

Толькі ў мяне і ў Бірукова месцы разам (лёс мяне ўсё-такі асцерагае) — ложа-бенуар (?!). Усе астатнія нашы рассыпаліся па Вялікім тэатры як гарох. Як яны знойдуцца потым? Мы заходзім з Біруковым у нашу ложу.

Я, каб цяплей было (у Маскве трашчыць сорак градусаў марозу), у шэрай мультановай футболцы паверх самага лепшага свайго картовага плацця… Бірукоў у хромавых ботах і ў сваёй, пад папругу, сіняй гімнасцёрцы. У нас першы рад, першыя крэслы. Мы на самым відавоку! За спіною ў нас шасцяць шаўкі і вееры. Наша ложа-бенуар напоена найдалікатнейшым пахам парфумы. Мы з Біруковым за ўвесь вечар не адважваемся азірнуцца назад…

Наша паездка заканчваецца паходам у Маскоўскі цырк. За вечар я паспяваю з’есці тры порцыі марожанага (дзе ты яго ў нас зімою ўбачыш!).

Дадому я вяртаюся з ангінай.

Па дарозе, у цягніку, даведваемся: пачалася вайна з Фінляндыяй.

Рагачоў нас страчае гэтакім жа, як і ў Маскве, саракаградусным марозам і дарэшты апусцелымі крамамі. Не стала солі, няма цукру, няма масла — як быццам іх не было ніколі. Па хлеб становяцца чэргі звечара. У нашай студэнцкай крамцы, якую мы завём «сырам», ляжыць на паліцы толькі марожаная цыбуля. Цыбулю не купляе ніхто. Твары людзей спахмурнелі, плечы як быццам прыгнуліся. Часцей пачалі страчацца на вуліцах вайскоўцы. Недзе далёка грыміць вайна.

Валодзя прыехаў

— Ганька, да цябе нейкі дзядзька прыехаў, — з гэтаю навіною да мяне ў чытальню прыбягае Вольга.

— Дзядзька? Які дзядзька? — у мяне няма ніякіх дзядзькоў.

— З чамаданам!

— Стары?

— Не, не вельмі…

— А ў чым ён?

— У скуранцы.

У скуранцы? Цікава, хто гэта… Па дарозе да інтэрната я прыспешваю крок, нават бягу: які там дзядзька?

У калідоры, каля дзвярэй тэхнічкі Кабетавай — тут у нас прапускны пункт, — няма нікога. Бягу ў свой пакой, адчыняю дзверы — і вачам сваім не веру: Валодзя прыехаў!

Падобна на тое, што і Валодзя не пазнае мяне.

— Гэта ты ўжо гэтакая вялікая дзеўка вырасла? — пытаецца ён.

— Калі вы прыехалі?! — крычу я, і смяюся, і плачу. Ён жа не толькі да мяне прыехаў — ён перш за ўсё прыехаў дадому. I, мусіць, назусім, калі прыехаў і да мяне.

— Ну, то здарова была, — устае Валодзя, і мы цалуемся.

— Калі вы прыехалі? Чым?

— Чым жа цяпер ездзяць… Не на возе ж я прыехаў. Я ўжо быў у цябе ў інстытуце, дык мне сказалі, што ты пайшла ў інтэрнат. Я сюды, а цябе і тут няма…

— Я пайшла ў сталоўку, а адтуль адразу ў чытальню…

— Вось бачыш… Але дзяўкі ў цябе добрыя, дык знайшлі ўсё-такі… — азірае наш пакой Валодзя. — Добра вы тут жывяце. Чыста. Утульна.

У нас і праўда ў пакоі ўтульна і чыста. Няхай толькі дзяжурная палянуецца прыбраць, то Фрося — наша стараста — дасць такога пытлю!

— А вы… надоўга?

— Сюды, да цябе, — не. Заўтра ж і паеду.

— Не, дадому?

— Я ўжо разлічыўся. Саўсім! Мне тэрмін скарацілі, — задаволена кажа Валодзя. — Скончылі будаваць канал — і па дамах… Мне там някепска было. Нам там і паёк спраўны давалі, і адзежу…

— Вы даўно вярнуліся?

— Шэсць нядзель ужо.

— А чаму мне не напісалі?

— Саша сказала — паедзеш сам, няхай Ганька здзівіцца…

Дзіва што я здзівілася!

— Ну, то адчыняй гэты чамадан ды разбярыся, што там да чаго. Ды дзяўчат частуй, — кажа мне Валодзя.

За гэтым справа не стане — разбіраць чамадан. У нашым сёмым пакоі — так ужо завялося з першых дзён — мы не толькі ходзім разам у сталоўку, пасылкі, якія прыходзяць нам з дому, таксама спажываем разам.

Іншым разам дзяўчаты мне ўмомант свае паслугі прапанавалі б. Сёння яны саромеюцца: чужы сталы чалавек — няёмка…

Ды і мне самой няёмка неяк адразу накідвацца на гэты Валодзеў чамадан.

— Бяры, бяры, — кажа Валодзя, — ды пакажы мне свой Рагачоў. Мо ён і не горш за наш Слуцак.

— У сто разоў лепшы! — хвалюся я. (От ужо дзе натура!)

— I Слуцку не дасі ганьбы, — стрымлівае мяне Валодзя.

Я тым часам разбіраю чамадан. Склады ў нас вядомыя: сушаныя хатнія сыры, каўбасы, сала — усё гэта загортваецца ў газету і трымаецца на вокнах паміж дубэльтамі. Бяда — вясна на дварэ: дзе мы будзем дзявацца са сваімі «гумнамі» цяпер?

— Там табе сухароў пшанічных напяклі, — напамінае мне Валодзя.

За сухары — пшанічныя каржы на кіслым малацэ — лепшага ласунку не прыдумаеш… Дзяўчаты сядаюць да стала. Сядае і Валодзя. Ён дастае загорнутыя ў газету рэшткі свае дарожнае яды (не выкідаць жа вон). Апетыт у нас усіх дзякаваць богу, мо таму і самі не выглядаем уломкамі.

— Харошыя ў цябе дзяўкі, — зноў хваліць мне маіх таварышак Валодзя.

— Жаніхоў толькі няма! — Вольга ў нас маладзец. Яна ніколі нікога не саромеецца, яна заўсёды гатова жартаваць.

— Будуць! — упэўнена кажа Валодзя. — Каб у такіх дзявок ды не было жаніхоў!

— У вашае Ганькі ёсць…

— Вольга! — ну, хоць ты забі яе!

— У Ганькі ёсць? — пасміхаецца Валодзя. — А дадому ж яна нешта не хваліцца.

— От, слухайце вы яе… А дома ў нас што чутно, якія навіны? — Мне б толькі адвесці Валодзеву ўвагу ад гэтых жаніхоў.

— Навін столькі, што і не перакажаш усе… Сад у нас вымерз… Па ўсім засценку сады павымярзалі. Ды і па суседніх вёсках, чутно, таксама… Такіх маразоў як у гэту фінскую вайну, мо зроду не было. Старыя не памятаюць…

— Увесь чысценька вымерз сад?

— Не, спасаўка, што каля Адамавага боку, засталася, ды папяроўка, што за хатаю, у зацішку…

— Ай-яй-яй…

— Ці ты ж бо ведаеш, што Аляксандравага Мішу, майго пляменніка, забілі?

— Ведаю. Саша пісала.

— Спраўны быў хлопец… Яшчэ тады, як мяне забралі, касіў ужо з бацькам.

— Харошы быў хлопец.

— У Жука Івана, з Паўстыні, таксама забілі хлопца… I ў Заграддзі двох не вярнулася, — расказвае мне Валодзя. — Адно слова, набілі кругом, як снапоў на таку…

Я нічога не адказваю: мо гэта яшчэ і не ўсё, што ведае Валодзя. Мо і яшчэ чые сыны не вярнуліся з фінскае вайны…

— Але, я ж забыў, — успамінае Валодзя. — Там, на дне, пад газетамі, Саша прыслала табе плацце. Анюта пашыла.

Плацце? Якое?! Плацце мне, вядома, у сто разоў цікавей за ўвесь гэты чамадан з ядою.

— Не ведаю. На Урэччы, казала, набрала.

Ад плацця — белы паркаль у ружовы «гарошак» — я ў захапленні. Доўга не здаюся на просьбы, я хаваюся за шафаю і прымерваю плацце. Дзяўчатам таксама маё плацце падабаецца. «Як хораша пашыта!»

— Гэта наша Анюта, — хвалюся я.

— Гэта яна гэтак умее, — хваліць Анюту і Валодзя. Плацце я, вядома, тут жа скідаю і вешаю ў шафу.

Вечарам я вяду Валодзю ў кіно. Паказваюць фільм «Тры танкісты». А назаўтра раніцой (мы яшчэ ўсе спім) Валодзя ціхенька ўстае і ідзе на вакзал. Я яго не праводжу: праспала…

Свята ў Змяёўцы

Фрося Брыкет запрашае мяне на Майскія святы да сябе дадому ў госці.

Першага мая мы ідзём на дэманстрацыю. Наш інстытут стаіць на Пясчанай плошчы ў першай калоне дэманстрантаў. Перад намі пад гром маршу страявым крокам праходзіць святочная пяхота: «Левай! Левай! Левай!» Некаторыя нашы студэнткі ў гэтых жалезных шарэнгах пазнаюць сваіх добрых знаёмых…

Палошчуцца ў паветры хвалі чырвоных сцягоў. Над галовамі дэманстрантаў калышуцца партрэты Леніна, Сталіна, Маркса, Энгельса… Партрэты ўсіх членаў Палітбюро… Лозунгі і транспаранты. «Няхай жыве Першае мая — свята працоўных усяго свету!», «Пяцігодку ў чатыры гады!»

Пясчаная плошча патанае ў разліве бадзёрых песень:

Если завтра война, если завтра в поход, Если черная сила нагрянет, Как один человек, весь советский народ За свободную Родину встанет!..

Устане! У гэтым няма ні ў воднага чалавека сумнення! Гэта, як па кнізе, можна чытаць па захопленых тварах дэманстрантаў.

Дэманстрацыя канчаецца недзе толькі пад вечар. У інтэрнат мы ўсе вяртаемся спечаныя майскім сонцам і без ног.

А назаўтра ранічкай — святочны горад яшчэ не прачынаўся — мы з Фросяю ідзём у яе Змяёўку.

Дарога не сказаць каб вельмі далёкая (дваццаць пяць усяго кіламетраў), і мы адольваем яе, дзе лесам, а большасць адкрытым месцам, недзе ўжо к поўдню. Праўда, апошнія кіламетры здаюцца нам вельмі доўгімі.

Змяёўка паказваецца нам з пагорка, як толькі мы выходзім з Краснага Берага. Вёска ўся ў садах і прысадах. Сады толькі пачынаюць зацвітаць, і здалёку хаты і ўсе забудовы здаюцца палітымі малаком. Хораша!

— А вунь наша хата! — здалёку радуецца сваёй хаце Фрося.

