Рыгор Няхай
Калiна
Аннушка - гэта прыбiральшчыца ў школе, а Калiна - вартаўнiк. Аннушка гаспадарыць у класах i калiдорах, а Калiна заўсёды на двары. Толькi ранiцай, калi густы зiмовы змрок засцiлае наваколле, Калiну таксама можна пабачыць у класах. Гэта здараецца так. Аннушка прачынаецца задоўга да свiтання. Ёй трэба перад заняткамi напалiць печы. Асцярожна, каб не разбудзiць Калiну, яна запалiць на кухнi святло i пачынае апранацца. Аднак i Калiна ўжо не спiць. Адным вокам ён наглядае за Аннушкай, i калi яна ўжо амаль гатова пераступiць парог, сурова спыняе:
- Аннушка, куда пашол?
Аннушка вiнавата затупае нагамi i знарок стукне якой-небудзь каструляй, нiбы збiраецца гатаваць снеданне. Калiна з такой упэўненасцю размаўляе з Аннушкай таму, што ў яго заўсёды напiлавана i наколана дроў удосталь. А нанасiць iх у класы ён лiчыць таксама сваiм абавязкам. Калiна спакойна апранаецца i шчыльна зачыняе за сабой дзверы. Ён усё робiць спакойна, але затое ўпэўнена, так, што пераробак пасля яго нiякiх не трэба. Праз некалькi хвiлiн печы палаюць. Тады Калiна вяртаецца, i яны з Аннушкай мяняюцца месцамi. Калiна застаецца дома, а Аннушка iдзе ў класы. Так паўтараецца кожны дзень.
Жылi яны дружна. I нiколi нiхто з настаўнiкаў не чуў, каб яны перакiнулiся зняважлiвым словам. А што датычыцца iмён, дык нiхто iх iнакш не называў. Аннушка i Калiна нават крыўдзiлiся, калi хто-небудзь iх называў iнакш. Так i пайшло ў сяле - "Аннушка i Калiна". Усе адчувалi, што ў гэтым была своеасаблiвая павага i пашана да iх. Колькi ён з Аннушкай працаваў ў школе, нiхто не памятае, бо настаўнiкi мянялiся, а Калiна заставаўся i лiчыў сябе тут поўным гаспадаром або, як ён гаварыў для жарту, "намеснiкам дырэктара па гаспадарчай частцы".
Калiна быў чалавекам маўклiвым i толькi ў добрым настроi ўступаў у размову. Вось з гэтых асобных размоў i ўдалося ўстанавiць некаторыя весткi з бiяграфii Калiны. Ён чуваш па нацыянальнасцi. Да рэвалюцыi працаваў парабкам у пана ў глухiм чувашскiм сяле. Грамаце яго нiхто не вучыў, так што Калiна не ўмеў нi чытаць, нi пiсаць. У час iмперыялiстычнай вайны яго забралi ў армiю i кiнулi на Заходнi фронт. Тут ён i ваяваў, пакуль не паранiла. Куля прабiла шчаку, i ў яго не засталося нiводнага зуба. Аннушка, у якой муж быў забiты на фронце, узялася вылечыць Калiну. У хуткiм часе ён стаў на ногi, толькi замест здаровых маладых зубоў у яго былi цяпер устаўныя скiвiцы, а зубы нагадвалi пiлу. Можа таму ён i не мог выгаварыць правiльна асобныя словы... Вось так ён i прыжыўся ў нашым сяле, пасялiўшыся з Аннушкай у школе. I не адно пакаленне вучняў саграваў у класах.
Галава яго была сiвая. Кароткiя серабрыстыя валасы няроўнымi пасмамi звiсалi над маршчынiстымi ўпалымi шчокамi. Усе думалi, што Калiна нiколi не стамляўся. Бывала, iдуць урокi, а Калiна падмятае двор, каб дзецi маглi пабегаць на перапынку па чыстай траве. Падмятаць двор у час урокаў не ўваходзiла ў яго абавязкi. Але цi можна вызначыць мяжу абавязкаў чалавека працы? Школа - гэта яго дом, яго радня, i нiчога на свеце не было яму даражэй за сваю школу. Часам здарыцца якi-небудзь непрыемны выпадак неасцярожныя вучнi акно разаб'юць цi што, - Калiна перажывае разам з усiмi i па-свойму фармiруе сваю мараль:
- Бегаў, бегаў i разбiў. Калiна ўставiць акно, але бегай цiшэй. Вучыцца трэба, а не бегаць...
