Кандрат Лейка
Таклюся-сухотнiца
(Беларускiя тыпы)
Аж жаль бярэ, як узглянеш на Таклюсю: худая, - адны косцi, твар асунуўся, пазелянеў, вочы завалiлiся глыбока пад лоб, грудзi высахлi, рукi цялёпаюцца, як шчэпкi, - хоць у труну кладзi.
- Сухотнiца! - кажуць людзi, з жалем гледзячы на Таклюсю: i ў чым толькi яе душа дзержыцца?
Запаўшыя ў падлоб'е глыбока вочы, смутны задумчывы твар, зморшчаны лоб i моцна сцiснутыя вусны, - усё гэта яўна дасвячае, што ў сваёй душы Таклюся носiць нейкую вельмi дакучную думу, ад каторае яна нiяк не можа адвязацца i каторая кiруе ёю, куды захоча. Ад гэтай дакучнай думкi, што, як п'яўка, смокча яе сэрца, яна, мусi, i высахла.
Якая гэта думка апанавала Таклюсiным сэрцам i ссушыла яе самую, - аб гэтым мы даведаемся потым, пачакаўшы крыху, а цяпер паглядзiмо, як жыве наша сухотнiца.
Хоць на ўзгляд Таклюся паказваецца шчуплаю i благою, але на ўсём сяле лiчыцца першай работнiцай, вельмi здатнай да ўсякай гаспадарскай справы.
Кожны дзень яна ўстае яшчэ дзе да пеўняў i з пацерамi прымаецца за работу: гатовiць страву для сваёй сям'i, прадзе кудзелю або шые дзецям сарочкi ды нагавiчкi. Уецца ў сваёй цёмнай хатцы, як пчолка ў вулейку; i за што нi возьмецца, работа ў яе проста кiпiць i спорыцца.
Нудна гудзе ў Таклюсiных руках пузатае верацяно, трашчыць у печы, разгараючыся, удушлiвы ядловец, храпуць на запечку пад старым радном заснуўшыя хлопцы, а над гэтымi галасамi, як звон над кiрмашным гоманам, нясуцца поўныя жалю, поўныя надзеi i цёплага чуцця словы Таклюсiных пацераў: "Езу добры, божа мiласцiвы! змiлуйся над намi, людзьмi нямоцнымi, адпусцi нам нашы цяжкiя грахi i адкрый нам сваю святую волю..."
Зiмой Таклюся дагледзiць як найлепей сваю худобу - кароўку i волiкаў, накормiць упару авечак, зазаве ў хату азябшых парасятак i абагрэе iх пад запечкам, а затым не забудзе i сваiх хлопчыкаў: таго да школкi выправiць, улажыўшы яму ў радняну торбачку кавалачак хлеба ды дзве-тры бульбачкi, другога пашле да панскага двара на падзённую работу, каб зарабiў якi-небудзь грош, а самых маленькiх, што яшчэ на запечку сядзяць без нагавiц, пазабаўляе i ўпару накормiць-напоiць, а калi трэба, то крыху i прыстрашыць...
Улетку, управiўшыся каля хаты, Таклюся з усходам сонца спяшыць на поле жаць. Перш яна жне сабе, а потым, як падгонiць свой каснiк да палавiны палеткаў, наймаецца да багатых гаспадароў або да панскага двара, каб зарабiць сабе крыху грошай на розну патрэбу.
Усюды - цi на сваёй, цi на чужой постацi, Таклюся ў рабоце перша; нiхто не ўмее гэтак хутка i роўна жаць, як яна; нi ў кога сноп не выйдзе гэтакiм тугiм i зграбным, як у яе.
- Не жне, а грае!.. - кажуць людзi, зайздрослiва гледзячы на Таклюсiну работу.
