Кузьма Чорны
Па дарозе
I
Зямля - як размах чалавечай радасцi - шырокая, бяскрайняя, здольная будзiць вялiкiя iмкненнi пачуццяў i думак. Адчуваецца яна цвёрдасцю пад нагамi i вострым пахам сваiм ад вiльгацi летняй ночы.
Цяжкiя хмары нiзка валакуцца над ёю i прабуюць сеяць на яе цёплую iмглу, а пасля адпоўзваюць на далёкую мяжу неба i поля i варушацца там дзiвоснымi абрысамi ў густой сваёй чарнаце.
Канца-краю зямлi не вiдаць, таксама, як i неба над ёю. Зямля - як чорная прастора, прыцiснутая хмарамi i маўклiвая ад iх. У цеменi палёў прытаiлiся цiхiя вёскi i слухаюць: з самага вечара дзьмуў вецер, i над полем плылi цiхiя песнi травы, а пасля, як нагнаў вецер хмар, адышоў, i адно слухаць засталося вёскам - шырокую маўклiвасць глыбокай ночы.
На зямлi дарога, як само жыццё: вiдна толькi каля ног, але ж i заве-зазывае яна ўдаль. Усё едзеш i едзеш па ёй, i з кожным крокам яна ўсё новая праходзiць пад нагамi, i здаецца, што наперадзе там, за нечым няясным, дзiвосным i далёкiм, будзе нешта надзвычайнае, а тым часам - там кусты ды поле.
I ўяўляецца, што гэта хмары ўсё больш пачынаюць збiрацца там, куды iдзе дарога, што iх ужо там многа, усё там чарней, як усюды, i няма туды ходу. А як дабярэшся туды - зямля там родная, шырока-вольная, хмары адпаўзлi наперад, i зноў можна iсцi з радасцю ў бяскрайнiх прасторах.
Вiльготная зямля глуха аддае стукам пад калёсамi i капытамi коней, са стукам мяшаюцца дробныя званы жалеза цi бляхi вазоў, i яшчэ галасы людской гаворкi ды крыкi на коней, як зыкi кропель вады з дзiравага вядра ў цiхую ноч пры студнi.
Едуць фурманкi па цёмнай дарозе; ззаду следам навiсае вялiкая ноч, наперадзе паўзе яна, як бы хiтра паманьваецца.
Нi зямлi, нi неба не вiдаць.
На пярэднiм возе ехаў Алесь Мяльгун - шырокi ў плячах i высокi хлапец. Гэта яго голас мацней за ўсё чуўся, калi ён падганяў свайго каня. З заднiх фурманак яго постаць вырысоўвалася шырокаю цёмнаю лапiнаю, i голас выяўляў многа гордасцi сабой, усiм тым, што i як ён робiць.
I яшчэ дзяўчына сядзела з iм.
На другой фурманцы ехаў Павал Грыбок - хлапец з танклявым хрыплым голасам. Ён часцей за Алеся Мельгуна гукаў на свайго худога конiка, каб той не аставаўся ад сытага пярэдняга каня. У голасе яго адчувалася наiўна-сталая ўпэўненасць, што, вось, раблю я так, як i ўсе, разам з усiмi я еду, хоць зусiм яшчэ малады, яшчэ нават з падлеткаў не выйшаў, а так, як i iншыя, сталы гаспадар.
Комментарии к книге «Па дарозе (на белорусском языке)», Кузьма Черный
Всего 0 комментариев