Апошнi раз перад вайной мы бачылi Калiну вясной, калi закончылi экзамены i раз'язджалiся ў адпачынак. Кожны з настаўнiкаў ведаў, што Калiна за лета дагледзiць нашы кватэры, навозiць дроў, а восенню мы iзноў прыступiм да заняткаў. У школе застаўся адзiн дырэктар, каб зрабiць да восенi невялiкi рамонт. Але да рамонту яму так i не прыйшлося прыступiць: пачалася вайна. Калi фронт наблiзiўся да нашай вёскi, дырэктар выклiкаў Калiну да сябе:
- Ну, Калiна, застаешся ты ў школе за гаспадара. Наблiжаецца вораг, i мне трэба заняцца iншымi справамi.
Дырэктар не сказаў аб тым, што ён па заданню райкома iдзе ў лес падрыхтоўваць партызанскую базу, толькi дадаў:
- Мы яшчэ ўбачымся i будзем працаваць па-ранейшаму.
Калiна атрымаў ключы ад школы i адразу стаў заклапочаным. Ён доўга хадзiў навокал школы, заглядаў у класы i кабiнеты, аб нечым шаптаўся з Аннушкай i толькi ноччу прыступiў да справы. Ноч была трывожная i неспакойная. За лесам свяцiлi ракеты, чутна была артылерыйская i кулямётная перастрэлка. На дарозе гулi машыны i тарахцелi абозы. Наша армiя адступала. Непадалёку ад школы ў бярозавым гаi Калiна з Аннушкай усю ноч капалi яму. Калi яма была гатова, дно заслалi галiнкамi i саломай, а потым брызентам. Моўчкi, як бы хавалi нябожчыка, яны зносiлi сюды мiкраскопы i гербарыi, карты i глобусы, сшыткi i падручнiкi, дакументы i партрэты. К ранiцы ўсё гэта было старанна закрыта дошкамi i закапана зямлёй.
- Аннушка, пашол спаць, - сказаў на свiтаннi Калiна.
Ён ведаў, што такое вайна. Тут маглi быць баi, i школа магла згарэць. Тут маглi спынiцца салдаты, i ўсё паляцела б на вулiцу.
Калi назаўтра ў двары з'явiлiся варожыя салдаты, Калiна i Аннушка не выйшлi з кватэры. Iх адшукалi i прывялi да афiцэра. Iм растлумачылi, што тут будзе прыфрантавы шпiталь i нiкога пабочнага ў школе не павiнна быць. Калiна зрабiў выгляд, што нiчога не разумее. Тады салдаты пачалi выкiдаць на вулiцу рэчы i псаваць iх. Калiна сеў каля ганка i не сышоў з месца. Аннушка сядзела побач. Толькi падвечар Калiна з Аннушкай iзноў узялiся за рыдлёўкi i ў кутку школьнага двара пачалi капаць зямлянку i зносiць туды свой набытак. Калiна не мог змiрыцца з тым, што ён тут ужо больш не гаспадар. Раз дырэктар яго прызначыў быць тут, аддаў яму ключы, значыць, ён не мае права пакiнуць школу што б там нi было.
Не паспеў Калiна звыкнуцца са сваiм становiшчам, як шпiталь пачаў выязджаць, а школу заняў камендант. Немцы перш-наперш агледзелi ўсе памяшканнi i двор. Заглянулi яны i ў зямлянку, але пры iх з'яўленнi Калiна не ўстаў. Ён ляжаў на нарах, увесь зарослы, як корч, пануры i злы.
- Хто такiя? - спытаў камендант.
- Рабочыя. Тут, пры школе, - адказала Аннушка праз перакладчыка.
- А гэта? - паказаў ён на Калiну.
- Вартавы. Божы чалавек.
Камендант падумаў i махнуў рукой. Пры выхадзе ён толькi загадаў, каб Аннушка насiла ваду ў камендатуру. Калiна ж ляжаў i думаў, наколькi гаротнай можа прыкiнуцца Аннушка. Але цi прыкiнуцца?.. Хiба сапраўды не гаротны яе лёс? А яго, Калiны?
