«Да ўсходу сонца»

296

Описание

отсутствует



Настроики
A

Фон текста:

  • Текст
  • Текст
  • Текст
  • Текст
  • Аа

    Roboto

  • Аа

    Garamond

  • Аа

    Fira Sans

  • Аа

    Times

Да ўсходу сонца (fb2) - Да ўсходу сонца 192K (книга удалена из библиотеки) скачать: (fb2) - (epub) - (mobi) - Алексей Николаевич Кулаковский

Аляксей КУЛАКОЎСКІ

ДА ЎСХОДУ СОНЦА

Аповесць

С. Б. Такарэўскай прысвячаю

Кожнаму сваё. Іншыя дзяўчынкі ў летнюю нядзелю выбіраліся ў недалёкі лясок, шукалі там ранніх грыбоў, рвалі кветкі. Іншыя не адступаліся ад сваіх старэйшых і наведвалі разам з імі парк, стадыён, звярынец ці яшчэ што-небудзь блізкае ад дому. А Святлана ледзь не кожную нядзельку бегала ў вайсковы гарадок. Там ёй было весела, там у яе былi свае сябры. Хто-б ні стаяў вартавым ля прахадной будкі, усякі прапускаў Святлану ў вайсковы двор. Бывала часам i так, што амаль ля самых варот яе сустракаў лейтэнант Бандарэнка. Ішлі яны тады ўдваіх па брукаванай дарожцы, абсаджанай маладымі таполямі, і ўсе стрэчныя байцы віталі лейтэнанта з асаблівай павагай. Ішлі яны на канюшню, бо там іх чакаў Люты, самы лепшы скакун ва ўсім палку. Хоць гэтага гнядога, у белых панчошках каня звалі Лютым, аднак-жа ён быў вельмі рахманы, любіў пяшчоты свайго гаспадара Бандарэнкі і яшчэ больш — святланін цукар. Калі дзяўчынка падыходзіла бліжэй, ён туліўся да яе, ласкава хмыліўся і лавіў мяккімі сухімі губамі яе рукі.

У тую нядзелю, з якой мы хочам пачаць наш расказ, Святлана прыйшла ў вайсковы гарадок ледзь не з самага ранку. Пачаставаўшы цукрам Лютага, дзяўчынка зайшла ў кабінет да свайго бацькі, бо ў гэты дзень яна яго яшчэ нават не бачыла. Хадзіў, здаралася, i раней бацька па выхадных днях у штаб, але сёння ён пайшоў чамусьці вельмі рана. Святлана ў гэты час яшчэ спала.

У пакоях штаба трохі папахвала конскім потам, але дзяўчынка нават i не заўважыла гэтага. У іх кватэры ў горадзе ўвесь час гэтак-жа папахвае, як тата ні стараецца, як ні прасушвае сваю вопратку. У прыёмнай кабінета дробненька стукала машынка. Святлана прыпынілася каля дзвярэй. Ёй не хацелася бачыць машыністку, хоць для гэтага не было ніякіх прычын.

Святлана нерашуча пастукала ў дзверы, нібы ішла да свайго дырэктара школы. Ніхто не азваўся, бо машынка стукала мацней, як Святлана. Тады яна зайшла без стуку. Машыністка аглянулася, кіўнула ветліва, i зноў яе пальцы спрытна заскакалі па літарах. Яна заўсёды сустракала дзяўчынку ветліва. А бацька чамусьці нахмурыўся, калі ўбачыў дачку. Нахмурыўся і не надта ветліва сказаў, паказваючы на дзверы кабінета:

— Пабудзь там Света, пакуль я вось… Пачытай што-небудзь.

Дзяўчынка пайшла ў кабінет, і хоць на стале ляжалі ўсялякія часопісы і кнігі, не ўзяла ў рукі нічога. Яна села ў кутку на мяккую канапку, падагнула загарэлыя каленкі і ледзь не заплакала ад крыўды. Ёй так хацелася пагуляць сёння з таткам, схадзіць з ім на палігон, а можа і праехацца разам: ён на сваім «Віхры», сівым, у яблыкі, а яна на бандарэнкавым Лютым. I чаму гэта сёння бацька на рабоце, чаму ён усё нешта дыктуе і дыктуе машыністцы? Магла-б яна, гэтая машыністка, і не прыходзіць сёння. Ніколі ў выхадныя дні яна не прыходзіла. Крыўда ўпала і на машыністку: нездарма-ж так не хацелася яе тут бачыць. Каб яна не прыйшла, то напэўна можна было-б пайсці з татам на палігон.

Святлана прыцішылася, трошкі супакоіла сваю крыўду і пачала слухаць, што бацька дыктуе. Дзверы былі прычыненымі; у перапынках, калі машынка не стукала, чутно было, як бацька ходзіць сюды-туды па пакоі, як хораша i звычна падзынькваюць яго шпоры. А слоў нельга было разабраць: бацька гаварыў вельмі ціха, i друкаванне заглушала яго голас. Ці хутка ён скончыць дыктаваць, ці хутка пойдзе адсюль гэтая зусім непатрэбная дзяўчына?

Марудна і сумна цягнуліся хвіліны. Вядома, у двары было-б весялей: там зноў падышоў-бы лейтэнант Бандарэнка, ён прыдумаў-бы што-небудзь цікавае, вясёлае. Там можна было-б пайсці да кулямётчыкаў i пакатацца ў тачанцы. Але не цягнула Святлану нікуды, нават Бандарэнку не хацелася бачыць. Яна ўсё слухала, як стукае за дзвярыма машынка, як гучыць неразборлівы бацькаў голас. Слухала, чакала i сама не заўважыла, як у гэтым чаканні заснула. Можа душны дзень быў у гэтым вінаваты, а можа і тое, што ноччу дзяўчынка сніла страшныя сны i часта прачыналася.

Колькі часу праспала тады Святлана, ніхто не ведае, як не памятае гэтага i яна сама. У памяці часта ўзнікае толькі тое, як яна прачнулася. Бацька аб нечым моцна крычаў па тэлефоне, машыністка, хапаючы нейкія паперы, перакуліла столік з машынкаю. На двары нешта страшэнна грымела, ляскала, у вокнах бліскаў агонь. Нельга было зразумець, сон гэта ці незвычайнае, жудаснае няшчасце. Нібы ў гэтым-жа неадольным сне і спалоху перад самымі вачыма мільгануў дарагі, страшэнна заклапочаны твар бацькі, потым аднекуль, быццам з густога дыму, з полымя выскачыў Бандарэнка. Святлана адчула пад сабою нечыя цвёрдыя рукі. Можа яго, а можа бацькавы. Усё загойдалася, затраслося ў вачах, загуло над галавою. Дзяўчынка адчула, што яна некуды едзе, расплюшчыла на момант вочы і ўбачыла перад сабою шафёра з бледнай стрыжанай патыліцай, а поруч з ім — байца ў пілотцы, надзетай бліскучай зоркаю назад. Уціснулася галавою ў жорсткі куток машыны, прыжмурыла вочы, каб успомніць, уявіць, што адбылося, чаму так доўга не праходзіць гэты страшны сон? I зноў акунулася ў нейкую дзівосную, кіпучую хвалю, зноў знікла ўсё з вачэй, патанула ў бездані…

Цяпер ужо вочы расплюшчыліся, мабыць толькі ад таго, што неўзабаве выплыла з-за хмаркі жыватворнае летняе сонейка і пачало пранізваць павекі. I калі дзяўчынка глянула на сонца, якое спускалася ўжо на захад, калі ўбачыла над сабою чыстае, спакойнае неба, тады паверыла, што цяпер ужо сапраўды мінуўся гэты жудасны сон. На хвіліну ёй нават уявілася, што яна недзе дома: нібы каля таго ляска за горадам, куды часта бегалі яе сяброўкі, нібы на мураўцы палігона, дзе ў вольную хвіліну любяць адпачываць і нюхаць малады чабрэц коннікі. Вось і жаваранак узняўся над галавою, затрапятаў крыльцамі, зазвінеў. Калі гэта палігон, дык тут і рэчка недалёка. Хутка прыйдзе тата, і пабяжым тады разам на рэчку. Напіцца-б халодненькай вады, памачыць свежым струменьчыкам галаву… Баліць нешта галава…

Непадалёку нехта застагнаў, і адразу-ж знікла песня жаваранка. Святлана ўзнялася на локаць. Перад ёю ляжаў коламі ўверх перадок газіка. У першы момант дзяўчынцы здалося, што гэтыя колы яшчэ круцяцца. Кроках у дзесяці збоку намагалася ўстаць нейкая дзяўчына: узмахвала рукамі, упіралася ў зямлю.

— Пачакайце трошачкі! — сказала Святлана, — я вам памагу.

Яна ўскочыла на ногі, але мяккая трава нібы правалілася пад ёю, i дзяўчынка ўпала. На руках і каленках падпаўзла яна потым да той дзяўчыны, што адзін раз застагнала, і пачала пасабляць ёй сесці. Узяла яе за шыю, колькі было сілы пацягнула да сябе. Калі дзяўчына села і паправіла на галаве зблытаныя чарнявыя валасы, Святлана ўбачыла, што гэта — машыністка.

— Дзе гэта мы? — запытала дзяўчына. А Святлана глядзела на яе i не ведала, што адказаць. Ёй толькі хацелася хутчэй стаць карыснай у бядзе, дапамагчы машыністцы, дапамагчы ўсім, калі гэта трэба.

— Што з вамі? — хацела яна спытаць у машыністкі, але тая перахапіла яе словы i спытала сама:

— Табе не баліць, Светачка?

Дзяўчынка ўзялася рукою за галаву, i яе вочы наліліся слязамі.

А машыністка тым часам разарвала крэмавую блузку проста на сабе:

— Дай я цябе перавяжу, Светачка.

Пакуль перавязвала, прыйшла ў поўную свядомасць, зразумела, што сама не паранена, i трывога брала толькі за Святлану. У дзяўчынкі была пляма вышэй ілба. Можа гэта толькі шкрабінка, а можа і горш. Ці няма яшчэ дзе ран?

У машыністкі калоціцца сэрца, калі яна саджае дзяўчынку сабе на калені, аднак яна гаворыць зусім спакойным гол асам:

— Маленечкая ранка ў цябе, Света, амаль што i не відаць. Мабыць, валасамі за нешта зачапілася, калі ляцела з машыны.

— А што гэта здарылася? — абняўшы машыністку за шыю, спытала дзяўчынка. — Дзе мой тата, дзе Бандарэнка?

— Вайна, Светачка, — ледзь стрымліваючы слёзы, сказала машыністка. — Здарылася вайна.

Адсунуўшы з вачэй не надта ўмелую павязку, Святлана яшчэ раз глянула на газікаўскі перадок з вісячымі нібы для забавы калёсамі; убачыла там паблізу вялікую, круглую яму, акаймаваную свежым чарназёмам, i тую пілотку, што нядаўна паблісквала начышчанай зоркай. Больш не было пра што пытацца.

* * *

Першыя гадзіны яны беглі па гэтай дарозе амаль што адны. Зрэдку праходзіла машына, зрэдку праносілася група коннікаў. Стрэчныя людзі часам нават i не ведалі, што заварылася там, на граніцы, і глядзелі на Святлану і машыністку здзіўлена, а то i падазрона. Выгляд гэтых дзяўчат сапраўды выклікаў здзіўленне. Святлана была ў крэмавай павязцы, нібы ў чалме, а на плячах у машыністкі была толькі палавіна блузкі. Памяталася дзяўчыне, што брала яна з сабою касынку, калі выбягала са штаба, але знікла гэтая касынка, як знік шафёр, як знік той баец, што сядзеў у машыне поруч з шафёрам. Гарачае летняе сонца можа выпаліць прыгожыя, блізкія да кучаравасці валасы, зрабіць іх выцвілымі. Але бог з імі, з валасамі. Толькі для таго, каб не было вобмараку ад спёкі, дзяўчына падняла ў адной канаўцы парыжэлы, выдзьмуты ветрам газетны ліст, згарнула яго караблікам і надзела на галаву.

Перад адвячоркам паявіліся грузавыя машыны з раненымі. Многа ішло машын, ледзь не адна за адной. Байцы ў розных павязках, а некаторыя і без павязак, відаць, падабраныя па дарозе, сядзелі, хто мог, ля бартоў, на бартах, нават на кабіне. Цяжка раненыя ляжалі на саломе, хто ніцма, хто бокам, хто дагары, прыкрыўшы твар рукамі. Святлана, са згоды машыністкі, пачала галасаваць: яна-ж таксама раненая, яе павінны ўзяць на машыну. Але шафёры нават вока не спынялі на гэтым галасаванні і ціснулі на газ, што было сілы. Часам машыну падкідвала так, што траха не зляталі з бартоў раненыя; крычалі, стагналі, прасілі і з апошняга слова лаяліся тыя, каму ледзь не смерцю была такая язда. Нішто не праймала шафёраў. Яны глядзелі толькі на дарогу ды праз бакавыя вокны сачылі, ці чыстае неба, ці няма пад хмаркамі таго жудаснага ліха, ад якога вось гэтыя людзі, што ў кузаве, сталі калекамі.

Аднак знайшоўся ўсё-такі адзін шафёр, які затармазіў машыну перад паднятай маленькай рукой.

— Перавязваць умееце? — спытаў ён, высунуўшы запылены чуб праз выбітае бакавое акно.

— Умеем, — адказала Святлана.

Чубаты ўсміхнуўся і, зірнуўшы на машыністку, загадаў:

— Сядайце! Толькі хутка: раз, два! Вось вам бінты!

— Куды іх, на галовы? — заенчыў нехта з кузава, але тыя байцы, што ледзь не адзін на адным сядзелі на бартах, жвава заварушыліся, нейкім цудам зрабілі шчыліну між сабою і дапамаглі дзяўчатам узлезці. Машына зноў пайшла, ды так ірванула з месца, што Святлана сапраўды села аднаму байцу на галаву, аднак той не сказаў нічога, усміхнуўся, як толькі можна ўсміхнуцца, перамагаючы боль, і адвёў убок перавязанае плячо.

Сяк-так прымасціўшыся, Святлана пачала глядзець туды, дзе, па яе арыентыру, павінен быць іхні вайсковы гарадок. Можа ён яшчэ відзён з машыны, можа хоць якія прыкметы пашанцуе заўважыць. Не, не было ўжо ніякіх прыкмет. Нават густыя клубы дыму, якія яшчэ не так даўно ўзнімаліся недзе там, каля гарадка, і зліваліся з воблакамі, цяпер, відаць, рассеяліся ці сталі недасягальнымі для вока. Скрозь па дарозе відны былі толькі машыны ды фурманкі. Тады дзяўчынка пачала ўглядацца ў сваіх суседзяў. Ці ёсць тут коннікі? — перш-на-перш цікавіла яе. Коннікаў яна магла адрозніць заўсёды калі не па сініх пятлічках, дык па асабліваму паху. Ёй, чамусьці, здавалася, што тут, у кузаве, абавязкова павінен нехта быць з іхняга палка. Калі-ж ёсць, то яна адразу пазнае яго.

Адзін баец ляжаў у кутку ля самай кабіны. Пятліцы на яго гімнасцёрцы былі ў крыві, таму нельга было вызначыць іх колеру. У байца была перавязана галава. Трохі лепш яна была перавязана, як у самой Святланы, але прыблізна ў гэтым-жа месцы. Валасы густа чарнелі на цемені, а каля самай раны не відно было ніводнага валаска.

— Ці добра ён перавязаны? — спытала дзяўчынка ў машыністкі i непрыкметна паказала вачамі на байца.

— Нядобра, — ціха адказала машыністка, — але на такой дарозе цяжка паправіць.

— Цёця, — зноў неўзабаве загаварыла дзяўчынка і ўжо шэптам. У яе голасе чутны былі ноткі горнасці і бязмежнага давер’я. — А ў яго рана такая-ж, як у мяне, праўда?

— Не, што ты? — здагадаўшыся, у чым справа, пачала ўгаварваць дзяўчынку машыністка. — У цябе зусім не такая, у цябе — маленечкая, драпінка проста. Твая хутка загоіцца i знаку ніякага не будзе.

— А валасы? — нясмела прашаптала дзяўчынка.

— Усё ў цябе будзе добра, усё, — суцяшала машыністка. — Не думай нічога. Потым вось што, Светачка: не заві мяне цёцяй, а проста па імю. Зінай мяне завуць.

Дзяўчынка змоўкла, усё яшчэ не спускаючы сумных вачэй з перавязанай галавы байца, а Зіне стала няёмка, што яна сказала падлетку няпраўду. Нетрывожная рана на галаве ў Святланы, але хто ведае, як яна будзе гаіцца. Скура над ілбом садрана, магчыма, і сапраўды не будуць расці валасы. Мабыць дзяўчынка адчувае гэта i не верыць ніякім словам. Шкада ёй гэтага байца, што ляжыць ля кабіны з перавязанай галавой, яшчэ больш шкада бацьку, які застаўся там, у гарадку, i можа таксама недзе пакутуе ў цяжкіх ранах, але-ж шкада і сваіх валасоў.

Баец ля кабіны раптам паварушыўся, застагнаў, i Святлана спалохана адвяла ад яго вочы.

— Вады-ы, — ледзь чутна папрасіў баец.

— Ёсць у каго вада? — спытала Зіна.

— Даўно няма, — адказаў адзін з тых байцоў, што сядзелі на кабіне.

— Хаця-б глыточак, Зіначка, — раптам пачула дзяўчына зусім побач з сабою. — Усё нутро ссохлася.

