«Небеларуская мова ў беларускай лiтаратуры (на белорусском языке)»

2508

Описание



Настроики
A

Фон текста:

  • Текст
  • Текст
  • Текст
  • Текст
  • Аа

    Roboto

  • Аа

    Garamond

  • Аа

    Fira Sans

  • Аа

    Times

Кузьма Чорны

Небеларуская мова ў беларускай лiтаратуры

Вялiкая беларуская моўная стыхiя не толькi не загiнула за час шматвяковага нацыянальнага падняволення Беларусi, не толькi не была праглынута моцнымi культурамi суседнiх народаў, а захавала сваю чыстату, скрышталявалася ў надзвычайнае багацце арыгiнальных формаў, служачы нават багатым матэрыялам для суседнiх моўных культур. Беларуская мова - мова беларускiх казак i песень, фразеалогiя народнае гутаркi, - гэта найглыбейшая самабытнасць i хараство.

Сiла самабытнасцi слова разбурае ўсе спробы iншых моўных культур залiчыць якую-небудзь мову ў свае "наречия". Гэта даведзена якраз прыкладам з беларускаю моваю. А чым больш нацыянальных асаблiвасцей мае гэтая культура, тым больш гэта ўзбагачае тыя нацыянальныя элементы, з якiх ствараецца агульная чалавечая культура.

Усё гэта даўно вядома. Але ўсё гэта даводзiцца прыгадваць з тае прычыны, што мы перажываем асаблiвую пару ў развiццi нашае культуры. З аднаго боку - яшчэ i цяпер не зусiм змоўклi галасы некаторых акадэмiкаў i дацэнтаў пра "наречие". З другога боку - павiнны быць створаны беларускiя вышэйшыя формы беларускай культуры. I тут паўстае найвялiкшае пытанне мовы. Бо каб гэтыя "вышэйшыя формы культуры" былi i вышэйшымi i беларускiмi, няйначай трэба, каб яны былi сапраўды ў беларускай мове.

Беларуская жывая лiтаратурная мова перажывае цяпер пару свайго фармавання. Дык трэба, каб усе ўсвядомiлi, якую вялiкую гiстарычную адказнасць жыццё ўсклала на лiтаратараў, гэтых адзiных тварцоў жывога кнiжнага слова. А тым часам частка лiтаратараў, трэба думаць, не зразумела сваiх задач у моўным пытаннi, мусiць, не адчувае на сабе гэтае адказнасцi. Бо траха не ўсе нашы часопiсы i газеты, а таксама творы некаторых пiсьменнiкаў выходзяць у свет у гэтакай мове, якую можна назваць сапраўды толькi "наречием". Фразеалогiя гэтае мовы зусiм не беларуская. Гэта фразеалогiя той мовы, стыхiя якое пануе ў аўтара, на якой у аўтара працэс думання. Гэтая з'ява, якая не толькi не слабее, а набывае памеры нястрыманай навалы, цяжкiм каменем загароджвае дарогi развiцця беларускае культуры.

У "Узвышшы" № 2 за 1927 г. Уладзiмiр Дубоўка ў сваiм артыкуле "Пра нашу лiтаратурную мову" ўспамiнаў адзiн верш, якi напiсаны нiбы ў беларускай мове, але ў якiм усяго некалькi беларускiх слоў. Верш з гэтакiмi тэрмiнамi, як "лунныя лапы"... Гэтыя "лунныя лапы" ўсё больш i больш пускаюць каранi, усё больш i больш iмкнуцца запанаваць цалкам у нашай лiтаратурнай мове. Гэтая навала робiць справу змагання з беларускаю культураю i яе льга выкаранiць толькi тады, калi нашы лiтаратары стануць тут свядомымi i дзейнымi, калi яны адчуюць усю сваю адказнасць. Бо iначай, побач з крышталяваннем нашае лiтаратурнае мовы, гэтая навала будзе ўсё ўмацоўвацца i загароджваць дарогi лiтаратурнай культуры. Гэтае злачынства цалкам ляжа на сумленне тых лiтаратараў, якiя сталi на працу як бы дзеля таго, каб патаптаць i знiшчыць тое моўнае багацце, якое Беларусь збiрала i ахоўвала ўсе доўгiя вякi свае падвойнае няволi.

Возьмем з першае, якая апынулася пад рукамi, расейскае кнiгi кавалак тэксту. "По утрам солнце светило мне сквозь двойные решетки. И от него, и от счастливо воркующих за окном голубей хотелось смеяться. Я тихо ходил от стены до стены и сквозь решетки видел весело синеющее небо".

Беларускаю моваю гэта можна гэтак выказаць: "Ранiцамi сонца свяцiла мне праз падвойныя краты. I ад яго, i ад галубоў, якiя шчаслiва буркавалi за вакном, хацелася смяяцца. Я цiха хадзiў ад сцяны да сцяны i праз краты бачыў неба, што весела сiнела".