Пачалася новая старонка барацьбы за школу. Калiна выходзiў з памяшкання зрэдку, толькi тады, калi трэба было дапамагчы Аннушцы. Ён чэрпаў ваду, даносiў вёдры да ганка, а далей ужо несла яна. Вечарамi ляжаў на нарах i нудзiўся. Аннушка прыходзiла змораная, апускала рукi на каленi i так падоўгу сядзела. Яе прыземiстая постаць як бы ўрастала ў табурэтку. Аб чым яна думала? Каб разварушыць свайго вернага друга, Калiна пачынаў думаць уголас:
- Цяжка быць начальнiкам, - для пачатку ўздыхаў ён. - За ўсё адказвай. А дзе цяпер мой дылектар? Жывы? Забiты? Як ты думаеш, Аннушка?
- Ат, адчапiся, - нязлосна гаварыла яна.
- Аннушка, ты мяне не понял. Я хачу, каб дылектар быў жывы i дзецi ў школу прыйшлi...
Аннушка толькi кiвала галавой.
- Ах ты, Калiна, Калiна! Хiба ты не бачыш, якi цяпер дырэктар над намi? Рукi пачынаюць пухнуць ад вёдраў. I куды яны толькi жлукцяць гэтулькi вады?.. Спi. Я пайду казу дагледжу.
I Калiна пачынаў рагатаць шчыра, ад душы. Чаму ж не парагатаць? Ён жа дома, пры школе. Аннушка забылася, што казы ўжо няма. Камендант чамусьцi не любiць коз. Ён з першага ж дня загадаў, каб казы не было на двары, i Аннушка адвяла сваю рыжулю на сяло. Вось дык чалавек гэты камендант! Смешна. Колькi было дырэктараў школы, усе толькi хвалiлi Аннушкiну казу, бо малако было надта смачнае, густое. А тут гэты камендант чамусьцi назваў яе "юда" i ўзяўся пальцамi за нос. Каза, як на злосць, яшчэ некалькi разоў прыбягала з сяла i меркатала ў бярэзнiку, якраз насупраць акна каменданта. Яна клiкала Аннушку, але першы адгукаўся камендант. У школе паднiмаўся вэрхал. Пакуль камендант выбежыць з пiсталетам, Аннушка са сваёй рыжухай ужо схаваецца за сельскiмi хатамi. Так для рыжухi раз i назаўсёды было забаронена з'яўляцца на школьным двары. Камендант яшчэ некалькi разоў дапытваўся ў Аннушкi, цi жыва каза. Аннушка кiвала галавой, што не, яе, моў, "чык-чык", зарэзалi, i праводзiла рукой па горле. Ды Калiна i сам быў зацiкаўлены, каб каза тут больш не з'яўлялася. Гэта пагражала яго службоваму становiшчу - камендант мог выселiць са школьнага двара.
Калiну прыемна было хоць чым-небудзь развесялiць Аннушку. Аднак смех у Калiны праходзiў хутка. Было не да смеху. У школу прыводзiлi людзей на допыт, i знаёмых i незнаёмых. Калiна i Аннушка чулi i бачылi ўсё. Тых, каго прыводзiлi, называлi партызанамi i пасля допыту кудысьцi адпраўлялi. Дзiўна i балюча было чуць, калi замест вясёлых дзiцячых галасоў i смеху са школы даносiўся немы енк, галашэнне жанок, адтуль выводзiлi скрываўленых людзей. А калi ў школу прывялi падлетка, вучня сёмага класа, Калiна не стрымаўся. Вочы яго пацямнелi, твар перакасiўся, i Калiна стаў не падобным да сябе.
- Што зробiм, Аннушка?!
- А што ты зробiш? Сядзi i маўчы, пакуль за цябе не ўзялiся.
Аннушка стаяла перад Калiнам i плакала. З-пад хусткi, якая некалi была белай, выбiлiся чорныя з сiвiзной валасы. Слёзы разышлiся па маршчынках, як дажджавая вада па градках. Калiна пацямнеў з твару.
- Трэба далажыць дылектару, Аннушка.
Аннушка маўчала. Назаўтра яна пайшла ў сяло i ўсiм расказвала, як катавалi Янку, вучня сёмага класа. Гэта падобна было на заклiнанне кабет, каб пайшоў дождж у засуху цi каб хвароба адышла ад чалавека. Кажуць людзi, што чуткамi поўнiцца зямля. Пачуў дырэктар. Пачуў ён на другi цi на трэцi дзень. Не ведала Аннушка, што яна гаварыла i са звычайнымi людзьмi i з партызанскiмi сувязнымi. Неўзабаве ў зямлянку зайшла дзяўчынка. Ох узрадавалася Аннушка, дык гэта ж Ядзя, самая цiхая вучанiца ў школе. Аннушка кiнулася пачаставаць яе малаком, але так i паставiла конаўку на месца: казы ўжо не было.