Зіна азірнулася на гэты голас.

— Адкуль вы ведаеце маё імя? — спытала яна, яшчэ добра не разабраўшы, хто гэта гаварыў.

— Дык у мяне-ж толькі вочы завязаны, — з жартаўлівай ноткай адказаў баец, — а вушы не. Падслухаў. Не крыўдуйце…

Святлана таксама паглядзела на гэтага байца i ледзь не крыкнула ад нечаканасці: у яго на гімнасцёрцы былі сінія пятліцы.

— Стукайце шафёру ў кабіну! — падала каманду Зіна, калі машына ўляцела ў вуліцу адной невялікай вёсачкі.

— Не спыніцца ён, — сказаў той баец, што першы азваўся Зіне.

— Стукайце! — цвёрда паўтарыла дзяўчына. — Мы яго прымусім спыніцца.

— Застукала адразу некалькі байцоў.

— Што такое? — крыкнуў шафёр, прытармазіўшы машыну.

— Вады трэба набраць, — сказала Зіна.

— На дзіва ўсіх шафёр адразу згадзіўся і выключыў матор.

— I мне трэба вады, — сказаў ён, выцягваючы з-пад сядзення пагнутую бляшанку. — Толькі прашу ўмомант: раз-два. А то немец прэ за намі.

Зіна з дапамогай Святланы сабрала ў байцоў біклажкі, праз якую хвіліну яны былі напоўнены ля калодзежа, шафёр заліў ваду ў радыятар, і машына памчала далей. Глытнуўшы свежай вады, байцы павесялелі, сталі глядзець на дзяўчат з замілаванай павагай, а сусед з завязанымі вачамі многазначна сказаў:

— У нашым палку таксама была Зіна, машыністка. Харошая, кажуць, была дзяўчына, але загінула напэўна, бо першыя бомбы ўпалі на штаб.

— Вы з таго палка? — рынулася да яго Святлана, але Зіна ўхапіла яе за плечы і прытуліла да сябе.

— Не трэба, Светачка, — зашаптала яна, — не трэба, родная. Лепш нічога не ведаць, чым распытваць цяпер. Людзей будзем трывожыць i сябе.

— Светачка ў нас таксама была, — нечакана сказаў баец. — Дачка камандзіра палка.

Дзяўчынка дрыжала ад хвалявання, ледзь не плакала, а Зіна ўсё туліла яе да сябе і ўгаварвала маўчаць.

— У вас вельмі тонкі слых, — сказала яна байцу, каб хоць як-небудзь пачаць іншую размову, — чуеце самы ціхі шэпт.

— Вушы ў мяне добрыя, — ніколькі не сумеўшыся, згадзіўся баец. — Вялікія. Бачыце? — Ён абедзвюма рукамі пацягнуў сябе за вушы. — Таму i ловяць усё.

— А як мой тата? — нястрымна хацелася спытаць Святлане. — Ці не чулі вы чаго пра майго тату?

Баец, нібы адчуваючы жаданне дзяўчынкі, пачаў усё-ж гаварыць пра свой полк, сказаў-бы ён, напэўна, i пра камандзіра палка, але ў гэты час нечага зачмыхала машына i пачала сударгава, са штуршкамі спыняцца.

— Прыехалі! — абвясціў нарэшце шафёр, вылезшы з кабіны. — З’елі ўсё гаручае!

Твары ў байцоў адразу пазмрачнелі, а Зіна адчула нешта падобнае да палёгкі, бо каб не гэты выпадак, то сляпы баец сказаў-бы пра смерць святланінага бацькі. Зіна была ўпэўнена, што камандзір загінуў.

— Гэта номер! — сказаў баец з павязкай на вачах.

— Ну, нічога! — дадаў шафёр, паглядваючы з-пад чуба толькі на Зіну. — Вы тут крыху пабудзьце, а я збегаю вунь у тую вёску, дастану хоць газы якой. — Ён зноў выцягнуў з кабіны сваю пагнутую бляшанку. — Я хутка: раз-два!

Шафёр пабег, пазвоньваючы бляшанкай, і ўсе тыя байцы, што сядзелі на бартах, праводзілі яго сумнымі і безнадзейнымі позіркамі.

— Цяпер будзем загараць, — прамовіў сляпы баец.

— Ціха вы! — загадала яму Зіна. — Трэба зрабіць усё, каб не стаяць тут доўга.

Яна рухава саскочыла з барта, выйшла на сярэдзіну дарогі i пачала настойліва спыняць грузавікі. Амаль усе шафёры — спыняліся, аднак гаручага пакуль што ніхто не даваў.

— А што-б мы рабілі з тым гаручым, — усё-ж не ўстрымаўся сляпы баец, — калі-б нам яго і далі? Хіба вы — шафёрка?

— Я шафёр, — раптам заявіў адзін з тых байцоў, што сядзелі на краі кабіны.

— Рукі і ногі ў цябе цэлыя? — спытаў сляпы баец.

— Рукі цэлыя, — адказаў той, — і нага адна дзейнічае. Зіна! — звярнуўся ён да дзяўчыны адразу па імю. — Паглядзі там, шафёр пакінуў ключы ці не?

— Пакінуў, — адказала дзяўчына, зірнуўшы ў кабіну.

— Значыць, паедзем.

I яны, канешне, паехалі-б, дагналі-б недзе свайго чубатага шафёра, каб у гэты час не з’явіліся над шашою варожыя самалёты. Усе байцы, хто хоць трохі мог варушыцца, пачалі саскакваць, а то проста звальвацца з машыны. У кузаве застаўся толькі той чарнявы юнак з перавязанай галавою, ды яшчэ некалькі байцоў, вельмі цяжка параненых. Зіна паспрабавала высадзіць і іх, з усёй сілы дапамагала ёй Святлана, але дваім ім цяжка было спусціць на зямлю амаль што нерухомых байцоў. Тады падняўся з кювета і на адной назе прыскакаў да машыны той баец, што назваўся шафёрам. Спрытным рухам працавітых рук ён апусціў задні борт. Падбег яшчэ адзін вайскавік, з падвязанай рукой, з двума трохкутнікамі на пятліцах, i яны ўдвух пачалі прымаць на рукі тых пакутнікаў, якія самі нават паварушыцца не маглі.

Самалёты ўжо раўлі над самай шашою i над вёскаю, куды чубаты шафёр пайшоў шукаць бензіну. Вайсковыя машыны віхрам праносіліся міма заглохлага i быццам ужо нікому непатрэбнага грузавіка. Шафёры выціскалі з іх апошняе, каб хутчэй ускочыць у вёску, а там дзе-небудзь прытуліцца, навясці маскіроўку. Святлана з жудасцю наглядала, як некаторыя байцы на хаду выскаквалі з машыны, перакручваліся па некалькі разоў на адкосе, а потым знікалі ў быльняку ці прыдарожным жыце. Яе вельмі цягнула бачыць, ці застаюцца яны жывымі, таму пры набліжэнні кожнай машыны яна ўзнімала Галаву з кювета, і Зіна моўчкі прыціскала дзяўчынку да зямлі.

Фашысцкія сцярвятнікі пачалі рабіць залёты на шашу, спускаліся зусім нізка і білі па машынах з кулямётаў. Святлана прытулілася да сваёй старэйшай сяброўкі і пры кожным выбуху бомбы ўздрыгвала, хапалася рукамі за галаву. Ёй здавалася, што ўсе самалёты віселі якраз над яе галавою і вельмі добра заўважалі яе крэмавую павязку, яе святочную сукенку, таксама светлую, толькі ў малінавыя палоскі. Цяпер дзяўчынцы ўспаміналася, што калі яна спала ў штабе, на мяккай татавай канапцы, у сне чулася такая-ж самая траскатня, гул і шум, але тады нават i не снілася, што гэта вайна. Хто яе ведаў, якая гэтая вайна, хоць бацька дома і многа гаварыў пра яе.

Вельмі-ж боязна было, каб не выцяла што па галаве. Галава i так баліць, i на ёй ужо, мабыць, не будуць расці валасы. А ў таго чарнявага хлопца, што ляжаў ля кабіны, напэўна, яшчэ горш баліць галава. Дзе гэта ён цяпер? Там, дзе мы яго паклалі, у кювеце, ці можа адпоўз куды? Хоць-бы на дарогу не выпаўз, шукаючы паратунку ад болю. Нешта-ж не чутно яго стогнаў.

Святлана пачала думаць пра тых байцоў, якіх яны нядаўна знялі з машыны, пра тых, што пападалі тут на поўным хаду i недзе ляжаць цяпер ля дарогі, жывыя ці нежывыя. А колькі машын пайшло далей! Яны недзе ў вёсцы. Ляжаць на іх вось такія, як наш чарнявы, i з моманту на момант чакаюць смерці. Наўрад ці памог ім хто хоць як-небудзь зваліцца з кузава, бо не на кожнай-жа машыне едуць такія харошыя дзяўчаты, як наша машыністка.

Думкі пра іншых крыху супакоілі Святлану, у яе пачала з’яўляцца ўпэўненасць, што хутка ўсё скончыцца, што ніякі асколак яе не зачэпіць. Нават боль стаў нібыта меншы. Пройдзе яшчэ трохі часу, і ўсё загоіцца, бо Зіна вельмі добра перавязала ранку. I валасы будуць расці, як i раней.

Уявілася, як хутка пачнуць вылазіць з кювета і выпаўзаць з жыта пасажыры той машыны, што стаіць і чакае ўсіх на шашы. Два хлопцы, адзін аднарукі, а другі аднаногі, дапамогуць Зіне пакласці ў кузаў цяжка параненых, прыбяжыць з вёскі чубаты шафёр i паедуць яны ўжо без усякіх перашкод аж да самага шпіталя. Сляпы кавалерыст будзе жартаваць у дарозе, а Зіна, магчыма, дазволіць распытаць у яго пра наш вайсковы гарадок.

Такімі былі святланіны ўяўленні. А калі гул самалётаў аддаліўся і Зіна сказала, што ўжо можна выходзіць на шашу, усё паўстала зусім іншым. Машына была нібы і цэлая, але на ёй не было капота, радыятара і стаяла яна значна ніжэй, чым раней, бо ўсе скаты былі прастрэлены. Аднаногі шафёр выкульгікаў з жыта на дарогу, агледзеў грузавік і безнадзейна махнуў рукой.

* * *

У першыя гадзіны Зіна ўсё яшчэ спадзявалася на нейкую магчымасць паехаць далей: чакала шафёра з гаручым, хоць няпэўна, але верыла, што чалавек знойдзе нейкую раду з машынай. Не здолее паставіць на ногі гэтую, дык, магчыма, адшукае другую. Але не прыйшоў шафёр у той адвячорак пасля налёту, не прыйшоў і ноччу, i на другі дзень. Хто ведае, што здарылася: можа раніла ці забіла чалавека, а можа не захацеў ён звязваць свой лёс з гэтымі параненымі, па сутнасці бездапаможнымі людзьмі, сеў на другую машыну і паехаў.

Нажаль, гэтак-жа паглядзелі на абставіны і некаторыя іншыя з тых, каго вёз чубаты шафёр. З усёй групы хадзячых хворых засталіся ў жыце пры цяжка раненых толькі той аднарукі, што меў два трохкутнікі на пятліцах, ды шафёр, хоць ён някепска мог кульгікаць на адной назе. Астатнія прыцёмкам падаліся на шашу і рушылі ў напрамку вёскі. Застаўся, праўда, яшчэ сляпы кавалерыст, але-ж гэты без павадыра не здолеў-бы i двух крокаў ступіць.

Першы дзень жылі амаль што зусім пры дарозе. Зіна прынесла з вёскі рыдлёўку, выкапалі шчыліну, каб хавацца ад налётаў. Прынесла яна таксама трохі спірту, што выпрасіла ў людзей. Удваіх са Святланай яны прамылі раны і налажылі новыя бінты ўсяму свайму шпіталю. Сляпы кавалерыст, калі яму добра працёрлі вочы, пазнаў Святлану. Выявілася, што пашкоджаны ў яго былі не самыя вочы, а ўсё надброўе і часткова павекі. Чалавек проста разануўся недзе, калі вылятаў з канюшні разам з коньмі, з цаглінамі падмурка і драўлянымі бэлькамі. Зразумеўшы, што сляпым ён не будзе, кавалерыст так павесялеў, што жартаваў нават i тады, калі ніякія жарты былі не да часу. Шпіталь таксама весела прыняў яго хуткую папраўку, бо ў лагеры прыбаўляўся яшчэ адзін працаздольны і вельмі карысны чалавек. Баяліся, праўда, каб ён не даў маху з жыта, як зрабілі некаторыя яго суседзі па кузаву. Аднак-жа ўсе хутка ўпэўніліся, што кавалерыст — чалавек не такі.

Увесь той дзень гурчалі на дарозе машыны, тарахцелі падводы, ішлі і беглі людзі. Зіна раз-по-раз выходзіла на шашу, галасавала, упрошвала шафёраў узяць раненых байцоў. Мала хто спыняўся, заўважыўшы яе паднятую руку, а калі і спыняўся, то рабіў спачувальны выгляд, паказваў на свой кузаў і зноў паспешліва ўключаў матор. Пад вечар яны выйшлі на дарогу ўчацвярых: кавалерыст, якога ўжо ўсе ў лагеры звалі Грыцком, аднарукі камандзір аддзялення, Зіна і Святлана. Яны амаль сілай пачалі спыняць машыны. Адзін чалавек у цывільнай вопратцы сам пачаў тарабаніць свайму шафёру, калі ўбачыў наперадзе такую грозную заставу. Ён стаяў у кузаве ля кабіны і прытрымліваў за вераўчаны залыгач карову.

— У чым справа, таварышы? — гучна спытаў чалавек. — Пад’ехаць хочаце? Дык недалёка еду, усяго якіх вярстоў пяць. Раненых? Не, раненых не магу. Вось дзевачак можна падвезці, калі хочуць.

Грыцко і камандзір аддзялення сталі на падножку каля шафёра:

— Калі толькі рушыш без майго дазволу — аглушу дурня. Бачыш, што гэта? — I Грыцко паказаў шафёру камень.

— Дык можа так рашым, — пайшоў гаспадар на хітрыкі, бачачы, што цяпер яму ўжо адсюль не ўлізнуць. — Я даеду вось да гэтай вёскі, згружу там усё, а тады прыгазую па вас.

— Прыгазу-уеш, — недаверліва паўтарыў Грыцко. — Дурняў знайшоў.

— Ды што вы, таварышы, — пачаў абурацца гаспадар, — за каго вы мяне прымаеце? Сказаў, што падвязу, значыць падвязу. Недалёка, праўда, бо гаручага мала, але падкіну кілометраў за дзесяць.

— Ну, паехалі! — раптам загадаў Грыцко. — Няма часу таргавацца. Я правяду вас да вёскі i разам вернемся. Паехалі!

Ён глянуў на шафёра, i той уключыў матор, не чакаючы каманды гаспадара.

Шчуплы ў постаці і вельмі сталы і валявы з твару камандзір аддзялення адразу саступіў з падножкі. Ён, вядома, згадзіўся з рашэннем Грыцка, хоць у душы трошкі сумняваўся, што ўсё гэта пойдзе на карысць. Угаворыць гаспадар кавалерыста, i яны драпануць адсюль разам. Зіна, чамусьці, больш давярала Грыцку, але і яе трошкі збянтэжыла гэтае яго раптоўнае рашэнне.

Вярталіся ў свой лагерок з нейкай надзеяй i з трывогай у душы. Усе трое разумелі, што гэта была апошняя спроба паехаць, дабрацца да шпіталя. Пачынала цямнець, ноччу машыны ідуць без фар і ніводная не спыніцца, хоць нават ляжаш на дарозе. А заўтра… Хто ведае, што будзе заўтра.

— Гэта шуркін бацька паехаў, — задумліва сказала Святлана. — Шурка з мамаю ў кабіне сядзела, і калі хацела загаварыць са мною, дык мама сціснула яе за руку.

— Чаму-ж ты сама не загаварыла? — крыху здзіўлена спытала Зіна. — Знаёмыя людзі. Яны ўзялі-б цябе, i можа так было-б лепш.

— Я не хацела з імі ехаць, — упэўнена сказала дзяўчынка.

Прыдарожны лагер чакаў сваіх пасланцоў цяпер з асаблівай нецярплівасцю. Усе параненыя, нават і тыя, каторыя адчувалі сябе вельмі дрэнна, разумелі, што нейкі паратунак павінен быць знойдзены толькі сёння. Кожны раз, калі Зіна адыходзіла на дарогу, яны праводзілі яе шчырымі даверлівымі позіркамі, а потым чакалі з хвіліны на хвіліну. Апошні выхад чацвярых яшчэ больш абнадзеіў ix, i тут ужо кожная хвіліна здавалася гадзінай. Усе верылі Зіне, спадзяваліся на яе, бачылі ў ёй свайго збавіцеля ад пакут, а то можа i ад смерці. Калі сёння Зіна нічога не даможацца, калі яе старанне не прынясе дабра, дык што будзе далей, што чакае ўсіх наперадзе? Харчоў амаль што няма — рэдка хто паспеў у трывозе падрыхтаваць рукзак. Вады таксама няма. А што ўжо гаварыць аб нейкім лячэнні, аб бінце, аб медыкаментах?