Гэта калi цвёрда прытрымлiвацца моўнага кiрунку ў расейскiм тэксце. Нiхто не забараняе выказаць i гэтак:

"Па ранiцах сонца свяцiла мне праз двайныя рашоткi. I ад яго, i ад шчаслiва варкуючых за вакном галубоў, хацелася смяяцца. Я цiха хадзiў ад сцяны да сцяны i скрозь рашоткi бачыў весела сiнеючае неба". Тут справа вельмi простая. Для таго чалавека, у якога моўнае думанне не беларускае, а расейскае, гэтакiм жаргонам куды лягчэй пiсаць, чымся беларускаю моваю. Дык гэтак i пiшуць. I лiчаць, што гэта беларуская мова, i нiколi iм не ўзбрыдзе нават на думку, што творы, якiя напiсаны гэтакаю моваю, ёсць творы па форме расейскiя, а не беларускiя; але расейскiя непiсьменныя, бо на расейскай мове, напрыклад, не "сiнеючых", не "рашоткi", не "варкуючых", а "синеющих", "решетки", "воркующих". У беларускай жа мове гэтакiх формаў зусiм няма. Дык расейцы маюць права лiчыць гэта сваiм "наречием". Але ўсё ж "наречия" гэтакага расейская мова не мае; абсалютна не мае гэтакiх формаў i беларуская мова. Формы гэтыя ёсць раўналежныя расейскiм; такiм чынам, гэта ёсць расейская мова зусiм непiсьменных аўтараў. Iначай гэтую з'яву нi растлумачыць, нi апраўдаць нельга.

Але можа хто скажа, што нiчога гэтакага ў нас няма? Дык вось бяру "Полымя". Бяру № 5, за 1928 год - той паасобнiк, якi першы трапiў у рукi. Пачынаецца гэтая кнiга перакладам з нямецкае мовы. Пераклад гэты ўспомнiм пасля, а раней глянем на арыгiнальную беларускую творчасць. Адразу ж першае слова - загаловак: "Над абрывам". Аўтар думаў "над обрывом" i напiсаў "над абрывам". Не ведаючы, што ў беларускай мове "абрыў" гэта значыць "парсюк лычам дрэва абрыў". Якраз, як той аўтар "лунных лап" думаў: "И такие смешные следы лунных лап по утесам легли" i пiсаў: "I такiя смешныя сляды лунных лап па ўцёсах ляглi". А пасля пачынаецца тэкст твора "Над абрывам" i адразу ж з першага сказа: "Вясна ў тым годзе наступiла неяк рана". А за гэтым i скрозь пачынаецца: "Звярнуўся да свайго суседа па фурманцы". "Ты занадта вялiкае значэнне прыдаеш барацьбе з адзiнкамi" (33 бал.). "Мы пераможам, калi асабiстае, прыватнае прынясём у ахвяру агульнаму, грамадскаму" (34 бал.). "Зграбная, хiлкая постаць, абрысы якой адзначалiся з-пад лёгкай, адпаведнай часу вопраткi, прыдавала ёй выгляд вясенняй жывасцi". "Праворным махам рукi". "Але большае ўражанне выклiкаў яе пранiклiвы погляд". "А мо адабрэнне?" "Пранiкала ў душу". "Карпiцкi таксама накiраваўся паглядзець, як размяшчаюцца аддзелы". "Памяшканнi для службы". "Рэзка непрыемна рыпалi цвiкi пры распакоўцы скрынак" (35 бал.). "Густа пасеенымi, колеру iльнянога насення, плямкамi на твары" (36 бал.). "Ды гэтаму ж Баханская галаву закруцiла, мусiць хоча выйсцi за яго замуж". "У белай кофтачцы" (37 бал.). "Адсюль адкрываўся прыгожы малюнак". "Даклад датычыўся самавольных парубак лесу". "На гэтых днях зайшлi яны з Батурскiм у партком пагутарыць наконт водпуску дрэва" (38 бал.) i г.д. i канца-краю няма гэтым "лунным лапам", на кожнай балоне, да самага канца. Усiх iх я выпiсваць не буду, бо дзеля гэтага трэба перапiсаць усю рэч, з пачатку да канца. Кожны сказ тут паказвае, што аўтар яго моўна думае па-расейску. Сапраўды, што гэта "вясна наступiла"? Наступiць можна (думаючы ў беларускай мове) каму-небудзь на нагу, можна наступiць на жабу i растаптаць яе. Але аўтар думаў: "Весна в этом году наступила как-то рано". I пiсаў гэта беларускай транскрыпцыяй, зменьваючы, як умеў, некаторыя словы. Але характар, кiрунак сказа застаўся цалкам расейскi. "Ты занадта вялiкае значэнне прыдаеш барацьбе"... Гэта значыцца, па-расейску дзiка-непiсьменна напiсана: "...большое значение придаешь борьбе"... Трэба ведаць, што мала замест "слишком" напiсаць "занадта" i замест "большое" напiсаць "вялiкае". Трэба ведаць, што ёсць фразеалогiя, уласцiвы кожнай мове свой уласны кiрунак сказаў. "Мы пераможам, калi асабiстае, прыватнае прынясём у ахвяру"... Аўтар уяўляў сабе гэтак: "Мы победим, когда личное, частное принесем в жертву"...