Іх хата ў вёсцы самая крайняя. Пад вокнамі з вуліцы стаіць старая бяроза. На вуліцу прыступкамі сходзіць высокі ганак. Фрося ўглядаецца, ці не відно каго на двары… Адчыняюцца дзверы — і на ганку паказваецца дзяўчо ў светлай сукенцы.

I дзяўчо глядзіць у наш бок. I дзяўчо таксама раптам пазнае…

— Малая… — ружавее ад радасці Фрося.

— Фрося! — зрываецца з ганка дзяўчо. — Мама, Фроська! — азіраецца яно назад і імчыць насустрач нам.

— Фроська! Ганька!.. — кідаецца яна абдымаць нас.

Гэта Зіна — малодшая Фросіна сястра. Мы хоць і не бачыліся яшчэ ні разу — ведаем адна адну добра.

З Фросяй Зіна зусім не падобная. Каб не ведаў, ніколі не ўгадаў бы, што сёстры. Зіна невысокая ростам і носіць дзве тоўстыя пушыстыя касы. У адрозненне ад Фросі яна, як дзіцё, дураслівая і здаецца крышку ўпартай. Фросі хочацца, каб Зіна ва ўсім яе слухала, а Зіне хочацца рабіць па-свойму… Зіна скончыла педвучылішча і настаўнічае ў Збароўскай пачатковай школе. На свята яна таксама прыйшла дадому.

Нас з Фросяй, вядома, тут жа саджаюць за святочны стол карміць. Мяне распытваюць пра маю радню, хто ў мяне дома, якая ў нас вёска.

Пасля яды мы адчуваем сябе такімі зморанымі, што проста валімся з ног. Цётка Проска бачыць нашы сонныя твары і вядзе нас на другую палавіну. Тут ужо і зусім свята: падлога засцелена новымі, відно, толькі гэтай вясной вытканымі палавікамі, на стале таксама новы абрус.

За дашчанай перагародкай на ложках зноў жа святочныя коўдры. Першае мая — пасля Кастрычніцкіх свят — самае вялікае рэвалюцыйнае свята.

Перад тым як нам легчы спаць, Фрося нешта шэпча цётцы Просцы. Цётка завешвае посцілкамі вокны, каб нам не шкодзіла святло. «А божа ж мой, божа!» — пачынае раптам божкаць цётка.

Я здагадваюся, чаго божкае цётка Проска, і чырванею, як бурак. Я бачу, што цётка заслала нам з Фросяю пасцель бялюткаю палатнянаю прасціною. У гэтакіх жа бялюткіх наўлечках паклала нам падушкі. Але ж дзе нам класціся ў такую пасцель… Я згараю ад сораму.

— Дык вы, мае дзевачкі, лезьце на печ, на чарэн, а я зараз у печы запалю… Я вас за адзін раз вылечу…

I мы з Фросяю лезем на печ, на чарэн — парыцца… У гарадской лазні мы абедзве набраліся каросты і цяпер не можам даць сабе ніякае рады.

— Я вас адразу, дзяўчаткі, вылечу, — стараецца падбадзёрыць нас цётка. — У нас на ферме на цялят гэтаксама была навалілася гэта пошасць… Дык я як напарыла некалькі разоў тытунёвых цыбукоў ды як пазлівала іх, бедных, усіх чысценька, дык усё роўна як сем баб адхадзіла…

Цётка Проска паліць у печы, парыць у вядзёрным чыгуне тытунёвыя цыбукі, а мы з Фросяю сядзім на печы, чакаем лекаў. Зіна таксама плішчыцца да нас (ёй без нас сумна, нецікава), але мы гонім яе з печы.

— Мая дзевачка, не лезь ты да іх, набярэшся яшчэ і ты…

Вось дык госці!

Пад вечар лякарства гатова. Цётка Проска падае яго нам на печ у тым самым чыгуне, у якім і парыла цыбукі. Падае нам маленькую конавачку чэрпаць зелле і рабіць прымочкі. Прымочак нам здаецца недастаткова, і мы адна перад адной пачынаем аблівацца наварам з конаўкі… Лячэнне цягнецца добрую гадзіну. Мы ўжо вычарпалі і вылілі на сябе ўвесь тытунёвы ўзвар. Нашы сарочкі хоць выкручвай. I чарэн напёкся так, што ўжо ўседзець няможна. Нешта нам ужо і не сядзіцца на гэтым чаране.

Першая ссоўваецца з печы Фрося. Ёй робіцца млосна. Маці і цётка ледзь паспяваюць падхапіць яе пад рукі. Млосна робіцца і мне. I мяне пад рукі ледзь паспяваюць вывесці ў сенцы… Што з намі робіцца!..

На гэта няшчасце заходзіць да Брыкетаў сваячка.

— Што гэта ў вас? — спалохана як укопаная спыняецца яна на парозе.

— Паўміраюць, мусіць!.. — галосяць Фросіна маці і цётка.

— Машка, ратуй іх! — на ўсю хату крычыць Зіна.

— Дык чаго ж вы глядзіце? Няхай Федзька едзе ў Радушу па фельчара! — сварыцца на ўсіх Маша. — А іх вадою, вадою адлівайце!

Маша хапае медную конаўку і з вядра, з вядра лье халодную ваду нам з Фросяй на галовы, на грудзі… Як быццам робіцца лягчэй. Як маленькіх, нас з Фросяю жанкі выціраюць ручнікамі, пераадзяваюць у сухія чыстыя цётчыны кашулі і вядуць да ложка. Нам раптам робіцца холадна. Нас так калоціць, што не набрацца кажухоў.

Калі нарэшце Фросін бацька прывозіць фельчара, той застае ў ложку амаль што дзвюх нябожчыц… У тварах у нас не засталося ні крывінкі. Фельчар мацае наш пульс, дае выпіць нейкіх кропель і выпісвае рэцэпт… Нічога гэтага мы не адчуваем і не бачым. Мы спім… Спім і заўтра цэлы дзень. I толькі на трэці дзень устаём з ложка і, хістаючыся ў бакі, выходзім на двор, на свежае паветра.

Госці нашы ў Змяёўцы цягнуцца яшчэ тры дні. Затое ў інтэрнат мы з Фросяю вяртаемся з такім адчуваннем, нібыта нарадзіліся на свет другі раз.

Пісьмо! Пісьмы…

Перад самым пачаткам сеанса — ужо і свет патух — нехта на бягу кранае мяне за плячо: я сяджу з краю ад праходу.

— Ганька, табе пісьмо было… — гэта Лена Зейц з рускага аддзялення. Яна заўсёды ходзіць у кіно з Васем Хвалецкім. Вася вясёлы і вельмі таварыскі хлопец. Яго на факультэце ўсе любяць. Лена Зейц клапоціцца пра Васю з пяшчотай старэйшай сястры — Вася хварэе на сухоты, ён толькі што вярнуўся з Сасноўкі, і гэта дрэнны знак — Лена трымае Васю пад сваім няспынным наглядам. I за гэта да яе мы ўсе адчуваем таксама асаблівую прыхільнасць.

— Дзе? — услед Лене пытаюся я.

— У інстытуце… — недзе ўжо здалёку адгукваецца Лена.

У інстытуце!.. На інстытут мне ніколі ніхто не піша. Усе пісьмы я атрымліваю на інтэрнат: Смідовіча, 42. Хто можа пісаць мне на інстытут?.. Гэта невядомае пісьмо так трывожыць мяне, што я не магу дачакацца канца сеанса. Хоць ты ўстань і бяжы… Але я ўсё ж вытрымліваю да канца. На выхадзе я страчаюся з Ленай і Васем Хвалецкім. За паўтары гадзіны сядзення ў душным зале твар у Васі пажаўцеў яшчэ больш. Лена трымае Васю пад руку. Як заўсёды, Вася ўсміхаецца і жартуе:

— У захапленні? — ён мае на ўвазе маё ўражанне ад фільма. (А я яго амаль і не бачыла.)

— Дзе ты бачыла маё пісьмо? — пытаюся я ў Лены, стараючыся схаваць сваю нецярплівасць.

— Я ў інстытуце на акне яго ўзяла і занесла да вас у пакой.

Застацца з імі — з Васем і Ленаю — і паволі ісці ў інтэрнат — на гэта мяне ўжо не хапае. Я прыспешваю крок.

— На тваім ложку, каля падушкі, ляжыць! — крычыць мне наўздагон Лена.

— Дзякуй, — на бягу адказваю я. (Якая яна цудоўная, гэта Лена!)

Склеены з ружовае вокладкі ад сшытка канверт і праўда ляжыць у мяне на ложку, каля падушкі. Дзяўчаты яго ўжо ўсе па чарзе агледзелі, абмацалі.

— Скачы! — загадвае мне Вольга. — Мо ад твайго Лазоўскага.

Як ні дзіўна, у гэтым пакоі ён усё яшчэ «мой»!..

А пісьмо і праўда — гэты почырк я пазнаю сярод мільёнаў другіх — ад «майго» Лазоўскага. Я баюся яго распячатваць. I ў той жа час я не магу ўтрываць, каб яго не распячатаць…

Паважаная Ганька!

Калі ты не забылася яшчэ мяне і калі ты здольна дараваць мне маё маўчанне — адгукніся на гэта маё пісьмо! Ведай, што я буду з нецярплівасцю чакаць твайго адказу. У наступным сваім пісьме напішу пра сябе ўсё з таго часу, як мы развіталіся. Іван Лазоўскі.

Р. S. Мой адрас: п/я…

I ўсё — і больш ні слова!

— Ну, ад каго пісьмо, Ганька?

— Праўда ад Лазоўскага?

— Няўжо? Не можа быць! Дай пачытаць!..

Яно і праўда цяжка паверыць…

— Як табе не сорамна! — накідваецца на Вольгу Фрося. У нас у пакоі існуе няпісаны закон: ніякіх сакрэтаў! Змест пісьма павінен быць вядомы ўсяму пакою. Аднак даваць чытаць пісьмо — я не абавязана.

— А тут няма нічога асаблівага, — кажу я (пад «асаблівым» маюцца на ўвазе прызнанні ў каханні…) і працягваю пісьмо, аднак не Вользе, а Фросі. Яна ў нас вярхоўны суддзя.

Фрося чытае пісьмо.

— Ты павінна адразу ж сесці і напісаць! — загадвае яна мне, вяртаючы пісьмо.

— Фроська, дай мне! — вырывае з Фросіных рук маё пісьмо Вольга. Прачытвае пісьмо і абураецца:

— Падумаеш, сам столькі не пісаў, а яму пішы!..

Як быццам і праўда.

— Падайце мне! — працягвае з ложка руку Жэня. Бірукоў яшчэ не прыйшоў, і яна ў пасцелі…

Падаюць пісьмо Жэні. Жэня выносіць прысуд не спяшаецца, перачытвае пісьмо, разглядае канверт.

— Няхай адкажа, — дазваляе мне Жэня. — Шкадаваць паперы… Толькі няхай не спяшаецца. Ён жа не спяшаўся…

Значыць, ужо два галасы «супроць».