У рабоце Таклюся мала гаворыць, больш маўчыць i аб нечым усё думае. Якая думка ляжыць у яе на сэрцы, нiхто не ведае, але па яе вачах i па твары ўсякi можа дагадацца, што думка гэта вельмi цяжкая i неадвязная. Iншы раз у Таклюсi зразу апускаюцца рукi, серп падае на зямлю, плечы выпрастоўваюцца, i яна, уставiўшы ўперад у сiнюю iмглу свае запаўшыя вочы, пачынае горка плакаць; i слёзы буйнымi круглымi каплямi коцяцца з яе вачэй на калючае ржышча...
- Бог з табой, Таклюська, чаго ты плачаш? - дапытваюцца жанкi.
- Ах, мае вы сястронкi, - адказвае яна, - як жа мне, бяздольнай, не плакаць... Чым мае сiроты будуць жыць, як я памру? Па аднаму загону зямлi, i таго кожнаму не хопiць, а запасу ў гаспадарцы няма нiякага... Прыйдзецца iм, бедным, з торбай па свеце iсцi... божа мой, божа мой!..
Як толькi пройдуць гэтыя, нет ведама скуль нахлынуўшыя, цяжкiя, журлiвыя хвiлiны, - Таклюся зноў бярэцца за сваю работу, i зноў людзi дзiвуюцца, як яна хутка i зграбна жне...
Працавiтая i надта разумная кабета Таклюся, але не даў ёй бог добрай долi. Вельмi рана, чуць не на парозе жыцця, спаткала яе няшчасце. Як толькi выйшла замуж, а гэта было на васемнаццатым року яе жыцця, зараз па шлюбе, пан паслаў яе гаспадара на вiцiну, плыты сплаўляць па Шчары ад Слонiма да Прусаў.
У той рок якраз надта рана пачалася зiма; ужо на крыжа дуў з поўначы востры вецер i злятаўся снег, а з пакроў пачалi замярзаць рэчкi. Плыты па Шчары плылi цiха, з задзержкай i прыплылi на месца не ў той тэрмiн, што трэба было паводле дагавору. За гэту няспраўнасць цiвун абвiнавацiў Таклюсiнага гаспадара i, каб скараць, звялеў пасадзiць яго на тыдзень у лядоўню i кожын дзень, разлажыўшы на аполку, секчы розгамi ў тры навароты. Гаспадар ледзьве жывым вярнуўся дамоў i хоць пасля гэтага жыў яшчэ доўга, але работнiка з яго добрага ўжо ў гаспадарцы не было: ён больш усяго ляжаў на печы i стагнаў ад ламоцця, што гнула яго ў дугу i крышыла яму рукi ды ногi. I ўсю работу па гаспадарству прыйшлося вынасiць на плячах адной Таклюсе...
Пайшлi дзецi. Тут зноў бяда: слабейшыя ўмiралi, трэба было хаваць, а лепшанькiх i дужэйшых, як толькi падрасталi, зараз забiралi ў маскалi, на царску службу; i зноў Таклюся-сухотнiца аставалася адна на гаспадарцы i павiнна была ўсюды сама паспяваць: i ў дома, i ў полi, i на агародзе. Цяжка доля, але што зрабiць? Паплача кабета, патужыць, пажалiцца людзям на сваю нядолю i зноў бярэцца за работу - iдзе жаць, грабiць сена або малацiць.
Кожын чалавек, якое б нi было цяжкае i цёмнае яго жыццё, заўсягды можа знайсцi ў iм дзеля сябе нешта такое, што хоць на адну хвiлiну асвецiць i сагрэе яго сэрца. Быў гэты божы дар i ў Таклюсi: яна надта любiла лес, сiне неба i ўсю красу божага свету. Вясной, як толькi што распусцяцца дрэвы, яна выйдзе сабе з сваёй хаты, абапрэцца каля варот на плетнiк i доўга-доўга любуецца маладым, адно што распусцiўшымся ляском, што расце за сялом, недалёчка ад сялiбы, або з вялiкiм напружаннем слухае спевы салаўя цi кукаванне зязюлькi. Стаiць Таклюся зачаравана красой маладой вясны, стаiць, не шавелiцца, як прыкаваная, i нiяк не хочацца ёй адарваць вачэй ад маладога зялёненькага лясочка i iсцi ў курную цёмную хату... Iншы раз гэта любаванне веснавымi чарамi вызывае ў Таклюсi смутак i канчаецца слязамi. Глядзiць сухотнiца на зялёны лес, на сiняе неба i аблiваецца горкiмi слязамi.