- Гэта вам, дзядзька Калiна, - падала Ядзя бляшаную ручку, у якой з аднаго боку ўстаўляўся аловак, а з другога пяро.
Калiна агледзеў ручку з усiх бакоў i дастаў з сярэдзiны паперку. Аннушка надзела акуляры i доўга сядзела перад акенцам. Цяжка было ёй разбiраць лiтары, але яна разабрала.
- Дзякуй, Ядзя, усё зробiм. Толькi як жа ты скажаш дырэктару?
- Нiчога, скажу, - заспакоiла дзяўчынка.
Вечарам Аннушка чытала па складах:
"Дарагi Калiна Iванавiч!
Дзякую табе i Аннушцы за чэснае выкананне службовага абавязку. Я ведаю аб вас усё. Партызаны рашылi ачысцiць вёску ад акупантаў. Але каб ачысцiцца ад iх, нам трэба ваша дапамога. Да вас зойдзе Юзiк, памятаеце, што ў восьмым класе вучыўся, такi шчупленькi хлапчук у чорным фрэнчыку. Дык вось, ён прыйдзе. Раскажыце яму, калi ласка, колькi пры камендатуры ўсяго жандараў i палiцыi; дзе яны начуюць, чым узброены, дзе стаяць вартавыя. А што далей вам рабiць, скажа Юзiк. Бывайце здаровы. Да хуткай сустрэчы, дарагi Калiна. Гэтую запiску, як прачытаеш, спалi.
Канстанцiн Фёдаравiч".
Калiна не спаў усю ноч. Шумелi, гайдалiся бярозкi за акенцам зямлянкi. Да шыб прылiпала мокрае лiсце. Сукi перапляталiся памiж сабой, то апускалiся, то з шумам ускiдалiся ўгару. Вецер блытаўся ў галiнках, то шыпеў, як сырое галлё на агнi, то завываў ваўком. Калiну мроiлiся ў гэтым шуме невыразныя затоеныя скаргi, енк i мальба. Ён хацеў зразумець гэтую музыку начы i не мог...
Ранiцай прыбег Юзiк. Ён скiнуў ватоўку i пачаў заўзята церцi рукамi, каб сагрэцца.
- Золка. Замерзнуць можна.
Кашаль разбiваў Юзiку грудзi.
- Выпi вару з малiннiкам. Я табе драбок цукру знайду. - Аннушка была ласкавая да Юзiка, як мацi.
Юзiк, спяшаючыся, сёрбаў, ажно капелькi поту выступiлi ў яго на лбе. Калiна распытваў пра Канстанцiна Фёдаравiча.
- Дылектара бачыў?
- Угу, - сцвярджальна кiваў галавой Юзiк, - гаварыў з iм.
- Што гаварыў дылектар?
- Гаварыў, Калiна Iванавiч, што вы добры чалавек, што вас не трэба баяцца.
Калiна насцярожыўся.
- Нехарашо гаварыць так: баяцца Калiну...
Неўзабаве Юзiк меў поўную iнфармацыю аб камендатуры. Цяпер яго ўжо нельга было стрымаць. Ён быў настолькi шустры, што Калiна i не заўважыў, як хлапчук выслiзнуў з хаты.
- Бывайце! - толькi пачуў Калiна з дзвярэй.
Доўга не выходзiў з галавы Калiны вобраз гэтага хлапчука. Хударлявы беленькi тварык, завостраны носiк i быстрыя, як у мышкi, вочы. Пабачыўшыся з iм, Калiну здавалася, што ён сустрэўся з Канстанцiнам Фёдаравiчам, i стары аддаўся ўспамiнам пра любiмую школу. Аднак нядоўга лашчылi душу чалавека гэтыя салодкiя думкi. Нехта штурхнуў нагой дзверы, яны са скрыпам расчынiлiся.
- О-о-о! Ён тут! - пачуўся знаёмы голас. - Уставай, стары. Цябе патрабуе камендант.
Калiна не мог спачатку разабраць, хто гэта быў. Толькi, калi яго вывелi на вулiцу, а ў зямлянцы пачалi пераварочваць усё на свеце, ён зразумеў, што яго вядуць у камендатуру як арыштаванага. Аннушка стаяла з вёдрамi пасярод двара.