Маё пісьмо ідзе па руках далей.

— У ружовым канверце — значыць, любіць, значыць, не забыў, — суцяшае мяне Аня Славіна. Аня паважае сімволіку.

— Не было пад рукою іншага, — смяецца скептычная Насця Дзятлава.

Аня Славіна стаіць на Фросіным баку:

— А я села б і напісала!

Маўчыць толькі наша Ліна Мітраховіч. У самое яе гэтых сардэчных спраў няма і ніколі яшчэ не было, і яна не ведае, як з імі абыходзіцца, тым больш з чужымі.

Нарэшце пісьмо вяртаецца да мяне назад.

— Трэба ж хоць даведацца, што з чалавекам было, што гэтулькі маўчаў, не пісаў.

Я ўдзячна мілай Фросі, маёй самай лепшай, самай любай сяброўцы. Колькі глупстваў я рабіла б, каб не яна! А так усё ж менш.

Больш я не слухаю гаворкі ў пакоі і хуценька збіраюся, пакуль не зачынена, у чытальню. Там, застаўшыся адна, я напішу адказ Лазоўскаму. I сёння ж, сёння адпраўлю яму.

— Фрося, дай мне трыццаць тры капейкі, — прашу я.

Фрося дастае з чамадана сваю знакамітую з кракадзілавае скуры чырвоную сумку. Сумка гэта ў яе святочная, і Фрося не цягае яе штодня. У чамадане ў яе ляжаць таксама мадэльныя колеру кавы туфлі на высокім абцасе і крэпдэшынавае плацце. Для мяне, для ўсіх нас — усё гэта недасягальныя багацці.

Адно толькі, што ў мяне, напрыклад, доўга ў чамадане яны не ўлежалі б. А ў Фросі ляжаць! Фрося шкадуе насіць (яна кажа «трапаць») мадэльныя туфлі і крэпдэшынавае плацце ў інстытут. На заняткі, штодня, яна ходзіць у сацінавай «таццянцы». «Таццянка» — цяпер апошні крык моды.

…Мой адказ на адрас п/я…, заклеены таксама ў ружовы канверт, я апускаю ў паштовую скрынку ў гэты ж самы вечар.

I дзіўная рэч: у свой пакой, у інтэрнат, я вяртаюся з адчуваннем, якое цяжка нават акрэсліць. Ну, безумоўна ж, сённяшні дзень самы шчаслівы ў маім жыцці… I ў той жа час, зваліўшы цяжэрны камень, я як быццам нешта трачу, як быццам з нечым назаўсёды развітваюся і шкадую… Самой мне цяжка зразумець, а тым больш паверыць, што я прывыкла да гэтае каменнае глыбы. Пад ёю, недзе на самым дне скляпення, да самага апошняга моманту, трывала мая спакутаваная вера і надзея…

…Праходзіць не больш за тыдзень, і зноў пасля заняткаў знаходжу я на сваім ложку, каля падушкі, пісьмо. Адзінае, якое я цяпер чакаю і якое толькі мне патрэбна.

«Мая мілая Ганька…» Так пачынаецца гэта адзінае ў свеце пісьмо. Трэба не мець сэрца ці быць з жалеза, каб не дараваць за такое пісьмо — нават калі ён і быў грэх…

Ты нічога не ведаеш… Я ж, як прыехаў увосень дадому, так, нічога сам не ведаючы, што мяне чакае, і праседзеў у сваёй хаце больш за тры месяцы. Ты не можаш уявіць майго стану… Вы там, у інстытуце, вучыцеся, а я тры разы на дзень хаджу даваць карове трусянку… Спрабаваў піць гарэлку (няхай яна згарыць!). Спрабаваў хадзіць да дзяўчат і вясёлых маладзіц… (Я прызнаюся табе ва ўсім. Як на споведзі.) Мама пачала плакаць: „Сыночак мой, навошта табе ўсё гэта — ты ж хацеў чалавекам стаць, хацеў вучыцца“. I мне зрабілася брыдка мамы.

I я паехаў у горад і зайшоў там да аднаго вельмі харошага чалавека. Чалавек той даў мне розных кніжак, мне патрэбных… I я амаль падрыхтаваўся, каб здаваць экстэрнам зімовую сесію ў інстытуце разам з вамі… Але гэта мне не ўдалося. Мяне выклікаў наш райваенкамат і нарэшце адправіў мяне. I я ўжо рады быў і гэтаму. Няма большай пакуты на свеце, чым няпэўнасць. Цяпер я — курсант пяхотнага вучылішча.

Я ўсяму спачуваю. Я ўсё разумею. Толькі вось гэтыя дзяўчаты… I асабліва вясёлыя маладзіцы…

Толькі яны студзяць нешта ў маім сэрцы, нешта ў ім стрымліваюць. Каб не яны. Каб не яны… Я тут жа гатова сесці і напісаць, што я ўсё даравала, што я нічога не памятаю і наогул нават не здольна нічога кепскага думаць. Толькі вось яны… «А можа, у яго там з імі нічога такога і не было…» — хавае галаву пад не аперанае яшчэ крыло дурное страусянё.

Вядома, нічога не было!

Ёсць толькі ён. Ёсць толькі сама я. I яшчэ цэлы вырай пісем. Цэлы вырай — па два, па тры, па пяць пісем на тыдзень!

Еду ў Ленінград

Вырай не спыняецца і ў час маіх летніх канікулаў…

А дома не схавацца — хоць пад зямлю закапай, сястра Саша ўсё роўна знойдзе і прачытае. Я і плачу, і сваруся, але нічога не памагае.

— От, дурная дзеўка: хлопец піша пісьмы, дык яна хаваецца, — смяецца з мяне Саша.

Не, я павінна па сценах расклейваць гэтыя пісьмы…

— Хаця б зірнуць, што за ён, — кажа Ніна.

— На сваіх глядзеце, — заступаецца за мяне баба Іваніха.

— На сваіх мы ўжо нагледзеліся.

Неўзабаве прыходзіць пісьмо з фотакарткай: курсант пяхотнага вучылішча ў поўным парадзе.

— Пакажы!

— Наце! — хаваць усё роўна няма карысці, ды і ахвоты няма, шчыра кажучы, хаваць…

— Харошы хлопец! — першы хваліць Валодзя. — Ён у цябе мо за камандзіра будзе?

«Ён у мяне…»

— Можа, і будзе!

— От, ёй абы агрызацца, — кажа Ніна і забірае ў Валодзі з рук фотакартку. — Дык і праўда ж — удалы хлопец!

Цягне руку і баба Іваніха. I яна дае сваю атэстацыю.

— Але, харошы. I з твару поўны. Відно, іх там у салдатах добра кормяць…

Харошы, бо поўны з твару… А я сама ў іх заўсёды няўдалая, бо я «не поўная»…

— Няхай толькі бярэ, мы табе добрае вяселле справім, — абяцае мне Валодзя.

Што з імі гаварыць? Ужо вяселле… У іх няма іншай гаворкі.

— Ну, то сядзі дома, думаеш, ён цябе будзе доўга ўпрошваць, — пагражае мне баба Іваніха, нібыта нехта хапае мяне замуж, а я вырываюся.

Ой, хоць бы куды знікнуць, куды з’ехаць ад гэтае гаворкі!.. Выпадак з’яўляецца, і вельмі хутка.

У нас госціць Ліза — жонка брата Сцёпы з Ленінграда. Ліза прыехала з трохгадовай дачкою Наташкаю, і ў дарозе ёй адной будзе цяжка з дзіцём і рэчамі. Вырашана, што я паеду з ёю ў якасці памочніцы. Паеду ў Ленінград! Я на сёмым небе. Жартачкі, за паўгода з’ездзіць і ў Маскву і ў Ленінград. Сцёпа мне даўно абяцае: вырасцеш і прыедзеш да нас у Ленінград… Дзякуй богу — вырасла!

Праўда, паміж мною і братам Сцёпам, як ён сам кажа, на нейкі час быў прабег чорны кот… Сцёпа настойваў, каб я абавязкова канчала дзесяцігодку і пасля пайшла ў інстытут. А я яго не паслухала і паступіла ў педвучылішча. I вось цяпер, калі я пакінула педвучылішча і пайшла ў інстытут, Сцёпа дараваў мне маё непаслухмянства. «Можа, з цябе, Ганна, яшчэ і атрымаецца чалавек. Я не вельмі ўпэўнены, але можа…»

I гэта ўсё роўна як велікоднае дараванне ўсіх грахоў.

У Ленінград мне цікава паехаць яшчэ і з чыста практычных меркаванняў… Хоць я ўжо і дарослая дзяўчына, але, калі казаць па шчырасці, на людзі паказацца мне зусім няма ў чым. А тут якраз прадалі маю (мае мамы…) хату. Мае грошы (мае!) ляжаць на ашчаднай кніжцы ў ашчаднай касе (і гэта каса, і кніжка ашчадная ўяўляюцца мне нейкімі калючымі, усё роўна як са шчаціны), і я магу забраць іх у любы час і магу зрабіць з імі што захачу.

Ліза кажа мне:

— На гэтыя грошы маладая дзяўчына ў Ленінградзе можа апрануцца і абуцца.

А гэта якраз тое самае, што мне патрэбна.

У Ленінградзе на Віцебскім вакзале нас страчае Сцёпа. Ён нас дадому вязе на трамваі. Пасля Масквы мне трамвай ужо не навіна, але ж усё роўна не воз…

У мяне тэрміну ўсяго дзесяць дзён, і Сцёпа з першага ж дня хоча, як ён кажа, загрузіць мяне ўражаннямі… Мы жывём на Фантанцы; з аднаго боку цырк, з другога — Летні сад. Той самы, дзе ў маленстве гуляў Анегін. Гэта яго Monsier ľ Abbê «слегка за шалости бранил и в Летний сад гулять водил»… Я ў Летні сад хаджу з маленькаю Наташаю. Наташа любіць дзядулю Крылова і яго «звяркоў». Вось тут, каля помніка славутаму байкапісцу, і бавім мы з ёю час… Вяртацца дадому я пабойваюся: усе дамы на Фантанцы — як блізняты (і няма нумароў). Я баюся заблудзіць.

— Гэта наш дом, Наташа? — пытаюся я.

— Не наш, не наш! — тупае яна ножкамі.

— А гэты?

— Не! — адмоўна круціць галавой Наташа.

— А дзе ж наш дом?

— Во наш дом! Во наш дом!

Дзякуй богу…

Сцёпа вядзе мяне да Меднага конніка.

— «Кумір на бронзавым кані…» Памятаеш? — экзаменуе мяне Сцёпа.

Ну, мне сорамна было б не памятаць.

А вось і славуты Неўскі праспект. Параўноўваемся з Казанскім саборам. Помнікі ўдзячнай Расіі: «Фельдмаршалу князю М. Н. Голенищеву-Кутузову», «Фельдмаршалу князю Барклаю де Толли»… У Казанскім саборы пахавана цела Кутузава.