- Чаго ты, Таклюська, плачаш? - пытаюцца ў яе суседкi.
- Ой, жоначкi, не магу вытрываць, ад цяжкага жалю сэрца рвецца на кускi... Глядзiце, колькi на свеце ёсць красы, радасцi, ласкi i iншых божых дароў, а людзi спавiты жалем, як поле туманам увосень, замучаны горам, цяжкаю бядою ды розным здзiрствам... Гаспадар мой замучаны ўмiрае: вунь Макрына, Кароцькава дзяўчынка, ляжыць колькi лет хворая, без ног; у дзеда Якуба стараста прадаў апошнiх авечак за няўплату падатку... Куды нi ўзглянеш - усюды плач, слёзы, крыўда, знiшчэнне. Людзi, як ваўкi, душаць адзiн другога. Дужэйшы, каб мог, гатоў слабейшага ўтапiць у лыжцы вады...
- Божа мой! дзе ж праўда, любоў, ласка i радасць... - I зноў запаўшыя вочы Таклюсi напаўняюцца горкiмi слязамi...
Сама Таклюся не адукавана, - не ўмее нi чытаць, нi пiсаць, але ў другiх людзях адукаванне надта высока цэнiць i з усiх сiл стараецца, каб сваiх дзетак давесцi да розуму i зрабiць iх пiсьменнымi. Як адно што падрасце каторы яе хлопчык, яна на апошнi грош справiць яму лапцiкi, пашые сярмяжку i пашле да школкi з наказам:
- Глядзi ж, сынок, слухай там настаўнiка i добра вучыся, ды будзь асцярожны, каб чым не прашкапiцца.
Апрыч таго, яна вельмi любiць слухаць чытанне i часта вечарамi загадвае сваiм хлопчыкам уголас чытаць ёй розныя гiсторыi.
- Пачытай мне, сынку, трошкi, бо надта мяне нуда апанавала можа, крышку развеюцца мае чорныя думкi...
Адзiн хлопчык, запалiўшы лучыну, свецiць, а другi бярэ кнiжку i пачынае чытаць... Таклюся прадзе кудзелю i слухае. Але каб добра чуць, што хлопчык чытае, ёй трэба надта моцна напрагаць слух, бо енк i стогны хворага гаспадара, лежачага на печы, ды завыванне на дварэ мяцелiцы перасiльваюць i глушаць слабы голас чытача.
Вот кончыў хлопчык чытанне, звярнуў кнiжку i зацiх. Таклюся i кажа:
- Здаецца я вельмi добра слухала, як ты, сынку, чытаў, а зразумець усяго нiяк не змагу: у гэтым тваiм чытаннi ёсць многа чаго цёмнага...
- Ты не сцiкавiла ўсяго, - адказвае сын, - бо гэта кнiжка расейская...
- Скажы ж ты мне, сынок, - дапытваецца далей мацi, - цi не растлумачваў вам у школцы настаўнiк або бацюшка, чаму гэта нiдзе няма кнiжак, надрукаваных нашай мовай, той, што вось мы гаворым з табою?..
- Яны кажуць, што наша мова мужыцкая: яе трэба забываць; у школцы нам не пазваляюць гаварыць па-нашаму. Калiсь я перад вучыцелем абмылiўся i ў расказе замест "кусок" сказаў па-нашаму "кавалак". Настаўнiк стаў кпiць з мяне i назваў "лапцем". Хлопцы доўга смяялiся...