Даведаўшыся, што Грыцко паехаў на падножцы грузавіка з кароваю і павінен хутка прыехаць назад, лагер крыху павесялеў, а кульгавы шафёр пачаў запэўняць, што ён даедзе на гэтым грузавіку хоць да самай Масквы i кожнага давязе, куды трэба. Папрасілі Машкіна (такое прозвішча насіў шчуплы камандзір аддзялення) пайсці на дарогу падзяжурыць, каб адразу-ж даць знаць, як толькі пад’едзе Грыцко.

Аднак праходзіла гадзіна, другая, а машыны ўсё не было. Ужо ўсё ў лагеры было падрыхтавана да хуткай пагрузкі, шафёр нават змайстраваў насілкі для пераноскі ляжачых хворых, а ад Машкіна ніякага сігналу. «Збег Грыцко, — пачалі падумваць некаторыя, — выкарыстаў зручны момант».

Ужо і Зіна стала хвалявацца, ужо і ў яе пачалі з’яўляцца трывожныя думкі наконт кавалерыста, але ў гэты час прыбег у лагер Машкін, сеў на снапку зялёнага жыта побач з Зінаю і, аддыхаўшыся, сказаў:

— Па-мойму, сябры, гэта немцы!

Усе, хто мог, паднялі галовы.

— Я доўга ляжаў у разоры, — працягваў камандзір аддзялення, — хацеў упэўніцца. Спачатку праехалі матацыклісты. Цёмначы не разбярэш, я яшчэ сумняваўся. А потым пайшлі бронемашыны, і я ўбачыў: тэхніка не наша, людзі не нашы. Значыцца, нас ужо абышлі.

— Будзем сядзець тут, пакуль цёпла і за шыю не лье, — паспрабаваў пусціць жарт шафёр. Але ніхто не падтрымаў яго жарту, ніхто нават не глянуў у яго бок. Многім успомнілася, што сапраўды з гадзіну таму назад быў нейкі злавесны перапынак на шашы: не чутно было гулу машын, людскога гоману, тарарахкання перасохлых калёс. Мабыць, апошнія з нашых адышлі, а ворагі яшчэ не прыйшлі.

Зіна тут ужо не ведала, што i сказаць, за што брацца, якімі парадамі падтрымаць хворых. Ёй так цяжка стала на душы, што цямнела ў вачах, яна неяк аж спалохалася, уявіўшы ўсё тое, што адбылося. Пакуль за спіною былі нашы часці, пакуль на граніцы, — яна ведала, — ішло гераічнае змаганне, пакуль той полк, у штабе якога яна служыла, быў яшчэ на сваім месцы i таксама вёў барацьбу з ворагам, жыла ў сэрцы нястрымная воля змагацца, перамагаць усялякія цяжкасці, смагнуць без вады, галадаць, стаяць пад кулямі і пад бомбамі, каб толькі хоць чым-небудзь дапамагчы фронту, тым байцам, якіх яна бачыла кожны дзень. А калі за спіною — страшна падумаць! — ужо нічога няма; калі вораг ступіў на нашу зямлю, заняў той цудоўны лясок каля таго горада, які за апошнія гады стаў яе родным, зайшоў у зялёныя вуліцы, забрудзіў пэўна той маленькі, абвіты плюшчам домік, дзе засталася яе матуля. Цяпер на момант здалося, што быццам знік увесь сэнс змагання, што рукі пачынаюць апускацца і язык не варочаецца, каб суцешыць тых бездапаможных людзей, якія моўчкі ляжаць перад вачамі. Святлана таксама адчула нешта горкае, незвычайнае і пачала яшчэ цясней туліцца да Зіны.

Цяжка застагнаў чарнявы баец, і Зіна кінулася да яго. У супакойванні хворага быццам-бы лягчэй ішоў час, аднак на душы мацнела адчуванне нейкай безвыходнасці: не дапаможаш параненаму байцу, як не дапаможаш ужо цяпер свайму гораду, сваёй роднай маці. Не хопіць сілы ў цябе на гэта, не хопіць вытрымкі, бо цяжкасці перад табою жудасныя і неадольныя. Шэптам Зіна пытала ў байца, што яму даць, як зрабіць палёгку. Па сутнасці-ж, яна нічога не магла зрабіць, але шаптанне гэтае давала нейкую магчымасць абдумваць становішча, пакуль усе лічылі, што яна вельмі занятая. Астатнія байцы таксама быццам-бы ўсё забылі з-за стогну чарнявага суседа. Адны трывожыліся, што гэтае стагнанне могуць пачуць немцы, другія проста спачувалі таварышу.

І кожны ў гэтыя хвіліны думаў: што-ж будзем рабіць, кал i гэты хлопец перастане войкаць i перакочвацца з месца на месца, што скажа Зіна, ці знойдзе яна хоць які-небудзь паратунак?

Толькі Зіна адышлася ад хворага, як у жыце нешта зашамацела. Гэта яна пачула адразу, але не паверыла сабе. У такім душэўным стане можа і ў галаве зашумець. Глянула на байцоў, ажно-ж i тыя насцярожыліся. Машкін лёг, як лажацца для стральбы, i здаровай рукой выняў з кішэні нож. Пачалі варушыцца і шукаць нечага ў кішэнях i пазухах i некаторыя іншыя байцы. Шафёр выцягнуў з кірзавага галянішча ручную гранату.

— Што гэта, Зіначка? — пачала ціхенька плакаць Святлана. А Зіна i сама не магла нічога сказаць, толькі ў яе чамусьці зусім не было страху: няхай будзе, што будзе, абы хутчэй які канец.

Шалясценне ў жыце пачулася зусім блізка, i нехта да шэпту прыцішаным голасам спытаў:

— Дзе вы тут, братва?

Машкін усхапіўся на ногі.

— Hi д’ябла не бачу вас тут, — працягваў той-жа голас ужо крыху мацней. — Пахаваліся, начлежнікі бісавы.

— Грыцко! — ледзь не крыкнуў ад радасці Машкін і, сагнуўшыся, шуснуў у жыта яму насустрач.

Кавалерыст выйшаў на прагалачак, дзе ляжалі хворыя, сеў на снапок побач з Зінай і выняў з кішэні свой бінт.

— Прашу прабачэння, доктар, — звярнуўся ён шэптам да дзяўчыны, — прымайструйце мне гэтую павязку зноў.

— А нашто-ж вы яе знялі? — сапраўды як доктар спытала Зіна.

— Замінала яна мне, лоб Гітлеру паказвала ў цемнаце.

Зіна ўзяла са свайго невялічкага запасу чысты бінт і калі стала перавязваць Грыцко, заўважыла, што твар у яго вельмі змрочны і разгублены. «Чаму-ж у голасе гэтага не чуваць? — міжвольна падумала яна. — Не хоча хлапец расхрыстваць сваю душу перад хворымі людзьмі? Можа, гэта і правільна. Так, мабыць, трэба рабіць моцнаму чалавеку».

— Чаму-ж ты без машыны? — спытаў шафёр i, як здалося Зіне, спытаў занадта патрабавальна, нават грозна.

Тут трэба было спытаць, як хлопец дабраўся сюды, як не трапіў у рукі ворагу, а не патрабаваць немагчымага. Але ў шафёра была, відаць, свая логіка. У больш тонкія пачуцці ён не ўваходзіў, а ведаў адно: узяў баец даручэнне, павінен выканаць. Гэта, па сутнасці, быў загад. I не аднаго чалавека, скажам, камандзіра аддзялення, а вось і Зіны, i Святланы, і ўсіх тых, што ляжаць тут і маўкліва паглядваюць, як Зіна перавязвае Грыцку лоб.

— I вочы мне завяжыце, i вочы! — настойліва зашаптаў Грыцко замест таго, каб адказаць шаферу.

— Навошта-ж гэта? — безуважна сказала Зіна, не перапыняючы сваю справу.

— Каб не бачыць мне, што робіцца навакол, — зусім ціха прамовіў Грыцко. I Зіна адчула, што ні кропелькі жарту не было ў гэтых словах i што яны былі сказаны толькі для яе адной.

Затым хлапец пачаў гаварыць ужо для шафёра і іншых байцоў:

— Пакуль высадзіў я там з кузава гэтую карову, пакуль адбіў атаку гаспадара і асабліва гаспадыні, дык i немцы на вуліцы. Бачу — бяда. Гаспадар спужаўся, пачуўшы пра немцаў, а гаспадыня зусім звар’яцела; крычыць немым гол асам на ўсю вуліцу i гатова горла мне перагрызці за карову. Бачачы, што машыны цяпер ужо не ўзяць, я пачаў націскаць на шафёра, каб ён кінуў усё і пайшоў са мной. Ён чалавек мясцовы, падумаў я, ведае тут усё навакол. Спатрэбіцца нам такі чалавек. Хлапец вылез ужо з кабіны, а тут гаспадынька як кінецца з лямантам на мяне ды аберуч за мой бінт. Сцяміў я тут, што справы мае слізкія; кабетка гэта я хоча i карову сваю даіць i мяне ўпячы Гітлеру ў лапы. Давялося пайсці на грэх: тузануў я яе за кудлы, ды так з тымі каўтунамі, што засталіся у руцэ, і падаўся ў вішняк. Пакуль яна там галасіла, я ўжо на загуменнях быў. Праскочыў на чацвярых у жыта і іду сабе ціхом паўз дарогу. Жыта добрае тут, мне, як чалавеку нізкаросламу, дык і прыгінацца асабліва не трэба было. 1ду, а па шашы Гітлер прэ. Ён, нечысць, туды, а я назад, насустрач яму. I радасна мне на душы, што не ўцякаю ад яго, і страшнавата трохі.

Шафёр больш не задаваў Грыцку пытанняў, ды не было патрэбы яшчэ пра што пытацца. Зварот кавалерыста ў лагер вельмі крануў усіх байцоў. Хоць канкрэтна ён нічым не дапамог лагеру, хоць i цяпер яшчэ не было вядома, што рабіць, як ратавацца, але ў кожнага на душы з’явілася нейкае прасвятленне. Грыцко дапамог ужо тым, што прыйшоў сам.

— Дарэмна, выходзіць, я насілкі майстраваў,- толькі і сказаў шафёр.

— Насілкі якраз спатрэбяцца, — задумліва прамовіў Машкін. — Баюся, што мала будзе адных.

Нейкую хвіліну ў лагеры панавала цішыня, быццам кожны абдумваў сваю важную прапанову. Ніхто пакуль што не мог сказаць нічога пэўнага, аднак усім было ясна, што перш за ўсё трэба адысці ад дарогі, бо да раніцы на гэтым месцы заставацца нельга.

— Пайсці нам са Святланай у вёску, — нібы сама з сабою пачала разважаць Зіна. — Паспрабаваць там знайсці людзей, каб пусцілі ў якую пуню, дапамаглі перанесціся? Але-ж дваццаць чалавек… Хто гэта пусціць?

— I Гітлер у вёсцы, — дадаў Грыцко.

— У вёску наўрад ці можна, — усумніўся Машкін, і яго падтрымалі амаль усе байцы.

— Тады трэба выбіраць месца пакуль што тут, — сказала Зіна і неяк асабліва ўважліва паглядзела на Грыцка. Ёй было няёмка перад гэтым байцом. Хлопец можа нават малодшы за яе, нізкарослы, несамавіты на выгляд, а вытрымка ў яго такая, што кожны можа пазайздросціць. Дзяўчыне падумалася, што яна ўжо больш ніколі не гляне на свет так, як паглядзела некалькі хвілін таму назад.

Машкін устаў.

— Пайшлі! — сказаў ён шафёру, мабыць не жадаючы турбаваць Грыцка, як чалавека, напэўна, стомленага. Але Грыцко ўстаў хутчэй за шафёра, і ўтрох яны пайшлі выбіраць больш зручнае месца.

Над палеткам спусцілася ноч. Цёплая, кароткая, але густа-цёмная i крыху вільготная. Дзіўна было тое, што ноч прынесла і цішыню, хоць не надта ўтульную, ненадзейную, але ўсё-ж-такі цішыню. Нават на шашы стала спакойна.

Зіне не верылася ў гэтую цішыню, усё ёй здавалася, што гэта зман, што ў такі суровы час не можа быць цішыні ніколі, нават у самую глыбокую ноч. А Святлана нібы i чакала гэтага спакою: яна прыхінулася да Зіны, падагнула ледзь не да барады голыя каленкі i заснула. Адзін баец, паранены ў ногі, клапатліва заварушыўся, выцягнуў з-пад сябе шынель і накрыў ім дзяўчынку.

— Дзякуй вам, — сказала Зіна, — але-ж можа вам самім будзе холадна.

— А я вось саломкі пад сябе, — сказаў баец і працягнуў руку, каб вырваць некалькі жменяў зялёнага, але ўжо каласістага жыта.

— Я вам памагу, — сказала Зіна i асцярожна стала адхіляцца ад Святланы, каб пакласці яе галаву на снапок. Падаўшыся крыху ўбок, яна аберуч пачала рваць пругкае, але ласкавае, бо ўжо крыху роснае жыта. Некаторыя каліўі перагіналіся ў яе пальцах і заставаліся ў руцэ без кораня, большасць-жа вырывалася з коранем. Ад карэнняў пахла свежай зямлёй (які прыемны і знаёмы з дзяцінства быў гэты пах!), а зламаныя каліўі таксама пахлі, ды так, што хацелася ўдыхаць іх водар, глытаць яго, як ваду ў вялікую смагу.

— Я вам дам ножык, — прапанаваў баец. I голас яго быў ласкавы, спагадлівы. Відаць і да яго дайшоў гэты жыватворны пах, відаць i яму прынёс ён успаміны пра ўсё лепшае, што было ў дзяцінстве, у раннім юнацтве.

Зіна пачала зразаць каліўе ножыкам, і выходзіла ў яе нейкае цудоўнае і зусім незвычайнае жніво. Ціхі шоргат гэтага жніва радаваў душу, падаваў, здавалася, яшчэ больш прыемны пах. Хоць i шкада было зялёнага жыта, але хацелася зжаць яго больш. Гэта, мабыць, для таго, каб падмякчыць пасцель не толькі вось гэтаму байцу, які сам праявіў чуласць і размаўляе так ласкава, a і ўсім астатнім. Вядома, для гэтага. Але-ж было тут і нешта іншае. Каму не па сэрцу ў цяжкую гадзіну хоць на момант забыцца аб усім тым, што бачыш навакол, што гняце тваю душу? Жніво для Зіны — гэта ледзь не самае светлае, што засталося ў яе памяці з дзіцячых год, ледзь не самае чароўнае. Жніво для яе — гэта нават была i не работа, а толькі асалода, не той занятак, ад якога баліць і ные спіна, а суцэльнае хараство і ўцеха. Дзяўчынцы мала даводзілася і нагінацца, калі яна вучылася жаць. Нават і на той неўрадлівай палосцы, якую меў тады зінін бацька, жыта расло вышэй за яе. Яна жала заўсёды побач з матуляй. Бацька прыходзіў к поўдню, зносіў снапы і састаўляў іх у бабкі або ў мэндлікі і ішоў на іншую работу. Зіна ведала, што ішоў ён не на сваю работу, а на панскую, бо са сваёй палоскі нельга было пракарміцца. Ведала, што польскія паны маглі пакрыўдзіць тату, маглі замучыць яго на рабоце, і таму заўсёды з трывогай і ўцешнай надзеяй чакала вечара, калі бацька зноў прыйдзе на поле і зноў пачне насіць снапы. Любіла Зіна глядзець, як бацька зносіў снапы. Сама яна, калі i падыме, бывала, адзін сноп, дык ледзь цягне яго перад сабою, — кал асы абіваюцца аб іржышча. А бацька адной рукой ускідае снапы на плечы так лёгка, нібы гэта якія лялькі, а не снапы, абкладзецца гузырамі, што i сам не відзён. Крочыць тады бацька, падобны на жытнюю капу, і здаецца Зіне, што няма на свеце чалавека больш дужага, больш здатнага да працы.

Калі-б толькі не прыходзіў бацька на поле, заўсёды дзяўчынцы рабілася надзвычай весела. Радасць брала, калі ён хоць на хвіліну садзіўся на сноп, закурваў або палуднаваў разам з імі: еў спелыя вішні з хлебам. I гэтак усюды, i гэтак кожны раз было з бацькам весела i радасна. Цяпер Зіне часта ўспамінаюцца тыя часы дзяцінства, i амаль заўсёды здаецца, што яно было напоўнена чаканнем бацькі. Спачатку яна яго чакала на полі, дома з работы, з адыходных заработкаў, а потым з польскай дэфензівы і з турмы, куды забіралі яго пілсудчыкі за падпольную рэволюцыйную дзейнасць. Раз прычакала, другі раз прычакала, нават i трэці раз прычакала. А чацвёртым разам як узялі, дык гады прайшлі ў чаканні, маці згорбілася і пасівела, дачка за гэты час вырасла, а бацькі ўсё не было. Потым прыйшла па пошце цыдулька, што арыштант Іван Пруднікаў памёр у турме.

Змрочным тады стала ўсё навакол: нямілай была свая хата, чужой i непатрэбнай выглядала палоска, якая да таго часу ўжо амаль зусім перастала радзіць. Узялі тады дачка і маці вялікія кіі ў рукі, павесілі на плечы торбы з сякімі-такімі пажыткамі і пайшлі ў свет. Служылі потым у горадзе ў розных людзей, не цураліся самай чорнай работы. Зіна трохі вучылася пры людзях. Пасля вялікага ўз’еднання яна скончыла курсы машыністак і неўзабаве паступіла на службу ў штаб кавалерыйскага палка.

Незвычайнае начное жніво ўзбудзіла ў зінінай душы вось гэтыя ўспаміны. Чаму-б не паўспамінаць у такую цішыню? Ці доўга яна будзе, ці не парушыць яе што-небудзь нават ужо ў наступную хвіліну?..