Дзе аўтар чуў гэтакiя характары сказаў? Калi ён чуў iх у канцылярыях, выдавецтвах, рэдакцыях, дык гэта не дазваляе яшчэ пiсаць гэтак для друку. Бо збеларусiзаваныя чыноўнiкi, а часта i рэдактары, пазнаёмiўшыся з "практычных слоўнiкаў" з "беларускаю моваю", замест, напрыклад "я не имею охоты идти", гавораць: "я не маю палявання iсцi", замест "половые отношения" гавораць "падлогавыя адносiны", замест "дай ключ открыть шкаф" - "дай крынiцу адчынiць шафу"... "Лунныя лапы" ўсялякiх "Над абрывам" якраз створаны гэтакiм жа самым прынцыпам.

"Дык гэтаму ж Баханская галаву закруцiла, мусiць хоча выйсцi за яго замуж". Аўтар добра ведае: "она ему вскружила голову... выйти замуж", дык ён пiша "галаву закруцiла". Беларуская мова ведае гэтакi зварот, ён ёй вельмi ўласцiвы, але ён ужываецца зусiм iначай. Напрыклад, гэтак: "Каб табе галаву набок закруцiла". "На гэтых днях зайшлi яны да Батурскага". Не пiша ён "гэтымi днямi", а "на гэтых днях". Як жа ён можа напiсаць гэтак, як гаворыць беларускi селянiн або не зрусiфiкаваны рабочы, калi ён сам прывык гаварыць "на этих днях". Або "даклад датычыўся самавольных парубак". Цi не лепш жа было напiсаць "доклад касался самовольных порубок"? Гэта была б жывая прыгожая расейская лiтаратурная мова. А то - пераносiць гэты, прыгожы ў расейскай мове, сказ у мову беларускую, не адчуваючы, што ў беларускай мове гэтакага кiрунку няма. Уводзiць у беларускую мову "крынiцу, якою адчыняюць шафу" i думае гэтым дубовым пiлавiннем забiць жывую прыгожасць народнай мовы. Няўжо гэта цяжка напiсаць: "у дакладзе гаварылася пра самавольныя парубкi"? Але дзеля гэтага трэба вывучыць мову, калi ўжо не давялося ведаць яе змалку.

Небеларуская фразеалогiя захавана цалкам. Усё гэта атулена вянком з тых словаў, якiя створаны паводле расейскiх, i створаны людзьмi, якiм трэба было як-небудзь беларусiзавацца. Яны добра ведалi расейскую мову, але зусiм не ведалi беларускае. Дык замест таго, каб вывучыць беларускую мову, яны пачалi тварыць сваю, уласную. I, доўга не працуючы, можна сказаць, проста гуляючы, стварылi свой жаргон. I пiшуць усялякiя свае "сiнеючыя, захаваўшыхся, падаючага, дадзеныя"... Трэба было яму ўжыць "безусловно". Але як ты яго тутака ўжывеш, калi трэба беларусiзавацца. Дык ён падумаў: "условие" кажуць людзi, што па-беларуску будзе "ўмова". Дык чаму не напiсаць "безумоўна"? Або замест "у нас есть данные" не напiсаць "у нас ёсць дадзеныя"? Усё як мае быць. Вось i пайшлi ўсе гэтыя "прыблiзна, неабходна, адносна" i г.д. У народзе гавораць "збольшага работа скончана". Але кнiжная мова трымаецца зусiм iншых прынцыпаў. Вы думаеце, чалавек, якi пiша для друку, напiша гэтак? Ён напiша: "прыблiзна работа скончана". I спакойны душою, што ведае беларускую мову.

Але асобныя славечкi - не гэтак яшчэ страшныя. Больш удалыя з iх прыжывуцца, няўдалыя могуць адсеяцца. Самая бяда гэта ў навязваннi беларускай мове зусiм неўласцiвай ёй фразеалогii. Гэта вядзе да таго, што ў быце беларускае вёскi, напрыклад, мова будзе адна, з усiм яе хараством i багаццем арыгiнальных формаў, а ў кнiгах для гэтых жа самых людзей мова будзе iншая. Якраз тое самае, што даўней казалi: "Вучыся, сынку, чытай кнiгi, можа табе як бог паможа выйсцi ў людзi. Дык не будзеш ты тады гаварыць гэтак проста, як мы, цёмныя людзi". Гэта не смех. Гэта горкая праўда. "Лунных лап" народная мова не ведае. Iх прыдумалi непiсьменныя пiсакi.

Можа хто скажа, што я наўмысля выбраў самы непiсьменны артыкул i выцягваю з яго патрэбныя мне прыклады? Дык жа глянем у наступныя друкаваныя рэчы тае самае кнiгi.

