Якуб Колас
Залаты прамень
У кожны момант i на кожнай мясцiнцы зямлi адбываюцца найцiкавейшыя рэчы i складаюцца самыя дзiвосныя казкi, падобныя iншы раз да праўды, i нараджаецца праўда, яшчэ болей цiкавая часамi, чым сама казка. Але скрыжалi зямлi, дзе запiсваюцца казка-праўда i праўда-казка, такiя разнастайныя i такiя багатыя, што людзi вечна будуць iх чытаць i ўсяго не перачытаюць. I трэба вельмi ўважна прыглядацца, каб i на самым малюсенькiм куточку гэтых скрыжаляў расчытаць гiсторыю аб вялiкiх падзеях.
Вось i тут, у гэтым лесе, здарылася нешта падобнае. Раскажу, толькi зараней прашу памятаць, што гэта - казка.
На горцы лясок стаяў, i лясок гэты быў не так вялiкi. Каля горкi сям-там прабiвалiся крынiчкi, i рэчачка вывiвалася збоку. Было нават i азярко i балотца, - ну, словам, усё было. Для адных iстот, якiя жылi ў гэтым лесе, тыя маленькiя крынiчкi паказвалiся непраходнымi вялiкiмi рэчкамi, а азярко бясконцым акiянам, а ўсё гэта разам здавалася iм цэлым сусветам. Другiя ж глядзелi на гэта iначай...
Адным словам, сярод ляснога грамадства не было пагоджанасцi ў поглядах на разуменне "вялiкае" i "малое". Але гэта так сабе, мiж iншым. Важна было вось што, i гэта трэба адзначыць: усе сходзiлiся на думцы, што той лад, якому падпарадкавалася лясное грамадства, ёсць адвечны закон, устаноўлены з самага ўтварэння свету, як выяўленне пэўнай гармонii дабра i хараства. I лiчылася вялiкiм блюзнерствам не толькi пратэставаць, а нават i думаць, што гэты лад патрабуе некаторых змен i паправак. А патрэба ў такiх зменах была, бо калi да гэтага ладу падысцi з меркаю нават звычайнай крытыкi, дык у iм няцяжка знайсцi заганы i нават, калi на тое пайшло, i несправядлiвасць. I гэта можна давесцi фактамi. Напрыклад: цi справядлiва, што на кволенькiя былiнкi нападае тля i высмоктвае iх мядовы сок? Цi справядлiва, што на горачку, дзе так слаўна грэе сонца, не дапускаюцца бруснiцы, чорныя ягады, ну i хоць бы сабе дзераза? Чаму горкiя асiны маюць права лапатаць на ўвесь лес, а нiзенькi верас змушан тулiцца да зямлi i маўчаць? Чаму адным - сонца, а другiм - цень? I наогул, чаму адны павiнны прыносiць ахвяры, каб на iх трупах будавалi свой дабрабыт другiя?
Комментарии к книге «Залаты прамень (на белорусском языке)», Якуб Колас
Всего 0 комментариев