Раптам дзяўчыне здалося, што жне яна занадта смела, што складаны ножык, хоць ён і не серп, а рэжа неяк гучна, са скрыгатам. I Зіна спалохалася гэтага скрыгату: а што, калі пачуюць на дарозе, калі пачнуць сюды страляць?

— Хопіць вам ужо, — ціха сказаў ранены баец.

I тады дзяўчына зразумела, што сапраўды пара канчаць жніво. Выцерла палоскай марлі ножык, аддала яго байцу, а сама стала падбіраць сарваныя і зжатыя каліўі. Ці вялікі выйшаў-бы сноп, калі-б усё гэта звязаць?

Баец падклаў пад сябе трохі жыта, а з астатняга зрабіў нешта падобнае на пасцель для Зіны.

— Ляжце адпачніце, пакуль хлопцы прыйдуць, — спагадліва сказаў ён. — Ды вось мой рукзачок. Вазьміце яго пад галаву.

Калі Зіна прымасцілася зноў каля Святланы, баец, уздыхаючы, доўга паглядваў на яе, а потым стаў паспешліва і ўсхвалявана гаварыць, нібы баючыся, што дзяўчына хутка засне і не пачуе яго слоў.

— Там у мяне ў рукзаку — вязанка мяккая… З шоўку, мабыць, з аднаго ці можа трохі шэрсць прымешана. Я збіраўся ўжо ехаць дадому, дык купіў мацеры. Вазьміце, калі ласка, гэтую кофту ды адзеньце.

— Ну, што вы? — здзівілася Зіна. — Гэта-ж падарунак, вы яго абавязкова завязіце сваёй мацеры.

— Дык вам-жа холадна, — з добрай ласкавасцю ў голасе працягваў баец, — От ужо цяпер усё расою прыпадае, а пад дзень можа і зусім прыстудзіць. Вы тады змерзнеце ў такой адзежы, як у вас. А ці адна цяпер такая ноч наперадзе?

— Нічога, не змерзну. — Зіна цясней прытулілася да Святланы. — Вось мы ўдваіх вашым шынялём накрыемся, а там я што-небудзь дастану ў вёсках: свет не без добрых людзей.

— Я вас вельмі прашу, — ледзь не з крыўдай пачаў гаварыць баец. — Да мацеры цяпер ужо мне не даехаць, хоць і білет у кішэні і дакументы, што адслужыў свой тэрмін. Мне хочацца зрабіць вам гэты падарунак, усё роўна, як сваёй мацеры.

Зіна пакуль што нічога не адказвала. Ёй здалося, што ўсе байцы ‘слухаюць іхнюю гэтую, магчыма, залішне інтымную размову, а каму гэта трэба — да аднаго адносіцца лепш, як да ўсіх астатніх. Цяпер трэба было любіць і паважаць ycix аднолькава, быць для ўсіх шчырым таварышам, сястрой. Аднак калі Зіна прыслухалася, то заўважыла, што ўсе байцы, у тым ліку i цяжка хворыя, спяць. Ціхая летняя ноч, напоўненая пахам малочнага жыта, зняла з іх сэрцаў хваляванні і трывогі, зняла нават боль з ран.

— А вам далёка трэба было ехаць? — спытала Зіна, калі ўпэўнілася, што ніхто лішні іх не слухае. — Адкуль вы родам?

— Ды яно i недалёка, калі ехаць, — з радасцю, што ўзнавілася размова, адказаў баец. — А калі ісці, то наўрад ці хопіць ног. З нашага Палесся я, з вёскі Забалоцце. Можа чулі пра такую?

— Не чула, — з павагай да шчырасці байца адказала Зіна, — але рада, што вы адтуль.

— Чаму? — у голасе байца адчулася здзіўленне.

— Зямляк мой, — задаволена сказала Зіна, — гэта па-першае, а па-другое — блізка вам да родных мясцін. Усё-ж-такі гэта прыемна.

— Дык i вы адтуль? — баец ужо не толькі здзівіўся, a і ўзрадаваўся.

— Я не адтуль, — нібы з жалем, што сапраўды не адтуль, сказала Зіна, — але-ж і ў такіх выпадках байцы завуць адзін аднаго землякамі. Я з-пад Брэста.

— Дык вядома землякі! — ледзь не ўскрыкнуў баец. — З адной рэспублікі, значыць і землякі.

Ён памаўчаў з хвіліну, а потым яшчэ больш шчыра і па-сяброўску папрасіў:

— Дык вазьміце маю вязанку, зямлячка.

Вяірнуліся хлопцы з свае першае разведкі. Грыцко сказаў Зіне, што тут непадалёку за жытам знайшлі хмызнячок. Расце там ядловец, маладая алешына, крушыннік. Ёсць месцамі мох. Збоку ад дарогі — балотца, і ідзе яно далей, аж на той бок хмызнячку. Да ўсходу сонца трэба туды перабрацца.

Невялічкі лагерок адразу прачнуўся. Сталі вызначаць, каго несці на насілках, каму дапамагчы рухацца сваім ходам, а хто можа хоць як-небудзь і колькі-небудзь прапаўзці.

Апошнім неслі чарнявага байца, параненага ў галаву. Недзе каля сярэдзіны дарогі ён раптам падняўся на насілках, закрычаў, замахаў рукамі. Святлана спужалася яго крыку і ледзь не кінула кончык насілак, за які трымалася, ідучы побач з Грыцком. Трымалася яна, каб дапамагаць Грыцку, а Грыцко прымаў яе дапамогу толькі для таго, каб дзяўчынка не згубілася ў цемры. Чарнявы баец раптам змоўк, адкінуў на насілкі забінтаваную галаву і пачаў часта, роспачна ўздыхаць.

— Куды вы мяне нясеце, браткі? — жалліва спытаў ён.

Зіна, ідучы з Машкіным наперадзе, прыпыніла крок, аглянулася. Яна ўпершыню пачула гаворку гэтага байца і ўзрадавалася, што, магчыма, яму стала лепш. Яна паімкнулася загаварыць з хворым, але Грыцко апярэдзіў яе.

— У шпіталь едзем, — сказаў ён спакойным голасам, — у шпіталь, браце.

— Не трэба мяне нікуды несці, — стаў прасіць хлапец, — не трэба мучыцца. Усё роўна ўжо…

I пасля гэтага ён зноў прыціх. Зіна чакала, што баец скажа яшчэ што-небудзь, але ён пачаў стагнаць цяжэй, як раней.

— Мабыць не ачуньваюць людзі, калі іх параніла ў галаву? — задумліва прамовіла Святлана.

Грыцко адразу адказаў:

— Самая цяжкая рана — гэта ў жывот, а ў галаву нічога. Галава ў чалавека моцная.

— Калі i выжыве, — працягвала Святлана, — то можа калекам застацца: уздурнее або яшчэ што…

— Хто?

— Ну вось ён.

— Нічога кепскага з ім не будзе, — упэўнена сказаў Грыцко. — Бывала мы на скачках колькі разоў пераляталі цераз галовы коней i чорт нас не браў: цэлымі заставаліся і мазгі варылі.

— Дык то на скачках, — не згаджалася дзяўчынка.

— А што на скачках? — пачынаў ужо ісці на спрэчку Грыцко. — Ты яшчэ не ведаеш, што часам бывае на скачках. Бывае там горш, як на фронце. Аднаго разу наш камандзір узвода Бандарэнка так грымнуўся разам з канём, што думалі — канец. А паляжаў крыху ў санчасці і ўстаў. Каня больш лячылі, чым яго.

— Лютага? — нясмела спытала дзяўчына.

— Не, тады ён быў на другім кані. Люты, ого! Люты не спаткнецца. У яго ногі, як у чорта. Хату пераскочыць i не пачуеш, седзячы на ім. Ты, нябось, часта ўспамінаеш Лютага, га?

Святлана маўчала, Грыцко адчуў, як пры яго пальцах задрыжала яе рука.

— Чаму ты нічога не кажаш?

Дзяўчынка ўздыхнула i прызналася, што Зіна просіць не распытваць пра вайсковы гарадок.

— Гэта яна баіцца, — сказаў Грыцко. — А чаго тут баяцца? Я вось таксама ўсё не мог з табой пагаварыць, хоць адчуваю, што ты чакаеш гэтага. Гарадка ўжо няма, вядома, а людзі ёсць. Людзей нашых не так лёгка знішчыць. Твой бацька, напрыклад, жыў і здароў. Сам бачыў, як ён лётаў на кані між казармаў і аддаваў распараджэнні. Бачыў, пакуль разанула мне па вачах, а потым чуў яго голас. Ты надта не бойся за свайго бацьку. Чалавек ён смелы, адважны, а смелых і кулі не бяруць. Помніш Чапаева?

— А Бандарэнка як? — ціха спытала дзяўчынка. — Ці не бачылі вы Бандарэнкі?

— Як-жа не бачыў, — ахвотна пачаў расказваць Грыцко. — Разам быль Ты толькі добра трымайся, а то тут ужо няроўна пад нагамі: жыта скончылася. Бярыся за маю руку, калі хочаш. Разам мы былі з камандзірам узвода, i абодвух нас адным махам аглушыла. I абодвум нам павязло, трэба сказаць. Мне хлопцы памаглі выбрацца, а Бандарэнку — Люты. Калі загарэліся канюшні, — гэта мне байцы потым расказалі — Люты сарваўся з прывязі і з дзікім гігатам пачаў насіцца па гарадку, шукаць свайго гаспадара. Байцы злавілі яго, падвялі да параненага Бандарэнкі. Люты ўбачыў ляжачага камандзіра, ціха заржаў і апусціўся перад ім на пярэднія калені. Памаглі камандзіру сесці, і Люты ўстаў, раздзьмуў ноздры, выцягнуўся і плаўна, але віхрам памчаў на выхад, хоць там рваліся бомбы і ўсё было зацягнута дымам. Вынес камандзіра з агню, а там наша санітарная машына падабрала яго. Машына пайшла па шашы, а Люты з усёй сілы пусціўся за ёю. Памчаў так, што толькі і бачылі яго. Так што ты не бойся i за Бандарэнку.

Святлана ішла моўчкі, стараючыся больш глядзець пад ногі, каб не спатыкацца i не штурхаць насілак. Твару яе не відно было, таму Грыцко не мог вызначыць, паверыла яна яго словам ці не. Яму вельмі хацелася, каб яна паверыла, хоць i цяжка было гаварыць дзяўчынцы няпраўду i шкада было яе за тое, што яна так уважліва слухае і ўся дрыжыць ад хвалявання.

— Дзе-ж цяпер Люты? — нібы спытала, нібы так сабе сказала Святлана.

— Люты?.. — Грыцко быццам не адразу расслухаў пытанне. — Гэты конь не прападзе. Вярнуўся, пэўна, у часць, ваюе цяпер. Такіх коней мала.

Падышлі да балотца, паклалі насілкі на зямлю, таму што Зіне і Святлане трэба было скінуць абутак. Адпачылі хвілінку і пайшлі далей. Шлёпаў Грыцко мокрымі ботамі па балоту і ўсё думаў: добра ён зрабіў, што расказаў Святлане нешта падобнае на байку, ці нядобра? Сам ён быў упэўнены, што і камандзір палка і Бандарэнка загінулі.

* * *

Больш за месяц жылі байцы непадалёку ад дарогі. Спачатку ў тым хмызнячку, куды перабраліся ў першую ноч, а потым знайшлі яшчэ больш зручнае месца. Па дарозе сунулася, плыла фашысцкая зграя. Сунулася яна да таго самаўпэўнена, што амаль не азіралася па баках. Удзень з-за той жытнёвай горкі, што аддзяляла хмызнячок ад дарогі, можна было наглядаць клубы пылу, калі машыны і ўсялякая іншая тэхніка кранала шынамі абочыну. У лясок далятаў лязгат гусеніц і гул матораў. А начамі амаль заўсёды было ціха і быццам-бы нават спакойна. Спакой гэты непакоіў і хваляваў хлопцаў горш, як недалёкія стрэлы, як узрывы бомбаў. Людзі, адарваныя ад усяго свету, ледзь не пазбаўленыя слыху, зроку, руху, палохаліся гэтай цішыні. Нахлыналі цяжкія думкі, з’яўляліся жудасныя здагадкі. Калі ўсюды гэтак ціха, то можа няма i супраціўлення ворагу, можа ўсе нашы байцы ляжаць вось так у розных месцах, хто паранены, а хто забіты, можа ўся наша тэхніка ляжыць вось гэтак-жа на дарогах, як тая машына, на якой яны не так даўно ехалі. Дзе-ж цяпер фронт, куды зайшоў вораг?

У гэтыя зманлівыя па сваёй цішыні ночы, а часам і ўдзень Зіна i Святлана выходзілі з лагера. Зіна завязвала тады чорную хустку, падарунак адной бабулі, каб на людзях выглядаць старэйшай, каб Святлану маглі прызнаваць за яе дачку. Хадзілі яны ў бліжэйшыя вёскі, а іншы раз наведваліся і ў далёкія. Перад некаторымі людзьмі яны былі проста бежанцамі, а перад некаторымі — самі сабой. Толькі яны маглі здабыць для раненых кавалак хлеба і сёе-тое да хлеба, толькі яны маглі знайсці такіх людзей, да якіх можна было потым наведацца Грыцку, Машкіну або шафёру. Праз гэтых людзей іншы раз удавалася ўлавіць якую-небудзь вестку з фронта. Цяжка было верыць ёй, аднак-жа, калі гэта была прыемная вестка, то не трэба было ў той дзень для раненых лепшага лякарства.

У вялікай трывозе і напружанасці праходзілі дні. Тыя, што трымаліся на нагах, і тыя, што павінны былі хутка стаць на ногі, трывожыліся за сяброў, раны якіх не гаіліся. Такога доктара, як машыністка Зіна, мала было для гэтых хворых. Трывога i боль за блізкіх сяброў зліваліся з трывогай i болем за сяброў далёкіх, за родныя хаты, за бацькоў i матуль, за ўсю Радзіму. А становішча ў лагеры ўсё горшала i горшала. Мала таго, што кожную гадзіну трэба было думаць, як хавацца, як здабываць харчы i самыя неабходныя медыкаменты, дык неўзабаве дайшло да таго, што трэба было і хараніць сваіх сяброў. А хто на свеце быў бліжэй за тых, з кім было пражыта хоць некалькі такіх суровых дзён?

Калі памёр чарнявы баец, ранены ў галаву, Святлана так прыняла гэта да сэрца, што за яе самую станавілася страшна. Спачатку дзяўчынка плакала, а потым стала скардзіцца на боль у галаве. Ёй не толькі шкада было хлопца, якога яна больш за ўсіх даглядала, як магла i чым магла, лячыла, — у яе знікла надзея на тое, што загоіцца свая рана, што не пакіне яна ніякага следу на галаве або нават і ў галаве. Колькі гора было Зіне ад гэтага; колькі гадзін адарваў ад неабходнага сну Грыцко, каб суцешыць дзяўчынку, каб вярнуць ёй хоць трохі спакою.

Што далей, то ўсё больш i больш лагер прымаў абжыты выгляд. Даволі ўтульнымі станавіліся нізкія, добра замаскіраваныя буданчыкі, мякчэлі ў іх пасцелі для раненых. Была зроблена ў зямлі такая печка, дзе на малым агні можна было грэць ваду, сёе-тое варыць, пячы. Быў нават выкапаны свой калодзеж. Але-ж, калі непадалёку з’явілася i свежая магілка, то некаторым пачало здавацца, што ўсе буданчыкі падобны на яе. Потым буданчыкаў станавілася ўсё менш, а магілак больш. Іх цяжка было абысці тым, хто нёс пэўную службу і выходзіў, скажам, па грыбы або па ягады. Адкуль-бы ён ні падыходзіў, усё роўна нейкая сіла натыкала яго спачатку на магілкі, а потым на буданы. Яшчэ цяжэй было ляжаць тут людзям нерухомым, тым, якія яшчэ не ведалі, вылезуць яны калі-небудзь з будана самі ці можа іх вынесуць адтуль. Калі-ж вынесуць, то ўжо вядома куды. Гэтыя людзі не бачылі магілак, але нібы адчувалі іх побач з сабою i па начах снілі або бачылі ў трызненнях тых сваіх сяброў, якія яшчэ зусім нядаўна ляжалі побач з імі.

Спалох смерці вітаў над лагерам, аднак жыццё брала сваё. Як ні цяжка было часам да ўсходу сонца, а першы летні прамень весяліў вочы нават тых, якія мала глядзелі на свет, рассейваў пакутлівыя сны, праганяў галаўны боль у Святланы. I людзі папраўляліся. Магутны арганізм беларуса, зінінага земляка, хутка пераадольваў вялікую знямогу ад ран. Ногі яго паступова выпростваліся, набывалі пруткасць. Грыцко ўжо даўно зрабіў яму кастылі, але яны ляжалі пакуль што ля боку хлопца i чакалі свае пары.

— Ты, Міхал, лішне не залежвайся, — часта гаварыў байцу Грыцко. — Ты не думай аб тым, як ты дзе ляжаў і колькі ляжаў, а ўспамінай, як ты на вечарынках аджарваў гапака. Скакаў ты гапака?

— Яшчэ як, — усміхаўся Міхал.

Мабыць ва ўсякім жыцці, нават у самым цяжкім, бываюць свае прасвятленні, свае радасці. Для лагера было сапраўды незабыўнай радасцю тое, што Міхал нарэшце моцна абхапіў рукамі грыцковы кастылі, устаў і хоць з вялікай цяжкасцю, але ступіў некалькі крокаў па траве.