— А вось гэта пампезная дама — матухна імператрыца Екацярына Вялікая. Амаль усю Александрынку засланіла, — насмешліва заўважае брат.

Выходзім на Анічкаў мост. Уздыбленыя коні, здаецца, уздымаюць на дыбкі і мост.

— Звярні ўвагу — Клот забыў адліць языкі коням…

I праўда, гнеўныя коні на Анічкавым мосце без языкоў.

Дзівам, цудам, захапленню няма канца.

На другі дзень Сцёпа вядзе мяне ў ДЛТ — «Дом ленинградской торговли». Яшчэ зроду не бачыла я ні такіх магазінаў, ні столькі пакупнікоў. (У Маскве ў нас не было часу хадзіць па магазінах.) Мора людзей на кожным паверсе, а ўсіх паверхаў аж чатыры. Затое купіць можна ўсё, што толькі пажадаецца чалавеку. Сцёпа вядзе мяне ў той аддзел, дзе прадаецца гатовае адзенне.

— Давядзецца табе заняць чаргу.

А чарзе той няма, здаецца, ні пачатку, ні краю. Усё роўна як на вакзалах, каля білетных кас.

Сцёпу трэба быць на службе, і, хоць мне і боязна заставацца адной у гэтым цёмным людскім лесе, я застаюся. (Добра, што хоць дарогу дадому запомніла.)

Спачатку я мераю сабе асенняе паліто — тут яно называецца дэмісезоннае… Паліто сіняе, пашыта якраз як на мяне: не цесна, не шырока і ў даўжыню якраз. Паліто каштуе сто дзевяноста рублёў, і ў мяне яшчэ застаецца немаведама колькі грошай! (Ліза і Сцёпа строга мне наказалі: «Не кладзі толькі грошы ў кішэню — гэта табе не Зялёная Дуброва».)

Мне хочацца яшчэ касцюм. Мне вельмі падабаюцца цёмныя касцюмы, асабліва з белай батыставай блузкай. Блузка ў мяне ўжо ёсць, якраз такая, як мне трэба, — батыставая «англійская». Анюта пашыла…

Дастаяўшыся ў другой чарзе, я прымяраю яшчэ і касцюм. Трэба ж гэткая ўдача: і касцюм як уліты! Цёмна-карычневы — сто дваццаць рублёў. Буду я шкадаваць тых грошай!..

Апетыт прыходзіць у часе яды… А чаму б гэта мне яшчэ не набраць сабе крамы на плацце ці, можа, і на два?.. Вунь колькі мануфактуры ляжыць на прылаўках! Аж трашчаць… і сацін, і мультан, і маркізеты. Гэта не тое што ў нас на Урэччы ці ў Хрумы паўстынскае.

Станаўлюся ў новую чаргу і — была не была! — загадваю крамсаць мне на два плацці светлага маркізету і на трэцяе — на зіму — мультану ў дробныя сінія і белыя клетачкі. З белым каўняром будзе вельмі прыгожа!

На выхадзе (у мяне ўжо рук не хапае на пакупкі), на самым ніжнім паверсе, спыняюся перад касынкамі. Як жа я буду насіць без касынкі новае паліто?.. Шах — голаму разбой не страшны! — пяшчотныя ружовыя макі па светла-шэрым полі… (Дзяўчаты ў інтэрнаце паўміраюць.)

Дадому вяртацца лёгка: рукі поўныя — кішэня пустая.

На трэці дзень мы са Сцёпам едзем рачным трамваем на Кіраўскія астравы («Прадоўжым тваё выхаванне», — кажа Сцёпа). Катаемся на «амерыканскіх горках». Яны мне запомняцца на ўсё жыццё: як я толькі вытрывала…

У Пецяргоф вязе мяне мой і Сцёпаў траюрадны брат Міша Корзун. Ён ваенны ветэрынарны ўрач — дзве шпалы. Ого!

— Сёння глядзі ўстрымайся! — строга наказвае Мішу Сцёпа.

— Ёсць… — не даносіць да казырка рукі Міша.

— За адзін раз не памрэш…

— Не памру, — разумее брата брат.

I я разумею, пра што ідзе гутарка: я ні разу яшчэ не бачыла гэтага свайго брата цвярозага.

Спачатку мы з Мішам ідзём у Екацярынінскі палац. Як ні дзіўна, але самае моцнае ўражанне на мяне робяць боты Пятра Вялікага: у кожным з іх можа схавацца па чалавеку…

Потым мы гуляем з Мішам у парку. З Мішам нецікава: ён не ведае ні гісторыі пецяргофскіх фантанаў, ні палацаў. Вось каб быў тут Сцёпа… Затое Міша добра ведае, дзе прадаецца смачнае піва. Мы ідзём піць піва, а заадно і падсілкавацца. Я, сказаць па праўдзе, добра згаладалася.

У Пецяргоф мы прыязджаем у Дзень Ваенна-Марскога Флоту. У парку грыміць «яблычка», стаіць заліхвацкі матроскі гік і свіст — маракі гуляюць сваё свята. З рогатам, на ўвесь парк, выспеўваюць непрыстойныя прыпеўкі… Божа, каб усталі цары…

Дадому вяртаемся ўжо вечарам. На трамвайным супынку нас страчае Сцёпа.

— А я ўжо хвалююся, — кажа ён.

— Дазвольце далажыць, — казырае Міша, — усё ў поўным парадку.

Сцёпа акідвае нас абаіх дапытлівым позіркам. Міша разумее яго позірк.

— Як шкельца, — гэта ён пра сябе.

— Вельмі добра. Хадзем піць чай, — кажа Сцёпа.

…А назаўтра раніцай я не магу наступіць на нагу: невядома чаго распухла калена. З гэтаю няшчаснаю сваёю нагою я сяджу на чацвёртым паверсе ўвесь астатні тыдзень. Якія багацці я страчваю…

За два дні да заняткаў мяне вязуць на вакзал, і я еду ў свой інстытут.

«Канчай інстытут»

Божа, як я скучыла па інстытуце, як я рада, што вяртаюся зноў у свой мілы Рагачоў!

З цягніка я выходжу з чамаданам, у новым паліто і з вялізным букетам кветак. Кветкі мне падарыў мой сусед па купэ — нейкі вельмі вясёлы шафёр, які вяртаўся з заробкаў з Поўначы і сыпаў па дарозе грашыма, як пяском. Мяне і маю суседку-бабульку ён абкарміў цукеркамі. I яшчэ кляўся, што так за дарогу закахаўся ў мяне, што гатовы злезці на любой станцыі і хоць сёння ажаніцца са мной… Бабулька пасміхалася, — відно, некалі ў маладосці і сама не раз чула такія прызнанні, — ківала сівою галавою і вельмі ахвотна смактала цукеркі. Сама я, хоць і пабойвалася гэтага напорыстага шафёра, ад прызнанняў у каханні і ад цукерак не вельмі адмаўлялася. За букет кветак на развітанне мой дарожны паклоннік усё ж атрымаў мой адрас…

I вось я з гэтым букетам-венікам, у новым паліто — на пероне.

— Ганька, ты адкуль? — чую ў сябе за спіною здзіўлены голас. Гэта Коля Маўчан з нашага курса.

— Я з Ленінграда.

— Ф-ю-у-у! Аж з Ленінграда!

— З Ленінграда!

— Тады давай свае манаткі, памагу данесці.

— Ой, Колечка, калі ласка!

— I кветкі яшчэ вязе… Адкуль гэта яны ў цябе?

— Ды так… Па дарозе…

— А я думаў, што мо які знайшоўся… Падарыў кветкі… — самому Колю, безумоўна, такое глупства ў галаву не прыйшло б. Яшчэ чаго не хапала: кветкі…

— Ну, што ты, Колечка!.. — яшчэ гэта дурное возьме ды кіне мяне тут з маім чамаданам, з маімі пакункамі.

Я нясу кветкі, нясу Колеў чорны чыгуначны шынель (у Маўчана бацька чыгуначнік) і ледзь паспяваю ззаду. Коля з чамаданамі, з пакункамі ў абедзвюх руках крочыць паперадзе. Як добра!

— Ты нічога не чула там, у Ленінградзе? — пытаецца Коля.

— Не, нічога. А што?

— Ды нічога. Ёсць чуткі, што хутка ў інстытутах увядуць плату за навучанне.

— Што ты! Дзе ты гэта чуў?

— Чуў… I стыпендыю, кажуць, у студэнтаў здымуць…

Вярзе нейкае глупства — няйначай пачуў, як бабы там, у яго Крупках, плявузгалі.

— Пабачыш, — гаворыць Коля.

— Гэтага не можа быць!

— Усё можа быць.

Маўчан на год маладзейшы за мяне, а трымаецца так, нібыта ён усё на свеце ведае. Падумаеш!..

— Пабачым, — мне зусім не хочацца азмрочваць свой сённяшні настрой нейкімі дурнымі чуткамі… Мы з Лазоўскім дамовіліся, і ў інтэрнаце мяне павінна ўжо чакаць яго пісьмо…

Коля аддае мае рэчы каля самага майго інтэрната.

— Данясеш сама?

— Ой, Колечка, дзякуй табе!

— Ну, да заўтра.

…Чутка, якую ўпершыню пачула я ад Колі Маўчана, неўзабаве пачынае хадзіць па ўсім інстытуце. Няма яшчэ афіцыйнай пастановы, але ўсім ужо добра вядома: навучанне будзе платнае. I стыпендыі не будзе. Ці будзе толькі выдатнікам. Настрой студэнтаў падае ўвачавідкі. Вельмі мала ёсць сярод нас такіх, якія здолеюць і за навучанне плаціць, і вучыцца без стыпендыі. Хто, напрыклад, здолее вучыцца на такіх умовах з дзяўчат нашага пакоя?.. Я першая вымушана буду пакінуць інстытут.

Цяпер мы ўжо не баімся прапускаць лекцыі. Усё роўна. Не ходзім у чытальню. Навошта? Не рыхтуемся, або калі рыхтуемся, то толькі так, абы здаць. Якая карысць?..

Усе мы жывём толькі чуткамі пра пастанову: увесці платнае навучанне, зняць стыпендыю…

Пра свой уласны настрой і пра агульны настрой у інстытуце я, вядома, пішу і Лазоўскаму. Можа, мне не чакаць пастановы, а цяпер, загадзя, шукаць нейкае школы? Бо тады, калі ўсе кінуцца з інстытута, — тады не так проста будзе і месца знайсці. Гэты настрой таксама пануе ў нас у інстытуце: можа, не трэба чакаць?

Лазоўскі не падтрымлівае майго настрою. Кінуць інстытут я паспею заўсёды… Не заўсёды ўдаецца яго скончыць. Не трэба спяшацца… У Мінску, у тэхнікуме, вучацца яго малодшыя брат з сястрой. Сястра скардзіцца, што цяжка вучыцца. Вядома, нялёгка, з дому ім амаль не памагаюць (няма з чаго), а стыпендыя ў тэхнікуме вядома якая… Ён крыху памагае брату і сястры: друкуе сёе-тое ў мясцовай і сваёй акруговай газетах і пасылае ім ганарар.

