«Прынц напракат (на белорусском языке)»

1281

Описание



Настроики
A

Фон текста:

  • Текст
  • Текст
  • Текст
  • Текст
  • Аа

    Roboto

  • Аа

    Garamond

  • Аа

    Fira Sans

  • Аа

    Times

Данiэль Буланжэ

Прынц напракат

Пераклад: Л. Казыра

Цi мог хто калi падумаць, што кароль Базанii зменiць свой трон на канапу нейкай танцоўшчыцы, стане простым герцагам Раулем, адрачэцца ад сваёй радзiмы i пераедзе да нас на сталае жыхарства?! Цi хто калi гадаў, што звычайны анучнiк Сiльвен Матуар зойме месца першага асенiзатара сталiцы?! Мiж тым яго "фабрыка" штодня на досвiтку выплёўвае добрых шэсцьдзесят цыстэрнаў. Яму належыць асноўная частка самай урадлiвай зямлi, што прылягае да паўночнай часткi горада. Цвёрда стаiць на нагах чалавек i ўсё спадзяецца, што жонка вось-вось падорыць яму сына...

А нарадзiлася дачка. Не любiў Матуар марнатраўства i таму не спяшаўся з хрэсьбiнамi: а раптам дзiця не выжыве?! Ды прыйшоў дзень, калi ўсе сумненнi развеялiся, i грымнула свята. Пад строгiм наглядам нянечкi госцi перадавалi з рук у рукi дзiця i ў адзiн голас паўтаралi, што яно - вылiты бацька. Асабняк асенiзатара гудзеў, як разбуджаны вулей. I ў гэтым тлуме невядома для каго сцiпла гучаў канцэрт для струннага аркестра, якi наўрад цi пачула б самае чуйнае вуха. Пакоi былi ўпрыгожаныя ў стылi канца мiнулага стагоддзя. На блакiтных мазаiчных сценах вiднелiся райскiя птушкi i мажныя чырванашчокiя багiнi. У глыбiнi залы тулiлася група музыкантаў. Усе яны былi ў парыках. Перад кожным стаяў невялiкi столiк, на якiм ляжалi ноты i гарэлi высокiя свечкi. Музыканты няўцямна ўглядалiся ў гэты натоўп пажыральнiкаў цукерак i пячэння, нiбы спрабавалi зразумець, каму i навошта патрэбна музыка ў такiм шуме, калi нават не чуваць, што iграе сусед. Вiяланчэлiст недаўменна пацiснуў плячыма i, пэўна, даў прастор сваёй фантазii, утаропiўшыся ў ладныя ножкi маладой служанкi, якая падышла, каб замянiць свечкi...

Матуар важна хадзiў ад адной групы гасцей да другой, з кожным вiтаючыся за руку. Вось ён паляпаў па плячы дэпутата парламента, вось падаў руку пастару, вось працягнуў кiлiшак мiнiстру культуры, а той выпiў яго, стоячы на пальчыках...

Да ўсёй гамы пахаў жаночай парфумы ўдала дамешваўся тытунёвы дым, якi клубамi вiўся пад столлю i ад якога, здавалася, варушылiся крышталiкi люстры...

- Што ж гэта ён вытварае? - незадаволена прамармытаў Матуар.

- Супакойся, дарагi, - сказала жонка i шумна высмаркалася. - Я табе гаварыла, што з такiм чалавекам мець справу рызыкоўна. Не наш гэта чалавек...

Сiльвен Матуар адпусцiў жонку патанцаваць. Яе запрасiў адзiн багатыр, якi праславiўся тым, што нажыў свой капiтал на вырабе i продажы коркаў.

- Ну, як маюцца вашы корачкi? - нявiнна запыталася мадам Матуар.

- Ды як? Трымаюцца, плаваюць, iх, брат, не ўтопiш, - тонка адказаў магнат. - Але дзе ж гэты хвалёны герцаг Рауль? Вы ж так абяцалi...

- Хутка прыедзе. Што зробiш, калi ён такi заняты...

Не цярпелася i гаспадару. Урэшце ён не вытрымаў, сам пабег у прыхожую, дзе таптаўся даўганогi, як бусел, лакей:

- Ну што, не прыехаў?

- Не, пакуль што няма, - сумна адказаў лакей.

I ў гэты момант у прыхожую ўляцеў спацелы слуга, якi падтрымлiваў сувязь памiж гаспадаром i палiцэйскiмi (атрад палiцыi нанялi спецыяльна, каб забяспечыць у двары парадак пры з'яўленнi герцага).

- Прыехаў! Толькi што з'явiўся! А ў машыне, каб вы толькi бачылi, можа, з дзесятак малюсенькiх сабачак!.. - шчабятаў слуга.