"Потым мой погляд паволi адхiляецца ўнiз" (51 бал.). "Аднойчы атрымлiвае ён прадмет сваiх некалькi гадовых летуценняў - лiст" (52 бал.). "Зразумела, ён атрымлiваў вельмi добрую плату i вёў жыццё нейкага феадала" (53 бал.). "Маркел вандруе ў працягу цэлае ночы" (54 бал.) i г.д. Мы ўзялi з кожнае балоны па адным прыкладзе. Больш браць прыкладаў, гэта зн. перапiсваць усё з пачатку да канца, не буду. Расейскаю моваю можа быць гэтак: "взгляд медленно скользит (цi нешта падобнае да гэтага, можа "отклоняется") вниз". Дык чалавек з лёгкiм сумленнем пiша: "погляд адхiляецца ўнiз" i не можа нiяк адчуць, што "погляд" - гэта не тое, што "зiрк", а гэта - "взгляд на вещи". А адхiлiць можна якую-небудзь дошку, фiранку на вакне... Або "атрымлiвае ён прадмет сваiх летуценняў - лiст"... Тут якраз "предлагается вам немедленно представить инвентарную опись на предмет учета данного имущества". У народных гушчах гавораць: "вандруе цэлую ноч", а ў кнiгах для гэтых народных гушч пiшуць: "вандруе на працягу цэлае ночы". I ўсё затым, што "в продолжении ночи".

Або расейскаю моваю гэтак льга сказаць: "имеются два взгляда". Дык на 69 бал. тае ж усё кнiгi пiшуць "маюцца два погляды". Калi згадзiцца, што гэта па-беларуску, ды калi сказаць гэта расейскаю моваю, дык яно будзе "поживают два взгляда". Бо "маюцца" - гэта не "имеются", а наблiжаецца гэта да расейскага "поживают": "как они поживают?" - "Як яны маюцца?" - "А нiчога, жывуць патроху". Або яшчэ адно адценне расейскае мовы ў гэтым слове: "Не живем, а маемся" (пакутуем). Ну, чым жа гэта не "падлогавыя адносiны"? Адным словам, можна сказаць, увесь тэкст складаўся аўтарамi або перакладчыкамi паводле таго, як гэта будзе па-расейску.

Я бяру № 2 за 1928 г. таго самага выдання. Разгортваю дзе прыйдзецца i гляджу, што трапiла на вочы. Чытаю на 22 бал.: "I не даацэнiш, зразумела, i дней вольных - лiпнёвых, мёдам насычаных". "Дней насычаных!" Гэта якраз падобна да:

"Над магiлаю чорных дней"...

Дык тут хоць дзеля рыфмы аўтар пастараўся, каб забыцца на беларускае "дзён" i пiсаў расейскаю моваю "дней". А ў "дней насычаных" нават i рыфмы нiякае нiдзе няма. Проста з ласкi на пацеху. Гэты ж самы аўтар у тым жа самым творы пiша: "Захапляўся Язэп* Ленiным, яго жыццём, яго вялiкай сiлай у слове". Дык нават i сам аўтар ведае, прынамсi чуў (калi ўспамiнае гэта) пра жывую вобразнасць i сiлу ленiнскае мовы, асаблiва ў яго "обличительных" артыкулах i прамовах. I, ведаючы гэтакую сiлу i хараство слова, якiя грунтуюцца на багатых адценнях расейскае народнае мовы, аўтар сам застаецца неахайным да свайго ўласнага слова, не надае яму анiякай цаны.

* Язэп - у 20-я гады ў беларускай прэсе так перакладалася iмя Iосiфа Сталiна.

На балоне 71 - пасля таго, як яны "накiравалiся ў залю", адзiн (аўтар гаворыць ад сябе) гаварыў: "калi б вы мелi магчымасць заглянуць да мяне"... Значыцца - "направились в зал"... "имели возможность заглянуть"... Дакладная расейская фразеалогiя, нават аўтар не паклапацiўся перакласцi на беларускую мову як належыць. На бал. 73 - "воўк душу выматвае" ("выматывает душу").

"Рабочаму не павiнны быць страшнымi перашкоды на шляху яго пасоўвання наперад" ("продвижение вперед")... "I слясарскае i, нават, сталярскае рамёствы яму не чужы" (яму не "чужды"). "Сумею даць" ("сумею дать"). "Пастараюся ўскладзеныя на мяне надзеi апраўдаць, - заключыў Якаў Гузiк" ("заключил"). "Намякалi..." Гэта ўсё на адной толькi 25-й балоне нумара 1 таго самага выдання за 1928 г. Або ў тым жа самым творы славечкi i моўныя звароты: "недаўмяваў", "цяраць"! Дык чаму ўжо зусiм не пiсаць, напрыклад, гэтакаю моўнаю формаю: "жалацельна здзелаць савяшчанне i iсчарпаць эцi вапросы, каб саздаць упечатленне?" Гэтакi жаргон спрабуе ўкаранiцца, як належыць, у нашым пiсьменстве.

У нас не разумеюць, што пераклад лiтаратурнага твора з чужое мовы ёсць тая ж самая лiтаратурная творчасць. Перакласцi твор дакладна - невялiкая навука, але трэба перадаць яго лiтаратурнасць, "душу" гэтага твора. Дзеля гэтага трэба ўладаць словам, трэба адчуваць мову, адчуваць безлiч адценняў у кожным слове. Пераклад лiтаратурнага твора гэта не ёсць механiчная праца. Пераклад на беларускую мову рамана I.Бехера "Адзiная справядлiвая вайна" найлепш даводзiць усё гэта. Не можа быць, каб I.Бехер ужываў у сваiм пiсьменстве гэтакiя тэрмiны, як "усiм тыканнем нашага сэрца". А "Полымя" здолела гэтае "тыканне сэрца" надрукаваць у сваiм чацвёртым нумары. "Чурбаны", "тысячы нясуцца", "пералязалi праз парканы", "пранiк"... Усё гэта на адной 67 балоне. Там жа i "зграi дзяцей моцна чаплялiся за спаднiцы матак..." Гэта апiсваюцца няшчасныя дзецi тады, калi горад спасцiгла вялiкае гора i бяда. Няўжо пралетарскi пiсьменнiк назваў натоўп дзяцей зграяй, ды яшчэ ў часе вялiкiх сацыяльных бяднот? Зграя можа быць груганоў, шкоднiкаў, драпежнiкаў, а не дзяцей. I каб перакладчык адчуваў мову, ён не напiсаў бы гэтак.