«Сёе-тое» — я цяпер ужо ведаю, што гэта, — Лазоўскі піша вершы, піша нешта прозай. Мне пра сваё пісанне, калі я прашу, ён расказвае ў пісьмах неахвотна. «Ат, якія там вершы, якое там што… Мне яшчэ трэба вельмі многа вучыцца, каб лічыць сур’ёзным гэты занятак. Мне не хапае вельмі многіх ведаў, а тут, у арміі, атрымаць іх у мяне няма ні часу, ні ўмоў…»

Вось чаму адказвае мне ў той жа дзень, як атрымаў маё пісьмо, Лазоўскі: я не павінна гарачыцца, не павінна рабіць глупства (Лазоўскі так і піша: «глупства»), не павінна кідаць інстытут.

«Добра яму разважаць», — не згаджаюся я.

Праз некалькі дзён выходзіць пастанова.

Перад дзвярыма кабінета дырэктара інстытута выстройваецца чарга студэнтаў з заявамі. Наш Андрэй Ануфрыевіч вельмі добры чалавек, але чым ён можа дапамагчы нам? Не заплаціць жа за ўсіх нас за навучанне. Не дасць стыпендыі ўсім тым, у каго не хапае сямідзесяці пяці працэнтаў выдатных адзнак за апошнюю сесію. Адно «здавальняюча» — і стыпендыі няма…

З кабінета з рэзалюцыяй дырэктара на заяве: «Аформіць перавод на завочнае аддзяленне» выходзяць адзін за другім студэнты. Адсюль, з інстытута, яны адразу ж бягуць у райана, каб «захапіць» лепшы раён (бліжэй да інстытута, бліжэй да чыгункі). Хутка натоўп будзе і там.

Стаіць у чарзе да дырэктара і наш пакой, стаю і я. Аня Славіна і Ліна Мітраховіч ужо атрымалі рэзалюцыі, яны ўжо бягуць займаць чаргу ў райана.

Астаюцца ў нас Вольга Башаркіна і Жэня Шурына. У Вольгі ў Мінску брат інжынер, і яго жонка вельмі вучоная. Яна штомесяц прысылае Вользе пасылкі і грошы. Вольга нам хваліцца: «Наша Шурка ў сто разоў лепшая нават за Іллю…»

А Жэня Шурына выходзіць замуж. Яны з Біруковым вырашылі больш не цягнуць і пажаніцца. «Чорт яго бяры, усё роўна!» — кажа Жэня. Цяпер яна, вядома, скончыць інстытут.

Застаецца ў інстытуце і Фрося Брыкет. Фрося больш разлічвае на сябе, чым на нейчую помач. «Я не затым паступала ў інстытут, каб не выцерпець адзін год…» Ёй у жыцці даводзілася цярпець куды больш. Яна выцерпіць.

Мая чарга ўсё набліжаецца і набліжаецца да дырэктарскіх дзвярэй. Наперадзе мяне стаіць Коля Маўчан. Зойдзе ён, а за ім і я. Коля заходзіць, і ў гэты самы час у калідоры паказваецца расхрыстаная Вольга.

— Дзе Ганька?! Ганька, ты яшчэ не была? Табе тэлеграма!

Тэлеграма ўжо прачытана. Тэлеграма такога зместу: «Ганька, не кідай інстытута. Паможам кончыць. Валодзя».

…Калі ж яны паспелі прачытаць газету? (Дадому нам ідзе «Звязда» — Валодзя выпісаў.) Калі паспелі даць тэлеграму?..

— Ганька, дурная, крычы «ўра»! — расчырванелая, скача Вольга. А я стаю і сапраўды не ведаю, што мне рабіць.

— Бачылі такую дурную! — цешыцца з мяне Вольга.

Чарга ля дырэктарскіх дзвярэй уздыхае: ёсць жа людзям шчасце…

Вольга цягне мяне ў інтэрнат.

Праз дзень прыходзіць мне пісьмо з Ленінграда. «Ты, Ганна, рабіць глупствы здольная… Дык вось кажу табе: не ўздумай кідаць інстытут. Мы з Лізаю паможам табе дацягнуць гэты год. Сцёпа».

I я застаюся канчаць інстытут.

Коля Маўчан

На нашым курсе ён самы малодшы, і прозвішча яго дзіўна пасуе да яго характару. Сядзіць Коля за самым заднім сталом, яго не відно і не чутно. Хіба толькі з сябрам Аркадзем Русаковым на перапынках пачнуць дурэць і дужацца, як маленькія. А то яшчэ Аркадзя схопіць і пачне паказваць і чытаць усяму курсу Маўчанавы шаржы і эпіграмы на выкладчыкаў. Шаржы ў Маўчана смешныя і вершы вясёлыя. Вось табе і Маўчан! Хто б гэта падумаў! Выкладчыка стараславянскай мовы Блешанкова, напрыклад, ён малюе падобным на юса вялікага ётаванага. Усе паміраюць са смеху: падабенства выключнае.

Беларускую літаратуру ў нас выкладае Якаў Іванавіч Міхалап. Свае лекцыі ён мае звычку чытаць, успёршыся адным локцем на кафедру. У шаржы Маўчана Міхалап нібыта вырастае з гэтае кафедры. Пад малюнкам — адпаведныя вершаваныя радкі.

Маўчан не вядзе канспектаў. Ён толькі слухае лекцыі. I на сесіі здае экзамены па ўсіх дысцыплінах толькі на «выдатна». Прычым выяўляе такія веды, якія выходзяць далёка за межы падручнікаў і таго матэрыялу, які даецца выкладчыкам на лекцыях. Выкладчыкі да Маўчана адносяцца з павагай: светлая галава, гонар інстытута…

I вось Маўчан стаіць у чарзе, каб атрымаць на сваёй заяве рэзалюцыю: «Аформіць перавод на завочнае аддзяленне…» У бацькоў яго сямёра дзяцей, і працуе адзін бацька. Колю з дому не прысылаюць ні капейкі. Ён жыве на адну стыпендыю. А тут яшчэ трэба адразу заплаціць і гэтыя пяцьсот рублёў…

Маўчану дырэктар інстытута свае рэзалюцыі не дае.

— Ідзіце, падумайце яшчэ, Маўчан.

— Мне няма пра што думаць.

— Ідзіце, трэба ўсім нам падумаць…

Настрой Маўчана ад гэтага не паляпшаецца: тэрмін платы за навучанне жалезны — адзін тыдзень…

Усе, хто не здолее расплаціцца, загадам дырэктара будуць выключаны з інстытута.

Усім нам, каго сваякі «ўзялі на парукі», прыходзяць грашовыя пераводы на пяцьсот рублёў. Маўчану ніхто нічога не прысылае. I яго імя, сярод іншых, праз тыдзень з’яўляецца ў дырэктарскім загадзе: выключыць з інстытута…

Выбіраем ад курса дэлегацыю і спачатку ідзём да дэкана факультэта: няўжо нельга зрабіць выключэнне — улічыць цяжкае хатняе становішча і ў той жа час выключныя здольнасці Маўчана.

Дэкан толькі разводзіць рукамі:

— Я разумею ваш настрой, вашу салідарнасць… Але ж вы самі ўсё разумееце… Схадзіце да Андрэя Ануфрыевіча. Можа, ён што-небудзь здолее…

Ідзём да Андрэя Ануфрыевіча.

— Перадайце Маўчану, каб не пакідаў наведваць заняткі. Мой загад?.. Я вымушаны быў яго напісаць…

— А калі мы самі — між сабою — збяром гэтыя грошы і заплацім за Маўчана?

— Я тут жа адмяню свой загад.

Правесці грашовы збор сярод студэнтаў наша дэлегацыя даручае мне. Правесці, вядома, так, каб Коля ні пра што не здагадаўся, каб не пакрыўдзіць яго. Бо ўсе мы, хто застаўся ў інстытуце, аказаліся як быццам мацнейшымі за яго. (Праз гэтыя праклятыя грошы!)

На курсе не адмаўляецца ніводзін чалавек. Даюць усе, хто колькі можа: тры, пяць, сем рублёў… Усе мы разумеем: толькі мы самі здольны памагчы свайму таварышу. Праз два дні мы здаём у бухгалтэрыю на імя Мікалая Маўчана пяцьсот рублёў — за навучанне. Сярод інстытуцкіх загадаў з’яўляецца новы: «Во изменение приказа №…» Загадваю залічыць студэнтам літаратурнага факультэта Маўчана Мікалая Захаравіча…

Дырэктар інстытута…

…З гэтага дня пачынаецца як быццам нараджэнне новага Маўчана. Ён робіцца больш таварыскі і непрыкметна нават перастае саромецца дзяўчат і піша канспекты кожнай, хто яго папросіць.

Вользе нашай, якая піша страшэнна неразборліва і непрыгожа, Маўчан спісвае цэлыя сшыткі. I самае галоўнае, робіць гэта з вялікай прыемнасцю. Паступова мы пачынаем нават спекуляваць на Маўчанавай дабраце. У нас летась не быў прачытаны курс уводзін у мовазнаўства, і цяпер нам чытае яго падобны на Луначарскага, у пенснэ, прафесар маскоўскага інстытута Благанраваў. Чытае па восем гадзін запар. За гэтыя восем гадзін мы знемагаем дашчэнту. За акном вясна, зеляніна, воля, а тут восем гадзін заняволення!

— Колечка, можа, ты сёння мне папішаш?

— Ты ж не просіш.

— Вось жа прашу…

— На Дняпро пойдзеце? — здагадваецца Коля.

— Не ведаю куды. Я толькі ведаю, што паміраю…

— Жыві! — і Коля Маўчан забірае мой канспект па ўводзінах у мовазнаўства.

…Паступова Коля прывыкае да нашых дзяўчат і зрэдку пачынае заходзіць у наш, сёмы, пакой. Мы яго запрашаем усе наперабой — ён жа наш выратавальнік! Ходзіць з намі ў кіно. У кіно мы і ўдваіх з Маўчанам ходзім.

— Ой, глядзі, будзе табе, як даведаецца Лазоўскі, — пагражае мне Вольга.

— А за што будзе? За што будзе?

— За Кольку Маўчана.

— Ты ўжо зусім здурнела!

— Пабачыш, — рагоча Вольга. — Ужо ўсе дзяўчаты бачаць…

Усе бачаць… А што яны бачаць?

У гэты вечар мы з Колем Маўчанам сварымся. Я кажу яму, што хадзіць яму ў наш пакой няма чаго. Няма чаго рабіць яму ў нас. Але Маўчан усё роўна што слуп!

— А вось і буду хадзіць!

Вы бачылі такога Маўчана?

«Юбілей»

— Сухай, — кажа Адам Бірукоў, — ён глытае «л» перад галоснымі, і таму ў яго атрымліваецца «сухай», — безабразіе! Юбілей — трэба ж адзначыць!

— Як?

Бірукоў чухае патыліцу.

