Кузьма Чорны
Мяшчане ў густой пары
Дзядзя Стафанковiч пачухаў распараны жывот, шырока растапырыў ногi i ўзлiў сабе на голаў ражку цёплай вады.
- Ах, здорава; як маслам па нырках, - сказаў ён весела i з фiласофскiм выглядам стаў намыльваць сваю жоўтую шыю.
Каб спрытней зрабiць гэтую аперацыю, прыйшлося задраць голаў угору, ад чаго на верхнiх палатках, у гарачых хмарах густой пары дзядзя Стафанковiч убачыў нешта шырокае i круглае, чырвонага колеру i буйнага складу.
"Цi не парыцца гэта хто на верхнiх палатках? - падумаў дзядзя Стафанковiч i стаў пiльна ўглядацца. - Але як ён можа там вытрымаць, у самай гары, - думаў ён, прыглядаючыся, - гэта ж трэба мець нечалавечую голаў, каб выседзець у гэтакай пякельнай моцы, як у яго там шкура, разам з валасамi, не аблезе?.."
Дзядзя Стафанковiч, ахвачаны цiкавасцю, падняўся па ўсходах трохi вышэй да верхнiх палатак i зразу пазнаў свайго знаёмага - быўшага штабс-капiтана пяхотнага палка Еўсцiгнея Свiрыдавiча Разнюхайлiна.
- А-а-а, Еўсцiгней Свiрыдавiч! - зацягнуў дзядзя Стафанковiч радасна. А я гляджу, што гэта там такое чырвонае, аж гэта вы. Ну, як жа маецеся?
Разнюхайлiн быў у гэты час заняты здзьмухваннем мутных кропель вады са сваiх пруткiх вусоў. Скрозь пару ён уставiў свае круглыя вочы на Стафанковiча i густым басам адчаканiў:
- Можна сказаць, жывём i хлеб жуём, мiрна днi свае дажываем. Як гэта даўней у нас у палку спявалi: "Агонь запалю, буду пiць, не мяшала б сабаку купiць!" Толькi i ўсяго.
- Толькi i ўсяго, - трагiчна паўтарыў дзядзя Стафанковiч i, збiраючыся сказаць нешта больш важнае i як бы сакрэтнае, агледзеў усю лазню з выглядам вельмi тонкага палiтыка.
Народу мылася мала. Каля дзвярэй некалькi старэнькiх дзядкоў немiласэрна церлi адзiн аднаму рагожамi худыя спiны, трохi далей скроб пад пахамi нехта высокi i тонкi, як спiчак. На нiжэйшых палатках парылася двое. Адзiн ляжаў спiнаю ўгору, другi хвастаў яго распараным венiкам. А той варочаўся пад венiкам, як япрук, i ўсё камандаваў:
- А та-та-та! Д-давай, давай, давай! Каля лапатак наярвай, кажу табе!
Тут жа, побач, мылiўся Макей Фiлатавiч Валакiткiн - быўшы начальнiк нейкай губернскай канцылярыi, а цяпер рэгiстратар выступаючых папераў у нейкiм бумтрэсце (цi, можа, табактрэсце, хто яго акуратна даведаецца). Больш у лазнi нiкога не было.
Комментарии к книге «Мяшчане ў густой пары (на белорусском языке)», Кузьма Черный
Всего 0 комментариев