"Хмурнае сычэнне i шыпенне насiлiся ў паветры, як грымоты, прыдушаны ўраган... Бутлi, напоўненыя якойсь густой кляючай масай, качалiся ўгары пад дахамi. Якiсь смалiсты састаў лiўся сам сабою з куба ў куб. Складаныя сумесi ўтваралiся пры дапамозе найдакладнейшых дзiўных апаратаў. Некалькi платформаў, якiя былi пабудаваны памiж катлоў, рабiлi на Макса ўражанне гатычных цэркваў..."

Што тут ёсць беларускага ў гэтай "кляючай масе" нейкага жаргону?

Якое ж дзiва пасля гэтага, што нашы газеты распаўсюджваюць страшэнную непiсьменнасць i моўную некультурнасць! Асаблiва гэтым вызначылася "Чырвоная змена". Мова гэтае газеты - гэта ад пачатку i да канца ўсё "лунныя лапы". Жывога слова там i збваду няма. Калi хто з працаўнiкоў гэтае рэдакцыi i ведаў калi-небудзь беларускую мову, дык гэтыя веды затанулi ў моры "лунных лап". Я не шукаў адмысловага паасобнiка "Чырвонае змены", а ўзяў той, якi ў мяне якраз ляжаў на стале. Гэта № 94 (621). "Лунных лап" тут доўга шукаць не трэба.

"Усё растучая ваенная небяспека". "Акажа дапамогу". "Пагэтаму" ("поэтому"). "Будучых боек". "Французская секцыя КIМу працягвала хаваць слаўныя традыцыi". "Сумела ажыццявiць". "Раздавалiся гучныя словы". "Дастойныя словы". "У будучай перамозе".

Гэта ўсяго з двух невялiчкiх артыкульчыкаў; дый не ўсё яшчэ гэта з iх выпiсана. Або вялiкiмi лiтарамi загаловак: "Падаючага - пiхнi". Гэтак яно, мусiць, i робiцца. "Чырвоную змену" трэба, каб чытала моладзь. Чытае моладзь, якая знiшчае сваю непiсьменнасць. I, навучыўшыся чытаць, гэта моладзь вучыцца ў газеце непiсьменнасцi. Што б гэта сказалi расейцы, каб хто на расейскай мове замест "на крыше растут мхи иные, чем в лесу" напiсаў "на крышы растут мохи иные, чым в леси". А ў нас беларускую мову падаюць у гэтакiм выглядзе.

Вось яшчэ трохi жаргону з таго ж паасобнiка "Чырвонае змены":

"На самай справе". "Мiгам праскаўзне мiма". "Пачалi перагортваць карты, пачалi глядзець, цi няма дзе-небудзь зорак, якiя па меры перагортвання аказалiся б больш i больш разыходзячымiся, якiя ўсё больш адлучалiся адна ад другой..."

Успамiнаецца яшчэ адзiн загаловак: "Дарагога таварыша не стала". Калi згадзiцца, што гэта напiсана беларускаю моваю i калi выказаць гэта расейскаю моваю, дык яно будзе: "Дорогого товарища не серьезно". Бо "сталы" - гэта ў нашай мове "серьезный". А "стала" - "серьезно".

Або вось у дадатку да "Савецкай Беларусi" надрукавана нататка пра Л. Талстога. Дык яна займае ўсяго якiх-небудзь 180-200 газетных радкоў, а ў ёй "лунных лап" не абабрацца: "Старец, паражэнняў, цянётах, фiгуру, нанясення, верная мерка, выступаючай, адкрыўшы ("открывший"), пажадаўшыя, iснуючага, укладам эканамiчных адносiн..."

У п'есе "Каля тэрасы", якую ставiць Другi Беларускi Дзяржаўны тэатр, ёсць гэтакая з'ява. Бяжыць сялянка i крычыць: "У чым справа, у чым справа?" Няўжо гэта крычыць сялянка? Не, гэта крычыць сам аўтар п'есы. Ён думаў: "в чем дело" i пiсаў "у чым справа". Дзе гэта аўтар чуў, каб сялянка гаварыла гэтак? Таму i чуецца тут фальш, таму i трацiцца вобраз цi тып сялянкi. I вiнавата тутака моўнае думанне аўтара, якое зусiм чужое сялянцы-беларусцы.