— Значыць, так… Шурум-бурум я бяру на сябе… Ты з дзяўчатамі арганізуй толькі рабочае месца. Талеркі там, відэльцы…

Ну «рабочае месца» арганізоўваецца ў нас вельмі проста… Тыдзень назад загадчык студэнцкае сталоўкі вывез з нашага інтэрната цэлую падводу посуду: талерак, шклянак. Такая ўжо завядзёнка ў інтэрнаце: посуд для ўласнага ўжытку мы цягаем са сталоўкі. Ну і, вядома ж, хто гэта будзе насіцца з лыжкамі і талеркамі назад у сталоўку? Смех! Каму трэба — няхай той і забірае. Няхай на падводзе, няхай на тачцы ці хоць на цягніку… Апошні раз загадчык сталоўкі прыганяў падводу.

Дастаўка сталоўскага вінегрэту і гуляшоў на юбілей — таксама абавязак нашага пакоя. Усё ж астатняе — нейкія кансервы, селядцы і нават каўбасу — Бірукоў дастаўляе сам. Ну і, вядома ж, выпіўку: бутэльку гарэлкі, бутэльку чырвонага віна і піва.

— Ну, я вас сёння паўпойваю, — абяцае нам Бірукоў.

— Пабачым яшчэ! Ты ведаеш, як я п’ю гарэлку? — пытаецца Вольга ў Бірукова.

Не, Бірукоў не ведае. I ніхто з нас, дзяўчат, не ведае гэтага. Мы ведаем другое: Вольга страшэнна любіць узнімаць уласныя акцыі.

З якога выпадку рыхтуецца папойка? Рыхтуемся адзначыць мой «юбілей» — мне спаўняецца васемнаццаць год.

— Ганьку трэба ўпаіць! — рагоча Вольга.

— Не бойся, я не ўп’юся!

Урачыста сядаем усе за стол. Наша гаспадарлівая Фрося зрабіла ўсё так прыгожа, што і сапраўды ў нашым пакоі — свята.

I самае галоўнае — я прычына гэтага свята… У маім жыцці яшчэ ні разу ніхто не адзначаў майго дня нараджэння.

— Ну, з цябе і пачнём! — урачыста ўстае са старшынскага месца Бірукоў і бярэ маю шклянку.

Яны прыйшлі на мой «юбілей» удваіх з Жэняй («па-сямейнаму», — рагоча Вольга). Жэня ўжо цяжарная. Ёй ужо то млосна, то хочацца кіслага… Дурная, патрэбна ёй было тое замужжа, хоць Бірукоў і добры хлопец. Як быццам ім нехта перашкаджаў — і так жа кожны дзень Бірукоў тырчаў у нашым пакоі да адбою, пакуль мы яго ўжо не выганялі. Не, захацелася ажаніцца… Дурная Жэнька!

— Прашу ўсіх напоўніць бакалы, — аддае загад Бірукоў і налівае перш за ўсё ў маю пасудзіну — адразу з усіх трох бутэлек: гарэлкі, віна, піва.

Дзяўчаты працягваюць Бірукову свае «бакалы» — шклянкі і кубкі ўсіх магчымых калібраў, — і Бірукоў налівае ім таксама.

— Хто хоча выказацца? — зусім як у сябе на пасяджэнні камсамольскага камітэта, вядзе далей наша застолле Бірукоў.

— Лепш за цябе, Бірукоў, усё роўна ніхто не здолее, — кажа Фрося.

Бірукоў сам гэта ведае: лепш не скажа ніхто і больш ніхто не скажа. Бірукоў страшэнна любіць прамовы. Ён іх гаворыць на кожным сходзе. Гадзіны па дзве: пра ўсё на свеце — і пра міжнароднае становішча, і пра адказнасць камсамольцаў нашага інстытута ў святле адпаведных рашэнняў, і пра дысцыпліну, і пра паспяховасць…

— Ладна. Згодзен, — зноў як у сябе ў камітэце, упіраецца даланямі ў край стала Бірукоў. — Таварышы! — Ён урачыста выпростваецца. Міжвольна выпростваемся і мы ўсе. — Мы з вамі сёння адзначаем знамянальную дату… Таварышы, сёння спаўняецца васемнаццаць год Ганне Гурновіч. З сённяшняга дня яна становіцца паўнапраўным грамадзянінам нашай квітнеючай Савецкай сацыялістычнай дзяржавы. Паводле асноўнага закона нашай Радзімы, па Сталінскай Канстытуцыі, яна ўжо атрымлівае права прымаць удзел у выбарах органаў нашай Савецкай улады… Таварышы, пажадаем нашай Ганьцы ў гэты ўрачысты яе дзень камсамольскага агню і запалу і пажадаем ёй стаць сапраўдным грамадзянінам нашай Савецкай дзяржавы!.. Праўда, у Ганькі не заплочаны камсамольскія ўзносы за апошнія два месяцы…

— Адчапіся ад яе! — перабівае красамоўства свайго камсамольскага мужа Жэня. — Дай лепей усім выпіць і закусіць, усе галодныя…

— Дазваляю! — чокаецца з усімі намі Бірукоў і першы п’е свой «бакал».

Усе п’юць.

I я, вядома, п‘ю… Ну і брыдота ж! I горка, і соладка…

— Запі вадою, запі вадою! — раіць мне Жэня.

Я запіваю вадою.

Бірукоў налівае ўсім па другому разу. Цяпер ужо жадаюць мне дзяўчаты: і стрэчы, якой я чакаю, і добрай школы, як буду атрымліваць назначэнне, і паспяховых дзяржаўных экзаменаў…

(Калі ўсё гэта яшчэ будзе!)

Потым у нас пачынаюцца танцы. «Пад ензык», як сказаў бы пан Адальф Быкоўскі. «Пад ензык»… Сам Бірукоў іграе нам на губным гармоніку з расчоскі і тонкае курыльнае паперы. Атрымліваецца выдатна. Нашто табе той аркестр…

Мне на гэтым маім «юбілеі», бадай, весялей за ўсіх. Я моцна смяюся, штурхаюся ў крузе, наступаю на ногі. Мне хочацца нейкіх незвычайных дзеянняў, а наш пакой не дае мне разгарнення.

— Хадзем танцаваць на двор! — крычу я на ўвесь пакой.

— Яна здурнела — на дварэ снег ідзе! — падае ад смеху на ложак Вольга.

— Я хачу на снег! — мяне ўжо не ўтрымаць.

— Я табе зараз дам снегу! — стрымлівае мяне Фрося.

Але дзе яна мяне ўтрымае. Р-раз — і я выкруцілася з Фросіных рук. Тапкі зляцелі з ног… Навошта мне тапкі! I без іх горача… Па ўсім калідоры ў адных панчохах я імчу на двор.

На ганку мне таксама цесна. Я саскокваю ў гурбу снегу. Смешна!..

— Яна зусім п’яная! — чую я Фросін голас.

— Ты сама п’яная!

— Ганечка, хадзем у пакой! — заве мяне Фрося.

— Ідзіце самі ў пакой! Я не хачу ў ваш пакой! Я тут буду жыць!

— Гэта ўсё ты, Бірукоў! Яна ж можа памерці… — крычыць на Бірукова Фрося і ловіць мяне за руку. Удваіх з Біруковым яны вядуць мяне ў пакой. Я ўпіраюся, і крычу, і плачу на ўвесь калідор:

— Я не хачу паміраць!..

— Не памрэш, не памрэш, толькі кладзіся хутчэй у ложак, пад коўдру, — распранае мяне Фрося.

Я не хачу паміраць і спяшаюся як мага хутчэй пад коўдру…

I тут жа засынаю як забітая.

Мой «юбілей» адсвяткаваны.

Размеркаванне

У нас у інстытуце існуе літаб’яднанне, якое параджае ўласную «Літаратурную газету» і «Альманах» — рукапісны часопіс, дзе змяшчаюцца творы ўсяго нашага літаратурнага парасніка… Кіраўніком «парасніка», ідэйным і арганізацыйным, з’яўляецца паэт Мікалай Ламака. Яму самому вельмі падабаецца гэта раскацістае «лала», асабліва са сцэны, калі ён чытае ўласныя вершы: «Мікалай Ламака — „Вершам да сонца!..“» Вершы Ламака піша толькі «пад Маякоўскага» — ламаным, лесвічным радком. Ён так і кажа пра сябе (вядома, у першую чаргу) і пра тых паэтаў, якія пішуць толькі такія вершы: «Мы — вучні Маякоўскага!»

Вершы пра каханне ці там пра нейкую месячную ноч або вясну — Ламака глыбока зневажае і заве «мяшчанскім рукадзеллем». Асабіста ён прызнае за паэзіяй толькі сацыяльнае гучанне… Інтымная лірыка, знішчае яе Ламака, можа ўздзейнічаць толькі на хваравітае мяшчанскае ўяўленне.

Не падзяляе погляды нашага ідэолага другі інстытуцкі паэт Мэйлах Лазараў, і ў выніку іх літаратурныя спрэчкі канчаюцца звычайна траха не бойкамі. Лазараў, наадварот, аддае перавагу лірыцы кахання. Гэтак, як некалі Дантэ Беатрычэ, а Петрарка Лауры, гэтак Лазараў сваімі прысвячэннямі дараваў бяссмерце Жэні Шурынай. Ён працягвае пісаць іх і зараз, хоць Жэня ўжо і замужам за Біруковым. (Сама Жэня ўласныя адносіны да лазараўскай паэзіі выказвае так: «Няхай піша, мне яго паперы не шкада».)

Лазараў друкуецца не толькі ў нашых інстытуцкіх выданнях. Ён свае творы пасылае нават у Мінск вядомым пісьменнікам і крытыкам. Так, напрыклад, Мэйлах Лазараў паслаў свае вершы аднаму крытыку і пісьменніку, і той прыслаў яму адказ аж на чатыры старонкі! Гэтым адказам Мэйлах пахваліўся ўжо амаль кожнаму студэнту ў інстытуце. I не толькі студэнтам — выкладчыкам таксама. Лазараў не горш за Ламаку ўмее дэманстраваць уласныя паэтычныя дасягненні.

— В ваших стенах витает муза поэта Лазарева… — калі мы ўжо вельмі разыдземся і забываем слухаць лекцыю, спрабуе ўтаймаваць нас далікатны Назар Андрэевіч — ён вядзе ў нас курс сучаснай рускай мовы.

Што ж да маёй уласнай «музы», дык яна «пад Маякоўскага» не здольна збудаваць нават самага прымітыўнага вершыка. I як бы я ні муштравала яе, як бы ні дапякала на адзіноце, сам-насам з чыстым аркушам паперы, — муза мая ўпартая, як каза… Як я ні б’юся, мая муза — «мяшчанка», ёй бы толькі ўздыхаць пры месячным ззянні пра каханне, пра вясну… Праўда, мая муза яшчэ вельмі сумленна абслугоўвае свой уласны прытулак — сёмы пакой у інтэрнаце па вуліцы Смідовіча, 42…

Восем іх было у сёмай, Дружных і сварлівых. Колькі дзён для іх прабегла Радасных, шчаслівых!..