- Ён! Гэта ён! - узрадаваўся Матуар i моцна сцiснуў слугу за плечы. - А герцагiню ты бачыў?

- А як жа! Курыць сабе цыгару...

- Так, так! Цудоўненька! Ну, тады хутчэй нацягвай пальчаткi!

I Матуар рынуўся ў залу да жонкi.

- Прыехаў! - шапнуў ён. - Я так i ведаў! А ты баялася... Пляла пра нейкую рызыку...

- А як ты думаў? Столькi грошай адвалiлi... А раптам не прыехаў бы...

- Герцаг Рауль! - гучна абвясцiў лакей.

Хвiлiну-другую панавала цiшыня, нiбы ў царкве перад малiтваю.

А потым пад урачыстыя гукi аркестра Матуар з жонкай накiраваўся да ўвахода, дзе стаяў былы манарх i сумна глядзеў на залу. Побач была яго герцагiня, якую ён пальчыкам падтрымлiваў за локаць.

- Ваша светласць! - пачаў гаспадар. - Дазвольце адрэкамендаваць Вам маю жонку мадам Матуар, а таксама нашу нованароджаную Палету, так сказаць, каралеву сённяшняга вечара... Пачакайце, а дзе ж яна? Палета! Прынясiце да нас Палету!

Страшэнна хвалюючыся, нянечка паднесла немаўлятка i нiзка пакланiлася гаспадару i высокiм гасцям. I тады зала зноў ажыла, зноў напоўнiлася вясёлым гоманам. Пад самую столь ляцелi коркi ад шампанскага...

Тым часам Матуар прадставiў графу Раулю самых знакамiтых гасцей, якiя чамусьцi чырванелi, нiбы саромелiся таго, што апынулiся вось тут, на хрэсьбiнах у асенiзатара.

З рук гаспадара герцагiня атрымала падарунак - набор цыгар, якiя "толькi што даставiлi проста з заморскiх астравоў". Шырыню гэтага жэста, як i кошт падарунка лепш за ўсiх ацанiў сакратар герцага, атрымоўваючы чэк на аплату цыгар...

А госцi не адрывалi вачэй ад былога караля. Гэтыя пiльныя, пякучыя позiркi зусiм дабiвалi i без таго стомленага чалавека. Ён стаяў пасярод натоўпу гэтых сытых самазадаволеных людзей, як стаiць засохлае дрэва ў квiтнеючым садзе...

- Вiскi, - грудным голасам папрасiў герцаг.

Роўна сем разоў паўтарыў ён гэтае слова i завяршыў абед двума фужэрамi шампанскага, пасля чаго шчочкi яго запунсавелi, а ў вачах з'явiлiся жывыя iскрынкi. Матуар, думаючы, што яму ўжо ўдалося заваяваць душу i сэрца манарха, лiслiва ўсмiхнуўся: "Ваша светласць, для нас такi гонар, што Вы сёння з намi..." Герцагiня стаяла ля акна i паглядала на сад.

- Такi прыгожы садок, цi не так, мадам, - праспяваў мiнiстр культуры.

- Герцагiня! - паклiкаў герцаг Рауль.

Герцагiня павярнулася да яго.

- Герцагiня, ужо сем гадзiн. Вы прасiлi мяне папярэдзiць Вас, калi будзе сем. Ужо сем гадзiн.

Герцагiня падала мужу сваю руку, i яны выйшлi з залы. А Матуар сказаў жонцы зайсцi да яго ў кабiнет.

- Ну як?

- Што табе сказаць. Апранута яна... так сабе... старамодна...

- Ды я не пра тое! Цi не здаецца табе, што за тыя грошы, якiя мы iм заплацiлi, яны маглi б пабыць i даўжэй?!

- Сiльвен, дарагi, сёння ж хрэсьбiны, а не вяселле...

- Ну, тады я табе вось што скажу: калi Палета будзе выходзiць замуж, няхай яны на мяне не разлiчваюць! Няхай iх наймае хто iншы! Няма дурных! I Палеце, калi падрасце, пра гэта - нi слова! Нават фатаграфii не паказвай!.. Падумаць толькi! Плацiць за iх больш, чым за доктара! О-о, стары дурань!.. Але я такi яго ўеў, памятаеш: "Ваша светласць..." I ён прыкмецiў гэта!

- А ўсё ж такi, - уздыхнула мадам Матуар, - выгляд у яго невясёлы...

Комментарии к книге «Прынц напракат (на белорусском языке)», Даниэль Буланже

Всего 0 комментариев

Комментариев к этой книге пока нет, будьте первым!

РЕКОМЕНДУЕМ К ПРОЧТЕНИЮ

Популярные и начинающие авторы, крупнейшие и нишевые издательства