Павел ЛЯХНОВІЧ
СУЮНБАЙ
Аповед-згадка
О, недасяжная простым смяротным мудрасць князёў-цароў-генсекаў-прэзідэнтаў і іншых правадыроў! І заўсёды яны, богаабраныя (а як жа!), выдумляюць адно і тое ж! Варта чалавеку вылупіцца на свет з хобацікам там, унізе, як ён ужо ваеннабавязаны. “Свяшчэнны абавязак”! I вязуць небараку з Паміра ў Хібіны, з Чукоцкай паўвыспы на Кольскую, з Берасця ў Магадан. Каб было цяжэй ухіліцца ад абавязку шляхам дзёру да матулі. О, глыбіня і прадбачлівасць!
Я разглядаю папаўненне - у экіпажы не хапае дванаццаці чалавек, а далі толькі аднаго, антрацыт іх маму! Папаўненне, распаранае маршам сярод сопак ад штаба да “зоны” - адгароджанага кавалка берага з плавучымі пірсамі, дзе прытулілася і нашае “жалеза” - чамусьці нагадвае мне карціну “Зноў двойка”. “Чамусьці” - гэта таму, што я ўжо карціну не памятаю, але гэты азіяцік у шапцы на два памеры большай, у шынялі, нібыта знятым са сталічнага бронзавага Фелікса, са шчылінкамі-вочкамі, чырвонымі шчокамі і вінаватай добразычлівай усмешкай выцягвае з маёй падсвядомасці менавіта гэтую “..двойку”.
“Усмешка, здаецца, не такая ўжо і вінаватая... Хутчэй хітрая”, - думаю я і пытаю:
- Ты хто па спецыяльнасці, сынку? - “сынку” ўсяго гадоў на сем-восем маладзей за мяне.
Той перастае ўсміхацца, ставіць на палубу рэчавы мяшок, скідвае шапку, цярэ чорны спружыністы вожык над нізкім ілбом і пад рогат матросаў, што стоўпіліся ля рубкі дзяжурнага паглядзець на “духа”, заяўляе:
- Я... э-э-э... кыргыз!
- Стырнавы-сігнальшчык ён, ташшч камандзір, - удакладняе памочнік, - Ташмаматаў Суюнбай, з Севераморскай вучэбкі, адукацыя сярэдняя спецыяльная, настаўнік пачатковых класаў.
Зразумела. Памочнік мой - ён адначасова і штурман. Судна нашае больш у базе стаіць, чым мора каламуціць, таму з усіх вакансій найбольш “маслапупы” неабходныя. Эх, трэба было за папаўненнем камандзіра БЧ-5 паслаць! Той бы - хай са скандалам - электрыка ці матарыста б вычапіў. Але позна ўжо... Сам вінаваты.
***
Комментарии к книге «Суюнбай», Павел Ляхнович
Всего 0 комментариев