Або: ідзе экзаменацыйная сесія. Наш сёмы «в поте лица» ўгрызаецца ў граніт навук. I тут жа, побач, пад рукамі, як заўсёды, штурхаецца мая муза:

Мінавала даўно поўнач, Пеўні праспявалі. Ноч з усходам гаманіла, А ў нас не спалі…

Выдатныя гэтыя вершы, вядома ж, перш за ўсё ідуць на агульны ўжытак нашага пакоя і становяцца яго класікай: усе дзяўчаты, як адна, ведаюць іх на памяць ад першага да апошняга радка! Вершы гэтыя прыгожа запісваюцца таксама ў мой агульны сшытак — бязмоўную труну ўсіх мёртванароджаных дзяцей мае музы…

У інстытуцкім альманаху, адціснутае Мікалаем Ламакам, недзе на самай апошняй старонцы, самае апошняе месца займае маё паэтычнае мяшчанства — вершы пра каханне.

Дзяўчаты загрызаюць мяне, чаму я не надрукую ў альманаху верш пра наш пакой… Каму не хочацца славы і бяссмерця! А я, дурная, замест таго каб узводзіць помнікі, замуроўваю сяброўства.

Тым часам надыходзіць дзень, які прымушае ўсіх нас успомніць і падумаць перш за ўсё пра грэшную зямлю. Надыходзіць час нашага размеркавання на работу. I вось тут упершыню па-сапраўднаму кожны з нас прадстае, як перад самім богам, перад Дзяржаўнай камісіяй. Перад гэтым даўжэзным, як зялёнае поле, сталом усе нашы характары праходзяць голыя, як навабранцы. Тут ужо нас не зблытаеш і не абагуліш!

Адзін на карце Беларусі — яна вісіць на ўсю сцяну збоку ад Камісіі — будзе выбіраць школу абавязкова на чыгунцы ці непадалёку ад яе. Каб было зручней трымаць сувязь з цывілізацыяй… Другі пацікавіцца, а якая ў яго будучай школе мясцовасць, якія краявіды: ці ёсць паблізу рэчка і лес. Каб не трапіць у якое-небудзь сяло сярод голага поля… А трэці раптам прыкіне, ці можна будзе маладому настаўніку прыдбаць уласную кароўку або трымаць парсюка: як ні кажы, на новым месцы, на самым пачатку забудавання новага жыцця спатрэбіцца нямала выдаткаў, і адной настаўніцкай зарплатай наўрад ці абыдзешся…

Даходзіць чарга да мяне. Недзе на Віцебшчыне, ці не толькі на самай граніцы з Літвою, ёсць нейкая Шаркаўшчына (якая шурпатая назва!). Там патрэбны літаратары. Ехаць туды?.. А зрэшты, чаму не паехаць выкладаць мову і літаратуру ў гэтую шурпатую Шаркаўшчыну?.. Кажуць, там ёсць возера ці азёры… Можа, яна якраз будзе не горшая за Фросіна гладкае, як паліваны збанок, Глыбокае? Да таго ж яны недзе ў адным баку… Падпісваюся пад Шаркаўшчынай.

На краі свету

У суботу, пасля лазні, мы з Фросяй прыйшлі ў інтэрнат і сушым валасы. Я сяджу на ложку раскудлачаная, у старой аблезлай сукенцы.

З трэскам расчыняюцца дзверы — на парозе Надзька Бохан:

— Ганька, цябе выклікаюць! — бразь дзвярыма — і няма.

Хто выклікае, чаго выклікае… Куды — вядома. Выклікаюць усіх нас звычайна да дзвярэй тэхнічкі Кабетавай. Там у нас своеасаблівы прапускны пункт. Я намерваюся бегчы за Надзькай.

— Куды ты! Зірні на сябе ў люстра!.. — стрымлівае мяне Фрося.

Я спехам расчэсваю валасы і бягу да дзвярэй Кабетавай.

Каля акна, абапёршыся на падаконнік, стаіць высокі хлопец у новенькай, з іголачкі, курсанцкай форме, Лазоўскі?!.

— Добры дзень!

— Добры дзень… — я, як спынілася ад нечаканасці, за тры крокі, так і не скранулася з месца.

— Ну, дык, можа, мы хоць павітаемся!.. — Лазоўскі адходзіць ад акна, бярэ мяне за рукі, лёгенька прыцягвае да сябе: я ледзь дастаю галавой да яго плечука.

— Ого! Дык ты вунь ужо якая вырасла!..

Мне прыемна гэта чуць, але ўсё роўна…

— Чаго ж ты маўчыш? Не рада, што я прыехаў?

Гэта я не рада… Я такая радая, што вось-вось заплачу ад радасці…

А ў нашым пакоі дзяўчаты дзівяцца: чаго гэта мяне так доўга няма, хто там мяне выклікае.

Вольга і Насця ідуць у разведку.

— Глядзі — Лазоўскі прыехаў!.. — пазнае і пырхае ад смеху Вольга.

Насця кідаецца назад у пакой.

— Дзяўчаты, да Ганькі Лазоўскі прыехаў!

Вольга крочыць напралом.

— Здароў, Лазоўскі! — сама першая падае яна яму руку. — Во які вымахаў! I ўвесь у значках, як генерал усё роўна! — Вольга мацае значкі на гімнасцёрцы ў Лазоўскага.

— А ты чаго ж не расцеш? — жартуе Лазоўскі і кружыць Вольгу вакол сябе.

Вольга рагоча на ўвесь калідор:

— А твая Ганька вельмі вырасла.

Я прападаю ад сораму: «твая…»

— Ганька вырасла…

— Усё роўна, які дзічок была, такі і засталася, — рагоча Вольга і накідваецца на мяне. — Дык чаго ж ты трымаеш яго тут, пад дзвярыма? Жаніх прыехаў, а яна…

«Жаніх…» Я ўжо зусім гіну. А Вольга, нібыта гэты жаніх прыехаў не да мяне, а да яе, смела бярэ Лазоўскага пад руку і — дрып-дрып — дробненькімі крокамі вядзе яго па калідоры ў наш пакой. На Вользін голас і гаману то адны, то другія адчыняюцца на калідоры дзверы. I тут жа з трэскам захлопваюцца: па калідоры ідзе гэтакі бляск!

— Бачылі нявесту! — з парога крычыць нашым дзяўчатам Вольга. — Каб не я, дык яна і да ночы не здагадалася б запрасіць жаніха ў пакой.

Зноў жаніх!

— Здравія жалаю! — выцягваецца ў струнку і прыкладвае руку да бліскучага казырка — вітаецца з дзяўчатамі Лазоўскі.

Фрося як старэйшая сярод нас ідзе вітацца з Лазоўскім першая. Потым па чарзе вітаюцца ўсе дзяўчаты.

— Чаму ж не напісаў? Страчалі б, — кажа Фрося.

— Хацеў так… Хацеў захапіць знячэўку, — смяецца Лазоўскі.

— Дык і захапіў! — рагоча Вольга.

I толькі цяпер усе абарочваюцца да мяне і заўважаюць, які ў мяне выгляд. А мне лепей бы скрозь зямлю праваліцца ў гэтай маёй аблезлай сукенцы. Які сорам!

— Ану, пайдзі на кухню і пераадзенься — надзень другую сукенку, а гэту скінь. — як малой, загадвае мне Фрося.

— Лепей я выйду. Заадно і пакуру… — кажа Лазоўскі — яму, відаць, таксама закурыць не лішне.

— I я з табою пайду, каб цябе там дзяўчаты ў чужы пакой не перахапілі, — смяецца Вольга.

— А ты, Вольга, зусім не перамянілася, — прапускае Вольгу наперад Лазоўскі.

Што тут пачынаецца ў пакоі!

— Надзень, Ганька, маю белую шаўковую блузку…

— Нашто ёй блузка? Ёй лепш ідзе маё чорнае плацце…

Сама я гэтай стрэчай канчаткова збіта з толку: што мне лепш, што мне горш… Вядома ж, хочацца, каб лепш, каб прыгажэй выглядаць.

— Адчапіцеся ад яе. Няхай надзене сваё ленінградскае маркізетавае з крыльцамі. Яно ёй да твару і пашыта добра.

Амаль усім пакоем дзяўчаты памагаюць мне (а што там памагаць?) надзяваць маё белае маркізетавае плацце з крыльцамі… Я і сама яго люблю.

— Ну, бачылі? Ты ў нас, Ганечка, прыгожая! — абнімае мяне Фрося. — Зірні сама ў люстра.

Я гляджуся ў люстра. Як быццам нічога… Толькі вось валасы — пасля мыцця распушыліся на ўвесь пакой, як дурныя… Мы з Лазоўскім страчаемся за столькі часу ўпершыню. Амаль за два гады. Можа, я яму яшчэ і не спадабаюся… Дзяўчатам я, вядома, нічога не кажу пра свой неспакой.

Бах у дзверы! Гэта Вольга.

— Ці хутка вы там? Усё роўна як да вянца… — яна ўжо на парозе.

Ну і язык, ну і язык!.. Хоць ты забі яе.

— Можна? — на дзве галавы ўзвышаецца над Вольгай Лазоўскі.

— Глядзі, якая яна ў цябе!

— Вольга!

— Прыгожая, праўда?

— Прыгожая.

— Вольга!

— Ну, вось бачыш, якая дурная. Праходзь, Лазоўскі, сядай да стала, а то твая Ганечка зроду не здагадаецца запрасіць…

Мы ўсе садзімся да стала. Спачатку гутарка не вельмі ладзіцца. Каб не Фрося ды каб не Вольга з яе жартамі, так, мусіць, і сядзелі б. Вольга кідае на стол карты.

— З вамі, я бачу, нагаворышся… Давайце лепей у «падкіднога» згуляем.

«Падкідны» вельмі хутка ўсіх нас аб’ядноўвае. Неўзабаве ўжо мы і «падкіднога» пакінулі і сядзім, спяваем. Перш за ўсё нашу студэнцкую, развітальную. Усе мы ўжо маем афіцыйныя накіраванні на работу. Застаецца толькі здаць дзяржаўныя экзамены, і там…

— Ты ведаеш, куцы яе запёрлі? — паказвае на мяне Лазоўскаму Вольга.

— Ведаю.

— Крышка, брат! — Вольга вельмі выразна ілюструе маю «крышку». — А мне пашанцавала. Я ў свой раднюсенькі Прапойск… А Фроську накіравалі ў Глыбокае.

— Гэта ў тым баку, дзе Шаркаўшчына, — кажа Лазоўскі.

— Усё ён ведае! — захапляецца Вольга.

— Не трашчы! — спыняе Вольгу Насця. — Дзяўчаты, тры, чатыры…

Окончим вуз, и по глухим селеньям Нас разошлют в далекие края…

Потым мы спяваем. «В далекий край товарищ улетает», потым «Дан приказ: ему — на запад», «Если завтра война…». Если завтра война… На свеце вельмі неспакойна. Ужо на захадзе палыхае полымя вайны… Але нам, савецкім людзям, вайна не страшная. Як адзін чалавек, увесь савецкі народ за свабоду Радзімы ўстане!.. Вораг будзе разбіты на яго ўласнай тэрыторыі… Ні пядзі сваёй зямлі мы не аддамо нікому!