— Лявоніху! — у захапленні скамандаваў Грыцко і, усхапіўшыся, палез у кішэню свайго кавалерыйскага галіфэ па расчоску. Ён зайграў нешта дробнае, нястрымнае і так завіляў сваімі кароткімі, трохі выгнутым! з сярэдзіны нагамі, што нават нежывы не мог-бы ўстаяць.

Міхал скалануў пажаўцелай ад доўгага ляжання ў цяньку галавой, затрос плячамі і паваліўся, як толькі падняў нагу, але смяяўся і лежачы, бо адчуваў, што будзе танец калі не сёння, дык заўтра. Смяяліся і ўсе астатнія.

Шафёр ужо даўнавата перастаў скакаць на адной назе, бо пачала даставаць зямлю і другая. Машкін зняў з шыі павязку, — рука яго ўжо сама магла апускацца і падымацца. Ачуняла i яшчэ некалькі хлопцаў. У лагерным жыцці не было ўжо тых асабліва цяжкіх гадзін, кал i Грыцко, Машкін і шафёр ішлі куды-небудзь па харчы, а Зіна са Святланай заставаліся адны. Усе тут былі кволыя, бездапаможныя. Каб наткнуўся на лагер хоць які-небудзь прыблудны немец, дык і нічога з ім не зрабілі-б, бо ні сілы амаль што ніякай не было, ні зброі. Цяпер хоць нават некалькі байцоў і выходзіла на разведку ці на пошукі харчавання, зброі, усё роўна ў лагеры не было боязна: хлопцы ўжо самі неслі службу, маглі, калі-б на гэта была патрэба, і пастаяць за сябе. З’явілася цвёрдая надзея. А гэта было якраз тое, чаго іншы раз не хапала лагернікам. Набліжаўся канец шпітальнаму жыццю, набліжаўся паход, магчыма цяжкі, самаахвярны, але непазбежны. Набліжалася самая рашучая і бязлітасная барацьба. Усе былі прасякнуты гэтай думкай, гэтай рашучасцю. Падрыхтоўка вялася i днём i ноччу, бо работы было многа. Трэба было любымі намаганнямі стварыць хоць невялікі запас харчавання, вады хаця на першы пераход, а галоўнае — найлепш узброіцца, мець дастаткова боепрыпасаў. Гэтым быў заняты кожны баец, і ўсім прыемна было ад таго, што маленькі лясны шпіталёк, без урача, без спадзяванняў на папраўку паступова ператвараўся ў баявую адзінку.

Перад самым выхадам Зіна са Святланай пайшлі на досвітку ў далёкую дзённую разведку. 1 м трэба было выканаць цяпер складаную задачу ўжо зусім вайсковага характару. Неабходна было выведаць, дзе стаяць немцы i дзе іх няма, якімі дарожкамі і якімі сцежкамі трэба прабірацца, каб не наткнуцца на ворага хаця-б у наступную ноч. Уся група чакала ў гэты дзень дзяўчат яшчэ з большай трывогай, як часта Зіна са Святланай чакалі Грыцко ці Машкіна, калі тыя доўга не вярталіся ў лагер. Вядома, што ад гэтай разведкі залежала вельмі многае. Калі пачало хіліцца к вечару, Грыцко ніводнай хвіліны не мог уседзець на месцы: ён усё выцягваўся на сваіх каржакаватых нагах і паверх кустаўя ўглядаўся ў даль. Усе хлопцы больш трывожыліся за Святлану. Яна, яшчэ не зусім здаровая пасля ранення і кантузіі, ды наогул нязвыклая да вялікіх пераходаў, магчыма, прыстала дзе-небудзь на дарозе.

— Не трэба было пускаць дзяўчынку, — нібы сам сабе выказаў думку Грыцко.

— А яна — галоўная разведчыца, калі хочаш ведаць, — не згадзіўся Машкін. — Без яе Зіна ўсяго не выведае ды i засыпацца можа хутчэй. Малое пралезе ўсюды.

— А калі прыстане, то на руках нясі, — не згаджаўся Грыцко.

Шафёр бліснуў сваёй рэдказубай усмешкай.

— Трэба было табе самому пайсці, — сказаў ён Грыцку. — Зняў-бы сваё галіфэ, дык якраз за малога сышоў-бы.

— Не балбачы! — агрызнуўся хлопец, а Машкін незадаволена глянуў на абодвух і загадаў:

— Праз гадзіну каб усё было гатова да выхаду! Давайце без лішніх размоў!

Шафёр сеў на пяньчук і стаў моўчкі завязваць свой паходны мяшок, а Грыцко з хвіліну яшчэ ўглядаўся, а потым, нібы хто падпёк яго знізу, падскочыў, на хаду перамахнуў высокі ядлоўцавы куст і памчаў у той бок, куды толькі што глядзеў. Неўзабаве ён вярнуўся з Зінай i Святланай. Разведка прайшла добра, не было нават якіх-небудзь надта складаных перашкод, — толькі стомленасць скавала ногі, ісці далей разведчыцы не маглі-б.

— Адпачніце, — сказаў ім Машкін. — З гадзіну можаце адпачыць, а як толькі змеркне, у дарогу. — Ён, нібы ўпотай, глянуў спачатку на Святлану, а потым на насілкі.

— Мы пойдзем! — упэўнена сказала Святлана, і Машкіну стала няёмка.

— Адпачывайце, — паўтарыў ён, а сам адышоў да буданчыка, дзе ляжалі сабраныя за час лагернага жыцця боепрыпасы.

Грыцко прынёс дзяўчатам па поўкацялка ячнага крупніку. У гэты дзень ён быў дзяжурным па лагеру i сам варыў гэты крупнік, сам потым падтрымліваў у пячурцы цяпло, каб страва не надта астыла. Усе хлопцы ўзяліся за апошняе, што было неабходна перад паходам, — за чыстку i змазку зброі, а Грыцко нечакана для ўсіх выцягнуў аднекуль вялікія, што авечак стрыгуць, ножны, задрынкаў імі, заляскаў аб расчоску і, падышоўшы да пеньчука, падаў голас:

— Хто хоча не прыстаць у дарозе ад цяжасці на галаве i ад свербу, падыходзьце сюды! Пакуль нашы разведчыцы i праважатыя з’ядуць крупнік, абгалю ўсіх не горш як у гарадской цырульні!

Першы падышоў без пілоткі і сеў на пень шафёр. Грыцко загарнуў расчоскай проста ад ілба яго жорсткую рыжаватую чупрыну і лёгка, нібы толькі ўзмахнуўшы ножнамі, зняў яе. Праз некалькі хвілін шафёр трохі нагадваў стрыжанага барана, але быў надта задаволены, паціраў далонямі галаву і ўхмыляўся. Услед за ім сеў на пяньчук Міхал, потым адзін узбек падставіў сваю да бляску чорную галаву, за ім — астатнія байцы. Апошнім падстрыгаўся Машкін, бо ён увесь гэты час быў заняты рознымі падрыхтоўчымі справамі.

— А хто-ж цяпер мяне аголіць? — спытаў Грыцко і, запусціўшы тоўстыя пальцы ў свае злямчаныя валасы, адцягнуў на лоб пасму і адрэзаў.

— Давай я, — падручыўся Міхал. — Ты сам сабе яшчэ вуха адрэжаш.

Астрыгшы Грыцка, Міхал абцёр аб салдацкія штаны ножны, аддаў іх гаспадару, а сам пачаў збіраць у жменю валоссе, што рознакаляровым дываном ляжала вакол пня.

— Каб не балелі ва ўсіх галовы, — нібы жартам, нібы ўсур’ёз гаварыў ён, укленчыўшы каля пня, — трэба зграбці ўсё гэта i закапаць. А то калі агледзіць якая птушка ды зацягне ўсё багацце ў сваё гняздо…

— Гэта ты ад сваёй бабкі чуў? — страсаючы з-за вушэй валасяную сечку, спытаў Грыцко. Галава яго пасля стрыжкі зрабілася круглай, як гарбуз, лоб стаў больш высокі, а рот — больш шырокі.

— I ад бабкі, — згадзіўся Міхал, — i ад дзеда.

Гэты хлопец наогул мала калі з кім спрачаўся. Натуры ён быў ціхай і памяркоўнай. Калі не падабаліся яму чые словы, дык ён толькі моўчкі круціў галавой, а ў сварку не лез. Пакуль ён ляжаў амаль заўсёды падагнуўшы ногі, усе думалі, што гэта кволы i маларослы хлопец, а цяпер ён так выпрастаўся, так увайшоў у сілу, што стаў ледзь не вылучацца сярод усіх. Ростам ён быў лічы што на дзве галавы вышэй за Грыцка, статны, спрытны ў рухах. За якую работу ні браўся, яна гарэла ў яго руках. Нават гэтыя валасы збіраў ён так акуратна i хораша, што Зіна міжвольна прытрымала ля вуснаў лыжку з крупнікам і зірнула на яго рукі.

Перад самым адыходам Машкін пастроіў свой атрад. Каманда яго прагучала няўпэўнена, крокі, калі ён прахаджваўся ля строю і аглядаў кожнага байца, былі няцвёрдымі. Мала яшчэ камандаваў Машкін, бо толькі нядаўна скончыў палкавую школу. Аднак, паколькі сярод раненых ён адзін меў камандзірскае званне, то неяк само сабою выйшла так, што ўсе прызналі яго старшым, і ён ужо даўно нёс на сабе гэты крыж.

З усходу, нібы наўмысля для таго, каб заглянуць хлопцам у твары, каб потым асвятляць ім дарогу, выплыў амаль яшчэ зусім поўны месяц. Забялелі вяршынкі ядлоўцу пад яго святлом, у хлопцаў заблішчалі рулі вінтовак і карабінаў за плячамі, рукаяткі гранат на паясах. А буданчыкі, — тыя буданчыкі, у якіх, як здавалася ўсім, пражыта самая важная частка жыцця, — выглядалі пад месяцам адзінока і сіратліва. Уваходы ў іх былі адкрытымі, адтуль віднелася свежае сена і, напэўна, пахла прывабна і зазыўна. «Пераначуйце яшчэ хоць ночку», — быццам-бы гаварылі буданы. Зіна, стоячы збоку і трымаючы за руку Святлану, з жалем глядзела на свой нізенькі, надзіва прыгожы і ўтульны буданчык. Колькі мазалёў нагнаў Грыцко, пакуль зрабіў гэты буданчык! Не давядзецца больш у ім начаваць i можа ніколі ўжо не ўбачыш яго, як не ўбачыш свае роднае хаты, свае роднае сям’і. Такія думкі мільгнулі ў дзяўчыны, але адразу і зніклі, бо стала думацца аб тым, што калі-б нават і праз дзесятак год давялося пабываць у гэтых мясцінах, то ўсё роўна ў першую чаргу пацягнула-б да гэтых незабыўных буданчыкаў.

— Развітаемся, сябры, са сваім лагерам, — сказаў Машкін з вайсковай халаднаватасцю, нібы ён не адчуваў у гэты момант таго, што адчувала Зіна i, бадай, усе хлопцы. — Развітаемся таксама з тымі, хто застаўся тут.

Дасюль глядзелі на буданчыкі, на ўсё тое блізкае, дамашняе, што з’явілася за гэты час у лагеры, а цяпер перад зрокам кожнага паўсталі магілы, хоць ix i не відно было адсюль.

— Шагам марш! — скамандаваў Машкін i сам пайшоў наперадзе.

Байцы строем падышлі да могілкаў. На некаторых магілах пачала прабівацца трава, на ёй блішчалі скупыя кроплі расы, а большасць насыпаў яшчэ жаўцела зверху глыбінным жвірам. Байцы знялі пілоткі, застылі ў жалобным страі. Машкін стаў з аднаго боку магілак, Зіна і Святлана — з другога.

Машкін адчуваў, што трэба нешта сказаць, ды не знаходзіў слоў. Адчуваў ён таксама, што не трэба тут доўга стаяць, бо толькі разжалобіш байцоў, аднак не ведаў, колькі часу адвесці на гэта. Стаяў моўчкі, як і ўсе.

Прайшла хвіліна, другая. Цішыня i спакой у ляску, цішыня і поўная нерухомасць у страі. Яшчэ праз хвіліну нехта з байцоў паварушыўся, у яго пад нагою трэснуў сучок. Машкіна гэта падштурхнула падаць каманду, а Зіна гатова была нават падысці да яго ды папрасіць, каб не спяшаўся. Ёй хацелася яшчэ хоць поўхвілінкі пабыць тут. Кожнага, хто тут ляжыць, яна лячыла, кожнага даглядала. Колькі прайшло цяжкіх, пакутлівых дзён, колькі бяссонных начэй. Дзіцячыя слёзы Святланы ліліся над галовамі гэтых байцоў. Ныла сэрца ад таго, што каб было ўсё патрэбнае для лячэння, калі-б была Зіна сапраўдным урачом, то, магчыма, многія з гэтых нежывых стаялі-б цяпер побач.

— Пайшлі, — раптам зусім ціха і зусім не па-вайсковаму сказаў Машкін.

Байцы самі павярнуліся і сталі адзін за адным. Зіна са Святланай выйшлі наперад. Машкін надзеў пілотку, прапусціў паўз сябе маўклівую калону і з сумам падумаў: «Малая ў мяне каманда, вельмі малая. Большасць людзей засталася тут».

* * *

Ішлі байцы доўга і прайшлі, здавалася, нямала, а лініі фронта ўсё яшчэ не адчувалася і ніхто пэўна не ведаў, дзе яна была, гэтая лінія. Ішлі ў большасці выпадкаў начамі, да ўсходу сонца, а ўдзень адпачывалі ў жыце або ў лесе. Хада, такім чынам, была не вельмі спорнай, і выходзіла, мабыць, так, што фронт ішоў хутчэй.

Зіне са Святланай было цяжэй у гэтым паходзе, як усім астатнім. Пасля начных маршаў па лясах, па балотах (добра, калі дарога ляжала праз жыта) дзяўчатам трэба было ўдзень праведваць дарогу на наступную ноч. Яны-ж увесь час выручалі групу і ў самым галоўным, у харчаванні. Маладая бульба-скараспелка ўжо сям-там пракідалася на полі, але-ж не заўсёды лёгка было яе напячы, ды і не працягнеш доўга на адной такой бульбе. Зіна нейкім інстынктам адчувала, да каго трэба зайсці, каб распытаць дарогу, у каго папрасіць чаго-небудзь з харчоў або з адзення. Вясковыя людзі амаль заўсёды даверліва сустракалі яе і дапамагалі, чым маглі. У Святланы была цяпер свая шэрая хустка i нават світка. Праўда, усё гэта хатняга гатунку, але-ж Святлане цяпер i зручней было выглядаць тутэйшай дзяўчынкай.

Аднаго разу (гэта было ўжо больш як праз месяц пасля выхаду трупы са свайго шпіталя) байцы спыніліся на адным грудку сярод балота i рашылі дні два адпачыць, агледзецца. На другі дзень пад вечар дзяўчаты пайшлі ў бліжэйшую вёску мяняць на прадукты сякія-такія салдацкія рэчы. Разведчыцы ўжо адзін раз наведваліся ў гэтую вёску, немцаў там не было, дык яны ішлі без асаблівай перасцярогі. Што там за рэчы ў іх былі! Вядома, не каштоўнасці якія-небудзь, а тое, што байцы з апошняга маглі адарваць ад сябе: некалькі пар ануч, некалькі ўціральнікаў. З пустымі рукамі цяжэй было хадзіць сярод бел ага дня, ды i выпрошваць у людзей не надта лёгка. Лепш ужо, вядома, прапанаваць мяну якую-небудзь, тым больш, што шлях групы ішоў праз заходнія вобласці Беларусі, а людзі тут былі ўсякія.

Непадалёку ад той вёскі, куды ішлі дзяўчаты, стаяў хутар, добра абгароджаны дзе высокім каменем, а дзе пілёнымі плашкамі. Учора дзяўчаты прайшлі паўз гэты хутар не спыняючыся, а сёння спыніліся, бо ўбачылі на брамцы нейкую аб’яву. Не паспелі яны прачытаць і першага радка, як з двара выйшаў пажылы кіслагубы чалавек і, зняўшы кепку, прывітаўся з Зінай:

— Добры вечар, пані.

— Я не пані, — рэзка адказала дзяўчына.

— Дык гэта я… — чалавек лагодна засмяяўся і кіслагубасць яго адразу знікла. — У нас, ведаеце, так было нядаўна, а можа яно так i будзе. Дык я гэта, ведаеце, па старой звычцы.

— Так ужо не будзе! — рашуча сказала Зіна і ў гэты-ж момант падумала, што дарэмна ўступіла з гэтым чалавекам у спрэчку. Хто ведае, што гэта за чалавек. Ёй трэба было зусім не паказваць тут сябе, але інстынкт пратэсту міжвольна ўзяў верх. Зіна раптам адчула, што вось зараз яна яшчэ больш нагаворыць гэтаму шляхцюку, калі толькі ён пачне даказваць сваё. Але чалавек не палез глыбей у спрэчкі i нават не пакрыўдзіўся на дзяўчыну за яе грозны тон.

— Усё ад бога, усё ад бога, пані, — дробна i абыякава загаварыў ён. — Можа так яно будзе, а можа іначай, — святы ведае. А мы пажывем, убачым. Я не пра гэта хачу ў вас спытаць. Можа вы, часам, прадаеце што ці мяняеце? Учора я таксама бачыў, праходзілі вы тут з клуначкам.