Або ў гэтакiм надзвычайна мастацкiм тэатравым паказе, як "Сон у летнюю ноч", сказ "Ужасу больш"?! Якiя надзвычайныя хвiлiны асалоды перажывае глядач, бачачы i чуючы ў тэатры выкананне ролi кiраўнiка грэцкiх бадзякаў-актораў! (Ролю гэтую выконвае, здаецца, артыст Сяргейчык). Якое надзвычайнае хараство ў адценнях гутаркi, якiя суладжаны з рухам цела гэтага чалавека! Надзвычайна высокае мастацтва ў выкананнi гэтае ролi. Артыст здолеў перанесцi гэтага грэцкага тыпа ў нашу сучаснасць - вiбрацыяй голасу, хараством мовы, яе адценнямi i нюансамi слоў, надаўшы яму каларыт беларускага селянiна. I як гэтую надзвычайную стыхiйную прыгажосць псуе адно толькi слова!

Вельмi праўдзiва сказаў адзiн расейскi сучасны паэт: "Слово - это полководец человечьей массы". Мова - гэта матэрыял для мастацкага твора. I няўжо трэба, каб гэты матэрыял быў дрэнным? У тэатры слова мае вялiкае значэнне. Як тэатральная тэхнiка павiнна быць удасканаленаю, як развiццё тэатральнага паказу павiнна iсцi паводле пэўных законаў, гэтак i мова ў тэатры не павiнна быць абы-якою. Найвыдатнейшыя мастакi сцэны пра мову ў тэатры клапоцяцца не менш, як пра ўсе iншыя галiны тэатральнага мастацтва.

Перапалоханая сялянка крычыць "у чым справа?". Няхай бы ўжо, нечага, яна, каб вытрымаць стыль аўтара гэтае п'есы, крычала: "У чым справа?! У мэтах рацыяналiзацыi часу i адносна гэтага месца, безумоўна, не мэтазгодна паднiмаць тут гэтакi вэрхал!"

Вядома, што аўтар тут выказаў тое, што хацеў выказаць. Непаразуменне сялянкi паказана. Але выказана ў гэтакай мове, што тып сялянкi, якi, скажам, раней ужо ўяўляцца пачаў гледачу, разбiўся i прапаў ад аднаго слова. Сялянка пачула нейкую незвычайную гаворку, нейкi крык, убачыла незнаёмых людзей, устрывожылася i замест "што гэта робiцца?", або "што там гэта", крычыць "у чым справа?". Аўтар падаў гэта па-свойму, сказаў гэта ад сябе, а не ад таго чалавека, якога хацеў паказаць.

Або вось яшчэ з аднаго тэатральнага твора. "Я думаю аб нашых адносiнах з табою". "Пачалi адкрываць адзiн аднаму свае таямнiцы..." "Зловiш якога злодзея, пачнеш допыт яму рабiць" i г.д. i г.д. Тут усё дакладна выказана, што хацеў выказаць аўтар. Але гэтакi кiрунак, гэтакi дух мовы ўжываюць людзi, якiя ўсё жыццё сваё працавалi дзе-небудзь у канцылярыях на расейскай мове. I, нарэшце, давялося iм беларусiзавацца. I гавораць яны моваю як быццам i беларускаю (бо не расейская ж гэта мова). Але мова гэта цяжкая, сухая, нежывая.

Мова - жывая iстота. Яна жыве, а не iснуе. Адным словам можна вельмi шмат выказаць, або тым жа самым словам нiчога не сказаць. I гэта нават можа быць ад таго, як гэтае слова выгаварыць. Напрыклад, можна сказаць "ты не ведаеш". I можна сказаць: "вельмi ты ведаеш!" Выказана тое самае, але другi раз - мацней, нават з адзнакамi кпiн. Але нашым лiтаратарам гэтае моўнае багацце не абыходзiць. Вывучэнне мовы - гэта, кажуць, задача лiнгвiстаў, а пiсьменнiку трэба ставiць праблемы, "адбiваць сучаснасць". Але мала хто думае, што для гэтага патрэбна нейкая, калi льга так сказаць, рэчаiснасць, нейкi матэрыял. Усякi ж ведае, што з дрэннага матэрыялу нават кашаля не спляцеш, не то што якога-небудзь твора.

Жонка Льва Талстога ў сваiм дзённiку пiсала, што Л.Талстой нiколi не пакiдаў, да канца жыцця свайго, вучыцца расейскай народнай мове. "Считая свой язык русский далеко не хорошим, не полным, Л.Н. поставил целью своей в это лето изучить язык в народе. Он беседовал с богомольцами, странниками, проезжими и все записывал в книжечку народные слова, пословицы, мысли, выражения". (Занатована 31 студзеня 1881 г.).

Дык натое гэта быў Л.Талстой! Але што значыць народная мова аўтару якога-небудзь "Над абрывам"?! Яго сумленне чыстае. Ён не можа i падумаць, што сваiм пiсаннем разбурае наша моўнае багацце i ўводзiць замест яго нейкi свой жаргон. Яму абы пiсаць. Яму i не ў галаве, што якое б там друкаванае слова нi было, яно ўсё ж друкаванае слова. Яго чытаюць, чытаючы, вучацца i... псуюць сваю пiсьменнасць.