Мы пераспеўваем у гэты вечар усе песні нашых год, нашага пакалення.

З калідора раз-пораз у наш пакой заскокваюць дзяўчаты з суседніх пакояў: пазычыць хлеба, пазычыць праса, а Надзьцы Бохан раптам спатрэбіўся канспект па асновах марксізму-ленінізму…

— Бачыў? — падміргвае Лазоўскаму Вольга.

— А ты бачыла, што ўжо тытан закіпеў? — звяртаецца да Вольгі Фрося.

— Дык няхай Ганька і клапоціцца!

— Ты сёння дзяжурная.

— Я буду дзяжурыць за яе! — я і сапраўды рада нешта рабіць. Мне ўсё роўна… Лазоўскі сядзіць з аднаго боку стала. Я — з другога. Нам за цэлы вечар і слова не ўдалося сказаць адно аднаму.

— Будзем піць чай, — засцілае чыстым абрусам стол Фрося — нам сёння якраз яго памянялі.

З-за акон, з тумбачак на стол выкладваюцца ўсе, якія толькі ёсць у нас, харчовыя запасы. Баляваць дык баляваць! Збіраем усе, якія знайшліся, шклянкі і кубкі.

Мяне адпраўляюць на кухню, да тытана, па вар. Па дарозе мяне затрымлівае Надзя Бохан.

— Прыехаў?.. — па-змоўніцку падміргвае яна мне.

— Прыехаў! — я адчуваю двайную радасць: няхай пойдзе скажа яшчэ і сваёй сяброўцы Нюшы Філіповіч: Нюша таксама была б вельмі рада, каб лепш не прыехаў…

За чаем нас застаюць Жэня і Адам Бірукоў. Яны часам яшчэ пра нас успамінаюць… Па старой звычцы, хоць Аня Славіна і працуе ў школе, прыходзіць да нас з гітарай Зора Рубанаў (яны з Фросяй зараз рэпеціруюць «Васу Жалязнову» — абое ў інстытуцкім драмгуртку). Недзе ў поўнач ужо з’яўляецца Коля Маўчан і Ганік Дорахаў — сябра Маўчана і родны брат Ларысы Дорахавае — Фросінае і мае сяброўкі, таксама цяпер ужо настаўніцы… Дзяўчаты нашы непрыкметна пераглядваюцца, Вольга фыркае ў кулак. А мне зусім не да смеху. Маўчан можа выкінуць яшчэ якую штуку. Ён мне ўжо не раз казаў: «Я твайго Лазоўскага заб’ю, як прыедзе…» Фрося налівае чаю і Маўчану з Дорахавым.

— Сядайце да стала, хлопцы.

Маўчан адстаўляе свой кубак, Дорахаў спадылба пазірае на Лазоўскага салаўём-разбойнікам.

— Ларыса даўно табе пісала? — звяртаецца Фрося да Ганіка Дорахава.

— Пісала… — неахвотна адказвае той.

— А нам з Ганькаю чамусьці не піша.

— I правільна робіць, што не піша… вам з Ганькаю… — робіць нядобры націск Дорахаў.

— Ну, ты не вельмі! — прыкрыквае на яго Фрося, і Ганік не адважваецца ёй пярэчыць.

Потым зноў мы гуляем у «падкіднога», зноў спяваем усе, якія толькі ведаем, песні. У Бірукова на гадзінніку першая ўжо гадзіна.

— Дарагія гаспадары, ці не надакучылі вам госці? — першы ўстае з-за стала Лазоўскі.

— Гледзячы якія… — панура абзываецца з кутка Маўчан.

За ўвесь вечар ён не вымавіў ніводнага слова.

— Іншых можна і папрасіць… — дапаўняе сябра Дорахаў.

Я гляджу на Маўчана, і ён разумее мой позірк: «Чаго ты прыйшоў? Хто цябе чакаў?..»

Лазоўскі развітваецца з усімі за руку. Падае руку Маўчану. Той неахвотна працягвае сваю. Дорахаў цырымонна раскланьваецца. Лазоўскі паціскае плячыма і нічога не кажа… Я іду яго праводзіць. Ён будзе начаваць у гасцініцы.

Нарэшце! Нарэшце, за цэлы вечар, з сямі гадзін, мы адны. Двор і ўвесь свет заліты ззяннем поўніка — хоць збірай іголкі.

— Ганька… Гэта ты? — спыняецца і мяне затрымлівае таксама Лазоўскі.

— Я…

Мы доўга стаім у нас на ганку, потым, пабраўшыся за рукі, доўга развітваемся каля варот.

— Далей ты не ідзі. Позна. Будзеш баяцца…

— Не буду…

— Не трэба. Я прыйду па цябе заўтра раненька, і мы з табою пойдзем блукаць… Добра?

— Добра… (Добра, яшчэ як добра! Я гатова ісці за табою на край свету…)

…Назаўтра — дзяўчаты ўсе яшчэ спяць, адна я ўстала, сабралася і ўжо чакаю — раздаецца асцярожны стук у дзверы. Не трэба і пытацца — я іду насустрач гэтаму стуку. Стараюся сама не грукнуць дзвярыма, каб не пабудзіць дзяўчат.

I зноў мы ўдваіх.

— Выспалася? Не хочаш спаць?

— Не хачу… (Які там сон. Я амаль усю ноч не заснула.)

— Табе не холадна?

Майская раніца такая прыветная, такая сонечная.

— Куды пойдзем?

Якая розніца. Я ж сказала ўчора.

— Ты ў мяне маладзец!

Не згаворваючыся, мы ідзём да Дняпра.

— Ты надоўга? — адважваюся спытацца я.

— Надоўга…

— Наколькі?

— Да заўтрашняе раніцы…

— Ай…

— Мы з табою хутка стрэнемся зноў. Назусім. Добра?

— У мяне ж ужо накіраванне…

— А я прыеду і ўкраду цябе!

— А як нас у турму?

— Дык пасадзяць жа нас удваіх!

Удваіх — няхай сабе і ў турму…

Удваіх мы блукаем цэлы дзень. Лазім па дняпровых кручах. Умошчваемся і сядзім на выгнутым ствале хваіны-ліры.

— Памятаеш, як мы сядзелі тут з табою?..

— Памятаю… (Усё памятаю!)

— I тут развіталіся?

— А цяпер страчаемся.

— Ты не ведаеш, як я чакаў гэтага дня!

(Не, гэта ты не ведаеш, як я яго чакала…)

Потым мы катаемся на Дняпры на лодцы. Пераязджаем на другі бераг, на Збароўскі луг. Нам хочацца піць, і мы рвём кіслае — аж сківіцы зводзіць — шчаўе. А згаладаўшыся, зноў пераязджаем на лодцы на свой бераг. Перавозчык, сівы згорблены дзядок, не то цешыцца з нас, не то шкадуе:

— Маладосць, маладосць…

(Была ж некалі яна і ў яго…)

Абедаем мы ў гарадскім рэстаране. Сядзім удваіх за столікам. У нас нават па кілішку чырвонага віна. Закусваем вінегрэтам і гуляшамі. У рэстаране мы страчаем нашых хлопцаў-студэнтаў. Хлопцы выразна пазіраюць у наш бок: ого! Я разумею, што лячу з галавою ў вір — і ўсё роўна вір гэты мне жаданы. Мне свае галавы не шкада…

Вечарам мы ідзём у кіно па Цымерманаўскай. Нічога не чуем і не бачым, сядзім паўтары гадзіны. А потым заходзім у гасцініцу ўзяць Ванеў шынель.

Вечары яшчэ свежыя. I праседзець на вуліцы распранутымі — будзе холадна. Будзе холадна мне — Ваня пра мяне клапоціцца, каб не прастыла.

На ўтульнай Задруцкай вулачцы мы выбіраем незаняты ганачак і займаем яго на цэлы вечар. (У Ваневым шынялі мне цёпла, і я не буду спяшацца дадому.) На суседніх ганках таксама сядзяць пары. Гэта нашы, студэнцкія, ганачкі.

— Ты толькі хутка пішы, адразу, як заедзеш…

— А ты мне адразу адказвай. Добра? А праз год, у гэту пару, мы ўжо будзем разам…

I зноў мы вяртаемся да таго, што, здаецца, усё перагаварылі ўжо за цэлы дзень. Пра ўсё дамовіліся. Усё вырашылі…

Ён прыедзе да мяне… У маю новую школу. Ён прыедзе і забярэ мяне. I мы паедзем — разам ужо. (Хоць на край свету!) Каб потым быць ужо толькі разам. Толькі ўдваіх…

А потым зноў гэтак жа доўга развітваемся мы ў нас у інтэрнаце, на ганку. Світае. Да адпраўлення цягніка трэба яшчэ забегчы ў гасцініцу разлічыцца.

На вакзале Ваня прымушае мяне выпіць шклянку чаю. Сам ён закурвае папяросу.

Над ранішнім умытым перонам гучаць чыгунныя ўдары — прыбывае пасажырскі цягнік. Імгненныя сем мінут стаянкі…

Цягнік зноў рухаецца з месца. А мы ўсё яшчэ трымаемся за рукі.

— Пішы!

— Чакай!

* * *

А праз месяц і дванаццаць дзён пачалася вайна.

1965–1969, Каралішчавічы—Дубулты

Оглавление

  • Частка першая
  •   Храстовы кароль
  •   Лялькі
  •   Калонія
  •   Мы — студэнты
  •   Стыпендыя
  •   Жыццё-быццё
  •   Вучымся
  •   Метамарфоза
  •   «Шагай наперад, камсамольскае племя…»
  •   Падаюць сняжынкі
  •   Крылы
  •   На небе
  •   На зямлі
  •   Начны матылёк
  •   Прафшкола
  •   Халва
  •   Што я сабе думаю
  •   Хвароба
  •   Жывыя жывуць
  •   Аб’ява ў газеце
  • Частка другая
  •   Спатканне
  •   Еду на край свету
  •   За акном цягніка
  •   Няма спакою на зямлі
  •   «Дан приказ…»
  •   Сёмы
  •   Масква
  •   Валодзя прыехаў
  •   Свята ў Змяёўцы
  •   Пісьмо! Пісьмы…
  •   Еду ў Ленінград
  •   «Канчай інстытут»
  •   Коля Маўчан
  •   «Юбілей»
  •   Размеркаванне
  •   На краі свету Fueled by Johannes Gensfleisch zur Laden zum Gutenberg

    Комментарии к книге «Пачакай, затрымайся...», Елена Семеновна Василевич

    Всего 0 комментариев

    Комментариев к этой книге пока нет, будьте первым!

    РЕКОМЕНДУЕМ К ПРОЧТЕНИЮ

    Популярные и начинающие авторы, крупнейшие и нишевые издательства