— Нічога ў нас няма, — недаверліва азвалася Зіна і ступіла крок ад брамкі.

— Ну, калі няма, дык няма, — адразу згадзіўся чалавек. — Я толькі думаў папытаць. Чым несці вам што-небудзь у вёску, то ці не лепш пакінуць тут. У мяне, дзякуй богу, ёсць i хлеб i да хлеба. Магу даць пляцёнку цыбулі або вясельца сушаных грыбоў. А ў вёсцы сёння неспакойна, лічу сваім абавязкам вам сказаць. Зранку найшло туды многа немцаў.

Зіна глядзела чалавеку ў твар i не ведала, што яму сказаць. Твар гэты быў непрыгожы, аброслы чорна-сівым шчаціннем, аднак у ім не відно было прыхаванай хітрасці ці яшчэ чаго-небудзь пагрозлівага. Чалавек проста хацеў выменяць што-небудзь i больш нічога. Мабыць, не першы раз ён пераймаў тут бежанцаў.

На брамцы, за яго бронзавай ад загару шыі, бялела аб’ява. Зіна перавяла на яе вочы, але чалавек стаў бліжэй да брамкі і закрыў аб’яву спіной. «Няўжо ён наўмысля? — падумала Зіна. — Што-ж там такое напісана?» Але чалавек раптам адышоў ад брамкі, нібы гаворачы: «Чытай сабе, калі хочаш». Зіна паспрабавала прачытаць, не падыходзячы блізка, але было ўжо цемнавата, цяжка было разабраць не надта выразны рукапіс.

— Дык згаворымся? — спытаў чалавек і паказаў рукою на зінін клуначак.

— Ёсць у мяне дзве пары ануч, — нібы толькі для таго, каб адчапіцца, сказала Зіна, — хочаце, магу вам іх аддаць за хлеб.

— Дык мне вельмі трэба анучы! — задаволена прамовіў чалавек, — давайце зойдзем у хату. У гаспадарцы, ведаеце, усё патрэбна. Зойдзем, пасядзіце, адпачнеце. Скажу старой, то малака па шклянцы налье, якраз карову падаіла. Малая, нябось, сасмагла. Гэта дачка ваша?

Зіна моўчкі кіўнула галавой.

У хаце было ўжо амаль зусім цёмна. Пахла сапраўды свежым малаком, хоць гаспадыня, дарэчы, зусім яшчэ маладая, дзябёлая жанчына, відаць, ужо даўно ўладкавалася з сырадоем, а цяпер толькі паласкала гарачай вадой дайніцу. За сталом сядзелі і аблізваліся, як сытыя кацяняты, двое малых дзяцей: хлопчык і дзяўчынка, гадоў па тры, па чатыры кожнаму. У абоіх у руках былі бязвухія жасцяныя кубкі, відаць ужо зусім пустыя. Дзеці ўставіліся на незнаёмых круглымі, як у сыча, вачамі, і мурзатыя тварыкі іх застылі ў нейкім чаканні.

— Брысь на печ! — зыкнуў на іх бацька, падышоўшы да стала.

Дзеці спалохана пакідалі на стол кубкі, а дно за адным шмыганулі з-за стала і ў той-жа момант апынуліся каля запечку. Дзяўчынка, як большая, трохі лягчэй узабралася на даволі высокую, з роўнымі кантамі, печ, а хлопчык, баязліва аглядваючыся на бацьку, сяк-так ускарабкаўся на мяшок з пашнёю, што стаяў на лаўцы ля печы, і павіс жывоцікам на гэтым мяшку. Нейкі час ён узбіраўся далей, старанна махаў пульхнымі ножкамі, а потым выбіўся з сілы і пачаў плакаць. Дзяўчынка падпаўзла на край печы і падала яму рукі.

Гаспадар выйшаў у сенцы, чутно было, як ён там заляскаў цяжкай завалай, потым шчыльна прычыніў за сабою хатнія дзверы і замкнуў іх на ўнутраны замок. Паклаўшы доўгі, як шворан, ключ у кішэню, сеў ля стала.

— Сядайце! — кінуў ён дзяўчатам і, зірнуўшы на дзверы, дадаў: — Гэта я для большай пэўнасці. Ходзяць тут усякія…

Зіна, не падаючы выгляду, што ў яе з’яўляецца падазронасць, села на лаўку каля мыцельніка i прыцягнула за руку да сябе Святлану. Дзяўчынка ўстрывожана глянула Зіне ў вочы, але, убачыўшы там спакой, падсела на лаўку ўпэўнена i вольна, нібы дома. Клуначак з рук Зіны яна паклала сабе на калені.

— Дык паглядзім, што там у вас, — пачаў гаспадар i на твары яго ўжо не з’яўлялася ніякай усмешкі, а кіслагубасць набывала прыкметы варожасці.

— Паглядзім ды пагаворым заадно. Тут нам ніхто не перашкодзіць. Калі праўду сказаць, то ніякія вашы анучы мне не трэба, сваіх жонка натчэ. Мне трэба ведаць, адкуль вы прыйшлі i хто вас сюды паслаў. Скажаце праўду, пойдзеце з богам сваёй дарогай, а не скажаце, то прыдзецца пагаварыць з вамі іначай, а потым здаць абедзвюх нямецкім уладам.

— Мы здалёк ідзем, — стрымліваючы хваляванне, сказала Зіна. — З-пад самай польскай граніцы.

— Няпраўда, — ледзяным голасам, але быццам-бы яшчэ без злосці сказаў чалавек. — Учора цэлы дзень сачыў за вамі. Не здалёку вы прыходзілі i не далёка назад пайшлі. Сёння зноў тут. Думаеце, усе дурныя, а толькі вы ўдзвюх разумныя. Або кажыце ўсё, або… — Чалавек па-зверску зыркнуў на гаспадыню, i тая паспешна адышлася да печы, к дзецям.

— Нам няма чаго больш гаварыць, — спакойна сказала Зіна i устала. — Вы вось будзьце чалавекам, адамкніце нам дзверы i мы пойдзем.

— Не-э, галубка, — мякка засмяяўся гаспадар і зайшоў ад дзвярэй. — Гэтага не будзе, не на такога ты натрапіла. Калі-б я нават i выпусціў цябе з хаты ці каб сама вырвалася, то ўсё роўна далёка не зайшла-б. Пад кожным вуглом i пад вокнамі ў мяне пастаўлены свае людзі. Паглядзім-ткале, што ў гэтым клуначку.

Ён ступіў да Святланы, але раптам выгнуўся і схапіў Зіну за рукі.

— Лейцы, — крыкнуў ён гаспадыні.

Зіна моцным штуршком вырвала рукі, кінулася да акна і, мабыць, больш галавой, чым рукамі, выціснула раму.

— Святланка! — ледзь толькі паспела прамовіць яна, як нешта жорсткае і, здавалася, пякучае здавіла ёй шыю.

— Я некалі шалёных коней лавіў, — цадзіў гаспадар скрозь зубы, заціскаючы вяроўку на зінінай шыі, — на дзікіх звяроў хадзіў…

Зіна павалілася на падлогу. Дзеці на печы заплакалі, гаспадыня адскочыла ўбок.

— Вяжы ёй ногі! — крыкнуў чалавек жонцы і адкінуў ад сябе доўгі канец лейцаў.

— Міканор, — жаласліва прамовіла жанчына, аднак падышла і пачала скручваць ляйчынай пасінелыя зініны ногі. Другім канцом лейцаў чалавек звязваў дзяўчыне рукі і смяротнымі штуршкамі пад дыхавіцу паварочваў яе так, каб яна ляжала бокам. У гэты момант Святлана схапіла ў мыцельніку дайніцу, з усёй сілы выцяла ёю чалавека па галаве, а сама шмыганула ў акно.

— Дзяржы гэтую! — закрычаў чалавек жонцы, а сам, ухапіўшыся за галаву, кінуўся за Святланай. На двары было ўжо змрочна. Чалавек нешта згледзеў перад сабою, схапіў на бягу палена, папусціў у кусты i здаецца пацэліў. Падбег да таго месца, — нідзе нікога няма. Пачаў шарыць па кустах, каля платоў: «Не павінна-ж шчанё далёка забегчы». Але ўсюды было ціха, нішто нідзе не варушылася, не падавала ніякага голасу. Чалавек рашыў не траціць на гэтыя пошукі часу, а хутчэй бегчы ў вёску. Калі на яго шчасце там сапраўды спыніліся немцы, то далажыць ім, што злавіў большэвіцкую разведчыцу, а калі няма немцаў, то прывесці ў хату хоць свайго браценіка, якога немцы нядаўна паставілі старастам, ды яшчэ каго-небудзь.

Пакуль гаспадар бегаў, жонка яго сцерагла ў хаце Зіну. Дзеці палахліва ўсхліпвалі, зашыўшыся ў куток печы, хлопчык раз-по-раз зваў: «Мама, хадзі сюды». Але мама не рашалася адысціся ад мужавай ахвяры i стаяла каля выбітага акна, трымаючы ў руках канец вяроўкі. З акна патыхала свежым начным паветрам, i гэта памагло Зіне аддыхацца, прыйсці да поўнай свядомасці, калі гаспадыня зусім расслабіла вяроўку на яе шыі. У змроку, бо гаспадыня не запальвала агню, Зіна заўважыла, што кіслагубага блізка няма, сэрцам адчула, што нешта здарылася са Святланай, і ціха паклікала яе.

— Гэта бы сваю дзяўчынку завеце? — ласкава спытала гаспадыня.

— А дзе яна? — Зіна паспрабавала паварушыцца, устаць з падлогі, але адчула востры боль у галаве, у баку, страшэнна нылі таксама рукі і ногі.

— Дзяўчынка ўцякла з хаты, — нібы нават з уцехай сказала гаспадыня. — Выскачыла вось сюды. Можа вам вады падаць?

Жанчына стала на падлогу каленямі і нахілілася над Зінай. Зусім блізка над сабою Зіна ўбачыла яе ўстрывожаны, але добры твар, чорныя, блішчастыя ў цемнаце вочы.

— Развяжыце мяне, — папрасіла дзяўчына. Яна сказала гэта і сама не верыла, што так сказалася, што яе пачулі, што зноў не пачнуць біць і давіць.

— Не магу я так, мілая, — азірнуўшыся на акно, ціха загаварыла жанчына. — Вернецца ён, то прыб’е i мяне i вас. Гэта-ж ён за вашай дзяўчынкай пабег. Вы яшчэ i падняцца не паспееце, як ён можа вярнуцца. Я хіба вас сама папрашу: скажыце вы яму што-небудзь, каб адчапіцца. Можа якіх палонных дзе тут паблізу бачылі, можа якіх комуністых? Гэта-ж прыйшлі пазаўчора, сказалі, вунь і напіска на брамцы вісіць, што калі хто падкажа, дзе хаваюцца палонныя або комуністыя, таму немцы дадуць дзялянку добрай зямлі ды яшчэ і грашыма прыплацяць. За гэтым мой так і стараецца i злуецца. Каму-ж гэта не хочацца мець лішні загончык зямлі. А вы яму скажаце, ён вас і пусціць. I дзяўчынку вашу пусціць, калі толькі ён яе дагнаў.

Зіна насцярожліва глядзела на жанчыну і ў першую хвіліну не магла зразумець, як прымаць гэтыя словы. Няўжо гэта такая лісіная хітрасць? I гаспадар пачынаў з гэтакіх-жа слоў.

Аднак вочы жанчыны быццам-бы не хітравалі, у іх свяцілася жаллівасць, спачуванне, хоць спалох і разгубленасць засланялі ўсё гэта. Хлопчык усё мацней і настойлівей клікаў маму. Ён, відаць, падпоўз на самы край печы, бо плач яго чуўся бліжэй i яшчэ больш жалобіў душу.

— Іду, сыночак, іду-у, — прамовіла жанчына, і нават у цемры Зіна ўбачыла, што па смуглых шчоках гаспадыні пацяклі буйныя кроплі слёз, гэтакія-ж блішчастыя, як i яе вочы.

— Зразумейце мяне, — паспешліва зашаптала Зіна. — Зразумейце, як жанчына з добрым сэрцам, як маці вось гэтых дзяцей. Я не магу сказаць яму нічога, ніводнага слова. Няхай нават загіну, а не скажу.

Зіна крыху падняла галаву, каб быць яшчэ бліжэй да гэтай жанчыны, лепш бачыць яе твар, яе слёзы. Дзяўчына рада была-б абняць яе за шыю, прытуліць да сябе, ды звязаны былі рукі, цяжка было паварушыцца…

Гаспадар прыбег амаль што праз поўгадзіны.

Усунуў раскудлачаную галаву ў выбітае акно, чыхнуў, як кот, з’еўшы чужое мяса, потым успёрся рукамі на падаконнік i палез у хату. Улезшы, адразу пабег адмыкаць дзверы. Следам за ім у хату ўвайшлі два плячыстыя мужчыны з дубальтоўкамі. У хаце было зусім ціха, не чутно было ні стогну, ні плачу дзяцей. Гаспадар паклікаў жонку, але яна не азвалася. Тады ён запаліў запалку і ўбачыў ля сваіх ног зблытаныя лейцы…

Калі праз некаторы час разам са Святланай прыбегла на хутар уся група байцоў, у хаце ўжо не было ні гаспадара, ні тых плячыстых мужчын з дубальтоўкамі. На падлозе валяліся лейцы, толькі яны ўжо былі мокрыя і месцамі ў крыві. Побач з лейцамі ляжала і ціха, зняможана стагнала гаспадыня. Каля яе сядзелі заплаканыя і да смерці напалоханыя дзеці.

* * *

З першага дня вайны не было ў хлопцаў нетурботнай ночы, а гэтая выдалася самая трывожная, самая небяспечная. Усе разумелі, што хутаранец са сваімі дубальтоўшчыкамі збег з хаты не так сабе, што ён можа навесці сюды немцаў ці якую іншую ўзброеную погань. Можа нават i цяпер ён прытаіўся недзе тут у засадзе i чакае зручнага выпадку, каб нашкодзіць. Але трэба шукаць Зіну. Хіба можа нават мільгнуць у каго думка, каб яе пакінуць? Што вядома хлопцам пра Зіну? Толькі тое, што на бягу расказала ім Святлана. Пра далейшае амаль нічога. Удалося выціснуць два словы ў знявечанай гаспадыні. Яна сказала, што развязала Зіне рукі і ногі, што памагла ёй вылезці праз акно, а больш нічога жанчына не ведае i шмат чаго не памятае. Можа гаспадар са сваімі падручнымі злавіў дзяўчыну каля хутара і пацягнуў у вёску, можа дзяўчына не мела сілы далёка ісці і звалілася недзе тут у кустах? Усё гэта магло быць, але што-б ні было, што-б ні здарылася, байцы павінны выратаваць свайго шчырага таварыша.

Не надта далёка было ўжо да летняга світання. На траве i на густых альховых кустах ляжала самая буйная раса, у далёкім беразаку ўжо разоў два цінькнула самая ранняя птушка. Машкін даў каманду агледзець усё ўсюды каля хутара, а потым сабрацца на паляначцы за кустамі. Святлану ён пакінуў пры сабе. Яна так стамілася, так перахвалявалася, бедная, што ледзь трымалася на нагах. Праз некалькі хвілін хлопцы былі на ўказаным месцы і кожны з іх далажыў, што нідзе нічога не знойдзена. Параіліся ўсе разам i потым быў аддадзены загад асноўнай групе ісці фронтам паабапал дарогі аж да таго месца, дзе быў часовы лагер. Ісці i аглядваць кожны куст, кожную імшаліну. Грыцку-ж і Міхалу трэба было прабрацца ў вёску i выведаць, што чутно там.

Ішлі да лагера марудна, старанна прыглядаліся, прыслухоўваліся. Святлане спачатку здавалася, што яна пад кожным кустом бачыць Зіну ў чорнай хустцы, у Міхалавай кофтачцы, з абрыўкамі вяроўкі на руках i нагах. Сэрца падказвала дзяўчынцы, што Зіна абавязкова павінна быць недзе тут, што яна не падалася ў рукі ворагу. Калі хоць трохі ў яе заставалася сілы, то яна ўцякла ад хутаранца, і калі потым нават падкасіліся ногі, то недзе хоць паўзком, а ўсё-ж дабіраецца да месца.

Аднак прайшлі байцы і агледзелі ля дарогі ўсё кустаўё, мінулі беразак, пачалі ўжо набліжацца да свае стаянкі, а Зіны нідзе не было. Заставалася яшчэ надзея на лагер. Можа дзяўчына апярэдзіла іх і прыйшла на месца раней?

На світанні прыйшлі на сваю часовую стаянку. Грудок, зарослы маладымі дубкамі, грушынай і алешнікам, кішэў ужо жвавымі, клапатлівымі птушкамі; іх свіст і ціліканне разносіліся адсюль на ўсё балота. Прасохлыя шкілеты мінулагодніх будак касцоў жаўцелі сярод свежай зелені. Вярхі іх былі наспех накрыты пачарнелым сенам, якое сабралі байцы на пракосах. Не шмат было тут пракосаў, ды i тыя ўжо зараслі атавай. Відаць, не давялося людзям размахнуцца тут з касой, перашкодзіла вайна. У будках таксама ляжала сена, сухое, яшчэ нават пахучае. Так-бы хацелася прылегчы на гэтым сене ды хоць трошкі паспаць, хоць да таго часу, пакуль узыдзе сонца ды зліжа расу, якая радуе вока, аднак вельмі мочыць і ацяжарвае абутак. Але-ж ці можна думаць пра сон, пра адпачынак? Машкін з шафёрам агледзелі будку, узбек i яшчэ тры байцы аббеглі навакольны зараснік і вярнуліся мокрыя, нібы з ракі. Машкін пайшоў на рызыку і нягучна, аднак выразна паклікаў Зіну. Нідзе ніхто не азваўся.