Я працую ў рэдакцыi "Беларускае вёскi", i мне даводзiцца чытаць вельмi шмат допiсаў з вёскi i лiтаратурных твораў маладых вясковых аўтараў. Дык я на выразных прыкладах бачу, як друкаванае слова псуе пiсьменнасць моладзi, забiвае ўсю яе прыродную чуласць да мовы. Адзiн аўтар пiсаў у рэдакцыю: "Паважаная рэдакцыя! Я прашу, каб вы надрукавалi маё гэтае апавяданне ў "Чырвоным сейбiце". Можа яно i не варт гэтага, дык я прашу, каб вы паправiлi яго. А калi i гэта не паможа, тагды напiшыце мне, чым маё апавяданне нягоднае, каб я другi раз ведаў, як лепш пiсаць. Гэтыя маркi я шлю вам на адказ"... i г.д. Вiдаць было, што пiша чалавек пiсьменны. Лiст гэты ён напiсаў жывою моваю, бо гэта аўтар гаварыў з рэдакцыяй. Але тое, што ён пiсаў для друкавання, не мела i заваду жывое мовы. Гэта была самая сапраўдная кнiжная выдуманая мова. Апавяданне тое пачыналася гэтак: "Заходзячае сонца чырвонымi праменнямi аблiвала захад. Вецер распаўсюджваў пах кветак. На цямнеючых балотах зацiхалi птушкi, i ў хуткiм часе наступiў вечар"... I далей падобна да гэтага. Якраз выходзiць, што для хатняе гутаркi, на абыходак у жыццi - ёсць адна мова, свая. Але для кнiг павiнна быць нейкая iншая мова. Бо калi дома чалавек гаворыць "я хадзiў па сена", дык у кнiгах ён чытае: "я хадзiў за сенам". I вядома, што будзе вучыцца пiсаць паводле таго, як ён чытае ў кнiгах.

На вялiкi жаль, усё гэта праўда. Калi ён пiша ў рэдакцыю лiст, дык лiст гэты напiсаны па-людску. А калi пачытаеш тое, пра што ён пiша ў лiсце - яго лiтаратурны твор - дык у творы гэтым жаргонная плынь выпiхае жывую мову.

У лiтаратуры бывае гэтакая з'ява, што часамi пiсьменнiку трэба востра парушаць законы мовы. Гэта тады, калi пiсьменнiк выводзiць гэтакага тыпа, якi або ад прыроды свае не выгаворвае, як належыць, слоў, або з'яўляецца чужаземцам i цяжка яму гаварыць той моваю, якою пiшацца твор, або з якiх-небудзь iншых прычын проста не ведае мовы. Дык тады пiсьменнiк паказвае гэтакага тыпа з яго жаргонам. Напрыклад, у Максiма Гарэцкага, у яго творы "Антонi" ёсць "Мiхалка-масковец, якi Масквы бачыў мала". Дык ён строiцца гаварыць расейскаю моваю i гаворыць жаргонам. У расейскай лiтаратуры ў раманах Ф.Дастаеўскага часамi спатыкаюцца абруселыя немцы, у якiх расейская мова з нямецкiм акцэнтам. У Л. Талстога ў "Войне и мире" ёсць шапялявы афiцэр Дзянiсаў, якi слова "пришел" гаворыць "пг'ишел". Але з тае прычыны, што лiтаратура афармляе культуру мовы, нiводзiн сапраўдны мастак слова не дазволiць, каб увесь твор быў у жаргоне гэтых тыпаў. Тады нельга будзе залiчыць гэтакi твор нi да беларускай, скажам, нi да ўкраiнскай, нi да нямецкай лiтаратуры. Гэта будзе жаргонны твор. I паказваюць гэтых тыпаў у сваiх творах некалькiмi трапнымi рысамi, двума цi трыма iх жаргоннымi сказамi. Трэба знайсцi iншыя сродкi выявiць гэтакага тыпа, каб твор быў на мове, а не на жаргоне. Калi, скажам, Л.Талстой выводзiў расейскiх дваран, што жылi ў пачатку 19 стагоддзя, дык не пiсаў жа ён сваiх твораў французскай моваю - той моваю, якою найчасцей гаварылi гэтыя людзi. Французскага тэксту ў гэтых творах толькi дзе-нiдзе ёсць. А найбольш можам прачытаць гэтакiя, напрыклад, месцы: "Я не чувствую ничего этого,- сказал он на превосходном французском языке". I гэта тут справа з найбагацейшаю кнiжнаю моўнаю культураю. Дык асаблiва ж з жаргонам трэба асцерагацца, каб не "акаляць" iм лiтаратуру. А ў нас робiцца гэтак. Спаткаўшы якога-небудзь яскравага тыпа з камiчным жаргонам, пiсьменнiк, думаючы, мусiць (гэтак кiдаецца ў вочы), што гэта цэнтральны герой нашай лiтаратуры, вядзе яго праз увесь свой твор з яго жаргонам. Замест таго каб iншымi сродкамi мастацтва паказаць яго, ужыўшы яго жаргону гэтулькi, колькi не папсуе мастацтва ўсяго твора, лiтаратар увесь свой твор выпускае ў гэтым жаргоне. Гэтакiя з'явы шкодзяць нашай беларускай лiтаратурнай культуры, бо наша лiтаратурная мова толькi цяпер пачынае крышталявацца. Вось чаму вельмi прыкра i шкодна, калi некаторыя творы, траха не цалкам, падаюцца ў гэтакай мове: "Як я люблю эцi вечары! Оне асвяжаюць маю жысць... Толькi i суцяшэння... Ня то б - загразла ў гэтай... броснi, у гэтай цiне... Нет! Пускай Павал прыезжае, i я перад iм пастаўлю вапрос рубам: паследнi раз, апошнi раз"...

