Генадзь АЎЛАСЕНКА
ЗАБОЙСТВЫ, ЯКІХ НЕ БЫЛО...
Ноччу мяне пабудзіў тэлефонны званок. Прычым, тэлефанавалі на звычайны апарат, што стаяў на палічцы ў пярэдняй і мною амаль не выкарыстоўваўся.
Шчыра кажучы, я і па мабільніку рэдка размаўляю, ды і з кім размаўляць? Са сваімі можна пагутарыць і без дапамогі ўсёй гэтай апаратуры... А сярод звычайных людзей сяброў у мяне не так і шмат. І яшчэ менш сябровак...
Але цяпер мне тэлефанавала сяброўка. І менавіта са звычайных людзей. Яшчэ нават не расплюшчыўшы вачэй, я зразумела: з ёй штосьці здарылася.
Сяброўку звалі Верай (я заўсёды называла яе Веркай), і апошнія пяць школьных гадоў мы праседзелі з ёй за адной партай. Потым, праўда, шляхі нашы разышліся кардынальна, і сустракаліся мы зрэдку. Гэта былі, у асноўным, зусім выпадковыя і кароткія сустрэчы: на вуліцы, у краме... Аднойчы нават на выставе сучаснага мастацтва. Дзякуючы гэтым сустрэчам, я ведала, што Верка адразу ж пасля заканчэння школы нейкім чынам схітрылася паступіць у педагагічны ўніверсітэт (гэта з яе адзнакамі?!), але ўсяго праз паўгода яго пакінула па прычыне поўнага расчаравання ў будучай сваёй прафесіі. Менавіта так яна мне паведаміла. А я адразу ж зразумела, што Верка заваліла першую сесію ды яшчэ з такім аглушальным трэскам, што ні пра якую далейшую вучобу гутаркі і быць не магло...
Заваліла і заваліла, ні яна першая, ні яна апошняя... Справа, як кажуць, жыццёвая. Як і няўдалы шлюб Веркі, які, праўда, пратрымаўся дзесьці каля года. Так што цяпер сяброўка мая была зноў абсалютна свабоднай і незалежнай (як сцвярджала яна сама) і працавала адказнай сакратаркай у нейкай камерцыйнай фірме... А заробак — пазайздросціш!
Гэта былі самыя апошнія звесткі, і паведаміла мне іх Верка падчас нядаўняй і, як заўсёды, выпадковай сустрэчы. Тады ж яна (у які раз ужо!) запісала на вузенькай сваёй далоні мой адрас і нумары тэлефонаў, паабяцаўшы рэгулярна тэлефанаваць і нават забягаць па магчымасці. Але ні званкоў, ні асабістых наведванняў я ад Веркі так і не дачакалася.І вось цяпер гэты неспадзяваны начны званок.
Не ўстаючы з ложка, я ўзяла трубку. Дакладней, трубка сама ўзвілася ў паветра, там, у пярэдняй...
— Ксюшка, ты?! — выгукнула трубка дрыжачым Верчыным голасам. — Ты дома?
Комментарии к книге «Забойствы, якіх не было...», Геннадий Петрович Авласенко
Всего 0 комментариев