- Аннушка, я пашол! - толькi кiнуў ёй Калiна i ў суправаджэннi салдат упершыню пры акупантах пераступiў парог школы...
Ачнуўся Калiна позняй ноччу ад частай стралянiны. У калiдоры чуўся тупат i крык. На дварэ глуха страчылi кулямёты. Калiна паспрабаваў падняцца, але толькi заенчыў ад болю. Яго бiлi гумавымi палкамi, ажно трашчалi косцi. Калiна маўчаў. Хiба ён мог сказаць, чаго да яго прыходзiлi дзецi? Старому не так балюча i памiраць, думаў ён, а дзецям вучыцца трэба. I ўсё сцярпеў. Хоць бы атруты якой падкiнула iм Аннушка, хоць бы смалы прынесла. Думкi мроiлiся ў галаве Калiны. Акно, падзеленае дротам на роўныя квадраты, было чырвоным. У якi квадрат нi зiрнi, усюды чырвань. Можа гэта кроў залiвае вочы?.. А можа гэта трызненне? Не, ён выразна чуе знаёмы голас:
- Дзе ты там? Выходзь, Калiна Iванавiч!
Гэта клiкаў дырэктар. Калiна толькi застагнаў у адказ. Яго паднялi на рукi i вынеслi з цёмнага пакойчыка.
- Эх, Калiна, Калiна! Яшчэ адзiн бы дзянёк. Як жа цяпер школа без гаспадара будзе?! Занядужаў ты.
Яму абмывалi твар халоднай вадой, падносiлi нашатыр. Калiна заматаў галавой i крышку прыўзняўся. Каля яго стаялi ўзброеныя людзi, а старшакласнiца даставала з сумкi аптэчныя пакеты.
Калiну перанеслi ў кабiнет дырэктара, дзе паспеў быў ужо звiць сабе гняздо камендант, i палажылi на мяккую канапу. Аннушка прынесла лямпу. Канстанцiн Фёдаравiч сеў побач на табурэтцы.
- Ну i маршчын, брат, на табе стала, не палiчыш, як зорак на тым небе.
Калiна ўбачыў сваiх людзей, адчуў даваенны ўтулак i паспрабаваў усмiхнуцца. Але з гэтага нiчога не выйшла. Аннушка сашчапiла рукi.
- Божачка, дык у яго ж i зубоў няма! Чым жа я яго кармiць буду?
- Малачко ж у вас, Аннушка, знойдзецца пакуль што...
- Дзе там! Гэты чорт загадаў, каб духу маёй рыжухi i блiзка не было. Дык я ў сяло адвяла. Можа ўжо зарэзалi... Каб яго трасца ўзяла. Старых нас без малака пакiнуў. А што ж нам больш есцi было? Ты, саколiк, на бок ляж, параiла яна Калiну. - Табе лепей будзе.
Калiну давалi лекi. Стары пацiху стагнаў i ўсё клiкаў дырэктара:
- Дылектар, дылектар, вазьмi ключы ад школы... Калiна больш не начальнiк. Цяжка быць начальнiкам. Пашол, Аннушка, пакажы дылектару, дзе ўсё закапана дзецям.
- Дзякуй табе, Калiна, шчырае дзякуй, - гаварыў расчулены дырэктар. I табе, Аннушка, таксама дзякуй!
Ранiцой школьную маёмасць, якую захаваў Калiна, перанеслi ў больш бяспечнае месца, а ў той яме закапалi каменданта i яго паплечнiкаў, якiя былi забiты ў баi. З гэтага часу i вёска i школа адышлi да партызанскай зоны. Калiна ачуняў i стаў ездавым у гаспадарчым узводзе.
Калi я вярнуўся са шпiталя ў свой вызвалены раён, школы ўжо не было. Яна была спалена ў час блакады. Замест яе стаяў часовы будынак. Класы не ўмяшчалi ўсяго даваеннага школьнага абсталявання. Але дзецi вучылiся. У iх былi карты i мiкраскопы, глобусы i сшыткi. А на сценах былi развешаны партрэты.
Аднаго з першых я сустрэў Калiну. Ён, увесь белы i маршчынiсты, у парыжэлым салдацкiм шынялi, ехаў у лес па дровы.
- О-о-о! Учытэль! - узрадаваўся неяк па-дзiцячаму ён. - Будзем працаваць!
- Будзем працаваць, Калiна.
1958 г.
Комментарии к книге «Калiна (на белорусском языке)», Григорий Нехай
Всего 0 комментариев