Цень разгубленасці мільгануў на твары камандзіра. Ён адчуваў, што трэба прымаць неадкладна рашэнне, і не ведаў, што сказаць. Заставацца тут і чакаць хлопцаў з вёскі вельмі рызыкоўна, — немцы, напэўна, ужо ведаюць пра іх стаянку. Адыходзіць-жа адсюль таксама нельга. Байцы заўважылі гэтую разгубленасць Машкіна і апусцілі вочы, ніхто з іх не мог нічога падказаць. Аднак выйсце ўсё-такі павінна быць. Як заўсёды ў надзвычай цяжкіх выпадках, падступілі байцы адзін к аднаму і адразу стала крыху лягчэй. Каб не вельмі пакутаваць у маўчанні, шафёр пачаў аглядаць свой карабін, падсумак з абоймамі, гранаты. Нібы следуючы яго прыкладу, нібы інстынктыўна адчуваючы такую неабходнасць, і астатнія байцы пачалі аглядаць сваю зброю. У гэтую-ж хвіліну Машкін аддаў загад: заняць абарону на ўскраіне грудка, наспех акапацца i чакаць звароту Грыцка і Міхала. У Святланы задрыжалі павекі ад гэтага загаду, але яна нічога не сказала, ні аб чым не спытала, толькі цясней завязала вузялок сваёй шэрай хусткі пад барадою ды на ўсе гузікі зашпіліла паношаную, хлапчуковую світачку — падарунак адной добрай бабулі. Машкін ціха сказаў ёй:

— Не бойся, Света, ты будзеш са мною.

Бегчы на ўскраіну, выбіраць зручнае месца, акопвацца, — усё гэта было не цяжка. А вось ляжаць нерухома пасля зморанасці, ды яшчэ перад усходам сонца, ды яшчэ ў цяпле, гэта сапраўдныя пакуты. Тут можа задрамаць нават сам генерал, а не толькі радавы баец. I усё-ж трэба вытрымаць. Машкін можа i не ведаць пра гэта, але сумленне загрызе, калі спусціш вочы.

На шчасце, ляжаць моўчкі доўга не давялося. Не паспелі хлопцы яшчэ добра ўгледзецца ў процілеглы лясок, што сінеў за балотам, як з-за недалёкіх кустоў вынырнулі і падскокам пусціліся па балоце два ўзброеныя чалавекі. Па кароткіх нагах і шырокіх плячах байцы адразу пазналі Грыцка, a Міхал ужо сам сабою разумеўся. Машкін даў сігнал збору. Грыцко і Міхал паведамілі, што на світанні ў вёску найшло многа немцаў з танкамі і бронемашынамі, усюды ў ваколіцы выстаўлены пасты, таму прабрацца ў вёску не ўдалося. Гаварылі яны толькі з адным пастушком-падлеткам, які ішоў некуды з торбай і пугай, а ніякага статку пры ім не было. Пастушок сказаў, што бачыў хутараніна ў вёсцы, але чужой жанчыны пры ім не бачыў.

— Трэба ісці, — шэптам, каб не пачула Святлана, сказаў адзін з байцоў, — а то канец тут будзе ўсім.

Грыцко так глянуў на гэтага байца, што ён гатоў быў скрозь зямлю праваліцца. Святлана па губах пазнала, што ён прашаптаў, зірнула на Машкіна, i пад сэрцам у яе пахаладзела. У шэрых вачах камандзіра зноў мільгнула разгубленасць. Тут i кожнаму было-б не лёгка прыняць рашэнне, а Машкіну тым больш. Не было ў яго яшчэ звычкі хутка i самастойна ацэньваць усё, што здаралася.

— Я не пайду адсюль, — прыглушана сказала Святлана i заплакала. — Я застануся шукаць Зіну.

— I я застануся, — нібы падхапіў яе словы Грыцко. — Ціха, Святлана, не плач, ніхто без Зіны не пойдзе.

Было вырашана абшукаць увесь лес повідну, у выпадку варожай аблавы агню не адкрываць, а хавацца. Кожнаму байцу — пэўны ўчастак. Сігнал сувязі — такі, а сігнал збору — такі.

Грыцку выпала ісці самым левым флангам і далёка ад дарогі. З ім пайшла і Святлана. Не прайшлі яны і сотні крокаў, як дзяўчынка раптам спынілася і схапіла Грыцка за руку.

— Вунь, глядзіце! — прашаптала яна, паказваючы рукою лявей ад сябе.

Грыцко прыставіў да ілба далонь, стаў шарыць вачыма па кустах вербалозніку, што рос ускрай балота. Большыя з гэтых кустоў стаялі яшчэ да палавіны ў сінявата-мутным прадусходнім тумане, а некаторыя з меншых танулі поўнасцю.

— Нічога не бачу, — з жалем сказаў Грыцко.

Святлана маўчала, відаць, і яна ў гэты момант нічога не бачыла. Вочы яе міжвольна наплывалі слязамі. Грыцко апусціўся рукамі на купіну, стаў глядзець паверх травы.

— А што ты там бачыла, Света? — даверліва спытаў ён.

Дзяўчынка напружана глядзела ў тое месца, якое хвіліну таму назад так узрадавала яе, i гатова была заплакаць ад роспачы, ад таго, што цяпер там нічога, акрамя кустоў, не відно.

— Мне здалося, што я там зініну хустку ўбачыла.

Грыцко падняўся, моўчкі ўзяў Святлану за руку.

— Пойдзем, мілая, — спачувальна сказаў ён. — Так з многімі бывае. Мне вось таксама здавалася, што бачу Зіну, калі ішоў сюды з вёскі.

Прайшлі яшчэ некалькі крокаў, і Святлана зноў спынілася, рука яе задрыжала. На гэты раз i Грыцко пачуў, што з-за тых кустоў, на якія паказвала дзяўчынка, данёсся слабы, працяглы голас. Нехта клікаў Святлану. Грыцко падаў знак хлопцам i што было сілы памчаў да вербалозніку.

Зіна ляжала пад кустом у балотнай твані. Зняможанасць, пакутлівы боль у галаве і ва ўсім целе затрымалі яе ў дарозе. З апошняй сілы дзяўчына намагалася да світання прыйсці ў лагер, ды сама не заўважыла, як узяла ў лесе не той напрамак, заблудзілася. Калі пачало світаць, яна зразумела, што ідзе не ў той бок, але ўжо знікала i тая сіла, што была, ногі падкошваліся, перад вачыма ўсплывалі жоўтыя кругі. Нечакана трапіўшы ў балотную іржу, Зіна ўжо не магла выбрацца адтуль.

Да лагера байцы перанеслі Зіну на руках, а там шафёр адразу-ж успомніў свае ранейшыя абавязкі. Ён збегаў да старога адонка, выцягнуў адтуль дзве сухія жардзіны i за некалькі хвілін зладзіў насілкі.

Выйшлі са свайго часовага лагера перад самым усходам сонца. Першыя ласкава-вясёлыя праменні засвяцілі байцам у вочы, як толькі яны перайшлі балота.

* * *

Зіна не магла сама ісці некалькі дзён, яе неслі байцы на насілках. Да яе зняможанасці пасля той жудаснай ночы падпала нейкая хвароба: не валодалі ў дзяўчыны рукі і ногі, страшэнна балела галава. Усе гэтыя дні байцы самі хадзілі на разведку, а ў найбольш небяспечныя месцы, куды самім нельга было дабрацца, пасылалі Святлану. Дзяўчынка нібы нават пасталела за гэты час. Калі яна адчула, што вельмі патрэбна трупе, што яна па-сапраўднаму дапамагае байцам, смялей і энергічней сталі свяціцца яе блакітныя i чыстыя, як яснае неба, вочы. Яна, здавалася, не адчувала ні стомленасці, ні страху, заўсёды была ўпэўнена, што ўсякая перашкода скорыцца перад ёю. Зіне радасна было глядзець на яе. У пагодлівыя дні Святлана нават развязвала сваю хустку, i яе светлыя валасы ззялі на сонцы залатым адлівам.

Цяпер Святлана не — саромелася здымаць з галавы сваю хустку. Ранка яе зажыла, i хоць на тым месцы, дзе глыбока была садрана скура, цяпер не растуць валасы, гэта ўжо не надта турбуе дзяўчынку. Калі зарасла рана, то, нябось, вырастуць i валасы. Пасля таго, як Грыцко з усім сваім стараннем пахадзіў каля Святланы з ножнамі, прычоска яе стала нават прыгожай, з ёй можна было-б жыць не толькі ў лясах ды ў балотах, a i ва ўсякім горадзе.

— Няхай-бы i вас Грыцко падстрыг, — сказала яна тады Зіне, гледзячыся ў маленькае шклячко люстэрка. Яна падняла гэтае люстэрка ў адной вёсцы на сметніку. Яно так ярка і прывабна блішчала на сонцы, што яна не магла яго не падняць.

У Зіны валасы былі намнога цямнейшыя, як у Святланы, магчыма, што i не такія прыгожыя, але яна не хацела абрэзваць іх. Усё роўна ёй мала калі даводзілася хадзіць без хусткі, да таго-ж цяпер не аб гэтым клопат. Душу грызла пакута ад таго, што занемагла ў такі суровы час, што робіць многа небыту хлопцам у гэтакім складаным паходзе. За Святлану таксама балела сэрца. Вельмі-ж многа яна цяпер ходзіць усюды, многа рызыкуе. На гэтых днях прынесла нават гладыш кіслага малака.

— I з гладышом табе аддалі? — спытала Зіна.

— Не, гладыш трэба занесці, — адказала дзяўчынка. — Я сказала бабулі, што мая мама, гэта значыць вы, — усміхнулася Святлана, — засталася непадалёку на дарозе, бо захварэла i не можа ісці.

Калі, не тут кажучы, здарыцца што-небудзь з дзяўчынкай, загінем тады. I цяпер ужо хлопцы нямаведама на каго падобны: учарнелыя ад непасільных пераходаў i ад голаду, абадраныя i абшарпаныя, некаторыя амаль зусім босыя. Ды з такой разведкай, якая вядзецца цяпер, далёка не скочыш. Хоць амаль цэлымі суткамі байцы ідуць, хоць адпачынак зведзены да самых неабходных хвілін, усё роўна спорнасці ў руху мала, бо трэба на хаду рабіць разведку, вызначаць маршрут. Трэба, нарэшце, i харчавацца чым-небудзь, піць чыстую ваду. Пасля таго, як узбек папакурчыўся жыватом ад балотнай вады, Машкін забараніў набіраць у біклажкі ваду з розных лужын і канаў.

Адным словам, Зіна разумела, што калі так ісці ўвесь час, то могуць насцігнуць асеннія халады, тады прапалі ўсе намеры. Па вачах, па асобных асцярожных рэпліках яна заўважала, што і некаторыя хлопцы гэтага баяцца, толькі хаваюць свае думкі і ад сяброў і ад саміх сябе. Таму самае важнае — паправіцца, стаць на ногі, а астатняе ўяўлялася нібы нават няцяжкім, нескладаным. Тады і за сабою можна будзе лепш прыгледзець, i за байцамі, а разведку даць такую, што можна будзе ісці хутка i без меншых перашкод. Пасля цяжкага выпрабавання, якое давялося перажыць на тым злапамятным хутары, усё цяпер уяўлялася нястрашным, расла ўпэўненасць, што больш ужо ніякаму д’яблу не ўдасца перахітрыць.

I вось прычакаўся той дзень, калі Зіна ўпершыню пасля хваробы пайшла на разведку. Радасны гэта быў дзень. Байцы сядзелі ў густым зарасніку і з хвіліны на хвіліну чакалі яе. Кожны бачыў на сабе або на сваім сябры такія з’явы, што толькі ўздыхаць-бы ды пакутаваць ад іх. У каго ногі пабітыя i абадраныя так, што глядзець на ix страшна, у каго плячук голы і спаласаваны сухім веццем. Аднак цяпер усё гэта амаль, не заўважалася. Усё наладзіцца, калі Зіна ўзялася за справу, усё пойдзе на самы лепшы лад.

Не відно было ніякай бадзёрасці толькі на твары Міхала. Ён сядзеў трошкі ў баку ад групы і моўчкі плёў з ядлоўцавай кары лапці. He надта трывалыя былі лапці з гэтай кары, іх ледзь хапала на адзін добры пераход, але-ж затое многа ўсюды было такога матэрыялу і здабываць яго было няцяжка: ядловец лупіцца ўсё лета. Чаго быў невясёлы Міхал, ніхто пэўна не ведаў, аднак заўважылі хлопцы, што ўжо з учарашняга дня яго даўгаваты сухі нос паглядваў усе больш пад ногі, вочы рабіліся хмурымі і невыразнымі.

Калі вярнулася Зіна, хлопец на нейкі час павесялеў, стаў прыслухоўвацца, пра што яна дакладвае Машкіну. Але хутка зноў задумаўся, і яго падплётка пачала хадзіць у руках марудна і няўпэўнена.

— Хочаце, я і вам спляту вось такія лапцікі, — прапанаваў ён Зіне, калі група збіралася ўжо ісці далей.

Ён наўмысля не глянуў на зінін абутак: здавалася яму, што дзяўчына можа засароміцца, пачырванець.

— Дзякую, — адказала Зіна і сапраўды пачырванела, калі зірнула на свае ногі. — У мяне яшчэ моцныя чаравікі, дарма што трохі падвязаныя знізу. Я-ж колькі дзён не хадзіла.

— Спляту ў запас, — паабяцаў Міхал. — Вось няхай толькі яшчэ спынімся.

У дарозе ён увесь час трымаўся каля Зіны, усё нібы памыкаўся нешта сказаць, нечым падзяліцца з ёю, нарэшце няёмка закхекаў, быццам нешта засела ў яго горле, і нерашуча спытаў:

— ЦІ каля той вёскі, што вы нядаўна назвалі, каля Забалоцця, мы недалёка будзем ісці?

Зіна прыпыніла крок, з цікаўнасцю глянула на хлопца.

— Зусім блізка, — адказала яна. — А што?

— Ды так, — сумеўшыся, прамовіў Міхал.

Хвілін колькі Зіна не задавала больш пытанняў, не спрабавала што-небудзь угадаць, толькі неўпрыкметку паглядвала на хлапца. Калі Miхал заўважаў гэтыя позіркі, то, напэўна, вельмі хваляваўся, бо ў іх былі і жаль, і загадкавасць, і здзіўленне, і нават падазронасць. Хто яго ведае, можа і заўважаў ён усё гэта.

Нарэшце, калі яны крыху адсталі ад групы, Зіна сказала:

— Ваша вёска будзе, прыблізна, у кілометры ад нас.

— Адкуль вы ведаеце, што мая? — уражаны нечаканасцю, спытаў Міхал.

— Адчуваю, — сказала Зіна, — ды i помню нашу размову ў першыя дні знаёмства.

— Так, гэта мая вёска, — шчыра загаварыў Міхал. — Маё Забалоцце! Двое сутак ужо аб гэтым думаю, чую пах сваіх лясоў, свайго балота, а не гавару хлопцам, баюся, каб не падумалі чаго дрэннага, каб не сталі кідаць на мяне падазроныя позіркі.

— Немцаў у Забалоцці няма, — яшчэ сама не ведаючы, для чаго гэта трэба, паведаміла Зіна.

Міхал насцярожыўся, яго жывыя чорныя вочы ўсхвалявана заблішчалі.

— Ну дык што, калі няма? — узбуджана запытаў ён. — Ну дык што? Няўжо вы думаеце?…

Зіна ўзяла яго за руку і супакойліва паціснула.

— Я нічога кепскага не думаю, — ціха сказала яна і міжвольна прыслухалася да свае душы: ёсць там гэтакае перакананне ці няма.

— У мяне толькі маці ўвесь час перад вачыма, — працягваў Міхал. — Каб, здаецца, можна было хоць на адзін момант убачыць яе ці хоць даведацца, жывая яна ці не… Але я ўжо цвёрда рашыў, што не звярну з дарогі, не пайду. Няхай сэрца баліць, а не пайду, не затрымаю хлопцаў.

— Праведаць то трэба было-б, — разважліва сказала Зіна. — Хочаце, я сама скажу Машкіну. Ён дазволіць.

— Не трэба, — адмовіўся Міхал. — Пойдзем наперад калоны, вам-жа трэба дарогу паказваць.

Доўга баец ішоў моўчкі, утупіўшы вочы сабе пад ногі. На вузкай лясной дарожцы ўжо сцямнела і цішыня запанавала такая, што, здавалася, самы асцярожны крок чуцён быў далёка. У такія часы і ўся група больш намагала на слых, чым на зрок. Міхалу ўяўлялася, што вось ужо зусім хутка, калі яны параўняюцца з яго вёскай, ён пачуе хоць якія-небудзь гукі, з маленства знаёмыя, незабыўныя. Магчыма, хто-небудзь з суседзяў захоча ў гэты час набраць у калодзежы вядро вады нанач. Заскрыпіць журавель, і Міхал адразу скажа, чый гэта журавель. А можа якраз матуля выйдзе па ваду, тады Міхал пазнае скрып свайго жураўля…

Чым бліжэй падыходзілі да вёскі, тым усё больш Міхал хваляваўся, усё больш насцярожваў слых. Аднак ад вёскі не даносілася нічога, быццам яе тут i не было. Змрочная цішыня навакол і маўчанне Міхала пачалі наганяць сум і на Зіну. Пранікнёна глянуўшы на байца, яна зноў прапанавала:

— Давайце я ўсё-такі скажу Машкіну. Хоць прыпынімся тут на які час.