Гэты твор пiсаўся для тэатра. I што было б, каб гэтую мову чулi тысячы людзей з тэатравай сцэны? Цi не прысадзiў бы ён дарэшты нашу пакутную культуру лiтаратурнае мовы? I цi сапраўды гэтакiя героi, з такою моваю, павiнны займаць цэнтральнае месца? Увайшоўшы ў лiтаратуру з правам цэнтральных герояў, яны ўносяць у яе i свой жаргон. А сапраўдны цэнтральны герой нашае лiтаратуры - селянiн i рабочы, якiя захавалi i стварылi надзвычайную культуру свае мовы ў шмат якiх "вышэйшых формах культуры", маўчаць. Або вось у адным творы апiсваецца iнтымная блiзасць мужчыны i жанчыны, цэнтральных герояў твора. Дык яна кусае яго i крычыць: "Бог мой, мучыцель мой!" А сапраўды - цi цэнтральныя ж гэта героi нашае лiтаратуры?!

У расейскага пiсьменнiка К.Федзiна, у рамане "Города и годы" кватэрная гаспадыня, немка, гаворыць: "Я тафно тумаль, што он змешалься! О, это ушасни!" Што б гэта было, каб К. Федзiн зрабiў цэнтральным героем свайго твора гэтую немку i каб увесь раман, або хоць палавiна яго была напiсана ў гэтакай мове? А ў нас гэтак пiшуць.

Самi аўтары не клапоцяцца пра беларускую культуру беларускае мовы. А iх героi дарэшты глумяць гэтую культуру. "Лунныя лапы" жывуць i ўкараняюцца.

I гэта не выпадак з двума цi трыма лiтаратарамi. Гэта цэлая плынь у нашай лiтаратуры. Прадстаўнiкi гэтае плынi даводзяць, што лiтаратар не павiнен клапацiцца нi пра мову, нi пра стыль свайго твора. Ён можа абы-як перадаць сюжэт. А стыль i мову яму зробяць i выправяць выдавецтвы i рэдакцыi.

..."Наогул, нашым сучасным выданням бракуе пэўнай стылiстычнай апрацоўкi - рэдакцыi. Тут ясна, што сам аўтар не можа быць рэдактарам сваiх твораў. Думаецца, што пры наладжанай стылiстычнай рэдакцыi шмат якiя творы, што цяпер выкiдаюцца Дзяржаўным Выдавецтвам без абы-якой рэдакцыi, мелi б больш адшлiфаваны, гожы выгляд"... ("Полымя", № 7 за 1927 г., бал. 254).

Дзе гэта ёсць, каб культурны пiсьменнiк дазволiў каму-небудзь правiць стыль i мову свайго твора? Стыль i мова - гэта ж выяўленчыя мастацкiя сродкi пiсьменнiка. Нiякiх жа стыляў тады не будзе, а будзе "наогул". I хоць шмат таго, што друкуецца ў некаторых нашых "тоўстых" часопiсах, пускаецца на ўзвей вецер, усё ж гэтая прапанова паказвае на ўзровень культурнасцi ў некаторых нашых iнстытуцыях, што падручылiся фармаваць вялiкую культуру гушчаў беларускiх сялян i рабочых. I як далёка яны асталiся ад гэтай культуры!

Пралетарскi змест i нацыянальная форма культуры! Мы думаем, што для нашае культуры гэта павiнна быць: пралетарскi змест i беларуская форма. А гэтае беларускай формы i заваду няма. У лiтаратуры - кiрункi мовы, фразеалогiя, а значыцца, i стылi цалкам пераймаюцца чужыя.

Лiтаратурная мова павiнна быць моваю чыстаю, беларускаю. Карэннi яе - у мове народнай. Лiтаратары павiнны навучыцца моўна думаць па-беларуску. Яны павiнны абудзiць у сабе або пастарацца ўспрыняць (калi не давялося мець яе змалку) беларускую моўную стыхiю. Бо калi гэтага не будзе, яны будуць, як i цяпер, шкодзiць нацыянальнай форме культуры. Беларуская фразеалогiя ў беларускай лiтаратурнай мове будзе спрыяць вырашэнню праблемы беларускага стылю нашае паслякастрычнiцкай лiтаратуры.

1928

Каментары

Друкуецца па часопiсе "Узвышша", 1928, № 5, дзе апублiкаван ўпершыню. Дата напiсання пад тэкстам адсутнiчае.

Комментарии к книге «Небеларуская мова ў беларускай лiтаратуры (на белорусском языке)», Кузьма Черный

Всего 0 комментариев

Комментариев к этой книге пока нет, будьте первым!

РЕКОМЕНДУЕМ К ПРОЧТЕНИЮ

Популярные и начинающие авторы, крупнейшие и нишевые издательства