- Божа наш! - дзiвуецца сухотнiца, - у касцёле гавораць па-польску i яшчэ па-нейкаму; у школцы ды ў валасным праўленнi - па-расейску, - а чаму ж гэта нiдзе не гавораць па-нашаму?.. Якiя ж мы няшчасныя; нам няможна нават малiцца па-свойму; мы павiнны забываць сваю родную мову... Дзе ж гэта праўда?..
Больш у гэты вечар нiчога не гаварылi. Патушылi лучынку i ляглi спаць. На дварэ, пад вокнамi, усю ноч круцiлася i выла, як адурэўшая, мяцелiца, а на печы цяжка стагнаў хворы гаспадар.
У гэту ноч Таклюсе снiўся вельмi цяжкi i страшны сон. Ёй паказалася, што каваль Пранук перавярнуўся ў чорта, вырас ад зямлi да самага неба i ў сваiх вялiзных ручышчах дзяржыць вялiзныя абцугi, нагрэтыя ў гарне да чырвацення. Лапамi гэтых абцугоў каваль абшчамiў цэлую грамаду людзей i душыць iх, прыпякаючы так, што аж цела ў небаракаў шыпiць i збягаецца ў пузыры... Тут Таклюся надта спалохалася i раскрыла вочы.
- Згiнь ты, мара, прападзi!.. - шаптала яна, жагнаючыся, i больш ужо ў гэту ноч не змагла заснуць...
У нашых людзей ёсць шмат яшчэ чаго нявытлумачанага i вельмi загадачнага. Iншы працаўнiк жыве ўсё сваё жыццё ў калу ды ў бядзе, не бачыць праз слёзы божага свету, у нудзе плавае, у жалю захлябаецца; здаецца, гледзячы на гэтага ўбогага чалавека, што ў душы яго апрыч думкi аб працы ды пракляцця на сваё цяжкае жыццё больш нiчога няма. Але не: часта бывае, што ў глыбокiх тайнiцах сэрца гэтых забiтых людзей жывуць вялiкiя мыслi i чуццi, абхватваючыя сабою долю ўсяго народа з усiмi яго няўзгодамi i пажаданнем.
Вот гэткая i Таклюся: жыве ў бядзе ды ў цемнаце, працуе, як вол пад ярмом, а мыслямi абыймае жыццё ўсяго свайго народа i хоча разгадаць усе тайнiцы яго долi i ведаць яго будучыню.
Перад Таклюсяй цяпер неразгаданаю загадкаю стаяла тры цiкавых пытаннi:
Першае: калi памiж людзьмi будзе праўда?
Другое: цi дадуць калi-небудзь беднякам зямлi?
Трэцяе: калi ўсiм людзям пазволена будзе вучыцца i малiцца на сваёй роднай мове?
Гэтыя тры пытаннi. вострым клiнам забiлiся ў галаву Таклюсi, i яна нiяк не можа ад iх адвязацца. Як ценi, яны ўсюды ходзяць за ёю i просяцца на разгадку.
- Каб найшоўся якi-небудзь мудрагель, - гаворыць яна сваiм суседкам, - i растлумачыў мне ўсё гэта як трэба, можа ў мяне палягчэла б на душы, а то надта цяжка.
I як толькi сустрэне Таклюся якога-небудзь старога маскаля або жабрака, цi пiсьменнага старца - зара заклiча iх да сябе i пачынае дапытвацца, калi людзям будзе лепш жыць на свеце. На гэта Таклюсiна пытанне адны маўчаць i цяжка ўздыхаюць, а другiя гавораць надта многа, але яшчэ нiхто сваёй адповеддзю не прывёў яе да поўнага здаволення.
1912 г.
Комментарии к книге «Таклюся-сухотнiца (на белорусском языке)», Анатолий Лейкин
Всего 0 комментариев