— Не трэба, я вас прашу, — запярэчыў Міхал. — Не хачу я, каб хоць адну хвіліну хлопцы трывожыліся за мяне. Хапае трывогі i без гэтага. Галоўнае-ж, не хачу, каб вы трывожыліся.

— Я не буду трывожыцца, — ледзь чутна сказала Зіна, але ў голасе яе прагучала цяпер поўная шчырасць, i гэта Міхал адчуў.

— Я вельмі жадаю, каб вы ва ўсім верылі мне, — з удзячнасцю сказаў ён. — Мне тады будзе лягчэй.

Зіна спытала нібы толькі для таго, каб схіліць размову трохі ў другі бок:

— У вас толькі адна маці i засталася дома?

— Яшчэ сястра была, — адказаў Міхал. — Меншая за мяне.

— А больш нікога? — Тут у Зіны вырваўся чыста дзявочы смяшок, але ён не пакрыўдзіў Міхала. Наадварот, яму нават радасна стала, што за ўвесь час знаёмства яна ўпершыню так загаварыла з ім.

— Больш нікога, — шчыра прызнаўся Міхал. — Зусім нікога.

Зіна зноў усміхнулася:

— А вось гэтая кофтачка, што цяпер на мне, усё-ж такі не для мацеры куплялася. Праўда? Вельмі-ж яна вясёлая для старой жанчыны.

— Дальбог для мацеры, — запэўніў баец. — Гэта ў мяне такі густ неважнецкі.

— Ну, нічога, — прыпыніла Зіна няёмкую спрэчку. Гэта я проста так, каб разагнаць ваш смутак. Скончыцца вайна, тады ўсё будзе проста i ясна. Знойдзем і мацярок сваіх, і знаёмых, і каханых. Усіх пазнаходзім.

— А ў вайну?

Міхал доўга чакаў адказу, але дзяўчына маўчала. Ён таксама ішоў моўчкі і глыбокі роздум зноў пачынаў авалодваць ім. Забрахаў за лесам сабака, і баец спыніўся, пачаў старанна прыслухоўвацца. Яму здалося, што гэта іхні «Шарык» падаў голас, і сэрца радасна, усхвалявана затрапяталася.

— Чаго ты? — спытаў Грыцко, ледзь не наступіўшы хлопцу на пяты.

— Нічога, — адказаў Міхал і цвёрдым крокам пайшоў далей.

* * *

Яшчэ тыдняў праз два напружанай, амаль бесперапыннай хады байцы сталі заўважаць, што чым далей, тым усё больш i больш траплялася на дарозе немцаў, самалёты раўлі над лесам і ўдзень і ноччу. Часта проста над галовамі байцоў адбываліся паветраныя баі. Ісці ўжо нельга было так, як раней: разведку трэба было рабіць вельмі асцярожна і дасканала, падавацца ў глыбокія абходы, кожную ноч прабірацца праз густыя лясы, мясіць непралазныя балоты, пераплываць рэкі. Часта здаралася так, што тут ужо недастаткова было разведчыцкага вопыту Зіны i Святланы, трэба было браць праваднікоў.

На ўсё жыццё застануцца ў памяці байцоў гэтыя простыя, сумленныя людзі — праваднікі. Колькі вытрымкі і мужнасці даводзілася праяўляць групе ў часе паходу, а ўсё гэта выглядала малазначным у параўнанні з той самаахвярнасцю, на якую здольны былі праваднікі. Ідзе сабе чалавек наперадзе і крок яго цвёрды, вочы гараць рашучасцю. Ён ведае, што кожную хвіліну можна наткнуцца на ворага, што першая куля пападзе яму, але ідзе без ніякіх хістанняў. Прапануй яму вярнуцца — не вернецца, пакуль не давядзе да належнага месца. А што гэта былі за людзі? Гэта звычайныя беларускія калгаснікі, у пераважнай большасці дзяды або жанчыны, маткі дробных дзяцей.

Па ўсяму духу на сцежках i дарогах байцы адчувалі, што фронт ужо недалёка. Аб гэтым гаварылі і праваднікі. Прыбаўлялася хвалявання, але радасна было, што фронт прыпыніўся, што запаветная мэта, дзеля якой гэтулькі ўсяго перажыта, была ўжо не за гарамі. Цяпер трэба было выкарыстоўваць кожны, хоць крыху зручны, момант, каб як мага бліжэй падысці да франтавой лініі, выведаць самае тонкае месца ў гэтай лініі i там прарвацца. Няхай дзе ні будзе гэтая лінія: у лесе, на балоце ці хоць нават на суцэльным вадзяным плёсе. Усякую мясцовасць група гатова была пераадолець i да ўсякай магчымасці прарыву рыхтавала сябе. Можна будзе прабрацца цішком — прабірацца, паўзці, плысці, бегчы; трэба будзе брацца за зброю — дык прабівацца кулямі і гранатамі.

Прыйшла нарэшце тая ноч, якая павінна была вырашыць усё. Гэта была яшчэ летняя ноч, хоць раса на траве і вада ў балоце былі ўжо халаднаватымі, хоць на плёсе ляснога лужка ці азярца можна было заўважыць пры месяцы шызы асінавы лісток або жоўты бярозавы. Байцы прабіраліся забалочанымі зараснікамі. Ціха было ўсюды, хоць некалькі гадзін таму назад з левага боку адсюль ішоў, відаць, вельмі жорсткі бой: чуліся частыя выбухі снарадаў, залпы нямецкіх гармат, далятала з ветрам і залівістае сакатанне кулямётаў. Цяпер толькі ракеты ўспыхвалі над лесам, і чорт ведае каму патрэбна было іх гэтае халоднае, трапяткое святло.

Па ўсіх вестках, якія былі ў групе, за гэтым непралазным зараснікам павінна пачынацца так званая нейтральная паласа, калі можна ўявіць такую наогул, а там далей, за глыбокім ярам, — пазіцыі нашых войск. Калі-б зараснікі ішлі да самага яру, то больш зручнага месца для пераходу нельга было-б і ўявіць, але там ёсць адна прагалінка i абмінуць яе нельга: з левага боку нямецкія ўмацаванні, а з правага — вялікае возера. Пашукаць чаго-небудзь лепшага цяпер ужо не было калі, ды і сэнсу ў гэтым ніякага: тут хоць на вузкім прамежку, па ўсіх вестках, няма варожай заставы, а ўзяцца правей, на другі бок возера, то там, магчыма, немец на немцу сядзіць.

Пакуль дабраліся да канца зараснікаў, стала набліжацца к світанню. Гэта i добра, бо ў такую пару акупанты любяць спаць, але гэта-ж i дрэнна: калі цяпер выйдзе хоць невялічкая затрымка, то разрэдзіцца змрок i немцы могуць заўважыць пластуноў на прагаліне.

Дрыжучы за кожную хвіліну, за кожны момант, хлопцы выпаўзлі з густога кусцістага лазняку, наскрозь мокрыя, абшарпаныя, адсапліся крыху, агледзеліся і радком, крокаў на тры адзін ад аднаго, паплылі па шчодрай перадсвітальнай расе далей. Зіна са Святланай паўзлі пасярэдзіне. Яны трымаліся бліжэй адна аднае.

Кожны локаць наперад болем і радасцю аддаваўся ў сэрцы. Набліжалася мэта, набліжалася i самая страшная небяспека можа за ўвесь час шляху. А світанне, як-бы нічога не ведаючы пра такое становішча байцоў, не марудзіла, хутка падплывала з усходу, падбельвала i рассейвала туман, надавала снежны колер расе. Што-б яму трохі пачакаць!

Палявая канюшынка, пырнік, пераспелае шчаўе i розная іншая порасль на прагаліне, якая, відаць, нядаўна засявалася, была густой, спорнай, але невысокай. Святлана, паўзучы, хапалася рукамі то за кусцік шчаўя, то за канюшыну, туліла ў зелень галаву i перажывала дзяўчынка, што ўсе расліны разам не маглі схаваць не толькі ўсю яе, а нават адну галаву. Бадай што ўпершыню паўзла яна па такім адкрытым месцы. Дзе ні даводзілася раней паўзці, усюды былі хоць якія-небудзь кусцікі, купіны, дрэўцы, хоць якое-небудзь прыкрыццё, а тут няма нічога. Здавалася Святлане, што калі вось-вось трэсне нешта збоку або ззаду, то абавязкова пацэліць ёй па галаве. З часу першага ранення ў дзяўчынкі кожны раз было такое адчуванне.

Узвілася непадалёку ракета, зрабіла высокую дугу над прагалінай і ўпала, ужо мала што асвяціўшы. Машкін нават пачуў стрэл ракетніцы. Стрэл гэты не толькі яшчэ больш насцярожыў яго, a i ледзяной жудасцю аддаўся ўнутры. Калі адсюль так добра чуцён слабы стрэл, значыць немец зусім блізка, значыць адно з двух: або іхнія весткі былі недакладнымі, або нанач падышла сюды новая застава. Шчасце, калі немец, дрэмлючы, пусціў гэтую ракету. А калі ён сочыць за прагалінай, то ў кожны момант можа ўзняць трывогу.

— Хутчэй наперад! — падаў Машкін каманду па свайму ланцужку.

Хоць да яра было яшчэ далёка, яму здавалася, што ён ужо нават бачыць яго, мільгала нават думка, што можа i не варта доўга паўзці, а лепш падняцца, узляцець і адным рыўком апынуцца ў яры. Што-б ні здарылася, а група будзе ў яры! Такое рашэнне авалодала ўсёй яго істотай, і ніякая сіла не прымусіць адступіцца ад яго. Ці ад таго, што так пагрозліва навісала небяспека, ці проста ўжо так моцна закалілася сэрца, але ў гэтыя хвіліны Машкін не адчуваў якога-небудзь здранцвення, разгубленасці ад страху. Усімі сіламі ён намагаўся своечасова ўсё заўважаць, правільна ацэньваць і быў гатовы пры неабходнасці аддаваць такія загады, якія абавязкова выратуюць групу.

Яшчэ адзін ракетны стрэл даляцеў да яго вушэй. На пластунскім хаду Машкін павярнуў галаву, паглядзеў на сіняватае ўжо неба. Проста над ім, нібы злашчасная зорка, стаяла ракета. Машкін яшчэ больш намогся, каб паўзці хутчэй, бо яму здалося, што калі хоць крыху прамарудзіць, го ракета ўпадзе яму проста на плечы. Гэта, мабыць, ужо апошняя ракета; дрэмле немец перад золкам i пускае. А як толькі расплюшчыць бельмы, то ўбачыць, ліха яму, што ракеты цяпер ужо мала памагаюць, што, добра вылупіўшыся, ужо можна агледзець прагаліну i без ракет.

Гэтыя думкі Машкіна перабіў яшчэ адзін стрэл, але больш гучны, чым з ракетніцы. Следам за ім другі і трэці, і нават пачулася Машкіну, што нехта дзіка закрычаў ззаду.

— За мною! — падаў Машкін каманду, ускочыў і, прыгнуўшыся, пабег у напрамку яра. Ён не бачыў, а адчуваў, што за ім пабеглі ўсе. Яшчэ момант, яшчэ. Не чутно пад сабою ног, не чутно, як шуміць рэзкаваты ветрык паўз мокрыя ад расы вушы. Першая кулямётная чарга. Яе таксама быццам-бы не чутно, толькі сам сабою паскараецца рывок, вочы шукаюць наперадзе яра. Пасля другой, вельмі доўгай чаргі Машкін глянуў управа ад сябе i спачатку адчуў, а потым ужо ўбачыў, што бягуць не ўсе.

— Лажыся! — скамандаваў ён, зразумеўшы, што рывок не ўдаўся.

Байцы пападалі і ўжо без каманды, а проста па прыкладу камандзіра пачалі хутка выбіраць хоць трошкі зручнейшыя месцы для абароны. На шчасце іх, мясціна была ўжо крыху ніжэй той, дзе яны былі хвіліну назад. Як толькі глянулі на поле, перш чым націснуць на спускавыя кручкі вінтовак, убачылі на прагаліне перад сабою Зіну i Святлану. Яны ляжалі нерухома на самай высокай мясціне гэтай прагаліны. Таксама без каманды Міхал i Грыцко папаўзлі туды. Нямецкі кулямёт біў цяпер кароткімі чэргамі, але прыцэльна то па аднаму байцу, то па другому. На той узгорак, дзе ляжалі Зіна i Святлана, цяпер кулі не ляцелі, відаць немцы рашылі, што гэтыя ахвяры ўжо нікуды не дзенуцца. Аднак, як толькі туды сталі падпаўзаць байцы, агонь па ўзгорку ўзнавіўся. Вінтовачныя залпы ў адказ крыху насцярожылі ворага, але вельмі хутка туды, відаць, прыйшло падмацаванне, бо стралялі ўжо некалькі кулямётаў.

Калі Грыцко і Міхал падпаўзлі бліжэй да ўзгорка, то адразу заўважылі, што Зіна і Святлана жывыя, толькі варушыцца ім нельга, бо тут яны проста на прыцэле. У час кароткага прамежку паміж кулямётнымі чэргамі Грыцко пачуў, што Святлана цярпліва, сціснуўшы зубы, плача, — і ў сэрцы яго заныла.

— Што ў вас? — крыкнуў ён Зіне, каб тая пачула і ў шуме.

— Святлана паранена ў ногі, — адказала Зіна.

— А вы?

— Я не, але трэба выратаваць Святлану.

— Паўзіце ўніз! — як толькі мог сурова загадаў Грыцко. Ён стаў асцярожна, нібы ўціскаючыся ў зямлю, падпаўзаць да Святланы, а Зіна ўсё ляжала i не варушылася.

— Я вам дапамагу, — устрывожана сказаў ёй Міхал. Яму падумалася, што Зіна таксама раненая, ды не гаворыць аб гэтым пакуль што. Аднак, калі ён, глытаючы зямлю ад блізкіх куль, наблізіўся да дзяўчыны, яна раптам узяла рэзка ўбок і засланіла сабою Святлану, якую ў гэты час Грыцко цягнуў за сабою. Зіна паўзла за акрываўленымі нагамі дзяўчынкі. Яна чула, як пры кожным намаганні Грыцка Святлана глуха, жаласліва ўсхліпвала, бачыла, як змешваліся з роснай травою яе светлыя, адросшыя за гэтыя тыдні валасы (хустка недзе згубілася ў трывозе), а больш нічога не бачыла i не чула. Перапаўзла яна так узгорак, яшчэ трохі прапаўзла, а потым, што далей, то ўсё больш i больш квола сталі перасоўвацца яе локці. Міхал кінуўся на дапамогу…

У яры Машкін працёр мокрым i, здавалася, горкім ад парахавога дыму рукавом вочы, глыбока ўздыхнуў і паклікаў да сябе байцоў. Таму, хто хутка падбег, загадаў:

— Зараз-жа выступаць, бо адкрыюць агонь з мінамётаў.

Падбеглі далёка не ўсе. Машкін заўважыў гэта, але ў душы дараваў тым, хто не выканаў яго загаду. Ён разумеў, што калі Грыцко і Міхал не падбеглі, значыць яны не маглі гэтага зрабіць. Нядобрае нешта i з дзяўчатамі, калі яны не з’явіліся. Ідучы, прыгнуўшыся, па цвілым ад вільгаці яры, камандзір паглядзеў у твар шафёру, узбеку, яшчэ тром байцам і па іх вачах зразумеў, што яны выйшлі з бою цэлымі. Міхал з Грыцком былі трохі ўбаку. Грыцко паспешліва круціў з лазы жгуты i перавязваў імі Святлане ногі вышэй кален, а Міхал стаяў, нахіліўшыся над Зінай. На каго яны цяпер былі падобныя? Мокрыя i брудныя, па многу разоў прастрэленыя лахманы звісалі з плячэй, з рукавоў, ад міхалавых ядлоўцавых лапцяў не засталося i звання. У Грыцка нават паясны рамень быў скрозь пабіты асколкамі ад разрыўных куль.

З глыбокай трывогай i болем у сэрцы падыходзіў Машкін да гэтых людзей. Падышоўшы, моўчкі стаў каля Зіны на калені, спалохана глянуў Міхалу ў вочы. Баец плакаў…

…Выходзілі з яра перад самым усходам сонца. Міхал нёс на руках Зіну, а Грыцко — Святлану. Дзяўчынка трымалася за грыцкову шыю, а зініна правая рука, працятая многімі кулямі, як і ўсё яе цела, бездапаможна звісала i амярцвела матлялася. За Міхалам i Грыцком ішоў Машкін, шафёр і ўсе астатнія байцы. Яны ішлі шчыльна адзін каля аднаго, каб пры неабходнасці засланіць сваімі спінамі тых, што былі наперадзе. Яшчэ хвіліна, і павінен заззяць першы сонечны прамень, яшчэ хвіліна, і павінны паказацца свае пазіцыі.

Fueled by Johannes Gensfleisch zur Laden zum Gutenberg

Комментарии к книге «Да ўсходу сонца», Алексей Николаевич Кулаковский

Всего 0 комментариев

Комментариев к этой книге пока нет, будьте первым!